Вінцэсь МудроўВедзьма
Пасьля залевы сонца паліла па-чорнаму, і ў зале разнасьцежылі вокны. Пахі цёплага асфальту, прывялай травы, таполевай лістоты завісьлі ў паветры, перамяшаліся з пахамі парфумы, жаночага поту, віннага перагару, і дыхаць стала зусім цяжка.
- Ну, хто наступны? - млявым голасам запытаўся Першы, адною рукою перабіраючы паперы, а другою паслабляючы вузел гальштука.
Паслабіўшы вузел так, што сталі бачныя сівыя валасы на грудзіне, Першы зірнуў з-пад ілба ў канец залі й запытальна выдыхнуў:
- Таварыш Мурленя?
Усе разам аціхлі, гудлівы чмель, які ўляцеў быў у расчыненае вакно, плюхнуўся на штору, і запанавалая ціша надала моманту элемэнты злавеснай урачыстасьці.
На мінулым тыдні Мурленя езьдзіў у Віцебск на нейкія спаборніцтвы, патрапіў там у выцьвярэзьнік, і цяпер увесь партыйна-гаспадарчы актыў наструнена чакаў - як адаб'ецца гэтая падзея на ягоных паводзінах. Старшыня спорткамітэту ўскочыў на ногі, зірнуў на Першага затуманенымі ад грамадзкіх турботаў вачыма і, ускудлаціўшы непаслухмяны віхор, з камсамольскім імпэтам заварушыў магутнай сківіцай.
«Ані ў знак... Хаця б сумеўся, сволач...» - падумаў Макар, скоса пазіраючы на Мурленеву сківіцу. Важкая й круглявая, што той жарон, сківіца хадзіла ўбокі, ільсьнілася на сонцы, малола нейкую несянеціну пра спартыўныя посьпехі таварыства «Ўраджай».
«Што яму будзе, таму Мурленю... Зяць дырэктара базы... Гэта Хаміцкі патрапіў у мыцельнік, дык усю душу небараку вытрасьлі». - Апанаваны такімі думкамі, Макар уявіў на хвілю - што б было, калі б у выцьвярэзьнік убіўся не Хаміцкі, а ён сам, і па целе ягоным прабеглі халодныя мурашкі. Мурашкі беглі ад патыліцы да хвастца, і давялося нават зварухнуць азадкам, каб пераканацца, што пад ім не мурашнік, а райкамаўскае крэсла.
Крэсла рыпнула, чмель узьняўся ў паветра, а Першы, перапыніўшы Мурленю, запытаў:
- Вы штосьці хацелі сказаць, Макар Іванавіч?
Пытаньне прагучала зьнянацку. Макар не пасьпеў нават уцяміць - што да чаго, замармытаў штосьці ў адказ, і па тым, як скасавурыўся Першы й як нэрвова заляпаў алоўкам па стале, можна было зразумець, што ён нечым незадаволены.
- ... За справаздачны пэрыяд падрыхтавана: значкістаў ГПА - 48 чалавек... - абудзіўся аціхлы было старшыня спорткамітэту, але яго ізноў перапынілі.
- Таварыш Мурленя, а ці не маглі б вы сказаць, як рэалізуюцца талёны на харчаваньне, якія атрымлівае ваш камітэт? - Задаўшы гэтае пытаньне, загадчыца райана Сьцефурак адкінулася ў крэсьле, чмель зь дзіўнай для яго хуткасьцю пачаў кружыць вакол Мурленевай галавы, а аловак у руцэ Першага пакінуў стукаць і застыў у паветры.
Іншым бы разам Макар расхваляваўся, пачаў бы сябе ўпікаць за тое мармытаньне: трэба ж было перапыніць Мурленю, задаць якое пытаньне, але сёньня на такія перажываньні ён быў папросту ня здатны.
Мурленя зашамацеў паперамі, рыхтуючыся годна адказаць загадчыцы, мімаходзь баднуў галавой, адбіваючыся ад чмяля, і жартаўлівым голасам прамовіў:
- Ці ня выгнаць гэтую заразу?
І хаця Мурленя меў на ўвазе пракуду-чмяля, усе разам паглядзелі на Сьцефурак, і тая, гэтак жа, як і Макар, заклапочана заезьдзіла на азадку.
Актыў заварушыўся, зашаптаўся. Першы стукнуў алоўкам па графіну, а Фаіна Рыгораўна Сьцефурак, прыхапіўшы са стала тэчку з надпісам «На подпіс», пачала махаць ёю ў паветры, выганяючы з залі абрыдлую жамяру.
Нарада доўжылася тры з паловаю гадзіны. За гэты час шафёры, што прывезьлі ў райкам старшыню калгаса «Азяркі» й дырэктара саўгаса «Азярышчанскі» выпілі чатыры пляшкі «чарніла», мужык загадчыцы райана, Мікола Сьцефурак, прывёз дахаты і разгрузіў ля плота машыну крадзеных дошак, у раённай больніцы - упершыню за два гады Пяцігодкі якасьці - нарадзілася двойня, Зямля крутнулася на колькі там градусаў, і выгінасты цень на яе паверхні прапоўз ад Далёкага Ўсходу да сіняга Байкалу.
Усё ішло сваім, загадзя вызначаным ладам. Круцілася Зямля і сьвяціла сонца, нараджаліся двойні й лёталі чмялі, краліся дошкі й пілося «чарніла» й заядалася нясьпелымі ранэтамі, і сакавітае чвяканьне ўперамежку з прыцішанымі шафёрскімі галасамі ўрывалася ў разнасьцежаныя вокны.
Макар сядзеў ля вакна і чуў, як адзін з кіроўцаў, бразнуўшы дзьвёркаю «ўазіка», мацюкнуўся і, дажоўваючы яблык, прамовіў:
- Раней раз на месяц зьбіраліся, а цяпер штодня балбочуць, курвы...
Вадзіла казаў яшчэ нешта, але ягоныя словы пакрыў гаўклівы кашаль. Старшыня «Азяркоў», Мішка Мандрык, які сядзеў побач, нечакана закашляўся, зашоргаў нагамі па падлозе, а паслабіўшы па прыкладу Першага квяцісты гальштук на шыі, голасам гогалеўскага мерцьвяка прасіпеў:
- Ду-ушна!
У залі ізноў заварушыліся, загаманілі, графін чарговым разам дзынкнуў, а Мішка Мандрык, выдаўшы шэптам мудрагелістую тыраду, першымі словамі якой былі: «Выганю да д'ябла», выцер канцом гальштука потную лабаціну.
Гадзіньнік на сьцяне паказваў палову шостай.
Пры Калупайку такім часам жанчыны пісалі цыдулкі, просячы адпусьціць іх - ці то ў паліклініку, ці то ў ясьлі па сына, цяпер жа ніхто нічога не пісаў, і Макар, памружаўшыся на апалыя стрэлкі гадзіньніка, зь нейкай няўцямнай трывогай згадаў тую пару, калі ён хадзіў на райкамаўскія імпрэзы як на сьвята. Яму нават здалося, што гэта было бог ведае калі. Ён нават паварушыў пальцамі, рахуючы дні й тыдні, а налічыўшы дваццаць адзін дзень, ня даў веры сваім падлікам.
* * *
Раніцою, прачнуўшыся авосьмай, ён любіў хвілю-другую палашчыцца ў пасьцелі, любіў пазяхнуць, пацягнуцца, пачухаць жарсьцьвяныя валасы на пахвіне й толькі тады падымаўся на ногі. Раней гэтага часу Макара не маглі абудзіць ні цвырканьне вераб'ёў пад вокнамі, ні лаянка суседзяў за сьцяною, ні сонца, што мела паганую звычку лезьці ў вочы.
Тае раніцы ён прачнуўся а шостай.
Наўкол было ціха: суседзі яшчэ спалі, вераб'і недзе лёталі, і сонечны промень ня лез у вочы, а сьветлаю плямай ляжаў ля ног, ліючы лагодную цеплыню на аголеную лытку. І ўсё ж такі ён прачнуўся, пачухаў потную пахвіну і ўздыхнуў, прымусіўшы мірыяды пылінак замітусіцца ў сонечным сьвятле, зрабіўшы яго жывым і амаль адчувальным на дотык, і ад таго раеньня ў Макара закружылася галава й сон зьляцеў з павекаў.
Ён адразу ж устаў, пайшоў, хапаючыся за сьцены, у прыбіральню, а ўбіўшыся ў цёмны катух, доўга стаяў там, абапёршыся рукой на халодны стаяк.
Такімі хвілямі, калі вушы поўніліся бадзёрым цурчэньнем і ніз жывата працінаў лёгкі халадок, Макар міжволі згадваў мінулую п'янку, і затуманеная вінным чадам, але чуйная й чэпкая на дэталі памяць яму ніколі не здраджвала, ды гэтым разам пахмельны чад выпетрыў з галавы рэшткі памяці, і ён ня мог узгадаць: як там усё было, з кім даехаў да горада і як наогул патрапіў дахаты. Але адна згадка - няўцямная, як сон, і няўлоўная, як водар парфумы, усё ж цьвеліла сьвядомасьць... Учора ўвечары ён танцаваў з Данутай... Макар зьмежыў павекі, намагаючыся вярнуцца ў зманлівы сьвет учарашняга вечара, і пакінуты без нагляду струмень стоена зашамацеў па падлозе. Не разьнімаючы павекаў - каб не спужаць, не разьвеяць шчымлівай згадкі, - ён паспрабаваў на слых выправіць становішча, але ня даў рады й давялося прымружыцца, выглядаючы ўнітаз, а потым шукаць яго спачатку левай, а потым правай нагой.
Рука ўхапілася за фаянсавую гіру, бачок над галавой гартанна керхануў, завыў, як той воўк на піліпаўку, і ў гэтым шалёным, дагэтуль нечуваным выцьці Макару выразна пачуўся ягоны ўласны голас. Нават ня голас, а роспачны крык, які вырваўся з прапітай глоткі і, скалануўшы каналізацыйныя трубы, суціх, заглушаны аднастайным шумам вады.
Звычайна людзі не пазнаюць сваіх галасоў - яны ім здаюцца чужымі, але тут ня столькі вуха, колькі сама душа Макарава пачула той лямант, і Макар ужо гатовы быў крыкнуць штосьці самому сабе ў цёмную зеўру ўнітаза, ды ня крыкнуў: выпусьціў паветра і, не абабіўшы апошніх кропляў, выйшаў з прыбіральні.
Праз хвіліну, падпальваючы нягнуткімі пальцамі фаерку пад чайнікам, ён яшчэ раз прыслухаўся да пошуму вады ў прыбіральні й з сардэчным клёкатам у горле прамовіў:
- Дапіўся, бляха.
Чорныя мятлікі гэтым разам ня лёталі ўваччу, галава амаль што не балела, а вось душа... душа заходзілася ад сьвербу, трымцела ў грудзіне, варушылася ў страўніку, а калі чайнік закіпеў-засьвістаў на высокай ноце, раптам схаладнела, сьціснулася ў камяк і зашылася пад драбы.
Чайнік сіпеў ня так як раней - адчайна, раскоціста, і сярод гэтага раскоцістага сьвісту Макару выразна пачуліся нечыя галасы. Гаварылі двое - мужык і баба. Ён нават разабраў словы, сказаныя мужыком, штосьці накшталт: - Адпраўлю ў Акадэмію - і, прыкруціўшы ручку пліты, пацёр дрыжачай рукой тое месца, куды, па ягоных меркаваньнях, забілася ягоная ўлякнутая душа.
Насланьнё не адпускала й пазьней, калі ён чысьціў зубы і галіўся. Электрабрытва «Харків» - старая, з надтрэснутым корпусам, гудзёлка, якая звычайна працавала з натугаю й ня столькі галіла, колькі дзёрла шчаціньне, зумкала, як цыркулярка, а калі Макар паднёс яе да шчакі, - нібыта папярхнулася і немым голасам завішчэла: - Забудзь мой нумар, жывёліна! - Электрабрытва выпала з рук, стукнулася аб край ракавіны, завісла на шнуры і толькі тады загула ў сваім звычайным тэмбры.
З ваннай Макар выкуліўся, трымаючыся рукамі за сьцены. Таямнічыя галасы яго не на жарты ўсхвалявалі, і ад таго хваляваньня пот пацёк з-пад пахаў, і ногі зрабіліся ватнымі і нягнуткімі. Да таго ж, душа Макарава, якая дагэтуль варушылася недзе пад драбамі, падступіла да горла, і ён адрывіста ікнуў. Абапёршыся на дзьвярны ўшак, Макар ікнуў другім разам: зычна, ядрана, а згледзеўшы свае штаны, якія віселі на люстры, ікнуў яшчэ раз - цяпер ужо зусім па-вар'яцку, страсянуўшы пры гэтым друзлым чэравам.
Штаны зьлёгку варушыліся ад проймы, і гэта стварала ўражаньне, што ў пакоі нехта сасіліўся. Дрогкаю рукою ён зьняў штаны з кандэлябры, упіхнуў левую, больш гнуткую, нагу ў правую калошу ды зноў скамянеў, пачуўшы суседавы храп за сьцяною.
«Дапіўся... да глюкаў дапіўся... Што ж цяпер будзе? Каму я такі патрэбны?» - віхурылі ў галаве панічныя думкі, і рукі цягнуліся да кніжнай паліцы, і вочы выглядалі карэньчык «Мэдычнага даведніка», і пазбаўленыя падтрымкі нагавіцы нясьпешна спадалі долу.
«Азоаспэрмія...», «Актывацыя яйка...», «Алергіі» - пажоўклы ад курава палец ліхаманкава гартаў даведнік, а адгарнуўшы сто трыццатую старонку, гэтак жа ліхаманкава праехаўся пазногцем па словах «Алькагольны галюцыноз».
«На першы плян выступаюць слыхавыя галюцынацыі: шум, крыкі, галасы, якія звычайна асуджаюць дзеяньні хворага альбо выказваюць пагрозы... Пры гэтым у хворага захоўваецца ясная сьвядомасьць... Хворы апынаецца ва ўладзе «галасоў», яму здаецца, што яго хочуць забіць альбо зьняславіць».
«Забіць альбо зьняславіць,» - уголас паўтарыў Макар, хвіліну стаяў нерухомы, а калі за сьцяною зноў схрапянуў сусед, захлопнуў кнігу і з рашучасьцю, на якую толькі быў здольны, прашаптаў:
- Зь сёньняшняга дня - ні кроплі.
... Круглявы імбрычак стаяў пасярод стала і спалохана бразгаў накрыўкаю. Гэтае бразганьне блытала думкі, напінала нэрвы, таму Макар, не дачакаўшыся, пакуль запарыцца гарбата, нацэдзіў у конаўку рудаватай вадкасьці, даліў кіпню, і ў паветры запахла нябожчыкам.
- Што ж там было? - выдыхнуў пахмельны пакутнік, парушыўшы лямінарную павольнасьць пары, што падымалася з конаўкі.
Адказу на гэтае пытаньне не было. Макар пацёр скроні, крэкнуў, абхапіў рукамі голаў і стаў безуважна сачыць за кружэньнем чаінак у віры ненастоенай гарбаты.
Учора, упершыню за ўвесь час рэдактарства, яго запрасілі на райкамаўскую п'янку. Ладзілі яе з нагода ад'езду Калупайкі - Іван Іванавіч ехаў у Віцебск, другім сакратаром абкаму.
Выбіцца з Азярышча ў вобласьць, ды яшчэ на такую пасаду - учынак амаль што неверагодны. Хадзілі чуткі, што Іван Іванавіч даў некаму хабар, а ягоная жонка, падчас наведаньня сталіцы, гуляла зь міністрам сельскай гаспадаркі і - відавочна ў ложку - упрасіла таго прапіхнуць мужа ў абкам. Так гэта, ці не - сказаць цяжка, але Калупайка зьяжджаў, і на загараднай турбазе арганізавалі разьвітальную вечарыну.
Пра п'янкі на «Качыным Востраве» - так назавалася турбаза - апавядалі шмат розных плётак. Слухаючы іх, Макар глытаў сьліну, употай чухаў пахвіну, якая пачынала раптам сьвярбець, і на дне ціхмянай рэдактарскай душы кожнага разу варушылася крыўда. На загарадныя гулянкі яго не запрашалі.
І вось учора, па абедзе, пад рэдакцыйнымі вокнамі зь нецярплівасьцю квакнула легкавушка. «Мандрык», - мільганула тады ў Макаравай галаве; Макар схамянуўся, выцягнуў са стальніцы мутную шклянку - у Мандрыка ніколі не было з чаго піць - і шырокім крокам падаўся на двор.
Сябрук часьцяком прыяжджаў такой парой - ехаў з абеду ў «Азяркі» і па дарозе зарульваў у рэдакцыю. Звычайна яны кулялі па дзьвесьце пяцьдзесят, таропка, што тыя зайцы, закусвалі зялёнай цыбуляй і разьвітваліся да вечара. Гэтым разам Мішка быў за рулём. У машыне сядзеў яшчэ нехта, і Макар, раўніва намацаўшы шклянку ў кішэні пінжака, адчыніў дзьверцы «ўазіка». Дакладней, дзьверцы адчыніліся самі: ён толькі націснуў на ручку, і на грудзіну насунулася важкая, спавітая цупкім поліэтыленам, туша.
Тушы Мандрык вазіў і раней - і райкамаўцам, і абкамаўцам, і пракурору, але рабіў гэта ўпотай, па начах. Тут жа вёз сярод белага дня, у самую сьпёку.
- Залазь ужо як-небудзь, - прамовіў Мішка, і ў голасе ягоным чулася лёгкае хваляваньне.
Абхапіўшы рукамі сьцягняк, Макар убіўся разам з тушаю ў кабінку, стукнуўся галавою аб нешта брынклівае і гучна мацюкнуўся. На сядзеньні, адна на адной, стаялі, падпіраючы брызэнтавы верх, скрыні з гарэлкаю.
- Ня лайцеся! - прагучала над вухам, і Макар зьніякавеў. Наперадзе, поруч зь Мішкам, сядзела загадчыца сэктару ўліку Азярышчанскага райкаму Данута Станіславаўна Францкавяк.
Той хвіляй ён прагнуў толькі аднаго: зьнікнуць! Альбо праваліцца. Альбо ператварыцца ў адну з тых мух, што біліся ў шыбу.
Данута Станіславаўна была ягонай тайнай сымпатыяй. Доўгіх дзесяць месяцаў - ад дня свайго прыезду ў Азярышча - ён марыў спаткацца з гэтай жанчынай. У галаве Макаравай ужо быў распрацаваны сцэнар такога спатканьня, а хвараблівыя, узбуджаныя алькаголем фантазіі кожнага разу пераносілі яго ў сутонлівы, напоўнены чароўнымі пахамі і суцішнымі песьнямі пакой, пасярод якога, на мяккім варсістым дыване, ляжала ў паставе ўсходняй адаліскі Данута Станіславаўна Францкавяк.
І вось ён паўстаў перад Данутай - у абдымку з разабраным баранам, з мацюкамі на вуснах і з парэзаным аб гострую стужку, якімі абабіваюць скрыні, ілбом.
- Трымай, паварочваю! - гукнуў Мандрык, пайшоў на разварот, і давялося ўперціся рукамі ў скрыні, каб тыя не абрынулі на голаў.
Прыхаваўшыся за тушай, Макар пашукаў - чым бы гэта прамакнуць юшку на лобе; нічога вартага не знайшоў і прамакнуў партбілетам.
За ўвесь час, пакуль яны ехалі да «Качынага Вострава», Данута ані разу не азірнулася. Сядзела моўчкі, безуважна пазіраючы на дарогу. Маўчаў, адчуваючы настрой пасажыркі, і Мішка Мандрык. Але й яно і добра: Мішка меў звычку пацьвельваць зь сяброў у прысутнасьці жанчын, і гэтае маўчаньне было адзіным, што лагодзіла душу такімі вусьцішнымі хвілінамі.
Усю дарогу Макар хаваўся за тушай, шморгаў носам, і нават калі «ўазік», квакнуўшы наастачу, спыніўся ля мураванкі з выяваю качкі на франтоне і Данута Станіславаўна, не сказаўшы ні слова, выйшла з машыны, ён усё яшчэ баяўся падняць галаву, і Мішку давялося ляпаць яго па карку і з гарэзьлівай іскрынкай уваччу ківаць на скрыні з гарэлкаю.
Яны выпілі паўпляшкі, выпалілі па цыгарэце, прыхапілі тушу і падаліся да возера - кроіць мяса на шашлыкі.
Макар кроіў мяса з шалёнай апантанасьцю. Распранены па пояс, з налепленым на лбе лістком трыпутніку - рана ўсё яшчэ крывавіла - ён дэманстраваў Мішку сваю дасьведчанасьць у шашлычнай справе, а пачуўшы жаночыя галасы, што даляталі з суседніх кустоў, схапіў мэталёвы пожаг і зь ліхаманкавым імпэтам пачаў налыгваць кавалкі бараніны.
Ён налыгваў трэці пожаг, калі ў вушах зазьвінеў пералівісты жаночы сьмех.
- Што ж вы робіце? - прамовіла Данута Станіславаўна, падышоўшы бліжэй, а яе сяброўка - райкамаўская сакратарка Марына, - хаваючы ў далонь крывую ўсьмешку, патлумачыла: - Мяса спачатку марынаваць трэба.
Жанкі пастаялі крыху, пагаманілі і, падхапіўшы мядніцу з гарою пакроенага мяса, пайшлі ў бок турбазы.
- Ну чаму, чаму я такі? - прамармытаў Макар, ляпнуў па лобе, забіваючы камара, і толькі тады зразумеў, чаму сьмяяліся жанчыны. На лобе, як той лазенны ліст на пэўнай мясьціне, красаваў лісток трыпутніку.
- Ну чаму?.. - прастагнаў ён другім разам ды нечакана сьцепануўся ад шалёнага ляманту і плёхканьня вады за сьпінаю. Гэта Мішка Мандрык сігануў з масткоў у празрыстую глыбіню ляснога возера.
Потым яны зноў сядзелі ў кабінцы - піў, праўда, толькі ён, Макар, - тапіў у гарэлцы сваю няўклюднасьць, - і калі на базу завітаў Калупайка на шэрай «Волзе», пад нагамі Макаравымі ўжо зыбалася зямля, а ўвушшу натужліва гулі званы. Потым ён піў за бяседным сталом, потым ля вогнішча, закусваючы недапечанай баранінай, потым яшчэ недзе, а таму й ня дзіва, што наступным ранкам пахмельная памяць зеўрала праваламі і адзінае, што запомнілася, дык гэта п'яная пыса дырэктара канторы кінапракату Даўгалёва, зь якім ён цалаваўся ўзасос і якому кляўся ў вечнай дружбе.
І яшчэ адна згадка не давала спакою: ён танчыў з Данутай. Згадка была цьмянай, амаль няўлоўнай, і калі Макар, дзьмухнуўшы на гарбату, заплюшчваў вочы, спрабуючы вярнуцца ў прыцемную залю, дзе ён кружыў з Данутай, уваччу кожнага разу паўставалі альбо вясёлкавыя шары, альбо барвовая пыса Ваські Даўгалёва. І толькі калі ён сёрбнуў гарбаты і на шырокім лабешніку ягоным заблішчэлі пацеркі поту, нос адчуў раптам дзіўны, ні з чым не параўнальны пах Дануччыных валасоў. У прадчуваньні шчымлівых згадак Макар ізноў заплюшчыў вочы, але тут з носа ягонага сарвалася кропля поту, плюхнулася ў конаўку, і гук гэты канчаткова разагнаў салодкія мроі. Макар мацюкнуўся, выцер твар кухонным ручніком і, дапіўшы гарбату, пайшоў зьбірацца на работу.
Галава пасьля п'янкі была як цэбар, сьвятло брыніла ўваччу, і дзесьці на самым дне душы варочалася хваравітае пачуцьцё - ці то віны, ці то крыўды, ці то яшчэ нейкай халеры. Такімі хвілінамі, - а надараліся яны ледзь не штораніцы, - Макар унікаў сустрэч зь людзьмі, а таму, прачыніўшы дзьверы, прыслухаўся - ці ёсьць хто на лесьвіцы.
Долу бег, пераскокваючы праз тры прыступкі, і ўсё ж, вылятаючы з пад'езда, наляцеў на хахлушку зь 10-й кватэры. На шыі ў суседкі вісела нізка зашчэпак, а да правага клуба была прыціснута алюмініевая мядніца.
- Добройі раныці! Доброго вам здоров'ічка! прасьпявала хахлушка, і Макару пачулася ў тых словах злая гіронія.
- Добрага... - буркнуў ён, не ўздымаючы вачэй, выйшаў на падворак, а заўважыўшы на вяроўцы хахлушкавы трусы з жоўтай мецінай, скрывіўся і сплюнуў пад ногі салодкую сьліну.
Мястэчка Азярышча - што б там ні казалі - ня самае страшнае месца ў сьвеце. Зялёнае, суцішнае, аднапавярховае, з гусінымі чародамі на ўскраіне і з цыкляпічнай ленінскай галавой у цэнтры, яно магло б улагодзіць якога-небудзь адстаўніка ў дачны сэзон, але ніяк не Макара, які дагэтуль пяць гадоў пражыў у сталіцы і душа якога прыкіпела да людзкой мітусьні, шкла, бэтону, начнога нэону, павільёну «Ясень», дзе давалі сьвежае піва, ды іншай урбаністыкі.
На апошнім курсе ВПШ яму паабяцалі былі месца ў адной са сталічных газэт, ён нават хадзіў у рэдакцыю і напісаў пару артыкулаў пад рубрыкай «Правафлянговыя», але ў апошні момант месца тое занялі, а яму, уручыўшы дыплём, загадалі ехаць у гарпасёлак Азярышча й ачоліць там раённую газэту.
Зьяжджаць са сталіцы на край сьвету не хацелася. Тры дні Макар абмываў «корачкі», на пытаньні сяброў - куды яго пасылаюць - адказваў кароткім мацюгом, а на чацьверты дзень, завітаўшы ад ранку ў павільён «Ясень», паведаміў сабутэльніку - Лёньку Холаду - пра сваё разьмеркаваньне.
Лёнька, віцебскі малец, які таксама вучыўся ў партшколе, адразу ж пасуравеў з твару, выпіў нагбом кухаль піва і, паклаўшы на Макаравы плячук сваю пудовую руку, выдаў фразу, ад якой Макару стала моташна й гарачыя голкі кальнулі пахвіну: - Гіблае месца.
Сябрук спаражніў без перадыху яшчэ адзін кухаль і распавёў вусьцішную гісторыю пра рэдактара азярышчанскай газэты Несьцяронка.
Несьцяронак гэты, па словах сябра, піў горкую да поўнага ачмурэньня: спаў пасярод вуліцы, з моста куляўся, а аднаго разу, схапіўшы калун, бегаў вакол хаты, намагаючыся забіць сваю жонку, з якой быў у разводзе. Паколькі журналісты наогул народ пітушчы, а рэдактар да таго ж меў заслугі перад радзімаю - у вайну завіхаўся ў СМЕРШу, дык раённае начальства глядзела на ўсе гэтыя выбрыкі скрозь пальцы. І вось, калі да пэнсіі Несьцяронку заставалася нейкіх паўгода, у Азярышчанскі райкам прыслалі Галіну Спартакаўну Підуту.
Згадаўшы пра Підуту, сябра пасуравеў яшчэ болей, здушыў у бляшанцы папяросу, хрыплым голасам запытаў:
- Ня чуў пра такую?
Макар страсянуў галавой, а Лёнька, пасьля паўзы, прамовіў:
- Яе ў нас усе ведаюць. Страшная баба. Прышыбееў у спадніцы.
Сябра дапіў піва, выцер рукавом пузырыстую пену з вуснаў.
- Як толькі ў якім раёне хлопцы запіваюць, абкам туды Підуту шле, трэцім сакратаром. Яна там і лютуе. У Азярышчы адразу ж два павільёны зачыніла - на базары і ля аўтастанцыі. Дырэктару прамкамбіната за п'янку страгача ўляпіла, а потым за Несьцяронка ўзялася. Па пяць разоў на дні ў рэдакцыю заходзіла, з вобласьці брыгаду сацыёлягаў выклікала - дасьледаваць работу рэдактара. Карацей, увесь плех небараку пераела. Аднойчы прыйшла ў рэдакцыю - Несьцяронак якраз на гарышчы быў, у яго там у бутлях яблычнае віно дасьпявала, - падышла да лазу і гукае: «Таварыш рэдактар, што вы там робіце?» Ну, а Несьцяронак ужо глынуў з бутлі, душа рвалася на волю, ён і вырашыў... пажартаваць. Раней у рэдакцыйным будынку бязногі івалід жыў, пасьля яго на гарышчы два старых пратэзы засталіся. Ну і пажартаваў: зьняў штаны, упіхнуў у калашыньне пратэзы, загарлаў нема: «Бывай, Радзіма!» - і апусьціў штаны ў лаз. Нібыта ён засіліўся. Підута, як толькі штаны пабачыла, адразу самлела: інсульт, заварот кішак і штосьці там па жаночай лініі. Несьцяронак глянуў долу і, як быў у трусах, так і скаціўся па драбінах. Пачаў штучнае дыханьне рабіць - рот у рот. Тут прыбіральшчыца прыбегла - загаласіла на ўсё Азярышча. Падумала, што рэдактар трэцяга сакратара гвалтуе. Карацей, схапіў Несьцяронак Галіну Спартакаўну за голыя лыткі, гукнуў свайго намесьніка, і ўдвох паперлі самлелую бабу ў больніцу.
Ну, ведама, людзі сабраліся - нават прадаўшчыцы з суседняй крамы прыбеглі. Убачылі Несьцяронка ў трусах і вырашылі, што трэці сакратар пад ім самлела.
На наступны дзень розных камсісій панаяжджала, крымінальную справу завялі, але неўзабаве ўсё аціхла. Підута ў больніцы паўгода качалася, потым у санаторыі адпачывала, але так дарэшты і не ачуняла. Цяпер у Азярышчы таварыствам аховы помнікаў кіруе.
- А Несьцяронак? - дрогкім голасам запытаў Макар.
- На поўнач зьехаў, да роднага брата. Брат ягоны ў Надыме працуе.
Хвіліну сябры палілі, засяроджана паглядаючы на пустыя кухлі, пасьля чаго Лёнька Холад ікнуў і бадзёра паведаміў:
- Не сумуй, у мяне ў тых мясьцінах стрыечны брат жыве - ён мне пра ўсё гэта і распавёў. Мішкам завуць. Прозьвішча Мандрык. Калі што - дапаможа.
Уражаны аповедам, Макар запісаў рэквізыты Лёнькавага брата ў нататнік і ўспомніў пра іх толькі празь месяц, калі прыехаў у Азярышча.
Дзень той запомніўся да драбностак.
На дварэ быў верасень, і першы жаўталіст, узьвіхураны цягніком, ціха ападаў долу. Скочыўшы з вагоннай прыступкі, Макар схапіў адзін лісьцік, сьціснуў зубамі чаранок і пасьміхнуўся нязыркаму сонцу, што прабівалася скрозь вецьце высокіх бяроз. Ён паблукаў па прыстанцыйным базарчыку, на якім пяцёра скурчаных бабуль прадавалі грыбы абабкі й недасьпелыя брусьніцы, прайшоўся па галоўнай азярышчанскай вуліцы, пазначыўшы свае новыя, яшчэ не разношаныя туфлі попельна-шэрым пылам, пастаяў, як той віцязь перад Галавою, ля помніка правадыру і, спытаўшы п'янаватага дзядзьку, дзе месьціцца рэдакцыя, падаўся ў той бок, куды кіўнуў, мацюкнуўшыся, азярышчук.
Рэдакцыйны будынак - прысадзісты, урослы ў зямлю, - нічым ня розьніўся ад вясковай хаты, адно што пад вокнамі не буялі флёксы, а на пазадзьдзе адсутнічаў хляўчук. Керхануўшы дзеля саліднасьці, Макар увайшоў у вохкі прыцемак, пашукаў вачыма прастакутнік лаза на столі і, не без хваляваньня, падышоў да абабітых дэрмацінам дзьвярэй.
У маленькім, упрыгожаным выцьвілымі плякатамі габінэце, сядзеў сярэдняга веку мужчына ў швэдры і, мылячы вуснамі, штосьці размашыста пісаў на абрыўку паперы.
Мужчына, не перарываючы пісаніны, скасіў пукатае вока, запытальна таргануў падбародзьдзем, а ўбачыўшы валізу, ускочыў з крэсла.
- Хаміцкі, Сазон Пятровіч, - адрэкамэндаваўся гаспадар габінэту, працягнуўшы хударлявую руку. - Даўно вас чакаем. Ужо і ў абкам тэлефанавалі. Ад працы ж проста захлынаемся. Вось, пішу, - вінавата пацёр далоні Хаміцкі, - справаздачу з партсходу на прамкамбінаце. Цікавы атрымаўся сход. Было некалькі прынцыповых выступленьняў.
«П'е, - падумаў Макар, увабраўшы носам цяжкое, прыпраўленае піўнымі парамі і пахам мышынага гаўна паветра.
Сазон Пятровіч яшчэ добрых паўгадзіны апавядаў аб складанасьцях журналісцкай працы, казаў пра тое, што яму, адказнаму сакратару, даводзіцца выконваць рэдактарскія абавязкі - хадзіць на партсходы і нарады, пісаць справаздачы ды розныя афіцыйныя матэрыялы, а калі, суняўшыся на хвілю, спытаў, ці не схадзіць ім у мясцовы рэстаран паабедаць, Макар засьцерагальна кашлянуў і, пасунуўшы бліжэй да сьцяны валізу, паведаміў:
- Я ў райкам. Хутка буду.
«Разьвінціўся без начальства... Сядзіць у габінэце і пляшка пад сталом, -- падумаў Макар грукнуўшы дзьвярыма. - Я гэтаму Хаміцкаму рогі пазьбіваю. Забудзе - у якім баку гарэлачная крама».
Апанаваны думкамі аб мацаваньні працоўнай дысцыпліны, ён дабрыў да райкама - навюткай чатырохпавярховай будыніны - і, узьбіраючыся на высокі ганак, вырашыў на першым жа паседжаньні бюро райкама ўзьняць пытаньне аб пераводзе рэдакцыі ў больш прыстойныя апартамэнты.
Паблукаўшы па пустых калідорах, ён знайшоў, нарэшце, сэктар уліку, адчыніў дзьверы і нечакана аслупянеў, забыўшыся і на Хаміцкага, і на працоўную дысцыпліну, і на новыя апартамэнты. За перагародкай, якая падзяляла габінэт на дзьве паловы, стаяла жанчына і, паставіўшы на крэсла зграбную нагу, падцягвала белую панчоху. Ён угледзеў маціцовае, не прыхаванае капронам сьцягно, адчуў падатлівасьць маладога жаночага цела, і душа ягоная, а разам зь ёю і ніжняя сківіца суладна затрымцелі.
Іншая кабета ў такой сытуацыі схамянулася б, таропка абцягнула спадніцу, а гэтая, убачыўшы наведніка, задуменна палашчыла калена, уздыхнула і толькі тады падышла да перагародкі.
Дрогкай рукой ён перадаў дакумэнты, разоў дваццаць перапісаў заяву з просьбаю паставіць яго на ўлік, а выкуліўшыся з габінэту, столькі ж разоў перачытаў па складах прозьвішча загадчыцы на цьмянай шыльдзе.
- Да-ну-та Ста-ніс-ла-ваў-на Франц-ка-вяк.
Ну, а першае, што ён убачыў, вярнуўшыся ў габінэт адказнага сакратара, былі пляшка гарэлкі і дзьве бляшанкі кілек у тамаце.
- Абмыць жа трэба... - лісьліва прамовіў адказны сакратар, прыхоўваючы за сьпінаю мітусьлівыя рукі.
Думкі блыталіся ў галаве; ён не адразу ўцяміў - што трэба абмываць, і толькі праз хвіліну, суняўшы хваляваньне, загадна махнуў рукой:
- Пайшлі на прыроду!
Яны прыселі пад кустом бузіны, непадалёку ад рэдакцыі, і Хаміцкі, завіхаючыся з пляшкай, раз-пораз паглядаў праз шчыліны штыкетніку на рэдакцыйны ганак. Разьліваючы гарэлку, адказны сакратар нечакана наструніўся і злавесна прашаптаў:
- Підута...
У прасьвецьці між штыкецін варушылася нечая пахілая постаць.
Хаміцкі кульнуў шклянку, закінуў у рот кільку і, жуючы, распавёў страшную гісторыю пра тое, як ягоны былы шэф ледзь ня збыў са сьвету трэцяга сакратара райкама. Хаміцкі рыхтык паўтарыў аповед Лёнькі Холада, за выключэньнем аднае дэталі: штаны Несьцяронак усё ж такі пасьпеў насунуць, але не пасьпеў зашпіліць; яны зрэшты рэшт зваліліся, і рэдактар, заблытаўшыся ў калашыньні, паваліўся разам зь Підутаю пасярод больнічнага двара.
- Ходзіць цяпер, віжуе, ды дакладныя запіскі ў абкам пасылае, карга лупатая, - Хаміцкі наліў па другой і, ўзьняўшы шклянку, дадаў: - Тут нядаўна яшчэ адна халера зьявілася - Касьян Пракопавіч Зёх.
Адказны сакратар глынуў гарэліцы, а паколькі думаў аб непрыемным, дык папярхнуўся, закашляўся і скрозь кашаль растлумачыў:
- Адстаўнік... мэмуары... эх-хы... эх-хы... піша. Я ад яго... эх-хы... эх-хы... у шафе хаваюся.
Калі гарэлка была дапітая, Хаміцкі падхапіўся, падцягнуў нагавіцы і, кінуўшы кароткае: - Я зараз, - зьнік за кустамі.
«Цудоўны хлопец!» - падумаў Макар пра свайго адказнага сакратара і яшчэ падумаў, што выбіваць новыя апартамэнты, відаць, ня варта, бо тут, сярод кустоў бузіны і глогу, яно зацішней і заўсёды можна ўзяць чарку, не адыходзячы далёка ад рэдакцыі.
Хаміцкі вярнуўся хвілін праз дзесяць і, зразумела, не з пустымі рукамі. Яны кульнулі яшчэ па сотцы, укінулі ў раты па цыгарэце, і Макар запытаўся пра тое, што даўно сьпела на канцы языка.
- А-а... Данута Станіславаўна... - прамармытаў Сазон у адказ, зацягнуўся пякучым дымам і распавёў пра трох Дануччыных мужоў, адзін зь якіх засіліўся, другі ўтапіўся ў Гатаўскім возеры, а трэці завэрбаваўся матарыстам на гандлёвы флёт, і з той пары яго ў Азярышчы ніхто ня бачыў.
- Тут шмат хто да яе ласы, ды яна баба гордая. Усіх адшывае. - Сазон спахмурнеў, а Макара такія словы ня толькі натхнілі, але й засмуцілі. Данута, гэтая недаступная для мужчын кабета, дэманстравала свае ногі, а ён, недарэка, стаяў як слуп, ня здолеўшы сказаць камплімэнта.
Неўзабаве і другая пляшка паляцела ў кусты, і па шамрэньні лісьця Макар заразумеў: насьпела ягоная чарга лезьці ў кішэню.
Разам з грашыма ён выцягнуў зашмальцаваны нататнік, перагарнуў старонкі, п'янавата зірнуў на сабутэльніка.
- Ты, часам, Мандрыка Міхаіла ня ведаеш?
- Мішку?! Мандрыка?! - не сваім голасам галёкнуў Хаміцкі і, нічога больш ня кажучы, паведаміў, што бачыў Мішкавы «казёл» ля мясцовага рэстарана.
Азярышчанскі рэстаран «Каліна красная» скаланаўся ад папулярных песень і сіплага баса кучаравага здаравілы, які сядзеў за крайнім столікам, бязладна падпяваючы рэстаранным музыкам. Лёнька Холад нічога не казаў пра свайго брата, але Макар, убачыўшы здаравілу, інтуітыўна прызнаў у ім таго самага Мандрыка. І не памыліўся, бо калі ўладальнік сіплага баса загарлаў зусім шалёным голасам, Хаміцкі шматзначна кіўнуў галавой.
Пасьля сталіцы азярышчанскі рэстаран выглядаў даволі ўбога. У залі панаваў прыцемак, афіцыянткі былі падабныя да піянэрважатых - белы верх, чорны ніз, - а музыкі лабалі міма нот. Макар паглядаў на ўсё гэта з непрыхаванай гіроніяй, а таму й рушыў па залі хадою рэстараннага заўсёдніка - валюхаста і шаргатліва.
- Вам прывітаньне ад Лёні Холада! - выгукнуў Макар, падышоўшы да століка.
Здаравіла абарваў песьню, колькі часу сядзеў з адкрытым ротам, а потым, усхапіўшыся на ногі з імпэтам Сазона Хаміцкага, адчайна загарлаў:
- Лёнька?! Холад?! Дзе ён?!
Прагнутая пастава, шалёны бляск вачэй і сьціснуты ў кулаку відэлец выяўлялі рашучасьць зараз жа бегчы на пошукі брата, таму прыйшлося тлумачыць таварышу, што Лёнька Холад жывы, здаровы і ў дадзены момант знаходзіцца ў сталіцы, дзе вучыцца на трэцім курсе Рэспубліканскай партшколы.
Здаравіла махнуў рукой, загадваючы субяседнікам ссоўваць сталы, і шалёны імпэт ягоны выліўся ў магутны вокліч:
- Маша! Яшчэ тры бутэлькі!
Мішка Мандрык гуляў у рэстаране ня проста так, а абмываў пераходны Чырвоны сьцяг, якім надоечы ганаравалі ягоны калкас за посьпехі ў выкананьні Харчовай праграмы. Разам зь ім за сталом сядзелі галоўны інжынэр калгаса - сівы й дарэшты п'яны чалавек, які ўжо не даваў рады адрэкамэндавацца, кіраўнік раённай канторы кінапракату Даўгалёў - менавіта так, па прозьвішчы, кіраўнік і прадставіўся, а таксама старшыня спорткамітэту Аляксандар Мурленя, далучанасьць якога да спорту выдавала трыкатажная масьцерка з самаробным знакам фірмы «Адзідас» на грудзіне.
Мандрык ужо дрэнна валодаў языком, але, тым ня менш, пачаў апавядаць пра сваё дзяцінства, пра стрыечнага брата Лёньку Холада, зь якім яны выпілі аднойчы адразу адзінаццаць бутэлек гарэлкі, а пачуўшы ад Хаміцкага, што ў газэце цяпер будзе новы рэдактар, распавёў усё тую ж гісторыю пра Несьцяронка. Як вынікала з аповеду, штаноў Несьцяронак усё ж такі не губляў, бо іх падтрымліваў нейкі падшыванец, які бег сьледам аж да самай больніцы.
Потым яны скакалі з Мандрыкам хуткі танец, потым ён, пад незадаволеныя позіркі старшыні спорткамітэту, запрашаў на танец афіцыянтку Машу, а раніцою, абуджаны галасістымі азярышчанскімі пеўнямі, доўга ляжаў на старой рэдакцыйнай канапе, няўцямна пазіраючы на столь і выпусьціўшы духі, - аж застагналі пад сьпінай ржавыя спружыны, - падзячыў лёсу, які дараваў яму сустрэчу з Данутай.
Памяць людзкая ўладкавана даволі дзіўна: зь яе выпетрываюцца падзеі мінулага дня і ў той жа час захоўваецца тое, што надарылася даўняй парой.
Вось і Макар: выпіў літровую конаўку гарбаты, згадваючы - як ён патрапіў дадому, сышоў пры гэтым потам, абпаліў кіпнем вусны, ды так нічога й не згадаў. Але затое ціхі верасьнёўскі дзень, калі ён прыехаў у Азярышча, запомніўся ў самых дробных дэталях. Запомніліся пахі, зыкі, п'яныя песьні Мішкі Мандрыка, запомніліся, нарэшце, маціцовае Дануччына сьцягно і падрапаная, сталінскіх часін, канапа, якую ўвесну вынесьлі на сьметнік. Успаміны гэтыя прыходзілі ня толькі гульлівымі вечарамі, але й пахмельнымі ранкамі, калі ён брыў у рэдакцыю. Вось і зараз, пераходзячы галоўную азярышчанскую вуліцу, Макар згадаў, як Данута падцягвала панчоху, запаволіў крок і ледзь не патрапіў пад колы райкамаўскай «Волгі».
Заскуголіўшы гамульцамі, машына ўзьехала на бардзюр, люта ўзвыла, і перапуджаны Макар убачыў за вясёлкавай шыбай Калупайку, які, ці то жартам, ці то ўсур'ёз пагразіў яму пальцам. Зь перапуду, а можа яшчэ зь якой прычыны, тлумная галава ўраз прасьвятлела, і ў ёй нарадзіліся словы:
- Я ведзьма. Са мною лепш ня зьвязвацца.
Гэта памяць вярнула той ласкавы шэпт, які прагучаў учора ўвечары, калі яны танцавалі з Данутай у каміннай залі.
Калупайкава легкавушка зноў заскавытала - цяпер ужо на рагу Савецкай і Чырвонаармейскай, павярнула ў бок райкама, і Макар, адрыгнуўшы ўчарашнім шашлыком, прысьпешыў хаду.
А дзевятай гадзіне ў раённым камітэце партыі павінна была пачацца нарада актыву, і таму пляц нерад ленінскім помнікам быў спрэс застаўлены аўтатранспартам. Стаялі тут ня толькі «Волгі» ды старшынёўскія «козьлікі», але й бартавыя «газоны», тры «інвалідкі» і нават машына для адпампоўваньня вады, вядомая ў народзе пад назваю «гаўнавоз»: гэта завітала на нараду арганізатар мясцовага радыё Газевіч, зяць якой працаваў інжынэрам у віцебскім «Водаканале». Але дзівіцца такой колькасьці машын не даводзілася, бо на сёньняшняй нарадзе Калупайка мусіў разьвітацца з актывам і, да таго ж, чакаўся прыезд абласнога начальства.
Хаця гадзіньнік паказваў палову дзесятай, ды й Калупайка быў на месцы, заходзіць у райкам ніхто не сьпяшаўся. Актыў стаяў ля ганку - гаманіў, смаліў цыгарэты і зрэдзьчасу зь лёгкім спалохам у вачах пазіраў на дарогу.
- Першага чакаем... з вобласьці, - патлумачыў прычыну прыганкавага стаяньня Сашка Мурленя, паціснуўшы потную Макараву руку.
Макар уплішчыўся ў натоўп, парукаўся з дырэктарам прамкамбіната Куксёнкам, з інструктарам раённага таварыства «Веды» Лукашонкам, яшчэ зь нейкімі людзьмі і, выцягнуўшы з прапанаванага яму пачка цыгарэту, агледзеўся.
Мішкавага «ўазіку» на пляцы не было. Макар пакруціў галавой, нахіліўся да Мурленевай запальнічкі, і гарбата, якая поўніла страўнік, моташна падступіла да горла. Давялося стаіць дых, прыціснуць далоні да вуснаў, а калі бунтоўная вадкасьць уляглася, выцерці ліпучы пот з лабешніка.
- Ну дык хто там будзе замест Калупайкі? - кволым голасам запытаўся інструктар таварыства «Веды» Лукашонак.
Усе замоўклі, зірнулі на Мурленю, і той, сабраўшы зморшчыны на пераносьсі, паведаміў:
- Са Шклоўскага раёна таварыш. Былы загадчык зьверафэрмы. Кажуць - зусім не ўжывае.
Трывожная вестка гэтая павісла ў паветры. Куксёнак зморана крэкнуў, у Лукашонка ў зубах задрыжэла цыгарка, а па Мурленевым твары прабегла навальнічна-фіялетавае сьвятло: да райкама ехала міліцэйская машына зь мігалкай, сьледам - бліскучая чорная «Волга», а за ёю - на статутнай адлегласьці - тузаўся на апошніх кроплях бэнзіну запылены Мішкавы «ўазік».
- Спазьняесься, - выгукнуў Макар, калі сябрук вылез з машыны.
- З Даўгалёвым важдаўся. Усю вэранду мне абванітаваў, - патлумачыў Мандрык, брыдка мацюкнуўся і, азірнуўшыся, крыкнуў свайму кіроўцу: - Пазычыш бэнзіну і стой тут. Чуеш?
- Чую! - незадаволена адгукнуўся кіроўца. Кіроўца выкінуў на асфальт пакарабачанае вядро, і Мішка, перакрывіўшыся ад бразгату, прыклаў далонь да хваравітай патыліцы.
Макар таксама пацёр патыліцу і як бы між іншым спытаў:
- Слухай, а хто мае штаны... на люстру павесіў?
- Я павесіў, - патлумачыў сябар. Мішка ўставіў у рот цыгарэту, але тут жа зразумеў, што паліць няма калі, і ўпіхнуў цыгарэціну ў нагрудную кішэнь.
- Завёў цябе ў прыбіральню, а ты й апаратуру дастаць ня можаш. Засцаў усе штаны. Я іх і павесіў на прасушку.
Мішкавы сіплы бас скаланаў перапонкі. Добра яшчэ, што людзі былі занятыя сваімі размовамі, і Макар стоена перавёў дых..
Пакуль ішлі райкамаўскім калідорам, Мішка апавядаў пра Даўгалёва, які, дапіўшыся да божай моцы, абванітаваў падлогу і турэцкі палас, але Макар ня слухаў сябра. Спыніўшыся пасярод калідора, ён наставіў на сябра дапытлівыя вочы:
- Я што... сапраўды танцаваў з Данутай?
Мандрык зірнуў на бокі, узяў яго за штрыфелі пінжака, ды тут жа адпусьціў; даў дарогу загадчыцы райана Сьцефурак і злавесным голасам прамармытаў:
- Трымайся далей ад гэтай бабы. Раю табе як сябар.
З нагоды прыезду абласнога начальства ў залі паседжаньняў наваскавалі паркет, павесілі новыя кандэлябры, стол заслалі зялёным сукном, а на задняй сьцяне, замест няўклюднага бээсэсэраўскага герба, прымацавалі барэльеф правадыра. Гіпсавая аграмадзіна ўражвала настолькі, што пад ёю ніхто не насьмельваўся садзіцца, і Макар, убачыўшы вольныя крэслы, усеўся пад правадыром. Ён дастаў нататнік, пстрыкнуў асадкай, але рабіў усё гэта машынальна, з адключанай сьвядомасьцю. У сьвядомасьці тым часам бясконцым паўторам гучалі апошнія Мішкавы словы. Мандрык, вядома ж, зайздросьціў яму. Таму і вылез са сваімі парадамі. Але каму яны патрэбныя, гэтыя парады?
Думкі варушыліся ў галаве, і Макар не заўважыў, як поруч прымасьціўся Сашка Мурленя, не пачуў, як яго паклікалі сесьці бліжэй да прэзыдыюму, і апрытомнеў толькі тады, як з бакавых дзьвярэй выйшла абласное ды раённае начальства, і ўсе гамузам ударылі ў ладкі. Пляскалі спачатку седзячы, потым стоячы, нарэшце суняліся і дружна зарыпелі рассохлымі крэсламі. Макар таксама памкнуўся сесьці, але так і застыў на паўсагнутых: у залю, праз бакавыя «сакратарскія» дзьверы ўвайшла Данута.
Пад пільнымі позіркамі прысутных загадчыца сэктару ўліку прайшла па залі, і, напоўніўшы прастору пахам польскай парфумы, села поруч з Макарам.
У тарцы стала, дзе сядзеў прэзыдыюм, заварушыліся, зашапталіся, усхвалявана керханулі: гэта Калупайка прачышчаў глотку перад выступленьнем.
- Хвалюецца, - прамармытаў, дыхнуўшы перагарам, Мурленя, потым прамарматаў яшчэ нешта, але Макар не пачуў.
Той хвіляй ён наогул страціў здольнасьць штосьці чуць, а рэдкія фразы, якія даляталі да сьвядомасьці, успрымаліся як фрагмэнты нейкай дурноты.
Валасы Дануччыны струменілі пахі, ад якіх кружылася галава; ён стрымліваў дыханьне, мружыў вочы і скрозь вясёлкавыя веі зладзеявата паглядаў на аголеныя жаночыя калені. Зрэшты, галава кружылася ня толькі ад чароўных пахаў, але і ад шалёных фантазій. Макару мроілася, што ён цалуе гэтыя калені, лашчыць языком - вельмі пяшчотна і вельмі павольна - Дануччыны сьцёгны. Данута пры гэтым ціха стагнала, а калі ён - у думках - прыпаў вуснамі да празрыстых нэйлёнавых трусікаў, - менавіта такімі ён іх уяўляў, - застагнала ўголас і зморана папрасіла вады. Макар схамянуўся і насамрэч пачуў жаласьлівыя енкі. Але енчыла не Данута, а Підута, якой стала млосна ад задухі.
Праз пару хвілін, калі самлелую Галіну Спартакаўну вывелі з залі, Калупайка дзесятым разам адкерхаўся, пачаў знаёміць прысутных з кантрольнымі лічбамі, на якія мусіў выйсьці раён, а першы сакратар абкаму, дамагаючыся цішыні, пастукаў асадкай па графіну, неадрыўна пазіраючы пры гэтым на Дануччыны калені. Данута перахапіла рэдактарскі пагляд, закінула нага на нагу і - о жах! - прыціснулася цёплым клубам да Макара. Макар усхапіўся, выпрастаў хрыбціну, здрыгануўся ўсім целам і, прыхоўваючы хваляваньне, пляснуў у ладкі, ухваляючы Калупайкаву заяву пра тое, што жывёлаводы раёну ня толькі выканаюць, але і перавыканаюць даведзеныя пляны.
З залі Макар выходзіў дарэшты зьбянтэжаны, змораны ад салодкай пакуты і з застойнымі зьявамі ў нізе жывата. Каб прыхаваць - цяпер ужо застойныя зьявы, - давялося сагнуцца, захінуць пінжак, прыціснуць да нізу жывата нататнік, а калі з-за сьпіны пачуўся Мішкавы голас: - Куды ты?! - ён, не павярнуўшы галавы, незадаволена выдыхнуў: - У прыбіральню!
... Пасьля прыцемку райкамаўскіх калідораў сонца ўдарыла ў вочы, тупымі іголкамі кальнула скроні.
- Не забывайце нас, Іван Іванавіч! - гукалі з натоўпу, - выбачайце, калі што ня так.
Іван Іванавіч - расчырванелы, расчулены, абдораны чырвонымі гвазьдзікамі, штосьці казаў у адказ, ціснучы руку ачунялай Підуце. Галіна Спартакаўна, аднак, поціскамі не абмежавалася - палезла цалавацца, і Калупайку прыйшлося ўхінацца і падстаўляць для пацалункаў танклявую шыю.
На добры лад, трэба было падысьці да Калупайкі, разьвітацца, сказаць колькі словаў, але нейкая сіла стрымлівала Макара, а калі ён узьняў нагу, каб ісьці па сходах, за сьпінай зацюкалі туфлікі і хтосьці крануўся ягонага локця.
- Чаму вы мяне пазьбягаеце? - голасна запыталася Данута, прымусіўшы здрыгануцца ня толькі Макара, але й загадчыцу райана Сьцефурак, якая стаяла поруч.
Краем вока ён бачыў, як людзі з натоўпу разам паглядзелі на Дануту.
- Я тут днямі артыкульчык накрэмзала. Хачу вам паказаць, - цяпер ужо ціха, амаль шэптам прамовіла загадчыца сэктара ўліку, ускінуўшы на Макара даўжэзныя, шчыгульна пафарбаваныя вейкі.
- Ну вядома, Данута Станіславаўна, паглядзім. Альбо я, альбо Хаміцкі, - гэтак жа ціха прамармытаў Макар, і Данута, крутнуўшыся на абцасіках, абдарыла яго шматабяцальнай фразай: - Я пазваню, - і гэткай жа шматабяцальнай усьмешкай.
Ад будынка райкама да рэдакцыі - хады блізу кілямэтра, а калі ісьці напрасткі, агародамі, дык і таго меней. Летась супрацоўнікі рэдакцыі ўнадзіліся былі хадзіць кароткай дарогай, але гаспадар сотак абзавёўся сабакам, сабака падзёр Несьцяронку штаны, калі той бег на пленарнае паседжаньне, і пасьля таго выпадку хадзіць напрасткі ніхто не наважваўся.
Шыбуючы ўздоўж плота, Макар супыніўся на імгненьне, разважаючы - ці варта рызыкаваць, пасьля чаго азірнуўся, адсунуў дошку ў плоце і зашапацеў калашыньнем па бурачным лісьці. Па гароду ён ішоў мерным крокам, прыслухоўваючыся да сабачай зьвягі, - сабака брахаў недзе на другім канцы вуліцы, - а занурыўшыся ў кусты і пачуўшы, што кудлаты злодзей брэша недзе непадалёку, гізануў як мае быць.
Хаця і прабег няшмат, але дарэшты змарыўся і, задыханы, зь лістком бузіны ў валасах, паўстаў перад Хаміцкім.
У габінэце адказнага сакратара дурманіста пахла гарэлкай. Макар перавёў дых, незадаволена ўскінуў брыво, і паміж ім і адказным сакратаром адбыўся кароткі дыялёг.
- Зноў?!
- Іванавіч! Расінкі ў роце не было.
- Дап'ешся. Выганю н-нахер... (У гэтым месцы рэдактар уздыхнуў.) Мне хто-небудзь званіў?
- Званілі.
- Хто?!!
- Зёх.
- Фу ты, йоп... - Макар вылаяўся, зьняў з валасоў лісьцік і панылым крокам рушыў у свой габінэт.
Касьян Пракопавіч Зёх не даваў жыцьця. Мінулым летам прынёс у рэдакцыю аўтабіяграфічны раман - дванаццаць дробна сьпісаных сшыткаў - і загадаў надрукаваць бяз правак і скарачэньняў. Хаміцкі ў прысутнасьці аўтара прачытаў дзеля прыліку першую старонку, задаў пару пытаньняў, а калі за ганаровым чэкістам зачыніліся дзьверы, запіхнуў сшыткі ў ніжнюю стальніцу.
Рэшту лета і ўсю восень стары псюк хадзіў у рэдакцыю як на працу. Прыйдзе, сядзе насупраць Хаміцкага і глядзіць таму ў вочы. І вось аднойчы, калі Сазон прагнуў пахмяліцца і пад сталом у яго ўжо стаяла адкаркаваная бутэлька, у габінэт увайшоў Касьян Пракопавіч.
Як потым апавядаў Сазон, той хвіляй зь ім здарыўся прыпадак: уваччу пацямнела, увушшу зазьвінела, правая нага зьнянацку тузанулася, і ён апрытомнеў толькі тады, як пачуў пах разьлітай гарэлкі.
Макар тады ўжо працаваў рэдактарам: пачуў краем вуха здушанае вяканьне, выйшаў на калідор і з жахам назіраў, як Хаміцкі, узяўшы наведніка за каршэнь, выносіў таго на сьвежае паветра.
Такія абыходзіны з ганаровым чэкістам маглі мець наступствы, таму Сазон выцягнуў са стальніцы сшыткі, тры дні і тры ночы разьбіраў крамзолі, а потым цэлы месяц на старонках «Зары камунізму» друкаваліся ўрыўкі з аўтабіяграфічнага рамана, у якім галоўны герой - Касьян Зёх - граміў у ваколіцах Ферганы нацыяналістычныя банды Карым-башы і Назарбая.
Пасьля той публікацыі нага ганаровага чэкіста доўга не ступала на рэдакцыйны ганак - Сазон з Макарам ужо з палёгкаю аддзьмуліся, прыбіральшчыца цётка Маша паставіла па іх просьбе васкоўку ў невельскай царкве, але пэўнага ранку ў Макаравым габінэце пагрозьліва грукнула кульба і на стол ляглі дзьве важкія тэчкі з рукапісам новага аўтабіяграфічнага рамана «Расеі верныя сыны».
У першым разьдзеле раману, - а Макар толькі яго і адолеў, - апавядалася, як батальён пад камандаваньнем капітана Зёха дэпартаваў з Каўказа сем'і здраднікаў. У порце Махачкала батальён сагнаў на баржу чэчэнак зь дзецьмі, баржу адцягнулі ў мора, а потым патапілі - разам са здраднікамі. Прачытаўшы гэта, Макар схаваў раман у сэйф, а потым - ужо на поўным сур'ёзе - папрасіў прыбіральшчыцу паставіць васкоўку за спачын бязьвінна патопленых чэчэнак.
Згадка пра Зёха сапсавала настрой. Макар плюхнуўся ў крэсла і, неадрыўна пазіраючы на тэлефон, падсунуў пад нос газэтныя гранкі, якія ляжалі на стале.
Чытаць гэтую лухту не хацелася, ды і нэрвы былі не на месцы; радкі скакалі ўваччу, і цяжка было дапяць да сэнсу прачытанага. Макар прабег вачыма нейкую нататку, але нічога не зразумеў, пацёр рукамі пераносьсе і стаў чытаць па-новай - уголас і водзячы закарузлым пальцам па рухавых радках.
- «Да позьняй ночы гараць агні ў вокнах Бычкоўскага клюба, - прамармытаў Макар і адкашляўся. - Сяльчане прыходзяць у клюб адпачыць, паглядзець цікавы фільм, азнаёміцца з кніжнымі навінкамі, у тым ліку і з матэрыяламі Ліпеньскага Пленума ЦэКа КаПэЭсЭс. вялікую дапамогу ў падборцы літаратуры аказваюць наведнікам загадчыца бібліятэкі Э. А. Забыронька і прапагандыст...»
«Забыронька ці Забаронька?» - падумаў Макар, адарваўшыся ад тэксту, і ў той жа міг са столі пасыпалася парахня: гэта Хаміцкі выцяў кулаком у сьценку.
Кожны раз, убачыўшы ў вакне пакамечаны каепронавы капялюш, ён бег хавацца ў катух, дзе прыбіральшчыца - цётка Маша - ставіла вёдры, але цяпер кульба стукала па калідорных масьнічынах, і Макар, пакрыўшы мацюгамі белы сьвет, палез хавацца ў шафу.
У шафе панавала цемра - адно маленькі струмок сьвятла прабіваўся скрозь замочную шчыліну. Тут пахла мышамі, старымі газэтамі і тут, у зацішку, добра думалася, і думкі прыходзілі ў галаву суладныя і чыстыя. Ну а калі разгарнуць сяньнік, які, скручаны, ляжаў на сподзе, дык можна было і задрамаць. Сяньнік той застаўся ад Несьцяронка, і, па словах Хаміцкага, былы рэдактар раскручваў яго падчас начных дзяжурстваў, прымаючы разам з машыністкай Люсяй экстраныя паведамленьні ТАСС.
Гэтым разам Макару й сапраўды добра думалася, і думаў ён пра Дануту. Думаў доўга - хвілін дзесяць, потым думкі сталі блытацца, аддаляцца, і ля самага вуха пачулася трывожнае буханьне. Ён расплюшчыў вочы, матлянуў рукамі, думаючы, што патрапіў у труну, а калі буханьне паўтарылася, вохнуў і незадаволена запытаў:
- Ну чаго ты?
- Людзі прыйшлі, аб'яву прынесьлі. Пытаюцца - хто там так страшна храпіць? - растлумачыў адказны сакратар, і рэдактар, салодка пазяхнуўшы, вылез са схову.
... Тэлефон зазаваніў а пятай гадзіне. Да таго часу ён ужо стаміўся хвалявацца, і кашуля ўжо ня прэла ад цыганскага поту. Але ўсё адно: пачуўшы Дануччын голас, Макар зьніякавеў, і слухаўка памкнулася высьлізнуць з млявай рукі.
- Ну дык я вас чакаю, - гукнула Данута Францкавяк, і тэлефонныя глыбіні напоўніліся вясёлымі жаночымі галасамі. Данута была не адна, і гэтыя галасы - відаць, ейных сябровак - вярнулі ў душу пачуцьцё няўцямнай трывогі.
«А можа гэта пастка? Можа, зь яго хочуць пасьмяяцца?» Ахоплены беспрычыннай трывогай, ён выйшаў з рэдакцыі і няпэўным крокам рушыў у невядомасьць. Макар ішоў і быў амаль упэўнены: вось зараз, тут, у бузіньніку, павінна надарыцца штосьці страшнае.
У бузіньніку, аднак, нічога такога не надарылася. Ён вылез з кустоў, пералез праз жардзянік і вось там, на бурачных лехах, сэрца ягонае абарвалася і закацілася на самы дол жывата. У разоры, прыхаваны да самага ашыйніку чырвоным бацьвіньнем, сядзеў віславухі злодзей і шчэрыў іклы.
Сабака быў невялікі - звычайны дварняк, якіх шмат бегае па завугольлі. Аднак пра лютасьць гэтай кудлы казалі страшныя рэчы, таму Макар, ня зводзячы вачэй з кудлатай галавы, даў задні ход: рушыў да кустоў дробным крокам. Але хітрыкі такія не прайшлі. Кудлаты злодзей страсянуў вушамі, яшчэ больш вышчарыўся і папераджальна гыркнуў.
- Божухна, дык што ж гэта робіцца? - плаксіва выдыхнуў Макар і нечакана для сябе самога плюхнуўся на калені. Плюхнуўся, а потым згадаў бацькавы аповед пра хлопца, які ўратаваўся ў першую пасьляваенную зіму ад ваўка, які пераняў небараку ў чыстым полі. Усталопіўшыся на ваўчару, хлопец гадзіну ці дзьве стаяў, зьніякавелы, а потым, стаўшы вокрач, забрахаў па-сабачы. Гэта яго і ўратавала. Пачуўшы брэх, ваўчара таксама зьніякавеў і, падкурчыўшы хвост, зьнік зь відавоку.
Макар глынуў паветра і забрахаў з такім імпэтам, што не пазнаў уласнага голасу. У дадатак ён яшчэ і заскавытаў, прапоўз вокраччу па баразьне, і сабака, пабачыўшы такія жахі, зьбянтэжана крутнуў галавой, прыціснуў вушы і зьвёў да пераносься ўмэнт палагаднелыя вочкі.
Перавядзем разам з героем аповеду дых, абаб'ем разам зь ім калашыны і згадаем тую пару, калі нашымі немаладымі ўжо душамі авалодала запозьненае, а таму хваравітае і ўсёпаглынальнае каханьне. Згадаем пару, калі недзе пад сэрцам нараджаліся новыя надзеі, ценька гучалі новыя песьні, калі жар каханьня казытаў пяткі й нам увесь час карцела некуды бегчы. І хаця жар той быў усяго толькі бэнгальскім агнём, мітусьлівым фаервэркам у цемрыве шэрых будняў, душа ляцела на прывідны агонь, не раўнуючы, як начны матылёк на палахлівае полымі васкоўкі.
Вось і наш герой, напоўніўшы навакольле шапаценьнем бурачнага лісьця, ляцеў на згубны агонь, недзе пад сэрцам ягоным нараджаліся тамліва-трапяткія надзеі і гучалі... не, ня песьні, а словы кагадзе прачытанай нататкі. Словы ўбіліся ў памяць, з кожным крокам гучаньне іх мацнела, убіралася ў сілу, а калі наш герой упіхнуў галаву ў пралом пахілага плоту і азірнуўся, з вуснаў ягоных сарвалася малітоўная скорагаворка: - Да самай ночы гараць агні Бычкоўскага клюба...
На трэці павер узьбег на адным дыханьні, пужлівай чапляй прайшоўся па дывановым ходніку і толькі на канцы калідора дазволіў сабе аддыхацца. Кашлянуў, крануўся пальцамі дзьвярной ручкі ды так і застыў у непаразуменьні: там, за дзьвярыма, чуўся жаночы сьмех, прыглушана дзынкнулі шклянкі, і нехта, праўдападобна загадчыца райана Сьцефурак, прамовіла:
- Абавязкова завітай у Лівадзійскі палац. Гэта цуд нейкі!
Кароткую хвілю за дзьвярыма панавала ціша, потым Сьцефурак гучна крэкнула, суцішна мацюкнулася, замармытала штосьці, выразна прамовіўшы словы «шчасьліва адпачыць», і празь імгненьне паўстала перад Макарам.
- Данута Станіславаўна! Да вас наведнік, - выгукнула загадчыца райана і, кінуўшы празь плячо няўцямную фразу: - Пазвані, як даедзеш, - высьлізнула з габінэту.
Данута была не адна - у габінэце, закінуўшы нага на нагу, сядзела сакратарка Марына і яшчэ адна кабета, прозьвішча якой Макар ня ведаў. На стале грувасьцілася пляшка шампану, бліскалі чатыры келіхі й ляжала каробка чакалядных цукерак.
- А-а... журналісты! - сьпеўна і зь лёгкай гіроніяй у голасе азвалася Данута Станіславаўна, і Макару ад тае гіроніі стала не па сабе.
Ён спыніўся ля бар'ера, спалохана зірнуў на бутэльку.
- Заходзьце, Макар Іванавіч, ужо бег гіроніі прамовіла гаспадыня габінэту, мелькам паправіўшы прычоску. - Гэта мы тут, дурныя бабы, гулянку арганізавалі. Водпуск абмываем. Заўтра ў Крым еду.
Яшчэ колькі імгненьняў Макар муляўся ля бар'ера, а потым, пад цікаўнымі позіркамі Дануччыных сябровак, прайшоў на нягнуткіх нагах да крэсла, сеў і, ратуючыся ад жаночых вачэй, склаў далоні на тым месцы, дзе схадзілася ў адно калашыньне парусінавых штаноў.
Данута падхапіла недапітую бутэльку, спраўна, не раўнуючы, як кельнэр, разьліла рэшту шампану па келіхах.
- Я вам у свой наліла. Не пагрэбуеце?
Макар глынуў пітва і закашляўся, дробнымі пырскамі пакрыўшы парусінавыя нагавіцы.
- Ну што вы, Макар Іванавіч. Супакойцеся, нікога ня бойцеся, - прамовіла, ці, лепей сказаць, прасьпявала Данута Станіславаўна, ляпнуўшы Макара па сьпіне.
Сытуацыя вымагала нейкай дзеі, нейкіх арыгінальных словаў, і Макар, адкерхаўшыся, афіцыйным тонам запытаў:
- Ну, а як там наконт артыкула?
Запытаўся, а потым пашкадаваў, бо Дануччыны сяброўкі разам засьмяяліся, а загадчыца габінэту з робленай крыўдай выдыхнула:
- Вось якія пайшлі кавалеры. Іх не жанчыны цікавяць, а нейкія артыкулы.
Болей Макар не прамовіў ні слова. Сядзеў, увабраўшы голаў у плечы, слухаў сакратарку Марыну, якая распавядала - як шмат ёй даводзіцца друкаваць рознай лухты, - і ніяк ня мог уцяміць: дзеля чаго яго сюды запрасілі.
Нарэшце, хвілін празь дзесяць, сакратарка ўзьнялася, плюснула Дануту ў шчаку, пажадала добрага адпачынку і жанкі гамузам выйшлі ў калідор. Разьлеглы габінэт напоўніўся цішынёю, і ўсё наўкол набыло суворае аблічча. З шафы сувора паглядаў гіпсавы Энгельс, стрыжаны «пад польку» Брэжнеў ня менш сувора паглядаў з партрэта, і нават шыльда з надпісам «Намэнклятура абкама» на даўжэзным, застаўленым аднолькавымі шэрымі тэчкамі стэлажы, набыла пагрозьліва патаемны сэнс. Дзесьці там, у шэрым шыхце, стаяла і ягоная асабістая справа.
Адчуваньне таго, што ён, Макар, не шараговы партыец, а намэнклятура абкаму, кранула душу трапяткім халадком, утуленая ў плечы галава годна ўзьнялася, але ў наступнае імгненьне зноў убілася ў плечы: у габінэт, бразгаючы спаласнутымі келіхамі, увайшла Данута Станіславаўна. Нічога не сказаўшы, нават не зірнуўшы ў ягоны бок, гаспадыня габінэту паставіла келіхі ў браніраваны сэйф, прыбрала са стала пустую пляшку, потым падышла да люстэрка і доўга папраўляла прычоску, раз за разам паўтараючы адну і тую ж фразу:
- Божухна, што з валасамі?
Каб нейкім чынам засьведчыць сваю прысутнасьць, Макар рыпнуў крэслам, стрымана кашлянуў, але гэта не дапамагло. Гаспадыня габінэту глядзелася ў люстэрка, перабірала паперы, зачыняла фрамугі і не зьвяртала на яго аніякай увагі.
Макар пачаў хвалявацца і падумаў быў - ці не сысьці ўпрочкі, ды тут Данута, выцершы пыл з гіпсавага Энгельса, кінула на падваконьне анучку, крутнулася, як тая дзяўчынка, на адной назе і весела прамовіла:
- Ну дык што, ідзем?
Сказана гэта было з такой лёгкасьцю, з такой іскрыстай бестурботнасьцю, што ў Макара ёкнула сэрца і ён, забыўшыся пра ўсё на сьвеце, прыхапіўся з крэсла і зрабіў крок насустрач свайму шчасьцю.
Ні ў калідоры, ні на сходах яны, дзякаваць богу, нікога ня стрэлі, а вось на ганку сутыкнуліся са збоем жанчын - былі там і райкамаўкі, і райвыканкамаўкі, і яшчэ немаведама хто. Ідучы па прыступках, Макар паскорыў крок, намагаючыся абмінуць усіх гэтым пляткарак, але Данута схапіла яго за рукаво, сагнула руку абаранкам і, піхнуўшы пад локаць далікатныя пальцы, зацюкала абцасамі па асфальце. Так яны і пайшлі, пад ручку, і сьпіна Макарава сьвярбела ад пранізьлівых жаночых позіркаў.
Зьлёгку замглёнае, дасьпелае сонца яшчэ было высока. Сонца вісела над будынкам райкама, па-над возерам, адбіваючыся ў яго спакойным люстры, над дымным комінам льнозавода, які вытыркаўся з-за дахаў азярышчанскай ускраіны, што называлася Зарэччам. Там, у Зарэччы, гарлалі пеўні, крычалі вароны, бязладнай грамадой пералятаючы зь месца на месца, і голасна мэкалі козы.
Макар ня бачыў сонца, ня бачыў крыклівых варон, ня чуў казінага мэканьня. З усіх ворганаў пачуцьця ў яго працаваў толькі нюх - ён удыхаў водар парфумы, невідушча ступаў па ходніку, і Дануце даводзілася тузаць спадарожніка за руку, каб абмінуць лужу альбо каровіну ляпеху.
Яны дайшлі да ўнівэрмага, павярнулі на Чырвонаармейскую і тут, абмінаючы чарговую лужыну, Данута пацягнула яго за рукаво.
- Памятаеце, што я сказала, калі мы танцавалі?