I. ЗАМЕСТ УСТУПУ
«Цікава, мой панічу, што ў жыцці настане? -
Вёў мову Грышка, як прылёг быў на паляне,
Дзе адпачыць спыніліся стральцы ў бары. -
Мо не да ладу я кажу, мо ўжо стары?
Што змена часу дасць нам, страты ці прыбыткі?
Выходзіць, пане, як у бабкі-варажбіткі.
Спрачацца не хачу, заўвага ж ёсць адна:
Я, не раўнуючы, як той кравец з сукна,
Вам лёгка з кожнага тутэйшага нязломка
Двух выкраю мешчанчукоў ды меры ёмкай.
А хіба ліха нашу чэлядзь, дабрадзей,
Не гладзіць гэтак, як барсук сваіх дзяцей?
Го! го!.. каб злыбеды зубоў не вышчаралі,
З асілкамі-дубамі люд бы раўнавалі.
Вось! - блізка беручы, на пана паглядзеў:
І цьфу! - аж падступае злосць, паніч схуднеў,
Запалі шчокі, не пазнаць людзіны з места!
А як пашастаем па лесе мы сумесна,
Дасць Бог, за восень пан паправіцца ў мяне,
Пакуль зноў жыць на лад мястовы не зачне.
Ды, мой панічу, праз паўгода быць вам потым,
Нібыта той камар, што хворы на сухоты». -
«Шчыруе той, хто мусіць». -
Ідзе да люду поступ, хай ідуць і людзі,
Гудок фабрычны кліча, паравозы будзяць,
Свет белы абягае тэлеграф ганцом,
Развеяў цемру Томас Эдысан святлом.
Што ўбачым, цяжка праракаць, як ад навукі
Дужэць, спрытнець у чалавека будуць рукі!
Пад ногі поступ падабраў вякі, падспод,
Усё, што адпадзе, асуджана на звод.
Пратэставаць дарэмна і навошта збочваць,
Бо людзі кажуць: «Жыць і карыстаць мы хочам!»
На акіяне хвалі марна люцяць бой:
Іх топча карабель, з іх пена за кармой.
Што небасяжных гораў тоўшча значыць будзе,
Калі тунэлі іх наскрозь прабілі грудзі?
Які ты ў нашым часе, о палескі край,
З адменаю тваёй, куды ні завітай,
Дзе гожасць дзікае прыроды - ад пачатку,
Дзе памяткі князёў, тых Рурыка нашчадкаў,
Што ў стэп на полаўцаў збіралі вояў раць,
На дзіды тураў колісь сілу мелі браць?
Ты край глухі, твае аблогі векавыя
Плуг поступу ўзарэ пад нівы залатыя.
Вы, мшары й пушчы, знікнеце, як марны сон!
Звядзецца звычай, зменіцца стары закон,
І ўсё, што слушна да мінуўшчыны належыць,
Памрэ павольным сконам зубра ў Белавежы.
Паверма, шчасце заквітнее на зямлі,
Шумець там жыту, дзе балоты век былі.
Палескай простай грамады нашчадкі ў хатах
За стол шырокі сядуць у бяседзе братняй,
Нарэшце скажуць: шчасце - ява нашых мар!
Паверма!.. хоць і Шапенгаўэр скрывіць твар.
Вось колькі абразкоў, сабраных у прастоты
На полі, сенажаці, ў пушчы, на балотах,
Каму сама прырода твор складае свой
З найцікавейшым зместам, з моваю жывой,
Каму і рыфмы (што цяпер выходзяць з моды)
Не замінаюць і не чыняць перашкоды.
Хто мае за людзей усіх палешукоў,
Таму не збрыдзее змест гэтых абразкоў.
Мы з праўдаю не размінуліся ў прысудзе,
Што гэтак ёсць, што так было, ды так не будзе.
II. ПЕРШАЕ МАЁ ПАЛЯВАННЕ НА ЛАСЁЎ
Папуску даўшы паляўнічай раз ахвоце,
Страляў калісь чачотак, вераб'ёў на плоце.
Стары пабачыў Грышка, йшоў кудысь сабе,
Сярдзіта плюнуў ды сказаў быў у журбе:
«Панічу! эх, панічу! пахвалы не мецьмеш,
Хоць стрэліш трапна й пташку, што ўпадзе, прыкмеціш.
Набою шкода - раз, другое ж - без віны
За што ж іх, дробных, бедных, біць, калі яны
Завеяй, маразамі туляцца пад стрэхі?
Дапраўды, грэх вялікі з гэтакай уцехі.
Хіба ў лясох звяроў няма, панічу мой?
Няхай бы волю там ахвоце даў сваёй.
Забіць лася, ваўка, хоць шарака не тое,
Што на чачотак, вераб'ёў псаваць набоі.
Панічу, згода ёсць на ўмовіны? Як мне
Пан слова дасць - ніколі ў пташку не стральне,
Я сам лася аб'еду, так пастаўлю пана -
За крокі будзе тры рагач неспадзявана». -
«Так, згода, згода!»
* * *
«Панічу, блізка, дзе чароту гушчыня,
Ёсць лось-рагач, ласіха, з імі ласяня.
Дык рушым заўтра з панічом, як ледзь заднее.
Мароз слабы, без ветру, ёсць тады надзея
На шчасце ў паляванні добраю парой.
Вазьму я сані пад'яздовыя з сабой,
Свайго каня, сыноў, упэўнены, панічу,
Ў лася, бы ў сена стог, страляцьме паляўнічы.
На паляванне ці гатовы пан як след?» -
«А як жа, як заўсёды». -
«Панічу, прабачай! Ласі не верабейкі.
Не выйдзе анічога! Хай дазволіць пан
Самому мне дагледзець паляўнічы стан.
Трэ гэткія дапасаваць набоі ў рулю,
Каб стрэліў - і пайшла раўнюткім шнурам куля.
Даць пудла нельга, бо мне клопат немалы
Шукаць... Вось тут мае, панічу, пасталы,
У іх не холадна і ўзімку, то ж не ў ботах,
Лацвей на снезе ў лапцях і трымацца потым.
Апратка ё?» -
А Божа ж мой! паніч якую стрэльбу носіць!
Цьфу! з руляў нешта сыплецца на дол само.
На соек, можа, едзе пан, на дзятлаў мо?
Дальбог, паніч мне насланнё ліхое!
У стрэльбе бруд, ці ж пэўныя дасі набоі?
Бяру я стрэльбу, зрання прынясу сюды
Набітай добра, чыстай, - і палюй тады.
Ха! ха! не можа ў паляўніцтве пан кумекаць.
Бывай здароў! Хвала Хрысту!» -
* * *
На ўсходзе ледзьве толькі пачало віднець,
Быў да паслуг ужо стары асочнік мне.
Апратку ўбачыў Грышка і здзівіўся шчасна:
«Мо добры паляўнічы з пана будзе з часам.
Дык едзьма, бо пара ўжо падганяе нас,
На досвітку пяе пявун астатні раз.
Ласі тут блізка, хутка ім заступім ховы.
Не стрэлі бабы - ўдача будзе адмысловай».
На санях, гэтакія толькі на Палессі,
Дзе хочаш, там і едзь сабе - балотам, лесам,
Не шпаркі бег у іх з-за палазоў высокіх,
Затое снег ужо не падапрэ глыбокі, -
Мы рушылі, радком сядзелі ўчатырох.
Хоць моцны, конь ішоў ступою, сані цёг,
Яны, здавалася мне, рухаюцца ледзьве.
Сплыло так манатонна з дзве гадзіны недзе.
Прашу я Грышку:
Я змоўкнуць мусіў і сумотнаю хвілінай,
Перш грэбліва чамусь, паглядваў на мясціны.
Абшары дзікія, без сцежак і дарог,
Асочнік толькі знаць ды звер палескі мог.
Край гожы, некрануты быў перада мною,
Чарот бязмежны, пушча з сіняй глыбінёю,
Дзе хвой выносістых завершаны стажок,
Як галаву, траха пасерабрыў сняжок,
А побач клён раскошны, дуб стары, гарбаты,
З разлогаю сукоў магутных, вузлаватых.
Падшыта ўсё густым ляшчыннікам, лазой,
Каб таямніцы ў глыбіні схаваць лясной.
Ціхота... толькі дзятла стук заўзяты, бойкі,
Ці крыкне папялістая ў спалоху сойка,
Ці свіст арэхаўкі, аўсянкі цвірк чуваць,
Ці піск гілёў, што чырванню зімой гараць.
Язда мне здоўжылася, і сказаў тут Грышка:
«Хай папяроскі курыць пан, як часу лішкі.
Сваё як толькі зойме ў лесе месца хтось,
Курыць ні-ні! бо не падыдзе блізка лось.
Нюх добры мае. Я дзе сена жменьку кіну,
Хай там саскокне пан у гэтую ж хвіліну,
Ціхутка стане за алешынай грубой,
Наставіць вушы ды глядзіць перад сабой -
Прыйсці да пана мае лось-рагач з чароту.
Няхай паніч падпусціць, цэліцца трэ потым
У грудзі, ў шыю, пад лапатку - як зручней,
Абы папаў, каб марна не ўпусціць надзей!
Ласі тут блізка. Пан, пабач! - то ж след ласёвы.
Цішэй! не гаманіць, бо звера спудзіць мова».
Падрыхтаваўся скокнуць і сяджу маўчком...
Мы едзем, едзем!.. Знецярпеўся і цішком
Спытацца вырашыў: «Ці скора?» - ў гэту хвілю
Заўважыў, што набок штось голаў Грышка хіліць
І сена кінуў жменьку.
Я пільна слухаў, пільна ўглядваўся ў чарот,
Вялікі пазначаўся ім абшар балот.
Калі мяцёлкі пташка парушала часам,
Стаяў як укапаны, сэрца біла часта.
Здавалася ад шамацення шмат разоў:
То ж лось надходзіць! - Не! - я памыляўся зноў!
Бо шолах той змаўкаў, была наўкола ціша,
Мяцёлкі ветрык ледзьве толькі пакалыша,
Як пташка толькі сядзе, хіліцца гучок,
Сініччын толькі чуўся ценькі галасок.
Трывала гэтае чаканне мо з гадзіну,
Заеў быў нуд. І вось шчаслівая хвіліна -
Бег ліс палянай. Цэль хоць ледзь відаць,
Сабе падумаў: стрэлю! Стане там чакаць
Хто тых ласёў, няхай іх д'яблы!..
Раз! два! з дзвюх руляў пакаціўся гром усюды,
Лось скочыў у чарот маланкай з перапуду -
Ягоны тупат чуецца штораз слабей.
Зноў цішыня, чарот калышацца сабе.
Дзесь грымнуў стрэл, за ім другі адразу ляснуў,
Зноў ціша мёртвая.
* * *
Як я апавядаў пра свой залішні спех,
Смяяўся Грышка, саркастычны быў той смех,
За звычаем п'ючы з бутэлькі паляўнічай,
Дадаў:
III. ПЕРАД КУЦЦЁЙ
«Куцця, паночку, заўтра, трэба ў поле рушыць,
Вялося так спрадвеку». -
«Паночку! што я чую?! Што ўсё гэта значыць?
Якая завіруха нават ні была б,
А трэба йсці. Няхай не слухае пан баб!
Ад іх, ад гэтага стварэння, шмат ліхога,
Не абышлося й тут без языка даўгога:
Зашкодзіць! - ляп! няможна! - ляп! абы мянціць.
Цьфу! - заўтра з паляўнічых дома хто сядзіць?
У дзень куцці паўсюдна ловы ладзяць людзі.
Як заўтра пан заб'е, дык цэлы год біць будзе,
Як пудла дасць, пасля і ўлетку, і зімой
Натрапіць... стрэліць... папакруціць галавой!
Шарак, забіты заўтра, многае пакажа, -
Як лось, казуля ў іншым часе, столькі ж важыць.
Ну хоць дразда забіць, хоць амялушкі дзве,
На птаства будзе шчасціць, і не дзе-нідзе.
Нам конча трэба йсці!» -
«Ну, досыць!.. Заўтра йдзем куды на паляванне?» -
«Ў лазняк». -
IV. НА ЛАСЁЎ НА РЫК
«Панічу любы! завітаў да нас нарэшце!
Сядзеў паніч задоўга ў гэным клятым месце,
Пыталіся штодня ў двары, на вёсцы ўсёй,
Калі ж да нас наведаецца вучань мой?!» -
«Не мог прыехаць я праз розныя замінкі». -
«Здароўе як?» -
«Як жывяце?» -
«А мой жа дабрадзею! любыя паняты!
Дарункаў кожны з вас прывозіць мне багата!
Над тытунямі гэты панавы тытунь!
Сягае ў мозак - аж да слёз, пад нос не сунь!
Тутэйшы местачковец, мешчанчук насаты,
Калі нюхнуў, быў чых - паліў, нібы з гарматы.
Якое дзіва!.. спірт!.. І шапка! Божа мой!
Пайду я на Вялікдзень да касцёла ў ёй.
Ангельскі, пэўна, порах... Шмат з яго рахубы:
Драбнюткі - нібы пыл, а з пысы выб'е зубы,
Дай мерку добрую... То ж, браце, дзівіна:
І дыму мала, й гук - як ляск у бізуна,
Нясе ў раўнюткі шнур!
Мо не пазней як з паўгадзіны, між палеткаў,
Якія спелым жытам залацелі ўлетку,
Каля жытнёвых коп на ржышчы за грудком,
Паўз ніву грэчкі, што духмяніла мядком,
Цёг трухам просты воз, драбінкамі названы,
Таварыш паляўнічых, конік наш буланы.
Я ехаў з Грышкам, а ў бары ўжо быў душой,
Акрылены надзеяй добрай і думой.
Нібыта стужка, лес наперадзе далёка
Раскінуўся, абняўшы небакрай шырока.
А жнівеньскае сонца прыспарала жар,
Блакітны промнямі выбельвала абшар,
Хіліла бег свой дзённы пакрысе. За возам
Клубіўся хмаркай пыл, узбіты на дарозе.
Клубоў разрост супыніць неўзабаве лес,
Кружляе каня ў небе з крыкам жальным спрэс.
Ды зрэшты - ціша. Спіць, спавітая спякотай,
Уся прырода, толькі капытоў стукота
І тарахценне воза будзіць той куток.
Вось мы і ў лесе! Чуўся тут і халадок,
І смольны водар, што струменіў бор хваёвы.
Драбінкі трэсліся на сплётах каранёвых.
Дарожка вузкая вужакай лесавой
Вілася між кустоў ляшчынавых і хвой.
Выстукваў дзяцел на ствале, і невысока
Над галавою з крыкам праляцела сойка.
Я свіснуў - і памкнула з пуду. Шчэ ляцеў
Над намі нейкі птах, варону выдаў цень.
«Но! но! стары буланку! - Грышка панукае
Ды на каня і на дарогу наракае. -
Удача, можа, будзе заўтра ў паніча,
Як пойдзем разам паляваць на рагача.
Надзеі мала сёння. Ёсць ласі далёка,
Дзе матачнік, я без пары не б'ю. Як вока
Пільную іх. А мо надарыцца пасля
Нам з панам хвіля на шляху да Базыля.
Калі там ні бываў, як нейкая мне кара
Той воўк, крадзе мой час. Задам калісь прыпаркі
Я шкодніку! - крыві мне колькі ён псуе!
Не паддаецца воўк на хітрыкі мае,
Ў адным заўсёды месцы, шэльма, чыніць варту.
Бывалец ён, але ж і я натуры ўпартай».
Штораз гусцейшы лес, хіліцца ўжо зачаў,
Бо блізка тут вада. Дарога праз гушчак
Віецца. Елка, вольха, цёмны граб, асіна.
Прыемны халадок ад вільгаці ў нізіне.
Раўчак, як шыба, бліснуў у кутку лясным,
Тулілася сядзіба Грышкава за ім.
«Гэй! гэй! - ёсць дома хто ці не?! - сюды, і жыва!
Няма, напэўна, анікога, зараз жніва.
Што ж мне рабіць?.. Стаяцьме дворскі конь у той
Аборы, скемяць... ах, Вінцук не знае мой,
Што ў Базыля мы будзем, ён прыйшоў бы ўночы,
Прыдаўся б заўтра, дапамог бы нам ахвоча.
Пацёгся ў поле мо?.. Што ж мне рабіць далей?..
Ага!.. пакінем торбу й стрэльбу на стале.
Пабачыць, здагадаецца тады, што клічам,
Пазнакай шлях падкажам... Добра ўсё, панічу!
Паставіць трэ каня, сянца буланку даць,
І рушым. Запрашаю ў хату завітаць».
Гаспода. Посуд на паліцы. Чыста ў хаце.
Абраз з выявай Божай Вастрабрамскай Маці.
Таўстуха-печ, палаці, што амаль пад столь,
Дзве лавы, зэдлік і засланы просты стол.
На ім выглядваў хлеб з-пад чыстай палатніны,
Нож побач, соль на сподку. Ток чысцюткі з гліны
Заместа мосту, - гаспадыніна хвала.
Пры печы вілы, качарга і чапяла.
Карцінкі на сцяне наклеены. Змест кожнай
Без повязі. Выяву ўбачыш Маці Божай,
А побач войска - шыхт ваярскі за шыхтом,
Малюнак пекла - плата за грахі агнём,
Святы чаргуе Юры ў шышаку стажковым
І этыкетка ад бутэлькі каньяковай,
Красуецца французскі надпіс «fine champagne».
Пайшла і мода вось - дзяўчынкі ля дзвюх пань,
Якісьці зноў святы з шатанам і анёлам.
Пад ложкам скрынкі розныя, пад самай столяй
На рыбу восці, невад, вязкі сушаных грыбоў,
Шмат усялякіх зёлак - не злічыць пучкоў,
Вянкі цыбулі, белы часнаку вяночак.
Віселі стрэльбы, торбы шэрыя ў куточках,
Рагаціна ў куце выстойвала адна,
То ж ловы помніла на медзвядзя яна,
Стапырыўся над ёю цецярук напханы,
На ваб, няйначай, паляўнічым ужываны.
Гарэлі на вакне вазоны ад двара -
Ў гаршчэчках месячная ружа і герань.
«Наб'ю шчэ стрэльбу я, і выбірацца можна.
Пакуль там што, пан ліпцу паспытае, можа,
Свяжуткі, сёлетні, ільсніцца серабром», -
Казаў Рыгор, нёс місу з сотавым мядком.
* * *
Ляснымі йшлі шляхамі. Дзе былі загібы,
Ламаў галінку Грышка, каб Вінцук не хібіў.
Сын мусіў знак чытаць, рабіць высновак свой.
Праходзячы каля бярозы маладой,
З-за паса Грышка выняў вострую сякерку,
Надцяў кару і здзёр, дапільнаваўшы мерку.
Бяросту белую накшталт стажка скруціў,
Лазовай стужкай змацаваў і затрубіў -
Разлёгся голас, вабіць так самца ласіца,
І з гуку, і з адлегласці не надзівіцца.
Хоць побач я стаяў, здалося мне ў барку,
Што голас плыў здалёк, губляўся ў гушчаку.
Мы ўсё далей, далей у цішы йшлі знямелай.
Лес дзікі станавіўся і параскашнелы,
Раскінуўся ў сваёй магутнасці, красе.
Замілаваны мог даследнік пакрысе,
Бы кнігу, тут чытаць гісторыю развою
Прыроды, што спрадвек не ведае спакою.
Вось волат-дуб, над гуртам дрэў дасяг ён хмар.
Разложысты. Наўкол дзяржавец-валадар
Забраў вялікую прастору ад суседзяў.
Пад ім не маюць росту, выжываюць ледзьве
Гатункаў розных карлікі - падданцы ўсе
Манарха, прышласць ім надзей не прынясе.
Хіба што волату імхі ўкароцяць часу,
Зашмат на дубе развялося чужапасаў.
Памчалася ўгару вавёрка да жытла,
У жарало нарэшце скокнула дупла.
За ёй яшчэ адна панеслася вяртляста:
Выходзіць, смерць гасцюе ў волаце дуплястым.
Дарма ўдаваў ласіху на трубе Рыгор,
Дарма напагатове штуцэр быў яго,
Бо толькі адказала здрадным тонам рэха,
Ўзляцелі з крыкам сойкі ў палахлівым спеху.
Брыдзем далей.
Нырнуў я ў куст ляшчыны. Побач волат-граб.
Прысеў я. Грышка знік у лесавой гушчэчы.
Ніжэла сонца, спёка ўнікла, камарэча
Напала, толькі й чуў дакучны звон,
Пісклівы не сціхаў каля вушэй паўтон.
Пабольшала ў аркестры камаровых піскаў,
Хоць і замоўкла шмат на твары ад прыціскаў.
Не адстрашала нават кара камарні,
Маглі заесці крыважэрныя раі,
Свярбела скура - насланнё на паляўнічых.
Не бачыў я красы, ў якую таямніча
Прыбрала пушчу развітальнае святло,
Калі да сну хіліцца сонца пачало,
Залоцячы вяршкі хваінаў.
Трыумфаваў так Грышка і ўжо бег уперад,
З пазнакай радасці яго быў кожны рух -
На хітрым ворагу здаволіў помсты дух.
«Сядзеў!.. паглянь, паніч, сядзеў!.. о!.. юха кажа!
Звялі з табой урэшце парахункі!.. Ляжа!..
Заліўся юшкай, дужы - шэльма! - ў лес глыбей
Шчэ сунецца... Пад вуха вытрымаць ляпей
Ці пад лапатку». -
«То пэўна!» - «Што ж пляцеш?» - «Ат! звычка павяла...
Я з радасці, панічу мой! Дый не зашкодзіць
Практыкавацца маладому пры нагодзе,
Калі стары й павучыць... О!.. ў гушчар, туды!
Як стуль не йшоў, не будзе выкруту тады.
Вакол хай пан бяжыць, а я ў сяродак самы!
Схаваўся там, дык мецьме напатканне з намі».
Пабег... Не ўспеў я пацераў дагаварыць,
Як чую моцны Грышкаў голас: «Тут ляжыць!»
Я дзёрся праз кусты, разносіліся ўдары,
Яшчэ нябожчыка ўсё Грышка кіем жарыў,
Чыніў страшэнны здзек - аж анямеў быў лес,
Як з трупа Гектара калісьці Ахілес.
«Пакінуць звера - то ж не ўчуць ганаравання!
Хоць скура ўлетку й дрэнь.
Была ў бары ўжо ноч, як з хаты Базыля
Неспадзявана бліснуў нам прамень святла.
Вястуючы пра нас, заходзіліся брэхам
Псы-дварнякі, будзілі ў сонным лесе рэха.
Пасля завылі, блізка як былі з ваўком.
«Учулі воўчы дух - трывога ў дварнякоў».
Дзвярыма хтосьці скрыпнуў. «Ціха!.. вон, шатаны!» -
На псоў азваўся голас.
* * *
У Базылёвай хаце чыстай за сталом
Сядзелі на куце мы гаманкім гуртом,
Нас вельмі ўсцешыла часіна адпачынку,
Патрэсквала яечня гучна на камінку,
Здалёку чуўся нам прыемны пах яе,
Настрой вясёлы быў ад смакаты тае.
Тацяна, жонка Базылёва, маладзіца,
З румянкам ад агню, з яе не надзівіцца,
Расставіла талеркі на абрус уміг.
«Што маю, тым прымаю!» - запрасіла ўсіх.
Базыль да нас быў піць гатовы...
* * *
Нас раскатурхаў сын Рыгораў у гумне,
Вінцук пазнакі бацькавыя зразумеў,
Ляцеў, як птах, час скарачаючы дарожны,
Пару заўзяты паляўнічы знае кожны.
Абмыўшы каля студні рэшткі сну з павек,
Пайшлі бадзёра мы.
Завальваліся ногі ў пух, у мох буйны,
Стральцу ж то мукі нечуваныя адны.
На ім шмат ягад.
Імшарышчам свой прыспаралі мы паход,
Здалёку лес хваёвы ды густы чарот
Нас вабілі надзеяй.
* * *
Лаўцы ўжо разышліся, толькі ні на крок
Не адыходзіў я ад Грышкі. Вось здалёк,
Здалося раптам нам, адказ на ваб Рыгораў
Данёсся. Голас быў слабы, няпэўны з бору.
«Пан чуў?.. надходзіць лось... ай, латва! добра, ай!..
Да нас, напэўна, йдзе... Паніч тут ляжа хай!..
Маўчаць, як рыбіна ў вадзе, каб не нашкодзіць!..
Трэ вычакаць!.. Куркі, панічу, на адводзе!..» -
Шаптаў мне Грышка, стрэльбу сціснуўшы рукой,
Сагнуўся і прыпаў да хвоечкі малой.
Я лёг, раса студзіла ўранку праз адзенне,
Ды не зважаў, глядзеў на зараснік з надзеяй,
Туды, скуль, думалася, выскачыць рагач...
Завабіў Грышка... Слых і зрок свой як мага
Напружваў, ды дарма... Рыгор штурхнуў, я трохі
Паварачаю голаў, кінулася ў скроні
Раптоўна кроў, як справа праз лясны гушчар
Ішоў вялікі лось, я ўбачыў рагача...
Той дзіўны стан не паддаецца апісанню,
Як трапіць гэткае стральцу на паляванні.
Дрыжэў, нібы ў гарачцы, - прыбліжаўся звер.
Як трапным стрэлам прывітаць яго цяпер?
Змагаўся я з сабой... Рука мая трымцела,
Нарэшце нейкі момант вытрымаў на цэлі...
Пальнуў...
«То праўда, даражэнькі!.. Хоць бурчу з нагоды,
Цябе, як роднае дзіця, люблю заўсёды».
V. ГОЛАД
«Нялюдскую забаву кіньце, мой панічу,
Паслухайце старога, што дабра вам зычыць,
Грэх хлеб круціць у галкі ды кідацца ім,
Бо гэта Божы дар, хлеб госцем дарагім,
Яго заўжды людзіне трэба шанаваці,
Каб з хлебам хлеб штогод спаткаўся ў хаце.
Калісьці, помніцца, нябожчык наш сваяк,
Абы пабачыў, галкі хто круціў вось так,
Ці свой там, ці чужы, - не выпушчаў ніколі,
Мне вуха надарваў за гэткую сваволю.
Заўсёды помню родзіча ды ўчынак той
І за душу малюся - вечны супакой!
Стары я і ўсяго нагледзеўся даволі,
Быў двойчы на вяку маім вялікі голад.
Сягоння зразумела мне, чаму не раз
Ксёндз Бога ў суплікацыі прасіў за нас,
Пра голад прамаўляў». -
Другі вялікі голад, я малакасосам
Шчэ быў, траха чарнелі вусікі пад носам.
На ловы першы раз пайшоў адзін-адным,
Сваю пакінуць мог я скуру ў лесе тым
Заместа медзвядзёвай». -
«Пра што, Рыгору, мова! кожны сам устане.
Дык раскажы». -
І вось у вока мне тады дзяўчына ўпала,
На згубу сэрцам пакахаў, куды ні глянь -
Красуня, зграбная была яна, як лань.
Румяная, цвіла, як мак, чарняўка тая,
А моцы, вытне кулаком - духі займае.
І многа бабскай спрытнасці было ў яе,
Бы ў пытлі меле, як падскочыць да мяне
З усмешкай. Маладому ўцеха!.. Папалётаў,
Гатовы быў на сценку лезці з тых залётаў.
Уляна звалася, Мікіты каваля
Была старэйшая дачка.
Ці ж маладому ў галаве гатунак той
Іх роду й племя? Цешыўся з дзяўчыны гладкай.
Хіба мяне абходзіў род? Але мой татка,
Калі пранюхаў і залёты, і намер,
Даў пытлю гэткага, што ў памяці й цяпер.
Уляна, толькі потым зразумеў я справу,
За нос мяне вадзіла, здоўжыла забаву,
З жаўнерам уцякла. А верыў я тады,
Што закахалася ў мяне, не знаў бяды.
Тут голад надышоў. Усю вясну напасці -
За маразамі спёка, сухавей зачасціў,
Ні кроплі з неба, аж балотны ўсох абшар.
Улетку здоўжыўся сухмень, нясцерпны вар,
А ў дзень сямёх святых абложны дождж пачаўся,
Два месяцы ішоў, усім у знакі даўся,
Згнілі на полі й рэшткі восеньскай парой,
Узімку голад, холад люты, Божа мой!
Шчэ нам - сяк-так. У нас былі на тыя часы
Ў каморы і ў таку хоць нейкія запасы,
Ды паляўнічы, зрэшты, мог падацца ў бор,
Тады нам трохі дапамог і панскі двор.
А што да чэлядзі вясковай, люд убогі
Тады шчэ нават рады быў бы з хлеба тога,
Што напалам з амеццем, елі хлеб такі -
Мог хутка запалаць, агнём вось толькі ткні,
Ды брак і гэтага. Кару ўжо дзерлі з дрэва!
І страх было глядзець на люд худы, схварэлы.
Каваль Мікіта жыў у горшай шчэ бядзе
Ад жыхароў другіх. Запасу анідзе,
Яму забракавала шчэ й работы з хатаў,
Расстацца мусіў кожны з конікам астатнім,
Бо ратаваў жыццё. Я шляхам патайным
Валок што-кольвек часта-густа з дому ім,
Ды ў збытках не жылі і мы тады, васпане.
Я й думаю сабе: галубцы вось Уляне
Адзін мядзведзя паспрабую аблажыць,
Не будзе сведкі, як употайку зрабіць,
Прадам я жыду скуру, грошы - на патрэбы.
І першы снег якраз, спрыяла ў гэтым неба.
Мы з бацькам рушылі, парадаваў абход:
Сляды ласёў, дзікі заходзілі на лёд,
Мядзведжыя два тропы да Крывога Логу,
Напэўна, праставалі да свайго бярлогу;
Медзведзяняты тушы, мусібыць, малой,
Як на сляды зважаць. Пасля ў глушы лясной
На медзвядзёвы тор надарылася трапіць -
У следзе шэльмы мой увесь хаваўся лапаць.
У пушчу, ўглыб сляды, падумаў я сабе:
Як добра! ўжо цяпер не выпушчу цябе.
Вяду сумысля бацьку бокам, доўгім крукам.
Назаўтра ўзяў да звера вучаную суку
І стрэльбу на плячо, за пас сякеру ткнуў
Ды йсці. Спаткаўся з бацькам, моўчкі не мінуў.
«Куды?» - «Ласёў сачыць». - «Бярэш навошта сучку?
Штось маніш! Сцеражыся, сынку, дам навучку!»
Пайшоў у хату, пальцам на мяне патрос.
Мінуў быў неяк - дзякуй Богу! - бацькаў чос.
Я рушыў. Адшукаць сляды пашанцавала,
Ды абысці мядзведзя клопату нямала.
Далёка йшоў, да высекі старой, за ім,
Стуль не выходзіў, дзесь у берлагу сваім.
Я зменшыў кола раз, другі, аж нечакана
Рванула сучка вераўчаны смык... Мой пане!
Капою сена блізка ад мяне як бач
На чалавечы рост падняўся быў кудлач.
Аж лыткі задрыжэлі! Сучка безупынку
Ірвалася, пусціў з рукі, сам да хваінкі
Адскочыў. І за стрэльбу! Цэліцца - ды стоп!..
Накінулася сучка і за лыткі хоп.
Мядзведзь раве, ўцякае!.. падае ў ламачча...
Бароніцца ад сучкі, трэск чуваць... няйначай,
Спрабуе ўжо схапіць. Я напралом валю,
Забег і падпусціў, узяў у лоб - палю!
Мядзведзь прысеў і лапамі - за лоб, а потым
Галопам - проста на мяне! за дуб я - лётам!
Затаньчылі наўкола дуба мы таго,
За зверам сучка, нападае на яго,
Падскочыць, скубяне. Скачу я ўлева, ўправа.
Ратуй, Заступніца Святая!» - паўтараю.
Тут - бах! - стрэл грымнуў.
І што ж? ці ж памыліўся?.. Ведзьма ўжо была
Заручаная і з жаўнерам уцякла,
Якая ганьба!.. цьфу!..
Панове ў складчыну далі на дапамогу,
Прызначыў жыта пан чатыры абарогі,
З апекай, хоць і ціснула бяда нас тут,
Вясны няшчасны дачакаўся неяк люд.
Сказаць забыўся панічом, а як па стрэле
Было маім. Аж люба, куля ў лобе села,
Ды не пайшла, а знесла з чэрапа якраз
І скуру й кудлы, не раўнуючы, як пас.
Пянёк браць толькі трэ, як з медзвядзём мець справу,
Пад вуха цэліць, кулі круглае не раю...
Даволі пра даўнейшчыну тут згадваць мне!
Цьфу!.. спаць калі ж мы будзем?.. хутка днець пачне».
VI. НА ГЛУШЦОЎ
Вялікдзень набліжаецца. Вадой вясновай
Паразрывана крышталёвая закова.
Заліты і папас, і поплаў, і загон:
За хваляй хваля мкне пры ветры наўздагон.
Звіняць у полі раўчукі, вада рачная
Зіхціць на сонцы, бы луска ў ёй залатая.
Вясною пахне. Бусел, любасна глядзець,
Ляціць і з клёкатам сядае на гняздзе.
Кігіча, енчыць чайка над прасторай воднай
І моўкне ў далечы, спускаецца галоднай.
Вароны парамі чакаюць тэй пары,
Ці ж хутка на загоне ім гаспадары
Зямелькі чорнае сахой адвернуць скібы?
Уночы на рацэ агні. Пільнуюць рыбу.
З лучынай яснаю на чоўне калыўным,
Нібы Нептун з трызубам, з восценем даўгім
Плыве адважны сын Палесся, вёскі ўбогай,
Не ўвекавечыў пэндзаль Рэмбранта такога,
У мроку пры святле лучыны век-вяком
Здаецца духам чалавек, вадзяніком.
* * *
«Хвала Хрысту!» - «Навекі!» - «Пэўна, пан Рыгора
Чакаў ужо і на глушцоў не здоўжыць збораў?
Сяк-так, дзе бокам-скокам, дзе пералячу -
І тута, кланяюся земна панічу». -
«То дзякуй! - што ж чуваць там?» -
«Праз лугавіны праплывем?» -
* * *
Разводдзем човен дзесь пад вечаровы час
У Ляды Чорныя занёс на спевы нас.
За мшарамі пачаўся лес штораз цямнейшы
Ды больш дрымучы, чым далей - дзічэйшы.
Не чуешся ў магутнай пушчы векавой
Прыроды панам, а часцінкаю малой.
Рыгор тут раз, другі і трэці пагалёкаў,
Прыслухаліся: нам адказ ляціць здалёку.
«Там хлопцы! то і добра, што прыйшлі раней,
Агледзелі, начлег спарадкуюць лацвей».
На выспе гэтак званай, на малым пагорку,
Чакалі нас дарослыя сыны Рыгора,
Два хлопцы. Мокрыя, з гразёю, пасталы
І крыссе ўподтык прамаўлялі, што паслы
Рыгоравы балота мусілі так мераць.
У кожнага ў іх стрэльба, торба і сякера,
Заткнутая за пас сырцовы на баку.
«Хвала Хрысту!» - «Навекі!» -
Штораз цямней. Здаецца, хвоі ды яліны
Вышэйшыя шчэ сталі ў гэтыя хвіліны.
Ківаюць, здэцца, веліканы галавой
І з вышыні няспынна сочаць за табой.
Таемнасць шолаху, гамоняць ціха дрэвы,
Крык сойкі, чорнага дразда ліюцца спевы.
Далей праз гушчыню! Як плавень без стырна,
Як птах начны, бясшумна ў морак парынаў!
Штокрок стаю і слухаю... прысеў, чакаю...
Зблудзіць я не баюся, лес вялікі знаю.
Ад вусцішнае цішы, мроку, сценяў тых
Уражанне на нервах дзіўнае маіх.
Я ўслухаўся... пачуўся раптам лопат крылаў,
Ляціць над самай галавой глушэц-страшыла,
Адразу завярнуў улева неўспадзеў,
Залапатаў і сціх - на дрэва, пэўна, сеў.
Я чуў, як сэрца стукацела з хвалявання,
Каб не парушыць цішы, стрымліваў дыханне.
Глушэц затакаваў і змоўк, зноў песні зык,
Птушыны спеў разлёгся. Брава! такавік!
Назад стараўся адыходзіць асцярожна,
Бо ў лесе кожны сук заўсёды здрадзіць можа.
Дапамагаў мне мяккі пад нагамі мох,
Без шолаху, паціху адыходзіць мог.
Сцямнела ўжо, прыкмеціў зорачкі паходню
І вырашыў урэшце йсці далей свабодна.
Агледзеўся, вагаўся шчэ ў душы крыху,
Ці не змыліўся, ці патрапіць я змагу.
Ды зніклі думкі невясёлыя адразу,
Як стук Рыгоравай сякеры ўчуў выразна -
Звароту нітка вось. І неўзабаве стрэў
Святло пурпурнае на вершалінах дрэў
Ад вогнішча начнога.
* * *
«Шатана ці русалак бачыў ты хіба?» -
«Фу!.. цьфу!.. Панічу! ну навошта пахвальба?
Нібыта не баіцца сілы пан нячыстай?!.
Мо тут шатан сядзіць на хвоі дзе камлістай!
Нячысціка ды клікаць?!. У імя Айца!..
Мы ў пушчы, а не ў хаце свячанай!.. Жыцця
Яе не перадаць... гм!.. кніжкі пан чытае
І верыць, што бязлюдны лес душы не мае?
Прабач. Дык слухайма, лавем жа кожны гук,
Ад пушчы пан не спадзяецца гэткіх штук.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Паніч ці чуе?!. Я звяроў і птахаў знаю,
Ды што за д'ябал, голас чый, не адгадаю!..
Фу!.. цьфу!.. спакуса панава... пачаў вярзці!
Я ж вернік, пад святой апекай у жыцці!»
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Шаптанне пацераў... Дапраўды ў пушчы ночнай
Усякіх гукаў тысяча. Пазнаць захочаш,
Не разбярэш дзесятай часткі з іх ніяк.
Хіхікне хтось, а там заплача горка так,
Тон часам жаласлівы, часам востры, дзікі.
Таемныя спрадвеку пушча мае зыкі.
Хто скажа, што ў сабе захоўвае яна?..
Яе ўрачысты й грозны голас - цішыня,
Як тону вушы аніводнага не ўловяць.
Не дзіва, што ў праявы верыць люд вясковы.
До ў пушчы раз паначаваць і там без слоў
У гукі ўслухацца таемных тых размоў.
Так думалася мне, як лёг я адмыслова,
Акрыўся буркаю на купе лап яловых,
Яліну Грышка ссек. Прыемнае цяпло
Ад полымя вялікага няспынна йшло.
Снапы бліскучых іскраў угару ляцелі
Зігзагам фантастычным. Ніклі летуценні.
На ловах лёгка спіцца...
* * *
Я памаленьку з астраўка пайшоў у мрок,
Тут угрузаў, дугою гнуўся там штокрок,
Інстынктам кіраваўся памяці ў надзеі
І пільна прыслухоўваўся, што пушча дзее.
Агню не бачыў я, ўрачысты супакой,
Лес толькі, бы гаворыць, верх хістае свой,
На смельчака дзівуецца, які пакрочыць
Адважыўся ў абшары лесавыя ўночы
Далей - уперад!..
З грудзей не выскачыць ледзь сэрца, як нарэшце
Наблізіўся я неяк праз замінкі ў спешцы...
Пара!..
«Нішто сабе! нішто!.. віншую!» -
Пачуўся стрэл далёкі.
VII. АБЛАВА НА ВАЎКОЎ
«Паночку, ёсць!.. знайшоў! каб колька ім падпала!
Ажно за Цэпрай, пад смалярняй заняпалай.
Нядобры час цяпер, каб іх упаляваць.
Ці - мала ўжо ваўкоў? Бадзягі ўсё чуваць,
Тут сёння абзавуцца, заўтра аж за мілю!
Тутэйшыя лясы я знаю непамыльна,
Цвярджу: няхай мне паляўнічы плюне ў вочы,
Калі непадалёк бярлог асочыць воўчы.
Нарэшце племя іх амаль прапала марна,
Завабіць вырашыў ваўкоў аж пад смалярняй -
Маўчаць, а блізка - ранак, час ужо не той.
На спробу зацягнуў іх песню Янка мой.
Фі!.. фі!.. аркестра, пане! бы кадрылю грае!
Як з Капыля ці з Клецку музыка жывая!!.
Мы бокам - граюць зноў!..
Сачу даўно - асочкі лепшай не было.
Аблеткі ёсць, і пераяркі, і старыя,
Ці шэсць, ці сем - да ладу не дайшоў тады я.
Кутом у лесе будзе лінія паноў,
Ваўкам канец, мы іх паб'ем, як бараноў.
Каб не марудзіць толькі, не губіць надзеі,
Хай піша пан лісты і просіць на нядзелю.
На тракце пры карчме гасцей далёкіх збор,
Туды ж аблаўнікам ісці накажа двор.
У косці ўвернем гэтым шкоднікам праклятым.
Хвала Хрысту!.. Пара вяртацца мне дахаты».
* * *
Нядзеля. Пры карчме дружына, ўсякі люд:
Паноў і з міны, і з чупрыны колькі тут,
Асобнымі грамадкамі трымацца мусяць
Пры іх службоўцы, шляхта. Кручаныя вусы,
Асмужаныя твары і адменны рух,
Мажныя, дужыя, відочнай моцы дух -
Кантраст між шляхтай і службоўцамі, бо тыя
З блядым абліччам, без крывінкі і худыя.
Далей стральцы - лясная варта, каля іх
Падпанкі, хурманы, прыслуга, між усіх
Паводзяцца свавольна франты-местачкоўцы,
Да дзевак прыстаюць, хіхікаюць бясконца,
На ўцеху ганчакоў уздумалі дражніць.
Стары іх Грышка мусіў тут жа абсадзіць.
Загоншчыкі на прызбе, ганку і пад плотам
Былі наводдаль, не раўнуючы, як сплёты
Даўжэзнае вужакі чорнай, што паўзла
І ўсю вялікую карчму апавіла.
З аблавы кожны быў узброены ці стрэльбай,
Ці кіем - помстаю кіпеў на воўка, шэльму.
Пацешныя між імі надта хлапчукі:
Ледзь ад зямлі адрос, а цягне кол такі -
Падняць яго не можа, татава налезла
На вушы шапка, голаў скрыўшы ўсю гарэзы.
Вазы і брычкі скупіліся за карчмой,
Падпіў з засценка шляхціч, пры гурме чужой
Крычыць на сына: «Паказаў сябе, праславіў!..»
Ад смеху Грышка клаўся, ведаючы справу.
«Ну й паляўнічы ў нас - на камароў яму!
Ці ў стрэльбе помніць што?.. Хто веры дасць таму?
Хай пан адкажа нам!» -
На тракце тарахценне, пыл над ім падняўся,
Чуваць званок паштовы, станавы прымчаўся.
* * *
Аблавы не ўдаюцца на ваўкоў цяпер,
Малы з іх вынік, клапатных замнога мер.
А вырак гэтакі гаспадароў вясковых -
Ваўкоў трэ конча вынішчаць і тэрмінова.
Аблавы сельскай дысцыпліна - што й казаць,
Перашкаджае паспяхова паляваць.
Не тыя ўжо стральцы, паводзяцца нядбайна,
Ад месца ад свайго ў лес ціснуцца патайна,
І ў выніку старога шкодніка ніяк
Пакласці не ўдаецца, воўк стары ў гушчак
Заўжды ўцякае ўмела.
Дзесяткамі расставіў кожны гурт пасля,
Даў палясоўшчыкаў - людзей пад іх нагляд,
Асобна фракцыі стварыў, каб ім адказваць
За дысцыпліну ў лесе.
А што? няблага выйшла? Столькі ўпалявалі,
Як меркаваў, калі аблаву пачыналі.
Вось два старыя, два аблеткі, маладых
Шэсць, ліс, барсук! Як Грышкаў рэй, вось так тады.
І кожны стрэліў пан або пабачыў воўка.
Мо чвэрць нібыта на вайне: бах! бах! - не моўкла.
Што пан старому скажа тут на гэткі рэй?» -
«За ўдачу й за тваё здароўе выпіць трэ!» -
«То дзякуй! Грышка і за ловы, і за пана
Звяселіцца ў бары пачосткай на паляне».
* * *
Вярталіся мы пад карчму, ваўкі амаль
Запоўнілі драбіны, цэлая гурма
За возам паляўнічых.
VIII. АПАВЯДАННЕ ДАЯЗДЖАЧАГА
Увечары агніста неба чырванее,
Здаецца, што ў пажары горад палымнее.
На небасхіле хмара ў сонечным агні,
Дзівосныя адценні множаць прамяні.
Блакіт цямнее, нікне, рэдкія хмурынкі
Чародкай лебедзяў паволі, безупынку
Плывуць на захад. Ціхай песняй угары
Здаецца пошум хвой высозных у бары.
Лясныя паступова пташкі замаўкаюць,
На ноч сярод галін увечары сядаюць.
Высока дзесь кружляюць толькі канюкі,
Піць! піць! - крычаць,
«Як сталася? я ж чуў, не хібіў аніколі». -
«Калі запіша Бог каму якую долю,
Ужо таго не ўнікнуць, маюць лёс усе:
Мы толькі стрэліць можам, кулю Бог нясе.
Было вось гэтак. Нам асочнікі сказалі,
Што троп мядзведзіцы вялікай напаткалі,
Медзведзяняты і пястун хадзілі з ёй.
Трэ асачыць, быў момант надта зручны той.
На нас, стральцоў, ураз падзеяла выснова:
Як лоўчы ў двор дасць знаць, дык з'едуцца панове,
Аблаву сцягваць з вёскі - будзе ўсім наказ,
А нам што з гэтага? Без плёну амбарас.
Тады мы парашылі: без аблавы самі
На паляванне рушым тайна з ганчакамі.
Лясы мы зналі тут і за Зарэччам шчэ,
Ды лёгкія на ногі. Кудла не ўцячэ!
За скуру мецьмем грошы, кішаню напоўнім.
Была тады ўжо восень позняя, як помню,
Дзён колькі замаразкі, меркавалі мы:
Мядзведзіца, пачуўшы надыход зімы,
Шукае месца добрага на свой спачынак,
А самка, як з малымі, страшная звярына,
Ды ў нас, у маладых, і сіла, й востры зрок,
А досвед каб здабыць, трэ не адзін гадок.
Мы псоў бярэм, пяцёра нас, і рушым, значыць, -
Браты Чырцы два, Грышка, я і даязджачы.
Ішлі мы разам, пэўна, больш за мілі тры,
Дзе багнішчы, імшары, галыя бары.
Заядлы, востры гон нарэшце мы пачулі,
Сабакі медзвядзя, няйначай, скубанулі.
Хто ўправа!.. хто налева!.. раптам трэск і роў,
Мядзведзіца бароніцца ад ганчакоў,
Шпурляе што папала: пні і лом усякі,
Дакучліва ўсё лезуць да яе сабакі.
Чырэц старэйшы - лясь! - ды стрэльба падвяла,
З другое рулькі - лясь! - зноў!.. яліна памагла,
Яго на хвілю ўкрыла ад звяругі тога,
Чырэц тут кінуў стрэльбу і дай Божа ногі.
На шчасце, псы змаглі хоць крыху паўстрымаць,
Мядзведзіцу рвуць ззаду, кудлы аж ляцяць,
Ды здаганяе хлопца, крык пачуў ягоны:
«Ратуй, о Божа!» - зваў Чырэц да абароны.
Прыцэліўся... але страляць было тут як,
Калі калені трэсліся, калі гушчак,
Калі напераменку бачыцца, паверце,
То чалавека галава, то пашча звера.
Нарэшце: бах! шчэ бах! страляў я з гушчару -
Мядзведзіца ажно падскочыла ўгару,
Схапілася за голаў лапаю і села,
Хіснулася і, падаючы, зарычэла.
Мы да яе, ўжо душаць псы медзведзянят,
Пястун бароніць, пад лапаткі - пух! Віват!
Як раскусіць арэх - адразу ўсіх паклалі,
Чатыры трупы медзвядзячыя ляжалі.
Не парушаць жа звычаю, панове, нам,
За чарчынай разгаманіліся мы там,
Гарэзуем сабе, вясёлыя такія,
Нябожчыцу Чырэц старэйшы лупіць кіем
І прымаўляе: «Пападзерла ты калод?!
І маеш, дабрадзейка, кулю ў лоб за мёд!
А колькі коней, бараноў, цялят, кароваў
Задзерла ты, праклятая! Ляцела з ровам
За мною, каб узяць у кіпцюры свае?
Чакай жа!.. Косці я памацаю твае!
Калі Чырэц прыказваў і лупіў, шчэ тая
Нябожчыца мядзведзіца была жывая,
За ногі хоп і драпаць пачала Чырца...
За стрэльбу кожны - не набітая ў стральца...
Пасля да вуха рулю... стрэл... адныя раны:
Руку Чырцу пагрызла, скура ўжо садрана...
Убачылі мы ў тэй мядзведзіцы тады
Дзве баразны на мордзе - стрэлаў двух сляды,
Не закранулі мозку. Цэліў дасканала,
Ды следу кожнаму дзвюх цаляў бракавала.
Хвілінай гэткай сэрца грудзі разрывае,
А занямелая рука курок спускае.
Вось так па радасці прыйшла тады і страта,
Чырэц не скуру медзвядзёву нёс, а брата.
Пакуль дамоў занеслі сцежкаю лясной,
Гадзіны дзве мінула. Сплыў стралец крывёй,
Прытомнасць страціў ён. Не памаглі і лекі,
І праз два тыдні той Чырэц спачыў навекі». -
«А што тады панове?» -
IX. СТАРЫ ПАЛЯЎНІЧЫ
«Паночку, май жа ласку на стары мой век,
Дай пораху набой! Стрэў ліха чалавек.
Сякі-такі дабытак нажывеш у хату,
А ліха падпільнуе дый учыніць страту.
Вось і цяпер: якое жарабё на звод,
То ж конік гаспадарскі быў бы на той год.
Мядзведзь задзёр і завалок у лес пад хвою.
Каб ліха скурчыла яго за гэта ўдвое!!.
Паночку, дайце пораху, і кудлачу
Адплата будзе - юху я яму спушчу!» -
Так згорблены і сівы, надышоўшы зрана,
Прасіў калішні дворскі паляўнічы ў пана.
«Рыгору, што пляцеш ты языком сваім?
На старасць з глузду з'ехаў, хворы ўжо зусім,
На кудлу йсці ён хоча, ногі суне ледзьве,
У лесе, дзеду, не ўцячэш ты з лап мядзведзя». -
«Паночку, невядома, стане што і як!
Хто там каго? Было, ласкавы пане, ўсяк,
Не раз глядзеў я смерці ў зекры, і нічога,
Яшчэ скрыплю на свеце гэтым з ласкі Бога.
Як воля Божая, мо я змагу й цяпер
Падолець шэльму, каб не шкодзіў болей звер.
Я ўжо маімі ўнукамі пакляўся дома,
Што шкодніка застрэлю. Чалавек не помніць,
Што выкажа з крывавай крыўды і бяды,
Казанне тое перашкодаю тады.
Ні Богу, ні людзям хлусіць не думаў Грышка,
Тым болей: мо мядзведзь старыя косці скрышыць?
Мо шкодзіць больш не будзе ў нашай старане?
Дай пораху, паночку, бо няма ў мяне.
Быў дома, праўда, порах, сын жа з бабскай зграяй
Уперліся і не даюць, забыць мне раяць». -
«І слушна, што так робяць!.. Адчуваюць грэх.
Рызыкаваць без сэнсу - то ж людзям на смех.
Мядзведзь не заяц, ты стары - вось і прычына.
Жыццём не даражыш - шчэ горшы грэх ты чыніш.
Я павяртаю шкоду, сунімі адчай,
Дарую ад буланкі жарабё, прымай». -
«Паночку, хай спашлецца ласка вам ад Бога
За сэрца добрае! Не скрыўдзілі старога.
Каб вашым дзеткам доўгі век Пан Бог судзіў!
За жарабё пан мецьме скуру ды на здзіў». -
«Якую скуру?» -
«Што ж тут рабіць? Упартаму і памагай?!» -
«Пайду з сякерай - пораху, паночку, дай!» -
«Ото казёл!.. На кудлача схацеў спатрэбіць
Ламачыну сваю, на звера йдзе без стрэльбы,
Бяры ці дубальтоўку вось, ці штуцэр мой,
Што лепш да вока?.. Трэба ж у мясціне той
Мець схоў - палаткі добрыя, Базыль паможа». -
«Не трэ, паночку, не, хай укрывае Божа!
Не ўмею з панскай стрэльбы, ў клеці ёсць свая,
Папсулі дзеці, дык направіць мусіў я.
Пальне!.. - бы ў свечку ясную! бо анікрышку
З старой знаёмай стрэльбы не спудлуе Грышка.
Не трэ палаткаў, клопату ляпей не мець,
Бо шчэ да падлы можа не прыйсці мядзведзь.
Яго злаўлю дзе потым? Ледзьве носяць ногі,
За медзвядзём, як пойдзе, дык хадзіць трэ многа.
Спазнаць праклятага я звера добра змог». -
«На порах! - і няхай цябе бароніць Бог!»
* * *
Назаўтра толькі што прачнуўся пан уранку,
А Грышка з стрэльбаю чакаў ужо на ганку.
«Што скажаш, дзеду?» -
«Апавядай, як там?» -
X. СМЕРЦЬ ГРЫШКІ
Вяртаўся я праз шмат гадоў бадзяння ў свеце -
Хоць раз убачыць родны кут было на мэце,
І праз вакно вагона, праз імклівы дым
Глядзеў удалячынь днём ясным веснавым.
Лятункі-думкі з дымам ды клубамі пары
Плылі й плылі чаргою ў родныя абшары!
Здзівіўся я, вачам не верачы сваім,
Што наваколле ўжо інакшае зусім.
І ледзьве-ледзьве змог пазнаць той край, дзе колісь
Я жыў, які і ўдоўж і ўшыр схадзіў даволі.
Усё, што там было вялікае даўней,
З вакна вагона стала неяк мізарнець.
Знаёмыя вось вёска, млын, ставок і рэчка
Мільгнулі й зніклі, вось і знаны гай, дарэчы.
За ім жа возера, там прыспарае бег
Удалеч леснічоўка, дзе я меў начлег.
Якая ніклая!.. нібы не гэта хата,
Пазнаў я дрэва, моху на страсе багата.
Пабежна прамільгнулі студня з жураўлём,
Адрынка, дранкай крытая, радок вуллёў.
Ды што ж тут?.. дзе ж лясы?.. Мо нешта ўжо з вачамі?
Ці ж гэтая вялікая пустэля з пнямі
І папарацяй леташняй, што крые дол,
Ёсць Кругліца, дзе чуўся птушак спеў наўкол,
Бярозы дзе шумелі, хвоі ды асіны?..
Дзе столькі ў гушчары таілася дзічыны!
Дашчэнту ўсё жывое вынішчана скрозь,
Пустэча, могільнік!..
* * *
Пытаюся я ў дзеда: «Што чуваць у вас?»
У наваколлі знаным мы былі якраз,
Дзе паравоз за гаем сіпаватым свістам
Нам намякнуў на ўплывы поступу празрыста.
«Багата змен, панарастала маладых,
А век, паночку, сходзіць у людзей старых». -
«Што з лесніком Рыгорам? Ліст мне надасланы,
Што памірае». -
«Мяне вы разбудзеце заўтра на світанку».
І я задумаўся ад сумнай явы той:
Мой дружа, маю развітацца ўжо з табой!
Чужыя мы зусім паводле роду, стану,
Ды я ўспамінамі з табою паяднаны,
Давеку спараднілася душа мая,
Мяне заўсёды шчырасць вабіла твая,
Вартнейшая яна за ўсякія пышноты,
Што ў сэрцы спараджаюць пачуццё самоты.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Рыгор, сівы як лунь, з вялікай барадой,
Быў на палацях, павітаў мяне рукой,
Парупіўся стары адразу злезці з печы,
Як я ўвайшоў, сказаў, што вельмі недарэчы
Быць там пры мне. Яго занеслі два сыны
На ложак, бо хадзіць стары не мог з вясны...
Я сеў пры ім, руку ўзяў ён маю ў далоні,
Маўчалі мы, мне слёзы падступілі ў лоне.
«Гм! - пан старэе ўжо!.. а мо вачэй падман?
То ж лысінка?.. Няхай жа схіліць голаў пан,
А як жа!.. Што ж такое?.. не пара, так скора!..
А ці ж даўно было, як на руках Рыгора
Пан жвава ножкамі перабіраў, дзіцём
Да стрэльбы ўсё цягнуўся?.. Як бяжыць жыццё!» -
«Ужо мінуў чацверты крыжык мне, зазначу». -
«Што кажа пан? Скуль - столькі? Жарты, і няйначай!» -
«Мы ж аднагодкі, я і вось Вінцэсь, сын твой». -
«То праўда! так, то праўда!.. Як жа, Божа мой,
Павырасталі ўсе!.. Пятрусь, унук мой, бачу,
Баранаваць ідзе, ўжо б'е драздоў і качак
І хваліцца на ўцеху дзеду пра паход.
То ж блага, пан не мае дзетак! Знікне род.
Адзінае на старасць шчасце ў бобе гэтым,
Лягчэй развітвацца з людзьмі і белым светам,
Як пакідаеш нешта... Ўнукі цепляць нас!
Хоць, праўду кажучы, калі б мне Бог шчэ раз
Пражыць мой век судзіў, было б ужо няміла,
Другі стаў свет!.. Змірыцца чалавек з магілай
Тут мусіць... Мне ж з натураю маёй як жыць!
Нялёгка сакалу, пан, курыцаю быць,
Ды трэба!..
Расповяды альбо старыя пераказы
Пан слухаў і запамінаў за кожным разам,
Не спаў, пра ўсё распытваўся, мой галубок,
А я выцягваў з пана тое, што з кніжок.
Ого - навука!.. Помню, як дакладна панам
Шлях, дзе капаць з дрыгвы канал, быў адгаданы.
Там выкапалі. На заломе, што й казаць,
Была, як бездань, багна - зараз сенажаць.
Пан меў мо сто прафесароў,
Замоўк стары ляснік, жыцця і веку схіл
Змарыў яго, але здабыў ён трохі сіл
На гутарку. Няхай стары спачне ў дрымоце.
Мы выйшлі зараз жа без шуму і ў нямоце.
Калі вяртаўся я, раі тужлівых дум
Навеялі на сэрца несуцешны сум.
З вачэй не сходзіў Грышка...
|
Пераклад: Генадзь Тумаш Беларуская Палічка: http://knihi.com | [an error occurred while processing this directive] |