Апакаліпсіс святога Яна

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-20)
2 (1-29)
3 (1-22)
4 (1-11)
5 (1-14)
6 (1-17)
7 (1-17)
8 (1-13)
9 (1-21)
10 (1-11)
11 (1-19)
12 (1-18)
13 (1-18)
14 (1-20)
15 (1-8)
16 (1-21)
17 (1-18)
18 (1-24)
19 (1-21)
20 (1-15)
21 (1-27)
22 (1-21)


1 (1-20)

1Аб’яўленне Езуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаць слугам сваім, што неўзабаве павінна адбыцца. Ён паказаў гэта, паслаўшы свайго анёла да слугі свайго Яна, 2які засведчыў пра слова Божае і сведчанне Езуса Хрыста, і пра ўсё, што бачыў. 3Шчаслівы, хто чытае і тыя, хто слухае словы прароцтва і захоўвае напісанае ў ім, бо час блізкі.

4Ян — сямі Касцёлам у Азіі: ласка вам і спакой ад таго, які ёсць, і быў, і прыходзіць, і ад сямі Духаў, што перад Ягоным тронам, 5і ад Езуса Хрыста, вернага сведкі, першароднага сярод памерлых і Уладара зямных каралёў.

Таму, хто любіць нас і хто праз сваю кроў вызваліў нас ад нашых грахоў 6і ўчыніў нас валадарствам і святарамі для Бога і Айца свайго, Яму хвала і моц на векі вечныя. Амэн.

7Вось Ён прыходзіць з аблокамі, і кожнае вока ўбачыць Яго і ўсе тыя, хто працяў Яго. І будуць аплакваць Яго ўсе пакаленні зямлі. Так, амэн.

8Я — Альфа і Амега, — кажа Пан Бог, — які ёсць, які быў і які прыходзіць, Усемагутны.

9Я, Ян, брат ваш і саўдзельнік ва ўціску, у валадарстве і вытрываласці ў Езусе, быў на востраве, званым Патмас, дзеля слова Божага і дзеля сведчання пра Езуса. 10Я напоўніўся Духам у дзень Пана і пачуў за сабою гучны голас, быццам трубы, 11які казаў: «Што бачыш, запішы ў кнізе і пашлі сямі Касцёлам: у Эфес, у Смірну, у Пэргам, у Тыятыру, у Сарды, у Філадэльфію і Лаадыкею». 12Я абярнуўся, каб паглядзець, чый голас прамаўляў да мяне. І калі абярнуўся, то ўбачыў сем залатых свечнікаў, 13а пасярод свечнікаў кагосьці падобнага да Сына Чалавечага, апранутага ў доўгія шаты і падпяразанага на грудзях залатым пасам. 14А Яго галава і валасы былі белыя, быццам белая воўна, быццам снег, а вочы Ягоныя былі як полымя агню. 15Ногі ж Ягоныя былі падобныя да бронзы, нібы распаленай у печы, а голас Ягояк шум вялікай вады. 16У правай руцэ сваёй Ён меў сем зорак, а з Яго вуснаў выходзіў востры двухбаковы меч, і твар Яго быў як сонца, што свеціць у сваёй моцы.

17Калі я ўбачыў Яго, упаў да ног Ягоных, нібы мёртвы. Ён паклаў на мяне правіцу сваю, кажучы: «Не бойся! Я — першы і апошні, 18і жывы; і быў мёртвы, і вось жывы на векі вечныя; і маю ключы смерці і адхлані. 19Таму напішы тое, што ты ўбачыў, і што ёсць, і што павінна стацца пасля гэтага. 20Што да таямніцы сямі зорак, якія ты бачыў у Маёй правіцы, і сямі залатых свечнікаў, то сем залатых зорак — гэта анёлы сямі Касцёлаў, а сем свечнікаў — гэта сем Касцёлаў.

 

2 (1-29)

1Анёлу Касцёла ў Эфезе напішы:

Так кажа той, хто трымае сем зорак у сваёй правіцы, хто ходзіць сярод сямі залатых свечнікаў. 2Ведаю справы твае, і працу тваю, і цярплівасць тваю, і тое, што ты не можаш зносіць злых, і выпрабаваў тых, хто называе сябе апосталамі, але імі не з’яўляюцца, і выкрыў, што яны ашуканцы. 3Ты маеш цярплівасць і пакутваў дзеля імя Майго, і не знямогся. 4Але маю супраць цябе тое, што ты пакінуў першую любоў. 5Таму згадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся, і рабі так, як ты рабіў спачатку. Калі не, то Я прыйду да цябе і зрушу свечнік твой з яго месца, калі ты не пакаешся. 6Але добра тое, што ты ненавідзіш учынкі нікалаітаў, якія і Я ненавіджу.

7Хто мае вушы, няхай пачуе, што Дух кажа Касцёлам. Пераможцу дам есці з дрэва жыцця, што ў раі Бога.

8Анёлу Касцёла ў Смірне напішы:

Так кажа Першы і Апошні, які быў мёртвы, але ажыў: 9Я ведаю пра твой уціск і ўбоства, але ты багаты; ведаю пра блюзнерствы тых, хто называе сябе юдэямі, аднак не з’яўляюцца імі, але сінагогаю сатаны. 10Не бойся таго, што павінен выцерпець. Вось д’ябал збіраецца кінуць некаторых з вас у вязніцу, каб вы зведалі выпрабаванне. І будзеце зносіць уціск дзесяць дзён. Будзь верны аж да смерці, і Я дам табе вянок жыцця.

11Хто мае вушы, няхай пачуе, што Дух кажа Касцёлам. Пераможца напэўна не зазнае шкоды ад другой смерці.

12Анёлу Касцёла ў Пэргаме напішы:

Так кажа той, хто мае востры двухбаковы меч. 13Я ведаю, дзе ты жывеш: там, дзе трон сатаны, хоць трымаешся імені Майго і не адмовіўся ад веры ў Мяне, нават у дні, калі Мой верны сведка Антыпас быў забіты ў вас, дзе жыве сатана. 14Але Я маю крыху супраць цябе, бо там ёсць тыя, хто трымаецца вучэння Балаама, які навучыў Балаака стварыць спакусу для сыноў Ізраэля, каб яны спажывалі ахвярапрынашэнні ідалам і распуснічалі. 15Таксама ў цябе ёсць тыя, хто падобна трымаецца вучэння нікалаітаў. 16Таму апамятайся. У адваротным выпадку Я хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мячом Маіх вуснаў.

17Хто мае вушы, няхай пачуе, што Дух кажа Касцёлам. Пераможцу дам укрытую манну і белы каменьчык, а на каменьчыку будзе напісана новае імя, якога не ведае ніхто, акрамя таго, хто яго атрымлівае.

18Анёлу Касцёла ў Тыятыры напішы:

Так кажа Сын Божы, які мае вочы, быццам полымя агню, а ногі Яго падобны да бліскучай бронзы. 19Я ведаю справы твае, і любоў, і веру, і служэнне, і цярплівасць тваю, і апошнія ўчынкі твае большыя за першыя. 20Але Я маю супраць цябе тое, што ты дапускаеш жанчыну Езабэль, якая называе сябе прарочыцай, навучае і зводзіць Маіх слугаў, каб чыніць распусту і спажываць ахвярапрынашэнні ідалам. 21Я даў ёй час апамятацца, але яна не хоча адвярнуцца ад сваёй распусты. 22Вось кіну яе на ложа, а тых, хто распуснічае з ёй, аддам пад вялікі ўціск, калі не адвернуцца ад сваіх справаў. 23І дзяцей яе знішчу смерцю. І пазнаюць усе Касцёлы, што Я той, хто даследуе нутро і сэрцы, і адплачу кожнаму з вас паводле ўчынкаў ягоных.

24Кажу ўсім вам, астатнім у Тыятыры, хто не мае гэтага вучэння і хто не пазнаў, як кажуць, глыбіняў сатаны, што Я не ўскладу на вас іншага цяжару. 25Але тое, што маеце, захоўвайце, пакуль не прыйду. 26Хто пераможа і захавае да канца ўчынкі Мае, таму

дам уладу над народамі,

27і ён будзе пасвіць іх жалезным кіем;

як гліняны посуд яны будуць разбітыя.

28І як узяў Я ад Айца Майго, так і яму дам ранішнюю зорку.

29Хто мае вушы, няхай пачуе, што Дух кажа Касцёлам.

 

3 (1-22)

1Анёлу Касцёла ў Сардах напішы:

Так кажа той, хто мае сем духаў Божых і сем зорак. Ведаю твае справы. Ты носіш імя, быццам жывы, але ты мёртвы. 2Чувай і ўмацоўвай рэшту, блізкую да смерці, бо Я не палічыў твае ўчынкі дасканалымі перад Богам Маім. 3Згадай, што ты прыняў і пачуў, і захоўвай, і пакайся. Калі ж не будзеш чуваць, то Я прыйду, як злодзей, і не будзеш ведаць, у якую гадзіну прыйду да цябе. 4Але ты маеш у Сардах некалькі чалавек, якія не заплямілі шатаў сваіх і будуць хадзіць са Мною ў белі, бо яны годныя. 5Так апранецца ў белыя шаты пераможца, і Я не сатру імені ягонага з кнігі жыцця, і вызнаю імя яго перад Айцом Маім і перад анёламі Ягонымі.

6Хто мае вушы, няхай пачуе, што Дух кажа Касцёлам.

7Анёлу Касцёла ў Філадэльфіі напішы:

Так кажа Святы, Праўдзівы, які мае ключ Давіда, які адмыкаеі ніхто не замкне, замыкаеі ніхто не адамкне. 8Ведаю Твае справы, вось Я паставіў цябе перад адчыненымі дзвярыма, якіх ніхто не можа зачыніць, бо ў цябе мала сілы, але ты захаваў Маё слова і не адмовіўся ад імені Майго. 9Вось даю тых з сінагогі сатаны, якія кажуць, што яны юдэі, хоць імі не з’яўляюцца, і хлусяць. Я ўчыню, што яны прыйдуць і паклоняцца ў ногі табе, і пазнаюць, што Я палюбіў цябе. 10Паколькі ты захаваў мой наказ цярплівасці, Я таксама захаваю цябе ад гадзіны выпрабавання, якая павінна прыйсці ў цэлы свет, каб выпрабаваць жыхароў зямлі. 11Я хутка прыйду. Трымай тое, што маеш, каб ніхто не забраў твайго вянка. 12А пераможцу зраблю калонай у святні Майго Бога, і ўжо не выйдзе вонкі, і напішу на ім імя Майго Бога і імя горада Бога Майго, новага Ерузалема, які спускаецца з неба ад Бога Майго, і сваё новае імя.

13Хто мае вушы, няхай пачуе, што Дух кажа Касцёлам.

14Анёлу Касцёла ў Лаадыкеі напішы:

Так кажа Амэн, сведка верны і праўдзівы, пачатак стварэння Божага. 15Ведаю твае справы: ты ні халодны, ні гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы! 16Але таму, што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, выплюну цябе з вуснаў Маіх. 17Бо ты кажаш: “Я багаты і разбагацеў, і ні ў чым не маю патрэбы”, а не ведаеш, што ты няшчасны, і варты жалю, і ўбогі, і сляпы, і голы. 18Раю табе купіць у Мяне золата, ачышчанае агнём, каб ты разбагацеў, і белую шату, каб ты апрануўся і каб не быў бачны сорам галечы тваёй. Бальзамам памаж вочы свае, каб бачыць. 19Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю. Таму будзь руплівы і пакайся. 20Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною. 21Пераможцу дам сесці са Мною на троне Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на троне Яго.

22Хто мае вушы, няхай пачуе, што Дух кажа Касцёлам».

 

4 (1-11)

1Пасля гэтага я ўбачыў: вось дзверы адчыненыя ў небе, і ранейшы голас, які я чуў, як бы гук трубы, што гаварыў са мною, сказаў: «Узыдзі сюды, і пакажу табе, што павінна адбыцца пасля гэтага». 2Я адразу напоўніўся Духам. І вось трон стаяў на небе, а на троне нехта сядзеў. 3Той, які сядзеў, з выгляду быў падобны да каменя яшмы і сердаліку, і вясёлка была вакол трона, з выгляду падобная да смарагду. 4І навокал трона было дваццаць чатыры троны. А на тронах сядзелі дваццаць чатыры старцы, апранутыя ў белыя шаты. І на галовах іхніх — залатыя вянкі. 5І з трона сыходзілі маланкі, і галасы, і грымоты. І сем паходняў вогненных, якія ёсць сямю Божымі духамі, гарэла перад тронам. 6І перад тронам было быццам мора шкляное, падобнае да крышталю. А пасярэдзіне трона і навокал трона былі чатыры жывыя істоты, поўныя вачэй спераду і ззаду. 7Першая жывая істота была падобная да льва, а другая жывая істота — падобная да вала, трэцяя жывая істота мела аблічча, як у чалавека, а чацвёртая жывая істота была падобная да арла, які ляціць. 8І кожная з чатырох жывых істот мела па шэсць крылаў, а вакол і ўсярэдзіне яны поўныя вачэй. І не маюць яны спакою ні ўдзень, ні ўначы, кажучы: «Святы, святы, святы Пан Бог усемагутны, які быў, ёсць і прыходзіць!»

9І калі жывыя істоты аддадуць славу, і пашану, і падзяку таму, хто сядзіць на троне, хто жыве на векі вечныя, 10тады дваццаць чатыры старцы ўпадуць перад тым, хто сядзіць на троне, і паклоняцца таму, хто жыве на векі вечныя, і кінуць вянкі свае перад тронам, кажучы:

11«Ты, Пане і наш Божа,

годны прыняць славу і пашану, і сілу,

бо Ты стварыў усё,

і з Тваёй волі існавала і было створана».

 

5 (1-14)

1І ўбачыў я ў правіцы таго, хто сядзіць на троне, кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную сямю пячаткамі. 2І бачыў я магутнага анёла, які абвяшчаў гучным голасам: «Хто годны разгарнуць гэтую кнігу і зняць пячаткі з яе?» 3І ніхто не мог ні на небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю разгарнуць гэтую кнігу, ні зазірнуць у яе. 4І я моцна плакаў таму, што не знайшлося годнага, каб адкрыць кнігу і зазірнуць у яе. 5Тады адзін са старцаў сказаў мне: «Не плач, вось перамог леў з племені Юды, корань Давіда, каб разгарнуць гэтую кнігу і зняць з яе сем пячатак».

6І я ўбачыў, што пасярод трона і чатырох жывых істот, і сярод старцаў стаяў Баранак, нібы забіты, і меў сем рагоў і сем вачэй, якія ёсць сямю Божымі духамі, спасланымі на ўсю зямлю. 7Ён прыйшоў і ўзяў кнігу з правіцы таго, хто сядзеў на троне. 8А калі Ён узяў кнігу, тады чатыры жывыя істоты і дваццаць чатыры старцы ўпалі перад Баранкам; кожны меў гуслі і залатыя чашы, поўныя кадзіла, якое ёсць малітвай святых. 9І спявалі яны новую песню, кажучы:

«Ты годны ўзяць кнігу

і зняць з яе пячаткі,

бо Ты быў забіты і сваёй крывёю Ты адкупіў нас для Бога

з кожнага роду, і мовы, і племені, і народу,

10і зрабіў нас валадарствам і святарамі для Бога нашага;

і мы будзем валадарыць на зямлі».

11Я бачыў і чуў голас мноства анёлаў вакол трона і жывых істот, і старцаў, колькасць іх была мірыяды мірыяд і тысячы тысяч. 12Яны казалі гучным голасам: «Забіты Баранак годны прыняць моц, і багацце, і мудрасць, і сілу, і пашану, і хвалу, і благаслаўленне».

13І я чуў, як кожнае стварэнне, якое ёсць на небе і на зямлі, і пад зямлёю, і на моры, і ўсё, што ў іх, казала: «Таму, хто сядзіць на троне, і Баранку — благаслаўленне і пашана, і хвала, і моц на векі вечныя».

14А чатыры жывыя істоты казалі: «Амэн». Старцы ж упалі і пакланіліся.

 

6 (1-17)

1І ўбачыў я, што Баранак адкрыў адну з сямі пячатак, і пачуў я адну з чатырох жывых істот, якая гаварыла як бы голасам грому: «Прыйдзі». 2І я ўбачыў: вось, белы конь, а вершнік на ім меў лук, і дадзены яму быў вянок, і ён вырушыў як пераможца, каб перамагаць.

3А калі адкрыў другую пячатку, я пачуў як другая жывая істота казала: «Прыйдзі». 4І выйшаў іншы конь, вогненны, а вершніку яго было дадзена забраць спакой з зямлі, каб людзі выразалі адзін аднаго, і дадзены быў яму вялікі меч.

5А калі адкрыў трэцюю пячатку, я пачуў трэцюю жывую істоту, якая казала: «Прыйдзі». І ўбачыў: вось, чорны конь, а вершнік на ім меў вагі ў сваіх руках. 6І я пачуў яго голас пасярод чатырох жывых істот, які казаў: «Кварта збожжа за дынар і тры кварты ячменю за дынар. Аднак не марнуй алею і віна».

7І калі адкрыў чацвёртую пячатку, я пачуў голас чацвёртай жывой істоты, якая казала: «Прыйдзі». 8І ўбачыў: вось конь бледна-зялёны, а вершнік на ім меў імя Смерць, і Адхлань спадарожнічала яму. І была дадзена яму ўлада над чвэрцю зямлі, каб забіваць мячом і голадам, і смерцю, і дзікімі звярамі зямлі.

9Калі адкрыў пятую пячатку, я ўбачыў пад алтаром душы забітых за Божае слова і за сведчанне, якое мелі. 10І яны гучна ўскрыкнулі, кажучы: «Дакуль жа, святы і праўдзівы Валадару, Ты не будзеш судзіць і спаганяць за нашу кроў з жыхароў зямлі?»

11І кожнаму з іх былі дадзены белыя шаты, і было сказана ім, каб адпачылі яшчэ кароткі час, пакуль не дапоўніцца лік іхніх супольнікаў-слугаў і братоў іхніх, што, як і яны, павінны быць забітыя.

12Калі адкрыў шостую пячатку, я ўбачыў, што стаўся вялікі землятрус і сонца стала чорнае, як валасяны мяшок, і ўвесь месяц стаў як кроў 13і зоркі неба ўпалі на зямлю, як недаспелыя смоквы, што скідае ўзрушаная моцным ветрам смакоўніца. 14І неба было аддзелена, як скрутак кнігі, а кожная гара і выспа зварухнуліся са сваіх месцаў. 15І каралі зямлі, і вяльможы, і тысячнікі, і багачы, і моцныя, і кожны нявольнік, і свабодны схаваліся ў пячорах і ў горных скалах. 16І кажуць горам і скалам: «Упадзіце на нас і схавайце ад аблічча таго, хто сядзіць на троне, і ад гневу Баранка, 17бо настаў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто зможа выстаяць?»

 

7 (1-17)

1Потым я ўбачыў чатырох анёлаў, якія стаялі на чатырох вуглах зямлі і трымалі чатыры вятры зямлі, каб вецер не дзьмуў ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва. 2І я ўбачыў іншага анёла, які сыходзіў з усходу сонца і меў пячатку Бога жывога. І ўсклікнуў ён гучным голасам да чатырох анёлаў, якім было дадзена ўчыніць зло зямлі і мору, 3кажучы: «Не чыніце зло ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль мы не паставім пячаткі слугам Бога нашага на чолах іхніх». 4І я пачуў лічбу пазначаных пячаткаю: сто сорак чатыры тысячы пазначаных пячаткаю з усіх плямёнаў сыноў Ізраэля. 5З племені Юды дванаццаць тысяч апячатаных, з племені Рубэна дванаццаць тысяч, з племені Гада дванаццаць тысяч, 6з племені Асэра дванаццаць тысяч, з племені Нэфталіма дванаццаць тысяч, з племені Манасэса дванаццаць тысяч, 7з племені Сімяона дванаццаць тысяч, з племені Леві дванаццаць тысяч, з племені Ісахара дванаццаць тысяч, 8з племені Забулона дванаццаць тысяч, з племені Юзафа дванаццаць тысяч, з племені Бэньяміна дванаццаць тысяч апячатаных.

9Пасля гэтага я ўбачыў вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў, якія стаялі перад тронам і Баранкам, апранутыя ў белыя шаты і з пальмовымі галінкамі ў руках сваіх. 10І яны крычалі гучным голасам, кажучы: «Збаўленне належыць Богу нашаму, які сядзіць на троне, і Баранку».

11І ўсе анёлы стаялі вакол трона і старцаў, і чатырох жывых істот. І ўпалі яны на твары свае перад тронам, і пакланіліся Богу, 12кажучы:

«Амэн! Благаслаўленне і слава, і мудрасць, і падзяка, і пашана, і сіла, і моц Богу нашаму на векі вякоў. Амэн».

13І адзін са старцаў звярнуўся да мяне, кажучы: «Хто гэта, апранутыя ў белыя шаты, і адкуль яны паходзяць?» 14І я сказаў яму: «Мой пане, ты ведаеш». А ён адказаў мне: «Гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў шаты свае, і выбеліў іх у крыві Баранка. 15Таму яны — перад тронам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы ў святыні. А той, хто сядзіць на троне, раскіне над імі свой шацёр. 16Яны ўжо не будуць ні галадаць, ні прагнуць, і не будзе паліць іх сонца і ніякая спёка, 17бо Баранак, які пасярод трона, будзе пасвіць іх і вадзіць да крыніц жывой вады. І вытра Бог кожную слязу з іхніх вачэй».

 

8 (1-13)

1І калі адкрыў сёмую пячатку, у небе ўсталявалася ціша дзесьці на паўгадзіны. 2І я ўбачыў сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і было дадзена ім сем трубаў. 3І прыйшоў іншы анёл, і стаў пры алтары, маючы залатую кадзільніцу, і было дадзена яму шмат кадзіла, каб ён прынёс яго з малітвамі ўсіх святых на залаты алтар перад тронам. 4І ўзышоў дым кадзіла з малітвамі святых з рукі анёла перад Богам. 5І ўзяў анёл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём з алтара, і кінуў на зямлю, і пачаліся гром, і галасы, і маланкі, і землятрус.

6Тады сем анёлаў, якія мелі сем трубаў, падрыхтаваліся, каб затрубіць.

7І затрубіў першы. І паўстаў град і агонь, змяшаны з крывёй, і быў кінуты на зямлю. І была спалена траціна зямлі, і была спалена траціна дрэў, і ўся зялёная трава была спалена.

8І затрубіў другі анёл. І як бы вялікая гара, якая палае ў агні, была кінутая ў мора. І траціна мора стала крывёй, 9і загінула траціна марскіх стварэнняў, што мелі жыццё, і была загублена траціна караблёў.

10І затрубіў трэці анёл. І ўпала з неба вялікая зорка, якая палала, быццам лямпа, і ўпала на траціну рэк і на крыніцы вады. 11А імя зоркі гэтай — Палын. І стала траціна вады палыном, і многія людзі паміралі ад вады, бо яна стала горкая.

12І затрубіў чацвёрты анёл. І ўдараная была траціна сонца, і траціна месяца, і траціна зорак, так што траціна іх зацьмілася і дзень не з’яўляўся на сваю траціну, таксама і ноч.

13І я ўбачыў, і пачуў аднаго арла, які ляцеў пасярод неба і гучна казаў: «Бяда, бяда, бяда тым, хто жыве на зямлі ад трубных галасоў астатніх трох анёлаў, якія павінны затрубіць!»

 

9 (1-21)

1І затрубіў пяты анёл. І я ўбачыў зорку, якая ўпала з неба на зямлю, і быў дазены ёй ключ ад студні бездані. 2І адкрылася студня бездані, і падняўся дым са студні, як з вялікай печы, і зацьмілася сонца і паветра ад дыму са студні. 3І з дыму выйшла саранча на зямлю, і была дадзена ёй улада на зямлі, якую маюць зямныя скарпіёны. 4І было сказана ёй, каб не рабіла шкоды зямной траве, ніякай зеляніне і ніякаму дрэву, але толькі людзям, якія не маюць пячаткі Бога на чолах. 5І было загадана ёй не забіваць іх, але мучыць пяць месяцаў. І пакуты іх былі як пакуты ад скарпіёна, калі ён кусае чалавека. 6І ў тыя дні людзі будуць шукаць смерці, але не знойдуць яе, і будуць жадаць памерці, але смерць уцячэ ад іх.

7А выгляд саранчы падобны да коней, падрыхтаваных да бою, і на галовах іх як бы вянкі, падобныя да золата, і твары іх — як твары людзей. 8І валасы яе — як валасы жанчын, а зубы іх, быццам у львоў. 9І мела яна панцыры, як жалезныя панцыры, і голас крылаў яе — як гул калясніц шматлікіх коней, якія бягуць на бітву. 10І мае яна хвасты, падобныя да скарпіёнавых, і джалы, а ў хвасце — моц для прычынення шкоды людзям на працягу пяці месяцаў. 11Яна мае над сабой караля — анёла бездані. Імя яму па-габрэйску Абадон, а па-грэцку — Апаліён, гэта значыць Знішчальнік.

12Мінула адна бяда. Вось надыходзяць яшчэ дзве бяды за ёй.

13І затрубіў шосты анёл. І я пачуў адзін голас ад чатырох рагоў залатога алтара перад Богам, 14які казаў шостаму анёлу, што меў трубу: «Вызвалі чатырох анёлаў, звязаных над вялікай ракою Еўфрат». 15І былі вызваленыя чатыры анёлы, падрыхтаваныя на гэтую гадзіну, дзень і месяц, каб пазабіваць траціну людзей. 16І лік войскаў конніцы — дзве мірыяды мірыяд. Я пачуў іх колькасць. 17І так я ўбачыў у візіі коней і вершнікаў, якія мелі панцыры колеру агню, гіяцынту і серы. А галовы коней — як галовы львоў, а з пыс іхніх выходзіць агонь, дым і сера. 18Ад трох гэтых удараў была забіта траціна людзей, ад агню, дыму і серы, што выходзілі з іхніх пыс. 19Моц коней была ў іх пысах і хвастах, бо хвасты іх былі падобныя да змей і мелі галовы, і імі прычынялі шкоду.

20А рэшта людзей, што не была забіта ад гэтых удараў, не адвярнулася ад спраў сваіх рук, каб не пакланяцца дэманам, залатым, срэбным і бронзавым, а таксама каменным і драўляным ідалам, якія не могуць ні бачыць, ні чуць, ні хадзіць. 21І не адвярнуліся ні ад сваіх забойстваў, ні ад сваіх чараў, ні ад сваёй распусты, ні ад свайго крадзяжу.

 

10 (1-11)

1І ўбачыў я іншага моцнага анёла, які сыходзіў з неба, апрануты ў хмару, а вясёлка была на галаве яго. Твар яго — быццам сонца, а ногі яго — як калонны агню. 2Ён меў у руцэ разгорнутую кнігу. І паставіў ён сваю правую нагу на моры, а левую — на зямлі. 3І гучна закрычаў, быццам рыкае леў. А калі крыкнуў, сем громаў загаварыла сваімі галасамі. 4І калі сказала сем громаў, я павінен быў пісаць. І пачуў я голас з неба, які гаварыў: «Запячатай тое, што сказала сем громаў, і не пішы гэтага».

5І анёл, якога я бачыў стоячым на моры і на зямлі, падняў сваю правую руку да неба 6і пакляўся Жывым на векі вякоў, які стварыў неба і тое, што ў ім, зямлю і тое, што на ёй, і мора з тым, што ў ім: «Ужо няма часу, 7але ў дні голасу сёмага анёла, калі ён павінен будзе затрубіць, здзейсніцца таямніца Бога, так як Ён абвясціў сваім слугам прарокам».

8І голас, які я пачуў з неба, зноў гаварыў са мною і казаў: «Ідзі, вазьмі разгорнутую кнігу з рукі анёла, які стаіць на моры і на зямлі». 9І я пайшоў да анёла, і сказаў яму, каб ён даў мне кнігу. Ён адказаў мне: «Вазьмі і праглыні яе. Яна будзе горкая для жывата твайго, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд». 10І ўзяў я кнігу з рукі анёла, і праглынуў яе. І была яна ў вуснах маіх салодкая, як мёд. А калі з’еў яе, то горка зрабілася ў жываце маім. 11І сказалі мне: «Ты зноў павінен прарочыць пра плямёны, і народы, і мовы, і пра многіх каралёў».

 

11 (1-19)

1І была дадзена мне трысціна, падобная да кія. І было сказана мне: «Падыміся і памерай святыню Бога і алтар, і тых, хто пакланяецца ў ёй. 2Вонкавы дзядзінец святыні пакінь знадворку і не мерай яго, бо ён дадзены язычнікам, і яны будуць дратаваць Мой святы горад сорак два месяцы. 3І дам двум сваім сведкам, апранутым у мешкавіну, прарочыць тысяча дзвесце шэсцьдзесят дзён». 4Яны як два дрэвы аліўныя і два свечнікі, што стаяць перад Панам зямлі. 5І калі хто хоча іх пакрыўдзіць, то агонь выйдзе з вуснаў іхніх і паглыне ворагаў іхніх. Той, хто хоча іх пакрыўдзіць, той павінен быць забіты такім чынам. 6Яны маюць уладу закрыць неба, каб не ішоў дождж на зямлю ў дні прароцтва іхняга, і маюць уладу над водамі, каб ператварыць іх у кроў і ўдарыць зямлю ўсякім бедствам, калі толькі захочуць. 7І калі скончаць яны сведчанне сваё, звер, які выходзіць з бездані, пачне вайну з імі, і пераможа іх, і заб’е іх. 8І трупы іхнія пакіне на плошчы вялікага горада, які сімвалічна называецца Садома і Егіпет, дзе таксама быў укрыжаваны іх Пан. 9І многія з плямёнаў, і родаў, і моваў, і народаў будуць глядзець на іх трупы тры з паловаю дні і не дазволяць іх пакласці ў магілу. 10Жыхары зямныя будуць радавацца над імі і весяліцца, і будуць слаць падарункі адзін аднаму, бо два прарокі гэтыя мучылі жыхароў зямлі.

11Але праз тры с паловаю дні дух жыцця ад Бога ўвайшоў у іх, і яны ўсталі на свае ногі. І вялікі страх ахапіў тых, хто на іх глядзеў. 12І пачулі яны гучны голас з неба, які казаў ім: «Узыдзіце сюды». І яны ўзышлі на неба ў воблаку, і глядзелі на іх ворагі іхнія. 13І ў гэтую гадзіну адбыўся вялікі землятрус, і адна дзясятая горада ўпала, і былі забітыя падчас землятрусу тысяча сем асоб людскіх, астатнія ж спалохаліся і ўзнеслі хвалу Богу неба.

14Мінула другая бяда, вось хутка надыходзіць трэцяя.

15І затрубіў сёмы анёл. І пачуліся ў небе вялікія галасы, якія казалі: «Настала валадаранне над светам Пана нашага і Памазаніка Яго, і Ён будзе валадарыць на векі вякоў».

16І дваццаць чатыры старцы, што сядзелі на тронах сваіх перад Богам, упалі на свае твары і пакланіліся Богу, 17кажучы:

«Дзякуем Табе,

Пане Божа ўсемагутны,

які ёсць і які быў,

бо Ты прыняў сваю вялікую моц і запанаваў.

18І разгневаліся народы,

і прыйшоў Твой гнеў і час суда над памерлымі,

каб даць узнагароду слугам Тваім, прарокам і святым,

і тым, хто баіцца Твайго імя, малым і вялікім,

і знішчыць тых, хто знішчае зямлю».

19Тады адчынілася святыня Бога ў небе, і з’явіўся каўчэг Яго запавету ў святыні Ягонай. І пачаліся бліскавіцы, гул і грымоты, землятрус і вялізны град.

 

12 (1-18)

1І знак вялікі з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі яе, а над яе галавою вянок з дванаццаці зорак. 2Яна была цяжарная і крычала ад болю і родавых пакутаў. 3І з’явіўся другі знак на небе: вось вялікі вогненны цмок з сямю галовамі і дзесяццю рагамі, а над галавой яго сем дыядэм. 4Хвост ягоны змятае траціну зорак нябесных і кідае іх на зямлю. Цмок стаў перад жанчынаю, якая павінна была нарадзіць, каб пажэрці дзіця, як толькі народзіць. 5І нарадзіла яна сына, мужчыну, які будзе пасвіць усе народы жалезным кіем. І дзіцё было забрана ад яе да Бога і да Ягонага трона. 6А жанчына ўцякла ў пустыню, дзе ёй было падрыхтавана месца Богам, каб яе кармілі там тысячу дзвесце шэсцьдзесят дзён.

7І ўзнялася вайна на небе: Міхал і анёлы ягоныя ваявалі з цмокам. І цмок ваяваў, і ягоныя анёлы. 8Але не перамаглі, і ўжо не знайшлося месца для іх на небе. 9І скінуты быў цмок вялікі, змей старадаўні, называны д’яблам і сатаною, што зводзіць увесь свет. Ён скінуты быў на зямлю, і з ім разам скінуты анёлы ягоныя. 10І пачуў я голас моцны, які казаў з неба:

«Цяпер настала збаўленне і сіла, і валадаранне Бога нашага,

і ўлада Памазаніка Ягонага,

бо скінуты абвінаваўца братоў нашых,

які дзень і ноч абвінавачваў іх перад Богам нашым.

11Яны перамаглі яго дзякуючы крыві Баранка

і дзякуючы слову сведчання свайго;

і не палюбілі жыцця свайго

аж да смерці.

12Таму радуйцеся, нябёсы

і ўсе, хто насяляе іх.

Гора зямлі і мору, бо сышоў д’ябал да вас у вялікім гневе, ведаючы, што кароткі час яго!»

13А калі цмок убачыў, што ён скінуты на зямлю, пачаў пераследаваць жанчыну, якая нарадзіла мужчыну. 14І былі дадзены жанчыне два вялікія арліныя крылы, каб яна ляцела ў пустыню на месца сваё, дзе яе будуць карміць час, і часы, і палову часу здалёк ад цмока. 15І пусціў змей з вуснаў сваіх за жанчынай ваду, быццам раку, каб яе панесла рака. 16Але зямля дапамагла жанчыне, і адкрыла зямля вусны свае, і паглынула раку, якую выпусціў цмок з вуснаў сваіх.

17Тады раззлаваўся цмок на жанчыну і распачаў вайну з астатнімі яе нашчадкамі, якія захоўваюць запаведзі Бога і маюць сведчанне Езуса.

18І стаў на беразе мора.

 

13 (1-18)

1І ўбачыў я звера, які выходзіў з мора і меў дзесяць рагоў і сем галоў, а на рагах ягоных дзесяць дыядэм, і на галовах ягоных імя блюзнерства. 2Звер, якога я ўбачыў, нагадваў пантэру, а лапы яго як у мядзведзя, а пашча яго як у льва. І даў яму цмок сваю моц, і трон свой, і вялікую ўладу. 3І адна з галоў яго — быццам смяротна параненая, а яе смяротная рана была вылечаная.

І ўся зямля дзівілася, ідучы за зверам; 4і пакланіліся цмоку, бо ён даў уладу зверу; і пакланіліся зверу, кажучы: «Хто падобны да звера, і хто можа пачаць вайну з ім?»

5І былі яму дадзеныя вусны, што казалі рэчы, якія гучалі як вялікія, і блюзнерствы, і была яму дадзена ўлада дзейнічаць сорак два месяцы. 6І адкрыў ён сваю пысу для блюзнерстваў супраць Бога, каб блюзніць супраць імені Яго, і скініі Яго, і супраць нябесных жыхароў. 7Дадзена яму было ўчыніць вайну са святымі і перамагчы іх, і была дадзена яму ўлада над кожным племем, і родам, і мовай, і народам. 8І паклоняцца яму ўсе жыхары зямлі, чыё імя не запісана ад заснавання свету ў кнізе жыцця забітага Баранка. 9Калі нехта мае вушы, няхай пачуе.

10Калі некаму наканавана няволя,

няхай ідзе ў няволю.

Калі некаму наканавана загінуць ад мяча,

той павінен быць забіты мячом.

У гэтым цярплівасць і вера святых.

11І ўбачыў я іншага звера, які выходзіў з зямлі і меў два рогі, як у Баранка, але гаварыў як цмок. 12І ён дзейнічае перад першым зверам з усёй яго ўладай і робіць так, каб уся зямля і яе жыхары пакланіліся першаму зверу, смяротная рана якога была вылечана. 13Ён робіць вялікія знакі, прымушаючы нават агонь сыходзіць з неба на зямлю перад людзьмі. 14Ашуквае жыхароў зямлі з дапамогай знакаў, якія яму было дадзена ўчыніць перад зверам, кажучы жыхарам зямлі, каб яны зрабілі вобраз звера, які атрымаў удар мячом і ажыў. 15І было дадзена яму напоўніць духам вобраз звера, каб вобраз звера гаварыў і дзейнічаў так, каб быў забіты кожны, хто не паклоніцца вобразу звера. 16Ён робіць таксама, што ўсе, малыя і вялікія, багатыя і бедныя, свабодныя і нявольнікі, атрымліваюць кляймо на правую руку або на сваё чало; 17і ніхто не можа ні купіць, ні прадаць, калі не мае знаку, імені звера або лічбы імені ягонага. 18Тут ёсць мудрасць. Хто мае розум, няхай падлічыць лічбу звера, бо гэта лічба чалавека. А лічба яго шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць.

 

14 (1-20)

1І ўбачыў я: вось Баранак стаіць на Сіёнскай гары, а з Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Яго і імя Айца Ягонага напісана на чолах. 2І пачуў я голас з неба, як шум ад мноства водаў і як гук вялікага грому. А голас, які пачуў, быў нібы голас гусляроў, што гралі на гуслях сваіх. 3Яны спяваюць як бы новую песню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старцамі. І ніхто не мог навучыцца гэтай песні, акрамя ста сарака чатырох тысяч, адкупленых з зямлі. 4Гэта тыя, хто не зганьбіў сябе з жанчынамі, бо гэта цнатліўцы. Гэта тыя, якія ідуць следам за Баранкам, куды б Ён ні пайшоў. Яны адкуплены з людзей, як пачаткі Богу і Баранку. 5У вуснах іхніх няма падману. Яны беззаганныя.

6І я ўбачыў іншага анёла, які ляцеў пасярод неба, каб абвясціць вечнае Евангелле жыхарам зямлі і кожнаму роду, і племені, і мове, і народу, 7голасна кажучы: «Пабойцеся Бога і аддайце Яму хвалу, бо настала гадзіна Ягонага суда; пакланіцеся таму, хто стварыў неба і зямлю, і мора, і крыніцы водаў».

8Іншы, другі анёл наблізіўся, кажучы: «Упаў, упаў вялікі Бабілён, які напаіў усе народы віном сваёй лютай распусты!»

9А іншы анёл, трэці, прыйшоў пасля іх, гучна кажучы: «Калі нехта пакланяецца зверу і вобразу ягонаму і прымае кляймо яго на чало сваё ці на руку сваю, 10сам таксама нап’ецца віна лютасці Божай, прыгатаванага без дамешкі ў келіху Ягонага гневу, і будзе катаваны агнём і серай перад святымі анёламі і перад Баранкам. 11Дым катавання іхняга будзе падымацца на векі вякоў, і не будзе мець адпачынку ні днём, ні ноччу той, хто пакланяецца зверу і вобразу яго, і той, хто прымае кляймо ягонага імені».

12У гэтым цярплівасць святых, якія захоўваюць запаведзі Бога і веру ў Езуса. 13І пачуў я голас з неба, які казаў: «Напішы: Адгэтуль шчаслівыя памерлыя, якія паміраюць у Пану. Сапраўды, — кажа Дух, — няхай адпачнуць ад сваіх прац, бо іхнія справы ідуць за імі». 14І ўбачыў я: вось белае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага. На галаве ў Яго — залаты вянок, а ў руцэ Ягонай — востры серп. 15І выйшаў другі анёл са святыні, і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: «Пашлі серп твой і пачынай жаць, бо прыйшоў час жніва, таму што саспела жніво на зямлі». 16Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў свой серп на зямлю, і зямля была пажата.

17І другі анёл выйшаў са святыні, якая была на небе, і ён меў востры серп. 18І іншы анёл, які меў уладу над агнём, выйшаў ад алтара і гучным голасам крыкнуў да таго, хто меў востры серп: «Пашлі твой востры серп і збяры гронкі вінаграду на зямлі, бо спелыя яго гронкі». 19І кінуў анёл серп свой на зямлю, і сабраў вінаград зямлі, і кінуў у вялікае давіла Божага гневу. 20І тапталі давіла за горадам, а з давіла пацякла кроў аж па вуздэчкі коней, на тысячу шэсцьсот стадыяў.

 

15 (1-8)

1І ўбачыў я іншы знак у небе, вялікі і дзівосны: сем анёлаў, якія мелі сем апошніх бедстваў, таму што імі закончыцца гнеў Божы.

2І ўбачыў я нібыта шкляное мора, змяшанае з агнём. А тыя, хто перамог звера, і вобраз ягоны, і лічбу імя ягонага, што стаялі над шкляным морам, трымаючы гуслі Божыя. 3І спявалі яны песню Майсея, слугі Божага, і песню Баранка, кажучы:

«Вялікія і цудоўныя справы Твае,

Пане Божа ўсемагутны.

Справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае,

Валадару народаў!

4Хто ж не будзе баяцца, Пане,

і не праславіць імені Твайго?

Таму што Ты адзін Святы,

таму што ўсе народы прыйдуць

і паклоняцца перад Табою,

бо аб’явіліся Твае справядлівыя прысуды».

5Потым убачыў, як адчынілася святыня скініі Сведчання ў небе. 6І выйшла са святыні сямёра анёлаў, якія мелі сем бедстваў. Яны былі апранутыя ў чысты бліскучы лён і падперазаныя вакол грудзей залатымі пасамі. 7Адна з чатырох жывых істот дала сямі анёлам сем залатых чаш, напоўненых гневам Бога, які жыве на векі вякоў. 8І напоўнілася святыня дымам ад славы Божай і ад моцы Яго, і ніхто не мог увайсці ў святыню, пакуль не здзейснілася сем бедстваў сямі анёлаў.

 

16 (1-21)

1І я пачуў, як гучны голас казаў са святыні сямі анёлам: «Ідзіце і вылівайце сем чашаў гневу Божага на зямлю».

2І пайшоў першы, і выліў чашу сваю на зямлю. І з’явілася злаякасная і балючая язва на людзях, якія мелі кляймо звера і пакланяліся вобразу яго.

3Другі выліў чашу сваю ў мора. І стала яно як бы крывёю памерлага, і кожная жывая істота ў моры памерла.

4Трэці выліў сваю чашу ў рэкі і крыніцы водаў. І сталі яны крывёю. 5І я пачуў анёла водаў, які казаў: «Справядлівы Ты, які ёсць і які быў, Святы, што так рассудзіў, 6бо яны пралілі кроў прарокаў, і Ты даў ім піць кроў. Яны вартыя гэтага!» 7І я пачуў, як казаў алтар: «Так, Пане Божа ўсемагутны, праўдзівыя і справядлівыя Твае прысуды!»

8А чацвёрты выліў сваю чашу на сонца. І было дадзена яму спаліць людзей агнём. 9І людзі былі спаленыя вялікай спёкай, і пачалі блюзнерыць супраць імя Бога, які мае ўладу над гэтымі бедствамі, і не апамяталіся, каб праславіць Яго.

10Пяты выліў чашу сваю на трон звера, і зацьмілася каралеўства яго, а людзі ад болю грызлі языкі свае, 11і пачалі блюзнерыць супраць Бога неба за свой боль і за свае язвы, і не адвярнуліся ад сваіх учынкаў.

12Шосты выліў чашу сваю на вялікую раку Еўфрат. І высахла вада яе, каб была падрыхтавана дарога для каралёў з усходу сонца. 13І я ўбачыў, як з пашчы цмока, і з пашчы звера, і з пашчы фальшывага прарока выходзілі тры нячыстыя духі, быццам жабы. 14Былі гэта духі дэманаў, якія рабілі знакі. Яны выходзяць да каралёў усяго свету, каб сабраць іх на вайну ў гэты вялікі дзень ўсемагутнага Бога.

15Вось, прыходжу як злодзей. Шчаслівы той, хто не спіць і пільнуе адзенне сваё, каб не хадзіць голаму і каб не бачылі сораму яго.

16І сабралі іх на месца, якое па-габрэйску называецца Армагедон.

17Сёмы анёл выліў чашу сваю ў паветра. І выйшаў голас вялікі са святыні ад трона, кажучы: «Сталася!» 18І пачаліся маланкі, і шум, і грымоты, і адбыўся вялікі землятрус, якога не было ад часу, калі чалавек з’явіўся на зямлі. Такі моцны, вельмі вялікі землятрус. 19І распаўся вялікі горад на тры часткі, і ўпалі гарады язычнікаў. І вялікі Бабілён быў згаданы перад Богам, каб даць яму келіх віна лютага гневу Яго. 20І знікла кожная выспа, і не знайшлося гор. 21І вялізны град вагою з талант пасыпаўся з неба на людзей. І пачалі блюзнерыць людзі супраць Бога за бедства граду, бо гэтае бедства было вельмі вялікім.

 

17 (1-18)

1Затым прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чаш, і пачаў гаварыць са мною, кажучы: «Хадзем, пакажу табе суд над вялікай распусніцай, якая сядзіць над вялікімі водамі, 2з якой распуснічалі зямныя каралі, а зямныя жыхары напіліся віном яе распусты». 3І занёс ён мяне на пустыню ў духу, і я ўбачыў жанчыну, якая сядзела на пунсовым зверы, поўным імёнаў блюзнерства, які меў сем галоў і дзесяць рагоў. 4А жанчына была апранутая ў пурпуровае і пунсовае адзенне, упрыгожаная золатам, і каштоўным каменнем, і пярлінамі. Яна мела ў руцэ сваёй залаты келіх, поўны агіды і нячыстасці распусты сваёй. 5А на чале яе напісана імя, таямніца: «Вялікі Бабіліён — маці распусніц і агіды зямлі».

6І я ўбачыў жанчыну, п’яную ад крыві святых і ад крыві сведак Езуса. Убачыўшы яе, я аслупянеў у вялікім здзіўленні. 7І сказаў мне анёл: «Чаму ты здзівіўся? Я раскажу табе таямніцу жанчыны і звера, што носіць яе і мае сем галоў і дзесяць рагоў. 8Звер, якога ты ўбачыў, быў, і няма яго, ён павінен выйсці з бездані і ідзе на згубу. Жыхары зямлі, імёны якіх не запісаныя ў кнігу жыцця ад заснавання свету, будуць дзівіцца з таго, што быў звер, і няма яго, і з’явіцца. 9Тут патрэбны розум, які мае мудрасць. Сем галоў — гэта сем гор, дзе сядзіць жанчына. 10Ёсць таксама сем каралёў: пяць упала, адзін ёсць, яшчэ адзін не прыйшоў, а калі прыйдзе, павінен крыху застацца. 11А звер, які быў і якога няма, з’яўляецца восьмым. Належыць да семярых і пойдзе на згубу. 12А дзесяць рагоў, якія ты ўбачыў, — гэта дзесяць каралёў, якія яшчэ не прынялі каралеўства, але як каралі атрымліваюць уладу на адну гадзіну разам са зверам. 13Яны з ім адной думкі, а сваю моц і ўладу даюць зверу. 14Яны будуць ваяваць з Баранкам, і Баранак пераможа іх, бо Ён Валадар валадароў і Кароль каралёў, а тыя, хто з Ім, — пакліканыя, выбраныя і верныя».

15І кажа мне: «Воды, якія ты бачыў і над якімі сядзіць распусніца, гэта народы і натоўпы, плямёны і мовы. 16А дзесяць рагоў, якія ты бачыў, і звер зненавідзяць распусніцу, спустошаць і агаляць яе, і з’ядуць яе цела і спаляць агнём. 17Таму што Бог натхніў іх сэрцы, каб выконвалі Яго намер, будучы адной думкі з Ім, і каб аддалі зверу сваю каралеўскую ўладу, пакуль не споўняцца Божыя словы. 18А жанчына, якую ты бачыў, — гэта вялікі горад, які мае каралеўскую ўладу над каралямі зямлі».

 

18 (1-24)

1Потым я ўбачыў іншага анёла, які сыходзіў з неба і меў уладу вялікую, а зямля асвятлілася ад славы ягонай. 2І ўсклікнуў ён моцным голасам, кажучы: «Упаў, упаў вялікі Бабілён і стаў жыллём дэманаў і прыстанішчам усякага нячыстага духа, прыстанішчам усякай нячыстай птушкі і прыстанішчам усякага нячыстага звера, што абуджае агіду, 3бо віном лютай распусты яго напіліся ўсе народы, а каралі зямлі чынілі з ім распусту, і купцы зямлі ўзбагаціліся з вялізнай раскошы яго!»

4І пачуў я іншы голас, які казаў з неба: «Выйдзі, народ мой, з яго, каб вам не саўдзельнічаць у грахах яго і не пацярпець ад бедстваў яго. 5Бо ўзышлі грахі яго аж да неба і згадаў Бог правіны яго. 6Адплаціце яму, як і ён адплаціў, і ўдвая аддайце за ўчынкі яго. У келіху, у якім ён гатаваў вам віно, прыгатуйце яму ўдвая. 7Колькі ён славіў сябе і жыў у раскошы, столькі дайце яму катаванняў і смутку. Бо ў сэрцы сваім ён кажа: “Я сяджу як каралева і я не ўдава, і не зазнаю смутку”. 8Дзеля гэтага ў адзін дзень настануць бедствы яго: смерць, смутак і голад, і будзе ён спалены агнём, бо моцны Пан, Бог, які асудзіў яго».

9І заплачуць, і будуць лямантаваць над ім каралі зямлі, якія распуснічалі з ім і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым ад пажару яго. 10Стаўшы здалёк ад страху перад пакутамі яго, скажуць: «Гора, гора, вялікі горад Бабілён, моцны горад, бо ў адну гадзіну прыйшоў прысуд твой!»

11І купцы зямлі плачуць і смуткуюць над ім, бо іх тавару ўжо ніхто не купляе, тавару 12золата, і срэбра, і каштоўных камянёў, і пярлінаў, і тонкага лёну, і пурпуры, і шоўку, і пунсовай тканіны, і ніякага цытрусавага дрэва, і ніякай рэчы са слановай косткі, і ніякай рэчы з найдаражэйшага дрэва, і медзі, і жалеза, і мармуру, 13і карыцы, і амому, і духмянасцяў, і міра, і кадзіла, і віна, і алею, і чыстай пшанічнай мукі, і збожжа, і жывёл, і авечак, і коней, і павозак, і целаў, і душ людскіх. 14І плод жадання душы тваёй адышоў ад цябе, і ўсё сытае і цудоўнае прапала для цябе, і ты ўжо гэтага ніколі знойдзеш.

15Купцы, якія ўзбагачаліся з яго, стануць здалёк ад страху перад ягонымі пакутамі, 16кажучы з плачам і смуткам: «Гора, гора, вялікі горад, апрануты ў тонкі лён, пурпуру і пунсовыя шаты, упрыгожаны золатам, каштоўным камнем і пярлінамі, 17бо ў адну гадзіну было спустошана такое багацце!»

І кожны стырнавы, і кожны, хто плыве на караблі, і кожны марак, і ўсе, хто працуе на моры, сталі здалёк і крычалі, 18убачыўшы дым пажару яго, кажучы: «Які горад падобны да гэтага вялікага горада?» 19І кінулі пыл на галовы свае, і крычалі ў плачы і смутку, кажучы: «Гора, гора, вялікі горад, з дастатку якога ўзбагаціліся ўсе, хто мае караблі на моры, бо за адну гадзіну ён апусцеў! 20Радуйцеся над ім, неба і святыя, апосталы і прарокі, бо Пан асудзіў яго паводле вашага суда!»

21Адзін магутны анёл узяў камень, падобны да вялікіх жорнаў, і ўкінуў у мора, кажучы: «З такою сілаю будзе павалены Бабілён, вялікі горад, і ўжо не будзе яго. 22І голасу гусляроў і песняроў, і флейтыстаў, і трубачоў у табе больш не будзе чутна. Не будзе ўжо ў табе ніводнага мастака ніякага мастацтва, і шуму ад жорнаў не будзе ўжо чутна ў табе. 23І святло лямпы ўжо не з’явіцца ў табе. І голасу абранніка і абранніцы не будзе ўжо чутна ў табе. Бо купцы твае былі вяльможамі зямлі, бо чарадзействам тваім зведзены ўсе народы. 24І ў цябе знайшлася кроў прарокаў, і святых, і ўсіх забітых на зямлі!»

 

19 (1-21)

1Пасля гэтага я пачуў у небе моцны голас, як бы вялікага мноства людзей, якія казалі:

«Аллелюя!

Збаўленне і слава, і моц Богу нашаму,

2бо праўдзівыя і справядлівыя прысуды Ягоныя;

бо Ён асудзіў вялікую распусніцу, якая нішчыла зямлю сваёй распустай, і спагнаў кроў слугаў сваіх з яе рукі!»

3І другі раз сказалі: «Аллелюя! І дым яе ўзносіцца на векі вечныя!»

4І ўпалі дваццаць чатыры старцы і чатыры жывыя істоты, і пакланіліся Богу, які сядзіць на троне, кажучы: «Амэн. Аллелюя».

5І выйшаў ад трона голас, які казаў:

«Хваліце Бога нашага, усе слугі Ягоныя і тыя,

хто Яго баіцца, малыя і вялікія!»

6І я пачуў як бы шум вялікага натоўпу, як бы гул вялікіх водаў, як бы голас магутных грымотаў, што казалі:

«Аллелюя, бо запанаваў Пан Бог наш усемагутны.

7Будзем весяліцца, і радавацца, і праслаўляць Яго,

таму што настала вяселле Баранка,

і падрыхтавалася жонка Ягоная.

8І дазволена ёй апрануцца ў бліскучы чысты тонкі лён, бо тонкі лён — гэта справядлівыя ўчынкі святых».

9І сказаў мне анёл: «Напішы: шчаслівыя пакліканыя на вясельную вячэру Баранка!» І сказаў мне: «Гэта праўдзівыя словы Бога». 10Я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму, але ён сказаў мне: «Не рабі гэтага! Я такі ж слуга, як ты і браты твае, што маюць сведчанне Езуса. Богу пакланіся, бо сведчанне Езуса — дух прарочы».

11І ўбачыў я адкрытае неба: і вось, белы конь, а той, хто сядзіць на ім, завецца Верным і Праўдзівым, і ў справядлівасці Ён судзіць і ваюе.

12Вочы ж Яго — як полымя агню, а на галаве Яго шматлікія дыядэмы. Ён мае напісанае імя, якога не ведае ніхто, акрамя Яго. 13Ён апрануты ў плашч, абмыты ў крыві, а імя Яго — Слова Бога. 14І спадарожнічалі Яму нябесныя войскі на белых конях, апранутыя ў чысты белы тонкі лён. 15І з вуснаў Ягоных выходзіць востры меч, каб удараць народы. Ён сам будзе пасвіць іх жалезным кіем. Ён сам топча давіла з віном лютага гневу Бога ўсемагутнага. 16А на плашчы і на сцягне Ягоным напісана: Кароль каралёў і Валадар валадароў.

17І ўбачыў я аднаго анёла, які стаяў у сонцы і гучна ўсклікаў усім птушкам, якія лётаюць пасярод неба: «Хадзіце, збярыцеся на вялікую вячэру Бога, 18каб з’есці целы каралёў, і целы тысячнікаў, і целы моцных, і целы коней разам з вершнікамі іх, і целы ўсіх свабодных і нявольнікаў, і малых, і вялікіх».

19І я ўбачыў звера, і каралёў зямлі, і іх войскі, сабраныя, каб распачаць вайну з тым, хто сядзіць на кані, і з войскам Ягоным. 20І быў схоплены звер, а разам з ім і фальшывы прарок, які чыніў перад ім знакі, з дапамогай якіх зводзіў тых, што прынялі кляймо звера і пакланяліся вобразу яго. Абодва былі жыўцом кінутыя ў вогненнае возера з палаючай серай. 21Астатнія ж былі забітыя мячом, які выходзіў з вуснаў таго, хто сядзеў на кані, і ўсе птушкі насыціліся іхнімі целамі.

 

20 (1-15)

1І ўбачыў я анёла, які сыходзіў з неба і меў ключ ад бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ. 2Ён схапіў цмока, змея старадаўняга, які ёсць д’яблам і сатаною, і звязаў яго на тысячу гадоў, 3і ўкінуў яго ў бездань, замкнуў і апячатаў яе, каб не зводзіў больш народы, пакуль не пройдзе тысяча гадоў. А пасля гэтага ён павінен быць развязаны на кароткі час. 4І ўбачыў я троны і тых, хто сядзеў на іх і каму дадзена было судзіць, і душы сцятых за сведчанне Езуса і за слова Божае. Яны не пакланіліся зверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на чало сваё і на руку сваю. Яны ажылі і пачалі валадарыць з Хрыстом тысячу гадоў. 5А іншыя памерлыя не ажылі, пакуль не прайшло тысяча гадоў. Гэта першае ўваскрашэнне. 6Шчаслівы і святы той, хто мае ўдзел у першым уваскрашэнні! Другая смерць не будзе мець над імі ўлады, бо яны будуць святарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.

7Калі ж міне тысяча гадоў, сатана будзе выпушчаны з вязніцы сваёй, 8і выйдзе зводзіць народы на чатырох канцах зямлі, Гога і Магога, каб сабраць іх на вайну, а лік іх як марскі пясок. 9Яны выйшлі на прастору зямлі і акружылі лагер святых і ўмілаваны горад. Аднак сышоў агонь з неба і паглынуў іх. 10А д’ябал, які зводзіў іх, быў кінуты ў возера агню і серы, дзе і звер, і фальшывы прарок будуць мучыцца днём і ноччу на векі вякоў.

11І ўбачыў я вялікі белы трон і таго, хто сядзеў на ім, і ад аблічча якога ўцякалі неба і зямля, і не знайшлося ім месца. 12І ўбачыў я памерлых, малых і вялікіх, якія стаялі перад тронам, і кнігі былі разгорнутыя. І разгарнулася іншая кніга — кніга жыцця. І судзілі памерлых згодна з напісаным у кнігах, паводле ўчынкаў іхніх. 13Тады аддало мора памерлых, якія былі ў ім, і смерць, і адхлань аддалі памерлых, якія былі ў іх. І судзілі кожнага паводле ўчынкаў ягоных. 14А смерць і адхлань былі ўкінутыя ў возера вогненнае. Возера вогненнае — гэта другая смерць. 15І калі некага не знайшлі запісаным у кнізе жыцця, той быў укінуты ў возера вогненнае.

 

21 (1-27)

1Я ўбачыў новае неба і новую зямлю. Бо першае неба і першая зямля мінулі, і мора ўжо няма. 2І ўбачыў я святы горад, новы Ерузалем, які сыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны, быццам нявеста, прыбраная для свайго жаніха. 3І пачуў я гучны голас з трона, які казаў: «Вось скінія Бога з людзьмі, які будзе жыць з імі; яны будуць Ягоным народам, а Ён будзе “Богам з імі”. 4І вытра кожную слязу з вачэй іхніх, і ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю ўжо не будзе, бо ранейшае мінула».

5І сказаў той, хто сядзеў на троне: «Вось чыню ўсё новае». І дадаў: «Напішы, што словы гэтыя верныя і праўдзівыя». 6І сказаў мне: «Сталася! Я — Альфа і Амега, пачатак і канец. Таму, хто прагне, Я дам задарма піць з крыніцы вады жыцця. 7Пераможца атрымае ў спадчыну ўсё, і Я буду яму Богам, а ён будзе Мне сынам. 8А лёс баязліўцаў, і няверуючых, і тых, хто робіць агіду, і забойцаў, і распуснікаў, і чарадзеяў, ідалапаклоннікаў і ўсіх падманшчыкаў — возера, што палае агнём і серай. Гэта другая смерць».

9Прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чашаў, напоўненых сямю апошнімі бедствамі, і загаварыў са мною, кажучы: «Хадзі, я пакажу табе абранніцу, жонку Баранка». 10І ўзнёс мяне ў духу анёл на вялікую, высокую гару і паказаў мне святы горад Ерузалем, які сыходзіў з неба ад Бога 11і меў Божую славу. Ззянне ягонае падобнае да каштоўнага, быццам яшма, каменя, чыстага як крышталь. 12Меў ён мур вялікі і высокі, меў дванаццаць брамаў, а на брамах — дванаццаць анёлаў і напісаныя імёны дванаццаці плямёнаў сыноў Ізраэля. 13З усходу тры брамы і з поўначы тры брамы, і з поўдня тры брамы, і з захаду тры брамы. 14Мур горада меў дванаццаць падмуркаў, а на іх — дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Баранка.

15І той, хто гаварыў са мною, меў залатую мерную трысціну, каб памераць горад, ягоныя брамы і мур. 16Горад быў чатырохвугольны, а даўжыня ягоная была роўная шырыні. І ён памераў горад трысцінаю, было дванаццаць тысяч стадыяў. Яго даўжыня, шырыня і вышыня роўныя. 17І памераў ягоны мур, ён быў сто сорак чатыры локці чалавечай меры, якою таксама карыстаўся анёл. 18Мур быў пабудаваны з яшмы, а горад — з чыстага золата, падобнага да чыстага шкла. 19Фундаменты гарадскіх муроў былі аздоблены ўсялякім каштоўным каменем: першы падмурак быў з яшмы, другі — з сапфіру, трэці — з халцэдону, чацвёрты — са смарагду, 20пяты — з сарданіксу, шосты — з сердаліку, сёмы — з хрызаліту, восьмы — з бэрылу, дзевяты — з тапазу, дзесяты — з хрызапрасу, адзінаццаты — з гіяцынту, дванаццаты — з аметысту. 21А дванаццаць брамаў былі дванаццаццю пярлінамі, кожная брама была з асобнай пярліны. А плошча горада была з чыстага золата, як празрыстае шкло.

22А святыні ў ім я не бачыў, бо святыня ягоная — гэта Пан Бог усемагутны і Баранак. 23І гораду не патрэбны ні сонца, ні месяц, каб яму свяцілі, бо слава Божая асвятліла яго, а светач ягоны – Баранак. 24І ў яго святле будуць хадзіць народы, і валадары зямлі прынясуць яму сваю славу. 25І брамы ягоныя ніколі не будуць зачыняцца ўдзень, а ночы там не будзе. 26І яны прынясуць туды славу і пашану народаў. 27І нішто нячыстае не ўвойдзе туды, і той, хто чыніць агіду ці падман, але толькі тыя, хто запісаны ў кнізе жыцця Баранка.

 

22 (1-21)

1І паказаў мне раку вады жыцця, бліскучую, як крышталь, якая выплывала ад трона Бога і Баранка. 2Пасярод плошчы горада і ракі, па той бок і па гэты,дрэва жыцця, якое пладаносіць дванаццаць разоў. Кожны месяц дае плод свой, а лісце дрэва — для лячэння народаў. 3І нічога праклятага ўжо не будзе. А трон Бога і Баранка будзе ў ім, і слугі Ягоныя будуць служыць Яму. 4І ўбачаць аблічча Ягонае, і імя Ягонае будзе на іх чолах. 5І ночы ўжо не будзе, і не будуць мець патрэбы ні ў святле лямпы, ні ў святле сонца, бо Пан Бог будзе свяціць над імі; і яны будуць валадарыць на векі вечныя.

6І сказаў мне: «Гэтыя словы пэўныя і праўдзівыя, і Пан, Бог духаў прароцкіх, паслаў анёла свайго паказаць слугам сваім тое, што павінна адбыцца неўзабаве. 7І вось прыйду неўзабаве. Шчаслівы той, хто захоўвае словы прароцтва гэтай кнігі».

8Я, Ян, чуў і бачыў гэта. А пасля таго як пачуў і ўбачыў, упаў пакланіцца ў ногі анёлу, які паказваў мне гэта. 9І ён сказаў мне: «Не рабі так. Я слуга як і ты, і твае браты — прарокі, і тыя, хто выконвае словы гэтай кнігі; Богу пакланіся!»

10Потым сказаў мне: «Не запячатвай слоў прароцтва гэтай кнігі, бо час блізкі! 11Хто чыніць несправядлівасць, няхай яшчэ чыніць несправядлівасць, і нячысты няхай яшчэ забруджваецца, а справядлівы няхай далей чыніць справядлівасць, і святы няхай яшчэ асвяціцца.

12Вось прыйду неўзабаве і адплата Мая са Мною, каб адплаціць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных. 13Я — Альфа і Амега, першы і апошні, пачатак і канец. 14Шчаслівыя тыя, хто мые шаты свае, каб мець уладу над дрэвам жыцця і праз браму ўвайсці ў горад. 15Звонку застануцца сабакі, і чарадзеі, і распуснікі, і забойцы, ідалапаклоннікі і кожны, хто любіць ці чыніць падман!

16Я, Езус, паслаў Майго анёла засведчыць вам пра гэта ў Касцёлах. Я — корань і патомства Давіда, ясная ранішняя зорка».

17А Дух і нявеста кажуць: «Прыйдзі!» І хто чуе, няхай скажа: «Прыйдзі!» І хто прагне, няхай прыйдзе, і хто хоча, няхай возьме ваду жыцця дарма.

18Я сведчу кожнаму, хто слухае словы прароцтва гэтай кнігі. Калі хто-небудзь дадасць да гэтага нешта, Бог спашле на яго бедствы, апісаныя ў гэтай кнізе. 19А калі хто-небудзь выкіне нешта са слоў кнігі прароцтва гэтага, Бог адкіне яго ад дрэва жыцця і выкіне са святога горада, апісаных у гэтай кнізе.

20Той, хто сведчыць пра гэта, кажа: «Так, хутка прыйду».

«Амэн. Прыйдзі, Пане Езу!»

21Ласка Пана Езуса няхай будзе з усімі.

 

 




Крыніца: catholic.by
Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Беларуская Палічка: http://knihi.com