epub
 
падключыць
слоўнікі

2-е Саборнае Пасланне святога Апостала Іаана Багаслова

Раздзел 1


Раздзел 1

1Ста́рац – абра́най спада́рыні і дзе́цям яе, якіх я люблю́ ў і́сціне, і не толькі я, але і ўсе, хто спазна́ў і́сціну,

2дзе́ля і́сціны, якая знахо́дзіцца ў нас і будзе з намі ве́чна;

3няхай будзе з вамі благада́ць, мі́ласць, мір ад Бога Айца і ад Госпада Іісуса Хрыста, Сына Айцовага, у і́сціне і любо́ві.

4Я вельмі ўзра́даваўся, бо сярод дзяце́й тваіх знайшоў тыіх, што хо́дзяць у і́сціне паво́дле за́паведзі, якую мы атрыма́лі ад Айца.

5І цяпер прашу цябе, спада́рыня, не як новую за́паведзь пі́шучы табе, а як тую, што ма́ем ад пачатку: каб мы любі́лі адзін аднаго́.

6Любоў жа ў тым, каб мы жылі́ паво́дле за́паведзяў Яго. Вось за́паведзь, якую вы чулі ад пачатку, каб паво́дле яе жылі́.

7Бо ў свет увайшло́ многа ашука́нцаў, якія не прызнаю́ць Іісуса Хрыста, што прыйшо́ў у плоці: такі чалавек – ашука́нец і анты́хрыст.

8Сцеражы́цеся, каб вы*не страцілі таго, над чым працава́лі, а каб атрыма́лі поўную ўзнагаро́ду.

9Кожны, хто паруша́е вучэ́нне Хрыстова і не застае́цца ў ім, той не ма́е Бога; а хто застае́цца ў вучэ́нні Хрысто́вым, той і Айца, і Сына ма́е.

10Калі хто прыхо́дзіць да вас і не прыно́сіць гэтага вучэ́ння, не прыма́йце яго ў дом і не віта́йце яго;

11бо хто віта́е яго, той саўдзе́льнічае ў злых спра́вах яго.

12Многае меў я напіса́ць вам, але не захацеў я на папе́ры чарні́лам, а спадзяю́ся прыйсці́ да вас і ву́сна пагавары́ць, каб ра́дасць ваша была поўнай.

13Віта́юць цябе дзеці сястры тваёй абра́най. Амінь.

 

* У некаторых грэчаскіх тэкстах: "каб мы не страцілі таго, над чым працавалі, а каб атрымалі поўную ўзнагароду".



Пераклад: Біблейская камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы (МП)
Тэкст падаецца паводле выдання: sppsobor.by
Крыніца: sppsobor.by