Анатоль КрэйдзічШчасце ў падарунакГісторыя адной меланхоліі
Трэба шукаць сарцавіну, самую глыбокую
канцэнтрацыю чалавечага ў чалавеку.
М.Булгакаў
ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА
Шаноўны рэдактар!
Хоць я і не прафесійны літаратар, а ўсяго толькі журналіст, тым не менш нейкае чуццё падказвае мне, што твор, які выпадкова трапіў у мае рукі і які я пераадрасоўваю Вам, патрабуе якраз гэтага дадатку-тлумачэння. Такім чынам, прашу лічыць гэты мой суправаджальны ліст часткаю «Гісторыі...» Калі, вядома, у Вас будзе на тое згода.
Шаноўны чытач!
Цябе я таксама прасіў бы не аддзяляць запіску ад асноўнага, аўтарскага тэксту. Лічыце яе... ну, скажам, асобным раздзелам.
Калі ўжо я падпісваю твор сваім імем, то, пэўна ж, маю права распараджацца ім па свайму разуменню, на што і ўпаўнаважыў мяне аўтар, які сам падпісацца наадрэз адмовіўся. Калі Вы дачытаеце запіску да канца, то зразумееце, чаму ён паступіў менавіта так, а не іначай.
Але пачнем спачатку, з таго слотнага вераснёўскага дня, калі абрыдлы за некалькі дзён дождж, што шумеў за акном, нібыта ўваліўся ў мой кабінет у чалавечым абліччы. З жанчыны няпэўнага ўзросту, з яе доўгага, з накінутым на галаву капюшонам, чорнага плашча сцякала на падлогу вада. Твар яе таксама быў мокры, і, як мне падалося, не толькі ад дажджу. Нібыта пацвярджаючы маю здагадку, жанчына ўсхліпнула.
Паздароўкаўшыся і справіўшыся, хто гаспадар кабінета, яна выцягнула з-пад плашча абгорнуты чысценькім белым ватманам альбом, і паклала на самы край майго заваленага паперамі стала.
- Што гэта?
- Гэта? - нібы перапытала яна. - А Вы адгарніце вокладку, і самі ўбачыце, што.
На першай старонцы каліграфічнымі літарамі было выведзена: «Шчасце ў падарунак. Раман». Унізе стаяла імя і прозвішча аўтара.
- Прабачце, але Вы не па адрасу. Вам трэба ў рэдакцыю літаратурнага часопіса. А гэта газета. Мы не друкуем раманаў.
- Я ведаю, што газета, - захвалявалася жанчына. - Але я знарок шукала якраз вас. Вы адкуль родам?.. Ну, бачыце, мы з вамі землякі. Мне так і тлумачылі. Няўжо ж па-зямляцку не паможаце? Вы ж лепш ведаеце, дзе тут гэтыя вашыя часопісы. Можа б паклапаціліся.
Яна ўмольна зірнула на мяне з глыбіні накінутага на самыя вочы капюшона. Гэткая знябожаная і бездапаможная.
- Гм. Па-зямляцку, кажаце.
- Ну, вядома. Няўжо ж мне шукаць, нічога і нікога не ведаючы, тыя часопісы. Грэх землякам адмаўляць. Мы аддзячым, не падумайце...
- А хто вы будзеце аўтару, калі не сакрэт?
- Я? - яна лёгка ўсміхнулася. - Які ж тут сакрэт. Ён прасіў, каб я назвалася Маргарытай. Проста Маргарыта. Гэта маё імя.
І, ужо прачыніўшы дзверы, каб выйсці, азірнулася, дадала:
- Жонка я яму. - Затрымалася, крыху падумала, сказала, нібыта вінячыся. - Там усё прыдумана, не падумайце...
- А чаму ж ён сdd>- Хворы ён...
І жанчына хуценька, забыўшыся развітацца, прычыніла за сабой дзверы.
Праз які тыдзень ці мо нават раней да мяне ў кабінет літаральна ўварваўся малады чалавек. Выгляд ён меў яўна нездаровы. Найперш пра гэта сведчылі запаленыя вочы і сцягнуты, высахлы твар. Позірк хваравіта блукаў па кабінеце.
- Гэта да вас прыходзіла жанчына па імені Маргарыта?
- Да мяне, - успомніў я і адразу ж здагадаўся, хто перада мною.
- Альбом... у вас?
- У мяне.
Нечаканы госць замяўся.
- Вы ўжо прачыталі?
- Прачытаў. Але...
- Не працягвайце, - ён замахаў рукамі, - прашу вас, нічога больш не кажыце. І нікому, нікому яго не паказвайце. Пакуль я не дам на тое сваю згоду. Усё. Бывай, зямляк.
Ён знік гэтак жа нечаканна, як і жанчына, якая назвалася Маргарытай.
Мне нічога не заставалася, як толькі здзіўлена паціснуць плячыма і забыцца на рукапіс. Балазе, хапала сваіх клопатаў...
Праз некалькі месяцаў пасля дзіўных візітаў не менш дзіўных землякоў (а мо і праз год), наведаўшыся ў родны свой гарадок, я пацікавіўся быў у сваякоў, ці не ведаюць яны такіх маладых людзей альбо хоць бы ці не чулі пра іх што-кольвек.
Аказалася - чулі.
Матцы нібыта нехта расказваў, што жыве ў іх гарадку такая сям'я. Ён працуе мулярам. З некім, кажуць, не падзяліў кватэру, лічы, адабраў, а пасля схаваўся на цэлы месяц ці нават болей ад помсты. Але той, пакрыўджаны, усё адно дарваўся да яго і ледзь не скалечыў. Яна, праўда, дакладна не магла сказаць, ці таго маладога муляра спачатку пабілі, а тады ён схаваўся, ці знайшлі ў схованцы і надавалі кухталёў. Дакладна ведала толькі, што бойка была, і што яго, гэтага муляра, уратавала жонка.
- Кажуць людзі, - у матчыным голасле з'явілася трагічная нотка, - што за ёю, за сваёй Рыткаю, здаецца, гэтак яе завуць, ён жыве, як за каменнай сцяной. Накорміць, апране, дзетак дагледзіць, усё і па хаце, і па гаспадарцы ўправіць. Нават і катэдж - нібыта больш яе заслуга, чым яго...
Матка, у рэшце рэшт, ахрысціла яе «залатой жанчынай», маўляў, такім трэба помнік пры жыцці ставіць.
Пасля я на доўгі час забыўся і на рукапіс, і на яго жывых герояў.
І вось успомніў. Адразу ж, як толькі пераступіў парог іхняй кватэры ўжо ў сталіцы. Я пазнаў сваіх даўніх візіцёраў, хоць ён ужо быў сівы, а на яе твары з'явіліся першыя неглыбокія маршчынкі і... акуляры.
У мяне было рэдакцыйнае заданне: зрабіць інтэрв'ю з лаўрэатам нейкай міжнароднай прэміі, якая выдаецца за гуманізм у творчасці. Гэтым «гуманістам» аказаўся той самы мой стары знаёмы, чый рукапіс пыліўся недзе ў шуфлядзе рабочага стала ў рэдакцыйным кабінеце.
Нагаварыўшыся пра творчасць, мы ўспомнілі і пра яго той рукапіс. Гаспадар сказаў:
- Здаецца, то была споведзь, а не літаратура. Нешта я ўжо і запамятаваў, як яна напісана. Ведаеце, я цяпер з задавальненнем перачытаў бы тую крэмзаніну.
Я запісаў яго словы, каб пасля перанесці на газетную старонку. Мне, па-шчырасці, зрабілася крыўдна за той рукапіс. Мне ён падабаўся. Шчырасць, чысціню, светлы боль выпраменьвалі тыя прыгожым дзявочым (так, так - дзявочым) почыркам спісаныя старонкі. А ён гэтак абыякава, крыху нават грэбліва, зняважліва адазваўся пра іх. А яшчэ гуманіст. За што толькі далі яму тую прэмію.
Я паспрабаваў запярэчыць, маўляў, ніякая гэта не крэмзаніна... Субяседнік у адказ адно паблажліва ўсміхнуўся. Калі гаспадыня прынесла гарачую гарбату і самапечаныя пернічкі, ён, падзынькваючы лыжачкай, прапанаваў:
- Я хацеў бы прачытаць тую сваю споведзь. Але не ў рукапісе, а апублікаваную. Падпрацуй яе і выдай пад сваім імем. Бо я пад сваім усё адно публікаваць не буду. А табе будзе маральная кампенсацыя за клопаты.
- Вы адцураліся ад свайго?.. - я ледзь не сказаў «дзіцяці».
Ён зноў паблажліва ўсміхнуўся, прыгубіў гарбаты:
- Не ў гэтым справа, зямляча. Дык згодзен?
- Згодзен.
Я адказаў сцвярджальна толькі таму, што ў той міг мяне ахапіла пачуццё жалю да няшчаснага, як мне тады ўявілася, рукапісу, і адначасова пачуццё непрыязнасці да яго аўтара. Ён нібыта прапаноўваў мне ўсынавіць сваё дзіця, якое не падабалася яму і падабалася мне. Праўда, на нейкі міг, расказваючы па маёй просьбе пра першы свой празаічны твор, ён, падалося, усё ж расчуліўся.
- А ведаеш, - уздыхнуў апавядальнік, - хацеў яго, героя свайго, алкаголікам зрабіць. Але - от, трэба ж такому - сон прысніў, нібыта ён, гэта значыць, я, спіўся... Нібыта, чуеш, назбіралі мне хлопцы грошай на білет у сталіцу, каб рукапіс «звёз», а я на тыя грошы набраў гарэлкі, закускі, і пайшоў пешшу. І вось прасынаюся ранічкаю ў лесе пад кустом (куст запомніў - калінавы), азіраюся, мацаю вакол сябе рукамі - няма рукапісу. А тут нейкая гамана зусім блізка. Вызіраю з-за куста, гляджу: маім рукапісам паляўнічыя вогнішча распальваюць. Я стаю і плачу. Моўчкі. Доўга. А сэрца баліць-баліць...
Мне падалося, што расказанае было не сном, а праўдаю. Аднак здагадку пакінуў пры сабе.
Літаральна за некалькі дзён я паправіў, як мог (а мог я дагэтуль правіць адно журналісцкія, газетныя тэксты), выцягнуты з дальняга кута шуфляды рукапіс, разбіў яго на часткі і раздзелы, раздзелам даў назвы, закрэсліў слова «раман» і замест яго напісаў «Гісторыя адной меланхоліі» (усё-ткі, падумаў, гэта сапраўды споведзь, і я не вызначыўся пэўна, які жанр найлепш ёй пасуе), рэдакцыйная машыністка ўпотай перадрукавала ўсё гэта на машынцы і... І на папцы, у якую паклаў «гісторыю», вывеў сваё прозвішча, імя...
Частка першая
РЫТКА
I
- Танец з хусцінкаю! Сем на сорак! - абвясціў у мікрафон музыка і аперазаўся расцягнутым мехам гармоніка.
Як і ўсе, я перабіраў нагамі, тоўк і перамешваў пясок на падворку, штурхаў локцямі суседзяў: злева безаблічна-непрыкметную аднагодку Рытку, справа незнаёмага мне мужычка, п'янаватага, а таму вельмі энергічнага і смешнага.
Танцоры стварылі жывое пярэста-рухавае кола пад адзіным на ўвесь двор, затое яркім, ліхтаром.
На мяне часам зіркалі дзяўчаты, і я лавіў іх запаленыя гарэлкаю, рухам, вясельнаю ўзрушанасцю позіркі.
Адным, можа, падабалася мая знешнасць, бо я тады быў статны і на галаву вышэйшы за сваіх аднагодкаў, іншым, як сам лічыў тады, абыходлівасць і самастойнасць, у адрозненне ад многіх я амаль не піў за сталом, быў цвярозы, але вясёлы, востры на слова, якое, прынамсі, нікога не крыўдзіла.
Рытка не зыркала. Яна пазней прызналася, што не асмельвалася «страляць» па мне, бо, па-першае, не было чым - вочы колькі ні фарбавала, а прыгожымі, выразнымі яны так і не рабіліся, а па-другое, даўно звыклася з думкаю, што яна нікому-нікому не патрэбна, нават самаму бядотнаму хлапчыне.
Мяне не здзівіла, што я апынуўся калені ў калені на пасцеленай на доле хусцінцы з нейкай мілай істотай адным з першых. Мы цмокнуліся ў вусны - у яе былі густа напамаджаныя, бессаромна блішчалі. Я крутнуўся з дзяўчынаю, твар якой начыста сцёрся з маёй памяці, у вальсе, пакінуў яе і пайшоў, прытанцоўваючы і памахваючы над сабой хусцінкаю, па крузе, выбіраючы «партыю». Мне падалося, што запрасіць якую прыгажуню было б занадта банальна, і я апынуўся перад самаю старэйшай з усяго гурту жанчынаю, без году бабуляю. Кола загуло і запляскала ў ладкі. Гарманіст крыкнуў у мікрафон:
- Бабуля, у засос яго, у засос!
Танец са смехам і гоманам працягваўся. Паспелі пастаяць каленьмі на хусцінцы ці не ўсе, хто быў у коле, а спрытнейшыя нават двойчы ці тройчы, толькі маю суседку Рытку ўсе абміналі. Яна перастала ўжо ўсміхацца, часцей глядзела сабе пад ногі, чым на танцораў, а пасля я прыкмеціў, як у вачах дзяўчыны няўлоўна бліснула слязінка. Я маліў Бога, каб хлопец, што якраз важна праходжваўся паўз гаманкі ланцужок, спыніўся каля яе. Ну, хоць бы дзеля жаласлівасці. Але па-мойму не атрымлівалася. Я пачаў злавацца: чаму гэта яны такія безуважныя, чаму не хочуць парадаваць бядачку?
Калі мяне другім разам запрасілі цмокнуцца на хусцінцы, я пасля «працэдуры», не раздумваючы, папраставаў да Рыткі. Яна не паверыла: пастаяла, утаропіўшыся ў мяне няўцямнымі шэранькімі вачыма, і тады ўжо паслухмяна пайшла на сярэдзіну. Калі нашыя вусны наблізіліся, гарманіст працяжна цмокнуў у мікрафон, і гэтае агромністае «цу-цу-цу», што лавінаю выкацілася з узмацняльніка, падалося мне здзекам. Але то быў бяскрыўдны жарт. Затое па-сапраўднаму здзекліва прагучала кінутае кімсьці з натоўпу: «Што за здыхлю выбраў наш Кастусь?» Пэўна, яна таксама пачула тую насмешку, бо ледзь чутна трапятнулася, і мне захацелася прыціснуць яе да сябе, захінуць ад нядобрых языкоў, супакоіць...
Я запрасіў яе «на хусцінку» і наступным разам, пасля чаго дзяўчына быццам бы папрыгажэла, вочкі яе засвяціліся, і яна ўжо не саромелася раз-пораз «пастрэльваць» у мой бок.
Мне было хораша на душы ад таго, што я гэтакі знаходлівы і што гэтак дапамог дзяўчыне. Я запрашаў бы яе яшчэ і яшчэ, але танец скончыўся. Запыленая, брудная хусцінка зацеляпалася на штыкеціне, нехта паліў мне з вядра на рукі, яшчэ нехта працягнуў цыгарку...
Мой добры настрой не астудзілі ні вечаровы халадок, ні нахабныя зануды-камары, ні кпіны сябрукоў. Хлопцы чамусьці ўпарта чапляліся за мае пацалункі з Рыткаю, і я ледзь паспяваў адбівацца.
- Бабёнка ў цябе, Кастусь, класная.
- Магу прадаць, калі няўцерп.
- Го-го-го. Колькі просіш?
- Да магілы разлічвацца будзеш.
- У-у-у. Яй-бо, я, калі б і мільён мне давалі, не пацалаваў бы гэтую паскубаную кураняўку.
- ...Хто такую брыдкую пад куст павядзе? - хіхікнуў ззаду пісклявы Кепка.
- А яна з такім здыхляком, як ты, пад куст не пойдзе.
- Бягом пабяжыць, гі-гі.
- А як дагоніць? Ты ж не ведаеш, што хлопцы робяць з дзяўчатамі пад кустом. З цябе Манькі Кулачковай хопіць.
- Не, хлопцы, я Кастусю палец у рот не паклаў бы. - Гэта ўжо азначала адступленне.
Мне закарцела дабіць праціўніка:
- Можна падумаць, я ўзяў бы твой брудны палец у свой рот.
- Наблатыкаўся ў тым сваім нівярсяцеце...
...І мы разышліся. Я хацеў яшчэ пастаяць на лёгкім, ледзь улоўным ветрыку, але гаспадар хадзіў па мяккай, як мука, паколатай абцасамі танцпляцоўцы-падворку і крапіў яе шматком сена, якое раз-пораз апускаў у вядзерца з вадою. Шаматнула дожджыкам і па маіх запыленых джынсах, чаравіках. Гаспадар занудліва паўтараў:
- У хату, госцейкі, у хату. Вып'ем, яшчэ патанцуем. У хату...
Уцякаючы ад гаспадарскага дажджу, я, перасмейваючыся з кімсьці, уваліўся разам з іншымі ў звонкую і мітуслівую, нібы вулей, хату.
І ўсё ж настрой у той вечар мне, як я ні выкручваўся, сапсавалі. Сапсавала матка.
Яна гукнула мяне, калі выбіраў, дзе сесці:
- Хадзі сюды, Косцік. Тутака во, каля мяне, свабодна.
- Не, мамо, я да хлопцаў праціснуся, там весялей.
- Кажу табе, хадзі сюды, пагаманіць трэба. - І яна неяк заклапочана зіркнула на мяне. - Сынок, - шапнула на вуха, калі сеў побач, - ці ты ўжэ сабе харашэйшай дзеўкі не знайшоў, га? Вунь Гаткін хлопец і насаты, і згорблены, і не вучаны - а бачыў, якую дзеўку водзіць? Пастухом робіць - ды з гэтым дзелам не промах. Ого-го-о. Умее мазгі запудрыць. Ніхто і не падумае, калі не ведае, што каровам хвасты круціць. На цябе скарэй падумаюць, што такі нехлямяжы. Глядзі мне, каб з гэтаю, як яе, я цябе не бачыла. Мне ж людзей сорамна. Ты ведаеш, які ў яе бацька?
- Ну?
- Што ну? Алкаш. І яна такою будзе. Кроў у яе чыя? Бацькава. Яна нават падобная на бацьку, сухара насатага.
- Ой, мамо, перастань! Людзі во пачуюць.
- Не перастану, пакуль не адчэпішся ад гэтага шчураняці праціўнага. Думаеш, яе бацьку так проста Шчуром завуць? Не, бо ў яго і мода, і морда шчурыныя. А яблыко ад яблыні недалёка падае.
- Ну ўсё. Не збіраюся я з ёю гуляць.
- То давай, сынок, давай вып'ем. Табе сённячы можна. Бач, цвярозы зусім, то грамулька мо не пашкодзіць.
- Зараз во разам з усімі і вып'ем.
Матчыны словы дапяклі мяне. Раззлавалі з-за таго, што нават яна не зразумела, чаму я танцаваў з Рыткаю. Мне захацелася (першы раз у жыцці) захмялець, і я наліў сабе поўную стограмоўку. Маці асцярожна тузанула за рукаў:
- Мо не піў бы поўную, га? Чуеш? Каб не вырвала з непрывычкі.
Мне хацелася ўзбрыкнуць, сказаць, каб не лезла ў мае справы, бо я ўжо дарослы і магу сам сабой распараджацца. Душыла крыўда, што і сябры, і матка, і, напэўна ж, усё вяселле гэтак прымітыўна вытлумачылі маю дабрыню да дзяўчыны, якую лёс зусім не па яе віне абдзяліў знешнасцю. Хацелася крыкнуць: «Разуйце вочы, не блытайце дабрыню з заляцаннем. І наогул: я маю права рабіць тое, што лічу патрэбным, а не тое, што вам падабаецца...»
Тым часам нехта гукнуў: «Кастусь, не зявай», - і я перакуліў стограмоўку. Пасля другой крыху зашумела ў галаве. Яшчэ раз супакоіў матку і перайшоў у іншы пакойчык, дзе весялілася маладзейшая, якраз па мне, кампанія. Там хмялеў далей, пакуль гарэлка не адабрала памяць.
II
Раніцою доўга не расплюшчваў вачэй. А калі ўсё ж асмеліўся, доўга не мог зразумець, дзе я. Напэўна, на маім месцы спалохаўся б любы, калі б замест чысценька пабеленай столі ўбачыў над сабою дзіркаваты канёк пакрытага шыферам хлява, аброслыя павуціннем кроквы і перагародкі. Пада мною шамацеў вялізны пахучы матрац - сена. Воддаль, бліжэй да квадратнай дзіркі лаза, валяліся некалькі вілаў-трайчакоў, драўляныя граблі... З дзіркі тырчэлі дзве жэрдкі-драбіны.
Сціснуўшы далонямі скроні, падняўся. Аказалася, ляжаў не на голым сене. Пада мною была пасцелена нечая куртка. Перавярнуў і жахнуўся - яе, Рытчына. «Няўжо я спаў тут з Рыткаю?» Ад такой згадкі галава разбалелася яшчэ больш, і я, ледзь не страціўшы прытомнасць, зноў бухнуўся ў абдымкі сена і водару...
Калі прачнуўся другім разам, з усіх шчылін старога даху ўжо тырчэлі залацістыя коп'і-промні.
У галаве пасвяжэла, толькі цела трымцела асінавым лістком і ныла, быццам учора цэлы дзень насіў каменне.
Згадка пра бацькоў, якія, напэўна, вельмі хвалююцца, куды я прапаў, падганяла. Але колькі хвілін ляжаў яшчэ, не маючы сілы паварушыцца.
За тыя хвіліны праз маю свядомасць пранеслася плойма супярэчлівых думак.
«Рыта, Рытка, Маргарытка, мне і сорамна і брыдка (пасміхнуўся рыфме). Што было гэтае начы? Нашто я зачапіў цябе? Як я зірну на цябе сёння? Пашкадаваў на сваю галаву. А ці трэба было? Маці казала, што не трэба. Яна старэйшая і мудрэйшая. А я дурны. Але ж я не рабіў нічога дурнога. Вось толькі гэтае сена. Толькі б ніхто не ўведаў. Божа, толькі б не дайшло да маткі».
Трывога прагнала і санлівасць, і слабасць. Да мяне, нарэшце, з усёй яснасцю дайшла недарэчнасць маіх учарашніх паводзін.
* * *
На падворак выбіраўся з вялікай асцярожнасцю. На кожнай прыступцы драбін спыняўся і пільна прыслухоўваўся, гатовы ў любую хвіліну шмыгануць угару, зашыцца ў сена. Ад маёй учарашняй упэўненасці не засталося і следу.
Унізе акуратна, не спяшаючыся, абабіў ад сена светла-карычневую сарочку, джынсы, знайшоў нейкую анучку, працёр запыленыя карычневыя туфлі. Прычасаў валасы, павыдзімаў з грабеньчыка смецце. Крышачку, на адзін палец, адчыніў рыпучыя, вышчарбленыя з-пад нізу дзверы, прытуліў да шчыліны вуха. Недзе блізка пішчалі качаняты, какатала квактуха. Адчыніў дзверы болей і прасунуў у шчыліну галаву. Качаняты паласкалі ва ўкапанай у зямлю бляшанцы з-пад селядцоў чорныя і жоўтыя насы. Побач спала, схаваўшы пад крыло галаву, маці-качка. Пад квактухай ля парослага імхом чорнага плоту варушыліся, шукаючы цяплейшага месца, рознакаляровыя пушыстыя шарыкі. Чмыхнуў вецер, і на падворку закружыўся рой парашуцікаў-дзьмухаўцоў, якія насцярожылі і качку, і квактуху. А малеча бегала і лавіла іх.
На хвілінку я забыўся пра асцярожнасць і паплаціўся. Невядома адкуль з'явілася Рытка. У выцвілым халаціку на вострых хлапечых плечках і старых, заляпаных гноем і брудам бясколерных растоптах, яна была яшчэ больш пачварная, чым учора.
- Не бойся, дома нікога няма, бацькі пайшлі пахмяляцца. - Рытка стаяла і па-змоўніцку, схіліўшы на бок галаву, зазірала сваімі маленькімі шэранькімі вачыма ў мае вочы. У позірку чыталася ўпэўненасць у тым, што яна падабаецца мне...
Рытка трымала пагнутую алюмініевую міску з нейкім змесівам, і рука яе таксама была выпацканая.
- Ідзі туды, за агарод. Там ніхто не ўбачыць.
Я выслізнуў з дзвярэй.
- Чакай, Кастуська. Мне трэба табе нешта сказаць.
- Ну?
- Прыходзь да старой грушы. Ну, дзе ў дупле чэрці водзяцца. Там скажу.
- Ага. - І я вопрамеццю кінуўся прэч, пераскочыў цераз канаўку за агародам, знайшоў у траве сцежку і паплёўся, збянтэжаны і спалоханы, дахаты.
* * *
Дома, на шчасце, ніхто пра мае начныя і ранішнія прыгоды не ведаў. Маці адно насварылася, што не начаваў, дзе трэба, і ўзялася тачыць бацьку.
- Я цябе калі, панчоха старая, прасіла, каб узмежкі павыкошваў, бо трава зараз спруцянее пад гэтакім сонцам? Каб сённячы ж касу накляпаў і павыкошваў усё на свеце, бо як бач валёнкам па шыі заробіш.
- Каса ў мяне гатовая, баба. Гатовая. Я не кашу, бо ўвесь узмежак у дзьмухаўцах. Праз дзень-другі пух пазлятае, тады і зраблю ўсё як трэба.
- Каб ты ўжо ў глухое балота зляцеў...
Бацька прапусціў гэтыя словы паўз вушэй. Ён працягваў мне качыныя яйкі.
- Глянь, Кастусь, у цябе вочы лепш бачаць. Ці варушыцца там што-небудзь? - Пакуль я то вокам, то вухам абследаваў яйкі, бацька мармытаў:
- Качка дурная. З тымі, што вылупіліся, да вады пабегла, а гэтых, бач, пакінула. То я на печ іх паклаў. А адно, чуеш, Кастусь, бегчы не здужала, дык на зямлі ляжала. Прыхаладзіла шыю. Цяпер яна ў яго як усё адно скручаная - дзюбка не прама, а ўбок глядзіць. Што з ім рабіць?
- Глянь, тата, гэтае ўжо наклёўваецца. Вунь трэшчынкі. І шалясціць-шалясціць. І гэтыя варушацца. А гэтае ці захалола ў хляве, ці спяклося на печы.
- Захалола. Зірні на скрыўленае.
Я ўзяў у рукі скрыўленае качаня.
- Што яму рабіць, сынок, каб выпрамілася?
Выйшла меншая за мяне на два гады сястра. Яна хмыкнула, маўляў, гэтае качаня трэба закапаць у разору і не дурыць галаву. Маці падхапіла яе.
- Ёсць вывадак - хопіць. А то будзеш днямі валаводзіцца каля небаракі.
Я выпраміў качаняці галаву і заціснуў між пальцамі. Яно падрыгалася і сядзела ўжо ціха, адно лыпала чорнымі вачанятамі.
- Калі б гэтак колькі дзён пасядзела, напэўна выпрасталася б.
- Выпрастаецца яно ў яме, - бразнула клямкаю маці.
Цэлы дзень я правалэндаўся з пакалечаным качанём. Вечарам таксама да поўначы не выпускаў з рук. А на Рытчына запрашэнне спаткацца ля грушы забыўся.
На трэці дзень маё качаня трымала галаву прыкметна раўней. Яйкі апусцелі, і малеча, якая з іх вылупілася, ужо галёкала следам за качкаю. Я яшчэ колькі дзён павыпраўляў бедачыну і пусціў у гурт. Скрыўленасць засталася, але цяпер яна не перашкаджала качаняці есці, піць, рухацца, развівацца і хутка расці.
За пятнаццаць з лішнім гадоў многае забылася з таго юначага, даармейскага жыцця, а гэты эпізод чамусьці помніцца вельмі яскрава і з усімі падрабязнасцямі. Я дакладна ведаў, што ратую пачварнае птушаня не дзеля таго, каб пад восень мець лішні кавалак мяса, але я не ведаў, дзеля чаго раблю гэта.
III
Наступная мая сустрэча з Рытай адбылася праз два месяцы, у сярэдзіне лета, пасля маёй сесіі ва ўніверсітэце, дзе вучыўся на філалагічным факультэце. Я ўжо быў пераведзены на другі курс.
Гэтыя два месяцы былі для мяне вельмі насычаныя самымі рознымі справамі. Я павыкошваў на ўзмежках траву, абагнаў бульбу, пакалоў і пакастрыў пад клуняю дровы, перачытаў Булгакава, Сартра, Разанава, Ванегута і Межэлайціса, адолеў без троек сесію, схадзіў у тэатр на прагляд «Трохграшовай оперы», выпіў з дзесятак вёдраў кавы, некалькі разоў пацалаваўся з прыгожанькай верціхвосткай-аднакурсніцай, накрэмзаў паўблакнота вершыкаў, якія, аднак, нікому не паказаў, паправіўся на паўкілаграма і ні разу ні аб чым не пашкадаваў.
А з Рыткаю сустрэўся выпадкова пад грушкаю, у дупле якой водзяцца чэрці. Якраз там, дзе дамаўляліся. Толькі са спазненнем на два з гакам месяцы. Паўз гэтую грушу прабягала сцяжына, якая разам са старым дрэвам падзяляла вёску на дзве паловы. Мы ішлі па ёй насустрач адно аднаму, быццам знарок дзеля таго, каб спаткацца.
Рытка зазірнула ў велізарнае спарахнелае па краях дупло, агукнула, засмяялася:
- А шкада, што мы ўжо выйшлі з таго ўзросту, калі вераць у казкі, у чарцей.
У нашай вёсцы бацькі па традыцыі расказваюць сваім малалетнім дзецям казку, якую ім расказвалі іх бацькі, што апоўначы з дупла старой грушы выскокваюць чэрці, ператвараюцца ў авечак і палохаюць людзей, таму вечарам нельга доўга бадзяцца па вуліцы. Груша зелянела толькі адным сваім бокам, другі, мёртвы, чарнеў голымі рагамі галля.
- А я цябе чакала тады. - Рытка апусціла вочы і прасавала наском басаножка сцежку. Справа-налева, злева-направа - як шчотачка аўтамабіля. Валасы ў яе былі рэдзенькія, прамыя, колеру нездаровай збажыны. Нос, здавалася, засланяў сабой і вочы, і вусны, якія губляліся на твары.
- Даруй, - адказаў я, каб нешта сказаць і каб не пакрыўдзіць яе. - Я не мог прыйсці, і вельмі шкадаваў аб гэтым.
- Праўда? - Яна ўскінула вочы. Яны блішчалі.
Я ўсміхнуўся, як мне тады падалося, шкадобнай, бацькоўскай усмешкай:
- Ведама ж, праўда. - Я хлусіў.
- А ведаеш, што я хацела сказаць табе?
- Не.
Агеньчыкі ў яе вачах патухлі, іх месца заняла насцярожанасць і нешта яшчэ. Можа, пакута.
- Я хацела сказаць пра сенавал.
- Што?
- Ну, гэта, расказаць, што і як было між намі.
Яе вочы неяк па-даросламу ўважліва вывучалі мяне.
- А хіба што-небудзь было?
- А ты нічога не помніш?
- Не, я зусім нічога не помню. Я нават не помню, як скончылася вяселле.
Гэтым разам я казаў праўду.
Рытка пасля майго прызнання зрабілася нейкаю лягчэйшаю, вальнейшаю. Так заўсёды бывае, калі напружанне змяняецца разняволенасцю.
- А я помню. - Яе вочы зноў па-маладому засвяціліся, а ў голасе нават з'явілася нотка какетлівасці. - Ад цябе было не адчапіцца. У цемнаце ты схапіў мяне на рукі і панёс у хлеў, на сена.
- Па драбінах?
- Ну, не па паветры ж.
- Гм. Ранкам адзін злазіў, і то баяўся, каб не трэснулі.
- Дзіва што - цвярозы. - Яе вочы зноў насцярожыліся.
Шкада - я не ўмеў тады разгадваць вочы. Чытаць чытаў, а разгадваць не ўмеў. Я разгадваю іх цяпер, як рэбусы, узнаўляючы ў памяці.
Мы маўчалі добрую хвіліну. Яна глядзела ўдалячынь, убок, туды, дзе каля малінавага ляску ўзбягала на пагорак дзвюма глыбокімі каляінамі мяккая попельная дарога. Пасля рашуча зірнула на мяне (так глядзяць у бездань, у якую даўно наважыліся паляцець, але ўсё не рашаюцца) і сказала тое, чаго я ніяк не чакаў пачуць:
- Я цяжарная, Кастуська.
Мяне быццам абдалі кіпенем.
- Як? - Іншых слоў не знайшлося.
- Так. Пайшоў трэці месяц.
Я збоку зыркнуў на яе жывот.
- У два месяцы на жывот ніхто не глядзіць. - Яна ўсміхнулася, стомленая, а ў вачах быў страх.
- Што ж цяпер рабіць? - Я зрабіўся поўным ідыётам і не разумеў, што адбываецца з намі і вакол нас.
- Не ведаю. - Яе голас задрыжэў. У ім чулася мальба. Але вырашыць, а тым больш абяцаць нешта ў гэты момант я ўжо не мог і дамовіўся сустрэцца з ёю заўтра, пад вечар, на гэтым жа месцы. Яна пакорліва згадзілася, і мы, нават не развітаўшыся, разышліся.
Ідучы дахаты, я ўсю дарогу паўтараў: «Чортава груша, чортава груша...» А калі сцяміў, што трызню ўголас, змоўк. У галаве блыталіся думкі пра вучобу, пра маці, якая, калі што, з'есць мяне, пра сястру, якая абавязкова будзе насміхацца, пра магчымы шлюб з Рыткаю, які здаваўся мне вялікаю недарэчнасцю і нават глупствам.
Да сямейнага жыцця я быў не падрыхтаваны, і добра ўсведамляў гэта: не адвучыўся, не адслужыў у войску, і наогул яшчэ зусім малады. Мне хацелася спазнаваць свет, быць вольным і ні ад кога не залежаць. Хацелася безаглядна радавацца жыццю.
IV
Пасля таго, як Рытка абвясціла пра сваю цяжарнасць, я шчэ не ведаў, што мне не дадзена самому распараджацца сваім лёсам, што гэтыя абавязкі ўзяла не сябе нейкая вышэйшая сіла, якая дзейнічала па-за маёй свядомасцю.
Я мог толькі фанабэрыцца або, наадварот, хадзіць змрочны і разбіты, быццам мяне выключылі з першага курса ўніверсітэта, і трэба наважыцца сказаць пра гэта маці.
А сказаць пра свае пакуты я не рашаўся.
Прыйшоўшы ў той дзень дахаты, з галавой зашыўся пад коўдру на драўлянай ляжанцы за печчу, быццам ад некага ці ад нечага хаваўся. На двары, за сцяною, усчаўся вятрыска. Ён разгайдаў галлё «пепінкі», што расла на рагу нашай хаты, і ў акно забохкаў невялічкі, з тэнісны шарык, яблык. Гэта раздражняла мяне, і я сарваўся з ляжанкі, выскачыў на двор і са злосцю ірвануў недаспелае гарэзлівае стварэнне.
І толькі калі ўкусіў яго - засмяяўся. Я паспрабаваў уявіць сабе, як выглядаў толькі што збоку: выскокваю, як ашалелы, з хаты, кідаюся на беднае, ні ў чым не вінаватае яблычаня, упіваюся ў яго, вылупіўшы вочы, зубамі, як у заклятага ворага.
Праўду кажуць: ад трагічнага да смешнага - адзін крок.
З поўдня на вёску насоўвалася чарнюшчая, нібыта размешаная з фіялетавай акварэллю сажа, хмара.
- Сынок, памажы качак у хлеў загнаць, - паклікала ад канаўкі маці.
Пакуль мы заганялі пісклівае птаства (качка са скрыўленай шыяй па-ранейшаму адным вокам глядзела ў неба, а другім у зямлю, але была добра ўкормленая), зграбалі з бацькам і накрывалі рэшткі сена, памагалі маёй малодшай на год пстрычцы-сястры здымаць бялізну, у сцежку, у драўляны ганак, у бульбоўнік урэзаліся буйныя, як тыя недаспелыя пепінкі, кроплі.
Калі дождж ашалеў не на жарт, я ўжо стаяў ля акна і таропіўся ў шыбіну, забыўшыся пра ўсё на свеце, нават пра Рытку, якая апошнім часам не выходзіла з маёй галавы ні днём, ні ноччу. Я склаў і тут жа дэкламаваў уголас, вершык:
Люблю часіну непагоды,
як вёску хваля захлісне.
І, твар насупіўшы, прырода
міргае бліскавіцай мне.
Лісточак рве віхор-свавольнік
з галінкі тонкай у акне.
Я за акном, як той нявольнік.
Пад хвалі б твар падставіць мне.
Вершык атрымаўся нейкі асенні, з адным лісточкам, і я адразу ж забыўся на яго. Цяпер, успамінаючы той час, згадаў яго адразу і да апошняга слоўца.
- Хі-хі, нявольнік.
Гэта сястра не прамінула пакпіць з мяне. Ад яе я заўсёды меў адны непрыемнасці. Што б ні рабіў, яна насміхалася і цвяліла мяне.
- Праўда, скора Рытка Шчурыха зробіць цябе нявольнікам. Ужо ўсё сяло ведае, што яна цяжарная ад цябе. Во пацеха будзе - Рытка з хвастом.
- Ідзі адсюль, дурная, бо як трэсну мухабойкай, дык і прыліпнеш да гэтага куфра (яна сядзела, звесіўшы ногі, на куфры, у якім, між іншым, ляжаў яе пасаг).
Пстрычка пырхнула на кухню. У мяне разбалелася галава і я, не распранаючыся, заснуў трывожным сном на ляжанцы за печчу.
Штораз прахопліваўся, але спаў да самай раніцы. Мяне супакойваў толькі дождж, які, нібы бабка-шаптуха, усю ноч прамаўляў нада мною свае гаючыя замовы-малітвы.
Ранічкою маці зірнула на мяне і затрывожылася:
- Ты бытта нездаровы, сынок. Бач, змаркатнелы зусім, і вочы блішчаць. Каб часам не грып.
- Які яшчэ грып? Улетку.
- Думаеш, улетку грыпу не можа быць? Ён калі хочаш прычэпіцца. Жару няма? - Яна даланёй паслухала мой лоб: - Не, няма.
Пасля ўхапілася за доўгі вільчак і пачала выцягваць ім з печы, з гарачага зіхоткага вуголля вялізны чыгун з вадою. Я ледзь паспеў адскочыць, каб яна не прапарола знянацку мой нічым не прыкрыты бок.
- Дай мо я памагу табе, мама.
Я абгарнуў анучкаю чорную пузатую пасудзіну, перанёс яе ў сенцы і выплеснуў кіпень у цэбар са свінячай мешанню.
У гэты дзень я ўсё рабіў неяк машынальна і бяздумна. Усе мае думкі займала Рытка, яе цяжарнасць, як і маё безвыходнае становішча, магчымы шлюб. Я ўжо змірыўся з тым, што мне давядзецца ажаніцца з гэтай нягеглай, заморанай дзеўкаю, з гэтым, гэтым... брыдкім качанём, бо іначай яна зробіцца ў вёсцы яшчэ большым насмішчам і ўсё жыццё будзе пакутаваць. А я напоўню лік тых, хто гэтыя пакуты памнажае. Яе і без дзіцяці ніхто не возьме замуж, а тым больш з дзіцем.
Мне зрабілася да слёз шкада яе, такую адзінокую і няшчасную, усімі адрынутую і аднаму Богу вядома колькі разоў зняважаную.
Збіраючыся з абеду на спатканне, я цвёрда вырашыў даць Рытцы згоду на шлюб. І нават уяўляў сабе, як засвеціцца ад гэтае навіны яе твар, як пакута і трывога, што пастаянна дрыжаць у яе вачах, у адзін момант ператворацца ў радасць, як на маіх вачах няшчасны чалавек пераўвасобіцца ў шчаслівага.
Ад такіх думак мяне самога ахоплівала шчымлівая радасць, і я здаваўся сабе лёгкім, бы аблачынка. Аднак варта было ўспомніць пра маці, пра тое, як яна адрэагуе на мой намер, радасць як бач лопалася.
І ўсё ж да грушкі я ішоў, поўны рашучасці абнадзеіць дзяўчыну. Мне здавалася, што крочыў не вельмі хутка, а на самой справе ледзь не ляцеў. Дзядзька, з якім я размінуўся, нават гукнуў у спіну:
- Кастусь, дзе пажар?
- Які пажар?
- Я думаў, ты на пажар гэтак грабеш.
- Ат. - Я махнуў рукой і пайшоў не так хутка, а дзядзька ззаду задаволена рагатнуў.
Па ўтравелай сцежцы ўздоўж парослай альхою і вербалозам канавы падышоў да мастка з неабкораных бярозавых круглякоў. Вакол усё зелянела, вышараванае цёплым летнім дажджом.
V
Рытка чакала. Я згледзеў яе, яшчэ не ступіўшы на масток. Адсюль можна было адгадаць, які ў яе настрой.
Рытка вельмі нервавалася. Яна прысядала, зрывала травінку, заціскала ў зубах і зараз жа выплёўвала. Зрывала зноў, кусала, выплёўвала. Выпроствалася, папраўляла кароценькую сукенку так, што мне здавалася, быццам яна выцірае аб бёдры свае кволенькія далонькі.
Мяне яшчэ больш ахапіла шкадоба да яе. Я падышоў і адразу ж узяў яе ручаняты ў свае.
Што гэта былі за ручаняты! Халодныя і безжыццёвыя, як лапкі збянтэжанага птушаняці. Аб тым, што яны жывыя, напамінала толькі ледзь улоўнае трымценне.
- Ну, прывітанне, птушанятка маё.
Я сказаў гэтыя словы неяк па-даросламу, па-бацькоўску. Зусім не так, як іх прамаўляюць закаханыя юнакі.
- Дабрыдзень, Кастусь. - Яна не паднімала на мяне вачэй, глядзела на зробленую кратом купіну каля маіх ног і быццам чакала прысуду.
- Можа, мы прыселі б вунь на грудку?
Рытка, не ўзнімаючы вачэй, згодна хітнула галавой.
Грудок, і праўда, быццам бы прызначаўся для таго, каб на ім утульна сядзелася. Па той бок ад грушы ён пераходзіў у ямінку, і мы селі амаль як на лаўку, засцеленую гусінаю лапкаю, крываўнікам, жорсткаю грудавою травой.
- Рытка, я хачу сказаць... Ты носіш маё дзіця. Значыць... Значыць мы павінны пажаніцца. - Я ўважліва і сур'ёзна зірнуў на яе. І толькі зараз прыкмеціў глыбокі разрэз на яе сукенцы збоку.
Сукенка была не новая, але чысценькая і акуратная, нават сімпатычная. Вось толькі здорава выгаралая: ад зялёнага колеру амаль нічога не засталося. Я нават не здолеў вызначыць, які на ёй некалі быў малюнак. А вось нітка, якою Рытка падрубіла разрэзы, зелянела вельмі ярка. Значыць, яна зрабіла гэтыя разрэзы нядаўна, можа, нават учора. Зрабіла, у гэтым не было ніякага сумнення, спецыяльна для мяне. Помню, мяне яшчэ здзівіла, што яны, тыя разрэзы, былі аж занадта глыбокімі, амаль да пояса, і я міжволі падумаў, чаму з іх не вызіраюць трусікі.
Яна заўважыла мой позірк і паспрабавала неяк прыкрыць аголеныя бёдры, якія падаліся мне не такімі ўжо і кастлявымі, але ў яе нічога не атрымалася.
- Што? - схамянулася дзяўчына на мае словы.
- Ты згодна выйсці за мяне замуж?
Рытка колькі часу ўзіралася ў мяне, вывучала, ці не блазную, а тады прыхінулася да майго пляча ілбом і яе плечыкі сутаргава закалаціліся. Рытка плакала.
Мне трэба было б счакаць, пакуль яна супакоіцца, але я ў тую хвіліну таксама збянтэжыўся і таму перапытаў трэці раз:
- Ну што, згодна?
Замест адказу яна толькі хітнула галавой (гэты рух я адчуў сваёй рукою), шмарганула носам, выцерла даланёй шчаку. Праз хвілінку зірнула на мяне вільготнымі вачыма і прамовіла:
- А ты як думаеш?
- Думаю, што згодна.
- Ну, вядома ж, Кастуська. Я цябе так кахаю.
Тут і мне самы час быў пусціцьь скупую мужчынскую слязу. Але я стрымаўся.
Не ведаю, колькі часу мы маўчалі зноў, толькі прыкмеціў, што сонца, якое вызірала з-за сакавітай звонкай кроны вялізнай ліпы, паспела схавацца за ёю зусім. Я спытаў:
- Ты да доктара ездзіла?
- Не яшчэ. Скора паеду. - Рытка ўсхліпнула і, як мне падалося, насцярожылася.
- А адкуль уся вёска ведае, што ў цябе ад мяне дзіцёнак будзе?
- Як гэта ўся вёска ведае?
- Так. Мне ўчора сястра сказала.
- Адкуль жа ёй ведаць?
- Я і пытаю, адкуль?
- Я нічога нікому не казала.
У Рытчыных вачах чыталася шчырае здзіўленне, і я пачаў нават падумваць, ці не прагаварыўся ўчора ў сне. Але ж не, я ніколі не размаўляю ў сне.
- Я ўспомніла. - Рытка вінавата і нават спалохана, як баючыся ўдару, скасілася на мяне. - Я, гэта, калі адчула, што са мной нешта не тое, запыталася ў маткі. Яна мне патлумачыла, што да чаго, і яшчэ спытала, з кім магло здарыцца... Ну, сам ведаеш, што. Я і сказала, што з табою.
Я добра ведаў Рытчыну маці. Яна крыху дурнаватая і любіць закінуць за каўнер, як і бацька. Маты гне лацвей за любога мужыка. Калі яе зачапіць, будзе праклінаць на ўсю вёску тры дні. Паверыць Рытцы, што яе маці разнесла паведамленне пра цяжарнасць па ўсёй вёсцы, гэта тое самае, што назваць белае белым, а чорнае чорным.