Сьнежань
Чаканьне героя • Каляндар на будучыню
АД АЎТАРА
Большасьць тэкстаў кніжкі друкавалася ў «Нашай Ніве» ў 1996-99 гадох. «Каляндар на Будучыню» - аўтарская рэтраспэкцыя найважнейшых для Беларусі датаў і падзеяў другой паловы 90-х.
Людзі адзначаюць бег часу двума спосабамі. Адныя робяць зарубкі на дрэве. Зарубкі назапашваюцца й складаюцца ў мудрагелісты малюнак, які заўжды перад вачыма. Другія - адрываюць з дрэва лісткі, каб углядацца ў новыя.
«Каляндар на Будучыню» — гэта сабраныя разам лісткі: малюнак, які перад вачыма.
Перад пачаткам
ПАМЯЦІ ПЕРШАГА
Наўрад ці першы homo sapiens мог прадбачыць, што гісторыяў будзе ўсяго чатыры: адна — пра ўмацаваны горад, абаронцы якога ведаюць, што ім наканавана загінуць, другая — пра вяртаньне, трэцяя — пра пошук, і апошняя — пра самагубства Бога.
Магчыма, у тую вырашальную ноч ён прысьніў, як пазбаўляе сябе жыцьця. Ён прачнуўся ад уласнага крыку — першы на Зямлі — і выйшаў да сваіх супляменьнікаў, каб абвясьціць ім пра існаваньне Бога. Гэта здарылася ці то ля ракі Хуанхэ, ці то на беразе возера Ньяса, ці то ў Альпах 50.000 гадоў таму — на мяжы сярэдняга й верхняга палеалітаў. Археолягі сьцьвярджаюць, што зьяўленьню homo sapiens'а папярэднічала існаваньне рознага кшталту паўмалпаў — аўстраляпітэкаў, сынантрапаў, прэзынджантрапаў ды іншых. Ня менш як два з паловай мільёны гадоў перад HS яны займаліся вырабам прымітыўных прыладаў працы, за што атрымалі назоў homo habilis — чалавек умелы. Такім чынам, паміж словамі «чалавек» і «розум» мы сапраўды ня ставім знак «=».
Сярод нас жывуць людзі, продак якіх быў ПЕРШЫМ разумным чалавекам. Магчыма, яны найбольш моцна адчуваюць цяжар досьведу пяцідзесяці тысячаў гадоў Шляху. Мы штодня пераглядаем яго як «кнігу пяску», але ніколі ня здолеем узгадаць УСЕ крокі, зь якіх ён складаецца. Таму — ПЕРШАМУ — прысьнілася самагубства, бо ён стаўся чалавекам разумным — ён усьвядоміў, што ня ведае, хто ён і куды рушыць, але ён не загінуў — ён стварыў Бога. І распачаўся цыкль чатырох гісторыяў. Сёньняшняя Беларусь вярнулася да першай зь іх. Калі прыйдзе апошняя — невядома. Таму варта адзначыць гэты юбілей, і, магчыма, цыкль зьменіцца — «мы дачакаемся прыходу багоў».
Homo sapiens прызвычаіўся адзначаць свае юбілеі стварэньнем манумэнтаў. Як выглядаюць помнікі homo habilis'у мы добра ведаем... Магчыма, п'яны жабрак, што сьпіць на прыступках падземнага пераходу, ведае, як мусіць выглядаць помнік homo sapiens'у. Магчыма, гэта ён і ёсьць.
СТУДЗЕНЬ
1 студзеня - Пачатак
ГОД ДОРКФУЛФТА
Кожнага разу трапляючы на Дамініканскую*, я не наважваўся зірнуць на Кляштар. Я спыняўся, і, забыўшыся на мэту свайго паходу, слухаў, як равуць бульдозэры, скрыгочуць краны, гамоняць рабочыя. Я ўсьведамляў, што «выпадковасьць» маіх шпацыраў празь Верхні Горад — невыпадковая. І я ведаю, якая магічная сіла прымушала мяне кружляць вакол нашага Старога Места, набліжацца да яго і зноў аддаляцца, каб сузіраць здалёк. Гэтая сіла — тлум Разбурэньня.
Рабочыя разбураюць старасьвецкія камяніцы, каб збудаваць ня вельмі дакладныя іхныя копіі. Па суботах (і ня толькі) рабочыя разам зь іншымі зьбіраюцца прыходзіць у новую «Тройку», каб выпіць піва й гарэлкі. Каб было добра. Але новы краявід ніколі ня зробіцца поўным, бо ў ім ня будзе мэмарыяльнай дошкі «Квартал збудаваны ў гонар тав. Атылы».
Між тым, я згадваю юбілей падзеі, якая прыводзіць на памяць імёны шматлікіх атылаў, але якая дала сьвету і сапраўды значных асобаў. Людзей, дзякуючы якім адбываўся поступ Гісторыі. Сярод такіх людзей быў Доркфулфт.
У 1996 годзе споўнілася 1520 гадоў падзеньня Рыму.
... Агульны крызыс Рымскай дзяржавы, які выліўся ў падзел краіны на дзьве імпэрыі, стаўся незваротным. Упершыню Боскі Горад быў захоплены й разрабаваны барбарамі.
Гуны, готы, алеманы, вандалы, аланы, франвэі, лянгабарды, бургуны й процьма іншых плямёнаў выходзілі з сваіх балотаў і пушчаў, каб перамагаць рымлянаў. Яны йшлі браць і разбураць! Яны, як дзеці драпежных зьвяроў, забаўляліся, нішчачы на вялікіх прасторах усё, што траплялася на шляху. Дзікуны сьмяяліся, бачачы, як зьнікае незразумелае ім — Культура. Але адначасова яны нараджалі сваю будучыню, такіх як лянгабард Доркфулфт, якога пад час адной з аблогаў Равэны (рэзыдэнцыі рымскіх імпэратараў блізу Рыму) «раптам асьляпіла адкрыцьцё — Горад. Ён з разумеў, што гатовы быць у ім апошнім сабакам... Ён ведаў, што ніколі не падступіцца да ягонага спасьціжэньня, але зразумеў, што гэты горад варты большага, чым усе ягоныя багі... і ўсе да аднога балаты Германіі. Доркфулфт кінуў сваіх і пайшоў змагацца за Равэну... Ён ня быў здраднікам, ён перажыў азарэньне, ён абярнуўся ў іншую веру» (Х.Л.Борхес «Гісторыя ваяра й паланянкі»).
Кожны зь людзей дзіцём ці дарослым, у той ці іншай ступені, хоць раз у жыцьці перажывае падобнае азарэньне. Але далёка ня кожны мае вынікам учынак Доркфулфта.
Гісторыя кожнай цывілізацыі — гэта гісторыя такіх азарэньняў і такіх учынкаў...
У 1996 быў яшчэ адзін вельмі значны юбілей. Роўна 2750 гадоў як на зямлі зьявілася вёска Рым. Яе насельнікі — касматыя дзікуны — ня ведалі, што заснаванае імі паселішча — калыска вялікай нацыі. Дзікуны ўсёй Італіі аб'ядналіся, захапілі Грэцыю й стварылі сваіх багоў. Дзікуны скарылі народы на Ўсходзе й вярнуліся адтуль Рымлянамі. У V ст. яны ўступілі ў сьмяротную бойку зь дзікунамі — нашымі продкамі, якім перадалі найкаштоўны з скарбаў, на самастойнае здабыцьцё якога патрэбна не адна тысяча гадоў — досьвед Культуры.
Юбілей... Колькі яшчэ рымлянаў мусяць загінуць? Колькі дзікуноў мусяць перажыць азарэньне? Няўжо культура высьпявае толькі сярод дзікунства? Цяпер у першую хвіліну Новага Году я ўздымаю свой кубак за ўсіх Доркфулфтаў, дзякуючы якім ужо тысячу гадоў жыве наш Рым — Беларусь!
* Вуліца Энгельса ў Менску.
2 студзеня - у 1946 годзе ў Мядзельскім раёне былі забітыя пяцёра энкавэдзістаў.
ДЗЕДАЎ СКАРБ
У сьвядомасьць нашых людзей цьвёрда ўвайшоў вобраз дзядка, «у якога ў гародзе закапаны кулямёт». Мы добра ўсьміхаліся, калі чулі анэкдот пра карпацкага «вуйку» ці палескага «партызана», які «дагэтуль эшалёны пад адхон пускае». Аднолькава бяззлосна сьмяяліся з гэтых пэрсанажаў беларусы, якія ў сярэдзіне 90-х ці не на заўжды сталі па розныя бакі: хто кратаў, хто праспэкту, хто дзяржаўнай мяжы... Гэты вобраз патрэбны. Людзям заўсёды хочацца верыць, што ў кожным выпадку знойдзецца хтосьці, пажадана «таго гарту», хто дасьць каму трэба і ў хвост, і ў карак. Падобна на тое, што «кожны выпадак» увесь час надыходзіць. Аб тым, што даваць трэба, вам скажа ці ня кожны жыхар Беларусі. А вось каму й як...
«Гэх, далі б мне ў рукі аўтамат!..» — улюбёная фраза мужыкоў нападпітку, пераважна паваеннага пакаленьня. Яна ўжываецца зь любое нагоды. Сёньня зьдзіўляюцца фэномэну грамадзкай агрэсіі ў Беларусі. Яна інтэрпрэтуецца як «неўласьцівая беларускаму народу». Законы распаўсюджваньня агрэсіі аднолькавыя для любой чалавечай супольнасьці — розьняцца праявы. Беларус ніколі ня возьмецца за зброю першы, і гэта наша адмысловая нацыянальная рыса — далікатнасьць. Але беларус ніколі не адмовіцца, калі яму гэтую зброю ДАДУЦЬ. Тым больш, ня кіне пасьля рэч без дагляду.
У беларускіх СМІ то зьнікае, то зьяўляецца ўпартая тэза пра тое, што Беларусь стаіць на мяжы грамадзкага супрацьстаяньня. Фэномэн сытуацыі ў тым, што супрацьстаяньня паміж «простымі» грамадзянамі ніколі ня будзе. Настроеным на незалежнасьць грамадзянам няма каму супрацьстаяць, акрамя «прыежджых» міліцыянтаў, якім ДАЛІ дубінкі. Пакажыце мне хаця б аднога чалавека, які б кінуўся на амбразуру ў абарону якога-небудзь ППРБ. Зь іншага боку, мы маем прыклады таго, што людзі гатовыя БРАЦЬ камяні, дубіны і ...?
На пачатку студзеня 1996 году спаўнілася 50 гадоў з таго часу, калі дзядзька Мікола закапаў у сябе на хутары ППШ. Тады ён меў тузін гадкоў і зваўся Міколкам. Пяцёра энкавэдыстаў прыехалі ў іхнюю акругу шукаць «бандытаў». А перад тым вырашылі падсілкавацца адзінай у Міколкавым хляве сьвіньнёю. Ні на літаньні, ні на праклёны яны не зважалі. Праз суткі пасьля таго іх знайшлі ў лесе з разрэзамі горла, падобнымі на разрэз у тае сьвіньні. Бацьку Міколы неўзабаве расстралялі, хоць доказам зьявілася адно тое падабенства.
Дзядзька Мікола памёр на юбілей той падзеі. У яго застаўся ўнук, які носіць імя дзеда. Кажуць, толькі хлопчык ведае, дзе захаваны дзедаў скарб.
20 студзеня - у 1667 годзе ў мястэчку Андрусава, што на ўсходніх этнаграфічных межах Беларусі, было падпісанае аднайменнае пагадненьне, якое скончыла транаццацігадовую Маскоўскую вайну. Вайна зьнесла з краіны палову насельніцтва.
АДЗІН КРОК ІГНАТА АСТАПОВІЧА
Гэтая дата пачатку году, якія належаць нашаму календару, вядомая кожнаму са школьнага курсу гісторыі. Але яна штораз зьнікае з прасторы, як толькі загортваецца падручнік.
20 студзеня. У гэты дзень у 1667 годзе праз падпісаньне Андрусаўскага замірэньня было зафіксаванае заканчэньне ці ня самай страшнай для Беларусі Маскоўскай вайны.
Маскоўцы бралі нашыя гарады па адным. Нездарма эўрапейскія газэты-сучасьніцы параўноўвалі іхнае войска з татарамангольскай ардой. Арда плыла маруднай лавай, ахінаючы сабой умацаваныя месты Вялікага Княства Літоўскага, і, калі абаронцы не здаваліся, зьнішчала іх дашчэнту. Упершыню ў сваёй гісторыі ВКЛ было акупаванае ЦАЛКАМ. Пачаўся шчыльны й наўпроставы кантакт беларусаў з расейцамі, які працягваецца дагэтуль...
Існавала адно нізка гарадоў, якія не пайшлі на «кантакт». Дзякуючы ім і шматлікім партызанскім аддзелам Масква запрасіла міру. Сярод такіх гародоў-выспаў найбольш дзіўны і... вызначальны лёс належыць Слуцку. Дакладней, аднаму зь ягоных абаронцаў — Ігнату Астаповічу.
Ігнат Астаповіч — радзівілаўскі шляхціц, які ў веку Хрыста загінуў падчас самага моцнага штурму Слуцка, на які кінулася дваццацітысячнае маскоўскае войска. Астаповіч быў АДЗІНЫМ палеглым з усяго гарнізону крэпасьці.
Гэта адбылося на золку, калі штурм, які трываў ужо ня першую гадзіну, ішоў на спад. Усё было проста. Праз гарматнае бамбаваньне адна з кутніх вежаў апынулася блякаванай разбуранымі бэлькамі. Даўжэзная драбіна расейцаў адразу ж зьявілася ля вежавай сьцяны. У гэты момант Астаповіч застаўся адзіным абаронцам на пляцоўцы. Каб разабраць завалы, ягоным паплечнікам спатрэбілася пяць хвілінаў. Яны знайшлі Астаповіча мёртвым, у атачэньні трупаў пяці варожых жаўнераў. Гэтак скончыўся апошні прыступ той маскоўскай аблогі, параза ў якой сталася адным зь першых крокаў да перамогі ў Маскоўскай вайне.
... Пачатак году мае яшчэ адну дату беларускага календара — 13 студзеня. У гэты дзень у 1991 годзе адбылася чарговая бітва Маскоўскай вайны: савецкія танкі душылі людзей на віленскіх вуліцах. У гэты дзень побач зь летувіскімі трыкалёрамі над абаронцамі Парлямэнту луналі бел-чырвона-белыя сьцягі людзей, якія абаранялі «нашу і вашу» Вільню. Гэтаксама, як луналі б гэтыя сьцягі, калі б танкі сёньняшніх беларускіх уладаў паспрабавалі рэалізаваць колішнюю «баявую задачу» генэрала Ўсхопчыка, гэтак сама, як лунаюць яны цяпер на Менскіх вуліцах над шматтысячнымі дэманстрацыямі...
Маскоўская вайна працягваецца. У Маскоўскай вайне мы штораз дамагаемся міру праз трываласьць муроў-умацаваньняў і праз упартыя партызанскія дзеяньні. Гэткія «міры» будуць паўтарацца бясконца аж датуль, дакуль раскіданыя «адзінокія выспы» нашай краіны не аб'яднаюцца ў адзіны мацярык.
ЛЮТЫ
1 лютага - у 1661 годзе магілеўскія месьцічы выразалі акупацыйны расейскі гарнізон.
ЖАБА Ў РОЦЕ
У зямлі старых могілак невялікага прыволскага горада Н. ляжаць косткі нікому невядомага цяпер чалавека. Ніхто не прыносіць да іх кветкі. Не нясуць іх і 1 лютага, ці ня ў самы значыны для чалавека дзень жыцьця. У гэты дзень у 1661 годзе магілеўскія месьцічы ўшчэнт выразалі расейскі гарнізон, які ад пачатку Маскоўскай вайны (1654-1667) займаў места, кантралюючы ладны кавалак Падняпроўя. Паўстанцы далі ўцячы толькі некалькім жаўнерам. Сярод іх быў Мітрафан Бортнік.
У гэтым горадзе нарадзіўся мой прыяцель Міця, які часам езьдзіць на адведкі да сваякоў. Я думаю, што ён калі-небудзь прыхопіць маё прывітаньне да месца спачыну таго чалавека, які зьявіўся тры з паловай стагодзьдзі таму, магчыма, адно дзеля таго, каб сёньня, дзякуючы Міцю, шчэ колькі людзей адчулі сябе «белымі»...
Н. — глыбокая расейская правінцыя, адкуль у дзесяцігадовым узросьце Міця прыехаў настала ў Беларусь. Ён прызнаўся, што найпершым моцным уражаньнем ад краю была абсалютная абыякавасьць пагодкаў-аднаклясьнікаў да пляжаньня жабаў — самай папулярнай у Н.-скай дзятвы гульні. Да таго ж ён даведаўся, што ў ягоных аднаклясьнікаў, як і ў астатніх тубыльцаў, ёсьць свой «язык», якім яны — дзівакі — не карыстаюцца. Па словах знаёмца, гэтыя ўражаньні нарадзілі ў ім адчуваньне ўласнага дзікунства.
Мінуў час, хлопчык з расейскае глыбінкі вырас ў дзядзьку, які адчуў сябе «белым чалавекам», толькі калі зьвязаў першыя сказы, прамоўленыя беларускаю мовай. Цяпер гэтае «белае» адчуваньне мацуе яго на ўсіх шляхах няпростага чалавечага жыцьця. Але Міця кажа па-беларуску толькі калі адчувае сябе ў, так бы мовіць, «паголена-адпрасаваным» стане, каб не кампрамэтаваць сваё адкрыцьцё дзяцінства. Таму ня дзіва, што ён жудасна ненавідзіць «непаголены» беларускі акцэнт...
* * *
Я згадваю пераломны час, калі на менскіх вуліцах нібы зьніадкуль зьявілася беларуская мова. Калі гучная гамонка ў грамадзкім транспартце па-беларуску высоўвала суразмоўцаў на месца Абраных. Гэта пачалося на пачатаку 90-х, калі мой сябра А. «тусаваўся на Чырвонай», і ўся тосоўка была перакананая, што беларуская мова — гэта новы «круты» прыкол панкаў. А. стаўся свайго кшталту «зоркай». А панкі, як вядома, гэтаксама як і хіпі ці анархісты, лічаць сябе выбранай «кастай».
Адначасова беларуская мова сталася ледзь ня «модай» і сярод простай, і сярод a la чынавенскай публікі, бо зьявілася гэткая «моўная» тэндэнцыя з боку дзяржавы. На жаль, постсавецкая беларусізацыя зьдзяйсьнялася ня «пост», а савецкімі мэтадамі, што выклікала ў хіпі-панкаў-анархістаў і іншых вольналюбівых катэгорыяў людзей натуральнае непрыйманьне. Непрыйманьне, якое яны наіўна інтэрпрэтавалі як абарону ад «нацыяналаў», заангажаваных «шызікаў». У сваіх «кастах» «нацыянал-панк» А. патрапіў у двухсэнсоўнае становішча. Але ненадоўга.
Стаўленьне зьмянілася пасьля 1995 году, калі «абраныя касты» на сваім карку адчула цяжар «сумы праблемаў», які новыя ўлады не дзялілі паміж «абранымі» й «звычайнымі» грамадзянамі. Тады шмат каго з тых лыса-валасатых, хто ў свой час «сьцябаўся» з «нац-шызікаў», я пабачыў у шэрагах дэманстрантаў, калі яны ПА-БЕЛАРУСКУ скандавалі лёзунгі...
* * *
... Міцін зямляк Бортнік быў рэкрутаваны ў войска з горада Н. у юнацкім узросьце. Але пасьля магілеўскай «камфузіі» ягоны жыцьцёвы шлях згубіўся дзесьці на абшарах Вялікага Княства, і стаўся вядомым толькі ў 1698 годзе, калі Мітрафан Бортнік у пяцідзесяцігадовым узросьце ўзьнік на тэрыторыі Расеі і паступіў на службу ў маскоўскі Царскі Прыказ. Сярод дзясяткаў чыноўнікаў усіх кшталтаў ён заняў сьціплую, але неабходную расейскай дзяржаве пасаду — перакладчык «белорусскаго языка»...
* * *
... Беларуская мова літаральна за пару гадоў вялікай часткай грамадзянаў з усіх «кастаў» была асэнсаваная й прынятая як сымбаль Свабоды. Найперш — унутранай свабоды, бо ніводзін з менскіх хіпі-панкаў-анархістаў (амаль ніводзін) перад тым не адчуваў якую-кольвек нацыянальную, ці, тым больш, моўную дыскрымінацыю. «Матчына» расейская мова як не забаранялася, так і йснуе дагэтуль сабе паціху, але ж забарона нармальнага жыцьця прыйшла менавіта разам з забаронай беларускае мовы. У гэтых умовах для любых расейскамоўных суразмоўцаў сталася дастатковым вымавіць некалькі беларускіх словаў, каб зразумець, што бачыш перад сабою «свайго» — нармальнага (выбранага?).
«Касты» зьніклі. Засталіся толькі «белыя людзі»...
* * *
Зямляк Бортніка Міця — ня хіпі, ня панк і не анархіст. Тым больш, ён ня мае нічога агульнага ані з чынавенствам, ані з пралетарыятам. Але, калі трэба, ён можа зарабіць сабе на жыцьцё і зьбіваньнем скрыняў, і адміністратыўнай працай, а калі пашэнціць — сьпевам... Міця па-за кастамі, ён проста ЧАЛАВЕК. Я разумею, чаму ён (акрамя выпадкаў, калі «зазіраюць у лісты й страляюць у сьпіну») перасмыкаецца, калі чуе «беларускі акцэнт» — трасянку...
* * *
... Для тых абываталяў, якія, як раней, гэтак і цяпер карыстаюць так званую трасянку, беларускія словы існуюць натуральным, а не прыдбаным чынам, і, натуральна, ня могуць быць сымбалем. Гэтыя абываталі — беларускі народ. Большасьць, чый палітычны, сацыяльны, і культурны выбар зьдзяйсьняецца паводле абсалютова невытлумачальных (для іх самых) прынцыпаў.
Што такое трасянка? Ці зрабіў хто з філёлягаў выкладку, якая б паказвала, што ёсьць беларускай з дамешкам расейскай, і наадварот?
Я памятаю, як падчас школьнае экскурсіі ў Піцер з прыемнасьцю даведаўся, што я «говорю как-то не так». А перад тым у пяцігадовым узросьце ў бабульчынай вёсцы я быў засьмяяны за тое, што «гуси гогочут». З часам гусі пачалі «гагатаць». Я ПРЫДБАЎ тое, што «народу» дадзенае воляй лёсу: праз «трасянку»...
«Перадавая частка моладзі» амаль усёй Эўропы — «хіпі-панкі-анархісты», тыя, што ставяць унутраную свабоду вышэй за ўсё, — ужо ці не паўстагодзьдзя ўжывае сваеасаблівую англа-...скую «трасянку». Гэта «піплы», якія жывуць у «флэтах» разам з «герламі», і носяць на нагах «шузы»... Звычайны размоўны слэнг, падставы ўзьнікненьня якога ўжо даўна забытыя, паколькі забыты перасьлед рок-музыкі й спадарожных ёй урбаністычных субкультураў.
У Беларусі гэтая мова разьвілася далей, прырасла так званым гратэскавым «нармальным языком» — «інтэлігенцкай трасянкай». Гэта гратэск, які паўстаў на глебе самаабароны ад «няправільнасьці» трасянкі, ейнае падначаленасьці, але пры гэтым і як прыкмета прызнаньня тарашкевіцы.
Сёньня для вялікай часткі людзей гэты сьцёб згубіў сваю актуальнасьць. Насамрэч ані расейская, ані трасянка ня ёсьць аб'ектыўнай пагрозай для адчуваньня ўнутранае свабоды, сымбаль якой быў адкрыты расейскамоўнай большасьцю зусім нядаўна...
* * *
... Пачаўшы перакладаць з «белорусскаго» праз год пасьля таго, як рашэньнем Вальнага Сойму 1697 году «язык» зьнік як юрыдычны факт, Бортнік скончыў займацца гэтай справай толькі калі «надобность» у ёй адпала й на ягонай радзіме. Тады, калі Пётар Першы завяршыў сваю Паўночную вайну, па якой Рэч Паспалітая дэ факта пераўтварылася ў расейскую «падмандатную тэрыторыю».
«Белорусскій языкъ» прывёў досыць сталага ўжо на той час Бортніка да стану «белага чалавека»: з прыблуды-ваякі ён ператварыўся ў рэспэктабэльнага «мэна», які скончыў сваю кар'еру, кажучы сучаснай мовай, «загадчыкам дэпартамэнту перакладаў». Ну, а тое, што гэта яго не ўбараніла ад царскае няміласьці, і на старасьці гадоў ён быў сасланы ў родны горад — ня ў лік. Бортнік ведаў, куды вяртаўся...
* * *
... Часам мне здаецца, што, гаворачы па-беларуску, Міця ня проста выкладае свае думкі, але штосэкунды зьдзяйсьняе ЧЫН. Што варта яму хоць слова прамовіць па-расейску, як ягоныя вочы адразу ж пачнуць шукаць у навакольлі якую-небудзь жабу. Што кожнае слова, прамоўленае па-беларуску «няправільна», успрымаецца ім, як згадка менавіта пра тую «жабу», як намёк на ягонае таямнічае нерэалізаванае памкненьне.
Міціна прозьвішча Бортнік. Ягоны продак трыста зь лішкам гадоў таму ў нашым краі адкрыў для сябе панятак волі. Але ён ня змог быць сярод вольных людзей, і вярнуўся ў сваю краіну Халопаў Аднаго Цара. Трыста гадоў таму Мітрафан здрадзіў адкрыцьцю маладосьці. Бо немагчыма быць адным «белым» сярод «нэграў». Але я ведаю, што ён вярнуўся Міцем. Вярнуўся на сваю сапраўдную Радзіму. У Краіну-Волю, чыя тэрыторыя за трыста гадоў зьменшала да россыпу пацерак на мапе. Міця — адна з гэтых пацерак.
Таму, слухаючы, як у спрэчцы аб «балотнасьці» беларускага акцэнту ён хвалюецца й неўпрыкмет для сябе «чекае» й «рекае», я лію «тлушч на вагонь» дражнілкай-трасянкай і ўсьміхаюся. Ён дарма хвалюецца. Бо не падазрае, што, зьехаўшы на адведкі родзічаў у год свайго, нікому невядомага сваяка, ён ужо ня ўбачыць «жабаў» дзяцінства.
Ён не скантрабандуе, а зьвязе на радзіму «беларускі акцэнт».
6 лютага - у 1998 годзе ў менскім музэі Янкі Купалы клюб «Спадчына» агучыў ідэю стварэньня помніку беларускай мове.
НА МОВЕ ПОМНІКА
Заўважана, што самыя заўзятыя змагары за беларускую мову як правіла валодаюць ёю далёка не дасканалым чынам. Гэтаксама, як тыя, хто «змагаецца за ўраджай», атрымліваюць ня самыя ўдалыя па якасьці й колькасьці хлябы.
Колькі людзей, што калісьці адкрылі для сябе фэномэн беларускай мовы, ператварылі яе ў свайго «старога сабаку» з «Чумы» Альбэра Камю? Ці існуе знак, які мог бы сымбалізваць мяжу паміж жыцьцём і «змаганьнем за жыцьцё»? Магчыма, гэты знак і ёсьць — помнік мове?
Вядома, што прэцэдэнты падобных скульптурных твораў існуюць. Напрыклад, у Маскве на Вялікай Грузінскай вуліцы стаіць фаласападобны манумэнт, складзены нібы зь мешаніны літараў грузінскага й кірылічнага альфабэтаў. Ён сымбалізуе пэўнае адзінства. Фалас, як сымбаль узаемапранікненьня?..
Пэўна, ня варта заглыбляцца ў гісторыю пытаньня, дзеля таго, каб адшукаць выяўленчы вобраз беларускае мовы. Да прыкладу, было прапанаванае пяро. Трох- (дзесяці, дваццаці-...) мэтровае гранітнае (бэтоннае, мэталёвае...) пяро з надпісам «Не пакідайце ж...», якое нібы абраніла «птушка шчасьця» нашае «шматпакутнае Бацькаўшчыны». Пяро з посьпехам можа замяніць адпаведных парамэтраў летапісны скрутак, які разгортваецца, і прымае выгляд языка. Альбо, напрыклад, на месцах, дзе калісьці красавалі мэтровыя літары кшталту «міру мір» можна ўсталяваць па ўсёй краіне тыя ж «не пакідайце...»
Зрэшты, большасьць прысутных на «спадчынна»-клюбным абмеркаваньні, сярод якіх было багата вядомых прафэсійных беларускіх культуролягаў, пагадзіліся, што ставіць помнік уласна мове двухсэнсоўна да змрочнасьці — нагадвае могілкі. Хаця, на мой погляд, калі б ужыць ня слова «помнік», а слова «арка» (трыўмфальная, да прыкладу), мог бы атрымацца самы сапраўдны Трыўмфальны Аркуш. Але што мусіць сымбалізаваць зьмест гэтага аркуша?
Слова, Сказ, Абзац, Страфа, ці Бібліятэка? Можа, гэта мусіць быць помнік невядомаму бібліятэкару ці архіварыюсу, які перахаваў асуджаныя на зьнішчэньне беларускія Тэксты? А можа, звычайнаму вясковаму дзядку, які распавядаў «гарадзкому» ўнуку казкі свайго дзяцінства?
Тады прагучала прапазыцыя аб ушанаваньні «змагароў за беларускую мову». Ідэя прысутным спадабалася, а я закруціў перад вачыма шалёнае кола магчымых сымбаляў: аўтамат, чарніліцу, сэрца, ізноў язык, пасьля мозаг... сякеру, вілы... аж урэшце з думкай пра будучыню вярнуўся да фаласа. Кола замкнулася. А дыскусія зьвярнулася да пошуку постацяў, якія маглі б сымбалізаваць чын змаганьня за мову...
Чаму Анатоль Сыс, які зьявіўся ў залі ў момант найбольшага накалу жарсьцяў, ня можа быць сымбалем, які шукалі? Паміж жыцьцём і «змаганьнем за жыцьцё»... Блазен, скіраваны на самаразбурэньне, які сваім зьяўленьнем выклікае ці то сьмешкі, ці то грымаскі, брунатна-брутальна-брудны Сыс падарыў публіцы свой новы чысты верш.
Але вялося аб мове. Дакладней, аб помніку. Вядома, можна на кожным узгорку паставіць чарнільніцу, гэтак сама як паэту — пляшку. Але ж...
Змагацца за мову дзеля сябе, ці за сябе дзеля мовы?
Сярод сяброў клюбу «Спадчына» багата асобаў, для якіх гатыя пытаньні ніколі не стаялі. Гэтыя людзі зрабілі сваю справу, і робяць яе зараз. Што да абрысаў будучага помніка, мы іх даведаемся зь верша. Якога — залежыць ад мяжы, якая для нас аддзяляе Жыцьцё ад усяго астатняга.
9 лютага - у 1998 годзе адноўленая ў 1991 годзе газэта «Наша Ніва» выпусьціла ў сьвет:
СОТЫ НУМАР
Дома мы робім капітальны рамонт. Учора я пачаў рыхтаваць свой «дзіцячы» пакой — шкрэбсьці старыя шпалеры, і натрапіў на першапачатковы «археалягічны» пласт, які, сыходзячы з даты пабудовы дому, мой аднагодак. Гэты пласт — абрывак нейкае «праўды», які паглядаў на мяне скрозь шчыльны слой старога клею ледзь прыкметным тэкстам. Угледзеўшыся, я ўбачыў літары: «... РЫЯЛІЗМУ... АМУНІСТЫЧНЫХ... ... СТЫЧНЫХ СІЛ... ць разлажыць іх палітычна... свой... і рабочыя пар-...» Затым я ўбачыў ніжні край фотаздымка, і мне закарцела даведацца, хто ж столькі часу жыў у выглядзе фотавыявы ў адным са мною пакоі. Нібы сапраўдны археоляг, я рупліва шкрэб слаі паперы, але выява згубілася пад лязом сьцізорыка назаўсёды...
... «Вецер носіць шматкі старой газэты» — трывалы вобраз заканчэньня, мінаньня й зьнікненьня. Няўдзячны лёс журналіста, чый посьпех ці няўдача жыве толькі некалькі дзён, а пасьля плён ягонае працы ператвараецца, у лепшым выпадку, ва ўтылітарны прадукт, на роўніцы з папяровымі пакетамі з-пад малака...
Але я памятаю выпадак, калі маці памылкова загарнула пук купленае на рынку вільготнае ад зямлі цыбулі ў чытаны-перачытаны нумар «Навінаў БНФ». Я амаль крыкнуў ад адчаю: я ж ледзь адшукаў гэты (шосты) нумар газэты, прысьвечаны падзеям у Тбілісі! У той час кожны нумар самвыдавецкае газэты, які звычайна зьяўляўся не часьцей, чым праз адзін-два месяцы, быў для мяне ня толькі гукам беларускага вольнага слова. Гэта былі абяцаньні каардынатаў, паўнамёкі на магчымы кантэкст прасторы, у якой я прагнуў жыць. Кожнае выданьне, кожны нумар — нібы невялікая дэталь, нюанс чагосьці Вялікага, што па каліву выпроствалася з туману.
Апошняе, што я паклаў у сваю немалую тэчку «падпольных» выданьняў, быў нейкі нумар «Свабоды». Газэты, якая, бадай, адзіная з самвыданьняў ператварылася ў прафэсійны арганізм. Тым часам мая падборка выданьняў перайшла ў стан калекцыі, і з часам патрапіла ў Архіў Найноўшае Гісторыі. Бо ў Беларусі замацаваліся яшчэ адныя з жаданых каардынатаў...
... Пасьля выхаду першага нумару адноўленае «Нашай Нівы» ў траўні 1991 году адзін з сталых аўтараў газэты «сурочыў» ёй пяць-шэсьць выпускаў. Пераемніца газэты пачатку стагодзьдзя як «люстра дзён і жаданьняў» беларусаў, у канцы 1995 году «Наша Ніва» азначылася як «сэрыя асобных творчых актаў». Тады ж, пры пераезьдзе зь Вільні ў Менск, газэта абвясьціла, што час «чыстага экспэрымэнту» скончаны, «бо ўрэшце тое, што ўсе мы робім — ... ваша й наша адзінае жыцьцё».
Нумары «Нашай Нівы», што адзін у адзін стаяць на маёй кніжнай паліцы, не ператварыліся ў калекцыю. Як амаль кожны чалавек, я маю імкненьне да калекцыянаваньня, да «супыненьня імгненьняў». Але рэч у тым, што «Наша Ніва» не «супыняе імгненьне», не фіксуе яго, а стварае. Гэта хутчэй Кніга. Дакладней, старонкі, якія паступова выпростваюцца зь нетраў Часу і нашых памкненьняў. Паўстаюць як перадчуваньне чагосьці цэлага. Магчыма, Хараства?..
... Робячы рамонт у сваім пакоі, я ня стаў счышчаць з цэмэнту «археалягічныя шпалеры». Няхай тое, што іх спарадзіла, і што паводле ўсіх адносных і безадносных законаў ня можа зьнікнуць бясьследна, існуе адно паміж цэмэнтам і тлустым слоем клею.
У газэтаў розныя лёсы.
29 лютага - у 1996 годзе быў рэалізаваны:
БЕЛАРУСКІ СЮЖЭТ
Я знайшоў гэтую кнігу ў адной зь Менскіх бібліятэкаў — збор твораў Місімы. Мі-Сі-Ма — Зачараваны Сьмерцю Д'ябал. Ці ня кожны аповед пра гэтага японскага пісьменьніка пачынаецца з дня ягонае сьмерці.
Увосені 1970 году на адной з базаў японскіх Сілаў Самаабароны Місіма інсцэнаваў спробу вайсковага мецяжу, а пасьля зрабіў сабе харакіры. Менавіта на дваццаць пятыя ўгодкі гэтай падзеі я даведаўся пра аўтара гэтай сьмерці. Сьмерць, ноч, кроў — вось тры канстанты, на якіх будавалася Місімава мадэль Прыгажосьці. Я хацеў прачытаць ягоны «Залаты Храм» — сусьветнавядомы раман пра хлопца-манаха, які спаліў сымбаль старажытнай японскай сталіцы Кіёта — Залаты Храм. Але, калі я ўзяў у рукі кнігу, дык убачыў, што супэрвокладка знутры пакрытая нейкім тэкстам, накрэсьленым алоўкам. Вось ён:
«Заўчора я атрымаў запрашэньне прысутнічаць на адкрыцьці новага Менскага клюбу. Дзіўна, але ніхто ў горадзе нічога ня ведаў пра яго: будынак паўстаў у цэнтры літаральна за колькі тыдняў. Яшчэ больш я зьдзівіўся, калі прыйшоў да прызначанае гадзіны. Усе прысутныя былі мне добра знаёмыя. У запрашальніку да кожнага зьвярталіся адмыслова: дзесьці фігуравала школьная мянушка, дзесьці зварот, прыняты адно ў абмежаванай кампаніі... Нас уразіў інтэр'ер залі. Штосьці больш раскошнае і густоўнае цяжка было прыдумаць. Але гэта было ня самае галоўнае. Мы разумелі, што нас аб'ядноўвае нейкая агульнавядомая асоба. Раптам хтосьці выказаў думку, якая, бадай, валодала ўсімі: «Мне падаецца, што нас запрасіў сюды... А.» У гэты момант сьвятло ў залі згасла, сцэна высьветлілася, дзесьці загучаў раяль, і перад намі сапраўды паўстаў А.:
— Сябры, вы ня можаце ўявіць, як я рады бачыць вас тут усіх разам! Гэта самы шчасьлівы дзень у маім жыцьці! Дзесяць гадоў мяне не было ў Бацькаўшчыне. Натуральна, ці ня ўсе лічылі, што я загінуў... Сябры, тое, што вы бачыце вакол сябе, — гэта частка матэрыяльнага плёну майго жыцьця ў замежжы. Цяпер вы ведаеце, ад каго сыходзіла падтрымка вашых творчых праектаў. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, нягледзячы на арышты, пагромы, вы дзейнічалі - НАША справа жыла. Я магу лічыць сваё жыцьцё, свой лёс удалым. Але маё жыцьцёвае прызначэньне мне падаецца не да канца спраўджаным. У Беларушчыны ёсць сродкі, ёсьць людзі, ёсьць ідэі. Адзінае, чаго бракуе — НАШАГА сюжэту. Зараз я зраблю ўчынак, які выправіць гэтую сытуацыю: ён увойдзе ў аналы беларускай гісторыі, літаратуры, журналістыкі... Вы паспрыяеце гэтаму. Вам ня трэба будзе ствараць міт — гэта будзе ці ня самае аб'ектыўнае, што ёсьць у НАШАЙ справе. Уласна, сюжэт разьвіваецца зараз, на вашых вачох. Застаецца паставіць кульмінацыйную кропку.
З гэтымі словамі А. зьняў з драпіроўкі ў глыбіні сцэны корд — кароткі меч, папулярны ў сярэднявечным беларускім войску, — і распароў сабе жывот.
На працягу ўсяго маналёгу, мы, узрадаваныя, што бачым старога сябру, не змаглі вымавіць ані слова...»
На гэтым рукапіс абарваўся, і можна было б скончыць аповед пра дзіўную знаходку, калі б не адна акалічнасьць. Нядаўна мая знаёмая дзяўчына, якая колькі месяцаў таму пачала працаваць бібліятэкаркай, распавяла мне пра нейкага дзівака, які ці не штодня прыходзіць да яе на працу і шукае зборнік твораў «нейкага» Місімы. Але кніжка ўвесь час на руках, і дзівак ніяк ня можа падгадаць момант, калі яе вяртаюць. Я прыйшоў у бібліятэку і пазнаёміўся з гэтым чалавекам. Ён дараспавёў мне гісторыю, напісаную на ўнутраным баку супэрвокладкі да зборніка Місімы:
— Пасьля сьмерці А. мы даведаліся, што апрача ўсяго іншага, ён унёс у свой запавет пункт аб заснаваным ім клюбе. Цяпер мы ўсе зьяўляліся ягонымі пажыцьцёвымі сябрамі. У гадавіну сьмерці А. мы ўсе разам зьбіраемся ля ягонай магілы, а пасьля рушым ў клюб, які, натуральна, называецца «А». Мы ўзгадваем А., дзякуем яму за падтрымку, за любоў і за тое, што ён яшчэ шчыльней зьяднаў нас... На гэтым тыдні клюб зьбярэцца ізноў. Але я туды не пайду. Мяне там не зразумелі, калі на мінулай сустрэчы я сказаў, што Беларусі не патрэбныя нашыя харакіры — Радзіме бракуе камікадзэ.
Я перадаў гэтаму чалавеку прыхаваную ў сябе супэрвокладку, і пажадаў усяго найлепшага.
Ці варта казаць, што чалавека звалі А.
САКАВІК
3 сакавіка - у 1067 годзе аб'яднанымі войскамі Яраславічаў быў зьнішчаны Мянеск, памежны горад Полацкага княства, які сёньня ёсьць Менскам — сталіцай Рэспублікі Беларусь.
САПРАЎДНАЯ СТАЛІЦА
Чаму празь безьліч часу, калі наш край ізноў зацікавіць архэолягаў, яны ня змогуць адшукаць цікавы помнік — грандыёзную стэлу? Будзе высьветлена, што ад пачатку яна месьцілася на вялікім пагорку, а пасьля апынулася на дне забагненай рачулкі. Словы, высечаныя на стэле, наўрад ці зьдзівяць архэолягаў больш, чым сучасьнікаў. «ВЕВЯРЭСК — летапісны горад. Ён узгадваецца ў «Сьпісе гарадоў рускіх далёкіх і блізкіх» у канцы ХІV ст. На думку некаторых навукоўцаў, ён стаяў тут, на месцы в. Вавёрка Лідзкага раёну Гарадзенскай вобласьці».
Селішча, якое сучасьнікі назвалі горадам і занесьлі ў адпаведны дакумэнт, ня можа зьнікнуць выпадкова. Вевярэск узгадалі адзін раз — у часе, калі вакол гораду буяла жыцьцё: на поўначы дабудоўваліся Медніцкі й Крэўскі замкі, на поўдні закладаўся Наваградзкі, а зусім побач, у двух дзясятках вёрстаў, квітнеў замак места Ліды. Але згадка Вевярэска ў гістарычным дакумэнце ёсьць, бадай, нейкай фантастычнай памылкай Часу. Горад мусіў зьнікнуць бясьсьледна...
Вевярэск пакінуў па сабе дзьве рэчы: назву й срэбны праскі грош, які яшчэ знойдуць недалёка ад стэлы. Гэтая манэтка, якая прыйшла ў горад з выпадковым эўрапейскім вандроўнікам, парушыла status quo: яна выкацілася з вацка і легла на мяжы прасторы Вевярэска й астатняга сьвету. Хада падзеяў ссунулася, і тым самым НАКАНАВАНАЕ зьнікненьне скарэктавалася. Зусім крыху, адно каб уратаваць назву. Дзякуючы гэтаму, насуперак лёсу, «Род, прысуджаны на сто гадоў адзіноты», якому праз гэта «не наканавана зьявіцца на зямлі двойчы», працягвае сваё існаваньне. Ён жыве на сваёй зямлі, і спрабуе аднавіць свой Дом. Штораз, калі сьцены амаль збудаваныя, узьнікае сьмерч, які руйнуе плён працы. Але цяпер сьмерч штораз слабне, з таго часу, як дзякуючы ставаральніку «Дудкі беларускай» Род атрымаў ІМЯ. З тога моманту Род не баіцца расшыфроўкі пэргамантаў, у якіх запісаная ягоная гісторыя, бо той, хто мае ІМЯ, ня можа зьнікнуць.
Магчыма, сёньня Род адзінокі, як ніколі, — ён ня можа да канца пазбавіцца адчуваньня ўласнай мітычнасьці. Каб аддаліцца ад мяжы ірэальнасьці, трэба аднавіць Вевярэск, і тады кола разамкнецца. Мы ня ведаем, якім гэты горад быў у сапраўднасьці. Тым лепей — ягонае аблічча залежыць ад нас.
24 сакавіка - у 1996 годзе беларускія ўлады ўчынілі разгон мірных дэманстрантаў, якія ў Менску сьвяткавалі Дзень Волі. На менскія вуліцы пралілася першая ў пасьляваенны час кроў. Пачаўся адлік бясконцай «Менскай вясны».
ПЕРШЫ СТРАХ
Толькі ў 1996 годзе жыхары беларускай сталіцы паступова пачалі набіраюцца досьведу ўдзелу ў масавых акцыях пратэсту. Перад тым — з канца васьмідзясятых да 94-га — кола сталых удзельнікаў мітынгаў (я не бяру пад увагу выступленьні рабочых, якія трэба разглядаць асобна) было досыць абмежаванае і йснавала як свайго роду клюб — усе ведалі адзін аднога ў твар. Будучы аб'ектыўна неагрэсіўнымі, гэтыя людзі — носьбіты рамантычнай нацыянальнай ідэі — не змаглі стварыць гуманістычную, сьпеўную апазыцыю кволаму тады рэжыму.
У 1996 АБНОЎЛЕНЫ рэжым пачаў ствараць сабе НОВУЮ апазыцыю. Новыя дэманстранты значна больш рацыянальныя ў сваіх учынках, калі сьведама йдуць на дубінкі. Яны кепска ведаюць гісторыю беларускага адраджэньня пачатку стагодзьдзя, яны кепска арыентуюцца ў ягоных сымбалях, але яны маюць інстынкт духоўнага самазахаваньня каб ствараць сваю ПЕСЬНЮ. Але аксамітнай сьпеўнай рэвалюцыі ў нас ужо ня будзе ніколі. За два веснавыя месяцы 1996 году розныя, незаангажаваныя палітычнымі партыямі грамадзяне краіны атрымалі ўрок жорсткасьці.
Магчыма, гэта былі апошнія часы, калі грамадзкая сьвядомасьць беларусаў захоўвала цноту. Нармальныя людзі ня могуць ня верыць у тое, што ЎСЕ вакол іх нармальныя, што зьбіцьцё людзей на вуліцах — гэта недарэчнасьць, якая МУСІЦЬ зьнікнуць.
На веснавых мітынгах дэманстранты мелі безьліч магчымасьцяў для таго, каб бязьлітасна расправіцца зь міліцыянтамі. Памятаеце, як 26 красавіка, калі ўжо зьявілася першая кроў, каля плошчы Якуба Коласа ў натоўп быў выштурхнуты палкоўнік міліцыі, які кіраваў разгонам? Яго адпусьцілі. Памятаеце, як тады ж на Нямізе два грузавікі з амонаўцамі патрапілі ў пастку — у вір дэманстрантаў. Іх не падпалілі й ня кінулі з моста ў Сьвіслач, хаця падставы для помсты тады ўжо былі досыць важкія. Нармальны чалавек ня ведае, што такое жорсткасьць. Але ён застаецца чалавекам, з сваёй біялёгіяй і з адпаведнымі рэакцыямі.
30 траўня 1996 году да тэатру Янкі Купалы прыйшлі людзі двух кшталтаў: адныя — УЖО гатовыя помсьціць, другія — ЯШЧЭ не. Першыя ўжо не баяліся, другія — упершыню спужаліся. За два месяцы розныя СМІ багата растыражавалі выявы міліцыянтаў падчас разгонаў. Вы шмат заўважалі іхных рашучых твараў? Яны баяцца ЗАЎЖДЫ. Яны мусяць баяцца, таму што добра адчуваюць розьніцу паміж бамжамі, злодзеямі й гопнікамі, зь якімі яны працуюць штодня, і народам.
Першае зьдзіўленьне, першае абурэньне, першы страх, першая перамога, першае расчараваньне, першае пераадоленьне сябе... Шмат хто перажыў іх, калі ўбачыў перад сабою стварэньне з шчытом і гумовым калом у руках. Кожная з дэманстрацыяў дзевяноста шостага году ўнікальная па свойму, кожная зь іх дадала досьведу ў дзеяньні людзей падчас наступных выступленьняў.
30 траўня дзеяньні міліцыі былі найбольш цынічныя: адкрытыя правакацыі, адкрыты гвалт над выпадковымі мінакамі. Навіны БТ перадалі, што ў акцыі ўзялі ўдзел пяцьсот чалавек. Верагодна, на пачатку іх сапраўды было прыблізна столькі. Але пасьля колькасьць дэманстрантаў павялічылася ў пяць-шэсьць разоў. І я цудоўна разумею тых, хто далучыўся. Заходзіш ты ў ГУМ каб набыць шкарпэткі, выходзіш — атрымваеш дубінай па карку, і... Што рабіць? Ісьці дамоў? Нармальныя людзі маюць годнасьць. Тады, ля ГУМу ўпершыню быў разьвянчаны міт аб непераможнасьці менскага АМОНу. З машыны адзін за адным выхопліваліся «страшныя стражы», яны валіліся пад цяжарам сваіх панцыраў, і іх элемэнтарна тапталі. Не па-чалавечы, па-зьвярынаму - як яны. Тым, хто выпадкова патрапіць на несанкцыяваны апазіцыйны мітынг, трэба ведаць, што:
а) «простыя» міліцыянты ня маюць падставаў для захапленьня ад разгону дэманстрантаў, але сярод іх хапае натуральных садыстаў;
б) у падрыхтоўцы амонаўца прадугледжанае гадаваньне падставаў для захапленьня ад гвалту;
в) падчас разгону ня трэба мітусіцца, адразу трэба акрэсьліцца: альбо вы актыўна АБАРАНЯЕЦЕСЯ, альбо ня рушыце зь месца, бо амонавец, як жаба, рэагуе толькі на рух;
г) існуюць аб'ектыўныя законы ўзаемадачыненьняў спэцсілаў і дэманстрантаў, якіх вы пакуль ня ведаеце, таму пастарайцеся суцішыць эмоцыі (калі вы, натуральна, не ўпершыню назіраеце як зьбіваюць кабет, старых і падлеткаў), і зразумець сэнс перасоўваньняў «разгоншчыкаў»;
д) ня трэба баяцца — пасьля першага ўдару вы будзеце адчуваць толькі сваю нянавісьць;
е) калі вы маеце кепскае здароўе, пастарайцеся ня лезьці ў пекла, гэта ня сорамна — сорамна сядзець дома;
ё) у кожным мітынгу бяруць удзел людзі, розныя паводле сілы сваіх памкненьняў выявіць пратэст, не забывайцеся, што апрача незалежных журналістаў вас здымаюць «таварышы»;
ж) самае галоўнае, вы ў прынцыпе ня можаце быць экстрэмістам, паколькі ўлады абвясьцілі сябе па-за Канстытуцыяй, але гэта не ўбароніць вас ад уціску, таму вам застаюцца пытаньні маралі, якія вы мусіце вырашаць самастойна;
з) урэшце, калі вы прынцыпова ня ходзіце на мітынгі, альбо проста не цікавіцеся палітыкай, памятайце, што вы ўсё адно не абароненыя ад гвалту з боку чырвонай ці брунатнай улады ў любым месцы плянэты, калі гэтая ўлада распачынае сваю вайну.
25 сакавіка - у 1918 годзе абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка.
ПРАМОВІЦЬ ІМЯ
Існуе паданьне аб тым, што калі немаўля памерла няхрышчаным, душа ягоная лунае паміж небам і зямлёю аж пакуль хтосьці не прамовіць наканаванае яму імя...
Часам высоўваюць меркаваньне аб тым, што калі б у 1918 годзе Вільня не была акупаваная немцамі, абвяшчэньне БНР адбылося б там — у Старажытнай Сталіцы, і гісторыя рушыла б іншым шляхам. Але БНР была абвешчаная ў Менску, горадзе, які ў 1067 заявіў аб сабе сьвету праз уласнае зьнікненьне, каб вярнуцца сталіцай беларускай Рэспублікі. Стваральнікі незалежнай беларускай краіны ведалі, што неўзабаве яна мусіць загінуць у агні, паміж молатам і кавадлам.
Борхесавыя «чатыры цыклі» пачынаюцца гісторыяй аб умацаваным горадзе, чые абаронцы ведаюць, што гораду наканавана зьнікнуць ад мяча і агня ворагаў. Другую і трэцюю гісторыю мы ведаем — аб вяртаньні і пошуку. Апошняя гісторыя вечнага цыклю — аб самагубстве Бога...
Сёньняшні Менск — «горад, якога няма». Велічэзная неакрэсьленая прастора, якая нібы «Лятучы Галяндзец» вісіць паміж небам і зямлёю. Які хавае ў сабе ледзь прыкметныя згадкі мінулага жыцьця — сьляды сваёй душы.
Зьнікненьне — пошук — вяртаньне... БНР нарадзілася ў горадзе, асуджаным на шторазовае зьнікненьне. Сёньня мы ізноў прамаўляем імя народжанага і зьніклага дзясяткі гадоў таму немаўляці. Каб душа пайшла да неба, мусіць зьнікнуць цела. Але каб яна вярнулася да зямлі, мусіць спраўдзіцца чацьвертая гісторыю адвечнага цыклю.
Мы мусім прамовіць імя РАЗАМ.
КРАСАВІК
1 красавіка - у 1616 годзе Самойла Нямірыч зьдзейсьніў ці ня самы дзіўны подзьвіг у гісторыі Рэчы Паспалітай.
ЧАС НЯМІРЫЧА
Гэта гісторыя найфантастычнага «подзьвігу» ў гісторыі шляхты Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. 2 красавіка 1616 годзе ў Львове славуты сярод месьцічаў праз сваё разгульнае жыцьцё й бязьмерную адвагу ў баёх за Айчыну шляхціц Самойла Нямірыч пасярод белага дня на Ратушным пляцы згвалтаваў маладзенькую разносчыцу аладкаў, пры гэтым адбіваючыся шабляй ад ДВАНАЦЦАЦІ жаўнераў, што кінуліся бараніць дзяўчыну.
У гісторыі ўражвае не цынізм Нямірыча і нават ня колькасьць абаронцаў, ад якіх ён здолеў адбіцца падчас злачынства. Усё гэта, безумоўна, вартае занясеньня ў кнігу рэкордаў Гінэса. Але сам факт стварэньня й культываваньня гэтай і іншых падобных легендаў аб Самойле Нямірычы вымагае пільнай увагі да сябе. Ён робіцца больш зразумелы, калі прыгадаць, што Львоў быў збудаваны ў 1254 годзе адмыслова як шлюбны падарунак князю Льву ад свайго бацькі князя Данілы Галіцкага: горад заможных радавітых піякаў і ваяроў. Горад шляхты.
Бадай, на сёньняшні дзень постаць Самойлы Нямірыча — найбольш поўнае ўвасабленьне вобразу сярэдневечнага паспалітага шляхціца. Гэты вобраз — парадаксальнае спалучэньне адданага служэньня Бацькаўшчыне і даведзенага да ўзроўню культу ігнараваньня грамадзкіх законаў. Ён яшчэ раз падкрэсьлівае тэзу аб тым, што Рэч Паспалітая загінула праз свой занадта прагрэсіўны для таго часу дзяржаўны лад, які дазваляў разгарнуцца шляхецкаму індывідуалізму, і як вынік — прававому нігілізму, на поўную моц. Гэтае парадаксальнае спалучэньне — наша гістарычная спадчына, якая лучыць беларускае Адраджэньне з польскім і часткова ўкраінскім.
Не адмаўляючы таго, што няма беларусам бліжэйшага паводле мовы й гістарычнага лёсу народу чым украінцы, трэба зазначыць, што ўкраінскі нацыянальны міт, украінскі гераічны эпас базуюцца на гісторыі казацтва, у той час як мы спрабуем стварыць свой на супрацьлеглым: не было для казака большага ворага чым польскае й НАША шляхецкае войска. У гэтым кантэксьце Галічына знаходзіцца ў вельмі адмысловым становішчы. З аднога боку, цяжка знайсьці больш шчырых абаронцаў Украіны, чым галічаны, з другога, яны маюць антыказацкую шляхецкую гістарычную памяць. (Рэестравае казацтва, да якога спрычыніліся львавяны, — від шляхты, паколькі першапачатковы сэнс слова «казак» супярэчыць якім-кольвек рэестрам.) Галіччына — гэта мост, які лучыць дзьве гістарычных памяці нашых народаў — «шляхецкую» й «простую».
Для любога сёньняшняга маладога беларускага нацыяналіста Львоў — найбліжшы сымбаль змаганьня за незалежнасьць, гэтак як для кубанскага казака Запарожжа — больш за Маскву ці Ноўгарад. На момант акупацыі Расейскай Імпэрыяй Рэчы Паспалітай тэрыторыя сучаснай Беларусі мела насельніцтва, якое на адну пятую складалася з шляхты. Прыблізна столькі ж сёньня выступае за незалежнасьць краіны. Астатнія больш падобныя да тых магілеўскіх месьцічаў, якія на пачатку Маскоўскай вайны (1654-1667) з радасьцю расчынілі гарадзкую браму перад маскоўскім войскам, а пасьля, пратрываўшы дзесяць гадоў, дашчэнту выразалі ўвесь гарнізон.
Самойла Нямірыч застаўся ў народнай памяці як станоўчая асоба. У якасьці пакараньня за свой жахлівы ўчынак ён правёў колькі гадоў у затачэньні ў вежы, а пасьля ахвяраваў сваю маёмасьць на карысьць простых львавянаў і пастрыгся ў манахі. Сёньняшняя Галічына непераможная празь людзей, падобных на Нямірыча. Пэўна, ён адчуў, што мусіць прынесьці ў ахвяру сваю душу, пайсьці на цяжкі грэх, бо гэта была ТАЯ дзяўчына. Празь ЯЕ прадоўжыўся моцны духам род Самойлы Нямірыча. У гэтым ён падобны да галоўнага героя ўкраінскай нацыянальнай гісторыі гвалтаўніка Рагнеды Ўладзімера Хрысьціцеля. Беларускія нацыянальныя героі ня маюць такога досьведу. І гэта добра. Праблема ня ў гэтым. Праблема ў шляхетнасьці шляхціцаў. Яны так і не навучыліся змагацца супраць дзікуноў: немагчыма ісьці з рапірай супраць каменнай доўбні.
Галоўны адмоўны бок сьвядомасьці нашых продкаў-шляхціцаў — ўнутраную разасобленасьць — мы ўжо выявілі дастаткова. Цяпер мусім навучыцца выяўляць станоўчую — еднасьць перад агульным ворагам. Як старажытныя грэкі, якія падчас уварваньня войскаў з усходу, нягледзячы на сваю малалікасьць, «закатвалі рукавы» й спакойна перамагалі. А абыякавым да свайго лёсу беларусам хочацца пажадаць аднаго: калі вы прызвычаіліся паўтараць прыклад магілеўскіх месьцічаў часоў Маскоўскай вайны, не чакайце, як яны, дзясяткамі гадоў.
Час ідзе.
4 красавіка - у 1996 годзе зьявіўся першы палітвязень незалежнай Беларусі. Паэт Славамір Адамовіч быў арыштаваны КГБ за публікацыю ў вітэбскай газэце «Выбар» верша «Убей президента».
ЮБІЛЕЙНЫ ТАЛЕР
Як гэта клясна — падыйсьці да стойкі, і дзвякнуць перад бармэнам вялікай рытлёнай чыімсьці профілем манэтай: «Два піва, мне і сябру». Скіраваная вялікім пальцам рукі, манэта бліскане паўколам, і патрапіць акурат ў сподачак. Гэта стыль.
Магчыма, з слова «стыль» варта пачынаць любы расповед пра Славаміра Адамовіча. Выява профіля Адамовіча можа ўпрыгожыць любы тытул, любы мэдаль, нават, трыбуну. Інтэрв'ю палітычнага лідара, прамова падсуднага, выступ паэта... Кажуць, стыль жыцьця аўтара «Забі прэзыдэнта» гэта правакацыя.
Калі ўзяць панятак «жыцьцё», як штосьці, што застаецца па-за момантам стварэньня паэзіі, калі акрэсьліць яго, як тое «лішняе», што ўвесь час трэба адсякаць, каб стварыць верш, дык ці ёсьць для чытачоў прынцыповым, якое яно — жыцьцё паэта, стылёвае, ці не стылёвае? Зрэшты, наступае момант, калі і сам стваральнік паэзіі адсякаецца ад пладоў сваёй творчасьці як «лішняе». Тады застаюцца вершы, і...
Ёсьць думка, што Адамовічу варта было б нарадзіцца ў 30-х гадох, у час шырокіх капелюшоў і каўнераў, срэбных партсігараў і «кольтаў». Але я спрабую ўявіць сабе помнік паэту Славаміру Адамовічу, выкананы ў стылі зараджэньня клясыцызму ў росквіт напалеонаўскай эпохі. Эпалеты, батфорты, шпага ўзьнятая наперад, у бок, дзе чакаюць новыя перамогі. Магчыма, можна абыйсьціся і без эпалетаў, але помнік мусіць быць грандыёзным, на вялічэзным п'едыстале. Сусьветная цывілізацыя дасьпела ўжо да таго, каб па-майстэрску спалучаць стылі розных мастацкіх эпохаў. Таму п'едэстал аздобяць сцэны з жыцьця Славаміра Адамовіча. Кола замкнулася? Не. І ня толькі таму, што гэтыя сцэны мы ведаем з ягоных рэпартажаў-дзёньнікаў. Праз сто гадоў сцэны зьменяцца на мітычныя, не раўнуй гераклавы.
Рэч у тым, што Адамовіч ня ёсьць паэтам, які ў самотнай паўцемры піша вершы ў спадзеве на сьветлы розум нашчадкаў. Ён творца РЭАЛЬНЫХ СЫТУАЦЫЯЎ. Калі жадаеце, ён актор-выканаўца ўласных п'есаў, у якія гледачы па сваёй волі, ці не, прымаюць удзел. Гэта мініятуры, якія па каліву складаюцца ў адзіную фэерыю любові да Бацькаўшчыны, Жанчыны і Зброі... Стоп.
Магчыма, гэта словы з энцыкляпэдычнага даведніка канца ХХІ-га стагодзьдзя, якія будуць напісаныя на сшытках беларускіх школьнікаў яшчэ пры жыцьці паэта... Гэта сапраўды сталася б колам, кшталту таго, па якім пайшло імя, напрыклад, расейскага паэта Пушкіна. Адамовіч таксама «дуэлянт», «пазёр», «донжуан» і «скандаліст». Пры тым, ён адзіны зь нямногіх паэтаў, да якіх немагчыма паналяпляць ярлыкі «п'янства», «самагубства», «ня той арыентацыі», «сухотнасьці», альбо «не таго паходжаньня»... Ці значыць гэта, што яму пагражае лёс «запальвальшчыка лямпачак», які амаль тоесны лёсу прататыпа «вовачкі» — папулярнасьць навыварат?
Адамовічава прага выплеснуць уласны сусьвет гэткая ж моцная, як прага зафіксаваць навакольную рэальнасьць. Ён стварае «дзёньнікі», «бытавухі», «справаздачы», «зборнікі дакумэнтаў»... Калі б ён здолеў, ён бы на кожнай rec'ы паставіў бы ўласны подпіс пад датай, калі ён спрычыніўся да гэтай рэчы — да штосэкунднай фэерыі бясконцага жыцьця, якое штораз «толькі пачынаецца».
Адамовіч стварае вялікі раман, які «абарвецца на палове слова», і які чытач будзе прагнуць працягваць самастойна...
Магчыма, адным зь сюжэтаў гэтага працягу будзе сцэна ў сталічным бары, дзе, дзьвякнуўшы манэтай з профілем беларускага героя, невядомы Вялікі Паэт прачытае сябру свой першы верш.
Той самы, дзеля якога змагаецца Адамовіч.
12 красавіка - у 1961 годзе першы чалавек паляцеў у Космас.
НОВЫ СЬМЕХ
Так атрымалася, што я нарадзіўся за два дні перад першым красавіка. Сьвяткаваньне зьяўленьня ўласнае асобы штораз замінае мне спрычыніцца да «Міжнароднага дню сьмеху». Зрэшты, мяне гэта мала абыходзіць. Пэўна, у СССР сапраўдным Днём сьмеху стаўся дзень 12 красавіка, калі першы чалавек вярнуўся з Космасу на Зямлю. Асоба Юрыя Гагарына спарадзіла цэлую плойму анэкдотаў і «прыколаў». У тым ліку й «першакрасавіцкіх». Але з часам першы палёт у космас «падзялілі». У постсавецкі час Юрыя Гагарына паднялі на шчыт «альтэрнатыўшчыкі» кшталту «Нейрадзюбеля» і «Вопляў Відаплясава».
Пэўны час я ня мог зразумець, што натхняе сучасных альтэрнатыўшчыкаў на сьцёб з «саўка». Скуль у людзей, чые бацькі на пачатку 60-х яшчэ толькі хадзілі ў школу, бярэцца хай сабе сьцёбная, але «сьветлая туга» па «тых часох». Высьветлілася, што каб зразумець гэта, дастаткова 1 красавіка паглядзець расейскі ці беларускі тэлеканал. Кажуць, што ў Эўропе ў гэты дзень ладзяцца карнавалы. Магчыма, штосьці падобнае было і ў Беларусі гадоў дзьвесьце-трыста таму. Але сёньня ўсё зводзіцца да «белае сьпіны» і гульні ў КВН...
Колькі гадоў таму зьдзейсьнілася запаветная мара сотняў менскіх студэнтаў: беларуская каманда КВН «прабілася ў людзі» — патрапіла ў фінальныя гульбішчы славутага шоў. Я тады асабліва ня браў да галавы няўдалыя жарты «знаходлівых», якія спрэс круціліся вакол партызанаў, бульбы, і сьмешнага яшчэ на той час пэрсанажа ППРБ. У мяне перад вачыма ўвесь час былі бел-чырвона-белыя сьцягі, якія штораз узьвіваліся над галовамі прыхільнікаў беларускае каманды. У наступны фінал КВН беларуская каманда таксама патрапіла. Але на гэты раз спонсарамі каманды выступалі не незалежныя структуры, а Адміністрацыя. Сьцягі памянялі колер, спэктар жартаў звузіўся да тэмы бульбы...
Гледзячы перадачы КВН, я ніколі ня мог уявіць сабе на сцэне летувіскую ці эстонскую каманду. А калі пабачыў армянскую, адчуў, што шкадую журы. Хлопцы з усяе моцы выпіналіся дзеля дасьціпных жартаў, але атрымлівалася звычайная пахабшчына. Гэтак недарэчна іншаземцы ўжываюць ненармаваную лексыку: нібыта смачна гучыць, але што да чаго?..
Жарт — канцэнтрацыя мэнтальнасьці носьбіта культуры. Жарт зьява імгненная — сакрэт посьпеху жарта ў дарэчнасьці. Я глядзеў перабудовачныя КВНы і наракаў на суайчыньнікаў, маўляў, не хапае мазгоў і жаданьня, каб гэтак сама як іншыя «крута сьцябацца» з рэчаіснасьці. З савецкай рэчаіснасьці.
Беларуская каманда згубіла момант, шанец на зорны час. Бо выбілася ў «крутыя», калі ўжо колькі гадоў як зьнік Савецкі Саюз. Калі прадметы жартаў з палітычных паволі памяняліся на праблематыку «новых рускіх» і да таго падобнага. Калі КВН пачаў занепадаць. Бо ён быў народжаны як клюб вясёлых і знаходлівых савецкіх людзей. Гэтак ураз зьнік арэол геніяльнасьці зь Міхаіла Жванецкага, гэтак сталіся падобнымі на старыя савецкія фільмы сучасныя расейскія гумарыстычныя перадачы з удзелам старых гумарыстаў. Глядзіш і прыгадваеш сьветлыя часы свайго дзяцінства-юнацтва: весела было ў дзяцінстве!.. Беларуская каманда выбілася ў фінальныя гульні КВН, калі дзеля таго, каб узгадаць былыя часы, варта было паглядзець за вакно...
Словазлучэньне «славуты беларускі комік» гучыць дзіўна, нязвыкла, а таму недарэчна. Гэтаксама, як словазлучэньне беларускі гумар. Я маю на ўвазе ня ўнутраныя анэкдоты, якія ўзьніклі з кан'юнктуры зразумелых адно жыхарам Беларусі рэаліяў. Вядзецца пра канвэртабэльны гумар, які, так бы мовіць, можна экспартаваць. Добры гумарыст той, хто сьпярша навучыўся сьмяцца зь сябе: сьцьвярджаюць, што большасьць «габрэйскіх» анэкдотаў прыдумалі самі габрэі.
Беларуская каманда КВН так і не «ўпісалася» ў маскоўскі «гумарны клюб», ані за Саюзам, ані цяпер. Асабіста мяне гэта ўсьцешвае. Сёньня нараджаецца сучасны ўласна беларускі гумар. Пакуль ён круціцца толькі вакол аднаго аб'екту. Імя ППРБ скланяецца ва ўсіх магчымых варыянтах. Апрача аўтэнтычных анэкдотаў перарабліваюцца даўна забытыя, якія калісьці згубілі сваю актуальнасьць, але атрымалі новы подых у сучасных беларускіх рэаліях. Магчыма праз колькі часу зьявіцца свайго кшталту беларускі «вовачка»...
Але пакуль што новы беларускі гумар зьяўляецца зброяй. Памятаеце вершык-загадку пра «брови черные, густые» і «кто даст правильный ответ, тот получит десять лет»? Пры Брэжневе за анэкдот на дзесяць гадоў не саджалі. Але стваральнікі вершыка добра памяталі час, калі за больш бяскрыўдную рэч, чым анэкдот, людзей называлі злачынцамі. Яны сьмяяліся з тых часоў, нібы выпускалі зь сябе страх, да якога прызвычаіліся, нібы да наркотыка, безь якога пачыналіся «ломкі свабоды».
Сёньня беларускае грамадзтва атрымала новую ін'екцыю страху. Сёньня ня сьмешна. Сёньня людзі валам валяць на імпрэзы заежджых комікаў, чый зорны час застаўся ў Савецкім Саюзе, і чые жарты нагадваюць «старыя добрыя», нібыта бясьпечныя часы. Былыя куміры шчыра прызнаюцца ў інтэрвію, што так добра як у Беларусі, іх ужо нідзе не прыймаюць... Беларускія каманды КВН, якія мараць аб сцэнічным посьпеху, маюць свой шанец. Але цяпер зорка можа ўзысьці толькі ў Менску. Праўда, мне падаецца, што разьвітацца з уласным саўком праз показкі пра свайго «вовачку» нам не наканавана. Гэта занадта доўгі цыкль, каб ён мог паўтарыцца ізноў.
Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова адкрыць газэту беларускіх анархістаў пад назовам «Навінкі». Той, хто пачынае сьмяяцца зь сябе, урэшце сьмяецца апошнім.
14 красавіка - у 1101 годзе памёр князь Усяслаў Чарадзей.
ЗАЧАРАВАЦЬ ШАМАНА
Неяк на старонках «Нашай Нівы» пісалася пра тое, што «той, хто не падтрымлівае традыцыйнае думкі, ня можа дасягнуць статусу лідара... Чалавек, які добра знаёмы з стэрэатыпамі калектыўнае сьвядомасьці... можа стаць лідарам гэтае групы». У сярэднявечнай Беларусі чараўніцтва перасьледвалася законам. Носьбіта адсутнай у астатніх людзей здольнасьці чакала вогнішча. Дагэтуль ці ня ў кожнай грамадзкай супольнасьці нетрадыцыйнасьць выклікае супраціў. Але, калі яна перамагае...
У гісторыі Беларусі ёсьць асоба, моц лідарства якой сягнула празь межы зразумелага сучасьнікам. Гэты чалавек — полацкі князь Усяслаў Брачыславіч — атрымаў супярэчнае традыцыі новахрысьціянскага сьвету імя «Чарадзей». Усяслаў Чарадзей кіраваў сваёй дзяржавай на працягу 67 гадоў. За гэты час ён ня толькі адстаяў незалежнасьць Полацкай зямлі, але праводзіў актыўную зьнешнюю палітыку: неаднаразова нападаў і захопліваў сталіцы «брацкіх» княстваў: Пскоў, Смаленск, Ноўгарад і Кіеў. З сваім нешматлікім войскам Чарадзей зьдзяйсьняў фантастычныя для тых часоў хуткія і дзёрзкія вайсковыя апэрацыі. Папулярнасьць гэтага чалавека сягала далёка за межы ягонай дзяржавы. Нездарма ж у 1068 годзе кіеўскія месьцічы паўсталі супраць свайго князя і пасадзілі на пасад Усяслава Чарадзея.
Энцыкляпэдычны даведнік «Беларусь» тлумачыць узьнікненьне імя «Чарадзей» празьмерным зьдзіўленьнем сучасьнікаў рашучасьцю, розумам і энэргіяй князя. У цяперашняга чалавека гэткае тлумачэньне можа выклікаць усьмешку. Але, калі ўлічыць, што ў ХІ ст. сярэдняя працягласьць чалавечага жыцьця не перавышала сарака гадоў, калі ўзгадаць, што паміж Кіевам і Ноўгарадам ляжала дарога ў некалькі месяцаў, можна зразумець аўтараў даведніка. Яны па-свойму ўразіліся асобай Усяслава Брачыславіча. Але сучасьнікі назвалі князя ня «хуткім» і ня «доўгажыхаром»: насуперак афіцыйнай хрысьціянскай ідэалёгіі яны скарысталі табуяванае слова «Чарадзей». Мы працягваем традыцыю нашых продкаў, мы жывем ва ўяўнай рэальнасьці звышсілаў. Для кожнага яны свае.
Ёсьць краіны, дзе чарадзейства дагэтуль ня толькі прызнаецца афіцыйна, але й лічыцца здабыткам традыцыйнай культуры і грамадзкіх узаемадачыненьняў. Напрыклад, у крымінальным кодэксе Бурундзі існуюць адмысловыя артыкулы, якія тлумачаць чарадзейныя злачынствы. З пункту гледжаньня сучаснага эўрапейца, гэта дзіка, але, прынамсі, сумленна. Іншая рэч у Беларусі. Відавочна, што той, хто не падтрымлівае традыцыйную думку, ня можа стаць лідарам у беларускім грамадзтве. Масавы псыхоз вялікай часткі насельніцтва ў зьвязку з асобай першага прэзыдэнта РБ тлумачыць гэтую традыцыю. Ёй ужо далі ўмоўнае азначэньне — шаманізм. На гэтым тле тым, хто «не падтрымлівае традыцыйнае думкі», робіцца нармальны чалавек. Нармальны чалавек ня можа лідарстваваць у «шаманствуюшчых». Дзея супраць традыцыі, кідок супраць плыні часу, стварэньне новай рэальнасьці — ГЭТА ЧАРАЎНІЦТВА. Такім чынам, перамога нармальнага над шаманскім у нашых умовах — гэта чарадзейства. Перамагчы шамана магчыма, галоўнае — ня верыць у яго.
26 красавіка - у 1986 годзе адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Праз гэта амаль трэць тэрыторыі Рэспублікі Беларусь апынулася непрыдатнай для жыцьця. На дзесяцігадовыя ўгодкі катастрофы ў 1996 годзе беларускія ўлады жорстка разагналі шматтысячную жалобную працэсію ў Менску.
САПРАЎДНЫЯ КЕПСКІЯ
Неўзабаве пасьля менскіх вулічных падзеяў 26 красавіка 1996 году, выходзячы з сваёй пяціпавярхоўкі, я схамянуўся ад воклічу «Слава нацыі!», на які адразу ж пачуўся водгук: «Сьмерць ворагам!». У маім двары васьмі-дзесяцігадовыя дзеці гулялі ў сутыкненьні паміж дэманстрантамі й амонам.
Хлапчукі парабілі сабе з фанэры шчыты, пабралі дубцы, а адзін нават узьдзеў сабе на галаву хакейны шалом. Супрацьлеглы бок кідаўся грудкамі зямлі й дзіцячымі абразамі. Гульня скончылася досыць хутка, бо прыблізна аднолькавыя ў колькасьці «бакі» не стрымалі сваіх шэрагаў і рассыпаліся па ўсім двары.
Малыя пачалі гуляцца ў разгон дэманстрацыі. Гэта значыць, што іхнія бацькі пачалі глядзець навіны беларускае тэлевізіі. Гэта значыць, што беларусы пачалі думаць пра сваю краіну, пра сябе. Яны параўноўваюць інфармацыю пра падзеі ў Беларусі зь ейнай інтэрпрэтацыяй у замежных СМІ, і робяць высновы. Тымчасам іхныя дзеці імітуюць грукат дубінак па плястыкавых шчытах і баявыя воклічы дэманстрантаў...
Нашыя дзеці маюць вялікую пэрспэктыву для ўдасканаленьня правілаў сваёй новай гульні. Зрэшты, можна прадбачыць рысу, да якой будзе разьвівацца гэтая гульня — яна вернецца да трывіяльнай «вайнушкі», у якую гуляюцца хлапчукі ці не ад узьнікненьня homo sapiens. Іншая рэч, як будуць сябе называць «варожыя» бакі. «Белыя» й «чырвоныя», «рускія» й «немцы» паступова адыходзяць у нябыт. Безумоўна, застануцца «паліцыянты» й «злодзеі», і...
У кожнай гульні ў «вайнушку» заўжды знаходзяцца адзін-два «байцы», якія ні пры якой умове не жадаюць быць «кепскімі», і наадварот, заўсёды ёсьць аматары «варожага» боку. Пакуль наўрад ці перад сёньняшнімі малагадовымі «дэманстрантамі» й «амонаўцамі» паўстае такая праблема. Перад большасьцю, але не перад усімі.
Калі дваццаць шостага красавіка шыхт шчытастых-шлямастых міліцыянтаў зьбягаў з горкі перад Катэдральным саборам на вуліцу Нямігу, побач са мною спыніўся нейкі спадар зь пяцігадовым хлопчыкам на плячах. Яны глядзелі як амон распачынае бойку з дэманстрантамі, і раптам малы спытаўся: «Тата, тата, а гэта рускія?» — «?» — «Ну, тата, гэта рускія, ці не?» — «Гэта калхозьнікі, сынок.» — «А яны рускія?» — «Яны кепскія, сынок.» — «Што, САПРАЎДНЫЯ?!!»
Рэжым ППРБ увабраў у сябе адну вартасьць, якая дала падставы спадзявацца на ягонае хуткае самазьнішчэньне. У адрозьненьне ад былога савецкага, ён не імкнуўся камуфляваць свае захады. Беларускія дзеці ўбачылі «сапраўдных кепскіх». З кіно і тэлевізіі яны даведаліся, што трэба рабіць з «кепскімі».
ТРАВЕНЬ
3 траўня - у 1791 годзе была абвешчаная Канстытуцыя Рэчы Паспалітай. Канстытуцыя прызнавалася адной з самых прагрэсіўных на той час. Адзін з артыкулаў, які яна ўтрымлівала —уніфікацыя дзяржавы. Іншымі словамі ВКЛ губляла свой сувэрынітэт.
КАРЭКЦЫЯ ДОСЬВЕДУ
Неяк увечары мы з прыяцелем палілі, шпацыруючы па нашай нешматлюднай задворкавай вулачцы. Зь цемры кустоў перад намі паўстаў п'янавасьценькі мужычок, які дабразычліва завёў адную з тых гамонак, якая папярэднічае «страляньню» цыгарэты. Ён нязьвязна балбатаў сабе, палячы наш «LM», аж неспадзявана заявіў: моладзь называецца! Швэндаюцца, лайдачаць. На іранічнае пытаньне аб тым, што ж трэба рабіць, мужычок абсалютна сур'ёзна адказаў: «Бачыце як асфальт крыва паклалі? Узялі б ды перарабілі!»...
Прыблізна ў гэткае ж становішча патрапілі мурыны-рабы на Гаіці, калі ў 1804 годзе апынуліся перад фактам стварэньня ўласнай дзяржавы. Прыйшлі яны да гэтага, натуральна, праз вызвольнае паўстаньне, што распачалося ў 1791-м, у той самы год, калі Сойм Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў ухваліў Канстытуцыю 3 Траўня, другую ў сьвеце пасьля Амэрыканскай, якая ўстанаўлівала, што «любая ўлада людзкой супольнасьці бярэ свой пачатак з волі народу». Праз два гады гэты плён «волі народу» быў замарожаны да пачатку дваццатага стагодзьдзя праз акупацыю краіны войскамі «трох арлоў». У адрозьненьне ад волі гаіцянскіх мурынаў. Іхняе паўстаньне сталася найунікальным у сусьветнай гісторыі: упершыню рабы дамагліся стварэньня ўласнай дзяржавы!
За першыя паўстагодзьдзя свайго йснаваньня мурынска-мулацкая дзяржава на сваіх 27,8 тыс. квадратных кілямэтрах два разы ўвасаблялася ў форме каралеўства, і два разы — у форме імпэрыі. У 1859 годзе Гаіці пераўтварылася ў рэспубліку, якою зьяўляецца дагэтуль: «Прэзыдэнт Гаіці карыстаецца дыктатарскімі паўнамоцтвамі: мае права роспуску парлямэнту, адхіленьня й прызначэньня чальцоў кабінэту міністраў, ён выдае ўказы, якія маюць сілу закону, зьяўляецца найвышэйшым вайскаводцам. Дзейнасьць парлямэнту мае дарадчы характар. Судьдзі ўсіх судоў прызначаюцца прэзыдэнтам» (Энцыкляпэдычны даведнік «Лацінская Амэрыка»).
Празь усю гісторыю гаіцянскай дзяржавы стрыжнем прайшло супрацьстаяньне мурынаў і мулатаў, якія лічаць сваю кроў больш высакароднай. Энцыкляпэдычны слоўнік «ЛА» гаворыць аб тым, што мулаты Гаіці — гэта нашчадкі францускіх калянізатараў. Наўрад ці нашыя продкі-шляхціцы маглі сабе ўявіць, што й яны мецьмуць гэткі ярлык, калі йшлі ў бой за волю Бацькаўшчыны, спачатку з Тадэвушам Касьцюшкам, а пасьля ў легіёне Дамброўскага.
Калі вы раптам трапіце на востраў Гаіці, і вам наладзяць экскурсію на памежжа Рэспублікі Гаіці й Дамініканскай Рэспублікі, не зьдзіўляйцеся, калі вашым правадніком сярод гораў Сьера-дэ-Нэйба будзе блакітнавокі мулат. Яго будуць зваць альбо Адам Яновіч, альбо Аляксандар Барэйка, а можа Сэргіюш Харэўскі... Натуральна, ён будзе намагацца гаварыць з вамі па-француску, ублытваючы ў гаворку гішпанскія й крэольскія словы. А перад начлегам, седзячы пасьля вячэры ля вогнішча, ён прасьпявае вам песьні свайго народу. Сярод іх абавязкова будзе «Слаўся, Дзева Марыя». Той, хто родам з Гарадзеншчыны альбо Віленшчыны, можа, не адразу зловіць сябе на тым, што слухае песьню «w ezyku prostym», на тым польска-беларускім дыялекце, што ў палякаў завецца крэсовым, а ў нас — заходнім.
Легіянэры Дамброўскага марылі дайсьці з войскам Напалеона да Смаленску, каб аднавіць сваю Канстытуцыю, сваю Айчыну — Рэч Паспалітую. Напалеон марыў зрабіць для сябе й для сваіх жаўнераў Айчынай увесь сьвет. Таму ў 1799 годзе ён скіраваў у Сан-Дамінга (так звалася француская частка вострава Гаіці) сваіх падначаленых — два аддзелы беларускіх шляхціцаў зь легіёну Дамброўскага. Калі яны высадзіліся на бераг, з мора зьявіўся ангельскі флёт і зьнішчыў іхнія караблі. Ваяры сыйшлі ў гаіцянскія горы. Яны ня кінулі зброю. Іхнія нашчадкі баранілі краіну ад навалы акупантаў, і ад цемрашальства мясцовых «каралёў», «імпэратараў» ды іншых «правіцяляў».
У мяне быў знаёмец — мурын Адэра, у былым капітан ваенна-паветраных сілаў Этыёпіі, а цяпер выпускнік гістфаку БДУ, грамадзянін Беларусі. Звычайна ён вітаўся так: «Добрі дзень. На якой мов'е будзем размаўлят, на рускай ті на беларускай?» Я не хачу, каб ад нас зьяжджалі беларускія грамадзяне «нярускіх нацыянальнасьцяў». Праз выгнаньне яны вельмі востра адчуваюць што такое Айчына, і вельмі чульліва ставяцца да сваёй НОВАЙ Айчыны. У красавіку 1969 году ў Гаіці быў створаны закон, які ўводзіў сьмяротнае пакараньне за распаўсюджваньне марксісцкіх ідэяў. Пры ППРБ падчас разгону дэманстрацыяў у нас пачалі хапаць людзей, якія размаўлялі па-беларуску. Я б не зьдзівіўся, калі б сярод іх апынуўся мой знаёмец Адэра. Я таксама не зьдзіўлюся, калі ў будучыні Адэра ўзгадае свае вайсковыя навыкі дзеля абароны сваёй новай Бацькаўшчыны, і сыйдзе ў беларускія лясы.
У 1791 годзе насельнікі Беларусі мелі шанец стацца грамадзянамі адной з самых дэмакратычных краінаў сьвету. У той жа год гаіцянскія мурыны-рабы распачалі свае крокі да незалежнасьці. У 1994 годзе беларусы ізноў атрымалі Канстытуцыю, што адпавядае ўсім міжнародным нормам правоў чалавека, і абралі свайго першага прэзыдэнта, які адразу ж пачаў «замарожваць» Канстытуцыю, паводле якой яго абралі. У 1995 у незалежнай Гаіці ўпершыню за сто дзевяноста два гады адбыліся ВОЛЬНЫЯ прэзыдэнцкія выбары, якія, ЯК ЗАЎЖДЫ, скончыліся крывёю. У канцы 18 ст. у вольнай краіне Гаіці было вельмі мала носьбітаў досьведу дэмакратыі. У канцы 20 ст. у Беларусі засталося вельмі мала носьбітаў досьведу ВОЛІ. Патрэбны абмен вопытам. Ён адбудзецца ў будучыні паміж блакітнавокімі мулатамі нашых краінаў.
15 траўня - у 1206 годзе мангольскае войска перасякло адзін з участкаў Вялікага кітайскага муру.
ШАНЕЦ... ЯК ЗАЎЖДЫ
Герой апавяданьня Х.Л.Борхеса «Deutsches Requiem» Ота Дытрых цур Ліндэ, эсэсавец, прысуджаны да расстрэлу, у сваім перадсьмяротным маналёгу сказаў: «Каб усталяваць новы парадак, трэба шмат што зруйнаваць, цяпер мы ведаем, што сярод гэтага шматлікага — наша Нямеччына».
На думку Ота, кожны зь ягоных продкаў-ваяроў на розных войнах загінуў дзеля таго, каб у ХХ ст. Нямеччына навучыла сьвет жорсткасьці. На маю думку, германцы навучылі сьвет наступу. Нашыя продкі сутыкнуліся з германцамі калі ўпершыню крыжакі аблажылі памежную фартэцыю Полацкага княства Кукенойс. Гэта здарылася ў той самы 1206 год, калі Вялікі Хурал мангольскіх пляменных саюзаў абраў хана Тэмучына сваім Чынгізханам — Найвялікшым Валадаром. Тады між кітайскім Вялікім Мурам і Амурам нарадзілася сіла, якая выканала адваротную германскай місію. Татара-мангольскае нашэсьце на Кітай, Сярэднюю Азію, Каўказ і Ўсходнюю Эўропу навучыла сьвет абараняцца. Кожны захоплены лапік зямлі германцы пераўтваралі ў СВОЙ. Манголы ж упарта бралі чужыя гарады, каб назаўжды ў іх застацца й асымілявацца. Кітайцы 600 гадоў будавалі на поўначы краіны свой Мур даўжынёй у чатыры тысячы кілямэтраў з мэтай абараніцца ад суседзяў-мэнгу — «барбараў». А тыя пераадолелі перашкоду адно каб стацца кітайцамі.
Пэўна, лёс беларусаў пралягае паміж Наступам і Абаронай: мы не наступаем і не абараняемся — мы ПАРТЫЗАНІМ. Нас быццам няма, але час ад часу мы зьяўляемся, каб ізноў сысьці. Выглядае, што кожнага разу ахвяруючы Айчынай, мы жадаем навучыць сьвет выжываньню.
Толькі праз пару гадоў пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі я ўсьцешыўся «плодам» тых выбараў. Мы пачалі адвучвацца ад заганнае звычкі — ад партызанства. Мэнгу з Усходу пачаў вучыць нас абараняцца. Распушчэньне мангольскіх заваёўнікаў сярод захопленых народаў шэсьць стагодзьдзяў таму цалкам натуральнае. Яны не маглі скарыстаць перамогу, бо ня мелі досьведу абароны. Каб перайсьці ў наступ — трэба сьпярша выстаяць. У 1206 годзе нашыя продкі здалі крыжакам фартэцыю Кукенойс, упершыню на Ўсходзе Эўропы. Можа таму мы дагэтуль «партызанім». Цяпер мы ізноў маем магчымасьць парваць зачараванае кола. Альбо — ізноў «партызаніць» да чарговага шанцу. Як заўжды.
21 траўня - сусьветны Дзень Музэяў.