Гарасьо Кірога
КАЗКІ ТРАПІЧНАГА ЛЕСУ
ГІГАНЦКАЯ ЧАРАПАХА Жыў у Буэнас-Айрэсе адзін чалавек, і быў ён шчаслівы, бо меў здароўе і быў працавіты. Але аднойчы ён захварэў, і лекары сказалі яму, што, толькі з'ехаўшы з горада, ён зможа паправіцца. Ехаць яму не хацелася, бо ў яго былі маленькія браты, якіх ён карміў, а хвароба дзень пры дні ўсё мацнела. І вось аднойчы ягоны сябар, дырэктар Заапарку, сказаў яму: — Вы мой сябар, вы добры працавіты чалавек. Таму я хачу, каб вы паехалі, пажылі ў лесе і, пажыўшы на свежым паветры, паправіліся. А паколькі вы ўмееце трапна страляць, дык папалюйце на лясных звяроў і прывязіце мне шкуры, а я вам заплачу наперад грошы, каб вашыя брацікі не галадавалі. Хворы пагадзіўся і паехаў далёка ў лес, куды далей за Місьёнэс. Было там вельмі спякотна, і гэта прынесла яму карысць. Жыў ён у лесе адзін і сам сабе варыў страву. Еў птушак і звяроў, на якіх паляваў са стрэльбай. А яшчэ еў фрукты. Спаў ён пад дрэвамі, а калі прыходзіла непагадзь, рабіў за пяць хвілін будан з пальмавага лісця ды сядзеў там задаволены, сярод лесу, які аж шалеў ад дажджу і ветру. Са шкур ён зрабіў сабе клунак і насіў яго, перакінуўшы цераз плячо. А яшчэ ён налавіў шмат ядавітых змей, якіх захоўваў у вялікім арэху, бо ёсць там такія вялікія арэхі — як бляшанка пад газу. Да чалавека зноў вярнуўся здаровы колер твару, добры апетыт, і быў ён дужы. І вось аднаго разу, калі яму вельмі хацелася есці, бо ўжо два дні ён не мог нічога ўпаляваць, убачыў ён на беразе вялікай затокі магутнага ягуара, які збіраўся з'есці чарапаху і, перавярнуўшы яе бокам, спрабаваў засунуць пад панцыр лапу і кіпцюрамі выцягнуць мяса. Заўважыўшы чалавека, ягуар страшна зароў і хацеў быў на яго скочыць. Але трапны паляўнічы пацэліў яму якраз між вачэй і прабіў галаву. Потым ён злупіў з ягуара шкуру — такую вялізную, што яна адна магла б паслужыць дываном на цэлы пакой. «А цяпер, — падумаў чалавек, — пачастуюся я чарапахай. У яе такое смачнае мяса!» Але, падышоўшы да чарапахі, ён убачыў, што яна параненая, і галава ў яе амаль адарваная ад шыі і вісіць усяго на двух-трох пасмачках. Забыўшыся на голад, чалавек пашкадаваў няшчасную чарапаху. Ён зацягнуў яе вяроўкаю да свайго будана і перавязаў ёй анучкамі галаву. А каб зрабіць анучкі, яму давялося разадраць сваю кашулю, бо была ў яго толькі адна кашуля і ніякіх іншых ануч. Чарапаха была аграмадная, велічынёю з крэсла і важыла як дарослы мужчына. Таму, пакуль чалавек прыцягнуў яе, ён вельмі стаміўся. Чарапаха зашылася ў куточак і нерухома ляжала там цэлымі днямі. А чалавек штодзень лячыў яе і пяшчотна пляскаў па спіне. І вось нарэшце чарапаха паправілася. Але тут захварэў чалавек. У яго была гарачка, і яму ламала ўсё цела. А потым ён зусім ужо не мог устаць. Гарачка ўвесь час мацнела, а горла аж гарэла ад смагі. Чалавек зразумеў, што цяжка захварэў, і, хоць быў адзін, прамовіў уголас, бо пачынаў ужо трызніць: — Я памру, — сказаў чалавек. — Я адзін і ўжо не магу ўстаць, і няма нікога, хто падаў бы мне вады. Я памру ад смагі і голаду. Неўзабаве гарачка яшчэ болей памацнела, і ён страціў прытомнасць. Але чарапаха чула яго і зразумела, што сказаў паляўнічы. Тады яна падумала: «Тым разам чалавек пашкадаваў мяне і не з'еў, хоць быў галодны. Ён вылечыў мяне, а цяпер я яго буду лячыць». Яна пайшла да затокі, знайшла панцыр маленькай чарапашкі, добра пашаравала яго пяском і попелам, набрала ў яго вады і напаіла чалавека, які ляжаў на коўдры і паміраў ад смагі. Потым яна назбірала смачных карэньчыкаў, сакавітых зёлак і прынесла іх чалавеку, каб той паеў. І чалавек еў, не ведаючы, хто яго корміць. Ён увесь час трызніў з гарачкі і нікога не пазнаваў. Штораніцы чарапаха абыходзіла лес, шукаючы пажыўных карэньчыкаў, і карміла імі чалавека. Яна вельмі шкадавала, што не можа залезці на дрэвы і прынесці яму пладоў. А паляўнічы еў і не ведаў, хто дае яму ежу. Але аднойчы ён апрытомнеў. Ён пачаў азірацца і ўбачыў, што зусім адзін, бо нікога ў лесе, апроч яго ды чарапахі, не было. Тады ён ізноў прамовіў уголас: — Я адзін-адзінюткі ў лесе! Ліхаманка вернецца зноў, і я памру, бо толькі ў Буэнас-Айрэсе ёсць лекі, якія дазволяць мне ачуняць. Але я не змагу дайсці да Буэнас-Айрэса і сканаю тут у самоце. Як ён і казаў, ліхаманка пад вечар вярнулася, ды яшчэ мацнейшая, чым раней. І ён зноў страціў прытомнасць. Але чарапаха пачула яго і гэты раз і зноў падумала: «Калі ён застанецца ў лесе, дык памрэ, бо тут няма лекаў. Я павінна занесці яго ў Буэнас-Айрэс». Сказаўшы гэтак, яна зрэзала тонкія і моцныя, як вяроўкі, ліяны, асцярожненька ўсклала чалавека сабе на спіну і, каб не ўпаў, моцна прывязала яго ліянамі. Ёй давялося праявіць добрую кемнасць, каб прыладзіць стрэльбу, шкуры і арэх са змеямі ды не патрывожыць пры гэтым паляўнічага. Але ўрэшце ўсё атрымалася, як яна хацела, і яна рушыла ў дарогу. Нагрузіўшыся, чарапаха йшла ды йшла ўдзень і ўначы. Яна мінала лясы, палі, пераплывала рэкі шырынёю на цэлую мілю, прабіралася праз балоты, у якіх ледзь не танула, трымаючы на сабе чалавека, які ўжо амаль паміраў. Праз кожныя восем ці дзесяць гадзін хады яна спынялася, развязвала ліяны і асцярожна клала чалавека на зямлю, выбіраючы сушэйшае месца. Потым шукала ваду і мяккія карэньчыкі і давала іх хвораму. І сама яна таксама ела, хоць была такая стомленая, што лепей бы ёй было паспаць. Часам ёй даводзілася ісці па самым санцапёку. Стаяла лета, а паляўнічы быў у такой гарачцы, што ўвесь час трызніў і паміраў ад смагі. Тады ён пачынаў крычаць: «Вады! Вады!» — і чарапаха давала яму напіцца. Так яна ішла — дзень за днём, тыдзень за тыднем. Кожны дзень яны былі ўсё бліжэй да Буэнас-Айрэса, але з кожным днём чарапаха слабела, з кожным днём у яе менела сілы, хоць яна не скардзілася. Часам яна падала зусім знямоглая, але тады чалавек, на хвіліну апрытомнеўшы, уголас казаў: — Я паміраю, мне ўсё горай і горай, але толькі ў Буэнас-Айрэсе я мог бы ачуняць. А тут я памру, адзін у гэтым лесе. Яму здавалася, што ён усё яшчэ ў будане, бо ён жа нічога не ведаў. Тады чарапаха ўставала і йшла далей. Але настаў дзень, калі гаротная чарапаха зусім ужо не магла ісці. Яна патраціла ўсе свае сілы і больш не магла. Каб хутчэй дайсці, яна цэлы тыдзень не ела, і сілы ў яе ні на што не засталося. Калі прыйшла ноч, яна ўбачыла на даляглядзе далёкае святло, нейкае ззянне, што асвятляла неба, але яна не ведала, што гэта такое. Яна зусім знемаглася і заплюшчыла вочы, каб памерці разам з паляўнічым, маркотна думаючы, што не здолела ўратаваць чалавека, які быў такі добры з ёю. Але ж яна была ўжо ў Буэнас-Айрэсе, хоць не ведала гэтага. Тое святло, што яна бачыла ў небе, было ззянне горада, і яна сабралася памерці, калі была ў самым канцы свайго гераічнага падарожжа. На шчасце, у гэтую хвіліну двух паўмёртвых падарожнікаў убачыла гарадское мышаня, якога клікалі Пэрэс. — Вось дык чарапаха! — здзівілася мышаня. — Ніколі я не бачыла такой вялізнай чарапахі. А што гэта ты нясеш на спіне? Дровы? — Не, — маркотна адказала чарапаха. — Гэта чалавек. — І куды ж ты нясеш гэтага чалавека? — спытала цікаўнае мышаня. — Я іду... іду... Я хацела дайсці да Буэнас-Айрэса, — адказала бедная чарапаха такім ціхім голасам, што яе было амаль не чуваць. — Але я ніколі туды не дайду, і мы памром тут... — Эх, дурніца ты, дурніца! — засмяялася мышаня. — Ніколі не бачыла я такой дурной чарапахі! Ды ты ўжо ў Буэнас-Айрэсе! Тое святло, што ты бачыш, гэта і ёсць Буэнас-Айрэс. Пры гэтых словах чарапаха адчула новыя сілы, бо яна зразумела, што ў яе ёсць яшчэ час уратаваць паляўнічага. І яна зноў рушыла ў дарогу. На досвітку дырэктар Заапарку ўбачыў запэцканую і вельмі худую чарапаху, на спіне ў якой ляжаў перавязаны ліянамі чалавек. Ён паміраў. Пазнаўшы ў гэтым чалавеку свайго сябра, дырэктар сам пабег па лекі, і з іх дапамогаю паляўнічы адразу ж ачуняў. Калі паляўнічы даведаўся, як яго ўратавала чарапаха і як яна зрабіла падарожжа аж у трыста міль, каб толькі ён мог выпіць лекаў, ён вырашыў ніколі з ёю не разлучацца. Але ж ён не мог трымаць яе ў сваёй маленькай хаце, і тады яго сябар прапанаваў аддаць яе ў заапарк, дзе абяцаў даглядаць за ёю як за сваёй дачкой. Так і зрабілі. Цяпер чарапаха, шчаслівая і задаволеная, поўзае па ўсім садзе, і гэта тая сама вялізная чарапаха, якую мы штодня можам бачыць, калі яна скубе траўку ля клетак з малпамі. Кожны вечар паляўнічы прыходзіць да яе, а яна па хадзе здаля пазнае свайго сябра. Яны бавяць разам пару гадзін, і ёй заўсёды хочацца, каб ён, раней чым пайсці, пяшчотна папляскаў яе рукою па спіне.
ПАНЧОХІ ДЛЯ ФЛАМІНГАЎ Неяк раз змеі ладзілі вялікі баль. Былі запрошаныя рапухі ды жабы, фламінгі, кайманы ды рыбы. Але ж рыбы не ходзяць, то й танчыць яны не маглі. Яны толькі павылазілі на пясок ды пляскалі хвастамі, бо той баль адбываўся каля ракі. Кайманы, каб лепей сябе ўпрыгожыць, надзелі на шыю каралі з бананаў і палілі парагвайскія цыгары. Жабы абляпіліся рыбінаю лускою і ступалі паважна, перакульваючыся з адной нагі на другую, нібыта плылі. І кожны раз, калі яны з паважным выглядам праходзілі па беразе, рыбы крычалі ім што-небудзь кплівае. Рапухі надушыліся парфумаю і хадзілі на задніх лапах. Апроч таго на кожнай вісеў, гайдаючыся, як ліхтарык, маленечкі светлячок. Але сама прыгожыя былі змеі. Усе яны былі апранутыя ў балетныя гарнітуры пад колер скуры: на чырвоных змеях былі спаднічкі з чырвонага цюлю, на зялёных — з зялёнага, на жоўтых — з жоўтага, а на куфіях — з шэрага ў палоску, і палоскі былі колеру цаглянага пылу і попелу, бо такі колер у куфій. А ўжо сама адметнымі былі каралавыя гадзюкі, апранутыя ў доўгія спаднічкі з чырвонага, белага і чорнага газу. Яны танчылі, выгінаючыся серпанцінам. І калі змеі пачыналі танчыць і кружыліся на кончыку хваста, усе госці гучна пляскалі ім у далоні. І толькі фламінгі, у якіх тады былі белыя ногі, а дзюбы, як і цяпер, вельмі тоўстыя і крывыя, — толькі фламінгі былі невясёлыя, бо ў іх было мала розуму і яны не змаглі прыдумаць, як апрануцца. Яны зайздросцілі кожнаму гарнітуру і асабліва гарнітурам, што былі ў каралавых гадзюк. Калі якая-небудзь змяя, какетліва прыўздымаючы пышную газавую спаднічку, праходзіла перад імі, фламінгі аж млелі ад зайздрасці. Тады адзін фламінга сказаў: — Я ведаю, што трэба зрабіць. Трэба надзець чырвоныя, белыя і чорныя панчохі, і каралавыя змеі закахаюцца ў нас. І гуртам узляцеўшы, усе фламінгі пераляцелі раку і пастукаліся ў вясковую краму. «Стук-стук!» — заляпалі яны нагамі. — Хто там? — спытаў крамнік. — Гэта мы, фламінгі. Ці не маеце вы чырвоных, белых і чорных панчошак? — Не, такіх у мяне няма, — адказаў крамнік. — Вы што, зусім здурнелі? Такіх панчох вы нідзе не знойдзеце. Тады фламінгі паляцелі ў другую краму. — Стук-стук! Ці няма ў вас чырвоных, белых і чорных панчошак? Крамнік адказаў: — Як вы кажаце? Чырвоных, белых і чорных? Такіх панчох нідзе няма. Вы здурнелі. Хто вы такія? — Мы фламінгі, — адказалі яны. І мужчына сказаў: — Пэўна, вы звар'яцелі. Паляцелі яны яшчэ ў адну краму. — Стук-стук! Ці няма ў вас чырвоных, белых і чорных панчошак? Крамнік закрычаў: — Якіх-якіх? Чырвоных, белых і чорных? Толькі такім дзюбатым птушкам, як вы, можа прыйсці ў галаву прасіць такія панчохі. Прэч адсюль! І чалавек шпурнуў у іх венікам. Гэтак фламінгі абляцелі ўсе крамы, і адусюль іх праганялі як шаленцаў. Тады нейкі браняносец, які йшоў да рэчкі папіць вады, захацеў пасмяяцца з фламінгаў і, паважна павітаўшыся, сказаў ім: — Вечар добры, спадары фламінгі! Я ведаю, што вы шукаеце. Такіх панчох вы не знойдзеце ні ў якой краме. Пэўна, яны ёсць у Буэнас-Айрэсе, але адтуль іх давядзецца выпісваць поштаю. А вось у маёй кумы савы такія панчохі ёсць. Папрасіце ў яе, і яна дасць вам чырвоныя, белыя і чорныя панчохі. Фламінгі падзякавалі, паляцелі да савінага дупла і сказалі: — Вечар добры, сава. Мы прыляцелі папрасіць у цябе чырвоныя, белыя і чорныя панчохі. Сёння ў змеяў вялікі баль, і калі мы надзенем такія панчохі, усе каралавыя гадзюкі ў нас закахаюцца. — З вялікім задавальненнем! — адказала сава. — Пачакайце трошачкі, я не забаўлюся. І махнуўшы крыламі, яна пакінула фламінгаў адных і праз хвіліну ўжо вярнулася назад — з панчохамі. Але гэта былі не панчохі, а вельмі прыгожыя і зусім свежыя шкуры каралавых гадзюк, якіх сава толькі што ўпалявала. — Вось вам панчохі, — сказала сава. — Але майце на ўвазе вось што: танчыце ўсю ноч, танчыце, не спыняючыся ні на імгненне, танчыце на баку, на дзюбе, на галаве, як хочаце, але не спыняйцеся ні на хвіліну, каб вам не давялося замест таго, каб танчыць, — плакаць. Але ж фламінгі былі такія дурныя, што й не ўцямілі, якая вялікая небяспека хавалася ў гэтых словах. Адурэўшы з радасці, яны надзелі шкуры каралавых гадзюк як панчохі, засунуўшы ў іх лапы, як у трубкі, і вельмі задаволеныя, паляцелі на баль. Калі госці ўбачылі фламінгаў у такіх прыгожанькіх панчохах, яны ўсе ім пазайздросцілі. Змеі захацелі цяпер танчыць толькі з імі, а таму, што фламінгі ні на хвіліну не пераставалі перабіраць нагамі, змеі не маглі добра разгледзець, з чаго тыя прыгожыя панчохі зробленыя. Але ўрэшце змеі пачалі сёе-тое падазраваць. Калі фламінгі танчачы праходзілі побач, змеі аж да зямлі нагіналіся, каб лепей разгледзець. Асабліва непакоіліся каралавыя гадзюкі. Яны не адводзілі вачэй ад панчохаў і таксама нагіналіся, стараючыся лізнуць фламінгам у лапы языком, бо язык у змеяў — усё роўна што рука ў чалавека. Але фламінгі танчылі й танчылі, не спыняючыся, хоць ужо вельмі стаміліся і больш не маглі. Каралавыя гадзюкі, заўважыўшы гэта, адразу папрасілі ў рапух ліхтарыкі — светлячкоў — і пачалі чакаць, калі фламінгі пападаюць ад стомы. І праўда, праз хвіліну адзін фламінга настолькі знямогся, што спатыкнуўся аб кайманавую цыгару, захістаўся і ўпаў на бок. Тут жа каралавыя гадзюкі падбеглі са сваімі ліхтарыкамі і ярка асвяцілі фламінгу ногі. Убачыўшы, якія на ім панчохі, яны так зашыпелі, што гэтае шыпенне можна было пачуць аж на другім беразе Параны. — Гэта не панчохі! — закрычалі гадзюкі. — Мы ведаем, што гэта! Нас падманулі! Фламінгі пазабівалі нашых сясцёр і замест панчох надзелі іх скуры! Іхнія панчохі — гэта каралавыя гадзюкі! Пачуўшы, што іх выкрылі, фламінгі перапалохаліся. Яны хацелі паляцець і ўцячы, але так натаміліся, што не маглі падняць ні крыла, ні нагі. А каралавыя гадзюкі накінуліся на іх, абвілі за ногі і зубамі падралі панчохі. У шаленстве яны падралі панчохі на шматкі і кусалі фламінгаў за ногі, каб тыя памерлі. Звар'яцеўшы ад болю, фламінгі скакалі з месца на месца, але каралавыя гадзюкі не адпускалі іх ног. Урэшце, убачыўшы, што ад панчох не засталося ўжо ні кавалачка, стомленыя гадзюкі адпусцілі фламінгаў і пачалі папраўляць свае бальныя гарнітуры. Гадзюкі былі ўпэўненыя, што фламінгі памруць, таму што прынамсі палова каралавых гадзюк, якія кусалі, былі ядавітыя. Але фламінгі не памерлі. Ратуючыся ад страшнага болю, яны пабеглі і кінуліся ў ваду. Яны крычалі ад болю, і іхнія ногі, якія раней былі белыя, зрабіліся цяпер чырвоныя ад гадзючай атруты. Міналі дні за днямі, але пякучы агонь у крывава-чырвоных атручаных нагах у фламінгаў не сунімаўся. Было гэта вельмі-вельмі даўно. Але й дагэтуль фламінгі стаяць цэлымі днямі ў вадзе, стараючыся сцішыць агонь, што пячэ ім ногі. Часам яны выходзяць на бераг і ступаюць колькі крокаў па зямлі, каб пабачыць — як яно. Але боль ад атруты адразу вяртаецца, і яны бягуць назад у ваду. Часам ім пячэ так моцна, што яны падбіраюць нагу і стаяць гэтак цэлымі гадзінамі, не могучы яе выпрастаць. Вось так у фламінгаў былі раней белыя ногі, а цяпер сталі чырвоныя. Усе рыбы ведаюць гэтую гісторыю і смяюцца з неразумных птушак. Але фламінгі, студзячы ў вадзе свае ногі, не выпускаюць выпадку, каб адпомсціць насмешніцам, і глытаюць кожную рыбку, якая падплыве надта блізка, каб з іх пасмяяцца.
АБСКУБЕНЫ ПАПУГАЙ Жыла ў лесе чарада папугаяў. На досвітку яны ляталі на поле паласавацца маладымі кіяхамі кукурузы, а надвячоркам дзяўблі апельсіны. Сваімі крыкамі яны ўтваралі страшэнны гвалт, але заўсёды на сама высокім дрэве ў іх сядзеў папугай-вартаўнік, які пільнаваў, ці не крадзецца хто-небудзь. Папугаі — такія самыя шкоднікі, што й саранча, бо калі яны дзяўбуць кіяхі, яны раздзіраюць іх, а потым, у дождж, кіяхі гніюць. А таму што смажаныя папугаі вельмі смачныя, пеоны (так называюць сялян у Лацінскай Амерыцы) палююць на іх. І вось аднойчы адзін чалавек стрэліў ды збіў вартавога папугая, які, нават паранены, доўга яшчэ не даваў сябе ўзяць. Потым пеон занёс яго гаспадаровым дзецям, а дзеці вылечылі яго, бо ў папугая было перабітае толькі адно крыло. Вельмі хутка папугай ачуняў і зрабіўся зусім свойскі. Назвалі яго Пэдрыта. Ён навучыўся падаваць лапу, і яму вельмі падабалася сядзець у людзей на плячы і дзюбаю казытаць ім за вухам. Жыў ён вольна і амаль цэлы дзень бавіў на апельсінавых дрэвах ды эўкаліптах у садзе. А яшчэ яму падабалася смяяцца з курэй. Калі ж надвячоркам, а чацвёртай ці пятай гадзіне, дома пілі чай, папугай таксама заходзіў у сталовую і, дапамагаючы сабе дзюбай і лапамі, узлазіў па абрусе на стол паесці размочанага ў малацэ хлеба. А болей за ўсё ён любіў чай з малаком. Пэдрыту вельмі падабаліся дзеці, і яны расказвалі яму столькі рознага, што ўрэшце папугай навучыўся гаварыць. Ён казаў: «Добры дзень, папугайчык!», «Смачная каша!..», «Каша для Пэдрыты!». Казаў ён і яшчэ сёе-тое, ды лепей пра гэта не згадваць, бо папугаі, як і дзеці, вельмі лёгка запамінаюць паганыя словы. Калі пачынаўся дождж, Пэдрыта натапырваў пёры і ціхенька нешта сам сабе баяў. Калі ж ладзілася пагода, ён лётаў ды крычаў на ўсё горла. Як бачым, гэта быў зусім шчаслівы папугай. І апроч таго, што ён быў вольны, як гэтага хочуць усе птушкі, ён, як заможныя людзі, таксама а пятай гадзіне піў чай. І вось, пры ўсім гэтым шчасці, здарылася так, што адным дажджлівым надвячоркам пасля пяці дзён безупыннай залевы ўрэшце выглянула сонца і Пэдрыта залётаў паўсюль ды загарлапаніў: — Які цудоўны дзянёк, папугайчык!.. Смачная каша!.. Лапу, Пэдрыта! І паляцеў ён далёка-далёка, аж пакуль не ўбачыў пад сабой унізе раку Парану, якая была падобная на шырокую белую стужку. А ён ляцеў і ляцеў, пакуль нарэшце не сеў адпачыць на дрэва. І раптам ён убачыў праз галінкі, што на зямлі блішчаць два зялёныя агеньчыкі, быццам два вялізныя светлякі. «Што гэта? — падумаў папугай. — «Смачная каша!», «Што гэта будзе?», «Дзень добры, Пэдрыта!..» Папугай заўсёды гаварыў так, як гавораць усе папугаі, — бязладна блытаючы словы, і часам яго цяжка было зразумець. Апроч таго ён быў вельмі цікаўны і, пераскокваючы з галінкі на галінку, пачаў падсоўвацца ўсё бліжэй і бліжэй. І раптам убачыў, што тыя два агеньчыкі — гэта вочы вялікага ягуара, які ўвесь напружыўся і пільна глядзіць на яго. Але Пэдрыта быў такі задаволены пагодным днём, што зусім не спалохаўся. — Дзень добры, ягуар! — сказаў ён. — «Лапу, Пэдрыта!» А ягуар адказаў яму страшным хрыпатым голасам: — Дзе-нь-доб-ры! — Дзень добры, ягуар! — паўтарыў папугай. — «Смачная каша!.. смачная каша!.. смачная каша!..» Ён паўтарыў столькі разоў «смачная каша», таму што было ўжо чатыры гадзіны і яму вельмі хацелася папіць чаю з малаком. Папугай забыў, што лясныя звяры не п'юць чаю з малаком, і таму запрасіў пачаставацца і ягуара. — Смачны чай з малаком! — сказаў ён. — «Дзень добры, Пэдрыта!» Ці не хочаш папіць са мной чаю, сябра ягуар? Але ягуар раз'юшыўся — яму здалося, што папугай здзекуецца з яго. Ён быў галодны і захацеў з'есці гаваркую птушку. Ягуар адказаў: — Доб-ра! Па-ды-дзі тро-хі, я не чу-ю! Ягуар быў не глухі, ён хацеў, каб Пэдрыта падышоў бліжэй і яго можна было схапіць адным махам. А папугай думаў толькі пра тое, як будзе прыемна прыйсці дадому і піць чай з малаком з такім цудоўным сябрам. Ён пераляцеў на другую галінку, бліжэй да зямлі. — Дома смачная каша! — зноў крыкнуў ён на ўсё горла. — Блі-жэй! Не чу-ю! — прахрыпеў у адказ ягуар. Папугай зляцеў яшчэ трошкі ніжэй і сказаў: — Смачны чай з малаком! — Яш-чэ блі-жэй! — паўтарыў ягуар. Няшчасны папугай падсунуўся зусім блізка, і ў гэтую хвіліну ягуар так высока скочыў, што мог бы пераляцець цэлы дом. Ён зачапіў Пэдрыту кончыкамі кіпцюроў, і хоць забіць яго яму не ўдалося, але ён выдраў у папугая ўсё пер'е на спіне і ўвесь хвост. На хвасце ў небаракі не засталося ніводнага пёрка. — Вось табе! — рыкнуў ягуар. — Ідзі цяпер, пі сам свой чай з малаком. Папугай закрычаў ад болю і жаху і паляцеў, але добра ляцець не мог, бо ў яго ж не было хваста, які ў птушак служыць стырном. Ён ляцеў, куляючыся з боку на бок, і ўсе птушкі, якія сустракаліся яму па дарозе, спалохана кідаліся ўпрочкі, убачыўшы такую дзіўную істоту. Урэшце ён усё ж дабраўся дадому і адразу паляцеў на кухню паглядзецца ў кухарчына люстэрка. Небарака Пэдрыта! Ён быў сама дзіўная й сама брыдкая птушка на свеце — увесь абскубены, бясхвосты, сіні ад холаду. Як ён пакажацца ў сталовай у такім выглядзе? І тады ён вырашыў схавацца ў дупле, што было ў ствале вялікага эўкаліпта. Дупло было велічынёю з цэлую пячору. Ён залез у яго і лёг на дне, дрыжучы ад холаду й сораму. Тым часам усе ўжо сабраліся ў сталовай і вельмі дзівіліся, што папугая няма. — Дзе ж гэта Пэдрыта? — казалі яны і клікалі. — Пэдрыта! Смачная каша! Пэдрыта! Пэдрыта! Чай з малаком! Але Пэдрыта й дзюбы не высоўваў са сваёй пячоры, ён ляжаў ціха, моўчкі і нічога не адказваў. Яго шукалі паўсюль і нідзе не маглі знайсці. І тады ўсе падумалі, што Пэдрыта загінуў. І дзеці заплакалі. Кожны дзень, надвячоркам, калі наставаў час піць чай, яны ўспаміналі папугая і прыгадвалі, як яму падабаўся хлеб, размочаны ў чаі з малаком. Бедны Пэдрыта! Яны ўжо ніколі яго не ўбачаць, бо ён нежывы. Але Пэдрыта не памёр, ён сядзеў у сваёй пячоры, нікому не паказваючыся, бо яму было вельмі сорамна, што яго абскублі як нейкае мышанё. Ён вылазіў толькі ўначы, каб пад'есці, і тут жа вяртаўся назад. А на досвітку асцярожна вылазіў зноў і ляцеў паглядзецца ў кухарчынае люстэрка. Але пер'е расло марудна, і гэта кожны раз вельмі яго засмучала. І вось нарэшце настаў дзень ці вечар, калі ўся сям'я, сабраўшыся за сталом, піла чай, і раптам усе ўбачылі Пэдрыту. Нібыта нічога і не здарылася, той, спакойна перавальваючыся з нагі на нагу, увайшоў у пакой. — Пэдрыта, папугайчык! — закрычалі яму. — Што з табою здарылася, Пэдрыта?! І якія бліскучыя ў цябе пёры! Ніхто не ведаў, што пёры ў Пэдрыты — новыя. А Пэдрыта напусціў на сябе вельмі сур'ёзны выгляд і не адказваў ні слова. Ён еў намочаны ў чаі з малаком хлеб і ўвесь час маўчаў. Тым большае было здзіўленне ў гаспадара дома, калі ранкам наступнага дня папугай падляцеў і, безупынна балбочучы, сеў яму на плячо. За дзве хвіліны ён расказаў гаспадару ўсё, што з ім адбылося: і як ён лятаў у Парагвай, і як сустрэўся з ягуарам, і ўсё астатняе. І ледзь не кожную фразу ён канчаў, напяваючы: — Ні пёрка ў хвасце ў Пэдрыты! Ні пёрка! Ні пёрка! А потым ён прапанаваў гаспадару пайсці ўдвух папаляваць на ягуара. Гаспадар дома якраз збіраўся ў той час купляць ягуаравую шкуру, якую хацеў павесіць над камінам. Таму ён вельмі ўзрадаваўся, што зможа займець яе задарма. Ён зайшоў у хату, узяў стрэльбу і разам з Пэдрытам выправіўся ў Парагвай. Яны дамовіліся, што Пэдрыта, убачыўшы ягуара, адцягне яго ўвагу сваёй балбатнёй, а чалавек тым часам зможа асцярожна падкрасціся да яго са стрэльбай. Так яны і зрабілі. Папугай сеў на галіну на высокім дрэве і пачаў балбатаць ды балбатаць, паглядаючы па баках, ці не відаць дзе ягуара. І вось пачуўся нарэшце трэск разламанага вецця, і пад самым дрэвам папугай раптам убачыў два ўтаропленыя на яго зялёныя агеньчыкі: гэта былі ягуаравы вочы. Тут папугай закрычаў яшчэ гучней: — Цудоўны дзянёк!.. Смачная каша!.. Смачны чай з малаком!.. Хочаш чаю? Ягуар быў страшна раз'юшаны, убачыўшы, што перад ім той самы абскубены папугай, якога ён лічыў нежывым і які раптам зноў узяўся аднекуль з такімі прыгожымі новымі пёрамі. І ён пакляўся, што гэты раз папугай ужо не ўцячэ! Яго вочы заіскрыліся гнеўнымі маланкамі, і ён адказаў хрыплым голасам: — Па-ды-дзі блі-жэй! Не чу-ю! Папугай зляцеў ніжэй і зноў закрычаў: — Смачна, хлеб з малаком! Ён тут пад дрэвам! Пачуўшы гэтыя словы, ягуар страшна рыкнуў і ўскочыў на лапы. — З кім ты га-во-рыш? — прахрыпеў ён. — Ка-му ты ска-заў, што я тут пад дрэ-вам? — Нікому, нікому! — засакатаў папугай. — Дзень добры, Пэдрыта! Лапу, папугайчык! Не змаўкаючы ні на хвіліну, ён пераскокваў з галіны на галіну і падсоўваўся ўсё бліжэй да ягуара. А тое, што ён тут пад дрэвам, папугай крыкнуў, каб папярэдзіць чалавека, які, прыгнуўшыся, цішком падкрадаўся са стрэльбаю на плячы. Але ўрэшце папугай ужо не мог болей набліжацца да ягуара, іначай ён трапіў бы яму ў самую пашчу. І тады ён крыкнуў: — Смачная каша!.. Увага! — Яш-чэ блі-жэй! — зароў ягуар і выгнуўся для скачка. — Смачна, чай з малаком!.. Асцярожна, ён зараз скочыць! І ягуар сапраўды скочыў. Ён скочыў вельмі высока, але папугай стралой узляцеў у паветра і не даў сябе зачапіць. А ў гэтае самае імгненне чалавек абапёрся руляю стрэльбы аб дрэва, каб ямчэй было цэліць, націснуў на курок, і дзевяць шрацінак велічынёю з гарошыну кожная маланкаю ўпіліся ў ягуарава сэрца. Ягуар зароў так, што ажно скалануліся горы, і потым упаў нежывы. А папугай — як ён крычаў ад радасці! Ён быў страшна задаволены, што адпомсціў — дый як адпомсціў! — ненавіснаму зверу, які выдраў у яго пер'е. І чалавек таксама застаўся задаволены, бо забіць ягуара цяжкая справа, дый апроч таго ў яго цяпер была шкура, якую ён мог павесіць над камінам у сталовай. Калі яны вярнуліся дадому, усе нарэшце змаглі даведацца, чаму Пэдрыта так доўга хаваўся ў дупле. І ўсе павіншавалі яго з мужным учынкам. З той пары яны зажылі вельмі шчасліва. Але папугай не забываў той гісторыі з ягуарам, і кожны дзень, надвячоркам, прыляцеўшы ў сталовую папіць чаю, ён падыходзіў да ягуаравай шкуры, што вісела над камінам, і запрашаў яе да стала. — Смачная каша! — казаў ён. — Хочаш чаю з малаком?.. Каша для ягуара!.. І ўсе ажно заходзіліся ад смеху. І Пэдрыта разам з усімі.
ВАЙНА КАЙМАНАЎ У адной вельмі вялікай рацэ, у адным вельмі пустэльным краі, куды ніколі не пранікаў чалавек, жыло шмат кайманаў. Было іх болей за сто, а мо нават і тысячу. Яны елі рыб, часам падпільноўвалі жывёл, якія прыходзілі да ракі напіцца, але болей ім усё ж падабаліся рыбы. Пасля абеду яны спалі на пясчаным беразе, а ў месяцавыя ночы часам забаўляліся, бегаючы па вадзе. Жылі яны спакойна й шчасліва. Але аднойчы надвячоркам, калі ўсе ўжо спалі на беразе, адзін кайман нечакана прачнуўся і прыўзняў галаву — яму падалося, што ён пачуў шум. Ён прыслухаўся і напраўду пачуў глыбокі і глухі гук. Тады ён клікнуў каймана, які спаў побач. — Прачніся! — сказаў ён. — Ідзе небяспека. — Што такое? — занепакоена спытаўся сусед. — Не ведаю, — адказаў кайман, які прачнуўся першы. — Я чую нейкі незразумелы шум. Другі кайман таксама пачуў шум, і яны зараз жа пабудзілі астатніх. Усе перапалохаліся, забегалі, задраўшы хвасты. Іх неспакой быў недарэмны, бо шум усё мацнеў і мацнеў. І неўзабаве яны ўбачылі ўдалечыні нешта падобнае да воблачка дыму. Адтуль даносіўся гук, быццам нехта вельмі далёка пляскаў па вадзе: «плясь-плясь!» Кайманы пераглянуліся: што гэта можа быць? Тады адзін стары і мудры кайман, — найстарэйшы і наймудрэйшы з усіх, у якога ў роце засталося толькі два цэлыя зубы і які аднойчы хадзіў у вандроўку аж да самага мора, — раптам сказаў: — Я ведаю, што гэта! Гэта кіт! Яны вельмі вялікія і выпускаюць белую ваду праз нос. А потым вада ападае ў іх ззаду. Пачуўшы гэта, маленькія кайманчыкі так перапалохаліся, што ўзнялі страшны лямант і пахавалі галовы ў ваду. Яны крычалі: — Гэта кіт! Сюды плыве кіт! Але стары кайман наставіў хвост на бліжэйшага кайманчыка і крыкнуў: — Не бойцеся! Я ведаю кіта! Ён сам нас баіцца! Яшчэ як баіцца! Гэтыя словы супакоілі маленькіх кайманаў. Але неўзабаве яны зноў перапалохаліся, бо шэры дым раптам змяніўся на чорны і плясканне пачулася зусім блізка. Перапалоханыя кайманы нырнулі ў раку і высунулі з вады толькі вочы і кончыкі носа. І тут яны ўбачылі, як паўз іх, гучна пляскаючы па вадзе, праплывае нейкая дзіўная, ахутаная дымам аграмадзіна. Гэта быў колавы параход, які ўпершыню з'явіўся на іхняй рацэ. Параход праплыў і знік удалечыні. Кайманы адразу павылазілі на бераг і былі вельмі незадаволеныя старым кайманам: ён жа ім схлусіў, сказаўшы, што гэта кіт. — Гэта не кіт! — закрычалі яны старому ў самае вуха, бо кайман быў трошкі глухі. — Але што ж гэта такое? Тады стары кайман патлумачыў ім, што гэта быў параход, напоўнены агнём, і што ўсе кайманы загінуць, калі гэты параход пачне плаваць тут увесь час. Але кайманы толькі пасмяяліся, падумаўшы, што стары, напэўна, здурнеў. З чаго гэта ім паміраць, калі тут пачне хадзіць параход? У старога каймана, відаць, проста клёпкі ў галаве не хапае! Нарэшце, адчуўшы голад, кайманы пачалі лавіць рыб. Але ніякай рыбы ў рацэ не было: яны не спаймалі ніводнай! Усе рыбы паўцякалі, спалохаўшыся шумнага парахода, і іх зусім не засталося. — А што я казаў? — прамовіў стары кайман. — Вось жа, нам цяпер няма чаго есці. Рыбы паўцякалі. Але пачакаем да заўтрага. Можа, параход болей не вернецца, і рыбы прыплывуць, перастаўшы баяцца. Але назаўтра яны зноў пачулі шум у вадзе, і параход, нарабіўшы грукату, зноў напускаў столькі дыму, што аж неба ўсё пацямнела. — Вось дык так, — сказалі кайманы. — Параход прайшоў учора, прайшоў сёння і пройдзе заўтра. І не будзе цяпер ні рыб, ні жывёл, якія прыходзілі напіцца вады. Мы памром з голаду! А давайце зробім плаціну! — Так, плаціну! Плаціну! — закрычалі ўсе і што было моцы паплылі да берага. — Давайце зробім плаціну! І яны зараз жа ўзяліся за працу. Спачатку ўсе рушылі ў лес і павалілі там ажно дзесяць тысяч дрэваў, а можа, і болей. Пры гэтым яны выбіралі асабліва такому і кебрач, бо ў гэтых дрэваў вельмі цвёрдая драўніна. Потым распілавалі іх — нечым накшталт пілы, якая расце ў кайманаў па верху хваста, — зацягнулі бярвенне ў ваду і метр за метрам паўбівалі яго па ўсёй шырыні ракі. Цяпер ніякі параход, ні малы, ні вялікі, не змог бы праплыць. Кайманы былі ўпэўненыя, што ніхто ўжо болей не напалохае рыб. І тады, вельмі стаміўшыся, яны паляглі на пляжы і заснулі. А на другі дзень, калі яны яшчэ спалі, здалёк зноў даляцеў шум парахода: «плясь-плясь». Кайманы ўсе, вядома, яго пачулі, але ніводзін не ўстаў і нават не расплюшчыў вачэй. Што ім да парахода? Няхай сабе шуміць колькі хоча, усё роўна яму не прайсці. І праўда: параход быў яшчэ далёка, але раптам спыніўся. Людзі, якія плылі на ім, убачылі ў бінокль, што рака нечым перагароджаная, і паслалі наперад лодку паглядзець, што там такое перашкаджае ім плыць. Тады кайманы ўсталі і, падплыўшы да плаціны, пачалі назіраць за людзьмі праз бярвенне, пасмейваючыся ад задавальнення, што ім удалося ўчыніць параходу такі добры жарт. Лодка падплыла, людзі разгледзелі збудаваную кайманамі моцную плаціну і вярнуліся назад да парахода. Потым лодка зноў вярнулася да плаціны, і людзі, якія былі ў ёй, крыкнулі: — Гэй, кайманы! — Што вам? — адказалі кайманы, высунуўшы галовы паміж бярвення ў плаціне. — Нам гэта перашкаджае! — крыкнулі людзі. — Ведаем! — Мы не можам праплыць! — А нам гэта і трэба! — Прыбярыце плаціну! — Не прыбяром! Людзі ў лодцы пра нешта параіліся між сабою і потым зноў крыкнулі: — Кайманы! — Што вам? — адказалі тыя. — Не прыбераце? — Не! — Ну, тады да заўтра! — А дакуль хочаце! І лодка вярнулася да парахода, а вельмі задаволеныя кайманы запляскалі хвастамі па вадзе. Ніякі параход цяпер тут не пройдзе, і ў рацэ заўсёды-заўсёды будзе рыба. На другі дзень параход вярнуўся зноў, але калі кайманы зірнулі на яго, яны аж знямелі ад здзіўлення: гэты параход быў нейкі іншы. Ён быў мышынага колеру і куды большы за ранейшы. Што гэта за новы параход? Ён хоча праплыць? Не, не праплыве. Ні гэты, ні той, ніякі іншы! — Не пройдзе, не пройдзе! — закрычалі кайманы і кінуліся да плаціны кожны на сваё месца каля бярвення. Новы параход, як і ранейшы, спыніўся воддаль і таксама спусціў лодку, якая падплыла да плаціны. У лодцы сядзелі афіцэр і восем матросаў. Афіцэр крыкнуў: — Гэй, кайманы! — Што? — адказалі тыя. — Не прыбераце плаціну? — Не! — Не? — Не! — Добра, — сказаў афіцэр. — Тады мы разбурым яе гарматамі. — Бурыце! — адказалі кайманы. І лодка вярнулася да судна. А той карабель мышынага колеру быў ваенны параход, браняносец з вялікімі страшнымі гарматамі. І мудры стары кайман, які аднойчы плаваў да самага мора, раптам успомніў пра гэта і ледзь паспеў крыкнуць іншым кайманам: — Хавайцеся пад ваду! Жвавей! Гэта ваенны параход! Хавайцеся добра! Кайманы адразу зніклі пад вадою і паплылі да берага. Там яны і засталіся, высунуўшы з вады толькі насы ды вочы. У тую ж хвіліну з карабля вылецела вялікае белае воблака дыму і магутны артылерыйскі снарад трапіў у самую плаціну, акурат усярэдзіну. Два ці тры бервяны разляцеліся ў трэскі, але тут жа ўпаў другі снарад, а потым яшчэ і яшчэ, і кожны нішчыў ушчэнт кавалак плаціны, пакуль ад яе нічога не засталося. Ні бервяна, ні трэскі, ні кары. Усё было разбурана гарматамі браняносца. І кайманы, якія сядзелі ў вадзе, высунуўшы на паверхню толькі насы ды вочы, моўчкі глядзелі, як паўз іх, гудучы на ўсю моц, праплывае ваенны карабель. Потым кайманы вылезлі на бераг і сказалі: — Мы зробім другую плаціну, яшчэ большую, чым была. І тым жа вечарам і тою ж ноччу зрабілі новую плаціну з аграмадных ствалоў. Пасля гэтага, стомленыя, яны палеглі спаць і спалі да наступнага дня, пакуль ваенны карабель не прыплыў зноў і спушчаная з яго лодка не наблізілася да плаціны. — Гэй, кайманы! — крыкнуў ім афіцэр. — Што трэба? — адказалі кайманы. — Прыбярыце гэтую новую плаціну! — Не прыбяром! — Мы разбурым яе снарадамі, як і тую! — Разбурайце, калі зможаце! Яны адказвалі так ганарыста, таму што былі ўпэўненыя, што іх новую плаціну не змогуць разбіць нават усе гарматы свету разам. Але праз хвіліну карабель схаваўся ў дыме, і якраз на сярэдзіне плаціны пачуўся страшны выбух. Гэты раз стралялі разрыўнымі. Снарад з грукатам разарваўся на бярвеннях, узняў іх у паветра і разнёс вялізныя ствалы на дробныя трэскі. Другі снарад разарваўся побач з першым, разламаўшы яшчэ адзін кавалак плаціны. І так яны білі і білі, пакуль ад плаціны нічога-нічагуткі не засталося. Тады ваенны карабель праплыў паўз кайманаў, і людзі смяяліся з іх. — Што ж, — сказалі кайманы, вылазячы з вады. — Цяпер мы ўсе памром, бо карабель будзе ўвесь час плаваць сюды і туды і рыбы ўжо ніколі не вернуцца. І яны замаркоціліся, таму што маленькія кайманчыкі прасілі есці. Тады стары кайман сказаў: — У нас яшчэ ёсць надзея на выратаванне. Хадземце да Сома. Мы з ім разам плавалі ў вандроўку да мора, і ў яго ёсць тарпеда. Ён некалі бачыў бой паміж двума параходамі і прыцягнуў неразарваную тарпеду сюды. Давайце папросім у яго гэтую тарпеду, і хоць ён на нас, кайманаў, злуе, але ў яго добрае сэрца і ён не захоча, каб мы ўсе памерлі. А ўсё ў тым, што некалі даўно, шмат гадоў назад, кайманы з'елі Сомава пляменніка, і з таго часу ён не хацеў з імі размаўляць. І ўсё ж, нягледзячы на гэта, яны адразу выправіліся да Сома, які жыў у вялікай пячоры ў беразе ракі Параны і заўсёды спаў побач са сваёю тарпедай. Самы бываюць даўжынёй аж на два метры, і гаспадар тарпеды якраз быў такі. — Гэй, Сом! — крыкнулі яму кайманы ад увахода ў пячору, бо не адважваліся ўвайсці, памятаючы пра гісторыю з ягоным пляменнікам. — Хто там мяне гукае? — спытаў Сом. — Гэта мы, кайманы! — Не маю і не хачу мець з вамі ніякае справы, — сярдзіта адказаў Сом. Тады стары кайман усунуўся трошкі ў пячору і сказаў: — Сом, гэта я. Я твой сябар — той, што вандраваў з табою да мора. Пачуўшы знаёмы голас, Сом вылез з пячоры. — Ага, а я цябе не пазнаў, — ужо лагодней прамовіў ён да свайго старога сябра. — Што ў цябе? — Мы прыйшлі папрасіць у цябе тарпеду. Тут па нашай рацэ ходзіць ваенны карабель, які палохае рыб. Гэта браняносец. Мы зрабілі плаціну, але ён яе знішчыў. Тады мы паставілі другую, дык ён і гэтую разбурыў. Рыбы ўсе да адной уцяклі, і цяпер мы памром з голаду. Дай нам тарпеду, і мы знішчым гэты карабель. Пачуўшы гэта, Сом надоўга задумаўся і потым сказаў: — Добра, я дам вам тарпеду, хоць я не забыў, што вы зрабілі з сынам майго брата. А ў вас хто ўмее тарпеду ўзрываць? Усе маўчалі, бо ніхто не ўмеў. — Добра, — з гонарам сказаў Сом, — я сам яе ўзарву. Я гэта рабіць умею. Зараз жа пачалі перавозку. Усе кайманы прывязаліся адзін да аднаго: хвост першага прывязалі за шыю другога, хвост пярэдняга — за шыю задняга. Так утварыўся цэлы ланцуг з кайманаў амаль на паўвярсты. Волат Сом штурхнуў тарпеду да плыні і падлез пад яе, каб трымаць на спіне і каб тарпеда плыла. А таму, што ліянаў, якімі адзін да аднаго папрывязваліся кайманы, не хапіла, Сом учапіўся зубамі ў хвост апошняму кайману, і гэтак яны паплылі. Сом падтрымліваў тарпеду, а кайманы цягнулі яго, бегучы па беразе. Яны то падымаліся на высокі бераг, то апускаліся, то скакалі цераз каменне, але не спыняліся і подбегам валаклі тарпеду, за якой, як за караблём, што ідзе на вялікай хуткасці, разыходзіліся хвалі. А назаўтра рана-раніцай яны ўсе выйшлі на месца, дзе збудавалі сваю апошнюю плаціну, і адразу пачалі будаваць новую, куды мацнейшую за папярэднія. Па парадзе Сома яны паставілі бярвёны ўшчыльную, адно да аднаго. Гэта была сапраўды выдатная плаціна. Ледзь яны ўбілі апошняе бервяно, як на рацэ зноў з'явіўся ваенны карабель і лодка з афіцэрам і васьмю матросамі зноў падплыла да плаціны. Кайманы пералезлі цераз бярвенне і высунулі галовы з другога боку. — Гэй, кайманы! — крыкнуў афіцэр. — Што? — адказалі кайманы.