Беларус
Бачу: змарнелы цень ідзе нейкі,
Бедная світка спіну ахінае,
І галава над лахманнем сівая,
Ногі крывыя ў лапцях старэнькіх.
Твар у барознах, нібы ніва тая,
Цені прыгнечання, лёсу тут здзекі,
Выцвілі вочы, апухлі павекі,
Хрыпла слабымі грудзямі ўздыхае.
Вось беларус, што гаруе і верыць,
Вось беларус, якога скруціла
Ў багне бядоты цемра-хімера.
Можнасць ягоная - домік пахілы,
Мэта ў жыцці - саха і сякера,
Гору сканчэнне - карчма і магіла.
1906
Гэй, у свет!..
У свет! У свет! У далеч-даль,
За думкай ўслед, за ветрам ўслед:
Абы змагчы свой смутак, жаль,
Далей у свет! Далей у свет!
Душу ўзмацніць, як гартам сталь,
Пачуццяў вырваць з сэрца квет,
З любові здзерці мрояў шаль,
Ляцець у свет, у белы свет.
Ды крыл на лёты не стае,
Хоць сэрца спальвае адчай,
Хоць горка мне, хоць цяжка мне!
Застацца дома, Божа, дай:
Я маці маю і сясцёр...
...Навошта ў сэрцы мне касцёр?!
1906
Зямля
Зямля, цябе люблю аддана і трывала,
Я прытулюся да цябе, як да каханкі;
Хачу цябе аздобіць у вянкі-барвянкі,
Хачу абдараваць цябе нямручай хвалай.
У зеляніне ўся, ў зіхоткасці прыўдалай,
Мне бачны ўсе твае дзівосныя пісанкі,
Мне бачны і братэрства і любові ранкі,
Душа пытае: «Божа мой! Ці ж гэта мала?»
Знікаюць сны балесна пра цябе, зямліца,
Замест вясны і сонца - цёмнасці трывога,
На нівах жа тваіх - каменне і куколле.
І ўзлёт да любасці цяпер ужо не сніцца...
Я не люблю цябе, зямля, пытаю ў Бога:
- Чаму так стала?..
Я ару чужое поле.
1906
Не для вас...
Не для вас доля заранкам ружовым
Ў мэтлаху быту заззяе на небе,
Не для вас ўзыдзе надзея нанова,
Бо толькі роспач тут сеецца ў глебе.
З думкай аб заўтра, аб хаце, аб хлебе
Мусіце крочыць, спусціўшы галовы,
Ліць пот за іншых ва ўласнай патрэбе,
Потым ад голаду змерці гатовы.
Песня жальбяныя кратае струны,
Плача над вашаю ўсею бядотай,
Што пры жыцці яшчэ леглі вы ў труны,
Што зямлю вашу знішчае навала,
Што могуць іншыя жыць у ахвоту -
Вам жа памерці нат нельга з ухвалай.
1906
* * *
Пакіньце думаць аб слаўным мінулым,
Сваёю думкай яго не ўскрасіце;
І хоць аддаць паспрабуеце жыцце -
Мінуласць знікла для вас, прамільгнула.
І прышласць вашая ў мгле патанула,
Не свеціць шчасцем на дальнім блакіце;
Сумненне скоўвае, што ні чыніце,
І ў сэрцы нішчыць надзею знячула.
Адкіньце ж познія жалі і мрою,
Хоць сэрца ные, не мае патолі,
Любіце прышласці яснасць душою,
Паддайцеся шчыра лёсаў сваволі,
Сцяліце працаю ціхай сваёю
Шляхі да прышлай праменістай долі.
1906
* * *
Свае замкнуўшы ў марах парыванні,
Мы мусім свет даследаваць цярпліва,
Спазнаць людскія душы і жаданні
І ідэал быцця снаваць маўкліва.
Заглушваць мусім звабныя пытанні,
Што зменны лёс нам падарыў зычліва,
І гімны граць для прышласці шчаслівай,
Каб знікнуць зрэшты ў пыле забывання.
Жывем мы толькі ў мроях, ва ўяўленні,
Хаця ў жыццё зрэдзь клічуць летуценні,
Хаця ў нас душы і хаця ў нас сэрцы.
Лёс абламляе нашыя памкненні,
Бадзяемся ў жыццёвай паняверцы,
Каб з горасцю атрутнаю сустрэцца.
1906
У змроку
Думаць люблю я увечары ў змроку,
Свет апране калі чорныя строі,
Зорка глядзіць у аконца малое,-
О, тады мыслі ўзлятаюць высока!
Мары душу апаноўваюць роем
Аб маёй долі, чарнейшай ад змроку.
Хоць сваё сэрца нячуласцю ўзброю,
Часта сляза набяжыць мне на вока.
Мару й чакаю чагосьці мо болей?
Сам адказаць я на гэта павінен...
Лепшае, здэцца, нейкае долі.
Шчасце мяне калі ж не адкіне,
Як жа пазбудуся смутку і болю?
Хіба ў магіле - ў глухой дамавіне?..
1906
|
Пераклад: Уладзімір Мархель (з польскай) Беларуская Палічка: http://knihi.com |