epub
 
падключыць
слоўнікі

3-е Саборнае Пасланне святога Апостала Іаана Багаслова

Раздзел 1


Раздзел 1

1Ста́рац – узлю́бленаму Га́ію, якога я люблю́ ў і́сціне.

2Узлю́блены! малю́ся, каб ты меў добры по́спех і быў здаро́вы, як ма́е добры по́спех душа́ твая.

3Бо я вельмі ўзра́даваўся, калі прыхо́дзілі браты́ і све́дчылі пра тваю ве́рнасць, як ты жыве́ш у і́сціне.

4Для мяне няма бо́льшай ра́дасці, як чуць, што дзеці мае́ жывуць у і́сціне.

5Узлю́блены! ты паво́дле ве́ры дзе́йнічаеш у тым, што ро́біш дзе́ля братоў і дзе́ля пры́шлых;

6яны све́дчылі перад Царкво́ю пра тваю любоў; ты добра зро́біш, калі адпра́віш іх так, як трэба дзе́ля Бога,

7бо яны дзе́ля імя́ Яго пайшлі́, не ўзя́ўшы нічога ад язы́чнікаў.

8Дык вось, мы паві́нны прыма́ць такіх, каб стаць супрацо́ўнікамі ісціне.

9Я пісаў Царкве; але Дыятрэ́ф, які лю́біць першынствава́ць у іх, не прыма́е нас.

10Таму, калі я прыйду, то нагада́ю пра ўчы́нкі, якія ён робіць, га́ньбячы нас ліхі́мі сло́вамі, і гэтага яму яшчэ ма́ла, дык ён і сам не прыма́е братоў, і жада́ючым забараня́е, і з Царквы выганя́е.

11Узлю́блены! перайма́й не злое, а добрае. Хто ро́біць дабро, той ад Бога; а хто ро́біць зло, той не ба́чыў Бога.

12Пра Дзімі́трыя засве́дчана ўсімі і самою і́сцінаю; і мы таксама све́дчым, і вы ведаеце, што све́дчанне наша і́сціннае.

13Многае меў я напіса́ць; але не хачу піса́ць табе чарні́лам і пяро́м,

14а спадзяю́ся неўзаба́ве ўба́чыць цябе і ву́сна пагавары́ць.

15Мір табе. Віта́юць цябе сябры́; вітаа́й сяброў паіме́нна. Амі́нь.



Пераклад: Біблейская камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы (МП)
Тэкст падаецца паводле выдання: sppsobor.by
Крыніца: sppsobor.by