Бацькаўшчына
З зямлёй і небам звязывае мяне ніць -
Неразарваная веквечна павуціна:
Зямля мяне галубіць, як вернага сына,
А сонца мне душу не кідае туліць.
Яшчэ ў калысцы я наўчыўся з песень сніць
Аб гэтых блізкіх мне, а цесных так мясцінах:
Што роднай нівы я мільённая часціна,
Што зоркі роднай ў сэрцы мне іскрынка тліць.
Так Бацькаўшчыну я здабыў сабе без злосці,
Узрос з яе й чужых з яе не скінуў косці,
Грудзьмі тулюсь к ёй, як да матчыных грудзей.
І калі здзекваецца нада мною хтосьці -
Над Бацькаўшчынай здзекваецца ён маей,
Калі ж над ёй - мяне тым крыўдзіць найцяжэй.
1915
Для Бацькаўшчыны
Я зноў заснуўшую было жалейку
Бяру і пробую ў ёй галасоў:
Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў,
Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?
І пачынаю йграць з трывогай нейкай,
Хоць песня як і з даўных б'е часоў,-
Звініць, як вецер паміж верасоў,
І ўперагонкі рвецца з салавейкай.
А ўсё ж як тамка сваякі-суседзі
Яе паймуць, хацелася бы знаць,-
Ці блаславяць, ці ўтопчуць гідка ў гаць?
Адно, снуючы з сумам па праследдзі,
Я голасна йграць буду ў тайным брэдзе,
Для Бацькаўшчыны-маці буду йграць!
1918
Для зямлі прадзедаў маіх...
Я табе, зямля мая прадзедаў маіх,
Не патраплю нічога жалець на свеце,
На свет цэлы гатоў твой прыгон апеці
І ўзнясці пасад на магілішчах тваіх.
Я цябе душой рад бы сваёй сагрэці
І карону сплесці з сонца, зор залатых,-
На цябе карону ўзлажыць, каб хоць на міг
Заяснела ты ў цяжка дабытым цвеце.
За цябе загінуць гатоў я ў барацьбе
З крыўдай той, што цярпіш ад людзей і Бога,
Ад чужынца і ад сына свайго сляпога...
Буду ў вечнай мучыцца жальбе і кляцьбе...
І за гэта толькі прашу, малю цябе:
Не гані ты мяне ад свайго парога.
1912
Жніво
Наспелая постаць шчаслівых пасеваў
І жнеі сышліся.- Направа, налева
1910
Запушчаны палац
1910
Маё цярпенне
Маё цярпенне, мой крывавы боль -
Што значаць перад мукамі мільёнаў,
Дзе безнадзейны стогны родзяць стогны,
А слёзы грызуць вочы ўсім, як соль!
Хоць дух мой ўзносіцца пад неба столь,-
Як галавой аб мур, там б'е паклоны.
Але як мал мой гэты ўздых шалёны...
Мой крык перад малітвай свету - ноль!
І веру я, што я нішто ў быцці -
Іначай думаць не дае сумленне,-
Аднак чаму ж здаецца мне нязменне,
Што меж майму цярпенню не знайсці,
Што так вяліка мне яно ў жыцці,
Як міліёнаў разам ўсіх цярпенне!
1915
На вялікім свеце...
На вялікім свеце б'е жыццё крыніцай,
Барацьба за волю і за долю рдзее,
Маюць панаванне вера і надзея,
Асвяціць народы лепшы быт маніцца.
На вялікім свеце неба слёз не сее,
Ёрмаў не майструе крыўда-чараўніца,
Не галубіць думак цемра-асляпніца
І не водзіць душаў пагібення кнеяй.
На вялікім свеце б'юць званы на славу,
Людзі з плеч скідаюць ланцуговы скруты,
К сонцу йдуць браточна з рабскае пакуты.
На вялікім свеце ўсё ідзе па праву,
Па законе Божым, з яснатой яскравай...
А у нас, у нас што?.. Толькі звоняць путы...
1912
На суд
На суд вам, кніжнікі, сябе я аддаю,
Судзіце па стаццях, як піша ваш закон;
Было ж жыццё мне - узаконены прыгон,
Хоць я не даў вам і не дам стаптаць душу сваю.
Мінаў я вашу фарысейскую сям'ю,
Мяне не збэсціў вашым ідалам паклон,
Калі ж з грудзей і вылятаў пракляцця стогн,
То кляў я сам сябе і мук сваіх змяю.
Нічым грашыць ад вас грашнейшым я не ўмеў,-
Піў чарку крыўды і цярпення - ўсё да дна,
І не спаганіла мяне аблуда ні адна.
Адзін грэх толькі лёг мне на душу, як леў,
Праступак, суддзі, мой: я сэрца, сэрца меў!
Але ці ж гэта так страшэнная віна?!
1915
Наша гаспадарка
Спрадвеку мы у родным краю гаспадарым,-
Свае загоны сеем, пасцім статак свой;
З надзеяй сустрачаем выраі вясной,
З надзеяй ўвосень іх праводзім над папарам.
Спрадвеку ходзім пад панамі і пад царам
На недруга й на бліжняга свайго вайной,
Хоць нам за нашу кроў падзякаю адной -
Крыжы і хаты нашы скошаны пажарам!
Так гаспадарым мы і дома і за домам,
Усё ждучы пацехі з севу і жніва,
Ждучы дарма, як летам жджэ расы трава.
Чужы і свой хлеб станавіцца жорсткім комам,
І душыць кліч: ці доўга будзе нам заломам
Варшава панская і царская Масква.
1918
Па межах родных і разорах
Па межах родных і разорах,
Са мной, за мною ўслед сум-вораг
1910
Пчолы
Мой сад калодамі абведзен мёдных пчол,
Што гаманяць, як неўгамонныя музыкі;
Іх з лета ў лета звоняць звончастыя зыкі
І далятаюць да блізкіх і дальніх сёл.
Я дбаю аб вуллёх - куру, свянчу наўкол,
Запасу ўвосень мёду кідаю вялікі,
Сачу зімою, каб чарвяк не ўбіўся дзікі,
Вясною шчыра падчышчаю верх і дол.
Але як дойдзе час выходзіць рою ў свет,
Ён не садзіцца, дзе назначу я пасадку,
А коціцца, чужы дзе зацвітае цвет.
Або як мёд пайду я падглядаць у кадку,
І тут бяда - не ўсё ў парадку і даглядку:
Як рой, і мёд падгледзеў ўжо сваяк-сусед.
1918
Сярод магіл
Сярод магіл, на плечы ўзняўшы крыж свой, стану,
Як пасланец з магіл ад спячых там прарокаў,
І ў даль сягну, дзе толькі можа сягнуць вока,
І скрозь туды, дзе вольнай думкаю дастану.
І кліч пушчу скрозь ад кургану да кургану,
Як віхраў лёт па ўсёй бязмежнасці шырокай,
Кліч-заклінанне векавечнага зароку,
Што ў гуслях толькі дрэмле, ў песню ўчараваны.
Прадсмертнаю кляцьбой канаючага раба,
Малітвай грэшніка, зарэзаўшага матку,
Звярнуся к сонцу, сонцу без канца й пачатку.
Хай спаліць мне душу, як ствол разбіты граба,
Хай вочы высмаліць, як кветку ў лільі слабай,
Але і крыж мой спапяліць хай папарадку!
1915
Таварыш мой
Ідзе за мной услед касцісты, бледны труп,-
Як цень,- за мной, пры мне, куды я ні ступлю;
Ці я устану, ці ў пасцелі мёртва сплю -
Са мной заўсёды ён, заўсёды гэты жывы слуп.
Вакруг мяне пабудаваў жалезны зруб,
Ператварыў ў турму бязмежную зямлю,
Садраў чуццё - ці я цярплю, ці не цярплю,
Здушыў вужача грудзі ў сто сталёвых шруб.
Таварыш шчыры мой, люблю, люблю цябе!
Ні час, ні чалавеча злосць цябе не з'есць;
Ты - пасланец мой, ты - сама аб шчасці весць!
Цябе, мой труп, я ў сне і ў явы барацьбе
Не кіну, як не кінеш ты мяне ў жальбе...
О, чэсць табе, маё ты Адзіноцтва, чэсць!..
1915
Чаму?
Няма для духа вольнага граніцы, меры,
Дзе б ён сягнуць не смеў, дзе б ён не узлунаў;
У хаосе быцця, у цьме ўсясветных з'яў
Ён не ніштожыцца, ў сябе не губіць веры.
Яму да тайнаў душ і сэрц адкрыты дзверы,
Ўсё тое спазнае, што бег сталеццяў не спазнаў;
Як фенікс з попелаў, узносіцца з канаў,
На дно якіх яго спіхаюць цемраў зверы.
Магутны, векавечны, створан з сонц мільёнаў,-
Гром, перуны ў руках трымаць, спыняць не слаб,
Хоць бы ў агні кіпеў, ў віхрах марозаў зяб...
Аднак чаму ж ты там нішто, дух непрыгонны,
Дзе, дружна звонячы ў кайданы ўсімі тоны,
Крывёй, пажарамі частуе раба раб?
1915
Я люблю
Я люблю ўсходы нашых палеткаў,
І спавітыя ў зелень лугі,
І шум бору пануры, глухі,
І шаптанне крынічнае ўлетку...
Я люблю упрыгожану ў мхі
Нашу вёску - сваёй крыўды сведку,
Свой народ - гэту звяўшую кветку,
Цэлы край - родны мне й дарагі.
Я люблю ясны вочы і грудзі
І стан гібкі дзяўчыны-красы:
Аб ёй брэджу на яве і ў сне.
Я люблю і заву, бы ў нялюддзі,-
Чуюць кліч мой сухія лясы,
Кліч: хто ж любіць, хто любіць мяне?
1912
|
Беларуская Палічка: http://knihi.com |