1-е Саборнае Пасланне святога Апостала Іаана Багаслова

Раздзел 1
Раздзел 2
Раздзел 3
Раздзел 4
Раздзел 5


Раздзел 1

1Пра тое, што было́ ад пача́тку, што мы чу́лі, што ба́чылі на свае вочы, што сузіра́лі і што рукі нашы крана́лі, пра Слова жыцця́, –

2бо жыццё яві́лася, і мы ба́чылі, і све́дчым, і абвяшча́ем вам гэтае жыццё вечнае, якое было́ ў Айца і яві́лася нам, –

3пра тое, што мы ба́чылі і чу́лі, абвяшча́ем вам, каб і вы ме́лі супо́льнасць з намі; а наша супо́льнасць – з Айцом і Сы́нам Яго Іісусам Хрыстом.

4І гэта пі́шам вам, каб ра́дасць ваша была́ поўная.

5І вось тая ве́стка, якую мы чу́лі ад Яго і абвяшча́ем вам: Бог ёсць святло́, і няма ў Ім нія́кай це́мры.

6Калі мы ка́жам, што ма́ем супо́льнасць з Ім, а ходзім у це́мры, то мы хлу́сім і не робім паво́дле і́сціны;

7калі ж хо́дзім у святле́, як Ён у святле́, то ма́ем супо́льнасць адзін з адны́м, і Кроў Іісуса Хрыста, Сы́на Яго, ачышча́е нас ад усякага граху́.

8Калі мы ка́жам, што не ма́ем граху́, то ашу́кваем саміх сябе, і і́сціны няма ў нас.

9Калі вы́знаем грахі́ нашы, то Ён, ве́рны і пра́ведны, праба́чыць нам грахі́ нашы і ачы́сціць нас ад усякай няпра́ўды.

10Калі кажам, што мы не саграшы́лі, то ро́бім з Яго лгуна́, і сло́ва Яго няма́ ў нас.

 

Раздзел 2

1Дзе́ткі мае́! гэта пішу я вам, каб вы не грашы́лі; а калі хто саграшы́ць, то мы ма́ем Хада́йніка перад Айцом, Іісуса Хрыста́, Пра́ведніка:

2Ён – уміласціўле́нне за грахі́ нашы, і не толькі за нашы, але і за грахі́ ўсяго свету.

3А тое, што мы спазна́лі Яго, ве́даем па тым, што за́паведзі Яго выко́нваем.

4Хто кажа: "я спазна́ў Яго", а за́паведзяў Яго не выко́нвае, той ілгун, і няма ў ім і́сціны;

5а хто выко́нвае слова Яго, у тым сапраўды́ любоў Божая даскана́лая: з гэтага ве́даем, што мы ў Ім.

6Хто кажа, што знахо́дзіцца ў Ім, той павінен паво́дзіць сябе так, як Ён паво́дзіў Сябе.

7Узлю́бленыя! пішу вам не новую за́паведзь, а за́паведзь да́ўнюю, якую вы ме́лі ад пача́тку: за́паведзь да́ўняя – гэта слова, якое вы чу́лі ад пача́тку.

8А разам з тым і новую за́паведзь пішу́ вам: што́ ёсць і́сціннае і ў Ім, і ў вас, бо це́мра прахо́дзіць і святло і́сціннае ўжо све́ціць.

9Хто кажа, што ён у святле́, а брата свайго ненаві́дзіць, той усё яшчэ ў це́мры.

10Хто лю́біць бра́та свайго, той у святле́ знахо́дзіцца, і няма ў ім спаку́сы;

11а хто ненаві́дзіць бра́та свайго, той – у це́мры, і ў це́мры ён хо́дзіць, і не ве́дае, куды́ ідзе́, бо це́мра засляпі́ла во́чы яму́.

12Пішу вам, дзе́ткі, таму што праба́чаны вам грахі́ дзе́ля імя́ Яго.

13Пішу вам, айцы, таму што вы спазна́лі Таго, Хто ёсць ад пача́тку. Пішу вам, юнакі́, таму што вы перамаглі́ злога. Пішу вам, дзе́ці, таму што вы спазна́лі Айца.

14Я напіса́ў вам, айцы, таму што вы спазна́лі Таго, Хто ёсць ад паче́тку. Я напіса́ў вам, юнакі́, таму што вы мо́цныя, і слова Божае знахо́дзіцца ў вас, і вы перамаглі́ зло́га.

15Не любі́це све́ту і таго, што ў све́це: хто лю́біць свет, у тым няма любо́ві Айца;

16бо ўсё, што ў свеце: пажа́длівасць плоці, пажа́длівасць вачэй і ганарлі́васць жыце́йская, – не ад Айца, а ад све́ту гэтага.

17І свет прахо́дзіць, і пажа́длівасць яго, а той, хто выко́нвае волю Божую, застае́цца наве́кі.

18Дзеці! гэта апо́шні час. І пако́лькі вы чу́лі, што пры́йдзе анты́хрыст, а цяпер з'яві́лася многа анты́хрыстаў, то па гэтым мы і пазнаём, што час апошні.

19Яны вы́йшлі з нас, але не былі́ нашымі; бо калі б яны былі́ нашымі, то засталі́ся б з намі; а гэта адбыло́ся, каб вы́явілася, што не ўсе нашы.

20А вы ма́еце пама́занне ад Святога і ве́даеце ўсё.

21Я напіса́ў вам не таму, што вы не ве́даеце і́сціны, а таму, што вы ве́даеце яе, і таму, што ўсякая ілжа́ не ад і́сціны.

22Хто лгун, як не той, хто адмаўля́е, што Іісус ёсць Хрыстос? Гэта – анты́хрыст, які адмаўля́е Айца́ і Сы́на.

23Кожны, хто адмаўля́е Сы́на, не ма́е і Айца; а хто вызнае́ Сы́на, той ма́е і Айца.

24Дык вось, тое, што вы чу́лі ад пача́тку, няхай і застае́цца ў вас; калі застане́цца ў вас тое, што вы чу́лі ад пача́тку, то і вы застаняце́ся ў Сыне і ў Айцу́.

25А тое абяца́нне, што Ён абяца́ў нам, ёсць жыццё ве́чнае.

26Гэта я напіса́ў вам пра тых, якія ўво́дзяць вас у зман.

27Аднак пама́занне, якое вы атрыма́лі ад Яго, застае́цца ў вас, і вы не ма́еце патрэ́бы, каб хто вучы́ў вас; але паколькі само гэтае пама́занне ву́чыць вас усяму, а яно і́сціннае і нялжы́вае, дык чаму́ яно навучы́ла вас, у тым і застава́йцеся.

28І цяпер, дзеткі, застава́йцеся ў Ім, каб, калі Ён я́віцца, мы ме́лі адва́гу і не былі́ пасаро́млены перад Ім у час прышэ́сця Яго.

29Калі вы ве́даеце, што Ён пра́ведны, то ве́дайце таксама, што кожны, хто робіць па праўдзе, ад Яго наро́джаны.

 

Раздзел 3

1Глядзі́це, якую любоў даў нам Айцец: каб мы называ́ліся дзе́цьмі Божымі; і мы з'яўля́емся імі. Свет таму не ве́дае нас, што не спазна́ў Яго.

2Узлю́бленыя! мы цяпер дзе́ці Божыя; але яшчэ́ не адкры́лася, чым мы будзем; ве́даем толькі, што калі адкры́ецца, то падо́бнымі да Яго будзем, таму што ўба́чым Яго, як Ён ёсць.

3І кожны, хто ма́е надзею гэтую на Яго, ачышча́е сябе, пако́лькі і Ён чы́сты.

4Кожны, хто робіць грэх, робіць і беззако́нне; бо грэх – гэта беззако́нне.

5І вы ве́даеце, што Ён яві́ўся, каб узя́ць грахі́ нашы, а ў Ім граху́ няма.

6Кожны, хто ў Ім застае́цца, не грашы́ць; кожны, хто грашы́ць, той не бачыў Яго і не спазна́ў Яго.

7Дзеткі! няха́й ніхто не ўво́дзіць вас у зман. Хто ро́біць па пра́ўдзе, той пра́ведны, падо́бна як Ён пра́ведны.

8Хто робіць грэх, той ад дыя́вала, таму што дыя́вал ад пача́тку грашы́ць. Для таго і явіўся Сын Божы, каб зні́шчыць спра́вы дыя́вала.

9Кожны наро́джаны ад Бога не ро́біць граху́, таму што се́мя Яго застае́цца ў ім; і ён не можа грашы́ць, бо наро́джаны ад Бога.

10Вось па чым пазнаю́цца дзеці Божыя і дзеці дыя́вала: кожны, хто не ро́біць па пра́ўдзе, той не ад Бога, такса́ма і той, хто не лю́біць брата свайго.

11Бо вось запаве́т, які вы чулі ад пачатку: каб мы любі́лі адзін аднаго́;

12не так, як Каін: ён быў ад злога і забі́ў бра́та свайго. А чаму забі́ў яго́ Таму, што спра́вы яго былі злымі, а спра́вы брата яго пра́веднымі.

13Не здзіўля́йцеся, браты́ мае́, калі ненаві́дзіць вас свет.

14Мы ведаем, што мы перайшлі́ ад сме́рці ў жыццё, таму што лю́бім братоў; хто не лю́біць брата, той застае́цца ў сме́рці.

15Кожны, хто ненаві́дзіць бра́та свайго, той чалавеказабо́йца; і вы ве́даеце, што ніякі чалавеказабо́йца не ма́е жыцця ве́чнага, якое б у ім застава́лася.

16Любоў спазна́лі мы ў тым, што Ён за нас душу́*Сваю пакла́ў; і мы паві́нны за брато́ў ду́шы свае кла́сці.

17А хто будзе мець дабрабы́т у све́це і будзе ба́чыць, што брат яго ў няста́чы, але закры́е сэрца сваё ад яго, то як жа застане́цца ў ім любоў Божая́

18Дзеткі мае́! дава́йце будзем любі́ць не сло́вам і не языко́м, а спра́ваю і і́сцінаю.

19І па гэтым пазнаём, што мы ад і́сціны, і супако́ім перад Ім сэ́рцы нашы:

20бо калі сэ́рца будзе асуджа́ць нас, Бог бо́льшы за сэ́рца наша і ведае ўсё.

21Узлю́бленыя! калі сэ́рца наша не асуджа́е нас, то мы ма́ем адва́гу перад Богам,

22і чаго б ні прасі́лі, атрыма́ем ад Яго, бо за́паведзі Яго выко́нваем і ўго́днае Яму ро́бім.

23А за́паведзь Яго такая: каб мы ве́равалі ў імя́ Сына Яго Іісуса Хрыста́ і любі́лі адзін аднаго́, як Ён запаве́даў нам.

24І хто выко́нвае за́паведзі Яго, той застае́цца ў Ім, і Ён у тым. А што Ён застае́цца ў нас, пазнаём па Ду́ху, Якога Ён даў нам.

 

 

* Жыццё.

Раздзел 4

1Узлю́бленыя! не кожнаму ду́ху ве́рце, а выпрабо́ўвайце ду́хаў, ці ад Бога яны, таму што многа лжэпраро́каў з'яві́лася ў све́це.

2Духа Божага пазнава́йце так: кожны дух, што вызнае́ Іісуса Хрыста, Які прыйшоў у плоці, ёсць ад Бога;

3а кожны дух, што не вызнае́ Іісуса Хрыста, Які прыйшоў у плоці, не ёсць ад Бога, а гэта дух анты́хрыста, пра якога вы чу́лі, што ён пры́йдзе, і ён цяпер ужо ў све́це.

4Дзеткі! вы ад Бога, і вы перамаглі́ іх; бо Той, Хто ў вас, бо́льшы за таго́, хто ў свеце.

5Яны ад свету, таму і гаво́раць так, як гаворыць свет, і свет слу́хае іх.

6Мы ад Бога; хто зна́е Бога, той слу́хае нас; хто не ад Бога, той не слу́хае нас. Па гэтым пазнаём ду́ха і́сціны і ду́ха маны́.

7Узлю́бленыя! дава́йце бу́дзем любі́ць адзін аднаго́, таму што любоў ад Бога, і кожны, хто лю́біць, той наро́джаны ад Бога і зна́е Бога;

8хто не лю́біць, той не спазна́ў Бога, таму што Бог ёсць любоў.

9Любоў Божая да нас адкры́лася ў тым, што Бог пасла́ў у свет Сы́на Свайго Адзінаро́днага, каб мы атрыма́лі жыццё праз Яго.

10У тым любоў, што не мы ўзлюбі́лі Бога, а Ён узлюбі́ў нас і пасла́ў Сы́на Свайго як уміласціўле́нне за грахі́ нашы.

11Узлю́бленыя! калі так узлюбі́ў нас Бог, то і мы паві́нны любі́ць адзін аднаго́.

12Бога ніхто ніколі не ба́чыў; калі мы лю́бім адзін аднаго́, то Бог знахо́дзіцца ў нас, і любоў Яго ў нас даскана́лая.

13Мы пазнаём, што знахо́дзімся ў Ім і Ён у нас, па тым, што ад Духа Свайго Ён даў нам.

14І мы ба́чылі і све́дчым, што Айцец пасла́ў Сы́на Спасі́целем све́ту.

15Хто вызнае́, што Іісус – Сын Божы, у тым знахо́дзіцца Бог, і ён у Богу.

16І мы спазна́лі і вераю прынялі́ любоў, якую Бог ма́е да нас. Бог – гэта любоў, і хто знахо́дзіцца ў любо́ві, той знахо́зіцца ў Богу, і Бог у ім.

17Любоў такой даскана́ласці дасяга́е ў нас, што мы будзем мець адва́гу ў дзень суда́, бо які Ён, такія і мы ў све́це гэтым.

18У любо́ві няма стра́ху, а даскана́лая любоў праганя́е страх, бо ў стра́ху ёсць пакара́нне; і хто баіцца, той недаскана́лы ў любо́ві.

19Мы лю́бім Яго, бо Ён першы ўзлюбі́ў нас.

20Калі хто кажа: "я люблю Бога", а бра́та свайго ненаві́дзіць, то ён ілгу́н; бо хто не лю́біць бра́та свайго, якога ба́чыць, як можа любі́ць Бога, Якога не ба́чыць?

21І мы ма́ем ад Яго такую за́паведзь, каб той, хто лю́біць Бога, любі́ў і бра́та свайго.

 

Раздзел 5

1Кожны, хто ве́руе, што Іісус гэта Хрыстос, той ад Бога наро́джаны, і кожны, хто лю́біць Таго, Хто нарадзі́ў, лю́біць і наро́джанага ад Яго.

2Што лю́бім дзяцей Божых, мы пазнаём па тым, што лю́бім Бога і выко́нваем за́паведзі Яго.

3Бо ў тым любоў да Бога, каб мы выко́нвалі за́паведзі Яго; а за́паведзі Яго не ця́жкія.

4Таму што ўсё, наро́джанае ад Бога, перамага́е свет; і вось перамо́га, якая перамагла́ свет: вера наша.

5Хто перамага́е свет, як не той, хто ве́руе, што Іісус ёсць Сын Божы?

6Гэта Той Іісус Хрыстос, Які прыйшо́ў вадою, і крывёю, і Ду́хам, не вадою толькі, а вадою і крывёю; і Дух сведчыць пра Яго, таму што Дух ёсць і́сціна.

7Бо трое све́дчаць на небе: Айцец, Сло́ва і Святы́ Дух; і Гэтыя трое ёсць адно.

8І трое све́дчаць на зямлі: дух, вада і кроў; і гэтыя трое – пра адно.

9Калі мы прыма́ем све́дчанне людзей, то све́дчанне Бога – бо́льшае, таму што гэта сва́дчанне Бога, якім Ён засве́дчыў пра Сы́на Свайго.

10Хто ве́руе ў Сына Божага, той ма́е све́дчанне ў сабе самі́м; хто не ве́руе ў Бога, той робіць Яго лгуно́м, бо не ве́рыць све́дчанню, якім Бог засве́дчыў пра Сы́на Свайго.

11І вось гэтае све́дчанне: Бог даў нам жыццё ве́чнае, і гэтае жыццё – у Сы́не Яго.

12Хто ма́е Сына Божага, той ма́е жыццё; хто не ма́е Сына Божага, той не ма́е жыцця́.

13Гэта напіса́ў я вам, хто веруе ў імя́ Сына Божага, каб вы ведалі, што вы ма́еце жыццё вечнае, і каб ве́равалі ў імя́ Сына Божага.

14І вось якую адва́гу мы маем да Яго: калі про́сім чаго́сьці па волі Яго, то Ён слу́хае нас.

15А калі мы ве́даем, што Ён слу́хае нас, чаго б мы ні прасі́лі, то ве́даем, што атры́мліваем тое, чаго прасі́лі ў Яго.

16Калі хто ба́чыць брата свайго, які саграша́е грахом не на сме́рць, то няхай мо́ліцца, і Бог дасць жыццё яму – таму, які саграша́е не на смерць. Ёсць грэх на смерць, не пра такі кажу́, каб ён малі́ўся.

17Усякая няпра́веднасць – гэта грэх; але ёсць грэх не на смерць.

18Мы ведаем, што кожны, наро́джаны ад Бога, не грашы́ць; але наро́джаны ад Бога захо́ўвае сябе, і ліхі́ не дакрана́ецца да яго.

19Мы ве́даем, што мы ад Бога і што ўвесь свет ляжы́ць у зле.

20Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і даў нам святло і розум, каб мы спазна́лі Бога і́сціннага, і мы ёсць у і́сцінным Сыне Яго Іісусе Хрысце́. Ён – і́сцінны Бог і жыццё ве́чнае.

21Дзеткі! захо́ўвайце сябе ад і́далаў. Амі́нь.




Крыніца: sppsobor.by
Пераклад: Біблейская камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы (МП)

Беларуская Палічка: http://knihi.com