Калісьці, расчышчаючы косьці забітых продкаў у брацкай магіле ля Дамініканца, я думаў: "Госпадзе, хоць бы апошні раз мне такія раскопкі, хоць бы гэтая чаша мінула мяне!" Не мінула. Мы нікуды ня дзенемся ад нашай гісторыі. І жывыя і мёртвыя - мы адно. Мы - народ. І калі мы ўжо мёртвых нічым не ўспаможам, то мёртвыя нас успамогуць. Яны могуць асьвяціць нам шлях, асьвяціць нашы душы сваімі пакутамі, ускалыхнуць нашы розумы, сэрцы і дух, калі толькі таго мы захочам... Чуеце, як шалеюць цемрашалы, як яны імкнуцца "забіць" нашых мёртвых, схаваць, абылгаць, апляваць, затаптаць. Гэй, хто там? Гэта вы, ледзі Макбэт? - Не змываецца ж кроў! О, гэтая глыбокая таемнасьць сьмерці! О, сіла продкаў, калі ў Дзень Задушны адбываецца яднаньне! І калі мы згубім, страцім гэтую сілу, нас - няма.
Кожны чалавек, братове, кожны сумленны чалавек павінен змагацца з сталінізмам - гэтай самай подлай, самай ілжывай, самай антыгуманнай зьявай, якая існавала калі-небудзь на сьвеце.
Зянон Пазьняк
Упершыню надрукавана ў газэце "Літаратура і мастацтва",
16 верасьня 1988 г.
З.Пазьняк, М.Крывальцэвіч, А.Іоў
СПРАВАЗДАЧА
аб археалягічных раскопках (эксгумацыі)
пахаваньняў ва ўрочышчы Курапаты (Брод)
Менскага раёну Бараўлянскага сельсавету
АГУЛЬНЫЯ ЗЬВЕСТКІ
Археалягічныя раскопкі (эксгумацыя) магіл на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавету Менскага раёну праводзіліся ў сувязі з расьсьледаваньнем крымінальнай справы, узбуджанай Пракуратураю БССР па факце выяўленьня пахаваньняў у лясным масіве Курапаты (ліст Пракуратуры БССР у Інстытут гісторыі № 19-462 сл. ад 30.06.88). Рашэньне аб эксгумацыі прынята Пракуратураю БССР пасьля публікацыі ў газэце "Літаратура і мастацтва" артыкула "Курапаты - дарога сьмерці". Працы праводзіла сьледчая група Пракуратуры з удзелам іншых спэцыялістаў. Навуковае ажыцьцяўленне археалягічных працаў па эксгумацыі праводзіла група археолягаў Аб'яднаньня аддзелаў археалёгіі Інстытуту гісторыі АН БССР у складзе старэйшага навуковага супрацоўніка Зянона Пазьняка (кіраўнік групы), навуковага супрацоўніка Мікалая Крывальцэвіча, асьпіранта Алега Іова.
Раскопкі праводзіліся з 6 да 15 ліпеня 1988 г. За гэты час былі распрацаваныя 1 шурф і 7 раскопаў на максімальную глыбіню да 2,75 м агульнай плошчай 44 кв.м. Акрамя таго, распрацаваныя ручным спосабам 4 разьведвальныя траншэі глыбінёй ад 0,30 да 1,50 м агульнай плошчай 43 кв.м і 4 траншэі мэханічным спосабам на глыбіню да 2 м агульнай плошчай 12 кв.м. (Агульная плошча ўсёй раскапанай тэрыторыі - 99 кв.м).
У 6 раскопах на дне магільных ямаў былі знойдзеныя рэшткі пахаваньняў людзей. У раскопе № 7 рэшткаў люзей ня выяўлена. Шурф № 4 быў выкапаны на поўдзень ад лініі рову, за былой агароджай Курапатаў, з мэтай высьвятленьня магчымасьці існаваньня агульных магілаў па-за межамі тэрыторыі расстрэлаў.
Археалягічныя дасьледаваньні праводзіліся ў трох частках тэрыторыі пахаваньняў (мал.1-2). Ва ўсходняй частцы на паўночным схіле ўзгорку (грады), парослага рэдкім яловым лесам, былі распрацаваныя раскопы № 1-3. Раскопы № 5 і 6 зробленыя ў паўднёвай частцы Курапатаў прыблізна на адлегласьці 200 мэтраў на паўднёвы захад ад раскопаў № 1-3, на поўдзень ад газатрасы, што ў красавіку 1988 г. пракладзена па вяршыні ўзгорыстай грады і бліжэй да кальцавой дарогі. Раскоп № 8 закладзены на адлегласьці прыблізна 75 і 160 м на паўночны захад ад раскопаў № 1-3 на паўночным краі ўзвышанага месца, пасьля якога пачынаецца паніжэньне тэрыторыі й лагчына.
Акрамя таго, былі дасьледаваныя і гэтае паніжэньне мясцовасьці, і гэтая лагчына на паўночна-ўсходняй ускраіне Курапатаў, што бліжэй да дарогі Калодзішчы-Заслаўе.
Раскопкі праведзены рыдлёўкамі па пластох з ручной пераборкай грунту і дасьледаваньнем яго мэталашукальнікам, з фіксаваньнем глыбіняў, характару й колеру запаўненьня магілаў, назіраньнем за стратыграфіяй. З гэтаю мэтаю пахаваньні спачатку дасьледаваліся скрыжаванымі траншэямі шырынёй 1,00 м уздоўж і ўпоперак западзін. Траншэі раскопваліся да зьяўленьня першых рэшткаў пласта пахаваных. Адначасна ў профілях траншэяў выяўляліся пачатковыя контуры пахавальных ямаў і межы перакопаў, вывучаліся напластаваньні. Па лініі траншэяў пасьля распрацоўкі раскопаў былі потым зробленыя падоўжныя і папярочныя профілі (разрэзы) пахаваньняў у маштабе 1:20.
Выбарка й пераборка грунту запаўненьня магілаў працягвалася да зьяўленьня пласта пахаваных па ўсёй плошчы раскопаў. Потым адбывалася зачыстка гэтага пласта ад пяску, якую рабілі садовымі шуфлікамі, нажамі й шчоткамі. Зачыстка касьцей выяўляла сытуацыю верхняга пласта пахаваньняў. Пасьля гэтага рабілася фіксацыя глыбіняў, індывідуальных знаходак, чарапоў, абутку й касьцей, здымаўся плян (схема разьмяшчэньня асноўных знаходак і рэшткаў нябожчыкаў) у сумеры 1:20, раскоп фатаграфаваўся на фотастужку (а крыміналістамі яшчэ і на магнітную відэастужку).
Пасьля заканчэньня гэтай работы пачыналася разборка пласта пахаваных сумесна з мэдыкамі-экспэртамі. Пры гэтым фіксаваліся ўсе індывідуальныя знаходкі, чарапы, абутак і рэшткі адзеньня, адзначаліся месцы й глыбіні іх знаходжаньня. Усе знаходкі з пласта і неабходныя рэшткі пахаваных пасьля апісаньня іх ды фіксаваньня на пляне і ў запісах археолягамі забраныя мэдыцынскімі экспэртамі й крыміналістамі для экспэртызы.
У канцы адбывалася зачыстка дна пахаваньняў і фіксаваньне мацерыка. Упоперак усіх раскопаў у мацерыку рабілася кантрольная траншэя глыбінёй ад 0,4 да 1,00 м і шырынёй 0,5-0,6 м. Потым у гэтую траншэю складваліся абутак і рэшткі пахаваных, не забраныя для экспэртызы, і засыпаліся. Усе працэсы раскопак фіксаваліся на фотастужку археолягамі й крыміналістамі.
Пасьля археалягічных дасьледаваньняў і эксгумацыі ўсе раскопы былі акуратна закапаныя рыдлёўкамі, а тэрыторыя працаў прыведзена ў належны парадак.
РАСКОП (ПАХАВАНЬНЕ) № 1
I
Пахаваньне вызначана па западзіне (глыбіня 0,45 м). Яма зарыентаваная на паўночны ўсход. Па ўскрайку западзіны расьлі дрэвы. Відаць было сьмецьце (паперкі, бляшанка ад кансэрваў). Паверхня пакрытая ігліцай ад хвояў і елак.
II
Пачаткова закладзены шурф упоперак магільнай ямы. Памеры шурфа 1 х 3 м. Арыентацыя: паўночны захад - паўднёвы ўсход. У разрэзе праглядалася верхняя стратыграфія пахавальнай ямы: насыпаны пясок (0,10-0,15 м), які зьверху пакрыты тонкім пластом ляснога шыльніку (да 0,05 м). У шурфе былі відаць вэртыкальныя межы пахавальнай ямы (запаўненьне больш рыхлае, перамяшанае, трапляюцца рэшткі глебы). На глыбіні 1,65-1,68 м у паўднёва-ўсходнім і паўночна-заходнім канцах шурфа выяўлены рэшткі скуры (боты), косьці чэрапа. Паглыбленьне шурфа спынена. Вызначаны памеры раскопу (3,40 х 2,40 м), у межы якога ўключана пахавальная яма. Пасьля выбаркі насыпнога грунту пачалася зачыстка рэшткаў пахаваных. Памеры пахавальнай ямы на ўзроўні зачысткі 3,20 х 2,30 м. Зачыстка вялася нажамі, садовымі лапаткамі й шчоткамі. Пасьля зачысткі праводзілася фіксацыя, абмеры. Рэшткі пахаваных разьбіраліся. Глыбей разборка вялася бяз пэўнай зачысткі да мацерыковага ўзроўню, у гэтым выпадку - да глыбіні 2,75 м. Пахавальная яма звужалася. Памеры ў прымацерыковай частцы 2,85 х 1,67 м. Магутнасьць пласта пахаваных у цэнтральнай частцы 0,70 м. Пасьля поўнай выбаркі ўпоперак дна капалася кантрольная траншэя шырынёй 0,50 м, глыбінёй да 1 м.
III
Рэшткі адзеньня, косьці разьмяшчаліся з глыбіні 1,65 м па краёх і 2,00 м у цэнтральнай частцы ямы да глыбіні 2,75 м уключна.
Па краёх ямы - рэшткі скуранога адзеньня (курткі, паліто). Некаторыя ў складзеным выглядзе. Пласты скуранога адзеньня выяўлены і ў цэнтральнай частцы ямы. Рэшткі скураной вопраткі сустракаліся да мацерыка. У паўночным куце на глыбіні 1,20 м выяўлены тры чарапы; два зь іх ляжалі тварамі ўверх, 1 - уніз. У заходнім куце на глыбіні 1,35-1,38 м - пустая бутэлька, рыльца павернута ў цэнтральную частку ямы, заткнута гумавым коркам. Бутэлька ляжала на белым пяску. Ніжэй і побач пад пяском чарапы, іншыя рэшткі людзей (з глыбіні 1,40-1,45 м). (Бутэльку кінулі, магчыма, пасьля засыпкі чарапоў і іншых рэшткаў у час папярэдняй эксгумацыі). Знойдзена вялікая колькасьць ботаў (многія ў галёшах), рэшткі валёнак. Некаторыя галёшы самаробныя, зробленыя з аўтамабільнай гумы. Выяўлена 47 чарапоў. Падлік колькасьці асобін у час раскопак не праводзіўся. (Косьці забраныя на мэдэкспэртызу, фота 1). Усе чарапы разьмяшчаліся пераважна па краі ямы. На цэлых чарапох відаць скразныя адтуліны ад куляў. Стралялі пераважна ў патыліцу.
Знойдзены таксама:
1. Кашалькі, партманэты і іх фрагмэнты - 9 штук, у 4, магчыма, ёсьць манэты. (У час раскопак кашалькі не адкрывалі, каб не пашкодзіць).
2. 6 манэт - 2 трохкапеечныя (1933 і 1935 гг.) і 4 - 20-цікапеечныя (1931, 1932, 1933 і ? гг.).
3. 10 куляў, некаторыя дэфармаваныя, 1 - усярэдзіне чэрапа.
4. 2 вырабы з каляровага моцна акісьленага мэталу з рэшткамі скуры (нагрудны знак?).
5. Выраб жалезны. Брусок выгнуты (25 х 3 см).
6. 2 кубкі (1 у кішэні скуранога паліто). На адным, на дне, напісана "Ростов-на-Дону".
7. Устаўная сківіца.
8. Грабянец плястмасавы, чорны.
9. Гільзы ад савецкага нагана.
Знойдзена шмат гумовых галёшаў і ботаў. Некаторыя маркіраваныя: "Красный Богатырь" (2), "Красный треугольник" (2), "Резинтрест" (2). На падэшве апошняга лічба "36" і літары "ВСНХ". Знойдзены клееныя самаробныя гумовыя бахілы.
IV. Высновы
На падставе раскопак можна зрабіць наступныя высновы:
- пахаваньне праведзена ў халодную пару году;
- пахаваныя загінулі ў выніку стрэлаў у галаву (кулі, гільзы, дзіркі ў чарапох);
- пахаваньне да гэтага парушалася эксгумацыяй (заляганьне рэшткаў расстраляных па краі ямы, выбарка сярэдняй часткі магілы да глыбіні 2,00 м). (Гл. мал. 3-5. Розьніца паміж краямі і цэнтрам пахавальнага пласта 0,40-0,34 м);
- мяркуючы па агледжаных знаходках (манэты, галёшы), пахаваньне зроблена не раней за 1936 г. (манэты ў кашалькох не дасьледаваліся);
- мяркуючы па абутку і адзежы, сярод забітых, выяўленых у магіле, было шмат простых людзей, хутчэй за ўсё сялян. Пэўная колькасьць належала да інтэлігенцыі. Тут жа пахаваныя і жанчыны;
- у пахавальным пласьце магілы № 1 выяўлена 47 чарапоў. Калі дапусьціць (паводле аналёгіі зь іншымі магіламі і паводле сьведчаньняў некаторых відавочцаў), што пахаваньне было запоўнена да ўзроўню ня менш як на 40-45 см ад верху, дык аб'ём верхняй выбранай часткі магілы (гл. мал. 4-5) больш чым у тры разы перавышае аб'ём ніжняга пласта. У магіле № 1 магло быць пахавана ня менш за 150 нябожчыкаў.
Пасьля распрацоўкі раскопу рэшткі касьцей і абутку пахаваных, не забраныя на экспэртызу, пакладзены ў траншэю на дне пахавальнай ямы і засыпаны.
Раскопкі пахаваньня № 1 праводзілі археолягі М.Крывальцэвіч і А.Іоў.
РАСКОП (ПАХАВАНЬНЕ) № 2
I
Пахаваньне вылучана па западзіне глыбінёю 0,40 м. Падоўжаная яма зарыентавана па лініі поўдзень-поўнач. На паверхні паўднёва-ўсходняга сэктару ямы расьлі 2 дрэвы. З гэтай прычыны адпаведная частка пахаваньня спачатку не распрацоўвалася. У западзіне на паверхні сустракалася сьмецьце, некалькі кволых кусьцікаў маліны. Паверхня пакрыта ігліцай ад хваін і елак. Назіраўся нахіл паверхні ямы ў паўночны бок.
II
Пачаткова закладзены шурф упоперак пахавальнай ямы (2,50 х 1 м). Пахаваньні знойдзены на глыбіні 0,84 м каля заходняй сьценкі раскопу. Дзеля выяўленьня верхняй мяжы пласта заляганьня рэшткаў пахаваных па ўсім раскопе (4,00 х 2,70 м) праведзена расчыстка насыпнога пяску. З глыбіні 0,84-0,90 м, калі зьявіліся па краёх рэшткі пахаваных, пачалася зачыстка, якая вялася нажамі, шуфлікамі, шчоткамі. У цэнтральнай частцы рэшткі людзей зьявіліся на глыбіні каля 1,30 м (ад дзённай паверхні). Потым праводзілася агульная фіксацыя, абмеры. Памеры пахавальнай ямы 3,40 х 2,40 м. Рэшткі пахаваных разьбіраліся да мацерыковага ўзроўню, у гэтым выпадку да глыбіні 2,00-2,70 м (паўднёвая сьценка - паўночная сьценка). Магутнасьць пахавальнага пласта ў цэнтральнай частцы 0,60 м. Пахавальная яма звужалася. Прымацерыковыя памеры яе 2,85 х 1,67 м.
Пасьля поўнай выбаркі ўпоперак дна (лінія захад-усход) капалася кантрольная траншэя шырынёй 0,50 м, глыбінёй 0,60 м.
III
На глыбіні 0,84-0,90 м у паўднёва-заходнім куце выяўленыя рэшткі касьцяка (фота 3). Чэрап ляжаў на баку, твар павернуты на паўночны ўсход, рот раскрыты, рукі падвернутыя пад цела, ногі раскінутыя. Косьці левай галёнкі адсутнічаюць (выкінутыя пры папярэдняй эксгумацыі). У паўночна-ўсходнім куце - 2 чарапы (глыбіня 1,0 м; 0,98 м). Раты прыадкрытыя. Паміж чарапамі знойдзена куля. У адным з чарапоў 2 скразныя кулявыя адтуліны. У адной адтуліне (у лобнай частцы) засела куля. За 40 см на поўнач - чэрап (глыбіня 1,10 м). Галава задраная ўверх. Кулі трапляліся ў ніжняй частцы магілы.
Сустракаюцца рэшткі скуранога адзеньня (паліто, курткі). Выяўлена шмат галёшаў. Маркіроўка савецкая. Пераважна з трыкутнікамі й датамі "37". Боты й чаравікі скураныя. Адшуканы жаночы абутак (абцас высокі, халявы вузкія, памер 36-37). Сустракаўся абутак складзены, які не абувалі, а ўзялі з сабою. Пападаліся чаравікі самаробныя, гумовыя (некалькі параў). Сустракаліся самаробныя гумовыя галёшы (бахілы, фота 2).
Знойдзены:
- 3 кашалькі. У адным (глыбіня 1,54 м) 4 манэты (даты не чытаюцца), у другім - манэта і рэшткі папяровых грошай. 2 слупкі манэт ляжалі ў карабку ад запалак (глыбіня 2,10 м; даты ня вызначаны);
- два кубкі белыя фарфоравыя на глыбіні 2,05 м (адзін разьбіты);
- акуляры ў скураным футарале, зубныя шчоткі;
- некалькі чарапоў мелі на зубох каронкі з жоўтага й белага мэталу.
З глыбіні 2,00-2,30 м рэшткі пахаваных уяўлялі сабой суцэльны зьляжалы пласт. Амаль усе чарапы дэфармаваныя ад ціску верхніх пластоў. Прасочваюцца гарызантальныя праслойкі сьветлага пяску, якія ў двух выпадках чаргаваліся праз 0,3-0,4 м (паслойная прысыпка пахаваных).
Знойдзены 62 чарапы ў межах пахаваньня.
IV. Высновы
На падставе раскопак пахаваньня можна казаць, што:
- раней, задоўга да нашых раскопак, праводзілася эксгумацыя магілы (выбрана сярэдняя частка пахаваньня);
- магчыма, рабілася пачарговая перасыпка пяском партыяў расстраляных (праслойкі белага пяску);
- частка людзей, магчыма, мела пэўную сямейную, кроўную ці тэрытарыяльную сувязь (2 аднолькавыя фарфоравыя кубкі з фігурнай ручкай, некалькі параў аднолькавых самаробных гумовых чаравікаў);
- сацыяльны статус пахаваных даволі нізкі, ніжэйшы, чым у пахаваньні № 1 (абутак ніжэйшай якасьці, менш кашалькоў, шмат самаробнага абутку, менш прадметаў туалету, менш залатых каронак, скуранога адзеньня і г.д.);
- пахаваныя расстраляны (кулі, дзіркі ад куляў у патыліцы);
- сярод расстраляных былі жанчыны;
- частку рэчаў, безумоўна, бралі з сабою (складзеныя боты, прадметы туалету, кубкі). Людзі рыхтаваліся ў далёкую дарогу.
У межах пахаваньня знойдзены 62 чарапы. Аб'ём раней выбранай часткі магілы (пры першай эксгумацыі) ад верхніх крайніх пунктаў зьяўленьня знаходак прыблізна такі ж, як і аб'ём распрацаванага намі пахавальнага пласта, гэта значыць там таксама магло ляжаць больш за 60 касьцякоў. Хутчэй за ўсё, забітых засыпалі зьверху пяском таўшчынёй да 40 см. Да гэтага ўзроўню магло зьмясьціцца яшчэ каля 60 трупаў. Такім чынам, у магіле № 2 магло быць пахавана прыблізна каля 180 чалавек. Памеры прымацерыковай часткі магілы 2,85 х 1,67 м (мал. 6-8).
Пасьля выбаркі магілы ўпоперак яе пракапана на дне кантрольная траншэя шырынёй 0,50 м, да глыбіні 0,60 м. Рэшткі касьцякоў і адзеньня, не забраныя на экспэртызу, закладзены ў траншэю і засыпаны.
Раскопкі пахаваньня № 2 праводзілі археолягі М.Крывальцэвіч і А.Іоў.
РАСКОП (ПАХАВАНЬНЕ) № 3
I
Пахаваньне вызначана па характэрнай прастакутнай западзіне глыбінёй да 18 см. Паверхня была пакрыта невысокаю рэдкаю травой і яловым шыльнікам; у цэнтры відаць вугольле ад былога вогнішча. У тонкім пласце дзірвану таўшчынёй 5 см таксама знойдзена вугольле й рознае сьмецьце. Паверхня была дасьледавана мэталашукальнікам. У траве і ў дзірване выяўлены ржавыя, перагарэлыя ў вогнішчы цьвікі, абрыўкі дроту, абломкі нейкіх жалезных вырабаў, паржавелыя кансэрвавыя бляшанкі, накрыўкі, доўгая й лёгкая куля ад вінтоўкі з круглай адтулінай у тыльнай частцы (хутчэй за ўсё запальная), дробныя асколкі шкла, абрыўкі поліэтылену. Арыентацыя пахаваньня па частках сьвету даўжынёй па лініі захад-усход.
II
З мэтай выяўленьня контураў магільнай ямы й глыбіні заляганьня рэшткаў людзей упоперак западзіны была пракапана траншэя (шурф) 1 х 2,3 м. Грунт - жоўты перакапаны пясок з украпінамі іншароднай засыпкі чорнага й шэрага колераў. На глыбіні 1,30 м ад дзённай паверхні выяўлены кавалак арганічнага рэчыва, падобны на струхнелую скуру ці адзеньне; тут жа выяўлена тазавая косьць чалавека, крыху ніжэй - косьці пальцаў рук, а на глыбіні 1,40 м - вялікія косьці чалавека, разьмеркаваныя ўздоўж паўночнай сьценкі шурфа па самым краі магільнай ямы. Вэртыкальны контур яе выразна чытаецца на профілі траншэі. На гэтай жа глыбіні (1,40 м) ў цэнтры магілы ў пяшчаным грунце знойдзены бязь ніякай сувязі з касьцямі гумовы галёш з маркіроўкай савецкай фабрыкі і надпісам "СССР". У цэнтры шурфа рэшткі людзей паказаліся на глыбіні 2,03 м. На гэтым узроўні распрацоўка шурфа спынена. Быў распрацаваны раскоп памерам 2,87 х 2,28 м. Выбарка пяску працягвалася да зьяўленьня верхніх фрагмэнтаў пахаваных. Па краёх да глыбіні 1,40 м і ў цэнтры - да 2,00-2,10 м. У паўночна-заходнім куце раскопу на глыбіні 1,43 м выяўлены чалавечы чэрап (замерана да сярэдзіны чэрапа). Чэрап нахілены тварам на ўсход прыкладна пад кут 45°. Побач на гэтым жа ўзроўні амаль у сьценцы раскопу знойдзеныя яшчэ два чарапы: адзін ляжаў на баку, другі - павернуты ўніз. У патылічнай частцы ўсіх чарапоў круглыя адтуліны ад куляў. У адным - тры адтуліны. У самым паўночна-ўсходнім куце раскопу на гэтай жа глыбіні выяўлены чэрап, які ляжаў на цемені з задранай уверх сківіцай. На верхнім радзе зубоў некалькі каронак з жоўтага мэталу. Зьлева разьмешчаны яшчэ адзін чэрап, косьці пазванкоў, рэбры й некалькі локцевых касьцей. Арыентацыя па самым краі магільнай ямы з усходу на захад.
У паўднёва-ўсходнім куце раскопу на глыбіні 1,45-1,50 м адкрыты вялікі кавалак скуры - фрагмэнт верхняй адзежы. У цэнтры магілы на глыбіні 1,8 і 1,9 м выяўлена некалькі экзэмпляраў абутку (галёшы, туфлі), якія разьмешчаны ў пяску без пасьлядоўнай сувязі з касьцямі. Абутак нібы "павіс" у пяшчаным запаўненьні ямы. Такая сытуацыя разьмеркаваньня фрагмэнтаў абутку, адзежы й касьцей (пальцы) у пласьце запаўненьня ямы магла скласьціся пры ўмове, калі магіла раней раскопвалася, рэшткі людзей былі паварушаныя ці выбраныя і пахаваньне зноў засыпана тым жа грунтам.
Пасьля выбаркі грунту рыдлёўкамі пачата зачыстка пахавальнага пласта шуфлікамі й шчоткамі. Зачыстка выявіла наступную сытуацыю: чарапы пераважна разьмешчаны па краёх магільнай ямы на глыбіні 1,40-1,43 м (5 шт.), астатнія (4 шт.) - на глыбіні 1,90-2,10 м. Тут жа косьці і абутак. У цэнтры ямы пласт пахаваньня пераважна на глыбіні 2,10 м (ад 2,00 да 2,10 м). Чарапы ў цэнтры пласта на паверхні адсутнічаюць. Некаторыя экзэмпляры абутку, што былі ў запаўненьні ямы, пры зачыстцы пакінуты на пяшчаным грунце для фіксацыі. Розьніца заляганьня чалавечых рэшткаў па краёх ямы і ў цэнтры яе складае 70 см (паўночны, заходні і часткова ўсходні бок пахаваньня). Уздоўж паўднёвай сьценкі раскопу рэшткі пахаваных узвышаюцца над цэнтрам магілы на 30 см, прытым фрагмэнтарна, суцэльнай лініі няма. Па краёх магілы на ўзроўні 1,40-1,50 м захаваліся больш-менш поўна толькі касьцякі, зарыентаваныя ўздоўж сьценак ямы. Адзін касьцяк у паўночна-заходнім куце (чэрап якога разьмешчаны на глыбіні 1,43 м ад дзённай паверхні) таксама захаваўся больш-менш поўна дзякуючы падоўжанай арыентацыі ўздоўж сьценкі і як бы "паўсядзячаму" разьмяшчэньню (чэрап на 0,43 м вышэй за ўзровень тазавай часткі). Рэшткі забітых у верхнім пласьце ляжаць бессыстэмна, многія экзэмпляры абутку не зьвязаныя з касьцямі (фота 5).
Пасьля зачысткі, абмераў і фіксацыі верхняй часткі пласта пахаваных зроблена выбарка чалавечых рэшткаў магілы супольна з мэдыкамі-экспэртамі. У ніжняй частцы пахаваньне звужалася. Памеры яго на ўзроўні ніжняга пласта пахаваных 2,74 х 2,02 м. Пры выбарцы пласта запаўненьня й пахаваньня ўвесь грунт уважліва перабіраўся рукамі і дасьледаваўся мэталашукальнікам. На глыбіні 2,35 м (месцамі 2,38 м) ад дзённай паверхні зробленая зачыстка мацерыка (жоўта-белы пясок). Упоперак дна раскопу пракапана кантрольная траншэя шырынёй і глыбінёй 0,6 м. Тут былі складзеныя і потым засыпаныя рэшткі пахаваных ды іхнага адзеньня, не забраныя на экспэртызу.
Такім чынам, магутнасьць (таўшчыня) пласта пахаваньня ў цэнтры магілы складае 0,25-0,28 м, па краёх - 0,95-0,98 м. Форма пласта пахаваньня, выгляд яго паверхні, аналіз разьмяшчэньня касьцей і абутку паказвае на тое, што рэшткі пахаваных былі раней паварушаныя і выбраныя, асабліва ў цэнтральнай і паўднёвай частках магільнай ямы (мал. 9-11).
III
У працэсе выбаркі пласта пахаваных выяўленая вялікая колькасьць скуранога й гумовага абутку (боты, туфлі, галёшы). Увесь абутак даволі прымітыўна зроблены. Ёсць самаробныя боты з выцяжкай суцэльнай халявы, туфлі са стаптанымі абцасамі, галёшы з маркіроўкай савецкіх фабрык "Красный богатырь", "Красный треугольник". На большасьці галёшаў пазначана дата - "1937".
З паўднёва-ўсходняга кута пахаваньня вынялі скураное паліто. Яно было складзена, а ўнутры яго знойдзены загорнутыя туфлі. Гэта рэчы, якія чалавек узяў з сабой у дарогу. Побач з гэтым палітом на глыбіні 1,45-1,50 м знойдзены карычневы плястмасавы грабеньчык з маркіроўкай "Моспластмасс ф-ка 4". За 20 см убок ад грабеньчыка выяўлена зубная шчотка ў круглым зялёным плястмасавым футарале. Маркіроўка зубной шчоткі - «Арт. "Щеткагреб"».
Каля ўсходняй сьценкі пахаваньня на глыбіні 2,10-2,15 м знойдзеныя чарапы з прыліплым жаночым грэбенем на патыліцы, тут жа на глыбіні 2,20 м - яшчэ адзін жаночы грэбень, а непадалёк на глыбіні 2,25-2,30 м выяўлены доўгія пасмы жаночых валасоў - сьветлыя і цёмныя. Тут жа былі дзьве палавінкі разламанага мужчынскага грабеньчыка. Маркіроўка яго: "НКЛП - БССР". Зь іншых прадметаў у пласьце пахаваных знойдзена яшчэ мыльніца, мэталічны выраб, падобны на гузік, і куля ад нагана. Сярод чалавечых рэшткаў знойдзеныя косьці птушкі (грудзінка), хутчэй за ўсё курыцы. Пэўна, рэшткі харчовых прыпасаў, узятых у дарогу. У пахавальным пласьце выяўлены 31 чалавечы чэрап. Колькасьць пахаваных па касьцёх на месцы не падлічвалася.
IV. Высновы
На падставе археалягічных дасьледаваньняў пахаваньня № 3, назіраньняў за грунтам, аналізу пахавальнага пласта й знаходак у ім можна зрабіць наступныя высновы:
- пахаваныя памерлі гвалтоўнай сьмерцю ад стрэлаў у галаву;
- да правядзеньня нашых археалягічных раскопак пахаваньне раней ужо раскопвалася, і верхнія пласты касьцякоў былі выбраныя з магілы;
- папярэдняя эксгумацыя была праведзеная неахайна, рэшткі нябожчыкаў засталіся па краёх і на дне пахаваньня;
- тыя, хто непасрэдна рабіў эксгумацыю (раскопкі), відаць, не былі зацікаўленыя ў гэтай працы;
- мяркуючы па маркіроўцы і датах на галёшах, пахаваньне ўзьнікла не раней 1937 году;
- паколькі рэшткі адзеньня, абутак і знойдзеныя прадметы індывідуальнага карыстаньня ўсе савецкай вытворчасьці (у тым ліку БССР), можна зрабіць заключэньне, што ў магіле пахаваныя мясцовыя людзі;
- пахаваныя належалі да цывільнага насельніцтва;
- мяркуючы па невялікай колькасьці індывідуальных знаходак, прадметаў туалету, адсутнасьці кашалькоў, невысокай якасьці й катэгорыі абутку (шмат самаробных ботаў), сацыяльны ўзровень большасьці пахаваных быў невысокі (рабочыя, сяляне, вясковая інтэлігенцыя, магчыма, некаторыя - службоўцы);
- сярод расстраляных былі жанчыны.
Улічваючы, што ніжні пласт пахаваных меў магутнасьць (таўшчыню) у сярэднім 0,25 м і мяркуючы*, што магіла засыпалася зьверху пластом пяску таўшчынёй да 40 см, можна падлічыць верагодную колькасьць пластоў у пахаваньні - 7 і адзін няпоўны (20 см). Адсюль вынікае, што ў магіле № 3 магло быць пахавана ў сярэднім ад 217 да 240 нябожчыкаў (калі лічыць колькасьць пахаваных па чарапох, якіх знойдзена 31). Але звычайна лік чарапоў, як правіла, меншы за колькасьць пахаваных у пласьце, калі меркаваць па наяўнасьці вялікіх (сьцегнавых) касьцей. (Гэтае парушэньне суадносінаў - вынік папярэдняй эксгумацыі). Такім чынам, лічба пахаваных у магіле № 3 магла дасягаць 250 расстраляных.
Раскопкі пахаваньня № 3 праводзіў археоляг З.Пазьняк.