УСТАЎНЫЯ ГАЛОСНЫЯ Ў ЗЬБЕГАХ ЗЫЧНЫХ
• У жывым беларускім вымаўленьні канцавы зьбег зычных, апошні зь якіх санорны, «разрэджваецца» галосным, што паказваецца на пісьме нават цяперашнім беларускім правапісам у некалькіх спрадвечнабеларускіх словах: дзёран, горан, сябар. Імкненьне ўнікнуць такога зьбегу на канцы слова прывяло да ўзьнікненьня формаў імёнаў Пятро або Пётра, Аляксандар і Аляксандра, Зьмітро й Зьміцер, дыялектнага варыянту назоўніка мэтра (жаночага роду).
1. У запазычаньнях на месцы -tr, -dr адпаведна вымаўленьню пішацца канцавое спалучэньне -тар, -дар: падэкатар, тэатар, фэтар, арбітар, літар, пюпітар, спэктар, цэнтар, алябастар, кадастар, растар, сэквэстар, аркестар (і аркестра), сэмэстар, рэестар, магістар, міністар, монстар, піястар, фільтар, мэтар, пэдыятар; дэкаэдар, кадар, сыдар, алеандар, скафандар, цыліндар, Аляксандар.
У в а г а 1. Калі пры зьмене слова або ў вытворных словах зьбег зычных апынаецца перад галосным, устаўны галосны зьнікае: паводле кадастру, сто мэтраў, чатыры сэмэстры, фэтравы. Але калі пасьля зьбегу зычных -тар-, -дар- ідзе зычны, галосная ўстаўка застаецца: міністэрскі партфэль, магістарская праца.
У в а г а 2. Некаторыя з аналягічных запазычаньняў, каб унікнуць зьбегу зычных, афармляюцца ў жаночым родзе або ў рознаскланяльным тыпе мужчынскага роду: аркестра, каляндра, пілястра, пэрлямутра (ж.р.); лотра, майстра, Пётра (м.р.).
2. Канцавыя спалучэньні зычных з апошнім санорным в у беларускай мове немагчымыя, і запазычаньні з такімі канцавымі зьбегамі граматычна афармляюцца так, каб пасьля зьбегу йшоў галосны: рэзэрвы - толькі ў множным ліку (падобна як кансэрвы, прэсэрвы); расейскаму «быть в резерве» адпавядае быць рэзэрвовым; нэрвы - у форме жаночага роду нэрва; сэрвус (гіст.) - захоўваецца лацінскі канчатак (магчымае таксама афармленьне на францускі ўзор: сэрф). Спартовы й музычны тэрмін drive (па-ангельску вымаўляецца [draiv]) мэтазгодна захоўваць у лацінкавым напісаньні арыгіналу. У вытворных словах пасьля зьбегу зычных абавязкова йдзе галосны: нэрвовы, рэзэрвовы, драйвэр.
Гук в немагчымы і паміж зычнымі: «омертвлять» - зьмярцьвяць, мярцьвіць; «омертвленный» - зьмярцьвёны. Ангельскае слова interview, дзе спалучэньне [rv] знаходзіцца перад ётам, па-беларуску перадаецца інтэрвію. «Интервьюировать» - браць інтэрвію.
• Параўн. прыклад рэдагаваньня паэтычнага тэксту. Аўтар словаў вядомай песьні «Жураўлі на Палесьсе ляцяць» А.Ставер ужыў немагчымую з гледзішча вымаўленьня форму: «...Што ім зелень платанаў і АЙВ...». Сьпявак Данчык змушаны быў узяць для мілагучнага выкананьня выпраўлены і значна больш удалы радок: «...Што ім пышны бананавы рай...» - далей рыфмуецца з «край».
3. Усе іншыя канцавыя спалучэньні двух зычных, апошні зь якіх - санорны л (ль), м, н (нь), р (акрамя спалучэньняў тр, др), нягледзячы на вымаўленьне, на пісьме перадаюцца без устаўной галоснай літары: дубль, дырыжабль, канстэбль, кактэйль, ракайль, файл (існуе варыянт файля), артыкль, бінокль, спэктакль, тэнакль, матацыкл, цыкль, крэмль, бітл, джоўль (але пэрля; м'юзыкал < анг. musical);
ністагм, кадм, глябалізм, тайм, напальм, фільм, шторм, штурм, фарм-клюб, макракосм, рытм, лягарытм, шлягбаўм, як і ў спрадвечнабеларускіх словах сойм, корм, гм;
басэйн (лепш басэн < фр. bassin), дызайн, камбайн, партвайн, гімн, керн, фірн, горн (муз.), канцэрн, нактурн, Сатурн, Лявэрнь, накдаўн, фаўн, гафн (хім.). Але спрадвечнабел. горан (у печы), дзёран;
калібр, вэрлібр, як уласныя зубр, вепр (але кандалябра), нэгр, тыгр, эсквайр, акр, фіякр, жанр, дыназаўр, плезіязаўр, ляўр, бакаляўр (лепш традыцыйнае бакаляр), маўр, таўр, кентаўр, манэўр, сэўр, ліўр, Дуўр (лепш Дувэр, анг. Dover), Люўр, шэдэўр, шыфр.
У в а г а. Старадаўнія тапонімы на «зычны + ль» у сучаснай беларускай мове вымаўляюцца й пішуцца з устаўнымі галоснымі або іншымі фанэтычнымі зьменамі, якія дазваляюць унікнуць нехарактэрнага зьбегу фінальных зычных: Амсьціслаў, Браслаў, Заслаўе, Рослаў, Бягомель, Хатомель, Відамля, Лукам'е і пад.
Прыметнікі ад гэтых назоваў таксама ўтвараюцца безь нехарактэрных зьбегаў зычных: бягомельскі, навалукамскі, рослаўскі.
4. У канцавым зьбегу трох (і больш) зычных перад санорнымі л, р пішацца ўстаўное а: ансамбаль, мангаль, тэмбар, цыліндар. Спалучэньні трох зычных з другім зычным л, р у сярэдзіне слова таксама перадаюцца на пісьме адпаведна вымаўленьню з устаўной галоснай літарай: джэнтэльмэн, сэтэльмэнт (або сэтлемэнт), мэтардатэль, Ўімбэльдан (або Ўімбледан), табальдот. Але фільмпак, штормтрап.
У в а г а 1. Калі першая частка складанага слова сканчаецца на зьбег зычных з л, р, а другая частка пачынаецца на зычны, тады ўстаўная галосная літара зьяўляецца ў ролі злучальнай галоснай складанага слова: фільтрапрэс. Запазычаны фармант контр- перад зычнымі набывае пачатны лацінскі выгляд контра- (кантра-): кантрагайка, кантраданс, кантразахады, кантранаступ, кантрафорс; контравывед(ка), контрагульня, контракультура, контраманэўр, контрарэвалюцыя, контрарэфармацыя (часам гэты фармант можна замяніць уласным проці-: процірэйка, процізахады, проціміна). Русізмы накшталт абрэвіятуры аблпраф неабходна раскрываць: абласная рада прафсаюзу.
У в а г а 2. Спалучэньня «зычны + санорны л, р» перад суфіксам -ск- унікаюць, устаўляючы спалучэньні -ій-, -ый-, -аў- або скарачаючы колькасьць зычных: умбрыйскі, сэўраўскі, Люўраўскі, губэрскі.
5. З устаўным галосным у назоўным і вінавальным склонах пішуцца ўласныя назовы Слуцак, Полацак і пад. Але ў Полацку, слуцкі.
ДАЛЕЙ БУДЗЕ