epub
 
падключыць
слоўнікі

Біблія

СТАРЫ ЗАПАВЕТ
  Быцьцё
  Выхад
  Лявіт
  Лікі
  Другі закон
  Кніга Ісуса сына Нава
  Кніга Судзьдзяў
  Кніга Рут
  Першая кніга Царстваў
  Другая кніга Царстваў
  Трэйцяя кніга Царстваў
  Чацьвёртая кніга Царстваў
  Першая кніга Летапісаў
  Другая кніга Летапісаў
  Кніга Эздры
  Кніга Нээміі
  Кніга Эстэр
  Кніга Ёва
  Псалтыр
  Кніга Выслоўяў Саламонавых
  Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
  Найвышэйшая Песьня Саламонава
  Кніга Прарока Ісаі
  Кніга Прарока Ераміі
  Ераміін Плач
  Кніга Прарока Езэкііля
  Кніга Прарока Данііла
  Кніга Асіі
  Кніга Ёіля
  Кніга Амоса
  Кніга Аўдзея
  Кніга Ёны
  Кніга Міхея
  Кніга Навума
  Кніга Абакума
  Кніга Сафона
  Кніга Агея
  Кніга Захарыі
  Кніга Малахіі
НОВЫ ЗАПАВЕТ
  Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
  Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
  Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
  Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
  Дзеі Сьвятых Апосталаў
  Саборнае Пасланьне Сьвятога Апостала Якава
  Першае Саборнае Пасланьне Сьвятога Апостала Пятра
  Другое Саборнае Пасланьне Сьвятога Апостала Пятра
  Першае Саборнае Пасланьне Сьвятога Апостала Яна Багаслова
  Другое Саборнае Пасланьне Сьвятога Апостала Яна Багаслова
  Трэйцяе Саборнае Пасланьне Сьвятога Апостала Яна Багаслова
  Саборнае Пасланьне Сьвятога Апостала Юды
  Пасланьне Да Рымлянаў Сьвятога Апостала Паўла
  Першае Пасланьне Да Карынфянаў Сьвятога Апостала Паўла
  Другое Пасланьне Да Карынфянаў Сьвятога Апостала Паўла
  Пасланьне Да Галятаў Сьвятога Апостала Паўла
  Пасланьне Да Эфэсянаў Сьвятога Апостала Паўла
  Пасланьне Да Піліпянаў Сьвятога Апостала Паўла
  Пасланьне Да Каласянаў Сьвятога Апостала Паўла
  Першае Пасланьне Да Фесаланікійцаў Сьвятога Апостала Паўла
  Другое Пасланьне Да Фесаланікійцаў Сьвятога Апостала Паўла
  Першае Пасланьне Да Цімафея Сьвятога Апостала Паўла
  Другое Пасланьне Да Цімафея Сьвятога Апостала Паўла
  Пасланьне Да Ціта Сьвятога Апостала Паўла
  Пасланьне Да Філімона Сьвятога Апостала Паўла
  Пасланьне Да Габрэяў Сьвятога Апостала Паўла
  Адкрыцьцё (Апакаліпсіс) Сьвятога Апостала Яна Багаслова


СТАРЫ ЗАПАВЕТ

Быцьцё

 

Разьдзел 1

 

1 На пачатку стварыў Бог неба і зямлю.

2 А зямля была нябачная і пустая і цемра над безданьню, і Дух Божы лунаў над вадою.

3 І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло.

4 І ўбачыў Бог сьвятло, што яно добра, і аддзяліў Бог сьвятло ад цемры.

5 І назваў Бог сьвятло днём, а цемру ноччу. І быў вечар, і была раніца: дзень адзін.

6 І сказаў Бог: хай будзе цьвердзь пасярод вады, і хай аддзяляе яна ваду ад вады.

7 І стварыў Бог цьвердзь, і аддзяліў ваду, якая пад цьвердзю, ад вады, якая над цьвердзю. І сталася так.

8 І назваў Бог цьвердзь небам. І быў вечар, і была раніца: дзень другі.

9 І сказаў Бог: хай зьбярэцца вада, якая пад небам, у адно месца, і хай явіцца суша. І сталася так.

10 І назваў Бог сушу зямлёю, а збор вады назваў морамі. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

11 І сказаў Бог: хай уродзіць зямля зеляніну, траву, каб сеяла насеньне, дрэва плоднае, каб радзіла паводле роду свайго плод, у якім насеньне яго на зямлі. І сталася так.

12 І ўтварыла зямля зеляніну, траву, што сеяла насеньне паводле роду яе, і дрэва, што радзіла плод, у якім насеньне паводле роду ягонага. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

13 І быў вечар, і была раніца: дзень трэці.

14 І сказаў Бог: хай будуць сьвяцілы на цьвердзі нябеснай дзеля аддзяленьня дня ад ночы, і на азнакі і поры, і дні і гады;

15 і хай будуць яны сьвяцільнямі на цьвердзі нябеснай, каб сьвяціць на зямлю. І сталася так.

16 І стварыў Бог два сьвяцілы вялікія: сьвяціла большае, каб кіраваць днём, і сьвяціла меншае, каб кіраваць ноччу, і зоркі;

17 і паставіў іх Бог на цьвердзі нябеснай, каб сьвяціць на зямлю,

18 і кіраваць днём і ноччу, і аддзяляць сьвятло ад цемры. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

19 І быў вечар, і была раніца: дзень чацьвёрты.

20 І сказаў Бог: хай утворыць вада паўзуноў, душу жывую; і птушкі хай паляцяць над зямлёю, па цьвердзі нябеснай.

21 І стварыў Бог рыб вялікіх і ўсякую душу жывёл паўзуноў, якіх утварыла вада, паводле роду іх, і ўсякую птушку крылатую паводле роду яе. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

22 І дабраславіў іх Бог, кажучы: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце воды ў морах, і птушкі хай множацца на зямлі.

23 І быў вечар, і была раніца: дзень пяты.

24 І сказаў Бог: хай утворыць зямля душу жывую паводле роду яе, быдла, і гадаў, і зьвяроў зямных паводле роду іх. І сталася так.

25 І стварыў Бог жывёл зямных паводле роду іх, і быдла паводле роду яго, і ўсіх гадаў зямных паводле роду іх. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

26 І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам, і над усёю зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі.

27 І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх.

28 І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю, і валадарце над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над усякай жывёлаю, што поўзае па зямлі.

29 І сказаў Бог: вось, Я даў вам усякую траву, што сее насеньне, якая ёсьць на ўсёй зямлі, і ўсякае дрэва, у якога плод дрэўны, што сее насеньне, - вам гэта будзе ежаю:

30 а ўсім зьвярам зямным, і ўсім птушкам нябесным, і ўсякаму, што поўзае па зямлі, у якім душа жывая, даў Я ўсю зеляніну травяную на ежу. І сталася так.

31 І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў, і вось, добра вельмі. І быў вечар, і была раніца: дзень шосты.

 

Разьдзел 2

 

1 Так створаны неба і зямля і ўсё войска іх.

2 І закончыў Бог да сёмага дня ўсе дзеі Свае, якія Ён учыняў,

3 і дабраславіў Бог сёмы дзень і асьвяціў яго; бо ў той дзень спачыў ад усіх дзеяў Сваіх, якія Бог тварыў і ствараў.

4 Вось паходжаньне неба і зямлі, пры стварэньні іх, у той час, калі Гасподзь Бог стварыў зямлю і неба,

5 і ўсякі польны хмызьняк, якога яшчэ ня было на зямлі, і ўсякую польную траву, якая яшчэ не расла; бо Гасподзь Бог не пасылаў дажджу на зямлю, і ня было чалавека, каб урабляць зямлю;

6 але пара падымалася зь зямлі і расіла ўсё ўлоньне зямлі.

7 І стварыў Гасподзь Бог чалавека з пылу зямнога і ўдыхнуў у твар ягоны дыханьне жыцьця, і зрабіўся чалавек душою жывою.

8 І пасадзіў Гасподзь Бог рай у Эдэме на ўсходзе, і зьмясьціў там чалавека, якога стварыў.

9 І выгадаваў Гасподзь Бог зь зямлі кожнае дрэва прыемнае з выгляду і добрае ў ежу, і дрэва жыцьця пасярод раю, і дрэва спазнаньня дабра і зла.

10 З Эдэма выплывала рака на арашэньне раю; і потым разьдзялялася на чатыры ракі.

11 Імя адной Фісон: яна абцякае ўсю зямлю Хавіла, тую, дзе золата;

12 і золата той зямлі добрае; там бдолах і камень анікс.

13 Імя другой ракі Гіхон (Геон): яна абцякае ўсю зямлю Куш.

14 Імя трэцяй ракі Хідэкель (Тыгр): яна працякае перад Асірыяй. Чацьвёртая рака Еўфрат.

15 І ўзяў Гасподзь Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго.

16 І наказаў Гасподзь Бог чалавеку, кажучы: з кожнага дрэва ў садзе ты будзеш есьці;

17 а з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж зь яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш зь яго, сьмерцю памрэш.

18 І сказаў Гасподзь Бог: нядобра быць чалавеку аднаму; створым яму памочніка, адпаведнага яму.

19 Гасподзь Бог утварыў зь зямлі ўсіх жывёл польных і ўсіх птушак нябесных, і прывёў іх да чалавека, каб бачыць, як ён іх назаве, і каб, як назаве чалавек кожную душу жывую, так і было імя ёй.

20 І назваў чалавек імёны ўсяму быдлу і птушкам нябесным і ўсім зьвярам польным; але чалавеку не знайшлося памочніка, падобнага да яго.

21 І навёў Гасподзь Бог на чалавека моцны сон; і, калі ён заснуў, узяў адну рабрыну ягоную, і закрыў тое месца плоцьцю.

22 І стварыў Гасподзь Бог з рабрыны, узятай у чалавека, жанчыну, і прывёў яе да чалавека.

23 І сказаў чалавек: вось, гэта костка ад касьцей маіх і плоць ад плоці маёй; яна будзе называцца жонкаю, бо ўзятая ад мужа свайго.

24 Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй; і будуць адна плоць.

25 І былі абое голыя, Адам і жонка ягоная, і не саромеліся.

 

Разьдзел 3

 

1 Зьмей быў хітрэйшы за ўсіх зьвяроў польных, якіх стварыў Гасподзь Бог. І сказаў зьмей жанчыне: ці сапраўды сказаў Бог: ня ежце ні зь якога дрэва ў раі?

2 І сказала жанчына зьмею: плады з дрэваў мы можам есьці,

3 толькі пладоў з дрэва, якое пасярод раю, сказаў Бог, ня ежце і не чапайце іх, каб вам не памерці.

4 І сказаў зьмей жанчыне: не, не памраце;

5 але ведае Бог, што ў дзень, калі вы скаштуеце іх, адамкнуцца вочы вашыя, і вы будзеце, як багі, якія ведаюць дабро і зло.

6 І ўбачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы, і што яно прыемнае вачам і панаднае, бо дае веду; і ўзяла пладоў зь яго і ела; і дала таксама мужу свайму, і ён еў.

7 І адамкнуліся вочы ў іх абаіх, і ўведалі яны, што голыя, і сшылі смакоўныя лісьціны, і зрабілі сабе апаяскі.

8 І пачулі голас Госпада Бога, Які хадзіў па раі ў час дзённай прахалоды; і схаваўся Адам і жонка ягоная ад аблічча Госпада Бога паміж дрэвамі раю.

9 І паклікаў Гасподзь Бог Адама і сказаў яму: дзе ты?

10 Ён сказаў: голас твой я пачуў у раі, і спалохаўся, бо я голы, і схаваўся.

11 І сказаў Бог: хто сказаў табе, што ты голы? ці ня еў ты з дрэва, зь якога Я забараніў табе есьці?

12 Адам сказаў: жонка, якую Ты даў мне, яна дала мне з дрэва, і я еў.

13 І сказаў Гасподзь Бог жонцы: што гэта ты зрабіла? Жонка сказала: зьмей змусьціў мяне, і я ела.

14 І сказаў Гасподзь Бог зьмею: за тое, што ты зрабіў гэта, пракляты ты перад усім быдлам і перад усімі жывёламі польнымі; ты будзеш хадзіць на чэраве тваім, і будзеш есьці пыл ва ўсе дні жыцьця твайго;

15 і варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе; яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту.

16 Жонцы сказаў: множачы памножу скруху тваю ў цяжарнасьці тваёй; у хворасьці будзеш нараджаць дзяцей; і да мужа твайго цяга твая, і ён будзе валадарыць над табою.

17 А Адаму сказаў: за тое, што ты паслухаўся голасу жонкі тваёй і еў з дрэва, пра якое Я наказаў табе, сказаўшы: «ня еж зь яго», праклятая зямля за цябе; са скрухаю будзеш карміцца зь яе ва ўсе дні жыцьця твайго;

18 церне і ваўчкі ўзгадуе яна табе; і будзеш карміцца польнаю травою;

19 У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль ня вернешся ў зямлю, зь якое ты ўзяты; бо пыл ты і ў пыл вернешся.

20 І назваў Адам імя жонцы сваёй: Ева*, бо яна стала маці ўсіх, хто жыве.

21 І зрабіў Гасподзь Бог Адаму і жонцы яго вопратку скураную і апрануў іх.

22 І сказаў Гасподзь Бог: вось, Адам, зрабіўся як адзін з Нас, ведаючы дабро і зло; і цяпер як бы ні працягнуў руку сваю, і ня ўзяў таксама ад дрэва жыцьця, і не пакаштаваў, і не пачаў жыць вечна.

23 І выслаў яго Гасподзь Бог з саду Эдэмскага, каб урабляў зямлю, зь якое ён узяты.

24 І выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага херувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця.

 

 

* Ева - жыцьцё

Разьдзел 4

 

1 Адам спазнаў Еву, жонку сваю; і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: здабыла я чалавека ад Госпада.

2 І яшчэ нарадзіла брата ягонага, Авеля. І быў Авель пастух авечак, а Каін быў земляроб.

3 Празь некаторы час Каін прынёс ад пладоў зямлі дар Госпаду;

4 і Авель таксама прынёс ад першародных статку свайго і ад тлушчу іхняга. І прыхінуўся Гасподзь да Авеля і да дару ягонага;

5 а да Каіна і да дару ягонага не прыхінуўся. Каін моцна засмуціўся, і панік твар ягоны.

6 І сказаў Гасподзь Каіну: чаго ты засмуціўся? і чаго панік твар твой?

7 калі робіш добрае, дык ці не падымаеш твару? а калі ня робіш добрага, дык пад дзьвярыма грэх ляжыць; ён вабіць цябе да сябе, але ты пануй над ім.

8 І сказаў Каін Авелю, брату свайму: хадзем у поле. І калі яны былі ў полі, паўстаў Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго.

9 І сказаў Гасподзь Каіну: дзе Авель, брат твой? Ён сказаў: ня ведаю; хіба я вартаўнік брату майму?

10 І сказаў Гасподзь: што ты зрабіў? голас крыві брата твайго крычыць Мне зь зямлі;

11 і сёньня пракляты ты ад зямлі, якая разьзявіла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі тваёй;

12 калі ты будзеш урабляць зямлю, яна ня будзе болей даваць сілы сваёй табе; ты будзеш выгнанец і бадзяга на зямлі.

13 І сказаў Каін Госпаду: кара мая большая, чым зьнесьці можна:

14 вось, Ты цяпер зганяеш мяне з улоньня зямлі, і ад аблічча Твайго я зьнікну, і буду выгнанцам і бадзягам на зямлі; і кожны, хто спаткаецца са мною, заб'е мяне.

15 І сказаў яму Гасподзь: за тое кожнаму, хто заб'е Каіна, адпомсьціцца сямікроць. І зрабіў Гасподзь Каіну азнаку, каб ніхто, спаткаўшыся зь ім, не забіў яго.

16 І пайшоў Каін ад аблічча Гасподняга і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэма.

17 І спазнаў Каін жонку сваю; і яна зачала і нарадзіла Эноха. І пабудаваў ён горад; і назваў горад імем сына свайго: Энох.

18 У Эноха нарадзіўся Ірад; Ірад спарадзіў Мэхіяэля; Мэхіяэль спарадзіў Мафусала; Мафусал спарадзіў Ламэха.

19 І ўзяў сабе Ламэх дзьве жонкі: імя адной: Ада, і імя другой: Цыла.

20 Ада нарадзіла Явала: ён быў бацька тых, што жылі ў намётах са статкамі.

21 Імя брата ягонага Ювал: ён быў бацька ўсіх тых, што ігралі на гусьлях і жалейцы.

22 Цыла таксама нарадзіла Тувалкаіна, які быў кавалём усіх спарудаў зь медзі і жалеза. І сястра Тувалкаіна Наэма.

23 І сказаў Ламэх жонкам сваім: Ада і Цыла, паслухайце голасу майго; жонкі Ламэхавыя, уважайце словам маім: я забіў чалавека на пошасьць мне і хлопчыка на рану мне;

24 калі за Каіна адпомсьціцца ўсямікроць, дык за Ламэха ў семдзесят разоў сямікроць.

25 І спазнаў Адам яшчэ Еву, жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і дала яму імя: Сіф; бо, казала яна, Бог паклаў мне іншае насеньне, замест Авеля, якога забіў Каін.

26 У Сіфа таксама нарадзіўся сын, і ён даў яму імя: Энос; тады пачалі заклікаць імя Госпада.

 

Разьдзел 5

 

1 І вось радавод Адама: калі Бог стварыў чалавека, паводле падабенства Божага стварыў яго,

2 мужчыну і жанчыну стварыў іх, і дабраславіў іх, і даў ім імя: чалавек, у дзень стварэньня іх.

3 Адам жыў сто трыццаць гадоў, і спарадзіў сына паводле падабенства свайго і паводле вобразу свайго, і даў яму імя: Сіф.

4 Дзён Адама пасьля нараджэньня ім Сіфа было васямсот гадоў, і спарадзіў ён сыноў і дачок.

5 А ўсіх дзён жыцьця Адамавага было дзевяцьсот трыццаць гадоў; і ён памёр.

6 Сіф жыў сто пяць гадоў і спарадзіў Эноса.

7 Пасьля нараджэньня Эноса Сіф жыў васямсот сем гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

8 А ўсіх дзён Сіфавых было дзевяцьсот дванаццаць гадоў; і ён памёр.

9 Энос жыў дзевяноста гадоў і спарадзіў Каінана.

10 Пасьля нараджэньня Каінана Энос жыў васямсот пятнаццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

11 А ўсіх дзён Эносавых было дзевяцьсот пяць гадоў; і ён памёр.

12 Каінан жыў семдзесят гадоў і спарадзіў Малелэіла.

13 Пасьля нараджэньня Малелэіла Каінан жыў васямсот сорак гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

14 А ўсіх дзён Каінанавых было дзевяцьсот дзесяць гадоў; і ён памёр.

15 Малелэіл жыў шэсьцьдзясят пяць гадоў і спарадзіў Ярэда.

16 Пасьля нараджэньня Ярэда Малелэіл жыў васямсот трыццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

17 А ўсіх дзён Малелэілавых было васямсот дзевяноста пяць гадоў; і ён памёр.

18 Ярэд жыў сто шэсьцьдзясят два гады і спарадзіў Эноха.

19 Пасьля нараджэньня Эноха Ярэд жыў сто восемдзесят гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

20 А ўсіх дзён Ярэдавых было дзевяцьсот шэсьцьдзясят два гады; і ён памёр.

21 Энох жыў шэсьцьдзясят пяць гадоў і спарадзіў Мафусала.

22 І хадзіў Энох прад Богам, пасьля нараджэньня Мафусала, трыста гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

23 А ўсіх дзён Эноха было трыста шэсьцьдзясят пяць гадоў.

24 І хадзіў Энох прад Богам; і ня стала яго, бо Бог узяў яго.

25 Мафусал жыў сто восемдзесят сем гадоў і спарадзіў Ламэха.

26 Пасьля нараджэньня Ламэха Мафусал жыў сямсот восемдзесят два гады і спарадзіў сыноў і дачок.

27 А ўсіх дзён Мафусалавых было дзевяцьсот шэсьцьдзясят дзевяць гадоў; і ён памёр.

28 Ламэх жыў сто восемдзесят два гады і спарадзіў сына,

29 і даў яму імя: Ной, сказаўшы: ён суцешыць нас у працы нашай і ў працы рук нашых, калі ўрабляцьме зямлю, якую пракляў Гасподзь Бог.

30 І жыў Ламэх пасьля нараджэньня Ноя пяцьсот дзевяноста пяць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

31 А ўсіх дзён Ламэхавых было сямсот семдзесят сем гадоў; і ён памёр.

32 Ною было пяцьсот гадоў; і спарадзіў Ной трох сыноў: Сіма, Хама і Яфэта.

 

Разьдзел 6

 

1 Калі людзі пачалі множыцца на зямлі і радзіліся ў іх дочкі,

2 тады сыны Божыя ўбачылі дачок чалавечых, што яны прыгожыя, і бралі іх сабе за жонак, хто якую выбраў.

3 І сказаў Гасподзь Бог: ня вечна Духу Майму быць пагарджаным людзьмі, бо яны плоць; хай будуць дні іхнія сто дваццаць гадоў.

4 У той час былі на зямлі волаты, асабліва з таго часу, як сыны Божыя пачалі ўваходзіць да дачок людзкіх, яны пачалі нараджаць ім: гэта дужыя, спакон славутыя людзі.

5 І ўбачыў Гасподзь Бог, што вялікая разбэшчанасьць людзей на зямлі, і што ўсе думкі і помыслы сэрца іхняга былі ва ўсе часы ліхія;

6 і пашкадаваў Гасподзь, што стварыў чалавека на зямлі, і засмуціўся ў сэрцы Сваім.

7 І сказаў Гасподзь: вынішчу з улоньня зямлі людзей, якіх Я стварыў, ад чалавека да быдла, і гадаў і птушак нябесных вынішчу; бо Я пашкадаваў, што стварыў іх.

8 А Ной здабыў мілату прад вачыма Госпада Бога.

9 Вось жыцьцё Ноевае: Ной быў чалавек праведны і беззаганны ў родзе сваім; Ной хадзіў прад Богам.

10 Ной спарадзіў трох сыноў: Сіма, Хама і Яфэта.

11 Але зямля разбэсьцілася прад абліччам Божым і напоўнілася зямля злачынствамі.

12 І паглядзеў Гасподзь Бог на зямлю, і вось, яна разбэшчаная: бо ўсякая плоць скрывіла дарогу сваю на зямлі.

13 І сказаў Гасподзь Бог Ною: канец усякай плоці прыйшоў прад аблічча Маё, бо зямля напоўнілася ад іх зладзействамі; і вось, я вынішчу іх зь зямлі.

14 Зрабі сабе каўчэг з дрэва гофэр; адсекі зрабі ў каўчэзе і прасмалі яго смалою ўсярэдзіне і звонку.

15 І зрабі яго так: даўжыня каўчэга трыста локцяў; шырыня яго пяцьдзясят локцяў, а вышыня яго трыццаць локцяў.

16 І зрабі адтуліну ў каўчэзе, і ў локаць зьвядзі яе ўгары, і дзьверы ў каўчэг зрабі збоку яго; зладзь у ім ніжняе, другое і трэцяе жытло.

17 І вось, Я навяду на зямлю патоп водны, каб вынішчыць усякую плоць, у якой ёсьць дух жыцьця, пад нябёсамі: усё, што ёсьць на зямлі, пазбудзецца жыцьця.

18 Але з табою Я «станаўлю запавет Мой, і ўвойдзеш у каўчэг ты і сыны твае, і жонка твая і жонкі сыноў тваіх з табою.

19 Увядзі таксама ў каўчэг з усіх жывёл, і ад кожнае плоці па пары, каб яны засталіся з табою жывыя; мужчынскага полу і жаночага хай яны будуць.

20 З птушак паводле роду іхняга, і з быдла паводле роду іхняга, і з усіх паўзуноў зямных паводле роду іхняга, з усіх па пары ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывыя.

21 А ты вазьмі сабе ўсякай ежы, якою кормяцца, і зьбяры да сябе; і будзе яна табе і ім ежаю.

22 І зрабіў Ной усё: як наказаў яму Гасподзь Бог, так ён і зрабіў.

 

Разьдзел 7

 

1 І сказаў Гасподзь Бог Ною: увайдзі ты і ўся сям'я твая ў каўчэг, бо цябе Я ўбачыў праведным прад Мною ў родзе гэтым;

2 і ўсякага быдла чыстага вазьмі па сем, мужчынскага полу і жаночага, а з быдла нячыстага па два, мужчынскага полу і жаночага;

3 таксама і з птушак нябесных чыстых па сем, мужчынскага полу і жаночага, каб захаваць племя на ўсю зямлю:

4 бо празь сем дзён Я буду выліваць дождж на зямлю сорак дзён і сорак ночаў; і вынішчу ўсё існае, што Я стварыў, з улоньня зямлі.

5 Ной зрабіў усё, што Гасподзь Бог наказаў яму.

6 А Ною было шэсьцьсот гадоў, як патоп водны прыйшоў на зямлю.

7 І ўвайшоў Ной і сыны ягоныя, і жонка яго і жонкі сыноў ягоных зь ім у каўчэг ад водаў патопу.

8 і з быдла чыстага і з усіх паўзуноў зямных

9 па пары, мужчынскага полу і жаночага, увайшлі да Ноя ў каўчэг, як Гасподзь Бог наказаў Ною.

10 Празь сем дзён воды патопу прыйшлі на зямлю.

11 На шасьцісотым годзе жыцьця Ноевага, на другім месяцы, на сямнаццаты дзень месяца, у гэты дзень адчыніліся ўсе крыніцы вялікай бездані, і вокны нябесныя адчыніліся;

12 і ліў на зямлю дождж сорак дзён і сорак ночаў.

13 У гэты самы дзень увайшоў у каўчэг Ной, і Сім, Хам і Яфэт, сыны Ноевыя, і жонка Ноева, і тры жонкі сыноў ягоных зь імі.

14 Яны, і ўся жывёла паводле роду іхняга, і ўсякае быдла паводле роду яго, і ўсе гады, паўзуны па зямлі, паводле роду іхняга, і ўсё лётнае паводле роду ягонага, усе птушкі, усе крылатыя.

15 І ўвайшлі да Ноя ў каўчэг па пары ад усякай плоці, у якой ёсьць дух жыцьця;

16 і тыя, што ўвайшлі, мужчынскі і жаночы пол усякай плоці ўвайшлі, як наказаў яму Гасподзь Бог. І зачыніў Гасподзь за ім.

17 І доўжылася на зямлі паводка сорак дзён, і памножылася вада і падняўся каўчэг, і ён узвысіўся над зямлёю;

18 а вада мацнела і вельмі множылася на зямлі, і каўчэг плаваў па паверхні водаў.

19 І ўзмацнела вада на зямлі незвычайна, так што пакрыліся ўсе высокія горы, якія ёсьць пад усім небам:

20 на пятнаццаць локцяў паднялася над імі вада, і пакрыліся горы.

21 І зьнежыцьцёвела ўсякая плоць, якая рухаецца па зямлі, і птушкі і быдла, і зьвяры і ўсе гады, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі;

22 усё, што мела дыханьне духу жыцьця ў ноздрах сваіх на сушы, памерла.

23 Зьнішчылася кожная істота, якая была на паверхні; ад чалавека да быдла, і гадаў і птушак нябесных, усё зьнішчылася зь зямлі: застаўся толькі Ной, і што было зь ім у каўчэзе.

24 А вада мацнела на зямлі сто пяцьдзясят дзён.

 

Разьдзел 8

 

1 І ўспомніў Бог пра Ноя, і пра ўсю жывёлу, і пра ўсё быдла, якія былі зь ім у каўчэзе; і навёў Бог вецер на зямлю, і воды спыніліся.

2 І зачыніліся крыніцы бездані і вокны нябесныя, і перастаў дождж зь неба.

3 А вада спакваля вярталася зь зямлі, і пачала ўбываць вада праз сто пяцьдзясят дзён.

4 І спыніўся каўчэг на сёмым месяцы, на сямнаццаты дзень месяца, на гарах Арарацкіх.

5 Вада спакваля ўбывала да дзясятага месяца; у першы дзень дзясятага месяца паказаліся вярхі гор.

6 Праз сорак дзён Ной адчыніў зробленае ім акно ў каўчэзе

7 і выпусьціў крумкача, які, вылецеўшы, адлятаў і прылятаў, пакуль не абсохла зямля ад вады.

8 Потым выпусьціў ад сябе голуба, каб бачыць, ці сышла вада з улоньня зямлі;

9 але голуб не знайшоў месца спакою нагам сваім і вярнуўся да яго ў каўчэг; бо вада была яшчэ на паверхні ўсёй зямлі; і ён працягнуў руку сваю, і ўзяў яго, і прыняў да сябе ў каўчэг.

10 І патрываў яшчэ сем дзён і зноў выпусьціў голуба з каўчэга.

11 Голуб вярнуўся да яго вечаровай парою, і вось, сьвежы аліўкавы ліст у дзюбе ў яго: і Ной даведаўся, што вада сышла зь зямлі.

12 Ён патрываў яшчэ сем дзён далей і выпусьціў голуба; і ён ужо не вярнуўся да яго.

13 На шэсьцьсот першым годзе пад першы дзень першага месяца счэзла вада на зямлі; і адкрыў Ной дах каўчэга і паглядзеў, і вось, абсохла паверхня зямлі.

14 І на другім месяцы, да дваццаць сёмага дня месяца, зямля высахла.

15 І сказаў Бог Ною:

16 выйдзі з каўчэга ты і жонка твая, і сыны твае і жонкі сыноў тваіх з табою;

17 выведзі з сабою ўсе жывёлы, якія з табою, ад усякае плоці, з птушак, і быдла, і ўсіх гадаў, якія поўзаюць па зямлі: хай разыдуцца яны па зямлі, і хай плодзяцца і множацца на зямлі.

18 І выйшаў Ной і сыны яго, і жонка яго і жонкі сыноў ягоных зь ім;

19 усе жывёлы, і ўсе гады, і ўсе птушкі, усё, што рухаецца па зямлі, паводле родаў сваіх, выйшлі з каўчэга.

20 І зладзіў Ной ахвярнік Госпаду; і ўзяў з усякага быдла чыстага і з усіх птушак чыстых і прынёс на цэласпаленьне на ахвярнік.

21 І нюхаў Гасподзь прыемныя пахошчы, і сказаў Гасподзь у сэрцы Сваім: ня буду больш праклінаць зямлю за чалавека, бо намысел сэрца чалавечага - зло ад маладосьці ягонай; і ня буду болей пабіваць усё жывое, як Я зрабіў:

22 наперад ва ўсе дні зямлі сяўба і жніво, холад і сьпёка, лета і зіма, дзень і ноч ня спыняцца.

 

Разьдзел 9

 

1 І дабраславіў Гасподзь Ноя і сыноў ягоных і сказаў ім: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю;

2 хай баяцца і хай трымцяць перад вамі ўся жывёла зямная і ўсе птушкі нябесныя, усё, што рухаецца на зямлі, і ўсе рыбы марскія: у вашыя рукі аддадзены яны;

3 усё, што рухаецца, што жыве, будзе вам на ежу; як зеляніну траўную даю вам усё;

4 толькі плоці з душою яе, з крывёю яе, ня ежце:

5 Я спаганю і вашу кроў, у якой жыцьцё ваша, спаганю яе з усякай жывёлы, спаганю таксама душу чалавека з рукі чалавека, з рукі брата ягонага;

6 хто пралье кроў чалавечую, таго кроў пральецца рукою чалавека: бо чалавек створаны паводле вобраза Божага;

7 а вы пладзецеся і множцеся, і расьсяляйцеся паўсюль па зямлі і множцеся на ёй.

8 І сказаў Бог Ною і сынам ягоным зь ім:

9 вось, Я станаўлю запавет Мой з вамі і з нашчадкамі вашымі пасьля вас,

10 і з усякаю душою жывою, якая з вамі, з птушкамі і з быдлам, і з усімі жывёламі зямнымі, якія ў вас, з усімі, што выйшлі з каўчэга, з усімі жывёламі зямнымі;

11 станаўлю запавет Мой з вамі, што ня будзе болей зьнішчана ніякая плоць водамі патопу, і ня будзе ўжо патопу на спусташэньне зямлі.

12 І сказаў Бог: вось азнака запавету, які Я станаўлю паміж мною і паміж вамі і паміж усякаю душою жывою, якая з вамі, у роды назаўсёды:

13 Я кладу вясёлку Маю ў воблаку, каб яна была азнакаю запавету паміж Мною і паміж зямлёю.

14 І будзе, калі Я навяду воблака на зямлю, дык явіцца вясёлка ў воблаку;

15 і Я ўспомню запавет Мой, які паміж Мною і паміж вамі і паміж усякаю душою жывою ў кожнай плоці; і ня будзе болей вада патопам на вынішчэньне ўсякай плоці.

16 І будзе вясёлка ў воблаку, і Я ўбачу яе, і ўспомню запавет вечны паміж Богам і паміж усякаю душою жывою ў кожнай плоці, якая на зямлі.

17 І сказаў Бог Ною: вось азнака запавету, які Я паставіў паміж Мною і паміж усякаю плоцьцю, якая на зямлі.

18 Сыны Ноя, якія выйшлі з каўчэга, былі: Сім, Хам і Яфэт. А Хам быў бацька Ханаана.

19 Гэтыя трое былі сыны Ноевыя, і ад іх насялілася ўся зямля.

20 Ной пачаў урабляць зямлю і пасадзіў вінаграднік;

21 і выпіў ён віна, і ап'янеў, і ляжаў голы ў намёце сваім.

22 І бачыў Хам, бацька Ханаанаў, сарамату бацькі свайго і, выйшаўшы, расказаў двум братам сваім.

23 А Сім і Яфэт узялі вопратку, і паклаўшы яе на плечы свае, пайшлі адвярнуўшыся і накрылі галізну бацькі свайго; твары іх былі абернуты назад, і яны ня бачылі сараматы бацькі свайго.

24 Ной праспаўся ад віна свайго, і даведаўся, што зрабіў зь ім малодшы сын ягоны,

25 і сказаў: пракляты Ханаан; раб рабоў будзе ён у братоў сваіх.

26 Потым сказаў: дабраславёны Гасподзь Бог Сімаў; а Ханаан будзе рабом яму;

27 хай пашырыць Бог Яфэта, і хай уселіцца ён у намёты Сімавыя; а Ханаан будзе рабом яму.

28 І жыў Ной пасьля патопу трыста пяцьдзясят гадоў.

29 А ўсяго дзён Ноевых было дзевяцьсот пяцьдзясят гадоў; і ён памёр.

 

Разьдзел 10

 

1 Вось радавод сыноў Ноевых: Сіма, Хама і Яфэта. Пасьля патопу нарадзіліся ў іх дзеці.

2 Сыны Яфэта: Гамэр, Магог, Мадай, Яван, Тувал, Мэшэх і Тырас.

3 Сыны Гамэравыя: Аскеназ, Рыфат і Тагарма.

4 Сыны Яванавыя: Эліса, Тарсіс, Кітым і Даданім.

5 Ад гэтых насяліліся астравы народаў у землях іхніх, кожны паводле мовы сваёй, паводле плямёнаў сваіх, у народах сваіх.

6 Сыны Хамавыя: Хуш, Міцраім, Фут і Ханаан.

7 Сыны Хушавыя: Сэва, Хавіла, Саўта, Раама і Саўтэха. Сыны Раамавыя: Шэва і Дэдан.

8 Хуш спарадзіў таксама Німрода: гэты пачаў быць дужым на зямлі;

9 ён быў дужы зьвералоў прад Госпадам; таму і кажуць: дужы зьвералоў, як Німрод, прад Госпадам.

10 Царства ягонае спачатку складалі: Вавілон, Эрэх, Акад і Халнэ, у зямлі Сэнаар.

11 З гэтай зямлі выйшаў Асур і пабудаваў Нінэвію, Рэхавот-ір, Калах

12 і Рэсэн паміж Нінэвіяю і Калахам; гэта горад вялікі.

13 Ад Міцраіма пайшлі Лудым, Анамім, Легавім, Нафтухім,

14 Патрусім, Каслухім, адкуль выйшлі Філістымляне, і Кафтарым.

15 Ад Ханаана нарадзіліся: Сідон, першынец ягоны, Хэт,

16 Евусэй, Амарэй, Гергесэй,

17 Эвэй, Аркей, Сінэй,

18 Арвадэй, Цэмарэй і Хіматэй. Пазьней плямёны Ханаанскія расьсеяліся,

19 і былі межы Хананэяў ад Сідона на Герару да Газы, адсюль на Садому, Гамору, Адму і Цэваім да Лашы.

20 Гэта сыны Хамавыя, паводле плямёнаў іхніх, у землях іхніх, у народах іхніх.

21 Былі дзеці і ў Сіма, бацькі ўсіх сыноў Эвеаравых, старэйшага брата Яфэтавага.

22 Сыны Сімавыя: Элам, Асур, Арфаксад, Луд, Арам.

23 Сыны Арамавыя: Уц, Хул, Гетэр і Магш.

24 Арфаксад спарадзіў (Каінана, Каінан спарадзіў Салу, Сала спарадзіў Эвэра.

25 У Эвэра нарадзіліся два сыны; імя аднаго: Фалек, бо ў дні ягоныя зямля разьдзелена; імя брата ягонага: Ёктан.

26 Ёктан спарадзіў Алмадада, Шалэфа, Хацармавэта, Ераха,

27 Гадарама, Узала, Дыклу,

28 Авала, Авімаіла, Шэву,

29 Афіра, Хавілу і Ёвава. Усе гэтыя сыны Ёктанавыя.

30 Селішчы іхнія былі ад Мешы да Сэфара, гары ўсходняй.

31 Гэта сыны Сімавыя паводле плямёнаў іхніх, паводле моваў іхніх, у землях іхніх, паводле народаў іхніх.

32 Вось плямёны сыноў Ноевых, паводле радаводу іхняга, у народах іхніх. Ад іх расьсяліліся народы па зямлі пасьля патопу.

 

Разьдзел 11

 

1 На ўсёй зямлі была адна мова і адна гаворка.

2 Рушыўшы з усходу, яны знайшлі ў зямлі Сэнаар раўніну і пасяліліся там.

3 І сказалі адно аднаму: наробім цэглы і абпалім агнём. І стала ў іх цэгла замест камянёў, а земляная смала замест вапны.

4 І сказалі яны: збудуем сабе горад і вежу, вышынёю да нябёсаў, і зробім сабе імя, перш чым расьсеемся па ўлоньні ўсёй зямлі.

5 І сышоў Гасподзь паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны людзкія.

6 І сказаў Гасподзь: вось, адзін народ, і адна ў іх мова; і вось, што пачалі яны рабіць, і не адстануць ад таго, што задумалі рабіць;

7 сыдзем жа і зьмяшаем там мову іхнюю, так каб адзін не разумеў гаворкі другога.

8 І расьсеяў іх Гасподзь адтуль па паверхні ўсёй зямлі; і яны перасталі будаваць горад.

9 Таму дадзена яму імя: Вавілон, бо там зьмяшаў Гасподзь мову ўсёй зямлі, і адтуль расьсеяў іх Гасподзь па ўсёй зямлі.

10 Вось радавод Сіма: Сіму было сто гадоў і спарадзіў Арфаксада, праз два гады пасьля патопу;

11 пасьля нараджэньня Арфаксада Сім жыў пяцьсот гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

12 Арфаксад жыў трыццаць пяць гадоў і спарадзіў Салу.

13 Пасьля нараджэньня Салы Арфаксад жыў чатырыста тры гады і спарадзіў сыноў і дачок.

14 Сала жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Эвэра.

15 Пасьля нараджэньня Эвэра Сала жыў чатырыста тры гады і спарадзіў сыноў і дачок.

16 Эвэр жыў трыццаць чатыры гады і спарадзіў Фалека.

17 Пасьля нараджэньня Фалека Эвэр жыў чатырыста трыццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

18 Фалек жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Рагава.

19 Пасьля нараджэньня Рагава Фалек жыў дзьвесьце дзевяць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

20 Рагаў жыў трыццаць два гады і спарадзіў Саруха.

21 Пасьля нараджэньня Саруха Рагаў жыў дзьвесьце сем гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

22 Сарух жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Нахора.

23 Пасьля нараджэньня Нахора Сарух жыў дзьвесьце гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

24 Нахор жыў дваццаць дзевяць гадоў і спарадзіў Тару.

25 Пасьля нараджэньня Тары Нахор жыў сто дзевятнаццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

26 Тара жыў семдзесят гадоў і спарадзіў Абрама; Нахора і Арана.

27 Вось радавод Тары: Тара спарадзіў Абрама, Нахора і Арана. Аран спарадзіў Лота.

28 І памёр Аран пры Тары, бацьку сваім, у зямлі нараджэньня свайго, у Уры Халдэйскім.

29 Абрам і Нахор узялі сабе жонак; імя жонкі Абрамавай: Сара; імя жонкі Нахоравай: Мілка, дачка Арана, бацькі Мілкі і бацькі Іскі.

30 І Сара была няплодная і бязьдзетная.

31 І ўзяў Тара Абрама, сына свайго, і Лота, сына Аранавага, унука свайго, і Сару, нявестку сваю, жонку Абрама, сына свайго, і выйшаў зь імі з Ура Халдэйскага, каб ісьці ў зямлю Ханаанскую; але дайшоўшы да Харана, яны спыніліся там.

32 І было дзён жыцьця Тары дзьвесьце пяць гадоў, і памёр Тара ў Харане.

 

Разьдзел 12

 

1 І сказаў Гасподзь Абраму: ідзі зь зямлі тваёй, ад радзіны тваёй і з дома бацькі твайго ў зямлю, якую Я пакажу табе;

2 і Я выведу ад цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і праслаўлю імя тваё, і будзеш ты ў дабраславенстве.

3 Я дабраслаўлю тых, што дабраслаўляюць цябе, і тых, што ліхасловяць цябе, пракляну; і дабраславяцца ў табе ўсе плямёны зямныя.

4 І пайшоў Абрам, як сказаў яму Гасподзь; і зь ім пайшоў Лот. Абраму было семдзесят пяць гадоў, калі выйшаў з Харана.

5 І ўзяў з сабою Сару, жонку сваю, Лота, сына брата свайго, і ўсю маёмасьць, якую яны набылі, і ўсіх людзей, якіх яны мелі ў Харане; і выйшлі, каб ісьці ў зямлю Ханаанскую; і прыйшлі ў зямлю Ханаанскую.

6 І прайшоў Абрам па зямлі гэтай да мясьціны Сіхем, да дубровы Марэ: у гэтай зямлі тады жылі Хананэі.

7 І явіўся Гасподзь Абраму і сказаў: нашчадкам тваім аддам Я зямлю гэтую. І паставіў там ахвярнік Госпаду, Які явіўся яму.

8 Адтуль рушыў ён да гары, на ўсход ад Вэтыля; і паставіў намёт свой так, што ад яго Вэтыль быў на захад, а Гай на ўсход; і паставіў ахвярнік Госпаду і заклікаў імя Госпада.

9 І падаўся Абрам далей і пайшоў на поўдзень.

10 І быў голад у той зямлі. І сышоў Абрам у Егіпет, пажыць там, бо памацнеў голад у зямлі той.

11 Калі ж ён набліжаўся да Егіпта, дык сказаў Сары, жонцы сваёй: вось, я ведаю, што ты жанчына прыгожая з выгляду;

12 і калі Егіпцяне ўбачаць цябе, дык скажуць: гэта жонка яго; і заб'юць мяне, а цябе пакінуць жывою;

13 скажы ж, што ты мне сястра, каб мне добра было дзеля цябе, і каб жывая была душа мая празь цябе.

14 І было, калі Абрам прыйшоў у Егіпет, Егіпцяне ўбачылі, што яна жанчына даволі прыгожая;

15 убачылі яе і вяльможы фараонавыя і пахвалілі яе фараону; і была яна ўзятая ў дом фараонаў.

16 І Абраму добра было празь яе; і было ў яго дробнае і буйное быдла і аслы, і рабы і рабыні, і коні і вярблюды.

17 Але Гасподзь уразіў цяжкімі ранамі фараона і дом ягоны за Сару, жонку Абрамавую.

18 І паклікаў фараон Абрама і сказаў: што гэта ты зрабіў са мною? чаму не сказаў мне, што яна жонка твая?

19 навошта ты сказаў: яна сястра мая? І я ўзяў быў яе сабе за жонку. І цяпер вось жонка твая; вазьмі ды йдзі.

20 І даў пра яго фараон загад людзям, і правялі яго, і жонку ягоную, і ўсё, што ў яго было.

 

Разьдзел 13

 

1 І падаўся Абрам зь Егіпта, сам і жонка ягоная, і ўсё, што ў яго было, і Лот зь ім, на поўдзень.

2 І быў Абрам вельмі багаты быдлам і срэбрам і золатам.

3 І прадоўжыў ён пераходы свае з поўдня да Вэтыля, да мясьціны, дзе раней быў намёт ягоны паміж Вэтылем і Гаем,

4 да месца ахвярніка, які ён зрабіў там напачатку; і там заклікаў Абрам імя Госпада.

5 І ў Лота, які хадзіў з Абрамам, таксама было дробнае і буйное быдла і намёты.

6 І не ўмяшчала іх зямля, каб жыць ім разам, бо маёмасьць іхняя была такая вялікая, што яны не маглі жыць разам.

7 І была спрэчка паміж пастухамі быдла Абрамавага і пастухамі быдла Лотавага; і Хананэі і Фэрэзэі жылі тады ў той зямлі.

8 І сказаў Абрам Лоту: хай ня будзе разладу паміж мною і табою, і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, бо мы родзічы;

9 ці ня ўся зямля перад табою? аддзяліся ж ад мяне: калі ты налева, дык я направа; а калі ты направа, дык я налева.

10 Лот узьвёў вочы свае і ўбачыў усё навакольле Ярданскае, што яно, перш чым зьнішчыў Гасподзь Садому і Гамору, усё да Сігора расілася вадою, як сад Гасподні, як зямля Егіпецкая;

11 і выбраў сабе Лот усё навакольле Ярданскае; і рушыў Лот на ўсход. І аддзяліліся яны адзін ад аднаго.

12 Абрам пачаў жыць на зямлі Ханаанскай; а Лот пачаў жыць у гарадах навакольля і раскінуў намёты да Садомы.

13 А жыхары Садомскія былі ліхія і вельмі грэшныя прад Госпадам.

14 І сказаў Гасподзь Абраму, пасьля таго як Лот аддзяліўся ад яго: узьвядзі вочы твае і зь месца, на якім ты цяпер, паглядзі на поўнач і на поўдзень, і на ўсход і на захад;

15 бо ўсю зямлю, якую ты бачыш, табе дам Я і нашчадкам тваім навечна,

16 і зраблю нашчадкаў тваіх, як пясок зямны; калі хто можа палічыць пясок зямны, дык і нашчадкі твае палічаны будуць;

17 устань, прайдзі па зямлі гэтай удаўжыню і ўшырыню яе: бо Я табе дам яе.

18 І рушыў Абрам з намётамі, і пайшоў, і пасяліўся каля дубровы Мамрэ, што ў Хэўроне; і паставіў там ахвярнік Госпаду.

 

Разьдзел 14

 

1 І было ў дні Армафэла, цара Сэнаарскага, Арыёха, цара Эласарскага, Кедарлаамэра, цара Эламскага, і Тыдала, цара Гаімскага,

2 і пайшлі яны вайною супроць Бэры, цара Садомскага, супроць Біршы, цара Гаморскага, Шынава, цара Адмы, Шэмэвэра, цара Сэваімскага, і супраць цара Бэлы, якая ёсьць Сігор.

3 Усе гэтыя злучаліся ў даліне Сідым, дзе сёньня мора Салёнае.

4 Дванаццаць гадоў былі яны паняволеныя ў Кедарлаамэра, а на трынаццатым годзе ўзбурыліся.

5 На чатырнаццатым годзе прыйшоў Кедарлаамэр і цары, якія зь ім, і пабілі Рэфаімаў у Аштэрот-Карнаіме, Зузімаў у Гаме, Эмімаў у Шаве-Кірыятаіме,

6 і Харэяў у гары іхняй Сэіры, да Эл-Фарана, што каля пустыні.

7 І вярнуўшыся адтуль, яны прыйшлі да крыніцы Мішпат, якая ёсьць Кадэс, і пабілі ўсю краіну Амалікіцянаў, а таксама Амарэяў, якія жылі ў Хацацон-Тамары.

8 І выйшлі цар Садомскі, цар Гаморскі, цар Адмы, цар Сэваімскі і цар Бэлы, якая ёсьць Сігор; і ўступілі ў бітву зь імі ў даліне Сідым,

9 з Кедарлаамэрам, царом Эламскім, Тыдалам, царом Гаімскім, Амрафэлам, царом Сэнаарскім, Арыёхам, царом Эласарскім: чатыры цары супроць пяці.

10 А ў даліне Сідым было многа смаляных ямаў. І цары Садомскі і Гаморскі, якія кінуліся ўцякаць, упалі ў іх; а астатнія ўцяклі ў горы.

11 Пераможцы пабралі ўсю маёмасьць Садомы і Гаморы і ўвесь запас іхні і пайшлі.

12 І ўзялі Лота, пляменьніка Абрамавага, які жыў у Садоме, і маёмасьць ягоную, і пайшлі.

13 І прыйшоў адзін з ацалелых і паведаміў Абраму Габрэю, які жыў тады каля дубровы Мамрэ, Амарэяніну, брату Эшколу і брату Анэру, якія былі спрымірэнцы Абрамавыя.

14 Абрам, пачуўшы, што родзіч ягоны ўзяты ў палон, узброіў рабоў сваіх, народжаных у доме ягоным, трыста васямнаццаць, і гнаў супастатаў да Дана;

15 і падзяліўшыся, напаў на іх уначы, сам і рабы ягоныя і пабіў іх, і гнаў іх да Ховы, што па левы бок ад Дамаска;

16 і вярнуў усю маёмасьць і Лота, родзіча свайго, і маёмасьць ягоную вярнуў, а таксама і жанчын і народ.

17 Калі ён вяртаўся пасьля паразы Кедарлаамэра і цароў, якія былі зь ім, цар Садомскі выйшаў яму насустрач у даліну Шавэ, што сёньня даліна царская;

18 і Мэлхісэдэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно, - ён быў сьвятар Бога Ўсявышняга, -

19 і дабраславіў яго і сказаў: дабраславёны Абрам ад Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі;

20 і дабраславёны Бог Усявышні, Які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае. Абрам даў яму дзясятую частку з усяго.

21 І сказаў цар Садомскі Абраму: аддай мне людзей, а маёмасьць вазьмі сабе.

22 Але Абрам сказаў цару Садомскаму: падымаю руку маю да Госпада Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі,

23 што нават ніткі і рэменя ад абутку не вазьму з усяго твайго, каб ты не сказаў: я ўзбагаціў Абрама;

24 апрача таго, што зьелі падлеткі, і апрача долі, якая належыць людзям, што хадзілі са мною; Анэр, Эшкол і Мамрый хай возьмуць сваю долю.

 

Разьдзел 15

 

1 Пасьля гэтых падзей было слова Госпада Абраму ў відзежы, і сказана: ня бойся, Абраме; Я твой шчыт; узнагарода твая даволі вялікая.

2 Абрам сказаў: Валадару Госпадзе! што Ты дасі мне? я застаюся бязьдзетны: распарадчык у доме гэтым Эліязэр з Дамаска.

3 І сказаў Абрам: вось, Ты ня даў мне нашчадкаў, і вось гадунец мой спадчыньнік мой.

4 І было слова Госпада яму, і сказана: ня будзе ён тваім спадчыньнікам; а той, хто пойдзе са сьцёгнаў тваіх, будзе тваім спадчыньнікам.

5 І вывеў яго вонкі і сказаў: паглядзі на неба і палічы зоркі, калі ты можаш палічыць іх. І сказаў яму: столькі будзе ў цябе наступнікаў.

6 Абрам паверыў Госпаду, і Ён залічыў яму гэта ў праведнасьць.

7 І сказаў яму: Я Гасподзь, Які вывеў цябе з Ура Халдэйскага, каб даць табе зямлю гэтую на валоданьне.

8 Ён сказаў: Валадару Госпадзе! па чым пазнаць мне, што я буду валодаць ёю?

9 Гасподзь сказаў яму: вазьмі Мне трохгадовую цялушку, трохгадовую казу, трохгадовага барана, галубку і маладога голуба.

10 Ён узяў іх, расьсек іх напалам і паклаў адну частку насупраць другое; толькі птушак не расьсек.

11 І наляцелі на трупы драпежныя птушкі; але Абрам адганяў іх.

12 Як заходзіла сонца, моцны сон апанаваў Абрама; і вось, апанаваў яго жах і змрок вялікі.

13 І сказаў Гасподзь Абраму: ведай, што нашчадкі твае будуць прыхаднямі ў не сваёй зямлі, і паняволяць іх і будуць прыгнятаць іх чатырыста гадоў;

14 але Я ўчыню суд над народам, у якога яны будуць у няволі: пасьля гэтага яны выйдуць зь вялікай маёмасьцю;

15 а ты адыдзеш да бацькоў тваіх у міры і будзеш пахаваны ў старасьці добрай;

16 у чацьвёртым родзе вернуцца яны сюды: бо мера беззаконьняў Амарэяў дагэтуль яшчэ не напоўнілася.

17 Калі зайшло сонца і настала цемра, вось, дым як бы зь печы, і полымя агню прайшлі паміж расьсечанымі жывёламі.

18 У гэты дзень заключыў Гасподзь запавет з Абрамам, сказаўшы: нашчадкам тваім даю Я зямлю гэтую, ад ракі Егіпецкай да вялікай ракі, ракі Еўфрат:

19 Кенэяў, Кенэзэяў, Кедманэяў,

20 Хэтэяў, Фэрэзэяў, Рэфаімаў,

21 Амарэяў, Хананэяў, Гергесэяў і Евусэяў.

 

Разьдзел 16

 

1 Але Сара, Абрамава жонка, не нараджала яму. У яе была служанка Егіпцянка, на імя Агур.

2 І сказала Сара Абраму: вось, Гасподзь замкнуў чэрава маё, каб мне не раджаць; увайдзі ж да служанкі маёй: можа, я буду мець дзяцей ад яе. Абрам паслухаўся Сарыных слоў.

3 І ўзяла Сара, жонка Абрамава, Егіпцянку Агар, пасьля таго як прайшло дзесяць гадоў Абрамавых у зямлі Ханаанскай, і дала яе Абраму, мужу свайму, за жонку.

4 Ён увайшоў да Агары, і яна зачала. А ўбачыўшы, што зачала, яна пачала пагарджаць гаспадыняй сваёй.

5 І сказала Сара Абраму: у крыўдзе маёй ты вінаваты; я аддала служанку маю ва ўтробу тваю; а яна, угледзеўшы, што зачала, пачала пагарджаць мною; Гасподзь хай будзе судзьдзя паміж мною і табою.

6 Абрам сказаў Сары: вось, служанка твая ў тваіх руках; рабі зь ёю, што табе заўгодна. І Сара пачала ўціскаць яе, і тая ўцякла ад яе.

7 І знайшоў яе анёл Гасподні каля крыніцы вады ў пустыні, каля крыніцы на дарозе да Сура.

8 І сказаў: Агар, служанка Сарына, адкуль ты прыйшла і куды ідзеш? Яна сказала: я бягу ад аблічча Сары, гаспадыні маёй.

9 І сказаў ёй анёл Гасподні: вярніся, да гаспадыні сваёй і скарыся ёе.

10 І сказаў ёй анёл Гасподні: множачы памножу нашчадкаў тваіх, так што нельга будзе і палічыць іх ад мноства.

11 І яшчэ сказаў ёй анёл Гасподні: вось, ты цяжарная, і народзіш сына, і дасі яму імя: Ізмаіл; бо пачуў Гасподзь пакуту тваю;

12 ён будзе сярод людзей дзікі асёл: рукі яго на ўсіх, і рукі ўсіх на ім; жыцьме ён перад абліччам усіх братоў сваіх.

13 І назвала Госпада, Які гаварыў зь ёю, гэтым імем: Ты Бог, Які бачыць мяне. Бо сказала яна: праўда, я бачыла тут Таго, Які сьледам бачыць мяне.

14 Таму крыніца тая называецца: Бэер-Лахай-Роі*. Яна паміж Кадэсам і Барэдам.

15 Агар нарадзіла Абраму сына; і назваў імя сыну свайму, народжанаму ад Агары: Ізмаіл.

16 Абраму было восемдзесят шэсьць гадоў, калі Агар нарадзіла Абраму Ізмаіла.

 

 

* Крыніца Жывога, Які бачыць мяне

Разьдзел 17

 

1 Абраму было дзевяноста дзевяць гадоў, і Гасподзь зьявіўся Абраму і сказаў яму: Я Бог Усемагутны; хадзі прад абліччам Маім і будзь беспахібны;

2 і пастанаўлю запавет Мой паміж Мною і табою, і вельмі, вельмі памножу цябе.

3 І ўпаў Абрам на аблічча сваё. Бог гаварыў зь ім далей і сказаў:

4 Я - вось запавет Мой з табою: ты будзеш бацька мноства народаў,

5 і ня будзеш ты болей звацца Абрамам, а будзе табе імя Абрагам, бо Я зраблю цябе бацькам мноства народаў;

6 і вельмі, вельмі распладжу цябе, і выведу ад цябе народы, і цары пойдуць ад цябе;

7 і пастанаўлю запавет Мой паміж Мною і наступнікамі тваімі пасьля цябе ў роды іхнія, запавет вечны ў тым, што Я буду Богам тваім і нашчадкаў тваіх пасьля цябе;

8 і дам табе і нашчадкам тваім пасьля цябе зямлю, па якой ты вандруеш, усю зямлю Ханаанскую, у валоданьне вечнае; і буду ім Богам.

9 І сказаў Бог Абрагаму: ты ж датрымлівай запавет Мой, ты і наступнікі твае пасьля цябе ў роды іхнія.

10 Гэта ёсьць запавет Мой, які вы павінны датрымліваць паміж Мною і вамі і паміж нашчадкамі тваімі пасьля цябе: хай будзе ў вас абрэзаны ўвесь мужчынскі пол;

11 абразайце крайнюю плоць вашу: і гэта будзе азнакаю запавету паміж Мною і вамі.

12 На восьмы дзень ад нараджэньня хай будзе абрэзана ў вас у роды вашыя кожнае дзіця мужчынскага полу, народжанае ў доме і купленае за срэбра ў якога-небудзь іншапляменца, якое не ад твайго семя.

13 Абавязкова хай будзе абрэзаны народжаны ў доме тваім і куплены за срэбра тваё, і будзе запавет Мой на целе вашым запаветам вечным.

14 А неабрэзаны мужчынскага полу, які не абрэжа крайняй плоці сваёй, вынішчыцца душа тая з народу свайго; ён парушыў запавет Мой.

15 І сказаў Бог Абрагаму: Сару, жонку тваю, не называй Сараю, а хай будзе імя ёй: Сарра;

16 Я дабраслаўляю яе і дам табе ад яе сына; дабраслаўляю яе, і пойдуць ад яе народы, і цары народаў пойдуць ад яе.

17 І ўпаў Абрагам на аблічча сваё, і сказаў сам сабе: няўжо ад стогадовага будзе сын? і Сарра, дзевяностагадовая, няўжо народзіць?

18 І сказаў Абрагам Богу: о, хоць бы Ізмаіл быў жывы прад абліччам Тваім!

19 А Бог сказаў: менавіта Сарра, жонка твая, народзіць табе сына, і ты дасі яму імя: Ісаак; і пастанаўлю запавет Мой зь ім запаветам вечным, нашчадкам ягоным пасьля яго.

20 І пра Ізмаіла Я пачуў цябе: вось, Я дабраслаўляю яго, і выгадую яго, і вельмі, вельмі памножу; дванаццаць князёў народзяцца ад яго; і Я выведу ад яго вялікі народ.

21 Але запавет Мой пастанаўлю зь Ісаакам, якога народзіць табе Сарра ў гэты самы час на другі год.

22 І Бог перастаў гаварыць з Абрагамам і ўзышоў ад яго.

23 І ўзяў Абрагам Ізмаіла, сына свайго, і ўсіх народжаных у доме сваім і ўсіх купленых за срэбра сваё, увесь мужчынскі пол людзей дома Абрагамавага, і абрэзаў крайнюю плоць у іх таго самага дня, як сказаў Яму Бог.

24 Абрагаму было дзевяноста дзевяць гадоў, калі была абрэзана крайняя плоць у яго.

25 А Ізмаілу, сыну ягонаму, было трынаццаць гадоў, калі была абрэзана крайняя плоць у яго.

26 Таго самага дня былі абрэзаны Абрагам і Ізмаіл, сын Ягоны,

27 і зь ім абрэзаны быў увесь мужчынскі пол дома ягонага, народжаныя ў доме і купленыя за срэбра ў іншапляменцаў.

 

Разьдзел 18

 

1 І зьявіўся яму Гасподзь каля дубровы Мамрэ, калі ён сядзеў каля ўваходу ў намёт свой, у час дзённае сьпёкі.

2 Ён узьвёў вочы свае і зірнуў, і вось, тры мужы стаяць насупраць яго. Угледзеўшы, ён пабег насустрач ім ад уваходу ў намёт і пакланіўся да зямлі,

3 і сказаў: Валадару, калі я здабыў добрае ўпадабаньне прад вачамі Тваімі, не прайдзі міма раба Твайго;

4 і прынясуць крыху вады, і абмыюць ногі вашыя; і адпачнеце пад гэтым дрэвам,

5 а я прынясу хлеба, і вы падмацуеце сэрцы вашыя; пасьля ідзеце; як бо вы ідзяце міма раба вашага. Яны сказалі: зрабі так, як кажаш.

6 І пасьпяшаўся Абрагам у намёт да Сарры і сказаў: хутчэй замясі тры саты найлепшай мукі і зрабі праснакі.

7 І пабег Абрагам да статку, і ўзяў цялятка ласкавае і добрае, і даў хлопчыку, і той пасьпяшаўся прыгатаваць яго.

8 І ўзяў масла і малака і цялятка прыгатаванае і паставіў перад імі; а сам стаяў каля іх пад дрэвам. І яны елі.

9 І сказалі яму: дзе Сарра, жонка твая? Ён адказаў: тут, у намёце.

10 І сказаў адзін зь іх: я зноў буду ў цябе ў гэты самы час, і будзе сын у Сарры, жонкі тваёй. А Сарра слухала каля ўваходу ў намёт, за ім.

11 А Абрагам і Сарра былі старыя і ў веку сталым, і звычайнае ў жанчын у Сарры спынілася.

12 Сарра ўнутрана засьмяялася, сказаўшы: ці мне, калі я пастарэла, мець гэтую ўцеху? і гаспадар мой стары.

13 І сказаў Гасподзь Абрагаму: чаго гэта засьмяялася Сарра, сказаўшы: няўжо я сапраўды магу нарадзіць, калі я пастарэла?

14 Ці ёсьць што цяжкае Госпаду? У назначаны час буду Я ў цябе на другі год, і будзе ў Сарры сын.

15 А Сарра ня прызналася, а сказала: я не сьмяялася. Бо яна спалохалася. Але Ён сказаў: не, ты сьмяялася.

16 І ўсталі тыя мужы і адтуль выправіліся да Садомы; а Абрагам пайшоў зь імі правесьці іх.

17 І сказаў Гасподзь: ці ўтою Я ад Абрагама, што хачу рабіць?

18 Ад Абрагама, праўда, пойдзе народ вялікі і моцны, і дабраславяцца ў ім усе народы зямлі,

19 бо Я выбраў яго на тое, каб ён наказаў сынам сваім і дому свайму пасьля сябе, хадзіць шляхам Гасподнім, чынячы праўду і суд; і спраўдзіць Гасподзь над Абрагамам, што сказаў пра яго.

20 І сказаў Гасподзь: лямант Садомскі і Гаморскі, вялікі ён, і грэх іхні, цяжкі ён вельмі;

21 сыду і пагляджу, ці праўда яны паводзяцца так, які лямант на іх, што ўзыходзіць да Мяне, ці не; даведаюся.

22 І павярнуліся мужы адтуль і пайшлі ў Садому; а Абрагам яшчэ стаяў прад абліччам Госпада.

23 І падышоў Абрагам і сказаў: няўжо ты загубіш праведнага зь бязбожным?

24 магчыма, ёсьць у гэтым горадзе пяцьдзясят праведнікаў? няўжо Ты загубіш і не пашкадуеш месца гэтага дзеля пяцідзесяці праведнікаў?

25 ня можа быць, каб Ты зрабіў так, каб Ты загубіў праведнага зь бязбожным, каб тое самае было з праведнікам, што і зь бязбожнікам, ня можа быць ад Цябе! Ці ж Судзьдзя ўсёй зямлі ўчыніць неправасудна?

26 Гасподзь сказаў: калі Я знайду ў горадзе Садоме пяцьдзясят праведнікаў, дык я дзеля іх пашкадую ўсё месца гэта.

27 Абрагам сказаў у адказ: вось, я адважыўся казаць Валадару, я, пыл і попел:

28 можа быць, да пяцідзесяці праведнікаў ня хопіць пяці, няўжо за недахоп пяці Ты вынішчыш увесь горад? Ён сказаў: ня вынішчу, калі знайду там сорак пяць.

29 Абрагам гаварыў далей зь Ім і сказаў: можа быць, знойдзецца там сорак. Ён сказаў: не зраблю таго і дзеля сарака.

30 І сказаў Абрагам: хай ня ўгневаецца Валадар, што я буду гаварыць: можа быць, знойдзецца там трыццаць? Ён сказаў: не зраблю, калі знойдзецца там трыццаць.

31 Абрагам сказаў: вось, я адважыўся казаць Валадару: можа быць, знойдзецца там дваццаць? Ён сказаў: ня вынішчу дзеля дваццаці.

32 Абрагам сказаў: хай ня ўгневаецца Валадар, што я скажу яшчэ адзін раз: можа быць, знойдзецца там дзесяць? Ён сказаў: ня вынішчу дзеля дзесяці.

33 І пайшоў Гасподзь, перастаўшы гаварыць з Абрагамам: а Абрагам вярнуўся ў месца сваё.

 

Разьдзел 19

 

1 І прыйшлі тыя два анёлы ў Садому ўвечары, калі Лот сядзеў каля брамы Садомы. Лот убачыў і ўстаў, каб сустрэць іх, і пакланіўся тварам да зямлі

2 і сказаў: спадары мае! увайдзеце ў дом раба вашага і начуйце, і ўмыйце ногі вашыя, і ўстанеце раніцай і пойдзеце ў дарогу сваю. Але яны сказалі: не, мы начуем на вуліцы.

3 Але ён моцна ўпрошваў іх; і яны пайшлі да яго і ўвайшлі ў дом ягоны. Ён зрабіў ім пачостку і сьпёк прэсны хлеб; і яны елі.

4 Яшчэ ня леглі яны спаць, як гарадзкія жыхары, Садомцы, ад маладога да старога, увесь люд з усіх канцоў горада, абступілі дом

5 і выклікалі Лота і казалі яму: дзе людзі, якія прыйшлі да цябе нанач? выведзі іх да нас; мы спазнаем іх.

6 Лот выйшаў да іх да ўваходу і замкнуў за сабою дзьверы,

7 і сказаў: братове мае, не рабеце ліхога;

8 вось, у мяне дзьве дачкі, якія не спазналі мужчыны; лепей я выведу іх да вас, рабеце зь імі, што вам заўгодна; толькі людзям гэтым не рабеце нічога, бо яны прыйшлі пад дах дома майго.

9 Але яны сказалі: ідзі сюды. І сказалі: вось, прыхадзень, а хоча судзіць? цяпер мы горш учынім з табою, чым зь імі. І яны падступіліся да чалавека гэтага, да Лота, і падышлі, каб выламаць дзьверы.

10 Тады мужы тыя працягнулі рукі свае, і ўвялі Лота да сябе ў дом, і дзьверы замкнулі;

11 а людзей, якія былі каля ўваходу ў дом, уразілі сьлепатою, ад малога да вялікага, так што яны нацярпеліся, шукаючы выхаду.

12 Сказалі мужы тыя Лоту: хто ў цябе ёсьць яшчэ тут? ці зяць, ці твае сыны, ці твае дочкі, і хто б ні быў у цябе ў горадзе, усіх выведзі з гэтага месца,

13 бо мы зьнішчым гэтае месца; бо вялікі лямант на жыхароў яго Госпаду, і Гасподзь паслаў нас зьнішчыць яго.

14 І выйшаў Лот, і гаварыў зь зяцямі сваімі, якія бралі за сябе дачок ягоных, і сказаў: устаньце, выйдзіце з гэтага месца, бо Гасподзь зьнішчыць гэты горад. Але зяцям ягоным здалося, што ён жартуе.

15 Калі ўзышла зара, анёлы пачалі прысьпешваць Лота, кажучы: устань, вазьмі жонку тваю і дзьвюх дачок тваіх, якія ў цябе, каб не загінуць табе за беззаконьні горада.

16 І як што ён марудзіў, дык мужы тыя, зь літасьці да яго Гасподняй, узялі за руку яго і жонку і дзьвюх дачок ягоных, і вывелі яго, і паставілі яго па-за горадам.

17 Калі ж вывелі іх вонкі, дык адзін зь іх сказаў: ратуй душу сваю; не азірайся і нідзе ня спыняйся ў навакольлі гэтым; ратуйся на гары, каб табе не загінуць.

18 Але Лот сказаў ім: не, Валадару!

19 Вось, раб Твой здабыў упадабаньне прад вачыма Тваімі, і вялікая літасьць Твая, якую Ты ўчыніў мне, што ўратаваў жыцьцё маё; але я не магу ратавацца на гары, каб не дагнала мяне бяда і мне не памерці:

20 вось, бліжэй уцякаць у гэты горад, ён жа малы; пабягу я туды; ён жа малы; і захаваецца жыцьцё маё.

21 І сказаў яму: вось, на дагоду табе Я ўчыню і гэта: ня збуру горада, пра які ты кажаш;

22 пасьпяшайся, ратуйся там: бо Я не магу ўчыніць дзеі, пакуль ты ня прыйдзеш туды. Таму і названы горад гэты: Сігор.

23 Сонца ўзышло над зямлёю, і Лот прыйшоў у Сігор.

24 І выліў Гасподзь на Садому і Гамору дажджом серку і агонь ад Госпада зь неба,

25 і збурыў гарады гэтыя, і ўсё навакольле гэта, і ўсіх жыхароў гарадоў гэтых, і расьліны зямлі.

26 А жонка Лотава за ім азірнулася і зрабілася саляным слупам.

27 І ўстаў Абрагам рана раніцай і пайшоў на месца, дзе стаяў прад абліччам Госпада;

28 і паглядзеў на Садому і Гамору і на ўсю прастору навакольля і ўбачыў: вось, дым падымаецца зь зямлі, як дым з вапельні.

29 І было, калі Бог зьнішчаў гарады навакольля гэтага, успомніў Бог пра Абрагама, і выслаў Лота спасярод зьнішчэньня, калі бурыў гарады, у якіх жыў Лот.

30 І выйшаў Лот зь Сігора, і пачаў жыць у гары, і зь ім дзьве дачкі ягоныя, бо ён баяўся жыць у Сігоры. І жыў у пячоры, і зь ім дзьве дачкі ягоныя.

31 І сказала старэйшая малодшай: бацька наш стары, і няма чалавека на зямлі, каб увайшоў да нас паводле звычаю ўсёй зямлі;

32 дык вось апоім бацьку нашага віном, і перасьпім зь ім, і адновім ад бацькі нашага племя.

33 І апаілі бацьку свайго віном у тую ноч; і ўвайшла старэйшая і спала з бацькам сваім; а ён ня ведаў, калі яна легла і калі ўстала.

34 На другі дзень старэйшая сказала малодшай: вось, я спала ўчора з бацькам маім; апоім яго віном і гэтае ночы; і ты ўвайдзі, сьпі зь ім, і адновім ад бацькі нашага племя.

35 І апаілі бацьку свайго віном і гэтае ночы; і ўвайшла малодшая і спала зь ім; і ён ня ведаў, калі яна легла і калі ўстала.

36 І зацяжарыліся абедзьве дачкі Лотавыя ад бацькі свайго;

37 і нарадзіла старэйшая сына і дала яму імя: Мааў. Ён бацька Маавіцянаў дагэтуль.

38 І малодшая таксама нарадзіла сына і дала яму імя Бэн-Амі. Ён бацька Аманіцянаў дагэтуль.

 

Разьдзел 20

 

1 Абрагам падняўся адтуль на поўдзень і пасяліўся паміж Кадэсам і Сурам; і быў часова ў Герары.

2 І сказаў Абрагам пра Сарру, жонку сваю: яна сястра мая. І паслаў Авімэлэх, цар Герарскі, і ўзяў Сарру.

3 І прыйшоў Бог да Авімэлэха ўначы ў сьне і сказаў яму: вось, ты памрэш за жанчыну, якую ты ўзяў, бо яна мае мужа.

4 Авімэлэх жа не кранаў яе і сказаў: Уладару, няўжо Ты загубіш і невінаваты народ?

5 ці ня сам ён сказаў мне: яна сястра мая? І яна сама сказала: ён брат мой. Я зрабіў гэта ў шчырасьці сэрца майго і ў чысьціні рук маіх.

6 І сказаў яму Бог у сьне: і Я ведаю, што ты зрабіў гэта ў шчырасьці сэрца твайго, і ўтрымаў цябе ад грэху прад Мною, таму і не дапусьціў цябе дакрануцца да яе;

7 а цяпер вярні жонку мужу, бо ён прарок і памоліцца за цябе, і ты будзеш жывы; а калі ня вернеш, дык ведай, што канечне памрэш ты і ўсе твае.

8 І ўстаў Авімэлэх рана раніцай, і паклікаў усіх рабоў сваіх, і пераказаў усе словы гэтыя ў вушы іхнія; і людзі гэтыя вельмі напалохаліся.

9 І паклікаў Авімэлэх Абрагама і сказаў яму: што ты з намі зрабіў? чым зграшыў я супроць цябе, што навёў быў на мяне і на царства маё вялікі грэх? ты ўчыніў мне дзеі, якіх ня ўчыняюць.

10 І сказаў Авімэлэх Абрагаму: які ты меў намер, калі ўчыняў гэтую дзею?

11 Абрагам сказаў: я падумаў, што няма ў месцы гэтым страху Божага, і заб'юць мяне за жонку маю;

12 ды яна і сапраўды сястра мне: яна дачка бацькі майго, толькі не дачка маці маёй; і зрабілася маёю жонкаю;

13 калі Бог павёў мяне вандраваць з дому бацькі майго, дык я сказаў ёй: зрабі мне гэтую ласку, у якое ні прыйдзем мы месца, усюды кажы пры мне: гэта брат мой.

14 І ўзяў Авімэлэх дробнага і буйнога быдла, і рабоў і рабыняў, і даў Абрагаму; і вярнуў яму Сарру, жонку ягоную.

15 І сказаў Авімэлэх: вось, зямля мая перад табою; жыві, дзе табе заўгодна.

16 І Сарры сказаў: вось, я даў брату твайму тысячу сікляў срэбра; вось, гэта табе покрывала на вочы перад усімі, хто з табою, і перад усімі ты апраўданая.

17 І памаліўся Абрагам Богу, і ацаліў Бог Авімэлэха, і жонку ягоную, і рабыняў ягоных, і яны пачалі радзіць;

18 бо замкнуў Гасподзь кожнае чэрава ў доме Авімэлэха за Сарру, жонку Абрагамаву.

 

Разьдзел 21

 

1 І паглядзеў Гасподзь на Сарру, як сказаў; і зрабіў Гасподзь Сарры, як казаў.

2 Сарра зачала і нарадзіла Абрагаму сына ў старасьці ягонай у час, пра які казаў яму Бог;

3 і даў Абрагам імя свайму сыну, які нарадзіўся ў яго, якога нарадзіла яму Сарра: Ісаак;

4 і абрэзаў Абрагам Ісаака сына свайго, на восьмы дзень, як наказаў яму Бог.

5 Абрагаму было сто гадоў, калі нарадзіўся яму Ісаак, сын ягоны.

6 І сказала Сарра: сьмех учыніў мне Бог; хто ні пачуе пра мяне, засьмяецца.

7 І сказала; хто сказаў бы Абрагаму: Сарра будзе карміць дзяцей грудзьмі? бо ў старасьці яго я нарадзіла сына.

8 Дзіця вырасла і аднята ад грудзей; і Абрагам наладзіў вялікую гасьціну ў той дзень, калі Ісаак адняты быў ад грудзей.

9 І ўбачыла Сарра, што сын Агары Егіпцянкі, якога яна нарадзіла Абрагаму, насьміхаецца,

10 і сказала Абрагаму: выгані гэтую рабыню і сына яе, бо ня спадкуе рабынін сын гэты з сынам маім Ісаакам.

11 І здалося гэта Абрагаму даволі няпрыемным дзеля сына ягонага.

12 Але Бог сказаў Абрагаму: не засмучайся за хлопчыка і рабыню тваю; ва ўсім, што скажа табе Сарра, слухайся голасу яе, бо ў Ісааку назавецца табе семя;

13 і ад сына рабынінага Я выведу народ, бо ён семя тваё.

14 Абрагам устаў з самае раніцы, і ўзяў хлеба і мех вады, і даў Агары, паклаўшы ёй на плечы, і хлопчыка, і адпусьціў яе. Яна пайшла і заблудзілася ў пустыні Вірсавіі;

15 і ня стала вады ў меху, і яна пакінула хлопчыка пад адным кустом

16 і пайшла, села зводдаль, на аддалі аднаго стрэлу з лука. Бо яна сказала: не хачу бачыць сьмерці хлопчыка. І яна села насупраць, і заенчыла, і плакала;

17 і пачуў Бог голас хлопчыка; і анёл Божы зь неба паклікаў Агар і сказаў ёй: што з табою, Агар? ня бойся; Бог пачуў хлопчыкаў голас адтуль, дзе ён быў;

18 устань, падымі хлопчыка і вазьмі яго за руку, бо Я выведу зь яго вялікі народ.

19 І Бог адкрыў вочы яе, і яна ўбачыла калодзеж з вадою, і пайшла, наліла ў мех вады і напаіла хлопчыка.

20 І Бог быў з хлопчыкам; і ён вырас, і пачаў жыць у пустыні, і зрабіўся лучнікам.

21 Ён жыў у пустыні Фаран; і маці ягоная ўзяла яму жонку зь зямлі Егіпецкай.

22 І было ў той час, Авімэлэх, зь Фіхолам, ваеначальнікам сваім, сказаў Абрагаму: з табою Бог ва ўсім, што ты ні робіш;

23 і цяпер прысягні мне тут Богам, што ты не пакрыўдзіш ні мяне, ні сына майго, ні ўнука майго; і як добра я паводзіўся з табою, так і ты будзеш паводзіцца са мною і зямлёю, у якой ты гасьцюеш.

24 І сказаў Абрагам: я прысягаю.

25 І Абрагам дакараў Авімэлэха за калодзеж з вадою, які адабралі Авімэлэхавыя рабы.

26 А Авімэлэх сказаў праўду: ня ведаю, хто гэта зрабіў, і ты не сказаў мне; я нават і ня чуў дагэтуль.

27 І ўзяў Абрагам дробнага і буйнога быдла і даў Авімэлэху, і яны абодва спрымірыліся.

28 І паставіў Абрагам сем ягнят са статку дробнага быдла асобна.

29 А Авімэлэх сказаў Абрагаму: навошта тут гэтыя сем ягнят, якіх ты паставіў асобна?

30 Абрагам сказаў: сем ягнят гэтых вазьмі з рукі маёй, каб яны былі мне сьведчаньнем, што я выкапаў гэты калодзеж.

31 Таму і назваў ён гэтае месца: Вірсавія, бо тут абодва яны прысягнулі

32 і спрымірыліся ў Вірсавіі. І ўстаў Авімэлэх, і Фіхол, ваеначальнік ягоны, і вярнуліся ў зямлю Філістымскую.

33 І пасадзіў Абрагам каля Вірсавіі гай і заклікаў там імя Госпада, Бога Вечнага.

34 І жыў Абрагам у зямлі Філістымскай, як прыхадзень, шмат дзён.

 

Разьдзел 22

 

1 І было, пасьля гэтых падзей Бог спакушаў Абрагама і сказаў яму: Абрагаме! Ён сказаў: вось я.

2 Бог сказаў: вазьмі сына твайго, адзінага твайго, якога ты любіш, Ісаака; і ідзі ў зямлю Морыя і там прынясі яго на цэласпаленьне на адной з гор, пра якую Я скажу табе.

3 Абрагам устаў з самага рана, асядлаў асла свайго, узяў з сабою двух падлеткаў сваіх і Ісаака, сына свайго; накалоў дроў на цэласпаленьне і ўстаўшы пайшоў да месца, пра якое сказаў яму Бог.

4 На трэці дзень Абрагам узьвёў вочы свае і ўбачыў тое месца здалёк.

5 І сказаў Абрагам падлеткам сваім: застаньцеся тут з аслом; а я і сын пойдзем туды і паклонімся, і вернемся да вас.

6 І ўзяў Абрагам дровы на цэласпаленьне і паклаў на Ісаака, сына свайго; узяў у рукі агонь і нож, і пайшлі абодва разам.

7 І пачаў Ісаак гаварыць Абрагаму, бацьку свайму, і сказаў: бацька мой! Ён адказаў: вось я, сыне мой. Ён сказаў: вось агонь і дровы, дзе ж ягня на цэласпаленьне?

8 Абрагам сказаў: Бог нагледзіць сабе ягня на цэласпаленьне, сыне мой. І яны ішлі абодва разам

9 і прыйшлі на месца, пра якое сказаў яму Бог; і зладзіў там Абрагам ахвярнік, расклаў дровы і, зьвязаўшы сына свайго Ісаака, паклаў яго на ахвярнік паўзьверх дроў.

10 І падняў Абрагам руку сваю і ўзяў нож, каб закалоць сына свайго.

11 Але анёл Гасподні заклікаў яго зь неба і сказаў: Абрагаме! Абрагаме! Ён сказаў: вось я.

12 Анёл сказаў: не падымай рукі тваёй на хлопчыка, і не рабі зь ім нічога; бо цяпер Я ведаю, што баішся ты Бога і не пашкадаваў сына твайго, адзінага твайго, дзеля Мяне.

13 І ўзьвёў Абрагам вочы свае і ўбачыў: і вось, за ім баран, які заблытаўся ў гушчобе рагамі сваімі. Абрагам пайшоў, узяў барана і прынёс яго на цэласпаленьне замест сына свайго.

14 І даў Абрагам назву месцу таму: Ягова-ірэ*. Таму і сёньня гаворыцца: на гары Яговы ўгледзіцца.

15 І другі раз заклікаў анёл Гасподні зь неба

16 і сказаў: Сабою прысягаю, кажа Гасподзь, што так, як ты зрабіў гэта і не пашкадаваў сына твайго, адзінага твайго,

17 дык Я дабраслаўляючы дабраслаўлю цябе і множачы памножу семя тваё гарадамі ворагаў сваіх;

18 і дабраславяцца ў семені тваім усе народы зямлі за тое, што ты паслухаўся голасу Майго.

19 І вярнуўся Абрагам да хлопчыкаў сваіх, і ўсталі і пайшлі разам у Вірсавію; і жыў Абрагам у Вірсавіі.

20 Пасьля гэтых падзей Абрагаму абвясьцілі, сказаўшы: вось, і Мілка нарадзіла Нахору, брату твайму, сыноў:

21 Уца, першынца ягонага, Вуза, брата гэтаму, Кемуіла, бацьку Арамавага,

22 Кесэда, Хазо, Пілдаша, Ідлафа і Ватуіла;

23 ад Ватуіла нарадзілася Рэбэка. Васьмёх гэтых нарадзіла Мілка Нахору, брату Абрагамаваму;

24 і наложніца ягоная, якую звалі Рэума, таксама нарадзіла Тэваха, Гахама, Тахаша і Мааху.

 

 

* Гасподзь угледзіць

Разьдзел 23

 

1 Жыцьця Саррынага было сто дваццаць сем гадоў: вось гады жыцьця Саррынага:

2 і памерла Сарра ў Кірыят-Арбе, што сёньня Хэўрон, у зямлі Ханаанскай. І прыйшоў Абрагам галасіць па Сарры і аплакваць яе.

3 І адышоў Абрагам ад памерлай сваёй, і казаў сынам Хэтавым, і сказаў:

4 я ў вас прыхадзень і пасяленец: дайце мне ва ўласнасьць месца пад магілу паміж вамі, каб мне памерлую маю пахаваць ад вачэй маіх.

5 Сыны Хэта адказвалі Абрагаму і сказалі яму:

6 паслухай нас, спадару наш; ты князь Божы сярод нас; у найлепшым з нашых пахвальных месцаў пахавай памерлую тваю; ніхто з нас не адмовіць табе пахавальнага месца, дзеля пахаваньня памерлай тваёй.

7 Абрагам устаў і пакланіўся люду зямлі той, сынам Хэтавым;

8 і казаў і сказаў: калі вы згодныя, каб я пахаваў памерлую маю, дык паслухайце мяне, папрасеце за мяне Эфрона сына Цахаравага,

9 каб ён аддаў мне пячору Махпэлу, якая ў яго на канцы поля ягонага, каб за дастатковую цану аддаць яе мне сярод вас, ва ўласнасьць дзеля пахаваньня.

10 А Эфрон сядзеў сярод сыноў Хэтавых. І адказваў Эфрон Хэтэянін Абрагаму ў вушы сыноў Хэта, усіх, хто ўваходзіў у браму горада ягонага, і сказаў:

11 не, спадару мой, паслухай мяне: я даю табе поле і пячору, якая на ім, даю табе, перад вачыма сыноў народу майго табе яе, пахавай памерлую тваю.

12 Абрагам пакланіўся перад людзьмі зямлі той

13 і казаў Эфрону ў вушы люду зямлі той і сказаў: калі паслухаешся, я даю табе за поле срэбра; вазьмі ў мяне, і я пахаваю там памерлую маю.

14 Эфрон адказаў Абрагаму і сказаў яму:

15 спадару мой! паслухай мяне: зямля каштуе чатырыста сікляў срэбра; мне і табе што гэта? пахавай памерлую тваю.

16 Абрагам выслухаў Эфрона; і наважыў Абрагам Эфрону срэбра, колькі ён абвясьціў у вушы сынам Хэтавым, чатырыста сікляў срэбра, якое ходзіць у купцоў.

17 І сталася поле Эфронавае, якое каля Махпэлы, насупраць Мамрэ, поле і пячора, якая на ім і ўсе дрэвы на полі, ва ўсіх межах яго навакол,

18 валоданьнем Абрагамавым перад вачыма сыноў Хэта, усіх, хто ўваходзіць у браму горада ягонага.

19 Пасьля гэтага Абрагам пахаваў Сарру, жонку сваю, у пячоры на полі ў Махпэле, насупраць Мамрэ, што сёньня Хэўрон у зямлі Ханаанскай.

20 Так дасталіся Абрагаму ад сыноў Хэтавых поле і пячора, якая на ім, ва ўласнасьць пад пахаваньне.

 

Разьдзел 24

 

1 Абрагам быў ужо стары і ў сталым веку. Гасподзь дабраславіў Абрагама ўсім.

2 І сказаў Абрагам рабу свайму, старэйшаму ў доме ягоным, кіроўцу ўсім, што ў яго было: пакладзі руку тваю пад сьцягно маё

3 і запрысягніся мне Госпадам, Богам неба і Богам зямлі, што ты ня возьмеш сыну майму жонкі з дачок Хананэяў, сярод якіх я жыву;

4 а пойдзеш у зямлю маю, на радзіму маю, і возьмеш жонку сыну майму Ісааку.

5 Раб сказаў яму: можа стацца, не захоча жанчына ісьці са мною ў гэтую зямлю; ці павінен я вярнуць сына твайго ў зямлю, зь якое ты выйшаў?

6 Абрагам сказаў яму: сьцеражыся, не вяртай сына майго туды;

7 Гасподзь, Бог неба, Які ўзяў мяне з дома бацькі майго і зь зямлі нараджэньня майго, Які гаварыў мне і Які прысягнуў мне, кажучы: нашчадкам тваім дам гэтую зямлю, - Ён пашле анёла Свайго перад табою, і ты возьмеш жонку сыну майму адтуль;

8 калі ж не захоча жанчына ісьці з табою, ты будзеш вольны ад гэтай прысягі маёй; толькі сына майго не вяртай туды.

9 І паклаў раб руку сваю пад сьцягно Абрагаму, гаспадару свайму, і запрысягнуўся яму ў гэтым.

10 І ўзяў раб зь вярблюдаў гаспадара свайго дзесяць вярблюдаў і пайшоў. У руках у яго былі таксама ўсякія скарбы гаспадара ягонага. Ён устаў і пайшоў у Месапатамію, у горад Нахораў;

11 і спыніў вярблюдаў па-за горадам, каля калодзежа вады, пад вечар, у той час, калі прыходзяць жанчыны чэрпаць ваду,

12 і сказаў: Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, пашлі яе сёньня насустрач мне і ўчыні міласьць гаспадару майму Абрагаму;

13 вось, я стаю каля крыніцы вады, і дочкі жыхароў горада выходзяць чэрпаць ваду;

14 і дзяўчына, якой я скажу: нахілі збанок твой, я нап'юся; і яна скажа: пі, я і вярблюдам тваім дам піць, - вось тая, якую Ты назначыў рабу Твайму Ісааку; і з гэтага даведаюся я, што Ты чыніш мілату гаспадару майму.

15 Яшчэ не перастаў ён гаварыць, і вось, выйшла Рэбэка, якая нарадзілася ад Ватуіла, сына Мілкі, жонкі Нахора, брата Абрагамавага, і збанок яе на плячы ў яе;

16 дзяўчына была прыгожая з твару, дзева, якое не спазнаў муж. Яна сышла да крыніцы, напоўніла збанок свой і пайшла ўгору.

17 І пабег раб насустрач ёй і сказаў: дай мне выпіць крыху вады са збанка твайго.

18 Яна сказала: пі, гаспадару мой. І адразу апусьціла збанок свой на руку сваю і напаіла яго.

19 І, калі напаіла яго, сказала: я пачну чэрпаць і вярблюдам тваім, пакуль не нап'юцца ўсе.

20 І адразу выліла ваду са збанка свайго ў карыта, і пабегла зноў да калодзежа зачарпнуць, і начэрпала ўсім вярблюдам ягоным,

21 Чалавек той глядзеў на яе са зьдзіўленьнем моўчкі, хочучы зразумець, ці дабраславіў Гасподзь дарогу ягоную, ці не.

22 Калі вярблюды перасталі піць, тады чалавек той узяў залатую завушніцу, вагою паўсікля, і два запясьці на рукі ёй, вагою ў дзесяць сікляў золата,

23 і сказаў: чыя ты дачка? скажы мне; ці ёсьць у доме ў бацькі твайго месца нам начаваць?

24 Яна сказала яму: я дачка Ватуіла, сына Мілкі, якога яна нарадзіла Нахору.

25 І яшчэ сказала яму: у нас многа саломы і корму; і ёсьць месца начаваць.

26 І схіліўся чалавек той, і пакланіўся Госпаду,

27 і сказаў: дабраславёны Гасподзь, Бог гаспадара майго Абрагама, Які не абышоў гаспадара майго ласкаю Сваёю і праўдаю Сваёю! Гасподзь роўнаю дарогаю прывёў мяне да дома брата гаспадара майго.

28 Дзяўчына пабегла і расказала пра гэта ў доме маці сваёй.

29 У Рэбэкі быў брат, якога звалі Лаван. Лаван выбег да таго чалавека, да крыніцы.

30 І калі ён убачыў завушніцу і запясьці на руках у сястры сваёй, якая казала: так гаварыў са мною чалавек гэты, - дык прыйшоў да чалавека, і вось, ён стаіць каля вярблюдаў ля крыніцы;

31 і сказаў яму: увайдзі, дабраславёны Госпадам; чаго ты стаіш звонку? я падрыхтаваў дом і месца вярблюдам.

32 І ўвайшоў чалавек. Лаван расьсядлаў вярблюдаў і даў саломы і корму вярблюдам і вады памыць ногі яму і людзям, якія былі зь ім;

33 і прапанавалі яму ежы. Але ён сказаў: ня буду есьці, пакуль не скажу справы сваёй. І сказалі: кажы.

34 Ён сказаў: я раб Абрагамаў;

35 Гасподзь вельмі дабраславіў гаспадара майго, і ён зрабіўся вялікім: Ён даў яму авечак і валоў, срэбра і золата, рабоў і рабыняў, вярблюдаў і аслоў.

36 Сарра, жонка гаспадара майго, ужо пастарэўшы, нарадзіла гаспадару майму сына, якому ён аддаў усё, што ў яго;

37 і ўзяў зь мяне прысягу гаспадар мой, сказаўшы: не бяры жонкі сыну майму з дачок Хананэяў, у зямлі якіх я жыву,

38 а ідзі ў дом бацькі майго і да сваякоў маіх, і возьмеш жонку сыну майму.

39 Я сказаў гаспадару майму: магчыма, ня пойдзе жанчына са мною.

40 Ён сказаў мне: Гасподзь, прад абліччам Якога я хаджу, пашле з табою анёла Свайго і добра ўладкуе шлях твой, і возьмеш жонку сыну майму з родзічаў маіх і з дому бацькі майго;

41 тады будзеш ты вольны ад прысягі маёй, калі сходзіш да родзічаў маіх; і калі яны не дадуць табе, ты будзеш вольны ад прысягі маёй.

42 І прыйшоў я сёньня да крыніцы і сказаў: Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама! Калі Ты добра ўладкуеш шлях, які я праходжу,

43 дык вось, я стаю каля крыніцы вады, і дзяўчына, якая выйдзе зачарпнуць і якой я скажу: дай мне выпіць крыху са збанка твайго,

44 і якая скажа мне: і ты пі, і вярблюдам тваім я начэрпаю, - вось жонка, якую Гасподзь вызначыў сыну гаспадара майго.

45 Яшчэ не перастаў я гаварыць у думках маіх, і вось, выйшла Рэбэка, і збанок яе на плячы ў яе, і сышла да крыніцы і зачарпнула; і я сказаў ёй: напаі мяне.

46 Яна адразу апусьціла зь сябе збанок свой і сказала: пі, і вярблюдаў тваіх я напаю. І я піў. І вярблюдаў яна напаіла.

47 Я спытаўся ў яе і сказаў: чыя ты дачка? Яна сказала: дачка Ватуіла, сына Нахоравага, якога нарадзіла яму Мілка. І даў я завушніцы ёй і запясьці на рукі яе.

48 І схіліўся я і пакланіўся Госпаду, і дабраславіў Госпада, Бога гаспадара майго Абрагама, Які роўнай дарогаю прывёў мяне, каб узяць дачку брата гаспадара майго за сына ягонага.

49 І цяпер скажэце мне: ці маеце вы намер зрабіць ласку і праўду гаспадару майму, ці не? скажэце мне, і я павярнуся направа альбо налева.

50 І адказвалі Лаван і Ватуіл і сказалі: ад Госпада прыйшла гэтая дзея; мы ня можам сказаць табе папярок ні благога, ні добрага;

51 вось Рэбэка перад табою; вазьмі і ідзі; хай будзе яна жонкаю сыну гаспадара твайго, як сказаў Гасподзь.

52 Калі раб Абрагамаў пачуў словы іхнія, дык пакланіўся Госпаду да зямлі.

53 І дастаў раб срэбныя рэчы і залатыя рэчы і вопратку і даў Рэбэцы; таксама і брату яе і маці яе даў багатыя дарункі.

54 І елі і пілі ён і людзі, якія былі зь ім, і заначавалі. Калі ж усталі раніцай, дык ён сказаў: пусьцеце мяне да гаспадара майго.

55 Але брат яе і маці сказалі: хай пабудзе з намі дзяўчына дзён зь дзесяць; потым пойдзеш.

56 Ён сказаў ім: ня трымайце мяне, бо Гасподзь добра ўладкаваў шлях мой; пусьцеце мяне, і я пайду да гаспадара майго.

57 Яны сказалі: паклічам дзяўчыну і спытаемся, што яна скажа.

58 І паклікалі Рэбэку і сказалі ёй: ці пойдзеш з гэтым чалавекам? Яна сказала: пайду.

59 І пусьцілі Рэбэку, сястру сваю, і карміцельку яе, і раба Абрагамавага, і людзей ягоных.

60 І дабраславілі Рэбэку і сказалі ёй: сястра наша, хай родзяцца ад цябе тысячы тысяч, і хай валодаюць нашчадкі твае жытлішчамі ворагаў тваіх,

61 І ўстала Рэбэка і служанка яе, і селі на вярблюдаў, і паехалі за тым чалавекам. І раб узяў Рэбэку і пайшоў.

62 А Ісаак прыйшоў з Бэер-Лахай-Роі, бо жыў ён у зямлі паўдзённай.

63 Як пачало вечарэць, Ісаак выйшаў у поле падумаць, і ўзьвёў вочы свае, і ўбачыў: вось, ідуць вярблюды.

64 Рэбэка зірнула, і ўбачыла Ісаака, і спусьцілася зь вярблюда.

65 І сказала рабу: хто гэты чалавек, які ідзе па полі насустрач нам? Раб сказаў: гэта гаспадар мой. І яна ўзяла пакрывала і закрылася.

66 А раб сказаў Ісааку ўсё, што зрабіў.

67 І ўвёў яе Ісаак у намёт Сарры, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку, і яна сталася яму жонкай, і ён пакахаў яе; і суцешыўся Ісаак у журбоце па маці сваёй.

 

Разьдзел 25

 

1 І ўзяў Абрагам яшчэ жонку, імем Хэтуру.

2 Яна нарадзіла яму Зімрана, Ёкшана, Мэдана, Мадыяна, Ішбака і Шуаха.

3 Ёкшан спарадзіў Шэву і Дэдана. Сыны Дэдана былі: Ашурым, Летушым і Леюмім.

4 Сыны Мадыяна: Эфа, Эфэр, Ханох, Авіда і Элдага. Усе гэтыя сыны Хэтуры.

5 І аддаў Абрагам усё, што было ў яго, Ісааку;

6 а сынам наложніц, якія былі ў Абрагама, даў Абрагам дарункі і адаслаў іх ад Ісаака, сына свайго, яшчэ за жыцьця свайго, на ўсход, у зямлю ўсходнюю.

7 Дзён жыцьця Абрагамавага, якія ён пражыў, было сто семдзесят пяць гадоў;

8 і сканаў Абрагам, і памёр у старасьці добрай, вельмі стары і насычаны, і прылучаны да люду свайго.

9 І пахавалі яго Ісаак і Ізмаіл, сыны ягоныя, у пячоры Махпэл, на полі Эфрона, сына Цахара, Хэтэяніна, якое насупроць Мамрэ,

10 на полі, якое Абрагам набыў у сыноў Хэтавых. Там пахаваны Абрагам і Сарра, жонка ягоная.

11 Пасьля сьмерці Абрагама Бог дабраславіў Ісаака, сына ягонага. Ісаак жыў пры Бээр-Лахай-Роі.

12 Вось радавод Ізмаіла, сына Абрагамавага, якога нарадзіла Абрагаму Агар, Егіпцянка, Саррына служанка;

13 і вось імёны сыноў Ізмаілавых, імёны іхнія паводле радаводу іхняга: першынец Ізмаілаў Наваёт, Кедар, Адбээл, Міўсам,

14 Мішма, Дума, Маса,

15 Хадад, Тэма, Етур, Нафіш і Кедма.

16 Яны сыны Ізмаілавыя, і гэта імёны іхнія, у селішчах іхніх, у качэўях іхніх. Гэта дванаццаць князёў плямёнаў іхніх.

17 А гадоў жыцьця Ізмаілавага было сто трыццаць сем гадоў; і сканаў ён, і памёр, і прылучаны да народу свайго.

18 Яны жылі ад Хавілы да Сура, што перад Егіптам, як ідзеш да Асірыі. Яны пасяліліся перад абліччам усіх братоў сваіх.

19 Вось радавод Ісаака, сына Абрагамавага. Абрагам спарадзіў Ісаака.

20 Ісааку было сорак гадоў калі ён узяў сабе за жонку Рэбэку, дачку Ватуіла Арамэйца зь Месапатаміі, сястру Лавана Арамэйца.

21 І маліўся Ісаак Госпаду за жонку сваю, бо яна была няплодная; і Гасподзь пачуў яго, і зачала Рэбэка жонка ягоная.

22 Сыны ва ўлоньні яе пачалі біцца, і яна сказала: калі так будзе, дык навошта мне гэта? І пайшла спытацца ў Госпада.

23 Гасподзь сказаў ёй: два племені ў чэраве тваім, і два розныя народы пойдуць з нутробы тваёй; адзін народ зробіцца мацнейшы за другі, і большы будзе служыць меншаму.

24 І настаў час ёй радзіць: і вось блізьняты ў нутробе ў яе.

25 Першы выйшаў чырвоны, увесь, як скура, калматы, і далі яму імя: Ісаў.

26 Потым выйшаў брат ягоны, трымаючыся рукою сваёю за пяту Ісава; і дадзена яму імя: Якаў. А Ісааку было шэсьцьдзясят гадоў, калі яны нарадзіліся.

27 Дзеці вырасьлі; і стаў Ісаў чалавекам спрытным у ловах зьвера, чалавекам палёў; а Якаў чалавекам рахманым, жыхаром намётаў.

28 Ісаак любіў Ісава, бо дзічына была да смаку яму; а Рэбэка любіла Якава.

29 І згатаваў Якаў страву; а Ісаў прыйшоў з поля стомлены.

30 І сказаў Ісаў Якаву: дай мне паесьці чырвонага, чырвонага гэтага; бо я стаміўся. Ад гэтага дадзена яму мянушка: Эдом.

31 Але Якаў сказаў: прадай мне цяпер жа сваё першародства.

32 Ісаў сказаў: вось, я паміраю, што мне з гэтага першародства?

33 Якаў сказаў: прысягні мне цяпер жа. Ён прысягнуў яму, і прадаў першародства сваё Якаву.

34 І даў Якаў Ісаву хлеба і стравы з сачыўкі: і ён еў і піў, і ўстаў і пайшоў; і пагардзіў Ісаў першародствам.

 

Разьдзел 26

 

1 Быў голад на зямлі, звыш ранейшага голаду, які быў у дні Абрагамавыя; і пайшоў Ісаак да Авімэлэха, цара Філістымскага, у Герар.

2 Гасподзь явіўся яму і сказаў: ня йдзі ў Егіпет; жыві ў зямлі, пра якую Я скажу табе;

3 вандруй па зямлі гэтай; і Я буду з табою і дабраслаўлю цябе, бо табе і нашчадкам тваім усе землі гэтыя, і спраўджу прысягу, якою Я прысягаўся Абрагаму, бацьку твайму;

4 памножу нашчадкаў тваіх, як зоркі нябесныя, і дам нашчадкам тваім усе землі гэтыя; дабраславяцца ў семені тваім усе народы зямныя,

5 за тое, што Абрагам паслухаўся голасу Майго і выконваў, што Мною наказана было выконваць: загады Мае, пастановы Мае і законы Мае.

6 Ісаак пасяліўся ў Герары.

7 Жыхары месца таго спыталіся пра жонку ягоную, і ён сказаў: ўгэта сястра мая», бо баяўся сказаць: «жонка мая», каб не забілі мяне, думаў ён, жыхары месца гэтага за Рэбэку, бо яна прыгожая з выгляду.

8 Але калі ўжо шмат часу ён там пражыў, Авімэлэх, цар Філістымскі, паглядзеў у акно, убачыў, што Ісаак гуляе з Рэбэкаю, жонкаю сваёю.

9 І паклікаў Авімэлэх Ісаака і сказаў: вось, гэта жонка твая: як жа ты сказаў: яна сястра мая? Ісаак сказаў яму: бо я думаў, каб жа не памерці мне дзеля яе.

10 Але Авімэлэх сказаў: што гэта ты зрабіў з намі? адзін з народу ледзь не злучыўся з жонкаю тваёю, і ты ўвёў бы нас у грэх.

11 І даў Авімэлэх загад усяму народу, сказаўшы: хто кране гэтага чалавека і жонку ягоную, той аддадзены будзе сьмерці.

12 І сеў Ісаак у зямлі той і меў у той год ячменю стакроць: так дабраславіў яго Гасподзь.

13 І стаўся вялікім чалавек гэты і ўзьвялічваўся болей і болей да таго, што зрабіўся вельмі вялікі.

14 У яго былі статкі дробнага і статкі буйнога быдла і мноства ральлі, і Філістымляне пачалі зайздросьціць яму.

15 І ўсе калодзежы, якія выкапалі рабы бацькі ягонага пры жыцьці бацькі ягонага Абрагама, Філістымляне завалілі і засыпалі зямлёю.

16 І Авімэлэх сказаў Ісааку: адыдзі ад нас, бо ты зрабіўся намнога мацнейшы за нас.

17 І Ісаак сышоў адтуль, і разьмясьціўся з намётамі ў даліне Герарскай, і пасяліўся там.

18 І зноў выкапаў Ісаак калодзежы вады, якія выкапаны былі ў дні Абрагама, бацькі ягонага, і якія завалілі Філістымляне пасьля сьмерці Абрагама: і назваў іх тымі самымі назовамі, якімі назваў іх бацька ягоны.

19 І капалі рабы Ісаакавыя ў даліне і знайшлі там калодзеж вады жывой.

20 І спрачаліся пастухі Герарскія з пастухамі Ісаакавымі, кажучы: наша вада. І ён даў калодзежу імя: Эсэк, бо спрачаліся зь ім.

21 Выкапалі другі калодзеж; спрачаліся таксама і за яго; і ён даў яму імя: Сітна.

22 І ён рушыў адсюль і выкапаў іншы калодзеж, за Які ўжо не спрачаліся; і даў яму імя: Рэхавот; бо, сказаў ён, цяпер Гасподзь даў нам прасторнае месца, і мы памножымся на зямлі.

23 Адтуль перайшоў ён у Вірсавію.

24 І ў тую ноч зьявіўся яму Гасподзь і сказаў: Я Бог Абрагама, бацькі твайго: ня бойся, бо Я з табою, і дабраслаўлю цябе і памножу нашчадкаў тваіх, дзеля Абрагама, раба майго.

25 І ён спарудзіў там ахвярнік і заклікаў імя Госпада. І паставіў там намёт свой, і выкапалі там рабы Ісаакавыя калодзеж.

26 Прыйшоўда яго з Герара Авімэлэх, і Ахузат, сябар ягоны, і Фіхол, ваеначальнік ягоны.

27 Ісаак сказаў ім: навошта вы прыйшлі да мяне, калі вы зьненавідзелі мяне і выслалі мяне ад сябе?

28 Яны сказалі: мы ясна пабачылі, што Гасподзь быў з табою, і таму мы сказалі: пастановім паміж намі і табою прысягу і заключым з табою спрымірэнства,

29 каб ты не рабіў нам ліха, як і мы не кранулі цябе, а рабілі табе толькі добрае і адпусьцілі цябе зь мірам; цяпер ты дабраславёны Госпадам.

30 Ён зладзіў ім гасьціну, і яны елі і пілі.

31 І ўстаўшы з самае раніцы, прысягнулі адзін аднаму; і адпусьціў іх Ісаак, і яны пайшлі ад яго зь мірам.

32 У той самы дзень прыйшлі рабы Ісаакавыя і паведамілі яму пра калодзеж, які капалі яны, і сказалі яму: мы знайшлі ваду.

33 І ён назваў яго: Шыва. Таму імя гораду таму Бэер-Шыва да гэтага дня.

34 І было Ісаву сорак гадоў, і ўзяў сабе за жонку Егудыту, дачку Бээра Хэтэяніна, і Васэмату, дачку Элона Хэтэяніна.

35 І яны былі завадаю Ісааку і Рэбэцы.

 

Разьдзел 27

 

1 Калі Ісаак састарыўся, і прытупіўся зрок вачэй ягоных, ён паклікаў старэйшага сына свайго Ісава і сказаў яму: сыне мой! Той сказаў яму: вось я.

2 Сказаў: вось, я састарыўся; ня ведаю дня сьмерці маёй;

3 вазьмі цяпер прылады твае, калчан твой і лук твой, выйдзі ў поле і ўпалюй мне дзічыны,

4 і згатуй мне страву, якую я люблю, і прынясі мне есьці, каб дабраславіла цябе душа мая, перш чым я памру.

5 Рэбэка чула, як Ісаак гаварыў сыну свайму Ісаву. І пайшоў Ісаў у поле дастаць і згатаваць дзічыны;

6 А Рэбэка сказала сыну свайму Якаву: вось, я чула, як бацька казаў брату твайму Ісаву:

7 прынясі мне дзічыны і згатуй мне страву; я паем і дабраслаўлю цябе прад абліччам Гасподнім, перад сьмерцю маёю.

8 Цяпер, сыне мой, паслухайся слоў маіх у тым, што я загадаю табе:

9 выйдзі ў статак і вазьмі мне адтуль два казьляняткі добрыя: і я згатую зь іх бацьку твайму страву, якую ён любіць:

10 а ты прынясеш бацьку твайму, і ён паесьць, каб дабраславіць цябе перад сьмерцю сваёю.

11 Якаў сказаў Рэбэцы, маці сваёй: Ісаў, брат мой, чалавек касматы, а я чалавек гладкі;

12 можа стацца, абмацае мяне бацька мой, і я буду ў вачах у яго ашуканец і навяду на сябе праклён, а не дабраславеньне.

13 Маці ягоная сказала яму: на мне хай будзе праклён твой, сыне мой; толькі паслухайся слоў маіх і выйдзі, прынясі мне.

14 Ён пайшоў, і ўзяў, і прынёс маці сваёй; і маці ягоная зрабіла страву, якую любіў бацька ягоны.

15 І ўзяла Рэбэка багатую вопратку старэйшага сына свайго Ісава, якая была ў яе ў доме, і апранула малодшага сына свайго Якава;

16 а рукі яго і гладкую шыю яго абклала скураю казьлянят,

17 і дала страву і хлеб, якія яна згатавала, у рукі Якаву, сыну свайму.

18 Ён увайшоў да бацькі свайго і сказаў: бацька мой! Той сказаў: вось я; хто ты, сыне мой?

19 Якаў сказаў бацьку свайму: я, Ісаў, першынец твой, я зрабіў, як ты сказаў мне; устань, сядзь і паеж дзічыны маёй, каб дабраславіла мяне душа твая.

20 І сказаў Ісаак сыну свайму: што так хутка знайшоў ты, сыне мой? Ён сказаў: бо Гасподзь Бог твой паслаў мне насустрач.

21 І сказаў Ісаак Якаву: падыдзі, я абмацаю цябе, сыне мой, ці ты сын мой Ісаў, ці не?

22 Якаў падышоў да Ісаака, бацькі свайго; і ён абмацаў яго і сказаў: голас, голас Якаваў; а рукі, рукі Ісававыя.

23 І не пазнаў яго, бо рукі ў яго былі, як рукі ў Ісава, брата ягонага, калматыя. І дабраславіў яго

24 і сказаў: ці ты сын мой Ісаў? Ён адказаў: я.

25 Ісаак сказаў: падай мне, я паем дзічыны сына майго, каб дабраславіла цябе душа мая. Якаў падаў яму, і ён еў; прынёс яму і віна, і ён піў.

26 Ісаак, бацька ягоны, сказаў яму: падыдзі, пацалуй мяне, сыне мой.

27 Ён падышоў і пацалаваў яго і сказаў: вось, пах ад сына майго, як пах ад поля, якое дабраславіў Гасподзь;

28 хай дасьць табе Бог ад расы нябеснай і ад тлушчу зямлі, і многа хлеба і віна;

29 хай паслужаць табе народы, хай паклоняцца табе плямёны: будзь гаспадаром над братамі тваімі, і хай паклоняцца табе сыны маці тваёй; кляцьбіты твае - праклятыя; і дабраславенцы твае - дабраславёныя.

30 Як толькі ўчыніў Ісаак дабраславеньне над Якавам, і як толькі выйшаў Якаў ад аблічча Ісаака, бацькі свайго, - Ісаў, брат ягоны, прыйшоў з ловаў сваіх.

31 Згатаваў і ён страву, і прынёс бацьку свайму, і сказаў бацьку свайму: устань, бацька мой, і паеж дзічыны сына твайго, каб дабраславіла мяне душа твая.

32 А Ісаак, бацька ягоны, сказаў яму: хто ты? Ён сказаў: я сын твой, першынец твой, Ісаў.

33 І задрыжаў Ісаак вельмі вялікім дрыжаньнем і сказаў: хто ж гэта, які дастаў дзічыны і прынёс мне, і я еў з усяго, перш чым ты прыйшоў, і я дабраславіў яго? ён і будзе дабраславёны.

34 Ісаў, выслухаўшы словы бацькі свайго, падняў гучны і вельмі горкі енк, і сказаў бацьку свайму: бацька мой! дабраславі і мяне.

35 Але ён сказаў: брат твой прыйшоў з хітрынаю і ўзяў дабраславеньне маё.

36 І сказаў: ці не таму дадзена яму імя: Якаў, што ён запабег мяне ўжо два разы? ён узяў першародства маё, і вось, цяпер узяў дабраславеньне маё. І сказаў: няўжо ты не пакінуў мне дабраславеньня?

37 Ісаак адказаў Ісаву: вось, я паставіў яго гаспадаром над табою і ўсіх братоў ягоных аддаў яму ў рабы; адарыў яго хлебам і віном; што ж я зраблю дзеля цябе, сыне мой?

38 Але Ісаў сказаў бацьку свайму: няўжо, бацька мой, адно ў цябе дабраславеньне? дабраславі і мяне, бацька мой! І ўзвысіў Ісаў голас свой і заплакаў.

39 І адказваў Ісаак, бацька ягоны, і сказаў яму: вось, ад тлушчу зямлі будзе пражываньне тваё і ад расы нябеснай згары;

40 і ты будзеш жыць мечам тваім і будзеш служыць брату твайму; але будзе час, калі ўсупрацівішся і скінеш ярмо ягонае з шыі тваёй.

41 І зьненавідзеў Ісаў Якава за дабраславеньне, якім дабраславіў яго бацька ягоны; і сказаў Ісаў у сэрцы сваім: набліжаюцца дні плачу па бацьку маім; і я заб'ю Якава, брата майго.

42 І пераказаны былі Рэбэцы словы Ісава, старэйшага сына яе; і яна паслала, і паклікала малодшага сына свайго Якава, і сказала яму: вось, Ісаў, брат твой, пагражае забіць цябе;

43 і цяпер, сыне мой, паслухайся слоў маіх, устань, бяжы да Лавана, брата майго, у Харан;

44 і пажыві ў яго некаторы час, пакуль спатоліцца лютасьць брата твайго,

45 пакуль спатоліцца гнеў брата твайго на цябе, і ён забудзе, што ты зрабіў яму: тады я пашлю і вазьму цябе адтуль; навошта мне ў адзін дзень страціць абодвух вас?

46 І сказала Рэбэка Ісааку: я жыцьцю ня радая ад дачок Хэтэйскіх; калі Якаў возьме жонку з дачок Хэтэйскіх, як гэтыя, з дачок гэтай зямлі, дык навошта мне і жыцьцё?

 

Разьдзел 28

 

1 І паклікаў Ісаак Якава і дабраславіў яго і наказаў: не бяры сабе жонкі з дачок Ханаанскіх:

2 устань, ідзі ў Месапатамію, у дом Ватуіла, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе жонку адтуль, з дачок Лавана, брата маці тваёй:

3 А Бог Усемагутны хай дабраславіць цябе, хай расплодзіць цябе і хай памножыць цябе, і хай будзе ад цябе мноства народаў:

4 і хай дасьць табе дабраславеньне Абрагама, табе і нашчадкам тваім з табою, каб табе ўспадкаваць зямлю вандрваньня твайго, якую Бог даў Абрагаму!

5 І адпусьціў Ісаак Якава, і ён пайшоў у Месапатамію да Лавана, сына Ватуіла Арамэйца, да брата Рэбэкі, маці Якава і Ісава.

6 Ісаў убачыў, што Ісаак дабраславіў Якава і дабраслаўляючы паслаў яго ў Месапатамію, узяць сабе жонку адтуль, і наказаў яму, сказаўшы: не бяры жонкі з дачок Ханаанскіх;

7 і што Якаў паслухаўся бацькі свайго і маці сваёй і пайшоў у Месапатамію.

8 І ўбачыў Ісаў, што дочкі Ханаанскія не падабаюцца Ісааку, бацьку ягонаму;

9 і пайшоў Ісаў да Ізмаіла і ўзяў сабе жонку Махалату, дачку Ізмаіла, сына Абрагамавага, сястру Наваётаву, звыш жонак сваіх.

10 А Якаў выйшаў зь Вірсавіі і пайшоў у Харан,

11 і прыйшоў у адно месца і застаўся там начаваць, бо зайшло сонца. І ўзяў адзін камень з таго месца, і паклаў сабе пад галаву, і лёг на тым месцы.

12 І ўбачыў у сьне: вось лесьвіца стаіць на зямлі, а верх яе кранае неба; і вось анёлы Божыя ўзыходзяць і сыходзяць па ёй.

13 І вось, Гасподзь стаіць на ёй і кажа: Я Гасподзь, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і нашчадкам тваім;

14 і будуць нашчадкі твае, як пясок зямны; і пашырышся да мора і на ўсход, і на поўнач і на поўдзень; і дабраславяцца ў табе і ў семені тваім усе плямёны зямныя:

15 і вось, Я з табою; і захаваю цябе ўсюды, куды ні пойдзеш; і вярну цябе ў гэтую зямлю; бо Я не пакіну цябе, пакуль ня выканаю таго, што Я сказаў табе.

16 Якаў прачнуўся са сну свайго і сказаў: сапраўды Гасподзь прысутны на месцы гэтым; а я ня ведаў.

17 І спалохаўся і сказаў: якое страшнае месца гэтае! гэта ня што іншае, як дом Божы, гэта - брама нябесная.

18 І ўстаў Якаў з самае раніцы, і ўзяў камень, які ён паклаў сабе пад галаву, і паставіў яго як помнік, і выліў алей на верх яго.

19 І даў імя месцу таму: Бэт-Эль*: а ранейшае імя таго горада было: Луз.

20 І даў Якаў зарок, сказаўшы: калі Бог будзе са мною і ахавае мяне ў дарозе гэтай, у якую я іду, і дасьць мне хлеб есьці і адзеньне апрануцца,

21 і я ў міры вярнуся ў дом бацькі майго, і будзе Гасподзь маім Богам, -

22 дык гэты камень, які я паставіў як помнік, будзе домам Божым; і з усяго, што Ты, Божа, дасі мне, я дам Табе дзясятую долю.

 

 

* Дом Божы

Разьдзел 29

 

1 І ўстаў Якаў і пайшоў у зямлю сыноў усходу.

2 І ўгледзеў: вось, на полі калодзеж, і там тры статкі дробнага быдла, якія ляжалі каля яго таму, што з таго калодзежа паілі статкі. Над вусьцем калодзежа быў вялікі камень.

3 Калі зьбіраліся туды ўсе статкі, адвальвалі камень ад вусьця калодзежа і паілі авечкі; пасьля зноў клалі камень на сваё месца, на вусьце калодзежа.

4 Якаў сказаў ім: братове мае, адкуль вы? Яны сказалі: мы з Харана.

5 Ён сказаў ім: ці ведаеце вы Лавана, сына Нахоравага? Яны сказалі: ведаем.

6 Ён яшчэ сказаў ім: ці здаровіцца яму? Яны сказалі: здаровіцца; і вось, Рахіль, дачка ягоная, ідзе з авечкамі.

7 І сказаў: вось, дня яшчэ многа; ня час зьбіраць быдла; напаеце авечак і ідзеце, пасеце.

8 Яны сказалі: ня можам, пакуль не зьбяруцца ўсе статкі, і не адваляць каменя ад вусьця калодзежа; тады будзем мы паіць авечкі.

9 Яшчэ ён гаварыў зь імі, як прыйшла Рахіль з дробным быдлам бацькі свайго, бо яна пасьвіла.

10 Калі Якаў убачыў Рахіль, дачку Лавана, брата маці сваёй, дык падышоў Якаў, адваліў камень ад вусьця калодзежа і напаіў авечкі Лавана, брата маці сваёй.

11 І пацалаваў Якаў Рахіль і ўзвысіў голас свой і заплакаў.

12 І сказаў Якаў Рахілі, што ён родзіч бацьку яе і што ён сын Рэбэкі. А яна пабегла і сказала бацьку свайму.

13 Лаван, пачуўшы пра Якава, сына сястры сваёй, выбег яму насустрач, абняў яго і пацалаваў яго, і ўвёў яго ў дом свой; і ён расказаў Лавану ўсё гэта.

14 А Лаван сказаў яму: сапраўды ты косьць мая і плоць мая. І жыў у яго Якаў цэлы месяц.

15 І Лаван сказаў Якаву: няўжо ты дарма будзеш служыць мне, бо ты родзіч? скажы мне, чым заплаціць табе?

16 А ў Лавана было дзьве дачкі, імя старэйшай: Лія; імя малодшай Рахіль.

17 Лія была слабая вачыма, а Рахіль была прыгожая станам і прыгожая тварам.

18 Якаў пакахаў Рахіль і сказаў: Я буду служыць табе сем гадоў за Рахіль, малодшую дачку тваю.

19 Лаван сказаў: лепш мне аддаць яе за цябе, чым аддаць яе за каго іншага; жыві ў мяне.

20 І служыў Якаў за Рахіль сем гадоў; і яны здаліся яму як некалькі дзён, бо ён кахаў яе.

21 І сказаў Якаў Лавану: дай жонку маю, бо мне ўжо час прысьпеў, каб увайсьці да яе.

22 Лаван склікаў усіх людзей таго месца і зладзіў гасьціну.

23 А ўвечары ўзяў Лаван дачку сваю Лію і ўвёў яе да яго; і ўвайшоў да яе Якаў.

24 І даў Лаван служанку сваю Зэлфу за служанку дачцэ сваёй Ліі.

25 А раніцай выявілася, што гэта Лія. І Якаў сказаў Лавану: што гэта зрабіў ты са мною? ці ж не за Рахіль я служыў у цябе? навошта ты ашукаў мяне?

26 Лаван сказаў: у нашым месцы так ня робяць, каб малодшую выдаваць раней за старэйшую;

27 закончы тыдзень гэтай; потым дамо табе і тую за службу, якую ты будзеш служыць у мяне яшчэ сем гадоў.

28 Якаў так і зрабіў і закончыў тыдзень гэтай. І даў Рахіль, дачку сваю, яму за жонку.

29 І даў Лаван служанку сваю Валу за служанку дачцэ сваёй Рахілі.

30 Якаў увайшоў і да Рахілі, і кахаў Рахіль болей, чым Лію; і служыў у яго яшчэ сем гадоў.

31 Гасподзь угледзеў, што Лія была нелюбка, і адчыніў нутробу яе, а Рахіль была няплодная.

32 Лія зачала і нарадзіла сына, і дала яму імя: Рувім, бо сказала: Гасподзь угледзеў маё гароцтвы; бо цяпер будзе кахаць мяне муж мой.

33 І зачала зноў і нарадзіла сына, і сказала: Гасподзь пачуў, што я нелюбка, і даў мне і гэтага. І дала яму імя: Сымон.

34 І зачала яшчэ і нарадзіла сына, і сказала: вось цяпер прылепіцца да мяне муж мой, бо я нарадзіла яму трох сыноў. Таму і дадзена яму імя: Левій.

35 І яшчэ зачала і нарадзіла сына, і сказала: вось цяпер я праслаўлю Госпада. Таму дала яму імя: Юда. І перастала радзіць.

 

Разьдзел 30

 

1 І ўбачыла Рахіль, што яна ня родзіць дзяцей Якаву, і пазайздросьціла Рахіль сястры сваёй, і сказала Якаву: дай мне дзяцей; а калі не, я паміраю.

2 Якаў угневаўся на Рахіль і сказаў ёй: хіба я Бог, Які ня даў табе плоду ў чэраве?

3 Яна сказала: вось служанка мая Вала: увайдзі да яе; хай яна родзіць на калені мае, каб і я мела дзяцей ад яе.

4 І дала яна Валу, служанку сваю, за жонку яму; і ўвайшоў да яе Якаў.

5 Вала зачала і нарадзіла Якаву сына.

6 І сказала Рахіль: наканаваў мне Бог, і пачуў голас мой, і даў мне сына. Таму дала яму імя: Дан.

7 І яшчэ зачала і нарадзіла Вала, служанка Рахіліна, другога сына Якаву.

8 І сказала Рахіль: змаганьнем моцным змагалася я зь сястрою маёю і перамагла. І дала яму імя: Нэфталім.

9 Лія ўбачыла, што перастала радзіць, і ўзяла служанку сваю Зэлфу, і дала яе Якаву за жонку.

10 І Зэлфа, служанка Лііна, нарадзіла Якаву сына.

11 І сказала Лія: прыбавілася. І дала яму імя: Гад.

12 Зэлфа, служанка Лііна нарадзіла другога сына Якаву.

13 І сказала Лія: на дабро мне, бо шчаснаю будуць называць мяне жанчыны. І дала яму імя: Асір.

14 Рувім пайшоў у час жніва пшаніцы, і знайшоў мандрагоравыя яблыкі ў полі, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. І Рахіль сказала Ліі: дай мне мандрагораў сына твайго.

15 Але Лія сказала ёй: няўжо мала табе - завалодаць мужам маім, што ты дамагаешся і мандрагораў сына майго? Рахіль сказала: дык няхай ён ляжа з табою гэтай ночы, за мандрагоры сына твайго.

16 Якаў прыйшоў з поля ўвечары, і Лія выйшла яму насустрач і сказала: увайдзі да мяне, бо я купіла цябе за мандрагоры сына майго. І лёг ён зь ёю тае ночы.

17 І пачуў Бог Лію, і яна зачала і нарадзіла Якаву пятага сына.

18 І сказала Лія: Бог даў мне адплату за тое, што я аддала служанку маю мужу майму. І дала яму імя: Ісахар (што азначае: адплата).

19 І яшчэ зачала Лія і нарадзіла Якаву шостага сына.

20 І сказала Лія: Бог даў мне цудоўны дар: цяпер будзе жыць у мяне муж мой, бо я нарадзіла яму шэсьць сыноў. І дала яму імя: Завулон.

21 Потым нарадзіла дачку і дала ёй імя: Дзіна.

22 І ўспомніў Бог пра Рахіль, і пачуў яе Бог, і адчыніў улоньне яе.

23 Яна зачала і нарадзіла сына, і сказала: зьняў Бог ганьбу маю.

24 І дала яму імя Язэп, сказаўшы: Гасподзь дасьць мне і другога сына.

25 Пасьля таго, як Рахіль нарадзіла Язэпа, Якаў сказаў Лавану: пусьці мяне, і пайду я ў сваё месца і ў сваю зямлю:

26 аддай жонак маіх і дзяцей маіх, за якіх я служыў табе, і я пайду: бо ты ведаеш службу маю, якую я служыў табе.

27 І сказаў яму Лаван: о, калі б я знайшоў упадабаньне перад вачыма тваімі! я заўважаю, што за цябе Гасподзь дабраславіў мяне.

28 І сказаў: назнач сабе ўзнагароду ад мяне, і я дам.

29 І сказаў яму Якаў: ты ведаеш, як я служыў табе, і якім стала быдла пры мне;

30 бо мала было ў цябе да мяне, а стала многа; Гасподзь дабраславіў цябе з прыходам маім; калі ж я буду працаваць на свой дом?

31 І сказаў Лаван: што даць табе? Якаў сказаў: не давай мне нічога. Калі толькі зробіш мне, што я скажу, дык я зноў буду пасьвіць і ахоўваць авечкі твае.

32 І прайду сёньня па ўсім статку авечак тваіх; аддзялі зь яго ўсё быдла з плямкамі і зь пярэсьцінамі, усё быдла чорнае з авечак, таксама з плямкамі і зь пярэсьцінамі з коз. Такое быдла будзе мне ўзнагародаю.

33 І гаварыцьме перад табою справядлівасьць мая ў наступны час, калі прыйдзеш паглядзець узнагароду маю. Кожная каза ня з плямкамі, і авечка ня чорная, гэта крадзенае ў мяне.

34 Лаван сказаў: добра, няхай будзе паводле твайго слова.

35 І аддзяліў у той дзень казлоў пярэстых і з плямамі, і ўсіх коз з плямкамі і пярэсьцінамі, усіх, на якіх было белае, і ўсіх чорных авечак, і аддаў іх на рукі сынам сваім;

36 і назначыў адлегласьць паміж сабою і Якавам на тры дні дарогі. А Якаў пасьвіў астатняе дробнае быдла Лаванавае.

37 І ўзяў Якаў сьвежых дубцоў таполевых, міндальных і яваравых, і выразаў на іх белыя палосы, акарыўшы да белага, якое на дубцах;

38 і паклаў дубцы з нарэзкаю перад быдлам у вадапойных кадаўбах, зь якіх быдла прыходзіла паіцца, зачынала перад дубцамі.

39 І зачынала быдла перад дубцамі, і нараджалася быдла пярэстае, і з плямкамі, і зь пярэсьцінамі.

40 І аддзяляў Якаў ягнят і ставіў быдла перадам да пярэстага і ўсяго чорнага быдла Лаванавага; і трымаў свае статкі асобна і ня ставіў іх разам з быдлам Лаванавым.

41 Кожнага разу, калі зачынала быдла моцнае, Якаў клаў дубцы ў кадаўбах перад вачыма ў быдла, каб яно зачынала перад дубцамі.

42 А калі зачынала быдла слабое, тады ён ня клаў. І даставалася слабое быдла Лавану, а моцнае Якаву.

43 І зрабіўся гэты чалавек вельмі, вельмі багаты, і было ў яго мноства дробнага быдла, і рабынь і рабоў, і вярблюдаў і аслоў.

 

Разьдзел 31

 

1 І пачуў Якаў словы сыноў Лаванавых, якія казалі: Якаў завалодаў усім, што было ў бацькі нашага, і з маёмасьці бацькі нашага склаў усё багацьце гэта.

2 І ўбачыў Якаў Лаванаў твар, і вось, ён не такі да яго, як быў учора і заўчора.

3 І сказаў Гасподзь Якаву: вярніся ў зямлю бацькоў тваіх і на радзіму тваю: і Я буду з табою.

4 І паслаў Якаў, і паклікаў Рахіль і Лію ў поле, да статку дробнага быдла свайго,

5 і сказаў ім: я бачыў твар бацькі вашага, што ён да мяне не такі, як быў учора і заўчора; але Бог бацькі майго быў са мною;

6 вы самі ведаеце, што я з усяе сілы служыў бацьку вашаму,

7 а бацька ваш ашукваў мяне і разоў дзесяць перамяняў узнагароду маю; але Бог не дапусьціў яго зрабіць мне ліха.

8 Калі сказаў ён, што быдла з плямкамі будзе табе ўзнагародаю, дык быдла ўсё радзіла з плямкамі. А калі ён сказаў: пярэстыя будуць табе ўзнагародаю, дык усё быдла і радзіла пярэстых.

9 І адабраў Бог быдла ў бацькі вашага і даў мне.

10 Аднаго разу ў такую пару, калі быдла зачынае, я паглядзеў і ўбачыў у сьне, і вось казлы, якія падняліся на быдла, пярэстыя з плямкамі і стракацінамі.

11 Анёл Божы сказаў мне ў сьне: Якаве! Я сказаў: вось я.

12 Ён сказаў: падымі вочы твае і паглядзі: усе казлы, што падняліся на быдла, пярэстыя, з плямкамі і стракацінамі; бо Я бачу ўсё, што Лаван робіць з табою;

13 Я Бог у Вэтылі, дзе ты паліў алеем помнік і даў Мне зарок; цяпер устань, выйдзі зь зямлі гэтай і вярніся да зямлі радзіны тваёй.

14 Рахіль і Лія сказалі яму ў адказ: ці ёсьць нам яшчэ доля і спадчына ў доме бацькі нашага?

15 ці ня чужымі ён лічыць нас? бо ён прадаў нас і зьеў нават срэбра наша;

16 таму ўсё багацьце, якое Бог адабраў у бацькі нашага, ёсьць нашае і дзяцей нашых; дык вось, рабі ўсё, што Бог сказаў табе.

17 І ўстаў Якаў, і пасадзіў дзяцей сваіх і жонак сваіх на вярблюдаў,

18 і ўзяў з сабою ўсё быдла сваё, якое набыў, быдла ўласнае ягонае, якое ён набыў у Месапатаміі, каб ісьці да Ісаака, бацькі свайго, у зямлю Ханаанскую.

19 І як Лаван пайшоў стрыгчы быдла сваё, дык Рахіль забрала ідалаў, якія былі ў бацькі яе.

20 А Якаў забраў сэрца ў Лавана Арамэйца, бо не паведаміў яму, што адыходзіць.

21 І пайшоў з усім, што ў яго было; і ўстаўшы перайшоў раку і скіраваўся да гары Галаад.

22 На трэці дзень сказалі Лавану, што Якаў сышоў.

23 Тады ён узяў з сабою родзічаў сваіх, і гнаўся за ім сем дзён, і дагнаў яго на гары Галаад.

24 І прыйшоў Бог да Лавана Арамэйца ўначы ў сьне і сказаў яму: сьцеражыся, не кажы Якаву ні добрага, ні благога.

25 І дагнаў Лаван Якава; а Якаў паставіў намёт свой на гары, і Лаван з родзічамі сваімі паставіў на гары Галаад.

26 І сказаў Лаван Якаву: што ты зрабіў? навошта ты ашукаў мяне і зьвёў дачок маіх, як палоненых зброяй?

27 навошта ты ўцёк таемна, і схаваўся ад мяне, і не сказаў мне? Я адпусьціў бы цябе з радасьцю і зь песьнямі, з бубнам і з гусьлямі;

28 ты не дазволіў мне нават пацалаваць унукаў маіх і дачок маіх; неразумна ты зрабіў.

29 Ёсьць у руцэ маёй сіла зрабіць вам ліхое; але Бог бацькі вашага ўчора гаварыў са мною і сказаў: сьцеражыся, не кажы Якаву ні добрага, ні благога.

30 Але хай бы ты пайшоў, бо табе не цярпелася быць у доме ў бацькі твайго, - навошта ты ўкраў багоў маіх?

31 Якаў адказаў Лавану і сказаў: я баяўся, бо я думаў, каб жа не адабраў ты ў мяне дачок тваіх.

32 У каго знойдзеш багоў тваіх, той ня будзе жывы: пры родзічах нашых даведвайся, што ў мяне і вазьмі сабе. Якаў ня ведаў, што Рахіль украла іх.

33 І хадзіў Лаван у намёт Якаваў і ў намёт Ліін і ў намёт дзьвюх рабыняў, але не знайшоў. І выйшаў з намёта Ліі, і ўвайшоў у намёт Рахілін.

34 А Рахіль узяла ідалаў і паклала іх пад вярблюджае сядло, і села на іх. І абшукаў Лаван увесь намёт, і не знайшоў.

35 А яна сказала бацьку свайму: хай не загневаецца гаспадар мой, што я не магу ўстаць перад табою; бо ў мяне звычайнае жаночае. І Лаван шукаў, але не знайшоў ідалаў.

36 Якаў раззлаваўся і ўступіў у спрэчку з Лаванам. І загаварыў Якаў і сказаў Лавану: якая віна мая, які грэх мой, што ты дагнаў мяне?

37 ты агледзеў у мяне ўсе рэчы, што знайшоў ты з усіх рэчаў твайго дома? пакажы тут перад родзічамі маімі і перад родзічамі тваімі; няхай яны рассудзяць нас абодвух.

38 Вось, дваццаць гадоў я быў у цябе; авечкі твае і козы твае ня выкідвалі; бараноў са статку твайго я ня еў;

39 разадранага зьверам Я ня прыносіў табе, гэта была мая страта; ты зь мяне спаганяў ці калі ўдзень што-колечы прападала, а ці ўначы прападала;

40 я зьнемагаў удзень ад сьпёкі, а ўначы ад сьцюжы, і сон мой бег ад вачэй маіх.

41 Такія мае дваццаць гадоў у доме тваім. Я служыў табе чатырнаццаць гадоў за дзьвюх дачок тваіх і шэсьць гадоў за быдла тваё; а ты дзесяць разоў мяняў узнагароду маю.

42 Калі б ня быў са мною Бог бацькі майго, Бог Абрагама і страх Ісаака, - ты б цяпер адпусьціў мяне ні з чым. Бог убачыў гароту маю і працу рук маіх і заступіўся за мяне ўчора.

43 І адказваў Лаван і сказаў Якаву: дочкі - мае дочкі; дзеці - мае дзеці; быдла - маё быдла, і ўсё, што ты бачыш, гэта маё; ці магу я цяпер што зрабіць з дочкамі маімі і зь дзецьмі іхнімі, якія народжаны імі?

44 цяпер пастановім спрымірэньне я і ты, і гэта будзе сьведчаньнем паміж мною і табою.

45 І ўзяў Якаў камень і паставіў яго помнікам.

46 І сказаў Якаў родзічам сваім: набярэце камянёў. Яны ўзялі камяні і зрабілі курган, і елі там на кургане.

47 І назваў яго Лаван: Егар-Сагадута; а Якаў назваў яго Галаадам.

48 І сказаў Лаван: сёньня гэты курган паміж табою і мною сьведка. Таму і дадзена яму імя: Галаад,

49 а таксама: Міцца, за тое, што Лаван сказаў: няхай наглядае Гасподзь і за мною і за табою, калі мы зьнікнем адзін ад аднаго;

50 калі ты будзеш блага абыходзіцца з дочкамі маімі, альбо возьмеш жонак звыш дачок маіх, дык хоць няма чалавека паміж намі, але глядзі, Бог сьведка паміж мною і табою.

51 І сказаў Лаван Якаву: вось курган гэты і вось помнік, які я паставіў паміж мною і табою;

52 гэты курган сьведка, і гэты помнік сьведка, што ні я не перайду да цябе за гэты курган, ні ты не пяройдзеш да мяне за гэты курган і за гэты помнік, дзеля ліха;

53 Бог Абрагамаў і Бог Нахораў хай судзяць паміж намі, Бог бацькі іхняга. Якаў запрысягнуўся страхам бацькі свайго Ісаака.

54 І закалоў Якаў ахвяру на гары і паклікаў родзічаў сваіх есьці хлеб; і яны елі хлеб і начавалі на гары.

55 І ўстаў Лаван з самага рана і пацалаваў унукаў сваіх і дачок сваіх, і дабраславіў іх. І пайшоў і вярнуўся Лаван у сваё месца.

 

Разьдзел 32

 

1 І Якаў пайшоў дарогай сваёю. І сустрэлі яго анёлы Божыя.

2 Якаў, убачыўшы іх, сказаў: гэта рушэньне Божае. І даў імя месцу таму: Маханаім.

3 І паслаў Якаў перад сабою пасланцоў да брата свайго Ісава ў зямлю Сэір, у вобласьць Эдом,

4 і загадаў ім, сказаўшы: так скажэце гаспадару майму Ісаву: вось, што кажа раб твой Якаў: я жыў у Лавана і пражыў дагэтуль;

5 і ёсьць у мяне валы і аслы і дробнае быдла, і рабы і рабыні; і я паслаў абвясьціць пра сябе гаспадару майму, каб знайсьці ўпадабаньне перад вачыма тваімі.

6 І вярнуліся пасланцы да Якава і сказалі: мы хадзілі да брата твайго Ісава; ён ідзе напярэймы табе, і зь ім чатырыста чалавек.

7 Якаў вельмі спалохаўся і сумеўся; і падзяліў людзей, якія былі зь ім, і быдла дробнае і буйное і вярблюдаў, на два табары.

8 І сказаў: калі Ісаў нападзе на адзін табар і паб'е яго, дык другі табар можа ўратавацца.

9 І сказаў Якаў: Божа бацькі майго Абрагама і Божа бацькі майго Ісаака, Госпадзе, Які сказаў мне: вярніся ў зямлю тваю, на радзіму тваю, і Я буду дабрачыніць табе!

10 Няварты я ўсіх ласкаў і ўсіх дабрачынстваў, якія ты ўчыніў рабу Твайму; бо я з кіем маім перайшоў гэты Ярдан, а цяпер у мяне два табары.

11 Збаві мяне ад рукі брата майго, ад рукі Ісава; бо я баюся яго, каб ён прыйшоўшы не забіў мяне і маці зь дзецьмі.

12 Ты сказаў: Я буду чыніць добрае табе і зраблю нашчадкаў тваіх як пясок марскі, якога не палічыць ад мноства.

13 І начаваў там Якаў тае ночы. І ўзяў з таго, што ў яго было, у дарунак Ісаву, брату свайму:

14 дзьвесьце коз, дваццаць казлоў, дзьвесьце авечак, дваццаць бараноў,

15 трыццаць вярблюдзіц дойных з жарабятамі іхнімі, сорак кароў, дзесяць валоў, дваццаць асьліц, дзесяць аслоў.

16 І даў у рукі рабам сваім кожны статак асобна і сказаў рабам сваім: ідзеце перад мною і пакідайце адлегласьць ад статку да статку.

17 І загадаў першаму, сказаўшы: калі брат мой Ісаў сустрэнецца табе і спытае ў цябе, кажучы: чый ты? і куды ідзеш? і чый гэта статак перад табою?

18 дык скажы: раба твайго Якава: гэта дарунак, пасланы гаспадару майму Ісаву; вось, і сам ён за намі.

19 Тое самае загадаў ён і другому, і трэцяму, і ўсім, што ішлі за статкамі, кажучы: так скажэце Ісаву, калі сустрэнеце яго;

20 і скажэце: вось, і раб твой Якаў за намі. Бо ён сказаў сам сабе: умілажалю яго дарункамі, якія ідуць перад мною, і пасьля ўбачу твар ягоны; магчыма, і прыме мяне.

21 І пайшлі дарункі перад ім, а ён у тую ноч начаваў у табары.

22 І ўстаў у тую ноч і, узяўшы дзьвюх жонак сваіх і дзьвюх рабыняў сваіх і адзінаццаць сыноў сваіх, перайшоў праз Явок бродам;

23 і ўзяўшы іх, перавёў праз паток, і перавёў усё, што ў яго было.

24 І застаўся Якаў адзін. І змагаўся Нехта зь ім, пакуль настала зара;

25 і ўбачыўшы, што не адольвае яго, крануўся суглоба сьцягна ягонага і пашкодзіў суглоб сьцягна ў Якава, калі ён змагаўся зь Ім.

26 І сказаў: пусьці Мяне, бо ўзышла зара. Якаў сказаў: ня пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне.

27 І сказаў: як імя тваё? Ён сказаў: Якаў.

28 І сказаў: ад сёньня імя тваё будзе ня Якаў, а Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам, і людзей адольваць будзеш.

29 Спытаўся і Якаў, кажучы: скажы імя Тваё. І ён сказаў: навошта ты пытаешся пра імя Маё? І дабраславіў яго там.

30 І даў Якаў імя месцу таму: Пэнуэль; бо казаў ён, я бачыў Бога твар у твар, і захавалася душа мая.

31 І ўзышло сонца, калі ён праходзіў Пэнуэль; і кульгаў ён на сьцягно сваё.

32 Таму і да сёньня сыны Ізраіля не ядуць жылаў, якія на суглобе сьцягна, бо Змагар дакрануўся да жылы на суглобе сьцягна ў Якава.

 

Разьдзел 33

 

1 Зірнуў Якаў і ўбачыў, і вось, ідзе Ісаў і зь ім чатырыста чалавек. І падзяліў Якаў дзяцей Лііных, Рахіліных і дзьвюх служанак.

2 І паставіў служанак і дзяцей іхніх наперадзе, Лію і дзяцей яе за імі, а Рахіль і Язэпа апошнімі.

3 А сам пайшоў перад імі і пакланіўся да зямлі сем разоў, падыходзячы да брата свайго.

4 І пабег Ісаў яму напярэймы і абняў яго, і ўпаў на шыю яму і цалаваў яго, і плакалі.

5 І зірнуў Ісаў і ўбачыў жонак і дзяцей і сказаў: хто гэта ў цябе? Якаў сказаў: дзеці, якіх Бог даў рабу твайму.

6 І падышлі служанкі і дзеці іхнія і пакланіліся;

7 падышла і Лія і дзеці яе і пакланіліся; нарэшце падышлі Язэп і Рахіль і пакланіліся.

8 І сказаў Ісаў: навошта ў цябе гэта мноства, якое я спаткаў? І сказаў Якаў: каб здабыць упадабаньне ў вачах гаспадара майго.

9 Ісаў сказаў: у мяне многа, браце мой; хай будзе тваё ў цябе.

10 Якаў сказаў: не, калі я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, прымі дарунак мой з рукі маёй; бо я ўгледзеў аблічча тваё, як бы хто ўбачыў аблічча Божае, і ты быў прыхільны да мяне;

11 прымі дабраславеньне маё, якое я прынёс табе, бо Бог даў мне, і ёсьць у мяне ўсё. І ўпрасіў яго. І той узяў

12 і сказаў: падымемся і пойдзем; і я пайду перад табою.

13 Якаў сказаў яму: гаспадар мой ведае, што дзеці пяшчотлівыя, а дробнае і буйное быдла ў мяне дойнае: калі гнаць яго цэлы дзень, дык памрэ ўсё быдла;

14 хай гаспадар мой пойдзе паперадзе раба свайго, а я пайду павольна, як пойдзе быдла, якое перад мною, і як пойдуць дзеці, і прыйду да гаспадара майго ў Сэір.

15 Ісаў сказаў: пакіну я з табою людзей, якія пры мне. Якаў сказаў: навошта гэта? толькі б здабыць мне ўпадабаньне ў вачах гаспадара майго!

16 І вярнуўся Ісаў таго ж самага дня дарогаю сваёю ў Сэір.

17 І Якаў рушыў у Сакот, і пабудаваў сабе дом, і быдлу свайму парабіў кашары. Ад гэтага даў ён імя месцу: Сакот.

18 Якаў, вярнуўшыся зь Месапатамі, шчасьліва прыйшоў у горад Сіхем, які ў зямлі Ханаанскай, і разьмясьціўся перад горадам.

19 І купіў дзялянку поля, на якім паставіў намёт свой, у сыноў Эмора, бацькі Сіхемавага, за сто манет.

20 І паставіў там ахвярнік; і заклікаў імя Госпада, Бога Ізраілевага.

 

Разьдзел 34

 

1 Дзіна, дачка Ліі, якую яна нарадзіла Якаву, выйшла падзівіцца на дачок зямлі той.

2 І ўбачыў яе Сіхем, сын Эмора Эвэяніна, князя зямлі той, і ўзяў яе, і спаў зь ёю, і ўчыніў ёй гвалт.

3 І прыляпілася душа ягоная да Дзіны, дачкі Якава, і ён пакахаў дзяўчыну і гаварыў па сэрцы дзяўчыне.

4 І сказаў Сіхем Эмору, бацьку свайму, кажучы: вазьмі мне гэтую дзяўчыну за жонку.

5 Якаў дачуўся, што сын Эмораў зьняславіў Дзіну, дачку ягоную; але як што сыны яго былі пры быдле ягоным у полі, дык Якаў маўчаў, пакуль яны ня прыйшлі.

6 І выйшаў Эмор, бацька Сіхемаў, ад Якава, пагаварыць зь ім.

7 А сыны Якава прыйшлі з поля і калі пачулі, дык засмуціліся мужчыны тыя і запалалі гневам, бо няславу зрабіў ён Ізраілю, пераспаўшы з дачкою Якава: а так нельга было рабіць.

8 Эмор пачаў гаварыць ім і сказаў: Сіхем, сын мой, прыляпіўся душою да дачкі вашае; дайце ж яе за жонку яму;

9 параднецеся з намі: аддавайце за нас дачок вашых, а нашых дачок бярэце сабе;

10 і жывеце з намі: зямля гэтая перад вамі, жывеце і працуйце на ёй і набывайце яе ў валоданьне.

11 А Сіхем сказаў бацьку яе і братам яе: толькі б знайсьці мне ўпадабаньне ў вачах вашых, я дам, што ні скажаце мне;

12 назначце самы вялікі выкуп і дарункі: я дам, што ні скажаце мне, толькі аддайце мне дзяўчыну за жонку.

13 І адказвалі сыны Якава Сіхему і Эмору, бацьку ягонаму, з хітрынаю; а казалі так таму, што ён зьняславіў Дзіну, сястру іхнюю;

14 і сказалі ім: ня можам гэтага зрабіць, выдаць сястру нашую за чалавека, які неабрэзаны; бо гэта няслава нам;

15 толькі на той умове мы згодзімся з вамі, калі вы будзеце, як мы, каб і ў вас увесь мужчынскі пол быў абрэзаны;

16 і будзем аддаваць за вас дачок нашых і браць за сябе вашых дочак, і будзем жыць з вамі, і складзем адзін народ;

17 а калі не паслухаецеся нас у тым, каб абразацца, дык мы возьмем дачку нашу і сыдзем.

18 І спадабаліся словы гэтыя Эмору і Сіхему, сыну Эмораваму.

19 Хлопец не забавіўся выканаць гэта, бо кахаў дачку Якава. А ён найбольш паважаны быў з дому бацькі свайго.

20 І прыйшоў Эмор і Сіхем, сын ягоны, да брамы горада свайго, і пачалі гаварыць жыхарам горада свайго і сказалі:

21 гэтыя людзі ў міры з намі; хай яны селяцца на зямлі і працуюць на ёй; а зямля вось прасторная перад імі. Будзем браць дачок іхніх сабе за жонак і нашых дачок выдаваць за іх.

22 Толькі на такой умове гэтыя людзі згаджаюцца жыць з намі і быць адным народам, каб і ў нас абрэзаны быў увесь мужчынскі пол, як яны абрэзаны.

23 Ці ж ня нам статкі іхнія і маёмасьць іхняя, і ўсё быдла іхняе? Толькі згодзімся зь імі, і будуць жыць з намі.

24 І паслухаліся Эмора і Сіхема, сына ягонага, усе, хто выходзіў з брамы горада ягонага: і абрэзаны быў увесь мужчынскі пол, - усе, хто выходзіў з брамы горада ягонага.

25 На трэці дзень, калі яны былі занядужалі, два сыны Якава, Сымон і Левій, браты Дзініныя, узялі кожны свой меч, і адважна напалі на горад, і аддалі сьмерці ўвесь мужчынскі пол;

26 і самога Эмора і Сіхема, сына ягонага, забілі мечам; і ўзялі Дзіну з дома Сіхемавага і выйшлі.

27 Сыны Якава прыйшлі да забітых і абабралі горад за тое, што зьняславілі сястру іхнюю.

28 Яны ўзялі дробнае і буйное быдла іхняе, і аслоў іхніх, і што ні было ў горадзе, і што ні было ў полі;

29 і ўсё багацьце іхняе і ўсіх дзяцей іхніх і жонак іхніх узялі ў палон, і абабралі ўсё, што было ў дамах.

30 І сказаў Якаў Сымону і Левію: вы абурылі мяне, зрабіўшы мяне ненавісным жыхарам гэтай зямлі, Хананэям і Фэрэзэям. У мяне людзей мала; зьбяруцца супроць мяне, паб'юць мяне, і зьнішчаны буду я і дом мой.

31 А яны сказалі: а хіба можна рабіць зь сястрою нашаю, як з распусьніцаю!

 

Разьдзел 35

 

1 Бог сказаў Якаву: устань, ідзі ў Вэтыль і жыві там, і спарудзі там ахвярнік Богу, Які явіўся табе, калі ты ўцякаў ад аблічча Ісава, брата твайго.

2 І сказаў Якаў дому свайму і ўсім, хто быў зь ім: кіньце багоў чужых, якія ў вас, і ачысьціцеся, і перамянеце вопратку вашую;

3 устанем і пойдзем у Вэтыль; там уладжу я ахвярнік Богу, Які пачуў мяне ў дзень бедства майго, і быў са мною на шляху, якім я хадзіў.

4 І аддалі Якаву ўсіх багоў чужых, якія былі ў руках у іх, і завушніцы, якія былі ў вушах у іх; і закапаў іх Якаў пад дубам, які непадалёк ад Сіхема.

5 І рушылі яны. І была жудасьць Божая на навакольных гарадах, і не перасьледавалі сыноў Якава.

6 І прыйшоў Якаў у Луз, што ў зямлі Ханаанскай, гэта значыць, у Вэтыль, сам і ўсе людзі, якія былі зь ім,

7 і спарудзіў там ахвярнік, і назваў тое месца: Эль-Вэтыль; бо тут зьявіўся яму Бог, калі ён уцякаў ад аблічча брата свайго.

8 І памерла Дэвора, карміцелька Рэбэкі, і пахаваная ніжэй Вэтыля пад дубам, які і назваў Якаў дубам плачу.

9 І зьявіўся Бог Якаву пасьля вяртаньня яго зь Месапатаміі, і дабраславіў яго,

10 і сказаў яму Бог: імя тваё Якаў; ад сёньня ты ня будзеш называцца Якавам, а будзе імя табе Ізраіль. І даў яму імя: Ізраіль.

11 І сказаў яму Бог: Я Бог Усемагутны; пладзіся і множся; народ і мноства народаў будзе ад цябе, і цары пойдуць са сьцёгнаў тваіх;

12 зямлю, якую Я даў Абрагаму і Ісааку, Я дам табе, і нашчадкам тваім пасьля цябе дам зямлю гэтую.

13 І ўзышоў ад яго Бог зь месца, на якім гаварыў яму.

14 І паставіў Якаў помнік на месцы, на якім гаварыў яму Бог, помнік каменны, і выліў на яго выліваньне, і выліў на яго алей;

15 І даў Якаў імя месцу, на якім Бог гаварыў яму: Вэтыль.

16 І выправіліся з Вэтыля. І калі яшчэ заставалася нейкая адлегласьць зямлі да Эфраты, Рахіль нарадзіла, і роды ў яе былі цяжкія.

17 А калі яна пакутавала ў родах, бабка-павітуха сказала ёй: ня бойся, бо гэта табе сын.

18 І калі выходзіла зь яе душа, бо яна памірала, дык дала яму імя: Бэноні. Але бацька яго пераназваў яго Веньямінам.

19 І памерла Рахіль, і пахавана на дарозе ў Эфрату, гэта значыцца, Віфляем.

20 Якаў паставіў над магілай яе помнік. Гэта магільны помнік Рахілі да гэтага дня.

21 І выправіўся Ізраіль і паставіў намёт свой за вежаю Гадэр.

22 У час, калі Ізраіль быў у той краіне, Рувім пайшоў і пераспаў з Валаю, наложніцаю бацькі свайго. І дачуўся Ізраіль. А сыноў у Якава было дванаццаць.

23 Сыны Ліі: першынец Якава Рувім, пасьля яго Сымон, Левій, Юда, Ісахар і Завулон.

24 Сыны Рахілі: Язэп і Веньямін.

25 Сыны Валы, служанкі Рахілінай: Дан і Нэфталім.

26 Сыны Зэлфы, служанкі Ліінай: Гад і Асір. Гэта сыны Якава, якія нарадзіліся яму ў Месапатаміі.

27 І прыйшоў Якаў да Ісаака, бацькі свайго, у Мамрэ, Кірыят-Арбу, гэта значыць, Хэўрон, дзе вандраваў Абрагам і Ісаак.

28 І было дзён жыцьця Ісаакавага сто восемдзесят гадоў.

29 І выпусьціў Ісаак дух і памёр, і прыклаўся да народу свайго, калі ўжо быў стары і насычаны жыцьцём. І пахавалі яго Ісаў і Якаў, сыны ягоныя.

 

Разьдзел 36

 

1 Вось радавод Ісава, ён жа Эдом.

2 Ісаў узяў сабе жонак з дачок Ханаанскіх: Аду, дачку Элона Хэтэяніна, і Алівэму, дачку Аны, сына Цывэона Эвэяніна,

3 і Васэмату, дачку Ізмаіла, сястру Наваёта.

4 Ада нарадзіла Ісаву Эліфаза. Васэмата нарадзіла Рагуіла,

5 Алівэма нарадзіла Еуса, Еглома і Карэя. Гэта сыны Ісава, якія нарадзіліся яму ў зямлі Ханаанскай.

6 І ўзяў Ісаў жонак сваіх і сыноў сваіх і дачок сваіх, і ўсіх людзей дома свайго, і статкі свае і ўсё быдла сваё, і ўсю маёмасьць сваю, якую ён набыў у зямлі Ханаанскай, і пайшоў у іншую зямлю ад аблічча Якава, брата свайго;

7 бо маёмасьць іхняя была такая вялікая, што яны не маглі жыць разам, і зямля вандраваньня іхняга не ўмяшчала іх, ад мноства статкаў іхніх.

8 І пасяліўся Ісаў на гары Сэір. Ісаў, ён жа Эдом.

9 І вось радаслоўнік Ісава, бацькі Ідумэяў, на гары Сэір.

10 Вось імёны сыноў Ісававых: Эліфаз, сын Ады, жонкі Ісававай, і Рагуіл, сын Васэматы, жонкі Ісававай.

11 У Эліфаза былі сыны: Тэман, Амар, Цэфо, Гатам і Кеназ.

12 А Тамна была наложніца Эліфаза, сына Ісававага, і нарадзіла Эліфазу Амаліка. Вось сыны Ады, жонкі Ісававай.

13 І вось сыны Рагуіла: Нахат і Зэрах, Шама і Міза. Гэта сыны Васэматы, жонкі Ісававай.

14 І гэтыя сыны былі Алівэмы, дачкі Аны, сына Цэвэонавага, жонкі Ісававай: яна нарадзіла Ісаву Еуса, Еглома і Карэя.

15 Вось старэйшыны сыноў Ісававых. Сыны Эліфаза, першародка Ісававага: старэйшына Тэман, старэйшына Амар, старэйшына Цэфо, старэйшына Кеназ,

16 старэйшына Карэй, старэйшына Гатам, старэйшына Амалік. Гэтыя старэйшыны Эліфазавыя ў зямлі Эдома; гэта сыны Ады.

17 Гэтыя сыны Рагуіла, сына Ісававага: старэйшына Нахат, старэйшына Зэрах, старэйшына Шама, старэйшына Міза. Гэта старэйшыны Рагуілавыя ў зямлі Эдома; гэта сыны Васэматы, жонкі Ісававай.

18 Гэта сыны Алівэмы, жонкі Ісававай: старэйшына Еус, старэйшына Еглом, старэйшына Карэй. Гэта старэйшыны Алівэмы, дачкі Аны, жонкі Ісававай.

19 Вось сыны Ісава, і вось старэйшыны іх. Гэта Эдом.

20 Гэта сыны Сэіра Харэяніна, якія жылі ў зямлі той: Лотан, Шовал, Цывэон, Ана,

21 Дышон, Эцэр і Дышан. Гэтыя старэйшыны Харэяў, сыноў Сэіра, у зямлі Эдома.

22 Сыны Лотана былі: Хоры і Геман; а сястра ў Лотана: Тамна.

23 Гэтыя сыны Шовала: Алван, Манахат, Эвал, Шэфо і Онам.

24 Гэтыя сыны Цывэона: Ая і Ана. Гэта той Ана, які знайшоў цёплыя воды ў пустыні, калі пасьвіў аслоў Цывэона, бацькі свайго.

25 Гэтыя дзеці Аны: Дышон і Алівэма, дачка Аны.

26 Гэтыя сыны Дышона: Хэмдан, Эшбан, Ітран і Хэран.

27 Гэтыя сыны Эцэра: Білган, Зааван і Акан.

28 Гэтыя сыны Дышана: Уц і Аран.

29 Гэтыя старэйшыны Харэяў: старэйшына Лотан, старэйшына Шовал, старэйшына Цывэон, старэйшына Ана,

30 старэйшына Дышон, старэйшына Эцэр, старэйшына Дышан. Вось старэйшыны Харэяў, паводле старэйшынства іхняга ў зямлі Сэір.

31 Вось цары, якія валадарылі ў зямлі Эдома, раней валадараньня цароў і сыноў Ізраілевых:

32 валадарыў у Эдоме Бэла, сын Вэораў, а імя горада яго Дынгава.

33 І памёр Бэла, і зацараваў пасьля яго Ёваў, сын Зэраха, з Васоры.

34 Памёр Ёваў, і зацараваў пасьля яго Хушам, зь зямлі Тэманіцянаў.

35 І памёр Хушам, і зацараваў пасьля яго Гадад, сын Бэдадаў, які разьбіў Мадыяніцянаў на полі Маава: імя горада яго Авіт.

36 І памёр Гадад, і зацараваў пасьля яго Самла, з Масрэкі.

37 І памёр Самла, і зацараваў пасьля яго Саўл з Рэхавота, што каля ракі.

38 І памёр Саўл, і зацараваў пасьля яго Баал-Ханан, сын Ахбора.

39 І памёр Баал-Ханан, сын Ахбора, і зацараваў пасьля яго Гадар; імя горада яго Паў; імя жонкі ягонай Мэгэтавээль, дачка Матрэды, сына Мэзагава.

40 Гэтыя імёны старэйшых Ісававых, паводле плямёнаў іхніх, паводле мясьцінаў іхніх, паводле імёнаў іхніх: старэйшына Тымна, старэйшына Алва, старэйшына Етэт,

41 старэйшына Алівэма, старэйшына Эла, старэйшына Пінон,

42 старэйшына Кеназ, старэйшына Тэман, старэйшына Міўцар,

43 старэйшына Магдыіл, старэйшына Ірам. Вось старэйшыны Ідумэйскія, паводле іх селішчаў, у зямлі валоданьня іхняга. Вось Ісаў, бацька Ідумэяў.

 

Разьдзел 37

 

1 Якаў жыў у зямлі вандраваньня бацькі свайго, у зямлі Ханаанскай.

2 Вось жыцьцё Якава. Язэп, сямнаццаці гадоў, пасьвіў быдла разам з братамі сваімі, будучы хлапцом, з сынамі Валы і з сынамі Зэлфы, жонак бацькі свайго. І даводзіў Язэп благія пра іх чуткі да бацькі іхняга.

3 Ізраіль любіў Язэпа больш за ўсіх сыноў сваіх, бо ён быў сын старасьці ягонай, - і зрабіў яму розных колераў вопратку.

4 І ўбачылі браты ягоныя, што бацька іхні любіць яго болей за ўсіх братоў ягоных; і зьненавідзелі яго і не маглі гаварыць зь ім дружалюбна.

5 І бачыў Язэп сон і расказаў братам сваім: і яны зьненавідзелі яго яшчэ больш.

6 Ён сказаў ім: выслухайце сон, якія я бачыў:

7 вось мы вяжам снапы сярод поля; і вось, мой сноп устаў і стаў старчма; і вось, вашы снапы пасталі навокал і пакланіліся майму снапу.

8 І сказалі яму браты ягоныя: няўжо ты будзеш цараваць над намі? Няўжо будзеш валодаць намі? І зьненавідзелі яго яшчэ больш за сны яго і за словы ягоныя.

9 І бачыў ён яшчэ іншы сон і расказаў яго братам сваім, кажучы: вось, я бачыў яшчэ сон: вось, сонца і месяц і адзінаццаць зорак пакланяюцца мне.

10 І ён расказаў бацьку свайму і братам сваім. І накрычаў на яго бацька ягоны і сказаў яму: што гэта за сон, які ты бачыў? няўжо я і твая маці і твае браты прыйдзем пакланіцца табе да зямлі?

11 Браты ягоныя пазайздросьцілі яму, а бацька ягоны ўзяў да ўвагі гэта слова.

12 Браты ягоныя пайшлі пасьвіць быдла бацькі свайго ў Сіхем.

13 І сказаў Ізраіль Язэпу: браты твае ці ж ня пасьвяць у Сіхеме? ідзі, я пашлю цябе да іх. Ён адказаў яму: вось я.

14 Ізраіль сказаў яму: ідзі, паглядзі, ці здаровыя браты твае і ці цэлае быдла, і прынясі мне адказ. І паслаў яго з даліны Хэўронскай. І ён прыйшоў у Сіхем.

15 І знайшоў яго нехта, калі ён бадзяўся па полі, і спытаўся ў яго той чалавек, кажучы: чаго ты шукаеш?

16 Ён сказаў: я шукаю братоў маіх; скажы мне, дзе яны пасьвяць?

17 І сказаў той чалавек: яны пайшлі адгэтуль, бо я чуў, як яны казалі: хадзем у Дафан. І пайшоў Язэп за братамі сваімі і знайшоў іх у Дафане.

18 І ўбачылі яны яго здалёк, і перш чым ён наблізіўся да іх, пачалі намышляць супроць яго, каб забіць яго.

19 І сказалі адзін аднаму: вось, ідзе сновідзец;

20 хадзем цяпер, і заб'ем яго, і кінем яго ў які-небудзь роў, і скажам, што драпежны зьвер задраў яго; і пабачым, што выйдзе зь ягоных сноў.

21 І пачуў гэта Рувім, і ўратаваў яго з рук іхніх, сказаўшы: не заб'ём яго.

22 І сказаў ім Рувім: не пралівайце крыві; кіньце яго ў роў, які ў пустыні, а рук не накладайце на яго. Гэта казаў ён, каб выратаваць яго з рук іхніх і вярнуць яго да бацькі ягонага.

23 Калі Язэп прыйшоў да братоў сваіх, яны зьнялі зь Язэпа вопратку ягоную, вопратку розных колераў, якая была на ім,

24 і ўзялі яго і ўкінулі яго ў роў; а роў той быў пусты; вады ў ім ня было.

25 І селі яны есьці хлеб, і паглядзеўшы ўбачылі, вось, ідзе з Галаада караван Ізмаільцянаў, і вярблюды іхнія нясуць стыраксу, бальзам і ладан: ідуць яны завезьці гэта ў Егіпет.

26 І сказаў Юда братам сваім: якая карысьць, калі мы заб'ём брата нашага і схаваем кроў ягоную?

27 хадзем, прадамо яго Ізмаільцянам, а рукі нашыя хай ня будуць на ім, бо ён брат наш, плоць наша. Браты яго паслухаліся

28 і, калі праходзілі купцы Мадыямскія, выцягнулі Язэпа з рова і прадалі Язэпа Ізмаільцянам за дваццаць срэбранікаў; а яны завялі Язэпа ў Егіпет.

29 А Рувім прыйшоў зноў да рова; і вось, няма Язэпа ў рове. І разадраў ён вопратку на сабе,

30 і вярнуўся да братоў сваіх, і сказаў: хлопца няма, а я, куды я падзенуся?

31 І ўзялі вопратку Язэпаву, і закалолі казла, і запэцкалі вопратку крывёю;

32 і паслалі розных колераў вопратку, і даставілі бацьку свайму, і сказалі: мы гэта знайшлі; паглядзі, ці сына твайго вопратка гэтая, ці не.

33 Ён пазнаў яе і сказаў: гэта вопратка сына майго; драпежны зьвер задраў яго; праўда, разадраны Язэп.

34 І разадраў Якаў вопратку на сабе, і надзеў вярэту на сьцёгны свае, і аплакваў сына свайго многа дзён.

35 І сабраліся ўсе сыны ягоныя і ўсе дочкі ягоныя, каб суцешыць яго; але ён не хацеў суцешыцца і сказаў: са смуткам сыйду да сына майго ў апраметную. Так аплакваў яго бацька ягоны.

36 А Мадыяніцяне прадалі яго ў Егіпет Патыфару, царадворцу фараонаваму, начальніку целаахоўцаў.

 

Разьдзел 38

 

1 Тым часам Юда адышоў ад братоў сваіх і пасяліўся паблізу аднаго Адаламіцяніна, імя якога: Хіра.

2 І ўбачыў там Юда дачку аднаго Хананэяніна, імя якога: Шуа; і ўзяў яе і ўвайшоў у яе.

3 Яна зачала і нарадзіла сына; і ён даў яму імя: Ір.

4 І зачала зноў, і нарадзіла сына, і дала яму імя: Анан.

5 І яшчэ нарадзіла сына і дала яму імя: Шэла. Юда быў у Хэзіве, калі яна нарадзіла яго.

6 І ўзяў Юда жонку Іру, першынцу свайму; імя ёй Тамар.

7 Ір, першынец Юдаў, быў неспадобны прад вачыма Госпада, і ўсьмерціў яго Гасподзь.

8 І сказаў Юда Анану: увайдзі да жонкі брата твайго, ажаніся зь ёю, як швагер, і аднаві семя брату твайму.

9 Анан ведаў, што семя будзе не яму; і таму, калі ўваходзіў да жонкі брата свайго, выліваў на зямлю, каб ня даць семя брату свайму.

10 Благое было прад вачыма Госпада тое, што ён рабіў; і Ён усьмерціў яго.

11 І сказаў Юда Тамары, нявестцы сваёй: жыві ўдавою ў доме бацькі твайго, пакуль падрасьце Шэла, сын мой. Бо ён сказаў: не памёр бы і ён, як браты ягоныя. Тамар пайшла і пачала жыць у доме ў бацькі свайго.

12 Прайшло шмат часу, і памерла дачка Шуі, жонка Юдава. Юда суцешыўшыся пайшоў у Тамну, да стрыгалёў быдла ягонага, сам і Хіра, сябар ягоны Адаламіцянін.

13 І паведамілі Тамары, кажучы: вось, сьвёкар твой ідзе ў Тамну стрыгчы быдла сваё.

14 І зьняла яна зь сябе вопратку ўдоўства свайго, накрыла сябе пакрывалам і закрыўшыся села каля брамы Энаіма, што на дарозе ў Тамну. Бо бачыла, што Шэла вырас, і яна ня дадзена яму за жонку.

15 І ўбачыў яе Юда і палічыў яе за распусьніцу, бо яна захінула твар свой.

16 Ён павярнуўся да яе і сказаў: увайду я да цябе. Бо ня ведаў, што гэта - нявестка ягоная. Яна сказала: што ты дасі мне, калі ўвойдзеш да мяне?

17 Ён сказаў: я прышлю табе казьляня са статку. Яна сказала: ці дасі ты мне заклад, пакуль прышлеш?

18 Ён сказаў: які даць табе заклад? Яна сказала: пячатку тваю, і перавязь тваю, і лёску тваю, якая ў руцэ тваёй. І даў ён ёй і ўвайшоў да яе; і яна зачала ад яго.

19 І ўстаўшы пайшла, зьняла зь сябе пакрывала сваё і апранулася ў вопратку ўдоўства свайго.

20 А Юда паслаў казьляня празь сябра свайго Адаламіцяніна, каб забраць заклад з рукі жанчыны; але ён не знайшоў яе.

21 І спытаўся ў жыхароў той мясьціны, кажучы: дзе распусьніца, якая была ў Энаіме пры дарозе? Але яны сказалі: тут ня было распусьніцы.

22 І вярнуўся ён да Юды і сказаў: я не знайшоў яе; ды і жыхары мясьціны той сказалі: тут ня было распусьніцы.

23 Юда сказаў: няхай яна возьме сабе, каб толькі не пачалі з нас сьмяяцца; вось, я пасылаў гэтае казьляня; але ты не знайшоў яе.

24 Прайшло каля трох месяцаў, і сказалі Юду, кажучы: Тамар, нявестка твая, далася ў распусту, і вось, яна цяжарная ад распусты. Юда сказаў: выведзіце яе, і хай яна будзе спалена.

25 Але калі павялі яе, яна паслала сказаць сьвёкру свайму: я цяжарная ад таго, чые гэта рэчы. І сказала: даведайся, чыя гэта пячатка і перавязь і лёска.

26 Юда пазнаў і сказаў: яна справядлівейшая за мяне, бо я ня даў яе Шэлу, сыну майму. І не спазнаваў яе болей.

27 Пад час родаў яе выявілася, што блізьняты ў нутробе ў яе.

28 І пад час родаў яе паказалася рука; і ўзяла бабка-павітуха і навязала яму на руку чырвоную нітку, сказаўшы: гэты выйшаў першы.

29 Але ён вярнуў руку сваю; і вось, выйшаў брат ягоны. І яна сказала: як ты разарваў сабе перашкоду? І дадзена яму імя: Фарэс.

30 Потым выйшаў брат ягоны з чырвонаю ніткаю на руцэ. І дадзена яму імя: Зара.

 

Разьдзел 39

 

1 А Язэпа зьвялі ў Егіпет. І купіў яго з рук Ізмаільцянаў, якія прывялі яго туды, Егіпцянін Патыфар, царадворац фараонаў, начальнік целаахоўцаў.

2 І быў Гасподзь зь Язэпам: яму спрыяў посьпех у дзеях і ён жыў у доме гаспадара свайго, Егіпцяніна.

3 І ўбачыў гаспадар ягоны, што Гасподзь зь ім, і што ўсяму, што ён робіць, Гасподзь у руках ягоных дае посьпех.

4 І здабыў Язэп у вачах ягоных упадабаньне і служыў яму. І ён паставіў яго над домам сваім, і ўсё, што меў, аддаў на рукі яму.

5 І з таго часу, як ён паставіў яго над домам сваім і над усім, што меў, Гасподзь дабраславіў дом Егіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславеньне Гасподняе на ўсім, што меў ён у доме і ў полі.

6 І пакінуў ён усё, што меў, у руках у Язэпа, і ня ведаў пры ім нічога, акрамя хлеба, які ён еў. А Язэп быў прыгожы станам і прыгожы з твару.

7 І зьвярнула позірк на Язэпа жонка гаспадара ягонага і сказала: сьпі са мною.

8 Але ён адмовіўся і сказаў жонцы гаспадара свайго: вось, гаспадар мой ня рупіцца пры мне пра нішто ў доме, і ўсё, што мае, аддаў у мае рукі;

9 няма болей мяне ў доме гэтым; і ён не забараніў мне нічога, акрамя цябе, бо ты жонка яму; як жа зраблю я гэта вялікае ліха і зграшу прад Богам?

10 Калі так яна штодня гаварыла Язэпу, а ён ня слухаўся яе, каб спаць зь ёю і быць зь ёю,

11 сталася аднаго дня, што ён увайшоў у дом рабіць справу сваю, а нікога з хатніх тут у доме ня было;

12 яна схапіла яго за вопратку ягоную і сказала: кладзіся са мною. Але ён, пакінуўшы вопратку сваю ў руках у яе, пабег і выбег прэч.

13 А яна, убачыўшы, што ён пакінуў вопратку сваю ў руках у яе і пабег прэч,

14 клікнула хатніх сваіх і сказала ім так: паглядзеце, ён прывёў да нас Габрэя зьдзекавацца з нас. Ён прыйшоў да мяне, каб легчы са мною; але я закрычала моцным голасам,

15 І ён, пачуўшы, што я падняла лямант і закрычала, пакінуў у мяне вопртаку сваю, і пабег, і выбег прэч.

16 І пакінула вопратку ягоную ў сябе да прыходу гаспадара ягонага ў дом свой.

17 І пераказала яму тыя самыя словы, кажучы: раб Габрэй, якога ты прывёў да нас, прыходзіў да мяне зьдзекавацца зь мяне;

18 але, калі я падняла лямант і закрычала, ён пакінуў у мяне вопратку сваю і выбег прэч.

19 Калі гаспадар ягоны пачуў словы жонкі сваёй, якія яна сказала яму, кажучы: так учыніў са мною раб твой, - дык запалаў гневам;

20 і ўзяў Язэпа гаспадар ягоны і аддаў яго ў цямніцу, дзе ўвязьнены вязьні цара. І быў ён там у цямніцы.

21 І Гасподзь быў зь Язэпам, і зрабіў яму ласку, і дараваў яму ўпадабаньне ў вачах начальніка цямніцы.

22 І аддаў начальнік цямніцы ў рукі Язэпу ўсіх вязьняў, якія былі ў цямніцы, і ва ўсім, што яны там ні рабілі, ён быў распарадчыкам.

23 Начальнік цямніцы і не глядзеў ні за чым, што было ў яго ў руках, бо Гасподзь быў зь Язэпам, і ва ўсім, што ён рабіў, Гасподзь даваў посьпех.

 

Разьдзел 40

 

1 Пасьля гэтага чашнік цара Егіпецкага і пекар правінаваціліся перад гаспадаром сваім, царом Егіпецкім.

2 І ўгневаўся фараон на двух царадворцаў сваіх, на галоўнага чашніка і на галоўнага пекара,

3 і аддаў іх пад варту ў дом да начальніка целаахоўцаў, у цямніцу, у тое месца, дзе ўвязьнены быў Язэп.

4 Начальнік целаахоўцаў прыставіў да іх Язэпа, і ён служыў ім. І прабылі яны пад вартаю некаторы час.

5 Аднаго разу чашніку і пекару цара Егіпецкага, увязьненым у цямніцы, бачыліся сны, кожнаму свой сон, абодвум у адну ноч, кожнаму сон адмысловага значэньня.

6 І прыйшоў да іх Язэп раніцай, убачыў іх, і вось, яны сумеліся.

7 І спытаўся ён у царадворцаў фараонавых, якія былі зь ім у доме гаспадара ягонага пад вартаю, кажучы: чаго ў вас сёньня журботныя твары?

8 Яны сказалі яму: нам прысьніліся сны, а растлумачыць іх няма каму. Язэп сказаў ім: ці не ад Бога тлумачэньні? раскажэце мне.

9 І расказаў галоўны чашнік Язэпу сон свой і сказаў яму: мне сьнілася, вось вінаградная лаза перад мною;

10 на лазе тры галінкі; яна разьвілася, паказаліся на ёй кветкі, вырасьлі і пасьпелі на ёй ягады;

11 і чаша фараонавая ў мяне ў руцэ; я ўзяў ягад, выціснуў іх у чашу фараонавую і падаў чашу ў руку фараону.

12 І сказаў яму Язэп: вось тлумачэньне яго: тры галінкі - гэта тры дні;

13 праз тры дні фараон узьнясе галаву тваю і верне цябе на месца тваё, і ты падасі чашу фараонавую ў руку яму, па ранейшай завядзёнцы, калі ты быў у яго чашнікам;

14 спамяні ж пра мяне, калі табе будзе добра, і зрабі мне дабрачынства, і нагадай пра мяне фараону, і выведзі мяне з гэтага дома;

15 бо я ўкрадзены зь зямлі Габрэяў; а таксама і тут нічога не зрабіў, за што б кідаць мяне ў цямніцу.

16 Галоўны пекар убачыў, што растлумачыў ён добра, і сказаў Язэпу: мне таксама сьнілася: вось на галаве ў мяне тры кашы кратаваныя;

17 у верхнім кашы ўсялякая ежа фараонавая, вырабы пекара, і птушкі дзяўблі яе з каша на галаве маёй.

18 І адказваў Язэп і сказаў: вось тлумачэньне яго: тры кашы - гэта тры дні.

19 праз тры дні фараон здыме зь цябе галаву тваю і павесіць цябе на дрэве, і птушкі будуць дзяўбці плоць тваю зь цябе.

20 На трэці дзень, дзень народзінаў фараонавых, учыніў ён гасьціну ўсім слугам сваім і ўспомніў пра галоўнага чашніка і галоўнага пекара сярод слуг сваіх;

21 і вярнуў галоўнага чашніка на ранейшае месца, і ён падаў чашу ў руку фараону;

22 а галоўнага хлебадара павесіў на дрэве, як растлумачыў ім Язэп.

23 І ня ўспомніў галоўны чашнік пра Язэпа, а забыў яго.

 

Разьдзел 41

 

1 Як прайшло два гады, фараону прысьнілася: вось, ён стаіць каля ракі;

2 і вось, выйшлі з ракі сем кароў, добрых з выгляду і ўкормленых целам, і пасьвіліся ў трысьнягу;

3 але вось, пасьля іх выйшлі з ракі сем кароў іншых, благіх з выгляду і худых целам, і сталі каля тых кароў на беразе ракі;

4 і зьелі каровы благія з выгляду і худыя целам сем кароў добрых з выгляду і ўкормленых. І прачнуўся фараон,

5 і заснуў зноў, і сьнілася яму другім разам: вось, на адной сьцябліне падняліся сем каласоў налітых і добрых;

6 але вось, пасьля іх вырасла сем каласоў пустых і высушаных усходнім ветрам;

7 і пажэрлі пустыя каласы сем каласоў налітых і поўных. І прачнуўся фараон і зразумеў, што гэта сон.

8 Раніцай сумеўся дух ягоны, і паслаў ён, і паклікаў усіх вешчуноў Егіпта і ўсіх мудрацоў ягоных, і расказаў ім фараон сон свой; але ня было нікога, хто растлумачыў бы яго фараону.

9 І пачаў гаварыць галоўны чашнік фараону і сказаў: грахі мае ўспамінаю я сёньня;

10 фараон угневаўся на рабоў сваіх і аддаў мяне і галоўнага пекара пад варту ў дом начальніка целаахоўцаў;

11 і сьніўся нам сон у адну ноч, мне і яму, кожнаму сьніўся сон адмысловага значэньня;

12 а там быў з намі малады Габрэй, раб начальніка целаахоўцаў; мы расказалі яму сны нашыя, і ён растлумачыў нам кожнаму адпаведна яго сну;

13 і як ён растлумачыў нам, так і збылося: я вернуты на месца маё, а той павешаны.

14 І паслаў фараон і паклікаў Язэпа. І пасьпешна вывелі яго зь цямніцы. Ён пастрыгся і зьмяніў вопратку сваю і прыйшоў да фараона.

15 Фараон сказаў Язэпу: мне сьніўся сон, і няма нікога, хто растлумачыў бы яго, а пра цябе я чуў, што ты ўмееш тлумачыць сны.

16 І адказваў Язэп фараону, кажучы: гэта не маё: Бог дасьць адказ на карысьць фараону.

17 І сказаў фараон Язэпу: мне сьнілася: вось, стаю я на беразе ракі;

18 і вось, выйшлі з ракі сем кароў укормленых целам і добрых з выгляду і пасьвіліся ў трысьнягу;

19 але вось, пасьля іх выйшлі сем кароў іншых, кепскіх, вельмі благіх з выгляду і худых целам: я ня бачыў на ўсёй зямлі Егіпецкай такіх кепскіх, як яны;

20 і зьелі худыя і кепскія каровы ранейшых сем кароў укормленых;

21 і ўвайшлі ўкормленыя ў нутробу іхнюю, але ня прыкметна было, што яны ўвайшлі ў нутробу іхнюю: яны былі такія самыя благія з выгляду, як і да таго. І я прачнуўся.

22 Потым сьнілася мне: вось, на адной сьцябліне паднялося сем каласоў поўных і добрых:

23 але вось, пасьля іх вырасла сем каласоў тонкіх, пустых і высушаных усходнім ветрам;

24 і зжэрлі худыя каласы сем каласоў добрых. Я расказаў гэта вяшчунам, але ніхто не растлумачыў мне.

25 І сказаў Язэп фараону: сон фараонаў адзін: што Бог зробіць, тое ён абвясьціў фараону.

26 Сем кароў добрых, гэта сем гадоў; і сем каласоў добрых, гэта сем гадоў: сон адзін;

27 і сем кароў благіх і худых, якія выйшлі пасьля тых, гэта сем гадоў, таксама і сем каласоў худых і высушаных усходнім ветрам, гэта сем гадоў голаду.

28 Вось, чаму сказаў я фараону: што Бог зробіць, тое Ён паказаў фараону.

29 Вось настаюць сем гадоў багацьця на ўсёй зямлі Егіпецкай;

30 пасьля іх настануць сем гадоў голаду: і забудзецца ўсё тое багацьце на зямлі Егіпецкай, і зблажыць голад зямлю,

31 і не пазнаванае будзе ранейшае багацьце на зямлі, з прычыны голаду, які прыйдзе пасьля, бо ён будзе вельмі цяжкі.

32 А што сон паўтарыўся фараону два разы, гэта азначае, што гэта сапраўды слова Божае, і што неўзабаве Бог выканае гэта.

33 І сёньня хай нагледзіць фараон чалавека разумнага і мудрага і хай паставіць яго над зямлёй Егіпецкай.

34 Хай загадае фараон паставіць над зямлёю наглядчыкаў і зьбіраць у сем гадоў багацьця пятую частку зь зямлі Егіпецкай;

35 хай яны бяруць усякі хлеб гэтых будучых добрых гадоў і зьбяруць у гарадах хлеб пад руку фараона на ежу, і хай ашчаджаюць;

36 і будзе гэтая ежа запасам для зямлі на сем гадоў голаду, якія будуць у зямлі Егіпецкай, каб зямля не загінула ад голаду.

37 Гэта спадабалася фараону і ўсім слугам ягоным.

38 І сказаў фараон слугам сваім: ці знойдзем мы такога, як ён, чалавека, у якім быў бы Дух Божы?

39 І сказаў фараон Язэпу: як бо Бог адкрыў табе ўсё гэта, дык няма такога разумнага, як ты;

40 ты будзеш над домам маім, і твайго слова трымацца будзе ўвесь народ мой; толькі тронам я буду большы за цябе.

41 І сказаў фараон Язэпу: вось, я пастаўлю цябе над усёю зямлёю Егіпецкаю.

42 І зьняў фараон пярсьцёнак свой з рукі свае і надзеў яго на руку Язэпу; апрануў яго ў вісоннае адзеньне, усклаў залаты ланцуг на шыю яму;

43 загадаў везьці яго на другой сваёй калясьніцы і абвяшчаць перад ім: схіляйцеся! І паставіў яго над усёю зямлёю Егіпецкаю.

44 І сказаў фараон Язэпу: я фараон; безь цябе ніхто не варухне ні рукою сваёю, ні нагою сваёю ва ўсёй зямлі Егіпецкай.

45 І даў фараон Язэпу імя: Цафнат-панэах; і даў яму за жонку Асэнэту, дачку Потыфэра, жраца Она. І пайшоў Язэп па зямлі Егіпецкай.

46 Язэпу было трыццаць гадоў ад роду, калі ён стаў перад абліччам цара Егіпецкага. І выйшаў Язэп ад аблічча фараонавага і прайшоў па ўсёй зямлі Егіпецкай.

47 А зямля сем гадоў багатых радзіла зь зерня па прыгаршчах.

48 І сабраў ён усякі хлеб сямі гадоў, якія былі ў зямлі Егіпецкай, і паклаў хлеб у гарадах; у кожным горадзе паклаў хлеб палёў, якія былі вакол яго.

49 І ашчадзіў Язэп хлеба даволі многа, як пяску марскога, так што перастаў і лічыць, бо ня стала ліку.

50 Пакуль насталі гады голаду, у Язэпа нарадзіліся два сыны, якіх нарадзіла яму Асэнэта, дачка Потыфэра, жраца Іліёпальскага.

51 І даў Язэп імя першынцу: Манасія, бо Бог даў мне забыць усе няшчасьці мае і ўвесь дом бацькі майго.

52 А другому даў імя: Яфрэм, бо Бог зрабіў мяне плодным у зямлі цярпеньняў маіх.

53 І прайшло сем гадоў багацьця, якое было ў зямлі Егіпецкай,

54 і насталі сем гадоў голаду, як сказаў Язэп. І быў голад ва ўсіх землях, а ва ўсёй зямлі Егіпецкай быў хлеб.

55 Але калі і ўся зямля Егіпецкая пачала цярпець голад, дык народ пачаў галасіць фараону пра хлеб. І сказаў фараон усім Егіпцянам: ідзеце да Язэпа і рабеце, што ён вам скажа.

56 І быў голад па ўсёй зямлі; і адчыніў Язэп усе засекі і пачаў прадаваць хлеб Егіпцянам. А голад мацнеў у зямлі Егіпецкай.

57 І з усіх краінаў прыходзілі ў Егіпет купляць хлеб у Язэпа: бо голад узмацніўся па ўсёй зямлі.

 

Разьдзел 42

 

1 І даведаўся Якаў, што ў Егіпце ёсьць хлеб, і сказаў Якаў сынам сваім: што вы гледзіце?

2 і сказаў: вось, я чуў, што ёсьць хлеб у Егіпце; ідзеце туды і купеце нам хлеба адтуль, каб нам жыць і не памерці.

3 Дзесяць братоў Язэпавых пайшлі купіць хлеба ў Егіпце,

4 а Веньяміна, брата Язэпавага, не паслаў Якаў з братамі ягонымі, бо сказаў: ня сталася б зь ім бяды.

5 І прыйшлі сыны Ізраілевыя купляць хлеб разам зь іншымі прыбыльцамі, бо ў зямлі Ханаанскай быў голад.

6 А Язэп быў правадырам у зямлі той: ён і прадаваў хлеб усяму народу зямлі. Браты Язэпа прыйшлі і пакланіліся яму тварам да зямлі.

7 І ўбачыў Язэп братоў сваіх і пазнаў іх; але ўдаў, быццам ня ведае іх, і гаворыць зь імі сурова і сказаў ім: адкуль вы прыйшлі? Яны сказалі: зь зямлі Ханаанскай, купіць ежы.

8 Язэп пазнаў братоў сваіх; але яны не пазналі яго.

9 І ўспомніў Язэп сны, якія сьніліся яму пра іх; і сказаў ім: вы - выведнікі, вы прыйшлі паглядзець галізну* зямлі гэтай.

10 Яны сказалі яму: не, спадару наш; рабы твае прыйшлі купіць ежы;

11 мы ўсе дзеці аднаго чалавека; мы людзі сумленныя; рабы твае ня бывалі выведнікамі.

12 Ён сказаў ім: не, вы прыйшлі падгледзець галізну зямлі гэтай.

13 Яны сказалі: нас, рабоў тваіх, дванаццаць братоў; мы сыны аднаго чалавека ў зямлі Ханаанскай, і вось, меншы цяпер з бацькам нашым, а аднаго ня стала.

14 І сказаў ім Язэп: гэта самае я і казаў вам, сказаўшы: вы выведнікі;

15 вось, як вы будзеце выпрабаваны: прысягаю жыцьцём фараонавым, вы ня выйдзеце адгэтуль, калі ня прыйдзе сюды меншы брат ваш;

16 пашлеце аднаго з вас, і хай ён прывядзе брата вашага; а вы будзеце затрыманы; і адкрыецца, ці вашая праўда, а калі не, дык прысягаю жыцьцём фараонавым, што вы выведнікі.

17 І аддаў іх пад варту на тры дні.

18 І сказаў ім Язэп на трэці дзень: вось, што зрабеце, і застанецеся жывыя, бо я баюся Бога:

19 калі вы людзі сумленныя, дык адзін брат з вас хай будзе трыманы ў доме, дзе вы ўвязьнены; а вы ідзеце, завязеце хлеб, з прычыны голаду ў сем'ях вашых;

20 а брата вашага меншага прывядзеце да мяне, каб спраўдзіліся словы вашыя і каб не памерці вам. Так яны і зрабілі.

21 І казалі яны адзін аднаму: і праўда ж, гэта кара нам за грэх супроць брата нашага; мы бачылі пакуту душы ягонай, калі ён маліў нас, але не паслухалі яго; за тое і прыйшла на нас бяда гэтая.

22 Рувім адказваў ім і сказаў: ці ж не казаў я вам: не грашэце супроць хлопца? але вы не паслухаліся; вось, кроў яго спаганяецца.

23 А таго ня ведалі яны, што Язэп разумее; бо сярод іх быў перагаворшчык.

24 І адышоў ад іх і заплакаў. І вярнуўся да іх, і гаварыў зь імі, і, узяўшы зь іх Сымона, зьвязаў яго на вачах у іх.

25 І загадаў Язэп напоўніць мяхі іхнія хлебам, а срэбра іхняе вярнуць кожнаму ў мяшок ягоны, і даў ім запасу на дарогу. Так і зроблена зь імі.

26 Яны паклалі хлеб свой на аслоў сваіх і пайшлі адтуль.

27 І адкрыў адзін зь іх мех свой, каб даць корму аслу свайму на начлезе, і ўбачыў срэбра сваё ў мяшку,

28 і сказаў сваім братам: срэбра маё вернута: вось яно ў мяшку ў мяне. І сумелася сэрца ў іх, і яны з дрыжыкамі казалі адзін аднаму: што гэта Бог зрабіў з намі?

29 І прыйшлі да Якава, бацькі свайго, у зямлю Ханаанскую і расказалі яму ўсё, што здарылася зь імі, кажучы:

30 правадыр той зямлі гаварыў з намі сурова і прыняў нас за выведнікаў зямлі той.

31 І сказалі мы яму: мы людзі сумленныя; мы ня бывалі выведнікамі:

32 нас дванаццаць братоў, сыноў у бацькі нашага; аднаго ня стала, а меншы цяпер з бацькам нашым у зямлі Ханаанскай.

33 І сказаў нам правадыр той зямлі: вось, як даведаюся я, ці сумленныя вы людзі: пакіньце ў мяне аднаго брата з вас; а вы вазьмеце хлеб з прычыны голаду ў сем'ях вашых, і ідзеце,

34 і прывядзеце да мяне меншага брата вашага: і даведаюся я, што вы ня выведнікі, а людзі сумленныя; аддам вам брата вашага, і вы можаце парупіцца ў гэтай зямлі.

35 А калі яны апаражнялі мяхі свае, вось, у кожнага кашэль срэбра ў мяху ягоным. І ўбачылі яны кашалі срэбра свайго, яны і бацька іхні, і спалохаліся.

36 І сказаў ім Якаў, бацька іхні: вы пазбавілі мяне дзяцей: Язэпа няма, і Сымона няма, і Веньяміна ўзяць хочаце, - усё гэта на мяне!

37 І сказаў Рувім бацьку свайму, кажучы: забі двух маіх сыноў, калі я не прывяду яго да цябе; аддай яго на мае рукі; я вярну яго табе.

38 Ён сказаў: ня пойдзе сын мой з вамі, бо брат ягоны памёр, і ён адзін застаўся; калі здарыцца зь ім няшчасьце ў дарозе, у якую вы пойдзеце, дык зьведзяце вы сівізну маю са смуткам у магілу.

 

 

* Галізну - любыя мясьціны

Разьдзел 43

 

1 Голад памацнеў на зямлі.

2 І калі яны зьелі хлеб, прывезены зь Егіпта, тады бацька іхні сказаў ім: ідзеце зноў, купеце нам крыху ежы.

3 І сказаў яму Юда, кажучы: той чалавек рашуча заявіў нам, сказаўшы: не яўляйцеся да мяне перад аблічча, калі брата вашага ня будзе з вамі.

4 Калі пашлеш з намі брата нашага, дык пойдзем і купім табе ежы;

5 а калі не пашлеш, дык ня пойдзем; бо той чалавек сказаў нам: не яўляйцеся да мяне перад аблічча, калі брата вашага ня будзе з вамі.

6 Ізраіль сказаў: навошта вы зрабілі мне такое ліха, сказаўшы таму чалавеку, што ў вас ёсьць яшчэ брат?

7 Яны сказалі: распытваў той чалавек пра нас і пра радзіну нашу, кажучы: ці жывы яшчэ бацька ваш? ці ёсьць у вас брат? Мы і расказалі яму паводле гэтых роспытаў. Ці ж маглі мы ведаць, што ён скажа: прывядзеце брата вашага?

8 А Юда сказаў Ізраілю, бацьку свайму: пусьці хлопца са мною; і мы ўстанем і пойдзем, і жывыя будзем і не памром і мы і дзеці нашыя;

9 я адказваю за яго, з маіх рук спатрабуеш яго; калі я не прывяду яго да цябе і не пастаўлю яго перад абліччам тваім, дык застануся я вінаваты перад табою на ўсе дні жыцьця:

10 калі б мы не марудзілі, дык ужо схадзілі б два разы.

11 Ізраіль, бацька іхні, сказаў ім: калі так, дык вось што зрабеце: вазьмеце з сабою пладоў зямлі гэтай, і занясеце ў дарунак чалавеку таму крыху бальзаму і крыху мёду, стыраксы і ладану, фісташкаў і мандальных арэхаў;

12 вазьмеце і другое срэбра ў рукі вашыя; а срэбра пакладзенае назад у мяшкі вашыя, вярнеце рукамі вашымі: магчыма, гэта недагляд;

13 і брата вашага вазьмеце і ўстаўшы ідзеце зноў да чалавека таго;

14 а Бог Усемагутны няхай дасьць вам прыдбаць ласку ў чалавека таго, каб ён адпусьціў вас і другога брата вашага і Веньяміна.

15 І ўзялі тыя людзі дарункі гэтыя, і срэбра ўдвая ўзялі ў рукі свае, і Веньяміна, і ўсталі, і пайшлі ў Егіпет і сталі перад абліччам Язэпа.

16 Язэп, убачыўшы сярод іх Веньяміна, сказаў начальніку дома свайго: увядзі гэтых людзей у дом, і закалі што-небудзь з быдла, і прыгатуй, бо са мною будуць есьці гэтыя людзі апоўдні.

17 І зрабіў чалавек той, як сказаў Язэп, і ўвёў чалавек той людзей гэтых у дом Язэпаў.

18 Спалохаліся людзі гэтыя, што ўвялі іх у дом Язэпаў, і сказалі: гэта за срэбра, вернутае раней у мяхі нашыя, увялі нас, каб прычапіцца да нас і напасьці на нас, і ўзяць нас у няволю, і аслоў нашых.

19 І падышлі яны да правадыра дома Язэпавага, і пачалі гаварыць яму каля дзьвярэй дома,

20 і сказалі: паслухай, спадару наш, мы прыходзілі ўжо раней купляць ежу,

21 і сталася, што, калі прыйшлі мы на начлег і адкрылі мяшкі нашыя, - вось срэбра кожнага ў мяшку ягоным, срэбра наша паводле вагі сваёй, і мы вяртаем яго сваімі рукамі;

22 а на куплю ежы мы прынесьлі іншае срэбра ў руках нашых; мы ня ведаем, хто паклаў срэбра нашае ў мяшкі нашыя.

23 Ён сказаў: будзьце спакойныя, ня бойцеся; Бог ваш і Бог бацькі вашага даў вам скарб у мяшках вашых; срэбра ваша дайшло да мяне. І прывёў да іх Сымона.

24 І ўвёў той чалавек людзей гэтых у дом Язэпаў і даў вады, і яны абмылі ногі свае; і задаў корму аслам іхнім.

25 І яны падрыхтавалі дарункі да прыходу Язэпа апоўдні, бо чулі, што там будуць есьці хлеб.

26 І прыйшоў Язэп дамоў; і яны прынесьлі яму ў дом дарункі, якія былі на руках іхніх, і пакланіліся яму да зямлі.

27 Ён распытаўся ў іх пра здароўе і сказаў: ці здаровы бацька ваш стары, пра якога вы казалі? ці жывы ён яшчэ?

28 Яны сказалі: здаровы раб твой, бацька наш, яшчэ жывы. І схіліліся яны і пакланіліся.

29 І падняў вочы свае Язэп, і ўбачыў Веньяміна, брата свайго, сына маці сваёй, і сказаў: гэта брат ваш меншы, пра якога вы казалі мне? І сказаў: хай будзе ласка Божая з табою, сыне мой!

30 І сьпешна сышоў Язэп, бо закіпела любоў да брата ягонага, і ён гатовы быў заплакаць, і ўвайшоў ён ва ўнутраны пакой і плакаў там.

31 І ўмыўшы твар свой, выйшаў, і стрымаўся і сказаў: падавайце ежу.

32 І падалі яму асобна, і ім асобна, і Егіпцянам, якія палуднавалі зь ім, бо Егіпцяне ня могуць есьці з Габрэямі, таму што гэта мярзота ў Егіпцян.

33 І селі яны перад ім, першародны паводле першародства ягонага, і малодшы паводле маладосьці ягонай, і дзівіліся гэтыя людзі адзін перад адным.

34 І пасылалі ім стравы ад яго, і доля Веньяміна была ў пяць разоў большая за долю кожнага зь іх. І пілі, і даволі пілі яны зь ім.

 

Разьдзел 44

 

1 І загадаў Язэп правадыру дома свайго, кажучы: напоўні мяшкі гэтых людзей ежаю, колькі яны могуць несьці, і срэбра кожнага пакладзі ў мяшок ягоны;

2 а чару маю, чару срэбраную, пакладзі ў мяшок малодшаму, разам са срэбрам за куплены хлеб. І зрабіў той паводле слова Язэпа, якое сказаў ён.

3 Раніцай, калі разьвіднела, гэтыя людзі былі адпушчаны, яны і аслы іхнія.

4 Яшчэ недалёка адышліся яны ад горада, як Язэп сказаў правадыру дома свайго: ідзі, даганяй гэтых людзей і, як дагоніш, скажы ім: навошта вы заплацілі злом за дабро?

5 ці ня тая гэта чара, зь якое п'е мой гаспадар? і ён варожыць на ёй; вы гэта блага зрабілі.

6 Ён дагнаў іх і сказаў ім гэтыя словы.

7 Яны сказалі яму: навошта гаспадар наш кажа такія словы? не, рабы твае ня зробяць такое справы;

8 вось, срэбра, знойдзенае намі ў мяшках нашых мы прынесьлі табе назад зь зямлі Ханаанскай: як жа нам украсьці з дома гаспадара твайго срэбра альбо золата?

9 у каго з рабоў тваіх знойдзецца чара, таму смерць, і мы будзем рабамі гаспадару нашаму.

10 Ён сказаў: добра; як вы сказалі, так няхай і будзе; у каго знойдзецца чара, той будзе мне рабом, а вы будзеце не вінаватыя.

11 Яны сьпешна апусьцілі кожны свой мяшок на зямлю і разьвязалі кожны свой мяшок.

12 Ён абшукаў, пачаў са старэйшага і скончыў малодшым; і знайшлася чара ў мяшку Веньямінавым.

13 І разадралі яны вопратку на сабе і, паклаўшы кожны на асла свайго ношку, вярнуліся ў горад.

14 І прыйшлі Юда і брат ягоны ў дом Язэпа, які быў яшчэ дома, і ўпалі перад ім на зямлю.

15 Язэп сказаў ім: што гэта вы зрабілі? хіба вы ня ведалі, што такі чалавек, як я, вядома, адгадае?

16 Юда сказаў: што нам сказаць гаспадару нашаму? што сказаць? чым апраўдацца? Бог знайшоў няпраўду рабоў тваіх; вось, мы рабы гаспадару нашаму, і мы, і той, у чыіх руках знайшлася чара.

17 Але Язэп сказаў: не, я гэтага не зраблю: той, у чыіх руках знайшлася чара, будзе мне рабом, а вы ідзеце зь мірам да бацькі вашага.

18 І падышоў Юда да яго і сказаў: гаспадару мой, дазволь рабу твайму сказаць слова ў вушы гаспадару майму і ня ўгневайся на раба твайго; бо ты тое самае, што фараон.

19 Гаспадар мой пытаў у рабоў сваіх, кажучы: ці ёсьць у вас бацька альбо брат?

20 Мы сказалі гаспадару нашаму, што ў нас ёсьць бацька састарэлы, і малодшы сын у яго, сын старасьці, брат якога памёр, а ён застаўся адзін ад маці сваёй, і бацька любіць яго.

21 А ты сказаў рабам тваім: прывядзеце яго да мяне, каб мне зірнуць на яго.

22 Мы сказалі гаспадару нашаму: хлопец ня можа пакінуць бацькі свайго, і калі ён пакіне бацьку свайго, дык той памрэ.

23 Але ты сказаў рабам тваім: калі ня прыйдзе з вамі меншы брат ваш, дык вы болей не яўляйцеся да мяне перад аблічча.

24 Калі мы прыйшлі да раба твайго, бацькі нашага, дык пераказалі яму словы гаспадара майго.

25 І сказаў бацька наш: ідзеце зноў, купеце нам крыху ежы.

26 Мы сказалі: нельга нам ісьці; а калі будзе з намі меншы брат наш, дык пойдзем; бо нельга нам бачыць твар таго чалавека, калі ня будзе з намі меншага брата нашага.

27 І сказаў нам раб твой, бацька наш: вы ведаеце, што жонка мая нарадзіла мне двух сыноў;

28 адзін пайшоў ад мяне, і я сказаў: праўда, ён разадраны; і я ня бачыў яго дагэтуль;

29 калі і гэтага забераце з вачэй маіх, і станецца зь ім няшчасьце, дык зьведзяце вы сівізну маю зь бядою ў магілу.

30 Цяпер калі я прыйду да раба твайго, бацькі нашага, і ня будзе з намі хлопца, з душою якога зьвязана душа ягоная,

31 дык ён, убачыўшы, што няма хлопца, памрэ; і зьвядуць рабы твае сівізну раба твайго, бацькі нашага, са смуткам у магілу.

32 Пры гэтым я, раб твой, узяўся адказваць за хлопца бацьку майму, сказаўшы: калі не прывяду яго да цябе, дык застануся я вінаваты перад бацькам маім ва ўсе дні жыцьця.

33 Дык вось, няхай я, раб твой, замест хлопца застануся рабом у гаспадара майго, а хлопец няхай ідзе з братамі сваімі:

34 бо як пайду я да бацькі свайго, калі хлопца ня будзе са мною? я ўбачыў бы ліха, якое напала б на бацьку майго.

 

Разьдзел 45

 

1 Язэп ня мог болей стрымлівацца пры ўсіх, што стаялі каля яго, і закрычаў: выведзіце ад мяне ўсіх. І не заставалася каля Язэпа нікога, калі ён адкрыўся братам сваім.

2 І моцна загаласіў ён, і пачулі Егіпцяне, і пачуў дом фараонаў.

3 І сказаў Язэп братам сваім: я - Язэп, ці жывы яшчэ бацька мой? Але браты ягоныя не маглі адказваць яму, бо яны сумеліся перад ім.

4 І сказаў Язэп братам сваім: падыдзеце да мяне. Яны падышлі. Ён сказаў: я - Язэп, брат ваш, якога вы прадалі ў Егіпет;

5 але цяпер не маркоцьцеся і не шкадуйце пра тое, што вы прадалі мяне сюды, бо паслаў мяне Бог перад вамі, каб захаваць вам жыцьцё;

6 бо цяпер два гады голаду на зямлі: яшчэ пяць гадоў, калі ні араць, ні жаць ня будуць;

7 Бог паслаў мяне перад вамі, каб пакінуць вас на зямлі і захаваць ваша жыцьцё вялікім збавеньнем.

8 Дык вось, ня вы паслалі мяне сюды, а Бог, Які і паставіў мяне бацькам фараону і гаспадаром ва ўсім доме ягоным і валадаром ва ўсёй зямлі Егіпецкай.

9 Ідзеце хутчэй да бацькі майго і скажэце яму: так кажа сын твой Язэп: Бог паставіў мяне гаспадаром над усім Егіптам: прыйдзі да мяне, не марудзь;

10 ты будзеш жыць у зямлі Гесэм і будзеш блізка ад мяне, ты і сыны твае, і сыны сыноў тваіх, і дробнае і буйное быдла тваё, і ўсё тваё;

11 і пракармлю цябе там, бо голад будзе яшчэ пяць гадоў, каб не згалеў ты і дом твой і ўсё тваё.

12 І вось вочы вашыя і вочы брата майго Веньяміна бачаць, што гэта мае вусны гавораць з вамі:

13 скажэце ж бацьку майму пра ўсю славу маю ў Егіпце і пра ўсё, што вы бачылі, і прывядзеце хутчэй бацьку майго сюды.

14 І ўпаў ён на шыю Веньяміну, брату свайму, і плакаў, і Веньямін плакаў на шыі ў яго.

15 І цалаваў усіх братоў сваіх і плакаў, абдымаючы іх. Потым гутарылі зь ім браты ягоныя.

16 Прайшла ў доме фараонавым чутка, што прыйшлі браты Язэпавы; і прыемна было фараону і рабам ягоным.

17 І сказаў фараон Язэпу: скажы братам тваім: вось, што зрабеце: наўючце быдла ваша і ступайце ў зямлю Ханаанскую;

18 і вазьмеце бацьку вашага і прыйдзеце да мяне; я дам вам дабро ў зямлі Егіпецкай, і вы будзеце есьці тлушч зямлі.

19 Табе ж загадваю сказаць ім: зрабеце гэта; вазьмеце сабе зь зямлі Егіпецкай калясьніц дзецям вашым і жонкам вашым, і прывязеце бацьку вашага і прыйдзеце;

20 і не шкадуйце рэчаў вашых, бо дабро з усёй зямлі Егіпецкай дам вам.

21 Так і зрабілі сыны Ізраілевыя. І даў ім Язэп калясьніцы, загадам фараона, і даў ім запас на дарогу;

22 кожнаму зь іх ён даў зьмену вопраткі, а Веньяміну даў трыста срэбранікаў і пяць зьмен вопраткі;

23 і бацьку свайму таксама паслаў дзесяць аслоў, наўючаных дабром Егіпецкім, і дзесяць асьліц, наўючаных зернем, хлебам і прыпасамі бацьку свайму на дарогу.

24 І адпусьціў братоў сваіх, і яны пайшлі. І сказаў ім: не сварэцеся ў дарозе.

25 І пайшлі яны зь Егіпта, і прыйшлі ў зямлю Ханаанскую да Якава, бацькі свайго,

26 і паведамілі яму, сказаўшы: Язэп жывы і цяпер валадарыць над усёю зямлёю Егіпецкаю. Але сэрца ягонае сумелася, бо ён ня верыў ім.

27 А калі яны пераказалі яму словы Язэпа, якія ён казаў ім, і калі ўбачыў калясьніцы, якія прыслаў Язэп, каб везьці яго, тады ажыў дух Якава, бацькі іхняга,

28 і сказаў Ізраіль: досыць, яшчэ жывы сын мой Язэп; пайду і ўбачу яго, пакуль не памру.

 

Разьдзел 46

 

1 І выправіўся Ізраіль з усім, што ў яго было, і прыйшоў у Вірсавію, і прынёс ахвяры Богу бацькі свайго Ісаака.

2 І сказаў Бог Ізраілю ва ўяве начной: Якаве! Якаве! Ён сказаў: вось я.

3 Бог сказаў: Я Бог, Бог бацькі твайго; ня бойся ісьці ў Егіпет, бо там павяду ад цябе народ вялікі;

4 Я пайду з табою ў Егіпет, Я і выведу цябе назад; Язэп сваёю рукою закрые вочы твае.

5 Якаў выправіўся зь Вірсавіі; і павезьлі сыны Ізраілевыя Якава, бацьку свайго і дзяцей сваіх і жонак сваіх на калясьніцах, якія паслаў фараон, каб прывезьці яго.

6 І ўзялі яны быдла сваё і маёмасьць сваю, якую набылі ў зямлі Ханаанскай, і прыйшлі ў Егіпет, - Якаў і ўвесь род ягоны зь ім.

7 Сыноў сваіх і ўнукаў сваіх з сабою, дачок сваіх і ўнучак сваіх і ўвесь род свой прывёў ён з сабою ў Егіпет.

8 Вось імёны сыноў Ізраілевых, якія прыйшлі ў Егіпет: Якаў і сыны ягоныя. Першынец Якава Рувім.

9 Сыны Рувімавыя: Ханох і Фалу, Хецрон і Хармі.

10 Сыны Сымона: Емуіл і Ямін, і Агад і Яхін, і Цахар і Саўл, сын Хананэйкі.

11 Сыны Левія: Гірсон, Кааф і Мэрары.

12 Сыны Юдавыя: Ір і Анан, і Шэла і Фарэс і Зара; але Ір і Анан памерлі ў зямлі Ханаанскай. Сыны Фарэсавыя былі: Эсром і Хамул.

13 Сыны Ісахаравыя: Тола і Фува, Ёў і Шымрон.

14 Сыны Завулонавыя: Сэрэд і Элон і Яхлэіл.

15 Гэта сыны Ліі, якіх яна нарадзіла Якаву ў Месапатаміі, і Дзіну, дачку ягоную. Усіх душ сыноў ягоных і дачок ягоных трыццаць тры.

16 Сыны Гадавыя: Цыфіён і Хагі, Шуні і Эцбон, Эры і Ароды і Арэлі.

17 Сыны Асіравыя: Імна і Ішва, і Ішві і Брыя, і Сэрах, сястра іхняя. Сыны Брыі: Хэвэ і Малхііл.

18 Гэта сыны Зэлфы, якую Лаван даў Ліі, дачцэ сваёй: яна нарадзіла іх Якаву шаснаццаць душ.

19 Сыны Рахілі, жонкі Якава: Язэп і Веньямін.

20 І нарадзіліся ў Язэпа ў зямлі Егіпецкай Манасія і Яфрэм, якіх нарадзіла яму Асэнэта, дачка Потыфэра, жраца Она.

21 Сыны Веньяміна: Бэла і Бэхер і Ашбэл; Гера і Нааман, Эхі і Рош, Муіпім і Хупім і Ард.

22 Гэта сыны Рахілі, якія нарадзіліся ў Якава, усяго чатырнаццаць душ.

23 Сын Данаў: Хушым.

24 Сыны Нэфталімавыя: Яхцэіл і Гуні, Ецэр і Шылэм.

25 Гэта сыны Валы, якую даў Лаван дачцэ сваёй Рахілі; яна і нарадзіла іх Якаву ўсяго сем душ.

26 Усіх душ, што прыйшлі зь Якавам у Егіпет, якія выйшлі са сьцёгнаў ягоных, апрача жонак сыноў Якаўлевых, усяго шэсьцьдзясят шэсьць душ.

27 Сыноў Язэпа, якія нарадзіліся ў Егіпце, дзьве душы. Усіх душ дома Якаўлевага, што перайшлі ў Егіпет, семдзесят пяць.

28 Юду паслаў ён перад сабою да Язэпа, каб ён паказваў дарогу ў Гесэм. І прыйшлі ў зямлю Гесэм.

29 Язэп запрог калясьніцу сваю і выехаў насустрач Ізраілю, бацьку свайму, у Гесэм, і, убачыўшы яго, упаў на шыю яму, і доўга плакаў на шыі ў яго.

30 І сказаў Ізраіль Язэпу: памру я цяпер, убачыўшы аблічча тваё; бо ты яшчэ жывы.

31 І сказаў Язэп братам сваім і дому бацькі свайго: я пайду, паведамлю фараону і скажу яму: браты мае і дом бацькі майго, якія былі ў зямлі Ханаанскай, прыйшлі да мяне;

32 гэтыя людзі пастухі авечак, бо скатаводы яны; і дробнае і буйное быдла сваё, і ўсё, што ў іх, прывялі яны.

33 Калі фараон пакліча вас і скажа: які занятак ваш?

34 дык вы скажэце: мы, рабы твае, уласьнікамі статкаў былі з маладосьці нашай да сёньня, і мы і бацькі нашыя, - каб вас пасялілі ў зямлі Гесэм. Бо гідотны Егіпцянам усякі пастухавечы.

 

Разьдзел 47

 

1 І прыйшоў Язэп і паведаміў фараону і сказаў: бацька мой і браты мае, з дробным і буйным быдлам сваім і з усім, што ў іх, прыйшлі зь зямлі Ханаанскай: і вось, яны ў зямлі Гесэм.

2 І з братоў сваіх ён узяў пяць чалавек і прадставіў іх фараону.

3 І сказаў фараон братам ягоным: які ваш занятак? Яны сказалі фараону: пастухі авечак рабы твае, і мы і бацькі нашыя.

4 І сказалі яны фараону: мы прыйшлі пажыць у гэтай зямлі, бо няма пашы быдлу рабоў тваіх, бо ў зямлі Ханаанскай вялікі голад; дык вось, дазволь пасяліцца рабам тваім у зямлі Гесэм.

5 І сказаў фараон Язэпу: бацька твой і браты твае прыйшлі да цябе;

6 зямля Егіпецкая перад табою; на лепшым месцы зямлі пасялі бацьку твайго і братоў тваіх; няхай жывуць яны ў зямлі Гесэм; і калі ведаеш, што сярод іх ёсьць здольныя людзі, пастаў іх даглядчыкамі майго быдла.

7 І прывёў Язэп Якава, бацьку свайго, і прадставіў яго фараону: і дабраславіў Якаў фараона.

8 Фараон сказаў Якаву: колькі гадоў жыцьцю твайму?

9 Якаў сказаў фараону: дзён вандраваньня майго сто трыццаць гадоў; малыя і няшчасныя дні жыцьця майго і не дасягнулі гадоў жыцьця бацькоў маіх, у днях вандраваньня іхняга.

10 І дабраславіў фараона Якаў і выйшаў ад фараона.

11 І пасяліў Язэп бацьку свайго і братоў сваіх, і даў ім валоданьне зь зямлі Егіпецкай, у найлепшай частцы зямлі, у зямлі Раамсэс, як загадаў фараон.

12 І забясьпечваў Язэп бацьку свайго і братоў сваіх і ўвесь дом бацькі свайго хлебам, паводле патрэбаў кожнага сямейства.

13 І ня было хлеба па ўсёй зямлі, бо голад вельмі памацнеў, і аслабелыя былі ад голаду зямля Егіпецкая і зямля Ханаанская.

14 Язэп сабраў усё срэбра, якое было ў зямлі Егіпецкай і ў зямлі Ханаанскай, за хлеб, які куплялі, і ўнёс Язэп срэбра ў дом фараонаў.

15 І срэбра скончылася ў зямлі Егіпецкай і ў зямлі Ханаанскай. Усе Егіпцяне прыйшлі да Язэпа і казалі: дай нам хлеба; навошта нам паміраць перад табою, таму што срэбра выйшла ў нас?

16 Язэп сказаў: прыганяйце быдла ваша, і я буду даваць вам за быдла ваша, калі срэбра выйшла ў вас.

17 І прыганялі яны да Язэпа быдла сваё; і даваў ім Язэп хлеб за коней, і за статкі дробнага быдла, і за статкі буйнога быдла, і за аслоў; і забясьпечваў іх хлебам у той год за ўсё быдла іхняе.

18 І прайшоў гэты год: і прыйшлі да яго на другі год і сказалі яму: не схаваем ад гаспадара нашага, што срэбра скончылася і статкі быдла нашага ў гаспадара нашага; нічога не засталося ў нас перад гаспадаром нашым, апрача целаў нашых і земляў нашых;

19 навошта нам гінуць у вачах тваіх, і нам і землям нашым? купі нас і землі нашыя за хлеб, і мы зь землямі нашымі будзем рабамі фараону, а ты дай нам насеньня, каб нам быць жывымі і не памерці, і каб не апусьцела зямля.

20 І купіў Язэп усю зямлю Егіпецкую фараону, бо прадалі Егіпцяне кожны сваё поле; бо голад адольваў іх. І дасталася зямля фараону.

21 І народ зрабіў ён рабамі з аднаго канца Егіпта ў другі.

22 Толькі землі жрацоў ня купіў, бо жрацам ад фараона выдзелена была дзялянка, і яны карміліся сваёй дзялянкай, якую даў ім фараон; таму і не прадалі зямлі сваёй.

23 І сказаў Язэп народу: вось, я купіў цяпер фараону вас і зямлю вашу; вось вам насеньне, і засявайце зямлю;

24 калі будзе жніво, давайце пятую частку фараону, а чатыры часткі застануцца вам на засяваньне палёў, на ежу вам і тым, хто ў дамах вашых, і на ежу дзецям вашым.

25 Яны сказалі: ты ўратаваў нам жыцьцё; хай жа здабудзем ласку ў вачах гаспадара нашага і хай будзем рабамі фараону.

26 І пастанавіў Язэп законам зямлі Егіпецкай, нават да сёньняшняга дня: пятую чстку даваць фараону, выключаючы толькі зямлю жрацоў, якая не належала фараону.

27 І жыў Ізраіль у зямлі Егіпецкай, у зямлі Гесэм, і валодалі яны ёю, і пладзіліся, і вельмі памножыліся.

28 І жыў Якаў у зямлі Егіпецкай сямнаццаць гадоў; і было дзён Якава, гадоў жыцьця ягонага сто сорак сем гадоў.

29 І прыйшоў час Ізраілю памерці, і паклікаў ён сына свайго Язэпа і сказаў яму: калі я знайшоў упадабаньне ў вачах тваіх, пакладзі руку тваю пад сьцягно маё і прысягні, што ты зробіш мне ласку і праўду, не пахаваеш мяне ў Егіпце,

30 каб мне легчы з бацькамі маімі: вынесеш мяне зь Егіпта і пахаваеш мяне ў іхняй магільніцы. Язэп сказаў: зраблю паводле слова твайго.

31 І сказаў: прысягні мне. І запрысягнуўся яму. І пакланіўся Ізраіль на ўзгалоўе пасьцелі.

 

Разьдзел 48

 

1 Пасьля таго Язэпу сказалі: вось, бацька твой хворы. І ён узяў з сабою двух сыноў сваіх, Манасію і Яфрэма.

2 Якаву паведамілі і сказалі: вось, сын твой Язэп ідзе да цябе. Ізраіль сабраў сілу сваю і сеў на пасьцелі.

3 І сказаў Якаў Язэпу: Бог Усемагутны явіўся мне ў Лузе, у зямлі Ханаанскай, і дабраславіў мяне,

4 і сказаў мне: вось, Я распладжу цябе і памножу цябе, і выведу зь цябе мноства народаў, і дам зямлю гэтую нашчадкам тваім пасьля цябе, у вечнае валоданьне.

5 І сёньня два сыны твае, што радзіліся ў зямлі Егіпецкай, да майго прыбыцьця да цябе ў Егіпет, мае яны; Яфрэм і Манасія, як Рувім і Сымон, будуць мае;

6 а твае дзеці, якія народзяцца ад цябе пасьля іх, будуць твае; яны пад імем братоў сваіх будуць называцца ў спадках іхніх.

7 Калі я ішоў зь Месапатаміі, памерла ў мяне Рахіль у зямлі Ханаанскай, на дарозе, не даходзячы крыху да Эфраты, і я пахаваў яе там на дарозе да Эфраты, што сёньня Віфляем.

8 І ўбачыў Ізраіль сыноў Язэпавых і сказаў: хто гэта?

9 І сказаў Язэп бацьку свайму: гэта сыны мае, якіх Бог даў мне тут. Якаў сказаў: падвядзі іх да мяне, і я дабраслаўлю іх.

10 А вочы Ізраілевыя прытупіліся ад старасьці, ня мог ён бачыць ясна. Язэп падвёў іх да яго, і ён пацалаваў іх і абняў іх.

11 І сказаў Ізраіль Язэпу: не спадзяваўся я ўбачыць твой твар: але вось, Бог паказаў мне і дзяцей тваіх.

12 І адвёў іх Язэп ад каленяў ягоных і пакланіўся яму тварам да самай зямлі.

13 І ўзяў Язэп абодвух, Яфрэма ў правую сваю руку насупраць левай Ізраіля, а Манасію ў левую насупраць правай Ізраіля, і падвёў да яго.

14 Але Ізраіль працягнуў правую руку сваю і паклаў на галаву Яфрэму, хоць гэты быў меншы, а левую на галаву Манасіі. З намерам паклаў ён так рукі свае, хоць Манасія быў першынец.

15 І дабраславіў Язэпа і сказаў: Бог, прад Якім хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ісаак, Бог, Які пасе мяне з таго часу, як я існую, да сёньня,

16 анёл, які ратуе мяне ад усякага ліха, каб дабраславіць хлопчыкаў гэтых; хай будзе на іх названа імя маё і імя бацькоў маіх, Абрагама і Ісаака, і хай паўстануць яны ў мностве пасярод зямлі.

17 І ўбачыў Язэп, што бацька ягоны паклаў правую руку сваю на галаву Яфрэму; і скрушліва было яму ад гэтага. І ўзяў ён руку бацькі свайго, каб перакласьці яе з галавы Яфрэма на галаву Манасіі,

18 і сказаў Язэп бацьку свайму: ня так, бацька мой, бо гэта - першынец; пакладзі на яго правую руку тваю.

19 Але бацька яго не згадзіўся і сказаў: ведаю, сыне мой, ведаю; і ад яго пойдзе народ, і ён будзе вялікі; але меншы яго брат будзе большы за яго, і ад семені яго пойдзе шматлікі народ.

20 І дабраславіў іх у той дзень, кажучы: табою будзе дабраслаўляць Ізраіль, кажучы: Бог няхай створыць табе, як Яфрэму і Манасіі. І паставіў Яфрэма вышэй за Манасію.

21 І сказаў Ізраіль Язэпу: вось, я паміраю; і Бог будзе з вамі і верне вас у зямлю бацькоў вашых;

22 я даю табе, звыш братоў тваіх, адну дзялянку, якую я ўзяў з рук Амарэяў мечам сваім і лукам сваім.

 

Разьдзел 49

 

1 І паклікаў Якаў сыноў сваіх і сказаў: зьбярэцеся, і я абвяшчу вам, што будзе з вамі ў апошнія дні;

2 сыдзецеся і паслухайце, сыны Якава, паслухайце Ізраіля, бацьку вашага.

3 Рувім, першынец мой! ты - цьвярдыня мая і пачатак сілы маёй, вяршыня годнасьці і вяршыня магутнасьці;

4 але ты бушаваў, як вада; ды ня ўтрымаешся; бо ты ўзышоў на ложак бацькі твайго, ты апаганіў пасьцель маю, на якую ўзышоў.

5 Сымон і Левій браты, прылады жорсткасьці мячы іхнія;

6 у раду іхнюю хай ня ўвойдзе душа мая, і ў зборы іхнія хай ня ўлучыцца слава мая; бо яны ў гневе сваім забілі мужа і ў сваволі сваёй перарэзалі жылы цяльцу;

7 праклён гневу іхняму, бо ён жорсткі, і лютасьці іхняй, бо шалёная; падзялю іх у Якаве і расьсею іх у Ізраілі.

8 Юда! цябе праславяць браты твае. Рука твая на хрыбце тваіх ворагаў; паклоняцца табе сыны бацькі твайго.

9 Малады леў Юда, са здабычы, сыне мой, ты вяртаешся. Схіліўся ён, лёг, як леў і як ільвіца: хто падыме яго?

10 Не адыдзе скіпетр ад Юды і заканадаўца ад сьцёгнаў ягоных, пакуль ня прыйдзе Прымірэнец, і Яму пакорлівасьць народаў.

11 Ён прывязвае да вінаграднай лазы асьляня сваё і да лазы лепшага вінаграду сына асьліцы сваёй; мые ў віне вопратку сваю і ў крыві гронак адзеньне сваё;

12 бліскучыя вочы ад віна, і белыя зубы ад малака.

13 Завулон каля берага марскога будзе жыць і каля прыстані карабельнай, і межы яго да Сідона.

14 Ты, Ісахар, як дужы ўючны асёл, на якога цяжар пакладзены.

15 І ўбачыш ты, што спакой табе добры і зямля корміць: схіліш сьпіну сваю пад цяжарам і будзеш насіць, каб жыць бяз клопату, - такая плата твая.

16 Дан будзе судзіць народ свой, як адно з каленаў Ізраіля;

17 Дан будзе зьмеем на дарозе, асьпідам на шляху, што раніць ногу каню, так што верхавец яго ўпадзе ніцма.

18 На дапамогу тваю спадзяюся, Госпадзе!

19 Гад, - натоўп будзе цясьніць яго, але ён адцісьне яго па пятах.

20 Асіру - занадта тлусты хлеб ягоны, і ён будзе дастаўляць царскія прысмакі.

21 Напталім - вольная касуля, гаварыцьмеш прыгожыя словы.

22 Язэп - парастак пладаноснага дрэва, парастак пладаноснага дрэва над крыніцай; гольле яго раскінулася над сьцяною.

23 Немарасьцілі яго, і стралялі ў яго і варагавалі супроць яго лучнікі;

24 але цьвёрды застаўся лук ягоны, і моцныя мышцы рук ягоных, ад рук магутнага Бога Якаўлевага. Адтуль Пастыр і цьвярдыня Ізраілевая,

25 ад Бога бацькі твайго, Які хай дапаможа табе, і ад Усемагутнага, Які і хай дабраславіць цябе дабраславеньнямі нябеснымі згары, дабраславеньнямі бездані, якая ляжыць унізе, дабраславеньнямі саскоў і ўлоньня,

26 дабраславеньнямі бацькі твайго, якія перавышаюць дабраславеньні гор старадаўніх і даброты пагоркаў вечных; хай будуць яны на галаве ў Язэпа і на цемені выбранага спаміж братоў сваіх.

27 Веньямін драпежны воўк, раніцай будзе есьці лавітву і ўвечары будзе дзяліць здабычу.

28 Вось усе дванаццаць каленаў Ізраілевых; і вось, што сказаў ім бацька іхні; і дабраславіў іх, і даў ім дабраславеньне, кожнаму сваё.

29 І наказаў ён ім і сказаў ім: я прыкладаюся да народу майго; пахавайце мяне з бацькамі маімі ў пячоры, якая на полі Эфрона Хэтэяніна,

30 у пячоры, якая на полі Махпэла, што перад Мамрэ, у зямлі Ханаанскай, якую купіў Абрагам з полем у Эфрона Хэтэяніна ва ўласнасьць для пахаваньня;

31 Там пахавалі Абрагама і Сарру, жонку ягоную; там пахавалі Ісаака і Рэбэку, жонку ягоную; і там пахаваў я Лію;

32 гэта поле і пячора, якая на ім, куплена ў сыноў Хэтэевых.

33 І скончыў Якаў наказы сынам сваім, і згарнуў ногі свае ў ложак, і сканаў, і прылучаны быў да народу свайго.

 

Разьдзел 50

 

1 Язэп прыпаў да аблічча бацькі свайго, і цалаваў яго.

2 І загадаў Язэп слугам сваім - урачам, бальзамаваць бацьку яго; і ўрачы набальзамавалі Ізраіля.

3 І споўнілася яму сорак дзён, бо столькі дзён патрабуецца на бальзамаваньне, і аплаквалі яго Егіпцяне семдзесят дзён.

4 А калі мінуліся дні плачу па ім, Язэп сказаў прыдворным фараона, кажучы: калі я здабыў упадабаньне ў вачах вашых, дык скажэце фараону так:

5 бацька мой загадаў мне, сказаўшы: вось, я паміраю; у магіле маёй, якую я выкапаў сабе ў зямлі Ханаанскай, там пахавай мяне. І цяпер я хацеў бы пайсьці і пахаваць бацьку майго і вярнуцца.

6 І сказаў фараон: ідзі і пахавай бацьку твайго, як ён загадаў табе.

7 І пайшоў Язэп хаваць бацьку свайго. І пайшлі зь ім усе слугі фараона, старэйшыны дома ягонага і ўсе старэйшыны зямлі Егіпецкай,

8 і ўвесь дом Язэпа, і браты яго, і дом бацькі ягонага. Толькі дзяцей сваіх і дробнае і буйное быдла сваё пакінулі ў зямлі Гесэм.

9 Зь ім выправіліся таксама калясьніцы і вершнікі, так што гурт быў вельмі вялікі.

10 І дайшлі яны да Гарэн-гаатада каля Ярдана і плакалі там плачам вялікім і вельмі моцным; і ўчыніў Язэп жалобу па бацьку сваім сем дзён.

11 І бачылі жыхары зямлі той, Хананэі, плач у Гарэн-гаатадзе, і сказалі: вялікі плач гэты ў Егіпцян! Таму дадзена імя мясьціне той: плач Егіпцян, што каля Ярдана.

12 І зрабілі сыны Якава зь ім, як ён наказаў ім;

13 і занесьлі яго сыны ў зямлю Ханаанскую і пахавалі яго ў пячоры на полі Махпэла, якую купіў Абрагам з полем ва ўласнасьць на пахаваньне ў Эфрона Хэтэяніна, каля Мамрэ.

14 І вярнуўся Язэп у Егіпет, сам і браты ягоныя, і ўсе, хто хадзіў зь ім хаваць бацьку ягонага, пасьля пахаваньня ім бацькі свайго.

15 І ўбачылі браты Язэпавыя, што памёр бацька іхні, і сказалі: што, калі Язэп зьненавідзіць нас і захоча адпомсьціць нам за ўсё ліха, якое мы яму зрабілі?

16 І паслалі яны сказаць Язэпу: бацька твой перад сьмерцю сваёю наказваў, кажучы:

17 так скажэце Язэпу: даруй братам тваім віну і грэх іхні, бо яны зрабілі табе благое. І сёньня даруй правіны рабоў Бога бацькі твайго. Язэп плакаў, калі яму казалі гэта.

18 Прыйшлі і самыя браты ягоныя, і ўпалі перад абліччам ягоным, і сказалі: вось, мы рабы табе.

19 І сказаў Язэп: ня бойцеся, бо я баюся Бога;

20 вось, вы намышлялі супроць мяне благое; але Бог абярнуў гэта на дабро, каб зрабіць тое, што цяпер ёсьць: захаваць жыцьцё вялікай колькасьці людзей;

21 дык вось, ня бойцеся: я буду карміць вас і дзяцей вашых. І супакоіў іх і гаварыў у сэрцы ім.

22 І жыў Язэп у Егіпце сам і дом бацькі ягонага; а жыў Язэп усяго сто дзесяць гадоў.

23 І бачыў Язэп дзяцей у Яфрэма да трэцяга роду, таксама і сыны Махіра, сына Манасіінага, радзіліся на калені Язэпу.

24 І сказаў Язэп братам сваім: я паміраю; але Бог наведае вас і выведзе вас зь зямлі гэтай у зямлю, пра якую прысягаўся Абрагаму, Ісааку і Якаву.

25 І запрысягнуў Язэп сыноў Ізраілевых, кажучы: Бог наведае вас, і вынесяце косьці мае адгэтуль.

26 І памёр Язэп у сто дзесяць гадоў. І набальзамавалі яго і паклалі ў каўчэг у Егіпце.

 

Выхад

 

Разьдзел 1

 

1 Вось імёны сыноў Ізраілевых, якія ўвайшлі ў Егіпет зь Якавам, увайшлі кожны з домам сваім:

2 Рувім, Сымон, Лявій і Юда,

3 Ісахар, Завулон і Веньямін,

4 Дан і Нэфталім, Гад і Асір.

5 А ўсіх душаў, што выйшлі са сьцёгнаў Якава, было семдзесят (пяць), а Язэп быў ужо ў Егіпце.

6 І памёр Язэп і ўсе браты ягоныя і ўвесь род іхні;

7 а сыны Ізраілевыя плодзіліся вельмі, і размножыліся, і зрабіліся яны дужа моцныя, і напоўнілася тая зямля імі.

8 І паўстаў у Егіпце новы цар, які ня ведаў Язэпа,

9 і сказаў народу свайму: вось, народ сыноў Ізраілевых шматлікі і дужэйшы за нас;

10 перахітрым жа яго, каб ён ня множыўся; інакш, калі здарыцца вайна, злучыцца ён з нашымі няпрыяцелямі, і ўзброіцца супроць нас, і выйдзе зь зямлі.

11 І паставіў над ім упраўцаў працы. І ён пабудаваў фараону Пітом і Раамсэс, гарады пад склады.

12 Але чым болей тамілі яго, тым болей ён множыўся і тым болей пашыраўся, так што пабойваліся сыноў Ізраілевых.

13 І таму Егіпцяне жорстка прымушалі сыноў Ізраілевых да працы,

14 і рабілі жыцьцё іхняе горкім ад цяжкай працы над глінаю і цэглаю і ад усякай працы польнай, ад усякай працы, да якое прымушалі іх жорстка.

15 Цар Егіпецкі загадаў бабкам-павітухам Габрэек, імя адной зь якіх Шыфра, а другое Фуа,

16 і сказаў: калі вы будзеце спавіваць у Габрэек, дык назірайце пры родах: калі будзе сын, дык аддавайце яго сьмерці, а калі дачка, дык няхай жыве.

17 Але бабкі-павітухі баяліся Бога і не рабілі так, як казаў ім цар Егіпецкі, і пакідалі дзяцей жывых.

18 Цар Егіпецкі паклікаў бабак-павітухаў і сказаў ім: навошта вы робіце такую справу, што пакідаеце дзяцей жывых?

19 Бабкі-павітухі сказалі фараону: Габрэйскія жанчыны не такія, як Егіпецкія: яны здаровыя, бо перш чым прыйдзе да іх бабка-павітуха, яны ўжо родзяць.

20 За гэта Бог рабіў дабро бабкам-павітухам, а народ множыўся і вельмі памацняўся.

21 І як што бабкі-павітухі баяліся Бога, дык ён уладжваў дамы іхнія.

22 Тады фараон усяму народу свайму загадаў, кажучы: кожнага народжанага сына кідайце ў раку, а кожную дачку пакідайце жывою.

 

Разьдзел 2

 

1 Нехта з роду Лявіінага пайшоў і ўзяў сабе за жонку з таго ж самага роду.

2 Жонка зачала і нарадзіла сына, і бачачы, што ён вельмі прыгожы, хавала яго тры месяцы;

3 але ня могучы даўжэй хаваць яго, узяла трысьняговы кош і засмаліла яго асфальтам і смалою і, паклаўшы ў яго немаўля, паставіла ў трысьнягу на беразе ракі,

4 а сястра яго пачала здалёк назіраць, што зь ім будзе.

5 І выйшла дачка фараонава на раку мыцца, а прыслужніцы яе хадзілі па беразе ракі. Яна ўбачыла кош сярод трысьнягу і паслала рабыню сваю ўзяць яго.

6 Адкрыла і ўбачыла немаўля; і вось, дзіця плача; і ўмілажалілася зь яго і сказала: гэта з Габрэйскіх дзяцей.

7 І сказала сястра яго дачцэ фараонавай: ці не схадзіць мне і ці не паклікаць да цябе карміцельку з Габрэек, каб яна мамчыла табе немаўля?

8 Дачка фараонава сказала ёй: схадзі. Дзяўчына пайшла і паклікала маці немаўляці.

9 Дачка фараонава сказала ёй: вазьмі гэтае немаўля і мамчы яго мне; я заплачу табе. Жанчына ўзяла немаўля і мамчыла яго.

10 І вырасла немаўля, і яна прывяла яго да дачкі фараонавай, і ён быў у яе за сына, і дала яму імя: Майсей, бо, казала яна, я з вады дастала яго.

11 Праз доўгі час, калі Майсей вырас, сталася, што ён выйшаў да братоў сваіх і ўбачыў цяжкую працу іхнюю; і ўбачыў, што Егіпцянін бэе аднаго Габрэя з братоў ягоных.

12 Паглядзеўшы туды і сюды і бачачы, што няма нікога, ён забіў Егіпцяніна і схаваў яго ў пяску.

13 І выйшаў ён на другі дзень, і вось, два Габрэі сварацца; і сказаў ён крыўдзіцелю: навошта ты бэеш блізкага твайго?

14 А той сказаў: хто паставіў цябе начальнікам і судзьдзёю над намі? ці ня думаеш ты забіць і мяне, як забіў Егіпцяніна? Майсей спалохаўся і сказаў: правільна, даведаліся пра гэтую справу.

15 І пачуў фараон пра гэтую справу і хацеў забіць Майсея; але Майсей уцёк ад фараона і жы ў зямлі Мадыямскай; і сеў каля калодзежа.

16 У сьвятара Мадыямскага сем дочак. Яны прыйшлі, начэрпалі вады і напоўнілі карыты, каб напаіць авечак бацькі свайго.

17 І прыйшлі пастухі і адагналі іх. Тады ўстаў Майсей і абараніў іх, і напаіў авечак іхніх.

18 І прыйшлі яны да Рагуіла, бацькі свайго, і ён сказаў: што вы так хутка прыйшлі сёньня?

19 Яны сказалі: нейкі Егіпцянін абараніў нас ад пастухоў, і нават начэрпаў нам вады і напаіў авечак.

20 Ён сказаў дочкам сваім: дзе ж ён? навошта вы яго пакінулі? клікніце яго, і хай ён есьць хлеб.

21 Майсею спадабалася жыць у гэтага чалавека; і той выдаў за Майсея дачку сваю Сэпфору.

22 Яна нарадзіла сына, і даў яму імя: Гірсам, бо, казаў ён, я зрабіўся прыхаднем у чужой зямлі.

23 Праз доўгі час, памёр цар Егіпецкі. І стагналі сыны Ізраілевыя ад працы і енчылі, і енк іхні ад працы ўзышоў да Бога.

24 І пачуў Бог стогн іхні, і ўспомніў Бог заруку Сваю з Абрагамам, Ісаакам і Якавам.

25 І ўбачыў Бог сыноў Ізраілевых, і дагледзеў іх Бог.

 

Разьдзел 3

 

1 Майсей пасьвіў авечкі ў Ётора, цесьця свайго, сьвятара Мадыямскага. Аднаго разу правёў ён статак далёка ў пустыню і прыйшоў да гары Божай, Харыва.

2 І зьявіўся яму анёл Гасподні ў полымі агню зь сярэдзіны цярновага куста. І ўбачыў ён, што цярновы куст гарыць агнём, але куст не згарае.

3 Майсей сказаў: пайду і падзіўлюся на гэтую вялікую зьяву, чаму куст не згарае.

4 Гасподзь убачыў, што ён ідзе глядзець, і паклікаў яго Бог зь сярэдзіны куста, і сказаў: Майсею! Майсею! Ён сказаў: вось я!

5 І сказаў Бог: не падыходзь сюды: здымі абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая.

6 І сказаў: Я Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якава. Майсей засланіў твар свой, бо баяўся глянуць на Бога.

7 І сказаў Гасподзь: Я ўбачыў пакуты народа Майго ў Егіпце і пачуў енк яго ад прыстаўнікаў ягоных; Я ведаю смуткі яго

8 і іду выратаваць яго ад рукі Егіпцянаў і вывесьці яго зь зямлі гэтай у зямлю добрую і прасторную, дзе цячэ малако і мёд, у зямлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Гэвэяў і Евусэяў.

9 І вось, ужо енк сыноў Ізраілевых дайшоў да Мяне, і Я бачу прыгнёт, якім прыгнятаюць іх Егіпцяне.

10 Дык вось ідзі: Я пашлю цябе да фараона; і выведзі зь Егіпта народ Мой, сыноў Ізраілевых.

11 Майсей сказаў Богу: хто я, каб мне ісьці да фараона і вывесьці зь Егіпта сыноў Ізраілевых?

12 І сказаў: Я буду з табою, і вось табе азнака, што Я паслаў цябе: калі ты выведзеш народ зь Егіпта, вы ўчыніце служэньне Богу на гэтай гары.

13 І сказаў Майсей Богу: вось, я прыйду да сыноў Ізраілевых і скажу ім: Бог бацькоў вашых паслаў мяне да вас. А яны скажуць мне: як Яго імя? Што я скажу ім?

14 Бог сказаў Майсею: Я - Сутны. І сказаў: так скажы сынам Ізраілевым: Сутны паслаў мяне да вас.

15 І сказаў яшчэ Бог Майсею: так скажы сынам Ізраілевым: Гасподзь Бог бацькоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якава паслаў мяне да вас. Вось імя Маё навекі, і памятаньне пра Мяне з роду ў род.

16 Ідзі, зьбяры старэйшынаў Ізраілевых і скажы ім: Гасподзь, Бог бацькоў вашых, зьявіўся мне, Бог Абрагама, Ісаака і Якава, і сказаў: Я наведаў вас і ўбачыў, што робіцца з вамі ў Егіпце.

17 І сказаў: Я выведу вас ад прыгнёту Егіпецкага ў зямлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Гэвэяў і Евусэяў, у зямлю, дзе цячэ малако і мёд.

18 І яны паслухаюць голасу твайго, і пойдзеш ты і старэйшыны Ізраілевыя да цара Егіпецкага, і скажаце яму: Госпадзе, Бог Габрэяў, паклікаў нас; дык вось адпусьці нас у пустыню, на тры дні дарогі, каб прынесьці ахвяру Госпаду Богу нашаму.

19 Але Я ведаю, што цар Егіпецкі не дазволіць вам ісьці, калі ня прымусіць яго рукою моцнаю;

20 і працягну руку Маю і ўражу Егіпет усімі дзівосамі Маімі, якія ўчыню сярод яго; і пасьля таго ён пусьціць вас.

21 І дам народу гэтаму літасьць у вачах Егіпцянаў; і калі пойдзеце, дык пойдзеце ня з пустымі рукамі;

22 кожная жанчына выпрасіць у суседкі сваёй і ў той, што жыве ў доме ў яе, рэчаў срэбраных і рэчаў залатых і вопраткі, і вы адзеньце ў іх сыноў вашых і дочак вашых і спустошыце Егіпет.

 

Разьдзел 4

 

1 І адказваў Майсей і сказаў: а калі яны не павераць мне і не паслухаюцца голасу майго і скажуць: не зьявіўся табе Гасподзь?

2 І сказаў яму Гасподзь: што гэта ў руцэ ў цябе? Ён адказваў: посах.

3 Гасподзь сказаў: кінь яго на зямлю. Ён кінуў яго на зямлю, і ператварыў посах у зьмея, і Майсей уцякаў ад яго.

4 І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю і вазьмі яго; і ён зрабіўся посахам у руцэ ягонай.

5 Гэта ўсё на тое, каб паверылі, што зьявіўся табе Гасподзь, Бог бацькоў іхніх, Бог Абрагамаў, Бог Ісаакаў і Бог Якаваў.

6 Яшчэ сказаў яму Гасподзь: пакладзі руку тваю сабе запазуху. І ён паклаў руку сваю сабе запазуху, выняў яе, і вось рука ў яго пабялела ад праказы, як сьнег.

7 Сказаў: пакладзі зноў руку тваю сабе запазуху. І ён паклаў руку сваю сабе запазуху; і выняў яе з-за пазухі сваёй, і вось, яна зноў зрабілася такая самая, як цела яго.

8 Калі яны не павераць табе і не паслухаюцца голасу першай азнакі, дык павераць голасу азнакі другой;

9 калі ж не павераць і гэтым дзьвюм азнакам і не паслухаюцца голасу твайго, дык вазьмі вады з ракі і вылі на сухое; і вада, узятая з ракі, зробіцца крывёю на сушы.

10 І сказаў Майсей Госпаду: о, Госпадзе! чалавек я не гаваркі, і такі самы быў і ўчора і заўчора, і калі Ты пачаў гаварыць з рабом Тваім: я цяжка гавару і гаркавы.

11 Гасподзь сказаў: хто даў вусны чалавеку? хто робіць нямым, альбо глухім, альбо відушчым, альбо сьляпым? ці ня Я Гасподзь?

12 дык вось ідзі, і Я буду пры вуснах тваіх, і навучу цябе, што табе гаварыць.

13 Сказаў: Госпадзе! пашлі іншага, каго можаш паслаць.

14 І загарэўся гнеў Гасподні на Майсея, і Ён сказаў: хіба няма ў цябе Аарона брата, Лявіцяніна? Я ведаю, што ён можа гаварыць, і вось, ён выйдзе насустрач табе і, убачыўшы цябе, зарадуецца ў сэрцы сваім;

15 ты будзеш яму гаварыць і ўкладваць словы ў вусны ягоныя, а Я буду пры вуснах тваіх і пры вуснах ягоных і буду вучыць вас, што вам рабіць;

16 і будзе гаварыць ён замест цябе да народу; дык вось, ён будзе тваімі вуснамі, і ты будзеш яму замест Бога:

17 і посах гэты вазьмі ў руку тваю; ім ты будзеш тварыць азнакі.

18 І пайшоў Майсей, і вярнуўся да Ётора, цесьця свайго, і сказаў яму: пайду я, і вярнуся да братоў маіх, якія ў Егіпце, і пагляджу, ці жывыя яны яшчэ? І сказаў Ётор Майсею: ідзі зь мірам.

19 І сказаў Гасподзь Майсею ў зямлі Мадыямскай: ідзі, вярніся ў Егіпет, бо памерлі ўсе, хто шукаў душы тваёй.

20 І ўзяў Майсей жонку сваю і сыноў сваіх, пасадзіў іх на асла і выправіўся ў зямлю Егіпецкую. І посах Божы Майсей узяў у руку сваю.

21 І сказаў Гасподзь Майсею: калі пойдзеш і вернешся ў Егіпет, глядзі, усе цуды, якія Я даручыў табе, зрабі перад абліччам фараона; а Я зраблю і ачарсьцьвее сэрца ягонае, і ён не адпусьціць народу.

22 І скажы фараону: так кажа Гасподзь: Ізраіль ёсьць сын Мой, першынец Мой;

23 Я кажу табе: адпусьці сына Майго, каб ён учыніў Мне служэньне; а калі ня пусьціш яго, дык вось, Я забэю сына твайго, першынца твайго.

24 Па дарозе на начлезе здарылася, што сустрэў яго Гасподзь і хацеў усьмерціць яго.

25 Тады Сэпфора, узяўшы каменны нож, абрэзала крайнюю плоць сыну свайму і, кінуўшы да ног ягоных, сказала: ты жаніх крыві ў мяне.

26 І адышоў ад яго Гасподзь. Тады сказала яна: жаніх крыві - па абразаньні.

27 І Гасподзь сказаў Аарону: ідзі напярэймы Майсею ў пустыню. І ён пайшоў, і сустрэўся зь ім на гары Божай, і пацалаваў яго.

28 І пераказаў Майсей Аарону ўсе словы Госпада, Які яго паслаў, і ўсе азнакі, якія ён наказаў.

29 І пайшоў Майсей з Ааронам, і сабралі яны ўсіх старэйшынаў сыноў Ізраілевых,

30 і пераказаў Аарон усе словы, якія гаварыў Гасподзь Майсею, і зрабіў Майсей азнакі на вачах у народа,

31 і паверыў народ; і пачулі, што Гасподзь наведаў сыноў Ізраілевых і ўбачыў пакуты іхнія, і схіліліся яны і пакланіліся.

 

Разьдзел 5

 

1 Пасьля гэтага Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і сказалі: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне сьвята ў пустыні.

2 Але фараон сказаў: хто такі Гасподзь, каб я паслухаўся голасу Ягонага і адпусьціў Ізраіля? я ня ведаю Госпада і Ізраіля не адпушчу.

3 Яны сказалі: Бог Габрэяў заклікаў нас; адпусьці нас у пустыню на тры дні дарогі прынесьці ахвяру Госпаду, Богу нашаму, каб Ён не пакараў нас пошасьцю, альбо мечам.

4 І сказаў ім цар Егіпецкі: навошта вы, Майсей і Аарон, ухіляеце народ ад справаў ягоных? ідзеце да сваёй працы.

5 І сказаў фараон: вось, народ у зямлі гэтай шматлікі, і вы ўхіляеце яго ад працы ягонай.

6 І таго ж самага дня фараон даў загад прыстаўнікам над народам і наглядчыкам, кажучы:

7 не давайце наперад народу саломы, каб рабіць цэглу, як учора і заўчора: хай яны самыя ходзяць і зьбіраюць сабе салому;

8 а цэглы накладзеце на іх тую ж самую зададзеную норму, якую яны рабілі ўчора і заўчора, і не зьмяншайце; яны гультаі, таму і крычаць: хадзем, прынясем ахвяру Богу нашаму;

9 даць ім болей працы, каб яны працавалі і не займаліся пустымі размовамі.

10 І выйшлі прыстаўнікі народу і наглядчыкі ягоныя і сказалі народу: так кажа фараон: не даю вам саломы;

11 самі ідзеце, бярэце сабе салому, дзе знойдзеце; а ад працы вашай нічога не зьмяншаецца.

12 І расьсеяўся народ па ўсёй зямлі Егіпецкай зьбіраць жніво замест саломы.

13 А прыстаўнікі пануквалі, кажучы: выконвайце працу сваю кожны дзень, як і тады, калі была ў вас салома.

14 А наглядчыкі з сыноў Ізраілевых, якіх паставілі над імі прыстаўнікі фараонавыя, білі, кажучы: чаму вы ўчора і сёньня ня робіце зададзенай вам нормы цэглы, як было дагэтуль?

15 І прыйшлі наглядчыкі сыноў Ізраілевых і залямантавалі фараону, кажучы: навошта ты так робіш з рабамі тваімі?

16 саломы не даюць рабам тваім, а цэглу, кажуць нам, рабеце. І вось, рабоў тваіх бэюць. Грэх народу твайму!

17 Але ён сказаў: гультаі вы, гультаі, таму і кажаце: хадзем, прынясем ахвяру Госпаду.

18 Ідзеце ж, працуйце; саломы не дадуць вам, а належную колькасьць цэглы давайце.

19 І ўбачылі наглядчыкі сыноў Ізраілевых бяду сваю ў словах: не зьмяншайце нормы цэглы, што на кожны дзень.

20 І калі яны выйшлі ад фараона, дык сустрэліся з Майсеем і Ааронам, якія стаялі, чакаючы іх,

21 і сказалі ім: хай бачыць і судзіць вас Гасподзь за тое, што вы зрабілі нас ненавісьнікамі ў вачах фараонавых і рабоў ягоных і далі ім меч у рукі, каб забіць нас.

22 І зьвярнуўся Майсей да Госпада і сказаў: Госпадзе! навошта Ты паддаеш народ гэты такому бедству, навошта паслаў мяне?

23 бо з таго часу, як я прыйшоў да фараона і пачаў гаварыць ад імя Твайго, ён пачаў горш абыходзіцца з народам гэтым; а вызваліць - Ты ня вызваліў народу Твайго.

 

Разьдзел 6

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею: цяпер убачыш ты, што Я зраблю з фараонам: дзеяньнем рукі моцнай ён адпусьціць іх; дзеяньнем рукі моцнай нават прагоніць іх зь зямлі сваёй.

2 І маўляў Бог Майсею і сказаў яму: Я Гасподзь.

3 Яўляўся Я Абрагаму, Ісааку і Якаву зь імем «Бог Усемагутны»; а зь імем Маім «Гасподзь»* не адкрыўся ім;

4 і Я паклаў заруку Маю зь імі, каб даць ім зямлю Ханаанскую, зямлю вандраваньня іхняга, у якой яны вандравалі.

5 І Я пачуў стогны сыноў Ізраілевых пра тое, што Егіпцяне трымаюць іх у няволі, і ўспомніў заруку Маю.

6 Дык вось, скажы сынам Ізраілевым: Я Гасподзь, і выведу вас з-пад ярма Егіпцянаў, і выбаўлю вас зь няволі іхняй, і выратую вас рукою працягнутаю і судамі вялікімі;

7 і прыму вас Сабе ў народ і буду вам Богам, і вы ўведаеце, што Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас з-пад ярма Егіпецкага:

8 і выведу вас у тую зямлю, якую Я, падняўшы руку Маю, прысягаўся даць яе Абрагаму, Ісааку, і Якаву, і дам вам яе ў спадчыну. Я Гасподзь.

9 Майсей пераказаў гэта сынам Ізраілевым: але яны не паслухаліся Майсея з маладушнасьці і цяжкасьці працы.

10 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

11 увайдзі, скажы фараону, цару Егіпецкаму, каб ён адпусьціў сыноў Ізраілевых зь зямлі сваёй.

12 І сказаў Майсей перад Госпадам, кажучы: вось, сыны Ізраілевыя ня слухаюцца мяне; як жа паслухаецца мяне фараон? а я не красамоўны.

13 І маўляў Гасподзь Майсею і Аарону, і даваў ім загады сынам Ізраілевым і фараону, цару Егіпецкаму, каб вывесьці сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай.

14 Вось правадыры іх пакаленьняў: сыны Рувіма, першынца Ізраілевага: Ханох і Фалу, Хецрон і Храмі: гэта сямействы Рувімавыя.

15 Сыны Сымона: Емуіл і Ямін, і Агад і Яхін, і Цахар і Саўл, сын Хананэйкі; гэта сямейства Сымонава.

16 Вось імёны сыноў Лявія паводле родаў іх: Гірсон, І Кааф, І Мэрары. А гадоў жыцьця Лявія было сто трыццаць сем.

17 Сыны Гірсона: Ліўні і Шымэі зь сямействамі іхнімі.

18 Сыны Каафавыя: Амрам і Іцгар, і Хэўрон і Узііл. А гадоў жыцьця Каафа было сто трыццаць тры гады.

19 Сыны Мэрары: Махлі і Мушы. Гэта сямействы Лявія паводле родаў іхніх.

20 Амрам узяў Ёхавэду, цётку сваю, сабе за жонку, і яна нарадзіла яму Аарона і Майсея. А гадоў жыцьця Амрама было сто трыццаць сем.

21 Сыны Іцгаравыя: Карэй і Нэфэг і Зіхры.

22 Сыны Узіілавы: Місаіл і Элцафан і Сітры.

23 Аарон узяў сабе за жонку Елісавету, дачку Амінадававу, сястру Наасонаву, і яна нарадзіла яму Надава і Авіуда, Элеазара і Ітамара.

24 Сыны Карэя: Асір, Элкана і Авіясаф: гэта сямействы Карэевыя.

25 Элеазхар, сын Ааронаў, узяў сабе за жонку адну з дочак Футыілавых, і яна нарадзіла яму Фінээса. Вось правадыры пакаленьняў лявіцкіх паводле сямействаў іхніх.

26 Аарон і Майсей, гэта - тыя, каму сказаў Гасподзь: выведзіце сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай паводле рушэньняў іхніх.

27 Яны ж і казалі фараону, цару Егіпецкаму, каб вывесьці сыноў Ізраілевых зь Егіпта; гэта Майсей і Аарон.

28 Дык вось, у той час, калі Гасподзь казаў Майсею ў зямлі Егіпецкай,

29 Гасподзь сказаў Майсею, кажучы: Я Гасподзь! скажы фараону, цару Егіпецкаму, усё, што Я кажу табе.

30 А Майсей сказаў перад Госпадам: вось, я не красамоўны: як жа паслухаецца мяне фараон?

 

 

* Ягова

Разьдзел 7

 

1 Але Гасподзь сказаў Майсею: глядзі, Я паставіў цябе Богам фараону; а Аарон, брат твой, будзе тваім прарокам:

2 ты будзеш гаварыць усё, што Я загадаю табе, а Аарон, брат твой, будзе гаварыць фараону, каб ён адпусьціў сыноў Ізраілевых зь зямлі сваёй;

3 але Я зраблю і ачарсьцьвее сэрца фараонавае і акажу мноства азнакаў Маіх і цудаў Маіх у зямлі Егіпецкай;

4 фараон не паслухаецца вас, і Я накладу руку Маю на Егіпет і выведу войска Маё, народ Мой, сыноў Ізраілевых, зь зямлі Егіпецкай - судамі вялікімі;

5 тады ўведаюць Егіпцяне, што Я Гасподзь, калі працягну руку Маю на Егіпет і выведу сыноў Ізраілевых з асяродзьдзя іхняга.

6 І зрабілі Майсей і Аарон: як загадаў ім Гасподзь, так яны і зрабілі.

7 Майсею было восемдзесят, а Аарону восемдзесят тры гады, калі пачалі гаварыць яны фараону.

8 І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:

9 калі фараон скажа вам: зрабеце цуд, дык ты скажы Аарону: вазьмі посах твой і кінь перад фараонам, - ён зробіцца зьмеем.

10 Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і зрабілі так, як сказаў ім Гасподзь. І кінуў Аарон посах свой перад фараонам і перад рабамі ягонымі, і ён зрабіўся зьмеем.

11 І паклікаў фараон мудрацоў і чарадзеяў; і гэтыя магі зрабілі тое самае сваімі чарамі:

12 кожны зь іх кінуў свой посах, і яны зрабіліся зьмеямі; але посах Ааронаў праглынуў іхнія посахі.

13 Сэрца фараонава ачарсьцьвела, і ён не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь.

14 І сказаў Гасподзь Майсею: зацялося сэрца фараонавае: ён ня хоча адпусьціць народ.

15 Ідзі да фараона заўтра, вось, ён выйдзе да вады, ты стань на дарозе ў яго, на беразе ракі, і посах, які ператвараецца ў зьмея, вазьмі ў руку тваю,

16 і скажы яму: Гасподзь, Бог Габрэяў, паслаў мяне сказаць табе: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне ў пустыні: але вось, ты дагэтуль не паслухаўся.

17 Так кажа Гасподзь: з гэтага ўведаеш, што Я Гасподзь: вось гэтым посахам, які ў руцэ маёй, я ўдару па вадзе, якая ў рацэ, і яна ператворыцца ў кроў,

18 і рыба ў рацэ памрэ, і рака засьмярдзіць, і Егіпцянам агідна будзе піць ваду з ракі.

19 І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: вазьмі посах твой і працягні руку тваю на воды Егіпцянаў: на рэкі іхнія, на патокі іхнія, на азёры іхнія і на ўсякае зьмясьцілішча водаў іхніх, - і ператворацца ў кроў, і будзе кроў па ўсёй зямлі Егіпецкай і ў драўляным і ў каменным посудзе.

20 І зрабілі Майсей і Аарон, як сказаў Гасподзь. І падняў посах і ўдарыў па вадзе рачной на вачах у фараона і на вачах у рабоў ягоных, і ўся вада ў рацэ ператварылася ў кроў,

21 і рыба ў рацэ вымерла, і рака засьмярдзела, і Егіпцяне не маглі піць з ракі; і была кроў на ўсёй зямлі Егіпецкай.

22 І магі Егіпецкія чарамі сваімі зрабілі тое самае. І зацялося сэрца ў фараона, і не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь.

23 І павярнуўся фараон і пайшоў у дом свой; і сэрца ягонае не пранялося і гэтым.

24 І пачалі капаць усе Егіпцяне каля ракі, каб знайсьці ваду на піцьцё, бо не маглі піць вады з ракі.

25 І споўнілася сем дзён пасьля таго, як Гасподзь ударыў раку.

 

Разьдзел 8

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да фараона і скажы яму: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне;

2 калі ж ты ня згодзішся адпусьціць, дык вось, Я пакараю ўвесь край твой жабамі:

3 і закішыць рака жабамі, і яны выйдуць і ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю, і на пасьцель тваю, і ў дамы рабоў тваіх і народу твайго, і ў печы твае, і ў дзежы твае.

4 і на цябе, і на народ твой, і на ўсіх рабоў тваіх узыдуць жабы.

5 І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: працягні руку тваю з посахам тваім на рэкі, на патокі і на азёры, і навядзі жаб на зямлю Егіпецкую.

6 Аарон працягнуў руку сваю на воды Егіпецкія; і выйшлі жабы і пакрылі зямлю Егіпецкую.

7 Тое самае зрабілі і магі чарамі сваімі і навялі жаб на зямлю Егіпецкую.

8 І паклікаў фараон Майсея і Аарона і сказаў: памалецеся Госпаду, каб Ён вывеў жаб ад мяне і ад народу майго, і я адпушчу народ Ізраільскі прынесьці ахвяру Госпаду.

9 Майсей сказаў фараону: назнач мне сам, калі памаліцца за цябе, за рабоў тваіх і за народ твой, каб жабы зьніклі ў цябе, у дамах тваіх, і засталіся толькі ў рацэ.

10 Ён сказаў: заўтра. Майсей адказваў: будзе паводле слова твайго, каб ты ўведаў, што няма нікога, як Гасподзь Бог наш;

11 і сыдуць жабы ад цябе, ад дамоў тваіх, і ад рабоў тваіх і ад твайго народу; толькі ў рацэ яны застануцца.

12 Майсей і Аарон выйшлі ад фараона, і Майсей заклікаў Бога пра жаб, якіх ён навёў на фараона.

13 І зрабіў Гасподзь паводле слова Майсеевага: жабы вымерлі ў дамах, на дварах і ў палях;

14 і сабралі іх у кучы, і засьмярдзела зямля.

15 І ўбачыў фараон, што зрабілася палёгка, і зацяў сэрца сваё, і не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь.

16 І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: працягні посах твой і ўдар у грудзі зямныя, і зробіцца заедзь па ўсёй зямлі Егіпецкай.

17 Так яны і зрабілі: Аарон працягнуў руку сваю з посахам сваім, ударыў у грудзі зямныя, і зьявілася заедзь на людзях і на быдле. Усе грудзі зямныя пакрыліся заедзьдзю па ўсёй замлі Егіпецкай.

18 Стараліся таксама і магі чарамі сваімі ўтварыць заедзь, але не маглі. І была заедзь на людзях і на быдле.

19 І сказалі магі фараону: гэта палец Божы. Але сэрца фараонава зацялося і ён не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь.

20 І сказаў Гасподзь Майсею: заўтра ўстань рана і зьявіся перад аблічча фараона. Вось, ён пойдзе да вады, і ты скажы яму: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне.

21 а калі не адпусьціш нарорду Майго, дык вось, Я нашлю на цябе і на рабоў тваіх сабачых мух, і напоўняцца дамы Егіпцянаў сабачымі мухамі і самая зямля, на якой яны жывуць;

22 і аддзялю таго ж дня зямлю Гесэм, на якой жыве народ Мой, і там ня будзе сабачых мух, каб ты ведаў, што Я Гасподзь сярод зямлі:

23 Я зраблю падзел паміж народам Маім і паміж народам тваім. Заўтра будзе гэтая азнака.

24 Так і зрабіў Гасподзь: наляцела мноства сабачых мух у дом фараонаў, і ў дамы рабоў ягоных, і на ўсю зямлю Егіпецкую; гінула зямля ад сабачых мух.

25 І паклікаў фараон Майсея і Аарона і сказаў: ідзеце, прынясеце ахвяру Богу вашаму ў той зямлі.

26 Але Майсей сказаў: нельга гэтага зрабіць, бо агіднае Егіпцянам ахвяраваньне наша Госпаду, Богу нашаму: калі мы агідную Егіпцянам ахвяру будзем прыносіць на вачах у іх, дык ці не пабэюць яны нас камянямі?

27 Мы пойдзем у пустыню, на тры дні дарогі, і прынясём ахвяру Госпаду, Богу нашаму, як скажа нам.

28 І сказаў фараон: я адпушчу вас прынесьці ахвяру Госпаду Богу вашаму ў пустыні, толькі не заходзьце далёка; памалецеся за мяне.

29 Майсей сказаў: вось, я выходжу ад цябе і памалюся Госпаду, і сыдуць сабачыя мухі ад фараона, і ад рабоў ягоных, і ад народу ягонага заўтра; толькі фараон няхай перастане ашукваць, не адпускаючы народ прынесьці ахвяру Госпаду.

30 І выйшаў Майсей ад фараона і памаліўся Госпаду.

31 І зрабіў Гасподзь паводле слова Масеевага і зьвёў сабачых мух ад фараона, ад рабоў ягоных і ад народу ягонага: не засталося ніводнай.

32 Але фараон зацяў сэрца сваё і гэтым разам і не адпусьціў народу.

 

Разьдзел 9

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да фараона і скажы яму: так кажа Гасподзь, Бог Габрэяў: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне;

2 бо калі ты не захочаш адпусьціць і яшчэ будзеш трымаць яго,

3 дык вось, рука Гасподняя будзе на быдле тваім, якое ў полі, на конях, на аслах, на вярблюдах, на валах і авечках: будзе згубная пошасьць вельмі цяжкая;

4 і падзеліць Гасподзь паміж быдлам Ізраільскім і быдлам Егіпецкім, і з усяго сыноў Ізраілевых не памрэ нічога.

5 І назначыў Гасподзь час, сказаўшы: заўтра зробіць гэта Гасподзь у зямлі гэтай.

6 І зрабіў гэта Гасподзь на другі дзень, і паздыхала ўсё быдла Егіпецкае; а з быдла сыноў Ізраілевых не памерла нічога.

7 Фараон паслаў даведацца, і вось з быдла сыноў Ізраілевых ня здохла нічога. Але сэрца фараонава жорстка зацялося, і ён не адпусьціў народу.

8 І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону: вазьмеце па поўнай жмені попелу зь печы, і хай кіне яго Майсей пад неба на вачах у фараона;

9 і падымецца пыл па ўсёй зямлі Егіпецкай, і будзе на людзях і на быдле запаленьне з нарывамі, ва ўсёй зямлі Егіпецкай.

10 Яны ўзялі попелу зь печы і сталі перад абліччам фараона. Майсей кінуў яго пад неба, і зрабілася запаленьне з нарывамі на людзях і на быдле.

11 І не маглі магі ўстояць перад Майсеем з прычыны запаленьня, бо запаленьне было на магах і на ўсіх Егіпцянах.

12 Але Гасподзь ачэрсьцьвіў сэрца фараона, і ён не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь Майсею.

13 І сказаў Гасподзь Майсею: заўтра ўстань рана і зьявіся перад аблічча фараона і скажы яму: так кажа Гасподзь, Бог Габрэяў: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне;

14 бо гэтым разам Я пашлю ўсе пошасьці Мае ў сэрца тваё, і на рабоў тваіх, і на народ твой, каб ты ўведаў, што няма падобнага на Мяне на ўсёй зямлі;

15 як бо Я працягнуў руку Маю, дык пакараў бы цябе і народ твой пошасьцю, і ты зьнішчаны быў бы зь зямлі:

16 але на тое Я захаваў цябе, каб паказаць на табе сілу Маю, і каб вернута было імя Маё па ўсёй зямлі;

17 ты яшчэ супрацьстаіш народу Майму, каб не адпускаць яго, -

18 вось, Я пашлю заўтра, у гэты самы час, град вельмі моцны, падобнага на які ня было ў Егіпце з дня заснаваньня яго да сёньня:

19 дык вось, пашлі сабраць статкі твае і ўсё, што ёсьць у цябе ў полі: на ўсіх людзей і быдла, якія застануцца ў полі і не зьбяруцца ў дамы, упадзе град і яны памруць.

20 Тыя з рабоў фараонавых, якія забаяліся слова Гасподняга, сьпешна сабралі рабоў сваіх і статкі свае ў дамы;

21 а хто не павярнуў сэрца свайго да слова Гасподняга, той пакінуў рабоў сваіх і статкі свае ў полі.

22 І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю да неба, і ўпадзе град на ўсю зямлю Егіпецкую, на людзей, на быдла і на ўсю траву польную ў зямлі Егіпецкай.

23 І працягнуў Майсей посах свой да неба, і Гасподзь утварыў гром і град, і агонь разьліваўся па зямлі; і паслаў Гасподзь град на зямлю Егіпецкую;

24 і быў град і агонь паміж градам, вельмі моцны, якога ня было ва ўсёй зямлі Егіпецкай з часу засяленьня яе.

25 І пабіў град па ўсёй зямлі Егіпецкай усё, што было ў полі, ад чалавека да быдла, і ўсю траву польную пабіў град, і ўсе дрэвы ў полі паламаў;

26 толькі ў зямлі Гесэм, дзе жылі сыны Ізраілевыя, ня было граду.

27 І паслаў фараон, і паклікаў Майсея і Аарона, і сказаў ім: гэтым разам я зграшыў; Гасподзь справядлівы, а я і народ мой вінаватыя;

28 памалецеся Госпаду; хай перастануць грамы Божыя і град, і адпушчу вас і ня буду больш трымаць.

29 Майсей сказаў яму: як толькі я выйду з горада, і граду больш ня будзе, каб ты ўведаў, што Гасподняя зямля;

30 але я ведаю, што ты і рабы твае яшчэ не ўбаіцеся Госпада Бога.

31 Лён і ячмень былі пабітыя, таму што ячмень выкаласаваў і лён абнасеньніўся,

32 а пшаніца і жыта не пабітыя, бо яны былі позьнія.

33 І выйшаў Майсей ад фараона з горада і працягнуў рукі свае да Госпада, і спыніліся гром і град, і дождж перастаў ліцца на зямлю.

34 І ўбачыў фараон, што перастаў дождж і град і гром, і грашыў далей, і абцяжарыў сэрца сваё ён і рабы ягоныя.

35 І ачэрсьцьвілася сэрца фараонавае, і ён не адпусьціў сыноў Ізраілевых, як і казаў Гасподзь праз Майсея.

 

Разьдзел 10

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею: увайдзі да фараона, бо я абцяжарыў сэрца ягонае і сэрца рабоў ягоных, каб рабіць сярод іх гэтыя азнакі Мае,

2 і каб ты расказаў сыну твайму і сыну сына твайго пра тое, што Я зрабіў у Егіпце, і пра азнакі Мае, якія Я паказаў у ім, і каб вы ведалі, што Я Гасподзь.

3 Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і сказалі яму: так кажа Гасподзь, Бог Габрэяў: ці доўга ты не ўпакорышся перад Мною? адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне;

4 а калі ты не адпусьціш народу Майго, дык вось, заўтра Я навяду саранчу на твой край:

5 яна пакрые ўлоньне зямлі так, што нельга будзе бачыць зямлі, і паесьць у вас, што засталося, ацалела ад граду; абэесьць таксама ўсе дрэвы, якія растуць у вас у полі,

6 і напоўніць дамы твае, дамы ўсіх рабоў тваіх і дамы ўсіх Егіпцянаў, чаго ня бачылі бацькі твае, ні бацькі бацькоў тваіх з дня, як жывуць на зямлі, нават да гэтага дня. Майсей павярнуўся і выйшаў ад фараона.

7 Тады рабы фараонавыя сказалі яму: ці доўга ён будзе мучыць нас? адпусьці гэтых людзей, хай яны ўчыняць служэньне Госпаду, Богу свайму; няўжо ты яшчэ ня бачыш, што Егіпет гіне?

8 І вярнулі Майсея і Аарона да фараона, і сказаў ім: ідзеце, учынеце служэньне Госпаду, Богу вашаму; хто ж і хто пойдзе?

9 І сказаў Майсей: пойдзем з малалеткамі нашымі і старымі нашымі, з сынамі і дочкамі нашымі, і з авечкамі нашымі і з валамі нашымі пойдзем, бо ў нас сьвята Госпаду.

10 Сказаў ім: хай будзе так, Гасподзь з вамі! я гатовы адпусьціць вас: але навошта зь дзецьмі? бо ліха перад вамі!

11 не: ідзеце адны мужчыны і ўчынеце служэньне Госпаду, бо вы гэтага прасілі. І выгналі іх ад фараона.

12 Тады Гасподзь сказаў Майсею: працягні руку тваю на зямлю Егіпецкую, і хай нападзе саранча на зямлю Егіпецкую і паесьць усю траву зямную, усё, што ацалела ад граду.

13 І працягнуў Майсей посах свой на зямлю Егіпецкую, і Гасподзь навёў на гэтую зямлю ўсходні вецер, які трываў увесь той дзень і ўсю ноч. Настала раніца, і ўсходні вецер нанёс саранчу.

14 І напала саранча на ўсю зямлю Егіпецкую і легла па ўсёй краіне Егіпецкай у вялікім мностве: раней не бывала такой саранчы, і пасьля гэтага ня будзе такой;

15 яна пакрыла ўлоньне ўсёй зямлі, так што зямлі ня было відаць, і паела ўсю траву зямную і ўсе плады дрэўныя, што ацалелі ад граду, і не засталося ніякай зеляніны ні на дрэвах, ні на траве польнай ва ўсёй зямлі Егіпецкай.

16 Фараон сьпешна паклікаў Майсея і Аарона і сказаў: зграшыў я перад Госпадам, Богам вашым, і перад вамі;

17 цяпер даруйце грэх мой яшчэ раз і памалецеся Госпаду Богу вашаму, каб Ён толькі адвёў ад мяне гэтую сьмерць.

18 Майсей выйшаў ад фараона і памаліўся Госпаду.

19 І падняў Гасподзь з другога боку заходні вельмі моцны вецер, і ён панёс саранчу і ўкінуў яе ў Чэрмнае мора: не засталося ніводнай саранчыны ва ўсёй зямлі Егіпецкай.

20 Але Гасподзь ачэрсьцьвіў сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраілевых.

21 І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю да неба, і будзе цемра на зямлі Егіпецкай, адчувальная цемра.

22 Майсей працягнуў руку сваю да неба, і была густая цемра па ўсёй зямлі Егіпецкай тры дні;

23 ня бачылі адзін аднога, і ніхто не ўставаў зь месца свайго тры дні; а ва ўсіх сыноў Ізраілевых было сьвятло ў селішчах іхніх.

24 Фараон паклікаў Майсея і сказаў: ідзеце, учынеце служэньне Госпаду, няхай толькі застанецца дробнае і буйное быдла ваша, і дзеці вашыя хай ідуць з вамі.

25 Але Майсей сказаў: дай таксама ў рукі нашыя ахвяры і цэласпаленьні, каб прынесьці Госпаду, Богу нашаму;

26 хай пойдуць і статкі нашыя з намі, не застанецца ні капыта: бо зь іх мы возьмем на ахвяру Госпаду, Богу нашаму; але пакуль ня прыйдзем туды, мы ня ведаем, што прынесьці ў ахвяру Госпаду.

27 І ачэрсьцьвіў Гасподзь сэрца фараона, і ён не захацеў адпусьціць іх.

28 І сказаў яму фараон: ідзі ад мяне; сьцеражыся, не зьяўляйся болей перад аблічча маё; таго дня, як ты ўбачыш аблічча маё, памрэш.

29 І сказаў Майсей: як сказаў ты, так і будзе; я ня ўбачу болей аблічча твайго.

 

Разьдзел 11

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею: яшчэ адну кару Я навяду на фараона і на Егіпцянаў; пасьля таго ён пусьціць вас адгэтуль; а калі ён будзе адпускаць, пасьпешліва будзе гнаць вас адгэтуль;

2 скажы ў вушы народу, каб кожны ў блізкага свайго і кожная жанчына ў блізкай сваёй выпрасілі рэчаў срэбраных і рэчаў залатых.

3 І даў Гасподзь ласку народу ў вачах Егіпцянаў; ды і Майсей быў вельмі вялікі ў зямлі Егіпецкай, у вачах рабоў фараонавых і ў вачах народу.

4 І сказаў Майсей: так кажа Гасподзь: апоўначы Я прайду сярод Егіпта,

5 і памрэ кожны першынец у зямлі Егіпецкай ад першынца фараона, які сядзіць на троне сваім, да першынца рабыні, якая каля жорнаў, і ўсё першароднае з быдла;

6 і будзе енк вялікі па ўсёй зямлі Егіпецкай, якога ня бывала і якога ня будзе болей;

7 а ва ўсіх сыноў Ізраілевых ні на чалавека, ні на быдла не варухне сабака языком сваім, каб вы ведалі, якую розьніцу робіць Гасподзь паміж Егіпцянамі і паміж Ізраільцянамі.

8 І прыйдуць усе рабы гэтыя твае да мяне і паклоняцца мне, кажучы: выйдзі ты і ўвесь народ, які ты ўзначальваеш. Пасьля гэтага я і выйду. І выйшаў ад фараона з гневам.

9 І сказаў Гасподзь Майсею: не паслухаўся вас фараон, каб памножыліся і цуды Мае ў зямлі Егіпецкай.

10 Майсей і Аарон зрабілі ўсе гэтыя цуды перад фараонам; але Гасподзь ачэрсьцьвіў сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраілевых зь зямлі сваёй.

 

Разьдзел 12

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону ў зямлі Егіпецкай, кажучы:

2 месяц гэты хай будзе ў вас пачаткам месяцаў, першым хай будзе ён у вас паміж месяцамі года.

3 Скажэце ўсяму супольству Ізраілеваму: у дзясяты дзень гэтага месяца няхай возьме кожны адно ягня па семэях, па ягняці на сямейства;

4 а калі сямэя такая малая, што ня зьесьць ягняці, дык няхай возьме з суседам сваім, бліжэйшым да дома свайго, па ліку душ: паводле той меры, колькі кожны зьесьць, палічэцеся на ягня.

5 Ягня ў вас павінна быць бяз хібы, мужчынскага полу, аднагодак; вазьмеце яго ад авечак альбо ад коз,

6 і няхай яно захоўваецца ў вас да чатырнаццатага дня гэтага месяца: тады хай заколе яго ўвесь сход грамады Ізраільскай увечары,

7 і хай возьмуць ад крыві і памажуць на абодвух вушаках і на папярэчыне дзьвярэй у дамах, дзе будуць есьці яго;

8 няхай зьядуць мяса зь яго ў гэтую самую ноч, сьпечанае на агні, - з прэсным хлебам і з горкімі травамі няхай зьядуць яго;

9 ня ежце ад яго недапечанага, альбо гатаванага ў вадзе, а ежце сьпечанае на агні, галаву з нагамі і вантробамі;

10 не пакідайце ад яго да раніцы; а астатак яго да раніцы спалеце на агні.

11 А ежце яго так: хай будзе паясьніца ваша перапяразана, абутак ваш на нагах вашых і кіі вашыя ў руках вашых, і ежце яго пасьпешліва: гэта - Пасха Гасподняя.

12 А Я гэтай самай ночы прайду па зямлі Егіпецкай, і пабэю кожнага першынца ў зямлі Егіпецкай, ад чалавека да быдла, і над усімі божышчамі Егіпецкімі ўчыню суд. Я Гасподзь.

13 І будзе ў вас кроў знакам на дамах, дзе вы знаходзіцеся, і ўбачу кроў і прайду міма вас, і ня будзе сярод вас пошасьці згубнае, калі буду караць зямлю Егіпецкую.

14 І хай будзе вам дзень гэты незабыўны, і сьвяткуйце яго як сьвята Госпаду ва ўсе роды вашыя; як устанаўленьне вечнае свьяткуйце яго.

15 Сем дзён ежце прэсны хлеб; з самага першага дня зьнішчыце квашанае ў дамах вашых, бо хто будзе есьці квашанае зь першага дня да сёмага дня, душа тая зьнішчана будзе з асяродзьдзя Ізраіля.

16 І ў першы дзень хай будзе ў вас сьвяты сход, і ў сёмы дзень сьвяты сход: ніякай працы нельга рабіць у гэтыя дні; толькі што есьці кожнаму, адно тое можна рабіць вам.

17 пільнуйцеся праснакоў, бо ў гэты самы дзень Я вывеў рушэньне вашае зь зямлі Егіпецкай, і пільнуйцеся дня гэтага ў роды вашыя, як устанаўленьня вечнага.

18 З чатырнаццатага дня першага месяца, зь вечара ежце прэсны хлеб да вечара дваццаць першага дня таго самага месяца;

19 сем дзён не павінна быць закваскі ў дамах вашых, бо хто будзе есьці квашанае, душа тая вынішчана будзе з грамады Ізраілевай, прыхадзень гэта альбо прыродны жыхар зямлі той.

20 Нічога квашанага ня ежце: усюды, дзе будзеце, ежце прэсны хлеб.

21 І склікаў Майсей усіх старэйшынаў Ізраілевых і казаў ім: выберыце і вазьмеце сабе ягнят па семэях вашых і закалеце паску;

22 і вазьмеце пучок ізопу, і абмачэце ў кроў, якая ў посудзе, і памажце папярэчыну і абодва вушакі дзьвярэй крывёю, якая ў посудзе: а вы ніхто ня выходзьце за дзьверы дома свайго да раніцы.

23 І пойдзе Гасподзь караць Егіпет, і ўбачыць кроў на папярэчыне і на абодвух вушаках, і пройдзе Гасподзь міма дзьвярэй, і не дапусьціць згубцу ўвайсьці ў дамы вашыя дзеля кары.

24 Трымайцеся гэтага, як закону сабе і сынам вашым вечна.

25 Калі ўвойдзеце ў зямлю, якую Гасподзь дасьць вам, як Ён казаў, захоўвайце гэта служэньне.

26 І калі скажуць вам дзеці вашыя: што гэта за служэньне?

27 скажэце: гэта пасхальная ахвяра Госпаду, Які прайшоў міма дамоў сыноў Ізраілевых у Егіпце, калі караў Егіпцянаў, і дамы нашыя выбавіў. І схіліўся народ і пакланіўся.

28 І пайшлі сыны Ізраілевыя і зрабілі: як сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, так і зрабілі.

29 Апоўначы Гасподзь пабіў усіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, ад першынца фараона, які сядзеў на троне сваім, да першынца вязьня, які быў у цямніцы, і ўсё першароднае з жывёлы.

30 І ўстаў фараон уначы сам і ўсе рабы ягоныя і ўвесь Егіпет; і пачаўся вялікі енк у зямлі Егіпецкай, бо ня было дома, дзе ня было б мёртвага.

31 І паклікаў Майсея і Аарона ўначы і сказаў: устаньце, выйдзіце з асяродзьдзя народу майго, як вы, так і сыны Ізраілевыя, і ідзеце, учынеце служэньне Госпаду, як казалі вы;

32 і дробнае і буйное быдла ваша вазьмеце, як вы казалі; і ідзеце і дабраславеце мяне.

33 і пануквалі Егіпцяне народ, каб хутчэй выслаць яго зь зямлі той; бо казалі яны: мы ўсе памрэм.

34 І панёс народ цеста сваё, перш чым яно закісла; рошчына іхняя, завязаная ў вопратцы іхняй, была на плячах іхніх.

35 І зрабілі сыны Ізраілевыя паводле слова Майсеевага і прасілі ў Егіпцянаў рэчаў срэбраных і рэчаў залатых і вопраткі.

36 А Гасподзь даў ласку народу ў вачах Егіпцянаў: і яны давалі яму, і абабраў ён Егіпцянаў.

37 І выправіліся сыны Ізраілевыя з Раамсэса ў Сакхот да шасьцісот тысяч пешых мужчын, апрача дзяцей;

38 і мноства рознапляменных людзей выйшлі зь імі, і дробнае і буйное быдла, статак вельмі вялікі.

39 І сьпяклі яны зь цеста, якое вынесьлі зь Егіпта, праснакі, бо яно яшчэ ня скісла, таму што яны выгнаныя былі зь Егіпта і не маглі марудзіць і нават ежы не прыгатавалі сабе на дарогу.

40 А часу, які сыны Ізраілевыя жылі ў Егіпце, было чатырыста трыццаць гадоў.

41 Як прайшло чатырыста трыццаць гадоў, у гэты самы дзень выйшла ўсё рушэньне Гасподняе зь зямлі Егіпецкай уначы.

42 Гэта - ноч чуваньня Госпаду за вывад іх зь зямлі Егіпецкай; гэта самая ноч - чуваньне Госпаду ва ўсіх сыноў Ізраілевых у роды іхнія.

43 І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону: вось статут Пасхі: ніякі іншапляменец не павінен есьці яе;

44 а кожны раб, куплены за срэбра, калі абрэжаш яго, можа есьці яе;

45 пасяленец і найміт не павінен есьці яе.

46 У адным доме трэба есьці яе, ня выносьце мяса прэч з дому і костак яе ня крышэце.

47 Уся грамада Ізраіля павінна ўчыняць яе.

48 А калі паселіцца ў цябе прыхадзень і захоча ўчыніць Пасху Госпаду, дык абрэж у яго ўсіх мужчынскага полу, і тады няхай ён пачне рабіць яе, і будзе як прыродны жыхар зямлі; а ніякі неабрэзаны не павінен есьці яе;

49 адзін закон хай будзе і прыроднаму жыхару і прыхадню, які пасяліўся сярод вас.

50 і зрабілі ўсё сыны Ізраілевыя: як загадаў Гасподзь Майсею і Аарону, так і зрабілі.

51 У гэты самы дзень Гасподзь вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай па рушэньнях іхніх.

 

Разьдзел 13

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 высьвяці мне кожнага першынца, які раскрывае ўлоньне сярод сыноў Ізраілевых, ад чалавека да быдла, Мае яны.

3 І сказаў Майсей народу: памятайце гэты дзень, у які выйшлі вы зь Егіпта, з дому рабства, бо рукою моцнаю вывеў вас Гасподзь адтуль, і ня ежце квашанага:

4 сёньня выходзіце вы, у месяцы Авіве*.

5 І калі ўвядзе цябе Гасподзь у зямлю Хананэяў і Хэтэяў, і Амораў і Эвэяў і Евусэяў, якою запрысягнуўся Ён бацькам тваім, што дасьць табе зямлю, дзе цячэ малако і мёд, - дык учыняй гэта служэньне ў гэтым месяцы;

6 сем дзён еж прэсны хлеб, і ў сёмы дзень сьвята Госпаду:

7 прэсны хлеб трэба есьці сем дзён, і не павінен быць у цябе квашаны хлеб, і не павінна быць у цябе квашанага ва ўсіх межах тваіх.

8 І абвясьці ў дзень той сыну твайму, кажучы: гэта дзеля таго, што Гасподзь зрабіў са мною, калі я выйшаў зь Егіпта.

9 І хай будзе табе гэта знакам на руцэ тваёй і помнікам перад вачыма тваімі, каб закон Гасподні быў у вуснах тваіх; бо рукою моцнаю вывеў Гасподзь зь Егіпта.

10 Выконвай жа статут гэты ў прызначаны час, год у год.

11 І калі выведзе цябе Гасподзь у зямлю Ханаанскую, як ён запрысягаўся табе і бацькам тваім, і дасьць яе табе, -

12 аддзяляй Госпаду ўсё, што расхіляе сьцёгны; і ўсё першароднае з жывёлы, якое ў цябе будзе, мужчынскага полу, Госпаду;

13 а кожнага асла, які расхіляе, замяняй ягнём; а калі не заменіш; выкупі яго; і кожнага першынца чалавечага з сыноў тваіх выкупай.

14 І калі пасьля спытаецца ў цябе сын твой, кажучы: што гэта? дык скажы яму: рукою моцнаю вывеў нас Гасподзь зь Егіпта, з дому рабства;

15 бо калі фараон упарціўся адпусьціць нас, Гасподзь усьмерціў усіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, ад першынца чалавечага да першынца з жывёлы, - таму я прыношу ў ахвяру Госпаду ўсё, што расхіляе сьцёгны, мужчынскага полу, а кожнага першынца з сыноў маіх выкупляю;

16 і хай будзе гэта знакам на руцэ тваёй і замест павязкі над вачыма тваімі; бо рукою моцнаю Гасподзь вывеў нас зь Егіпта.

17 Калі ж фараон адпусьціў народ, Бог не павёў яго па дарозе зямлі Філістымскай, бо яна блізкая; бо сказаў Бог: каб не раскаяўся народ, убачыўшы вайну, і не вярнуўся ў Егіпет.

18 І абвёў Бог народ дарогаю пустэльнаю да Чэрмнага мора. І выйшлі сыны Ізраілевыя ўзброеныя зь зямлі Егіпецкай.

19 І ўзяў Майсей з сабою косьці Язэпа, бо прысягаю запрысягнуў сыноў Ізраілевых, сказаўшы: наведае вас Бог, і вы з сабою вынесіце косьці мае адгэтуль.

20 І рушылі з Сакхота і разьмясьціліся табарам у Этаме, на краі пустыні.

21 А Гасподзь ішоў перад імі ўдзень у слупе воблачным, паказваючы ім дарогу, а ўначы ў слупе вогненным, сьвецячы ім, каб ішлі яны і ўдзень і ўначы.

22 Ня ўхіляўся слуп воблачны ўдзень і слуп вогненны ўначы з вачэй народа.

 

 

* У месяцы каласоў

Разьдзел 14

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 скажы сынам Ізраілевым, каб яны павярнуліся і сталі табарам перад Пі-Гахіротам, паміж Мігдолам і морам, перад Ваал-Цафонам; насупраць яго атабарцеся каля мора.

3 І скажа фараон пра сыноў Ізраілевых: яны заблудзіліся ў зямлі гэтай, замкнула іх пустыня.

4 А Я напоўню чэрствасьцю сэрца фараону, і ён пагоніцца за імі, і пакажу славу Маю на фараоне і на ўсім войску ягоным; і ўведаюць Егіпцяне, што Я Гасподзь. І зрабілі так.

5 І абвешчана было цару Егіпецкаму, што народ уцёк; і абярнулася сэрца фараонава і рабоў ягоных супроць народу гэтага, і яны сказалі: што гэта мы зрабілі? навошта мы адпусьцілі Ізраільцянаў, каб яны не працавалі на нас?

6 Фараон запрог калясьніцу сваю і народ свой узяў з сабою;

7 і ўзяў шасьцьсот калясьніц адборных, і ўсе калясьніцы Егіпецкія, і правадыроў над усімі імі.

8 І ачарсьцьвіў Гасподзь сэрца фараону, цару Егіпецкаму, і ён пагнаўся за сынамі Ізраілевымі; а сыны Ізраілевыя ішлі пад рукою высокаю.

9 І пагналіся за імі Егіпцяне, і ўсе коні з калясьніцамі фараонавымі, і верхаўцы, і ўсё войска ягонае, і дагналі іх атабараных каля мора, пры Пі-Гахіроце, перад Ваал-Цафонам.

10 Фараон наблізіўся, і сыны Ізраілевыя азірнуліся, і вось, Егіпцяне ідуць за імі: і вельмі спалохаліся і закрычалі сыны Ізраілевыя да Госпада,

11 і сказалі Майсею: хіба няма магілаў у Егіпце, што ты прывёў нас паміраць у пустыні? што гэта ты зрабіў з намі, вывеўшы нас зь Егіпта?

12 Ці ж ня гэта самае казалі мы табе ў Егіпце, сказаўшы: пакінь нас, няхай мы будзем працаваць на Егіпцянаў. Бо лепш нам быць у рабстве ў Егіпцянаў, чым памерці ў пустыні.

13 Але Майсей сказаў народу: ня бойцеся, стойце - і ўбачыце выратаваньне ад Госпада, якое Ён дасьць вам і сёньня, бо Егіпцянаў, якіх вы бачыце сёньня, больш ня ўбачыце вавек;

14 Гасподзь будзе змагацца за вас, і вы будзьце спакойныя.

15 І сказаў Гасподзь Майсею: чаго ты крычыш да Мяне? скажы сынам Ізраілевым, каб яны ішлі;

16 а ты падымі посах твой, і працягні руку тваю на мора, і падзялі яго, і пройдуць сыны Ізраілевыя сярод мора па сухім;

17 А Я зраблю чэрствым сэрца Егіпцянам, і яны пойдуць сьледам за імі; і пакажу славу Маю на фараоне і на ўсім войску ягоным і на верхаўцах ягоных:

18 І спазнаюць Егіпцяне, што Я Гасподзь, калі пакажу славу Маю на фараоне, на калясьніцах ягоных і на вераўцах ягоных.

19 І рушыўся анёл Божы, які ішоў за імі; рушыўся і слуп воблачны ад аблічча іхняга, і стаў па-за імі.

20 і ўвайшоў усярэдзіну паміж табарам Егіпецкім і табарам Ізраілевым, і быў воблакам і змрокам адным і асьвятляў ноч другім, і ня зьблізіліся яны адны з аднымі праз усю ноч.

21 І прасьцёр Майсей руку сваю на мора, і гнаў Гасподзь мора моцным усходнім ветрам усю ноч і зрабіў мора сушаю; і расступіліся воды.

22 І пайшлі сыны Ізраілевыя сярод мора па сухім: а воды былі ім сьцяною з правага і зь левага боку.

23 Пагналіся Егіпцяне, і ўвайшлі за імі ўсярэдзіну мора ўсе коні фараонавыя, калясьніцы ягоныя і верхаўцы ягоныя.

24 І ў ранішнюю варту паглядзеў Гасподзь на табар Егіпцянаў з слупа вогненнага і воблачнага і прывёў у замяшаньне табар Егіпцянаў;

25 і зьнярухоміў колы ў калясьніцах іхніх, так што яны валаклі іх зь цяжкасьцю. І сказалі Егіпцяне: пабяжым ад Ізраільцянаў, бо Гасподзь змагаецца за іх супроць Егіпцянаў.

26 І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю на мора, і хай павернуцца воды на Егіпцянаў, на калясьніцы іхнія і на верхаўцоў іхніх.

27 І прасьцёр Майсей руку сваю на мора, і пад раніцу вада вярнулася ў сваё месца; а Егіпцяне беглі насустрач. Так патапіў Гасподзь Егіпцянаў сярод мора.

28 І вада вярнулася і пакрыла калясьніцы і верхаўцоў усяго войска фараонавага, якія ўвайшлі за імі ў мора; не засталося ніводнага зь іх.

29 А сыны Ізраілевыя прайшлі па сушы сярод мора: воды былі ім сьцяною па правы і па левы бок.

30 І выбавіў Гасподзь у дзень той Ізраільцянаў з рук Егіпцянаў, і ўбачылі сыны Ізраілевыя Егіпцянаў мёртвых на беразе мора.

31 І ўбачылі Ізраільцяне руку вялікую, якую прасьцёр Гасподзь над Егіпцянамі, і спалохаўся народ Госпада і паверыў Госпаду і Майсею, рабу Ягонаму.

 

Разьдзел 15

 

1 Тады Майсей і сыны Ізраілевыя засьпявалі Госпаду песьню гэтую і казалі: пяю Госпаду, бо Ён высока ўзьнёсься: каня і верхаўца яго ўкінуў у мора.

2 Гасподзь цьвярдыня мая і слава мая, Ён стаў мне ратункам. Ён Бог мой, і праслаўлю Яго; Бог бацькі майго, і ўсхвалю Яго.

3 Гасподзь муж бітвы, Ягова імя Яму.

4 Калясьніцы фараонавыя і войска ягонае ўкінуў Ён у мора, і выбраныя ваеначальнікі Ягоныя патанулі ў Чэрмным моры.

5 Багны пакрылі іх: яны пайшлі ў глыбіню, як камень.

6 Правіца Твая, Госпадзе, праславілася сілаю; правіца Твая, Госпадзе, пабіла ворага.

7 Велічнасьцю славы Тваёй Ты скінуў тых, што паўсталі супроць Цябе. Ты паслаў гнеў Твой, і ён папаліў іх, як салому.

8 Ад дыханьня Твайго цякучыя воды спыніліся сьцяною, застылі глыбіні ўсэрцы мора.

9 Вораг сказаў: паганю, даганю, падзялю здабычу; насыціцца імі душа мая, агалю меч мой, зьнішчыць іх рука мая.

10 Ты дыхнуў духам Тваім, і накрыла іх мора: яны апусьціліся, як волава, у вялікіх водах.

11 Хто, як Ты, Госпадзе, паміж багамі? Хто, як Ты, велічны сьвятасьцю, срашны пахваламі, творца цудаў?

12 Ты прасьцёр правіцу Тваю: паглынула іх зямля.

13 Ты вёў міласьцю Тваёю народ гэты, які Ты выбавіў, - павёў сілаю Тваёю да сьвятой сялібы Тваёй.

14 Пачулі народы і дрыжаць: жудасьць ахапіла жыхароў Філістымскіх;

15 тады сумеліся князі Эдэмавыя, дрыжаньне апанавала правадыроў Маавіцкіх, замаркоціліся ўсе жыхары Ханаана.

16 Хай апануе іх страх і жудасьць; ад велічы мышцы Тваёй хай анямеюць яны, як камень, пакуль праходзіць народ Твой, Госпадзе, пакуль праходзіць гэты народ, які Ты прыдбаў.

17 Увядзі яго і пасадзі яго на гары здабытку Твайго, на месцы, якое Ты зрабіў жытлом Сабе, Госпадзе, у сьвятыню, якую стварылі рукі Твае, Уладыка?

18 Гасподзь будзе панаваць вавекі і ў вечнасьць.

19 Калі ўвайшлі коні фараонавыя і зь верхаўцамі ягонымі ў мора, дык Гасподзь абярнуў на іх воды марскія, а сыны Ізраілевыя прайшлі па сушы сярод мора.

20 І ўзяла Марыям прарочыца, сястра Ааронавая, у руку сваю бубен, і выйшлі за ёю ўсе жанчыны з бубнамі і радасьцю.

21 І засьпявала Марыям перад імі: сьпявайце Госпаду, бо высока ўзьнёсься Ён, каня і верхаўца ягонага ўкінуў у мора.

22 І павёў Майсей Ізраільцянаў ад Чэрмнага мора, і яны ўступілі ў пустыню Сур; і ішлі яны тры дні па пустыні і не знаходзілі вады.

23 Прыйшлі ў Мэру - і не маглі піць вады ў Мэры, бо яна была горкая, чаму і дадзена таму месцу назва: Мэра*.

24 І наракаў народ на Майсея, кажучы: што нам піць?

25 Майсей загаласіў да Госпада, і Гасподзь паказаў яму дрэва, і ён кінуў яго ў ваду, і вада зрабілася салодкая. Таму Бог даў народу статут і закон і там выпрабоўваў яго.

26 І сказаў: калі ты будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, і рабіць вартаснае перад вачамі Яго, і слухацца запаведзяў Ягоных, і шанаваць усе статуты Ягоныя, дык не навяду на цябе ніякай хваробы, якія навёў Я на Егіпет: бо Я Гасподзь, Які ацаляе цябе.

27 І прыйшлі ў Элім: там было дванаццаць крыніц вады і семдзесят пальмавых дрэў, і разьмясьціліся там табарам каля водаў.

 

 

* Горыч

Разьдзел 16

 

1 І рушылі з Эліма, і прыйшло ўсё супольства сыноў Ізраілевых у пустыню Сін, што паміж Элімам і Сінаем, на пятнаццаты дзень другога месяца пасьля выхаду іх зь зямлі Егіпецкай.

2 І пачало наракаць усё супольства сыноў Ізраілевых на Майсея і Аарона ў пустыні.

3 і сказалі ім сыны Ізраілевыя: о, калі б мы сканалі ад рукі Гасподняй у зямлі Егіпецкай, як мы сядзелі каля катлоў зь мясам, як мы елі хлеба ўдосыць! бо вы нас вывелі ў пустыню гэтую, каб усё супольства замарыць голадам.

4 І сказаў Гасподзь Майсею: вось, Я пашлю вам хлеб зь неба, і хай люд выходзіць і зьбірае штодзённа, колькі трэба на дзень, каб Я выпрабаваў яго, ці будзе ён рабіць паводле закона Майго, ці не;

5 а ў шосты дзень хай гатуюць, што прынясуць, і будзе ўдвая болей за тое, што зьбіраюць у іншыя дні.

6 І сказалі Майсей і Аарон усяму супольству сыноў Ізраілевых: увечары даведаецеся вы, што Гасподзь вывеў вас зь зямлі Егіпецкай,

7 і раніцай убачыце славу Гасподнюю, бо пачуў Ён нараканьні вашыя на Госпада: а мы што такое, што наракаеце на нас?

8 І сказаў Майсей: даведаецеся, калі Гасподзь увечары дасьць вам мяса на ежу, а раніцай хлеба ўдосыць; бо Гасподзь пачуў нараканьні вашыя, якія вы ўзьвялі супроць Яго: а мы што? не на нас нараканьні вашыя, а на Госпада.

9 І сказаў Майсей Аарону: скажы ўсяму супольству сыноў Ізраілевых: станьце прад абліччам Госпада, бо Ён пачуў нараканьні вашыя.

10 І калі прамаўляў Аарон да ўсяго супольства сыноў Ізраілевых, дык яны азірнуліся на пустыню, і вось, слава Гасподняя зьявілася ў воблаку.

11 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

12 Я пачуў нараканьні сыноў Ізраілевых; скажы ім: увечары будзеце есьці мяса, а раніцай насыціцеся хлебам - і ўведаеце, што Я Гасподзь, Бог ваш.

13 Увечары наляцелі перапёлкі і пакрылі табар, а раніцай ляжала раса наўкола табара;

14 раса паднялася, і вось, на паверхні пустыні нешта дробнае, падобнае на крупы, дробнае, як іней на зямлі.

15 І ўбачылі сыны Ізраілевыя і казалі адзін аднаму: што гэта? Бо ня ведалі, што гэта. І Майсей сказаў ім: гэта хлеб, які Гасподзь даў вам на ежу:

16 вось, што загадаў Гасподзь: зьбірайце яго кожны па столькі, колькі яму зьесьці; па гаморы на чалавека, па колькасьці душ, колькі ў каго ў намёце, зьбірайце.

17 І зрабілі так сыны Ізраілевыя і сабралі, хто многа, хто мала;

18 і мералі гаморам, і ў таго, хто сабраў многа, ня было лішняга, і ў таго, хто мала, ня было нястачы: кожны сабраў, колькі яму зьесьці.

19 І сказаў ім Майсей: ніхто не пакідай гэтага да раніцы.

20 Але не паслухаліся яны Майсея, і пакінулі ад гэтага некаторыя да раніцы, - і завяліся чэрві, і яно прасьмердла. І ўгневаўся на іх Майсей.

21 І зьбіралі яны рана раніцай, кожны колькі яму зьесьці; калі ж сагравала сонца, яно раставала.

22 А на шосты дзень сабралі хлеба ўдвая, па два гаморы на кожнага. І прыйшлі ўсе правадыры супольства і данесьлі Майсею.

23 І сказаў ім: вось, што сказаў Майсей: заўтра спакой, сьвятая субота Гасподняя, што трэба пячы, пячэце, і што трэба гатаваць, гатуйце сёньня, і што застанецца, адкладзеце і зьберажэце да раніцы.

24 І адклалі тое да раніцы, як загадаў Майсей, і яно не прасьмердла, і чарвей ня было ў ім.

25 І сказаў Майсей: ежце яго сёньня, бо сёньня субота Гасподняя: сёньня ня знойдзеце яго на полі;

26 шэсьць дзён зьбірайце яго, а ў сёмы дзень субота: ня будзе яго ў гэты дзень.

27 Але некаторыя зь людзей выйшлі ў сёмы дзень зьбіраць - і не знайшлі.

28 І сказаў Гасподзь Майсею: ці доўга вы будзеце ўхіляцца ад выкананьня загадаў Маіх і законаў Маіх?

29 глядзеце, Гасподзь даў вам суботу, таму Ён і дае ў шосты дзень хлеба на два дні: заставайцеся кожны ў сябе, ніхто ня выходзь зь мясьціны сваёй у сёмы дзень.

30 І спачываў люд у сёмы дзень.

31 І назваў дом Ізраілеў хлеб той: манна. Яна была, як каляндравае насеньне, белая, а смакам як ляпёшка зь мёдам.

32 І сказаў Майсей: вось, што загадаў Гасподзь: напоўніце гамор на захаваньне ў роды вашыя, каб вы бачылі хлеб, якім Я карміў вас у пустыні, калі вывеў вас зь зямлі Егіпецкай.

33 І сказаў Майсей Аарону: вазьмі адзін посуд, і пакладзі ў яго поўны гамор манны, і пастаў яго перад Госпадам, на захаваньне ў роды вашыя.

34 І паставіў яго Аарон перад каўчэгам сьведчаньня на захаваньне, як загадаў Гасподзь Майсею.

35 Сыны Ізраілевыя елі манну сорак гадоў, пакуль ня прыйшлі ў зямлю абжытую: манну елі яны, пакуль ня прыйшлі да межаў зямлі Ханаанскай.

36 А гамор ёсьць дзясятая частка эфы.

 

Разьдзел 17

 

1 І рушыла ўсё супольства сыноў Ізраілевых з пустыні Сін у дарогу сваю, паводле загаду Гасподняга, і разьмясьцілася табарам у Рэфідыме; і ня было вады піць людзям.

2 І дакаралі людзі Майсея, і казалі: дайце нам вады піць. І сказаў ім Майсей: што вы дакараеце мяне? што спакушаеце Госпада?

3 І прагнуў там люд вады, і наракаў люд на Майсея, кажучы: навошта ты вывеў нас зь Егіпта, замарыў смагаю нас і дзяцей нашых і статкі нашыя?

4 Майсей заенчыў да Госпада і сказаў: што мне рабіць з народам гэтым? яшчэ крыху, і пабэюць мяне камянямі.

5 І сказаў Гасподзь Майсею: прайдзі перад людзьмі, і вазьмі з сабою некаторых старэйшынаў Ізраільскіх, і посах твой, якім ты ўдарыў па вадзе, вазьмі ў руку тваю, і ідзі;

6 вось, Я стану перад табою там на скале ў Харыве, і ты ўдарыш у скалу, і пойдзе зь яе вада, і будзе піць народ. І зрабіў так Майсей на вачах у старэйшынаў Ізраільскіх.

7 І даў мясьціне той назву: Маса і Мэрыва*, з прычыны дакараньня сыноў Ізраілевых, і таму, што яны спакушалі Госпада, кажучы: ці ёсьць Гасподзь сярод нас, ці няма?

8 І прыйшлі Амалікіцяне і ваявалі зь Ізраільцянамі ў Рэфідыме.

9 Майсей сказаў Ісусу: выберы нам мужоў і ідзі біцца з Амалікіцянамі: заўтра я стану на вяршыні пагорка, і жазло Божае будзе ў руцэ маёй.

10 І зрабіў Ісус, як сказаў яму Майсей, і пайшоў біцца з Амалікіцянамі; а Майсей і Аарон і Ор узышлі на верх пагорка.

11 І калі Майсей падымаў рукі свае, адольваў Ізраіль, а калі апускаў рукі свае, адольваў Амалік;

12 але рукі Майсеевыя ацяжэлі, і тады ўзялі камень і падклалі пад яго, і ён сеў на ім, а Аарон і Ор падтрымлівалі рукі ягоныя, адзін з аднаго, а другі з другога боку. І былі рукі яго паднятыя аж да захаду сонца.

13 І скінуў Ісус Амаліка і народ ягоны лязом мяча.

14 І сказаў Гасподзь Майсею: напішы гэта на памяць у кнігу і давядзі Ісусу, што Я цалкам згладжу памяць пра Амалікіцянаў з паднябеснай.

15 І зладзіў Майсей ахвярнік і даў яму назву: Ягова Нісі**,

16 бо, сказаў ён, рука на троне Госпада: бітва ў Госпада супроць Амаліка з роду ў род.

 

 

* Спакушэньні і дакоры

** Гасподзь сьцяг мой

Разьдзел 18

 

1 І пачуў Ётор, сьвятар Мадыямскі, цесьць Майсееў, пра ўсё, што зрабіў Бог Майсею і Ізраілю, народу Свайму, калі вывеў Гасподзь Ізраіля зь Егіпта,

2 і ўзяў Ётор, цесьць Майсееў, Сэпфору, жонку Майсеевую, якая перад тым была вернутая,

3 і двух сыноў яе, аднаму зь якіх імя Гірсам, бо казаў Майсей: я прыхадзень у зямлі чужой;

4 а другому імя Эліезэр, бо Бог бацькі майго быў за памочніка і выбавіў мяне ад меча фараонавага

5 І прыйшоў Ётор, цесьць Майсееў, з сынамі ягонымі і жонкаю ягонаю да Майсея ў пустыню, дзе ён стаў табарам каля гары Божай,

6 і даў знак Майсею: я цесьць твой Ётор, іду да цябе, і жонка твая, і два сыны яе зь ёю.

7 Майсей выйшаў насустрач цесьцю свайму, і пакланіўся, і цалаваў яго, і пасьля ўзаемнага прывітаньня яны ўвайшлі ў намёт.

8 І расказаў Майсей цесьцю свайму пра ўсё, што зрабіў Гасподзь з фараонам і зь Егіпцянамі за Ізраіля, і пра ўсе цяжкасьці, якія спаткаліся ім на дарозе, і як уратаваў іх Гасподзь.

9 Ётор радаваўся за ўсе дабрачынствы, якія Гасподзь учыніў Ізраілю, калі выратаваў яго з рукі Егіпцянаў,

10 і сказаў Ётор: дабраславёны Гасподзь, Які выратаваў вас з рукі Егіпцянаў і з рукі фараонавай, Які выратаваў народ гэты з-пад улады Егіпцянаў,

11 сёньня даведаўся я, што Гасподзь вялікі большы за ўсіх багоў, у тым самым, чым яны ўзносіліся над Егіпцянамі.

12 І прынёс Ётор, цесьць Майсееў, цэласпаленьне і ахвяры Богу; і прыйшоў Аарон і ўсе старэйшыны Ізраілевыя есьці хлеб зь цесьцем Майсеевым перад Богам.

13 На другі дзень сеў Майсей судзіць людзей, і стаялі людзі перад Майсеем з раніцы да вечара.

14 І бачыў цесьць Майсееў усё, што ён робіць зь людзьмі, і сказаў: што гэта такое робіш ты зь людам? навошта ты сядзіш адзін, а ўсе людзі стаяць перад табою з раніцы да вечара?

15 І сказаў Майсей цесьцю свайму: народ прыходзіць да мяне прасіць суду ў Бога:

16 калі здараецца ў іх якая справа, яны прыходзяць да мяне, і я суджу між тым і другім і абвяшчаю статуты Божыя і законы Ягоныя.

17 Але цесьць Майсееў сказаў яму: нядобра ты гэта робіш:

18 ты змучыш і сябе і народ гэты, які з табою, бо надта цяжкая табе гэтая справа: ты адзін ня можаш выпраўляць яе;

19 дык вось, паслухай слоў маіх: я дам табе раду, і будзе Бог з табою: будзь ты народу пасярэднікам перад Богам і прадстаўляй Богу дзеі;

20 вучы іх пастановам і законам, паказвай ім дарогу, па якой яны павінны ісьці, і справы, якія яны павінны рабіць;

21 а ты нагледзь з усяго народу людзей здольных, якія баяцца Бога, людзей праўдзівых, якія ненавідзяць карысьлівасьць, і пастаў над ім тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі;

22 хай яны судзяць народ у любы час і пра ўсякую важную справу даносяць табе, а ўсе малыя справы судзяць самыя: і будзе табе лягчэй, і яны панясуць з табою цяжар:

23 калі ты зробіш гэта, і Бог скажа табе, дык ты можаш устояць, і ўвесь народ гэты будзе адыходзіць у сваю мясьціну зь мірам.

24 І паслухаўся Майсей цесьцевых слоў і зрабіў усё, што той казаў:

25 і выбраў Майсей з усяго Ізраіля здольных людзей і паставіў іх начальнікамі народу, тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі і дзясяцкімі,

26 і судзілі яны народ у любы час; пра справы важныя даносілі Майсею, а ўсе малыя справы судзілі самыя.

27 і адпусьціў Майсей цесьця свайго, і ён пайшоў у зямлю сваю.

 

Разьдзел 19

 

1 На трэцім месяцы пасьля выхаду сыноў Ізраіля зь зямлі Егіпецкай, у самы дзень маладзіка, прыйшлі яны ў пустыню Сінайскую.

2 І рушылі яны з Рэфідыма, і прыйшлі ў пустыню Сінайскую, і сталі там табарам у пустыні: і стаў там Ізраіль табарам насупраць гары.

3 Майсей узышоў да Бога, і заклікаў яго Гасподзь з гары, кажучы: так скажы дому Якава і абвясьці сынам Ізраіля:

4 вы бачылі, што Я зрабіў Егіпцянам, і як Я насіў вас на арліных крылах, і прынёс вас да Сябе;

5 дык вось, калі вы будзеце слухацца голасу Майго і шанаваць запавет Мой, дык будзеце Маім скарбам з усіх народаў, бо Мая ўся зямля,

6 а вы будзеце ў Мяне царствам сьвятароў і народам сьвятым; вось словы, якія ты скажаш сынам Ізраілевым.

7 І прыйшоў Майсей і склікаў старэйшынаў народу і прапанаваў ім усе гэтыя словы, якія наказаў яму Гасподзь.

8 І ўвесь народ адказаў у адзін голас, кажучы: усё, што сказаў Гасподзь, выканаем. І данёс Майсей словы народу да Госпада.

9 І сказаў Гасподзь Майсею: вось, Я прыйду да цябе ў густым воблаку, каб чуў народ, як Я буду гаварыць з табою, і паверыў табе назаўсёды. І Майсей абвясьціў словы народу да Госпада.

10 І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да народу, і асьвяці яго сёньня і заўтра; хай вымыюць вопратку сваю,

11 каб быць гатовымі да трэцяга дня: бо на трэці дзень сыйдзе Гасподзь на вачах ва ўсяго народу на гару Сінай;

12 і правядзі народу рысу з усіх бакоў і скажы: сьцеражэцеся ўзыходзіць на гару і дакранацца да падножжа яе: кожны, хто дакранецца да гары, аддадзены будзе сьмерці;

13 хай рука не дакранецца да яго, а хай пабэюць яго камянямі, альбо застрэляць стралою; хай то быдла, хай чалавек, а хай не застанецца жывы; у час працяглага трубнага гуку, могуць яны ўзысьці на гару.

14 І сышоў Майсей з гары да людзей і асьвяціў людзей, і яны вымылі вопратку сваю.

15 І сказаў народу: будзьце гатовыя да трэцяга дня; не дакранайцеся да жонак.

16 На трэці дзень, як занялася раніца, былі грымоты і маланкі, і густая хмара над гарою і трубны гук даволі моцны: і затрымцеў увесь народ, які быў у табары.

17 І вывеў Майсей людзей з табара насустрач Богу, і сталі каля падножжа гары.

18 А гара Сінай уся дымілася ад таго, што Гасподзь сышоў на яе ў агні; і падымаўся ад яе дым, як дым зь печы, і ўся гара моцна хісталася:

19 і гук трубны рабіўся мацнейшы і мацнейшы. Майсей гаварыў, і Бог адказваў яму голасам.

20 І сышоў Гасподзь на гару Сінай, на вяршыню гары, і заклікаў Гасподзь Майсея на вяршыню гары, і ўзышоў Майсей.

21 І сказаў Гасподзь Майсею: сыйдзі і пацьвердзі народу, каб ён не парываўся да Госпада ўбачыць Яго, і каб не загінулі многія зь яго:

22 а сьвятары, якія набліжаюцца да Госпада, павінны асьвяціць сябе, каб ня ўразіў іх Гасподзь.

23 І сказаў Майсей Госпаду: ня можа народ узысьці на гару Сінай: бо Ты папярэдзіў нас, сказаўшы: правядзі мяжу вакол гары і асьвяці яе.

24 І Гасподзь сказаў яму: ідзі, сыйдзі, потым узыйдзі ты і з табою Аарон: а сьвятары і народ няхай не парываюцца ўзыходзіць да Госпада, каб Гасподзь ня ўразіў іх.

25 І сышоў Майсей да людзей і пераказаў ім.

 

Разьдзел 20

 

1 І прамовіў Бог усе словы гэтыя, кажучы:

2 Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства;

3 хай ня будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім.

4 Не рабі сабе куміра і ніякай выявы таго, што на небе ўгары, і што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй зямлі;

5 не пакланяйся ім і ня служы ім, бо Я Гасподзь, Бог твой, Бог руплівец, Які карае дзяцей за віну бацькоў да трэцяга і чацьвёртага роду, што ненавідзяць мяне,

6 і Які чыніць мілату тысячам родаў, што любяць Мяне і шануюць запаведзі Мае.

7 Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна, бо Гасподзь не пакіне без пакараньня таго, хто вымаўляе імя Яго марна.

8 Але памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго;

9 шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія дзеі твае,

10 а дзень сёмы - субота Госпаду, Богу твайму: не рабі ў гэты ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні раб твой, ні рабыня твая, ні быдла тваё, ні прыхадзень, які ў брамах тваіх;

11 бо за шэсьць дзён стварыў Гасподзь неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, а ў дзень сёмы спачыў; таму дабраславіў Гасподзь дзень суботні і асьвяціў яго.

12 Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.

13 Не забівай.

14 Ня чыні пералюбу.

15 Ня крадзь.

16 Не кажы ілжывага сьведчаньня на блізкага твайго.

17 Ня прагні дому блізкага твайго; ня прагні жонкі блізкага твайго, ні раба ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, нічога, што ў блізкага твайго.

18 Увесь народ бачыў грымоты і полымя, і гук трубны і гару, што дымілася; і ўбачыўшы тое, народ адступіў і спыніўся спадалёк.

19 І сказалі Майсею: гавары ты з намі, і мы будзем слухаць, але каб не гаварыў з намі Бог, каб нам не памерці.

20 І сказаў Майсей народу: ня бойцеся; Бог прыйшоў, каб выпрабаваць вас і каб страх Ягоны быў перад абліччам вашым, каб вы не грашылі.

21 І стаяў народ спадалёк, а Майсей уступіў у змрок, дзе Бог.

22 І сказаў Гасподзь Майсею: так скажы сынам Ізраілевым: вы бачылі, як Я зь неба казаў вам;

23 не рабеце перад Мною багоў срэбраных, альбо багоў залатых не рабеце сабе:

24 зрабі Мне ахвярнік зь зямлі і прынясі на ім цэласпаленьні твае і мірныя ахвяры твае, авечак тваіх і валоў тваіх; на кожным месцы, дзе Я ўчыню памяць імя Майго, Я прыйду да цябе і дабраслаўлю цябе;

25 калі ж будзеш рабіць Мне ахвярнік з камянёў, дык не кладзі яго з часовых, бо як толькі накладзеш на іх разец твой, дык апаганіш іх;

26 і ня ўзыходзь па прыступках да ахвярніка Майго, каб не адкрылася пры ім сарамата твая.

 

Разьдзел 21

 

1 І вось законы, якія ты абвесьціш ім:

2 Калі купіш раба Габрэя, няхай ён працуе шэсьць гадоў, а на сёмы няхай выйдзе на волю задарам;

3 калі ён прыйшоў адзін, няхай адзін і выйдзе; а калі ён жанаты, няхай выйдзе зь ім і жонка ягоная;

4 а калі гаспадар ягоны даў яму жонку і яна нарадзіла яму сыноў, альбо дочак, дык жонка і дзеці яе няхай застануцца ў гаспадара яе, а ён выйдзе адзін;

5 але калі раб скажа: люблю гаспадара майго, жонку маю і дзяцей маіх, не пайду на волю, -

6 дык няхай гаспадар ягоны прывядзе яго да багоў і паставіць яго да дзьвярэй, альбо да вушака, і праколе яму гаспадар ягоны вуха шылам, і ён застанецца рабом ягоным вечна.

7 Калі хто прадасьць дачку сваю ў рабыні, дык яна ня можа выйсьці, як выходзяць рабы;

8 калі яна не да спадобы гаспадару свайму і ён не заручыць яе, няхай дазволіць выкупіць яе; а чужому народу прадаць яе ня мае ўлады, калі сам пагардзіў ёю;

9 калі ён заручыць яе з сынам сваім, няхай зробіць зь ёю паводле права дочак;

10 калі ж другую возьме за яго, дык яна не павінна пазбаўляцца ежы, вопраткі і шлюбнага сужыцьця;

11 а калі ён гэтых трох рэчаў ня зробіць дзеля яе, няхай яна выйдзе задарам, бяз выкупу.

12 Хто ўдарыць чалавека так, што той памрэ, хай будзе аддадзены сьмерці;

13 але калі хто не намышляў ліхога, а Бог дапусьціў яму трапіць пад рукі ягоныя, дык Я назначу ў цябе мясьціну, куды ўцячы;

14 а калі хто з намерам забэе блізкага падступна, дык і ад ахвярніка Майго бяры яго на сьмерць.

15 Хто ўдарыць бацьку свайго, альбо сваю маці, таго трэба аддаць сьмерці.

16 Хто ўкрадзе чалавека і прадасьць яго, альбо знойдзецца ён у руках у яго, дык трэба аддаць яго сьмерці.

17 Хто ліхасловіць бацьку свайго, альбо маці сваю, таго трэба аддаваць сьмерці.

18 Калі сварацца, і адзін чалавек ударыць другога каменем, альбо кулаком, і той не памрэ, а ляжа ў пасьцель,

19 дык, калі ён падымецца і будзе выходзіць з дому з дапамогаю кія, той, хто ўдарыў, ня будзе варты сьмерці; толькі няхай сплаціць перапынак у яго працы і дасьць на лекаваньне яго.

20 А калі хто ўдарыць раба свайго, альбо служанку сваю палкаю, і яны памруць пад рукой ягонай, дык ён павінен быць пакараны;

21 але калі яны дзень альбо два дні перажывуць, дык ня трэба караць яго, бо гэта яго срэбра.

22 Калі бэюцца людзі, і ўдараць цяжарную жанчыну, і яна выкіне, але ня будзе іншае шкоды, дык узяць зь вінаватага збор грашмі, які накладзе на яго муж тае жанчыны, і ён павінен заплаціць яму пры судзьдзях;

23 а калі будзе шкода, дык аддай душу за душу,

24 вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу,

25 апёк за апёк, рану за рану, сіняк за сіняк.

26 Калі хто раба свайго ўдарыць у вока, альбо служанку сваю ў вока, і пашкодзіць яго, хай пусьціць іх на волю за вока;

27 і калі выбэе зуб рабу свайму, альбо рабыні сваёй, хай пусьціць іх на волю за зуб.

28 Альбо вол забадае мужчыну, альбо жанчыну да сьмерці, дык вала пабіць камянямі і мяса яго ня есьці; а гаспадар вала не вінаваты;

29 але калі вол бадлівы быў і ўчора і заўчора, і гаспадар ягоны, папярэджаны пра гэта, не вартаваў яго, а ён забіў мужчыну, альбо жанчыну, дык вала пабіць камянямі і гаспадара яго аддаць сьмерці;

30 калі на яго накладзены будзе выкуп, няхай дасьць выкуп за душу сваю, які накладзены будзе на яго.

31 Ці сына забадае, ці дачку забора, - паводле гэтага закона рабіць зь ім.

32 Калі вол забадае раба альбо рабыню, дык гаспадару іх заплаціць трыццаць сікляў срэбра, а вала пабіць камянямі.

33 Калі хто адкрые яму, альбо калі выкапае яму і не накрые яе, і ўпадзе ў яе вол, альбо асёл,

34 дык гаспадар ямы павінен заплаціць, аддаць срэбра гаспадару іхняму, а туша будзе ягоная.

35 Калі чый-небудзь вол забадае да сьмерці вала ў суседа яго, няхай прададуць жывога вала і падзеляць папалам цану яго; забітага таксама няхай падзеляць папалам;

36 а калі вядома было, што вол бадлівы быў і ўчора і заўчора, а гаспадар ягоны не вартаваў яго, дык павінен ён заплаціць вала за вала, а забіты будзе ягоны.

 

Разьдзел 22

 

1 Калі хто ўкрадзе вала альбо авечку, і заколе, альбо прадасьць, дык пяць валоў заплаціць за вала і чатыры авечкі за авечку.

2 Калі хто застане злодзея, які падкопваецца, і ўдарыць яго так, што той памрэ, дык кроў не залічыцца на яго;

3 але калі ўзышло над ім сонца, дык залічыцца на ім кроў. Хто ўкраў, павінен заплаціць; а калі няма чым, дык няхай прададуць яго на плату за ўкрадзенае ім;

4 калі ўкрадзенае знойдзецца ў яго ў руках жывым, ці то вол, ці асёл, ці авечка, хай заплаціць удвая.

5 Калі хто паглуміць поле, альбо вінаграднік, пусьціўшы быдла сваё глуміць чужое поле, няхай адшкадуе лепшым з поля свайго і лепшым зь вінаградніка свайго.

6 Калі зьявіцца агонь і ахопіць пожню і выпаліць капіцы, альбо жніво, альбо поле, дык павінен заплаціць, хто ўчыніў гэты пажар, удвая;

7 Калі хто аддасьць блізкаму на захаваньне срэбра, альбо рэчы, і яны ўкрадзены будуць з дому ягонага, дык, калі знойдзецца злодзей, няхай ён заплаціць удвая;

8 а калі ня знойдзецца злодзей, няхай гаспадар дома прыйдзе да судзьдзяў і прысягне, што не прасьцёр рукі сваёй на ўласнасьць блізкага свайго.

9 Пра ўсякую спрэчную рэч, пра вала, пра асла, пра авечку, пра вопратку, пра ўсякую згубленую рэч, пра якую хто-небудзь скажа, што яна ягоная, справа абодвух павінна быць даведзена да судзьдзяў: каго зьвінавацяць судзьдзі, той заплаціць блізкаму свайму ўдвая.

10 Калі хто аддасьць блізкаму свайму асла, альбо вала, альбо авечку, альбо якое-небудзь іншае быдла на захаваньне, а ён памрэ, альбо будзе пашкоджаны, альбо зьведзены, так што ніхто гэтага ня ўбачыць, -

11 прысяга перад Госпадам хай будзе паміж абодвума пра тое, што той, хто ўзяў, не працягне рукі сваёй на ўласнасьць блізкага свайго; і гаспадар павінен прыняць, а той ня будзе плаціць;

12 а калі ўкрадзены будзе ў яго, дык павінен заплаціць гаспадару ягонаму;

13 калі ж будзе зьверам разадраны, дык няхай за доказ пакажа разадранае: за разадранае ён ня плаціць.

14 Калі хто пазычыць у блізкага свайго быдла, і яно будзе пашкоджана, альбо памрэ, а гаспадара яго ня было пры ім, дык павінен заплаціць;

15 а калі гаспадар ягоны быў пры ім, дык не павінен плаціць; калі ён узяты быў у наймы за грошы, дык няхай і пойдзе за тую цану.

16 Калі спакусіць хто дзяўчыну заручаную і перасьпіць зь ёю, няхай дасьць ёй вена і возьме сабе за жонку;

17 а калі бацька ня згодзіцца выдаць яе за яго, няхай заплаціць срэбрам, колькі належыць на вена дзяўчатам.

18 Варажбіткі не пакідай жывою.

19 Кожны скаталожнік хай будзе аддадзены сьмерці.

20 Той, хто прыносіць ахвяру божышчам, акрамя аднаго Госпада, хай будзе зьнішчаны.

21 Прыхадня ня ўціскай і не прыгнятай яго, бо вы самыя былі прыхадні ў зямлі Егіпецкай.

22 Ні ўдавы, ні сіраты ня ўціскайце;

23 калі ж ты ўцісьнеш іх, дык, калі яны залямантуюць да Мяне, Я пачую лямант іхні,

24 і запалае гнеў Мой, і забэю вас мечам, і будуць жонкі вашыя ўдовамі і дзеці вашыя сіротамі.

25 Калі пазычыш грошы беднаму з народу Майго, дык ня ўціскай яго і не накладвай на яго ліхвы.

26 Калі возьмеш у заклад вопратку блізкага твайго, да захаду сонца аддай яе,

27 бо яна адзінае покрыва ў яго, яна - адзеньне цела ягонага, у чым будзе ён спаць? дык вось, калі ён залямантуе да Мяне, Я пачую, бо Я міласэрны.

28 Судзьдзяў не ліхаслові і правадыра ў народзе тваім ня ганьбі.

29 Не марудзь прыносіць пачаткі з гумна твайго і з чавільні тваёй; аддавай Мне першынца з сыноў тваіх;

30 тое самае рабі з валом тваім і з авечкаю тваёю: сем дзён няхай яны будуць пры маці сваёй, а восьмага дня аддавай іх Мне.

31 І будзеце ў Мяне людзьмі сьвятымі; і мяса, разадранага зьверам у полі, ня ежце, сабакам выкідайце яго.

 

Разьдзел 23

 

1 Не зважай на пустыя чуткі, не давай рукі тваёй бязбожніку, каб ня быць сьведкам няпраўды.

2 Ня йдзі за большасьцю на благое і не вырашай цяжбіны, адступаючы з большасьцю ад праўды;

3 і беднаму не патурай у цяжбіне ягонай.

4 Калі знойдзеш вала ворага твайго, альбо асла ягонага, які заблудзіўся, прывядзі яго да яго;

5 калі ўбачыш асла ворага твайго, што ўпаў пад ношкаю сваёю, дык не пакідай яго: разгрузі яго і заставайся разам зь ім.

6 Ня судзі навыварат цяжбіны беднага твайго.

7 Адыходзь далей ад няпраўды і не забівай невінаватага і справядлівага, бо я не апраўдаю благога.

8 Дарункаў ня прымай, бо дарункі сьляпымі робяць відушчых і перакручваюць словы справядлівых.

9 Прыхадня ня крыўдзі: вы ведаеце душу прыхадня, бо самыя былі прыхаднямі ў зямлі Егіпецкай.

10 Шэсьць гадоў засявай зямлю тваю і зьбірай плён яе,

11 а ў сёмы пакідай яе ў спакоі, каб карміліся гаротныя з народу твайго, а рэштаю пасьля іх карміліся зьвяры польныя; гэтак сама рабі зь вінаграднікам тваім і з аліўнікам тваім.

12 Шэсьць дзён рабі справы твае, а ў сёмы дзень супакойся, каб адпачыў вол твой і асёл твой, і супакоіўся сын рабыні тваёй і прыхадзень.

13 Шануйце ўсё, што Я сказаў вам, і імя іншых багоў не спамінайце; хай ня чуецца яно з вуснаў тваіх.

14 Тры разы на год сьвяткуй Мне:

15 сьвяткуй сьвята праснакоў: сем дзён еж прэсны хлеб, як Я загадаў табе, у прызначаны час месяца Авіва, бо ў той час ты выйшаў зь Егіпта; і хай не зьяўляюцца прад аблічча Маё з пустымі рукамі;

16 сьвяткуй і сьвята жніва першых пладоў працы тваёй, якія ты сеяў на полі, і сьвята збору пладоў у канцы года, калі зьбярэш з поля працу тваю.

17 Тры разы на год павінен зьяўляцца ўвесь мужчынскі пол твой перад аблічча Ўладыкі, Госпада.

18 Не вылівай крыві ахвяры Маёй на квашанае, і тлушч ад сьвяточнай ахвяры Маёй не павінен заставацца да раніцы.

19 Пачаткі пладоў зямлі тваёй прынось у дом Госпада, Бога твайго. Не гатуй казьляня ў малацэ маці ягонай.

20 Вось, я пасылаю перад табою анёла ахоўваць цябе на дарозе і ўвесьці цябе ў тую мясьціну, якую Я падрыхтаваў;

21 пільнуй сябе перад абліччам ягоным, і слухай голасу ягонага; не паўставай супроць яго, бо ён не даруе грэху вашага, бо імя Маё ў ім.

22 Калі ты будзеш слухацца голасу ягонага і выконваць усё, што скажу, дык буду ворагам ворагаў тваіх і супраціўцам супраціўцаў тваіх.

23 Калі пойдзе перад табою анёл Мой і павядзе цябе да Амарэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Хананэяў, Эвэяў і Евусэяў, і зьнішчу іх,

24 дык не пакланяйся багам іхнім, і ня служы ім, і не пераймайся дзеямі іхнімі, скрышы іх і разбуры помнікі іхнія:

25 служэце Госпаду, Богу вашаму, і ён дабраславіць хлеб твой і ваду тваю; і ўхілю ад вас хваробы.

26 Ня будзе ў зямлі тваёй такіх, што без пары родзяць, і няплодных; лік дзён тваіх зраблю поўным.

27 Жудасьць Маю пашлю перад табою, і зьбянтэжу кожны народ, да якога ты прыйдзеш і буду адварочваць ад цябе ўсіх ворагаў тваіх;

28 пашлю перад табою шаршнёў, і яны пагоняць ад твару твайго Эвэяў, Хананэяў і Хэтэяў;

29 не праганю іх ад твару твайго за адзін год, каб зямля не зрабілася пустая і не памножыліся супроць цябе зьвяры польныя:

30 спакваля буду праганяць іх ад цябе, пакуль не памножышся і ня возьмеш у валоданьне зямлі гэтай.

31 Правяду межы твае ад мора Чэрмнага да мора Філістымскага і ад пустыні да ракі, бо перадам у рукі вашыя жыхароў гэтай зямлі, і прагоніш іх ад твару твайго;

32 не рабі ўмовы ні зь імі, ні з багамі іхнімі;

33 не павінны яны жыць у зямлі тваёй, каб яны не ўвялі цябе ў грэх супроць Мяне; бо калі ты будзеш служыць багам іхнім, дык гэта будзе табе сеткаю.

 

Разьдзел 24

 

1 І Майсею сказаў Ён: узыдзі да Госпада ты і Аарон, Надаў і Авіуд і семдзесят старэйшынаў Ізраілевых, і пакланецеся здалёк;

2 Майсей адзін няхай наблізіцца да Госпада, а яны няхай не набліжаюцца, і народ хай не падымаецца зь ім.

3 І прыйшоў Майсей і пераказаў людзям усе словы Гасподнія і ўсе законы. І адказаў увесь люд у адзін голас і сказалі: усё, што сказаў Гасподзь, зробім.

4 І напісаў Майсей усе словы Гасподнія, і ўстаўшы з самае раніцы, паставіў пад гарою ахвярнік і дванаццаць камянёў, паводле ліку дванаццаці плямёнаў Ізраілевых;

5 і паслаў хлопцаў з сыноў Ізраілевых, і прынесьлі яны цэласпаленьні і закалолі цялят у мірную ахвяру Госпаду.

6 Майсей, узяўшы палавіну крыві, уліў у чары, а другою палавінаю акрапіў ахвярнік;

7 і ўзяў кнігу запавету і прачытаў уголас люду, і сказалі яны: усё, што сказаў Гасподзь, зробім і будзем паслухмяныя.

8 І ўзяў Майсей крыві і акрапіў народ, кажучы: вось кроў запавету, які Гасподзь склаў з вамі пра ўсе словы гэтыя.

9 Потым узышоў Майсей і Аарон, Надаў і Авіуд і семдзесят старэйшынаў Ізраілевых,

10 і бачылі Бога Ізраілевага; і пад нагамі ў Яго нешта падобнае на твор з чыстага сапфіру і, як самое неба, яснае.

11 І Ён не прасьцёр рукі Сваёй на выбраных з сыноў Ізраілевых: яны бачылі Бога, і елі і пілі.

12 І сказаў Гасподзь Майсею: узыдзі да Мяне на гару і будзь там; і дам табе скрыжалі каменныя, і закон і запаведзі, якія Я напісаў, каб навучыцца іх.

13 І ўстаў Майсей зь Ісусам, службітам сваім, і пайшоў Майсей на гару Божую,

14 а старэйшынам сказаў: заставайцеся тут, пакуль мы ня вернемся да вас; вось Аарон і Ор з вамі; хто будзе мець клопат які, хай прыходзіць да іх.

15 І ўзышоў Майсей на гару, і пакрыла воблака гару,

16 і слава Гасподняя асяніла гару Сінай; і пакрывала яе воблака шэсьць дзён, а ў сёмы дзень Гасподзь усклікнуў Майсею зь сярэдзіны воблака.

17 А выгляд славы Гасподняй на вяршыні гары быў перад вачыма сыноў Ізраілевых, як агонь паглынальны.

18 І ўвайшоў Майсей у сярэдзіну воблака, і ўзыйшоў нагару; і быў Майсей на гары сорак дзён і сорак ночаў.

 

Разьдзел 25

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 скажы сынам Ізраілевым, каб яны зрабілі Мне прынашэньне ад кожнага чалавека, у якога будзе руплівасьць, прымайце прынашэньне Мне.

3 Вось прынашэньні, якія вы павінны прымаць ад іх: золата, і срэбра і медзь,

4 і воўну блакітную, пурпуровую і чырванёную, і вісон, і казіную поўсьць,

5 і скуры барановыя чырвоныя, і скуры сінія, і дрэвы сітым,

6 алей у сьвяцільні, пахошчы ў алей памазаньня і дзеля пахучага каджэньня.

7 камень анікс і камяні на аздобу эфода* і на нагруднік.

8 І ўладзяць яны Мне сьвятыню, і буду жыць сярод іх;

9 усё зрабеце, як Я паказваю табе, і ўзор скініі і ўзор усяго посуду яе; так і зрабеце.

10 Зрабеце каўчэг з дрэва сітым; даўжыня яго два локці з палавінаю, і шырыня яго паўтара локця, і вышыня яго паўтара локця;

11 і абкладзі яго чыстым золатам, зь сярэдзіны і звонку пакрый яго; і зрабі зьверху вакол яго залаты вянок;

12 і вылі для яго чатыры колцы залатыя і ўмацуй на чатырох ніжніх вуглах яго: два колцы з аднаго боку яго, два з другога боку яго.

13 Зрабі з дрэва сітым жэрдкі і абкладзі іх золатам;

14 і ўкладзі жэрдкі ў колцы, з бакоў каўчэга, каб з дапамогаю іх несьці каўчэг;

15 у колцах каўчэга павінны быць жэрдкі і не павінны адымацца ад яго.

16 І пакладзі ў каўчэг адкрыцьцё, якое Я дам табе.

17 Зрабі таксама вечка з чыстага золата: даўжыня яго два локці з палавінаю, а шырыня яго паўтара локця;

18 і зрабі з золата двух херувімаў: чаканнага вырабу зрабі іх на абодвух канцах вечка;

19 зрабі аднаго херувіма з аднаго краю, а другога херувіма з другога краю; пукатымі зь вечка зрабеце херувімаў на абодвух краях яго;

20 і будуць херувімы з паднятымі ўгору крыламі, пакрываючы сваімі крыламі вечка, а тварамі сваімі будуць адзін да аднаго; да вечка будуць твары херувімаў.

21 І пакладзі вечка на каўчэг згары, а ў каўчэг пакладзі адкрыцьцё, якое Я дам табе:

22 там Я буду адкрывацца табе і гутарыць з табою над вечкам, сярод двух херувімаў, якія над каўчэгам адкрыцьця, пра ўсё, што толькі буду наказваць празь цябе сынам Ізраілевым.

23 І зрабі стол з дрэва сітым, даўжынёю ў два локці, шырынёю ў локаць, а вышынёю ў паўтара локця,

24 і абкладзі яго золатам чыстым, і зрабі вакол яго залаты вянок;

25 і зрабі вакол яго сьценкі ў далоню і каля сьценак яго зрабі залаты вянок вакол;

26 і зрабі для яго чатыры колцы залатыя і ўмацуй колцы на чатырох вуглах каля чатырох ножак яго;

27 пры сьценках павінны быць колцы, каб укладваць жэрдкі, каб насіць на іх стол;

28 а жэрдкі зрабі з дрэва сітым і абкладзі іх золатам, і будуць насіць на іх гэты стол;

29 зрабі таксама для яго місы, кадзільніцы, чары і кубкі, каб паліваць зь іх: з золата чыстага зрабі іх;

30 і кладзі на стол хлябы ахвярныя прад абліччам Маім увесь час.

31 І зрабі сьвяцільню з золата чыстага; чаканная павінна быць гэтая сьвяцільня; сьцябло яе, галіны яе, чарачкі яе, яблыкі яе і кветкі яе павінны выходзіць зь яе;

32 шэсьць галін павінны выходзіць з бакоў яе: тры галіны сьвяцільні з аднаго боку яе і тры галіны зь сьвяцільні з другога боку яе;

33 тры чарачкі накшталт міндальнай кветкі, зь яблыкам і кветкамі, павінны быць на адной галіне, і тры чарачкі накшталт міндальнай кветкі, на другой галінцы, зь яблыкамі і кветкамі: так на ўсіх шасьці галінах, якія выходзяць са сьвяцільні;

34 а на сьцяблах сьвяцільні павінны быць чатыры чарачкі накшталт міндальнай кветкі зь яблыкамі і кветкамі;

35 у шасьці галін, што выходзяць са сьцябла сьвяцільні, яблык пад дзьвюма галінамі яе, і яблык пад другімі дзьвюма галінамі, і яблык пад трэцімі дзьвюма галінамі яе;

36 яблыкі і галіны іх зь яе павінны выходзіць: уся павінна быць чаканная, цэльная, з чыстага золата.

37 і зрабі да яе сем лампад, і пастаў на яе лампады яе, каб сьвяцілі на відавы бок яе;

38 і абцугі да яе і латкі да яе з чыстага золата;

39 з таланту золата чыстага хай зробяць яе з усімі гэтымі прычындаламі.

40 Глядзі, зрабі іх паводле таго ўзору, які паказаны табе на гары.

 

 

* Верхняя кароткая вопратка

Разьдзел 26

 

1 А скінію зрабі зь дзесяці заслонаў з суканага вісону, і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, і херувімаў зрабі на іх майстэрскаю працаю;

2 даўжыня кожнай заслоны дваццаць восем локцяў, а шырыня кожнага заслоны чатыры локці: мера адна ўсім заслонам.

3 Пяць заслонаў няхай будуць злучаны адна з адной, і іншыя пяць заслонаў злучаны адно з адным.

4 Зрабі петлі блакітнага колеру на краі першай заслоны ў канцы, які злучае абедзьве палавіны; так зрабі і на краі апошняй заслоны, якая злучае абедзьве палавіны;

5 пяцьдзясят петляў зрабі ў адной заслоны і пяцьдзясят петляў зрабі на краі заслоны, якая злучаецца зь іншымі; петлі павінны адпавядаць адна адной;

6 і зрабі пяцьдзясят гачыкаў залатых і гачыкамі злучы заслону адну з адной, і будзе скінія адно цэлае.

7 І зрабі заслоны з казінае воўны, каб пакрываць скінію; адзінаццаць пакрывалаў зрабі такіх;

8 даўжыня адной заслоны трыццаць локцяў, а шырыня чатыры локці; гэта адна заслона; у адзінаццаці заслонах адна мера.

9 і злучы пяць заслонаў асобна і шэсьць заслонаў асобна; і шостую заслону зрабі падвойную зь відавога боку скініі.

10 Зрабі пяцьдзясят петляў на краі крайняй заслоны, каб злучаць яе зь іншай, і пяцьдзясят петляў на краі другой заслоны, каб злучаць зь ім;

11 зрабі пяцьдзясят гачыкаў медных, і ўкладзі гачыкі ў петлі, і злучы заслону, каб яна складала адну.

12 А лішак, які застаецца ад заслонаў скініі, - палавіна лішняй заслоны хай будзе зьвешана на тыльным баку скініі;

13 а лішак ад заслоны скініі, на локаць з аднаго і на локаць з другога боку, хай будзе зьвешаны з бакоў скініі з таго і з другога боку, для пакрываньня яе.

14 І зрабі века для пакрываньня са скур барановых чырвоных і яшчэ заслону верхнюю са скур сініх.

15 І зрабі брусы для скініі з дрэва сітым, каб яны стаялі:

16 даўжынёю ў дзесяць локцяў брус, і паўтара локця кожнаму брусу шырыня;

17 у кожным брусе па дзьве восьці, адну насупраць другое: так зрабі на ўсіх брусах скініі.

18 Так зрабі брусы ў скінію: дваццаць брусоў на паўднёвы бок на поўдзень,

19 і пад дваццаць брусоў зрабі сорак срэбраных падножжаў: два падножжы пад адзін брус на дзьве восьці яго, і два падножжы пад другі брус на дзьве восьці яго;

20 і дваццаць брусоў на другі бок на поўнач,

21 і на іх сорак падножжаў срэбраных: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус;

22 а на тыльным баку скініі на захад зрабі шэсьць брусоў

23 і два брусы зрабі на вуглы скініі на заходні бок;

24 яны павінны быць злучаны ўнізе і злучаны ўгары да аднаго колца: так мае быць зь імі абодвума: на абодва вуглы хай яны будуць;

25 і так будзе восем брусоў, для іх срэбраных падножжаў шаснаццаць: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус.

26 І зрабі жэрдзі з дрэва сітым, пяць жэрдак для брусоў аднаго боку скініі,

27 і пяць жэрдак для брусоў другога боку скініі, і пяць жэрдак для брусоў тыльнага боку за скініяй, на захад;

28 а ўнутраная жэрдка будзе праходзіць па сярэдзіне брусоў ад аднаго канца да другога:

29 а брусы абкладзі золатам, і колцы, для ўкладваньня жэрдак, зрабі з золата, і жэрдкі абкладзі золатам.

30 І пастаў скінію паводле ўзору, які паказаў табе на гары.

31 І зрабі заслону з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і суканага вісону; умелай працаю павінны быць зроблены на ёй херувімы;

32 і павесь яе на чатырох слупах зь сітыму, абкладзеных золатам, з залатымі гачыкамі, на чатырох падножжах срэбраных;

33 і павесь заслону на гачыках і ўнясі туды за заслону каўчэг адкрыцьця; і будзе заслона аддзяляць вам сьвятыню ад Сьвятога сьвятых.

34 І пакладзі вечка на каўчэг адкрыцьця ў Сьвятым сьвятых.

35 І пастаў стол за заслонай і сьвяцільню насупраць стала на баку скініі на поўдзень; а стол пастаў на паўночным баку.

36 І зрабі заслону для ўваходу ў скінію з блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны, і з суканага вісону ўзорыстага вырабу;

37 і зрабі для заслоны пяць слупоў зь сітыму і абкладзі іх золатам; гачыкі да іх залатыя; і вылі для іх пяць падножжаў медных.

 

Разьдзел 27

 

1 І зрабі ахвярнік з дрэва сітым даўжынёю ў пяць локцяў і шырынёю ў пяць локцяў, так каб ён быў чатырохкутны, і вышынёю ў тры локці.

2 І зрабі рогі на чатырох вуглах яго, так каб рогі выходзілі зь яго; і абкладзі яго медзьдзю.

3 Зрабі да яго горшчык, каб ссыпаць у яго попел, і лапаткі і чары, і відэльцы і вугольніцы; усе прылады зрабі зь медзі.

4 Зрабі да яго крату, каб была як сетка, зь медзі, і зрабі на сетцы, на чатырох вуглах яе, чатыры колцы медныя;

5 і пакладзі яе на край ахвярніка ўнізе, так каб сетка была да палавіны ахвярніка.

6 І зрабі жэрдкі да ахвярніка, жэрдкі з дрэва сітым, і абкладзі іх медзьдзю;

7 і ўкладвай жэрдкі яго ў колцы, так каб жэрдкі былі абапал ахвярніка, калі несьці яго.

8 зрабі яго пустым усярэдзіне, дашчаны: як паказана табе на гары, так няхай зробяць.

9 Зрабі двор скініі: з паўднёвага боку на поўдзень заслоны для двара павінны быць з суканага вісону, даўжынёю ў сто локцяў з аднаго боку;

10 слупоў для іх дваццаць, і падножжаў для іх дваццаць медных; гачыкі ў слупоў і повязі на іх з срэбра.

11 Таксама і ўдоўж на паўночным баку - заслоны ў сто локцяў даўжынёю; слупоў для іх дваццаць, і падножжаў для іх дваццаць медных, гачыкі ў слупоў і повязі на іх з срэбра.

12 А ў шырыню двара з заходняга боку - заслоны ў пяцьдзясят локцяў; слупоў для іх дзесяць, і падножжаў да іх дзесяць.

13 І ў шырыню двара зь відавога боку на ўсход - у пяцьдзясят локцяў;

14 Да аднаго боку - заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры, і падножжаў да іх тры.

15 і да другога боку - заслоны ў пятнаццаць, слупоў для іх тры, і падножжаў для іх тры.

16 А для брамы двара заслона ў дваццаць локцяў з блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону ўзорыстага вырабу; слупоў для яго чатыры, і падножжаў да іх чатыры.

17 Усе слупы вакол двара павінны быць злучаны повязямі з срэбра; гачыкі ў іх з срэбра, і падножжы да іх зь медзі.

18 Даўжыня двара сто локцяў, а шырыня па ўсёй працягласьці пяцьдзясят, вышыня пяць локцяў; заслоны з суканага вісону, а падножжы зь медзі.

19 Усе прылады скініі дзеля ўсякага ўжытку ў ёй, і ўсе калы яе, усе калы двара - зь медзі.

20 І загадай сынам Ізраілевым, каб яны прыносілі табе алей чысты, чаўлены з масьлінаў, дзеля асьвячэньня, каб гарэла сьвяцільня ўвесь час;

21 у скініі сходу за заслонай, якая перад каўчэгам адкрыцьця, будзе запальваць яго Аарон і сыны ягоныя, ад вечара да раніцы, перад абліччам Гасподнім. Гэта статут вечны пакаленьням іхнім ад сыноў Ізраілевых.

 

Разьдзел 28

 

1 І вазьмі да сябе Аарона, брата твайго, і сыноў ягоных зь ім з асяродзьдзя сыноў Ізраілевых, каб ён быў сьвятаром Мне, Аарона і Надава, Авіуда, Элеазара і Ітамара, сыноў Ааронавых.

2 І зрабі сьвяшчэнную вопратку Аарону, брату твайму, дзеля славы і аздобнасьці.

3 І скажы ўсім, хто мудры сэрцам, каго Я напоўніў духам мудрасьці, каб яны зрабілі Аарону вопратку дзеля прысьвячэньня яго, каб ён быў сьвятаром Мне.

4 Вось вопратка, якую яны павінны справіць: нагруднік, эфод*, верхняя рыза, хітон** сьцяжны, кідар*** і пояс. Няхай справяць сьвяшчэннае адзеньне Аарону, брату твайму, і сынам ягоным, каб ён быў сьвятаром Мне.

5 Хай яны возьмуць золата, блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны і вісону,

6 і зробяць эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, і з суканага вісону, адмысловага вырабу.

7 У ім павінны быць на абодвух канцах яго два нарамнікі дзеля павязваньня, каб ён быў павязаны.

8 І пояс эфода, які паверх яго, павінен быць аднолькавага зь ім вырабу, з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону.

9 І вазьмі два камені аніксу і выраж на іх імёны сыноў Ізраілевых:

10 шэсьць імёнаў іхніх на адным камені і шэсьць імёнаў астатніх на другім камені, у парадку іх нараджэньня;

11 разьбяр па камені, які выразае пячаткі, хай выража на двух камянях імёны сыноў Ізраілевых; і ўстаў іх у залатыя гнёзды

12 і пакладзі два камені гэтыя на нарамнікі эфода; гэта камяні на памяць сынам Ізраілевым; і будзе Аарон насіць імёны іх перад Госпадам на абодвух плячах сваіх дзеля памяці.

13 І зрабі гнёзды з золата;

14 і два ланцужкі з чыстага золата, вітымі зрабі іх вырабам плеценым; і прымацуй вітыя ланцужкі да гнёздаў.

15 Зрабі нагруднік судны адмысловага вырабу; зрабі яго такім самым вырабам, як эфод: з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону зрабі яго;

16 ён павінен быць чатырохкутны, падвойны, на пядзю ў даўжыню і на пядзю ў шырыню:

17 і ўстаў у яго апраўленыя камяні ў чатыры рады; побач рубін, тапаз, смарагд - гэта адзін рад;

18 другі рад: карбункул, сапфір і адамант:

19 трэці рад: карунд, агат і аметыст;

20 чацьвёрты рад: хрызаліт, анікс і ясьпіс; у залатыя гнёзды павінны быць устаўлены яны.

21 Гэтых камянёў павінна быць дванаццаць, па колькасьці, паводле імёнаў іх; на кожным, як на пячатцы, павінна быць выразана па адным імю зь ліку дванаццаці плямёнаў.

22 Да нагрудніка зрабі ланцужкі вітыя плеценага вырабу з чыстага золата;

23 і зрабі да нагрудніка два колцы з золата і прымацуй два колцы да двух канцоў нагрудніка;

24 і ўкладзі два пляцёныя ланцужкі з золата ў абодва колцы на канцах нагрудніка,

25 а два канцы двух ланцужкоў прымацуй да двух гнёздаў і прымацуй да нарамніка эфода зь відавога боку яго;

26 яшчэ зрабі два колцы залатыя і прымацуй іх да двух другіх канцоў нагрудніка на тым баку, які ляжыць да эфода ўсярэдзіну;

27 таксама зрабі два колцы залатыя і прымацуй іх да двух нарамнікаў эфода зьнізу, зь відавога боку яго, каля злучэньня яго, над поясам эфода;

28 І прымацуюць нагруднік колцамі яго да колцаў эфода шнурком з блакітнай воўны, каб ён быў над поясам эфода, і каб не спадаў нагруднік з эфода.

29 І будзе насіць Аарон імёны сыноў Ізраілевых на нагрудніку судным каля сэрца свайго, калі будзе ўваходзіць у сьвятыню, дзеля заўсёднай памяці перад Госпадам.

30 На нагруднік судны пакладзі урым і тумім, і яны будуць каля сэрца Ааронавага, калі будзе ён уваходзіць перад аблічча Гасподняе; і будзе Аарон заўсёды насіць суд сыноў Ізраілевых каля сэрца свайго перад абліччам Гасподнім.

31 І зрабі верхнюю рызу да эфода ўсю блакітную;

32 пасярэдзіне яе павінна быць прарэха для галавы; па краі прарэхі вакол павінна быць абшыўка тканая, як у адтуліне ў панцыры, каб ня дралася;

33 на прыполе яе зрабі яблыкі зь нітак блакітнага, яхантавага, пурпуровага і чырванёнага колеру, вакол па прыполе яе; чашачкі залатыя пасярод іх вакол:

34 залатая чашачка і яблык, залатая чашачка і яблык, па прыполе верхняй рызы наўкола;

35 яна будзе на Аароне ў набажэнстве, каб чуцен быў ад яго гук, калі ён будзе ўваходзіць у сьвятыню перад аблічча Гасподняе і калі будзе выходзіць, каб яму не памерці.

36 І зрабі паліраваную дошчачку з чыстага золата, і выраж на ёй, як выразаюць на пячатцы: «Сьвятасьць Гасподняя»,

37 і прымацуй яе шнурком блакітнага колеру да кідара, так каб яна была зь відавога боку кідара;

38 і будзе яна на лобе Ааронавым, і панясе на сабе Аарон недахопы прынашэньняў, прысьвячаных сынамі Ізраілевымі, і ўсіх дарункаў, што імі прыносяцца; і будзе яна ўвесь час на лобе ў яго, дзеля ўпадабаньня Гасподняга да іх.

39 І зрабі хітон зь вісону і кідар зь вісону і зрабі пояс узорыстага вырабу;

40 зрабі і сынам Ааронавым хітоны, зрабі ім паясы, і павязкі на галаву зрабі ім дзеля славы і аздобнасьці,

41 і апрані ў іх Аарона, брата твайго, і сыноў ягоных зь ім, і памаж іх, і напоўні рукі іхнія, і прысьвяці іх, і яны будуць сьвятарамі Мне.

42 І зрабі ім сподняе ільняное, каб прыкрываць цялесную галізну ад паясьніцы да галеняў,

43 і хай будзе яно на Аароне і на сынах ягоных, калі будуць яны ўваходзіць у скінію сходу, альбо прыступаць да ахвярніка, каб служыць у сьвятыні, каб ім не навесьці грэху і не памерці. Гэта статут вечны, яму і нашчадкам ягоным пасьля яго.

 

 

* Кароткая вопратка, наплечнік

** Доўгая ніжняя вопратка

*** Акраса на галаву, мітра

Разьдзел 29

 

1 Вось, што павінен ты ўчыніць зь імі, каб прысьвяціць іх у сьвятары Мне; вазьмі адно цяля з валоў, і два бараны без пахібы,

2 і хлябоў прэсных, і праснакоў, зьмешаных з алеем, і ляпёшак прэсных, памазаных алеем: з мукі пшанічнай сьпячы іх;

3 і пакладзі іх у адзін кош, і прынясі іх у кашы, і разам цяля і двух бараноў.

4 А Аарона і сыноў ягоных прывядзі да ўваходу ў скінію сходу і абмый іх вадою.

5 І вазьмі вопратку, і апрані Аарона ў хітон і ў верхнюю рызу, у эфод і ў нагруднік, і аперажы яго па эфодзе;

6 і надзень яму на галаву кідар і ўмацуй дыядэму сьвятыні на кідары;

7 і вазьмі алей памазаньня, і вылі яму на галаву, і памаж яго.

8 І прывядзі таксама сыноў ягоных і апрані іх у хітоны;

9 і аперажы іх поясам, Аарона і сыноў ягоных, і накладзі на іх павязкі, і будзе ім належаць сьвятарства паводле статута навекі; і напоўні рукі Аарона і сыноў ягоных.

10 І прывядзі цяля да скініі сходу, і пакладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву цяляці;

11 і закалі цяля перад абліччам Гасподнім каля ўваходу ў скінію сходу;

12 вазьмі крыві цяляці і накладзі пальцам тваім на рогі ахвярніка, а ўсю кроў вылі пад ахвярнік;

13 вазьмі ўвесь лой, які пакрывае вантробы, і сальнік зь печані і абедзьве ныркі, і спалі на ахвярніку;

14 а мяса цяляці і скуру яго і бруд яго спалі на агні па-за табарам: гэта ахвяра за грэх.

15 І вазьмі аднаго барана, і пакладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана;

16 і закалі барана, і вазьмі крыві ягонай, і пакрапі на ахвярнік з усіх бакоў;

17 разатні барана на часткі, вымый вантробы ягоныя і галені ягоныя, і пакладзі на расьсечаныя часткі яго і на галаву яго;

18 і спалі ўсяго барана на ахвярніку: гэта цэласпаленьне Госпаду, духмянасьць прыемная, ахвяра Госпаду.

19 Вазьмі і другога барана, і хай пакладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана;

20 і закалі барана, і вазьмі крыві ягонай, і пакладзі на край вуха Ааронавага і на край правага вуха сыноў ягоных, і на вялікі палец правай нагі іхняй; і пакрапі крывёю ахвярнік з усіх бакоў;

21 і вазьмі крыві, якая на ахвярніку, і алею памазаньня, і пакрапі на Аарона і на вопратку ягоную, і на сыноў ягоных і на вопратку сыноў ягоных зь ім, - і будуць асьвечаныя, ён і вопратка ягоная, і сыны ягоныя і вопратка іхняя зь ім.

22 І вазьмі з барана лой і курдзюк, і здор, які пакрывае вантробы, і сальнік зь печані, і абедзьве ныркі і лой, які на іх, правую лапатку,

23 і адзін круглы хлеб, адну ляпёшку на алеі і адзін праснак з каша, які перад Госпадам,

24 і пакладзі ўсё на руку Аарону і на рукі сынам ягоным, і прынясі гэта, патрасаючы перад абліччам Гасподнім;

25 і вазьмі гэта з рук іхніх і спалі на ахвярніку з цэласпаленьнем, дзеля духмянасьці перад Госпадам; гэта ахвяра Госпаду.

26 І вазьмі грудзіну барана ўручэньня, які для Аарона, і прынясі іх, патрасаючы перад абліччам Гасподнім, - і гэта будзе твая доля;

27 і асьвяці грудзіну прынашэньня, якою патрасаў, і лапатку паднашэньня, якую падносіў, з барана ўручэньня, які для Аарона і для сыноў ягоных, -

28 і будзе гэта Аарону і сынам ягоным у надзел вечны ад сыноў Ізраілевых, бо гэта - паднашэньне; паднашэньне павінна быць ад сыноў Ізраілевых пры мірных ахвярах, паднашэньне іх Госпаду.

29 А сьвяшчэнная вопратка, якая для Аарона, пяройдзе пасьля яго да сыноў ягоных, каб у ёй памазваць іх і ўручаць ім сьвятарства;

30 сем дзён павінен апранацца ў іх сьвятар з сыноў ягоных, які заступае яго месца, які будзе ўваходзіць у скінію сходу дзеля служэньня ў сьвятыні.

31 А барана ўручэньня вазьмі і згатуй мяса ягонае на месцы сьвятым;

32 і хай зьядуць Аарон і сыны ягоныя мяса барана гэтага з каша, каля дзьвярэй скініі сходу,

33 бо праз гэта зьдзяйсьняецца ачышчэньне дзеля ўручэньня ім сьвятарства і дзеля прысьвячэньня іх; староньні не павінен есьці гэтага, бо гэта сьвятыня;

34 калі застанецца ад мяса ўручэньня і ад хлеба да раніцы, дык спалі рэшту на агні: ня трэба есьці яго, бо гэта сьвятыня.

35 І зрабі з Ааронам і з сынамі ягонымі ва ўсім так, як Я загадаў табе; сем дзён напаўняй рукі іхнія.

36 І цяля за грэх прынось кожны дзень дзеля ачышчэньня, і ахвяру за грэх учыняй на ахвярніку дзеля ачышчэньня яго, і памаж яго дзеля ачышчэньня яго;

37 сем дзён ачышчай ахвярнік, і асьвяці яго, і будзе ахвярнік сьвятыня вялікая: усё, што дакранаецца да ахвярніка, асьвеціцца.

38 Вось, што будзеш ты прыносіць на ахвярніку: двух ягнят аднагодкаў кожны дзень пастаянна:

39 адно ягня прынось раніцай, а другое ягня прынось увечары,

40 і дзясятую частку эфы пшанічнай мукі, зьмешанай з чвэрцю гіна чаўленага алею, а дзеля выліваньня чвэрць гіна віна, на адно ягня;

41 другое ягня прынось увечары: з мучным дарам, падобным на ранішні, і з такім самым выліваньнем прынось яго дзеля духмянасьці прыемнай, у ахвяру Госпаду.

42 Гэта цэласпаленьне заўсёднае ў роды вашыя перад дзьвярамі скініі сходу перад Госпадам, дзе буду адкрывацца вам, каб гаварыць з табою;

43 там буду адкрывацца сынам Ізраілевым, і асьвеціцца месца гэтае славаю Маёю.

44 І асьвячу скінію сходу і ахвярнік; і Аарона і сыноў ягоных асьвячу, каб яны сьвятарылі Мне;

45 і жыцьму сярод сыноў Ізраілевых і буду ім Богам,

46 і ўведаюць, што Я Гасподзь, Бог іхні, Які вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, каб Мне жыць сярод іх. Я Гасподзь Бог іхні.

 

Разьдзел 30

 

1 І зрабі ахвярнік для прынашэньня дымленьня, з дрэва сітым зрабі яго:

2 даўжыня яго локаць, і шырыня яго локаць: ён павінен быць чатырохкутны; а вышыня яго два локці; зь яго павінны выступаць рогі яго;

3 абкладзі яго чыстым золатам, верх яго і бакі яго вакол і рогі яго; і зрабі да яго залаты вянок вакол;

4 пад вянком яго на двух кутах яго зрабі два колцы з золата; зрабі іх абапал яго; і будуць яны ўлогваю пад жэрдкі, каб насіць яго на іх;

5 жэрдзі зрабі з дрэва сітым і абкладзі іх золатам.

6 І пастаў яго перад заслонаю, якая перад каўчэгам адкрыцьця, насупраць вечка, якое на каўчэзе адкрыцьця, дзе Я буду адкрывацца табе.

7 На ім Аарон будзе дыміць духмяным куродымам: кожнае раніцы, калі ён рыхтуе лампады, будзе дыміць ім;

8 і калі Аарон запальвае лампады ўвечары, ён будзе дыміць ім: гэта - заўсёднае дымленьне перад Госпадам у роды вашыя.

9 Ня прыносьце на ім ніякага іншага дымленьня, ні цэласпаленьня, ні прынашэньня хлебнага, і выліваньня не вылівайце на яго.

10 І будзе зьдзяйсьняць Аарон ачышчэньне над рагамі яго адзін раз у год; крывёю ачышчальнай ахвяры за грэх ён будзе ачышчаць яго адзін раз у год у роды вашыя. Гэта сьвятыня вялікая ў Госпада.

11 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

12 калі будзеш лічыць сыноў Ізраілевых пры пераглядзе іх, дык хай кожны дасьць выкуп за душу сваю Госпаду пры падліку іх, і ня будзе паміж імі пошасьці згубнай пры падліку іх;

13 кожны, хто паступае ў падлік, павінен даваць палавіну сікля, сікля сьвяшчэннага; у сіклі дваццаць гераў: паўсікля дар Госпаду;

14 кожны, хто паступае ў падлік ад дваццаці гадоў і вышэй, павінен даваць прынашэньне Госпаду;

15 багаты ня больш, і бедны ня менш паўсікля павінны даваць у дар Госпаду, дзеля выкупу душ вашых:

16 і вазьмі срэбра выкупу з сыноў Ізраілевых і ўжывай яго на служэньне скініі сходу: і будзе гэта сынам Ізраілевым у памяць перад Госпадам, дзеля адкупленьня душ вашых.

17 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

18 зрабі ўмывальнік медны для абмываньня і падножжа яго меднае, і пастаў яго паміж скініяй сходу і ахвярнікам, і налі ў яго вады;

19 і хай Аарон і сыны ягоныя абмываюць у ім рукі свае і ногі свае;

20 калі яны маюць уваходзіць у скінію сходу, хай яны абмываюцца вадою, каб ім не памерці; альбо калі павінны прыступаць да ахвярніка дзеля служэньня, дзеля прынясеньня ахвяры Госпаду,

21 хай яны абмываюць рукі свае вадою, каб ім не памерці; і будзе ім гэта статутам вечным, яму і нашчадкам ягоным у роды іхнія.

22 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

23 вазьмі сабе самых лепшых пахошчаў: сьмірны самацечнай пяцьсот, карыцы пахучай палавіну ад таго, дзьвесьце пяцьдзесят, трысьнёгу пахучага дзьвесьце пяцьдзясят,

24 касіі пяцьсот сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, і алею аліўкавага гін;

25 і зрабі з гэтага міра для сьвяшчэннага памазаньня, масьць складзеную майстрам, які складае масьці: гэта будзе міра для сьвяшчэннага памазаньня;

26 і памаж імі скінію сходу і каўчэг адкрыцьця,

27 і стол і ўсе прылады яго, і сьвяцільню і ўсе прылады яе, і ахвярнік дымленьня,

28 і ахвярнік цэласпаленьня і ўсе прылады яго, і ўмывальнік і падножжа яго;

29 і асьвяці іх, і будзе сьвятыня вялікая: усё, што дакранаецца да іх, асьвеціцца;

30 памаж і Аарона і сыноў ягоных і пасьвяці іх, каб яны былі сьвятарамі Мне.

31 А сынам Ізраілевым скажы: гэта будзе ў Мяне міра сьвяшчэннага памазаньня ў роды вашыя;

32 целы астатніх людзей ня трэба памазваць ім, і складам яго не рабеце падобнага на яго; яно - сьвятыня: сьвятыняю павінна быць вам;

33 хто складзе падобнае да яго, альбо хто памажа ім староньняга, той будзе вынішчаны з народу свайго.

34 І сказаў Гасподзь Майсею: вазьмі сабе пахошчаў: стакты, аніху, халвану духмянага і чыстага лівану, усяго пароўну,

35 і зрабі зь іх умельствам таго, хто складае масьці, куродымны склад, сьцёрты, чысты, сьвяты,

36 і стаўчы яго дробна і кладзі яго перад каўчэгам адкрыцьця ў скініі сходу, дзе Я буду адкрывацца табе: гэта будзе сьвятыня вялікая вам;

37 дымленьня, зробленага паводле гэтага складу, не рабеце сабе: сьвятыняю хай будзе яно ў цябе для Госпада;

38 хто зробіць падобнае, каб дыміць ім, будзе зьнішчаны з народу свайго.

 

Разьдзел 31

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 глядзі, Я прызначаю менавіта Вэсэлііла, сына Урыевага, сына Оравага, з племя Юдавага;

3 і Я напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю, розумам, ведамі і ўсялякім умельствам

4 рабіць з золата, срэбра і медзі,

5 рэзаць камяні, каб устаноўліваць іх, і рэзаць дрэва дзеля ўсякай патрэбы;

6 і вось, я даю яму памочнікам Агаліява, сына Ахісамахавага, з племя Данавага, і ў сэрца кожнаму мудраму ўкладу мудрасьць, каб яны зрабілі ўсё, што Я загадаў табе:

7 скінію сходу і каўчэг адкрыцьця і века на яго, і ўсе прылады скініі,

8 і стол і прылады яго, і сьвяцільню з чыстага золата і ўсе прылады яго, і ахвярнік дымленьня,

9 і ахвярнік цэласпаленьня і ўсе прылады яго, і ўмывальнік і падножжа яго,

10 і вопратку службовую і вопратку сьвяшчэнную Аарону сьвятару і вопратку сынам ягоным для набажэнства,

11 і алей памазаньня і дымленьне пахучае для сьвятыні: усё так, як Я загадаў табе, яны зробяць.

12 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

13 скажы сынам Ізраілевым так: суботы Мае шануйце, бо гэта - азнака паміж Мною і вамі ў роды вашыя, каб вы ведалі, што Я Гасподзь, Які асьвячае вас;

14 і шануйце суботу, бо яна сьвятая для вас: хто апаганіць яе, той хай будзе аддадзены сьмерці; хто будзе ў суботу рабіць працу, тая душа павінна быць зьнішчана з асяродзьдзя народу свайго;

15 шэсьць дзён хай робіць працу, а ў сёмы субота спакою, прысьвечаная Госпаду: кожны, хто робіць працу ў дзень суботні, хай будзе аддадзены сьмерці;

16 і хай шануюць сыны Ізраілевыя суботу, сьвяткуючы суботу ў роды свае, як наказ вечны;

17 гэта - азнака паміж Мною і сынамі Ізраілевымі навечна, бо за шэсьць дзён стварыў Гасподзь неба і зямлю, а ў дзень сёмы спачыў і ўпакоіўся.

18 І калі перастаў гаварыць з Майсеем на гары Сінаі, даў яму дзьве скрыжалі адкрыцьця, скрыжалі каменныя, на якіх напісана было пальцам Божым.

 

Разьдзел 32

 

1 Калі народ убачыў, што Майсей доўга ня сыходзіць з гары, дык сабраўся да Аарона і сказаў яму: устань і зрабі нам бога, які ішоў бы перад намі; бо з гэтым чалавекам, з Майсеем, які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што зрабілася.

2 І сказаў ім Аарон: здымеце залатыя завушніцы, якія ў вушах у вашых жонак, вашых сыноў і вашых дочак, і прынясеце мне.

3 І ўвесь народ зьняў залатыя завушніцы з вушэй сваіх і прынесьлі Аарону.

4 Ён узяў іх з рук іхніх, і зрабіў зь іх літае цяля, і абрабіў яго разцом. І сказалі яны: вось бог твой, Ізраіле, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай!

5 Убачыўшы гэта, Аарон паставіў перад ім ахвярнік, і абвясьціў Аарон, кажучы: заўтра сьвята Госпаду.

6 На другі дзень яны ўсталі рана і прынесьлі цэласпаленьні і прывялі ахвяры мірныя: і сеў народ есьці і піць, а пасьля ўстаў бавіцца.

7 І сказаў Гасподзь Майсею: пасьпяшайся сысьці, бо разбэсьціўся народ твой, які ты вывеў зь зямлі Егіпецкай;

8 хутка ўхіліліся яны ад шляху, які Я наказаў ім: зрабілі сабе літае цяля і пакланіліся яму, і прынесьлі яму ахвяры і сказалі: вось бог твой, Ізраіле, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай!

9 І сказаў Гасподзь Майсею: Я бачыў народ гэты, і вось, народ ён - цьвёрдахрыбетны;

10 дык вось, пакінь Мяне, хай запалымнее гнеў Мой на іх, і зьнішчу іх і выведу шматлікі народ ад цябе.

11 Але Майсей пачаў прасіць Госпада, Бога свайго, і сказаў: хай не ўспалымняецца, Госпадзе, гнеў Твой на народ Твой, які Ты вывеў зь зямлі Егіпецкай сілаю вялікаю і рукою моцнаю,

12 каб Егіпцяне не казалі: на пагібель Ён вывеў іх, каб забіць іх у горах і вынішчыць іх з улоньня зямлі; адхілі палымяны гнеў Твой і адмяні зьнішчэньне народу Твайго;

13 успомні Абрагама, Ісаака і Ізраіля, рабоў Тваіх, якім Ты прысягаў Сабою, кажучы: памнажаючы памножу семя ваша, як зоркі нябесныя, і ўсю зямлю гэтую, пра якую Я сказаў, дам семені вашаму, і будуць валодаць ёю вечна.

14 І адмяніў Гасподзь ліха, пра якое сказаў, што навядзе яго на народ Свой.

15 І павярнуўся і сышоў Майсей з гары; у руцэ ў яго былі дзьве скрыжалі адкрыцьця, на якіх напісана было з абодвух бакоў: і на тым і на другім баку напісана было;

16 скрыжалі былі дзея Божая, і пісьмёны, накрэсьленыя на скрыжалях, былі пісьмёны Божыя.

17 І пачуў Ісус голас народу, які шумеў, і сказаў Майсею: ваяўнічы крык у табары.

18 Але Майсей сказаў: гэта ня крык тых, што перамагаюць, і ня лямант тых, якіх пабіваюць; я чую голас тых, што сьпяваюць.

19 Калі ж ён наблізіўся да табара і ўбачыў цяля і скокі, тады ён запаліўся гневам і кінуў з рук сваіх скрыжалі і разьбіў іх пад гарою;

20 і ўзяў цяля, якое яны зрабілі, і спаліў яго ў агні, і сьцёр на пыл, і рассыпаў па вадзе, і даў яе піць сынам Ізраілевым.

21 І сказаў Майсей Аарону: што зрабіў табе народ гэты, што ты ўвёў яго ў грэх вялікі?

22 Але Аарон сказаў: хай не загараецца гнеў гаспадара майго; ты ведаеш гэты народ, што ён буяны.

23 Яны сказалі мне: зрабі нам бога, які ішоў бы перад намі; бо з Майсеем, з гэтым чалавекам, які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што сталася.

24 І я сказаў ім, у каго ёсьць золата, здымеце зь сябе. І аддалі мне; я кінуў яго ў агонь, і выйшла гэтае цяля.

25 Майсей убачыў, што гэта народ неакілзаны, бо Аарон дапусьціў яго да неакілзанасьці, да пасарамленьня перад ворагамі ягонымі.

26 І стаў Майсей у браме табара і сказаў: хто Гасподні, да мяне! І сабраліся да яго ўсе сыны Лявія.

27 І ён сказаў ім: так кажа Гасподзь, Бог Ізраілеў: пакладзеце кожны свой меч на сьцягно сваё, прайдзеце па табары ад брамы да брамы і назад, і забівайце кожны брата свайго, кожны сябра свайго, кожны блізкага свайго.

28 І зрабілі сыны Лявііныя паводле слова Майсея; і загінула ў той дзень з народу каля трох тысяч чалавек.

29 І Майсей сказаў: сёньня прысьвяцеце рукі вашыя Госпаду, кожны ў сыне сваім і браце сваім, хай пашле Ён сёньня вам дабраславеньне.

30 На другі дзень сказаў Майсей народу: вы зрабілі вялікі грэх; дык вось, я падымуся да Госпада, ці не загладжу грэху вашага.

31 І вярнуўся Майсей да Госпада і сказаў: о, народ гэты зрабіў вялікі грэх, зрабіў сабе бога;

32 даруй ім грэх іхні; а калі не, дык сатры і мяне з кнігі Тваёй, у якую Ты ўпісаў.

33 Гасподзь сказаў Майсею: таго, хто зграшыў перад Мною, сатру з кнігі Маёй;

34 дык вось ідзі, вядзі народ гэты, куды Я сказаў табе; вось анёл Мой пойдзе перад табою, і ў дзень наведваньня Майго Я наведаю іх за грахі іхнія.

35 І пакараў Гасподзь народ за зробленае цяля, якое зрабіў Аарон.

 

Разьдзел 33

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі, ідзі адгэтуль ты і народ, які ты вывеў зь зямлі Егіпецкай, у зямлю, пра якую Я запрысягаўся Абрагаму, Ісааку і Якаву, кажучы: нашчадкам тваім дам яе;

2 і пашлю перад табою анёла і праганю Хананэяў, Амарэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў і Евусэяў,

3 у зямлю, дзе цячэ малако і мёд; бо Сам не пайду сярод вас, каб не загубіць Мне вас у дарозе, бо вы народ цьвёрдахрыбетны.

4 Народ, пачуўшы грознае слова гэтае, загаласіў, і ніхто не навесіў на сябе акрасаў сваіх.

5 Бо Гасподзь сказаў Майсею: скажы сынам Ізраілевым: вы народ цьвёрдахрыбетны; калі Я пайду сярод вас, дык у адну хвіліну вынішчу вас; дык вось, здымеце зь сябе акрасы свае; Я пагляджу, што Мне рабіць з вамі.

6 Сыны Ізраілевыя зьнялі зь сябе акрасы свае каля гары Харыва.

7 А Майсей узяў і паставіў сабе намёт па-за табарам, здалёк ад табару, і назваў яго скініяй сходу; і кожны, хто шукаў Госпада, прыходзіў у скінію сходу, якая была па-за табарам.

8 І калі Майсей выходзіў да скініі, увесь народ уставаў, і станавіўся кожны каля ўваходу ў свой намёт і глядзеў усьлед Майсею, пакуль ён не ўваходзіў у скінію.

9 А калі Майсей уваходзіў у скінію, тады апускаўся слуп хмарны і станавіўся каля ўваходу ў скінію, і гаварыў з Майсеем.

10 І бачыў увесь народ слуп хмарны, які стаяў каля ўваходу ў скінію; і ўставаў увесь народ, і кожны кланяўся каля ўваходу ў намёт свой.

11 І гаварыў Гасподзь з Майсеем вока на вока, як бы гаварыў хто зь сябрам сваім; і ён вяртаўся ў табар; а служка ягоны Ісус, сын Наваў, хлопец, не адлучаўся ад скініі.

12 Майсей сказаў Госпаду: вось, Ты кажаш мне: вядзі народ гэты, а не адкрыў мне, каго пашлеш са мною, хоць ты сказаў: «Я ведаю цябе па імю, і ты набыў упадабаньне ў вачах Маіх»;

13 дык вось калі я набыў упадабаньне ў вачах Тваіх, дык прашу: адкрый мне шлях Твой, каб я спазнаў Цябе, каб набыў упадабаньне ў вачах Тваіх; і падумай, што гэтыя людзі народ Твой.

14 А Ён сказаў: Сам Я пайду і ўвяду цябе ў спакой.

15 сказаў Яму: калі ня пойдзеш Ты Сам, дык і ня выводзь нас адгэтуль:

16 бо з чаго даведацца, што я і народ Твой набылі ўпадабаньне ў вачах Тваіх? ці не з таго, што Ты пойдзеш з намі? тады я і народ Твой будзем слаўнейшыя за любы народ на зямлі.

17 І сказаў Гасподзь Майсею: і тое, пра што ты казаў, Я зраблю, бо ты набыў упадабаньне ў вачах Маіх, і Я ведаю цябе па імю.

18 Сказаў: пакажы мне славу Тваю.

19 І сказаў: Я правяду перад табою ўсю славу Маю і абвяшчу імя Яговы перад табою: і каго памілаваць - памілую, каго пашкадаваць - пашкадую.

20 І потым сказаў Ён: аблічча Майго табе нельга ўбачыць, бо чалавек ня можа ўбачыць Мяне і застацца жывым.

21 І сказаў Гасподзь: вось месца ў Мяне: стань на гэтай скале;

22 а калі будзе праходзіць слава Мая, Я пастаўлю цябе ў расколіне скалы і накрыю цябе рукою Маёю, пакуль не прайду;

23 і калі прыму руку Маю, ты ўбачыш Мяне ззаду, а аблічча Маё ня будзе відно.

 

Разьдзел 34

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею: вычашы сабе дзьве скрыжалі каменныя, падобныя на ранейшыя, і Я напішу на гэтых скрыжалях словы, якія былі на ранейшых скрыжалях, якія ты разьбіў;

2 і будзь гатовы да раніцы; і падыміся раніцай на гару Сінай і стань перад Мною там на вяршыні гары;

3 але ніхто не павінен падымацца з табою, і ніхто не павінен паказвацца на ўсёй гары; нават быдла, дробнае і буйное, не павінна пасьвіцца паблізу гары гэтай.

4 І вычасаў Майсей дзьве скрыжалі каменныя, падобныя да ранейшых, і ўстаўшы з самае раніцы, падняўся на гару Сінай, як загадаў яму Гасподзь; і ўзяў у рукі свае дзьве скрыжалі каменныя.

5 І сышоў Гасподзь у воблаку, і спыніўся там паблізу яго, і ўзьвясьціў імя Яговы.

6 І прайшоў Гасподзь перад тварам ягоным і абвясьціў: Гасподзь, Гасподзь, Бог чалавекалюбны і мілажальны, доўгацярплівы і многаміласэрны і праўдзівы,

7 Які захоўвае літасьць у тысячы родаў, даруе віну і злачынства і грэх, але не пакідае без пакараньня, карае віну бацькоў у дзецях і ў дзецях дзяцей да трэцяга і чацьвёртага роду.

8 Майсей адразу ўпаў на зямлю і пакланіўся

9 і сказаў: калі я здабыў упадабаньне ў вачах Тваіх, Уладару, дык хай пойдзе Ўладар сярод нас; бо народ гэты цьвёрдахрыбетны; даруй беззаконьні нашыя і грахі нашыя і зрабі нас спадчынай Тваёю.

10 І сказаў: вось, Я заключаю запавет: перад усім народам Тваім учыню цуды, якіх ня было на ўсёй зямлі і ні ў якіх народаў, і ўбачыць увесь народ, сярод якога ты жывеш, дзею Госпада, бо страшна будзе тое, што Я зраблю дзеля цябе;

11 захавай тое, што загадваю табе сёньня: вось, Я праганяю ад твару твайго Амарэяў, Хананэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў і Евусэяў;

12 глядзі, ня ўступай у спрымірэнства з жыхарамі зямлі той, у якую ты ўвойдзеш, каб яны не зрабіліся сеткаю вам сярод вас.

13 Ахвярнікі іхнія разбурце, слупы іхнія паламайце, высечыце гаі іхнія,

14 бо ты не павінен пакланяцца богу іншаму, апрача Госпада, бо імя Яго «руплівец»; Ён Бог руплівец.

15 Ня ўступай у спрымірэнства з жыхарамі зямлі той, каб, калі яны будуць блудадзеяць ідучы за багамі сваімі і прыносіць ахвяры багам сваім, не запрасілі і цябе, і ты не скаштаваў бы ахвяры іхняй;

16 і не бяры з дочак іхніх жонак сынам сваім, каб дочкі іхнія, блудадзеючы, ідучы за багамі сваімі, не ўвялі і сыноў тваіх у блуд за багамі сваімі.

17 Не рабі сабе багоў літых.

18 Сьвята праснакоў шануй: сем дзён еж прэсны хлеб, як Я загадаў табе, у прызначаны час месяца Авіва, бо ў месяцы Авіве выйшаў ты зь Егіпта.

19 Усе, хто размыкае сьцёгны, Мне, як і ўсё быдла тваё мужчынскага полу, якое размыкае сьцёгны, з валоў і авечак;

20 першароднае з аслоў замяняй ягнём, а калі не заменіш, дык выкупі яго; усіх першынцаў з сыноў тваіх выкупляй; хай не зьяўляюцца перад абліччам Маім з пустымі рукамі.

21 Шэсьць дзён працуй, а ў сёмы дзень спачывай; спачывай і ў час сяўбы і жніва.

22 І сьвята сяміцаў спраўляй, сьвята зажынкаў пшаніцы і сьвята збору пладоў у канцы года;

23 тры разы на год павінен зьяўляцца ўвесь мужчынскі пол твой перад аблічча Ўладара, Госпада Бога Ізраілевага,

24 бо Я праганю народы ад твару твайго і пашыру межы твае, і ніхто не запрагне зямлі тваёй, калі ты будзеш зьяўляцца перад аблічча Госпада, Бога твайго, тры разы на год.

25 Не вылівай крыві ахвяры Маёй на квашанае, і ахвяра сьвята Пасхі не павінна пераначаваць да раніцы.

26 Самыя першыя плады зямлі тваёй прынось у дом Госпада, Бога твайго. Не гатуй казьляня ў малацэ маці ягонай.

27 І сказаў Гасподзь Майсею: напішы сабе словы гэтыя, бо ў гэтых словах Я пастанаўляю запавет з табою і зь Ізраілем.

28 І прабыў там у Госпада сорак дзён і сорак ночаў, хлеба ня еў і вады ня піў; і напісаў Майсей на скрыжалях словы запавету, дзесяціслоўе.

29 Калі сыходзіў Майсей з гары Сінай, і дзьве скрыжалі адкрыцьця былі ў руцэ ў Майсея пры сыходзе яго з гары, дык Майсей ня ведаў, што аблічча яго пачало зьзяць прамянямі ад таго, што Бог гаварыў зь ім.

30 І ўбачыў Майсея Аарон і ўсе сыны Ізраілевыя, і вось, твар у яго зьзяе, і баяліся падысьці да яго.

31 І паклікаў іх Майсей, і прыйшлі да яго Аарон і ўсе правадыры супольства, і гутарыў Майсей зь імі.

32 Пасьля гэтага наблізіліся ўсе сыны Ізраілевыя, і ён наказаў ім усё, што казаў Яму Гасподзь на гары Сінаі.

33 І калі Майсей перастаў гутарыць зь імі, дык ахінуў твар свой покрывам.

34 А калі ўваходзіў Майсей перад аблічча Госпада, каб гаварыць зь Ім, тады здымаў покрыва, пакуль ня выходзіў; а выйшаўшы пераказваў сынам Ізраілевым усё, што наказана было яму.

35 І бачылі сыны Ізраілевыя, што зьзяе твар Майсееў, і Майсей зноў кладзе покрыва на твар свой, пакуль не ўваходзіць гаварыць зь Ім.

 

Разьдзел 35

 

1 І сабраў Майсей усё супольства сыноў Ізраілевых і сказаў ім: вось, што наказаў Гасподзь рабіць:

2 шэсьць дзён рабеце працу, а дзень сёмы павінен быць у вас сьвяты, субота спачыну Госпаду; кожны, хто будзе рабіць у яе працу, аддадзены будзе сьмерці;

3 не запальвайце агню ва ўсіх селішчах вашых у дзень суботні.

4 І сказаў Майсей усяму супольству сыноў Ізраілевых: вось тое слова, што наказаў Гасподзь, кажучы:

5 зрабеце ад сябе ахвяраваньні Госпаду: кожны паводле руплівасьці няхай прынясе ахвяраваньне Госпаду, золата, срэбра, медзь,

6 воўну блакітнага, пурпуровага і чырванёнага колеру, і вісон, і казіную воўну,

7 Аўчыны барановыя чырвоныя і аўчыны сінія, і дрэва сітым,

8 і алей у сьвяцільню, і пахошчы на алей памазаньня і на духмяныя дымленьні,

9 камень анікс і камяні ўстаўныя на эфод і нагруднік.

10 І кожны з вас мудры сэрцам няхай прыйдзе і зробіць усё, што загадаў Гасподзь:

11 скінію і покрыва яе і века яе, гакі і брусы яе, жэрдкі яе, слупы яе і падножжы яе,

12 каўчэг і жэрдкі яго, века і заслону для загароды,

13 стол і жэрдкі яго і ўсе прылады яго, і ахвярныя хлябы,

14 і сьвяцільні для асьвятленьня з прыладамі яго, і лампады яго і алей для асьвятленьня,

15 і ахвярнік для дымленьняў і жэрдкі яго, і алей памазаньня, і духмяныя дымленьні, і заслону на ўваходзе ў скінію,

16 ахвярнік цэласпаленьня і рашотку медную для яго, і жэрдкі яго і ўсе прылады яго, умывальнік і падножжа яго,

17 заслоны двара, слупы яго і падножжы іх і заслону на ўваходзе ў двор,

18 калы скініі і калы двара і вяроўкі іх,

19 вопратку службовую на служэньне ў сьвятыні і сьвяшчэнную вопратку Аарону сьвятару і вопратку сынам ягоным дзеля набажэнства.

20 І пайшло ўсё супольства сыноў Ізраілевых ад Майсея.

21 І прыходзілі ўсе, каго вабіла да таго сэрца, і ўсе, каго схіляў дух, і прыносілі ахвяраваньні Госпаду на ўладжваньне скініі сходу і на ўсе патрэбы яе і на сьвяшчэннае адзеньне;

22 і прыходзілі мужы з жонкамі, і ўсе па схільнасьці сэрца прыносілі пярсьцёнкі, завушніцы, бранзалеты і падвескі, усялякія залатыя рэчы, кожны, хто хацеў прыносіць золата Госпаду;

23 і кожны, у каго была воўна блакітнага, пурпуровага і чырванёнага колеру, вісон і казіная воўна, аўчыны барановыя чырвоныя і аўчыны сінія, прыносілі іх;

24 і кожны, хто ахвяраваў срэбра, альбо медзь, прыносілі гэта ў дарунак Госпаду; і кожны, у каго было дрэва сітым, прыносіў гэта на ўсякую патрэбу скініі;

25 і ўсе жанчыны, мудрыя сэрцам, пралі сваімі рукамі і прыносілі прадзіва блакітнага, пурпуровага і чырванёнага колеру і вісон;

26 і ўсе жанчыны, якіх вабіла сэрца, якія ўмелі прасьці, пралі казіную воўну;

27 а князі прыносілі камень анікс і камяні ўстаўныя на эфод і нагруднік,

28 і пахошчы таксама, і алей у сьвяцільню і на складаньне алею памазаньня і на духмяныя дымленьні;

29 і ўсе мужы і жонкі з сыноў Ізраілевых, якіх вабіла сэрца прынесьці на ўсякую справу, якую Гасподзь праз Майсея загадаў зрабіць, прыносілі дабраахвотны дарунак Госпаду.

30 І сказаў Гасподзь сынам Ізраілевым: глядзеце, Гасподзь прызначыў менавіта Вэсэлііла, сына Урыі, сына Ора, з племя Юдавага,

31 і напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю, розумам, ведамі і ўсялякім умельствам

32 складаць узорыстую тканіну, рабіць з золата, срэбра і медзі,

33 і рэзаць камяні, каб устаўляць іх, і рэзаць дрэва, і рабіць усякую адмысловую працу;

34 і здольнасьць вучыць заклаў у сэрца яго, яго і Агаліява, сына Ахісамахавага, з племя Данавага;

35 Ён напоўніў сэрца іх мудрасьцю, каб рабіць усякую працу разьбяра і ўмелага ткача і вышывальніка па блакітнай, пурпуровай, чырванёнай і вісоннай тканіне, і ткачоў, якія робяць усялякую працу і складаюць каштоўную тканіну.

 

Разьдзел 36

 

1 І пачаў працаваць Вэсэлііл і Агаліяў і ўсе мудрыя сэрцам, якім Гасподзь даў мудрасьць і розум, каб умець зрабіць усякую працу, патрэбную для сьвятыні, як загадаў Гасподзь.

2 І заклікаў Майсей Вэсэлііла і Агаліява і ўсіх мудрых сэрцам, якім Гасподзь даў мудрасьць, і ўсіх, каго вяло сэрца прыступіць да працы і працаваць.

3 І ўзялі яны ў Майсея ўсе прынашэньні, якія прынесьлі сыны Ізраілевыя, на патрэбы сьвятыні, каб працаваць. Тым часам усё яшчэ прыносілі яму дабравольныя дары кожнае раніцы.

4 Тады прыйшлі ўсе мудрыя сэрцам, якія рабілі ўсялякую працу ў сьвятыні, кожны ад сваёй працы, якую хто рабіў,

5 і сказалі Майсею, кажучы: люд шмат прыносіць, больш, чым трэба для працы, якую Гасподзь загадаў зрабіць.

6 І загадаў Майсей, і абвешчана было ў табары, каб ні мужчына, ні жанчына не рабілі ўжо нічога дзеля прынашэньня ў сьвятыню; і перастаў люд прыносіць.

7 Запасу было дастаткова на ўсякую працу, якую належала рабіць, і нават засталося.

8 І зрабілі ўсе мудрыя сэрцам, якія займаліся працаю ў скініі: дзесяць покрываў з суканага вісону і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны; і херувімаў зрабілі на іх майстэрскаю працаю;

9 даўжыня кожнага покрыва дваццаць восем локцяў, і шырыня кожнага покрыва чатыры локці: усім покрывам адна мера.

10 І злучыў ён пяць покрываў адно з адным, і астатнія пяць покрываў злучыліся адно з адным.

11 І зрабіў петлі блакітнага колеру на краі аднаго покрыва, дзе яно злучалася з другім; гэтак сама зрабіў ён і на краі апошняга покрыва, для злучэньня яго з другім;

12 пяцьдзясят петляў зрабіў ён у адным покрыве і пяцьдзясят петляў зрабіў у канцы покрыва, дзе яно злучаецца з другім; петлі гэтыя адпавядалі адна адной;

13 і зрабіў пяцьдзясят гачкоў залатых і гачкамі злучыў адно покрыва з другім, і стала скінія адно цэлае.

14 Потым зрабіў покрывы з казінай воўны, каб накрываць скінію: адзінаццаць покрываў зрабіў такіх;

15 удаўжыню покрыва трыццаць локцяў, і ўшырыню покрыва чатыры локці: у адзінаццаці покрываў мера адна.

16 І злучыў ён пяць покрываў асобна і шэсьць покрываў асобна.

17 І зрабіў пяцьдзясят петляў на краі покрыва крайняга, дзе яно злучаецца з другім, і пяцьдзясят петляў зрабіў на краі покрыва, якое злучаецца з другім;

18 і зрабіў пяцьдзясят медных гачкоў для злучэньня покрыва, каб склалася адно цэлае.

19 І зрабіў для скініі покрыва з чырвоных барановых скураў і накрыўку зьверху са скураў сініх.

20 і зрабіў брусы для скініі з дрэва сітым стромкія:

21 дзесяць локцяў даўжыня ў бруса, і паўтара локця шырыня ў кожнага бруса;

22 у кожным брусе па два асьцюкі, адзін насупраць аднаго: так зрабіў ён усе брусы скініі.

23 І зрабіў для скініі дваццаць такіх брусоў на паўднёвы бок,

24 і сорак срэбраных падножжаў зрабіў пад дваццаць брусоў: па два падножжы пад адзін брус на два асьцюкі яго, і два падножжы пад другі брус на два асьцюкі яго;

25 і для другога боку скініі, на поўнач, зрабіў дваццаць брусоў

26 і сорак срэбраных падножжаў: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус;

27 а на задні бок скініі, на захад, зрабіў шэсьць брусоў,

28 і два брусы зрабіў на кут у скініі на тыльны бок;

29 і былі яны злучаныя знізу і злучаныя ўгары ў адным колцы: так зрабіў ён зь імі абодвума на абодвух кутах;

30 і было восем брусоў і срэбраных падножжаў шаснаццаць, па два падножжы пад кожны брус.

31 І зрабіў жэрдкі з дрэва сітым, пяць на брусы аднаго боку скініі,

32 і пяць жэрдак на брусы другога боку скініі, і пяць жэрдак на брусы задняга боку скініі;

33 і зрабіў унутраную жэрдзь, якая праходзіла б па сярэдзіне брусоў ад аднаго канца да другога;

34 брусы абклаў золатам, і колцы, у якія ўкладваюцца жэрдкі, зрабіў з золата, і жэрдкі абклаў золатам.

35 І зрабіў заслону з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону, і майстэрскаю працаю зрабіў на ёй херувімаў;

36 і зрабіў для яе чатыры слупы зь сітыму і абклаў іх золатам, з залатымі гачкамі, і выліў для іх чатыры срэбраныя падножжы.

37 І зрабіў заслону на ўваход у скінію з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону, узорыстага вырабу,

38 і пяць слупоў для яе з гачкамі; і абклаў вярхі іх і завязі іх золатам і выліў пяць медных падножжаў.

 

Разьдзел 37

 

1 І зрабіў Вэсэлііл каўчэг з дрэва сітым: даўжыня яго два локці з палавінаю, шырыня яго паўтара локця і вышыня Яго паўтара локця;

2 і абклаў яго чыстым золатам зь сярэдзіны і звонку і зрабіў вакол яго залаты вянок;

3 і выліў для яго чатыры колцы залатыя, на чатырох ніжніх кутках яго: па два колцы з аднаго боку яго, і два колцы з другога боку яго.

4 І зрабіў жэрдкі з дрэва сітым і абклаў іх золатам;

5 і ўклаў жэрдкі ў колцы, па баках каўчэга, каб насіць каўчэг.

6 і зрабіў века з чыстага золата: даўжыня яго два локці з палавінаю, а шырыня паўтара локця.

7 і зрабіў двух херувімаў з золата: чаканнага вырабу зрабіў іх на абодвух канцах века,

8 аднаго херувіма з аднаго канца, а другога херувіма з другога канца: пукатымі зь века зрабіў херувімаў з абодвух канцоў яго;

9 і былі херувімы раскрыленыя ўгору і пакрывалі крыламі сваімі века, а тварамі сваімі былі павернутыя адзін да аднаго; херувімы былі тварамі да века.

10 І зрабіў стол з дрэва сітым даўжынёю ў два локці, шырынёю ў локаць і вышынёю ў паўтара локця,

11 і абклаў яго золатам чыстым, і зрабіў вакол яго залаты вянок;

12 і зрабіў вакол яго сьценкі ў далоню і зрабіў залаты вянок каля сьценак яго;

13 і выліў для яго чатыры колцы залатыя і ўмацаваў колцы на чатырох кутах, каля чатырох ножак яго:

14 пры сьценках былі колцы, каб укладваць жэрдкі і насіць стол;

15 і зрабіў жэрдкі з дрэва сітым і абклаў іх золатам, каб насіць стол.

16 Потым зрабіў посуд да стала: міскі, кадзільніцы, кубкі і чары, каб паліваць зь іх, з чыстага золата.

17 І зрабіў сьвяцільню з золата чыстага, чаканную зрабіў сьвяцільню; сьцябло яе, галіны яе, чарачкі яе, яблыкі яе і кветкі яе выходзілі зь яе;

18 шэсьць галін выходзіла з бакоў яе: тры галіны сьвяцільні з аднаго боку яе і тры галіны сьвяцільні з другога боку яе;

19 тры чарачкі былі накшталт міндальнай кветкі, яблык і кветкі на адной галінцы, і тры чарачкі накшталт міндальнай кветкі, яблык і кветкі на другой галінцы: так на ўсіх шасьці галінках, што выходзяць зь сьвяцільні;

20 а на сьцябле сьвяцільні было чатыры чарачкі накшталт міндальнай кветкі зь яблыкамі і кветкамі;

21 у шасьці галінак, што выходзяць зь яе, яблык пад першымі дзьвюма галінкамі, і яблык пад другімі дзьвюма галінкамі, і яблык пад трэцімі дзьвюма галінкамі;

22 яблыкі і галінкі іх выходзілі зь яе; уся яна была чаканная, цэльная, з чыстага золата.

23 І зрабіў да яе сем лампад, і абцужкі да яе і латкі да яе, з чыстага золата;

24 з таланту чыстага золата зрабіў яе з усімі прыладамі яе.

25 І зрабіў ахвярнік дымленьня з дрэва сітым; даўжыня яго локаць, і шырыня яго локаць, чатырохкутны, вышыня яго два локці; зь яго выходзілі рогі яго;

26 і абклаў яго чыстым золатам, верх яго і бакі яго вакол і рогі яго, і зрабіў да яго залаты вянок вакол;

27 пад вянком яго на двух кутах яго зрабіў два колцы залатыя, абапал яго зрабіў іх, каб укладваць у іх жэрдкі і насіць яго;

28 жэрдкі зрабіў з дрэва сітым і абклаў іх золатам.

29 І зрабіў міра на сьвяшчэннае памазаньне і дымленьне пахучае, чыстае, ад умельства таго, хто складвае масьці.

 

Разьдзел 38

 

1 І зрабіў ахвярнік цэласпаленьня з дрэва сітым даўжынёю ў пяць локцяў і шырынёю ў пяць локцяў, чатырохкутны, вышынёю ў тры локці,

2 і зрабіў рогі на чатырох кутах яго, так што зь яго выходзілі рогі, і абклаў яго медзьдзю.

3 І зрабіў усе прылады ахвярніка: гаршкі; лапаты, чары, вілкі і вугольнікі; усе прылады яго зрабіў зь медзі.

4 І зрабіў для ахвярніка рашотку, як сетку, зь медзі, па краі яго ўнізе да палавіны яго;

5 і зрабіў чатыры колцы на чатырох кутах меднай рашоткі для ўкладваньня жэрдак,

6 і зрабіў жэрдкі з дрэва сітым, і абклаў іх медзьдзю,

7 і ўклаў жэрдкі ў колцы па баках ахвярніка, каб насіць яго на іх; пусты ўсярэдзіне з дошак зрабіў яго.

8 І зрабіў умывальнік зь медзі і падножжа яго зь медзі з далікатнымі выявамі, якія ўпрыгожвалі ўваход у скінію сходу.

9 І зрабіў двор: з паўднёвага боку, на поўдзень, заслоны з суканага вісону даўжынёю ў сто локцяў;

10 слупоў для іх дваццаць і падножжаў да іх дваццаць медных; гачкі ў слупоў і повязі іх з срэбра.

11 І па паўночным баку - заслоны ў сто локцяў; слупоў для іх дваццаць і падножжаў да іх дваццаць медных; гачкі ў слупоў і повязі з срэбра.

12 І з заходняга боку - заслоны ў пяцьдзясят локцяў, слупоў для іх дзесяць і падножжаў да іх дзесяць, гачкі ў слупах і повязі іх з срэбра.

13 і зь відавога боку на ўсход - заслоны ў пяцьдзясят локцяў.

14 Для аднаго боку брамы двара - заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры і падножжаў да іх тры;

15 і для другога боку - заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры і падножжаў да іх тры.

16 Усе заслоны ва ўсе бакі двара з суканага вісону,

17 а падножжы ў слупоў зь медзі; гачкі ў слупах і повязі іх з срэбра; а вярхі ў іх абкладзены срэбрам, і ўсе слупы двара злучаны повязямі срэбнымі.

18 А заслона для брамы двара ўзорыстага вырабу з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону, даўжынёю ў дваццаць локцяў, вышынёю ў пяць локцяў, па ўсёй працягласьці, падобна на заслону двара;

19 і слупоў для яго чатыры і падножжаў да яго чатыры медныя; гачкі ў іх срэбныя, а вярхі іх абкладзены срэбрам, і повязі іх срэбныя.

20 Усе калы вакол скініі і двара медныя.

21 Вось падлік таго, што скарыстана для скініі адкрыцьця, зробленае паводле загаду Майсея, лявітамі пад наглядам Ітамара, сына Ааронавага, сьвятара.

22 А рабіў усё, што загадаў Гасподзь Майсею, Вэсэлііл, сын Урыі, сын Ора, з племя Юдавага,

23 І зь ім Агаліяў, сын Ахісамахаў, з племя Данавага, разьбяр і ўмелы ткач і вышывальшчык па блакітнай, пурпуровай, чырванёнай і вісонавай тканіне.

24 Усяго золата, ужытага ў працу на ўсе прылады сьвятыні, золата, прынесенага ў дар, было дваццаць дзевяць талантаў і сямсот трыццаць сікляў, сікляў сьвяшчэнных;

25 а срэбра ад падлічаных асобаў супольства сто талантаў і тысяча сямсот семдзесят пяць сікляў, сікляў сьвяшчэнных;

26 з шасьцісот трох тысяч пяцісот пяцідзесяці чалавек, з кожнага, хто быў падлічаны, ад дваццаці гадоў і вышэй, па паўсікля з чалавека, лічачы на сікль сьвяшчэнны.

27 Сто талантаў срэбра ўжыта на ліцьцё падножжаў сьвятыні і падножжаў у заслоны; сто падножжаў са ста талантаў, па таланце на падножжа;

28 а з тысячы сямісот сямідзесяці пяці сікляў зрабіў ён гачкі ў слупах і пакрыў вярхі іх і зрабіў повязі для іх.

29 А медзі, прынесенай у дар, было семдзесят талантаў і дзьве тысячы чатырыста сікляў;

30 зь яе зрабіў ён падножжы да слупоў каля ўваходу ў скінію сьведчаньня, і ахвярнік медны, і рашотку медную для яго, і ўвесь посуд ахвярніка,

31 і падножжы да слупоў усяго двара, і падножжы да слупоў брамы двара, і ўсе калы скініі і ўсе калы вакол двара.

 

Разьдзел 39

 

1 А з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны зрабілі яны службовую вопратку, дзеля слугаваньня ў сьвятыні; зрабілі таксама сьвяшчэнную вопратку Аарону, як загадаў Гасподзь Майсею.

2 І зрабіў эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону;

3 і распляскалі яны золата ў лісты і выцягнулі ніткі, каб выткаць іх паміж блакітнымі, пурпуровымі, чырванёнымі і вісонавымі ніткамі, умелаю працаю.

4 І зрабілі ў яго нарамнікі злучальныя; на абодвух канцах сваіх ён быў зьвязаны.

5 І пояс эфода, які паверсе яго, аднолькавага зь ім вырабу, зроблены быў з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, як загадаў Гасподзь Майсею.

6 І зрабілі камяні аніксавыя, уставіўшы іх у залатыя гнёзды і выразаўшы на іх імёны сыноў Ізраілевых, як выразаюць на пячатцы;

7 і паклаў ён іх на нарамнікі эфода, у памяць сыноў Ізраілевых, як загадаў Гасподзь Майсею.

8 І зрабіў нагруднік умелаю працаю, такою самаю працаю, як эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону;

9 ён быў чатырохкутны; яны зрабілі падвойны нагруднік у пядзю даўжыні і ў пядзю шырыні, падвойны ён быў;

10 і ўставілі ў яго ў чатыры рады камяні; побач: рубін, тапаз, смарагд, - гэта першы рад;

11 у другім радзе: карбункул, сапфір і адамант;

12 у трэцім радзе: карунд, агат і амэтыст;

13 у чацьвёртым радзе: хрызаліт, анікс і ясьпіс; і ўстаўлены яны ў залатыя гнёзды.

14 Камянёў было па ліку імёнаў сыноў Ізраілевых; дванаццаць было іх, па ліку імёнаў іхніх, і на кожным зь іх выразана было, як на пячатцы, па адным імю, для дванаццаці плямёнаў.

15 Да нагрудніка зрабілі тоўстыя ланцужкі вітага вырабу з чыстага золата;

16 і зрабілі два залатыя гнязды і два залатыя колцы і прымацавалі колцы да двух канцоў нагрудніка,

17 і ўклалі абодва пляцёныя ланцужкі з золата ў два колцы па канцах нагрудніка,

18 а два канцы двух ланцужкоў прымацавалі да двух гнёздаў і прымацавалі іх да нарамнікаў эфода з правага боку яго;

19 яшчэ зрабілі два колцы залатыя і прымацавалі іх да двух іншых канцоў нагрудніка, на тым баку, які трымаецца каля эфода ўсярэдзіне.

20 І яшчэ зрабілі два колцы залатыя, і прымацавалі іх да двух нарамнікаў эфода спадыспаду, з правага боку яго, каля злучэньня яго над поясам эфода;

21 і прымацавалі нагруднік колцамі яго да колцаў эфода шнурком з блакітнай воўны, каб ён быў над поясам эфода, і каб не адставаў нагруднік ад эфода, як загадаў Гасподзь Майсею.

22 І зрабіў верхнюю шату да эфода тканую, усю з блакітнай воўны,

23 і ў верхняй шаце прарэху, як у панцыры, і вакол яе абшыўку, каб ня дралася;

24 па прыполе верхняй шаты зрабілі яны яблыкі з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны;

25 і зрабілі бомкі з чыстага золата і павесілі бомкі паміж яблыкамі па прыполе верхняй шаты вакол:

26 бомку і яблык, бомку і яблык, па прыполе верхняй шаты вакол дзеля служэньня, як загадаў Гасподзь Майсею.

27 і зрабілі Аарону і сынам ягоным хітоны зь вісону, тканыя,

28 і кідар зь вісону, і павязкі на галаву зь вісону, і сподняе ільняное адзеньне з суканага вісону,

29 і пояс з суканага вісону і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, узорыстага вырабу, як загадаў Гасподзь Майсею.

30 І зрабілі паліраваную дошчачку, дыядэму сьвятыні, з чыстага золата, і накрэсьлілі на ёй пісьмёны, як выразаюць на пячатцы: «Сьвятыня Гасподняя»;

31 і прымацавалі да яе шнурок з блакітнай воўны, каб прывязаць яе да кідара зьверху, як загадаў Гасподзь Майсею.

32 Так закончана была ўся работа для скініі сходу, і зрабілі сыны Ізраілевыя ўсё: як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі.

33 і прынесьлі да Майсея скінію, покрыва і ўсе прылады яе, гачкі яе, брусы яе, жэрдкі яе, слупы яе і падножжы яе,

34 покрыва са скураў барановых чырвоных і покрыва са скураў сініх і заслону, каб захінаць,

35 каўчэг адкрыцьця і жэрдкі яго і века,

36 стол з усімі прыладамі яго і хлябы ахвяравальныя,

37 сьвяцільні з чыстага золата, лампады яго, лампады пастаўленыя на ім і ўсе прылады яго, і алей, каб асьвятляць,

38 залаты ахвярнік і алей памазаньня, і пахошчы, каб дыміць, і заслону на ўваход у скінію,

39 ахвярнік медны і медную рашотку да яго, жэрдкі яго і ўсе прылады яго, умывальнік і падножжа яго,

40 заслоны двара, слупы і падножжы, заслону да брамы двара, вяроўкі і калы і ўсе рэчы, якія належаць да слугаваньня ў скініі сходу,

41 вопратку службовую на служэньне ў сьвятыні, сьвяшчэнную вопратку Аарону сьвятару і вопратку сынам ягоным на сьвятадзейства.

42 Як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі сыны Ізраілевыя ўсю гэтую працу.

43 І ўбачыў Майсей усю працу, і вось, яны зрабілі яе: як загадаў Гасподзь, так і зрабілі. І дабраславіў іх Майсей.

 

Разьдзел 40

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 у першы месяц, у першы дзень месяца пастаў скінію сходу,

3 і пастаў у ёй каўчэг адкрыцьця, і захіні каўчэг заслонаю;

4 і ўнясі стол і пастаў на ім усе рэчы яго, і ўнясі сьвяцільню і пастаў на ёй лампады яе;

5 і пастаў залаты ахвярнік, каб дыміць перад каўчэгам адкрыцьця, і павесь заслону на ўваходзе ў скінію;

6 і пастаў ахвярнік цэласпаленьня перад уваходам у скінію сходу;

7 і пастаў умывальнік паміж скініяй сходу і ахвярнікам і налі ў яго вады;

8 і пастаў двор вакол і павесь заслону ў браме двара.

9 І вазьмі алею памазаньня, і памаж скінію і ўсё, што ў ёй, і асьвяці яе і ўсе прылады яе, і будзе сьвята;

10 памаж ахвярнік цэласпаленьня і ўсе прылады яго і асьвяці ахвярнік, і будзе ахвярнік сьвятыня вялікая;

11 і памаж умывальнік і падножжа яго і асьвяці яго.

12 І прывядзі Аарона і сыноў ягоных да ўваходу ў скінію сходу і абмый іх вадою;

13 і апрані Аарона ў сьвяшчэннае адзеньне, і памаж яго, і асьвяці яго, каб ён быў сьвятаром Мне.

14 І сыноў ягоных прывядзі, і апрані іх у хітоны,

15 і памаж іх, як памазаў ты бацьку іхняга, каб яны былі сьвятарамі Мне, і памазаньне іх прысьвеціць іх у вечнае сьвятарства ў роды іхнія.

16 І зрабіў Майсей усё: як загадаў яму Гасподзь, так і зрабіў.

17 У першы месяц другога года, у першы дзень месяца пастаўлена скінія.

18 І паставіў Майсей скінію, паклаў падножжы яе, паставіў брусы яе, паклаў жэрдкі і паставіў слупы яе,

19 напяў покрыва над скініяю і паклаў века паверсе гэтага покрыва, як загадаў Гасподзь Майсею.

20 І ўзяў і паклаў адкрыцьцё ў каўчэг, і ўклаў жэрдкі ў колцы каўчэга, і паклаў века на каўчэг зьверху;

21 і ўнёс каўчэг у скінію, і павесіў заслону, і засланіў каўчэг адкрыцьця, як загадаў Гасподзь Майсею.

22 І паставіў стол у скініі сходу на паўночным баку скініі, паза заслонаю,

23 і расклаў на ім рад хлябоў перад Госпадам, як загадаў Гасподзь Майсею.

24 І паставіў сьвяцільню ў скініі сходу насупраць стала, на паўднёвым баку скініі,

25 і паставіў лампаду перад Госпадам, як загадаў Гасподзь Майсею.

26 І паставіў залаты ахвярнік у скініі сходу перад заслонаю

27 і задыміў на ім пахучае дымленьне, як загадаў Гасподзь Майсею.

28 І павесіў заслону пры ўваходзе ў скінію;

29 і ахвярнік цэласпаленьня паставіў каля ўваходу ў скінію сходу і прынёс на ім цэласпаленьні і ахвяру хлебную, як загадаў Гасподзь Майсею.

30 І паставіў умывальнік паміж скініяй сходу і ахвярнікам і наліў у яго вады для абмываньня,

31 і абмывалі зь яго Майсей і Аарон і сыны ягоныя рукі свае і ногі свае;

32 калі яны ўваходзілі ў скінію і падыходзілі да ахавярніка, тады і абмывалі, як загадаў Гасподзь Майсею.

33 І паставіў двор вакол скініі і ахвярніка і павесіў заслону ў браме двара. І так закончыў Майсей дзею.

34 І ўкрыла воблака скінію сходу.

35 І ня мог Майсей увайсьці ў скінію, бо засланяла яго воблака, і слава Гасподняя напаўняла скінію.

36 Калі падымалася воблака ад скініі, тады выпраўляліся ў дарогу сыны Ізраілевыя падчас усяго падарожжа свайго;

37 калі ж не падымалася воблака, дык і яны не выпраўляліся ў дарогу, пакуль яно не падымалася;

38 бо воблака Гасподняе стаяла над скініяй удзень, і агонь быў уначы ў ёй перад вачыма ўсяго дома Ізраілевага падчас усяго падарожжа іхняга.

 

Лявіт

 

Разьдзел 1

 

1 І паклікаў Гасподзь Майсея і сказаў яму са скініі сходу, кажучы:

2 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі хто з вас хоча прынесьці ахвяру Госпаду, дык, калі з быдла, прыносьце ахвяру вашую з быдла буйнога і дробнага.

3 Калі ахвяра яго - цэласпаленьне з буйнога быдла, няхай прынясе яе з мужчынскага полу, без пахібы; хай прывядзе яе да дзьвярэй скініі сходу, каб здабыць яму ўпадабаньне прад Госпадам;

4 і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры цэласпаленьня - і набудзе ён упадабаньне, дзеля ачышчэньня грахоў ягоных;

5 і заколе цяля прад Госпадам; а сыны Ааронавыя, сьвятары, прынясуць кроў і пакропяць крывёю з усіх бакоў на ахвярнік, які каля ўваходу ў скінію сходу;

6 і здыме скуру з ахвяры цэласпаленьня і разатне яе на часткі;

7 а сыны Ааронавыя, сьвятары, пакладуць на ахвярнік агонь і на агні раскладудь дровы;

8 і раскладуць сыны Ааронавыя, сьвятары, часткі, галаву і тлушч на дровах, што на агні, на ахвярніку;

9 а вантробы ахвяры і ногі яе вымые ён вадою, і спаліць сьвятар усё на ахвярніку: гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду.

10 Калі ахвяра цэласпаленьня яго з дробнага быдла, з авечак, альбо з коз, няхай прынясе яе з мужчынскага полу, без пахібы,

11 і заколе яе прад Госпадам з паўночнага боку ахвярніка; і сыны Ааронавыя, сьвятары, пакропяць крывёю яе на ахвярнік з усіх бакоў;

12 і разатнуць яе на часткі, аддзеляць галаву яе і тлушч яе; і раскладзе іх сьвятар на дровах, што на агні, на ахвярніку,

13 а вантробы і ногі вымые вадою, і прынясе сьвятар усё і спаліць на ахвярніку; гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду.

14 А калі з птушак прыносіць Госпаду цэласпаленьне, няхай прынясе ахвяру сваю з галубак, альбо з маладых галубоў;

15 сьвятар прынясе яе да ахвярніка, і скруціць ёй галаву, і спаліць на ахвярніку, а кроў сцэдзіць да сьценкі ахвярніка;

16 вальляк яе зь перэем яе адмые і кіне яго каля ахвярніка на ўсходні бок, дзе попел:

17 і надломіць яе ў крылах яе, але не аддзяляючы іх, і спаліць яе сьвятар на ахвярніку, на дровах, што на агні: гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду.

 

Разьдзел 2

 

1 Калі якая-небудзь душа хоча прынесьці Госпаду ахвяру прынашэньня хлебнага, няхай прынясе пшанічнай мукі, і вылье на яе алею, і пакладзе на яе лівану,

2 і прынясе яе да сыноў Ааронавых, сьвятароў, і возьме поўную жменю мукі з алеем і з усім ліванам, і спаліць гэта сьвятар у памяць на ахвярніку; гэта ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду;

3 а рэшту з прынашэньня хлебнага Аарону і сынам ягоным: гэта вялікая сьвятыня з ахвяраў Гасподніх.

4 А калі прыносіш ахвяру прынашэньня хлебнага зь печанага ў печы, дык прынось пшанічныя хлябы прэсныя, зьмяшаныя з алеем, і ляпёшкі прэсныя, памазаныя алеем.

5 Калі ахвяра твая прынашэньне хлебнае з патэльні, дык гэта павінна быць пшанічная мука, зьмяшаная з алеем, прэсная,

6 паламай яе на кавалкі і вылі на яе алею: гэта прынашэньне хлебнае.

7 Калі ахвяра твая прынашэньне хлебнае з горшчыка, дык трэба зрабіць яго з пшанічнай мукі з алеем,

8 і прынясі прынашэньне, якое з гэтага складзена, Госпаду; падай гэта сьвятару, і ён прынясе яго да ахвярніка;

9 і возьме сьвятар з гэтай ахвяры частку ў памяць і спаліць на ахвярніку: гэта ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду;

10 а рэшту прынашэньня хлебнага Аарону і сынам ягоным: гэта вялікая сьвятыня з ахвяраў Гасподніх.

11 Ніякага прынашэньня хлебнага, што прыносіце Госпаду, не рабеце квашанага, бо ні квашанага, ні мёду не павінны вы спальваць у ахвяру Госпаду;

12 як прынашэньне пачаткаў прыносьце іх Госпаду, а на ахвярнік нельга ўзносіць іх як прыемную духмянасьць.

13 Усякае прынашэньне тваё хлебнае салі сольлю і не пакідай ахвяры тваёй бяз солі запавету Бога твайго: пры ўсякім прынашэньні тваім прынось соль.

14 Калі прыносіш Госпаду прынашэньне хлебнае зь першых пладоў, прынось у ахвяру дар ад першых пладоў тваіх з калосься, высушанага на агні, патоўчанае зерне,

15 і вылі на яго алею, і пакладзі на яго лівану: гэта прынашэньне хлебнае;

16 і спаліць сьвятар у памяць частку зерня і алею з усім ліванам: гэта ахвяра Госпаду.

 

Разьдзел 3

 

1 Калі ахвяра яго ахвяра мірная, і калі ён прыносіць з буйнога быдла, самца альбо саміцу, няхай прынясе яе Госпаду, каб была без пахібы,

2 і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры сваёй, і заколе яе каля дзьвярэй скініі сходу; а сыны Ааронавыя, сьвятары, пакропяць крывёю на ахвярнік з усіх бакоў;

3 і прынясе ён зь мірнай ахвяры ў ахвяру Госпаду лой, што на вантробах, і ўвесь здор, які на вантробах,

4 і абедзьве ныркі і здор, які на іх, які на сьцёгнах, і сальнік, які на печані; з ныркамі ён аддзеліць гэта;

5 і сыны Ааронавыя спаляць гэта на ахвярніку разам з цэласпаленьнем, што на дровах, на агні: гэта ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду.

6 А калі з дробнага быдла прыносіць ён ахвяру Госпаду, самца альбо саміцу, няхай прынясе яе, каб была без пахібы.

7 Калі з авечак прыносіць ён ахвяру сваю, няхай паставіць яе перад Госпадам,

8 і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры сваёй, і заколе яе перад скініяй сходу, і сыны Ааронавыя пакропяць крывёю яе на ахвярнік з усіх бакоў;

9 і няхай прынясе зь мірнай ахвяры ў ахвяру Госпаду тлушч яе, увесь курдзюк, адрэзаўшы яго па самую хрыбтовую костку, і лой, што на вантробах, і ўвесь здор, што на вантробах,

10 і абедзьве ныркі і здор, што на іх, які на сьцёгнах, і сальнік, што на печані; з ныркамі ён аддзеліць гэта;

11 сьвятар спаліць гэта на ахвярніку: гэта ежа агню - ахвяра Госпаду.

12 А калі ён прыносіць ахвяру з коз, няхай паставіць яе прад Госпадам,

13 і пакладзе руку сваю на галаву яе, і заколе яе перад скініяй сходу, і пакропяць сыны Ааронавыя крывёю яе на ахвярнік з усіх бакоў;

14 і прынясе зь яе ў прынашэньне, у ахвяру Госпаду лой, што на вантробах, і ўвесь здор, што на вантробах,

15 і абедзьве ныркі і здор, што на іх, які на сьцёгнах, і сальнік, што на печані; з ныркамі ён аддзеліць гэта;

16 і спаліць іх сьвятар на ахвярніку: гэта ежа агню - прыемная духмянасьць; увесь тлушч Госпаду.

17 Гэта пастанова вечная ў роды вашыя, ва ўсіх селішчах вашых: ніякага тлушчу і ніякай крыві ня ежце.

 

Разьдзел 4

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 скажы сынам Ізраілевым: калі якая душа згрэшыць з памылкі супроць якіх-небудзь запаведзяў Гасподніх і зробіць што-небудзь, чаго нельга рабіць:

3 калі сьвятар памазаны згрэшыць і зробіць вінаватым народ, - дык за грэх свой, якім зграшыў, няхай прынясе з буйнога быдла цяля, без пахібы, Госпаду ў ахвяру за грэх,

4 і прывядзе цяля да дзьвярэй скініі сходу да Госпада, і пакладзе рукі свае на галаву цяляці, і заколе цяля прад Госпадам;

5 і возьме сьвятар памазаны крыві цяляці і ўнясе яе ў скінію сходу,

6 і ўмочыць сьвятар палец свой у кроў і пакропіць крывёю сем разоў прад Госпадам перад заслонаю сьвятыні;

7 і пакладзе сьвятар крыві прад Госпадам на рогі ахвярніка пахучых дымленьняў, які ў скініі сходу, а астатнюю кроў цяляці вылье да падножжа ахвярніка цэласпаленьняў, які каля ўваходу ў скінію сходу.

8 і выме зь цяляці за грэх увесь тлушч ягоны, лой, што на вантробах і ўвесь здор, што на вантробах,

9 і абедзьве ныркі і здор, што на іх; які на сьцёгнах, і сальнік на печані: з ныркамі аддзеліць ён гэта,

10 як аддзяляецца зь цяляці ахвяры мірнай: і спаліць іх сьвятар на ахвярніку цэласпаленьня;

11 а скуру цяляці і ўсё мяса яго з галавою і з нагамі ягонымі, і вантробы ягоныя і нячыстасьць ягоную,

12 з усяго цяляці няхай вынесе па-за табар на чыстае месца, дзе высыпаецца попел, і спаліць яго агнём на дровах: дзе высыпаецца попел, там няхай спалены будзе.

13 Калі ж усё супольства Ізраілевае згрэшыць з памылкі, і ўтоена будзе дзея ад вачэй сходу, і зробіць хто-небудзь супроць запаведзяў Гасподніх, чаго нельга было рабіць, і будзе вінаватае,

14 дык, калі пазнаны будзе грэх, якім яны зграшылі, няхай ад усяго супольства прынясуць яны з буйнога быдла цяля ў ахвяру за грэх і прывядуць яго да скініі сходу;

15 і пакладуць старэйшыны супольства рукі свае на галаву цяляці перад Госпадам і заколюць цяля перад Госпадам.

16 І ўнясе сьвятар памазаны крыві цяляці ў скінію сходу,

17 і ўмочыць сьвятар палец свой у кроў і пакропіць сем разоў прад Госпадам перад заслонаю,

18 пакладзе крыві на рогі ахвярніка, які прад абліччам Гасподнім у скініі сходу, а астатнюю кроў вылье да падножжа ахвярніка цэласпаленьняў, які каля ўваходу ў скінію сходу;

19 і ўвесь тлушч ягоны выме зь яго і спаліць на ахвярніку;

20 і зробіць зь цялём тое, што робяць зь цялём за грэх: так павінен зрабіць зь ім, і так ачысьціць іх сьвятар, і даравана ім будзе;

21 і вынесе цяля за табар і спаліць яго так, як спаліў першае цяля. Гэта ахвяра за грэх супольства.

22 А калі згрэшыць правадыр і зробіць з памылкі што-колечы супроць запаведзяў Госпада, Бога свайго, чаго не належала рабіць, і будзе вінаваты,

23 дык, калі пазнаны ім будзе грэх, якім ён зграшыў, няхай прывядзе ён у ахвяру казла без пахібы,

24 і пакладзе руку сваю на галаву казла, і заколе яго на месцы, дзе колюць цэласпаленьні прад Госпадам: гэта ахвяра за грэх;

25 і возьме сьвятар пальцам сваім крыві ад ахвяры за грэх і пакладзе на рогі ахвярніка цэласпаленьня, а астатнюю кроў яго вылье да падножжа ахвярніка цэласпаленьня;

26 і ўвесь тлушч ягоны спаліць на ахвярніку, так як і тлушч ахвяры мірнай, і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, і даравана будзе яму.

27 Калі ж хто зь людзей зямлі згрэшыць з памылкі і зробіць што-колечы супроць запаведзяў Гасподніх, чаго не належала рабіць, і вінаваты будзе,

28 дык, калі пазнаны будзе ім грэх, якім ён зграшыў, няхай прывядзе ён у ахвяру казу без пахібы за грэх свой, якім ён зграшыў,

29 і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры за грэх, і заколюць у ахвяру за грэх на месцы, дзе колюць ахвяру цэласпаленьня,

30 і возьме сьвятар крыві яе пальцам сваім і пакладзе на рогі ахвярніка цэласпаленьня, а астатнюю кроў яе вылье да падножжа ахвярніка;

31 і ўвесь тлушч яе аддзеліць, так як аддзяляюць тлушч з ахвяры мірнай, і спаліць яго сьвятар на ахвярніку як прыемную духмянасьць Госпаду; і так ачысьціць яго сьвятар, і даравана будзе яму.

32 А калі са статку авечак захоча ён прынесьці ахвяру за грэх, няхай прынясе саміцу, без пахібы,

33 і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры за грэх, і заколе яе ў ахвяру за грэх на тым месцы, дзе колюць ахвяру цэласпаленьня;

34 і возьме сьвятар пальцам сваім крыві ад гэтай ахвяры за грэх і пакладзе на рогі ахвярніка цэласпаленьня, а астатнюю кроў яе вылье да падножжа ахвярніка;

35 і ўвесь тлушч яе аддзеліць, як аддзяляюць тлушч авечкі з ахвяры мірнай, і спаліць гэта сьвятар на ахвярніку ў ахвяру Госпаду; і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху, якім ён зграшыў, і даравана будзе яму.

 

Разьдзел 5

 

1 Калі хто згрэшыць тым, што чуў голас праклёну і быў сьведкам, альбо бачыў, альбо ведаў, але не абвясьціў, дык ён панясе на сабе грэх.

2 Альбо калі дакранецца да чагосьці нячыстага, альбо да трупа зьвера нячыстага, альбо да трупа жывёлы нячыстае, альбо да трупа гада нячыстага, але ня ведаў таго, дык ён нячысты і вінаваты.

3 Альбо калі дакранецца да нечысьці чалавечай, якая б то ні была нечысьць, ад якой апаганьваюцца, і ён ня ведаў таго, але пасьля даведаецца, дык ён вінаваты.

4 Альбо калі хто неразумна вуснамі сваімі запрысягнецца зрабіць нешта благое, альбо добрае, якая б ні была дзея, у якой людзі неразумна прысягаюць, і ён ня ведаў таго, але пасьля даведаецца, дык ён вінаваты ў тым.

5 Калі ён вінаваты ў нечым з гэтых, і паспавядаецца, у чым ён зграшыў,

6 дык няхай прынясе Госпаду за грэх свой, якім ён зграшыў, ахвяру павіннасьці з дробнага быдла, авечку альбо казу, за грэх, і ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага.

7 А калі ён ня можа прынесьці авечкі, дык у павіннасьць за грэх свой няхай прынясе Госпаду дзьве галубкі альбо двух маладых галубоў, аднаго ў ахвяру за грэх, а другога дзеля цэласпаленьня;

8 няхай прынясе іх да сьвятара, і сьвятар возьме раней тую, якая за грэх, і надломіць галаву яе ад шыі яе, але не аддзеліць;

9 і пакропіць крывёю гэтай ахвяры за грэх на сьцяну ахвярніка, а астатнюю кроў выцадзіць да падножжа ахвярніка; гэта ахвяра за грэх;

10 а другую ўжыве на цэласпаленьне паводле ўстанаўленьня; і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, якім ён зграшыў, і даравана будзе яму.

11 Калі ж ён ня здолее прынесьці дзьвюх галубак альбо двух маладых галубоў, няхай прынясе за тое, што зграшыў, дзясятую частку эфы пшанічнай мукі ў ахвяру за грэх; няхай ня лье на яе алею і лівану няхай не кладзе на яе, бо гэта ахвяра за грэх;

12 і прынясе яе сьвятару, а сьвятар возьме зь яе поўную жменю на памяць і спаліць на ахвярніку ў ахвяру Госпаду: гэта ахвяра за грэх;

13 і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, якім ён зграшыў у якім-небудзь з гэтых выпадкаў, і даравана будзе яму; а рэшта належыць сьвятару, як прынашэньне хлебнае.

14 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

15 калі хто ўчыніць злачынства і з памылкі згрэшыць супроць прысьвечанага Госпаду, няхай за віну сваю прынясе Госпаду са статку авечак барана без пахібы, паводле тваёй ацэны, срэбранымі сіклямі па сіклі сьвяшчэнным, у ахвяру павіннасьці;

16 за тую сьвятыню, супроць якое ён зграшыў, няхай аддасьць і дадасьць да таго пятую долю, і аддасьць гэта сьвятару, і сьвятар ачысьціць яго бараном ахвяры павіннасьці, і даравана будзе яму.

17 Калі хто згрэшыць і зробіць што-небудзь супроць запаведзяў Гасподніх, чаго не належала рабіць, і зь няведаньня зробіцца вінаватым і панясе на сабе грэх,

18 няхай прынясе сьвятару ў ахвяру павіннасьці барана без пахібы, паводле ацэны тваёй, і загладзіць сьвятар злачынства ягонае, у чым ён пераступіў зь няведаньня, і даравана будзе яму.

19 Гэта ахаяра павіннасьці, якою, ён правінаваціўся перад Госпадам.

 

Разьдзел 6

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 калі хто згрэшыць і ўчыніць злачынства перад Госпадам, і затнецца прад блізкім сваім у тым, што яму даручана, альбо ў яго пакладзена, альбо ім украдзена, альбо ашукае блізкага свайго,

3 альбо знойдзе згубленае і затнецца ў тым, і запрысягнецца ілжыва ў чым-небудзь, што людзі робяць і тым грэшаць, -

4 дык, зграшыўшы і зрабіўшыся вінаватым, ён павінен аддаць узятае, што ўкраў, альбо адабранае, што адабраў, альбо даручанае, што яму даручана, альбо згубленае, што ён знайшоў;

5 альбо, калі ён у нечым прысягнуўся ілжыва, дык павінен аддаць цалкам і дадаць да таго пятую долю і аддаць таму, каму належыць, у дзень прынашэньня ахвяры павіннасьці;

6 і за віну сваю няхай прынясе Госпаду да сьвятара ў ахвяру павіннасьці са статку авечак барана без пахібы, паводле ацэны тваёй:

7 і ачысьціць яго сьвятар прад Госпадам, і даравана будзе яму, што б ён ні зрабіў, усё, у чым ён зрабіўся вінаваты.

8 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

9 накажы Аарону і сынам ягоным: вось закон цэласпаленьня: цэласпаленьне няхай застаецца на месцы спальваньня на ахвярніку ўсю ноч да раніцы, і агонь ахвярніка няхай гарыць на ім;

10 і няхай сьвятар апранецца ў ільняное адзеньне і надзене на цела сваё ільняное сподняе, і здыме попел ад цэласпаленьня, якое спаліў агонь на ахвярніку, і пакладзе яго каля ахвярніка;

11 і няхай здыме зь сябе адзеньне сваё, і надзене іншую вопратку, і вынесе попел за табар на чыстае месца;

12 а агонь на ахвярніку няхай гарыць і ня тухне; і няхай сьвятар запальвае на ім дровы кожнае раніцы, і раскладвае на ім цэласпаленьне, і паліць на ім тлушч мірнай ахвяры;

13 агонь няспынна няхай гарыць на ахвярніку і ня тухне.

14 Вось закон пра прынашэньне хлебнае: сыны Ааронавыя павінны прыносіць яго Госпаду на ахвярнік;

15 і няхай возьме жменяй сваёю з прынашэньня хлебнага і пшанічнай мукі і алею і ўвесь ліван, які на ахвяры, і спаліць на ахвярніку: гэта прыемная духмянасьць, у памяць перад Госпадам;

16 а астатняе зь яго няхай ядуць Аарон і сыны ягоныя; прэсным трэба есьці яго на сьвятым месцы, на двары скініі сходу няхай ядуць яго:

17 нельга пячы яго квашаным. Гэта даю Я ім у долю з ахвяраў Маіх. Гэта вялікая сьвятыня, як ахвяра за грэх і ахвяра павіннасьці.

18 Усе нашчадкі Ааронавыя мужчынскага полу могуць есьці яе. Гэта вечная дзялянка ў роды вашыя з ахвяраў Гасподніх. Усё, што дакранаецца да іх, асьвеціцца.

19 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

20 вось прынашэньне ад Аарона і сыноў ягоных, якое прынясуць яны Госпаду ў дзень памазаньня ягонага: дзясятая частка эфы пшанічнай мукі ў ахвяру заўсёдную, палавіна гэтага на раніцу і палавіна на вечар;

21 на патэльні ў алеі павінна быць яна прыгатавана; насычаную алеем прынось яе ў кавалках, як ламаецца на кавалкі прынашэньне хлебнае: прынось яе як прыемную духмянасьць Госпаду:

22 і сьвятар, памазаны на месца ягонае з сыноў ягоных, павінен рабіць гэта: гэта вечны статут Госпада; уся яна павінна быць спалена;

23 і ўсякае хлебнае прынашэньне ад сьвятара ўсё хай спальваецца, а не зьядаецца.

24 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

25 скажы Аарону і сынам ягоным: вось закон пра ахвяру за грэх: ахвяра за грэх павінна быць заколата перад Госпадам на тым месцы, дзе колецца цэласпаленьне; гэта вялікая сьвятыня;

26 сьвятар, які ўчыняе ахвяру за грэх, павінен есьці яе; яна павінна быць зьедзена на сьвятым месцы, на двары скініі сходу;

27 усё, што дакранаецца да мяса яе, асьвеціцца, і калі крывёю яе абпырскана будзе вопратка, дык абпырсканае абмый на сьвятым месцы;

28 гліняны посуд, у якім яна гатавалася, трэба разьбіць; калі ж яна гатавалася ў медным посудзе, дык трэба яго вычысьціць і вымыць вадою;

29 увесь мужчынскі пол сьвятарскага роду можа есьці яе: гэта вялікая сьвятыня;

30 а ўсякая ахвяра за грэх, ад якое кроў уносіцца ў скінію сходу дзеля ачышчэньня ў сьвяцілішчы, не павінна зьядацца: яе належыць спальваць на агні.

 

Разьдзел 7

 

1 І вось закон пра ахвяру павіннасьці: гэта вялікая сьвятыня;

2 ахвяру павіннасьці трэба калоць на тым месцы, дзе заколваецца цэласпаленьне, і крывёю яе крапіць на ахвярнік з усіх бакоў:

3 ахвяравальнік павінен прынесьці зь яе ўвесь тлушч, курдзюк і лой які пакрывае вантробы,

4 і абедзьве ныркі і лой, што на іх, які на сьцёгнах, і сальнік, што на печані; з ныркамі хай ён аддзеліць гэта:

5 і спаліць гэта сьвятар на ахвярніку ў ахвяру Госпаду; гэта ахвяра за віну.

6 Увесь мужчынскі пол сьвятарскага роду можа есьці яе; на сьвятым месцы павінен есьці яе: гэта вялікая сьвятыня.

7 Як пра ахвяру за грэх, так і пра ахвяру за віну закон адзін: яна належыць сьвятару, які ачышчае ёю.

8 І калі сьвятар прыносіць чыю-небудзь ахвяру цэласпаленьня, скура ад ахвяры цэласпаленьня, якую ён прыносіць, належыць сьвятару;

9 і любое прынашэньне хлебнае, якое печанае ў печы, і любое гатаванае ў печы, і любое гатаванае ў горшчыку альбо на патэльні, належыць сьвятару, які прыносіць яго;

10 і ўсякае прынашэньне хлебнае, зьмяшанае з алеем і сухое, належыць усім сынам Ааронавым, як аднаму, так і другому.

11 Вось закон пра ахвяру мірную, якую прыносяць Госпаду:

12 калі хто ў падзяку прыносіць яе, дык пры ахвяры падзякі ён павінен прынесьці прэсныя хлябы, зьмяшаныя з алеем, і прэсныя ляпёшкі, памазаныя алеем, і пшанічную муку, насычаную алеем, хлябы, зьмяшаныя з алеем;

13 акрамя ляпёшак няхай ён прыносіць у прынашэньне сваё квашаны хлеб, пры мірнай ахвяры падзякі;

14 адно што-небудзь з усяго прынашэньня свайго няхай прынясе ён у парынашэньне Госпаду: гэта належыць сьвятару, які кропіць крывёю мірнай ахвяры;

15 мяса мірнай ахвяры падзякі трэба зьесьці ў дзень прынашэньня яе, нельга пакідаць зь яе да раніцы.

16 А калі хто прыносіць ахвяру па абяцаньні альбо ад руплівасьці, дык ахвяру яго трэба есьці ў дзень прынашэньня, і на другі дзень рэшту яе есьці можна,

17 а рэшту ахвярнага мяса да трэцяга дня трэба спаліць на агні;

18 а калі будуць есьці мяса мірнай ахвяры на трэці дзень, дык яна ня будзе спрыяльная: хто яе прынясе, таму не залічыцца: гэта апаганьваньне, і хто будзе есьці яе, той прыме на сябе грэх;

19 мяса ад гэтага, калі яно дакранецца да чаго-небудзь нячыстага, нельга есьці, а трэба спаліць яго на агні, а мяса чыстае можа есьці кожны чысты:

20 а калі якая душа, маючы на сабе нячыстасьць, будзе есьці мяса мірнай ахвяры Гасподняй, дык зьнішчыцца душа тая з народу свайго;

21 а калі якая душа, дакрануўшыся да чаго-небудзь нячыстага, да нячыстасьці чалавечай, альбо да нячыстага быдла, альбо да якога-небудзь нячыстага гада, будзе есьці мяса мірнай ахвяры Гасподняй, дык зьнішчыцца душа тая з народу свайго.

22 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

23 скажы сынам Ізраілевым, ніякага тлушчу ні з вала, ні з авечкі, ні з казла ня ежце;

24 тлушч зь мёртвага і тлушч з разадранага зьверам можна ўжываць на ўсякую справу; а есьці, ня ежце яго:

25 бо хто будзе есьці тлушч з быдла, якое прыносіцца ў ахвяру Госпаду, зьнішчыцца душа тая з народу свайго;

26 і ніякай крыві ня ежце ва ўсіх селішчах вашых ні з птушак, ні з быдла;

27 а хто будзе есьці якую-небудзь кроў, зьнішчыцца душа тая з народу свайго.

28 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

29 скажы сынам Ізраілевым: хто прыносіць мірную ахвяру сваю Госпаду, той зь мірнай ахвяры частку павінен прынесьці ў прынашэньне Госпаду;

30 сваімі рукамі павінен ён прынесьці ў ахвяру Госпаду: тлушч з грудзінай павінен ён прынесьці ў ахвяру Госпаду: тлушч з грудзінай павінен ён прынесьці, патрасаючы грудзінай перад абліччам Гасподнім;

31 тлушч спаліць сьвятар на ахвярніку, а грудзіна належыць Аарону і сынам ягоным;

32 і правы плячук, як паднашэньне, зь мірных ахвяраў вашых аддавайце сьвятару:

33 хто з сыноў Ааронавых прыносіць кроў зь мірнай ахвяры і тлушч, таму і правая лапатка на долю;

34 бо Я бяру ад сыноў Ізраілевых зь мірных ахвяраў іхніх грудзіну патрасаньня і плячук паднашэньня, і аддаю іх Аарону сьвятару і сынам ягоным як вечную дзялянку ад сыноў Ізраілевых.

35 Вось дзялянка Аарону і дзялянка сынам ягоным з ахвяраў Гасподніх з дня, калі яны стануць прад Госпадам дзеля сьвяшчэнадзеяньня,

36 якое загадаў Гасподзь даваць ім з дня памазаньня іх ад сыноў Ізраілевых. Гэта вечная пастанова ў роды іхнія.

37 Вось закон пра цэласпаленьне, пра прынашэньне хлебнае, пра ахвяру за грэх, пра ахвяру за віну, пра ахвяру прысьвячэньня і пра ахвяру мірную,

38 які даў Гасподзь Майсею на гары Сінай, калі загадаў сынам Ізраілевым, у пустыні Сінайскай, прыносіць Госпаду прынашэньні іхнія.

 

Разьдзел 8

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 вазьмі сыноў Аарона і сыноў ягоных зь ім, і вопратку і алей памазаньня, і цяля на ахвяру за грэх і двух бараноў, і кош праснакоў,

3 і зьбяры ўсё супольства каля ўваходу ў скінію сходу.

4 Майсей зрабіў так, як загадаў яму Гасподзь, і сабралася супольства каля ўваходу ў скінію сходу.

5 І сказаў Майсей супольству: вось што загадаў Гасподзь зрабіць.

6 І прывёў Майсей Аарона і сыноў ягоных і абмыў іх вадою;

7 І ўсклаў на яго хітон, і аперазаў яго поясам, і апрануў на яго верхнюю шату, і ўсклаў на яго эфод, і аперазаў яго поясам эфода і змацаваў ім эфод на ім,

8 і ўсклаў на яго нагруднік, і на нагруднік паклаў урым і тумім,

9 і ўсклаў на галаву яму кідар, а на кідар зь відавога боку яго паклаў паліраваную дошчачку, дыядэму сьвятыні, як загадаў Гасподзь Майсею.

10 І ўзяў Майсей алей памазаньня, і памазаў скінію і ўсё, што ў ёй, і асьвяціў гэта;

11 і пакрапіў ім на ахвярнік сем разоў, і памазаў ахвярнік і ўсе прылады яго, і ўмывальнік і падножжа яго, каб асьвяціць іх;

12 і выліў алей памазаньня на галаву Аарону і памазаў яго, каб асьвяціць яго.

13 І прывёў Майсей сыноў Ааронавых, і апрануў іх у хітоны, і аперазаў іх поясам, і ўсклаў на іх кідары, як загадаў Гасподзь Майсею.

14 І прывёў цяля дзеля ахвяры за грэх, і Аарон і сыны ягоныя паклалі рукі свае на галаву цяляці за грэх;

15 і закалоў яго і ўзяў крыві, і пальцам сваім паклаў на рогі ахвярніка з усіх бакоў, і ачысьціў ахвярнік, а рэшту крыві выліў да падножжа ахвярніка, і асьвяціў яго, каб зрабіць яго чыстым.

16 І ўзяў увесь тлушч, што на вантробах, і сальнік на печані, і абедзьве ныркі і здор зь іх, і спаліў Майсей на ахвярніку;

17 а цяля і скуру зь яго, і мяса яго, і нячыстасьць яго спаліў на агні па-за табарам, як загадаў Гасподзь Майсею.

18 І прывёў барана на цэласпаленьне, і ўсклаў Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана;

19 і закалоў яго Майсей і пакрапіў крывёю на ахавярнік з усіх бакоў;

20 і расьцяў барана на кавалкі, і спаліў Майсей галаву і кавалкі і тлушч,

21 а вантробы і ногі вымыў вадою, і спаліў Майсей усяго барана на ахвярніку: гэта ўсё спаленьне дзеля прыемнай духмянасьці, гэта ахвяра Госпаду, як загадаў Гасподзь Майсею.

22 І прывёў другога барана, барана прысьвячэньня, і паклалі Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана;

23 і закалоў яго Майсей, і ўзяў крыві зь яго, і паклаў на край правага вуха Ааронавага і на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай.

24 І прывёў Майсей сыноў Ааронавых, і паклаў крыві на край правага вуха іхняга і на вялікі палец правай рукі іхняй і на вялікі палец правай нагі іхняй, і пакрапіў Майсей крывёю на ахвярнік з усіх бакоў.

25 І ўзяў тлушч і курдзюк і ўвесь здор, што на вантробах, і сальнік на печані, і абедзьве ныркі і здор зь іх і правую лапатку;

26 і з каша з праснакамі, які перад Госпадам, узяў адзін праснак і адзін хлеб з алеем і адну ляпёшку, і паклаў на тлушч і на правую лапатку;

27 і паклаў усё гэта на рукі Аарону і на рукі сынам ягоным, і прынёс гэта, трасучы перад абліччам Гасподнім;

28 і ўзяў гэта Майсей з рук іхніх і спаліў на ахвярніку з цэласпаленьнем: гэта ахвяра прысьвячэньня ў прыемную духмянасьць, гэта ахвяра Госпаду.

29 І ўзяў Майсей грудзіну і прынёс яе, трасучы прад абліччам Гасподнім: гэта была доля Майсеевая ад барана прысьвячэньня, як загадаў Гасподзь Майсею.

30 І ўзяў Майсей алею памазаньня і крыві, якая на ахвярніку, і пакрапіў Аарона і вопратку ягоную, і сыноў ягоных і вопратку сыноў ягоных зь ім; і так асьвяціў Аарона і вопратку ягоную, і сыноў ягоных і вопратку сыноў ягоных зь ім.

31 І сказаў Майсей Аарону і сынам ягоным: згатуйце мяса каля ўваходу ў скінію сходу і там ежце яго з хлебам, які ў кашы прысьвячэньня, як мне загадана і сказана: Аарон і сыны ягоныя павінны есьці яго;

32 а рэшту мяса і хлеба спалеце на агні;

33 сем дзён не адыходзьце ад дзьвярэй скініі сходу, пакуль ня мінуцца дні прысьвячэньня вашага, бо сем дзён павінна доўжыцца прысьвячэньне ваша;

34 як сёньня было зроблена, так загадаў Гасподзь рабіць дзеля ачышчэньня вас:

35 каля ўваходу ў скінію сходу будзьце дзень і ноч на працягу сямі дзён і будзьце на варце ў Госпада, каб не памерці, бо так мне загадана.

36 І выканаў Аарон і сыны ягоныя ўсё, што загадаў Гасподзь праз Майсея.

 

Разьдзел 9

 

1 На восьмы дзень паклікаў Майсей Аарона і сыноў ягоных і старэйшынаў Ізраілевых

2 і сказаў Аарону: вазьмі сабе з валоў цяля ў ахвяру за грэх і барана на цэласпаленьне, абодвух без пахібы, і пастаў прад аблічча Гасподняе;

3 і сынам Ізраілевым скажы: вазьмеце казла ў ахвяру за грэх, і цяля, і ягня, адналетак, без пахібы, на цэласпаленьне,

4 і вала і барана ў ахвяру мірную, каб учыніць ахвяраваньне перад абліччам Гасподнім, і прынашэньне хлебнае, зьмяшанае з алеем, бо сёньня Гасподзь явіцца вам.

5 І прынесьлі тое, што загадаў Майсей, да скініі сходу, і прыйшло ўсё супольства і стала перад абліччам Гасподнім.

6 І сказаў Майсей: вось, што загадаў Гасподзь зрабіць, і зьявіцца вам слава Гасподняя.

7 І сказаў Майсей Аарону: падыдзі да ахвярніка і ўчыні ахвяру тваю за грэх і цэласпаленьне тваё, і ачысьці сябе і народ, і зрабі прынашэньне ад народу, і ачысьці ім, як загадаў Гасподзь.

8 І падышоў Аарон да ахвярніка і закалоў цяля, якое за яго, у ахвяру за грэх:

9 сыны Аарона паднесьлі яму кроў, і ён памачыў палец свой у крыві і паклаў на рогі ахвярніка, а рэшту крыві выліў да падножжа ахвярніка;

10 а здор і ныркі і сальнік на печані ад ахвяры за грэх спаліў на ахвярніку, як загадаў Гасподзь Майсею;

11 а мяса і скуру спаліў на агні па-за табарам.

12 І закалоў цэласпаленьне, і сыны Аарона паднесьлі яму кроў; ён пакрапіў ёю на ахвярнік з усіх бакоў;

13 і прынесьлі яму цэласпаленьне ў кавалках і галаву, і ён спаліў на ахвярніку,

14 а вантробы і ногі абмыў і спаліў з цэласпаленьнем на ахвярніку.

15 І прынёс прынашэньне ад народу: і ўзяў ад народу казла за грэх, і закалоў яго, і прынёс яго ў ахвяру за грэх, як і першага.

16 і прынёс цэласпаленьне і ўчыніў яго паводле статуту.

17 І прынёс прынашэньне хлебнае і напоўніў ім рукі свае, і спаліў на ахвярніку звыш ранішняга цэласпаленьня.

18 І закалоў вала і барана, якія ад народу, у ахвяру мірную; і сыны Аарона паднесьлі яму кроў, і ён пакрапіў ёю на ахвярнік з усіх бакоў;

19 паднесьлі і тлушч з вала, і з барана курдзюк, і здор, што на вантробах, і ныркі і сальнік на печані,

20 і паклалі: тлушч на грудзіну, і ён спаліў тлушч на ахвярніку;

21 а грудзіну і правы плячук прынёс Аарон, трасучы перад абліччам Гасподнім, як загадаў Майсей.

22 І падняў Аарон рукі свае, павярнуўшыся да людзей, і дабраславіў іх, і сышоў, учыніўшы ахвяру за грэх, цэласпаленьне і ахвяру мірную.

23 І ўвайшлі Майсей і Аарон у скінію сходу, і выйшлі, і дабраславілі народ. І зьявілася слава Гасподняя ўсяму народу:

24 і выйшаў агонь ад Госпада і спаліў на ахвярніку цэласпаленьня і тлушч; і бачыў увесь народ і ўсклікнуў з радасьці, і ўпаў на аблічча сваё.

 

Разьдзел 10

 

1 Надаў і Авіуд, сыны Ааронавыя, узялі кожны сваю кадзільніцу і паклалі ў іх агню, і паклалі ў яго дымленьняў, і прынесьлі прад Госпада агонь чужы, якога Ён не загадваў ім;

2 і выйшаў агонь ад Госпада і спаліў іх, і памерлі яны перад абліччам Гасподнім.

3 І сказаў Гасподзь Аарону: вось, пра што казаў Гасподзь, калі сказаў: у тых, што набліжаюцца да Мяне, асьвячуся і перад усім народам праслаўлюся. Аарон маўчаў.

4 І паклікаў Майсей Місаіла і Элцафана, сыноў Ізііла, дзядзькі Ааронавага, і сказаў ім: ідзеце, вынесьце братоў вашых са сьвяцілішча за табар.

5 І пайшлі і вынесьлі іх у хітонах іхніх за табар, як сказаў Майсей.

6 А Аарону і Элеазару і Ітамару, сынам ягоным, Майсей сказаў: галоваў вашых не агаляйце і вопраткі вашай не разьдзірайце, каб вам не памерці і не навесьці гневу на ўсё супольства; але браты вашыя, увесь дом Ізраілеў, могуць плакаць па спаленых, якіх спаліў Гасподзь,

7 і зь дзьвярэй скініі сходу ня выходзьце, каб не памерці вам, бо на вас алей памазаньня Гасподняга. І зрабілі паводле слова Майсея.

8 І сказаў Гасподзь Аарону, кажучы:

9 віна і моцных напояў ня пі і сыны твае з табою, калі ўваходзіце ў скінію сходу, каб не памерці; гэта вечная пастанова ў роды вашыя,

10 каб вы маглі адрозьніваць сьвяшчэннае ад несьвяшчэннага і нячыстае ад чыстага,

11 і вучыць сыноў Ізраілевых усім статутам, якія выказаў ім Гасподзь праз Майсея.

12 І сказаў Гасподзь Аарону і Элеазару і Ітамару, астатнім сынам ягоным: вазьмеце прынашэньне хлебнае, якое засталося ад ахвяраў Гасподніх, і ежце яго прэснае каля ахвярніка, бо гэта вялікая сьвятыня:

13 і ежце яго на сьвятым месцы, бо гэта дзялянка твая і дзялянка сыноў тваіх з ахвяраў Гасподніх: так мне загадана;

14 і грудзіну трасеньня і лапатку паднашэньня ежце на чыстым месцы, дзе і сыны твае і дочкі твае з табою, бо гэта дадзена ў дзялянку табе і ў дзялянку сынам тваім зь мірных ахвяраў сыноў Ізраілевых;

15 лапатку паднашэньня і грудзіну трасеньня павінны яны прыносіць з ахвярамі тлушчу, трасучы перад абліччам Гасподнім, і хай будзе гэта вечнай дзялянкай табе і сынам тваім з табою, як загадаў Гасподзь.

16 І казла ахвяры за грэх шукаў Майсей, і вось, ён спалены. І ўгневаўся на Элеазара і Ітамара, астатніх сыноў Ааронавых, і сказаў:

17 чаму вы ня елі ахвяры за грэх на сьвятым месцы? бо яна сьвятыня вялікая, і яна дадзена вам, каб здымаць грахі з супольства, і ачышчаць іх перад Госпадам:

18 вось, кроў яе ня ўнесена ў сьвяцілішча, і вы павінны былі есьці яе на сьвятым месцы, як загадана мне.

19 Аарон сказаў Майсею: вось, сёньня прынесьлі яны ахвяру сваю за грэх і цэласпаленьне сваё перад Госпадам, і гэта сталася са мною; калі я сёньня зьем ахвяру за грэх, ці будзе гэта заўгодна Госпаду?

20 І пачуў Майсей і ўхваліў.

 

Разьдзел 11

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы ім:

2 скажэце сынам Ізраілевым: вось жывёлы, якіх можна вам есьці з усяго быдла на зямлі:

3 усякае быдла, у якога расшчэпленыя капыты і на капытах глыбокі разрэз, і якое жуе жуйку, ежце;

4 толькі гэтых ня ежце з тых, што жуюць жуйку і маюць расшчэпленыя капыты: вярблюда, бо ён жуе жуйку, але капыты ў яго не расшчэпленыя, нячысты ён вам;

5 і тушканчыка, бо ён жуе жуйку, але капыты ў яго не расшчэпленыя, нячысты ён вам;

6 і зайца, бо ён жуе жуйку, але капыты ў яго не расшчэпленыя, нячысты ён вам;

7 і сьвіньні, бо капыты ў яе расшчэпленыя і на капытах разрэз глыбокі, але яна ня жуе жуйкі, нячыстая яна вам;

8 мяса іх ня ежце і да трупаў іх не дакранайцеся, нячыстыя яны вам.

9 З усіх жывёлаў, якія ў вадзе, ежце гэтых: у якіх ёсьць перэе і луска ў вадзе, ці ў морах, ці ў рэках, тых ежце;

10 а ўсе тыя, у якіх няма перэя і лускі, ці ў морах, ці ў рэках, з усіх, што плаваюць у водах і з усяго, што жыве ў водах, паганыя вам;

11 яны павінны быць паганыя вам: мяса іх ня ежце і трупамі іх грэбуйце;

12 усе жывёлы, у якіх няма перэя і лускі ў вадзе, паганыя вам.

13 А з птушак грэбуйце гэтымі: арлом, грыфам і марскім арлом,

14 шуляком і сокалам з пародаю ягонай,

15 любым груганом з пародай ягонай,

16 страўсам, савою, чайкай і каршуном з пародаю ягонай,

17 пугачом, рыбаловам і ібісам,

18 лебедзем, пеліканам і сычом,

19 чапляй, сойкай зь яе пародаю, удодам і кажаном;

20 усе жывёлы паўзуны, крылатыя, якія ходзяць на чатырох нагах, паганыя вам;

21 з усіх паўзуноў, крылатых, якія ходзяць на чатырох нагах, тых толькі ежце, у якіх ёсьць галені вышэй ног, каб скакаць імі па зямлі:

22 гэтых ежце зь іх: шаранчу зь яе пародаю, казельчыкаў зь іх пародаю, скакуноў зь іх пародаю, хрушчоў з пародаю іхняю;

23 любыя іншыя паўзуны, крылатае, у якога чатыры нагі, паганае вам;

24 ад іх вы будзеце нячыстыя: кожны, хто дакранецца да трупа іхняга, нячысты будзе да вечара;

25 і кожны, хто возьме труп іхні, павінен абмыць вопратку сваю і нячысты будзе да вечара.

26 Усякае быдла, у якога капыты расшчэпленыя, але няма глыбокага разрэзу, і якое ня жуе жуйкі, нячыстае вам: кожны, хто дакранаецца да яго, будзе нячысты:

27 з усіх зьвяроў чатырногаў тыя, якія ходзяць на лапах, нячыстыя вам: кожны, хто дакранецца да трупа іхняга, нячысты будзе да вечара;

28 хто возьме труп іх, той павінен абмыць вопратку сваю і нячысты будзе да вечара: нячыстыя яны вам.

29 Вось, што нячыстае вам з жывёлаў, што поўзаюць па зямлі: крот, мыш, яшчарка зь яе пародаю,

30 тхор, хамелеон, ласка, сьлімак і жаба, -

31 гэтыя нячыстыя вам з усіх паўзуноў: кожны, хто дакранецца да іх мёртвых, нячысты будзе да вечара.

32 І ўсё, на што ўпадзе што-небудзь зь іх мёртвае, любы драўняны посуд, альбо вопратка, альбо скура, альбо мяшок, і любая рэч, якая ўжываецца ў карыстаньне, будуць нячыстыя: у ваду трэба пакласьці іх, і нячыстыя будуць да вечара, потым будуць чыстыя;

33 калі ж якое-небудзь зь іх упадзе ў які-небудзь гліняны посуд, дык тое, што ў ім, будзе нячыстае, і сам посуд разьбеце.

34 Усякая ежа, якую ядуць і на якой была вада з такога посуду, нячыстая будзе, і ўсякае пітво, якое пэюць, у любым такім посудзе нячыстае будзе.

35 Усё, на што ўпадзе што-небудзь ад трупа іхняга, нячыстае будзе: печ і агмень трэба паламаць, яны нячыстыя; і яны павінны быць нячыстыя вам;

36 толькі крыніца і калодзеж з вадою застаюцца чыстыя; а хто дакранецца да трупа іхняга, той нячысты.

37 І калі што-небудзь ад трупа іхняга ўпадзе на якое-небудзь насеньне, якое сеюць, дык яно чыстае;

38 а калі тады, калі вада налітая на насеньне, упадзе на яго што-небудзь ад трупа іхняга, дык яно нячыстае вам.

39 І калі памрэ якое-небудзь быдла, якое ўжываецца вамі ў ежу, дык той, хто дакрануўся да трупа яго, нячысты будзе да вечара:

40 і той, хто будзе есьці падла яго, павінен абмыць вопратку сваю і нячысты будзе да вечара; і той, хто панясе труп ягоны, павінен абмыць вопратку сваю і нячысты будзе да вечара.

41 Усякая жывёла, якая поўзае па зямлі, паганая вам, ня трэба есьці яе;

42 усяго, што поўзае на чэраве, і ўсяго, што ходзіць на чатырох нагах, і мнаганожак з жывёлаў, што поўзаюць па зямлі, ня ежце, бо яны паганыя;

43 не апаганьвайце душаў вашых якім-небудзь жывёльным паўзуном і не рабеце сябе празь іх нячыстымі, каб быць празь іх нячыстымі,

44 бо Я - Гасподзь, Бог ваш; асьвячайцеся і будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты; і не апаганьвайце душаў вашых якой-небудзь жывёлай, што поўзае па зямлі,

45 бо Я - Гасподзь, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам; дык вось, будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты.

46 Вось закон пра быдла, пра птушак, пра ўсіх жывёлаў, што жывуць у водах, і пра ўсіх жывёлаў, што поўзаюць па зямлі,

47 каб адрозьніваць нячыстае ад чыстага, і жывёлаў, якіх можна есьці, ад жывёлаў, якіх есьці ня трэба.

 

Разьдзел 12

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 скажы сынам Ізраілевым: калі жанчына зачне і народзіць немаўля мужчынскага полу, дык яна нячыстая будзе сем дзён; як у дні пакутніцтва яе ачышчэньнем, яна будзе нячыстая;

3 а на восьмы дзень абрэжацца крайняя плоць ягоная;

4 і трыццаць тры дні павінна яна сядзець, ачышчаючыся ад крывей сваіх; ні да чога сьвяшчэннага не павінна дакранацца і да сьвяцілішча не павінна падыходзіць, пакуль ня мінуцца дні ачышчэньня яе.

5 калі ж яна народзіць немаўля жаночага полу, дык падчас ачышчэньня свайго яна будзе нячыстая два тыдні, і шэсьцьдзясят шэсьць дзён трэба сядзець, ачышчаючыся ад крывей сваіх.

6 Пасьля заканчэньня дзён ачышчэньня свайго за сына, альбо за дачку, яна павінна прынесьці гадавалае ягня на цэласпаленьне і маладога голуба альбо галубку ў ахвяру за грэх, да ўваходу ў скінію сходу да сьвятара;

7 ён прынясе гэта прад аблічча Госпада і ачысьціць яе, і яна будзе чыстая ад цёку крыві яе. Вось закон пра парадзіху немаўляці мужчынскага альбо жаночага полу.

8 А калі яна ня можа прынесьці ягняці, дык няхай возьме дзьве галубкі альбо два маладыя галубы, аднаго на цэласпаленьне, а другога ў ахвяру за грэх, і ачысьціць яе сьвятар, і яна будзе чыстая.

 

Разьдзел 13

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:

2 калі ў каго выхапіцца на скуры цела ягонага пухліна, альбо лішаі, альбо пляма, і на скуры цела ягонага зробіцца як бы струпля праказы, дык трэба прывесьці яго да Аарона сьвятара, альбо да аднаго з сыноў ягоных, сьвятароў;

3 сьвятар агледзіць струплю на скуры цела, і калі валасы на струплі зьмяніліся на белыя, і струпля паглыбленая ў скуру цела ягонага, дык гэта струпля праказы: сьвятар, агледзеўшы яго, абвесьціць яго нячыстым.

4 А калі на скуры цела ягонага пляма белая, але яна не заглыбленая ў скуру, і валасы на ёй не зьмяніліся на белыя, дык сьвятар таго, хто мае струплю, павінен затачыць на сем дзён;

5 на сёмы дзень сьвятар агледзіць яго, і калі струпля застаецца ў сваім выглядзе і не пашыраецца струпля па скуры, дык сьвятар павінен затачыць яго яшчэ на сем дзён;

6 на сёмы дзень сьвятар зноў агледзіць яго, і калі струпля менш прыкметная і не пашырылася струпля па скуры, дык сьвятар павінен абвясьціць яго чыстым: гэта лішай, і няхай ён абмые вопратку сваю, і будзе чысты.

7 А калі лішаі пачнуць пашырацца па скуры, пасьля таго як ён зьяўляўся да сьвятара дзеля ачышчэньня, дык ён другі раз павінен зьявіцца да сьвятара;

8 сьвятар, убачыўшы, што лішаі пашыраюцца па скуры, абвяшчае яго нячыстым: гэта праказа.

9 Калі будзе на кім струпля праказы, дык трэба прывесьці яго да сьвятара;

10 сьвятар агледзіць, і калі пухліна на скуры белая, і валасы зьмяніліся на белыя, і на пухліне жывое мяса,

11 дык гэта застарэлая праказа на скуры цела ягонага; і сьвятар абвесьціць яго нячыстым і заточыць яго, бо ён нячысты.

12 А калі праказа распусьціцца па скуры, і пакрые праказа ўсю скуру хворага ад галавы ягонай да ног, колькі могуць бачыць вочы сьвятаровыя,

13 і ўбачыць сьвятар, што праказа пакрыла ўсё цела ягонае, - дык ён абвесьціць хворага чыстым, бо ўсё ператварылася ў белае: ён чысты.

14 А калі выявіцца на ім жывое мяса, дык ён нячысты;

15 сьвятар, убачыўшы жывое мяса, абвесьціць яго нячыстым; жывое мяса нячыстае: гэта праказа.

16 А калі жывое мяса зьменіцца і ператворыцца ў белае, няхай ён прыйдзе да сьвятара;

17 сьвятар агледзіць яго, і калі струпля ператварылася ў белае, сьвятар абвесьціць хворага чыстым: ён чысты.

18 Калі ў каго на скуры цела быў пухір і загоіўся,

19 і на месцы пухіра зьявілася белая пухліна, альбо пляма белая, альбо чырванаватая, дык ён павінен зьявіцца да сьвятара;

20 сьвятар агледзіць яго, і калі яна будзе ніжэй скуры, і валасы яго зьмяніліся на белыя, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы, яна распусьцілася на пухіры;

21 а калі сьвятар убачыць, што валасы на ёй белыя, і яна ня ніжэй скуры, і прытым мала прыкметная, дык сьвятар заточыць яго на сем дзён;

22 калі яна пачне вельмі пашырацца па скуры, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля;

23 а калі пляма застаецца на сваім месцы і не пашыраецца, дык гэта запаленьне пухіра, і сьвятар абвесьціць яго чыстым.

24 Альбо калі ў каго на скуры цела будзе абпаліна, і на месцы загоенай абпаліны будзе чырванаватая альбо белая пляма,

25 і сьвятар убачыць, што валасы на пляме зьмяніліся на белыя, і яна будзе заглыбленая ў скуры, дык гэта праказа, яна распусьцілася на абпаліне; і сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы;

26 а калі сьвятар убачыць, што валасы на пляме ня белыя, і яна ня ніжэй скуры, і прытым мала прыкметная, дык сьвятар заточыць яго на сем дзён;

27 на сёмы дзень сьвятар агледзіць яго, і калі яна вельмі пашырыцца па скуры, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы;

28 а калі пляма застаецца на сваім месцы і не пашыраецца па скуры, і пры тым мала прыкметная, дык гэта пухліна ад апёку; сьвятар абвесьціць яго чыстым, бо гэта запаленьне ад апёку.

29 Калі ў мужчыны, альбо ў жанчыны будзе струпля на галаве, альбо на барадзе,

30 і агледзіць сьвятар струплю, і яна будзе заглыбленая ў скуры і валасы на ёй жаўтлявыя і тонкія, дык сьвятар абвесьціць іх нячыстымі: гэта пархатасьць, гэта праказа на галаве, альбо на барадзе;

31 а калі сьвятар агледзіць струплю пархатасьці, і яна ня будзе заглыбленая ў скуры, і валасы на ёй ня чорныя, дык сьвятар таго, хто мае струплю пархатасьці заточыць на сем дзён;

32 на сёмы дзень сьвятар агледзіць струплю, і калі пархатасьць не пашыраецца, і няма на ёй жаўтлявых валасоў, і пархатасьць ня будзе заглыбленая ў скуры,

33 дык хворага трэба астрыгчы, але пархатага месца не абстрыгаць, і сьвятар павінен пархатага другі раз затачыць на сем дзён;

34 на сёмы дзень сьвятар агледзіць пархатасьць, і калі пархатасьць не пашыраецца па скуры і ня будзе заглыбленая ў скуры, дык сьвятар абвесьціць яго чыстым: няхай ён абмые вопратку сваю, і будзе чысты.

35 А калі пасьля ачышчэньня ягонага будзе вельмі пашырацца пархатасьць па скуры,

36 і сьвятар убачыць, што пархатасьць пашыраецца па скуры, дык сьвятар няхай ня шукае жаўтлявых валасоў: ён нячысты;

37 а калі пархатасьць застаецца ў сваім выглядзе, і паказваецца на ёй чорны волас, дык пархатасьць прайшла, ён чысты: сьвятар абвесьціць яго чыстым.

38 Калі ў мужчыны, альбо ў жанчыны на скуры цела іхняга будуць плямы, плямы белыя,

39 і сьвятар убачыць, што на скуры цела іхняга плямы бледна-белыя, дык гэта лішай, які распусьціўся на скуры: ён чысты.

40 Калі ў каго на галаве вылезьлі валасы, дык гэта пляшывы, ён чысты:

41 а калі на пярэднім баку галавы вылезьлі валасы, дык гэта лысы: ён чысты.

42 Калі ж на плешыне альбо на лысіне будзе белая альбо чырванаватая пляма, дык на плешыне ягонай альбо на лысіне ягонай распусьцілася праказа;

43 сьвятар агледзіць яго, і калі ўбачыць, што пухліна струплі ягонай белая альбо чырванаватая на плешыне ягонай альбо на лысіне ягонай, з выгляду падобная на праказу скуры цела,

44 дык ён пракажоны, нячысты ён: сьвятар павінен абвясьціць яго нячыстым, у яго на галаве струпля.

45 У пракажонага, на якім гэтая струпля, павінна быць разадраная вопратка, і галава ягоная павінна быць не пакрытая, і па вусны ён павінен быць закрыты і крычаць: нячысты! нячысты!

46 Усе дні, пакуль на ім струпля, ён павінен быць нячысты, нячысты ён; ён павінен жыць асобна, па-за табарам жытло ягонае.

47 Калі струпля праказы будзе на вопратцы, на вопратцы ваўнянай, альбо на вопратцы ільнянай,

48 альбо на аснове, альбо на ўтоку з ільну, альбо воўне, альбо на скуры, альбо на якім-небудзь вырабе скураным,

49 і пляма будзе зеленаватая альбо чырванаватая на вопратцы, альбо на скуры, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой-небудзь скураной рэчы, - дык гэта струпля праказы: трэба паказаць яе сьвятару;

50 сьвятар агледзіць струплю і заточыць заражанае струпляю на сем дзён;

51 на сёмы дзень агледзіць сьвятар заражанае, і калі струпля пашырылася па вопратцы, альбо па аснове, альбо па ўтоку, альбо па скуры, альбо па якім-небудзь вырабе, зробленым са скуры, дык гэта праказа ўедлівая, струпля нячыстая;

52 ён павінен спаліць вопратку, альбо аснову, альбо ўток ваўняны ці ільняны, альбо якую б то ні было скураную рэч, на якой будзе струпля, бо гэта праказа ўедлівая: трэба спаліць на агні.

53 А калі сьвятар убачыць, што струпля не пашырылася па вопратцы, альбо па аснове, альбо па ўтоку, альбо па якой бы там ні было скураной рэчы,

54 дык сьвятар загадае абмыць тое, на чым струпля, і другі раз затачыць на сем дзён;

55 калі пасьля абмываньня заражанай рэчы сьвятар убачыць, што струпля не зьмяніла выгляду свайго, і не пашырылася струпля, дык яна нячыстая, спалі яе на агні; гэта выедзеная яміна на правым баку альбо на вывараце;

56 а калі сьвятар убачыць, што струпля пасьля абмываньня яе зрабілася менш прыкметная, дык сьвятар няхай адарве яе ад вопраткі, альбо ад скуры, альбо ад асновы, альбо ад утоку.

57 Калі ж яна зноў зьявіцца на вопратцы, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой-небудзь скураной рэчы, дык гэта распускаецца струпля: спалі на агні тое, на чым струпля.

58 А калі вопратку, альбо аснову, альбо ўток, альбо якую-небудзь скураную рэч вымыеш, і сыдзе зь іх струпля, дык трэба вымыць іх другі раз, і яны будуць чыстыя.

59 Вось закон пра струплю праказы на вопратцы ваўнянай альбо ільнянай, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой-небудзь скураной рэчы, альбо абвяшчаць яе чыстаю альбо нячыстаю.

 

Разьдзел 14

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 вось закон пра пракажонага, калі трэба яго ачысьціць: прывядуць яго да сьвятара

3 а сьвятар выйдзе вонкі з табара, і калі сьвятар убачыць, што пракажоны выздаравеў ад хваробы праказы,

4 дык сьвятар загадае ўзяць дзеля цалёнага дзьвюх птушак жывых чыстых, кедровага дрэва, чырванёную нітку і ісопу,

5 і загадае сьвятар закалоць адну птушку над гліняным посудам, над жывою вадою;

6 а сам ён возьме жывую птушку, кедровае дрэва, чырванёную нітку і ісоп і абмочыць іх і жывую птушку ў крыві птушкі заколатай над жывою вадою,

7 і пакропіць на таго, каго ачышчаюць ад праказы, сем разоў, і абвесьціць яго чыстым, і выпусьціць жывую птушку ў поле;

8 той, каго ачышчаюць, абмые вопратку сваю, абстрыжэ ўсе валасы свае, абмыецца вадою і будзе чысты; потым увойдзе ў табар і прабудзе сем дзён па-за намётам сваім;

9 на сёмы дзень паголіць усе валасы свае, галаву сваю, бараду сваю, бровы над вачамі сваімі, усе валасы свае паголіць, і абмые вопратку сваю, і абмые цела сваё вадою, і будзе чысты;

10 на восьмы дзень возьме ён двух бараноў без пахібы, і адну авечку гадавалую без пахібы, і тры дзясятых эфы пшанічнай мукі, змяшанай з алеем, дзеля прынашэньня хлебнага, і адзін лог алею;

11 сьвятар ачышчальнік паставіць чалавека, якога ачышчае, зь імі прад Госпадам каля ўваходу ў скінію сходу;

12 і возьме сьвятар аднаго барана і прынясе ў ахвяру за віну, і лог алею, і прынясе гэта, трасучы прад Госпадам;

13 і заколе барана на тым месцы, дзе колюць ахвяру за грэх і цэласпаленьне, на месцы сьвятым, бо гэта ахвяра за віну, як і ахвяра за грэх, належыць сьвятару: гэта вялікая сьвятыня;

14 і возьме сьвятар крыві з ахвяры за віну, і пакладзе сьвятар на край правага вуха таго, каго ачышчае, і на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай;

15 і возьме сьвятар з логу алею і палье на левую сваю далоню;

16 і ўмочыць сьвятар правы палец свой у алей, які на левай далоні ягонай, і пакропіць алеем з пальца свайго сем разоў прад абліччам Госпада;

17 а рэшту алею, які на далоні ягонай, пакладзе сьвятар на край правага вуха таго, каго ачышчае, на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай, на кроў ахвяры за віну;

18 а рэшту алею, які на далоні ў сьвятара, пакладзе ён на галаву таго, каго ачышчае, і ачысьціць яго сьвятар перад абліччам Госпада;

19 і ачысьціць сьвятар ахвяру за грэх і ачысьціць чалавека ад нечысьці ягонай; пасьля таго заколе ахвяру цэласпаленьня;

20 і пакладзе сьвятар цэласпаленьне і прынашэньне хлебнае на ахвярнік; і ачысьціць яго сьвятар, і ён будзе чысты.

21 Калі ж ён бедны і ня мае дастатку, дык няхай возьме аднаго барана ў ахвяру павіннасьці дзеля трасеньня, каб ачысьціць сябе, і адну дзесяцярыну эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у прынашэньне хлебнае, і лог алею,

22 і дзьве галубкі і два маладыя галубы, што дастане рука ягоная, адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне;

23 і прынясе іх на восьмы дзень ачышчэньня свайго сьвятару да ўваходу ў скінію сходу, перад аблічча Госпада;

24 сьвятар возьме барана ахвяры за віну і лог алею, і прынясе гэта сьвятар, трасучы перад Госпадам;

25 і заколе барана ў ахвяру павіннасьці, і возьме сьвятар крыві ахвяры павіннасьці, і пакладзе на край правага вуха таго, каго ачышчае, і на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай;

26 і налье сьвятар алею на левую сваю далонь,

27 і алеем, які на левай далоні ягонай, пакропіць сьвятар правым пальцам сваім сем разоў перад абліччам Гасподнім;

28 і пакладзе сьвятар алею, які на далоні ягонай, на край правага вуха таго, каго ачышчае, на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай, на месца крыві з ахвяры за віну;

29 а рэшту алею, які на далоні ў сьвятара, пакладзе ён на галаву таго, каго ачышчае, каб ачысьціць яго перад абліччам Госпада;

30 і прынясе адну галубку, альбо аднаго маладога голуба, што дастане рука,

31 з таго, што дастане рука ягоная, адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, разам з прынашэньнем хлебным; і ачысьціць сьвятар чалавека перад абліччам Госпада.

32 Вось закон пра пракажонага, які ў час ачышчэньня свайго ня мае дастатку.

33 І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:

34 калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаанскую, якую Я даю вам у валоданьне, і Я навяду струплю праказы на дамы ў зямлі валоданьня вашага,

35 тады той, чый дом, павінен пайсьці і сказаць сьвятару: у мяне на доме паявілася як бы струпля.

36 Сьвятар загадае апаражніць дом, перш чым сьвятар увойдзе аглядаць струплю, каб не зьнячысьцілася ўсё, што ў доме; пасьля гэтага прыйдзе сьвятар аглядаць дом.

37 Калі ён, агледзеўшы струплю, убачыць, што струпля на сьценах дома складаецца зь зеленаватых альбо чырванаватых ямін, якія будуць заглыбленыя ў сьцяне,

38 дык сьвятар выйдзе з дома да дзьвярэй дома і замкне дом на сем дзён.

39 На сёмы дзень зноў прыйдзе сьвятар, і калі ўбачыць, што струпля пашырылася па сьценах дома,

40 дык сьвятар загадае выламаць камяні, на якіх струпля, і выкінуць іх за горадам на месца нячыстае;

41 а дом усярэдзіне няхай увесь выскабляць, і абмазку, якую саскобляць, высыплюць за горадам на месца нячыстае;

42 і возьмуць іншыя камяні і ўставяць замест тых камянёў, і возьмуць іншую абмазку і абмажуць дом.

43 Калі струпля зноў абэявіцца і будзе цьвісьці на доме пасьля таго, як выламалі камяні і выскаблілі дом і абмазалі,

44 дык сьвятар прыйдзе і агледзіць, і калі струпля на доме пашырылася, дык гэта едкая праказа на доме, нячысты ён;

45 трэба зламаць гэты дом, і камяні яго і дрэва яго і ўсю абмазку дома і вынесьці за горад на месца нячыстае;

46 хто ўваходзіць у дом увесь той час, калі ён замкнуты, той нячысты да вечара;

47 і хто сьпіць у доме тым, той павінен вымыць вопратку сваю; і хто есьць у доме тым, той павінен вымыць вопратку сваю.

48 А калі сьвятар прыйдзе і ўбачыць, што струпля на доме не пашырылася пасьля таго, як абмазалі дом, дык сьвятар абвесьціць дом чыстым, бо струпля прайшла.

49 І каб ачысьціць дом, возьме ён дзьвюх птушак, кедровага дрэва, чырванёную нітку і ісопу,

50 і заколе адну птушку над гліняным посудам, над жывою вадою;

51 і возьме кедровае дрэва і ісоп, і чырванёную нітку і жывую птушку, і абмочыць іх у крыві птушкі заколатай і ў жывой вадзе, і пакропіць дом сем разоў;

52 і ачысьціць дом крывёю птушкі і жывою вадою, і жывою птушкаю і кедровым дрэвам і ісопам і чырванёнаю ніткаю;

53 і пусьціць жывую птушку за горадам у поле і ачысьціць дом, і будзе чысты.

54 Вось закон пра ўсякую струплю праказы і пра пархатасьць,

55 і пра праказу на вопратцы і на доме, і пра пухліну, і пра лішаі, і пра плямы, -

56 каб указаць, калі гэта нячыстае і калі чыстае: вось закон пра праказу.

 

Разьдзел 15

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:

2 абвясьцеце сынам Ізраілевым і скажэце ім: калі ў каго будзе цеча зь цела ягонага, дык ад цечы сваёй ён нячысты.

3 І вось закон пра нячыстасьць яго ад цечы ягонай: калі цячэ зь цела яго цеча ягоная, і калі затрымліваецца ў целе яго цеча ягоная, гэта нячыстасьць яго;

4 усякая пасьцель, на якую ляжа цечыўны, нячыстая, і ўсякая рэч, на якую сядзе, нячыстая;

5 і хто дакранецца да пасьцелі ягонай, той павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;

6 хто сядзе на якую-небудзь рэч, на якой сядзеў цечыўны, той павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;

7 і хто дакранецца да цела цечыўнага, той павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;

8 калі цечыўны плюне на чыстага, дык гэты павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;

9 і ўсякая падвода, на якой ехаў цечыўны, нячыстая;

10 і кожны, хто дакранецца да чаго-небудзь, што было пад ім, нячысты будзе да вечара; і хто панясе гэта, павінен вымыцць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;

11 і кожны, да каго дакранецца цечыўны, не вымыўшы рук сваіх вадою, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;

12 гліняны посуд, да якога дакранецца цечыўны, трэба разьбіць, і ўсякі драўляны посуд трэба вымыць вадою.

13 А калі цечыўны вызваліцца ад цечы сваёй, тады павінен ён адлічыць сабе сем дзён на ачышчэньне сваё і вымыць вопратку сваю і цела сваё жывою вадою, і будзе чысты;

14 і на восьмы дзень возьме ён сабе дзьвюх галубак альбо двух маладых галубоў, і прыйдзе перад аблічча Гасподняе да ўваходу ў скінію сходу, і аддасьць іх сьвятару;

15 і прынясе сьвятар з гэтых птушак адну ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, і ачысьціць яго сьвятар перад Госпадам ад цечы ягонай.

16 Калі ў каго здарыцца выліваньне семені, дык ён павінен абмыць вадою ўсё цела сваё і нячысты будзе да вечара;

17 і ўсякая вопратка і ўсякая скура, на якую трапіць семя, павінна быць вымыта вадою і нячыстая будзе да вечара.

18 Калі мужчына ляжа з жанчынаю і будзе ў яго выліваньне семені, дык яны павінны абмыцца вадою і нячыстыя будуць да вечара.

19 Калі жанчына мае цечу крыві, якая цячэ зь цела яе, дык яна павінна сядзець сем дзён пад час ачышчэньня свайго, і кожны, хто дакранецца да яе, нячысты будзе да вечара;

20 і ўсё, на што яна ляжа пад час ачышчэньня свайго, нячыстае; і ўсё, на што сядзе, нячыстае;

21 і кожны, хто дакранецца да пасьцелі яе, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;

22 і кожны, хто дакранецца да якой-небудзь рэчы, на якой яна сядзела, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;

23 і калі хто дакранецца да чаго-небудзь на пасьцелі альбо на той рэчы, на якой яна сядзела, нячысты будзе да вечара;

24 калі перасьпіць зь ёю муж, дык нячыстасьць яе будзе на ім: ён нячысты будзе сем дзён, і кожная пасьцель, на якую ён ляжа, будзе нячыстая.

25 Калі ў жанчыны цячэ кроў шмат дзён не пад час ачышчэньня яе, альбо калі яна мае цечу даўжэй звычайнага ачышчэньня свайго, яна нячыстая;

26 усякая пасьцель, на якую яна ляжа пад час цечы сваёй, будзе нячыстая, гэтак сама як пасьцель пад час ачышчэньня яе; і ўсякая рэч, на якую яна сядзе, будзе нячыстая, як нячыстае гэта пад час ачышчэньня яе;

27 і кожны, хто дакранецца да іх, будзе нячысты і павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою, і нячысты будзе да вечара.

28 А калі яна вызваліцца ад цечыва свайго, тады павінна адлічыць сабе сем дзён і пасьля будзе чыстая;

29 на восьмы дзень возьме яна сабе дзьвюх галубак альбо двух маладых галубоў, і прынясе іх да сьвятара да ўваходу ў скінію сходу;

30 і прынясе сьвятар адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, і ачысьціць яе сьвятар перад Госпадам ад цечы нечысьці яе.

31 Так засьцерагайце сыноў Ізраілевых ад нячыстасьці іх, каб яны не памерлі ў нячыстасьці сваёй, апаганьваючы селішча Маё, якое сярод іх:

32 вось закон пра цечыўнага і пра тое, у каго здарыцца выліваньне семені, якое робіць яго нячыстым,

33 і пра тую, што пакутуе ачышчэньнем сваім, і пра цечыўных, мужчыну альбо жанчыну, і пра мужа, які перасьпіць з нячыстаю.

 

Разьдзел 16

 

1 І казаў Гасподзь Майсею пасьля сьмерці двух сыноў Ааронавых, калі яны, падступіўшыся прад аблічча Гасподняе, памерлі,

2 і сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону, брату твайму, каб ён не ва ўсякі час заходзіў у сьвятыні за заслону перад века, што на каўчэгу, каб яму не памерці, бо над векам Я буду зьяўляцца ў воблаку.

3 Вось, з чым павінен уваходзіць Аарон у сьвятыню: зь цялём у ахвяру за грэх і з бараном на цэласпаленьне:

4 сьвяшчэнны ільняны хітон павінен апранаць ён, а сподняе адзеньне хай будзе на целе ягоным, і льняным пасам няхай апяразваецца і льняны кідар надзявае: гэта сьвяшчэнная вопратка; і хай абмывае ён цела сваё вадою і надзявае яе;

5 і з супольства сыноў Ізраілевых няхай возьме двух казлоў у ахвяру за грэх і аднаго барана на цэласпаленьне.

6 І прынясе Аарон цяля ў ахвяру за грэх за сябе і ачысьціць сябе і дом свой.

7 І возьме двух казлоў і паставіць іх прад абліччам Гасподнім і каля ўваходу ў скінію сходу;

8 і кіне Аарон на абодвух казлоў жэрабя: адно жэрабя дзеля Госпада, а другое жэрабя дзеля адпушчэньня;

9 і прывядзе Аарон казла, на якога выпала жэрабя дзеля Госпада, і прынясе яго ў ахвяру за грэх,

10 а казла, на якога выпала жэрабя дзеля адпушчэньня, паставіць жывога перад Госпадам, каб учыніць на ім ачышчэньне і выслаць яго ў пустыню дзеля адпушчэньня.

11 І прывядзе Аарон цяля ў ахвяру за грэх за сябе, і ачысьціць сябе і дом свой, і заколе цяля ў ахвяру за грэх за сябе;

12 і возьме распаленага жару поўнае кадзіла з ахвярніка, які перад абліччам Гасподнім, і духмянага дробна патоўчанага дымленьня поўныя прыгаршчы, і ўнясе за заслону;

13 і пакладзе дымленьне на агонь перад абліччам Гасподнім, і воблака дымленьня пакрые века, якое над каўчэгам адкрыцьця, каб яму не памерці;

14 і возьме крыві цяляці і пакропіць пальцам сваім на века сьпераду і перад векам, сем разоў пакропіць крывёю з пальца свайго.

15 І заколе казла ў ахвяру за грэх за народ, і ўнясе кроў ягоную за заслону, і зробіць з крывёю ягонаю тое самае, што рабіў з крывёю цяляці,і пакропіць ёю на века і перад векам, -

16 і ачысьціць сьвятыню ад нячыстасьці сыноў Ізраілевых, і ад злачынстваў іхніх, ва ўсіх грахах іхніх. Так павінен зрабіць ён і са скініяй сходу, якая ў іх, сярод нячыстасьці іхняй.

17 Ніводзін чалавек не павінен быць у скініі сходу, калі ўваходзіць ён дзеля ачышчэньня сьвятыні, да самага выхаду ягонага. І так ачысьціць ён сябе, дом свой і ўсё супольства Ізраілевае.

18 І выйдзе ён да ахвярніка, які перад абліччам Гасподнім, і ачысьціць яго, і возьме крыві цяляці і крыві казла, і пакладзе на рогі ахвярніка з усіх бакоў,

19 і пакропіць на яго крывёю з пальца свайго сем разоў, і ачысьціць яго, і асьвеціць яго ад нячыстасьці сыноў Ізраілевых.

20 І ўчыніўшы ачышчэньне сьвятыні, скініі сходу і ахвярніка, прывядзе ён жывога казла,

21 і пакладзе Аарон абедзьве рукі свае на галаву жывога казла, і вызнае над ім усе беззаконьні сыноў Ізраілевых і ўсе злачынствы іхнія і ўсе грахі іхнія, і пакладзе іх на галаву казла, і вышле з нарочным чалавекам у пустыню;

22 і панясе казёл на сабе ўсе беззаконьні іхнія ў зямлю непраходную, і пусьціць ён казла ў пустыню.

23 І ўвойдзе Аарон у скінію сходу, і здыме ільняную вопратку, якую апранаў, уваходзячы ў сьвятыню, і пакіне яе там,

24 і абмые цела сваё вадою, на сьвятым месцы, і апране вопратку сваю, выйдзе і ўчыніць цэласпаленьне за сябе і цэласпаленьне за народ, і ачысьціць сябе і народ;

25 а тлушч ахвяры за грэх спаліць на ахвярніку.

26 І той, хто вадзіў казла дзеля адпушчэньня, павінен вымыць вопратку сваю, абмыць цела сваё вадою і потым можа ўвайсьці ў табар.

27 А цяля за грэх і казла за грэх, чыя кроў унесена была дзеля ачышчэньня сьвятыні, няхай вынесуць вонкі з табара і спаляць на агні скуры іхнія і мяса іхняе і нечысьць іхнюю;

28 хто спаліць іх, той павінен абмыць вопратку сваю і абмыць цела сваё вадою, і пасьля таго можа ўвайсьці ў табар.

29 І хай будзе гэта вам вечнаю пастановаю: на сёмым месяцы, у дзясяты дзень месяца ўпакорвайце душы вашыя і ніякае дзеі ня чынеце, ні тубылец, ні прыхадзень, што пасяліўся сярод вас,

30 бо ў гэты дзень ачышчаюць вас, каб зрабіць вас чыстымі ад усіх грахоў вашых, каб вы былі чыстыя перад абліччам Гасподнім;

31 гэта субота спачыну вам, упакорвайце душы вашыя: гэта пастанова вечная.

32 А ачышчаць павінен сьвятар, які памазаны і які прысьвечаны, каб сьвятарыць яму замест бацькі свайго: і апране ён ільняную вопратку, вопратку сьвяшчэнную,

33 і ачысьціць Сьвятое Сьвятых і скінію сходу, і ахвярнік ачысьціць, і сьвятароў і ўвесь народ супольства ачысьціць.

34 І хай будзе гэта вам вечнаю пастановаю: ачышчаць сыноў Ізраілевых ад усіх грахоў іхніх адзін раз у год. І зрабіў ён так, як загадаў Гасподзь Майсею.

 

Разьдзел 17

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 абвясьці Аарону і сынам ягоным і ўсім сынам Ізраілевым і скажы ім: вось, што загадвае Гасподзь:

3 калі хто з дома Ізраілевага заколе цяля альбо авечку альбо казу ў табары, альбо калі хто заколе па-за табарам

4 і не прывядзе да ўваходу ў скінію сходу, каб явіць у ахвяру Госпаду перад селішчам Гасподнім, дык чалавеку таму залічана будзе кроў; ён праліў кроў, і зьнішчыцца чалавек той з народу свайго;

5 гэта дзеля таго, каб прыводзілі сыны Ізраілевыя ахвяры свае, якія яны колюць на полі, каб прыводзілі іх прад Госпадам да ўваходу ў скінію сходу, да сьвятара, і калолі іх Госпаду ў ахвяры мірныя;

6 і пакропіць сьвятар крывёю на ахвярнік Гасподні каля ўваходу ў скінію сходу і спаліць тлушч дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду,

7 каб яны наперад ня прыносілі ахвяраў сваіх ідалам, за якімі аблудна ходзяць яны. Гэта хай будзе ім пастановаю вечнаю ў роды іхнія.

8 Яшчэ скажы ім: калі хто з дому Ізраілевага і з прыхадняў, што жывуць сярод вас, прыносіць цэласпаленьне альбо ахвяру

9 і не прывядзе да ўваходу ў скінію сходу, каб учыніць яе Госпаду, дык зьнішчыцца той чалавек з народу свайго.

10 Калі хто з дому Ізраілевага і з прыхадняў, што жывуць сярод вас, будзе есьці якую-небудзь кроў, дык павярну аблічча Маё на душу таго, хто будзе есьці кроў, і зьнішчу яе з народу яе,

11 бо душа цела ў крыві, і прызначыў яе вам для ахвярніка, каб ачышчаць душы вашыя, бо кроў гэтая душу ачышчае;

12 таму Я і сказаў сынам Ізраілевым: ніводная душа з вас не павінна есьці крыві, і прыхадзень, які жыве сярод вас, не павінен есьці крыві.

13 Калі хто з сыноў Ізраілевых і з прыхадняў, што жывуць сярод вас, на ловах зловіць зьвера альбо птушку, якую можна есьці, дык ён павінен даць выцячы крыві яе і пакрыць яе зямлёю,

14 бо душа ўсякага цела ёсьць кроў ягоная, яна душа ягоная; таму Я сказаў сынам Ізраілевым: ня ежце крыві ні зь якога цела, бо душа ўсякага цела ёсьць кроў ягоная: кожны, хто будзе есьці яе, зьнішчыцца.

15 І кожны, хто будзе есьці мёртвае альбо разадранае зьверам, тубылец альбо прыхадзень, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара, а потым будзе чысты;

16 а калі ня вымые і не абмые цела свайго, дык панясе на сабе беззаконьне сваё.

 

Разьдзел 18

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: Я Гасподзь, Бог ваш.

3 Паводле дзеяў зямлі Егіпецкай, у якой вы жылі, ня ўчыняйце, і паводле дзеяў зямлі Ханаанскай, у якую Я вяду вас, ня ўчыняйце, і паводле ўстанаўленьняў іхніх не хадзеце:

4 Мае законы выконвайце і Мае пастановы шануйце, учыняючы паводле іх. Я Гасподзь, Бог ваш.

5 Шануйце пастановы Мае і законы Мае, выконваючы якія, чалавек будзе жывы. Я Гасподзь.

6 Ніхто ні да якой родзічкі па крыві не павінен набліжацца дзеля плоцкіх спалукаў. Я Гасподзь.

7 Ты не павінен класьціся з бацькам тваім і з маці тваёй: яна маці твая, не сарамаць яе.

8 Ты не павінен класьціся з жонкаю бацькі твайго; бо гэтым ты сарамаціш бацьку твайго.

9 Ты не павінен класьціся зь сястрою тваёю, з дачкою бацькі твайго альбо з дачкою маці тваёй, што нарадзілася ў шлюбе альбо па-за шлюбам, не сарамаць іх.

10 Ты не павінен класьціся з дачкою сына твайго альбо з дачкою дачкі тваёй, не сарамаць іх, бо праз гэта ты сарамаціш сябе.

11 Ты не павінен класьціся з дачкою бацькі твайго, якая нарадзілася ад іншай жонкі ягонай; бо яна сястра твая, не сарамаць яе.

12 Ты не павінен класьціся зь сястрою бацькі твайго, бо яна адной крыві з бацькам тваім.

13 Ты не павінен класьціся з сястрою маці тваёй, бо яна адной крыві з маці тваёй.

14 Ты не павінен класьціся з жонкаю брата бацькі твайго; бо яна цётка твая.

15 Ты не павінен класьціся зь нявесткай тваёю, яна жонка сына твайго, не сарамаць яе.

16 Ты не павінен класьціся зь ятроўкай тваёй, яна жонка брата твайго, не сарамаць брата твайго.

17 Калі ты маеш плоцкія зносіны з жанчынай, ты не павінен спаць з дачкою яе і з унучкай яе; яны адной крыві зь ёю; таму гэта ганьба крыві.

18 Не бяры ў пасьцель тваю сястры жонкі тваёй, пакуль жонка твая жыве; не рабі яе суперніцай жонцы тваёй пры жыцьці яе.

19 І не кладзіся з жанчынай пад час ачышчэньня яе; у гэты час нячыстая яна.

20 І з жонкаю блізкага твайго не кладзіся, каб выліць семя, бо праз гэта ты станеш нячысты.

21 Зь дзяцей тваіх не аддавай на слугаваньне Малоху і не зьневажай імя Бога твайго. Я Гасподзь.

22 Не кладзіся з мужчынам, як з жанчынаю: гэта мярзота.

23 І ні зь якім быдлам не кладзіся, каб выліць семя і апаганіцца ад яго; і жанчына не павінна станавіцца перад быдлам дзеля спалукі зь ім: гэта брыдота.

24 Не апаганьвайце сябе нічым гэтым, бо ўсім гэтым апаганілі сябе людзі, якіх Я праганяю ад вас;

25 і апаганілася зямля, і Я паглядзеў на беззаконьне яе, і скінула зямля тых, што жывуць на ёй.

26 А вы шануйце пастановы Мае і законы Мае і не рабеце ўсіх гэтых гідотаў, ні тубылец, ні прыхадзень, што жыве сярод вас,

27 бо ўсе гэтыя брыдоты рабілі людзі гэтай зямлі, што перад вамі, і апаганілася зямля;

28 каб і вас ня скінула зь сябе зямля, калі вы пачняце паганіць яе, як яна скінула людзей, што былі да вас;

29 бо калі хто будзе рабіць усе гэтыя брыдоты, дык душы тых, што рабіцьмуць гэта, вынішчаны будуць з народу свайго.

30 Дык вось, шануйце загады Мае, каб ня ўчыняць паводле агідных завядзёнак, паводле якіх учынялі да вас, і каб не апаганьвацца імі. Я Гасподзь, Бог ваш.

 

Разьдзел 19

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 абвясьці ўсяму супольству сыноў Ізраілевых і скажы ім: сьвятыя будзьце, бо сьвяты Я Гасподзь, Бог ваш.

3 Бойцеся кожны маці сваёй і бацькі свайго і суботы Мае шануйце. Я Гасподзь, Бог ваш.

4 Не зьвяртайцеся да ідалаў і багоў літых не рабеце сабе. Я Гасподзь, Бог ваш.

5 Калі будзеце прыносіць Госпаду ахвяру мірную, дык прыносьце яе, каб здабыць сабе ўпадабаньне:

6 у дзень ахвярапрынашэньня вашага і на другі дзень трэба есьці яе, а што засталася на трэці дзень, трэба спаліць на агні;

7 а калі хто пачне есьці яе на трэці дзень, гэта агідна, гэта ня будзе спажыўна;

8 хто пачне есьці яе, той панясе на сабе грэх, бо ён апаганіў сьвятыню Гасподнюю, і зьнішчыцца душа тая з народу свайго.

9 Калі будзеце жаць жніво на зямлі вашай, не дажынай да краю поля твайго, і астаткаў ад жніва твайго не падбірай,

10 і вінаградніка твайго не абірай дачыста, і апалых ягад у вінаградніку не падбірай; пакінь гэта беднаму і прыхадню. Я Гасподзь, Бог ваш.

11 Ня крадзьце, не манеце і не ашуквайце адзін аднаго.

12 Не прысягайце імем Маім у хлусьні, і не зьневажай імя Бога твайго. Я Гасподзь.

13 Ня крыўдзі блізкага твайго і не рабуй. Плата найміту не павінна заставацца ў цябе да раніцы.

14 Не ліхаслові глухога і перад сьляпым не кладзі нічога, каб спатыкнуўся ён; бойся Бога твайго. Я Гасподзь.

15 Не рабеце няпраўды на судзе; ня будзь дагодлівы ўбогаму і не дагаджай вялікаму; па праўдзе судзі блізкага твайго.

16 Не хадзі пераносчыкам ілжы ў народзе тваім і не паўставай на жыцьцё блізкага твайго. Я Гасподзь.

17 Не варагуй з братам тваім у сэрцы тваім; гавары шчыра зь блізкім тваім, інакш панясеш грэх за яго.

18 Ня помсьці і ня май намыслу на сыноў народу твайго, любі блізкага твайго, як самога сябе. Я Гасподзь.

19 Статуты Мае шануйце; быдла твайго ня зводзь зь іншаю пародаю; поля твайго не засявай двума родамі насеньня; у вопратку з рознародных нітак, з воўны і лёну, не апранайся.

20 Калі хто перасьпіць з жанчынаю, а яна рабыня, заручаная з мужам, але яшчэ ня выкупленая, альбо воля яшчэ ня дадзена ёй, дык трэба пакараць іх, але ня сьмерцю, бо яна ня вольная;

21 хай прывядзе ён Госпаду да ўваходу ў скінію сходу ахвяру павіннасьці, барана ў ахвяру за віну сваю;

22 і ачысьціць яго сьвятар бараном павіннасьці перад Госпадам ад грэху, якім ён зграшыў, і дараваны яму будзе грэх, якім ён зграшыў.

23 Калі прыйдзеце ў зямлю і пасадзіце якое-небудзь плоднае дрэва, дык плады яго лічэце за неабрэзаныя: тры гады трэба лічыць іх за неабрэзаныя, нельга есьці іх;

24 а на чацьвёрты год усе плады яго павінны быць прысьвечаны на сьвяткаваньні Гасподнія;

25 а на пяты год вы можаце есьці плады яго і зьбіраць сабе ўсе ўтворы яго. Я Гасподзь, Бог ваш.

26 Ня ежце з крывёю; не варажэце і не чаруйце.

27 Ня стрыжэце галавы вашай вакол, і ня псуй краёў барады тваёй.

28 Дзеля памерлага не рабеце нарэзаў на целе вашым і не наколвайце на сябе знакаў. Я Гасподзь.

29 Не апаганьвай дачкі тваёй, дапускаючы яе да распусты, каб не распусьнічала зямля, і не напоўнілася зямля распустаю.

30 Суботы Мае шануйце і сьвятыню Маю шануйце. Я Гасподзь.

31 Не зьвяртайцеся да закліначоў мёртвых, і да чарадзеяў не хадзеце, і не даводзьце сябе да апаганьваньня імі. Я Гасподзь, Бог ваш.

32 Перад абліччам сівога ўставай і шануй аблічча старца, і бойся Бога твайго. Я Гасподзь.

33 Калі паселіцца прыхадзень у зямлі вашай, ня ўціскайце яго:

34 прыхадзень, які пасяліўся ў вас, хай будзе вам тое самае, што і тубылец ваш; любі яго, як сябе; бо і вы былі прыхаднямі ў зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш.

35 Не рабеце няпраўды ў судзе, у меры, у вазе і ў вымярэньні:

36 хай будуць у вас вагі правільныя, эфа правільная і гін правільны. Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай.

37 Кіруйцеся ўсімі статутамі Маімі і выконвайце іх. Я Гасподзь.

 

Разьдзел 20

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 Скажы гэта сынам Ізраілевым: хто з сыноў Ізраілевых і з прыхадняў, што жывуць сярод Ізраільцянаў, дасьць зь дзяцей сваіх Малоху, той хай будзе аддадзены сьмерці: народ зямлі хай пабэе яго камянямі;

3 І Я павярну аблічча Маё да чалавека таго і зьнішчу яго з народу ягонага за тое, што ён даў зь дзяцей сваіх Малоху, каб апаганіць сьвятыню Маю і зьняважыць святое імя Маё;

4 і калі народ зямлі не паверне вачэй сваіх на чалавека таго, якога ён дасьць зь дзяцей сваіх Малоху, і не забэе яго,

5 дык Я павярну аблічча Маё да чалавека таго і на род ягоны і зьнішчу яго з народу ягонага, і ўсіх, хто блудзіць па сьлядах ягоных, каб аблудна хадзіць сьледам за Малохам.

6 І калі якая душа павернецца да закліначоў мёртвых і да чарадзеяў, каб аблудна хадзіць па сьлядах іхніх, дык Я павярну аблічча Маё на тую душу і зьнішчу яе з народу яе.

7 Асьвячайце сябе і будзьце сьвятыя, бо Я Гасподзь, Бог ваш.

8 Шануйце пастановы Мае і выконвайце іх, бо Я Гасподзь, Які асьвячае вас.

9 Хто будзе ліхасловіць бацьку свайго альбо маці сваю, той хай будзе аддадзены сьмерці; бацьку свайго і маці сваю ён ліхасловіў: кроў яго на ім.

10 Калі хто будзе пералюбнічаць з жонкаю замужняю, калі хто будзе пералюбнічаць з жонкаю блізкага свайго, - хай будуць аддадзены сьмерці і пералюбнік і пералюбніца.

11 Хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, той асарамаціў бацьку свайго; абое яны хай будуць аддадзены сьмерці, кроў іхняя на іх.

12 Калі хто ляжа зь нявесткаю сваёю, дык абое яны хай будуць аддадзены сьмерці: гідоту ўчынілі яны, кроў іхняя на іх.

13 Калі хто ляжа з мужчынам, як з жанчынаю, дык абодва яны ўчынілі гідоту: хай будуць аддазены сьмерці, кроў іхняя на іх.

14 Калі хто возьме сабе жонку і маці яе: гэта агіда; на агні трэба спаліць яго і іх, каб ня было беззаконьня сярод вас.

15 Хто зьмяшаецца з быдлам, таго аддаць сьмерці, і быдла забіце.

16 Калі жанчына пойдзе да якой-небудзь жывёлы, каб спалучыцца зь ёю, дык забі жанчыну і жывёлу: хай будуць яны аддадзены сьмерці, кроў іхняя на іх.

17 Калі хто возьме сястру сваю, дачку бацькі свайго альбо дачку маці сваёй дзеля плоцкай спалукі, гэта сорам, хай будуць яны зьнішчаны на вачах у сыноў народу свайго: ён асарамаціў сястру сваю: грэх свой панясе ён.

18 Калі хто ляжа з жонкаю пад час хваробы крывацечы і адкрые сарамату яе, дык ён агаліў цечу яе, і яна адкрыла цечу крыві сваёй: абое хай будуць вынішчаны з народу свайго.

19 Ніхто не павінен класьціся з сястрой маці сваёй або бацькі свайго, бо гэта сарамаціць плоць: грэх свой панясуць яны.

20 Хто ляжа зь цёткаю сваёю, той асарамаціў дзядзьку свайго; грэх свой панясуць яны, бязьдзетнымі памруць.

21 Калі хто возьме жонку брата свайго - гэта агідна; ён асарамаціў брата свайго, бязьдзетныя будуць яны.

22 Шануйце ўсе статуты Мае і ўсе законы Мае і выконвайце іх, - і ня скіне вас зь сябе зямля, у якую я вяду вас жыць.

23 Ня ўчыняйце паводле завядзёнак народу, які Я праганяю ад вас; бо яны ўсё гэта рабілі, і Я абурыўся на іх,

24 і сказаў Я вам: вы валодайце зямлёю іхняй, і я вам аддаю ў спадчыну зямлю, у якой цячэ малако і мёд. Я Гасподзь, Бог ваш, Які аддзяліў вас ад усіх народаў.

25 Адрозьнівайце быдла чыстае ад нячыстага і птушку чыстую ад нячыстай і не апаганьвайце душ вашых быдлам і птушкаю і ўсім, што поўзае па зямлі, што адрозьніў Я, як нячыстае.

26 Будзьце перад Мною сьвятыя, бо Я сьвяты Гасподзь, і Я аддзяліў вас ад народаў, каб вы былі Мае.

27 Хай то мужчына хай жанчына, калі будуць яны выклікаць мёртвых альбо чарадзейнічаць, хай будуць аддадзены сьмерці: камянямі трэба пабіць іх, кроў іхняя на іх.

 

Разьдзел 21

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею: абвясьці сьвятарам, сынам Ааронавым, і скажы ім: хай не апаганьваюць сябе дакрананьнем да памерлага з народу свайго,

2 толькі да блізкага сваяка свайго, да маці сваёй і да бацькі свайго, да сына свайго і дачкі сваёй, да брата свайго

3 і да сястры сваёй, дзяўчыны, што жыве пры ім і ня была замужам, можна яму дакранацца, не апаганьваючы сябе;

4 і дакрананьнем да каго б там ні было ў народзе сваім не павінен ён апаганьваць сябе, каб не зрабіцца нячыстым.

5 Яны не павінны галіць галавы сваёй і падстрыгаць краёў барады сваёй і рабіць нарэзы на целе сваім.

6 Яны павінны быць сьвятыя Богу свайму і не павінны зьневажаць імя Бога свайго; бо яны прыносяць ахвяры Госпаду, хлеб Богу свайму, і таму павінны быць сьвятыя.

7 Яны не павінны браць сабе за жонку распусьніцу і зьняслаўленую, не павінны браць і жонку, адкінутую мужам сваім, бо яны сьвятыя Богу свайму.

8 Сьвяці яго, бо ён прыносіць хлеб Богу твайму: хай будзе ён у цябе сьвяты, бо сьвяты Я Гасподзь, Які асьвячае вас.

9 Калі дачка сьвятара апаганіць сябе блудадзействам, дык яна бэсьціць бацьку свайго; агнём трэба спаліць яе.

10 А вялікі сьвятар з братоў сваіх, на галаву якога выліты алей памазаньня, і які асьвечаны, каб апранацца ў сьвяшчэнную вопратку, не павінен агаляць галавы сваёй і разьдзіраць вопратку сваю:

11 і да ніякага нябожчыка не павінен ён падыходзіць: нават дотыкам да нябожчыка бацькі свайго і маці сваёй ён не павінен апаганьваць сябе.

12 І ад сьвятыні ён не павінен адыходзіць і зьневажаць сьвятыню Бога свайго, бо асьвячэньне алеем памазаньня Бога яго на ім. Я Гасподзь.

13 За жонку ён павінен браць дзяўчыну:

14 удаву, альбо адкінутую, альбо зганьбаваную, блудадзейку не павінен ён браць, а дзяўчыну з народу свайго павінен ён браць за жонку:

15 ён не павінен ганьбіць семя сваё ў народзе сваім, бо Я Гасподзь, Які асьвячае яго.

16 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

17 скажы Аарону: ніхто зь семені твайго ва ўсе роды іхнія, у каго на целе будзе хіба, не павінен падыходзіць, каб прыносіць хлеб Богу свайму;

18 ніхто, у каго на целе ёсьць хіба, не павінен падыходзіць, ні сьляпы, ні кульгавы, ні кірпаты, ні з рэзаным вухам,

19 ні такі, у якога зламаная нага, альбо зламаная рука,

20 ні гарбаты, ні з сухім чэлесам, ні зь бяльмом на воку, ні кароставы, ні пархаты, ні з пашкоджанымі яйкамі;

21 ніводзін чалавек зь семені Аарона сьвятара, у якога на целе ёсьць хіба, не павінен падыходзіць, каб прыносіць ахвяры Госпаду; хібіна на ім, таму не павінен ён падыходзіць, каб прыносіць хлеб Богу свайму;

22 хлеб Бога свайго зь вялікіх сьвятыняў і са сьвятыняў ён можа есьці;

23 але да заслоны не павінен ён падыходзіць і да ахвярніка не павінен падступацца, бо пахіба на ім: не павінен ён няславіць сьвятыні Маёй, бо Я Гасподзь, Які асьвячае іх.

24 І абвясьціў гэта Майсей Аарону і сынам ягоным і ўсім сынам Ізраілевым.

 

Разьдзел 22

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 скажы Аарону і сынам ягоным, каб яны асьцярожныя былі са сьвятынямі сыноў Ізраілевых і не зьневажалі сьвятога імя Майго ў тым, што яны прысьвячаюць Мне. Я Гасподзь.

3 Скажы ім: калі хто з нашчадкаў вашых у роды вашыя, маючы на сабе нячыстасьць, падступіцца да сьвятыняў, якія прысьвячаюць сыны Ізраілевыя Госпаду, дык зьнішчыцца душа тая ад аблічча Майго. Я Гасподзь.

4 Хто зь семя Ааронавага пракажоны, альбо мае цечыва, той не павінен есьці сьвятыняў, пакуль не ачысьціцца; і хто дакранецца да чаго-небудзь нячыстага ад мёртвага альбо ў каго здарыцца цеча семені,

5 альбо хто дакранецца да якога-небудзь гада, ад якога ён зробіцца нячысты, альбо да чалавека, ад якога ён зробіцца нячысты якой-колечы нячыстасьцю, -

6 той, дакрануўшыся да гэтага, нячысты будзе да вечара і не павінен есьці сьвятыняў раней, чым абмые цела сваё вадою;

7 але калі зойдзе сонца, і ён ачысьціцца, тады можа ён есьці сьвятыні, бо гэта ягоная ежа.

8 Здыхляціны і зьвераядзіны ён не павінен есьці, каб не апаганіцца гэтым. Я Гасподзь.

9 Хай шануюць яны загады Мае, каб не панесьці на сабе грэху і не памерці ў ім, калі парушаць гэта. Я Гасподзь, Які асьвячае іх.

10 Ніхто староньні ня можа есьці сьвятыні; той, хто пасяліўся ў сьвятара, і найміт не павінен есьці сьвятыні;

11 калі ж сьвятар купіць сабе чалавека за срэбра, дык гэты можа есьці яе; таксама і дамачадцы могуць есьці хлеб ягоны.

12 Калі дачка сьвятарова выйдзе замуж за староньняга, дык яна не павінна есьці прынесеных сьвятыняў;

13 а калі дачка сьвятаровая будзе ўдава, альбо разьведзеная, і дзяцей ня будзе ў яе, і вернецца ў дом бацькі свайго, як была ў маладосьці сваёй, тады яна можа есьці хлеб бацькі свайго; і ніхто староньні не павінен есьці яго.

14 хто памылкова зьесьць што-колечы зь сьвятыні, той павінен аддаць сьвятару сьвятыню і дадаць да яе пятую долю яе.

15 Сьвятары самыя не павінны ганьбіць сьвятыні сыноў Ізраілевых, якія яны прыносяць Госпаду,

16 і не павінны наклікаць на сябе віну ў злачынстве, калі будуць есьці сьвятыні свае, бо Я Гасподзь, Які асьвячае іх.

17 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

18 абвясьці Аарону і сынам ягоным і ўсім сынам Ізраілевым і скажы ім: калі хто з дому Ізраілевага, альбо з прыхадняў сярод Ізраільцянаў, хай паводле абяцаньня якога, альбо з руплівасьці прыносіць ахвяру сваю, якую прыносяць Госпаду на цэласпаленьне,

19 дык, каб гэтым набыць упадабаньне ў Бога, ахвяра павінна быць без пахібы, мужчынскага полу, з буйнога быдла, з авечак і з коз.

20 ніякай жывёліны, на якой ёсьць пахіба, ня прыносьце, бо гэта не здабудзе вам упадабаньня.

21 І калі хто прыносіць мірную ахвяру Госпаду, выконваючы абяцаньне, альбо з руплівасьці, з буйнога быдла альбо з дробнага, дык ахвяра павінна быць без пахібы, каб быць даспадобы Богу: ніякай пахібы не павінна быць на ёй;

22 жывёліны сьляпое, альбо пашкоджанай, альбо выродлівай, альбо хворай, альбо кароставай, альбо пархатай, такіх ня прыносьце Госпаду і ў ахвяру не давайце іх на ахвярнік Гасподні;

23 цяля і ягня з чэлесамі, непамерна доўгімі альбо кароткімі, у ахвяру руплівасьці прынесьці можаш; а калі паводле абяцаньня, дык гэта недаспадобы будзе Богу;

24 жывёліны, у якое яйкі раздушаныя, разьбітыя, адарваныя, альбо выразаныя, ня прыносьце Госпаду і ў зямлі вашай не рабеце гэтага;

25 і з рук іншаземцаў ня прыносьце дароў Богу вашаму, бо на іх ёсць хібіна, загана на іх: ня будуць яны прынятыя ад вас.

26 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

27 калі народзіцца цяля, альбо ягня, альбо казьляня, дык сем дзён яны павінны прабыць пры маці сваёй, а з восьмага дня і далей будзе спадобнае на прынясеньне ў ахвяру Госпаду;

28 але ні каровы, ні авечкі не калеце ў той самы дзень з прыплодам яе.

29 Калі прыносіце Госпаду ахвяру падзякі, дык прыносьце яе так, каб яна здабыла вам упадабаньне;

30 таго ж самага дня трэба зьесьці яе, не пакідайце яе да раніцы. Я Гасподзь.

31 І шануйце запаведзі Мае і выконвайце іх. Я Гасподзь.

32 Не зьневажайце сьвятога імя Майго, каб Я быў сьвяты сярод сыноў Ізраілевых. Я Гасподзь, які асьвячае вас,

33 Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам: Я Гасподзь.

 

Разьдзел 23

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім пра сьвяты Гасподнія, у якія трэба склікаць сьвяшчэнныя сходы. Вось сьвяты Мае:

3 шэсьць дзён можна працаваць, а на сёмы дзень субота спакою, сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце; гэта субота Гасподняя ва ўсіх селішчах вашых.

4 Вось сьвяты Гасподнія, сьвяшчэнныя сходы, якія вы павінны склікаць у свой час:

5 у першы месяц, на чатырнаццаты дзень месяца ўвечары Пасха Гасподняя;

6 і на пятнаццаты дзень таго самага месяца сьвята праснакоў Госпаду; сем дзён ежце праснакі;

7 у першы дзень хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце;

8 і сем дзён прыносьце ахвяры Госпаду; і на сёмы дзень таксама сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце.

9 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

10 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі прыйдзеце ў зямлю, якую Я даю вам, і будзеце жаць на ёй жніво, дык прынясеце першы сноп жніва вашага да сьвятара;

11 ён падыме гэты сноп перад Госпадам, каб здабыць вам упадабаньне; на другі дзень сьвята падыме яго сьвятар;

12 і ўдзень уздыманьня прынясеце на цэласпаленьне Госпаду ягня-адналетка, без пахібы,

13 і зь імі хлебнага прынашэньня дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у ахвяру Госпаду, дзеля прыемнай духмянасьці, і выліваньне да яго чвэрць гіна віна;

14 і ніякага новага хлеба, ні сушанага зерня, ні зерня сырога ня ежце да таго дня, калі прынесяце прынашэньні Богу вашаму: гэта вечная пастанова ў роды вашыя ва ўсіх селішчах вашых.

15 Адлічэце сабе ад першага дня пасьля сьвята, ад таго дня, калі прыносіце сноп трасеньня, сем поўных тыдняў,

16 да першага дня пасьля сёмага тыдня адлічэце пяцьдзясят дзён, і тады прынясеце новае хлебнае прынашэньне Госпаду:

17 ад селішчаў вашых прыносьце два хлебныя прынашэньні, якія павінны складацца зь дзьвюх дзясятых долі эфы пшанічнай мукі і павінны быць сьпечаныя кіслыя, першы плод Госпаду;

18 разам з хлябамі пастаўце сем ягнят без пахібы, адналетак, і з буйнога быдла адно цяля і двух бараноў; хай будзе гэта на цэласпаленьне Госпаду, і хлебнае прынашэньне і выліваньне да іх, у ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.

19 Падрыхтуйце таксама са статку коз аднаго казла ў ахвяру за грэх і двух ягнят-адналетак у ахвяру мірную;

20 сьвятар павінен прынесьці гэта, трасучы перад Госпадам, разам з трасёнымі хлябамі першага плоду і з двума ягнятамі, і гэта будзе сьвятыняю Госпаду: сьвятару;

21 і склікайце народ у гэты дзень, сьвяшчэнны сход хай будзе ў вас, ніякай працы не рабеце: гэта пастанова вечная ва ўсіх селішчах вашых у роды вашыя.

22 Калі будзеце жаць жніво на зямлі вашай, не дажынай да краю поля твайго, калі жнеш, і рэштак ад жніва твайго не зьбірай: беднаму і прыхадню пакінь гэта. Я Гасподзь, Бог ваш.

23 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

24 скажы сынам Ізраілевым: у сёмы месяц, у першы дзень месяца хай будзе ў вас спакой, сьвята трубаў, сьвяшчэнны сход;

25 ніякай працы не рабеце і прыносьце ахвяру Госпаду.

26 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

27 таксама на дзявяты дзень сёмага месяца гэтага, дзень ачышчэньня, хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход: упакорвайце душы вашыя і прыносьце ахвяру Госпаду:

28 ніякай працы не рабеце ў дзень гэты, бо гэта дзень ачышчэньня, каб ачысьціць вас перад абліччам Госпада, Бога вашага;

29 і ўсякая душа, якая не ўпакорыць сябе ў дзень гэты, зьнішчыцца з народу свайго;

30 і калі якая душа будзе рабіць якую-небудзь працу ў дзень гэты, Я зьнішчу тую душу з народу яе;

31 ніякай працы не рабеце: гэта пастанова вечная ў роды вашыя, ва ўсіх селішчах вашых;

32 гэта вам субота спакою, і ўпакорвайце душы вашыя, зь вечара дзявятага дня месяца; ад вечара да вечара сьвяткуйце суботу вашую.

33 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

34 скажы сынам Ізраілевым, зь пятнаццатага дня таго самага сёмага месяца сьвята кучак, сем дзён Госпаду;

35 у першы дзень сьвяшчэнны сход, ніякай працы не рабеце;

36 сем дзён прыносьце ахвяру Госпаду; на восьмы дзень сьвяшчэнны сход хай будзе ў вас, і прыносьце ахвяру Госпаду: гэта адданьне сьвята, ніякай працы не рабеце.

37 Вось сьвяты Гасподнія, у якія трэба склікаць сьвяшчэнныя сходы, каб прыносіць у ахвяру Госпаду цэласпаленьне, хлебнае прынашэньне, заколатыя ахвяры і паліваньні, кожнае ў свой дзень,

38 апрача субот Гасподніх і апрача дароў вашых, і апрача ўсіх абяцаньняў вашых і апрача ўсяго, што прыносіце з руплівасьці вашай, што вы даяце Госпаду.

39 А на пятнаццаты дзень сёмага месяца, калі вы зьбіраеце творы зямлі, сьвяткуйце сьвята Гасподняе сем дзён: у першы дзень спакой і ў восьмы дзень спакой;

40 у першы дзень вазьмеце сабе галінкі прыгожых дрэў, галінкі пальмавыя і галінкі дрэў шырокалістых і вербаў рачных, і весялецеся прад Госпадам, Богам вашым сем дзён

41 і сьвяткуйце гэта сьвята Гасподняе сем дзён у год: гэта пастанова вечная ў роды вашыя: на сёмым месяцы сьвяткуйце яго;

42 у намётах жывеце сем дзён; кожны тубылец Ізраільцянін павінен жыць у намёце,

43 каб ведалі роды вашыя, што ў намётах пасяліў Я сыноў Ізраілевых, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш.

44 І абвясьціў Майсей сынам Ізраілевым пра сьвяты Гасподнія.

 

Разьдзел 24

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 загадай сынам Ізраілевым, каб яны прынесьлі табе алею чыстага, выціснутага з алівы, дзеля асьвячэньня, каб няспынна гарэла сьвяцільня;

3 за заслонай каўчэга адкрыцьця ў скініі сходу Аарон і сыны ягоныя павінны ставіць яе прад Госпадам ад вечара да раніцы заўсёды: гэта вечная пастанова ў роды вашыя;

4 на сьвечніку чыстым павінны яны ставіць сьвяцільню перад Госпадам заўсёды.

5 І вазьмі пшанічнай мукі і сьпячы зь яе дванаццаць хлябоў; у кожным хлебе павінны быць дзьве дзясятых эфы;

6 і пакладзі іх у два рады, па шэсьць у рад, на чыстым стале прад Госпадам:

7 і пакладзі на кожны рад чыстага лівану, і будзе гэта пры хлебе, у памяць, у ахвяру Госпаду;

8 у кожны суботні дзень заўсёды трэба класьці іх перад Госпадам ад сыноў Ізраілевых: гэта наказ вечны;

9 Яны будуць належаць Аарону і сынам ягоным, якія будуць есьці іх на сьвятым месцы, бо гэта вялікая сьвятыня ім з ахвяраў Гасподніх: гэта пастанова вечная.

10 І выйшаў сын адной Ізраільцянкі, які нарадзіўся ад Егіпцяніна, да сыноў Ізраілевых, і пасварыўся ў табары сын Ізраільцянкі зь Ізраільцянінам;

11 ганіў сын Ізраільцянкі імя Госпада і ліхасловіў. І прывялі яго да Майсея;

12 і пасадзілі яго пад варту, пакуль ня будзе абвешчана ім воля Гасподняя.

13 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

14 выведзі ганьбоўца прэч з табару, і ўсе, хто чуў яго, няхай пакладуць рукі свае на галаву ягоную, і ўсё супольства пабэе яго камянямі;

15 і сынам Ізраілевым скажы: хто будзе ліхасловіць Бога свайго, той панясе грэх свой;

16 і ганьбовец імя Гасподняга павінен памерці, камянямі пабэе яго ўсё супольства: хай тое прыхадзень, хай тубылец пачне ганіць імя, аддадзены будзе сьмерці.

17 Хто забье якога-небудзь чалавека, той аддадзены будзе сьмерці.

18 Хто забье быдла, павінен заплаціць за яго, быдла за быдла.

19 Хто зробіць шкодзіну на целе блізкага свайго, таму трэба зрабіць тое самае, што ён зрабіў:

20 пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб; як ён зрабіў шкодзіну на целе чалавека, так і яму трэба зрабіць.

21 Хто забье быдла, павінен заплаціць за яго; а хто забэе чалавека, таго трэба аддаць сьмерці.

22 Адзін суд павінен быць у вас, як прыхадню, так і тубыльцу, бо Я Гасподзь, Бог ваш.

23 І сказаў Майсей сынам Ізраілевым; і вывелі ліхаслоўца прэч з табара, і пабілі яго камянямі, і зрабілі сыны Ізраілевыя, як загадаў Гасподзь Майсею.

 

Разьдзел 25

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею на гары Сінай, кажучы:

2 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі прыйдзеце ў зямлю, якую Я даю вам, тады зямля павінна пакоіцца ў суботу Гасподнюю;

3 шэсьць гадоў засявай поле тваё і шэсьць гадоў абразай вінаграднік твой і зьбірай утворы іх,

4 а ў сёмы год хай будзе субота спакою зямлі, субота Гасподняя: поля твайго не засявай і вінаградніка твайго не абразай;

5 што самое вырасьце пасьля жніва твайго, ня зжынай, і гронак зь неабрэзаных лозаў тваіх ня здымай: хай гэта будзе год спакою зямлі;

6 і будзе гэта праз усю суботу зямлі ўсім вам ежаю, табе, і рабу твайму, і рабыні тваёй, і найміту твайму, і пасяленцу твайму, і таму, хто пасяліўся ў цябе;

7 і быдлу твайму і зьвярам, якія на зямлі тваёй, хай будуць усе ўтворы яе ежаю.

8 І налічы сабе сем суботніх гадоў, сем разоў па сем гадоў, каб было ў цябе ў сямі суботніх гадах сорак дзевяць гадоў;

9 і затрубі ў трубу ў сёмы месяц, у дзясяты дзень месяца, у дзень ачышчэньня затрубеце ў трубу па ўсёй зямлі вашай;

10 і асьвяцеце пяцідзясяты год і абвясьцеце свабоду на зямлі ўсім жыхарам яе: хай будзе гэта ў вас юбілей; і вярнецеся кожны ў валоданьне сваё, і кожны вярніся ў свой род.

11 Пяцідзясяты год хай будзе ў вас юбілей: ня сейце і ня жнеце, што самое вырасьце на зямлі, і ня зьбірайце ягад зь неабрэзаных лозаў яе,

12 бо гэта юбілей: сьвяшчэнны хай будзе ён вам; з поля ежце ўтворы яе.

13 У юбілейны год вярнецеся кожны ў валоданьне сваё.

14 Калі будзеш прадаваць што блізкаму твайму, альбо будзеш купляць што ў блізкага твайго, ня крыўдзіце адзін аднаго;

15 паводле разьліку гадоў пасьля юбілею ты павінен купляць у блізкага твайго, і паводле разьліку гадоў прыбытку ён павінен прадаваць табе;

16 калі многа застаецца гадоў, памнож цану; а калі мала гадоў застаецца, паменшы цану, бо пэўную колькасьць гадоў жніва ён прадае табе.

17 Ня крыўдзіце адзін аднаго; бойся Бога твайго, бо Я Гасподзь, Бог ваш.

18 Выконвайце пастановы Мае, і шануйце законы Мае і выконвайце іх, і будзеце жыць спакойна на зямлі;

19 і будзе зямля даваць плод свой, і будзеце есьці ўдосыць і будзеце жыць спакойна на ёй.

20 Калі скажаце, што ж нам есьці ў сёмы год, калі мы ня будзем ні сеяць, ні зьбіраць утвораў нашых?

21 Я пашлю дабраславеньне Маё на вас у шосты год, і ён прынясе ўтворы на тры гады;

22 і будзеце сеяць у восьмы год, але есьці будзеце ўтворы старыя да дзявятага года: пакуль не пасьпеюць утворы яго, будзеце есьці старое.

23 Зямлю нельга прадаваць назаўсёды, бо Мая зямля: вы прыхадні і пасяленцы ў Мяне;

24 па ўсёй зямлі валоданьня вашага дазваляйце выкупляць землі.

25 Калі брат твой зьбяднее і прадасьць з валоданьня свайго, дык прыйдзе блізкі ягоны родзіч і выкупіць прададзенае братам ягоным;

26 а калі ня будзе каму за яго выкупіць, а сам ён будзе мець дастатак і знойдзе, колькі трэба на выкуп,

27 дык няхай ён разьлічыць гады продажу свайго і верне рэшту таму, каму ён прадаў, і ўступіць зноў у валоданьне сваё;

28 а калі ня знойдзе рука ягоная, колькі трэба вярнуць яму, дык прададзенае ім застанецца ў руках пакупца да юбілейнага года, а ў юбілейны год адыдзе яно, і ён зноў уступіць у валоданьне сваё.

29 Калі хто прадасьць жылы дом у горадзе, абнесенным мурам, дык выкупіць яго можна, пакуль пройдзе год ад продажу яго: за год выкупіць яго можна;

30 а калі ня будзе ён выкуплены, пакуль пройдзе год, дык дом, які ў горадзе, што мае мур, застанецца назаўсёды ў пакупца яго ў роды ягоныя і ў юбілей не адыдзе ад яго.

31 А дамы ў селішчах, вакол якіх няма мура, трэба лічыць нароўні з палеткамі зямлі: выкупляць іх можна, і ў юбілей яны адыходзяць.

32 А гарады лявітаў, дамы ў гарадах валоданьня іхняга, лявітам заўсёды можна выкупляць;

33 а хто зь лявітаў ня выкупіць, дык прададзены дом у горадзе валоданьня іхняга ў юбілей адыдзе, бо дамы ў гарадах лявіцкіх складаюць іхняе валоданьне сярод сыноў Ізраілевых:

34 і палёў вакол гарадоў іхніх прадаваць нельга, бо гэта вечнае валоданьне іхняе.

35 Калі брат твой зьбяднее і занепадзе ў цябе, дык падтрымай яго, хай ён прыхадзень, хай пасяленец, каб ён жыў з табою;

36 не бяры зь яго ліхвы і прыбытку і бойся Бога твайго; каб жыў брат твой з табою;

37 срэбра твайго не аддавай яму ў ліхву і хлеба твайго не аддавай яму дзеля прыбытку.

38 Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаанскую, каб быць вашым Богам.

39 Калі зьбяднее ў цябе брат твой і прададзены будзе табе, дык ня ўскладвай на яго працы рабскай:

40 ён павінен быць у цябе як найміт, як пасяленец; да юбілейнага года няхай працуе ў цябе;

41 а тады няхай адыдзе ён ад цябе, сам і дзеці ягоныя зь ім, і вернецца ў род свой і ўступіць зноў у валоданьне бацькоў сваіх, -

42 бо яны - Мае рабы, якіх Я вывеў зь зямлі Егіпецкай: нельга прадаваць іх, як прадаюць рабоў;

43 не валадары над ім жорстка і бойся Бога твайго.

44 А каб раб твой і рабыня твая былі ў цябе, дык купляйце сабе раба і рабыню ў народаў, якія вакол вас;

45 таксама і зь дзяцей пасяленцаў, што асяліліся ў вас, можаце купляць, і з роду іхняга, які ў вас, які ў іх нарадзіўся ў зямлі вашай, і яны могуць быць вашай уласнасьцю;

46 можаце перадаваць іх у спадчыну і сынам вашым пасьля сябе, як маёмасьць; вечна валодайце імі, як рабамі. А над братамі вашымі, сынамі Ізраілевымі, адзін над адным, не валадарце жорстка.

47 Калі прыхадзень альбо пасяленец твой будзе мець дастатак, а брат твой перад ім зьбяднее і прадасца прыхадню, які асяліўся ў цябе, альбо каму-небудзь з роду прыхадня,

48 дык пасьля продажу можна выкупіць яго: хто-небудзь з братоў ягоных павінен выкупіць яго,

49 альбо дзядзька ягоны, альбо сын дзядзькі ягонага павінен выкупіць яго, альбо хто-небудзь з сваяцтва ягонага, з роду ягонага, павінен выкупіць яго; альбо калі будзе мець дастатак, сам выкупіцца.

50 І ён павінен разьлічыцца з пакупцом ягоным, пачынаючы з таго года, калі ён прадаў сябе, да года юбілейнага, і срэбра, за якое ён прадаў сябе, трэба аддаць яму па колькасьці гадоў; як часовы найміт ён павінен быць у яго:

51 І калі яшчэ шмат застаецца гадоў, дык па меры іх ён павінен аддаць на выкуп за сябе срэбра, за якое ён куплены;

52 а калі мала застаецца гадоў да юбілейнага года, дык ён павінен палічыць і па меры гадоў аддаць за сябе выкуп.

53 Ён павінен быць у яго, як найміт, ва ўсе гады; ён не павінен панаваць над ім жорстка ў вачах тваіх.

54 А калі ён ня выкупіцца такім чынам, дык у юбілейны год адыдзе сам і дзеці ягоныя зь ім,

55 бо сыны Ізраілевыя Мае рабы; яны Мае рабы, якіх Я вывеў зь зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш.

 

Разьдзел 26

 

1 Не рабеце сабе куміраў і выяваў, і слупоў ня стаўце ў сябе, і камянёў з выявамі не кладзеце ў зямлі вашай, каб кланяцца перад імі, бо Я Гасподзь, Бог ваш.

2 Суботы Мае шануйце і сьвятыню Маю паважайце: Я Гасподзь.

3 Калі вы будзеце рабіць паводле статутаў Маіх і запаведзі Мае будзеце шанаваць і выконваць іх,

4 дык Я дам вам дажджы ў свой час, і зямля дасьць парасьліны сваёй, і дрэвы польныя дадуць плод свой;

5 і малацьба хлеба будзе дасягаць у вас збору вінаграду, збор вінаграду будзе дасягаць севу, і будзеце есьці хлеб свой удосыць, і будзеце жыць на зямлі ў бясьпецы;

6 пашлю мір на зямлю, ляжаце, і ніхто вас не занепакоіцца, выганю лютых зьвяроў зь зямлі, і меч ня пройдзе па зямлі вашай;

7 і праганяцьмеце ворагаў вашых, і ўпадуць яны перад вамі ад меча;

8 пяцёра з вас прагоняць сто, і сто з вас прагоняць дзесяць тысяч, і ўпадуць ворагі вашы перад вамі ад меча;

9 пагляджу на вас, і пладаноснымі зраблю вас, і памножу вас, і ўстанаўлю запавет Мой з вамі;

10 і будзеце есьці старое леташняе, і выкінеце старое дзеля новага;

11 і пастаўлю селішча Маё сярод вас, і душа Мая не пагрэбуе вамі;

12 і хадзіцьму сярод вас і буду вашым Богам, і вы будзеце Маім народам.

13 Я Гасподзь Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб вы ня былі там рабамі, і разарваў повязі ярма вашага і павёў вас з паднятаю галавою.

14 Калі ж не паслухаецеся Мяне і ня будзеце выконваць усіх наказаў гэтых,

15 і калі пагардзіце Маімі пастановамі, і калі душа вашая пагрэбуе Маімі законамі, так што вы ня будзеце выконваць усіх наказаў Маіх, парушыўшы запавет Мой, -

16 дык Я зраблю з вамі так: пашлю на вас жудасьць, чэзласьць і гарачку, ад якіх стомяцца вочы і вымучыцца душа, і будзеце сеяць насеньне вашае марна, і ворагі вашыя зьядуць яго;

17 павярну аблічча Маё на вас, і будзеце перад ворагамі вашымі, і будуць валадарыць над вамі непрыяцелі вашыя, і пабяжыце, калі ніхто ня гнацьмецца за вамі.

18 І калі пры ўсім гэтым не паслухаецеся Мяне, дык Я сямікроць павялічу пакараньне за грахі вашыя,

19 і зламаю ганарыстую зацятасьць вашую, і неба вашае зраблю, як жалеза, і зямлю вашую, як медзь;

20 і марна будзе вычэрпвацца сіла вашая, і зямля вашая ня дасьць парасьліны сваёй, і дрэвы зямлі не дадуць пладоў сваіх.

21 А калі пойдзеце супроць Мяне і не захочаце слухацца Мяне, дык Я дадам вам удараў сямікроць за грахі вашыя:

22 пашлю на вас зьвяроў польных, якія пазбавяць вас дзяцей, зьнішчаць быдла ваша і вас паменшаць, так што апусьцеюць дарогі вашыя.

23 Калі і пасьля гэтага не паправіцеся і пойдзеце супроць Мяне,

24 дык і Я пайду супроць вас і пабэю вас сямікроць за грахі вашыя,

25 і навяду на вас помсны меч у адплату за запавет; калі ж пахаваецеся ў гарады вашыя, дык пашлю на вас пошасьць, і аддадзены будзеце ў рукі ворага;

26 хлеб, які мацуе чалавека, зьнішчу ў вас; дзесяць жанчын будуць пячы хлеб ваш у адной печы і аддавацьмуць хлеб ваш на вагу; вы будзеце есьці і ня будзеце сытыя.

27 А калі і пасьля гэтага не паслухаецеся Мяне і пойдзеце супроць Мяне,

28 дык і Я ў лютасьці пайду супроць вас і пакараю вас сямікроць за грахі вашыя,

29 і будзеце есьці плоць сыноў вашых, і плоць дочак вашых есьцімеце:

30 спустошу вышыні вашыя, і разбуру слупы вашыя, і скіну трупы вашыя на руіны ідалаў вашых, і пагрэбуе душа Мая вамі;

31 гарады вашыя зраблю пустыняю, і спустошу сьвятыні вашыя, і ня буду нюхаць прыемнай духмянасьці ахвяраў вашых;

32 і спустошу зямлю вашу, так што зьдзівяцца зь яе ворагі вашы, што пасяліліся на ёй;

33 а вас расьсею сярод народаў і агалю сьледам за вамі меч, і будзе зямля ваша пустая і гарады вашы разбураныя.

34 Тады адшкадуе сябе зямля за суботы свае ва ўсе дні запусьценьня свайго; а калі вы будзеце ў зямлі ворагаў вашых, тады будзе пакоіцца зямля і адшкадуе сябе за суботы свае;

35 ва ўсе дні запусьценьня будзе яна пакоіцца, колькі не пакоілася ў суботы вашыя, калі вы жылі на ёй.

36 Астаткам вашым пашлю ў сэрца баязьлівасьць у зямлі ворагаў іхніх, і шум трапятаньня ліста пагоніць іх, і пабягуць як ад меча, і ўпадуць, калі ніхто не даганяе,

37 і спатыкнуцца адзін аб аднаго, як ад меча, тым часам як ніхто не даганяцьме, і ня будзе ў вас сілы супроцьстаяць ворагам вашым;

38 і загінеце сярод народаў, і зжарэ вас зямля ворагаў вашых;

39 а астаткі вашыя счэзнуць за свае беззаконьні ў землях ворагаў вашых і за беззаконьні бацькоў сваіх счэзнуць;

40 тады прызнаюцца яны ў беззаконьні сваім і ў беззаконьні бацькоў сваіх, як яны ўчынялі злачынствы супроць Мяне і ішлі супроць Мяне,

41 за што і Я ішоў супроць іх і ўвёў іх у зямлю ворагаў іхніх; тады ўпакорыцца неабрэзанае сэрца іхняе, і тады пацерпяць яны за беззаконьні свае.

42 І Я ўзгадаю запавет Мой зь Якавам і запавет Мой зь Ісаакам, і запавет Мой з Абрагамам узгадаю, і зямлю ўзгадаю;

43 тым часам як зямля пакінута будзе імі і будзе адшкадоўваць сябе за суботы свае, апусьцеўшы ад іх, і яны будуць цярпець за сваё беззаконьне, за тое, што пагарджалі законамі Маімі і душа іхняя грэбавала пастановамі Маімі,

44 і тады як яны будуць у зямлі ворагаў іхніх, - Я не пагляджу на іх і не пагрэбую імі настолькі, каб зьнішчыць іх, каб разбурыць запавет Мой зь імі, бо Я Гасподзь, Бог іхні;

45 нагадаю ім пра запавет іхні з продкамі, якіх вывеў Я зь зямлі Егіпецкай перад вачыма народаў, каб быць іхнім Богам. Я Гасподзь.

46 Вось пастановы і вызначэньні і законы, якія пастанавіў Гасподзь паміж Сабою і сынамі Ізраілевымі на гары Сінай праз Майсея.

 

Разьдзел 27

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі хто дае абяцаньне прысьвяціць душу Госпаду паводле ацэны тваёй,

3 дык ацэна твая мужчыну ад дваццаці гадоў да шасьцідзесяці павінна быць пяцьдзясят сікляў срэбраных, па сіклі сьвяшчэнным;

4 а калі гэта жанчына, дык ацэна твая павінна быць трыццаць сікляў;

5 ад пяці гадоў да дваццаці ацэна твая мужчыну павінна быць дваццаць сікляў, а жанчыне дзесяць сікляў;

6 а ад месяца да пяці гадоў ацэна твая мужчыну павінна быць пяць сікляў срэбра, а жанчыне ацэна твая тры сіклі срэбра;

7 ад шасьцідзесяці гадоў і вышэй мужчыну ацэна твая павінна быць пятнаццаць сікляў срэбра, а жанчыне дзесяць сікляў.

8 А калі ён бедны і ня мае сілы аддаць паводле ацэны тваёй, дык няхай прывядуць яго да сьвятара, і сьвятар няхай ацэніць яго: суразьмерна са станам таго, хто даў абяцаньне, няхай ацэніць яго сьвятар.

9 А калі тое будзе быдла, якое прыносяць у ахвяру Госпаду, дык усё, што дадзена Госпаду, павінна быць сьвятое:

10 нельга выменьваць яго і замяняць добрае благім, альбо благое добрым; а калі пачне хто замяняць быдла быдлам, дык і яно і замена ягоная будзе сьвятыняю.

11 А калі тое будзе якое-небудзь быдла нячыстае, якое ня прыносяць у ахвяру Госпаду, дык трэба прывесьці быдла сьвятару,

12 і сьвятар ацэніць яго, добрае яно ці благое, і як ацэніць сьвятар, так і павінна быць;

13 а калі хто хоча выкупіць яго, дык няхай дадасьць пятую долю да ацэны сваёй.

14 Калі хто прысьвячае дом свой у сьвятыню Госпаду, дык сьвятар павінен ацаніць яго, добры ён ці благі, і як ацэніць яго сьвятар, так і станецца;

15 а калі той, хто прысьвяціў, захоча выкупіць дом свой, дык няхай дадасьць пятую долю срэбра ацэны тваёй, і будзе ягоны.

16 Калі поле з валоданьня свайго прысьвяціў хто Госпаду, дык ацэна твая павінна быць паводле меры пасеву: за пасеў гомера ячменю пяцьдзясят сікляў срэбра;

17 калі ад юбілейнага года прысьвячае хто поле сваё, - павінна стацца паводле ацэны тваёй;

18 а калі пасьля юбілею прысьвячае хто поле сваё, дык сьвятар павінен разьлічыць срэбра па меры гадоў, што засталіся да юбілейнага года і трэба ўбавіць з ацэны тваёй;

19 а калі захоча выкупіць поле той, хто прысьвяціў яго, дык няхай ён дадасьць пятую долю срэбра ацэны тваёй, і яно застанецца за ім;

20 а калі ён ня выкупіць поля, і будзе прададзена поле іншаму чалавеку, дык ужо нельга выкупіць:

21 поле тое, калі яно ў юбілей адыдзе, будзе сьвятыняю Госпаду, як бы поле заклятае; сьвятару дастанецца яно на валоданьне.

22 А калі хто прысьвеціць Госпаду поле купленае, якое не з палеткаў яго валоданьня,

23 дык сьвятар павінен разьлічыць яму колькасьць ацэны да юбілейнага года, і павінен ён аддаць паводле разьліку ў той самы дзень, як сьвятыню Гасподнюю;

24 а поле ў юбілейны год пяройдзе зноў да таго, у каго куплена, каму належыць валоданьне тою зямлёю.

25 Усякая ацэна твая павінна быць у сіклях сьвяшчэнных, дваццаць гераў павінна быць у сіклі.

26 Толькі першынцаў з быдла, якія паводле першаснасьці належаць Госпаду, не павінен ніхто прысьвячаць: хай тое вол, хай дробнае быдла, - Гасподнія яны.

27 А калі быдла нячыстае, дык трэба выкупіць паводле ацэны тваёй і дадаць да таго пятую долю; калі ня выкупяць, дык трэба прадаць паводле ацэны тваёй.

28 Толькі ўсё заклятае, што пад закляцьцем аддае чалавек Госпаду са сваёй уласнасьці, - хай чалавека, хай быдла, хай поле свайго валоданьня, - не прадаецца і не выкупаецца: усё заклятае ёсьць вялікая сьвятыня Гасподняя;

29 усё заклятае, што заклята ад людзей, ня выкупаецца: яно павінна быць аддадзена сьмерці.

30 І ўсякая дзесяціна на зямлі з насеньня зямлі і з пладоў дрэва належыць Госпаду: гэта сьвятыня Гасподняя;

31 а калі хто захоча выкупіць дзесяціну сваю, дык няхай прыкладзе да цаны яе пятую долю.

32 І ўсякую дзесяціну з буйнога і дробнага быдла, з усяго, што праходзіць пад кіем дзясятае, трэба прысьвячаць Госпаду;

33 ня трэба разьбіраць, добрае яно, ці благое, і ня трэба замяняць яго; а калі хто заменіць яго, дык і само яно і замена ягоная будзе сьвятыняю і ня можа быць выкуплена.

34 Вось запаведзі, якія наказаў Гасподзь Майсею дзеля сыноў Ізраілевых на гары Сінай.

 

Лікі

 

Разьдзел 1

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею ў пустыні Сінайскай, у скініі сходу, у першы дзень другога месяца, на другі год пасьля выхаду іх зь зямлі Егіпецкай, кажучы:

2 палічэце ўсё супольства сыноў Ізраілевых па родах іхніх, па сямействах іхніх, па ліку імёнаў усіх мужчынскага роду пагалоўна:

3 ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць у Ізраіля, па рушэньнях іхніх палічэце іх - ты і Аарон;

4 з вамі павінны быць з кожнага племя па адным чалавеку, які ў родзе сваім галоўны.

5 І вось імёны мужоў, якія будуць з вамі: ад Рувіма Еліцур, сын Шэдэураў;

6 ад Сымона Шэлумііл, сын Цурышадаеў;

7 ад Юды Наасон, сын Амінадаваў;

8 ад Ісахара Натанаіл, сын Цуараў;

9 ад Завулона Эліяў, сын Хэлонаў;

10 ад сыноў Язэпа: ад Яфрэма Элішама, сын Аміудаў; ад Манасіі Гамалііл, сын Пэдацураў;

11 ад Веньяміна Авідан, сын Гідэонаў;

12 ад Дана Ахіязэр, сын Амішадаеў;

13 ад Асіра Пагііл, сын Ахранаў;

14 ад Гада Эліясаф, сын Рэгуілаў;

15 ад Нэфталіма Ахіра, сын Энанаў.

16 Гэта - выбраныя мужы супольства, правадыры плямёнаў бацькоў сваіх, галовы тысячаў Ізраілевых.

17 І ўзяў Майсей і Аарон мужоў гэтых, якія названы паіменна,

18 і сабралі яны ўсё супольства ў першы дзень другога месяца; і абвясьцілі яны радаводы свае, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, пагалоўна,

19 як загадаў Гасподзь Майсею. І зрабіў ён пералік ім у пустыні Сінайскай.

20 І было сыноў Рувіма, першынца Ізраілевага, паводле родаў іхніх, паводле плямёнаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, пагалоўна, усіх мужчынскага полу, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

21 налічана ў калене Рувімавым сорак шэсьць тысяч пяцьсот.

22 Сыноў Сымонавых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, пагалоўна, усіх мужчынскага полу, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

23 налічана ў калене Сымонавым пяцьдзясят дзевяць тысяч трыста.

24 Сыноў Гадавых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

25 налічана ў калене Гадавым сорак пяць тысяч шэсьцьсот пяцьдзясят.

26 Сыноў Юдавых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

27 налічана ў калене Юдавым сямсот чатыры тысячы шэсьцьсот.

28 Сыноў Ісахаравых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

29 налічана ў калене Ісахаравым пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста.

30 Сыноў Завулонавых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

31 налічана ў калене Завулонавым пяцьдзясят сем тысяч чатырыста.

32 Сыноў Язэпавых, сыноў Яфрэмавых, паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

33 налічана ў калене Яфрэмавым сорак тысяч пяцьсот.

34 Сыноў Манасііных паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

35 налічана ў калене Манасііным трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце.

36 Сыноў Веньямінавых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

37 налічана ў калене Веньямінавым трыццаць пяць тысяч чатырыста.

38 Сыноў Данавых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

39 налічана ў калене Данавым шэсьцьдзясят дзьве тысячы сямсот.

40 Сыноў Асіравых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

41 налічана ў калене Асіравым сорак адна тысяча пяцьсот.

42 Сыноў Нэфталімавых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

43 налічана ў калене Нэфталімавым пяцьдзясят тры тысячы чатырыста.

44 Вось тыя, што ўвайшлі ў пералік, якіх палічыў Майсей і Аарон і правадыры Ізраіля - дванаццаць чалавек, па адным чалавеку з кожнага роду.

45 І было ўсіх, што ўвайшлі ў пералік, сыноў Ізраілевых, паводле сямействаў іхніх, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць у Ізраіля,

46 і было ўсіх, што ўвайшлі ў пералік, шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят.

47 А лявіты паводле пакаленьняў бацькоў іхніх ня былі палічаны сярод іх.

48 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

49 Толькі племя Лявіінага ня ўнось у перапіс і ня лічы іх разам з сынамі Ізраіля;

50 а даручы лявітам скінію адкрыцьця і ўсе прылады яе і ўсё, што пры ёй: няхай яны носяць скінію і ўсе прылады яе, і служаць пры ёй, і каля скініі няхай ставяць табар свой;

51 і калі трэба пераносіць скінію, няхай падымаюць яе лявіты, калі трэба спыняцца скініі, няхай ставяць яе лявіты; а калі падступіцца хто староньні, аддадзены будзе сьмерці.

52 Сыны Ізраілевыя павінны станавіцца кожны ў табары сваім і кожны пры сваім сьцягу, рушэньнямі сваімі;

53 а лявіты павінны ставіць табар каля скініі адкрыцьця, каб ня было гневу на супольства сыноў Ізраілевых, і будуць лявіты стаяць на варце каля скініі адкрыцьця.

54 І зрабілі сыны Ізраілевыя: як загадаў Гасподзь Майсею, так яны і зрабілі.

 

Разьдзел 2

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:

2 сыны Ізраілевыя павінны кожны ставіць табар свой каля сьцяга свайго, каля знакаў сямействаў сваіх; перад скініяй сходу вакол павінны ставіць табар свой.

3 Сьпераду на ўсход ставяць табар: сьцяг табару Юдавага па рушэньнях іхніх, і правадыр сыноў Юды Наасон, сын Амінадаваў,

4 і войска ягонага, якое ўвайшло ў падлік ягоны, семдзесят чатыры тысячы шэсьцьсот;

5 пасля яго ставіць табар племя Ісахаравае, і правадыр сыноў Ісахаравых Натанаіл, сын Цуараў,

6 і войска ягонага, якое ўвайшло ў падлік ягоны, пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста;

7 племя Завулонавае, і правадыр сыноў Завулонавых Эліяў, сын Хэлонаў,

8 і войска ягонага, якое ўвайшло ў падлік ягоны, пяцьдзясят сем тысяч чатырыста;

9 усіх, што ўвайшлі ў падлік да табару Юдавага, сто восемдзесят шэсьць тысяч чатырыста, па рушэньнях іхніх; яны павінны выпраўляцца першыя.

10 Сьцяг табару Рувімавага на поўдзень, па рушэньнях іхніх, і правадыр сыноў Рувімавых Эліцур, сын Шэдэураў,

11 і войска ягонага, якое ўвайшло ў падлік ягоны, сорак шэсьць тысяч пяцьсот;

12 каля яго ставіць табар племя Сымонавага, і правадыр сыноў Сымона Шалумііл, сын Цурышадаеў,

13 і войска ягонага, якое ўвайшло ў падлік ягоны, пяцьдзясят дзевяць тысяч трыста;

14 потым племя Гадавае, і правадыр сыноў Гадавых Эліясаф, сын Рэгуілаў,

15 і воінства ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, сорак пяць тысяч шэсьцьсот пяцьдзясят;

16 усіх, што ўвайшлі ў падлік да табару Рувімавага, сто пяцьдзясят адна тысяча чатырыста пяцьдзясят, па рушэньнях іхніх; другімі яны павінны выпраўляцца.

17 Калі пойдзе скінія сходу, табар лявітаў будзе ўсярэдзіне табараў. Як стаяць, так і павінны ісьці, кожны на сваім месцы пад сьцягамі сваімі.

18 Сьцяг табару Яфрэмавага паводле рушэньняў іхніх на захад, і правадыр сыноў Яфрэмавых Элішама, сын Аміудаў,

19 і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, сорак тысяч пяцьсот;

20 Каля яго племя Манасіінае, і правадыр сыноў Манасііных Гамалііл, сын Пэдацураў,

21 і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце;

22 потым племя Веньямінавае, і правадыр сыноў Веньямінавых Авідан, сын Гідэонаў,

23 і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, трыццаць пяць тысяч чатырыста; трэцімі яны павінны выпраўляцца

24 Усіх, што ўвайшлі ў падлік да табару Яфрэма, сто восем тысяч сто, паводле рушэньняў іхніх, трэцімі яны павінны выпраўляцца.

25 Сьцяг табару Данавага на поўнач, паводле рушэньняў іхніх, і правадыр сыноў Данавых Ахіезэр, сын Амішадаеў,

26 і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, шэсьцьдзясят дзьве тысячы сямсот;

27 каля яго ставіць табар племя Асіравае, і правадыр сыноў Асіравых Пагііл, сын Ахранаў,

28 і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, сорак адна тысяча пяцьсот;

29 далей племя Нэфталімавае, і правадыр сыноў Нэфталімавых Ахіра, сын Энанаў,

30 і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, пяцьдзясят тры тысячы чатырыста;

31 усіх, што ўвайшлі ў падлік да табару Данавага, сто пяцьдзясят сем тысяч шэсьцьсот; яны павінны ісьці апошнія пад сьцягамі сваімі.

32 Вось сыны Ізраіля паводле сямействаў іхніх, што ўвайшлі ў падлік. Усіх, што ўвайшлі ў падлік у табарах, паводле рушэньняў іхніх, шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят.

33 А лявіты не ўвайшлі ў падлік разам з сынамі Ізраіля, як загадаў Гасподзь Майсею.

34 І зрабілі сыны Ізраілевыя ўсё, што загадаў Гасподзь Майсею: так станавіліся табарамі пад сьцягамі сваімі і так ішлі кожны па родах сваіх, па сямействах сваіх.

 

Разьдзел 3

 

1 Вось радавод Ааронаў і Майсееў, калі гаварыў Гасподзь Майсею на гары Сінаі,

2 вось імёны сыноў Ааронавых: першынец Надаў, Авіуд, Элеазар і Ітамар;

3 гэта імёны сыноў Ааронавых, сьвятароў, памазаных, якіх ён прысьвяціў, каб сьвятарылі;

4 але Надаў і Авіуд памерлі перад абліччам Гасподнім, калі яны прынесьлі агонь чужы перад аблічча Госпада ў пустыні Сінайскай, а дзяцей у іх ня было, і засталіся сьвятарамі Элеазар і Ітамар пры Аароне,

5 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

6 прывядзі племя Лявіінае і пастаў яго перад Ааронам сьвятаром, каб яны служылі яму;

7 і няхай яны будуць на варце замест яго і на варце замест усяго супольства пры скініі сходу, каб несьці службы пры скініі;

8 і няхай шануюць усе рэчы скініі сходу і будуць на варце замест сыноў Ізраілевых, каб несьці службу пры скініі;

9 аддай лявітаў Аарону і сынам ягоным: няхай будуць яны аддадзены яму з сыноў Ізраілевых;

10 а Аарону і сынам ягоным даручы, каб яны даглядалі сьвятарскую пасаду сваю; а калі падступіцца хто староньні, аддадзены будзе сьмерці.

11 І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

12 вось, я ўзяў лявітаў з сыноў Ізраілевых замест усіх першынцаў, якія размыкаюць сьцёгны з сыноў Ізраілевых; лявіты будуць Мае,

13 бо ўсе першынцы - Мае; таго дня, калі пабіў Я ўсіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, асьвяціў Я Сабе ўсіх першынцаў Ізраілевых ад чалавека да быдла: яны павінны быць Мае. Я Гасподзь.

14 І наказаў Гасподзь Майсею ў пустыні Сінайскай:

15 палічы сыноў Лявііных паводле сямействаў іхніх, паводле родаў іхніх, усіх мужчынскага полу ад аднаго месяца і вышэй палічы.

16 І палічыў іх Майсей па слове Гасподнім, як загадана.

17 І вось сыны Лявііныя па імёнах іхніх: Гірсон, Каат і Мэрары.

18 І вось імёны сыноў Гірсонавых па родах іхніх: Ліўні і Шымэй.

19 І сыны Каата па родах іхніх: Амрам і Іцгар, Хэўрон і Ўзііл.

20 І сыны Мэрары па родах іхніх, Махлі і Мушы. Вось роды Лявііныя па сямействах іхніх.

21 Ад Гірсона род Ліўні і род Шымэя: гэта роды Гірсонавыя.

22 Палічаных было ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй, сем тысяч пяцьсот.

23 Роды Гірсонавыя павінны спыняцца за скініяй на захад;

24 правадыр пакаленьня сыноў Гірсонавых Эліясаф, сын Лаэлаў;

25 ахове сыноў Гірсонавых у скініі сходу даручаецца скінія і покрыва яе, і заслона на ўваходзе ў скінію сходу,

26 і заслоны двара, і заслона на ўваходзе ў двор, які вакол скініі і ахвярніка, і вяроўкі яе, з усімі іх прыладамі.

27 Ад Каата род Амрамаў і род Іцгараў, і род Хэўронаў і род Узіілаў: гэта роды Каатавыя.

28 Па ліку ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй, восем тысяч шэсьцьсот, якія ахоўвалі сьвятыню.

29 Роды сыноў Каатавых павінны ставіць табар свой з паўднёвага боку скініі;

30 а правадыр пакаленьня родаў Каатавых Элцатан, сын Узіілаў;

31 пад аховаю ў іх каўчэг, стол, сьвяцільня, ахвярнікі, сьвяшчэнны посуд, які ўжываецца пры службе, і заслона з усімі яе прыладамі.

32 Правадыр над правадырамі лявітаў Элеазар, сын Аарона сьвятара; пад яго наглядам тыя, каму даверана ахова сьвятыні.

33 Ад Мэрары род Махлі і род Мушы: гэта род Мэрары;

34 палічаных па ліку ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй - шэсьць тысяч дзьвесьце;

35 правадыр пакаленьня родаў Мэрары Цурыіл, сын Авіхаілаў; яны павінны ставіць табар свой на паўночным баку скініі;

36 ахове сыноў Мэрары даручаюцца брусы скініі і жэрдзі яе, і слупы яе і падножжы яе і ўсе рэчы яе, з усім уладкаваньнем іх.

37 І слупы двара з усіх бакоў і падножжа іхняе, і колцы іхнія і вяроўкі іхнія.

38 А зь пярэдняга боку скініі, на ўсход перад скініяй сходу, павінны ставіць табар Майсей і Аарон і сыны ягоныя, якім даверана ахаваньне сьвятыні за сыноў Ізраілевых; а калі падступіцца хто староньні, аддадзены будзе сьмерці.

39 Усіх палічаных лявітаў, якіх палічыў Майсей і Аарон па загадзе Гасподнім, паводле родаў іхніх, усіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзьве тысячы.

40 І сказаў Гасподзь Майсею: палічы ўсіх першынцаў мужчынскага полу з сыноў Ізраілевых, ад аднаго месяца і вышэй, і пералічы іх паіменна;

41 і вазьмі лявітаў дзеля Мяне, - Я Гасподзь, - замест усіх першынцаў з сыноў Ізраіля, а быдла лявітаў замест усяго першароднага быдла сыноў Ізраілевых.

42 І палічыў Майсей, як загадаў яму Гасподзь, усіх, першынцаў з сыноў Ізраілевых,

43 і было ўсіх першынцаў мужчынскага полу, па ліку імёнаў, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце семдзесят тры.

44 І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

45 вазьмі лявітаў замест усіх першынцаў з сыноў Ізраіля і быдла лявітаў замест быдла іхняга; няхай лявіты будуць Мае. Я Гасподзь.

46 А выкуп двухсот сямідзесяці трох, якія лішнія ў ліку лявітаў, зь першынцаў Ізраілевых,

47 вазьмі па пяць сікляў за чалавека, па сіклі сьвяшчэнным вазьмі, дваццаць гераў у сіклі

48 і аддай срэбра гэта Аарону і сынам ягоным, у выкуп за лішніх у ліку іхнім.

49 І ўзяў Майсей срэбра выкупу за лішніх у ліку замененых лявітамі,

50 ад першынцаў Ізраілевых узяў срэбра тысячу трыста шэсьцьдзясят пяць сікляў, па сіклі сьвяшчэнным,

51 і аддаў Майсей срэбра выкупу Аарону і сынам ягоным па слове Гасподнім, як загадаў Гасподзь Майсею.

 

Разьдзел 4

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:

2 палічы сыноў Каатавых з сыноў Лявіі паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх,

3 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усіх здольных да службы, каб несьці працу ў скініі сходу.

4 Вось служба сыноў Каатавых у скініі сходу: насіць Сьвятое Сьвятых.

5 Калі табару трэба выправіцца ў дарогу, Аарон і сыны ягоныя ўвойдуць, і здымуць заслону, якою закрываюць, і накрыюць ёю каўчэг адкрыцьця;

6 і пакладуць на яе покрыва са скураў сіняга колеру, а паўзьверх яго накінуць покрыва ўсё з блакітнай воўны, і ўставяць жэрдкі яго;

7 і стол хлябоў ахвяраваньня накрыюць тканінай з блакітнай воўны, і паставяць на ім місы, талеркі, чары і кубкі для паліваньня, і хлеб яго заўсёдны павінен быць на ім;

8 і пакладуць на іх тканіну барвовую, і накрыюць яе покрывам са скуры сіняга колеру, і ўставяць жэрдкі яго;

9 і возьмуць тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць сьвяцільню і лампады яго, і абцугі яго і латкі яго, і ўвесь посуд пад алей, які ўжываецца пры ім,

10 і накрыюць яго і ўсе прылады яго покрывам са скураў сініх, і пакладуць на насілкі;

11 і на залаты ахвярнік пакладуць тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць яго покрывам са скураў сініх, і ўставяць жэрдкі яго.

12 І возьмуць усе рэчы службовыя, якія ўжываюцца на служэньні ў сьвятыні, і пакладуць у тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць іх покрывам са скураў сініх, і пакладуць на насілкі.

13 І ачысьцяць ахвярнік ад попелу і накрыюць яго тканінаю пурпуроваю;

14 і пакладуць на яго ўвесь посуд яго, які ўжываецца ў служэньні каля яго - вугольніцы, відэльцы, лапаткі і чары, увесь посуд ахвярніка - і накрыюць яго покрывам са скураў сініх, і ўставяць жэрдкі яго.

15 Калі, пры выпраўленьні ў дарогу табара, Аарон і сыны ягоныя накрыюць усю сьвятыню і ўсе рэчы сьвятыні, тады сыны Кааты падыдуць, каб несьці; але не павінны яны дакранацца да сьвятыні, каб не памерці. Гэтыя часткі скініі сходу павінны насіць сыны Каатавыя.

16 Элеазару, сыну Аарона сьвятара, даручаецца алей для сьвяцільні і пахучае дымленьне, і заўсёднае хлебнае прынашэньне і алей памазаньня, - даручаецца ўся скінія і ўсё, што ў ёй, сьвятыня і прылады яе.

17 І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:

18 не загубеце племя родаў Каатавых спасярод лявітаў,

19 але вось, што зрабеце ім, каб яны былі жывыя і не памерлі, калі падыходзяць да Сьвятога Сьвятых: Аарон і сыны Ягоныя няхай прыйдуць і паставяць іх кожнага ў служэньні ягоным і каля ношы ягонае;

20 але самыя яны не павінны падыходзіць, глядзець сьвятыню; калі накрываюць яе, каб не памерці.

21 І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

22 палічы і сыноў Гірсонавых паводле сямействаў іхніх, паводле родаў іхніх,

23 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, палічы іх усіх здольных да службы, каб рабіць працу пры скініі сходу.

24 Вось працы сямействаў Гірсонавых, пры іхнім служэньні і нашэньні цяжараў:

25 яны павінны насіць покрывы скініі, і скінію сходу, і покрыва яе, і покрыва скураное сіняе, якое паверсе яго, і заслону на ўваход у скінію сходу,

26 і заслоны двара, і заслону на ўваход у двор, які вакол скініі і ахвярніка, і вяроўкі іх і ўсе рэчы, якія належаць да іх; і ўсё, што робіцца пры іх, яны павінны рабіць;

27 па загадзе Аарона і сыноў ягоных павінны чыніцца ўсе службы сыноў Гірсонавых пры ўсякім нашэньні цяжараў і ўсякай працы іхняй, і даручэце іх захаваньню ўсё, што яны носяць;

28 вось службы родаў сыноў Гірсонавых у скініі сходу, і вось, што даручаецца іх захаваньню пад наглядам Ітамара, сына Аарона, сьвятара.

29 Сыноў Мэрарыных паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх палічы,

30 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, палічы ўсіх здольных да службы, каб рабіць працу пры скініі сходу.

31 Вось, што яны павінны насіць, паводле службы іхняй пры скініі сходу: брусы скініі і жэрдкі яе, і слупы яе і падножжы яе,

32 і слупы двара з усіх бакоў і падножжы іх, і калы іх і вяроўкі іх, і ўсе рэчы пры іх і ўсе прылады іх; і паімнённа палічэце рэчы, якія яны абавязаны насіць;

33 вось працы родаў сыноў Мэрарыных, паводле службы іх пры скініі сходу, пад нагладам Ітамара, сына Аарона, сьвятара.

34 І палічылі Майсей і Аарон і правадыры супольства сыноў Каатавых паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,

35 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усіх здольных да службы, для працы ў скініі сходу;

36 і было палічана, паводле родаў іхніх, дзьве тысячы сямсот пяцьдзясят:

37 гэта - палічаныя з родаў Каатавых, усе службіты пры скініі сходу, якіх палічыў Майсей і Аарон па загадзе Гасподнім, наказаным праз Майсея.

38 І палічаны сыны Гірсонавыя паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,

39 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы, для працы ў скініі сходу;

40 і было палічана паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, дзьве тысячы шэсьцьсот трыццаць:

41 гэта - палічаныя з родаў сыноў Гірсона, усе службіты пры скініі сходу, якіх палічыў Майсей і Аарон, па загадзе Гасподнім.

42 І палічаны роды сыноў Мэрарыных паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх,

43 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы, для працы пры скініі сходу;

44 і было налічана паводле родаў іхніх тры тысячы дзьвесьце:

45 гэта - палічаныя з родаў сыноў Мэрарыных, якіх палічыў Майсей і Аарон па загадзе Гасподнім, наказаным праз Майсея.

46 І палічаны ўсе лявіты, якіх палічыў Майсей і Аарон і правадыры Ізраіля паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,

47 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы ў працы і нашэньня ў скініі сходу;

48 і было налічана іх восем тысяч пяцьсот восемдзесят;

49 па загадзе Гасподнім праз Майсея вызначаны яны кожны да сваёй працы і нашэньня, і палічаны, як загадаў Гасподзь Майсею.

 

Разьдзел 5

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею:

2 загадай сынам Ізраілевым выслаць з табара ўсіх пракажоных, і ўсіх кравацечных, і ўсіх, што апаганіліся ад мёртвага,

3 і мужчын і жанчын вышліце, за табар вышліце іх, каб не апаганьвалі яны табараў сваіх, сярод якіх Я жыву.

4 І зрабілі так сыны Ізраілевыя і вынесьлі прэч з табара: так казаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі сыны Ізраілевыя.

5 І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

6 скажы сынам Ізраілевым: калі мужчына альбо жанчына зробіць які-небудзь грэх супроць чалавека і праз гэта ўчыніць злачынства супроць Госпада, і вінаватая будзе душа тая,

7 дык няхай паспавядаюцца ў грэху сваім, які яны зрабілі, і вернуць поўніцай тое, у чым яны вінаватыя, і дакладуць да таго пятую долю і аддадуць таму, супроць каго зграшылі;

8 а калі ў яго няма спадчыньніка, якому трэба было б аддаць за віну, дык прысьвяціць гэта Госпаду: няхай будзе гэта сьвятару, звыш барана ачышчэньня, якім ён ачысьціць яго;

9 і ўсякае паднашэньне з усіх сьвятыняў сыноў Ізраілевых, якія яны прыносяць да сьвятара, яму належыць,

10 і прысьвечанае кім-небудзь яму належыць; усё, што дасьць хто сьвятару, яму належыць.

11 І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

12 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі здрадзіць каму жонка і парушыць вернасьць яму,

13 і перасьпіць хто зь ёю і вылье семя, і гэта будзе схавана ад вачэй мужа яе, і яна апаганіцца тайна, і ня будзе на яе сьведкі, і ня будзе выкрыта,

14 і ўвойдзе ў яго дух рэўнасьці, і будзе раўнаваць жонку сваю, калі яна апаганеная, альбо ўвойдзе ў яго дух рэўнасьці, і ён будзе раўнаваць жонку сваю, калі яна не апаганеная, -

15 няхай прывядзе муж жонку сваю да сьвятара і прынясе за яе ў ахвяру дзясятую долю эфы ячнай мукі, але ня вылівае на яе алею і не кладзе лівану, бо гэта прынашэньне раўнаваньня, прынашэньне ўспаміну, якое нагадвае пра беззаконства;

16 а сьвятар няхай прывядзе і паставіць яе перад абліччам Гасподнім,

17 і возьме сьвятар сьвятой вады ў гліняны посуд, і возьме сьвятар зямлі з падлогі скініі і пакладзе ў ваду;

18 і паставіць сьвятар жонку перад абліччам Гасподнім, і аголіць галаву жонцы, і дасьць ёй у рукі прынашэньне ўспаміну, гэта прынашэньне раўнаваньня, а ў руцэ ў сьвятара будзе горкая вада, якая наводзіць праклён.

19 І закляне яе сьвятар і скажа жонцы: калі ніхто не пераспаў з табою, і ты не апаганілася і ня здрадзіла мужу свайму, дык цэлая будзеш ад гэтай вады горкай, якая наводзіць праклён;

20 але калі ты здрадзіла мужу твайму і апаганілася, і калі хто пераспаў з табою апрача мужа твайго, -

21 тады сьвятар хай закляне жонку кляцьбою праклёну і скажа сьвятар жонцы: хай пракляне цябе Гасподзь і аддасьць кляцьбе ў народзе тваім, і хай зробіць Гасподзь, каб улоньне тваё апала і жывот твой апух;

22 і хай пройдзе вада гэтая, якая наводзіць праклён, у нутрыну тваю, каб апух жывот і апала ўлоньне. І скажа жонка: амін, амін.

23 І напіша сьвятар заклёны гэтыя на зьвітку і змые іх горкаю вадою;

24 і дасьць выпіць жонцы горкую ваду, якая наводзіць праклён, і ўвойдзе ў яе вада, якая наводзіць праклён, на шкоду ёй.

25 І возьме сьвятар з рук жонкі хлебнае прынашэньне раўнаваньня, і паднясе гэтае прынашэньне перад Госпада, і занясе яго да ахвярніка;

26 і возьме сьвятар жменяю з хлебнага прынашэньня частку на памяць, і спаліць на ахвярніку, і потым дасьць жонцы выпіць вады:

27 і калі напоіць яе вадою, тады, калі яна нячыстая і зрабіла злачынства супроць мужа свайго, горкая вада, якая наводзіць праклён, увойдзе ў яе, на шкоду ёй, і апухне чэрава яе і ападзе ўлоньне яе, і будзе тая жонка праклятая ў народзе сваім;

28 а калі жонка не апаганілася і была чыстая, дык застанецца цэлая і будзе апладняцца семем.

29 Вось закон пра раўнаваньне: калі жонка здрадзіць мужу свайму і апаганіцца,

30 альбо калі на мужа сыдзе дух рэўнасьці, і ён будзе раўнаваць жонку сваю, тады няхай ён паставіць жонку сваю прад абліччам Госпада, і зробіць зь ёю сьвятар усё паводле гэтага закона, -

31 і будзе муж чысты ад грэху, а жонка панясе на сабе грэх свой.

 

Разьдзел 6

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею:

2 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі мужчына альбо жанчына рашыцца даць заруку назарэйства, каб прысьвяціць сябе ў назарэі Госпаду,

3 дык ён павінен устрымацца ад віна і моцнага напою, і не павінен спажываць ні воцату зь віна, ні воцату з напою, і нічога згатаванага зь вінаграду не павінен піць, і не павінен есьці ні сырых, ні сушаных вінаградных ягад;

4 праз усе дні назарэйства свайго не павінен ён есьці нічога, што вырабляецца зь вінаграду, ад зерня да скуркі.

5 Праз усе дні зарукі назарэйства ягоная брытва не павінна дакранацца да галавы ягонай; пакуль ня скончацца дні, на якія ён прысьвяціў сябе ў назарэі Госпаду, сьвяты ён: павінен адпускаць валасы на галаве сваёй.

6 Праз усе дні, на якія ён прысьвяціў сябе ў назарэі Госпаду, не павінен ён падыходзіць да мёртвага цела:

7 дакрананьнем да бацькі свайго і да маці сваёй, і брата свайго і сястры сваёй не павінен ён апаганьвацца, калі яны памруць, бо прысьвячэньне Богу яго на галаве ягонай;

8 праз усе дні назарэйства свайго сьвяты ён Госпаду.

9 А калі памрэ пры ім хто-небудзь раптам, зьнянацку, і ён апаганіць тым самым галаву назарэйства свайго, дык ён павінен астрыгчы галаву сваю ў дзень ачышчэньня яго, на сёмы дзень павінен астрыгчы яе,

10 і на восьмы дзень павінен прынесьці дзьве галубкі, альбо двух маладых галубоў, сьвятару, да ўваходу ў скінію сходу;

11 сьвятар адну птушку прынясе ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, і ачысьціць яго ад апаганеньня мёртвым целам, і асьвеціць галаву ў той дзень;

12 і павінен ён зноў пачаць прысьвечаныя Госпаду дні назарэйства свайго і прынесьці ягня-адналетка ў ахвяру павіннасьці; а ранейшыя дні прапалі, бо назарэйства ягонае апаганена.

13 І вось закон пра назарэя, калі скончацца дні назарэйства ягонага: трэба прывесьці яго да ўваходу ў скінію сходу,

14 і ён прынясе ў ахвяру Госпаду адно адналетняе ягня без пахібы на цэласпаленьне, і адну адналетнюю авечку без пахібы ў ахвяру за грэх, і аднаго барана без пахібы ў ахвяру мірную,

15 і кош праснакоў з пшанічнай мукі, хлябоў, сьпечаных з алеем, і прэсных ляпёшак, памазаных алеем, і пры іх хлебнае прынашэньне і паліваньне;

16 і паставіць гэта сьвятар перад Госпадам і прынясе ахвяру ягоную за грэх і цэласпаленьне ягонае;

17 барана прынясе ў ахвяру мірную Госпаду з кашом праснакоў, таксама ўчыніць сьвятар хлебнае прынашэньне ягонае і паліваньне ягонае;

18 і астрыжэ назарэй каля ўваходу ў скінію сходу галаву назарэйства свайго, і возьме валасы галавы назарэйства свайго, і пакладзе на агонь, які пад мірнаю ахвяраю;

19 і возьме сьвятар згатаваную лапатку барана і адзін прэсны пірог і адну прэсную ляпёшку, і пакладзе на рукі назарэю пасьля таго, як астрыжэ ён галаву назарэйства свайго;

20 і паднясе ўсё гэта сьвятар, патрасаючы перад Госпадам: гэта - сьвятыня сьвятару, звыш грудзей патрасаньня і звыш лапаткі паднашэньня. Пасьля гэтага назарэй можа піць віно.

21 Вось закон пра назарэя, які даў заруку, і ахвяра ягоная Госпаду за назарэйства сваё, апроч таго, што дазволіць яму дастатак ягоны; паводле зарукі сваёй, якую ён дасьць, так і павінен ён рабіць, звыш узаконенага пра назарэйства ягонае.

22 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

23 скажы Аарону і сынам ягоным: так дабраслаўляйце сыноў Ізраілевых, кажучы ім:

24 хай дабраславіць цябе Гасподзь і захавае цябе!

25 хай паглядзіць на цябе Гасподзь сьветлым тварам Сваім і ўмілажаліцца зь цябе!

26 хай паверне Гасподзь твар Свой да цябе і дасьць табе спакой!

27 Так няхай заклікаюць імя Маё на сыноў Ізраілевых, і Я дабраслаўлю іх.

 

Разьдзел 7

 

1 Калі Майсей паставіў скінію, і памазаў яе, і асьвяціў яе і ўсе прылады яе, і ахвярнік і ўсе прылады яго, і памазаў іх і асьвяціў іх,

2 тады прыйшлі дванаццаць правадыроў Ізраілевых, галовы сямействаў іхніх, правадыры плямёнаў, якія кіравалі падлікам,

3 і паставілі прынашэньне сваё перад Госпадам, шэсьць накрытых падводаў і дванаццаць валоў, па адной падводзе ад двух правадыроў і па адным вале ад кожнага, і паставілі гэта перад скініяй.

4 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

5 вазьмі ад іх; гэта будзе дзеля ўчыненьня працы пры скініі сходу; і аддам гэта лявітам, адпаведна з родам службы іхняй.

6 І ўзяў Майсей падводы і валоў і аддаў іх лявітам;

7 дзьве падводы і чатырох валоў аддаў сынам Гірсонавым, адпаведна з родам службы іхняй;

8 і чатыры падводы і восем валоў аддаў сынам Мэрарыным, паводле роду службы іхняй, пад наглядам Ітамара, сына Аарона, сьвятара;

9 а сынам Каатавым ня даў, бо служба іхняя - насіць сьвятыню; на плячах павінны яны насіць.

10 І прынесьлі правадыры ахвяры асьвячэньня ў дзень памазаньня ягонага, і паставілі правадыры прынашэньне сваё перад ахвярнікам.

11 І сказаў Гасподзь Майсею: па адным правадыру ў дзень няхай прыносяць прынашэньне сваё дзеля асьвячэньня ахвярніка.

12 У першы дзень прынёс прынашэньне сваё Наасон, сын Амінадаваў, ад племя Юдавага;

13 і прынашэньне ягонае было: адна срэбраная міса, вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнаю мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

14 адно залатое кадзіла ў семдзесят сікляў, напоўненае дымленьнем,

15 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

16 адзін казёл у ахваяру за грэх,

17 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Наасона, сына Амінадававага.

18 На другі дзень прынёс Натанаіл, сын Цуараў, правадыр племя Ісахаравага;

19 ён прынёс ад сябе прынашэньне: адну срэбраную місу вагою ў сто трыццаць сікляў, адну срэбраную чару ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненых пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

20 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

21 адно цяля, аднаго барана, адно ягня-адналетка, на цэласпаленьне,

22 аднаго казла ў ахвяру за грэх,

23 і ў ахвяру мірную двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Натанаіла, сына Цуаравага.

24 На трэці дзень правадыр сыноў Завулонавых Эліяў, сын Хэлонаў;

25 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

26 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

27 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

28 адзін казёл у ахвяру за грэх,

29 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Эліява, сына Хэлонавага.

30 На чацьвёрты дзень правадыр сыноў Рувімавых Эліцур, сын Шадаураў;

31 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

32 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

33 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

34 адзін казёл у ахвяру за грэх,

35 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Эліцура, сына Шадауравага.

36 На пяты дзень правадыр сыноў Сымонавых Шалумііл, сын Цурышадаеў;

37 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

38 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

39 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

40 адзін казёл у ахвяру за грэх,

41 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Шалумііла, сына Цурышадаевага.

42 На шосты дзень правадыр сыноў Гадавых Эліясаф, сын Рэгуілаў:

43 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

44 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

45 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

46 адзін казёл у ахвяру за грэх,

47 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Эліясафа, сына Дэгуілавага.

48 На сёмы дзень правадыр сыноў Яфрэмавых Элішама, сын Амуілаў;

49 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

50 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

51 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

52 адзін казёл у ахвяру за грэх,

53 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Элішамы, сына Аміудавага.

54 На восьмы дзень правадыр сыноў Манасііных Гамалііл, сын Пэдацураў;

55 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

56 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

57 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

58 адзін казёл у ахвяру за грэх,

59 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Гамалііла, сына Пецадуравага.

60 На дзявяты дзень правадыр сыноў Веньямінавых Авідан, сын Гідэонаў;

61 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэннным, напоўненыя пшанічнаю мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

62 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

63 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

64 адзін казёл у ахвяру за грэх,

65 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Авідана, сына Гідэонавага.

66 На дзясяты дзень правадыр сыноў Данавых Ахіезэр, сын Амішадаеў;

67 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

68 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

69 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

70 адзін казёл у ахвяру за грэх,

71 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць цялят-адналетак; вось прынашэньне Ахіезэра, сына Амішадаевага.

72 На адзінаццаты дзень правадыр сыноў Асіравых Пагііл, сын Ахранаў;

73 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

74 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

75 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

76 адзін казёл у ахвяру за грэх,

77 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Пагііла, сына Ахранавага.

78 На дванаццаты дзень правадыр сыноў Нэфталімавых Ахіра, сын Энанаў;

79 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

80 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

81 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

82 адзін казёл у ахвяру за грэх,

83 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Ахіры, сына Энанавага.

84 Вось прынашэньні правадыроў Ізраілевых пры асьвячэньні ахвярніка ў дзень памазаньня яго: дванаццаць срэбраных місаў, дванаццаць срэбраных чараў, дванаццаць залатых кадзілаў;

85 па сто трыццаць сікляў срэбра ў кожнай місе і па семдзесят у кожнай чары: так, усяго срэбра ў гэтым посудзе па дзьве тысячы чатырыста сікляў, па сіклі сьвяшчэнным;

86 залатых кадзілаў, напоўненых дымленьнем, дванаццаць, у кожным кадзіле па дзесяць сікляў, па сіклі сьвяшчэнным: усяго золата ў кадзілах сто дваццаць сікляў;

87 на цэласпаленьне ўсяго дванаццаць цялят з быдла буйнога, дванаццаць бараноў, дванаццаць ягнят-адналетак і пры іх хлебнае прынашэньне, і ў ахвяру за грэх дванаццаць казлоў,

88 і ў ахвяру мірную ўсяго з буйнога быдла дваццаць чатыры цяляці, шэсьцьдзясят бараноў, шэсьцьдзясят казлоў, шэсьцьдзясят ягнят-адналетак; вось прынашэньні пры асьвячэньні ахвярніка пасьля памазаньня яго.

89 Калі Майсей уваходзіў у скінію сходу, каб гаварыць з Госпадам, чуў голас, які гаварыў яму з даха, які над каўчэгам адкрыцьця паміж двума херувімамі, і ён гаварыў яму.

 

Разьдзел 8

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею:

2 абвясьці Аарону і скажы яму: калі ты будзеш запальваць лампады, дык на пярэднім баку сьвяцільні павінны гарэць сем лампадаў.

3 Аарон так і зрабіў: на пярэднім баку сьвяцільні запаліў лампады яе, як загадаў Гасподзь Майсею.

4 І вось, як складзена сьвяцільня: чаканеная яна з золата, ад сьцябла яе і да кветак чаканеная; паводле ўзору, які паказаў Гасподзь Майсею, ён зрабіў сьвяцільню.

5 І наказаў Гасподзь Майсею:

6 вазьмі лявітаў спасярод сыноў Ізраілевых і ачысьці іх;

7 а каб ачысьціць іх, зрабі зь імі так: акрапі іх ачышчальнаю вадою, і няхай яны паголяць брытваю ўсё цела сваё і вымыюць вопратку сваю, і будуць чыстыя;

8 і няхай возьмуць цяля і хлебнае прынашэньне да яго, пшанічнае мукі, зьмяшанай з алеем, і другое цяля вазьмі ў ахвяру за грэх;

9 і прывядзі лявітаў да скініі сходу; і зьбяры ўсё супольства сыноў Ізраілевых

10 і прывядзі лявітаў іхніх да Госпада, і няхай пакладуць сыны Ізраілевыя рукі свае на лявітаў;

11 а Аарон няхай учыніць над лявітамі пасьвячэньне іх перад Госпадам ад сыноў Ізраілевых, каб чынілі яны служэньне Госпаду;

12 а лявіты няхай пакладуць рукі свае на галаву цялят, і прынясі аднаго ў ахвяру за грэх, а другога на цэласпаленьне Госпаду, дзеля ачышчэньня лявітаў;

13 і пастаў лявітаў перад Ааронам і перад сынамі ягонымі і ўчыні над імі пасьвячэньне іх Госпаду;

14 і так аддзялі лявітаў ад сыноў Ізраілевых, каб лявіты былі Мае.

15 Пасьля гэтага ўвойдуць лявіты служыць скініі сходу, калі ты ачысьціш іх і ўчыніш над імі пасьвячэньне іх; бо яны аддадзены мне з сыноў Ізраілевых:

16 замест усіх першынцаў з сыноў Ізраілевых, якія размыкаюць усякія сьцёгны, Я бяру іх Сабе;

17 бо Мае ўсе першынцы ў сыноў Ізраілевых, ад чалавека да быдла: у той дзень, калі Я пабіў усіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, Я асьвяціў іх Сабе

18 і ўзяў лявітаў замест усіх першынцаў у сыноў Ізраілевых;

19 і аддаў лявітаў Аарону і сынам ягоным спасярод сыноў Ізраілевых, каб яны ўчынялі службы за сыноў Ізраілевых пры скініі сходу і служылі аховаю сынам Ізраілевым, каб не спасьцігла сыноў Ізраілевых кара, калі б сыны Ізраілевыя прыступілі да сьвятыні.

20 І зрабілі так Майсей і Аарон і ўсё супольства сыноў Ізраілевых зь лявітамі: як загадаў Гасподзь Майсею пра лявітаў, так і зрабілі зь імі сыны Ізраілевыя.

21 І ачысьціліся лявіты і абмылі вопратку сваю, і ўчыніў над імі Аарон прысьвячэньне іх перад Госпадам, і ачысьціў іх Аарон, каб зрабіць іх чыстымі;

22 пасьля гэтага ўвайшлі лявіты правіць службы свае ў скініі сходу перад Ааронам і перад сынамі ягонымі. Як загадаў Гасподзь Майсею пра лявітаў, так і зрабілі яны зь імі.

23 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

24 вось закон пра лявітаў: ад дваццаці пяці гадоў і вышэй павінны ісьці на службу дзеля працы пры скініі сходу,

25 а ў пяцьдзясят гадоў павінны спыняць працу і больш не працаваць,

26 тады няхай яны дапамагаюць братам сваім трымаць варту пры скініі сходу, працаваць - хай не працуюць; так рабі зь лявітамі што да служэньня іхняга.

 

Разьдзел 9

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею ў пустыні Сінайскай на другі год пасьля выхаду іх зь зямлі Егіпецкай, у першы месяц, кажучы:

2 хай сыны Ізраілевыя ўчыняць Пасху ў вызначаны час:

3 на чатырнаццаты дзень гэтага месяца ўвечары ўчынеце яе ў вызначаны на яе час, паводле ўсіх пастановаў і паводле ўсіх абрадаў яе ўчынеце яе.

4 І сказаў Майсей сынам Ізраілевым, каб учынілі Пасху.

5 І ўчынілі яны Пасху ў першы месяц, на чатырнаццаты дзень месяца ўвечары ў пустыні Сінайскай: ва ўсім, як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі сыны Ізраілевыя.

6 Былі людзі, якія былі нячыстыя ад дакрананьня да мёртвых целаў чалавечых, і не маглі ўчыніць Пасхі ў той дзень; і прыйшлі яны да Майсея і Аарона ў той дзень,

7 і сказалі яму тыя людзі: мы нячыстыя ад дакрананьня да мёртвых целаў чалавечых; навошта нас пазбаўляць таго, каб мы прынесьлі прынашэньне Госпаду ў вызначаны час сярод сыноў Ізраілевых9

8 І сказаў ім Майсей: пастойце, я паслухаю, што загадае пра вас Гасподзь.

9 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць;

10 скажы сынам Ізраілевым: калі хто з вас альбо з наступнікаў вашых будзе нячысты ад дакрананьня да мёртвага цела, альбо будзе ў далёкай дарозе, дык і ён павінен учыніць Пасху Гасподнюю;

11 а на чатырнаццаты дзень другога месяца ўвечары няхай яны ўчыняць яе і з праснакамі і з горкімі травамі няхай ядуць яе;

12 і няхай не пакідаюць ад яе да раніцы і касьцей яе ня трушчаць; няхай учыняць яе паводле ўсіх пастановаў пра Пасху;

13 а хто чысты і не ў дарозе і ня ўчыніць Пасхі, - зьнішчыцца душа тая з народу свайго, бо ён не прынясе прынашэньня Госпаду ў свой час, панясе на сабе грэх чалавек той;

14 калі будзе жыць у вас прыхадзень, дык і ён павінен учыняць Пасху Гасподнюю: паводле пастановы пра Пасху і паводле абраду яе ён павінен учыніць яе; адзін статут хай будзе ў вас і прыхадню і тубыльцу.

15 У той дзень, калі ўстаноўлена была скінія, воблака ахінула скінію адкрыцьця, і зь вечара над скініяй як бы агонь быў відзён да самае раніцы.

16 Так было і заўсёды: воблака ахінала яе ўдзень і падабенства агню ўначы.

17 І калі воблака падымалася ад скініі, тады сыны Ізраілевыя выпраўляліся ў дарогу, і на месцы, дзе спынялася воблака, там спыняліся табарам сыны Ізраілевыя.

18 Па загадзе Гасподнім выпраўляліся сыны Ізраілевыя ў дарогу і па загадзе Гасподнім спыняліся: увесь той час, калі воблака стаяла над скініяй, стаялі і яны;

19 і калі воблака доўгі час было над скініяй, дык і сыны Ізраілевыя сьледавалі гэтаму ўказаньню Госпада і не выпраўляліся;

20 а часам воблака нядоўга было над скініяй: яны па ўказаньні Гасподнім спыняліся і па ўказаньні Гасподнім выпраўляліся ў дарогу;

21 часам воблака стаяла толькі ад вечара да раніцы, і раніцай падымалася воблака, тады і яны выпраўляліся; альбо дзень і ноч стаяла воблака, і калі падымалася, і яны тады выпраўляліся;

22 альбо калі два дні альбо месяц, альбо некалькі дзён стаяла воблака над скініяй, дык і сыны Ізраілевыя стаялі і не выпраўляліся ў дарогу; а калі яно падымалася, тады выпраўляліся;

23 па ўказаньні Гасподнім спыняліся і па ўказаньні Гасподнім выпраўляліся ў дарогу: сьледавалі ўказанью Гасподняму і паводле загаду Гасподняга Майсею.

 

Разьдзел 10

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

2 зрабі сабе дзьве срэбраныя трубы, каваныя зрабі іх, каб яны служылі табе на скліканьне супольства і каб здымаць табары;

3 калі затрубяць у іх, зьбярэцца да цябе ўсё супольства да ўваходу ў скінію сходу:

4 калі ў адну трубу затрубяць, зьбяруцца да цябе князі і тысячнікі Ізраільскія;

5 калі затрубіце трывогу, падымуцца табары, што стаяць з усходу;

6 калі другі раз затрубіце трывогу, падымуцца табары, што стаяць з поўдня; трывогу няхай трубяць, калі яны выпраўляюцца ў дарогу;

7 а калі трэба склікаць сход, трубеце, але ня трывогу;

8 сыны Ааронавыя, сьвятары, павінны трубіць у трубы: гэта будзе вам пастанова вечная ў роды вашыя;

9 і калі пойдзеце на вайну ў зямлі вашай супроць ворага, які наступацьме на вас, трубеце трывогу ў трубы, - і будзеце ўспомненыя перад Госпадам, Богам вашым, і ўратаваныя будзеце ад ворагаў вашых;

10 і ў дзень весялосьці вашай, і ў сьвяты вашыя, і ў час маладзікоў вашых трубеце ў трубы пры цэласпаленьнях вашых і пры мірных ахвярах вашых, - і гэта будзе нагадваць пра вас перад Богам вашым. Я Гасподзь, Бог ваш.

11 На другі год, у другі месяц, на дваццаты дзень месяца, паднялося воблака ад скініі адкрыцьця;

12 і выправіліся сыны Ізраілевыя па табарах сваіх з пустыні Сінайскай, і спынілася воблака ў пустыні Фаран.

13 І падняліся яны першы раз, па загадзе Гасподнім, дадзеным праз Майсея.

14 Падняты быў найперш прапар сыноў Юдавых па рушэньнях іхніх; над рушэньнем іхнім Наасон, сын Амінадаваў;

15 і над рушэньнем племені сыноў Ісахаравых Натанаіл, сын Цуараў;

16 і над рушэньнем племені сыноў Завулонавых Эліяў, сын Хэлонаў.

17 І зьнята была скінія, і пайшлі сыны Гірсонавыя і сыны Мэрарыныя, якія носяць скінію.

18 І падняты быў сьцяг табару Рувімавага па рушэньнях іхніх; і над рушэньнем ягоным Эліцур, сын Шэдэураў;

19 і над рушэньнем племені сыноў Сымонавых Шэлумііл, сын Цурышадаеў;

20 і над рушэньнем племені сыноў Гадавых Эліясаф, сын Рэгуілаў.

21 Потым пайшлі сыны Каатавыя, якія носяць сьвятыню; а скінію ставілі да іхняга прыходу.

22 і падняты быў сьцяг табару сыноў Яфрэмавых па рушэньнях іхніх; і над рушэньнем іхнім Элішама, сын Аміудаў;

23 і над рушэньнем племені сыноў Манасііных Гамалііл, сын Пэдацураў:

24 і над рушэньнем племені сыноў Веньямінавых Авідан, сын Гідэонаў.

25 Апошні з усіх табараў падняты быў сьцяг табару сыноў Данавых з рушэньнямі іхнімі: і над рушэньнем іхнім Ахіезэр, сын Амішадаеў;

26 і над рушэньнем племені сыноў Асіравых Пагііл, сын Ахранаў;

27 і над рушэньнем племені сыноў Нэфталімавых Ахіра, сын Энанаў.

28 Вось парадак шэсьця сыноў Ізраілевых па рушэньнях іхніх. І выправіліся яны.

29 І сказаў Майсей Хававу, сыну Рагуілаваму, Мадыяніцяніну, родзічу Майсееваму: мы выпраўляемся ў тую мясьціну, пра якую Гасподзь сказаў: вам аддам яе; ідзі з намі, мы зробім табе дабро, бо Гасподзь добрае мовіў пра Ізраіля.

30 Але ён сказаў яму: не пайду; я пайду ў сваю зямлю і на сваю радзіму.

31 А Майсей сказаў: не пакідай нас, бо ты ведаеш, як разьмяшчаемся мы табарам у пустыні, і будзеш нам вокам;

32 калі пойдзеш з намі, дык дабро, якое Гасподзь зробіць нам, мы зробім табе.

33 І выправіліся яны ад гары Гасподняй на тры дні дарогі, і, каб нагледзець мясьціну, дзе спыніцца.

34 І воблака Гасподняе ахінала іх удзень, калі яны выпраўляліся з табару.

35 Калі падымаўся каўчэг у дарогу, Майсей казаў: паўстань, Госпадзе, і рассыплюцца ворагі Твае, і пабягуць ад аблічча Твайго ненавісьнікі Твае!

36 А калі спыняўся каўчэг, ён казаў: вярніся Госпадзе, да тысячаў і цьмоў Ізраілевых!

 

Разьдзел 11

 

1 Народ пачаў наракаць уголас на Госпада; і Гасподзь пачуў, і ўспалымніўся гнеў Ягоны, і загарэўся ў іх агонь Гасподні і пачаў паліць край табару.

2 І закрычаў народ Майсею; і памаліўся Майсей Госпаду, і патух агонь.

3 І далі назву мясьціне гэтай: Тавэра*, бо загарэўся ў іх агонь Гасподні.

4 Прыхадні сярод іх пачалі аддавацца прыхамаці; а зь імі і сыны Ізраілевыя сядзелі і плакалі і казалі: хто накорміць нас мясам?

5 мы памятаем рыбу, якую ў Егіпце мы елі задарам, гуркі і дыні, цыбулю-рэпку і часнык:

6 а цяпер душа нашая зьнемагае; нічога няма, толькі манна ў вачах нашых.

7 А манна была падобная на каляндравае насеньне, з выгляду, як бдолах;

8 народ хадзіў і зьбіраў яе, і малоў у жорнах альбо тоўк у ступе, і гатаваў у катле, і рабіў зь яе ляпёшкі; а смак яе падобны быў да смаку ляпёшак з алеем.

9 І калі раса ападала ўначы на табар, тады сыходзіла на яго і манна.

10 Майсей чуў, што народ плача ў семэях сваіх, кожны каля дзьвярэй намёта свайго; і моцна ўспалымнеў гнеў Гасподні, і скрушліва зрабілася Майсею.

11 І сказаў Майсей Госпаду: навошта Ты мучыш раба Твайго? і чаму я не знайшоў літасьці перад вачыма Тваімі, што Ты ўсклаў на мяне цяжар усяго народу гэтага?

12 хіба я насіў у чэраве ўвесь народ гэты і хіба я спарадзіў яго, што Ты кажаш мне: нясі яго на руках тваіх, як нянька носіць дзіця, у зямлю, якую Ты прысягаю абяцаў бацькам ягоным?

13 дзе мне ўзяць мяса, каб даць усяму народу гэтаму? бо яны плачуць перад мною і кажуць: дай нам есьці мяса.

14 Я адзін не магу несьці народу гэтага, бо ён цяжкі мне;

15 калі Ты так робіш са мною, дык лепей аддай мяне сьмерці, калі я знайшоў літасьць перад вачыма Тваімі, каб ня бачыць мне бедства майго.

16 І сказаў Гасподзь Майсею: зьбяры мне семдзесят мужчын са старэйшынаў Ізраілевых, якіх ты ведаеш, што яны старэйшыны і наглядчыкі ягоныя і вазьмі іх да скініі сходу, каб яны сталі там з табою;

17 Я сыду, і буду гутарыць там з табою, і вазьму ад Духа, Які на табе, і ўскладу на іх несьці цяжар народу, каб не адзін ты насіў.

18 А народу скажы: ачысьціцеся да заўтрашняга дня, і будзеце есьці мяса; бо вы ўголас плакаліся Богу і казалі: хто накорміць нас мясам? добра нам было ў Егіпце, - дык і дасьць вам Гасподзь мяса, і есьцімеце:

19 не адзін дзень будзеце есьці, ня два дні, ня пяць дзён, ня дзесяць дзён і ня дваццаць дзён,

20 а цэлы месяц, пакуль ня пойдзе яно з ноздраў вашых і ня зробіцца вам агідным за тое, што вы пагардзілі Госпадам, Які сярод вас, і енчылі перад Ім, кажучы: навошта нам было выходзіць зь Егіпта?

21 І сказаў Майсей: шэсьцьсот тысяч пешых у народзе гэтым, сярод якога і я; а Ты кажаш: Я дам ім мяса, і будуць есьці цэлы месяц!

22 ці закалоць усіх авечак і валоў, каб ім было даволі? альбо ўся рыба марская зьбярэцца, каб задаволіць іх?

23 І сказаў Гасподзь Майсею: хіба рука Гасподняя кароткая? сёньня ты ўбачыш, ці збудзецца слова Маё табе, а ці не.

24 Майсей выйшаў і сказаў народу словы Гасподнія, і сабраў семдзесят мужчын са старэйшынаў народу і паставіў іх каля скініі.

25 І сышоў Гасподзь у воблаку і гутарыў зь ім, і ўзяў ад Духа, Які на ім, і даў сямідзесяці мужчынам старэйшынам. І калі спачыў на іх Дух, яны пачалі прарочыць, але потым перасталі.

26 Двое мужчын заставаліся ў табары, імя аднаго Элдад, а імя другога Модад; але і на іх спачыў дух, і яны прарочылі ў табары.

27 І прыбег хлопчык, і данёс Майсею, і сказаў: Элдад і Модад прарочаць у табары.

28 У адказ на гэта Ісус, сын Наваў, службіт Майсееў, адзін з выбраных ягоных, сказаў: спадару мой Майсею! забарані ім.

29 Але Майсей сказаў яму: ці не раўнуеш ты за мяне? о, калі б усе ў народзе Гасподнім былі прарокі, калі б Гасподзь паслаў Духа Свайго на іх!

30 І вярнуўся Майсей у табар, ён і старэйшыны Ізраілевыя.

31 І падняўся вецер ад Госпада, і прынёс ад мора перапёлак, і накідаў іх каля табара, на дзень дарогі з аднаго боку і на дзень дарогі з другога боку табара, амаль на два локці ад зямлі.

32 І ўстаў народ, і ўвесь той дзень і ўсю ноч і ўвесь наступны дзень зьбіралі перапёлак; і хто мала зьбіраў, той назьбіраў дзесяць хомераў: і расклалі іх сабе вакол табара.

33 Мяса яшчэ было ў зубах у іх і ня было зьедзена, як гнеў Гасподні запаліўся на народ, і пакараў Гасподзь народ даволі моцнаю пошасьцю.

34 І далі назву мясьціне гэтай: Кіброт-Гатаава**, бо там пахавалі прыхаматлівых людзей.

35 Ад Кіброт-Гатаавы рушыў народ у Асірот і спыніліся ў Асіроце.

 

 

* Гарэньне

** Труны прыхамаці

Разьдзел 12

 

1 І дакаралі Марыям і Аарон Майсея за жонку Эфіопку, якую ён узяў, - бо ён узяў за сябе Эфіопку, -

2 і сказалі: ці ж аднаму Майсею гаварыў Гасподзь? ці не гаварыў Ён і нам? І пачуў гэта Гасподзь.

3 А Майсей быў чалавек найрахманейшы з усіх людзей на зямлі.

4 І сказаў Гасподзь зьнянацку Майсею і Аарону і Марыям: выйдзіце вы трое да скініі сходу. І выйшлі ўсе трое.

5 І сышоў Гасподзь у воблачным слупе, і стаў каля ўваходу ў скінію, і паклікаў Аарона і Марыям, і выйшлі яны абое.

6 І сказаў: слухайце словы Мае: калі бывае ў вас прарок Гасподні, дык Я адкрываюся яму ва ўяве, у сьне гутару зь ім;

7 але ня так, як з рабом Маім Майсеем, - ён верны ва ўсім дому Майму:

8 вусны ў вусны гавару Я зь ім, і яўна, а не ва ўявах, і вобраз Госпада бачыць ён; як жа не пабаяліся вы дакараць раба Майго Майсея?

9 І ўспалымніўся гнеў Гасподні на іх, і Ён адышоў.

10 І воблака адышло ад скініі, і вось, Марыям пакрылася праказаю, як сьнегам. Аарон зірнуў на Марыям, і вось яна ў праказе.

11 І сказаў Аарон Майсею: гаспадару мой! не палічы нам за грэх, што мы зрабілі неразумна і зграшылі;

12 не дапусьці, каб яна была, як дзіця, што нарадзілася мёртвае, у якога, калі яно выходзіць з чэрава маці сваёй, стлела ўжо палавіна цела.

13 І залямантаваў Майсей да Госпада, кажучы: Божа, ацалі яе!

14 І сказаў Гасподзь Майсею: калі б бацька яе плюнуў ёй у твар, дык ці ня мусіла б яна саромецца сем дзён? дык вось, няхай будзе яна ў затачэньні сем дзён па-за табарам, а пасьля зноў вернецца.

15 І прабыла Марыям у затачэньні па-за табарам сем дзён, і народ не выпраўляўся ў дарогу, пакуль не вярнулася Марыям.

 

Разьдзел 13

 

1 Пасьля гэтага народ рушыў з Асірота і спыніўся ў пустыні Фаран.

2 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

3 Пашлі ад сябе людзей, каб яны агледзелі зямлю Ханаанскую, якую Я дам сынам Ізраілевым; па адным чалавеку ад племені бацькоў іхніх пашлеце, галоўных зь іх.

4 І паслаў іх Майсей з пустыні Фаран, па загадзе Гасподнім, і ўсе яны мужы галоўныя ў сыноў Ізраілевых.

5 Вось імёны іхнія: з племені Рувімавага Самуа, сын Закхураў,

6 з племені Сымонавага Сафат, сын Харыеў,

7 з племені Юдавага Халеў, сын Ефаніін,

8 з племені Ісахаравага Ігал, сын Язэпаў,

9 з племені Яфрэмавага Асія, сын Наваў,

10 з племені Веньямінавага Фалтый, сын Рафуеў,

11 з племені Завулонавага Гадыіл, сын Садыеў,

12 з племені Язэпавага ад Манасіі Гадый, сын Сусіеў,

13 з племені Данавага Амііл, сын Гемаліеў,

14 з племені Асіравага Сэтур, сын Міхаілеў,

15 з племені Нэфталімавага Нахбій, сын Вофсіеў,

16 з племені Гадавага Геуіл, сын Махіеў.

17 Вось імёны мужоў, якіх пасылаў Майсей агледзець зямлю. І назваў Майсей Асію, сына Нававага, Ісусам.

18 І паслаў іх Майсей агледзець зямлю Ханаанскую і сказаў ім: ідзеце ў гэтую паўднёвую краіну, і падымецеся на гару,

19 і агледзьце зямлю, якая яна, і народ, які жыве на ёй, ці моцны ён, ці слабы, ці малы ён лікам, ці вялікі?

20 і якая зямля, на якой ён жыве, ці добрая яна, ці благая? і якія гарады, у якіх ён жыве? ці ў намётах ён жыве, ці ва ўмацаваньнях?

21 і якая зямля, ці тлустая яна, ці пустая? ці ёсьць на ёй дрэвы, ці няма? будзьце адважныя і вазьмеце ад пладоў зямлі. І было гэта ў пару пасьпяваньня вінаграду.

22 Яны пайшлі і агледзелі зямлю ад пустыні Сін нават да Рэхова, непадалёк ад Эмата;

23 і пайшлі ў паўднёвую краіну і дайшлі да Хэўрона, дзе жылі Ахіман, Сэсай і Талмай, дзеці Энакавы: а Хэўрон пабудаваны быў на сем гадоў раней за Цоан Егіпецкі;

24 і прыйшлі да даліны Эсхол, і зрэзалі там вінаградную галінку з адной гронкаю ягад, і панесьлі яе на жардзіне двое; узялі таксама гранатавых яблыкаў і смокваў;

25 мясьціну гэтую назвалі далінаю Эсхол*, з прычыны вінаграднай гронкі, якую зрэзалі там сыны Ізраілевыя.

26 І агледзеўшы зямлю, вярнуліся яны праз сорак дзён.

27 І пайшлі і прыйшлі да Майсея і Аарона і ад усяго супольства сыноў Ізраілевых у пустыню Фаран, у Кадэс, і прынесьлі ім і ўсяму супольству адказ, і паказалі ім плады зямлі;

28 і расказвалі яму і казалі: мы хадзілі ў зямлю, у якую ты пасылаў нас; у ёй сапраўды цячэ малако і мёд, і вось плады яе;

29 але народ, які жыве на зямлі той, моцны, і гарады ўмацаваныя, даволі вялікія, і сыноў Энакавых мы бачылі там.

30 Амалік жыве на паўднёвай частцы зямлі, Хэтэі, Евусэі і Амарэі жывуць на гары, Хананэі жывуць каля мора і на беразе Ярдана.

31 Але Халеў супакойваў народ перад Майсеем, кажучы: пойдзем і завалодаем ёю, бо мы можам адолець яе.

32 А тыя, якія хадзілі зь ім, казалі: ня можам мы ісьці супроць народу гэтага, бо ён мацнейшы за нас.

33 І распускалі благія чуткі пра зямлю, якую яны аглядалі, сярод сыноў Ізраілевых, кажучы: зямля, якую праходзілі мы для агляду, ёсьць зямля, якая паядае тых, што жывуць на ёй, і ўвесь народ, які мы бачылі сярод яе, людзі рослыя;

34 там бачылі мы і волатаў, сыноў Энакавых, ад валатоўскага роду; і мы былі ў вачах нашых перад імі, як саранча, такімі самымі былі мы і ў вачах іхніх.

 

 

* Вінаградная гронка

Разьдзел 14

 

1 І нарабіла ўсё супольства ляманту, і плакаў народ усю тую ноч;

2 і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраілевыя, і ўсё супольства сказала ім: о, лепей бы мы памерлі ў зямлі Егіпецкай, альбо сканалі ў пустыні гэтай!

3 і навошта Гасподзь вядзе нас у зямлю гэтую, каб мы загінулі ад меча? жонкі нашыя і дзеці нашыя дастануцца ў здабычу ворагам; ці ня лепей нам вярнуцца ў Егіпет?

4 І сказалі адзін аднаму: паставім сабе правадыра і вернемся ў Егіпет.

5 І ўпалі Майсей і Аарон на абліччы свае перад усім сходам супольства сыноў Ізраілевых.

6 І Ісус, сын Наваў, і Халеў, сын Ефаніін, з тых, што аглядалі зямлю, разадралі вопратку на сабе

7 і сказалі ўсяму супольству сыноў Ізраілевых: зямля, якую мы праходзілі дзеля агляду, вельмі, вельмі добрая;

8 калі Гасподзь літасьцівы да нас, дык увядзе нас у зямлю гэтую і дасьць нам яе - гэтую зямлю, у якой цячэ малако і мёд;

9 толькі супроць Госпада не паўставайце і ня бойцеся народу зямлі гэтай, бо ён дастанецца нам у наедак: абароны ў іх ня стала, а з намі Гасподзь; ня бойцеся іх.

10 І сказала ўсё супольства: пабіць іх камянямі! Але слава Гасподняя явілася ў скініі сходу ўсім сынам Ізраілевым.

11 І сказаў Гасподзь Майсею: дакуль будзе дражніць Мяне народ гэты? і дакуль ён будзе ня верыць Мне пры ўсіх азнаках, якія рабіў Я сярод яго?

12 пакараю яго пошасьцю і зьнішчу яго і выведу ад цябе народ болей шматлікі і мацнейшы за яго.

13 Але Майсей сказаў Госпаду: пачуюць Егіпцяне, спасярод якіх Ты сілаю Тваёю вывеў народ гэты,

14 і скажуць жыхарам зямлі гэтай, якія чулі, што Ты, Госпадзе, сярод народу гэтага, і што Ты, Госпадзе, дазваляеш ім бачыць Сябе твар у твар, і воблака Тваё стаіць над імі, і Ты ідзеш перад імі ўдзень у слупе воблачным, а ўначы ў слупе вогненным;

15 і калі Ты зьнішчыш народ гэты, як аднаго чалавека, дык народы, якія чулі славу Тваю, скажуць:

16 Гасподзь ня мог увесьці народ гэты ў зямлю, якую Ён запрысягнуўся даць яму, а таму і загубіў яго ў пустыні.

17 Дык вось, няхай узьвялічыцца сіла Гасподняя, як Ты сказаў, кажучы:

18 Гасподзь доўгацярплівы і шматлітасьцівы, даруе беззаконьні і злачынствы, і не пакідае без пакараньня, а карае беззаконьне бацькоў у дзецях да трэцяга і чацьвёртага роду.

19 Даруй грэх народу гэтаму зь вялікай міласьці Тваёй, як Ты дараваў народу гэтаму ад Егіпта дагэтуль.

20 І сказаў Гасподзь: дарую па слове тваім:

21 але жывы Я, і славай Гасподняй поўная ўся зямля;

22 усе, хто бачыў славу Маю і азнакі Мае, зробленыя Мною ў Егіпце і ў пустыні, і ня слухалі голасу Майго,

23 ня ўбачаць зямлі, якую Я запрысягнуўся даць бацькам іхнім; усе, хто дражніў Мяне, ня ўбачаць яе;

24 але раба Майго, Халева, за тое, што ў ім быў іншы дух, і ён цалкам слухаўся Мяне, увяду ў зямлю, у якую ён хадзіў, і семя ягонае ўспадкуе яе;

25 Амалікіцяне і Хананэі жывуць у даліне; заўтра павярнецеся і ідзеце ў даліну да Чэрмнага мора.

26 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

27 дакуль ліхое супольства гэтае будзе наракаць на Мяне? Нараканьне сыноў Ізраілевых, якім яны наракаюць на Мяне, Я чую.

28 Скажы ім: жыву Я, кажа Гасподзь: як казалі вы ў вушы Мне, так і зраблю вам;

29 у пустыні гэтай палягуць целы вашыя, і ўсе вы палічаныя, колькі вас лікам, ад дваццаці гадоў і вышэй, якія наракалі на Мяне,

30 ня ўвойдзеце ў зямлю, на якой Я, падымаючы руку Маю, прысягаўся асяліць вас, акрамя Халева, сына Ефаніінага, і Ісуса, сына Нававага;

31 дзяцей вашых, пра якіх вы казалі, што яны дастануцца здабычай ворагам, Я ўвяду туды, і яны ўведаюць зямлю, якою вы пагардзілі,

32 а вашыя трупы палягуць у пустыні гэтай;

33 а сыны вашыя будуць качаваць у пустыні сорак гадоў і будуць несьці кару за блудадзейства вашае, пакуль не загінуць усе целы вашыя ў пустыні;

34 па ліку сарака дзён, у якія вы аглядалі зямлю, вы панесяце кару за грахі вашыя сорак гадоў, год за дзень, каб вы спазналі, што значыцца быць пакінутым Мною.

35 Я, Гасподзь, кажу і так зраблю з усім гэтым ліхім супольствам, што паўстала супроць Мяне: у пустыні гэтай усе яны загінуць і перамруць.

36 І тыя, каго пасылаў Майсей на агледзіны зямлі, і якія, вярнуўшыся, узбурылі супроць яго ўсё гэта супольства, распускаючы ліхія чуткі пра зямлю,

37 гэтыя, што распусьцілі благія чуткі пра зямлю, памерлі, пабітыя прад Госпадам;

38 толькі Ісус, сын Наваў, і Халеў, сын Ефаніін, засталіся жывыя з тых мужоў, якія хадзілі аглядаць зямлю.

39 І сказаў Майсей словы гэтыя перад усімі сынамі Ізраілевымі, і народ моцна засмуціўся.

40 І ўстаўшы з самага рана, пайшлі на вяршыню гары, кажучы: вось, мы пойдзем на тое месца, пра якое сказаў Гасподзь, бо мы зграшылі.

41 Майсей сказаў: навошта вы пераступаеце загад Гасподні? гэта ня дасьць посьпеху;

42 не хадзеце, бо няма сярод вас Госпада, каб не пабілі вас ворагі вашыя;

43 бо Амалікіцяне і Хананэі там перад вамі, і вы паляжаце ад меча, бо вы адступіліся ад Госпада, і ня будзе з вамі Госпада.

44 Але яны дзёрзка рашылі падняцца на вяршыню гары; а каўчэг запавета Гасподняга і Майсей не пакідалі табару.

45 І сышлі Амалікіцяне і Хананэі, якія жылі на гары той, і разьбілі іх, і гналі іх да Хормы.

 

Разьдзел 15

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі вы ўвойдзеце ў зямлю вашага жыхарства, якую Я даю вам,

3 і будзеце прыносіць ахвяру Госпаду, цэласпаленьне, альбо ахвяру колатую, з валоў і авечак, у выкананьне абяцаньня, альбо з руплівасьці, альбо ў сьвяты вашыя, каб зрабіць прыемную духмянасьць Госпаду, -

4 тады той, хто прыносіць ахвяру сваю Госпаду, павінен прынесьці ў прынашэньне ад хлеба дзясятую частку эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з чацьвёртаю часткаю гіна алею;

5 і віна дзеля паліваньня прынось чацьвяціну гіна пры цэласпаленьні альбо пры ахвяры, якую колеш, на кожнае ягня.

6 А прыносячы барана, прынось у прынашэньне хлебнае дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з трацінай гіна алею;

7 і віна для паліваньня прынось траціну гіна дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.

8 Калі маладога вала прыносіш на цэласпаленьне альбо ў ахвяру колеш, дзеля выкананьня абяцаньня альбо ў мірную ахвяру Госпаду,

9 дык разам з валом трэба прынесьці прынашэньня хлебнага тры дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з палавінаю гіна алею;

10 і віна на паліваньне прынось паўгіна ў ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.

11 Так рабі пры кожным прынашэньні вала і барана і ягняці з авечак альбо коз;

12 па ліку ахвяр, якія вы прыносіце, так рабеце пры кожнай, па ліку іх.

13 Кожны тубылец так павінен рабіць гэта, прыносячы ахвяру дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду;

14 і калі будзе паміж вамі жыць прыхадзень, альбо хто б там ні быў сярод вас у роды вашыя, і прынясе ахвяру дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду, дык і ён павінен рабіць так, як вы робіце;

15 вам, супольства, і прыхадню, які жыве, статут адзін, статут вечны ў роды вашыя: што вы, тое і прыхадзень хай будзе перад Госпадам;

16 закон адзін і адны правы хай будуць вам і прыхадню, які жыве ў вас.

17 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

18 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі вы ўвойдзеце ў зямлю, у якую Я вяду вас,

19 і будзеце есьці хлеб той зямлі, дык прыносьце прынашэньне Госпаду;

20 ад пачаткаў цеста вашага ляпёшку прыносьце ў прынашэньне; прыносьце яе так, як прынашэньне з гумна;

21 ад пачаткаў цеста вашага аддавайце ў прынашэньне Госпаду ў роды вашыя.

22 А калі парушыце ад няведаньня і ня выканаеце ўсіх гэтых наказаў, якія сказаў Гасподзь Майсею,

23 усяго, што наказаў вам Гасподзь праз Майсея, ад таго дня, калі Гасподзь наказаў вам, і наперад у роды вашыя, -

24 дык, калі зь недагляду супольства зроблена памылка, няхай уся супольнасьць прынясе аднаго маладога вала на цэласпаленьне, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду, з хлебным прынашэньнем і паліваньнем яго, паводле статуту, і аднаго казла ў ахвяру за грэх;

25 і ачысьціць сьвятар усё супольства сыноў Ізраілевых, і будзе даравана ім, бо гэта была памылка, і яны прынесьлі прынашэньне сваё ў ахвяру Госпаду, і ахвяру за грэх свой перад Госпадам, за сваю памылку;

26 і будзе даравана ўсяму супольству сыноў Ізраілевых і прыхадню, які жыве сярод іх, бо ўвесь народ зрабіў гэта з памылкі.

27 А калі адзін хто згрэшыць зь няведаньня, дык няхай прынясе казу-адналетку ў ахвяру за грэх;

28 і ачысьціць сьвятар душу, якая зрабіла з памылкі грэх перад Госпадам, і ачышчана будзе, і даравана будзе ёй,

29 адзін закон хай будзе ўсім вам, як прыроднаму жыхару з сыноў Ізраілевых, так і прыхадню, які жыве ў вас, калі хто зробіць што з памылкі.

30 А калі хто з тубыльцаў альбо з прыхадняў зробіць што дзёрзкаю рукою, дык ён зьневажае Госпада: зьнішчыцца душа тая з народу свайго,

31 бо словам Гасподнім ён пагардзіў і запавет Ягоны парушыў; зьнішчыцца душа тая; грэх яе на ёй.

32 Калі сыны Ізраілевыя былі ў пустыні, знайшлі чалавека, які зьбіраў дровы ў суботу;

33 і прывялі яго, зборшчыка дроў, да Майсея і Аарона і да ўсяго супольства;

34 і пасадзілі яго пад варту, бо ня было яшчэ вызначана, што трэба зь ім зрабіць.

35 І сказаў Гасподзь Майсею: павінен памерці чалавек гэты; хай пабэе яго камянямі ўсё супольства за табарам.

36 І вывела яго ўсё супольства з табара, і пабілі яго камянямі, і ён памёр, як загадаў Гасподзь Майсею.

37 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

38 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім, каб яны рабілі сабе кутасы на краях вопраткі сваёй у роды іхнія, і ў кутасы, якія на краях, устаўлялі ніткі з блакітнай воўны;

39 і будуць яны ў кутасах у вас дзеля таго, каб вы, гледзячы на іх, успаміналі ўсе наказы Гасподнія і выконвалі іх і не хадзілі сьледам за сэрцам вашым і вачамі вашымі, якія вабяць вас да блудадзейства,

40 каб вы памяталі і выконвалі ўсе наказы Мае і былі сьвятыя перад Богам вашым.

41 Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам: Я Гасподзь, Бог ваш.

 

Разьдзел 16

 

1 Карэй, сын Ісаараў, сын Каатаў, сын Лявіін, і Датан і Авірон, сын Эліяваў, і Аўнан, сын Фалетаў, сыны Рувімавыя,

2 паўсталі на Майсея, і зь імі з сыноў Ізраілевых дзьвесьце пяцьдзясят мужоў, правадыры супольства, якіх клічуць на сходы, людзі знакамітыя.

3 І сабраліся супроць Майсея і Аарона і сказалі ім: годзе вам; усё супольства, усе сьвятыя, і сярод іх Гасподзь! чаму ж вы ставіце сябе вышэй народу Гасподняга?

4 Майсей, пачуўшы гэта, упаў на аблічча сваё

5 і сказаў Карэю і ўсім саўдзельнікам ягоным, кажучы: заўтра пакажа Гасподзь, хто Ягоны, і хто сьвяты, каб наблізіць яго да Сябе; і каго Ён выбера, таго і наблізіць да Сябе;

6 вось, што зрабеце: Карэй і ўсе саўдзельнікі ягоныя вазьмеце сабе кадзілы

7 і заўтра пакладзеце ў іх агню і ўсыпце ў іх дымленьні перад Госпадам; і каго выбера Гасподзь, той і будзе сьвяты. Годзе вам, сыны Лявііныя!

8 І сказаў Майсей Карэю: паслухайце, сыны Лявііныя!

9 няўжо мала вам таго, што Бог Ізраілеў вылучыў вас з супольства Ізраільскага і наблізіў вас да Сябе, каб вы выконвалі службу пры скініі Гасподняй і стаялі перад супольствам, служачы ім?

10 Ён наблізіў цябе і з табою ўсіх братоў тваіх, сыноў Лявія, а вы дамагаецеся яшчэ і сьвятарства.

11 Дык вось, ты і ўвесь твой хаўрус сабраліся супроць Госпада. Што Аарон, чаго вы наракаеце на яго?

12 І паслаў Майсей паклікаць Датана і Авірона, сыноў Эліявавых. Але яны сказалі: ня пойдзем!

13 хіба мала таго, што ты вывеў нас зь зямлі, у якой цячэ малако і мёд, каб загубіць нас у пустыні? і ты яшчэ хочаш валадарыць над намі!

14 ці прывёў ты нас у зямлю, дзе цячэ малако і мёд, і ці даў нам ва ўладаньне палі і вінаграднікі? вочы людзей гэтых ты хочаш асьляпіць? ня пойдзем!

15 Майсей вельмі засмуціўся і сказаў Госпаду: не зьвяртай пагляду Твайго на прынашэньне іхняе; я ня ўзяў ані ў воднага зь іх асла і не зрабіў благога ніводнаму з іх.

16 І сказаў Майсей Карэю: заўтра ты і ўвесь хаўрус твой будзьце прад абліччам Госпада, ты, яны і Аарон;

17 і вазьмеце кожны сваё кадзіла, і пакладзеце ў іх дымленьне, і прынясеце прад аблічча Гасподняе кожны сваё кадзіла, дзьвесьце пяцьдзясят кадзілаў; ты і Аарон, кожны сваё кадзіла.

18 І ўзяў кожны сваё кадзіла, і паклалі ў іх агню, і ўсыпалі ў іх дымленьняў, і сталі перад уваходам у скінію сходу; гэтак сама і Майсей і Аарон.

19 І сабраў супроць іх Карэй увесь хаўрус каля ўваходу ў скінію сходу. І зьявілася слава Гасподняя ўсяму супольству.

20 І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:

21 аддзялецеся ад гурту гэтага, і Я зьнішчу іх у імгненьне.

22 А яны ўпалі на абліччы свае і сказалі: Божа, Божа духаў усякай плоці! адзін чалавек зграшыў, і Ты гневаешся на ўсё супольства?

23 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

24 скажы супольству: адступеце з усіх бакоў ад жытлішча Карэевага, Датанавага і Авіронавага.

25 І ўстаў Майсей і пайшоў да Датана і Авірона, і за імі пайшлі старэйшыны Ізраілевыя.

26 І сказаў супольству: адыдзеце ад палатак грэшных людзей гэтых і не дакранайцеся ні да чога, што належыць ім, каб не загінуць вам ва ўсіх грахах іхніх.

27 І адышлі яны з усіх бакоў ад жытлішча Карэя, Датана і Авірона; а Датан і Авірон выйшлі і стаялі каля дзьвярэй палатак сваіх з жонкамі сваімі і сынамі сваімі і з малымі дзецьмі сваімі.

28 І сказаў Майсей: з гэтага даведаецеся, што Гасподзь паслаў мяне рабіць усе дзеі гэтыя, а не па сваёй самахоці я раблю гэта:

29 калі яны памруць, як паміраюць усе людзі, і спасьцігне іх такая кара, як і ўсіх людзей, дык не Гасподзь паслаў мяне;

30 а калі Гасподзь учыніць нязвычайнае, і зямля разьзявіць вусны свае і праглыне іх і ўсё, што ў іх, і яны жывыя сыдуць у апраметную, дык ведайце, што людзі гэтыя пагардзілі Госпадам.

31 Толькі ён сказаў словы гэтыя, як расьселася зямля пад імі;

32 і разьзявіла зямля вусны свае і праглынула іх і дамы іхнія, і ўсіх людзей Карэевых і ўсю маёмасьць;

33 і сышлі яны з усім, што належала ім, жывыя ў апраметную, і накрыла іх зямля, і згінулі яны спасярод супольства.

34 І ўсе Ізраільцяне, якія былі вакол іх, пабеглі пры іх енку, каб, казалі яны, і нас не праглынула зямля.

35 І выйшаў агонь ад Госпада і зжэр тых дзвесьце пяцьдзясят мужоў, якія прынесьлі дымленьне.

36 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

37 скажы Элеазару, сыну Ааронаваму, сьвятару, няхай ён зьбярэ кадзілы спаленых і агонь выкіне прэч; бо асьвяціліся

38 кадзілы грэшнікаў гэтых сьмерцю іхняю, і няхай расплешчуць іх на лісты, каб накрываць ахвярнік, бо яны прынесьлі іх прад аблічча Госпада, і яны зрабіліся асьвечаныя; і будуць яны азнакаю сынам Ізраілевым.

39 І ўзяў Элеазар сьвятар медныя кадзілы, якія прынесьлі спаленыя, і распляскалі іх на лісты, каб накрываць ахвярнік

40 на памяць сынам Ізраілевым, каб ніхто староньні, які не ад семені Аарона, не прыступаў прыносіць дымленьне прад аблічча Гасподняе, і ня было зь ім, што з Карэем і хаўрусьнікамі ягонымі, як казаў яму Гасподзь праз Майсея.

41 На другі дзень усё супольства сыноў Ізраілевых пачало наракаць на Майсея і Аарона і казала: вы забілі народ Гасподні.

42 І калі сабралася супольства супроць Майсея і Аарона, яны павярнуліся да скініі сходу, і вось, хмара накрыла яе, і зьявілася слава Гасподняя.

43 І прыйшоў Майсей і Аарон да скініі сходу.

44 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

45 адхілецеся ад супольства гэтага, і Я зьнішчу іх у імгненьне. Але яны абодва ўпалі на аблічы свае.

46 І сказаў Майсей Аарону: вазьмі кадзіла і пакладзі ў яго агню з ахвярніка і ўсып дымленьня, і нясі хутчэй да супольства і заступіся за іх, бо выйшаў гнеў ад Госпада, пачалася пагібель.

47 І ўзяў Аарон, як сказаў Майсей, і пабег да супольства, і вось, ужо пачалася пагібель у народзе. І ён паклаў дымленьне і заступіўся за народ;

48 стаў ён паміж мёртвымі і жывымі, і пагібель спынілася.

49 І памерла ад пагібелі чатырнаццаць тысяч сямсот чалавек, апрача памерлых па справе Карэевай.

50 І вярнуўся Аарон да Майсея, да ўваходу ў скінію сходу, пасьля таго як пагібель спынілася.

 

Разьдзел 17

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

2 скажы сынам Ізраілевым і вазьмі ў іх посах ад кожнага роду, ад усіх правадыроў іхніх па плямёнах, дванаццаць посахаў, і імя кожнага напішы на посаху ягоным;

3 імя Аарона напішы на посаху Лявііным, бо адзін посах ад правадыра племені іхняга;

4 і пакладзі іх у скініі сходу, перад каўчэгам адкрыцьця, дзе зьяўляюся Я вам;

5 і каго Я выберу, посах таго зацьвіце; і так Я суйму нараканьне сыноў Ізраілевых, якім яны наракаюць на вас.

6 І сказаў Майсей сынам Ізраілевым, і далі яму ўсе правадыры іхнія, ад кожнага правадыра посах паводле плямёнаў іхніх дванаццаць посахаў, і посах Ааронаў быў сярод посахаў іхніх.

7 І паклаў Майсей посахі прад абліччам Госпада ў скініі сходу.

8 На другі дзень увайшоў Майсей у скінію сходу, і вось, посах Ааронаў, ад дома Лявіінага, зацьвіў, пусьціў парасткі, даў цьвет і ўрадзіў міндаліны.

9 І вынес Майсей усе посахі ад аблічча Гасподняга да ўсіх сыноў Ізраілевых; і ўгледзелі яны гэта і ўзялі кожны свой посах.

10 І сказаў Гасподзь Майсею: пакладзі зноў посах Ааронаў перад каўчэгам адкрыцьця на захаваньне, як азнаку непакорлівым, каб перасталі наракаць на Мяне, і каб яны не памерлі.

11 Майсей зрабіў гэта: як загадаў яму Гасподзь, так ён і зрабіў.

12 І сказалі сыны Ізраілевыя Майсею: вось, мы паміраем, гінем, усе гінем!

13 кожны, хто набліжаецца да скініі Гасподняй, памірае: ці не давядзецца ўсім нам памерці?

 

Разьдзел 18

 

1 І сказаў Гасподзь Аарону: ты і сыны твае і дом бацькі твайго з табою панесяце на сабе грэх за нядбальства ў сьвятыні; і ты і сыны твае з табою панесяце на сабе грэх за няўпраўнасьць у сьвятарстве вашым.

2 Гэтак сама і братоў тваіх, племя Лявіінага, род бацькі твайго, вазьмі сабе: няхай яны будуць пры табе і служаць табе, а ты і сыны твае з табою будзеце пры скініі адкрыцьця;

3 няхай яны правяць службу табе і службу ва ўсёй скініі; толькі каб не падыходзілі да рэчаў сьвятыні і да ахвярніка, каб не памерці і ім і вам.

4 Няхай яны будуць пры табе і правяць службу ў скініі сходу, усю працу ў скініі; а староньні не павінен набліжацца да вас.

5 Так чынеце службу ў сьвяцілішчы і каля ахвярніка, каб ня было больш гневу на сыноў Ізраілевых;

6 бо братоў вашых, лявітаў, Я ўзяў з сыноў Ізраілевых і даў іх вам, у дарунак Госпаду, дзеля ўчыненьня службы пры скініі сходу;

7 і ты і сыны твае з табою захоўвайце сьвятарства вашае ва ўсім, што належыць ахвярніку, і што ўсярэдзіне за заслонаю, і служэце; Я даю вам у дарунак службу сьвятарства, а староньні, які возьмецца, аддадзены будзе сьмерці.

8 І сказаў Гасподзь Аарону: вось, Я даручаю табе сачыць за паднашэньнямі Мне; з усяго, што пасьвячаецца сынамі Ізраілевымі, Я дам табе і сынам тваім, дзеля сьвятарства вашага, статутам вечным;

9 вось, што належыць табе са сьвятыняў вялікіх, з таго, што паліцца: любое прынашэньне іхняе хлебнае, і ўсякая ахвяра іхняя за грэх, і кожная іхняя ахвяра за віну, што яны прынясуць Мне; гэта вялікая сьвятыня табе і сынам тваім.

10 На самым сьвятым месцы ежце гэта; усе мужчынскага полу могуць есьці; гэта сьвятыняю і будзе табе.

11 І вось, што табе з паднесеных дароў іхніх: усе паднашэньні сыноў Ізраілевых Я даў табе і сынам тваім і дочкам тваім з табою, статутам вечным; усякі чысты ў доме тваім можа есьці гэта.

12 Усё найлепшае з алею і ўсё найлепшае зь вінаграду і хлеба, пачаткі іх, якія яны даюць Госпаду, Я аддаў табе;

13 усе першыя ўтворы зямлі іхняй, першыя яны прынясуць Госпаду, хай будуць твае; кожны чысты ў доме тваім можа есьці гэта.

14 Усё заклятае ў зямлі Ізраілевай хай будзе тваё.

15 Усё, што размыкае сьцёгны ў кожнай плоці, якую прыносяць Госпаду, зь людзей і з быдла, хай будзе тваё; толькі першынец зь людзей павінен быць выкуплены, і першароднае з быдла нячыстага павінна быць выкуплена;

16 а выкуп за іх: пачынаючы з аднаго месяца, паводле ацэнкі тваёй, бяры выкуп пяць сікляў срэбра, па сіклі сьвяшчэнным, які ў дваццаць гераў;

17 а за першароднае з валоў і за першароднае з авечак і за першароднае з коз не бяры выкупу: яны сьвятыня; крывёю іх акрапляй ахвярнік і тлушч зь іх палі ў ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду;

18 а мяса іх табе належыць, гэтаксама як і грудзіна паднашэньня - правая лапатка табе належыць.

19 Усе ахвярныя сьвятыні, якія падносяць сыны Ізраілевыя Госпаду, аддаю табе і сынам тваім і дочкам тваім з табою, статутам вечным; гэта запавет солі вечны перад Госпадам, дадзены табе і нашчадкам тваім з табою.

20 І сказаў Гасподзь Аарону: у зямлі іхняй ня будзеш мець надзелу і долі ня будзе з табою сярод іх; Я доля твая і надзел твой сярод сыноў Ізраілевых;

21 а сынам Лявіі, вось, Я даў у надзел дзесяціну з усяго, што ў Ізраіля, за службу іхнюю, за тое, што яны правяць службы ў скініі сходу;

22 і сыны Ізраілевыя не павінны больш падыходзіць да скініі сходу, каб не панесьці грэху і не памерці:

23 няхай лявіты правяць службы ў скініі сходу і нясуць на сабе грэх іхні. Гэта статут вечны ў роды вашыя; а сярод сыноў Ізраілевых яны не атрымаюць долі;

24 а як што дзесяціну сыноў Ізраілевых, якую яны прыносяць у паднашэньне Госпаду, Я аддаю лявітам у надзел, таму і сказаў Я ім: сярод сыноў Ізраілевых не атрымаюць яны долі.

25 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

26 абвясьці лявітам і скажы ім: калі брацьмеце ў сыноў Ізраілевых дзесяціну, якую Я даў вам у долю, дык падносьце зь яе паднашэньне Госпаду, дзесяціну зь дзесяціны, -

27 і ўскладзена будзе на вас гэта паднашэньне, як хлеб з гумна і як узятае з чавільні;

28 так і вы будзеце падносіць паднашэньне Госпаду з усіх дзесяцін вашых, якія брацьмеце ў сыноў Ізраілевых, і будзеце даваць зь іх паднашэньне Гасподняе Аарону сьвятару;

29 з усяго, што даруецца вам, падносьце паднашэньне Госпаду, з усяго найлепшага, што асьвячаецца.

30 І скажы ім: калі вы прынесяце з гэтага найлепшае, дык гэта ўскладзена будзе на лявітаў, як тое, што атрымліваецца з гумна і што атрымліваецца з чавільні;

31 вы можаце есьці гэта ў любым месцы, вы і семэі вашыя, бо гэта вам плата за працу вашую ў скініі сходу;

32 і не панесяце за гэта грэху, калі прынесяце найлепшае з гэтага; і таго, што пасьвячаецца сынамі Ізраілевымі, не апаганьце, і не памраце.

 

Разьдзел 19

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону сказаць:

2 вось статут закона, які запавядаў Гасподзь, кажучы: скажы сынам Ізраілевым, няхай прывядуць табе рыжую цялушку без пахібы, у якое няма заганы, на якой ня было ярма;

3 і аддайце яе Элеазару сьвятару, і выведзе яе прэч з табара, і заколюць яе пры ім;

4 і няхай возьме Элеазар сьвятар пальцам сваім крыві яе і крывёю пакропіць да пярэдняга боку скініі сходу сем разоў;

5 і спаляць цялушку на вачах у яго: скуру зь яе і мяса яе і кроў зь яе зь нячыстасьцю няхай спаляць;

6 і няхай возьме сьвятар кедровых дроў і ісопу і нітку з чырванёнай воўны і кіне на спальваную цялушку;

7 і няхай вымые сьвятар вопратку сваю і абмые цела сваё вадою, і потым увойдзе ў табар, і нячысты будзе сьвятар да вечара;

8 і той, хто паліў, няхай вымые вопратку сваю вадою, і абмые цела сваё вадою, і нячысты будзе да вечара;

9 і хто-небудзь чысты няхай зьбярэ попел ад цялушкі і пакладзе за табарам на чыстым месцы, і будзе ён захоўвацца для супольства сыноў Ізраілевых, дзеля вады ачышчальнай: гэта ахвяра за грэх;

10 і той, хто зьбіраў попел ад цялушкі, няхай вымые вопратку сваю, і нячысты будзе да вечара. Гэта сынам Ізраілевым і прыхадням, якія жывуць у іх, хай будзе статутам вечным.

11 Хто дакранецца да мёртвага цела якога-небудзь чалавека, нячысты будзе сем дзён;

12 ён павінен ачысьціць сябе гэтаю вадою на трэці дзень і на сёмы дзень, і будзе чысты; а калі ён не ачысьціць сябе на трэці дзень і на сёмы дзень, дык ня будзе чысты;

13 кожны, хто дакрануўся да мёртвага цела якога-небудзь чалавека, што памёр, і не ачысьціў сябе, апаганіць жытлішча Госпада: зьнішчыцца чалавек той спасярод Ізраіля, бо ён не акроплены ачышчальнаю вадою, ён нячысты, яшчэ нячыстасьць ягоная на ім.

14 Вось закон: калі чалавек памрэ ў намёце, дык кожны, хто прыйдзе ў намёт, і ўсё ў намёце нячыстае будзе сем дзён;

15 кожны адкрыты посуд, які не абвязаны і не накрыты, нячысты.

16 Кожны, хто дакранецца на полі да забітага мечам, альбо да памерлага, альбо да косткі чалавечай, альбо да дамавіны, нячысты будзе сем дзён.

17 Нячыстаму няхай возьмуць попелу з той спаленай ахвяры за грэх і нальюць на яго жывой вады ў посуд;

18 і няхай хто-небудзь чысты возьме ізопу, і абмочыць яго ў вадзе, і акропіць намёт і ўвесь посуд і людзей, якія ў ім, і таго, хто дакрануўся да косткі, альбо да забітага, альбо да памерлага, альбо да дамавіны;

19 і няхай акропіць чысты нячыстага на трэці і на сёмы дзень і ачысьціць яго на сёмы дзень; і вымые ён вопратку сваю, і абмые вадою, і пад вечар будзе чысты.

20 А калі хто будзе нячысты і не ачысьціць сябе, дык вынішчыцца чалавек той спасярод народу, бо ён апаганіў сьвяцілішча Госпада: ачышчальнаю вадою ён не акроплены, ён нячысты.

21 І няхай будзе гэта ім устанаўленьнем вечным. І той, хто крапіў ачышчальнаю вадою, няхай вымые вопратку сваю; і хто дакрануўся да ачышчальнай вады, нячысты будзе да вечара.

22 І ўсё, да чаго дакранецца нячысты, будзе нячыстае; і той чалавек, які дакрануўся, нячысты будзе да вечара.

 

Разьдзел 20

 

1 І прыйшлі сыны Ізраілевыя, усё супольства, у пустыню Сін у першы месяц, і спыніўся народ у Кадэсе, і памерла там Марыям і пахавана там.

2 І ня было вады ў супольства, і сабраліся яны супроць Майсея і Аарона;

3 і абурыўся народ на Майсея і сказаў: о, калі б памерлі тады і мы, калі памерлі браты нашыя перад Госпадам!

4 навошта вы прывялі супольства Гасподняе ў гэтую пустыню, каб памерці тут нам і быдлу нашаму?

5 і навошта вывелі вы нас зь Егіпта, каб прывесьці нас у гэта нягоднае месца, дзе нельга сеяць, няма ні смакоўніц, ні вінаграду, ні гранатавых яблыкаў, ні нават вады пітной?

6 І пайшоў Майсей і Аарон ад народу да ўваходу ў скінію сходу, і ўпалі на абліччы свае, і зьявілася ім слава Гасподняя.

7 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

8 вазьмі посах і зьбяры супольства, ты і Аарон, брат твой, і скажэце на вачах у іх скале, і яна дасьць зь сябе ваду: і так ты выведзеш ім ваду са скалы і напоіш супольства і быдла ягонае.

9 І ўзяў Майсей посах перад абліччам Госпада, як Ён загадаў яму.

10 І сабралі Майсей і Аарон народ да скалы, і сказаў ён ім: паслухайце, непакорныя, хіба нам з гэтае скалы вывесьці вам ваду?

11 І падняў Майсей руку сваю і ўдарыў у скалу посахам сваім двойчы, і пацякло многа вады, і піло супольства і быдла ягонае.

12 І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону: за тое, што вы не паверылі Мне, каб зьявіць сьвятасьць Маю на вачах у сыноў Ізраілевых, не ўведзяце вы народу свайго ў зямлю, якую Я даю яму.

13 Гэта вада Мэрывы, у якой увайшлі ў раздор сыны Ізраілевыя з Госпадам, і Ён зьявіў ім сьвятасьць Сваю.

14 І паслаў Майсей з Кадэса паслоў да цара Эдомскага: так кажа брат твой, Ізраіль: ты ведаеш усе цяжкасьці, якія спасьціглі нас;

15 бацькі нашыя перайшлі ў Егіпет, і мы жылі ў Егіпце многа часу, і дрэнна абыходзіліся Егіпцяне з намі і бацькамі нашымі;

16 і паклікалі мы Госпада, і пачуў Ён голас наш, і паслаў анёла, і вывеў нас зь Егіпта; і вось, мы ў Кадэсе, горадзе каля самай мяжы тваёй;

17 дазволь нам прайсьці зямлёю тваёю; мы ня пойдзем па палях і па вінаградніках і ня будзем піць ваду з калодзежаў; а пойдзем дарогаю царскаю, ня збочым ні направа, ні налева, пакуль не пяройдзем межаў тваіх.

18 Але Эдом сказаў яму: не праходзь празь мяне, інакш я зь мечам выступлю супроць цябе.

19 І сказалі яму сыны Ізраілевыя: мы пойдзем вялікаю дарогаю, і калі будзем піць тваю ваду, я і быдла маё, дык будзем плаціць за яе; толькі нагамі маімі прайду, што нічога не каштуе.

20 Але ён сказаў: не праходзь. І выступіў супроць яго Эдом з шматлікім народам і з моцнаю рукою.

21 І вось не згадзіўся Эдом дазволіць Ізраілю прайсьці праз ягоныя межы, і Ізраіль пайшоў убок ад яго.

22 І выправіліся сыны Ізраіля з Кадэса, і пайшло ўсё супольства да гары Ор.

23 І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону на гары Ор, каля межаў зямлі Эдомскай, кажучы:

24 няхай прыкладзецца Аарон да народу свайго, бо ён ня ўвойдзе ў зямлю, якую Я даю сынам Ізраілевым, за тое, што вы непакорныя былі загаду Майму каля водаў Мэрывы;

25 і вазьмі Аарона і Элеазара, сына ягонага, і ўзьвядзі іх на гару Ор;

26 і здымі з Аарона вопратку ягоную і апрані ў яе Элеазара, сына ягонага, і няхай Аарон адыдзе і памрэ там.

27 І зрабіў Майсей так, як загадаў Гасподзь. Пайшлі яны на гару Ор на вачах ва ўсяго супольства,

28 і зьняў Майсей з Аарона вопратку ягоную і апрануў у яе Элеазара, сына ягонага; і памёр там Аарон на вяршыні гары. А Майсей і Элеазар сышлі з гары.

29 І ўбачыла ўсё супольства, што Аарон памёр, і аплакваў Аарона ўвесь дом Ізраілеў трыццаць дзён.

 

Разьдзел 21

 

1 Ханаанскі цар Арада, які жыў на поўдні, пачуўшы, што Ізраіль ідзе дарогаю ад Атарыма, уступіў у бітву зь Ізраільцянамі і некалькіх зь іх узяў у палон.

2 І даў Ізраіль абяцаньне Госпаду і сказаў: калі аддасі народ гэты ў рукі мае, дык накладу заклён на гарады іхнія.

3 Гасподзь пачуў голас Ізраіля і аддаў Хананэяў у рукі яму, і ён паклаў заклён на іх і на гарады іхнія і даў імя месцу таму: Хорма*.

4 Ад гары Ор выправіліся яны дарогаю Чэрмнага мора, каб абмінуць зямлю Эдома. І пачаў маладушнічаць народ у дарозе,

5 і гаварыў народ супроць Бога і супроць Майсея: навошта вывелі вы нас зь Егіпта, каб памерці ў пустыні, бо тут няма ні хлеба, ні вады, і душы нашай абрыдла нягодная ежа.

6 І паслаў Гасподзь на народ ядавітых зьмеяў, якія джгалі народ, і памерла мноства народу з Ізраілевых.

7 І прыйшоў народ да Майсея і сказаў: зграшылі мы, што гаварылі супроць Госпада і супроць цябе; памаліся Госпаду, каб ён адвёў ад нас зьмеяў. І памаліўся Майсей за народ.

8 І сказаў Гасподзь Майсею: зрабі сабе зьмея і выставі яго на сьцяг, і ўкушаны, зірнуўшы на яго, застанецца жывы.

9 І зрабіў Майсей меднага зьмея і выставіў яго на сьцяг, і калі зьмяя кусала чалавека, ён, зірнуўшы на меднага зьмея, заставаўся жывы.

10 І выправіліся сыны Ізраілевыя і спыніліся ў Авоце;

11 і выправіліся з Авота і спыніліся ў Іў-Аварыме, у пустыні, што насупраць Маава, на ўсход сонца;

12 адтуль выправіліся і спыніліся ў даліне Зарэд;

13 выправіўшыся адтуль, спыніліся ў той частцы Арнона ў пустыні, якая цячэ за межамі Амарэя, бо Арнон мяжа Маава, паміж Маавам і Амарэем.

14 Таму і сказана ў кнізе змаганьняў Гасподніх:

15 Вагеб у Суфе і патокі Арнона, і вярхоўе патоку, якое схіляецца да Шабэт-Ару і прымыкае да межаў Маава.

16 Адсюль да Баэр**; гэта той калодзеж, пра які Гасподзь сказаў Майсею: зьбяры народ, і дам ім вады.

17 Тады засьпяваў Ізраіль песьню гэтую: напаўняйся, калодзеж, сьпявайце яму;

18 калодзеж, які выкапалі князі, выкапалі правадыры народу з законаўстаноўцам посахамі сваімі. З пустыні ў Матану,

19 з Матаны ў Нагалііл, з Нагалііла ў Вамот,

20 з Вамота ў Гай, што ў зямлі Маава, на вяршыні гары Фасгі, павернутай відам да пустыні.

21 І паслаў Ізраіль паслоў да Сігона, цара Амарэйскага, каб сказаць:

22 дазволь мне прайсьці зямлёю тваёю; ня будзем заходзіць на палі і ў вінаграднікі, ня будзем піць вады з калодзежаў, а пойдзем дарогаю царскаю, пакуль не пяройдзем межаў тваіх.

23 Але Сігон не дазволіў ісьці праз свае межы; і сабраў Сігон увесь народ свой і выступіў супроць Ізраіля ў пустыню, і дайшоў да Яацы і ўступіў у бітву зь Ізраілем.

24 І пабіў яго Ізраіль мечам і ўзяў у валоданьне зямлю ягоную ад Арнона да Явока, да межаў Аманіцкіх, бо моцныя былі межы Аманіцянаў;

25 і ўзяў Ізраіль усе гарады гэтыя, і жыў Ізраіль ва ўсіх гарадах Амарэйскіх, у Эсэвоне і ва ўсіх залежных ад яго;

26 бо Эсэвон быў горад Сігона, цара Амарэйскага, і ён ваяваў з ранейшым царом Маавіцкім і ўзяў з рук ягоных усю зямлю ягоную да Арнона.

27 Таму і гаворыцца ў вершах: Ідзеце ў Эсэвон, хай уладзяць і ўмацуюць горад Сігонаў,

28 бо выйшаў агонь зь Эсэвона, полымя з горада Сігонавага, і зжэр яго Мааў і валадароў вышыняў Арнона.

29 Гора, Мааве, табе! загінуў ты, Хамосаў народзе! Паразьбягаліся сыны ягоныя, і дочкі яго зрабіліся паланянкамі Амарэйскага цара Сігона;

30 мы пабілі іх стрэламі; загінуў Эсэвон да Дывона, мы спустошылі іх да Нофы, што паблізу Мэдэвы.

31 І жыў Ізраіль у зямлі Амарэйскай.

32 І паслаў Майсей агледзець Язэр, і ўзялі селішчы, залежныя ад яго, і прагналі Амарэяў, якія былі ў іх.

33 І павярнуліся і пайшлі да Васана. І выступіў супроць іх Ог, цар Васанскі, сам і ўвесь народ ягоны, на бітву да Эдрэі.

34 І сказаў Гасподзь Майсею: ня бойся яго, бо Я аддам яго і ўвесь народ ягоны і ўсю зямлю ягоную ў рукі твае, і зробіш зь ім, як зрабіў зь Сігонам, царом Амарэйскім, які жыў у Эсэвоне.

35 І пабілі яны яго і сыноў ягоных і ўвесь народ ягоны, так што ніводнага не засталося, і завалодалі зямлёю ягонай.

 

 

* Заклён

** Калодзеж

Разьдзел 22

 

1 І выправіліся сыны Ізраілевыя і спыніліся на руінах Маава, каля Ярдана, насупраць Ерыхона.

2 І ўбачыў Валак, сын Сэпфораў, усё, што зрабіў Ізраіль Амарэям;

3 і вельмі баяліся Маавіцяне народу гэтага, бо ён быў шматлікі; і збаяліся Маавіцяне сыноў Ізраілевых.

4 І сказалі Маавіцяне старэйшынам Мадыямскім: гэты народ зьядае цяпер усё вакол нас, як вол зьядае траву палявую. А Валак, сын Сэпфораў быў царом Маавіцянаў у той час.

5 І паслаў ён паслоў да Валаама, сына Вэоравага, у Пэтор, што на рацэ Еўфраце, у зямлі сыноў народу яго, каб паклікаць яго і сказаць: вось, народ выйшаў зь Егіпта і пакрыў улоньне зямлі, і жыве ён каля мяне;

6 дык вось, прыйдзі, пракляні мне народ гэты, бо ён мацнейшы за мяне: можа, тады я змагу разьбіць яго і выгнаць яго зь зямлі; я ведаю, што каго ты дабраславіш, той дабраславёны, і каго ты праклянеш, той пракляты.

7 І пайшлі старэйшыны Маавіцкія і старэйшыны Мадыямскія, з дарункамі ў руках за чарадзейства, і пайшлі да Валаама, і пераказалі яму словы Валакавыя.

8 І сказаў ён ім: заначуйце тут ноч, і дам вам адказ, як скажа мне Гасподзь. І засталіся старэйшыны Маавіцкія ў Валаама.

9 І прыйшоў Бог да Валаама і сказаў: якія гэта людзі ў цябе?

10 Валаам сказаў Богу: Валак, сын Сэпфораў, цар Маавіцкі, прыслаў да мяне:

11 вось, народ выйшаў зь Егіпта і пакрыў улоньне зямлі; дык вось, прыйдзі, пракляні мне яго; можа, я тады змагу падужацца зь ім і выгнаць яго.

12 І сказаў Бог Валааму: не хадзі зь імі, не праклінай народу гэтага, бо ён дабраславёны.

13 І ўстаў Валаам раніцай і сказаў князям Валакавым: ідзеце ў зямлю вашу, бо ня хоча Гасподзь дазволіць мне ісьці з вамі.

14 І ўсталі князі Маавіцкія, і прыйшлі да Валака, і сказалі: не згадзіўся Валаам ісьці з намі.

15 Валак паслаў яшчэ князёў, пабольш і знакаміцейшых за тых.

16 І прыйшлі яны да Валаама і сказалі яму: так кажа Валак, сын Сэпфораў: не адмоўся прыйсьці да мяне;

17 я зраблю табе вялікі гонар і зраблю ўсё, што ні скажаш мне; прыйдзі ж, пракляні мне народ гэты.

18 І адказваў Валаам і сказаў рабам Валакавым: хоць бы Валак даваў мне поўны дом срэбра і золата, не магу пераступіць загадаў Госпада, Бога майго, і зрабіць што-небудзь малое альбо вялікае;

19 зрэшты, застаньцеся і вы тут нанач, і я даведаюся, што яшчэ скажа мне Гасподзь.

20 І прыйшоў Бог да Валаама ўначы і сказаў яму: калі людзі гэтыя прыйшлі клікаць цябе, устань, і ідзі зь імі! але толькі рабі тое, што Я буду казаць табе.

21 Валаам устаў раніцай, асядлаў асьліцу сваю і пайшоў з князямі Маавіцкімі.

22 І запалаў гнеў Божы за тое, што ён пайшоў, і стаў анёл Гасподні на дарозе, каб перашкодзіць яму. Ён ехаў на асьліцы сваёй і два слугі ягоныя.

23 І ўбачыла асьліца анёла Гасподняга, які стаяў на дарозе з аголеным мечам у руцэ, і зьвярнула асьліца з дарогі і пайшла на поле; а Валаам пачаў біць асьліцу, каб вярнуць яе на дарогу.

24 І стаў анёл Гасподні на вузкай дарозе, паміж вінаграднікамі, дзе з аднаго боку сьцяна і з другога боку сьцяна.

25 Асьліца, убачыўшы анёла Гасподняга, прыціснулася да сьцяны і прыціснула нагу Валаама да сьцяны; і ён зноў пачаў біць яе.

26 Анёл Гасподні зноў перайшоў і стаў у цесным месцы, дзе ня было куды зьвярнуць, ні налева, ні направа.

27 Асьліца, убачыўшы анёла Гасподняга, легла пад Валаамам. І запалаў гнеў Валаама, і пачаў ён біць асьліцу кіем.

28 І разамкнуў Гасподзь вусны асьліцы, і яна сказала Валааму: што я табе зрабіла, што ты бэеш мяне вось ужо трэці раз?

29 Валаам сказаў асьліцы: за тое, што ты паглумілася зь мяне; калі б у мяне ў руцэ быў меч, дык я цяпер ужо забіў бы цябе.

30 А асьліца сказала Валааму: ці ня я твая асьліца, на якой ты езьдзіў з пачатку да гэтага дня? ці мела я звычку так рабіць з табою? Ён сказаў: не.

31 І адкрыў Гасподзь вочы Валааму, і ўбачыў ён анёла Гасподняга, які стаяў на дарозе з аголеным мечам у руцэ, і пакланіўся, і ўпаў на аблічча сваё.

32 І сказаў яму анёл Гасподні: за што ты біў асьліцу тваю аж тры разы? Я выйшаў, каб перашкодзіць табе, бо шлях твой няправільны перад Мною;

33 і асьліца, убачыўшы Мяне, зьвярнула ад Мяне вось ужо тры разы; калі б яна не зьвярнула ад Мяне, дык Я забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывую.

34 І сказаў Валаам анёлу Гасподняму: зграшыў я, бо ня ведаў, што Ты стаіш насупраць мяне на дарозе; дык вось, калі гэта няпрыемна ў вачах Тваіх, дык я вярнуся.

35 І сказаў анёл Гасподні Валааму: ідзі зь людзьмі гэтымі, толькі кажы тое, што Я буду казаць табе. І пайшоў Валаам з князямі Валакавымі.

36 Валак, пачуўшы, што ідзе Валаам, выйшаў насустрач яму ў горад Маавіцкі, які на граніцы пры Арноне, што каля самай мяжы.

37 І сказаў Валак Валааму: ці не пасылаў я да цябе клікаць цябе? чаму ты ня ішоў да мяне? няўжо я і праўда не магу ўшанаваць цябе?

38 І сказаў Валаам Валаку: вось, я і прыйшоў да цябе, але ці магу я штосьці ад сябе сказаць? што ўкладзе Бог у вусны мае, тое і буду гаварыць.

39 І пайшоў Валаам з Валакам, і прыйшлі ў Кірыят-Хуцот.

40 І закалоў Валак валоў і авечак і паслаў да Валаама і князёў, якія былі зь ім.

41 На другі дзень раніцай Валак узяў Валаама і ўзьвёў яго на вышыні Ваалавыя, каб ён убачыў адтуль частку народу.

 

Разьдзел 23

 

1 І сказаў Валаам Валаку: пастаў мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне сем цялят і сем бараноў.

2 Валак зрабіў так, як казаў Валаам, і ўзьнесьлі Валак і Валаам па цяляці і па барану на кожным ахвярніку.

3 І сказаў Валаам Валаку: пастой каля цэласпаленьня твайго, а я пайду; можа, Гасподзь выйдзе мне насустрач, і што Ён адкрые мне, я абвяшчу табе.

4 І сустрэўся Бог з Валаамам, і сказаў яму Валаам: сем ахвярнікаў паставіў я і ўзьнёс па цяляці і па барану на кожным ахвярніку.

5 І ўклаў Гасподзь слова ў вусны Валаамавыя і сказаў: вярніся да Валака і так кажы.

6 І вярнуўся да яго, і вось, ён стаіць каля цэласпаленьня свайго, ён і ўсе князі Маавіцкія.

7 І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: зь Месапатаміі прывёў мяне Валак, цар Маава, ад гор усходніх: прыйдзі, пракляні мне Якава, прыйдзі, выкажы зло на Ізраіля!

8 Як пракляну я? Бог не праклінае яго. Як выкажу зло? Гасподзь не выказвае зла.

9 Зь вяршыні скал бачу яго і з пагоркаў гляджу на яго: вось, народ жыве асобна і сярод народаў ня лічыцца.

10 Хто палічыць пясок Якава і велічыню чацьвёртай часткі Ізраіля? Хай памрэ душа мая сьмерцю праведнікаў, і хай будзе скон мой, як і іхні!

11 І сказаў Валак Валааму: што ты са мною робіш? я ўзяў цябе, каб праклясьці ворагаў маіх, а ты, вось, дабраслаўляеш?

12 І адказваў ён і сказаў: ці не павінен я дакладна сказаць тое, што ўкладвае Гасподзь у вусны мае?

13 І сказаў яму Валак: ідзі са мною на другое месца, зь якога ты ўбачыш яго, але толькі частку яго ўбачыш, а ўсяго яго ня ўбачыш, і пракляні мне яго адтуль.

14 І ўзяў яго на месца вартаўнікоў, на вяршыню гары Фасгі, і паставіў сем ахвярнікаў, і ўзьнёс па цяляці і па барану на кожным ахвярніку.

15 І сказаў Валаку: пастой тут каля цэласпаленьня твайго, а я пайду туды насустрач.

16 І сустрэўся Гасподзь з Валаамам, і ўклаў слова ў вусны ягоныя, і сказаў: вярніся да Валака і так кажы.

17 І прыйшоў да яго, і вось, ён стаіць каля цэласпаленьня свайго, і зь ім князі Маавіцкія. І сказаў яму Валак: што сказаў Гасподзь?

18 Ён прамовіў прытчу сваю і сказаў: устань, Валак, і паслухай, уважай мне, сыне Сэпфораў.

19 Бог не чалавек, каб няпраўду казаць, і ня сын чалавечы, каб Яму шкадаваць. Ці скажа Ён і ня зробіць? будзе казаць і ня выканае9

20 Вось, дабраслаўляць пачаў я, бо Ён дабраславіў, і я не магу зьмяніць гэтага.

21 Ня відаць бяды ў Якаве, і ня прыкметна няшчасьця ў Ізраіле; Гасподзь, Бог ягоны, зь ім, і трубны царскі гук у яго;

22 Бог вывеў іх зь Егіпта, імклівасьць адзінарога ў яго;

23 няма чарадзейства ў Якаве і няма варажнечы ў Ізраілі. Сваім часам скажуць пра Якава і пра Ізраіля: вось, што творыць Бог!

24 Вось народ, як ільвіца ўстае, і як леў падымаецца; ня ляжа, пакуль ня зьесьць здабычы і пакуль не напэецца крыві забітых.

25 І сказаў Валак Валааму: ні клясьці не кляні яго, ні дабраслаўляць не дабраслаўляй яго.

26 І адказваў Валаам і сказаў Валаку: ці не казаў я табе, што я буду рабіць усё тое, што скажа мне Гасподзь?

27 І сказаў Валак Валааму: ідзі, я вазьму цябе на другое месца; можа, заўгодна будзе Богу, і адтуль праклянеш мне яго.

28 І ўзяў Валак Валаама на верх Фегора, абернутага да пустыні.

29 І сказаў Валаам Валаку: пастаў мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне тут сем цялят і сем бараноў.

30 І зрабіў Валак, як сказаў Валаам, і ўзьнёс па цяляці і барану на кожным ахвярніку.

 

Разьдзел 24

 

1 Валаам убачыў, што Госпаду заўгодна дабраслаўляць Ізраіля, і не пайшоў, як раней, чарадзейнічаць, а павярнуўся тварам сваім да пустыні.

2 І зірнуў Валаам і ўбачыў Ізраіля, які стаяў паводле родаў сваіх, і быў на ім Дух Божы.

3 І прамовіў ён прытчу і сказаў: гаворыць Валаам, сын Вэораў, гаворыць муж з адкрытым вокам,

4 гаворыць той, хто чуе словы Божыя, які бачыць уявы Ўсемагутнага; падае, але адкрытыя вочы ягоныя:

5 такія цудоўныя намёты твае, Якаў, селішчы твае, Ізраіле!

6 расьсьцілаюцца яны як даліны, як сады над ракою, як альясавыя дрэвы, пасаджаныя Госпадам, як кедры каля вады;

7 пальецца вада зь вёдраў ягоных, і насеньне ягонае будзе як вялікія воды, пераўзыдзе Агага цар яго і ўзвысіцца царства ягонае.

8 Бог вывеў яго зь Егіпта, імклівасьць адзінарога ў яго, пажырае народы, варожыя яму, дробіць косьці іхнія і стрэламі сваімі бье.

9 Нахіліўся, і лёг, як леў і як ільвіца, - хто падыме яго? Хто дабраслаўляе цябе, той дабраславёны, і хто праклінае цябе, той пракляты!

10 І ўспалымніўся гнеў Валака на Валаама, і пляснуў ён рукамі сваімі, і сказаў Валак Валааму: я паклікаў цябе праклясьці ворагаў маіх, а ты дабраслаўляеш іх вось ужо трэці раз;

11 дык вось, бяжы ў сваё месца; я хацеў ушанаваць цябе, але вось, Гасподзь пазбаўляе цябе гонару.

12 І сказаў Валаам Валаку: «ці не казаў я паслам тваім, якіх ты пасылаеш да мяне:

13 ўхоць бы даваў мне Валак поўны свой дом срэбра і золата, не магу пераступіць загаду Гасподняга, каб зрабіць што-небудзь добрае альбо благое па сваёй волі: што скажа Гасподзь, тое і буду казаць»?

14 дык вось, я іду да народу свайго; ідзі, я абвяшчу табе, што зробіць народ гэты з народам тваім зь бегам часу.

15 І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: гаворыць Валаам, сын Вэораў, гаворыць муж з адкрытым вокам,

16 гаворыць той, хто чуе словы Божыя, хто мае ўяву ад Усявышняга, хто бачыць уявы Ўсемагутнага, падае, але адкрытыя вочы ў яго.

17 Бачу Яго, але яшчэ ня сёньня; бачу Яго, але ня блізка. Узыходзіць зорка ад Якава і паўстае жазло ад Ізраіля, і бэе князёў Маава і валіць усіх сыноў Сітавых.

18 Эдом будзе пад валоданьнем, Сэір будзе пад валоданьнем ворагаў сваіх, а Ізраіль пакажа сілу.

19 Той, хто паходзіць ад Якава, авалодае і загубіць рэшткі горада.

20 І ўгледзеў ён Амаліка, і прамовіў прытчу сваю, і сказаў: першы з народаў Амалік, але канец ягоны - пагібель.

21 І ўгледзеў ён Кенэяў, і прамовіў ён прыпавесьць сваю, і сказаў: моцнае селішча тваё, і на скале ўладжана гняздо тваё;

22 але спустошаны будзе Каін, і неўзабаве Асур паняволіць цябе.

23 І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: гора, хто ацалее, калі навядзе гэта Бог!

24 прыйдуць караблі ад Кітыма і ўрымсьцяць Асура і ўрымсьцяць Эвэра; але і ім пагібель!

25 І ўстаў Валаам і пайшоў назад у сваю мясьціну, а Валак таксама пайшоў сваёю дарогаю.

 

Разьдзел 25

 

1 І жыў Ізраіль у Сітыме, і пачаў народ блудадзейнічаць з дочкамі Маава,

2 і запрашалі яны народ да ахвяраваньня багам сваім, і еў народ і кланяўся багам іхнім.

3 І прыляпіўся Ізраіль да Ваал-Фегора. І ўспалымніўся гнеў Гасподні на Ізраіля.

4 І сказаў Гасподзь Майсею: вазьмі ўсіх правадыроў народу і павесь іх Госпаду перад сонцам, і адвернецца ад Ізраіля лютасьць гневу Гасподняга.

5 І сказаў Майсей судзьдзям Ізраілевым: забеце кожны людзей сваіх, якія прыляпіліся да Ваал-Фегора.

6 І вось, нехта з сыноў Ізраілевых прыйшоў і прывёў да братоў сваіх Мадыяніцянку, на вачах у Майсея і на вачах ва ўсяго супольства сыноў Ізраілевых, калі яны плакалі каля ўваходу ў скінію сходу.

7 Фінээс, сын Элеазара, сына Аарона сьвятара, убачыўшы гэта, устаў з супольства і ўзяў у руку сваю дзіду,

8 і ўвайшоў сьледам за Ізраільцянінам у спальню і пракалоў абодвух іх, Ізраільцяніна і жанчыну ў чэрава яе: і спынілася параза сыноў Ізраілевых.

9 А памерлых ад паразы было дваццаць чатыры тысячы.

10 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

11 Фінээс, сын Элеазара, сына Аарона сьвятара, адвёў лютасьць Маю ад сыноў Ізраілевых, парупіўшыся за Мяне сярод іх, і Я ня зьнішчыў сыноў Ізраілевых у руплівасьці Маёй;

12 таму скажы: вось Я даю яму Мой запавет міру,

13 і будзе ён яму і нашчадкам ягоным пасьля яго запаветам сьвятарства вечнага, за тое, што ён паказаў руплівасьць за Бога свайго і заступіўся за сыноў Ізраілевых.

14 Імя забітага Ізраільцяніна, які забіты з Мадыяніцянкаю, было Зімры, сын Салу, правадыр пакаленьня Сымонавага;

15 а імя забітай Мадыяніцянкі Хазва; яна была дачка Цура, правадыра Амота, з роду Мадыямскага.

16 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

17 уціскай Мадыямаў, і беце іх,

18 бо яны варожа зрабілі з вамі ў падступнасьці сваёй, завабіўшы вас Фегорам і Хазвою, дачкою правадыра Мадыямскага, сястрою сваёю, забітаю ў дзень паразы за Фегора.

 

Разьдзел 26

 

1 Пасьля гэтай паразы сказаў Гасподзь Майсею і Элеазару, сыну Аарона, сьвятару, кажучы:

2 палічэце ўсё супольства сыноў Ізраілевых ад дваццаці гадоў і вышэй, па семэях іхніх, усіх здольных ваяваць у Ізраіля.

3 І сказаў ім Майсей і Элеазар сьвятар на раўнінах Маавіцкіх каля Ярдана, насупраць Ерыхона, кажучы:

4 палічэце ўсіх ад дваццаці гадоў і вышэй, як загадаў Гасподзь Майсею і сынам Ізраілевым, якія выйшлі зь зямлі Егіпецкай:

5 Рувім, першынец Ізраіля. Сыны Рувімавыя: ад Ханоха пакаленьне Ханохавае, ад Фалу, пакаленьне Фалуевае,

6 ад Хецрона пакаленьне Хецронавае, ад Хармі пакаленьне Харміевае;

7 вось пакаленьні Рувімавыя; і налічана іх сорак тры тысячы сямсот трыццаць.

8 І сыны Фалуевыя: Эліяў.

9 Сыны Эліява: Нэмуіл, Датан і Авірон. Гэта тыя Датан і Авірон, якіх клічуць на сход, якія ўчынілі бунт супроць Майсея і Аарона разам з саўдзельнікамі Карэя, калі гэтыя ўчынілі бунт супроць Госпада;

10 і разьзявіла зямля вусны свае і праглынула іх і Карэя: разам зь імі памерлі і саўдзельнікі іхнія, калі агонь зжэр дзьвесьце пяцьдзясят чалавек, і сталіся яны азнакаю;

11 але сыны Карэевыя не памерлі.

12 Сыны Сымонавыя паводле пакаленьняў іхніх: ад Нэмуіла пакаленьне Нэмуілавае, ад Яміна пакаленьне Ямінавае, ад Яхіна пакаленьне Яхінавае,

13 ад Зары пакаленьне Зарынавае, ад Саўла пакаленьне Саўлавае;

14 вось пакаленьні Сымонавыя: дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце.

15 Сыны Гадавыя паводле пакаленьняў іхніх: ад Цафона пакаленьне Цафонавае, ад Хагія пакаленьне Хагіевае, ад Шунія пакаленьне Шуніевае,

16 ад Азьнія пакаленьне Азьніевае, ад Эрыя пакаленьне Эрыевае,

17 ад Арода пакаленьне Ародавае, ад Арэлія пакаленьне Арэліевае;

18 вось пакаленьні сыноў Гадавых, паводле падліку іх: сорак тысяч пяцьсот.

19 Сыны Юды: Ір і Анан; але Ір і Анан памерлі ў зямлі Ханаанскай;

20 і былі сыны Юдавыя паводле пакаленьняў іхніх: ад Шэлы пакаленьне Шэлавае, ад Фарэса пакаленьне Фарэсавае, ад Зары пакаленьне Заравае;

21 і былі сыны Фарэсавыя: ад Эсрома пакаленьне Эсромавае, ад Хамула пакаленьне Хамулавае;

22 вось пакаленьні Юдавыя, паводле падліку іх: семдзесят шэсьць тысяч пяцьсот.

23 Сыны Ісахаравыя паводле пакаленьняў іх: ад Толы пакаленьне Толавае, ад Фувы пакаленьне Фувавае,

24 ад Яшува пакаленьне Яшувавае, ад Шымрона пакаленьне Шымронавае;

25 вось пакаленьні Ісахаравыя, паводле падліку іх: шэсьцьдзясят чатыры тысячы трыста.

26 Сыны Завулонавыя паводле пакаленьняў іх: ад Сарэда пакаленьне Сарэдавае, ад Элона пакаленьне Элонавае, ад Яхлэіла пакаленьне Яхлэілавае;

27 вось пакаленьні Завулонавыя, паводле падліку іх: шэсьцьдзясят тысяч пяцьсот.

28 Сыны Язэпа паводле пакаленьняў іх: Манасія і Яфрэм.

29 Сыны Манасііныя: ад Махіра пакаленьне Махіравае; ад Махіра нарадзіўся Галаад, ад Галаада пакаленьне Галаадавае.

30 Вось сыны Галаадавыя: ад Езэра пакаленьне Езэравае, ад Хэлэка пакаленьне Хэлэкавае,

31 ад Асрыіла пакаленьне Асрыілавае, ад Шахэма пакаленьне Шахэмавае,

32 ад Шаміды пакаленьне Шамідавае, ад Хэфэра пакаленьне Хэфэравае.

33 У Салпаада, сына Хэфэравага, ня было сыноў, а толькі дочкі; імя дочак Салпаадавых: Махла, Ноа, Хогла, Мілка і Тырца.

34 Вось пакаленьні Манасііныя; а налічана іх пяцьдзясят дзьве тысячы сямсот.

35 Вось сыны Яфрэмавыя паводле пакаленьняў іх: ад Шутэлы пакаленьне Шутэлавае, ад Бэхера, пакаленьне Бэхеравае, ад Тахана пакаленьне Таханавае;

36 і вось сыны Шутэлавыя: ад Арана пакаленьне Аранавае;

37 вось пакаленьне сыноў Яфрэмавых, паводле падліку іх: трыццаць дзьве тысячы пяцьсот. Вось сыны Язэпавыя паводле пакаленьняў іх.

38 Сыны Веньямінавыя паводле пакаленьняў іх: ад Бэлы пакаленьне Бэлавае, ад Ашбэла пакаленьне Ашбэлавае, ад Ахірама пакаленьне Ахірамавае,

39 ад Шэфуфама пакаленьне Шэфуфамавае, ад Хуфама пакаленьне Хуфамавае;

40 і былі сыны Бэлавыя: Ард і Нааман; пакаленьне Ардавае, ад Наамана пакаленьне Нааманавае;

41 вось сыны Веньямінавыя паводле пакаленьняў іх; а налічана іх сорак пяць тысяч шэсьцьсот.

42 Вось сыны Данавыя паводле пакаленьняў іх: ад Шухама пакаленьне Шухамавае; вось сямействы Данавыя паводле пакаленьня іх.

43 І ўсіх пакаленьняў Шухама, паводле падліку іх: шэсьцьдзясят чатыры тысячы чатырыста.

44 Сыны Асіравыя паводле пакаленьняў іх: ад Імны пакаленьне Імнавае, ад Ішвы пакаленьне Ішвавае, ад Вэрыі пакаленьньне Вэрыінае;

45 ад сыноў Вэрыі, ад Хэвэра пакаленьне Хэвэравае, ад Малхііла пакаленьне Малхіілавае;

46 імя дачкі Асіравай Сара;

47 вось пакаленьне сыноў Асіравых, паводле падліку іх: пяцьдзясят тры тысячы чатырыста.

48 Сыны Нэфталімавыя паводле пакаленьняў іх; ад Яхцаіла пакаленьне Яхцаілавае, ад Гунія пакаленьне Гуніевае,

49 ад Ецэра, пакаленьне Ецэравае, ад Шылэма пакаленьне Шылэмавае;

50 вось пакаленьні Нэфталімавыя паводле пакаленьняў іх; а налічана іх сорак пяць тысяч чатырыста.

51 Вось лік тых, што ўвайшлі ў падлік сыноў Ізраілевых: шэсьцьсот адна тысяча сямсот трыццаць.

52 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

53 гэтым на долю табе трэба разьдзяліць зямлю па колькасьці імёнаў;

54 хто большы лікам, тым дай долю большую, а хто меншы лікам, тым дай долю меншую: кожнаму трэба даць долю суразьмерна з колькасьцю тых, што ўвайшлі ў падлік;

55 паводле жэрабя трэба падзяліць зямлю, паводле плямёнаў бацькоў іхніх павінны яны атрымаць долі;

56 паводле жэрабя трэба падзяліць ім долі іхнія, як шматлікім, так і малалікім.

57 Гэтыя лявіты ўвайшлі ў падлік паводле пакаленьняў іх: ад Гірсона пакаленьне Гірсонавае, ад Каата пакаленьне Каатавае, ад Мэрары пакаленьне Мэрарынае.

58 Вось пакаленьні Лявііныя: пакаленьне Ліўніевае, пакаленьне Хэўронавае, пакаленьне Махліевае, пакаленьне Мушыевае, пакаленьне Карэевае. Ад Каата нарадзіўся Амрам.

59 Імя жонкі Амрамавай Ёхавэд, дачка Лявііная, якую нарадзіла жонка Лявііная ў Егіпце, а яна Амраму нарадзіла Аарона, Майсея і Марыям, сястру іхнюю.

60 І нарадзіліся ў Аарона Надаў і Авіуд, Элеазар і Ітамар;

61 Але Надаў і Авіуд памерлі, калі прынесьлі чужы агонь да Госпада.

62 І было налічана дваццаць тры тысячы ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй; бо яны ня былі палічаны разам з сынамі Ізраілевымі, бо ня дадзена ім долі сярод сыноў Ізраілевых.

63 Вось палічаны Майсеем і Элеазарам сьвятаром, якія палічылі сыноў Ізраілевых на раўнінах Маавіцкіх каля Ярдана, насупраць Ерыхона;

64 у ліку іх ня было ніводнага чалавека з палічаных Майсеем і Ааронам сьвятаром, якія лічылі сыноў Ізраілевых у пустыні Сінайскай;

65 бо Гасподзь сказаў ім, што памруць яны ў пустыні, - і не засталося зь іх нікога, акрамя Халева, сына Ефаніінага, і Ісуса, сына Нававага.

 

Разьдзел 27

 

1 І прыйшлі дочкі Салпаада, сына Хэфэра, сына Галаадавага, сына Махіравага, сына Манасіінага з пакаленьня Манасіі, сына Язэпавага, і вось імёны дочак ягоных: Махла, Ноа, Хогла, Мілка і Тырца:

2 і сталі перад Майсеем і перад Элеазарам сьвятаром, і перад князямі і перад усім супольствам, каля ўваходу ў скінію сходу, і сказалі:

3 бацька наш памёр у пустыні, і ён ня быў у ліку саўдзельнікаў, што сабраліся супроць Госпада разам з грамадою Карэевай, але за свой грэх памёр, і сыноў у яго ня было;

4 за што зьнікаць імю бацькі нашага зь роду ягонага, бо няма ў яго сына? дай нам долю сярод братоў бацькі нашага.

5 І падаў Майсей справу іхнюю Госпаду.

6 І сказаў Гасподзь Майсею:

7 праўду кажуць дочкі Салпаадавыя; дай ім спадчынны надзел сярод братоў бацькі іхняга і перадай ім надзел бацькі іхняга;

8 і сынам Ізраілевым абвясьці і скажы: калі хто памрэ, ня маючы сына, дык перадавайце надзел ягоны дачцэ ягонай;

9 а калі няма ў яго дачкі, перадавайце надзел ягоны братам ягоным;

10 а калі няма ў яго братоў, аддавайце надзел ягоны братам бацькі ягонага;

11 а калі няма братоў бацькі ягонага, аддайце надзел ягоны блізкаму ягонаму родзічу з пакаленьня ягонага, каб ён успадкаваў яго; і хай будзе гэта сынам Ізраілевым пастаўлена ў закон, як загадаў Гасподзь Майсею.

12 І сказаў Гасподзь Майсею: падыміся на гэтую гару Аварым, і паглядзі на зямлю, якую Я дам сынам Ізраілевым;

13 і калі паглядзіш на яе, прыкладзіся да народу свайго і ты, як прыклаўся Аарон, брат твой;

14 бо вы не паслухаліся загаду Майго ў пустыні Сін, падчас раздору супольства, каб выявіць перад вачыма іхнімі сьвятасьць Маю каля водаў.

15 І сказаў Майсей Госпаду, кажучы:

16 хай паставіць Гасподзь, Бог духаў усякай плоці, над супольствам гэтым чалавека,

17 які выходзіў бы перад імі і які ўваходзіў бы перад імі, які выводзіў бы іх, каб не засталося супольства Гасподняе, як авечкі, у якіх няма пастуха.

18 І сказаў Гасподзь Майсею: вазьмі сабе Ісуса, сына Нава, чалавека, у якім ёсьць Дух, і пакладзі на яго руку тваю,

19 і пастаў яго перад Элеазарам сьвятаром і перад усім супольствам, і дай яму настаўленьне перад вачыма іхнімі,

20 і дай яму ад славы тваёй, каб слухала яго ўсё супольства сыноў Ізраілевых;

21 і будзе ён зьвяртацца да Элеазара сьвятара і пытацца ў яго пра рашэньне праз урым перад Госпадам; і па ягоным слове павінны ўваходзіць ён і ўсе сыны Ізраілевыя зь ім і ўсё супольства.

22 І зрабіў Майсей, як загадаў ім Гасподзь, і ўзяў Ісуса, і паставіў яго перад Элеазарам сьвятаром і перад усім супольствам;

23 і паклаў на яго рукі свае і даў яму настаўленьне, як казаў Гасподзь праз Майсея.

 

Разьдзел 28

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 загадай сынам Ізраілевым і скажы ім: сачэце, каб прынашэньне Маё, хлеб Мой у ахвяру Мне, дзеля прыемнай духмянасьці Мне, прыносілі Мне своечасова.

3 І скажы ім: вось агнявая ахвяра, якую вы павінны прыносіць Госпаду: два ягняці-адналеткі без пахібы на дзень, на цэласпаленьне пастаяннае;

4 адно ягня прынось раніцай, а другое ягня прынось увечары;

5 і ў прынашэньне хлебнае дзясятую долю эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з чацьвярцінаю гіна чаўленага алею;

6 гэта цэласпаленьне пастаяннае, якое ўчынена было каля гары Сінай, дзеля прыемнай духмянасьці, у ахвяру Госпаду;

7 і паліваньне пры ёй чацьвярціну гіна на адно ягня; на сьвятым месцы палівай паліваньне, віно Госпаду.

8 Другое ягня прынось увечары, з такім хлебным прынашэньнем, як раніцай, і з такім самым паліваньнем пры ім прынось яго ў ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.

9 А ў суботу прыносьце два ягняці адналеткі без пахібы, і ў прынашэньне хлебнае дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, і паліваньне пры ім:

10 гэта суботняе цэласпаленьне кожнае суботы, звыш пастаяннага цэласпаленьня і паліваньня пры ім.

11 І на маладзікі вашыя прыносьце цэласпаленьне Госпаду: з буйнога быдла два цяляці, аднаго барана і сем ягнят-адналетак без пахібы,

12 і тры дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у прынашэньне хлебнае на адно цяля, і дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у прынашэньне хлебнае на барана,

13 і па дзясятай долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у прынашэньне хлебнае на кожнае ягня; гэта цэласпаленьне, прыемная духмянасьць, ахвяра Госпаду;

14 і паліваньня пры іх павінна быць паўгіна віна на цяля, траціна гіна на барана і чацьвярціна гіна на ягня; гэта цэласпаленьне на час кожнага маладзіка ў кожны месяц года.

15 І аднаго казла прыносьце Госпаду ў ахвяру за грэх; звыш цэласпаленьня пастаяннага трэба прыносіць яго з паліваньнем яго.

16 У першы месяц, на чатырнаццаты дзень месяца Пасха Гасподняя.

17 І на пятнаццаты дзень гэтага месяца сьвята; сем дзён трэба есьці праснакі.

18 У першы дзень сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце;

19 і прыносьце ахвяру, цэласпаленьне Госпаду: з буйнога быдла два цяляці, аднаго барана і сем ягнят-адналетак; без пахібы яны павінны быць у вас;

20 і пры іх у прынашэньне хлебнае прыносьце пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на кожнае цяля, і дзьве дзясятыя долі эфы на барана,

21 і па дзясятай долі эфы прынось на кожнае зь сямі ягнят,

22 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, для ачышчэньня вас;

23 звыш ранішняга цэласпаленьня, якое ёсьць цэласпаленьне пастаяннае, прыносьце гэта.

24 Так прыносьце і ў кожны зь сямі дзён; гэта хлеб, ахвяра, прыемная духмянасьць Госпаду; звыш цэласпаленьня пастаяннага і паліваньня яго, трэба прыносіць гэта.

25 І на сёмы дзень хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце.

26 І ў дзень першых пладоў, калі прыносіце Госпаду новае прынашэньне хлебнае ў сяміцы вашыя, хай будзе сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце;

27 і прыносьце цэласпаленьне дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду: з буйнога быдла два цяляці, аднаго барана і сем ягнят-адналетак,

28 і пры іх у прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на кожнае цяля, дзьве дзясятыя эфы на барана;

29 і па дзясятай долі эфы на кожнае зь сямі ягнят,

30 і аднаго казла, дзеля ачышчэньня вас,

31 звыш пастаяннага цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня пры ім, прыносьце з паліваньнем іх; без пахібы павінны быць яны ў вас.

 

Разьдзел 29

 

1 І сёмага месяца, у першы дзень месяца, хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце; хай будзе гэта ў вас дзень трубнага гуку;

2 і прыносьце цэласпаленьне дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду: адно цяля, аднаго барана, сем ягнят-адналетак, без пахібы,

3 і зь імі ў прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на цяля, дзьве дзясятыя долі эфы на барана,

4 і адну дзясятую долі эфы на кожнае зь сямі ягнят,

5 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, дзеля ачышчэньня вас,

6 звыш цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня яго ў дзень маладзіка, і звыш пастаяннага цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня яго і паліваньня іх, паводле ўстанаўленьня, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.

7 І на дзясяты дзень гэтага сёмага месяца хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход: упакорвайце тады душы вашыя і ніякай працы не рабеце;

8 і прыносьце цэласпаленьне Госпаду дзеля прыемнай духмянасьці: адно цяля, аднаго барана сем ягнят-адналетак; без пахібы хай будуць яны ў вас;

9 і зь імі ў прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на цяля, дзьве дзясятыя долі эфы на барана,

10 і па дзясятай долі эфы на кожнае зь сямі ягнят,

11 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш ахвяры за грэх, якая прыносіцца ў дзень ачышчэньня, і звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня яго і паліваньня іх.

12 І на пятнаццацты дзень сёмага месяца хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце і сьвяткуйце сьвята Гасподняе сем дзён;

13 і прыносьце цэласпаленьне, ахвяру, прыемную духмянасьць Госпаду: трынаццаць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак; без пахібы хай будуць яны;

14 і зь імі ў прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на кожнае з трынаццаці цялят, дзьве дзясятыя долі эфы на кожнага з двух бараноў,

15 і па дзясятай долі эфы на кожнае з чатырнаццаці ягнят,

16 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня яго і паліваньня яго.

17 І на другі дзень дванаццаць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,

18 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

19 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня іх.

20 І на трэці дзень адзінаццаць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят адналеткаў, без пахібы,

21 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

22 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

23 І на чацьвёрты дзень дзесяць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,

24 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

25 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

26 і на пяты дзень дзевяць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,

27 і зь імі прынашэньбне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

28 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

29 І на шосты дзень восем цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,

30 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

31 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

32 і на сёмы дзень сем цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,

33 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

34 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

35 На восьмы дзень хай будзе ў вас адданьне сьвята; ніякай працы не рабеце;

36 і прыносьце цэласпаленьне, ахвяру, прыемную духмянасьць Госпаду: адно цяля, аднаго барана, сем ягнят-адналетак, без пахібы,

37 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цяляці, барана і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

38 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

39 Прыносьце гэта Госпаду ў сьвяты вашыя, звыш таго, што вы прыносіце, паводле абяцаньня і па рупнасьці, цэласпаленьняў вашых і хлебных прынашэньняў вашых і паліваньняў вашых і мірных ахвяраў вашых.

 

Разьдзел 30

 

1 І пераказаў Майсей сынам Ізраілевым усё, што загадаў Гасподзь Майсею.

2 І сказаў Майсей правадырам плямёнаў сыноў Ізраілевых, кажучы: вось, што загадаў Гасподзь:

3 калі хто дасьць абяцаньне Госпаду, альбо прысягне клятваю, паклаўшы зарок на душу сваю, дык ён не павінен парушаць слова свайго, а павінен выконваць усё, што выйшла з вуснаў ягоных.

4 Калі жанчына дасьць абяцаньне Госпаду і накладзе на сябе зарок у доме бацькі свайго, у маладосьці сваёй,

5 і пачуе бацька абяцаньне яе і зарок, які яна наклала на душу сваю, і змоўчыць пра тое бацька яе, дык усе абяцаньні яе збудуцца, і кожны зарок яе, які яна паклала на душу сваю, збудзецца;

6 калі ж бацька яе, пачуўшы, забароніць ёй, дык усе абяцаньні яе і зарокі, якія яна паклала на душу сваю, ня збудуцца, і Гасподзь даруе ёй, бо забараніў ёй бацька яе.

7 Калі яна выйдзе замуж, а на ёй абяцаньне яе, альбо слова вуснаў яе, якім яна зьвязала сябе,

8 і пачуе муж яе і, пачуўшы, змоўчыць, дык абяцаньні яе збудуцца, і зарокі яе, якія яна наклала на душу сваю, збудуцца;

9 а калі муж яе, пачуўшы, забароніць ёй і адкіне абяцаньне яе, якое на ёй, і слова вуснаў яе, якім яна зьвязала сябе, і Гасподзь даруе ёй.

10 А абяцаньне ўдавы і разьведзенай, які б яна ні паклала зарок на душу сваю, адбудзецца.

11 Калі жонка ў доме мужа свайго дала абяцаньне, альбо паклала зарок на душу сваю з клятваю,

12 і муж яе чуў, і змоўчаў пра тое, і не забараніў ёй, дык усе абяцаньні яе збудуцца, і ўсякі зарок, які яна паклала на душу сваю, адбудзецца;

13 а калі муж яе, пачуўшы, адхіліў іх, дык усе абяцаньні яе, што выйшлі з вуснаў яе, і зарокі душы яе не адбудуцца: муж яе зьнішчыў іх, і Гасподзь даруе ёй.

14 Кожнае абяцаньне і кожны зарок з клятваю, каб упакорыць душу, муж яе можа сьцьвердзіць, і муж яе можа адхіліць;

15 а калі муж яе маўчаў пра тое дзень у дзень, дык ён тым самым сьцьвердзіў усе абяцаньні яе і ўсе зарокі яе, якія на ёй, сьцьвердзіў, бо ён, пачуўшы, маўчаў пра тое;

16 а калі адхіліў іх, пасьля таго як пачуў, дык ён узяў на сябе грахі яе.

17 Вось устанаўленьні, якія Гасподзь наказаў Майсею пра адносіны паміж мужам і жонкаю ягонай, паміж бацькам і дачкою ягонай у маладосьці яе, у доме ў бацькі яе.

 

Разьдзел 31

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

2 адпомсьці Мадыяніцянам за сыноў Ізраілевых, і потым адыдзеш да народу твайго.

3 І сказаў Майсей народу, кажучы: узбройце спаміж сябе людзей на вайну, каб яны пайшлі супроць Мадыяніцянаў учыніць помсту Гасподнюю Мадыяніцянам;

4 па тысячы з племя, ад усіх плямёнаў Ізраілевых пашлеце на вайну.

5 І вылучана з тысячаў Ізраілевых, па тысячы з племя, дванаццаць тысяч узброеных на вайну.

6 І паслаў іх Майсей на вайну, па тысячы з племя, іх і Фінээса, сына Элеазара, сьвятара, на вайну, і ў руцэ ў яго сьвяшчэнны посуд і трубы на трывогу.

7 І пайшлі вайною на Мадыяма, як загадаў Гасподзь Майсею, і забілі ўсіх мужчынскага полу;

8 і разам з забітымі іхнімі забілі цароў Мадыямскіх: Эвія, Рэкема, Цура, Хура і Рэву, пяць цароў Мадыямскіх, і Валаама, сына Вэоравага, забілі мечам;

9 а жанок Мадыямскіх і дзяцей іхніх сыны Ізраілевыя ўзялі ў палон, і ўсё быдла іхняе, і ўсе статкі іхнія, і ўсю маёмасьць іхнюю ўзялі як здабычу,

10 і ўсе гарады іхнія ва ўладаньнях іхніх і ўсе селішчы іхнія спалілі агнём;

11 і ўзялі ўсё захопленае і ўсю здабычу, ад чалавека да быдла;

12 і даставілі палонных і здабычу і захопленае да Майсея і да Элеазара сьвятара і да супольства сыноў Ізраілевых, да табара, на раўніны Маавіцкія, што каля Ярдана, насупраць Ерыхона.

13 І выйшлі Майсей і Элеазар сьвятар і ўсе князі супольства насустрач ім з табара.

14 І ўгневаўся Майсей на ваеначальнікаў, тысячнікаў і сотнікаў, якія прыйшлі з вайны,

15 і сказаў ім Майсей: вы пакінулі жывымі ўсіх жанчын?

16 вось яны, з парады Валаамавай, былі сынам Ізраілевым прычынаю адступленьня ад Госпада дзеля дагоды Фэгору, за што і параза была ў супольстве Гасподнім;

17 дык вось, забеце ўсіх дзяцей мужчынскага полу, і ўсіх жанчын, якія спазналі мужа на мужавым ложку, забеце;

18 а ўсіх дзяцей жаночага полу, якія не спазналі мужавага ложка, пакіньце жывымі сабе;

19 і прабудзьце за табарам сем дзён; кожны, хто забіў чалавека і дакрануўся да мёртвага, ачысьціцеся на трэці дзень і на сёмы дзень, вы і палонныя вашыя;

20 і ўсё адзеньне, і ўсе скураныя рэчы, і ўсё зробленае з казінай воўны, і ўвесь драўляны посуд ачысьціце.

21 І сказаў Элеазар сьвятар воінам, якія хадзілі на вайну: вось пастанова закона, які наказаў Гасподзь Майсею:

22 золата, срэбра, медзь, жалеза, волава і сьвінец,

23 і ўсё, што праходзіць праз агонь, правядзеце праз агонь, каб яно ачысьцілася, а акрамя таго і ачышчальнаю вадою трэба ачысьціць; а ўсё, што не праходзіць праз агонь, правядзеце праз ваду;

24 і вопратку вашу вымыйце на сёмы дзень, і ачысьціцеся, і пасьля таго ўваходзьце ў табар.

25 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

26 палічы здабычу палону, ад чалавека да быдла, ты і Элеазар сьвятар і правадыры плямёнаў супольства;

27 і падзялі здабычу напалам паміж ваярамі, якія хадзілі на вайну, і супольствам;

28 і з ваяроў, якія хадзілі на вайну, вазьмі даніну Госпаду, па адной душы зь пяцісот, зь людзей і буйнога быдла, і з аслоў і з дробнага быдла;

29 вазьмі гэта з палавіны іхняй і аддай Элеазару сьвятару дзеля прынашэньня Госпаду;

30 і з палавіны сыноў Ізраілевых вазьмі па адной долі зь пяцідзесяці, зь людзей, з буйнога быдла, з аслоў і з дробнага быдла і аддай гэта лявітам, якія служаць пры скініі Гасподняй.

31 І зрабіў Майсей і Элеазар сьвятар, як загадаў Гасподзь Майсею.

32 І было здабычы, якая засталася ад захопленага, што захапілі тыя, якія былі на вайне: дробнага быдла шэсьцьсот семдзесят пяць тысяч,

33 буйнога быдла семдзесят дзьве тысячы,

34 аслоў шэсьцьдзясят адна тысяча,

35 людзей, жанчын, якія ня ведалі мужчынскага ложка, усіх душ трыццаць дзьве тысячы.

36 Палавіна, доля тых, што хадзілі на вайну, пасьля падліку была: дробнага быдла трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот,

37 і даніна Госпаду з дробнага быдла шэсьцьсот семдзесят пяць;

38 буйнога быдла трыццаць шэсьць тысяч, і даніна зь іх Госпаду семдзесят два;

39 аслоў трыццаць тысяч пяцьсот, і даніна зь іх Госпаду шэсьцьдзясят адзін;

40 людзей шаснаццаць тысяч, і даніна зь іх Госпаду трыццаць дзьве душы.

41 І аддаў Майсей даніну, прынашэньне Госпаду, Элеазару сьвятару, як загадаў Гасподзь Майсею.

42 І з палавіны сыноў Ізраілевых, якую аддзяліў Майсей ад тых, што былі на вайне;

43 а палавінам на долю супольства была: дробнага быдла трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот,

44 буйнога быдла трыццаць шэсьць тысяч,

45 аслоў трыццаць тысяч пяцьсот,

46 людзей шаснаццаць тысяч.

47 З палавіны сыноў Ізраілевых узяў Майсей адну пяцідзясятую частку зь людзей і з быдла і аддаў гэта лявітам, якія выконваюць службу пры скініі Гасподняй, як загадаў Гасподзь Майсею.

48 І прыйшлі да Майсея правадыры над тысячамі войска, тысячнікі і сотнікі,

49 і сказалі Майсею: рабы твае палічылі воінаў, якія нам даручаны, і ня ўбыло ніводнага зь іх;

50 і вось, мы прынесьлі прынашэньне Госпаду, хто што дастаў з залатых рэчаў, ланцужкі, запясьці, пярсьцёнкі, завушніцы і падвескі, дзеля ачышчэньня душаў нашых перад Госпадам.

51 І ўзяў у іх Майсей і Элеазар сьвятар золата ва ўсіх гэтых вырабах;

52 і было ўсяго золата, якое прынесена ў прынашэньне Госпаду, шаснаццаць тысяч сямсот пяцьдзясят сікляў, ад тысячнікаў і сотнікаў.

53 Воіны рабавалі кожны сабе.

54 І ўзяў Майсей і Элеазар сьвятар золата ад тысячнікаў і сотнікаў, і прынесьлі яго ў скінію сходу, у памяць сыноў Ізраілевых перад Госпадам.

 

Разьдзел 32

 

1 У сыноў Рувімавых і ў сыноў Гадавых статкаў было вельмі многа; і ўбачылі яны, што зямля Язэр і зямля Галаад ёсьць месца прыдатнае статкам;

2 і прыйшлі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя і сказалі Майсею і Элеазару і князям супольства, кажучы:

3 Атарот і Дывон, і Язэр і Німра, і Эсэвон і Элале, і Сэвам і Нэво і Вэон.

4 зямля, якую Гасподзь пабіў перад супольствам Ізраілевым, ёсьць зямля прыдатная для статкаў, а ў рабоў тваіх ёсьць статкі.

5 І сказалі: калі мы здабылі ўпадабаньне ў вачах тваіх, аддай зямлю гэтую рабам тваім у валоданьне; не пераводзь нас праз Ярдан.

6 І сказаў Майсей сынам Гадавым і сынам Рувімавым: браты вашыя пойдуць на вайну, а вы застанецеся тут?

7 дзеля чаго вы ўхіляеце сэрца сыноў Ізраілевых ад пераходу ў зямлю, якую дае ім Гасподзь?

8 так рабілі бацькі вашыя, калі я пасылаў іх з Кадэс-Варні на агляд зямлі:

9 яны даходзілі да даліны Эсхол, і бачылі зямлю і ўхілілі сэрца сыноў Ізраілевых, каб ня йшлі яны ў зямлю, якую Гасподзь дае ім;

10 і запалаў таго дня гнеў Госпада, і пакляўся ён, кажучы:

11 людзі гэтыя, якія выйшлі зь Егіпта, ад дваццаці гадоў і вышэй, не пабачаць зямлі, пра якую я запрысягаўся Абрагаму, Ісааку і Якаву, бо яны ня слухаліся Мяне,

12 апрача Халева, сына Ефаніінага, Кенэзэяніна, і Ісуса, сына Нававага, бо яны слухаліся Госпада.

13 І запалаў гнеў Госпада на Ізраіля, і вадзіў Ён іх па пустыні сорак гадоў, пакуль ня скончыўся ўвесь род, які ўчыніў зло ў вачах Гасподніх.

14 І вось, замест бацькоў вашых паўсталі вы, выродзьдзе грэшнікаў, каб узмацніць яшчэ больш лютасьць гневу Гасподняга на Ізраіля.

15 Калі вы адвернецеся ад Яго, дык Ён зноў пакіне яго ў пустыні, і вы згубіце ўвесь народ гэты.

16 І пайшлі яны да яго і сказалі: мы пабудуем тут авечыя кашары для статкаў нашых і гарады дзецям нашым;

17 а самыя мы першыя ўзброімся і пойдзем перад сынамі Ізраілевымі, пакуль не прывядзём іх у мясьціны іхнія; а дзеці нашыя няхай застануцца ва ўмацаваных гарадах дзеля бясьпекі ад жыхароў зямлі;

18 ня вернемся ў дамы нашыя, пакуль ня ўступяць сыны Ізраілевыя кожны ў надзел свой;

19 бо мы ня возьмем зь імі надзелу па той бок Ярдана і далей, калі надзел нам дастанецца па гэты бок Ярдана, на ўсход.

20 І сказаў ім Майсей: калі вы гэта зробіце, калі ўзброеныя пойдзеце на вайну перад Госпадам,

21 і пойдзе кожны з вас узброены за Ярдан перад Госпадам, пакуль ня зьнішчыць Ён ворагаў Сваіх перад Сабою,

22 і ўпакорана будзе зямля перад Госпадам, дык потым вернецеся і будзеце невінаватыя перад Госпадам і перад Ізраілем, і будзе зямля гэтая ў вас у валоданьні перад Госпадам;

23 а калі ня зробіце так, дык згрэшыце перад Госпадам і зьведаеце кару за грэх ваш, якая спасьцігне вас;

24 будуйце сабе гарады дзецям вашым і кашары авечкам вашым і рабеце, што вымаўлена вуснамі вашымі.

25 І сказалі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя Майсею: рабы твае зробяць, як загадвае гаспадар наш;

26 дзеці нашыя, жонкі нашыя, статкі нашыя і ўсё быдла наша застануцца тут у гарадах Галаада,

27 а рабы твае, усе ўзброіўшыся, як ваяры, пойдуць перад Госпадам на вайну, як кажа гаспадар наш.

28 І даў Майсей пра іх загад Элеазару сьвятару і Ісусу, сыну Нава, і правадырам плямёнаў сыноў Ізраілевых,

29 і сказаў ім Майсей: калі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя пяройдуць з вамі за Ярдан, усе ўзброіўшыся на вайну перад Госпадам, і ўпакорана будзе перад вамі зямля, дык аддайце ім зямлю Галаад у валоданьне;

30 а калі ня пойдуць яны з вамі ўзброеныя, і яны атрымаюць валоданьне разам з вамі ў зямлі Ханаанскай.

31 І адказвалі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя і сказалі: як сказаў Гасподзь рабам тваім, так і зробім;

32 мы пойдзем узброеныя перад Госпадам у зямлю Ханаанскую, а надзел валоданьня нашага хай будзе па гэты бок Ярдана.

33 І аддаў Майсей ім, сынам Гадавым і сынам Рувімавым, і палавіне племя Манасіі, сына Язэпавага, царства Сігона, цара Амарэйскага, і царства Ога, цара Васанскага, зямлю з гарадамі яе і навакольлем, гарады зямлі ва ўсе бакі.

34 І пабудавалі сыны Гадавыя Дывон і Атарот і Араэр,

35 і Атарот-Шотан і Язэр і Ёгбэгу,

36 і Бэт-Німру і Бэт Гаран, гарады ўмацаваныя і кашары авечкам.

37 і сыны Рувімавыя пабудавалі Эсэвон, Элэале, Кірыятаім,

38 і Нэво і Ваал-Мэон, назвы якіх пераменены, і Сімву, і далі назвы гарадам, якія яны пабудавалі.

39 І пайшлі сыны Махіра, сына Манасіінага, у Галаад, і ўзялі яго, і выгналі Амарэяў, якія былі ў ім;

40 і аддаў Майсей Галаад Махіру, сыну Манасіінаму, і ён пасяліўся ў ім.

41 І Яір, сын Манасіін, пайшоў і ўзяў селішчы іхнія, і назваў іх: селішчы Яіравыя.

42 І Новах пайшоў і ўзяў Кенат і залежныя ад яго гарады, і назваў яго сваім імем: Новах.

 

Разьдзел 33

 

1 Вось табары сыноў Ізраілевых, якія выйшлі зь зямлі Егіпецкай рушэньнямі сваімі, пад начальствам Майсея і Аарона,

2 Майсей, па загадзе Гасподнім, апісаў падарожжа іхняе па табарах іхніх, і вось табары падарожжа іхняга:

3 з Раамсэса выправіліся яны ў першы месяц, у пятнаццаты дзень першага месяца; на другі дзень Пасхі выйшлі сыны Ізраілевыя пад рукою высокаю на вачах усяго Егіпта;

4 між тым Егіпцяне хавалі сваіх першынцаў, якіх пабіў у іх Гасподзь, і над багамі іхнімі Гасподзь учыніў суд.

5 Так выправіліся сыны Ізраілевыя з Раамсэса і разьмясьціліся табарам у Сакхоце.

6 І выправіліся з Сакхота і разьмясьціліся табарам у Этаме, што на краі пустыні.

7 І выправіліся з Этама, і павярнулі да Пі-Гахірота, што перад Ваал-Цэфонам, і разьмясьціліся табарам перад Мігдолам.

8 Выправіліся ад Гахірота, прайшлі сярод мора ў пустыню, і ішлі тры дні пустыняю Этам, і разьмясьціліся табарам у Мэры.

9 І выправіліся з Мэры і прыйшлі ў Элім; а ў Эліме дванаццаць крыніц вады і семдзесят фінікавых дрэў, і разьмясьціліся там табарам.

10 І выправіліся з Эліма і разьмясьціліся табарам каля Чэрмнага мора.

11 І выправіліся ад Чэрмнага мора і разьмясьціліся табарам у пустыні Сін.

12 І выправіліся з пустыні Сін і разьмясьціліся табарам у Дофцы.

13 І выправіліся з Дофкі і разьмясьціліся табарам у Алушы.

14 І выправіліся з Алуша і разьмясьціліся табарам у Рэфідыме, і ня было там вады, каб піць народу.

15 І выправіліся з Рэфідыма і разьмясьціліся табарам у пустыні Сінайскай.

16 І выправіліся з пустыні Сінайскай і разьмясьціліся табарам у Кіброт-Гатааве.

17 І выправіліся зь Кіброт-Гатаавы і разьмясьціліся табарам у Асіроце.

18 І выправіліся з Асірота і разьмясьціліся табарам у Рытме.

19 І выправіліся з Рытмы і разьмясьціліся табарам у Рымнон-Фарэце.

20 І выправіліся з Рымнон-Фарэца і разьмясьціліся табарам у Ліўне.

21 І выправіліся зь Ліўны і разьмясьціліся табарам у Рысе.

22 І выправіліся з Рысы і разьмясьціліся табарам у Кегелаце.

23 І выправіліся зь Кегелаты і разьмясьціліся табарам на гары Шафэр.

24 І выправіліся ад гары Шафэр і разьмясьціліся табарам у Харадзе.

25 І выправіліся з Харады і разьмясьціліся табарам у Макелоце.

26 І выправіліся з Макелота і разьмясьціліся табарам у Тахаце.

27 І выправіліся з Тахата і разьмясьціліся табарам у Тараху.

28 І выправіліся з Тараха і разьмясьціліся табарам у Мітцы.

29 І выправіліся з Міткі і разьмясьціліся табарам у Хашмоне.

30 І выправіліся з Хашмоны і разьмясьціліся табарам у Масэроце.

31 І выправіліся з Масэрота і разьмясьціліся табарам у Бэнэ-Яакане.

32 І выправіліся з Бэнэ-Яакана і разьмясьціліся табарам у Хор-Агідгадзе.

33 І выправіліся з Хор-Агідгада і разьмясьціліся табарам у Ётваце.

34 І выправіліся ад Ётваты і разьмясьціліся табарам у Аўроне.

35 І выправіліся з Аўрона і разьмясьціліся табарам у Эцэён-Гавэры.

36 І выправіліся з Эцэён-Гавэра і разьмясьціліся табарам у пустыні Сін; яна ж Кадэс.

37 І выправіліся з Кадэса і разьмясьціліся табарам на гары Ор, каля межаў зямлі Эдомскай.

38 І ўзышоў Аарон сьвятар на гару Ор па загадзе Гасподнім і памёр там на саракавым годзе пасьля выхаду зь зямлі Егіпецкай, на пятым месяцы, у першы дзень месяца.

39 Аарону было сто дваццаць тры гады, калі памёр на гары Ор.

40 Ханаанскі цар Арада, які жыў на поўдні зямлі Ханаанскай, пачуў тады, што ідуць сыны Ізраілевыя.

41 І выправіліся яны ад гары Ор і разьмясьціліся табарам у Салмоне.

42 І выправіліся з Салмона і разьмясьціліся табарам у Пуноне.

43 І выправіліся з Пунона і разьмясьціліся табарам у Авоце.

44 І выправіліся з Авота і разьмясьціліся табарам у Ійм-Аварыме на межах Маава.

45 І выправіліся зь Ійма і разьмясьціліся табарам у Дывон-Гадзе.

46 І выправіліся з Дывон-Гада і разьмясьціліся табарам у Алмон-Дыўлатаіме.

47 І выправіліся з Алмон-Дыўлатаіма і разьмясьціліся табарам на гарах Аварымскіх перад Нэво.

48 І выправіліся ад гор Аварымскіх і разьмясьціліся табарам на раўнінах Маавіцкіх каля Ярдана, насупраць Ерыхона;

49 яны разьмясьціліся табарам каля Ярдана ад Бэт-Ешымота да Авэ-Сітыма на раўнінах Маавіцкіх.

50 І сказаў Гасподзь Майсею на раўнінах Маавіцкіх каля Ярдана, насупраць Ерыхона, кажучы:

51 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі пяройдзеце празь Ярдан у зямлю Ханаанскую,

52 дык праганеце ад сябе ўсіх жыхароў зямлі і зьнішчыце ўсе выявы іх, і ўсіх літых ідалаў іхніх зьнішчыце і ўсе капішчы іхнія спустошце;

53 і вазьмеце ў валоданьне зямлю і пасялецеся на ёй, бо Я вам даю зямлю гэтую ў валоданьне;

54 і падзялеце зямлю па жэрабі на надзелы плямёнам вашым: шматлікаму дайце надзел большы, а малалікаму дай надзел меншы; каму дзе выпадзе жэрабя, там яму і будзе надзел; паводле плямёнаў бацькоў вашых вазьмеце сабе надзелы;

55 А калі вы не прагоніце ад сябе жыхароў зямлі, дык тыя зь іх, што застануцца, будуць цернямі для вачэй вашых і асьцюкамі для бакоў вашых і будуць уціскаць вас на зямлі, у якой вы жыцьмеце,

56 і тады, што Я намерыўся зрабіць ім, зраблю вам.

 

Разьдзел 34

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

2 загадай сынам Ізраілевым і скажы ім: калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаанскую, дык вось зямля, якая дастанецца вам у надзел, зямля Ханаанская зь яе межамі:

3 паўднёвы бок будзе ў вас ад пустыні Сін, каля Эдома, і пойдзе ў вас паўднёвая мяжа ад канца Салёнага мора з усходу,

4 і пойдзе мяжа на поўдзень да ўзвышша Акравіма і пойдзе праз Сін, і будуць выступы яе на поўдзень да Кадэс-Варні, адтуль пойдзе да Гацар-Адара і пройдзе праз Ацмон;

5 ад Ацмона пойдзе мяжа да патока Егіпецкага, і будуць выступы яе да мора;

6 а мяжою заходняю будзе ў вас вялікае мора: гэта будзе ў вас мяжа на захад;

7 а на поўнач будзе ў вас мяжа: ад вялікага мора правядзеце яе да гары Ор,

8 ад гары Ор правядзеце да Эмата, і будуць выступы мяжы да Цэдада;

9 адтуль пойдзе мяжа да Цыфрона, і выступы яе будуць да Гацар-Энана: гэта будзе ў вас мяжа паўночная;

10 мяжу ўсходнюю правядзеце сабе ад Гацар-Энана да Шэфама,

11 ад Шэфама пойдзе мяжа да Рыблы, з усходняга боку Аіна, потым пойдзе мяжа і кранецца берагоў мора Кінэрэт з усходняга боку;

12 і пойдзе мяжа да Ярдана, і будуць выступы яе да Салёнага мора. Гэта будзе мяжа ваша ў межах яе з усіх бакоў.

13 І загадаў Майсей сынам Ізраілевым і сказаў: вось зямля, якую вы падзеліце на надзелы па жэрабі, якую загадаў Гасподзь даць дзевяці плямёнам і палавіне племя;

14 бо племя сыноў Рувімавых паводле сямействаў іхніх, і племя сыноў Гадавых паводле сямействаў іхніх, і палавіна племя Манасіінага, атрымалі надзел свой;

15 два плямёны і палавіна племя атрымалі надзел свой за Ярданам насупраць Ерыхона на ўсход.

16 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

17 вось імёны мужоў, якія будуць дзяліць вам зямлю: Элеазар сьвятар і Ісус, сын Наваў;

18 і па адным князі ад племя вазьмеце для падзелу зямлі.

19 І вось імёны гэтых мужоў: для племя Юдавага Халеў, сын Ефаніін;

20 для племя сыноў Сымонавых Самуіл, сын Аміудаў;

21 для племя Веньямінавага Элідад, сын Кіслонаў;

22 для племя сыноў Данавых князь Букій, сын Ёгліі;

23 для сыноў Язэпавых, для племя сыноў Манасііных князь Ханііл, сын Эфодаў;

24 для племя сыноў Яфрэмавых князь Кемуіл, сын Шыфтанаў;

25 для племя сыноў Завулонавых князь Эліцафан, сын Фарнакаў;

26 для племя сыноў Ісахаравых князь Фалтыіл, сын Азанаў;

27 для племя сыноў Асіравых князь Ахіуд, сын Шэломія;

28 для племя сыноў Нэфталімавых князь Пэдаіл, сын Аміудаў;

29 вось тыя, каму загадаў Гасподзь падзяліць надзелы сынам Ізраілевым у зямлі Ханаанскай.

 

Разьдзел 35

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею на раўнінах Маавіцкіх каля Ярдана насупраць Ерыхона, кажучы:

2 загадай сынам Ізраілевым, каб яны з надзелаў валоданьня свайго далі лявітам гарады для жыхарства; і палі пры гарадах з усіх бакоў дайце лявітам.

3 Гарады будуць ім для жыхарства, а палі будуць для быдла іхняга і для маёмасьці іхняй і для ўсіх жыцьцёвых патрэбаў іхніх.

4 Палі каля гарадоў, якія вы павінны даць лявітам, ад сьцяны горада павінны прасьцірацца на дзьве тысячы локцяў, ва ўсе бакі.

5 І адмерце за горадам на ўсходні бок дзьве тысячы локцяў, і на паўднёвы бок дзьве тысячы локцяў, а пасярэдзіне горад: такія будуць у іх палі каля гарадоў.

6 З гарадоў, якія вы дасьце лявітам, будуць шэсьць гарадоў пад сховы, у якія вы дазволіце ўцякаць забойцу; і звыш іх дайце сорак два гарады.

7 Усіх гарадоў, якія вы павінны даць лявітам, будзе сорак восем гарадоў, з палямі каля іх.

8 І калі будзеце даваць гарады з валоданьня сыноў Ізраілевых, тады з большага дайце больш, зь меншага менш; кожнае племя, гледзячы па надзеле, які атрымае, павінна даць з гарадоў сваіх лявітам.

9 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

10 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі вы пяройдзеце празь Ярдан у зямлю Ханаанскую,

11 выберце сабе гарады, якія былі б у вас гарадамі пад сховы, куды мог бы ўцячы забойца, які забіў чалавека ненаўмысна.

12 І будуць у вас гарады гэтыя сховішчам ад помсьніка, каб ня быў забіты забойца, перш чым ён стане перад супольствам на суд.

13 А гарадоў, якія вы павінны даць, гарадоў-сховішчаў, павінна быць у вас шэсьць.

14 Тры гарады дайце па гэты бок Ярдана, і тры гарады дайце ў зямлі Ханаанскай; гарадамі-сховішчамі павінны быць яны.

15 Сынам Ізраілевым і прыхадням і пасяленцам сярод вас будуць гэтыя шэсьць гарадоў сховішчам, каб уцякаць туды кожнаму, хто забіў чалавека ненаўмысна.

16 Калі хто ўдарыць каго жалезнай прыладай, так што той памрэ, - дык ён забойца: забойцу трэба аддаць на сьмерць.

17 І калі хто ўдарыць каго з рукі каменем, ад якога можна памерці, так што той памрэ, - дык ён забойца: забойцу трэба аддаць на сьмерць.

18 Альбо, калі драўлянай прыладай, ад якое можна памерці, ударыць з рукі так, што той памрэ, - дык ён забойца: забойцу трэба аддаць на сьмерць.

19 Помсьнік за кроў сам можа забіць забойцу; як толькі спаткае таго, сам можа ўсьмерціць яго.

20 Калі хто штурхне каго зь нянавісьці, альбо наўмысна кіне на яго што-небудзь, так што той памрэ,

21 альбо з варожасьці ўдарыць яго рукою, так што той памрэ: дык таго, хто ўдарыў, трэба аддаць сьмерці, - ён забойца; помсьнік за кроў можа ўсьмерціць забойцу, як толькі спаткае яго.

22 Калі ж ён штурхне яго незнарок, без варожасьці, альбо кіне на яго што-небудзь без намыслу,

23 альбо які-небудзь камень, ад якога можна памерці, ня бачачы ўпусьціць на яго, так што той памрэ, але ён ня быў ворагам яму і не хацеў яму благога:

24 дык супольства павінна рассудзіць забойцу і помсьніка за кроў паводле гэтых пастановаў;

25 і павінна супольства ўратаваць забойцу ад рукі помсьніка за кроў, і павінна вярнуць яго супольства ў горад сховішча ягонага, куды ён уцёк, каб ён жыў там да сьмерці вялікага сьвятара, які памазаны сьвяшчэнным алеем.

26 Калі ж забойца выйдзе за мяжу горада-сховішча, у які ён уцёк,

27 і знойдзе яго помсьнік за кроў па-за межамі горада схову ягонага, і забэе забойцу гэтага помсьнік за кроў, дык ня будзе на ім віны праліцьця крыві.

28 Бо той павінен быў жыць у горадзе схову свайго да сьмерці вялікага сьвятара; а пасьля сьмерці вялікага сьвятара павінен быў вярнуцца забойца ў зямлю валоданьня свайго.

29 Хай будзе гэта ў вас устаноўлена законам у роды вашыя, ва ўсіх селішчах вашых.

30 Калі хто забэе чалавека, дык забойцу трэба забіць па словах сьведак; але аднаго сьведкі недастаткова, каб засудзіць на сьмерць.

31 Не бярэце выкупу за душу ўбойцы, які заслужыў сьмерці, ён сьмерцю памрэ.

32 І не бярэце адкупу за таго, хто ўцёк у горад схову, каб яму дазволіць жыць у зямлі сваёй да сьмерці вялікага сьвятара.

33 Не апаганьвайце зямлі, на якой вы будзеце жыць; бо кроў апаганьвае зямлю, і зямля ня йнакш ачышчаецца ад пралітай на ёй крыві, як крывёю таго, хто праліў яе.

34 Нельга апаганьваць зямлю, на якой вы жывяце, сярод якое жыву Я; бо Я Гасподзь жыву сярод сыноў Ізраілевых.

 

Разьдзел 36

 

1 Прыйшлі ўзначальнікі сямействаў ад роду сыноў Галаада, сына Махіравага, сына Манасіінага з роду сыноў Язэпавых, і гаварылі перад Майсеем і перад князямі, узначальнікамі пакаленьняў сыноў Ізраілевых,

2 і сказалі: Гасподзь загадаў гаспадару нашаму даць зямлю ў надзел сынам Ізраілевых па жэрабі, а гаспадару нашаму загадана ад Госпада даць надзел Салпаада, брата нашага, дочкам ягоным.

3 А калі яны будуць жонкамі сыноў якога-небудзь іншага племя сыноў Ізраілевых, дык надзел іхні адымецца ад надзелу бацькоў нашых і дадасца да надзелу таго племя, у якім яны будуць, і адымецца ад надзелу нашага, які дастаўся па жэрабі.

4 І нават калі будзе ў сыноў Ізраілевых юбілей, тады надзел іхні дадасца да надзелу таго племя, у якім яны будуць, і ад таго надзелу бацькоў нашых адымецца надзел іхні.

5 І даў Майсей загад сынам Ізраілевым, па слове Гасподнім, і сказаў: праўду кажа племя сыноў Язэпавых.

6 Вось што наказвае Гасподзь пра дочак Салпаадавых: яны могуць быць жонкамі тых, хто спадабаецца вачам іхнім, толькі павінны быць жонкамі ў родзе племя бацькі свайго,

7 каб надзел сыноў Ізраілевых не пераходзіў з племя ў племя; бо кожны з сыноў Ізраілевых павінен быць прывязаны да надзелу племя бацькоў сваіх.

8 І кожная дачка, якая спадкуе надзел у каленах сыноў Ізраілевых, павінна быць жонкаю каго-небудзь з роду племя бацькі свайго, калі сыны Ізраілевыя спадкавалі кожны надзел бацькоў сваіх,

9 і каб не пераходзіў надзел з племя ў другое племя; бо кожнае племя сыноў Ізраілевых павінна быць прывязана да свайго надзелу.

10 Як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі дочкі Салпаадавыя.

11 І выйшлі дочкі Салпаадавыя Махла, Тырца, Хогла, Мілка і Ноа замуж за сыноў дзядзькоў сваіх.

12 У родзе сыноў Манасіі, сына Язэпавага яны былі жонкамі, і застаўся надзел іхні ў племі роду бацькі іхняга.

13 Вось запаведзі і пастановы, якія даў Гасподзь сынам Ізраілевым праз Майсея на раўнінах Маавіцкіх, каля Ярдана, насупраць Ерыхона.

 

Другі закон

 

Разьдзел 1

 

1 І вось словы, якія казаў Майсей усяму Ізраілю за Ярданам у пустыні на раўніне насупраць Суфа, паміж Фаранам і Тафэлем, і Лаванам і Асіротам і Дызагавам,

2 на адлегласьці ў адзінаццаць дзён дарогі ад Харыва, па дарозе ад гары Сэір да Кадэс-Варні.

3 Саракавога году, адзінаццатага месяца, першага дня месяца, казаў Майсей сынам Ізраілевым усё, што наказаў яму Гасподзь пра іх.

4 Пасьля таго, як забіў ён Сігона, цара Амарэйскага, які жыў у Эсэвоне, і Ога, цара Васанскага, які жыў у Амтэроце ў Эдрэі,

5 за Ярданам, у зямлі Маавіцкай, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты і сказаў:

6 Гасподзь, Бог наш, гаварыў нам у Харыве і сказаў: годзе вам жыць на гары гэтай!

7 павярнецеся, выпраўцеся ў дарогу і йдзеце на гару Амарэяў і да ўсіх суседзяў іхніх, на раўніну, на гару, на нізкія мясьціны і на паўднёвы край і да берагоў мора, у зямлю Ханаанскую і да Лівана, нават да ракі вялікай, ракі Еўфрата;

8 вось, Я даю вам зямлю гэтую, ідзеце, вазьмеце ў спадчыну зямлю, якую Гасподзь з клятваю абяцаў даць бацькам вашым, Абрагаму, Ісааку і Якаву, ім і нашчадкам іхнім.

9 І я сказаў вам у той час: не магу адзін вадзіць вас;

10 Гасподзь, Бог ваш, памножыў вас, і вось, вы сёньня шматлікія, як зоркі нябесныя;

11 Гасподзь, Бог бацькоў вашых, хай памножыць вас у тысячу разоў ад таго, колькі вас сёньня, і хай дабраславіць вас, як ён казаў вам:

12 як жа мне аднаму насіць цяжары вашыя, ношкі вашыя і раздоры вашыя?

13 выберыце сабе па плямёнах вашых мужоў мудрых, разумных і выпрабаваных, і я пастаўлю іх правадырамі вашымі.

14 Вы адказвалі мне і сказалі: добрую дзею загадваеш ты ўчыніць.

15 І ўзяў я галоўных з плямёнаў вашых, мужоў мудрых і выпрабаваных, і зрабіў іх правадырамі над вамі, тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі, дзясятнікамі і наглядчыкамі паводле плямёнаў вашых.

16 І даў я загад судзьдзям вашым у той час, кажучы: выслухвайце братоў вашых і судзеце справядліва як брата з братам, так і прыхадня ягонага;

17 ня вырозьнівайце асобаў на судзе, як малога, так і вялікага выслухоўвайце: ня бойцеся аблічча чалавечага, бо суд - дзея Божая; а справу, якая вам цяжкая, даводзьце да мяне, і я выслухаю яе.

18 І даў я вам у той час загады пра ўсё, што трэба вам рабіць.

19 І выправіліся мы ад Гарыва, і йшлі па ўсёй гэтай вялікай і страшнай пустыні, якую вы бачылі па дарозе да гары Амарэйскай, як загадаў Гасподзь, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэс-Варні.

20 І сказаў я вам: вы прыйшлі да гары Амарэйскай, якую Гасподзь, Бог наш, дае вам;

21 вось, Гасподзь, Бог твой, аддае табе зямлю гэтую, ідзі, вазьмі яе ў валоданьне, як казаў табе Гасподзь, Бог бацькоў тваіх, ня бойся і не жахайся.

22 Але вы ўсе падышлі да мяне і сказалі: пашлём перад сабою людзей, каб яны нагледзелі нам зямлю і прынесьлі нам вестку пра дарогу, па якой нам ісьці, і пра гарады, у якія нам ісьці.

23 Слова гэтае мне спадабалася, і я ўзяў з вас дванаццаць чалавек, па адным чалавеку ад племя.

24 Яны пайшлі, узышлі на гару і дайшлі да даліны Эсхол і агледзелі яе;

25 і ўзялі ў рукі свае пладоў зямлі й прынесьлі нам, і прынесьлі нам вестку і сказалі: добрая зямля, якую Гасподзь, Бог наш, дае нам.

26 Але вы не захацелі йсьці і ўсупрацівіліся загаду Госпада, Бога вашага,

27 і наракалі ў намётах вашых і казалі: Гасподзь, зь нянавісьці да нас, вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, каб аддаць нас у рукі Амарэяў, і зьнішчыць нас;

28 куды мы пойдзем? браты нашыя расслабілі сэрца наша, кажучы: народ той большы і вышэйшы за нас, гарады там большыя і з умацаваньнямі да нябёсаў, ды й сыноў Энакавых бачылі мы там.

29 І я сказаў вам: не палохайцеся і ня бойцеся іх,

30 Гасподзь, Бог ваш, ідзе перад вамі; Ён будзе біцца за вас, як Ён зрабіў з вамі ў Егіпце, перад вачыма вашымі,

31 і ў пустыні той, дзе, як ты бачыў, Гасподзь, Бог твой, насіў цябе, як чалавек носіць сына свайго, на ўсім шляху, які вы праходзілі, да прыходу вашага на гэта месца.

32 Але і пры гэтым вы ня верыце Госпаду, Богу вашаму,

33 Які йшоў прад вамі дарогаю шукаць вам месца, дзе спыніцца вам, уначы ў агні, каб паказваць вам дарогу, па якой ісьці, а ўдзень у воблаку.

34 І Гасподзь пачуў словы вашыя, і разгневаўся, і запрысягнуўся, кажучы:

35 ніхто зь людзей гэтых, з гэтага ліхога роду, не пабачыць добрай зямлі, якую Я прысягнуўся даць бацькам вашым;

36 Толькі Халеў, сын Ефаніеў, пабачыць яе; яму дам Я зямлю, па якой ён праходзіў, і сынам ягоным, за тое, што ён слухаўся Госпада.

37 І на мяне ўгневаўся Гасподзь за вас, кажучы: і ты ня ўвойдзеш туды;

38 Ісус, сын Наваў, які пры табе, ён увойдзе туды; яго ўмацуй, бо ён увядзе Ізраіля ў валоданьне ёю;

39 дзеці вашыя, пра якіх вы казалі, што яны дастануцца здабычаю ворагам, і сыны вашыя, якія ня ведаюць сёньня ні дабра, ні ліха, яны ўвойдуць туды, ім дам яе, і яны авалодаюць ёю;

40 а вы павярнецеся і выпраўцеся ў пустыню па дарозе да Чэрмнага мора.

41 І вы адказвалі тады і сказалі мне: зграшылі мы прад Госпадам, пойдзем і будзем біцца, як загадаў нам Гасподзь, Бог наш. І аперазаліся вы, кожны баявой зброяй сваёю, і неразумна рашыліся ўзысьці на гару.

42 Але Гасподзь сказаў мне: скажы ім: ня ўзыходзьце і ня бецеся, бо няма Мяне сярод вас, каб не пабілі вас ворагі вашыя.

43 І я казаў вам, але вы не паслухаліся і ўсупрацівіліся загаду Гасподняму і з упартасьці сваёй узышлі на гару.

44 І выступіў супроць вас Амарэй, які жыў на гары той, і гналі вас так, як робяць пчолы, і білі вас на Сэіры да самай Хормы.

45 І вярнуліся вы і плакалі прад Госпадам; але Гасподзь не пачуў ляманту вашага і не паслухаў вас.

46 І прабылі вы ў Кадэсе шмат часу, колькі часу вы там былі.

 

Разьдзел 2

 

1 І павярнуліся мы і выправіліся ў пустыню да Чэрмнага мора, як казаў мне Гасподзь, і многа часу хадзілі вакол гары Сэіра.

2 І сказаў мне Гасподзь, кажучы:

3 годзе вам хадзіць вакол гэтай гары, павярнецеся на поўнач;

4 і дай народу загад і скажы, вы будзеце праходзіць межы братоў вашых, сыноў Ісававых, якія жывуць на Сэіры, і яны збаяцца вас; але сьцеражэцеся

5 пачынаць зь імі вайну, бо Я ня дам вам зямлі іхняй ні на ступак нагі, бо гару Сэір Я даў у валоданьне Ісаву;

6 ежу купляйце ў іх за срэбра і ежце; і ваду купляйце ў іх за срэбра і пеце;

7 бо Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе ў любой дзеі рук тваіх, спрыяў табе ў час падарожжа твайго па вялікай пустыні гэтай; вось, сорак гадоў Гасподзь, Бог твой, з табою; ты ні ў чым ня меў нястачы.

8 І йшлі мы міма братоў нашых, сыноў Ісававых, якія жывуць на Сэіры, дарогаю раўніны, ад Элата і Эцыён-Гавэра, і павярнуліся, і йшлі да пустыні Маава.

9 І сказаў мне Гасподзь: ня ўступай у варожасьць з Маавам і не пачынай зь ім вайны; бо Я ня дам табе нічога зь зямлі ягонай у валоданьне, бо Ар аддаў я ў валоданьне сынам Лотавым;

10 раней жылі там Эмімы, народ вялікі, шматлікі й высокі, як сыны Энакавыя,

11 і яны лічыліся паміж Рэфаімамі, як сыны Энакавыя; а Маавіцяне іх называюць Эмімамі;

12 а на Сэіры жылі раней Харэі; але сыны Ісававыя прагналі іх і зьнішчылі іх ад аблічча свайго і пасяліліся замест іх - так, як зрабіў Ізраіль зь зямлёю спадчыны сваёй, якую даў ім Гасподзь;

13 дык вось, устаньце і прайдзеце даліну Зарэд. І прайшлі мы даліну Зарэд.

14 З таго часу, як мы пайшлі ў Кадэс-Варні і як прайшлі даліну Зарэд мінула трыццаць восем гадоў, і ў нас у табары перавёўся ўвесь род тых, што ходзяць на вайну, як запрысягаўся ім Гасподзь;

15 ды і рука Гасподняя была на іх, каб вынішчаць іх з табара, пакуль ня вымерлі.

16 А калі перавяліся ўсе тыя, што ходзяць на вайну і вымерлі з асяродзьдзя народу,

17 тады сказаў мне Гасподзь, кажучы:

18 ты праходзіш сёньня міма межаў Маава, міма Ара,

19 і наблізіўся да Аманіцянаў; ня ўступай зь імі ў варожасьць і не пачынай зь імі вайны, бо Я ня дам табе нічога зь зямлі сыноў Амонавых у валоданьне, бо Я аддаў яе ў валоданьне сынам Лотавым;

20 і яна лічылася зямлёю Рэфаімаў; раней жылі на ёй Рэфаімы; а Аманіцяне называюць іх Замзумімамі;

21 народ вялікі, шматлікі й высокі, як сыны Энакавыя, і зьнішчыў іх Гасподзь перад абліччам іх, і выгналі яны іх і пасяліліся на іх месцы,

22 як Ён зрабіў сынам Ісававым, што жылі на Сэіры, зьнішчыўшы перад абліччам іхнім Харэяў, і яны прагналі іх, і пасяліліся на іх месцы, і жывуць да сёньня;

23 і Авэяў, што жылі ў селішчах да самай Газы, Кафтарымы, выйшаўшы з Кафтора, зьнішчылі й пасяліліся на іх месцы.

24 Устаньце, выпраўцеся і перайдзеце паток Арнон; вось, Я аддаю ў руку тваю Сігона, цара Эсэвонскага, Амарэяніна, і зямлю ягоную; пачынай авалодваць ёю і вядзі зь ім вайну;

25 ад сёньня Я пачну пашыраць страх і жудасьць перад табою на народы пад усім небам; тыя, якія пачуюць пра цябе, задрыжаць і жахнуцца цябе.

26 І паслаў я паслоў з пустыні Кедэмот да Сігона, цара Эсэвонскага, са словамі мірнымі, каб сказаць:

27 дазволь мне прайсьці зямлёю тваёю; я пайду дарогаю, ня сыду ні направа, ні налева;

28 ежу прадавай мне за срэбра, і я буду есьці, і ваду піць давай мне за срэбра, і я буду піць, толькі нагамі маімі прайду -

29 так, як зрабілі мне сыны Ісава, што жывуць на Сэіры, і Маавіцяне, што жывуць у Ары, пакуль не перайду празь Ярдан у зямлю, якую Гасподзь, Бог наш, дае нам.

30 Але Сігон, цар Эсэвонскі, не згадзіўся дазволіць нам прайсьці празь ягоную зямлю, бо Гасподзь, Бог твой, ажарсьцьвіў дух ягоны і сэрца ягонае зрабіў упартым, каб аддаць яго ў руку тваю, як гэта відно сёньня.

31 І сказаў мне Гасподзь: вось, я пачынаю перадаваць табе Сігона і зямлю ягоную; пачынай авалодваць зямлёй ягонай.

32 І Сігон з усім народам сваім выступіў супроць нас на бітву да Яаца;

33 і перадаў яго Гасподзь, Бог наш, і мы пабілі яго і сыноў ягоных і ўвесь народ ягоны,

34 і ўзялі ў той час усе гарады ягоныя і выклялі ўсе гарады, мужчын і жанчын і дзяцей, не пакінулі нікога жывога;

35 толькі ўзялі мы сабе здабычаю быдла іхняе і захопленае ва ўзятых намі гарадах.

36 Ад Араіра, які на беразе патока Арнона, і ад горада, які ў даліне, да Галаада ня было горада, які быў бы няпрыступны нам: усё перадаў Гасподзь, Бог наш.

37 Толькі да зямлі Аманіцянаў ты не падыходзіў, ні да мясьцінаў паблізу патока Явока, ні да гарадоў на гары, ні да ўсяго, да чаго не загадаў Гасподзь, Бог наш.

 

Разьдзел 3

 

1 І павярнулі мы адтуль і йшлі да Васана, і выступіў супроць нас на вайну Ог, цар Васанскі, з усім народам сваім каля Эдрэі.

2 І сказаў мне Гасподзь: ня бойся яго, бо Я аддам у руку тваю яго і ўвесь народ ягоны і ўсю зямлю ягоную, і ты зробіш зь ім так, як зрабіў зь Сігонам, царом Амарэйскім, які жыў у Эсэвоне.

3 І аддаў Гасподзь, Бог наш, у рукі нашыя і Ога, цара Васанскага, і ўвесь народ ягоны; і мы пабілі яго, так што нікога не засталося ў яго жывога;

4 і ўзялі мы ў той час усе гарады ягоныя; ня было горада, якога мы не ўзялі б у іх: шэсьцьдзясят гарадоў, усю вобласьць Аргоў, царства Ога Васанскага;

5 усе гэтыя гарады ўмацаваныя былі высокімі сьценамі, брамамі й заваламі, апрача гарадоў неўмацаваных, даволі многіх;

6 і выклялі мы іх, як зрабілі зь Сігонам, царом Эсэвонскім, выкляўшы кожны горад з мужчынамі, жанчынамі й дзецьмі;

7 а ўсё быдла і захопленае ў гарадах узялі сабе здабычаю.

8 І ўзялі мы ў той час з рукі двух цароў Амарэйскіх зямлю гэтую, якая па гэты бок Ярдана, ад патока Арнона да гары Эрмона, -

9 Сіданяне Эрмон называюць Сірыёнам, а Амарэі называюць яго Сэнірам, -

10 усе гарады на раўніне, увесь Галаад і ўвесь Васан да Салхі й Эдрэі, гарады царства Ога Васанскага;

11 бо толькі Ог, цар Васанскі, заставаўся з Рэфаімаў. Вось, ложак ягоны, ложак жалезны, і цяпер у Раве, у сыноў Амонавых: даўжыня яго дзевяць локцяў, а шырыня яго чатыры локці, локцяў мужчынскіх.

12 Зямлю гэтую ўзялі мы ў той час, пачынаючы ад Араіра, які каля патока Арнона; і палавіну гары Галаада з гарадамі яе аддаў я племю Рувімаваму і Гадаваму;

13 а рэшту Галаада і ўвесь Васан, царства Ога, аддаў я палавіне племя Манасіінага, усю вобласьць Аргаў з усім Васанам.

14 Яір, сын Манасіін, узяў усю вобласьць Аргаў да межаў Гесурскіх І Маахскіх, і назваў Васан, паводле імя свайго, селішчамі Яіравымі, як і да сёньня;

15 Махіру даў я Галаад;

16 а племю Рувімаваму і Гадаваму даў ад Галаада да патока Арнона, зямлю паміж патокам і мяжою, да патока Явока, мяжы сыноў Амонавых,

17 таксама раўніну і Ярдан, які ёсьць і мяжа, ад Кінэрата да мора раўніны, мора Салёнага, каля падножжа гары Фасгі на ўсход.

18 І загадаў я вам у той час, кажучы: Гасподзь, Бог ваш, даў вам зямлю гэтую ў валоданьне; усе здольныя да вайны, узброіўшыся, ідзеце паперадзе братоў вашых, сыноў Ізраілевых,

19 толькі жонкі вашыя і дзеці вашыя і быдла вашае няхай застануцца ў гарадах вашых, якія я даў вам,

20 пакуль Гасподзь ня дасьць спакою братам нашым, і пакуль і яны не атрымаюць у валоданьне зямлю, якую Гасподзь, Бог ваш, дасьць ім за Ярданам; тады вернецеся кожны ў сваё валоданьне, якое я даў вам.

21 І Ісусу наказаў я ў той час, кажучы: вочы твае бачылі ўсё, што зрабіў Гасподзь, Бог ваш, з двума царамі гэтымі; тое самае зробіць Гасподзь з усімі царствамі, якія ты будзеш праходзіць;

22 ня бойцеся іх, бо Гасподзь, Бог ваш, Сам змагаецца за вас.

23 І маліўся я Госпаду ў той час, кажучы:

24 Уладару Госпадзе, Ты пачаў паказваць рабу Твайму веліч Тваю і моцную руку Тваю; бо які бог ёсьць на небе, альбо на зямлі, які мог бы чыніць такія дзеі, як Твае, і з магутнасьцю такою, як Твая?

25 дай мне перайсьці і ўбачыць тую добрую зямлю, якая за Ярданам, і тую цудоўную гару і Ліван.

26 Але Гасподзь гневаўся на мяне за вас і не паслухаў мяне, і сказаў мне Гасподзь: годзе табе, больш не кажы Мне пра гэта;

27 узыдзі на вяршыню Фасгі й зірні вачыма тваімі да мора і на поўнач, і на поўдзень і на ўсход, і паглядзі вачыма тваімі, бо ты не пяройдзеш за Ярдан гэты;

28 і дай настаўленьне Ісусу, і ўмацуй яго, і ўцьвердзі яго; бо ён будзе папярэднічаць народу гэтаму і ён падзеліць ім на надзелы зямлю, на якую ты паглядзіш.

29 І спыніліся мы ў даліне насупраць Бэт-Фэгора.

 

Разьдзел 4

 

1 Дык вось, Ізраіле, слухай пастановы і законы, якія я вучу вас выконваць, каб вы былі жывыя і пайшлі і ўспадкавалі тую зямлю, якую Гасподзь, Бог бацькоў вашых, дае вам;

2 і не дадавайце да таго, што я наказваю вам, і не адымайце ад таго; шануйце запаведзі Госпада, Бога вашага, якія я вам наказваю.

3 Вочы вашыя бачылі, што зрабіў Гасподзь з Ваал-Фэгорам: кожнага чалавека, які пайшоў сьледамі Ваал-Фэгора, вынішчыў Гасподзь Бог твой спасярод цябе;

4 а вы, што прыляпіліся да Госпада, Бога вашага, жывыя ўсе да сёньня.

5 Вось, я навучыў вас пастановам і законам, як загадаў мне Гасподзь, Бог мой, каб вы так рабілі ў той зямлі, у якую вы ўступаеце, каб авалодаць ёю;

6 дык вось, шануйце і выконвайце іх, бо ў гэтым мудрасьць вашая і розум ваш перад вачыма народаў, якія, пачуўшы пра ўсе гэтыя пастановы, скажуць: толькі гэты вялікі народ ёсьць народ мудры і разумны.

7 Бо ці ёсьць які вялікі народ, да якога багі былі б так блізкія, як блізкі да нас Гасподзь, Бог наш, калі ні паклічам Яго?

8 і ці ёсьць які вялікі народ, у якога былі б такія справядлівыя пастановы і законы, як увесь закон гэты, які я прапаную вам сёньня?

9 Толькі сьцеражыся і старанна хавай душу тваю, каб табе не забыць тых дзеяў, якія бачылі вочы твае, і каб яны ня выходзілі з сэрца твайго праз усе дні жыцьця твайго; і распавядзі пра іх сынам тваім і сынам сыноў тваіх, -

10 пра той дзень, калі ты стаяў прад Госпадам, Богам тваім, каля Харыва, і калі сказаў Гасподзь мне: зьбяры да Мяне народ, і Я абвяшчу ім словы Мае, зь якіх яны навучацца баяцца Мяне праз усе дні жыцьця свайго на зямлі й навучаць сыноў сваіх.

11 Вы наблізіліся і сталі пад гарою, а гара гарэла агнём да самых нябёсаў і была цемра, хмара і змрок.

12 І гаварыў Гасподзь да вас зь сярэдзіны агню; голас словаў вы чулі, але вобліку ня бачылі, а толькі голас;

13 і абвясьціў Ён вам запавет Свой, які загадваў вам выконваць, дзясятаслоўе, і напісаў яго на дзьвюх скрыжалях;

14 і загадаў мне Гасподзь у той час навучыць вас пастановам і законам, каб вы выконвалі іх у той зямлі, у якую вы ўваходзіце, каб авалодаць ёю.

15 Цьвёрда трымайце ў душах вашых, што вы ня бачылі ніякага вобліку ў той дзень, калі гаварыў да вас Гасподзь на Харыве зь сярэдзіны агню,

16 каб вы не распусьціліся і не зрабілі сабе выяваў, малюнкаў якога-небудзь балвана, у выглядзе мужчыны альбо жанчыны,

17 выявы якой-небудзь жывёліны які на зямлі, выявы якой-небудзь птушкі крылатай, якая лётае пад нябёсамі,

18 выявы якога-небудзь гада, што поўзае па зямлі, выявы якой-небудзь рыбіны, якая ў водах ніжэй зямлі;

19 і каб ты, зірнуўшы на неба і ўбачыўшы сонца, месяц і зоркі і ўсё войска нябеснае, не спакусіўся і не пакланіўся ім і ня служыў ім, бо Гасподзь, Бог твой, удзяліў іх усім народам пад усім небам.

20 А вас узяў Гасподзь і вывеў вас зь печы жалезнай, зь Егіпта, каб вы былі народам Ягонага надзелу, як гэта сёньня відаць.

21 І Гасподзь угневаўся на мяне за вас і прысягнуў, што я не перайду за Ярдан і не ўвайду ў тую добрую зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў надзел;

22 я памру ў гэтай зямлі, не перайшоўшы за Ярдан, а вы пяройдзеце і авалодаеце тою добраю зямлёю.

23 Сьцеражэцеся, каб не забыць вам наказу Госпада, Бога вашага, які Ён пастанавіў з вамі, і каб не рабілі сабе балваноў, якія выяўляюць што-небудзь, як загадаў табе Гасподзь, Бог твой;

24 бо Гасподзь, Бог твой, ёсьць агонь, які паядае, Бог руплівец.

25 А калі народзяцца ў цябе сыны і сыны ў сыноў, і, доўга жыўшы на зямлі, вы разбэсьціцеся і зробіце выяву, якая выяўляе нешта, і зробіце ліха гэтае прад вачыма Госпада, Бога вашага, і ўгневаеце Яго,

26 дык сьведчу вам сёньня небам і зямлёю, што неўзабаве страціце зямлю, дзеля ўспадкаваньня якое вы пераходзіце Ярдан; не прабудзеце многа часу на ёй, а загінеце;

27 і расьсее вас Гасподзь па народах, і застаняцеся ў малой колькасьці сярод народаў, да якіх завядзе вас Гасподзь;

28 і будзеце там служыць багам, зробленым рукамі чалавечымі з дрэва і каменлю, якія ня бачаць і ня чуюць, і не ядуць і на нюх не адчуваюць.

29 Але калі ты знойдзеш там Госпада, Бога твайго, дык здабудзеш, калі шукацьмеш Яго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю.

30 Калі ты будзеш у смутку, і калі ўсё гэта спасьцігне цябе зь бегам часу, дык павернешся да Госпада, Бога твайго, і паслухаеш голасу Ягонага.

31 Гасподзь, Бог твой, ёсьць Бог мілажальны; Ён не пакіне цябе і не загубіць цябе і не забудзе запавету з бацькамі тваімі, які Ён прысягаю зацьвердзіў ім.

32 Бо спытайся ў часу былога, які быў раней цябе, з таго дня, у які стварыў Бог чалавека на зямлі, і ад краю неба да краю неба: ці бывала што-небудзь такое, як гэтая вялікая дзея, альбо ці чулі што падобнае на гэта?

33 ці чуў народ голас Бога, які б гаварыў зь сярэдзіны агню, і застаўся жывы, як чуў ты?

34 ці спрабаваў які бог пайсьці - узяць сабе народ спасярод іншага народу карамі, азнакамі й цудамі і вайною, і рукою моцнаю і мышцаю высокаю і вялікімі жахамі, як зрабіў вам Гасподзь, Бог ваш, у Егіпце перад вачыма тваімі?

35 Табе дадзена бачыць гэта, каб ты ведаў, што толькі Гасподзь ёсьць Бог, няма яшчэ апрача Яго;

36 зь неба даў Ён пачуць табе голас Свой, каб навучыць цябе, і на зямлі паказаць табе вялікі агонь Свой, і ты чуў словы Ягоныя зь сярэдзіны агню;

37 і як што Ён палюбіў бацькоў тваіх і выбраў, нашчадкаў іхніх пасьля іх, дык і вывеў цябе Сам вялікаю сілаю Сваёю зь Егіпта,

38 каб прагнаць ад аблічча твайго народы, якія большыя і мацнейшыя за цябе, і ўвесьці цябе і даць табе зямлю іхнюю ў надзел, як гэта сёньня відаць.

39 Дык вось, ведай цяпер і пакладзі на сэрца тваё, што Гасподзь ёсьць Бог на небе ўгары і на зямлі ўнізе, няма больш;

40 і шануй пастановы Ягоныя і запаведзі Ягоныя, якія я наказваю табе сёньня, каб добра было табе і сынам тваім пасьля цябе, і каб ты многа часу быў на той зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе назаўсёды.

41 Тады аддзяліў Майсей тры гарады па гэты бок Ярдана на ўсход сонца,

42 каб уцякаў туды забойца, які забэе блізкага свайго бяз намыслу, ня быўшы ворагам яму ні ўчора, ні заўчора, і каб, уцёкшы ў адзін з гэтых гарадоў, застаўся жывы:

43 Бэцэр у пустыні, на раўніне ў племі Рувімавым, і Рамот у Галаадзе ў племі Гадавым, і Галан у Васане ў племі Манасііным.

44 Вось закон, які прапанаваў Майсей сынам Ізраілевым;

45 вось загады, пастановы і статуты, якія прамовіў Майсей сынам Ізраілевым, пасьля выхаду іх зь Егіпта,

46 за Ярданам, у даліне насупраць Бэт-Фэгора, у зямлі Сігона, цара Амарэйскага, які жыў у Эсэвоне, якога пабіў Майсей з сынамі Ізраілевымі, пасьля выхаду іх зь Егіпта.

47 І авалодалі яны зямлёю ягонай і зямлёю Ога, цара Васанскага, двух цароў Амарэйскіх, якая за Ярданам на ўсход сонца,

48 пачынаючы ад Араэра, які ляжыць на беразе патока Арнона, да гары Сіёна, яна ж Эрмон,

49 і ўсёю раўнінаю па гэты бок Ярдана на ўсход, да самага мора раўніны каля падножжа Фасгі.

 

Разьдзел 5

 

1 І паклікаў Майсей увесь Ізраіль і сказаў ім: слухай, Ізраіле, пастановы і законы, якія я сёньня скажу ў вушы вашыя, і вывучыце іх і старайцеся выконваць іх.

2 Гасподзь, Бог наш, паклаў з намі запавет на Харыве;

3 не з бацькамі нашымі паклаў Гасподзь запавет гэты, а з намі, хто тут сёньня ўсе жывыя.

4 Твар у твар гаварыў Гасподзь з вамі на гары зь сярэдзіны агню;

5 а я стаяў паміж Госпадам і вамі ў той час, каб пераказваць вам слова Гасподняе, бо вы баяліся агню і ня ўзыходзілі на гару. Ён тады сказаў:

6 Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дому рабства;

7 хай ня будзе ў цябе іншых багоў прад абліччам Маім.

8 Не рабі сабе балвана і ніякай выявы таго, што на небе ўгары і што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй зямлі,

9 не пакланяйся ім і ня служы ім; бо Я Гасподзь, Бог твой, Бог руплівец, Які за правіну бацькоў карае дзяцей да трэцяга і чацьвёртага пакаленьня што ненавідзяць Мяне,

10 Які творыць міласьць тысячам тых, хто любіць Мяне і шануе запаветы Мае.

11 Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна; бо не пакіне Гасподзь без пакараньня таго, хто ўжывае імя Ягонае марна.

12 Сачы за днём суботнім, каб сьвята шанаваць яго, як наказаў табе Гасподзь, Бог твой;

13 шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія працы твае,

14 а дзень сёмы субота Госпаду, Богу твайму: не рабі ніякае працы, ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні раб твой, ні рабыня твая, ні вол твой, ні асёл твой, ні ўсякае быдла тваё, ні прыхадзень твой, які ў цябе, каб адпачыў раб твой і рабыня твая, як і ты;

15 і памятай, што быў рабом у зямлі Егіпецкай, але Гасподзь, Бог твой, вывеў цябе адтуль рукою моцнаю і мышцаю высокаю, таму і загадаў табе Гасподзь, Бог твой, сьвяткаваць дзень суботні.

16 Шануй бацьку твайго і маці тваю, як загадаў табе Гасподзь, Бог твой, каб падоўжыліся дні твае, і каб добра было табе на той зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.

17 Не забівай.

18 Ня чыні пералюбу.

19 Ня крадзь.

20 Не кажы фальшывага сьведчаньня на блізкага твайго.

21 Не жадай жонкі блізкага твайго і не жадай дома блізкага твайго, ні поля ягонага, ні раба ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, ні ўсяго, што ёсьць у блізкага твайго.

22 Словы гэтыя сказаў Гасподзь усяму сходу вашаму на гары зь сярэдзіны агню, воблака і мораку громазычна, і больш не гаварыў, а напісаў іх на дзьвюх каменных табліцах, і даў іх мне.

23 І калі вы пачулі голас зь сярэдзіны мораку, і гара гарэла агнём, дык вы падышлі да мяне, усе правадыры плямёнаў вашых і старэйшыны вашыя,

24 і сказалі: вось, паказаў нам Гасподзь, Бог наш, славу Сваю і веліч Сваю, і голас Ягоны чулі мы зь сярэдзіны агню; сёньня бачылі мы, што Бог гаворыць з чалавекам, і той застаецца жывы;

25 але цяпер навошта нам паміраць? бо вялікі агонь гэты зжарэ нас; калі мы яшчэ пачуем голас Госпада, Бога нашага, дык памрэм,

26 бо ці ёсьць якое цела, якое пачула б голас Бога жывога, Які гаворыць зь сярэдзіны агню, як мы, і засталася б жывая?

27 падступіся ж і ты і слухай усё, што скажа Гасподзь, Бог наш, і ты пераказвай нам усё, што будзе казаць табе Гасподзь, Бог наш, і мы будзем слухаць і выконваць.

28 І Гасподзь пачуў словы вашыя, як вы гутарылі са мною, і сказаў мне Гасподзь: чуў Я словы народу гэтага, якія яны казалі табе; усё, што ні казалі яны, добра;

29 о, калі б сэрца іхняе было ў іх такое, каб баяцца Мяне і шанаваць усе запаветы Мае праз усе дні, каб добра было ім і сынам іхнім вечна!

30 ідзі скажы ім: «вярнецеся ў намёты свае»,

31 а ты тут застанься са Мною, і Я выкажу табе запаветы і пастановы і законы, якім ты павінен навучыць іх, каб яны рабілі на той зямлі, якую Я даю ім у валоданьне.

32 Глядзеце, рабеце так, як загадаў вам Гасподзь, Бог ваш; ня ўхіляйцеся ні направа, ні налева;

33 хадзеце тым шляхам, якім загадаў вам Гасподзь, Бог ваш, каб вы былі жывыя, і добра было вам, і пражылі багата часу на той зямлі, якую атрымаеце ў валоданьне.

 

Разьдзел 6

 

1 Вось запаведзі, пастановы і законы, якім загадаў Гасподзь, Бог ваш, навучыць вас, каб вы рабілі ў той зямлі, у якую вы ідзяце, каб завалодаць ёю;

2 каб ты баяўся Госпада, Бога твайго, і ўсіх пастанова - Ягоных і запаведзя - Ягоных, якія наказваю табе, захоўваў ты і сыны твае і сыны сыноў тваіх праз усе дні жыцьця твайго, каб падоўжыліся дні твае.

3 Дык вось, слухай, Ізраіле, і старайся выканаць гэта, каб табе добра было, і каб вы вельмі памножыліся, як Гасподзь, Бог бацькоў тваіх, казаў табе, што Ён дасьць табе зямлю, дзе цячэ малако і мёд.

4 Слухай, Ізраіле: Гасподзь, Бог наш, Гасподзь адзіны ёсьць;

5 і любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю і ўсімі сіламі тваімі.

6 І хай будуць словы гэтыя, якія Я наказваю табе сёньня, у сэрцы тваім;

7 і перадавай іх дзецям тваім і кажы пра іх, седзячы ў доме тваім і йдучы дарогаю, і кладучыся і ўстаючы;

8 і завяжы іх у знак на руку тваю, і хай будуць яны павязкаю над вачыма тваімі,

9 і напішы іх на вушаках дома твайго і на брамах тваіх.

10 А калі ўвядзе цябе Гасподзь, Бог твой, у тую зямлю, якую Ён прысягнуў бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якаву, даць табе зь вялікімі й добрымі гарадамі, якіх ты не будаваў,

11 і з дамамі, напоўненымі ўсякім дабром, якіх ты не напаўняў, і з калодзежамі, вычасанымі з камянё, якіх ты не часаў, зь вінаграднікамі й масьлінамі, якіх ты не садзіў, і будзеш есьці й наядацца,

12 тады пільнуйся, каб не забыў ты Госпада, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дому рабства.

13 Госпада, Бога твайго, бойся, і Яму служы, і Ягоным імем прысягай.

14 Ня йдзеце сьледам за іншымі багамі, багамі тых народаў, якія будуць вакол вас;

15 бо Гасподзь, Бог твой, Які сярод цябе, ёсьць Бог руплівец; каб не запаліўся гнеў Госпада, Бога твайго, на цябе, і ня зьнішчыў Ён цябе з улоньня зямлі.

16 Не спакушайце Госпада, Бога вашага, як вы спакушалі Яго ў Масе.

17 Цьвёрда захоўвайце запаведзі Госпада, Бога вашага, і статуты Ягоныя і пастановы, якія Ён наказаў табе;

18 і рабі справядлівае і добрае перад вачыма Госпада, каб добра табе было, і каб ты ўвайшоў і авалодаў добраю зямлёю, якую Гасподзь з прысягаю абяцаў бацькам тваім,

19 і каб Ён прагнаў усіх ворагаў тваіх ад аблічча твайго, як казаў Гасподзь.

20 Калі спытаецца ў цябе сын твой у наступны час, кажучы: «што азначаюць гэтыя статуты, пастановы і законы, якія наказаў вам Гасподзь, Бог ваш?»,

21 дык скажы сыну твайму: «рабамі былі мы ў фараона ў Егіпце, але Гасподзь вывеў нас зь Егіпта рукою моцнаю,

22 і паказаў Гасподзь азнакі й цуды вялікія і кары Егіпту, фараонам і ўсяму дому ягонаму, перад вачыма нашымі,

23 а нас вывеў адтуль, каб увесьці нас і даць нам зямлю, якую Гасподзь запрысягнуў бацькам нашым;

24 і наказаў нам Гасподзь выконваць усе пастановы гэтыя, каб мы баяліся Госпада, Бога нашага, каб добра было нам ва ўсе дні, каб захаваць наша жыцьцё, як і цяпер;

25 і ў гэтым будзе наша праведнасьць, калі мы будзем намагацца выконваць усе гэтыя запаведзі прад абліччам Госпада, Бога нашага, як Ён наказаў нам».

 

Разьдзел 7

 

1 Калі ўвядзе цябе Гасподзь, Бог твой, у зямлю, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, і прагоніць ад аблічча твайго шматлікія народы, Хэтэяў, Гергесэяў, Амарэяў, Хананэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў і Эвусэяў, сем народаў, якія большыя лікам і мацнейшыя за цябе,

2 і перадасьць іх табе Гасподзь, Бог твой, і пабэеш іх, тады аддай іх праклёну, ня ўступай зь імі ў спрымірэнства і не шкадуй іх;

3 і ня ўступай зь імі ў сваяцтва: дачкі тваёй не аддавай за сына ягонага, і дачкі ягонай не бяры за сына твайго;

4 бо яны адвернуць сыноў тваіх ад Мяне, каб служыць іншым багам, і тады запаліцца на вас гнеў Госпада, і Ён хутка вынішчыць цябе.

5 А зрабеце зь імі так: ахвярнікі іхнія разбурце, слупы іхнія паламайце і гаі іхнія высечыце і балванаў іхніх спалеце агнём;

6 бо ты народ сьвяты ў Госпада, Бога твайго: цябе выбраў Гасподзь, Бог твой, каб ты быў уласным ягоным народам з усіх народаў, якія на зямлі.

7 Не на тое, каб вы былі большыя лікам за ўсе народы, прыняў вас Гасподзь і выбраў вас, - бо вы меншыя лікам за ўсе народы, -

8 а таму, што любіць вас Гасподзь, і на тое, каб захаваць клятву, якою Ён прысягаў бацькам вашым, вывеў вас Гасподзь рукою моцнаю і вызваліў цябе з дома рабства, з рукі фараона, цара Егіпецкага.

9 Дык вось, ведай, што Гасподзь, Бог твой, ёсьць Бог верны, Які захоўвае запавет і літасьць да тых, хто любіць Яго і шануе наказы Ягоныя да тысячы родаў,

10 і аддасьць ненавісьнікам Ягоным у асобе іхняй, зьнішчаючы іх; Ён не замарудзіць, ненавісьніку Ягонаму самому асабіста аддасьць.

11 Дык вось, шануй запаведзі й пастановы і законы, якія сёньня табе наказваю выконваць.

12 І калі вы будзеце слухацца законаў гэтых і захоўваць і выконваць іх, дык Гасподзь, Бог твой, будзе захоўваць запавет і літасьць да цябе, як Ён прысягаўся бацькам тваім,

13 і палюбіць цябе, і дабраславіць цябе, і памножыць цябе, і дабраславіць плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, і хлеб твой і віно тваё і алей твой, народжанае ад буйнога быдла твайго, і ад статку авечак тваіх, на той зямлі, якую запрысягнуў бацькам тваім даць табе;

14 дабраславёны ты будзеш больш за ўсе народы; ня будзе ні бясплоднага ні бясплоднай, ні ў цябе, ні ў быдле тваім;

15 і адвядзе ад цябе Гасподзь усякую немач, і ніякіх лютых хваробаў Егіпецкіх, якія ты ведаеш, не навядзе на цябе, а навядзе іх на ўсіх ненавіснікаў тваіх;

16 і зьнішчыш усе народы, якія Гасподзь, Бог твой, дае табе: хай не пашкадуе іх вока тваё, і ня служы багам іхнім, бо гэта сетка на цябе.

17 Калі скажаш у сэрцы тваім: «народы гэтыя большыя лікам за мяне; як я магу выгнаць іх?»

18 ня бойся іх, згадай тое, што зрабіў Гасподзь, Бог твой, з фараонам і ўсім Егіптам,

19 тыя вялікія выпрабаваньні, якія бачылі вочы твае, азнакі, цуды і руку моцную і мышцу высокую, зь якімі вывеў цябе Гасподзь, Бог твой, тое самае зробіць Гасподзь, Бог твой, з усімі народамі, якіх ты баішся;

20 і чмялёў нашле Гасподзь, Бог твой, на іх, пакуль не загінуць тыя, што засталіся і пахаваліся ад аблічча твайго;

21 ня бойся іх, бо Гасподзь, Бог твой, сярод цябе, Бог вялікі й страшны.

22 І будзе Гасподзь, Бог твой, праганяць перад табою народы гэтыя спакваля; ня можаш ты вынішчыць іх хутка, каб не памножыліся супроць цябе польныя зьвяры;

23 але аддасьць іх табе Гасподзь, Бог твой, і прывядзе іх у вялікае бянтэжаньне, аж пакуль яны не загінуць;

24 і аддасьць цароў іхніх у рукі твае, зьнішчыш іхняе імя з-пад нябёсаў: ня ўстоіць ніхто супроць цябе, пакуль ня выкарчуеш іх.

25 Балваноў - багоў іхніх папалеце агнём; не пажадай узяць сабе срэбра альбо золата, якое на іх, каб гэта ня сталася табе сеткаю, бо гэта агіда Госпаду, Богу твайму;

26 і ня ўнось шкараднай брыдоты ў дом твой, каб не падупасьці праклёну, як яна; адварочвайся ад гэтага і гідзіся гэтага, бо гэта праклятае.

 

Разьдзел 8

 

1 Усе запаведзі, якія я наказваю вам сёньня, старайцеся выконваць, каб вы былі жывыя і множыліся, і пайшлі й завалодалі зямлёю, даць якую запрысягнуўся Гасподзь бацькам вашым.

2 І памятай увесь шлях, якім вёў цябе Гасподзь, Бог твой, па пустыні, вось ужо сорак гадоў, каб упакорыць цябе, каб выпрабаваць цябе і даведацца, што ў сэрцы тваім, ці будзеш шанаваць запаведзі Ягоныя, а ці не;

3 Ён упакорваў цябе, таміў цябе голадам і карміў цябе маннаю, якое ня ведаў ты і ня ведалі бацькі твае, каб паказаць табе, што не адным хлебам жыве чалавек, а ўсякім словам, якое сыходзіць з вуснаў Госпада, жыве чалавек;

4 вопратка твая ня зношвалася на табе, і нага твая ня пухла, вось ужо сорак гадоў.

5 І ведай у сэрцы тваім, што Гасподзь, Бог твой, вучыць цябе, як чалавек вучыць сына свайго.

6 Дык вось шануй запаведзі Госпада, Бога твайго, хадзі шляхамі Ягонымі й баючыся Яго.

7 Бо Гасподзь, Бог твой, вядзе цябе ў зямлю добрую, у зямлю, дзе патокі водаў, крыніцы і азёры выходзяць з далінаў і гор

8 у зямлю, дзе пшаніца, ячмень, вінаградныя лозы, смакоўніцы і гранатавыя дрэвы, дзе аліўныя дрэвы і мёд,

9 у зямлю, у якой бязьбедна есьцімеш хлеб твой і ні ў чым ня мецьмеш нястачы, у зямлю, у якой камяні - жалеза, і з гор якой будзеш высякаць медзь.

10 І калі будзеш есьці і наядацца, тады дабраслаўляй Госпада, Бога твайго, за добрую зямлю, якую Ён даў табе.

11 Пільнуйся, каб не забыў ты Госпада, Бога твайго, не шануючы запаведзяў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія сёньня наказваю табе.

12 Калі будзеш есьці і наядацца, і пабудуеш добрыя дамы і будзеш жыць,

13 і калі будзе ў цябе буйнога быдла багата, і будзе многа срэбра і золата, і ўсяго ў цябе будзе многа, -

14 дык глядзі, каб не напышылася сэрца тваё і не забыў ты Госпада, Бога твайго, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства;

15 Які правёў цябе па пустыні вялікай і страшнай, дзе гады, васіліскі, скарпіёны і мясьціны сухія, на якіх няма вады; Які скрынічыў табе вады са скалы гранітнай,

16 карміў цябе ў пустыні маннаю, якой ня ведалі бацькі твае, каб упакорыць цябе і выпрабаваць цябе, каб пазьней зрабіць табе дабро,

17 і каб ты не сказаў у сэрцы тваім: «мая сіла і моц рукі маёй прыдбалі мне багацьце гэтае»,

18 але каб памятаў Госпада, Бога твайго, бо Ён дае табе сілу набываць багацьце, каб выканаць, як сёньня, запавет Свой, які Ён прысягаю зацьвердзіў бацькам тваім.

19 Калі ж ты забудзеш Госпада, Бога твайго, і пойдзеш за багамі іншымі, і будзеш служыць ім і пакланяцца ім, дык сьведчу вам сёньня, што вы загінеце;

20 як народы, якія Гасподзь вынішчае ад аблічча вашага, так загінеце і вы за тое, што не паслухаеце голасу Госпада, Бога вашага.

 

Разьдзел 9

 

1 Слухай, Ізраіле: ты цяпер ідзеш за Ярдан, каб пайсьці авалодаць народамі, якія большыя і мацнейшыя за цябе, з гарадамі вялікімі, з умацаваньнямі да нябёсаў,

2 народам, вялікім у ліку і вялікарослым, сынамі Энакавымі, пра якіх ты ведаеш і чуеш: «хто ўстоіць супроць сыноў Энакавых?»

3 Дык ведай сёньня, што Гасподзь, Бог твой, ідзе перад табою, як агонь пажыральны: Ён будзе зьнішчаць іх і класьці іх перад табою, і ты прагоніш і вынішчыш іх неўзабаве, як казаў табе Гасподзь.

4 Калі будзе праганяць іх Гасподзь, Бог твой, ад аблічча твайго, не кажы ў сэрцы тваім, што за справядлівасьць маю прывёў мяне Гасподзь авалодаць гэтай зямлёю, і што за грэх народаў гэтых Гасподзь праганяе іх ад аблічча твайго;

5 не за справядлівасьць тваю і не за праўду сэрца твайго ідзеш ты спадкаваць зямлю іхнюю, а за грэх народаў гэтых Гасподзь, Бог твой, праганяе іх ад аблічча твайго, і каб выканаць слова, якім прысягаўся Гасподзь бацькам тваім Абрагаму, Ісааку і Якаву;

6 таму ведай, што не за праведнасьць тваю Гасподзь, Бог твой, дае табе авалодаць гэтаю добраю зямлёю, - бо ты народ цьвёрдахрыбетны.

7 Памятай, не забудзь, колькі ты дражніў Госпада, Бога твайго, у пустыні: з самага таго дня, як выйшаў ты зь зямлі Егіпецкай, і да самага прыходу вашага на месца гэта вы супрацівіліся Госпаду.

8 І каля Харыва, вы раздражнілі Госпада, і ўгневаўся на вас Гасподзь, аж хацеў быў зьнішчыць вас,

9 калі я ўзышоў на гару, каб узяць скрыжалі каменныя, скрыжалі запавета, які пастанавіў Гасподзь з вамі, і прабыў на гары сорак дзён і сорак ночаў, хлеба ня еў і вады ня піў,

10 і даў мне Гасподзь дзьве скрыжалі каменныя, напісаныя пальцам Божым, а на іх усе словы, якія сказаў вам Гасподзь на гары зь сярэдзіны агню ў дзень сходу.

11 Як мінуліся сорак дзён і сорак ночаў, даў мне Гасподзь дзьве скрыжалі каменныя, скрыжалі запавета,

12 і сказаў мне Гасподзь: устань, ідзі хутчэй адгэтуль, бо разбэсьціўся народ твой, які ты вывеў зь Егіпта; хутка ўхіліліся яны з дарогі, якую Я наказаў ім; яны зрабілі сабе літага ідала.

13 І сказаў мне Гасподзь: бачу Я народ гэты, вось, ён народ цьвёрдахрыбетны;

14 ня стрымлівай Мяне, і Я зьнішчу іх і згладжу імя іхняе з-пад нябёсаў, а ад цябе выведу народ, які будзе мацнейшы і большы ў ліку за іх.

15 Я павярнуўся і пайшоў з гары, а гара гарэла агнём; дзьве скрыжалі запавета былі ў абедзьвюх руках у мяне;

16 і бачыў я, што вы зграшылі супроць Госпада, Бога вашага, зрабілі сабе літае цяля, хутка ўхіліліся з дарогі, наказанае вам Госпадам;

17 і ўзяў я абедзьве скрыжалі, і кінуў іх з абедзьвюх рук сваіх, і разьбіў іх перад вачыма вашымі.

18 І ўпаўшы прад Госпадам, маліўся я, як раней, сорак дзён і сорак ночаў, хлеба ня еў і вады ня піў, за ўсе грахі вашыя, якімі вы зграшылі, зрабіўшы ліхое ў вачах Госпада і раздражніўшы Яго;

19 бо я баяўся гневу і лютасьці, якімі Гасподзь прагневаўся на вас і хацеў пагубіць вас. І паслухаў мяне Гасподзь і гэтым разам.

20 І на Аарона вельмі прагневаўся Гасподзь і хацеў пагубіць яго; але я маліўся і за Аарона ў той час.

21 А грэх ваш, у які вы дапусьціліся, - цяля я ўзяў, спаліў яго ў агні, разьбіў яго і ўсяго сьцёр да таго, што ён стаў дробны, як пыл, і я кінуў пыл гэты ў паток, які цячэ з гары.

22 І ў Тавэры, у Масе і ў Кіброт-Гатааве вы дражнілі Госпада.

23 І калі пасылаў вас Гасподзь з Кадэс-Варні, кажучы: ідзеце, авалодайце зямлёю, якую Я даю вам, - дык вы ўсупрацівіліся загаду Госпада, Бога вашага, і не паверылі яму і не паслухаліся голасу Ягонага.

24 Вы былі непакорныя Госпаду з таго самага дня, як я ўведаў вас.

25 І ўпаўшы прад Госпадам, маліў я сорак дзён і сорак ночаў, у якія я маліўся, бо Гасподзь хацеў пагубіць вас;

26 І маліўся я Госпаду і казаў: Валадару Госпадзе, не загубі народу Твайго і долі Тваёй, якую Ты выкупіў велічнасьцю Тваёю, якую Ты вывеў зь Егіпта рукою моцнаю;

27 успомні рабоў Тваіх Абрагама, Ісаака і Якава; не зважай на жорсткасьць народу гэтага і на нявернасьць ягоную і на грахі ягоныя,

28 каб у той зямлі, адкуль Ты вывеў нас, не сказалі: «Гасподзь ня мог увесьці іх у зямлю, якую абяцаў ім, і, зьненавідзеўшы іх, вывеў Ён іх, каб усьмерціць іх у пустыні».

29 А яны Твой народ і Твая доля, іх Ты вывеў сілаю Тваёю вялікаю і мышцаю высокаю.

 

Разьдзел 10

 

1 У той час сказаў мне Гасподзь: вычашы сабе дзьве скрыжалі каменныя, падобныя да першых, і падыміся да Мяне на гару, і зрабі сабе драўняны каўчэг;

2 і Я напішу на скрыжалях тыя словы, якія былі на ранейшых скрыжалях, якія ты разьбіў; і пакладзі іх у каўчэг.

3 І зрабіў я каўчэг з дрэва сітым, і выцясаў дзьве каменныя скрыжалі, як ранейшыя, і пайшоў на гару; і дзьве гэтыя скрыжалі былі ў руках маіх.

4 І напісаў Ён на скрыжалях, як напісана было раней, тыя дзесяць слоў, якія сказаў вам Гасподзь на гары зь сярэдзіны агню ў дзень сходу, і аддаў іх Гасподзь мне.

5 І павярнуўся я, і сышоў з гары, і паклаў скрыжалі ў каўчэг, каб яны там былі, як загадаў мне Гасподзь.

6 І сыны Ізраілевыя выправіліся з Бээрот-Бэнэ-Яакана ў Мозэр; там памёр Аарон і пахаваны там, і стаў сьвятаром замест яго сын ягоны Элеазар.

7 Адтуль выправіліся ў Гудгод, з Гудгода ў Ётвату, у зямлю, дзе патокі водаў.

8 У той час аддзяліў Гасподзь племя Лявіінае, каб насіла каўчэг запавета Гасподняга, каб стаяла прад Госпадам, служыла Яму і дабраслаўляла імем Ягоным, да сёньня;

9 таму няма лявіту долі й дзялянкі з братамі ягонымі: Сам Гасподзь ёсьць дзялянка ягоная, як казаў яму Гасподзь, Бог твой.

10 І прабыў я на гары, як і ў ранейшы час, сорак дзён і сорак ночаў; і ўважыў мне Гасподзь і гэтым разам, не захацеў Гасподзь загубіць цябе;

11 і сказаў мне Гасподзь: устань, ідзі ў дарогу перад народам; няхай яны пойдуць і авалодаюць зямлёю, якую Я запрысягнуўся даць бацькам іхнім.

12 Дык вось, Ізраіле, чаго патрабуе ад цябе Гасподзь, Бог твой? Таго толькі, каб ты баяўся Госпада, Бога твайго, хадзіў усімі шляхамі Ягонымі і любіў Яго, і служыў Госпаду, Богу твайму, ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй,

13 каб трымаўся запаведзяў Госпада і пастановаў Ягоных, якія сёньня наказваю табе, каб табе было добра.

14 Вось у Госпада, Бога твайго, неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй;

15 але толькі бацькоў тваіх прыняў Гасподзь і палюбіў іх, і выбраў вас, насеньне іхняе пасьля іх, з усіх народаў, як сёньня бачыш.

16 Дык вось, абрэжце крайнюю плоць сэрца вашага і ня будзьце болей цьвёрдахрыбетныя;

17 бо Гасподзь, Бог ваш, ёсьць Бог над багамі і Валадар над валадарамі, Бог вялікі, моцны і страшны, які не зважае на абліччы і не бярэ дарункаў,

18 Які дае суд сіраце і ўдаве, і любіць прыхадня, і дае яму хлеб і вопратку.

19 Любеце і вы прыхадня, бо самыя былі прыхаднямі ў зямлі Егіпецкай.

20 Госпада, Бога твайго, бойся, Яму служы, і да Яго прыхініся і Ягоным імем прысягай:

21 Ён хвала твая і Ён Бог твой, Які зрабіў з табою тыя вялікія і страшныя дзеі, якія бачылі вочы твае;

22 у сямідзесяці душах прыйшлі бацькі твае ў Егіпет, а сёньня Гасподзь, Бог твой, зрабіў цябе шматлікім, як зоркі нябесныя.

 

Разьдзел 11

 

1 Дык вось, любі Госпада, Бога твайго, і шануй, што загадана Ім шанаваць, і пастановы Ягоныя і законы Ягоныя і запаведзі Ягоныя ва ўсе дні.

2 І ведайце сёньня, - бо я гутару ня з сынамі вашымі, якія ня ведаюць і ня бачылі кары Госпада, Бога вашага, - Ягоную велічнасьць, Ягоную моцную руку і высокую мышцу Ягоную,

3 азнакі Ягоныя і дзеі Ягоныя, якія Ён зрабіў сярод Егіпта з фараонам, царом Егіпецкім, і з усёю зямлёю ягонай,

4 і што Ён зрабіў з войскам Егіпецкім, з конямі ягонымі і калясьніцамі ягонымі, якія Ён утапіў у водах Чэрмнага мора, калі яны гналіся за вамі, - і пагубіў іх Гасподзь, і так трывае аж да сёньня;

5 і што Ён рабіў дзеля вас у пустыні, пакуль вы не дайшлі да месца гэтага,

6 і што Ён зрабіў з Датанам і Авіронам, сынамі Эліява, сына Рувімавага, калі зямля разьзявіла вусны свае і сярод усяго Ізраіля праглынула іх і сямействы іхнія, і намёты іхнія і ўсю маёмасьць іхнюю, якая была ў іх;

7 бо вочы вашыя бачылі ўсе вялікія дзеі Госпада, якія Ён учыніў.

8 Дык вось, захоўвайце ўсе запаведзі, якія я пераказваю вам сёньня, каб вы ўмацаваліся і пайшлі і авалодалі зямлёю, у якую вы пераходзіце, каб авалодаць ёю;

9 і каб жылі вы доўга на той зямлі, даць якую запрысягнуўся Гасподзь бацькам вашым і насеньню іхняму, на зямлі, у якой цячэ малако і мёд.

10 Бо зямля, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, не такая, як зямля Егіпецкая, зь якой выйшлі вы, дзе ты, пасеяўшы семя тваё, паліваў з дапамогаю ног тваіх, як аліўны сад;

11 а зямля, у якую вы пераходзіце, каб авалодаць ёю, ёсьць зямля з гарамі і далінамі, і ад дажджу нябеснага напойваецца вадою, -

12 зямля, пра якую Гасподзь, Бог ваш, рупіцца: вочы Госпада, Бога твайго, няспынна на ёй, ад пачатку года да канца года.

13 калі вы будзеце слухаць наказы мае, якія пераказваю вам сёньня, любіць Госпада, Бога вашага, і служыць Яму ад усяго сэрца вашага і ад усёй душы вашай,

14 дык дам зямлі вашай дажджу ў свой час, раньняга і позьняга, і ты зьбярэш хлеб твой і віно тваё і алей твой;

15 і дам траву на полі тваім быдлу твайму, і будзеш есьці і наядацца.

16 Пільнуйцеся, каб не засмуцілася сэрца вашае і ня ўхіліліся вы і не пачалі служыць іншым багам і не пакланяліся ім;

17 і тады запаліцца гнеў Госпада на вас, і замкне Ён неба, і ня будзе дажджу, і зямля ня ўродзіць твораў сваіх, і вы неўзабаве зьнікнеце з добрай зямлі, якую Гасподзь вам дае.

18 Дык вось, пакладзеце гэтыя словы Мае ў сэрца вашае і ў душу вашую і навяжэце іх як знак на руку сваю, і хай будуць яны павязкаю над вачыма вашымі;

19 вучэце сыноў сваіх, кажучы пра іх, калі ты сядзіш у доме тваім і калі ідзеш дарогаю, і калі кладзешся і калі ўстаеш;

20 і напішы іх на вушаках дома твайго і на варотах тваіх,

21 каб гэтулькі ж многа было дзён вашых і дзён дзяцей вашых на той зямлі, даць якую Гасподзь запрысягнуўся бацькам вашым, колькі дзён неба будзе над зямлёю.

22 Бо калі вы будзеце шанаваць усе запаведзі гэтыя, якія наказваю вам выконваць, будзеце любіць Госпада, Бога вашага, хадзіць усімі шляхамі Ягонымі і гарнуцца да Яго,

23 дык прагоніць Гасподзь усе народы гэтыя ад аблічча вашага, і вы авалодаеце народамі, якія большыя і мацнейшыя за вас;

24 усякае месца, на якое ступіць нага ваша, будзе ваша: ад пустыні і Лівана, ад ракі, ракі Еўфрата, аж да мора заходняга будуць межы вашыя;

25 ніхто ня ўстоіць супроць вас: Гасподзь, Бог ваш, навядзе страх і трымценьне перад вамі на ўсякую зямлю, на якую вы ступіце, як Ён казаў вам.

26 Вось, я прапаную вам сёньня дабраславеньне і праклён:

27 дабраславеньне, калі паслухаецеся наказаў Госпада, Бога вашага, якія я пераказваю вам сёньня,

28 а праклён, калі не паслухаецеся запаведзяў Госпада, Бога вашага, і ўхіліцеся ад шляху, які наказваю вам сёньня, і пойдзеце за багамі іншымі, якіх вы ня ведаеце.

29 Калі ўвядзе цябе Гасподзь, Бог ваш, у тую зямлю, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, тады вымаві дабраславеньне на гары Гарызім, а праклён на гары Гевал:

30 вось ён за Ярданам, па дарозе да захаду сонца, у зямлі Хананэяў, якія жывуць на раўніне, насупраць Галгала, паблізу дубровы Марэ.

31 Бо вы пераходзіце Ярдан, каб пайсьці авалодаць зямлёю, якую Гасподзь, Бог ваш, дае вам, і авалодаеце ёю і будзеце жыць на ёй.

32 Дык вось, старайцеся выконваць усе пастановы і законы, якія прапаную вам я сёньня.

 

Разьдзел 12

 

1 Вось пастановы і законы, якія вы павінны выконваць у зямлі, якую Гасподзь, Бог бацькоў тваіх, дае табе ў валоданьне, на ўсе дні, якія вы жыцьмеце на той зямлі.

2 Зьнішчыце ўсе мясьціны, дзе народы, якімі вы авалодаеце, служылі багам сваім, на высокіх горах і на пагорках і пад усякім галінастым дрэвам;

3 і разбурце ахвярнікі іхнія і паламайце слупы іхнія, і спалеце агнём гаі іхнія і пабеце балваноў - багоў іхніх, і вынішчыце імя іхняе ў месцы тым.

4 Але ня тое павінны вы рабіць Госпаду, Богу вашаму,

5 бо толькі на месцы, якое выбера Гасподзь, Бог ваш, з усіх плямёнаў вашых, каб быць імю Ягонаму там, зьвяртайцеся і туды прыходзьце,

6 і туды прыносьце цэласпаленьні вашыя і ахвяры вашыя, і дзесяціны вашыя і ўзьнясеньне рук вашых, і абяцаньні вашыя і дабравольныя прынашэньні вашыя, і першынцаў буйнога быдла вашага і дробнага быдла вашага;

7 і ежце там прад Госпадам, Богам вашым, і радуйцеся вы і сем'і вашыя з усяго, што рабілася рукамі вашымі, чым дабраславіў цябе Гасподзь, Бог твой.

8 Там вы не павінны рабіць усяго, як мы цяпер тут робім, кожны, што яму здаецца правільным;

9 бо вы сёньня яшчэ ня ўступілі ў мясьціну спакою і дзялянку, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.

10 Але калі пяройдзеце Ярдан і аселіцеся на зямлі, якую Гасподзь, Бог ваш, дае вам у долю, і калі Ён супакоіць вас ад усіх ворагаў вашых, што атачаюць вас, і жыцьмеце ў бясьпецы,

11 тады, якое месца выбера Гасподзь, Бог ваш, каб быць імю Ягонаму там, туды прыносьце ўсё, што я наказваю вам: цэласпаленьні вашыя і ахвяры вашыя, дзесяціны вашыя і ўзьнясенье рук вашых і ўсё, выбранае паводле абяцаньняў вашых, што вы абяцалі Госпаду вашаму;

12 і радуйцеся прад Госпадам, Богам вашым, вы і сыны вашыя і дочкі вашыя, і рабы вашыя і рабыні вашыя, і лявіт, які сярод селішчаў вашых, бо няма яму долі і дзялянкі з вамі.

13 Асьцерагайся прыносіць цэласпаленьні твае на ўсякім месцы, якое ты ўбачыш;

14 а толькі на тым месцы, якое выбера Гасподзь у адным з плямёнаў тваіх, прынось цэласпаленьні твае і рабі ўсё, што наказваю табе.

15 А ў астатнім калі толькі зажадае душа твая, можаш закалоць і есьці, па дабраславеньні Госпада, Бога твайго, мяса, якое Ён даў табе, ва ўсіх селішчах тваіх: нячысты і чысты можа есьці гэта, як сарну і як аленя;

16 толькі крыві ня ежце: на зямлю вылівайце яе, як ваду.

17 Нельга табе есьці ў селішчах тваіх дзесяціны хлеба твайго і віна твайго і алею твайго, і першынцаў буйнога быдла твайго і дробнага быдла твайго, і ўсіх абяцаньняў тваіх, якія ты абяцаў, і дабравольных прынашэньняў тваіх, і ўзьнясеньня рук тваіх;

18 а еж гэта прад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой, - ты і сын твой і дачка твая, і раб твой і рабыня твая, і лявіт, які ў селішчах тваіх, і радуйся прад Госпадам, Богам тваім, за ўсё, што робіцца рукамі тваімі.

19 Глядзі, не пакідай лявіта ўсе дні, якія жыцьмеш на зямлі тваёй.

20 Калі пашырыць Гасподзь, Бог твой, межы твае, як Ён казаў табе, і ты скажаш: «паем я мяса», бо душа твая зажадае есьці мяса, - тады, па жаданьні душы тваёй, еж мяса.

21 Калі будзе далёка ад цябе тое месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой, каб быць імю Ягонаму там, дык калі з буйнога і дробнага быдла твайго, якое даў табе Гасподзь, як я загадаў табе, і еж у селішчах тваіх, па жаданьні душы тваёй;

22 але еж іх так, як ядуць сарну і аленя; нячысты як і чысты могуць есьці гэта;

23 толькі строга сачы, каб ня есьці крыві, бо кроў ёсьць душа: ня еж душы разам зь мясам;

24 ня еж яе: вылівай яе на зямлю, як ваду;

25 ня еж яе, каб добра было табе і дзецям тваім пасьля цябе, калі будзеш рабіць добрае і справядлівае прад вачыма Госпада.

26 Толькі сьвятыні твае, якія будуць у цябе, і абяцаньні твае прынось, і прыходзь на тое месца, якое выбера Гасподзь,

27 і прынось цэласпаленьні твае, мяса і кроў, на ахвярніку Госпада, Бога твайго; а кроў ахвяраў тваіх павінна пралівацца каля ахвярніка Госпада, Бога твайго, а мяса еж.

28 Слухай і выконвай усе словы гэтыя, якія наказваю табе, каб добра было табе і дзецям тваім пасьля цябе вавек, калі будзеш рабіць добрае і заўгоднае прад вачыма Госпада, Бога твайго.

29 Калі Гасподзь, Бог твой, вынішчыць ад аблічча твайго народы, да якіх ты ідзеш, каб узяць іх у валоданьне, і ты, узяўшы іх, паселішся ў зямлі іхняй,

30 тады асьцерагайся, каб ты ня трапіў у сетку, ідучы за імі, пасьля зьнішчэньня іх ад аблічча твайго, і ня шукаў багоў іншых, кажучы: «як служылі народы гэтыя багам сваім, так і я рабіцьму»;

31 не рабі так Госпаду, Богу твайму, бо ўсё, чым гідзіцца Гасподзь, што ненавідзіць Ён, яны робяць багам сваім: яны і сыноў сваіх і дочак сваіх спальваюць на агні багам сваім.

32 Усё, што я наказваю вам, старайцеся выконваць; не дадавай да таго і не адымай ад таго.

 

Разьдзел 13

 

1 Калі паўстане сярод цябе прарок, альбо той, хто бачыць сны, і пакажа табе азнаку альбо цуд,

2 і збудзецца тая азнака альбо цуд, пра што ён казаў табе, і скажа пры тым: «хадзем сьледам за багамі іншымі, якіх ты ня ведаеш, і будзем служыць ім», -

3 дык ня слухай слоў прарока гэтага, альбо тлумача сноў гэтага; бо праз гэта выпрабоўвае вас Гасподзь, Бог ваш, каб даведацца, ці любіце вы Госпада, Бога вашага, ад усяго сэрца вашага і ад усёй душы вашай;

4 За Госпадам, Богам вашым, сьледуйце і Яго бойцеся, запаведзі Ягоныя выконвайце і голасу Ягонага слухайцеся, і Яму служэце і да Яго прыхінайцеся;

5 а прарока таго альбо тлумача сноў таго трэба аддаць сьмерці за тое, што ён умаўляў вас адступіцца ад Госпада, Бога вашага, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай і вызваліў цябе з дома рабства, прагнучы зьвесьці цябе з дарогі, па якой ісьці наказваў табе Гасподзь, Бог твой; і гэтак зьнішчы зло спасярод сябе.

6 Калі цябе пачне ўмаўляць брат твой тайна, сын маці тваёй, альбо сын твой, альбо дачка твая, альбо жонка на ўлоньні тваім, альбо сябар твой, які для цябе, як душа твая, кажучы: «хадзем і будзем служыць багам іншым, якіх ня ведаў ты і бацькі твае»,

7 багам тых народаў, якія вакол цябе, блізкіх да цябе, альбо далёкіх ад цябе, ад аднаго краю зямлі да другога, -

8 дык не згаджайся зь ім і ня слухай яго; і хай не пашкадуе яго вока тваё, і не шкадуй яго і не прыкрывай яго,

9 а забі яго; твая рука першая павінна быць на ім, каб забіць яго, а потым рукі ўсяго народа;

10 пабі яго камянямі да сьмерці, бо ён намышляў адвярнуць цябе ад Госпада, Бога твайго, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства;

11 увесь Ізраіль пачуе гэта і збаіцца, і ня будуць болей рабіць сярод цябе такога ліха.

12 Калі пачуеш пра які-небудзь горад твой, які Гасподзь, Бог твой, дае табе на жыхарства,

13 што паявіліся ў ім бязбожныя людзі спасярод цябе і спакусілі жыхароў горада іхняга, кажучы: «хадзем і будзем служыць багам іншым, якіх вы ня ведалі», -

14 дык ты вышукай, дасачы і добра распытай; і калі гэта чыстая праўда, што здарылася шкарада гэтая сярод цябе,

15 пабі жыхароў таго горада вастрыём меча, аддай праклёну яго і ўсё, што ў ім, і быдла яго пабі вастрыём меча;

16 А ўсю здабычу яго зьбяры на сярэдзіну плошчы яго і спалі агнём горад і ўсю здабычу яго цалкам Госпаду, Богу твайму, і хай будзе ён вечна ў руінах, ня трэба ніколі болей адбудоўваць яго;

17 нішто з праклятага хай ня прыліпне да рукі тваёй, каб утаймаваў Гасподзь лютасьць гневу Свайго і даў табе літасьць і памілаваў цябе, і памножыў цябе, як запрысягаўся бацькам тваім,

18 калі будзеш слухаць голасу Госпада, Бога твайго, захоўваючы ўсе запаведзі Ягоныя, якія сёньня пераказваю табе, робячы заўгоднае прад вачыма Госпада, Бога твайго.

 

Разьдзел 14

 

1 Вы - сыны Госпада, Бога вашага; не рабеце нарэзаў на целе вашым і не выстрыгайце валасоў над вачыма вашымі па нябожчыку;

2 бо ты народ сьвяты ў Госпада, Бога твайго, і цябе выбраў Гасподзь, каб ты быў уласным Яго народам з усіх народаў, якія на зямлі.

3 Ня еж ніякай погані.

4 Вось быдла, якое вам можна есьці: валы, авечкі, козы,

5 алень і сарна, і буйвал і казуля, і зубр і жырафа, і антылопа.

6 Усякая жывёліна, у якое расшчэпленыя капыты і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і якая жуе жуйку, тую ежце;

7 толькі гэтых ня ежце з тых, што жуюць жуйку і маюць расшчэпленыя капыты з глыбокім разрэзам: вярблюда, зайца і тушканчыка, бо хоць яны жуюць жуйку, але капыты ў іх не расшчэпленыя: нячыстыя яны вам;

8 і сьвіньні, бо капыты ў яе расшчэпленыя, але ня жуе жуйкі; нячыстая яна вам; ня ежце мяса іх і да трупаў іх не дакранайцеся.

9 З усіх жывёлаў, якія ў вадзе, ежце ўсіх, у якіх ёсьць пер'е і луска;

10 а ўсіх тых, у якіх няма пер'я і лускі, ня ежце: нячыста гэта вам.

11 Усякае птаства чыстае ежце;

12 а гэтых зь іх ня трэба есьці: арла, грыфа і марскога арла,

13 і кані, і сокала і крагуля з пародаю іхняю,

14 і ўсякага гругана з пародаю ягонаю,

15 і страўса і савы, і чайкі і шуляка з пародай ягонаю,

16 і сойкі, і пушчыка, і лебедзя,

17 і пелікана, і сіпа, і кармарана,

18 і чаплі, і бусла з пародаю ягонай, і ўдода, і кажана.

19 Усе крылатыя паўзуны нячыстыя вам, ня ежце іх.

20 Усю чыстую птушку ежце.

21 Ня ежце ніякага падла: іншаземцу, які надарыцца ў селішчах тваіх, аддай яго, ён хай есьць яго, альбо прадай яму, бо ты народ сьвяты ў Госпада, Бога твайго. Не гатуй казьляня ў малацэ маці ягонай.

22 Аддзяляй дзесяціну з усяго ўроджанага насеньнем тваім, якое штогоду на полі тваім узрасьце,

23 і еж прад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, якое выбера Ён, каб быць імю Ягонаму там; прынось дзесяціну хлеба твайго і алею твайго, каб ты навучыўся баяцца Госпада, Бога твайго, ва ўсе дні.

24 Калі ж доўгая будзе табе дарога, так што ня зможаш несьці гэтага, бо далёка ад цябе тое месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой, каб пакласьці там імя Сваё, і Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе,

25 дык памяняй гэта на срэбра і вазьмі срэбра ў руку тваю і прыходзь на месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой;

26 і купляй на срэбра гэта ўсё, што заўгодзіцца душы тваёй; і еж там прад Госпадам, Богам тваім, і радуйся ты і сямэя твая.

27 І лявіта, які ў селішчах тваіх, не пакінь, бо няма яму долі і дзялянкі з табою.

28 А як міне тры гады, аддзяляй усе дзесяціны створанага табою ў той год і кладзі ў селішчах тваіх;

29 і няхай прыйдзе лявіт, бо яму няма долі і дзялянкі з табою, і прыхадзень і сірата і ўдава, якія ў селішчах тваіх, і няхай ядуць і наядаюцца, каб дабраславіў цябе Гасподзь, Бог твой, ў кожнай дзеі рук тваіх, якія ты будзеш рабіць.

 

Разьдзел 15

 

1 А ў канцы кожнага сёмага года рабі адпушчэньне.

2 А адпушчэньне ў тым, каб кожны пазыковец, які пазычыў блізкаму свайму, дараваў пазыку і не спаганяў з блізкага свайго альбо з брата свайго, бо абвешчана дараваньне дзеля Госпада;

3 з чужаземца спаганяй, а што будзе твайго ў брата твайго, даруй.

4 Хіба толькі ня будзе ў цябе ўбогага: бо дабраславіць цябе Гасподзь на той зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, каб ты ўспадкаваў яе,

5 калі толькі будзеш слухаць голасу Госпада, Бога твайго, і старацца выконваць усе запаведзі гэтыя, якія я сёньня наказваю табе;

6 бо Гасподзь, Бог твой, дабраславіць цябе, як Ён казаў табе, і ты будзеш даваць пазыку многім народам, а сам ня будзеш браць пазыкі; і валадарыць будзеш над многімі народамі, а яны над табою ня будуць валадарыць.

7 Калі ж будзе ў цябе ўбогі, хто-небудзь з братоў тваіх, у адным зь селішчаў тваіх на зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, дык не ачэрсьцьві сэрца твайго і не затулі рукі тваёй перад зубожаным братам тваім,

8 а растулі перад ім руку тваю і пазыч яму, гледзячы па ягонай патрэбе, у чым ён мае патрэбу;

9 пільнуйся, каб не зарадзілася ў сэрцы тваім ліхая думка: «набліжаецца сёмы год, год адпушчэньня», і каб ад таго вока тваё не зрабілася немілажальным да ўбогага брата твайго, і ты не адмовіў яму; бо ён залямантуе на цябе да Госпада, і будзе на табе грэх;

10 дай яму, і калі давацьмеш яму, хай не зажурыцца сэрца тваё, бо за тое дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, ва ўсіх дзеях тваіх і ва ўсім, што будзе рабіцца тваімі рукамі;

11 бо ўбогія заўсёды будуць на зямлі; таму я і загадваю табе: растуляй руку тваю перад братам тваім, бедным тваім і жабраком тваім на зямлі тваёй.

12 Калі прадасца табе брат твой, Габрэй, альбо Габрэйка, дык шэсьць гадоў павінен ён быць рабом табе, а на сёмым годзе адпусьці яго ад сябе на волю;

13 а калі будзеш адпускаць яго ад сябе на волю, не адпусьці яго з пустымі рукамі,

14 а надзялі яго ад статкаў тваіх, ад гумна твайго і ад чавіла твайго: дай яму, чым спадобіў цябе Гасподзь, Бог твой;

15 памятай, што і ты быў рабом у зямлі Егіпецкай і выбавіў цябе Гасподзь, Бог твой, таму я сёньня і наказваю табе гэта.

16 А калі ён скажа табе: «не пайду я ад цябе, бо я люблю цябе і дом твой», бо добра яму ў цябе,

17 дык вазьмі шыла і прыкалі вуха ягонае да дзьвярэй; і будзе ён рабом тваім навекі. Так рабі і з рабыняй тваёю.

18 Ня лічы гэта сабе цяжкім, што ты павінен адпусьціць яго ад сябе на волю, бо ён за шэсьць гадоў зарабіў табе ўдвайне супроць платы найміта; і дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, ва ўсім, што ні будзеш рабіць.

19 Усё першароднае мужчынскага полу, што народзіцца ад буйнога быдла твайго і ад дробнага быдла твайго, пасьвячай Госпаду, Богу твайму: не працуй на першародным вале тваім і ня стрыжы першароднага з дробнага быдла твайго;

20 прад Госпадам, Богам тваім, штогоду рабі гэта ты і сямэя твая, на месцы, якое выбера Гасподзь;

21 а калі будзе на ім загана, кульгавасьць альбо слепата, альбо якая іншая пахіба, дык ня прынось яго ў ахвяру Госпаду, Богу твайму,

22 а ў селішчах тваіх еж яго; нячысты як і чысты могуць есьці, як сарну і як аленя;

23 толькі крыві ягонай ня еж: на зямлю вылівай яе, як ваду.

 

Разьдзел 16

 

1 Сачы за месяцам Авіў і ўчыняй Пасху Госпаду, Богу твайму, бо ў месяцы Авіве вывеў цябе Гасподзь, Бог твой, зь Егіпта ўначы.

2 І закалі паску Госпаду, Богу твайму, з дробнага і буйнога быдла, на месцы, якое выбера Гасподзь, каб было там імя Ягонае.

3 Ня еж зь ёю квашанага; сем дзён еж зь ёю праснакі, хлябы бедаваньня, бо сьпешна выйшаў ты зь зямлі Егіпецкай, каб памятаў ты дзень выхаду свайго зь зямлі Егіпецкай праз усе дні жыцьця твайго;

4 сем дзён не павінна быць у цябе нічога квашанага ва ўсім краі, і зь мяса, якое ты прынёс у ахвяру ўвечары перашага дня, нічога не павінна заставацца да раніцы.

5 Ня можаш ты калоць паску ні ў якім доме тваім, які Гасподзь, Бог твой дасьць табе;

6 толькі на тым месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой, каб было там імя Ягонае, калі паску ўвечары пры захадзе сонца, тым самым часам, як ты выйшаў зь Егіпта;

7 і сьпячы і зьеж на тым месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой, а на другі дзень можаш вярнуцца і ўвайсьці ў намёты твае.

8 Шэсьць дзён еж праснакі, а сёмага дня адданьне сьвята Госпаду, Богу твайму; не займайся працаю.

9 Сем тыдняў адлічы сабе; і пачынай лічыць сем тыдняў з таго часу, як серп зажне сьпелае збожжа;

10 тады ўчыняй сьвята сяміцаў Госпаду, Богу твайму, у меру дайнасьці рукі тваёй, колькі дасі, гледзячы па тым, чым спадобіць цябе Гасподзь, Бог твой;

11 І радуйся прад Госпадам, Богам тваім, ты і сын твой і дачка твая, і раб твой і рабыня твая, і лявіт, які ў селішчах тваіх, і прыхадзень і сірата і ўдава, якія сярод цябе, на месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой, каб было там імя Ягонае;

12 памятай, што ты быў рабом у Егіпце, і шануй і выконвай пастановы гэтыя.

13 Сьвята кучак учыняй у сябе сем дзён, калі прыбярэш з гумна твайго і з чавіла твайго;

14 і радуйся ў сьвята тваё ты і сын твой і дачка твая, і раб твой і рабыня твая, і лявіт і прыхадзень, і сірата і ўдава, якія ў селішчах тваіх,

15 сем дзён сьвяткуй Госпаду, Богу твайму, на месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой; бо дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, ва ўсім плёне тваім і ва ўсякай дзеі рук тваіх, і ты будзеш толькі радавацца.

16 Тры разы на год увесь мужчынскі пол павінен зьяўляцца прад аблічча Госпада, Бога твайго, на месца, якое выбера Ён: у сьвята праснакоў, у сьвята сяміцаў і ў сьвята кучак; і ніхто не павінен зьяўляцца прад аблічча Госпада паражняком,

17 а кожны з дарункам у руцэ сваёй, паводле дабраславеньня Госпада, Бога твайго, якое Ён даў Табе.

18 Ва ўсіх селішчах тваіх, якія Гасподзь, Бог твой, дасьць табе, пастаў сабе судзьдзяў і наглядчыкаў па плямёнах тваіх, каб яны судзілі народ судом справядлівым;

19 не перакручвай закона, не зважай на асобы і не бяры дарункаў, бо дарункі сьлепяць вочы мудрым і пераварочваюць справу тых, чыя праўда;

20 праўды, праўды шукай, каб ты быў жывы і авалодаў зямлёю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.

21 Не садзі сабе гаю зь якіх-небудзь дрэў каля ахвярніка Госпада, Бога твайго, які ты зробіш сабе,

22 і ня стаў сабе слупа, ненавіснага Госпаду, Богу твайму.

 

Разьдзел 17

 

1 Ня прынось у ахвяру Госпаду, Богу твайму, вала, альбо авечкі, на якой будзе загана, альбо што-небудзь благое, бо гэта агіда Госпаду, Богу твайму.

2 Калі знойдзецца сярод цябе ў якім-небудзь селішчы тваім, што Гасподзь, Бог твой, дае табе, мужчына альбо жанчына, хто зробіць ліхое прад вачыма Госпада, Бога твайго, пераступіўшы запавет Бога,

3 і пойдзе і пачне служыць іншым багам, альбо паклоніцца ім, альбо сонцу, альбо месяцу, альбо ўсяму войску нябеснаму, чаго я не загадаў,

4 і табе абвешчана будзе, і ты пачуеш, дык ты добра пашукай: і калі гэта чыстая праўда, калі зроблена мярзота гэтая ў Ізраіле,

5 дык выведзі мужчыну таго, альбо жанчыну тую, якія ўчынілі ліха гэта, да варотаў тваіх і пабі іх камянямі да сьмерці.

6 Па словах двух сьведкаў, альбо трох сьведкаў, павінен памерці засуджаны на сьмерць: нельга аддаваць сьмерці па словах аднаго сьведкі;

7 рука сьведкаў павінна быць на ім раней за ўсё, каб забіць яго, потым рука ўсяго народа; і так вынішчы ліха спасярод сябе.

8 Калі ў тваім судзе цяжка будзе табе рассудзіць паміж крывёю і крывёю, паміж судом і судом, паміж пабоямі і пабоямі, і будуць нязгодныя меркаваньні ў варотах тваіх, дык устань і ідзі на месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой,

9 і прыйдзі да сьвятароў лявітаў і да судзьдзі, які будзе ў тыя дні, і спытайся ў іх, і яны скажуць табе, як рассудзіць;

10 і зрабі паводле слова, якое яны скажуць табе, на тым месцы, якое выбера Гасподзь, і пастарайся выканаць усё, чаму яны навучаць цябе;

11 паводле закона, якому яны навучаць цябе, і паводле вызначэньня, якое яны скажуць табе, зрабі і ня ўхіляйся ні направа, ні налева ад таго, што яны скажуць табе.

12 А хто зробіць так дзёрзка, што не паслухаецца сьвятара, які стаіць там на служэньні прад Госпадам, Богам тваім, альбо судзьдзі, той павінен памерці, - і так вынішчы зло зь Ізраіля;

13 і ўвесь народ пачуе і збаіцца, і ня будзе болей паводзіцца дзёрзка.

14 Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, і авалодаеш ёю, і аселішся на ёй, і скажаш: «пастаўлю я над сабою цара, як і ў іншых народаў, якія вакол мяне»,

15 дык пастаў над сабою цара, якога выбера Гасподзь, Бог твой; спасярод братоў тваіх пастаў над сабою цара; ня можаш паставіць над сабою іншаземца, які ня брат табе.

16 Толькі каб ён ня множыў сабе коней і не вяртаў народа ў Егіпет дзеля памнажэньня сабе коней, бо Гасподзь сказаў вам: «не вяртайцеся больш дарогаю гэтай»;

17 і каб не памнажаў сабе жонак, каб не разбэсьцілася сэрца ў яго, і каб срэбра і золата ня множыў сабе празьмерна.

18 Але калі ён сядзе на троне царства твайго, павінен сьпісаць сабе сьпіс закона гэтага з кнігі, якая ў сьвятароў лявітаў,

19 і няхай ён будзе ў яго, няхай ён чытае яго ва ўсе дні жыцьця свайго, каб вучыцца баяцца Госпада, Бога свайго, і стараўся выконваць усе словы закона гэтага і пастановы гэтыя;

20 каб не надзімалася сэрца ягонае перад братамі ягонымі, і каб ня ўхіляўся ён ад закона ні направа, ні налева, каб доўгія дні заставаўся на царстве сваім ён і сыны ягоныя сярод Ізраіля.

 

Разьдзел 18

 

1 Сьвятарам лявітам, усяму калену Лявіінаму, ня будзе долі і дзялянкі зь Ізраілем: яны павінны карміцца ахвярамі Госпада і Ягонай доляй;

2 дзялянкі ж ня будзе яму сярод братоў ягоных: Сам Гасподзь дзялянка ягоная, як казаў Ён яму.

3 Вось што павінна быць удзелена сьвятарам ад народа, ад тых, што прыносяць у ахвяру валоў альбо авечак: трэба аддаваць сьвятарам лапатку, сківіцы і шлунак;

4 таксама пачаткі ад хлеба твайго, віна твайго і алею твайго, і пачаткі ад воўны з авечак тваіх аддавай яму,

5 бо яго выбраў Гасподзь, Бог твой, з усіх плямёнаў тваіх, каб ён стаяў служыць у імя Госпада, сам і сыны ягоныя ва ўсе дні.

6 І калі лявіт прыйдзе з аднаго селішча твайго, з усёй зямлі Ізраіля, дзе ён жыў, і прыйдзе з жаданьня душы сваёй на месца, якое выбера Гасподзь,

7 і будзе служыць у імя Госпада Бога свайго, як і ўсе браты яго лявіты, якія стаяць там прад Госпадам, -

8 дык няхай яны карыстаюцца аднолькавай доляй, звыш атрыманага ад продажу бацькоўскай маёмасьці.

9 Калі ты ўвойдзеш у зямлю, якую дае табе Гасподзь, Бог твой, тады не навучыся рабіць брыдоты, якія рабілі народы гэтыя:

10 не павінен быць у цябе той, хто праводзіць сына свайго альбо дачку сваю праз агонь, ні вяшчун, ні варажбіт, ні чарнакніжнік, ні чарадзей,

11 ні змусьнік, які заклінае духаў, ні чараўнік, які апытвае нябожчыкаў;

12 бо агідны прад Госпадам кожны, хто робіць гэта, і якраз за гэтыя мярзоты Гасподзь, Бог твой, праганяе іх ад аблічча твайго;

13 будзь беспахібны прад Госпадам, Богам тваім;

14 бо народы гэтыя, якіх ты праганяеш, слухаюць варажбітоў і чараўнікоў, а табе ня тое даў Гасподзь, Бог твой.

15 Прарока спасярод цябе, з братоў тваіх, як мяне, паставіць табе Гасподзь, Бог твой, - Яго слухайце, -

16 бо ты прасіў у Госпада, Бога твайго, каля Харыва ў дзень сходу, кажучы: хай не пачую больш голасу Госпада, Бога майго, і агню гэтага вялікага хай не пабачу болей, каб мне не памерці.

17 І сказаў мне Гасподзь: добра тое, што яны казалі;

18 Я пастаўлю ім Прарока спасярод братоў іхніх, такога як ты, і ўкладу словы Мае ў вусны Ягоныя, і Ён будзе гаварыць ім усё, што Я загадаю Яму;

19 а хто не паслухае слоў Маіх, якія гаварыцьме імем Маім, з таго Я спаганю;

20 а прарока, які асьмеліцца гаварыць Маім імем тое, чаго Я не загадаў яму гаварыць, і які будзе гаварыць імем багоў іншых, такога прарока аддайце сьмерці.

21 І калі скажаш у сэрцы тваім: «як мы пазнаем слова, якое не Гасподзь гаварыў?»

22 Калі прарок скажа імем Госпада, а слова тое ня спраўдзіцца, дык не Гасподзь казаў тое слова, а казаў гэта прарок ад дзёрзкасьці сваёй, - ня бойся яго.

 

Разьдзел 19

 

1 Калі Гасподзь, Бог твой, зьнішчыць народы, чыю зямлю дае табе Гасподзь, Бог твой, і ты ўступіш у спадчыну пасьля іх і аселішся ў гарадах іхніх і дамах іхніх,

2 тады выдзелі сабе тры гарады сярод зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне;

3 пракладзі сабе дарогу і падзялі на тры часткі ўсю замлю тваю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку; яны будуць служыць сховішчам кожнаму забойцу.

4 І вось які забойца можа ўцякаць туды і заставацца жывым: хто забэе блізкага свайго без намыслу, ня быўшы ворагам яму ўчора і заўчора;

5 хто пойдзе зь блізкім сваім у лес сячы дровы, і размахнецца рука яго зь сякерай, каб сьсячы дрэва, і саскочыць жалеза з тапарышча і трапіць у блізкага, і той памрэ, - такі няхай уцячэ ў адзін з гарадоў тых, каб застацца жывым,

6 каб помсьнік за кроў у гарачцы сэрца свайго не пагнаўся за забойцам і не дагнаў яго, калі далёкая будзе дарога, і не забіў яго, тым часам як ён ня мае быць асуджаны на сьмерць, бо ня быў ворагам яму ўчора і заўчора;

7 таму я і даў табе загад, кажучы: выдзелі сабе тры гарады.

8 А калі Гасподзь, Бог твой, пашырыць межы твае, як Ён прысягаўся бацькам тваім, і дасьць табе ўсю зямлю, якую Ён абяцаў даць бацькам тваім,

9 калі ты будзеш старацца выконваць усе гэтыя запаведзі, якія я наказваю табе сёньня, любіць Госпада Бога твайго ўсе дні, тады да гэтых трох гарадоў дадай яшчэ тры гарады,

10 каб не пралівалася кроў невінаватага сярод зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, і каб ня было на табе крыві.

11 Але калі хто будзе ворагам блізкаму свайму і будзе падпільноўваць яго, і паўстане на яго і забэе яго да сьмерці, і ўцячэ ў адзін з гарадоў тых,

12 дык старэйшыны горада ягонага павінны паслаць, каб узяць яго адтуль і перадаць яго ў рукі помсьніка за кроў, каб ён памёр;

13 хай ня літуе яго вока тваё; змый зь Ізраіля кроў невінаватага і будзе табе добра.

14 Не парушай мяжы блізкага твайго, якую паклалі продкі ў дзялянцы тваёй, што дасталася табе на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне.

15 Ня досыць аднаго сьведкі супроць каго-небудзь у якой-небудзь віне і ў якім-небудзь злачынстве і ў якім-небудзь грэху, якім ён згрэшыць: пры словах двух сьведкаў, альбо пры словах трох сьведкаў адбудзецца справа.

16 Калі выступіць супроць каго сьведка несправядлівы, вінавацячы яго ў злачынстве,

17 дык няхай стануць абодва гэтыя чалавекі, у якіх цяжбіна, прад Госпадам, перад сьвятарамі і перад судзьдзямі, якія будуць у тыя дні;

18 судзьдзі павінны добра прасачыць, і калі сьведка той - сьведка фальшывы, фальшывае данёс на брата свайго,

19 дык зрабеце яму тое, што ён намышляў зрабіць брату свайму; і гэтак вынішчы зло спасярод сябе;

20 і астатнія пачуюць, і збаяцца і ня будуць болей рабіць такога зла сярод цябе;

21 хай ня літуе вока тваё: душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу.

 

Разьдзел 20

 

1 Калі ты выйдзеш на вайну супроць ворага тайго і ўбачыш коней і калясьніц і народу болей, чым у цябе, дык ня бойся іх, бо з табою Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай.

2 А калі прыступаеце да бітвы, тады няхай падыдзе сьвятар, і кажа люду,

3 і скажа яму: слухай, Ізраіле, вы сёньня ўступаеце ў бітву з ворагамі вашымі, хай не аслабне сэрца вашае, ня бойцеся, не бянтэжцеся і не жахайцеся ад іх,

4 бо Гасподзь, Бог ваш, ідзе з вамі, каб пабіцца за вас з ворагамі вашымі і выратаваць вас.

5 А наглядчыкі няхай абвесьцяць людзям, кажучы: хто збудаваў новы дом і не абнавіў яго, той няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб не памёр у бітве, а другі не абнавіў яго;

6 і хто пасадзіў вінаграднік і не карыстаўся ім, той няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб не памёр у бітве, і другі не пакарыстаўся ім;

7 і хто не заручыўся з жонкаю і ня ўзяў яе, той няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб не памерці ў бітве, і другі ня ўзяў яе.

8 І яшчэ агалосяць наглядчыкі народу і скажуць: хто баязьлівы і маладушны, той няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб ён не зрабіў нясьмелымі сэрцы братоў сваіх, як ягонае сэрца.

9 Калі наглядчыкі скажуць усё гэта люду, тады трэба паставіць правадыроў у павадыры народу.

10 Калі пойдзеш да горада, каб заваяваць яго, прапануй яму мір;

11 калі ён згодзіцца на мір з табою і адчыніць табе брамы, дык увесь люд, які знойдзецца ў ім, будзе плаціць табе даніну і служыць табе;

12 а калі ён ня згодзіцца на мір з табою і будзе весьці з табою вайну, дык аблажы яго,

13 І калі Гасподзь, Бог твой, аддасьць яго ў рукі твае, пабі ў ім увесь мужчынскі пол вастрыём меча;

14 толькі жонак і дзяцей і быдла і ўсё, што ў горадзе, усю здабычу ягоную вазьмі сабе і карыстайся здабычаю ворагаў тваіх, якіх аддаў табе Гасподзь, Бог твой;

15 так рабі з усімі гарадамі, якія ад цябе даволі далёка, якія не з гарадоў народаў гэтых.

16 А ў гарадах гэтых народаў, якія Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне, не пакідай жывымі ніводнай душы,

17 а пракляні іх: Хэтэяў і Амарэяў, і Хананэяў і Фэрэзэяў, і Эвэяў і Эвусэяў, як загадаў табе Гасподзь, Бог твой,

18 каб яны не навучылі вас рабіць такія самыя мярзоты, якія яны рабілі дзеля багоў сваіх, і каб вы не грашылі прад Госпадам, Богам вашым.

19 Калі доўга будзеш трымаць у аблозе горад, каб заваяваць яго і ўзяць яго, дык ня псуй дрэваў яго, ад якіх можна карміцца, і не спусташай навакольляў, бо дрэва на полі не чалавек, каб магло пайсьці ад цябе на ўмацаваньне;

20 толькі тыя дрэвы, пра якія ты ведаеш, што яны нічога ня родзяць на ежу, можаш псаваць і сячы і будаваць умацаваньні супроць горада, які вядзе з табою вайну, пакуль не ўпакорыш яго.

 

Разьдзел 21

 

1 Калі ў зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне, знойдзены будзе забіты, які ляжыць на полі, і невядома, хто забіў яго,

2 дык няхай выйдуць старэйшыны твае і судзьдзі твае і памераюць адлегласьць да гарадоў, якія вакол забітага;

3 і старэйшыны горада таго, які будзе найбліжэй да забітага, няхай возьмуць цялушку, на якой не працавалі, якая не насіла ярма,

4 і няхай старэйшыны таго горада завядуць гэтую цялушку ў дзікую даліну, якая ня ўроблена і не засеяна, і заколюць там цялушку ў даліне;

5 і прыйдуць сьвятары, сыны Лявііныя, - бо іх выбраў Гасподзь, Бог твой, служыць Яму, і дабраслаўляць імем Госпада, і паводле слова іхняга трэба рашыць усякую спрэчную справу і ўсякую прычыненую шкоду,

6 і ўсе старэйшыны горада таго, найбліжэйшыя да забітага, няхай абмыюць рукі свае над цялушкай, зарэзанай у даліне,

7 і абвесьцяць і скажуць: рукі нашыя не пралілі крыві гэтай, і вочы нашыя ня бачылі;

8 ачысьці народ Твой, Ізраіля, які Ты, Госпадзе, вызваліў, і не залічы народу Твайму, Ізраілю, нявіннай крыві. І яны ачысьцяцца ад крыві.

9 Так павінен ты змываць у сябе кроў невінаватага, калі хочаш рабіць добрае і справядлівае прад вачыма Госпада.

10 Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў тваіх, і Гасподзь, Бог твой, аддасьць іх у рукі твае, і возьмеш іх у палон,

11 і ўбачыш сярод палонных жанчыну, прыгожую з твару, і пакахаеш яе, і захочаш узяць яе сабе за жонку,

12 дык прывядзі яе ў дом свой, і няхай яна астрыжэ галаву сваю і абрэжа пазногці свае,

13 і здыме зь сябе палоньніцкую вопратку сваю, і жыве ў доме тваім, і аплаквае бацьку свайго і маці сваю цэлы месяц; і пасьля таго ты можаш увайсьці да яе і зрабіцца яе мужам, і яна будзе тваёю жонкаю;

14 калі ж яна пасьля не спадабаецца табе, дык ты адпусьці яе, куды яна захоча, але не прадавай яе за срэбра і ня ўводзь яе ў рабства, бо ты ўпакорыў яе.

15 Калі ў каго будуць дзьве жонкі - адна любая, а другая нялюбая, і як любая, так і нялюбая народзяць яму сыноў, і першынцам будзе сын нялюбай, -

16 дык, пры падзеле сынам сваім маёмасьці сваёй, ён ня можа сыну жонкі любай аддаць першынства перад першародным сынам нялюбай;

17 а першынцам павінен прызнаць сына нялюбай і даць яму двайную долю з усяго, што ў яго знойдзецца, бо ён ёсьць пачатак сілы ягонай, яму належыць права першародства.

18 Калі ў каго будзе сын упарты і непакорлівы, які ня слухаецца голасу бацькі свайго і голасу маці сваёй, і яны каралі яго, але ён ня слухаецца іх, -

19 дык бацька ягоны і маці ягоная няхай возьмуць яго і прывядуць яго да старэйшынаў горада свайго і да варотаў свайго жытла

20 і скажуць старэйшынам горада свайго: «гэты сын наш упарты і непакорлівы, ня слухаецца слоў нашых, ласун і пэяніца»;

21 тады ўсе жыхары горада ягонага няхай пабэюць яго камянямі да сьмерці; і так вынішчы зло спасярод сябе, і ўсе Ізраільцяне пачуюць і збаяцца.

22 Калі ў кім знойдзецца злачынства, вартае сьмерці, і ён будзе ўсьмерчаны, і ты павесіш яго на дрэве,

23 дык цела ягонае не павінна начаваць на дрэве, а пахавай яго таго ж самага дня, бо пракляты прад Богам павешаны на дрэве, але не апаганьвай зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку.

 

Разьдзел 22

 

1 Калі ўбачыш вала брата твайго альбо авечку ягоную, што заблудзілася, не пакідай іх, а вярні іх брату твайму;

2 калі ж няблізка да цябе будзе брат твой, альбо ты ня ведаеш яго, дык прыбяры іх у двор свой, і няхай яны будуць у цябе, пакуль брат твой не пачне шукаць іх, і тады вярні іх яму;

3 так рабі і з аслом ягоным, так рабі і з вопраткаю ягонай, так рабі і з усякай згубленай рэччу брата твайго, якая будзе ім згублена і якую ты знойдзеш: нельга табе ўхіляцца ад гэтага.

4 Калі ўбачыш асла брата твайго альбо вала ягонага, якія ўпалі на дарозе, не пакідай іх, а падымі іх зь ім разам.

5 На жанчыне не павінна быць мужчынскай вопраткі, і мужчына не павінен апранацца ў жаночае адзеньне, бо агідны прад Госпадам, Богам тваім, кожны, хто робіць гэта.

6 Калі трапіцца табе на дарозе птушынае гняздо на якім-небудзь дрэве альбо на зямлі, з птушанятамі альбо яйкамі, і маці сядзіць на птушанятах альбо на яйках, дык не бяры маці разам зь дзецьмі:

7 маці пусьці, а дзяцей вазьмі сабе, каб табе было добра, і каб падоўжыліся дні твае.

8 Калі будзеш будаваць новы дом, дык зрабі парэнчы каля даху твайго, каб не навесьці табе крыві на дом твой, калі хто-небудзь упадзе зь яго.

9 Не засявай вінаградніка твайго двума родамі насеньня, каб не закляў ты збору насеньня, якія ты пасееш разам з пладамі вінаградніка.

10 Не ары на вале і асьле разам.

11 Не апранай адзеньня, зробленага з розных рэчываў, з воўны і лёну разам.

12 Зрабі сабе кутасікі на чатырох рагах покрыва твайго, якім ты накрываешся.

13 Калі хто возьме жонку, і ўвойдзе да яе, і ўзьненавідзіць яе,

14 і будзе ўзводзіць на яе заганныя паклёпы, і пусьціць пра яе благія чуткі, і скажа: «я ўзяў гэтую жонку, і ўвайшоў да яе, і не знайшоў у яе дзявоцкасьці»,

15 дык бацька дзяўчыны і маці яе няхай возьмуць і вынесуць знакі дзявоцкасьці дзяўчыны да старэйшынаў горада, да брамы;

16 і бацька дзяўчыны скажа старэйшынам: дачку маю я аддаў за жонку гэтаму чалавеку, і ён зьненавідзеў яе,

17 і вось, ён узводзіць на яе заганныя паклёпы, кажучы: «я не знайшоў у дачкі тваёй дзявоцкасьці»; але вось знакі дзявоцкасьці дачкі маёй. І расьсьцелюць вопратку перад старэйшынамі горада.

18 Тады старэйшыны таго горада няхай возьмуць мужа і пакараюць яго,

19 і накладуць на яго сто сікляў срэбра пені і аддадуць бацьку дзяўчыны за тое, што ён пусьціў благую чутку пра дзяўчыну Ізраільскую; а яна няхай застанецца ягонай жонкай, і ён ня можа разьвесьціся зь ёю праз усё жыцьцё сваё.

20 Калі ж сказана будзе слушна, і ня знойдзецца дзявоцкасьці ў дзяўчыны,

21 дык дзяўчыну няхай прывядуць да дзьвярэй дома бацькі яе, і жыхары горада яе паб'юць яе камянямі да сьмерці, бо яна зрабіла вартае сораму сярод Ізраіля, калі блудадзеяла ў доме ў бацькі свайго; і так вынішчы зло спасярод сябе.

22 Калі знойдзены будзе хто лежачы з жонкаю замужняю, дык трэба аддаць сьмерці абаіх, і мужчыну, які ляжаў з жанчынаю, і жанчыну; і так вынішчы зло зь Ізраіля.

23 Калі будзе маладая дзяўчына заручана з мужам, і хто-небудзь спаткаецца зь ёю ў горадзе і ляжа зь ёю,

24 дык абаіх іх прывядзеце да брамы таго горада і пабеце іх камянямі да сьмерці: дзяўчыну за тое, што яна ня крычала ў горадзе, а мужчыну за тое, што ён зганьбіў жонку блізкага свайго; і так вынішчы зло спасярод сябе.

25 А калі хто ў полі спаткаецца зь дзяўчынай заручанай і, схапіўшы яе, ляжа зь ёю, дык трэба аддаць сьмерці толькі мужчыну, які ляжаў зь ёю,

26 а дзяўчыне нічога не рабі; на дзяўчыне няма злачынства сьмяротнага: бо гэта тое самае, як калі б хто паўстаў на блізкага свайго і забіў яго;

27 бо ён спаткаўся зь ёю ў полі, і хоць дзяўчына заручаная крычала, ня было каму выратаваць яе.

28 Калі хто-небудзь спаткаецца зь дзяўчынаю незаручанаю і схопіць яе і ляжа зь ёю, і засьпеюць іх, -

29 дык той, хто ляжаў зь ёю, павінен даць бацьку дзяўчыны пяцьдзясят сікляў срэбра, а яна няхай будзе яму жонкаю, бо ён зганьбіў яе; праз усё жыцьцё сваё ня можа ён разьвесьціся зь ёю.

30 Ніхто не павінен браць жонкі бацькі свайго і адхінаць край вопраткі бацькі свайго.

 

Разьдзел 23

 

1 У каго раздушаны ядры альбо адрэзаны дзетародны чэлес, той ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю.

2 Сын блудніцы ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю, і дзясятае пакаленьне ягонае ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю.

3 Аманіцянін і Маавіцянін ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю, і дзясятае пакаленьне іх ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю вавек,

4 бо яны ня сустрэлі вас з хлебам і вадою ў дарозе, калі вы ішлі зь Егіпта, і таму што яны нанялі супроць цябе Валаама, сына Вэоравага з Пэтора Месапатамскага, каб праклясьці цябе;

5 але Гасподзь, Бог твой, не схацеў слухаць Валаама і абярнуў Гасподзь, Бог твой, праклён ягоны ў дабраславеньне табе, бо Гасподзь, Бог твой, любіць цябе;

6 ня зычы ім міру і шчасьця ва ўсе дні твае, вавекі.

7 Ня грэбуй Ідумэянінам, бо ён брат твой; ня грэбуй Егіпцянінам, бо ты быў прыхаднем у зямлі ягонай;

8 дзеці, якія ў іх народзяцца, у трэцім пакаленьні могуць увайсьці ў супольнасьць Гасподнюю.

9 Калі пойдзеш у паход супроць ворагаў тваіх, сьцеражыся ўсяго благога.

10 Калі ў цябе будзе хто нячысты ад начнога здарэньня, дык ён павінен выйсьці з табара і не ўваходзіць у табар,

11 а калі зьвечарэе, павінен абмыць цела сваё вадою, і пасьля захаду сонца можа ўвайсьці ў табар.

12 Месца павінна быць у цябе па-за табарам, куды б ты мог выходзіць;

13 апрача зброі тваёй павінна быць у цябе лапатка; і калі будзеш садзіцца па-за табарам, выкапай ёю ямку і зноў закапай спаражненьне тваё;

14 бо Гасподзь, Бог твой, ходзіць сярод табара твайго, каб выбаўляць цябе і аддаваць ворагаў тваіх, а таму табар твой павінен быць сьвяты, каб Ён ня ўбачыў у цябе чаго брыдкага і не адступіўся ад цябе.

15 Не выдавай раба гаспадару ягонаму, калі ён прыбяжыць да цябе ад гаспадара свайго;

16 хай ён у цябе жыве, сярод вас у месцы, якое ён выбера ў якім-небудзь селішчы тваім, дзе яму спадабаецца; ня ўціскай яго.

17 Не павінна быць блудадзейкі з дочак Ізраілевых і не павінна быць блудадзея з сыноў Ізраілевых.

18 Ня ўнось платы блудадзейкі і цаны сабакі ў дом Госпада, Бога твайго, ні пасьля якога б тое ні было абяцаньня, бо тое і другое ёсьць гідота прад Госпадам, Богам тваім.

19 Не аддавай у ліхву брату твайму ні срэбра, ні хлеба, ні чаго-небудзь іншага, што можна аддаваць у ліхву;

20 іншаземцу аддавай у ліхву, а брату твайму не аддавай у ліхву, каб Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе ва ўсім, што робіцца рукамі тваімі, на зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю.

21 Калі дасі абяцаньне Госпаду, Богу твайму, адразу выканай яго, бо Гасподзь, Бог твой, спагоніць зь цябе яго, і на табе будзе грэх;

22 а калі ты ня даў абяцаньня, дык ня будзе на табе грэху.

23 Што выйшла з вуснаў тваіх, трымай і выконвай так, як абяцаў ты Госпаду, Богу твайму, дабраахвотнае прынашэньне, пра якое сказаў ты вуснамі тваімі.

24 Калі ўвойдзеш у вінаграднік блізкага твайго, можаш есьці ягады ўдосыць, колькі хоча душа твая, а ў посуд не кладзі.

25 Калі прыйдзеш на жніво блізкага твайго, зрывай калосьсе рукамі тваімі, а сярпа не занось на жніво блізкага твайго.

 

Разьдзел 24

 

1 Калі хто возьме жонку і зробіцца мужам яе, і яна ня знойдзе ўпадабаньня ў вачах ягоных, бо ён знаходзіць у ёй што-небудзь агіднае, і напіша ёй разводны ліст, і дасьць ёй у рукі, і адпусьціць яе з дома свайго,

2 і яна выйдзе з дома ягонага, пойдзе і выйдзе за другога мужа,

3 але і гэты апошні муж зьненавідзіць яе і напіша ёй разводны ліст, і дасьць ёй у рукі, і адпусьціць яе з дома свайго, альбо памрэ гэты апошні муж яе, які ўзяў яе сабе за жонку, -

4 дык ня можа першы муж яе, які адпусьціў яе, зноў узяць яе сабе за жонку, пасьля таго, як яна заплямілася, бо гэта ёсьць гідота прад Госпадам, і не рабі грэху - той зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку.

5 Калі хто ўзяў жонку нядаўна, дык няхай ня йдзе на вайну, і нічога нельга ўскладаць на яго; няхай ён застанецца вольны ў доме сваім цэлы год і радуе жонку сваю, якую ўзяў.

6 Ніхто не павінен браць у заклад верхняга і ніжняга жарона, бо такі бярэ ў заклад душу.

7 Калі знойдуць каго, што ён украў у каго-небудзь з братоў сваіх, з сыноў Ізраілевых, і паняволіў яго, дык такога злодзея трэба аддаць сьмерці; і так вынішчы зло спасярод сябе.

8 Сьцеражыся ў пошасьці праказы, каб добра пільнавацца і рабіць усё тое, чаго навучаць сьвятары і лявіты; старанна выконвайце, што я загадаў ім;

9 памятай, што Гасподзь, Бог твой, зрабіў Марыямі ў дарозе, калі вы ішлі зь Егіпта.

10 Калі ты блізкаму свайму што-небудзь пазычаеш, дык не хадзі да яго ў дом, каб узяць у яго заклад,

11 пастой на вуліцы, а той, каму ты пазычыў, вынесе табе заклад свой на вуліцу;

12 а калі ён будзе чалавек бедны, дык ты не кладзіся спаць, маючы заклад ягоны;

13 аддай яму заклад пры захадзе сонца, каб ён лёг спаць у вопратцы сваёй і дабраславіў цябе, - і табе залічыцца гэта ў праведнасьць прад Госпадам, Богам тваім.

14 Ня крыўдзі найміта, беднага і ўбогага, з братоў тваіх альбо з прыхадняў тваіх, якія ў зямлі тваёй, у жытлішчах тваіх;

15 таго ж самага дня аддай плату ягоную, каб сонца не зайшло раней таго, бо ён бедны, і чакае яе душа ягоная; каб ён не залямантаваў на цябе Госпаду, і ня было на табе грэху.

16 Бацькі не павінны карацца за дзяцей сьмерцю, і дзеці не павінны карацца сьмерцю за бацькоў; кожны павінен карацца сьмерцю за сваё злачынства.

17 Ня судзі навыварат прыхадня, сірату, і ва ўдавы не бяры вопраткі ў заклад;

18 памятай, што і ты быў рабом у Егіпце, і Гасподзь вызваліў цябе адтуль: таму я і загадваю табе рабіць гэта.

19 Калі будзеш жаць на полі тваім і забудзеш сноп на полі, дык не вяртайся па яго: няхай ён застаецца прыхадню, сіраце і ўдаве, каб Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе ва ўсіх дзеях рук тваіх.

20 Калі будзеш абіваць масьліну тваю, дык не пераглядай за сабою галінаў: няхай застаецца прыхадню, сіраце і ўдаве.

21 Калі будзеш зьбіраць плады ў вінаградніку тваім, не абірай рэштак за сабою: няхай застаецца прыхадню, сіраце і ўдаве;

22 і памятай, што ты быў рабом у зямлі Егіпецкай: таму я і загадваю табе рабіць гэта.

 

Разьдзел 25

 

1 Калі будзе цяжбіна паміж людзьмі, дык няхай прывядуць іх у суд і рассудзяць іх, чыя праўда, таго хай апраўдаюць, а вінаватага засудзяць;

2 і калі вінаваты варты будзе, каб яго білі, дык судзьдзя няхай загадае пакласьці яго і біць пры сабе, гледзячы на віну ягоную, на разьлік;

3 сорак удараў можна даць яму, а ня больш, каб ад многіх удараў брат твой ня быў зьнявечаны перад вачыма тваімі.

4 Ня кілзай мызу валу, калі ён малоціць.

5 Калі браты жывуць разам і адзін зь іх памрэ, ня маючы сына, дык жонка памерлага не павінна выходзіць на бок за чалавека чужога, а дзевер яе павінен увайсьці да яе і ўзяць яе сабе за жонку і жыць зь ёю, -

6 і першынец, якога яна народзіць, застанецца зь імем брата ягонага памерлага, каб імя ягонае ня згладзілася ў Ізраіле.

7 Калі ж ён не захоча ўзяць браціху сваю, дык браціха ягоная пойдзе да брамы да старэйшынаў і скажа: «дзевер мой адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраіле, ня хоча жаніцца са мною»;

8 тады старэйшыны горада ягонага павінны паклікаць яго і ўгаворваць яго, і калі ён стане і скажа: «не хачу браць яе»,

9 браціха ягоная хай пойдзе да яго на вачах у старэйшынаў, і здыме бот ягоны з нагі яго, і плюне яму ў твар, і скажа: «так робяць чалавеку, які ня будуе дома брату свайму»;

10 і дадуць яму імя ў Ізраіле: дом разутага.

11 Калі б'юцца паміж сабою мужчыны, і жонка аднаго падыдзе, каб адабраць мужа свайго з рук таго, хто яго б'е, і, працягнуўшы руку сваю, схопіць яго за сарамату,

12 дык адсячы руку ёй: хай ня літуе вока тваё.

13 У мяху тваім не павінны быць дваякія гіры, вялікія і меншыя;

14 У доме тваім не павінна быць дваякая эфа, большая і меншая;

15 гіра ў цябе павінна быць дакладная і правільная, і эфа ў цябе павінна быць дакладная і правільная, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе;

16 бо агідны прад Госпадам, Богам тваім, кожны, хто ўчыняе крыўду.

17 Памятай, як зрабіў з табою Амалік у дарозе, калі вы ішлі зь Егіпта:

18 як ён сустрэў цябе па дарозе і пабіў за табою ўсіх аслабелых, калі ты зьнямогся і стаміўся, і не пабаяўся ён Бога;

19 дык вось, калі Гасподзь, Бог твой, супакоіць цябе ад усіх ворагаў тваіх з усіх бакоў, на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, каб авалодаць ёю, сатры з памяці Амаліка з-пад неба; не забудзься.

 

Разьдзел 26

 

1 Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, і авалодаеш ёю і аселішся на ёй,

2 дык вазьмі пачаткі - сіх пладоў зямлі, якія ты атрымаеш ад зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, і пакладзі ў кош, і йдзі на тое месца, якое Гасподзь, Бог твой, выбера, каб было там імя Ягонае:

3 і прыйдзі да сьвятара, які будзе тымі днямі, і скажы яму; сёньня вызнаю прад Госпадам, Богам тваім, што я ўвайшоў у тую зямлю, даць якую нам Гасподзь запрысягнуўся бацькам нашым.

4 Сьвятар возьме кош з рукі тваёй і паставіць яго перад ахвярнікам Госпада, Бога твайго.

5 А ты адказвай і скажы прад Госпадам, Богам тваім: бацька мой быў вандроўны Арамэянін, і пайшоў у Егіпет і пасяліўся там зь нямногімі людзьмі, і павёўся там ад яго народ вялікі, моцны і шматлікі;

6 але Егіпцяне блага абыходзіліся з намі і ўціскалі нас і накладвалі на нас цяжкую працу;

7 і заенчылі мы да Госпада, Бога бацькоў нашых, і пачуў Гасподзь енк наш і ўбачыў гароту нашу, працу нашу і прыгнёт наш;

8 і вывеў нас Гасподзь зь Егіпта рукою моцнаю і мышцаю ўзьнесенаю, вялікім жахам, азнакамі і цудамі,

9 і прывёў нас на месца гэтае, і даў нам зямлю гэтую, зямлю, у якой цячэ малако і мёд;

10 дык вось, я прынёс пачаткі ад пладоў зямлі, якую Ты, Госпадзе, даў мне. І пастаў гэта прад Госпадам, Богам тваім, і пакланіся прад Госпадам, Богам тваім,

11 і радуйся за ўсе даброты, якія Гасподзь, Бог твой, даў табе і дому твайму, ты і лявіт і прыхадзень, які будзе ў цябе.

12 Калі ты аддзеліш усе дзесяціны пладоў зямлі тваёй на трэці год, год дзесяцін, і аддасі лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, каб яны елі ў селішчах тваіх і наядаліся,

13 тады скажы прад Госпадам, Богам тваім: я ўзяў ад дома сьвятыню і аддаў яе лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, паводле ўсіх загадаў Тваіх, якія Ты наказаў мне: я не пераступіў запаведзяў Тваіх і не забыў;

14 я ня еў ад яе ў смутку маім, і не аддзяляў яе ў нячыстасьці і не даваў зь яе дзеля мёртвага; я слухаўся голасу Госпада, Бога майго, выконваў усё, што Ты наказаў мне;

15 падзівіся са сьвятога селішча Твайго, зь нябёсаў, і дабраславі народ Твой, Ізраіле, і зямлю, якую Ты даў нам - так, як ты прысягаўся бацькам нашым даць зямлю, у якой цячэ малако і мёд.

16 У дзень гэты Гасподзь, Бог твой, наказвае табе выконваць пастановы гэтыя і законы: трымайся іх і выконвай іх ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй.

17 Госпаду сказаў ты цяпер, што Ён будзе тваім Богам, і што ты будзеш хадзіць шляхамі Ягонымі і захоўваць запаведзі Ягоныя і законы Ягоныя і слухацца голасу Ягонага;

18 і Гасподзь абяцаў табе цяпер, што ты будзеш уласным Ягоным народам, як Ён казаў табе, калі ты будзеш захоўваць усе запаведзі Яго,

19 і што Ён паставіць цябе вышэй за ўсе народы, якія Ён стварыў, у гонары, славе і велічнасьці, і што ты будзеш сьвятым народам у Госпада, Бога твайго, як Ён казаў.

 

Разьдзел 27

 

1 І наказаў Майсей і старэйшыны сыноў Ізраілевых народу, кажучы: выконвайце ўсе запаведзі, якія наказваю вам сёньня.

2 І калі пяройдзеце за Ярдан у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, тады пастаў сабе вялікія камяні і абмаж іх вапнаю;

3 і напішы на камянях гэтых усе словы закона гэтага, калі пяройдзеш Ярдан, каб уступіць у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, у зямлю, дзе цячэ малако і мёд, як казаў табе Гасподзь, Бог бацькоў тваіх.

4 Калі пяройдзеце Ярдан, пастаўце камяні тыя, як я загадваю вам сёньня, на гары Гевал і абмажце іх вапнаю;

5 і зладзь там ахвярнік Госпаду, Богу твайму, ахвярнік з камянёў, не падымаючы на іх жалеза;

6 з камянёў цэлых зладзь ахвярнік Госпада, Бога твайго, і ўчыняй на ім цэласпаленьні Госпаду, Богу твайму,

7 і прынось ахвяры мірныя, і еж там, і радуйся прад Госпадам, Богам тваім;

8 і напішы на камянях усе словы закона гэтага вельмі выразна.

9 І сказаў Майсей і сьвятары лявіты ўсяму Ізраілю, кажучы: уважай і слухай, Ізраіле; у дзень гэты ты зрабіўся народам Госпада, Бога твайго;

10 дык вось, слухайся голасу Госпада, Бога твайго, і выконвай запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія наказваю табе сёньня.

11 І наказаў Майсей народу ў той дзень, кажучы:

12 гэтыя павінны стаць на гары Гарызім, каб дабраслаўляць народ, калі пяройдзеце Ярдан: Сымон, Лявій, Юда, Ісахар, Язэп і Веньямін;

13 а гэтыя павінны стаць на гары Гевал, каб праклінаць: Рувім, Гад, Асір, Завулон, Дан і Нэфталім.

14 Лявіты абвесьцяць і скажуць усім Ізраільцянам гучным голасам:

15 пракляты, хто зробіць разьбёнага альбо вылітага балвана, мярзоту прад Госпадам, твор рук мастака, і паставіць яго ў патайнай мясьціне! Увесь народ абвесьціць і скажа: амін.

16 Пракляты той, хто ліхасловіць бацьку свайго і маці сваю! І ўвесь народ скажа: амін.

17 Пракляты той, хто парушае мяжу блізкага свайго! І ўвесь народ скажа: амін.

18 Пракляты, хто сьляпога зьбівае з дарогі! І ўвесь народ скажа: амін.

19 Пракляты, хто крыва судзіць прыхадня, сірату і ўдаву! І ўвесь народ скажа: амін.

20 Пракляты, хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, бо ён адкрыў край вопраткі бацькі свайго! І ўвесь народ скажа: амін.

21 Пракляты, хто ляжа зь якім-небудзь быдлам! І ўвесь народ скажа: амін.

22 Пракляты, хто ляжа зь сястрою сваёю, з дачкою бацькі свайго, альбо з дачкою маці сваёй! І ўвесь народ скажа: амін.

23 Пракляты, хто ляжа зь цешчаю сваёю! І ўвесь народ скажа: амін.

24 Пракляты, хто таемна забівае блізкага свайго! І ўвесь народ скажа: амін.

25 Пракляты, хто бярэ хабар, каб забіць душу і праліць кроў нявінную! І ўвесь народ скажа: амін.

26 Пракляты, хто ня выконвае слоў закона гэтага і ня будзе рабіць паводле яго! І ўвесь народ скажа: амін.

 

Разьдзел 28

 

1 Калі ты, як пяройдзеце Ярдан, будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, старанна выконваць усе запаведзі Ягоныя, якія наказваю табе сёньня, дык Гасподзь, Бог твой, паставіць цябе вышэй за ўсе народы зямлі;

2 і сыдуць на цябе ўсе дабраславеньні гэтыя і спраўдзяцца на табе, калі будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго.

3 Дабраславёны ты ў горадзе і дабраславёны ў полі.

4 Дабраславёны плод чэрава твайго і плод зямлі тваёй, і плод быдла твайго, і плод тваіх валоў, і плод авечак тваіх.

5 Дабраславёныя засекі твае і кладоўкі твае.

6 Дабраславёны ты пры ўваходзе тваім і дабраславёны ты пры выхадзе тваім.

7 Пабэе перад табою Гасподзь ворагаў тваіх, якія паўстаюць на цябе; адною дарогаю яны выступяць супроць цябе, а сямю дарогамі пабягуць ад цябе.

8 Пашле Гасподзь табе дабраславеньне ў засеках тваіх і ва ўсякай дзеі рук тваіх; і дабраславіць цябе на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.

9 Паставіць цябе Гасподзь народам Сваім, як Ён запрысягаўся табе, калі ты будзеш шанаваць запаведзі Госпада, Бога твайго, і будзеш хадзіць шляхамі Ягонымі;

10 і ўбачаць усе народы зямлі, што імя Госпада накладаецца на цябе, і будуць баяцца цябе.

11 І дасьць табе Гасподзь надмер ва ўсіх дабротах, у плодзе ўлоньня твайго і ў плодзе быдла твайго і ў плодзе палёў тваіх на зямлі, даць якую табе Гасподзь запрысягаўся бацькам тваім.

12 Адкрые табе Гасподзь добрую скарбніцу Сваю, неба, каб яно давала дождж зямлі тваёй у свой час, і каб дабраслаўляць усе дзеі рук тваіх: і будзеш пазычаць многім народам, а сам ня будзеш запазычвацца.

13 Зробіць цябе Гасподзь галавою, а не хвастом, і будзеш толькі на вышыні, і ня будзеш унізе, калі будзеш слухацца запаведзяў Госпада, Бога твайго, якія наказваю табе сёньня шанаваць і выконваць.

14 І не адступішся ад усіх слоў, якія наказваю вам сёньня, ні направа, ні налева, каб пайсьці сьледам за іншымі багамі і слугаваць ім.

15 А калі ня будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, і ня будзеш старацца выконваць усе запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я наказваю табе сёньня, дык прыйдуць на цябе ўсе праклёны гэтыя і дастануць цябе.

16 Пракляты ты будзеш у горадзе і пракляты ты будзеш у полі.

17 Праклятыя будуць засекі твае і кладоўкі твае.

18 Пракляты будзе плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, плод тваіх валоў і плод авечак тваіх.

19 Пракляты ты будзеш пры ўваходзе тваім і пракляты пры выхадзе тваім.

20 Пашле Гасподзь на цябе праклён, затлуму і няшчасьце ва ўсякай дзеі рук тваіх, якую пачнеш рабіць, пакуль ня будзеш зьнішчаны, - і ты неўзабаве загінеш за ліхія дзеі твае, за тое, што ты пакінуў Мяне.

21 Пашле Гасподзь на цябе згубную пошасьць, пакуль ня вынішчыць Ён цябе зь зямлі, у якую ты ідзеш, каб валодаць ёю.

22 Паб'е цябе Гасподзь сухотамі, гарачкаю, трасцаю, запаленьнем, засухаю, палючым ветрам ды іржою, і яны будуць перасьледаваць цябе, пакуль не загінеш.

23 І нябёсы твае, якія над галавою тваёю, зробяцца медзьдзю, і зямля пад табою жалезам;

24 замест дажджу Гасподзь дасьць зямлі тваёй пыл, і попел зь неба будзе падаць, падаць на цябе, пакуль ня будзеш зьнішчаны.

25 Аддасьць цябе Гасподзь на паразу ворагам тваім; адною дарогаю выступіш супроць іх, а сямю дарогамі пабяжыш ад іх; і будзеш расьсеяны па ўсіх царствах зямлі.

26 І будуць трупы твае ежаю ўсім птушкам нябесным і зьвярам, і ня будзе каму адагнаць іх.

27 Паб'е цябе Гасподзь праказаю Егіпецкаю, пранцамі, каростаю і сьвербам, ад якіх ты ня зможаш вылечыцца;

28 паб'е цябе Гасподзь варэяцтвам, сьлепатою і дранцьвеньнем сэрца,

29 і ты хадзіцьмеш навобмацак апалудні, як сьляпы навобмацак ходзіць поначы, і ня мецьмеш посьпеху на дарогах тваіх, і будуць уціскаць і крыўдзіць цябе штодня, і ніхто не абароніць цябе.

30 З жонкаю заручышся, і іншы будзе спаць зь ёю; дом пабудуеш, і ня жыцьмеш у ім; вінаграднік пасадзіш і ня будзеш карыстацца ім.

31 Вала твайго заколюць на вачах у цябе, і ня будзеш есьці яго; асла твайго зьвядуць ад цябе і ня вернуць табе; авечкі твае аддадзены будуць ворагам тваім, і ніхто не абароніць цябе.

32 Сыны твае і дочкі твае аддадзены будуць іншаму народу; вочы твае будуць бачыць і кожны дзень будуць кволець, і ня будзе сілы ў руках тваіх.

33 Плады зямлі тваёй і ўсю працу тваю будзе есьці народ, якога ты ня ведаў; і цябе будуць толькі ўціскаць і мучыць усе дні.

34 І страціш розум ад таго, што пабачаць вочы твае.

35 Паб'е цябе Гасподзь ліхою праказаю на каленях і на галенях, ад якой ты ня зможаш вылечыцца, ад падэшвы нагі тваёй да самага цемені галавы тваёй.

36 Завядзе Гасподзь цябе і цара твайго, якога ты паставіш над сабою, да народу, якога ня ведаў ні ты, ні бацькі твае, і там служыцьмеш іншым багам, драўняным і каменным;

37 І будзеш жудасьцю, прытчаю і пасьмешышчам усім народам, да якіх завядзе цябе Гасподзь.

38 Насеньня многа вынесеш у поле, а зьбярэш мала, бо паесьць іх саранча.

39 Вінаграднікі будзеш садзіць і ўрабляць, а віна ня піцьмеш і не зьбярэш пладоў, бо паесьць іх чарвяк.

40 Масьліны будуць у цябе ва ўсіх межах тваіх, але алеем не памажашся, бо асыплецца масьліна твая.

41 Сыноў і дочак народзіш, але іх ня будзе ў цябе, бо пойдуць у палон.

42 Усе дрэвы твае і плады зямлі тваёй загубіць іржа.

43 Прыхадзень, які сярод цябе, будзе ўзносіцца над табою вышэй і вышэй, а ты апускацца будзеш ніжэй і ніжэй;

44 ён будзе пазычаць табе, а ты ня будзеш пазычаць яму; ён будзе галавою, а ты будзеш хвастом.

45 І прыйдуць на цябе ўсе праклёны гэтыя і будуць перасьледаваць цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны, за тое, што ты ня слухаўся голасу Госпада, Бога твайго, і не захоўваў запаведзяў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія Ён наказаў табе:

46 яны будуць азнакаю і доказам на табе і на семені тваім вавек.

47 За тое, што ты ня служыў Госпаду, Богу твайму, з радасьцю і дабрынёю сэрца, пры надмеры ўсяго,

48 будзеш служыць ворагу твайму, якога пашле на цябе Гасподзь, у голадзе і ў смазе, і галізьне і ва ўсякай нястачы; ён накладзе на шыю тваю жалезнае ярмо, так што змучыць цябе.

49 Пашле на цябе Гасподзь народ здалёку, ад краю зямлі: як арол, мовы якога ты не разумееш,

50 народ нахабны, які ня ўважыць старому і не пашкадуе маладога;

51 і есьціме ён плод быдла твайго і плод зямлі тваёй, пакуль ня спустошыць цябе, так што не пакіне табе ні хлеба, ні віна, ні алею, ні плоду валоў тваіх, ні плоду авечак тваіх, пакуль не загубіць цябе;

52 і ўціскацьме цябе ва ўсіх селішчах тваіх, пакуль на ўсёй зямлі тваёй не разбурыць высокіх і моцных муроў тваіх, на якія ты спадзяешся; і ўціскацьме цябе ва ўсіх селішчах тваіх, на ўсёй зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, даў табе.

53 І ты есьцімеш плод чэрава твайго, плод сыноў тваіх і дочак тваіх, якіх Гасподзь, Бог твой, даў табе, у аблозе і ва - ціску, у якім уцісьне цябе вораг твой.

54 Чалавек сьпешчаны, які жыў сярод вас у вялікай раскошы, зайздросьлівым вокам будзе глядзець на брата свайго, на любасную жонку сваю і на астатніх дзяцей сваіх, якія застануцца ў яго,

55 і ня дасьць ніводнаму зь іх плоці дзяцей сваіх, якіх ён будзе есьці, бо ў яго не застанецца нічога ў аблозе і ва ўціску, у якім уцісьне цябе вораг твой ва ўсіх селішчах тваіх.

56 Жанчына, якая жыла ў цябе ў песьце і раскошы, якая ніколі нагі сваёй ня ставіла на зямлю з прычыны раскошы і сьпешчанасьці сваёй, будзе зайздросьлівым вокам глядзець на любаснага мужа свайго і на сына свайго і на дачку сваю

57 і ня дасьць пасьледу, што выходзіць спаміж ног у яе, і дзяцей, якіх яна народзіць; бо яна, пры нястачы ва ўсім, таемна есьціме іх, у аблозе і ва ва ўціску, у якім уцісьне цябе вораг твой у селішчах тваіх.

58 Калі ня будзеш старацца выконваць усе словы закона гэтага, напісаныя ў кнізе гэтай, і ня будзеш баяцца славутага і страшнага імя Госпада, Бога твайго,

59 дык Гасподзь пабэе цябе і нашчадкаў тваіх нязвычайнымі пошасьцямі, пошасьцямі вялікімі пастаяннымі, і хваробамі ліхімі і пастаяннымі;

60 і навядзе на цябе ўсе пошасьці Егіпецкія, якіх ты баяўся, і яны прыліпнуць да цябе;

61 і ўсякую хваробу і ўсякую пошасьць не напісаную ў кнізе закона гэтага Гасподзь навядзе на цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны;

62 і застанецца вас нямнога, тым часам калі ў мностве вы былі падобныя да зорак нябесных, бо ты ня слухаўся голасу Госпада, Бога твайго.

63 І як радаваўся Гасподзь робячы вам дабро і памнажаючы вас, так будзе радавацца Гасподзь, губячы вас і зьнішчаючы вас, і выкінутыя будзеце зь зямлі, у якую ты ідзеш, каб валодаць ёю.

64 І расьсее цябе Гасподзь па ўсіх народах, ад краю зямлі да краю зямлі, і будзеш там служыць іншым багам, якіх ня ведаў ні ты, ні бацькі твае, дрэву і камяням.

65 Але і сярод гэтых народаў не супакоішся і ня будзе месца спакою назе тваёй, і Гасподзь дасьць табе там баязьлівае сэрца, цьмяныя вочы і зьнемажэньне душы;

66 жыцьцё тваё вісецьме перад табою, і будзеш дрыжаць уначы і ўдзень і ня будзеш пэўны за жыцьцё тваё;

67 ад дрыжаньня сэрца твайго, якім ты будзеш ахоплены, і ад таго, што будзеш бачыць вачыма тваімі, раніцай ты скажаш: «о, калі б зьвечарэла!», а ўвечары скажаш: «о, калі б разьвіднела!».

68 І верне цябе Гасподзь у Егіпет на караблях той дарогаю, пра якую я сказаў табе: «больш ты ня ўбачыш яе»; і там будзеце прадавацца ворагам вашым у рабоў і ў рабыняў, і ня будзе пакупца.

 

Разьдзел 29

 

1 Вось словы запавету, які Гасподзь загадаў Майсею пастанавіць з сынамі Ізраілевымі ў зямлі Маавіцкай, акрамя запавету, які Гасподзь пастанавіў зь імі на Харыве.

2 І склікаў Майсей усіх сыноў Ізраілевых і сказаў ім: мы бачылі ўсё, што зрабіў Гасподзь перад вачыма вашымі ў зямлі Егіпецкай з фараонам і ўсімі рабамі ягонымі і ўсёю зямлёю ягонаю:

3 тыя вялікія сьмяротныя кары, якія бачылі вочы твае, і тыя вялікія азнакі і цуды;

4 але да гэтага дня ня даў вам Гасподзь сэрца, каб разумець, вачэй, каб бачыць, і вушэй, каб чуць.

5 Сорак гадоў вадзіў вас па пустыні і вопратка ваша на вас не знасілася, і абутак твой не стаптаўся на назе тваёй;

6 хлеба вы ня елі і віна і сікеру ня пілі, каб вы ведалі, што Я Гасподзь, Бог ваш.

7 І калі вы прыйшлі на месца гэта, выступіў супроць нас Сігон, цар Эсэвонскі, і Ог, цар Васанскі, каб ваяваць з намі, і мы пабілі іх;

8 і ўзялі зямлю іхнюю і аддалі яе ў дзялянку роду Рувімаваму і Гадаваму і палавіне роду Манасіінага.

9 Трымайце ж словы запавета гэтага і выконвайце іх, каб мелі вы посьпех ва ўсім, што толькі будзеце рабіць.

10 Усе вы сёньня стаіце прад абліччам Госпада, Бога вашага, правадыры плямёнаў вашых, старэйшыны вашыя, наглядчыкі вашыя, усе Ізраільцяне,

11 дзеці вашыя, жонкі вашыя, і прыхадні твае, якія ў табары тваім, ад таго, хто сячэ дровы твае, да таго, хто ваду тваю чэрпае,

12 каб уступіць табе ў запавет Госпада, Бога твайго, і ў прысяжны дагавор зь Ім, які Гасподзь, Бог твой, сёньня пастанаўляе табе,

13 каб зрабіць цябе сёньня Ягоным народам, і Яму быць табе Богам, як Ён казаў табе, і як запрысягаўся бацькам тваім Абрагаму, Ісааку і Якаву.

14 Ня з вамі толькі аднымі я пастанаўляю гэты запавет і гэты прысяжны дагавор,

15 а як з тымі, якія сёньня тут з намі стаяць прад абліччам Госпада, Бога нашага, так і з тымі, якіх няма тут з намі сёньня.

16 Бо вы ведаеце, як мы жылі ў зямлі Егіпецкай і як мы праходзілі сярод народаў, праз якія вы прайшлі,

17 і бачылі гідоты іхнія і балваноў іхніх, драўляных і каменных, срэбраных і залатых, якія ў іх.

18 Хай ня будзе сярод вас мужчыны альбо жанчыны, альбо роду, альбо племя, сэрца якіх ухілілася б сёньня ад Госпада, Бога нашага, каб хадзіць служыць багам тых народаў; хай ня будзе сярод вас кораня, што гадуе атруту і палын,

19 такога чалавека, які, пачуўшы словы праклёну гэтага, хваліўся б у сэрцы сваім, кажучы: «я буду шчасьлівы нягледзячы на тое, што буду хадзіць паводле волі сэрца майго»; і прападзе такім чынам сыты з галодным;

20 не даруе Гасподзь такому, а адразу запаліцца гнеў Госпада і лютасьць Ягоная на такога чалавека, і ўпадзе на яго ўсё пракляцьце, і сатрэ Гасподзь імя ягонае з-пад неба;

21 і аддзеліць яго Гасподзь на пагібель ад усіх плямёнаў Ізраілевых, адпаведна з усімі праклёнамі запавету, напісанымі ў гэтай кнізе закона.

22 І скажа наступны род, дзеці вашыя, якія будуць пасьля вас, і чужаземец, які прыйдзе зь зямлі далёкай, убачыўшы паразу зямлі гэтай і хваробы, якімі зьнясіліць яе Гасподзь:

23 серка і соль, пажарышча - уся зямля; не засяваецца і ня родзіць яна, і ня ўзыходзіць на ёй ніякай травы, як пасьля зьнішчэньня Садомы, Гаморы, Адмы і Сэваіма, якія скінуў Гасподзь у гневе Сваім і ў лютасьці Сваёй.

24 І скажуць усе народы: за што Гасподзь так зрабіў з гэтаю зямлёю якая вялікая лютасьць гневу Ягонага!

25 І скажуць: за тое, што яны пакінулі запавет Госпада, Бога бацькоў сваіх, які Ён пастанавіў зь імі, калі вывеў зь зямлі Егіпецкай,

26 і пайшлі і пачалі служыць іншым багам і пакланяцца ім, багам, якіх яны ня ведалі, і якіх Ён не назначаў ім:

27 за тое запаліўся гнеў Госпада на зямлю гэтую, і навёў Ён на яе ўсе пракляцьці, запісаныя ў гэтай кнізе,

28 і выкінуў іх Гасподзь зь зямлі іхнай у гневе, лютасьці і вялікім абурэньні, і кінуў іх на другую зямлю, як сёньня бачым.

29 Схаванае належыць Госпаду, Богу нашаму, а адкрытае нам і сынам нашым давеку, каб мы выконвалі ўсе словы закона гэтага.

 

Разьдзел 30

 

1 Калі прыйдуць на цябе ўсе словы гэтыя - дабраславеньне і пракляцьце, якія выклаў я табе, і прымеш іх да сэрца свайго сярод усіх народаў, у якіх расьсее цябе Гасподзь, Бог твой,

2 і зьвернешся да Госпада, Бога твайго і паслухаешся голасу Ягонага, як я наказваю табе сёньня, ты і сыны твае ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, -

3 тады Гасподзь, Бог твой, верне палонных тваіх і ўмілажаліцца зь цябе, і зноў зьбярэ ад усіх народаў, сярод якіх расьсее цябе Гасподзь, Бог твой.

4 Хоць бы ты быў расьсеяны да краю неба, і адтуль зьбярэ цябе Гасподзь, Бог твой, і адтуль возьме цябе,

5 і прывядзе цябе Гасподзь, Бог твой, у зямлю, якою валодалі бацькі твае, і атрымаеш яе ў валоданьне, і ўдабрадзеіць табе і памножыць цябе больш за бацькоў тваіх;

6 і абрэжа Гасподзь, Бог твой, сэрца тваё і сэрца нашчадкаў тваіх, каб ты любіў Госпада, Бога твайго, ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, каб жыць табе;

7 тады Гасподзь, Бог твой, аберне ўсе праклёны гэтыя на ворагаў тваіх і ненавісьнікаў тваіх, якія гналі цябе,

8 а ты абернешся і будзеш слухацца голасу Госпада і выконваць усе запаведзі Ягоныя, якія наказваю табе сёньня;

9 зь лішкам дасьць табе Гасподзь, Бог твой, посьпех ва ўсякіх дзеях рук тваіх, у плодзе ўлоньня твайго, у плодзе быдла твайго, у плодзе зямлі тваёй; бо зноў радавацца будзе Гасподзь за цябе, дабрадзеючы табе, як Ён радаваўся за бацькоў тваіх,

10 калі будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, шануючы запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя, запісаныя ў гэтай кнізе закона, і калі зьвернешся да Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю.

11 Бо запаведзь гэтая, якую я наказваю табе сёньня, не недаступная табе і не далёкая;

12 яна не на небе, каб можна было казаць: «хто ўзышоў бы дзеля нас на неба і прынёс бы яе нам і даў бы нам пачуць яе, і мы выканалі б яе?»

13 і не за морам яна, каб можна было казаць: «хто схадзіў бы дзеля нас за мора і прынёс бы яе нам і даў бы нам пачуць яе, і мы выканалі б яе?»

14 але даволі блізкае да цябе слова гэтае: яно ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб выконваць яго.

15 Вось, я сёньня прапанаваў табе жыцьцё і дабро, сьмерць і зло.

16 Я, наказваю табе сёньня - любіць Госпада, Бога твайго, хадзіць па шляхах Ягоных і выконваць запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя і законы Ягоныя, дык жыцьмеш і будзеш множыцца, і дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, на зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю;

17 а калі адвернецца сэрца тваё, і ня будзеш слухацца, і заблудзішся, і пачнеш пакланяцца іншым багам і будзеш слугаваць ім,

18 дык я завяшчаю вам сёньня, што вы загінеце і не прабудзеце доўга на зямлі, дзеля авалоданьня якою ты пераходзіш Ярдан.

19 У сьведкі перад вамі заклікаю сёньня неба і зямлю: жыцьцё і сьмерць прапанава - я табе, дабраславеньне і пракляцьце. Выберы жыцьцё, каб жыў ты і нашчадкі твае,

20 любіў Госпада, Бога твайго, слухаўся голасу Ягонага і прыляпляўся да Яго; бо ў гэтым жыцьцё тваё і доўгасьць дзён тваіх, каб быць табе на зямлі, даць якую ім Гасподзь з прысягаю абяцаў бацькам тваім Абрагаму, Ісааку і Якаву.

 

Разьдзел 31

 

1 І пайшоў Майсей, і гаварыў словы гэтыя ўсім сынам Ізраіля,

2 і сказаў ім: цяпер мне сто дваццаць гадоў, я не магу ўжо выходзіць і ўваходзіць, і Гасподзь сказаў мне: «ты не пяройдзеш Ярдан гэты»;

3 Гасподзь, Бог твой, Сам пойдзе перад табою; Ён зьнішчыць народы гэтыя ад аблічча твайго, і ты авалодаеш імі; Ісус пойдзе перад табою, як казаў Гасподзь;

4 учыніць Гасподзь зь імі так, як Ён учыніў зь Сігонам і Огам, царамі Амарэйскімі, і зь зямлёю іхняю, якіх Ён зьнішчыў;

5 і аддасьць іх Гасподзь вам, і вы зробіце зь імі паводле ўсіх запаведзяў, якія наказаў я вам;

6 будзьце цьвёрдыя і мужныя, ня бойцеся, і не палохайцеся іх, бо Гасподзь, Бог твой, Сам пойдзе з табою, не адступіць ад цябе і не пакіне цябе.

7 І паклікаў Майсей Ісуса і перад вачыма ўсіх Ізраільцянаў сказаў яму: будзь цьвёрды і мужны, бо ты ўвойдзеш з народам гэтым у зямлю, даць якую яму Гасподзь запрысягаўся бацькам ягоным, і ты падзеліш яе на дзялянкі яму;

8 Гасподзь Сам пойдзе перад табою, Сам будзе з табою, не адступіцца ад цябе і не пакіне цябе; ня бойся і не жахайся.

9 І напісаў Майсей закон гэты і аддаў яго сьвятарам сынам Лявііным, якія носяць каўчэг запавету Гасподняга, і ўсім старэйшынам сыноў Ізраілевых.

10 І наказаў ім Майсей і сказаў: як пройдзе сем гадоў, у год адпусту, у сьвята кучак,

11 калі ўвесь Ізраіль прыйдзе зьявіцца прад аблічча Госпада, Бога твайго, на месца, якое выбера Гасподзь, чытай гэты закон перад усім Ізраілем у слых ягоны;

12 зьбяры народ, мужчын і жанчын і дзяцей і прыхадняў тваіх, якія будуць у селішчах тваіх, каб яны слухалі і вучыліся і каб баяліся Госпада, Бога вашага, і стараліся выконваць усе словы закона гэтага;

13 і сыны іхнія, якія ня ведаюць гэтага, пачуюць і навучацца баяцца Госпада, Бога вашага, ва ўсе дні, пакуль вы жыцьмеце на зямлі, у якую вы пераходзіце за Ярдан, каб авалодаць ёю.

14 І сказаў Гасподзь Майсею: вось, дні твае наблізіліся да сьмерці; пакліч Ісуса і станьце каля ўваходу ў скінію сходу, і Я дам яму настаўленьні. І прыйшоў Майсей і Ісус, і сталі каля ўваходу ў скінію сходу.

15 І зьявіўся Гасподзь у скінію ў слупе воблачным, і стаў слуп воблачны каля ўваходу ў скінію.

16 І сказаў Гасподзь Майсею: вось, ты спачнеш з бацькамі тваімі, і пачне народ гэты аблудна хадзіць сьледам за чужымі багамі той зямлі, у якую ён уступае, і пакіне Мяне, і парушыць запавет Мой, які я пастанавіў зь ім;

17 і запаліцца гнеў Мой на яго ў той дзень, і Я пакіну іх і схаваю аблічча Маё ад іх, і ён зьнішчаны будзе, і дастануць яго многія бядоты і скрухі, і скажа ён у той дзень: «ці не таму спасьціглі мяне гэтыя бядоты, што няма Бога майго, сярод мяне?»

18 І Я схаваю аблічча Маё ў той дзень за ўсе беззаконьні ягоныя, якія ён учыніць, павярнуўшыся да іншых багоў.

19 Дык вось, напішэце сабе словы песьні гэтай, і навучы ёй сыноў Ізраілевых, і ўкладзі іх у вусны іхнія, каб песьня гэтая была Мне сьведчаньнем на сыноў Ізраілевых;

20 бо Я ўвяду іх у зямлю добрую, як Я прысягаўся бацькам іхнім, дзе цячэ малако і мёд, і яны будуць есьці і наядацца, і атлусьцеюць, і павернуцца да іншых багоў, і слугавацьмуць ім, а Мяне адкінуць і парушаць запавет Мой;

21 і калі спасьцігнуць іх многія бядоты і скрухі, тады песьня гэтая будзе супроць іх сьведчыць, бо яна ня выйдзе з вуснаў нашчадкаў іхніх. Я ведаю думкі іхнія, якія яны маюць сёньня, раней чым Я ўвёў іх у зямлю, за якую Я прысягаўся.

22 І напісаў Майсей песьню гэтую ў той дзень і навучыў ён сыноў Ізраілевых.

23 І наказаў Гасподзь Ісусу, сыну Нава, і сказаў: будзь цьвёрды і мужны, бо ты ўвядзеш сыноў Ізраілевых у зямлю, за якую Я прысягаў ім, і Я буду з табою.

24 Калі Майсей упісаў у кнігу ўсе словы закона гэтага да канца,

25 тады Майсей загадаў лявітам, якія носяць каўчэг запавету Гасподняга, сказаўшы:

26 вазьмеце гэтую кнігу закона і пакладзеце яе праваруч каўчэга запавету Госпада, Бога вашага, і яна табе будзе сьведчаньнем супроць цябе;

27 бо я ведаю ўпартасьць тваю і цьвёрдахрыбетнасьць тваю: вось і цяпер, калі я жыву з вамі сёньня, вы ўпартыя прад Госпадам; ці ж ня тым болей пасьля сьмерці маёй?

28 зьбярэце да мяне ўсіх старэйшынаў плямёнаў вашых і наглядчыкаў вашых, і я скажу ў слых іхні словы гэтыя і паклічу ў сьведчаньне на іх неба і зямлю;

29 бо я ведаю, што пасьля сьмерці маёй вы разбэсьціцеся і ўхіліцеся ад дарогі, якую я наказваў вам, і з часам спасьцігнуць вас бядоты за тое, што вы будзеце рабіць ліхату прад вачыма Госпада, раздражняючы Яго дзеямі рук сваіх.

30 І прамовіў Майсей у слых усяму сходу Ізраільцянаў словы песьні гэтай да канца:

 

Разьдзел 32

 

1 Слухай, неба, я прамаўляцьму; і слухай, зямля, словы вуснаў маіх.

2 Пральецца як дождж вучэньне маё, як раса мова мая, як дробны дождж на зяленіва, як зьліва на траву.

3 Імя Госпада праслаўлю; узьнясеце славу Госпаду нашаму.

4 Ён цьвярдыня; дасканалыя дзеі Ягоныя, і ўсе шляхі Яго праведныя; Бог правільны і няма няпраўды ў Ім; Ён праведны і ісьціны;

5 але яны разбэсьціліся прад Ім, яны ня дзеці Ягоныя ў сваіх заганах, род упарцісты і разбэшчаны.

6 Ці гэта аддаяце вы Госпаду, народ неразумны і няцямны? ці ж ня Ён Айцец твой, Які засвоіў цябе, стварыў цябе і ўладзіў цябе?

7 Згадай пра дні старадаўнія, падумай пра гады ранейшых родаў; спытайся ў бацькі тайго, і абвесьціць табе, у старцаў тваіх, і яны скажуць табе.

8 Калі Ўсявышні даваў надзелы народам і расьсяляў сыноў чалавечых, тады паставіў межы народаў па ліку сыноў Ізраілевых;

9 бо доля Госпада народ Ягоны; Якаў спадчынны надзел Ягоны.

10 Ён знайшоў яго ў пустыні, у стэпе панылым і дзікім, асланяў яго, даглядаў яго, ахоўваў яго, як вока Сваё;

11 як арол будзіць гняздо сваё, носіцца над птушанятамі сваімі, распасьцірае крылы свае, бярэ іх і носіць іх на перэі сваім,

12 так Гасподзь адзін вадзіў яго, і ня было зь ім чужога бога.

13 Ён узьнёс яго на вышыні зямлі і карміў пладамі палёў, і паіў яго мёдам з каменя і алеем зь цьвёрдай скалы,

14 маслам каровіным і малаком авечым, і тлушчам ягнятаў і бараноў Васанскіх і казлоў, і тлустаю пшаніцаю, і ты піў віно, кроў вінаградных ягад.

15 І атлусьцеў Ізраіль, і зрабіўся зацяты; атлусьцеў, патаўсьцеў і распасьвіўся; і пакінуў ён Бога, які стварыў яго, і пагардзіў цьвярдыняю выратаваньня свайго.

16 Багамі чужымі яны раздражнілі Яго, і мярзотамі Яго ўгневілі:

17 прыносілі ахвяры дэманам, а ня Богу, божышчам, якіх яны ня ведалі, новым, якія прыйшлі ад суседзяў і пра якіх ня думалі бацькі вашыя.

18 А Скала, Якая спарадзіла цябе, ты забыў, і не памятаў Бога, Які стварыў цябе.

19 Гасподзь убачыў, і ў абурэньні пагардзіў сынамі Сваімі і дочкамі Сваімі,

20 і сказаў: схаваю аблічча Маё ад іх і ўбачу, які будзе іхні канец; бо яны род разбэшчаны, дзеці, у якіх няма вернасьці;

21 ня богам яны раздражнілі Мяне, марнасьцю сваёю Мяне засмуцілі: і Я раздражню іх не народам, народам бязглуздым іх засмучу;

22 бо агонь запаліўся ў гневе Маім, паліць да пекла апраметнага, і паядае зямлю і плады яе, і спальвае падваліны гор;

23 зьбяру на іх бядоты і патрачу на іх стрэлы Мае:

24 будуць зьнясілены голадам, зьнішчаны гарачкаю і заразаю лютай; і пашлю на іх іклы зьвярыныя і яд паўзуноў зямных;

25 звонку будзе губіць іх меч, а ў дамах - вусьцішнасьць - і хлапца і дзяўчыну, і немаўля і пакрытага сівізнаю старца.

26 Я сказаў бы: «расьсею іх і згладжу з асяродзьдзя людзей памяць пра іх».

27 але адклаў гэта дзеля азлабленьня ворагаў, каб ворагі ягоныя не заносіліся і не сказалі: нашая рука высокая, і не Гасподзь зрабіў усё гэта.

28 Бо яны народ, які страціў розум, і няма ў іх сэнсу.

29 О, калі б яны памеркавалі, падумалі пра гэта, уразумелі, што зь імі будзе!

30 як бы мог адзін перасьледаваць тысячу і двое прагнаць цемру, калі б Скала іхняя ня выдаў іх, і Гасподзь не аддаў іх!

31 бо скала іхняя не такая, як нашая Скала; самі ворагі нашыя судзьдзі ў тым.

32 Бо вінаград іхні ад вінаграднай лазы Садомскай і з палёў Гаморскіх; ягады іхнія ядавітыя, гронкі іх горкія;

33 віно іхняе яд драконаў і пагібельная труцізна асьпідаў.

34 Ці не схавана гэта ў Мяне? ці не запячатана ў сховах Маіх?

35 У Мяне помста і аддача, калі пахісьнецца нага іхняя; бо блізкі дзень пагібелі іх, неўзабаве настане ўгатаванае ім.

36 Але Гасподь судзіцьме народ Свой і з рабоў Сваіх умілажаліцца, калі Ён угледзіць, што рука іхняя аслабла, і не засталося ні заключаных, ні тых, што засталіся звонку.

37 Тады скажа Гасподзь; дзе багі іхнія, цьвярдыня, на якую яны спадзяваліся,

38 якія елі тлушч ад ахвяраў іхніх і пілі віно паліваньняў іхніх? няхай яны паўстануць і дапамогуць вам, няхай будуць ім покрывам!

39 Бачыце сёньня, што гэта Я, Я - і няма Бога, апрача Мяне; Я ўсьмерчваю і ажыўляю, Я бэю і ацаляю, і ніхто ня выбавіць ад рукі Маёй.

40 Я падымаю да нябёсаў руку Маю і кажу: Я жыву вечна!

41 Калі навастру бліскучы Мой меч, і рука Мая прыме суд, дык адпомшчу ворагам Маім і ненавісьнікам Маім аддам;

42 напаю стрэлы Маёю крывёю, і меч Мой насыціцца целам, крывёю забітых і палонных, галовамі правадыроў ворага.

43 Радуйцеся, язычнікі, з народам Ягоным! бо Ён адпомсьціць за кроў рабоў Сваіх, і аддасьць помсту ворагам Сваім, і ачысьціць зямлю Сваю і народ Свой!

44 І прыйшоў Майсей і прамовіў усе словы песьні гэтай у слых народу, ён і Ісус, сын Наваў.

45 Калі Майсей прамовіў усе словы гэтыя ўсяму Ізраілю,

46 тады сказаў ім: пакладзеце на сэрца ваша ўсе словы, якія я абвясьціў вам сёньня, і накажэце іх дзецям сваім, каб яны стараліся выконваць усе словы закона гэтага;

47 бо гэта ня пустое для вас, а гэта жыцьцё вашае, і праз гэта вы доўгі час прабудзеце на той зямлі, у якую вы ідзяце церазь Ярдан, каб авалодаць ёю.

48 І казаў Гасподзь Майсею ў той самы дзень і сказаў:

49 узыдзі на гэтую гару Аварым, на гару Нэво, якая ў зямлі Маавіцкай, насупраць Ерыхона, і паглядзі на зямлю Ханаанскую, якую Я даю вам у валоданьне сынам Ізраілевым;

50 і памры на гары, на якую ты ўзыдзеш, і прыкладзіся да народу твайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Ор, і прыклаўся да народу свайго,

51 за тое, што вы зграшылі супроць Мяне сярод сыноў Ізраілевых каля водаў Мэрывы ў Кадэсе, у пустыні Сін, за тое, што не паказалі сьвятасьці Маёй сярод сыноў Ізраілевых;

52 перад сабою ты ўбачыш зямлю, а ня ўвойдзеш туды, у зямлю, якую Я даю сынам Ізраілевым.

 

Разьдзел 33

 

1 Вось дабраславеньне, якім Майсей, муж Божы, дабраславіў сыноў Ізраілевых перад сьмерцю сваёю.

2 Ён сказаў: Гасподзь прыйшоў ад Сіная, адкрыўся ім ад Сэіра, успрамяніўся ад гары Фарана і ішоў з процьмай сьвятых; праваруч Яго сьветач закона.

3 У ісьціне Ён любіць народ; усе прысьвечаныя Яго ў руцэ Тваёй, і яны прыпалі да ступакоў Тваіх, каб уважаць словам Тваім.

4 Закон даў нам Майсей, спадчыну супольству Якава.

5 Ён быў царом Ізраіля, калі зьбіраліся правадыры народу разам з плямёнамі Ізраілевымі.

6 Хай жыве Рувім і хай не памірае, і Сымон хай ня будзе малы лікам!

7 А пра Юду сказаў гэта: пачуй, Госпадзе, голас Юды і прывядзі яго да народу ягонага; рукамі сваімі хай абароніць ён сябе, і ты будзь памочнікам супроць ворагаў ягоных.

8 І пра Лявія сказаў: тумім Твой і урым Твой на сьвятым мужу Тваім, якога Ты ўдасьведчыў у Масе, зь якім ты спрачаўся каля водаў Мэрывы,

9 які кажа пра бацьку свайго і пра маці сваю: «я на іх не гляджу», і братоў сваіх не прызнае, і сыноў сваіх ня ведае; бо яны, лявіты, словы Твае захоўваюць і запавету Твайго трымаюцца,

10 вучаць законам Тваім Якава і запаведзям Тваім Ізраіля, ускладаюць дымленьне прад аблічча Тваё і цэласпаленьні на ахвярнік Твой;

11 дабраславі, Госпадзе, сілу ягоную і дзеі рук ягоных удабраволі, пабі паясьніцу тых, што паўстаюць на яго, і ненавісьнікаў ягоных, каб яны не маглі стаяць.

12 Пра Веньяміна сказаў: любасны Госпаду жыве ў Яго ў бясьпецы, Бог спрыяе яму кожны дзень, і ён пакоіцца паміж плячамі Ягонымі.

13 Пра Язэпа сказаў: хай дабраславіць Гасподзь зямлю ягоную жаданымі дарамі неба, расою і дарамі бездані, якая ляжыць унізе,

14 жаданымі пладамі ад сонца і жаданымі пладамі месяца,

15 найвыдатнейшымі пладамі гор старадаўніх і жаданымі пладамі пагоркаў вечных,

16 і жаданымі дарамі зямлі і таго, што напаўняе яе; дабраславеньне Таго, Хто зьявіўся ў цярновым кусьце хай прыйдзе на галаву Язэпа і на цемя найлепшага з братоў сваіх;

17 моцнасьць яго як у першароднага цяляці, і рогі ў яго, як рогі ў буйвала; імі пабора ён народы ўсе да краёў зямлі: гэта процьма Яфрэмавая, гэта тысячы Манасііныя.

18 Пра Завулона сказаў: радуйцеся, Завулоне, на шляхах тваіх, і Ісахар, у намётах тваіх;

19 склікаюць яны народ на гару, там колюць законныя ахвяры, бо яны кормяцца багацьцем мора і скарбамі, схаванымі ў пяску.

20 Пра Гада сказаў: дабраславёны той, хто пашырыў Гада; ён пакоіцца як леў, і ламае мышцу і галаву;

21 ён выбраў сабе пачатак зямлі, там пашанаваны надзелам ад заканадаўцы, і прыйшоў з правадырамі народу, і спраўдзіў праўду Госпада і суды зь Ізраілем.

22 Пра Дана сказаў: Дан малады леў, які выбягае з Васана.

23 Пра Нэфталіма сказаў: Нэфталім напоўнены ўпадабаньнем і поўны дабраславеньня Госпада; мора і поўдзень у валоданьні ягоным.

24 Пра Асіра сказаў: дабраславёны паміж сынамі Асір, ён будзе любімы братамі сваімі і - мочыць у алей нагу сваю;

25 жалеза і медзь - засаўкі твае; як дні твае, будзе множыцца багацьце тваё.

26 Няма падобнага на Бога Ізраілевага, які па небе прыляцеў памагчы табе і ў славе Сваёй на аблоках;

27 прыстанішча тваё Бог спрадвечны, і ты пад мышцамі вечнымі; Ён прагоніць ворагаў ад аблічча твайго і скажа: зьнішчай!

28 Ізраіль жыве ў бясьпецы, адзін; вока Якава бачыць перад сабою зямлю багатую хлебам і віном, і нябёсы над ім капаюць расою.

29 Дабрашчасны ты, Ізраіле! Хто падобны да цябе, народзе, ахаваны Госпадам, Які ёсьць шчыт, што асланяе цябе, і меч славы тваёй? Ворагі твае панікнуць перад табою, і ты на шыю ім наступацьмеш.

 

Разьдзел 34

 

1 І ўзышоў Майсей з раўнін Маавіцкіх на гару Нэво, на вяршыню Фасгі, што насупроць Ерыхона, і паказаў яму Гасподзь усю зямлю Галаад да самага Дана,

2 і ўсю Нэфталімавую, і ўсю Яфрэмавую і Манасііную, і ўсю зямлю Юдавую, нават да самага заходняга мора,

3 і паўднёвую краіну і раўніну даліны Ерыхона, горад Пальмаў, да Сігора.

4 І сказаў яму Гасподзь: вось зямля, за якую Я прысягаў Абрагаму, Ісааку і Якаву, кажучы: «семені твайму дам яе»; Я дам табе пабачыць яе вачыма тваімі, але ў яе ты ня ўвойдзеш.

5 І памёр там Майсей, раб Гасподні, у зямлі Маавіцкай, паводле слова Гасподняга;

6 і пахаваны ў даліне ў зямлі Маавіцкай насупраць Вэтэгора і ніхто ня ведае месца пахаваньня яго нават да гэтага дня.

7 Майсею было сто дваццаць гадоў, калі ён памёр; але зрок ягоны ня прытупіўся, моцнасьць у ім ня вычарпалася.

8 І аплаквалі Майсея сыны Ізраілевыя на раўнінах Маавіцкіх трыццаць дзён. І прайшлі дні плачу і галашэньня па Майсеі.

9 І Ісус, сын Наваў, напоўніўся духам мудрасьці, бо Майсей усклаў на яго рукі свае, і слухаліся яго сыны Ізраілевыя і рабілі так, як загадаў Гасподзь Майсею.

10 І ня было больш у Ізраіля прарока такога, як Майсей, якога Гасподзь знаў тварам да твару,

11 па ўсіх азнаках і цудах, зрабіць якія ў зямлі Егіпецкай над фараонам і над усімі рабамі ягонымі і над усёю зямлёю ягонай паслаў яго Гасподзь,

12 і па руцэ моцнай і па вялікіх цудах, якія Майсей зьдзейсьніў перад вачыма ўсяго Ізраіля.

 

Кніга Ісуса сына Нава

 

Разьдзел 1

 

1 Пасьля сьмерці Майсея, раба Гасподняга, Гасподзь сказаў Ісусу, сыну Нава, слузе Майсееваму:

2 Майсей, раб Мой, памёр; дык вось, устань, перайдзі цераз Ярдан гэты і ўвесь народ гэты, у зямлю, якую Я даю ім, сынам Ізраілевым.

3 Любое месца, на якое ступяць ступакі ног вашых, Я даю вам, як Я сказаў Майсею

4 ад пустыні і Лівана гэтага да ракі вялікай, ракі Еўфрата, усю зямлю Хэтэяў; і да вялікага мора на захад сонца будуць межы вашыя.

5 Ніхто ня ўстоіць перад табою: не адступлюся ад цябе і не пакіну цябе.

6 Будзь цьвёрды і мужны; бо ты народу гэтаму перадаеш у валоданьне зямлю, якую Я прысягаўся бацькам іхнім даць ім;

7 толькі будзь цьвёрды і вельмі мужны, і старанна захоўвай і выконвай увесь закон, які наказаў табе Майсей, раб Мой; ня ўхіляйся ад яго ні направа, ні налева, каб чыніць разумна ва ўсіх пачынаньнях тваіх.

8 Хай не адыходзіць гэтая кніга закона ад вуснаў тваіх: а павучайся ў ёй дзень і ноч, каб дакладна выконваць усё, што ў ёй напісана: тады ты мецьмеш посьпех на шляхах тваіх і будзеш дзеяць разумна.

9 Вось Я загадваю табе: будзь цьвёрды і мужны, ня бойся і не жахайся; бо з табою Гасподзь Бог твой усюды, куды ні пойдзеш.

10 І даў Ісус наказ наглядчыкам народу і сказаў:

11 прайдзеце па табары і дайце наказ народу і скажэце: назапашвайце сабе ежы на дарогу, бо праз тры дні вы пройдзеце за Ярдан гэты, каб прыйсьці ўзяць зямлю, якую Гасподзь Бог бацькоў вашых дае вам у спадчыну.

12 А племю Рувімаваму, Гадаваму і палавіне племя Манасіінага Ісус сказаў:

13 успомніце, што наказаў вам Майсей, раб Гасподні, кажучы: Гасподзь Бог ваш супакоіў вас і даў вам зямлю гэтую;

14 жонкі вашыя, дзеці вашыя і быдла ваша няхай застануцца ў зямлі, якую даў вам Майсей за Ярданам; а вы ўсе, хто можа змагацца, узброіўшыся, ідзеце перад братамі вашымі і пасабляйце ім.

15 пакуль Гасподзь не супакоіць братоў вашых, як і вас; пакуль і яны не атрымаюць у спадчыну зямлю, якую Гасподзь Бог ваш дае ім; тады вернецеся ў спадчыну вашую і валодайце зямлёю, якую Майсей, раб Гасподні, даў вам за Ярданам на ўсход сонца.

16 Яны адказалі Ісусу кажучы: усё, што ні загадаеш нам, зробім, і куды ні пашлеш нас, пойдзем;

17 як слухалі мы Майсея, так будзем слухаць і цябе: толькі Гасподзь Бог твой хай будзе з табою, як Ён быў з Майсеем;

18 кожны, хто ўсупрацівіцца загаду твайму і не паслухаецца слоў тваіх ва ўсім, што ты ні загадаеш яму, будзе аддадзены сьмерці. Толькі будзь цьвёрды і мужны!

 

Разьдзел 2

 

1 І паслаў Ісус, сын Наваў, зь Сітыма двух выведнікаў таемна і сказаў: ідзеце, агледзьце зямлю і Ерыхон. Пайшлі і прыйшлі ў дом блудніцы, імя якое Рааў: і засталіся начаваць там.

2 І сказана было цару Ерыхонскаму: вось, нейкія людзі з сыноў Ізраілевых прыйшлі сюды ў гэтую ноч, каб агледзець зямлю.

3 Цар Ерыхонскі паслаў сказаць Рааве: выдай людзей, якія прыйшлі да цябе, якія ўвайшлі ў твой дом, бо яны прыйшлі выведаць усю зямлю.

4 Але жанчына ўзяла двух людзей тых і схавала іх і сказала: праўда, прыходзілі да мяне людзі, але я ня ведала, адкуль яны;

5 калі ж у прысьмерку трэба было зачыняць вароты, тады яны пайшлі; ня ведаю, куды яны пайшлі; ганецеся хутчэй за імі, вы дагоніце іх.

6 А сама завяла іх на дах і схавала іх у снапах лёну, раскладзеных у яе на даху.

7 Пасланыя гналіся за імі па дарозе да Ярдана да самай пераправы; вароты ж адразу зачынілі, пасьля таго як выйшлі тыя, што пагналіся за імі.

8 Перш чым яны леглі спаць, яна паднялася да іх на дах

9 і сказала ім: я ведаю, што Гасподзь аддаў зямлю гэтую вам, бо вы нагналі на нас жаху, і ўсе жыхары зямлі гэтай спалохаліся вас;

10 бо мы чулі, як Гасподзь высушыў перад вамі ваду Чэрмнага мора, калі вы ішлі з Егіпта, і што зрабілі вы з двума царамі Амарэйскімі за Ярданам, зь Сігонам і Огам, якіх вы зьнішчылі;

11 калі мы пачулі пра гэта, аслабела сэрца нашае, і ні ў кім ня стала духу супроць вас; бо Гасподзь Бог на небе ўгары і на зямлі ўнізе;

12 дык вось, прысягнеце мне Госпадам, што, як я зрабіла вам міласьць, так і вы зрабеце міласьць дому бацькі майго, і дайце мне ўмоўлены знак,

13 што вы пакінеце жывым бацьку майго і маці маю, і братоў маіх і сясьцёр маіх, і ўсіх, хто ёсьць у іх, і выбавіце душы нашыя ад сьмерці.

14 Гэтыя людзі сказалі ёй: душа нашая замест вас хай будзе аддадзена сьмерці, калі вы ня выкрыеце гэтай справы нашай; калі ж Гасподзь аддасьць нам зямлю, мы зробім табе ласку і ісьціну.

15 І спусьціла яна іх на вяроўцы праз акно, бо дом яе быў у гарадскім муры і яна жыла ў муры;

16 і сказала ім: ідзеце на гару, каб не спаткалі вас перасьледнікі, і хавайцеся там тры дні, пакуль ня вернуцца тыя, што пагналіся; а пасьля ідзеце дарогаю вашай.

17 І сказалі ёй тыя людзі: мы вольныя будзем ад тваёй прысягі, якою ты нас закляла, калі ня зробіш так:

18 вось, калі мы прыйдзем у гэтую зямлю, ты прывяжы чырвоную вяроўку да акна, празь якое ты нас спусьціла, а бацьку твайго і маці тваю і братоў тваіх, усю сям'ю бацькі твайго зьбяры да сябе ў дом твой;

19 і калі хто-небудзь выйдзе зь дзьвярэй дома твайго, таго кроў на галаве ягонай, а мы вольныя; а хто будзе з табою ў доме, таго кроў на галаве нашай, калі чыя-небудзь рука дакранецца да яго;

20 калі ж ты адкрыеш гэтую нашую справу, дык мы таксама вольныя будзем ад прысягі тваёй, якою ты нас закляла.

21 Яна сказала: хай будзе паводле слоў вашых! І адпусьціла іх, і яны пайшлі, а яна прывязала да акна чырвоную вяроўку.

22 Яны пайшлі і прыйшлі на гару і прабылі там тры дні, пакуль не вярнуліся тыя, што гналіся за імі. Тыя шукалі іх па ўсёй дарозе і не знайшлі.

23 Такім чынам два гэтыя чалавекі пайшлі назад, сышлі з гары, перайшлі Ярдан і прыйшлі да Ісуса, сына Нава, і пераказалі яму ўсё, што зь імі здарылася.

24 І сказалі Ісусу: Гасподзь аддаў усю зямлю гэтую ў рукі нашыя, і ўсе жыхары зямлі ў страху перад намі.

 

Разьдзел 3

 

1 І ўстаў Ісус рана раніцай, і рушылі яны ад Сітыма і прыйшлі да Ярдана, ён і ўсе сыны Ізраілевыя, і начавалі там, яшчэ не пераходзячы яго.

2 Праз тры дні пайшлі наглядчыкі па табары

3 і далі народу загад, кажучы: калі ўбачыце каўчэг запавету Госпада Бога вашага і сьвятароў лявітаў, якія несьцімуць яго, дык і вы рушце зь месца свайго і ідзеце за ім;

4 адлегласьць паміж вамі і ім павінна быць да дзьвюх тысяч локцяў мераю; не падыходзьце да яго блізка, каб уведаць вам шлях, якім вам ісьці; бо вы не хадзілі гэтым шляхам ні ўчора, ні заўчора.

5 І сказаў Ісус народу: асьвяцецеся, бо заўтра ўчыніць Гасподзь сярод вас цуды.

6 А сьвятарам сказаў Ісус: вазьмеце каўчэг запавету і ідзеце перад народам. Узялі каўчэг запавету і пайшлі перад народам.

7 Тады Гасподзь сказаў Ісусу: у гэты дзень Я пачну праслаўляць цябе на вачах ва ўсяго Ізраіля, каб яны ўведалі, што як Я быў з Майсеем, так буду і з табою;

8 а ты дай загад сьвятарам, якія нясуць каўчэг запавету, і скажы: як толькі ўвойдзеце ў воды Ярдана, спынецеся ў Ярдане.

9 Ісус сказаў сынам Ізраілевым: падыдзеце сюды і выслухайце словы Госпада Бога вашага.

10 І сказаў Ісус: з гэтага даведаецеся, што сярод вас ёсьць Бог жывы, Які прагоніць ад вас Хананэяў, і Габрэяў, і Фэрэзэяў, і Гергесэяў і Амарэяў і Евусэяў;

11 вось каўчэг запавету Госпада ўсёй зямлі пойдзе перад вамі празь Ярдан;

12 і вазьмеце сабе дванаццаць чалавек з плямёнаў Ізраілевых, па адным чалавеку з племя;

13 І як толькі ступакі ног сьвятароў, што нясуць каўчэг Госпада, Уладара ўсёй зямлі, ступяць у ваду Ярдана, вада Ярданская высахне, а вада, якая цячэ зьверху, спыніцца сьцяною.

14 Дык вось, калі народ рушыў ад сваіх намётаў, каб пераходзіць Ярдан, і сьвятары панесьлі каўчэг запавету перад народам,

15 дык, як толькі тыя, што несьлі каўчэг увайшлі ў Ярдан, і ногі сьвятароў, што несьлі каўчэг, апусьціліся ў ваду Ярдана,

16 вада, якая цякла зьверху, спынілася і стала сьцяною на даволі вялікай адлегласьці, да горада Адама, які каля Цартана; а што цякла ў мора раўніны, у мора Салёнае, пайшла і высахла.

17 І народ пераходзіў насупраць Ерыхона; а сьвятары, якія несьлі каўчэг запавету Гасподняга, стаялі на сухім сярод Ярдана цьвёрдаю нагою. Усе Ізраілевыя пераходзілі па сухім, пакуль увесь народ не перайшоў празь Ярдан.

 

Разьдзел 4

 

1 Калі ўвесь народ перайшоў празь Ярдан, Гасподзь сказаў Ісусу:

2 вазьмеце сабе з народу дванаццаць чалавек, па адным чалавеку з племя,

3 і дайце ім загад і скажэце: вазьмеце сабе адсюль, зь сярэдзіны Ярдана, дзе стаялі ногі сьвятароў нерухома, дванаццаць камянёў, і перанясеце іх з сабою, і пакладзеце іх на начлезе, дзе начавацьмеце гэтай ночы.

4 Ісус заклікаў дванаццаць чалавек, якіх назначыў з сыноў Ізраілевых, па адным чалавеку з племя,

5 І сказаў ім Ісус: ідзеце перад каўчэгам Госпада Бога вашага ў сярэдзіну Ярдана і пакладзеце на плячо сваё кожны па адным камені, па ліку плямёнаў сыноў Ізраілевых,

6 каб яны былі ў вас знакам; калі спытаюцца ў вас у будучым сыны вашыя і скажуць: «навошта ў вас гэтыя камяні?»

7 вы скажаце ім: «у памяць таго, што вада Ярдана падзялілася перад каўчэгам запавета Госпада; калі ён пераходзіў празь Ярдан, тады вада Ярдана падзялілася»; такім чынам камяні гэтыя будуць сынам Ізраілевым помнікам навекі.

8 І зрабілі сыны Ізраілевыя так, як загадаў Ісус: узялі дванаццаць камянёў зь Ярдана, як казаў Гасподзь Ісусу, па ліку плямёнаў сыноў Ізраілевых, і перанесьлі іх з сабою на начлег, і паклалі іх там.

9 І дванаццаць камянёў паставіў Ісус сярод Ярдана на месцы, дзе стаялі ногі сьвятароў, якія несьлі каўчэг запавета. Яны там і да сёньня.

10 Сьвятары, якія несьлі каўчэг запавета Гасподняга, стаялі сярод Ярдана, пакуль не закончана было ўсё, што Гасподзь загадаў народу - так, як наказваў Майсей Ісусу; а народ тым часам сьпешна пераходзіў.

11 Калі ўвесь народ перайшоў, тады перайшоў і каўчэг запавета Гасподняга, і сьвятары перад народам;

12 і сыны Рувіма і Гада і палавіна племя Манасіінага перайшлі ўзброеныя паперадзе сыноў Ізраілевых, як ім казаў Майсей.

13 Каля сарака тысяч узброеных на бітву перайшло перад Госпадам на раўніны Ерыхонскія, каб біцца.

14 У той дзень праславіў Гасподзь Ісуса на вачах ва ўсяго Ізраіля, і пачалі баяцца яго, як баяліся Майсея ва ўсе дні жыцьця ягонага.

15 І сказаў Гасподзь Ісусу, кажучы:

16 загадай сьвятарам, якія нясуць каўчэг сьведчаньня, выйсьці зь Ярдана.

17 Ісус загадаў сьвятарам і сказаў: выйдзіце зь Ярдана.

18 І калі сьвятары, якія несьлі каўчэг запавета Гасподняга, выйшлі зь Ярдана, дык, як толькі ступакі ног іхніх крануліся сухога, вада Ярдана памкнулася па сваім месцы і пайшла, як учора і заўчора, паверх усіх берагоў сваіх,

19 І выйшаў народ зь Ярдана на дзясятым дні першага месяца і атабарыўся ў Галгале, на ўсходнім баку Ерыхона.

20 І дванаццаць камянёў, якія ўзялі яны зь Ярдана, Ісус паставіў у Галгале

21 і сказаў сынам Ізраілевым: калі спытаюцца ў будучым сыны вашыя ў бацькоў сваіх: «што азначаюць гэтыя камяні?»,

22 скажэце сынам вашым: «Ізраіль перайшоў празь Ярдан гэты па сухім»;

23 бо Гасподзь Бог ваш высушыў воды Ярдана дзеля вас, пакуль вы не перайшлі яго, гэтак сама, як Гасподзь Бог ваш зрабіў з Чэрмным морам, якое высушыў перад намі, пакуль мы не перайшлі яго,

24 каб усе народы зямлі даведаліся, што рука Гасподняя моцная, і каб вы баяліся Госпада Бога вашага ва ўсе дні.

 

Разьдзел 5

 

1 Калі ўсе цары Амарэйскія, якія жылі па гэты бок Ярдана да мора, і ўсе цары Ханаанскія, якія каля мора, пачулі, што Гасподзь высушыў воды Ярдана перад сынамі Ізраілевымі, пакуль пераходзілі яны, тады аслабла сэрца іхняе, і ня стала ўжо ў іх духу супроць сыноў Ізраілевых.

2 У той час сказаў Гасподзь Ісусу: зрабі сабе вострыя нажы і абрэж сыноў Ізраілевых другі раз.

3 І зрабіў сабе Ісус крамянёвыя нажы, і абрэзаў сыноў Ізраільскіх на пагорку Аралот.

4 Вось прычына, чаму абрэзаў Ісус увесь народ, які выйшаў зь Егіпта, мужчынскага полу; усе здольныя ваяваць памерлі ў пустыні па дарозе, пасьля выхаду зь Егіпта;

5 а ўвесь народ, што выйшаў, быў абрэзаны, а ўвесь народ, які нарадзіўся ў пустыні ў дарозе, пасьля выхаду зь Егіпта, ня быў абрэзаны;

6 бо сыны Ізраілевыя сорак гадоў хадзілі па пустыні, пакуль не перамёр увесь народ, здольны да вайны, які выйшаў зь Егіпта, бо не паслухаліся голасу Гасподняга, а ім Гасподзь прысягаўся, што яны ня ўбачаць зямлі, якую Гасподзь з прысягаю абяцаў бацькам іхнім, даць зямлю, дзе малако і мёд,

7 а замест іх паставіў сыноў іхніх. Гэтых абрэзаў Ісус, бо яны былі неабрэзаныя; бо іх, у дарозе, не абрэзалі.

8 Калі ўвесь народ быў абрэзаны, заставаўся ён на сваім месцы ў табары, пакуль ня выздаравеў.

9 І сказаў Гасподзь Ісусу: сёньня Я зьняў з вас сарамату Егіпецкую. Чаму і называецца тая мясьціна «Галгал» аж да сёньня.

10 І стаялі сыны Ізраілевыя табарам у Галгале і ўчынілі Пасху ў чатырнаццаты дзень месяца ўвечары на раўнінах Ерыхонскіх;

11 і на другі дзень Пасхі пачалі есьці з пладоў зямлі гэтай, праснакі і сушаныя зярняты ў самы той дзень;

12 а манна перастала падаць на другі дзень пасьля таго, як яны пачалі есьці плады зямлі, і ня было болей манны ў сыноў Ізраілевых, а яны елі ў той год плады зямлі Ханаанскай.

13 Ісус, будучы паблізу Ерыхона, зірнуў і бачыць, і вось стаіць перад ім чалавек, і ў руцэ ў яго аголены меч. Ісус падышоў да яго і сказаў яму: ці наш ты, ці зь непрыяцеляў нашых?

14 Ён сказаў: не, я правадыр войска Гасподняга, цяпер прыйшоў. Ісус упаў тварам сваім на зямлю і пакланіўся і сказаў яму: што гаспадар мой скажа рабу свайму?

15 Правадыр войска Гасподняга сказаў Ісусу: здымі абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, сьвятое. Ісус так і зрабіў.

16 Ерыхон замкнуўся і быў замкнуты ад страху сыноў Ізраілевых: ніхто ня выходзіў і ніхто не ўваходзіў.

 

Разьдзел 6

 

1 Тады сказаў Гасподзь Ісусу: вось, Я аддаю ў рукі твае Ерыхон і цара яго, і магутаў ягоных;

2 ідзеце вакол горада ўсе здольныя ваяваць і абыходзьце горад адзін раз; і рабі гэтак шэсьць дзён;

3 і сем сьвятароў няхай нясуць сем труб юбілейных перад каўчэгам; а на сёмы дзень абыдзеце горад сем разоў, і сьвятары няхай трубяць у трубы;

4 калі затрубіць юбілейны рог, калі пачуеце гук трубы, тады ўвесь народ няхай гукне моцным голасам, і гарадскі мур абваліцца да зямлі, і народ пойдзе кожны са свайго боку.

5 І паклікаў Ісус, сын Наваў, сьвятароў і сказаў ім: нясеце каўчэг запавета; а сем сьвятароў няхай нясуць сем труб юбілейных перад каўчэгам Гасподнім.

6 І сказаў народу: ідзеце і абыдзеце вакол горада; а ўзброеныя няхай ідуць перад каўчэгам Гасподнім.

7 Як толькі Ісус сказаў народу, сем сьвятароў, якія несьлі сем труб юбілейных перад Госпадам, пайшлі і затрубілі ў трубы, і каўчэг запавета Гасподняга ішоў за імі;

8 а ўзброеныя ішлі перад сьвятарамі, якія трубілі ў трубы; а тыя, што ішлі ззаду, ішлі за каўчэгам, пад час шэсьця трубячы ў трубы.

9 А народу Ісус даў загад і сказаў: ня гукайце і не давайце чуць голасу вашага, і каб слова ня выходзіла з вуснаў вашых да таго дня, пакуль я не скажу вам: «выгукніце!» і тады гукнеце.

10 Такім чынам каўчэг запавета Гасподняга пайшоў вакол горада і абышоў адзін раз; і прыйшлі ў табар і начавалі ў табары.

11 Ісус устаў рана раніцай, і сьвятары панесьлі каўчэг запавета Гасподняга;

12 і сем сьвятароў, якія несьлі сем труб юбілейных перад каўчэгам Гасподнім, ішлі і трубілі ў трубы; а ўзброеныя ішлі перад імі, а тыя, што ішлі ззаду, ішлі за каўчэгам запавета Гасподняга і ідучы трубілі ў трубы.

13 Такім чынам і на другі дзень абышлі вакол горада адзін раз і вярнуліся ў табар. І рабілі гэта шэсьць дзён.

14 На сёмы дзень усталі рана, як толькі занялася зара, і абышлі такім самым чынам вакол горада сем разоў; толькі ў гэты дзень абышлі сем разоў.

15 Калі сёмы раз сьвятары трубілі ў трубы, Ісус сказаў народу: радуйцеся, бо Гасподзь аддаў вам горад!

16 А горад будзе пракляты, і ўсё, што ў ім, - Госпаду; толькі Рааў блудніца няхай застанецца жывая, яна і кожны, хто ў яе ў доме; бо яна схавала пасланых, якіх мы пасылалі;

17 але вы асьцерагайцеся праклятага, каб і самім не паддацца заклёну, калі возьмеце што-колечы з праклятага, і каб на табар Ізраільскі не навесьці праклёну і ня ўчыніць яму бяды;

18 і ўсё срэбра і золата, і посуд медны і жалезны хай будуць сьвятыняю Госпаду і ўвойдуць у скарбніцу Гасподнюю.

19 Народ закрычаў, і затрубілі ў трубы. Як толькі пачуў народ голас трубы, усклікнуў народ гучным і моцным голасам, і абваліўся мур да самай зямлі, і народ пайшоў у горад, кожны са свайго боку, і ўзялі горад.

20 І праклялі ўсё, што ў горадзе, і мужчын і жанчын, і маладых і старых, і валоў і авечак і аслоў, вынішчылі мечам.

21 А двум хлопцам, якія аглядвалі зямлю, Ісус сказаў: ідзеце ў дом да тае блудніцы і выведзіце адтуль яе і ўсіх, хто ў яе, бо вы запрысягнуліся ёй.

22 І пайшлі хлопцы, якія аглядвалі, і вывелі Рааў і бацьку яе і маці яе, і братоў яе і ўсіх, што былі ў яе, і ўсіх родзічаў вывелі, і паставілі іх па-за табарам Ізраільскім.

23 А горад і ўсё, што ў ім, спалілі агнём; толькі срэбра і золата, і посуд медны і жалезны аддалі ў скарбніцу дома Гасподняга.

24 А Рааў блудніцу і дом бацькі яе і ўсіх, хто ў яе быў, Ісус пакінуў жывых, і яна жыве сярод Ізраіля да сёньня, бо яна схавала пасланцаў, якіх пасылаў Ісус на агледзіны Ерыхона.

25 У той час Ісус прысягнуўся і сказаў: пракляты перад Госпадам той, хто адродзіць і адбудуе горад гэты Ерыхон; на першынцы сваім ён закладзе аснову яго і на малодшым сваім паставіць браму яго.

26 І Гасподзь быў зь Ісусам, і слава яго неслася па ўсёй зямлі.

 

Разьдзел 7

 

1 Але сыны Ізраілевыя ўчынілі злачынства і ўзялі з заклятага. Ахан, сын Хармія сына Заўдыя, сына Зары, з племя Юдавага, узяў з заклятага, і гнеў Гасподні запаліўся на сыноў Ізраіля.

2 Ісус зь Ерыхона паслаў людзей у Гай, што паблізу Бэт-Авэна, з усходняга боку Вэтыля, і сказаў ім: ідзеце, агледзьце зямлю. Яны пайшлі і агледзелі Гай.

3 І вярнуўшыся да Ісуса, сказалі яму: ня ўвесь народ хай ідзе, а няхай пойдзе каля дзьвюх тысяч альбо каля трох тысяч чалавек, і заваююць Гай; усяго народу ня шлі туды, бо тых мала там.

4 Дык вось, пайшло туды з народу каля трох тысяч чалавек, але яны кінуліся наўцёкі ад жыхароў Гайскіх;

5 жыхары Гайскія забілі зь іх каля трыццаці шасьці чалавек і гналі іх ад брамы да Сэварым і разьбілі іх на спуску з гары; і праз гэта сэрца народу растала і зрабілася, як вада.

6 Ісус разадраў вопратку на сабе і ўпаў тварам сваім на зямлю перад каўчэгам Гасподнім і ляжаў да самага вечара, ён і старэйшыны Ізраільскія і пасыпалі пылам галовы свае.

7 І сказаў Ісус: о, Госпадзе Ўладару! навошта Ты перавёў народ гэты празь Ярдан, каб аддаць нас у рукі Амарэям і загубіць нас? о, калі б мы засталіся і жылі за Ярданам!

8 О, Госпадзе! што сказаць мне пасьля таго, як Ізраіль павярнуўся ад ворагаў сваіх?

9 Хананэі і ўсе жыхары зямлі пачуюць і акружаць нас і вынішчаць імя наша зь зямлі. І што зробіш тады імю Твайму вялікаму?

10 Гасподзь сказаў Ісусу: устань, навошта ты ўпаў на твар твой?

11 Ізраіль зграшыў, і пераступілі яны наказ Мой, які Я запавядаў ім; узялі з заклятага, і ўкралі, і ўтоілі і паклалі паміж сваімі рэчамі;

12 за гэта сыны Ізраілевыя не маглі ўстояць перад ворагамі сваімі, бо яны падупалі праклёну; ня буду болей з вамі, калі ня зьнішчыце з асяродзьдзя вашага заклятага.

13 Устань, асьвяці народ і скажы: асьвяцецеся да раніцы, бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: «заклятае сярод цябе, Ізраіле; таму ты ня можаш устояць перад ворагамі тваімі, пакуль ня выдаліш спаміж сябе праклятага»;

14 заўтра падыходзьце паводле плямёнаў вашых; а племя, на якое пакажа Гасподзь, няхай падыходзіць па родах; род, на якое пакажа Гасподзь, няхай падыходзіць пасямейна; сям'я, на якую пакажа Гасподзь, няхай падыходзіць па адным чалавеку;

15 і выкрытага ў рабаваньні заклятага няхай спаляць агнём, яго і ўсё, што ў яго, за тое, што ён пераступіў наказ Гасподні і ўчыніў беззаконьне сярод Ізраіля.

16 Ісус, устаўшы рана раніцай, загадаў Ізраілю падыходзіць паводле плямёнаў, і ўказана племя Юдава;

17 потым загадаў падыходзіць плямёнам Юдавым, і ўказана племя Зары; загадаў падыходзіць племю Зараваму пасямейна, і ўказана сям'я Заўдыева;

18 загадаў падыходзіць сямейству ягонаму па адным чалавеку, і ўказаны Ахан, сын Хармія, сына Заўдыя, сына Зары, з роду Юдавага.

19 Тады Ісус сказаў Ахану: сыне мой! узьнясі славу Госпаду Богу Ізраілеваму і зрабі перад Ім споведзь і абвясьці мне, што ты зрабіў; ня ўтоі ад мяне.

20 У адказ Ісусу Ахан сказаў: праўда, я зграшыў перад Госпадам Богам Ізраілевым і зрабіў тое і тое:

21 сярод здабычы ўбачыў я адну прыгожую Сэнарскую адзежыну і дзьвесьце сікляў срэбра і зьлітак золата вагою ў пяцьдзясят сікляў; гэта мне спадабалася, і я ўзяў гэта; і вось, яно схавана ў зямлі сярод намёта майго, і срэбра пад ім на сподзе.

22 Ісус паслаў людзей і яны пабеглі ў намёт; і вось, усё гэта схавана было ў намёце ягоным, і срэбра пад ім на сподзе.

23 Яны ўзялі гэта з намёта і прынесьлі да Ісуса і да ўсіх сыноў Ізраілевых і паклалі перад Госпадам.

24 Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім узялі Ахана, сына Зарынага, і срэбра, і вопратку, і зьлітак золата, і сыноў ягоных і дочак ягоных, і валоў ягоных і аслоў ягоных, і авечак ягоных і намёт ягоны, і ўсё, што ў яго было, і вывелі іх у даліну Ахор.

25 І сказаў Ісус: за тое, што ты навёў на нас бяду, Гасподзь на цябе наводзіць бяду ў дзень гэты. І пабілі яго ўсе Ізраільцяне камянямі, і спалілі іх агнём, і накідалі на іх каменьня.

26 І накідалі на яго вялікую крушню, якая ацалела і да сёньня. Пасьля гэтага аціхла лютасьць гневу Гасподняга. Якраз таму і называецца мясьціна далінаю Ахора да сёньня.

 

Разьдзел 8

 

1 Гасподзь сказаў Ісусу: ня бойся і не жахайся; вазьмі з сабою ўвесь народ, здольны ваяваць, і ўстаўшы, ідзі да Гаю; вось, Я аддаю ў рукі твае цара Гайскага і народ ягоны, і горад і зямлю ягоную;

2 і зрабі з Гаем і царом ягоным тое самае, што зрабіў ты зь Ерыхонам і царом ягоным, толькі здабычу яго і быдла ягонае падзялеце сабе. Зрабі засаду за горадам.

3 Ісус і ўвесь народ, здольны ваяваць, устаў, каб ісьці да Гаю, і выбраў Ісус трыццаць тысяч чалавек адважных і паслаў іх уначы,

4 і даў ім загад і сказаў: глядзеце, вы будзеце ў засадзе за горадам; не адыходзьцеся далёка ад горада і будзьце ўвесь час напагатове;

5 а я і ўвесь народ, які са мною, пойдзем да горада; і калі выступяць супроць нас, як і раней, дык мы пабяжым ад іх;

6 яны памкнуцца за намі, так што мы адвядзем іх ад горада; бо яны скажуць: «уцякаюць ад нас, як і раней»; калі мы пабяжым ад іх,

7 тады вы ўстаньце з засады і завалодайце горадам, і Гасподзь Бог ваш аддасьць яго ў рукі вашыя;

8 калі возьмеце горад, запалеце горад агнём, паводле слова Гасподняга зрабеце; глядзеце, я загадваю вам.

9 Такім чынам паслаў іх Ісус, і яны пайшлі ў засаду і заселі паміж Вэтылем і Гаем, з заходняга боку Гая; а Ісус тае ночы начаваў сярод народу.

10 Устаўшы рана раніцай, Ісус агледзеў народ, і пайшоў ён і старэйшыны Ізраілевыя паперадзе народу да Гая;

11 і ўвесь народ, здольны ваяваць, які быў зь ім, пайшоў, наблізіўся і падышоў да горада,

12 і паставіў табар з паўночнага боку Гая, а паміж ім і Гаем была даліна; потым узяў ён каля тысяч чалавек і пасадзіў іх у засадзе паміж Вэтылем і Гаем, з заходняга боку горада.

13 І народ разьмясьціў увесь табар, які быў з паўночнага боку горада, так што заходняя частка была з заходняга боку горада. І прыйшоў Ісус у тую ноч на сярэдзіну даліны.

14 Калі ўбачыў гэта цар Гайскі, адразу з жыхарамі горада, устаўшы рана, выступіў супроць Ізраіля на бітву, ён і ўвесь народ ягоны, на назначанае месца перад раўнінаю; а ён ня ведаў, што на яго ёсьць засада за горадам.

15 Ісус і ўвесь Ізраіль, нібыта разьбітыя ім, пабеглі да пустыні;

16 а яны клікнулі ўвесь народ, які быў у горадзе, каб гнаць іх і, гонячы Ісуса, аддаліліся ад горада;

17 у Гаі і ў Вэтылі не засталося ніводнага чалавека, які не пагнаўся б за Ізраілем; і горад свой яны пакінулі адчынены, гонячы Ізраіля.

18 Тады Гасподзь сказаў Ісусу: падымі дзіду, якая ў руцэ тваёй, на Гай, бо Я аддам яго ў рукі твае. Ісус падняў дзіду ў руцэ ягонай на горад.

19 Як толькі ён падняў руку сваю, засаднікі адразу ўсталі зь месца свайго і пабеглі, увайшлі ў горад і ўзялі яго і адразу запалілі горад агнём.

20 Жыхары Гая, азірнуўшыся, убачылі, што дым з горада падымаецца да неба. І ня было ім месца, куды бегчы - ні туды, ні сюды; бо народ, які бег да пустыні, павярнуўся на перасьледнікаў.

21 Ісус і ўвесь Ізраіль, убачыўшы, што засаднікі ўзялі горад, падымаўся дым ад горада, павярнуліся і пачалі біць жыхароў Гая;

22 а тыя з горада выйшлі насустрач ім, так што Гайцы былі ўсярэдзіне паміж Ізраільцянамі, адны зь якіх былі з таго боку, а другія з другога; так білі іх, што не пакінулі ніводнага зь іх ацалелага альбо беглага;

23 А цара Гайскага ўзялі жывога і прывялі яго да Ісуса.

24 Калі Ізраільцяне перабілі ўсіх жыхароў Гая на полі, у пустыні, куды яны гналі іх, і калі ўсе яны да апошняга палеглі ад меча, тады ўсе Ізраільцяне вярнуліся да Гая і пабілі яго вастрыём меча.

25 Загінуўшых у той дзень мужчын і жанчын, усіх жыхароў Гая, было дванаццаць тысяч.

26 Ісус не апускаў рукі сваёй, якую падняў зь дзідай, пакуль не аддаў заклёну ўсіх жыхароў Гая;

27 толькі быдла і задбычу горада гэтага Ізраільцяне падзялілі паміж сабою, паводле слова Госпада, якое сказаў Ісусу.

28 І спаліў Ісус Гай і абярнуў яго ў вечныя руіны, у пустыню, да сёньня;

29 а цара Гайскага павесіў на дрэве да вечара; а пасьля заходу сонца загадаў Ісус, і зьнялі труп яго з дрэва, і кінулі каля брамы гарадское, і накідалі над ім крушню каменьня, якая захавалася да сёньня.

30 Тады Ісус зладзіў ахвярнік Госпаду Богу Ізраілеваму на гары Гевал,

31 як наказаў Майсей, раб Гасподні, сынам Ізраілевым, пра што напісана ў кнізе закону Майсеевага, - ахвярнік з камянёў суцэльных, на якія не падымалі жалеза; і прынесьлі на ім цэласпаленьне Госпаду, і ўчынілі ахвяры мірныя.

32 І напісаў Ісус на камянях там сьпіс з закона Майсеевага, які ён напісаў перад сынамі Ізраілевымі.

33 Увесь Ізраіль, старэйшыны яго і наглядчыкі і судзьдзі ягоныя, сталі з таго і другога боку каўчэга насупраць сьвятароў лявітаў, якія носяць каўчэг запавета Гасподняга, як прыхадні, так і прыродныя жыхары, адна палавіна іх каля гары Гарызім, а другая палавіна каля гары Гевал, як раней загадаў Майсей, раб Гасподні, дабраслаўляць народ Ізраілеў:

34 І потым прачытаў усе словы закона, дабраславеньне і праклён, як напісана ў кнізе закона;

35 з усяго, што Майсей наказаў, ня было ніводнага слова, якога Ісус не прачытаў бы перад усім сходам Ізраіля і жанчынамі, і дзецьмі і прыхаднямі, якія былі сярод іх.

 

Разьдзел 9

 

1 Калі дачуліся пра гэта цары, якія жылі за Ярданам, на гары і на раўніне і па ўсім беразе вялікага мора блізь Лівана, Хэтэі, Амарэі, Хананэі, Фэрэзэі, Эвэі і Евусэі,

2 сабраліся разам, каб супольна ваяваць зь Ісусам і Ізраілем.

3 Але жыхары Гаваона, даведаўшыся, што Ісус зрабіў зь Ерыхонам і Гаем,

4 пайшлі на хітрасьць: запасьліся хлебам на дарогу і паклалі старыя мяхі на аслоў сваіх і старыя, падраныя і залатаныя мяхі віна;

5 і абутак на нагах у іх быў стары, з латкамі, і вопратка на іх старая; і ўвесь дарожны хлеб у іх быў чэрствы і зацьвілы.

6 Яны прыйшлі да Ісуса ў табар у Галгал і сказалі яму і ўсім Ізраільцянам: з даволі далёкай зямлі прыйшлі мы; дык вось, пастанавеце з намі спрымірэнства.

7 А Ізраільцяне сказалі Эвэям: можа, вы жывяце недалёка ад нас? як нам заключыць з вамі спрымірэнства?

8 Яны сказалі Ісусу: мы рабы твае. А Ісус сказаў ім: хто вы і адкуль прыйшлі?

9 Яны сказалі яму: з даволі далёкай краіны прыйшлі рабы твае ў імя Госпада Бога твайго; бо мы чулі пра славу Ягоную і пра ўсё, што зрабіў Ён у Егіпце,

10 і пра ўсё, што Ён зрабіў двум царам Амарэйскім, якія па той бок Ярдана, Сігону, цару сэвонскаму, і Огу, цару Васанскаму, які ў Астароце.

11 Старэйшыны нашыя і ўсе жыхары нашай зямлі сказалі нам: вазьмеце ў рукі вашыя хлеба на дарогу і ідзеце насустрач ім і скажэце ім: «мы рабы вашыя; і гэтак пастанавеце з намі спрымірэнства».

12 Гэты хлеб наш з дамоў нашых мы ўзялі цёплы ў той дзень, як выправіліся да вас, а цяпер вось, ён зрабіўся сухі і цьвілы;

13 і гэтыя мяхі зь віном, якія мы налілі новыя, вось, падраліся; і гэтая вопратка наша і абутак наш знасіліся ад даволі далёкай дарогі.

14 Ізраільцяне ўзялі іхняга хлеба, а ў Госпада ня спыталіся.

15 І пастанавіў Ісус зь імі мір і паклаў зь імі ўмову пра тое, што ён захавае ім жыцьцё; і прысягнулі ім правадыры супольства.

16 А праз тры дні, як спрымірыліся яны зь імі, даведаліся, што яны суседзі іхнія і жывуць паблізу ад іх;

17 бо сыны Ізраілевыя, выправіўшыся ў дарогу, прыйшлі ў горад іхні на трэці дзень; а гарады іхнія: Гаваон, Кефіра, Бээрот і Кірыят-Ярым.

18 Сыны Ізраілевыя не пабілі іх, бо правадыры супольства прысягнуліся ім Госпадам Богам Ізраілевым. За ўсё гэта супольства пачало наракаць на правадыроў.

19 Усе правадыры сказалі ўсяму супольству: мы прысягалі ім Госпадам Богам Ізраілевым і таму ня можам чапаць іх;

20 а вось што зь імі зробім: пакінем іх жывых, каб не паўстаў на нас гнеў за прысягу, якою мы запрысянуліся ім.

21 І сказалі ім правадыры: няхай яны жывуць, але будуць сячы дровы і чэрпаць ваду на ўсё супольства, як сказалі ім правадыры.

22 Ісус паклікаў іх і сказаў: навошта вы ашукалі нас, сказаўшы: «мы даволі далёка ад вас», тым часам як вы жывяце блізка ад нас?

23 за гэта праклятыя вы! бясконца вы будзеце рабамі, будзеце сячы дровы і чэрпаць ваду дому Бога майго!

24 Яны ў адказ Ісусу сказалі: дайшло да ведама рабоў тваіх, што Гасподзь Бог твой загадаў Майсею, рабу Свайму, даць вам усю зямлю і загубіць усіх жыхароў гэтай зямлі перад абліччам вашым; таму мы вельмі баяліся, каб вы не пазбавілі нас жыцьця, і зрабілі гэта;

25 Цяпер вось мы ў руцэ тваёй. Як лепей і справядлівей пакажацца зрабіць з намі, так і зрабі.

26 І зрабіў зь імі так: забраў іх з рук сыноў Ізраілевых, і тыя не забілі іх;

27 і вырашыў таго ж дня Ісус, каб яны секлі дровы і чэрпалі ваду ўсяму супольству і для ахвярніка Гасподняга; трывае гэта аж да сёньня, у мясьціне, якую выбраў.

 

Разьдзел 10

 

1 Калі Аданісэдэк, цар Ерусалімскі, дачуўся, што Ісус узяў Гай і аддаў яго праклёну, і што гэтак сама зрабіў з Гаем і царом яго, як зрабіў і зь Ерыхонам і царом яго, і што жыхары Гаваона пастанавілі спрымірэнства зь Ізраілем і засталіся сярод іх,

2 тады ён вельмі спалохаўся, бо Гаваон горад вялікі, як адзін з царскіх гарадоў, і большы за Гай, і ўсе жыхары яго людзі адважныя.

3 Таму Аданісэдэк, цар Ерусалімскі, паслаў да Гагама, цара Хэўронскага і да Фірама, цара Ярмуцкага, і да Яфія, цара Дахіскага, і да Дэвіра, цара Эглонскага, каб сказаць:

4 прыйдзеце да мяне і памажэце мне пабіць Гаваон за тое, што ён спрымірыўся зь Ісусам і сынамі Ізраілевымі.

5 Яны сабраліся, і пайшлі пяць цароў Амарэйскіх: цар Ерусалімскі, цар Хэўронскі, цар Ярмуцкі, цар Эглонскі, яны і ўсё рушэньне іхняе і спыніліся табарам каля Гаваона, каб ваяваць зь ім.

6 Жыхары Гаваона паслалі да Ісуса ў табар, у Галгал, сказаць: не адвядзі рукі тваёй ад рабоў тваіх; прыйдзі да нас хутчэй, выратуй нас і дай нам дапамогі; бо сабраліся супроць нас усе цары Амарэйскія, якія жывуць на горах.

7 Ісус пайшоў з Галгала сам, і зь ім увесь народ, здольны ваяваць, і ўсе мужчыны адважныя.

8 І сказаў Гасподзь Ісусу: ня бойся іх, бо Я аддаў іх у рукі табе: ніхто зь іх ня ўстоіць перад абліччам тваім.

9 І прыйшоў на іх Ісус раптоўна, бо ўсю ноч ішоў ён з Галгала.

10 Гасподзь наслаў на іх разгубленасьць, калі ўбачылі Ізраільцянаў, і яны пабілі іх у Гаваоне моцным разгромам, і гналі іх па дарозе да ўзвышшаў Вэтарона, і білі іх да Азэка і да Македа.

11 А калі яны беглі ад Ізраільцянаў па схіле гары Вэтаронскай, Гасподзь кідаў па іх зь нябёсаў вялікімі камянямі да самага Азэка, і яны гінулі: болей было тых, якія загінулі ад камянёў, чым тых, каго забілі сыны Ізраілевыя мечам.

12 Ісус заклікаў Госпада ў той дзень, у які аддаў Гасподзь Амарэяў у рукі Ізраілю, калі пабіў іх у Гаваоне, і яны былі пабітыя перад абліччам сыноў Ізраілевых, і сказаў перад Ізраільцянамі: стой, сонца, над Гаваонам, і месяц, над далінаю Аялонскаю!

13 І спынілася сонца, і месяц стаяў, пакуль народ помсьціў ворагам сваім. Ці ж ня гэта напісана ў кнізе Справядлівага: стаяла сонца сярод неба і не сьпяшалася на захад амаль цэлы дзень?

14 І ня было такога дня ні раней, ні пасьля таго, у які Гасподзь слухаў бы голас чалавечы. Бо Гасподзь змагаўся за Ізраіля.

15 Потым вярнуўся Ісус і ўвесь Ізраіль зь ім у табар, у Галгале.

16 А тыя пяць цароў уцяклі і схаваліся ў пячоры ў Македзе.

17 Калі Ісусу данесьлі і сказалі: «знайшліся пяць цароў, яны хаваюцца ў пячоры ў Македзе»,

18 Ісус сказаў: «прывалеце вялікія камяні да вусьця пячоры і прыстаўце да яе людзей пільнаваць іх;

19 а вы ня спыняйцеся, а перасьледуйце ворагаў вашых і зьнішчайце заднюю частку войска іхняга і не давайце ім уцячы ў гарады іхнія, бо Гасподзь Бог ваш аддаў іх у рукі вашыя».

20 Пасьля таго як Ісус і сыны Ізраілевыя цалкам пабілі іх вельмі вялікім разгромам, і рэшткі іх паўцякалі ў гарады ўмацаваныя,

21 увесь народ вярнуўся ў табар да Ісуса ў Македзе зь мірам, і ніхто з сыноў Ізраілевых не паварушыў языком сваім.

22 Тады Ісус сказаў: адчынеце вусьце пячоры і выведзіце да мяне зь пячоры пяці цароў тых.

23 Так і зрабілі: вывелі да яго зь пячоры пяці цароў тых: цара Ерусалімскага, цара Хэўронскага, цара Ярмуцкага, цара Ліхіскага і цара Эглонскага.

24 Калі вывелі цароў гэтых да Ісуса, Ісус заклікаў усіх Ізраільцян і сказаў правадырам войска, якія хадзілі зь ім: падыдзеце, наступеце нагамі вашымі на шыі царам гэтым. Яны падышлі і наступілі нагамі сваімі на шыі ім.

25 Ісус сказаў ім: ня бойцеся і не жахайцеся, будзьце цьвёрдыя і мужныя; бо так зробіць Гасподзь з усімі ворагамі вашымі, зь якімі будзеце ваяваць.

26 Потым пакараў іх Ісус і забіў іх і павесіў іх на пяці дрэвах: і віселі яны на дрэвах да вечара.

27 А як заходзіла сонца, загадаў Ісус, і зьнялі іх з дрэваў, і кінулі іх у пячору, у якой яны хаваліся, і прывалілі вялікія камяні да вусьця пячоры, якія там да сёньня.

28 Таго ж самага дня ўзяў Ісус Макед, і пабіў яго мечам і цара яго, і пракляў іх і ўсё, што дыхала, што было ў ім: нікога не пакінуў, хто б ацалеў; і зрабіў з царом Македскім гэтак сама, як і з царом Ерыхонскім.

29 І пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім з Македа да Ліўны і ваяваў супроць Ліўны;

30 і аддаў Гасподзь і яе ў рукі Ізраілю, і цара яе, і зьнішчыў яе Ісус мечам і ўсё, што дыхала, што было ў ёй: нікога не пакінуў у ёй, хто б ацалеў, і зрабіў з царом яе гэтак сама, як і з царом Ерыхонскім.

31 Зь Ліўны пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім да Лахіса і разьмясьціўся каля яго табарам і ваяваў супроць яго;

32 і аддаў Гасподзь Лахіс у рукі Ізраілю, і ўзяў ён яго на другі дзень, і пабіў яго мечам і ўсё, што дыхала, што было ў ім, так як абышоўся зь Ліўнаю.

33 Тады прыйшоў на дапамогу Лахісу Гаарм, цар Газэрскі; але Ісус пабіў яго і народ ягоны так, што нікога ў яго не пакінуў, хто б ацалеў.

34 І пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім з Лахіса да Эглона і разьмясьціўся каля яго табарам і ваявалі супроць яго;

35 і ўзялі яго таго ж самага дня і пабілі яго мечам, і ўсё, што дыхала, што было ў ім у той дзень, пракляў ён, як зрабіў з Лахісам.

36 І пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім з Эглона да Хэўрона і ваявалі супроць яго;

37 і ўзялі яго і пабілі яго мечам, і цара яго, і ўсе гарады яго, і ўсё, што дыхала, што было ў ім; нікога не пакінуў, хто б ацалеў, як зрабіў ён і з Эглонам: пракляў яго і ўсё, што дыхала, што было ў ім.

38 Потым зьвярнуўся Ісус і ўвесь Ізраіль зь ім да Давіра і ваяваў супроць яго;

39 і ўзяў яго і цара яго, і пабілі іх мечам, і праклялі ўсё, што дыхала, што было ў ім: нікога не засталося, хто ацалеў бы; як зрабіў з Хэўронам і з царом яго, так зрабіў з Давірам і царом яго, і як абышоўся зь Ліўнаю і царом яе.

40 І пабіў Ісус усю зямлю нагорную, і нізкія мясьціны і зямлю каля гор, і ўсіх цароў іх: нікога не пакінуў, хто ацалеў бы, і ўсё, што дыхала, пракляў, як загадаў Гасподзь Бог Ізраілеў;

41 пабіў іх Ісус ад Кадэс-Варні да Газы і ўсю зямлю Гашэн аж да Гаваона;

42 і ўсіх цароў гэтых і землі іхнія Ісус узяў адным разам, бо Гасподзь Бог Ізраілеў змагаўся за Ізраіля.

43 Потым Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім вярнуліся ў табар, у Галгале.

 

Разьдзел 11

 

1 Пачуўшы гэта, Явін, цар Асорскі, паслаў да Ёвава, цара Мадонскага, і да цара Шымронскага, і да цара Ахсафскага,

2 і да цароў, якія жылі на поўначы на гары і на раўніне з паўднёвага боку Хінэрота, і на нізкіх мясьцінах, і ў Нафот-Доры на захад,

3 да Хананэяў, якія жылі на ўсход і да мора, да Амарэяў і Хэтэяў, да Фэрэзэяў і да Евусэяў, якія жылі на гары, і да Эвэяў, якія жылі каля Эрмона ў зямлі Масіфе.

4 І выступілі яны і ўсё рушэньне іхняе зь імі шматлікі народ, які мноствам раўняўся пяску марскому на беразе; і коней і калясьніц было вельмі многа.

5 І сабраліся ўсе цары гэтыя, і прыйшлі і разьмясьціліся табарам разам каля водаў Мэромскіх, каб зацяцца зь Ізраілем.

6 Але Гасподзь сказаў Ісусу: ня бойся іх, бо заўтра, пад гэты самы час, Я аддам усіх на пабіваньне Ізраіля; а коням іхнім падрэж жылы і калясьніцы іхнія спалі агнём.

7 Ісус і зь ім увесь народ, здольны ваяваць, неспадзявана выйшлі на іх да водаў Мэромскіх і напалі на іх.

8 І аддаў іх Гасподзь у рукі Ізраільцянам, і пабілі яны іх, і гналіся за імі да Сідона вялікага і да Місрэфот-Маіма і да даліны Міцфы на ўсход, і перабілі іх, так што нікога зь іх не засталося, хто ацалеў бы.

9 І абышоўся Ісус зь імі так, як сказаў яму Гасподзь: коням іх перарэзаў жылы і калясьніцы іхнія спаліў агнём.

10 Тым самым часам Ісус, вярнуўшыся, узяў Асор і цара яго забіў мечам;

11 і пабілі ўсё, што дыхала, што было ў ім, мечам, пракляўшы: не засталося ніводнай душы; а Асор спаліў ён агнём.

12 І ўсе гарады цароў гэтых і ўсіх цароў іх узяў Ісус і пабіў мечам, пракляўшы іх, як загадаў Майсей, раб Гасподні;

13 зрэшты, усе гарады, што ляжалі на ўзвышшы, не палілі Ізраільцяне, апрача аднаго Асора, які спаліў Ісус.

14 А ўсю здабычу з гарадоў гэтых і быдла разрабавалі сыны Ізраілевыя сабе; а людзей усіх перабілі мечам, так што вынішчылі ўсіх іх: не пакінулі ніводнай душы.

15 Як загадаў Гасподзь Майсею, рабу Свайму, так Майсей наказаў Ісусу, а Ісус так і зрабіў: не адступіўся ад ніводнага слова ва ўсім, што загадаў Гасподзь Майсею.

16 Такім чынам Ісус узяў усю гэтую нагорную зямлю, усю зямлю паўднёвую, усю зямлю Гашэн і нізінныя мясьціны, і раўніну і гару Ізраілевую, і нізінныя мясьціны каля гары,

17 ад гары Халак, якая прасьціраецца да Сэіра, да Ваал-Гада ў даліне Ліванскай, каля гары Эрмона, і ўсіх цароў іх узяў, пабіў іх і пазабіваў.

18 Доўгі час Ісус вёў вайну з усімі гэтымі царамі.

19 ня было горада, які заключыў бы мір з сынамі Ізраілевымі, апрача Эвэяў, жыхароў Гаваона: усё ўзялі яны вайною;

20 бо ад Госпада было тое, што яны зжарсьцьвілі сэрца сваё і вайною сустракалі Ізраіля - дзеля таго, каб былі праклятыя і каб ня было ім літасьці, а каб зьнішчаны былі так, як загадаў Гасподзь Майсею.

21 Тым самым часам прыйшоў Ісус і пабіў Энакімаў на гары, у Хэўроне, у Давіры, у Анаве, на ўсёй гары Юдавай і на ўсёй гары Ізраілевай; з гарадамі іхнімі аддаў іх Ісус праклёну;

22 не засталося ніводнага з Энакімаў у зямлі сыноў Ізраілевых, засталіся толькі ў Газе, у Гэце і ў Азоце.

23 Такім чынам узяў Ісус усю зямлю, як казаў Гасподзь Майсею, і аддаў яе Ісус Ізраільцянам, разьдзельна па плямёнах іхніх. І супакоілася зямля ад вайны.

 

Разьдзел 12

 

1 Вось цары той зямлі, якіх пабілі сыны Ізраілевыя і зямлю якіх узялі ў спадчыну па той бок Ярдана на ўсход сонца, ад патока Арнона да гары Эрмона, і ўсю раўніну на ўсход:

2 Сігон, цар Амарэйскі, які жыў у Эсэвоне і валодаў ад Араера, што каля берага патока Арнона, і ад сярэдзіны патока палавінаю Галаада, да патока Явока, мяжы Аманіцянаў,

3 і раўнінаю да самага мора Хінэрэцкага на ўсход і да мора раўніны, мора Салёнага, на ўсход па дарозе да Бэт-Эшымота, а на поўдзень мясьцінамі каля падножжа Фасгі.

4 Сумежны Ог, цар Васанскі, апошні з Рэфаімаў, які жыў у Астароце і ў Эдрэі,

5 і валодаў гарою Эрмонам і Салхою, і ўсім Васанам, да мяжы Гесурскай і Маахскай, і палавінаю Галаада, да мяжы Сігона, цара Эсэвонскага.

6 Майсей, раб Гасподні, і сыны Ізраілевыя забілі іх; і даў яе Майсей, раб Гасподні, у спадчыну племю Рувімаваму, і Гадаваму і палавіне племя Манасіінага.

7 І вось цары зямлі, якіх пабіў Ісус і сыны Ізраілевыя па гэты бок Ярдана на захад, ад Ваал-Гада ў даліне Ліванскай да Халака, гары, што прасьціраецца да Сэіра, якую аддаў Ісус плямёнам Ізраілевым у спадчыну, пасьля падзелу іх,

8 на гары, на нізінных мясьцінах, на раўніне, на мясьцінах каля гор, і ў пустыні і на поўдні, Хэтэяў, Амарэяў, Хананэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў і Евусэяў:

9 адзін цар Ерыхона, адзін цар Гая, што каля Вэтыля,

10 адзін цар Ерусаліма, адзін цар Хэўрона,

11 адзін цар Ярмута, адзін цар Лахіса,

12 адзін цар Эглона, адзін цар Газэра,

13 адзін цар Давіра, адзін цар Гадэра,

14 адзін цар Хормы, адзін цар Арада,

15 адзін цар Ліўны, адзін цар Адалама,

16 адзін цар Македа, адзін цар Вэтыля,

17 адзін цар Тапуаха, адзін цар Хэфэра,

18 адзін цар Афэка, адзін цар Шарона,

19 адзін цар Мадона, адзін цар Асора,

20 адзін цар Шымрон-Мэрона, адзін цар Ахсафа,

21 адзін цар Таанаха, адзін цар Мэгідона,

22 адзін цар Кедэса, адзін цар Ёкнэама каля Кармілы,

23 адзін цар Дора каля Нафат-Дора, адзін цар Гаіма ў Галгале,

24 адзін цар Тырцы. Усіх цароў трыццаць адзін.

 

Разьдзел 13

 

1 Калі Ісус пастарэў, увайшоў у сталы век, тады Гасподзь сказаў яму: ты састарыўся, увайшоў у сталы век, а зямлі браць у спадчыну застаецца яшчэ многа.

2 Застаецца гэта зямля: усе акругі Філістымскія і ўся зямля Гесурская.

3 Ад Сіхора, што перад Егіптам, да межаў Экрона на поўнач, лічацца Ханаанскімі пяць валадароў Філістымскіх: Газскі, Азоцкі, Аскалонскі, Гэцкі, Экронскі і Авэйскі,

4 а на поўдзень уся зямля Ханаанская ад Мэары Сідонскай да Афэка, да межаў Амарэйскіх,

5 таксама зямля Геўла і ўвесь Ліван на ўсход сонца ад Ваал-Гада, каля гары Эрмона, да ўваходу ў Эмат.

6 Усіх горных жыхароў ад Лівана да Місрэфот-Маіма, усіх Сіданянаў Я праганю ад аблічча сыноў Ізраілевых. Падзялі ж яе ў надзел Ізраілю, як Я загадаў табе:

7 падзялі зямлю гэтую ў надзел дзевяці плямёнам і палавіне калена Манасіінага.

8 А калена Рувімавае і Гадавае з другою палавінаю калена Манасіінага атрымалі надзел свой ад Майсея за Ярданам на ўсход, як даў ім Майсей, раб Гасподні,

9 ад Араэра, які на беразе патока Арнона, і горад, які сярод патока, і ўсю раўніну Мэлдэву да Дывона;

10 таксама ўсе гарады Сігона, цара Амарэйскага, які валадарыў у Эсэвоне, да межаў Аманіцкіх,

11 таксама Галаал і вобласьць Гесурскую і Маахскую, і ўсю гару Эрмон і ўвесь Васан да Салхі,

12 усё царства Ога Васанскага, які валадарыў у Аштароце і ў Эдрэі. Ён заставаўся адзін з Рэфаімаў, якіх Майсей пабіў і прагнаў.

13 Але сыны Ізраілевыя ня выгналі сыноў Гесура і Маахі, і жыве Гесур і Мааха сярод Ізраіля да сёньня.

14 Толькі калену Лявіінаму ня даў ён надзелу: ахвяры Госпада Бога Ізраілевага вось надзел ягоны, як сказаў яму Гасподзь.

15 калену сыноў Рувімавых паводле плямёнаў іхніх даў надзел Майсей:

16 Мяжою іх быў Араэр, які на беразе патока Арнона, і горад, Які сярод патока, і ўся раўніна каля Мэдэвы,

17 Эсэвон і ўсе гарады яго, якія на раўніне, і Дывон, Вамот-Ваал і Бэт-Мэон,

18 Яаца, Кедэмот і Мэфаат,

19 Кірыятаім, Сіўма і Цэрэт-Шахар на гары Эмэк,

20 Бэт-Фэгор і мясьціны ля падножжа Фасгі і Бэт-Ешымот,

21 і ўсе гарады на раўніне, і ўсё царства Сігона, цара Амарэйскага, які валадарыў у Эсэвоне, якога забіў Майсей як і правадыроў Мадыямскіх, Эвія і Рэкема, і Цура і Хура і Рэву, князёў Сігонавых, якія жылі ў зямлі той;

22 таксама Валаама, сына Вэоравага, празарліўца, забілі сыны Ізраілевыя мечам у ліку забітых імі.

23 Мяжою сыноў Рувімавых быў Ярдан. Вось надзел сыноў Рувімавых паводле плямёнаў іхніх, гарады і сёлы іхнія.

24 Майсей даў таксама надзел калену Гадаваму, сынам Гадавым, паводле плямёнаў іхніх:

25 мяжою іхняй быў Язэр і ўсе гарады Галаадскія, і палавіна зямлі сыноў Амонавых да Араэра, што перад Раваю,

26 і землі ад Эсэвона Рамат-Міцфы і Вэтаніма і ад Маханаіма да межаў Давіра,

27 і ў даліне Бэт-Гарам і Бэт-Німра і Сакхот і Цафон, рэшта царства Сігонавага, цара Эсэвонскага; мяжою яго быў Ярдан да мора Хінэрэцкага за Ярданам на ўсход.

28 Вось надзел сыноў Гадавых паводле родаў іхніх, гарады і сёлы іхнія.

29 Майсей даў надзел і палавіне племя Манасіінага, які належаў палавіне племя сыноў Манасііных, паводле родаў іхніх;

30 мяжа іх была: ад Маханаіма ўвесь Васан, усё валадарства Ога, цара Васанскага, і ўсе селішчы Яіравыя, што ў Васане, шэсьцьдзясят гарадоў;

31 а палавіна Галаада і Астарот і Эдрэя, царскія гарады Ога Васанскага, сынам Махіра, сына Манасіінага, палавіне сыноў Махіравых, паводле родаў іхніх.

32 Вось, што Майсей даў у надзел на раўнінах Маавіцкіх за Ярданам насупраць Ерыхона на ўсход.

33 А племю Лявіінаму Майсей ня даў надзела: Гасподзь Бог Ізраілеў Сам ёсьць надзел іхні, як Ён казаў ім.

 

Разьдзел 14

 

1 Вось, што атрымалі ў надзел сыны Ізраілевыя ў зямлі Ханаанскай, што падзяліў ім у надзел Элеазар сьвятар і Ісус, сын Наваў, і правадыры пакаленьняў у плямёнах сыноў Ізраілевых;

2 па жэрабі дзялілі яны, як загадаў Гасподзь праз Майсея, дзевяці плямёнам і палавіне племя Манасіінага,

3 бо двум плямёнам і палавіне племені Гасподзь даў надзел за Ярданам, а лявітам ня даў надзелу сярод іх;

4 бо ад сыноў Язэпавых пайшлі два племі: Манасіінае і Яфрэмавае: таму яны і не далі лявітам часткі ў зямлі, а толькі гарады на жыхарства з прадмесьцямі іх пад быдла іхняе і дзеля выгодаў іхніх.

5 Як загадаў Гасподзь Майсею, так зрабілі сыны Ізраілевыя, калі дзялілі надзелы.

6 Сыны Юдавыя прыйшлі ў Галгал да Ісуса. І сказаў яму Халеў, сын Ефаніі, Кенэзіянін: ты ведаеш, што казаў Гасподзь Майсею, чалавеку Божаму, пра мяне і пра цябе ў Кадэс-Варне:

7 мне было сорак гадоў, калі Майсей, раб Гасподні, пасылаў мяне з Кадэс-Варні агледзець зямлю, і я прынёс яму адказ, што было ў мяне на сэрцы:

8 браты мае, якія хадзілі са мною, прывялі ў нясьмеласьць сэрца народу, а я дакладна сьледаваў Госпаду Богу майму;

9 і прысягаў Майсей таго дня і сказаў: «зямля, па якой хадзіла нага твая, будзе надзелам табе і дзецям тваім вавек, бо ты дакладна пасьледаваў Госпаду Богу майму»;

10 дык вось, Гасподзь пакінуў мяне жывога, як Ён казаў; ужо сорак пяць гадоў прайшло з таго часу, калі Гасподзь сказаў Майсею слова гэтае, і Ізраіль хадзіў па пустыні; цяпер, вось, мне восемдзесят пяць гадоў;

11 але і цяпер я такі самы моцны, як і тады, калі пасылаў мяне Майсей: колькі тады ў мяне было сілы, столькі і цяпер ёсьць на тое, каб ваяваць і выходзіць і ўваходзіць;

12 дык вось, дай мне гэтую гару, пра якую казаў Гасподзь у той дзень; бо ты чуў у той дзень, што там сыны Энакавыя, і гарады ў іх вялікія і ўмацаваныя; магчыма, Гасподзь са мною, і я выганю іх, як казаў Гасподзь.

13 Ісус дабраславіў яго, і даў у надзел Халеву, сыну Ефаніінаму, Хэўрон.

14 Такім чынам Хэўрон застаўся надзелам Халева, сына Ефаніінага, Кенэзіяніна, да сёньня, за тое, што ён дакладна пашоў за Госпадам Богам Ізраілевым.

15 Імя ў Хэўрона раней было Кірыят-Арбы, як называўся сярод сыноў Энака адзін чалавек вялікі. І зямля супакоілася ад вайны.

 

Разьдзел 15

 

1 Жэрабя племю сыноў Юдавых, паводле родаў іхніх, выпала такое: сумежна зь Ідумэяю была пустыня Сін, на поўдзень, пры канцы Тэмана;

2 паўднёвай мяжою іх быў край мора Салёнага ад затокі, якая прасьціралася на поўдзень;

3 на поўдні ідзе яна да ўзвышша Акравімскага, праходзіць Цын і, падымаючыся з паўднёвага боку да Кадэс-Варны, праходзіць Хецрон і, падымаючыся да Адара, паварочвае ў Каркаі,

4 потым праходзіць Ацмон, ідзе да патоку Егіпецкага, так што канец гэтай мяжы ёсьць мора. Гэта будзе ваша паўднёвая мяжа.

5 А мяжою на ўсход мора Салёнае, да ўтоку Ярдана; а мяжа з паўночнага боку ад затокі мора, ад утоку Ярдана;

6 адсюль мяжа падымаецца да Бэт-Хоглы і праходзіць з паўночнага боку да Бэт-Аравы, і ідзе мяжа ўгору да каменя Багана, сына Рувімавага;

7 потым падымаецца мяжа да Давіра ад даліны Ахор і на поўначы паварочвае да Галгала, які насупраць узвышша Адуміма, што з паўднёвага боку патока; адсюль мяжа праходзіць да водаў Эн-Шэмэша і канчаецца каля Эн-Рагела;

8 адсюль мяжа ідзе ўгору да даліны сына Эномавага з паўднёвага боку Евуса, які ёсьць Ерусалім, і падымаецца мяжа на вяршыню гары, якая на захад насупраць даліны Эномавай, якая на краі даліны Рэфаімаў на поўнач;

9 ад вяршыні гары мяжа паварочвае да крыніцы водаў Нэфтоах і ідзе да гарадоў гары Эфрона, і паварочвае мяжа да Ваала, які ёсьць Кірыят-Ярым;

10 потым паварочвае мяжа ад Ваала да мора, да гары Сэіра, і ідзе паўночным схілам гары Еарым, якая ёсьць Кесалон, і, сыходзячы да Вэтсаміса, праходзіць праз Тымну;

11 адсюль мяжа ідзе паўночным бокам Экрона, і паварочвае мяжа да Шыкарона, праходзіць праз гару Ваал і даходзіць да Яўнэіла, і канчаецца мяжа каля мора. Заходнюю мяжу ўтварае вялікае мора.

12 Вось мяжа сыноў Юдавых з родамі іхнімі з усіх бакоў.

13 І Халеву, сыну Ефаніінаму даў частку сярод сыноў Юдавых, як загадаў Гасподзь Ісусу: Кірыят-Арбы, бацькі Энакавага, інакш Хэўрон.

14 І выгнаў адтуль Халеў трох сыноў Энакавых: Шэшая, Ахімана і Талмая, дзяцей Энакавых.

15 Адсюль Халеў пайшоў супроць жыхароў Давіра.

16 І сказаў Халеў: хто разаб'е Кірыят-Сэтэр і возьме яго, таму аддам Ахсу, дачку маю, за жонку.

17 І ўзяў яго Гатанііл сын Кеназа, брата Халевавага, і аддаў ён за жонку яму Ахсу, дачку сваю.

18 І сталася, як яна мела ісьці, дык намовілі яе прасіць у бацькі свайго поля. І яна зышла з асла, а Халеў сказаў ёй: што табе?

19 Яна сказала: дай мне дабраславеньне: ты даў мне зямлю паўднёвую, дай мне і крыніцы водаў. І даў ён ёй крыніцы верхнія і крыніцы ніжнія.

20 Вось надзел племю сыноў Юдавых, паводле родаў іхніх:

21 гарады з краю плямёнаў сыноў Юдавых сумежныя з Ідумэяй на поўдні былі: Каўцэіл, Эдэр і Ягур,

22 Кіна, Дымона, Адада,

23 Кедэс, Асор і Ітнан,

24 Зіф, Тэлэм і Валот,

25 Гацор-Кадата, Кірыят, Хэцрон, інакш Гацор,

26 Амам, Шэма і Малада,

27 Хацар-Гада, Хэшмон і Вэт-Палет,

28 Хацар-Шуал, Вірсавія і Візіятэя,

29 Ваала, Іім і Ацэм,

30 Элталад, Кесід і Хорма,

31 Цыклаг, Мадмана і Сансана,

32 Леваот, Шэліхім, Аін і Рымон: усяго дваццаць дзевяць гарадоў зь сёламі.

33 На нізінных мясьцінах: Эштаол, Цора і Ашна,

34 Занаах, Эн-Ганім, Тапуах і Гаэнам,

35 Ярмут, Адалам, Соха і Азэка,

36 Шаараім, Адытаім, Гедэра альбо Гедэратаім: чатырнаццаць гарадоў зь іх сёламі.

37 Цэнан, Хадаша, Міглдал-Гад,

38 Дылеан, Міцфэ і Ёктэіл,

39 Лахіс, Вацкат і Эглон,

40 Хабон, Лахмас і Хітліс,

41 Гедэрот, Бэт-Дагон, Наэма і Мэкед: шаснаццаць гарадоў зь іх сёламі.

42 Ліўна, Этэр і Ашан,

43 Іфтах, Ашна і Нэцыў,

44 Кеіла, Ахзіў і Марэша: дзевяць гарадоў зь іх сёламі.

45 Экрон з залежнымі ад яго гарадамі і сёламі.

46 І ад Экрона да мора ўсё, што каля Азота, зь сёламі іх,

47 Азот, залежныя ад яго гарады і сёлы яго, Газа, залежныя ад яе гарады і сёлы яе, да самага патока Егіпецкага і вялікага мора, якое ёсьць мяжа.

48 На горах: Шамір, Ятыр і Соха,

49 Дана, Кірыят-Сана, інакш Давір,

50 Анат, Эштэма і Анім,

51 Гашэн, Халон і Гіла: адзінаццаць гарадоў зь іх сёламі.

52 Араў, Дума і Эшан,

53 Янум, Бэт-Тапуах і Афэка,

54 Хумта, Кірыят-Арбы, інакш Хэўрон, і Цыгор: дзевяць гарадоў зь іх сёламі.

55 Маон, Карміл, Зіф і Юта,

56 Іўзрээль, Ёкдам і Занаах,

57 Каін, Гіва і Тымна: дзесяць гарадоў зь іх сёламі.

58 Халхуд, Бэт-Цур і Гедор,

59 Маарат, Бэт-Анот і Элтэкон: шэсьць гарадоў зь іх сёламі.

60 Кірыят-Ваал, інакш Кірыят-Ярым і Арава: два гарады зь іх сёламі.

61 У пустыні: Бэт-Арава, Мідын і Сэкаха,

62 Ніўшан, Ір-Мэлэх і Эн-Геды: шэсьць гарадоў зь іх сёламі.

63 А Евусэяў, жыхароў Ерусаліма, не маглі выгнаць сыны Юдавыя, і таму Евусэі жывуць з сынамі Юды ў Ерусаліме аж да сёньня.

 

Разьдзел 16

 

1 Потым выпала жэрабя сынам Язэпавым: ад Ярдана каля Ерыхона, каля водаў Ерыхонскіх на ўсход, пустыня, што прасьціралася ад Ерыхона да гары Вэтыльскай;

2 ад Вэтыля ідзе мяжа да Луза і пераходзіць да мяжы Архі да Атарота,

3 і апускаецца да мора, да мяжы Яфлета, да мяжы ніжняга Бэт-Арона і да Газэра, і канчаецца каля мора.

4 Гэта і атрымалі ў надзел сыны Язэпа: Манасія і Яфрэм.

5 Мяжа сыноў Яфрэмавых паводле родаў іхніх была: з усходу мяжою надзелу іхняга быў Атарот-Адар да Бэт-Арона верхняга;

6 потым ідзе мяжа да мора паўночным бокам Міхмэтата і паварочвае да ўсходняга боку Таанат-Сілома і праходзіць яго з усходняга боку Яноха;

7 ад Яноха, сыходзячы да Атарота і Наарата, прымыкае да Ерыхона і даходзіць да Ярдана;

8 ад Тапуаха ідзе мяжа да мора, да патока Каны, і канчаецца морам. Вось надзел племю сыноў Яфрэмавых, паводле родаў іхніх.

9 І гарады аддзелены сынам Яфрэмавым у надзеле сыноў Манасііных, усе гарады зь сёламі іх.

10 Але ня выгналі Хананэяў, якія жылі ў Газэры; таму Хананэі жылі сярод Яфрэмавых да сёньня, плацячы ім даніну.

 

Разьдзел 17

 

1 І выпала жэрабя калену Манасіінаму, бо ён быў першынец Язэпаў. Махіру, першынцу Манасіі, бацьку Галалада, адважнаму на вайне, дастаўся Галаад і Васан.

2 Дасталіся надзелы і астатнім сынам Манасіі, паводле родаў іхніх, і сынам Авіезэра, і сынам Хэлэка, і сынам Асрыіла, і сынам Шэхэма, і сынам Хэфэра, і сынам Шэміды. Вось дзеці Манасіі, сына Язэпавага, мужчынскага полу, паводле родаў іхніх.

3 А ў Салпаада, сына Хэфэравага, сына Галаадавага, сына Махіравага, сына Манасіінага, ня было сыноў, а дочкі. Вось імёны дочак ягоных: Махла, Ноа, Хогла, Мілка і Тырца.

4 Яны прыйшлі да сьвятара Элеазара, і да Ісуса, сына Нававага, і да правадыроў, і сказалі: Гасподзь загадаў Майсею даць нам надзел сярод братоў нашых. І дадзены ім надзел, паводле загаду Гасподняга, сярод братоў бацькі іхняга.

5 І выпала Манасіі дзесяць дзялянак, акрамя зямлі Галаадскай і Васанскай, якая за Ярданам;

6 бо дочкі сыноў Манасіі атрымалі надзел сярод сыноў ягоных, а зямля Галаадская дасталася астатнім сынам Манасіі.

7 Мяжа Манасіі ідзе ад Асіра да Міхмэтата, які насупраць Сіхема; адсюль мяжа ідзе направа да жыхароў Эн Тапуаха.

8 Зямля Тапуах дасталася Манасіі, а Тапуах каля мяжы Манасіінай - сынам Яфрэмавым.

9 Адсюль мяжа сыходзіць да патока Кана, з паўднёвага боку патока. Гарады гэтыя - Яфрэмавыя, хоць сярод гарадоў Манасіі. Мяжа Манасіі - на паўночным баку патока і канчаецца морам.

10 Што на поўдзень, тое Яфрэмава, а што на поўнач, тое Манасіінае: а мора было мяжою іхняй; да Асіра прымыкалі яны з паўночнага боку і да Ісахара з усходняга.

11 Каля Ісахара і Асіра - Манасіі Бэт-Чан і залежныя ад яго мясьціны, Іўлеам і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Дора і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Эн-Дора і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Таанаха і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Мэгідона і залежныя ад яго мясьціны, і трэцяя частка Натэта.

12 Сыны Манасііныя не маглі выгнаць жыхароў гарадоў гэтых, і Хананэі засталіся жыць у зямлі гэтай.

13 А калі сыны Ізраілевыя ўвабраліся ў сілу, тады Хананэяў зрабілі яны даньнікамі, але выгнаць ня выгналі іх.

14 Сыны Язэпа гаварылі Ісусу і сказалі: чаму ты даў мне ў надзел адно жэрабя і адну дзялянку, тым часам як я шматлюдны, бо так дабраславіў мяне Гасподзь?

15 Ісус сказаў ім: калі ты шматлюдны, дык ідзі ў лясы і там, у зямлі Фэрэзэяў і Рэфаімаў, расьцерабі сабе месца, калі гара Яфрэмавая табе цесная.

16 Сыны Язэпа сказалі: не застанецца за намі гара, бо жалезныя калясьніцы ўва ўсіх Хананэяў, якія жывуць у даліне, як у тых, якія ў Бэт-Сане і ў залежных ад яго мясьцінах, так і ў тых, што ў даліне Ізрээльскай.

17 Але Ісус сказаў дому Язэпаваму, Яфрэмаваму і Манасіінаму: ты шматлюдны і сіла ў цябе вялікая; не адно жэрабя будзе ў цябе:

18 і гара будзе твая, і лес гэты; ты расьцярэбіш яго, і ён будзе твой да самага канца яго; бо ты выганіш Хананэяў, хоць у іх калясьніцы жалезныя, і хоць яны моцныя.

 

Разьдзел 18

 

1 Усё супольства сыноў Ізраілевых сабралася ў Сілом, і паставілі там скінію сходу, бо зямля была ўпакорана імі.

2 А з сыноў Ізраілевых заставалася сем плямёнаў, якія яшчэ не атрымалі надзелу свайго.

3 І сказаў Ісус сынам Ізраілевым: ці доўга вы яшчэ будзеце ня дбаць пра тое, каб пайсьці і ўзяць у спадчыну зямлю, якую даў вам Гасподзь Бог бацькоў вашых?

4 дайце ад сябе па тры чалавекі з племя; я пашлю іх, і яны, устаўшы, пройдуць па зямлі і апішуць яе, як трэба падзяліць ім на надзелы, і прыйдуць да мяне;

5 няхай падзеляць яе на сем надзелаў; Юда няхай застаецца ў межах сваіх на поўдні, а дом Язэпаў няхай застаецца ў межах сваіх на поўначы;

6 а вы расьпішэце зямлю на сем надзелаў і падайце мне сюды: я кіну вам жэрабя тут перад абліччам Госпада Бога нашага;

7 а лявітам няма долі паміж вамі, бо сьвятарства Гасподняе ёсьць доля іхняя; а Гад, Рувім і палавіна племя Манасіінага атрымалі надзел свой за Ярданам на ўсход, які даў ім Майсей, раб Гасподні.

8 Гэтыя людзі ўсталі і пайшлі. А Ісус тым, якія падышлі апісваць зямлю, даў такі загад: ідзеце, абыдзеце зямлю, апішэце яе і вяртайцеся да мяне; а я тут кіну вам жэрабя перад абліччам Гасподнім, у Сіломе.

9 Яны пайшлі, прайшлі па зямлі і апісалі яе, паводле гарадоў яе, на сем надзелаў, у кнізе, і прыйшлі да Ісуса ў табар, у Сілом.

10 Ісус кінуў ім жэрабя ў Сіломе перад Госпадам, і падзяліў там Ісус зямлю сынам Ізраілевым па дзялянках іх.

11 Жэрабя выпала калену сыноў Веньямінавых, паводле родаў іхніх. Мяжа іх паводле жэрабя ішла паміж сынамі Юды і сынамі Язэпа;

12 Мяжа іх на паўночным баку пачынаецца каля Ярдана, і праходзіць мяжа гэтая каля Ерыхона з поўначы, і падымаецца на гару на захадзе, і канчаецца ў пустыні Бэтавэн;

13 адтуль мяжа ідзе да Луза, да паўднёвага боку Луза, Інакш Вэтыля, і сыходзіць мяжа да Атарот-Адара, да гары, якая на паўднёвым баку Бэт-Арона ніжняга;

14 потым мяжа паварочвае і схіляецца да марскога боку на поўдзень ад гары, якая на поўдні перад Бэт-Аронам, і канчаецца каля Кірыят-Ваала, інакш Кірыят-Ярыма, горада сыноў Юдавых. Гэта заходні бок.

15 А паўднёвым бокам ад Кірыят-Ярыма ідзе мяжа да мора і даходзіць да крыніцы водаў Нэфтааха;

16 потым мяжа сыходзіць да канца гары, якая перад далінаю сына Эномавага, у даліне Рэфаімаў, на поўнач і сыходзіць далінаю Энома да паўднэвага боку Евуса, і ідзе да Эн-Рагела;

17 потым паварочвае з поўначы і йдзе да Эн-Шамэша, і йдзе да Гелілота, які насупраць узвышша Адуміма, і сыходзіць да каменя Багана, сына Рувімавага;

18 потым праходзіць паблізу раўніны на поўнач і сыходзіць на раўніну;

19 адсюль праходзіць мяжу каля Бэт-Хоглы на поўнач, і канчаецца мяжа каля паўночнай затокі мора Салёнага, каля паўднёвага канца Ярдана. Вось мяжа паўднёвая. З усходняга ж боку мяжою служыць Ярдан.

20 Вось надзел сыноў Веньямінавых, зь межамі ягонымі з усіх бакоў, паводле родаў іхніх.

21 Гарады племя сыноў Веньямінавых, паводле родаў іхніх, належалі гэтыя: Ерыхон, Бэт-Хогла і Эмэк-Кецыц.

22 Бэт-Арава, Цэмараім і Вэтыль,

23 Авім, Фара і Офра,

24 Кефар-Аманай, Афні і Гева: дванаццаць гарадоў зь іх сёламі.

25 Гаваон, Рама і Бэрот,

26 Міцфэ, Кефіра і Моца,

27 Рэкем, Ірфэіл і Тарала,

28 Цэла, Элэф і Евус, інакш Ерусалім, Гівэат і Кірыят: чатырнаццаць гарадоў зь іх сёламі. Вось надзел сыноў Веньямінавых, паводле родаў іхніх.

 

Разьдзел 19

 

1 Другое жэрабя выпала Сымону, племю сыноў Сымонавых, паводле родаў іхніх: і быў надзел іхні сярод надзелу сыноў Юдавых.

2 У надзеле іхнім былі: Вірсавія альбо Шэва, Малада,

3 Хацар-Шуал, Вала і Ацэм,

4 Элталад, Вэтул і Хорма,

5 Цыклаг, Бэт-Маркавот і Хацар-Суса,

6 Бэт-Леваот і Шарухен: трынаццаць гарадоў зь іх сёламі,

7 Аін, Рымон, Этэр і Ашан: чатыры гарады зь сёламі іх,

8 і ўсе сёлы, якія вакол гарадоў гэтых аж да Ваалат-Бээра, альбо паўднёвай Рамы. Вось надзел племю сыноў Сымонавых, паводле родаў іхніх.

9 Ад дзялянкі сыноў Юдавых выдзелены надзел племю сыноў Сымонавых. Як што дзялянка сыноў Юдавых была надта вялікая для іх, дык сыны Сымонавыя і атрымалі надзел сярод іхняга надзелу.

10 Трэцяе жэрабя выпала сынам Завулонавым паводле родаў іхніх, і цягнулася мяжа надзелу іхняга да Сарыда;

11 мяжа іх падымаецца да мора і да Маралы і прымыкае да Дабэшэта і прымыкае да патока, які перад Ёкнэамам;

12 ад Сарыда ідзе назад да ўсходняга боку, на ўсход сонца, да мяжы Кіслот-Тавора; адсюль ідзе да Даўрата і падымаецца да Яфіі;

13 адсюль праходзіць на ўсход у Гет-Хэфэр, у Іту-Кацын, і йдзе да Рымона, Мітаара і Нэі;

14 і паварочвае мяжа з поўначы да Ханатона і канчаецца далінаю Іфтах-Эл;

15 далей: Катаф, Нагалал, Шымрон, Ідэала і Віфляем: дванаццаць гарадоў зь іх сёламі.

16 Вось надзел сыноў Завулонавых, паводле іхніх родаў; вось гарады і сёлы іхнія.

17 Чацьвёртае жэрабя выпала Ісахару, сынам Ісахаравым, паводле родаў іхніх;

18 мяжою іх быў: Ізрээль, Кесулот і Сунэм,

19 Хафараім, Шыён і Анахаоат,

20 Равіт, Кішыён і Авец,

21 Рэмэт, Эн-Ганім і Бэт-Пацэц;

22 і прымыкае мяжа да Тавора і Шагацымы і Вэтсаміса, і канчаецца мяжа іхняя каля Ярдана: шаснаццаць гарадоў зь сёламі іх.

23 Вось надзел сыноў племя Ісахаравага паводле родаў іхніх; вось гарады і сёлы іхнія.

24 Пятае жэрабя выпала племю сыноў Асіравых, паводле родаў іхніх;

25 мяжою іх былі: Хэлкат, Халі, Вэтэн і Ахсаф,

26 Аламэлэх, Амад і Мішал; і прылягае мяжа да Карміла з заходняга боку і да Шыхор-Ліўната;

27 потым ідзе назад на ўсход сонца ў Вэт-Дагон і прылягае да Завулона і да даліны Іфтах-Эл з поўначы, у Бэт-Эмэк і Нэеэл, і йдзе ў Кавула, зь левага боку;

28 далей: Эўрон, Рэхаў, Хамон і Кана, да Сідона вялікага;

29 потым мяжа вяртаецца да Рамы да ўмацаванага горада Тыра, і паварочвае мяжа да Хосы і канчаецца каля мора, у мястэчку Ахзіў;

30 далей: Ума, Афэк і Рэхаў: дваццаць два гарады зь сёламі іх.

31 Вось надзел калена сыноў Асіравых, паводле плямёнаў іхніх; вось гарады і сёлы іх.

32 Шостае жэрабя выпала сынам Нэфталімавым, сынам Нэфталіма паводле родаў іхніх;

33 мяжа ішла ад Хэлэфа ад дубровы, што ў Цананіме, да Адамі-Нэкева і Яўнэіла, да Лакума, і канчалася каля Ярдана;

34 адсюль вяртаецца мяжа на захад да Азнот-Тавора і йдзе адтуль да Хукока, і прылягае да Завулона з поўдня, і да Асіра прылягае з захаду, і да Юды каля Ярдана, ад усходу сонца.

35 гарады ўмацаваныя: Цыдым, Цэр, Хамат, Ракат і Хінэрэт,

36 Адама, Рама і Асор,

37 Кедэс, Эдрэя і Эн-Гацор,

38 Ірэон, Мігдал-Эл, Харэм, Бэт-Анат і Вэтсаміс: дзевятнаццаць гарадоў зь іх сёламі.

39 Вось надзел племю сыноў Нэфталімавых паводле родаў іхніх; вось гарады і сёлы іх.

40 Племю сыноў Данавых, паводле родаў іхніх, выпала жэрабя сёмае;

41 мяжою надзелу іхняга былі: Цора, Эштаол і Ір-Шэмэш,

42 Шаалавін, Аялон і Ітла,

43 Элон, Тымната і Экрон,

44 Элтэке, Гівэтон і Ваалат,

45 Ігуд, Бэнэ-Вэрак і Гат-Рымон,

46 Мэ-Яркон і Ракон зь мяжою пабліз Ёпіі. І выпаў надзел сыноў Данавых малы для іх.

47 І сыны Данавыя пайшлі вайною на Ласэм і ўзялі яго, і пабілі яго мечам, і атрымалі яго ў спадчыну, і пасяліліся ў ім, і назвалі Ласэм-Данам, імем Дана, бацькі свайго.

48 Вось надзел племю сыноў Данавых, паводле родаў іхніх; вось гарады і сёлы іхнія.

49 Калі закончылі падзел зямлі, паводле межаў яе, тады сыны Ізраілевыя далі сярод сябе надзел Ісусу, сыну Нава:

50 паводле загаду Гасподняга далі яму горад Тамнат-Сараі, якога ён прасіў, на гары Яфрэмавай; і паставіў ён горад і жыў у ім.

51 Вось надзелы, якія Элеазар сьвятар, Ісус, сын Наваў, і правадыры пакаленьняў падзялілі плямёнам сыноў Ізраілевых, паводле жэрабя, у Сіломе, перад абліччам Гасподнім, каля ўваходу ў скінію сходу. І закончылі падзел зямлі.

 

Разьдзел 20

 

1 І наказаў Гасподзь Ісусу казаць:

2 скажы сынам Ізраілевым: зрабеце ў сябе гарады-сховы, пра якія Я казаў вам праз Майсея,

3 каб мог уцякаць туды забойца, які забіў чалавека памылкова, без намыслу; няхай будуць у вас сховішчам ад помсьніка за кроў.

4 І хто ўцячэ ў адзін з гарадоў гэтых, няхай стане каля брамы горада і раскажа ўголас старэйшынам горада гэтага справу сваю; і яны прымуць яго да сябе ў горад і дадуць яму месца, каб ён жыў у іх;

5 і калі пагоніцца за ім помсьнік за кроў, дык яны не павінны выдаваць у рукі яго забойцу, бо ён без намыслу забіў блізкага свайго, ня меў да яго нянавісьці ні ўчора, ні заўчора;

6 няхай ён жыве ў гэтым горадзе, пакуль ня стане перад супольствам на суд, пакуль не памрэ вялікі сьвятар, якія будзе ў тыя дні. А потым няхай вернецца забойца і пойдзе ў горад свой і ў дом свой, зь якога ён уцёк.

7 І выдзелілі Кедэс у Галілеі на гары Нэфталімавай, Сіхем на гары Яфрэмавай, і Кірыят-Арбы, інакш Хэўрон, на гары Юдавай;

8 за Ярданам, насупраць Ерыхона на ўсход, аддзялілі: Бэцэр у пустыні, на раўніне, ад племя Рувімавага, і Рамот у Галаадзе ад племя Гадавага, і Галан у Васане ад племя Манасіінага:

9 гэтыя гарады вызначаны ўсім сынам Ізраілевым і прыхадням, якія жывуць у іх, каб уцякаў туды кожны, хто забіў чалавека памылкова, каб не памёр ён ад рукі помсьніка за кроў, пакуль ня стане перад супольствам.

 

Разьдзел 21

 

1 Правадыры пакаленьняў лявіцкіх прыйшлі да Элеазара сьвятара і да Ісуса, сына Нава, і да правадыроў пакаленьняў сыноў Ізраілевых,

2 і казалі ім у Сіломе, у зямлі Ханаанскай, і сказалі: Гасподзь загадаў праз Майсея даць нам гарады на жыхарства і прадмесьці іх пад быдла наша.

3 І далі сыны Ізраілевыя лявітам з надзелаў сваіх, паводле загаду Гасподняга, гэтыя гарады з прадмесьцямі іх.

4 Выпала жэрабя плямёнам Каатавым; і дасталася па жэрабі сынам Аарона сьвятара, лявітам, ад племя Юдавага і ад племя Сымонавага і ад племя Веньямінавага трынаццаць гарадоў;

5 а астатнім сынам Каата ад родаў племя Яфрэмавага і ад племя Данавага і ад палавіны племя Манасіінага паводле жэрабя дзесяць гарадоў;

6 сынам Гірсонавым - ад родаў племя Ісахаравага і ад племя Асіравага і ад племя Нэфталімавага і ад палавіны племя Манасіінага ў Васане па жэрабі трынаццаць гадоў;

7 сынам Мэрарыным, паводле іх родаў, ад племя Рувімавага, ад племя Гадавага і ад племя Завулонавага - дванаццаць гарадоў.

8 І аддалі сыны Ізраілевыя лявітам гэтыя гарады з прадмесьцямі іх, як загадаў Гасподзь праз Майсея, паводле жэрабя.

9 Ад племя сыноў Юдавых і ад племя сыноў Сымонавых далі гарады, якія названы паводле імя:

10 сынам Аарона, з родаў Каатавых, з сыноў Лявіі,

11 далі Кірыят-Арбы, бацькі Энакавага, інакш Хэўрон, на гары Юдавай, і прадмесьці яго вакол яго;

12 а поле гэтага горада і сёлы яго аддалі ва ўласнасьць Халеву, сыну Ефаніінаму.

13 І вось сынам Аарона сьвятара далі горад сховішча забойцаў, Хэўрон і прадмесьці яго, Ліўну і прадмесьці яе,

14 Іятыр і прадмесьці яго, Эштэмо і прадмесьці яго,

15 Халон і прадмесьці яго, Давір і прадмесьці яго,

16 Аін і прадмесьці яго, Юту і прадмесьці яе, Бэт-Шэшэм і прадмесьці яго: дзевяць гарадоў ад двух плямёнаў гэтых;

17 а ад племя Веньямінавага: Гаваон і прадмесьці яго, Геву і прадмесьці яе,

18 Анатот і прадмесьці яго, Алмон і прадмесьці яго: чатыры гарады.

19 Усіх гарадоў сынам Ааронавым, сьвятарам, трынаццаць гарадоў з прадмесьцямі іх.

20 І родам сыноў Каатавых, лявітаў, астатнім з сыноў Каатавых, паводле жэрабя іхняга, дасталіся гарады ад племя Яфрэмавага;

21 далі ім горад сховішча забойцаў, Сіхем і прадмесьці яго, на гары Яфрэмавай, Газэр і прадмесьці яго;

22 Кіўцаім і прадмесьці яго, Бэт-Арон і прадмесьці яго: чатыры гарады;

23 ад племя Данавага: Элтэке і прадмесьці яго, Гівэтон і прадмесьці яго,

24 Аялон і прадмесьці яго, Гат-Рымон і прадмесьці яго: чатыры гарады;

25 ад палавіны племя Манасіінага: Фаанах і прадмесьці яго, Гат-Рымон і прадмесьці яго: два гарады.

26 Усіх гарадоў з прадмесьцямі іх пастатнім родам сыноў Каатавых дзесяць.

27 А сынам Гірсонавым, з родаў лявіцкіх: ад палавіны племя Манасіінага горад сховішча забойцам, Галан у Васане і прадмесьці яго, і Бээштэру і прадмесьці яе: два гарады;

28 ад племя Ісахаравага: Кішыён і прадмесьці яго, Даўрат і прадмесьці яго,

29 Ярмут і прадмесьці яго, Эн-Ганім і прадмесьці яго: чатыры гарады;

30 ад племя Асіравага: Мішал і прадмесьці яго, Аўдон і прадмесьці яго,

31 Хэлкат і прадмесьці яго, Рэхаў і прадмесьці яго: чатыры гарады;

32 ад племя Нэфталімавага горад сховішча забойцам, Кедэс у Галілеі і прадмесьці яго, Хамот-Дор і прадмесьці яго, Картан і прадмесьці яго: тры гарады.

33 Усіх гарадоў сынам Гірсонавым, паводле родаў іхніх, трынаццаць гарадоў з прадмесьцямі іх.

34 Родам сыноў Мэрарыных, астатнім лявітам: ад племя Завулонавага Ёкнэам і прадмесьці яго, Карту і прадмесьці яе,

35 Дымну і прадмесьці яе, Нагалал і прадмесьці яго: чатыры гарады;

36 ад племя Рувімавага Бэцэр і прадмесьці яго, Яаца і прадмесьці яе,

37 Кедэмот і прадмесьці яго, Мэфаат і прадмесьці яго: чатыры гарады;

38 ад племя Гадавага: гарады сховішчы забойцаў - Рамот у Галаадзе і прадмесьці яго, Маханаім і прадмесьці яго,

39 Эсэвон і прадмесьці яго, Язэр і прадмесьці яго: усіх гарадоў чатыры,

40 Усіх гарадоў сынам Мэрарыным паводле родаў іхніх, астатнім родам лявіцкім, паводле жэрабя дасталася дванаццаць гарадоў.

41 Усіх гарадоў лявіцкіх сярод валоданьняў сыноў Ізраілевых было сорак восем гарадоў з прадмесьцямі іх.

42 Пры гарадах гэтых былі каля кожнага горада прадмесьці вакол яго: так было пры ўсіх гарадах гэтых.

43 Такім чынам аддаў Гасподзь Ізраілю ўсю зямлю, якую даць прысягаўся бацькам іхнім, і яны атрымалі яе ў спадчыну і пасяліліся на ёй.

44 І даў ім Гасподзь спакой з усіх бакоў, як прысягаўся бацькам іхнім, і ніхто з усіх ворагаў іхніх ня ўстояў супроць іх; усіх ворагаў іхніх аддаў Гасподзь у рукі ім.

45 Не засталося няспраўджанае ніводнае слова з усіх добрых слоў, якія Гасподзь казаў дому Ізраілеваму: усё збылося.

 

Разьдзел 22

 

1 Тады Ісус паклікаў племя Рувімавае, Гадавае і палавіну племя Манасіінага і сказаў ім:

2 вы выканалі ўсё, што загадаў вам Майсей, раб Гасподні, і слухаліся слоў маіх ва ўсім, што я загадваў ім;

3 вы не пакідалі братоў сваіх многія дні да сёньня і выканалі, што мелі выканаць па загадзе Госпада Бога вашага;

4 сёньня Гасподзь Бог ваш супакоіў братоў вашых, як казаў ім; дык жа вярнецеся і ідзеце ў намёты вашыя, у зямлю вашага валоданьня, якую даў вам Майсей, раб Гасподні, за Ярданам;

5 толькі старайцеся рупліва выконваць запаведзі і закон, якія наказаў вам Майсей, раб Гасподні: любіць Госпада Бога вашага, хадзіць усімі шляхамі Ягонымі, захоўваць запаведзі Ягоныя, прыляпляцца да Яго і служыць Яму ўсім сэрцам вашым і ўсёю душою вашаю.

6 Потым Ісус дабраславіў іх і адпусьціў іх, і яны разышліся па намётах сваіх.

7 Адной палавіне племя Манасіінага даў Майсей надзел у Васане, а другой палавіне яго даў Ісус надзел з братамі ягонымі па гэты бок Ярдана, на захад. І калі адпускаў іх Ісус у намёты іхнія і дабраславіў іх,

8 дык сказаў ім: зь вялікім багацьцем вяртаецеся вы ў намёты вашыя, зь вялікім мноствам быдла, з срэбрам. з золатам, зь медзьдзю і з жалезам, і зь вялікім мноствам вопраткі: падзялеце здабычу, узятую ў ворагаў вашых з братамі вашымі.

9 І вярнуліся, і пайшлі сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і палавіна племя Манасіінага ад сыноў Ізраілевых зь Сілома, які ў зямлі Ханаанскай, каб ісьці ў зямлю Галаад, у зямлю свайго валоданьня, якую атрымалі ў валоданьне па загадзе Гасподнім, дадзеным праз Майсея.

10 Прыйшоўшы ў ваколіцы Ярдана, што ў зямлі Ханаанскай, сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і палавіна племя Манасіінага спарудзілі там каля Ярдана ахвярнік, ахвярнік вялікі з выгляду.

11 І пачулі сыны Ізраілевыя, што кажуць: вось, сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і палавіна племя Манасіінага спарудзілі ахвярнік на зямлі Ханаанскай, у ваколіцах Ярдана, насупраць сыноў Ізраілевых.

12 Калі пачулі гэта сыны Ізраілевыя, дык сабралася ўсё супольства сыноў Ізраілевых у Сілом, каб ісьці супроць іх вайною.

13 Аднак жа сыны Ізраілевыя найперш паслалі да сыноў Рувімавых і да сыноў Гадавых і да палавіны племя сыноў Манасііных у зямлю Галаадскую Фінээса, сына Элеазара, сьвятара,

14 і зь ім дзесяць правадыроў, па правадыры пакаленьня ад усіх плямёнаў Ізраілевых; кожны зь іх быў правадыром пакаленьня ў тысячах Ізраілевых.

15 І прыйшлі яны да сыноў Рувімавых і да сыноў Гадавых і да палавіны племя сыноў Манасііных у зямлю Галаад і казалі ім і сказалі:

16 так кажа ўсё супольства Гасподняе: што гэта за злачынства ўчынілі вы перад Богам Ізраілевым, адступіўшы сёньня ад Госпада, спарудзіўшы сабе ахвярнік і паўстаўшы сёньня супроць Госпада?

17 хіба мала вам беззаконьня Фэгоравага, ад якога мы не ачысьціліся да сёньня і за якое было пабіта супольства Гасподняе?

18 а вы адступаецеся сёньня ад Госпада! сёньня вы паўстаяце супроць Госпада, а заўтра ўгневаецца Гасподзь на ўсё супольства Ізраілевае;

19 калі ж зямля вашага валоданьня здаецца вам нячыстаю, дык перайдзеце ў зямлю валоданьня Гасподняга, вазьмеце надзел сярод нас, але не паўставайце супроць Госпада, і супроць нас не паўставайце, спаруджаючы сабе ахвярнік, акрамя ахвярніка Госпада Бога нашага;

20 ці ж не адзін Ахан, сын Зары, учыніў злачынства, узяўшы з заклятага, а гнеў быў на ўсё супольства Ізраілевае? ці не адзін ён памёр за сваё беззаконьне.

21 Сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і палавіна племя Манасіінага ў адказ казалі правадырам тысяч Ізраілевых:

22 Бог багоў Гасподзь, Бог багоў Гасподзь, Ён ведае, і Ізраіль хай ведае! Калі мы паўстаём і адступаемся ад Госпада, дык хай ня літуе нас Гасподзь у дзень гэты!

23 Калі мы спарудзілі ахвярнік дзеля таго, каб адступіцца ад Госпада, і дзеля таго, каб прыносіць на ім цэласпаленьне і прынашэньне хлебнае і каб учыняць на ім ахвяры мірныя, дык няхай спагоніць Сам Гасподзь!

24 Але мы зрабілі гэта з боязі таго, каб у прыйшлыя часы не сказалі вашыя сыны нашым сынам: «што вам да Госпада Бога Ізраілевага!

25 Гасподзь паставіў мяжу паміж вамі і намі, сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя, Ярдан: няма вам долі ў Госпадзе». Такім чынам вашыя сыны не дапусьцілі б нашых сыноў шанаваць Госпада.

26 Таму мы сказалі: спарудзім сабе ахвярнік ня дзеля цэласпаленьня і ня дзеля ахвяраў,

27 а каб ён паміж вамі і намі, паміж наступнымі родамі нашымі, быў сьведкам, што мы можам служыць Госпаду цэласпаленьнямі нашымі і ахвярамі нашымі і падзякамі нашымі, і каб у прыйшлыя часы не сказалі сыны вашыя сынам нашым: «няма вам долі ў Госпадзе».

28 Мы казалі: калі скажуць так нам і родам нашым у прыйшлы час, дык мы скажам: бачыце падабенства ахвярніка Госпада, якое зрабілі бацькі нашыя ня дзеля цэласпаленьня і ня дзеля ахвяры, а каб гэта было сьведкам паміж намі і вамі.

29 Хай ня будзе такога, каб нам паўстаць супроць Госпада і адступіцца сёньня ад Госпада, і спарудзіць ахвярнік дзеля цэласпаленьня і дзеля прынашэньня хлебнага і дзеля ахвяраў, акрамя ахвярніка Госпада Бога нашага, які перад скініяй Ягонай.

30 Фінээс сьвятар, правадыры супольства і галовы тысяч Ізраілевых, якія былі зь ім, пачуўшы словы, якія казалі сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і сыны Манасііныя, ухвалілі іх.

31 І сказаў Фінээс, сын Элеазара, сьвятар, сынам Рувімавым і сынам Гадавым і сынам Манасііным: сёньня мы даведаліся, што Гасподзь сярод нас, што вы ня ўчынілі перад Госпадам злачынства гэтага; вы цяпер выбавілі сыноў Ізраіля ад рукі Гасподняй.

32 І вярнуўся Фінээс, сын Элеазара, сьвятар, і правадыры ад сыноў Рувімавых і ад сыноў Гадавых у зямлю Ханаанскую да сыноў Ізраілевых і прынесьлі ім адказ.

33 І сыны Ізраілевыя ўхвалілі гэта, і дабраславілі сыны Ізраілевыя Бога і адмовіліся ісьці супроць іх вайною, каб спустошыць зямлю, на якой жылі сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя.

34 І назвалі сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя ахвярнік: Эд*, бо, сказалі яны, ён сьведка паміж намі, што Гасподзь ёсьць Бог наш.

 

 

* Сьведка

Разьдзел 23

 

1 Праз многа часу пасьля таго, як Гасподзь супакоіў Ізраіля ад усіх ворагаў ягоных з усіх бакоў, Ісус састарыўся, увайшоў у сталы век.

2 І склікаў Ісус усіх сыноў Ізраілевых, старэйшынаў іхніх, судзьдзяў іхніх і наглядчыкаў іхніх, і сказаў ім: я састарыўся, увайшоў у сталы век.

3 Вы бачылі ўсё, што зрабіў Гасподзь Бог ваш перад абліччам вашым з усімі гэтымі народамі, бо Гасподзь Бог ваш Сам змагаўся за вас.

4 Вось, я падзяліў вам па жэрабі астаткі народаў гэтых у надзел плямёнам вашым, усе народы, якія я вынішчыў, ад Ярдана да вялікага мора, на захад сонца.

5 Гасподзь Бог ваш Сам прагоніць іх ад вас; і зьнішчыць іх перад вамі, каб вы атрымалі ў спадчыну зямлю іхнюю, як казаў Гасподзь Бог ваш.

6 Таму ва ўсёй дакладнасьці старайцеся захоўваць і выконваць напісанае ў кнізе закона Майсеевага, ня ўхілейцеся ад яго ні направа, ні налева.

7 Ня зносьцеся з гэтымі народамі, якія засталіся сярод вас, ня ўзгадвайце імёнаў божышчаў іхніх, не прысягайце і ня служэце ім і не пакланяйцеся ім,

8 а прыляпецеся да Госпада Бога вашага, як вы рабілі да гэтага дня.

9 Гасподзь прагнаў ад вас народы вялікія і моцныя, і перад вамі ніхто ня ўстояў да сёньня;

10 адзін з вас праганяе тысячу, бо Гасподзь Бог ваш Сам змагаецца за вас, як казаў вам.

11 Таму ўсяляк старайцеся любіць Госпада Бога вашага.

12 Калі ж вы адвернецеся і прыстанеце да пазасталых з народаў гэтых, якія засталіся сярод вас, і ўступеце ў роднасьць зь імі і будзеце хадзіць да іх і яны да вас.

13 Дык ведайце, што Гасподзь Бог ваш ня будзе ўжо праганяць ад вас народы гэтыя, а яны будуць вам пятлёю і сеткаю, бічом на рэбры вашыя і цернем у вочы вашыя, пакуль ня будзеце вынішчаныя з гэтай добрай зямлі, якую даў вам Гасподзь Бог ваш.

14 Вось, я сёньня адыходжу на шлях усёй зямлі. А вы ведаеце ўсім сэрцам вашым і ўсёю душою вашаю, што не засталося марным ніводнае слова з усіх добрых слоў, якія гаварыў пра вас Гасподзь Бог ваш: усё збылося дзеля вас, ніводнае слова не засталося няспраўджаным.

15 Але як збылося над вамі ўсякае добрае слова, якое гаварыў вам Гасподзь Бог ваш, так Гасподзь Бог ваш выканае над вамі ўсякае ліхое слова, пакуль ня вынішчыць вас з гэтай добрай зямлі, якую даў вам Гасподзь Бог ваш.

16 Калі вы пераступіце запавет Госпада Бога вашага, які Ён пастанавіў вам, і пойдзеце і будзеце служыць іншым багам і пакланяцца ім, дык загарыцца нам вас гнеў Гасподні, і хутка зьгінеце з гэтай добрай зямлі, якую даў вам Гасподзь.

 

Разьдзел 24

 

1 І сабраў Ісус усе плямёны Ізраілевыя ў Сіхем і склікаў старэйшынаў Ізраіля і правадыроў яго, і судзьдзяў яго і наглядчыкаў яго, і сталі перад Богам.

2 І сказаў Ісус усяму народу: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: «за ракою жылі бацькі вашыя спрадвеку, Тара, бацька Абрагама і бацька Нахора, і служылі іншым багам.

3 Але Я ўзяў бацьку вашага Абрагама з-за ракі і вадзіў яго па ўсёй зямлі Ханаанскай, і памножыў семя ягонае і даў яму Ісаака.

4 Ісааку даў Якава і Ісава. Ісаву даў Я гару Сэір у спадчыну; а Якаў і сыны ягоныя перайшлі ў Егіпет.

5 І паслаў Я Майсея і Аарона і пакараў Егіпет пошасьцямі, якія ўчыніў Я сярод яго, і потым вывеў вас.

6 Я вывеў бацькоў вашых зь Егіпта, і вы прыйшлі да мора. Тады Егіпцяне гналіся за бацькамі вашымі з калясьніцамі і вершнікамі да Чэрмнага мора.

7 Але яны заенчылі да Госпада, і Ён паклаў цемру паміж вамі і Егіпцянамі і навёў на іх мора, якое іх і накрыла. Вочы вашыя бачылі, што Я зрабіў у Егіпце. Многа часу прабылі вы ў пустыні.

8 І прывёў Я вас да зямлі Амарэяў, якія жылі за Ярданам; яны ўступілі ў бітву з вамі, але Я аддаў іх у рукі вашыя, і вы атрымалі ў спадчыну зямлю іхнюю, і Я вынішчыў іх перад вамі.

9 Паўстаў Валак, сын Сэпфораў, цар Маавіцкі, і пайшоў вайною на Ізраіля, паслаў і паклікаў Валаама, сына Вэоравага, каб ён пракляў вас;

10 але Я не хацеў слухаць Валаама, - і ён дабраславіў вас, і Я выбавіў вас з рук ягоных.

11 Вы перайшлі Ярдан і прыйшлі да Ерыхона. І пачалі ваяваць з вамі жыхары Ерыхона, Амарэі і Фэрэзэі, і Хананэі і Хэтэі, і Гергесэі і Эвэі і Евусэі, але Я аддаў іх у вашыя рукі.

12 Я паслаў перад вамі шаршнёў, якія прагналі іх ад вас, двух цароў Амарэйскіх, ня мечам тваім і ня лукам тваім зроблена гэта.

13 І даў Я вам зямлю, на якой ты не працаваў, і гарады, якіх вы не будавалі, і вы жывяце ў іх; зь вінаградных і аліўкавых садоў, якіх вы не садзілі, вы ясьце плады.

14 Дык вось, бойцеся Бога і служэце Яму ў чысьціні і шчырасьці; адкіньце багоў, якім служылі бацькі вашыя за ракою ў Егіпце, а служэце Госпаду.

15 Калі ж не спадоба вам служыць Госпаду, дык выберыце сабе сёньня, каму служыць, ці багам, якім служылі бацькі вашыя, што былі за ракою, ці багам Амарэяў, у зямлі якіх жывяце; а я і дом мой будзем служыць Госпаду.

16 І адказваў народ і сказаў: не, ня будзе таго, каб мы пакінулі Госпада і пачалі служыць іншым багам!

17 Бо Гасподзь - Бог наш, Ён вывеў нас і бацькоў нашых зь зямлі Егіпецкай, з дому рабства, і рабіў перад вачамі нашымі вялікія азнакі і захоўваў нас на ўсім шляху, па якім мы ішлі, і сярод усіх народаў, празь якія мы праходзілі.

18 Гасподзь прагнаў ад нас усе народы і Амарэяў, якія жылі ў гэтай зямлі. Таму і мы служыцьмем Госпаду, бо Ён - Бог наш.

19 Ісус сказаў народу: ня зможаце служыць Госпаду, бо Ён Бог сьвяты, Бог руплівец, не пацерпіць беззаконьня вашага і грахоў вашых.

20 Калі вы пакінеце Госпада і будзеце служыць чужым багам, дык Ён навядзе на вас ліха і вынішчыць вас, пасьля таго як дабрачыніў вам.

21 І сказаў народ Ісусу: не, мы Госпаду будзем служыць.

22 Ісус сказаў народу: вы сьведкі за сябе, што выбралі вы сабе Госпада - служыць Яму? Яны адказалі: сьведкі.

23 Дык вось, адкіньце чужых багоў, якія ў вас, і павярнеце сэрца сваё да Госпада Бога Ізраілевага.

24 Народ сказаў Ісусу: Госпаду Богу нашаму будзем служыць і голасу Яго будзем слухацца.

25 І заключыў Ісус з народам запавет у той дзень і даў яму пастановы і закон у Сіхеме.

26 І ўпісаў Ісус словы гэтыя ў кнігу закона Божага, і ўзяў вялікі камень, і ўзяў вялікі камень і паклаў яго там пад дубам, які каля сьвятыні Гасподняй.

27 І сказаў Ісус усяму народу: вось камень гэты будзе нам сьведка, бо ён чуў усе словы Госпада, якія Ён гаварыў з намі; ён хай будзе сьведка супроць вас, каб вы не зманілі перад Богам вашым.

28 І адпусьціў Ісус народ, кожнага ў свой надзел.

29 Пасьля гэтага памёр Ісус, сын Наваў, раб Гасподні, было яму сто дзесяць гадоў.

30 І пахавалі яго ў межах яго надзелу ў Тамнат-Сараі, што на гары Яфрэмавай, на поўнач ад гары Гааша.

31 І служыў Ізраіль Госпаду ва ўсе дні Ісуса і ва ўсе дні старэйшынаў, жыцьцё якіх прадоўжылася пасьля Ісуса, і якія бачылі ўсе дзеі Госпада, якія Ён учыніў Ізраілю.

32 І косьці Язэпа, якія вынесьлі сыны Ізраіля зь Егіпта, пахавалі ў Сіхеме, на дзялянцы поля, якое купіў Якаў у сыноў Эмора, бацькі Сіхемавага за сто манет і якое дасталася ў надзел сынам Язэпавым.

33 Памёр і Элеазар, сын Аарона, і пахавалі яго на пагорку Фінээса, сына ягонага, які дадзены яму на гары Яфрэмавай.

 

Кніга Судзьдзяў

 

Разьдзел 1

 

1 Пасьля сьмерці Ісуса пыталіся сыны Ізраілевыя, кажучы: хто з нас раней пойдзе на Хананэяў - ваяваць зь імі?

2 І сказаў Гасподзь: Юда пойдзе; вось, Я аддаю зямлю ў яго рукі.

3 А Юда сказаў Сымону, брату свайму: увайдзі са мною ў надзел мой, і будзем ваяваць з Хананэямі; і я ўвайду з табою ў твой надзел. І пайшоў зь ім Сымон.

4 І пайшоў Юда, і аддаў Гасподзь Хананэяў і Фэрэзэяў у рукі іхнія, і пабілі яны зь іх у Вэзэку дзесяць тысяч чалавек.

5 У Вэзэку сустрэліся яны з Адоні-Вэзэкам, біліся зь ім і разьбілі Хананэяў і Фэрэзэяў.

6 Адоні-Вэзэк пабег, але яны пагналіся за ім і злавілі яго і адсеклі вялікія пальцы на руках ягоных і на нагах ягоных.

7 Тады сказаў Адоні-Вэзэк: семдзесят цароў з адсечанымі на руках і на нагах у іх вялікімі пальцамі зьбіралі пад сталом маім; як рабіў я, так і мне даў Бог. І прывялі яго ў Ерусалім, і ён памёр там.

8 І ваявалі сыны Юдавыя супроць Ерусаліма і ўзялі яго, і пабілі яго мечам і горад аддалі агню.

9 Потым пайшлі сыны Юдавыя ваяваць з Хананэямі, якія жылі на горах і на паўдзённай зямлі і на нізінных мясьцінах.

10 І пайшоў Юда на Хананэяў, якія жылі ў Хэўроне |імя Хэўрону было раней Кірыяф-Арбы), і пабілі Шэшая, Ахімана і Талмая.

11 Адтуль пайшоў ён супроць жыхароў Давіра; імя ў Давіра было раней Кірыят-Сэфэр.

12 І сказаў Халеў: хто паб'е Кірыят-Сэфэр і возьме яго, таму аддам Ахсу, дачку маю, за жонку.

13 І ўзяў яго Гатанііл, сын Кеназа, малодшага брата Халева, і Халеў аддаў за жонку яму Ахсу, дачку сваю.

14 Калі мелася яна ісьці, Гатанііл навучыў яе прасіць у бацькі яе поле, і яна сышла з асла. Халеў сказаў ёй: чаго табе?

15 Ахса сказала яму: дай мне дабраславеньне: ты даў мне зямлю паўднёвую, дай мне і крыніцы вады. І даў ёй крыніцы верхнія і крыніцы паўднёвыя.

16 І сыны Кэнэяніна, цесьця Майсеевага, пайшлі з горада Пальм з сынамі Юдавымі ў пустыню Юдавую, якая на поўдзень ад Арада, і прыйшлі і пасяліліся сярод народу.

17 І пайшоў Юда з Сымонам, братам сваім, і пабілі Хананэяў, якія жылі ў Цэфаце, і аддалі яго праклёну, і таму называецца горад гэты Хорма.

18 Юда ўзяў таксама Газу зь межамі яе, Аскалон зь межамі яго, і Экрон зь межамі яго.

19 Гасподзь быў зь Юдам, і ён авалодаў гарою; але жыхароў даліны ня мог прагнаць, бо ў іх былі жалезныя калясьніцы.

20 І аддалі Халеву Хэўрон, як казаў Майсей, і прагнаў адтуль трох сыноў Энакавых.

21 Але Евусэяў, якія жылі ў Ерусаліме, не прагналі сыны Веньямінавыя, і жывуць Евусэі з сынамі Веньяміна ў Ерусаліме да сёньня.

22 І сыны Язэпа пайшлі таксама на Вэтыль, і Гасподзь быў зь імі.

23 І віжавалі сыны Язэпавыя Вэтыль.

24 І ўбачылі вартавыя чалавека, які ішоў у горад, і сказалі яму: пакажы нам уваход у горад, і зробім табе літасьць.

25 Ён паказаў ім уваход у горад, і пабілі яны горад мечам, а чалавека гэтага і ўсю радню ягоную адпусьцілі.

26 Чалавек гэты пайшоў у зямлю Хэтэяў і пабудаваў горад і назваў яго Луз. Гэта імя ў яго да сёньня.

27 І Манасія ня выгнаў жыхароў Бэтсана і залежных ад яго гарадоў, Таанаха і залежных ад яго гарадоў, жыхароў Дора і залежных ад яго гарадоў, жыхароў Іўлеама і залежных ад яго гарадоў, жыхароў Мэгідона і залежных ад яго гарадоў; і засталіся Хананэі жыць у зямлі гэтай.

28 Калі Ізраіль увабраўся ў сілу, тады зрабіў ён Хананэяў даньнікамі, але выганяць не выганяў іх.

29 І Яфрэм ня выгнаў Хананэяў, якія жылі ў Газэры; і жылі Хананэі сярод іх у Газэры.

30 І Завулон ня выгнаў жыхароў Катрона і жыхароў Наглола, і жыхары Хананэі жылі сярод іх і плацілі ім даніну.

31 І Асір ня выгнаў жыхароў Ако і жыхароў Сідона і Ахлава, Ахзіва, Хэлвы, Афэка і Рэхова.

32 І жыў Асір сярод Хананэяў, жыхароў зямлі той, бо ня выгнаў іх.

33 І Нэфталім ня выгнаў жыхароў Бэтсаміса і жыхароў Бэтаната і жыў сярод Хананэяў, жыхароў зямлі той; а жыхары Бэтсаміса і Бэтаната былі ягонымі даньнікамі.

34 І заціснулі Амарэі сыноў Данавых у горах, бо не давалі ім сыходзіць у даліну.

35 І засталіся Амарэі жыць на гары Хэрэс у Аялоне і Шаалвіме; але рука сыноў Язэпавых адолела, і зрабіліся яны даньнікамі ім.

36 Межы Амарэяў ад узвышша Акравім і ад Сэлы прасьціраліся і далей.

 

Разьдзел 2

 

1 І прыйшоў анёл Гасподні з Галгала ў Бохім і сказаў: так кажа Гасподзь: Я вывеў вас зь Егіпта і ўвёў вас у зямлю, якую запрысягнуў бацькам вашым, і сказаў Я: «не парушу запавету Майго з вамі вавек;

2 і вы ня ўступайце ў спрымірэньне з жыхарамі зямлі гэтай; ахвярнікі іхнія разбурце». Але вы не паслухаліся голасу Майго. Што гэта вы зрабілі?

3 І таму кажу Я: не праганю іх ад вас, і будуць яны вам пятлёю, і багі іхнія будуць вам сеткаю.

4 Калі анёл Гасподні сказаў словы гэтыя ўсім сынам Ізраілевым, дык народ моцна загаласіў і заплакаў.

5 Ад гэтага і называюць тое месца Бохім*. Там прынесьлі яны ахвяру Госпаду.

6 Калі Ісус адпусьціў народ, і пайшлі сыны Ізраілевыя, кожны ў свой надзел, каб атрымаць у спадчыну зямлю,

7 тады народ служыў Госпаду ва ўсе дні Ісуса і ва ўсе дні старэйшынаў, жыцьцё якіх прадоўжылася пасьля Ісуса і якія бачылі ўсе вялікія дзеі Гасподнія, якія Ён зрабіў Ізраілю.

8 А калі памёр Ісус, сын Наваў, раб Гасподні, як было яму сто дзесяць гадоў,

9 і пахавалі яго ў межах надзелу ягонага ў Тамнат-Сараі, на гары Яфрэмавай, на поўнач ад гары Гааша;

10 і калі ўвесь народ гэты адышоў да бацькоў сваіх, і паўстаў пасьля іх іншы род, які ня ведаў Госпада і дзеяў Ягоных, якія Ён рабіў Ізраілю, -

11 тады сыны Ізраілевыя пачалі рабіць ліхое перад вачыма Госпада і пачалі служыць Ваалам;

12 пакінулі Госпада Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх зь зямлі Егіпецкай і павярнуліся да іншых багоў, багоў народаў, што атачалі іх, і пачалі пакланяцца ім, і разгневалі Госпада;

13 пакінулі Госпада і пачалі служыць Ваалу і Астартам.

14 І запалаў гнеў Гасподні на Ізраіля, і аддаў іх у рукі грабежнікам, і рабавалі іх; і аддаў іх у рукі ворагам, што атачалі іх, і не маглі ўжо ўстояць перад ворагамі сваімі.

15 Куды яны ні пойдуць, рука Гасподняя ўсюды была ім на благое, як казаў ім Гасподзь і як запрысягаўся ім Гасподзь. І ім было вельмі цесна.

16 І ставіў Гасподзь судзьдзяў, якія ратавалі іх ад рук рабаўнікоў іхніх;

17 але і судзьдзяў яны ня слухаліся, а хадзілі блудна сьледам за іншымі багамі і пакланяліся ім, хутка ўхіляліся ад шляху, якім хадзілі бацькі іхнія, слухаючыся запаведзяў Гасподніх. Яны так не рабілі.

18 Калі Гасподзь ставіў ім судзьдзяў, дык Сам Гасподзь быў за судзьдзёю і ратаваў іх ад ворагаў іхніх ва ўсе дні судзьдзі: бо шкадаваў іх Гасподзь, чуючы стогны іхнія ад прыгнятальнікаў і ўціскальнікаў іхніх.

19 Але як толькі паміраў судзьдзя, яны зноў рабілі горш за бацькоў сваіх, ухіляліся да іншых багоў, служачы ім і пакланяючыся ім. Не адставалі ад учынкаў сваіх і ад упарцістага шляху свайго.

20 І запалаў гнеў Гасподні на Ізраіля, і сказаў Ён: за тое, што народ гэты пераступае запавет Мой, які Я ўстанавіў з бацькамі іхнімі, і ня слухаецца голасу Майго,

21 і Я ня буду ўжо выганяць ад іх ніводнага з тых народаў, якіх пакінуў Ісус, калі паміраў, -

22 каб спакушаць імі Ізраіля: ці будуць яны трымацца шляху Гасподняга і хадзіць па ім, як трымаліся бацькі іхнія, ці не?

23 І пакінуў Гасподзь народы гэтыя і ня выгнаў іх неўзабаве і не аддаў іх у рукі Ісусу.

 

 

* Якія плачуць

Разьдзел 3

 

1 Вось тыя народы, якіх пакінуў Гасподзь, каб выпрабоўваць імі Ізраільцянаў, усіх, якія ня ведалі пра ўсе войны Хананэйскія, -

2 дзеля таго толькі, каб ведалі і вучыліся ваяваць наступныя роды сыноў Ізраілевых, якія раней ня ведалі вайны:

3 пяць уладароў Філістымскіх, усе Хананэі, Сіданяне і Эвэі, якія жылі на гары Ліван, ад гары Ваал-Эрмона да ўваходу ў Эмат.

4 Яны былі пакінуты, каб выпрабоўваць імі Ізраільцянаў і даведацца, ці слухаюцца яны запаведзяў Гасподніх, якія Ён наказаў бацькам іхнім праз Майсея.

5 І жылі сыны Ізраілевыя сярод Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў і Евусэяў:

6 і бралі дочак іхніх сабе за жонак, і сваіх дочак аддавалі за сыноў іхніх, і служылі багам іхнім.

7 І ўчынілі сыны Ізраілевыя ліхое перад вачыма Госпада, і забылі Госпада, Бога свайго, і служылі Ваалам і Астартам.

8 І ўспалымніўся гнеў Гасподні на Ізраіля, і аддаў іх у рукі Хусарсатэму, цару Месапатамскаму, і служылі сыны Ізраілевыя Хусарсатэму восем гадоў.

9 Тады заенчылі сыны Ізраіля да Госпада, і паставіў Гасподзь ратаўніка сынам Ізраілевым, які ўратаваў іх, Гатанііла, сына Кеназа, малодшага брата Халева.

10 На ім быў Дух Гасподні, і быў ён судзьдзя Ізраіля. Ён выйшаў на вайну, і аддаў Гасподзь у рукі яму Хусарсатэма, цара Месапатамскага, і адолела рука ягоная Хусарсатэма.

11 І спакойна было ў зямлі сорак гадоў. І памёр Гатанііл, сын Кеназаў.

12 Сыны Ізраілевыя зноў пачалі ўчыняць ліхое перад вачыма Госпада, і ўмацаваў Гасподзь Эглона, цара Маавіцкага, супроць Ізраільцянаў, за тое, што ўчынялі яны ліхое перад вачыма Госпада.

13 Ён сабраў да сябе Аманіцянаў і Амалікіцянаў, і пайшоў і пабіў Ізраільцянаў, і авалодалі яны горадам Пальм.

14 І служылі сыны Ізраілевыя Эглону, цару Маавіцкаму, васямнаццаць гадоў.

15 Тады заенчылі сыны Ізраілевыя да Госпада, і Гасподзь паставіў ім ратаўніка Аода, сына Геры, сына Эмініевага, які быў ляўко. І паслалі сыны Ізраілевыя зь ім дарункі Эглону, цару Маавіцкаму.

16 Аод зрабіў сабе меч двусечны, даўжынёю ў локаць, і падперазаў яго пад плашчом сваім да правага сьцягна.

17 І паднёс дарункі Эглону, цару Маавіцкаму; а Эглон быў чалавек вельмі тоўсты.

18 Калі паднёс Аод усе дарункі і правёў людзей, якія прынесьлі дарункі,

19 дык сам вярнуўся ад балванаў, якія ў Галгале, і сказаў: у мяне ёсьць таемнае слова табе, цару. Той сказаў: цішэй! І выйшлі ад яго ўсе, што стаялі пры ім.

20 Аод падышоў да яго; ён сядзеў у прахалодным пакоі, які быў у яго асобна. І сказаў Аод: у мяне ёсьць да цябе слова Божае. Эглон устаў з крэсла.

21 Аод працягнуў левую руку сваю, і ўзяў меч з правага сьцягна свайго, і ўсадзіў яго ў чэрава ягонае,

22 так што ўвайшла за вастрыём і тронка, і тлушч закрыў вастрыё; бо Аод ня выняў меча з чэрава ягонага, і ён прайшоў у заднія часткі.

23 І выйшаў Аод за дзьверы, і зачыніў за сабою дзьверы верхняга пакоя, і замкнуў.

24 Калі ён выйшаў, рабы Эглона прыйшлі, і бачаць, вось, дзьверы верхняга пакоя замкнутыя, і кажуць: мабыць, ён дзеля патрэбы ў прахалодным пакоі.

25 Чакалі даволі доўга, але бачачы, што ніхто не адчыняе дзьвярэй сьвяцёлкі, узялі клюя і адамкнулі, і вось, гаспадар іхні ляжыць на зямлі мёртвы.

26 Пакуль яны здаўмяваліся, Аод тым часам сышоў, прайшоў міма балванаў і ўратаваўся ў Сэіраце.

27 А прыйшоўшы, затрубіў у трубу на гары Яфрэмавай, і сышлі зь ім сыны Ізраілевыя з гары, і ён ішоў наперадзе іх.

28 І сказаў ім: ідзеце за мною: бо аддаў Гасподзь ворагаў вашых Маавіцянаў у рукі вашыя. І пайшлі за ім, і перахапілі пераправу церазь Ярдан да Маава, і не давалі нікому пераходзіць.

29 І пабілі ў той час Маавіцянаў каля дзесяці тысяч чалавек, усіх здаровых і дужых, і ніхто ня ўцёк.

30 Так упакорыліся ў той дзень Маавіцяне Ізраілю, і было спакойна ў зямлі восемдзесят гадоў.

31 Пасьля Аода быў Самэгар, сын Анатаў, які шэсьцьсот чалавек Філістымлянаў пабіў валовым ражном; ён таксама ўратаваў Ізраіля.

 

Разьдзел 4

 

1 Калі памёр Аод, сыны Ізраілевыя пачалі зноў учыняць ліхое перад вачыма Госпада.

2 І аддаў іх Гасподзь у рукі Явіна, цара Ханаанскага, які цараваў у Асоры; ваеначальнікам у яго быў Сісора, які жыў у Харашат-Гаіме.

3 І заенчылі сыны Ізраілевыя да Госпада. Бо ў яго было дзевяцьсот жалезных калясьніц, і ён жорстка прыгнятаў сыноў Ізраілевых дваццаць гадоў.

4 У той час была судзьдзёю Ізраіля Дэвора прарочыца, жонка Лапідотава.

5 Яна жыла пад Пальмаю Дэворынаю, паміж Рамаю і Вэтылем, на гары Яфрэмавай; і прыходзілі да яе сыны Ізраілевыя на суд.

6 Дэвора паслала і паклікала Варака, сына Авінаамавага, з Кедэса Нэфталімавага, і сказала яму: загадвае табе Гасподзь, Бог Ізраілеў: ідзі, падыміся на гару Фавор, і вазьмі з сабою дзесяць тысяч чалавек з сыноў Нэфталімавых і сыноў Завулонавых;

7 а Я прывяду да цябе, да патока Кісона, Сісару, ваеначальніка Явінавага, і калясьніцы ягоныя і шматлюднае войска ягонае, і аддам яго ў рукі твае.

8 Варак сказаў ёй: калі ты пойдзеш са мною, пайду; а калі ня пойдзеш са мною, не пайду.

9 Яна сказала: пайсьці пайду з табою; толькі не табе ўжо будзе слава на шляху гэтым, куды ты ідзеш; а ў рукі жанчыне аддасьць Гасподзь Сісару. І ўстала Дэвора і пайшла з Варакам у Кедэс.

10 Варак склікаў Завулонцаў і Нэфталімцаў у Кедэс, і пайшлі сьледам за ім дзесяць тысяч чалавек, і Дэвора пайшла зь ім.

11 Хэвэр, Кенэянін, аддзяліўся ад Кенэйцаў, сыноў Халвава, родзіча Майсеевага, і раскінуў намёт свой каля дубровы ў Цаанііме паблізу Кедэса.

12 І данесьлі Сісару, што Варак, сын Авінаамаў, падняўся на гару Фавор.

13 Сісара склікаў усе калясьніцы свае, дзевяцьсот жалезных калясьніц, і ўвесь народ, які ў яго, з Харашэт-Гаіма да патока Кісона.

14 І сказала Дэвора Вараку: устань, бо гэта той дзень, у які Гасподзь аддасьць Сісару ў рукі твае; Сам Гасподзь пойдзе перад табою. І сышоў Варак з гары Фавор і за ім дзесяць тысяч чалавек.

15 Тады Гасподзь прывёў у замяшаньне Сісару і ўсе калясьніцы ягоныя і ўсё рушэньне яго ад меча Варакавага, і сышоў Сісара з калясьніцы, і пабег пеша.

16 Варак гнаў калясьніцы яго і рушэньне да Харашэт-Гаіма, і загінуў увесь табар Сісараў ад меча, не засталося нікога.

17 А Сісара ўцёк пеша ў намёт Яілі, жонкі Хэвэра Кенэяніна: бо паміж Явінам, царом Асорскім, і домам Хэвэра Кенэяніна быў мір.

18 І выйшла Яіль насустрач Сісару, і сказала яму: зайдзі, гаспадару мой, зайдзі да мяне, ня бойся. Ён зайшоў да яе ў намёт, і яна накрыла яго кілімам.

19 Сісара сказаў ёй: дай мне крыху вады напіцца, я піць хачу. Яна разьвязала мех з малаком, і напаіла яго, і накрыла яго.

20 Сісара сказаў ёй: стань каля дзьвярэй намёта, і калі хто прыйдзе і спытаецца ў цябе і скажа: «ці няма тут каго?», ты скажы: «няма».

21 Яіль, жонка Хэвэрава, узяла кол ад намёта, і ўзяла малаток у руку сваю, і падышла да яго ціхенька, і ўбіла кол у скроню яму так, што прыкалола да зямлі; а ён спаў стомлены і памёр.

22 І вось Варак гоніцца за Сісарам. Яіль выйшла насустрач яму, і сказала яму: увайдзі, я пакажу табе чалавека, якога ты шукаеш. Ён увайшоў да яе, і вось, Сісара ляжыць мёртвы, і кол у скроні ў яго.

23 І ўпакорыў Бог таго дня Явіна, цара Ханаанскага, сынам Ізраілевым.

24 Рука сыноў Ізраілевых мацавалася болей і болей над Явінам, царом Ханаанскім, пакуль ня зьнішчылі яны Явіна, цара Ханаанскага.

 

Разьдзел 5

 

1 Таго дня засьпявалі Дэвора і Варак, сын Авінаамаў, такімі словамі:

2 Ізраіль адпомшчаны, народ паказаў руплівасьць, праслаўце Госпада!

3 Слухайце, цары, уважайце, вяльможы: я Госпаду сьпяваю, я граю, Богу Ізраілеваму.

4 Калі Ты выходзіў, Госпадзе, ад Сэіра, калі ішоў з поля Эдомскага, затрэслася зямля, закапала неба, вадою закапалі хмары;

5 раставалі горы ад аблічча Госпада, нават гэты Сінай ад аблічча Госпада, Бога Ізраілевага.

6 У дні Самэгара, сына Анатавага, у дні Яілі, былі пустыя дарогі, хто раней хадзіў шляхамі простымі, хадзіў тады кружнымі дарогамі.

7 Не засталося насельнікаў у селішчах у Ізраіля, ня стала, пакуль не паўстала я, Дэвора, пакуль не паўстала я, маці ў Ізраілі.

8 Выбралі новых багоў, таму і вайна каля брамы. Ці відны былі шчыт і дзіда ў сарака тысяч Ізраіля?

9 Сэрца маё - вам, правадыры Ізраіля, рупліўцам народным; праслаўце Госпада!

10 Хто езьдзіць на белых асьліцах, хто сядзіць на дыванах і хто ходзіць па дарозе, сьпявайце песьню!

11 Сярод галасоў, што зьбіраюць статкі каля калодзежаў, там хай засьпяваюць хвалу правадырам Ізраіля! Тады выступіў да брамы народ Гасподні.

12 Паўстань, паўстань, Дэвора, паўстань, паўстань! засьпявай песьню! Паўстань, Варак! і вядзі палонных тваіх, сыне Авінаамаў!

13 Тады нямногім з моцных падначаліў Ён народ; Гасподзь падначаліў мне адважных.

14 Ад Яфрэма прыйшлі тыя, што ўкараніліся ў зямлі Амаліка; за табою Веньямін, сярод народа твайго; ад Махіра ішлі правадыры, і ад Завулона тыя, што валодалі трысьцінай пісцовай.

15 І князі Ісахаравыя з Дэвораю, і Ісахар гэтак сама, як Варак, кінуўся ў даліну пешы. У родах Рувімавых вялікая нясуладзіца.

16 Чаго сядзіш ты паміж кашарамі, слухаючы бляяньне авечак? У плямёнах Рувімавых вялікая нясуладзіца.

17 Галаад жыве спакойна за Ярданам; Дану чаго баяцца з караблямі? Асір сядзіць на беразе мора і каля прыстаняў сваіх жыве спакойна.

18 Завулон - гэта люд, які душу сваю асудзіў на сьмерць, і Нэфталім на вышынях поля.

19 Прыйшлі цары, паваяваліся, тады паваяваліся цары Ханаанскія ў Танааху і каля водаў Магідонскіх, але не атрымалі ніякага срэбра.

20 Зь неба ваявалі зоркі, са шляхоў сваіх ваявалі зь Сісарам.

21 Паток Кісон падхапіў іх, паток Кедумін, паток Кісон. Тапчы, душа мая, сілу!

22 Тады ламаліся капыты конскія ад уцёкаў, ад уцёкаў борздых ягоных.

23 Праклянеце Мэроз, кажа анёл Гасподні, праклянеце жыхароў яго за тое, што ня прыйшлі на дапамогу Госпаду, на дапамогу Госпаду з адважнымі.

24 Хай будзе дабраславёная сярод жанчын Яіль, жонка Хэвэра Кенэяніна, сярод жанчын у намётах хай будзе дабраславёная!

25 Вады папрасіў ён: малака прынесла яна, у чары вяльможніцкай падала малака выдатнага.

26 Руку левую працягнула яна да кала, а сваю правую да малатка работніцкага; ударыла Сісару, прабіла галаву ягоную, разьбіла і пранізала скроню яму.

27 І схіліўся да ног яе, упаў і ляжаў, да ног яе схіліўся, упаў: дзе схіліўся, там і ўпаў забіты.

28 У вакно выглядае й галосіць маці Сісаравая праз рашотку: чаму доўга ня йдзе яго коньніца, чаго замарудзілі колы яго калясьніц?

29 Рассудлівыя зь яе каляжанак ёй адказалі, і сама яна адказвае на пытаньні свае:

30 знайшлі яны, мабыць, і дзеляць здабычу, па дзяўчыне, па дзьве дзяўчыны на кожнага воіна, лупам дасталася каляровая вопратка Сісару, тканіна дасталася ў луп каляровая, вышываная паабапал, у палоннага з плячэй зьнятая.

31 Так няхай прападуць усе ворагі Твае, Госпадзе! а хто любіць Яго, няхай будзе, як сонца, што ўзыходзіць у поўнай моцы сваёй! - І сьцішылася зямля на сорак гадоў.

 

Разьдзел 6

 

1 Сыны Ізраілевыя зноў пачалі ўчыняць ліхое перад вачыма Госпада, і аддаў іх Гасподзь у рукі Мадыяніцянам на сем гадоў.

2 Цяжкая была рука ў Мадыяніцянаў над Ізраілем, і сыны Ізраілевыя зрабілі сабе ад Мадыяніцянаў цясьніны ў гарах і пячоры і ўмацаваньні.

3 Калі пасее Ізраіль, прыйдуць Мадыяніцяне і Амалікіцяне, і жыхары ўсходу і ходзяць у іх;

4 і стаяць у іх намётамі, і зьнішчаюць створанае зямлёю да самай Газы, і не пакідаюць на пракорм Ізраілю ні авеякі, ні вала, ні асла.

5 Бо яны прыходзілі з быдлам сваім і з намётамі сваімі, прыходзілі ў такім мностве, як саранча; ім і вярблюдам іхнім ня было ліку, і хадзілі па зямлі Ізраілевай, спусташаючы яе.

6 І вельмі згалеў Ізраіль ад Мадыяніцянаў, і заенчылі сыны Ізраіля да Госпада.

7 І калі заенчылі сыны Ізраілевыя да Госпада на Мадыяніцянаў,

8 паслаў Гасподзь прарока да сыноў Ізраілевых, і сказаў ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я вывеў вас зь Егіпта, вывеў вас з дома рабства;

9 выбавіў вас з рукі Егіпцянаў і з рукі ўсіх прыгнятальнікаў вашых, прагнаў іх ад вас, і даў вам зямлю іхнюю,

10 і сказаў вам: «Я - Гасподзь Бог ваш; не шануйце божышчаў Амарэйскіх, у зямлі якіх вы жывяце»; але вы не паслухаліся голасу Майго.

11 І прыйшоў анёл Гасподні і сеў у Офры пад дубам, які належаў Ёасу, наступцу Авіезэраваму: сын яго Гедэон малаціў тады пшаніцу ў чавільні, каб схавацца ад Мадыяніцянаў.

12 І зьявіўся яму анёл Гасподні і сказаў яму: Гасподзь з табою, муж дужы!

13 Гедэон сказаў яму: гаспадару мой! калі Гасподзь з намі, дык чаму спасьцігла нас усё гэта? і дзе ўсе цуды Ягоныя, пра якія расказвалі нам бацькі нашыя, кажучы: «зь Егіпта вывеў нас Гасподзь»? цяпер пакінуў нас Гасподзь і аддаў нас у рукі Мадыяніцянам.

14 Гасподзь, паглядзеўшы на яго, сказаў: ідзі з гэтаю сілаю тваёю і выратуй Ізраіля ад рукі Мадыяніцянаў; Я пасылаю цябе.

15 Гедэон сказаў Яму: Госпадзе! як уратую я Ізраіля! вось, і род мой у племі Манасііным самы бедны, і я ў доме ў бацькі майго наймаладзейшы.

16 І сказаў яму Гасподзь: Я буду з табою, і ты паб'еш Мадыяніцянаў, як аднаго чалавека.

17 Гедэон сказаў Яму: калі я здабыў ласку перад вачамі Тваімі, дык зрабі мне азнаку, што Ты гаворыш са мною:

18 ня йдзі адгэтуль, пакуль я ня прыйду да цябе і не прынясу дарунку майго і не прапаную Табе. Ён сказаў: Я застануся, пакуль ты ня вернешся.

19 Гедэон пайшоў і прыгатаваў казьляня і праснакоў з эфы мукі; мяса паклаў у кош, а ўзвар уліў у горшчык і прынёс да Яго пад дуб і прапанаваў.

20 І сказаў яму анёл Божы: вазьмі мяса і праснакі, і пакладзі на гэты камень, і вылі ўзвар. Ён так і зрабіў.

21 Анёл Гасподні, працягнуўшы канец жазла, якое было ў руцэ ў яго, дакрануўся да мяса і праснакоў; і выйшаў агонь з каменя і паеў мяса і праснакі; і анёл Гасподні зьнік з вачэй ягоных.

22 І ўбачыў Гедэон, што гэта анёл Гасподні, і сказаў Гедэон: гора мне, Уладыка Госпадзе! бо я бачыў анёла Гасподняга твар у твар.

23 Гасподзь сказаў яму: мір табе, ня бойся, не памрэш.

24 І зладзіў там Гедэон ахвярнік Госпаду і назваў яго: Ягова Шалом*. Ён яшчэ і сёньня ў Офры Авіезэравай.

25 У тую ноч сказаў яму Гасподзь: вазьмі цяля са статку бацькі твайго і другое цяля сямігадовае, і развалі ахвярнік Ваала, які ў бацькі твайго, і сьсячы сьвяшчэннае дрэва, якое каля яго,

26 і пастаў ахвярнік Госпаду Богу твайму, на вяршыні скалы гэтай, у парадку, і вазьмі другое цяля і прынясі на цэласпаленьне на дровах з дрэва, якое сьсячэш.

27 Гедэон узяў дзесяць чалавек з рабоў сваіх і зрабіў, як казаў яму Гасподзь; але як што зрабіць гэта ўдзень ён баяўся хатніх бацькі свайго і жыхароў горада, дык зрабіў уначы.

28 Раніцай усталі жыхары горада, і вось, ахвярнік Ваалаў разбураны, і дрэва каля яго сьсечанае, і другое цяля прынесена на цэласпаленьне на ягоным ахвярніку.

29 І гаварылі адзін аднаму: хто гэта зрабіў? Шукалі, распытвалі і сказалі: Гедэон, сын Ёасаў, зрабіў гэта.

30 І сказалі жыхары горада Ёасу: выведзі сына твайго: ён мусіць памерці за тое, што разбурыў ахвярнік Ваала і сьсек дрэва, якое было каля яго.

31 Ёас сказаў усім, што падступіліся да яго: ці вам заступацца за Ваала, ці вам абараняць яго? хто заступіцца за яго, той будзе аддадзены сьмерці гэтай самай раніцы; калі ён Бог, дык няхай сам заступіцца за сябе, бо ён разбурыў ахвярнік ягоны.

32 І пачаў зваць яго з таго дня Ераваалам, бо сказаў: хай Ваал сам судзіцца зь ім за тое, што ён разбурыў ахвярнік ягоны.

33 Тым часам усе Мадыяніцяне і Амалікіцяне і жыхары ўсходу сабраліся разам у даліне Ізрээльскай.

34 І дух Гасподні агарнуў Гедэона; ён затрубіў у трубу, і пакліканы быў род Авіязэраў ісьці за ім.

35 І паслаў паслоў па ўсім племі Манасііным, і яно азвалася ісьці за ім; паслаў таксама паслоў да Асіра, Завулона і Нэфталіма, і гэтыя пайшлі насустрач ім.

36 І сказаў Гедэон Богу: калі Ты выратуеш Ізраіля рукою маёю, як казаў Ты,

37 дык вось, я пасьцялю ў гумне стрыжаную воўну: калі раса будзе толькі на воўне, а на ўсёй зямлі суха, дык буду ведаць, што выратуеш рукою маёю Ізраіля, як казаў Ты.

38 Так і сталася: на другі дзень, устаўшы рана, ён пачаў выціскаць воўну і выціснуў з воўны расы цэлую чару вады.

39 І сказаў Гедэор Богу: ня гневайся на мяне, калі яшчэ раз скажу і яшчэ толькі адзін раз учыню выпрабаваньне над воўнаю: хай будзе суха на адной толькі воўне, а на ўсёй зямлі хай будзе раса.

40 Бог так і зрабіў у тую ноч: толькі на воўне было суха, а на ўсёй зямлі была раса.

 

 

* Гасподзь міру

Разьдзел 7

 

1 Ераваал, ён жа Гедэон, і ўвесь народ, які быў зь ім, усталі раніцай і разьмясьціліся табарам каля крыніцы Харода; а Мадыямскі табар быў ад яго на поўнач каля пагорка Марэ ў даліне.

2 І сказаў Гасподзь Гедэону: народу з табою надта многа, не магу Я аддаць Мадыяніцянаў у рукі ім, каб не заганарыўся Ізраіль перад Мною і не сказаў: «мая рука выратавала мяне»;

3 дык вось, абвясьці ў вушы народу і скажы: «хто палахлівы і баязьлівы, той няхай вернецца і пойдзе назад з гары Галаада». І вярнулася народу дваццаць дзьве тысячы, а дзесяць тысяч засталося.

4 І сказаў Гасподзь Гедэону: усё яшчэ многа народу; вядзі іх да вады, тады Я выберу іх табе; пра каго Я скажу: «хай ідзе з табою», той і хай ідзе з табою; а пра каго скажу табе: «не павінен ісьці з табою», той няхай і ня йдзе.

5 Ён прывёў народ да вады. І сказаў Гасподзь Гедэону: хто будзе хлябтаць ваду языком сваім, як хлебча сабака, таго станаві асобна, а таксама і тых усіх, якія будуць станавіцца на калені свае і піць.

6 І было тых, што хлябталі ротам сваім з рукі трыста чалавек; а ўвесь засталы народ кленчыў і піў ваду.

7 І сказаў Гасподзь Гедэону: трыма сотнямі тых, што хлябталі, Я выратую вас і аддам Мадыяніцянаў у рукі вашыя, а ўвесь народ няхай ідзе кожны ў сваё месца.

8 І ўзялі яны запас ежы ў народа сабе і трубы іхнія, і адпусьціў Гедэон усіх Ізраільцянаў па намётах і затрымаў у сябе трыста чалавек; а табар Мадыямскі быў у яго ўнізе ў даліне.

9 У тую ноч сказаў яму Гасподзь: устань, сыдзі ў табар, Я аддаю яго ў рукі твае;

10 а калі ты баішся ісьці, дык ідзі ў табар ты і Фура, слуга твой;

11 і пачуеш, што гавораць, і тады ўмацуюцца рукі твае, і пойдзеш у табар. І сышоў ён і Фура, слуга ягоны, да самых узброеных, якія былі ў табары.

12 А Мадыяніцяне і Амалікіцяне і ўсе жыхары ўсходу разьмясьціліся ў даліне ў такім мностве, як саранча; вярблюдам іхнім ня было ліку, багата было іх, як пяску на беразе мора.

13 Гедэон прыйшоў. І вось, адзін расказвае сон другому і кажа: сьнілася мне, быццам круглы ячменны хлеб каціўся па табары Мадыямскім і, прыкаціўшыся да намёта, ударыўся ў яго так, што ён упаў, перавярнуў яго, і намёт распаўся.

14 Другі сказаў у адказ яму: гэта ня што іншае, як меч Гедэона, сына Ёасавага, Ізраільцяніна; аддаў Бог у рукі ягоныя Мадыяніцянаў і ўвесь табар.

15 Гедэон, пачуўшы расказ пра сон і тлумачэньне яго, пакланіўся і вярнуўся ў табар Ізраільскі і сказаў: уставайце! аддаў Гасподзь у рукі вашыя табар Мадыямскі.

16 І падзяліў трыста чалавек на тры атрады і даў у рукі ўсім ім трубы і пустыя збаны і ў збаны сьвяцільні.

17 І сказаў ім: глядзеце на мяне і рабеце тое самае; вось, я падыду да табара, і што буду рабіць, тое і вы рабеце;

18 калі я і тыя, што са мною, затрубім у трубы, трубеце і вы ў трубы вашыя вакол усяго табара і крычэце: меч Госпада і Гедэона!

19 І падышоў Гедэон і сто чалавек зь ім да табара, напачатку сярэдняй варты, і разбудзілі вартавых, і затрубілі ў трубы і разьбілі збаны, якія былі ў руках у іх.

20 І затрубілі тры атрады ў трубы, і разьбілі збаны, і трымалі ў левай руцэ сьвяцільні, а ў правай руцэ трубы, і трубілі, і крычалі: меч Госпада і Гедэона!

21 І стаяў кожны на сваім месцы вакол табара: і забегалі па ўсім табары, і крычалі, і кінуліся ўцякаць.

22 Тым часам як трыста чалавек трубілі ў трубы, абярнуў Гасподзь меч аднаго на другога ва ўсім табары, і бегла рушэньне ў Бэтшыту да Царэры, да мяжы Авэлмэхолы, паблізу Табаты.

23 І пакліканы Ізраільцяне з племя Нэфталімавага, Асіравага і ўсяго племя Манасіінага, і пагналіся за Мадыяніцянамі.

24 А Гедэон паслаў на ўсю гару Яфрэмаву сказаць: выйдзіце насустрач Мадыяніцянам і перахапеце ў іх пераправу цераз ваду да Бэтвары і Ярдан. І скліканы ўсе Яфрэмляне і перахапілі пераправы цераз ваду Бэтфары і Ярдан;

25 і злавілі двух князёў Мадыямскіх: Арыва і Зіва, і забілі Арыва ў Цур-Арыве, а Зіва ў Екеў-Зіве, і гналі Мадыяніцянаў; а галовы Арыва і Зіва прынесьлі Гедэону за Ярдан.

 

Разьдзел 8

 

1 І сказалі яму Яфрэмляне: навошта ты гэта зрабіў, што не паклікаў нас, калі ішоў ваяваць з Мадыяніцянамі? І моцна пасварыліся зь ім.

2 Гедэон адказваў ім: ці зрабіў я што такое, як вы сёньня? ці шчасьлівей Яфрэм дабіраў вінаград, чым Авіезэр абіраў?

3 У вашыя рукі аддаў Бог князёў Мадыямскіх Арыва і Зіва, і што мог я зрабіць такое, як вы? Тады супакоіўся дух іхні супроць яго, калі сказаў ён ім такія словы.

4 І прыйшоў Гедэон да Ярдана, і перайшоў сам і трыста чалавек, якія былі зь ім. Яны былі стомленыя, перасьледуючы ворагаў.

5 І сказаў ён жыхарам Сакхота: дайце хлеба народу, які ідзе за мною; яны стаміліся, а я перасьледую Зэвэя і Салмана, цароў Мадыямскіх.

6 Князі Сакхота сказалі: хіба рука Зэвэя і Салмана ўжо ў тваёй руцэ, каб войску твайму даваць хлеб?

7 І сказаў Гедэон: за гэта, калі аддасьць Гасподзь Зэвэя і Салмана ў рукі мае, я разарву цела ваша цярноўнікам пустынным і малацільнымі зубчатымі дошкамі.

8 Адтуль пайшоў ён у Пэнуэл і тое самае сказаў жыхарам яго, і жыхары Пэнуэла адказвалі яму тое самае, што адказвалі жыхары Сакхота.

9 Ён сказаў і жыхарам Пэнуэла: калі я вярнуся ў міры, разбуру вежу гэтую.

10 А Зэвэй і Салман былі ў Каркоры і зь імі іхняе рушэньне да пятнаццаці тысяч, усё, што засталося з усяго рушэньня жыхароў усходу; а загінула сто тысяч чалавек, што агалялі меч.

11 Гедэон пайшоў да тых, што жылі ў намётах на ўсход ад Новы і Ёгбэгі і пабіў табар, калі табар стаяў бясьпечна.

12 Зэвэй і Салман пабеглі; ён пагнаўся за імі і схапіў абодвух цароў Мадыямскіх, Зэвэя і Салмана, і ўвесь табар увёў у замяшаньне.

13 І вярнуўся Гедэон, сын Ёаса, з вайны ад узвышша Херэса.

14 І захапіў хлопца з жыхароў Сакхота і выпытаў у яго; і ён напісаў яму князёў і старэйшын Сакхоцкіх семдзесят сем чалавек.

15 І прыйшоў ён да жыхароў Сакхоцкіх і сказаў: вось Зэвэй і Салман, за якіх вы пасьмяяліся зь мяне, кажучы: хіба рука Зэвэя і Салмана ўжо ў тваёй руцэ, каб мы давалі хлеб стомленым людзям тваім?

16 І ўзяў старэйшын горада і церне пустэльнае і зубчатыя малацільныя дошкі і пакараў імі жыхароў Сакхота;

17 і вежу Пэнуэльскую разбурыў і перабіў жыхароў горада.

18 І сказаў Зэвэю і Салману: якія былі тыя, якіх вы забілі на Фаворы? Яны сказалі: яны былі такія, як ты, кожны з выгляду сын царскі.

19 Гедэон сказаў: гэта былі браты мае, сыны маці маёй! жывы Гасподзь: калі б вы пакінулі іх жывымі, я не забіў бы вас.

20 І сказаў Эфэру, першынцу свайму: устань, забі іх. Але хлопец не дастаў меча свайго, бо баяўся, бо быў яшчэ малады.

21 І сказалі Зэвэй і Салман: устань сам і забі нас, бо па чалавеку і сіла ягоная. І ўстаў Гедэон, і забіў Зэвэя і Салмана, і ўзяў спражкі, якія былі на шыях у вярблюдаў іхніх.

22 І сказалі Ізраільцяне Гедэону: валодай намі ты і сын твой і сын сына твайго, бо ты выратаваў нас з рук Мадыяніцянаў.

23 Гедэон сказаў ім: ні я ня буду валодаць вамі, ні мой сын ня будзе валодаць вамі; Гасподзь хай валодае вамі.

24 І сказаў ім Гедэон: прашу ў вас аднаго, дайце мне кожны па завушніцы са здабычы сваёй.

25 Яны сказалі: дамо. І паслалі вопратку і кідалі туды кожны па завушніцы са здабычы сваёй.

26 Вагі ў залатых завушніцах, якія ён выпрасіў, было тысяча сямсот залатых сікляў, апрача спражак, гузікаў і пурпуровых вопратак, якія былі на царах Мадыямскіх, і апрача ланцужкоў, якія былі на шыі ў вярблюдаў іхніх.

27 З гэтага зрабіў Гедэон эфод і паклаў яго ў сваім горадзе, у Офры, і пачалі ўсе Ізраільцяне блудна хадзіць туды за ім, і быў ён сеткаю Гедэону і ўсяму дому ягонаму.

28 Так упакорыліся Мадыяніцяне сынам Ізраіля і не падымалі ўжо галавы сваёй, і сьцішылася зямля на сорак гадоў у дні Гедэона.

29 І пайшоў Ераваал, сын Ёасаў, і жыў у доме сваім.

30 У Гедэона было семдзесят сыноў, што пайшлі ад сьцёгнаў ягоных, бо ў яго было многа жонак.

31 Таксама і наложніца, якая жыла ў Сіхеме, нарадзіла яму сына, і ён даў яму імя Авімэлэх.

32 І памёр Гедэон, сын Ёасаў, у глыбокай старасьці, і пахаваны ў магіле бацькі свайго Ёаса, у Офры Авіезэравай.

33 Калі памёр Гедэон, сыны Ізраілевыя зноў пачалі блудна хадзіць сьледам за Вааламі і паставілі сабе за бога Ваалвэрыта;

34 і ня ўзгадвалі сыны Ізраілевыя Госпада Бога свайго, Які выбаўляў іх з рук усіх ворагаў навокал іх;

35 і дому Ераваалаваму, альбо Гедэонаваму, не зрабілі міласьці дабрачынствы, якія ён зрабіў Ізраілю.

 

Разьдзел 9

 

1 Авімэлэх, сын Ераваалаў, пайшоў у Сіхем да братоў маці сваёй і казаў ім і ўсяму роду бацькі маці сваёй і сказаў:

2 голасна кажэце ўсім жыхарам Сіхемскім: што лепей вам, ці каб валодалі вамі ўсе семдзесят сыноў Ераваалавых, ці каб валодаў адзін, і ўспомніце, што я костка і плоць ваша.

3 Браты ягонай маці казалі пра яго ўсе гэтыя словы жыхарам Сіхемскім; і схілілася сэрца іхняе да Авімэлэха, бо яны казалі: ён брат наш.

4 І далі яму семдзесят сікляў срэбра з дома Ваалвэрыта; Авімэлэх наняў на іх гультаёў і свавольных людзей, якія і пайшлі за ім.

5 І прыйшоў ён у дом бацькі свайго ў Офру і забіў братоў сваіх, семдзесят сыноў Ераваалавых, на адным камені. Застаўся толькі Ётам, малодшы сын Ераваалаў, бо схаваўся.

6 І сабраліся ўсе жыхары Сіхемскія і ўвесь дом Міло, і пайшлі і паставілі царом Авімэлэха каля дуба, што паблізу Сіхема.

7 Калі расказалі пра гэта Ётаму, ён пайшоў і стаў на вяршыню гары Гарызіма і, узвысіўшы голас свой, крычаў і казаў ім: паслухайце мяне, жыхары Сіхема, і паслухае вас Бог!

8 Пайшлі неяк дрэвы памазаць над сабою цара і сказалі масьліне: царуй над намі.

9 Масьліна сказала ім: няўжо я пакіну тлушч мой, якім ушаноўваюць багоў і людзей, і пайду бадзяцца па дрэвах?

10 І сказалі дрэвы смакоўніцы: ідзі ты, царуй над намі.

11 Смакоўніца сказала ім: ці ж я пакіну саладосьць маю і добры плод і пайду бадзяцца па дрэвах?

12 І сказалі дрэвы вінаграднай лазе: ідзі ты, царуй над намі.

13 Вінаградная лаза сказала ім: ці ж я пакіну сок мой, які весяліць багоў і людзей, і пайду бадзяцца па дрэвах?

14 Нарэшце сказалі ўсе дрэвы цярноўніку: ідзі ты, царуй над намі.

15 Цярноўнік сказаў дрэвам: калі вы сапраўды ставіце мяне царом над сабою, дык ідзеце, пакойцеся ў цяні маім; калі ж не, дык выйдзе агонь зь цярноўніка і папаліць кедры Ліванскія.

16 Дык вось глядзеце, паводле ісьціны і паводле праўды вы ўчынілі, паставіўшы Авімэлэха царом? і ці добра вы зрабілі зь Ераваалам і домам ягоным, і ці адпаведна яго дабрадзействам учынілі вы?

17 За вас бацька мой змагаўся, не даражыў жыцьцём сваім і вызваліў вас з-пад рукі Мадыяніцянаў;

18 а вы цяпер паўсталі супроць дома бацькі майго і забілі семдзесят сыноў бацькі майго на адным камені і паставілі царом над жыхарамі Сіхемскімі Авімэлэха, сына рабыні ягонай, бо ён брат ваш.

19 Калі вы сёньня паводле ісьціны і паводле праўды ўчынілі зь Ераваалам і домам ягоным, дык радуйцеся за Авімэлэха, і хай радуецца за вас;

20 а калі не, дык хай выйдзе агонь з Авімэлэха і хай папаліць жыхароў Сіхемскіх і ўвесь дом Міло, і хай выйдзе агонь з жыхароў Сіхемскіх і з дома Міло і хай папаліць Авімэлэха.

21 І пабег Ётам, і ўцёк і пайшоў у Бээр, і жыў там, хаваючыся ад брата свайго Авімэлэха.

22 Авімэлэх жа цараваў над Ізраілем тры гады.

23 І паслаў Бог злога духа паміж Авімэлэхам і жыхарамі Сіхема, і перасталі карыцца жыхары Сіхемскія Авімэлэху,

24 каб такім чынам адбылася помста за семдзесят сыноў Ераваалавых, і кроў іхняя абярнулася на Авімэлэха, брата іхняга, які забіў іх, і на жыхароў Сіхемскіх, якія ўмацавалі рукі ягоныя, каб забіць братоў сваіх.

25 Жыхары Сіхемскія пасадзілі супроць яго ў засаду людзей на вяршынях гор, якія рабавалі кожнага, хто праходзіў міма іх па дарозе. Пра гэта данесена было Авімэлэху.

26 А прыйшоў і Гаал, сын Эвэдаў, з братамі сваімі ў Сіхем, і хадзілі яны па Сіхеме, і жыхары Сіхемскія даверыліся яму.

27 І выйшлі ў поле, і зьбіралі вінаград свой, і ціснулі ў чавілах, і ладзілі сьвяты, хадзілі ў дом бога свайго, і елі і пілі, і пракліналі Авімэлэха.

28 Гаал, сын Эвэдаў, казаў: хто Авімэлэх і што Сіхем, каб мы служылі яму? Служэце лепей нашчадкам Эмора, бацькі Сіхемавага, а яму навошта, каб мы служылі?

29 калі б хто даў народ гэты ў рукі мае, я прагнаў бы Авімэлэха. І сказана было Авімэлэху: памнож войска тваё і выходзь.

30 Зэвул, правадыр горада, пачуў словы Гаала, сына Эвэдавага, і запалаў гнеў ягоны.

31 Ён хітрым чынам адпраўляе паслоў да Авімэлэха, каб сказаць: вось Гаал, сын Эвэдаў, і браты ягоныя прыйшлі ў Сіхем, і вось, яны бунтуюць супроць цябе горад;

32 дык вось, устань уначы, ты і народ, які з табою, і пастаў засаду ў полі;

33 а раніцай, як узыходзіць сонца, устань рана і падступіся да горада; і калі ён і народ, які ў яго, выйдуць да цябе, тады рабі зь імі, што можа рука твая.

34 І ўстаў уначы Авімэлэх і ўвесь народ, які быў зь ім, і паставілі ў засаду каля Сіхема чатыры атрады.

35 Раніцай Гаал, сын Эвэдаў, выйшаў і стаў каля брамы гарадское; і ўстаў Авімэлэх і народ, які быў зь ім, з засады.

36 Гаал, убачыўшы народ, кажа Зэвулу: вось, народ спускаецца зь вяршыняў гор. А Зэвул сказаў яму: цень гор здаецца табе людзьмі.

37 Гаал зноў казаў і сказаў: вось, народ спускаецца з узвышша, і адзін атрад ідзе ад дуба Мэнаім.

38 І сказаў яму Зэвул: дзе вусны твае, якія казалі: «хто Авімэлэх, каб мы сталі служыць яму?» гэта той народ, якім ты пагарджаў; выходзь цяпер і падужайся зь ім.

39 І пайшоў Гаал наперадзе жыхароў Сіхемскіх і біўся з Авімэлэхам.

40 І пагнаўся за ім Авімэлэх, і пабег ён ад яго, і многа ўпала забітых да самае брамы горада.

41 І застаўся Авімэлэх у Аруме, а Гаала і братоў ягоных Зэвул выгнаў, каб яны ня жылі ў Сіхеме.

42 На другі дзень выйшаў народ у поле, і данесьлі пра гэта Авімэлэху.

43 Ён узяў свой народ і падзяліў яго на тры атрады і паставіў у засадзе ў полі. І ўбачыўшы, што народ выйшаў з горада, паўстаў на іх і пабіў іх.

44 Тым часам як Авімэлэх і атрады, што былі зь ім, падступіліся і сталі каля брамы гарадское, два другія атрады напалі на ўсіх, што былі ў полі, і забівалі іх.

45 І біўся Авімэлэх з горадам увесь той дзень, і ўзяў горад, і пабіў народ, што быў у ім, і разбурыў горад і засеяў яго сольлю.

46 Дачуўшыся пра гэта, усе: што былі ў вежы Сіхемскай, пайшлі ў вежу капішча Ваал-Вэрыта.

47 Авімэлэху было данесена, што сабраліся туды ўсе, што былі ў вежы Сіхемскай.

48 І пайшоў Авімэлэх на гару Сэлмон, сам і ўвесь народ, што быў зь ім, і ўзяў Авімэлэх сякеры з сабою і насек гальля, і паклаў на плечы свае, і сказаў народу, які быў зь ім: вы бачылі, што я рабіў; хутчэй рабеце і вы тое самае, што і я.

49 І насек кожны з усяго народу гальля, і пайшлі за Авімэлэхам, і паклалі да вежы, і спалілі вежу агнём, і памерлі ўсе, што былі ў вежы Сіхемскай, каля тысячы мужчын і жанчын.

50 Потым пайшоў Авімэлэх у Тэвец, і аблажыў Тэвец і ўзяў яго.

51 Сярод горада была вялікая вежа, і ўцякалі туды ўсе мужчыны і жанчыны і ўсе жыхары горада, і замкнуліся і ўзышлі на дах вежы.

52 Авімэлэх прыйшоў да вежы і атачыў яе і падышоў да дзьвярэй вежы, каб спаліць яе агнём.

53 Тады адна жанчына скінула абломак жарона на галаву Авімэлэху і праламала яму чэрап.

54 Авімэлэх адразу паклікаў хлопчыка, збраяносца свайго, і сказаў яму: агалі меч твой і ўсьмерці мяне, каб не сказалі пра мяне: жанчына забіла яго. І пракалоў яго хлопчык, і ён узяў і памёр.

55 Ізраільцяне, убачыўшы, што памёр Авімэлэх, пайшлі кожны ў сваё месца.

56 Так аддаў Бог Авімэлэху за зладзейства, якое ўчыніў бацьку свайму, забіўшы семдзесят братоў сваіх.

57 І ўсе зладзействы жыхароў Сіхемскіх абярнуў Бог на галаву іх; і спасьцігла іх пракляцьце Ёфама, сына Ераваалавага.

 

Разьдзел 10

 

1 Пасьля Авімэлэха паўстаў на выратаваньне Ізраіля Тола, сын Туі, сына Додавага, з племя Ісахаравага. Ён жыў у Шаміры, на гары Яфрэмавай.

2 Ён быў судзьдзя Ізраіля дваццаць тры гады, і памёр, і пахаваны ў Шаміры.

3 Пасьля яго паўстаў Яір з Галаада і быў судзьдзёю Ізраіля дваццаць два гады.

4 У яго было трыццаць два сыны, якія езьдзілі на трыццаці двух маладых аслах, і трыццаць два гарады было ў іх; іх да сёньня называюць селішчамі Яіра, што ў зямлі Галаадскай.

5 І памёр Яір і пахаваны ў Камоне.

6 Сыны Ізраілевыя далей рабілі ліхое перад вачыма Госпада і служылі Ваалам і Астартам, і багам Арамейскім і багам Сідонскім, і багам Маавіцкім і багам Аманіцкім і багам Філістымскім, а Госпада пакінулі і ня служылі Яму.

7 І запалаў гнеў Госпада на Ізраіля, і Ён аддаў іх у рукі Філістымлянам і ў рукі Аманіцянам;

8 яны ўціскалі і мучылі сыноў Ізраілевых з таго года васемнаццаць гадоў, усіх сыноў Ізраілевых па той бок Ярдана ў зямлі Амарэйскай, якая ў Галаадзе.

9 Нарэшце Аманіцяне перайшлі Ярдан, каб весьці вайну зь Юдам і Веньямінам і з домам Яфрэмавым. І вельмі цесна было сынам Ізраіля.

10 І залямантавалі сыны Ізраілевыя да Госпада і казалі: зграшылі мы перад Табою, бо пакінулі Бога нашага і служылі Ваалам.

11 І сказаў Гасподзь сынам Ізраілевым: ці ня прыгняталі вас Егіпцяне і Амарэі, і Аманіцяне і Філістымляне,

12 і Сіданяне і Амалікіцяне і Маавіцяне, і калі вы клікалі Мяне, ці ж не ратаваў Я вас ад рук іхніх?

13 а вы пакінулі Мяне і пачалі служыць багам іншым; за тое Я ўжо ня буду ратаваць вас:

14 ідзеце, кліяце багоў, якіх вы выбралі, няхай яны ратуюць вас у цесны для вас час.

15 І сказалі сыны Ізраілевыя Госпаду: зграшылі мы; рабі з намі ўсё, што Табе заўгодна, толькі вызвалі нас цяпер.

16 І адкінулі ад сябе чужых багоў і пачалі служыць Госпаду. І ня вынесла душа Яго цярпеньняў Ізраіля.

17 Аманіцяне сабраліся і разьмясьціліся табарам у Галаадзе; сабраліся таксама сыны Ізраілевыя і сталі табарам у Масіфе.

18 Народ і князі Галаадскія сказалі адзін аднаму: хто пачне вайну супроць Аманіцянаў, той будзе за правадыра жыхарам Галаадскім.

 

Разьдзел 11

 

1 Ефтай Галаадыцянін быў чалавек адважны; ён быў сын распусьніцы; ад Галаада нарадзіўся Ефтай.

2 І жонка Галаадава нарадзіла яму сыноў. Калі ўзмужнелі жончыныя сыны, яны выгналі Ефтая, сказаўшы яму: ты ня спадчыньнік у доме бацькі нашага, бо ты сын іншай жанчыны.

3 І ўцёк Ефтай ад братоў сваіх і жыў у зямлі Тоў; і сабраліся да Ефтая людзі, якім ня было чаго траціць, і выходзілі зь ім.

4 Празь некаторы час Аманіцяне пайшлі вайною на Ізраіля.

5 У час вайны Аманіцянаў зь Ізраільцянамі прыйшлі старэйшыны Галаадскія ўзяць Ефтая зь зямлі Тоў

6 і сказалі Ефтаю: прыйдзі, будзь нам за правадыра, і будзем біцца з Аманіцянамі.

7 Ефтай сказаў старэйшынам Галаадскім: ці ж ня вы зьненавідзелі мяне і выгналі з дому бацькі майго? навошта ж прыйшлі да мяне цяпер, калі вы ў бядзе?

8 Старэйшыны Галаадскія сказалі Ефтаю: таму мы цяпер прыйшлі да цябе, каб ты пайшоў з намі і біўся з Аманіцянамі і быў у нас за правадыра ўсім жыхарам Галаадскім.

9 І сказаў Ефтай старэйшынам Галаадскім: калі вы вернеце мяне, каб біцца з Аманіцянамі, і Гасподзь аддасьць мне іх, - дык ці застануся я ў вас за правадыра?

10 Старэйшыны Галаадскія сказалі Ефтаю: Гасподзь хай будзе за сьведку паміж намі, што мы зробім паводле слова твайго!

11 І пайшоў Ефтай з старэйшынамі Галаадскімі і народ паставіў яго над сабою начальнікам і правадыром, і Ефтай вымавіў усе словы свае перад абліччам Госпада ў Масіфе.

12 І паслаў Ефтай да цара Аманіцкага сказаць: што табе да мяне, што ты прыйшоў да мяне ваяваць на зямлі маёй?

13 Цар Аманіцкі сказаў паслам Ефтаевым: Ізраіль, калі ішоў зь Егіпта; узяў зямлю маю ад Арнона да Явока і Ярдана; дык вось, аддай мне яе зь мірам.

14 Ефтай другі раз паслаў паслоў да цара Аманіцкага -

15 сказаць яму: так кажа Ефтай: Ізраіль ня ўзяў зямлі Маавіцкай і зямлі Аманіцкай;

16 бо, калі ішлі зь Егіпта, Ізраіль пайшоў у пустыню да Чэрмнага мора і прыйшоў у Кадэс;

17 адтуль паслаў Ізраіль паслоў да цара Эдомскага сказаць: «дазволь мне прайсьці зямлёю тваёю»; але цар Эдомскі не паслухаў; і да цара Маавіцкага ён пасылаў, але і той не згадзіўся; таму Ізраіль заставаўся ў Кадэсе.

18 І пайшоў пустыняю, і абышоў зямлю Эдомскую і зямлю Маавіцкую, прыйшоўшы да ўсходняй мяжы зямлі Маавіцкай, атабарыўся за Арнонам; але не ўваходзіў у межы Маавіцкія, бо Арнон ёсьць мяжа Маава.

19 І паслаў Ізраіль паслоў да Сігона, цара Амарэйскага, цара Есэвонскага, і сказаў яму Ізраіль: дазволь нам прайсьці зямлёю тваёю ў нашае месца.

20 Але Сігон не згадзіўся прапусьціць Ізраіля празь межы свае, і сабраў Сігон увесь народ свой, і разьмясьціўся табарам у Чацы, і біўся зь Ізраілем.

21 І аддаў Гасподзь Бог Ізраілеў Сігона і ўвесь народ ягоны ў рукі Ізраілю, і ён пабіў іх; і атрымаў Ізраіль у спадчыну ўсю зямлю Амарэя, які жыў у зямлі той;

22 і атрымалі яны ў спадчыну ўсе межы Амарэя ад Арнона да Явока і ад пустыні да Ярдана.

23 Дык вось, Гасподзь Бог Ізраілеў прагнаў Амарэя ад аблічча народу Свайго Ізраіля, а ты хочаш забраць яго спадчыну?

24 Ці не валодаеш ты тым, што даў табе Хамос, бог твой? І мы валодаем усім тым, што даў нам у спадчыну Гасподзь, Бог наш.

25 Хіба ты лепшы за Валака, сына Сэпфоравага, цара Маавіцкага? ці сварыўся ён зь Ізраілем, альбо ці ваяваў зь імі?

26 Ізраіль жыве ўжо трыста гадоў у Эсэвоне і ў залежных ад яго гарадах, у Араіры і ў залежных ад яго гарадах, і ва ўсіх гарадах, якія паблізу Арнона; але чаму вы ў той час не адабралі іх?

27 А я не вінаваты перад табою, і ты робіш мне благое, выступіўшы супроць мяне вайною. Гасподзь Судзьдзя хай будзе сёньня судзьдзёю паміж сынамі Ізраіля і Аманіцянамі!

28 Але цар Аманіцкі не паслухаў слоў Ефтая, зь якімі ён пасылаў да яго.

29 І быў на Ефтаі Дух Гасподні, і прайшоў ён Галаад і Манасію, і з Масіфы Галадскай пайшоў да Аманіцянаў.

30 І даў Ефтай абяцаньне Госпаду і сказаў: калі ты аддасі Аманіцян у рукі мае,

31 дык, як вярнуся зь мірам ад Аманіцянаў, што выйдзе з варотаў дома насустрач мне, будзе Госпаду, і прынясу гэта на цэласпаленьне.

32 І прыйшоў Ефтай да Аманіцянаў ваяваць зь імі, і аддаў іх Гасподзь у рукі ягоныя;

33 і пабіў іх боем вельмі вялікім, ад Араэра да Мініта дваццаць гарадоў, і да Авэль-Кераміма, і ўпакорыліся Амарэі перад сынамі Ізраілевымі.

34 І прыйшоў Ефтай у Масіфу ў дом свой, і вось, дачка ягоная выходзіць насустрач яму з тымпанамі і танцамі: яна была ў яго толькі адна, і ня было ў яго яшчэ ні сына, ні дачкі.

35 Калі ён убачыў яе, разадраў вопратку на сабе і сказаў: ах, дачка мая! ты забіла мяне; і ты сярод парушальнікаў спакою майго! я адкрыў вусны мае перад Госпадам і не магу адмовіцца.

36 Яна сказала яму: бацька мой! ты адкрыў вусны твае перад Госпадам - і рабі са мною тое, што сказалі вусны твае, калі Гасподзь учыніў празь цябе помсту ворагам тваім Аманіцянам.

37 І сказала бацьку свайму: зрабі мне толькі вось што: адпусьці мяне на два месяцы; я пайду, узыду на горы і аплачу дзявоцтва маё зь сяброўкамі маімі.

38 Ён сказаў: ідзі. І адпусьціў яе на два месяцы. Яна пайшла зь сяброўкамі і аплаквала дзявоцтва сваё ў горах.

39 Як прайшло два месяцы, яна вярнулася да бацькі свайго, і ён выканаў над ёю абяцаньне сваё, якое даў, і яна ня зьведала мужа. І ўвайшло ў звычай Ізраіля,

40 што кожны год доякі Ізраіля хадзілі аплакваць дачку Ефтая Галаадыцяніна, чатыры дні ў год.

 

Разьдзел 12

 

1 Яфрэмавыя сабраліся і перайшлі ў Сэвіну і сказалі Ефтаю: навошта ты хадзіў ваяваць з Аманіцянамі, а нас не паклікаў з сабою? мы спалім дом твой агнём і з табою разам.

2 Ефтай сказаў ім: я і народ мой мелі з Аманіцянамі вялікую зваду; я клікаў вас, але вы не ўратавалі мяне ад рукі іхняй;

3 бачачы, што ты не ратуеш мяне, я паставіў пад пагрозу жыцьцё маё і пайшоў на Аманіцянаў, і аддаў іх Гасподзь у рукі мае; навошта ж вы прыйшлі сёньня ваяваць са мною?

4 І сабраў Ефтай усіх жыхароў Галаадскіх і біўся зь Яфрэмлянамі, і пабілі жыхары Галаадскія Яфрэмавых, кажучы: вы ўцекачы Яфрэмавыя, а Галаад сярод Яфрэма і сярод Манасіі.

5 І перахапілі Галаадыцяне пераправу церазь Ярдан у Яфрэмавых, і калі хто з ацалелых Яфрэмавых казаў: «дазвольце мне пераправіцца», дык жыхары Галаадскія казалі яму: ці не Яфрэмаў ты? Той казаў: не.

6 Яны казалі яму: «скажы: «шыбалет», а ён казаў: «сыбалет», і ня мог інакш вымавіць. Тады яны, узяўшы яго, заколвалі каля пераправы церазь Ярдан. І загінула тым часам зь Яфрэмавых сорак дзьве тысячы.

7 Ефтай быў судзьдзёю Ізраіля шэсьць гадоў, і памёр Ефтай Галаадыцянін і пахаваны ў адным з гарадоў Галаадскіх.

8 Пасьля яго быў судзьдзя Ізраіля Эсэвон зь Віфляема.

9 У яго было трыццаць сыноў, і трыццаць дочак адпусьціў ён з дому, а трыццаць дочак узяў збоку за сыноў сваіх, і быў судзьдзя Ізраіля сем гадоў.

10 І памёр Эсэвон і пахаваны ў Віфляеме.

11 Пасьля яго быў судзьдзя Ізраіля Элон Завулонаў і судзіў Ізраіля дзесяць гадоў.

12 І памёр Элон Завулонаў і пахаваны ў Аялоне, у зямлі Завулонавай.

13 Пасьля яго быў судзьдзя Ізраіля Аўдон, сын Гілелаў, Піратанянін.

14 У яго было сорак сыноў і трыццаць унукаў, якія езьдзілі на сямідзесяці маладых аслах; ён судзіў Ізраіля восем гадоў.

15 І памёр Аўдон, сын Гілела, Піратанянін, і пахаваны ў Піратоне ў зямлі Яфрэмавай, на гары Амалікавай.

 

Разьдзел 13

 

1 Сыны Ізраілевыя і далей рабілі ліхое перад вачыма Госпада, і аддаў іх Гасподзь у рукі Філістымлянам на сорак гадоў.

2 Тым часам быў чалавек з Цоры, ад племя Данавага, імем Маной; жонка ў яго была няплодная і не радзіла.

3 І зьявіўся анёл Гасподні жонцы і сказаў ёй: вось, ты няплодная і ня родзіш; але зачнеш і народзіш сына;

4 але глядзі, ня пі віна і сікеру і ня еж нічога нячыстага;

5 бо вось, ты зачнеш і народзіш сына, і брытва не кранецца галавы ягонай, бо ад самага чэрава дзіця гэтае будзе назарэем Божым, і ён пачне ратаваць Ізраіля ад рукі Філістымлянаў.

6 Жонка прыйшла і сказала мужу свайму: чалавек Божы прыходзіў да мяне, у якога выгляд, як у анёла Божага, вельмі пачцівы; я ня спыталася ў яго, адкуль ён, і ён не сказаў мне імя свайго;

7 ён сказаў мне: «вось, ты зачнеш і народзіш сына; дык ня пі віна і сікеру і ня еж нічога нячыстага, бо дзіця ад самага чэрава да сьмерці сваёй будзе назарэй Божы».

8 Маной памаліўся Госпаду і сказаў: Госпадзе! няхай прыйдзе зноў да нас чалавек Божы, якога пасылаў Ты, і навучыць нас, што нам рабіць зь дзіцём, якое мае нарадзіцца.

9 І пачуў Бог голас Маноя, і анёл Божы зноў прыйшоў да жонкі, калі яна была ў полі, і Маноя, мужа яе, ня было зь ёю.

10 Жонка адразу пабегла і паведаміла мужу свайму і сказала яму: вось, зьявіўся мне чалавек, які прыходзіў тады.

11 Маной устаў і пайшоў з жонкаю сваёю, і прыйшоў да таго чалавека і сказаў яму: ці той ты чалавек, які гаварыў з гэтаю жанчынаю? Анёл сказаў: я.

12 І сказаў Маной: дык вось, калі спраўдзіцца слова тваё, як нам абыходзіцца зь дзіцём гэтым і што рабіць зь ім?

13 Анёл Гасподні сказаў Маною: хай ён асьцерагаецца ўсяго, пра што я сказаў жонцы;

14 хай ня есць нічога, што родзіць вінаградная лаза; хай ня п'е віна і сікеру і ня есьць нічога нячыстага і пільнуецца ўсяго, што я загадаў ёй.

15 І сказаў Маной анёлу Гасподняму: дазволь цябе затрымаць, пакуль мы не прыгатуем табе казьляня.

16 Анёл Гасподні сказаў Маною: хоць бы ты і ўтрымаў мяне, але я ня буду есьці хлеба твайго; а калі хочаш учыніць цэласпаленьне Госпаду, дык учыні яго. А Маной жа ня ведаў, што гэта анёл Гасподні.

17 І сказаў Маной анёлу Гасподняму: якое тваё імя? каб мы цябе ўславілі, калі спраўдзіцца слова тваё.

18 Анёл Гасподні сказаў яму: што ты пытаеш пра імя маё? яно таямнічае.

19 І ўзяў Маной казьляня і хлебнае прынашэньне і ўчыніў Госпаду на камені. І зрабіў Ён цуд, які бачылі Маной і жонка ягоная.

20 Калі полымя пачало падымацца ад ахвярніка да неба, анёл Гасподні падняўся ў полымі ахвярніка. Убачыўшы гэта, Маной і жонка ўпалі тварам на зямлю.

21 І нябачны зрабіўся анёл Гасподні Маною і жонцы ягонай. Тады Маной даведаўся, што гэта анёл Гасподні.

22 І сказаў Маной жонцы сваёй: мабыць, мы памрэм, бо бачылі мы Бога.

23 Жонка яго сказала яму: калі б Гасподзь хацеў сьмерці нашай, дык ня прыняў бы з рук нашых цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня, і не паказаў бы нам усяго таго, і цяпер не адкрыў бы нам гэтага.

24 І нарадзіла жонка сына і дала яму імя: Самсон. І расло дзіця, і дабраслаўляў яго Гасподзь.

25 І пачаў Дух Гасподні дзейнічаць у ім у табары Данавым, паміж Цораю і Эстаолам.

 

Разьдзел 14

 

1 І пайшоў Самсон у Тымнату і ўбачыў у Тымнаце жанчыну з дачок Філістымскіх.

2 Ён пайшоў і абвясьціў бацьку свайму і маці сваёй і сказаў: я бачыў у Тымнаце жанчыну з дачок Філістымскіх; вазьмеце мне яе за жонку.

3 Бацька і маці яго сказалі яму: хіба няма жанчын сярод дочак братоў тваіх і ва ўсім народзе маім, што ты ідзеш узяць жонку ў Філістымлянаў неабрэзаных? І сказаў Самсон бацьку свайму: яе вазьмі мне, бо яна мне спадабалася.

4 Бацька яго і маці яго ня ведалі, што гэта ад Госпада, і што ён шукае выпадку адпомсьціць Філістымлянам. А ў той час Філістымляне панавалі над Ізраілем.

5 І пайшоў Самсон з бацькам сваім і з маці сваёю ў Тымнату, і калі падыходзілі да вінаграднікаў Тымнаты, вось, малады леў рыклівы ідзе яму насустрач.

6 І сышоў на яго Дух Гасподні, і ён разадраў ільва, бы казьляня; і ў руцэ ў яго нічога ня было. І не сказаў бацьку свайму і маці сваёй, што ён зрабіў.

7 І прыйшоў і пагутарыў з жанчынаю, і яна спадабалася Самсону.

8 Празь некалькі дзён зноў пайшоў ён, каб узяць яе і зайшоў паглядзець на труп ільва, і вось, рой пчол на трупе ільвіным і мёд.

9 Ён узяў яго ў рукі свае і пайшоў і еў дарогаю; і калі прыйшоў да бацькі свайго і маці сваёй, даў і ім, і яны елі; але не сказаў ім, што зь ільвінага трупа ўзяў мёд гэты.

10 І прыйшоў бацька ягоны да жанчыны, і зладзіў там Самсон гасьціну, як звычайна робяць жаніхі.

11 І калі там убачылі яго, выбралі трыццаць вясельных дружкаў, каб яны былі пры ім.

12 І сказаў ім Самсон: загадаю я вам загадку; калі вы адгадаеце мне яе за сем дзён гасьціны і адгадаеце правільна, дык я даю вам трыццаць сіндонаў* і трыццаць перамен вопраткі;

13 а калі ня здолееце адгадаць мне, дык вы дайце мне трыццаць сіндонаў і трыццаць перамен вопраткі. Яны сказалі яму: загадай загадку тваю, паслухаем.

14 І сказаў ім: зь едака выйшла еднае, і з дужага выйшла салодкае. І не маглі адгадаць загадкі за тры дні.

15 На сёмы дзень сказалі яны жонцы Самсонавай: угавары мужа твайго, каб ён разгадаў нам загадку; інакш спалім агнём цябе і дом бацькі твайго; хіба ж вы паклікалі нас, каб абабраць нас?

16 І плакала жонка Самсонава перад ім і казала: ты ненавідзіш мяне і не кахаеш; ты загадаў загадку сынам народу майго, а мне не разгадваеш яе. Ён сказаў ёй: бацьку майму і маці маёй не разгадаў яе; ці ж табе разгадаю?

17 І плакала яна перад ім сем дзён, колькі доўжылася ў іх гасьціна. Нарэшце на сёмы дзень разгадаў ёй, бо яна вельмі моцна прасіла яго. А яна разгадала загадку сынам народу свайго.

18 І на сёмы дзень да захаду сонца сказалі яму грамадзяне: што саладзей за мёд, і што дужэй за ільва! Ён сказаў ім: калі б вы не аралі на маёй цялушцы, дык не адгадалі б маёй загадкі.

19 І сышоў на яго Дух Гасподні, і пайшоў ён у Аскалон, і, забіўшы там трыццаць чалавек, зьняў зь іх вопратку, і аддаў перамены вопраткі тым, што разгадалі загадку ягоную. І запалаў гнеў ягоны, і пайшоў ён у дом да бацькі свайго.

20 А жонка Самсонава выйшла за вясельнага дружка ягонага, які быў пры ім за дружка.

 

 

* Кашуля з тонкага палатна

Разьдзел 15

 

1 Празь некалькі дзён, у час жніва пшаніцы, прыйшоў Самсон пабачыцца з жонкаю сваёю, прынёсшы з сабою казьляня; і сказаў ёй: «увайду да жонкі маёй у спальню», бацька яе ня даў яму ўвайсьці.

2 І сказаў бацька яе: я падумаў, што ты зьненавідзеў яе, і я аддаў яе дружку твайму; вось, меншая сястра прыгажэйшая за яе; няхай яна будзе табе замест яе.

3 Але Самсон сказаў ім: цяпер я буду справядлівы перад Філістымлянамі, калі ўчыню ім благое.

4 І пайшоў Самсон, і злавіў трыста лісаў, і ўзяў паходні, і зьвязаў хвост з хвастом, і прывязаў па паходні паміж двума хвастамі;

5 і запаліў паходні, і пусьціў іх на жніво Філістымскае, і выпаліў капіцы і няжаты хлеб, і вінаградныя сады і аліўкавыя.

6 І казалі Філістымляне: хто гэта зрабіў? І казалі: Самсон, зяць Філістымлянаў; бо гэты ўзяў жонку ягоную і аддаў сябру ягонаму. І пайшлі Філістымляне, і спалілі агнём яе і бацьку яе.

7 Самсон сказаў ім: хоць вы зрабілі гэта, але я адпомшчу вам самім, і толькі тады супакоюся.

8 І перабіў ён ім галені і клубы, і пайшоў і засеў у цясьніне скалы Этама.

9 І пайшлі Філістымляне, і атабарыліся ў Юдэі, і працягнуліся да Лэхі.

10 І сказалі жыхары Юдэі: за што вы выйшлі супраць нас? Яны сказалі: мы прыйшлі зьвязаць Самсона, каб зрабіць зь ім так, як ён зрабіў з намі.

11 І пайшлі тры тысячы чалавек зь Юдэі да цясьніны скалы Этама, і сказалі Самсону: хіба ты ня ведаеш, што Філістымляне пануюць над намі? што гэта ты зрабіў нам? Ён сказаў ім: як яны са мною зрабілі, так і я зрабіў зь імі.

12 І сказалі яму: мы прыйшлі зьвязаць цябе, каб аддаць цябе ў рукі Філістымлянам. І сказаў ім Самсон: прысягнеце мне, што вы не забэяце мяне.

13 І сказалі яму: не, мы толькі зьвяжам цябе і аддамо цябе ім у рукі, а забіваць не заб'ем. І зьвязалі дзьвюма новымі вяроўкамі, і павялі яго зь цясьніны.

14 калі ён падышоў да Лэхі, Філістымляне з крыкамі сустрэлі яго. І сышоў на Яго Дух Гасподні, і вяроўкі, што былі на руках ягоных, зрабіліся, як перагарэлы лён, і ўпалі повязі з рук ягоных.

15 Знайшоў ён сьвежую асьліную сківіцу, і, працягнуўшы руку сваю, узяў яе, і забіў ёю тысячу чалавек.

16 І сказаў Самсон: сківіцай асьлінаю натоўп, два натоўпы, сківіцай асьлінаю забіў я тысячу чалавек.

17 Сказаўшы гэта, кінуў сківіцу з рукі сваёй, і назваў тое месца - Рамат-Лэхі*.

18 І адчуў моцную смагу, і паклікаў Госпада і сказаў: Ты зрабіў рукою раба Твайго вялікае выратаваньне гэтае; а цяпер памру я ад смагі, і траплю ў рукі неабрэзаных.

19 І адчыніў Бог яміну ў Лэсе, і пацякла зь яе вада. Ён напіўся, і вярнуўся дух ягоны, і ён ажыў; таму і названа месца гэтае: «крыніца таго, хто заклікае», якая ў Лэсе да сёньня.

20 І быў ён судзьдзя Ізраіля ў дні Філістымлянаў дваццаць гадоў.

 

 

* Кінутая сківіца

Разьдзел 16

 

1 Прыйшоў аднаго разу Самсон у Газу, і, убачыўшы там блудадзейку, увайшоў да яе.

2 Жыхары Газы сказалі: Самсон прыйшоў сюды. І хадзілі яны вакол, і падпільноўвалі яго ўсю ноч каля гарадское брамы, і хаваліся ўсю ноч, кажучы: да сьвятла ранішняга пачакаем, і заб'ем яго.

3 А Самсон спаў да поўначы; а Апоўначы, устаўшы, схапіў дзьверы гарадское брамы з абодвума вушакамі, падняў іх разам з завалай, паклаў на плечы свае, і занёс іх на вяршыню гары, што па дарозе ў Хэўрон.

4 Пасьля таго пакахаў ён адну жанчыну, якая жыла ў даліне Сарэк; звалі яе Даліла.

5 Да яе прыйшлі ўладцы Філістымскія, і кажуць ёй: угавары яго, і выведай, у чым вялікая сіла ягоная, і як нам адолець яго, каб зьвязаць яго і ўпакорыць яго; а мы дамо табе за тое кожны сто сікляў срэбра.

6 І сказала Даліла Самсону: скажы мне, у чым вялікая сіла твая, і чым зьвязаць цябе, каб цябе ўпакорыць.

7 Самсон сказаў ёй: калі зьвяжуць мяне сямю сырымі цяцівамі, якія ня высушаны, дык я зраблюся бясьсілы, і буду, як і астатнія людзі.

8 І прынесьлі ёй уладцы Філістымскія сем сырых цяціваў, якія ня высахлі, і яна зьвязала яго імі.

9 Тым часам адзін патайна сядзеў у яе ўспальні.) І сказала яму: Самсоне! Філістымляне ідуць на цябе. Ён парваў цяцівы, як ірвуць нітку з кудзелі, калі перапаліць яе агонь. І ня выведана сіла ягоная.

10 І сказала Даліла Самсону: вось, ты ашукаў мяне і казаў мне няпраўду; скажы ж цяпер мне, чым цябе зьвязаць?

11 Ён сказаў ёй, калі зьвяжуць мяне новымі вяроўкамі, якія ня былі ва ўжытку, дык я зраблюся бясьсілы, і буду, як усе іншыя людзі.

12 Даліла ўзяла новыя вяроўкі, і зьвязала яго, і сказала яму: Самсоне! Філістымляне ідуць на цябе. І сарваў ён іх з рук сваіх, як ніткі.

13 І сказала Даліла Самсону: усё ты падманваеш мяне і кажаш мне няпраўду; скажы мне, чым бы цябе зьвязаць. Ён сказаў ёй: калі ты ўватчэш сем кос з галавы маёй у тканіну і прыб'еш яе цьвіком да ткацкага варацідла.

14 І прымацавала іх да варацідла і сказала яму: Філістымляне ідуць на цябе, Самсоне! Ён прачнуўся са сну свайго і вырваў ткацкае варацідла разам з тканінай.

15 І сказала яму Даліла: як жа ты кажаш: «кахаю цябе», а сэрца тваё не са мною? вось, ты тройчы ашукаў мяне, і не сказаў мне, у чым вялікая сіла твая.

16 І як што яна словамі сваімі прыставала да яго кожны дзень і мучыла яго, дык душы ягонай да сьмерці стала цяжка;

17 і ён адкрыў ёй усё сэрца сваё, і сказаў ёй: брытва не краналася галавы маёй; бо я назарэй Божы ад чэрава маці маёй. Калі ж астрыгчы мяне, дык адступіць ад мяне сіла мая; я зраблюся слабы, і буду, як усе іншыя людзі.

18 Даліла, бачачы, што ён адкрыў ёй усё сэрца сваё, паслала паклікаць уладцаў Філістымскіх, сказаўшы ім: цяпер ідзеце; ён адкрыў мне сэрца сваё. І прыйшлі да яе ўладцы Філістымскія, і прынесьлі срэбра ў руках сваіх.

19 І ўсыпіла яго Даліла на каленях сваіх; і паклікала чалавека, і загадала яму абстрыгчы сем кос з галавы ягонай. І пачаў ён слабнуць, і адступіла ад яго сіла ягоная.

20 Яна сказала: Філістымляне ідуць на цябе, Самсоне! Ён прачнуўся са сну свайго, і сказаў: пайду, як і раней, і вызвалюся. А ня ведаў, што Гасподзь адступіў ад яго.

21 Філістымляне ўзялі яго, і выкалалі яму вочы, прывялі яго ў Газу, і закавалі яго двума меднымі ланцугамі, і ён малоў у доме вязьняў.

22 Тым часам валасы на галаве ў яго пачалі падрастаць, дзе яны былі выстрыжаны.

23 Уладцы Філістымскія сабраліся, каб прынесьці вялікую ахвяру Дагону, богу свайму, і павесяліцца, і сказалі: бог наш аддаў Самсона, ворага нашага, у рукі нашыя.

24 Народ таксама, бачачы яго, славіў бога свайго, кажучы: бог наш аддаў у рукі нашыя ворага нашага і спусташальніка зямлі нашай, які пабіў многіх з нас.

25 І калі разьвесялілася сэрца іхняе, сказалі: пакліяце Самсона, хай ён пацешыць нас. І паклікалі Самсона з дома вязьняў, і ён забаўляў іх, і паставілі яго паміж слупамі.

26 І сказаў Самсон хлопчыку, які вадзіў яго за руку: падвядзі мяне, каб я абмацаў слупы, на якіх умацаваны дом, і абаперся на іх.

27 А дом быў поўны мужчын і жанчын; там былі ўсе ўладцы Філістымскія, і на даху было да трох тысяч мужчын і жанчын, якія глядзелі на Самсона, які забаўляў іх.

28 І паклікаў Самсон Госпада і сказаў: Госпадзе Божа! спамяні мяне і ўмацуй мяне толькі цяпер, о, Божа! каб я адзін раз адпомсьціў Філістымлянам за вочы мае.

29 І ссунуў Самсон зь месца два сярэднія слупы, на якіх уцьверджаны быў дом, упершыся ў іх, у адзін праваю рукою сваёю, а ў другі леваю.

30 І сказаў Самсон: памры, душа мая, з Філістымлянамі! І ўперся з усяе сілы, і абваліўся дом на ўладцаў і на ўвесь народ, які быў у ім. І было памерлых, якіх забіў Самсон пры сьмерці сваёй, больш, чым калі забіў ён у жыцьці сваім.

31 І прыйшлі браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага, і ўзялі яго, і пайшлі і пахавалі яго паміж Цораю і Эстаолам, у магіле Маноя, бацькі ягонага. Ён быў судзьдзя Ізраіля дваццаць гадоў.

 

Разьдзел 17

 

1 Быў адзін чалавек на гары Яфрэмавай, імем Міха.

2 Ён сказаў маці сваёй: тысяча сто сікляў срэбра, якія ў цябе ўзятыя і за якія ты пры мне вымавіла праклён, гэта срэбра ў мяне, я ўзяў яго. Маці ягоная сказала: дабраславёны сын мой у Госпада!

3 І вярнуў ён маці сваёй тысячу сто сікляў срэбра. І сказала маці ягоная: гэта срэбра ад сябе я прысьвяціла Госпаду дзеля сына майго, каб зрабіць зь яго выразанага балвана і літага куміра; дык вось аддаю яго табе.

4 Але ён вярнуў срэбра маці сваёй. Маці ягоная ўзяла дзьвесьце сікляў срэбра, і аддала іх гутніку. Ён зрабіў зь іх выразанага балвана і літага куміра, які і быў у доме ў Міхі.

5 І быў у Міхі дом Божы. І зрабіў ён наплечнік і тэрафім, і пасьвяціў аднаго сына свайго, каб ён быў у яго за сьвятара.

6 У тыя дні ня было цара ў Ізраіля; кожны рабіў, што яму здавалася правільным.

7 Адзін хлопец зь Віфляема Юдэйскага, зь племя Юдавага, лявіт, тады жыў там.

8 Гэты чалавек пайшоў з горада Віфляема Юдэйскага, каб пажыць, дзе выпадзе, і, ідучы дарогаю, прыйшоў на гару Яфрэмавую да дома Міхі.

9 І сказаў яму Міха: адкуль ты ідзеш? Ён сказаў яму: я лявіт зь Віфляема Юдэйскага, і іду пажыць, дзе давядзецца.

10 І сказаў яму Міха: застанься пры мне, і будзь у мяне за бацьку і сьвятара; я буду даваць табе па дзесяць сікляў срэбра ў год, патрэбную вопратку і ежу.

11 Лявіт пайшоў да яго, і згадзіўся лявіт застацца ў гэтага чалавека, і быў хлопец у яго, як адзін з сыноў ягоных.

12 Міха пасьвяціў лявіта, і гэты хлопец быў у яго за сьвятара, і жыў у доме ў Міхі.

13 І сказаў Міха: цяпер я ведаю, што Гасподзь будзе мне дабраволіць, бо лявіт у мяне за сьвятара.

 

Разьдзел 18

 

1 У тыя дні ня было цара ў Ізраіля; і ў тыя дні племя Данавае шукала сабе дзялянкі, дзе б пасяліцца, бо датуль ня выпала яму поўнага надзелу сярод плямёнаў Ізраілевых.

2 І паслалі сыны Данавыя ад племя свайго пяць чалавек, мужчын дужых з Цоры і Эстаола, каб агледзець зямлю і разьведаць яе, і сказалі ім: ідзеце, разьведайце зямлю. Яны прыйшлі на гару Яфрэмавую да дома Міхі, і начавалі там.

3 Будучы каля дома Міхі, пазналі яны голас маладога лявіта, і зайшлі туды, і пыталіся ў яго: хто цябе прывёў сюды? што ты тут робіш, і чаго ты тут?

4 Той сказаў ім: тое і тое зрабіў мне Міха, наняў мяне, і я ў яго за сьвятара.

5 Яны сказалі яму: спытайся ў Бога, каб мы ўведалі, ці будзе нам посьпех у дарозе, у якую мы выпраўляемся.

6 Сьвятар сказаў ім: ідзеце зь мірам; перад Госпадам ваша дарога, у якую вы ідзяце.

7 І пайшлі тыя пяць мужчын, і прыйшлі ў Лаіс, і ўбачылі народ, які ў ім, што Ён жыве спакойна, паводле звычаяў Сіданянаў, ціхі і бястурботны, і што ня было ў зямлі той, хто крыўдзіў бы ў чым, альбо меў бы ўладу: ад Сіданянаў яны жылі далёка, і ні з кім ня было ў іх ніякага дачыненьня.

8 І вярнуліся да братоў сваіх у Цору і Эстаол, і сказалі ім браты іхнія: з чым вы?

9 Яны сказалі: устаньма і пойдзем на іх; мы бачылі зямлю; яна вельмі добрая. А вы задумаліся; не марудзьце, ідзеце і бярэце ў спадчыну тую зямлю.

10 Калі пойдзеце вы, прыйдзеце да народа бястурботнага, і зямля тая шырокая. Бог аддае яе ў рукі вашыя. Гэта такое месца, дзе няма нястачы ні ў чым, што ад зямлі.

11 І выправіліся адтуль з племя Данавага, з Цоры і Эстаола, шэсьцьсот мужчын, аперазаўшыся вайсковай зброяй.

12 Яны пайшлі і сталі табарам у Кірыятыятыме, у Юдэі. Таму і называецца тое месца табарам Данавым да сёньня. Ён за Кірыятыярымам.

13 Адтуль выправіліся яны на гару Яфрэмавую, і прыйшлі да дома Міхі.

14 І сказалі тыя пяцёра мужчын, якія хадзілі на агледзіны зямлі Лаіс, братам сваім: ці ведаеце, што ў адным з дамоў гэтых ёсьць наплечнік, тэрафім, выразаны балван і літы балван? дык вось падумайце, што зь ім рабіць.

15 І зайшлі туды, і ўвайшлі ў дом маладога лявіта, у дом Міхі, і прывіталі яго.

16 А шэсьцьсот чалавек з сыноў Данавых, аперазаныя вайсковай зброяй, стаялі каля брамы.

17 А пяць чалавек, якія хадзілі на агледзіны зямлі, пайшлі, увайшлі туды, узялі балвана і наплечнік, тэрафім і літага балвана. Сьвятар стаяў каля брамы з тымі шасьцюстамі чалавек, аперазаных вайсковай зброяй.

18 Калі яны ўвайшлі ў дом Міхі і ўзялі балвана, наплечнік, тэрафім і літага балвана, сьвятар сказаў ім: што вы робіце?

19 Яны сказалі яму: маўчы, пакладзі руку тваю на вусны твае і йдзі з намі; і будзь у нас бацькам і сьвятаром. Ці ж лепей табе быць сьвятаром у доме аднаго чалавека, чым быць сьвятаром у племі альбо ў родзе Ізраілевым?

20 Сьвятар узрадаваўся і ўзяў наплечнік, тэрафім і балвана, і пайшоў за народам.

21 Яны павярнуліся і пайшлі, і прапусьцілі дзяцей, быдла і грузы наперад.

22 Калі яны адышліся ад дома Міхі, жыхары дамоў, суседніх з домам Міхі, сабраліся і пагналіся за сынамі Данавымі.

23 І крычалі сынам Данавым. Сыны Данавыя абярнуліся, і сказалі Міху: чаго табе, чаго ты так крычыш?

24 Міха сказаў: вы ўзялі багоў маіх, якіх я зрабіў, і сьвятара, і пайшлі; чаго яшчэ болей? як жа вы кажаце: «чаго табе?»

25 Сыны Данавыя сказалі яму: маўчы, каб мы ня чулі голасу твайго; інакш некаторыя з нас, угневаўшыся, нападуць на вас, і ты загубіш сябе і сямэю тваю.

26 І пайшлі сыны Данавыя дарогай сваёй; а Міха, бачачы, што яны мацнейшыя за яго, пайшоў назад і вярнуўся ў дом свой.

27 А сыны Данавыя ўзялі тое, што зрабіў Міха, і сьвятара, які быў у яго, і пайшлі ў Лаіс супроць народу спакойнага і бястурботнага, і пабілі яго мечам, а горад спалілі агнём.

28 Ня было каму памагчы, бо ён быў далёка ад Сідона і ні з кім ня меў суполкі. Горад гэты быў у даліне, што паблізу Бэт-Рэхова. І пабудавалі зноў горад і пасяліліся ў ім.

29 І далі імя гораду: Дан, імем бацькі свайго Дана, сына Ізраілевага; а раней імя ў горада таго было: Лаіс.

30 І паставілі ў сябе сыны Данавыя балвана; а Ёнатан, сын Гірсона, сына Манасіі, сам і сыны ягоныя былі сьвятарамі ў племі Данавым да дня перасяленьня жыхароў той зямлі.

31 І мелі ў сябе балвана, зробленага Міхам, увесь той час, калі дом Божы быў у Сіломе.

 

Разьдзел 19

 

1 У тыя дні, калі ня было цара ў Ізраіля, жыў адзін лявіт на схіле гары Яфрэмавай. І ўзяў сабе наложніцу зь Віфляема Юдэйскага.

2 Наложніца ягоная пасварылася зь ім, і пайшла ад яго ў дом бацькі свайго ў Віфляем Юдэйскі, і была там чатыры месяцы.

3 Муж яе ўстаў і пайшоў за ёю, каб пагаварыць у сэрца яе і вярнуць яе да сябе. Зь ім быў слуга ягоны і пара аслоў. Яна ўвяла яго ў дом бацькі свайго.

4 Бацька гэтай маладой жанчыны, убачыўшы яго, радасна сустрэў яго, і затрымаў яго цесьць ягоны, бацька маладой жанчыны. І прабыў ён у яго тры дні; яны елі і пілі і начавалі там.

5 На чацьвёрты дзень усталі яны рана, і ён устаў, каб ісьці. І сказаў бацька маладой жанчыны зяцю свайму: падмацуй сэрца тваё лустай хлеба, і потым пойдзеце.

6 Яны засталіся, і абодва разам елі і пілі. І сказаў бацька маладой жанчыны чалавеку таму: застанься яшчэ на ноч, і хай павесяліцца сэрца тваё.

7 Чалавек той устаў быў, каб ісьці, але цесьць упрасіў яго, і ён зноў начаваў там.

8 На пяты дзень устаў ён раніцай, каб ісьці. І сказаў бацька маладой жанчыны той: падмацуй сэрца тваё хлебам, і пачакайце, пакуль ня схіліцца дзень. І елі абое яны.

9 І ўстаў той чалавек, каб ісьці, сам ён, наложніца ягоная і слуга ягоны. І сказаў яму цесьць ягоны, бацька маладой жанчыны: вось, дзень схіліўся на вечар, начуйце, калі ласка; вось, дзень хутка скончыцца, начуй тут, хай павесяліцца сэрца тваё; заўтра раней устанеце ў дарогу вашую, і пойдзеш у дом твой.

10 Але мужчына не згадзіўся начаваць, устаў і пайшоў; і прыйшоў у Евус, што сёньня Ерусалім; зь ім пара наўючаных аслоў і наложніца ягоная зь ім.

11 Калі яны былі паблізу Евуса, дзень ужо моцна схіліўся. І сказаў слуга гаспадару свайму: зойдзем у гэты горад Евусэяў, і заначуем у ім.

12 Гаспадар яго сказаў яму: не, ня пойдзем у горад іншапляменцаў, якія ня з сыноў Ізраілевых, а дойдзем ла Гівы.

13 І сказаў слузе свайму: дойдзем да аднаго з гэтых месцаў, і заначуем у Гіве, або ў Раме.

14 І пайшлі, і ішлі, і закацілася сонца каля Гівы Веньямінавай.

15 І завярнулі яны туды, каб пайсьці начаваць у Гіве. І прыйшоў ён і сеў на вуліцы ў горадзе; але ніхто не запрашаў іх у дом на наялег.

16 І вось, ідзе адзін стары з працы сваёй з поля ўвечары; ён родам быў з гары Яфрэмавай, і жыў у Гіве. А жыхары горада гэтага былі сыны Веньямінавыя.

17 Ён падняў вочы свае, убачыў прахожага на вуліцы гарадской. І сказаў стары: куды ідзеш? і адкуль ты прыйшоў?

18 Той сказаў яму: мы ідзём зь Віфляема Юдэйскага да гары Яфрэмавай, адкуль я. Я хадзіў у Віфляем Юдэйскі, а цяпер іду да дома Госпада; і ніхто не запрашае мяне ў дом.

19 У нас ёсьць і салома і корм аслам нашым: таксама хлеб і віно мне, рабыні тваёй і слузе гэтаму ёсьць у рабоў тваіх; ні ў чым няма нястачы.

20 Стары сказаў яму: будзь спакойны; уся нястача твая на мне; толькі не начуй на дварэ.

21 І ўвёў яго ў свой дом і задаў корму аслам ягоным, а самыя яны абмылі ногі свае, і елі і пілі.

22 Калі яны разьвесялілі сэрцы свае, вось, жыхары горада, людзі распусныя, атачылі дом, стукаліся ў дзьверы і казалі старому, гаспадару дома: выведзі чалавека, які ўвайшоў у дом твой, мы спазнаем яго.

23 Гаспадар дома выйшаў да іх і сказаў ім: не, братове мае, не рабеце ліха, калі гэты чалавек увайшоў у дом мой, не рабеце гэтага вар'яцтва.

24 Вось у мяне дачка дзяўчына, і ў яго наложніца, выведу я іх, упакорце іх, і рабеце зь імі, што вам заўгодна; а з чалавекам гэтым не рабеце гэтага вар'яцтва.

25 Але яны не хацелі слухаць яго. Тады мужчына ўзяў сваю наложніцу, і вывеў да іх на вуліцу. Яны спазналі яе, і глуміліся зь яе ўсю ноч да раніцы. І адпусьцілі яе, як толькі занялася зара.

26 І прыйшла жанчына з зарою, і ўпала каля дзьвярэй дома таго чалавека, у якога быў гаспадар яе, і ляжала да сьвятла.

27 Гаспадар яе ўстаў раніцай, адчыніў дзьверы дома, і выйшаў, каб ісьці ў дарогу сваю: аж вось, ляжыць наложніца ягоная каля дзьвярэй дома, і рукі яе на парозе.

28 Ён сказаў ёй: уставай, пойдзем. Але адказу ня было, бо яна памерла. Ён паклаў яе на асла, устаў і пайшоў у сваё месца.

29 Прыйшоўшы ў дом свой, узяў нож, і, узяўшы наложніцу сваю, разрэзаў яе па чэлесах на дванаццаць частак, і паслаў ва ўсе межы Ізраілевыя.

30 Кожны, хто бачыў гэта, казаў: ня бывала і ня бачана было такога зь дня выхаду сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай да сёньня; уважце гэтаму, парайцеся і скажэце.

 

Разьдзел 20

 

1 І выйшлі ўсе сыны Ізраілевыя, і сабралася ўсё супольства, як адзін чалавек, ад Дана да Вірсавіі, і зямля Галаадская перад Госпадам ў Масіфу.

2 І сабраліся правадыры ўсяго народа, усе плямёны Ізраілевыя, на сход народа Божага, чатырыста тысяч пешых, якія агалялі меч.

3 І сыны Веньямінавыя пачулі, што сыны Ізраілевыя прыйшлі ў Масіфу. І сказалі сыны Ізраілевыя: скажэце, як адбывалася гэтае ліха?

4 Лявіт, муж той забітай жанчыны, адказваў і сказаў: я з наложніцаю маёю прыйшоў начаваць у Гіву Веньямінавую;

5 і паўсталі на мяне жыхары Гівы і атачылі празь мяне дом уначы; мяне мерыліся забіць і наложніцу маю замардавалі, так што яна памерла;

6 я ўзяў наложніцу маю, расьсек яе і паслаў яе ва ўсе вобласьці валоданьняў Ізраілевых, бо яны ўчынілі беззаконьне і паскудную дзею ў Ізраілі;

7 вось, усе вы, сыны Ізраілевыя, разгледзьце гэтую дзею і вырашыце тут.

8 І паўстаў увесь народ, як адзін чалавек, і сказаў: ня пойдзем ніхто ў намёт свой і ня вернемся ніхто ў дом свой;

9 і вось, што мы зробім сёньня з Гіваю: пойдзем на яе па жэрабі;

10 і возьмем па дзесяць чалавек са ста ад усіх плямёнаў Ізраілевых, па сто ад тысячы і па тысячы ад цьмы, каб яны прынесьлі ежы народу, які пойдзе супроць Гівы Веньямінавай, пакараць яе за паскудную дзею, якую яна ўчыніла ў Ізраілі.

11 І сабраліся ўсе Ізраільцяне супроць горада аднадушна, як адзін чалавек.

12 І паслалі плямёны Ізраілевыя ва ўсё племя Веньямінавае сказаць: якая гэта гнюсотная дзея ўчынена ў вас!

13 выдайце тых распусных людзей, якія ў Гіве; мы аддамо іх сьмерці і выкарчуем зло зь Ізраіля. Але сыны Веньямінавыя не хацелі слухаць голасу братоў сваіх, сыноў Ізраілевых;

14 а сабраліся сыны Веньямінавыя з гарадоў у Гіву, каб пайсьці вайною супроць сыноў Ізраілевых.

15 І налічылася таго дня сыноў Веньямінавых з гарадоў дваццаць шэсьць тысяч чалавек, якія агалілі меч: апрача таго з жыхароў Гівы налічана сямсот адборных;

16 з усяго народу гэтага было сямсот чалавек адборных, якія былі ляўчукі, і ўсе гэтыя, кідаючы з прашчы камень у волас, ня кідалі міма.

17 А Ізраільцянаў, апрача сыноў Веньямінавых, налічвалася чатырыста тысяч чалавек, што агалялі меч; усе яны былі здольныя да вайны.

18 І ўсталі і пайшлі ў дом Божы, і пыталіся ў Бога і сказалі сыны Ізраілевыя: хто з нас раней пойдзе на вайну з сынамі Веньяміна? І сказаў Гасподзь: Юда наперадзе.

19 І ўсталі сыны Ізраілевыя раніцай і атабарыліся каля Гівы;

20 і выступілі Ізраільцяне на вайну супроць Веньяміна, і сталі сыны Ізраілевыя ў баявы парадак каля Гівы.

21 І выйшлі сыны Веньямінавыя зь Гівы і паклалі ў той дзень дваццаць дзьве тысячы Ізраільцянаў на зямлю.

22 Але народ Ізраільскі падбадзёрыўся, і зноў сталі ў баявы парадак на тым месцы, дзе стаялі першы дзень.

23 І пайшлі сыны Ізраілевыя, і плакалі перад Госпадам да вечара, і пыталіся ў Госпада: ці ўступаць мне яшчэ ў бітву з сынамі Веньяміна, брата майго? Гасподзь сказаў: ідзеце супроць яго.

24 І падступілі сыны Ізраілевыя да сыноў Веньяміна ў другі дзень.

25 Веньямін выступіў супроць іх з Гівы на другі дзень, і яшчэ паклалі на зямлю з сыноў Ізраілевых васемнаццаць тысяч чалавек, што агаляюць меч.

26 Тады ўсе сыны Ізраілевыя і ўвесь народ пайшлі і прышлі ў дом Божы і, седзячы там, плакалі перад Госпадам, і пасьціліся ў той дзень да вечара, і прынесьлі цэласпаленьні і мірныя ахвяры прад Госпадам.

27 І пыталіся сыны Ізраілевыя ў Госпада,

28 ці выходзіць мне яшчэ на бітву з сынамі Веньяміна, брата майго, ці не? Гасподзь сказаў: ідзеце: Я заўтра аддам яго ў рукі вашыя.

29 І паставіў Ізраіль засаду вакол Гівы.

30 І пайшлі сыны Ізраілевыя на сыноў Веньяміна на трэці дзень і сталі ў баявы парадак перад Гіваю, як раней.

31 Сыны Веньямінавыя выступілі супроць народу і аддаліліся ад горада, і пачалі, як раней, забіваць з народу на дарогах, зь якіх адна ідзе да Вэтыля, а другая да Гівы полем, і забілі да трыццаці чалавек зь Ізраільцянаў.

32 І сказалі сыны Веньямінавыя: яны падаюць перад намі, як і раней. А сыны Ізраілевыя сказалі: пабяжым ад іх і адцягнем іх ад горада на дарогі.

33 І ўсе Ізраільцяне ўсталі з свайго месца і выстраіліся ў Ваал-Тамары. І засада Ізраілевая кінулася са свайго месца, з заходняга боку Гівы.

34 І прыйшлі да Гівы дзесяць тысяч чалавек адборных з усяго Ізраіля, і пачалася жорсткая бітва; але сыны Веньяміна ня ведалі, што іх чакае бяда.

35 І пабіў Гасподзь Веньяміна перад Ізраільцянамі, і паклалі ў той дзень Ізраільцяне з сыноў Веньяміна дваццаць пяць тысяч сто чалавек, што агалілі меч.

36 Калі сыны Веньяміна ўбачылі, што яны пабітыя, тады Ізраільцяне саступілі месца сынам Веньяміна, бо спадзяваліся на засаду, якую яны пакінулі паблізу Гівы.

37 А засада пасьпяшалася і памкнулася да Гівы, і ўступіла і пабіла ўвесь горад мечам.

38 Ізраільцяне паставілі з засадаю ўмоўленым знакам да нападу дым слупам з горада.

39 І вось, калі Ізраільцяне адступілі зь месца бітвы, і Веньямін пачаў пабіваць і пабіў Ізраільцянаў да трыццаці чалавек і казаў: «зноў падаюць яны перад намі, як і ў ранейшых бітвах»,

40 тады пачаў падымацца з горада дым слупам. Веньямін азірнуўся назад, і вось, дым ад усяго града падымаецца ў неба.

41 Ізраільцяне вярнуліся, а Веньямін спалохаўся, бо ўбачыў, што спасьцігла яго бяда.

42 І пабеглі яны ад Ізраільцянаў па дарозе да пустыні; але сеча перасьледавала іх, і тыя, што выходзілі з гарадоў, пабівалі іх там;

43 атачылі Веньяміна і перасьледавалі яго да Мэнухі і пабівалі да самага ўсходняга боку Гівы.

44 І загінула з сыноў Веньяміна васямнаццаць тысяч чалавек, людзей дужых.

45 Астатнія павярнуліся і пабеглі да пустыні, да скалы Рымона, і пабілі яшчэ на дарогах пяць тысяч чалавек; і гналіся за імі да Гідома і яшчэ забілі зь іх дзьве тысячы чалавек.

46 А ўсіх сыноў Веньямінавых, якія загінулі ў той дзень, было дваццаць пяць тысяч чалавек, што агалілі меч, і ўсе яны былі мужчыны дужыя.

47 І ўцяклі астатнія ў пустыню, да скалы Рымона, шэсьцьсот чалавек, і заставаліся там у каменнай гары Рымоне чатыры месяцы.

48 А Ізраільцяне зноў пайшлі да сыноў Веньямінавых і пабілі іх там, і людзей у горадзе, і быдла, і ўсё, што ні сустракалася, і ўсе, што былі на дарозе, гарады спалілі агнём.

 

Разьдзел 21

 

1 І прысягнулі Ізраільцяне ў Масіфе, кажучы: ніхто з нас не аддасьць дачкі сваёй сынам Веньяміна замуж.

2 І прыйшоў народ у дом Божы, і сядзелі там да вечара перад Богам, і нарабілі вялікага галасу, і моцна плакалі,

3 і сказалі: Госпадзе, Божа Ізраілеў! навошта здарылася гэта ў Ізраілі, што ня стала цяпер у Ізраіля аднаго племя?

4 На другі дзень устаў народ раніцай, і паставілі там ахвярнік, і прынесьлі цэласпаленьні і мірныя ахвяры.

5 І сказалі сыны Ізраілевыя: хто ня прыходзіў на сход да Госпада з усіх плямёнаў Ізраілевых? Бо вялікі праклён сказаны быў на тых, якія ня прыйшлі да Госпада ў Масіфу, і сказана было, што тыя аддадзены будуць сьмерці.

6 І ўмілажаліліся сыны Ізраілевыя зь Веньяміна, брата свайго, і сказалі: сёньня адцята адно племя ад Ізраіля;

7 што нам рабіць з рэштаю іх, з жанчынамі, калі мы прысягнулі Госпадам не даваць ім жонак з дочак нашых?

8 І сказалі: ці няма каго з плямёнаў Ізраілевых, хто ня прыходзіў перад Госпада ў Масіфу? І выявілася, што зь Явіса Галаадскага ніхто ня прыходзіў перад Госпада ў табар на сход.

9 І агледжаны народ, і вось, ня было там ніводнага з жыхароў Явіса Галаадскага.

10 І паслала туды супольства дванаццаць тысяч чалавек, мужчын дужых, і далі ім загад, кажучы: ідзеце і пабеце жыхароў Явіса Галаадскага мечам, і жанчын і дзяцей;

11 і вось што зрабеце: кожнага мужчыну і кожную жанчыну, якія зьведалі ложак мужаў, праклянеце.

12 І знайшлі яны сярод жыхароў Явіса Галаадскага чатырыста дзяўчат, якія ня зьведалі ложка мужавага, і прывялі іх у табар у Сілом, што ў зямлі Ханаанскай.

13 І паслала ўсё супольства перагаварыць з сынамі Веньямінавымі, якія былі ў скале Рымоне, і абвясьціла ім мір.

14 Тады вярнуліся сыны Веньяміна, і далі ім жонак, якіх пакінулі жывымі з жанчын Явіса Галаадскага; але выявілася, што гэтага было недастаткова.

15 А народ шкадаваў Веньяміна, што Гасподзь не захаваў цэласьці плямёнаў Ізраілевых.

16 І сказалі старэйшыны супольства: што нам рабіць з астатнімі, што да жонак, бо зьнішчаны жанчыны ў Веньяміна?

17 І сказалі: спадчынная зямля няхай застаецца ацалелым сынам Веньяміна, каб ня зьнікла племя зь Ізраіля;

18 але мы ня можам даць ім жонак з дочак нашых. Бо сыны Ізраілевыя прысягнуліся, кажучы: пракляты, хто дасьць жонку Веньяміну;

19 І сказалі: вось, кожны год бывае сьвята Гасподняе ў Сіломе, што на поўначы ад Вэтыля і на ўсход ад дарогі, якая вядзе з Вэтыля ў Сіхем, і на поўдзень ад Левоны.

20 І загадалі сынам Веньяміна і сказалі: ідзеце і засядзьце ў вінаградніках,

21 і глядзеце, калі выйдуць дзяўчаты Сіломскія скакаць у карагодах: тады выйдзіце зь вінаграднікаў і схапеце сабе кожны жонку зь дзяўчат Сіломскіх і ідзеце ў зямлю Веньямінавую;

22 і калі прыйдуць бацькі іхнія, альбо браты іхнія са скаргаю да нас, мы скажам ім: прасеце нас за іх, бо мы не ўзялі кожнаму зь іх жонкі на вайне, і вы не далі ім; цяпер вы вінаватыя.

23 Сыны Веньяміна так і зрабілі, і ўзялі жонак паводле ліку свайго з тых, што былі ў карагодзе, якіх яны захапілі, і пайшлі і вярнуліся ў надзел свой, і пабудавалі гарады і пачалі жыць у іх.

24 У той самы час Ізраільцяне разышліся адтуль кожны ў племя сваё і ў род свой, і пайшлі адтуль кожны ў надзел свой.

25 У тыя дні ня было цара ў Ізраіля; кожны рабіў тое, што яму здавалася правільным.

 

Кніга Рут

 

Разьдзел 1

 

1 У тыя дні, калі кіравалі судзьдзі, стаўся голад на зямлі. І пайшоў адзін чалавек зь Віфляема Юдэйскага з сваёю жонкаю і двума сынамі жыць на палях Маавіцкіх.

2 Імя таго чалавека Элімэлэх, імя жонкі ягонай Наэмінь, а імя двух сыноў ягоных Махлон і Хілеон; яны былі Эфрафяне зь Віфляема Юдэйскага. І прыйшлі яны на палі Маавіцкія і засталіся там.

3 І памёр Элімэлэх, муж Наэміні, і засталася яна з двума сынамі сваімі.

4 Яны ўзялі сабе жонак з Маавіцянак, - імя адной Орфа, а імя другой Рут, - і жылі там каля дзесяці гадоў.

5 Але пасьля і абодва сыны яе, Махлон і Хілеон, памерлі, і засталася тая жанчына пасьля абодвух сваіх сыноў і пасьля мужа свайго.

6 І ўстала яна зь нявесткамі сваімі і пайшла назад з палёў Маавіцкіх, бо пачула на палях Маавіцкіх, што Бог наведаў народ Свой і даў ім хлеб.

7 І выйшла яна з той мясьціны, у якой жыла, і абедзьве нявесткі яе зь ёю. Калі яны ішлі па дарозе, вяртаючыся ў зямлю Юдэйскую,

8 Наэмінь сказала дзьвюм нявесткам сваім: ідзеце, вярнецеся кожная ў дом маці сваёй; хай даруе Гасподзь вам літасьць, як вы рабілі з памерлымі і са мною!

9 хай дасьць вам Гасподзь, каб вы знайшлі прытулак кожная ў доме ў свайго мужа! І пацалавала іх. Але яны паднялі енк і плакалі

10 і сказалі: не, мы з табою вернемся да народу твайго.

11 А Наэмінь сказала: вярнецеся, доякі мае; навошта вам ісьці са мною? хіба ж ёсьць у мяне яшчэ сыны ў маім чэраве, якія былі б вам мужамі?

12 вярнецеся, доякі мае, ідзеце, бо я ўжо старая, каб быць замужам; ды калі б я і сказала: «ёсьць мне яшчэ надзея», і нават калі б я гэтую ноч была з мужам і потым нарадзіла сыноў, -

13 дык ці ж можна вам чакаць, пакуль яны вырасьлі б? ці ж можна вам марудзіць і ня выходзіць замуж? не, доякі мае, я вельмі маркочуся за вас, бо рука Гасподняя спасьцігла мяне.

14 Яны паднялі енк і зноў заплакалі. І Орфа разьвіталася зь сьвякроўю сваёю, а Рут засталася зь ёю.

15 Наэмінь сказала Руце: вось, ятроўка твая вярнулася да народу свайго і да сваіх багоў; вярніся і ты сьледам за ятроўкаю тваёю,

16 але Рут сказала: ня прымушай мяне пакідаць цябе і вяртацца ад цябе; а куды ты пойдзеш, туды і я пайду, і дзе ты жыць будзеш, там і я жыць буду; народ твой будзе маім народам, і твой Бог - маім Богам;

17 і дзе ты памрэш, там і я памру і пахаваная буду; хай тое і тое зробіць мне Гасподзь, і яшчэ болей зробіць; адна сьмерць разьвядзе нас з табою.

18 Наэмінь, бачачы, што яна цьвёрда рашылася ісьці зь ёю, перастала ўгаворваць яе.

19 І ішлі абедзьве яны, пакуль ня прыйшлі ў Віфляем. Калі яны прыйшлі ў Віфляем, увесь горад прыйшоў у рух ад іх, і казалі: гэта Наэмінь?

20 Яна сказала ім: не называйце мяне Наэмінь*, а называйце мяне Мараю**, бо Ўсемагутны спаслаў мне вялікую гароту;

21 я выйшла адсюль у дастатку, а вярнуў мяне Гасподзь з пустымі рукамі; навошта называць мяне Наэміньню, калі Гасподзь прымусіў мяне пакутаваць, і ‹семагутны паслаў мне няшчасьце?

22 І вярнулася Наэмінь, і зь ёю нявестка яе Рут Маавіцянка, якая прыйшла з палёў Маавіцкіх, і прыйшлі яны ў Віфляем на пачатку жніва ячменю.

 

 

* Прыемная

** Горкая

Разьдзел 2

 

1 У Наэміні быў родзіч, па мужы яе, чалавек даволі знакаміты, з племя Элімэлэхавага, імя яго Ваоз.

2 І сказала Рут Маавіцянка Наэміні: пайду я на поле і буду зьбіраць каласы па сьледзе таго, у каго знайду ўпадабаньне. Яна сказала ёй: ідзі, дачка мая.

3 Яна пайшла, і прыйшла, і зьбірала ў полі каласы за жнеямі. І супала так, што тая частка поля належала Ваозу, які з племя Элімэлэхавага.

4 І вось, Ваоз прыйшоў зь Віфляема і сказаў жнеям: Гасподзь з вамі! Яны сказалі яму: хай дабраславіць цябе Гасподзь!

5 І сказаў Ваоз слузе свайму, прыстаўленаму да жнеяў: чыя гэта маладая жанчына?

6 Слуга, прыстаўлены да жнеяў, адказваў і сказаў: гэтая маладая жанчына - Маавіцянка, якая прыйшла з Наэміньню з палёў Маавіцкіх;

7 яна сказала: «буду я падбіраць і зьбіраць паміж снапамі і за жнеямі»; і прыйшла, і тут з самае раніцы дагэтуль; яна мала бывае дома.

8 І сказаў Ваоз Руце: паслухай, дачка мая, не хадзі зьбіраць на другое поле і не пераходзь адсюль, а будзь тут з маімі служанкамі;

9 хай на вачах тваіх будзе тое поле, дзе яны жнуць, і хадзі за імі; вось, я загадаў слугам сваім не чапаць цябе; калі захочаш піць, ідзі да посуду і пі, адкуль чэрпаюць слугі мае.

10 Яна ўпала на твар свой і пакланілася да зямлі і сказала яму: чым я заслужыла ў вачах тваіх міласьць, што ты прымаеш мяне, хоць я і чужаземка?

11 Ваоз адказваў і сказаў ёй: мне сказалі ўсё, што зрабіла ты сьвякрові пасьля сьмерці мужа твайго, што ты пакінула твайго бацьку і тваю маці і тваю радзіму і прыйшла да народа, якога ты ня ведала ўчора і заўчора;

12 хай дасьць Гасподзь за гэты ўчынак твой, і хай будзе табе поўная ўзнагарода ад Госпада Бога Ізраілевага, да Якога ты прыйшла, каб супакоіцца пад Ягонымі крыламі!

13 Яна сказала: хай буду я ў міласьць перад вачамі тваімі, гаспадару мой! ты суцешыў мяне і гаварыў па сэрцы рабыні тваёй, тым часам як я ня вартая ніводнае з рабыняў тваіх.

14 І сказаў ёй Ваоз: час полудня, прыйдзі сюды і еж хлеб і мачай кавалак твой у воцат. І села яна каля жнеяў. Ён падаў ёй хлеба; яна ела, наелася, і яшчэ засталося.

15 І ўстала, каб падбіраць. Ваоз даў загад слугам сваім, сказаўшы: хай падбірае яна і паміж снапоў, і ня крыўдзіце яе;

16 ды і ад снапоў адкідвайце ёй, няхай яна падбірае, і ня ганьце яе.

17 Так падбірала яна на полі да вечара і змалаціла сабранае, і выйшла каля эфы ячменю.

18 Узяўшы гэта, яна пайшла ў горад, і сьвякроў яе ўбачыла, што яна назьбірала. І дастала і дала ёй тое, што пакінула, наеўшыся сама.

19 І сказала ёй сьвякроў яе: дзе ты зьбірала сёньня і дзе працавала? хай будзе дабраславёны той, хто прыняў цябе! Рут абвясьціла сьвякрові сваёй, у каго яна працавала, і сказала: чалавеку таму, у якога я сёньня працавала, імя Ваоз.

20 І сказала Наэмінь нявестцы сваёй: дабраславёны ён у Госпада за тое, што не пазбавіў міласьці сваёй ні жывых, ні мёртвых! І сказала ёй Наэмінь: чалавек гэты блізкі да нас; ён з нашых родзічаў.

21 Рут Маавіцянка сказала: ён нават сказаў мне: будзь з маімі служанкамі, пакуль яны не закончаць жніва майго.

22 І сказала Наэмінь нявестцы сваёй Руце: добра, дачка мая, што ты будзеш хадзіць з служанкамі ягонымі, і ня будуць зьневажаць цябе на іншым полі.

23 Так была яна з служанкамі Ваозавымі і падбірала, пакуль не скончылася жніва ячменю і жніва пшаніцы, і жыла ў сьвякрові сваёй.

 

Разьдзел 3

 

1 І сказала ёй Наэмінь, сьвякроў яе: дачка мая, ці не пашукаць табе прытулку, каб табе добра было?

2 вось, Ваоз, з служанкамі якога ты была, родзіч наш; вось, ён гэтае ночы вее ў гумне ячмень;

3 умыйся, памажся, надзень строі свае і пойдзеш у гумно, але не паказвайся яму, пакуль ня скончыць есьці і піць;

4 а калі ён ляжа спаць, даведайся пра месца, дзе ён ляжа; тады прыйдзеш і адкрыеш каля ног ягоных і ляжаш: ён скажа табе, што табе рабіць.

5 Рут сказала ёй: зраблю ўсё, што ты сказала мне.

6 І пайшла ў гумно і зрабіла ўсё так, як загадвала ёй сьвякроў яе.

7 Ваоз наеўся і напіўся, і разьвесяліў сэрца сваё, і пайшоў і лёг спаць пад сьціртаю. І яна прыйшла ціхенька, адкрыла каля ног ягоных і легла.

8 Апоўначы ён уздрыгнуў, прыўзьняўся, і вось, каля ног ягоных ляжыць жанчына.

9 І сказаў: хто ты? Яна сказала: Я Рут, рабыня твая, ахіні крылом тваім рабыню тваю, бо ты родзіч.

10 Ваоз сказаў: дабраславёная ты ад Госпада, дачка мая! гэты апошні твой добры ўчынак зрабіла ты яшчэ лепей за папярэдні, што ты не пайшла шукаць маладых людзей, ні бедных, ні багатых;

11 дык вось, дачка мая, ня бойся, я зраблю табе ўсё, што ты сказала; бо каля ўсіх брамаў народу майго ведаюць, што ты жанчына дабрадзейная;

12 хоць і праўда, што я родзіч, але ёсьць яшчэ родзіч бліжэйшы за мяне;

13 заначуй гэтую ноч; а заўтра, калі ён прыме цябе, дык добра, хай прыме; а калі ён не захоча прыняць цябе, дык я прыму; жывы Гасподзь! сьпі да раніцы.

14 І спала яна каля ног ягоных да раніцы, і ўстала раней, чым яны маглі пазнаць адно аднаго. І сказаў Ваоз: хай ня ведаюць, што жанчына прыходзіла ў гумно.

15 І сказаў ёй: падай вопратку, якая на табе, патрымай яе. Яна трымала, і ён намерыў шэсьць мераў ячменю, і паклаў на яе, і пайшоў у горад.

16 А Рут прыйшла да сьвякрові сваёй. Тая сказала: што, дачка мая? Яна пераказала ёй усё, што зрабіў ёй чалавек той.

17 І сказала: гэтыя шэсьць мераў ячменю ён даў мне і сказаў мне: ня йдзі да сьвякрові сваёй з пустымі рукамі.

18 Тая сказала: пачакай, дачка мая, пакуль не даведаешся, чым усё закончыцца; бо чалавек той не застанецца спакойны, не закончыўшы дзею сёньня.

 

Разьдзел 4

 

1 Ваоз пайшоў да брамы і сядзеў там. І вось, ідзе міма родзіч, пра якога казаў Ваоз. І сказаў яму Ваоз: зайдзі сюды і сядзь тут. Той зайшоў і сеў.

2 Ваоз узяў дзесяць чалавек з старэйшынаў горада і сказаў: сядзьце тут. І яны селі.

3 І сказаў Ваоз родзічу: Наэмінь, якая вярнулася з палёў Маавіцкіх, прадае частку поля, што належыць брату нашаму Элімэлэху;

4 я рашыўся давесьці да вушэй тваіх і сказаць: купі пры ўсіх, што сядзяць тут, і пры старэйшынах народу майго; калі хочаш выкупіць, выкупляй; а калі ня хочаш выкупіць, скажы мне, і я буду ведаць; бо апрача цябе няма каму выкупіць, а пасьля цябе я. Той сказаў: я выкупаю.

5 Ваоз сказаў: калі ты купіш поле ў Наэміні, ты павінен купіць і ў Рут Маавіцянкі, жонкі памерлага, і павінен узяць яе замуж, каб узнавіць імя памерлага ў надзеле ягоным.

6 І сказаў той родзіч: не магу я ўзяць яе сабе, каб не парушыць свайго надзелу: прымі яе ты, бо я не магу прыняць.

7 Раней быў такі звычай у Ізраіля пры выкупе і пры абмене дзеля пацьвярджэньня якой-небудзь справы: адзін здымаў бот свой і даваў другому, і гэта было сьведчаньнем у Ізраіля.

8 І сказаў той родзіч Ваозу: купі сабе. І зьняў бот свой.

9 І сказаў Ваоз старэйшынам і ўсяму народу: вы цяпер сьведкі таго, што я купляю ў Наэміні ўсё Элімэлэхавае і ўсё Хілеонавае і Махлонавае:

10 таксама і Рут Маавіцянку, жонку Міхлонаву, бяру сабе за жонку, каб пакінуць імя памерлага ў надзеле ягоным і каб ня зьнікла імя памерлага сярод братоў ягоных і каля брамы месца, дзе ён жыў: вы сёньня сьведкі таго.

11 І сказаў увесь народ, які каля брамы, і старэйшыны: мы сьведкі; хай створыць Гасподзь жонку, што ўваходзіць у дом твой, як Рахіль і як Лію, якія абедзьве заснавалі дом Ізраілеў; набывай багацьце ў Эфрафе, і хай славіцца імя тваё ў Віфляеме;

12 і хай будзе дом твой, як дом Фарэса, якога нарадзіла Тамар Юду, ад таго семя, якое дасьць табе Гасподзь ад гэтай маладзіцы.

13 І ўзяў Ваоз Рут, і яна зрабілася яго жонкаю. І ўвайшоў ён да яе, і Гасподзь даў ёй цяжарнасьць, і яна нарадзіла сына.

14 І казалі жанчыны Наэміні: дабраславёны Гасподзь, што ён не пакінуў цябе сёньня без нашчадка! і хай славіцца імя яго ў Ізраілі!

15 ён будзе радасьцю і кармільцам у старасьці тваёй, бо яго нарадзіла нявестка твая, якая любіць цябе, якая табе лепей за семярых сыноў.

16 І ўзяла Наэмінь дзіця гэтае, і насіла яго ў абдымках сваіх, і была яму за няньку.

17 Суседкі далі яму імя і казалі: «у Наэміні нарадзіўся сын», і далі імя яму: Авід. Ён бацька Есэя, бацькі Давідавага.

18 І вось род Фарэсаў: Фарэс спарадзіў Эсрома;

19 Эсром спарадзіў Арама; Арам спарадзіў Амінадава;

20 Амаінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона;

21 Салмон спарадзіў Ваоза; Ваоз спарадзіў Авіда;

22 Авід спарадзіў Есэя; Есэй спарадзіў Давіда.

 

Першая кніга Царстваў

 

Разьдзел 1

 

1 Быў адзін чалавек з Раматаім-Цофіма, з гары Яфрэмавай, імя яго Элкана, сын Ерахама, сына Ілія, сына Тоху, сына Цуфа, - Эфрацянін;

2 у яго былі дзьве жонкі: імя адной Ганна, а імя другой Фэнана; у Фэнаны былі дзеці, а ў Ганны ня было дзяцей.

3 І хадзіў гэты чалавек з горада свайго ў адпаведныя дні пакланяцца і прыносіць ахвяру Госпаду Саваофу ў Сілом; і там былі два сыны ягоныя, Офні і Фэнэес, сьвятарамі Госпада.

4 У той дзень, калі Элкана прыносіў ахвяру, даваў Фэнане, жонцы сваёй, і ўсім сынам яе і дочкам яе долі;

5 а Ганьне даваў долю адмысловую, бо кахаў Ганну, хоць Гасподзь замкнуў улоньне яе.

6 Суперніца яе моцна засмучала яе, падбіваючы яе да нараканьняў на тое, што Гасподзь замкнуў улоньне яе.

7 Так бывала кожны год, калі хадзіла яна ў дом Гасподні: тая засмучала яе, а гэтая плакала і ня ела.

8 І сказаў ёй Элкана, муж яе: Ганна! Чаго ты плачаш і чаму не ясі, і, чаго смуткуе сэрца тваё? ці ж ня лепшы я табе за дзесяць сыноў?

9 І ўстала Ганна пасьля таго, як яны елі і пілі ў Сіломе. А Ілій сьвятар сядзеў тады на сядзеньні каля ўваходу ў храм Гасподні.

10 І была яна ў скрусе душы, і малілася Госпаду, і горка плакала,

11 і дала абяцаньне, кажучы: Госпадзе Саваоф! Калі Ты ўважыш скрусе рабы Тваёй і спамянеш пра мяне, і не забудзеш рабы Тваёй і дасі рабе Тваёй дзіця мужчынскага полу, дык я аддам яго Госпаду на ўсе дні жыцьця яго, і брытва не кране галавы ягонай.

12 Тым часам як яна доўга малілася прад Госпадам, Ілій глядзеў на вусны яе;

13 і як Ганна гаварыла ў сэрцы сваім, а вусны яе толькі варушыліся, і ня было чуваць голасу яе, дык Ілій прыняў яе за п'яную.

14 І сказаў ёй Ілій: дакуль ты будзеш п'яная? працьверазіся зь віна твайго.

15 І адказвала Ганна і сказала: не, спадару мой; я - жонка, што засмучаецца духам, віна і сікеру я ня піла; а выліваю душу маю прад Госпадам;

16 ня лічы рабы тваёй нягоднаю жанчынаю, бо ад вялікай журбы маёй і ад скрухі маёй я гаварыла дагэтуль.

17 І адказваў Ілій і сказаў: ідзі зь мірам, і Бог Ізраілеў спраўдзіць просьбу тваю, чаго ты прасіла ў Яго.

18 А яна сказала: хай жа знойдзе раба твая літасьць у вачах тваіх! І пайшла яна ў дарогу сваю, і ела, і аблічча яе ня было ўжо журботнае, як раней.

19 І ўсталі яны раніцай, і пакланіліся прад Госпадам, і вярнуліся, і прыйшлі ў дом свой у Раму. І паклікаў Элкана Ганну, жонку сваю, і спамянуў пра яе Гасподзь.

20 Празь некаторы час зачала Ганна і нарадзіла сына і дала яму імя Самуіл, бо, «у Госпада я выпрасіла яго».

21 І пайшоў муж яе Элкана і ўся сямья ягоная прынесьці гадавую ахвяру Госпаду і абяцаньні свае.

22 А Ганна не пайшла, сказаўшы мужу свайму: калі дзіця будзе аднята ад грудзей і падрасьце, тады я завяду яго, і ён зьявіцца прад Госпадам і застанецца там назаўсёды.

23 І сказаў ёй Элкана, муж яе: рабі, што табе заўгодна; заставайся, пакуль ня выкарміш яго грудзьмі; толькі хай спраўдзіць Гасподзь слова, якое выйшла з вуснаў тваіх. І засталася жонка ягоная і карміла грудзямі сына свайго, пакуль ня выкарміла.

24 А калі выкарміла яго, пайшла зь ім у Сілом, узяўшы тры цяляці і адну эфу мукі і мех віна, і прыйшла ў дом Госпада ў Сіломе; а хлопчык быў яшчэ дзіця.

25 І закалолі цяля; і прывялі хлопчыка да Ілія,

26 і сказала: о, спадару мой! хай жыве душа твая, спадару мой! я - тая самая жанчына, якая тут пры табе стаяла і малілася Госпаду;

27 за гэтае дзіця малілася я, і спраўдзіў мне Гасподзь просьбу маю, чаго я прасіла ў Яго;

28 і я аддаю яго Госпаду на ўсе дні жыцьця ягонага - служыць Госпаду. І пакланілася там Госпаду.

 

Разьдзел 2

 

1 І малілася Ганна і казала: зарадавалася сэрца маё ў Госпадзе; узьнёсься рог мой у Богу маім; шырока адкрыліся вусны мае на ворагаў маіх, бо я радуюся за ратаваньне Тваё.

2 Няма такога сьвятога, як Гасподзь, бо няма іншага, апрача Цябе; і няма цьвярдыні, як Бог наш.

3 Ня множце прамоваў пыхлівых; дзёрзкія словы няхай ня выходзяць з вуснаў вашых; бо Гасподзь ёсьць Бог веданьня, і дзеі ў Яго ўзважаныя.

4 Лук моцных ламаецца, а немачныя апярэзваюцца сілаю;

5 насычаныя хлебам працуюць, а галодныя адпачываюць; нават няплодная родзіць сем разоў, а шматдзетная зьнемагае.

6 Гасподзь сьмерціць і ажыўляе, зводзіць у апраметную і выводзіць;

7 Гасподзь робіць жабраком і ўзбагачае, прыніжае і ўзвышае.

8 З пылу падымае Ён беднага, з гразі ўзвышае ўбогага, садзіць зь вяльможамі, і трон славы дае ім у спадчыну; бо ў Госпада асновы зямлі, і Ён сьцьвердзіў на іх сусьвет.

9 Сьляды сьвятых Сваіх Ён захоўвае, а беззаконьнікі ў цемры зьнікаюць: бо ня сілаю моцны чалавек.

10 Гасподзь сатрэ тых, што спрачаюцца зь Ім; зь нябёсаў загрыміць на іх. Гасподзь будзе судзіць канцы зямлі і дасьць моц цару Свайму і падыме рог памазанца Свайго.

11 І пайшоў Элкана ў Раму ў дом свой, а хлопчык застаўся служыць Госпаду пры Іліі сьвятары.

12 А сыны Ілія былі людзі нягодныя; яны ня ведалі Госпада

13 і абавязку сьвятароў перад народам. Калі хто прыносіў ахвяру, хлопчык сьвятарскі, калі гатавалася мяса, прыходзіў зь відэльцам у руцэ сваёй

14 і апускаў яго ў касьцёл, альбо ў каструлю, альбо на патэльню, альбо ў горшчык, і што выме відэлец, тое браў сабе сьвятар. Так рабілі яны з усімі Ізраільцянамі, якія прыходзілі туды ў Сілом.

15 Нават раней, чым спальвалі тлушч, прыходзіў хлопчык сьвятарскі і казаў ахвяравальніку: давай мяса на смажанку сьвятару; ён ня возьме ў цябе варанага мяса, а дай сырога.

16 І калі хто казаў яму: «хай спаляць раней тлушч, як павінна быць, і потым вазьмі сабе, колькі захоча душа твая», дык ён казаў: не, цяпер дай, а калі не, дык вазьму сілком.

17 І грэх гэтых маладых людзей быў даволі вялікі прад Госпадам, бо яны ўхіляліся ад ахвяраваньняў Госпаду.

18 А хлопчык Самуіл служыў прад Госпадам, надзяваючы ільняны наплечнік.

19 Верхнюю вопратку малую рабіла яму маці ягоная і прыносіла яму штогоду, калі прыходзіла з мужам сваім дзеля належнага ахвярапрынашэньня.

20 І дабраславіў Ілій Элкану і жонку ягоную і сказаў: хай дасьць табе Гасподзь дзяцей ад жонкі гэтай, замест гэтага, якога ты аддаў Госпаду! І пайшлі яны ў месца сваё.

21 І наведаў Гасподзь Ганну, і зачала яна і нарадзіла яшчэ трох сыноў і дзьвюх дачок; а хлопчык Самуіл падрастаў у Госпада.

22 А Ілій быў вельмі стары і чуў усё, як учыняюць сыны ягоныя з усімі Ізраільцянамі, і што яны сьпяць з жанчынамі, што зьбіраліся каля ўваходу ў скінію сходу.

23 І сказаў ім: навошта вы робіце такія ўчынкі? бо я чую благія словы пра вас ад усяго народу,

24 не, дзеці мае, нядобрая пагудка, якую я чую; вы разбэшчваеце народ Гасподні;

25 калі згрэшыць чалавек супроць чалавека, дык памоляцца за яго Богу; а калі чалавек згрэшыць супроць Госпада, дык хто будзе хадайнікам за яго? Але яны ня слухалі голасу бацькі свайго, бо Гасподзь вырашыў ужо аддаць іх сьмерці.

26 А хлопчык Самуіл усё больш і больш набіраў узросту і ўпадабаньня ў Госпада і ў людзей.

27 І прыйшоў чалавек Божы да Ілія і сказаў яму: так кажа Гасподзь: ці ж не адкрыўся Я дому бацькі твайго, калі яны былі яшчэ ў Егіпце, у доме фараона?

28 і ці ж ня выбраў яго з усіх каленаў Ізраілевых Сабе ў сьвятары, каб ён падымаўся да ахвярніка Майго, каб дыміў фіміямам, каб насіў наплечнік прад Мною? і ці ж ня даў Я дому бацькі твайго ад усіх паленых агнём ахвяр сыноў Ізраілевых?

29 навошта ж вы топчаце нагамі ахвяры Мае і хлебныя прынашэньні Мае, якія запавядаў Я жытлішчу Майму, і навошта ты аддаеш перавагу сынам сваім прад Мною, раскормліваючы сябе пачаткамі прынашэньняў народу Майго Ізраіля?

30 Таму так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я сказаў тады: дом твой і дом бацькі твайго будуць хадзіць прад абліччам Маім вавек; а цяпер кажа Гасподзь: хай ня будзе так, бо Я праслаўлю тых, што праслаўляюць Мяне, а тыя, што няславяць Мяне, будуць паганьбаваныя.

31 Вось, настаюць дні, калі я падсяку мышцу тваю і мышцу дома бацькі твайго, так што ня будзе старца ў доме тваім ніколі;

32 і ты будзеш бачыць бедства жытлішча Майго, пры ўсім тым, што Гасподзь дабрачыніць Ізраілю, і ня будзе ў доме тваім старога праз усе дні.

33 Я не адхілю ў цябе ўсіх ад ахвярніка Майго, каб таміць вочы твае і мучыць душу тваю; але ўсе нашчадкі дома твайго будуць паміраць у сярэдніх гадах.

34 І вось табе азнака, якая будзе з двума сынамі тваімі, Офні і Фінээсам: абодва яны памруць у адзін дзень.

35 І пастаўлю Сабе сьвятара вернага; ён будзе рабіць па сэрцы Маім і па душы Маёй; і дом яго зраблю цьвёрдым, і ён будзе хадзіць прад памазанцам Маім праз усе дні;

36 І кожны, хто застаўся з дому твайго, прыйдзе кланяцца яму за геру срэбра і кавалак хлеба і скажа: далучы мяне да якой-небудзь лявіцкай пасады, каб мець пракорм.

 

Разьдзел 3

 

1 Хлопчык Самуіл служыў Госпаду пры Іліі; слова Гасподняе было рэдкае ў тыя дні, відзежы былі ня частыя.

2 І было ў той час, калі Ілій ляжаў на сваім месцы, - і ў вачах ягоных пачало цямнець, і ён ня мог бачыць, -

3 і сьвяцільня Божая яшчэ не патухла, і Самуіл ляжаў у храме Гасподнім, дзе каўчэг Божы:

4 паклікаў Гасподзь Самуіла. І адказаў ён: вось я!

5 І пабег да Ілія і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Але той сказаў: я ня клікаў цябе; ідзі назад, кладзіся. І ён пайшоў і лёг.

6 Але Гасподзь другі раз паклікаў Самуіла. Ён устаў і прыйшоў да Ілія другі раз і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Але той сказаў: я ня клікаў цябе, сыне мой; ідзі назад, кладзіся.

7 Самуіл яшчэ ня ведаў тады голасу Госпада, і яшчэ не адкрывалася яму слова Гасподняе.

8 І паклікаў Гасподзь Самуіла яшчэ трэці раз. Ён устаў і прыйшоў да Ілія і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Тады зразумеў Ілій, што Гасподзь кліча хлопчыка.

9 І сказаў Ілій Самуілу: ідзі назад і кладзіся, і калі пакліча цябе Той, Які кліча, ты скажы: кажы, Госпадзе, бо чуе раб Твой. І пайшоў Самуіл і лёг на месцы сваім.

10 І прыйшоў Гасподзь, і стаў, і паклікаў, як таго і другога разу: Самуіле! Самуіле! І сказаў Самуіл: кажы, Госпадзе, бо чуе раб Твой.

11 І сказаў Гасподзь Самуілу: вось, Я ўчыню дзею ў Ізраілі, пра якую калі хто пачуе, дык у таго зазьвініць у вушах;

12 у той дзень Я ўчыню над Ізраілем усё тое, што Я казаў пра дом ягоны; Я пачну і закончу;

13 Я абвясьціў яму, што Я пакараю дом яго навекі за тую віну, што ён ведаў, як сыны ягоныя ліхадзейнічаюць, і ня цугляў іх;

14 і таму прысягаю дому Ілія, што віна дома Іліевага не загладзіцца ні ахвярамі, ні прынашэньнямі хлебнымі павек.

15 І спаў Самуіл да раніцы, і адчыніў дзьверы дома Гасподняга; і баяўся Самуіл абвясьціць відзеж гэты Ілію.

16 Але Ілій паклікаў Самуіла і сказаў: сыне мой Самуіле! Той сказаў: вось я!

17 І сказаў Ілій: што сказана табе? не хавай ад мяне, тое і тое зробіць з табою Бог, і яшчэ болей зробіць, калі ты ўтоіш ад мяне што-колечы з усяго таго, што сказана табе.

18 І абвясьціў яму Самуіл і ня ўтоіў ад яго нічога. Тады сказаў Ілій: Ён - Гасподзь; што Яму заўгодна, тое і ўтворыць.

19 І вырас Самуіл, і Гасподзь быў зь ім; і не засталося ніводнага слова ягонага, каб ня спраўдзілася.

20 І даведаўся ўвесь Ізраіль ад Дана да Вірсавіі, што Самуілу выпаў гонар быць прарокам Гасподнім.

21 І прадаўжаў Гасподзь зьяўляцца ў Сіломе пасьля таго, як адкрыў Сябе Самуілу ў Сіломе праз слова Гасподняе.

 

Разьдзел 4

 

1 І было слова Самуіла да ўсяго Ізраіля. І выступілі Ізраільцяне супроць Філістымлянаў на вайну і атабарыліся каля Авэн-Эзэра, а Філістымляне атабарыліся каля Афэка.

2 І выстраіліся Філістымляне супроць Ізраільцянаў, і адбылася бітва, і былі пабітыя Ізраільцяне Філістымлянамі, якія пабілі на полі бітвы каля чатырох тысяч чалавек.

3 І прыйшоў народ у табар; і сказалі старэйшыны Ізраільскія: за што пабіў нас Гасподзь сёньня перад Філістымлянамі? возьмем сабе зь Сілома каўчэг запавета Гасподняга, і ён пойдзе сярод нас і ўратуе нас ад рукі ворагаў нашых.

4 І паслаў народ у Сілом, і прынесьлі адтуль каўчэг запавета Госпада Саваофа, Які сядзіць на херувімах; а пры каўчэгу запавета Божага былі і два сыны Іліевыя, Офні і Фінээс.

5 І калі прыбыў каўчэг запавета Гасподняга ў табар, увесь Ізраіль падняў такі вялікі крык, што зямля стагнала.

6 І пачулі Філістымляне шум крыкаў і сказалі: чаго такія моцныя крыкі ў табары Габрэяў? І даведаліся, што каўчэг Гасподні прыбыў у табар.

7 І спалохаліся Філістымляне, бо сказалі: Бог той прыйшоў да іх у табар. І сказалі: гора нам! бо ня бывала падобнага ні ўчора, ні заўчора;

8 гора нам! хто выбавіць нас ад рукі гэтага магутнага Бога? гэта - Той Бог, Які пабіў Егіпцян усялякімі карамі ў пустыні;

9 умацуйцеся і будзьце мужныя, Філістымляне, каб вам ня быць у рабстве ў Габрэяў як яны ў вас у рабстве; будзьце мужныя і паваюйце іх.

10 І біліся Філістымляне, і пабітыя былі Ізраільцяне, і кожны пабег у намёт свой, і была параза вельмі вялікая, і загінула ў Ізраільцянаў трыццаць тысяч пешых.

11 І каўчэг Божы быў узяты, і два сыны Іліевыя, Офні і Фінээс, памерлі.

12 І пабег адзін Веньямініцянін зь месца бітвы і прыйшоў у Сілом таго ж самага дня; вопратка на ім была падраная і пыл на галаве ў яго.

13 Калі прыйшоў ён, Ілій сядзеў на сядзеньні пры дарозе каля варот і глядзеў, бо сэрца ягонае трымцела за каўчэг Божы. І калі чалавек той прыйшоў і абвясьціў у горадзе, дык моцна застагнаў увесь горад.

14 І пачуў Ілій гукі ляманту і сказаў: чаго такі шум? І адразу падышоў чалавек той і абвясьціў Ілію.

15 Ілію было тады дзевяноста восем гадоў; і вочы ў яго патухлі, і ён ня мог бачыць.

16 І сказаў той чалавек Ілію: я прыйшоў з табара, а сёньня бег я з поля бітвы. І сказаў Ілій: што адбылося, сыне мой?

17 І адказваў весьнік і сказаў: пабег Ізраіль перад Філістымлянамі, і параза вялікая адбылася ў народзе, і абодва сыны твае, Офні і Фінээс, памерлі, і каўчэг Божы ўзяты.

18 Калі спамянуў ён пра каўчэг Божы, Ілій упаў зь сядзеньня дагары каля варотаў, зламаў сабе хрыбет і памёр; бо ён быў стары і цяжкі. А быў ён судзьдзя Ізраіля сорак гадоў.

19 Нявестка ягоная, жонка Фінээсава, была цяжарная, і ўжо блізіліся роды. Калі пачула яна вестку пра ўзяцьце каўчэга Божага і пра сьмерць сьвёкра свайго і мужа свайго, дык упала на калені і нарадзіла, бо падступіліся да яе болі яе.

20 І калі памірала яна, дык жанчыны, якія стаялі каля яе, казалі ёй: ня бойся, ты нарадзіла сына. Але яна не адказвала і не зважала.

21 І назвала дзіця: Іхавод*, сказаўшы: «адышла слава ад Ізраіля» - з узяцьцем каўчэга Божага і зь сьмерцю сьвёкра яе і мужа яе.

22 Яна сказала: адышла слава ад Ізраіля, бо ўзяты каўчэг Божы.

 

 

* Няслава

Разьдзел 5

 

1 А Філістымляне ўзялі каўчэг Божы і прынесьлі яго з Авэн-Эзэра ў Азот.

2 І ўзялі Філістымляне каўчэг Божы, і ўнесьлі яго ў храм Дагона, і паставілі яго каля Дагона.

3 І ўсталі Азацяне рана на другі дзень, і вось, Дагон ляжыць тварам сваім да зямлі перад каўчэгам Гасподнім. І ўзялі яны Дагона і зноў паставілі яго на сваё месца.

4 І ўсталі яны раніцай на другі дзень, і вось, Дагон ляжыць ніцма на зямлі перад каўчэгам Гасподнім; галава Дагонава і абедзьве нагі яго і абедзьве рукі ягоныя адцятыя, кожная асобна, на парозе, засталося толькі тулава Дагонава.

5 Таму жрацы Дагонавы і ўсе, хто прыходзіў у капішча Дагона ў Азот, ня ступаюць на парог Дагонаў да сёньня.

6 І ацяжэла рука Гасподняя над Азацянамі, і Ён пабіваў іх і пакараў іх пакутлівымі нарасьцямі, у Азоце і ў навакольлі яго.

7 І ўгледзелі гэта Азацяне і сказалі: хай не застанецца каўчэг Бога Ізраілевага ў нас, бо цяжкая рука ў Яго і для нас і для Дагона, бога нашага.

8 І паслалі, і сабралі да сябе ўсіх уладароў Філістымскіх, і сказалі: што нам рабіць з каўчэгам Бога Ізраілевага? І сказалі: няхай каўчэг Бога Ізраілевага пяройдзе ў Гэт. І адправілі каўчэг Бога Ізраілевага ў Гэт.

9 Пасьля таго, як адправілі яго, была рука Гасподняя на горадзе - жудасьць вельмі вялікая, і пабіў Гасподзь жыхароў горада ад малога да вялікага, і паказаліся на іх нарасьці.

10 І паслалі яны каўчэг Божы ў Аскалон. І калі прыйшоў каўчэг Божы ў Аскалон, заенчылі Аскаланіцяне, кажучы: прынесьлі да нас каўчэг Бога Ізраілевага, каб аддаць сьмерці нас і народ наш.

11 І паслалі, і сабралі ўсіх уладароў Філістымскіх, і сказалі: вышліце каўчэг Бога Ізраілевага; няхай ён вернецца на сваё месца, каб ня ўсьмерціў ён нас і народ наш. Бо сьмяротная жудасьць была на ўсім горадзе: вельмі ацяжэла рука Божая на іх.

12 І тыя, якія не памерлі, пакараныя былі нарасьцямі, так што енк горада падымаўся да нябёсаў.

 

Разьдзел 6

 

1 І прабыў каўчэг Гасподні ў вобласьці Філістымскай сем месяцаў.

2 І паклікалі Філістымляне жрацоў і празарліўцаў і сказалі: што нам рабіць з каўчэгам Гасподнім? навучэце нас, як нам адпусьціць яго ў месца ягонае.

3 Тыя сказалі: калі вы хочаце адпусьціць каўчэг Бога Ізраілевага, дык не адпускайце яго ні з чым, а прынясеце яму ахвяру павіннасьці; тады ацаліцеся і ўведаеце, за што не адступае ад вас рука Ягоная.

4 І сказалі яны: якую ахвяру павіннасьці мусім прынесьці мы Яму? Тыя сказалі: па ліку ўладароў Філістымскіх пяць нарасьцяў залатых і пяць мышэй залатых; бо кара адна на ўсіх вас і на ўладарах вашых;

5 дык вось, зрабеце выявы нарасьцьяў вашых і выявы мышэй вашых, што спусташаюць зямлю, і ўзьнясеце славу Богу Ізраілеваму; магчыма, Ён паслабіць руку Сваю над вамі і над багамі вашымі і над зямлёю вашаю;

6 і навошта вам рабіць жорсткім сэрца ваша, як ажарсьцьвілі сэрца сваё Егіпцяне і фараон? вось, калі Гасподзь паказаў сілу Сваю над імі, дык яны адпусьцілі іх, і тыя пайшлі;

7 дык вось, вазьмеце, зрабеце адну калясьніцу новую і вазьмеце дзьве каровы-першацёлкі, на якіх ня было ярма, і запражэце кароў у калясьніцы, а цялят ад іх завядзеце ад іх дамоў;

8 і вазьмеце каўчэг Гасподні і пастаўце яго на калясьніцу, а залатыя рэчы, якія прынесяце Яму ў ахвяру павіннасьці, пакладзеце ў скрынку збоку ад яго; і адпусьцеце яго, і хай пойдзе;

9 і глядзеце, калі ён пойдзе да межаў сваіх, да Бэтсаміса, дык ён вялікае гэтае ліха зрабіў нам; а калі не, дык мы будзем ведаць, што не ягоная рука пакарала нас, а зрабілася гэта з намі выпадкова.

10 І зрабілі яны так: і ўзялі дзьве каровы-першацёлкі і запрэглі іх у калясьніцу, а цялят іх затрымалі дома;

11 і паставілі каўчэг Госпада на калясьніцу і скрынку з залатымі мышамі і выявамі нарасьцяў.

12 І пайшлі каровы проста на дарогу да Бэтсаміса: адною дарогаю ішлі, ішлі і рыкалі, але ня ўхіляліся ні направа, ні налева; а ўладары Філістымскія ішлі сьледам за імі да межаў Бэтсаміса.

13 Жыхары Бэтсаміса жалі тады пшаніцу ў даліне і, зірнуўшы, угледзелі каўчэг Гасподні, і ўзрадаваліся, што ўбачылі яго.

14 А калясьніца прыйшла на поле Ісуса Бэтсамісяніна і спынілася там; і быў тут вялікі камень, і раскалолі калясьніцу на дровы, а кароў прынесьлі на цэласпаленьне Госпаду.

15 Лявіты зьнялі каўчэг Госпада і скрынку, што была пры ім, у якой былі залатыя рэчы, і паставілі на вялікім тым камені; а жыхары Бэтсаміса прынесьлі таго дня цэласпаленьне і закалолі ахвяры Госпаду.

16 І пяць уладароў Філістымскіх бачылі гэта і вярнуліся таго ж дня ў Акарон.

17 Залатыя гэтыя нарасьці, якія прынесьлі Філістымляне ў ахвяру павіннасьці Госпаду, былі: адна за Азот, адна за Газу, адна за Аскалон, адна за Гэт, адна за Акарон;

18 а залатыя мышы былі па колькасьці гарадоў Філістымскіх - пяці валадароў, ад гарадоў умацаваных і да адкрытых сёлаў, да вялікага каменя, на якім паставілі каўчэг Госпада, і які да сёньня на полі Ісуса Бэтсамісяніна.

19 І пакараў Ён жыхароў Бэтсаміса за тое, што яны заглядвалі ў каўчэг Госпада, і забіў з народу пяцьдзесят тысяч семдзесят чалавек. І заенчыў народ, бо пакараў Гасподзь народ караю вялікаю.

20 І сказалі жыхары Бэтсаміса: хто можа стаяць прад Госпадам, Гэтым Сьвятым Богам? і да каго Ён пойдзе ад нас?

21 І паслалі паслоў да жыхароў Кірыятыярыма сказаць: Філістымляне вярнулі каўчэг Госпада; прыйдзеце, вазьмеце яго сабе.

 

Разьдзел 7

 

1 І прыйшлі жыхары Кірыятыярыма, і ўзялі каўчэг Госпада, і прынесьлі яго ў дом Амінадаваў, на пагорак, а Элеазара, сына ягонага, асьвяцілі, каб ён захоўваў каўчэг Госпада.

2 З таго дня, як застаўся каўчэг у Кірыятыярыме, прайшло шмат часу, гадоў дваццаць. І вярнуўся ўвесь дом Ізраілеў да Госпада.

3 І сказаў Самуіл усяму дому Ізраіля, кажучы: калі вы ўсім сэрцам сваім вяртаецеся да Госпада, дык выдаліце са свайго асяродзьдзя багоў іншаземных і Астартаў і расхінеце сэрца ваша да Госпада і служэце Яму аднаму, і Ён выратуе вас ад рукі Філістымлянаў.

4 І выдалілі сыны Ізраілевыя Ваалаў і Астартаў і пачалі служыць аднаму Госпаду.

5 І сказаў Самуіл: зьбярэце ўсіх Ізраільцянаў у Масіфу, і я памалюся за вас Госпаду.

6 І сабраліся ў Масіфу, і чэрпалі ваду, і вылівалі прад Госпадам, і пасьціліся ў той дзень, кажучы: зграшылі мы прад Госпадам. І судзіў Самуіл сыноў Ізраілевых у Масіфе.

7 Калі пачулі Філістымляне, што сабраліся сыны Ізраілевыя ў Масіфу, тады пайшлі валадары Філістымскія на Ізраіля. Ізраільцяне, дачуўшыся, спалохаліся Філістымлянаў.

8 І сказалі сыны Ізраілевыя Самуілу: не пераставай заклікаць за нас Госпада Бога нашага, каб Ён выратаваў нас ад рукі Філістымлянаў.

9 І ўзяў Самуіл адно ягня ад саскоў і прынёс яго на цэласпаленьне Госпаду, і заклікаў Самуіл Госпада за Ізраіля, і пачуў яго Гасподзь.

10 І калі Самуіл прыносіў цэласпаленьне, Філістымляне прыйшлі ваяваць зь Ізраілем. Але Гасподзь загрымеў у той дзень моцным громам над Філістымлянамі і навёў на іх жах, і яны былі пакараныя перад Ізраілем.

11 І выступілі Ізраільцяне з Масіфы, і перасьледавалі Філістымлянаў, і білі іх да месца пад Вэтхорам.

12 І ўзяў Самуіл адзін камень, і паставіў паміж Масіфаю і Сэнам і назваў яго Авэн-Эзэр*, сказаўшы: да гэтага месца дапамог нам Гасподзь.

13 Так упакораны былі Філістымляне і перасталі хадзіць у межы Ізраілевыя; і была рука Гасподняя на Філістымлянах ва ўсе дні Самуіла.

14 І вернуты былі Ізраілю гарады, якія ўзялі Філістымляне ў Ізраіля, ад Акарона і да Гэта, і межы іх вызваліў Ізраіль з рук Філістымлянаў, і быў мір паміж Ізраілем і Амарэямі.

15 І быў Самуіл судзьдзёю Ізраіля ва ўсе дні жыцьця свайго:

16 год у год ён хадзіў і абыходзіў Вэтыль і Галгал і Масіфу і судзіў Ізраіля ва ўсіх гэтых мясьцінах;

17 потым вяртаўся ў Раму, бо там быў дом ягоны, і там судзіў ён Ізраіля, і пабудаваў там ахвярнік Госпаду.

 

 

* Камень дапамогі

Разьдзел 8

 

1 А калі састарыўся Самуіл, дык паставіў сыноў сваіх судзьдзямі над Ізраілем.

2 Імя старэйшага сына ягонага Ёіль, а імя другога сына ягонага Авія; яны былі судзьдзямі ў Вірсавіі.

3 Але сыны яго не хадзілі шляхамі ягонымі, а ўхіляліся ў карысьлівасьць і бралі дарункі і судзілі несправядліва.

4 І сабраліся ўсе старэйшыны Ізраіля, і прыйшлі да Самуіла ў Раму,

5 і сказалі яму: вось, ты састарыўся, а сыны твае ня ходзяць шляхамі тваімі; дык вось пастаў над намі цара, каб ён судзіў нас, як у іншых народаў.

6 І не спадабалася слова гэтае Самуілу, калі яны сказалі: дай нам цара, каб ён судзіў нас. І маліўся Самуіл Госпаду.

7 І сказаў Гасподзь Самуілу: паслухай голасу народу ва ўсім, што яны кажуць табе; бо не цябе яны адхілілі, а адхілілі Мяне, каб Я не валадарыў над імі;

8 як яны рабілі з таго дня, калі Я вывеў іх зь Егіпта, і да гэтага дня, пакідалі Мяне і служылі іншым багам, так робяць яны з табою;

9 дык вось паслухай голасу іхняга; толькі абвясьці ім і пакажы ім правы цара, які будзе валадарыць над імі.

10 І пераказаў Самуіл усе словы Госпада народу, што прасіў у яго цара,

11 і сказаў: вось якія будуць правы ў цара, які будзе валадарыць над вамі: сыноў вашых ён возьме і прыставіць іх да калясьніц сваіх і зробіць верхаўцамі сваімі, і будуць яны бегаць перад калясьніцамі ягонымі;

12 і паставіць іх у сябе тысячнікамі і пяцідзясяцкімі, каб яны ўраблялі палеткі ягоныя і жалі хлеба яго і рабілі яму воінскую зброю і калясьнічныя прылады ягоныя;

13 і дочак вашых возьме, каб яны складвалі масьці, гатавалі ежу і пяклі хлеб;

14 і палі вашыя і вінаградныя і аліўкавыя сады вашыя лепшыя возьме і аддасьць слугам сваім;

15 і з пасеваў вашых і зь вінаградных садоў вашых возьме дзясятую частку і аддасьць еўнухам сваім і слугам сваім;

16 і рабоў вашых і рабынь вашых, і юнакоў вашых найлепшых і аслоў вашых возьме і ўжыве на свае патрэбы;

17 з дробнага быдла вашага возьме дзясятую частку, і самі вы будзеце яму рабамі;

18 і застогнеце тады ад цара вашага, якога вы выбралі сабе, і ня будзе Гасподзь адказваць вам тады.

19 Але народ не згадзіўся паслухацца голасу Самуіла і сказаў: не, хай цар будзе над намі,

20 і мы будзем як іншыя народы: будзе судзіць нас цар наш, і хадзіць перад намі, і весьці войны нашыя.

21 І выслухаў Самуіл усе словы народу і пераказаў іх у вушы Госпаду.

22 І сказаў Гасподзь Самуілу: паслухай голасу іхняга і пастаў ім цара. І сказаў Самуіл Ізраільцянам: ідзеце кожны ў свой горад.

 

Разьдзел 9

 

1 Быў нехта з сыноў Веньяміна, звалі яго Кіс, сын Авііла, сына Цэрона, сына Бэхарата, сына Афія, сына нейкага Веньямініцяніна, чалавек знакаміты.

2 У яго быў сын, звалі яго Саўл, малады і прыгожы; і ня было нікога зь Ізраільцянаў прыгажэйшага за яго; ён ад плячэй сваіх быў вышэйшы за ўвесь народ.

3 І прапалі асьліцы ў Кіса, бацькі Саўлавага, і сказаў Кіс Саўлу, сыну свайму: вазьмі з сабою аднаго са слугаў і ўстань, ідзі, пашукай асьліц.

4 І прайшоў ён зямлю Яфрэмавую і прыйшоў у зямлю Шалішу, але не знайшлі; і прайшлі зямлю Шаалім, і там іх няма; і прайшоў ён зямлю Веньямінавую, і не знайшлі.

5 Калі яны прыйшлі ў зямлю Цуф, Саўл сказаў слузе свайму, які быў зь ім: хадзем назад, каб бацька мой, пакінуўшы асьліц, не пачаў непакоіцца за нас.

6 Але слуга сказаў яму: вось у гэтым горадзе ёсьць чалавек Божы, чалавек паважаны; усё, што ён скажа, збываецца; сходзім цяпер туды; можа, ён пакажа нам дарогу нашую, па якой нам ісьці.

7 І сказаў Саўл слузе свайму: вось мы пойдзем, а што мы прынясем таму чалавеку? бо хлеба не засталося ў торбах нашых, і дарунка няма, каб паднесьці чалавеку Божаму; што ў нас?

8 І зноў адказваў слуга Саўлу і сказаў: вось у руцэ маёй чвэрць сікля срэбра; я аддам чалавеку Божаму, і ён пакажа нам дарогу нашую.

9 Раней у Ізраіля, калі хто-небудзь ішоў пытацца Бога, казалі так: хадзем да празарліўца. Бо той, каго называюць сёньня прарокам, раней называўся празарліўцам.

10 І сказаў Саўл слузе свайму: добра ты кажаш; пойдзем. І пайшлі ў горад, дзе чалавек Божы.

11 Калі яны падымаліся ўгору ў горад, дык спаткалі дзяўчат, якія выйшлі чэрпаць ваду, і сказалі ім: ці ёсьць тут празарлівец?

12 Тыя адказвалі ім і сказалі: ёсьць; вось ён, паперадзе цябе; толькі пасьпяшайся, бо ён сёньня прыйшоў у горад, бо сёньня ў народа ахвярапрынашэньне на вышыні;

13 калі прыйдзеце ў горад, застанеце яго, пакуль ён яшчэ не пайшоў на тую вышыню, на абед; бо народ не пачне есьці, пакуль ён ня прыйдзе; бо ён дабраславіць ахвяру, і пасьля таго пачнуць есьці кліканыя; дык вось, ідзеце, цяпер яшчэ застанеце яго.

14 І пайшлі яны ў горад. Калі ж увайшлі ў сярэдзіну горада, дык вось і Самуіл выходзіць насустрач ім, каб ісьці на вышыню.

15 А Гасподзь адкрыў Самуілу за дзень да прыходу Саўлавага і сказаў:

16 заўтра гэтым часам Я прыйшлю да цябе чалавека зь зямлі Веньямінавай, і ты памаж яго ў кіраўніка народу Майму Ізраілю, і ён уратуе народ Мой ад рукі Філістымлянаў; бо Я ўважыў народу Майму, бо енк ягоны дайшоў да Мяне.

17 Калі Самуіл убачыў Саўла, дык Гасподзь сказаў яму: вось чалавек, пра якога Я казаў табе; ён будзе кіраваць народам Маім.

18 І падышоў Саўл да Самуіла ў браме і спытаўся ў яго: скажы мне, дзе дом празарліўца?

19 І адказваў Самуіл Саўлу і сказаў: я празарлівец, ідзі паперадзе мяне на вышыню; і вы будзеце абедаць са мною сёньня, і адпушчу цябе раніцай, і ўсё, што ў цябе на сэрцы, скажу табе;

20 а пра асьліц, якія ў цябе прапалі ўжо тры дні, ня турбуйся, яны знайшліся. І каму ўсё прывабнае ў Ізраілі? Ці ж не табе і ўсяму дому бацькі твайго?

21 І адказваў Саўл і сказаў: ці ж ня сын я Веньяміна, аднаго з малодшых пакаленьняў Ізраілевых? і племя маё ці ж ня меншае сярод плямёнаў Веньямінавых? Навошта ж ты кажаш мне гэта?

22 І ўзяў Самуіл Саўла і слугу ягонага, і ўвёў іх у пакой, і даў ім першае месца сярод запрошаных, якіх было каля трыццаці чалавек.

23 І сказаў Самуіл кухару: падай тую частку, якую я даў табе і пра якую я сказаў табе: адкладзі яе ў сябе.

24 І ўзяў кухар лапатку і што было пры ім і паклаў перад Саўлам. І сказаў Самуіл: вось гэта пакінута, пакладзі перад сабою і еж, бо на гэты час ашчаджана гэта табе, калі я склікаў народ. І абедаў Саўл з Самуілам у той дзень.

25 І сышлі яны з вышыні ў горад, і Самуіл гутарыў з Саўлам на даху.

26 Раніцай усталі яны так: калі ўзышла зара, Самуіл паклікаў Саўла на даху і сказаў: устань, я правяду цябе. І ўстаў Саўл, і выйшлі абодва яны з дома, ён і Самуіл.

27 Калі падыходзілі яны ў канец горада, Самуіл сказаў Саўлу: скажы слузе, каб ён пайшоў наперад нас, - і той пайшоў наперад; - а ты спыніся цяпер, і я адкрыю табе, што сказаў Бог.

 

Разьдзел 10

 

1 І ўзяў Самуіл посуд з алеем і выліў на галаву ягоную, і пацалаваў яго і сказаў: вось, Гасподзь памазвае цябе на кіраўніка спадчыны Сваёй:

2 калі ты цяпер пойдзеш ад мяне, дык сустрэнеш двух чалавек паблізу магілы Рахілі, на межах Веньямінавых, у Цэлцаху, і яны скажуць табе: знайшліся асьліцы, якіх ты хадзіў шукаць, і вось бацька твой, забыўшы пра асьліц, непакоіцца за вас, кажучы: што з сынам маім?

3 і пойдзеш адтуль далей і прыйдзеш да дубровы Фаворскай, і сустрэнуць цябе там тры чалавекі, што ісьцімуць да Бога ў Вэтыль: адзін нясе тры казьляняткі, другі нясе тры хлябы, а трэці нясе мех зь віном;

4 і будуць яны цябе вітаць і дадуць табе два хлябы, і ты возьмеш з рук іхніх.

5 Пасьля таго ты прыйдзеш на пагорак Божы, дзе ахоўны атрад Філістымскі; і калі ўвойдзеш там у горад, сустрэнеш гурт прарокаў, што сыходзіцьмуць з вышыні, і перад імі псалтыр і тымпан, і жалейка і гусьлі, і яны прарочаць;

6 і сыйдзе на цябе Дух Гасподні, і ты будзеш прарочыць зь імі і зробішся іншым чалавекам.

7 Калі гэтыя азнакі збудуцца з табою, тады рабі, што можа рука твая, бо з табою Бог.

8 І ты пайдзі раней за мяне ў Галгал, куды і я прыйду да цябе дзеля прынясеньня цэласпаленьня і мірных ахвяраў; сем дзён чакай, пакуль я ня прыйду да цябе, і тады пакажу табе, што табе рабіць.

9 Як толькі Саўл павярнуўся, каб ісьці да Самуіла, Бог даў яму іншае сэрца, і збыліся ўсе тыя азнакі ў той самы дзень.

10 Калі прыйшлі яны да пагорка, вось сустракаецца ім гурт прарокаў, і сышоў на яго Дух Божы, і ён прарочыў сярод іх.

11 Усе, хто ведаў яго ўчора і заўчора, убачыўшы, што ён з прарокамі прарочыць, казалі ў народзе адзін аднаму: што гэта сталася з сынам Кісавым? няўжо і Саўл у прароках?

12 І адказваў адзін з тых, што былі там, і сказаў: а ў тых, хто бацька. Таму ўвайшло ў прымаўку: няўжо і Саўл у прароках?

13 І перастаў ён прарочыць і пайшоў на вышыню.

14 І сказаў дзядзька Саўлаў яму і слузе ягонаму: куды вы хадзілі? Ён сказаў: шукаць асьліц, але, бачачы, што іх няма, зайшлі да Самуіла.

15 І сказаў дзядзька Саўлаў: раскажы мне, што сказаў вам Самуіл.

16 І сказаў Саўл дзядзьку свайму: ён абвясьціў нам, што асьліцы знайшліся. А таго, што сказаў яму Самуіл пра царства, не адкрыў яму.

17 І склікаў Самуіл народ да Госпада ў Масіфу

18 і сказаў сынам Ізраілевым: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я вывеў Ізраіля зь Егіпта і выбавіў вас з рукі Егіпцянаў і ад рукі ўсіх царстваў, што прыгняталі вас.

19 А вы цяпер адкінулі Бога вашага, Які ратуе вас ад усіх бедстваў вашых і смуткаў вашых, і сказалі Яму: цара пастаў над намі. Дык вось станьце прад Госпадам паводле плямёнаў вашых і паводле родаў вашых.

20 І загадаў Самуіл падыходзіць усім плямёнам Ізраілевым, і ўказана племя Веньямінава.

21 І загадаў падыходзіць племю Веньямінаваму паводле родаў яго і ўказаны род Матрыеў; і прыводзяць род Матрыеў па мужчынах, і названы Саўл, сын Кісаў; і шукалі яго і не знаходзілі.

22 І спыталіся яшчэ ў Госпада: ці прыйдзе ён яшчэ сюды? І сказаў Гасподзь: вось ён хаваецца ў абозе.

23 І пабеглі і ўзялі яго адтуль, і ён стаў сярод народу і быў ад плячэй сваіх вышэйшы за ўвесь народ.

24 І сказаў Самуіл усяму народу: ці бачыце, каго выбраў Гасподзь? падобнага да яго няма ва ўсім народзе. Тады ўвесь народ усклікнуў і сказаў: хай жыве цар!

25 І выклаў Самуіл народу правы царства, і напісаў у кнігу, і паклаў прад Госпадам. І адпусьціў увесь народ, кожнага ў дом свой.

26 Таксама і Саўл пайшоў у дом свой, у Гіву; і пайшлі зь ім адважныя, сэрца якіх крануўся Бог.

27 А нягодныя людзі казалі: ці ж яму ратаваць нас? І пагардзілі ім і не паднесьлі яму дарункаў. Але ён як бы не заўважаў таго.

 

Разьдзел 11

 

1 І прыйшоў Наас Аманіцянін і аблажыў Явіс Галаадскі. І сказалі ўсе жыхары Явіса Наасу: заключы з намі спрымірэнства, і мы будзем служыць табе.

2 І сказаў ім Наас Аманіцянін: я ўступлю з вамі ў спрымірэнства, але дзеля таго, каб выкалаць кожнаму з вас правае вока і тым самым пакласьці няславу на ўсяго Ізраіля.

3 І сказалі яму старэйшыны Явіса: дай нам тэрміну сем дзён, каб паслаць нам паслоў ва ўсе межы Ізраільскія, і калі ніхто не дапаможа нам, дык мы пойдзем да цябе.

4 І прыйшлі паслы ў Гіву Саўлавую і пераказалі словы гэтыя ў вушы народу; і ўвесь народ падняў лямант і заплакаў.

5 І вось, прыйшоў Саўл, ідучы за валамі, з поля і сказаў: што зрабілася з народам, што ён плача? І пераказалі яму словы жыхароў Явіса.

6 І сышоў Дух Божы на Саўла, калі ён пачуў словы гэтыя, і моцна ўспалымніўся гнеў ягоны;

7 І ўзяў ён пару валоў, і расьцяў іх на часткі, і паслаў ва ўсе межы Ізраільскія праз тых паслоў, абвяшчаючы, што так будзе зроблена з валамі таго, хто ня пойдзе сьледам за Саўлам і Самуілам. І напаў страх Гасподні на народ, і выступілі як адзін чалавек.

8 Саўл агледзеў іх у Вэзэку, і знайшоў сыноў Ізраілевых трыста тысяч, і мужчын Юдавых трыццаць тысяч

9 І сказалі прыйшлым паслам: так скажэце жыхарам Явіса Галаадскага: заўтра будзе вам дапамога, калі прыгрэе сонца. І прыйшлі паслы і абвясьцілі жыхарам Явіса, і яны зарадаваліся.

10 І сказалі жыхары Явіса: заўтра выйдзем да вас, і рабеце з намі, як вам заўгодна.

11 На другі дзень Саўл падзяліў народ на тры атрады, і яны праніклі ўсярэдзіну табара ў час ранішняй варты і пабілі Аманіцянаў да дзённай сьпёкі; тыя, што засталіся, расьсеяліся, так што не засталося зь іх двух разам.

12 Тады сказаў народ Самуілу: хто казаў: ці ж Саўлу цараваць над намі? дайце гэтых людзей, і мы аддамо іх сьмерці.

13 Але Саўл сказаў: у гэты дзень нікога ня трэба аддаваць сьмерці, бо сёньня Гасподзь учыніў выратаваньне ў Ізраілі.

14 І сказаў Самуіл народу: пойдзем у Галгал і абновім там царства.

15 І пайшоў увесь народ у Галгал, і паставілі там Саўла царом прад Госпадам у Галгале, і прынесьлі там мірныя ахвяры прад Госпадам. І вельмі весяліліся там Саўл і ўсе Ізраільцяне.

 

Разьдзел 12

 

1 І сказаў Самуіл усяму Ізраілю: вось, Я паслухаўся голасу вашага ва ўсім, што вы казалі мне, і паставіў над вамі цара,

2 і вось, цар ходзіць перад вамі; а я састарыўся і пасівеў; і сыны мае з вамі; а я хадзіў перад вамі з маладосьці маёй і да сёньня;

3 вось я; сьведчыце на мяне перад Госпадам і прад памазанцам Ягоным, у каго я ўзяў вала, у каго ўзяў асла, каго пакрыўдзіў і каго ўціснуў, у каго ўзяў дарунак і заплюшчыў у справе ягонай вочы мае, - і я вярну вам.

4 І адказвалі: ты ня крыўдзіў нас і ня ўціскаў нас і нічога ні ў кога ня ўзяў.

5 І сказаў ён ім: сьведка на вас Гасподзь, і сьведка памазанец Ягоны ў гэты дзень, што вы не знайшлі нічога за мною. І сказалі: сьведка.

6 Тады Самуіл сказаў народу: сьведка Гасподзь, Які паставіў Майсея і Аарона і Які вывеў бацькоў вашых зь зямлі Егіпецкай.

7 А цяпер станьце, і я буду судзіцца з вамі прад Госпадам за ўсе дабрачынствы, якія зрабіў Ён вам і бацькам вашым.

8 Калі прыйшоў Якаў у Егіпет, і бацькі вашыя залямантавалі да Госпада, дык Гасподзь паслаў Майсея і Аарона, і яны вывелі бацькоў вашых зь Егіпта і пасялілі іх на месцы гэтым.

9 Але яны забылі Госпада Бога свайго, і Ён аддаў іх у рукі Сісары, ваеначальніка Асорскага, і ў рукі Філістымлянаў і ў рукі цара Маавіцкага, якія ваявалі супроць іх.

10 Але калі яны залямантавалі да Госпада і сказалі: «зграшылі мы, бо пакінулі Госпада і пачалі служыць Ваалам і Астартам, цяпер выратуй нас ад рукі ворагаў нашых і мы будзем служыць Табе»,

11 тады Гасподзь паслаў Ераваала і Варака, і Ефтая і Самуіла, і выратаваў вас ад рукі ворагаў вашых, што атачалі вас, і вы жылі ў бясьпецы.

12 Але ўбачыўшы, што Наас, цар Аманіцкі, ідзе супроць вас, вы сказалі мне: «ня цар няхай валадарыць над намі», тым часам як Гасподзь Бог ваш - цар ваш.

13 Дык вось, вось цар, якога вы абралі, якога вы патрабавалі: вось, Гасподзь паставіў над вамі цара.

14 Калі будзеце баяцца Госпада і служыць Яму і слухаць голасу Ягонага, і ня будзеце супрацівіцца загадам Госпада, і будзеце і вы і цар ваш, які валадарыць над вамі, хадзіць за Госпадам Богам вашым;

15 а калі ня будзеце слухаць голасу Госпада і пачняце супрацівіцца загадам Госпада, дык рука Госпада будзе супроць вас, як была супроць бацькоў вашых.

16 Цяпер станьце і паглядзеце на дзею вялікую, якую Гасподзь учыніў перад вачыма вашымі:

17 ці ж ня жніва пшаніцы сёньня? але я паклічу Госпада, і пашле Ён гром і дождж, і вы ўведаеце і пабачыце, які вялікі грэх, які вы ўчынілі прад вачыма Госпада, просячы сабе цара.

18 І паклікаў Самуіл Госпада, і Гасподзь паслаў гром і дождж у той дзень; і прыйшоў увесь народ у вялікі страх ад Госпада і Самуіла.

19 І сказаў увесь народ Самуілу: памаліся за рабоў тваіх прад Госпадам Богам тваім, каб не памерці нам; бо да ўсіх грахоў нашых мы дадалі яшчэ грэх, калі прасілі сабе цара.

20 І адказваў Самуіл народу: ня бойцеся, грэх гэты вамі зроблены, але вы не адступайце толькі ад Госпада і служэце Госпаду ўсім сэрцам вашым

21 і не навяртайцеся на сьлед нікчэмных багоў, якія не прынясуць карысьці і ня выбавяць, бо яны - нішто.

22 А Гасподзь не пакіне народу Свайго дзеля вялікага імя Свайго, бо Госпаду заўгодна было выбраць вас народам Сваім;

23 і я таксама не дапушчу сабе грэху прад Госпадам, каб перастаць маліцца за вас, і буду настаўляць вас на шлях добры і просты;

24 толькі бойцеся Госпада і служэце Яму ў ісьціне, ад усяго сэрца вашага, бо вы бачылі, якія вялікія дзеі Ён учыніў з вамі;

25 калі ж вы будзеце рабіць ліхое, дык і вы і цар ваш загінеце.

 

Разьдзел 13

 

1 Год быў з пачатку цараваньня Саўла, і другі год цараваў ён над Ізраілем, як выбраў сабе Саўл тры тысячы зь Ізраільцянаў:

2 дзьве тысячы былі з Саўлам у Міхмасе і на гары Вэтыльскай, а тысяча была зь Ёнатанам у Гіве Веньямінавай; а астатні люд адпусьціў ён па дамах сваіх.

3 І разьбіў Ёнатан ахоўны атрад Філістымскі, які быў у Гіве; і пачулі пра гэта Філістымляне, а Саўл пратрубіў у трубу па ўсёй краіне, абвяшчаючы: няхай пачуюць Габрэі!

4 Калі ўвесь Ізраіль пачуў, што разьбіў Саўл ахоўны атрад Філістымскі і што Ізраіль зрабіўся ненавісны Філістымлянам, дык люд сабраўся да Саўла ў Галгал.

5 І сабраліся Філістымляне на вайну супроць Ізраіля: трыццаць тысяч калясьніц і шэсьць тысяч коньніцы, і люду мноства, як пясок на беразе мора; і прыйшлі і разьмясьціліся табарам у Міхмасе, з усходняга боку Бэт-Авэна.

6 Ізраільцяне, бачачы, што яны ў небясьпецы, бо народ быў уціснуты, хаваліся ў пячорах і ў цясьнінах і ў скалах, і ў вежах і ў равах;

7 а некаторыя з Габрэяў пераправіліся за Ярдан у краіну Гадаву і Галаадскую; а Саўл быў яшчэ ў Галгале, і ўвесь люд, які быў зь ім, быў у страху.

8 І чакаў ён сем дзён, да тэрміну, вызначанага Самуілам, а Самуіл ня прыходзіў у Галгал. І пачаў люд разьбягацца ад яго.

9 І сказаў Саўл: прывядзеце да мяне, што вызначана ў ахвяру цэласпаленьня і ў ахвяры мірныя. І ўчыніў цэласпаленьне.

10 Але ледзь толькі закончыў ён цэласпаленьне, вось, прыходзіць Самуіл. І выйшаў Саўл насустрач яму, каб вітаць яго.

11 Але Самуіл сказаў: што ты зрабіў? Саўл адказаў: я бачыў, што люд разьбягаецца ад мяне, а ты ня прыходзіў у назначаны час, а Філістымляне сабраліся ў Міхмасе;

12 тады падумаў я: «цяпер прыйдуць на мяне Філістымляне ў Галгал, а я яшчэ не заклікаў да Госпада», і таму рашыўся ўчыніць цэласпаленьне.

13 І сказаў Самуіл Саўлу: кепска зрабіў ты, што ня выканаў загаду Госпада Бога твайго, што даўно быў табе, бо сёньня ўмацаваў бы Гасподзь цараваньне тваё над Ізраілем назаўсёды;

14 але цяпер ня выстаяць царству твайму: Гасподзь знойдзе Сабе чалавека па сэрцы Сваім і загадае яму Гасподзь быць правадыром народу Свайго, бо ты ня выканаў таго, што было загадана табе Госпадам.

15 І ўстаў Самуіл і пайшоў з Галгала ў Гіву Веньямінаву; а Саўл пералічыў людзей, якія былі зь ім, да шасьцісот чалавек.

16 Саўл з сынам сваім Ёнатанам і людзьмі, якія былі пры іх, заселі ў Гіве Веньямінавай; а Філістымляне стаялі табарам у Міхмасе.

17 І выйшлі з табара Філістымскага тры атрады для спусташэньня зямлі: адзін скіраваўся па дарозе да Офры, у акругу Саўлавую,

18 другі атрад выправіўся па дарозе Вэтаронскай, а трэці скіраваўся па дарозе да мяжы даліны Цэваім, да пустыні.

19 Кавалёў ня было ва ўсёй зямлі Ізраільскай, бо Філістымляне апасаліся, каб Габрэі не зрабілі меча альбо дзіды.

20 І павінны былі хадзіць усе Ізраільцяне да Філістымлянаў мянціць свае сашнікі і свае рыдлёўкі, і свае сякеры і свае матыкі,

21 калі зробіцца шчарбіна на лязе ў сашніках і ў рыдлёўках, і ў вілах і ў сякерах, альбо калі трэба ражон паправіць.

22 Таму ў час вайны ня было ні меча, ні дзіды ва ўсяго народу, які быў з Саўлам і Ёнатанам, а толькі знайшліся яны ў Саўла і Ёнатана, сына ягонага.

23 І выйшаў перадавы атрад Філістымскі да пераправы Міхмаскай.

 

Разьдзел 14

 

1 Аднаго дня сказаў Ёнатан, сын Саўлаў, слузе, збраяносцу свайму: ідзі, пяройдзем да атрада Філістымскага, што па той бок. А бацьку свайму не сказаў пра гэта.

2 А Саўл быў у навакольлі Гівы, пад гранатавым дрэвам, што ў Мігроне; зь ім было каля шасьцісот чалавек народу

3 і Ахія, сын Ахітува, брата Ёхавэда, сына Фінэеса, сына Ілія, сьвятар Госпада ў Сіломе, які насіў наплечнік. А народ ня ведаў, што Ёнатан пайшоў.

4 Паміж пераходамі, па якіх Ёнатан спрабаваў прабрацца да атрада Філістымскага, была вострая скала з аднаго боку і вострая скала з другога: адна называлася Бацэц, а другая Сэнэ;

5 адна скала выдавалася з поўначы да Міхмаса, а другая з поўдня да Гівы.

6 І сказаў Ёнатан слузе-збраяносцу свайму: ідзі, пяройдзем да атрада гэтых неабрэзаных; магчыма, Гасподзь дапаможа нам, бо Госпаду няцяжка выратаваць праз многіх, альбо нямногіх.

7 І адказаў збраяносец: рабі ўсё, што на сэрцы ў цябе; ідзі, вось я з табою, куды табе заўгодна.

8 І сказаў Ёнатан: вось, мы пяройдзем да гэтых людзей і станем на вачах у іх;

9 калі яны так скажуць нам: «спынецеся, пакуль мы пойдзем да вас», дык мы спынімся на сваіх месцах і ня ўзыдзем да іх;

10 а калі так скажуць: «падымемся да нас», дык мы ўзыдзем, бо Гасподзь аддаў іх у рукі нашыя; і гэта будзе знакам нам.

11 Калі абодва яны спыніліся на вачах у атрада Філістымскага, дык Філістымляне сказалі: вось, Габрэі выходзяць зь цясьнінаў, у якіх хаваліся яны.

12 І закрычалі людзі, якія складалі атрад, да Ёнатана і збраяносца ягонага, кажучы: падымецеся да нас, і мы вам скажам нешта. Тады Ёнатан сказаў збраяносцу свайму: ідзі сьледам за мною, бо Гасподзь аддаў іх у рукі Ізраілю.

13 І пачаў узыходзіць Ёнатан, чапляючыся рукамі і нагамі, і збраяносец ягоны за ім. І падалі Філістымляне перад Ёнатанам, а збраяносец дабіваў іх за ім.

14 І загінула ў гэтым першым пабоішчы ад Ёнатана і збраяносца ягонага каля дваццаці чалавек, на палавіне поля, ураблянага параю валоў за дзень.

15 І ўсчалася жудасьць у табары на полі і ва ўсім народзе: перадавыя атрады і спусташальнікі зямлі затрымцелі; здрыганулася ўся зямля, і быў жах вялікі ад Госпада.

16 І ўбачылі вартавыя Саўла ў Гіве Веньямінавай, што натоўп расьсейваецца і бяжыць туды і сюды.

17 І сказаў Саўл народу, які быў зь ім: перагледзьце і даведайцеся, хто з нашых выйшаў. І перагледзелі, і вось, няма Ёнатана і збраяносца ягонага.

18 І сказаў Саўл Ахію: прынясі ківот Божы, - бо ківот Божы ў той час быў з сынамі Ізраільскімі.

19 Саўл яшчэ гаварыў, калі замяшаньне ў табары Філістымскім усё больш і больш павялічвалася. Тады сказаў Саўл сьвятару: складзі рукі твае.

20 І ўсклікнуў Саўл і ўвесь люд, які быў зь ім, і прыйшлі да месца бітвы, і вось, там меч кожнага павернуты быў супроць блізкага свайго; замяшаньне было вельмі вялікае.

21 Тады і Габрэі, якія ўчора і заўчора былі ў Філістымлянаў і якія ўсюды хадзілі зь імі ў табары, прысталі да Ізраільцянаў, што былі з Саўлам і Ёнатанам;

22 І ўсе Ізраільцяне, якія хаваліся на гары Яфрэмавай, пачуўшы, што Філістымляне пабеглі, таксама прысталі да сваіх у бітве.

23 І выратаваў Гасподзь таго дня Ізраіля; а бітва пашырылася аж да Бэт-Авэна.

24 Людзі Ізраільскія былі стомленыя ў той дзень; а Саўл закляў народ, сказаўшы: пракляты, хто скаштуе хлеба да вечара, пакуль я не адпомшчу ворагам маім. І ніхто зь люду не скаштаваў ежы.

25 І пайшоў увесь люд у лес, і быў там на паляне мёд.

26 І ўвайшоў люд у лес, кажучы: вось, цячэ мёд. Але ніхто не працягнуў рукі сваёй да вуснаў сваіх, бо люд баяўся заклёну.

27 А Ёнатан ня чуў, калі бацька ягоны заклінаў люд, і працягнуўшы канец кія, які быў у руцэ ў яго, умачыў яго ў соты мядовыя і павярнуў рукою да вуснаў сваіх, і прасьвятлелі вочы ягоныя.

28 І сказаў яму адзін зь людзей, кажучы: бацька твой закляў люд, сказаўшы: пракляты, хто сёньня скаштуе ежы; ад гэтага люд стаміўся.

29 І сказаў Ёнатан: зьбянтэжыў бацька мой зямлю; глядзеце, у мяне прасьвятлелі вочы, калі я скаштаваў крыху гэтага мёду;

30 калі б паеў сёньня люд са здабычы, якую знайшоў у ворагаў сваіх, дык ці ня большым быў бы разгром Філістымлянаў?

31 І таго дня разграмілі Філістымлянаў ад Міхмаса да Аялона, і народ вельмі стаміўся.

32 І кінуўся люд на здабычу, і бралі авечак, валоў і цялят, і калолі на зямлі, і еў люд з крывёю.

33 І паведамілі Саўлу, кажучы: вось, люд грэшыць прад Госпадам, есьць з крывёю. І сказаў Саўл: вы зграшылі; прывярнеце цяпер да мяне вялікі камень.

34 Потым сказаў Саўл: прайдзеце паміж людзей і скажэце ім: хай кожны прыводзіць да мяне свайго вала і кожны сваю авечку, і калеце тут і ежце, і не грашэце прад Госпадам, ня ежце з крывёю. І прыводзілі ўсе зь люду, кожны сваёю рукою, вала свайго ўначы, і калолі там.

35 І зладзіў Саўл ахвярнік Госпаду: то быў першы ахвярнік, пастаўлены ім Госпаду.

36 І сказаў Саўл: пойдзем у пагоню за Філістымлянамі ўначы і абяром іх да сьвітаньня і не пакінем у іх ніводнага чалавека. І сказалі: рабі ўсё, што добра ў вачах тваіх. А сьвятар сказаў: прыступім тут да Бога.

37 І спытаў Саўл у Бога: ці ісьці мне ў пагоню за Філістымлянамі? ці аддасі іх у рукі Ізраіля? Але Ён не адказваў яму ў той дзень.

38 Тады сказаў Саўл: хай падыдуць сюды ўсе начальнікі народу і разьведаюць і даведаюцца, на кім грэх сёньня?

39 бо - жывы Гасподзь, які выратаваў Ізраіля, - калі будзе і на Ёнатане, сыне маім, дык і ён памрэ мусова. І ніхто не адказваў яму з усяго народу.

40 І сказаў Саўл усім Ізраільцянам: станьце вы па адзін бок, а я і сын мой Ёнатан станем па другі бок. І адказваў люд Саўлу: рабі, што добра ў вачах тваіх.

41 І сказаў Саўл: Госпадзе, Божа Ізраілеў! дай знак. І выкрытыя былі Ёнатан і Саўл, а народ выйшаў невінаваты.

42 Тады сказаў Саўл: кіньце жэрабя паміж мною і Ёнатанам, сынам маім, і ўпала жэрабя на Ёнатана.

43 І сказаў Саўл Ёнатану: раскажы мне, што зрабіў ты? І расказаў яму Ёнатан і сказаў: я паспытаў канцом кія, што ў руцэ ў мяне, крыху мёду; і вось, я павінен памерці.

44 І сказаў Саўл: хай тое і тое зробіць мне Бог, і яшчэ болей зробіць; ты, Ёнатан, павінен сёньня памерці!

45 Але люд сказаў Саўлу: ці Ёнатану памерці, які даў вялікае выратаваньне Ізраілю? Хай ня будзе гэтага! Жывы Гасподзь, і валасіна не ўпадзе з галавы ягонай на зямлю, бо з Богам ён дзеяў сёньня. І вызваліў люд Ёнатана, і не памёр ён.

46 І вярнуўся Саўл ад перасьледу Філістымлянаў; а Філістымляне пайшлі ў сваё месца.

47 І ўцьвердзіў Саўл сваё цараваньне над Ізраілем, і ваяваў з усімі навакольнымі ворагамі сваімі, з Маавам і з Аманіцянамі, і з Эдомам і з царамі Совы і зь Філістымлянамі, і ўсюды, супроць каго ні выступаў, меў посьпех.

48 І сабраў войска, і пабіў Амаліка, і вызваліў Ізраіля з рукі грабежнікаў ягоных.

49 Сыны ў Саўла былі: Ёнатан, Есуі і Мэлхісуа; а імёны дзьвюх дачок ягоных: імя старэйшай - Мэрова, а імя малодшай - Мэлхола.

50 А імя жонкі Саўлавай - Ахінаам, дачка Ахімааца; а імя правадыра войска ягонага - Авэнір, сын Ніра, дзядзькі Саўлавага.

51 Кіс, бацька Саўлаў, і Нір, бацька Авэніраў, былі сыны Авііла.

52 І была зацятая вайна супроць Філістымлянаў праз ўвесь час Саўлаў. І калі Саўл бачыў якога-небудзь чалавека дужага і ваяўнічага, браў яго да сябе.

 

Разьдзел 15

 

1 І сказаў Самуіл Саўлу: Гасподзь паслаў мяне памазаць цябе царом над народам Ягоным, над Ізраілем; цяпер паслухайся голасу Госпада.

2 Так кажа Гасподзь Саваоф: успомніў Я пра тое, што зрабіў Амалік Ізраілю, як ён супрацьстаяў яму на шляху, калі ён ішоў зь Егіпта.

3 цяпер ідзі і пабі Амаліка і вынішчы ўсё, што ў яго; і не давай літасьці яму, а аддай сьмерці ад мужа да жонкі, ад падлетка да немаўляці, ад вала да авечкі, ад вярблюда да асла.

4 І сабраў Саўл люд і налічыў іх у Тэлаіме дзьвесьце тысяч Ізраільцянаў пешых і дзесяць тысяч з калена Юдавага.

5 І дайшоў Саўл да горада Амалікавага і зрабіў засаду ў даліне.

6 І сказаў Саўл Кіняянам: ідзеце, аддзялецеся, выйдзіце з асяродзьдзя Амаліка, каб я не загубіў вас зь ім, бо вы аказалі прыхільнасьць усім Ізраільцянам, калі яны ішлі зь Егіпта. І аддзяліліся Кіняяне з асяродзьдзя Амаліка.

7 І пабіў Саўл Амаліка ад Хавілы да навакольля Сура, што перад Егіптам;

8 і Агага, цара Амалікавага, захапіў жывога, а народ увесь вынішчыў мечам.

9 Але Саўл і народ пашкадавалі Агага і найлепшых авечак і валоў і ўкормленых ягнят, і ўсё добрае, і не хацелі зьнішчаць, а ўсе рэчы малаважныя і благія зьнішчылі.

10 І было слова Госпада Самуілу такое:

11 Шкадую, што паставіў Я Саўла царом, бо ён адвярнуўся ад Мяне і слова Майго ня выканаў. І засмуціўся Самуіл і заклікаў Госпада цэлую ноч.

12 І ўстаў Самуіл рана раніцай і пайшоў насустрач Саўлу. І паведамілі Самуілу, што Саўл хадзіў на Карміл і там паставіў сабе помнік, і сышоў у Галгал.

13 Калі прыйшоў Самуіл да Саўла, дык Саўл сказаў яму: дабраславёны ты ў Госпада; я выканаў слова Госпада.

14 І сказаў Самуіл: а што гэта за бляяньне авечак у вушах маіх і рыканьне валоў, якое я чую?

15 І сказаў Саўл: прывялі іх ад Амаліка, бо людзі пашкадавалі найлепшых авечак і валоў на ахвяраваньне Госпаду Богу твайму; а астатняе мы зьнішчылі.

16 І сказаў Самуіл Саўлу: пачакай, я скажу табе, што сказаў мне Гасподзь уначы. І сказаў яму Саўл: кажы.

17 І сказаў Самуіл: ці не малы ты быў у вачах тваіх, калі стаўся галавою плямёнаў Ізраілевых, і Гасподзь памазаў цябе царом над Ізраілем?

18 І паслаў цябе Гасподзь у дарогу, сказаўшы: ідзі і пракляні няверных Амалікіцянаў і ваюй супроць іх, пакуль ня зьнішчыш іх.

19 Чаму ж ты не паслухаў голасу Госпада і кінуўся на здабычу і ўчыніў благое перад вачыма Госпада?

20 І сказаў Саўл Самуілу: я паслухаўся голасу Госпада і пайшоў у дарогу, куды паслаў мяне Гасподзь, і прывёў Агага, цара Амалікіцкага, а Амаліка зьнішчыў;

21 а людзі са здабычы, з авечак і валоў, узялі самае лепшае з праклятага, дзеля ахвяраваньня Госпаду Богу твайму ў Галгале.

22 І адказаў Самуіл: няўжо цэласпаленьні і ахвяры гэтаксама прыемныя Госпаду, як паслушэнства голасу Госпада? паслушэнства лепшае за ахвяры і паслухмянасьць лепшая за тлушч авечы;

23 бо непакорлівасць ёсьць грэх, як чараўніцтва, і супраціўства тое самае, што балвахвалства; за тое, што ты занядбаў слова Госпада, і Ён занядбаў цябе, каб ты ня быў царом.

24 І сказаў Саўл Самуілу: зграшыў я, бо пераступіў загад Госпада і слова тваё; але я баяўся народу і паслухаўся голасу ягонага;

25 а цяпер здымі зь мяне грэх мой і вярніся са мною, каб я пакланіўся Госпаду твайму.

26 І адказаў Самуіл Саўлу: не вярнуся я з табою, бо ты зьнікчэмніў слова Госпада, і Гасподзь зьнікчэмніў цябе, каб ты ня быў царом над Ізраілем.

27 І павярнуўся Самуіл, каб адысьці. Але Саўл ухапіўся за край вопраткі ягонай і разадраў яе.

28 Тады сказаў Самуіл: сёньня адабраў Гасподзь царства Ізраільскае ў цябе і аддаў яго блізкаму твайму, лепшаму за цябе;

29 і ня скажа няпраўды і не пакаецца Заступнік Ізраілеў, бо не чалавек Ён, каб каяцца Яму.

30 І сказаў Саўл: я зграшыў; але ўшануй мяне сёньня перад старэйшынамі народу майго і перад Ізраілем і вярніся са мною, і я пакланюся Госпаду Богу твайму.

31 І вярнуўся Самуіл па Саўла, і пакланіўся Саўл Госпаду.

32 Потым сказаў Самуіл: прывядзеце да мяне Агага, цара Амалікіцкага. І падышоў да яго Агаг дрыготкі, і сказаў Агаг: канечне горыч сьмерці мінулася?

33 Але Самуіл сказаў: як меч твой жанчын пазбаўляў дзяцей, так маці твая сярод жанчын хай пазбудзецца сына. І расьсек Самуіл Агага прад Госпадам у Галгале.

34 І адышоў Самуіл у Раму, а Саўл пайшоў у дом свой, у Гіву Саўлаву.

35 І больш ня бачыўся Самуіл з Саўлам да сьмерці сваёй; але смуткаваў Самуіл па Саўле, бо Гасподзь шкадаваў, што зрабіў Саўла царом над Ізраілем.

 

Разьдзел 16

 

1 І сказаў Гасподзь Самуілу: дакуль ты будзеш смуткаваць па Саўле, якога Я адхіліў, каб ён ня быў царом над Ізраілем? напоўні рог твой алеем і ідзі; Я пашлю цябе да Ясэя Віфляемляніна, бо сярод сыноў ягоных Я нагледзеў Сабе цара.

2 І сказаў Самуіл: як я пайду? Саўл дачуецца і заб'е мяне. Гасподзь сказаў: вазьмі ў руку тваю цяля са статку і скажы: я прыйшоў дзеля ахвяраваньня Госпаду;

3 і запрасі Ясэя да ахвяры; Я пакажу табе, што табе рабіць, і ты памажаш Мне таго, пра каго Я скажу табе.

4 І зрабіў Самуіл так, як сказаў яму Гасподзь. Калі прыйшоў ён у Віфляем, дык старэйшыны горада з трымценьнем выйшлі насустрач яму і сказалі: ці мірны прыход твой?

5 І адказаў ён: мірны, дзеля ахвяраваньня Госпаду прыйшоў я; асьвяцецеся і ідзеце са мною да ахвярапрынашэньня. І асьвяціў Ясэя і сыноў ягоных і запрасіў іх да ахвяры.

6 І калі яны прыйшлі, ён, убачыўшы Эліява, сказаў: правільна, гэты прад Госпадам памазанец Ягоны!

7 Але Гасподзь сказаў Самуілу: не зважай на выгляд ягоны і на вышыню росту яго; Я адхіліў яго; Я гляджу ня так, як глядзіць чалавек; бо чалавек глядзіць на аблічча, а Гасподзь глядзіць на сэрца.

8 І паклікаў Ясэй Амінадава і падвёў яго да Самуіла, і сказаў Самуіл: і гэтага ня выбраў Гасподзь.

9 І падвёў Ясэй Саму, і сказаў Самуіл: і гэтага ня выбраў Гасподзь.

10 Так падводзіў Ясэй да Самуіла сямёх сыноў сваіх, але Самуіл сказаў Ясэю; нікога з гэтых ня выбраў Гасподзь.

11 І сказаў Самуіл Ясэю: ці ўсе дзеці тут? І адказаў Ясэй: ёсьць яшчэ маладзейшы; ён пасьвіць авечкі. І сказаў Самуіл Ясэю: пашлі і вазьмі яго, бо мы ня сядзем абедаць, пакуль ня прыйдзе ён сюды.

12 І паслаў Ясэй, і прывялі яго. І быў ён бялявы, з прыгожымі вачыма і прыемным тварам. І сказаў Гасподзь: устань, памаж яго, бо гэта ён.

13 І ўзяў Самуіл рог з алеем і памазаў яго сярод братоў ягоных, і пакоіўся Дух Гасподні на Давідзе з таго дня і пасьля. А Самуіл устаў і адышоў у Раму.

14 А ад Саўла адступіўся Дух Гасподні, і бунтаваў яго ліхі дух ад Госпада.

15 І сказалі яму слугі Саўлавыя: вось, ліхі дух ад Госпада бунтуе цябе;

16 няхай гаспадар наш загадае слугам сваім, якія перад табою, пашукаць чалавека, умельскага ў гульні на арфе, і калі прыйдзе на цябе ліхі дух ад Бога, дык ён, іграючы рукою сваёю, будзе супакойваць цябе;

17 і адказаў Саўл слугам сваім: знайдзеце мне чалавека, які добра грае, і прывядзеце яго да мяне.

18 Тады адзін слуга ягоны сказаў: вось, я бачыў у Ясэя Віфляемляніна сына, які ўмее граць, чалавека адважнага і ваяўнічага, і разумнага ў словах і віднага сабою, і Гасподзь зь ім.

19 І паслаў Саўл вястуноў да Ясэя і сказаў: пашлі да мяне Давіда, сына твайго, які каля статку.

20 І ўзяў Ясэй асла з хлебам і мех зь віном і адно казьляня, і паслаў з Давідам, сынам сваім, да Саўла.

21 І прыйшоў Давід да Саўла і служыў перад ім, і вельмі спадабаўся яму і зрабіўся ягоным збраяносцам.

22 І паслаў Саўл сказаць Ясэю: няхай Давід служыць пры мне, бо ён здабыў упадабаньне ў вачах маіх.

23 І калі дух ад Бога бываў на Саўле, дык Давід, узяўшы арфу, граў, - і радасьней і лепей рабілася Саўлу, і дух ліхі адступаўся ад яго.

 

Разьдзел 17

 

1 Філістымляне сабралі войскі свае на вайну і сабраліся ў Сакхоце, што ў Юдэі, і разьмясьціліся табарам паміж Сакхотам і Азэкам у Эфэс-Даміме.

2 А Саўл і Ізраільцяне сабраліся і разьмясьціліся табарам у даліне дуба і падрыхтаваліся да вайны супроць Філістымлянаў.

3 І сталі Філістымляне на гары з аднаго боку, і Ізраільцяне на гары з другога боку, а паміж імі была даліна.

4 І выступіў з табара Філістымскага аднаборац, імем Галіяф, з Гэта; ростам ён - шэсьць локцяў зь пядзяю.

5 Медны шалом на галаве ў яго; і апрануты ён быў у лускаватую браню, і вага брані ягонай - пяць тысяч сікляў медзі;

6 медныя накаленьнікі на нагах ягоных, і медны шчыт за плячамі ў яго;

7 і дзяржак дзіды ягонай, як навой у кроснах; а сама дзіда ягоная - шэсьцьсот сікляў жалеза, і перад ім ішоў збраяносец.

8 І стаў ён і крычаў да палкоў Ізраільскіх, кажучы ім: навошта вы выйшлі ваяваць? ці ж не Філістымлянін я, а вы рабы Саўлавыя? выбераце ў сябе чалавека, і няхай выйдзе да мяне;

9 калі ён можа пабіцца са мною і заб'е мяне, дык мы будзем вашымі рабамі; а калі я адолею яго і заб'ю яго, дык вы будзеце нашымі рабамі і будзеце служыць нам.

10 І сказаў Філістымлянін: сёньня я пасаромлю палкі Ізраільскія; дайце мне чалавека, і мы падужаемся ўдвух.

11 І пачулі Саўл і ўсе Ізраільцяне гэтыя словы Філістымляніна, і вельмі перапалохаліся і жахнуліся.

12 А Давід быў сын Эфрацяніна зь Віфляема Юдавага, на імя Ясэй, у якога было восем сыноў; гэты чалавек у дні Саўла дасягнуў старасьці і быў старэйшы сярод мужчын.

13 Тры старэйшыя сыны Ясэевыя пайшлі з Саўлам на вайну; імёны трох сыноў ягоных, што пайшлі на вайну: старэйшы - Эліяў, другі за ім - Амінадаў, і трэці - Сама:

14 А Давід быў малодшы. Трое старэйшых пайшлі з Саўлам,

15 а Давід вярнуўся ад Саўла, каб пасьвіць авечкі бацькі свайго ў Віфляеме.

16 І выступаў Філістымлянін той раніцай і ўвечары і выстаўляў сябе сорак дзён.

17 І сказаў Ясэй Давіду, сыну свайму: вазьмі братам сваім эфу сушанага зерня і дзесяць гэтых хлябоў і занясі ў табар да сваіх братоў;

18 а гэтыя дзесяць сыроў занясі тысячніку і даведайся пра здароўе братоў і даведайся пра патрэбы іхнія.

19 Саўл і яны і ўсе Ізраільцяне былі ў даліне дуба і рыхтаваліся да бітвы зь Філістымлянамі.

20 І ўстаў Давід рана раніцай, і даручыў авечак вартавому, і, узяўшы ношку, пайшоў, як загадаў яму Ясэй; і прыйшоў да табара, калі войска было выведзена ў строй і з крыкам рыхтаваліся да бітвы.

21 І выставілі Ізраільцяне і Філістымляне строй супроць строю.

22 Давід пакінуў сваю ношку абознаму вартавому, і пабег у рады і, прыйшоўшы, спытаўся ў братоў сваіх пра здароўе.

23 І вось, калі ён гутарыў зь імі, аднаборац зь імем Галіяф, Філістымлянін з Гэта, выступае з радоў Філістымскіх і кажа тыя словы, і Давід пачуў.

24 І ўсе Ізраільцяне, убачыўшы гэтага чалавека, уцякалі ад яго і вельмі баяліся.

25 І казалі Ізраільцяне: бачыце гэтага чалавека, што выступае? ён выступае, каб ганіць Ізраіля; калі б хто забіў яго, адарыў бы таго цар вялікім багацьцем, і дачку сваю выдаў бы за яго, і дом бацькі ягонага зрабіў бы свабодным у Ізраілі.

26 І сказаў Давід людзям, якія стаялі зь ім: што зробяць таму, хто заб'е гэтага Філістымляніна і здыме ганьбу зь Ізраіля? бо хто гэты неабрэзаны Філістымлянін, што так ганіць войска Бога жывога?

27 І сказаў яму народ тыя самыя словы, кажучы: вось, што зроблена будзе таму чалавеку, які заб'е яго.

28 І пачуў Эліяў, старэйшы брат Давідаў, што гаварыў ён зь людзьмі, і раззлаваўся Эліяў на Давіда і сказаў: навошта ты сюды прыйшоў і на каго пакінуў нямногія авечкі тыя ў пустыні? я ведаю пыху тваю і благое сэрца тваё, ты прыйшоў падзівіцца на бойку.

29 І сказаў Давід: што ж я зрабіў? ці ня словы гэта?

30 І адвярнуўся ад яго да другога і казаў тыя самыя словы, і адказаў яму народ па-ранейшаму.

31 І пачулі словы, якія казаў Давід, і пераказалі Саўлу, і той паклікаў яго.

32 І сказаў Давід Саўлу: няхай ніхто ня падае духам празь яго; раб твой пойдзе і памерыцца з гэтым Філістымлянінам.

33 І сказаў Саўл Давіду: ня можаш ты ісьці супроць гэтага Філістымляніна, каб дужацца зь ім, бо ты яшчэ хлопец, а ён воін з маладосьці сваёй.

34 І сказаў Саўл Давіду: раб твой пасьвіў авечкі ў бацькі свайго, і калі, бывала, прыходзіў леў або мядзьведзь і задзіраў авечку ў статку,

35 дык я гнаўся за ім і нападаў на яго і адбіраў з пашчы ягонай; а калі ён кідаўся на мяне, дык я браў яго за касмачы і біў яго і забіваў яго;

36 і льва і мядзьведзя забіваў раб твой, і з гэтым Філістымлянінам неабрэзаным будзе тое самае, што зь імі, бо так ганіць войска Бога жывога.

37 І сказаў Давід: Гасподзь, Які выбаўляў мяне ад ільва і ад мядзьведзя, выбавіць мяне і ад рукі гэтага Філістымляніна. І сказаў Саўл Давіду: ідзі, і хай будзе Гасподзь з табою.

38 І апрануў Саўл Давіда ў сваю вопратку, і ўсклаў на галаву ягоную медны шалом, і надзеў на яго браню.

39 І аперазаўся Давід мечам паверх вопраткі і пачаў хадзіць, бо ня прывык да такое зброі; потым сказаў Давід Саўлу: я не магу хадзіць у гэтым, я ня прывык. І зьняў Давід усё гэта зь сябе.

40 І ўзяў кій свой у руку сваю, і выбраў сабе пяць гладкіх камянёў з ручая, і паклаў іх у пастуховую торбу, якая была зь ім; і з торбаю і з прашчаю ў руцэ сваёй выступіў супроць Філістымляніна.

41 Выступіў і Філістымлянін, ідучы і набліжаючыся да Давіда, і збраяносец ішоў паперадзе яго.

42 І зірнуў Філістымлянін і, убачыўшы Давіда, з пагардаю паглядзеў на яго, бо ён быў малады, бялявы і прыгожы тварам.

43 І сказаў Філістымлянін Давіду: што ты ідзеш на мяне зь кіем? хіба я сабака? І пракляў Філістымлянін Давіда сваімі багамі.

44 І сказаў Філістымлянін Давіду: падыдзі да мяне, і я аддам цела тваё птушкам нябесным і зьвярам польным.

45 А Давід адказваў Філістымляніну: ты ідзеш супроць мяне зь мечам і дзідай і шчытом, а я іду супроць цябе ў імя Госпада Саваофа, Бога войска Ізраільскага, якое ты ганіў;

46 сёньня аддасьць цябе Гасподзь у руку маю, і я заб'ю цябе, і здыму зь цябе галаву тваю, і аддам трупы войска Філістымскага птушкам нябесным і зьвярам польным, і ўведае ўся зямля, што ёсьць Бог у Ізраілі;

47 і ўведае ўвесь гэты гурт, што ня мечам і дзідаю ратуе Гасподзь, бо гэта вайна Госпада, і Ён аддасьць вас у рукі нашыя.

48 Калі Філістымлянін падняўся і пачаў падыходзіць і зьбліжацца дзеля сустрэчы з Давідам, Давід пасьпешліва пабег да строю насустрач Філістымляніну.

49 І апусьціў Давід руку сваю ў торбу і дастаў адтуль камень, і шпурнуў з прашчы і пацэліў Філістымляніну ў лоб, так што камень упіўся ў лоб ягоны, і ён упаў тварам на зямлю.

50 Так адолеў Давід Філістымляніна прашчаю і каменем, і падужаў Філістымляніна і забіў яго; а меча ня было ў руках у Давіда.

51 Тады Давід падбег і, наступіўшы на Філістымляніна, узяў меч ягоны і дастаў яго з похваў, ударыў яго і адсек ім галаву ягоную; Філістымляне, убачыўшы, што асілак іхні памёр, пабеглі.

52 І падняліся мужчыны Ізраільскія і Юдэйскія, і закрычалі і гналі Філістымлян да ўваходу ў даліну і да брамы Акарона. І падалі бітыя Філістымляне па дарозе Шаарымскай, да Гэта і да Акарона.

53 І вярнуліся сыны Ізраільскія з пагоні за Філістымлянамі і разрабавалі табар іхні.

54 І ўзяў Давід галаву Філістымляніна і занёс яе ў Ерусалім, а зброю ягоную паклаў у намёце сваім.

55 Калі Саўл убачыў Давіда, які выходзіў супроць Філістымляніна, дык сказаў Авэніру, начальніку войска: Авэнір, чый сын гэты хлопец? Авэнір адказаў: хай жыве душа твая, цару; я ня ведаю.

56 І сказаў цар: дык спытайся, чый сын гэты хлопец?

57 А калі Давід вяртаўся пасьля пагібелі Філістымляніна, дык Авэнір узяў яго і прывёў да Саўла, і галава Філістымляніна была ў руцэ ў яго.

58 І спытаўся ў яго Саўл: чый ты сын, хлопча? І адказаў Давід: сын раба твайго Ясэя зь Віфляема.

 

Разьдзел 18

 

1 Калі закончыў Давід гутарку з Саўлам, душа Ёнатана прыляпілася да душы ягонай, і палюбіў яго Ёнатан, як сваю душу.

2 І ўзяў яго Саўл таго самага дня і не дазволіў яму вяртацца ў дом бацькі ягонага.

3 А Ёнатан заключыў з Давідам спрымірэнства, бо палюбіў яго, як сваю душу.

4 І зьняў Ёнатан вопратку сваю, якая была на ім, і аддаў яе Давіду, таксама і астатнюю вопратку сваю, і меч свой, і лук свой, і свой пояс.

5 І Давід дзеяў разумна ўсюды, куды ні пасылаў яго Саўл, і зрабіў яго Саўл начальнікам над ваеннымі людзьмі; і гэта спадабалася ўсяму народу і слугам Саўлавым.

6 Калі яны ішлі, пры вяртаньні Давіда зь перамогі над Філістымлянінам, дык жанчыны з усіх гарадоў Ізраільскіх выходзілі насустрач Саўлу цару са сьпевамі і танцамі, з урачыстымі тымпанамі і зь кімваламі.

7 І крычалі жанчыны, якія ігралі, кажучы: Саўл перамог тысячы, а Давід дзясяткі тысяч!

8 І Саўл моцна засмуціўся, і няпрыемнае яму было гэтае слова, і ён сказаў: Давіду далі дзясяткі тысяч, а мне тысячы; яму нехапае толькі царства.

9 І з таго дня і потым падазрона глядзеў Саўл на Давіда.

10 І было на другі дзень: напаў ліхі дух ад Бога на Саўла, і ён шалеў у доме сваім, а Давід граў рукою сваёю на струнах, як і ў іншыя дні; у руцэ ў Саўла была дзіда.

11 І кінуў Саўл дзіду, падумаўшы: прыб'ю Давіда да сьцяны; але Давід два разы ўхіліўся ад яго.

12 І пачаў баяцца Саўл Давіда, бо Гасподзь быў зь ім, а ад Саўла адступіўся.

13 І выдаліў яго Саўл ад сябе і паставіў яго ў сябе тысячнікам, і ён уваходзіў і выходзіў перад народам.

14 І Давід ва ўсіх дзеях сваіх рабіў разумна, і Гасподзь быў зь ім.

15 І Саўл бачыў, што ён вельмі разумны, і баяўся яго.

16 А ўвесь Ізраіль і Юда любілі Давіда, бо ён уваходзіў і выходзіў перад ім.

17 І сказаў Саўл Давіду: вось старэйшая дачка мая, Мэрова: я дам яе табе за жонку, толькі будзь у мяне адважны і вядзі войны Гасподнія. Бо Саўл думаў: няхай не мая рука будзе на ім, а рука Філістымлянаў будзе на ім.

18 Але Давід сказаў Саўлу: хто я і што жыцьцё маё і род бацькі майго ў Ізраілі, каб мне быць зяцем царовым?

19 А калі настаў час аддаць Мэрову, дачку Саўлавую, Давіду, дык яна выдадзена была замуж за Адрыэла з Мэхолы.

20 Але Давіда пакахала другая дачка Саўлавая, Мэлхола; і калі паведамілі пра гэта Саўлу, дык гэта было прыемна яму.

21 Саўл думаў: аддам яе за яго, і яна будзе яму сеткаю, і рука Філістымлянаў будзе на ім. І сказаў Саўл Давіду: праз другую ты пароднішся са мною.

22 І загадаў Саўл слугам сваім: скажэце Давіду патаемна: вось, цар дабраволіць табе, і ўсе слугі ягоныя любяць цябе; дык вось, будзь зяцем царовым.

23 І перадалі слугі Саўлавыя ў вушы Давіду ўсе словы гэтыя. І сказаў Давід: хіба лёгка здаецца вам быць зяцем цара? я - чалавек бедны і нязначны.

24 І данесьлі Саўлу слугі ягоныя і сказалі: вось, што кажа Давід.

25 І сказаў Саўл: так скажэце Давіду, цар ня хоча вена, апрача ста краеабразаньняў Філістымскіх, у помсту ворагам царовым. Бо Саўл меў на думцы загубіць Давіда рукамі Філістымлянаў.

26 І пераказалі слугі ягоныя Давіду гэтыя словы, і спадабалася Давіду стацца зяцем царовым.

27 Яшчэ не прайшлі вызначаныя дні, як Давід устаў і пайшоў сам і людзі ягоныя зь ім, і забіў дзьвесьце чалавек Філістымлянаў, і прынёс Давід краеабразаньні іхнія, і падаў іх у поўным ліку цару, каб зрабіцца зяцем царовым. І выдаў Саўл за яго Мэлхолу, дачку сваю, замуж.

28 І ўбачыў Саўл і зразумеў, што Гасподзь з Давідам, і што Мэлхола, дачка Саўлавая, любіла Давіда.

29 І пачаў Саўл яшчэ больш баяцца Давіда і зрабіўся ворагам ягоным на ўсё жыцьцё.

30 І калі правадыры Філістымскія выйшлі на вайну, Давід, з самага выхаду іхняга, дзеяў разумней за ўсіх слуг Саўлавых, і вельмі праславілася імя ягонае.

 

Разьдзел 19

 

1 І казаў Саўл Ёнатану, сыну свайму, і ўсім слугам сваім, каб забіць Давіда. Але Ёнатан, сын Саўлаў, вельмі любіў Давіда.

2 І паведаміў Ёнатан Давіду, кажучы: бацька мой Саўл спрабуе забіць цябе; дык вось, асьцерагайся заўтра; схавайся і будзь у патайным месцы;

3 а я выйду і стану каля бацькі майго на полі, дзе ты будзеш, і пагавару пра цябе з бацькам маім, і што ўбачу, раскажу табе.

4 І сказаў Ёнатан добрае пра Давіда Саўлу, бацьку свайму, і сказаў яму: хай ня грэшыць цар супроць раба свайго Давіда, бо ён нічым не зграшыў супроць цябе, і дзеі ягоныя вельмі карысныя табе;

5 ён унебясьпечваў душу сваю, каб пабіць Філістымляніна; і Гасподзь учыніў вялікае выратаваньне ўсяму Ізраілю; ты бачыў гэта і радаваўся; навошта ж ты хочаш зграшыць супроць невінаватай крыві і забіць Давіда бяз прычыны?

6 І паслухаў Саўл голасу Ёнатана і запрысягнуўся Саўл: жывы Гасподзь, Давід не памрэ.

7 І паклікаў Ёнатан Давіда, і пераказаў яму Ёнатан усе словы гэтыя, і прывёў Ёнатан Давіда да Саўла, і ён быў пры ім, як учора і заўчора.

8 Зноў пачалася вайна, і выйшаў Давід, і ваяваў зь Філістымлянамі, і ўчыніў ім вялікае пабоішча, і яны пабеглі ад яго.

9 І ліхі дух ад Бога напаў на Саўла, і ён сядзеў у доме сваім, і дзіда была ў руцэ ў яго, а Давід іграў рукою сваёю на струнах.

10 І хацеў Саўл прыбіць Давіда дзідаю да сьцяны, але Давід адскочыў ад Саўла, і дзіда ўпілася ў сьцяну; а Давід уцёк і ўратаваўся тае начы.

11 І паслаў Саўл слуг у дом да Давіда, каб падпільнаваць яго і забіць да раніцы. І сказала Давіду Мэлхола, жонка ягоная: калі ты ня выратуеш душы тваёй у гэтую ноч, дык заўтра будзеш забіты.

12 І спусьціла Мэлхола Давіда з акна, і ён пайшоў, і ўцёк і ўратаваўся.

13 А Мэлхола ўзяла статую і паклала яе на ложак, а ў галавах у яе паклала казіную скуру, і накрыла вопраткай.

14 І паслаў Саўл слуг, каб узяць Давіда; але Мэлхола сказала: ён хворы.

15 І паслаў Саўл слуг, каб агледзець Давіда, кажучы: прынясеце яго да мяне на пасьцелі, каб забіць яго.

16 І прыйшлі слугі, і вось, на пасьцелі статуя, а ў галавах у яе казіная скура.

17 Тады Саўл сказаў Мэлхоле: дзеля чаго ты так ашукала мяне і адпусьціла ворага майго, каб ён уцёк? І сказала Мэлхола Саўлу: ён сказаў мне: адпусьці мяне, інакш я заб'ю цябе.

18 І ўцёк Давід і ўратаваўся, і прыйшоў да Самуіла ў Раму і расказаў яму ўсё, што зрабіў зь імі Саўл. І пайшоў ён з Самуілам, і спыніліся яны ў Наваце.

19 І данесьлі Саўлу, кажучы: вось, Давід у Наваце, у Раме.

20 І паслаў Саўл слуг узяць Давіда, і калі ўбачылі яны гурт прарокаў, што прарочылі, і Самуіла, які начальнічаў над імі, дык Дух Божы сышоў на слуг Саўла, і яны пачалі прарочыць.

21 Данесьлі пра гэта Саўлу, і ён паслаў іншых слуг, але і гэтыя пачалі прарочыць. Потым паслаў Саўл трох слуг, і гэтыя пачалі прарочыць.

22 Саўл сам пайшоў у Раму, і дайшоў да вялікай крыніцы, што ў Сэфе, і спытаўся, кажучы: дзе Самуіл і Давід? І сказалі: вось, у Наваце, у Раме.

23 І пайшоў ён туды ў Нават у Раме, і на яго сышоў Дух Божы, і ён ішоў і прарочыў, пакуль ня прыйшоў у Нават у Раме.

24 І зьняў ён вопратку сваю, і прарочыў перад Самуілам, і ўвесь дзень той і ўсю ноч ляжаў неапрануты; таму кажуць: няўжо і Саўл у прароках?

 

Разьдзел 20

 

1 Давід уцёк з Навата ў Раме і прыйшоў і сказаў Ёнатану: што зрабіў я, у чым няпраўда мая, чым зграшыў я перад бацькам тваім, што ён шукае душы маёй?

2 І сказаў яму Ёнатан: не, ты не памрэш; вось, бацька мой ня робіць ні большае, ні меншае дзеі, не адкрыўшы вушам маім; навошта ж бо бацьку майму хаваць ад мяне гэтую дзею? гэтага ня будзе.

3 Давід прысягаў і казаў: бацька твой добра ведае, што я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, і таму гаворыць сам у Сабе: «хай ня ведае пра тое Ёнатан, каб не засмуціўся, але жывы Гасподзь і жывая душа твая! адзін толькі крок паміж мною і сьмерцю,»

4 І сказаў Ёнатан Давіду: чаго жадае душа твая, я зраблю табе.

5 І сказаў Давід Ёнатану: вось заўтра малады месяц, і я павінен сядзець з царом за сталом; але адпусьці мяне, і я схаваюся ў полі да вечара пасьлязаўтра.

6 Калі бацька твой спытаецца пра мяне, ты скажы: Давід адпрасіўся ў мяне схадзіць у свой горад Віфляем, бо там гадавое ахвярапрынашэньне ўсяго роду ягонага.

7 Калі на гэта ён скажа: «добра», дык мір рабу твайму; а калі ён угневаецца, дык ведай, што ліхое намысьліў ён.

8 А ты зрабі міласьць рабу твайму, - бо ты прыняў раба твайго ў запавет Гасподні з табою, - і калі ёсьць якая віна на мне, дык забі ты мяне; навошта табе весьці мяне да бацькі твайго?

9 І сказаў Ёнатан: ніяк ня будзе гэтага з табою; бо, калі я даведаюся напэўна, што ў бацькі майго намысьлена ліхое ўчыніць над табою, дык няўжо не паведамлю табе пра гэта?

10 І сказаў Давід Ёнатану: хто паведаміць мне, калі бацька твой адкажа сурова?

11 І сказаў Ёнатан Давіду: ідзі, выйдзем у поле. І выйшлі абодва ў поле.

12 І сказаў Ёнатан Давіду: жывы Гасподзь Бог Ізраілеў! я заўтра каля гэтага часу, альбо пасьлязаўтра, выпытаю ў бацькі майго; і калі ён добрым прыхільны да Давіда, і я тады не пашлю да цябе і не адкрыю перад вушамі тваімі,

13 няхай тое і тое зробіць Гасподзь зь Ёнатанам і яшчэ болей зробіць. Калі ж бацька мой намышляе зрабіць табе ліхое, і гэта адкрыю ў вушы твае, і адпушчу цябе, і тады ідзі зь мірам: і хай будзе Гасподзь з табою, як бы з бацькам маім!

14 Але і ты, калі я яшчэ буду жывы, зрабі мне міласьць Гасподнюю.

15 А калі я памру, дык не адбяры міласьці тваёй ад дому майго вавек, нават і тады, калі Гасподзь зьнішчыць з улоньня зямлі ўсіх ворагаў Давідавых.

16 Так заключыў Ёнатан запавет з домам Давіда і сказаў: хай спагоніць Гасподзь з ворагаў Давідавых!

17 І зноў Ёнатан прысягаўся Давіду сваёй любоўю да яго, бо любіў яго, як сваю душу.

18 І сказаў яму Ёнатан: заўтра малады месяц, і пра цябе спытаюць, бо месца тваё будзе не занятае;

19 таму на трэці дзень ты спусьціся і пасьпяшайся на тое месца, дзе ты хаваўся раней, і сядзь каля каменя Азэль:

20 а я ў той бок пушчу тры стралы, быццам страляючы па цэлі;

21 потым пашлю хлопчыка, кажучы: «ідзі, знайдзі стрэлы»; і калі я скажу хлопчыку: «вось, стрэлы за табою, вазьмі іх», дык прыйдзі да мяне, бо мір табе, і, жывы Гасподзь, нічога табе ня будзе;

22 а калі так скажу хлопчыку: «вось, стрэлы прад табою», дык ты сыдзі, бо адпускае цябе Гасподзь;

23 а таму, што мы казалі, я і ты, сьведка Гасподзь паміж мною і табою навекі.

24 І схаваўся Давід у полі. І настаў час маладзіка, і сеў цар абедаць.

25 Цар сеў на сваім месцы, паводле звычаю, на сядзеньні каля сьцяны, і Ёнатан устаў, і Авэнір сеў каля Саўла; а месца Давідава засталася незанятае.

26 І не сказаў Саўл у той дзень нічога, бо падумаў, што гэта выпадковасьць, што Давід нячысты, не ачысьціўся.

27 Настаў і другі дзень маладзіка, а месца Давідава заставалася незанятае. Тады сказаў Саўл сыну свайму Ёнатану: чаму сын Ясэеў ня прыйшоў на абед ні ўчора, ні сёньня?

28 І адказаў Ёнатан Саўлу: Давід адпрасіўся ў мяне ў Віфляем:

29 ён казаў: «адпусьці мяне, бо ў нас у горадзе родавае ахвярапрынашэньне, і мой брат запрасіў мяне; дык вось, калі я знайшоў дабраславеньне ў вачах тваіх, схаджу я і пабачуся са сваімі братамі»; таму ён і ня прыйшоў на абед да цара.

30 Тады моцна ўгневаўся Саўл на Ёнатана і сказаў яму: сыне нягодны і непакорлівы! хіба я ня ведаю, што ты сябраваўся з сынам Ясэевым на сорам сабе і на сорам маці тваёй!

31 бо ўсе дні, пакуль сын Ясэеў будзе жыць на зямлі, ня ўстоіш ні ты, ні царства тваё; цяпер жа пашлі і прывядзі яго да мяне, бо ён асуджаны на сьмерць.

32 І адказаў Ёнатан Саўлу, бацьку свайму, і сказаў яму: за што забіваеш яго? што ён зрабіў?

33 Тады Саўл кінуў дзіду ў яго, каб забіць яго. І Ёнатан зразумеў, што бацька ягоны рашыўся забіць Давіда.

34 І ўстаў Ёнатан з-за стала ў вялікім гневе і не абедаў на другі дзень маладзіка, бо смуткаваў па Давідзе і таму што пакрыўдзіў яго бацька ягоны.

35 На другі дзень раніцай выйшаў Ёнатан у поле, у час, назначаны Давіду, і малы хлопчык зь ім.

36 І сказаў ён хлопчыку: бяжы, шукай стрэлы, якія я пускаю. Хлопчык пабег, а ён пускаў стрэлы так, што яны ляцелі далей хлопчыка.

37 І пабег хлопчык туды, куды Ёнатан пускаў стрэлы, і закрычаў Ёнатан усьлед хлопчыку і сказаў: глядзі, страла перад табою.

38 І зноў крычаў Ёнатан усьлед хлопчыку: хутчэй бяжы, ня спыняйся. І сабраў хлопчык Ёнатанаў стрэлы і прыйшоў да свайго гаспадара.

39 А хлопчык ня ведаў нічога; толькі Ёнатан і Давід ведалі, што да чаго.

40 І аддаў Ёнатан зброю сваю хлопчыку, які быў пры ім, і сказаў яму: ідзі, занясі ў горад.

41 Хлопчык пайшоў, а Давід падняўся з паўднёвага боку і ўпаў тварам сваім на зямлю і тройчы пакланіўся; і цалавалі яны адзін аднаго, і плакалі абодва разам, але Давід плакаў болей.

42 І сказаў Ёнатан Давіду: ідзі зь мірам; а ў чым прысягалі мы абодва імем Госпада, кажучы: «Гасподзь хай будзе паміж мною і табою і паміж семем маім і семем тваім», тое хай будзе навекі.

43 І ўстаў Давід і пайшоў, а Ёнатан вярнуўся ў горад.

 

Разьдзел 21

 

1 І прыйшоў Давід у Номву да Ахімэлэха сьвятара, і сумеўся Ахімэлэх пры сустрэчы з Давідам і сказаў яму: чаму ты адзін, і нікога няма з табою?

2 І сказаў Давід Ахімэлэху сьвятару: цар даручыў мне дзею і сказаў мне: «хай ніхто ня ведае, па што я паслаў цябе і што даручыў табе»; таму людзей я пакінуў на пэўным месцы;

3 дык вось, што ёсьць у цябе пад рукою, дай мне, хлябоў пяць, альбо што знойдзецца.

4 І адказаў сьвятар Давіду, кажучы: няма ў мяне пад рукою простага хлеба, а ёсьць хлеб асьвечаны; калі толькі людзі твае ўстрымаліся ад жанчын.

5 І адказаў Давід сьвятару і сказаў яму: жанчын з намі ня было ні ўчора, ні заўчора, з часу, як я выйшаў, а посуд хлопчыкаў чысты, а калі дарога нячыстая, дык хлеб застанецца чыстым у посудзе.

6 І даў яму сьвятар асьвечанага хлеба; бо ня было ў яго хлеба, акрамя хлябоў выстаўленьня, якія ўзятыя былі ад аблічча Госпада, каб, калі зьнятыя будуць, пакласьці цёплыя хлябы.

7 Там быў таго дня прад Госпадам адзін слуга Саўлаў, імем Доік, Ідумэянін, начальнік пастухоў Саўлавых.

8 І сказаў Давід Ахімэлэху: ці няма тут у цябе пад рукою дзіды ці меча? бо я ня ўзяў з сабою ні меча, ні іншай зброі, бо даручэньне царовае было сьпешнае.

9 І сказаў сьвятар: вось меч Галіяфа Філістымляніна, якога ты забіў у даліне дуба, загорнуты ў вопратку, за наплечнікам; калі хочаш, вазьмі яго; іншага акрамя гэтага тут няма. І сказаў Давід: няма да яго падобнага, дай мне яго.

10 І ўстаў Давід, і ўцёк таго самага дня ад Саўла, і прыйшоў да Анхуса, цара Гэцкага.

11 І сазалі Анхусу слугі ягоныя: ці ня гэта Давід, цар той краіны? ці не яму сьпявалі ў карагодах і казалі: Саўл пабіў тысячы, а Давід - дзясяткі тысяч?

12 Давід паклаў словы гэтыя ў сэрцы сваім і моцна баяўся Анхуса, цара Гэцкага.

13 І зьмяніў твар свой перад імі, і прыкінуўся вар'ятам у іхніх вачах, і крэсьліў на дзьвярах, і пускаў сьліну па барадзе сваёй.

14 І сказаў Анхус рабам сваім: бачыце, ён чалавек вар'ят; навошта вы прывялі яго да мяне?

15 ці ж мала ў мяне вар'ятаў, што вы прывялі яго, каб ён юродзіў перад мною? няўжо ён увойдзе ў дом мой?

 

Разьдзел 22

 

1 І выйшаў Давід адтуль і ўцёк у пячору Адаламскую, і пачулі браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага і прыйшлі да яго туды.

2 і сабраліся да яго ўсе прыгнечаныя і ўсе пазычэнцы і ўсе засмучаныя душою, і стаўся ён начальнікам над імі: і было зь ім каля чатырохсот чалавек.

3 Адтуль пайшоў Давід у Масіфу Маавіцкую і сказаў цару Маавіцкаму: няхай бацька мой і маці мая пабудуць у вас, пакуль я не даведаюся, што зробіць са мною Бог.

4 І прывёў іх да цара Маавіцкага, і жылі яны ў яго ўвесь час, пакуль Давід быў у тым сховішчы.

5 Але прарок Гад сказаў Давіду: не заставайся ў гэтым сховішчы, а выпраўляйся, ідзі ў зямлю Юдаву. І пайшоў Давід і прыйшоў у лес Хэрэт.

6 І дачуўся Саўл, што Давід аб'явіўся і людзі, якія былі зь ім. Саўл сядзеў тады ў Гіве пад дубам на гары, зь дзідай у руцэ, і ўсе слугі ягоныя абступалі яго.

7 І сказаў Саўл слугам сваім, што абступалі яго: паслухайце, сыны Веньямінавыя! няўжо ўсім вам дасьць сын Ясэя палі і вінаграднікі і ўсіх вас паставіць тысячнікамі і сотнікамі,

8 што вы ўсе згаварыліся супроць мяне, і ніхто не адкрыў мне, калі сын мой уступіў у сяброўства з сынам Ясэя, і ніхто з вас не пашкадаваў мяне і не адкрыў мне, што сын мой узбудзіў супроць мяне раба майго каваць мне путы, як гэта сёньня відаць?

9 І адказваў Доік Ідумэянін, які стаяў са слугамі Саўлавымі, і сказаў: я бачыў, як сын Ясэя прыходзіў у Номву да Ахімэлэха, сына Ахітува,

10 і той спытаўся пра яго ў Госпада, і даў яму ежу, і меч Галіяфа Філістымляніна аддаў яму.

11 І паслаў цар паклікаць Ахімэлэха, сына Ахітувавага, сьвятара, і ўвесь дом бацькі ягонага, сьвятароў, што ў Номве. І прыйшлі яны ўсе да цара.

12 І сказаў Саўл: паслухай, сыне Ахітува. І той адказваў: вось я, гаспадару мой.

13 І сказаў яму Саўл: навошта вы змовіліся супроць мяне, ты і сын Ясэя, што ты даў яму хлябы і меч і спытаўся пра яго ў Бога, каб ён паўстаў супроць мяне і каваў мне путы, як гэта сёньня відаць?

14 І адказваў Ахімэлэх цару і сказаў: хто з усіх рабоў тваіх такі верны, як Давід? ён і зяць цароў, і выканаўца загадаў тваіх, і шанаваны ў доме тваім.

15 Ці ж цяпер я пачаў пытацца пра яго ў Бога? Не, не вінаваць мяне за гэта, цару, раба твайго і ўвесь дом бацькі майго, бо ва ўсім гэтым ня ведае раб твой ні малога, ні вялікага.

16 І сказаў цар: ты павінен памерці, Ахімэлэх, ты і ўвесь дом бацькі твайго.

17 І сказаў цар целаахоўцам, якія стаялі каля яго: ідзеце, аддайце сьмерці сьвятароў Гасподніх, бо й іхняя рука з Давідам, і яны ведалі, што ён уцёк, і не адкрылі мне. Але слугі царовыя не хацелі падняць рук сваіх на забойства сьвятароў Гасподніх.

18 І сказаў цар Доіку: ідзі ты і аддай сьмерці сьвятароў. І пайшоў Доік Ідумэянін, і напаў на сьвятароў, і забіў таго дня восемдзесят пяць мужчын, што насілі ільняны наплечнік;

19 Номву, горад сьвятароў, пабіў мечам; і мужчын і жанчын, і юнакоў і дзяцей, і валоў і аслоў і авечак пабіў мечам.

20 Уратаваўся адзін толькі сын Ахімэлэхаў, сына Ахітува, якога звалі Авіятар, і ўцёк да Давіда.

21 І расказаў Авіятар Давіду, што Саўл забіў сьвятароў Гасподніх.

22 І расказаў Давід Авіятару: я ведаў у той дзень, калі там быў Доік Ідумэянін, што ён мусова данясе Саўлу; я вінаваты за ўсе душы дома бацькі твайго;

23 застанься ў мяне, ня бойся, бо хто будзе шукаць маёй душы, будзе шукаць і тваёй душы; ты будзеш у мяне пад аховай.

 

Разьдзел 23

 

1 Паведамілі Давіду, кажучы: вось, Філістымляне напалі на Кэіль і рабуюць гумны.

2 І спытаўся Давід у Госпада. кажучы: ці ісьці мне, і ці паб'ю я гэтых Філістымлянаў? І адказваў Гасподзь Давіду: ідзі, ты паб'еш Філістымлянаў і выратуеш Кэіль.

3 Але тыя, што былі з Давідам, сказалі яму: вось, мы баімся тут у Юдэі, як жа нам ісьці ў Кэіль супроць рушэньняў Філістымскіх?

4 Тады зноў спытаў Давід у Госпада, і адказваў яму Гасподзь і сказаў: устань і йдзі ў Кэіль, бо Я перадам Філістымлянаў у рукі твае.

5 І пайшоў Давід зь людзьмі сваімі ў Кэіль, і ваяваў зь Філістымлянамі, і забраў быдла іхняе, і ўчыніў ім вялікае пабоішча, і выратаваў Давід жыхароў Кэіля.

6 Калі Авіятар, сын Ахімэлэхаў, прыбег да Давіда ў Кэіль, дык прынёс з сабою і наплечнік.

7 І данесьлі Саўлу, што Давід прыйшоў у Кэіль, і Саўл сказаў: Бог аддаў яго ў рукі мае, бо ён замкнуўся, увайшоўшы ў горад з брамамі і замкамі.

8 І склікаў Саўл увесь народ на вайну, каб ісьці да Кэіля, аблажыць Давіда і людзей ягоных.

9 Калі даведаўся Давід, што Саўл намысьліў супроць яго ліхое, сказаў сьвятару Авіятару: прынясі наплечнік.

10 І сказаў Давід: Госпадзе Божа Ізраілеў! Раб твой пачуў, што Саўл хоча прыйсьці ў Кэіль, спустошыць горад празь мяне.

11 Ці аддадуць мяне жыхары Кэіля ў рукі яму? І ці прыйдзе сюды Саўл, як чуў раб Твой? Госпадзе Божа Ізраілеў! адкрый рабу Твайму. І сказаў Гасподзь: прыйдзе.

12 І сказаў Давід: ці аддадуць жыхары Кэіля мяне і людзей маіх у рукі Саўлу? І сказаў Гасподзь: аддадуць.

13 Тады падняўся Давід і людзі ягоныя, каля шасьцісот чалавек, і выйшлі з Кэіля і хадзілі, дзе маглі. А Саўлу было данесена, што Давід уцёк з Кэіля, і тады ён адмяніў паход.

14 А Давід заставаўся ў пустыні ў недаступных мясьцінах і потым на гары ў пустыні Зіф. А Саўл шукаў яго кожны дзень; але Бог не аддаў Давіда ў рукі ягоныя.

15 І бачыў Давід, што Саўл выйшаў шукаць душы ягонай; а Давід быў у пустыні Зіф у лесе.

16 І ўстаў Ёнатан, сын Саўлаў, і прыйшоў да Давіда ў лес, і ўмацаваў яго спадзяваньнем на Бога,

17 і сказаў яму: ня бойся, бо ня знойдзе цябе рука бацькі майго Саўла, і ты будзеш цараваць над Ізраілем, а я буду другі пасьля цябе; і Саўл, бацька мой, ведае гэта.

18 І паклалі яны паміж сабою заруку прад абліччам Госпада; і Давід застаўся ў лесе, а Ёнатан пайшоў у дом свой.

19 І прыйшлі Зіфэі да Саўла ў Гіву, кажучы: вось, Давід хаваецца ў нас у недаступных мясьцінах, у лесе, на пагорку Гэхіла, што направа ад Есімона;

20 дык вось, па жаданьні душы тваёй, цару, ідзі; а нашым чынам будзе аддаць яго ў рукі цара.

21 І сказаў ім Саўл: дабраславёныя вы ў Госпада за тое, што пашкадавалі мяне;

22 ідзеце, упэўніцеся яшчэ і высачыце месца ягонае, дзе будзе нага ягоная, і хто бачыў яго там, бо мне кажуць, што ён вельмі хітры;

23 і высачыце, і разьведайце ўсе ягоныя сховішчы, у якіх ён тоіцца, і вярнецеся да мяне з пэўнаю весткаю, і я пайду з вамі; і калі ён у гэтай зямлі, я буду шукаць яго ва ўсіх тысячах Юдавых.

24 І ўсталі яны і пайшлі ў Зіф раней за Саўла. А Давід і людзі ягоныя былі ў пустыні Маон, на раўніне, направа ад Есімона.

25 І пайшоў Саўл зь людзьмі сваімі шукаць яго. Але Давіду паведамілі пра гэта, і ён перайшоў да скалы і заставаўся ў пустыні Маон. І дачуўся Саўл і пагнаўся за Давідам у пустыню Маон.

26 І йшоў Саўл па адным баку гары, а Давід зь людзьмі сваімі быў па другі бок гары. І калі Давід сьпяшаўся ўцячы ад Саўла, а Саўл зь людзьмі сваімі ішоў у абыход Давіду і людзям ягоным, каб захапіць іх,

27 тады прыйшоў да Саўла вястун, кажучы: сьпяшайся і прыходзь, бо Філістымляне напалі на зямлю.

28 І вярнуўся Саўл ад перасьледу Давіда і пайшоў насустрач Філістымлянам; таму і назвалі гэтую мясьціну: Сэла-Гамахлэкот*.

 

 

* Скала падзелу

Разьдзел 24

 

1 І выйшаў Давід адтуль і жыў у бясьпечных мясьцінах Эн-Гадзі.

2 Калі Саўл вярнуўся ад Філістымлянаў, яму паведамілі, кажучы: вось, Давід у пустыні Эн-Гадзі.

3 І ўзяў Саўл тры тысячы выбраных мужчын з усяго Ізраіля і пайшоў шукаць Давіда і людзей ягоных па гарах, дзе жывуць сарны.

4 І прыйшоў да кашары авечай, пры дарозе; там была пячора, і зайшоў туды Саўл дзеля патрэбы; а Давід і людзі ягоныя сядзелі ўглыбіні пячоры.

5 І казалі Давіду людзі ягоныя: вось дзень, пра які казаў табе Гасподзь: вось, Я аддам ворага твайго ў рукі твае, і зробіш зь ім, што табе заўгодна. Давід устаў і ціхенька адрэзаў край ад верхняй вопраткі Саўла.

6 Але пасьля гэтага забалела на сэрцы ў Давіда, што ён адрэзаў край ад вопраткі Саўла.

7 І сказаў ён людзям сваім: хай не дапусьціць мне Гасподзь зрабіць гэта гаспадару майму, памазанцу Гасподняму, каб накласьці руку маю на яго, бо ён памазанец Гасподні.

8 І стрымаў Давід людзей сваіх гэтымі словамі і ня даў ім паўстаць на Саўла. А Саўл устаў і выйшаў зь пячоры на дарогу.

9 Потым устаў і Давід, і выйшаў зь пячоры, і закрычаў усьлед Саўлу, кажучы: гаспадару мой, цару! Саўл азірнуўся, і Давід упаў тварам на зямлю і пакланіўся.

10 І сказаў Давід Саўлу: навошта ты слухаеш словы людзей, якія кажуць: вось, Давід намышляе ліхое на цябе?

11 Вось, сёньня бачаць вочы твае, што Гасподзь аддаваў цябе сёньня ў рукі мае ў пячоры, і мне казалі, каб забіць цябе; але я пашкадаваў цябе і сказаў: не падыму рукі маёй на гаспадара майго, бо ён памазанец Госпада.

12 Бацька мой! паглядзі на край вопраткі тваёй у руцэ маёй: я адрэзаў край вопраткі тваёй, а цябе не забіў; пазнай і пераканайся, што няма ў руцэ маёй ліха, ні падступства, і я не зграшыў супроць цябе; а ты шукаеш душы маёй, каб забраць яе.

13 Хай рассудзіць Гасподзь паміж мною і табою, і хай адпомсьціць табе Гасподзь за мяне; але рука мая ня будзе на табе,

14 як павядае старадаўняя прыпавесьць: ад беззаконных паходзіць беззаконьне. А мая рука ня будзе на табе.

15 Супроць каго выйшаў цар Ізраільскі? За кім ты ганяешся? За мёртвым сабакам, за адною блыхою.

16 Гасподзь хай будзе судзьдзёю паміж мною і табою. Ён разгледзіць, разьбярэ справу маю і выратуе мяне ад рукі тваёй.

17 Калі скончыў Давід гаварыць словы гэтыя да Саўла, Саўл сказаў: ці твой гэта голас, сыне мой Давідзе? І ўзвысіў Саўл голас свой, і плакаў,

18 і сказаў Давіду: твая большая праўда за маю, бо ты адплаціў мне дабром, а я плаціў табе злом;

19 ты паказаў гэта сёньня, абышоўшыся са мною мілажальна: калі Гасподзь аддаваў мяне ў рукі твае, ты не забіў мяне.

20 Хто, знайшоўшы ворага свайго, адпусьціў бы яго ў добрую дарогу? Гасподзь заплаціць табе дабром за тое, што ты зрабіў мне сёньня.

21 І цяпер я ведаю, што ты канечне будзеш цараваць, і царства Ізраілевае будзе цьвёрдае ў руцэ тваёй.

22 Дык вось, запрысягніся мне Госпадам, што ты ня выкараніш нашчадкаў маіх пасьля мяне і ня зьнішчыш імя майго ў доме ў бацькі майго.

23 І прысягнуў Давід Саўлу. І пайшоў Саўл у дом свой, а Давід і людзі ягоныя ўвайшлі ў месца ўмацаванае.

 

Разьдзел 25

 

1 І памёр Самуіл. І сабраліся ўсе Ізраільцяне, і плакалі па ім, і пахавалі яго ў доме ягоным, у Раме. Давід устаў і сышоў да пустыні Фаран.

2 Быў нехта ў Маоне, а маёнтак яго на Карміле, чалавек вельмі багаты; у яго было тры тысячы авечак і тысяча коз; і быў ён пры стрыжцы авечак на Карміле.

3 Імя чалавека таго - Навал, а імя жонкі ягонай - Авігея. Гэтая жанчына была вельмі разумная і прыгожая з твару, а ён - чалавек жорсткі і ліхі норавам; ён быў з роду Халева.

4 І пачуў Давід у пустыні, што Навал стрыжэ авечкі свае.

5 І паслаў Давід дзесяць хлопчыкаў, і сказаў Давід хлопчыкам: узыдзеце на Карміл і ідзеце да Навала, і павітайце яго ад майго імя.

6 і скажэце так: мір табе, мір дому твайму, мір усяму твайму;

7 сёньня я пачуў, што ў цябе стрыгуць авечкі; вось, пастухі твае былі з намі, і мы ня крыўдзілі іх, і нічога ў іх не прапала за ўвесь час, пакуль яны былі на Карміле;

8 спытайся ў слуг тваіх, і яны скажуць табе; дык вось, хай знойдуць хлопчыкі ўпадабаньне ў вачах тваіх, бо ў добры дзень прыйшлі мы; дык дай рабам тваім і сыну твайму Давіду, што знойдзе рука твая.

9 І пайшлі людзі Давідавыя, і сказалі Навалу ад імя Давіда ўсе гэтыя словы, і замоўклі.

10 І ўскочыў Навал, і адказваў слугам Давідавым, і сказаў: хто такі Давід, і хто такі сын Ясэеў? сёньня стала многа рабоў, якія ўцякаюць ад гаспадароў сваіх;

11 няўжо мне ўзяць хлябы мае і ваду маю, і мяса, прыгатаванае мною стрыгалям маім, і аддаць людзям, пра якіх ня ведаю, адкуль яны?

12 І пайшлі назад людзі Давідавыя сваёй дарогай і вярнуліся, і прыйшлі і пераказалі яму ўсе словы гэтыя.

13 Тады Давід сказаў людзям сваім: аперажэцеся кожны мечам сваім. І ўсе аперазаліся мечамі сваімі, аперазаўся і сам Давід сваім мечам, і пайшлі за Давідам каля чатырохсот чалавек, а дзьвесьце засталіся каля абозу.

14 А Авігеі, жонцы Навалавай, паведаміў адзін слуга, сказаўшы: вось, Давід прысылаў з пустыні паслоў вітаць нашага гаспадара, але ён абышоўся зь імі груба;

15 а гэтыя людзі вельмі добрыя да нас, ня крыўдзілі нас, і нічога не прапала ў нас за ўвесь час, калі мы хадзілі зь імі, быўшы ў полі;

16 яны былі нам аслонаю і ўдзень і ўначы ўвесь час, калі мы пасьвілі статкі паблізу іх;

17 дык вось, падумай і паглядзі, што рабіць; бо непазьбежна пагражае бяда гаспадару нашаму і ўсяму дому ягонаму, а ён - чалавек ліхі, нельга гаварыць зь ім.

18 Тады Авігея пасьпешліва ўзяла дзьвесьце хлябоў і два мяхі зь віном, і пяць авечак падрыхтаваных і пяць мераў сушанага зерня, і сто вязанак разынак і дзьвесьце вязанак смокваў, і наўючыла на аслоў,

19 і сказала слугам сваім: ідзеце паперадзе мяне, вось, я пайду за вамі. А мужу свайму Навалу нічога не сказала.

20 Калі ж яна, седзячы на асьле, спускалася па схілах гары, вось, насустрач ёй ідзе Давід і людзі ягоныя, і яна сустрэлася зь імі.

21 І Давід сказаў: так, дарэмна я ахоўваў у пустыні маёмасьць гэтага чалавека, і нічога не прапала з таго, што належала яму; ён плаціць мне злом за дабро;

22 няхай тое і тое зробіць Бог з ворагамі Давіда, і яшчэ болей зробіць, калі да сьвітаньня з усяго, што належыць Навалу, я пакіну таго, што мочыцца да сьцяны.

23 Калі Авігея ўбачыла Давіда, дык пасьпяшалася сысьці з асла і ўпала перад Давідам на твар свой і пакланілася да зямлі;

24 і ўпала да ног ягоных і сказала: на мне грэх, гаспадару мой; дазволь рабыні тваёй гаварыць у вушы твае і паслухай слоў рабыні тваёй.

25 Няхай гаспадар мой не зважае на гэтага ліхога чалавека, на Навала; бо якое імя ў яго, такі і ён. Навал - імя яго, і вар'яцтва ягонае зь ім. А я, рабыня твая, ня бачыла слуг гаспадара майго, якіх ты прыслаў.

26 І сёньня, гаспадару мой, жывы Гасподзь і жывая душа твая! Гасподзь не дазволіць табе ісьці праліваць кроў і ўтрымае руку тваю ад помсты, і сёньня хай будуць, як Навал, ворагі твае і зламысьнікі гаспадара майго.

27 Вось гэтыя дарункі, якія прынесла рабыня твая гаспадару майму, каб даць іх хлопчыкам, якія служаць гаспадару майму.

28 Даруй віну рабыні тваёй; Гасподзь мусова зладзіць гаспадару майму дом трывалы, бо войны Госпада вядзе гаспадар мой, і ліхое ня знойдзецца ў табе праз усё жыцьцё тваё.

29 Калі паўстане чалавек перасьледаваць цябе і шукаць душы тваёй, дык душа гаспадара майго будзе завязана ў вузьле жыцьця ў Госпада Бога твайго, а душу ворагаў тваіх кіне Ён як бы з прашчы.

30 І калі зробіць Гасподзь гаспадару майму ўсё, што казаў пра цябе добрага, і паставіць цябе гаспадаром над Ізраілем,

31 дык ня будзе гэта сэрцу гаспадара майго засмутаю і непакоем, што не праліў марна крыві і ахаваў сябе ад помсты. І Гасподзь адорыць дабром гаспадара майго, і ўзгадаеш рабыню тваю.

32 І сказаў Давід Авігеі: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які паслаў цябе сёньня насустрач мне,

33 і дабраславёны розум твой, і дабраславёная ты за тое, што ты цяпер не дазволіла мне ісьці праліваць кроў і помсьціць за сябе.

34 Але, - жывы Гасподзь Бог Ізраілеў, Які стрымаў мяне, каб не зрабіў ліха табе, - калі б ты не пасьпяшалася і ня прыйшла на сустрэчу да мяне, дык да ранішняга сьвітаньня я не пакінуў бы Навалу нікога, хто мачыўся б да сьцяны.

35 І прыняў Давід з рук яе тое, што яна прынесла яму, і сказаў ёй: ідзі зь мірам у дом твой; вось, я паслухаўся голасу твайго і ўшанаваў твар твой.

36 І прыйшла Авігея да Навала, і вось, у яго банкет у доме ягоным, як банкет царскі, і сэрца ў Навала было вясёлае; а ён быў вельмі п'яны; і не сказала яму ні слова, ні большага, ні меншага, да раніцы.

37 А раніцай, калі Навал працьверазеў, жонка ягоная расказала яму пра гэта, і замерла ў ім сэрца ягонае, і зрабіўся ён, як камень.

38 Дзён празь дзесяць уразіў Гасподзь Навала, і ён памёр.

39 І пачуў Давід, што Навал памёр, і сказаў: дабраславёны Гасподзь, Які заплаціў яму за ганьбаваньне мяне Навалам, і Які ахаваў раба свайго ад ліхога; Гасподзь абярнуў злосьць Навалаву на яго ж галаву. І паслаў Давід сказаць Авігеі, што ён бярэ яе сабе за жонку.

40 І прыйшлі слугі Давідавыя і сказалі ёй так: Давід паслаў нас да цябе, каб узяць цябе яму за жонку.

41 Яна ўстала і пакланілася тварам да зямлі і сказала: вось, рабыня твая гатовая быць служанкаю, каб абмываць ногі слуг гаспадара майго.

42 І сабралася Авігея пасьпешліва і села на асла, і пяць служанак суправаджалі яе; і пайшла яна за пасламі Давідавымі і зрабілася яго жонкаю.

43 І Ахінааму з Ізрэеля ўзяў Давід, і абедзьве яны былі яго жонкі.

44 А Саўл аддаў дачку сваю Мэлхолу, жонку Давідавую, Фалтыю, сыну Лаіша, што з Галіма.

 

Разьдзел 26

 

1 Прыйшлі Зіфеі да Саўла ў Гіву і сказалі: вось, Давід хаваецца ў нас на пагорку Гахіла, што направа ад Есімона.

2 І ўстаў Саўл і спусьціўся ў пустыню Зіф, і зь ім тры тысячы выбраных мужчын Ізраільскіх, каб шукаць Давіда ў пустыні Зіф.

3 І атабарыўся Саўл на пагорку Гахіла, што направа ад Есімона, каля дарогі; а Давід быў у пустыні і бачыў, што Саўл ішоў за ім у пустыню;

4 і паслаў Давід віжоў і даведаўся, што Саўл сапраўды прыйшоў з Кэіля.

5 І ўстаў Давід і пайшоў да месца, на якім Саўл атабарыўся, і ўбачыў Давід месца, дзе спаў Саўл і Авэнір, сын Ніраў, ваеначальнік ягоны. А Саўл спаў у намёце, а народ разьмясьціўся вакол яго.

6 І зьвярнуўся Давід і сказаў Авімэлэху Хэтэяніну і Авэсу, сыну Саруінаму, брату Ёава, кажучы: хто пойдзе са мною да Саўла ў табар? І адказаў Авэса: я пайду з табою.

7 І прыйшоў Давід з Авэсам да людзей Саўлавых уначы; і вось, Саўл ляжыць, сьпіць у намёце, і дзіда ягоная ўваткнутая ў зямлю каля галавы ягонай: а Авэнір і людзі ляжаць вакол яго.

8 Авэса сказаў Давіду: аддаў сёньня Бог ворага твайго ў рукі твае; дык вось, дазволь я прыкалю яго дзідай да зямлі адным ударам і не паўтару ўдару.

9 Але Давід сказаў Авэсу: не забівай яго; бо хто, падняўшы руку на памазанца Гасподняга, застанецца непакараны?

10 І сказаў Давід: жывы Гасподзь! няхай уразіць яго Гасподзь, альбо прыйдзе дзень ягоны, і ён памрэ, альбо пойдзе на вайну і загіне; а мне хай не дазволіць Гасподзь падняць руку маю на памазанца Гасподняга;

11 а вазьмі ягоную дзіду, якая каля галавы ягонай, і посуд з вадою, і пойдзем да сябе.

12 І ўзяў Давід дзіду і посуд з вадою каля галавы Саўла, і пайшлі яны да сябе; і ніхто ня бачыў, і ніхто ня ведаў, і ніхто не прачнуўся, а ўсе спалі, бо сон ад Госпада напаў на іх.

13 І перайшоў Давід на другі бок і стаў на вяршыні гары ўдалечыні; вялікая адлегласьць была паміж імі.

14 І заклікаў Давід народ і Авэніра, сына Ніравага, кажучы: адказвай, Авэнір. І адказваў Авэнір і сказаў: хто ты, што крычыш і турбуеш цара?

15 І сказаў Давід Авэніру: ці ня ты мужчына, роўнага якому няма ў Ізраілі? Чаму ж ты не ахоўваеш гаспадара твайго, цара? бо прыходзіў нехта зь людзей, каб загубіць цара, гаспадара твайго.

16 Нядобра ты гэта робіш; жывы Гасподзь! вы вартыя сьмерці за тое, што не ахоўваеце гаспадара вашага, памазанца Гасподняга. Паглядзі, дзе дзіда царовая і посуд з вадою, што былі каля галавы ягонай?

17 І пазнаў Саўл голас Давідаў і сказаў: ці твой гэта голас, сыне мой Давідзе? І сказаў Давід: мой голас, гаспадару мой, цару.

18 І сказаў: за што гаспадар мой перасьледуе раба свайго? што я зрабіў? якое ліха ў руцэ маёй?

19 І сёньня няхай выслухае гаспадар мой, цар, слова раба свайго: калі Гасподзь узбудзіў цябе супроць мяне, дык хай гэта будзе ад цябе духмянаю ахвяраю; а калі - сыны чалавечыя, дык пракляты яны прад Госпадам, бо яны выгналі мяне сёньня, каб не належаць мне да спадчыны Госпада, кажучы: ідзі, служы багам чужым.

20 Хай жа не пральецца кроў мая на зямлю прад абліччам Госпада: бо цар Ізраілеў выйшаў шукаць адну блыху, як ганяюцца за курапаткаю па гарах.

21 І сказаў Саўл: зграшыў я; вярніся, сыне мой Давідзе, бо я ня буду больш чыніць табе зла, бо душа мая была дарагая сёньня ў вачах тваіх; неразумна рабіў я і многа грашыў.

22 І адказваў Давід і сказаў: вось дзіда царовая; няхай адзін хлопчык прыйдзе і возьме яе;

23 і хай дасьць Гасподзь кожнаму паводле праўды ягонай і паводле ісьціны ягонай, бо Гасподзь аддаваў цябе ў рукі мае, але я не захацеў падняць рукі маёй на памазанца Гасподняга;

24 і няхай, як каштоўнае было жыцьцё тваё сёньня ў вачах маіх, так цэніцца маё жыцьцё ў вачах Госпада, і хай выбавіць мяне з усякай бяды!

25 І сказаў Саўл Давіду: дабраславёны ты, сыне мой Давідзе; і дзею ўчыніш, і пераадолець пераадолееш. І пайшоў Давід сваёй дарогаю, а Саўл вярнуўся ў сваё месца.

 

Разьдзел 27

 

1 І сказаў Давід у сэрцы сваім: калі-небудзь траплю я ў рукі Саўлу, і няма мне нічога лепшага, як уцячы ў зямлю Філістымскую; і адчэпіцца ад мяне Саўл і ня будзе шукаць мяне болей па ўсіх межах Ізраільскіх, і я выратуюся ад рукі ягонай.

2 І ўстаў Давід, і выправіўся сам і шэсьцьсот мужчын, якія былі зь ім, да Анхуса, сына Маоха, цара Гэцкага.

3 І жыў Давід у Анхуса ў Гэце, сам і людзі ягоныя, кожны зь сямэёю сваёю, Давід і абедзьве жонкі ягоныя - Ахінаама Ізрэеліцянка і Авігея, былая жонка Навала, Кармэліцянка.

4 І данесьлі Саўлу, што Давід уцёк у Гэт, і перастаў ён болей шукаць яго.

5 І сказаў Давід Анхусу: калі я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, дык няхай дадзена будзе мне месца ў адным з малых гарадоў, і я буду жыць там; навошта рабу твайму жыць у царскім горадзе разам з табою?

6 Тады даў яму Анхус Сэкелаг; Таму Сэкелаг і застаўся за царамі Юдэйскімі да сёньня.

7 Усяго часу, які пражыў Давід у краіне Філістымскай, было год і чатыры месяцы.

8 І выходзіў Давід зь людзьмі сваімі і нападаў на Гесуранаў і Гірзэянаў і Амілікіцянаў, якія здаўна насялялі гэтую краіну да Сура і да зямлі Егіпецкай.

9 І спусташаў Давід тую краіну, і не пакідаў жывых ні мужчыны, ні жанчыны, і забіраў авечак і валоў, і аслоў і вярблюдаў і вопратку, і вяртаўся і прыходзіў да Анхуса.

10 І сказаў Анхус Давіду: на каго нападалі сёньня? Давід сказаў: на паўднёвую краіну Юдэі і на паўднёвую краіну Ерахмээла і на паўднёвую краіну Кенэі.

11 І не пакідаў Давід жывых ні мужчыны, ні жанчыны і ня прыводзіў у Гэт, кажучы: яны могуць данесьці на нас і сказаць: так зрабіў Давід, і такі лад дзеяў ягоных праз увесь час, пакуль ён жыве ў краіне Філістымскай.

12 І даверыўся Анхус Давіду, кажучы: ён збрыдзеў народу свайму Ізраілю і будзе слугою маім вечна.

 

Разьдзел 28

 

1 У той час Філістымляне сабралі войскі свае на вайну, каб ваяваць зь Ізраілем. І сказаў Анхус Давіду: хай будзе табе вядома, што ты пойдзеш са мною ў рушэньне, і ты і людзі твае.

2 І сказаў Давід Анхусу: сёньня ты даведаешся, што зробіць раб твой. І сказаў Анхус Давіду: за тое я зраблю цябе ахоўцам галавы маёй на ўсе часіны.

3 І памёр Самуіл, і аплаквалі яго ўсе Ізраільцяне і пахавалі яго ў Раме, у горадзе ягоным, а Саўл прагнаў чараўнікоў і варажбітоў з краіны.

4 І сабраліся Філістымляне і пайшлі і атабарыліся ў Сонаме; сабраў і Саўл увесь народ Ізраільскі, і атабарыліся ў Гэлвуе.

5 І ўбачыў Саўл табар Філістымскі і спалохаўся, і моцна ўздрыгнула сэрца ягонае.

6 І спытаўся Саўл у Госпада; але Гасподзь не адказваў яму ні ў сьне, ні праз урым, ні праз прарокаў.

7 Тады Саўл сказаў слугам сваім: знайдзеце мне жанчыну-чараўніцу, і я пайду да яе і спытаюся ў яе. І адказвалі яму слугі ягоныя: тут у Аэндоры ёсьць жанчына-чараўніца.

8 І зьняў зь сябе Саўл вопратку сваю і апрануў іншую, і пайшоў сам і двое людзей зь ім, і прыйшлі яны да жанчыны ўначы. І сказаў ёй Саўл: прашу цябе, паваражы мне і выведзі мне, пра каго я скажу табе.

9 Але жанчына адказвала яму: ты ведаеш, што зрабіў Саўл, як выгнаў ён з краіны чараўнікоў і варажбітоў; навошта ж ты раскідаеш сетку на душу маю і на пагібель мне?

10 І прысягнуў ёй Саўл Госпадам, кажучы: жывы Гасподзь! ня будзе табе бяды за гэтую дзею.

11 Тады жанчына спыталася: каго ж табе вывесьці? І адказваў ён: Самуіла выведзі мне.

12 І ўбачыла жанчына Самуіла і гучна ўскрыкнула; і зьвярнулася жанчына да Саўла, кажучы: навошта ты ашукаў мяне? ты - Саўл.

13 І сказаў ёй цар: ня бойся, што ты бачыш? І адказвала жанчына: бачу як бы бога, які выходзіць зь зямлі.

14 Які ён з выгляду? - спытаўся ў яе Саўл. Яна сказала: выходзіць зь зямлі мужчына вельмі стары, апрануты ў доўгае адзеньне. Тады пазнаў Саўл, што гэта Самуіл, і ўпаў тварам на зямлю і пакланіўся.

15 І сказаў Самуіл Саўлу: навошта ты трывожыш мяне, каб я выйшаў? І адказваў Саўл: цяжка мне вельмі: Філістымляне ваююць супроць мяне, а Бог адступіўся ад мяне і больш не адказвае мне ні праз прарокаў, ні ўва сьне; таму я выклікаў цябе, каб ты навучыў мяне, што мне рабіць.

16 І сказаў Самуіл: навошта ж ты пытаешся ў мяне, калі Гасподзь адступіўся ад цябе і зрабіўся ворагам табе?

17 Гасподзь зробіць тое, што казаў празь мяне: забярэ Гасподзь царства з рук тваіх і аддасьць яго блізкаму твайму Давіду.

18 Таму што ты не паслухаўся голасу Гасподняга і не абярнуў гневу Ягонага на Амаліка, дык Гасподзь і робіць гэта над табою сёньня.

19 І аддасьць Гасподзь Ізраіля разам з табою ў рукі Філістымлянаў: заўтра ты і сыны твае будуць са мною, і табар Ізраільскі аддасьць Гасподзь у рукі Філістымлянаў.

20 Тады Саўл раптам упаў усім целам сваім на зямлю, бо моцна спалохаўся слоў Самуіла; прытым і сілы ня стала ў ім, бо ён ня еў хлеба цэлы той дзень і цэлую ноч.

21 І падышла жанчына тая да Саўла, і ўбачыла, што ён вельмі спалохаўся, і сказала: вось, рабыня твая паслухалася голасу твайго і паставіла жыцьцё сваё пад небясьпеку і выканала загад, які ты даў мне;

22 цяпер прашу, паслухайся і ты голасу рабыні тваёй: я прапаную табе кавалак хлеба, паясі, і будзе ў табе моц, калі пойдзеш у дарогу.

23 Але ён адмовіўся і сказаў: ня буду есьці. І пачалі ўгаворваць яго слугі ягоныя, а таксама і жанчына; і ён паслухаўся голасу іхняга, і ўстаў зь зямлі, і сеў на ложак.

24 А ў жанчыны было дома ўкормленае цяля, і яна пасьпяшалася закалоць яго і, узяўшы мукі, замясіла і сьпякла праснакі,

25 і прапанавала Саўлу і слугам ягоным; і яны паелі, і ўсталі, і пайшлі тае ж ночы.

 

Разьдзел 29

 

1 І сабралі Філістымляне ўсе рушэньні свае ў Афэку, а Ізраільцяне атабарыліся каля крыніцы, што ў Ізрэелі.

2 Князі Філістымскія ішлі з сотнямі і тысячамі, а Давід і людзі ягоныя ішлі ззаду з Анхусам.

3 І казалі князі Філістымскія: што гэта за Габрэі? Анхус адказваў князям Філістымскім: хіба ня ведаеце, што гэта Давід, раб Саўла, цара Ізраільскага? ён пры мне ўжо болей году, і я не знайшоў у ім нічога благога з часу яго прыходу да гэтага дня.

4 І абурыліся на яго князі Філістымскія, і сказалі яму князі Філістымскія: адпусьці ты гэтага чалавека, няхай ён сядзіць у сваім месцы, якое ты яму вызначыў, каб ён ня йшоў з намі на вайну і не зрабіўся праціўнікам нашым на вайне. Чым ён можа ўмілажаліць гаспадара свайго, як не галовамі гэтых мужчын?

5 Ці ня той гэта Давід, якому сьпявалі ў карагодах, кажучы: Саўл пабіў тысячы, а Давід - дзясяткі тысяч?

6 І паклікаў Анхус Давіда і сказаў яму: жывы Гасподзь! ты сумленны і вачам маім прыемна было б, каб ты выходзіў і ўваходзіў са мною ў рушэньні; бо я не заўважыў у табе благога з часу прыходу твайго да мяне да сёньня; але ў вачах князёў ты ня добры.

7 Дык вось, вярніся цяпер і йдзі зь мірам і не дражні князёў Філістымскіх.

8 Але Давід сказаў Анхусу: што я зрабіў, і што ты знайшоў у рабе тваім з таго часу, як я перад тварам тваім, і да сёньня, чаму бо мне ня ісьці і не ваяваць з ворагамі гаспадара майго, цара?

9 І адказваў Анхус Давіду: будзь пэўны, што ў вачах маіх ты добры, як анёл Божы; але князі Філістымскія сказалі: хай ён ня йдзе з намі на вайну.

10 Дык вось, устань раніцай ты і рабы гаспадара твайго, якія прыйшлі з табою; і ўстаньце раніцай, і калі разьвіднее, ідзеце.

11 І ўстаў Давід, сам і людзі ягоныя, каб ісьці раніцай і вярнуцца ў зямлю Філістымскую. А Філістымляне пайшлі ў Ізраіль.

 

Разьдзел 30

 

1 На трэці дзень пасьля таго, як Давід і людзі ягоныя пайшлі ў Сэкелаг, Амалікіцяне напалі з поўдня на Сэкелаг і ўзялі Сэкелаг і спалілі яго агнём,

2 а жанчын і ўсіх, што былі ў ім, ад малога да вялікага, не забілі, а забралі ў палон, і пайшлі сваёй дарогаю.

3 І прыйшоў Давід і людзі ягоныя да горада, і вось, ён спалены агнём, а жонкі іхнія і сыны іхнія і дочкі іхнія пабраныя ў палон.

4 І падняў Давід і люд, што быў зь ім, плач, і плакалі, пакуль не засталося ў іх сілы плакаць.

5 Узятыя былі ў палон і абедзьве жонкі Давіда, Ахінаама Ізраіліцянка і Авігея, былая жонка Навала, Кармэліцянка.

6 Давід моцна быў зьбянтэжаны, бо люд хацеў пабіць яго камянямі, бо ўбольваўся душою ўвесь люд, кожны за сыноў сваіх і дочак сваіх.

7 Але Давід умацаваўся спадзяваньнем на Госпада Бога свайго, і сказаў Давід Авіятару сьвятару, сыну Авімэлэхаваму: прынясі мне наплечнік. І прынёс Авіятар наплечнік Давіду.

8 І спытаўся Давід у Госпада, кажучы: ці перасьледаваць мне гэтае полчышча, і ці даганю іх? І сказана яму: перасьледуй, дагоніш і адбярэш.

9 І пайшоў Давід сам і шэсьцьсот мужчын, якія былі зь ім; і прыйшлі да патока Васор і стомленыя спыніліся там.

10 І перасьледаваў Давід сам і чатырыста чалавек; а дзьвесьце чалавек заставаліся, бо ня мелі сілы перайсьці паток Васорскі.

11 І знайшлі Егіпцяніна ў полі, і прывялі яго да Давіда, і далі яму хлеба, і ён еў, і напаілі яго вадою;

12 і далі яму частку зь вязанкі смокваў і дзьве вязанкі разынак, і ён еў і ўмацаваўся, бо ён ня еў хлеба і ня піў вады тры дні і тры ночы.

13 І сказаў яму Давід: чый ты і адкуль ты? І сказаў ён: я - хлопец Егіпцянін, раб аднаго Амалікіцяніна, і кінуў мяне гаспадар мой, бо ўжо тры дні, як я захварэў;

14 мы прарваліся ў паўднёвую частку Керэці і ў вобласьць Юдавую і ў паўднёвую частку Халева, а Сэкелаг спалілі агнём.

15 І сказаў яму Давід: ці давядзеш мяне да гэтага полчышча? І сказаў ён: прысягні мне Богам, што ты не заб'еш мяне і не перадасі мяне ў рукі гаспадара майго, і я давяду цябе да гэтага полчышча.

16 Давід прысягнуў яму, і ён павёў яго. І вось Амалікіцяне, рассыпаўшыся па ўсёй той краіне, ядуць і п'юць і сьвяткуюць з прычыны вялікай здабычы, якую яны ўзялі зь зямлі Філістымскай і зь зямлі Юдэйскай.

17 І пабіваў іх Давід ад зьмярканьня да вечара другога дня, і ніхто зь іх не ўратаваўся, апрача чатырохсот юнакоў, якія селі на вярблюды і паўцякалі.

18 І адабраў Давід усё, што ўзялі Амалікіцяне, і абедзьвюх жонак сваіх адабраў Давід,

19 і не прапала ў іх нічога, ні малога, ні вялікага, ні з сыноў, ні з дачок, ні са здабычы, ні з усяго, што Амалікіцяне ўзялі ў іх: усё вярнуў Давід.

20 І ўзяў Давід усё дробнае і буйное быдла, і гналі яго перад сваім быдлам і казалі: гэта - Давідава здабыча.

21 І прыйшоў Давід да тых дзьвюх сотняў чалавек, якія ня мелі сілы ісьці за ім, і якіх ён пакінуў каля патока Васор, і выйшлі яны насустрач Давіду і насустрач людзям, якія былі зь ім. І падышоў Давід да гэтых людзей і прывітаў іх.

22 Тады ліхія і нягодныя зь людзей, якія хадзілі з Давідам, пачалі гаварыць: за тое, што яны не хадзілі з намі, не дамо ім са здабычы, якую мы адабралі: няхай кожны возьме толькі сваю жонку і дзяцей і йдзе.

23 Але Давід сказаў, не рабеце так, братове мае, пасьля таго, як Гасподзь даў нам гэта і захаваў нас і перадаў у рукі нашыя полчышча, што прыходзіла супраць нас.

24 І хто паслухаецца вас у гэтай справе? Якая частка тым, што хадзілі на вайну, такая частка павінна быць і тым, што заставаліся пры абозе: на ўсіх трэба падзяліць.

25 Так было з гэтага часу і пасьля; і паставіў ён гэта ў закон і ў правіла Ізраілю да сёньня.

26 І прыйшоў Давід у Сэкелаг і паслаў са здабычы старэйшынам Юдавым, сябрам сваім, кажучы: «вось вам дарунак са здабычы, узятай у ворагаў Гасподніх», -

27 тым, якія ў Вэтылі і ў Раме паўднёвай і ў Ятыры,

28 і ў Араіры і ў Шыфмоце, і ў Эстэмоа,

29 і ў Рахале і ў гарадах Ерахмэельскіх і ў гарадах Кенэйскіх,

30 і ў Хорме, і ў Харашане, і ў Атаху,

31 і ў Хэўроне і ва ўсіх мясьцінах, дзе хадзіў Давід сам і людзі ягоныя.

 

Разьдзел 31

 

1 А Філістымляне ваявалі зь Ізраільцянамі, і пабеглі мужы Ізраільскія ад Філістымлянаў і ўпалі пабітыя на гары Гэлвуе.

2 І дагналі Філістымляне Саўла і сыноў ягоных, і забілі Філістымляне Ёнатана і Амінадава і Малхісуа, сыноў Саўлавых.

3 І бітва супроць Саўла сталася жорсткая, і стралкі з лукаў цалялі ў яго, і ён вельмі паранены быў стралкамі.

4 І сказаў Саўл збраяносцу свайму: агалі твой меч і закалі мяне ім, каб ня прыйшлі гэтыя неабрэзаныя і не забілі мяне і ня глуміліся зь мяне. Але збраяносец не хацеў, бо вельмі баяўся. Тады Саўл узяў меч свой і ўпаў на яго.

5 Збраяносец ягоны, убачыўшы, што Саўл памёр, і сам упаў на свой меч і памёр зь ім.

6 Так і памёр у той дзень Саўл і тры сыны ягоныя і збраяносец ягоны, а таксама і ўсе людзі ягоныя разам.

7 Ізраільцяне, якія жылі ў даліне і за Ярданам, бачачы, што людзі Ізраільскія пабеглі і што памёр Саўл і сыны ягоныя, пакінулі гарады свае і зьбеглі, а Філістымляне прыйшлі і заселі ў іх.

8 На другі дзень Філістымляне прыйшлі рабаваць забітых і знайшлі Саўла і трох сыноў ягоных, якія загінулі на гары Гэлвуйскай.

9 І адсеклі яму галаву, і зьнялі зь яго зброю і паслалі па ўсёй зямлі Філістымскай, каб абвясьціць пра гэта ў капішчах ідалаў сваіх і народу;

10 і паклалі зброю ягоную ў капішчы Астарты, а цела яго павесілі на сьцяне Бэт-сана.

11 І пачулі жыхары Явіса Галаадскага пра тое, што зрабілі Філістымляне з Саўлам,

12 і падняліся ўсе людзі моцныя, і йшлі ўсю ноч, і ўзялі цела Саўла і целы сыноў ягоных са сьцяны Бэт-сана, і прыйшлі ў Явіс, і спалілі іх там;

13 і ўзялі косьці іхнія і пахавалі пад дубам у Явісе, і пасьціліся сем дзён.

 

Другая кніга Царстваў

 

Разьдзел 1

 

1 Пасьля сьмерці Саўла, калі Давід вярнуўся ад разгрому Амалікіцянаў і прабыў у Сэкелагу два дні,

2 вось, на трэці дзень прыходзіць чалавек з табара Саўлавага: вопратка на ім падраная і пыл на галаве ягонай. Прыйшоўшы да Давіда, ён упаў на зямлю і пакланіўся.

3 І сказаў яму Давід: адкуль ты прыйшоў? І сказаў той: я ўцёк з табара Ізраільскага.

4 І сказаў яму Давід: што адбылося? раскажы мне. І той сказаў: люд пабег зь бітвы, і мноства зь люду ўпала і памерла, і памерлі і Саўл і сын ягоны Ёнатан.

5 І сказаў Давід хлопчыку, які расказваў яму: як ты ведаеш, што Саўл і сын яго Ёнатан памерлі?

6 і сказаў хлопец, які расказваў Яму: я выпадкова прыйшоў на гару Гэлвуйскую, і вось, Саўл упаў на сваю дзіду, а калясьніцы і верхаўцы даганялі яго.

7 Тады ён азірнуўся назад і, угледзеўшы мяне, паклікаў мяне.

8 І я сказаў: вось я. Ён сказаў мне: хто ты? І я сказаў яму: я - Амалікіцянін.

9 Тады ён сказаў мне: падыдзі да мяне і забі мяне, бо скруха сьмяротная агарнула мяне, душа мая ўсё яшчэ ўва мне.

10 І я падышоў да яго і забіў яго, бо ведаў, што ён ня будзе жывы пасьля свайго падзеньня; і ўзяў я вянок, які быў на галаве ў яго, і запясьце, якое было на руцэ ў яго, і прынёс іх гаспадару майму сюды.

11 Тады схапіў Давід вопратку сваю і падраў яе, таксама і ўсе людзі, якія былі зь ім,

12 і галасілі і плакалі, і пасьціліся да вечара за Саўла і за сына ягонага Ёнатана, і за народ Гасподні і за дом Ізраілеў, што загінулі яны ад меча.

13 І сказаў Давід хлопцу, які расказваў яму: адкуль ты? і сказаў той: я - сын прыхадня Амалікіцяніна.

14 Тады Давід сказаў яму: як не пабаяўся ты падняць руку, каб забіць памазанца Гасподняга?

15 І паклікаў Давід аднаго хлопца і сказаў яму: падыдзі, забі яго. І той забіў яго, і ён памёр.

16 І сказаў яму Давід: кроў твая на галаве тваёй, бо твае вусны сьведчылі на цябе, калі ты казаў: я забіў памазанца Гасподняга.

17 І аплакаў Давід Саўла і сына ягонага Ёнатана гэтаю плачнаю песьняю

18 і загадаў навучыць сыноў Юдавых луку, як напісана ў кнізе праведнага, і сказаў:

19 краса твая, о Ізраіле, разьбітая на вышынях тваіх! як загінулі моцныя!

20 Не расказвайце ў Гэце, не абвяшчайце на вуліцах Аскалона, каб ня радаваліся дочкі Філістымлянаў, каб не весяліліся дочкі неабрэзаных.

21 Горы Гэлвуйскія! ні раса, ні дождж на вас, хай ня будзе на вас палёў з пладамі, бо там павалены шчыт моцных, шчыт Саўла, як бы ня быў ён памазаны алеем.

22 Бяз крыві параненых, бяз тлушчу моцных лук Ёнатана не вяртаўся назад, і меч Саўлаў не вяртаўся марна.

23 Саўл і Ёнатан, любасныя і згодныя ў жыцьці сваім, не разлучыліся і ў сьмерці сваёй; імклівейшыя за арлоў, дужэйшыя за львоў яны былі.

24 Дочкі Ізраільскія! плачце па Саўле, які апранаў вас у пурпуру з акрасамі і здабываў на вопратку вашую залатыя аздобы.

25 Як загінулі моцныя ў бітве! Забіты Ёнатан на вышынях тваіх.

26 Смуткую па табе, браце мой Ёнатане; ты быў вельмі дарагі мне; любоў твая была мне вышэйшая за любоў жаночую.

27 Як загінулі моцныя, загінула зброя баявая!

 

Разьдзел 2

 

1 Пасьля гэтага Давід спытаўся ў Госпада, кажучы: ці ісьці мне ў які-небудзь горад Юдаў? І сказаў яму Гасподзь: ідзі. І сказаў Давід: куды ісьці? І сказаў Ён: у Хэўрон.

2 І пайшоў туды Давід і абедзьве жонкі ягоныя, Ахінаама Ізрэіліцянка і Авігея, былая жонка Навалава, Кармэліцянка.

3 І людзей, якія былі зь ім, прывёў Давід, кожнага зь сямэёй ягонай, і пасяліліся ў горадзе Хэўроне.

4 І прыйшлі мужы Юдавыя і памазалі там Давіда на царства над домам Юдавым. І данесьлі Давіду, што жыхары Явіса Галаадскага пахавалі Саўла.

5 І выправіў Давід паслоў да жыхароў Явіса Галаадскага сказаць ім: дабраславёныя вы ў Госпада за тое, што зрабілі гэтую ласку гаспадару свайму Саўлу, і пахавалі яго;

6 І сёньня хай узычыць вам Гасподзь ласкаю і праўдаю; і я зраблю вам дабрачынства за тое, што вы гэта зрабілі;

7 сёньня хай умацуюцца рукі вашыя, і будзьце мужныя, бо гаспадар ваш Саўл памёр, а мяне памазаў дом Юдаў царом над сабою.

8 Але Авэнір, сын Ніраў, правадыр войска Саўлавага, узяў Евастэя, сына Саўлавага, і прывёў яго ў Маханаім,

9 і паставіў яго царом над Галаадам і Ашурам і Ізрэелем, і Яфрэмам і Веньямінам, і над усім Ізраілем.

10 Сорак гадоў было Евастэю, сыну Саўлаваму, калі ён уцараваўся над Ізраілем, і цараваў два гады. Толькі дом Юдаў застаўся з Давідам.

11 Усяго часу, як Давід цараваў у Хэўроне над домам Юдавым, было сем гадоў і шэсьць месяцаў.

12 І выйшаў Авэнір, сын Ніраў, і слугі Евастэя, сына Саўлавага, з Маханаіма ў Гаваон.

13 Выйшаў і Ёаў, сын Саруі, з слугамі Давідавымі, і сустрэліся каля Гаваонскай сажалкі, і заселі тыя па адзін бок сажалкі, а гэтыя па другі бок сажалкі.

14 І сказаў Авэнір Ёаву: няхай устануць маладыя хлопцы і падужаюцца перад намі. І сказаў Ёаў: няхай устануць.

15 І ўсталі і пайшлі лікам дванаццаць Веньямініцянаў з боку Евастэя, сына Саўлавага, і дванаццаць ад слуг Давідавых.

16 Яны схапілі адзін аднаго за галаву, усадзілі меч адзін аднаму ў бок і ўпалі разам. І была названа гэта мясьціна Хэлкат-Хацурым, што ў Гаваоне.

17 І адбылася таго дня вельмі лютая бітва, і Авэнір зь людзьмі Ізраільскімі быў пабіты слугамі Давідавымі.

18 І былі там тры сыны Саруі: Ёаў і Авэса і Асаіл. А Асаіл быў лёгкі на ногі, як сарна ў полі.

19 І пагнаўся Асаіл за Авэнірам і перасьледаваў яго, ня ўхіляючыся ні направа ні налева ад сьлядоў Авэніра.

20 І азірнуўся Авэнір назад і сказаў: ці ты гэта, Асаіл? Той сказаў: я.

21 І сказаў яму Авэнір: ухіліся направа або налева і выбяры сабе аднаго хлопца і вазьмі сабе ягоную зброю. Але Асаіл не захацеў адстаць ад яго.

22 І паўтарыў Авэнір яшчэ, кажучы Асаілу: адстань ад мяне, каб я не паваліў цябе на зямлю; тады зь якім тварам зьяўлюся я да Ёава, брата твайго?

23 Але той не захацеў адстаць. Тады Авэнір, павярнуўшы дзіду, ударыў яго ў жывот; дзіда прашыла яго наскрозь, і ён упаў там і памёр на месцы. Усе, хто праходзіў праз тую мясьціну, дзе ўпаў і памёр Асаіл, спыняліся.

24 І перасьледавалі Ёаў і Авэса Авэніра. Сонца ўжо зайшло, калі яны прыйшлі да пагорка Ама, што насупраць Гіяха, на дарозе да пустыні Гаваонскай.

25 І сабраліся Веньямініцяне вакол Авэніра і склалі адно рушэньне, і сталі на вяршыні аднаго пагорка.

26 І зьвярнуўся Авэнір да Ёава і сказаў: ці вечна будзе пажыраць мяне меч? ці ты ня ведаеш, што наступствы будуць горасныя? і дакуль ты ня скажаш людзям, каб яны перасталі перасьледаваць братоў сваіх?

27 І сказаў Ёаў: жывы Бог! калі б ты не казаў інакш, дык яшчэ раніцай перасталі б людзі перасьледаваць братоў сваіх.

28 І затрубіў Ёаў у трубу, і спыніўся ўвесь народ і не перасьледавалі больш Ізраільцянаў; бітва спынілася.

29 А Авэнір і людзі ягоныя ішлі раўнінаю ўсю тую ноч і перайшлі Ярдан, і прайшлі ўвесь Бітрон і прыйшлі ў Маханаім.

30 І вярнуўся Ёаў ад перасьледу Авэніра і сабраў увесь народ, і не хапала з слуг Давідавых дзевятнаццаці чалавек апрача Асаіла.

31 А слугі Давідавыя пабілі Веньямініцянаў і людзей Авэніравых; загінула іх трыста шэсьцьдзясят чалавек.

32 І ўзялі Асаіла і пахавалі яго ў магіле бацькі ягонага, што ў Віфляеме. А Ёаў зь людзьмі сваімі ішоў усю ноч і на сьвітаньні прыйшоў у Хэўрон.

 

Разьдзел 3

 

1 І была працяглая незлагадзь паміж домам Саўлавым і домам Давідавым. Давід усё больш і больш узмацняўся, а дом Саўлаў усё больш і больш занепадаў.

2 І нарадзіліся ў Давіда шэсьць сыноў у Хэўроне. Першынец ягоны быў Амон ад Ахінаамы Ізрэеліцянкі,

3 а другі сын ягоны - Далуя ад Авігеі, былой жонкі Навала, Кармэліцянкі; трэці - Авэсалом, сын Маахі, дачкі Талмая, цара Гесурскага;

4 чацьвёрты - Аданія, сын Агіты; пяты - Сафатыя, сын Авіталы;

5 шосты - Етэраам ад Эглы, жонкі Давідавай. Яны нарадзіліся ў Давіда ў Хэўроне.

6 Калі была незлагадзь паміж домам Саўла і домам Давіда, дык Авэнір падтрымліваў дом Саўла.

7 У Саўла была наложніца, імем Рыцпа, дачка Айя. І ўвайшоў да яе Авэнір. І сказаў Евастэй Авэніру: навошта ты ўвайшоў да наложніцы бацькі майго?

8 Авэнір моцна ўгневаўся на словы Евастэя і сказаў: хіба я - сабачая галава? Я супроць Юды зрабіў сёньня ласку дому Саўла, бацькі твайго, братам ягоным і сябрам ягоным, і ня выдаў цябе ў рукі Давіда, а ты спаганяеш сёньня зь мяне грэх праз жанчыну.

9 тое і тое няхай зробіць Бог Авэніру і яшчэ болей зробіць яму! Як прысягаў Гасподзь Давіду, так і зраблю яму:

10 адбяру царства ў дома Саўлавага і пастаўлю трон Давіда над Ізраілем і над Юдам, ад Дана да Вірсавіі.

11 І ня мог Евастэй запярэчыць Авэніру, бо баяўся яго.

12 І паслаў Авэнір ад сябе паслоў да Давіда сказаць: чыя гэта зямля? і яшчэ сказаць: заключы спрымірэнства са мною, і рука мая будзе з табою, каб навярнуць да цябе ўвесь народ Ізраільскі.

13 І сказаў Давід: добра, я заключу спрымірэнства з табою, толькі прашу ў цябе аднаго, менавіта - ты ня ўбачыш твару майго, калі не прывядзеш з сабою Мэлхолы, дачкі Саўла, калі прыйдзеш пабачыцца са мною,

14 І выправіў Давід паслоў да Евастэя, сына Саўлавага, сказаць: аддай жонку маю Мэлхолу, якую я атрымаў за сто краеабразаньняў Філістымскіх.

15 І паслаў Евастэй і ўзяў яе ў мужа, у Фалтыя, сына Лаішавага.

16 Пайшоў зь ёю і муж яе і з плачам праводзіў яе да Бахурыма; але Авэнір сказаў яму: ідзі назад. І ён вярнуўся.

17 І зьвярнуўся Авэнір да старэйшынаў Ізраільскіх, кажучы: і ўчора і заўчора вы хацелі, каб Давід быў царом над вамі;

18 цяпер зрабеце гэта, бо Гасподзь сказаў Давіду: «рукою раба Майго Давіда Я выратую народ Мой Ізраіля ад рукі Філістымлянаў і ад рукі ўсіх ворагаў ягоных».

19 Тое самае гаварыў Авэнір і Веньямініцянам. І пайшоў Авэнір у Хэўрон, каб пераказаць Давіду ўсё, чаго хацелі Ізраіль і ўвесь дом Веньямінаў.

20 І прыйшоў Авэнір да Давіда ў Хэўрон і зь ім дваццаць чалавек, і зрабіў Давід гасьціну Авэніру і людзям, якія былі зь ім.

21 І сказаў Авэнір Давіду: я ўстану і пайду і зьбяру да гаспадара майго цара ўвесь народ Ізраільскі, і яны ўступяць у запавет з табою, і будзеш цараваць над усімі, як жадае душа твая. І адпусьціў Давід Авэніра, і ён пайшоў зь мірам.

22 І вось, слугі Давідавы зь Ёавам прыйшлі з паходу і прынесьлі з сабою багата здабычы; але Авэніра ўжо ня было з Давідам у Хэўроне, бо Давід адпусьціў яго, і ён пайшоў зь мірам.

23 Калі Ёаў і ўсё войска, якое было зь ім, прыйшлі, дык Ёаву расказалі: прыходзіў Авэнір, сын Ніраў, да цара, і той адпусьціў яго, і ён пайшоў зь мірам.

24 І прыйшоў Ёаў да цара і сказаў: што ты зрабіў? вось, прыходзіў да цябе Авэнір; навошта ты адпусьціў яго, і ён пайшоў?

25 ты ведаеш Авэніра, сына Ніравага: ён прыходзіў ашукаць цябе, выведаць выхад твой і ўваход твой і разьведаць усё, што ты робіш.

26 І выйшаў Ёаў ад Давіда і паслаў ганцоў сьледам за Авэнірам; і вярнулі яны яго ад калодзежа Сіра, бязь ведаму Давіда.

27 Калі Авэнір вярнуўся ў Хэўрон, дык Ёаў узяў яго ў браму, быццам дзеля таго, каб пагутарыць зь ім таемна, і там ударыў яго ў жывот. І памёр Авэнір за кроў Асаіла, брата Ёава.

28 І дачуўся пасьля Давід і сказаў: невінаваты я і царства маё вавек прад Госпадам за кроў Авэніра, сына Ніравага;

29 няхай упадзе яна на галаву Ёава і на ўвесь дом бацькі ягонага; хай ніколі не застаецца дом Ёава бязь семяцечнага, альбо пракажонага, альбо абапертага на кій, альбо мечам забітага, альбо таго, каму патрэбен хлеб.

30 А Ёаў і брат ягоны Авэса забілі Авэніра за тое, што ён забіў брата іхняга Асаіла ў бітве каля Гаваона.

31 І сказаў Давід Ёаву і ўсім людзям, якія былі зь ім: падзярэце вопратку вашую і апранецеся ў вярэты і плачце над Авэнірам. І цар Давід ішоў за труною ягонай.

32 Калі хавалі Авэніра ў Хэўроне, дык цар гучна плакаў над труною Авэніра; плакаў і ўвесь народ.

33 І аплакаў цар Авэніра, кажучы: ці сьмерцю подлага паміраць Авэніру?

34 рукі твае ня былі зьвязаныя, і ногі твае не ў кайданах, і ты загінуў, як гінуць ад разбойнікаў. І ўвесь народ пачаў яшчэ болей плакаць над ім.

35 І прыйшоў увесь народ прапанаваць Давіду хлеба, калі яшчэ быў дзень; але Давід прысягнуў, кажучы: тое і тое хай зрабіць са мною Бог і яшчэ болей зробіць, калі я да захаду сонца скаштую хлеба альбо чаго-небудзь.

36 І ўвесь народ даведаўся пра гэта, і спадабалася яму гэта, як і ўсё, што зрабіў цар, падабалася ўсяму народу.

37 І даведаўся ўвесь народ і ўвесь Ізраіль у той дзень, што не ад цара было забойства Авэніра, сына Ніравага.

38 І сказаў цар слугам сваім: ці ведаеце вы, што правадыр і вялікі муж загінуў у гэты дзень у Ізраілі?

39 я цяпер яшчэ слабы, хоць і памазаны на царства, і гэтыя людзі, сыны Саруі, мацнейшыя за мяне; хай жа дасьць Гасподзь таму, хто робіць ліхое па злосьці ягонай!

 

Разьдзел 4

 

1 І пачуў Евастэй, сын Саўлаў, што памёр Авэнір у Хэўроне, і апусьціліся рукі ў яго, і ўвесь Ізраіль сумеўся.

2 У Евастэя, сына Саўлавага, было два правадыры войска: імя аднаго - Баана і імя другога - Рыхаў, сыны Рэмона Бэерацяніна, з наступнікаў Веньямінавых, бо і Бэерот належаў да Веньяміна.

3 І ўцяклі Бэерацяне ў Гітаім і засталіся там прыхаднямі да сёньня.

4 У Ёнатана, сына Саўлавага, быў сын кульгавы. Пяць гадоў было яму, калі прыйшла вестка пра Саўла і Ёнатана зь Ізрэеля, і нянька, узяўшы яго, пабегла. І калі яна сьпешна бегла, дык ён упаў і стаўся кульгавы. Імя яго Мэмфівастэй.

5 І пайшлі сыны Рэмона Бэерацяніна, Рыхаў і Баана, і прыйшлі ў самую дзённую сьпёку да дома Евастэя; а ён спаў на пасьцелі аполудні.

6 Рыхаў і Баана, брат ягоны, увайшлі ў дом, як бы дзеля таго, каб узяць пшаніцы; і ўдарылі яго ў жывот і ўцяклі.

7 Калі яны ўвайшлі ў дом, Евастэй ляжаў на пасьцелі сваёй; і яны ўдарылі ў яго, і забілі яго, і адсеклі галаву ў яго, і ўзялі галаву ягоную з сабою, і ішлі пустыннаю дарогаю ўсю ноч;

8 і прынесьлі галаву Евастэя да Давіда ў Хэўрон і сказалі цару: вось галава Евастэя, сына Саўлавага, ворага твайго, які шукаў душы тваёй; сёньня Гасподзь адпомсьціў за гаспадара майго цара Саўлу і нашчадкам ягоным.

9 І адказваў Давід Рыхаву і Баану, брату ягонаму, сынам Рэмона Бээрацяніна, і сказаў ім: жывы Гасподзь, Які выбавіў душу маю ад усякага смутку!

10 калі таго, хто прынёс мне вестку, сказаўшы: «вось, памёр Саўл», і хто лічыў сябе радасным вястуном, я схапіў і забіў яго ў Сэкелагу, замест таго, каб даць яму ўзнагароду,

11 дык цяпер, калі нягодныя людзі забілі чалавека невінаватага ў ягоным доме на пасьцелі ягонай, няўжо я не спаганю крыві ягонай ад рукі вашай і ня вынішчу вас зь зямлі?

12 І загадаў Давід слугам, і забілі іх, і адсеклі ім рукі і ногі, і павесілі іх над сажалкай у Хэўроне. А галаву Евастэя ўзялі і пахавалі ў магіле Авэніра, у Хэўроне.

 

Разьдзел 5

 

1 І прыйшлі ўсе плямёны Ізраілевыя да Давіда ў Хэўрон і сказалі: вось, мы - косьці твае і плоць твая;

2 яшчэ ўчора і заўчора, калі Саўл цараваў над намі, ты выводзіў і ўводзіў Ізраіля; і сказаў Гасподзь табе: ты будзеш пасьвіць народ Мой Ізраіля і ты будзеш правадыром Ізраіля.

3 І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраіля да цара ў Хэўрон, і заключыў зь імі цар Давід запавет у Хэўроне прад Госпадам; і памазалі Давіда ў цара над Ізраілем.

4 Трыццаць гадоў было Давіду, калі ён зацараваў; цараваў сорак гадоў.

5 У Хэўроне цараваў над Юдаю сем гадоў і шэсьць месяцаў, і ў Ерусаліме цараваў трыццаць тры гады над усім Ізраілем і Юдам.

6 І пайшоў цар і людзі ягоныя на Ерусалім супроць Евусэяў, жыхароў той краіны; але яны казалі Давіду: ты ня ўзыйдзеш сюды; цябе адгоняць сьляпыя і кульгавыя, - гэта азначала: ня ўвойдзе сюды Давід.

7 Але Давід узяў крэпасьць Сіён: гэта - горад Давідаў.

8 І сказаў Давід у той дзень: кожны, забіваючы Евусэяў, хай пабівае дзідаю і кульгавых і сьляпых, якія ненавідзяць душу Давідавую. Таму і гаворыцца: сьляпы і кульгавы ня ўвойдзе ў дом Гасподні.

9 І асяліўся Давід у крэпасьці, і назваў яе горадам Давідавым, і адбудаваў вакол ад Міла і ўсярэдзіне.

10 І меў посьпех Давід і ўзьвялічваўся, і Гасподзь Бог Саваоф быў зь ім.

11 І прыслаў Хірам, цар Тырскі, паслоў да Давіда і кедровыя дрэвы і цесьляроў і муляроў, і яны збудавалі дом Давіду.

12 І зразумеў Давід, што Гасподзь сьцвердзіў яго царом над Ізраілем і што ўзвысіў царства ягонае дзеля народу Свайго Ізраіля.

13 І ўзяў Давід яшчэ наложніц і жонак зь Ерусаліма, пасьля таго, як прыйшоў з Хэўрона.

14 І нарадзіліся яшчэ ў Давіда сыны і дочкі. І вось імёны народжаных ім у Ерусаліме: Самус і Соваў, і Натан і Саламон,

15 і Эвэар і Элісуа, Нафэк і Яфія,

16 і Элісама і Элідае і Эліфалэт.

17 Калі Філістымляне дачуліся, што Давіда памазалі на царства над Ізраілем, дык падняліся ўсе Філістымляне шукаць Давіда. І пачуў Давід і пайшоў у крэпасьць.

18 А Філістымляне прыйшлі і атабарыліся ў даліне Рэфаім.

19 І спытаўся Давід у Госпада, кажучы: ці ісьці мне супроць Філістымлянаў? ці аддасі іх мне ў рукі? І сказаў Гасподзь Давіду: ідзі, бо Я аддам Філістымлянаў у рукі твае.

20 І пайшоў Давід у Ваал-Пэрацым і пабіў іх там, і сказаў Давід: Гасподзь разьнёс ворагаў маіх перад мною, як разносіцца вада. Таму і мясьціне той дадзена імя Ваал-Пэрацым.

21 І пакінулі там Філістымляне балваноў сваіх, а Давід зь людзьмі сваімі ўзяў іх.

22 І прыйшлі зноў Філістымляне, і разьмясьціліся ў даліне Рэфаім.

23 І спытаўся Давід у Госпада. І Ён адказваў яму: ня выходзь насустрач ім, а зайдзі ім з тылу і йдзі да іх з боку тутавага гаю;

24 і калі пачуеш шум, як бы калі хто ідзе па вершалінах тутавых дрэў, дык рушай, бо тады пойдзе Гасподзь перад табою, каб пабіць войска Філістымскае.

25 І зрабіў Давід, як загадаў яму Гасподзь, і пабіў Філістымлянаў ад Гаваі да Газэра.

 

Разьдзел 6

 

1 І сабраў зноў Давід усіх выбраных зь Ізраіля, трыццаць тысяч.

2 І ўстаў і пайшоў Давід і ўвесь народ, які быў зь ім, з Ваала Юдавага, каб перанесьці адтуль каўчэг Божы, на якім называецца імя Госпада Саваофа, Які сядзіць на херувімах.

3 І паставілі каўчэг Божы на новую калясьніцу і вывезьлі яго з дома Амінадававага, што на пагорку. А сыны Амінадава, Оза і Ахіо, вялі новую калясьніцу.

4 І павезьлі яе з каўчэгам Божым з дома Амінадава, што на пагорку; і Ахіо ішоў перад каўчэгам.

5 А Давід і ўсе сыны Ізраілевыя ігралі прад Госпадам на ўсякіх музычных інструментах з кіпарысавага дрэва, і на цытрах і на псалтырах, і на тымпанах і на сістрах і на кімвалах.

6 І калі дайшлі да гумна Нахонавага, Оза працягнуў руку сваю да каўчэга Божага і ўзяўся за яго, бо валы нахілілі яго.

7 Але Гасподзь угневаўся на Озу, і забіў яго Бог там жа за дзёрзкасьць, і памёр ён там каля каўчэга Божага.

8 І засмуціўся Давід, што Гасподзь забіў Озу. Месца гэта дагэтуль называецца: пагібель Озы.

9 І спалохаўся Давід у той дзень Госпада і сказаў: як увайсьці да мяне каўчэгу Гасподняму?

10 І не захацеў Давід везьці каўчэг Гасподні да сябе, у горад Давідаў, а завярнуў яго ў дом Авэдара Гэцяніна.

11 І заставаўся каўчэг Гасподні ў доме Авэдара Гэцяніна тры месяцы, і дабраславіў Гасподзь Авэдара і ўвесь дом ягоны.

12 Калі данесьлі цару Давіду, кажучы: «Гасподзь дабраславіў дом Авэдара і ўсё, што было ў яго, дзеля каўчэга Божага», дык пайшоў Давід і ўрачыста перанёс каўчэг Божы з дома Авэдара ў горад Давідаў.

13 І калі тыя, якія несьлі каўчэг Божы, праходзілі па шэсьць крокаў, ён прыносіў у ахвяру цяля і барана.

14 Давід танцаваў з усёй моцы прад Госпадам; а апрануты быў Давід у льняны наплечнік.

15 Так Давід і ўвесь дом Ізраілеў несьлі каўчэг Гасподні з крыкамі і трубнымі гукамі.

16 Калі ўваходзіў каўчэг Гасподні ў горад Давідаў, Мэлхола, дачка Саўла, глядзела ў акно і, убачыўшы цара Давіда, які скакаў і танцаваў прад Госпадам, прынізіла яго ў сэрцы сваім.

17 І прынесьлі каўчэг Гасподні і паставілі яго на сваім месцы пасярод скініі, якую зладзіў для яго Давід; і прынёс Давід цэласпаленьні прад Госпадам і ахвяры мірныя.

18 Калі Давід закончыў прынясеньне цэласпаленьняў і ахвяраў мірных, дык дабраславіў ён народ імем Госпада Саваофа;

19 і раздаў усяму народу, усяму мноству Ізраільцянаў, як мужчынам, так і жанчынам, па адным хлебе і па кавалку смажанага мяса і па адной ляпёшцы кожнаму. І пайшоў увесь народ кожны ў дом свой.

20 Калі Давід вярнуўся, каб дабраславіць дом свой, дык Мэлхола, дачка Саўла, выйшла яму насустрач і сказала: як вызначыўся сёньня цар Ізраілеў, агаліўшыся сёньня перад вачыма рабынь рабоў сваіх, як агаляецца які-небудзь пусты чалавек!

21 І сказаў Давід Мэлхоле: прад Госпадам, Які абраў мяне перад бацькам тваім і ўсім домам ягоным, паставіўшы мяне правадыром народу Гасподняга Ізраіля, прад Госпадам іграць і скакаць буду;

22 і я болей прыніжуся, і зраблюся яшчэ нікчэмнейшым у вачах маіх, і перад служанкамі, пра якіх ты кажаш, я буду слаўны.

23 І ў Мэлхолы, дачкі Саўлавай, ня было дзяцей да дня сьмерці яе.

 

Разьдзел 7

 

1 Калі цар жыў у доме сваім, і Гасподзь асланіў яго ад усіх навакольных ворагаў ягоных,

2 тады сказаў цар прароку Натану: вось, я жыву ў доме кедровым, а каўчэг Божы пад намётам.

3 І казаў Натан цару: усё, што ў цябе на сэрцы, ідзі, рабі, бо Гасподзь з табою.

4 Але тае самае ночы было слова Госпада Натану:

5 ідзі, скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь: ці ты пабудуеш Мне дом для Майго пражываньня,

6 калі Я ня жыў у доме з таго часу, як вывеў сыноў Ізраілевых зь Егіпта, і да сёньня, а пераходзіў у намёце і ў скініі?

7 Дзе Я ні хадзіў з усімі сынамі Ізраіля, ці казаў Я хоць слова каму-небудзь з плямёнаў, якому Я назначыў пасьвіць народ Мой Ізраіля: чаму ня збудуеце Мне кедровага дома?

8 І цяпер так скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь Саваоф: Я ўзяў цябе ад статку авечак, каб ты быў правадыром народу Майго Ізраіля;

9 і быў з табою ўсюды, куды ні хадзіў ты, і зьнішчыў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і зрабіў імя тваё вялікім, як імя вялікіх на зямлі.

10 І Я зладжу месца народу Майму, Ізраілю, і ўкараню яго, і будзе ён спакойна жыць на месцы сваім і ня будзе трывожыцца болей, і людзі грэшныя ня будуць болей уціскаць яго, як раней,

11 з таго часу, як Я паставіў судзьдзяў над народам Маім Ізраілем; і Я асланю цябе ад усіх ворагаў тваіх. І Гасподзь абвяшчае табе, што Ён зладзіць табе дом.

12 Калі ж закончацца дні твае, і ты спачнеш з бацькамі тваімі, дык Я пастаўлю пасьля цябе семя тваё, якое пойдзе са сьцёгнаў тваіх, і ўмацую царства ягонае.

13 Ён збудуе дом імю Майму, і Я ўмацую трон царства яго навек.

14 Я буду яму бацькам, і ён будзе Мне сынам; і калі ён згрэшыць, Я пакараю яго жазлом мужоў і ўдарамі сыноў чалавечых;

15 але ласкі Маёй не адбяру ў яго, як Я адабраў у Саўла, якога Я адкінуў перад абліччам тваім.

16 І будзе непахісны дом твой і царства тваё навек прад абліччам Маім, і трон твой стаяцьме вечна.

17 Усе гэтыя словы і ўсю гэтую ўяву Натан пераказаў Давіду.

18 І пайшоў цар Давід, і стаў прад абліччам Госпада, і сказаў: хто я, Госпадзе, Госпадзе, і што такое дом мой, што Ты мяне так узьвялічыў!

19 І гэтага яшчэ мала здалося ў вачах Тваіх, Госпадзе мой, Госпадзе; а Ты абвясьціў яшчэ пра дом раба Твайго наперад. Гэта ўжо па-чалавечы, Госпадзе мой, Госпадзе!

20 Што яшчэ можа сказаць Табе Давід? Ты ведаеш раба Твайго, Госпадзе мой, Госпадзе!

21 Дзеля слова Твайго і па сэрцы Тваім Ты робіш гэта, адкрываючы ўсё гэта рабу Твайму.

22 Па ўсім вялікі Ты, Госпадзе мой, Госпадзе! бо няма падобнага на Цябе і няма Бога, апрача Цябе, па ўсім, што чулі мы на свае вушы.

23 І хто падобны на народ Твой Ізраіля, адзіны народ на зямлі, дзеля якога прыходзіў Бог, каб здабыць яго Сабе за народ і праславіць Сваё імя і зьдзейсьніць вялікае і страшнае перад народам Тваім, які Ты здабыў Сабе ў Егіпцян, прагнаўшы народы і божышчаў іхніх?

24 І Ты замацаваў за Сабою народ Твой Ізраіля, як уласны народ, навечна, і Ты, Госпадзе, зрабіўся ягоным Богам.

25 І сёньня, Госпадзе Божа, умацуй навечна слова, якое вымавіў Ты пра раба Твайго і пра дом Ягоны, і выканай тое, што Ты вымавіў.

26 І хай узьвялічыцца імя Тваё навекі, каб казалі: Гасподзь Саваоф - Бог над Ізраілем. І дом раба Твайго Давіда хай будзе цьвёрды прад абліччам Тваім.

27 Бо Ты, Госпадзе Саваоф, Божа Ізраілеў, адкрыў рабу Твайму, кажучы: «зладжу табе дом», дык раб Твой падрыхтаваў сэрца сваё, каб маліцца Табе такою малітваю.

28 Дык вось, Госпадзе мой, Госпадзе! Ты Бог, і словы Твае неадпрэчныя, і Ты абвясьціў рабу Твайму такое дабро!

29 І сёньня пачні і дабраславі дом раба Твайго, каб ён быў вечна прад абліччам Тваім, бо Ты, Госпадзе мой, Госпадзе, абвясьціў гэта, і дабраславеньнем Тваім зробіцца дом раба Твайго дабраславёным навечна.

 

Разьдзел 8

 

1 Пасьля гэтага Давід разьбіў Філістымлянаў і ўпакорыў іх, і ўзяў Давід Мэтэг-Гаама з рук Філістымлянаў.

2 І разьбіў Маавіцянаў і зьмерыў іх вяроўкаю, паклаўшы іх на зямлю; і адмерыў дзьве вяроўкі на забіваньне, і адну вяроўку на пакіданьне жывымі. І зрабіліся Маавіцяне ў Давіда рабамі, якія плацілі даніну.

3 І разьбіў Давід Адраазара, сына Рэховага, цара Суўскага, калі той ішоў, каб аднавіць сваё валадараньне каля ракі Еўфрат;

4 і ўзяў Давід у яго тысячу сямсот вершнікаў і дваццаць тысяч чалавек пешых, і падрэзаў Давід жылы ва ўсіх коней калясьнічных, пакінуўшы зь іх на сто калясьніц.

5 І прыйшлі Сірыйцы Дамаскія на дапамогу да Адраазара, цара Суўскага; але Давід разьбіў дваццаць дзьве тысячы чалавек Сірыйцаў.

6 І паставіў Давід ахоўныя войскі ў Сірыі Дамаскай, і сталі Сірыйцы ў Давіда рабамі, якія плацілі даніну. І захоўваў Гасподзь Давіда ўсюды, куды ён ні хадзіў.

7 І ўзяў Давід залатыя шчыты, якія былі ў рабоў Адраазара, і прынёс іх у Ерусалім.

8 А ў Бэце і ў Бэроце, гарадах Адраазаравых, узяў цар Давід вельмі многа медзі.

9 І пачуў Той, цар Імата, што Давід разьбіў усё войска Адраазарава,

10 і паслаў Той Ёрама, сына свайго, да цара Давіда, вітаць яго і дзякаваць яму за тое, што ён ваяваў з Адраазарам і разьбіў яго; бо Адраазар вёў войны з Тоем. А ў руках у Ёрама быў посуд срэбны, залаты і медны.

11 Іх таксама прысьвяціў цар Давід Госпаду, разам са срэбрам і золатам, якое прысьвяціў з адабранага ва ўсіх упакораных ім народаў:

12 у Сірыйцаў і Маавіцянаў, і Аманіцянаў і Філістымлянаў і Амалікіцянаў, і з адабранага ў Адраазара, сына Рэхавага, цара Суўскага.

13 І зрабіў Давід сабе імя, вяртаючыся з разгрому васямнаццаці тысяч Сірыйцаў у даліне Салёнай.

14 І паставіў ён ахоўныя войскі ў Ідумэі; па ўсёй Ідумэі паставіў ахоўныя войскі, і ўсе Ідумэяне былі рабамі Давіда ўсюды, куды ён ні хадзіў.

15 І цараваў Давід над усім Ізраілем, і тварыў Давід суд і праўду над усім народам сваім.

16 А Ёаў, сын Саруі, быў правадыром войска; і Ёсафат, сын Ахілудаў - дзеяпісальнікам;

17 Садок, сын Ахітуваў, і Ахімэлэх, сын Авіятараў, - сьвятарамі, Сэрая - пісцом;

18 і Ванэя, сын Ёдая - начальнікам над Хэлэтэямі і Фэлэтэямі, і сыны Давіда - першымі пры двары.

 

Разьдзел 9

 

1 І сказаў Давід: ці не застаўся яшчэ хто-небудзь з дома Саўлавага? я зрабіў бы яму ласку дзеля Ёнатана.

2 У доме Саўла быў раб, якога звалі Сіва; і паклікалі яго да Давіда, і сказаў яму цар: ці ты Сіва? І той сказаў: я раб твой.

3 І сказаў цар: ці няма яшчэ каго-небудзь з дома Саўлавага? я зрабіў бы яму ласку Божую. І сказаў Сіва цару: ёсьць сын Ёнатана, кульгавы

4 І сказаў яму цар: дзе ён? І сказаў Сіва цару: вось, ён у доме Махіра, сына Аміэлавага, у Лодэвары.

5 І паслаў цар Давід, і ўзялі яго з дома Махіра, сына Аміэлавага, з Ладэвара.

6 І прыйшоў Мэмфівастэй, сын Ёнатана, сына Саўлавага, да Давіда, і ўпаў на аблічча сваё, і пакланіўся. І сказаў Давід: Мэмфівастэй! І сказаў той: вось раб твой.

7 І сказаў яму Давід: ня бойся: я зраблю табе ласку дзеля бацькі твайго Ёнатана і вярну табе ўсе палеткі Саўлавыя, бацькі твайго, і ты заўсёды будзеш есьці хлеб за маім сталом.

8 І пакланіўся Мэмфівастэй і сказаў: што такое раб твой, што ты прыхінуўся да такога мёртвага сабакі, як я?

9 І паклікаў цар Сіву, слугу Саўлавага, і сказаў яму: усё, што належала Саўлу і ўсяму дому ягонаму, я аддаю сыну гаспадара твайго;

10 дык вось, апрацоўвай яму зямлю ты і сыны твае і рабы твае, і дастаўляй плады яе, каб у сына гаспадара твайго быў хлеб для ежы; а Мэмфівастэй, сын гаспадара свайго, заўсёды будзе есьці за маім сталом. У Сівы было пятнаццаць сыноў і дваццаць рабоў,

11 і сказаў Сіва цару: усё, што загадвае гаспадар мой цар рабу свайму, выканае раб твой. Мэмфівастэй еў за сталом Давіда, як адзін з сыноў цара.

12 У Мэмфівастэя быў маленькі сын, імем Міха. Усе, хто жыў у доме ў Сівы, былі рабамі Мэмфівастэя.

13 І жыў Мэмфівастэй у Ерусаліме, бо ён еў заўсёды за царскім сталом. Ён быў кульгавы на абедзьве нагі.

 

Разьдзел 10

 

1 Празь некаторы час памёр цар Аманіцкі, і заваладарыў замест яго сын ягоны Анон.

2 І сказаў Давід: зраблю я ласку Анону, сыну Наасаваму, за дабрадзейства, якое зрабіў мне бацька ягоны. І паслаў Давід слуг сваіх суцешыць Анона за бацьку ягонага. І прыйшлі слугі Давідавыя ў зямлю Аманіцкую.

3 Але князі Аманіцкія сказалі Анону, гаспадару свайму: няўжо ты думаеш, што Давід з павагі да бацькі твайго прыслаў да цябе суцешнікаў? ці не на тое, каб агледзець горад і высачыць у ім і пасьля разбурыць яго, прыслаў Давід слуг сваіх да цябе?

4 І ўзяў Анон слуг Давідавых і агаліў кожнаму зь іх палавіну барады, і абрэзаў вопратку іхнюю напалавіну, да сьцёгнаў, і адпусьціў іх.

5 Калі данесьлі пра гэта Давіду, дык ён паслаў ім насустрач, бо яны былі вельмі зьняважаныя. І загадаў цар сказаць ім: заставайцеся ў Ерыхоне, пакуль вырастуць бароды вашыя, і тады вяртайцеся.

6 І ўбачылі Аманіцяне, што яны зрабіліся ненавіснымі Давіду; і паслалі Аманіцяне наняць Сірыйцаў з Бэт-Рэхава і Сірыйцаў Сувы дваццаць тысяч пешых, у цара Маахі тысячу чалавек і зь Істова дванаццаць тысяч чалавек.

7 Калі пачуў пра гэта Давід, дык паслаў Ёава з усім войскам храбрых.

8 І выйшлі Аманіцяне і падрыхтаваліся да бітвы каля брамы, а Сірыйцы Сувы і Рэхава, і Істова і Маахі асобна ў полі.

9 І ўбачыў Ёаў, што няпрыяцельскае войска было пастаўлена супроць яго і сьпераду і ззаду, і выбраў воінаў з усіх адборных у Ізраілі і выставіў іх супроць Сірыйцаў;

10 а астатнюю частку войска даручыў Авэсу, брату свайму, каб ён выставіў іх супроць Аманіцян.

11 І сказаў Ёаў: калі Сірыйцы будуць адольваць мяне, ты дапаможаш мне; а калі Аманіцяне цябе пачнуць адольваць, я прыйду да цябе на дапамогу;

12 будзь мужны, і будзем стаяць цьвёрда за народ наш і за гарады Бога нашага, а Гасподзь зробіць, што яму даспадобы.

13 І выступіў Ёаў і народ, які быў у яго, на бітву зь Сірыйцамі, і яны пабеглі ад яго.

14 А Аманіцяне, убачыўшы, што Сірыйцы бягуць, пабеглі ад Авэсы і зайшлі ў горад. І вярнуўся Ёаў ад Аманіцянаў і прыйшоў у Ерусалім.

15 Сірыйцы, бачачы, што яны разьбіты Ізраільцянамі, сабраліся разам.

16 І паслаў Адраазар і паклікаў Сірыйцаў, якія за ракою Халамака, і прыйшлі яны да Элама; а Савак, ваеначальнік Адраазараў, узначальваў іх.

17 Калі данесьлі Давіду, дык ён сабраў усіх Ізраільцянаў і перайшоў Ярдан і прыйшоў да Элама. Сірыйцы выступілі супроць Давіда і ўступілі ў бітву зь ім.

18 І пабеглі Сірыйцы ад Ізраільцянаў. Давід зьнішчыў у Сірыйцаў сямсот калясьніц і сорак тысяч верхаўцоў; разьбіў і ваеначальніка Савака, які там і памёр.

19 Калі ўсе цары пакорныя Адраазару ўбачылі, што яны разьбіты Ізраільцянамі, дык заключылі мір зь Ізраільцянамі і скарыліся ім. А Сірыйцы баяліся далей дапамагаць Аманіцянам.

 

Разьдзел 11

 

1 Праз год, у той час, калі выходзяць цары ў паходы, Давід паслаў Ёава і слуг сваіх зь ім і ўсіх Ізраільцянаў; і яны разьбілі Аманіцянаў і аблажылі Раву; а Давід заставаўся ў Ерусаліме.

2 Аднаго разу падвечар Давід, устаўшы з пасьцелі, прагульваўся на даху царскага дома і ўбачыў з даху жанчыну, якая купалася; а тая жанчына была вельмі прыгожая.

3 І паслаў Давід разьведаць, хто гэтая жанчына? І сказалі яму: гэта Вірсавія, дачка Эліяма, жонка Урыі Хэтэяніна.

4 Давід паслаў слуг узяць яе; і яна прыйшла да яго, і ён спаў зь ёю. А калі яна ачысьцілася ад нячыстасьці сваёй, вярнулася ў дом свой.

5 Жанчына гэтая зацяжарыла і паслала абвясьціць пра гэта Давіду, кажучы: я цяжарная.

6 І паслаў Давід сказаць Ёаву: прыйшлі да мяне Урыю Хэтэяніна. І паслаў Ёаў Урыю да Давіда.

7 І прыйшоў да яго Урыя, распытаў яго Давід пра становішча Ёава і пра становішча народу і пра ход вайны.

8 І сказаў Давід Урыю: ідзі дамоў і абмый ногі свае. І выйшаў Урыя з Дома царскага, а сьледам за ім панесьлі і царскія стравы.

9 Але Урыя спаў каля брамы царскага дома з усімі слугамі свайго гаспадара і не пайшоў у свой дом.

10 І данесьлі Давіду, кажучы: не пайшоў Урыя ў дом свой. І сказаў Давід Урыю: вось ты прыйшоў з дарогі; чаму ж не пайшоў ты ў дом свой?

11 І сказаў Урыя Давіду: каўчэг і Ізраіль і Юда ў намётах, і гаспадар мой Ёаў і рабы гаспадара майго ў полі, а я ўвайшоў бы дом свой есьці і піць і спаць са сваёю жонкаю! прысягаю тваім жыцьцём і жыцьцём душы тваёй, гэтага я не зраблю.

12 І сказаў Давід Урыю: застанься тут і на гэты дзень, а заўтра я адпушчу цябе. І застаўся Урыя ў Ерусаліме на гэты дзень да заўтра.

13 І запрасіў яго Давід, і еў Урыя перад ім і піў, і напаіў яго Давід. Але ўвечары прыйшоў Урыя спаць на пасьцель сваю з рабамі гаспадара свайго, а ў свой дом не пайшоў.

14 Раніцай Давід напісаў пісьмо Ёаву і паслаў яго з Урыем.

15 У пісьме ён напісаў так: пастаўце Урыю там, дзе самая моцная бітва, і адступеце ад яго, каб ён быў забіты і памёр.

16 Таму, калі Ёаў аблажыў горад, дык паставіў ён Урыю на такім месцы, пра якое ведаў, што там храбрыя людзі.

17 Выйшлі людзі з горада і біліся зь Ёавам, і загінула некалькі з народу, са слуг Давідавых; быў забіты таксама і Урыя Хэтэянін.

18 І паслаў Ёаў данесьці Давіду пра ўвесь ход бітвы.

19 І загадаў пасланаму, кажучы: калі ты раскажаш цару пра ўвесь ход бітвы

20 і ўбачыш, што цар разгневаецца і скажа табе: «навошта вы так блізка падыходзілі да горада біцца? хіба вы ня ведалі, што са сьцяны будуць кідаць на вас?

21 хто забіў Авімэлэха, сына Еравалавага? ці не жанчына кінула на яго са сьцяны абломак жарона і забіла яго, і ён памёр у Тэвэцы? навошта ж вы блізка падыходзілі да сьцяны?» і тады ты скажы: «і раб твой Урыя Хэтэянін таксама забіты і памёр».

22 І пайшоў пасланы і прыйшоў, і расказаў Давіду пра ўсё, дзеля чаго паслаў яго Ёаў, пра ўвесь ход бітвы.

23 Тады пасланы сказаў Давіду: адольвалі нас тыя людзі і выйшлі да нас у поле, і мы перасьледавалі іх да ўваходу ў браму;

24 тады стралялі стралкі са сьцяны па рабах тваіх, і памерлі некаторыя з рабоў цара; памёр таксама і раб твой Урыя Хэтэянін.

25 Тады сказаў Давід пасланаму: так скажы Ёаву: хай не бянтэжыць цябе гэтая справа, бо меч пажырае часам таго, часам гэтага; узмацні вайну супроць горада і разбуры яго. Так падбадзёры яго.

26 І пачула жонка Урыі, што памёр Урыя, муж яе, і плакала па мужы сваім.

27 Калі скончыўся час плачу, Давід паслаў і ўзяў яе ў дом свой, і яна зрабілася жонкаю ягонаю і нарадзіла яму сына. І быў гэты ўчынак, які ўчыніў Давід, благім у вачах Госпада.

 

Разьдзел 12

 

1 І паслаў Гасподзь Натана прарока да Давіда, і той прыйшоў да яго і сказаў яму: у адным горадзе былі два чалавекі, адзін багаты, а другі бедны;

2 у багатага было вельмі многа дробнага і буйнога быдла,

3 а ў беднага нічога, апрача адной авечкі, якую ён купіў маленькую і выкарміў, і яна вырасла ў яго разам зь дзецьмі ягонымі; хлеб ягоны яна ела, і зь ягонай чашы піла, і на грудзях у яго спала, і была яму, як дачка;

4 і прыйшоў да багатага чалавека дарожнік, і той пашкадаваў узяць са сваіх авечак ці валоў, каб прыгатаваць дарожніку, які прыйшоў да яго, а ўзяў авечку беднага і прыгатаваў яе чалавеку, які прыйшоў да яго.

5 Моцна ўгневаўся Давід на гэтага чалавека і сказаў Натану: жывы Гасподзь! варты сьмерці чалавек, які зрабіў гэта;

6 і за авечку ён павінен заплаціць учацьвяра, за тое, што ён зрабіў гэта, і за тое, што ня меў спагады.

7 І сказаў Натан Давіду: ты - той чалавек, які зрабіў гэта. Так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я памазаў цябе ў цара над Ізраілем і Я выбавіў цябе ад рукі Саўла,

8 і даў табе дом гаспадара твайго і жонак гаспадара твайго на ўлоньне тваё, і даў табе дом Ізраілеў і Юдаў, і, калі гэтага мала, дадаў бы табе яшчэ болей;

9 навошта ж ты занядбаў слова Госпада, зрабіўшы ліхое прад вачыма Ягонымі? Урыю Хэтэяніна ты пабіў мечам; жонку ягоную ўзяў сабе за жонку, а яго ты забіў мечам Аманіцянаў;

10 дык вось, не адступіцца меч ад дома твайго вавекі, за тое, што ты занядбаў Мяне і ўзяў жонку Урыі Хэтэяніна, каб яна была табе жонкаю.

11 Так кажа Гасподзь: вось, Я спараджу на цябе зло з дома твайго і вазьму жонак тваіх перад вачыма тваімі і аддам блізкаму твайму, і будзе ён спаць з жонкамі тваімі перад гэтым сонцам;

12 ты зрабіў тайна, а Я зраблю перад усім Ізраілем і перад сонцам.

13 І сказаў Давід Натану: зграшыў я прад Госпадам. І казаў Натан Давіду: і Гасподзь зьняў зь цябе грэх твой; ты не памрэш;

14 але як што ты гэтым учынкам даў прычыну ворагам Госпада няславіць Яго, дык памрэ сын, які народзіцца ў цябе.

15 І пайшоў Натан у дом свой. І ўразіў Гасподзь дзіця, якое нарадзіла жонка Урыі Давіду, і яно захварэла.

16 І маліўся Давід Богу за дзіця, і пасьціўся Давід, і адасобіўшыся правёў ноч, лежачы на зямлі.

17 І ўвайшлі да яго старэйшыны дома ягонага, каб падняць яго зь зямлі; але ён не хацеў, і ня еў зь імі хлеба.

18 На сёмы дзень дзіця памерла, і слугі Давыдавы баяліся данесьці яму, што памерла дзіця; бо, казалі яны, калі дзіця было яшчэ жывое, і мы ўгаворвалі яго, і ён ня слухаў голасу нашага, як жа скажам яму: «памерла дзіця»? і ён зробіць што-небудзь благое.

19 І ўбачыў Давід, што слугі ягоныя шэпчуцца паміж сабою, і зразумеў Давід, што дзіця памерла, і спытаўся Давід у слуг сваіх: памерла дзіця? І сказалі яму: памерла.

20 Тады Давід устаў зь зямлі і ўмыўся, і памазаўся, і памяняў вопратку сваю, і пайшоў у дом Гасподні, і маліўся. Вярнуўшыся дамоў, запатрабаваў, каб падалі яму хлеба, і ён еў.

21 І сказалі яму слугі ягоныя: што азначае, што ты так робіш: калі дзіця было яшчэ жывое, ты пасьціўся і плакаў; а калі дзіця памерла, ты ўстаў і еў хлеб?

22 І сказаў Давід: пакуль дзіця было жывое, і пасьціўся і плакаў, бо думаў: хто ведае, ці ня зьлітуецца зь мяне Гасподзь, і дзіця застанецца жывое?

23 А цяпер яно памерла; навошта ж мне пасьціцца? Хіба я магу вярнуць яго? Я пайду да яго, а яно ня вернецца да мяне.

24 І суцешыў Давід Вірсавію, жонку сваю, і ўвайшоў да яе і спаў зь ёю; і яна нарадзіла сына і дала яму імя: Саламон. І Гасподзь палюбіў яго

25 і паслаў прарока Натана, і ён даў яму імя: Едыдыя*, паводле слова Госпада.

26 Ёаў ваяваў супроць Равы Аманіцкай і ўзяў амаль царскі горад.

27 І паслаў Ёаў да Давіда сказаць яму: я напаў на Раву і авалодаў вадою горада;

28 цяпер зьбяры астатні народ і падступіся да горада і вазьмі яго; бо, калі я вазьму яго, дык маё імя будзе дадзена яму.

29 І сабраў Давід увесь народ і пайшоў да Равы, і ваяваў супроць яе і ўзяў яе.

30 І ўзяў Давід вянок цара іхняга з галавы ягонай, - а ў ім было золата талант і каштоўны камень, - і ўсклаў яго Давід на галаву сваю, і здабычы з горада вынес вельмі многа.

31 А народ, які быў у ім, ён вывеў і паклаў іх пад пілы, пад жалезныя малатарні, пад жалезныя сякеры, і кінуў іх у абпальныя печы. Так ён зрабіў з усімі гарадамі Аманіцкімі. І вярнуўся пасьля таго Давід і ўвесь народ у Ерусалім.

 

 

* Улюбенец Бога

Разьдзел 13

 

1 І было пасьля таго: у Авэсалома, сына Давідавага, была сястра прыгожая, імем Тамар, і пакахаў яе Амнон, сын Давідаў.

2 І журыўся Амнон да таго, што захварэў праз Тамару, сястру сваю; бо яна была дзяўчына, і Амнону здавалася цяжкім што-небудзь зрабіць зь ёю.

3 Але ў Амнона быў сябар, імем Ёнадаў, сын Самая, брата Давідавага; і Ёнадаў быў чалавек вельмі хітры.

4 І ён сказаў яму: чаго ты так худнееш з кожным днём, сын цароў, - ці не адкрыеш мне? І сказаў яму Амнон: Тамар, сястру Авэсаломаву, брата майго, кахаю я.

5 І сказаў яму Ёнадаў: кладзіся ў пасьцель тваю і прыкінься хворым; і калі бацька твой прыйдзе адведаць цябе, скажы яму: хай прыйдзе Тамар, сястра мая, і падмацуе мяне ежаю, прыгатаваўшы ежу на вачах маіх, каб я бачыў і еў з рук яе.

6 І лёг Амнон і прыкінуўся хворым, і прыйшоў цар адведаць яго; і сказаў Амнон цару: хай прыйдзе Тамар, сястра мая, і сьпячэ ў мяне на вачах ляпёшку, або дзьве, і я паем з рук яе.

7 І паслаў Давід да Тамар ў дом сказаць: ідзі ў дом Амнона, брата твайго, і прыгатуй яму ежу.

8 І пайшла яна ў дом брата свайго Амнона; а ён ляжыць. І ўзяла яна мукі і замясіла, і прыгатавала на вачах у яго і сьпякла ляпёшкі,

9 і ўзяла патэльню і паклала перад ім; але ён не хацеў есьці. І сказаў Амнон: хай усе выйдуць ад мяне. І выйшлі ад яго ўсе людзі.

10 І сказаў Амнон Тамар: занясі ежу ва ўнутраны пакой, і я паем з рук тваіх. І ўзяла Тамар ляпёшкі, якія прыгатавала, і занесла Амнону, брату свайму, ва ўнутраны пакой.

11 І калі яна паставіла перад ім, каб ён еў, дык ён схапіў яе і сказаў: ідзі, кладзіся са мною, сястра мая.

12 Але яна сказала: не, браце мой, не няславі мяне, бо ня робіцца так у Ізраілі; не рабі гэтага вар'яцтва.

13 І я, куды я пайду з маёю няславаю? І ты, ты будзеш адным з вар'ятаў у Ізраілі; ты пагавары з царом; ён не адмовіцца аддаць мяне табе.

14 Але ён не хацеў слухаць словаў яе, і перасіліў яе і згвалціў яе, і ляжаў зь ёю.

15 Пасьля зьненавідзеў яе Амнон самай вялікай нянавісьцю, так што нянавісьць, якою ён зьненавідзеў яе, была мацнейшая за каханьне, якое меў да яе; і сказаў ёй Амнон: устань, сыдзі.

16 І сказала яму: не, прагнаць мяне - гэта зло большае за першае, якое ты зрабіў са мною. Але ён не хацеў слухаць яе.

17 І паклікаў хлопца свайго, які слугаваў яму, і сказаў: прагані гэтую ад мяне і замкні дзьверы за ёю.

18 На ёй была каляровая вопратка, бо такую верхнюю вопратку насілі царскія дочкі-дзяўчаты. І вывеў яе слуга прэч і замкнуў за ёю дзьверы.

19 І пасыпала Тамар попелам галаву сваю, і падрала каляровую вопратку, якую мела на сабе, і паклала рукі свае на галаву сваю, і так ішла і лямантавала.

20 І сказаў ёй Авэсалом, брат яе: ці не Амнон, брат твой, быў з табою? - а цяпер маўчы, сястра мая; ён - брат твой; ня журыся сэрцам тваім пра гэты ўчынак. І жыла Тамар у адзіноце ў доме Авэсалома, брата свайго.

21 І дачуўся цар Давід пра ўсё гэта і моцна разгневаўся.

22 А Авэсалом не гаварыў з Амнонам ні благога, ні добрага; бо зьненавідзеў Авэсалом Амнона за тое, што ён зьняславіў Тамар, сястру яго.

23 Праз два гады стрыглі авечак у Авэсалома ў Ваал-Гацоры, што ў Яфрэма, і паклікаў Авэсалом усіх сыноў царскіх.

24 І прыйшоў Авэсалом да цара і сказаў: вось, сёньня стрыжка авечак у раба твайго; хай пойдуць цар і слугі ягоныя з рабом тваім.

25 Але цар сказаў Авэсалому: не, сыне мой, мы ня пойдзем усе, каб ня быць табе цяжарам. І моцна ўпрошваў яго Авэсалом; але ён не захацеў ісьці і дабраславіць яго.

26 І сказаў яму Авэсалом: прынамсі, хай пойдзе з намі Амнон, брат мой. І сказаў яму цар: навошта яму ісьці з табою?

27 Але Авэсалом упрасіў яго, і ён адпусьціў зь ім Амнона і ўсіх царскіх сыноў.

28 А Авэсалом загадаў хлопцам сваім, сказаўшы: глядзеце, як толькі разьвесяліцца сэрца Амнона ад віна, і я сказаў вам: «беце Амнона», тады забеце яго, ня бойцеся; гэта я загадваю вам, будзьце сьмелыя і мужныя.

29 І зрабілі хлопцы Авэсаломавыя з Амнонам, як загадаў Авэсалом. Тады ўсталі ўсе царскія сыны, селі кожны на мула і ўцяклі.

30 Калі яны былі яшчэ ў дарозе, дайшла чутка да Давіда, што Авэсалом забіў усіх царскіх сыноў, і не засталося ніводнага зь іх.

31 І ўстаў цар, і разадраў вопратку сваю, і ўпаў на зямлю, і ўсе слугі ягоныя, што стаялі перад ім, разадралі вопратку сваю.

32 Але Ёнадаў, сын Самая, брата Давідавага, сказаў: хай ня думае гаспадар мой, што ўсіх хлопцаў, царскіх сыноў, забілі; адзін толькі Амнон памёр, бо ў Авэсалома быў гэты намысел з таго дня, як Амнон зьняславіў сястру ягоную;

33 дык вось, хай гаспадар мой цар ня трывожыцца думкаю пра тое, быццам памерлі царскія сыны: памёр адзін толькі Амнон.

34 І ўцёк Авэсалом. І падняў хлопец, які стаяў на варце, вочы свае і ўбачыў: вось, многа народу ідзе па дарозе схілам гары.

35 Тады Ёнадаў сказаў цару: гэта ідуць царскія сыны; як казаў раб твой, так і ёсьць.

36 І як толькі сказаў ён гэта, вось, прыйшлі царскія сыны і паднялі лямант і плакалі. І сам цар і ўсе слугі ягоныя плакалі вельмі вялікім плачам.

37 А Авэсалом уцёк і пайшоў да Талмая, сына Эміуда, цара Гесурскага. І плакаў цар Давід па сыне сваім ва ўсе дні.

38 Авэсалом уцёк і прыйшоў у Гесур і прабыў там тры гады.

39 І перастаў цар Давід перасьледаваць Авэсалома, бо ўцешыўся ў сьмерці Амнона.

 

Разьдзел 14

 

1 І заўважыў Ёаў, сын Саруі, што сэрца цара павярнулася да Авэсалома.

2 І паслаў Ёаў у Тэкою, і ўзяў адтуль разумную жанчыну, і сказаў ёй: прыкінься, быццам плачаш, і апрані жалобную вопратку, і ня мажся алеем, і назавіся жанчынаю, якая шмат дзён плакала па памерлым;

3 і йдзі да цара і скажы яму так і так. І ўклаў Ёаў у вусны яе, што сказаць.

4 І ўвайшла жанчына Тэкаіцянка да цара і ўпала тварам сваім на зямлю, і пакланілася і сказала: памажы, цару!

5 І сказаў ёй цар: што табе? І сказала яна: я ўдава, муж мой памёр;

6 і ў рабы тваёй было два сыны; яны пасварыліся ў полі, і ня было каму разьвесьці іх, і пабіў адзін другога і забіў яго.

7 І вось, паўстала ўся радня на рабу тваю, і кажуць: аддай забойцу брата свайго; і мы заб'ем яго за душу брата ягонага, якую ён загубіў, і зьнішчым нават спадчыньніка. І так яны патушаць астатнюю іскру маю, каб не пакінуць мужу майму імя і нашчадкаў на ўлоньні зямлі.

8 І сказаў цар жанчыне: ідзі спакойна дамоў, я дам загад пра цябе.

9 Але жанчына Тэкаіцянка сказала цару: на мне, гаспадару мой цар, хай будзе віна і на доме бацькі майго, а цар і трон ягоны невінаваты.

10 І сказаў цар: таго, хто будзе супроць цябе, прывядзі да мяне, і ён больш не чапацьме цябе.

11 Яна сказала: спамяні, цару, Госпада Бога твайго, каб не памножыліся помсьнікі за кроў і не загубілі сына майго. І сказаў цар: жывы Гасподзь! не ўпадзе і волас з сына твайго на зямлю.

12 І сказала жанчына: дазволь рабе тваёй сказаць яшчэ слова гаспадару майму цару.

13 Ён сказаў: кажы. І сказала жанчына: чаму ты так робіш супроць народу Божага? Цар, вымавіўшы гэтае слова, зьвінаваціў сябе самога, бо не вяртае выгнанца свайго.

14 Мы памром і будзем, як вада, вылітая на зямлю, якую нельга сабраць; але Бог ня хоча загубіць душу і думае, як бы не адкінуць ад Сябе і адкінутага.

15 І цяпер я прыйшла сказаць цару, гаспадару майму, гэтыя словы, бо народ палохае мяне; і раба твая сказала: пагавару я з царом, ці ня зробіць ён паводле слова рабы сваёй;

16 мабыць, цар выслухае і выбавіць рабу сваю з рук людзей, якія хочуць зьнішчыць мяне разам з сынам маім са спадчыны Божай.

17 І сказала раба твая: хай будзе слова гаспадара майго цара ўцехаю мне, бо гаспадар мой цар, як анёл Божы, і можа выслухаць і добрае і благое. І Гасподзь Бог твой будзе з табою.

18 І адказваў цар і сказаў жанчыне: не хавай ад мяне, пра што я спытаюся ў цябе. І сказала жанчына: кажы, гаспадару мой цар.

19 І сказаў цар: ці ня рука Ёава ва ўсім гэтым з табою. І адказвала жанчына і сказала: хай жыве душа твая, гаспадару мой цар; ні направа, ні налева нельга ўхіліцца ад таго, што сказаў гаспадар мой цар; правільна, раб твой Ёаў загадаў мне, і ён уклаў у вусны рабы тваёй усе гэтыя словы;

20 каб прытчаю даць справе такі выгляд, раб твой Ёаў навучыў мяне; але гаспадар мой мудры, як мудры анёл Божы, каб ведаць усё, што на зямлі.

21 І сказаў цар Ёаву: вось, я зраблю; ідзі ж, вярні хлопца Авэсалома.

22 Тады Ёаў упаў тварам на зямлю і пакланіўся, і дабраславіў цара і сказаў: цяпер ведае раб твой, што здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, гаспадару мой цар, бо цар зрабіў паводле слова раба свайго.

23 І ўстаў Ёаў, і пайшоў у Гесур, і прывёў Авэсалома ў Ерусалім.

24 І сказаў цар: хай ён вернецца ў дом свой, а твару майго ня бачыць. І пайшоў Авэсалом у свой дом, а твару царскага ня бачыў.

25 Ня было ва ўсім Ізраілі мужчыны такога прыгожага, як Авэсалом, і такога пахвальнага, як ён: ад падэшвы ног да верху галавы яго ня было ў ім пахібы.

26 Калі ён стрыг галаву сваю, - а ён стрыг яе кожны год, бо яна абцяжарвала яго, дык валасы з галавы ягонай важылі дзьвесьце сікляў па вазе царскай.

27 І нарадзіліся ў Авэсалома тры сыны і адна дачка, імем Тамар; яна была жанчына прыгожая.

28 І заставаўся Авэсалом у Ерусаліме два гады, а твару царскага ня бачыў.

29 І паслаў Авэсалом па Ёава, каб паслаць яго да цара; але той не захацеў прыйсьці да яго. Паслаў і другі раз, але той не захацеў прыйсьці.

30 І сказаў Авэсалом слугам сваім: бачыце дзялянку поля Ёава каля майго, і ў яго там ячмень: ідзеце, выпаліце яго агнём. І выпалілі слугі Авэсалома тую дзялянку поля агнём.

31 І ўстаў Ёаў, і прыйшоў да Авэсалома ў дом, і сказаў яму: навошта слугі твае выпалілі маю дзялянку агнём?

32 І сказаў Авэсалом Ёаву: вось, я пасылаў па цябе, кажучы: прыйдзі сюды, і я пашлю цябе да цара сказаць: навошта я прыйшоў з Гесура? Лепей бы мне заставацца там. Я хачу ўбачыць твар цара. Калі ж я вінаваты, дык забі мяне.

33 І пайшоў Ёаў да цара і пераказаў яму. І паклікаў цар Авэсалома. Ён прыйшоў да цара і ўпаў тварам сваім на зямлю перад царом. І пацалаваў цар Авэсалома.

 

Разьдзел 15

 

1 Пасьля гэтага Авэсалом завёў у сябе калясьніцы і коней і пяцьдзясят скараходаў.

2 І ўставаў Авэсалом рана раніцай, і станавіўся пры дарозе каля брамы, і калі хто-небудзь, маючы цяжбіну, ішоў да цара на суд, дык Авэсалом падклікаў яго да сябе і пытаўся: зь якога ты горада? І калі той адказваў: з такога племя Ізраілевага раб твой,

3 тады казаў яму Авэсалом: вось, справа твая добрая і справядлівая, але ў цара няма каму выслухаць цябе.

4 І казаў Авэсалом: о, калі б мяне паставілі судзьдзёю ў гэтай зямлі! да мяне прыходзіў бы кожны, хто мае спрэчку і цяжбіну, і я судзіў бы яго па праўдзе.

5 І калі падыходзіў хто-небудзь пакланіцца яму, дык ён працягваў руку сваю і абдымаў яго і цалаваў яго.

6 Так рабіў Авэсалом з кожным Ізраільцянінам, які ішоў на суд да цара, і ўкрадваўся Авэсалом у сэрцы Ізраільцянам.

7 Як прайшло сорак гадоў цараваньня Давіда, Авэсалом сказаў цару: пайду я і выканаю абяцаньне маё, якое я даў Госпаду ў Хэўроне;

8 бо я, раб твой, жывучы ў Гесуры ў Сірыі, даў абяцаньне: калі Гасподзь верне мяне ў Ерусалім, я прынясу ахвяру Госпаду.

9 І сказаў яму цар: ідзі зь мірам. І ўстаў ён і пайшоў у Хэўрон.

10 І разаслаў Авэсалом выведнікаў ва ўсе плямёны Ізраіля, сказаўшы: калі вы пачуеце гук трубы, дык кажэце: Авэсалом зацараваў у Хэўроне.

11 З Авэсаломам пайшлі зь Ерусаліма дзьвесьце чалавек, якія былі запрошаны ім, і пайшлі па прастаце сваёй, ня ведаючы, што сталася.

12 У час ахвяраваньня Авэсалом паслаў і паклікаў Ахітатэла Гіланяніна, дарадцу Давідавага, зь ягонага горада Гіло. І склалася моцная змова, і народ сьцякаўся і множыўся вакол Авэсалома.

13 І прыйшоў вястун да Давіда і сказаў: сэрца Ізраільцянаў ухілілася на бок Авэсалома.

14 І сказаў Давід усім слугам сваім, якія былі пры ім у Ерусаліме: устаньце, уцячэм, бо ня будзе нам ратунку ад Авэсалома; сьпяшайцеся, каб нам уцячы, каб ён не застаў нас і не навёў на нас бяды і ня зьнішчыў горада мечам.

15 І сказалі слугі царскія цару: ва ўсім, што да спадобы гаспадару нашаму цару, мы - рабы твае.

16 І выйшаў цар і ўвесь дом ягоны за ім пеша. А пакінуў цар дзесяць жонак, наложніц дзеля догляду дома.

17 І выйшаў цар і ўвесь народ пешыя, і спыніліся каля Бэт-Мэрхата.

18 І ўсе слугі ягоныя ішлі абапал яго, і ўсе Хэлэтэі, і ўсе Фэлэтэі, і ўсе Гэцяне да шасьцісот чалавек, якія прыйшлі разам зь ім з Гэта, ішлі наперадзе цара.

19 І сказаў цар Этэю Гэцяніну: навошта і ты ідзеш з намі? вярніся і заставайся з тым царом, бо ты чужаземец і прыйшоў сюды з свайго месца;

20 учора ты прыйшоў, а сёньня я прымушу цябе ісьці з намі? я іду, куды надарыцца; вярніся і вярні братоў сваіх з сабою; хай учыніць Гасподзь міласьць і ісьціну з табою!

21 І адказваў Этэй цару і сказаў: жывы Гасподзь, і хай жыве гаспадар мой цар: дзе б ні быў гаспадар мой цар, ці ў жыцьці, а ці ў сьмерці, там будзе і раб твой.

22 І сказаў Давід Этэю: тады ідзі і хадзі са мною. І пайшоў Этэй Гэцянін і ўсе людзі ягоныя і ўсе дзеці, якія былі зь ім.

23 І плакала ўся зямля вялікім голасам. І ўвесь народ пераходзіў, і цар перайшоў паток Кедрон; і пайшоў увесь народ і цар па дарозе да пустыні.

24 Вось, і Садок сьвятар, і ўсе лявіты зь ім несьлі каўчэг запавета Божага з Вэтары і паставілі каўчэг Божы; Авіятар жа стаяў на ўзвышэньні, пакуль увесь народ ня выйшаў з горада.

25 І сказаў цар Садоку: вярні каўчэг Божы ў горад. Калі я здабуду міласьць прад вачыма Госпада, дык Ён верне мяне і дасьць мне бачыць яго і жытлішча ягонае.

26 А калі Ён скажа так: «няма Маёй добрай волі да цябе», дык вось я: хай робіць са мною, што Яму заўгодна.

27 І сказаў цар Садоку сьвятару: бачыш, - вярніся ў горад зь мірам, і Ахімаас, сын твой, і Ёнатан, сын Авіятара, абодва сыны вашыя з вамі;

28 бачыце, я памаруджу на раўніне ў пустыні, пакуль ня прыйдзе вестка ад вас да мяне.

29 І вярнулі Садок і Авіятар каўчэг Божы ў Ерусалім і засталіся там.

30 А Давід пайшоў на гару Элеонскую, ішоў і плакаў; галава ў яго была пакрытая; ён ішоў босы, і ўсе людзі, якія былі зь ім, накрылі кожны галаву сваю, ішлі і плакалі.

31 Данесьлі Давіду і сказалі: і Ахітатэл у ліку змоўшчыкаў з Авэсаломам. І сказаў Давід: Госпадзе! разбуры раду Ахітатэлаву.

32 Калі Давід падняўся на вяршыню гары, дзе ён пакланяўся Богу, вось, насустрач яму ідзе Хусій Архіцянін, сябар Давідаў: вопратка на ім была падраная, і пыл на галаве ягонай.

33 І сказаў яму Давід: калі ты пойдзеш са мною, ты будзеш мне цяжарам;

34 але калі вернешся ў горад і скажаш Авэсалому: «цару, прайшлі міма цары твае, і цар бацька твой прайшоў, і сёньня і раб твой; пакінь мяне жывым, дагэтуль я быў рабом бацькі твайго, а цяпер я твой раб», дык ты разладзіш мне раду Ахітатэлаву.

35 Вось, там з табою Садок і Авіятар сьвятары, і ўсякае слова, якое пачуеш з дома цара, пераказвай Садоку і Авіятару сьвятарам.

36 Там зь імі і два сыны іхнія, Ахімаас, сын Садокаў, і Ёнатан, сын Авіятараў; празь іх пасылайце мне кожную вестку, якую пачуеце.

37 І прыйшоў Хусій, сябар Давідаў, у горад; а Авэсалом уступіў тады ў Ерусалім.

 

Разьдзел 16

 

1 Калі Давід крыху сышоў зь вяршыні гары, вось, сустракаецца яму Сіва, слуга Мэмфівастэя, з параю наўючаных аслоў, і на іх дзьвесьце хлябоў, сто вязанак разынак, сто вязанак смокваў і мех зь віном.

2 І сказаў цар Сіву: навошта гэта ў цябе? І адказваў Сіва: аслы для дома царскага, для язды, а хлеб і плады ў ежу хлопцам, а віно на піцьцё аслабелым у пустыні.

3 І сказаў цар: дзе сын гаспадара твайго? І адказваў Сіва цару: вось, ён застаўся ў Ерусаліме і кажа: вось цяпер дом Ізраілеў верне мне царства бацькі майго.

4 І сказаў Сіву: вось табе ўсё, што ў Мэмфівастэя. І адказваў Сіва пакланіўшыся: хай здабуду літасьць у вачах гаспадара майго цара!

5 Калі дайшоў цар Давід да Бахурыма, вось, выйшаў адтуль чалавек з роду Саўлавага, імем Сэмэй, сын Геры; ён ішоў і ліхасловіў,

6 і кідаў камянямі ў Давіда і па ўсіх рабах цара Давіда; а ўсе людзі і ўсе адважнікі былі па правы і па левы бок цара.

7 Так гаварыў Сэмэй, ліхасловячы яго: ідзі, ідзі, забойца і беззаконьнік!

8 Гасподзь абярнуў на цябе ўсю кроў дома Саўлавага, замест якога ты зрабіў сябе царом, і аддаў Гасподзь царства ў рукі Авэсалому, сыну твайму; і вось, ты ў бядзе, бо ты крывасмок.

9 І сказаў Авэса, сын Саруін, цару: навошта ліхасловіць гэты мёртвы сабака гаспадара майго цара? пайду я і здыму зь яго галаву.

10 І сказаў цар: што мне і вам, сыны Саруіны? хай ён ліхасловіць, бо Гасподзь сказаў яму ліхасловіць Давіда. Хто ж можа сказаць: навошта ты так робіш?

11 І сказаў Давід Авэсу і ўсім слугам сваім: вось, калі мой сын, які выйшаў са сьцёгнаў маіх, шукае душы маёй, тым болей сын Веньямініцяніна; пакіньце яго, хай ліхасловіць, бо Гасподзь сказаў яму;

12 можа, Гасподзь прыхіліцца і на прыніжэньне маё, і дасьць мне Гасподзь даброцьцю за цяперашняе ягонае ліхаслоўе.

13 І ішоў Давід і людзі ягоныя сваёй дарогаю, а Сэмэй ішоў па ўскраіне гары, і кідаў камянямі і пылам на бок ягоны.

14 І прыйшоў цар і ўвесь народ, які быў зь ім, стомлены, і адпачываў там.

15 А Авэсалом і ўвесь народ Ізраільскі прыйшоў у Ерусалім, і Ахітафэл зь ім.

16 Калі Хусій Архіцянін, сябар Давідаў, прыйшоў да Авэсалома, дык сказаў Хусій Авэсалому: хай жыве цар, хай жыве цар!

17 І сказаў Авэсалом Хусію: дык вось якая рупнасьць твая да твайго сябра! чаму ты не пайшоў зь сябрам тваім?

18 І сказаў Хусій Авэсалому: не, каго выбраў Гасподзь і гэты народ і ўвесь Ізраіль, з тым і я, і зь ім застануся.

19 І прытым каму я буду служыць? Ці ж ня сыну ягонаму? Як служыў я бацьку твайму, так буду служыць і табе.

20 І сказаў Авэсалом Ахітафэлу: дайце параду, што нам рабіць.

21 І сказаў Ахітафэл Авэсалому: увайдзі да наложніц бацькі твайго, якіх ён пакінуў ахоўваць дом свой; і пачуюць усе Ізраільцяне, што ты зрабіўся ненавісным бацьку твайму, і ўмацуюцца рукі ўва ўсіх, хто з табою.

22 І паставілі Авэсалому намёт на даху, і ўвайшоў Авэсалом да наложніц бацькі свайго на вачах усяго Ізраіля.

23 А парады Ахітафэла, якія ён даваў, у той час лічыліся, як бы калі б хто пытаўся навукі ў Бога. Такая была кожная парада Ахітафэла як Давіду, так і Авэсалому.

 

Разьдзел 17

 

1 І сказаў Ахітафэл Авэсалому: выберу я дванаццаць тысяч чалавек і ўстану і пайду ў пагоню за Давідам гэтай жа ночы;

2 і нападу на яго, калі ён будзе стомлены і з апушчанымі рукамі, і прывяду яго ў страх; і ўсе людзі, якія зь ім, разьбягуцца; і я заб'ю аднаго цара

3 і ўсіх людзей павярну да цябе; і калі ня будзе аднаго, душу якога ты шукаеш, тады ўвесь народ будзе ў міры.

4 І спадабалася гэтае слова Авэсалому і ўсім старэйшынам Ізраілевым.

5 І сказаў Авэсалом: паклічце Хусія Архіцяніна; паслухаем, што ён скажа.

6 І прыйшоў Хусій да Авэсалома. І сказаў яму Авэсалом, кажучы: вось, што кажа Ахітафэл; ці зрабіць паводле ягоных слоў? а калі не, дык кажы ты.

7 І сказаў Хусій Авэсалому: ня добрая гэтым разам парада, якую даў Ахітафэл.

8 І сказаў далей Хусій: ты ведаеш твайго бацьку і людзей ягоных; яны адважныя і моцна раздражнёныя, як мядзьведзіха ў полі, у якой адабралі дзяцей, і бацька твой - чалавек ваяўнічы; ён ня спыніцца начаваць з народам.

9 Вось, цяпер ён хаваецца ў якой-небудзь пячоры, альбо ў іншым месцы, і калі хто загіне пры першым нападзе на іх, і пачуюць і скажуць: «была параза людзей, якія пасьледавалі за Авэсаломам»,

10 тады і самы аджважны, у якога сэрца, як сэрца львінае, упадзе духам; бо ўсяму Ізраілю вядома, які адважны бацька твой і мужныя тыя, якія зь ім.

11 Таму я раю: хай зьбярэцца да цябе ўвесь Ізраіль, ад Дана да Вірсавіі, у мностве, як пясок каля мора, і ты сам пойдзеш сярод яго;

12 і тады мы пойдзем супроць яго, у якім бы месцы ён ні быў, і нападзем на яго, як ападае раса на зямлю; і не застанецца ў яго ніводнага чалавека з усіх, якія зь ім;

13 а калі ён увойдзе ў які-небудзь горад, дык увесь Ізраіль прынясе да таго горада вяроўкі, і мы сьцягнем яго ў раку, так што не застанецца ніводнага каменьчыка.

14 І сказаў Авэсалом і ўвесь Ізраіль: парада Хусія Архіцяніна лепшая за параду Ахітафэлаву. Так Гасподзь судзіў разбурыць найлепшую параду Ахітафэла, каб навесьці Госпаду бяду на Авэсалома.

15 І сказаў Хусій Садоку і Авіятару сьвятарам: так і так раіў Ахітафэл Авэсалому і старэйшынам Ізраілевым, а так і так параіў я.

16 І цяпер пашлеце хутчэй і скажэце Давіду так: не заставайся гэтай ночы на раўніне ў пустыні, а хутчэй перайдзі, каб не загінуць цару і ўсім людзям, якія зь ім.

17 Ёнатан і Ахімаас стаялі каля крыніцы Рагэль. І пайшла служанка і расказала ім, а яны пайшлі і паведамілі цару Давіду; бо яны не маглі паказацца ў горадзе.

18 І ўбачыў іх хлопчык і данёс Авэсалому; але яны абодва хутка сышлі і прыйшлі ў Бахурым, у дом аднаго чалавека, у якога на дварэ быў калодзеж, і спусьціліся туды.

19 А жанчына ўзяла і расьцягнула над вусьцем калодзежа покрыва і насыпала на яго круп, так што не было нічога прыкметна.

20 І прыйшлі рабы Авэсалома да жанчыны ў дом і сказалі: дзе Ахімаас і Ёнатан? І сказала ім жанчына: яны перайшлі раку бродам. І шукалі яны, і не знайшлі, і вярнуліся ў Ерусалім.

21 Калі яны сышлі, тыя выйшлі з калодзежа, пайшлі і паведамілі цару Давіду і сказаді Давіду: устаньце і хутчэй перайдзеце ваду; бо так і так раіў пра вас Ахітафэл.

22 І ўстаў Давід і ўсе людзі, якія былі зь ім, і перайлі Ярдан; да сьвітаньня не засталося ніводнага, хто не перайшоў бы Ярдана.

23 І ўбачыў Ахітафэл, што ня выканана парада ягоная, і асядлаў асла, і сабраўся, і пайшоў у дом свой, і зрабіў тастамант дому свайму, і ўдавіўся, і памёр, і быў пахаваны ў магіле бацькі свайго.

24 І прыйшоў Давід у Маханаім, а Авэсалом перайшоў Ярдан, сам і ўвесь Ізраіль зь ім.

25 Авэсалом паставіў Амэсая замест Ёава над войскам. Амэсай быў сын аднаго чалавека, імем Ефэра зь Ізрэеля, які ўвайшоў да Авігеі, дачкі Нааса, сястры Саруі, маці Ёава.

26 І Ізраіль з Авэсаломам разьмясьціўся табарам у зямлі Галаадскай.

27 Калі Давід прыйшоў у Маханаім, дык Сові, сын Нааса, з Равы Аманіцкай, і Махір, сын Амііла, з Ладавара, і Вэрзэлій Галаадыцянін з Рагліма,

28 прынесьлі дзесяць падрыхтаваных пасьцеляў, дзесяць місак і гліняных пасудзін, і пшаніцы і ячменю, і мукі і проса, і бобу і сачыўкі і пражанага зерня,

29 і мёду і масла, і авечак і сыру каровінага, прынесьлі Давіду і людзям, якія былі зь ім, на ежу; бо казалі яны: народ галодны і стомлены і цярпеў смагу ў пустыні.

 

Разьдзел 18

 

1 І агледзеў Давід людзей, якія былі зь ім і паставіў над імі тысячнікаў і сотнікаў.

2 І выправіў Давід людзей - трэцюю частку пад рукою Ёава, трэцюю частку пад рукою Авэсы, сына Саруінага, брата Ёава, трэцюю частку пад рукою Этэя Гэцяніна. І сказаў цар людзям: я сам пайду з вамі.

3 Але людзі адказвалі яму: не хадзі; бо, калі мы і пабяжым, дык ня зьвернуць увагі на гэта; калі і памрэ палавіна з нас, таксама ня зьвернуць увагі; а ты адзін тое самае, што нас дзесяць тысяч; дык вось, нам лепей, каб ты дапамагаў нам з горада.

4 І сказаў ім цар: што спадобнае ў вачах вашых, тое і зраблю. І стаў цар каля брамы, і ўвесь народ выходзіў па сотнях і па тысячах.

5 І загадаў цар Ёаву і Авэсу і Этэю, кажучы: уберажэце мне хлопца Авэсалома. І ўсе людзі чулі, як загадваў цар усім правадырам пра Авэсалома.

6 І выйшлі людзі ў поле на сустрэчу Ізраільцянам, і была бітва ў лесе Яфрэмавым.

7 І быў разьбіты народ Ізраільскі рабамі Давідавымі; было там пабоішча вялікае ў той дзень, - забітых дваццаць тысяч.

8 Бітва пашырылася па ўсёй той краіне, і лес загубіў народу болей, чым колькі зьнішчыў меч, у той дзень.

9 І сустрэўся Авэсалом з рабамі Давідавымі; ён быў на муле. Калі мул убег зь ім пад гольле вялікага дуба, дык Авэсалом падчапіўся валасамі сваімі за вецьце дуба і павіс паміж небам і зямлёю, а мул, які быў пад ім, зьбег.

10 І ўбачыў гэта нехта і данёс Ёаву, кажучы: вось, я бачыў Авэсалома, што вісіць ён на дубе.

11 І сказаў Ёаў чалавеку, які данёс пра гэта: вось, ты бачыў; чаму ж ты не апусьціў яго там на зямлю? я даў бы табе дзесяць сікляў срэбра і адзін пояс.

12 І адказваў той Ёаву: калі б паклалі на рукі мае і тысячу сікляў срэбра, і тады я не падняў бы рукі на царскага сына; бо ўголас нам цар загадваў табе і Авэсу і Этэю, кажучы: уберажэце мне хлопца Авэсалома;

13 і калі б я зрабіў інакш зь небясьпекаю жыцьцю майму, дык гэта ня ўтоілася б ад цара, і ты ж паўстаў бы супроць мяне.

14 Ёаў сказаў: няма чаго мне марудзіць з табою. І ўзяў у рукі тры стралы і ўсадзіў іх у сэрца Авэсалому, які быў яшчэ жывы на дубе.

15 І абступілі Авэсалома дзесяць хлопцаў, збраяносцаў Ёава, і забілі і ўсьмерцілі яго.

16 І затрубіў Ёаў у трубу, і вярнуліся людзі з пагоні за Ізраілем, бо Ёаў шкадаваў народ.

17 І ўзялі Авэсалома, і ўкінулі яго ў лесе ў глыбокую яму, і накідалі на ім вялікую крушню. І ўсе Ізраільцяне разьбегліся, кожны ў намёт свой.

18 Авэсалом яшчэ пры жыцьці сваім узяў і паставіў сабе помнік у царскай даліне; бо сказаў ён: няма ў мяне сына, каб захаваць памяць імя майго. І назваў помнік сваім імем. І называецца ён «помнік Авэсалома» да сёньня.

19 Ахімаас, сын Садокаў, сказаў Ёаву: пабягу я, паведамлю цару, што Гасподзь судом сваім выбавіў яго ад рук ворагаў ягоных.

20 Але Ёаў сказаў яму: ня будзеш ты сёньня добрым весьнікам; абвесьціш іншым днём, а ня сёньня, бо памёр сын цара.

21 І сказаў Ёаў Хусію: ідзі, данясі цару, што бачыў ты. І пакланіўся Хусій Ёаву і пабег.

22 Але і Ахімаас, сын Садокаў, настойваў і казаў Ёаву: што б ні было, але і я пабягу за Хусіем. А Ёаў адказваў: навошта бегчы табе, сыне мой? не прынясеш ты добрай весткі.

23 І сказаў Ахімаас: хай так, але я пабягу. І сказаў яму Ёаў: бяжы. І пабег Ахімаас напрасткі па дарозе і апярэдзіў Хусія.

24 Давід тады сядзеў паміж дзьвюма брамамі. І вартаўнік падняўся на дах брамы да сьцяны і, падняўшы вочы, убачыў: вось, бяжыць адзін чалавек.

25 І закрычаў вартаўнік і абвясьціў цару. І сказаў цар: калі адзін, дык вестка ў вуснах ягоных. А той падыходзіў усё бліжэй і бліжэй.

26 Вартаўнік убачыў і другога чалавека, які бег; і закрычаў вартаўнік брамніку: вось, яшчэ бяжыць адзін чалавек. Цар сказаў: і гэта - весьнік.

27 Вартаўнік сказаў: я бачу паходку першага, падобную на паходку Ахімааса, сына Садокавага. І сказаў цар: гэты чалавек добры і йдзе з добраю весткаю.

28 І ўсклікнуў Ахімаас і сказаў цару: мір. І пакланіўся цару тварам сваім да зямлі і сказаў: дабраславёны Гасподзь Бог твой, Які выдаў людзей, што паднялі рукі свае на гаспадара майго цара!

29 І сказаў цар: ці добра хлопцу Авэсалому? І сказаў Ахімаас: я бачыў вялікае хваляваньне, калі раб цароў Ёаў пасылаў раба твайго; але я ня ведаю, што было.

30 І сказаў цар: адыдзі, стань тут. Ён адышоў і стаў.

31 Вось, прыйшоў і Хусій. І сказаў Хусій: добрая вестка гаспадару майму цару! Гасподзь явіў табе сёньня праўду ў выбаўленьні ад рук усіх паўсталых супроць цябе.

32 І сказаў цар Хусію: ці добра хлопцу Авэсалому? І сказаў Хусій: хай будзе з ворагамі гаспадара майго цара і з усімі зламысьнікамі тваімі тое самае, што сталася з хлопцам!

33 І сумеўся цар, і пайшоў у сьвятліцу над брамаю, і плакаў, і калі ішоў, казаў так: сыне мой Авэсаломе! сыне мой, сыне мой Авэсаломе! о, хто даў бы мне памерці замест цябе, Авэсаломе, сыне мой, сыне мой!

 

Разьдзел 19

 

1 І сказалі Ёаву: вось, цар плача і галосіць па Авэсаломе.

2 І абярнулася перамога таго дня ў плач усяму народу; бо народ пачуў у той дзень і казаў, што цар смуткуе па сыне сваім.

3 І выходзіў тады народ у горад крадком, як крадуцца людзі сарамлівыя, якія ў час бітвы кінуліся наўцёкі.

4 А цар закрыў твар свой і голасна завыў: сыне мой Авэсаломе! Авэсаломе, сыне мой, сыне мой!

5 І прыйшоў Ёаў да цара ў дом і сказаў: ты ў сорам прывёў сёньня ўсіх слугаў тваіх, якія ўратавалі сёньня жыцьцё тваё і жыцьцё сыноў і дочак тваіх, і жыцьцё жонак і наложніц тваіх;

6 ты любіш ненавісьнікаў тваіх і ненавідзіш любасных тваіх, бо ты паказаў сёньня, што нішто табе і правадыры і слугі; сёньня я даведаўся, што калі б Авэсалом застаўся жывы, а мы ўсе памерлі, дык табе было б прыемней.

7 Дык вось, устань, выйдзі і пагавары сэрцу рабоў тваіх; бо прысягаю Госпадам, што, калі ты ня выйдзеш, у гэтую ноч не застанецца ў цябе ніводнага чалавека; і гэта будзе табе горш за ўсе беды, якія находзілі на цябе ад юнацтва твайго і да сёньня.

8 І ўстаў цар і сеў каля брамы, а ўсяму народу абвясьцілі, што цар сядзіць каля брамы. І прыйшоў увесь народ перад аблічча цара; а Ізраільцяне разьбегліся па сваіх палатках.

9 І ўвесь народ ва ўсіх плямёнах Ізраілевых спрачаўся і казаў: цар вызваліў нас з рук ворагаў нашых і вызваліў нас з рук Філістымлянаў, а цяпер сам уцякаў зь зямлі гэтай ад Авэсалома.

10 Але Авэсалом, якога мы памазалі ў цара над намі, памёр на вайне; чаму ж цяпер вы марудзіце вярнуць цара?

11 І цар Давід паслаў сказаць сьвятарам Садоку і Авіятару: скажэце старэйшынам Юдавым: навошта вы хочаце быць апошнімі, каб вярнуць цара ў дом ягоны, тады як словы ўсяго Ізраіля дайшлі да цара ў дом ягоны?

12 Вы браты мае, косьці мае і цела маё - вы; навошта хочаце вы быць апошнімі ў вяртаньні цара ў дом ягоны?

13 І Амэсаю скажэце: ці ня косьць мая і цела маё - ты? Хай тое і тое зробіць са мною Бог і яшчэ болей зробіць, калі ты ня будзеш ваеначальнікам пры мне, замест Ёава, назаўсёды!

14 І схіліў ён сэрца ўсіх Юдэяў, як аднаго чалавека. І паслалі яны да цара сказаць: вярніся ты і ўсе слугі твае.

15 І вярнуўся цар і прыйшоў да Ярдана, а Юдэі прыйшлі ў Галгал, каб сустрэць цара і перавезьці цара празь Ярдан.

16 І пасьпяшаўся Сэмэй, сын Геры, Веньямініцянін з Бахурыма, і пайшоў зь Юдэямі насустрач цару Давіду,

17 І тысяча чалавек зь Веньямініцянаў зь ім, і Сіва, слуга дома Саўлавага, зь пятнаццацьцю сынамі сваімі і дваццацьцю рабамі сваімі; і перайшлі яны Ярдан перад абліччам цара.

18 Калі пераправілі судна, каб перавезьці цароў дом і паслужыць яму, тады Сэмэй, сын Геры, упаў перад царом, як толькі ён перайшоў Ярдан,

19 і сказаў цару: не залічы мне, гаспадару мой, у злачынства, і не спамяні таго, чым зграшыў раб твой у той дзень, калі гаспадар мой цар выходзіў зь Ерусаліма, і ня трымай таго, цару, на сэрцы сваім;

20 бо ведае раб твой, што зграшыў, і вось, цяпер я прыйшоў першы з усяго дома Язэпавага, каб выйсьці насустрач гаспадару майму цару.

21 І адказваў Авэса, сын Саруін, і сказаў: няўжо Сэмэй не памёр за тое, што ліхасловіў памазанца Гасподняга?

22 І сказаў Давід: што мне і вам, сыны Саруіны, што вы робіцеся сёньня мне нагаворшчыкамі? ці сёньня аддаваць сьмерці каго-небудзь у Ізраілі? ці ня бачу я, што сёньня я - цар над Ізраілем?

23 І сказаў цар Сэмэю: ты не памрэш. І прысягнуўся яму цар.

24 І Мэмфівастэй, сын Ёнатана, сына Саўлавага, выйшаў насустрач цару. Ён не абмываў ног сваіх, не абрэзваў пазногцяў, не клапаціўся пра бараду сваю і ня мыў вопраткі сваёй з таго дня, як выйшаў цар, да дня, калі ён выйшаў зь мірам.

25 Калі ён выйшаў зь Ерусаліма насустрач цару, цар сказаў яму: чаму ты, Мэмфівастэй, не пайшоў са мною?

26 Той адказваў: гаспадару мой цару! слуга мой падмануў мяне; бо я, раб твой, казаў: «асядлаю сабе асла, і я сяду на яго і паеду з царом», бо раб твой кульгавы.

27 А ён ашальмаваў раба твайго перад гаспадаром маім царом. Але гаспадар мой цар, як анёл Божы; рабі, што табе заўгодна;

28 хоць увесь дом бацькі майго быў варты сьмерці перад гаспадаром царом маім, але ты пасадзіў раба твайго сярод бяседнікаў за сталом тваім; якое ж я маю права скардзіцца яшчэ перад царом?

29 І сказаў яму цар: навошта ты гаворыш усё гэта? я сказаў, каб ты і Сіва падзялілі паміж сабою палі.

30 Але Мэмфівастэй адказаў цару: хай ён возьме нават усё, пасьля таго як гаспадар мой цар зь мірам вярнуўся ў дом свой.

31 І Вэрзэлій Галаадыцянін прыйшоў з Рагліма і перайшоў з царом Ярдан, каб правесьці яго за Ярдан.

32 А Вэрзэлій быў вельмі стары, гадоў васьмідзесяці. Ён прадуктаваў цара, калі той быў у Маханаіме, бо быў чалавек багаты.

33 І сказаў цар Вэрзэлію: ідзі са мною, і я буду прадуктаваць цябе ў Ерусаліме.

34 Але Вэрзэлій адказаў цару: ці доўга мне засталося жыць, каб ісьці з царом у Ерусалім?

35 Мне цяпер восемдзесят гадоў; ці адрозьню добрае ад благога? Ці спазнае раб твой смак у тым, што буду есьці, і ў тым, што буду піць? І ці змагу чуць голас сьпевакоў і сьпявачак? Навошта рабу твайму быць цяжарам гаспадару майму цару?

36 Яшчэ крыху пройдзе раб твой з царом за Ярдан; за што ж цару ўзнагароджваць мяне так шчодра?

37 Дазволь рабу твайму вярнуцца, каб памерці ў сваім горадзе, каля магілы бацькі майго і маці маёй. Але вось, раб твой Кімгам няхай пойдзе з гаспадаром маім царом, і рабі зь ім, як табе заўгодна.

38 І сказаў цар: хай ідзе са мною Кімгам, і я зраблю яму, што табе заўгодна; і ўсё, чаго б ты ні зажадаў ад мяне, я зраблю табе.

39 І перайшоў увесь народ Ярдан, і цар таксама. І пацалаваў цар Вэрзэлія і дабраславіў яго, і ён вярнуўся ў месца сваё.

40 І выправіўся цар у Галгал, выправіўся зь ім і Кімгам; і ўвесь народ Юдэйскі праводзіў цара, і палавіна народу Ізраільскага.

41 І вось, усе Ізраільцяне прыйшлі да цара і сказалі цару: навошта браты нашыя, мужы Юдавыя, захапілі цябе і праводзілі цара і дом ягоны і ўсіх людзей Давідавых зь ім празь Ярдан?

42 І адказвалі ўсе мужы Юдавыя Ізраільцянам: таму, што цар блізкі нам; і за што вам злавацца на гэта? хіба мы што-небудзь зьелі ў цара, альбо атрымалі ад яго дарункі?

43 І адказвалі Ізраільцяне мужам Юдавым і сказалі: мы дзесяць частак у цара, таксама і ў Давіда мы болей, чым вы; навошта ж вы прынізілі нас? ці ня нам належала першае слова пра тое, каб вярнуць нашага цара? Але слова мужоў Юдавых было мацнейшае, чым слова Ізраільцянаў.

 

Разьдзел 20

 

1 Там выпадкова быў адзін нягодны чалавек, імем Савэй, сын Біхры, Веньямініцянін; ён затрубіў у трубу і сказаў: няма нам часткі ў Давідзе, і няма нам долі ў сыне Есэевым; усе па намётах сваіх, Ізраільцяне!

2 І аддзяліліся ўсе Ізраільцяне ад Давіда і пайшлі за Савэем, сынам Біхры; а Юдэі засталіся на баку цара свайго, ад Ярдана да Ерусаліма.

3 І прыйшоў Давід у свой дом у Ерусаліме, і ўзяў цар дзесяць жанчын наложніц, якіх ён пакідаў сьцерагчы дом, і разьмясьціў іх у асобным доме пад нагляд, і ўтрымліваў іх, але не хадзіў да іх. І ўтрымліваліся яны там да дня сьмерці сваёй, жывучы як удовы.

4 І сказаў Давід Амэсаю: пакліч да мяне Юдэяў за тры дні і сам зьявіся сюды.

5 І пайшоў Амэсай клікаць Юдэяў, але прамарудзіў больш назначанага яму часу.

6 Тады Давід сказаў Авэсу: цяпер наробіць нам ліха Савэй, сын Біхры, больш, чым Авэсалом; вазьмі ты слуг гаспадара свайго і перасьледуй яго, каб ён не знайшоў сабе ўмацаваных гарадоў і ня зьнік з вачэй нашых.

7 І выйшлі за ім людзі Ёававы, і Хэлэтэі і Фэлэтэі, і ўсе адважныя пайшлі зь Ерусаліма перасьледаваць Савэя, сына Біхры.

8 І калі яны былі паблізу вялікага каменя, што каля Гаваона, дык сустрэўся зь імі Амэсай. Ёаў быў апрануты ў вайсковую вопратку сваю і аперазаны мечам, які вісеў каля сьцягна ў похвах і які лёгка выходзіў зь іх і ўваходзіў.

9 І сказаў Ёаў Амэсаю: ці здаровы ты, браце мой? І ўзяў Ёаў праваю рукою Амэсая за бараду, каб пацалаваць яго.

10 А Амэсай не ўпільнаваўся ад меча, які быў у руцэ ў Ёава, і той ударыў яго ім ў жывот, так што выпалі вантробы яго на зямлю, і не паўтарыў яму ўдару, і ён памёр. Ёаў і Авэса, брат ягоны, пагналіся за Савэем, сынам Біхры.

11 Адзін з хлопцаў Ёававых стаяў над Амэсаем і казаў: той, хто адданы Ёаву і хто за Давіда, хай ідзе за Ёавам!

12 А Амэсай ляжаў у крыві сярод дарогі. І той чалавек, убачыўшы, што ўвесь народ спыняецца над ім, сьцягнуў Амэсая з дарогі ў поле і накінуў на яго вопратку, бо ён бачыў, што кожны прахожы спыняўся над ім.

13 Але калі ён быў сьцягнуты з дарогі, дык увесь народ Ізраільскі пайшоў сьледам за Ёавам перасьледаваць Савэя, сына Біхры.

14 І ён прайшоў праз усе плямёны Ізраільскія да Авэла-Бэт-Мааха і праз увесь Бэрым; і жыхары гарадоў зьбіраліся і ішлі за ім.

15 І прыйшлі і аблажылі яго ў Авэле-Бэт-Мааху; і насыпалі вал перад горадам і падступіліся да сьцяны, і ўсе людзі, якія былі зь Ёавам, стараліся разбурыць сьцяну.

16 Тады адна разумная жанчына закрычала са сьцяны горада: паслухайце, паслухайце, скажэце Ёаву, каб ён падышоў сюды, і я пагавару зь ім.

17 І падышоў да яе Ёаў, і сказала жанчына: ці ты Ёаў? І сказаў: я. Яна сказала: паслухай словаў рабы тваёй. І сказаў ён: слухаю.

18 Яна сказала: раней казалі: хто хоча спытацца, спытайся ў Авэле; і так вырашалі справу.

19 Я зь мірных, верных гарадоў Ізраіля, а ты хочаш зьнішчыць горад, маці гарадоў у Ізраілі. Навошта табе разбураць спадчыну Гасподнюю?

20 І адказваў Ёаў і сказаў: хай ня будзе гэтага ад мяне, каб я зьнішчыў альбо разбурыў!

21 Гэта ня так; але чалавек з гары Яфрэмавай, імем Савэй, сын Біхры, падняў руку сваю на цара Давіда; выдайце мне яго аднаго, і я адступлюся ад горада. І сказала жанчына Ёаву: вось, галава ягоная будзе табе скінута са сьцяны.

22 І пайшла жанчына да ўсяго народу са сваім разумным словам. І адсеклі галаву Савэю, сыну Біхры, і кінулі Ёаву. Тады Ёаў затрубіў у трубу, і разышліся ад горада ўсе па сваіх намётах; а Ёаў вярнуўся ў Ерусалім да цара.

23 І быў Ёаў пастаўлены над усім войскам Ізраільскім, а Ванэя, сын Ёдаеў, - над Хэлэтэямі і над Фэлэтэямі;

24 Адарам - над зборам падаткаў; Ёсафат, сын Ахілуда - дзеяпісальнікам;

25 Суса - пісцом; Садок і Авіятар - сьвятарамі;

26 таксама і Іра Ярыцянін быў сьвятаром, у Давіда.

 

Разьдзел 21

 

1 Быў голад на зямлі ў дні Давіда тры гады, год у год. І спытаўся Давід у Госпада. І сказаў Гасподзь: гэта праз Саўла і крыважэрны дом ягоны, за тое, што ён забіў Гавааніцянаў.

2 Тады цар паклікаў Гавааніцянаў і гаварыў зь імі. Гавааніцяне былі ня з сыноў Ізраілевых, а з рэштак Амарэяў; а Ізраільцяне далі ім прысягу, але Саўл хацеў іх зьнішчыць з рэўнасьці сваёй за нашчадкаў Ізраіля і Юды.

3 І сказаў Давід Гавааніцянам: што мне зрабіць вам і чым прымірыць вас, каб вы дабраславілі спадчыну Гасподнюю?

4 І сказаді яму Гавааніцяне: ня трэба нам ні срэбра, ні золата ад Саўла, альбо ад дома ягонага, і ня трэба нам, каб забілі каго ў Ізраілі. Ён сказаў: чаго ж вы хочаце? я зраблю вам.

5 І сказалі яны цару: таго чалавека, які губіў нас і хацеў зьнішчыць нас, каб ня было нас ні ў адной з частак Ізраіля,

6 зь ягоных нашчадкаў выдай нам сем чалавек, і мы павесім іх прад Госпадам у Гіве Саўла, выбранага Госпадам. І сказаў цар: я выдам.

7 Але пашкадаваў цар Мэмфівастэя, сына Ёнатана, сына Саўлавага, дзеля прысягі імем Гасподнім, якая была паміж імі, паміж Давідам і Ёнатанам, сынам Саўлавым.

8 І ўзяў цар двух сыноў Рыцпы, дачкі Айя, якая нарадзіла Саўлу Армона і Мэмфівастэя, і пяць сыноў Мэлхолы, дачкі Саўлавай, якіх яна нарадзіла Адрыэлу, сыну Вэрзэлія з Мэлхолы,

9 і аддаў іх у рукі Гавааніцянаў, і яны павесілі іх на гары прад Госпадам. І загінулі ўсе сем разам; яны забітыя ў першыя дні жніва, у пачатку жніва ячменю.

10 Тады Рыцпа, дачка Айя, узяла вярэту і паслала сабе на той гары, і сядзела яна ад пачатку жніва і да таго часу, пакуль не паліліся на іх воды Божыя зь неба, і не дазваляла кранаць іх птушкам нябесным удзень і зьвярам польным уначы.

11 І данесьлі Давіду, што зрабіла Рыцпа, дачка Айя, наложніца Саўлавая.

12 І пайшоў Давід і ўзяў косьці Саўла і косьці Ёнатана, сына ягонага, у жыхароў Явіса Галаадскага, якія тайна ўзялі іх з пляца Бэт-Сана, дзе яны былі павешаны Філістымлянамі, калі забілі Філістымляне Саўла на Гэлвуе.

13 І перанёс ён адтуль косьці Саўла і косьці Ёнатана, сына ягонага; і сабралі косьці павешаных.

14 І пахавалі косьці Саўла і Ёнатана, сына Ягонага, у зямлі Веньямінавай, у Цэла, у магіле Кіса, бацькі ягонага. І зрабілі ўсё, што загадаў цар. І ўмілажаліўся Гасподзь з краіны пасьля таго.

15 І пачалася зноў вайна паміж Філістымлянамі і Ізраільцянамі. І выйшаў Давід і слугі ягоныя зь ім, і ваявалі зь Філістымлянамі; і Давід стаміўся.

16 Тады Есьвій, адзін з нашчадкаў Рэфаімаў, у якога дзіда была вагою ў трыста сікляў медзі і які аперазаны быў новым мечам, хацеў забіць Давіда.

17 Але яму дапамог Авэса, і забіў Філістымляніна і аддаў сьмерці яго. Тады людзі Давідавыя прысягнулі, кажучы: ня выйдзеш ты болей з намі на вайну, каб не пагасла сьвяцільня Ізраіля.

18 Потым зноў была вайна зь Філістымлянамі ў Гобе; тады Савахай Хушацянін забіў Сафута, аднаго з нашчадкаў Рэфаімавых.

19 Была і другая бітва ў Гобе; тады забіў Элханан, сын Ягарэ-Аргіма Віфляемскага, Галіяфа Гэцяніна, у якога тронка дзіды была, як ткацкі навой.

20 Была яшчэ бітва ў Гэце; і быў там адзін чалавек рослы, які меў па шасьці пальцаў на руках і на нагах, усяго дваццаць чатыры, таксама з нашчадкаў Рэфаімаў,

21 і ён бэсьціў Ізраільцянаў; але яго забіў Ёнатан, сын Сафая, брата Давідавага.

22 Гэтыя чатыры былі з роду Рэфаімаў у Гэце, і яны загінулі ад рукі Давіда і слуг ягоных.

 

Разьдзел 22

 

1 І засьпяваў Давід песьню Госпаду ў дзень, калі Гасподзь выбавіў яго ад рукі ўсіх ворагаў і ад рукі Саўла, і сказаў:

2 Гасподзь - цьвярдыня мая і моц мая і збаўца мой.

3 Бог мой - скала мая; на Яго я спадзяюся; шчыт мой, рог выратаваньня майго, агароджа мая і прытулак мой; Ратаўнік мой, ад бедаў Ты выбавіў мяне!

4 Паклічу Госпада, Якому шчыра пакланяюся, і ад ворагаў маіх выратуюся.

5 Агарнулі мяне хвалі сьмерці, і патокі беззаконьня напалохалі мяне;

6 ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.

7 Але вось у цеснаце маёй я паклікаў Госпада і Бога майго і заклікаў, і Ён пачуў з харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Яго.

8 Затрэслася, закалыхалася зямля, задрыжалі і парушыліся асновы нябёсаў, бо разгневаўся на іх Гасподзь.

9 Падняўся дым ад гневу Яго і з вуснаў Яго агонь пажыральны; жарнае вугольле сыпалася ад Яго.

10 Нахіліў Ён нябёсы і сышоў; і морак пад нагамі ў Яго;

11 і сеў на херувімаў, і паляцеў, і панёсься на крылах ветру;

12 і моракам пакрыў Сябе, як ценем, згусьціўшы воды хмар нябесных;

13 ад бляску прад Ім разгаралася вугольле вогненнае.

14 Загрымеў зь нябёсаў Гасподзь, і Ўсявышні даў голас Свой;

15 пусьціў стрэлы і расьсеяў іх; бліснуў маланкаю і зьнішчыў іх.

16 І адчыніліся крыніцы мора, агаліліся асновы сусьветныя ад грознага голасу Госпада, ад подыху духу гневу Яго.

17 Працягнуў Ён руку з вышыні і ўзяў мяне, і дастаў мяне з водаў многіх;

18 выбавіў мяне ад ворага майго моцнага, ад ненавісьнікаў маіх, якія былі мацнейшыя за мяне.

19 Яны паўсталі на мяне ў дзень бедства майго; але Гасподзь быў апораю мне

20 і вывеў мяне на прасторнае месца, выбавіў мяне, бо Ён дабраволіць мне.

21 Даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне.

22 Бо я захоўваў шляхі Госпада і ня быў грэшны прад Богам маім,

23 бо ўсе запаведзі Яго перад мною, і ад пастановаў Яго я не адступаў,

24 і быў беззаганны прад Ім, і пільнаваўся, каб не зграшыць мне.

25 І даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні маёй прад вачыма Яго.

26 Зь мілажальным Ты - мілажальны, з чалавекам шчырым - шчыры,

27 з чыстым - чысты, а з хітрым - па хітрасьці ягонай.

28 Людзей прыгнечаных Ты ратуеш і позіркам Сваім прыніжаеш пыхлівых.

29 Ты, Госпадзе, сьвяцільня мая; Гасподзь прасьвятляе цемру маю.

30 З Табою я разьбіваю войска; з Богам маім падымаюся на сьцяну.

31 Бог! - беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова Госпада, шчыт Ён усім, хто спадзяецца на Яго.

32 Бо хто Бог, акрамя Госпада, і хто абарона, акрамя Бога нашага?

33 Бог апаясвае мяне сілаю, пракладвае мне правільны шлях;

34 робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях ставіць мяне;

35 вучыць рукі мае бітве і цягліцы мае напінае, як медны лук.

36 Ты даеш мне шчыт выратаваньня Твайго, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.

37 Ты пашыраеш крок мой пад мною, і ня хістаюцца ногі мае.

38 Я ганяюся за ворагамі маімі і зьнішчаю іх, і не вяртаюся, пакуль ня зьнішчу іх;

39 і зьнішчаю іх і б'ю іх, і не ўстаюць і падаюць пад ногі мае.

40 Ты апярэзваеш мяне сілаю для вайны і кладзеш перад мною тых, што паўстаюць на мяне;

41 Ты абяртаеш да мяне тыл ворагаў маіх, і я зьнішчаю ненавісьнікаў маіх.

42 Яны клічуць, але няма выратавальніка, - да Госпада, але Ён ня слухае іх.

43 Я расьсейваю іх, як пыл зямны, у гразь вулічную мну іх і тапчу іх.

44 Ты ўратаваў мяне ад мяцяжу народу майго; Ты захаваў мяне, каб быць мне галавою над іншапляменцамі; народ, якога я ня ведаў, служыць мне.

45 Іншапляменцы лісьлівяць перад мною; па чутках пра мяне падпарадкуюцца мне.

46 Іншапляменцы бляднеюць і дрыжаць ва ўмацаваньнях сваіх.

47 Жывы Гасподзь і дабраславёны абаронца мой! Хай будзе праслаўлены Бог, прытулак выратаваньня майго,

48 Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы

49 і выбаўляе мяне ад ворагаў маіх! Над паўсталымі супроць мяне Ты ўзвысіў мяне; ад чалавека жорсткага Ты выбавіў мяне.

50 За тое я буду славіць Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму,

51 велікадушна ратуючы цара Свайго і творыць міласьць памазанцу Свайму Давіду і нашчадкам ягоным вечна!

 

Разьдзел 23

 

1 Вось апошнія словы Давіда, выслоўе Давіда, сына Ясэевага, выслоўе чалавека, пастаўленага высока, памазанца Бога Якава і салодкага песьняра Ізраілевага:

2 Дух Гасподні гаворыць ува мне, і слова Яго на языку ў мяне.

3 Сказаў Бог Ізраілеў, гаварыў пра мяне скала Ізраілевая: валадарны над людзьмі будзе праведны, валадарачы ў страху Божым.

4 І як на сьвітаньні, пры ўзыходзе сонца на бясхмарным небе, ад зьзяньня пасьля дажджу вырастае трава зь зямлі,

5 ці ня так і дом мой у Бога? Бо запавет вечны паклаў Ён са мною, цьвёрды і нязьменны. Ці ня так зыходзіць ад Яго ўсё выратаваньне маё і ўсё хаценьне маё?

6 А грэшныя будуць, як выкінутае церне, якога не бяруць рукою;

7 а хто дакранецца да яго, узбройваецца жалезам альбо тронкай дзіды, і агнём спальваюць яго на месцы.

8 Вось імёны адважных у Давіда: Ісбасэт Ахаманіцянін, галоўны з трох: ён падняў дзіду сваю на васямсот чалавек і пабіў іх за адзін раз.

9 Пасьля яго Элеазар, сын Дадо, сына Ахохі, адзін з трох адважных, што былі з Давідам, калі яны ганьбаваньнем выклікалі Філістымлянаў, што сабраліся на вайну;

10 Ізраільцяне выйшлі супроць іх, і ён устаў і біў Філістымлянаў да таго, што рука яго стамілася і прыліпла да меча. І дараваў Гасподзь у той дзень вялікую перамогу, і народ пайшоў за ім дзеля таго толькі, каб абіраць забітых.

11 За ім Шама, сын Аге, Гарарыцянін. Калі Філістымляне сабраліся ў Тырыю, дзе было поле, засеянае сачыўкаю, народ пабег ад Філістымлянаў,

12 дык ён стаў сярод поля і зьбярог яго і пабіў Філістымлянаў. І даў тады Гасподзь вялікую перамогу.

13 Трое гэтых галоўных з трыццаці правадыроў пайшлі і ўвайшлі ў час жніва да Давіда ў пячору Адалам, калі натоўпы Філістымлянаў стаялі ў даліне Рэфаімаў.

14 Давід быў тады ва ўмацаваным месцы, а атрад Філістымлянаў - у Віфляеме.

15 І захацеў Давід піць і сказаў: хто напоіць мяне вадою з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы?

16 Тады трое гэтых адважных прабіліся праз табар Філістымскі і зачарпнулі вады з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы, і ўзялі і прынесьлі Давіду. Але ён не захацеў піць яе і выліў яе дзеля славы Госпада,

17 і сказаў: ахавай мяне, Госпадзе, каб я зрабіў гэта! ці ня кроў гэта людзей, якія хадзілі пад небясьпекаю іх жыцьцю? і не хацеў піць яе. Вось, што зрабілі гэтыя трое адважных!

18 І Авэса, брат Ёава, сын Саруін, быў галоўны з трох: ён забіў дзідаю сваёю трыста чалавек і быў у славе ў тых трох.

19 З трох ён быў самы знакаміты і быў начальнік, але з тымі трыма не раўняўся.

20 Ванэя, сын Ёдая, мужа адважнага, вялікі па дзеях, з Каўцаіла: ён пабіў двух сыноў Арыіла Маавіцкага; ён жа сышоў і забіў ільва ў рове ў сьнежны час;

21 ён жа забіў аднаго Егіпцяніна, чалавека віднага; у руцэ ў Егіпцяніна была дзіда, а ён пайшоў да яго з кіем і адабраў дзіду з рук у Егіпцяніна і забіў яго ягонай жа дзідай:

22 вось, што зрабіў Ванэя, сын Ёдаеў, і ён быў у славе ў трох адважных;

23 ён быў знатнейшы за трыццаць, але з тымі трыма не раўняўся. І паставіў яго Давід бліжэйшым выканаўцам сваіх загадаў.

24 Асаіл, брат Ёава - у ліку трыццаці; Элханан, сын Дадо, зь Віфляема,

25 Шама Харадзіцянін, Эліка Харадзіцянін,

26 Хэрэц Палціцянін, Іра, сын Ікеша, Тэкаіцянін,

27 Эвіезэр Анатацянін, Мэбунай Хушацянін,

28 Цалмон Ахахіцянін, Магарай Нэтафатыцянін,

29 Хэлэў, сын Бааны, Нэтафатыцянін, Ітай, сын Рыбая, з Гівы сыноў Веньямінавых,

30 Ванэя Піратанянін, Ідай з Нахлэ-Гааша,

31 Аві-Арбатыцянін, Азмавэт Бархуміцянін,

32 Эліяхба Шаалбанянін; з сыноў Яшэна - Ёнатан,

33 Шама Гарарыцянін; з сыноў Яшэна - Ёнатан,

34 Эліфэлэт, сын Ахасбая, сына Магахаці, Эліям, сын Ахітафэла, Гіланянін,

35 Хэцрай Кармэліцянін, Паарай Арбіцянін,

36 Ігал, сын Натана, з Цобы, Бані Гадзіцянін,

37 Цалэк Аманіцянін, Нахарай Бэрацянін, збраяносец Ёава, сына Саруі,

38 Іра Ітрыцянін, Гарэб Ітрыцянін,

39 Урыя Хэтэянін. Усіх трыццаць сем.

 

Разьдзел 24

 

1 Гнеў Гасподні зноў загарэўся на Ізраільцянаў, і абудзіў Ён у іх Давіда сказаць: ідзі, палічы Ізраіля і Юду.

2 І сказаў цар Ёаву ваеначальніку, які быў пры ім: прайдзі па ўсіх плямёнах Ізраілевых і Юдавых ад Дана да Вірсавіі, і палічэце народ, каб мне ведаць лік народу.

3 І сказаў Ёаў цару: Гасподзь Бог твой хай памножыць столькі народу, колькі ёсьць, і яшчэ ў столькі разоў столькі, а вочы гаспадара майго цара хай убачаць; але навошта гаспадар мой цар жадае гэтай дзеі?

4 Але словы цара Ёаву і ваеначальнікам перамагло. І пайшоў Ёаў з начальнікамі ад цара лічыць народ Ізраільскі.

5 І перайшлі яны Ярдан і спыніліся ў Араэры, на правым баку горада, які сярод даліны Гадавай, да Язэра;

6 і прыйшлі ў Галаад і ў зямлю Тахтым-Хадшы; і прыйшлі ў Дан-Яан і абышлі Сідон;

7 і прыйшлі да ўмацаваньня Тыра і ва ўсе гарады Хівэянаў і Хананэянаў і выйшлі на поўдзень Юдэі ў Вірсавію;

8 і абышлі ўсю зямлю і прыйшлі празь дзевяць месяцаў і дваццаць дзён у Ерусалім.

9 І падаў Ёаў сьпіс народнага перапісу цару; і выявілася, што Ізраільцянаў было васямсот тысяч мужчын моцных, здольных ваяваць, а Юдэянаў пяцьсот тысяч.

10 І здрыганулася сэрца Давідава пасьля таго, як ён палічыў народ. І сказаў Давід Госпаду: цяжка зграшыў я, зрабіўшы так; і сёньня малю Цябе, Госпадзе, даруй грэх рабу Твайму, бо надта неразумна зрабіў я.

11 Калі Давід устаў на другі дзень раніцай, дык было слова Госпада Гаду прароку, празарліўцу Давідаваму:

12 ідзі і скажы Давіду: так кажа Гасподзь: тры кары прапаную Я табе; выберы сабе адну зь іх, якая спасьцігла б цябе.

13 І прыйшоў Гад да Давіда, і абвясьціў яму, і сказаў яму: выбірай сабе, ці быць голаду ў краіне тваёй сем гадоў, альбо каб ты тры месяцы бегаў ад непрыяцеляў тваіх, і яны перасьледавалі цябе, альбо каб тры дні была згубная пошасьць у краіне тваёй? цяпер рассудзі і вырашы, што мне адказваць Таму, Хто паслаў мяне.

14 І сказаў Давід Гаду: цяжка мне вельмі; але няхай упаду я ў рукі Госпаду, бо вялікая міласэрнасьць Ягоная; толькі б у рукі людзкія ня ўпасьці мне.

15 І паслаў Гасподзь пошасьць і паморак на Ізраільцянаў ад раніцы да назначанага часу; і памерла з народу, ад Дана да Вірсавіі, семдзесят тысяч чалавек.

16 І працягнуў анёл Божы руку сваю на Ерусалім, каб спустошыць яго; але Гасподзь пашкадаваў пра бедства і сказаў анёлу, які пабіваў народ: досыць, цяпер адпусьці руку тваю. А анёл Гасподні быў тады каля гумна Орны Евусэяніна.

17 І сказаў Давід Госпаду, калі ўбачыў анёла, які біў народ, кажучы: вось, я зграшыў, я зрабіў беззаконна; а гэтыя авечкі, што зрабілі яны? хай жа рука Твая абернецца на мяне і на дом бацькі майго.

18 І прыйшоў у той дзень Гад да Давіда і сказаў: ідзі, пастаў ахвярнік Госпаду на гумне ў Орны Евусэяніна.

19 І пайшоў Давід па слове Гада, як загадаў Гасподзь.

20 І зірнуў Орна і ўбачыў цара і слуг ягоных, якія ішлі да яго, і выйшаў Орна і пакланіўся цару тварам сваім да зямлі.

21 І сказаў Орна: навошта прыйшоў гаспадар мой цар да раба свайго? І сказаў Давід: купіць у цябе гумно, каб зладзіць ахвярнік Госпаду, каб спынілася пабіваньне народу.

22 І сказаў Орна Давіду: хай возьме і ўзьнясе ў ахвяру гаспадар мой цар, што яму заўгодна. Вось валы для цэласпаленьня і падводы і вупраж валовая на дровы.

23 Усё гэта, цару, Орна аддае цару. Яшчэ сказаў Орна цару: Гасподзь Бог твой хай будзе мілажальны да цябе!

24 Але цар сказаў Орну: не, я заплачу табе, што каштуе, і не ўзьнясу Госпаду Богу майму ахвяры, узятай дарам. І купіў Давід гумно і валоў за пяцьдзясят сікляў срэбра.

25 І зладзіў там Давід ахвярнік Госпаду і прынёс цэласпаленьні і мірныя ахвяры. І ўмілажаліўся Гасподзь з краіны, і спынілася пошасьць у Ізраільцянаў.

 

Трэйцяя кніга Царстваў

 

Разьдзел 1

 

1 І цар Давід састарыўся, увайшоў у сталы век, дык накрывалі яго вопраткай, але ня мог сагрэцца.

2 І сказалі яму слугі ягоныя: няхай пашукаюць гаспадару нашаму цару маладую дзяўчыну, каб яна стаяла перад царом і хадзіла за ім і ляжала зь ім, - і будзе цёпла гаспадару нашаму цару.

3 І шукалі прыгожую дзяўчыну ва ўсіх межах Ізраільскіх, і знайшлі Авісагу Сунаміцянку, і прывялі яе да цара.

4 Дзяўчына была вельмі прыгожая, і хадзіла яна за царом і прыслужвала яму; але цар не спазнаў яе.

5 Аданія, сын Агіты, заганарыўшыся, казаў: я буду царом. І завёў сабе калясьніцы і коньнікаў і пяцьдзясят чалавек скараходаў.

6 А бацька ніколі не назаляўся яму пытаньнем: навошта ты гэта робіш? А ён быў вельмі прыгожы і нарадзіўся ў яго пасьля Авэсалома.

7 І раіўся ён зь Ёавам, сынам Саруіным, і з Авіятарам сьвятаром, і яны дапамагалі Аданію.

8 Але сьвятар Садок і Ванэя, сын Ёдаеў, і прарок Натан, і Сэмэй, і Рысій, і мацакі Давідавыя ня былі на баку Аданіі.

9 І закалоў Аданія авечак і валоў і цялят каля каменя Захэлэт, што каля крыніцы Рагэль, і запрасіў усіх братоў сваіх, сыноў цара, з усімі Юдэямі, якія служылі ў цара.

10 А прарока Натана і Ванэю, і тых мацакоў, і Саламона, брата свайго, не запрасіў.

11 Тады Натан сказаў Вірсавіі, маці Саламонавай, кажучы: ці чула ты, што Аданія, сын Агітын, зрабіўся царом, а гаспадар наш Давід, ня ведае пра тое?

12 Цяпер, вось, я раю табе: ратуй жыцьцё тваё і жыцьцё сына твайго Саламона.

13 Ідзі і ўвайдзі да цара Давіда і скажы яму: ці не прысягаўся ты, гаспадару мой цар, рабыні тваёй, кажучы: сын твой Саламон будзе царом пасьля мяне, і ён сядзе на троне маім? Чаму ж зацараваў Аданія?

14 І вось, калі ты яшчэ будзеш гаварыць з царом, увайду і я сьледам за табою і дапоўню словы твае.

15 Вірсавія пайшла да цара ў спальню; цар быў вельмі стары, і Авісага Сунаміцянка прылужвала цару;

16 і нахілілася Вірсавія і пакланілася цару; і сказаў цар: што табе?

17 Яна сказала яму: гаспадару мой цару! ты прысягаў рабе тваёй Госпадам Богам тваім: сын твой Саламон будзе валадарыць пасьля мяне і ён сядзе на троне маім.

18 А цяпер, вось, Аданія зацараваў, і ты, гаспадару мой цару, ня ведаеш пра тое.

19 І закалоў ён многа валоў, цялят і авечак і запрасіў усіх сыноў царскіх і сьвятара Авіятара і ваеначальніка Ёава: а Саламона, раба твайго, не запрасіў.

20 А ты, гаспадару мой, - цар, і вочы ўсіх Ізраільцянаў глядзяць на цябе, каб ты абвясьціў ім, хто сядзе на троне гаспадара майго цара пасьля яго;

21 інакш, калі гаспадар мой цар спачне з бацькамі сваімі, упадзе віна на мяне і на сына майго Саламона.

22 Калі яна яшчэ гаварыла з царом, прыйшоў і прарок Натан.

23 І сказалі цару, кажучы: вось, Натан прарок. І ўвайшоў ён да цара і пакланіўся цару тварам да зямлі.

24 І сказаў Натан: гаспадару мой цар! ці сказаў ты: Аданія будзе валадарыць пасьля мяне і ён сядзе на троне маім?

25 Бо ён сёньня сышоў і закалоў многа валоў, цялят і авечак і запрасіў усіх сыноў царскіх і ваеначальнікаў і сьвятара Авіятара, і вось, яны ядуць і п'юць у яго і кажуць: хай жыве цар Аданія!

26 А мяне, раба твайго, і сьвятара Садока, і Ванэю, сына Ёдаевага, і Саламона, раба твайго, не запрасіў.

27 Ці ня сталася гэта па волі гаспадара майго цара, і чаму ты не адкрыў рабу твайму, хто сядзе на троне гаспадара майго цара пасьля яго?

28 І адказаў цар Давід і сказаў: паклічце да мяне Вірсавію. І ўвайшла яна і стала перад царом.

29 І прысягаў цар і сказаў: жывы Гасподзь, Які выбаўляе душу маю ад усякай бяды!

30 як я прысягаў табе Госпадам Богам Ізраілевым, кажучы, што Саламон, сын твой, будзе валадарыць пасьля мяне і ён сядзе на троне маім замест мяне, так я і зраблю гэта сёньня.

31 І нахілілася Вірсавія тварам да зямлі, і пакланілася цару, і сказала: хай жыве гаспадар мой цар Давід вечна!

32 І сказаў цар Давід: клікніце мне сьвятара Садока і прарока Натана і Ванэю, сына Ёдаевага. І ўвайшлі яны да цара.

33 І сказаў ім цар: вазьмеце з сабою слуг гаспадара вашага і пасадзеце Саламона, сына майго, на мула майго, і зьвядзеце яго ў Гіён,

34 і хай памажа яго там Садок сьвятар і Натан прарок у цара над Ізраілем, і затрубеце ў трубу і абвясьцеце: хай жыве цар Саламон!

35 Потым прывядзеце яго назад, і ён прыйдзе і сядзе на троне маім; ён будзе цараваць замест мяне; яму запавядаў я быць правадыром Ізраіля і Юды.

36 І адказваў Ванэя, сын Ёдаеў, цару і сказаў: амін, - хай скажа так Гасподзь Бог гаспадара майго цара:

37 як быў Гасподзь Бог з гаспадаром маім царом, так хай будзе Ён з Саламонам і хай узвысіць трон ягоны вышэй за трон гаспадара майго цара Давіда!

38 І пайшлі Садок сьвятар і Натан прарок і Ванэя, сын Ёдая, Хэлэтэі і Фэлэтэі, і пасадзіла Саламона на мула цара Давіда, і павялі яго ў Гіён.

39 І ўзяў Садок сьвятар рог з алеем з скініі і памазаў Саламона. І затрубілі ў трубу, і ўвесь народ усклікаў: хай жыве цар Саламон!

40 І ўвесь народ праводзіў Саламона, і іграў народ на жалейках і вельмі радаваўся, так што зямля расьсядалася ад крыкаў яго.

41 І пачуў Аданія і ўсе запрошаныя ім, як толькі перасталі есьці: а Ёаў, пачуўшы гук трубы, сказаў: з чаго гэты шум расхваляванага горада?

42 Яшчэ ён гаварыў, як прыйшоў Ёнатан, сын сьвятара Авіятара. І сказаў Аданія: увайдзі; ты - сумленны чалавек і нясеш добрую вестку.

43 І адказваў Ёнатан і сказаў Аданію: так, гаспадар наш цар паставіў Саламона царом;

44 і паслаў цар зь ім Садока сьвятара і Натана прарока, і Ванэю, сына Ёдая, і Хэлэтэяў і Фэлэтэяў, і яны пасадзілі яго на мула царскага;

45 і памазалі яго Садок сьвятар і Натан прарок у цара ў Гіёне, і адтуль выправіліся з радасьцю, і прыйшоў у рух горад. Вось чаго шум, які вы чуеце.

46 І Саламон ужо сеў на царскім троне.

47 І слугі цара прыходзілі павіншаваць гаспадара нашага цара Давіда, кажучы: Бог твой няхай праславіць імя Саламона больш за тваё імя і хай узвысіць трон ягоны вышэй за твой трон. І пакланіўся цар на ложку сваім,

48 і сказаў цар так: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які сёньня даў ад семя майго пасаджанага на троне маім, і вочы мае бачаць гэта!

49 Тады спалохаліся і ўсталі ўсе запрошаныя, якія былі ў Аданіі, і пайшлі кожны сваёй дарогаю.

50 А Аданія, баючыся Саламона, устаў і пайшоў і ўхапіўся за рогі ахвярніка.

51 І данесьлі Саламону, кажучы: вось, Аданія баіцца цара Саламона, і вось, ён трымаецца за рогі ахвярніка, кажучы: хай прысягне мне цяпер цар Саламон, што ён не заб'е раба свайго мечам.

52 І сказаў Саламон: калі ён будзе чалавекам сумленным, дык ніводзін волас ягоны не ўпадзе на зямлю; калі ж знойдзецца ў ім падступства, дык памрэ.

53 І паслаў Саламон, і прывялі яго ад ахвярніка. І ён прыйшоў і пакланіўся цару Саламону. І сказаў яму Саламон: ідзі ў дом свой.

 

Разьдзел 2

 

1 Наблізіўся час памерці Давіду, і запавядаў ён сыну свайму Саламону, кажучы:

2 вось, я адыходжу ў дарогу ўсёй зямлі, а ты будзь цьвёрды і будзь мужны

3 і захоўвай запавет Госпада Бога твайго, ходзячы шляхамі Ягонымі і трымаючыся статутаў Ягоных і запаведзяў Ягоных, і вызначэньняў Ягоных і пастановаў Ягоных, як напісана ў законе Майсеевым, каб быў ты разумны ва ўсім, што будзеш рабіць, і ўсюды, куды зьвернешся;

4 каб Гасподзь выканаў слова Сваё, якое Ён сказаў пра мяне, кажучы: калі сыны твае будуць сачыць за шляхамі сваімі, каб хадзіць прад Мною ў ісьціне ад усяго сэрца свайго і ад усёй душы сваёй, дык не перавядзецца муж ад цябе на троне Ізраілевым.

5 Яшчэ: ты ведаеш, што зрабіў мне Ёаў, сын Саруін, як абышоўся ён з двума правадырамі войска Ізраільскага, з Авэнірам, сынам Ніравым, і Амэсаем, сынам Етэравым, як ён аддаў іх сьмерці і праліў кроў ваенную ў мірны час, забарвяніўшы крывёю ваеннаю пояс на сьцёгнах сваіх і абутак на нагах сваіх:

6 учыні паводле мудрасьці тваёй, каб не адпусьціць сівізну ягоную мірна ў апраметную.

7 А сынам Вэрзэлія Галаадыцяніна зрабі ласку, каб яны былі сярод едакоў твайго стала, бо яны прыйшлі да мяне, калі я ўцякаў ад Авэсалома, брата твайго.

8 Вось яшчэ ў цябе Сэмэй, сын Геры Веньямініцяніна з Бахурыма: ён ліхасловіў мяне цяжкім ліхаслоўем, калі я ішоў у Маханаім; але ён выйшаў насустрач мне каля Ярдана, і я прысягнуў яму Госпадам, кажучы: я не заб'ю цябе мечам.

9 А ты не пакінь яго без пакараньня, бо ты чалавек мудры і ведаеш, што табе зрабіць зь ім, каб зьвесьці сівізну яго ў крыві ў апраметную.

10 І спачыў Давід з бацькамі сваімі і пахаваны быў у горадзе Давідавым.

11 Часу валадараньня Давіда над Ізраілем было сорак гадоў: у Хэўроне цараваў ён сем гадоў і трыццаць тры гады цараваў у Ерусаліме.

12 І сеў Саламон на троне Давіда, бацькі свайго, і валадараньне ягонае было вельмі моцнае.

13 І прыйшоў Аданія, сын Агіты, да Вірсавіі, маці Саламона. Яна сказала: ці зь мірам прыход твой? І сказаў ён: зь мірам.

14 І сказаў ён: у мяне ёсьць слова да цябе. Яна сказала: кажы.

15 І сказаў ён: ты ведаеш, што царства належала мне, і ўвесь Ізраіль зьвяртаў да мяне вочы свае, як на будучага цара; але царства адышло ад мяне і дасталася брату майму, бо ад Госпада было гэта яму;

16 цяпер я прашу ў цябе аднаго, не адмові мне. Яна сказала яму: кажы.

17 І сказаў ён: прашу цябе, пагавары з царом Саламонам, бо ён не адмовіць табе, каб ён даў мне Авісагу Сунаміцянку за жонку.

18 І сказала Вірсавія: добра, я пагавару з царом пра цябе.

19 І ўвайшла Вірсавія да цара Саламона сказаць яму пра Аданію. Цар устаў перад ёю і пакланіўся ёй і сеў на троне сваім. Паставілі трон і для маці цара, і яна села праваруч ад яго

20 і сказала: я маю да цябе адну невялікую просьбу, не адмові мне. І сказаў ёй цар: прасі, маці мая; я не адмоўлю табе.

21 І сказала яна: дай Авісагу Сунаміцянку Аданію, брату твайму, за жонку.

22 І адказваў цар Саламон і сказаў маці сваёй: а навошта ты просіш Авісагу Сунаміцянку для Аданіі? прасі яму і царства, бо ён мой старэйшы брат, і яму сьвятар Авіятар і Ёаў, сын Саруін.

23 І прысягнуў цар Саламон Госпадам, кажучы: тое і тое хай зробіць са мною Бог і яшчэ болей зробіць, калі не на сваю душу сказаў Аданія такое слова;

24 а сёньня - жывы Гасподзь, Які ўмацаваў мяне і пасадзіў на троне Давіда, бацькі майго, і заладзіў мне дом, як казаў Ён, - а сёньня Аданія павінен памерці.

25 І паслаў цар Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, які забіў яго, і ён памёр.

26 А сьвятару Авіятару цар сказаў: ідзі ў Анатот на тваё поле; ты варты сьмерці, але цяперашнім часам я не аддам цябе сьмерці, бо ты насіў каўчэг Уладара Госпада перад Давідам, бацькам маім, і цярпеў усё, што цярпеў бацька мой.

27 І вызваліў Саламон Авіятара ад сьвятарства Гасподняга, і спраўдзілася слова Гасподняе, якое сказаў Ён пра дом Ільлі ў Сіломе.

28 Чуткі дайшлі да Ёава, - як што Ёаў схіляўся на бок Аданіі, а на бок Саламона ня схіляўся, - і ўцёк Ёаў у скінію Гасподнюю і ўхапіўся за рогі ахвярніка.

29 І данесьлі цару Саламону, што Ёаў уцёк у скінію Гасподнюю і што ён каля ахвярніка. І паслаў Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, кажучы: ідзі, забі яго.

30 І прыйшоў Ванэя ў скінію Гасподнюю і сказаў яму: так сказаў цар: выходзь. І сказаў той: не, я хачу памерці тут. Ванэя перадаў гэта цару, кажучы: так сказаў Ёаў і так адказваў мне.

31 Цар сказаў яму: зрабі, як ён сказаў, і забі яго і пахавай яго, і здымі нявінную кроў, пралітую Ёавам, зь мяне і з дома бацькі майго;

32 хай аберне Гасподзь кроў ягоную на галаву яго за тое, што ён забіў двух мужоў невінаватых і лепшых за яго: забіў мечам, бязь ведама бацькі майго Давіда, Авэніра, сына Ніравага, ваеначальніка Ізраільскага, і Амэсая, сына Етэравага, ваеначальніка Юдэйскага;

33 хай абернецца кроў іхняя на галаву Ёава і на і галаву нашчадкаў ягоных навекі, а Давіду і нашчадкам ягоным, і дому ягонаму і трону ягонаму хай будзе мір навекі ад Госпада!

34 І пайшоў Ванэя, сын Ёдаеў, і забіў Ёава, і аддаў яго сьмерці, і ён быў пахаваны ў доме сваім у пустыні.

35 І паставіў цар Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, замест яго над войскам; а Садока сьвятара паставіў цар замест Авіятара.

36 І паслаў цар паклікаць Сэмэя і сказаў яму: пабудуй сабе дом у Ерусаліме і жыві тут і нікуды ня выходзь адгэтуль;

37 і ведай, што ў той дзень, калі ты выйдзеш і пяройдзеш паток Кедрон, канечне памрэш; кроў твая будзе на галаве тваёй.

38 І сказаў Сэмэй цару: добра; як загадаў гаспадар мой цар, так зробіць раб твой. І жыў Сэмэй у Ерусаліме доўгі час.

39 Але праз тры гады здарылася, што ў Сэмэя два рабы ўцяклі да Анхуса, сына Маахі, цара Гэцкага. І сказалі Сэмэю, кажучы: вось, рабы твае ў Гэце.

40 І ўстаў Сэмэй, і асядлаў асла свайго, і выправіўся ў Гэт да Анхуса шукаць рабоў сваіх. І вярнуўся Сэмэй і прывёў рабоў сваіх з Гэта.

41 І данесьлі Саламону, што Сэмэй хадзіў зь Ерусаліма ў Гэт і вярнуўся.

42 І паслаўшы, паклікаў цар Сэмэя і сказаў яму: ці не прысягаў я табе Госпадам і ці не абвяшчаў табе, кажучы: ведай, што ў той дзень, як ты выйдзеш і пойдзеш куды-небудзь, канечне памрэш? і ты сказаў мне: добра;

43 чаму ж ты ня выканаў загаду, які я даў табе прад Госпадам з прысягаю?

44 І сказаў цар Сэмэю: ты ведаеш і ведае сэрца тваё ўсё зло, якое ты зрабіў бацьку майму Давіду; хай жа аберне Гасподзь ліха тваё на галаву тваю!

45 а цар Саламон хай будзе дабраславёны, і трон Давідаў хай будзе непахісны прад Госпадам вечна!

46 І загадаў цар Ванэю, сыну Ёдаеваму, і ён пайшоў і забіў Сэмэя, і той памёр.

 

Разьдзел 3

 

1 Саламон парадніўся з фараонам - царом Егіпецкім і ўзяў за сябе дачку фараона і ўвёў яе ў горад Давідаў, пакуль не пабудаваў дома свайго і дома Гасподняга і мура вакол Ерусаліма.

2 Народ яшчэ прыносіў ахвяры на вышынях, бо ня быў пабудаваны дом імю Госпада да таго часу.

3 І палюбіў Саламон Госпада, ходзячы паводле статута Давіда, бацькі свайго; але і ён прыносіў ахвяры і дымленьні на вышынях.

4 І пайшоў цар у Гаваон, каб прынесьці там ахвяру, бо там быў галоўны ахвярнік. Тысячу цэласпаленьняў прынёс Саламон на тым ахвярніку.

5 У Гаваоне зьявіўся Гасподзь Саламону ў сне ўначы, і сказаў Бог: прасі, што даць табе.

6 І сказаў Саламон: Ты зрабіў рабу Твайму Давіду, бацьку майму, вялікую ласку; і за тое, што ён хадзіў прад Табою ў ісьціне і ў шчырай праўдзе і з шчырым сэрцам прад Табою, Ты захаваў яму гэтую вялікую ласку і дараваў яму сына, які сядзеў бы на троне ягоным, як гэта і ёсьць сёньня;

7 і сёньня, Госпадзе Божа мой, Ты паставіў раба Твайго царом замест Давіда, бацькі майго; але я - хлопец малы, ня ведаю ні майго выхаду, ні ўваходу;

8 і раб Твой - сярод народу Твайго, які выбраў Ты, народу такога шматлікага, што паводле мноства яго нельга ні палічыць, ні агледзець;

9 даруй жа рабу Твайму сэрца разумнае, каб судзіць народ Твой і разьбіраць, што дабро і што ліха; бо хто можа кіраваць гэтым шматлікім народам Тваім?

10 І заўгодна было Госпаду, каб Саламон прасіў гэтага.

11 І сказаў яму Бог: за тое, што ты прасіў гэтага і не прасіў сабе доўгага жыцьця, не прасіў сабе багацьця, не прасіў сабе душаў ворагаў тваіх, прасіў сабе розуму, каб умець судзіць, -

12 вось, Я зраблю паводле слова твайго: вось, Я даю табе сэрца мудрае і разумнае, так што падобнага да цябе ня было да цябе, і пасьля цябе не паўстане падобны да цябе;

13 і тое, чаго ты не прасіў, Я даю табе, і багацьце і славу, так што ня будзе падобнага да цябе сярод цароў ва ўсе дні твае;

14 і калі будзеш хадзіць шляхам Маім, захоўваючы статуты Мае і запаведзі Мае, як хадзіў бацька твой Давід, Я падоўжу і дні твае.

15 І прачнуўся Саламон, і вось, гэта быў сон. І пайшоў ён у Ерусалім і стаў перад каўчэгам запавету Гасподняга, і прынёс цэласпаленьні і ўчыніў ахвяры мірныя, і зладзіў вялікую гасьціну ўсім слугам сваім.

16 Тады прыйшлі дзьве жанчыны блудніцы да цара і сталі перад ім.

17 І сказала адна жанчына: о, гаспадару мой! я і гэтая жанчына жывём у адным доме; і я нарадзіла пры ёй у гэтым доме;

18 на трэці дзень пасьля таго, як я нарадзіла, нарадзіла і гэтая жанчына; і былі мы разам, і ў доме нікога староньняга з намі ня было; толькі мы дзьве былі ў доме;

19 і памёр сын у гэтай жанчыны ўначы, бо яна прыспала яго;

20 і ўстала яна ўначы, і ўзяла сына майго ад мяне, калі я, рабыня твая, спала, і паклала яго да сваіх грудзей, а свайго мёртвага сына паклала да маіх грудзей;

21 раніцай я ўстала, каб накарміць сына майго, і вось, ён быў мёртвы; а калі я ўгледзелася ў яго раніцай, дык гэта быў ня мой сын, якога я нарадзіла.

22 І сказала другая жанчына: не, мой сын жывы, а твой сын мёртвы. А тая казала ёй: не, твой сын мёртвы, а мой жывы. І гаварылі яны так перад царом.

23 І сказаў цар: гэтая кажа: мой сын жывы, а твой сын мёртвы; а тая кажа: не, твой сын мёртвы, а мой сын жывы.

24 І сказаў цар: падайце мне меч. І прынесьлі меч цару.

25 І сказаў цар: расьсячэце жывое дзіця напалам і аддайце палавіну адной і палавіну другой.

26 І адказвала тая жанчына, у якое сын быў жывы, цару, бо ўсхвалявалася ўся нутрына ў яе ад жаласьці да сына свайго: о, гаспадару мой! аддайце ёй гэтае дзіця жывое і не забівайце яго. А другая казала: хай жа ня будзе ні мне ні табе, сячэце.

27 І адказваў цар і сказаў: аддайце гэтай жывое дзіця і не забівайце яго: яна - ягоная маці.

28 І пачуў увесь Ізраіль пра суд, як рассудзіў цар. І пачалі баяцца цара, бо ўбачылі, што мудрасьць Божая ў ім, каб чыніць суд.

 

Разьдзел 4

 

1 І быў цар Саламон царом над усім Ізраілем.

2 І вось начальнікі, якія былі ў яго: Азарыя, сын Садока сьвятара;

3 Эліхарэт і Ахія, сыны Сівы, пісцы; Ёсафат, сын Ахілуда, дзеяпісальнік;

4 Ванэя, сын Ёдая, ваеначальнік; Садок і Авіятар - сьвятары;

5 Азарыя, сын Натана, начальнік над прыстаўнікамі, і Завут, сын Натана сьвятара - сябар цара;

6 Ахісар - начальнік над царскім домам, і Аданірам, сын Аўды, - над падаткамі.

7 І было ў Саламона дванаццаць прыстаўнікаў над усім Ізраілем, і яны дастаўлялі прадукты цару і дому ягонаму: кожны павінен быў дастаўляць прадукты на адзін месяц у годзе.

8 Вось імёны іх: Бэн-хур - на гары Яфрэмавай;

9 Бэн-Дэкер - у Макацы і ў Шаалбіме, у Бэтсамісе і ў Элоне і ў Бэт-Ханане;

10 Бэн-Хэсэд - у Арубоце; яму ж належаў Сако і ўся зямля Хэфэр;

11 Бэн-Авінадаў - над усім Нафат-Дорам; Тафат, дачка Саламона, была ягонаю жонкаю;

12 Ваана, сын Ахілуда, у Таанаху і Мэгідо і ва ўсім Бэт-Сане, што паблізу Цартана ніжэй Езрэеля, ад Бэт-Сана да Абэл-Мэхола, і нават за Ёкмэам;

13 Бэн-Гевэр - у Рамоце Галаадскім; у яго былі селішчы Яіра, сына Манасіінага, што ў Галаадзе; у яго таксама вобласьць Аргоў, што ў Басане, шэсьцьдзясят вялікіх гарадоў з мурамі і меднымі замкамі;

14 Ахінадаў, сын Гідо, у Маханаіме;

15 Ахімаас - у зямлі Нэфталімавай; ён узяў сабе за жонку Васэмату, дачку Саламона;

16 Ваана, сын Хушая, у зямлі Асіравай і ў Баалоце;

17 Ёсафат, сын Паруаха, у зямлі Ісахаравай;

18 Шымэй, сын Элы, у зямлі Веньямінавай;

19 Гевэр, сын Урыя, у зямлі Галаадскай, у зямлі Сігона, цара Амарэйскага, і Ога, цара Васанскага. Ён быў прыстаўнік у гэтай зямлі.

20 Юда і Ізраіль, шматлікія як пясок каля мора, елі, пілі і весяліліся.

21 Саламон валодаў усімі царствамі ад ракі Еўфрат да зямлі Філістымскай і да межаў Егіпта. Яны прыносілі дарункі і служылі Саламону ва ўсе дні жыцьця ягонага.

22 Прадукты Саламона на кожны дзень складалі: трыццаць кораў мукі пшанічнай і шэсьцьдзясят кораў іншай мукі,

23 дзесяць валоў укормленых і дваццаць валоў з пашы, і сто авечак, акрамя аленяў і сарнаў, і сайгакаў і ўкормленых птушак;

24 бо ён валадарыў над усёю зямлёю па гэты бок ракі, ад Тыпсаха да Газы, над усімі царамі па гэты бок ракі, і быў у яго мір з усімі навакольнымі краінамі.

25 І жылі Юда і Ізраіль спакойна, кожны пад вінаграднікам сваім і пад смакоўніцаю сваёю, ад Дана да Вірсавіі, ва ўсе дні Саламона.

26 І было ў Саламона сорак тысяч стойлаў пад коней калясьнічных і дванаццаць тысяч для коньніцы.

27 І тыя прыстаўнікі дастаўлялі цару Саламону ўсё належнае да стала цара, кожны ў свой месяц, і не дапускалі нястачы ні ў чым.

28 І ячмень і салому коням і мулам дастаўлялі кожны ў сваю чаргу на месца, дзе быў цар.

29 І даў Бог Саламону мудрасьць і вельмі вялікі розум - і шырокі розум, як пясок на беразе мора.

30 І была мудрасьць Саламонава вышэйшая за мудрасьць усіх сыноў усходу і за ўсю мудрасьць Егіпцянаў.

31 Ён быў мудрэйшы за ўсіх людзей, мудрэйшы і за Этана Эзрахіта і Эмана, і Халкола і за Дарду, сыноў Малхола, і імя ягонае было ў славе ва ўсіх навакольных народаў.

32 І прамовіў ён тры тысячы выслоўяў, і песьняў у яго было тысяча і пяць;

33 і гаварыў ён пра дрэвы, ад кедра, што ў Ліване, да ісопу, што вырастае са сьцяны; гаварыў і пра жывёл, і пра птушак, і пра паўзуноў, і пра рыбу.

34 І прыходзілі ад усіх народаў паслухаць мудрасьці Саламона, ад усіх цароў зямных, якія чулі пра мудрасьць ягоную.

 

Разьдзел 5

 

1 І паслаў Хірам, цар Тырскі, слуг сваіх да Саламона, калі пачуў, што яго памазалі ў цара на месца бацькі ягонага; бо Хірам быў сябрам Давіда праз усё жыцьцё.

2 І паслаў такасама і Саламон да Хірама сказаць:

3 ты ведаеш, што Давід бацька мой, ня мог пабудаваць дом імя Госпада Бога свайго з прычыны войнаў з вакольнымі народамі, пакуль Гасподзь не ўпакорыў іх пад ступакі ног ягоных;

4 а цяпер Гасподзь Бог мой дараваў мне спакой адусюль: няма супраціўніка і няма болей перашкодаў;

5 і вось, я маю намер пабудаваць дом імя Госпада Бога майго, як сказаў Гасподзь бацьку майму Давіду, кажучы: сын твой, якога Я пасаджу замест цябе на троне тваім, ён пабудуе дом імю Майму;

6 дык вось, загадай насячы мне кедраў зь Лівана; і вось, рабы мае будуць разам з тваімі рабамі, і я буду даваць табе плату за рабоў тваіх, якую ты вызначыш; бо ты ведаеш, што ў нас няма людзей, якія ўмелі б сячы дрэвы так, як Сіданяне.

7 Калі пачуў Хірам словы Саламона, вельмі ўзрадаваўся і сказаў: дабраславёны сёньня Гасподзь, Які даў Давіду сына мудрага на кіраваньне гэтым шматлікім народам!

8 І паслаў Хірам да Саламона сказаць: я выслухаў тое, па што ты пасылаў да мяне, і выканаю ўсё жаданьне тваё пра дрэвы кедровыя і дрэвы кіпарысавыя:

9 рабы мае зьвязуць іх зь Лівана да мора, і я плытамі дастаўлю іх морам да месца, якое ты назначыш мне, і там складу іх, і ты возьмеш; але і ты выканай маё жаданьне, каб дастаўляць хлеб майму дому.

10 І даваў Хірам Саламону дрэвы кедровыя і дрэвы кіпарысавыя, цалкам паводле яго жаданьня.

11 А Саламон даваў Хіраму дваццаць тысяч кораў пшаніцы на прадуктаваньне дома ягонага і дваццаць кораў аліўкавага чаўленага алею: столькі даваў Саламон Хіраму кожны год.

12 Гасподзь даў мудрасьць Саламону, як абяцаў яму. І быў мір паміж Хірамам і Саламонам, і яны заключылі паміж сабою ўгоду.

13 І абклаў цар Саламон павіннасьцю ўвесь Ізраіль; а павіннасьць складалася з трыццаці тысяч чалавек.

14 І пасылаў іх на Ліван, па дзесяць тысяч на месяц, папераменна: месяц яны былі на Ліване, а два месяцы ў доме сваім. А Аданірам начальнічаў над імі.

15 Яшчэ ў Саламона было семдзесят тысяч пераносчыкаў цяжару і восемдзесят тысяч камнясекаў у горах,

16 акрамя трох тысяч трохсот начальнікаў, пастаўленых Саламонам над працаю дзеля назіраньня за народам, які выконваў працу.

17 І загадаў цар прывозіць камяні вялікія, камяні дарагія, на падмураваньне дома, камяні абробленыя.

18 І абсякалі іх работнікі Саламонавыя і работнікі Хірамавыя і Гіўліцяне, і рыхтавалі дрэвы і камяні на будоўлю дома.

 

Разьдзел 6

 

1 У чатырыста васьмідзясятым годзе пасьля выхаду сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай, на чацьвёртым годзе цараваньня Саламона над Ізраілем, у месяцы Зіф, які ёсьць другі месяц, пачаў ён будаваць храм Госпаду.

2 Храм, які пабудаваў цар Саламон Госпаду, даўжынёю быў шэсьцьдзясят локцяў, шырынёю дваццаць і вышынёю трыццаць локцяў,

3 і бабінец перад храмам дваццаць локцяў даўжыні, адпаведна шырыні храма, і дзесяць локцяў шырыні перад храмам.

4 І зрабіў ён у доме вокны рашотчатыя, глухія з адкосамі.

5 І зрабіў прыбудову вакол сьценаў храма, вакол храма і Сьвятога Сьвятых і зрабіў бакавыя пакоі вакол.

6 Ніжні ярус прыбудовы шырынёю быў пяць локцяў, сярэдні шырынёю шэсьць локцяў, а трэці шырынёю сем локцяў; бо вакол храма звонку зроблены былі выступы, каб прыбудова не дакраналася да сьценаў храма.

7 Калі будаваўся храм, на будоўлю ўжываліся абчасаныя камяні: ні молата, ні цесака, ні якога іншага жалезнага прыладзьдзя ня было чуваць у храме пры будаўніцтве яго.

8 Уваход у сярэдні ярус быў з правага боку храма. Па круглых лесьвіцах уваходзілі ў сярэдні ярус, а ад сярэдняга ў трэці.

9 І пабудаваў ён храм і скончыў яго, і ашаляваў храм кедровымі дошкамі.

10 І прыбудаваў да ўсяго храма бакавыя пакоі вышынёю пяць локцяў; яны прымацаваныя былі да храма кедровымі бярвеньнямі.

11 І было слова Госпада Саламону, і сказана яму:

12 вось, ты будуеш храм: калі ты будзеш трымацца статутаў Маіх і рабіць паводле пастановаў Маіх і захоўваць усе запаведзі Мае, чынячы паводле іх, дык Я спраўджу на табе слова Маё, якое Я сказаў Давіду, бацьку твайму,

13 і буду жыць сярод сыноў Ізраілевых і не пакіну народу Майго Ізраіля.

14 І пабудаваў Саламон храм і закончыў яго.

15 І ашаляваў сьцены храма ўсярэдзіне кедровымі дошкамі; ад падлогі храма да столі ўсярэдзіне ашаляваў дрэвам і накрыў падлогу храма кіпарысавымі дошкамі.

16 І зладзіў у заднім баку храма, за дваццаць локцяў ад краю, сьцяну, і ашаляваў сьцены і столь кедровымі дошкамі, і асталяваў давір для Сьвятога Сьвятых.

17 Сорак локцяў быў храм, гэта значыць, пярэдняя частка храма.

18 На кедрах усярэдзіне храма былі выразаны падабенствы гуркоў і кветак, якія распускаюцца; усё было пакрыта кедрам, каменя ня відаць было.

19 А Сьвятое Сьвятых усярэдзіне храма ён падрыхтаваў на тое, каб паставіць там каўчэг запавета Гасподняга.

20 І Сьвятое Сьвятых было ў даўжыню дваццаць локцяў, шырынёю дваццаць локцяў і вышынёю дваццаць локцяў; ён абклаў яго чыстым золатам; абклаў таксама і кедровы ахвярнік.

21 І абклаў Саламон храм усярэдзіне чыстым золатам, і працягнуў залатыя ланцугі перад давірам, і абклаў яго золатам.

22 Увесь храм ён абклаў золатам, увесь храм да канца, і ўвесь ахвярнік, які перад давірам, абклаў золатам.

23 І зрабіў у давіры двух херувімаў з масьлічнага дрэва, вышынёю ў дзесяць локцяў.

24 Адно крыло херувіма было пяць локцяў і другое крыло херувіма было пяць локцяў; дзесяць локцяў было ад аднаго канца крылаў яго да другога канца крылаў яго.

25 Дзесяць локцяў і другі херувім; аднолькавай меры і аднолькавага выгляду абодва херувімы.

26 Вышыня аднаго херувіма дзесяць локцяў, а таксама і другога херувіма.

27 І паставіў ён херувімаў сярод унутранай часткі храма. А крылы ў херувімаў былі раскінутыя, і даставала крыло аднаго да адной сьцяны, а крыло другога херувіма даставала да другой сьцяны; а другія крылы іх сярод храма сыходзіліся крыло да крыла.

28 І абклаў ён херувімаў золатам.

29 І на ўсіх сьценах храма вакол зрабіў розныя выявы херувімаў і пальмавых дрэў і кветак, якія распускаюцца, усярэдзіне і звонку.

30 І падлогу ў храме абклаў золатам ва ўнутранай і пярэдняй частках.

31 Для ўваходу ў давір зрабіў дзьверы з масьлічнага дрэва, з пяцікутнымі вушакамі.

32 На двух палавінах дзьвярэй з масьлічнага дрэва ён зрабіў розных херувімаў і пальмы і кветкі, якія распускаюцца, і абклаў золатам; пакрыў золатам і херувімаў і пальмы.

33 І каля ўваходу ў храм зрабіў вушакі з масьлічнага дрэва чатырохкутныя

34 і двое дзьвярэй з кіпарысавага дрэва; абедзьве палавіны адных дзьвярэй былі рухомыя, і абедзьве палавіны другіх дзьвярэй былі рухомыя.

35 І выразаў на іх херувімаў і пальмы і кветкі, якія распускаюцца, і абклаў золатам па разьбе.

36 І пабудаваў унутраны двор з трох радоў абчасанага каменю і з раду кедровых брусоў.

37 На чацьвёртым годзе, у месяцы Зіф, заклаў ён аснову храму Госпада,

38 а на адзінаццатым годзе, у месяцы Бул, - гэта месяц восьмы, - ён закончыў храм з усімі прыналежнасьцямі яго і паводле ўсіх прадпісаньняў ягоных: будаваў яго сем гадоў.

 

Разьдзел 7

 

1 А свой дом Саламон будаваў трынаццаць гадоў і закончыў увесь дом свой.

2 І пабудаваў ён дом з дрэва Ліванскага, даўжынёю сто локцяў, шырынёю пяцьдзясят локцяў, а вышынёю трыццаць локцяў, на чатырох радах кедровых слупоў; і кедровыя бярвеньні пакладзены былі на слупах.

3 І насланы быў памост з кедра над бярвеньнямі на сарака пяці слупах, па пятнаццаць у рад.

4 Аконных вушакоў было тры рады; і тры рады вокан, акно насупраць акна.

5 І ўсе дзьверы і дзьвярныя вушакі былі чатырохвугольныя, і акно насупраць акна, у тры рады.

6 І бабінец са слупоў зрабіў ён даўжынёю пяцьдзясят локцяў, шырынёю трыццаць локцяў, і перад імі ганак, і слупы, і парог перад імі.

7 Яшчэ бабінец з пасадам, зь якога ён судзіў, бабінец для судзілішча зрабіў ён і пакрыў усе падлогі кедрам.

8 У доме, дзе ён жыў, другі двор за бабінцам быў такога самага ўсталяваньня. І ў доме дачкі фараонавай, якую ўзяў за сябе Саламон, ён зрабіў такі самы бабінец.

9 Усё гэта было зроблена з дарагіх камянёў, абчасаных паводле памеру, абрэзаных пілою, з унутранага і вонкавага боку, ад асновы да выступаў, і з вонкавага боку да вялікага двара.

10 І ў фундамент пакладзены былі камяні дарагія, камяні вялікія, камяні дзесяць локцяў і камяні восем локцяў,

11 і зьверху дарагія камяні, абчасаныя паводле памеру, і кедр.

12 Вялікі двор абгароджаны быў вакол трыма радамі часаных камянёў і адным радам кедровых бярвеньняў; таксама і ўнутраны двор храма Госпада і бабінец храма.

13 І паслаў цар Саламон і ўзяў з Тыра Хірама,

14 сына адной удавы, з калена Нэфталімавага. Бацька яго Тыранін быў меднік; ён меў здольнасьць, майстэрства і ўменьне вырабляць усялякія рэчы зь медзі. І прыйшоў ён да цара Саламона і рабіў у яго ўсялякую працу:

15 і зрабіў ён два медныя слупы, кожны па васемнаццаць локцяў вышынёю, і шнурок дванаццаць локцяў абдымаў той і другі слуп;

16 і два вянкі, вылітыя зь медзі, ён зрабіў, каб пакласьці на вярху слупоў: пяць локцяў вышыні ў адным вянку і пяць локцяў вышыні ў другім вянку;

17 сеткі плеценага вырабу і шнуркі ў выглядзе ланцужкоў для вянкоў, якія былі на вярху слупоў: сем на адным вянку і сем на другім вянку.

18 Так зрабіў ён слупы і два рады гранатавых яблыкаў вакол сеткі, каб пакрыць вянкі, якія наверсе слупоў; тое самае зрабіў і для другога вянка.

19 А ў бабінцы вянкі наверсе слупоў зроблены як лілеі, у чатыры локці,

20 і вянкі на абодвух слупах наверсе, проста над выпуклінай, якая каля сеткі; і на другім вянку, радамі вакол, дзьвесьце гранатавых яблыкаў.

21 І паставіў слупы да бабінца храма; паставіў слуп па правы бок і даў яму імя Яхін, і паставіў слуп па левы бок і даў яму імя Воаз.

22 І над слупамі паставіў вянкі, зробленыя як лілеі. Так закончана праца над слупамі.

23 І зрабіў літае зь медзі мора, - ад краю яго да краю яго дзесяць локцяў, - зусім круглае, вышынёю пяць локцяў, і шнурок трыццаць локцяў абымаў яго вакол.

24 Падабенствы гуркоў пад краямі яго акружалі яго па дзесяць на локаць, акружалі мора з усіх бакоў у два рады; падабенствы гуркоў былі вылітыя зь ім адным ліцьцём.

25 Яно стаяла на дванаццаці валах: тры глядзелі на поўнач, тры глядзелі на захад, тры глядзелі на поўдзень і тры глядзелі на ўсход; мора ляжала на іх, і зады іх былі павернутыя ўсярэдзіну пад яго.

26 Таўшчынёю яно было ў далонь, і краі яго, зробленыя падобна да беражкоў чары, былі падобныя на лілею, якая распусьцілася. Яно ўмяшчала дзьве тысячы батаў.

27 І зрабіў ён дзесяць медных падставак; даўжыня кожнай падстаўкі - чатыры локці, шырыня - чатыры локці і тры локці - вышыня.

28 І вось будова падставак: у іх сьцены, сьцены паміж навугольнымі пласьцінамі;

29 на сьценах, якія паміж навугольнікамі, ільвы, валы і херувімы; таксама і на навугольніках, а вышэй і ніжэй ільвоў і валоў - раскідзістыя вянкі;

30 каля кожнай падстаўкі па чатыры медныя колы і восі медныя. На чатырох кутах выступы накшталт плячэй, выступы літыя зьнізу, пад чараю, каля кожнага вянка.

31 Адтуліна ад унутранага вянка да верху адзін локаць; адтуліна яго круглая, як у падножжа слупоў, паўтара локця і каля адтуліны яго выявы; але бакавыя сьцены чатырохкутныя, ня круглыя.

32 Пад сьценамі было чатыры колы, і восі колаў у падстаўках; вышыня кожнага кола - паўтара локця.

33 Будова колаў такая самая, як і будова колаў у калясьніцы; восі іх і абады іх і сьпіцы іх і калодкі іх, усё было літое.

34 Чатыры выступы на чатырох кутах кожнай падстаўкі; з падстаўкі выходзілі выступы яе.

35 І наверсе падстаўкі круглае ўзвышэньне на паўлокця вышыні; і на версе падстаўкі тронкі яе і сьцены яе з адной зь ёю масы.

36 І вырабіў ён на дошчачках яе тронкі і на сьценах яе херувімаў, львоў і пальмы, колькі дзе дазваляла месца, і вакол раскідзістыя вянкі.

37 Так зрабіў ён дзесяць падставак: ва ўсіх іх адно ліцьцё, адна мера, адзін выгляд.

38 І зрабіў дзесяць медных умывальніц: кожная ўмывальніца мясьціла сорак батаў, кожная ўмывальніца была чатыры локці, кожная ўмывальніца стаяла на адной зь дзесяці падставак.

39 І расставіў падстаўкі - пяць па правым баку храма і пяць па левым баку храма, а мора паставіў па правым баку храма, на паўднёва-ўсходнім баку.

40 І зрабіў Хірам умывальніцы і лапаткі і чары. І закончыў Хірам усю працу, якую рабіў у цара Саламона для храма Гасподняга:

41 два слупы і дзьве апаяскі вянкоў, якія наверсе слупоў,і дзьве сеткі для накрываньня двух апаясак вянкоў, якія наверсе слупоў;

42 і чатырыста гранатавых яблыкаў на кожную сетку, для накрываньня двух апаясак вянкоў, што на слупах;

43 і дзесяць падставак і дзесяць умывальніц на падстаўках;

44 адно мора і дванаццаць валоў пад морам;

45 і тазы, і лапаткі, і чары. Усе рэчы, якія зрабіў Хірам цару Саламону для храма Госпада, з паліраванай медзі.

46 Цар выліваў іх у гліністай зямлі, у ваколіцах Ярдана, паміж Сакхотам і Цартанам.

47 І паставіў Саламон усе гэтыя рэчы на месца. З прычыны іх вялікага мноства, вага медзі ня вызначаная.

48 І зрабіў Саламон усе рэчы, якія ў храме Госпада: залаты ахвярнік і залаты стол, на якім хлябы выстаўленыя;

49 і сьвяцільні - пяць па правы бок і пяць па левы бок, перад заднім аддзяленьнем храма, з чыстага золата, і кветкі, і лампадкі, і абцужкі з золата;

50 і місы, і нажы, і чары, і латкі, і кадзільніцы з чыстага золата, і петлі ў дзьвярах унутранага храма ў Сьвятым Сьвятых і ў дзьвярах у храме таксама з золата.

51 Так зьвершана ўся праца, якую рабіў цар Саламон для храма Госпада. І прынёс Саламон прысьвечанае Давідам, бацькам ягоным; срэбра і золата і рэчы аддаў у скарбніцы храма Гасподняга.

 

Разьдзел 8

 

1 Тады склікаў Саламон старэйшынаў Ізраільскіх і ўсіх начальнікаў каленаў, галоўных ад пакаленьняў сыноў Ізраілевых да цара Саламона ў Ерусалім, каб перанесьці каўчэг запавета Гасподняга з горада Давідавага, гэта значыць Сіёна.

2 І сабраліся да цара Саламона на сьвята ўсе Ізраільцяне, у месяцы Атаніме, які ёсьць сёмы месяц.

3 І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраілевыя; і паднялі сьвяшчэнны каўчэг,

4 і панесьлі каўчэг Гасподні і скінію сходу і ўсе сьвяшчэнныя рэчы, якія былі ў скініі; і несьлі іх сьвятары і лявіты.

5 А цар Саламон і зь ім усё супольства Ізраільскае, што сабралася да яго, ішлі перад каўчэгам, прыносячы ахвяры з дробнага і буйнога быдла, якое немагчыма палічыць і вызначыць паводле мноства яго.

6 І ўнесьлі сьвятары каўчэг запавета Гасподняга на месца ягонае, у давір храма, у Сьвятое Сьвятых, пад крылы херувімаў.

7 Бо херувімы распасьціралі свае крылы над месцам каўчэга, і пакрывалі херувімы зьверху каўчэг і жэрдкі яго.

8 І высунуліся жэрдкі так, што галоўкі жэрдак відны былі зь сьвяцілішча перад давірам, але ня выходзілі вонкі; яны там і да сёньня.

9 У каўчэгу нічога ня было, апрача двух каменных скрыжаляў, якія паклаў туды Майсей на Харыве, калі Гасподзь заключыў запавет з сынамі Ізраілевымі, пасьля выхаду іх зь зямлі Егіпецкай.

10 Калі сьвятары выйшлі зь сьвяцілішча, воблака напоўніла дом Гасподні;

11 і не маглі сьвятары стаяць на набажэнстве з прычыны воблака; бо слава Гасподняя напоўніла храм Гасподні.

12 Тады сказаў Саламон: Гасподзь сказаў, што Ён упадабаў быць у імгле;

13 я пабудаваў храм у жытлішчы Табе, месца, каб быць Табе вечна.

14 І павярнуўся цар абліччам сваім, і дабраславіў увесь сход Ізраільцянаў; увесь сход Ізраільцянаў стаяў.

15 І сказаў: дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, Які сказаў вуснамі сваімі Давіду, бацьку майму, і сёньня выканаў рукою сваёю! Ён казаў:

16 «з таго дня, як Я вывеў народ Мой Ізраіля зь Егіпта, Я ня выбраў горада ў ніводным з каленаў Ізраілевых, каб пабудаваны быў дом, у якім было б імя Маё; і выбраў Давіда, каб быць яму над народам Маім Ізраілем».

17 У Давіда, бацькі майго, было на сэрцы пабудаваць храм імя Госпада, Бога Ізраілевага;

18 але Гасподзь сказаў Давіду, бацьку майму: «у цябе ёсьць на сэрцы пабудаваць храм імю Майму; добра, што гэта ў цябе ляжыць на сэрцы;

19 аднак ты не пабудуеш храм, а сын твой, які выйшаў са сьцёгнаў тваіх, ён пабудуе храм імю Майму».

20 І спраўдзіў Гасподзь слова Сваё, якое прамовіў. Я ўступіў на месца бацькі майго Давіда, і сеў на троне Ізраілевым, як сказаў Гасподзь, і пабудаваў храм імя Госпада, Бога Ізраілевага;

21 і падрыхтаваў там месца каўчэгу, у якім запавет Госпада, заключаны Ім з бацькамі нашымі, калі Ён вывеў іх зь зямлі Егіпецкай.

22 І стаў Саламон перад ахвярнікам Гасподнім наперадзе ўсяго сходу Ізраільцянаў, і падняў рукі свае да неба,

23 і сказаў: Госпадзе, Божа Ізраілеў! няма падобнага Табе Бога на нябёсах угары і на зямлі ўнізе; Ты захоўваеш запавет і літасьць да рабоў Тваіх, якія ходзяць прад Табою ўсім сэрцам сваім.

24 Ты выканаў рабу Твайму Давіду, бацьку майму, што казаў яму; што прамовіў Ты вуснамі Тваімі, тое ў гэты дзень учыніў рукою Тваёю.

25 І сёньня, Госпадзе, Божа Ізраілеў, выканай рабу Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што казаў Ты яму, прамовіўшы: «ня мінецца ў цябе прад абліччам Маім той, хто сядзіць на троне Ізраілевым, калі толькі сыны твае будуць трымацца шляху свайго, ходзячы прад Мною так, як ты хадзіў прад Мною».

26 І сёньня, Госпадзе, Божа Ізраілеў, хай будзе слушнае слова Тваё, якое Ты прамовіў рабу Твайму Давіду, бацьку майму!

27 Сапраўды, ці ж Богу жыць на зямлі? Неба і неба нябёсаў не ўмяшчаюць Цябе, тым меней гэты храм, які я пабудаваў;

28 але ўважы малітве раба Твайго і прашэньню ягонаму, Госпадзе, Божа мой; пачуй позву і малітву, якою раб Твой умольвае Цябе сёньня.

29 Хай будуць вочы Твае адкрытыя на храм гэты ўдзень і ўночы, на гэтае месца, пра якое Ты сказаў: «Маё імя будзе там»; пачуй малітву, якою будзе маліцца раб Твой на месцы гэтым.

30 Пачуй маленьне раба Твайго і народу Твайго Ізраіля, калі яны будуць маліцца на месцы гэтым; пачуй на месцы перабываньня Твайго, на нябёсах, пачуй і зьлітуйся.

31 Калі хто згрэшыць супроць блізкага свайго, і спатрабуе зь яго прысягі, каб ён запрысягнуўся, і дзеля прысягі прыйдуць да ахвярніка Твайго, у храм гэты;

32 тады Ты пачуй зь неба, і ўчыні суд над рабамі Тваімі, зьвінаваці вінаватага, паклаўшы ўчынак яго на галаву ягоную, і апраўдай невінаватага, даўшы яму паводле праўды ягонай.

33 Калі народ Твой Ізраіль будзе пабіты няпрыяцелем за тое, што зграшыў прад Табою, і калі яны зьвернуцца да Цябе, і вызнаюць імя Тваё, і будуць прасіць і ўмольваць Цябе ў гэтым храме:

34 тады Ты пачуй зь неба, і даруй грэх народу Твайго Ізраіля, і вярні іх у зямлю, якую Ты даў бацькам іхнім.

35 Калі замкнецца неба і ня будзе дажджу за тое, што яны згрэшаць прад Табою, і калі памоляцца на месцы гэтым і вызнаюць імя Тваё і адвернуцца ад грэху свайго, бо Ты ўпакорыў іх,

36 тады пачуй зь неба і даруй грэх рабоў Тваіх і народу Твайго Ізраіля, указаўшы ім добры шлях, па якім ісьці, і пашлі дождж на зямлю Тваю, якую Ты даў народу Твайму ў спадчыну.

37 Ці будзе на зямлі голад, ці будзе пошасьць, ці будзе палючы вецер, іржа, саранча, чэрві, ці няпрыяцель будзе ўціскаць яго на зямлі ягонай, ці будзе якое бедства, якая хвароба;

38 пры ўсякай малітве, пры ўсякім маленьні, якое будзе ад якога-небудзь чалавека ва ўсім народзе Тваім Ізраілі, калі яны адчуюць бедства ў сэрцы сваім і працягнуць рукі свае да храма гэтага,

39 Ты пачуй зь неба, зь месца, дзе Ты ёсьць, і памілуй; зрабі і дай кожнаму паводле шляхоў ягоных, як Ты ўбачыш сэрца ягонае, бо Ты адзін ведаеш сэрца ўсіх сыноў чалавечых;

40 каб яны баяліся Цябе праз усе дні, пакуль жывуць на зямлі, якую Ты даў бацькам нашым.

41 Калі і іншапляменец, які не ад Твайго народу Ізраіля, прыйдзе зь зямлі далёкай дзеля імя Твайго,

42 бо яны пачуюць пра Тваё імя вялікае і пра Тваю руку моцную і пра Тваю мышцу прасьцёртую, і прыйдзе ён і памоліцца каля храма гэтага,

43 пачуй зь неба, зь месца, дзе Ты, і зрабі ўсё, пра што будзе заклікаць да Цябе іншапляменец, каб усе народы зямлі ведалі імя Тваё, каб баяліся Цябе, як народ Твой Ізраіль, каб ведалі, што імем Тваім называецца храм гэты, які я пабудаваў.

44 Калі выйдзе народ Твой на вайну супроць ворага свайго шляхам, якім Ты пашлеш яго, і будзе маліцца Госпаду, павярнуўшыся да горада, які Ты абраў, і да храма, які я пабудаваў імю Твайму,

45 тады пачуй зь неба малітву іхнюю і прашэньне іхняе і зрабі, што трэба ім.

46 Калі яны згрэшаць прад Табою, - бо няма чалавека, які не грашыў бы, - і Ты ўгневаешся на іх, і аддасі іх ворагам, і тыя, што паланілі іх і павядуць іх у няпрыяцельскую зямлю, далёкую альбо блізкую,

47 і калі яны на зямлі, у якой будуць жыць у палоне, увойдуць у сябе і зьвернуцца і будуць маліцца Табе на зямлі тых, што паланілі іх, кажучы: «мы зграшылі, учынілі беззаконьне, мы вінаватыя»,

48 і калі павернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёю ў зямлі ворагаў, якія паланілі іх, і будуць маліцца Табе, павярнуўшыся да зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, да горада, які Ты абраў, і да храма, які я пабудаваў імю Твайму,

49 тады пачуй зь неба, зь месца, дзе Ты, малітву і прашэньне іхняе і зрабі, што трэба ім;

50 і даруй народу Твайму, у чым ён зграшыў прад Табою, і ўсе благія ўчынкі ягоныя, якія ён зрабіў прад Табою, і абудзі спагаду да іх у тых, што паланілі іх, каб яны былі мілажальныя да іх:

51 бо яны - Твой народ і Твой надзел, які Ты вывеў зь Егіпта, з жалезнай печы.

52 Хай будуць вочы Твае адкрытыя на малітву раба Твайго і на малітву народу Твайго Ізраіля, каб чуць іх заўсёды, калі яны будуць заклікаць Цябе,

53 бо Ты аддзяліў іх сабе ў надзел з усіх народаў зямлі, як Ты сказаў праз Майсея, раба Твайго, калі вывеў бацькоў нашых зь Егіпта, Уладыка Госпадзе!

54 Калі Саламон прамовіў усё гэта маленьне і прашэньне да Госпада, тады ўстаў з каленяў ад ахвярніка Гасподняга, а рукі ягоныя былі паднятыя да неба.

55 І стоячы дабраславіў увесь сход Ізраільцянаў, гучным голасам кажучы:

56 дабраславёны Гасподзь, Які даў спакой народу Свайму Ізраілю, як казаў! не засталося нявыкананага ніводнага слова з усіх добрых слоў Яго, якія Ён прамовіў праз раба Свайго Майсея;

57 хай будзе з намі Гасподзь Бог наш, як быў Ён з бацькамі нашымі, хай не пакіне нас,

58 схіляючы да Сябе сэрца наша, каб мы хадзілі па ўсіх шляхах Ягоных і захоўвалі запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя і законы Ягоныя, якія Ён наказаў бацькам нашым;

59 і хай будуць словы гэтыя, якімі я маліўся прад Госпадам, блізкія да Госпада Бога нашага ўдзень і ўначы, каб Ён рабіў, што трэба рабу Свайму, і што трэба народу Свайму Ізраілю, дзень у дзень,

60 каб усе народы ўведалі, што Гасподзь ёсьць Бог, і няма апрача Яго;

61 хай будзе сэрца ваша цалкам аддадзена Госпаду Богу нашаму, каб хадзіць паводле пастановаў Ягоных і захоўваць запаведзі Ягоныя, як сёньня.

62 І цар і ўсе Ізраільцяне зь ім прынесьлі ахвяру Госпаду.

63 І прынёс Саламон мірную ахвяру, якую прынёс ён Госпаду, дваццаць дзьве тысячы буйнога быдла і сто дваццаць тысяч дробнага быдла. Так асьвяціў храм Госпаду цар і ўсе сыны Ізраілевыя.

64 І ў той самы дзень асьвяціў цар сярэднюю частку двара, які перад храмам Гасподнім, учыніўшы там цэласпаленьне і хлебнае прынашэньне і ўзьнёсшы тлушч мірных ахвяр, бо медны ахвярнік, які прад Госпадам, быў малы пад памяшканьні цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня і тлушчу мірных ахвяр.

65 І зрабіў Саламон у гэты час сьвята, і ўвесь Ізраіль зь ім, - вялікі сход, які сышоўся ад уваходу ў Эмат да ракі Егіпецкай прад Госпадам Богам нашым; - сем дзён і яшчэ сем дзён, чатырнаццаць дзён.

66 На восьмы дзень Саламон адпусьціў народ. І дабраславілі цара і пайшлі ў намёты свае, радуючыся і вяселячыся ў сэрцы за ўсё добрае, што зрабіў Гасподзь рабу Свайму Давіду і народу Свайму Ізраілю.

 

Разьдзел 9

 

1 Пасьля таго, як Саламон закончыў будаўніцтва храма Гасподняга і дома царскага і ўсё, што Саламон хацеў зрабіць,

2 зьявіўся Саламону Гасподзь другі раз, як зьявіўся яму ў Гаваоне.

3 І сказаў яму Гасподзь: Я пачуў малітву тваю і просьбу тваю, чаго ты прасіў у Мяне. Я асьвяціў гэты храм, які ты збудаваў, каб быць імю Майму там вечна; і будуць вочы Мае і сэрца Маё там ва ўсе дні.

4 І калі ты будзеш хадзіць прад абліччам Маім, як хадзіў бацька твой Давід, у чысьціні сэрца і ў праўдзе, выконваючы ўсё, што Я наказаў табе, і калі будзеш захоўваць пастановы Мае і законы Мае,

5 дык Я пастаўлю царскі трон твой над Ізраілем навечна, як Я сказаў бацьку твайму Давіду, кажучы: не перапыніцца ў цябе той, хто сядзіць на троне Ізраілевым.

6 Калі ж вы і сыны вашыя адступіце ад Мяне і ня будзеце трымацца наказаў Маіх і пастановаў Маіх, якія Я даў вам, і пойдзеце і пачняце служыць іншым багам і пакланяцца ім,

7 дык Я зьнішчу Ізраіля з улоньня зямлі, якую Я даў яму, і храм, які я асьвяціў імю Майму, адкіну ад аблічча Майго, і будзе Ізраіль прытчаю і пасьмешышчам ува ўсіх народаў.

8 І пра храм гэты высокі, кожны, хто праходзіцьме міма яго, жахнецца і сьвісьне, і скажа: за што Гасподзь зрабіў так з гэтаю зямлёю і з гэтым храмам?

9 І скажуць: за тое, што яны пакінулі Госпада Бога свайго, Які вывеў бацькоў іхніх зь зямлі Егіпецкай, і прынялі іншых багоў, і пакланяліся ім, і служылі ім, - за гэта навёў на іх Гасподзь ўсё гэта бедства.

10 Праз дваццаць гадоў, за якія Саламон пабудаваў два дамы, - дом Гасподні і дом царскі, -

11 на што Хірам, цар Тырскі, дастаўляў Саламону дрэвы кедровыя і дрэвы кіпарысавыя і золата, па яго жаданьні, - цар Саламон даў Хіраму дваццаць гарадоў у зямлі Галілейскай.

12 І выйшаў Хірам з Тыра паглядзець гарады, якія даў яму Саламон, і яны не спадабаліся яму.

13 І сказаў ён: што гэта за гарады, якія ты, брат мой, даў мне? І назваў іх зямлёю Кавул, як называюцца яны па сёньня.

14 І паслаў Хірам цару сто дваццаць талантаў золата.

15 Вось распараджэньне пра падатак, які наклаў цар Саламон, каб пабудаваць храм Гасподні і дом свой, і Міло і сьцяну Ерусалімскую, Гацор і Мэгідо і Газэр.

16 Фараон, цар Егіпецкі, прыйшоў і ўзяў Газэр, і спаліў яго агнём, і Хананэяў, якія жылі ў горадзе, пабіў, і аддаў яго ў пасаг дачцэ сваёй, жонцы Саламонавай.

17 І пабудаваў Саламон Газэр і ніжні Бэтарон,

18 і Ваалат і Тадмор у пустыні,

19 і ўсе гарады пад запасы, якія былі ў Саламона, і гарады пад калясьніцы і гарады пад коньніцу, і ўсё тое, што Саламон хацеў пабудаваць у Ерусаліме і на Ліване і ва ўсёй зямлі свайго валоданьня.

20 Увесь народ, які застаўся ад Амарэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў, Евусэяў, якія былі ня з сыноў Ізраілевых,

21 дзяцей іхніх, якія засталіся пасьля іх на замлі, якіх сыны Ізраілевыя не маглі вынішчыць, Саламон зрабіў аброчнымі працаўнікамі да сёньня.

22 А сыноў Ізраілевых Саламон не рабіў работнікамі, але яны былі ягонымі воінамі, ягонымі слугамі, ягонымі вяльможамі, ягонымі ваеначальнікамі і правадырамі ягоных калясьніц і ягоных вершнікаў.

23 Вось галоўныя прыстаўнікі над працамі Саламонавымі: тых, што кіравалі работамі, было пяцьсот пяцьдзясят.

24 Дачка фараонавая перайшла з горада Давідавага ў свой дом, які пабудаваў ёй Саламон. Потым пабудаваў ён Міло.

25 І прыносіў Саламон тры разы на год цэласпаленьні і мірныя ахвяры на ахвярніку, які ён пабудаваў Госпаду, і дымленьне на ім учыняў прад Госпадам. І закончыў ён будаўніцтва дома.

26 Цар Саламон таксама зрабіў карабель у Эцыён-Гавэры, што каля Элата, на беразе Чарэмнага мора, у зямлі Ідумэйскай.

27 І паслаў Хірам на караблі сваіх падданых карабельнікаў, якія ведалі мора, з падданымі Саламонавымі;

28 і выправіліся яны ў Афір, і ўзялі адтуль золата чатырыста дваццаць талантаў, і прывезлі цару Саламону.

 

Разьдзел 10

 

1 Царыца Саўская, дачуўшыся пра славу Саламона ў імя Госпада, прыйшла выпрабаваць яго загадкамі.

2 І прыйшла яна ў Ерусалім зь вельмі вялікім багацьцем: вярблюды наўючаны былі пахошчамі і вялікім мноствам золата і каштоўнымі камянямі; і прыйшла да Саламона і гутарыла зь ім пра ўсё, што было ў яе на сэрцы.

3 І растлумачыў ёй Саламон ўсе словы яе, і ня было нічога не вядомага цару, чаго б ён не растлумачыў ёй.

4 І ўбачыла царыца Саўская ўсю мудрасьць Саламона і дом, які ён пабудаваў,

5 і ежу за сталом у яго, і жытло рабоў ягоных, і статнасьць слуг ягоных, і вопратку іхнюю, і чашнікаў ягоных, і цэласпаленьні ягоныя, якія ён прыносіў у храме Гасподнім. І не магла яна болей стрымацца

6 і сказала цару; слушна тое, што я чула ў зямлі сваёй пра дзеі твае і пра мудрасьць тваю;

7 але я ня верыла словам, пакуль ня прыйшла, і ня ўбачылі вочы мае: і вось, мне і палавіны ня сказана; мудрасьці і багацьця ў цябе болей, чым як я чула.

8 Шчасныя людзі твае і шчасныя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад табою і чуюць мудрасьць тваю!

9 Хай будзе дабраславёны Гасподзь Бог твой, які дабраволіў пасадзіць цябе на трон Ізраілеў! Гасподзь, у вечнай любові Сваёй да Ізраіля, паставіў цябе царом - чыніць суд і праўду.

10 І падарыла яна цару сто дваццаць талантаў золата і вялікае мноства пахошчаў і каштоўныя камяні: ніколі яшчэ ня прыходзіла такога мноства пахошчаў, якое падарыла царыца Саўская цару Саламону.

11 І карабель Хірамаў, які прывозіў золата з Афіра, прывёз з Афіра вялікае мноства чырвонага дрэва і каштоўных камянёў.

12 І зрабіў цар з гэтага чырвонага дрэва парэнчы для храма Гасподняга і для дома царскага, і гусьлі і псалтыры сьпевакам. Ніколі ня прыходзіла столькі чырвонага дрэва і ня відаць было да гэтага дня.

13 І цар Саламон даў царыцы Саўскай усё, чаго яна жадала і чаго прасіла, звыш таго, што падарыў ёй цар Саламон сваімі рукамі. І выправілася яна назад у сваю зямлю, яна і ўсе слугі яе.

14 У золаце, якое прыходзіла Саламону кожны год, вагі было шасьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талантаў залатых,

15 звыш таго, што атрымлівалі ад разносчыкаў тавару і ад гандлю купцоў, і ад усіх цароў Аравійскіх і ад абласных начальнікаў.

16 І зрабіў цар Саламон дзьвесьце вялікіх шчытоў з каванага золата, па шэсьцьсот сікляў пайшло на кожны шчыт;

17 і трыста меншых шчытоў з каванага золата, па тры міны золата пайшло на кожны шчыт; і паставіў іх цар у доме зь ліванскага дрэва.

18 І зрабіў цар вялікі трон са слановай косьці і абклаў яго чыстым золатам;

19 да трона было шэсьць прыступак; верх за тронам быў круглы, і былі абапал каля месца сядзеньня поручы, і два львы стаялі каля поручаў;

20 і яшчэ дванаццаць ільвоў стаялі там на шасьці прыступках абапал. Падобнага на гэта ня бывала ні ў адным царстве.

21 І ўвесь посуд для піцьця ў цара Саламона быў залаты,і ўвесь посуд у доме зь ліванскага дрэва быў з чыстага золата; з срэбра нічога ня было, бо срэбра ў дні Саламонавыя лічылася ні за што;

22 бо ў цара быў на моры Тарсіскі карабель з караблём Хірамавым; адзін раз у тры гады прыходзіў Тарсіскі карабель, - прывозіў золата і срэбра, і слановую косьць, і малпаў, і паваў.

23 Цар Саламон пераўзыходзіў усіх цароў багацьцем і мудрасьцю.

24 І ўсе цары на зямлі намагаліся ўбачыць Саламона, каб паслухаць мудрасьці ягонай, якую ўклаў Бог у сэрца ягонае.

25 І яны падносілі яму, кожны ад сябе, у дарунак: посуд срэбны і залаты, і вопратку і зброю і пахошчы, коней і мулаў кожны год.

26 І набраў Саламон калясьніц і вершнікаў; у яго было тысяча чатырыста калясьніц і дванаццаць тысяч вершнікаў; і разьмясьціў ён іх па калясьнічных гарадах і пры цары ў Ерусаліме.

27 І зрабіў цар срэбра ў Ерусаліме роўнавартасным з простымі камянямі, а кедры, паводле іх мноства, зрабіў роўнавартаснымі зь сікаморамі, якія растуць на нізкіх месцах.

28 А коней цару Саламону прыводзілі зь Егіпта і з Кувы; царскія купцы куплялі іх з Кувы за грошы.

29 Калясьніцу зь Егіпта атрымлівалі і дастаўлялі за шэсьцьсот сікляў срэбра, а конь за сто пяцьдзясят. Такім самым чынам яны рукамі сваімі дастаўлялі ўсё гэта царам Хэтэйскім і царам Арамэйскім.

 

Разьдзел 11

 

1 І пакахаў цар Саламон многіх чужаземных жанчын, апрача дачкі фараонавай, Маавіцянак, Аманіцянак, Ідумэянак, Сіданянак, Хэтэянак,

2 з тых народаў, пра якіх Гасподзь сказаў сынам Ізраілевым: не ўваходзьце да іх, і яны хай не ўваходзяць да вас, каб яны ня схілілі сэрца вашага да сваіх багоў. Да іх прыляпіўся Саламон каханьнем.

3 І было ў яго сямсот жонак і трыста наложніц; і разбэсьцілі жонкі сэрца ягонае.

4 У час старасьці Саламона жонкі яго схілілі сэрца ягонае да іншых багоў, і сэрца ягонае ня было цалкам адданае Госпаду Богу свайму, як сэрца Давіда, бацькі ягонага.

5 І пачаў Саламон служыць Астарце, божышчу Сідонскаму, і Мілхому, мярзоце Аманіцкай.

6 І рабіў Саламон неспадобнае прад вачыма Госпада і не належна ішоў за Госпадам, як Давід, бацька ягоны.

7 Тады пабудаваў Саламон капішча Хамосу, мярзоце Маавіцкай, на гары, якая перад Ерусалімам, і Малоху, мярзоце Аманіцкай.

8 Так зрабіў ён усім сваім чужаземным жонкам, якія кадзілі і прыносілі ахвяры сваім багам.

9 І разгневаўся Гасподзь на Саламона за тое, што ён ухіліў сэрца сваё ад Госпада Бога Ізраілевага, Які два разы зьяўляўся яму

10 і наказаў яму, каб ён ня ішоў за іншымі багамі; але ён ня выканаў таго, што наказаў яму Гасподзь.

11 І сказаў Гасподзь Саламону: за тое, што так у цябе робіцца, і ты не захаваў запавету Майго і пастановаў Маіх, якія Я наказаў табе, Я адбяру ад цябе царства і аддам яго рабу твайму;

12 але ў дні твае Я не зраблю гэтага дзеля Давіда, бацькі твайго: з рукі сына твайго адбяру яго;

13 і ня ўсё царства адбяру: адно калена дам сыну твайму дзеля Давіда, раба Майго, і дзеля Ерусаліма, які Я выбраў.

14 І падняў Гасподзь праціўніка на Саламона, Адэра Ідумэяніна, з царскага Ідумэйскага роду.

15 Калі Давід быў у Ідумэі, і ваеначальнік Ёаў прыйшоў дзеля пахаваньня забітых і пабіў увесь мужчынскі пол у Ідумэі, -

16 бо шэсьць месяцаў пражыў там Ёаў і ўсе Ізраільцяне, пакуль ня вынішчылі ўсяго мужчынскага полу ў Ідумэі,

17 тады гэты Адэр уцёк у Егіпет і зь ім некалькі Ідумэянаў, якія служылі пры бацьку ягоным; Адэр быў тады малым дзіцём.

18 Выправіўшыся з Мадыяма, яны прыйшлі ў Фаран і ўзялі з сабою людзей з Фарана і прыйшлі ў Егіпет да фараона - цара Егіпецкага. Адэр ўвайшоў да фараона, і ён даў яму дом, і назначыў яму ўтрыманьне, і даў яму зямлю.

19 Адэр здабыў у фараона вялікую міласьць, так што ён даў яму за жонку сястру сваёй жонкі, сястру царыцы Тахпэнэсы.

20 І нарадзіла яму сястра Тахпенэсы сына Генувата. Тахпэнэса выхоўвала яго ў доме фараонавым; і жыў Генуват у доме фараонавым разам з сынамі фараонавымі.

21 Калі Адэр дачуўся, што Давід спачыў з бацькамі сваімі і што ваеначальнік Ёаў памёр, дык сказаў фараону: адпусьці мяне, я пайду ў сваю зямлю.

22 І сказаў яму фараон: хіба ты маеш патрэбу ў чым-небудзь у мяне, што хочаш ісьці ў сваю зямлю? Ён адказваў: не, але адпусьці мяне.

23 І падняў Бог супроць Саламона яшчэ праціўніка - Разона, сына Эліяды, які ўцёк ад гаспадара свайго Адраазара, цара Суўскага,

24 і, сабраўшы вакол сябе людзей, зрабіўся начальнікам шайкі, пасьля таго, як Давід разьбіў Адраазара; і пайшлі яны ў Дамаск, і ўсяліліся там, і валадарылі ў Дамаску.

25 І быў ён праціўнікам Ізраіля ва ўсе дні Саламона. Акрамя ліха, учыненага Адэрам, ён заўсёды шкодзіў Ізраілю і зрабіўся царом Сірыі.

26 І Ераваам, сын Наватаў, Яфрэмлянін з Царэды, - імя маці ягонай удавы - Цэруа, - раб Саламонаў, падняў руку на цара.

27 І вось прычына, чаму ён падняў руку на цара: Саламон будаваў Міло, рамантаваў пашкоджаньні ў горадзе Давіда, бацькі свайго.

28 Ераваам быў чалавек мужны. Саламон, заўважыўшы, што гэты малады чалавек умее рабіць справу, паставіў яго наглядчыкам над аброчнымі з дома Язэпавага.

29 У той час здарылася Еравааму выйсьці зь Ерусаліма; і сустрэў яго на дарозе прарок Ахія Сіламлянін, і на ім была новая вопратка. У полі іх было толькі двое.

30 І ўзяў Ахія новую вопратку, якая была на ім, разадраў яе на дванаццаць частак,

31 і сказаў Еравааму: вазьмі сабе дзесяць частак, бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: вось, Я адбіраю царства з рукі Саламонавай і даю табе дзесяць каленаў,

32 а адно калена застанецца за ім дзеля раба Майго Давіда і дзеля горада Ерусаліма, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых.

33 Гэта за тое, што яны пакінулі Мяне і пачалі пакланяцца Астарце, божышчу Сідонскаму, і Хамосу, богу Маавіцкаму, і Мілхому, богу Аманіцкаму, і не пайшлі шляхамі Маімі, каб рабіць добрае прад вачамі Маімі і захоўваць пастановы Мае, падобна Давіду, бацьку ягонаму.

34 Я не бяру ўсяго царства з рукі яго, але Я пакідаю яго ўладаром на ўсе дні жыцьця ягонага дзеля Давіда, раба Майго, якога Я выбраў, які трымаўся наказаў Маіх і пастановаў Маіх;

35 а вазьму царства з рукі сына ягонага і дам табе зь яго дзесяць каленаў;

36 а сыну ягонаму дам адно калена, каб заставалася сьвяцільня Давіда, раба Майго, ва ўсе дні прад абліччам Маім, у горадзе Ерусаліме, які Я выбраў Сабе дзеля імя Майго.

37 Цябе Я выбіраю, і ты будзеш валадарыць над усім, чаго запрагне душа твая, і будзеш царом над Ізраілем;

38 і калі будзеш захоўваць усё, што Я наказваю табе, і будзеш хадзіць шляхамі Маімі і рабіць спадобнае перад вачыма Маімі, захоўваючы пастановы Мае і запаведзі Мае, як рабіў раб Мой Давід, дык Я буду з табою і зладжу табе дом моцны, як Я зладзіў Давіду, і аддам табе Ізраіля;

39 і ўпакору Я род Давідаў за гэта, але не на ўсе дні.

40 А Саламон хацеў сьмерці Ераваама; але Ераваам устаў і ўцёк у Егіпет да Сусакіма, цара Егіпецкага, і жыў у Егіпце да сьмерці Саламонавай.

41 Астатнія падзеі Саламонавыя і ўсё, што ён рабіў, і мудрасьць ягоная апісаны ў кнізе дзеяў Саламонавых.

42 Часу цараваньня Саламонавага ў Ерусаліме над усім Ізраілем было сорак гадоў.

43 І спачыў Саламон з бацькамі сваімі і пахаваны быў у горадзе Давіда, бацькі свайго, і зацараваў замест яго сын ягоны Раваам.

 

Разьдзел 12

 

1 І пайшоў Раваам у Сіхем, бо ў Сіхем прыйшлі ўсе Ізраільцяне, каб узьвесьці яго ў цара.

2 І дачуўся пра тое Ераваам, сын Наватаў, калі быў яшчэ ў Егіпце, куды ўцёк ад цара Саламона, і вярнуўся Ераваам зь Егіпта;

3 і паслалі па яго і паклікалі яго. Тады Ераваам і ўвесь збор Ізраільцянаў прыйшлі і казалі Равааму і сказалі:

4 бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо, а ты паслабі нам жорсткую працу бацькі твайго і цяжкае ярмо, якое ён наклаў на нас, і тады мы будзем служыць табе.

5 І сказаў ён ім: ідзеце і праз тры дні зноў прыйдзеце да мяне. І пайшоў народ.

6 Цар Раваам раіўся са старцамі, якія стаялі перад Саламонам, бацькам ягоным, пры жыцьці яго, і казаў: як параіце вы мне адказваць гэтаму народу?

7 Яны казалі яму і сказалі: калі ты на гэты дзень будзеш слугою народу гэтаму і саслужыш яму, і дагодзіш ім, і будзеш гаварыць зь ім ласкава, дык яны будуць тваімі рабамі на ўсе дні.

8 Але ён пагардзіў парадай старцаў, што яны раілі яму, і раіўся з маладымі людзьмі, якія вырасьлі разам зь ім і якія стаялі перад ім,

9 і сказаў ім: што вы параіце мне адказваць народу гэтаму, які гаварыў мне і сказаў: паслабі ярмо, якое наклаў на нас бацька твой?

10 І казалі яму маладыя людзі, якія вырасьлі разам зь ім, і сказалі: так скажы народу гэтаму, які гаварыў табе і сказаў: «бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо, а ты паслабі нас»; так скажы ім: мой мезенец таўсьцейшы за сьцёгны бацькі майго;

11 дык вось, калі бацька мой абцяжарваў вас цяжкім ярмом, дык я павялічу ярмо ваша; бацька мой караў вас бічамі, а я буду караць вас скарпіёнамі.

12 Ераваам і ўвесь народ прыйшлі да Раваама на трэці дзень, як загадаў цар, сказаўшы: прыйдзеце да мяне на трэці дзень.

13 І адказаў цар народу сурова і пагардзіў парадай старцаў, што яны раілі яму;

14 і гаварыў ён паводле парады маладых людзей і сказаў: бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я павялічу ярмо ваша; бацька мой караў вас бічамі, а я буду караць вас скарпіёнамі.

15 І не паслухаўся цар народу, бо так наканавана было Госпадам, каб спраўдзілася слова Ягонае, якое прамовіў Гасподзь праз Ахію Сіламяніна Еравааму, сыну Наватаваму.

16 І ўбачылі Ізраільцяне, што цар не паслухаўся іх. І адказаў народ цару і сказаў: якая нам доля ў Давідзе? няма нам долі ў сыне Есэевым; па намётах сваіх, Ізраіле! цяпер ведай свой дом, Давідзе! І разышоўся Ізраіль па намётах сваіх.

17 Толькі над сынамі Ізраілевымі, якія жылі ў гарадах Юдавых, валадарыў Раваам.

18 І паслаў цар Раваам Аданірама, начальніка над падаткамі; але ўсе Ізраільцяне закідалі яго камянямі, і ён памёр; а цар Раваам пасьпешна ўзышоў на калясьніцу, каб зьбегчы ў Ерусалім.

19 І адкалоўся Ізраіль ад дома Давідавага да гэтага дня.

20 Калі пачулі ўсе Ізраільцяне, што Ераваам вярнуўся, дык паслалі і паклікалі яго на збор і паставілі царом яго над усімі Ізраільцянамі. За домам Давідавым не засталося нікога, апрача калена Юдавага і Веньямінавага.

21 Раваам, прыбыўшы ў Ерусалім, сабраў з усяго дома Юдавага і з калена Веньямінавага сто восемдзесят тысяч адборных воінаў, каб ваяваць з домам Ізраілевым дзеля таго, каб вярнуць царства Равааму, сыну Саламонаваму.

22 І было слова Божае Самэю, чалавеку Божаму, і сказана:

23 скажы Равааму, сыну Саламонаваму, цару Юдэйскаму, і ўсяму дому Юдаваму і Веньямінаваму і астатняму народу:

24 так кажа Гасподзь: не хадзеце і не пачынайце вайны з братамі вашымі, сынамі Ізраілевымі; вярнецеся кожны ў дом свой, бо ад Мяне гэта было. І паслухаліся яны слова Гасподняга і пайшлі назад па слове Гасподнім.

25 І забудаваў Ераваам Сіхем на гары Яфрэмавай і пасяліўся ў ім; адтуль пайшоў і пабудаваў Пенуіл.

26 І казаў Ераваам у сэрцы сваім: царства можа зноў перайсьці да дома Давідавага;

27 калі народ гэты будзе хадзіць у Ерусалім дзеля ахвяраваньня ў доме Гасподнім, дык сэрца народу гэтага павернецца да гаспадара свайго, да Раваама, цара Юдэйскага, і заб'юць яны мяне і вернуцца да Раваама, цара Юдэйскага.

28 І параіўшыся цар зрабіў двух залатых цялят і сказаў: ня трэба вам хадзіць у Ерусалім; вось багі твае, Ізраіль, якія вывелі цябе зь зямлі Егіпецкай.

29 І паставіў аднаго ў Вэтылі, а другога ў Дане.

30 І павяло гэта да грэху, бо народ пачаў хадзіць да аднаго зь іх, нават у Дан.

31 І пабудаваў ён капішча на вышыні і паставіў з народу сьвятароў, якія ня былі з сыноў Лявііных.

32 І ўстанавіў Ераваам сьвята ў восьмы месяц, у пятнаццаты дзень месяца, падобнае на тое сьвята, якое было ў Юдэі, і прыносіў ахвяры на ахвярніку; тое самае ён зрабіў у Вэтылі, каб прыносіць ахвяру цялятам, якіх зрабіў. І паставіў у Вэтылі сьвятароў вышыняў, якія зладзіў,

33 і прынёс ахвяры на ахвярніку, які ён зрабіў у Вэтылі, у пятнаццаты дзень восьмага месяца, месяца, які ён адвольна назначыў; і ўстанавіў сьвята сынам Ізраілевым, і падышоў да ахвярніка, каб учыніць дымленьне.

 

Разьдзел 13

 

1 І вось, чалавек Божы прыйшоў з Юдэі па слове Гасподнім у Вэтыль, у той час, як Ераваам стаяў каля ахвярніка, каб учыніць дымленьне.

2 І прамовіў да ахвярніка слова Гасподняе і сказаў: ахвярнік, ахвярнік! так кажа Гасподзь: вось, народзіцца сын дому Давідаваму, імя яму Ёсія, і прынясе на табе ў ахвяру сьвятароў вышыняў, якія ўчыняюць на табе дымленьне, і чалавечыя косьці спаліць на табе.

3 І даў у той дзень азнаку, сказаўшы: вось азнака таго, што гэта прамовіў Гасподзь: вось, гэты ахвярнік разваліцца, і попел, які на ім, рассыпецца.

4 Калі цар пачуў слова чалавека Божага, прамоўленае да ахвярніка ў Вэтылі, дык працягнуў Ераваам руку сваю ад ахвярніка, кажучы: вазьмеце яго. І зьдзеравянела рука ягоная, якую ён працягнуў на яго, і ня мог ён вярнуць яе да сябе.

5 І ахвярнік разваліўся, і попел з ахвярніка рассыпаўся, па азнацы, якую даў чалавек Божы словам Гасподнім.

6 І сказаў цар Ераваам чалавеку Божаму: умілажаль аблічча Госпада Бога твайго і памаліся за мяне, каб рука мая магла вярнуцца да мяне. І ўмілажаліў чалавек Божы аблічча Госпада, царовая рука вярнулася да яго і зрабілася як раней.

7 І сказаў цар чалавеку Божаму: зайдзі са мною ў дом і падмацуй сябе ежаю, і я дам табе дарунак.

8 Але чалавек Божы сказаў цару: хоць бы ты даваў мне паўдома твайго, я не пайду з табою і ня буду есьці хлеба і ня буду піць вады ў гэтым месцы,

9 бо так наказана мне словам Гасподнім: ня еж там хлеба і ня пі вады і не вяртайся тою дарогаю, якою ты ішоў.

10 І пайшоў ён другою дарогаю і не пайшоў назад тою дарогаю, якою прыйшоў у Вэтыль.

11 У Вэтылі жыў адзін прарок-старац. Сын яго прыйшоў і расказаў яму ўсё, што зрабіў сёньня чалавек Божы ў Вэтылі; і словы, якія ён казаў цару, пераказалі сыны бацьку свайму.

12 І спытаўся ў іх бацька іхні: якою дарогаю ён пайшоў? І паказалі сыны ягоныя, якою дарогаю пайшоў чалавек Божы, што прыходзіў зь Юдэі.

13 І сказаў ён сынам сваім: асядлайце мне асла. І асядлалі яму асла, і ён сеў на яго.

14 І паехаў за чалавекам Божым, і знайшоў яго, як той сядзеў пад дубам, і сказаў яму: ці ты чалавек Божы, які прыйшоў зь Юдэі. І сказаў той: я.

15 І сказаў яму: зайдзі да мяне ў дом і паеж хлеба.

16 Той сказаў: я не магу вярнуцца з табою і пайсьці да цябе; ня буду есьці хлеба і ня буду піць у цябе вады ў гэтым месцы,

17 бо словам Гасподнім сказана мне: ня еж хлеба і ня пі там вады і не вяртайся тою дарогаю, якою ты ішоў.

18 І сказаў ён яму: і я прарок такі самы, як ты, і анёл казаў мне словам Гасподнім і сказаў: вярні яго да сябе ў дом; хай паесьць ён хлеба і нап'ецца вады. - Ён зманіў яму.

19 І той вярнуўся зь ім, і паеў хлеба ў ягоным доме, і напіўся вады.

20 Калі яны яшчэ сядзелі за сталом, слова Гасподняе было прароку, які вярнуў яго.

21 І прамовіў ён чалавеку Божаму, які прыйшоў зь Юдэі, і сказаў: так кажа Гасподзь: за тое, што ты не падпарадкаваўся вуснам Госпада і ня выканаў загаду, які наказаў табе Гасподзь Бог твой,

22 але вярнуўся, еў хлеб і піў ваду ў тым месцы, пра якое Ён сказаў табе: «ня еж хлеба і ня пі вады», цела тваё ня ўвойдзе ў магільніцу бацькоў тваіх.

23 Пасьля таго, як той паеў хлеба і напіўся, ён асядлаў асла прароку, якога ён вярнуў.

24 І выправіўся той. І сустрэў яго на дарозе леў і забіў яго. І ляжала цела ягонае, пакінутае на дарозе; а асёл стаяў каля яго, і леў стаяў каля цела.

25 І вось, людзі, якія праходзілі міма, убачылі цела, пакінутае на дарозе, і льва, які стаяў каля цела, і пайшлі і расказалі ў горадзе, у якім жыў прарок-старац.

26 Прарок, які вярнуў яго з дарогі, пачуўшы гэта, сказаў: гэта той чалавек Божы, які не падпарадкаваўся пастановам Госпада; Гасподзь аддаў яго льву, які паламаў яго і забіў яго, па слове Госпада, якое Ён мовіў яму.

27 І сказаў сынам сваім: асядлайце мне асла. І асядлалі яны.

28 Ён выправіўся і знайшоў цела ягонае, пакінутае на дарозе; а асёл і леў стаялі каля цела; леў ня зьеў цела і не паламаў асла.

29 І падняў прарок цела чалавека Божага, і паклаў яго на асла, і павёз яго назад. І пайшоў прарок-старац у горад свой, каб аплакаць і пахаваць яго.

30 І паклаў цела ягонае ў сваёй магільніцы і плакаў па ім: жаль мне, браце мой!

31 Пасьля пахаваньня яго ён сказаў сынам сваім: калі я памру, пахавайце мяне ў магільніцы, у якой пахаваны чалавек Божы; каля касьцей ягоных пакладзеце косьці мае;

32 бо спраўдзіцца слова, якое ён па загадзе Гасподнім сказаў пра ахвярнік у Вэтылі і пра ўсе капішчы на вышынях, у гарадах Самарыйскіх.

33 І пасьля гэтай падзеі Ераваам ня сышоў са сваёй благой дарогі, а і далей ставіў з народу сьвятароў вышыняў: хто хацеў, таго ён прысьвячаў, і той рабіўся сьвятаром вышыняў.

34 Гэта вяло дом Ераваамаў да грэху і да пагібелі і да вынішчэньня яго з улоньня зямлі.

 

Разьдзел 14

 

1 Тым часам захварэў Авія, сын Ераваамаў.

2 І сказаў Ераваам жонцы сваёй: устань і пераапраніся, каб не пазналі, што ты жонка Ераваамава, і пайдзі ў Сілом. Там ёсьць прарок Ахія; ён прадказаў мне, што я буду царом гэтага народу,

3 і вазьмі з сабою дзесяць хлябоў і праснакоў і збанок мёду і йдзі да яго; ён скажа табе, што будзе з хлопчыкам.

4 Ераваамава жонка так і зрабіла: устала, пайшла ў Сілом і прыйшла ў дом Ахіі. Ахія ўжо ня мог бачыць, бо вочы яго зрабіліся нерухомыя ад старасьці.

5 І сказаў Гасподзь Ахію: вось, ідзе жонка Ераваамава папытацца ў цябе пра сына свайго, бо ён хворы; так і так кажы ёй; яна прыйдзе пераапранутая.

6 Ахія, пачуўшы шолах ад ног яе, калі яна ўвайшла ў дзьверы, сказаў: ўвайдзі, жонка Ераваамава; навошта табе было пераапранацца? Я грозны пасланец да цябе.

7 Ідзі, скажы Еравааму; так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я ўзвысіў цябе з асяродзьдзя простага люду і паставіў правадыром народу Майго Ізраіля,

8 і адабраў царства ў дома Давідавага і даў яго табе; а ты не такі, як раб Мой Давід, які захоўваў наказы Мае і які пайшоў сьледам за Мною ўсім сэрцам сваім, робячы толькі заўгоднае перад вачыма Маімі;

9 ты рабіў горш за ўсіх, якія былі да цябе, і пайшоў і зрабіў сабе іншых багоў і балваноў, каб раздражніць Мяне, а Мяне адкінуў;

10 за гэта Я навяду бедствы на дом Ераваамаў і вынішчу ў Ераваама да таго, хто мочыцца да сьцяны, замкнутага і таго, хто застаўся ў Ізраілі, і вымяту дом Ераваамаў, як вымятаюць сьмецьце, дачыста;

11 хто памрэ ў Ераваама ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ на полі, таго зьдзяўбуць птушкі нябесныя: так Гасподзь сказаў.

12 Устань і йдзі ў дом твой; і як толькі нага твая ступіць за горад, памрэ дзіця;

13 і аплачуць яго ўсе Ізраільцяне і пахаваюць яго, бо яно адно ў Ераваама ўвойдзе ў магільніцу, бо ў ім, з дома Ераваамавага, знайшлося нешта добрае прад Госпадам Богам Ізраілевым.

14 І паставіць Сабе Гасподзь над Ізраілем цара, які зьнішчыць дом Ераваамаў у той дзень; і што? нават цяпер.

15 І паб'е Гасподзь Ізраіля, і будзе ён, як трысьнёг, хістаны ў вадзе, і выкіне Ізраільцянаў з гэтай добрай зямлі, якую даў бацькам іхнім, і расьсее іх за раку за тое, што яны зрабілі ў сябе балваноў, раздражняючы Госпада;

16 і аддасьць Гасподзь Ізраіля за грахі Ераваамавыя, якія ён сам зрабіў і якімі ўвёў у грэх Ізраіля.

17 І ўстала жонка Ераваамава і пайшла і прыйшла ў Тырцу; і як толькі пераступіла парог дома, дзіця памерла.

18 І пахавалі яго, і аплакалі яго ўсе Ізраільцяне па слове Госпада, якое Ён прамовіў праз раба Свайго Ахію прарока.

19 Астатнія дзеі Ераваамавыя, як ён ваяваў і як валадарыў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.

20 Часу валадараньня Ераваама было дваццаць два гады; і спачыў ён з бацькамі сваімі, і зацараваў Нават, сын ягоны, замест яго.

21 Раваам, сын Саламонаў, валадарыў у Юдэі. Сорак адзін год было Равааму, калі ён зацараваў, і сямнаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які выбраў Гасподзь з усіх каленаў Ізраілевых, каб было там імя Ягонае. Імя маці ягонай Наама Аманіцянка.

22 І рабіў Юда неспадобнае прад вачыма Госпада, і раздражняла Яго найбольш тое, што зрабілі бацькі іхнія сваімі грахамі, якімі яны грашылі.

23 І зладзілі яны ў сябе вышыні і статуі і капішчы на кожным высокім пагорку і пад кожным цяністым дрэвам.

24 І блудадзеі былі таксама ў гэтай зямлі і рабілі ўсе мярзоты тых народаў, якіх Гасподзь прагнаў ад аблічча сыноў Ізраілевых.

25 На пятым годзе валадараньня Раваамавага, Сусакім, цар Егіпецкі, выйшаў супроць Ерусаліма

26 і ўзяў скарбы дома Гасподняга і скарбы дома царскага, - усё ўзяў; узяў і ўсе залатыя шчыты, якія зрабіў Саламон.

27 І зрабіў цар Раваам замест іх медныя шчыты і аддаў іх у рукі начальнікам целаахоўцаў, якія ахоўвалі ўваход у дом цара.

28 Калі цар выходзіў у дом Гасподні, целаахоўцы несьлі іх, і потым зноў зносілі іх у палату целаахоўцаў.

29 Астатняе пра Раваама і пра ўсё, што ён рабіў, апісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

30 Паміж Раваамам і Ераваамам была вайна ва ўсе дні жыцьця іхняга.

31 І спачыў Раваам з бацькамі сваімі і пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым. Імя маці ягонай Наама Аманіцянка. І зацараваў Авія, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 15

 

1 У васямнаццаты год цараваньня Ераваама, сына Наватавага, Авія зацараваў над Юдэямі.

2 Тры гады ён валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Мааха, дачка Авэсаломава.

3 Ён хадзіў ва ўсіх грахах бацькі свайго, якія той рабіў да яго, і сэрца ягонае ня было аддадзена Госпаду Богу ягонаму, як сэрца Давіда, бацькі ягонага.

4 Але дзеля Давіда Гасподзь Бог ягоны даў яму сьвяцільню ў Ерусаліме, паставіўшы пасьля яго сына ягонага і ўмацаваўшы Ерусалім,

5 бо Давід рабіў спадобнае перад вачыма Госпада і не адступаўся ад усяго таго, што Ён наказаў яму, ва ўсе дні жыцьця свайго, акрамя ўчынка з Урыем Хэтэянінам.

6 І вайна была паміж Раваамам і Ераваамам ва ўсе дні жыцьця іхняга.

7 Астатнія дзеі Авіі, усё, што ён зрабіў, апісана ў летапісе цароў Юдэйскіх. І была вайна паміж Авіем і Ераваамам.

8 І спачыў Авія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давідавым. І зацараваў Аса, сын ягоны, замест яго.

9 У дванаццаты год валадараньня Ераваама, цара Ізраільскага, зацараваў Аса над Юдэямі

10 і сорак адзін год валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Ана, дачка Авэсалома.

11 Аса рабіў заўгоднае перад вачыма Госпада, як Давід, бацька ягоны.

12 Ён прагнаў блудадзеяў зь зямлі і адкінуў усе ідалы, якіх зрабілі бацькі ягоныя,

13 і нават маці сваю Ану пазбавіў званьня царыцы за тое, што яна зрабіла балвана Астарты; і парубаў Аса балвана яе і спаліў каля патока Кедрона.

14 А вышыні ня былі зьнішчаны. Але сэрца Асы было адданае Госпаду ва ўсе дні ягоныя.

15 І ўнёс ён у дом Гасподні рэчы, прысьвечаныя бацькам ягоным, і рэчы, прысьвечаныя ім; срэбра, і золата, і посуд.

16 І вайна была паміж Асам і Ваасам, царом Ізраільскім, ва ўсе дні жыцьця іхняга.

17 І выйшаў Вааса, цар Ізраільскі, супроць Юдэі і пачаў будаваць Раму, каб ніхто ня выходзіў і ня сыходзіў да Асы, цара Юдэйскага.

18 І ўзяў Аса ўсё срэбра, золата, што засталася ў скарбніцах дома Гасподняга і ў скарбніцах дома царскага, і даў яго ў рукі слугам сваім, і паслаў іх цар Аса да Вэнадада, сына Таўрымона, сына Хэзіёнавага, цара Сірыйскага, які жыў у Дамаску, і сказаў:

19 спрымірэньне хай будзе паміж мною і табою, як было паміж бацькам маім і бацькам тваім; вось, я пасылаю табе ў дарунак срэбра і золата; парві спрымірэнства тваё з Ваасам, царом Ізраільскім, каб ён адышоў ад мяне.

20 І паслухаўся Вэнадад цара Асы, і паслаў ваеначальнікаў сваіх супроць гарадоў Ізраільскіх, і пабіў Аін і Дан і Авэль-Бэт-Мааху і ўвесь Кінэрот, па ўсёй зямлі Нэфталімавай.

21 Дачуўшыся пра гэта, Вааса перастаў будаваць Раму і вярнуўся ў Тырцу.

22 А цар Аса склікаў усіх Юдэяў, нікога ня выключаючы, і вынесьлі яны з Рамы камяні і драўніну, якія Васа ўжываў на будаўніцтва. І пабудаваў зь іх цар Аса Гіву Веньямінавую і Міцпу.

23 Усе астатнія дзеі Асы і ўсе подзьвігі ягоныя, і ўсё, што ён зрабіў, і гарады, якія ён пабудаваў, апісаны ў летапісе цароў Юдэйскіх, апрача таго, што ў старасьці сваёй ён быў хворы на ногі.

24 І спачыў Аса з бацькамі сваімі пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І зацараваў Ёсафат, сын ягоны, замест яго.

25 А Нават, сын Ераваамаў, зацараваў над Ізраілем у другі год Асы, цара Юдэйскага, і валадарыў над Ізраілем два гады.

26 І рабіў ён неспадобнае перад вачыма Госпада, хадзіў шляхам бацькі свайго і ў грахах ягоных, якімі той увёў Ізраіль у грэх.

27 І зрабіў супроць яго змову Вааса, сын Ахіі, з дома Ісахаравага, і забіў яго Вааса пры Гаватоне Філістымскім, калі Нават і ўсе Ізраільцяне аблажылі Гаватон;

28 і аддаў сьмерці яго Вааса ў трэці год Асы, цара Юдэйскага, і зацараваў замест яго.

29 Калі ён зацараваў, дык пабіў увесь дом Ераваамаў, не пакінуўшы ні душы ў Ераваама, пакуль ня вынішчыў яго, па слове Госпада, якое Ён прамовіў праз раба Свайго Ахію Сіламляніна,

30 за грахі Ераваама, якія ён сам рабіў і якімі ўвёў у грэх Ізраіля, за зьнявагі, якімі ён угневаў Госпада Бога Ізраілевага.

31 Астатнія дзеі Навата, усё, што ён зрабіў, апісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

32 І вайна была паміж Асам і Ваасам, царом Ізраільскім, ва ўсе дні іхнія.

33 У трэці год Асы, цара Юдэйскага, зацараваў Вааса, сын Ахіі, над усімі Ізраільцянамі ў Тырцы і валадарыў дваццаць чатыры гады.

34 І рабіў благое перад вачыма Гасподнімі і хадзіў шляхам Ераваама і ў грахах Ягоных, якімі той увёў у грэх Ізраіля.

 

Разьдзел 16

 

1 І было слова Гасподняе Іую, сыну Ананьеваму, пра Вааса:

2 за тое, што Я падняў цябе з пылу і зрабіў цябе правадыром народу Майго Ізраіля, а ты пайшоў шляхам Ераваама і ўвёў у грэх народ Мой Ізраільцянаў, каб ён гневаў Мяне грахамі сваімі,

3 вось, Я адкіну дом Ваасы і дом нашчадкаў ягоных і зраблю з домам тваім тое самае, што з домам Ераваама, сына Наватавага;

4 хто памрэ ў Ваасы ў горадзе, таго зьядуць сабакі; а хто памрэ ў яго на полі, таго зьдзяўбуць птушкі нябесныя.

5 Астатнія дзеі Ваасы, усё, што ён зрабіў, і подзьвігі яго апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.

6 І спачыў Вааса з бацькамі сваімі і пахаваны ў Тырцы. І зацараваў Іла, сын ягоны, замест яго.

7 Але празь Іуя, сына Ананьевага, ужо было слова Гасподняе пра Ваасу і пра дом ягоны і пра ўсё ліха, якое ён чыніў перад вачыма Госпада, раздражняючы Яго дзеямі рук сваіх, пераймаючы дом Ераваамаў, за што ён вынішчаны быў.

8 У дваццаць шосты год Асы, цара Юдэйскага, зацараваў Іла, сын Ваасаў, над Ізраілем у Тырцы і валадарыў два гады.

9 І склаў змову супроць яго раб ягоны Замврый, які начальнічаў над палавінай калясьніц. Калі ён у Тырцы напіўся дап'яна ў доме Арсы, які начальнічаў над палацам у Тырцы,

10 тады ўвайшоў Замврый, пабіў яго і забіў, у дваццаць сёмы год Асы, цара Юдэйскага, і зацараваў замест яго.

11 Калі ён зацараваў і сеў на троне ягоным, дык вынішчыў увесь дом Ваасы, не пакінуўшы яму ні таго, хто мочыцца да сьцяны, ні сваякоў ягоных, ні сяброў ягоных.

12 І зьнішчыў Замврый увесь дом Ваасаў, па слове Госпада, якое Ён мовіў пра Вааса празь Іуя прарока,

13 за ўсе грахі Ваасы і за грахі Ілы, сына ягонага, якія яны самі рабілі і якімі ўводзілі Ізраіля ў грэх, раздражняючы Госпада Бога Ізраілевага сваімі ідаламі.

14 Астатнія дзеі Ілы, усё, што ён зрабіў, апісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

15 У дваццаць сёмы год Асы, цара Юдэйскага, зацараваў Замврый і валадарыў сем дзён у Тырцы, Калі народ аблажыў Гаватон Філістымскі.

16 Калі народ-абложнік дачуўся, што Замврый склаў змову і забіў цара, дык усе Ізраільцяне паставілі царом Амврыя, ваеначальніка над Ізраілем, у той самы дзень у табары.

17 І адступілі Амврый і ўсе Ізраільцяне зь ім ад Гаватона і аблажылі Тырцу.

18 Калі ўбачыў Замврый, што горад узяты, увайшоў ва ўнутраны пакой царскага дома і запаліў за сабою царскі дом агнём і загінуў

19 за свае грахі, у чым ён зграшыў, робячы благое перад вачыма Гасподнімі, ходзячы шляхам Ераваама і ў грахах ягоных, якія той учыніў, каб увесьці Ізраіля ў грэх.

20 Астатнія дзеі Замврыя і змова ягоная, якую ён склаў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.

21 Тады падзяліўся народ Ізраільскі напалам: палавіна народу стаяла за Тамнія, сына Ганатавага, каб паставіць яго царом, а палавіна за Амврыя.

22 І ўзяў верх народ, які за Амврыя, над народам, які за Тамнія, сына Ганатавага, і памёр Тамній, і зацараваў Амврый.

23 У трыццаць першы год Асы, цара Юдэйскага, зацараваў Амврый над Ізраілем і валадарыў дванаццаць гадоў. У Тырцы ён валадарыў шэсьць гадоў.

24 І купіў Амврый гару Семярон у Сяміра за два таланты срэбра, і забудаваў гару, і назваў пабудаваны ім горад Самарыяй, па імю Сяміра, уладальніка гары.

25 І рабіў Амврый благое перад вачыма Госпада і ўчыняў горш за ўсіх, што былі да яго.

26 Ён ва ўсім хадзіў шляхам Ераваама, сына Наватавага, і ў грахах ягоных, якімі той увёў у грэх Ізраільцянаў, каб гнявіць Госпада Бога Ізраілевага ідаламі сваімі.

27 Астатнія дзеі Амврыя, якія ён учыніў, і мужнасьць, якую ён паказаў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.

28 І спачыў Амврый з бацькамі сваімі і пахаваны ў Самарыі. І зацараваў Ахаў, сын ягоны, замест яго.

29 Ахаў, сын Амврыеў, зацараваў над Ізраілем у трыццаць восьмы год Асы, цара Юдэйскага, і валадарыў Ахаў, сын Амврыя, над Ізраілем у Самарыі дваццаць два гады.

30 І рабіў Ахаў, сын Амврыеў, незаўгоднае перад вачыма Госпада больш за ўсіх, што былі да яго.

31 Мала было яму ўпадаць у грахі Ераваама, сына Наватавага; ён узяў сабе за жонку Езавэль, дачку Этваала, цара Сідонскага, і пачаў служыць Ваалу і пакланяцца яму;

32 і паставіў ён Ваалу ахвярнік у капішчы Ваала, які пабудаваў у Самарыі.

33 І зрабіў Ахаў дуброву, і больш за ўсіх цароў Ізраільскіх, якія былі да яго, Ахаў рабіў тое, што раздражняе Госпада Бога Ізраілевага.

34 У яго дні Ахііл Вэфілянін пабудаваў Ерыхон: на першынцы сваім Авіраме ён паклаў аснову яго і на малодшым сваім сыне Сэгубе паставіў браму яго, па слове Госпада, якое Ён сказаў празь Ісуса, сына Нава.

 

Разьдзел 17

 

1 І сказаў Ільля Фэсьвіцянін, з жыхароў Галаадскіх, Ахаву: жывы Гасподзь Бог Ізраілеў, прад Якім я стаю! у гэтыя гады ня будзе ні расы, ні дажджу, хіба толькі па маім слове.

2 І было яму слова Гасподняе:

3 ідзі адгэтуль і абярніся на ўсход і схавайся каля патока Харата, што насупраць Ярдана;

4 з гэтага патока ты будзеш піць, а крумкачам Я загадаў карміць цябе там.

5 І пайшоў ён і зрабіў паводле слова Гасподняга; пайшоў і застаўся каля патока Харата, што насупраць Ярдана.

6 І крумкачы прыносілі яму хлеб і ваду раніцай і хлеб і мяса ўвечары, а з патока ён піў.

7 Як прайшоў нейкі час, гэты паток высах, бо ня было дажджу на зямлю.

8 І было яму слова Гасподняе:

9 устань і йдзі ў Сарэпта Сідонскую і заставайся там; Я загадаў там жанчыне ўдаве карміць цябе.

10 І ўстаў ён і пайшоў у Сарэпта. І калі прыйшоў да брамы горада, вось, там жанчына ўдава зьбірае дровы. І паклікаў ён яе і сказаў: дай мне крыху вады ў посудзе напіцца.

11 І пайшла яна, каб узяць; а ён закрычаў усьлед ёй і сказаў: вазьмі дзеля мяне і кавалак хлеба ў рукі свае.

12 Яна сказала: жывы Гасподзь Бог твой! у мяне нічога няма печанага, а толькі ёсьць прыгаршчы мукі ў кадушцы і крыху алею ў збанку; і вось, я зьбяру палена-другое дроў, і пайду, і прыгатую гэта сабе і сыну майму; зьямо гэта і памром.

13 І сказаў ёй Ільля: ня бойся, ідзі, зрабі, што сказала; але раней з гэтага зрабі невялікі праснак мне і прынясі мне; а сабе і сыну свайму зробіш пасьля;

14 бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: мука ў кадушцы ня кончыцца, і алей у збанку ня ўбудзе да таго дня, калі Гасподзь дасьць дождж на зямлю.

15 І пайшла яна і зрабіла так, як сказаў Ільля; і кармілася яна, і ён, і дом яе некаторы час.

16 Мука ў кадушцы ня кончылася, і алею ў збанку ня ўбывала, паводле слова Госпада, якое Ён сказаў празь Ільлю.

17 Пасьля гэтага захварэў сын гэтай жанчыны, гаспадыні дома, і хвароба яго была такая моцная, што не засталося ў ім дыханьня.

18 І сказала яна Ільлю: што мне і табе, чалавеча Божы? ты прыйшоў да мяне нагадаць грахі мае і ўсьмерціць сына майго.

19 І сказаў ён ёй: дай мне сына твайго. І ўзяў яго з рук яе, і панёс яго ў сьвяцёлку, дзе ён жыў, і паклаў яго на сваю пасьцель;

20 і зьвярнуўся да Госпада і сказаў: Госпадзе Божа мой! няўжо Ты і ўдаве, у якой я жыву, зробіш благое, усьмерціўшы сына яе?

21 І схіліўшыся над хлопчыкам тры разы, ён зьвярнуўся да Госпада і сказаў: Госпадзе Божа мой! хай вернецца душа хлопца гэтага ў яго!

22 І пачуў Гасподзь голас Ільлі, і вярнулася душа хлопца гэтага ў яго, і ён ажыў.

23 І ўзяў Ільля хлопца, і адвёў яго з сьвяцёлкі ў дом, і аддаў яго маці ягонай, і сказаў Ільля: глядзі, сын твой жывы.

24 І сказала тая жанчына Ільлю: вось цяпер я ўведала, што ты чалавек Божы і што слова Гасподняе ў вуснах тваіх праўдзівае.

 

Разьдзел 18

 

1 Як прайшло шмат дзён было слова Гасподняе Ільлю ў трэці год: ідзі і пакажыся Ахаву, і Я дам дождж на зямлю.

2 І пайшоў Ільля паказацца Ахаву. А голад вялікі быў у Самарыі.

3 І паклікаў Ахаў Аўдзія, які начальнічаў над палацам. А Аўдзій быў чалавек вельмі богабаязны,

4 і калі Езавэль зьнішчала прарокаў Гасподніх, Аўдзій узяў сто прарокаў і хаваў іх, па пяцьдзясят чалавек, у пячорах і карміў іх хлебам і вадою.

5 І сказаў Ахаў Аўдзію: ідзі па зямлі да ўсіх крыніц водных і да ўсіх патокаў на зямлі, ці ня знойдзем дзе-небудзь травы, каб нам пракарміць коней і ня страціць быдла.

6 І падзялілі яны паміж сабою зямлю, каб абысьці яе: Ахаў асобна пайшоў адною дарогай, і Аўдзій асобна пайшоў другою дарогай.

7 Калі Аўдзій ішоў дарогаю, вось, насустрач яму ідзе Ільля. Ён пазнаў яго і ўпаў на аблічча сваё і сказаў: ці ты гэта, спадару мой Ільля?

8 Той сказаў яму: я, ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут.

9 Ён сказаў: чым я правініўся, што ты перадаеш раба твайго ў рукі Ахаву, каб забіць мяне?

10 Жывы Гасподзь Бог твой! няма ніводнага народу і царства, куды б ня пасылаў гаспадар мой шукаць цябе; і калі яму казалі, што цябе няма, ён браў клятву з таго, царства і народу, што не маглі знайсьці цябе;

11 а ты цяпер кажаш: ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут.

12 Калі я пайду ад цябе, тады Дух Гасподні аднясе цябе, ня ведаю, куды; і калі я пайду паведаміць Ахаву, і ён ня знойдзе цябе, дык ён заб'е мяне; а раб твой богабаязны з маладосьці сваёй.

13 Хіба ня сказана гаспадару майму, што я зрабіў, калі Езавэль забівала прарокаў Гасподніх, як я хаваў сто чалавек прарокаў Гасподніх, па пяцьдзясят чалавек, у пячорах і карміў іх хлебам і вадою?

14 А ты цяпер кажаш: ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут; ён заб'е мяне.

15 І сказаў Ільля: жывы Гасподзь Саваоф, прад Якім я стаю! сёньня я пакажуся яму.

16 І пайшоў Аўдзій насустрач Ахаву і данёс яму. І пайшоў Ахаў насустрач Ільлю.

17 Калі Ахаў убачыў Ільлю, дык сказаў Ахаў яму: ці ты гэта, хто бянтэжыць Ізраіля?

18 І сказаў Ільля: ня я бянтэжу Ізраіля, а ты і дом бацькі твайго, тым, што вы пагардзілі загадамі Гасподнімі і ідзяце сьледам за Вааламі;

19 цяпер пашлі і зьбяры да мяне ўсяго Ізраіля на гару Карміл, і чатырыста пяцьдзясят прарокаў Ваалавых, і чатырыста - прарокаў дуброўных, якія кормяцца ад стала Езавэлі.

20 І паслаў Ахаў да ўсіх сыноў Ізраілевых і сабраў усіх на гару Карміл.

21 І падышоў Ільля да ўсяго народу і сказаў: ці доўга вам кульгаць на абодва калены? Калі Гасподзь ёсьць Бог, дык ідзеце сьледам за Ім; калі Ваал, дык ідзеце сьледам за ім. І не адказваў народ яму ні слова.

22 І сказаў Ільля народу: я адзін застаўся прарок Гасподні, а прарокаў Ваалавых чатырыста пяцьдзясят чалавек;

23 хай дадуць нам двух цялят, і хай яны выберуць сабе адно цяля, і расьсякуць яго, і пакладуць на дровы, але агню хай не падкладваюць; а я падрыхтую другое цяля і пакладу на дровы, а агню не падкладу;

24 і паклічце вы імя бога вашага, а я паклічу імя Госпада Бога майго. Той Бог, Які дасьць адказ праз агонь, ёсьць Бог. І адказваў увесь народ і сказаў: добра.

25 І сказаў Ільля прарокам Ваалавым: выберце сабе адно цяля і падрыхтуйце вы раней, бо вас многа; і паклічце імя бога вашага, але агню не падкладвайце.

26 І ўзялі яны цяля, якое было дадзена ім, і прыгатавалі, і клікалі імя Ваала з раніцы да полудня, кажучы: Ваале, пачуй нас! Але ня было ні голасу, ні адказу. І скакалі яны каля ахвярніка, які зрабілі.

27 Аполудні Ільля пачаў сьмяяцца зь іх і казаў: крычэце гучным голасам, бо ён бог; магчыма, ён задумаўся, альбо заняты чым-небудзь, альбо ў дарозе, а можа, і сьпіць, дык ён прачнецца!

28 І пачалі яны крычаць гучным голасам і калолі сябе як звычайна нажамі і дзідамі, так што кроў лілася па іх.

29 Прайшоў полудзень, а яны ўсё яшчэ шалелі да самага часу вечаровага ахвярапрынашэньня; але ня было ні голасу, ні адказу, ні почуту.

30 Тады Ільля сказаў усяму народу: хадземце да мяне. І падышоў увесь народ да яго. Ён аднавіў разбураны ахвярнік Гасподні.

31 І ўзяў Ільля дванаццаць камянёў, па колькасьці каленаў сыноў Якава, якому Гасподзь сказаў так: Ізраіль будзе імя тваё.

32 І пабудаваў з гэтых камянёў ахвярнік у імя Госпада, і зрабіў вакол ахвярніка роў, ёмістасьцю ў дзьве саты зерня,

33 і паклаў дровы, і расьсек цяля, і паклаў яго на дровы,

34 і сказаў: напоўніце чатыры вядры вады і вылівайце на ўсепальную ахвяру і на дровы. Потым сказаў: паўтарэце. І яны паўтарылі. І сказаў: зрабеце тое самае трэці раз. І зрабілі трэці раз,

35 і вада палілася вакол ахвярніка, і роў напоўніўся вадою.

36 У час ахвярапрынашэньня вечаровай ахвяры падышоў Ільля прарок - і сказаў: Госпадзе Божа Абрагамаў, Ісаакаў і Ізраілеў! Хай спазнаюць у гэты дзень, што Ты адзін Бог у Ізраілі, і што я раб Твой і зрабіў усё паводле слова Твайго.

37 Пачуй мяне, Госпадзе, пачуй мяне! Хай спазнае народ гэты, што Ты, Госпадзе, Бог, і Ты павернеш сэрца іхняе да Цябе.

38 І апаў агонь Гасподні і зжэр цэласпаленьне і дровы, і камяні і пыл, і паглынуў ваду, якая ў рове.

39 Убачыўшы гэта, увесь народ упаў на аблічча сваё і сказаў: Гасподзь ёсьць Бог, Гасподзь ёсьць Бог!

40 І сказаў ім Ільля: схапеце прарокаў Ваалавых, каб ніводзін зь іх не схаваўся. І схапілі іх, і завёў іх Ільля да патока Кісона і закалоў іх там.

41 І сказаў Ільля Ахаву: ідзі, еж і пі, бо чуцен шум дажджу.

42 І пайшоў Ахаў есьці і піць, а Ільля ўзышоў на верх Карміла і нахіліўся да зямлі, і паклаў аблічча сваё паміж каленяў сваіх,

43 і сказаў хлопцу свайму: ідзі, паглядзі да мора. Той пайшоў і паглядзеў, і сказаў: нічога няма, і Ён сказаў: рабі гэта далей да сямі разоў.

44 На сёмы раз той сказаў: вось, невялікае воблака падымаецца ад мора, велічынёю ў далоню чалавечую. Ён сказаў: ідзі, скажы Ахаву: запрагай і едзь, каб не застаў цябе дождж.

45 Між тым неба спахмурнела ад хмар і ад ветру, і пайшоў вялікі дождж. А Ахаў сеў у калясьніцу, і паехаў у Ізрэель.

46 І была на Ільлі рука Гасподняя. Ён аперазаў сьцёгны свае і бег перад Ахавам да самага Ізрэеля.

 

Разьдзел 19

 

1 І пераказаў Ахаў Езавэлі ўсё, што зрабіў Ільля, і тое, што ён забіў усіх прарокаў мечам.

2 І паслала Езавэль пасланца да Ільлі сказаць: няхай тое і тое зробяць мне багі і яшчэ больш зробяць, калі я заўтра да гэтага часу не зраблю з тваёю душою таго, што зроблена з душою кожнага зь іх.

3 Убачыўшы гэта, ён устаў і пайшоў, каб выратаваць жыцьцё сваё, і прыйшоў у Вірсавію, якая ў Юдэі, і пакінуў хлопца свайго там;

4 а сам адышоў у пустыню на дзень дарогі і прыйшоўшы сеў пад карчом ядлоўцу, і прасіў сьмерці сабе і сказаў: даволі ўжо, Госпадзе; вазьмі душу маю, бо я ня лепшы за бацькоў маіх.

5 І лёг і заснуў пад карчом ядлоўцу. І вось, анёл дакрануўся да яго і сказаў яму: устань, еж і пі.

6 І зірнуў Ільля, і вось, каля ўзгалоўя ягонага печаны праснак і збанок вады. Ён паеў і напіўся і зноў заснуў.

7 І вярнуўся анёл Гасподні другі раз, дакрануўся да яго і сказаў: устань, еж і пі, бо далёкая дарога перад табою.

8 І ўстаў ён, паеў і напіўся, і, падсілкаваўшыся тою ежаю, ішоў сорак дзён і сорак начэй да гары Божай Харыва.

9 І ўвайшоў ён там у пячору і начаваў у ёй. І вось, было да яго слова Гасподняе, і сказаў яму Гасподзь: што ты тут, Ільля?

10 Ён сказаў: зарупіўся я пра Госпада Бога Саваофа, бо сыны Ізраілевыя пакінулі запавет Твой, разбурылі Твае ахвярнікі і прарокаў Тваіх забілі мечам; застаўся я адзін, але і маёй душы шукаюць, каб адабраць яе.

11 І сказаў: выйдзі і стань на гары перад абліччам Гасподнім; і вось, Гасподзь пройдзе, і вялікі і моцны вецер, які разьдзірае горы і крышыць скалы прад Госпадам, але ня ў ветры Гасподзь; пасьля ветру землятрус, але ня ў землятрусе Гасподзь;

12 пасьля землятрусу агонь, але не ў агні Гасподзь; пасьля агню веяньне ціхага ветру, і там Гасподзь.

13 Пачуўшы гэта, Ільля засланіў твар свой аўчынай сваёю і выйшаў і стаў каля ўваходу ў пячору. І быў яму голас і сказаў яму: што ты тут, Ільля?

14 Ён сказаў: зарупіўся я пра Госпада Бога Саваофа, бо сыны Ізраілевыя пакінулі запавет Твой, разбурылі ахвярнікі Твае і прарокаў Тваіх забілі мечам; застаўся я адзін, але і маёй душы шукаюць, каб адабраць яе.

15 І сказаў яму Гасподзь: ідзі назад сваёю дарогаю праз пустыню ў Дамаск, і калі прыйдзеш, дык памаж Азаіла ў цара над Сірыяй,

16 а Іуя, сына Намэсіінага, памаж за цара над Ізраілем; а Елісея, сына Сафатавага, з Авэль-Мэхолы, памаж за прарока замест сябе;

17 хто ўцячэ ад меча Азаілавага, таго заб'е Іуй, а хто ўратуецца ад меча Іуевага, таго заб'е Елісей;

18 зрэшты Я пакінуў паміж Ізраільцянамі сем тысяч; калені іх усіх ня схіляліся перад Ваалам і вусны ўсіх гэтых не цалавалі яго.

19 І пайшоў ён адтуль і знайшоў Елісея, сына Сафатавага, калі ён араў; дванаццаць пар валоў было ў яго, і сам ён быў каля дванаццатай. Ільля, праходзячы міма яго, кінуў на яго аўчыну сваю.

20 І пакінуў Елісей валоў, і пабег за Ільлём, і сказаў: дазволь мне пацалаваць бацьку майго і маці маю, і я пайду за табою. Ён сказаў яму: ідзі і прыйдзі назад, бо што зрабіў я табе?

21 Ён, адышоўшы ад яго, узяў пару валоў і закалоў іх, і запаліўшы плуг валоў, засмажыў мяса і раздаў людзям, і яны елі. А сам устаў і пайшоў за Ільлём і пачаў служыць яму.

 

Разьдзел 20

 

1 Вэнадад, цар Сірыйскі, сабраў усё сваё войска, і зь ім былі трыццаць два цары, і коні і калясьніцы, і пайшоў, аблажыў Самарыю і ваяваў супроць яе.

2 І паслаў паслоў да Ахава, цара Ізраільскага, у горад

3 і сказаў яму: так кажа Вэнадад: срэбра тваё і золата тваё - мае, і жонкі твае і лепшыя сыны твае - мае.

4 І адказваў цар Ізраільскі і сказаў: хай будзе паводле слова твайго, гаспадару мой цар: я і ўсё маё - тваё.

5 І зноў прыйшлі паслы і сказалі: так кажа Вэнадад: я паслаў да цябе сказаць: срэбра тваё і золата тваё, і жонак тваіх і сыноў тваіх аддай мне;

6 таму я заўтра, да гэтага часу, прышлю да цябе рабоў маіх, каб яны агледзелі твой дом і дамы тых, што служаць пры табе, і ўсё дарагое вачам тваім ўзялі ў свае рукі і панесьлі.

7 І склікаў цар Ізраільскі ўсіх старэйшынаў зямлі і сказаў: прыкмячайце і глядзеце, ён намышляе ліхое; калі ён прысылаў да мяне па жонак маіх, і сыноў маіх, і срэбра маё і золата маё, я яму не адмовіў.

8 І сказалі яму ўсе старэйшыны і ўвесь народ: ня слухай і не згаджайся.

9 І сказаў ён паслам Вэнадада: скажэце гаспадару майму цару ўсё, па што ты прысылаў першы раз да раба твайго, я гатовы зрабіць, а гэтага не магу зрабіць. І пайшлі паслы і занесьлі яму адказ.

10 І прыслаў да яго Вэнадад сказаць: хай тое і тое зробяць мне багі і яшчэ больш зробяць, калі пылу Самарыйскага хопіць па прыгаршчах усім людзям, якія ідуць за мною.

11 І адказваў цар Ізраільскі і сказаў: скажэце: хай ня хваліцца той, хто апяразваецца, як той, хто расьпяразваецца.

12 Пачуўшы гэта слова, Вэнадад, які піў разам з царамі ў намётах, сказаў рабам сваім: аблажэце горад. І яны аблажылі горад.

13 І вось, адзін прарок падышоў да Ахава, цара Ізраільскага, і сказаў: так кажа Гасподзь: ці бачыш усё гэта вялікае полчышча? вось, Я сёньня перадам яго ў руку тваю, каб ты ведаў, што Я Гасподзь.

14 І сказаў Ахаў: праз каго? Ён сказаў: так кажа Гасподзь: праз слуг абласных начальнікаў. І сказаў Ахаў: хто пачне бітву? Ён сказаў: ты.

15 Ахаў палічыў слуг абласных начальнікаў, і знайшлося іх дзьвесьце трыццаць два; пасьля іх палічыў увесь народ, усіх сыноў Ізраілевых, сем тысяч.

16 І яны выступілі аполудні. А Вэнадад напіўся дап'яна ў намётах разам з царамі, з трыццацьцю двума царамі, якія дапамагалі яму.

17 І выступілі сьпярша слугі абласных начальнікаў. І паслаў Вэнадад, і данесьлі яму, што людзі выйшлі з Самарыі.

18 Ён сказаў: калі па мір пайшлі яны, дык схапеце іх жывых, і калі на вайну выйшлі, таксама схапеце іх жывых.

19 Выйшлі з горада слугі абласных начальнікаў і войска за імі.

20 І біў кожны праціўніка свайго; і пабеглі Сірыйцы, а Ізраільцяне пагналіся за імі. А Вэнадад, цар Сірыйскі, выратаваўся на кані зь вершнікамі.

21 І выйшаў цар Ізраільскі, і ўзяў коней і калясьніцы, і ўчыніў вялікі разгром Сірыйцаў.

22 І падышоў прарок да цара Ізраільскага і сказаў яму: ідзі, умацуйся, і ведай і глядзі, што табе рабіць, бо праз два гады цар Сірыйскі зноў пойдзе супроць цябе.

23 Слугі цара Сірыйскага сказалі яму: Бог іхні ёсьць Бог гор, таму яны адолелі нас; калі ж мы будзем біцца на раўніне, дык напэўна адолеем іх;

24 дык вось што зрабі: выдалі цароў, кожнага зь месца ягонага, і замест іх пастаў начальнікаў вобласьцяў;

25 і набяры сабе войска столькі, колькі загінула ў цябе, і коней, колькі было коней, і калясьніц, колькі было калясьніц; і будзем біцца зь імі на раўніне, і тады напэўна адолеем іх. І паслухаўся ён голасу іхняга і зрабіў так.

26 Праз год Вэнадад сабраў Сірыйцаў і выступіў да Афэка, каб біцца зь Ізраілем.

27 Сабраныя былі і сыны Ізраілевыя і, узяўшы страўнасьць, пайшлі насустрач ім. І разьмясьціліся сыны Ізраіля табарам перад імі, як бы два невялікія статкі коз, а Сірыйцы напоўнілі зямлю.

28 І падышоў чалавек Божы і сказаў цару Ізраільскаму: так кажа Гасподзь: за тое, што Сірыйцы кажуць: Гасподзь ёсьць Бог гор, а ня Бог далін, Я ўсё гэта вялікае полчышча перадам у руку тваю, каб вы ведалі, што Я - Гасподзь.

29 І стаялі табарам адзін супроць аднаго сем дзён. На сёмы дзень пачалася бітва, і сыны Ізраіля пабілі сто тысяч пешых Сірыйцаў за адзін дзень.

30 Астатнія ўцяклі ў горад Афэк; там упала сьцяна на астатніх дваццаць сем тысяч чалавек. А Вэнадад уцёк у горад і бегаў з аднаго ўнутранага пакоя ў другі.

31 І сказалі яму слугі ягоныя: мы чулі, што цары дома Ізраілевага - цары мілажальныя; дазволь нам надзець вярэты на сьцёгны свае і вяроўкі на галовы свае і пайсьці да цара Ізраільскага; магчыма, ён пашкадуе жыцьцё тваё.

32 І аперазалі яны вярэтамі сьцёгны свае і ўсклалі вяроўкі на галовы свае, і прыйшлі да цара Ізраільскага і сказалі: пашкадуй жыцьцё маё. Той сказаў: хіба ён жывы? ён брат мой.

33 Людзі гэтыя прынялі гэта за добры знак і пасьпешна падхапілі слова з вуснаў ягоных і сказалі: брат твой Вэнадад. І сказаў ён: ідзеце, прывядзеце яго. І выйшаў да яго Вэнадад, і ён пасадзіў яго з сабою на калясьніцу.

34 І сказаў яму Вэнадад: гарады, якія ўзяў мой бацька ў твайго бацькі, я вярну, і плошчы ты можаш мець сабе ў Дамаску, як бацька мой меў у Самарыі. Ахаў сказаў: пасьля дагавору я адпушчу цябе. І, заключыўшы зь ім дагавор, адпусьціў яго.

35 Тады адзін чалавек з сыноў прарочых сказаў другому, па слове Госпада: бі мяне. Але гэты чалавек не згадзіўся біць яго.

36 І сказаў яму: за тое, што ты ня слухаеш голасу Гасподняга, заб'е цябе леў, калі пойдзеш ад мяне. Ён пайшоў ад яго, і леў, сустрэўшы яго, забіў яго.

37 І знайшоў ён другога чалавека і сказаў: бі мяне. Гэты чалавек біў яго да таго, што параніў пабоямі.

38 І пайшоў прарок і стаў перад царом на дарозе, прыкрыўшы покрывам вочы свае.

39 Калі цар праязджаў міма, ён закрычаў цару і сказаў: раб твой хадзіў на бітву, і вось, адзін чалавек, які адышоў убок, падвёў да мяне чалавека і сказаў: вартуй гэтага чалавека; калі яго ня будзе, дык твая душа будзе за яго душу, альбо ты павінен будзеш адважыць талант срэбра.

40 Калі раб твой заняўся тымі і іншымі справамі, яго ня стала. І сказаў яму цар Ізраільскі: такі табе і прысуд, ты сам рашыў.

41 Ён адразу зьняў покрыва з вачэй сваіх, і пазнаў яго цар, што ён з прарокаў.

42 І сказаў яму: так кажа Гасподзь: за тое, што ты выпусьціў з рук тваіх чалавека, заклятага Мною, душа твая будзе замест ягонай душы, народ твой замест ягонага народу.

43 І выправіўся цар Ізраільскі дамоў устрывожаны і засмучаны і прыбыў у Самарыю.

 

Разьдзел 21

 

1 І было пасьля гэтых падзей: у Навутэя Ізрэельцяніна ў Ізрэелі быў вінаграднік каля палаца Ахава, цара Самарыйскага.

2 І сказаў Ахаў Навутэю: аддай мне свой вінаграднік; зь яго будзе ў мяне агародны сад, бо ён блізка да майго дома; а замест яго я дам табе вінаграднік лепшы за гэты, альбо, калі заўгодна табе, дам табе срэбра, колькі ён каштуе.

3 Але Навутэй сказаў Ахаву: аслані мяне Гасподзь, каб я аддаў табе спадчыну бацькоў маіх!

4 І прыйшоў Ахаў дамоў устрывожаны і засмучаны тым словам, якое сказаў яму Навутэй Ізрэельцянін, кажучы: не аддам табе спадчыны бацькоў маіх. І лёг на пасьцель сваю, і адвярнуў твар свой, і хлеба ня еў.

5 І ўвайшла да яго жонка ягоная Езавэль і сказала яму: чаго растрывожаны дух твой, чаго ты хлеба не ясі?

6 Ён сказаў ёй: калі я пачаў гаварыць Навутэю Ізрэельцяніну і сказаў яму: аддай мне вінаграднік твой за срэбра, альбо калі хочаш, я дам табе іншы вінаграднік замест яго, тады ён сказаў: не аддам табе вінаградніка майго.

7 І сказала яму Езавэль, жонка ягоная: якое царства было б у Ізраілі, калі б ты так рабіў? устань, еж хлеб і будзь спакойны; я здабуду табе вінаграднік Навутэя Ізрэельцяніна.

8 І напісала яна ад імя Ахава пісьмы, і запячатала іх ягонай пячаткай, і паслала гэтыя пісьмы старэйшынам і знакамітым у ягоным горадзе, якія жылі з Навутэем.

9 У пісьмах яна пісала так: абвясьцеце пост і пасадзеце Навутэя на першае месца ў народзе

10 і насупраць яго пасадзеце двух нягодных людзей, якія сьведчылі б на яго і сказалі: ты зьневажаў Бога і цара; і потым выведзіце яго і пабеце яго камянямі, каб ён памёр.

11 І зрабілі мужы горада ягонага, старэйшыны і знакамітыя, якія жылі ў горадзе ягоным, як загадала ім Езавэль, так, як пісана ў пісьмах, якія яна паслала ім.

12 Абвясьцілі пост і пасадзілі Навутэя на чале народу;

13 і выступілі два нягодныя чалавекі і селі насупраць яго, і сьведчылі на яго гэтыя нядобрыя людзі перад народам і казалі: Навутэй зьневажаў Бога і цара. І вывелі яго за горад і пабілі яго камянямі, і ён памёр.

14 І паслалі да Езавэлі сказаць: Навутэй пабіты камянямі і памёр.

15 Пачуўшы, што Навутэй пабіты камянямі і памёр, Езавэль сказала Ахаву: устань, вазьмі ў валоданьне вінаграднік Навутэя Ізрэельцяніна, які не хацеў аддаць табе за срэбра; бо Навутэя няма жывога, ён памёр.

16 Калі пачуў Ахаў, што Навутэй быў забіты, устаў Ахаў, каб пайсьці ў вінаграднік Навутэя Ізрэельцяніна і ўзяць яго ў валоданьне.

17 І было слова Гасподняе Ільлю Фэсьвіцяніну:

18 устань, ідзі насустрач Ахаву, цару Ізраільскаму, які ў Самарыі, - вось, ён цяпер у вінаградніку Навутэя, куды прыйшоў, каб узяць яго ў валоданьне,

19 і скажы яму: так кажа Гасподзь: ты забіў, і яшчэ ўступаеш у спадчыннасьць? і скажы яму: так кажа Гасподзь: на тым месцы, дзе сабакі лізалі кроў Навутэя, сабакі будуць лізаць і тваю кроў.

20 І сказаў Ахаў Ільлю: знайшоў ты мяне, вораг мой! Ён сказаў: знайшоў, бо ты аддаўся таму, каб рабіць нягоднасьць прад вачыма Госпада.

21 Так кажа Гасподзь: вось, Я навяду на цябе нягоды і вымяту за табою і зьнішчу ў Ахава таго, хто мочыцца да сьцяны, і замкнутага і таго, хто застаўся ў Ізраілі;

22 і зраблю з домам тваім так, як зрабіў Я з домам Ераваама, сына Наватавага, і з домам Ваасы, сына Ахіінага, за зьнявагу, якою ты раздражніў Мяне і ўвёў Ізраіля ў грэх.

23 Таксама і пра Езавэль сказаў Гасподзь: сабакі зьядуць Езавэль за сьцяною Ізрэеля;

24 хто памёр у Ахава ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ на полі, таго разьдзяўбуць птушкі нябесныя;

25 ня было яшчэ такога, як Ахаў, які аддаўся б таму, каб рабіць благое перад вачыма Госпада, на што падбівала яго Езавэль;

26 ён рабіў вельмі гнюсна, ідучы сьледам за ідаламі, як рабілі Амарэі, якіх Гасподзь прагнаў ад аблічча сыноў Ізраілевых.

27 Выслухаўшы ўсе словы гэтыя, Ахаў падраў вопратку на сабе і надзеў на цела вярэту, і пасьціўся, і спаў у вярэце, і хадзіў журботны.

28 І было слова Гасподняе Ільлю Фэсьвіцяніну, і сказаў Гасподзь:

29 бачыш, як упакорыўся прад Мною Ахаў? за тое, што ён упакорыўся прад Мною, я не навяду ліха ў яго дні; у дні сына ягонага навяду ліха на яго.

 

Разьдзел 22

 

1 Пражылі тры гады, і ня было вайны паміж Сірыяй і Ізраілем.

2 На трэці год Ёсафат, цар Юдэйскі, пайшоў да цара Ізраільскага.

3 І сказаў цар Ізраільскі слугам сваім: ці ведаеце вы, што Рамот Галаадскі наш? а мы так доўга маўчым, і не бяром яго з рук цара Сірыйскага.

4 І сказаў ён Ёсафату: ці пойдзеш ты са мною на вайну супроць Рамота Галаадскага? І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: як ты, так і я; як твой народ, так і мой народ; як твае коні, так і мае коні.

5 І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: спытайся сёньня, што скажа Гасподзь.

6 І сабраў цар Ізраільскі прарокаў каля чатырохсот чалавек і сказаў ім: ці ісьці мне вайною на Рамот Галаадскі, ці не? Яны сказалі: ідзі, Гасподзь аддасьць яго ў рукі цара.

7 І сказаў Ёсафат: ці няма тут яшчэ прарока Гасподняга, каб нам папытацца празь яго ў Госпада?

8 І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ёсьць яшчэ адзін чалавек, празь якога можна папытацца ў Госпада, але я ня люблю яго, бо ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое; гэта Міхей, сын Емвлая. І сказаў Ёсафат: не кажы, цар, так.

9 І паклікаў цар Ізраільскі аднаго еўнуха і сказаў: схадзі хутчэй па Міхея, сына Емвлая.

10 Цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, сядзелі кожны на сядзеньні сваім, апранутыя ў царскае ўбраньне, на плошчы каля брамы Самарыі, і ўсе прарокі прарочылі перад імі.

11 І зрабіў сабе Сэдэкія, сын Ханааны, жалезныя рогі і сказаў: так кажа Гасподзь: гэтымі збораш Сірыйцаў да вынішчэньня іх.

12 І ўсе прарокі прарочылі тое самае, кажучы: ідзі на Рамот Галаадскі, будзе посьпех, Гасподзь перадасьць яго ў руку цара.

13 Пасланы, які пайшоў паклікаць Міхея, казаў яму: вось, словы прарокаў адзінагалосна прадказваюць цару добрае; хай бы і тваё слова было сугалоснае са словам кожнага зь іх; скажы і ты добрае.

14 І сказаў Міхей: жывы Гасподзь! я скажу тое, што скажа мне Гасподзь.

15 І прыйшоў ён да цара. Цар сказаў яму: Міхей! ці ісьці нам вайною на Рамот Галаадскі, ці не? І сказаў яму той: ідзі, будзе посьпех, Гасподзь аддасьць яго ў руку цара.

16 І сказаў яму цар: яшчэ і яшчэ заклінаю цябе, каб ты не казаў мне нічога, апрача праўды ў імя Госпада.

17 І сказаў ён: я бачу ўсіх Ізраільцянаў, расьсеяных па гарах, як авечак, у якіх няма пастуха. І сказаў Гасподзь: няма ў іх начальніка, няхай вяртаюцца зь мірам кожны ў дом свой.

18 І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ці не казаў я табе, што ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое?

19 І сказаў Міхей: выслухай слова Гасподняе: я бачыў Госпада на троне Яго, і ўсё войска нябеснае стаяла пры Ім, праваруч і леваруч ад Яго;

20 і сказаў Гасподзь: хто схіліў бы Ахава, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім? І адзін казаў так, другі казаў інакш;

21 і выступіў адзін дух, стаў перад абліччам Госпада і сказаў: я схілю яго. І сказаў яму Гасподзь: чым?

22 Ён сказаў: я выйду і зраблюся духам ілжывым у вуснах усіх прарокаў ягоных. Гасподзь сказаў: ты схіліш яго і выканаеш гэта; ідзі і зрабі так.

23 І вось цяпер дапусьціў Гасподзь духа ілжывага ў вусны ўсіх прарокаў тваіх; але Гасподзь сказаў пра цябе нядобрае.

24 І падышоў Сэдэкія, сын Хэнааны і, ударыўшы Міхея па шчацэ, сказаў: як, няўжо ад мяне адышоў Дух Гасподні, каб гаварыць у табе?

25 І сказаў Міхей: вось, ты ўбачыш гэта ў той дзень, калі будзеш бегаць з аднаго пакоя ў другі, каб схавацца.

26 І сказаў цар Ізраільскі: вазьмеце Міхея і зьвядзеце яго да Амона, начальніка горада, і да Ёаса, сына царовага,

27 і скажэце: так кажа цар: пасадзеце яго ў цямніцу і кармеце яго надгаладзь хлебам і надгаладзь вадою, пакуль я не вярнуся ў міры.

28 І сказаў Міхей: калі вернешся ў міры, дык не Гасподзь гаварыў празь мяне. І сказаў: слухай, увесь народ!

29 І пайшоў цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, да Рамота Галаадскага.

30 І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: я пераапрануся і ўступлю ў бітву, а ты надзень тваё царскае ўбраньне. І пераапрануўся цар Ізраільскі і ўступіў у бітву.

31 Сірыйскі цар загадаў начальнікам калясьніц, якіх у яго было трыццаць два, сказаўшы: ня бецеся ні з малым, ні зь вялікім, а толькі з адным царом Ізраільскім.

32 Начальнікі калясьніц, убачыўшы Ёсафата, падумалі: мусіць, гэта цар Ізраільскі, і павярнулі на яго, каб біцца зь ім. І закрычаў Ёсафат.

33 Начальнікі калясьніц, бачачы, што гэта ня Ізраільскі цар, павярнулі ад яго.

34 А адзін чалавек выпадкова напяў лук і параніў цара Ізраільскага праз швы латаў. І сказаў ён свайму калясьнічаму: павярні назад і вывезі мяне з войска, бо я паранены.

35 Але бітва ў той дзень узмацнілася, і цар стаяў на калясьніцы насупраць Сірыйцаў, і ўвечары памёр, і кроў з раны лілася на калясьніцу.

36 І абвешчана было па ўсім табары пры захадзе сонца: кожны ідзі ў свой горад, кожны ў сваю зямлю!

37 І памёр цар і прывезены быў у Самарыю, і пахавалі цара ў Самарыі.

38 І абмылі калясьніцу ў сажалцы Самарыйскай, і сабакі лізалі кроў ягоную, і абмывалі блудніцы, па слове Госпада, якое Ён сказаў.

39 Астатнія дзеі Ахава, усё, што ён рабіў, і дом са слановай касьці, які ён пабудаваў, і ўсе гарады, якія ён будаваў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.

40 І спачыў Ахаў з бацькамі сваімі, і зацараваў Ахозія, сын ягоны, замест яго.

41 Ёсафат, сын Асы, зацараваў над Юдэяй ў чатырнаццаты год Ахава, цара Ізраільскага.

42 Трыццаць пяць гадоў было Ёсафату, калі зацараваў, і дваццаць пяць гадоў цараваў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Азува, дачка Салаіля.

43 Ён хадзіў ва ўсім шляхам бацькі свайго Асы, ня сыходзіў зь яго, робячы справядлівае перад вачыма Гасподнімі. Толькі вышыні ня былі адменены; народ яшчэ ўчыняў ахвяры і дымленьні на вышынях.

44 Ёсафат заключыў мір з царом Ізраільскім.

45 Астатнія дзеі Ёсафата і подзьвігі ягоныя, якія ён зьдзейсьніў, і як ён ваяваў, апісаны ў летапісе цароў Юдэйскіх.

46 І рэшту блуднікаў, якія засталіся ў дні бацькі ягонага Асы, ён вынішчыў зь зямлі.

47 У Ідумэі тады ня было цара; быў намесьнік царскі.

48 Ёсафат зрабіў караблі на моры, каб хадзіць у Афір па золата; але яны не дайшлі, бо разьбіліся ў Эцыён-Гавэры.

49 Тады сказаў Ахозія, сын Ахаваў, Ёсафату: хай мае слугі пойдуць з тваімі слугамі на караблях. Але Ёсафат не згадзіўся.

50 І спачыў Ёсафат з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І зацараваў Ёрам, сын ягоны, замест яго.

51 Ахозія, сын Ахава, зацараваў над Ізраілем у Самарыі, у - сямнаццаты год Ёсафата, цара Юдэйскага, і цараваў над Ізраілем два гады

52 і рабіў ліхое перад вачыма Госпада, і хадзіў шляхам бацькі свайго і шляхам маці сваёй і шляхам Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх:

53 ён служыў Ваалу і пакланяўся яму і ўгневаў Госпада Бога Ізраілевага ўсім тым, што рабіў бацька ягоны.

 

Чацьвёртая кніга Царстваў

 

Разьдзел 1

 

1 І адасобіўся Мааў ад Ізраіля пасьля сьмерці Ахава.

2 А Ахозія ўпаў праз краты са сьвяцёлкі сваёй, што ў Самарыі, і занямог. І паслаў паслоў і сказаў ім: ідзеце, спытайцеся ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага: ці выздаравею я ад гэтай хваробы?

3 Тады анёл Гасподні сказаў Ільлю Фэсьвіцяніну: устань, ідзі насустрач пасланым ад цара Самарыйскага і скажы ім: хіба няма Бога ў Ізраілі, што вы ідзяце пытацца ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага?

4 За гэта так кажа Гасподзь: з пасьцелі, на якую ты лёг, ня сыдзеш зь яе, а памрэш. І пайшоў Ільля.

5 І вярнуліся да Ахозіі пасланцы. І ён сказаў ім: што гэта вы вярнуліся?

6 І сказалі яму: насустрач нам выйшаў чалавек і сказаў нам: ідзеце, вярнецеся да цара, які паслаў вас, і скажэце яму: так кажа Гасподзь: хіба няма Бога ў Ізраілі, што ты пасылаеш пытацца ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага? За тое з пасьцелі, на якую ты лёг, ня сыдзеш зь яе, а памрэш.

7 І сказаў ім: які з выгляду той чалавек, які выйшаў напярэймы вам і казаў вам словы гэтыя?

8 Яны сказалі яму: чалавек той увесь у валасах і скураным поясам аперазаны па сьцёгнах сваіх. І сказаў ён: гэта Ільля Фэсьвіцянін.

9 І паслаў да яго пяцідзясятніка зь ягоным пяцідзясяткам. І ён узышоў да яго, калі Ільля сядзеў наверсе гары, і сказаў яму: чалавек Божы? цар кажа: сыдзі.

10 І адказваў Ільля і сказаў пяцідзясятніку: калі я чалавек Божы, дык хай сыдзе агонь зь неба і папаліць цябе і твой пяцідзясятак. І сышоў агонь зь неба і папаліў яго і пяцідзясятак ягоны.

11 І паслаў да яго цар другога пяцідзясятніка зь ягоным пяцідзясяткам. І ён пачаў гаварыць яму: чалавек Божы! так сказаў цар: сыдзі хутчэй.

12 І адказваў Ільля і сказаў яму: калі я чалавек Божы, дык хай сыдзе агонь зь неба і папаліць цябе і твой пяцідзясятак. І сышоў агонь Божы зь неба і папаліў яго і пяцідзясятак ягоны.

13 І яшчэ паслаў трэцім разам пяцідзясятніка зь ягоным пяцідзясяткам. І падняўся, і прыйшоў пяцідзясятнік трэці, і ўпаў на калені свае перад Ільлём, і ўмольваў яго і казаў яму: чалавек Божы! хай ня будзе пагарджана душа мая і душа рабоў тваіх - гэтых пяцідзесяці - перад вачыма тваімі;

14 вось, сышоў агонь зь неба і папаліў двух пяцідзясятнікаў ранейшых зь іхнімі пяцідзясяткамі; але цяпер хай ня будзе пагарджана душа мая перад вачыма тваімі!

15 І сказаў анёл Гасподні Ільлю; ідзі зь ім, ня бойся яго. І ён устаў і пайшоў зь ім да цара.

16 І сказаў яму: так кажа Гасподзь: за тое, што ты пасылаў пасланцаў пытацца ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага, быццам у Ізраіле няма Бога, каб папытацца пра слова Ягонае, - з пасьцелі, на якую ты лёг, ня сыдзеш зь яе, а памрэш.

17 І памёр ён па слове Гасподнім, якое сказаў Ільля. І зацараваў Ёрам, брат Ахозіі, замест яго, у другі год Ёрама, сына Ёсафатавага, цара Юдэйскага, бо сына ў таго ня было.

18 Астатняе пра Ахозію, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

 

Разьдзел 2

 

1 У той час, як Гасподзь захацеў узьнесьці Ільлю ў віхуры на неба, ішоў Ільля зь Елісеем з Галгала.

2 І сказаў Ільля Елісею: застанься тут, бо Гасподзь пасылае мяне ў Вэтыль. Але Елісей сказаў: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не пакіну цябе. І пайшлі яны ў Вэтыль.

3 І выйшлі сыны прарокаў, якія ў Вэтылі, да Елісея і сказалі яму: ці ведаеш, што сёньня Гасподзь узьнясе гаспадара твайго над галавою тваёю? Ён сказаў: я таксама ведаю, маўчэце.

4 І сказаў яму Ільля: Елісей, застанься тут, бо Гасподзь пасылае мяне ў Ерыхон. І сказаў ён: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не пакіну цябе. І прыйшлі ў Ерыхон.

5 І падышлі сыны прарокаў, якія ў Ерыхоне, да Елісея і сказалі яму: ці ведаеш, што сёньня Гасподзь бярэ гаспадара твайго і ўзьнясе над галавою тваёю? Ён сказаў: я таксама ведаю, маўчэце.

6 І сказаў яму Ільля: застанься тут, бо Гасподзь пасылае мяне да Ярдана. І сказаў ён: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не пакіну цябе. І пайшлі абодва.

7 Пяцьдзясят чалавек з сыноў прарокавых пайшлі і сталі здалёк супроць іх, і яны абодва стаялі каля Ярдана.

8 І ўзяў Ільля аўчыну сваю, і згарнуў, і ўдарыў ёю па вадзе, і расступілася яна туды і сюды, і перайшлі абодва па сухім.

9 Калі яны перайшлі, Ільля сказаў Елісею: прасі, што зрабіць табе, перш чым я буду ўзяты ад цябе. І сказаў Елісей: дух, які ў табе, хай будзе на мне ўдвая.

10 І сказаў ён: цяжкага ты просіш; калі ўбачыш, як я буду ўзяты ад цябе, дык будзе табе так, а калі ня ўбачыш, ня будзе.

11 Калі яны ішлі і па дарозе гутарылі, раптам зьявілася калясьніца вогненная і коні вогненныя, і разлучылі іх абодвух, і панёсься Ільля ў віхуры на неба.

12 А Елісей глядзеў і ўсклікнуў: бацька мой, бацька мой, калясьніца Ізраіля і коньніца ягоная! І ня бачыў яго болей. І схапіў ён вопратку сваю і падраў яе на дзьве часткі.

13 І падняў аўчыну Ільлі, якая ўпала зь яго, і пайшоў назад, і стаў на беразе Ярдана;

14 і ўзяў аўчыну Ільлі, якая ўпала зь яго, і ўдарыў ёю па вадзе і сказаў: дзе Гасподзь, Бог Ільлі, - Ён Самы? І ўдарыў па вадзе, і яна расступілася туды і сюды, і перайшоў Елісей.

15 І ўбачылі яго сыны прарокаў, якія ў Ерыхоне, здалёк і сказалі: спачыў дух Ільлі на Елісеі. І пайшлі напярэймы яму, і пакланіліся яму да зямлі,

16 і сказалі яму: вось, ёсьць у нас, рабоў тваіх, чалавек пяцьдзясят - людзі дужыя; хай бы яны пайшлі і пашукалі гаспадара твайго; можа, панёс яго Дух Гасподні і скінуў яго на адной з гор, альбо на адной з далін. А ён сказаў: не пасылайце.

17 Але яны падступаліся да яго доўга, так што абрыдлі яму, і ён сказаў: пашлеце. І паслалі пяцьдзясят чалавек, і шукалі тры дні, і не знайшлі яго,

18 і вярнуліся да яго, тым часам як ён заставаўся ў Ерыхоне, і сказаў ім: ці ж не казаў я вам: не хадзеце?

19 І сказалі жыхары таго горада Елісею: вось, стан гэтага горада добры, як бачыць гаспадар мой; але вада нядобрая і зямля неўрадлівая.

20 І сказаў ён: дайце мне новую чару і пакладзеце туды солі. І далі яму.

21 І выйшаў ён да вытоку вады, і кінуў туды солі, і сказаў: так кажа Гасподзь: Я зрабіў ваду гэтую здароваю, ня будзе ад яе наперад ні сьмерці, ні неўрадлівасьці.

22 І вада зрабілася здароваю да сёньня, паводле слова Елісея, якое ён сказаў.

23 І пайшоў ён адтуль у Вэтыль. Калі ён ішоў дарогаю, малыя дзеці выйшлі з горада і сьмяяліся зь яго і казалі яму: ідзі, пляшывы, ідзі, пляшывы.

24 Ён азірнуўся і ўбачыў іх і пракляў іх імем Гасподнім. І выйшлі дзьве мядзьведзіхі зь лесу і разадралі зь іх сорак два дзіцяці.

25 Адсюль пайшоў ён на гару Карміл, а адтуль вярнуўся ў Самарыю.

 

Разьдзел 3

 

1 Ёрам, сын Ахава, зацараваў над Ізраілем у Самарыі ў васямнаццатым годзе Ёсафата, цара Юдэйскага, і цараваў дванаццаць гадоў,

2 і рабіў неспадобнае ў вачах Гасподніх, хоць ня так, як бацька ягоны і маці ягоная: ён зьняў статую Ваала, якую зрабіў бацька ягоны,

3 аднак жа грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў у грэх Ізраіля, ён трымаўся, не адставаў ад іх.

4 Меса, цар Маавіцкі, быў багаты на быдла і прысылаў цару Ізраільскаму па сто тысяч авечак і па сто тысяч нястрыжаных бараноў.

5 Але калі памёр Ахаў, цар Маавіцкі адасобіўся ад цара Ізраільскага.

6 І выступіў цар Ёрам у той час з Самарыі і зрабіў агляд усім Ізраільцянам,

7 і пайшоў і паслаў да Ёсафата, цара Юдэйскага, сказаць: цар Маавіцкі адасобіўся ад мяне, ці пойдзеш са мною на вайну супроць Маава? Ён сказаў: пайду; як ты, так і я, як твой народ, так і мой народ, як твае коні, так і мае коні.

8 І сказаў: якою дарогаю ісьці нам? Ён сказаў: дарогаю пустыні Эдомскай.

9 І пайшоў цар Ізраільскі і цар Юдэйскі і цар Эдомскі, і ішлі яны абыходам сем дзён, і ня было вады войску і быдлу, якое шло за імі.

10 І сказаў цар Ізраільскі: ах! склікаў Гасподзь трох цароў гэтых, каб аддаць іх у руку Маава.

11 І сказаў Ёсафат: ці няма тут прарока Гасподняга, каб нам папытацца ў Госпада празь яго? І адказваў адзін з слуг цара Ізраільскага і сказаў: тут Елісей, сын Сафатаў, які падаваў ваду на рукі Ільлю.

12 І сказаў Ёсафат: ці ёсьць у яго слова Гасподняе. І пайшлі да яго цары Ізраільскі Ёсафат і цар Эдомскі.

13 І сказаў Елісей цару Ізраільскаму: што мне і табе? ідзі да прарокаў бацькі твайго і да прарокаў маці тваёй. І сказаў яму цар Ізраільскі: не, бо Гасподзь склікаў сюды трох цароў гэтых, каб аддаць іх у руку Маава.

14 І сказаў Елісей: жывы Гасподзь Саваоф, прад Якім я стаю! калі б я не шанаваў Ёсафата, цара Юдэйскага, дык ня зірнуў бы на цябе і ня бачыў бы цябе;

15 цяпер паклічце мне гусьляра. І калі гусьляр іграў на гусьлях, тады рука Гасподняя дакранулася да Елісея,

16 і ён сказаў: так кажа Гасподзь: рабі ў гэтай даліне равы за равамі,

17 бо так кажа Гасподзь: ня ўбачыце ветру і ня ўбачыце дажджу, а даліна гэтая напоўніцца вадою, якую будзеце піць вы і дробнае і буйное быдла ваша;

18 але гэтага мала прад вачыма Госпада: Ён і Маава аддасьць у рукі вашыя,

19 і вы пабэяце ўсе гарады ўмацаваныя і ўсе гарады галоўныя, і ўсе лепшыя дрэвы сьсечаце, і ўсе вытокі водныя запрудзіце, і ўсе лепшыя дзялянкі польныя сапсуяце каменьнем.

20 Раніцай, калі ўзносяць хлебнае прынашэньне, раптам палілася вада па шляху ад Эдома, і напоўнілася зямля вадою.

21 Калі Маавіцяне пачулі, што ідуць цары ваяваць зь імі, тады сабраны былі ўсе, пачынаючы з таго, хто насіў пояс, і старэй, і сталі на мяжы.

22 Раніцай усталі яны завідна, і калі сонца зазьзяла над вадою, Маавіцянам здалёк здалася гэтая вада чырвонаю, як кроў.

23 І сказалі яны: гэта кроў; схапіліся цары паміж сабою і зьнішчылі адзін аднаго; цяпер на здабычу, Мааў!

24 І прыйшлі яны да табара Ізраільскага. І ўсталі Ізраільцяне і пачалі біць Маавіцянаў, і тыя пабеглі ад іх, а яны ўсё ішлі на іх і біць Маавіцянаў.

25 І гарады разбурылі, і на кожную лепшую дзялянку ў полі кінулі кожны па камені і закідалі яго, і ўсе вытокі водаў запрудзілі і ўсе дрэвы лепшыя сьсеклі, так што заставалася толькі каменьне ў Кір-Харэшаце. І абступілі яго таранчыкі і разбурылі яго.

26 І ўбачыў цар Маавіцкі, што бітва адольвае яго, і ўзяў з сабою сямсот чалавек, якія валодалі мечам, каб прабіцца да цара Эдомскага; але не маглі.

27 І ўзяў ён сына свайго першынца, якому належала цараваць замест яго, і прынёс яго на цэласпаленьне на сьцяне. Гэта выклікала вялікае абурэньне ў Ізраільцянаў, і яны адступіліся ад яго і вярнуліся ў сваю зямлю.

 

Разьдзел 4

 

1 Адна жонка сыноў прарокавых зь лямантам казала Елісею: раб твой, мой муж памёр; а ты ведаеш, што раб твой баяўся Госпада; цяпер прыйшоў пазыковец забраць абодвух дзяцей маіх у рабы сабе.

2 І сказаў ёй Елісей: што мне зрабіць табе? скажы мне, што ёсьць у цябе ў доме? Яна сказала: няма ў рабы тваёй нічога ў доме, акрамя посуду з алеем.

3 І сказаў ён: ідзі, папрасі сабе посуду на старане, ва ўсіх суседзяў тваіх, посуду парожняга; набяры многа,

4 і ідзі, замкні дзьверы за сабою і за сынамі тваімі, і налівай ва ўвесь гэты посуд; поўны адстаўляй.

5 І пайшла ад яго і замкнула дзьверы за сабою і за сынамі сваімі. Яны падавалі ёй, а яна налівала.

6 Калі посуд быў напоўнены, яна сказала сыну свайму: падай мне яшчэ пасудзіну. Ён сказаў: больш няма посуду. І спыніўся алей.

7 І прыйшла яна і пераказала чалавеку Божаму. Ён сказаў: ідзі, прадай алей і сплаці пазыку тваю; а што застанецца, тым будзеш жыць з сынамі тваімі.

8 Аднаго разу прыйшоў Елісей у Сонам. Там адна багатая жанчына запрасіла яго да сябе есьці хлеб, і калі б ён ні прыходзіў, заходзіў туды есьці хлеб.

9 І сказала яна мужу свайму: вось, я ведаю, што чалавек Божы, які пастаянна праходзіць міма нас, сьвяты;

10 зробім невялікую сьвяцёлку над сьцяною і паставім яму там пасьцель і стол, і сядзеньне і сьвяцільню, і калі ён будзе прыходзіць да нас, хай заходзіць туды.

11 Аднаго дня ён прыйшоў туды, і зайшоў у сьвяцёлку, і лёг там,

12 і сказаў Гіезію, слузе свайму: пакліч гэту Санаміцянку. І паклікаў яе, і яна стала перад ім.

13 І сказаў яму: скажы ёй: вось, ты так клапоцішся за нас: што б зрабіць табе? ці ня трэба табе пагаварыць з царом, альбо з ваеначальнікам? Яна сказала: не, сярод свайго народу я жыву.

14 І сказаў ён: што б зрабіць ёй? І сказаў Гіезій: ды вось, сына няма ў яе, а муж яе стары.

15 І сказаў ён: пакліч яе. Ён паклікаў яе, і стала яна ў дзьвярах.

16 І сказаў ён: праз год, у гэты самы час ты будзеш трымаць на руках сына. І сказала яна: не, спадару мой, чалавеча Божы, не падманвай рабы тваёй.

17 І жанчына стала цяжарная і нарадзіла сына на другі год, у той самы час, як сказаў ёй Елісей.

18 І падрасло дзіця і аднаго дня пайшло да бацькі свайго, да жняцоў.

19 І сказала бацьку свайму: галава мая! Галава мне баліць. І сказаў той слузе свайму: занясі гэта маці ягонай.

20 І панёс яго і прынёс яго маці ягонай. І яно сядзела на каленях у яе да полудня і памерла.

21 І пайшла яна, і паклала яго на пасьцелі чалавека Божага, і замкнула яго, і выйшла,

22 і паклікала мужа свайго і сказала: прышлі мне аднаго слугу і адну асьліцу, я паеду да чалавека Божага і вярнуся.

23 Ён сказаў: навошта табе ехаць да яго? сёньня не навамесячны час і ня субота. Але яна сказала: добра.

24 І асядлала яна асьліцу і сказала слузе свайму: вядзі і йдзі; ня спыняйся, пакуль не скажу табе.

25 І выправілася і прыбыла да чалавека Божага, да гары Карміл. І калі ўбачыў чалавек Божы яе здалёк, дык сказаў слузе свайму Гіезію: гэта тая Санаміцянка;

26 бяжы ёй насустрач і скажы ёй: ці здаровая ты? ці здаровы твой муж? ці здаровае дзіця? - Яна сказала: здаровыя.

27 А калі прыйшла да чалавека Божага на гару, ухапілася за ногі ягоныя. І падышоў Гіезій, каб адвесьці яе; але чалавек Божы сказаў: пакінь яе, душа ў яе засмучаная, а Гасподзь утоіў ад мяне і не абвясьціў мне.

28 І сказала яна: ці прасіла я сына ў гаспадара майго? ці ж не казала я: не падманвай мяне?

29 І сказаў ён Гіезію: аперажы сьцёгны твае і вазьмі жазло маё ў руку тваю і йдзі; калі сустрэнеш каго, ня вітай яго, і калі хто будзе цябе вітаць, не адказвай яму; і пакладзі кій мой на твар дзіцяці.

30 І сказала маці дзіцяціна: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не адстану ад цябе. І ён устаў і пайшоў зь ёю.

31 Гіезій пайшоў паперадзе іх і паклаў жазло на твар дзіцяці. Але ня было ні голасу, ні адказу. І выйшаў насустрач яму, і данёс яму, і сказаў: ня будзіцца дзіця.

32 І ўвайшоў Елісей у дом, і вось, дзіця памерлае ляжыць на пасьцелі ягонай.

33 І ўвайшоў, і замкнуў дзьверы за сабою, і памаліўся Госпаду;

34 і падняўся і лёг над дзіцём, і прыклаў свае вусны да яго вуснаў, і свае вочы да яго вачэй, і свае далоні да яго далоняў, і прасьцёрся на ім, і сагрэлася цела дзіцяці.

35 І ўстаў і прайшоў па сьвяцёлцы ўзад і ўперад; потым зноў падняўся і прасьцёрся на ім. І чыхнула дзіця разоў сем, і расплюшчыла дзіця вочы свае.

36 І паклікаў ён Гіезія і сказаў: пакліч гэтую Санаміцянку. І той паклікаў яе. Яна прыйшла да яго, і ён сказаў: вазьмі сына твайго.

37 І падышла, і ўпала яму ў ногі, і пакланілася да зямлі; і ўзяла сына свайго і пайшла.

38 А Елісей вярнуўся ў Галгал. І быў голад у зямлі той, і сыны прарокаў сядзелі перад ім. І сказаў ён слузе свайму: пастаў вялікі кацёл і згатуй поліўку сынам прарокавым.

39 І выйшаў адзін зь іх у поле зьбіраць гародніну, і знайшоў дзікую павойную расьліну, і набраў зь яе дзікіх пладоў поўную вопратку сваю; і прыйшоў і накрышыў іх у кацёл з поліўкаю, бо яны ня ведалі іх.

40 І налілі ім есьці. Але як толькі пачалі яны есьці поліўку, дык нарабілі крыку і сказалі: сьмерць у катле, чалавеча Божы! І не маглі есьці.

41 І сказаў ён: падайце мукі. І ўсыпаў яе ў кацёл і сказаў Гіезію: налівай людзям, хай ядуць. І ня стала нічога шкоднага ў катле.

42 Прыйшоў нехта з Ваалшалішы і прынёс чалавеку Божаму хлебны пачатак - дваццаць ячных хлебцаў і сырыя неабшалушаныя зярняты. І сказаў Елісей: аддай людзям, хай ядуць.

43 І сказаў слуга ягоны: што тут я дам ста чалавекам? І сказаў ён: аддай людзям, хай ядуць, бо так кажа Гасподзь: насыцяцца, і застанецца.

44 Ён падаў ім, і яны насыціліся, і яшчэ засталося, па слове Гасподнім.

 

Разьдзел 5

 

1 Нэеман, ваеначальнік цара Сірыйскага, быў вялікі чалавек у гаспадара свайго і паважаны, бо празь яго даў Гасподзь перамогу Сірыйцам; і чалавек гэты быў выдатны воін, але пракажоны.

2 Сірыйцы аднойчы пайшлі атрадамі і ўзялі ў палон зь зямлі Ізраільскай маленькую дзяўчынку, і яна слугавала жонцы Нэеманавай.

3 І сказала яна гаспадыні сваёй: о, калі б гаспадар мой пабываў у прарока, які ў Самарыі, дык ён зьняў бы зь яго праказу ягоную!

4 І пайшоў Нэеман і перадаў гэта гаспадару свайму, кажучы: так і так кажа дзяўчынка, якая зь зямлі Ізраільскай.

5 І сказаў цар Сірыйскі Нэеману: ідзі, схадзі, а я пашлю ліст да цара Ізраільскага. Ён пайшоў і ўзяў з сабою дзесяць талантаў срэбра і шэсьць тысяч сікляў золата і дзесяць перамен вопраткі;

6 і прынёс ліст цару Ізраільскаму, у якім было сказана: разам зь лістом гэтым, вось я пасылаю да цябе Нэемана, слугу майго, каб ты зьняў зь яго праказу ягоную.

7 Цар Ізраільскі, прачытаўшы ліст, падраў вопратку на сабе і сказаў: хіба Я Бог, каб усьмерчваць і ажыўляць, што ён пасылае да мяне, каб я зьняў з чалавека праказу ягоную? вось, цяпер ведайце і глядзеце, што ён шукае зачэпкі варагаваць супроць мяне.

8 Калі пачуў Елісей, чалавек Божы, што цар Ізраільскі падраў вопратку на сабе, дык паслаў сказаць цару: навошта ты падраў вопратку на сабе? хай ён прыйдзе да мяне і даведаецца, што ёсьць прарок у Ізраіле.

9 І прыбыў Нэеман на конях сваіх і на калясьніцы сваёй і спыніўся каля ўваходу ў дом Елісееў.

10 І выслаў да яго Елісей слугу сказаць: ідзі, абмыйся сем разоў у Ярдане, і абновіцца цела тваё ў цябе, і будзеш чысты.

11 І разгневаўся Нэеман, і пайшоў, і сказаў: вось, я думаў, што ён выйдзе, стане, і пакліча імя Госпада Бога свайго, і пакладзе руку сваю на тое месца, і здыме праказу;

12 хіба Авана і Фарфар, рэкі Дамаскія, ня лепшыя за ўсе воды Ізраільскія? хіба я ня мог бы абмыцца ў іх і ачысьціцца? І павярнуўся і пайшоў у гневе.

13 І падышлі рабы ягоныя, і казалі яму, і сказалі: бацька мой, калі б што-небудзь важнае сказаў табе прарок, дык ці не зрабіў бы ты? а тым болей, калі ён сказаў табе толькі: абмыйся, і будзеш чысты.

14 І пайшоў ён і акунуўся ў Ярдане сем разоў, па слове чалавека Божага, і абнавілася цела ягонае, як цела малога дзіцяці, і ачысьціўся.

15 І вярнуўся да чалавека Божага ён і ўсе, што суправаджалі яго, і прыйшоў, і стаў перад ім, і сказаў: вось, я даведаўся, што на ўсёй зямлі няма Бога, як у Ізраіля; дык вось прымі дарунак ад раба твайго.

16 І сказаў ён: жывы Гасподзь, прад абліччам якога стаю! ня прыму. І той прымушаў яго ўзяць, але ён не згадзіўся.

17 І сказаў Нэеман: калі ўжо ня так, дык хай рабу твайму дадуць зямлі, колькі панясуць два мулы, бо ня будзе больш раб твой прыносіць цэласпаленьні і ахвяры іншым багам, апрача Госпада;

18 толькі вось у чым хай даруе Гасподзь рабу твайму: калі пойдзе гаспадар мой у дом Рымона на пакланеньне там і абапрэцца на руку маю, і пакланюся я ў доме Рымона, дык, за маё пакланеньне ў доме Рымона, хай даруе Гасподзь рабу твайму ў гэтым выпадку.

19 І сказаў яму: ідзі зь мірам. І ён адэехаў ад яго на недалёкую адлегласьць.

20 І сказаў Гіезій, слуга Елісея, чалавека Божага: вось, гаспадар мой адмовіўся ўзяць з рукі Нэемана, гэтага Сірыйца, тое, што ён прыносіў. Жывы Гасподзь! пабягу я за ім і вазьму ў яго што-небудзь.

21 І пагнаўся Гіезій за Нэеманам. І ўбачыў Нэеман, што бяжыць за ім, і сышоў з калясьніцы насустрач яму, і сказаў: ці зь мірам?

22 Той адказваў: зь мірам; гаспадар мой паслаў мяне сказаць: вось, цяпер прышлі да мяне з гары Яфрэмавай двух маладых чалавекі з сыноў прарокавых; дай ім талант срэбра і дзьве перамены вопраткі.

23 І сказаў Нэеман: вазьмі, бадай што, два таланты. І ўпрошваў яго. І завязаў ён два таланты срэбра ў два мяхі і дзьве перамены вопраткі і аддаў двум слугам сваім, і панесьлі перад ім.

24 Калі ён прыйшоў да пагорка, дык узяў з рук іхніх і схаваў дома. І адпусьціў людзей, і яны пайшлі.

25 Калі ён прыйшоў і зьявіўся да гаспадара свайго, Елісей сказаў яму: адкуль, Гіезій? І сказаў ён: нікуды не хадзіў раб твой.

26 І сказаў ён яму: хіба сэрца маё не спадарожнічала табе, калі павярнуўся насустрач табе чалавек той з калясьніцы сваёй? ці час браць срэбра і браць вопратку, або масьлічныя дрэвы і вінаграднікі, і дробнае альбо буйное быдла, і рабоў альбо рабыняў?

27 няхай жа праказа Нэеманавая прыстане да цябе і да нашчадкаў тваіх навек. І выйшаў ён ад яго белы ад праказы, як сьнег.

 

Разьдзел 6

 

1 І сказалі сыны прарокавыя Елісею: вось, месца, дзе мы жывём пры табе, цесна нам;

2 пойдзем да Ярдана і возьмем адтуль кожны па адным бервяне і зробім сабе там месца жыхарства. Ён сказаў: ідзеце.

3 І сказаў адзін: зрабі ласку, ідзі і ты з рабамі тваімі. І сказаў ён: пайду.

4 І пайшоў зь імі, і прыйшлі да Ярдана і пачалі сячы дрэвы.

5 І калі адзін валіў бервяно, сякера ягоная ўпала ў ваду. І закрычаў ён і сказаў: ах, гаспадару мой! а ён узяў быў на патрыманьне!

6 І сказаў чалавек Божы: дзе яна ўпала? Ён паказаў яму месца. І адсек ён кавалак дрэва і кінуў туды, і выплыла сякера.

7 І сказаў ён: вазьмі сабе. Ён працягнуў руку сваю і ўзяў яе.

8 Цар Сірыйскі пайшоў вайною на Ізраільцян і раіўся са слугамі сваімі, кажучы: там-та і ў такім-та месцы я раскіну свой табар.

9 І пасылаў чалавек Божы да цара Ізраільскага сказаць: сьцеражэцеся праходзіць гэтым месцам, бо там Сірыйцы залеглі.

10 І пасылаў цар Ізраільскі на тое месца, пра якое казаў яму чалавек Божы і перасьцерагаў яго; і зьбярог сябе там ня раз і ня два.

11 І ўстрывожылася сэрца цара Сірыйскага з гэтай нагоды, і паклікаў ён рабоў сваіх і сказаў ім: скажэце мне, хто з вашых мае зносіны з царом Ізраільскім?

12 І сказаў адзін слуга ягоны: ніхто, гаспадару мой цар; а Елісей прарок, які ў Ізраіля, пераказвае цару Ізраільскаму і тыя словы, якія ты кажаш у спальні тваёй.

13 І сказаў ён: ідзеце, даведайцеся, дзе ён; я пашлю і вазьму яго. І данесьлі яму і сказалі: вось, ён у Датаіме.

14 І паслаў туды коні і калясьніцы і шмат войска. І прыйшлі ноччу і акружылі горад.

15 Раніцай служка чалавека Божага ўстаў і выйшаў; і вось, войска вакол горада і коні і калясьніцы. І сказаў яму слуга ягоны: шкада, гаспадару мой! што нам рабіць?

16 І сказаў ён: ня бойся, бо тых, якія з намі, больш, чым тых, якія зь імі.

17 І маліўся Елісей і казаў: Госпадзе! разамкні яму вочы, каб ён убачыў. І разамкнуў Гасподзь вочы слузе, і ён убачыў, і вось, уся гара напоўнена конямі і калясьніцамі вогненнымі вакол Елісея.

18 Калі пайшлі да яго Сірыйцы, Елісей памаліўся Госпаду і сказаў: спадобі іх сьлепатою. І Ён спадобіў іх сьлепатою па слове Елісея.

19 І сказаў ім Елісей: гэта ня тая дарога і ня той горад; ідзеце за мною, я правяду вас да таго чалавека, якога вы шукаеце. І прывёў іх у Самарыю.

20 Калі яны прыйшлі ў Самарыю, Елісей сказаў: Госпадзе! разамкні вочы ім, каб яны бачылі. І разамкнуў Гасподзь вочы ім, і ўбачылі, што яны ўсярэдзіне Самарыі.

21 І сказаў цар Ізраільскі Елісею, убачыўшы іх: ці не пабіць іх, бацька мой?

22 І сказаў ён: не забівай. Хіба мечам тваім і лукам тваім ты паланіў іх, каб забіваць іх? Прапануй ім хлеба і вады; няхай ядуць і п'юць, і пойдуць да гаспадара свайго.

23 І прыгатаваў ім вялікі абед, і яны елі і пілі. І адпусьціў іх, і пайшлі да гаспадара свайго. І не хадзілі больш тыя полчышчы Сірыйскія ў зямлю Ізраілеву.

24 Пасьля таго сабраў Вэенадад, цар Сірыйскі, усё войска сваё і выступіў, і аблажыў Самарыю.

25 І быў вялікі голад у Самарыі, калі яны аблажылі яе, так што асьліная галава прадавалася па восемдзесят сікляў срэбра, і чацьвёртая частка каба галубінага памёту - па пяць сікляў срэбра.

26 Аднойчы цар Ізраільскі праходзіў па сьцяне, і жанчына зь лямантам казала яму: памажы, гаспадару мой цар.

27 І сказаў ён: калі не паможа табе Гасподзь, з чаго я памагу табе? ці з гумна, ці з чавільні?

28 І сказаў ёй цар: што табе? І сказала яна: гэтая жанчына казала мне: аддай свайго сына, зьямо яго сёньня, а сына майго зьямо заўтра.

29 І згатавалі мы майго сына, і зьелі яго. І я сказала ёй на другі дзень: аддай жа твайго сына, і зьямо яго. Але яна схавала свайго сына.

30 Цар, выслухаўшы словы жанчыны, падраў вопратку на сабе; і праходзіў ён па сьцяне, і народ бачыў, што вярэта на самім целе ягоным.

31 І сказаў: няхай тое і тое зробіць мне Бог, і яшчэ болей зробіць, калі застанецца галава Елісея, сына Сафатавага, на ім сёньня.

32 А Елісей сядзеў у сваім доме і старцы сядзелі ў яго. І паслаў цар чалавека ад сябе. Перш чым прыйшоў пасланы да яго, ён сказаў старцам: бачыце, што гэты сын забойцы паслаў зьняць зь мяне галаву? Глядзеце, калі прыйдзе пасланец, зачынеце дзьверы і прыцісьніце яго дзьвярмі. А вось і тупат ног гаспадара яго за ім!

33 Яшчэ гаварыў ён зь імі, і вось пасланец прыходзіць да яго, і сказаў: вось якое бедства ад Госпада! чаго мне далей чакаць ад Госпада?

 

Разьдзел 7

 

1 І сказаў Елісей: выслухайце слова Гасподняе: так кажа Гасподзь: заўтра гэтым часам мера лепшай мукі будзе па сіклі, дзьве меры ячменю па сіклі, каля брамы Самарыі.

2 І адказваў саноўнік, на руку якога апіраўся цар, чалавеку Божаму, і сказаў: калі б Гасподзь і адчыніў вокны на небе, дык і тады ці можа гэта быць? І сказаў той: вось убачыш сваімі вачыма, але есьці гэтага ня будзеш.

3 Чатыры чалавекі пракажоныя былі каля ўваходу ў браму і казалі яны адзін аднаму: што нам сядзець тут, чакаючы сьмерці?

4 Калі рашымся мы пайсьці ў горад, дык у горадзе голад, і мы там памром, а калі сядзець тут, дык таксама памром. Хадзем лепей у табар Сірыйскі: калі пакінуць нас жывых, будзем жыць, а калі заб'юць, памром.

5 І ўсталі на досьвітку, каб ісьці ў табар Сірыйскі. І прыйшлі да краю табара Сірыйскага, і вось, няма там ніводнага чалавека.

6 Гасподзь зрабіў так, што табару Сірыйскаму пачуўся стукат калясьніц і ржаньне коней, шум войска вялікага. І сказалі яны адзін аднаму: мусіць, наняў супроць нас цар Ізраільскі цароў Хэтэйскіх і Егіпецкіх, каб пайсьці на нас.

7 І ўсталі і пабеглі на досьвітку, і пакінулі намёты свае, і коней сваіх, і аслоў сваіх, увесь табар, як ён быў, і пабеглі, ратуючыся.

8 І прыйшлі тыя пракажоныя да краю табара, і ўвайшлі ў адзін намёт, і елі і пілі, узялі адтуль срэбра, і золата і вопратку, і пайшлі і схавалі. Пайшлі яшчэ ў іншы намёт, і там узялі, і пайшлі і схавалі.

9 І сказалі адзін аднаму: ня так мы робім. Дзень гэты - дзень радаснай весткі, калі мы замарудзім і будзем чакаць ранішняга сьвятла, дык упадзе на нас віна. Хадземце ж і паведамім дому царскаму.

10 І прыйшлі, і паклікалі брамнікаў гарадскіх, і расказалі ім, кажучы: мы хадзілі ў табар Сірыйскі, і вось, няма там ніводнага чалавека, ні голасу чалавечага, а толькі коні прывязаныя, і аслы прывязаныя, і намёты, як якія яны ёсьць.

11 І паклікалі брамнікаў, і яны перадалі вестку ў сам палац царскі.

12 І ўстаў цар уначы, і сказаў слугам сваім: скажу вам, што робяць з намі Сірыйцы. Яны ведаюць, што мы церпім голад, і выйшлі з табара, каб схавацца ў полі, думаючы так: калі яны выйдуць з горада, мы захопім іх жывых і ўворвемся ў горад.

13 І адказваў адзін, што слугаваў пры ім, і сказаў: хай возьмуць пяць з астатніх коней, што засталіся ў горадзе і пашлем, і пабачым.

14 І ўзялі дзьве пары коней, запрэжаных у калясьніцы. І паслаў цар сьледам Сірыйскаму войску, сказаўшы: ідзеце, паглядзеце.

15 І ехалі за ім да Ярдана, і вось уся дарога ўсланая вопраткай і рэчамі, якія пакідалі Сірыйцы пры пасьпешлівых уцёках сваіх. І вярнуліся пасланцы, і данесьлі цару.

16 І выйшаў народ, і разрабаваў табар Сірыйскі, і была мера лепшай мукі па сіклі, паводле слова Гасподняга.

17 І цар паставіў таго саноўніка, на руку якога абапіраўся, каля брамы; і растаптаў яго народ у браме, і ён памёр, як сказаў чалавек Божы, які гаварыў, калі прыходзіў да яго цар.

18 Калі чалавек Божы гаварыў так цару: дзьве меры ячменю па сіклі, і мера лепшай мукі па сіклі будуць заўтра гэтым часам каля брамы Самарыі,

19 тады адказваў гэты саноўнік чалавеку Божаму і сказаў: калі б Гасподзь і адчыніў вокны на небе, дык і тады ці можа такое быць? А ён сказаў: убачыш на свае вочы, але есьці гэтага ня будзеш.

20 Так і збылося зь ім: і затаптаў яго народ у браме, і ён памёр.

 

Разьдзел 8

 

1 І казаў Елісей жанчыне, сына якое ён уваскрэсіў: устань, і йдзі, ты і дом твой, і пажыві там, дзе можаш пажыць, бо наслаў Гасподзь голад, і ён прыйдзе на гэтую зямлю на сем гадоў.

2 І ўстала тая жанчына, і зрабіла паводле слова Божага; і пайшла яна і дом яе, і жыла ў зямлі Філістымскай сем гадоў.

3 Празь сем гадоў вярнулася гэтая жанчына зь зямлі Філістымскай і прыйшла прасіць цара за дом свой і поле сваё.

4 Цар якраз гутарыў з Гіезіем, слугою чалавека Божага, і сказаў: раскажы мне ўсё пра выдатнае, што зрабіў Елісей.

5 І тым часам як ён расказваў цару, што той уваскрэсіў памерлага, жанчына, сына якое ён уваскрэсіў, прасіла цара за дом свой і за поле сваё. І сказаў Гіезій: гаспадару мой цар, гэта тая самая жанчына і той самы сын яе, якога ўваскрэсіў Елісей.

6 І спытаўся цар у жанчыны, і яна расказала яму. І даў ёй цар аднаго прыдворніка, сказаўшы: вярнуць ёй усё, што ёй належыць, і ўсе прыбыткі з поля, з таго дня, як яна пакінула зямлю, да сёньня.

7 І прыйшоў Елісей у Дамаск, калі Вэнадад цар Сірыйскі, быў хворы. І данесьлі яму, кажучы: прыйшоў чалавек Божы сюды.

8 І сказаў цар Азаілу: вазьмі ў рукі свае дарунак і йдзі насустрач чалавеку Божаму, і спытайся ў Госпада празь яго, кажучы: ці папраўлюся я ад гэтай хваробы?

9 І пайшоў Азаіл насустрач яму, і ўзяў дарунак у рукі свае і ўсяго найлепшага ў Дамаску, колькі могуць несьці сорак вярблюдаў, і прыйшоў і стаў перад абліччам ягоным, і сказаў: сын твой Вэнадад, цар Сірыйскі, паслаў мяне да цябе папытацца: ці папраўлюся я ад гэтай хваробы?

10 І сказаў яму Елісей: ідзі скажы яму: выздаравееш. Аднак жа адкрыў мне Гасподзь, што ён памрэ.

11 І скіраваў на яго Елісей позірк свой, і так заставаўся, аж зьбянтэжыў яго, і заплакаў чалавек Божы.

12 І сказаў Азаіл: чаго гаспадар мой плача? І сказаў ён: таму, што я ведаю, якога ліха наробіш ты сынам Ізраілевым; крэпасьці іхнія папаліш, а юнакоў іхніх пазабіваеш мечам, і немаўлят іхніх паб'еш, і цяжарных у іх пасячэш.

13 І сказаў Азаіл: што такое раб твой, сабака, каб мог зрабіць такую вялікую справу? І сказаў Елісей: указаў мне Гасподзь у табе цара Сірыі.

14 І пайшоў ён ад Елісея, і прыйшоў да гаспадара свайго. І сказаў яму гэты: што казаў табе Елісей? І сказаў: ён казаў мне, што ты паправішся.

15 А на другі дзень ён узяў коўдру, намачыў яе вадою і паклаў на твар ягоны, і той памёр. І зацараваў Азаіл замест яго.

16 У пяты год Ёрама, сына Ахава, цара Ізраільскага, зацараваў Ёрам, сын Ёсафатаў, цар Юдэйскі:

17 трыццаць два гады было яму, калі зацараваў, і восем гадоў цараваў у Ерусаліме;

18 і хадзіў шляхам цароў Ізраільскіх, як рабіў дом Ахаваў, бо дачка Ахава была жонкаю яго, і рабіў благое ў вачах Госпада.

19 Аднак не хацеў Гасподзь загубіць Юду, дзеля Давіда, раба Свайго, бо Ён абяцаў даць яму сьвяцільню ў дзецях ягоных на ўсе часы.

20 У дні ягоныя выступіў Эдом з-пад рукі Юды, і паставілі яны над сабою цара.

21 І пайшоў Ёрам у Цаір, і ўсе калясьніцы зь ім; і ўстаў ён уначы, і пабіў Ідумэянаў, якія акружалі яго, і начальнікаў над калясьніцамі, але народ уцёк у намёты свае.

22 І выступіў Эдом з-пад рукі Юды да сёньняшняга дня. У той самы час выступіла і Ліўна.

23 Астатняе пра Ёрама і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

24 І спачыў Ёрам з бацькамі сваімі, і пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ахозія, сын ягоны, замест яго.

25 У дванаццаты год Ёрама, сына Ахава, цара Ізраільскага, зацараваў Ахозія, сын Ёрама, цара Юдэйскага:

26 дваццаць два гады было Ахозію, калі зацараваў, і адзін год валадарыў у Ерусаліме. А імя маці ягонай Гатолія, дачка Амврыя, цара Ізраільскага.

27 І хадзіў шляхам дома Ахававага, і рабіў благое ў вачах Гасподніх, падобна дому Ахававаму, бо ён быў у радстве з домам Ахававым.

28 І пайшоў ён зь Ёрамам, сынам Ахава, на вайну з Азаілам, царом Сірыйскім, у Рамот Галаадскі, і паранілі Сірыйцы Ёрама.

29 І вярнуўся Ёрам цар, каб лячыцца ў Ізрэелі ад ранаў, якія прычынілі яму Сірыйцы ў Рамоце, калі ён ваяваў з Азаілам, царом Сірыйскім. І Ахозія, сын Ёрама, цар Юдэйскі, прыйшоў наведаць Ёрама, сына Ахава, у Ізрэель, бо ён быў хворы.

 

Разьдзел 9

 

1 Елісей прарок паклікаў аднаго з сыноў прарокавых і сказаў яму: аперажы сьцёгны свае і вазьмі гэты посуд з алеем у руку тваю, і йдзі ў Рамот Галаадскі;

2 прыйшоўшы туды, знайдзі там Іуя, сына Ёсафата, сына Намэсіевага, і падыдзі, і скажы яму выйсьці з асяродзьдзя братоў свах, і ўвядзі яго ва ўнутраны пакой;

3 і вазьмі посуд з алеем, і вылі на галаву ягоную, і скажы: так кажа Гасподзь: памазваю цябе ў цара над Ізраілем. Потым адчыні дзьверы, і бяжы, і не чакай.

4 І пайшоў хлопец, слуга прарока, у Рамот Галаадскі,

5 і прыйшоў. І вось сядзяць ваеначальнікі, і сказаў: у мяне слова да цябе, ваеначальніча. І сказаў Іуй: да каго з усіх нас? І сказаў ён: да цябе, ваеначальніча.

6 І ўстаў ён, і ўвайшоў у дом. І хлопец выліў алей на галаву ягоную, і сказаў яму: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: памазваю цябе ў цара над народам Гасподнім, над Ізраілем,

7 і ты зьнішчыш дом Ахава, гаспадара твайго, каб Мне адпомсьціць за кроў рабоў Маіх прарокаў і за кроў усіх рабоў Гасподніх, якія загінулі ад рукі Езавэлі;

8 і загіне ўвесь дом Ахава, і зьнішчу ў Ахава таго, хто мочыцца да сьцяны, і замкнутага і таго, хто застаўся ў Ізраіле,

9 і зраблю дом Ахава, як дом Ераваама, сына Наватавага, і як дом Ваасы, сына Ахіінага;

10 А Езавэль зжаруць сабакі на полі Ізрэельскім, і ніхто не пахавае яе. І адчыніў дзьверы і ўцёк.

11 І выйшаў Іуй да слуг гаспадара свайго, і сказалі яму: ці зь мірам ты? Навошта прыходзіў гэты апантанец да цябе? І сказаў ім: вы ведаеце гэтага чалавека і што ён кажа.

12 І сказалі: няпраўда, скажы нам. І сказаў ён: тое і тое ён сказаў мне, кажучы: так кажа Гасподзь: памазваю цябе ў цара над Ізраілем.

13 І паспяшаліся яны і ўзялі кожны вопратку сваю, і падаслалі яму на самых прыступках, і затрубілі ў трубу, і сказалі: зацаруй Іуй!

14 І паўстаў Іуй, сын Ёсафата, сына Намэсіевага, супроць Ёрама; а Ёрам быў з усімі Ізраільцянамі ў Рамоце Галаадскім на варце супроць Азаіла, цара Сірыйскага.

15 Зрэшты сам цар Ёрам вярнуўся, каб лячыцца ў Ізрэелі ад ран, якія прычынілі яму Сірыйцы, калі ён ваяваў з Азаілам, царом Сірыйскім. І сказаў Іуй: калі вы згодныя, дык няхай ніхто ня сыходзіць з горада, каб ісьці падаць вестку ў Ізрэелі.

16 І сеў Іуй на каня, і паехаў у Ізрэель, дзе ляжаў Ёрам і куды Ахозія, цар Юдэйскі, прыйшоў наведаць Ёрама.

17 На вежы ў Ізрэелі стаяў дазорца, і ўбачыў ён полчышча Іуевае, калі яно ішло, і сказаў: полчышча бачу я. І сказаў Ёрам: вазьмі вершніка, і пашлі насустрач ім, і няхай скажа: ці зь мірам?

18 І выехаў вершнік на кані насустрач яму, і сказаў: так кажа цар: ці зь мірам? І сказаў Іуй: што табе да міру? Едзь за мною. І данёс дазорца, і сказаў: даехаў да іх, але не вяртаецца.

19 І паслалі другога вершніка, і ён прыехаў да іх, і сказаў: так кажа цар: ці зь мірам? І сказаў Іуй: што табе да міру? Едзь за мною.

20 І данёс дазорца, сказаўшы: даехаў да іх і не вяртаецца. А паходка, як быццам Іуева, сына Намэсіевага, бо ён едзе імкліва.

21 І сказаў Ёрам: запрагай. І запрэглі калясьніцу ягоную. І выступіў Ёрам, цар Ізраільскі, і Ахозія, цар Юдэйскі, кожны на калясьніцы сваёй. І выступілі насустрач Іую, і сустрэліся зь ім на полі Навутэя Іэрэеліцяніна.

22 І калі ўбачыў Ёрам Іуя, дык сказаў: ці зь мірам Іуй? І сказаў ён: які мір пры любаблудстве Езавэлі, маці тваёй, і пры многіх яе чарадзействах?

23 І павярнуў Ёрам рукі свае, і пабег, і сказаў Ахозію: здрада, Ахозія!

24 А Іуй напяў лук рукою сваёю, і пацэліў Ёраму паміж плячэй ягоных, і прайшла страла праз сэрца яго, і ўпаў ён на калясьніцы сваёй.

25 І сказаў Іуй Бідэкару, саноўніку свайму: вазьмі, кінь яго на дзялянку поля Навутэя Ізрэеліцяніна, бо ўспомні, як мы з табою ехалі ўдвух за Ахавам, бацькам ягоным, і як Гасподзь сказаў на яго такое прароцтва.

26 Сапраўды кроў Навутэя і кроў сыноў ягоных бачыў Я ўчора, кажа Гасподзь, і адпомшчу табе на гэтым полі. Дык вось, вазьмі, кінь яго на поле, паводле слова Гасподняга.

27 Ахозія, цар Юдэйскі, убачыўшы гэта, пабег па дарозе да дома, што ў садзе. І пагнаўся за ім Іуй, і сказаў: і яго беце на калясьніцы. Гэта было на пагорку Гур, што каля Іўлеама. І пабег ён у Мэгідон, і памёр там.

28 І адвезьлі яго рабы ягоныя ў Ерусалім, і пахавалі яго ў магільніцы ягонай, з бацькамі ягонымі, у горадзе Давідавым.

29 У адзінаццаты год Ёрама, сына Ахава, зацараваў Ахозія ў Юдэі.

30 І прыбыў Іуй у Ізрэель. А Езавэль, атрымаўшы вестку, нарумяніла твар свой і ўбрала галаву сваю, і глядзела ў акно.

31 Калі Іуй увайшоў у браму, яна сказала: ці мір Замврыю, забойцу гаспадара свайго?

32 І падняў ён твар свой да акна і сказаў: хто са мною, хто? І выглянулі да яго два, тры еўнухі.

33 І сказаў ён: выкіньце яе. І выкінулі яе. І пырснула кроў яе на сьцяну і на коней, і растапталі яе.

34 І прыйшоў Іуй, і еў, і піў, і сказаў: знайдзеце гэтую праклятую і пахавайце яе, бо царская дачка яна.

35 І пайшлі хаваць яе, і не знайшлі ад яе нічога, апрача чэрапа, і ног, і кісьцяў рук.

36 І вярнуліся, і данесьлі яму. І сказаў ён: такое было слова Госпада, якое Ён мовіў праз раба Свайго Ільлю Фэсьвіцяніна, сказаўшы: на полі Ізрэельскім зжаруць сабакі цела Езавэлі,

37 і будзе труп Езавэлі на дзялянцы Ізрэельскай, як гной на полі, так што ніхто ня скажа: гэта Езавэль.

 

Разьдзел 10

 

1 У Ахава было семдзесят сыноў у Самарыі. І напісаў Іуй лісты, і паслаў у Самарыю начальнікам Ізрэельскім, старэйшынам і выхавальнікам дзяцей Ахававых, такога зьместу:

2 калі прыйдзе вам гэты ліст, дык, як што ў вас і сыны гаспадара вашага, у вас жа і калясьніцы, і коні, і ўмацаваны горад, і зброя,

3 выберыце найлепшага і найгоднейшага з сыноў гаспадара свайго, і пасадзеце на трон бацькі ягонага, і ваюйце за дом гаспадара свайго.

4 Яны вельмі спалохаліся і сказалі: вось, два цары не ўстаялі перад ім, як жа нам устаяць?

5 І паслаў начальнік над домам царскім, і начальнік горада, і старэйшыны, і выхавальнікі да Іуя сказаць: мы рабы твае, і што скажаш нам, тое і зробім; мы нікога не паставім царом, што заўгодна табе, тое і рабі.

6 І напісаў ён ім ліст другі раз такі: калі вы мае і слова майго слухаецеся, дык вазьмеце галовы сыноў гаспадара свайго, і прыйдзеце да мяне заўтра ў гэты час у Ізрэель.

7 Калі дайшоў да іх ліст, яны ўзялі царскіх сыноў, і закалолі іх - семдзесят чалавек, і паклалі галовы іхнія ў кашы, і паслалі да яго ў Ізрэель.

8 І прыйшоў пасланец, і данёс яму, і сказаў: прынесьлі галовы сыноў царскіх. І сказаў ён: раскладзеце іх на дзьве кучы каля ўваходу ў браму, да раніцы.

9 Раніцай ён выйшаў, і стаў, і сказаў усяму народу: вы не вінаватыя. Вось я паўстаў супроць гаспадара майго, і забіў яго, а іх усіх хто забіў?

10 Ведайце ж цяпер, што не ўпадзе на зямлю ніводнае слова Госпада, якое Ён мовіў пра дом Ахава: Гасподзь зрабіў тое, што мовіў праз раба Свайго Ільлю.

11 І аддаў Іуй сьмерці ўсіх, хто яшчэ заставаўся з дома Ахава ў Ізрэелі, і ўсіх вяльможаў ягоных, і блізкіх ягоных, і сьвятароў ягоных, так што не засталося ад яго ніводнага ацалелага.

12 І ўстаў, і пайшоў, і прыйшоў у Самарыю. Па дарозе пры Бэт-Экэдзе пастухоўскім,

13 сустрэў Іуй братоў Ахозіі, цара Юдэйскага, і сказаў: хто вы? Яны сказалі: мы браты Ахозіі, ідзём даведацца пра здароўе сыноў цара і сыноў гаспадарыні.

14 І сказаў ён: вазьмеце іх жывых. І ўзялі іх жывых, і закалолі іх - сорак два чалавекі, каля калодзежа Бэт-Экэда, і не засталося зь іх ніводнага.

15 І паехаў адтуль і сустрэўся зь Ёнадавам, сынам Рыхававым, які ішоў насустрач яму, і прывітаў яго, і сказаў яму: ці прыхіляецца тваё сэрца, як маё да твайго сэрца? І сказаў Ёнадаў: так. Калі так, дык дай руку тваю. І падаў ён руку сваю, і падняў ён яго да сябе ў калясьніцу,

16 і сказаў: едзь са мною і глядзі на руплівасьць маю за Госпада. І пасадзілі яго ў калясьніцу.

17 Прыехаўшы ў Самарыю, ён забіў усіх, хто заставаўся ў Ахава ў Самарыі, так што зусім вынішчыў яго, паводле слова Госпада, якое Ён мовіў Ільлю.

18 І сабраў Іуй увесь народ і сказаў ім: Ахаў мала служыў Ваалу; Іуй будзе служыць яму больш.

19 Дык вось, паклічце да мяне ўсіх прарокаў Ваала, усіх службітоў ягоных і ўсіх сьвятароў ягоных, каб ніхто ня быў адсутны, бо ў мяне будзе вялікая ахвяра Ваалу. А кожны, хто ня зьявіцца, не застанецца жывы. Іуй рабіў гэта з хітрым намерам, каб зьнішчыць службітоў Ваала.

20 І сказаў Іуй: назначце сьвяточны сход дзеля Ваала. І абвясьцілі сход.

21 І паслаў Іуй па ўсім Ізраілі, і прыйшлі ўсе службіты Ваала; не засталося ніводнага чалавека, хто ня прыйшоў бы; і ўвайшлі ў дом Ваалаў, і напоўніўся дом Ваалаў ад краю да краю.

22 І сказаў ён рызьніку: прынясі вопратку ўсіх служак Ваала. І ён прынёс ім вопратку.

23 І ўвайшоў Іуй з Ёнадавам, сынам Рыхававым, у дом Ваалаў, і сказаў служкам Ваала: разьведайце і разгледзьце, ці няма сярод вас каго з службітоў Гасподніх, бо тут павінны быць толькі адны службіты Ваала.

24 І прыступілі яны да ўчыненьня ахвяраваньняў і цэласпаленьняў. А Іуй паставіў па-за домам восемдзесят чалавек і сказаў: душа таго, у каго выратуецца хто-небудзь зь людзей, якіх я аддаю вам у рукі, будзе замест душы таго, хто выратаваўся.

25 Калі закончана было цэласпаленьне, Іуй сказаў скараходам і начальнікам: ідзеце, беце іх, каб ніводзін не ацалеў. І пабілі іх вастрыём меча, кінулі іх скараходы і начальнікі, і пайшлі ў горад, дзе было капішча Ваалавае,

26 і вынесьлі статуі з капішча Ваалавага і спалілі іх,

27 і разьбілі статую Ваала, і разбурылі капішча Ваалавае; і зрабілі зь яго месца нечысьці да сёньня.

28 І вынішчыў Іуй Ваала зь зямлі Ізраільскай.

29 У астатнім ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх, ад іх не адступаў Іуй, - ад залатых цялят, якія ў Вэфілі, і якія ў Дане.

30 І сказаў Гасподзь Іую: за тое, што ты ахвотна зрабіў, што было справядліва ў вачах Маіх, выканаў над домам Ахававым усё, што было на сэрцы ў Мяне, сыны твае да чацьвёртага роду будуць сядзець на троне Ізраілевым.

31 Але Іуй не стараўся хадзіць у законе Госпада Бога Ізраілевага ад усяго сэрца. Ён не адступаўся ад грахоў Ераваама, які ўвёў Ізраіля ў грэх.

32 У тыя дні пачаў Гасподзь адразаць часткі ад Ізраільцянаў, і пабіваў іх Азаіл ва ўсіх межах Ізраілевых.

33 На ўсход ад Ярдана, усю зямлю Галаад, калена Гадава, Рувімава, Манасііна, пачынаючы ад Ароера, што пры патоку Арноне, і Галаад і Васан.

34 Астатняе пра Іуя і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі яго напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

35 І спачыў Іуй з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. І зацараваў Ёахаз, сын ягоны, замест яго.

36 А часу валадараньня Іуя над Ізраілем, у Самарыі, было дваццаць восем гадоў.

 

Разьдзел 11

 

1 Гатолія, маці Ахозіі, бачачы, што сын яе памёр, устала і вынішчыла ўсё царскае племя.

2 Але Ёсавеф, дачка цара Ёрама, сястра Ахозіі, узяла Ёаса, сына Ахозіі, і тайна зьвяла яго з атачэньня забіваных сыноў царскіх, яго і карміцельку ягоную, у пасьцельны пакой; і схавалі яго ад Гатоліі, і ён ня быў забіты.

3 І хавалі яго зь ёю ў доме Гасподнім шэсьць гадоў, тым часам як Гатолія царавала над зямлёю.

4 У сёмы год паслаў Ёдай, і ўзяў сотнікаў зь целаахоўцаў і скараходаў, і прывёў іх да сябе ў дом Гасподні, і ўчыніў зь імі ўгоду, і ўзяў зь іх клятву ў доме Гасподнім, і паказаў ім царскага сына;

5 і даў ім загад, сказаўшы: вось, што вы зрабеце: трэцяя частка з вас, з тых, што прыходзяць у суботу, будзе трымаць варту пры царскім доме;

6 трэцяя частка каля брамы Сур, і трэцяя частка каля брамы ззаду целаахоўцаў, і трымайце варту дома, каб ня было якое пашкоды;

7 і дзьве часткі з вас, з усіх, што адыходзяць у суботу, будуць трымаць варту каля дома Гасподняга дзеля цара;

8 і атачэце цара з усіх бакоў, кожны са зброяй сваёй у руцэ сваёй; і хто ўвайшоў бы ў рады, той хай будзе забіты; і будзьце пры цары, калі ён выходзіць і калі ўваходзіць.

9 І зрабілі сотнікі ўсё, што загадаў Ёдай сьвятар і ўзялі кожны людзей сваіх, што прыходзяць у суботу і што адыходзяць у суботу, і прыйшлі да Ёдая сьвятара.

10 І раздаў сьвятар сотнікам дзіды і шчыты цара Давіда, якія былі ў доме Гасподнім.

11 І сталі скараходы, кожны са зброяй ў руцэ сваёй, з правага боку дома да левага боку дома, каля ахвярніка і каля дома, вакол цара.

12 І вывеў ён царскага сына, і ўсклаў на яго царскі вянок і ўкрасы, і ўцаравалі яго, і памазалі яго, і пляскалі ў далоні і ўсклікалі: хай жыве цар!

13 І пачула Гатолія голас народу, які бег, і пайшла да народу ў дом Гасподні.

14 І бачыць, і вось цар стаіць на ўзвышэньні, паводле звычаю, і князі і трубы каля цара; і ўвесь народ зямлі радуецца, і трубяць у трубы. І падрала Гатолія вопратку на сабе, і закрычала: змова! змова!

15 І даў загад Ёдай сьвятар сотнікам, начальнікам над войскам, і сказаў ім: выведзіце яе за рады, а хто пойдзе за ёю, забівайце мечам, бо сьвятар думаў, каб не забілі яе ў доме Гасподнім.

16 І далі ёй месца, і яна прайшла праз уваход конскі да дома царскага, і аддадзена сьмерці там.

17 І заключыў Ёдай запавет паміж Госпадам і царом і народам, каб ён быў народам Гасподнім, і паміж царом і народам.

18 І пайшоў увесь народ зямлі ў дом Ваала, і разбурылі ахвярнікі яго, і выявы ягоныя зусім пабілі, і Матфана, жраца Ваалавага, забілі перад ахвярнікамі. І ўстанавіў сьвятар нагляд над домам Гасподнім.

19 І ўзяў сотнікаў і целаахоўцаў і скараходаў і ўвесь народ зямлі, і праводзілі цара з дома Гасподняга, і прыйшлі па дарозе праз браму целаахоўцаў у дом царскі; і ён сеў на троне цароў.

20 І весяліўся ўвесь народ зямлі, і горад супакоіўся. А Гатолію ўсьмерцілі мечам у царскім доме.

21 Сем гадоў было Ёасу, калі зацараваў.

 

Разьдзел 12

 

1 У сёмы год Іуя зацараваў Ёас і сорак гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Цыўя, зь Вірсавіі.

2 І рабіў Ёас спадобнае ў вачах Гасподніх ва ўсе дні свае, пакуль настаўляў яго сьвятар Ёдай;

3 толькі вышыні ня былі адменены; народ яшчэ прыносіў ахвяры і дымленьні на вышынях.

4 І сказаў Ёас сьвятарам: усё срэбра, якое пасьвячаецца, якое прыносяць у дом Гасподні, срэбра ад тых, што праходзяць, срэбра, якое ўносіцца за кожную душу паводле ацэнкі, усё срэбра, колькі каму находзіць на сэрца, прынесьці ў дом Гасподні.

5 хай бяруць сьвятары сабе, кожны ў свайго знаёмага, і хай папраўляюць яны пашкоджанае ў храме, усюды, дзе знойдзецца пашкода.

6 Але як да дваццаць трэцяга года цара Ёаса сьвятары не папраўлялі пашкодаў у храме,

7 дык цар Ёас паклікаў сьвятара Ёдая і сьвятароў і сказаў ім: чаму вы не папраўляеце пашкодаў у храме? Не бярэце ж ад сёньня срэбра ў знаёмых сваіх, а на паправу шкоды ў храме аддайце яго.

8 І згадзіліся сьвятары ня браць срэбра ў народу на паправу пашкодаў у храме.

9 І ўзяў сьвятар Ёдай адну скрынку, і зрабіў дзірку наверсе яе, і паставіў яе каля ахвярніка з правага боку, дзе ўваходзілі ў дом Гасподні. І клалі туды сьвятары, якія стаялі на варце каля парога, усё срэбра, якое прыносілі ў дом Гасподні.

10 І калі бачылі, што многа срэбра ў скрынцы, прыходзіў пісец царскі і першасьвятар, і завязвалі ў мяхі і пералічвалі срэбра, знойдзенае ў доме Гасподнім;

11 і аддавалі палічанае срэбра ў рукі майстрам, якія вялі работы і былі прыстаўлены да дома Гасподняга, а яны трацілі яго на цесьляроў і будаўнікоў, якія працавалі ў доме Гасподнім.

12 і на тых, што ладзілі сьцены, і на камнясекаў, а таксама на куплю драўніны і цясанага каменю і на папраўку пашкодаў у доме Гасподнім, і на ўсё, што трацілася на падтрыманьне храма.

13 Але ня зроблена было для дома Гасподняга срэбных місак, нажоў, чашаў, труб, усякага начыньня залатога і начыньня срэбнага з срэбра, што прыносяць у дом Гасподні,

14 работным майстрам аддавалі яго, і папраўлялі ім дом Гасподні.

15 І не патрабавалі адказу ў тых людзей, якім даручалі срэбра на раздачу майстрам, бо яны працавалі сумленна.

16 Срэбра за ахвяру па злачынстве і срэбра за ахвяру па грэху ня ўносілі ў дом Гасподні: сьвятарам яно належала.

17 Тады выступіў у паход Азаіл, цар Сірыйскі, і пайшоў вайною на Гет, і ўзяў яго; і намерыўся Азаіл ісьці на Ерусалім.

18 Але Ёас, цар Юдэйскі, узяў усё ахвяраванае, што ахвяравалі храму Ёсафат, і Ёрам і Ахозія, бацькі ягоныя, цары Юдэйскія, і што ён сам ахвяраваў, і ўсё золата, знойдзенае ў скарбніцах дома Гасподняга і дома царскага, і паслаў Азаілу, цару Сірыйскаму; і ён адступіў ад Ерусаліма.

19 Астатняе пра Ёаса і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

20 І паўсталі слугі ягоныя, і забілі Ёаса ў доме Міло, на дарозе да Сілы.

21 Яго забілі слугі ягоныя: Ёзакар, сын Шымэаты, і Егазавад, сын Шамэры; і ён памёр, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Амасія, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 13

 

1 У дваццаць трэці год Ёаса, сына Ахозіінага, цара Юдэйскага, зацараваў Ёахаз, сын Іуя, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў сямнаццаць гадоў,

2 і рабіў благое ў вачах Гасподніх, і хадзіў у грахах Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх, і не адставаў ад іх.

3 І загарэўся гнеў Госпада на Ізраіля, і Ён аддаваў іх у руку Азаіла, цара Сірыйскага, і ў руку Венадада, сына Азаілавага, ва ўсе дні.

4 І памаліўся Ёахаз абліччу Гасподняму, і пачуў яго Гасподзь, бо бачыў прыгнечанасьць Ізраільцян, бо цясьніў іх цар Сірыйскі.

5 І даў Гасподзь Ізраільцянам збаўцу, і выйшлі яны з-пад рукі Сірыйцаў, і жылі сыны Ізраілевыя ў намётах сваіх, як учора і заўчора.

6 Аднак не адступалі ад грахоў дома Ераваама, які ўвёў Ізраіля ў грэх; хадзілі ў іх, і дуброва стаяла ў Самарыі.

7 У Ёахаза заставалася войска толькі пяцьдзясят вершнікаў, дзесяць калясьніц і дзесяць тысяч пешых, бо вынішчыў іх цар Сірыйскі і абярнуў іх у пыл на патаптаньне.

8 Астатняе пра Ёахаза і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

9 І спачыў Ёахаз з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. І зацараваў Ёас, сын ягоны, замест яго.

10 У трыццаць сёмы год Ёаса, цара Юдэйскага, зацараваў Ёас, сын Ёахазаў, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў шаснаццаць гадоў,

11 і рабіў благое ў вачах Гасподніх; не адставаў ад усіх грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх, а хадзіў у іх.

12 Астатняе пра Ёаса і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, як ён ваяваў з Амасіем, царом Юдэйскім, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

13 І спачыў Ёас з бацькамі сваімі, а Ераваам сеў на троне яго. І пахаваны Ёас у Самарыі з царамі Ізраільскімі.

14 Елісей захварэў на хваробу, ад якое пасьля і памёр. І прыйшоў да яго Ёас, цар Ізраільскі, і плакаў над ім, і казаў: бацька мой! бацька мой! калясьніца Ізраіля і коньніца ягоная!

15 І сказаў яму Елісей: вазьмі лук і стрэлы. І ўзяў ён лук і стрэлы.

16 І сказаў цару Ізраільскаму: пакладзі руку тваю на лук. І паклаў ён руку сваю. І паклаў Елісей рукі свае на рукі цара,

17 і сказаў: адчыні акно на ўсход. І ён адчыніў. І сказаў Елісей: стрэльні. І ён стрэліў. І сказаў: гэта страла збавеньня ад Госпада і страла збавеньня супроць Сірыі, і ты паб'еш Сірыйцаў у Атэку дарэшты.

18 І сказаў Елісей: вазьмі стрэлы. І ён узяў. І сказаў цару Ізраільскаму: бі па зямлі. І ўдарыў ён тры разы, і спыніўся.

19 І ўгневаўся на яго чалавек Божы і сказаў: трэба было біць пяць ці шэсьць разоў, тады ты пабіў бы Сірыйцаў зусім, а цяпер толькі тры разы паб'еш Сірыйцаў.

20 І памёр Елісей, і пахавалі яго. І полчышчы Маавіцян прыйшлі ў зямлю на другі год.

21 І было, што калі хавалі аднаго чалавека, дык, убачыўшы гэта полчышча, пахавальнікі кінулі таго чалавека ў магілу Елісеевую, і ён, падаючы, дакрануўся да касьцей Елісея, і ажыў, і ўстаў на ногі свае.

22 Азаіл, цар Сірыйскі, цясьніў Ізраільцян ва ўсе дні Ёахаза.

23 Але Гасподзь умілажаліўся зь іх і памілаваў іх, і зьвярнуўся да іх дзеля запавету Свайго з Абрагамам, Ісакам і Якавам, і не хацеў зьнішчыць іх, і не адхіліў іх ад аблічча Свайго дагэтуль.

24 І памёр Азаіл, цар Сірыйскі, і зацараваў Венадад, сын ягоны, замест яго.

25 І ўзяў назад Ёас, сын Ёахаза, з рукі Венадада, сына Азаілавага, гарады, якія ён узяў вайною з рукі бацькі ягонага, Ёахаза. Тры разы разьбіў яго Ёас і вярнуў гарады Ізраілевыя.

 

Разьдзел 14

 

1 У другі год Ёаса, сына Ёахазавага, цара Ізраільскага, зацараваў Амасія, сын Ёаса, цар Юдэйскі:

2 дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Егаадань, зь Ерусаліма.

3 І рабіў ён добрае ў вачах Гасподніх, хоць і ня так, як бацька ягоны Давід: ён ва ўсім рабіў так, як бацька яго Ёас.

4 Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях.

5 Калі ўмацавалася царства ў руках яго, тады ён аддаў сьмерці слуг сваіх, якія забілі цара, бацьку ягонага.

6 Але дзяцей забойцаў не забіў, бо напісана ў кнізе закона Майсеевага, у якой наказваў Гасподзь, кажучы: не павінны быць караныя сьмерцю бацькі за дзяцей, і дзеці не павінны быць караныя сьмерцю за бацькоў, а кожны за сваё злачынства павінен быць караны сьмерцю.

7 Ён пабіў дзесяць тысяч Ідумэянаў у даліне Саляной, і ўзяў Сэлу вайною, і даў ёй імя Ёктэіл, якое і да сёньня.

8 Тады паслаў Амасія паслоў да Ёаса, цара Ізраільскага, сына Ёахаза, сына Іуя, сказаць: выйдзі, пабачымся асабіста.

9 І паслаў Ёас, цар Ізраільскі, да Амасіія, цара Юдэйскага, сказаць: цярне, якое на Ліване, паслала да кедра, які таксама на Ліване, сказаць: аддай дачку сваю за жонку сыну майму. Але прайшлі дзікія зьвяры, што на Ліване, і вытапталі гэтае цярне.

10 Ты пабіў Ідумэянаў, і заганарылася сэрца тваё. Вялічайся і сядзі ў сябе дома. Навошта табе распальваць свару сабе на бяду? Загінеш ты і Юда з табою.

11 Але не паслухаўся Амасія. І выступіў Ёас, цар Ізраільскі, і пабачыліся асабіста ён і Амасія, цар Юдэйскі, у Бэтсамісе, што ў Юдэі.

12 І разьбіты былі Юдэі Ізраільцянамі, і разьбегліся па намётах сваіх.

13 І Амасію, цара Юдэйскага, сына Ёаса, сына Ахозіі, захапіў Ёас, цар Ізраільскі, у Бэтсамісе, і пайшоў у Ерусалім і разбурыў сьцяну Ерусалімскую ад брамы Яфрэмавай да брамаў вуглавых на чатырыста локцяў.

14 І ўзяў усё золата і срэбра, і ўвесь посуд, які знайшоўся ў доме Гасподнім і ў скарбніцах царскага дома, і заложнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.

15 Астатняе пра Ёаса, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, і як ён ваяваў з Амасіем, царом Юдэйскім, напісанага ў летапісе цароў Ізраільскіх.

16 І спачыў Ёас з бацькамі сваімі, і пахаваны ў Самарыі з царамі Ізраільскімі. І зацараваў Ераваам, сын ягоны, замест яго.

17 І жыў Амасія, сын Ёасаў, цар Юдэйскі, пасьля сьмерці Ёаса, сына Ёахазавага, цара Ізраільскага, пятнаццаць гадоў.

18 Астатнія дзеі Амасіі запісаны ў летапісе цароў Юдэйскіх.

19 І склалі супроць яго змову ў Ерусаліме, і ўцёк ён у Лахіс. І паслалі за ім у Лахіс, і забілі яго там.

20 І прывезьлі яго на конях, і пахаваны ён быў у Ерусаліме з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым.

21 І ўзяў увесь народ Юдэйскі Азарыю, якому было шаснаццаць гадоў, і ўзьвялі яго ў цара замест бацькі ягонага Амасія.

22 Ён забудаваў Элат і вярнуў яго Юдэі, пасьля таго як цар спачыў з бацькамі сваімі.

23 У пятнаццаты год Амасіі, сына Ёасавага, цара Юдэйскага, зацараваў Ераваам, сын Ёасаў, цар Ізраільскі, у Самарыі і валадарыў сорак адзін год,

24 і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адступаўся ад усіх грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.

25 Ён аднавіў межы Ізраіля, ад уваходу ў Эмат да мора пустыні, паводле слова Госпада Бога Ізраілевага, якое Ён сказаў праз раба Свайго Ёну, сына Аматыінага, прарока з Гатхэфэра,

26 бо Гасподзь бачыў бедства Ізраіля, вельмі горкае, так што не заставалася ні замкнутага, ні таго, хто застаўся, і ня было памочніка ў Ізраіля.

27 І не захацеў Гасподзь выкараніць імя Ізраільцян з паднябеснай, і выратаваў іх рукою Ераваама, сына Ёасавага.

28 Астатняе пра Ераваама і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, як ён ваяваў і як вярнуў Ізраілю Дамаск і Эмат, што належаў Юду, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

29 І спачыў Ераваам з бацькамі сваімі, з царамі Ізраільскімі. І зацараваў Захарый, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 15

 

1 У дваццаць сёмы год Ераваама, цара Ізраільскага, зацараваў Азарый, сын Амасія, цар Юдэйскі:

2 шаснаццаць гадоў было яму, калі зацараваў, і пяцьдзясят два гады валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Ехолія, зь Ерусаліма.

3 Ён рабіў спадобнае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Амасій, бацька ягоны.

4 Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях.

5 І пабіў Гасподзь цара, і быў ён пракажоны да дня сьмерці сваёй і жыў у асобным доме. А Ётам, сын цароў, начальнічаў над палацам і кіраваў народам зямлі.

6 Астатняе пра Азарыя і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

7 І спачыў Азарый з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ётам, сын ягоны, замест яго.

8 У трыццаць восьмы год Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Захарый, сын Ераваама, над Ізраілем у Самарыі і валадарыў шэсьць месяцаў.

9 Ён рабіў благое ў вачах Гасподніх, як рабілі бацькі ягоныя; не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.

10 І склаў супроць яго змову Сэлум, сын Явіса, і ўдарыў яго перад народам, і забіў яго, і зацараваў замест яго.

11 Астатняе пра Захарыя напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

12 Такое было слова Госпада, якое Ён сказаў Іую, сказаўшы: сыны твае да чацьвёртага роду будуць сядзець на троне Ізраілевым. І збылося так.

13 Сэлум, сын Явіса, зацараваў на трыццаць дзявятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, і цараваў адзін месяц у Самарыі.

14 І пайшоў Менаім, сын Гадыя з Тырцы, і прыйшоў у Самарыю, і пабіў Сэлума, сына Явісавага, у Самарыі, і забіў яго, і зацараваў замест яго.

15 Астатняе пра Сэлума і пра змову ягоную, якую ён склаў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

16 І пабіў Менаім Тыпсах і ўсіх, што былі ў ім і ў межах яго, ад Тырцы, за тое, што горад не адчыніў брамы, і разьбіў яго: і ўсіх цяжарных жанчын у ім парубаў.

17 На трыццаць дзявятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Менаім, сын Гадыя, над Ізраілем; і валадарыў дзесяць гадоў у Самарыі;

18 і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіль у грэх, ва ўсе дні свае.

19 Тады прыйшоў Фул, цар Асірыйскі, на зямлю Ізраілевую. І даў Менаім Фулу тысячу талантаў срэбра, каб рукі ягоныя былі за яго і каб умацаваць царства ў руцэ сваёй.

20 І расклаў Менаім гэта срэбра на Ізраільцянаў, на ўсіх людзей багатых, па пяцьдзясят сікляў срэбра на кожнага чалавека, каб аддаць цару Асірыйскаму. І пайшоў назад цар Асірыйскі, і не застаўся там у зямлі.

21 Астатняе пра Менаіма і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

22 І спачыў Менаім з бацькамі сваімі. І зацараваў Факія, сын ягоны, замест яго.

23 На пяцідзясятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Факія, сын Менаіма, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў два гады;

24 і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіль у грэх.

25 І склаў супроць яго змову Факей, сын Рэмалія, саноўнік ягоны, і пабіў яго ў Самарыі ў палаце царскага дома, з Арговам і Арыем, маючы пры сабе шэсьцьдзясят чалавек Галаадыцянаў, і забіў яго, і зацараваў замест яго

26 Астатняе пра Факія і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

27 У пяцьдзясят другі год Азарыя, цара Юдэйскага, дацараваў Факей, сын Рэмалія, над Ізраілем у Самарыі і валадарыў дваццаць гадоў;

28 і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.

29 У дні Факея, цара Ізраільскага, прыйшоў Тэглатфэласар, цар Асірыйскі, і ўзяў Ён, Авэл-бэт-Мааху і Янох і Кедэс і Асор, і Галаад і Галілею, усю зямлю Нэфталімавую, і перасяліў іх у Асірыю.

30 І склаў змову Асія, сын Ілы, супроць Факея, сына Рэмаліінага, і пабіў яго, і забіў яго, і зацараваў замест яго ў дваццаты год Ёатама, сына Азіінага.

31 Астатняе пра Факея і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

32 На другім годзе Факея, сына Рэмаліінага, цара Ізраільскага, зацараваў Ёатам, сын Азіі, цара Юдэйскага.

33 дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Еруша, дачка Садока.

34 Ён рабіў спадобнае ў вачах Гасподніх: ва ўсім, як рабіў Азія, бацька ягоны, так рабіў і ён.

35 Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях. Ён пабудаваў верхнюю браму пры доме Гасподнім.

36 Астатняе пра Ёатама і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

37 У тыя дні пачаў Гасподзь пасылаць на Юдэю Рэцына, цара Сірыйскага, і Факея, сына Рэмаліінага.

38 І спачыў Ёатам з бацькамі сваімі ў горадазе Давіда, бацькі ягонага. І зацараваў Ахаз, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 16

 

1 На семнаццатым годзе Факея, сына Рэмаліінага, зацараваў Ахаз, сын Ёатама, цара Юдэйскага:

2 дваццаць гадоў было Ахазу, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў ён у Ерусаліме, і не рабіў спадобнага ў вачах Госпада Бога свайго, як Давід, бацька ягоны,

3 а хадзіў шляхам цароў Ізраільскіх, і нават сына свайго правёў праз агонь, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых,

4 і ўчыняў ахвяры і дымленьні на вышынях і на пагорках і пад кожным цяністым дрэвам.

5 Тады пайшоў Рэцын, цар Сірыйскі, і Факей, сын Рэмаліін, цар Ізраільскі, супроць Ерусаліма, каб заваяваць яго, і трымалі Ахаза ў аблозе, але адолець не маглі.

6 Тым часам Рэцын, цар Сірыйскі, вярнуў Сірыі Элат і прагнаў Юдэяў з Элата; і Ідумэяне ўступілі ў Элат, і жывуць там да сёньня.

7 І паслаў Ахаз паслоў да Тэглатфэласара, цара Асірыйскага, сказаць: раб твой і сын твой я; прыйдзі і абарані мяне ад рукі цара Сірыйскага і ад рукі цара Ізраільскага, што паўсталі на мяне.

8 І ўзяў Ахаз срэбра і золата, якое знайшлося ў доме Гасподнім і ў скарбніцах дома царскага, і паслаў цару Асірыйскаму ў дарунак.

9 І паслухаўся яго цар Асірыйскі; і пайшоў цар Асірыйскі ў Дамаск і ўзяў яго, і перасяліў жыхароў яго ў Кір, а Рэцына аддаў сьмерці.

10 І пайшоў цар Ахаз насустрач Тэглатфэласару, цару Асірыйскаму, у Дамаск, і ўбачыў ахвярнік, які ў Дамаску, і паслаў цар Ахаз да Урыя сьвятара выяву ахвярніка і рысунак усёй будовы.

11 І пабудаваў сьвятар Урыя ахвярнік паводле ўзору, які прыслаў цар Ахаз з Дамаска; і зрабіў так сьвятар Урыя да прыбыцьця цара Ахаза з Дамаска.

12 І прыйшоў цар з Дамаска, і ўбачыў цар ахвярнік, і падышоў цар да ахвярніка, і прынёс на ім ахвяру;

13 і ўчыніў цэласпаленьне сваё і хлебнае прынашэньне, і ўчыніў выліваньне сваё, і акрапіў крывёю мірнай ахвяры сваёй ахвярнік.

14 А медны ахвярнік, які прад абліччам Гасподнім, ён перасунуў ад пярэдняга боку храма, зь месца паміж ахвярнікам новым і домам Гасподнім, і паставіў яго збоку гэтага ахвярніка на поўнач.

15 І даў загад цар Ахаз сьвятару Урыю, сказаўшы: на вялікім ахвярніку ўчыняй ранішняе цэласпаленьне і вячэрняе хлебнае прынашэньне, і цэласпаленьне ад цара і хлебнае прынашэньне ад яго, і цэласпаленьне ад усіх людзей зямлі і хлебнае прынашэньне ад іх, і выліваньне ад іх і ўсякай крывёю цэласпаленьняў і ўсякаю крывёю ахвяр акрапляй яго, а ахвярнік медны застанецца да маёй распарады.

16 І зрабіў сьвятар Урыя ўсё так, як загадаў цар Ахаз.

17 І абламаў цар Ахаз абадкі на падстаўках, і зьняў зь іх умывальніцы, і мора зьняў з медных валоў, якія былі пад ім, і паставіў яго на каменную падлогу.

18 І адмяніў крыты суботні ход, які збудавалі пры храме, і зьнешні царскі ўваход да дома Гасподняга, дзеля цара Асірыйскага.

19 Астатняе пра Ахаза, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

20 І спачыў Ахаз з бацькамі сваімі, і пахаваны з бацькамі сваімі ў доме Давідавым. І зацараваў Эзэкія, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 17

 

1 На дванаццатым годзе Ахаза, цара Юдэйскага, зацараваў Асія, сын Ілы, у Самарыі над Ізраілем і валадарыў дзевяць гадоў,

2 і рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх, але ня так, як цары Ізраільскія, якія былі да яго.

3 Супроць яго выступіў Салманасар, цар Асірыйскі, і зрабіўся Асія падуладны яму і даваў яму даніну.

4 І заўважыў цар Асірыйскі ў Асіі здраду, бо ён пасылаў паслоў да Сігора, цара Егіпецкага, і не дастаўляў даніны цару Асірыйскаму кожны год; і ўзяў яго цар Асірыйскі пад варту, і ўвязьніў яго ў цямніцу.

5 І пайшоў цар Асірыйскі на ўсю зямлю, і падступіўся да Самарыі, і трымаў яе ў аблозе тры гады.

6 На дзявятым годзе Асіі ўзяў цар Асірыйскі Самарыю, і перасяліў Ізраільцян у Асірыю, і пасяліў іх у Халаху і ў Хаворы, каля ракі Гозан, і ў гарадах Мідыйскіх.

7 Калі пачалі грашыць сыны Ізраілевыя прад Госпадам Богам сваім, Які вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, і пачалі ўшаноўваць багоў іншых;

8 і пачалі ўчыняць паводле звычаяў іншых народаў, якіх Гасподзь прагнаў ад аблічча сыноў Ізраілевых, і паводле звычаяў цароў Ізраільскіх, як учынялі яны;

9 і пачалі рабіць сыны Ізраілевыя дзеі незаўгодныя Госпаду Богу свайму, і зладзілі сабе вышыні ва ўсіх гарадах сваіх, ад дазорнай вежы да ўмацаванага горада;

10 і паставілі ў сябе статуі і выявы Астартаў на кожным высокім пагорку і пад кожным цяністым дрэвам;

11 і пачалі там учыняць дымленьні на ўсіх вышынях, як тыя народы, якіх прагнаў ад іх Гасподзь, і рабілі благія дзеі, што гнявілі Госпада;

12 і служылі ідалам, пра якіх казаў ім Гасподзь: не рабеце гэтага.

13 Тады Гасподзь праз усіх прарокаў Сваіх, праз кожнага празорліўца перасьцерагаў Ізраіля і Юду, кажучы: вярнецеся зь ліхіх шляхоў вашых і захоўвайце наказы Мае, пастановы Мае па ўсім вучэньні, якое Я запавядаў бацькам вашым і якое Я выклаў вам праз рабоў Маіх, прарокаў.

14 Але яны ня слухаліся і ўжарсьцьвілі шыю сваю, як была шыя бацькоў іхніх, якія ня верылі ў Госпада Бога свайго

15 і пагарджалі пастановамі Яго, і запаветам Ягоным, які Ён заключыў з бацькамі іхнімі, і адкрыцьцямі Ягонымі, якімі Ён перасьцерагаў іх, і пайшлі сьледам марнасьці і змарнаваліся, і сьледам народаў навакольных, пра якіх Гасподзь наказваў ім, каб не рабілі так, як яны,

16 і пакінулі ўсе запаведзі Госпада Бога свайго, і парабілі сабе літыя выявы двух цялят, і зладзілі дуброву, і пакланяліся ўсяму войску нябеснаму, і служылі Ваалу,

17 і праводзілі сыноў сваіх і дочак сваіх праз агонь, і варажылі, і чаравалі, і аддаліся таму, каб рабіць благое ў вачах Госпада і ўгняўляць Яго.

18 І ўгневаўся Гасподзь моцна на Ізраільцян, і адкінуў іх ад аблічча Свайго. Не засталося нікога акрамя калена Юдавага.

19 І Юда таксама ня трымаўся запаведзяў Госпада Бога свайго, і рабіў паводле звычаяў Ізраільцян, як рабілі яны.

20 І адвярнуўся Гасподзь ад усіх нашчадкаў Ізраіля, і ўпакорыў іх, і аддаваў іх у рукі грабежнікаў, і нарэшце адкінуў іх ад аблічча Свайго.

21 Ізраільцяне адпалі ад дому Давідавага і ўзьвялі царом Ераваама, сына Наватавага. І ўхіліў Ераваам Ізраільцян ад Госпада, і ўцягнуў іх у вялікі грэх.

22 І дзеялі сыны Ізраілевыя паводле ўсіх грахоў Ераваама, якія ён рабіў, не адставалі ад іх,

23 пакуль Гасподзь не адкінуў Ізраіля ад аблічча Свайго, як казаў праз усіх рабоў Сваіх, прарокаў. І пераселены Ізраіль зь зямлі сваёй у Асірыю, дзе ён і да гэтага дня.

24 І перавёў цар Асірыйскі людзей з Вавілона, і з Куты, і з Авы, і з Эмата, і з Сэпарваіма, і пасяліў іх у гарадах Самарыйскіх замест сыноў Ізраілевых. І яны валодалі Самарыяй, і пачалі жыць у гарадах яе.

25 І як на пачатку жыхарства свайго там яны не шанавалі Госпада, дык Гасподзь пасылаў на іх ільвоў, якія аддавалі іх сьмерці.

26 І данесьлі цару Асірыйскаму і сказалі: народы, якія ты перасяліў і пасяліў у гарадах Самарыйскіх, ня ведаюць закона Бога той зямлі, і за тое Ён пасылае на іх ільвоў, і вось яны забіваюць іх, бо яны ня ведаюць закона Бога той зямлі.

27 І загадаў цар Асірыйскі, і сказаў: адпраўце туды аднаго сьвятара з тых, што вы выселілі адтуль; няхай пойдзе і жыве там, і ён навучыць іх закону Бога той зямлі.

28 І прыйшоў адзін сьвятар з тых, каго выселілі з Самарыі, і жыў у Вэтылі, і вучыў іх, як шанаваць Госпада.

29 Прытым зрабіў кожны народ і сваіх багоў і паставіў у бажніцах вышыняў, якія ўсталявалі Самаране, - кожны народ у сваіх гарадах, дзе жывуць яны:

30 Вавілоняне зрабілі Сукотбэнот, Кутыйцы зрабілі Нэргала, Эмацяне зрабілі Ашыму,

31 Авійцы зрабілі Ніўхаза і Тартака, а Сэпарваімцы палілі сыноў сваіх у агні Адрамэлэху і Анамэлэху, багам Сэпарваімскім.

32 Тым часам шанавалі і Госпада, і паставілі ў сябе сьвятароў вышыняў з асяродзьдзя свайго, і яны служылі ў іх у капішчах вышыняў.

33 Госпада яны шанавалі, і багам сваім яны служылі паводле звычаю народаў, зь якіх выселілі іх.

34 Да гэтага дня робяць яны паводле сваіх звычаяў: не баяцца Госпада і ня ўчыняюць паводле пастановаў і абрадаў, якія наказаў Гасподзь сынам Якава, якому даў Ён імя Ізраіля.

35 Устанавіў Гасподзь зь імі запавет і наказаў ім, кажучы: не шануйце багоў іншых і не пакланяйцеся ім, і ня служэце ім, і ня прыносьце ахвяраў ім,

36 але Гасподзь, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай сілаю вялікаю і мышцаю прасьцёртай, - Яго шануйце і Яму пакланяйцеся, і Яму прыносьце ахвяры,

37 і пастановы, і ўстанаўленьні, і закон, і наказы, якія Ён напісаў вам, старайцеся выконваць ва ўсе дні, і не шануйце багоў іншых;

38 і запавета, які я ўстанавіў з вамі, не забывайце, і не шануйце багоў іншых,

39 толькі Госпада Бога вашага шануйце, і Ён выбавіць вас ад рукі ўсіх ворагаў вашых.

40 Але яны не паслухаліся, а ўчынялі паводле сваіх ранейшых звычаяў.

41 Народы гэтыя шанавалі Госпада, але і балванам сваім служылі. Ды і дзеці іхнія і дзеці дзяцей іхніх да сёньня робяць гэтак сама, як рабілі бацькі іхнія.

 

Разьдзел 18

 

1 На трэцім годзе Асіі, сына Ілы, цара Ізраільскага, зацараваў Эзэкія, сын Ахаза, цара Юдэйскага:

2 дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Аві, дачка Захара.

3 І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Давід, бацька ягоны;

4 ён адмяніў вышыні, разьбіў статуі, высек дуброву і зьнішчыў меднага зьмея, якога зрабіў Майсей, бо да самых тых дзён сыны Ізраілевыя кадзілі яму і называлі яго Нэхуштан.

5 На Госпада Бога Ізраілевага спадзяваўся ён; і такога, як ён, ня было сярод усіх цароў Юдэйскіх і пасьля яго і да яго.

6 І прыляпіўся ён да Госпада і не адступаўся ад Яго, і выконваў наказы Ягоныя, якія запавядаў Гасподзь Майсею.

7 І быў Гасподзь зь ім: усюды, куды ён ні хадзіў, рабіў ён добра і разумна. І аддзяліўся ён ад цара Асірыйскага і перастаў служыць яму.

8 Ён пабіў Філістымлянаў да Газы і ў межах яе, ад дазорнай вежы да ўмацаванага горада.

9 На чацьвёртым годзе цара Эзэкіі, гэта значыць, на сёмым годзе Асіі, сына Ілы, цара Ізраільскага, пайшоў Салманасар, цар Асірыйскі, на Самарыю і аблажыў яе,

10 і ўзяў яе праз тры гады, на шостым годзе Эзэкіі, гэта значыць, на дзявятым годзе Асіі, цара Ізраільскага, узята Самарыя.

11 І перасяліў цар Асірыйскі Ізраільцянаў у Асірыю, і пасяліў іх у Халаху і ў Хаворы, каля ракі Гозан, і ў гарадах Мідыйскіх,

12 за тое, што яны ня слухаліся голасу Госпада Бога свайго і пераступілі запавет Ягоны: усяго, што наказаў Майсей раб Гасподні, яны ня слухалі і ня выконвалі.

13 На чатырнаццатым годзе цара Эзэкіі, пайшоў Сэнахірым, цар Асірыйскі, супроць усіх умацаваных гарадоў Юды і ўзяў іх.

14 І паслаў Эзэкія, цар Юдэйскі, да цара Асірыйскага ў Лахіс сказаць: вінаваты я; адыдзі ад мяне; што накладзеш на мяне, я ўнясу. І наклаў цар Асірыйскі на Эзэкію, цара Юдэйскага, трыста талантаў срэбра і трыццаць талантаў золата.

15 І аддаў Эзэкія ўсё срэбра, якое знайшлося ў доме Гасподнім і ў скарбніцах дома царскага.

16 У той час зьняў Эзэкія золата зь дзьвярэй дома Гасподняга і зь дзьвярных слупоў, якія пазалаціў Эзэкія, цар Юдэйскі, і аддаў яго цару Асірыйскаму.

17 І паслаў цар Асірыйскі Тартана і Рабсарыса і Рабсака з Лахіса да цара Эзэкіі зь вялікім войскам у Ерусалім. І пайшлі, і прыйшлі да Ерусаліма; і пайшлі, і прыйшлі, і сталі каля вадаправода верхняе сажалкі, якая на дарозе поля лямцавальнага.

18 І клікалі яны цара. І выйшаў да іх Эліякім, сын Хэлкіін, начальнік палаца, і Сэўна пісар, і Ёах, сын Асафаў, дзеяпісец.

19 І сказаў ім Рабсак: скажэце Эзэкіі: так кажа цар вялікі, цар Асірыйскі: што гэта за спадзяваньне, на якое ты спадзяешся?

20 Ты казаў толькі пустыя словы: для вайны патрэбны рада і сіла. А сёньня на каго ты спадзяешся, што адпаўся ад мяне?

21 Вось, ты думаеш абаперціся на Егіпет, на гэтую трысьціну надламаную, якая, калі хто абапрэцца на яе, увойдзе яму ў руку і праколе яе. Такі фараон, цар Егіпецкі, для ўсіх, хто спадзяецца на яго.

22 А калі вы скажаце мне: на Госпада Бога нашага мы спадзяёмся, дык ці не на таго, вышыні і ахвярнікі якога адмяніў Эзэкія і сказаў Юду і Ерусаліму: толькі перад гэтым ахвярнікам пакланяйцеся ў Ерусаліме.

23 Дык вось, уступі ў саюз з гаспадаром маім царом Асірыйскім; я дам табе дзьве тысячы коней, ці можаш ты дастаць сабе вершнікаў на іх?

24 Як табе адолець і аднаго правадыра з найменшых слуг гаспадара майго? І спадзяешся на Егіпет дзеля калясьніц і коней?

25 Пры гэтым ці ж бо я бяз волі Гасподняй пайшоў на месца гэтае, каб спустошыць яго? Гасподзь сказаў мне: ідзі на зямлю гэтую і спустошы яе.

26 І сказаў Эліякім, сын Хэлкіін, і Сэўна і Ёах Рабсаку: кажы рабам тваім па-Арамейску, бо мы разумеем, а не гавары з намі па-Юдэйску ў вушы народу, які на сьцяне.

27 І сказаў ім Рабсак: хіба толькі да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой сказаць гэтыя словы? Не, таксама і да людзей, якія сядзяць на сьцяне, каб есьці памёт свой і піць мачу сваю з вамі.

28 І ўстаў Рабсак і абвясьціў гучным голасам па-Юдэйску, і гаварыў, і сказаў: слухайце слова цара вялікага, цара Асірыйскага!

29 Так кажа цар: хай не спакушае вас Эзэкія, бо ён ня можа вас уратаваць ад рукі маёй;

30 і хай не абнадзейвае вас Эзэкія Госпадам, кажучы: выратуе нас Гасподзь і ня будзе горад гэты аддадзены ў рукі цара Асірыйскага.

31 Ня слухайце Эзэкіі. Бо так кажа цар Асірыйскі: прымірэцеся са мною і выйдзіце да мяне, і хай кожны есьць плады вінаграднай лазы сваёй і смакоўніцы сваёй, і хай кожны п'е ваду са свайго калодзежа,

32 пакуль я ня прыйду і не вазьму вас у зямлю такую самую, як і ваша зямля, у зямлю хлеба і віна, у зямлю пладоў і вінаграднікаў, ў зямлю масьлічных дрэў і мёду, і будзеце жыць, і не памраце. Ня слухайце ж Эзэкіі, які зводзіць вас, кажучы: Гасподзь уратуе нас.

33 Ці ўратавалі багі народаў, кожны сваю зямлю, ад рукі цара Асірыйскага?

34 Дзе багі Эмата і Арпада? Дзе багі Сэпарваіма, Эны і Івы? Ці выратавалі яны Самарыю ад рукі маёй?

35 Хто з усіх багоў зямель гэтых выратаваў зямлю сваю ад рукі маёй? Дык няўжо Гасподзь выратуе Ерусалім ад рукі маёй?

36 І маўчаў народ і не адказвалі яму ні слова, бо быў загад цара: не адказвайце яму.

37 І прыйшоў Эліякім, сын Хэлкіін, начальнік палаца, і Сэўна пісец і Ёах, сын Асафаў, дзеяпісец, да Эзэкіі ў падранай вопратцы, і пераказалі яму словы Рабсакавыя.

 

Разьдзел 19

 

1 Калі пачуў гэта цар Эзэкія, дык падраў вопратку на сабе і накрыўся вярэтай, і пайшоў у дом Гасподні.

2 І паслаў Эліякіма, начальніка палаца, і Сэўну пісца, і старэйшых сьвятароў, пакрытых вярэтай, да Ісаі прарока, сына Амосавага.

3 І яны сказалі яму: так кажа Эзэкія: дзень смутку і кары і паганьбеньня - дзень гэты; бо дайшлі немаўляты да адтуліны нутробы мацярынскай, а сілы няма нарадзіць.

4 Можа, пачуе Гасподзь, Бог твой, усе словы Рабсака, якога паслаў цар Асірыйскі, гаспадар ягоны, зьневажаць Бога жывога і ганіць яго словамі, якія чуў Гасподзь, Бог твой. Учыні ж малітву за пазасталых, якія яшчэ жывыя.

5 І прыйшлі слугі цара Эзэкіі да Ісаі,

6 і сказаў ім Ісая: так скажэце гаспадару вашаму: так кажа Гасподзь: ня бойся слоў, якія ты чуў, якімі ганілі Мяне слугі цара Асірыйскага.

7 Вось Я пашлю ў яго дух, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я паб'ю яго мечам у зямлі ягонай.

8 І вярнуўся Рабсак, і знайшоў цара Асірыйскага, які ваяваў супроць Ліўны, бо ён чуў, што той адышоў ад Лахіса.

9 І пачуў ён пра Тыргака, цара Эфіопскага; яму сказалі: вось, ён выйшаў біцца з табою. І паслаў ён паслоў да Эзэкіі сказаць:

10 так скажэце Эзэкію, цару Юдэйскаму: няхай не ашуквае цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, думаючы: ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі цара Асірыйскага.

11 Ты ж чуў, што зрабілі цары Асірыйскія з усімі землямі, наклаўшы на іх закляцьце, - дык жа ці ты ацалееш?

12 Багі народаў, якіх спустошылі бацькі мае, ці ж выратавалі іх? - Ці выратавалі Газан, і Харан, і Рэцэф, і сыноў Эдэна! што ў Таласары?

13 Дзе цар Эмата, і цар Арпада, і цар горада Сэпарваіма, Эны і Івы?

14 І ўзяў Эзэкія ліст з рукі паслоў і прачытаў яго, і пайшоў у дом Гасподні, і разгарнуў яго Эзэкія прад абліччам Гасподнім,

15 і маліўся Эзэкія прад абліччам Гасподнім і казаў: Госпадзе Божа Ізраілеў, Які сядзіць на херувімах! Ты адзін Бог усіх царстваў зямлі, Ты стварыў неба і зямлю.

16 Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё і пачуй; разамкні, Госпадзе, вочы Твае і паглядзі, і пачуй словы Сэнахірыма, які паслаў ганіць Бога жывога!

17 Праўда, о, Госпадзе, цары Асірыйскія спустошылі народы і землі іхнія,

18 і паўкідалі багоў іхніх у агонь, але гэта не багі, а вырабы рук чалавечых, дрэва і камень, - таму і вынішчылі іх.

19 І сёньня, Госпадзе Божа наш, выратуй нас ад рукі ягонай, і даведаюцца ўсе царствы зямлі, што Ты, Госпадзе, Бог адзін.

20 І паслаў Ісая, сын Амосаў, да Эзэкіі сказаць: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: тое, за што ты молішся Мне супроць Сэнахірыма, цара Асірыйскага, Я пачуў.

21 Вось слова, якое сказаў Гасподзь пра яго: пагардзіць цябе, пасьмяецца зь цябе дзеўная дачка Сіёна; усьлед табе пахітае галавою дачка Ерусаліма.

22 Каго ты асуджаў і ганіў? І на каго ты падняў голас, і падняў так высока вочы свае? На Сьвятога Ізраілевага?

23 Праз паслоў тваіх ты асуджаў Госпада і сказаў: з мноствам калясьніц маіх я ўзышоў на вышыню гор, на рэбры Лівана, і сьсек рослыя кедры яго, выдатныя кіпарысы яго, і прыйшоў на самае крайняе прыстанішча яго, у гай саду яго:

24 і адкопваў я і піў ваду чужую, і асушыў ступакамі ног маіх усе рэкі Егіпецкія.

25 Хіба ты ня чуў, што Я здаўна зрабіў гэта, у даўнія дні наканаваў гэта, а сёньня выканаў тым, што ты спусташаеш умацаваныя гарады, ператвараючы ў груды развалін?

26 І жыхары іх зрабіліся маламоцныя, трымцяць і застаюцца ў сораме. Яны сталі як трава на полі і сьвежая зеляніна, як пораст на дахах і апалены хлеб, да таго як выкаласіцца.

27 Ці сядзеш ты, ці выйдзеш, ці ўвойдзеш, Я ўсё ведаю; ведаю і дзёрзкасьць тваю супроць Мяне.

28 За тваю дзёрзкасць супроць Мяне і за тое, што пагарда твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўвяду колца Маё ў ноздры твае і цуглі Мае ў рот твой, і вярну цябе назад тою самаю дарогаю, якою прыйшоў ты.

29 І вось табе, Эзэкія, азнака: ежце ў гэты год тое, што вырасла ад апалага зерня, і на другі год - самароднае, а на трэці год сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя сады і ежце плады іх.

30 І ацалелае ў доме Юдавым, што засталося, пусьціць зноў корань унізе і ўродзіць плод наверсе,

31 бо зь Ерусаліма павядзецца рэшта, і выратаваньне ад гары Сіёна. Руплівасць Госпада Саваофа зробіць гэта.

32 Таму так кажа Гасподзь пра цара Асірыйскага: ня ўвойдзе ён у горад гэты, і ня кіне туды стрэлы, і не падступіцца да яго з шчытом, і не насыпле супроць яго вала.

33 Тою самаю дарогай, якою прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа Гасподзь.

34 Я буду ахоўваць горад гэты, каб уратаваць яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, раба Майго.

35 І сталася тае ночы: пайшоў анёл Гасподні і пабіў у табары сто восемдзесят пяць тысяч. І ўсталі раніцай, і вось усе целы мёртвыя.

36 І выправіўся, і пайшоў, і вярнуўся Сэнахірым, цар Асірыйскі, і жыў у Нінэвіі.

37 І калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, дык Адрамэлэх і Шарэцэр, сын ягоны, забілі яго мечам, а самыя ўцяклі ў зямлю Арарацкую. І зацараваў Асардан, сын Гоны, замест яго.

 

Разьдзел 20

 

1 У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна; і прыйшоў да яго Ісая, сын Амосаў, прарок, і сказаў яму: так кажа Гасподзь: учыні тастамент дому твайму, бо памрэш ты і ня выздаравееш.

2 І адвярнуўся Эзэкія тварам сваім да сьцяны і маліўся Госпаду, кажучы:

3 о, Госпадзе, успомні, што я хадзіў прад абліччам Тваім верна і з адданым сэрцам, і рабіў спадобнае ў вачах Тваіх. І заплакаў Эзэкія моцна.

4 Ісая яшчэ ня выйшаў з горада, як было яму слова Гасподняе:

5 вярніся і скажы Эзэкію, уладыку народу Майго: так кажа Гасподзь Бог Давіда, бацькі твайго: Я пачуў малітву тваю, убачыў сьлёзы твае. Вось, я ацалю цябе; на трэці дзень пойдзеш у дом Гасподні;

6 і дадам да дзён тваіх пятнацаць гадоў, і ад рукі цара Асірыйскага ўратую цябе і горад гэты, і абараню горад гэты дзеля Сябе і дзеля Давіда, раба Майго.

7 І сказаў Ісая: вазьмеце скрылік смоквы. І ўзялі, і прыклалі да нарыву: і ён выздаравеў.

8 І сказаў Эзэкія Ісаю: якая азнака, што Гасподзь ацаліў мяне, і што пайду я на трэці дзень у дом Гасподні?

9 І сказаў Ісая: вось табе азнака ад Госпада, што выканае Гасподзь слова, якое Ён мовіў: ці наперад прайсьці ценю на дзесяць прыступак ці вярнуцца на дзесяць прыступак?

10 І сказаў Эзэкія: лёгка ценю пасунуцца наперад на дзесяць прыступак; не, хай вернецца цень назад на дзесяць прыступак.

11 І заклікаў Ісая прарок Госпада, і вярнуў цень на прыступках, дзе цень апускаўся па прыступках Ахазавых, на дзесяць прыступак.

12 Тым часам паслаў Бэродах Баладан, сын Баладана, цар Вавілонскі, лісты і дарунак Эзэкію, бо ён чуў, што Эзэкія быў хворы.

13 Эзэкія, выслухаўшы пасланцаў, паказаў ім кладоўкі свае, срэбра і золата, і пахошчы, і масьці дарагія, і ўвесь збройны дом свой і ўсё, што было ў скарбніцах ягоных: не заставалася ніводнай рэчы, якой не паказаў бы ім Эзэкія ў доме сваім і ва ўсім валоданьні сваім.

14 І прыйшоў Ісая прарок да цара Эзэкіі і сказаў яму: што казалі гэтыя людзі, і адкуль яны прыходзілі да цябе? І сказаў Эзэкія: зь зямлі далёкай яны прыходзілі, з Вавілона.

15 І сказаў Ісая: што яны бачылі ў доме тваім? І сказаў Эзэкія: усё, што ў доме маім, бачылі, не засталося ніводнай рэчы, якое б я не паказаў ім у скарбніцах маіх.

16 І сказаў Ісая Эзэкію; выслухай слова Гасподняе:

17 вось прыйдуць дні, і ўзята будзе ўсё, што ў доме тваім і, што сабралі бацькі твае да сёньня, у Вавілон; нічога не застанецца, кажа Гасподзь.

18 З сыноў тваіх, якія пойдуць ад цябе, якіх народзіш ты, возьмуць, і будуць яны еўнухамі ў палацы цара Вавілонскага.

19 І сказаў Эзэкія Ісаю: добрае слова Гасподняе, якое ты сказаў. І сказаў далей: хай будзе мір і дабрабыт у дні мае!

20 Астатняе пра Эзэкію і пра ўсе подзьвігі ягоныя, і пра тое, што ён зрабіў сажалку і вадаправод і правёў ваду ў горад, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

21 І спачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і зацараваў Манасія, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 21

 

1 Дванаццаць гадоў было Манасію, калі зацараваў, і пяцьдзясят гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хэфцыба.

2 І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.

3 І зноў зладзіў вышыні, якія зьнішчыў бацька ягоны Эзэкія, і паставіў ахвярнікі Ваалу, і зрабіў дуброву, як зрабіў Ахаў, цар Ізраільскі; і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму,

4 і спарудзіў ахвярнікі ў доме Гасподнім, пра які сказаў Гасподзь: у Ерусаліме пакладу імя Маё.

5 І спарудзіў ахвярнікі ўсяму воінству нябеснаму на абодвух дварах храма Гасподняга.

6 І правёў сына свайго праз агонь, і чараваў, і варажыў, і завёў закліначоў мёртвых і чарадзеяў; многа зрабіў неспадобнага ў вачах Госпада, каб угнявіць Яго.

7 І паставіў балвана Астарты, які зрабіў у доме, пра які казаў Гасподзь Давіду і Саламону, сыну ягонаму: у доме гэтым і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых, Я кладу імя Маё навек;

8 і ня дам наперад выступіць назе Ізраільцяніна зь зямлі, якую Я даў бацькам іхнім, калі толькі яны будуць старацца рабіць згодна з усім тым, што Я загадаў ім, і з усім законам, які наказаў ім раб Мой Майсей.

9 Але яны не паслухаліся; і зьвёў іх Манасія да таго, што яны рабілі горш за тыя народы, якія вынішчыў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.

10 І казаў Гасподзь праз рабоў Сваіх прарокаў і сказаў:

11 за тое, што зрабіў Манасія, цар Юдэйскі, такія мярзоты, горш за ўсё тое, што рабілі Амарэі, якія былі да яго, і ўвёў Юду ў грэх ідаламі сваімі,

12 за тое, так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў, вось, Я навяду такое зло на Ерусалім і на Юду, пра якое калі хто пачуе, зазьвініць увушшу ў таго;

13 і працягну на Ерусалім мерны шнур Самарыі і вагу дома Ахававага, і вытру Ерусалім так, як выціраюць шалю, вытруць і перакуляць яе;

14 і адкіну рэшту спадчыны Маёй, і аддам у рукі ворагаў іхніх, і будуць на разрабаваньне і спусташэньне ўсім нязычліўцам сваім

15 за тое, што яны рабілі благое ў вачах Маіх і гнявілі Мяне з таго дня, як выйшлі бацькі іхнія зь Егіпта, і да сёньня.

16 А яшчэ праліў Манасія і даволі многа нявіннай крыві, так што напоўніў ёю Ерусалім ад краю да краю, звыш свайго грэху, што ён увёў Юду ў грэх - рабіць благое ў вачах Гасподніх.

17 Астатняе пра Манасію і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра грахі ягоныя, у чым ён зграшыў, напісана ў летапіе цароў Юдэйскіх.

18 І спачыў Манасія з бацькамі сваімі, і пахаваны ў садзе каля дома ягонага, у садзе Узы. І зацараваў Амон, сын ягоны, замест яго:

19 дваццаць два гады бло Амону, калі зацараваў, і два гады валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Мэшулэмэт, дачка Харуца, зь Ятбы.

20 І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх так, як рабіў Манасія, бацька ягоны;

21 і хадзіў тою самаю дарогаю, якою хадзіў бацька ягоны, і служыў балванам, якім служыў бацька ягоны, і пакланяўся ім,

22 і пакінуў Госпада Бога бацькоў сваіх, не хадзіў шляхам Гасподнім.

23 І склалі змову слугі Амонавыя супроць яго, і забілі цара ў доме ягоным.

24 Але народ зямлі перабіў усіх, хто быў у змове супроць цара Амона; і паставіў народ зямлі царом Ёсію, сына ягонага, замест яго.

(25)

26 І пахавалі яго ў магільніцы ягонай, у садзе Узы. І зацараваў Ёсія, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 22

 

1 Восем гадоў было Ёсію, калі зацараваў, і трыццаць адзін год валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Едыда, дачка Адаі, з Боцкафы.

2 І рабіў ён добрае ў вачах Гасподніх, і хадзіў ва ўсім шляхам Давіда, бацькі свайго, і ня ўхіляўся ні направа, ні налева.

3 На васемнаццатым годзе цара Ёсіі, паслаў цар Шафана, сына Ацаліі, сына Мэшуламавага, пісца ў дом Гасподні, сказаўшы:

4 ідзі да Хэлкіі першасьвятара, хай ён пералічыць срэбра, прынесенае ў дом Гасподні, якое сабралі ў народу дазорныя каля парога,

5 і хай аддадуць яго ў рукі майстрам на працы, што прыстаўлены да дома Гасподняга, а гэтыя хай раздаюць яго тым, што працуюць у доме Гасподнім, на паправу пашкодаў у доме,

6 цесьлярам і каменярам, і мулярам сьцен, і на куплю драўніны і часанага каменю на папраўленьне дома;

7 зрэшты не патрабаваць у іх адказу за срэбра, перададзенае ў рукі іхнія, бо яны сумленныя.

8 І сказаў Хэлкія першасьвятар Шафану пісцу: кнігу закона я знайшоў у доме Гасподнім. І падаў Хэлкія кнігу Шафану, і ён чытаў яе.

9 І прыйшоў Шафан пісец да цара, і прынёс цару адказ, і сказаў: узялі рабы твае срэбра, і знойдзена ў доме, перадалі яго ў руку майстрам працы, прыстаўленым да дома Гасподняга.

10 І данёс Шафан пісец цару, кажучы: кнігу даў мне Халкія сьвятар. І чытаў яе Шафан перад царом.

11 Як пачуў цар словы кнігі закона, дык разадраў вопратку сваю.

12 І загадаў цар Хэлкію святару, і Ахікаму, сыну Шафанаваму, і Ахбору, сыну Міхееваму, і Шафану пісцу, і Асанію, слузе царскаму, кажучы:

13 ідзеце, папрасеце Госпада за мяне і за народ і за ўсю Юдэю пра словы гэтай знойдзенай кнігі, бо вялікі гнеў Гасподні, які загарэўся на нас за тое, што ня слухалі бацькі нашыя слоў кнігі гэтай, каб рабіць згодна з прадпісаным нам.

14 І пайшоў Хэлкія сьвятар, і Ахікам, і Ахбор, і Шафан, і Асая да Алдамфы прарочыцы, жонкі Шалума, сына Тыквы, сына Хархаса, захавальніка вопраткі, - а жыла яна ў Ерусаліме, у другой частцы, - і гаварылі зь ёю.

15 І яна сказала ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: скажэце чалавеку, які паслаў вас да мяне:

16 так кажа Гасподзь: навяду ліха на месца гэтае і на жыхароў яго - усе словы кнігі, якую чытаў цар Юдэйскі.

17 За тое, што пакінулі Мяне, і дымяць іншым багам, каб раздражняць Мяне ўсімі дзеямі рук сваіх, загарэўся гнеў Мой на месца гэтае, і не патухне.

18 А цару Юдэйскаму, які паслаў вас папытацца ў Госпада, скажэце: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў пра словы, якія ты чуў:

19 як што зьмякчылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся прад Госпадам, пачуўшы тое, што Я сказаў пра месца гэтае і пра жыхароў яго, што яны будуць прадметам жаху і пракляцьця, і ты падраў вопратку сваю і плакаў прад Мною, дык і Я пачуў цябе, кажа Гасподзь.

20 За гэта, вось, Я прыкладу цябе да бацькоў тваіх, і ты пакладзены будзеш у магільніцу тваю ў міры, і ня ўбачаць вочы твае ўсяго таго бедства, якое Я навяду на месца гэтае. І прынесьлі цару адказ.

 

Разьдзел 23

 

1 І паслаў цар, і сабралі да яго ўсіх старэйшынаў Юды і Ерусаліма.

2 І пайшоў цар у дом Гасподні, і ўсе Юдэі, і ўсе жыхары Ерусаліма зь ім, і сьвятары, і прарокі, і ўвесь люд ад малога да вялікага, і прачытаў уголас ім усе словы кнігі запавета, знойдзенай у доме Гасподнім.

3 Потым устаў цар на ўзвышанае месца і даў перад домам Гасподнім запавет - трымацца Госпада і захоўваць наказы Ягоныя і адкрыцьці Ягоныя, і пастановы Ягоныя, ад усяго сэрца і ад усёй душы, каб выканаць словы запавету гэтага, напісаныя ў кнізе гэтай. І ўвесь народ уступіў у запавет.

4 І загадаў цар Хэлкію першасьвятару і іншым сьвятарам і дазорным каля парога вынесьці з храма Гасподняга ўсе рэчы, зробленыя дзеля Ваала і дзеля Астарты і дзеля ўсяго войска нябеснага, і спаліў іх за Ерусалімам у даліне Кедрон, і загадаў попел ад іх аднесьці ў Вэтыль.

5 І пакінуў жрацоў, якіх паставілі цары Юдэйскія, каб учыняць дымленьне на вышынях у гарадах Юдэйскіх і ваколіцах Ерусаліма, - і якія кадзілі Ваалу, сонцу, і месяцу, і сузор'ям і ўсяму войску нябеснаму;

6 І вынес Астарту з дома Гасподняга за Ерусалім да патока Кедрон і спаліў яе каля патока Кедрон, і сьцёр яе ў пыл і кінуў пыл яе на могілках агульнанародных;

7 і разбурыў дамы блудныя, якія былі пры храме Гасподнім, дзе жанчыны ткалі вопратку Астарце;

8 і вывеў усіх жрацоў з гарадоў Юдэйскіх, і спаганьбіў вышыні, на якіх учынялі дымленьне жрацы, ад Гевы да Вірсавіі, і разбурыў вышыні перад брамаю - тую, якая перад уваходам у браму Ісуса начальніка горада, і тую, якая зь левага боку каля гарадское брамы.

9 Зрэшты жрацы вышыняў ня прыносілі ахвяр на ахвярніку Гасподнім у Ерусаліме, а праснакі елі разам з братамі сваімі.

10 І спаганьбіў ён Тафэт, што ў даліне сыноў Энома, каб ніхто не праводзіў сына свайго і дачкі сваёй праз агонь Малоху;

11 і адмяніў коней, якіх ставілі цары Юдэйскія сонцу перад уваходам у дом Гасподні паблізу пакояў Нэтан-Мэлэха еўнуха, што ў Фарурыме, а калясьніцы сонца спаліў агнём.

12 І ахвярнікі на даху сьвятліцы Ахазавай, якія зрабілі цары Юдэйскія, і ахвярнікі, якія зрабіў Манасія на абодвух дварах дома Гасподняга разбурыў цар і выкінуў адтуль, і кінуў пыл іх у паток Кедрон.

13 І вышыні, якія каля Ерусаліма, направа ад Алейнай гары, якія спарудзіў Саламон, цар Ізраілеў, Астарце, мярзоце Сідонскай, і Хамосу, мярзоце Маавіцкай, і Мілхому, мярзоце Аманіцкай, спаганьбіў цар;

14 і паламаў статуі, і высек дубровы, і напоўніў месца іх касьцямі чалавечымі.

15 Таксама і ахвярнік, які ў Вэтылі, вышыню, спаруджаную Ераваамам, сынам Наватавым, які ўвёў Ізраіля ў грэх, - таксама і ахвярнік той і вышыню ён разбурыў, і спаліў гэтую вышыню, сьцёр у пыл, і спаліў дуброву.

16 І зірнуў Ёсія, і ўбачыў магілы, якія там на гары, і паслаў, і ўзяў косьці з магілаў, і спаліў на ахвярніку, і спаганьбіў яго па слове Гасподнім, якое абвясьціў чалавек Божы, які прадказаў падзеі гэтыя,

17 і сказаў Ёсія: што гэта за помнік, які я бачу? І сказалі яму жыхары горада: гэта магіла чалавека Божага, які прыходзіў зь Юдэі, і абвясьціў пра тое, што ты робіш над ахвярнікам Вэтыльскім.

18 І сказаў ён: пакіньце яго ў спакоі, ніхто хай не чапае касьцей ягоных. І захавалі косьці яго і косьці прарока, які прыходзіў з Самарыі.

19 Таксама і ўсе капішчы вышыняў у гарадах Самарыйскіх, якія спарудзілі цары Ізраільскія, прагняўляючы Госпада, разбурыў Ёсія, і зрабіў зь імі тое самае, што зрабіў у Вэтылі;

20 і закалоў усіх жрацоў вышыняў, якія там былі, на ахвярніках, і спаліў косьці чалавечыя на іх, - і вярнуўся ў Ерусалім.

21 І загадаў цар усяму народу, сказаўшы: учынеце пасху Госпаду Богу вашаму, як напісана ў гэтай кнізе запавета, -

22 таму што ня была ўчынена такая пасха ад дзён судзьдзяў, якія судзілі Ізраіля і ва ўсе дні цароў Ізраільскіх і цароў Юдэйскіх;

23 а на васемнаццатым годзе цара Ёсіі была ўчынена гэтая пасха Госпаду ў Ерусаліме.

24 І закліначоў мёртвых, і чараўнікоў, і тэрафімаў, і ідалаў, і ўсе мярзоты, якія паяўляліся ў зямлі Юдэйскай і ў Ерусаліме, зьнішчыў Ёсія, каб выканаць словы закона, напісаныя ў кнізе, якую знайшоў Хэлкія сьвятар у доме Гасподнім.

25 Падобнага да яго ня было цара да яго, які зьвярнуўся б да Госпада ўсім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёю, і ўсімі сіламі сваімі, па ўсім законе Майсеевым; і пасьля яго не паявіўся падобны да яго.

26 Аднак жа Гасподзь не адклаў вялікай лютасьці гневу Свайго, якою загарэўся гнеў Ягоны на Юду за ўсе зьнявагі, якімі ўгневаў Яго Манасія.

27 І сказаў Гасподзь: і Юду адкіну ад аблічча Майго, як адкінуў Я Ізраіля, і адкіну горад гэты, Ерусалім, які Я выбраў, і дом, пра які Я сказаў: будзе імя Маё там.

28 Астатняе пра Ёсію, пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

29 У дні ягоныя пайшоў фараон Нэхаа, цар Егіпецкі, супроць цара Асірыйскага на раку Еўфрат. І выйшаў цар Ёсія насустрач яму, і той забіў яго ў Мэгідоне, калі ўбачыў яго.

30 І рабы ягоныя павезьлі яго мёртвага з Мэгідона, і прывезьлі яго ў Ерусалім, і пахавалі яго ў магільніцы ягонай. І ўзяў народ землі Ёахаза, сына Ёсінага, і памазалі яго і паставілі царом замест бацькі ягонага.

31 Дваццаць тры гады было Ёахазу, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хамутал, дачка Ераміі, зь Ліўны.

32 І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабілі бацькі ягоныя.

33 І затрымаў яго фараон Нэхаа ў Рыўле, у зямлі Эматскай, каб ён не валадарыў у Ерусаліме, - і наклаў спагону на зямлю ягоную сто талантаў срэбра і талант золата.

34 І паставіў царом фараон Нэхаа Эліякіма, сына Ёсіінага, замест Ёсіі, бацькі ягонага, і памяняў імя ягонае на Ёакіма; а Ёхаза ўзяў і вывез у Егіпет, дзе ён і памёр.

35 І срэбра і золата даваў Ёакім фараону; ён зрабіў ацэну зямлі, каб даваць срэбра па загадзе фараона; ад кожнага народу зямлі, паводле ацэны сваёй, ён спаганяў срэбра і золата, каб аддаваць фараону Нэхаа.

36 Дваццаць пяць гадоў было Ёакіму, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Зэбуда, дачка Фэдаі, з Румы.

37 І рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабілі бацькі ягоныя.

 

Разьдзел 24

 

1 У дні ягоныя выступіў Навухаданосар цар Вавілонскі, і зрабіўся Ёакім падуладным яму на тры гады, але потым адпаў ад яго.

2 І пасылаў на яго Гасподзь полчышчы Халдэяў, і полчышчы Сірыйцаў, і полчышчы Маавіцянаў, і полчышчы Аманіцянаў, - пасылаў іх на Юду, каб пагубіць яго па слове Госпада, якое Ён сказаў праз рабоў Сваіх прарокаў.

3 Па загадзе Госпада было гэта зь Юдам, каб адкінуць яго ад аблічча Яго за грахі Манасіі, за ўсё, што ён зрабіў;

4 і за кроў нявінную, якую ён праліў, напоўніўшы Ерусалім крывёю нявіннаю, Гасподзь не захацеў дараваць.

5 Астатняе пра Ёакіма і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

6 І спачыў Ёакім з бацькамі сваімі, і зацараваў Еханія, сын ягоны, замест яго.

7 Цар Егіпецкі ня выходзіў болей зь зямлі сваёй, бо ўзяў цар Вавілонскі ўсё, ад патока Егіпецкага да ракі Еўфрата, што належала цару Егіпецкаму.

8 Васямнаццаць гадоў было Еханіі, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Нэхушта, дачка Элнафана, зь Ерусаліма.

9 І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў бацька ягоны.

10 У той час падступіліся рабы Навухаданосара, цара Вавілонскага, да Ерусаліма, і падупаў горад аблозе.

11 І прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, да горада, калі рабы ягоныя аблажылі яго.

12 І выйшаў Еханія, цар Юдэйскі, да цара Вавілонскага, ён і маці ягоная, і слугі ягоныя, і князі ягоныя, і еўнухі ягоныя, - і ўзяў яго цар Вавілонскі на восьмым годзе свайго валадараньня,

13 і вывез ён адтуль усе скарбы дома Гасподняга і скарбы царскага дома; і паламаў, як сказаў Гасподзь, увесь залаты посуд, які Саламон, цар Ізраільскі, зрабіў у храме Гасподнім;

14 і сьсяліў увесь Ерусалім, і ўсіх князёў, і ўсё адважнае войска, - дзесяць тысяч было пераселеных, - і ўсіх цесьляроў і кавалёў; нікога не засталося, апрача беднага люду зямлі.

15 І перасяліў ён Еханію ў Вавілон; і маці цара, і жонак цара, і еўнухаў ягоных, і моцных зямлі вывеў на пасяленьне зь Ерусаліма ў Вавілон.

16 І ўсё войска лікам сем тысяч, і ўмельцаў, і будаўнікоў тысячу, усіх адважных, якія ходзяць на вайну, вывеў цар Вавілонскі на пасяленьне ў Вавілон.

17 І паставіў царом цар Вавілонскі Матанію, дзядзьку Еханіі, замест яго, і перамяніў імя ягонае на Сэдэкію.

18 Дваццаць адзін год было Сэдэкію, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хамутал, дачка Ераміі, зь Ліўны.

19 І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Ёакім.

20 Гнеў Гасподні быў над Ерусалімам і над Юдам да таго, што Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго. І адпаў Сэдэкія ад цара Вавілонскага.

 

Разьдзел 25

 

1 На дзявятым годзе валадараньня свайго, на дзясятым месяцы, у дзень дзясяты месяца прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, з усім войскам сваім да Ерусаліма, і аблажыў яго, і насыпаў вакол яго вал.

2 І быў горад у аблозе да адзінаццатага года цара Сэдэкіі.

3 На дзявяты дзень месяца ўзмацніўся голад у горадзе, і ня было хлеба ў народу зямлі.

4 І ўзяты быў горад, і пабеглі ўсе вайсковыя ўначы па дарозе да брамы, паміж дзьвюма сьценамі, што каля царскага саду; а Халдэі стаялі вакол горада, і цар пайшоў дарогаю да раўніны.

5 І пагналася войска Халдэйскае за царом, і дагналі яго на раўнінах Ерыхонскіх, і ўсё войска ягонае разьбеглася ад яго.

6 І ўзялі цара, і завялі яго да цара Вавілонскага ў Рыўлу, і ўчынілі над ім суд;

7 і сыноў Сэдэкіі закалолі на вачах у яго, а самому Сэдэкію асьляпілі вочы і закавалі яго ў кайданы, і завялі яго ў Вавілон.

8 На пятым месяцы, у сёмы дзень месяца, гэта значыцца, на дзевятнаццатым годзе Навухаданосара, цара Вавілонскага, прыйшоў Навузардан, начальнік целаахоўцаў, слуга цара Вавілонскага, у Ерусалім

9 і спаліў дом Гасподні і дом цара, і ўсе дамы ў Ерусаліме, і ўсе дамы вялікія спаліў агнём;

10 і сьцены вакол Ерусаліма разбурыла войска Халдэйскае, якое было ў начальніка целаахоўцаў.

11 І астатні люд, які заставаўся ў горадзе, і перабежчыкаў, якія перакінуліся да цара Вавілонскага і астатні просты люд выселіў Навузардан, начальнік целаахоўцаў.

12 Толькі некалькіх зь беднага люду зямлі пакінуў начальнік целаахоўцаў работнікамі вінаграднікаў і ратаямі.

13 І слупы медныя, якія былі каля дома Гасподняга, і падставы, і мора меднае, якое ў доме Гасподнім, паламалі Халдэі, і занесьлі медзь іх у Вавілон;

14 і тазы, і лапаткі, і нажы, і лыжкі, і ўвесь посуд медны, які ўжываўся пры служэньні, узялі;

15 і кадзільніцы, і чары, што было залатое і што было срэбнае, узяў начальнік целаахоўцаў:

16 слупы лікам два, мора адно, і падставы, якія зрабіў Саламон у дом Гасподні, - медзі ва ўсіх гэтых рэчах ня было вагі.

17 Васемнаццаць локцяў вышыні ў адным слупе; вянок на ім медны, а вышыня вянка тры локці, і сетка і гранатавыя яблыкі вакол вянка - усе зь медзі. Тое самае і на другім слупе зь сеткаю.

18 І ўзяў начальнік целаахоўцаў Сэраю першасьвятара і Цэфанію, сьвятара другога, і трох, якія стаялі на варце каля парога.

19 І з горада ўзяў аднаго еўнуха, які начальнічаў над людзьмі ваеннымі, і пяць чалавек, якія стаяць перад абліччам цара, якія былі ў горадзе, і пісца галоўнага ў войску, які запісваў у войска людзей зямлі, якія былі ў горадзе.

20 І ўзяў іх Навузардан, начальнік целаахоўцаў, і адвёў іх да цара Вавілонскага ў Рыўлу.

21 І пабіў іх цар Вавілонскі і забіў іх у Рыўле, у зямлі Эмат. І выселены Юдэі зь зямлі сваёй.

22 А над людам, які заставаўся ў зямлі Юдэйскай, які пакінуў Навухаданосар, цар Вавілонскі, - над імі паставіў начальнікам Гадолію, сына Ахікама, сына Шафанавага.

23 Калі пачулі ўсе ваеначальнікі, яны і людзі іх, што цар Вавілонскі паставіў начальнікам Гадолію, дык прыйшлі да Гадоліі ў Масіфу, і менавіта: Ісмаіл, сын Нэтаніі, і Ёханан, сын Карэя, і Сэрая, сын Танхумэта з Нэтафата, і Езанія, сын Маахіцяніна, яны і людзі іхнія.

24 І запрысягнуўся Гадолія ім і людзям іхнім, і сказаў ім: ня бойцеся быць падуладнымі Халдэям, сялецеся на зямлі і служэце цару Вавілонскаму, і хай будзе добра вам.

25 Але на сёмым месяцы прыйшоў Ісмаіл, сын Нэтаніі, сына Элішамы, з племя царскага, зь дзесяцьцю чалавекамі, і пабіў Гадолію, і ён памёр, і Юдэяў і Халдэяў, якія былі зь ім у Масіфе.

26 І ўстаў увесь народ, ад малога да вялікага, і ваеначальнікі, і пайшлі ў Егіпет, бо баяліся Халдэяў.

27 На трыццаць сёмым годзе перасяленьня Еханіі, цара Юдэйскага, на дванаццатым месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца, Эвілмэродах, цар Вавілонскі, у год свайго ўцараваньня, вывеў Еханію, цара Юдэйскага, з дома турэмнага.

28 і гаварыў зь ім дружалюбна, і паставіў трон ягоны вышэй за трон цароў, якія былі ў яго ў Вавілоне;

29 і перамяніў турэмную вопратку ягоную, і ён усюды меў ежу ў яго, ва ўсе дні жыцьця ягонага.

30 І ўтрыманьне яго, утрыманьне пастаяннае, выдавалася яму ад цара, дзень у дзень, ва ўсе дні жыцьця ягонага.

 

Першая кніга Летапісаў

 

Разьдзел 1

 

1 Адам, Сіт, Энос,

2 Каінан, Малелэіл, Ярэд,

3 Энох, Матусал, Ламэх,

4 Ной, Сім, Хам і Яфэт.

5 Сыны Яфэта, Гамэр, Магог, Мадай, Яван, Тувал, Мэшэх і Тырас.

6 Сыны Гамэра: Аскеназ, Рыфат і Тагарма.

7 Сыны Явана: Эліса, Тарсіс, Кітым і Даданім.

8 Сыны Хама: Хуш, Міцраім, Фут і Ханаан.

9 Сыны Хуша: Сэва, Хавіла, Саўта, Раама і Саўтэха. Сыны Раамы: Шэва і Дэдан.

10 Хуш спарадзіў таксама Німрода: гэты пачаў быць моцным на зямлі.

11 Міцраім спарадзіў: Лудыма, Анаміма, Лэгавіма, Наўтухіма,

12 Патрусіма, Каслухіма, ад якога пайшлі Філістымляне, і Кафтарыма.

13 Ханаан спарадзіў Сідона, першынца свайго, Хэта,

14 Евусэя, Амарэя, Гергесэя,

15 Эвэя, Аркея, Сінэя,

16 Арвадэя, Цэмарэя і Хаматэя.

17 Сыны Сіма: Элам, Асур:, Арфаксад, Луд і Арам. Сыны Арама: Уц, Хул, Гефэр і Мэшэх.

18 Арфаксад спарадзіў Каінана, а Каінан спарадзіў Салу, а Сала спарадзіў Эвэра.

19 У Эвэра нарадзіліся два сыны: імя аднаго Фалэк, бо ў дні ягоныя падзялілася зямля; імя брата ягонага Ёктан.

20 Ёктан спарадзіў Алмадада, Шалэфа, Хацармавэта, Ераха,

21 Гадарама, Узала, Дыклу,

22 Эвала, Авімаіла, Шэву,

23 Афіра, Хавілу і Ёвава. Усе гэтыя сыны Ёктана.

24 А сыны Сімавыя: Арфаксад, Каінан, Сала,

25 Эвэр, Фалэк, Рагаў,

26 Сэруг, Нахор, Тара,

27 Аўрам, ён жа Абрагам.

28 Сыны Абрагама: Ісак і Ізмаіл.

29 Вось радавод іхні: першынец Ізмаілаў Наваёт, за ім Кедар, Адбэел, Міўсам,

30 Мішма, Дума, Маса, Хадад, Тэма,

31 Ертур, Нафіш і Кедма. Гэта сыны Ізмаілавыя.

32 Сыны Хэтуры, наложніцы Абрагамавай: яна нарадзіла Зімрана, Ёкшана, Мэдана, Мадыяна, Ішбака і Шуаха. Сыны Ёкшана: Шэва і Дэдан.

33 Сыны Мадыяна: Эфа, Эфэр, Ханох, Авіда і Элдага. Усе гэтыя сыны Хэтуры.

34 І спарадзіў Абрагам Ісака. Сыны Ісака: Ісаў і Ізраіль.

35 Сыны Ісава: Эліфаз, Рагуіл, Еус, Еглом і Карэй.

36 Сыны Эліфаза: Тэман, Амар, Цэфо, Гатам, Кеназ, Амалік.

37 Сыны Рагуіла: Нахат, Зэрах, Шама і Міза.

38 Сыны Сэіра: Латан, Шавал, Цывэон, Ана, Дышон, Эцэр і Дышан.

39 Сыны Латана: Хоры і Гемам; а сястра ў Латана: Тымна.

40 Сыны Шавала: Алэан, Манахат, Эвал, Шэфо і Анам. Сыны Цывэона: Ая і Ана.

41 Дзеці Аны: Дышон. Сыны Дышона Хэмдан, Эшбан, Ітран і Хэран.

42 Сыны Эцэра: Білган, Зааван і Акан. Сыны Дышона: Уц і Аран.

43 Гэтыя - цары, якія валадарылі ў зямлі Эдома, раней чым зацараваў цар над сынамі Ізраілевымі: Бэла, сын Вэора, і імя горада ягонага - Дынгава;

44 і памёр Бэла, і зацараваў пасьля яго Ёван, сын Зэраха, з Васоры.

45 І памёр Ёван, і зацараваў пасьля яго Хушам, зь зямлі Тэманіцян.

46 І памёр Хушам, і зацараваў пасьля яго Гадад, сын Бэдадаў, які пабіў Мадыяніцян на полі Маава; імя горада ягонага Авів.

47 І памёр Гадад, і зацараваў пасьля яго Самла, з Масрэкі.

48 І памёр Самла, і зацараваў пасьля яго Саўл, з Рэхавота, што каля ракі.

49 І памёр Саўл, і зацараваў пасьля яго Баал-Ханан, сын Ахбора.

50 І памёр Баал-Ханан, і зацараваў пасьля яго Гадар; імя горада ягонага Паў; імя жонкі ягонай Мэгэтавэель, дачка Матрэда, дачка Мэзагава.

51 І памёр Гадар. І былі старэйшыны ў Эдома: старэйшына Тымна, старэйшына Алва, старэйшына Етэт,

52 старэйшына Алівэма, старэйшына Эла, старэйшына Пінон,

53 старэйшына Кеназ, старэйшына Тэман, старэйшына Міўцар,

54 старэйшына Магдыіл, старэйшына Ірам. Вось старэйшыны Ідумэйскія.

 

Разьдзел 2

 

1 Вось сыны Ізраіля: Рувім, Сімяон, Левій, Юда, Ісахар, Завулон,

2 Дан, Язэп, Веньямін, Нэфталім, Гад і Асір.

3 Сыны Юды: Ір, Анан і Сілом, - трое нарадзіліся ў яго ад дачкі Шуевай, Хананэянкі. І быў Ір, першынец Юдаў, незаўгодны ў вачах Госпада, і Он забіў яго.

4 І Тамар, нявестка ягоная, нарадзіла яму Фарэса і Зару. Усіх сыноў у Юды было пяцёра.

5 Сыны Фарэса: Эсмром і Хамул.

6 Сыны Зары: Зімры, Этан, Эман, Халкол і Дара; усіх іх пяцёра.

7 Сыны Хармі: Ахар, які навёў бяду на Ізраіля, парушыўшы заклён.

8 Сын Этана: Азарыя.

9 Сыны Эсрома, якія нарадзіліся ў яго: Ерахмэіл, Арам і Хэлувай.

10 А Арам спарадзіў Амінадава; Амінадаў спарадзіў Наасона, князя сыноў Юдавых;

11 Наасон спарадзіў Салмона, Салмон спарадзіў Ваоза;

12 Ваоз спарадзіў Авіда, Авід спарадзіў Есэя;

13 Есэй спарадзіў першынца свайго Эліява, другога - Амінадава, трэцяга - Саму,

14 чацьвёртага - Натанаіла, пятага - Радая,

15 шостага - Ацэма, сёмага - Давіда.

16 Сёстры іхнія: Саруя і Авігея. Сыны Саруі: Авэса, Ёаў і Азаіл, трое.

17 Авігея нарадзіла Амэсу; а бацька Амэсы - Етэр, Ізмаільцянін.

18 Халеў, сын Эсрома, спарадзіў ад Азувы, жонкі, і ад Ерыоты, і вось сыны ягоныя: Ешэр, Шаваў і Ардон.

19 І памерла Азува; і ўзяў сабе Халеў Эфрату, і яна нарадзіла яму Хура.

20 Хур спарадзіў Урыя, Урый спарадзіў Вэсэлііла.

21 Пасьля Эсром увайшоў да дачкі Махіра, бацькі Галаадавага, і ўзяў яе, а было яму шэсьцьдзясят гадоў, і яна нарадзіла Яму Сэгува.

22 Сэгуў спарадзіў Яіра, і было ў яго дваццаць тры гарады ў зямлі Галаадскай.

23 Але Гесуране і Сірыйцы ўзялі ў іх селішчы Яіра. Кенат і залежныя ад яго гарады, - шэсьцьдзясят гарадоў. Усе гэтыя гарады сыноў Махіра, бацькі Галаадавага.

24 Пасьля сьмерці Эсрома ў Халеў-Эфраце, жонка Эсромава, Авія, нарадзіла яму Ашхура, бацьку Тэкоі.

25 Сыны Ерахмэіла, першынца Эсромавага, былі: першынец Рам, за ім Вуна, Арэн, Ацэм і Ахія.

26 Была ў Ерахмэіла і другая жонка, імя яе Атара; яна маці Анама.

27 Сыны Рама, першынца Ерахмэілавага, былі: Маац, Ямін і Экер.

28 Сыны Анама былі: Шамай і Яда. Сыны Шамая: Надаў і Авішур.

29 Імя жонкі Авішуравай Авіхаіль, і яна нарадзіла яму Ахбана і Маліда.

30 Сыны Надава: Сэлед і Афаім. І памёр Сэлед бязьдзетны.

31 Сын Афаіма: Ішый. Сын Ішыя: Шэшан. Сын Шэшана: Ахлай.

32 Сыны Яды, брата Шамаевага: Етэр, Ёнатан. Етэр памёр бязьдзетным.

33 Сыны Ёнатана: Пэлет і Заза. Гэта сыны Ерахмэіла.

34 У Шэшана ня было сыноў, а толькі дочкі. У Шэшана быў раб, Егіпцянін, імя яго Ярха;

35 І Шэшан аддаў дачку сваю Ярху за жонку, і яна нарадзіла яму Атая.

36 Атай спарадзіў Натана. Натан спарадзіў Завада;

37 Завад спарадзіў Эфлала, Эфлал спарадзіў Авіда;

38 Авід спарадзіў Еуя, Еуй спарадзіў Азарыю;

39 Азарыя спарадзіў Хэлеца, Хэлец спарадзіў Элеасу;

40 Элеаса спарадзіў Сісмая, Сісмай спарадзіў Салума;

41 Салум спарадзіў Екамію, Екамія спарадзіў Элішаму.

42 Сыны Халева, брата Ерахмэілавага: Мэша, першынец ягоны, - ён бацька Зіфа; і сыны Марэшы, бацькі Хэўрона.

43 Сыны Хэўрона: Карэй і Тапаух, і Рэкем і Шэма.

44 Шэма спарадзіў Рахама, бацьку Ёркеамавага, а Рэкем спарадзіў Шамая.

45 Сын Шамая Маон, а Маон - бацька Бэт-Цура.

46 І Эфа, наложніца Халелава, нарадзіла Харана, Моцу і Газэза. І Харан спарадзіў Газэза.

47 Сыны Егдая: Рэгем, Ётам, Гешаўн, Пэлет, Эфа і Шааф.

48 Наложніца Халевава, Мааха, нарадзіла Шэвера і Тырхану;

49 яна ж нарадзіла Шаафа, бацьку Мадманы, Шэву, бацьку Махэны і бацьку Гівэі. А дачка Халева - Ахса.

50 Вось сыны Халева: сын Хур, першынец Эфраты: Шавал, бацька Кірыят-Ярыма;

51 Салма, бацька Віфляема; Харэф, бацька Бэтгадэра.

52 У Шавала, бацькі Кірыят-Ярыма, былі сыны: Гарое, Хацы, Галмэнюхот.

53 Плямёны Кірыят-Ярыма: Ітрыяны, Футыяны, Шуматаны і Мідраіцяны. Ад гэтых пайшлі Царанэі і Эштааляне.

54 Сыны Салмы: Віфляемляне і Нэтафацяне, вянок дома Ёававага і палавіна Энухацян - Царане,

55 і плямёны Сафэрыйцаў, якія жылі ў Ябэцы, Тырэйцы, Шымэйцы, Сухайцы: гэта кінэяне, якія паходзілі ад Хамата, бацькі Бэтрэхава.

 

Разьдзел 3

 

1 Сыны Давіда, якія нарадзіліся ў яго ў Хэўроне, былі: першынец Амнон, ад Ахінаамы Ізрэеліцянкі; другі - Далуя, ад Авігеі Карміліцянкі,

2 трэці - Авэсалом, сын Маахі дачкі Талмая, цара Гесурскага; чацьвёрты - Аданія, сын Агіты;

3 пяты - Сафатыя, ад Авіталы; шосты - Ітрэам, ад Аглаі, жонкі ягонай, -

4 шэсьць, якія нарадзіліся ў яго ў Хэўроне; а валадарыў ён там сем гадоў і шэсьць месяцаў; а трыццаць тры гады валадарыў у Ерусаліме.

5 А гэтыя нарадзіліся ў яго ў Ерусаліме: Шыма, Шаваў, Натан і Саламон, чацьвёра ад Вірсавіі, дачкі Аміілавай;

6 Іўхар, Элішама, Эліфэлэт,

7 Нагаг, Нэфэг, Яфія,

8 Элішама, Эліяда і Эліфэлэт - дзевяцёра.

9 Вось усе сыны Давіда, акрамя сыноў ад наложніц. Сястра іхняя Тамар.

10 Сын Саламона Раваам: ягоны сын Авія, ягоны сын Аса, ягоны сын Ёсафат,

11 ягоны сын Ёрам, ягоны сын Озія, ягоны сын Ёас,

12 ягоны сын Амасія, ягоны сын Азарыя, ягоны сын Ётам,

13 ягоны сын Ахаз, ягоны сын Эзэкія, ягоны сын Манасія,

14 ягоны сын Амон, ягоны сын Ёсія.

15 Сыны Ёсіі: першынец Ёахаз, другі Ёакім, трэці Сэдэкія, чацьвёрты Сэлум.

16 Сыны Ёакіма: Ханія, сын ягоны; Сэдэкія, сын ягоны.

17 Сыны Ханіі: Асір, Салатыіль, сын ягоны;

18 Малкірам Фэдая, Шэнацар, Эзэкія, Гашама і Савадыя.

19 І сыны Фэдаі: Зарававэль і Шымэй. А сыны Зарававэля: Мэшулам і Хананія, і Шэламіт, сястра іхняя,

20 і яшчэ пяць: Хашува, Агел, Бэрэхія, Хасадыя і Юшаў-Хэсэль.

21 І сыны Хананіі: Фэлатыя і Ісая: ягоны сын Рэфая, ягоны сын Арнан, ягоны сын Авадыя, ягоны сын Шэханія.

22 Сын Шэханіі: Шэмая; сыны Шэмаі: Хатуш, Ігеал, Барыях, Нэарыя і Шафат, шасьцёра.

23 Сыны Нэарыі: Эльёэнай, Эзэкія і Азрыкам, трое.

24 Сыны Эльёэная: Гадаўягу, Элеашыў, Фэлая, Акуў, Ёханан, Далая і Анані, сямёра.

 

Разьдзел 4

 

1 Сыны Юды: Фарэс, Эсром, Хармі, Хур і Шавал.

2 Рэая, сын Шавала, спарадзіў Яхата; Яхат спарадзіў Ахума і Лагада: ад іх плямёны Царанаў.

3 І гэтыя сыны Этама: Ізрэель, Ішма і Ідбаш, і сястра іхняя, на імя Гацлелпоні,

4 Пэнуэл, бацька Гэдора, і Эзэр, бацька Хуша. Вось сыны Хура, першынца Эфраты, бацькі Віфляема.

5 У Ахшура, бацькі Тэкоі, былі дзьве жонкі: Хэла і Наара.

6 І нарадзіла яму Наара Ахузама, Хэфэра, Тымні і Ахаштары: гэта сыны Наары.

7 Сыны Хэлы: Цэрэт, Цохар і Этнан.

8 Коц спарадзіў: Анува і Цавэна і плямёны Ахархэла, сына Гарумавага.

9 Явіс быў больш славуты за сваіх братоў. Маці дала яму імя Явіс, сказаўшы: я нарадзіла яго з хваробай.

10 І заклікаў Явіс да Бога Ізраілевага і сказаў: о, калі б Ты дабраславіў мяне Тваім дабраславеньнем, пашырыў межы мае, і рука Твая была са мною, ахоўваючы мяне ад зла, каб я не гараваў̀.. І Бог паслаў яму, чаго ён прасіў.

11 А Хэлуў, брат Шухі, спарадзіў Махіра; ён ёсьць бацька Эштона.

12 Эштон спарадзіў Бэт-Рафу, Пасэаха і Тэхіну, бацьку горада Нааса; гэта жыхары Рэхі.

13 Сыны Кеназа: Гатанііл і Сэрая. Сын Гатанііла: Хатаат.

14 Мэанатай спарадзіў Офру, а Сэрая спарадзіў Ёава, родапачынальніка даліны цесьляроў, бо яны былі цесьляры.

15 Сыны Халева, сына Ефаніінага: Ір, Іла і Наам. Сын Ілы: Кеназ.

16 Сыны Егалелела: Зіф, Зіфа, Тырыя і Асарэел.

17 Сыны Эзры: Етэр, Мэрэд, Эфэр і Ялон; а Етэр спарадзіў Мэрома, Шамая і Ішбаха, бацьку Эштэмоі.

18 І жонка ягоная Юдыя нарадзіла Ерэда, бацьку Гедора, і Хэвэра, бацьку Сахо, і Екутыіла, бацьку Занаоха. Гэта сыны Бітэі, дачкі фараонавай, якую ўзяў Мэрэд.

19 Сыны жонкі ягонай Годыі, сястры Нахама, бацькі Кеілы: Гармі і Эштэмоа - Маахацянін.

20 Сыны Сімяона: Амнон, Рына, Бэнханан і Тылон. Сыны Ішыя: Зохеў і Бэнзохет.

21 Сыны Сілома, сына Юдавага: Ір, бацька Лэхі, і Даэда, бацька Марэшы, і сямейства, якое вырабляла вісон, з дому Ашбэі,

22 і Ёкім, і жыхары Хазэвы, і Ёаш і Сараф, якія мелі валоданьне ў Мааве, і Яшувілэхем; але гэта падзеі старадаўнія.

23 Яны былі ганчары, і жылі пры садах і ў агародах; у цара на працах жылі яны там.

24 Сыны Сімяона: Нэмуіл, Ямін, Ярыў, Зэрах і Саўл.

25 Шалум сын ягоны; яго сын Міўсам; ягоны сын Мішма.

26 Сыны Мішмы: Хамуіл, сын ягоны; сын Закур; яго сын Шымэй.

27 У Шымэя было шаснаццаць сыноў і шэсьць дочак; а ў братоў ягоных сыноў было няшмат, і ўсё племя іхняе ня так было шматлікае, як племя сыноў Юды.

28 Яны жылі ў Вірсавіі, Маладзе, Хацаршуале,

29 у Білзе, у Эцэме, у Таладзе,

30 у Вэтуіле, у Хорме, у Цыклазе,

31 у Бэт-Маркавоце, у Хацарсусіме, у Бэт-Бірэі і ў Шаарыме. Вось гарады іхнія да валадараньня Давідавага,

32 зь сёламі іх: Этам, Аін, Рымон, Токен і Ашан, - пяць гарадоў.

33 І вось селішчы іхнія, якія былі вакол гэтых гарадоў да Ваала; вось месцы жыхарства іх і радаводы іхнія.

34 Мешаваў, Ямлэх і Ёсія, сын Амасіі,

35 Ёіл і Егу, сын Ёшыві, сына Сэраі, сына Асіілавага,

36 Эльёэнай, Якава, Ішахая, Асая, Адыіл, Ішымііл і Ванэя,

37 і Зіза, сын Шыфія, сын Алона, сын Едаі, сын Шымрыя, сын Шэмаі.

38 Гэтыя памянёныя былі князямі плямёнаў сваіх, і дом бацькоў іх разьдзяліўся на многія галіны.

39 Яны даходзілі да Герары і да ўсходняга боку даліны, каб знайсьці пашы статкам сваім;

40 і знайшлі пашы сакавітыя і добрыя і зямлю абшырную, спакойную і бясьпечную, бо да іх жыло там толькі нямнога Хаміцян.

41 І прыйшлі гэтыя, па імёнах запісаныя, у дні Эзэкіі, цара Юдэйскага, і перабілі качавых і аселых, якія там былі, і вынішчылі іх назаўсёды, і пасяліліся на месцы іхнім, бо там былі пашы статкам іхнім.

42 А зь іх, з сыноў Сімяонавых, пайшлі да гары Сэір пяцьсот чалавек: Фэлатыя, Нэарыя, Рэфая і Узііл, сыны Ішыя, былі на чале іх;

43 і пабілі ацалелую там рэшту Амалікіцян, і жывуць там да сёньня.

 

Разьдзел 5

 

1 Сыны Рувіма, першынца Ізраілевага, - ён першынец; але калі запляміў ён пасьцель бацькі свайго, першынства яго аддадзена сынам Язэпа, сына Ізраілевага, з тым аднак, каб ня пісацца ім першароднымі;

2 бо Юда быў мацнейшы за братоў сваіх, і правадыр ад яго, але першынства перанесена на Язэпа.

3 Сыны Рувіма, першынца Ізраілевага: Ханох, Фалу, Хэцрон і Хармі.

4 Сыны Ёіля: Шэмая, сын ягоны: ягоны сын Гог, ягоны сын Шымэй,

5 ягоны сын Міха, ягоны сын Рэая, ягоны сын Ваал,

6 ягоны сын Бэера, якога зьвёў у палон Тэглафэласар, цар Асірыйскі. Ён быў князем Рувімлянаў.

7 І браты ягоныя, па плямёнах іхніх, па радаводным сьпіску іхнім, былі: галоўны Ёіль, потым Захар,

8 і Бэла, сын Азаза, сына Шэмы, сына Ёіля. Ён жыў у Араэры да Нэво і Ваал-Мэона;

9 а на ўсход ён жыў да ўваходу ў пустыню, якая ідзе ад ракі Еўфрат, бо статкі іхнія былі шматлікія ў зямлі Галаадскай.

10 У дні Саўла яны вялі вайну з Агаранамі, якія загінулі ад рук іхніх, а яны пачалі жыць у намётах іхніх па ўсёй усходняй старане Галаада.

11 Сыны Гада жылі насупраць іх у зямлі Васанскай да Салхі:

12 у Васане Ёіль быў галоўны, Шафан другі, потым Яанай і Шафат.

13 Братоў іхніх зь сямействамі іхнімі было сем: Міхаіл, Мэшулам, Шэва, Ёрай, Яакан, Зія і Эвэр.

14 Вось сыны Авіхаіла, сына Хурыя, сына Ярааха, сына Галаада, сына Міхаіла, сына Ешышая, сына Яхдо, сына Буза.

15 Ахі, сын Аўдыіла, сына Гунэіевага, быў галавою свайго роду.

16 Яны жылі ў Галаадзе, у Васане і ў залежных ад яго гарадах і ва ўсіх навакольлях Сарона, да зыходу іхняга.

17 Усе яны палічаны ў дні Ёатама, цара Юдэйскага, і ў дні Ераваама, цара Ізраільскага.

18 У нашчадкаў Рувіма і Гада і паўплемя Манасіінага было людзей ваяўнічых, мужоў, якія носяць шчыт і меч, страляюць з лука і прывучаных да бітвы, сорак чатыры тысячы сямсот шэсьцьдзясят, якія выходзяць на вайну.

19 І ваявалі яны з Агаранамі, Етурам, Нафішам і Надавам.

20 І дадзена была ім дапамога супроць іх, і аддадзены былі ў рукі іхнія Агаране, і ўсё, што ў іх было, бо яны падчас бітваў заклікалі да Бога, і Ён пачуў іх, за тое, што яны спадзяваліся на Яго.

21 І ўзялі яны статкі іхнія: вярблюдаў пяцьдзясят тысяч, з дробнага быдла дзьвесьце пяцьдзясят тысяч, аслоў дзьве тысячы, і сто тысч душ людзей,

22 бо многа было забіта, бо ад Бога была бітва гэтая. І жылі яны на месцы іхнім да перасяленьня.

23 Нашчадкі паўкалена Манасіінага жылі ў той зямлі, ад Васана да Ваал-Эрмона і Сэніра і да гары Эрмона; і іх было многа.

24 І вось узначальцы пакаленьняў іхніх: Эфэр, Ішэі, Элііл, Азрыіл, Ерамія, Гадавія і Ягдыіл, мужы моцныя, мужы знакамітыя, галовы родаў сваіх.

25 Але калі яны саграшылі супроць Бога бацькоў сваіх і пачалі блудна хадзіць сьледам за багамі народаў той зямлі, якіх выгнаў Бог ад аблічча іхняга,

26 дык Бог Ізраілеў узбурыў дух Фула, цара Асірыйскага, і дух Тэглафэласара цара Асірыйскага, і ён выселіў Рувімлянаў і Галіцянаў і палавіну калена Манасіінага, і адвёў іх у Халал і Хавор, і Ару, і на раку Газан, - дзе яны да гэтага дня.

 

Разьдзел 6

 

1 Сыны Левія: Гірсон, Каат і Мэрары.

2 Сыны Каата: Амрам, Іцгар, Хэўрон і Узііл.

3 Дзеці Амрама: Аарон, Майсей і Марыям. Сыны Аарона: Надаў, Авіюд, Элеазар і Ітамар.

4 Элеазар спарадзіў Фінэеса, Фінэес спарадзіў Авішуя;

5 Авішуй спарадзіў Букія, Букій спарадзіў Азію;

6 Азія спарадзіў Зэрахію, Зэрахія спарадзіў Мэраёта;

7 Мэраёт спарадзіў Амарыю, Амарыя спарадзіў Ахітува;

8 Ахітуў спарадзіў Садока, Садок спарадзіў Ахімааса;

9 Ахімаас спарадзіў Азарыю, Азарыя спарадзіў Ёанана;

10 Ёанан спарадзіў Азарыю, - гэта той, які быў сьвятаром у храме, пабудаваным Саламонам у Ерусаліме.

11 І спарадзіў Азарыя Амарыю, Амарыя спарадзіў Ахітува;

12 Ахітуў спарадзіў Садока, Садок спарадзіў Сэлума;

13 Сэлум спарадзіў Хэлкію, Хэлкія спарадзіў Азарыю;

14 Азарыя спарадзіў Сэраю, Сэрая спарадзіў Ёсэдэка.

15 Ёсэдэк пайшоў у палон, калі Гасподзь перасяліў Юдэяў і Ерусалімлян рукою Навухаданосара.

16 Вось сыны Левія: Гірсон, Каат і Мэрары.

17 Вось імёны сыноў Гірсонавых: Ліўні і Шымэй.

18 Сыны Каата: Амрам, Іцгар, Хэўрон і Узііл.

19 Сыны Мэрары: Махлі і Мушы. Вось нашчадкі Левія па родах іхніх.

20 У Гірсона: Ліўні, сын ягоны, Яхаў, сын ягоны; Зіма, сын ягоны.

21 Ёах, сын ягоны; Ідо, сын ягоны; Зэрах, сын ягоны; Еатрай сын ягоны.

22 Сыны Каата: Амінадаў, сын ягоны; Карэй, сын ягоны; Асір, сын ягоны;

23 Элкана, сын ягоны; Эвіясаф, сын ягоны; Асір, сын ягоны;

24 Тахат, сын ягоны; Урыіл, сын ягоны; Узія, сын ягоны; Саўл, сын ягоны.

25 Сыны Элканы: Амасай і Ахімот.

26 Элкана, сын ягоны; Цатай, сын ягоны; Нахат, сын ягоны;

27 Эліяф, сын ягоны; Ерахам, сын ягоны; Элкана, сын ягоны. Самуіл, сын ягоны.

28 Сыны Самуіла: першынец Ёіль, другі Авія.

29 Сыны Мэрары: Махлі; Ліўні, сын ягоны; Шымэй, сын ягоны; Уза, сын ягоны;

30 Шыма, сын ягоны; Хагія, сын ягоны; Асая, сын ягоны.

31 Вось тыя, якіх Давід паставіў начальнікамі над сьпевакамі ў доме Гасподнім, з часу пастаўленьня ў ім каўчэга.

32 Яны служылі сьпевакамі перад скініяй сходу, пакуль Саламон не пабудаваў дома Гасподняга ў Ерусаліме. І яны станавіліся на службу сваю па статуце сваім.

33 Вось тыя, якія станавіліся з сынамі сваімі: з сыноў Каатавых Эман сьпявак, сын Ёіля, сын Самуіла,

34 сын Элканы, сын Ерахама, сын Элііла, сын Тоаха,

35 сын Цуфа, сын Элканы, сын Махата, сын Амасая,

36 сын Элканы, сын Ёіля, сын Азарыі, сын Цэфаніі,

37 сын Тахата, сын Асіра, сын Авіясафа, сын Карэя,

38 сын Іцгара, сын Каата, сын Левія, сын Ізраіля;

39 і брат яго Асаф, які стаяў з правага боку яго, - Асаф, сын Бэрэхіі, сын Шымы,

40 сын Міхаіла, сын Ваасэі, сын Малхіі,

41 сын Этнія, сын Зэраха, сын Адаі,

42 сын Этана, сын Зімы, сын Шымія,

43 сын Яхата, сын Гірсона, сын Левія.

44 А з сыноў Мэрары, братоў іхніх, - па левы бок: Этан, сын Кішыя, сын Аўдыя, сын Малуха,

45 сын Хашавіі, сын Амасіі, сын Хэлкіі,

46 сын Амцыя, сын Ванія, сын Шэмэра,

47 сын Махлія, сын Мушыя, сын Мэрары, сын Левія.

48 Браты іх лявіты прызначаны на розныя службы пры доме Божым;

49 А Аарон і сыны ягоныя палілі на ахвярніку цэласпаленьня і на ахвярніку кадзільным, і ўчынялі ўсякае сьвяшчэнадзейства ў Сьвятым Сьвятых і дзеля ачышчэньня Ізраіля ва ўсім, як наказваў раб Божы Майсей.

50 Вось сыны Аарона: Элеазар, сын ягоны; Фінэес, сын ягоны; Авіюд, сын ягоны;

51 Букій, сын ягоны; Узій, сын ягоны; Зэрахія, сын ягоны;

52 Мэраёт, сын ягоны; Амарыя, сын ягоны; Ахітуў, сын ягоны;

53 Садок, сын ягоны; Ахімаас, сын ягоны.

54 І вось жытлішчы іхнія па селішчах іхніх у межах іх: сынам Аарона з племені Каатава, бо жэрабя выпала ім,

55 далі Хэўрон, у зямлі Юдавай, і прадмесьці яго вакол яго;

56 а палі гэтага горада і сёлы яго аддалі Халеву, сыну Ефаніінаму.

57 Сынам Аарона далі таксама гарады сховішчаў: Хэўрон і Ліўну зь іх прадмесьцямі, Ятыр і Эштэмоа і прамесьці яго,

58 і Хілен і прадмесьці яго, Давір і прадмесьці яго,

59 і Ашан і прадмесьці яго, Вэтсаміс і прадмесьці яго,

60 а ад калена Веньямінавага - Геву і прадмесьці яе, і Алэмэт і прадмесьці яго, і Анатот і прадмесьці яго: усіх гарадоў іх у плямёнах іхніх трынаццаць гарадоў.

61 Астатнім сынам Каата, зь сямейства гэтага калена, дадзена па жэрабі дзесяць гарадоў з надзела палавіны калена Манасіінага.

62 Сынам Гірсона па плямёнах іх, ад калена Ісахаравага, і ад калена Асіравага і ад калена Нэфталімавага і ад калена Манасіінага ў Васане дадзена трынаццаць гарадоў.

63 Сынам Мэрары па плямёнах іх, ад калена Рувімавага, і ад калена Гадавага, і ад калена Завулонавага, дадзена па жэрабі дванаццаць гарадоў.

64 Так далі сыны Ізраілевыя лявітам гарады і прадмесьці іх.

65 Далі яны па жэрабі ад калена сыноў Юдавых, і ад калена сыноў Сімяонавых, і ад калена сыноў Веньямінавых тыя гарады, якія яны назвалі па імёнах.

66 А некаторым плямёнам сыноў Каатавых дадзены былі нарады ад калена Яфрэмавага.

67 І далі ім гарады сховішчаў: Сіхэм і прадмесьці яго на гары Яфрэмавай, і Гезэр і прадмесьці яго,

68 і Ёкмэам і прадмесьці яго,

69 і Аялон і прадмесьці яго, і Гат-Рымон і прадмесьці яго,

70 ад палавіны калена Манасіінага - Анэр і прадмесьці яго, Білэам і прадмесьці яго. Гэта пакаленьню астатніх сыноў Каатавых.

71 Сынам Гірсона ад племені паўкалена Манасіінага далі Галан у Васане і прадмесьці яго, і Аштарот і прадмесьці яго.

72 Ад калена Ісахаравага - Кедэс і прадмесьці яго, Даўрат і прадмесьці яго,

73 і Рамот і прадмесьці яго, і Анэм і прадмесьці яго;

74 ад калена Асіравага - Машал і прадмесьці яго, і Аўдон і прадмесьці яго;

75 і Хукок і прадмесьці яго, і Рэхоў і прадмесьці яго;

76 ад калена Нэфталімавага - Кедэс у Галілеі і прадмесьці яго, і Хамон і прадмесьці яго, і Кірэятаім і прадмесьці яго.

77 А астатнім сынам Мэрарыным - ад калена Завулонавага Рымон і прадмесьці яго, Тавор і прадмесьці яго.

78 Па той бок Ярдана, насупраць Ерыхона, на ўсход ад Ярдана, ад калена Рувімавага далі Васор у пустыні і прадмесьці яго, і Яацу і прадмесьці яе,

79 і Кедэмот і прадмесьці яго, і Мэфаат і прадмесьці яго;

80 ад калена Гадавага - Рамот у Галаадзе і прадмесьці яго,

81 і Эсэвон і прадмесьці яго.

 

Разьдзел 7

 

1 Сыны Ісахара: Тола, Фуа, Яшуў і Шымрон, чацьвёра.

2 Сыны Толы: Узій, Рэфая, Ерыіл, Яхмай, Іўсам і Самуіл, галоўныя ў пакаленьнях Толы, людзі ваяўнічыя ў сваіх пакаленьнях; лік іх у дні Давіда быў дваццаць дзьве тысячы і шасьцьсот.

3 Сын Узія: Ізрахія; а сыны Ізрахіі: Міхаіл, Авадыя, Ёіль і Ішыя, пяцёра. Усе яны галоўныя.

4 У іх па родах іхніх, па пакаленьнях іхніх, было гатовага да бітвы войска трыццаць шэсьць тысяч;

5 А братоў іх, ва ўсіх пакаленьнях Ісахаравых, людзей ваяўнічых, было восемдзесят сем тысяч, унесеных у радаводныя запісы.

6 У Веньяміна: Бэла, Бэхер і Едэяіл, трое.

7 Сыны Бэлы: Эцбон, Узій, Узііл, Ерымот і Іры, пяцёра, узначальцы пакаленьняў, людзі ваяўнічыя. У радаводных сьпісах запісана іх дваццаць дзьве тысячы трыццаць чатыры.

8 Сыноў Бэхера: Земіра, Ёаш, Эльезэр, Элёенай, Амры, Ірэмот, Авія, Анатот, Алэмэт: усе гэтыя сыны Бэхера.

9 У радаводных сьпісах запісана іх па родах іхніх, па ўзначальніках пакаленьняў, людзей ваяўнічых - дваццаць тысяч і дзьвесьце.

10 Сын Едэяіла: Білган. Сыны Білгана: Еўс, Веньямін, Эгут, Хэнаана, Зэтан, Тарсіс і Ахішахар.

11 Усе гэтыя сыны Едэяіла былі галовамі пакаленьняў, людзі ваяўнічыя; сямнаццаць тысяч і дзьвесьце было тых, што выходзілі на вайну.

12 І Шупім і Хунім, сыны Іра; Хушым, сын Ахера;

13 Сыны Нэфталіма: Яхцэіл, Гуні, Ецэр і Шылем, дзеці Валы.

14 Сыны Манасіі: Асрыіл, якога нарадзіла наложніца яго Арамэянка; яна ж нарадзіла Махіра, бацьку Галаадавага.

15 Махір узяў за жонку сястру Хупіма і Шупіма, - імя сястры іхняй Мааха; імя другога Салпаад. У Салпаада былі толькі дочкі.

16 Мааха, жонка Махірава, нарадзіла сына і дала яму імя Керэш, а імя брату ягонаму Шэрэш. Сыны ягоныя: Улам і Рэкем.

17 Сын Улама: Бэдан. Вось сыны Галаада сына Махіра, сына Манасінага.

18 Сястра ягоная Малэхет нарадзіла Ішгода, Авіязэра і Махлу.

19 Сыны Шэміды былі: Ахіян, Шэхем, Лікхі і Аніям.

20 Сыны Яфрэма: Шутэлах, Бэрэд, сын ягоны, і Тахат, сын ягоны, і Элеада, сын ягоны, і Тахат, сын ягоны,

21 і Завад, сын ягоны, і Шутэлах, сын ягоны, і Эзэр і Элеад. І забілі іх жыхары Гэта, ураджэнцы той зямлі, за тое, што яны пайшлі захапіць статкі іхнія.

22 І плакаў па іх Яфрэм, бацька іхні, шмат дзён, і прыходзілі браты ягоныя суцяшаць яго.

23 Потым ён увайшоў да жонкі сваёй, і яна зачала і нарадзіла сына, і ён даў яму імя: Бэрыя, бо няшчасьце спасьцігла дом ягоны.

24 І дачка ў яго была Шэера. Яна пабудавала Бэт-Арон ніжні і верхні, і Узэн-Шээру.

25 І Рэфай, сын ягоны, і Рэшэф, і Тэлах, сын ягоны, і Тэлах, сын ягоны, і Тахан, сын ягоны.

26 Лаэдан, сын Ягоны, Аміюд, сын ягоны, Элішама, сын ягоны.

27 Нон, сын ягоны, Ісус, сын ягоны.

28 Валоданьні іхнія і месцы жыхарства іх: Вэтыль і залежныя ад яго гарады на ўсход Нааран, на захад Гезэр і залежныя ад яго гарады; Сіхэм і залежныя ад яго гарады да Газы і залежных ад яе гарадоў.

29 А з боку сыноў Манасііных: Бэт-Сан і залежныя ад яго гарады, Таанах і залежныя ад яго гарады, Мэгідо і залежныя ад яго гарады, Дор і залежныя ад яго гарады. У іх жылі сыны Язэпа, сына Ізраілевага.

30 Сыны Асіра: Імна, Іўва, Ішві і Бэрыя, і сястра іхняя Сэрах.

31 Сыны Бэрыі, Хэвэр і Малхііл. Ён бацька Бірзаіта.

32 Хэвэр спарадзіў Яфлэта, Шомэра і Хатама, і Шую, сястру іхнюю.

33 Сыны Яфлэта: Пасах, Бімгал і Ашват. Вось сыны Яфлэта.

34 Сыны Шэмэра: Ахі, Рохга, Іхуба і Арам.

35 Сыны Гелэма, брата ягонага: Цофах, Імна, Шэлэш і Амал.

36 Сыны Цофаха: Суах, Харнэфер, Шуал, Бэры, Імра.

37 Бэйэр, Год, Шама, Шылша, Ітран і Бэера.

38 Сыны Етэра: Ефуні, Фіспа і Ара.

39 Сыны Улы: Арах, Ханііл і Рыцыя.

40 Усе гэтыя сыны Асіра, галовы пакаленьняў, людзі адборныя, ваяўнічыя, галоўныя начальнікі. Запісана ў іх у радаводных сьпісах у войску, для вайны, па ліку дваццаць шэсьць тысяч чалавек.

 

Разьдзел 8

 

1 Веньямін спарадзіў Бэлу, першынца свайго, другога Ашбэла, трэцяга Ахрая,

2 чацьвёртага Ноху і пятага Рафу.

3 Сыны Бэлы былі: Адар, Гера, Авіюд.

4 Авішуа, Наам, Ахоах.

5 Гера, Шэфуфан і Хурам.

6 І вось сыны Эгуда, якія былі ўзначальнікамі родаў, што жылі ў Гэве і пераселеныя ў Манахат:

7 Нааман, Ахія і Гэра, які перасяліў іх; ён спарадзіў Узу і Ахіхуда.

8 Шэгараім спарадзіў дзяцей у зямлі Маавіцкай пасьля таго, Як адпусьціў ад сябе Хушыму і Баару, жонак сваіх.

9 І спарадзіў ён ад Хадэшы, жонкі сваёй, Ёвава, Цывію, Мэшу, Малхама.

10 Еўца, Шахію і Мірму: вось сыны яго, узначальцы пакаленьняў.

11 Ад Хушымы спарадзіў ён Авітува і Элпаала.

12 Сыны Элпаала: Эвэр, Мішам і Шэмэр, які пабудаваў Она і Лод і залежныя ад яго гарады, -

13 і Бэрыя і Шэма. Яны былі ўзначальнікі пакаленьняў жыхароў Аялона. Яны выгналі жыхароў Гэта.

14 Ахіё, Шашак, Ірэмот.

15 Зэвадыя, Арад, Эдэр,

16 Міхаіл, Ішфа і Ёха - сыны Бэрыі.

17 Зэвадыя, Мэшулам, Хізкій, Хэвэр,

18 Ішмэрай, Ізлія і Ёваў - сыны Элпаала.

19 Якім, Зіхрый, Заўдый,

20 Эльенай, Цылтай, Элііл,

21 Адая, Бэрая і Шымрат, - сыны Шымэя.

22 Ішпан, Эвэр, Элііл,

23 Аўдон, Зіхрый, Ханан,

24 Хананія, Элам, Антотыя,

25 Іфдыя і Фэнуіл - сыны Шашака.

26 Шамшэрай, Шэхарыя, Аталія,

27 Яарэшыя, Элія і Зіхрый, сыны Ерахама.

28 Гэта ўзначальцы пакаленьняў, у родах сваіх галоўныя. Яны жылі ў Ерусаліме.

29 У Гаваоне жылі: Еіл, бацька Гааваніцянін, - імя жонкі ягонай Мааха, -

30 і сын Ягоны, першынец Аўдон, за ім Цур, Кіс, Ваал, Надаў,

31 Гэдор, Ахіё, Зэхэр і Міклот.

32 Міклот спарадзіў Шымэя. І яны каля братоў сваіх жылі ў Ерусаліме, разам з братамі сваімі.

33 Нэр спарадзіў Кіса; Кіс спарадзіў Саўла; Саўл спарадзіў Ёнатана, Мэлхісуя, Авінадава і Эшбаала.

34 Сын Ёнатана Мэрыбаал; Мэрыбаал спарадзіў Міху.

35 Сыны Міхі: Пітон, Мэлэг, Таарэя і Ахаз.

36 Ахаз спарадзіў Ёяду; Ёяда спарадзіў Алэмэта, Азмавэта і Замврыя; Замврый спарадзіў Моцу;

37 Моца спарадзіў Бінэю. Рэфанія, сын ягоны; Элеаса, сын ягоны; Ацэл, сын ягоны.

38 У Ацэла шэсьць сыноў, і вось імёны іх: Азрыкам, Бохру, Ісмаіл, Шэарыя, Авадыя і Ханан; усе яны сыны Ацэла.

39 Сыны Эшэка, брата ягонага: Улам, першынец ягоны, другі Еўш, трэці Эліфэлэт.

40 Сыны Улама былі людзі ваяўнічыя, стралялі з лука, мелі многа сыноў і ўнукаў сто пяцьдзясят. Усе яны ад сыноў Веньяміна.

 

Разьдзел 9

 

1 Так былі пералічаны па родах сваіх усе Ізраільцяне, і вось яны запісаны ў кнізе цароў Ізраільскіх. А Юдэі за беззаконьні свае пераселены ў Вавілон.

2 Першыя жыхары, якія жылі ў валоданьнях сваіх, па гарадах Ізраільскіх, былі Ізраільцяне, сьвятары, лявіты і нэтынэі.

3 У Ерусаліме жылі некаторыя з сыноў Веньямінавых, і з сыноў Яфрэмавых і Манасііных:

4 Утай, сын Аміюда, сын Омры, сын Імрыя, сын Ванія, - з сыноў Фарэса, сына Юды;

5 з сыноў Шылона - Асая, першынец і сыны ягоныя;

6 з сыноў Зары - Еуіл і браты іх, шасьцьсот дзевяноста;

7 з сыноў Веньямінавых Салу, сын Мэшулама, сын Гадавіі, сын Гесэнуі;

8 і Іўнія, сын Ерахама, і Эла, сын Узія, сына Міхрыевага, і Мэшулам, сын Шэфатыі, сына Рэгуіла, сына Іўніі,

9 і браты іхнія, па родах іхніх: дзевяцьсот пяцьдзясят шэсьць, - усе гэтыя мужы былі ўзначальнікі родаў у пакаленьнях сваіх.

10 А са сьвятароў: Едая; Ёярыў, Яхін,

11 і Азарыя, сын Хэлкіі, сын Мэшулама, сын Садока, сын Мэраёта, сын Азхітува, які ўзначальваў у доме Божым;

12 і Адая, сын Ерахама, сын Пашхура, сын Малхіі; і Маасай, сын Адыэла, сын Яхзэра, сын Мэшулама, сын Мэшылэміта, сын Імэра;

13 і браты іхнія, узначальцы родаў сваіх: тысяча сямсот шэсьцьдзясят, - людзі выбітныя ў дзеях служэньня ў доме Божым.

14 А зь лявітаў: Шэмая, сын Хашува, сын Азрыкама, сын Хашавіі - з сыноў Мэрарыных;

15 і Вакбакар, Хэрэш, Галал, і Матфанія, сын Міхі, сын Зіхрыя, сын Асафа;

16 і Авадыя, сын Шэмаі, сын Галала, сын Ідытуна, і Бэрэхія, сын Асы, сын Элканы, які жыў у селішчах Нэтафацкіх.

17 І брамнікі: Шалум, Акуб, Талмон і Ахіман, і браты іхнія; Шалум галоўны.

18 І да сёньня гэтыя брамнікі каля царскае брамы, на ўсход, трымаюць варту сыноў Лявііных.

19 Шалум, сын Карэ, сын Эвіясафа, сын Карэя, і браты ягоныя з роду ягонага, Карэяне, па дзеі служэньня свайго, былі дазорцамі каля парогаў скініі, а бацькі іхнія ахоўвалі ўваход у табар Гасподні.

20 Фінэес, сын Элеазараў быў да начальнікаў над імі, і Гасподзь быў зь ім.

21 Захар, сын Мэшэлэміі, брамнік каля дзвярэй скініі сходу.

22 Усіх іх, выбраных у брамнікі да парогаў, было дзьвесьце дванаццаць. Яны ўнесены ў сьпіс па селішчах сваіх. Іх паставіў Давід і Самуіл-празорлівец за вернасьць іхнюю.

23 І яны і сыны іхнія былі на варце каля брамы дома Гасподняга, пры доме скініі.

24 На чатырох баках былі брамнікі, на ўсходнім, заходнім, паўночным і паўднёвым.

25 А браты іхнія жылі ў селішчах сваіх, прыходзячы да іх час ад часу на сем дзён.

26 Гэтыя чатыры начальнікі брамнікаў, лявіты, былі ў даверы; яны ж былі прыстаўлены да жытлішчаў і да скарбніц дома Божага.

27 Вакол дома Божага яны і ноч праводзілі, бо на іх ляжала ахова, і яны павінны былі кожнае раніцы адчыняць дзьверы.

28 Адны зь іх былі прыстаўлены да службовага посуду, так, што лікам прымалі яго і лікам выдавалі.

29 Другім зь іх даручана было астатняе начыньне і ўсе сьвятарскія патрэбы: мука найлепшая і віно і алей, і ладан пахучы.

30 А з сыноў сьвятарскіх некаторыя складалі міра з рэчываў пахучых.

31 Матафію зь лявітаў, - ён першынец Сэлума Карэяніна, - даверана было тое, што гатавалася на патэльнях.

32 Некаторым з братоў іхніх, з сыноў Каатавых, даручана было прыгатаваньне пакладных хлябоў, каб класьці іх кожнае суботы.

33 А сьпевакі, галоўныя ў пакаленьнях лявіцкіх, у пакоях храма вольныя былі ад заняткаў, бо дзень і ноч яны абавязаныя былі займацца майстэрствам сваім.

34 Гэта ўзначальцы пакаленьняў лявіцкіх, у родах сваіх галоўныя. Яны жылі ў Ерусаліме.

35 У Гаваоне жылі: бацька Гавааніцян, Еіл, - імя жонкі ягонай Мааха,

36 і сын ягоны першынец Аўдон, за ім Цур, Кіс, Ваал, Нэр, Надаў,

37 Гэдор, Ахіё, Захар і Міклот.

38 Міклот спарадзіў Шымэама. І яны каля братоў сваіх жылі ў Ерусаліме разам з братамі сваімі.

39 Нэр спарадзіў Кіса, Кіс спарадзіў Саўла, Саўл спарадзіў Ёнатана, Мэлхісуа, Авінадава і Эшбаала.

40 Сын Ёнатана Мэрыбаал; Мэрыбаал спарадзіў Міху.

41 Сыны Міхі: Пітон, Мэлэх, Тарэй і Ахаз.

42 Ахаз спарадзіў Яэру, Яэр спарадзіў Алэмэта, Азмавэта і Замврыя; Замврый спарадзіў Моцу.

43 Моца спарадзіў Бінэю; Рэфая, сын ягоны; Элеаса, сын ягоны; Ацэл, сын Гоны.

44 У Ацэла шэсьць сыноў, і вось імёны іхнія: Азрыкам, Бохру, Ісмаіл, Шэарыя, Авадыя і Ханан. Гэта сыны Ацэла.

 

Разьдзел 10

 

1 Філістымляне ваявалі зь Ізраілем, і пабеглі Ізраільцяне ад Філістымлянаў, і падалі пабітыя на гары Гелвуе.

2 І пагналіся Філістымляне за Саўлам і сынамі ягонымі, і забілі Філістымляне Ёнатана і Авінадава і Мэлхісуя, сыноў Саўлавых.

3 Бітва супроць Саўла ўзмацнілася, і стралкі памкнуліся на яго, так што ён паранены быў стралкамі.

4 І сказаў Саўл збраяносцу свайму: агалі меч твой і закалі мяне ім, каб ня прыйшлі гэтыя неабрэзаныя, і не паглуміліся зь мяне. Але збраяносец не рашыўся, бо вельмі спалохаўся. Тады Саўл узяў меч і ўпаў на яго.

5 Збраяносец ягоны, убачыўшы, што Саўл памёр, і сам упаў на меч і памёр.

6 І памёр Саўл, і тры сыны ягоныя, і ўвесь дом ягоны разам зь ім памёр.

7 Калі ўбачылі Ізраільцяне, якія былі ў даліне, што ўсе бягуць і што Саўл і сыны ягоныя памерлі, дык пакінулі гарады свае і разьбегліся; а Філістымляне прыйшлі і пасяліліся ў іх.

8 На другі дзень прыйшлі Філістымляне абіраць забітых, і знайшлі Саўла і сыноў ягоных забітых на гары Гэлвуйскай,

9 і распранулі яго, і зьнялі зь яго галаву ягоную і зброю ягоную, і паслалі па зямлі Філістымскай, каб абвясьціць пра гэта перад ідаламі іхнімі і перад народам.

10 І паклалі зброю ягоную ў капішча багоў сваіх, і галаву ягоную ўваткнулі ў доме Дагона.

11 І пачуў увесь Явіс Галаадскі ўсё, што зрабілі Філістымляне з Саўлам.

12 І падняліся ўсе людзі дужыя, узялі цела Саўлава і целы сыноў ягоных, і прынесьлі іх у Явіс, і пахавалі косьці іхнія пад дубам у Явісе, і пасьціліся сем дзён.

13 Так памёр Саўл за сваё беззаконьне, якое ён учыніў перад Госпадам, за тое, што ня трымаўся слова Гасподняга і зьвярнуўся да чарадзейкі з пытаньнем,

14 а ня спытаўся ў Госпада. За тое Ён і аддаў яго сьмерці, і перадаў царства Давіду, сыну Есэеваму.

 

Разьдзел 11

 

1 І сабраліся ўсе Ізраільцяне да Давіда ў Хэўрон і сказалі: вось, мы костка твая і плоць твая;

2 і ўчора і заўчора, калі яшчэ Саўл быў царом, ты выводзіў і ўводзіў Ізраіля, і Гасподзь Бог твой сказаў табе: ты будзеш пасьвіць народ Мой Ізраіля і ты будзеш правадыр народу Майго Ізраіля.

3 І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраілевыя да цара ў Хэўрон, і заключыў зь імі Давід запавет у Хэўроне перад абліччам Гасподнім: і яны памазалі Давіда ў цара над Ізраілем, па слове Гасподнім, праз Самуіла.

4 І пайшоў Давід і ўвесь Ізраіль да Ерусаліма, гэта значыць, да Евуса. А там былі Евусэі, жыхары той зямлі.

5 І сказалі жыхары Евуса Давіду: ня ўвойдзеш сюды. Але Давід узяў крэпасьць Сіён: гэта - горад Давідаў.

6 І сказаў Давід: хто першы за ўсіх паб'е Евусэяў, той будзе галавою і ваенным начальнікам. І ўзышоў самы першы Ёаў, сын Саруі, і зрабіўся ўзначальцам.

7 Давід жыў у той крэпасьці, таму і называлі яе горадам Давідавым.

8 І ён забудаваў горад навакол, ад Міло, усю ваколіцу, а Ёаў аднавіў астатні горад.

9 І меў посьпех Давід, і ўзвышаўся больш і больш, і Гасподзь Саваоф быў зь ім.

10 Вось галоўныя мацакі ў Давіда, якія многа супрацоўнічалі зь ім у царстве ягоным, разам з усім Ізраілем, каб паставіць яго царом, па слове Гасподнім, над Ізраілем,

11 і вось лік мацакоў, якія былі ў Давіда: Есваал, сын Ахамані, галоўны з трыццаці: ён падняў дзіду сваю на трыста чалавек і пабіў іх за адзін раз.

12 Пасьля яго Элеазар, сын Дадо Ахахэяніна, адзін з трох мацакоў:

13 ён быў з Давідам у Фасдаміме, куды Філістымляне сабраліся на вайну. Там частка поля была засеяна ячменем, і народ пабег ад Філістымлянаў;

14 але яны сталі сярод поля, убераглі яго і пабілі Філістымлянаў. І дараваў Гасподзь выратаваньне вялікае!

15 Трое гэтых галоўных з трыццаці правадыроў падняліся на скалу да Давіда, у пячору Адалам, калі табар Філістымлянаў быў разьмешчаны ў даліне Рэфаімавай.

16 Давід тады быў ва ўмацаваным месцы, а ахоўнае войска Філістымлянаў было тады ў Віфляеме.

17 І моцна захацелася піць Давіду, і ён сказаў: хто напоіць мяне вадою з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы?

18 Тады гэтыя трое прабіліся праз табар Філістымскі і зачарпнулі вады з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы, і ўзялі, і прынесьлі Давіду. Але Давід не захацеў піць яе і выліў яе ў славу Госпада,

19 і сказаў: аслані мяне Гасподзь, каб я зрабіў гэта! Ці ж буду я піць кроў мужоў гэтых, якія клалі душы свае? Бо зь небясьпекай свайму жыцьцю яны прынесьлі ваду. І не захацеў піць яе. Вось што зрабілі гэтыя тры мацакі.

20 І Авэса, брат Ёава, быў галоўны з трох: ён забіў дзідай сваёй трыста чалавек, і быў у славе ў тых трох.

21 З трох ён быў самы знакаміты і быў начальнікам; але з тымі трыма не раўняўся.

22 Ванэя, сын Ёдая, мужа адважнага, вялікі па дзеях, з Каўцэпла: ён пабіў двух сыноў Арыіла Маавіцкага; ён жа сышоў і забіў ільва ў рове, у сьнежны час;

23 ён жа забіў Егіпцяніна, чалавека ростам у пяць локцяў: у руцэ ў Егіпцяніна была дзіда, як навой у ткачоў, а ён падышоў да яго з кіем і, вырваўшы дзіду з рукі Егіпцяніна, забіў ягонай жа дзідай:

24 вось, што зрабіў Ванэя, сын Ёдая, і ён быў у славе ў тых трох мацакоў;

25 ён быў больш знакаміты за тых трыццацёх, але з трыма не раўняўся, і Давід паставіў яго бліжэйшым выканаўцам сваіх загадаў.

26 А галоўныя з воінаў: Асаіл, брат Ёава: Элханан, сын Дадо, зь Віфляема;

27 Шама Гарадыцянін; Хэрэц Пэланіцянін;

28 Іра, сын Ікеша, Тэкаіцянін; Эвіезэр Анатацянін;

29 Сіўхай Хушацянін; Ілай Ахахіянін.

30 Магарай Нэтафатыцянін; Хэлэд, сын Вааны, Хэтафацянін;

31 Ітай; сын Рыбая, зь Гівы Веньямінавай: Ванэя Піратанянін:

32 Хурай з Нагалэ-Гааша; Авіел з Аравы;

33 Азмавэт Бахаруміянін; Эліяхба Шаалбанянін.

34 Сыны Гашэма Гізаніцяніна: Ёнатан, сын Шаге, Гарарыцянін;

35 Ахіям, сын Сахара, Гарарыцянін; Эліфал, сын Уры;

36 Хэфэр з Махэры; Ахія Пэланіцянін;

37 Хэцрой Кармэліцянін; Наарай, сын Эзбая;

38 Ёіл, брат Натана; Міўхар, сын Гагрыя;

39 Цэлэк Аманіцянін; Нахарай Бэрацянін, збраяносец Ёава, сына Саруі;

40 Іра Ітрыянін; Гарэб Ерыянін;

41 Урыя Хэтэянін;

42 Адына, сын Шызы, Рувімлянін, узначалец Рувімлянаў, і ў яго, было трыццаць;

43 Ханан, сын Маахі; Ёсафат Мітніянін;

44 Узія Аштэрацянін; Шама Еэл, сыны Хатама Араэраніна;

45 Едэяэл, сын Шымрыя, і Ёха, брат ягоны, Тыціянін;

46 Эліел з Махавіма, і Ерывай і Ёшавія, сыны Элнаама, і Ітма, Маавіцянін;

47 Эліел, Авэд і Ясіел з Мэцаваі.

 

Разьдзел 12

 

1 І гэтыя таксама прыйшлі да Давіда ў Сэкелаг, калі ён яшчэ хаваўся ад Саўла, сына Кісавага, і былі з адважнікаў, якія дапамагалі ў бітве.

2 Узброеныя лукам, і тыя, што кідалі праваю і леваю рукою камяні і стралялі стрэламі з лука, - з братоў Саўла, ад Веньяміна:

3 галоўны Ахіезэр, за ім Ёас, сыны Шэмаі, з Гівы; Езіел і Фэлэт, сыны Азмавэта: Бэраха і Егу з Анатота;

4 Ішманія Гавааніцянін, адважнікі з трыццаці і начальнік над трыццацьцю; Ерамія, Яхазііл, Ёханан і Ёзавад з Гедэры;

5 Элузай, Ерымот, Вэалія, Шэмарыя, Сафатыя Харытыянін;

6 Элкана, Ішыяху, Азарыл, Ёэзэр і Ёшавам, Карэяне;

7 і Ёэла і Зэвадыя сыны Ерахама, з Гэдора.

8 І з Гадыцян перайшлі да Давіда ва ўмацаваньне, у пустыню людзі мужныя, ваяўнічыя, узброеныя шчытом і дзідай; твары ільвіныя - твары іхнія, і яны шпаркія, як сарны ў горах.

9 Галоўны Эзэр, другі Авадыя, трэці Эліяў,

10 чацьвёрты Мішмана, пяты Ерамія,

11 шосты Атай, сёмы Эліел,

12 восьмы Ёханан, дзявяты Элзавад,

13 дзясяты Ерамія, адзінаццаты Махбанай.

14 Яны з сыноў Гадавых узначальцы ў войску: меншы над сотняю, і большы над тысячаю.

15 Вось яны перайшлі Ярдан у першы месяц, калі ён выступае зь берагоў сваіх, і разагналі ўсіх, што жылі ў далінах на ўсход і захад.

16 Прыйшлі таксама і з сыноў Веньямінавых і Юдавых ва ўмацаваньне да Давіда.

17 Давід выйшаў насустрач ім, і сказаў ім: калі зь мірам прыйшлі вы да мяне, каб дапамагаць мне, дык хай будзе ў мяне з вамі адно сэрца; а калі дзеля таго, каб падступна перадаць мяне ворагам маім, тым часам як няма заганы на руках маіх, дык хай бачыць Бог бацькоў нашых і рассудзіць.

18 І абняў дух Амасая, узначальцу трыццацёх, і сказаў ён: мір табе, Давідзе, і з табою, сыне Есэеў; мір табе і мір памочнікам тваім; бо памагае табе Бог твой. Тады прыняў іх Давід і паставіў на чале войска.

19 І з племя Манасіінага перайшлі да Давіда, калі ён ішоў зь Філістымлянамі на вайну супроць Саўла, але не дапамагаў ім, бо ўзначальцы Філістымскія, параіўшыся, адаслалі яго, кажучы: на нашую галаву ён пяройдзе да гаспадара свайго Саўла.

20 Калі ён вяртаўся ў Сэкелаг, тады перайшлі да яго з Манасіян: Аднах, Ёзавад, Едыяэл, Міхаіл, Ёзавад, Элігу і Цыльтай, тысячнікі ў Манасіян.

21 І яны дапамагалі Давіду супроць полчышчаў, бо ўсе гэта былі людзі адважныя і былі правадыры ў войску.

22 Так з кожным днём прыходзілі да Давіда на дапамогу да таго, што ягонае рушэньне зрабілася вялікае, як рушэньне Божае.

23 Вось лічба галоўных у войску, якія прыйшлі да Давіда ў Хэўрон, каб перадаць яму царства Саўлавае, па слове Гасподнім:

24 сыноў Юдавых, якія носяць шчыт і дзіду, было шэсьць тысяч васямсот гатовых да вайны;

25 з сыноў Сімяонавых, людзей адважных, у войску было сем тысяч і сто;

26 з сыноў Лявііных чатыры тысячы шасьцьсот;

27 і Ёдай, князь ад племя Аарона, і зь ім тры тысячы сямсот;

28 і Садок, мужны юнак, і род ягоны, дваццаць два начальнікі;

29 з сыноў Веньямінавых, братоў Саўлавых, тры тысячы, - але яшчэ многія зь іх трымаліся дома Саўлавага;

30 з сыноў Яфрэмавых дваццаць тысяч васямсот людзей мужных, людзей знакамітых у родах сваіх;

31 з паўкалена Манасіінага васямнаццаць тысяч, якія выкліканы былі паіменна, каб пайсьці ўцараваць Давіда;

32 з сыноў Ісахаравых людзі разумныя, якія ведалі, што калі належала рабіць Ізраілю, - іх было дзьвесьце галоўных, і ўсе браты іхнія трымаліся слова іхняга;

33 з племя Завулонавага гатовых да бітвы, узброеных усякаю ваеннаю зброяй, пяцьдзясят тысяч, у страі, аднадушных;

34 з племя Нэфталімавага тысяча правадыроў і зь імі трыццаць сем тысяч з шчытамі і дзідамі;

35 з племя Данавага гатовых да вайны дваццаць восем тысяч шасьцьсот;

36 ад Асіра воінаў, гатовых да бітвы, сорак тысяч;

37 з-за Ярдана, ад племя Рувімавага, Гадавага, і паўплемя Манасіінага, сто дваццаць тысяч, з усялякай воінскай зброяй.

38 Усе гэтыя воіны, у страі, ад шчырага сэрца прыйшлі ў Хэўрон уцараваць Давіда над усім Ізраілем. Ды і ўсе іншыя Ізраільцяне былі аднадушныя, каб паставіць царом Давіда.

39 І прабылі там у Давіда тры дні, елі і пілі, бо браты іхнія прыгатавалі ім;

40 ды і блізкія да іх, нават да племя Ісахаравага, Завулонавага і Нэфталімавага, прывозілі ўсё страўнае на аслах, і вярблюдах, і мулах, і валах: муку, смоквы і разынкі, і віно, і алей, і буйнога і дробнага быдла мноства, бо радасьць была Ізраілю.

 

Разьдзел 13

 

1 І раіўся Давід з тысячнікамі, сотнікамі і з усімі правадырамі,

2 і сказаў Давід усяму сходу Ізраільцянаў; калі заўгодна вам, і калі на тое будзе воля Госпада Бога нашага, пашлем усюды да астатніх братоў нашых, па ўсёй зямлі Ізраільскай, і разам зь імі да сьвятароў і лявітаў, у гарады і селішчы іхнія, каб яны сабраліся да нас,

3 і перанясем да сябе каўчэг Бога нашага, бо ў дні Саўла мы не зьвярталіся да яго.

4 І сказаў увесь сход: хай будзе так, - бо гэта дзея ўсяму народу здавалася справядлівай.

5 Так сабраў Давід усіх Ізраільцянаў, ад Шыхора Егіпецкага да ўваходу ў Эмат, каб перанесьці каўчэг Божы з Кірыятыярыма.

6 І пайшоў Давід і ўвесь Ізраіль у Карыятыярым, што ў Юдэі, каб перанесьці адтуль каўчэг Бога, Госпада, які сядзіць на херувімах, на якім называецца імя Яго.

7 І павезьлі каўчэг Божы на новай калясьніцы з дома Авінадава; і Оза і Ахія вялі калясьніцу.

8 А Давід і ўсе Ізраільцяне ігралі перад Богам з усёй сілы, са сьпевамі, на цытрах і на псалтырах, і тымпанах, і кімвалах і трубах.

9 Калі дайшлі да гумна Хідона, Оза працягнуў руку сваю, каб падтрымаць каўчэг, бо валы нахілілі яго.

10 Але Гасподзь разгневаўся на Озу, і пабіў яго за тое, што ён працягнуў руку сваю да каўчэга; і ён памёр тут жа перад абліччам Божым.

11 І засмуціўся Давід, што Гасподзь пабіў Озу. І назваў тое месца паразаю Озы; так называецца яно і да сёньня.

12 І спалохаўся Давід Бога ў дзень той, і сказаў: як я ўнясу да сябе каўчэг Божы?

13 І не павёз Давід каўчэга да сябе, у горад Давідаў, а завярнуў яго да дома Авэдара Гэцяніна.

14 І заставаўся каўчэг Божы ў Авэдара, у доме ягоным, тры месяцы, і дабраславіў Гасподзь дом Авэдара і ўсё, што ў яго.

 

Разьдзел 14

 

1 І паслаў Хірам, цар Тырскі, да Давіда паслоў, і кедровыя дрэвы, і муляроў, і цесьляроў, каб пабудаваць яму дом.

2 Калі даведаўся Давід, што ўмацаваў яго Гасподзь царом над Ізраілем, што ўзьнесена высока царства ягонае, дзеля народу яго Ізраіля,

3 тады ўзяў Давід яшчэ жонак у Ерусалім, і спарадзіў Давід яшчэ сыноў і дочак.

4 І вось імёны тых, што нарадзіліся ў яго ў Ерусаліме: Самус, Саваў, Натан, Саламон,

5 Эвэар, Элісуя, Элфалэт,

6 Ногах, Нафэк, Яфія,

7 і Элісама, Вэеліяда і Эліфалэт.

8 І пачулі Філістымляне, што памазаны Давід у цара над усім Ізраілем, і падняліся ўсе Філістымляне шукаць Давіда. І пачуў Давід пра гэта і пайшоў супроць іх.

9 І Філістымляне прыйшлі і разьмясьціліся ў даліне Рэфаімаў.

10 І спытаўся Давід у Бога, кажучы: ці ісьці мне супроць Філістымлянаў, і ці аддасі іх у рукі мае? І сказаў яму Гасподзь: ідзі, і Я аддам у рукі твае.

11 І пайшлі яны ў Ваал-Пэрацым, і пабіў іх там Давід; і сказаў Давід: зламаў Бог ворагаў маіх рукою маёю, як прарыў вады. Таму і далі імя мясьціне той: Ваал-Пэрацым.

12 І пакінулі там Філістымляне багоў сваіх, і загадаў Давід, і спалены яны агнём.

13 І прыйшлі зноў Філістымляне і разьмясьціліся па даліне.

14 І яшчэ спытаўся Давід у Бога, і сказаў яму Бог не хадзі проста на іх, ухіліся ад іх і йдзі да іх з боку тутавых дрэў;

15 і калі пачуеш шум як бы крокаў на вяршалінах тутавых дрэў, тады ўступі ў бітву, бо выйшаў Бог перад табою, каб пабіць табар Філістымлянаў.

16 І зрабіў Давід, як сказаў яму Бог; і разьбілі табар Філістымскі, ад Гаваона да Газэра.

17 І пранеслася імя Давідава па ўсіх землях, і Гасподзь зрабіў яго страшным для ўсіх народаў.

 

Разьдзел 15

 

1 І пабудаваў ён сабе дамы ў горадзе Давідавым, і падрыхтаваў месца для каўчэга Божага, і ўладзіў для яго скінію.

2 Тады сказаў Давід: ніхто не павінен насіць каўчэга Божага, акрамя лявітаў, бо іх выбраў Гасподзь на тое, каб насіць каўчэг Божы і служыць яму вавекі.

3 І сабраў Давід усіх Ізраільцян у Ерусалім, каб унесьці каўчэг Божы на месца яго, якое ён дзеля яго падрыхтваў.

4 І склікаў Давід сыноў Ааронавых і лявітаў:

5 з сыноў Каатавых, Урпыіла правадыра і братоў ягоных - сто дваццаць чалавек;

6 з сыноў Мэрарыных, Асаю правадыра і братоў ягоных - дзьвесьце дваццаць чалавек;

7 з сыноў Гірсонавых, Ёіля правадыра і братоў ягоных - сто трыццаць чалавек;

8 з сыноў Элісафанавых, Шэмаю правадыра і братоў ягоных - дзьвесьце;

9 з сыноў Хэўронавых, Эліела правадыра і братоў ягоных - восемдзясят;

10 з сыноў Узіілавых, Амінадава правадыра і братоў ягоных - сто дванаццаць.

11 І паклікаў Давід сьвятароў: Садока і Авіятара, і лявітаў: Урыіла, Асаю, Ёіля, Шэмаю, Эліела і Амінадава,

12 і сказаў ім: вы, начальнікі родаў лявіцкіх, асьвяцецеся самі і браты вашыя, і прынясеце каўчэг Госпада Бога Ізраілевага на месца, якое я падрыхтаваў для яго,

13 бо як раней ня вы гэта рабілі, дык Гасподзь Бог наш пабіў нас за тое, што мы не парупіліся за Яго, як было трэба.

14 І асьвяціліся сьвятары і лявіты дзеля таго, каб несьці каўчэг Госпада Бога Ізраілевага.

15 І панесьлі сыны лявітаў каўчэг Божы, як наказваў Майсей паводле слова Госпада, на плячах, на жэрдзях.

16 І загадаў Давід начальнікам лявітаў паставіць братоў сваіх сьпевакоў з музычнымі інструментамі, з псалтырамі і цытрамі і кімваламі, каб яны гучна ўзьвяшчалі голас радаваньня.

17 І паставілі лявіты Эмана, сына Ёілевага, і з братоў ягоных, Асафа, сына Вэрэхііна, а з сыноў Мэрарыных, братоў іхніх, Этана, сына Кушаі;

18 і зь імі братоў іхніх другарадных: Захара, Бэна, Яазііла, Шэмірамота, Ехііла, Унія, Эліява, Ванэю, Маасэя, Мататыю, Эліфлэуя, Мікнэя і Авэд-Эдома і Еэла, брамнікаў.

19 Эман, Асаф і Этан ігралі гучна на медных кімвалах,

20 а Захар, Азііл, Шэмірамот, Ехііл, Уній, Эліяў, Маасэя і Ванэя - на псалтырах, тонкім голасам.

21 А Мататыя, Эліфлуй, Мікнэй, Авэд-Эдом, Еэл і Азазія - на цытрах, каб рабіць пачатак.

22 А Хэнанія, начальнік лявітаў, быў начальнік сьпеваў, бо быў умельскі ў іх.

23 Вэрэхія і Элкана былі брамнікамі каля каўчэга.

24 Шэванія, Ёсафат, Натанаіл, Амасай, Захар, Ванэя і Эліезэр, сьвятары, трубілі трубамі перад каўчэгам Божым. Авэд-Эдом і Ехія былі брамнікамі каля каўчэга.

25 Так Давід і старэйшыны Ізраілевыя і тысячнікі пайшлі перанесьці каўчэг запавету Гасподняга з дома Авэд-Эдомавага з радасьцю.

26 І калі Бог памагаў лявітам, якія несьлі каўчэг запавета Гасподняга, тады закалолі ў ахвяру сем цялят і сем бараноў.

27 Давід быў апрануты ў вісонную вопратку, а таксама і ўсе лявіты, якія несьлі каўчэг, і сьпевакі, і Хананія начальнік музыкантаў і сьпевакоў. А на Давідзе быў яшчэ ільняны эфод.

28 Так увесь Ізраіль уносіў каўчэг запавета Гасподняга з воклічамі, пад гукі рога і труб і кімвалаў, граючы на псалтырах і цытрах.

29 Калі каўчэг запавета Гасподняга ўваходзіў у горад Давідаў, Мэлхола, дачка Саўлава, глядзела ў акно і, убачыўшы цара Давіда, які скакаў і весяліўся, знікчэмніла яго ў сэрцы сваім.

 

Разьдзел 16

 

1 І прынесьлі каўчэг Божы, і паставілі яго сярод скініі, якую зладзіў яму Давід, і ўзьнесьлі Богу цэласпаленьні і мірныя ахвяры.

2 Калі Давід закончыў цэласпаленьні і прынашэньне мірных ахвяр, дык дабраславіў народ імем Госпада.

3 І раздаў усім Ізраільцянам, і мужчынам і жанчынам, па адным хлебе і па кавалку мяса і па кубку віна,

4 і паставіў на службу перад каўчэгам Гасподнім некаторых зь лявітаў, каб яны славасловілі, дзякавалі і ўсхвалялі Госпада Бога Ізраілевага:

5 Асафа галоўным, другім пасьля яго Захара, Еела, Шэмірамофа, Ехііла, Мататыю, Эліяфа, і Ванэю, Авэд-Эдома і Еела з псалтырамі і цытрамі, і Асафа для ігры на кімвалах,

6 а Ванэю і Азііла, сьвятароў, каб пастаянна трубілі перад каўчэгам запавета Божага.

7 У гэты дзень Давід першы раз даў псальму для ўсхваленьня Госпада праз Асафа і братоў ягоных:

8 слаўце Госпада, узносьце імя Яго; абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя;

9 сьпявайце Яму, барабаньце Яму; раскажэце пра ўсе цуды Ягоныя;

10 хвалецеся імем Ягоным сьвятым: хай радуецца сэрца тых, што шукаюць Госпада;

11 знайдзеце Госпада і сілы Яго, шукайце няспынна аблічча Яго;

12 спамінайце цуды, якія Ён стварыў, азнакі Яго і суды вуснаў Ягоных,

13 вы, семя Ізраілевае, рабы Ягоныя, сыны Якава, выбранцы Яго̀

14 Ён Гасподзь Бог наш, суды Яго па ўсёй зямлі.

15 Памятайце вечна запавет Яго, слова, якое Ён наказаў ў тысячы родаў,

16 тое, што наказваў Абрагаму, і ў чым запрысягаўся Ісаку,

17 і што паставіў Якаву ў закон, і Ізраілю ў запавет вечны,

18 кажучы: табе дам Я зямлю Ханаанскую, у спадчынны надзел вам.

19 Яны былі тады малалікія і мізэрныя, і прыхадні ў ёй,

20 і пераходзілі ад народу да народу, і з аднаго царства да другога народу;

21 але Ён нікому не дазволіў крыўдзіць іх і выкрываў за іх цароў:

22 не дакранайцеся да памазаных Маіх, і прарокам Маім не рабеце ліха.

23 Сьпявайце Госпаду, уся зямля, дабравяшчайце дзень у дзень выратаваньне Яго.

24 Абвяшчайце язычнікам славу Яго, усім народам цуды Ягоныя,

25 бо вялікі Гасподзь і варты хвалы, страшны больш за ўсіх багоў.

26 Бо ўсе багі народаў нішто, а Гасподзь нябёсы стварыў.

27 Слава і веліч перад абліччам Ягоным, магутнасьць і радасьць на месцы Ягоным.

28 Узьнясеце Госпаду, плямёны народаў, узьнясеце Госпаду славу і гонар,

29 узьнясеце Госпаду славу імю Ягонаму. Вазьмеце дар, ідзеце прад аблічча Яго, пакланецеся Госпаду і хараству сьвятыні Яго.

30 Трымці перад ім, уся зямля, бо Ён запачаткаваў сусьвет, ён не пахісьнецца.

31 Хай весяляцца нябёсы, хай радуецца зямля, і хай скажуць у народах: Гасподзь валадарыць̀

32 Хай плешча мора і што напаўняе яго, хай радуецца поле і ўсё, што на ім.

33 Хай пераможна радуюцца ўсе дрэвы дуброўныя прад абліччам Госпада, бо Ён ідзе судзіць зямлю.

34 Слаўце Госпада, бо навечна міласьць Яго,

35 і скажэце: выратуй, Божа, Выратавальнік наш̀ зьбяры нас і выбаві нас ад народаў, хай жа ўславім сьвятое імя Тваё і хай жа пахвалімся славаю Тваёю̀

36 Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў ад веку і да веку̀ І сказаў увесь народ: амін̀ алілуя̀

37 Давід пакінуў там, перад каўчэгам запавета Гасподняга, Асафа і братоў ягоных, каб яны служылі перад каўчэгам пастаянна, кожны дзень,

38 і Авэд-Эдома і братоў ягоных, шэсьцьдзясят восем чалавек; Авэд-Эдома, сына Ідытунавага, і Хосу - брамнікамі,

39 а Садока сьвятара і братоў сьвятароў перад жытлішчам Гасподнім, што на вышыні ў Гаваоне,

40 для прынашэньня цэласпаленьняў Госпаду на ахвярніку цэласпаленьня пастаянна, раніцай і ўвечары, і дзеля ўсяго, што напісана ў законе Госпада, які Ён наказаў Ізраілю;

41 і зь імі Эмана і Ідытуна і іншых выбраных якія назначаны паіменна, каб славіць Госпада, бо вечная міласьць Ягоная.

42 Пры іх Эман і Ідытун праслаўляі Бога, іграючы на трубах, кімвалах і розных музычных спарудах; а сыноў Ідытуна паставіў пры браме.

43 І пайшоў увесь народ, кожны ў свой дом; вярнуўся і Давід, каб дабраславіць дом свой.

 

Разьдзел 17

 

1 Калі Давід жыў у доме сваім, дык сказаў Давід Натану прароку: вось, я жыву ў доме кедровым, а каўчэг запавета Гасподняга пад намётам.

2 І сказаў Натан Давіду: усё, што ў цябе на сэрцы, рабі, бо з табою Бог.

3 Але тае ж ночы было слова Божае Натану:

4 ідзі і скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь: ня ты пабудуеш Мне дом для жытла,

5 бо Я ня жыў у доме з таго дня, як вывеў сыноў Ізраіля, і да сёньня, а хадзіў са скініі ў скінію з жытла ў жытло.

6 Дзе ні хадзіў Я з усім Ізраілем, ці сказаў Я хоць слова каму з судзьдзяў Ізраільскіх, якім Я загадаў пасьвіць народ Мой: чаму вы не пабудуеце Мне дома кедровага?

7 І цяпер так скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь Саваоф: Я ўзяў цябе ад статку авечак, каб ты быў правадыр народу Майго Ізраіля;

8 і быў з табою ўсюды, куды ты ні хадзіў, і вынішчыў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і зрабіў імя тваё як імя вялікіх на зямлі;

9 і Я ўладзіў месца народу Майму Ізраілю, і ўкараніў яго, і будзе ён спакойна жыць на месцы сваім, і ня будзе больш трывожаны, і бязбожнікі ня будуць больш уціскаць яго, як раней.

10 у тыя дні, калі Я паставіў судзьдзяў над народам Маім Ізраілем, і Я ўпакорыў усіх ворагаў тваіх і абвяшчаю табе, што Гасподзь зладзіць табе дом.

11 Калі завершацца дні твае і ты адыдзеш да бацькоў тваіх, тады Я пастаўлю семя тваё пасьля цябе, якое будзе з сыноў тваіх, і ўмацую царства ягонае.

12 ён пабудуе Мне дом, і ўцьверджу трон ягоны навекі.

13 Я буду яму бацькам, і ён будзе Мне сынам, - і міласьці Маёй не адбяру ў яго, як Я адабраў у таго, які быў да цябе.

14 Я пастаўлю яго ў доме Маім і ў царстве Маім навекі, і трон яго будзе цьвёрды вечна.

15 Усе гэтыя словы і ўяву дакладна пераказаў Натан Давіду.

16 І прыйшоў цар Давід і стаў прад абліччам Гасподнім, і сказаў: хто я, Госпадзе Божа, і што такое дом мой, што Ты так узвысіў мяне?

17 Але і гэтага яшчэ здалося мала ў вачах Тваіх, Божа; Ты абвяшчаеш пра дом раба Твайго наперад, і глядзіш на мяне, як на чалавека вялікага, Госпадзе Божа!

18 Што яшчэ можа дадаць перад Табою Давід дзеля ўзьвялічэньня раба Твайго? Ты ведаеш раба Твайго?

19 Госпадзе! для раба Твайго, Ты робіш усё гэта вялікае, каб паказаць ўсялякую веліч.

20 Госпадзе! Няма падобнага на Цябе, і няма Бога, апрача Цябе, паводле ўсяго, што чулі мы на свае вушы.

21 І хто падобны на народ Твой Ізраіль, адзіны народ на зямлі, да Якога прыходзіў Бог, каб адкупіць яго Сабе ў народ, зрабіць Сабе імя вялікай і страшнай дзеяй, - прагнаньнем народаў ад аблічча народу Твайго, які Ты выбавіў зь Егіпта.

22 Ты зрабіў народ Твой Ізраіля Сваім уласным народам навек, і Ты, Госпадзе, стаў Богам ягоным.

23 Дык вось цяпер, о Госпадзе, слова, якое Ты сказаў пра раба Твайго і пра дом ягоны, умацуй навек, і зрабі, як Ты сказаў.

24 І хай застанецца і ўзьвялічыцца імя Тваё вавекі, каб гаварылі: Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў, ёсьць Бог над Ізраілем, і дом раба Твайго Давіда хай будзе цьвёрды прад абліччам Тваім.

25 Бо Ты, Божа мой, адкрыў рабу Твайму, што Ты ўладзіш яму дом, таму раб Твой і асьмеліўся маліцца перад Табою.

26 І цяпер, Госпадзе, Ты Бог, і Ты сказаў пра раба Твайго такое дабро.

27 Пачні ж дабраслаўляць дом раба Твайго, каб ён быў вечна прад абліччам Тваім. Бо калі Ты, Госпадзе, дабраславіш, дык будзе ён дабраславёны навекі.

 

Разьдзел 18

 

1 Пасьля гэтага Давід пабіў Філістымлянаў і ўпакорыў іх, і ўзяў Гэт і залежныя ад яго гарады з рук Філістымлянаў.

2 Ён пабіў таксама Маавіцянаў, - і зрабіліся Маавіцяне рабамі Давіда, прыносячы яму даніну.

3 І пабіў Давід Аднаазара, цара Суўскага, у Эмаце, калі той ішоў сьцьвердзіць сваю ўладу каля ракі Еўфрат.

4 І ўзяў Давід у яго тысячу калясьніц, сем тысяч вершнікаў і дваццаць тысяч пешых, і разбурыў Давід усе калясьніцы, пакінуўшы зь іх толькі сто.

5 Сірыйцы Дамаскія прыйшлі былі на дапамогу да Аднаазара, цара Суўскага, але Давід пабіў дваццаць дзьве тысячы Сірыйцаў.

6 І паставіў Давід ахоўнае войска ў Сірыі Дамаскай, і зрабіліся Сірыйцы рабамі Давіда, прыносячы яму даніну. І памагаў Гасподзь Давіду ўсюды, куды ён ні хадзіў.

7 І ўзяў Давід залатыя шчыты, якія былі ў рабоў Адраазара, і прынёс іх у Ерусалім.

8 А з Тыўхаты і Куна, гарадоў Адраазаравых, узяў Давід вельмі многа медзі. Зь яе Саламон зрабіў меднае мора і слупы і медны посуд.

9 І пачуў Той, цар Імата, што Давід пабіў усё войска Адраазара, цара Суўскага.

10 І паслаў Ёрама, сына свайго, да цара Давіда, вітаць яго і дзякаваць за тое, што ён ваяваў з Адраазарам і пабіў яго, бо Той быў у вайне з Адраазарам, - і зь ім усякі посуд залаты, срэбны і медны.

11 І прысьвяціў іх цар Давід Госпаду разам з срэбрам і золатам, якое ён узяў ад усіх народаў: ад Ідумэянаў, Маавіцянаў, Аманіцянаў, Філістымлянаў і ад Амалікіцянаў.

12 І Авэса, сын Саруі, пабіў Ідумэянаў у даліне Яалянай васямнаццаць тысяч;

13 і паставіў у Ідумэі ахоўнае войска, і зрабіліся ўсе Ідумэяне рабамі Давіду. Гасподзь памагаў Давіду ўсюды, куды ён ні хадзіў.

14 І валадарыў Давід над усім Ізраілем, і чыніў суд і праўду ўсяму народу свайму.

15 Ёаў, сын Саруі, быў начальнікам войска, Ёсафат, сын Ахілуда, дзеяпісцам.

16 Садок, сын Ахітува, і Авімэлэх, сын Авіятара, сьвятарамі, а Суса пісцом,

17 Ванэя, сын Ёдая, над Хэлэтэямі і Фэлэтэямі, а сыны Давідавыя - першымі пры цары.

 

Разьдзел 19

 

1 Пасьля гэтага памёр Наас, цар Аманіцкі, і зацараваў сын яго замест яго.

2 І сказаў Давід: зраблю я міласьць Анону, сыну Наасаваму, за дабрадзейства, якое бацька ягоны зрабіў мне. І паслаў Давід паслоў суцешыць яго ў бацьку ягоным. І прыйшлі слугі Давідавы ў зямлю Аманіцкую, да Анона, каб суцешыць яго.

3 Але князі Аманіцкія сказалі Анону: няўжо ты думаеш, што Давід з павагі да бацькі твайго прыслаў да цябе суцешнікаў? Ці не на тое прыйшлі слугі яго да цябе, каб выведаць і выгледзець зямлю і спустошыць яе?

4 І ўзяў Анон слуг Давідавых і пагаліў іх, і абцяў вопратку іхнюю напалавіну да сьцёгнаў і адпусьціў іх.

5 І пайшлі яны. І данесьлі Давіду пра людзей гэтых, і ён паслаў ім насустрач, бо яны былі вельмі зьняважаныя; і сказаў цар; застаньцеся ў Ерыхоне, пакуль адрастуць борады вашыя, і тады вяртайцеся.

6 Калі Аманіцяне ўбачылі, што яны зрабіліся ненавіснымі Давіду, тады паслаў Анон і Аманіцяне тысячу талантаў срэбра, каб наняць сабе калясьніц і верхаўцоў зь Сірыі Месапатамскай і зь Сірыі Мааха і з Сувы.

7 І нанялі сабе трыццаць дзьве тысячы калясьніц і цара Мааха з народам ягоным, якія прыйшлі і разьмясьціліся табарам перад Мэдэваю. І Аманіцяне сабраліся з гарадоў сваіх і выступілі на вайну.

8 Калі дачуўся пра гэта Давід, дык паслаў Ёава з усім войскам адважных.

9 І выступілі Аманіцяне і сталі на бітву, каля брамы горада, а цары, якія прыйшлі, асобна ў полі.

10 Ёаў, бачачы, што чакае яго бітва сьпераду і ззаду, выбраў воінаў з усіх адборных у Ізраілі і выставіў іх супроць Сірыйцаў.

11 А астатнюю частку народу даручыў Авэсу, брату свайму, каб яны выступілі супроць Аманіцянаў.

12 І сказаў ён: калі Сірыйцы будуць адольваць мяне, дык ты дапаможаш мне, а калі Аманіцяне будуць адольваць цябе, дык я дапамагу табе.

13 Будзь мужны, і будзем цьвёрда стаяць за народ наш і за гарады Бога нашага, - і Гасподзь хай зробіць, што Яму заўгодна.

14 І ўступіў Ёаў і людзі, якія былі ў яго, у бітву зь Сірыйцамі, і яны пабеглі ад яго.

15 А Аманіцяне, убачыўшы, што Сірыйцы бягуць, і самыя пабеглі ад Авэсы, брата ягонага, і сышлі ў горад. І прыйшоў Ёаў у Ерусалім.

16 Сірыйцы, бачачы, што яны разьбіты Ізраільцянамі, адправілі паслоў і вывелі Сірыйцаў, якія былі па той бок ракі, і Савак, ваеначальнік Адраазараў, быў на чале іх.

17 Калі данесьлі пра гэта Давіду, ён сабраў усіх Ізраільцянаў, перайшоў Ярдан і прыйшоў да іх і стаў супроць іх. І ўступіў Давід у бітву зь Сірыйцамі, і яны сьцяліся зь ім.

18 І Сірыйцы пабеглі ад Ізраільцянаў, і зьнішчыў Давід у Сірыйцаў сем тысяч калясьніц, і сорак тысяч пешых і Савака ваеначальніка забіў.

19 Калі ўбачылі слугі Адраазара, што яны пабітыя Ізраільцянамі, заключылі з Давідам мір і падпарадкаваліся яму. І не хацелі Сірыйцы дапамагаць больш Аманіцянам.

 

Разьдзел 20

 

1 Праз год, у час, калі цары выходзяць на вайну, вывеў Ёаў войска і пачаў пустошыць зямлю Аманіцянаў, і прыйшоў і аблажыў Раву. А Давід заставаўся ў Ерусаліме. Ёаў, заваяваўшы Раву, разбурыў яе.

2 І ўзяў Давід вянок цара іхняга з галавы яго, і ў ім аказалася вагі талант золата, і каштоўныя камяні былі на ім; і быў ён ускладзены на галаву Давіда. І здабычы вельмі многа вынес з горада.

3 А люд, які быў у ім, вывеў і забіваў іх піламі, жалезнымі цапамі і сякерамі. Так зрабіў Давід з усімі гарадамі Аманіцянаў, і вярнуўся Давід і ўвесь народ у Ерусалім.

4 Пасьля таго пачалася вайна зь Філістымлянамі ў Газэры. Тады Савахай Хушацянін пабіў Сафа, аднаго з нашчадкаў Рэфаімаў. І яны ўпакорыліся.

5 І зноў была вайна зь Філістымлянамі. Тады Элханам, сын Яіра, пабіў Лахмія, брата Галіяфавага, Гэцяніна, у якога дзяржальна дзіды было, як навой у ткачоў.

6 Была яшчэ бітва ў Гэце. Там быў адзін рослы чалавек, у якога было па шэсьць пальцаў, усяго дваццаць чатыры. І ён таксама быў з нашчадкаў Рэфаімаў.

7 Ён ганіў Ізраіля, але Ёнатан, сын Шымы, брата Давідавага, пабіў яго.

8 Гэта былі народжаныя ад Рэфаімаў у Гэце, і загінулі ад рукі Давіда і ад рукі слуг ягоных.

 

Разьдзел 21

 

1 І паўстаў сатана на Ізраіля, і падбіў Давіда зрабіць пералік Ізраільцянаў.

2 І сказаў Давід Ёаву і начальнікам у народзе: ідзеце пералічэце Ізраільцянаў, ад Вірсавіі да Дана і прадстаўце мне, каб я ведаў лік іх.

3 І сказаў Ёаў: хай памножыць Гасподзь народ Свой у сто разоў да таго, колькі ёсьць яго. Ці ня ўсе яны, спадару мой цар, рабы гаспадара майго? Навошта ж патрабуе гэтага гаспадар мой? Каб залічылася гэта ў віну Ізраілю?

4 Але царскае слова пераважыла Ёава. І пайшоў Ёаў і абышоў усяго Ізраіля, і прыйшоў у Ерусалім.

5 І падаў Ёаў Давіду сьпіс народнага перапісу, і было ўсіх Ізраільцянаў тысяча тысяч, і сто тысяч мужоў, якія агаляюць меч, і Юдэяў - чатырыста семдзесят тысяч, якія агаляюць меч.

6 А лявітаў і Веньямінянаў ён ня лічыў сярод іх, бо царскае слова было агіднае Ёаву.

7 І незаўгодная была ў вачах Божых дзея гэтая. І Ён пабіў Ізраіля.

8 І сказаў Давід Богу: вельмі зграшыў я, што зрабіў гэта. І цяпер даруй віну раба Твайго, бо я ўчыніў вельмі неразумна.

9 І гаварыў Гасподзь Гаду празорліўцу, Давідаваму, і сказаў:

10 ідзі і скажы Давіду: так кажа Гасподзь: тры кары я прапаную табе, выберы сабе адну зь іх, - і Я пашлю яе на цябе.

11 І прыйшоў Гад да Давіда, і сказаў яму: так кажа Гасподзь: выбірай сабе:

12 альбо тры гады - голад, альбо тры месяцы будуць цябе перасьледаваць ворагі твае і меч ворагаў тваіх будзе даставаць да цябе; альбо тры дні - меч Гасподні і пошасьць на зямлі і анёл Гасподні зьнішчальны ва ўсіх межах Ізраіля. Дык вось, разгледзь, што мне адказваць Таму, Хто паслаў мяне са словам.

13 І сказаў Давід Гаду: цяжка мне вельмі, але хай лепш упаду ў рукі Госпада, бо вельмі вялікая мілажальнасьць Ягоная, толькі б ня ўпасьці мне ў рукі чалавечыя.

14 І паслаў Гасподзь пошасьць на Ізраіля і памерла Ізраільцянаў семдзесят тысяч чалавек.

15 І паслаў Бог анёла ў Ерусалім, каб вынішчаць яго. І калі ён пачаў вынішчаць, убачыў Гасподзь і пашкадаваў за гэта бедства, і сказаў анёлу-зьнішчальніку: годзе, цяпер апусьці руку тваю. А анёл Гасподні стаяў тады над гумном Орны Евусэяніна.

16 І падняў Давід вочы свае, і ўбачыў анёла Гасподняга, які стаяў паміж зямлёю і небам, з аголеным у руцэ ягонай мечам, працягнутым на Ерусалім; і ўпаў Давід і старэйшыны, пакрытыя вярэтай, на абліччы свае.

17 І сказаў Давід Богу: ці ж ня я загадаў палічыць народ? я зграшыў, я ўчыніў ліха, а гэтыя авечкі што зрабілі? Госпадзе, Божа мой, хай будзе рука Твая на мне і на доме бацькі майго, а не на народзе Тваім, каб загубіць яго.

18 І анёл Гасподні сказаў Гаду, каб той сказаў Давіду: хай Давід прыйдзе і паставіць ахвярнік Госпаду на гумне Орны Евусэяніна.

19 І пайшоў Давід, па слове Гада, якое ён казаў ад імя Госпада.

20 Орна абярнуўся, убачыў анёла, і чатыры сыны яго зь ім зьніклі. Орна малаціў тады пшаніцу.

21 І прыйшоў Давід да Орны. Орна зірнуў, і ўбачыўшы Давіда, выйшаў з гумна, і пакланіўся Давіду тварам да зямлі.

22 І сказаў Давід Орну: аддай мне месца пад гумном, я пабудую на ім ахвярнік Госпаду; за сапраўдную цану аддай мне яго, каб спынілася вынішчэньне народу.

23 І сказаў Орна Давіду: вазьмі сабе; хай робіць гаспадар мой цар, што яму заўгодна; вось я аддам і валоў на цэласпаленьне, і малацільныя прылады на дровы, і пшаніцу на прынашэньне; усё гэта аддаю дарам.

24 І сказаў цар Давід Орну: не, я хачу купіць у цябе за сапраўдную цану, бо ня буду прыносіць я тваёй уласнасьці Госпаду, і ня буду прыносіць на цэласпаленьне ўзятае дарам.

25 І даў Давід Орну за гэта месца шасьцьсот сікляў золата.

26 І спарудзіў там Давід ахвярнік Госпаду і ўзьнёс цэласпаленьні і мірныя ахвяры; і заклікаў Госпада, і Ён пачуў яго, паслаўшы агонь зь неба на ахвярнік цэласпаленьня.

27 І сказаў Гасподзь анёлу: вярні меч твой у похвы яго.

28 У гэты час Давід, бачачы, што Гасподзь пачуў яго на гумне Орны Евусэяніна, прынёс там ахвяру.

29 А скінія Гасподняя, якую зрабіў Майсей у пустыні, і ахвярнік цэласпаленьня былі ў той час на вышыні ў Гаваоне.

30 І ня мог Давід пайсьці туды, каб ісьціць Бога, бо напалоханы быў мечам анёла Гасподняга.

 

Разьдзел 22

 

1 І сказаў Давід: вось дом Госпада Бога і вось ахвярнік для цэласпаленьня Ізраіля.

2 І загадаў Давід сабраць прыхадняў, якія былі зь зямлі Ізраільскай, і паставіў каменячосаў, каб абчэсваць камяні на пабудову дома Божага.

3 І мноства жалеза для цьвікоў да дзьвярэй брамы і для сувязяў нарыхтаваў Давід, і мноства медзі без вагі,

4 і кедровых дрэў бязь ліку, бо Міданяне і Тыране даставілі Давіду мноства кедровых дрэў.

5 І сказаў Давід: Саламон, сын мой, малады і маласілы, а дом, які трэба пабудаваць для Госпада, павінен быць даволі велічны, на славу і ўпрыгажэньне перад усімі землямі: дык вось, буду я нарыхтоўваць для яго. І нарыхтаваў Давід да сьмерці сваёй многа.

6 І паклікаў Саламона, сына свайго, і наказаў яму пабудаваць дом Госпаду Богу Ізраілеваму.

7 І сказаў Давід Саламону: сыне мой̀ у мяне было на сэрцы пабудаваць дом у імя Госпада Бога майго,

8 але было мне слова Гасподняе, і сказана: ты праліў многа крыві і вёў вялікія войны; ты не павінен будаваць дом імю Майму, бо праліў многа крыві на зямлю перад абліччам Маім.

9 Вось, у цябе народзіцца сын: ён будзе чалавек мірны; Я дам яму спакой ад усіх ворагаў ягоных вакол: таму імя яму будзе Саламон. І мір і спакой дам Ізраілю ў дні ягоныя.

10 Ён пабудуе дом імю Майму, і ён будзе Мне сынам, а Я яму бацькам, і ўцьверджу трон царства яго над Ізраілем навечна.

11 І цяпер, сыне мой̀ хай будзе Гасподзь з табою, каб табе быў посьпех і ты пабудаваў дом Госпаду Богу твайму, як Ён гаварыў пра цябе.

12 Хай дасьць табе Гасподзь кемнасьць і розум і паставіць цябе над Ізраілем; і датрымайся закону Госпада Бога твайго.

13 Тады ты будзеш з посьпехам, калі будзеш старацца выконваць пастановы і законы, якія наказаў Гасподзь Майсею для Ізраіля. Будзь цьвёрды і мужны, ня бойся і не маркоціся.

14 І вось, я пры беднасьці маёй падрыхтаваў для дома Гасподняга сто тысяч талантаў срэбра, а медзі і жалезу няма вагі, бо яго мноства; і дрэва і камяні я таксама нарыхтаваў, а ты яшчэ дадай да гэтага.

15 У цябе мноства працаўнікоў, і каменячосаў, разьбяроў і цесьляроў, і ўсякіх здольных на ўсякую дзею;

16 золату, срэбру і медзі, і жалезу няма ліку: пачні і рабі; Гасподзь будзе з табою.

17 І запавядаў Давід усім князям Ізраілевым дапамагаць Саламону, сыну ягонаму:

18 ці ня з вамі Гасподзь Бог наш, Які даў вам спакой з усіх бакоў, бо Ён перадаў у рукі мае жыхароў зямлі, і ўпакорылася зямля перад Госпадам і перад народам Ягоным?

19 Дык вось, схілеце сэрца ваша і душу вашу да таго, каб знайсьці Госпада Бога вашага. Устаньце і пабудуйце сьвятыню Госпаду Богу, каб перанесьці каўчэг запавета Гасподняга і сьвяшчэнны посуд Божы ў дом, які ствараецца імю Гасподняму.

 

Разьдзел 23

 

1 Давід, састарыўшыся і насыціўшыся жыцьцём, паставіў царом над Ізраілем сына свайго Саламона.

2 І сабраў усіх князёў Ізраілевых і сьвятароў і лявітаў,

3 і палічаны былі лявіты, ад трыццаці гадоў і вышэй, і было лікам іх, лічачы пагалоўна, трыццаць восем тысяч чалавек.

4 Зь іх прызначаны для дзеі ў доме Гасподнім дваццаць чатыры тысячы, а пісцоў і судзьдзяў шэсьць тысяч,

5 і чатыры тысячы брамнікаў, і чатыры тысячы тых, што праслаўляюць Госпада на музычных спарудах, якія ён зрабіў для праслаўленьня.

6 І падзяліў іх Давід на чароды па сынах Левія - Гірсоне, Кааце і Мэрары.

7 З Гірсанянаў - Лаэдан і Шымэй.

8 Сыны Лаэдана: першы Ехііл, Зэтам і Ёіль, трое.

9 Сыны Шымэя: Шыламіт, Хазііл і Гаран, трое. Яны ўзначальцы пакаленьняў Лаэданавых.

10 Яшчэ сыны Шымэя: Яхат, Зіза, Еўш і Бэрыя. Гэта сыны Шымэя, чацьвёра.

11 Яхат быў галоўны, Зіта другі; Еўш і Бэрыя мелі дзяцей ня многа, і таму яны былі ў адным ліку пры доме бацькавым.

12 Сыны Каата: Амрам, Іцгар, Хэўрон і Азііл, чацьвёра.

13 Сыны Амрама: Аарон і Майсей. Аарон аддзелены быў на прысьвячэньне да Сьвятога Сьвятых, ён і сыны ягоныя, навечна, каб учыняць дымленьне прад абліччам Госпада, каб служыць Яму і дабраслаўляць імем Ягоным навекі.

14 А Майсей, чалавек Божы і сыны ягоныя залічаны да калена Лявіінага.

15 Сыны Майсея: Гірсон і Эліезэр.

16 Сыны Гірсона: першы быў Шэвуіл.

17 Сыны Эліезра былі: першы Рэхавія. І ня было ў Эліезэра другіх сыноў; у Рэхавіі ж было вельмі многа сыноў.

18 Сыны Іцгара: першы Шэломіт.

19 Сыны Хэўрона: першы Ерыя і другі Амарыя, трэці Яхазііл і чацьвёрты Екамам.

20 Сыны Азііла: першы Міха і другі Ішыя.

21 Сыны Мэрарыны: Махлі і Мушы. Сыны Махлія: Элеазар і Кіс.

22 І памёр Элеазар, і ня было ў яго сыноў, а толькі дочкі; і ўзялі іх за сябе сыны Кіса, браты іхнія.

23 Сыны Мушыя: Махлі, Эдэр і Ірэмот - трое.

24 Вось сыны Лявііны, па дамах бацькоў іхніх, узначальцы сямействаў, па імянным зьлічэньні іхнім пагалоўна, якія спраўлялі дзеі служэньня ў доме Гасподнім, ад дваццаці гадоў і вышэй.

25 Бо Давід сказаў: Гасподзь Бог Ізраілеў даў спакой народу Свайму і паставіў яго ў Ерусаліме навекі.

26 і лявітам ня трэба насіць скінію і ўсялякія рэчы яе дзеля служэньня ў ёй.

27 Таму, паводле апошніх загадаў Давіда, палічаны лявіты ад дваццаці гадоў і вышэй,

28 каб яны былі пры сынах Ааронавых, дзеля служэньня дому Гасподняму, у двары і ў прыбудовах, дзеля падтрыманьня чысьціні ўсёй сьвятыні і дзеля выкананьня ўсялякай службы пры доме Божым

29 дзеля назіраньня за хлябамі пакладнымі і пшанічнаю мукою для хлебнага прынашэньня і праснакамі, за печаным, смажаным і за ўсякаю мераю і вагою,

30 і каб станавіліся кожнае раніцы дзякаваць і славасловіць Госпада, таксама і ўвечары,

31 і пры ўсіх цэласпаленьнях, якія ўзносяцца Госпаду ў суботы, на маладзіка і ў сьвяты па ліку, як прадпісана пра іх, - пастаянна прад абліччам Госпада,

32 і каб ахоўвалі скінію адкрыцьця і сьвятыню і сыноў Ааронавых, братоў сваіх, пры службах дому Гасподняму.

 

Разьдзел 24

 

1 І вось разьмеркаваньні сыноў Ааронавых: сыны Аарона: Надаў, Авіюд, Элеазар і Ітамар.

2 Надаў і Авіуд памерлі раней за бацьку свайго, а сыноў ня было ў іх, і таму сьвятарылі Элеазар і Ітамар.

3 І разьмеркаваў іх Давід - Садока з сыноў Элеазара, і Ахімэлэха з сыноў Ітамара, па чарзе на службу іх.

4 І знайшлося, што паміж сынамі Элеазара ўзначальцаў пакаленьняў больш, чым паміж сынамі Ітамара. І ён разьмеркаваў іх так: з сыноў Элеазара шаснаццаць узначальцаў сямействаў, а з сыноў Ітамара восем.

5 А разьмяркоўваць іх па жэрабях, бо галоўнымі ў сьвятыні і галоўнымі прад Богам былі з сыноў Элеазара і з сыноў Ітамара,

6 і запісваў іх Шэмая, сын Натанаіла, пісец зь лявітаў, перад абліччам цара і князёў і перад сьвятаром Садокам і Ахімэлэхам, сынам Авіятара, і перад узначальцамі сямействаў сьвятарскіх і лявіцкіх: бралі пры кіданьні жэрабя адно сямейства з роду Элеазаравага, потым бралі з роду Ітамаравага.

7 І выйшла першае жэрабя Егаярыву, другое Едаі,

8 трэцяе Харыму, чацьвёртае Сэарыму,

9 пятае Малхію, шостае Міяміну,

10 сёмае Гакоцу, восьмае Авію,

11 дзявятае Ешую, дзясятае Шэханію,

12 адзінаццатае Эліяшыву, дванаццатае Якіму,

13 трынаццатае Хушаю, чатырнаццатае Ешававу,

14 пятнаццатае Вілгу, шаснаццатае Імэру,

15 сямнаццатае Хэзіру, васямнаццатае Гапіцэцу,

16 дзевятнаццатае Пэтахіі, дваццатае Езэкіілю,

17 дваццаць першае Яхіну, дваццаць другое Гамулу,

18 дваццаць трэцяе Дэлаю, дваццаць чацьвёртае Маазію.

19 Вось парадак іх пры служэньні іх, як ім прыходзіць у дом Гасподні, па статуце іх праз Аарона бацьку іхняга, як наказваў яму Гасподзь Бог Ізраілеў.

20 У астатніх сыноў Лявія - разьмеркаваньне: з сыноў Амрама: Шуваіл; з сыноў Шуваіла: Едыя;

21 ад Рэхавіі: з сыноў Рэхавіі Ішыя быў першы;

22 ад Іцгара: Шэламот; з сыноў Шэламота: Яхаў;

23 з сыноў Хэўрона: першы Ерыя, другі Амарыя, трэці Яхазііл, чацьвёрты Екамам.

24 З сыноў Азііла: Міха; з сыноў Міхі: Шамір.

25 Брат Міхі Ішыя; з сыноў Ішыі: Захарыя.

26 Сыны Мэрары: Махлі і Мушы; з сыноў Яазіі: Бэна.

27 З сыноў Мэрары ў Яазіі: Бэна і Шаагам, і Закур і Іўры.

28 У Махлія - Элеазар; у яго сыноў ня было.

29 У Кіса: з сыноў Кіса: Ерахмііл;

30 сыны Мушыя: Махлі, Эдэр і Ерымот. Вось сыны лявітаў па пакаленьнях іх.

31 Кідалі і яны жэрабя, нароўні з братамі сваімі, сынамі Ааронавымі, перад абліччам цара Давіда і Садока і Ахімэлэха, і ўзначальцаў сямействаў сьвятарскіх і лявіцкіх: галава сямейства нароўні зь меншым братам сваім.

 

Разьдзел 25

 

1 І аддзяліў Давід і начальнікі войска на службу сыноў Асафа, Эмана і Ідытуна, каб яны вяшчалі на цытрах, псалтырах і кімвалах; і былі прызначаны яны на дзею служэньня свайго;

2 з сыноў Асафа: Закур, Язэп, Нэтанія і Ашарэла сыны Асафа, пад кіраўніцтвам Асафа, які іграў па настаўленьні цара.

3 Ад Ідытуна сыны Ідытуна: Гэдалія, Цэры, Ісая, Сэмэй, Хашавія і Мататыя, шасьцёра, пад кіраўніцтвам бацькі свайго, Ідытуна, які іграў на цытры на славу і хвалу Госпада.

4 Ад Эмана сыны Эмана: Букія, Матанія, Азііл, Шэвуіл і Ерымот, Хананія, Ханані, Эліята, Гідалці, Рамамці-Эзэр, Ёшбэкаша, Малоці, Гатыр і Махазіёт.

5 Усе гэтыя сыны Эмана, празорліўца царскага, па словах Божых, каб узвышаць славу ягоную. І даў Бог Эману чатырнаццаць сыноў і тры дачкі.

6 Усе яны пад кіраўніцтвам бацькі свайго сьпявалі ў доме Гасподнім з кімваламі, псалтырамі і цытрамі ў служэньні ў доме Божым, паводле ўказаньня цара, альбо Асата, Ідытуна і Эмана.

7 І было іх лікам з братамі іхнімі, навучанымі сьпяваць перад Госпадам, усіх знаўцаў гэтага, дзвесьце восемдзесят восем.

8 І кінулі яны жэрабі пра чаргу служэньня, малы нароўні з большым, настаўнікі нароўні з вучнямі.

9 І выпала першае жэрабя Асафу, для Язэпа; другое Гэдаліі з братамі ягонымі і сынамі ягонымі; іх было дванаццаць;

10 трэцяе Закуру з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

11 чацьвёртае Іцрыю з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

12 пятае Нэтанію з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

13 шостае Вукію з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

14 сёмае Есарэлу з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

15 восьмае Ісаю з сынамі ягонымі; іх - дванаццаць;

16 дзявятае Матанію з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

17 дзясятае Шымэю з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

18 адзінаццатае Азарыілу з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

19 дванаццатае Хашавію з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

20 трынаццатае Шуваілу з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх дванаццаць;

21 чатырнаццатае Матанію з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

22 пятнаццатае Ерымофу з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

23 шаснаццатае Хананію з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

24 сямнаццатае Ёшбэкашу з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

25 васямнаццатае Хананію з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

26 дзевятнаццатае Малотыю з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

27 дваццатае Эліяту з сынамі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

28 дваццаць першае Гатыру з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

29 дваццаць другое Гідалтыю з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

30 дваццаць трэцяе Махазіёту з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць;

31 дваццаць чацьвёртае Рамамці-Эзэру з сынамі ягонымі і братамі ягонымі; іх - дванаццаць.

 

Разьдзел 26

 

1 Вось разьмеркаваньне брамнікаў: з Карэянаў: Мэшэлэмія, сын Карэя, з сыноў Асафавых.

2 Сыны Мэшэлэміі: першынец Захар, другі Едыяіл, трэці Зэвадыя, чацьвёрты Ятнііл,

3 пяты Элам, шосты Егоханан, сёмы Эльегоэнай.

4 Сыны Авэд-Эдома: першынец Шэмая, другі Егозавад, трэці Ёах, чацьвёрты Сахар, пяты Навтанаіл,

5 шосты Амііл, сёмы Ісахар, восьмы Пэўльтай, бо Бог дабраславіў яго.

6 У сына яго Шэмаі нарадзіліся таксама сыны, начальнікі ў сваім родзе, бо яны былі людзі моцныя.

7 Сыны Шэмаі: Отні, Рэфаіл, Авэд і Элзавад, браты ягоныя, людзі моцныя, Элія, Сэмахія.

8 Усе яны з сыноў Авэд-Эдома; яны і сыны іхнія і браты іхнія былі людзі руплівыя і да службы здольныя: іх было ў Авэд-Эдома шэсьцьдзясят два.

9 У Мэшэлэміі сыноў і братоў, людзей здольных, было васямнаццаць.

10 У Хосы, з сыноў Мэрарыных, сыны: Шымры галоўны, - хоць ён і ня быў першынец, але бацька ягоны паставіў яго галоўным;

11 другі Хэлкія, трэці Тэвалія, чацьвёрты Захар; усіх сыноў і братоў у Хосы было трынаццаць.

12 Вось разьмеркаваньне брамнікаў па ўзначальцах сямействаў, здольных да службы разам з братамі іхнімі, на служэньне ў доме Гасподнім.

13 І кінулі яны жэрабя, як малы, так і вялікі, па сваіх сямействах на кожную браму.

14 І выпала жэрабя на ўсход Шэлэміі; і Захару, сыну ягонаму, разумнаму дарадцу, кінулі жэрабя, і выпала яму жэрабя на поўнач;

15 Авэд-Эдому на поўдзень, а сынам ягоным пры кладоўках.

16 Шупіму і Хосу на захад; каля брамы Шалэхэт, дзе дарога падымаецца і дзе варта супроць варты.

17 На ўсход па шэсьць лявітаў, на поўнач па чатыры, на поўдзень па чатыры а ў кладоўках па два.

18 На захад каля бабінца на дарозе па чатыры, а каля самага бабінца па два.

19 Вось разьмеркаваньне брамнікаў з сыноў Карэевых і сыноў Мэрарыных.

20 А лявіты, браты іхнія, глядзелі за скарбамі дома Божага і за скарбамі прысьвечаных рэчаў.

21 Сыны Лаэдана, сына Герсонавага - ад Лаэдана, галовы сямействаў ад Лаэдана Герсонскага: Ехіел.

22 Сыны Ехіела: Зэтам і Ёіль, брат ягоны, глядзелі за скарбамі дома Гасподняга,

23 разам з нашчадкамі Амрама, Іцгара, Хэўрона, Азііла.

24 Шэвуіл, сын Гірсона, сына Майсеевага, быў галоўным даглядчыкам скарбаў.

25 У брата ягонага Эліезэра сын Рэхавія, у Яго сын Ісая, у яго сын Ёрам, у яго сын Зіхрый, у яго сын Шэламіт.

26 Шэламіт і браты ягоныя глядзелі за ўсімі скарбніцамі прысьвечаных рэчаў, якія прысьвяціў цар Давід і ўзначальцы сямействаў і тысячнікі, сотнікі і начальнікі войска.

27 З заваёваў і са здабычы яны прысьвячалі на падтрымку дома Гасподняга.

28 І ўсё, што прысьвяціў Самуіл прарок, і Саўл, сын Кіса, і Авэнір, сын Ніра, і Ёаў, сын Саруі, усё прысьвечанае было на руках у Шэламіта і братоў ягоных.

29 З племя Іцгаравага: Хэнанія і сыны ягоныя вызначаны на зьнешняе служэньне ў Ізраільцянаў пісцамі і судзьдзямі.

30 З племя Хэўронавага: Хашавія і браты ягоныя, людзі мужныя, тысяча сямсот, мелі нагляд над Ізраілем па гэты бок Ярдана на захад, па ўсякіх справах служэньня Гасподняга і па службе царскай.

31 У племя Хэўронавага Ерыя быў галавою Хэўронцаў, у іхніх родах, у пакаленьнях. На саракавым годзе валадараньня Давіда яны палічаны, і знойдзены паміж імі людзі мужныя ў Язэры Галаадскім.

32 І браты ягоныя, людзі здольныя, дзьве тысячы сямсот, былі ўзначальцы сямействаў. Іх паставіў цар Давід над племем Рувімавым і Гадавым і паўплемем Манасііным, па ўсіх справах Божых і дзеях цара.

 

Разьдзел 27

 

1 Вось сыны Ізраілевыя па ліку іх, узначальцы сямействаў, тысячнікі і сотнікі і кіроўцы, якія па аддзяленьнях служылі цару ва ўсіх справах, прыходзячы і адыходзячы кожнага месяца, ва ўсе месяцы года. У кожным аддзяленьні было іх па дваццаць чатыры тысячы.

2 Над першым аддзяленьнем, для першага месяца, начальнічаў Яшавам, сын Заўдыіла; у ягоным аддзяленьні было дваццаць чатыры тысячы;

3 ён быў з сыноў Фарэса, галоўны над усімі ваеначальнікамі ў першы месяц.

4 Над аддзяленьнем другога месяца быў Дадай Ахахіянін; у аддзяленьні ягоным быў і князь Міклот, і ў ягоным аддзяленьні было дваццаць чатыры тысячы.

5 Трэці галоўны ваеначальнік, для трэцяга месяца, Ванэя, сын Ёдая, сьвятара, і ў ягоным аддзяленьні было дваццаць чатыры тысячы:

6 гэты Ванэя - адзін з трыццаці адважных і начальнік над імі, і ў ягоным аддзеле быў Амізавад, сын ягоны.

7 Чацьвёрты, для чацьвёртага месяца, быў Асаіл, брат Ёава, і пасьля яго Завадыя, сын ягоны, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.

8 Пяты, для пятага месяца, князь Шамгут Ізрахіцянін, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.

9 Шосты, для шостага месяца, Іра, сын Ікеша, Тэкаянін, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.

10 Сёмы, для сёмага месяца, Хэлец Пэланіцянін, з сыноў Яфрэмавых, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.

11 Восьмы, для восьмага месяца, Савахай Хушацянін з племя Зары, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.

12 Дзявяты, для дзявятага месяца, Авіезэр Анатацянін, з сыноў Веньямінавых, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.

13 Дзясяты, для дзясятага месяца, Магарай Нэтафацянін, з племя Зары, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.

14 Адзінаццаты, для адзінаццатага месяца, Ванэя Піратанянін, з сыноў Яфрэмавых, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.

15 Дванаццаты, для дванаццатага месяца, Хэлдай Нэтафацянін, з нашчадкаў Гатанііла, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.

16 А над плямёнамі Ізраілевымі, - у Рувімлян галоўным начальнікам быў Эліезэр, сын Зіхры; у Семяона - Сафатыя, сын Маахі;

17 у Левія - Хашавія, сын Кемуіла; у Аарона - Садок;

18 у Юды - Эліяў, з братоў Давіда; у Ісахара - Омры, сын Міхаіла;

19 у Завулона - Ішмая, сын Авадыі; у Нэфталіма - Ерымот, сын Азрыіла;

20 у сыноў Яфрэмавых - Асія, сын Азазіі; у паўплемя Манасіінага - Ёіль, сын Фэдаі;

21 у паўплемя Манасіі ў Галаадзе - Ідо, сын Захара; у Веньяміна - Яасііл, сын Авэніра;

22 У Дана - Азарыіл, сын Ерахама. Вось правадыры плямёнаў Ізраілевых.

23 Давід не рабіў пераліку тых, якія былі ад дваццаці гадоў і ніжэй, бо Гасподзь сказаў, што Ён памножыць Ізраіля, як зоркі нябесныя.

24 Ёаў, сын Саруі, пачаў рабіць пералічэньне, але не закончыў. І быў за гэта гнеў Божы на Ізраіля, і не ўвайшло тое пералічэньне на летапіс цара Давіда.

25 Над скарбамі царскімі быў Азмавэт, сын Адыілаў, а над запасамі ў полі, у гарадах і ў сёлах і ў вежах - Ёанатан, сын Узіі;

26 над тымі, што займаюцца польнай працай, земляробствам, - Эзрый, сын Хэлува;

27 над вінаграднікамі - Шымэй з Рамы, а над запасамі віна ў вінаградніках - Заўдый з Шэфама;

28 над масьлінамі і смакоўніцамі ў даліне - Баал-Ханан Гедэрыцянін, а над запасамі драўніннага алею - Ёас;

29 над буйным быдлам, якое пасьвіцца ў Шароне - Шытрай Шаранянін, а над быдлам у далінах - Шафат, сын Адлая;

30 над вярблюдамі - Авіл Ісмаільцянін; над асьліцамі - Ехдыя Мэраніцянін;

31 над дробным быдлам - Язіз Агарыцянін. Усе гэтыя былі начальнікамі над маёмасьцю, якая была ў цара Давіда.

32 Ёнатан, дзядзькаў Давідаў, быў радца, чалавек разумны і пісец; Ехііл, сын Хахманіеў, быў пры сынах цара;

33 Ахітафэл быў радца цара; Хусій Архіцянін - сябар цара;

34 А пасьля Ахітафэла Ёдай, сын Ванэі, і Авіятар, а Ёаў быў ваеначальнік у цара.

 

Разьдзел 28

 

1 І сабраў Давід у Ерусаліме ўсіх правадыроў Ізраільскіх, начальнікаў плямёнаў і начальнікаў аддзелаў, якія служылі цару, і тысячнікаў, і сотнікаў, і наглядчыкаў за маёмасьцю і статкамі цара і сыноў ягоных зь еўнухамі, ваеначальнікаў і ўсіх адважных мужоў.

2 І стаў Давід цар на ногі свае і сказаў: паслухайце мяне, браты мае і народ мой̀ было ў мяне на сэрцы пабудаваць дом спакою для каўчэга запавета Гасподняга і ў падножжа нагам Бога нашага, і патрэбнае для будаўніцтва я падрыхтаваў.

3 Але Бог сказаў мне: ня будуй дома імю Майму, бо ты чалавек ваяўнічы і праліваў кроў.

4 Аднак жа выбраў Гасподзь Бог Ізраілеў мяне з усяго дома майго, каб быць мне царом над Ізраілем вечна, бо Юду выбраў Ён князем, а ў доме Юды дом бацькі майго, а з сыноў бацькі майго мяне ўдабраволіў паставіць царом над усім Ізраілем,

5 з усіх жа сыноў маіх, - бо многа сыноў даў мне Гасподзь, - Ён выбраў Саламона, сына майго, сядзець на троне царства Гасподняга над Ізраілем,

6 і сказаў мне: Саламон, сын твой, пабудуе дом Мой і двары Мае, бо Я выбраў яго Сабе ў сыны, і Я буду яму бацькам,

7 і сьцьверджу царства яго навечна, калі ён будзе цьвёрды ў выкананьні запаведзяў Маіх і пастановаў Маіх, як да сёньня.

8 І цяпер перад вачыма ўсяго Ізраіля, сходу Гасподняга і ў вушы Бога нашага кажу: захоўвайце і трымайцеся ўсіх запаведзяў Госпада Бога вашага, каб валодаць вам гэтаю добраю зямлёю, і пакінуць яе пасьля сябе ў спадчыну дзецям сваім навек.

9 І ты, Саламоне, сыне мой, ведай Бога бацькі твайго і служы Яму ад усяго сэрца і ад усёй душы, бо Гасподзь выпрабоўвае ўсе сэрцы і ведае ўсе рухі думак. Калі будзеш ісьціць Яго, дык знойдзеш Яго, а калі пакінеш Яго, Ён пакіне цябе назаўсёды.

10 Глядзі ж, калі Гасподзь выбраў цябе пабудаваць дом для сьвятыні, будзь цьвёрды і рабі.

11 І аддаў Давід Саламону, сыну свайму, чарцёж бабінца і дамоў яго, і кладовак яго, і межаў яго, і ўнутраных пакояў яго, і дома для каўчэга,

12 і чарцёж усяго, што было ў яго на душы двароў дома Гасподняга і ўсіх пакояў вакол, скарбніц дома Божага і скарбніц рэчаў прысьвечаных,

13 і сьвятарскіх і лявіцкіх аддзяленьняў, і ўсякай службовай дзейнасьці ў доме Гасподнім, і ўсяго службовага посуду дома Гасподняга,

14 залатых рэчаў, з пазнакаю вагі, для ўсякай службовай пасудзіны, усіх рэчаў срэбраных, з пазнакаю вагі, для ўсякай пасудзіны службовай.

15 І даў золата на сьвяцільні і залатыя лампады, з пазнакаю вагі кожнай сьвяцільні і лампады яго, таксама сьвяцільняў срэбраных, з пазнакаю вагі кожнай сьвяцільні і лампады яго, гледзячы па службовым прызначэньні кожнай сьвяцільні;

16 і золата для сталоў пакладных хлябоў, для кожнага залатога стала, і срэбра для сталоў срэбраных,

17 і відэльцаў, і чараў і крапільніц з чыстага золата, і залатых місак, з пазнакаю вагі кожнай місы, і срэбраных міс, з пазнакаю вагі кожнай місы,

18 і для ахвярніка дымленьня зьлітага золата з пазнакаю вагі, і зладжваньня калясніцы з залатымі херувімамі, якія прасьціраюць крылы і пакрываюць каўчэг запавета Гасподняга.

19 Усё гэта ў пісаньні ад Госпада, казаў Давід, як Ён навёў мяне на розум на ўсе пабудовы.

20 І сказаў Давід сыну свайму Саламону: будзь цьвёрды і мужны, і прыступай да справы, ня бойся і не жахайся, бо Гасподзь Бог, Бог мой, з табою; Ён не адступіць ад цябе і не пакіне цябе, пакуль ня ўчыніш усёй дзеі, якая патрабуецца для дома Гасподняга.

21 І вось аддзелы сьвятароў і лявітаў, дзеля ўсялякай службы пры доме Божым. І ў цябе ёсьць дзеля ўсякай дзеі руплівыя людзі, майстры на ўсякую працу, і начальнікі і ўвесь народ гатовы да ўсіх тваіх загадаў.

 

Разьдзел 29

 

1 І сказаў цар Давід усяму сходу: Саламоне, сыне мой, якога аднаго выбраў Бог, малады і слабасілы, а дзея гэтая вялікая, бо не чалавеку будова гэтая, а Госпаду Богу.

2 Усімі сіламі сваімі я нарыхтаваў на дом Бога майго золата на залатыя рэчы і срэбра на срэбраныя, і медзь на медныя, жалеза на жалезныя, і драўніну на драўляныя, камяні анікса і камяні ўстаўныя, камяні прыгожыя, і ўсялякія дарагія камяні, і мноства мармуру;

3 і яшчэ па любові маёй да дома Бога майго, ёсьць у мяне скарб уласны з золата і срэбра, і яго я аддаю на дом Бога майго, звыш усяго, што нарыхтаваў я на сьвяты дом:

4 тры тысячы талантаў золата, золата Афірскага, і сем тысяч талантаў срэбра чыстага, на абкладку сьцен у дамах,

5 на кожную з залатых рэчаў, і на кожную з срэбраных, і на ўсякі выраб рук умельскіх. Ці не парупіцца хто яшчэ сёньня ахвяраваць Госпаду?

6 І пачалі ахвяраваць начальнікі сямействаў і начальнікі плямёнаў Ізраілевых, і начальнікі тысяч і сотняў, і начальнікі над маёмасьцю цара.

7 І далі на ўладкаваньне дома Божага пяць тысяч талантаў і дзесяць тысяч драхмаў золата, і срэбра дзесяць тысяч талантаў, і медзі, і жалеза сто тысяч талантаў.

8 І ў каго знайшліся дарагія камяні, тыя аддавалі і іх у скарбніцу дома Гасподняга, на рукі Ехіілу Герсаніцяніну.

9 І радаваўся народ руплівасьці іх, бо яны ад усяго сэрца ахвяравалі Госпаду, таксама і цар Давід вельмі радаваўся.

10 І дабраславіў Давід Госпада перад усім сходам, і сказаў Давід: дабраславёны Ты, Гасподзь Бог Ізраіля, бацькі нашага, ад веку і да веку̀

11 Твая, Госпадзе, веліч, і магутнасьць, і слава, і перамога, і цудоўнасьць, і ўсё, што на небе і на зямлі, Тваё; Тваё, Госпадзе, царства, і Ты найвышэй за ўсё, як Уладаны.

12 І багацьце і слава ад аблічча Твайго, і ты валадарыш над усім, і ў руцэ Тваёй сіла і магутнасьць, і ва ўсёй уладзе Тваёй узьвялічыць і ўмацаваць усё.

13 І цяпер, Божа наш, мы славасловім Цябе і хвалім велічнае імя Тваё.

14 Бо хто я і хто народ мой, што мы мелі змогу так ахвяраваць? А ад Цябе ўсё, і ад рукі Тваёй атрыманае мы аддалі Табе,

15 бо староньнія мы прад Табою і прыхадні, як і ўсе бацькі нашыя, як цень дні нашыя на зямлі, і няма нічога моцнага.

16 Госпадзе Божа наш! усё гэта мноства, якога нарыхтавалі мы на будову дома Табе, сьвятому імю Твайму, ад рукі Тваёй яно, і ўсё Тваё.

17 Ведаю, Божа, што Ты выпрабоўваеш сэрца і любіш шчырасьць сэрца; я ад чыстага сэрца майго ахвяраваў усё гэта, і цяпер бачу, што і народ Твой, і ўсе, хто тут, з радасьцю ахвяруюць Табе.

18 Госпадзе, Божа Абрагама, Ісака і Ізраіля, бацькоў нашых! захавай гэта навек, гэтую прыхільнасьць думак сэрца народу Твайго, і накіруй сэрца іхняе да Цябе.

19 А Саламону, сыну майму, дай сэрца правільнае, каб захоўваць запаведзі Твае, адкрыцьці Твае і пастановы Твае, і выканаць усё гэта і пабудаваць дом, дзеля якога я зрабіў прыгатаваньне.

20 І сказаў Давід усяму сходу: дабраславеце Госпада Бога нашага. І дабраславіў увесь сход Госпада Бога бацькоў сваіх, і ўпаў, і пакланіўся Госпаду і цару.

21 І прынесьлі Госпаду ахвяры, і ўзьнесьлі цэласпаленьні Госпаду, на другі пасьля гэтага дзень: тысячу цялят, тысячу бараноў, тысячу ягнят зь іх паліваньнямі, і мноства ахвяр ад усяго Ізраіля.

22 І елі і пілі перад Госпадам у той дзень, зь вялікаю радасьцю; і другі раз уцаравалі Саламона, сына Давідавага, і памазалі перад Госпадам у кіраўніка вярхоўнага, а Садока ў сьвятара.

23 І сеў Саламон на троне Гасподнім, як цар, замест Давіда, бацькі свайго, і меў посьпех, і ўвесь Ізраіль упакорыўся яму.

24 І ўсе начальнікі і адважнікі, таксама і ўсе сыны цара Давіда падпарадкаваліся Саламону цару.

25 І ўзьвялічыў Гасподзь Саламона перад вачыма ўсяго Ізраіля, і дараваў яму славу царства, якой ня меў да яго ніводзін цар у Ізраіля.

26 І Давід, сын Есэеў, цараваў над усім Ізраілем.

27 Часу цараваньня яго над Ізраілем было сорак гадоў: у Хэўроне цараваў ён сем гадоў, і ў Ерусаліме цараваў трыццаць тры гады.

28 І памёр у добрай старасьці, насычаны жыцьцём, багацьцем і славаю, і зацараваў Саламон, сын ягоны, замест яго.

29 Дзеі цара Давіда, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Самуіла празорліўца і ў запісах Натана прарока і ў запісах Гада празорліўца,

30 як роўна і ўсё цараваньне ягонае, і мужнасьць ягоная, і здарэньні, якія былі зь ім і зь Ізраілем, і з усімі зямнымі царствамі.

 

Другая кніга Летапісаў

 

Разьдзел 1

 

1 І ўцьвердзіўся Саламон, сын Давідаў, у царстве сваім; і Гасподзь Бог яго быў зь ім, і ўзьнёс яго высока.

2 І загадаў Саламон сабрацца ўсяму Ізраілю: тысячнікам і сотнікам, і судзьдзям, і ўсім начальнікам ва ўсім Ізраілі - узначальцам пакаленьняў.

3 І пайшлі Саламон і ўвесь сход зь ім на вышыню, што ў Гаваоне, бо там была Божая скінія збору, якую спарудзіў Майсей, раб Гасподні, у пустыні.

4 Каўчэг Божы прынёс Давід з Кірыятыярыма на месца, якое падрыхтаваў для яго Давід, зладзіўшы яму скінію ў Ерусаліме.

5 А медны ахвярнік, які зрабіў Вэсэлэіл, сын Урыя, сына Оравага, заставаўся там, перад скініяй Гасподняю, і зыскаў яго Саламон са зборам.

6 І там прад абліччам Госпада, на медным ахвярніку, які перад скініяй сходу, узьнёс Саламон тысячу цэласпаленьняў.

7 У тую ноч зьявіўся Бог Саламону, і сказаў яму: прасі, што Мне даць табе.

8 І сказаў Саламон Богу: Ты стварыў Давіду, бацьку майму, вялікую міласьць і паставіў мяне царом замест яго.

9 Хай жа спраўдзіцца, Госпадзе Божа, слова Тваё да Давіда, бацькі майго. Як што Ты ўцараваў мяне над народам шматлікім, як пыл зямны,

10 дык цяпер дай мне мудрасьць і веданьне, каб я выходзіў перад народам гэтым і ўваходзіў, бо хто можа кіраваць гэтым народам Тваім вялікім?

11 І сказаў Бог Саламону: за тое, што гэта было на сэрцы тваім, і ты не прасіў багацьця, маёмасьці і славы і душы непрыяцеляў тваіх, і таксама не прасіў ты многіх дзён, а прасіў сабе мудрасьці і веданьня, каб кіраваць народам Маім, над якім Я ўцараваў цябе,

12 мудрасьць і веданьне даецца табе, а багацьце і маёмасьць і славу Я дам табе такія, падобных да якіх ня было ў цароў да цябе і ня будзе пасьля цябе.

13 І прыйшоў Саламон з вышыні, што ў Гаваоне, ад скініі сходу, у Ерусалім і валадарыў над Ізраілем.

14 І набраў Саламон калясьніц і коньнікаў; і было ў яго тысяча чатырыста калясьніц і дванаццаць тысяч коньнікаў; і ён разьмясьціў іх у калясьнічных гарадах і пры цары ў Ерусаліме.

15 І зрабіў цар срэбра і золата ў Ерусаліме раўнацэнным простаму каменю, а кедры, па мностве іх, зрабіў раўнацэнным сікаморам, якія на нізкіх мясьцінах.

16 Коней Саламону прыводзілі зь Егіпта і з Кувы: купцы царскія з Кувы атрымалі іх за грошы.

17 Калясьніцу атрымлівалі і дастаўлялі зь Егіпта за шасьцьсот сікляў срэбра, а каня за сто пяцьдзясят. Такім самым чынам яны рукамі сваімі дастаўлялі гэта ўсім царам Хэтэйскім і царам Арамэйскім.

 

Разьдзел 2

 

1 І пастанавіў Саламон пабудаваць дом імю Госпада і дом царскі сабе.

2 І вызначыў Саламон семдзесят тысяч насільшчыкаў і восемдзесят тысяч каменячосаў у гарах і наглядчыкаў над імі тры тысячы шасьцьсот.

3 І паслаў Саламон да Хірама, цара Тырскага, сказаць: як рабіў ты з Давідам, бацькам маім, і прыслаў яму кедры на пабудову дома, каб яму жыць, так зрабі і са мною.

4 Вось я будую дом імю Госпада Бога майго, дзеля прысьвячэньня Яму, каб паліць перад ім пахучае дымленьне, прыносіць пастаянна пакладныя хлябы і ўзносіць там цэласпаленьні раніцай і ўвечары ў суботы, і на маладзіка, і ў сьвяты Госпада Бога нашага, што назаўсёды наказана Ізраілю.

5 І дом, які я будую, вялікі, бо вялікі Бог наш, вышэй за ўсіх багоў.

6 І ці хопіць у каго сілы пабудаваць Яму дом, калі неба і нябёсы нябёсаў не ўмяшчаюць Яго? І хто я, каб мог пабудаваць Яму дом? Хіба толькі дзеля дымленьня прад абліччам Ягоным.

7 Дык вось прышлі мне чалавека, які ўмее рабіць вырабы з золата, і з срэбра, і зь медзі, і з жалеза, і з прадзіва пурпуровага, барвовага і яхантавага колеру, і выразаць разьбу, разам з мастакамі, якія ёсьць у мяне ў Юдэі і ў Ерусаліме, якіх падрыхтаваў Давід, бацька мой.

8 І прышлі мне кедровай драўніны, і кіпарысу і пеўговага дрэва зь Лівана, бо я ведаю, што рабы твае ўмеюць сячы дрэвы Ліванскія. І вось рабы мае пойдуць з рабамі тваімі,

9 каб прыгатаваць мне многа дрэў, бо дом, які я будую, вялікі і цудоўны.

10 І вось лесарубам, якія сякуць дрэвы, рабам тваім, я даю ў ежу: пшаніцы дваццаць тысяч кораў, і ячменю дваццаць тысяч кораў, і віна дваццаць тысяч батаў, і аліўкавага алею дваццаць тысяч батаў.

11 І адказваў Хірам, цар Тырскі, лістом, які прыслаў Саламону: па любові да народу Свайго, Гасподзь паставіў цябе царом над ім.

12 І сказаў Хірам: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які стварыў неба і зямлю, даў цару Давіду сына мудрага, які мае сэнс і розум, які намераны будаваць дом Госпаду і дом царскі сабе.

13 Дык вось, я пасылаю: чалавека разумнага, які мае веды, Хірама-Авія,

14 сын жанчыны з дочак Данавых, а бацька яго Тыранін, - і ён умее рабіць вырабы з золата і з срэбра, зь медзі, з жалеза, з каменю і з дрэва, з прадзіва пурпуровага, яхантавага колеру, і зь вісону і з барвяніцы, і выразаць усялякую разьбу, і выконваць усё, што будзе даручана яму разам з мастакамі тваімі і з мастакамі гаспадара майго Давіда, бацькі твайго.

15 А пшаніцу і ячмень, аліўкавы алей і віно, пра якія казаў ты, гаспадар мой, пашлі рабам тваім.

16 А мы насячом дрэў зь Лівана, колькі табе трэба, і прыгонім іх у плытах па моры ў Яфу, а ты завязеш іх у Ерусалім.

17 І палічыў Саламон усіх прыбылых, якія былі ў зямлі Ізраілевай, пасьля пералічэньня, зробленага Давідам, бацькам ягоным, - і знайшлося іх сто пяцьдзясят тры тысячы шасьцьсот.

18 І зрабіў ён зь іх семдзесят тысяч насільшчыкаў і восемдзесят тысяч каменячосаў на горах і тры тысячы шасьцьсот наглядчыкаў, каб яны пануквалі народ да працы.

 

Разьдзел 3

 

1 І пачаў Саламон будаваць дом Гасподні ў Ерусаліме на гары Морыя, якая ўказана была Давіду, бацьку ягонаму, на месцы, якое падрыхтваў Давід, на гумне Орны Евусэяніна.

2 А пачаў ён будаваць у другі дзень другога месяца, на чацьвёртым годзе валадараньня свайго.

3 І вось падмурак пакладзены Саламонам пры будове дома Божага; даўжыня яго шэсьцьдзясят локцяў, па ранейшай меры, а шырыня дваццаць локцяў;

4 і бабінец, які перад домам, даўжынёю па шырыні дома ў дваццаць локцяў, а вышынёю ў сто дваццаць. І абклаў яго ўсярэдзіне чыстым золатам.

5 А дом галоўны ашаляваў дрэвам кіпарысавым і абклаў яго найлепшым золатам, і вырабіў на ім пальмы і ланцужкі.

6 І абклаў дом іншымі камянямі дзеля прыгажосьці; а золата было золата Парваімскае.

7 І пакрыў дом, бярвеньні, парогі і сьцены яго і дзьверы яго золатам, і выразаў на сьценах херувімаў.

8 І зрабіў Сьвятое Сьвятых: даўжыня яго па шырыні дома ў дваццаць локцяў, і шырыня яго ў дваццаць локцяў; і накрыў яго найлепшым золатам на шасьцьсот талантаў.

9 У цьвіках вагі па пяцьдзясят сікляў золата. Сьвятліцы таксама пакрыў золатам.

10 І зрабіў ён у Сьвятым Сьвятых два херувімы разьбёнага вырабу і пакрыў іх золатам.

11 Крылы ў херувімаў даўжынёю былі ў дваццаць локцяў. Адно крыло ў дваццаць локцяў дакраналася да сьцяны дома, а другое крыло таксама ў пяць локцяў сыходзілася з крылом другога херувіма;

12 і крыло другога херувіма ў пяць локцяў дакраналася да сьцяны дома, а другое крыло ў пяць локцяў сыходзілася з крылом другога херувіма.

13 Крылы ў гэтых херувімаў распасьцёрты на дваццаць локцяў; і яны стаялі на нагах сваіх, абліччамі сваімі да храма.

14 І зрабіў заслону зь яхантавай, пурпуровай і барвовай тканіны і зь вісону і выявіў на ёй херувімаў.

15 І зрабіў перад храмам два слупы, даўжынёю па трыццаць пяць локцяў, і капітэль наверсе кожнага ў пяць локцяў.

16 І зрабіў ланцужкі, як у сьвятыні, і паклаў наверсе слупоў, і зрабіў сто гранатавых яблыкаў і паклаў на ланцужкі.

17 І паставіў слупы перад храмам, адзін з правага боку, другі зь левага, і даў імя праваму Яхін, а леваму імя Воаз.

 

Разьдзел 4

 

1 І зрабіў медны ахвярнік; дваццаць локцяў даўжыня яго і дваццаць локцяў шырыня яго і дзесяць локцяў вышыня яго.

2 І зрабіў мора літое, - ад краю яго да краю яго дзесяць локцяў, - усё круглае, вышынёю ў пяць локцяў; і шнурок у трыццаць локцяў абдымаў яго вакол;

3 і літыя падабенствы валоў стаялі пад ім вакол з усіх бакоў; на дзесяць локцяў акружалі мора вакол два рады валоў, вылітых адным ліцьцём зь ім.

4 Стаяла яно на дванаццаці валах: тры глядзелі на поўнач і тры глядзелі на захад, і тры глядзелі на поўдзень і тры глядзелі на ўсход, - і мора на іх зьверху; а зады іхнія былі павернуты ўсярэдзіну пад яго.

5 Таўшчынёю яно было ў далонь; і краі яго, зробленыя як берагі чары, былі падобныя на расьцьвілую лілею. Яно ўбірала да трох тысяч батаў.

6 І зрабіў дзесяць умывальніц, і паставіў пяць з правага боку і пяць зь левага, каб абмываць у іх, - што рыхтавалі да цэласпаленьня, абмывалі ў іх; а мора - сьвятарам, каб яны абмываліся ў ім.

7 І зрабіў дзесяць залатых сьвяцільняў, як ім быць належала, і паставіў у храме пяць з правага боку і пяць зь левага.

8 І зрабіў дзесяць сталоў і паставіў у храме, пяць з правага боку і пяць зь левага, і зрабіў сто залатых чараў.

9 І зрабіў сьвятарскі двор і вялікі двор і дзьверы ў двор, і вяроўкі іх абклаў медзьдзю.

10 Мора паставіў з правага боку, на паўднёвы ўсход.

11 І зрабіў Хірам балеі і лапаткі і чары. І скончыў Хірам працу, якую рабіў цару Саламону ў доме Божым:

12 два слупы і дзьве апаяскі вянкоў наверсе слупоў, і дзьве сеткі для пакрыцьця двух апаясак вянкоў, якія наверсе слупоў.

13 І чатырыста гранатавых яблыкаў на дзьвюх сетках, два рады гранатавых яблыкаў для кожнай сеткі, для пакрыцьця двух апаясак вянкоў, якія на слупах.

14 І падставы зрабіў ён і ўмывальніцы зрабіў на падставах;

15 адно мора, і дванаццаць валоў пад ім,

16 і балеі, і лапаткі, і відэльцы, і ўвесь прыбор іх зрабіў Хірам-Авій цару Саламону для дома Гасподняга з паліраванай медзі.

17 У навакольлі Ярдана выліваў іх цар, у гліністай зямлі, паміж Сакхотам і Цэрэдаю.

18 І зрабіў Саламон усе рэчы гэтыя ў вялікім мностве, так што ня ведалі вагі медзі.

19 Таксама зрабіў Саламон усе рэчы для дома Божага і залаты ахвярнік, і сталы, на якіх хлябы пакладныя,

20 і сьвяцільні і лампады іх, каб запальваць іх па статуце перад давірам, з чыстага золата.

21 і кветкі, і лампады, і абцугі з золата, з самага чыстага золата,

22 і нажы, і крапільніцы і чары, і латкі з золата самага чыстага; і дзьверы храма, - дзьверы яго ўнутраныя ў Сьвятое Сьвятых, і дзьверы храма ў сьвятыню, - з золата.

 

Разьдзел 5

 

1 І закончылася ўся праца, якую вёў Саламон для дома Гасподняга. І прынёс Саламон пасьвечанае Давідам, бацькам ягоным, і срэбра і золата і ўсе рэчы аддаў у скарбніцы дома Божага.

2 Тады сабраў Саламон старэйшынаў Ізраілевых і ўсіх узначальцаў плямёнаў, начальнікаў пакаленьняў сыноў Ізраілевых, у Ерусалім, дзеля перанясеньня каўчэга запавета Гасподняга з горада Давіда, зь Сіёна.

3 І сабраліся да цара ўсе Ізраільцяне на сьвята, на сёмым месяцы.

4 І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраілевыя. Лявіты ўзялі каўчэг

5 і панесьлі каўчэг і скінію сходу і ўсе рэчы сьвяшчэнныя, якія ў скініі, - панесьлі іх сьвятары і лявіты.

6 А цар Саламон і ўсё супольства Ізраілевае, якое сабралася да яго перад каўчэгам, прыносілі ахвяры з авечак і валоў, якіх немагчыма палічыць і вызначыць з прычыны мноства.

7 І прынесьлі сьвятары каўчэг запавета Гасподняга на месца яго, у давір храма - у Сьвятое Сьвятых пад крылы херувімаў.

8 І херувімы распасьціралі крылы над месцам каўчэга, і пакрывалі херувімы каўчэг і жэрдзі яго зьверху.

9 І высунуліся жэрдзі, так што галоўкі жэрдак каўчэга відны былі перад давірам, але ня выходзілі вонкі, і яны там да гэтага дня.

10 Ня было ў каўчэзе нічога, апрача двух скрыжаляў, якія паклаў Майсей на Харыве. Калі Гасподзь заключыў запавет з сынамі Ізраілевымі, пасьля выхаду іх зь Егіпта.

11 Калі сьвятары выйшлі са сьвятыні, бо ўсе асьвяціліся без адрозьненьня аддзелаў;

12 і лявіты сьпевакі, - усе яны, Асаф, Эман, Ідытун і сыны іхнія і браты іхнія, - апранутыя ў вісон, з кімваламі і псалтырамі і цытрамі стаялі на ўсходнім баку ахвярніка, і зь імі сто дваццаць сьвятароў, якія трубілі трубамі,

13 і былі як адзін трубачы і сьпевакі, якія ў адзін голас хвалілі і славасловілі Госпада, - і калі загрымеў гук трубаў і кімвалаў і музычных інструментаў, і хвалілі Госпада, бо вечная міласьць Яго; тады дом, дом Гасподні, напоўніла воблака,

14 і не маглі сьвятары стаяць на служэньні з прычыны воблака, бо слава Гасподняя напоўніла дом Божы.

 

Разьдзел 6

 

1 Тады сказаў Саламон: Гасподзь сказаў, што ён дабраволіць жыць у мгле,

2 а я пабудаваў дом у жытлішчы Табе, месца для вечнага Твайго быцьця.

3 І павярнуўся цар тварам сваім і дабраславіў увесь сход Ізраільцянаў, - увесь сход Ізраільцянаў стаяў,

4 і сказаў: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які што сказаў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, выканаў сёньня рукою Сваёю. Ён казаў:

5 з таго дня, як Я вывеў народ Мой зь зямлі Егіпецкай, Я ня выбраў горада ні ў адным зь плямёнаў Ізраілевых для збудаваньня дома, у якім было б імя Маё, і ня выбраў чалавека, які быў бы кіраўніком народу Майго Ізраіля,

6 а выбраў Ерусалім, каб там было імя Маё, і выбраў Давіда, каб ён быў над народам Маім Ізраілем.

7 І было на сэрцы ў Давіда, бацькі майго, пабудаваць дом імя Госпада Бога Ізраілевага.

8 Але Гасподзь сказаў Давіду, бацьку майму: у цябе ёсьць на сэрцы пабудаваць храм імю Майму; добра, што гэта на сэрцы ў цябе.

9 Аднак ты не пабудуеш храм, а сын твой, які пойдзе са сьцёгнаў тваіх, - ён пабудуе храм імю Майму.

10 І стрымаў Гасподзь слова Сваё, якое сказаў: я ўступіў на месца Давіда, бацкі майго, і сеў на троне Ізраілевым, як сказаў Гасподзь, і пабудаваў дом імя Госпада Бога Ізраілевага.

11 І я паставіў там каўчэг, у якім запавет Госпада, заключаны Ім з сынамі Ізраілевымі.

12 І стаў Саламон каля ахвярніка Гасподняга наперадзе ўсяго сходу Ізраільцянаў, і падняў рукі свае,

13 бо Саламон зрабіў медны амвон даўжынёю ў пяць локцяў і шырынёю ў пяць локцяў, а вышынёю ў тры локці, і паставіў яго сярод двара; і стаў на ім і схіліў калені наперадзе ўсяго сходу Ізраільцянаў, і падняў рукі свае да неба,

14 і сказаў: Госпадзе Божа Ізраілеў! Няма Бога, падобнага на Цябе, ні на небе, ні на зямлі. Ты захоўваеш запавет і літасьць да рабоў Тваіх, якія ходзяць прад Табою ўсім сэрцам сваім:

15 Ты выканаў рабу Твайму Давіду, бацьку майму, што Ты гаварыў яму; што вымавіў Ты вуснамі Тваімі, тое ў дзень гэты выканаў рукою Тваёю.

16 І сёньня, Госпадзе Божа Ізраілеў, выканай рабу Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты сказаў яму, кажучы: не перастанецца ў цябе муж, які сядзіць прад абліччам Маім на троне Ізраілевым. Калі толькі сыны Твае будуць назіраць за шляхамі сваімі, ходзячы паводле закону Майго так, як ты хадзіў прад Мною.

17 І цяпер, Госпадзе Божа Ізраілеў, хай будзе правільнае слова Тваё, якое Ты сказаў рабу Твайму Давіду.

18 Сапраўды ці ж Богу жыць зь людзьмі на зямлі? Калі неба і нябёсы нябёсаў не ўмяшчаюць Цябе, тым меней храм гэты, які пабудаваў я.

19 Але паглядзі на малітву раба Твайго і на прашэньне яго, Госпадзе Божа мой, пачуй заклік і малітву, якою раб Твой моліцца прад Табою.

20 Хай будуць вочы Твае адкрытыя на храм гэты ўдзень і ўначы, на месца, дзе Ты абяцаў пакласьці імя Тваё, каб чуць малітву, якою раб Твой будзе маліцца на месцы гэтым.

21 Пачуй маленьні раба Твайго і народу Ізраіля, якімі яны будуць маліцца на месцы гэтым; пачуй месца пабытаваньня Твайго, зь нябёсаў, пачуй і памілуй.

22 Калі хто зграшыў супроць блізкага свайго, і запатрабуюць ад яго клятвы, каб ён запрысягнуўся, і будзе ўчыняцца прысяга перад ахвярнікам Тваім у храме гэтым,

23 тады Ты пачуй зь неба і ўчыні суд над рабамі Тваімі, дай вінаватаму, паклаўшы ўчынак на галаву ягоную, і апраўдай невінаватага паводле праўды ягонай.

24 Калі пабіты будзе народ Твой Ізраіль няпрыяцелем за тое, што зграшыў прад Табою, і яны павернуцца да Цябе, і вызнаюць імя Тваё, і будуць прасіць і маліцца прад Табою ў храме гэтым,

25 тады Ты пачуеш зь неба, і даруй грэх народу Твайго Ізраіля, і вярні іх у зямлю, якую Ты даў ім і бацькам іхнім.

26 Калі зачыніцца неба і ня будзе дажджу за тое, што яны зграшылі прад Табою, і будуць маліцца на месцы гэтым, і вызнаюць імя Тваё, і адвернуцца ад грэху свайго, бо ты ўпакорыў іх,

27 тады Ты пачуй зь неба і даруй грэх рабоў Тваіх і народу Твайго Ізраіля, паказаўшы ім добры шлях, па якім ісьці ім, і пашлі дождж на зямлю Тваю, якую Ты даў народу Твайму ў спадчыну.

28 Ці голад будзе на зямлі, ці будзе пошасьць маравая, ці будзе вецер палючы ці іржа, саранча ці чарвяк, ці будуць цясьніць яго няпрыяцелі ягоныя на зямлі валоданьняў ягоных, ці будзе якое бедства, якая хвароба,

29 усякую малітву, усякае прашэньне, якое будзе ад якога-небудзь чалавека альбо ад усяго народу Твайго Ізраіля, калі яны адчуюць кожны бедства сваё і гора сваё і працягнуць рукі свае да храма гэтага,

30 Ты пачуй зь неба - месца пабытаваньня Твайго, і даруй, і аддай кожнаму паводле шляхоў ягоных, як Ты ведаеш сэрца ягонае, - бо Ты адзін ведаеш сэрца сыноў чалавечых,

31 каб яно баялася Цябе і хадзіла шляхамі Тваімі ва ўсе дні, пакуль жывуць на зямлі, якую Ты даў бацькам нашым.

32 Нават іншапляменец, які не ад народу Твайго Ізраіля, калі ён прыйдзе зь зямлі далёкай дзеля імя Твайго вялікага і рукі Тваёй магутнай і мышцы Тваёй працягнутай, і прыйдзе і будзе маліцца каля храма гэтага,

33 Ты пачуй зь неба, зь месца пабытаваньня Твайго, і зрабі ўсё, пра што будзе прасіць у Цябе іншапляменец, каб у сьне народы зямлі ўведалі імя Тваё, і каб баяліся Цябе, як народ Твой Ізраіль, і ведалі, што Тваім імем называецца дом гэты, які пабудаваў я.

34 Калі выйдзе народ Твой на вайну супроць няпрыяцеляў сваіх шляхам, якім Ты пашлеш яго, і будзе маліцца Табе, павярнуўшыся да горада гэтага, які выбраў Ты, і да храма, які я пабудаваў імю Твайму,

35 тады пачуй зь неба малітву іхнюю і прашэньне іхняе і зрабі, што трэба для іх.

36 Калі яны зграшылі прад Табою, - бо няма чалавека, які не зграшыў бы, - і Ты прагневаешся на іх і аддасі іх ворагу, і завядуць іх тыя, што паланілі іх, у зямлю далёкую альбо блізкую,

37 і калі яны ў зямлі, у якую будуць запаланёныя, увойдуць у сябе і будуць маліцца Табе ў зямлі палону свайго, кажучы: мы зграшылі, зрабілі беззаконьне, мы вінаватыя,

38 і павернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёю ў зямлі палону свайго, куды завядуць іх у палоне, і будуць маліцца, павярнуўшыся да зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, і да горада, які выбраў Ты, і да храма, які я пабудаваў імю Твайму,

39 тады пачуй зь неба, зь месца пабытаваньня Твайго, малітву іхнюю і прашэньне іхняе, і зрабі, што трэба ім, і даруй народу Твайму, у чым ён зграшыў прад Табою.

40 Божа мой, хай будуць вочы Твае адкрытыя і вушы Твае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым.

41 І сёньня, Госпадзе Божа, стань на месца спакою Твайго, Ты і каўчэг магутнасьці Тваёй. Сьвятары Твае, Госпадзе Божа, хай апрануцца ў выратаваньне і падобнікі Твае хай усьцешацца дабротамі.

42 Госпадзе Божа, не адвярні аблічча Твайго, спамяні міласьціны Давіду, рабу Твайму.

 

Разьдзел 7

 

1 Калі закончыў Саламон малітву, сышоў агонь зь неба і паглынуў цэласпаленьне і ахвяры, і слава Гасподняя напоўніла дом.

2 І не маглі сьвятары ўвайсьці ў дом Гасподні, бо слава Гасподняя напоўніла дом Гасподні.

3 І ўсе сыны Ізраілевыя, бачачы, як сышоў агонь і слава Гасподняя на дом, упалі тварам на зямлю, на памост, і пакланіліся, і славасловілі Госпада, бо Ён добры, бо вавек міласьць Ягоная.

4 А цар і ўвесь народ пачалі прыносіць ахвяры прад абліччам Госпада.

5 І прынёс цар Саламон у ахвяру дваццаць дзьве тысячы валоў і сто дваццаць тысяч авечак: так асьвяцілі дом Божы цар і ўвесь народ.

6 Сьвятары стаялі ў служэньні сваім, і лявіты з музычнымі спарудамі Госпада, якія зрабіў цар Давід дзеля праслаўленьня Госпада, бо вечная міласьць Ягоная, бо Давід славасловіў празь іх; а сьвятары трубілі перад ім, і ўвесь Ізраіль стаяў.

7 Асьвяціў Саламон і ўнутраную частку двара, якая перад домам Гасподнім, бо прынёс там цэласпаленьні і тлушч мірных ахвяр, бо ахвярнік медны, зроблены Саламонам, ня мог умяшчаць цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня і тлушчу.

8 І зрабіў Саламон у той час сямідзённае сьвята, і ўвесь Ізраіль зь ім - сход вельмі вялікі, які сабраўся ад уваходу ў Эмат да ракі Егіпецкай;

9 а ў дзень восьмы зрабілі сьвята, бо асьвячэньне ахвярніка ўчынялі сем дзён і сьвята сем дзён.

10 І на дваццаць трэці дзень сёмага месяца цар адпусьціў народ у намёты іхнія, радуючыся ў сэрцы за дабро, якое зрабіў Гасподзь Давіду і Саламону і Ізраілю, народу Свайму.

11 І закончыў Саламон дом Гасподні і дом царскі; і ўсё, што прапанаваў Саламон у сэрцы сваім зрабіць у доме Гасподнім у доме сваім, учыніў ён пасьпяхова.

12 І зьявіўся Гасподзь Саламону ўначы і сказаў яму: Я пачуў малітву тваю і выбраў Сабе месца гэтае ў доме ахвярапрынашэньня.

13 Калі Я зачыню неба і ня будзе дажджу, і калі загадаю саранчы паядаць зямлю, альбо пашлю згубную пошасьць на народ Мой,

14 і ўпакорыцца народ Мой, які называецца імем Маім, і будуць маліцца, і шукацьмуць аблічча Майго, і адвернуцца ад благіх шляхоў сваіх, дык Я пачую зь неба і дарую грахі іхнія і ацалю зямлю іхнюю.

15 Цяпер вочы Мае будуць адкрытыя і вушы Мае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым.

16 І цяпер Я выбраў і асьвяціў дом гэты, каб імя Маё было там вечна; і вочы Мае і сэрца Маё будзе там ва ўсе дні.

17 І калі ты будзеш хадзіць прад абліччам Маім, як хадзіў Давід, бацька твой, і будзеш рабіць усё, што Я загадаў табе, і будзеш захоўваць пастановы Мае і законы Мае,

18 дык умацую трон царства твайго, як Я абяцаў Давіду, бацьку твайму, кажучы: не перастанецца ў цябе муж, які валодае Ізраілем.

19 А калі вы адступіцеся і пакінеце пастановы Мае і запаведзі Мае, якія Я даў вам і пойдзеце і пачняце служыць багам іншым і пакланяцца ім,

20 дык Я зьнішчу Ізраіля з улоньня зямлі Маёй, якую Я даў ім, і храм гэты, які Я асьвяціў імю Майму, адкіну ад аблічча Майго і зраблю яго прыпавесьцю і пасьмешышчам ва ўсіх народаў.

21 І з храма гэтага высокага кожны, хто праходзіцьме міма яго, жахнецца і скажа: за што зрабіў так Гасподзь зь зямлёю гэтаю і з храмам гэтым?

22 І скажуць: за тое, што яны пакінулі Госпада, Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, і прыляпіліся да багоў іншых, і пакланяліся ім, і служылі ім, - за тое Ён навёў на іх усё гэтае бедства.

 

Разьдзел 8

 

1 Калі прайшлі дваццаць гадоў, у якія Саламон будаваў дом Гасподні і свой дом,

2 Саламон забудаваў і гарады, якія даў Саламону Хірам, і пасяліў у іх сыноў Ізраілевых.

3 І пайшоў Саламон на Эмат-Сува і ўзяў яго.

4 І пабудаваў ён Тадмор у пустыні, і ўсе гарады пад запасы, якія заснаваў у Эмаце.

5 Ён забудаваў Вэтарон верхні і Вэтарон ніжні, гарады ўмацаваныя, са сьценамі, брамамі і замкамі,

6 і Ваалат і ўсе гарады пад запасы, якія былі ў Саламона, і ўсе гарады пад калясьніцы, і гарады для коньнікаў, і ўсё, што хацеў Саламон пабудаваць у Ерусаліме і на Ліване і ва ўсёй зямлі валоданьня свайго.

7 Увесь народ пазасталы ад Хэтэяў і Амарэяў, і Фэрэзэяў і Эвэяў і Евусэяў, якія былі ня з сыноў Ізраілевых,

8 дзяцей іхніх, пазасталых пасьля іх на зямлі, якіх ня зьнішчылі сыны Ізраілевыя, - зрабіў Саламон аброчнымі да сёньня.

9 А сыноў Ізраілевых не рабіў Саламон працаўнікамі па справах сваіх, а яны былі воінамі і начальнікамі целаахоўцаў ягоных і правадырамі калясьніц ягоных і коньнікаў ягоных.

10 І было галоўных прыстаўнікаў у цара Саламона, што кіравалі народам, дзьвесьце пяцьдзясят.

11 А дачку фараонавую перавёў Саламон з горада Давідавага ў дом, які пабудаваў для яе, бо, казаў ён не павінна жыць жанчына ў мяне ў доме Давіда, цара Ізраілевага, бо сьвяты ён, таму што ўвайшоў у яго каўчэг Гасподні.

12 Тады пачаў узносіць Саламон цэласпаленьні Госпаду на ахвярніку Гасподнім, які ён зладзіў перад бабінцам,

13 каб па статуце кожнага дня прыносіць цэласпаленьні, паводле наказу Майсеевага, у суботы і на маладзіка і ў сьвяты тры разы ў год: у сьвята праснакоў і ў сьвята сяміц і ў сьвята кучак.

14 І ўстанавіў ён, паводле распараджэньня Давіда, бацькі свайго, чэргі сьвятароў па службе іхняй і лявітаў па вартах іхніх, каб яны славасловілі і служылі пры сьвятарах па статуце кожнага дня, і брамнікаў па чэргах іхніх, да кожнае брамы, бо такі быў тастамант Давіда, чалавека Божага.

15 І не адступаліся ад загадаў цара пра сьвятароў і лявітаў ні ў чым, ні ў адносінах скарбаў.

16 Так зладжана была ўся дзея Саламона ад дня заснаваньня дома Гасподняга да поўнага завяршэньня яго - дома Гасподняга.

17 Тады пайшоў Саламон у Эцыён-Гевэр і ў Элат, які на беразе мора, у зямлі Ідумэйскай.

18 І прыслаў яму Хірам праз слуг сваіх караблі і рабоў, якія ведаюць мора, і выправіліся яны з слугамі Саламонавымі ў Афір, і здабылі адтуль чатырыста пяцьдзясят талантаў золата, і прывезьлі цару Саламону.

 

Разьдзел 9

 

1 Царыца Саўская, дачуўшыся пра славу Саламона, прыйшла выпрабаваць Саламона загадкамі ў Ерусалім, з даволі вялікім багацьцем і зь вярблюдамі, наўючанымі пахошчамі і мноствам золата і каштоўных камянёў. І прыйшла да Саламона і гутарыла зь ім пра ўсё, што было на сэрцы ў яе.

2 І раскрыў ёй Саламон усе словы яе, і не знайшлося нічога невядомага Саламону, чаго ён не раскрыў бы ёй.

3 І ўбачыла царыца Саўская мудрасьць Саламона і дом, які ён пабудаваў,

4 і ежу за сталом ягоным, і чыннасьць слугаў ягоных і вопратку іхнюю, і чашнікаў ягоных і вопратку іхнюю, і ход, якім ён хадзіў у дом Гасподні, - і была яна не ў сабе.

5 І сказала цару: правільна тое, што я чула ў зямлі маёй пра дзеі твае і пра мудрасьць тваю,

6 але я ня верыла словам пра яе, пакуль ня прыйшла і ня ўбачыла на свае вочы. І вось, мне і палавіны ня сказана пра вялікую мудрасьць тваю: ты пераўзыходзіш пагалоскі, якія я чула.

7 Шчасныя людзі твае, і шчасныя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад табою і чуюць мудрасьць тваю.

8 Хай будзе дабраславёны Гасподзь Бог твой, Які ўдабраволіў пасадзіць цябе на трон Свой царом у Госпада Бога твайго. Па любові Бога твайго да Ізраіля, каб уцьвердзіць яго навекі, Ён паставіў цябе царом над ім - чыніць суд і праўду.

9 І падарыла яна цару сто дваццаць талантаў золата і вялікае мноства пахошчаў і каштоўных камянёў; і ня бывала такіх пахошчаў, якія падарыла царыца Саўская цару Саламону.

10 І слугі Хірамавыя і слугі Саламонавыя, якія прывезьлі золата з Афіра, прывезьлі і чырвонага дрэва і каштоўных камянёў.

11 І зрабіў цар з гэтага чырвонага дрэва лесьвіцы да дома Гасподняга і да дома царскага, і цытры і псалтыры сьпевакамі. І ня відаць было падобнага на гэта раней у зямлі Юдэйскай.

12 А цар Саламон даў царыцы Саўскай усё, чаго яна хацела і чаго яна прасіла, апрача такіх рэчаў, якія яна прывезла цару. І яна выправілася назад у зямлю сваю, яна і слугі яе.

13 Вагі ў золаце, якое прыходзіла Саламону за год, было шасьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талантаў золата.

14 Звыш таго, паслы і купцы прыносілі, і ўсе цары Аравійскія і начальнікі абласныя прыносілі золата і срэбра Саламону.

15 І зрабіў цар Саламон дзьвесьце вялікіх шчытоў з каванага золата, - па шасьцьсот сікляў каванага золата пайшло на кожны шчыт,

16 і трыста шчытоў меншых з каванага золата, - па трыста сікляў золата пайшло на кожны шчыт; і паставіў іх цар у доме зь Ліванскага дрэва.

17 І зрабіў цар вялікі трон са слановай косьці, і абклаў яго чыстым золатам,

18 і шэсьць прыступак да трона і залатое падножжа, да трона прыробленае, і лакотнікі абапал каля сядзеньня, і двух ільвоў, якія стаялі каля лакотнікаў,

19 і яшчэ дванаццаць ільвоў, якія стаялі там на шасьці прыступках, абапал. Ня бывала такога ў ніводным царстве.

20 І ўвесь посуд для піцьця ў цара Саламона быў з золата, і ўвесь посуд у доме зь Ліванскага дрэва быў з золата адборнага; срэбра ў дні Саламона лічылася нічым,

21 бо караблі цара хадзілі ў Тарсіс са слугамі Хірама, і ў тры гады раз вярталіся караблі з Тарсіса і прывозілі золата і срэбра, слановую косьць і малпаў і паваў.

22 І пераўзышоў цар Саламон усіх цароў зямлі багацьцем і мудрасьцю.

23 І ўсе цары зямлі спрабавалі ўбачыць Саламона, каб паслухаць мудрасьці ягонай, якую ўклаў Бог у сэрца ягонае.

24 І кожны зь іх падносіў ад сябе ў дарунак посуд срэбны і посуд залаты і вопратку, зброю і пахошчы, коней і кабыл, год у год.

25 І было ў Саламона чатыры тысячы стойлаў для коней і калясьніц і дванаццаць тысяч коньнікаў; і ён разьмясьціў іх у гарадах калясьнічных і пры цары - у Ерусаліме;

26 і панаваў ён над усімі царамі ад ракі Еўфрата да зямлі Філістымскай і да межаў Егіпта.

27 І зрабіў цар золата і срэбра ў Ерусаліме роўнавартасным простаму каменю, а кедры, ад мноства, зрабіў роўнавартаснымі сікаморам, якія на нізкіх мясьцінах.

28 Коней прыводзілі Саламону зь Егіпта і з усіх земляў.

29 Астатнія дзеі Саламонавыя, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Натана прарока і ў прароцтве Ахіі Сіламляніна і ў відзежах празорліўца Ёіля пра Ераваама, сына Наватавага.

30 А валадарыў Саламон з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда, бацькі ягонага. І зацаравваў Раваам, сын ягоны замест яго.

(31)

 

Разьдзел 10

 

1 І пайшоў Раваам у Сіхем, бо ў Сіхем сышліся ўсе Ізраільцяне, каб паставіць яго царом.

2 Калі дачуўся пра гэта Ераваам, сын Наватаў, - ён быў у Егіпце, куды ўцёк ад цара Саламона, - дык вярнуўся Ераваам зь Егіпта.

3 І паслалі і клікалі яго; і прыйшоў Ераваам і ўвесь Ізраіль, і казалі Еравааму так:

4 бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо; але ты паслабі жорсткую працу бацькі твайго і цяжкае ярмо, якое ён наклаў на нас, і мы будзем служыць табе.

5 І сказаў ім Раваам; праз тры дні прыйдзеце зноў да мяне. І разышоўся народ.

6 І раіўся цар Раваам са старэйшынамі, якія стаялі перад тварам Саламона, бацькі ягонага, пры жыцьці ягоным, і казаў: як вы параіце адказваць народу гэтаму?

7 Яны сказалі яму: калі ты будзеш добры да народу гэтага і дагодзіш ім і будзеш гаварыць зь імі ласкава, дык яны будуць табе рабамі на ўсе дні.

8 Але ён адкінуў параду старэйшын, якую яны давалі яму, і пачаў раіцца зь людзьмі маладымі, якія вырасьлі разам зь ім, якія стаялі перад тварам ягоным;

9 і сказаў ім: што вы параіце мне адказваць народу гэтаму, які казаў мне так: паслабі ярмо, якое наклаў на нас бацька твой?

10 І казалі яму маладыя людзі, якія вырасьлі разам зь ім, і сказалі: бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо, а ты паслабі нам, - так скажы ім: мезенец мой таўсьцейшы за сьцёгны бацькі майго.

11 Бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я павялічу ярмо вашае, бацька мой караў вас бізунамі, а я буду скарпіёнамі.

12 І прыйшоў Ераваам і ўвесь народ да Раваама на трэці дзень, як загадаў цар, сказаўшы: прыйдзеце да мяне зноў праз тры дні.

13 Тады цар адказваў ім сурова, бо пакінуў цар Раваам параду старэйшын, і казаў ім па парадзе маладых людзей так:

14 бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а Я павялічу яго; бацька мой караў вас бізунамі, а я буду скарпіёнамі.

15 І не паслухаўся цар народу, бо так уладжана было ад Бога, каб спраўдзіць Госпаду слова Сваё, якое прамовіў ён праз Ахію Сіламляніна Еравааму, сыну Наватаваму.

16 Калі ўвесь Ізраіль убачыў, што ня слухае яго цар, дык адказваў народ цару, кажучы: якая нам доля ў Давідзе? няма нам долі ў сыне Есэевым; па намётах сваіх, Ізраіль, цяпер ведай свой дом, Давідзе. І разышліся ўсе Ізраільцяне па намётах сваіх.

17 Толькі над сынамі Ізраілевымі, якія жылі ў гарадах Юдавых, застаўся царом Раваам.

18 І паслаў цар Раваам Аданірама, начальніка над зборам даніны, і закідалі яго сыны Ізраілевыя камянямі, і ён памёр. А цар Раваам пасьпяшаўся сесьці на калясьніцу, каб уцячы ў Ерусалім.

19 Так адасобіліся Ізраільцяне ад дома Давідавага да сёньня.

 

Разьдзел 11

 

1 І прыбыў Раваам у Ерусалім і склікаў з дома Юдавага і Веньямінавага сто восемдзесят тысяч адборных воінаў, каб ваяваць зь Ізраілем і вярнуць царства Равааму.

2 І было слова Гасподняе Самэю, чалавеку Божаму, і сказана:

3 скажы Равааму, сыну Саламонаваму, цару Юдэйскаму, і ўсяму Ізраілю ў племі Юдавым і Веньямінавым:

4 так кажа Гасподзь: не хадзеце і не пачынайце вайны з братамі вашымі; вяртайцеся кожны ў дом свой, бо Мною зроблена гэта. Яны паслухаліся слоў Гасподніх і вярнуліся з паходу супроць Ераваама.

5 Раваам жыў у Ерусаліме; ён абнёс гарады ў Юдэі сьценамі.

6 Ён умацаваў Віфляем і Этам і Тэкою,

7 і Вэтцур, і Сахо і Адалам,

8 і Гэт і Марэшу, і Зіф

9 і Адараім, і Лахіс і Азэку,

10 і Цору і Аялон і Хэўрон, якія былі ў племі Юдавым і Веньямінавым.

11 І ўмацаваў ён крэпасьці гэтыя і паставіў у іх начальнікаў і сховішчы для хлеба і драўніннага алею і віна.

12 І даў у кожны горад шчыты і дзіды і ўмацаваў іх вельмі добра. І заставаліся за ім Юда і Веньямін.

13 І сьвятары і лявіты, якія былі па ўсёй замлі Ізраільскай, сабраліся да яго з усіх межаў,

14 бо пакінулі лявіты свае гарадзкія прадмесьці і свае валоданьні і прыйшлі ў Юдэю і ў Ерусалім, бо пакінуў іх Ераваам і сыны ягоныя ад сьвяшчэнства Гасподняга

15 і паставіў у сябе жрацоў да вышыняў, і да казлоў і да цялят, якіх ён зрабіў.

16 А за імі і з усіх плямёнаў Ізраілевых прыхільныя сэрцам сваім, каб ісьціць Госпада Бога Ізраілевага, прыходзілі ў Ерусалім, каб прыносіць ахвяры Госпаду Богу бацькоў сваіх.

17 І ўмацавалі яны царства Юдава і падтрымлівалі Раваама, сына Саламонавага, тры гады, бо хадзілі шляхам Давіда і Саламона ў гэтыя тры гады.

18 І ўзяў сабе Раваам за жонку Міхалату, дачку Ерымота, сына Давідавага, і Авіхаіль, дачку Эліява, сына Есэевага,

19 і яна нарадзіла яму сыноў: Еўса і Шэмарыю і Загама.

20 Пасьля яе ён узяў Мааху, дачку Авэсаломавую, і яна нарадзіла яму Авію і Атая, і Зізу і Шэламіта.

21 І кахаў Раам Мааху, дачку Авэсаломавую, больш за ўсіх жонак і наложніц сваіх, бо ён меў васямнаццаць жонак і шэсьцьдзясят наложніц і спарадзіў дваццаць восем сыноў і шэсьцьдзясят дочак.

22 І паставіў Раваам Авію, сына Маахі, узначальцам і князем над братамі ягонымі, бо хацеў паставіць яго царом.

23 І дзейнічаў разумна і разаслаў усіх сыноў сваіх па ўсіх землях Юды і Веньяміна ва ўсе ўмацаваныя гарады, і даў ім утрыманьне вялікае і прышукаў многа жонак.

 

Разьдзел 12

 

1 Калі царства Раваама ўцьвердзілася, і ён зрабіўся моцны, тады ён пакінуў закон Гасподні, і ўвесь Ізраіль зь ім.

2 На пятым годзе валадараньня Раваама, Сусакім, цар Егіпецкі, пайшоў на Ерусалім, - бо яны адступіліся ад Госпада, -

3 з тысячаю і дзьвюмастамі калясьніц і шасьцюдзесяцьцю тысячамі коньнікаў; і ня было ліку народу, які прыйшоў зь ім зь Егіпта, Лівійцаў, Сукхітаў і Эфіопаў;

4 і ўзяў умацаваныя гарады ў Юдэі і прыйшоў да Ерусаліма.

5 Тады Самэй прарок прыйшоў да Раваама і князёў Юдэі, якія сабраліся ў Ерусалім, ратуючыся ад Сусакіма, і сказаў ім: так кажа Гасподзь: вы пакінулі Мяне, затое і Я пакіну вас у рукі Сусакіму.

6 І ўпакорыліся князі Ізраілевыя і цар і сказалі: справядлівы Гасподзь.

7 Калі ўбачыў Гасподзь, што яны ўпакорыліся, тады было слова Гасподняе Самэю, і сказана: яны ўпакорыліся; ня зьнішчу іх і неўзабаве дам і ўратаваньне, і не пральецца гнеў Мой на Ерусалім рукою Сусакіма;

8 аднак яны будуць слугамі ягонымі, каб ведалі, як служыць Мне і служыць царствам зямным.

9 І прыйшоў Сусакім, цар Егіпецкі, ў Ерусалім і ўзяў скарбы дома Гасподняга і скарбы дома царскага; усё ўзяў ён, узяў і шчыты залатыя, якія зрабіў Саламон.

10 І зрабіў цар Раваам замест іх шчыты медныя, і аддаў іх на рукі начальнікам целаахоўцаў, якія ахоўвалі ўваход дома царскага.

11 Калі выходзіў цар у дом Гасподні, прыходзілі целаахоўцы і несьлі іх, і потым зноў выносілі іх у палату целаахоўцаў.

12 І калі ён упакорыўся, тады адхіліўся ад яго гнеў Госпада, і не загубіў яго да канца; прытым і ў Юдэі было нешта добрае.

13 І ўмацаваўся цар Раваам у Ерусаліме і валадарыў. Сорак адзін год было Равааму, калі ён зацараваў, і сямнаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які з усіх плямёнаў Ізраілевых выбраў Гасподзь, каб там было імя Ягонае. Імя маці яго Наама, Аманіцянка.

14 І рабіў ён ліхое, бо ня схіліў сэрца свайго да таго, каб уісьціць Госпада.

15 Дзеі Раваамавыя, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Самэя прарока і Ады празорліўца пры радаводах. І былі войны ў Раваама зь Ераваамам ва ўсе дні.

16 І спачыў Раваам з бацькамі сваімі і пахаваны ў горадзе Давідавым. І зацараваў Авія, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 13

 

1 На васямнаццатым годзе валадараньня Ераваама зацараваў Авія над Юдай:

2 тры гады ён валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Міхая, дачка Урыілавая, з Гівы. І была вайна ў Авіі зь Ераваамам.

3 І вывеў Авія на вайну войска зь людзей адважных, з чатырохсот тысяч чалавек адборных; а Ераваам выступіў супроць яго на вайну з васьмюстамі тысяч чалавек, таксама адборных, адважных.

4 І стаў Авія на вяршыні гары Цэмараімскай, адной з гор Яфрэмавых, і казаў: паслухайце мяне, Ераваам і ўсе Ізраільцяне.

5 Ці ня ведаеце вы, што Гасподзь Бог Ізраілеў даў царства Давіду над Ізраілем навек, яму і сынам ягоным, па запавеце солі?

6 Але паўстаў Ераваам, сын Наватаў, раб Саламона, сына Давідавага, і ўзбунтаваўся супроць гаспадара свайго.

7 І сабраліся вакол яго людзі, людзі распусныя, і ўмацаваліся супроць Раваама, сына Саламонавага; а Раваам быў малады і слабы сэрцам і ня ўстояў супроць іх.

8 І цяпер вы думаеце ўстояць супроць царства Гасподняга ў руцэ сыноў Давідавых, бо вас вялікае мноства, і ў вас залатыя цяляты, якіх Ераваам зрабіў вам багамі.

9 Ці ня вы выгналі сьвятароў Гасподніх, сыноў Аарона, і лявітаў, і паставілі ў сябе сьвятароў, якія ў народаў іншых земляў? Кожны, хто прыходзіць для пасьвячэньня свайго зь цялём і зь сямю баранамі, робіцца ў вас сьвятаром фальшывых багоў.

10 А ў нас - Гасподзь Бог наш; мы не пакідалі Яго, і Госпаду служаць сьвятары, сыны Ааронавыя, і лявіты пры сваёй справе.

11 І паляць яны Госпаду цэласпаленьні кожнае раніцы і кожнага вечара, і пахучае дымленьне, і кладуць радамі хлябы на стале чыстым, і запальваюць залатую сьвяцільню і лампады яе, каб гарэлі кожнага вечара, бо мы выконваем устаноўленае Госпадам Богам нашым, а вы пакінулі Яго.

12 І вось, у нас на чале Бог, і сьвятары Ягоныя, і трубы гучнагалосыя, каб грымець супроць вас. Сыны Ізраілевыя, не ваюйце з Госпадам Богам бацькоў вашых, бо ня мецьмеце посьпеху.

13 Між тым Ераваам паслаў атрад у засаду з тылу ім, так што сам ён быў наперадзе Юдэяў, а засада за імі.

14 І азірнуліся Юдэі, і вось, ім бітва сьпераду і ззаду; і залямантавалі яны да Госпада, а сьвятары затрубілі ў трубы.

15 І ўсклікнулі Юдэі. І калі ўсклікнулі Юдэі, Бог пабіў Ераваама і ўсіх Ізраільцянаў перад абліччам Авіі і Юды.

16 І пабеглі сыны Ізраілевыя ад Юдэяў, і перадаў іх Бог у рукі ім.

17 І ўчынілі ў іх Авія і народ ягоны разгром вялікі; і загінула ў Ізраіля пяцьсот тысяч чалавек адборных.

18 І ўпакорыліся тады сыны Ізраілевыя, і былі моцныя сыны Юдавыя, бо спадзяваліся на Госпада Бога бацькоў сваіх.

19 І перасьледаваў Авія Ераваама і ўзяў у яго гарады: Вэтыль і залежныя ад яго гарады, і Ешану і залежныя ад яе гарады, і Эфрон і залежныя ад яго гарады.

20 І не ўваходзіў больш у сілу Ераваам у дні Авіі. І пабіў яго Гасподзь, і ён памёр.

21 А Авія ўзмацнеў; і ўзяў сабе чатырнаццаць жонак і спарадзіў дваццаць два сыны і шаснаццаць дочак.

22 Астатнія дзеі Авіі і ягоныя ўчынкі і словы апісаны ў сказаньні прарока Ады.

 

Разьдзел 14

 

1 І спачыў Авія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давідавым. І зацараваў Аса, сын ягоны, замест яго. У дні ягоныя пакоілася зямля дзесяць гадоў.

2 І рабіў Аса добрае і спадобнае ў вачах Госпада Бога свайго;

3 і адкінуў ён ахвярнікі багоў чужых і вышыні, і разьбіў статуі, і высек прысьвечаныя дрэвы;

4 і загадаў Юдэям знайсьці Госпада Бога бацькоў сваіх і выконваць закон і запаведзі;

5 і адмяніў ён ва ўсіх гарадах Юдавых вышыні і статуі сонца. І спакойнае было пры ім царства.

6 І будаваў ён умацаваныя гарады ў Юдэі, бо спакойная была зямля, і ня было ў яго вайны ў тыя гады, бо Гасподзь даў спакой яму.

7 І сказаў ён Юдэям: пабудуем гарады гэтыя і абнясём іх сьценамі зь вежамі, з брамамі і засаўкамі; зямля яшчэ наша, бо мы знайшлі Госпада Бога нашага: мы знайшлі Яго, - і Ён даў нам спакой з усіх бакоў. І пачалі будавацца, і мелі посьпех.

8 І было ў Асы ваеннай сілы: узброеных шчытом і дзідай з калена Юдавага трыста тысяч, і з калена Веньямінавага ўзброеных шчытом і стралкоў з лука дзьвесьце восемдзесят тысяч, людзей адважных.

9 І выйшаў на іх Зарай Эфіоп з войскам у тысячу тысяч і з трымастамі калясьніц і дайшоў да Марэшы.

10 І выступіў Аса супроць яго, і сышліся на бітву ў даліне Цэфата каля Марэшы.

11 І заклікаў Аса Госпада Бога свайго і сказаў: Госпадзе, ці не ў Тваёй сіле памагчы моцнаму альбо бясьсіламу? дапамажы ж нам, Госпадзе Божа наш: бо мы на Цябе спадзяёмся і ў імя Тваё мы выйшлі супроць мноства гэтага. Госпадзе! Ты Бог наш: хай не пераможа Цябе чалавек.

12 І пабіў Гасподзь Эфіопаў перад абліччам Асы і перад абліччам Юды, і пабеглі Эфіопы.

13 І перасьледаваў іх Аса і народ, які быў зь ім, да Герара, і загінулі Эфіопы, так што ў іх нікога не засталося жывога, бо яны пабітыя былі прад Госпадам і перад войскам Ягоным. І набралі здабычы вялікае мноства.

14 І разбурылі ўсе гарады Вакол Шэрара, бо напала на іх жудасьць ад Госпада; і разрабавалі ўсе гарады і вынесьлі зь іх многа здабычы.

15 Таксама і пастуховыя буданы пабурылі і забралі мноства статкаў дробнага быдла і вярблюдаў і вярнуліся ў Ерусалім.

 

Разьдзел 15

 

1 Тады на Азарыю, сына Адэтавага, сышоў Дух Божы,

2 і выйшаў ён насустрач Асу і сказаў яму: паслухайце мяне, Аса і ўвесь Юда і Веньямін: Гасподзь з вамі, калі вы зь Ім; і калі вы будзеце шукаць Яго, Ён будзе знойдзены вамі; а калі пакінеце Яго, Ён пакіне вас.

3 Многа дзён Ізраіль будзе бяз Бога сапраўднага і безь сьвятара навучальнага і без закона;

4 але калі ён павернецца ва ўціску сваім да Госпада Бога Ізраілевага і знойдзе Яго, Ён дасьць ім знайсьці Сябе.

5 У тыя часы ня будзе міру ні таму, хто выходзіць, ні хто ўваходзіць, бо вялікія хваляваньні будуць ва ўсіх жыхароў земляў;

6 народ будзе біцца з народам, і горад з горадам, бо Бог прывядзе іх у хваляваньне вялікімі бедствамі.

7 Але вы ўмацуецеся, і хай не слабнуць рукі вашыя, бо ёсьць адплата за дзеі вашыя.

8 Калі пачуў Аса словы гэтыя і прароцтва, сына Адэда прарока, дык падбадзёрыўся і выкінуў мярзоты язычніцкія з усёй зямлі Юдавай і Веньямінавай і з гарадоў, якія ён узяў на гары Яфрэмавай, і абнавіў ахвярнік Гасподні, што перад бабінцам Гасподнім.

9 І сабраў усяго Юду і Веньяміна і перасяленцаў, якія жылі зь імі, ад Яфрэма і Манасіі і Сімяона; бо многія ад Ізраіля перайшлі да яго, калі ўбачылі, што Гасподзь Бог яго зь ім.

10 І сабраліся ў Ерусаліме ў трэці месяц, на пятнаццатым годзе валадараньня Асы;

11 і прынесьлі ў той дзень ахвяру Госпаду са здабычы, якую прывялі, з буйнога быдла сямсот і з дробнага сем тысяч;

12 і ўступілі ў запавет, каб уісьціць Госпада Бога бацькоў сваіх ад усяго сэрца свайго і ад усёй душы сваёй;

13 і кожны, хто ня будзе шукаць Госпада Бога Ізраілевага, павінен памерці, ці ён малы, ці вялікі, ці мужчына, ці жанчына.

14 І прысягаліся Госпаду гучнагалоса і з заклікамі і пры гуках труб і рагоў.

15 І радаваліся ўсе Юдэі гэтай клятве, бо ад усяго сэрца свайго прысягаліся і з усёй рупнасьцю шукалі Яго, і Ён даў ім знайсьці Сябе. І даў ім Гасподзь спакой з усіх бакоў.

16 І Мааху, маці сваю, цар Аса пазбавіў царскай годнасьці за тое, што яна зрабіла балвана для дубровы. І скінуў Аса балвана яе, і пасек на кавалкі, і спаліў у даліне Кедрона.

17 Хоць вышыні ня былі адменены ў Ізраіля, але сэрца Асы было цьвёрда адданае Госпаду ва ўсе дні ягоныя.

18 і ўнёс ён прысьвечанае бацькам ягоным і сваё прысьвячэньне ў дом Божы, срэбра і золата і посуд.

19 І ня было вайны да трыццаць пятага года валадараньня Асы.

 

Разьдзел 16

 

1 На трыццаць шостым годзе валадараньня Асы пайшоў Вааса, цар Ізраільскі, на Юдэю і пачаў будаваць Раму; каб не дазволіць нікому ні сыходзіць ад Асы, цара Юдэйскага, ні прыходзіць да яго.

2 І вынес Аса срэбра і золата са скарбніц дома Гасподняга і дома царскага і паслаў да Ванадада, цара Сірыйскага, які жыў у Дамаску, кажучы:

3 хай будзе саюз паміж мною і табою, як быў паміж бацькам маім і бацькам тваім: вось я пасылаю табе срэбра і золата: ідзі парві спрымірэнства тваё з Ваасам, царом Ізраільскім; каб ён адступіўся ад мяне.

4 І паслухаўся Ванадад цара Асы і паслаў ваеначальнікаў, якія былі ў яго, супроць гарадоў Ізраільскіх, і яны спустошылі Іён і Дан і Авэлмаім і ўсе запасы ў гарадах Нэфталімавых.

5 І калі дачуўся пра гэта Вааса, дык перастаў будаваць Раму і спыніў працу сваю.

6 А Аса цар сабраў усіх Юдэяў, і яны вывезьлі з Рамы камяні і дрэва, якое ўжываў Вааса на будаўніцтве, - і пабудаваў зь іх Гэву і Міцфу.

7 У той час прыйшоў Ананій празорлівец да Асы, цара Юдэйскага, і сказаў яму: як што ты паспадзяваўся на цара Сірыйскага і не спадзяваўся на Госпада Бога твайго, таму і ўратавалася войска цара Сірыйскага ад рукі тваёй.

8 І ці ня былі Эфіопы і Лівійцы зь сілаю большаю і з калясьніцамі і коньнікамі вельмі шматлікімі? Але як ты спадзяваўся на Госпада, дык Ён аддаў іх у рукі твае,

9 бо вочы Госпада азіраюць усю зямлю, каб падтрымаць тых, чыё сэрца цалкам аддадзена Яму. Безразважліва ты ўчыніў цяпер. За тое ад сёньня будуць у цябе войны.

10 І разгневаўся Аса на празорліўца і ўвязьніў яго ў цямніцу, бо праз гэта быў раздражнёны на яго; уціскаў Аса і некаторых з народу ў той час.

11 І вось дзеі Асы, першыя і апошнія, апісаны ў кнізе цароў Юдэйскіх і Ізраільскіх.

12 І зрабіўся Аса хворы нагамі на трыццаць дзявятым годзе валадараньня свайго, і хвароба ягоная паднялася да верхніх частак цела; але ён у хваробе сваёй шукаў ня Госпада, а лекараў.

13 І спачыў Аса з бацькамі сваімі і памёр на сорак першым годзе валадараньня свайго.

14 І пахавалі яго ў магільніцы, якую ён уладзіў сабе ў горадзе Давідавым; і паклалі яго на ложы, якое напоўнілі пахошчамі і рознымі штучнымі масьцямі і спалілі іх для яго вялікае мноства.

 

Разьдзел 17

 

1 І зацараваў Ёсафат, сын ягоны, замест яго; і ўмацаваўся ён супроць Ізраільцян.

2 І паставіў ён войска ва ўсе ўмацаваныя гарады Юдэі і расставіў ахоўнае войска па зямлі Юдэйскай і па гарадах Яфрэмавых, якімі авалодаў Аса, бацька ягоны.

3 І быў Гасподзь зь Ёсафатам, бо ён хадзіў першымі шляхамі Давіда, бацькі свайго, і ня шукаў Ваалаў,

4 а шукаў ён Бога бацькі і рабіў паводле запаведзяў Ягоных, а не па ўчынках Ізраільцянаў.

5 І ўцьвердзіў Гасподзь царства ў руцэ ягонай, і давалі ўсе Юдэі дары Ёсафату, і было ў яго многа багацьця і славы.

6 І ўзвысілася сэрца ягонае на шляхах Гасподніх; прытым і вышыні адмяніў ён і дубровы ў Юдэі.

7 І на трэцім годзе цараваньня свайго ён паслаў князёў сваіх Бэнхаіла і Авадыю, і Захара і Натанаіла і Міхея, каб вучылі па гарадах Юдавых народ,

8 і зь імі лявітаў: Шэмаю і Нэтанію, і Зэвадыю і Азаіла, і Шэмірамота і Ёнатана, і Аданію і Товію і Тоў-Аданію, і зь імі Элэшаму і Ёрама, сьвятароў.

9 І яны вучылі ў Юдэі, маючы з сабою кнігу закона Гасподняга: і абыходзілі ўсе гарады Юдэі і вучылі народ.

10 І быў страх Гасподні на ўсіх царствах земляў, якія вакол Юдэі, і не ваявалі зь Ёсафатам.

11 А ад Філістымлянаў прыносілі Ёсафату дарункі, і ў даніну срэбра; таксама Аравіцяне прыганялі яму дробнае быдла: бараноў сем тысяч сямсот і казлоў сем тысяч сямсот.

12 І ўзвышаўся Ёсафат усё больш і больш і пабудаваў у Юдэі крэпасьці і гарады пад запасы.

13 Многа было ў яго запасаў у гарадах Юдэйскіх, а ў Ерусаліме людзей ваенных, адважных.

14 І вось сьпіс іх па пакаленьнях іхніх: у Юды начальнікі тысяч: Адна начальнік і ў яго выдатных воінаў трыста тысяч;

15 за ім Ёханан начальнік, і ў яго дзвесьце восемдзесят тысяч;

16 за ім Амасія, сын Зімхры, які прысьвяціў сябе Госпаду, і ў яго дзвесьце тысяч воінаў выдатных.

17 У Веньяміна: выдатны воін Эліяда, і ў яго ўзброеных лукам і шчытом дзвесьце тысяч;

18 за ім Егазавад, і ў яго сто восемдзесят тысяч узброеных воінаў.

19 Вось тыя, што служылі цару, звыш тых, якіх расставіў цар ва ўмацаваных гарадах па ўсёй Юдэі.

 

Разьдзел 18

 

1 І было ў Ёсафата многа багацьця і славы; і парадніўся ён з Ахавам.

2 І пайшоў празь некалькі гадоў да Ахава ў Самарыю; і закалоў дзеля яго Ахаў мноства быдла дробнага і буйнога, і дзеля людзей, якія былі зь ім, і схіляў яго ісьці на Рамот Галаадскі.

3 І казаў Ахаў, цар Ізраільскі, Ёсафату, цару Юдэйскаму: ці пойдзеш са мною ў Рамот Галаадскі? Той сказаў Яму: як ты, так і я, як твой народ, так і мой народ: іду з табою на вайну̀

4 І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: спытайся сёньня, што скажа Гасподзь.

5 І сабраў цар Ізраільскі прарокаў чатырыста чалавек і сказаў ім: ці ісьці нам на Рамот Галаадскі вайною, ці ўстрымацца? Яны сказалі: ідзі і Бог перадасьць яго ў рукі цара.

6 І сказаў Ёсафат: ці няма тут яшчэ прарока Гасподняга? Спытаемся і ў яго.

7 І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ёсьць яшчэ адзін чалавек, празь якога можна спытацца ў Госпада; але я ня люблю яго, бо ён не прарочыць пра мяне добрага, а пастаянна прарочыць благое; гэта Міхей сын Емвлая. І сказаў Ёсафат: не кажы так, цару.

8 І паклікаў цар Ізраільскі аднаго еўнуха і сказаў: схадзі хутчэй па Міхея, сына Емвлая.

9 А цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, сядзелі кожны на сваім троне, апранутыя ў царскую вопратку; сядзелі на плошчы каля брамы Самарыі, і ўсе прарокі прарочылі перад імі.

10 І зрабіў сабе Сэдэкія, сын Хэнааны, жалезныя рогі і сказаў: так кажа Гасподзь: імі забадаеш Сірыйцаў да вынішчэньня іх.

11 І ўсе прарокі прарочылі тое самае, кажучы: ідзі на Рамот Галаадскі; будзе посьпех табе, і аддасьць яго Гасподзь у руку цара.

12 Пасланец, які пайшоў паклікаць Міхея, казаў яму: вось, прарокі аднагалосна прадказваюць добрае цару; хай бы і тваё слова было такое самае, як кожнага зь іх: скажы і ты добрае.

13 І сказаў Міхей: жывы Гасподзь, - што скажа мне Бог мой, тое вымаўлю.

14 І прыйшоў ён да цара, і сказаў яму цар: Міхей, ці ісьці нам вайною на Рамот Галаадскі, ці ўстрымацца? І сказаў той: ідзеце, будзе вам посьпех, і яны аддадзены будуць у рукі вашыя.

15 І сказаў яму цар: колькі разоў мне заклінаць цябе, каб ты не гаварыў мне нічога, акрамя праўды, у імя Гасподняе?

16 Тады Міхей сказаў: я бачыў усіх сыноў Ізраіля, расьсеяных па горах, як авечак, у якіх няма пастуха, - і сказаў Гасподзь: няма ў іх начальніка, хай вернуцца кожны ў дом свой зь мірам.

17 І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату, ці не казаў я табе, што ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое?

18 І сказаў Міхей: дык выслухайце слова Гасподняе: я бачыў Госпада, Які сядзеў на троне Сваім, і ўсё войска нябеснае стаяла праваруч і леваруч ад Яго.

19 І сказаў Гасподзь: хто звабіў бы Ахава, цара Ізраільскага, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім? І адзін казаў так, другі казаў інакш.

20 І выступіў адзін дух, і сказаў прад абліччам Госпада і сказаў: я зваблю яго. І сказаў яму Гасподзь: чым?

21 Той сказаў: я выйду і буду духам падману ў вуснах усіх прарокаў ягоных. І сказаў Ён: ты звабіш яго, і пасьпееш; ідзі і зрабі так.

22 І цяпер, вось папусьціў Гасподзь духа падману ўвайсьці ў вусны гэтых прарокаў тваіх, але Гасподзь сказаў пра цябе нядобрае.

23 І падышоў Сэдэкія, сын Хэнааны, і ўдарыў Міхея па шчацэ і сказаў: па якой гэта дарозе адышоў ад мяне Дух Гасподні, каб гаварыць у табе?

24 І сказаў Міхей: вось ты ўбачыш гэта ў той дзень, калі будзеш бегаць з пакоя ў пакой, каб схавацца.

25 І сказаў цар Ізраільскі: вазьмеце Міхея і зьвядзеце яго да Амона начальніка горада і да Ёаса, сына цара,

26 і скажэце: так кажа цар: пасадзеце гэтага ў цямніцу і кармеце яго хлебам і вадою мала, пакуль я не вярнуся ў міры.

27 І сказаў Міхей: калі ты вернешся ў міры, дык мне Гасподзь гаворыць празь мяне. І сказаў: слухайце гэта, усе людзі,

28 і пайшоў цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, да Рамота Галаадскага.

29 І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: я пераапрануся і ўступлю ў бітву, а ты надзень сваю царскую вопратку. І пераапрануўся цар Ізраільскі, і ўступілі ў бітву.

30 І цар Сірыйскі загадаў начальнікам калясьніц, якія былі ў яго, сказаўшы: ня бецеся ні з малым, ні зь вялікім, а толькі з адным царом Ізраільскім.

31 І калі ўбачылі Ёсафата начальнікі калясьніц, дык падумалі: гэта цар Ізраільскі, - і акружылі яго, каб біцца зь ім. Але Ёсафат закрычаў, і Гасподзь памог яму, і адвёў іх Бог ад яго.

32 І калі ўбачылі начальнікі калясьніц, што гэта ня быў цар Ізраільскі, дык павярнулі ад яго.

33 Тым часам адзін чалавек выпадкова нацягнуў лук свой, і параніў цара Ізраільскага праз швы латаў. І сказаў ён калясьнічаму: павярні назад, і вязі мяне ад войска, бо я паранены.

34 Але бітва таго дня ўзмацнілася і цар Ізраільскі стаяў на калясьніцы насупраць Сірыйцаў да вечара і памёр на захадзе сонца.

 

Разьдзел 19

 

1 І вяртаўся Ёсафат, цар Юдэйскі, у міры ў дом свой у Ерусалім.

2 І выступіў насустрач яму Іуй, сын Ананіі, празорлівец, і сказаў цару Ёсафату: ці сьлед было табе дапамагаць бязбожніку і любіць ненавісьнікаў Госпада? За гэта на цябе гнеў ад аблічча Гасподняга.

3 Зрэшты, і добрае знойдзена ў табе, бо ты зьнішчыў куміраў у зямлі Юдэйскай і схіліў сэрца тваё да таго, каб ісьціць Бога.

4 І жыў Ёсафат у Ерусаліме. І зноў пачаў ён абыходзіць народ свой ад Вірсавіі да гары Яфрэмавай, і навяртаў іх да Госпада, Бога бацькоў іхніх.

5 І паставіў судзьдзяў на зямлі па ўсіх умацаваных гарадах Юдэі, у кожным горадзе,

6 і сказаў судзьдзям: глядзеце, што вы робіце, вы чыніце ня суд чалавечы, а суд Госпада; і Ён з вамі ў справе суду.

7 Дык вось, хай будзе страх Гасподні на вас: дзейце абачліва, бо няма ў Госпада Бога нашага няпраўды, ні ўвагі на асобы, ні хабарніцтва.

8 І ў Ерусаліме прыставіў Ёсафат зь лявітаў і сьвятароў і ўзначальцаў пакаленьняў у Ізраіля да суду Гасподняга і да цяжбінаў. І вярнуліся ў Ерусалім.

9 І даў ім загад, кажучы: так дзейце ў страху Гасподнім, зь вернасьцю і з чыстым сэрцам:

10 ва ўсякай справе спрэчнай, якая паступіць да вас ад братоў вашых, што жывуць у гарадах сваіх, ці пра праліваньне крыві, ці пра закон запаведзі, пастановы і абрады, настаўляйце іх, каб яны не правініліся прад Госпадам і ня было б гневу Ягонага на вас і на братоў вашых; так дзейнічайце, - і вы не зграшыце.

11 І вось Амарыя першасьвятар над вамі ва ўсякай дзеі Гасподняй, а Зэвадыя, сын Ісмаілаў, князь дома Юдавага, у кожнай дзеі цара, і наглядчыкі лявіты перад вамі. Будзьце цьвёрдыя і дзейце, і будзе Гасподзь з добрым.

 

Разьдзел 20

 

1 Пасля гэтага Маавіцяне і Аманіцяне, а зь імі некаторыя з стараны Мааніцкай, пайшлі вайною на Ёсафата.

2 І прыйшлі, і данесьлі Ёсафату, кажучы: ідзе на цябе мноства вялікае з-за мора, ад Сірыі, і вось яны ў Хацацон-Тамары, гэта значыць, у Энгеды.

3 І збаяўся Ёсафат, і павярнуў твар свой ісьціць Госпада, і абвясьціў пост па ўсёй Юдэі.

4 І сабраліся Юдэі прасіць дапамогі ў Госпада; з усіх гарадоў Юдавых прыйшлі яны ўмольваць Госпада.

5 І стаў Ёсафат на сходзе Юдэяў і Ерусалімлянаў у доме Гасподнім, перад новым дваром,

6 і сказаў: Госпадзе Божа бацькоў нашых! Ці ня Ты Бог на небе? І Ты валадарыш над усімі царствамі народаў, і ў Тваёй руцэ сіла і моц, і ніхто ня ўстоіць супроць Цябѐ

7 Ці ня Ты, Божа наш, выгнаў жыхароў зямлі гэтай перад абліччам народу Твайго Ізраіля і аддаў яе семені Абрагама, сябра Твайго, навек?

8 І яны пасяліліся на ёй і пабудавалі Табе на ёй сьвятыню ў імя Тваё, кажучы:

9 калі прыйдзе на нас бедства: меч карны, альбо пошасьць, альбо голад, дык мы станем перад домам гэтым і прад абліччам Тваім, бо імя Тваё ў доме гэтым; і заклічам Цябе ва ўціску нашым, і Ты пачуеш і выратуеш.

10 І сёньня вось Аманіцяне і Маавіцяне, і жыхары гары Сэіра, празь землі якіх Ты не дазволіў прайсьці Ізраільцянам, калі яны ішлі зь зямлі Егіпецкай, а таму яны абмінулі іх і ня вынішчылі іх,

11 вось яны плацяць нам тым, што прыйшлі выгнаць нас са спадчыннага валоданьня Твайго, якое Ты аддаў нам.

12 Божа наш! Ты судзі іх. Бо няма ў нас сілы супроць мноства гэтага вялікага, якое прыйшло на нас, і мы ня ведаем, што рабіць, але да Цябе вочы нашыя.

13 І ўсе Юдэі стаялі прад абліччам Гасподнім, і малыя дзеці іхнія, жонкі іхнія і сыны іхнія.

14 Тады на Ёзііла, сына Захара, сына Ванэі, сына Еэла, сына Матаніі, лявіта з сыноў Асафавых, сышоў Дух Гасподні сярод сходу

15 і сказаў ён: слухайце, усе Юдэі і жыхары Ерусаліма і цар Ёсафат! Так кажа Гасподзь вам: ня бойцеся і не жахайцеся мноства гэтага вялікага, бо ня ваша вайна, а Божая.

16 Заўтра выступіце супроць іх: вось яны ўзыходзяць на ўзвышша Цыц, і вы знойдзеце іх у канцы даліны, перад пустыняю Еруілам.

17 Ня вам біцца гэтым разам; вы станьце, стойце і глядзеце на ратаваньне Гасподняе, пасыланае вам. Юда і Ерусалім, ня бойцеся і не жахайцеся. Заўтра выступіце насустрач ім, і Гасподзь будзе з вамі.

18 І схіліўся Ёсафат тварам да зямлі, і ўсе Юдэі і жыхары Ерусаліма ўпалі прад Госпадам, каб пакланіцца Госпаду.

19 І ўсталі лявіты з сыноў Каатавых, і з сыноў Карэевых - хваліць Госпада Бога Ізраілевага голасам вельмі гучным.

20 І ўсталі яны з самага рана, і выступілі да пустыні Тэкойскай, і калі яны выступілі, устаў Ёсафат і сказаў: паслухайце мяне, Юдэі і жыхары Ерусаліма! Верце Госпаду Богу вашаму, і будзеце цьвёрдыя; верце прарокам Ягоным, і будзе вам посьпех.

21 І раіўся ён з народам, і паставіў сьпевакоў Госпаду, каб яны ў харастве сьвятыні, выступаючы наперадзе ўзброеных, славасловілі і казалі: слаўце Госпада, бо вавек міласьць Ягоная.

22 І ў той час, як яны пачалі ўсклікаць і славасловіць, Гасподзь абудзіў нязгодзіцу паміж Аманіцянамі, Маавіцянамі і жыхарамі гары Сэіра, якія прыйшлі ў Юдэю, і былі яны пабітыя:

23 бо паўсталі Аманіцяне і Маавіцяне на жыхароў гары Сэіра, пабіваючы і зьнішчаючы іх, а калі пакончылі з жыхарамі Сэіра, тады пачалі зьнішчаць адзін аднаго.

24 І калі Юдэі прыйшлі на ўзвышша да пустыні і зірнулі на тое шматлюдства, і вось, - трупы ляжаць на зямлі, і няма ацалелага.

25 І прыйшоў Ёсафат і народ ягоны забіраць здабычу, і знайшлі ў іх у мностве і маёмасьць, і вопратку, і каштоўныя рэчы, і набралі сабе столькі, што не маглі несьці. І тры дні яны забіралі здабычу, такая вялікая была яна̀

26 А на чацьвёрты дзень сабраліся ў даліну дабраславеньні, бо там яны дабраславілі Госпада. Таму і называюць тое месца далінаю дабраславеньня да сёньня.

27 І пайшлі назад усе Юдэі і Ерусалімляне і Ёсафат на чале іх, каб вярнуцца ў Ерусалім зь весялосьцю, бо даў ім Гасподзь перамогу над ворагамі іхнімі.

28 І прыйшлі ў Ерусалім з псалтырамі і цытрамі і трубамі да дома Гасподняга.

29 І быў страх Божы на ўсіх царствах зямных, калі яны пачулі, што Сам Гасподзь ваяваў супроць ворагаў Ізраіля.

30 І спакойнае стала царства Ёсафатавае, і даў яму Бог ягоны спакой з усіх бакоў.

31 Так валадарыў Ёсафат над Юдэяй: трыццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і дваццаць пяць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Азува, дачка Салаіла.

32 І хадзіў ён шляхам бацькі свайго Асы і ня ўхіляўся ад яго, робячы заўгоднае ў вачах Гасподніх.

33 Толькі вышыні ня былі адменены, і народ яшчэ не павярнуў цьвёрда сэрца свайго да Бога бацькоў сваіх.

34 Астатнія дзеі Ёсафата, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Іуя, сына Ананіевага, якія ўнесены ў кнігу цароў Ізраілевых.

35 Але пасля таго ўступіў Ёсафат, цар Юдэйскі, ў зносіны з Ахозіем, царом Ізраільскім, які ўчыняў беззаконна.

36 і паяднаўся зь ім, каб пабудаваць караблі, каб выправіць іх у Тарсіс; і пабудавалі яны караблі ў Эцыён-Гавэры.

37 І сказаў тады Эліезэр, сын Дадавы з Марэшы, прароцтва на Ёсафата, кажучы: таму што ты ўступіў у зносіны з Ахозіем, дык парушыў Гасподзь дзею тваю. - І разьбіліся караблі, і не маглі ісьці ў Тарсіс.

 

Разьдзел 21

 

1 І спачыў Ёсафат з бацькамі сваімі, і пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ёрам, сын ягоны, замест яго.

2 І ў яго былі браты, сыны Ёсафата: Азарыя і Ехііл, і Захар і Азарыя і Міхаіл і Сафатыя: усе гэтыя сыны Ёсафата, цара Ізраілевага.

3 І даў ім бацька іхні вялікія дарункі срэбрам і золатам і каштоўнасьцямі, разам з умацаванымі гарадамі ў Юдэі; а царства аддаў Ёраму, бо ён першынец.

4 І ўступіў Ёрам на царства бацькі свайго і ўмацаваўся, і ўсьмерціў усіх братоў сваіх мечам і таксама некаторых з князёў Ізраілевых;

5 трыццаць два гады было Ёраму, калі зацараваў, і восем гадоў цараваў у Ерусаліме;

6 і хадзіў ён шляхам цароў Ізраільскіх, як рабіў дом Ахаваў, бо дачка Ахава была жонка яго, - і рабіў ён незаўгоднае ў вачах Гасподніх.

7 Аднак жа не хацеў Гасподзь загубіць дом Давідаў дзеля запавета, які заключыў з Давідам, і таму што абяцаў даць яму сьвяцільню і сынам ягоным на ўсе часы.

8 У дні ягоныя выйшаў Эдом з-пад улады Юды, і паставілі над сабою цара.

9 І пайшоў Ёрам з ваеначальнікамі сваімі, і ўсе калясьніцы зь ім; і ўстаўшы ўначы, пабіў Ідумэян, якія акружалі яго, і начальных над калясьніцамі.

10 Аднак выйшаў Эдом з-пад улады Юды да сёньня. У той час выйшла і Ліўна з-пад улады ягонай, бо ён пакінуў Госпада Бога бацькоў сваіх.

11 Таксама вышыні зладзіў ён на гарах Юдэйскіх, і ўвёў у заблуду жыхароў Ерусаліма і спакусіў Юдэю.

12 І прыйшло да яго пісьмо ад Ільлі прарока, у якім было сказана: так кажа Гасподзь Бог Давіда, бацькі твайго: за тое, што ты не пайшоў шляхамі Ёсафата, бацькі твайго, і шляхамі Асы, цара Юдэйскага,

13 а пайшоў шляхам цароў Ізраільскіх і ўвёў у заблуду Юдэю і жыхароў Ерусаліма, як уводзіў у заблуду дом Ахаваў, а яшчэ і братоў тваіх, дом бацькі твайго, якія лепшыя за цябе, аддаў сьмерці,

14 за тое вось Гасподзь пабіў паражэньнем вялікім народ твой і сыноў тваіх, і жонак тваіх і ўсю маёмасьць тваю,

15 а цябе самога - хваробаю моцнаю, хваробаю вантробаў тваіх да таго, што будуць выпадаць вантробы твае ад хваробы дзень у дзень.

16 І ўзбунтаваў Гасподзь супроць Ёрама дух Філістымлянаў і Аравіцянаў, сумежных Эфіопам;

17 і яны пайшлі на Юдэю і ўварваліся ў яе, і захапілі ўсю маёмасьць, якая была ў доме цара, таксама і сыноў ягоных, і не засталася ў яго сына, акрамя Ахозіі, меншага з сыноў ягоных.

18 А пасля ўсяго гэтага пабіў Гасподзь вантробы яго хваробаю нявылечнаю.

19 Так было дзень у дзень, а пад канец другога года выпалі вантробы ягоныя ад хваробы ягонай, і ён памёр у ліхіх пакутах; і не спаліў дзеля яго народ ягоны пахошчаў, як рабіў гэта дзеля бацькоў ягоных;

20 трыццаць два гады было яму, калі зацараваў, і восем гадоў валадарыў у Ерусаліме, і адышоў неаплаканы, і пахавалі яго ў горадзе Давідавым, але ня ў царскіх магільніцах.

 

Разьдзел 22

 

1 І паставілі царом жыхары Ерусаліма Ахозію, меншага сына ягонага, замест яго, бо ўсіх старэйшых перабіла полчышча, якое прыходзіла з Аравіцянамі да табара, - і зацараваў Ахозія, сын Ёрама, цара Юдэйскага;

2 дваццаць два гады было Ахозію, калі зацараваў, і адзін год валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Гатолія, дачка Амврыя.

3 Ён таксама хадзіў шляхамі дома Ахававага, бо маці ягоная была дарадчыца яму на беззаконныя дзеі.

4 І рабіў ён незаўгоднае ў вачах Гасподніх, падобна дому Ахававаму, бо ён быў яму дарадцам, пасля сьмерці бацькі ягонага, на пагібель яму.

5 Таксама прымаючы параду іхнюю, ён пайшоў за Ёрамам, сынам Ахававым, царом Ізраільскім, на вайну супроць Азаіла, цара Сірыйскага, у Рамот Галаадскі. І паранілі Сірыйцы Ёрама,

6 і вярнуўся ён у Ізрэель лячыцца ад ранаў, якія прычынілі яму ў Раме, калі ён ваяваў з Азаілам, царом Сірыйскім. Ахозія, сын Ёрама, цар Юдэйскі, прыйшоў наведаць Ёрама, сына Ахававага, у Ізрэель, бо той быў хворы.

7 І ад Бога было гэта на пагібель Ахозіі, што ён прыйшоў да Ёрама: бо пасля прыходу свайго ён выйшаў з Ёрамам супроць Іуя, сына Намэсіевага, якога памазаў Гасподзь на вынішчэньне дома Ахававага.

8 Калі чыніў Іуй суд над домам Ахава, тады ён знайшоў князёў Юдэйскіх і сыноў братоў Ахозіі, якія служылі Ахозію, і забіў іх.

9 І загадаў ён шукаць Ахозію, і ўзялі яго, калі ён хаваўся ў Самарыі, і прывялі яго да Іуя, і забілі яго, і пахавалі яго, бо казалі: ён сын Ёсафата, які ўісьціў Госпада ад усяго сэрца свайго. І не засталося ў доме Ахозіі, хто мог бы валадарыць.

10 І Гатолія, маці Ахозіі, убачыўшы, што памёр сын яе, устала і зьнішчыла ўсё царскае племя дома Юдавага.

11 Але Ёсавэт, дачка царская, узяла Ёаса, сына Ахозіі, і выкрала яго з асяродзьдзя царскіх сыноў, якіх забівалі, і размясьціла яго і карміцельку яго ў спальным пакоі; і такім чынам Ёсавэт, дачка цара Ёрама, жонка Ёдая сьвятара, сястра Ахозіі, схавала Ёаса ад Гатоліі, і не забіла яго.

12 І быў ён у іх у доме Божым хаваны шэсьць гадоў; а Гатолія валадарыла над зямлёю.

 

Разьдзел 23

 

1 А на сёмым годзе ўзбадзёрыўся Ёдай і прыняў у саюз з сабою начальнікаў сотняў: Азарыю, сына Ерахамавага, і Ісмаіла, сына Егахананавага, і Азарыю, сына Авэдавага, і Маасэю, сына Адаі, і Элішафата, сына Зіхры.

2 І яны прайшлі па Юдэі і сабралі лявітаў з усіх гарадоў Юдэі і ўзначальцаў пакаленьняў Ізраілевых, і прыйшлі ў Ерусалім.

3 І заключыў увесь сход спрымірэнства ў доме Божым з царом. І сказаў ім Ёдай: вось сын цара павінен быць царом, як сказаў Гасподзь пра сыноў Давідавых.

4 Вось што вы зрабеце: траціна вас, што прыходзяць у суботу, са сьвятароў і лявітаў, будзе брамнікамі каля парогаў,

5 і траціна пры доме царскім, і траціна каля брамы Есод, а ўвесь народ на дварах дома Гасподняга.

6 І ніхто хай не заходзіць у дом Гасподні, акрамя сьвятароў і служак зь лявітаў. Яны могуць увайсьці, бо асьвечаныя; а ўвесь народ хай стаіць на варце Гасподняй.

7 І хай лявіты абступяць цара з усіх бакоў, кожны са зброяй сваёй у руцэ сваёй, і хто будзе ўваходзіць у храм, хай будзе забіты. І будзьце вы пры цары, калі ён будзе ўваходзіць і выходзіць.

8 І зрабілі лявіты і ўсе Юдэі, што загадаў Ёдай сьвятар; і ўзялі кожны людзей сваіх, якія прыходзяць у суботу з тымі, што адыходзяць у суботу, бо не адпусьціў сьвятар Ёдай чэргаў, якія зьмяніліся.

9 І раздаў Ёдай сьвятар начальнікам сотняў дзіды і малыя і вялікія шчыты цара Давіда, якія былі ў доме Божым;

10 і паставіў увесь народ, кожнага са зброяю ягонай у руцэ ягонай, ад правага боку храма да левага боку храма, каля ахвярніка і каля дома, вакол цара.

11 І вывелі сына цара, і ўсклалі на яго вянок і аздобы, і паставілі яго царом; і памазалі яго Ёдай і сыны ягоныя і сказалі: хай жыве цар!

12 І пачула Гатолія голас народу, які бег і абвяшчаў пра цара, і выйшла да народу ў дом Гасподні,

13 і ўбачыла: і вось цар стаіць на ўзвышэньні сваім каля ўваходу, і князі і трубы каля цара, і ўвесь народ зямлі весяліцца, і трубяць у трубы, і сьпевакі са спарудамі музычнымі і ўмелыя ў славаслоўі. І падрала Гатолія вопратку на сабе і закрычала: змова̀ змова̀

14 І выклікаў Ёдай сьвятар начальнікаў сотняў, начальнікаў над войскам, і сказаў ім: выведзіце яе прэч, і хто пойдзе за ёю, хай будзе забіты мечам. Бо сьвятар сказаў: ня ўсьмерціце яе ў доме Гасподнім.

15 І далі ёй месца, і калі яна прайшла да ўваходу конскае брамы царскага дома, там забілі яе.

16 І заключыў Ёдай запавет паміж сабою і ўсім народам і царом, каб быць народам Гасподнім.

17 І пайшоў увесь народ у капішча Ваала, і разбурылі яго, і ахвярнікі ягоныя і балванаў ягоных пабілі, і Матана, жраца Ваалавага, забілі перад ахвярнікамі.

18 І даручыў Ёдай справы дома Гасподняга сьвятарам і лявітам, як размеркаваў Давід у доме Гасподнім, дзеля прынашэньня цэласпаленьняў Госпаду, як напісана ў законе Майсеевым, з радасьцю і сьпевамі, паводле статуту Давідавага.

19 І паставіў ён брамнікаў каля брамы дома Гасподняга, каб не ўваходзіў нячысты ў чым-небудзь.

20 І ўзяў начальнікаў сотняў, і вяльможаў, і начальнікаў у народзе, і ўвесь народ зямлі, і правёў цара з дома Гасподняга і прайшлі праз верхнюю браму ў дом царскі, і пасадзілі цара на царскі трон.

21 І весяліўся ўвесь народ, і горад супакоіўся. А Гатолію забілі мечам.

 

Разьдзел 24

 

1 Сем гадоў было Ёасу, калі зацараваў, і сорак гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці яго Цыўя зь Вірсавіі.

2 і рабіў Ёас заўгоднае ў вачах Гасподніх ва ўсе дні Ёдая сьвятара.

3 І ўзяў яму Ёдай дзьвюх жонак, і ён меў ад іх сыноў і дочак.

4 І пасля гэтага прыйшло на сэрца Ёасу абнавіць дом Гасподні,

5 і сабраў ён сьвятароў і лявітаў і сказаў ім: ідзеце па гарадах Юдэі і зьбірайце з усіх Ізраільцянаў срэбра на падтрыманьне дома Бога вашага год у год, і пасьпяшайцеся ў гэтай справе. Але не пасьпяшаліся лявіты.

6 І паклікаў цар Ёдая, узначальца іхняга, і сказаў яму: чаму ты не патрабуеш ад лявітаў, каб яны дастаўлялі зь Юдэі і Ерусаліма даніну, устаноўленую Майсеем, рабом Гасподнім, і зьбіраньнем Ізраільцянаў для скініі сходу?

7 Бо бязбожная Гатолія і сыны яе спустошылі дом Божы і ўсё прысьвечанае для дома Божага заўжылі для Ваалаў.

8 І загадаў цар і зрабілі адну скрынку, і паставілі яе каля ўваходу ў дом Гасподні звонку.

9 І абвясьцілі па Юдэі і Ерусаліме, каб прыносілі Госпаду даніну, накладзеную Майсеем, рабом Божым, і на Ізраільцянаў у пустыні.

10 І ўзрадаваліся ўсе начальнікі і ўвесь народ, і прыносілі і клалі ў скрынку, пакуль яна не напоўнілася.

11 У той час, калі прыносілі скрынку царскім чыноўнікам празь лявітаў, і калі яны бачылі, што срэбра многа, прыходзіў пісар цара і даверанік першасьвятара, і высыпалі са скрынкі, і адносілі яго і ставілі яе на сваё месца. Так рабілі яны дзень у дзень, і сабралі многа срэбра.

12 і аддавалі яго цар і Ёдай тым, што вялі працу ў доме Гасподнім, і тыя наймалі каменячосаў і цесляў для паднаўленьня дома Гасподнага, таксама кавалёў і меднікаў для ўмацаваньня дома Гасподнага.

13 І працавалі майстры работ, і зьдзейсьнілася папраўленьне рукамі іхнімі, і прывялі дом Божы да патрэбнага ладу, і ўмацавалі яго.

14 І закончыўшы, яны прадставілі цару і Ёдаю рэшту срэбра. І зрабілі зь яго посуд для дома Гасподняга, посуд службовы і чары на цэласпаленьне і іншы посуд залаты і срэбраны. І прыносілі цэласпаленьні ў доме Гасподнім пастаянна ва ўсе дні Ёдая.

15 І састарыўся Ёдай і насыціўшыся днямі жыцьця, памёр: сто трыццаць гадоў было яму, калі ён памёр.

16 І пахавалі яго ў горадзе Давідавым з царамі, бо ён рабіў добрае ў Ізраілі і дзеля Бога і дзеля дома Яго.

17 Але пасля сьмерці Ёдая прыйшлі князі Юдэйскія і пакланіліся цару, тады цар пачаў слухацца іх,

18 І пакінулі дні Госпада Бога бацькоў сваіх і пачалі служыць дрэвам прысьвечаным і ідалам, - і быў гнеў Гасподні на Юду і Ерусалім за гэтую віну іхнюю.

19 І Ён пасылаў да іх прарокаў дзеля навароту іх да Госпада, і яны ўмаўлялі іх, але тыя ня слухаліся.

20 І Дух Божы ахінуў Захара, сына Ёдая сьвятара, і ён стаў на ўзвышэньні перад народам і сказаў ім: так кажа Гасподзь: навошта вы пераступаеце загады Гасподнія? Ня будзе посьпеху вам, і як вы пакінулі Госпада, так і Ён пакіне вас.

21 І змовіліся супроць яго, і пабілі яго камянямі, па загадзе цара Ёаса, на двары дома Гасподняга.

22 І ня ўспомніў цар Ёас дабрадзейства, якое зрабіў яму Ёдай, бацька ягоны, і забіў сына яго. І ён паміраючы казаў: хай бачыць Гасподзь і хай спагоніць.

23 І праз год выступіла супроць яго войска Сірыйскае і ўвайшлі ў Юдэю і ў Ерусалім, і зьнішчылі з народу ўсіх князёў народа, і ўсю здабычу ў іх адаслалі цару ў Дамаск.

24 Хоць і ў невялікай колькасьці людзей прыходзіла войска Сірыйскае, але Гасподзь перадаў у руку іх вельмі шматлікую сілу за тое, што пакінулі Госпада Бога свайго. І над Ёасам учынілі яны суд,

25 і калі яны пайшлі ад яго, пакінуўшы яго ў цяжкай хваробе, дык склалі супроць яго змову рабы ягоныя, за кроў сына Ёдая сьвятара, і забілі яго на пасьцелі, і ён памёр. І пахавалі яго ў доме Давідавым, але не пахавалі яго ў царскіх магільніцах.

26 А змоўшчыкі супроць яго былі: Завад, сын Шымэаты Аманіцянкі, і Егазавад, сын Шымрыты Маавіцянкі.

27 Пра сыноў яго і пра мноства прароцтваў супроць яго і пра ўладкаваньне дома Божага напісана ў кнізе цароў. І зацараваў Амасія, сын ягоны замест яго.

 

Разьдзел 25

 

1 У дваццаць пяць гадоў зацараваў Амасія і валадарыў у Ерусаліме дваццаць дзевяць гадоў; імя маці ягонай Егаадань зь Ерусаліма.

2 І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх, але не ад поўнага сэрца.

3 Калі ўцьвердзілася за ім царства, тады ён аддаў сьмерці рабоў сваіх, якія забілі цара, бацьку ягонага.

4 Але дзяцей іхніх не забіў, бо напісана ў законе, у кнізе Майсеевай, дзе запавядаў Гасподзь, кажучы: не павінны быць забіваныя бацькі за дзяцей, і дзеці не павінны быць забіваныя за бацькоў, а кожны за сваё злачынства павінен памерці.

5 І сабраў Амасія Юдэяў і паставіў іх па пакаленьнях пад уладу тысчнікаў і сотнікаў, усіх Юдэяў і Веньямініцянаў, і пералічыў іх ад дваццаці гадоў і вышэй, і аказалася іх трыста тысяч чалавек адборных, якія ходзяць на вайну і трымаюць дзіду і шчыт.

6 І наняў зь Ізраільцянаў сто тысяч адважных воінаў за сто талантаў срэбра.

7 Але чалавек Божы прыйшоў да яго і сказаў: цару̀ хай ня ідзе з табою войска Ізраільскае, бо няма Госпада зь Ізраільцянамі, з усімі сынамі Яфрэма.

8 А ідзі ты адзін, рабі дзею, мужна спасобнічай на вайне. Інакш паваліць цябе Бог перад тварам ворага, бо ёсьць сіла ў Бога падтрымаць і паваліць.

9 І сказаў Амасія чалавеку Божаму: што ж рабіць са ста талантамі, якія я аддаў войску Ізраільскаму? І сказаў чалавек Божы: Гасподзь можа даць табе больш за гэта.

10 І аддзяліў іх Амасія, - войска, якое прышло да яго зь зямлі Яфрэмавай, - каб яны ішлі на сваё месца. І запаліўся моцна іхні гнеў на Юдэю, і яны пайшлі назад у сваё месца, у запале гневу.

11 А Амасія адважыўся і павёў народ свой, і пайшоў у даліну Саляную і пабіў сыноў Сэіра дзесяць тысяч;

12 і дзесяць тысяч жывых узялі сыны Юдавыя ў палон, і прывялі іх на вяршыню скалы, і скінулі іх зь вяршыні скалы, і ўсе яны разьбіліся цалкам.

13 А войска, якое Амасія адаслаў назад, каб яно не хадзіла зь ім на вайну, рассыпалася па гарадах Юдэі ад Самарыі да Вэтарона і перабіла ў іх тры тысячы, і нарабавала шмат здабычы.

14 Амасія, прыйшоўшы пасля паражэньня Ідумэянаў, прынёс багоў сыноў Сэіра і пакінуў іх у сябе багамі, і перад імі кланяўся і ім кадзіў.

15 І загарэўся гнеў Госпада на Амасію, і паслаў Ён да яго прарока, і той сказаў яму: навошта ты прыходзіш да багоў народу гэтага, якія ня выбавілі народу свайго ад рукі тваёй?

16 Калі ён гаварыў яму, цар адказваў: хіба дарадцам царскім паставілі цябе? перастань, каб не забілі цябе. І перастаў прарок, сказаўшы: ведаю, што рашыў Бог загубіць цябе, таму што ты зрабіў гэта і ня слухаеш рады маёй.

17 І параіўся Амасія, цар Юдэйскі, і паслаў да Ёаса, сына Ёахаза, сына Іуевага, цара Ізраільскага, сказаць: выходзь, пабачымся асабіста.

18 І паслаў Ёас, цар Ізраільскі, да Амасіі, цара Юдэйскага, сказаць: цёран, які на Ліване, паслаў да кедра, які таксама на Ліване, сказаць: аддай дачку сваю за жонку сыну майму. Але прайшлі звяры дзікія, якія на Ліване, і затапталі гэты цёрн.

19 Ты кажаш: вось я пабіў Ідумэянаў, - і ўзьнеслася сэрца тваё да славы. Сядзі лепей у сябе дома. Навошта табе намышляць небясьпечную дзею? Упадзеш ты і Юдэя з табою.

20 Але не паслухаўся Амасія, бо ад Бога было гэта, каб перадаць іх у руку Ёаса за тое, што пачалі прыходзіць да багоў Ідумэйскіх.

21 І выступіў Ёас, цар Ізраільскі, і ўбачыліся асабіста, ён і Амасія, цар Юдэйскі, у Вэтсамісе Юдэйскім.

22 І былі разьбіты Юдэі Ізраільцянамі, і разьбегліся кожны ў намёт свой.

23 І Амасію, цара Юдэйскага, сына Ёаса, сына Ёахазавага, захапіў Ёас, цар Ізраільскі, у Вэтсамісе і прывёў яго ў Ерусалім, і разбурыў сьцяну Ерусалімскую ад брамы Яфрэмавай да брамы вугольнай, на чатырыста локцяў;

24 і ўзяў усё золата і срэбра, і ўвесь посуд, які быў у доме Божым у Авэд-Эдома, і скарбы дома царскага, і заложнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.

25 І жыў Амасія, сын Ёсаваў, цар Юдэйскі, пасля сьмерці Ёаса, сына Ёахазавага, цара Ізраільскага, пятнаццаць гадоў.

26 Астатнія дзеі Амасіі, першыя і апошнія, апісаны ў кнізе цароў Юдэйскіх і Ізраільскіх.

27 І пасля таго часу, як Амасія адступіў ад Госпада, склалі супроць яго змову ў Ерусаліме, і ён уцёк у Лахіс. І паслалі за ім у Лахіс, і забілі яго там.

28 І прывезьлі яго на конях, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Юдавым.

 

Разьдзел 26

 

1 І ўзяў увесь народ Юдэйскі Азію, якому было шаснаццаць гадоў, і паставіў яго царом на месца бацькі ягонага Амасіі.

2 Ён забудаваў Элат і вярнуў яго Юдэі, пасьля таго як спачыў цар з бацькамі сваімі.

3 Шаснаццаць гадоў было Азіі, калі зацараваў, і пяцьдзясят два гады валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Ехалія зь Ерусаліма.

4 І рабіў ён спадобнае ў вачах Гасподніх гэтак сама, як рабіў Амасія, бацька ягоны;

5 і прыходзіў ён да Бога ў дні Захара, які вучыў страху Божаму; і ў тыя дні, калі ён прыходзіў да Госпада, даваў яму Бог посьпех.

6 І ён выйшаў і біўся зь Філістымлянамі, і разбурыў сьцены Гэта і сьцены Яўнэі і сьцены Азота; і пабудаваў гарады ў вобласьці Азоцкай і ў Філістымлянаў.

7 І памагаў яму Бог супроць Філістымлянаў і супроць Аравіцянаў, якія жылі ў Гур-Ваале, і супроць Мэўніцянаў;

8 і давалі Аманіцяне даніну Азіі, і дайшло імя яго да межаў Егіпта, таму што ён быў даволі моцны.

9 І пабудаваў Азія вежы ў Ерусаліме над брамамі вуглавымі і над брамамі даліны і на рагу, і ўмацаваў іх.

10 І пабудаваў вежы ў пустыні, і зрабіў многа вадаёмаў, бо меў шмат быдла, і ў нізіне і на раўніне, і землеўладальнікаў і садоўнікаў на гарах і на Карміле, бо ён любіў земляробства.

11 Было ў Азіі і войска, якое выходзіла на вайну атрадамі, і па ліку ў сьпісе іх, складзеным рукою Еэла пісца і Маасэі наглядчыка, пад кіраўніцтвам Хананіі, аднаго з галоўных саноўнікаў царскіх.

12 Уся лічба ўзначальцаў пакаленьняў, з адважных воінаў, было дзьве тысячы шасьцьсот,

13 і пад рукою ў іх ваеннай сілы трыста сем тысяч пяцьсот, што ўступалі ў бітву з воінскай мужнасьцю, на дапамогу цару супроць няпрыяцеля.

14 І падрыхтаваў для іх Азія, для ўсяго войска, шчыты і дзіды і шаломы і латы, і лукі і прашчныя камяні.

15 І зрабіў ён у Ерусаліме вынаходліва прыдуманыя машыны, каб яны былі на вежах і на вуглах для кіданьня стрэл і вялікіх камянёў. І пранеслася імя яго далёка, бо ён дзівосна асланіў сябе і зрабіўся моцны.

16 Але калі ён зрабіўся моцны, заганарылася сэрца ягонае на пагібель яго, і ён зрабіўся злачынцам прад Госпадам Богам сваім, бо ўвайшоў у храм Гасподні, каб задыміць фіміям на алтары кадзільным.

17 І пайшоў за ім Азарыя сьвятар, і зь ім восемдзесят сьвятароў Гасподніх, людзей выдатных,

18 і ўсупрацівіліся Азію цару і сказалі яму: не табе, Азія, кадзіць Госпаду; гэта сьвятарам, сынам Ааронавым, пасьвечаным для каджэньня; выйдзі са сьвятыні, бо ты зрабіў беззаконна, і ня будзе табе гэта ў гонар у Госпада Бога.

19 І разгневаўся Азія, - а ў руцэ ў яго кадзільніца для каджэньня; і калі разгневаўся ён на сьвятароў, праказа явілася на лобе ў яго, перад абліччам сьвятароў, у доме Гасподнім, каля алтара кадзільнага.

20 І зірнуў на яго Азарыя першасьвятар і ўсе сьвятары; і вось у яго праказа на лобе ягоным. І змушалі яго выйсьці адтуль, ды і сам ён сьпяшаўся выйсьці, бо пакараў яго Гасподзь.

21 І быў цар Азія пракажоны да дня сьмерці сваёй, і жыў у асобным доме і адлучаны быў ад дома Гасподняга. А Ёатам, сын ягоны, начальнічаў над домам царскім і кіраваў народам зямлі.

22 Астатнія дзеі Азіі, першыя і апошнія, апісаў Ісая, сын Амоса прарок.

23 І спачыў Азія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі на полі царскіх магільніц, бо казалі: ён пракажоны. І зацараваў Ёатам, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 27

 

1 Дваццаць пяць гадоў было Ёатаму, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Еруша, дачка Садока.

2 І рабіў ён спадобнае ў вачах Гасподніх гэтак сама, як рабіў Азія, бацька ягоны, толькі ён не ўваходзіў у храм Гасподні, і народ усё яшчэ грашыў далей.

3 Ён пабудаваў верхнюю браму дома Гасподняга, і многае пабудаваў на сьцяне Афэла;

4 і гарады пабудаваў на гары Юдэйскай, і ў лясах пабудаваў палацы і вежы.

5 Ён ваяваў з царом Аманіцянаў і адолеў іх, і далі яму Аманіцяне ў той год сто талантаў срэбра і дзесяць тысяч кораў пшаніцы і ячменю дзесяць тысяч. Гэта давалі яму Аманіцяне і на другі год, і на трэці.

6 Такі моцны быў Ёатам таму, што клаў шляхі свае прад абліччам Госпада Бога свайго.

7 Астатнія дзеі Ёатама і ўсе войны яго і паводзіны яго апісаны ў кнізе цароў Ізраільскіх і Юдэйскіх:

8 дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме.

9 І спачыў Ёатам з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ахаз, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 28

 

1 Дваццаць гадоў было Ахазу, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; і ён не рабіў спадобнага ў вачах Гасподніх, як рабіў Давід, бацька ягоны:

2 ён ішоў шляхамі цароў Ізраільскіх, і нават зрабіў літыя статуі Ваалаў;

3 і ён учыняў дымленьні ў даліне сыноў Энома, і праводзіў сыноў сваіх праз агонь, пераймаючы мярзоты народаў, якіх выгнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых;

4 і прыносіў ахвяры і дымленьні на вышынях і на пагорках і пад кожным галінастым дрэвам.

5 І аддаў яго Гасподзь Бог ягоны ў руку цара Сірыйцаў, і яны пабілі яго і ўзялі ў яго шмат палонных і завялі ў Дамаск. Таксама і ў руку цара Ізраільскага быў аддадзены ён, і той учыніў яму вялікае паражэньне.

6 І пабіў Факей, сын Рэмаліін, Юдэяў сто дваццаць тысяч за адзін дзень, людзей ваяўнічых, бо яны пакінулі Госпада Бога бацькоў сваіх.

7 А Зіхрый, асілак зь Яфрэмлянаў, забіў Маасэю, сына цара, і Азрыкама, начальніка над палацам, і Элкану, другога пасьля цара.

8 І ўзялі сыны Ізраілевыя ў палон у братоў сваіх, Юдэяў, дзьвесьце тысяч жонак, сыноў і дочак; таксама і мноства здабычы набралі ў іх, і адправілі здабычу ў Самарыю.

9 Там быў прарок Гасподні, імя яго Адэд. Ён выйшаў перад аблічча войска, якое ішло ў Самарыю, і сказаў ім: вось Гасподзь Бог бацькоў вашых, у гневе на Юдэяў, перадаў іх у руку вашу, і вы пабілі іх з такой лютасьцю, якая дайшла да нябёсаў.

10 І цяпер вы думаеце зрабіць рабамі сыноў Юды і Ерусаліма. А хіба на саміх вас няма віны прад Госпадам Богам вашым?

11 Дык вось, паслухайце мяне, і вярнеце палонных, якіх вы захапілі з братоў вашых, бо полымя гневу Гасподняга на вас.

12 І ўсталі некаторыя з начальнікаў сыноў Яфрэмавых: Азарыя, сын Егаханана, Бэрэхія, сын Мэшылэмота, і Эзэкія, сын Шалума, і Амаса, сын Хадла, супроць тых, што ішлі з вайны,

13 і сказалі ім: ня ўводзьце сюды палонных, бо грэх быў бы нам прад Госпадам. Няўжо вы думаеце дадаць да грахоў нашых і да злачынстваў нашых? вялікая віна наша, і полымя гневу Гасподняга над Ізраілем.

14 І пакінулі ўзброеныя палонных і здабычу ў ваеначальнікаў і ўсяго сходу.

15 І ўсталі мужы, памянёныя па імёнах, і ўзялі палонных, і ўсіх голых іх апранулі са здабычы, - і апранулі іх, і абулі іх, і накармілі іх, і напаілі іх, і памазалі іх алеем, і пасадзілі на аслоў усіх слабых зь іх, і адправілі іх у Ерыхон, горад пальмаў, да братоў іхніх, і вярнуліся ў Самарыю.

16 У той час паслаў цар Ахаз да цароў Асірыйскіх, каб яны памаглі яму,

17 бо Ідумэяне і яшчэ прыходзілі, і многіх пабілі ў Юдэі і ўзялі ў палон:

18 і Філістымляне рассыпаліся па гарадах нізіннага краю і поўдня Юдэі і ўзялі Бэтсаміс і Аялон, і Гедэрот і Сахо і залежныя ад яго гарады, і Тымну і залежныя ад яе гарады, і Гімзо і залежныя ад яго гарады, і пасяліліся там.

19 Так прынізіў Гасподзь Юдэю за Ахаза, цара Юдэйскага, таму што ён разбэсьціў Юдэю і цяжка грашыў прад Госпадам.

20 І прыйшоў да яго Тэглафэласар, цар Асірыйскі, але быў цяжарам яму, замест таго, каб памагчы яму,

21 бо Ахаз узяў скарбы з дома Гасподняга і дома царскага і ў князёў і аддаў цару Асірыйскаму, але не ў дапамогу сабе.

22 І ў цяжкі для сябе час ён і далей учыняў беззаконна прад Госпадам, ён - цар Ахаз.

23 І прыносіў ён ахвяры багам Дамаскім, думаючы, што яны пабівалі яго, і казаў: багі цароў Сірыйскіх дапамагаюць ім; прынясу я ахвяру ім, і яны дапамогуць мне. Але яны былі на заняпад яму і ўсяму Ізраілю.

24 І сабраў Ахаз посуд дома Божага, і пабіў посуд дома Божага, і замкнуў дзьверы дома Гасподняга, і зладзіў сабе ахвярнікі па ўсіх кутах у Ерусаліме,

25 і па ўсіх гарадах Юдавых зладзіў вышыні для дымленьня багам іншым, і раздражняў Госпада Бога бацькоў сваіх.

26 Астатнія дзеі яго і ўсе ўчынкі яго, першыя і апошнія, апісаны ў кнізе цароў Юдэйскіх і Ізраільскіх.

27 І спачыў Ахаз з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе, у Ерусаліме, але ня ўнесьлі яго ў магільніцы цароў Ізраілевых. І зацараваў Эзэкія, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 29

 

1 Эзэкія зацараваў у дваццаць пяць гадоў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці яго Авія, дачка Захара.

2 І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх гэтак сама, як рабіў Давід, бацька ягоны.

3 У першы год валадараньня свайго, у першы месяц, ён адчыніў дзьверы дома і аднавіў іх,

4 і загадалі прыйсьці сьвятарам і лявітам, і сабраў іх на пляцы ўсходнім,

5 і сказаў ім: паслухайе мяне, лявіты. Сёньня асьвяцецеся самі і асьвяцеце дом Госпада Бога бацькоў вашых, і выкіньце нячыстае са сьвятыні.

6 Бо бацькі нашыя рабілі беззаконна, і рабілі незаўгоднае ў вачах Госпада Бога нашага, і пакінулі Яго, і адвялі яны твары свае ад жытлішча Гасподняга, і павярнуліся сьпінаю,

7 і замкнулі дзьверы бабінца, і патушылі сьвяцільні, і не палілі дымленьня, і ня ўзносілі цэласпаленьняў у сьвятыні Бога Ізраілевага.

8 І быў гнеў Госпада на Юдэю і на Ерусалім, і Ён аддаў іх на ганьбу, на спусташэньне і на пасьмешышча, як вы бачыце на вочы вашыя.

9 І вось загінулі бацькі нашыя ад меча, а сыны нашыя і дочкі нашыя і жонкі нашыя за гэта ў палоне дагэтуль.

10 Цяпер у мяне на сэрцы - заключыць запавет з Госпадам Богам Ізраілевым, хай ухіліць ад нас полымя гневу Свайго.

11 Дзеці мае, ня будзьце неахайныя, бо вас выбраў Гасподзь стаяць прад абліччам Ягоным і быць у Яго службітамі і запальвачамі дымленьня.

12 І ўсталі лявіты: Махат, сын Амасая, і Ёэль, сын Азарыі, з сыноў Каатавых; і з сыноў Мэрарыных; Кіс, сын Аўдыя, і Азарыя, сын Егалелела; і з племя Гірсонавага: Ёах, сын Зімы, і Элдэн, сын Ёаха;

13 і з сыноў Эліцафанавых: Шымры і Еэл; і з сыноў Асафавых: Захар і Матанія;

14 і з сыноў Эманавых: Ехіэл і Шымэй; і з сыноў Ідытунавых: Шэмая і ўзіел.

15 Яны сабралі братоў сваіх і асьвяціліся, і пайшлі па загадзе цара ачышчаць дом Гасподні па словах Госпада.

16 І ўвайшлі сьвятары ўсярэдзіну дома Гасподняга дзеля ачышчэньня, і вынесьлі ўсё нячыстае, што знайшлі ў храме Гасподнім, на двор дома Гасподняга, а лявіты ўзялі гэта, каб вынесьці прэч да патока Кедрона.

17 І пачалі ачышчаць у першы дзень першага месяца, і ў восьмы дзень таго самага месяца ўвайшлі ў бабінец Гасподні; і асьвячалі дом Гасподні восем дзён, а на шаснаццаты дзень першага месяца закончылі.

18 І прыйшлі ў дом да цара Эзэкіі і сказалі: мы ачысьцілі дом Гасподні, і ахвярнік для цэласпаленьняў, і ўвесь посуд яго, і стол для пакладных хлябоў, і ўвесь посуд яго;

19 і ўвесь посуд, які занядбаў цар Ахаз у час валадараньня свайго, у беззаконьні сваім, мы падрыхтавалі і асьвяцілі, і вось ён перад ахвярнікам Гасподнім.

20 І ўстаў цар Эзэкія з самага рана і сабраў начальнікаў горада, і пайшоў у дом Гасподні.

21 І прывялі сем цялят і сем бараноў, і сем ягнят і сем казлоў на ахавяру за грэх царства і за сьвятыню і за Юдэю; і загадаў ён сынам Ааронавым, сьвятарам, узьнесьці цэласпаленьне на ахвярнік Гасподні.

22 І закалолі цялят, і ўзялі сьвятары кроў, і акрапілі ахвярнік, і закалолі бараноў, і акрапілі крывёю ахвярнік, і закалолі ягнят, і акрапілі крывёю ахвярнік.

23 І прывялі казлоў за грэх перад аблічча цара і сходу, і яны ўсклалі рукі свае на іх.

24 І закалолі іх сьвятары, і ачысьцілі крывёю іхняй ахвярнік для загладжваньня грахоў усяго Ізраіля, бо за ўсяго Ізраіля загадаў цар прынесьці цэласпаленьне і ахвяру за грэх.

25 І паставіў ён лявітаў у доме Гасподнім з кімваламі, псалтырамі і цытрамі, па статуце Давіда і Гада, празорліўца царовага, і Натана прарока, бо ад Госпада быў статут гэты праз прарокаў Ягоных.

26 І сталі лявіты з музычнымі спарудамі Давідавымі і сьвятары з трубамі.

27 І загадаў Эзэкія ўзьнесьці цэласпаленьне на ахвярнік. І ў той час, як пачалося цэласпаленьне, пачалося сьпяваньне Госпаду, пад гукі труб і спарудаў Давіда, цара Ізраілевага.

28 І ўвесь сход маліўся, і сьпевакі сьпявалі, і трубілі трубы, пакуль не закончылася цэласпаленьне.

29 Пасьля заканчэньня цэласпаленьня, цар і ўсе, хто быў пры ім, укленчылі і пакланіліся.

30 І сказаў цар Эзэкія і князі лявітам, каб яны славілі Госпада словамі Давіда і Асафа празорліўца, і яны славілі з радасьцю, і кленчылі і кланяліся.

31 І Эзэкія сказаў далей: цяпер вы прысьвяцілі сябе Госпаду; прыступайце і прыносьце ахвяры і падзякавальныя прынашэньні ў дом Гасподні. І панёс сход ахвяры і падзякавальныя прынашэньні, і кожны, хто прыхільны быў сэрцам, - цэласпаленьні.

32 І быў лік цэласпаленьняў, якія прывёў сход: семдзесят валоў, сто бараноў, дзьвесьце ягнят - усё гэта на цэласпаленьне Госпаду.

33 Іншых сьвяшчэнных ахвяраў было: шасьцьсот з буйнога быдла і тры тысячы з дробнага быдла.

34 Але сьвятароў было мала, і яны не маглі зьдзіраць скуру з усіх цэласпаленьняў, і дапамагалі ім браты іхнія лявіты, да заканчэньня справы і пакуль асьвяціліся іншыя сьвятары, бо лявіты былі больш старанныя ў асьвячэньні сябе, чым сьвятары.

35 Прытым цэласпаленьняў было мноства з тлушчам і мірных ахвяраў і з паліваньнем пры цэласпаленьні. Так адноўдена служэньне ў доме Гасподнім.

36 І радаваўся Эзэкія і ўвесь народ за тое, што Бог так схіліў народ, бо гэта ўчынілася неспадзявана.

 

Разьдзел 30

 

1 І паслаў Эзэкія па ўсёй зямлі Ізраільскай і Юдэі, і лісты пісаў Яфрэму і Манасіі, каб прыйшлі ў дом Гасподні, у Ерусалім, дзеля ўчыненьня пасхі Госпаду Богу Ізраілеваму.

2 І пастанавіў на радзе цар і князі ягоныя і ўвесь сход у Ерусаліме - учыніць пасху ў другім месяцы,

3 бо не маглі ўчыніць яе сваім часам, бо сьвятары яшчэ не асьвяціліся ў дастатковай колькасьці і народ не сабраўся ў Ерусалім.

4 І спадабалася гэта цару і ўсяму сходу.

5 І пастанавілі абвясьціць па ўсім Ізраілі, ад Вірсавіі да Дана, каб ішлі ў Ерусалім для ўчыненьня пасхі Госпаду Богу Ізраілеваму, бо даўно ня ўчынялі яе, як прадпісана.

6 І пайшлі ганцы зь лістамі ад цара і ад князёў па ўсёй зямлі Ізраільскай і Юдэі, і па загадзе цара казалі: дзеці Ізраіля, навярнецеся да Госпада Бога Абрагама, Ісака і Ізраіля, і Ён павернецца да рэшты, ацалелай у вас ад рукі цароў Асірыйскіх.

7 І ня будзьце такія, як бацькі вашыя і браты вашыя, якія беззаконна дзеялі прад Госпадам Богам бацькоў сваіх; і Ён аддаў іх на спусташэньне, як вы бачыце.

8 Цяпер ня будзьце цвёрдахрыбетныя, як бацькі вашыя, скарэцеся Госпаду і прыходзьце ў сьвятыню Ягоную, якую Ён асьвяціў навек: і служэце Госпаду Богу вашаму, і Ён адверне ад вас полымя гневу Свайго.

9 Калі вы навернецеся да Госпада, тады браты вашыя і дзеці вашыя будуць у літасьці ў тых, што паланілі іх, і вернуцца на зямлю гэтую, бо добры і міласэрны Гасподзь Бог ваш і не адверне аблічча ад вас, калі вы зьвернецеся да Яго.

10 І хадзілі ганцы з горада ў горад па зямлі Яфрэмавай і Манасіінай і да Завулонавай, але зь іх сьмяяліся і зьдзекаваліся.

11 Аднак некаторыя з племя Асіравага, Манасіінага і Завулонавага зьмірыліся і прыйшлі ў Ерусалім.

12 І над Юдэяю была рука Божая, якая даравала ім адзінае сэрца, каб выканаць загад цара і князёў, па слове Гасподнім.

13 І сабралася ў Ерусаліме мноства народу для ўчыненьня сьвята праснакоў, у другі месяц, - сход вельмі шматлюдны.

14 І ўсталі і скінулі ахвярнікі, якія былі ў Ерусаліме; і ўсё, на чым учынялася дымленьне ідалам, разбурылі і кінулі ў паток Кедрон;

15 і закалолі пасхальнае ягня на чатырнаццаты дзень другога месяца. Сьвятары і лявіты пасаромеўшыся асьвяціліся і прынесьлі цэласпаленьні ў дом Гасподні,

16 і пачалі на сваім месцы паводле статуту свайго, паводле закона Майсея, чалавека Божага. Сьвятары крапілі крывёю з рук лявітаў.

17 А як многа было на сходзе такіх, якія не асьвяціліся, дык замест нячыстых лявіты закалолі пасхальнае ягня для прысьвячэньня Госпаду.

18 Многія з народу, найбольш з калена Яфрэмавага і Манасіінага, Ісахаравага і Завулонавага, не ачысьціліся; аднак яны елі пасху, не паводле статуту.

19 Але Эзэкія памаліўся за іх, кажучы: Гасподзь добры хай даруе кожнаму, хто прыхіліў сэрца сваё да таго, каб знайсьці Госпада Бога, Бога бацькоў сваіх, хоць і без ачышчэньня сьвятога̀

20 І пачуў Гасподзь Эзэкію і дараваў народу.

21 І ўчынілі сыны Ізраілевыя, якія былі ў Ерусаліме, сьвята праснакоў на сем дзён, зь вялікай весялосьцю, кожны дзень лявіты і сьвятары славілі Госпада на спарудах, зробленых дзеля славаслаўленьня Госпада.

22 І гаварыў Эзэкія па сэрцы ўсім лявітам, якія мелі добрае разуменьне ў служэньні Госпаду. І елі сьвяточнае сем дзён, прыносячы ахвяры мірныя і славячы Госпада Бога бацькоў сваіх.

23 І рашыў увесь сход сьвяткаваць другія сем дзён, і правялі гэтыя сем дзён у весялосьці,

24 бо Эзэкія, цар Юдэйскі, выставіў сходу тысячу цялят і дзесяць тысяч дробнага быдла, і вяльможы выставілі сходу тысячу цялят і дзесяць тысяч дробнага быдла; і сьвятароў асьвяцілася ўжо многа.

25 І весяліўся ўвесь сход зь Юдэі, і сьвятары і лявіты, і ўвесь збор, што прыйшлі ад Ізраіля, і прыхадні, і тыя што прыйшлі зь зямлі Ізраільскай і што жылі ў Юдэі.

26 І была весялосьць вялікая ў Ерусаліме, бо зь дзён Саламона, сына Давідавага, цара Ізраілевага, ня бывала падобнага на гэты ў Ерусаліме.

27 І ўсталі сьвятары і лявіты, і дабраславілі народ; і пачуты быў голас іх, і ўзышла малітва іхняя ў сьвятое жытлішча Яго на нябёсы.

 

Разьдзел 31

 

1 Пасьля заканчэньня ўсяго гэтага, пайшлі ўсе Ізраільцяне, якія былі там, у гарады Юдэйскія і разьбілі статуі, пасеклі прысьвечаныя дрэвы, і разбурылі вышыні і ахвярнікі ва ўсёй Юдэі і ў зямлі Веньямінавай, Яфрэмавай і Манасіінай, да канца. І потым вярнуліся ўсе сыны Ізраілевыя, кожны ў валоданьне сваё, у гарады свае.

2 І паставіў Эзэкія чэргі сьвятароў і лявітаў, па іх разьмеркаваньні, кожнага пры справе сваёй ягонай сьвятарскай ці лявіцкай, пры цэласпаленьні і пры ахвярах мірных, для службы, для хваленьня і славаслоўя, каля брамаў дома Гасподняга.

3 І вызначыў цар частку з маёмасьці сваёй на цэласпаленьне: на цэласпаленьні ранішнія і вячэрнія, і на цэласпаленьні ў суботы і ў новыя месяцы, і ў сьвяты, як напісана ў законе Гасподнім.

4 І загадаў ён народу, які жыў у Ерусаліме, даваць пэўнае ўтрыманьне сьвятарам і лявітам, каб яны былі руплівыя ў законе Гасподнім.

5 Калі быў абнародаваны гэты загад, тады сыны Ізраілевыя назносілі многа пачаткаў хлеба, віна, і алею, і мёду, і ўсякіх утвораў палявых; і дзесяцін з усяго паназносілі мноства.

6 І Ізраільцяне і Юдэі, якія жылі па гарадах Юдэйскіх, таксама прадстаўнікі дзесяціны з буйнога і дробнага быдла і дзесяціны з ахвяраваньняў, прысьвечаных Госпаду Богу іхняму; і наклалі груды, груды.

7 У трэці месяц пачалі класьці груды, і ў сёмы месяц кончылі.

8 І прыйшлі Эзэкія і вяльможы, і ўбачылі груды, і дзякавалі Госпаду і народу Яго Ізраіля.

9 Я спытаў у Эзэкіі, сьвятароў і лявітаў пра гэтыя груды.

10 І адказваў яму Азарыя першасьвятар з дома Садокавага і сказаў: з таго часу, як пачалі насіць прынашэньні ў дом Госпада, мы елі ўдосыць, і многае засталося, бо Гасподзь дабраславіў народ Свой. З пазасталага склалася такое мноства.

11 І загадаў Эзэкія падрыхтаваць пакоі пры доме Гасподнім. І падрыхтавалі.

12 І перанесьлі туды прынашэньні і дзесяціны і ахвяраваньні, з усёй дакладнасьцю. І быў начальнікам пры іх Хананія лявіт, і Сімэй, брат ягоны, другім.

13 А Ехііл і Азазія, і Нахат і Асаіл, і Ерымот і Ёзавад, і Эліел і Ісмахія, і Махат і Бэнанія былі наглядчыкамі пад рукою Хананіі і Сімэя, брата ягонага, па распараджэньні цара Эзэкіі і Азарыі, начальніка пры доме Божым.

14 Карэ, сын Імны, лявіт, брамнік на ўсходнім баку, быў пры дабравольных прынашэньнях Богу, для выдачы прынесенага Богу і важнейшых з рэчаў прынесеных.

15 І пад яго веданьнем былі Эдэн і Мініямін, і Ешуа і Шэмая, і Амарыя і Шэханія ў гарадах сьвятарскіх, каб правільна раздаваць братам сваім часткі, як большаму, так і малому,

16 звыш сьпіса іхняга, усім мужчынскага полу ад трох гадоў і вышэй, усім, хто ходзіць у дом Госпада дзеля дзеяў штодзённых, дзеля служэньня іх, паводле пасадаў іхніх і паводле аддзелаў іхніх

17 і ўнесеным у сьпіс сьвятарам, паводле пакаленьняў іх і лявітам ад дваццаці гадоў і вышэй, паводле пасадаў іхніх, паводле аддзелаў іх,

18 і ўнесеным у сьпіс, з усімі малалетнімі іх, з жонкамі іхнімі і з сынамі іхнімі і з дочкамі іхнімі, - усяму супольству, бо яны зь вернасьцю прысьвяцілі сябе сьвяшчэннай службе.

19 І для сыноў Ааронавых, сьвятароў у селішчах вакол гарадоў іхніх, пры кожным горадзе пастаўлены былі мужы памянёныя, каб раздаваць участкі ўсім мужчынскага полу ў сьвятароў і ўсім унесеным у сьпіс у лявітаў.

20 Вось, што зрабіў Эзэкія ва ўсёй Юдэі, - і ён рабіў добрае, і справядлівае, і праўдзівае прад абліччам Госпада Бога свайго.

21 І ва ўсім, што ён прадпрымаў на служэньне дому Божаму і дзеля захаваньня закона і запаведзяў, думаючы пра Бога свайго, ён дзейнічаў ад усяго сэрца свайго і меў посьпех.

 

Разьдзел 32

 

1 Пасьля такіх дзеяў і вернасьці прыйшоў Сэнахірым, цар Асірыйскі, і ўступіў у Юдэю і аблажыў умацаваныя гарады, і думаў адарваць іх сабе.

2 Калі Эзэкія ўбачыў, што прыйшоў Сэнахірым з намерам ваяваць супроць Ерусаліма,

3 тады рашыў з князямі сваімі і з ваеннымі людзьмі сваімі засыпаць крыніцы вады, якія па-за горадам, і тыя дапамаглі яму.

4 І сабралася мноства народу, і засыпалі ўсе крыніцы і паток, які працякаў па краіне, кажучы: хай ня знойдуць цары Асірыйскія, прыйшоўшы сюды, многа вады.

5 І падбадзёрыўся ён, і аднавіў усю абваленую сьцяну, і падняў яе да вежы, і звонку паставіў другую сьцяну, і ўмацаваў Міло ў горадзе Давідавым, і нарыхтаваў мноства зброі і шчытоў.

6 І паставіў ваеначальнікаў над народам, і сабраў іх да сябе на пляц каля гарадское брамы, і гаварыў да сэрца іхняга, і сказаў:

7 будзьце цвёрдыя і мужныя, ня бойцеся і не палохайцеся цара Асірыйскага і ўсяго мноства, якое зь ім, бо з намі больш, чым зь ім;

8 зь ім сіла плоцкая, а з намі Гасподзь Бог наш, каб дапамагаць нам і змагацца на вежах нашых. І падмацаваўся народ словамі Эзэкіі, цара Юдэйскага.

9 Пасьля гэтага паслаў Сэнахірым, цар Асірыйскі, рабоў сваіх у Ерусалім, - сам ён стаяў супроць Лахіса, і ўся сіла ягоная зь ім, - да Эзэкіі, цара Юдэйскага, і да ўсіх Юдэяў, якія ў Ерусаліме, сказаць:

10 так кажа Сэнахірым, цар Асірыйскі: на што вы спадзеяцеся і сядзіце ў крэпасьці Ерусаліме?

11 І ці ня зводзіць вас з тропу Эзэкія, каб аддаць вас сьмерці з голаду і смагі, кажучы: Гасподзь Бог наш уратуе нас ад рукі цара Асірыйскага?

12 Ці ня гэты Эзэкія разбурыў вышыні ягоныя і ахвярнікі ягоныя і сказаў Юдэі і Ерусаліму: перад ахвярнікам адзіным пакланяйцеся і на ім учыняйце дымленьні?

13 Хіба вы ня ведаеце, што зрабіў я і бацькі мае з усімі народамі земляў? Ці маглі багі народаў зямных выратаваць зямлю сваю ад рукі маёй?

14 Хто з усіх багоў народаў, зьнішчаных бацькамі маімі, мог выратаваць народ свой ад рукі маёй? Як жа можа ваш Бог уратаваць вас ад рукі маёй?

15 І цяпер хай ня зводзіць вас Эзэкія і ня ўхіляе вас такім чынам: ня верце яму: калі ня меў сілы ніводзін бог ніводнага народу і царства выратаваць народ свой ад рукі маёй і ад рукі бацькоў маіх, дык і ваш Бог ня выратуе вас ад рукі маёй.

16 І яшчэ шмат чаго гаварылі рабы ягоныя супроць Госпада Бога і супроць Эзэкіі, раба Ягонага.

17 І лісты пісаў ён, у якіх ганіў Госпада Бога Ізраілевага і гаварыў супроць Яго такія словы: як багі народаў зямных ня выратавалі народаў сваіх ад рукі маёй, так Бог Эзэкіі ня выратуе народу Свайго ад рукі маёй.

18 І крычалі гучным голасам на Юдэйскай мове да народу Ерусалімскага, які быў на сьцяне, каб запалохаць яго і настрашыць яго і ўзяць горад.

19 І гаварылі пра Бога Ерусаліма, як пра багоў народаў зямлі, - выраб рук чалавечых.

20 І памаліўся цар Эзэкія і Ісая, сын Амосаў, прарок, і залямантавалі да неба.

21 І паслаў Гасподзь анёла, і ён вынішчыў усіх адважных і галоўнага начальніка і начальнікаў у войску цара Асірыйскага. І вярнуўся ён з сорамам у зямлю сваю; і калі прыйшоў у дом бога свайго, выхадні сьцёгнаў яго забілі яго там мечам.

22 Так уратаваў Гасподзь Эзэкію і жыхароў Ерусаліма ад рукі Сэнахірыма, цара Асірыйскага, і ад рукі ўсіх і аберагаў іх адусюль.

23 Тады многія прыносілі дарункі Госпаду ў Ерусалім і дарагія рэчы Эзэкію, цару Юдэйскаму. І ён узьвялічыўся пасьля гэтага ў вачах усіх народаў.

24 У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна. І памаліўся Госпаду, і Ён пачуў яго і даў яму азнаку.

25 Але не аддаў Эзэкія за ўчыненыя яму дабрадзействы, бо заганарылася сэрца ягонае. І быў на яго гнеў Божы і на Юдэю і на Ерусалім.

26 Але калі ўпакорыўся Эзэкія ў ганарыстасьці сэрца свайго, - сам і жыхары Ерусаліма, дык ня прыйшоў на іх гнеў Гасподні ў дні Эзэкіі.

27 І было ў Эзэкіі багацьця і славы вельмі многа, і сховішча ён зрабіў у сябе пад срэбра і золата і камяні каштоўныя, і пад пахошчы і шчыты і пад усякі каштоўны посуд;

28 і кладоўкі пад усе ўтворы зямлі, хлеб, віно і алей, і стойлы ўсякаму быдлу, і двары для статкаў.

29 І гарады пабудаваў сабе. І статкаў дробнага і буйнога быдла было ў яго мноства, бо даў яму Бог даволі вялікую маёмасьць.

30 А ён, Эзэкія, замкнуў верхні праток водаў Геона і правёў іх уніз да заходняга боку горада Давідавага. І дзеяў пасьпяхова Эзэкія ў кожнай справе сваёй.

31 Толькі пры паслах цароў Вавілонскіх, якія прысылалі да яго спытацца пра азнаку, якая была на зямлі, пакінуў Яго Бог, каб выпрабаваць яго і адкрыць усё, што ў яго на сэрцы.

32 Астатнія дзеі Эзэкіі і дабрачынствы ягоныя апісаны ў відзежах Ісаі, сына Амосавага, прарока, і ў кнізе цароў Юдэйскіх і Ізраільскіх.

33 І спачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго над магільніцамі сыноў Давідавых, і ўшанаваньні яму зрабілі пасьля сьмерці ягонай ўсе Юдэі і жыхары Ерусаліма. І зацараваў Манасія, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 33

 

1 Дванаццаць гадоў было Манасіі, калі зацараваў, і пяцьдзясят пяць валадарыў у Ерусаліме,

2 і рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых,

3 і зноў зладзіў вышыні, якія разбурыў Эзэкія, бацька ягоны, і паставіў ахвярнікі Ваалам, і ўладзіў дубровы, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму;

4 і спарудзіў ахвярнікі ў доме Гасподнім, пра які сказаў Гасподзь: у Ерусаліме будзе імя Маё вечна;

5 і спарудзіў ахвярнікі ўсяму войску нябеснаму на абодвух дварах дома Гасподняга.

6 А ён правёў сыноў сваіх праз агонь у даліне сына Эномавага, і гадаў, і варажыў, і чараваў, і назначыў закліначоў і чараўнікоў: многа рабіў ён незаўгоднага ў вачах Госпада, для гневу Яго.

7 І паставіў разьбёнага ідала, якога зрабіў, у доме Божым, пра якога і казаў Бог Давіду і Саламону, сыну ягонаму: у доме гэтым і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых, Я пакладу імя Маё навек;

8 і ня дам наперад выступіць назе Ізраіля зь зямлі гэтай, якую Я замацаваў за бацькамі іхнімі, калі толькі яны будуць старацца выконваць усё, што Я наказаў ім, паводле ўсяго закона і пастановаў і загадаў, дадзеных рукою Майсея.

9 Але Манасія давёў Юдэю і жыхароў Ерусаліма да таго, што яны рабілі горш за тыя народы, якіх вынішчыў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.

10 І гаварыў Гасподзь Манасіі і народу яго, але яны ня слухалі.

11 І прывёў Гасподзь на іх ваеначальнікаў цара Асірыйскага, і закавалі яны Манасію ў кайданы і закавалі яго ланцугамі, і зьвялі яго ў Вавілон.

12 І ва ўціску сваім пачаў ён умольваць Госпада Бога свайго і глыбока ўпакорыўся прад Богам бацькоў сваіх.

13 І памаліўся Яму, і Бог схіліўся да яго і пачуў малітву ягоную, і вярнуў яго ў Ерусалім на царства ягонае. І даведаўся Манасія, што Гасподзь ёсьць Бог.

14 І пасьля таго пабудаваў зьнешнюю сьцяну горада Давідавага, на заходнім баку Геона, па лагчыне і да ўваходу ў рыбную браму, і правёў яе вакол Афэла і высока падняў яе. І паставіў ваеначальнікаў па ўсіх умацаваных гарадах у Юдэі,

15 і скінуў чужаземных багоў і ідалаў з дома Гасподняга, і ўсе капішчы, якія спарудзіў на гары дома Гасподняга ў Ерусаліме, і выкінуў іх за горад.

16 І аднавіў ахвярнік Гасподні і прынёс на ім ахвяры мірныя і хвалебныя, і сказаў Юдэям, каб яны служылі Госпаду Богу Ізраілеваму.

17 Але народ яшчэ прыносіў ахвяры на вышынях, хоць і Госпаду Богу свайму.

18 Астатнія дзеі Манасіі, і малітва яго да Бога свайго, і словы празорліўцаў, якія гаварылі зь ім імем Госпада Бога Ізраілевага, яны ў запісах цароў Ізраілевых.

19 І малітва ягоная, і тое, што Бог схіліўся да яго, і ўсе грахі ягоныя і беззаконьні ягоныя, і месцы, на якіх ён пабудаваў вышыні і паставіў выявы Астарты і балванаў, да таго як упакорыўся, апісаны ў запісах Хазая.

20 І спачыў Манасія з бацькамі сваімі і пахавалі яго ў доме ягоным. І зацараваў Амон, сын ягоны, замест яго.

21 Дваццаць два гады было Амону, калі зацараваў, і два гады валадарыў у Ерусаліме,

22 і рабіў незаўгоднае ў вачах Гасподніх так, як рабіў Манасія, бацька ягоны; і ўсім балванам, якіх зрабіў Манасія, бацька ягоны, прыносіў Амон ахвяры і служыў ім.

23 І не ўпакорыўся прад абліччам Гасподнім, як упакорыўся Манасія, бацька ягоны; наадварот, Амон памножыў свае грахі.

24 І склалі супроць яго змову слугі ягоныя і забілі яго ў доме ягоным.

25 Але народ зямлі перабіў усіх, што былі ў змове супраць цара Амона, і паставіў народ зямлі царом Ёсію, сына ягонага, замест яго.

 

Разьдзел 34

 

1 Восем гадоў было Ёсіі, калі ён зацараваў, і трыццаць адзін год валадарыў у Ерусаліме,

2 і рабіў ён спадобнае ў вачах Гасподніх, і хадзіў шляхамі Давіда, бацькі свайго, і ня ўхіляўся ні налева, ні направа.

3 На восьмым годзе валадараньня свайго, яшчэ калі быў хлопчыкам, ён пачаў прыходзіць да Бога Давіда, бацькі свайго, а на дванаццатым годзе пачаў ачышчаць Юдэю і Ерусалім ад вышыняў і прысьвечаных дрэў і ад разьбёных і літых куміраў.

4 І разбурылі перад абліччам ягоным ахвярнікі Ваалаў і статуі, якія ўзвышаліся над імі; і прысьвечаныя дрэвы ён сьсек, і разьбёныя літыя куміры паламаў і пабіў у пыл, і рассыпаў па магілах тых, якія прыносілі ім ахвяры,

5 і косьці жрацоў спаліў на ахвярніках іхніх, і ачысьціў Юдэю і Ерусалім,

6 і ў гарадах Манасіі і Яфрэма і Сімяона, да калена Нэфталімавага, і ў спустошаных ваколіцах іх

7 ён разбурыў ахвярнікі і прысьвечаныя дрэвы, і куміры разьбіў у пыл, і ўсе статуі пакрышыў і па ўсёй зямлі Ізраільскай, і вярнуўся ў Ерусалім.

8 На васямнаццатым годзе цараваньня свайго, пасьля ачышчэньня зямлі і дома Божага, ён паслаў Шафана, сына Ацаліі, і Маасэю начальніка горада і Ёаха, сына Ёахазавага, дзеяпісальніка, аднавіць дом Госпада Бога свайго.

9 І прыйшлі яны да Хэлкіі першасьвятара і аддалі срэбра, прынесенае ў дом Божы, якое лявіты, якія стаяць на варце каля парога, сабралі з рук Манасіі і Яфрэма, і ўсіх іншых Ізраільцянаў, і ад усяго Юды і Веньяміна і ад жыхароў Ерусаліма,

10 і аддалі ў рукі майстрам работ, што прыстаўленыя да дома Гасподняга, каб яны раздавалі яго работнікам, якія працуюць у доме Гасподнім на папраўленьні і аднаўленьні дома.

11 І яны раздавалі цесьлярам і будаўнікам на куплю часанага каменю і дрэва на зьвязь і пакрыцьцё будынкаў, якія спустошылі цары Юдэйскія.

12 Людзі гэтыя дзеялі сумленна ў працы, і дзеля нагляду над імі былі пастаўлены Яхат і Авадыя, лявіты з сыноў Мэрарыных, і Захар і Мэшулам з сыноў Каатавых, і ўсе лявіты, якія ўмелі граць на музычных спарудах.

13 Яны ж былі прыстаўнікамі над насільшчыкамі і назіралі за ўсімі работнікамі ў кожнай працы; а зь лявітаў былі і пісцы, і наглядчыкі, і брамнікі.

14 Калі яны вымалі срэбра, прынесенае ў дом Гасподні, тады Хэлкія сьвятар знайшоў кнігу закона Гасподняга, дадзеную рукою Майсея.

15 І пачаў Хэлкія, і сказаў Шафану пісцу: кнігу закона знайшоў я ў доме Гасподнім. І падаў Хэлкія тую кнігу Шафану.

16 І панёс Шафан кнігу да цара, і прынёс пры гэтым цару вестку: усё, што даручана рабам тваім, яны робяць;

17 і высыпалі срэбра, знойдзенае ў доме Гасподнім і перадалі яго ў рукі прыстаўнікам і ў рукі майстрам работ.

18 І данёс Шафан пісец цару, кажучы: кнігу даў мне Хэлкія сьвятар. І чытаў яе Шафан перад царом.

19 Калі пачуў цар слова закона, дык падраў вопратку на сабе.

20 І даў цар загад Хэлкію і Ахікаму, сыну Шафанаваму, і Аўдону, сыну Міхея, і Шафану пісцу, і Асаю, слузе царскаму, кажучы:

21 ідзеце, папрасеце Госпада за мяне і за пазасталых у Ізраіля і за Юду пра словы гэтай знойдзенай кнігі, бо вялікі гнеў Госпада, які загарэўся на нас за тое, што не захоўвалі бацькі нашыя слова Гасподняга, каб дзеяць паводле ўсяго напісанага ў кнізе гэтай.

22 І пайшоў Хэлкія і тыя, якія ад цара, да Алданы прарочыцы, жонкі Шалума, сына Таўкегата, сына Хасры, захавальніка вопраткі, - а жыла яна ў другой частцы Ерусаліма, - і гаварылі зь ёю пра гэта.

23 І яна сказала ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: скажэце таму чалавеку, які паслаў вас да мяне,

24 так кажа Гасподзь: вось Я навяду бедства на месца гэтае і на жыхароў яго ўсе праклёны, напісаныя ў кнізе, якую чыталі перад абліччам цара Юдэйскага,

25 за тое, што яны пакінулі Мяне і дымілі багам іншым, каб гнявіць Мяне ўсімі дзеямі рук сваіх. І гнеў Мой загарыцца над месцам гэтым і не патухне.

26 І цару Юдэйскаму, які паслаў вас папытацца ў Госпада, дык скажэце: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў пра словы, якія ты чуў:

27 таму што зьмягчылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся прад Богам, пачуўшы словы Ягоныя пра месца гэтае і пра жыхароў яго, - і ты ўпакорыўся прад Мною, і падраў вопратку на сабе, і плакаў прад Мною, дык і Я пачуў цябе, кажа Гасподзь.

28 Вось Я прыкладу цябе да бацькоў тваіх, і пакладзены будзеш у магільніцу тваю ў міры, і ня ўбачаць вочы твае ўсяго таго бедства, якое Я навяду на месца гэтае і на жыхароў яго. І прынесьлі цару адказ.

29 І паслаў цар, і сабраў усіх старэйшын Юдэі і Ерусаліма,

30 і пайшоў цар у дом Гасподні, і зь ім усе Юдэі і жыхары Ерусаліма, і сьвятары і лявіты, і ўвесь народ, ад вялікага да малога; і ён прачытаў уголас ім усе словы кнігі запавета, знойдзенай у доме Гасподнім.

31 І стаў цар на месцы сваім, і заключыў запавет прад абліччам Госпада сьледаваць Госпаду і захоўваць запаведзі Ягоныя і адкрыцьці Ягоныя і пастановы Ягоныя ад усяго сэрца свайго і ад усёй душы сваёй, какб выканаць словы запавету, напісаныя ў кнізе гэтай.

32 І загадаў цар пацьвердзіць гэта ўсім, хто быў у Ерусаліме і ў зямлі Веньямінавай; і пачалі дзеяць жыхары Ерусаліма паводле запавета Бога, Бога бацькоў сваіх.

33 І выкінуў Ёсія ўсе мярзоты з усіх земляў, якія ў сыноў Ізраілевых, і загадаў усім у зямлі Ізраілевай служыць Госпаду Богу свайму. І ва ўсе дні жыцьця ягонага яны не адступаліся ад Госпада Бога бацькоў сваіх.

 

Разьдзел 35

 

1 І ўчыніў Ёсія ў Ерусаліме пасху Госпаду, і закалолі пасхальнае ягня ў чатырнаццаты дзень першага месяца.

2 І паставіў ён сьвятароў на месцах іхніх, і падбадзёрваў іх на служэньне ў доме Гасподнім;

3 і сказаў лявітам, настаўнікам усіх Ізраільцянаў, пасьвечаных Госпаду: пастаўце каўчэг сьвяты ў храме, які пабудаваў Саламон, сын Давідаў, цар Ізраілеў; няма вам патрэбы насіць яго на плячах; служэце цяпер Госпаду Богу нашаму і народу Яго Ізраілю;

4 станьце па пакаленьнях вашых, па чэргах вашых, як прадпісана Давідам, царом Ізраілевым, і як прадпісана Саламонам, сынам ягоным,

5 і стойце ў сьвятыні, паводле разьмеркаваных пакаленьняў у братоў вашых, сыноў народу, і па падзелах пакаленьняў у лявітаў,

6 і закалеце пасхальнае ягня і асьвяцецеся, і згатуйце яго братам вашым, робячы згодна са словам Гасподнім праз Майсея.

7 І даў Ёсія ў дарунак сынам народу, усім хто там, з дробнага быдла ягнят і казлоў маладых, усё дзеля ахвяры пасхальнай, лікам трыццаць тысяч і тры тысячы валоў. Гэта з маёмасьці цара.

8 І князі ягоныя па руплівасьці давалі ў дарунак народу, сьвятарам і лявітам: Хэлкія і Захар і Ехііл, начальнікі ў доме Божым, далі сьвятарам для ахвяры пасхальнай дзьве тысячы шасьцьсот авечак, ягнят і казлоў і трыста валоў;

9 і Ханавія і Шэмая і Натанаіл, браты ягоныя, і Хашавія і Еэл і Ёзавад, начальнікі лявітаў, падарылі лявітам для ахвяры пасхальнай авечак пяць тысяч і пяцьсот валоў.

10 Так наладжана было служэньне, і сталі сьвятары на месца сваё і лявіты паводле чародаў сваіх, па загадзе царскім;

11 і закалолі пасхальнае ягня, і крапілі сьвятары крывёю, прымаючы яе з рук лявітаў, а лявіты здымалі скуру;

12 і разьмеркавалі прызначанае на цэласпаленьне, каб раздаць па аддзелах пакаленьняў у сыноў народу, дзеля прынясеньня Госпаду, як напісана ў кнізе Майсеевай. Тое самае зрабілі і з валамі.

13 І сьпяклі пасхальнае ягня на агні, паводле статуту; і сьвяшчэнныя ахвяры згатавалі ў катлах, гаршках і рондлях і сьпешна раздалі ўсяму народу,

14 а пасьля згатавалі сабе і сьвятарам, бо сьвятары, сыны Ааронавыя, прыносілі цэласпаленьні і тлушчы да ночы, таму і гатавалі лявіты сабе і сьвятарам, сынам Ааронавым.

15 І сьпевакі, сыны Асафавыя, заставаліся на месцах сваіх, паводле ўстанаўленьня Давіда і Асафа, і Эмана і Ідытуна празорліўца царскага, і брамнікі ў кожнай браме: і ня было дзеля чаго ім адыходзіць ад служэньня свайго, бо браты іхнія лявіты гатавалі ім.

16 Так зладжана было ўсё служэньне Госпаду ў той дзень, каб учыніць пасху і прынесьці цэласпаленьні на ахвярніку Гасподнім, па загадзе цара Ёсіі.

17 І ўчынялі сыны Ізраілевыя, якія былі там, пасху ў той час і сьвята праснакоў сем дзён.

18 І ня ўчынялася такая пасха ў Ізраіля зь дзён Самуіла прарока; і з усіх цароў Ізраілевых ніводзін ня ўчыняў такой пасхі, якую ўчыніў Ёсія, і сьвятары, і лявіты, і ўсе Юдэі, і Ізраільцяне, якія былі там, і жыхары Ерусаліма.

19 На васямнаццатым годзе валадараньня Ёсіі ўчынена гэтая пасха.

20 Пасьля ўсяго таго, што зрабіў Ёсія ў доме Божым, пайшоў Нэхаа, цар Егіпецкі на вайну да Кархэміса на Еўфраце; і Ёсія выйшаў насустрач яму.

21 І паслаў да яго Нэхаа паслоў сказаць: што мне і табе, цар Юдэйскі? Ня супроць цябе цяпер іду я, а туды, дзе ў мяне вайна. І Бог загадаў мне сьпяшацца; ня супрацівіся Богу, Які са мною, каб Ён не пагубіў цябе.

22 Але Ёсія не адхіліўся ад яго, а падрыхтаваўся, каб біцца зь ім, і не паслухаўся слоў Нэхаа ад аблічча Божага і выступіў на бітву на раўніну Мэгіда.

23 І стрэлілі стралкі ў цара Ёсію, і сказаў цар слугам сваім, выведзіце мяне, бо я цяжка паранены.

24 І зьвялі яго слугі з калясьніцы, і пасадзілі яго на другую павозку, якая была ў яго, і адвезлі яго ў Ерусалім. І памёр ён, і пахаваны ў магільніцах бацькоў сваіх. І ўся Юдэя і Ерусалім аплакалі Ёсію.

25 Аплакаў Ёсію і Ерамія ў песьні жалобнай; і гаварылі ўсе сьпевакі і сьпявачкі пра Ёсію ў жалобных песнях сваіх, вядомых да сёньня, і перадалі іх на ўжытак у Ізраіля; і вось яны ўпісаны ў кнігу жалобных песняў.

26 Іншыя дзеі Ёсіі і дабрачыннасьці ягоныя, згодныя з прадпісаным у законе Гасподнім,

27 і дзеі ягоныя, першыя і апошнія, апісаны ў кнізе цароў Ізраільскіх і Юдэйскіх.

 

Разьдзел 36

 

1 І ўзяў народ зямлі Ёахаза, сына Ёсіінага, і паставілі царом яго, замест бацькі ягонага, у Ерусаліме.

2 Дваццаць тры гады было Ёахазу, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме.

3 І скінуў яго цар Егіпецкі, і наклаў на зямлю яго даніны сто талантаў срэбра і талант золата.

4 І паставіў цар Егіпецкі над Юдэяй і Ерусалімам Эліякіма, брата ягонага, і перамяніў імя ягонае на Ёакіма, а Ёахаза, брата ягонага, узяў Нэхаа і завёў яго ў Егіпет.

5 Дваццаць пяць гадоў было Ёакіму, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. І рабіў ён незаўгоднае ў вачах Госпада Бога свайго.

6 Супроць яго выйшаў Навухаданосар, цар Вавілонскі, і закаваў яго ў кайданы, каб завесьці ў Вавілон.

7 І частку посуду дома Гасподняга перанёс Навухаданосар у Вавілон і паклаў яго ў капішчы сваім у Вавілоне.

8 Іншыя дзеі Ёакіма і мярзоты ягоныя, якія ён рабіў і якія знойдзены ў ім, апісаны ў кнізе цароў Ізраільскіх і Юдэйскіх. І зацараваў Еханія, сын ягоны, замест яго.

9 Васямнаццаць гадоў было Еханіі, калі зацараваў, і тры месяцы і дзесяць дзён валадарыў у Ерусаліме, і рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх.

10 Праз год паслаў цар Навухаданосар і загадаў узяць яго ў Вавілон разам з каштоўным посудам дома Гасподняга, і паставіў царом над Юдэяю і Ерусалімам Сэдэкію, брата ягонага.

11 Дваццаць адзін год было Сэдэкію, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме,

12 і рабіў ён неспадобнае ў вачах Госпада Бога свайго. Ён не ўпакорыўся перад Ераміем прарокам, які прарочыў з вуснаў Гасподніх,

13 і адкалоўся ад цара Навухаданосара, які ўзяў зь яго клятву імем Бога, - і зрабіў упарцістаю шыю сваю і зжарсьцьвіў сэрца сваё да таго, што не зьвярнуўся да Госпада Бога Ізраілевага.

14 Ды і ўсе начальнікі над сьвятарамі і над народам многа грашылі, пераймаючы ўсе мярзоты язычнікаў, і спаганілі дом Госпада, які Ён асьвяціў у Ерусаліме.

15 І пасылаў да іх Гасподзь Бог бацькоў іхніх пасланцаў Сваіх з раньняга рана, бо Ён шкадаваў народ Свой і Сваё жытлішча.

16 Але яны зьдзекаваліся з пасланых ад Бога і заняхайвалі словы Яго, і ганілі прарокаў Ягоных, пакуль ня сышоў гнеў Госпада на народ Ягоны, так што ня было яму ратунку.

17 І Ён навёў на іх цара Халдэйскага, - і той пазабіваў юнакоў іхніх мечам у доме сьвятыні іхняй і не пашкадаваў ні юнака, ні дзяўчыны, ні старога, ні сівога: усё аддаў Бог у руку ягоную.

18 І ўвесь посуд дома Божага, вялікі і малы, і скарбы дома Гасподняга, і скарбы цара і князёў ягоных, усё прынёс ён у Вавілон.

19 І спалілі дом Божы, і разбурылі сьцяну Ерусаліма, і ўсе харомы яго спалілі агнём, і ўсе каштоўнасьці яго зьнішчылі.

20 І перасяліў ён тых, што засталіся, ў Вавілон, і былі яны рабамі яго і сыноў ягоных, да цараваньня цара Персідскага,

21 пакуль, дзеля спраўджаньня слова Гасподняга, сказанага вуснамі Ераміі, зямля не адсьвяткавала суботаў сваіх. Ва ўсе дні запусьценьня яна суботнічала, пакуль ня споўнілася семдзесят гадоў.

22 А на першым годзе Кіра, цара Персідскага, дзеля спраўджаньня слова Гасподняга, сказанага вуснамі Ераміі, абудзіў Гасподзь дух Кіра, цара Персідскага, і ён загадаў абвясьціць па ўсім царстве сваім словамі і пісьмова, і сказаць:

23 так кажа Кір, цар Персідскі: усе царствы зямлі даў мне Гасподзь Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі. Хто ёсьць з вас - з усяго народу Ягонага, Гасподзь Бог яго зь ім, і хай ён туды ідзе.

 

Кніга Эздры

 

Разьдзел 1

 

1 У першы год Кіра, цара Персідскага, дзеля выкананьня слова Гасподняга з вуснаў Ераміі, абудзіў Гасподзь дух Кіра, цара Персідскага; і ён загадаў абвясьціць па ўсім царстве сваім, словамі і пісьмова.

2 так кажа Кір, цар Персідскі: усе царствы зямлі даў мне Гасподзь Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі.

3 Хто ёсьць з вас, з усяго народу Яго, - хай будзе Бог яго зь ім, - і хай ён ідзе ў Ерусалім, што ў Юдэі, і будуе дом Госпада Бога Ізраілевага, таго Бога, Які ў Ерусаліме.

4 А ўсе, што засталіся ва ўсіх месцах, дзе б той ні жыў, хай дапамогуць яму жыхары месца таго срэбрам і золатам і іншай маёмасьцю, і быдлам, з дабраахотным дараваньнем на дом Божы, што ў Ерусаліме.

5 І падняліся ўзначальнікі пакаленьняў Юдавых і Веньямінавых, і сьвятары і лявіты, кожны, у кім абудзіў Бог дух ягоны, каб пайсьці будаваць дом Гасподні, які ў Ерусаліме.

6 І ўсе суседзі іхнія дапамагалі ім срэбным посудам, і золатам, іншай маёмасьцю і быдлам, і дарагімі рэчамі, звыш усякага дабрахотнага дараваньня на храм.

7 І цар Кір вынес посуд дома Гасподняга, які Навухаданосар узяў у Ерусаліме і паклаў у доме бога свайго,

8 і вынес яго Кір, цар Персідскі, рукою Мітрэдата скарбоўца, а ён, палічыўшы, здаў Шэшбацару князю Юдаваму.

9 І вось лік яго: місак залатых трыццаць, місак срэбраных тысяча, нажоў дваццаць дзевяць,

10 чараў залатых трыццаць, чараў срэбраных двайных чатырыста дзесяць, іншага посуду тысяча:

11 усяго посуду, залатога і срэбнага, пяць тысяч чатырыста. Усё гэта ўзяў з сабою Шэшбацар пры адпраўленьні перасяленцаў з Вавілона ў Ерусалім.

 

Разьдзел 2

 

1 Вось сыны краіны з палонных перасяленьня, якіх Навухаданосар, цар Вавілонскі, завёў у Вавілон, якія вярнуліся ў Ерусалім і Юдэю, кожны ў свой горад,

2 якія прыйшлі з Зарававэлем, Ісусам, Нээміем, Сараем, Рээлаем, Мардахэем, Білшанам, Місфарам, Бігваем, Рэхумам, Ваанам. Колькасьць людзей народу Ізраілевага:

3 сыноў Пароша дзьве тысячы сто семдзесят два;

4 сыноў Сафатыі трыста семдзесят два;

5 сыноў Араха сямсот семдзесят пяць;

6 сыноў Пахат-Маава, з сыноў Ісуса і Ёава, дзьве тысячы васямсот дванаццаць;

7 сыноў Элама тысяча дзьвесьце пяцьдзясят чатыры;

8 сыноў Затуя дзевяцьсот сорак пяць;

9 сыноў Закхая сямсот шэсьцьдзясят;

10 сыноў Ванія шасьцьсот сорак два;

11 сыноў Бэбая шасьцьсот дваццаць тры;

12 сыноў Азгада тысяча дзьвесьце дваццаць два;

13 сыноў Аданікама шасьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць;

14 Сыноў Бігвая дзьве тысячы пяцьдзясят шэсьць;

15 сыноў Адына чатырыста пяцьдзясят чатыры;

16 сыноў Атэра, з дома Эзэкіі, дзевяноста восем;

17 сыноў Бэцая трыста дваццаць тры;

18 сыноў Ёры сто дванаццаць;

19 сыноў Хашума дзьвесьце дваццаць тры;

20 сыноў Гібара дзевяноста пяць;

21 ураджэнцаў Віфляема сто дваццаць тры;

22 жыхароў Нэтофы пяцьдзясят шэсьць;

23 жыхароў Анатота сто дваццаць восем;

24 ураджэнцаў Азмавэта сорак два;

25 ураджэнцаў Кірыят-Ярыма, Кефіры і Бээрота сямсот сорак тры;

26 ураджэнцаў Рамы і Гэвы шасьцьсот дваццаць адзін;

27 жыхароў Міхмаса сто дваццаць два;

28 жыхароў Вэтыля і Гая дзьвесьце дваццаць тры;

29 ураджэнцаў Нэва пяцьдзясят два;

30 ураджэнцаў Магбіша сто пяцьдзясят шэсьць;

31 сыноў другога Элама тысяча дзьвесьце пяцьдзясят чатыры;

32 сыноў Харыма трыста дваццаць;

33 ураджэнцаў Ліды, Хадыда і Она сямсот дваццаць пяць:

34 ураджэнцаў Ерыхона трыста сорак пяць;

35 ураджэнцаў Сэнаі тры тысячы шасьцьсот трыццаць.

36 Сьвятароў: сыноў Едаі, з дому Ісусавага, дзевяцьсот семдзесят тры;

37 сыноў Імэра тысяча пяцьдзясят два;

38 сыноў Пашхура тысяча дзьвесьце сорак сем;

39 сыноў Харыма тысяча сямнаццаць.

40 Лявітаў: сыноў Ісуса і Кадмііла, з сыноў Гадавіі, семдзесят чатыры;

41 сьпевакоў; сыноў Асафа сто дваццаць восем;

42 сыноў брамнікаў: сыны Шалума, сыны Атэра, сыны Талмона, сыны Акува, сыны Хатыты, сыны Шавая, - усяго сто трыццаць дзевяць.

43 Нэтынэяў: сыны Цыхі, сыны Хасуфы, сыны Табаота,

44 сыны Кероса, сыны Сіягі, сыны Фадона,

45 сыны Лебаны, сыны Хагабы, сыны Акува,

46 сыны Хагава, сыны Шамлая, сыны Ханана,

47 сыны Гідэла, сыны Гахара, сыны Рэаі;

48 сыны Рэцына, сыны Нэкоды, сыны Газама,

49 сыны Узы, сыны Пасэаха, сыны Бэсая,

50 сыны Асны, сыны Мэўніма, сыны Нэфісіма,

51 сыны Бакбука, сыны Хакуфы, сыны Хархура,

52 сыны Бацлута, сыны Мэхіды, сыны Харшы,

53 сыны Баркоса, сыны Сісры, сыны Тамаха,

54 сыны Нэцыяха, сыны Хатыфы.

55 Сыны рабоў Саламонавых: сыны Сатая, сыны Гасафэрэта, сыны Фэруды,

56 сыны Яалы, сыны Даркона, сыны Гідэла,

57 сыны Сэфатыі, сыны Хатыла, сыны Похэрэт-Гацэбаіма, сыны Амія,

58 усяго - нэтынэяў і сыноў рабоў Саламонавых трыста дзевяноста два.

59 І вось тыя, што выйшлі Тэлмэлаха, Тэл-Харшы, Хэруб-Адан-Імэра, якія не маглі паказаць пра пакаленьне сваё і пра племя сваё - ці зь Ізраіля яны:

60 сыны Дэлая, сыны Товія, сыны Нэкоды, шасьцьсот пяцьдзясят два.

61 І з сыноў сьвятарскіх: сыны Хабая, сыны Гакоца, сыны Вэрзэлія, які ўзяў жонку з дачок Вэрзэлія Галаадыцяніна і пачаў называцца імем іхнім.

62 Яны шукалі свайго запісу радавода, і не знайшлося яго, а таму выключаны са сьвятарства.

63 І Тыршата сказаў ім, каб яны ня елі вялікай сьвятыні, пакуль не паўстане сьвятар з урымам і тумімам.

64 Усё супольства разам складалася з сарака двух тысяч трохсот шасьцідзесяці чалавек,

65 акрамя рабоў іхніх і рабыняў іхніх, якіх было сем тысяч трыста трыццаць сем; і пры іх сьпевакоў і пясьнярак дзьвесьце.

66 Коней у іх сямсот трыццаць шэсьць, кабыл у іх дзьвесьце сорак пяць.

67 вярблюдаў у іх чатырыста трыццаць пяць, аслоў шэсьць тысяч сямсот дваццаць.

68 З узначальнікаў пакаленьняў некаторыя, прыйшоўшы да дома Гасподняга ў Ерусаліме, дабрахотна ахвяроўвалі на дом Божы, каб аднавіць яго на падмурку ягоным.

69 Паводле дастатку свайго, яны далі ў скарбніцу на працу шэсьцьдзясят адну тысячу драхмаў золата і пяць тысяч мінаў срэбра і сто сьвятарскіх вопратак.

70 І пачалі жыць сьвятары і лявіты, і народ і сьпевакі, і брамнікі і нэтынэі ў гарадах сваіх, і ўвесь Ізраіль ў гарадах сваіх.

 

Разьдзел 3

 

1 Калі настаў сёмы месяц, і сыны Ізраілевыя ўжо былі ў гарадах, тады сабраўся народ, як адзін чалавек у Ерусаліме.

2 І ўстаў Ісус, сын Ёсэдэкаў, і браты ягоныя, сьвятары і Зарававэль, сын Салатыілаў, і браты ягоныя і спарудзілі яны ахвярнік Богу Ізраілеваму, каб прыносіць на ім цэласпаленьні, як напісана ў законе Майсея, чалавека Божага.

3 І паставілі ахвярнік на падмурку ягоным, бо яны былі ў страху ад іншаземных народаў; і пачалі прыносіць на ім цэласпаленьні Госпаду, цэласпаленьні ранішнія і вечаровыя.

4 І ўчынілі сьвята кучак, як напісана, са штодзённым цэласпаленьнем у пэўным ліку, паводле статуту кожнага дня.

5 І пасьля таго ўчынялі цэласпаленьне пастаяннае, і на новы месяц і ва ўсе сьвяты, прысьвечаныя Госпаду, і дабравольнае прынашэньне Госпаду ад кожнага рупліўца.

6 Зь першага ж дня сёмага месяца пачалі прыносіць цэласпаленьні Госпаду. А храму Гасподняму яшчэ ня быў пакладзены падмурак.

7 І пачалі выдаваць срэбра каменячосам і цесьлярам, і ежу і пітво і алей Сіданянам і Тыранам, каб яны дастаўлялі кедровую драўніну зь Лівана па моры ў Яфу, з дазволу Кіра, цара Персідскага.

8 На другі год пасьля прыходу свайго да дома Божага ў Ерусалім, на дугім месяцы Зарававэль, сын Салатыілаў, і Ісус, сын Ёсэдэкаў, і астатнія браты іхнія, сьвятары і лявіты, і ўсе прыйшлыя з палону ў Ерусалім паклалі пачатак і паставілі лявітаў ад дваццаці гадоў і вышэй дзеля нагляду за працаю пры доме Гасподнім.

9 І ўсталі Ісус, сыны ягоныя і браты ягоныя, Кадмііл і сыны ягоныя, сыны Юды, як адзін чалавек дзеля нагляду за майстрамі працы ў доме Божым, а таксама сыны Хэнадада, сыны, сыны іхнія і браты іхнія лявіты.

10 Калі будаўнікі паклалі аснову храму Гасподняму, тады паставілі сьвятароў у вопратцы іхняй з трубамі і лявітаў, сыноў Асафавых, з кімваламі, каб славіць Госпада па статуце Давіда, цара Ізраілевага.

11 І пачалі яны папераменна сьпяваць «хвалеце» і «слаўце Госпада», «бо - добры, бо вечная міласьць яго да Ізраіля». І ўвесь народ усклікаў громападобна, славячы Госпада за тое, што пакладзена аснова дома Гасподняга.

12 Зрэшты многія сьвятары і лявіты і ўзначальнікі пакаленьняў, старцы, якія бачылі ранейшы храм, пры закладцы гэтага храма на вачах у іх, плакалі гучна, а многія і ўсклікалі ад радасьці громападобна.

13 І ня мог народ адрозьніць ускліканьні радасьці ад енку плачу народнага, бо народ усклікаў гучна, і голас чуцен быў далёка.

 

Разьдзел 4

 

1 І пачулі ворагі Юды і Веньяміна, што вяртанцы з палону будуюць храм Госпаду Богу Ізраілеваму;

2 і прыйшлі яны да Зарававэля і да ўзначальнікаў пакаленьняў і сказалі ім: будзем і мы будаваць з вамі, бо мы, як і вы, прыходзім да Бога вашага, і Яму прыносім ахвяры ад дзён Асардана, цара Сірыйскага, які перавёў нас сюды.

3 І сказаў ім Зарававэль і Ісус і астатнія ўзначальнікі пакаленьняў Ізраільскіх: не будаваць вам разам з намі дом нашаму Богу; мы адны будзем будаваць дом Госпаду Богу Ізраілеваму, як загадаў нам цар Кір, цар Персідскі.

4 І пачаў народ зямлі той паслабляць рукі народу Юдэйскага і перашкаджаць яму ў будаўніцтве;

5 і падкупалі супроць іх радцаў, каб разбурыць пачынаньне іхняе, ва ўсе дні Кіра, цара Персідскага, і да цараваньня Дарыя, цара Персідскага.

6 А ў цараваньне Ахашвероша, на пачатку цараваньня яго, напісалі абвінавачаньне на жыхароў Юдэі і Ерусаліма.

7 І ў дні Артаксэркса пісалі Бішлам, Мітрэдат, Табээл і іншыя таварышы іхнія да Артаксэркса, цара Персідскага. А пісьмо было напісана літарамі Сірыйскімі і на Сірыйскай мове.

8 Рэхум радца і Шымшай пісец пісалі адно пісьмо супроць Ерусаліма да цара Артаксэркса такое:

9 Тады ж. Рэхум радца і Шымшай пісец і астатнія таварышы іхнія, - Дынэі і Афарсатхэі, Тарпэлэі, Апарсы, Арэхэяне, Вавілоняне, Сусанцы, Дагі, Эламіцяне

10 і іншыя народы, якіх перасяліў Аснафар* вялікі і славуты і пасяліў у гарадах Самарыйскіх і ў іншых гарадах за ракою, і астатняе.

11 І вось сьпіс зь пісьма, якое паслалі яму, цару Артаксэрксу - рабы твае, людзі за ракою, і іншае.

12 Хай будзе вядома цару, што Юдэі, якія выйшлі ад цябе, прыйшлі да нас у Ерусалім, будуюць гэты мяцежны і нягодны горад і сьцены робяць, і падмуркі іх ужо паладзілі.

13 Хай жа будзе вядома цару, што калі і гэты горад будзе пабудаваны і сьцены адноўлены, дык ні падатку, ні мыты ня будуць даваць, і царскай скарбніцы будзе зроблена шкода.

14 Як што мы ямо соль ад палаца царскага, і шкоды цару ня можам бачыць, таму мы пасылаем данясеньне цару:

15 хай пашукаюць у памятнай кнізе бацькоў тваіх, - і знойдзеш у кнізе памятнай, і даведаешся, што горад гэты - горад мяцежны і шкодны царам і абласьцям, і што адпады бывалі ў ім здавён, за што горад гэты і спустошаны.

16 Таму мы паведамляем цару, што калі горад гэты будзе дабудаваны і сьцены яго дароблены, дык пасьля гэтага ня будзе ў цябе валоданьня за ракою.

17 Цар паслаў адказ Рэхуму радцу і Шымшаю пісцу і іншым таварышам іхнім, якія жывуць у Самарыі і іншых гарадах зарэчных: Мір і іншае.

18 Пісьмо, якое вы прыслалі нам, выразна прачытана перад мною;

19 і ад мяне дадзены загад, - і шукалі, і знайшлі, што горад гэты здаўна паўставаў супроць цароў, і ўчыняліся ў ім мецяжы і хваляваньні,

20 і што былі ў Ерусаліме цары магутныя, якія валодалі ўсім зарэччам, і ім давалі падаткі, налогі і мыту.

21 Дык вось, дайце загад, каб людзі гэтыя перасталі працаваць, і горад гэты не будаваўся, пакуль ад мяне ня будзе дадзены загад.

22 І будзьце асьцярожныя, каб не зрабіць у гэтым недагляду. Навошта дазваляць памнажэньне шкоднага супраць цароў?

23 Як толькі гэта пісьмо цара Артаксэркса было прачытана перад Рэхумам і Шымшаем пісцом і таварышамі іхнімі, яны адразу пайшлі ў Ерусалім да Юдэяў, і моцнай узброенай рукою спынілі працу іхнюю.

24 Тады спынілася праца пры доме Божым у Ерусаліме, і спыненьне гэта працягвалася да другога года цараваньня Дарыя, цара Персідскага.

 

 

* Сэнахірым

Разьдзел 5

 

1 Але прарок Агей і прарок Захар, сын Ады, казалі Юдэям, якія ў Юдэі і Ерусаліме, прарочыя казані ў імя Бога Ізраілева.

2 Тады ўсталі Зарававэль, сын Салатыілаў, і Ісус, сын Ёсэдэкаў, і пачалі будаваць дом Божы ў Ерусаліме, і зь імі прарокі Божыя, якія падмацоўвалі іх.

3 У той час прыйшоў да іх Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, Шэтар-Бознай і таварышы іхнія, і так сказалі ім: хто вам дазволіў будаваць дом гэты і дарабляць сьцены гэтыя?

4 Тады мы сказалі ім імёны тых людзей, якія будуюць будынак.

5 Але вока Богава было над старэйшынамі Юдэйскімі, і тыя не забаранялі ім, пакуль справу не адправілі Дарыю і пакуль ня прыйшло рашэньне па гэтай справе.

6 Вось зьмест пісьма, якое паслаў Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, і Шэтар-Бознай з таварышамі сваімі - Афарсахэямі, якія за ракою, цару Дарыю.

7 У данясеньні, якое яны паслалі яму, вось што напісана: Дарыю цару - усякі мір!

8 Хай будзе вядома цару, што мы хадзілі ў Юдэйскую вобласьць да дома Бога вялікага; і будуецца ён зь вялікіх камянёў, і драўніна ўкладваецца ў сьцены, і праца гэтая робіцца борзда і з посьпехам ідзе ў руках іхніх.

9 Тады мы спыталіся ў старэйшынаў тых і так сказалі ім: хто дазволіў вам будаваць дом гэты і сьцены гэтыя дарабляць?

10 І звыш таго пра імёны іхнія мы спыталіся ў іх, каб уведаміць цябе і напісаць імёны тых людзей, якія галоўныя ў іх.

11 І яны адказалі нам такімі словамі: мы рабы Бога неба і зямлі і будуем дом, які быў пабудаваны за шмат гадоў раней гэтага, - і вялікі цар у Ізраіля будаваў яго і давяршыў яго.

12 А калі бацькі нашыя прагнявілі Бога нябеснага, Ёр аддаў іх у руку Навухаданосара, цара Вавілонскага, Халдэяніна, і дом гэты Ён разбурыў, і народ перасяліў у Вавілон.

13 Але ў першы год Кіра, цара Вавілонскага, цар Кір даў дазвол пабудаваць гэты дом Божы;

14 ды і посуд дома Божага, залаты і срэбраны, які Навухаданосар вынес з храма Ерусалімскага і занёс у храм Вавілонскі, - вынес Кір цар з храма Вавілонскага і аддаў яго паіменна Шэшбацару, якога ён назначыў начальнікам вобласьці,

15 і сказаў яму: вазьмі гэты посуд, ідзі і занясі яго ў храм Ерусалімскі, і хай дом Божы будуецца на сваім месцы.

16 Тады Шэшбацар той прыйшоў, заклаў падмурак дома Божага ў Ерусаліме; і з таго часу дагэтуль ён будуецца, і яшчэ не закончаны.

17 Дык вось, калі цару заўгодна, няхай пашукаюць у доме царскіх скарбаў, там у Вавілоне, ці сапраўды царом Кірам дадзены дазвол будаваць гэты дом Божы ў Ерусаліме, і царскую волю пра гэта няхай прышлюць нам.

 

Разьдзел 6

 

1 Тады цар Дарый даў загад, і шукалі ў Вавілоне ў кнігасховішчы, куды складвалі скарбы.

2 І знойдзены ў Экбатане ў палацы, які ў вобласьці Мідыі, адзін сьвітак, і ў ім напісана так: Для памяці:

3 у першы год цара Кіра, цар Кір даў загад пра дом Божы ў Ерусаліме: хай будуецца дом на тым месцы, дзе прыносяць ахвяры, і хай будзе пакладзены моцны падмурак пад яго; вышыня яго ў шэсьцьдзясят локцяў, шырыня яго ў шэсьцьдзясят локцяў;

4 радоў з камянёў вялікіх тры, і рад з драўніны адзін; а выдаткі хай выдаюцца з царскага дома.

5 Ды і посуд дома Божага, залаты і срэбны, які Навухаданосар вынес з храма Ерусалімскага і занёс у Вавілон, хай вернецца і пойдзе ў храм Ерусалімскі, кожны на месца сваё: і зьмешчаны будзе ў доме Божым.

6 Дык вось, Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, і Шэтар-Бознай, з таварышамі вашымі Афарсахэямі, якія за ракою, - сыдзеце адтуль.

7 Ня спыняйце працы пры гэтым доме Божым; хай Юдэйскі начальнік вобласьці і Юдэйскія старэйшыны будуюць гэты дом Божы на месцы яго.

8 І ад мяне даецца загад пра тое, чым вы павінны садзейнічаць старэйшынам тым Юдэйскім у пабудове таго дома Божага, і: з маёмасьці царскай - з зарэціх падаткаў - без адкладу бярэце і давайце тым людзям, каб праца ня спынялася;

9 і колькі трэба - хай тое цялят, альбо авечак і ягнят, на цэласпаленьні Богу нябеснаму, таксама пшаніцы, солі, віна і алею, як скажуць сьвятары Ерусалімскія, хай выдаецца ім дзень у дзень без затрымкі,

10 каб яны прыносілі ахвяру прыемную Богу нябеснаму і маліліся за жыцьцё цара і сыноў ягоных.

11 А мною даецца загад, што калі які-небудзь чалавек зьменіць гэта вызначэньне, дык будзе вынята бервяно з дома ягонага і будзе падняты ён і прыбіты да яго, а дом яго за тое будзе ператвораны ў руіны.

12 І Бог, імя Якога там жыве, хай скіне любога цара, які працягнуў бы руку сваю, каб зьмяніць гэта на шкоду гэтаму дому Божаму ў Ерусаліме. Я, Дарый, даў гэты загад: хай выконваецца ён дакладна.

13 Тады Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, Шэтар-Бознай і таварышы іхнія, - як загадаў цар Дарый, так дакладна і рабілі.

14 І старэйшыны Юдэйскія будавалі з посьпехам, паводле прароцтва Агея прарока і Захара, сына Ады. І пабудавалі і закончылі, па волі Бога Ізраілевага і па волі Кіра і Дарыя і Артаксэркса, цароў Персідскіх.

15 І закончаны дом гэты да трэцяга дня месяца Адара, на шостым годзе валадараньня цара Дарыя.

16 І ўчынілі сыны Ізраілевыя, сьвятары і лявіты і іншыя, што вярнуліся з палону, асьвячэньне гэтага дома Божага з радасьцю.

17 І прынесьлі пры асьвячэньні гэтага дома Божага: сто валоў, дзьвесьце бараноў, чатырыста ягнят і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх за ўсяго Ізраіля, па колькасьці плямёнаў Ізраілевых.

18 І паставілі сьвятароў па аддзяленьнях іхніх, і лявітаў па чэргах іхніх на службу Божую ў Ерусаліме, як прадпісана ў кнізе Майсея.

19 І ўчынілі вяртанцы з палону пасху на чатырнаццаты дзень першага месяца,

20 бо ачысьціліся сьвятары і лявіты, - усе яны, як адзін, чыстыя; і закалолі ягнят пасхальных дзеля ўсіх, што вярнуліся з палону, дзеля братоў сваіх сьвятароў і дзеля сябе.

21 І елі сыны Ізраілевыя, якія вярнуліся зь перасяленьня, і ўсе, што аддзяліліся да іх ад нечысьціні народаў зямлі, каб прыйсьці да Госпада Бога Ізраілевага.

22 І сьвяткавалі сьвята праснакоў сем дзён у радасьці, бо парадаваў іх Гасподзь і павярнуў да іх сэрца цара Асірыйскага, каб мацаваць рукі іхнія пры будаўніцтве дома Госпада Бога Ізраілевага.

 

Разьдзел 7

 

1 Пасьля гэтых падзей, падчас валадараньня Артаксэркса, цара Персідскага, Эздра, сын Сэраі, сын Азарыі, сын Хэлкіі,

2 сын Шалума, сын Садока, сын Ахітува,

3 сын Амарыі, сын Азарыі, сын Мараёта,

4 сын Захара, сын Узія, сын Букія,

5 сын Авішуя, сын Фінээса, сын Элеазара, сын Аарона першасьвятара,

6 гэты Эздра выйшаў з Вавілона. Ён быў кніжнік, які ведаў закон Майсееў, які даў Гасподзь Бог Ізраілеў. І даў яму цар усё паводле жаданьня ягонага, бо рука Госпада Бога ягонага была над ім.

7 Зь ім пайшлі ў Ерусалім і некаторыя сыны Ізраілевыя і сьвятары і лявіты, і сьпевакі і брамнікі і нэтынэі на сёмым годзе цара Артаксэркса

8 І прыйшоў ён у Ерусалім у пяты месяц, - у сёмы год цара.

9 Бо ў першы дзень першага месяца быў пачатак выхаду з Вавілона, і ў першы дзень пятнаццатага месяца ён прыйшоў у Ерусалім, бо дабрадзейная рука Бога ягонага была над ім,

10 бо Эздра прыхіліў сэрца сваё да таго, каб вывучаць закон Гасподні і выконваць яго, і вучыць у Ізраілі закону і праўдзе.

11 І вось зьмест пісьма, якое даў цар Артаксэркс Эздру сьвятару, кніжніку, які вучыў словам запаведзяў Госпада і законаў Яго ў Ізраілі:

12 Артаксэркс, цар цароў, Эздру сьвятару, выкладчыку закона Бога нябеснага дасканаламу і іншае.

13 Мною дадзены загад, каб у царстве маім кожны з народу Ізраілевага і сьвятароў яго і лявітаў, хто жадае ісьці ў Ерусалім, ішоў з табою.

14 Як што ты пасылаешся ад цара і сямі радцаў ягоных, каб агледзець Юдэю і Ерусалім па Бога твайго законе, што ў тваёй руцэ,

15 і каб даставіць срэбра і золата, якое цар і радцы ягоныя ахвяравалі Богу Ізраілеваму, жытло якога ў Ерусаліме,

16 і ўсё срэбра і золата, якое ты зьбярэш ва ўсёй вобласьці Вавілонскай, разам з дабрахотнымі дарамі ад народу і сьвятароў, якія заахвяруюць яны на дом Бога свайго, што ў Ерусаліме;

17 таму не адкладваючы купі на гэтыя грошы валоў, бараноў, і ягнят, і хлебных прынашэньняў да іх і выліваньняў для іх, і прынясі іх на ахвярнік дома Бога вашага ў Ерусаліме.

18 І што ты і браты твае за добрае мецьмеце зрабіць з астатняга срэбра і золата, тое па волі Бога вашага і рабеце.

19 І посуд, які дадзены табе дзеля службы ў доме Бога твайго, пастаў перад Богам Ерусалімскім.

20 І іншае патрэбнае для дома Бога твайго, што ты прызнаеш патрэбным, давай з дома царскіх скарбаў.

21 І ад мяне цара Артаксэркса робіцца загад усім скарбоўцам, якія за ракою: усё, чаго запатрабуе ад вас Эздра сьвятар, настаўнік закона Бога нябеснага, не адкладваючы давайце:

22 срэбра да ста талантаў, і пшаніцы да ста кораў, і віна да ста батаў, і да ста ж батаў алею, а солі не абмяжоўваючы.

23 Усё, што загадана Богам нябесным, павінна рабіцца рупліва для дома Бога нябеснага, каб ня было гневу Яго на царства, цара і сыноў ягоных.

24 І даём вам знак, каб ні на кога зь сьвятароў альбо лявітаў, сьпевакоў, брамнікаў нэтынэяў і служак пры гэтым доме Божым, не накладваць ні падатку, ні налогу, ні мыты.

25 А ты, Эздра, па мудрасьці Бога твайго, якая ў руцэ тваёй, пастаў кіроўцаў і судзьдзяў, каб яны судзілі ўвесь народ за ракою, - усіх знаўцаў законаў Бога твайго, а хто ня ведае, тых вучэце.

26 А хто ня будзе выконваць закона Бога твайго і закона цара, над тым не адкладваючы хай чыняць суд, ці тое на сьмерць, ці тое на выгнаньне альбо на грашовую даніну, альбо на ўвязьненьне ў цямніцу.

27 Дабраславёны Гасподзь Бог бацькоў нашых, Які ўклаў у сэрца цара - упрыгожыць дом Гасподні, які ў Ерусаліме,

28 і схіліў мяне на міласьць цара і радцаў ягоных, і ўсіх магутных князёў цара! І я падбадзёрыўся, бо рука Госпада Бога майго была над мною, і сабраў я ўзначальнікаў Ізраіля, каб яны пайшлі са мною.

 

Разьдзел 8

 

1 І вось узначальнікі пакаленьняў і радаводы тых, якія выйшлі са мною з Вавілона, падчас валадараньня цара Артаксэркса:

2 з сыноў Фінээса Гірсон; з сыноў Ітамара Данііл; з сыноў Давіда Хатуш;

3 з сыноў Шэханіі, з сыноў Яроша Захар і зь ім па сьпісе радаводным сто пяцьдзясят чалавек мужчынскага полу;

4 з сыноў Сафатыі Зэвадыя, сын Міхаілаў, і зь ім восемдзесят чалавек мужчынскага полу;

5 з сыноў Шэханія, сын Яхазііла, і зь ім трыста чалавек мужчынскага полу;

6 з сыноў Адына Эвэд, сын Ёнатана, і зь ім пяцьдзясят чалавек мужчынскага полу;

7 з сыноў Элама Ешаія, сын Аталіі, і зь ім семдзесят чалавек мужчынскага полу;

8 з сыноў Сафатыі Зэвадыя, сын Міхаілаў, і зь ім восемдзесят чалавек мужчынскага полу;

9 з сыноў Ёава Авадыя, сын Ехіэлаў, і зь ім дзьвесьце васямнаццаць чалавек мужчынскага полу;

10 з сыноў Шэламіт, сын Ёсіфіі, і зь ім сто шэсьцьдзясят чалавек мужчынскага полу;

11 з сыноў Бэвая Захарыя, сын Бэвая, і зь ім дваццаць восем чалавек мужчынскага полу;

12 з сыноў Азгада Ёханан, сын Гакатана, і зь ім сто дзесяць чалавек мужчынскага полу;

13 з сыноў Аданікама апошнія, і вось іх імёны: Эліфэлет, Еэль і Шэмая, і зь імі шэсьцьдзясят чалавек мужчынскага полу;

14 з сыноў Бігвая Утай і Забуд, і зь імі семдзесят чалавек мужчынскага полу.

15 Я сабраў іх каля ракі, якая ўпадае ў Агаву, і мы прастаялі там тры дні, і калі я агледзеў народ і сьвятароў, дык з сыноў Лявіі нікога там не знайшоў.

16 І паслаў я паклікаць Эліезэра, Арыэла, Шэмаю і Элнатана, і Ярыва і Элнатана, і Натана і Захара і Мэшулама - галоўных і Ёярыва і Элнатана - вучоных,

17 і даў ім даручэньне да Ідо, галоўнага ў мясцовасьці Карысіфе, і ўклаў ім у вусны, што казаць Ідо і братам ягоным, нэтынэям у мясцовасьці Касіфе, каб яны прывялі да нас служак для дома Бога нашага.

18 І прывялі яны да нас, бо дабрадзейная рука Бога нашага была над намі, чалавека разумнага з сыноў Махлія, сына Лявіінага, сына Ізраілевага, менавіта ж Шэрэвію, і сыноў яго і братоў яго, васямнаццаць чалавек;

19 і Хашавію і зь ім Ешаію з сыноў Мэрарыных, братоў ягоных, і сыноў іхніх дваццаць;

20 і з нэтынэяў, якіх даваў Давід і князі ягоныя на прыслугу лявітам, дзьвесьце дваццаць нэтынэяў; усе яны названы паіменна.

21 І абвясьціў я там пост каля ракі Агавы, каб упакорыцца нам перад абліччам Бога нашага, прасіць у Яго пасьпяховай дарогі сабе і дзецям нашым і ўсёй маёмасьці нашай,

22 бо мне сорамна было прасіць у цара войска і коньнікаў на ахову нашую ад ворага па дарозе, бо мы, гаворачы з царом, сказалі: рука Бога нашага ўсім, хто прыходзіць да Яго, - дабрадзейная, а ўсім, хто пакідае Яго, - магутнасьць Ягоная і гнеў Ягоны!

23 І вось, мы пасьціліся і прасілі Бога нашага гэтага, і Ён пачуў нас.

24 І я аддзяліў з начальнікаў над сьвятарамі дванаццаць чалавек; Шэрэвію, Хашавію і зь імі дзесяць з братоў іхніх;

25 і аддаў ім вагою срэбра, золата і посуд, - усё ахвяраванае на дом Бога нашага, і што ахвяравалі цар і радцы ягоныя і князі ягоныя, і ўсе Ізраільцяне, якія там былі.

26 І аддаў на рукі ім вагою: срэбра - шасьцьсот пяцьдзясят талантаў, і срэбнага посуду - на сто талантаў, золата - сто талантаў,

27 і чараў залатых - дваццаць, і тысячу драхмаў, і дзьве пасудзіны з найлепшай бліскучай медзі, якая цэніцца як золата.

28 І сказаў я ім: вы - сьвятыня Госпаду, і посуд - сьвятыня, і срэбра і золата - дабрахотнае дараваньне Госпаду Богу бацькоў вашых.

29 Будзьце ж пільныя і зьберажэце гэта, пакуль вагою не здадзіце начальнікам над сьвятарамі і лявітамі і ўзначальнікам пакаленьняў Ізраілевых у Ерусаліме, у сховішча пры доме Гасподнім.

30 І прынялі сьвятары і лявіты ўзважанае срэбра і золата і посуд, каб аднесьці ў Ерусалім, у дом Бога нашага.

31 І выправіліся мы ад ракі Агавы на дванаццатым дні першага месяца, каб ісьці ў Ерусалім; і рука Бога нашага была над намі, і выратавала нас ад рукі ворага і ад тых, хто падпільноўваў нас па дарозе.

32 І прыйшлі мы ў Ерусалім, і прабылі там тры дні.

33 На чацьвёрты дзень мы здалі вагою срэбра і золата і посуд у дом Бога нашага, на рукі Мэрэмоту, сыну Урыі, сьвятару, і зь ім Элеазару, сыну Фінээсаву, і зь ім Ёзаваду, сыну Ісусаваму, і Наадыі, сыну Вінуя, лявітам

34 усё лікам і вагою. І ўсё ўзважанае запісана ў той самы час.

35 Перасяленцы, якія прыйшлі з палону, прынесьлі на цэласпаленьне Богу Ізраілеваму дванаццаць цялят за ўсяго Ізраіля, дзевяноста шэсьць бараноў, семдзесят сем ягнят і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх: усё гэта на цэласпаленьне Госпаду.

36 І аддалі царскія загады царскім сатрапам і зарэцкім начальнікам вобласьцяў, і яны ўшанавалі народ і дом Божы.

 

Разьдзел 9

 

1 Пасьля заканчэньня гэтага, падышлі да мяне начальнікі і сказалі: народ Ізраілеў і сьвятары і лявіты не аддзяліліся ад народаў іншапляменных зь мярзотамі іхнімі, ад Хананэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Евусэяў, Аманіцян, Маавіцян, Егіпцян і Амарэяў,

2 бо ўзялі дачок іхніх за сябе і за сыноў сваіх і зьмяшалася семя сьвятое з народамі іншапляменнымі, і прытым рука самых знакамітых і галоўных была ў гэтым беззаконьні першаю.

3 Пачуўшы гэта слова, я падраў споднюю і верхнюю вопратку маю і рваў валасы на галаве маёй і на барадзе маёй, і сядзеў засмучаны.

4 Тады сабраліся да мяне ўсе, якія збаяліся слоў Бога Ізраілевага з прычыны злачынства перасяленцаў, і я сядзеў у смутку да вячаровай ахвяры.

5 А ў час вечаровай ахвяры я ўстаў зь месца бедаваньня майго, і ў разадранай сподняй і верхняй вопратцы ўпаў на калені мае і працягнуў рукі мае да Госпада Бога майго

6 і сказаў: Божа мой! саромеюся і баюся падняць твар мой да Цябе, Божа мой, бо беззаконьні нашыя сталі вышэй галавы, і віна нашая ўзрасла да нябёсаў.

7 Зь дзён бацькоў нашых мы ў вялікай віне да сёньня, і за беззаконьні нашыя аддадзеныя былі мы, цары нашыя, сьвятары нашыя, у рукі цароў іншаземных, пад меч, у палон і на разрабаваньне і на пасаромленьне, як гэта і цяпер.

8 І вось, празь невялікі час, даравана нам памілаваньне ад Госпада Бога нашага, і Ён пакінуў у нас некалькі ацалелых і даў нам умацавацца на месцы сьвятыні Ягонай, і прасьвятліў вочы нашыя Бог наш, і даў нам ажыць крыху ў рабстве нашым.

9 Мы - рабы, але і ў рабстве нашым не пакінуў нас Бог наш. І схіліў Ён да нас міласьць цароў Персідскіх, каб яны далі нам ажыць, пабудаваць дом Бога нашага і аднавіць яго з руінаў ягоных, і далі нам аслону ў Юдэі і ў Ерусаліме.

10 І цяпер, што скажам мы, Божа наш, пасьля гэтага? Бо мы адступіліся ад запаведзяў Тваіх,

11 якія наказаў Ты праз рабоў Тваіх прарокаў, кажучы: зямля, у якую ідзяце вы, каб авалодаць ёю, зямля нячыстая, яна апаганена нячыстатою іншапляменных народаў, іх мярзотамі, якімі яны напоўнілі яе ад краю да краю ў паганьбеньнях сваіх.

12 Дык вось, дачок вашых не выдавайце за сыноў іхніх, і дачок іхніх не бярэце за сыноў вашых, і ня шукайце міру іхняга і дабра іхняга вавек, каб умацавацца вам і карміцца дабротамі зямлі той і перадаць яе ў спадчыну сынам вашым навечна.

13 І пасьля ўсяго, што спасьцігла нас за благія ўчынкі нашыя і за вялікую віну нашую - бо Ты, Божа наш, пашкадаваў нас не па меры беззаконьня нашага і даў нам такое збавеньне.

14 Няўжо мы зноў будзем парушаць запаведзі Твае і ўступаць у радство з гэтымі агіднымі народамі? Ці не прагневаешся Ты на нас нават да вынішчэньня нас, так што ня будзе ацалелых і ня будзе выратаваньня?

15 Госпадзе Божа Ізраілеў! праведны Ты. Бо мы ацалелі да гэтага дня; і вось мы ў беззаконьнях нашых перад абліччам Тваім, хоць пасьля гэтага не належала б нам стаяць перад абліччам Тваім.

 

Разьдзел 10

 

1 Калі Эздра маліўся і спавядаўся, плачучы і падаючы перад домам Божым, сышоўся да яго вялікі збор Ізраільцян, мужчын і жанчын і дзяцей, бо і народ моцна плакаў.

2 І адказваў Шэханія, сын Ехііла з сыноў Эламавых, і сказаў Эздру: мы зрабілі злачынства перад Богам нашым, што ўзялі жонак іншапляменных з народаў зямлі, але ёсьць яшчэ надзея Ізраілю ў гэтай справе;

3 складзём цяпер запавет з Богам нашым, што, па парадзе гаспадара майго і тых, якія схіляюцца перад запаведзямі Бога нашага, мы адпусьцім усіх жонак і народжаных імі, - і хай будзе па законе!

4 Устань, бо гэта твая справа, і мы з табою: узбадзёрся і дзей!

5 І ўстаў Эздра, і загадаў начальнікам над сьвятарамі, лявітамі і ўсім Ізраілем даць прысягу, што яны зробяць так. І яны прысягнулі.

6 І ўстаў Эздра і пайшоў ад дома Божага ў жытло Ёханана, сына Эліяшывы, і прыйшоў туды. Хлеба ён ня еў і вады ня піў, бо плакаў па злачынстве перасяленцаў.

7 І абвясьцілі ў Юдэі і ў Ерусаліме ўсім былым палонным, каб яны зьбіраліся ў Ерусаліме,

8 а хто ня прыйдзе праз тры дні, на ўсю маёмасьць таго, па вызначэньні начальнікаў і старэйшын, будзе накладзены заклён, і сам ён будзе адлучаны ад супольства перасяленцаў.

9 І сабраліся ўсе жыхары Юдэі і зямлі Веньямінавай у Ерусалім за тры дні. Гэта было на дзявятым месяцы, у дванаццаты дзень месяца. І сядзеў увесь народ на пляцы каля дома Божага, дрыжучы як ад гэтай дзеі, так і ад дажджу.

10 І ўстаў Эздра сьвятар і сказаў ім: вы ўчынілі злачынства, узяўшы сабе жонак іншапляменных, і тым павялічылі віну Ізраіля.

11 Дык вось, пакайцеся перад Госпадам Богам бацькоў вашых і выканайце волю Яго, і адлучэце сябе ад народаў зямлі і ад жонак іншапляменных.

12 І адказваў увесь сход, і сказаў гучным голасам: як ты сказаў, так і зробім.

13 Аднак жа народ шматлікі, і час цяпер дажджлівы, і няма магчымасьці стаяць на вуліцы. Ды і гэта справа не аднаго дня і ня двух, бо мы шмат у гэтай справе паграшылі.

14 Хай нашы начальнікі заступяць месца ўсяго супольства, і ўсе ў гарадах нашых, якія ўзялі жонак іншапляменных, хай прыходзяць сюды ў назначаны час і зь імі старэйшыны кожнага горада і судзьдзі яго, пакуль не адвернецца ад нас палкі гнеў Бога нашага за гэта.

15 Тады Ёнатан, сын Асаіла, і Яхзэя, сын Тыквы, сталі над гэтай дзеяй, і Мэшулам і Шаўтай лявіт былі за памочнікаў.

16 І зрабілі так выхадцы з палону. І вылучаны на гэта Эздра сьвятар, узначальнікі пакаленьняў, ад кожнага пакаленьня іх і ўсе яны названы паіменна. І зрабілі яны пасяджэньне ў першы дзень дзясятага месяца дасьледаваньня гэтай справы;

17 і закончылі дасьледаваньне пра ўсіх, хто ўзяў жонак іншапляменных, да першага дня першага месяца.

18 І знайшліся з сыноў сьвятарскіх, якія ўзялі жонак іншапляменных, - з сыноў Ісуса, сына Ёсэдэкавага, і братоў ягоных: Маасэя, Эліезэр, Ярыў, і Гэдалія;

19 і яны далі заруку, што адпусьцяць жонак сваіх, і што яны павінны прынесьці ў ахвяру барана за сваю віну;

20 і з сыноў Імэра: Хананій і Зэвадыя;

21 і з сыноў Харыма: Маасэя, Элія, Шэмая, Ехііл і Узія;

22 і з сыноў Пашхура: Элёэнай, Маасэя, Ісмаіл, Натанаіл, Ёзавад і Эласа;

23 і зь лявітаў: Ёзавад, Шымэй і Келая, ён жа Кліта, Патахія, Юда і Эліязэр;

24 і са сьпевакоў: Эльяшыў; і з брамнікаў: Шалум, Тэлем і Урый;

25 а зь Ізраільцян, - з сыноў Пароша: Рамая, Ізія, Малхія, Міямін, Элеазар, Малхія і Вэная;

26 і з сыноў Элама: Матанія, Захар, Ехіэль, Аудый, Ірэмот і Элія;

27 і з сыноў Зату: Льёэнай, Эльяшыў, Матанія, Ірэмот, Завад і Азіса;

28 і з сыноў Бэвая: Ёханан, Хананія, Забвай і Атлай;

29 і з сыноў Ванія: Мэшулам, Малух, Адая, Яшуў, Уэал і Ерамот;

30 і з сыноў Пахат-Моава: адна, Хэлал, Вэная, Маасэя, Матанія, Вэсэлііл, Бінуй і Манасія;

31 і з сыноў Харыма: Эліязэр, Ішыя, Малхія, Шэмая, Сімяон,

32 Веньямін, Малух, Шэмарыя;

33 і з сыноў Хашума: Матнай, Матата, Завад, Эліфэлфт, Ерамай, Манасія і Шымэй;

34 і з сыноў Ванія: Маадай, Амрам і Уэл,

35 Бэная, Бідэя, Келугі,

36 Ванэя, Мэрамот, Эльяшыў,

37 Матанія, Матнай, Яасай,

38 Ваній, Бінуй, Шымэй;

39 Шэлэмія, Натан, Адая,

40 Махнатбай, Шашай, Шарай,

41 Азарыэл, Шэлэміягу, Шэмарыя,

42 Шалум, Амарыя і Язэп;

43 і з сыноў Нэво: Еэл, Мататыя, Завад, Зэвіна, Ядай Ёэль і Бэная

44 Усе гэтыя ўзялі жонак іншапляменных, і некаторыя з гэтых жонак нарадзілі ім дзяцей.

 

Кніга Нээміі

 

Разьдзел 1

 

1 Слова, сына Ахаліінага. У месяцы Кісьлеве, у дваццатым годзе, я быў у Сузах, сталічным горадзе.

2 І прыйшоў Ханані, адзін з братоў маіх, ён і некалькі чалавек зь Юдэі. І спытаўся я ў іх пра ацалелых Юдэяў, якія засталіся ад палону, і пра Ерусалім.

3 І сказалі яны мне: пазасталыя, якія засталіся ад палону, там, у краіне сваёй, у вялікім бедстве і ў прыніжэньні; і сьцяна Ерусаліма разбурана і брамы яго спалены агнём.

4 Пачуўшы гэтыя словы, я сеў і заплакаў, і засмучаны быў некалькі дзён, і пасьціўся і маліўся прад Богам нябесным

5 і казаў: Госпадзе Божа нябёсаў, Божа вялікі і страшны, Які захоўвае запавет і міласьць да тых, што любяць Цябе і захоўваюць наказы Твае!

6 Хай будуць вушы Твае ўважлівыя і вочы Твае адкрытыя, каб пачуць малітву раба Твайго, якою я цяпер дзень і ноч малюся прад Табою за сыноў Ізраілевых, рабоў Тваіх, і спавядаюся ў грахах сыноў Ізраілевых, якімі зграшылі мы прад Табою, зграшылі - і я і дом бацькі майго.

7 Мы сталі злачынныя прад Табою і не захавалі запаведзяў і пастановаў і вызначэньняў, якія Ты наказаў Майсею, рабу Твайму.

8 Але спамяні слова, якое Ты наказаў Майсею, рабу Твайму, кажучы: калі вы зробіцеся злачынцамі, дык Я расьсею вас па народах,

9 а калі зьвернецеся да Мяне і будзеце захоўваць запаведзі Мае і выконваць іх, дык хоць бы вы былі выгнаныя на край зямлі, і адтуль зьбяру вас і прывяду вас на месца, якое выбраў Я, каб уцьвердзіць там імя Маё.

10 А яны - рабы Твае і народ Твой, які Ты акупіў сілаю Тваёю вялікаю і рукою Тваёю магутнаю.

11 Малю Цябе, Госпадзе! хай будзе вуха Тваё ўважлівае да малітвы раба Твайго і да малітвы рабоў Тваіх, якія любяць схіляцца перад імем Тваім. І пасьпяшайся з дабром да раба Твайго цяпер, і ўвядзі яго ў міласьць у чалавека гэтага. Я быў чашнікам у цара.

 

Разьдзел 2

 

1 У месяцы Нісане, на дваццатым годзе цара Артаксэркса, было перад ім віно. І я ўзяў віно і падаў цару, і здавалася, ня быў засмучаны перад ім.

2 Але цар сказаў мне: чаму твар твой засмучаны: ты ня хворы, гэтага няма, а, мусіць, скруха на сэрцы? Я вельмі спалохаўся

3 і сказаў цару: хай жыве цар вавекі! Як ня быць засмучаным твару майму, калі горад, дом магіл бацькоў маіх, у запусьценьні, і брама яго спалена агнём!

4 І сказаў мне цар: чаго ж ты хочаш? Я памаліўся Богу нябеснаму

5 і сказаў цару: калі цару заўгодна, і калі ва ўпадабаньні раб твой перад абліччам тваім, дык пашлі мяне ў Юдэю, у горад магіл бацькоў маіх, каб я адбудаваў яго.

6 І сказаў мне цар і царыца, якая сядзела каля яго: колькі часу задоўжыцца дарога твая і калі вернешся? І заўгодна было цару паслаць мяне, пасьля таго як я вызначыў час.

7 І сказаў я цару: калі цару заўгодна, дык даў бы мне ліст да зарэцкіх начальнікаў вобласьцей, каб яны давалі мне пропуск, пакуль не дайду да Юдэі,

8 і ліст да Асафа, ахоўцы царскіх лясоў, каб ён даў мне дрэва на браму крэпасьці, якая пры доме Божым, і на гарадскую сьцяну, і на дом, у якім мне жыць. І даў мне цар, бо ж дабрадзейная рука Бога майго была над мною.

9 І прыйшоў я да зарэцкіх начальнікаў вобласьцей і аддаў ім царскія лісты. А паслаў са мною цар воінскіх начальнікаў зь верхаўцамі.

10 Калі пачуў пра гэта Санавалат, Хараніт і Товія, Аманіцкі раб, дык ім было даволі прыкра, што прыйшоў чалавек паклапаціцца пра дабро сыноў Ізраілевых.

11 І прыйшоў я ў Ерусалім. І прабыўшы там тры дні,

12 устаў я ўначы зь нямногімі людзьмі, якія былі пры мне, і нікому не сказаў, што Бог мой паклаў мне на сэрца зрабіць для Ерусаліма; а жывёлы ня было са мною ніякае, акрамя той, на якой я ехаў.

13 І праехаў я ўначы праз браму Даліны перад крыніцай Драконавай да брамы Гнаявой, і агледзеў я сьцены Ерусаліма разбураныя і брамы, спаленыя агнём.

14 І падэехаў я да брамы Крыніцы і да царскага вадаёму; але ня было месца прайсьці жывёле, якая была пад мною,

15 і я падняўся назад па лагчыне ўначы і аглядаў сьцяну, і праехаўшы брамаю Даліны, вярнуўся.

16 І начальнікі ня ведалі, куды я хадзіў і што я раблю; ні Юдэям, ні сьвятарам, ні знакамітым, ні начальнікам, ні іншым майстрам работ я датуль нічога не адкрываў.

17 І сказаў я ім: вы бачыце бедства, у якім мы знаходзімся; Ерусалім пусты і брамы яго спалены агнём; пойдзем, пабудуем сьцяну Ерусаліма, і ня будзем наперад у такім занядбаньні.

18 І я расказаў ім пра руку Бога майго, якая спрыяла мне, а таксама і словы цара, якія ён казаў мне. І сказалі яны: будзем будаваць, - і змацавалі рукі свае на добрае.

19 Дачуўшыся пра гэта, Санавалат, Хараніт і Товія, Аманіцкі раб, і Гешэм Аравіцянін сьмяяліся з нас і з пагардай казалі: што гэта за дзея, якую вы чыніце? Ужо ці ня думаеце вы ўзбунтавацца супроць цара?

20 Я даў ім адказ і сказаў ім: Бог Нябесны, Ён дасьць нам посьпех, і мы, рабы Ягоныя, будзем будаваць, а вам няма долі і права і памяці ў Ерусаліме.

 

Разьдзел 3

 

1 І ўстаў Эліяшыў, вялікі сьвятар, і браты яго сьвятары і пабудавалі Авечую браму: яны асьвяцілі яе і ўставілі дзьверы яе, і ад вежы Мэа асьвяцілі яе да вежы Хананэла.

2 І каля яго будавалі Ерыхонцы, і каля іх будаваў Закхур, сын Імрыя.

3 Браму Рыбную будавалі ўраджэнцы Сэнаі: яны накрылі яе, і ўставілі дзьверы яе, замкі яе і засаўкі яе.

4 Каля іх папраўляў сьцяну Мэрэмот, сын Урыі, сын Гакоца; каля іх папраўляў Мэшулам, сын Бэрэхіі, сын Мэшызабэла; каля іх папраўляў Садок, сын Бааны;

5 каля іх папраўлялі Тэкойцы; зрэшты знакаміцейшыя зь іх ня ўнурылі карка свайго папрацаваць дзеля Госпада свайго.

6 Старую браму папраўлялі Ёяда, сын Пасэаха і Мэшулам, сын Бэсодыі: яны накрылі яе, і ўставілі дзьверы яе, і замкі яе і засаўкі яе.

7 Каля іх папраўляў Мэлатыя Гавааніцянін, і Ядон з Мэранота, з жыхарамі Гаваона і Міцфы, падуладнымі зарэцкаму начальніку вобласьці.

8 Каля іх папраўляў Узііл, сын Харгаі, срэбранік, а каля яго папраўляў Хананія, сын Гаракахіма. І аднавілі Ерусалім да сьцяны шырокай.

9 Каля іх папраўляў Рэфая, сын Хура, начальнік паўакругі Ерусалімскай.

10 Каля іх і насупраць дома свайго папраўляў Едая, сын Харумафа, а каля яго папраўляў Хатуш, сын Хашаўніі.

11 На другім участку папраўляў Малхія, сын Харыма, і Хашуў, сын Пахат-Маава; яны ж папраўлялі і вежу Пячную.

12 Каля іх папраўляў Шалум, сын Галахеша, начальнік паўакругі Ерусалімскай, ён і дочкі ягоныя.

13 Браму Даліны папраўляў Ханун і жыхары Занааха: яны пабудавалі яе, і ўставілі дзьверы яе, замкі і засаўкі яе; і яшчэ папраўлялі яны тысячу локцяў сьцяны да брамы Гнаявой.

14 А браму Гнаявую папраўляў Малхія, сын Рэхава начальнік Бэткарэмскай акругі: ён пабудаваў яе і ўставіў дзьверы яе, замкі яе і засаўкі яе.

15 Браму Крыніцы папраўляў Шалум, сын Калхазэя, начальнік акругі Міцфы: ён пабудаваў яе, і ўставіў дзьверы яе, замкі яе і засаўкі яе, - ён жа папраўляў сьцяну каля вадаёма Сэлах насупраць царскага саду і да прыступак, што спускаліся з горада Давідавага.

16 За ім папраўляў Нээмія, сын Азбука, начальнік паўакругі Бэтцурскай, да магільніц Давідавых і да выкапанай сажалкі і да дома адважных.

17 За ім папраўлялі лявіты: Рэхум, сын Ванія; каля яго папраўляў Хашавія, начальнік паўакругі Кеільскай, за сваю акругу.

18 За ім папраўлялі браты іхнія: Бавай, сын Ханадада, начальнік Кеільскай паўакругі.

19 А каля яго папраўляў Эзэр, сын Ісуса, начальнік Міцфы, на другім участку, насупраць уваходу ў збройню на вугле.

20 За ім рупліва папраўляў Варух, сын Забвая, на другім участку, ад вугла да дзьвярэй дома Эльяшыва, вялікага сьвятара.

21 За ім папраўляў Мэрэмот, сын Урыі, сын Гакоца, на другім участку, ад дзьвярэй дома Эльяшывавага да канца дома Эльяшывавага.

22 За ім папраўлялі сьвятары з ваколіц.

23 За ім папраўляў Веньямін і Хашуў насупраць дома свайго; за імі папраўляў Азарыя, сын Маасэі, сын Ананіі, каля дома свайго.

24 За ім папраўляў Бінуй, сын Хэнадада, на другім участку, ад дома Азарыі да рога і павароту.

25 За ім Фалал, сын Узая, насупраць вугла і вежы, якая выступала ад верхняга дома царскага, якая каля двара цямнічнага. За ім Фэдая, сын Пароша.

26 А нэтынэі, якія жылі ў Афэле, паправілі насупраць Вадзяной брамы на ўсход і да вежы.

27 За імі папраўлялі Тэкойцы, на другім участку, ад месца насупраць вялікай вежы да сьцяны Афэла.

28 Далей брамы Конскае папраўлялі сьвятары, кожны насупраць свайго дома.

29 За імі папраўляў Садок, сын Імэра, насупраць свайго дома, а за ім парпраўляў Шамая, сын Шэханіі, вартаўнік усходняе брамы.

30 За ім папраўляў Хананія, сын Шэлэміі, і Ханун, шосты сын Цалафа, на другім участку. За ім папраўляў Мэшулам, сын Бэрэхіі, насупраць пакоя свайго.

31 За ім папраўляў Малхія, сын Гацорфія, да дома нэтынэяў і гандляроў, насупраць брамы Гаміфкад і да вуглавога жытла.

32 А паміж вуглавым жытлом да брамы Авечай папраўлялі срэбнікі і гандляры.

 

Разьдзел 4

 

1 Калі пачуў Санавалат, што мы будуем сьцяну, ён раззлаваўся і вельмі журыўся і зьдзекаваўся зь Юдэяў;

2 і гаварыў пры братах сваіх і пры Самарыйскіх вайсковых людзях, і сказаў: што робяць гэтыя нікчэмныя Юдэі? няўжо ім гэта дазволяць? няўжо яны будуць прыносіць ахвяры? няўжо яны калі-небудзь скончаць? няўжо яны ажывяць камяні з груды пылу, і прытым папаленыя?

3 А Товія Аманіцянін, які быў каля яго, сказаў: а няхай будуюць; пойдзе ліс і разбурыць іхні каменны мур.

4 Пачуй, Божа наш, у якой мы пагардзе, і абярні іхнія праклёны на іх галаву, і аддай іх пагардзе ў зямлі палону,

5 і не пакрый беззаконьняў іхніх, і грэх іхні хай не загладзіцца перад абліччам Тваім, бо яны засмуцілі будаўнікоў!

6 Мы аднак будавалі мур, і складзены быў увесь мур да палавіны яго. І народу хапала імпэту будаваць.

7 Калі пачулі Санавалат і Товія, і Аравіцяне, і Аманіцяне, і Азацяне, што сьцены Ерусалімскія аднаўляюцца, што пашкоды пачалі папраўляцца, дык ім было вельмі прыкра.

8 І згаварыліся ўсе разам пайсьці вайною на Ерусалім і разбурыць яго.

9 І мы маліліся Богу нашаму, і ставілі супроць іх варту ўдзень і ўначы дзеля выратаваньня ад іх.

10 Але Юдэі сказалі: аслабла сіла ў насільшчыкаў, а сьмецьця многа; мы ня можам будаваць сьцяну.

11 А няпрыяцелі нашыя казалі: не даведаюцца і ня ўбачаць, як раптам мы ўвойдзем усярэдзіну іх і пераб'ем іх, і спынім працу.

12 Калі прыходзілі Юдэі, што жылі каля іх, і казалі нам разоў дзесяць, з усіх месцаў, што яны нападуць на нас,

13 тады ў нізкіх мясьцінах каля горада, за сьцяною, на мясьцінах сухіх паставіў я народ папляменна зь мечамі іхнімі, зь дзідамі іхнімі і лукамі іхнімі.

14 І агледзеў я, і стаў, і сказаў знакамітым і начальнікам і іншаму люду: ня бойцеся іх; памятайце Госпада вялікага і страшнага і змагайцеся за братоў сваіх, за сыноў сваіх і за дочак сваіх, за жанок сваіх і за дамы свае.

15 Калі пачулі няпрыяцелі нашыя, што нам вядомыя намеры іхнія, тады разбурыў Бог намысел іхні; і ўсе мы вярнуліся да сьцяны, кожны да свае працы.

16 З таго дня палавіна маладых людзей у мяне займалася працаю, а другая палавіна іх трымала дзіды, шчыты і лукі і латы; і начальнікі былі за ўсім домам Юдавым.

17 Будаўнікі сьцяны і насільшчыкі цяжару, якія накладвалі на іх, адною рукою рабілі працу, а другою трымалі дзіду.

18 Кожны будаўнік аперазаны быў мечам па сьцёгнах сваіх, і так яны будавалі. Каля мяне быў трубач.

19 І сказаў я знакамітым і начальнікам і іншаму люду: праца вялікая і ёмістая, і мы расьсеяны па сьцяне і аддаленыя адзін ад аднаго;

20 таму, адкуль пачуеце вы гук трубы, у тое месца зьбірайцеся да нас: Бог наш будзе змагацца за нас.

21 Так рабілі мы працу; і палавіна трымалі дзіды ад золку да першых зорак.

22 Звыш гэтага тым часам сказаў я люду, каб у Ерусаліме ўсе начавалі з рабамі сваімі, - і будуць яны ў нас уначы на варце, а ўдзень на працы.

23 І ні я, ні браты мае, ні слугі мае, ні варта, што суправаджала мяне, ня здымалі зь сябе вопраткі сваёй, у кожнага былі пад рукою меч і вада.

 

Разьдзел 5

 

1 І сталася вялікае нараканьне ў народзе і ў жанчын яго на братоў сваіх Юдэяў.

2 Былі такія, што казалі: нас, сыноў нашых і дачок нашых многа; і мы хацелі б здабываць хлеб і карміцца і жыць.

3 Былі і такія, што казалі: палі свае і вінаграднікі свае і дамы свае мы закладваем, каб здабыць хлеба ад голаду.

4 Былі і такія, што казалі: мы пазычаем срэбра на падатак цару пад заклад палёў нашых і вінаграднікаў нашых;

5 у нас такія ж целы, якія целы ў братоў нашых, і сыны нашыя такія самыя, як іхнія сыны, а вось мы павінны аддаваць сыноў нашых і дачок нашых у рабы, і некаторыя з дачок нашых ужо ў рабстве. Няма ніякіх сродкаў на выкуп у руках нашых; і палі нашы і вінаграднікі нашы ў іншых.

6 Калі я пачуў нараканьні іхнія і такія словы, я вельмі ўгневаўся.

7 Сэрца маё абурылася, і я строга выгаварыў знакамітым і начальнікам і сказаў ім: вы бераце ліхву з братоў сваіх. І склікаў я супроць іх вялікі сход

8 і сказаў ім: мы выкупілі братоў сваіх, Юдэяў, прададзеных народам, колькі было сілы ў нас, а вы прадаяце братоў сваіх, і яны прадаюцца нам? Яны маўчалі, ня маючы што сказаць.

9 І сказаў я: нядобра вы робіце. Ці ж ня ў страху Бога нашага павінны хадзіць вы, каб пазьбегнуць наганы ад народаў, ворагаў нашых?

10 І я таксама, браты мае і служкі мае пазычалі ім і срэбра і хлеб: пакінем ім пазыку гэтую.

11 Вярнеце ж ім сёньня палі іхнія, вінаграднікі і масьлічныя сады іхнія, і ліхву з срэбра і хлеба, і віна і алею, за які вы пазычылі ім.

12 І сказалі яны: вернем і ня будзем зь іх спаганяць; зробім так, як ты кажаш. І паклікаў я сьвятароў і сказаў ім запрысягнуцца, што яны так зробяць.

13 І вытрас я вопратку маю і сказаў: так няхай вытрасе Бог кожнага чалавека, які ня стрымае слова гэтага, з дома ягонага і з маёнтка ягонага, і так хай будзе ў яго вытрасена і пуста! І сказаў увесь сход: амін. І праславілі Бога; і народ стрымаў слова гэтае.

14 Яшчэ: з таго дня, як назначаны я быў начальнікам вобласьці іхнім у зямлі Юдэйскай, ад дваццатага года да трыццаць другога года цара Артаксэркса, і так дваццаць гадоў я і браты мае ня елі хлеба вобласьценачальніцкага.

15 А ранейшыя начальнікі вобласьцяў, якія былі да мяне, абцяжарвалі народ і зьбіралі зь іх хлеб і віно, акрамя сарака сікляў срэбра; нават і слугі іхнія панавалі над народам. А я не рабіў так праз страх Божы.

16 Пры гэтым працу на сьцяне гэтай я падтрымліваў; і палёў мы ня куплялі, і ўсе слугі мае зьбіраліся туды на працу.

17 Юдэяў і начальнікаў па сто пяцьдзясят чалавек бывала ў мяне за сталом, апрача тых, што прыходзілі да нас з навакольных народаў.

18 І вось што гатавалася на адзін дзень: адзін бык, шэсьць адборных авечак і птушкі гатаваліся ў мяне; і за дзесяць дзён спажывалася мноства рознага віна. І пры тым хлеба вобласьценачальніцкага я не патрабаваў, бо цяжкая служба ляжала на народзе гэтым.

19 Спамяні, Божа мой, на добрае мне ўсё, што я зрабіў дзеля народу гэтага.

 

Разьдзел 6

 

1 Калі дайшло да слыху Санавалата і Товіі і Гешэма Аравіцяніна і астатніх непрыяцеляў нашых, што я пабудаваў сьцяну, і не засталася ў ёй пашкодаў - зрэшты я да таго часу яшчэ ня ставіў дзьвярэй у браме,

2 тады прыслаў Санавалат і Гешэм да мяне сказаць: прыйдзі, і сыдземся ў адным зь сёлаў на раўніне Она. Яны намышлялі зрабіць мне благое.

3 Але я паслаў да іх паслоў сказаць: я заняты вялікай справай, не магу сысьці; справа спынілася б, калі б я пакінуў яе і сышоў да вас.

4 Чатыры разы прысылалі яны да мяне з такім самым запрашэньнем, і я адказваў ім тое самае.

5 Тады прыслаў да мяне Санавалат пяты раз свайго слугу, у якога ў руцэ было распячатанае пісьмо.

6 У ім было напісана: чутка носіцца ў народаў, і Гешэм кажа, быццам ты і Юдэі задумалі адпасьці, дзеля чаго і будуеш ты сьцяну і хочаш быць у іх царом, паводле тых самых чутак;

7 і прарокаў паставіў ты, каб яны абвяшчалі пра цябе ў Ерусаліме і казалі: цар Юдэйскі! І такія гаворкі дойдуць да цара. Дык вось, прыходзь, і параімся разам.

8 Але я паслаў да яго сказаць: нічога такога ня было, пра што ты кажаш; ты выдумаў гэта сваім розумам.

9 Бо ўсе яны палохалі нас, думаючы: апусьцяцца рукі іхнія ад справы гэтай, і яна не адбудзецца; але я тым болей умацаваў рукі мае.

10 Прыйшоў я ў дом Шэмаі, сына Дэлаі, сына Мэгетавэлавага, і ён замкнуўся і сказаў: пойдзем у дом Божы, усярэдзіну храма і замкнём за сабою дзьверы храма, бо прыйдуць забіць цябе, і прыйдуць забіць цябе ўначы.

11 Але я сказаў: ці можа ўцякаць такі чалавек, як я? Ці можа такі чалавек, як я, увайсьці ў храм, каб застацца жывым? Не пайду.

12 Я ведаў, што ня Бог паслаў яго, хоць і не па-прарочы казаў мне, але што Товія і Санавалат падкупілі яго.

13 Дзеля таго ён быў падкуплены, каб я спалохаўся і зрабіў так і зграшыў, і каб мелі пра мяне благую думку і перасьледавалі мяне за гэта дакорамі.

14 Спамяні, Божа мой, Товію і Санавалата па гэтых справах іхніх, а таксама прарочыцу Наадыю і іншых прарокаў, якія хацелі запалохаць мяне!

15 Сьцяна была закончана на дваццаць пятым дні месяца Элула, за пяцьдзясят два дні.

16 Калі пачулі пра гэта ўсе няпрыяцелі нашыя, і ўбачылі гэта ўсе народы, якія вакол нас, тады яны вельмі ўпалі ў вачах сваіх і спазналі, што гэта дзея зроблена Богам нашым.

17 Звыш таго ў тыя дні знакамітыя Юдэі многа пісалі лістоў, якія пасылаліся Товію, а лісты Товіі прыходзілі да іх.

18 Бо многія ў Юдэі былі ў клятвеным спрымірэнстве зь ім, бо ён быў зяць Шэханіі, сына Арахавага, а сын ягоны Ёханан узяў за сябе дачку Мэшулама, сына Вэрэхіі.

19 Нават пра дабрыню ягоную яны гаварылі пры мне, і мае словы пераносіліся да яго. Товія пасылаў лісты, каб запалохаць мяне.

 

Разьдзел 7

 

1 Калі сьцяна была пабудавана, і я ўставіў дзьверы, і пастаўлены былі на служэньне брамнікі і сьпевакі і лявіты,

2 тады загадаў я брату майму Ханані і начальніку Ерусалімскай крэпасьці Хананію, бо ён больш за многіх іншых быў чалавек верны і богабаязны,

3 і сказаў я ім: няхай не адчыняюць брам Ерусалімскіх, пакуль не абагрэе сонца, і пакуль яны стаяць, хай зачыняюць і замыкаюць дзьверы. І паставіў я вартаўнікамі жыхароў Ерусаліма, кожнага на сваю варту і кожнага насупраць дома ягонага.

4 Але горад быў шырокі і вялікі, а народу ў ім было нямнога, і дамы ня былі пабудаваны.

5 І паклаў мне Бог мой на сэрца сабраць знакамітых і начальнікаў і народ, каб зрабіць перапіс. І знайшоў я радаводны перапіс тых, якія спачатку прыйшлі, і ў ім напісана:

6 вось жыхары краіны, якія выправіліся з палонных, пераселеных Навухаданосарам, царом Вавілонскім, і вярнуліся ў Ерусалім і Юдэю, кожны ў свой горад;

7 тыя, якія пайшлі з Зарававэлем, Ісусам, Нээміем, Азарыем, Раміем, Нахманіем, Марадахэем, Білшанам, Місфэрэтам, Бігваем, Нэхумам, Ваанам. Колькасьць людзей народу Ізраілевага:

8 Сыноў Пароша дзьве тысячы сто семдзесят два.

9 Сыноў Сафатыі трыста семдзесят два.

10 Сыноў Араха шасьцьсот пяцьдзясят два.

11 Сыноў Пахат-Маава, з сыноў Ісуса і Ёава, дзьве тысячы васямсот васямнаццаць.

12 Сыноў Элама тысяча дзьвесьце пяцьдзясят чатыры.

13 Сыноў Зату васямсот сорак пяць.

14 Сыноў Закхая сямсот шэсьцьдзясят.

15 Сыноў Бінуя шасьцьсот сорак восем.

16 Сыноў Бэвая шасьцьсот дваццаць восем.

17 Сыноў Азгада дзьве тысячы трыста дваццаць два.

18 Сыноў Аданікама шасьцьсот шэсьцьдзясят сем.

19 Сыноў Бігвая дзьве тысячы шасьцьсот сем.

20 Сыноў Адына шасьцьсот пяцьдзясят пяць.

21 Сыноў Атэра з дома Эзэкіі дзевяноста восем.

22 Сыноў Хашума трыста дваццаць восем.

23 Сыноў Вэцая трыста дваццаць чатыры.

24 Сыноў Харыфа сто дванаццаць.

25 Нараджэнцаў Гаваона дзевяноста пяць.

26 Жыхароў Віфляема і Нэтофы сто восемдзесят восем.

27 Жыхароў Анатота сто дваццаць восем.

28 Жыхароў Бэт-Азмавэта сорак два.

29 Жыхароў Карыятыярыма, Кефіры і Бээрота сямсот сорак тры.

30 Жыхароў Рамы і Гівы шасьцьсот дваццаць адзін.

31 Жыхароў Міхмаса сто дваццаць два.

32 Жыхароў Вэтыля і Гая сто дваццаць тры.

33 Жыхароў Нэво другога пяцьдзясят два.

34 Сыноў Элама другога тысяча дзьвесьце пяцьдзясят чатыры.

35 Сыноў Харыма трыста дваццаць.

36 Нараджэнцаў Ерыхона трыста сорак пяць.

37 Нараджэнцаў Лода, Хадыда і Она сямсот дваццаць адзін.

38 Нараджэнцаў Сэнаі тры тысячы дзевяцьсот трыццаць.

39 Сьвятароў, сыноў Едаі, з дома Ісусавага, дзевяцьсот семдзесят тры.

40 Сыноў Імэра тысяча пяцьдзясят два.

41 Сыноў Пашхура тысяча дзьвесьце сорак сем.

42 Сыноў Харыма тысяча сямнаццаць.

43 Лявітаў: сыноў Ісуса, з дома сыноў Гадэвы, семдзесят чатыры.

44 Сьпевакоў: сыноў Асафа сто сорак восем.

45 Брамнікі: сыны Шалума, сыны Атэра, сыны Талмона, сыны Акува, сыны Хатыты, сыны Шавая - сто трыццаць восем.

46 Нэтынэі: сыны Цыхі, сыны Хасуфы, сыны Табаота,

47 сыны Кіроса, сыны Сіі, сыны Фадона,

48 сыны Леваны, сыны Хагавы, свыны Салмая,

49 сыны Ханана, сыны Гідэла, сыны Гахара,

50 сыны Рэаі, сыны Рэцына, сыны Нэкоды,

51 сыны Газама, сыны Узы, сыны Пасэаха,

52 сыны Вэсая, сыны Мэўніма, сыны Нэфішсіма,

53 сыны Ваквука, сыны Хакуфы, сыны Хархура,

54 сыны Вацліта, сыны Мэхіды, сыны Харшы,

55 сыны Варкоса, сыны Сісары, сыны Тамаха,

56 сыны Нэцыаха, сыны Хатфыфы.

57 Сыны рабоў Саламонавых: сыны Сатая, сыны Сафэрэта, сыны Фэрыды,

58 сыны Яалы, сыны Даркона, сыны Гідэла,

59 сыны Сафатыі, сыны Хатыла, сыны Пахэрэт-Гацэваіма, сыны Амона.

60 Усіх нэтынэяў і сыноў рабоў Саламонавых трыста дзевяноста два.

61 І вось тыя, што выйшлі з Тэлмэдаха, Тэлхаршы, Херуў-Адона і Імэра; але яны не маглі паказаць пра пакаленьне сваё і пра племя сваё, ці ад Ізраіля яны.

62 Сыны Дэлаі, сыны Товіі, сыны Нэкоды - шасьцьсот сорак два.

63 І са сьвятароў: сыны Хаваі, сыны Гакоца, сыны Вэрзэлія, які ўзяў жонку з дочак Вэрзэлія Галаадыцяніна і стаў называцца іх імем.

64 Яны шукалі радаводнага свайго запісу, і не знайшлося, і таму выключаны са сьвятарства.

65 І Тыршата сказаў ім, каб яны ня елі вялікай сьвятыні, пакуль не паўстане сьвятар з урымам і тумімам.

66 Усё супольства разам складалася з сарака двух тысяч трохсот шасьцідзесяці чалавек,

67 акрамя рабоў іхніх і рабынь іхніх, які было сем тысяч трыста трыццаць сем; і пры іх сьпевакоў і сьпявачак дзьвесьце сорак пяць.

68 Коней у іх было сямсот трыццаць шэсьць, кабыл у іх дзьвесьце сорак пяць,

69 вярблюдаў чатырыста трыццаць пяць, аслоў шэсьць тысяч сямсот дваццаць.

70 Некаторыя ўзначальцы пакаленьняў далі ўклады на вядзеньне працы. Тыршата даў у скарбніцу золатам тысячу драхмаў, пяцьдзясят чараў, пяцьсот трыццаць сьвятарскіх убраньняў.

71 І некаторыя з узначальцаў пакаленьняў далі ў скарбніцу на вядзеньне працы дваццаць тысяч драхмаў золата і дзьве тысячы дзьвесьце мінаў срэбра.

72 Астатнія з народу далі дваццаць тысяч драхмаў золата і дзьве тысячы мінаў срэбра і шэсьцьдзясят сем сьвятарскіх убраньняў.

73 І пачалі жыць сьвятары і лявіты, і брамнікі і сьпевакі, і народ і нэтынэі, і ўвесь Ізраіль у гарадах сваіх.

 

Разьдзел 8

 

1 Калі настаў сёмы месяц, і сыны Ізраілевыя жылі ў гарадах сваіх, тады сабраўся ўвесь народ, як адзін чалавек, на пляц, які перад Вадзяною брамаю, і сказалі кніжніку Эздру, каб ён прынёс кнігу закона Майсеевага, які запавядаў Гасподзь Ізраілю.

2 І прынёс сьвятар Эздра закон на сход мужчын і жанчын і ўсіх, якія маглі разумець, у першы дзень сёмага месяца;

3 і чытаў зь яго на пляцы, які перад Вадзяною брамай, ад сьвітаньня да полудня, перад мужчынамі і жанчынамі і ўсімі, якія маглі разумець; і вушы ўсяго народу былі прыхілены да кнігі закона.

4 Кніжнік Эздра стаяў на драўляным узвышэньні, якое яму зрабілі, а каля яго, праваруч ад яго, стаялі Мататыя і Шэма, і Аная і Урыя, і Хэлкія і Маасэя, а леваруч ад яго Фэдая і Місаіл, і Малхія і Хашум, і Хашбадана, і Захар і Мэшулам.

5 І адкрыў Эздра кнігу перад вачыма ўсяго народу, бо ён стаяў вышэй за народ. І калі ён адкрыў яе, увесь народ устаў.

6 І дабраславіў Эздра Госпада Бога вялікага. І ўвесь народ адказаў: амін, амін, падымаючы рукі свае, - і пакланяліся і падалі прад Госпадам тварам да зямлі.

7 Ісус, Ваная, Шэрэвія, Ямін, Акуў, Шаўтай, Гадыя, Маасэя, Кліта, Азарыя, Ёзавад, Ханан, Фэлая і лявіты тлумачылі народу закон, тым часам як народ стаяў на сваім месцы.

8 І чыталі з кнігі, з закона Божага, выразна, і далучалі тлумачэньне, і народ разумеў прачытанае.

 

9 Тады Нээмія, ён жа Тыршата, і кніжнік Эздра, сьвятар, і лявіты, якія вучылі народ, сказалі ўсяму народу: дзень гэты сьвяты Госпаду Богу нашаму; ня смуткуйце і ня плачце, - бо ўвесь народ плакаў, слухаючы словы закона.

10 І сказаў ім: ідзеце, ежце тлустае і пеце салодкае, і пасылайце частку тым, у каго нічога не прыгатавана, таму што дзень гэты сьвяты Госпаду нашаму. І ня смуткуйце, бо радасьць прад Госпадам - падмацаваньне вам.

11 І лявіты супакойвалі ўвесь народ, кажучы: перастаньце, бо дзень гэты сьвяты, ня смуткуйце.

12 І пайшоў увесь народ есьці, і піць, і пасылаць часткі, і сьвяткаваць зь вялікай весялосьцю, бо зразумелі словы, якія сказалі ім.

13 На другі дзень сабраліся ўзначальцы пакаленьняў ад усяго народу, сьвятары і лявіты да кніжніка Эздры, каб ён тлумачыў ім словы закона.

14 І знайшлі напісанае ў законе, які Гасподзь даў праз Майсея, каб сыны Ізраілевыя ў сёмым месяцы, у сьвята, жылі ў кучках.

15 І таму абвясьцілі і агаласілі па ўсіх гарадах сваіх і ў Ерусаліме, кажучы: ідзеце на гару і нясеце галінкі масьліны садовай і галінкі масьліны дзікай, і галінкі міртавыя і галінкі пальмавыя, і галінкі іншых шырокалістных дрэў, каб зрабіць кучкі паводле напісанага.

16 І пайшоў народ, і прынесьлі і зрабілі сабе кучкі, кожны на сваім даху і на дварах сваіх, і на дварах дома Божага, і на пляцы каля Вадзяное брамы і на пляцы каля Яфрэмавай брамы.

17 Усё супольства павяртанцаў з палону зрабіла кучкі-буданы і жыло ў кучках. Ад дзён Ісуса, сына Нававага, да гэтага дня, не рабілі так сыны Ізраілевыя. Радасьць была вельмі вялікая.

18 І чыталі з кнігі закона Божага кожны дзень, ад першага дня да апошняга дня. І сьвяткавалі сьвята сем дзён, а на восьмы дзень пасьля сьвята паводле статуту.

 

Разьдзел 9

 

1 На дваццаць чацьвёрты дзень гэтага месяца сабраліся ўсе сыны Ізраілевыя, якія пасьціліся і ў вярэтах і з попелам на галовах сваіх.

2 І аддзялілася насеньне Ізраілевае ад усіх іншародных, і ўсталі і спавядаліся ў грахах сваіх і ў злачынствах бацькоў сваіх.

3 І стаялі на сваім месцы, і чвэрць дня чыталі з кнігі закона Госпада Бога свайго, і чвэрць спавядаліся і пакланяліся Госпаду Богу свайму.

4 І ўсталі на ўзвышанае месца лявітаў: Ісус, Ванія, Кадмііл, Шэванія, Вуній, Шэрэвія, Ванія, Хэнані, і гучна заклікалі да Госпада Бога свайго.

5 І сказалі лявіты - Ісус, Кадмііл, Ванія, Хашаўнія, Шэрэвія, Гадыя, Шэванія, Пэтахія: устаньце, слаўце Госпада Бога вашага адвеку і давеку. Хай славасловяць вартае ўслаўленьня і вышэйшае за ўсякае славаслоўе і хвалу імя Тваё!

6 І сказаў Эздра: Ты, Госпадзе адзіны. Ты стварыў неба, нябёсы нябёсаў і ўсё войска іх, зямлю і ўсё, што на ёй, моры і ўсё, што ў іх, і Ты жывіш усё гэта, і нябесныя войскі Табе пакланяюцца.

7 Ты Сам, Госпадзе Божа, выбраў Абрагама і вывеў яго з Ура Халдэйскага, і даў яму імя Абрагама,

8 і знайшоў яго сэрца верным прад Табою, і заключыў зь ім запавет, каб даць семені ягонаму зямлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Евусэяў і Гергэсэяў. І Ты выканаў слова Сваё, бо Ты праведны.

9 Ты ўбачыў бедства бацькоў нашых у Егіпце і пачуў енк іхні каля Чэрмнага мора,

10 і паказаў знакі і цуды над фараонам і над усімі рабамі ягонымі, і над усім народам зямлі ягонай, бо Ты ведаў, што яны пагардліва абыходзіліся зь імі, і зарабіў Ты Сабе імя да гэтага дня.

11 Ты расьсек перад імі мора, і яны сярод мора прайшлі па сухім, а тых, што гналіся за імі, укінуў у глыбіні, як камень у вялікія воды.

12 У слупе воблачным Ты вёў іх удзень і ў слупе вогненным уначы, каб асьвятляць ім дарогу, па якой ім ісьці.

13 І сышоў Ты на гару Сінай і гаварыў зь імі зь неба, і даў ім суды справядлівыя, законы правільныя; пастановы і запаведзі добрыя.

14 І ўказаў ім сьвятую Тваю суботу і запаведзі, і пастановы і закон падаў ім праз раба Твайго Майсея.

15 І хлеб зь неба Ты даваў ім у голадзе іхнім і ваду з каменю крынічыў ім у смазе іхняй, і сказаў ім, каб яны пайшлі і авалодалі зямлёю, якую Ты, падняўшы руку Тваю, запрысягнуўся даць ім.

16 Але яны і бацькі нашыя ўпарціліся, і шыю сваю трымалі пругка, і ня слухаліся наказаў Тваіх;

17 не захацелі слухацца і ня ўспомнілі цудоўных дзеяў Тваіх, якія Ты рабіў зь імі, і трымалі шыю сваю пругка і з упартасьці сваёй паставілі над сабою правадыра, каб вярнуцца ў рабства сваё. Але Ты Бог, Які любіць дараваць, добры і міласэрны, доўгацярплівы і шматлітасьцівы, і Ты не пакінуў іх.

18 І хоць яны зрабілі сабе літое цяля і сказалі: вось бог твой, які вывеў цябе зь Егіпта, і хоць рабілі вялікія абразы,

19 але Ты, зь вялікай міласэрнасьці Тваёй, не пакідаў іх у пустыні; слуп воблачны не адыходзіў ад іх удзень, каб весьці іх па шляху, і слуп вогненны ўначы, каб сьвяціць ім у дарозе, якою яны ішлі.

20 І Ты даў ім Духа Твайго добрага, каб настаўляць іх, і манну Тваю не адбіраў ад вуснаў іхніх, і ваду даваў ім дзеля наталеньня смагі іхняй.

21 Сорак гадоў Ты карміў іх у пустыні; яны ні ў чым ня мелі нястачы, вопратка іхняя не старэла, і ногі іхнія ня пухлі.

22 І Ты даў ім царства і народы, і падзяліў ім, і яны авалодалі зямлёю Сігона, і зямлёю цара Есэвонскага, і зямлёю Ога, цара Васанскага.

23 І сыноў іхніх Ты памножыў, як зоркі нябесныя, і ўвёў іх у зямлю, пра якую Ты казаў бацькам іхнім, што яны прыйдуць валодаць ёю.

24 І ўвайшлі сыны іхнія, і авалодалі зямлёю. І Ты скарыў ім жыхароў зямлі, Хананэяў, і аддаў іх у рукі іхнія, і цароў іхніх, і народы зямлі, каб яны рабілі зь імі па сваёй волі.

25 І занялі яны ўмацаваныя гарады і тлустую зямлю, і ўзялі ў валоданьне дамы, напоўненыя ўсялякім дабром, вадаёмы, высечаныя з каменю, вінаградныя і масьлічныя сады і мноства дрэў з пладамі на ежу. Яны елі, насычаліся, тлусьцелі і мелі асалоду зь вялікай дабрыні Тваёй;

26 і зрабіліся ўпартыя і ўзбурыліся супроць Цябе: і занядбалі закон Твой, забівалі прарокаў Тваіх, якія ўмаўлялі іх зьвярнуцца да Цябе, і рабілі вялікія абразы.

27 І Ты аддаў іх у рукі ворагам іхнім, якія ўціскалі іх. Але калі, у цяжкі для яго час, яны заклікалі Цябе, Ты выслухваў іх зь нябёсаў, і зь вялікай міласэрнасьці Тваёй, даваў ім ратавальнікаў, і яны ратавалі іх ад рук ворагаў іхніх.

28 А калі супакойваліся, дык спачатку пачыналі рабіць благое перад абліччам Тваім, і Ты аддаваў іх у рукі няпрыяцеляў іхніх, і яны панавалі над імі. Але калі яны зноў заклікалі Цябе, Ты выслухваў іх зь нябёсаў і зь вялікай міласэрнасьці Тваёй, выбаўляў іх шмат разоў.

29 Ты нагадваў ім зьвярнуцца да закона Твайго, але яны ўпарціліся і ня слухалі наказаў Тваіх і ўхіляліся ад пастановаў Тваіх, якімі жыў бы чалавек, калі б выконваў іх і хрыбет свой зрабілі ўпарцістым, і шыю сваю трымалі пругка, і ня слухаліся.

30 Чакаючы іхняга навароту, Ты марудзіў шмат гадоў і нагадваў ім Духам Тваім праз прарокаў Тваіх, але яны ня слухалі. І Ты аддаў іх у рукі іншаземных народаў.

31 Але Ты зь вялікай міласэрнасьці Тваёй, Ты ня вынішчыў іх да канца і не пакідаў іх, бо Ты Бог добры і літасьцівы.

32 І сёньня, Божа наш, Божа вялікі, моцны і страшны, Які захоўвае запавет і міласьць! хай ня будзе малым перад абліччам Тваім уся пакута, якая спасьцігла нас, цароў нашых, князёў нашых, і сьвятароў нашых, і прарокаў нашых, і бацькоў нашых і ўвесь народ Твой ад дзён цароў Асірыйскіх да сёньня.

33 Ва ўсім, што спасьцігла нас, Ты праведны, бо Ты рабіў паводле праўды, а мы вінаватыя.

34 Цары нашыя, князі нашыя, сьвятары нашыя і бацькі нашыя ня выконвалі закону Твайго, і ня слухалі наказаў Тваіх і напамінаў Тваіх, якімі Ты нагадваў ім.

35 І ў царстве сваім пры вялікім дабры Тваім, якое Ты даваў ім, і на прасторнай і тлустай зямлі, якую Ты выдзеліў ім, яны ня служылі Табе і не адварочваліся ад ліхіх дзеяў сваіх.

36 І вось, мы цяпер рабы; на той зямлі, якую Ты даў бацькам нашым, каб карміцца яе пладамі і яе дабром, вось, мы рабы.

37 І ўтворы свае яна багата прыносіць царам, якім Ты ўпакорыў нас за грахі нашыя. І целамі нашымі і быдлам нашым яны валодаюць, як самі хочуць, і мы ў вялікім уціску.

38 Пасьля ўсяго гэтага мы даём цьвёрдае абавязацельства і падпісваем, і на подпісе пячатка князёў нашых, лявітаў нашых і сьвятароў нашых.

 

Разьдзел 10

 

1 Прыклалі пячаткі: Нээмія - Тыршата, сын Гахаліі, і Сэдэкія

2 Сэрая, Азарыя, Ерамія,

3 Пашхур, Амарыя, Малхія,

4 Хатуш, Шэванія, Малух,

5 Харым, Мэрэмот, Авадыя,

6 Данііл, Гінэтон, Варух,

7 Мэшулам, Авія, Міямін,

8 Маазія, Вілгай, Шэмая: гэта сьвятары.

9 Лявіты: Ісус, сын Азаніі, Вінуй, з сыноў Хэнадада, Кадмііл,

10 і браты іхнія: Шэванія, Гадыя, Кліта, Фэлая, Ханан,

11 Міха, Рэхоў, Хашавія,

12 Закхур, Шэрэвія, Шэванія,

13 Гадыя, Ваній, Вэнінуй.

14 Узначальцы народа: Парош, Пахат-Мааў, Элам, Зату, Ванія,

15 Вуній, Азгад, Бэвай,

16 Аданія, Бігвай, Адын,

17 Атэр, Эзэкія, Азур,

18 Гадыя, Хашум, Бэцай,

19 Харыф, Анатот, Рэвай,

20 Магніяш, Мэшулам, Хэзір,

21 Мэшэзавэл, Садок, Ядуй,

22 Фэлатыя, Ханан, Ананія,

23 Асія, Хананія, Хашуў,

24 Лахэш, Пілха, Шавэк,

25 Рэхум, Хашаўна, Маасэя,

26 Ахія, Ханан, Анан,

27 Малух, Харым, Ваана.

28 І іншы люд, сьвятары, лявіты, брамнікі, сьпевакі, нэтынэі і ўсе, што аддзяліліся ад іншаземных народаў да закона Божага, жонкі іхнія, сыны іхнія і дочкі іхнія, усе, што маглі разумець,

29 прысталі да братоў сваіх, да самых ганаровых зь іх, і ўступілі ў абавязанасьць з прысягаю і праклёнам - рабіць паводле закона Божага, які дадзены рукою Майсея, раба Божага, і захоўваць і выконваць усе запаведзі Госпада Бога нашага, пастановы Яго і прадпісаньні Ягоныя,

30 і не аддаваць дачок сваіх іншаземным народам, і іх дачок ня браць за сыноў сваіх;

31 і калі іншаземныя народы будуць прывозіць тавары і ўсё прадажнае ў суботу, ня браць у іх у суботу і ў сьвяты дзень, і ў сёмы год пакідаць пазыкі ўсялякага роду.

32 І паставілі мы сабе ў закон - даваць ад сябе па траціне сікля ў год на патрэбы дома Бога нашага:

33 на хлябы пакладныя і на заўсёднае хлебнае прынашэньне і на заўсёднае цэласпаленьне, на суботы, на новыя месяцы, на сьвяты, на сьвятыя рэчы і на ахвяры за грэх дзеля ачышчэньня Ізраіля, і на ўсё, што робіцца ў доме Бога нашага.

34 І кінулі мы жэрабі пра дастаўку дроў, сьвятары, лявіты і люд, калі якому пакаленьню нашаму ў назначаны час, год у год, прывозіць іх да дома Бога нашага, каб яны гарэлі на ахвярніку Госпада Бога нашага паводле напісанага ў законе.

35 І абавязаліся мы кожны год прыносіць у дом Гасподні пачаткі зь зямлі нашай і пачаткі ўсякіх пладоў з усяго дрэва;

36 таксама прыводзіць у дом Бога нашага да сьвятароў, якія служаць у доме Бога нашага, першынцаў з сыноў нашых і з быдла нашага, як напісана ў законе, і першароднае ад буйнога і дробнага быдла нашага.

37 І пачаткі з молатага хлеба нашага і прынашэньняў нашых, і пладоў з усякага дрэва, віна і алею мы будзем дастаўляць сьвятарам у кладоўкі пры доме Бога нашага і дзесяціну зь зямлі нашай лявітам. Яны, лявіты, будуць браць дзесяціну ва ўсіх гарадах, дзе ў нас земляробства.

38 Пры лявітах, калі яны будуць браць лявіцкую дзесяціну, будзе прысутны сьвятар, сын Аарона, каб лявіты дзесяціну з сваіх дзесяцінаў вазілі ў дом Бога нашага ў пакоі, аддзеленыя ад кладоўкі,

39 бо ў гэтыя пакоі як сыны Ізраілевыя, так і лявіты павінны дастаўляць прынашэньні ў дарунак: хлеб, віно і алей. Так сьвятыя сасуды і службіты-сьвятары і брамнікі і сьпевакі. І мы не пакінем дома Бога нашага.

 

Разьдзел 11

 

1 І жылі начальнікі народу ў Ерусаліме, а астатнія з народу кідалі жэрабя, каб адна зь дзесяці частак іх ішла на жыхарства ў сьвяты горад Ерусалім, а дзевяць заставаліся ў іншых гарадах.

2 І дабраславіў народ усіх, якія з добрай волі згадзіліся жыць у Ерусаліме.

3 Вось узначальцы краіны, якія жылі ў Ерусаліме, - а ў гарадах Юдэі жылі, кожны ў сваім валоданьні, па гарадах сваіх: Ізраільцяне, сьвятары, лявіты і нэтынэі і сыны рабоў Саламонавых;

4 у Ерусаліме жылі з сыноў Юды і з сыноў Веньяміна. З сыноў Юды: Атая, сын Узіі, сын Захарыя, сын Амарыі, сын Сафатыі, сын Малелеіла, з сыноў Фарэса,

5 і Маасэя, сын Варуха, сын Калхазэя, сын Хазаі, сын Адаі, сын Ёярыва, сын Захарыя, сын Шылонія.

6 Усіх сыноў Фарэса, якія жылі ў Ерусаліме, чатырыста шасьцьдзясят восем, людзі выдатныя.

7 І вось сыны Веньяміна: Салу, сын Мэшулама, сын Ёэда, сын Фэдаі, сын Калаі, сын Маасэі, сын Ітыіла, сын Ісаі,

8 і за ім Габай, Салай - дзевяцьсот дваццаць восем.

9 Ёіль, сын Зіхры, быў начальнікам над імі, а Юда, сын Сэнуі, быў другі над горадам.

10 Са сьвятароў: Едая, сын Ёярыва, Яхін.

11 Сэрая, сын Хэлкіі, сын Мэшулама, сын Садока, сын Мэраёта, сын Ахітува, начальнік у доме Божым,

12 і браты іхнія, якія правілі службу ў доме Божым - васямсот дваццаць два; і Адая, сын Ерахама, сына Фэлаліі, сын Амцыя, сын Захарыя, сын Пашхура, сын Малхіі

13 і браты ягоныя, узначальцы пакаленьняў - дзьвесьце сорак два; і Амашсай, сын Азарыіла, сын Ахая, сын Мэшылэмота, сын Імэра,

14 і браты ягоныя, людзі выдатныя - сто дваццаць восем. Начальнікам над імі быў Заўдыіл, сын Гагэдаліма.

15 А зь лявітаў: Шэмая, сын Хашува, сын Азрыкама, сын Хашавіі, сын Вунія,

16 і Шаўтай, і Ёзавад з узначальцаў лявітаў па зьнешніх справах дома Божага,

17 і Матанія, сын Міхі, сын Заўдыя, сын Асафа, галоўны пачынальнік славаслоўя пры малітве, і Бакбукія, другі пасьля яго, і Аўда, сын Шамуя, сын Галала, сын Ідытуна.

18 Усіх лявітаў у сьвятым горадзе дзьвесьце восемдзесят чатыры.

19 А брамнікі: Акуў, Талмон і браты іхнія, якія трымалі варту каля брамы - сто семдзесят два.

20 Астатнія Ізраільцяне, сьвятары, лявіты жылі ва ўсіх гарадах Юдэі, кожны ў сваім удзеле.

21 А нэтынэі жылі ў Афэле; над нэтынэямі Цыха і Гішфа.

22 Начальнікам над лявітамі ў Ерусаліме былі Узій, сын Ванія, сын Хашавіі, сын Матаніі, сын Міхі, з сыноў Асафавых, якія былі сьпевакамі пры служэньні ў доме Божым,

23 бо ад цара быў пра іх адмысловы загад, і назначана было на кожны дзень сьпевакам пэўнае ўтрыманьне.

24 І Пэтахія, сын Мэшэзавэда, з сыноў Зары, сына Юды, быў давераны ад цара па ўсякіх справах, якія датычыліся народу.

25 З тых, што жылі ў вёсках, на палях сваіх, сыны Юды жылі ў Кірыят-Арбе і залежных ад іх гарадах, у Дывоне і залежных ад іх гарадах, у Екаўцэіле і сёлах яго,

26 у Ешуе, у Маладзе і ў Бэт-Палеце,

27 у Хацар-Шуале, у Вірсавіі і залежных ад яе гарадах,

28 у Сэкелазе, у Мэхоне і залежных ад яе гарадах,

29 у Эн-Рымоне, у Цоры і ў Ярмуце,

30 у Занаасе, Адаламе і вёсках іх, у Лахісе і на палях яго, у Азэцы і залежных ад яе гарадах. Яны разьмясьціліся ад Вірсавіі і да даліны Эномавай.

31 Сыны Веньямінавыя, пачынаючы ад Гевы, у Міхмасе, Гае, у Вэтылі і залежных ад яго гарадах,

32 у Анатоце, Нове, Ананіі,

33 Гацоры, Раме, Гітаіме,

34 Хадыдзе, Цэваіме, Нэвалаце,

35 Лодзе, Она, у даліне Харашыме.

36 І лявіты мелі жытло сваё ў дзялянках Юды і Веньяміна.

 

Разьдзел 12

 

1 Вось сьвятары і лявіты, якія прыйшлі з Зарававэлем, сынам Салатыілавым, і зь Ісусам: Сэрая, Ерамія, Эзра,

2 Амарыя, Малух, Хатуш,

3 Шэханія, Рэхум, Мэрэмот,

4 Іда, Гінэтой, Авія,

5 Міямін, Маадыя, Вілга,

6 Шэмая, Ёярыў, Едая,

7 Салу, Амок, Хэлкія, Едая. Гэта ўзначальцы сьвятароў і браты іхнія ў дні Ісуса.

8 А лявіты: Ісус, Бінуй, Кадмііл, Шэрэвія, Юда, Матанія, галоўны пры славаслоўі, ён і браты ягоныя,

9 і Бакбукія і Уній, браты іхнія, разам зь імі адказныя за варту.

10 Ісус спарадзіў Ёакіма, Ёакім спарадзіў Эльяшыва, Эльяшыў спарадзіў Ёяду,

11 Ёяда спарадзіў Ёнатана, Ёнатан спарадзіў Ядуя.

12 У дні Ёакіма былі сьвятары, узначальцы пакаленьняў: з дому Сэраі Мэрая, з дому Ераміі Хананія,

13 з дому Эздры Мэшулам, з дому Амарыі Ёханан,

14 з дому Мэліху Ёнатан, з дому Шэваніі Язэп,

15 з дому Харыма Адна, з дому Мэраёта Хэдкія,

16 з дому Іда Захарыя, з дому Гінэтона Мэшулам,

17 з дому Авіі Захрый, з дому Міньяміна, з дому Маадыі Пілтай,

18 з дому Вілгі Шамуй, з дому Шэмаі Ёнатан,

19 з дому Ёярыва, з дому Едаі Узій,

20 з дому Салая Калай, з дому Амока Эвэр,

21 з дому Хэлкіі Хашавія, з дому Едаі Натанаіл.

22 Лявіты, узначальцы пакаленьняў, унесены ў запіс у дні Эльяшыва, Ёяды, Ёханана і Ядуя, і таксама сьвятары ў валадараньне Дарыя Персідскага.

23 Сыны Лявія, узначальцы пакаленьняў, упісаны ў летапісы да дзён Ёханана, сына Эльяшыва.

24 Узначальцы лявітаў: Хашавія, Шэрэвія і Ісус, сын Кадмііла, і браты іхнія, пры іх пастаўленыя дзеля праслаўленьня пры падзякаваньнях, паводле ўстанаўленьня Давіда, чалавека Божага - зьмена за зьменаю.

25 Матанія, Бакбукія, Авадыя, Мэшулам, Талмон, Акуў - вартавыя, брамнікі на варце каля парогаў брамных.

26 Яны былі ў дні Ёакіма, сына Ісусавага, сына Ёсэдэкавага, і ў дні начальніка вобласьці і кніжніка Эздры, сьвятара.

27 Пры асьвячэньні сьцяны Ерусалімскай запатрабавалі лявітаў з усіх мясьцінаў іхніх, загадваючы ім прыйсьці ў Ерусалім дзеля ўчыненьня асьвячэньня і радаснага сьвята з праслаўленьнямі і песьнямі пад гукі кімвалаў, псалтыроў і гусьляў.

28 І сабраліся сыны сьпевакоў з акругі Ерусалімскай і зь сёлаў Нэтафацкіх,

29 і з Бэт-Гагілгала, і з палёў Гевы і Азмавэта, бо сьпевакі пабудавалі сабе вёскі ў навакольлі Ерусаліма.

30 І ачысьціліся сьвятары і лявіты, і ачысьцілі народ і браму і сьцяну.

31 Тады я павёў начальнікаў у Юдэі на сьцяну і паставіў два вялікія хоры на чале шэсьця, і адзін зь іх ішоў з правага боку сьцяны да Гнаявое брамы.

32 За імі ішоў Гашая і палавіна начальнікаў у Юдэі,

33 Азарыя, Эздра і Мэшулам,

34 Юда і Веньямін, і Шэмая і Ерамія,

35 а з сыноў сьвятаровых з трубамі: Захарыя, сын Ёнатана, сын Шэмаі, сын Матаніі, сын Міхея, сын Закхура, сын Асафа,

36 і браты ягоныя: Шэмая, Азарыіл, Мілалай, Гілалай, Маай, Натанаіл, Юда і Хананій з музычнымі спарудамі Давіда, чалавека Божага.

37 Каля брамы Крыніцы, насупраць іх, яны падняліся па прыступках горада Давідавага па лесьвіцы, якая вяла на сьцяну вышэй дома Давідавага, да Вадзяное брамы на ўсход.

38 Другі хор ішоў насупраць іх, і за ім я і палавіна народу, па сьцяне ад Пячной вежы і да шырокай сьцяны,

39 і ад брамы Яфрэмавай, міма старое брамы і брамы Рыбнай і брамы Хананэла і брамы Мэа, да Авечае брамы, і спыніліся каля брамы Цямнічнай.

40 Потым абодва хоры сталі каля дома Божага, і я і палавіна начальнікаў са мною,

41 і сьвятары: Эльякім, Маасэя, Міньямін, Міхей, Эльёэнай, Захарыя, Хананія з трубамі,

42 і Маасэя і Шэмая, і Элеазар і Узій, і Ёханан і Малхія, і Элам і Эзэр. І сьпявалі сьпевакі гучна; галоўны ў іх быў Ізрахія.

43 І прыносілі ў той дзень вялікія ахвяры і весяліліся, бо Бог даў ім вялікую радасьць. Весяліліся і жанчыны і дзеці, і весялосьць Ерусаліма далёка было чуваць.

44 У той самы дзень прыстаўлены былі людзі да кладовых пакояў для прынашэньняў пачаткаў і дзесяцінаў, каб зьбіраць з палёў пры гарадах часткі, пакладзеныя законам для сьвятароў і лявітаў, бо Юдэям радасна было глядзець на сьвятароў і лявітаў, якія стаялі,

45 якія правілі службу Богу свайму і дзеі ачышчэньня і былі сьпевакамі і брамнікамі паводле ўстанаўленьня Давіда і сына яго Саламона.

46 Бо здаўна ў дні Давіда і Асафа былі ўстаноўлены ўзначальцы сьпевакоў і песьні Богу, пахвальныя і падзякавальныя.

47 Усе Ізраільцяне ў дні Зарававэля і ў дні давалі часткі сьпевакам і брамнікам на кожны дзень і аддавалі сьвятыні лявітам, а лявіты аддавалі сьвятыні сынам Аарона.

 

Разьдзел 13

 

1 У той дзень чытана было з кнігі Майсеевай уголас народу і знойдзена напісанае ў ёй: Аманіцянін і Маавіцянін ня можа ўвайсьці ў супольства Божае вавек,

2 бо яны ня сустрэлі сыноў Ізраіля з хлебам і вадою і нанялі супроць Яго Валаама, каб праклясьці яго, але Бог наш абярнуў праклён у дабраславеньне.

3 Пачуўшы гэты закон, яны аддзялілі ўсё іншапляменнае ад Ізраіля.

4 А найперш сьвятар Эльяшыў, прыстаўлены да пакояў пры доме Бога нашага, блізкі сваяк Товіі,

5 падрыхтаваў яму вялікі пакой, у які раней клалі хлебнае прынашэньне, ладан і посуд, і дзесяціны хлеба, віна і алею, вызначаныя законам лявітам, сьпевакам і брамнікам, і прынашэньні сьвятарам.

6 Калі ўсё гэта адбывалася, я ня быў у Ерусаліме, бо ў дваццаць другім годзе Вавілонскага цара Артаксэркса я хадзіў да цара, і празь некалькі дзён зноў выпрасіўся ў цара.

7 Калі я прыйшоў у Ерусалім і даведаўся пра благую справу, якую ўчыніў Эльяшыў, падрыхтаваўшы Товію пакой на дварах дома Божага,

8 тады мне было вельмі непрыемна, і я выкінуў усе хатнія рэчы Товіі прэч з пакоя

9 і сказаў, каб ачысьцілі пакоі, і загадаў зноў унесьці туды посуд дома Божага, хлебнае прынашэньне і ладан.

10 Яшчэ даведаўся я, што лявіты і сьпевакі, якія рабілі сваю справу, разьбегліся, кожны на сваё поле.

11 І зрабіў за гэта вымову начальнікам і сказаў: навошта пакінуты намі дом Божы? І я сабраў іх і паставіў іх на месца іхняе.

12 І ўсе Юдэі пачалі прыносіць дзесяціны хлеба, віна і алею ў кладоўкі.

13 І прыставіў я да кладовак Шэлэмію сьвятара і Садока кніжніка і Фэдаю зь лявітаў, і пры іх Ханана, сына Закхура, сына Мэтаніі, бо яны лічыліся вернымі. І на іх ускладзена раздаваць часткі братам сваім.

14 Спамяні мяне за гэта, Божа мой, і ня згладзь руплівых дзеяў маіх, якія я рабіў дзеля дому Бога майго і дзеля служэньня пры ім!

15 У тыя дні я ўбачыў у Юдэі, што ў суботу топчуць чавілы, возяць снапы і наўючваюць аслоў віном, вінаградам, смоквамі і ўсялякім грузам, і вязуць у суботні дзень у Ерусалім. І я строга выгаварыў ім таго ж самага дня, калі яны прадавалі страўнае.

16 І Тыране жылі ў Юдэі і прывозілі рыбу і ўсялякі тавар і прадавалі ў суботу жыхарам Юдэі і ў Ерусаліме.

17 І я зрабіў вымову самым знакамітым зь Юдэяў і сказаў ім: навошта вы робіце такое благоцьце і апаганьваеце дзень суботні?

18 Ці ня так рабілі бацькі вашыя, і за тое Бог наш навёў на нас і на горад гэты ўсё гэтае бедства? А вы пабольшваеце гнеў Ягоны на Ізраіля, апаганьваючы суботу.

19 Пасьля гэтага, калі зьмяркалася каля брамы Ерусалімскай, перад суботаю, я загадаў замыкаць дзьверы і сказаў, каб не адмыкалі іх да раніцы пасьля суботы. І слуг маіх я ставіў каля брамы, каб ніякая ноша не праходзіла ў дзень суботні.

20 І начавалі гандляры і прадаўцы ўсялякага тавару па-за Ерусалімам раз і два.

21 Але я строга выгаварыў ім і сказаў ім: навошта вы начуеце каля сьцяны? Калі зробіце гэта другім разам, я накладу руку на вас. З таго часу яны ня прыходзілі ў суботу.

22 І сказаў я лявітам, каб яны ачысьціліся і прыйшлі трымаць варту каля брамы, каб сьвяціць дзень суботні. І за гэта спамяні мяне, Божа мой, і пашкадуй мяне зь вялікай літасьці Тваёй!

23 Яшчэ тымі днямі бачыў я Юдэяў, якія пабралі сабе жонак з Азацянак, Аманіцянак і Маавіцянак;

24 і таму сыны іхнія напалавіну гавораць па-Азоцку, альбо мовай іншых народаў, і ня ўмеюць гаварыць па-Юдэйску.

25 Я зрабіў за гэта вымову і праклінаў іх, і некаторых з мужоў біў, рваў у іх валасы і заклінаў іх Богам, каб яны не аддавалі дачок сваіх за сыноў іхніх, і ня бралі дачок іхніх за сыноў сваіх і за сябе.

26 Ці не празь іх, казаў я, грашыў Саламон, цар Ізраілеў? У многіх народаў ня было такога цара, як ён. Ён быў любімы Богам сваім, і Бог паставіў яго царом над усімі Ізраільцянамі; і аднак жа чужаземныя жонкі ўвялі ў грэх і яго.

27 І ці можна нам чуць пра вас, што вы робіце ўсё гэта вялікае ліха, грэшыце прад Богам нашым, прымаючы ў сужыцьцё чужаземных жонак?

28 І з сыноў Ёяды, сына вялікага сьвятара Эльяшыва, адзін быў зяцем Санавалата Хараніта. Я прагнаў яго ад сябе.

29 Спамяні ім, Божа мой, што яны зганьбілі сьвятарства і запавет сьвятарскі і лявіцкі!

30 Так ачысьціў я іх ад усяго чужаземнага і аднавіў службы сьвятароў і лявітаў, кожнага ў дзеі ягонай,

31 і дастаўку дроў у прызначаны час і пачаткі. Спамяні мяне, Божа мой, дзеля дабра мне!

 

Кніга Эстэр

 

Разьдзел 1

 

1 І было ў дні Артаксэркса, - гэты Артаксэркс валадарыў над ста дваццацьцю сямю вобласьцямі ад Індыі і да Эфіопіі,

2 у той час, як цар Артаксэркс заступіў на царскі трон свой, што ў Сузах, горадзе сталічным,

3 на трэцім годзе свайго валадараньня ён зладзіў гасьціну ўсім князям сваім і тым, што служылі пры ім, галоўным начальнікам войска Персідскага і Мідыйскага і кіраўнікам вобласьцяў сваіх,

4 паказваючы вялікае багацьце царства свайго і выдатны бляск велічы сваёй шмат дзён, сто восемдзесят дзён.

5 Пасьля заканчэньня гэтых дзён зрабіў цар народу свайму, які быў у сталічным горадзе Сузах, ад вялікага да малога, гасьціну сямідзённую на садовым двары дома царскага.

6 Белая, баваўняная і яхантавага колеру шарсьцяная тканіна, прымацаваная вісоннымі і пурпуровымі шнурамі, вісела на срэбраных колцах і мармуровых слупах.

7 Залатыя і срэбныя ложкі былі на памосьце, засланым камянямі зялёнага колеру і мармурам, і перламутрам і камянямі чорнага колеру.

8 Напоі падаваліся ў залатым посудзе і ў посудзе разнастайным, цаною ў трыццаць тысяч талантаў; і віна царскага было багата, па багацьці цара. Пітво ішло мерна, ніхто не прымушаў, бо цар даў такі загад усім аканомам у доме ягоным, каб рабілі па волі кожнага.

9 А царыца Астынь таксама зладзіла гасьціну жанчынам у царскім доме цара Артаксэркса.

10 На сёмы дзень, калі разьвесялілася сэрца ў цара ад віна, ён сказаў Мэгуману, Бізту, Харбону і Авагту, Зэтару і Каркасу - сямі еўнухам, якія служылі перад абліччам цара Артаксэркса,

11 каб яны прывялі царыцу Астынь перад аблічча цара, каб паказаць народам і князям прыгажосьць яе; бо яна была вельмі прыгожая.

12 Але царыца Астынь не захацела прыйсьці па загадзе цара, абвешчаным празь еўнухаў.

13 І разгневаўся цар моцна, і шаленства ягонае загарэлася ў ім. І сказаў цар мудрацам, якія памяталі ранейшыя часы, - бо дзеі цара чыніліся перад усімі, хто ведаў закон і права,

14 прыбліжаныя да яго тады былі: Каршэна, Шэтар, Адмата, Тарсіс, Мэрэс, Марсэна, Мэмухан - сем князёў Персідскіх і Мідыйскіх, якія маглі бачыць твар цара і сядзелі першыя ў царстве:

15 што зрабіць па законе з царыцаю Астынь за тое, што яна не зрабіла па слове цара Артаксэркса, абвешчаным празь еўнухаў?

16 І сказаў Мамухан перад абліччам цара і князёў: не перад царом адным вінаватая царыца Астынь, а перад усімі князямі і перад усімі народамі, якія па ўсіх вобласьцях цара Артаксэркса;

17 бо ўчынак царыцы дойдзе да ўсіх жонак, і яны будуць грэбаваць мужамі сваімі і казаць: цар Артаксэркс загадаў прывесьці царыцу Астынь перад аблічча сваё, а яна не пайшла.

18 Цяпер княгіні Персідскія і Мідыйскія, якія пачуюць пра ўчынак царыцы, будуць тое самае казаць усім князям царовым; і пагарды і засмучэньня будзе ўдосыць.

19 Калі заўгодзіцца цару, хай выйдзе ад яго царская пастанова і ўпішацца ў законы Персідскія і Мідыйскія і не адмяняецца, пра тое, што Астынь ня будзе ўваходзіць перад аблічча цара Артаксэркса, а царскую годнасьць яе цар перадасьць іншай, якая лепшая за яе.

20 Калі пачуюць пра такую пастанову цара, якая разыдзецца па ўсім царстве ягоным, як яно ні вялікае, тады ўсе жонкі будуць шанаваць мужоў сваіх, ад вялікага да малога.

21 І заўгоднае было слова гэта ў вачах цара і князёў; і зрабіў цар па слове Мэмухана

22 і паслаў ва ўсе вобласьці цара лісты, пісаныя ў кожную вобласьць пісьмёнамі яе і да кожнага народу на мове яго, каб кожны муж быў гаспадаром у доме сваім, і каб гэта было абвешчана кожнаму на прыроднай мове ягонай.

 

Разьдзел 2

 

1 Пасьля гэтага, калі аціх гнеў цара Артаксэркса, ён успомніў пра Астынь і пра тое, што яна зрабіла, і што было вызначана пра яе.

2 І сказалі хлопчыкі царовыя, якія служылі пры ім: хай бы пашукалі цару маладых прыгожых дзяўчат,

3 і хай бы назначыў цар назіральнікаў ва ўсе вобласьці свайго царства, якія сабралі б усіх маладых дзяўчат, прыгожых з выгляду, у сталічны горад Сузы, у дом жонак пад нагляд Гегая, царскага еўнуха, ахоўніка жонак, і каб выдавалі ім масьці.

4 І дзяўчына, якая спадабаецца вачам цара, хай будзе царыцаю замест Астыні. І дагоднае было слова гэтае ў вачах цара, і ён так і зрабіў.

5 Быў у Сузах, горадзе сталічным, адзін Юдэй, імя яго Мардахэй, сын Яіра, сын Сэмэя, сын Кіса, зь племя Веньямінавага.

6 Ён быў пераселены зь Ерусаліма разам з палоннымі, выведзенымі зь Еханіем, царом Юдэйскім, якіх перасяліў Навухаданосар, цар Вавілонскі.

7 І быў ён выхавальнікам Гадасы, - яна ж Эстэр, - дачкі дзядзькі яго, бо ня было ў яе ні бацькі, ні маці. Дзяўчына гэтая была прыгожая станам і прыгожая тварам. І пасьля сьмерці бацькі яе, Мардахэй узяў яе да сябе замест дачкі.

8 Калі абвешчаны быў загад цара і ўказ ягоны, і калі сабраныя былі многія дзяўчаты ў сталічны горад Сузы пад нагляд Гегая, тады ўзялі і Эстэр у царскі дом пад нагляд Гегая, ахоўцы жонак.

9 І спадабалася гэтая дзяўчына вачам ягоным і здабыла ў яго ўпадабаньне, і ён пасьпяшаўся выдаць ёй масьці і ўсё, назначанае ёй, і прыставіў да яе сем дзяўчат, вартых быць пры ёй, з дома царскага, і перамясьціў яе і дзяўчат у лепшае аддзяленьне жаночага дома.

10 Не гаварыла Эстэр ні пра народ свой, ні пра радство сваё, бо Мардахэй даў ёй загад, каб яна не казала.

11 І кожнага дня Мардахэй прыходзіў да двара жаночага дома, каб даведвацца пра здароўе Эстэры і пра тое, што робіцца зь ёю.

12 Калі настаў час кожнай дзяўчыне ўваходзіць да цара Артаксэркса, пасьля таго, як дванаццаць месяцаў выконвалася над ёю ўсё, вызначанае жанчынам, - бо столькі часу доўжыліся дні прыціраньняў іхніх: шэсьць месяцаў міравым алеем і шэсьць месяцаў пахошчамі і іншымі прыціркамі жаночымі;

13 тады дзяўчына выходзіла да цара. Чаго б яна ні патрабавала, ёй давалі ўсё на выхад з жаночага дома ў дом цара

14 Увечары яна ўваходзіла і раніцай вярталася ў другі дом жаночы пад нагляд Шаазгаза, царскага еўнуха, вартаўніка наложніц; і ўжо не ўваходзіла да цара, - хіба толькі цар пажадаў бы яе, і яе клікалі б па імені.

15 Калі настаў час Эстэры, дачкі Амінадава, дзядзькі Мардахэя, які ўзяў яе да сябе замест дачкі, - ісьці да цара; тады яна не прасіла нічога, апрача таго, пра што сказаў ёй Гегай, еўнух царскі, вартаўнік жонак. І здабыла Эстэр прыхільнасьць да сябе ў вачах усіх, хто бачыў яе.

16 І ўзялі Эстэр да цара Артаксэркса, у царскі дом ягоны, на дзясятым месяцы, гэта значыць, у месяцы Тэбэце, на сёмым годзе яго валадараньня.

17 І пакахаў цар Эстэр больш за ўсіх жонак, і яна здабыла ягонае ўпадабаньне і прыхільнасьць больш за ўсіх дзяўчат; і ён паклаў царскі вянок на галаву яе і зрабіў яе царыцаю замест Астынь.

18 І зрабіў цар вялікую гасьціну ўсім князям сваім і тым, хто служыў яму, - гасьціну дзеля Эстэр, і зрабіў ільготу вобласьцям і раздаў дарункі з царскай шчодрасьцю.

19 І калі другім разам сабралі ўсіх дзяўчат, і Мардахэй сядзеў каля брамы царскай,

20 Эстэр усё яшчэ не казала пра радство сваё і пра народ свой, як загадаў ёй Мардахэй; а слова Мардахэя Эстэр выконвала і цяпер гэтак сама, як тады, калі была ў яго на выхаваньні.

21 У той час, як Мардахэй сядзеў каля царскай брамы, два царскія еўнухі, Гавата і Тара, якія ахоўвалі парог, раззлаваліся і намышлялі накласьці руку на цара Артаксэркса.

22 Даведаўшыся пра тое, Мардахэй паведаміў царыцы Эстэр, а Эстэр сказала цару ад імя Мардахэя.

23 Справа была дасьледавана і выяўлена праўда, і іх абодвух павесілі на дрэве. І было запісана пра дабрадзейства Мардахэя ў кнізе дзённых запісаў у цара.

 

Разьдзел 3

 

1 Пасьля гэтага ўзьвялічыў цар Артаксэркс Амана, сына Амадата, Вугэяніна, і ўзьнёс яго і паставіў сядзеньне ягонае вышэй за ўсіх князёў, якія ў яго;

2 і ўсе службіты пры цары, якія былі каля царскае брамы, кланяліся і падалі ніцма перад Аманам, бо так загадаў цар. А Мардахэй не кланяўся і ня падаў ніцма.

3 І казалі службіты царовыя, якія каля царскае брамы, Мардахэю: навошта ты пераступаеш загад царскі?

4 І як што яны казалі яму кожны дзень, а ён ня слухаў іх, дык яны данесьлі Аману, каб паглядзець, ці ўстоіць у слове сваім Мардахэй, бо ён паведаміў ім, што ён Юдэй.

5 І калі ўбачыў Аман, што Мардахэй ня кланяецца і ня падае ніцма перад ім, дык напоўніўся гневам Аман.

6 І здалося яму нікчэмным накласьці руку на аднаго Мардахэя; але як што сказалі яму, зь якога народу Мардахэй, дык задумаў Аман вынішчыць ва ўсім царстве ўсіх Юдэяў, якія былі ва ўсім царстве Артаксэркса, як народ Мардахэеў.

7 У першы месяц, які ёсьць месяц Нісан, на дванаццатым годзе цара Артаксэркса, кідалі пур, г. зн. жэрабя, перад абліччам Амана дзень у дзень і месяц у месяц, і ўпала жэрабя на дванаццаты месяц, г. зн. на месяц Адар.

8 І сказаў Аман цару Артаксэрксу: ёсьць адзін народ, раскіданы і расьсеяны паміж народамі па ўсіх вобласьцях царства твайго; і законы іх адрозьніваюцца ад законаў усіх народаў, і законаў цара яны ня выконваюць; і цару ня варта так пакідаць іх.

9 Калі цару будзе заўгодна, дык няхай будзе прадпісаньне вынішчыць іх, і дзесяць тысяч талантаў срэбра я зважу ў рукі прыстаўнікаў, каб унесьці ў скарбніцу царскую.

10 Тады зьняў цар пярсьцёнак свой з рукі сваёй і аддаў яго Аману, сыну Амадата, Вугеяніну, каб змацаваць указ супроць Юдэяў.

11 І сказаў цар Аману: аддаю табе гэтае срэбра і народ; зрабі зь ім як табе заўгодна.

12 І пакліканы былі пісцы царскія ў першы месяц, у трыццаты дзень яго, і напісана было як загадаў Аман, да сатрапаў царскіх і да начальнікаў над кожнай вобласьцю, і ў кожную вобласьць пісьмёнамі яе і да кожнага народу на мове яго: усё было напісана ад імя цара Артаксэркса і змацавана царскім пярсьцёнкам.

13 І пасланы былі лісты праз ганцоў ва ўсе вобласьці цара, каб забіць, пагубіць і вынішчыць усіх Юдэяў, малога і старога, дзяцей і жанчын у адзін дзень, у трынаццаты дзень дванаццатага месяца Адара і маёмасьць іх зрабаваць.

14 Сьпісак з указа аддаць у кожную вобласьць, як закон, абвяшчаны ўсім народам, каб яны былі гатовыя да таго дня.

15 Ганцы выправіліся хутка з царскім загадам. Абвешчаны быў указ і ў Сузах, сталічным горадзе; і цар і Аман сядзелі і пілі, а горад Сузы быў у трывозе.

 

Разьдзел 4

 

1 Калі Мардахэй даведаўся пра ўсё, што рабілася, падраў вопратку на сабе і надзеў на сябе вярэту ў попеле, і выйшаў на сярэдзіну горада і клікаў зь лямантам вялікім і горкім: зьнішчаецца народ, ні ў чым не вінаваты!

2 І дайшоў да царскае брамы і спыніўся, бо нельга было ўваходзіць у царскую браму ў вярэце.

3 Гэтак сама і ў любой вобласьці і мясьціне, куды толькі даходзіў загад цара і ўказ ягоны, было вялікае нараканьне ў Юдэяў і пост і плач і лямант; вярэта і попел служылі за пасьцель многім.

4 І прыйшлі служанкі Эстэры і еўнухі яе і расказалі ёй, і моцна затрывожылася царыца. І паслала вопратку, каб Мардахэй надзеў яе і зьняў зь сябе вярэту сваю. Але ён ня прыняў.

5 Тады паклікала Эстэр Гатаха, аднаго зь еўнухаў цара, якога ён прыставіў да яе, і паслала яго да Мардахэя даведацца: што гэта і чаму гэта?

6 І пайшоў Гатах да Мардахэя на гарадскі пляц, які перад царскаю брамаю.

7 І расказаў яму Мардахэй пра ўсё, што зь ім здарылася, пра пэўную колькасьць срэбра, якога абяцаў Аман наважыць у скарбніцу царскую за Юдэяў, каб вынішчыць іх;

8 уручыў яму сьпіс указа, абнародаванага ў Сузах, пра зьнішчэньне іх, каб паказаць Эстэры і даць ёй знак пра ўсё; прытым наказваў ёй, каб яна пайшла да цара і маліла яго пра памілаваньне і прасіла яго за народ свой;

9 І прыйшоў Гатах і пераказаў Эстэры словы Мардахэя.

10 І сказала Эстэр Гатаху і паслала яго сказаць Мардахэю:

11 усе служкі пры цары і народы ў вобласьцях царскіх ведаюць, што кожнаму і мужчыну і жанчыне, хто ўвойдзе да цара ва ўнутраны двор, калі яго не паклікалі, адзін суд - сьмерць: толькі той, каму падасьць цар свой залаты скіпетр, застанецца жывы. А я ня клікана да цара вось ужо трыццаць дзён.

12 І пераказалі Мардахэю словы Эстэры.

13 І сказаў Мардахэй у адказ Эстэры: ня думай, што ты адна выратуешся ў доме царскім з усіх Юдэяў.

14 Калі ты прамаўчыш у гэты час, дык свабода і збавеньне прыйдзе Юдэям зь іншай мясьціны, а ты і дом бацькі твайго загінеце. І хто ведае, ці не дзеля такога часу ты і дасягнула годнасьці царскай?

15 І сказала Эстэр ў адказ Мардахэю:

16 ідзі, зьбяры ўсіх Юдэяў, якія ў Сузах, і пасьцецеся дзеля мяне, і ня ежце і ня пеце тры дні ні ўдзень, ні ўначы, і я з служанкамі маімі буду таксама пасьціцца і потым пайду да цара, хоць гэта супроць закона, і калі загіну - загіну.

17 І пайшоў Мардахэй і зрабіў, як сказала яму Эстэр.

 

Разьдзел 5

 

1 На трэці дзень Эстэр адзелася па-царску. І стала яна на ўнутраным двары царскага дома, перад домам цара; а цар сядзеў тады на царскім троне сваім, у царскім доме, проста і насупраць уваходу ў дом. Калі цар убачыў царыцу Эстэр, якая стаяла на двары, яна знайшла міласьць у вачах яго.

2 І працягнуў цар да Эстэры залаты скіпетр, які быў у руцэ ў яго, і падышла Эстэр і дакранулася да канца скіпетра.

3 І сказаў ёй цар: што табе, царыца Эстэр, і якая просьба твая? Нават да паўцарства будзе дадзена табе.

4 І сказала Эстэр: калі цару заўгодна, хай прыйдзе цар з Аманам сёньня на гасьціну, якую я прыгатвала яму.

5 І сказаў цар: схадзеце хутчэй па Амана, каб зрабіў па слове Эстэры. І прыйшоў цар з Аманам на гасьціну, якую прыгатавала Эстэр.

6 І сказаў цар Эстэры пры піцьці віна: якое жаданьне тваё? яно будзе задаволена; і якая просьба твая? хоць бы да паўцарства, яна будзе выканана.

7 І адказвала Эстэр і сказала: вось маё жаданьне і мая просьба:

8 калі я знайшла добрую волю ў вачах цара, і калі цару заўгодна задаволіць жаданьне маё і выканаць просьбу маю, дык хай цар з Аманам прыйдзе на гасьціну, якую я прыгатую ім, і заўтра я выканаю слова цара.

9 І выйшаў Аман у той дзень вясёлы і дабрадушны. І калі ўбачыў Аман Мардахэя каля брамы царскае, і той ня ўстаў і зь месца не скрануўся перад ім, тады напоўніўся Аман гневам на Мардахэя.

10 Аднак жа сьцярпеў Аман. А калі прыйшоў у дом свой, дык паслаў паклікаць сяброў сваіх і Зэрэш, жонку сваю.

11 І расказваў ім Аман пра вялікае багацьце сваё і пра мноства сыноў сваіх і пра ўсё тое, як узьвялічыў яго цар і як узьнёс над князямі і слугамі царскімі.

12 І сказаў Аман: ды і царыца Эстэр нікога не паклікала з царом на гасьціну, якую яна прыгатавала, акрамя мяне; так і назаўтра я кліканы да яе з царом.

13 Але ўсяго гэтага ня досыць мне, пакуль я бачу Мардахэя Юдэя, як ён сядзіць каля брамы царскай.

14 І сказала яму Зэрэш, жонка ягоная, і ўсе сябры ягоныя: хай падрыхтуюць дрэва вышынёю ў пяцьдзясят локцяў, і раніцай скажы цару, каб павесілі Мардахэя на ім, і тады весела ідзі на гасьціну з царом. І спадабалася гэта слова Аману, і ён падрыхтаваў дрэва.

 

Разьдзел 6

 

1 У тую ноч Гасподзь забраў сон у цара, і ён загадаў прынесьці памятную кнігу дзённых запісаў; і чыталі іх перад царом,

2 і знойдзена запісанае там, як данёс Мардахэй на Гавату і Тару, двух еўнухаў царскіх, якія ахоўвалі парог, якія намышлялі накласьці руку на цара Артаксэркса.

3 І сказаў цар: якая дадзена пашана і адрозьненьне Мардахэю за гэта? І сказалі хлопчыкі царовыя, якія служылі пры ім: нічога ня зроблена яму.

4 І сказаў цар: хто на двары? Аман прыйшоў тады на зьнешні двор царскага дома пагаварыць з царом, каб павесілі Мардахэя на дрэве, якое ён падрыхтаваў для яго.

5 І сказалі хлопчыкі цару: вось, Аман стаіць на двары. І сказаў цар: хай увойдзе.

6 І ўвайшоў Аман. І сказаў яму цар: што зрабіў бы таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанай? Аман падумаў у сэрцы сваім: каму іншаму захоча цар зрабіць пашану, акрамя мяне?

7 І сказаў Аман цару: таму чалавеку, якога цар хоча вылучць пашанаю,

8 хай прынясуць вопратку царскую, у якую апранаецца цар, і прывядуць каня, на якім езьдзіць цар, пакладуць царскі вянок на галаву яму,

9 і хай пададуць вопратку і каня ў руку аднаму зь першых князёў царскіх, - і апрануць таго чалавека, якога цар хоча вылучыць пашанаю, і вывядуць яго на кані на гарадскі пляц, і абвесьцяць перад ім, так робіцца таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанай!

10 І сказаў цар Аману: зараз жа вазьмі вопратку і каня, як ты сказаў, і зрабі гэта Мардахэю Юдэю, які сядзіць каля царскае брамы; нічога не прапусьці з таго, што ты казаў.

11 І ўзяў Аман вопратку і каня і апрануў Мардахэя, і вывеў яго на кані на гарадскі пляц і абвясьціў перад ім: так робіцца таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанаю!

12 І вярнуўся Мардахэй да царскае брамы. А Аман пасьпяшаўся ў дом свой, журботны і закрыўшы галаву.

13 І пераказаў Аман Зэрэшы, жонцы сваёй, і ўсім сябрам сваім усё, што здарылася зь ім. І сказалі яму мудрацы ягоныя і Зэрэш, жонка ягоная: калі з племені Юдэяў Мардахэй, празь якога ты пачаў падаць, дык не перасіліш яго, а, мабыць, упадзеш перад ім.

14 Яны яшчэ гутарылі зь ім, як прыйшлі еўнухі цара і сталі прысьпешваць ісьці на гасьціну, якую прыгатавала Эстэр.

 

Разьдзел 7

 

1 І прыйшоў цар з Аманам на гасьціну да Эстэры царыцы.

2 І сказаў цар Эстэры таксама і ў гэты другі дзень у час гасьціны: якое жаданьне тваё, царыца Эстэр? яно будзе задаволена; і якая просьба твая? хоць бы да паўцарства, яна будзе выканана.

3 І адказвала царыца Эстэр і сказала: калі я знайшла добрую прыхільнасьць у вачах тваіх, цар, і калі цару заўгодна, дык хай будуць дараваны мне жыцьцё маё, паводле жаданьня майго, і народ мой, па просьбе маёй!

4 Бо прададзены мы, я і народ мой, на вынішчэньне, забіцьцё і пагібель. Калі б мы прададзены былі ў рабы і рабыні, я маўчала б, хоць вораг не адшкадаваў бы ўшчэрбу цара.

5 І адказваў цар Артаксэркс і сказаў царыцы Эстэры: хто гэта такі, і дзе той, які адважыцца ў сэрцы сваім зрабіць так.

6 І сказала Эстэр: вораг і няпрыяцель - гэты ліхі Аман! І Аман затрымцеў перад царом і царыцаю.

7 І стаў цар у гневе сваім з гасьціны і пайшоў у сад пры палацы; а Аман застаўся ўмольваць за жыцьцё сваё царыцу Эстэр, бо бачыў, што вызначана яму ліхая доля ад цара.

8 Калі цар вярнуўся з саду пры палацы ў дом гасьціны, Аман быў прыпалы да ложка, на якім была Эстэр. І сказаў цар: нават і гвалціць царыцу хоча ў доме ў мяне! Слова выйшла з вуснаў цара, - і накрылі твар Аману.

9 І сказаў Харбона, адзін зь еўнухаў пры цары: вось дрэва, якое падрыхтаваў Аман Мардахэю, які гаварыў добрае цару, стаіць каля дома Амана, вышынёю ў пяцьдзясят локцяў. І сказаў цар: павесьце яго на ім.

10 І павесілі Амана на дрэве, якое ён падрыхтаваў Мардахэю. І гнеў цара аціх.

 

Разьдзел 8

 

1 У той дзень цар Артаксэркс аддаў царыцы Эстэры дом Амана, ворага Юдэяў; а Мардахэй увайшоў перад аблічча цара, бо Эстэр абвясьціла, што ён для яе.

2 І зьняў цар пярсьцёнак свой, які ён адабраў у Амана, і аддаў яго Мардахэю; а Эстэр паставіла Мардахэя наглядчыкам над домам Амана.

3 І гаварыла Эстэр далей перад царом і ўпала да ног ягоных, і плакала і ўмольвала яго адхіліць злосьць Амана Вугэяніна і намысел ягоны, які ён намысьліў супроць Юдэяў.

4 І працягнуў цар да Эстэры залаты скіпетр; і ўстала Эстэр, і стала перад абліччам цара,

5 і сказала: калі цару заўгодна, і калі я здабыла ўпадабаньне перад абліччам ягоным, справядлівая справа гэтая перад абліччам цара, і падабаюся я вачам ягоным, дык няхай было б напісана, каб вернутыя былі пісьмы паводле намыслаў Амана, сына Амадата, Вугэяніна, пісаныя ім пра зьнішчэньне Юдэяў ва ўсіх вобласьцях цара;

6 бо, як я магу бачыць бедства, якое спасьцігне народ мой, і як я магу бачыць пагібель родных маіх?

7 І сказаў цар Артаксэркс царыцы Эстэры і Мардахэю Юдэю: вось, я дом Амана аддаў Эстэры, і яго самога павесілі на дрэве за тое, што накладваў руку сваю на Юдэяў;

8 напішэце і вы пра Юдэяў, што вам заўгодна, ад імя цара і змацуйце царскім пярсьцёнкам, бо ліст, напісаны ад імя цара і змацаваны пярсьцёнкам царскім, нельга зьмяніць.

9 І пакліканы былі тады царскія пісцы ў трэці месяц, гэта значыцца, у месяц Сіван, на дваццаць трэцім дні яго, і напісана было ўсё, як загадаў Мардахэй, як Юдэям так і сатрапам, і вобласьценачальнікам і ўпраўцам вобласным ад Індыі да Эфіопіі - ста дваццаці сямі вобласьцяў, у кожную вобласьць пісьмёнамі яе і да кожнага народу на мове ягонай, і да Юдэяў пісьмёнамі іхнімі і на мове іхняй.

10 І напісаў ён ад імя цара Артаксэркса, і змацаваў царскім пярсьцёнкам, і паслаў пісьмы праз ганцоў на конях, на драмадэрах і мулах царскіх,

11 пра тое, што цар дазваляе Юдэям, якія ў любым горадзе, сабрацца і стаць на абарону жыцьця свайго, зьнішчыць, забіць і загубіць усіх моцных у народзе і ў вобласьці, якія ў варожасьці зь імі, дзяцей жонак, і маёмасьць іхнюю зрабаваць

12 у адзін дзень па ўсіх вобласьцях цара Артаксэркса, у трынаццаты дзень дванаццатага месяца, гэта значыцца, месяца Адара.

13 Сьпіс з гэтага ўказу аддаць у кожную вобласьць, як закон, абвешчаны ўсім народам, каб Юдэі гатовыя былі да таго дня помсьціць ворагам сваім.

14 Ганцы, якія паехалі на борздых конях царскіх, пагналі хутка і сьпешна з царскім загадам. Абвешчаны быў указ і ў Сузах, сталічным горадзе.

15 І Мардахэй выйшаў ад цара ў царскім адзеньні яхантавага і белага колеру і ў вялікім залатым вянку і ў мантыі вісоннай і пурпуровай. І горад Сузы разьвесяліўся і зарадаваўся.

16 А ў Юдэяў было тады асьвячэньне і радасьць, і весялосьць і сьвяткаваньне.

17 І ў кожнай вобласьці і ў кожным горадзе, у кожным месцы, куды толькі даходзіў ўказ ягоны, была радасьць у Юдэяў і весялосьць, гасьціна і сьвяточны дзень. І многія з народаў краіны зрабіліся Юдэямі, бо напаў на іх страх перад Юдэямі.

 

Разьдзел 9

 

1 У дванаццаты месяц, гэта значыцца, у месяцы Адар, на трынаццаты дзень яго, калі настаў час спраўдзіцца загаду цара і ўказу ягонаму, у той дзень, калі спадзяваліся няпрыяцелі Юдэяў ўзяць уладу над імі, а выйшла наадварот, што самі Юдэі ўзялі ўладу над ворагамі сваімі,

2 сабраліся Юдэі ў гарадах сваіх па ўсіх вобласьцях цара Артаксэркса, каб накласьці руку на ліхіх нязычліўцаў сваіх; і ніхто ня мог устояць перад абліччам іхнім, бо страх перад імі напаў на ўсе народы.

3 І ўсе князі ў вобласьцях і сатрапы, і вобласьценачальнікі і выканаўцы дзеяў царскіх падтрымлівалі Юдэяў, бо напаў на іх страх перад Мардахэем.

4 Бо вялікі быў Мардахэй у доме ў цара, і слава пра яго хадзіла па ўсіх вобласьцях, бо гэты чалавек, Мардахэй, падымаўся вышэй і вышэй.

5 І білі Юдэі ўсіх ворагаў сваіх, забіваючы мечам, вынішчаючы іх, і рабілі зь няпрыцелямі сваімі па сваёй волі.

6 У Сузах, горадзе сталічным, забілі Юдэі і зьнішчылі пяцьсот чалавек;

7 і Паршандату і Далфона і Асфафу,

8 І Парафу, і Адалью, і Арыдафу,

9 і Пармашту і Арысая, і Арыдая і Ваезату,

10 дзесяцёх сыноў Амана, сына Амадата, ворага Юдэяў, усьмерцілі яны, і на рабунак не працягнулі рукі сваёй.

11 Таго ж самага дня данесьлі цару пра колькасьць аддадзеных сьмерці ў Сузах, сталічным горадзе.

12 І сказаў цар царыцы Эстэры: у Сузах, горадзе сталічным, усьмерцілі Юдэі і загубілі пяцьсот чалавек і дзесяцёх сыноў Амана; што ж зрабілі яны ў астатніх вобласьцях цара? Якое жаданьне тваё? і яно будзе задаволена. І якая яшчэ просьба твая? яна будзе споўнена.

13 І сказала Эстэр: калі цару заўгодна, дык хай будзе дазволена Юдэям, якія ў Сузах, рабіць тое самае заўтра, што і сёньня, і дзесяцёх сыноў Аманавых хай бы павесілі на дрэве.

14 І загадаў цар зрабіць так; і дадзены ўказ у Сузах, і дзесяцёх сыноў Аманавых павесілі.

15 І сабраліся Юдэі, якія ў Сузах, таксама і ў чатырнаццаты дзень месяца Адара і ўсьмерцілі ў Сузах трыста чалавек, а на рабунак не працягнулі рукі сваёй.

16 І астатнія Юдэі, якія былі ў царскіх вобласьцях, сабраліся, каб стаць на абарону жыцьця свайго і быць заспакоенымі ад ворагаў сваіх, і ўсьмерцілі зь няпрыяцеляў сваіх семдзесят пяць тысяч, а на рабунак не працягнулі рукі сваёй.

17 Гэта было ў трынаццаты дзень месяца Адара; а ў чатырнаццаты дзень гэтага самага месяца яны супакоіліся і зрабілі яго днём гасьціны і весялосьці.

18 А Юдэі, якія ў Сузах, зьбіраліся ў трынаццаты дзень яго і ў чатырнаццаты дзень яго, а ў пятнаццаты дзень яго супакоіліся і зрабілі яго днём гасьціны і весялосьці.

19 Таму Юдэі сельскія, якія жылі ў селішчах адкрытых, праводзяць чатырнаццаты дзень месяца Адара ў весялосьці і гасьцінах, як дзень сьвяточны, пасылаючы дарункі адзін аднаму.

20 І апісаў Мардахэй гэтыя падзеі і паслаў пісьмы ўсім Юдэям, якія ў вобласьцях цара Артаксэркса, блізкім і далёкім,

21 пра тое, каб яны ўстанавілі на кожны год сьвята ў сябе чатырнаццатага дня месяца Адара і пятнаццатага дня яго,

22 як такіх дзён, калі Юдэі зрабіліся заспакоеныя ад ворагаў сваіх, і як такога месяца, калі ператварылася ў іх журба ў радасьць, а нараканьне - у дзень сьвяточны, каб зрабілі яны іх днямі гасьціны і весялосьці, пасылаючы дарункі адзін аднаму і дарункі бедным.

23 І прынялі Юдэі тое, што ўжо самі пачалі рабіць, і пра што Мардахэй напісаў ім,

24 як Аман, сын Амадата, Вугэянін, вораг усіх Юдэяў, намышляў загубіць Юдэяў і кідаў пур, жэрабя, пра зьнішчэньне і загубеньне іх,

25 і як Эстэр дайшла да цара, і як цар загадаў новым пісьмом, каб ліхі намысел Амана, які ён намысьліў на Юдэяў, абярнуўся на галаву ягоную, і каб павесілі яго і сыноў ягоных на дрэве.

26 Таму і назвалі гэтыя дні Пурым, ад назвы: пур. Таму згодна з усімі словамі гэтага пісьма і з тым, што самыя бачылі і да чаго даходзіла ў іх,

27 пастанавілі Юдэі і прынялі на сябе і на дзяцей сваіх і на ўсіх, хто далучыўся да іх, каб сьвяткаваць гэтыя два дні, паводле прадпісанага пра іх і ў свой для іх час, кожны год,

28 і каб гэтыя дні былі векапомныя і сьвяткаваліся ва ўсе роды ў кожным племені, у кожнай вобласьці і ў кожным горадзе; і каб дні гэтыя Пурым не адмяняліся ў Юдэяў, і памяць пра іх каб ня зьнікла ў дзяцей іхніх.

29 Напісала таксама царыца Эстэр, дачка Абіхаіла, і Мардахэй Юдэй, з усёй настойлівасьцю, каб выконвалі гэта новае пісьмо пра Пурым;

30 і паслалі пісьмы ўсім Юдэям у сто дваццаць сем вобласьцяў царства Артаксэрксавага са словамі міру і праўды,

31 каб яны цьвёрда спраўлялі гэтыя дні Пурым у свой час, як пастанавіў пра іх Мардахэй Юдэй і царыца Эстэр, і як яны самыя назначылі іх сабе і дзецям сваім у дні посту і ляманту.

32 Так загад Эстэры пацьвердзіў гэта слова пра Пурым, і яно ўпісана ў кнігу.

 

Разьдзел 10

 

1 Потым наклаў цар Артаксэркс падатак на зямлю і на выспы марскія.

2 Зрэшты, усе, дзеі сілы ягонай і магутнасьці ягонай і падрабязнае паказаньне пра веліч Мардахэя, якою ўзьвялічыў яго цар, запісаны ў кнізе дзённых запісаў цароў Мідыйскіх і Персідскіх,

3 гэтак сама як і тое, што Мардахэй Юдэй быў другі пасьля цара Артаксэркса і вялікі ў Юдэяў і любімы ў мноства братоў сваіх, бо шукаў дабра народу свайму і гаварыў дзеля дабра ўсяго племя свайго.

 

Кніга Ёва

 

Разьдзел 1

 

1 Быў чалавек у зямлі Уц, імя ягонае Ёў; і быў чалавек гэты беззаганны, справядлівы і богабаязны і ўхіляўся ад зла.

2 І нарадзіліся ў яго сем сыноў і тры дачкі.

3 Маёмасьці ў яго было: сем тысяч дробнага быдла, тры тысячы вярблюдаў, пяцьсот пар валоў і пяцьсот асьліц і даволі многа прыслугі; і быў чалавек гэты знакаміты больш за ўсіх сыноў Усходу.

4 Сыны яго сыходзіліся, ладзілі гасьціны кожны ў сваім доме, у свой дзень, і пасылалі і запрашалі трох сясьцёр сваіх есьці і піць зь імі.

5 Калі ўсчыналася кола бяседных дзён, Ёў пасылаў па іх і асьвячаў іх і, устаючы рана раніцай, прыносіў цэласпаленьне па ліку ўсіх іх. Бо казаў Ёў: можа быць, сыны мае зграшылі і зганілі Бога ў сэрцы сваім. Так рабіў Ёў ва ўсе такія дні.

6 І быў дзень, калі прыйшлі сыны Божыя стаць прад Госпадам; сярод іх прыйшоў і сатана.

7 І сказаў Гасподзь сатане: адкуль ты прыйшоў? і адказаў сатана Госпаду і сказаў: я хадзіў па зямлі і абышоў яе.

8 І сказаў Гасподзь сатане: ці зьвярнуў ты ўвагу сваю на раба Майго Ёва? бо няма такога, як ён, на зямлі: чалавек беззаганны, справядлівы, богабаязны і ўцечны ад зла.

9 І адказаў сатана Госпаду і сказаў: хіба задарам богабаязны Ёў?

10 ці ня Ты вакол асланіў яго і дом ягоны і ўсё, што ў яго? Дзеі рук ягоных Ты дабраславіў, і статкі ягоныя шырацца па зямлі;

11 але працягні руку Тваю і дакраніся да ўсяго, што ў яго, - ці дабраславіць ён Цябе?

12 І сказаў Гасподзь сатане: вось, усё, што ў яго, у руцэ тваёй; толькі на самога не прасьцірай рукі тваёй. І адышоў сатана ад аблічча Гасподняга.

13 І быў дзень, калі сыны ягоныя і дочкі ягоныя елі і віно пілі ў доме ў першароднага брата свайго.

14 І вось, прыходзіць весьнік да Ёва і кажа:

15 валы аралі, і асьліцы пасьвіліся каля іх, як напалі Савэяне і забралі іх, а хлопчыкаў пабілі вастрыём меча; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.

16 Яшчэ ён гаварыў, як прыходзіць другі і кажа: агонь Божы ўпаў зь неба і абпаліў авечак і хлопчыкаў і зжэр іх; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.

17 Яшчэ ён гаварыў, як прыходзіць другі і кажа: Халдэі сталі трыма атрадамі і кінуліся на вярблюдаў і забралі іх, а хлопчыкаў пабілі вастрыём меча; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.

18 Яшчэ гэты гаварыў, прыходзіць другі і кажа: сыны твае і дочкі твае елі і віно пілі ў доме ў першароднага брата свайго;

19 і вось, вялікі вецер прыйшоў з пустыні і ахапіў чатыры вуглы дома, і дом упаў на хлопчыкаў, і яны памерлі; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.

20 Тады Ёў устаў і падраў вопратку на сабе, пастрыг галаву сваю і ўпаў на зямлю і пакланіўся

21 і сказаў: голы я выйшаў з чэрава маці маёй, голы і вярнуся. Гасподзь даў, Гасподзь і ўзяў, хай будзе імя Гасподняе дабраславёна!

22 Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў і не вымавіў нічога неразумнага пра Бога.

 

Разьдзел 2

 

1 Быў дзень, калі прыйшлі сыны Божыя стаць прад Госпадам; сярод іх прыйшоў і сатана стаць прад Госпадам.

2 І сказаў Гасподзь сатане: адкуль ты прыйшоў? І адказаў сатана Госпаду і сказаў: я хадзіў па зямлі і абышоў яе.

3 І сказаў Гасподзь сатане: ці зьвярнуў ты ўвагу тваю на раба Майго Ёва? бо няма такога, як ён, на зямлі: чалавек беззаганны, справядлівы, богабаязны і ўцечны ад зла, і дагэтуль цьвёрды ў сваёй беззаганнасьці, а ты цьвяліў Мяне супроць яго, каб загубіць яго бязьвінна.

4 І адказаў сатана Госпаду і сказаў: скуру за скуру, а за жыцьцё сваё аддасьць чалавек усё, што ёсьць у яго;

5 але працягні руку Тваю і дакраніся да косткі ягонай і плоці ягонай, - ці дабраславіць ён Цябе?

6 І сказаў Гасподзь сатане: вось, ён у руцэ тваёй, толькі душу ягоную ашчадзі.

7 І адышоў сатана ад аблічча Гасподняга і пабіў Ёва праказаю лютаю ад падэшвы нагі ягонай па самае цемя ягонае.

8 І ўзяў ён сабе чарапічыну, каб скабліць сябе ёю, і сеў у попел.

9 І сказала яму жонка ягоная: ты ўсё яшчэ цьвёрды ў беззаганнасьці тваёй! згань Бога і памры.

10 Але ён сказаў ёй: ты гаворыш, як неразумная. Няўжо добрае мы будзем прымаць ад Бога, а благога ня будзем прымаць? Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў вуснамі сваімі.

11 І пачулі трое сяброў Ёва пра ўсе гэтыя нягоды, што спасьціглі яго, і пайшлі кожны з свайго месца: Эліфаз Фэманіцянін, Вілдад Савхэянін і Сафар Нааміцянін, і сышліся, каб ісьці разам бедаваць зь ім і суцяшаць яго.

12 І падняўшы вочы свае здалёку, яны не пазналі яго; і ўзвысілі голас свой і загаласілі; і падраў кожны вопратку на сабе, і кідалі пыл над галовамі сваімі пад неба.

13 І сядзелі зь ім на зямлі сем дзён і сем ночаў; і ніхто не казаў яму ні слова, бо бачылі, што пакута яго вельмі вялікая.

 

Разьдзел 3

 

1 Пасьля таго разамкнуў Ёў вусны свае і пракляў дзень свой.

2 І пачаў Ёў і сказаў:

3 хай загіне дзень, калі я нарадзіўся, і ноч, калі было сказана: зачаўся чалавек!

4 Дзень той хай будзе цемраю; хай не дагледзіць яго Бог згары, і хай не зазьзяе над ім сьвятло!

5 Хай запамрочыць яго цемра і цень сьмяротны, хай завалачэ яго хмара, хай баяцца яго, як палючае спёкі!

6 Ноч тая, - хай забярэ яе змрок, хай не залічыцца яна ў дні года, хай ня ўвойдзе ў лік месяцаў!

7 О! ноч тая - хай будзе яна бязьлюдная; хай ня ўвойдзе ў яе весялосьць!

8 Хай праклянуць яе кляцьбіты дня, здольныя разбудзіць Левіяфана!

9 Хай зацьмяцца зоркі сьвітаньня яе: хай чакае яна сьвятла, і яно ня прыходзіць, і хай ня ўбачыць яна веяў дзяньніц

10 за тое, што не замкнула дзьвярэй улоньня маці маёй і не схавала гароты ад вачэй маіх!

11 Чаму не памёр я, выходзячы з нутробы, і не сканаў, калі выйшаў з чэрава?

12 Чаму прынялі мяне калені? навошта было мне смактаць саскі?

13 Цяпер ляжаў бы я і спачываў: спаў бы, і было б мне спакойна

14 з царамі і дарадцамі зямлі, якія забудоўвалі сабе пустыні,

15 ці з князямі, у якіх было золата і якія напаўнялі дамы свае срэбрам;

16 ці, як выкідзень пахаваны, не існаваў бы я, як немаўляты, якія сьвятла не пабачылі.

17 Там беззаконныя перастаюць наводзіць страх, і там адпачываюць зьнясіленыя.

18 Там вязьні цешацца спакоем і ня чуюць крыкаў наглядчыка.

19 Малы і вялікі там роўныя, і раб свабодны ад гаспадара свайго.

20 Навошта дадзена пакутніку сьвятло і жыцьцё засмучаным душою,

21 якія чакаюць сьмерці, і няма яе, якія выкапалі б яе ахвотней, чым скарб.

22 Узрадаваліся б да захапленьня, захапіліся б, што знайшлі магілу?

23 Навошта дадзена сьвятло чалавеку, шлях якога зачынены і якога Бог атачыў змрокам?

24 Уздыханьні мае апярэджваюць хлеб мой, і стогны мае ліюцца, як вада,

25 бо жудаснае, чаго я жахаўся, тое і напаткала мяне; і чаго я баяўся, тое і прыйшло да мяне.

26 Няма мне міру, няма спакою, няма радасьці: спасьцігла няшчасьце.

 

Разьдзел 4

 

1 І адказваў Эліфаз Фэманіцянін і сказаў:

2 калі паспрабуем мы сказаць табе слова, - ці ня цяжка будзе табе? Урэшце, хто можа забараніць слова!

3 Вось, ты настаўляў многіх і кволыя рукі падтрымліваў,

4 таго, хто падаў, падымалі словы твае, і аслаблыя калені ты мацаваў.

5 А цяпер дайшло да цябе, і зьнямогся ты; дайшло да цябе, і ты падупаў духам.

6 Богабаязнасьць твая ці ж не павінна быць тваёю надзеяй, і беспахібнасьць шляхоў тваіх - спадзяваньнем тваім?

7 Згадай жа, ці гінуў хто невінаваты, і дзе праведных выкарчоўвалі б?

8 Як я бачыў, дык тыя, што аралі бязбожнае і сеялі ліхое, жнуць яго;

9 ад павеву Божага гінуць і ад духу гневу Ягонага чэзнуць.

10 Рык ільва і голас таго, хто рыкае, моўкне, і зубы львянят крышацца;

11 магутны леў гіне без здабычы, і дзеці ільвіцы расьсейваюцца.

12 І вось да мяне таемна данеслася слова, і вуха маё прыняло нешта ад яго.

13 Сярод разважаньняў пра начныя відзежы, калі сон ахінае людзей,

14 агарнуў мяне жах і дрыгат і скалануў усе косьці мае.

15 І дух прайшоў над мною; дыбарам сталі валасы на мне.

16 Ён стаў, - але я не пазнаў твару ягонага, - толькі аблічча было перад вачыма маімі; ціхі павеў, - і я чую голас:

17 ці ж чалавек справядлівейшы за Бога? і мужчына ці ж чысьцейшы за Творцу свайго?

18 Вось, Ён і слугам Сваім не давярае і ў анёлах Сваіх бачыць заганы:

19 тым болей - у тых, што жывуць у харомінах з гліны, аснова якіх пыл, якія нішчацца хутчэй за моль.

20 З раніцы да вечара яны распадаюцца; ня згледзіш, як яны зьнікнуць зусім.

21 Ці ня гінуць разам зь імі і вартасьці іхнія? Яны паміраюць, не дасягнуўшы мудрасьці.

 

Разьдзел 5

 

1 Пакліч, калі ёсьць той, хто адкажа табе. Да каго зь сьвятых зьвернешся ты?

2 Так дурнога забівае гнеўлівасьць, і няцямнага губіць дражлівасьць.

3 Бачыў я, як дурны ўкараняецца, і адразу пракляў дом ягоны.

4 Дзеці ягоныя далёкія ад шчасьця, іх будуць біць каля брамы, і ня будзе заступніка.

5 Жніво ягонае зэесьць галодны і праз церне возьме яго, і спрагненыя праглынуць маёмасьць ягоную.

6 Так, ня з пылу выходзіць гора, і не зь зямлі вырастае бяда;

7 а чалавек нараджаецца на пакуту, як іскры, каб імкнуцца ўгору.

8 Але я да Бога зьвярнуўся б, аддаў бы дзею маю Богу,

9 Які творыць дзеі вялікія, бясконца дзівосныя,

10 дае дождж улоньню зямлі і пасылае воды на ўлоньне палёў;

11 прыніжаных ставіць на вышыню, і гаротнікаў узносіць у выратаваньне.

12 Ён разбурае намыслы хітрых, і рукі іхнія не давяршаюць пачатага.

13 Ён ловіць мудрацоў іхняй жа хітрасьцю, і рада хітрых робіцца марнай:

14 удзень яны сустракаюць цемру і аполудні ходзяць вобмацкам, як поначы.

15 Ён ратуе беднага ад меча, ад вуснаў іхніх і ад рукі моцнага.

16 І ёсьць надзея няшчаснаму, і няпраўда стуляе вусны свае.

17 Шчасны чалавек, якога наводзіць на розум Бог, і таму кары Ўсеўладнага не адхіляй,

18 бо Ён спрычыняе раны і Сам перавязвае іх; Ён б'е, і Ягоныя ж рукі ацаляюць.

19 У шасьці бедах ратуе цябе, і ў сёмай не кране цябе ліха.

20 У голад выбавіць цябе ад сьмерці, і на вайне - ад рукі меча.

21 Ад біча языка схаваеш сябе і не збаішся спусташэньня, калі яно прыйдзе.

22 Са спусташэньня і голаду пасьмяешся і зьвяроў зямлі не збаішся,

23 бо з камянямі польнымі ў цябе згода, і зьвяры польныя ў міры з табою.

24 І ўведаеш, што намёт твой у бясьпецы, і будзеш глядзець за домам тваім і ня згрэшыш.

25 І ўбачыш, што насеньне тваё безлічнае, і парасткі твае, як трава на зямлі.

26 Увойдзеш у магілу ў глыбокай старасьці, як укладваюцца снапы пшаніцы сваім часам.

27 Вось, што мы даведаліся; так яно і ёсьць; выслухай гэта і зазнач сабе.

 

Разьдзел 6

 

1 І адказваў Ёў і сказаў:

2 о, калі б правільна былі ўзважаныя мае енкі, і разам зь імі паклалі на шалі пакуту маю!

3 Яна пэўна пераважыла б пясок марскі! Таму словы мае палкія.

4 Бо стрэлы Ўсемагутнага ўва мне; яд іх п'е дух мой; жудасьці Божыя паўсталі супроць мяне.

5 Ці раве дзікі асёл на траве? ці рыкае бык каля мяшанкі сваёй?

6 Ці нясмачнае ядуць без солі, і ці ёсьць смак у яечным бялку?

7 Да чаго не хацела дакрануцца душа мая, тое і ёсьць агідная ежа мая.

8 О, калі б збылося жаданьне маё, і спадзяваньне маё спраўдзіў Бог!

9 О, калі б узычыў Бог зламаць мяне, працягнуў руку і пабіў мяне!

10 Гэта было б яшчэ радасьцю мне, і я мацаваўся б у маёй бязьлітаснай хваробе, бо я ня зрокся словаў Сьвятога.

11 Якая сіла ў мяне, каб спадзявацца мне? і які канец, каб доўжыць мне жыцьцё маё?

12 Ці цьвёрдасьць камянёў - цьвёрдасьць мая? ці медзь - плоць мая?

13 Ці ёсьць ува мне дапамога мне, і ці ёсьць мне якая апора?

14 спрагненаму павінна быць спагада сябра ягонага, калі толькі ён не адкінуў страху прад Усеўладным.

15 Але браты мае няверныя, як паток, як хуткаплынныя ручаі,

16 якія чорныя ад лёду і ў якіх зьнікае сьнег.

17 Калі робіцца цёпла, яны ападаюць, а ў сьпёку зьнікаюць зь месцаў сваіх.

18 Ухіляюць яны кірунак шляхоў сваіх, заходзяць у пустыню і чэзнуць;

19 глядзяць на іх дарогі Тэмайскія, спадзяюцца на іх шляхі Савэйскія,

20 але застаюцца пасаромленыя ў сваёй надзеі: прыходзяць туды і ад сораму чырванеюць.

21 Так і вы цяпер нішто: убачылі страшнае і спалохаліся.

22 Ці не казаў я: дайце мне, і ад дастатку вашага заплаціце за мяне;

23 і выбаўце мяне ад рукі ворага, і ад рукі катаў выкупіце мяне?

24 Навучэце мяне, і я замоўкну; пакажэце, у чым я зграшыў.

25 Якія моцныя словы праўды! Але што даказваюць выкрываньні вашыя?

26 Вы прыдумваеце казані дзеля выкрыцьця? На вецер пускаеце словы вашыя.

27 Вы нападаеце на сірату і капаеце яму сябру вашаму.

28 Але прашу вас, зірнеце на мяне; ці ж буду я казаць няпраўду перад абліччам вашым?

29 Перагледзьце, ці ёсьць няпраўда? перагледзьце, - праўда мая.

30 Ці ёсьць на языку маім няпраўда? Няўжо горла маё ня можа адрозьніць горычы?

 

Разьдзел 7

 

1 Ці ня вызначаны чалавеку час на зямлі, і дні ягоныя ці ж ня тое самае, што дні найміта?

2 Як раб прагне ценю і як найміт чакае канца працы сваёй,

3 так я атрымаў на долю месяцы марныя, і ночы бядотныя адмераны мне.

4 Калі кладуся, дык кажу: калі гэта ўстану? а вечар доўжыцца, і я варочаюся ўдосыць да самае раніцы.

5 Цела маё ў чарвяках і запыленых струпах; скура мая лопаецца і гнаіцца.

6 Дні мае бягуць хутчэй за чалавека і канчаюцца без надзеі.

7 Згадай, што жыцьцё маё павеў, што вока маё ня вернецца бачыць добрае.

8 Ня ўбачыць мяне вока таго, хто бачыў мяне; вочы Твае на мяне, - і няма мяне.

9 Радзее воблака і сыходзіць; так той, хто сышоў у апраметную, ня выйдзе,

10 ня вернеецца болей у дом свой, і месца ягонае ўжо ня будзе ведаць яго.

11 Ня буду ж я стрымліваць вуснаў маіх; буду гаварыць у сьцісласьці духу майго; буду скардзіцца ў бядоце душы маёй.

12 Хіба я мора альбо марская пачвара, што Ты паставіў над мною варту?

13 Калі падумаю: «суцешыць мяне пасьцель мая, зьнясе гароту маю ложак мой»,

14 Ты палохаеш мяне снамі і відзежамі страшыш мяне;

15 і душа мая жадае лепей, каб спынілася дыханьне, лепей сьмерці, чым, каб зьберагліся косьці мае.

16 Апрыкрала мне жыцьцё. Ня вечна мне жыць. Адступіся ад мяне, бо дні мае марныя.

17 Што такое чалавек, што Ты так цэніш яго і зьвяртаеш на яго ўвагу Тваю,

18 наведваеш яго кожнае раніцы, кожнае імгненьне выпрабоўваеш яго?

19 Дакуль жа Ты не пакінеш, дакуль не адыдзеш ад мяне, дакуль не дасі мне праглынуць сьліну маю?

20 Калі я зграшыў, дык што я зраблю Табе, вартавы людзей! Навошта Ты паставіў мяне супраціўцам Сабе, што аж я зрабіўся самому сабе лішні?

21 І чаму б не дараваць мне грэху і ня зьняць зь мяне беззаконьня майго? бо, вось, я лягу ў пыле; заўтра пашукаеш мяне, і няма мяне.

 

Разьдзел 8

 

1 І адказваў Вілдад Саўхэянін і сказаў:

2 ці доўга ты будзеш гаварыць так? - словы вуснаў тваіх бурны вецер!

3 Няўжо Бог скажае суд, і Ўсеўладны ператварае праўду!

4 Калі сыны твае зграшылі прад Ім, дык Ён і аддаў іх у руку беззаконьня іхняга.

5 Калі ж ты знойдзеш Бога і памолішся ‹сеўладнаму,

6 і калі ты чысты і з праўдаю, дык Ён сёньня ж устане над табою і замірыць жытлішча праўды тваёй.

7 І калі спачатку ў цябе было мала, дык з часам будзе досыць многа.

8 Бо спытайся ў ранейшых родаў і паглыбіся ў назіраньні бацькоў іхніх;

9 а мы - учарашнія і нічога ня ведаем, бо нашыя дні на зямлі - цень.

10 Вось, яны цябе навучаць, скажуць табе і ад сэрца свайго вымавяць словы:

11 ці падымаецца трысьнёг бязь вільгаці? ці расьце чарот без вады?

12 Яшчэ ён у сьвежасьці сваёй і ня зрэзаны, а раней за ўсякую траву засыхае.

13 Такія шляхі ўсіх, што забываюць Бога, і надзея крывадушніка загіне;

14 спадзяваньне ягонае падсечана, і ўпэўненасьць ягоная - дом павука.

15 Абапрэцца на дом свой і ня ўстоіць; ухопіцца за яго і не ўтрымаецца.

16 Зелянее ён перад сонцам, а за сад прасьціраецца гольле ягонае;

17 у крушню ўплятаюцца карані ягоныя, паміж камянямі ўрэзваюцца.

18 Але калі вырвуць яго зь месца ягонага, яно адмовіцца ад яго: я ня бачыла цябе!

19 Вось радасьць шляху ягонага! а зь зямлі вырастуць іншыя.

20 Бачыш, Бог не адкідае беззаганнага і не падтрымлівае рук ліхадзеяў.

21 Ён яшчэ напоўніць сьмехам вусны твае і губы твае радасным клікам.

22 Ненавісьнікі твае апрануцца ў сорам, і намёту бязбожных ня стане.

 

Разьдзел 9

 

1 І адказваў Ёў і сказаў:

2 праўда! ведаю, што так; але як апраўдаецца чалавек прад Богам?

3 Калі захоча ўступіць у спрэчку зь Ім, дык не адкажа Яму ні на адно з тысячы.

4 Мудры сэрцам і магутны сілаю; хто паўставаў супроць Яго і заставаўся ў спакоі?

5 Ён перасоўвае горы, і не пазнаюць іх: Ён ператварае іх у гневе Сваім;

6 зрушвае зямлю зь месца яе, і слупы яе дрыжаць:

7 скажа сонцу, - і ня ўзыдзе, і на зоркі накладвае пячатку.

8 Ён адзін распасьцірае нябёсы і ходзіць па вышынях мора;

9 стварыў Ас, Кесіль, і Хіма і тайнікі поўдня;

10 робіць вялікае, непаддасьледнае і цудоўнае бясконца!

11 Вось, Ён пройдзе перад мною, і ня ўбачу Яго; праімчыцца, і не заўважу Яго.

12 Возьме, і хто забароніць Яму? хто скажа Яму: што Ты робіш?

13 Бог не адверне гневу Свайго; прад Ім упадуць паборцы гардунства.

14 Тым больш ці магу я адказваць Яму і шукаць сабе словаў прад Ім?

15 Хоць бы я і ў праўдзе быў, але ня буду адказваць, а буду ўмольваць Судзьдзю майго.

16 Калі б я паклікаў і Ён адказаў мне, - я не паверыў бы, што голас мой пачуў Той,

17 Хто ў віхуры пабівае мяне і памнажае бязьвінна раны мае,

18 не дае мне перавесьці дух, а перапаўняе мяне гаротамі.

19 Калі дзеяць сілаю, дык Ён магутны; калі судом, хто зьвядзе мяне зь Ім?

20 Калі я буду апраўдвацца, дык мае ж вусны зьвінавацяць мяне; калі я невінаваты, дык Ён прызнае мяне вінаватым.

21 Невінаваты я; не хачу ведаць душы маёй, пагарджаю жыцьцём маім.

22 Усё адно; таму я сказаў, што Ён губіць і беззаганнага і вінаватага.

23 Калі гэтага пабівае Ён бічом раптам, дык з пыткі нявінных сьмяецца.

24 Зямля аддадзена ў рукі бязбожных; твары судзьдзяў яе Ён засланяе. Калі не Ён, тады хто ж?

25 Дні мае хутчэйшыя за ганца, - бягуць, ня бачаць дабра,

26 імчацца, як лёгкія лодкі, як арол імкне на здабычу.

27 Калі сказаць мне: «забуду я скаргі мае, адкладу змрочны выгляд свой і падбадзёруся»,

28 дык трымчу ад усіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не абвесьціш мяне невінаватым.

29 Калі ж я вінаваты, дык навошта марна пакутую?

30 Хоць бы я абмыўся і сьнежнаю вадою і цалкам ачысьціў рукі мае,

31 дык і тады Ты апусьціш мяне ў бруд, і пагардзіць мною вопратка мая.

32 Бо Ён не чалавек, як я, каб я мог адказваць Яму і ісьці разам зь Ім на суд!

33 Няма паміж імі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух нас.

34 Хай адхіліць Ён ад мяне жазло Сваё і страх Ягоны хай не жахае мяне, -

35 і тады я буду гаварыць і не збаюся Яго, бо я не такі самы ў сабе.

 

Разьдзел 10

 

1 Абрыдла душы маёй жыцьцё маё: аддамся журбоце маёй; гаварыцьму ў гароце душы маёй.

2 Скажу Богу: не вінаваці мяне; абвясьці мне, за што Ты са мною змагаешся?

3 Ці добра Табе, што Ты прыгнятаеш, што пагарджаеш дзеяй рук Тваіх, а на раду бязбожных пасылаеш сьвятло?

4 Хіба ў Цябе цялесныя вочы, і Ты глядзіш, як глядзіць чалавек?

5 Хіба дні Твае, як дні ў чалавека, альбо леты Твае, як дні ў мужчыны,

6 што Ты шукаеш заганы ўва мне і дапытваешся грэху ўва мне,

7 хоць ведаеш, што я не беззаконьнік, і што няма каму выбавіць мяне ад рукі Тваёй?

8 Твае рукі працавалі над мною і ўтварылі ўсяго мяне цалкам, - і Ты губіш мяне?

9 Успомні, што Ты, як гліну, урабіў мяне, і ў пыл ператвараеш мяне?

10 Ці ня Ты выліў мяне, як малако, і, як тварог, згусьціў мяне,

11 скураю і плоцьцю апрануў мяне, косткамі і жыламі змацаваў мяне,

12 жыцьцё і мілату падарыў мне, і клопат Твой ахоўваў дух мой?

13 Але і тое хаваў Ты ў сэрцы Сваім, - ведаю, што гэта было ў Цябе, -

14 што калі я зграшу, Ты заўважыш і не пакінеш грэху майго без пакараньня.

15 Калі я вінаваты, гора мне! калі і мая праўда, дык не адважуся падняць галавы маёй. Я сыты прыніжэньнем; паглядзі на гора маё:

16 яно павялічваецца. Ты гонішся за мною, як леў, і зноў нападаеш на мяне і дзівосным з'яўляешся мне.

17 Выводзіш новых сьведкаў Тваіх супроць мяне; узмацняеш гнеў Твой на мяне; і беды, адны за аднымі, паўстаюць супроць мяне.

18 І навошта Ты вывеў мяне з чэрава? хай бы я памёр, калі яшчэ нічыё вока ня бачыла мяне;

19 хай бы я, як нябылы, з чэрава перанесены быў у магілу!

20 Ці не кароткія дні мае? Пакінь, адступіся ад мяне, каб я крыху падбадзёрыўся,

21 перш чым адыду, - і ўжо не вярнуся, - у край цемры і ценю сьмяротнага,

22 у край змроку, які ёсьць змрок ценю сьмяротнага, дзе няма ладу, дзе цёмна, як сама цемра.

 

Разьдзел 11

 

1 І адказваў Сатар Нааміцянін і сказаў:

2 хіба на мноства слоў нельга даць адказу, і хіба чалавек шматслоўны мае рацыю?

3 Пустаслоўе тваё ці ж прымусіць маўчаць мужоў, каб ты глуміўся, і ня было каму прысароміць цябе?

4 Ты сказаў: меркаваньне маё правільнае, і чысты я ў вачах Тваіх.

5 Але калі б Бог загаварыў і растуліў вусны Свае дзеля цябе

6 і адкрыў табе таямніцы мудрасьці, што табе ўдвая больш належала перацерпець! Дык вось ведай, што Бог дзеля цябе некаторыя з тваіх беззаконьняў аддаў забыцьцю.

7 Ці можаш ты дасьледаваньнем знайсьці Бога? Ці можаш цалкам спасьцігнуць Усеўладнага?

8 Ён вышэйшы за нябёсы, - што можаш зрабіць? глыбейшы за апраметную, - што можаш даведацца?

9 Даўжэйшая за зямлю мера Ягоная і шырэйшая за мора.

10 Калі Ён прыйдзе і замкне каго-небудзь у кайданы і паставіць на суд, дык хто адхіліць Яго?

11 Бо Ён ведае людзей манлівых і бачыць беззаконьне, і ці ж пакіне яго без увагі?

12 Але пусты чалавек мудруе, хоць чалавек нараджаецца падобна дзікаму асьляняці.

13 Калі ты ўправіш сэрца сваё і працягнеш да Яго рукі твае,

14 і калі ёсьць загана ў руцэ тваёй, а ты выдаліш яе і не дасі беззаконьню жыць у намётах тваіх,

15 дык падымеш незаплямлены твар твой і будзеш цьвёрды і ня будзеш баяцца.

16 Тады забудзеш гора: як пра ваду, што працякла, будзеш успамінаць пра яго.

17 І ясьней за полудзень пойдзе жыцьцё тваё; прасьветлішся, як раніца.

18 І будзеш спакойны, бо ёсьць надзея; ты аслонены і можаш спаць у бясьпецы.

19 Будзеш ляжаць, і ня будзе застрашніка, і многія будуць ласьціцца да цябе.

20 І вочы беззаконьнікаў растануць, і прыстанішча прападзе ў іх, і надзея іхняя шчэзьне.

 

Разьдзел 12

 

1 І адказваў Ёў і сказаў;

2 а ўжо ж такі, толькі вы людзі, і з вамі памрэ мудрасьць!

3 І ў мяне ёсьць сэрца, як у вас; ня ніжэйшы я за вас; і хто ня ведае таго самага.

4 Пасьмешышчам зрабіўся я свайму сябру, я, хто заклікаў Бога, і каму Ён адказваў, пасьмешышчам - чалавек праведны, беспахібны.

5 Так, на думку таго, хто сядзіць у спакоі, пагарды вартая паходня, падрыхтаваная таму, чые ногі спатыкаюцца.

6 Спакойныя намёты ў рабаўнікоў і бясьпечныя ў тых, што дражняць Бога, што быццам Бога носяць на руках сваіх.

7 А ўжо ж такі: спытайся ў быдла, і навучаць цябе, - у птушкі нябеснай, і абвесьціць табе;

8 альбо пагутары зь зямлёю, і наставіць цябе, і скажуць табе рыбы марскія.

9 Хто ва ўсім гэтым ня ўведае, што рука Госпада стварыла гэта.

10 У Ягонай руцэ душа ўсяго жывога і дух усякі чалавечай плоці.

11 Ці ж ня вуха разьбірае словы, і ці не язык распазнае смак ежы?

12 У старцах - мудрасьць, і ў даўгавечных - розум.

13 У Яго мудрасьць і сіла; Ягоныя рада і розум.

14 Што Ён разбурыць, тое не адбудзецца; каго Ён увязьніць, той ня вызваліцца.

15 Спыніць воды, і ўсё ўсохне; пусьціць іх, і пераўтвораць зямлю.

16 У Яго магутнасьць і мудрасьць, прад Ім той, хто заблытвае і ўводзіць у аблуду.

17 Ён прыводзіць дарадцаў да неабдуманасьці і судзьдзяў робіць дурнымі.

18 Ён вызваляе з повязяў цароў і поясам абвязвае сьцёгны ім;

19 князёў пазбаўляе годнасьці і кідае ніцма адважных;

20 адбірае мову ў красамоўных і старцаў пазбаўляе глузду;

21 пакрывае сорамам знакамітых і сілу ў магутаў паслабляе;

22 адчыняе глыбокае зь сярэдзіны цемры і выводзіць на сьвятло цень сьмяротны;

23 памнажае народы і вынішчае іх; расьсявае народы і зьбірае іх;

24 адбірае розум у стрэйшынаў народу зямлі і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе няма дарогі;

25 вобмацкам ходзяць яны ў цемры без сьвятла і хістаюцца, як п'яныя.

 

Разьдзел 13

 

1 Вось, усё гэта бачыла вока маё, чула вуха маё і зьмеціла сабе.

2 Колькі ведаеце вы, ведаю і я: я ня ніжэйшы за вас.

3 Але я да ‹сяўладнага хацеў бы гаварыць і жадаў бы спаборнічаць з Богам.

4 А вы плетуны хлусні; усе вы бескарысныя лекары.

5 О, калі б толькі вы маўчалі! гэта было б залічана вам у мудрасьць.

6 Выслухайце ж разважаньні мае і ўдумайцеся ў пярэчаньне вуснаў маіх.

7 Ці трэба было вам дзеля Бога гаварыць няпраўду і дзеля Яго гаварыць ману?

8 Ці трэба было вам быць заўгодным Яму і за Бога так спрачацца?

9 Ці добра будзе, калі Ён выпрабуе вас? Ці ашукаеце Яго, як ашукваюць чалавека?

10 Строга пакарае Ён вас, хоць вы і патайна крывадушнічаеце.

11 Няўжо веліч Ягоная не палохае вас, і страх Ягоны не нападае на вас?

12 Напаміны вашыя падобныя на попел, апоры вашыя - апоры гліняныя.

13 Замоўкніце перад мною, і я буду гаварыць, што б ні напаткала мяне.

14 Навошта мне турзаць цела маё зубамі маімі і душу маю класьці ў руку маю?

15 Вось, Ён забівае мяне, але я буду спадзявацца; я хацеў бы толькі адстояць шляхі мае прад абліччам Ягоным!

16 І гэта ўжо ў апраўданьне мне, таму што крывадушнік ня пойдзе прад аблічча Ягонае!

17 Выслухайце ж уважліва слова маё і тлумачэньне маё вушамі вашымі.

18 Вось, я завёў судовую справу: ведаю, што праўда мая.

19 Хто здольны аспрэчыць мяне? Бо я неўзабаве замоўкну і выпушчу дух.

20 Дваяка толькі не рабі са мною, і тады я ня буду хавацца ад аблічча Твайго:

21 адвядзі ад мяне руку Тваю, і жах Твой хай не трасе мяне.

22 Тады кліч, і я буду адказваць, альбо буду гаварыць я, а Ты адказвай мне.

23 Колькі ў мяне заганаў і грахоў? пакажы мне беззаконьне маё і грэх мой.

24 Навошта хаваеш аблічча Тваё і лічыш мяне ворагам Тваім?

25 Ці не сарваную лісьцінку Ты расьціраеш і ці ня сухую саломіну перасьледуеш?

26 Бо Ты пішаш на мяне горкае і залічваеш мне грахі маладосьці маёй,

27 і ставіш у калодку ногі і прасочваеш усе сьцежкі мае, - гонішся па сьлядах ног маіх.

28 А ён, як цьвіль, распадаецца, як вопратка, сточаная мольлю.

 

Разьдзел 14

 

1 Чалавек, народжаны жанчынай, недаўгавечны і перапоўнены журботамі:

2 нібы кветка, ён выходзіць і ападае; уцякае, як цень, і ня спыняецца.

3 І якраз на яго ты падымаеш вочы Твае, і мяне вядзеш на суд з Табою?

4 Хто родзіцца чыстым ад нячыстага? Ніхто.

5 Калі дні яму вызначаны, і лік месяцаў ягоных у Цябе, калі Ты паклаў яму крэс, якога ён не пяройдзе,

6 дык ухіліся ад яго: няхай ён адпачне, пакуль не закончыць, як найміт, дня свайго.

7 У дрэва ёсьць надзея, што яно, калі і будзе сьсечана, зноў ажыве, і парасткі ад яго выходзіць не перастануць:

8 калі і састарэў у зямлі корань ягоны, і пень ягоны замёр у пыле,

9 але, як толькі пачула ваду, яно дае парасткі і пускае вецьце, як бы нанава пасаджанае.

10 А чалавек памірае і распадаецца; адышоў, і дзе ён?

11 Сыходзяць воды з возера, і рака выцякае і высыхае:

12 так чалавек ляжа і ня ўстане; да сканчэньня неба ён не прачнецца і не паўстане са сну свайго.

13 О, калі б Ты ў апраметнай схаваў мяне і хаваў мяне, пакуль пройдзе гнеў Твой, паклаў мне тэрмін і потым згадаў пра мяне!

14 Калі памрэ чалавек, дык ці будзе ён зноў жыць? Ва ўсе дні вызначанага мне часу я чакаў бы, пакуль прыйдзе мне зьмена.

15 Паклікаў бы Ты, і Я даў бы Табе адказ, і Ты выказаў бы ўпадабаньне да твору рук Тваіх;

16 бо тады Ты пералічыў бы крокі мае і не сачыў бы за грэхам маім;

17 у зьвітку было б пазначана беззаконьне маё, і Ты закрыў бы віну маю.

18 Але гара, падаючы, разбураецца, і скала сыходзіць зь месца свайго;

19 вада сьцірае камяні; разліў яе змывае зямны пыл: так і надзею чалавека Ты зьнішчаеш.

20 Адціскаеш яго да канца, і ён сыходзіць; мяняеш яму твар і адсылаеш яго.

21 Ці ў гонары дзеці ягоныя - ён ня ведае, ці прыніжаныя - ён не заўважае;

22 але плоць ягоная на ім баліць, і душа ягоная ў ім пакутуе.

 

Разьдзел 15

 

1 І адказваў Эліфаз Тэманіцянін і сказаў:

2 ці будзе мудры адказваць веданьнем пустым і напаўняць чэрава сваё ветрам палючым,

3 апраўдвацца словамі бескарыснымі і моваю, якая ня мае ніякай сілы?

4 Але ты адклаў і страх і за міласьць лічыш словы да Бога.

5 Бязбожнасьць твая так наладзіла вусны твае, і ты выбраў мову падступных.

6 Цябе вінавацяць вусны твае, а ня я, і твой язык гаворыць супроць цябе.

7 Хіба ж ты першым чалавекам нарадзіўся і раней за пагоркі створаны?

8 Хіба ж раду Божую ты чуў і прыхінуў да сябе мудрасьць?

9 Што ведаеш ты, чаго б ня ведалі мы? што разумееш ты, чаго ня было б у нас?

10 І сівы і старац ёсьць сярод нас, які днямі перабольшае бацьку твайго.

11 Хіба маласьць табе суцяшэньні Божыя? І гэта невядома табе?

12 Да чаго парывае цябе сэрца тваё, і дзеля чаго так ганарыста глядзіш?

13 Чаго скіроўваеш супроць Бога дух твой і вуснамі тваімі прамаўляеш такія словы?

14 Што такое чалавек, каб быў ён чысты, і каб народжаны жанчынай быў праведны?

15 Вось, Ён і сьвятым Сваім не давярае, і нябёсы нячыстыя ў вачах у Яго:

16 тым болей нячысты і разбэшчаны чалавек, які п'е беззаконьне, як ваду.

17 Я буду гаварыць табе, слухай мяне; я раскажу табе, што бачыў,

18 што чулі мудрыя і ня ўтоілі чутага ад бацькоў сваіх,

19 якім адным аддадзена была зямля, і сярод якіх чужы не хадзіў.

20 Бязбожны мучыць сябе праз усе дні свае, і лік гадоў заслонены ад прыгнятальніка:

21 гук жахаў у вушах ягоных; сярод міру ідзе на яго згубнік,

22 Ён не спадзяецца выратавацца ад цемры: бачыць перад сабою меч.

23 Ён бадзяецца за кавалак хлеба ўсюды; ведае, што ўжо гатовы, у руках у яго дзень цемры.

24 Палохае яго нэндза і ўціск; адольвае яго, як цар, які падрыхтаваўся да бітвы,

25 за тое, што ён працягваў супроць Бога руку сваю і супрацівіўся ‹сеўладнаму,

26 памыкаўся супроць яго з ганарыстым каркам, пад тоўстымі шчытамі сваімі;

27 бо ён пакрыў аблічча сваё тлушчам сваім і абклаў салам сьцёгны свае.

28 І ён селіцца ў гарадах спустошаных, у дамах, у якіх ня жывуць, якія асуджаны на руйнаваньне.

29 Не задоўжыцца ён у багацьці і не ацалее маёмасьць ягоная, і не распаўсюдзіцца па зямлі набытак ягоны.

30 Не ўцячэ ад цемры; парасткі ягоныя ссушыць полымя і павевам вуснаў сваіх пацягне яго.

31 Хай не давярае марнасьці аблудны, бо марнасьць будзе і платай яму.

32 Ня ў свой дзень ён сканае, і гольле ягонае ня будзе зелянець.

33 Скіне ён, як вінаградная лаза, недасьпелую ягаду сваю і, як масьліна, атрасе цьвет свой.

34 Так апусьцее дом бязбожнага, і агонь зжарэ намёты ліхаемства.

35 Ён зачаў ліхое і нарадзіў няпраўду, і нутроба ягоная рыхтуе падман.

 

Разьдзел 16

 

1 І адказваў Ёў і сказаў:

2 Чуў я шмат такога; нікчэмныя суцешнікі ўсе вы!

3 Ці будзе канец ветраным словам? і што схіліла цябе так адказваць?

4 І я мог бы гэтак сама сказаць, як вы, калі б душа вашая была на месцы маёй; узбурваўся б на вас словамі і ківаў бы на вас галавою маёю;

5 мацаваў бы вас языком маім і рухам губоў суцяшаў бы.

6 Ці кажу я, не спатольваецца скруха мая; ці перастаю, што адыходзіць ад мяне?

7 Але сёньня Ён стаміў мяне. Ты разбурыў усю сямэю маю,

8 Ты пакрыў мяне маршчынамі ў сьведчаньне супроць мяне; паўстае на мяне зморанасьць мая, у твар дакарае мяне.

9 Гнеў Ягоны турзае і варагуе супроць мяне, скрыгоча на мяне зубамі сваімі; непрыяцель мой вострыць на мяне вочы свае.

10 Разьзявілі на мяне пашчу сваю; лаючыся б'юць мяне па шчоках; усе змовіліся супроць мяне.

11 Аддаў мяне Бог беззаконьніку і ў рукі бязбожных кінуў мяне.

12 Я быў спакойны, але Ён патрэс мяне; узяў мяне за шыю і пабіў мяне і паставіў мяне конам Сабе.

13 Абступілі мяне стралкі Ягоныя; Ён расьсякае вантробы мае і ня літуе, выліў на зямлю жоўць маю,

14 прабівае ўва мне праломіну за праломінай, бяжыць на мяне, як воін.

15 Вярэту пашыў я на скуру маю і ў пыл паклаў галаву маю.

16 Твар мой пачырванеў ад плачу, і на павеках маіх цень сьмерці,

17 пры ўсім тым, што няма рабунку на руках маіх, і малітва мая чыстая.

18 Зямля! не закрый маёй крыві, і хай ня будзе месца енку майму.

19 І сёньня вось на нябёсах Сьведка мой, і Заступнік мой у вышынях!

20 Красамоўныя сябры мае! Да Бога сьлёзіцца вока маё.

21 О, калі б чалавек мог спаборнічаць з Богам, як сын чалавечы з блізкім сваім!

22 Бо гадам маім прыходзіць канец, і я адыходжу ў дарогу незваротную.

 

Разьдзел 17

 

1 Дыханьне маё аслабла; дні мае згасаюць; магілы перад мною.

2 Калі б не пакепнікі іхнія, дык і ў спрэчках іхніх вока маё заставалася б спакойнае.

3 Заступіся, паручыся Сам за мяне прад Сабою! інакш хто паручыцца за мяне?

4 Бо Ты зачыніў сэрца іхняе ад разуменьня, і таму не даеш перамагчы ім.

5 Хто асуджае сяброў сваіх на здабычу, у дзяцей таго вочы растануць.

6 Ён зрабіў мяне прыпавесьцю ў народа і пасьмешышчам у яго.

7 Замглілася ад гароты вока маё, і ўсе чэлесы мае, як цень.

8 Моцна зьдзівяцца з гэтага праведныя, і невінаваты абурыцца з крывадушніка.

9 Але праведны будзе моцна трымацца шляху свайго, і чысты рукамі будзе болей і болей мацавацца.

10 Выступайце, усе вы, і падыдзеце; не знайду я мудрага сярод вас.

11 Дні мае прайшлі; думы мае - здабытак сэрца майго - разьбітыя.

12 А яны ноч хочуць ператварыць у дзень, сьвятло наблізіць да твару цемры.

13 Калі б я і пачаў чакаць, дык апраметная дом мой; у цемры пасьцялю я пасьцель сваю;

14 магіле скажу: ты за бацьку мне, чарвяку: ты маці мая і сястра мая.

15 Дзе ж пасьля гэтага надзея мая? і чаканае мною хто пабачыць?

16 У апраметную сыдзе яна і будзе спачываць са мною ў пыле.

 

Разьдзел 18

 

1 І адказваў Валдад Саўхэянін і сказаў:

2 калі ж пакладзяце вы канец такім гаворкам? абдумайце і пасьля будзем гаварыць.

3 Навошта лічыцца нам жывёламі і быць прыніжанымі ў вачах вашых?

4 О ты, хто разьдзірае душу тваю ў гневе тваім? Няўжо дзеля цябе апусьцець зямлі, і скале зрушыцца зь месца свайго?

5 Так, сьвятло ў беззаконнага патухне, і не застанецца іскры ад агню ягонага.

6 Зацьміцца сьвятло ў намёце ягоным, і сьвяцільня ягоная патухне над ім.

7 Скароцяцца крокі магутнасьці ягонай, і скіне яго ўласны намысел ягоны,

8 бо ён улезе ў сетку сваімі нагамі і па нератах хадзіць будзе.

9 Пятля зашмаргне нагу ягоную, і грабежнік зловіць яго.

10 Непрыкметна раскладзены на зямлі сілкі на яго і пасткі на дарозе.

11 З усіх бакоў будуць палохаць яго жахі і прымушаць яго кідацца туды і сюды.

12 Зьмізарнее ад голаду сіла яго, і пагібель гатовая збоку ў яго.

13 Зьесьць чэлесы цела ягонага, зьесьць чэлесы ягоныя першынец сьмерці.

14 Выгнана будзе з намёта ягонага надзея ягоная, і гэта апусьціць яго да цара жахаў.

15 Паселяцца ў намёце ягоным, бо ён ужо не ягоны; жытло ягонае будзе пасыпана серкаю.

16 Зьнізу падсохнуць карані ягоныя, і зьверху завянуць галіны ягоныя.

17 Памяць пра яго зьнікне зь зямлі, і імя ягонага ня будзе на плошчы.

18 Прагоняць яго зь сьвятла ў цемру і сатруць яго з улоньня зямлі.

19 Ні сына ягонага, ні ўнука ня будзе ў народзе ягоным, і нікога не застанецца ў сялібах ягоных.

20 Днём ягоным зжахнуцца нашчадкі, і сучаснікі будуць агорнуты трымценьнем.

21 Такія жытлішчы ў беззаконнага, і такое месца ў таго, хто ня ведае Бога.

 

Разьдзел 19

 

1 І адказваў Ёў і сказаў:

2 дакуль будзеце мучыць душу маю і рваць мяне прамовамі?

3 Вось, ужо разоў дзесяць вы сарамацілі мяне і не саромеецеся ўціскаць мяне.

4 Калі я і сапраўды зграшыў, дык грэх мой пры мне застаецца.

5 Калі ж вы хочаце ўзьвялічыцца над мною і ўпікнуць мяне ганьбаю маёю,

6 дык ведайце, што Бог скінуў мяне і абклаў мяне Сваёю сеткаю.

7 Вось, я крычу: крыўда! і ніхто ня слухае; енчу, і няма суду.

8 Ён заступіў мне дарогу, і не магу прайсьці, і сьцежкі мае зацемрыў.

9 Зьняў зь мяне славу маю і зьняў вянок з галавы маёй.

10 Зусім спустошыў мяне, і я адыходжу; і, як дрэва, Ён вырваў надзею маю.

11 Запалаў на мяне гневам Сваім і лічыць мяне сярод ворагаў Сваіх.

12 Палкі Ягоныя прыйшлі разам і скіравалі дарогу сваю да мяне і разьмясьціліся вакол намёта майго.

13 Братоў маіх Ён зьвёў ад мяне, і тыя, што ведалі мяне, цураюцца мяне.

14 Пакінулі мяне блізкія мае, і знаёмыя мае забылі мяне.

15 Прыхадні ў доме маім і служанкі мае чужым лічаць мяне; староньнім зрабіўся я ў вачах у іх.

16 Клічу слугу майго, і ён не адгукаецца; вуснамі маімі павінен я ўмольваць яго.

17 Дыханьне маё збрыдзела жонцы маёй, і я павінен умольваць яе дзеля дзяцей чэрава майго.

18 Нават малыя дзеці пагарджаюць мною; падымаюся, і яны зьдзекуюцца зь мяне.

19 Гідзяцца мною ўсе вернікі мае, і тыя, каго я любіў, абярнуліся супроць мяне.

20 Косткі мае прыліплі да скуры маёй і мяса майго, і я застаўся толькі са скураю каля зубоў маіх.

21 Умілажальцеся зь мяне вы, сябры мае, - бо рука Божая кранулася мяне.

22 Навошта і вы перасьледуеце мяне, як Бог, і плоцьцю маёю ня можаце насыціцца?

23 О, калі б запісаны былі словы мае! калі б накрэсьлены былі яны ў кнізе

24 разцом жалезным з волавам, - на вечныя часы на камені выразаны былі!

25 Але я ведаю, Заступнік мой жывы і стане пасьля мяне над зямлёю. І пасьля таго як мая скура будзе разбурана,

26 і з плоці маёй я ўбачу Бога.

27 Я ўбачу Яго сам; мае вочы, ня вочы іншага, убачаць Яго. Растае сэрца маё ў грудзях маіх!

28 Вам трэба было б сказаць: навошта мы перасьледуем яго? Быццам корань зла знойдзены ўва мне.

29 Збойцеся меча, бо меч ёсьць помсьнік няпраўды, і ведайце, што ёсьць суд.

 

Разьдзел 20

 

1 І адказваў Сатар Нааміцянін і сказаў:

2 развагі мае змушаюць мяне адказаць, і я сьпяшаюся выказаць іх.

3 Дакор ганебны мне выслухаў я, і дух разуменьня майго адкажа за мяне.

4 Хіба ня ведаеш ты, што спрадвеку, - з таго часу, як пастаўлены чалавек на зямлі,

5 весялосьць беззаконных кароткая ў часе, і радасьць крывадушнікаў імгненная?

6 Хоць бы вырасла да нябёсаў веліч ягоная, і галава ягоная дастала да воблакаў, -

7 як памёт ягоны, навекі прападае ён; тыя, што бачылі яго, скажуць, дзе ён?

8 Як сон, адляціць, і ня знойдуць яго; і, як начны відзеж, зьнікне.

9 Вока, якое бачыла яго, больш не пабачыць яго, і ўжо ня ўгледзіць яго месца ягонае.

10 Сыны яго будуць шукаць ласкі ў жабракоў, і рукі ягоныя вернуць украдзенае ім.

11 Косткі яго напоўнены грахамі маладосьці ягонай, і зь ім лягуць яны ў пыл.

12 Калі салодкае ў роце яго зло і ён тоіць яго пад языком сваім,

13 беражэ і ня кідае яго, а трымае яго ў вуснах, -

14 дык гэтая ежа ягоная ў нутробе ягонай ператворыцца ў жоўць аспідаў усярэдзіне ў яго.

15 Маёмасьць, якую ён глытаў, выблюе: Бог вырве яго з чэрава ягонага.

16 Зьмяіны яд ён смокча; усьмерціць яго язык зьмяіны.

17 Ня бачыць яму ручаёў, рэк, якія плывуць мёдам і малаком!

18 Нажытае працай верне, не праглыне; у меру маёмасьці ягонай будзе і адплата ягоная, а ён не парадуецца.

19 Бо ён прыгнятаў, адсылаў бедных, захопліваў дамы, якіх не будаваў;

20 ня ведаў сытасьці ў чэраве сваім і ў прагнасьці сваёй не шкадаваў нічога.

21 Нішто не ўратавалася ад ненаеднасьці ягонай, затое ня вытрывае шчасьце ягонае.

22 У поўніцы багацьця будзе цесна яму; рука кожнага пакрыўджанага падымецца на яго.

23 Калі будзе чым напоўніць нутробу ягоную, Ён пашле на яго лютасьць гневу Свайго і здожджыць на яго хваробы ў плоці ягонай.

24 Як уцячэ ён ад зброі жалезнай, - пратне яго лук медны;

25 пачне вымаць стралу, - і яна выйдзе зь цела, выйдзе, зьзяючы праз жоўць ягоную; жахі сьмерці прыйдуць на яго!

26 Усё змрочнае схавана ўсярэдзіне ў яго; будзе пажыраць яго агонь, нікім не разьдзіманы; ліха напаткае і ўсё, што засталося ў намёце ягоным.

27 Неба адкрые беззаконьне ягонае, і зямля паўстане супроць яго.

28 Зьнікне сьцягнутае з дома ягонага; усё расплывецца ў дзень гневу Яго.

29 Вось доля чалавеку беззаконнаму ад Бога і спадчына, вызначаная яму Ўсеўладным!

 

Разьдзел 21

 

1 І адказваў Ёў і сказаў:

2 выслухайце ўважліва слова маё, і гэта будзе мне суцяшэньнем ад вас.

3 Патрывайце мяне, і я буду гаварыць; а пасьля таго, як пагавару, насьміхайцеся.

4 Хіба да чалавека слова маё? як жа мне і не маладушнічаць?

5 Паглядзеце на мяне і жахнецеся, і пакладзеце палец на вусны.

6 Як толькі я згадаю, - уздрыгваю, і трымценьне абдымае цела маё.

7 Чаму беззаконныя жывуць, дасягаюць старасьці, ды і сілаю моцныя?

8 Дзеці іхнія зь імі перад абліччам ў іх, і ўнукі іхнія перад вачыма ў іх.

9 Дамы іхнія ўбясьпечаны ад страху, і няма жазла Божага на іх.

10 Бык іхні апладняе і ня выкідае, карова іхняя зачынае, і ня скідае.

11 Як статак, выпускаюць яны малечу сваю, і дзеці іхнія скачуць.

12 Усклікаюць пад тымпан і цытру і весяляцца пад жалейку;

13 бавяць дні свае ў шчасьці і імгненна сыходзяць у апраметную.

14 А тым часам яны кажуць Богу: адыдзі ад нас, ня хочам мы ведаць шляхоў Тваіх!

15 што нам Усеўладны, каб слугаваць Яму? і якая карысьць хінуцца да Яго?

16 Бачыш, шчасьце іхняе не ад іхніх рук. - Парада бязбожных, будзь далёкая ад мяне!

17 Ці часта тухне сьвяцільня ў беззаконных, і нападае на іх бяда, і Ён дае ім на долю пакуты ў гневе Сваім?

18 Яны павінны быць, як саломінка перад ветрам, і як мякіна, якую нясе віхура.

19 Скажаш: Бог ашчаджае дзецям ягоным няшчасьце ягонае. - Хай аддасьць ён яму самому, каб ён гэта ведаў.

20 Хай яго вочы ўбачаць няшчасьце ягонае, і хай ён сам п'е ад гневу ‹сеўладнага.

21 Бо які яму клопат да дому свайго пасьля яго, калі лік месяцаў ягоных скончыцца?

22 Але ці Бога вучыць мудрасьці, калі Ён судзіць і вышніх?

23 Адзін памірае ў самай поўніцы сілы сваёй, цалкам спакойны і мірны;

24 нутроба ягоная поўная тлушчу, і косткі ягоныя напоены мозакам.

25 А другі памірае з душою засмучанаю, не зазнаўшы дабра.

26 І яны разам будуць ляжаць у пыле, і чэрві пакрыюць іх.

27 Ведаю я вашыя думкі і ўлоўкі, якія вы супраць мяне плецяце.

28 Вы скажаце: дзе дом князя, і дзе намёт, у якім жылі беззаконныя?

29 Хіба вы ня пыталіся ў вандроўнікаў і не знаёмыя зь іхнімі назіраньнямі,

30 што ў дзень пагібелі літаваны бывае злодзей, у дзень гневу адводзіцца ўбок?

31 Хто паставіць яму перад аблічча ягонае шлях ягоны, і хто аддасьць яму за тое, што ён учыняў?

32 Яго праводзяць да магілы і на яго магіле ставяць варту.

33 Салодкія яму камлыгі даліны, і за ім ідзе натоўп людзей, а тым, што ідуць перад ім, ліку няма.

34 Як жа вы хочаце суцяшаць мяне пустым? У вашых адказах застаецца толькі мана.

 

Разьдзел 22

 

1 І адказваў Таманіцянін і сказаў:

2 хіба можа чалавек рабіць карысьць Богу? Разумны робіць карысьць сабе самому.

3 Якая прыемнасьць Усеўладнаму з таго, што ты праведны? І ці будзе Яму выгода з таго, што ты трымаеш дарогі твае ў беззаганнасьці?

4 Няўжо Ён, баючыся цябе, уступіць з табою ў спаборніцтва, пойдзе судзіцца з табою?

5 Праўда, злосьць твая вялікая, і беззаконьням тваім няма краю.

6 Праўда, ты браў заклад у братоў тваіх ні за што і з паўголых здымаў вопратку.

7 Стомленаму смагаю не падаваў вады напіцца і галоднаму адмаўляўся даць хлеба;

8 а чалавеку дужаму ты даваў зямлю, і заможны сяліўся на ёй.

9 Удоваў ты адсылаў ні з чым і сіротаў пакідаў з пустымі рукамі.

10 За тое вакол цябе петлі, і скалануў цябе нечаканы жах,

11 альбо цемра, у якой ты нічога ня бачыш, і мноства водаў пакрыла цябе.

12 Ці ня вышэй за нябёсы Бог? паглядзі ўгору на зоркі, як яны высока!

13 І ты кажаш: што ведае Бог? ці можа Ён судзіць праз цемру?

14 Хмары - заслона Ягоная, так што Ён ня бачыць, а ходзіць толькі па нябесным коле.

15 Няўжо ты трымаешся шляху старажытных, па якім ішлі людзі беззаконныя,

16 якія раней часу былі зьнішчаны, калі вада разлілася пад аснову іхнюю?

17 Яны казалі: адыдзі ад нас! І што зрабіў ім Усеўладны?

18 А Ён напаўняў дамы іхнія дабром. Але рада бязбожных будзь далёка ад мяне!

19 Бачылі праведнікі і радаваліся, і беззаганны сьмяяўся зь яго:

20 вораг наш зьнішчаны, а што засталося пасьля іх, тое пажэр агонь.

21 Зблізіся ж зь Ім - і будзеш спакойны: праз гэта прыйдзе да цябе дабро.

22 Прымі з вуснаў Ягоных закон і пакладзі слова Ягонае ў сэрца тваё.

23 Калі ты зьвернешся да ‹сеўладнага, дык зноў уладзішся, адвядзеш беззаконьне ад намёта твайго

24 і будзеш кідаць у пыл бліскучы метал, і ў каменьне патокаў - золата Афірскае.

25 І будзе ‹сеўладны тваім золатам і бліскучым срэбрам у цябе,

26 бо тады будзеш радавацца ва ‹сеўладным і падымеш да Бога аблічча тваё.

27 Памолішся Яму, і Ён пачуе цябе, і ты выканаеш абяцаньні твае.

28 Замысьліш намер, і ён зьдзейсьніцца ў цябе, над дарогамі тваімі будзе зьзяць сьвятло.

29 Калі хто зьнішчаны будзе, ты скажаш: узвышэньне! і Ён уратуе таго, хто панік абліччам,

30 выбавіць і небязьвіннага, і ён выратуецца чысьцінёю рук тваіх.

 

Разьдзел 23

 

1 І адказваў Ёў і сказаў:

2 яшчэ і цяпер горкае слова маё: пакуты мае цяжэйшыя за стогны мае.

3 О, калі б я ведаў, дзе знайсьці Яго, і мог падысьці да трона Ягонага!

4 Я выклаў бы прад Ім усё маё і вусны мае напоўніў бы апраўданьнямі;

5 уведаў бы словы, якімі Ён адкажа мне, і зразумеў бы, што Ён скажа мне.

6 Няўжо Ён у поўнай магутнасьці пачаў бы спаборнічаць са мною? О, не! Няхай бы толькі даў увагі мне.

7 Тады праведнік мог бы спаборнічаць зь Ім, - і я назаўсёды атрымаў бы свабоду ад Судзьдзі майго.

8 Але вось, я іду наперад - і няма Яго, назад - і не знаходжу Яго;

9 ці робіць Ён што зь левага боку, я ня бачу; ці хаваецца з правага, не разгледжу.

10 Але Ён ведае шлях мой; няхай выпрабуе мяне, - выйду, як золата.

11 Нага мая цьвёрда трымаецца сьцежкі Ягонай; шляхі Ягоныя я захоўваў і ня ўхіляўся зь іх.

12 Ад наказаў вуснаў Ягоных не адступаўся; словы вуснаў Ягоных захоўваў болей, чым мае правілы.

13 Але Ён цьвёрды; і хто ўхіліць Яго? Ён робіць, чаго хоча душа Ягоная.

14 Так, Ён выканаў тое, што належала мне, і падобнага на гэта многа ў Яго.

15 Таму я дрыжу прад абліччам Ягоным; разважаю - і баюся Яго.

16 Бог расслабіў сэрца маё, і ‹сеўладны напалохаў мяне.

17 Чаму я ня зьнішчаны раней за гэтую цемру, і Ён не схаваў мораку ад твару майго!

 

Разьдзел 24

 

1 Чаму не схаваныя ад Усемагутнага часіны, і тыя, што ведаюць Яго, ня бачаць дзён Ягоных?

2 Межы перасоўваюць, гоняць статкі і пасьвяць у сябе;

3 у сіротаў зводзяць асла, ва ўдавы бяруць пад заклад вала;

4 бедных спіхваюць з дарогі, усе прыніжаныя зямлі вымушаны хавацца.

5 Вось яны, як дзікія аслы ў пустыні, выходзяць на дзею сваю, устаючы рана на здабычу; стэп дае хлеб ім і дзецям іхнім;

6 жнуць яны на полі не сваім і зьбіраюць вінагарад у бязбожніка;

7 голыя начуюць без покрыва і бяз вопраткі на сьцюжы;

8 мокнуць ад горных дажджоў і, ня маючы сховішча, ціснуцца да скалы;

9 адрываюць ад саскоў сірату і з убогага бяруць заклад;

10 прымушаюць хадзіць голымі, без адзеньня, і галодных кормяць каласамі;

11 паміж сьценамі чавяць алей аліўкавы, топчуць у чавілах і прагнуць.

12 У горадзе людзі стогнуць, і душа забіваных енчыць, і Бог не забараняе гэтага.

13 Ёсьць сярод іх ворагі сьвятла, ня ведаюць ягоных шляхоў і ня ходзяць па сьцежках ягоных.

14 На золку ўстае забойца, забівае беднага і ўбогага, а ўначы бывае злодзеем.

15 І вока пералюбніка чакае сутоньня, кажучы: нічыё вока ня ўбачыць мяне, - і захінае твар.

16 У цемры падкопваюцца пад дамы, якія ўдзень яны прыкмецілі сабе; ня ведаюць сьвятла.

17 Бо ім раніца - сьмяротны цень, бо яны знаёмыя з жахамі сьмяротнага ценю.

18 Лёгкі такі на паверхні вады, праклятая доля ягоная на зямлі, і не глядзіць ён на дарогу садоў вінаградных.

19 Засуш і сьпёка паглынаюць сьнегавую ваду: так апраметная - грэшнікаў.

20 Няхай забудзе яго нутроба матчыная; няхай ласуецца ім чарвяк; няхай не захаваецца пра яго памяць; як дрэва, няхай зломіцца беззаконьнік,

21 які прыгнятае бязьдзетную, якая не раджала, і ўдаве ня робіць дабра.

22 Ён і дужых зводзіць сілаю сваёю; ён устае, і ніхто ня пэўны за жыцьцё сваё.

23 А Ён дае яму ўсё для бясьпекі, і ён на тое абапіраецца, і вочы Ягоныя бачаць шляхі іхнія.

24 Падняліся высока, - і вось, няма іх; падаюць, і паміраюць, як і ўсе, і, як вярхі каласкоў, зразаюцца.

25 Калі гэта ня так, - хто выкрые мяне за ману і ў нівеч аберне словы мае?

 

Разьдзел 25

 

1 І адказваў Вілдад Саўхэянін і сказаў:

2 улада і страх у Яго; Ён творыць сьвет на вышынях Сваіх!

3 Ці ёсьць лік войску Ягонаму? і над кім ня ўзыходзіць сьвятло Ягонае?

4 І як апраўдаецца чалавек прад Богам, і як быць чыстым народжанаму жанчынай?

5 Вось нават месяц, і той нясьветлы, і зоркі нячыстыя прад вачыма Ягонымі.

6 Тым меней чалавек, які ёсьць чарвяк, і сын чалавечы, які ёсьць моль.

 

Разьдзел 26

 

1 І адказваў Ёў і сказаў:

2 як ты дапамог бясьсіламу, падтрымаў мышцу нямоглага!

3 Як раду ты даў ня мудраму і як ва ўсёй поўніцы растлумачыў!

4 Каму ты казаў гэтыя словы, і чый дух выходзіў зь цябе?

5 Рэфаімы трымцяць пад водамі, і тыя, што жывуць у іх.

6 Апраметная аголена прад Ім, і няма покрыва Авадону.

7 Ён расхінуў поўнач над пустатою, павесіў зямлю ні на чым.

8 Ён заключае воды ў аблоках Сваіх, і воблака не расьсядаецца пад імі.

9 Ён паставіў трон Свой, расхінуў над ім воблака Сваё.

10 Рысу правёў над паверхняю вады, да межаў сьвятла зь цемраю.

11 Слупы нябёсаў дрыжаць і жахаюцца ад грозьбы Ягонай.

12 Сілаю Сваёю хвалюе мора і розумам Сваім змагае ягоную дзёрзкасьць.

13 Ад духу Ягонага - цудоўнасьць неба; рука Ягоная ўтварыла борздага скарпіёна.

14 Вось, гэта частка шляхоў Ягоных; і як мала мы чулі пра Яго! А гром магутнасьці Ягонай хто можа зразумець?

 

Разьдзел 27

 

1 І гаварыў далей Ёў сваё ўзьнёслае слова і сказаў:

2 жывы Бог, Які пазбавіў мяне суду, і ‹семагутны, Які засмуціў душу маю,

3 што, пакуль яшчэ дыханьне маё ўва мне і дух Божы ў ноздрах маіх,

4 ня скажуць вусны мае няпраўды, і язык мой ня вымавіць ілжы!

5 Я далёкі ад таго, каб прызнаць вас справядлівымі; пакуль не памру, не саступлю беззаганнасьці маёй.

6 Моцна трымаў я праўду маю і ня ўпушчу яе; не папракне мяне сэрца маё праз усе дні мае.

7 Вораг мой будзе, як бязбожнік, і паўсталы супроць мяне, як беззаконьнік.

8 Бо якая надзея крывадушніку, калі возьме, калі вырве Бог душу ягоную?

9 Ці пачуе Бог лямант ягоны, калі прыйдзе на яго бяда?

10 Ці будзе ён суцяшацца ‹семагутным і заклікаць Бога ў любы час?

11 Абвяшчу вам, што ў руцэ Божай; што ва ‹семагутнага, ня ўтою.

12 Вось, усе вы і самыя бачылі; і навошта вы столькі пустасловіце?

13 Вось доля чалавеку беззаконнаму ад Бога, і спадчына, якую атрымліваюць ад Усеўладнага прыгнятальнікі.

14 Калі памнажаюцца сыны ягоныя, дык пад меч; і нашчадкі яго не насыцяцца хлебам.

15 Тых, што засталіся пасьля яго, сьмерць зьвядзе ў магілу, і ўдовы іхнія ня будуць плакаць.

16 Калі ён набярэ кучы срэбра, як пылу, і нарыхтуе вопраткі, як гразі,

17 дык ён нарыхтуе, а апранацца будзе праведнік, і срэбра атрымае сабе ў долю беспахібнік.

18 Ён будуе, як моль, дом свой і, як вартаўнік, робіць сабе будан;

19 кладзецца спаць багатым і такім не ўстае; расплюшчвае вочы свае, і ён ужо ня той.

20 Як воды, спасьцігнуць яго жахі; уначы падхопіць яго бура.

21 Падыме яго ўсходні вецер і панясе, і ён порстка пабяжыць ад яго.

22 Памкнецца на яго і не пашкадуе, як бы ён ні высільваўся, каб уцячы ад рукі ягонай.

23 Пляснуць па ім рукамі і пасьвішчуць над ім зь месца ягонага!

 

Разьдзел 28

 

1 Так! У срэбра ёсьць вытокавая жыліна, і ў золата месца, дзе яго плавяць.

2 Жалеза здабываецца зь зямлі; з каменьня выплаўляецца медзь.

3 Чалавек кладзе мяжу цемры і старанна шукае камень у змроку і цяні сьмяротным.

4 Выкопваюць рудню ў мясьцінах, забытых нагою, спускаюцца ўглыбіню, вісяць і зыбаюцца ўдалечыні ад людзей.

5 Зямля, на якой вырастае хлеб, усярэдзіне перакапана як бы агнём.

6 Камяні яе - месца сапфіра, і ў ёй пясчынкі золата.

7 Сьцежкі туды ня ведае драпежная птушка, і ня бачыла яе вока каршуна;

8 не тапталі яе львы, і не хадзіў па ёй шакал.

9 На граніт кладзе ён руку сваю, з коранем перакульвае горы;

10 у камянях прасякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае;

11 спыняе цячэньне патокаў і схаванае выносіць на сьвятло.

12 Але дзе мудрасьць жыве? і дзе месца розуму?

13 Ня ведае чалавек цаны яе, і яна ня жыве на зямлі жывых.

14 Бездань кажа: не ўва мне яна; і мора кажа: не ў мяне.

15 Не даецца яна за золата, і не набываецца яна за вагу срэбра.

16 Не ацэньваецца яна золатам Афірскім, ні каштоўным аніксам, ні сапфірам;

17 не раўняецца зь ёю золата і крышталь, і ня выменяеш яе на посуд з чыстага золата.

18 А пра каралы і жэмчуг і згадваць няма чаго, і набыцьцё мудрасьці вышэй за рубіны.

19 Не раўняецца зь ёю тапаз Эфіопскі; чыстым золатам не ацэньваецца яна.

20 Адкуль жа выходзіць мудрасьць? і дзе месца розуму?

21 Схавана яна ад вачэй усяго жывога і ад птушак нябесных утоена.

22 Авадон і сьмерць кажуць: вушамі нашымі чулі мы чутку пра яе.

23 Бог ведае шлях яе, і Ён ведае месца яе.

24 Бо бачыць да краёў зямлі і бачыць пад усім небам.

25 Калі Ён ветру даваў вагу і разьмяшчаў ваду па меры,

26 калі назначаў статут дажджу і шлях маланцы громаноснай,

27 тады Ён бачыў яе і паказаў яе, падрыхтаваў яе і яшчэ выпрабаваў яе

28 і сказаў чалавеку: вось страх Гасподні ёсьць сапраўдная мудрасьць, і аддаленьне ад ліха - розум.

 

Разьдзел 29

 

1 І гаварыў далей Ёў слова сваё і сказаў:

2 о, калі б я быў, як у ранейшыя месяцы, як у тыя дні, калі Бог асланяў мяне,

3 калі сьвяцільня Ягоная сьвяціла над галавою маёю, і я пры сьвятле Ягоным хадзіў у цемры;

4 як быў я ў дні маладосьці маёй, калі ласка Божая была над намётам маім,

5 калі яшчэ ўсеўладны быў са мною, і дзеці мае вакол мяне,

6 калі шляхі мае абмываліся малаком і скала крынічыла мне ручаі алею!

7 Калі я выходзіў да брамы горада і на плошчы ставіў седзішча сваё,

8 хлопцы, убачыўшы мяне, хаваліся, а старыя ўставалі і стаялі;

9 князі ўстрымліваліся ад прамовы і пальцы клалі на вусны свае;

10 голас знакамітых змаўкаў, і язык у іх прыліпаў да паднябеньн.я іхняга.

11 Вуха, якое чула мяне, улешчвала мяне; вока, якое бачыла, хваліла мяне,

12 бо я ратаваў пакутніка, які енчыў, і сірату бездапаможнага.

13 Дабраславеньне таго, хто гінуў, прыходзіла на мяне, і сэрцу ўдавы прыносіў я радасьць.

14 Я апрануўся ў праўду, і суд мой апранаў мяне як мантыя і турбан.

15 Я быў вачыма сьляпому і нагамі кульгаваму;

16 бацькам быў я ўбогім і цяжбіну, якое я ня ведаў, разьбіраў уважліва.

17 Крышыў я беззаконнаму сківіцы і з зубоў ягоных вырываў крадзенае.

18 І казаў я: у гнязьдзе маім сканаю, і дзён маіх будзе многа, як пяску;

19 корань мой адкрыты вадзе, і раса начуе на вецьці маім;

20 слава мая ня старыцца, лук мой моцны ў руцэ маёй.

21 Уважалі мне і чакалі, і маўчалі пры радзе маёй.

22 Пасьля слоў маіх ужо не разважалі; мова мая капала на іх.

23 Чакалі мяне, як дажджу, і, як дажджу позьняму, разьзяўлялі вусны свае.

24 Бывала, усьміхнуся ім, - яны ня вераць; і сьвятла твару майго яны не азмрочвалі.

25 Я назначаў шляхі ім і сядзеў на чале і жыў як цар у коле вояў, як суцешнік заплаканых.

 

Разьдзел 30

 

1 А сёньня сьмяюцца зь мяне і малодшыя за мяне гадамі, тыя, чыіх бацькоў я не згадзіўся б пасадзіць разам з сабакамі статкаў маіх.

2 І сіла рук іхніх навошта мне? Над імі ўжо прайшоў час.

3 Беднасьцю і голадам змораныя, яны ўцякаюць у стэп бязводны, змрочны і апусьцелы;

4 скубуць зеляніну каля кустоў, і ягады ядлоўцавыя - хлеб іхні.

5 З суполкі выганяюць іх, крычаць на іх, як на злодзеяў,

6 каб жылі яны ў калдобінах патокаў, у цясьнінах зямлі і скалаў.

7 Равуць паміж кустамі, ціснуцца пад цернем.

8 Людзі адкінутыя, людзі бязь імя, адкіды зямлі!

9 Я і зрабіўся цяпер іхняй і ежаю іхняй гутаркі.

10 Яны грэбуюць мною, аддаляюцца ад мяне і не перастаюць пляваць перад абліччам маім.

11 Як што Ён разьвязаў повад мой і пабіў мяне, дык яны скінулі зь сябе кілзы перад абліччам маім.

12 З правага боку ўстае гэты вылюдак, зьбівае мяне з ног, кіруе свае пагібельныя шляхі да мяне.

13 А маю сьцежку сапсавалі: усё пасьпеплі зрабіць дзеля маёй пагібелі, ня маючы памочніка.

14 Яны прыйшлі да мяне, як праз шырокую праломіну; з шумам кінуліся на мяне.

15 Жахі памкнуліся на мяне; як вецер, разьвеялася веліч мая, і шчасьце маё адляцела, як воблака.

16 І сёньня выліваецца душа мая; дні смутку агарнулі мяне.

17 Уначы ныюць ува мне косьці мае; дні смутку агарнулі мяне.

18 Вельмі цяжка здымаецца зь мяне вопратка мая; краі хітона ціснуць мяне.

19 Ён кінуў мяне ў бруд, і я зрабіўся, як пыл і попел.

20 Я заклікаю Цябе, і Ты ня слухаеш мяне, - стаю, а Ты толькі глядзіш на мяне.

21 Ты зрабіўся жорсткім да мяне, моцнаю рукою варагуеш супроць мяне.

22 Ты падняў мяне і прымусіў мяне насіцца па ветры і ламаеш мяне.

23 Так, я ведаю, што Ты прывядзеш мяне да сьмерці і ў дом збору ўсіх, што жывуць.

24 Правільна, Ён не працягне рукі Сваёй над домам касьцей: ці будуць яны крычаць пры сваім разбурэньні?

25 Ці ня плакаў я па тым, хто быў у горы; ці ня журылася душа мая па бедных?

26 Калі я чакаў дабра, прыйшло зло; калі я чакаў сьвятла, прыйшла цемра.

27 Мае вантробы кіпяць і не перастаюць; сустрэлі мяне дні смутку.

28 Я хаджу пачарнелы, але не ад сонца; устаю на сходзе і крычу.

29 Я зрабіўся братам шакалам і сябрам страўсам.

30 Мая скура пачарнела на мне, і косьці мае абгарэлі ад сьпёкі.

31 І цытра мая зрабілася панылаю, а жалейка мая - голасам сьлёзным.

 

Разьдзел 31

 

1 Запавет паклаў я з вачамі маімі, каб ня думаць пра дзяўчыну.

2 Якая ж доля мне ад Бога згары? І якая спадчына ад Усемагутнага зь нябёсаў?

3 Ці не для бязбожніка пагібель, і напасьце ці ж не для таго, хто ўчыняе ліха?

4 Ці ж ня бачыў Ён шляхоў маіх і ці ня лічыў усіх маіх крокаў?

5 Калі я хадзіў у марнасьці, і калі нага мая сьпяшалася на хітрыкі, -

6 няхай узважаць мяне на вагах праўды, і Бог даведаецца пра маю беззаганнасьць.

7 Калі ступакі мае ўхіляліся ад дарогі і сэрца маё ішло сьледам за вачамі маімі, і калі што-небудзь нячыстае прыстала да рук маіх,

8 дык няхай я сею, а іншы есьць, і хай парасткі мае выкараненыя будуць.

9 Калі сэрца маё спакушалася жанчынаю і я ставіў пасткі каля дзьвярэй майго блізкага, -

10 хай мая жонка меле на іншага, і хай іншыя зьдзекуюцца зь яго,

11 бо гэта - злачынства, гэта - беззаконьне, якое падпадае суду;

12 гэта - агонь, які зьядае да зьнішчэньня, які зьнішчыў бы ўсё дабро маё.

13 Калі я меў у занядбаньні правы слугі і служанкі маёй, калі яны спрачаліся са мною,

14 дык што я пачаў бы рабіць, калі б Бог паўстаў? І калі б Ён паглядзеў на мяне, што мог бы я адказваць Яму?

15 Ці ня Ён, Які стварыў мяне ў чэраве, стварыў і яго і гэтак сама нас у нутробе?

16 Ці ж бы адмаўляў я ў просьбе тым, што мелі патрэбу, ці ж таміў бы вочы ўдавы?

17 Ці ж адзін я зьядаў кавалак мой, і ці ж ня еў ад яго і сірата?

18 Бо змалку ён рос са мною, як з бацькам, і ад чэрава маці маёй я кіраваў удаву.

19 Калі я бачыў каго, хто гінуў бяз вопраткі, і беднага бяз покрыва, -

20 ці ж не дабраслаўлялі мяне сьцёгны ягоныя, і ці ня быў ён сагрэты воўнаю авечак маіх?

21 Калі я падымаў руку маю на сірату, калі бачыў дапамогу сабе каля брамы,

22 дык няхай плячук мой адпадзе ад спіны, і рука мая хай адломіцца ад локця,

23 бо страшная мне кара ад Бога: перад веліччу Яго ня ўстояў бы я.

24 Ці закладваў я ў золаце апору маю і ці казаў скарбу: ты - надзея мая?

25 Ці радаваўся я, што багацьце маё было вялікае, і што рука мая набыла многа?

26 Гледзячы на сонца, як яно зьзяе, і на месяц, як ён велічна крочыць,

27 ці паквапіўся я ў таямніцы сэрца майго, і ці цалавалі вусны мае руку маю?

28 Гэта таксама было б злачынства, якое падлягае суду, бо я адрокся б тады ад Бога Ўсявышняга.

29 Ці радаваўся я пагібелі ворага майго і ці трыумфаваў, калі няшчасьце напаткала яго?

30 Не дазваляў я вуснам маім грашыць праклёнам душы ягонай.

31 Ці ж не казалі людзі намёта майго: о, калі б мы ад мяса ягонага не насыціліся?

32 Дарожнік не начаваў на вуліцы; дзьверы мае праходжаму я адчыняў.

33 Калі б я ўтойваў правіны мае, як чалавек, утойваючы ў грудзях маіх заганы мае,

34 дык я баяўся б вялікай грамады, і пагарда аднапляменцаў палохала б мяне, і я маўчаў бы і ня выходзіў бы за дзьверы.

35 О, калі б хто выслухаў мяне! Вось маё жаданьне, каб Усеўладны адказваў мне, і каб абаронца мой склаў запіс.

36 Я насіў бы яго на плячах маіх і ўскладваў бы яго, як вянок;

37 абвясьціў бы яму колькасьць крокаў маіх, зблізіўся б зь ім, як з князем.

38 Калі б лямантавала на мяне зямля мая і скардзіліся на мяне барозны яе,

39 калі я еў плады яе без платы і абцяжваў жыцьцё земляробаў,

40 дык хай замест пшаніцы вырастуць ваўчкі і замест ячменю куколь. - Слова Ёва скончылася.

 

Разьдзел 32

 

1 Калі тыя трое мужоў перасталі адказваць Ёву, бо ён быў слушны ў вачах сваіх,

2 тады загарэўся гнеў Эліуя, сына Варахіілавага, Вузіцяніна з племя Рамавага: загарэўся гнеў ягоны на Ёва за тое, што ён апраўдваў сябе больш, чым Бога,

3 а на трох сяброў ягоных загарэўся гнеў ягоны за тое, што яны не знайшлі што адказаць, а тым часам вінавацілі Ёва.

4 Эліуй чакаў, пакуль Ёў гаварыў, бо яны гадамі былі старэйшыя за яго.

5 Калі ж Эліуй убачыў, што няма адказу ў вуснах тых трох мужоў, тады загарэўся гнеў ягоны.

6 І адказваў Эліуй, сын Варахіілаў, Вузіцянін, і сказаў: я малады гадамі, а вы - старцы; таму я нясьмеліўся і баяўся казаць вам, што думаю.

7 Я гаварыў сам сабе: няхай гавораць дні, і мнагалецьце навучае мудрасьці.

8 Але дух у чалавеку і дыханьне ‹сеўладнага дае яму разуменьне.

9 Не шматгадовыя толькі мудрыя, і не старыя разумеюць праўду.

10 Таму я кажу: выслухайце мяне, абвяшчу вам сваю думку і я.

11 Вось, я чакаў слоў вашых, услухоўваўся ў меркаваньні вашыя, пакуль вы прыдумлялі, што сказаць.

12 Я пільна глядзеў на вас, ніхто з вас не выкрывае Ёва і не адказвае на словы яго.

13 скажэце: мы знайшлі мудрасьць: Бог абвергне яго, а не чалавек.

14 Калі б ён зьвяртаў словы да мяне, дык я ня вашымі словамі адказваў бы яму.

15 Спалохаліся, не адказваюць болей: перасталі гаварыць.

16 І як я чакаў, а яны ня кажуць, спыніліся і не адказваюць болей,

17 дык і я адкажу ад сябе, абвяшчу сваю думку і я.

18 Бо я поўны словамі, і дух ува мне цісьне мяне.

19 Вось, нутрына мая, як віно неадчыненае: яна гатовая прарвацца, нібы новыя мяхі.

20 Пагавару, і палегчае мне; адкрыю вусны мае і адкажу.

21 На твар чалавека глядзець ня буду і ніякаму чалавеку лісьлівіць ня буду,

22 бо я ня ўмею лісьлівіць: цяпер забі мяне, Творца мой.

 

Разьдзел 33

 

1 Дык вось, слухай, Ёў, словы мае і ўважай усім словам маім.

2 Вось, я адкрываю вусны мае, язык мой гаворыць у гартані маёй.

3 Словы мае ад шчырасьці майго сэрца, і вусны мае вымавяць веданьне чыстае.

4 Дух Божы стварыў мяне, і дыханьне ‹сеўладнага дало мне жыцьцё.

5 Калі можаш, адказвай мне і стань перад мною.

6 Вось я, па жаданьні тваім, замест Бога. Я створаны таксама з гразі;

7 таму страх перад мною ня можа зьбянтэжыць мяне, і рука мая ня будзе цяжкая табе.

8 Ты гаварыў у вушы мае, і я чуў гук слоў:

9 «чысты я, без пахібы, нявінны я і няма ўва мне няпраўды;

10 а Ён знайшоў абвінавачаньне супроць мяне і лічыць мяне Сваім супраціўцам;

11 закаваў ногі мае ў калодкі, сочыць за ўсімі шляхамі маімі».

12 Вось у гэтым няпраўда твая, адказваю табе, таму што Бог вышэйшы за чалавека.

13 Навошта табе спаборнічаць зь Ім? Ён не адказвае ні за якія дзеі Свае.

14 Бог гаворыць адзін раз, і калі таго не заўважаць, другі раз:

15 у сьне, у начных відзежах, калі сон находзіць на людзей, у час дрымоты на ложку.

16 Тады ён адкрывае ў чалавека вуха і ўкладвае Сваё настаўленьне,

17 каб адвесьці чалавека ад якой-небудзь задумы і адвесьці ад яго пыху,

18 каб адвесьці душу ягоную ад прорвы і жыцьцё ягонае ад паразы мечам.

19 Альбо ён наводзіцца на розум хваробаю на ложку сваім і моцным болем ва ўсіх касьцях сваіх, -

20 і жыцьцё ягонае адварочваецца ад хлеба і душа ягоная ад смачнай яму ежы.

21 Плоць на ім прападае, так што яе ня відаць, і паказваюцца косьці ягоныя, якіх ня было відаць.

22 І душа ягоная набліжаецца да магілы і жыцьцё ягонае - да сьмерці.

23 Калі ёсьць у яго анёл-настаўнік адзін з тысячы, каб паказаць чалавеку простую дарогу ягоную, -

24 Бог умілажаліцца зь яго і скажа: вызвалі яго ад магілы; Я знайшоў умілажаленьне.

25 Тады цела ягонае зробіцца сьвяжэйшае, чым у маладосьці; ён вернецца ў дні маладосьці сваёй.

26 Будзе маліцца Богу, і Ён - літасьцівы да яго; з радасьцю глядзіць на твар ягоны і вяртае чалавеку праведнасьць ягоную.

27 Ён будзе глядзець на людзей і казаць: «грашыў я і перакручваў праўду, і не адплачана мне;

28 Ён вызваліў душу маю ад магілы, і жыцьцё маё бачыць сьвятло».

29 Вось, усё гэта робіць Бог два-тры разы з чалавекам,

30 каб адвесьці душу ягоную ад магілы і прасьвятліць яго сьвятлом жывых.

31 Уважай, Ёве, слухай мяне, маўчы, і я буду гаварыць.

32 Калі маеш сказаць што, адказвай; кажы, бо Я хацеў бы твайго апраўданьня;

33 а калі не, дык слухай мяне, і я навучу цябе мудрасьці.

 

Разьдзел 34

 

1 І гаварыў далей Эліуй і сказаў:

2 выслухайце, мудрыя, слова маё, і прыхілеце да мяне вуха, разважлівыя!

3 Бо вуха разьбірае словы, як гартань адрозьнівае смак у ежы.

4 Пастановім паміж сабою развагу і распазнаем, што добра.

5 Вось, Ёў сказаў: «праўда мая, але Бог пазбавіў мяне суду.

6 Ці павінен я маніць на праўду маю? Мая рана нявылечная бязь віны».

7 Ці ёсьць такі чалавек, як Ёў, які п'е глум, як ваду,

8 уступае ў супольнасьць з тымі, якія чыняць беззаконьне, і ходзіць зь людзьмі бязбожнымі?

9 Бо ён сказаў: няма карысьці чалавеку ў добрым дагодніцтве Богу.

10 Дык вось паслухайце мяне, мужы мудрыя. Ня можа быць у Бога няпраўды, альбо ва ‹сеўладнага неправасуддзя,

11 бо Ён паводле ўчынкаў чалавека робіць зь ім і паводле шляхоў мужа адплачвае яму.

12 Праўда, Бог ня робіць няпраўды, і ‹сеўладны не перакручвае суд.

13 Хто апрача Яго думае пра зямлю? І хто кіруе ўсім сусьветам?

14 Калі б Ён павярнуў сэрца Сваё да Сябе і ўзяў да Сябе дух яе і дыханьне яе, -

15 раптам загінула б усякая плоць, і чалавек вярнуўся б у пыл.

16 Дык вось, калі ты маеш розум, дык слухай гэта і ўважай словам маім.

17 Той, хто ненавідзіць праўду, ці можа валадарыць? І ці можаш ты зьвінаваціць Найсправядлівейшага?

18 Ці можна сказаць цару: ты - бязбожнік, і князям: вы - беззаконьнікі?

19 Але ён не зважае на асобы князёў і не выдзяляе багатага ад беднага, бо ўсе яны дзея рук Ягоных.

20 Нечакана яны паміраюць; сярод ночы народ узбурыцца, і яны зьнікаюць; і моцных выганяюць ня сілаю.

21 Бо вочы Ягоныя над шляхамі чалавека, і Ён бачыць увесь поступ яго.

22 Няма цемры, ні ценю сьмяротнага, дзе маглі б схавацца беззаконьнікі.

23 Таму Ён ужо не патрабуе ад чалавека, каб ішоў на суд з Богам.

24 Ён ламае дужых не разьбіраючы, і пастаўляе іншых на іх месцы,

25 бо ён робіць вядомымі дзеі іхнія і скідае іх уначы, і яны зьнішчаюцца.

26 Ён пабівае іх, як беззаконных людзей, на вачах у іншых,

27 за тое, што яны адвярнуліся ад Яго і не зразумелі ўсіх шляхоў Ягоных,

28 так што дайшоў да Яго лямант бедных, і Ён пачуў стогны прыгнечаных.

29 Ці даруе ён цішыню, хто можа парушыць? ці хавае Ён аблічча Сваё, хто можа ўбачыць Яго? Ці будзе гэта для народу, альбо для аднаго чалавека,

30 каб не цараваў крывадушнік на спакусу народу.

31 Богу трэба гаварыць: «я пацярпеў, больш ня буду грашыць.

32 А чаго я ня ведаю, Ты навучыш мяне; і калі я ўчыніў беззаконьне, больш ня буду».

33 Ці паводле тваёй развагі Ён павінен даваць? І што ты адкідаеш, тое табе належыць выбіраць, а ня мне; кажы, што ведаеш.

34 Людзі разумныя скажуць мне, і муж мудры, які слухае мяне:

35 Ёў неразумна гаворыць, і словы ягоныя бяз сэнсу.

36 Я хацеў бы, каб Ёў быў выпрабаваны, паводле адказаў ягоных, уласьцівых людзям бязбожным.

37 Інакш ён да грэху свайго дадасьць адступленьне, будзе пляскаць у ладкі сярод нас і яшчэ болей нагаворыць супроць Бога.

 

Разьдзел 35

 

1 І гаварыў далей Эліуй і сказаў:

2 ці лічыш ты справядлівым, што сказаў: «я праўдзівейшы за Бога»?

3 Ты сказаў: «якая карысьць мне? і які прыбытак я меў бы перад тым, як калі б я і грашыў?»

4 Я адкажу табе і тваім сябрам з табою:

5 зірні на неба і глядзі; падзівіся на воблакі, яны вышэй за цябе.

6 Калі ты грэшыш, што робіш ты Яму? і калі злачынствы твае памнажаюцца, што прычыняеш ты Яму?

7 Калі ты справядлівы, што робіш Яму? альбо што атрымлівае Ён з рукі тваёй?

8 Бязбожнасьць твая ў чалавеку, як ты, і справядлівасьць твая ў сыне чалавечым.

9 Ад мноства прыгнятальнікаў стогнуць прыгнечаныя і ад рукі моцных лямантуюць;

10 але ніхто ня кажа: дзе Бог, творца мой, Які дае песьні ўначы,

11 Які вучыць нас больш, чым жывёл зямных, і настаўляе на розум нас болей, чым птушак нябесных?

12 Там яны лямантуюць, і Ён не адказвае ім, з прычыны гонару ліхіх людзей.

13 Але няпраўда, што Бог ня чуе і ‹сеўладны не глядзіць на гэта.

14 Хоць ты сказаў, што ты ня бачыш Яго, але суд прад Ім, - чакай яго.

15 А сёньня, таму што гнеў Ягоны не наведаў яго і ён не спазнаў яго ва ўсёй строгасьці,

16 Ёў і адкрыў лёгкадумна вусны свае і безразважна раскідае словы.

 

Разьдзел 36

 

1 І гаварыў далей Эліуй і сказаў:

2 пачакай мяне крыху, і я пакажу табе, што я маю яшчэ што сказаць за Бога.

3 Пачну мае разважаньні здалёку і аддам справядлівасьць Садзецелю майму,

4 бо словы мае сапраўды не мана: перад табою - дасканалы ў пазнаньні.

5 Вось, Бог магутны і не пагарджае моцнага сілаю сэрца;

6 Ён не падтрымлівае бязбожных і аддае належнае прыгнечаным;

7 Ён не адварочвае вачэй Сваіх ад праведнікаў, а з царамі назаўсёды садзіць іх на троне, і яны ўзвышаюцца.

8 Калі ж яны закаваныя ў ланцугі і трымаюцца ў аковах гароты,

9 дык Ён паказвае ім на дзеі іхнія і на беззаконьні іхнія, бо яны памножыліся,

10 і адчыняе ім вуха дзеля настаўленьня на розум і кажа ім, каб яны адхінуліся ад бязбожнасьці.

11 Калі паслухаюцца і будуць служыць Яму, дык правядуць дні свае ў дабрадзенстве і гады свае ў радасьці;

12 калі ж не паслухаюцца, дык загінуць ад стралы і памруць у неразумстве.

13 А крывадушнікі пестуюць у сэрцы гнеў і не заклікаюць Яго, калі Ён замыкае іх у ковы;

14 таму і душа іхняя памірае ў маладосьці і жыцьцё іхняе з блуднікамі.

15 Ён ратуе беднага ад бяды ягонай і ва ўціску адчыняе вуха яму.

16 І цябе вывеў бы Ён зь цясноцьця на прастору, дзе няма сьціску, і тое, што пастаўляецца на стол твой, было б напоўнена тлушчам;

17 але ты перапоўнены думкамі бязбожных: меркаваньні іх і асуда - блізкія.

18 Хай не пакарае цябе гнеў Божы караю! Вялікі выкуп ня выратуе цябе.

19 Ці дасьць Ён якую цану твайму багацьцю? Не, - ні золату і ніякаму скарбу.

20 Не жадай той ночы, калі народы вынішчаюцца на месцы сваім.

21 Сьцеражыся, ня схіляйся да бязбожнасьці, якую ты паставіў над пакутаю.

22 Бог высокі магутнасьцю Сваёю, і хто такі, як Ён, настаўнік?

23 Хто пакажа Яму шлях Ягоны: хто можа сказаць: Ты робіш несправядліва?

24 Памятай пра тое, каб узвышаць дзеі Ягоныя, якія людзі бачаць.

25 Усе людзі могуць бачыць іх, чалавек можа бачыць іх здалёк.

26 Вось, Бог вялікі, і мы ня можам спазнаць Яго; лік гадоў Ягоных недасьледны.

27 Ён забірае кроплі вады; яны ў мностве выліваюцца дажджом:

28 з хмараў капаюць і выліваюцца зьлівай на людзей.

29 Хто можа таксама спасьцігнуць прыцягненьне воблакаў, трэск намёта Ягонага?

30 Вось, Ён распасьцірае над ім сьвятло Сваё і пакрывае дно мора.

31 Адтуль Ён судзіць народы, дае багата ежы.

32 Ён трымае ў далонях Сваіх маланку і загадвае ёй, каго біць.

33 Трэск яе дае знак пра яе; жывёлы таксама адчуваюць, што адбываецца.

 

Разьдзел 37

 

1 І ад гэтага дрыжыць сэрца маё і зрушылася зь месца свайго.

2 Слухайце, слухайце голас Яго і гром з вуснаў Ягоных.

3 Пад усім небам раскаты Ягоныя, і бляск Ягоны - да краёў.

4 За ім грыміць голас; грыміць Ён голасам велічы Сваёй і ня спыняе яго, калі голас Ягоны пачуты.

5 Даўно грыміць Бог голасам Сваім, чыніць дзеі вялікія, нам не спасьцігальныя.

6 Бо сьнегу Ён кажа: будзь на зямлі; гэтак сама дробны дождж і вялікі дождж у Ягонай уладзе.

7 Ён кладзе пячатку на руку кожнаму чалавеку, каб усе людзі ведалі дзею Яго.

8 Тады зьвер сыходзіць у сховішча і застаецца ў сваіх логавах.

9 З поўдня прыходзіць бура, а з поўначы - сьцюжа.

10 Ад павеву Божага паходзіць лёд, і паверхня вады сьціскаецца.

11 Гэтак сама вільгацьцю напаўняе Ён хмары, і воблакі сеюць сьвятло Ягонае,

12 і яны кіруюцца паводле намераў Ягоных, каб выканаць тое, што Ён загадае ім на ўлоньні населенай зямлі.

13 Ён загадвае ім ісьці альбо дзеля пакараньня, альбо ў дабраволеньне, альбо дзеля памілаваньня.

14 Слухай гэтага, Ёў; стой і разумей дзівосныя дзеі Божыя.

15 Ці ведаеш, як Бог кіруе імі і загадвае сьвятлу зьзяць з воблака Свайго?

16 Ці разумееш раўнавагу воблакаў, дзівосную дзею Найдасканалейшага ў веданьні?

17 Як награваецца твая вопратка, калі Ён супакойвае зямлю з поўдня?

18 Ці ж ты зь Ім распасьцёр нябёсы, цьвёрдыя, як літае люстра?

19 Навучы нас, што сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры нічога ня можам ведаць.

20 Ці будзе абвешчана Яму, што я кажу? Ці сказаў хто, што сказанае даносіцца Яму?

21 Цяпер ня бачна яркага сьвятла ў воблаках, але праляціць вецер і расчысьціць іх.

22 Сьветлае надворэе прыходзіць з поўначы, і вакол Бога страшэнная прыгажосьць.

23 Усеўладца! мы не дасягаем Яго. Ён вялікі сілаю і поўніцаю правасудзьдзя. Ён ні на кога не гняце.

24 Таму хай багавеюць прад Ім людзі, і хай дрыжаць прад Ім усе мудрыя сэрцам!

 

Разьдзел 38

 

1 Гасподзь адказваў Ёву з буры і сказаў:

2 хто гэты, які азмрочвае наканаванае словамі бяз сэнсу?

3 Аперажы сёньня сьцёгны твае, як муж: Я буду пытацца ў цябе, і ты адказвай мне:

4 дзе быў ты, калі Я закладваў асновы зямлі? скажы, калі ведаеш.

5 Хто паклаў меру ёй, калі ведаеш? альбо хто працягваў па ёй вяроўку?

6 На чым умацаваны асновы яе, альбо хто паклаў кутні камень на ёй,

7 пры ўсеагульнай радасьці ранішніх зорак, калі сыны Божыя ўсклікалі ад захапленьня?

8 Хто зачыніў мора брамаю, калі яно вырвалася, выйшла як бы з чэрава,

9 калі воблакі зрабіў вопраткаю ягонай і мглу пялёнамі ягонымі,

10 і зацьвердзіў яму Маё вызначэньне, і паставіў завалы і браму,

11 і сказаў: дагэтуль дойдзеш і не пяройдзеш, і тут мяжа пагардлівым хвалям тваім?

12 Ці даваў ты калі ў жыцьці сваім загад раніцы і ці ўказваў зары месца яе,

13 каб яна ахапіла краі зямлі і страсянула зь яе бязбожных,

14 каб зямля зьмянілася, як гліна пад пячаткаю, і сталася, як рознаколерная вопратка,

15 і каб адабралася ў бязбожных сьвятло іхняе і дзёрзкая рука іхняя паламалася?

16 Ці сыходзіў ты ў глыбіню мора і ці ўваходзіў у дасьледаваньне бездані?

17 Ці адчынялася табе брама сьмерці, і ці бачыў ты браму ценю сьмяротнага?

18 Ці агледзеў ты шырыню зямлі? Растлумач, калі ведаеш усё гэта?

19 Дзе дарога да жытлішча сьвятла, і дзе месца цемры?

20 Ты, вядома, даходзіў да межаў яе і ведаеш сьцежкі да дома яе.

21 Ты ведаеш гэта, бо ты быў ужо тады народжаны, і лік дзён тваіх вельмі вялікі.

22 Ці ўваходзіў ты ў сховішчы сьнегу і ці бачыў ты скарбніцы граду,

23 якія сьцерагу я на час смутны, на дзень бітвы і вайны?

24 Па якім шляху разьліваецца сьвятло і разносіцца ўсходні вецер па зямлі?

25 Хто праводзіць пратокі для выліваньня вады і шлях граманоснай маланцы,

26 каб падаў дождж на зямлю бязьлюдную, на пустыню, дзе няма чалавека,

27 каб насычаць пустыню і стэп і абуджаць травяныя зародкі да росту?

28 Ці ёсьць у дажджу бацька? альбо хто нараджае кроплі расы?

29 З чыйго чэрава выходзіць лёд, і іней нябесны, - хто родзіць яго?

30 Воды, як камень, мацнеюць, і паверхня бездані замярзае.

31 Ці можаш ты завязаць вузел Хіма і разьвязаць повязі Кесіль?

32 Ці можаш ты выводзіць сузорэі ў свой час і весьці Ас зь яе дзецьмі?

33 Ці ведаеш ты статуты неба, ці можаш усталяваць валадараньне яго на зямлі?

34 Ці можаш узвысіць голас твой да воблакаў, каб вада шчодра пакрыла цябе?

35 Ці можаш пасылаць маланкі, і ці пойдуць яны і ці скажуць табе: вось мы?

36 Хто ўклаў мудрасьць у сэрца, альбо хто даў сэнс розуму?

37 Хто можа разьлічыць воблакі сваёю мудрасьцю і ўтрымаць судзіны неба,

38 калі пыл абарочваецца ў гразь і камлыгі зьліпаюцца?

39 Ці ты ловіш здабычу ільвіцы і корміш маладых ільвянят,

40 калі яны ляжаць у бярлогах альбо тояцца пад ценем у засадзе?

41 Хто рыхтуе ворану корм ягоны, калі птушаняты яго крычаць да Бога, бадзяючыся безь ежы?

 

Разьдзел 39

 

1 Ці ведаеш ты час, калі нараджаюць дзікія козы на скалах, і ці заўважаў роды казуль?

2 Ці можаш разьлічыць месяцы цяжарнасьці іхняй? і ці ведаеш час родаў іхніх?

3 Яны згінаюцца, нараджаючы дзяцей сваіх, выкідваючы свае ношы;

4 дзеці іхнія ўбіраюцца ў сілу, растуць на полі, сыходзяць і не вяртаюцца да іх.

5 Хто пусьціў дзікага асла на волю, і хто разьвязаў повязі кулану,

6 якому стэп Я прызначыў домам і саланчакі - жытлішчам?

7 Ён сьмяецца з гарадскога шматлюдства і ня чуе крыкаў паганятага,

8 па горах шукае ежы сабе і ганяецца за ўсякаю зелянінаю.

9 Ці захоча аднарог служыць табе і ці заначуе каля ясьляў тваіх?

10 Ці можаш вяроўкаю прывязаць аднарога да баразны, і ці будзе ён за табою баранаваць тваё поле?

11 Ці паспадзяваешся на яго, таму што ў яго вялікая сіла, і ці дасі яму працу тваю?

12 Ці паверыш яму, што ён насеньне тваё верне і складзе на гумно тваё?

13 Ці ты даў прыгожыя крылы паве і перэе і пух страўсу?

14 Ён пакідае яйкі свае на зямлі і на пяску грэе іх,

15 і забывае, што нага можа раздушыць іх і польны зьвер можа растаптаць іх;

16 ён жорсткі да дзяцей сваіх, як бы не да сваіх, і не баіцца, што праца ягоная будзе марная,

17 таму што Бог ня даў яму мудрасьці і не ўдзяліў яму глузду;

18 а калі падымаецца на вышыню, сьмяецца з каня і вершніка ягонага.

19 Ці ты даў каню сілу і апрануў шыю ягоную ў грыву?

20 Ці можаш ты спалохаць яго, як саранчу? Храп ноздраў ягоных - жудасьць;

21 капае нагамі зямлю і захапляецца сілаю; ідзе насустрач зброі;

22 ён сьмяецца зь небясьпекі і не палохаецца і не адварочваецца ад меча;

23 калчан гучыць над ім, бліскае капэё і дзіда;

24 у парыве і лютасьці ён глытае зямлю і ня можа стаяць пры гуку трубы;

25 пры трубным гуку ён падае голас: гу! гу! і здалёк чуе бітву, зычныя галасы правадыроў і крык.

26 Ці тваёю мудрасьцю лётае каршук і кіруе крылы свае на поўдзень?

27 Ці па тваім слове ўзносіцца арол і кладзе на вышыні гняздо сваё?

28 Ён жыве на скале і начуе на зубцы ўцёсаў і на месцах недаступных;

29 адтуль выглядвае сабе ежу: вочы яго глядзяць далёка;

30 птушаняты ягоныя пэюць кроў, і дзе труп, там і ён.

31 І гаварыў Гасподзь далей і сказаў Ёву:

32 ці будзе спаборнік з Усеўладным яшчэ вучыць? Выкрывальнік Бога хай адказвае Яму.

33 І адказваў Ёў Госпаду, і сказаў:

34 вось, я нікчэмны; што буду я адказваць Табе? Руку маю кладу на вусны мае.

35 Аднойчы я казаў, - цяпер адказваць ня буду, нават двойчы, але болей ня буду.

 

Разьдзел 40

 

1 І адказваў Гасподзь Ёву з буры і сказаў:

2 аперажы, як мужчына, сьцёгны свае: Я буду пытацца ў цябе, а ты адказвай Мне.

3 Ты хочаш скінуць суд Мой, зьвінаваціць Мяне, каб апраўдацца?

4 Ці такая ў цябе сіла, як у Бога? І ці можаш загрымець голасам, як Ён?

5 Упрыгож сябе велічнасьцю і славаю, апраніся ў бляск і велікапышнасьць;

6 вылі лютасьць гневу твайго, паглядзі на ўсё ганарлівае і ўпакоры яго;

7 зірні на ўсіх напышлівых і прынізі іх, і зьнішчы бязбожных на месцах іхніх;

8 закапай іх усіх у зямлю і твары іхнія накрый цемраю.

9 Тады і Я прызнаю, што правіца твая можа цябе ратаваць.

10 Вось бегемот, якога Я стварыў, як і цябе; ён есьць траву, як вол;

11 вось, яго сіла ў сьцёгнах ягоных і моц ягоная ў мускулах чэрава ягонага;

12 паварочвае хвастом сваім, як кедрам; а жылы на клубах яго пераплеценыя;

13 ногі ў яго, як медныя трубы; косткі ў яго, як жалезныя пруткі;

14 гэта - верх шляхоў Божых: толькі Творца яго можа наблізіць да яго меч Свой;

15 горы прыносяць яму ежу, і там усе зьвяры польныя гуляюць;

16 ён кладзецца пад зацішнымі дрэвамі, пад дахам трысьнягу і ў балотах;

17 зацішныя дрэвы пакрываюць яго сваім ценем; вербы каля ручаёў абступаюць яго;

18 вось, ён п'е з рукі і не сьпяшаецца; застаецца спакойны, хоць бы Ярдан памкнуўся да вуснаў ягоных.

19 Ці возьме хто яго ў вачах ягоных і ці праколе яму нос бусаком?

20 Ці можаш ты вудаю выцягнуць левіятана і вяроўкаю схапіць за язык ягоны?

21 ці ўкладзеш колца ў ноздры яго? ці праколеш іголкаю сківіцу ягоную?

22 ці будзе ён доўга ўпрошваць цябе і ці будзе гаварыць з табою коратка?

23 ці зробіць ён дагавор з табою, і ці возьмеш яго сабе назаўсёды ў рабы?

24 ці будзеш бавіцца ім, як птушкаю, і ці зьвяжаш яго як дзяўчатак тваіх?

25 ці будуць прадаваць яго таварышы па лоўлі, ці падзеляць яго паміж Хананэйскімі купцамі?

26 ці можаш прапароць скуру яго дзідаю і галаву ягоную рыбацкаю астрогаю?

27 Кладзі на яго руку тваю і памятай пра барацьбу; больш ня будзеш.

 

Разьдзел 41

 

1 Марная надзея: ці не ўпадзеш ад аднаго позірку ягонага?

2 Няма такога адважніка, які асьмеліўся б патрывожыць яго; хто ж можа ўстояць прад Маім абліччам?

3 Хто апярэдзіў Мяне, каб Я даваў яму? пад усім небам усё Маё.

4 Ня змоўчу пра чэлесы ягоныя, пра сілу і прыгожую суразьмернасьць іх.

5 Хто можа адхінуць верх вопраткі ягонай, хто падыдзе да двайных сківіцаў ягоных?

6 Хто можа адчыніць дзьверы твару ягонага? кола зубоў ягоных - жудасьць;

7 моцныя шчыты яго - цудота: яны змацаваныя як бы цьвёрдаю пячаткаю;

8 адзін да аднаго дакранаюцца блізка, так што і паветра не праходзіць паміж імі;

9 адзін з адным ляжаць шчыльна, счапіліся і не размыкаюцца.

10 Ад яго чханьня паказваецца сьвятло; вочы ў яго як вейкі зары;

11 з пашчы ягонай выходзяць агнявікі, выскокваюць вогненныя іскры;

12 з ноздраў ягоных выходзіць дым, як з раскіпелага горшчыка альбо катла.

13 Дыханьне яго распаляе вугольле, з пашчы яго шугае полымя.

14 На шыі ў яго жыве сіла, і перад ім бяжыць жах.

15 Мясістыя часткі цела ягонага спалучаны між сабою цьвёрда, не здрыгануцца.

16 Сэрца ў яго цьвёрдае, як камень, і жорсткае, як ніжні жарон.

17 Калі ён падымаецца, дужыя ў страху, зусім губляюцца ад жаху.

18 Меч, які крануўся яго, ня ўстоіць, ні капэё, ні дзіда, ні латы.

19 Жалеза ён мае за салому, медзь - за гнілое дрэва.

20 Дачка лука не паверне яго наўцёкі; прашчавыя камяні ператвараюцца для яго ў плеўкі.

21 Булава лічыцца ў яго за саломіну; са сьвісту дзіды ён сьмяецца.

22 Пад ім вострыя камяні, і ён на вострых камянях ляжыць у гразі.

23 Ён кіпяціць багну, як кацёл, і мора перавтварае ў кіпучую мазь;

24 пакідае за сабою сьветлую сьцежку; бездань здаецца сівізнай.

25 Няма на зямлі падобнага на яго: ён створаны бясстрашным;

26 на ўсё высокае глядзіць адважна; ён цар над усімі сынамі ганарлівасьці.

 

Разьдзел 42

 

1 Адказваў Ёў Госпаду і сказаў:

2 ведаю, што Ты ўсё можаш, і што намер Твой ня можа быць спынены.

3 Хто гэты, што запамрочвае Наканаваньне, нічога не разумеючы? - Так, я казаў пра тое, чаго не разумеў, пра дзеі дзівосныя для мяне, якіх я ня ведаў.

4 Выслухай, усклікаў я, і я буду гаварыць, і пра што буду пытацца ў Цябе, растлумач мне.

5 Я чуў пра Цябе слыхам вуха; а цяпер мае вочы бачаць Цябе;

6 таму я выракаюся і каюся ў пыле і ў попеле.

7 І было пасьля таго, як Гасподзь сказаў словы тыя Ёву, сказаў Гасподзь Эліфазу Тэманіцяніну: гарыць гнеў Мой на цябе і на двух сяброў тваіх за тое, што вы гаварылі пра Мяне ня так правільна, як раб Мой Ёў.

8 Дык вось, вазьмеце сабе сем цялят і сем бараноў і ідзеце да раба Майго Ёва і прынясеце за сябе ахвяру; і раб Мой Ёў памоліцца за вас, бо толькі аблічча ягонае Я прыму, каб не адкінуць вас за тое, што вы казалі пра Мяне ня так правільна, як раб Мой Ёў.

9 І пайшлі Эліфаз Тэманіцянін і Вілдад Саўхэянін і Сатар Нааміцянін, і зрабілі так, як Гасподзь загадаў ім, - і Гасподзь прыняў аблічча Ёва.

10 І вярнуў Гасподзь страту Ёва, калі ён памаліўся за сяброў сваіх; і даў Гасподзь Ёву ўдвая больш за тое, што ён меў раней.

11 Тады прыйшлі да яго ўсе браты ягоныя і ўсе сёстры ягоныя і ўсе ранейшыя знаёмыя ягоныя, і елі зь ім хлеб у доме ягоным, і смуткавалі зь ім, і суцяшалі яго за ўсё ліха, якое Гасподзь навёў на яго і далі яму кожны па кесіце і па залатым пярсьцёнку.

12 І дабраславіў Бог апошнія дні Ёва болей, чым ранейшыя: у яго было чатырнаццаць тысяч дробнага быдла, шэсьць тысяч вярблюдаў, тысяча пар валоў і тысяча асьліц.

13 І было ў яго сем сыноў і тры дачкі.

14 І даў ён першай імя Эміма, імя другой - Касія, а імя трэцяй - Керэнгапух.

15 І ня было на цэлай зямлі такіх прыгожых жанчын, як Ёвавы дочкі, і даў ім бацька іхні спадчыну паміж братамі іхнімі.

16 Пасьля таго Ёў жыў сто сорак гадоў, і бачыў сыноў сваіх і сыноў сыноўніх да чацьвёртага роду.

17 І памёр Ёў у старасьці насычаны днямі.

 

Псалтыр

 

КНІГА ПЕРШАЯ (1-40)

 

Псальма 1

 

Два шляхі

 

Псальма Давідава. Дабрашчасны той муж, што ня ходзіць на раду бязбожных, і не стаіць на дарозе грэшных, і не сядзіць на зборні распустаў;

2 а ў законе Гасподнім воля ягоная, і пра закон Ягоны ўдзень і ўначы разважае!

3 І будзе ён, быццам дрэва, над плынямі водаў пасаджанае, што родзіць свой плод у свой час, і ліст у якога ня жухне; і ва ўсім, што ён учыняе, пашчасьціць яму.

4 Ня так у бязбожнікаў; яны - быццам пыл, ветрам падняты.

5 Таму ня ўстояць бязбожнікі на Божым судзе, а грэшнікі - на сходзе праведных.

6 Бо дарогу праведных ведае Гасподзь, а дарога бязбожнікаў прападзе!

 

Псальма 2

 

Прароцтва пра царства Месіі

 

Псальма Давідава. Навошта бунтуюць народы, і намышляюць плямёны марнае?

2 Паўстаюць зямныя цары, і ўмаўляюцца разам князі супраць Госпада і супраць Памазанца Ягонага:

3 «Парвёмце ж іхнія кайданы і скінем зь сябе іхнія аковы».

4 Той, Хто ў нябёсах жыве, пасьмяецца, Гасподзь паганьбіць іх.

5 Тады Ён у гневе Сваім скажа ім, і лютасьцю Сваёй іх настрашыць;

6 «Я памазаў Цара Майго над Сіёнам, сьвятою гарою Маёю.

7 Я абвяшчу пастанову: Гасподзь сказаў Мне: «Ты Сын Мой; Я сёньня Цябе спарадзіў;

8 прасі ў Мяне, і дам народы ў спадчыну Табе, і ўладаньні Твае - аж па край зямлі!

9 Ты паб'еш іх жалезным жазлом, патаўчэш іх, як посуд ганчарны».

10 Дык вось - урымсьціцеся, цары; навучэцеся, судзьдзі зямныя,

11 служэце Госпаду богабаязна, і радуйцеся з трымценьнем.

12 Ушануйце Сына, каб Ён не загневаўся, і каб не загінуць вам у дарозе вашай, бо гнеў Ягоны загарыцца неўзабаве. Шчасныя ўсе, хто на Яго спадзяецца.

 

Псальма 3

 

Нягоды Давідавыя

 

Псальма Давіда, калі ён уцякаў ад Авэсалома, сына свайго.

2 Госпадзе! - як пабольшала ворагаў маіх! як многа іх на мяне паўстае!

3 Шмат каторыя кажуць душы маёй: <Сэла>* «Няма яму ў Богу ратунку!»

4 Але Ты, Госпадзе, - шчыт перада мною, слава мая, і Ты ўзносіш маю галаву.

5 Сваім голасам клічу да Госпада, - і Ён чуе мяне са сьвятое гары Свае. <Сэла>

6 Кладуся я, сплю і ўстаю, бо Гасподзь абараняе мяне.

7 І не збаюся я процьмы людзей, што адусюль аблажылі мяне.

8 Паўстань, Госпадзе! ацалі мяне, Божа мой! бо Ты б'еш маіх ворагаў па шчацэ, зубы грэшнікам крышыш.

9 Ратунак у Госпадзе. Над народам Тваім дабраслаўленьне Тваё. <Сэла>

 

 

* <Сэла> ёсьць музычны знак, што паказвае быццам crescendo

Псальма 4

 

Вечаровая малітва Давідава

 

Кіроўцу хору. На струнных інструмэнтах. Псальма Давідава.

2 Калі клічу я, - акажыся мне, Божа праўды маёй! Ты даваў мне прастору ў цясноцьці. Умілажалься зь мяне і пачуй малітву маю.

3 Сынове людзкія! дакуль ганьбавацьмецца слава мая? Дакуль марнасьць любіць будзеце, дакуль няпраўды шукацьмеце? <Сэла>

4 Ведайце, што сьвятога Свайго Гасподзь Сабе вылучыў, чуе Гасподзь, калі я клічу Яго.

5 У гневе грахоў не рабеце: на ложках сваіх разважайце ў сэрцах сваіх, і суцешыцеся! <Сэла>

6 Ахвяры праўды прыносьце і майце надзею на Бога.

7 Многія кажуць: «Хто нам пакажа дабро?» Пакажы нам, Госпадзе, сьвятло аблічча Твайго!

8 Ты напоўніў радасьцю сэрца маё з той пары, як пабольшала ў іх хлеба й віна.

9 Я спакойна кладуся і сплю, бо Ты, Госпадзе, адзін даеш мне жыць у бясьпецы.

 

Псальма 5

 

Ранішняя малітва Давідава

 

Кіроўцу хору. На духавых. Псальма Давідава.

2 Пачуй, Госпадзе, словы мае, зразумей мае помыслы.

3 Дай увагі енку скаргі маёй, Цару мой і мой Божа! Я малюся Табе.

4 Госпадзе! раніцай голас пачуй мой, - раніцай стану прад Табою і буду чакаць.

5 Бо Ты, Божа, беззаконьняў ня любіш; ліхадзей пры Табе не аселіцца;

6 бязбожнікі прад вачыма Тваімі ня выстаяць: Ты ненавідзіш усіх ліхадзеяў.

7 Ты загубіш усіх ашуканцаў; крыважэрцамі і падступнымі Гасподзь пагарджае.

8 А я, зь вялікай ласкі Тваёй, увайду ў харомы Твае, пакланюся храму сьвятому твайму богабаязна.

9 Госпадзе! вядзі мяне па дарозе ў праўдзе Тваёй, на супастатаў маіх; спрастуй перада мною дарогу Тваю.

10 Бо ў іх вуснах праўды няма: сэрца іхняе - згубнасьць, горла іхняе - дамавіна адчыненая, лісьлівяць яны языком сваім.

11 Асудзі іх, Божа! Няхай прападуць ад намыслаў сваіх; за ліхадзействы вялікія адкінь іх, бо яны ўзбунтаваліся на Цябе.

12 А ўсе, хто на Цябе спадзяецца, будуць радавацца вечна; і Ты будзеш іх асланяць; і будуць хваліцца Табою тыя, хто любіць імя Тваё.

13 Дабраслаўляеш Ты, Госпадзе, праведніка; упадабаньнем, нібы шчытом, ахінаеш яго.

 

Псальма 6

 

Малітва грэшніка, які каецца

 

Кіроўцу хору. На васьміструнным. Псальма Давідава.

2 Ня ў ятры Тваёй выкрывай мяне, Госпадзе, і ня ў гневе Тваім карай мяне.

3 Умілажалься зь мяне, Госпадзе, бо я нямоглы; дай мне гаеньня, Госпадзе, бо косьці мае растрывожаныя,

4 і душа мая моцна ўстрывожаная; - а Ты, Госпадзе, дакуль?

5 Павярніся, Госпадзе, душу маю выратуй, уратуй мяне дзеля ласкі Тваёй,

6 бо ў сьмерці няма пра Цябе памятаньня: у магіле хто Цябе славіць будзе?

7 Стаміўся я ад зітханьняў маіх: кожнае ночы я ложак свой абмываю, сьлязьмі маімі пасьцель акрапляю маю.

8 Высахла ад маркоты вока маё, пастарэла яно праз маіх ворагаў.

9 Адступецеся ад мяне, усе ліхадзеі, бо пачуў Гасподзь голас плачу майго,

10 пачуў Гасподзь маленьне маё; Гасподзь прыме малітву маю,

11 хай усе мае ворагі пасаромлены і моцна настрашыны будуць; хай вернуцца - і пасаромеюцца імгненна.

 

Псальма 7

 

Малітва ў смутку

 

Песьня-плач, якую Давід сьпяваў Госпаду ў справе Хуса, з племя Веньямінавага.

2 Госпадзе Божа мой! на Цябе спадзяваньне маё; уратуй мяне ад усіх маіх ганіцеляў, і вызвалі мяне;

3 хай ня вырве ён душы маёй, быццам леў, які турзае, калі збаўцы няма.

4 Госпадзе Божа мой! калі што я зрабіў, калі ёсьць няпраўда ў руках маіх,

5 калі я ліхам плаціў таму, хто быў у згодзе са мною, - а я ж ратаваў і таго, хто бяз прычыны стаўся маім ворагам,

6 дык няхай вораг перасьледуе душу маю і дагоніць, і жыцьцё маё хай удратуе ў зямлю, і славу маю хай аберне ў нішто. <Сэла>

7 Устань, Госпадзе, у гневе Тваім; паўстань супраць шаленства маіх ворагаў, прачніся дзеля мяне на суд, які Ты прызначыў,

8 сьціжма людзей стане навокал Цябе; над ёй падыміся ў вышыні.

9 Гасподзь судзіць народы. Судзі мяне, Госпадзе, паводле праўды маёй, паводле беспахібнасьці маёй.

10 Хай суймецца злосьць бязбожных, а справядлівага ўмацуй, бо Ты выпрабоўваеш сэрца й нутрыну, праведны Божа!

11 Шчыт мой у Богу, Які шчырых сэрцам ратуе.

12 Бог - судзьдзя справядлівы і Бог - кожны дзень спаганяе сурова,

13 калі хто не навяртаецца, Ён вострыць Свой меч, напінае Свой лук і цаляе зь яго;

14 рыхтуе яму прылады сьмерці, і вагністымі робіць стрэлы Свае.

15 Вось напраўду зачаў бязбожны, зацяжарыў крыўдаю і ману сабе спарадзіў,

16 капаў дол і выкапаў яго, і ўпаў у яму, якую выкапаў:

17 абернецца злосьць ягоная на ягоную галаву, і зладзейства ягонае на цела ягонае ападзе.

18 Слаўлю Госпада па праўдзе Ягонай і сьпяваю імю Госпада Ўсявышняга.

 

Псальма 8

 

Веліч Творцы і годнасьць чалавека

 

Кіроўцу хору. На Гэцкім інструмэньце. Псальма Давідава.

2 Госпадзе Божа наш! якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі! Слава Твая па-над нябёсы!

3 З вуснаў дзяцей і немаўлятак Ты зладзіў хвалу, дзеля ворагаў Тваіх, каб зьнямовіць мсьціўцу і ворага.

4 Калі я гляджу на нябёсы Твае, - твор Тваіх рук, на месяц і зоркі, якія Ты паставіў,

5 дык што ёсьць чалавек, якога Ты памятаеш, і сын чалавечы, якога наведваеш Ты?

6 Нядужа Ты зьменшыў яго перад анёламі: славаю, гонарам увянчаў яго;

7 паставіў яго ўладаром над творамі рук Тваіх; пад ногі паклаў яму ўсё:

8 валоў і авечак усіх, і польных зьвяроў гэтак сама,

9 птушак нябесных і рыбін марскіх, усё, што праходзіць марскімі шляхамі.

10 Госпадзе Божа наш! Якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі!

 

Псальма 9

 

Падзякаваньне за вызваленьне

 

Кіроўцу хору. Пасьля сьмерці Лабэна. Псальма Давідава.

Алэф

2 Славіць буду Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, абвяшчаць пра ўсе цуды Твае,

3 я буду радавацца, весяліцца, імя Тваё апяваць, Усявышні.

Бэт

4 Як павернуць назад мае ворагі, - спатыкнуцца й загінуць прад абліччам Тваім,

5 бо Ты вёў мой суд і маю цяжбіну; Ты сеў на троне, Судзьдзя справядлівы.

Гімэл

6 Ты абурыўся на народы, бязбожнага зьнішчыў, сьцёр іх імёны навечна.

Далэт

7 У ворага зброі ня стала зусім, і гарады Ты разбурыў; загінула зь імі памяць пра іх.

Гэ

8 А Гасподзь жыве вечна; Ён трон Свой на суд падрыхтаваў,

9 і Ён будзе судзіць сьвет па праўдзе, па справядлівасьці суд над народамі ўчыніць.

Вав

10 І будзе Гасподзь прытулкам прыгнечанаму, прытулкам у скрушлівы час;

11 І спадзявацьмуцца на Цябе тыя, што ведаюць імя Тваё, бо Ты не пакідаеш тых, што шукаюць Цябе, Госпадзе.

Заін

12 Сьпявайце Госпаду, Які жыве на Сіёне, абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя,

13 бо Ён спаганяе за кроў; памятае іх, не забывае енку прыгнечаных.

Хэт

14 Умілажалься зь мяне, Госпадзе; глянь на цярпеньні мае ад ненавісьнікаў маіх, - Ты, Які ўзносіш мяне над брамаю сьмерці,

15 каб я абвяшчаў усю славу Тваю ў браме дачкі Сіёна: буду радавацца з майго ратаваньня Табою.

Тэт

16 Народы пападалі ў яму, якую выкапалі; у сетку, якую схавалі яны, ублыталі ногі свае.

17 Гасподзь быў спазнаны праз суд, які Ён учыніў; бязбожнік злоўлены дзеямі рук сваіх. <Сэла>

Ёд

18 Хай шыбуюць бязбожнікі ў пекла, - усе народы, што забываюць Бога,

Каф

19 бо не назаўсёды забудзецца ўбогі, і надзея ўбогіх не назаўсёды загіне.

20 Паўстань, Госпадзе, хай чалавек не адужае, хай народы судзяцца прад абліччам Тваім.

21 Навядзі, Госпадзе, страху на іх; хай знаюць народы, што людзі яны. <Сэла>

Ламэд

22 Навошта, Госпадзе, зводдаль стаіш, хаваеш Сябе ў часе скрухі?

23 Бязбожны з пагарды сваёй перасьледуе беднага; хай схоплены будуць яны хітрынамі, якія намысьлілі самі.

Мэм

24 Бязбожны бо хваліцца пажадай душы сваёй; а карысьлівец сам сабе дагаджае.

Нун

25 Пыхліва бязбожнік пагарджае Богам; «не спагоніць»; ва ўсіх думках ягоных: няма Бога!

Аін

26 У кожным часе шляхі ягоныя згубныя; суды Твае далёкія ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх ён глядзіць грэбліва;

27 і кажа ў сэрцы сваім: «не пахіснуся; і ніколі мяне не спадобіць ліха».

Пэ

28 Вусны ягоныя поўныя праклёну, хітрасьці, крыўды; пад языком у яго пакуты і згуба.

Цадэ

29 Сядзіць у засадзе ў задвор'і, у патайных мясьцінах забівае невінаватага; вочы ягоныя цікуюць за бедным;

30 у патайнай мясьціне пільнуе, нібы ў логвішчы леў; пільнуе ў засадзе, каб схапіць беднага; хапае беднага, цягне ў сеткі свае,

31 згінаецца, прыпадае, - і бедныя падаюць у моцныя кіпці ягоныя;

32 кажа ў сэрцы сваім: «забыў Бог, засланіў Свой твар, ня ўбачыць ніколі».

Каф

33 Паўстань, Госпадзе Божа, падай руку Тваю, не забудзь прыгнечаных.

34 Навошта бязбожнік грэбуе Богам, кажучы ў сэрцы сваім: «Ты не спагоніш?»

Рэш

35 Ты бачыш; бо Ты глядзіш на крыўды і ўціскі, каб аддаць Тваёю рукою. Табе аддае сябе бедны; сіраце Ты памочнік.

Шын

36 Зламай мышцу бязбожнаму і ліхому, каб шукаць і не знайсьці ягонага грэху.

37 Гасподзь - цар навечна, назаўсёды; зьнікнуць язычнікі зь зямлі Ягонай.

Тав

38 Госпадзе! Ты чуеш жаданьні лагодных, умацуй сэрца ім; адкрый вуха Тваё,

39 каб даць суд сіраце і прыгнечанаму, хай не палохае больш чалавек на зямлі.

 

Псальма 10

 

Спадзяваньне на Госпада

 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

На Госпада спадзяюся; як жа вы кажаце душы маёй: «Як птушка ўзьляці на гару вашу»?

2 Бо вось бязбожнікі лук напялі, на цяціву стралу наклалі, каб у змроку цаляць у праведных сэрцам.

3 Калі разбураны асновы, што можа зрабіць праведнік?

4 Гасподзь у сьвятым Сваім храме, Гасподзь - трон Ягоны на нябёсах, вочы Ягоныя бачаць, павекі Ягоныя выпрабоўваюць сыноў чалавечых.

5 Гасподзь выпрабоўвае праведніка; а бязбожніка і ліхадзея ненавідзіць душа Ягоная.

6 Дажджом вылье Ён на бязбожных жар, вагонь і серку; і палючы вецер - доля іхняй чары;

7 бо Гасподзь справядлівы, - любіць праўду; аблічча Ягонае бачыць праведніка.

 

Псальма 11

 

Роздум у часіну бедства

 

Кіроўцу хору. На васьміструнным. Псальма Давідава.

2 Ратуй, Госпадзе; бо няма пабожнага, бо няма верных сярод сыноў чалавечых.

3 Кожны хлусіць блізкаму свайму; вусны лісьлівыя ад няшчырага сэрца гавораць.

4 Зьнішчыць Гасподзь усе вусны лісьлівыя, язык велягурысты,

5 тых, што кажуць: «языком нашым адужаем; вусны нашыя з намі; хто нам гаспадар?»

6 Дзеля пакутаў убогіх і стогнаў гаротнікаў сёньня паўстану, кажа Гасподзь, і дам бясьпеку таму, каго хочуць злавіць.

7 Словы Гасподнія - словы чыстыя, срэбра, ачышчанае ад зямлі ў горане, сем разоў ператопленае.

8 Ты, Госпадзе, захаваеш іх, аслоніш навекі ад гэтага роду.

9 Усюды ходзяць бязбожныя, калі нікчэмнасьць з сыноў чалавечых узвысілася.

 

Псальма 12

 

Маркота і скруха душы

 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2 Дакуль, Госпадзе, зусім забывацьмеш мяне, дакуль аблічча хавацьмеш Сваё ад мяне?

3 Дакуль буду вагацца ў душы маёй, скруху ў сэрцы маім насіцьму штодзённа? Дакуль вораг мой будзе ўзносіцца нада мною?

4 Глянь, пачуй мяне, Госпадзе Божа мой! Прасьвятлі мне вочы, каб не заснуў я сном сьмерці;

5 хай ня скажа мой вораг: «Я адолеў яго». Хай ня радуюцца супастаты мае, калі завагаюся.

6 А я спадзяюся на літасьць Тваю; хай сэрца маё суцешыцца ратаваньнем Тваім; засьпяваю Госпаду, Які дабром надарыў мяне.

 

Псальма 13

 

Шалы і дзеі бязбожных

 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

Сказаў шаленец у сэрцы сваім: няма Бога. Яны разбэсьціліся, нарабілі брыдоты ўсялякай: няма дабрадзейных.

2 Гасподзь глянуў зь нябёсаў на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць той, хто разумее, хто шукае Бога.

3 Усе ўхіліліся, зрабіліся аднолькава непатрэбныя; ніхто ня робіць дабра, ніхто аніводзін.

4 Няўжо ня ўрымсьцяцца беззаконьнікі, якія народ мой ядуць, быццам хлеб, і Госпада не заклікаюць?

5 Там страхам яны апантаюцца; бо Бог сярод роду праведнікаў.

6 Вы пасьмяяліся з думкі гаротніка, што Гасподзь - спадзяваньне ягонае.

7 «Хто падасьць зь Сіёна ратунак Ізраілю?» Калі Гасподзь скасуе палон народу Свайго, тады ўзрадуецца Якаў і ўзьвесяліцца Ізраіль.

 

Псальма 14

 

Хто варты стаць прад Богам

 

Псальма Давідава.

Госпадзе! Хто можа быць у жытле Тваім? хто можа жыць на сьвятой гары Тваёй?

2 Той, хто ходзіць бязгрэшна і робіць па праўдзе, і гаворыць ісьціну ў сэрцы сваім;

3 хто не паклёпнічае языком сваім, хто ня робіць блізкаму шкоды і ня прымае наганы суседу;

4 той, хто пагарджае злачынцам, але славіць богабаязных; хто прысягае, хай хоць ліхому, і ня здраджвае;

5 хто срэбра сваё на ліхву не здае, і ня купляецца супроць невінаватага. Хто робіць так, не пахісьнецца ніколі.

 

Псальма 15

 

Прароцтва пра Месію

 

Залатая песьня Давідава.

Барані мяне, Божа; бо я на Цябе спадзяюся.

2 Я сказаў Госпаду: Ты Гасподзь мой; даброты мае Табе не патрэбныя.

3 Да сьвятых на зямлі і да дзівосных Тваіх - да іх уся зычлівасьць мая.

4 Хай памножацца смуткі ў тых, што цякуць да бога чужога; я ня вылью крывавых ахвяраў іхніх, і не спамяну іх імёнаў вуснамі маімі.

5 Гасподзь - частка спадчыны маёй і чары маёй. Ты трымаеш долю маю.

6 Межы мае прайшлі па цудоўных мясьцінах, і спадчына мая мне прыемная.

7 Дабраслаўлю Госпада, Які навучыў мяне; нават і ноччу ўшчувае мяне нутрына мая.

8 Заўсёды перад сабою я Госпада бачыў, бо Ён праваруч мяне; не пахіснуся.

9 Таму ўзрадавалася сэрца маё; і ўзьвесяліўся мой язык; нават і цела маё супакоіцца ў спадзяваньні;

10 бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць тленьне.

11 Ты пакажаш мне шлях жыцьцёвы: паўната радасьці прад абліччам Тваім, шчасьце ў правіцы Тваёй навечна.

 

Псальма 16

 

Пра збавеньне ад ворагаў

 

Малітва Давідава.

Пачуй, Госпадзе, праўду маю, уважы скарзе маёй, прымі мальбу з вуснаў неманлівых!

2 Ад аблічча Твайго хай будзе мне суд; хай паглядзяць вочы Твае на справядлівасьць.

3 Ты праверыў сэрца маё, ноччу мяне наведаў, выпрабаваў мяне, і не знайшоў анічога; ад думак маіх не адступаюцца вусны мае.

4 У дзеях людзскіх, па слове вуснаў Тваіх, я ахоўваў сябе ад шляхоў прыгнятальніка.

5 Умацуй мае крокі на дарогах Сваіх, хай ногі мае не пахіснуцца.

6 Да Цябе заклікаю, бо Ты пачуеш мяне, Божа; прыхілі Тваё вуха да мяне, пачуй словы мае.

7 Пакажы Тваю літасьць дзівосную; Ратаўнік тых, што на Цябе спадзяюцца, ад тых, што супрацівяцца правіцы Тваёй;

8 ахавай мяне, як вока; у цяні Тваіх крылаў аслані мяне

9 ад бязбожных, што на мяне нападаюць, - ад ворагаў душы маёй, што абступілі мяне:

10 яны замкнуліся ў тлушчы сваім, пагардліва гавораць вуснамі сваімі.

11 На кожным кроку нашым цяпер абступаюць нас; напружылі вочы свае, каб скінуць мяне на зямлю;

12 яны падобныя на ільва, што прагне здабычы, падобныя на ільвяня, што сядзіць у схованцы.

13 Паўстань, Госпадзе, папярэдзь іх, скінь іх. Выбаві душу маю ад бязбожнага мечам Тваім,

14 ад людзей - рукою Тваёю, Госпадзе, ад людзей сьвету, чыя доля, у гэтым жыцьці, чыё чэрава Ты напаўняеш са скарбонак Тваіх; сыны іхнія сытыя, і рэшту пакінуць дзецям сваім.

15 А я ў праўдзе буду глядзець на аблічча Тваё; прачнуўшыся, буду насычацца вобразам Тваім.

 

Псальма 17

 

Пахвальная песьня за збавеньне ад ворагаў

 

Кіроўцу хору. Раба Гасподняга Давіда, калі ён прамовіў ад Госпада словы гэтай песьні ў той дзень, як Гасподзь вызваліў яго з рук усіх ягоных ворагаў і з рукі Саўлавай. І ён сказаў:

2 палюблю Цябе, Госпадзе, моц мая!

3 Гасподзь мой прытулак і цьвярдыня мая, мой Бог - скала мая; на Яго я спадзяюся, шчыт мой, рог ратунку майго і прытулак мой.

4 Паклічу Госпада, годнага пакланеньня, і ад ворагаў маіх уратуюся.

5 Агарнулі мяне пакуты сьмяротныя, і патокі бяспраўя напалохалі мяне;

6 ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.

7 У цеснаце маёй паклікаў я Госпада, і да Госпада майго зьвярнуўся. І пачуў Ён зь сьвятых харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Ягонага.

8 Затрэслася і захісталася зямля; уздрыгнулі і зрушыліся асновы гор; бо ўгневаўся Бог;

9 падняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных вагонь пажыральны; гарачае вугольле сыпалася зь Яго.

10 Нахіліў Ён нябёсы і сышоў, і змрок - пад нагамі ў Яго.

11 І сеў на херувімаў і паляцеў, і памчаўся на крылах ветру.

12 І зрабіў сваёю заслонаю змрок, і ценем вакол Сябе змрок водаў, хмараў нябесных.

13 Ад бляску, што прад Ім, уцякалі аблокі Ягоныя, град і вугольле вогненнае.

14 І загрымеў у нябёсах Гасподзь, і падаў Усявышні Свой голас, град і вогненнае вугольле.

15 Пусьціў стрэлы Свае, і расьсеяў іх, мноства маланак, і рассыпаў іх.

16 І сталіся крыніцы водаў, і адчыніліся асновы сусьвету ад грознага голасу Твайго, Госпадзе, ад подыху гнеўнага духу Твайго.

17 Ён працягнуў з вышыні Сваю руку і ўзяў мяне, і дастаў мяне з многіх водаў,

18 уратаваў мяне ад ворага майго дужага і ад ненавісьнікаў маіх, якія былі дужэйшыя за мяне.

19 Яны паўсталі на мяне ў дзень няшчасьця майго, але Гасподзь быў мне апораю.

20 Ён вывеў мяне на шырокае месца і вызваліў мяне; бо ўпадабаў мяне.

21 Даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне;

22 бо я трымаўся дарог Гасподніх і ня быў бязбожны прад Богам маім;

23 бо ўсе наказы Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не адступаўся.

24 Я быў прад Ім беззаганны і асьцерагаўся, каб не зграшыць,

25 і даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх прад вачыма Ягонымі.

26 Зь літасьцівым Ты літасьцівы, з чалавекам шчырым - шчыры,

27 з чыстым - чысты, а з хітрым - паводле хітрыны ягонай.

28 Бо Ты людзей прыгнечаных цешыш, а вочы пагардлівыя прыніжаеш.

29 Ты запальваеш сьветач мой, Госпадзе; Бог мой прасьвятляе цемру маю.

30 З табою я пабіваю войска, з Богам маім узыходжу на мур.

31 Бог! - Беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова ў Госпада; Ён шчыт усім, хто на Яго спадзяецца.

32 Бо хто Бог, апрача Госпада, і хто абарона, апрача Бога нашага?

33 Бог апаясвае мяне сілаю і пракладае мне правільны шлях,

34 робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях маіх становіць мяне;

35 вучыць рукі мае змагацца, і мышцы мае ламаюць лук медны.

36 Ты даў мне шчыт ратунку Твайго, і правіца Твая падтрымлівае мяне, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.

37 Ты пашыраеш крок мой пада мною, і ня хістаюцца ногі мае.

38 Я перасьледую ворагаў маіх і даганяю іх, і не вяртаюся, пакуль ня вынішчу іх;

39 пабіваю іх, і ня могуць яны падняцца; пападаюць пад ногі мае,

40 бо Ты аперазаў мяне сілаю для вайны і кінуў пад ногі мне тых, што на мяне паўсталі;

41 ты павярнуў да мяне тылам ворагаў маіх; і я зьнішчаю тых, што ненавідзяць мяне:

42 яны лямантуюць, ды няма каму іх ратаваць; да Госпада - але Ён ня слухае іх;

43 я расьсейваю іх, як пыл перад абліччам ветру, як вулічны бруд тапчу іх.

44 Ты збавіў мяне ад бунту народу, паставіў мяне галавою іншапляменцаў; народ, якога я ня ведаў, служыць мне;

45 па адной чутцы пра мяне скараюцца мне; чужынцы лісьлівяцца перада мною.

46 Іншапляменцы бялеюць і трымцяць ва ўмацаваньнях сваіх.

47 Жывы Гасподзь, і дабраславёны мой абаронца! Хай будзе ўслаўлены Бог ратунку майго.

48 Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы,

49 і вызваляе мяне ад ворагаў маіх! Ты ўзьнёс мяне над тымі, хто паўстае супраць мяне, і ад чалавека жорсткага мяне выбавіў.

50 За гэта праслаўлю Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму;

51 таму, хто велічна ратуе цара і творыць міласьць памазанцу Твайму Давіду і роду Ягонаму навечна.

 

Псальма 18

 

Тварэньне Божае і Слова Божае

 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2 Нябёсы прапаведуюць славу Божую, і пра дзею рук Ягоных абвяшчае цьвердзь.

3 Дзень дню перадае слова, і ноч ночы адмыкае веды.

4 Няма мовы, і няма гаворкі, дзе ня чуўся б іхні голас.

5 Па ўсёй зямлі праходзіць іхні гук, і па край сьвету словы іхнія. Ён паставіў у іх жытло сонцу,

6 і яно выходзіць, як малады са шлюбных харомаў сваіх, радуецца, быццам волат, прабегчы дарогу-прагон:

7 ад краю нябёсаў зыход ягоны, і шэсьце ягонае да краю іхняга, і нічога не схавана ад ягонае цяплыні.

8 Закон Госпада дасканалы, ён мацуе душу; адкрыцьцё Госпада слушнае, умудрае простых.

9 Загады Госпада справядлівыя, разьвясельваюць сэрца; наказ Госпада сьветлы, прасьвятляе вочы.

10 Страх Гасподні чысты, застаецца навечна. Суды Гасподнія - ісьціна, усе справядлівыя;

11 яны больш жаданыя за золата і нават за мноства золата чыстага, за мёд саладзейшыя і за кропелькі з сотаў;

12 і раб Твой вартуецца імі; у захаваньні іхнім вялікая дзяка.

13 Хто ўгледзіць пагрэшкі свае? Ад тайных маіх ачысьці мяне,

14 і ад наўмысных утрымай раба Твайго, каб не завалодалі мною. Тады я буду беззаганны і чысты ад вялікай разбэшчанасьці.

15 Хай будуць словы з вуснаў маіх і помыслы сэрца майго даспадобы Табе, Госпадзе, цьвярдыня мая і Збаўца мой!

 

Псальма 19

 

Малітва за цара

 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2 Хай пачуе цябе Гасподзь у дзень скрухі, хай абароніць цябе імя Бога Якаўлевага.

3 Хай пашле табе дапамогу са Сьвятыні, і зь Сіёна хай падмацуе цябе.

4 Хай успомніць усе прынашэньні ахвяраў твае і цэласпаленьне тваё хай зробіць тлустым. <Сэла>

5 Няхай дасьць табе, што па сэрцы табе, і ўсе намеры твае няхай выканае.

6 Мы парадуемся выратаваньню твайму, і ў імя Бога нашага падымем сьцяг. Няхай выканае Гасподзь усе просьбы твае.

7 Сёньня спазнаў я, што Гасподзь ратуе памазанца Свайго; адказвае яму са сьвятых нябёсаў Сваіх магутнасьцю ратавальнай правіцы Сваёй.

8 Некаторыя калясьніцамі, некаторыя конямі, а мы імем Госпада, Бога нашага, хвалімся:

9 яны пахіснуліся, і ўпалі, а мы ўсталі, і стаім проста.

10 Госпадзе! уратуй цара, і пачуй нас, калі паклічам.

 

Псальма 20

 

Хвала за збавеньне цара

 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2 Госпадзе! сілаю Тваёю радуецца цар, і з Твайго ратаваньня цешыцца бясконца.

3 Ты даў яму, чаго хацела сэрца ягонае, і просьбы вуснаў ягоных не адкінуў.

4 Бо сустрэў Ты яго дабраславеньнямі даброці, на галаву яму ўсклаў вянок з чыстага золата.

5 Ён прасіў у Цябе жыцьця; Ты даў яму даўгалецьце на векі вечныя.

6 Вялікая слава ягоная ў ратаваньні Тваім; Ты ўсклаў на яго гонар і веліч.

7 Ты ўсклаў на яго дабраславеньне навечна, разьвесяліў яго радасьцю аблічча Твайго,

8 бо цар спадзяецца на Госпада, і з даброці Ўсявышняга не пахісьнецца.

9 Рука Твая знойдзе ўсіх ворагаў Тваіх, правіца Твая знойдзе Тваіх ненавісьнікаў.

10 У час гневу Твайго Ты зробіш іх, як печ вогненную;у гневе Сваім Гасподзь іх пагубіць, і паглыне іх вагонь.

11 Ты вынішчыш плод іхні - спасярод сыноў чалавечых,

12 бо яны ўчынілі зло супроць Цябе, змовы склалі, але ня здолелі нічога,

13 Ты іх паставіш пад стрэлы, з лукаў Тваіх пацэліш у твар ім.

14 Узьнясіся, Госпадзе, у сіле Тваёй: мы будзем апяваць і славіць Тваю магутнасьць.

 

Псальма 21

 

Прароцтва пра пакуты і славу Месіі

 

Кіроўцу хору. На золку. Псальма Давідава.

2 Божа мой! Божа мой! нашто Ты пакінуў мяне? Далёкія словы крыку майго ад ратунку майго.

3 Божа мой! я клічу ўдзень - і Ты не аказваешся, уначы - і няма мне супакаеньня.

4 Але Ты, Сьвяты, жывеш сярод пахвалаў Ізраіля.

5 На Цябе спадзяваліся нашы бацькі; спадзяваліся, і Ты вызваляў іх,

6 да Цябе заклікалі яны, і былі ратаваныя; на Цябе спадзяваліся, і ня былі пасаромленыя.

7 А я чарвяк, а не чалавек, зьнявага ў людзей і пагарда ў народзе.

8 Усе, хто бачыць мяне, клянуць мяне; кажуць вуснамі, галавою ківаюць:

9 «ён спадзяваўся на Госпада; хай вызваліць яго, хай уратуе, калі ён даспадобы Яму».

10 Але Ты вывеў мяне з улоньня матчынага; уклаў у мяне надзею каля грудзей маці маёй.

11 Табе я даручаны ад нараджэньня; ад улоньня маці маёй Ты - мой Бог.

12 Не адыходзь ад мяне, бо блізіцца скруха, а памочніка няма.

13 Многа цялят абступілі мяне, тлустыя Васанскія акружылі мяне;

14 разьзявілі пашчу сваю на мяне, як леў, які прагне здабычы і рыкае.

15 Я разьліўся, нібы вада; усе косткі мае рассыпаліся; сэрца маё, быццам воск, зрабілася, растала ў нутрыне маёй.

16 Моц мая высахла, як чарапок; язык мой прыліп да гартані маёй, і Ты зьвёў мяне ў пыл сьмяротны.

17 Бо сабакі мяне атачылі, хэўра злыдняў мяне абступіла, прабілі рукі мае і ногі мае;

18 можна было палічыць усе косткі мае, а яны дзівяцца, робяць зь мяне відовішча,

19 дзеляць рызы мае між сабою; і за адзежу маю кідаюць жэрабя.

20 Але Ты, Госпадзе, не адыходзь ад мяне; сіла мая! пасьпяшайся мне на дапамогу;

21 душу маю аслані ад меча і ад сабак самотную маю;

22 уратуй мяне ад ільвінае пашчы і ад рагоў аднарогаў, пачуўшы, выратуй мяне.

23 Буду абвяшчаць імя Тваё братам маім, славіць буду Цябе на сходзе.

24 Вы, што баіцеся Госпада! Усхвалеце Яго. Увесь род Якаваў! праславі Яго. Хай баіцца Яго ўвесь род Ізраілеў!

25 Бо Ён не пагрэбаваў скрухаю спрагненага і не адцураўся яе, і ня ўхіліў ад яго аблічча Свайго, а пачуў яго, калі той паклікаў Яго.

26 Табе хвала мая на сходзе вялікім; спраўджу свае абяцаньні перад тымі, хто баіцца Яго.

27 Хай ядуць бедныя і насычаюцца; хай уславяць Госпада тыя, што шукаюць Яго; хай жывуць сэрцы вашыя векапомна!

28 Схамянуцца і да Госпада вернуцца ўсе канцы зямлі, і схіляцца прад Табою ўсе плямёны язычнікаў,

29 бо Гасподняе ёсьць царства, і Ён - Уладар над народамі.

30 Будуць есьці і пакланяцца ўсе сытыя на зямлі; схіляцца прад Ім усе, што сыходзяць у тло і ня могуць захаваць жыцьця свайго.

31 І нашчадкі служыцьмуць Яму, і будуць звацца Гасподнімі вечна,

32 прыйдуць і абвяшчацьмуць праўду Ягоную людзям, якія народзяцца, якіх стварыў Гасподзь.

 

Псальма 22

 

Гасподзь - Пастыр мой

 

Псальма Давідава.

Гасподзь - Пастыр мой; я ніякай нястачы ня мецьму:

2 Ён пасьвіць мяне на пашах зялёных, на ціхія воды водзіць мяне.

3 Ён душу маю мацуе, кіруе мяне на сьцежкі праўды дзеля імя Свайго.

4 Калі я пайду далінай сьмяротнага ценю, не ўбаюся ліха, бо Ты са мною; Тваё жазло і твой посах - яны супакойваюць мяне.

5 Ты перада мною паставіў трапезу на вачах у маіх ворагаў; намасьціў алеем галаву маю; чара мая перапоўнена.

6 Так, ласка і мілажаль хай будуць са мною ва ўсе дні жыцьця майго, і я буду ў доме Гасподнім многія дні.

 

Псальма 23

 

Пахвальны гімн Цару славы

 

Псальма Давідава. У першы дзень тыдня.

Гасподняя зямля і ўсё, што на ёй, сусьвет і ягоныя жыхары,

2 бо Ён заснаваў яе на морах, і на рэках яе ўгрунтаваў.

3 Хто падымецца на гару Гасподнюю, альбо хто стане на сьвятым месцы Ягоным?

4 Той, у каго рукі невінаватыя і чыстае сэрца, не прысягаў хто душою сваёю напуста і не бажыўся хлусьліва,

5 той атрымае дабраславеньне ад Госпада і літасьць ад Бога, Збаўцы свайго.

6 Такі род усіх, што шукаюць Яго, шукаюць аблічча Твайго, Божа Якаваў! <Сэла>

7 Падымеце шчыты свае, брамы, і падымецеся, дзьверы вечныя, і ўвойдзе Цар славы!

8 Хто гэты Цар славы? - Гасподзь, моцны і дужы, Гасподзь, дужы ў змаганьні.

9 Падымеце шчыты вашыя, брамы, і падымецеся, дзверы вечныя, і ўвойдзе Цар славы!

10 Хто гэты Цар славы? - Гасподзь сілаў, Ён - Цар славы. <Сэла>

 

Псальма 24

 

Малітва за кіраўніцтва і абарону

 

Псальма Давідава.

Алэф

Да Цябе, Госпадзе, узношу душу маю.

Бэт

2 Божа мой! на цябе спадзяюся, хай ня будзе мне сорамна, хай не апануюць мяне мае ворагі.

Гімэл

3 Хай ня будзе сораму ўсім, хто на Цябе спадзяецца: хай будзе тым брыдка, хто бяз прычыны беззаконьне ўчыняе.

Далэт

4 Пакажы мне, Госпадзе, дарогі Твае, наставі мяне на сьцежкі Твае.

Гэ

5 Накіруй мяне на праўду Тваю, і навучы мяне, бо Ты Бог ратунку майго;

Вав

на Цябе спадзяюся кожны дзень.

Заін

6 Успомні шчадроты Твае, Госпадзе, і міласэрнасьць Тваю, бо спрадвеку яны.

Хэт

7 Грахоў маладосьці маёй і злачынстваў маіх не ўспамінай; з ласкі Тваёй успомні мяне Ты, Госпадзе, дзеля даброці Тваёй!

Тэт

8 Добры і справядлівы Гасподзь; таму настаўляе грэшных на шлях,

Ёд

9 вядзе пакорлівых да праўды, і навучае ціхмяных шляхам Сваім.

Каф

10 Усе дарогі Гасподнія - міласьць і праўда тым, хто трымаецца запавету Ягонага і адкрыцьця Ягонага.

Ламэд

11 Дзеля імя Твайго, Госпадзе, даруй мне мой грэх; бо вялікі ён.

Мэм

12 Хто ёсьць чалавек, што баіцца Госпада? Яму пакажа Ён шлях, які трэба абраць.

Нун

13 Душа ягоная жыцьме ў дабры, і род ягоны ўспадкуе зямлю, Салэх

14 Тайна Гасподняя тым, што баяцца Яго, і запавет Свой Ён ім адкрывае.

Аін

15 Вочы мае заўсёды да Госпада; бо Ён дастае зь сеткі ногі мае.

Пэ

16 Паглядзі на мяне і пашкадуй мяне, бо я адзінокі і прыгнечаны.

Цадэ

17 Скруха сэрца майго павялічылася; выведзі мяне зь нягодаў маіх,

Коф

18 падзівіся на пакуты мае і на зьнямогу маю, і даруй усе грахі мае.

Рэш

19 Падзівіся на ворагаў маіх, як іх многа, і якою нянавісьцю ненавідзяць мяне.

Шын

20 Аслані душу маю, і ўратуй мяне, хай ня будзе мне сораму, што я на Цябе спадзяюся.

Тав

21 Беззаганнасьць і слушнасьць хай ахаваюць мяне; бо я на Цябе спадзяюся.

Пэ

22 Вызвалі, Божа, Ізраіля ад усіх смуткаў ягоных.

 

Псальма 25

 

Мальба пра абарону

 

Псальма Давідава.

Рассудзі мяне, Госпадзе, бо хадзіў я ў беспахібнасьці маёй, і, у надзеі на Госпада не пахіснуся.

2 Выпрабуй мяне, Госпадзе, растапі мне вантробы і сэрца маё,

3 бо міласьць Твая перад маімі вачыма, і ў праўдзе Тваёй я хадзіў,

4 не сядзеў я зь людзьмі аблуднымі і з падступнымі не пайду;

5 я зьненавідзеў зборню зламысьнікаў, і зь бязбожнікамі ня сяду;

6 буду мець у нявіннасьці рукі мае і абыходзіць Твой ахвярнік, Госпадзе,

7 каб абвяшчаць Табе голасна славу і пра ўсе цуды Твае расказаць.

8 Госпадзе! палюбіў я жытло Твайго дома і месца, дзе слава Твая жыве.

9 Не загубі душы мае з грэшнікамі і жыцьця майго з крыважэрнымі,

10 у чыіх руках ліхадзейства, і чыя правіца поўная зьдзірства.

11 А я хаджу ў сваёй беззаганнасьці; вызвалі мяне, і ўмілажалься зь мяне.

12 Нага мая стаіць на роўным; на сходах праслаўлю Госпада.

 

Псальма 26

 

Бясстрашнае спадзяваньне на Бога

 

Псальма Давідава. Перад памазаньнем.

Гасподзь - сьвятло маё і ратунак мой: каго мне баяцца? Гасподзь - цьвярдыня жыцьця майго: каго мне палохацца?

2 Калі будуць наступаць на мяне зласьліўцы, супастаты і ворагі мае, каб зжэрці цела маё, яны спатыкнуцца самі і ўпадуць.

3 Калі выступіць супраць мяне кагорта, не збаіцца сэрца маё; калі на мяне паўстане вайна, і тады спадзявацца буду.

4 Аднаго я прасіў у Госпада, толькі таго шукаю, каб жыць мне ў доме Гасподнім ва ўсе дні жыцьця майго, сузіраць хараство Гасподняе і наведваць сьвятыню Ягоную;

5 бо Ён схаваў бы мяне ў Сваёй скініі ў дзень няшчасьця; схаваў бы мяне ў патайным месцы Свайго селішча, узьнёс бы мяне на скалу.

6 Тады ўзьнеслася б галава мая над ворагамі наўкола мяне; і прынёс бы я ў Ягонай скініі ахвяры славаслоўя; сьпяваў бы і славіў бы прад Госпадам.

7 Пачуй, Госпадзе, голас мой, якім я клічу; зьлітуйся зь мяне і азьвіся мне.

8 Сэрца маё кажа ад Цябе: «шукайце аблічча Майго»; і я буду шукаць аблічча Тваё, Госпадзе.

9 Не схавай ад мяне аблічча Твайго, не адкінь у гневе раба Твайго. Ты быў мой памочнік; не гані мяне і не пакінь мяне, Божа, Ратаўнік мой!

10 Бо мой бацька і маці мая кінулі мяне; але Гасподзь мяне прыме;

11 навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайму, і накіруй мяне на сьцежку праўды, дзеля ворагаў маіх;

12 не выдавай мяне сваволі ворагаў маіх; бо паўсталі на мяне сьведкі аблудныя і дыхаюць злосьцю.

13 Але я веру, што ўбачу даброць Гасподнюю на зямлі жывых.

14 Май надзею на Госпада, будзь мужны; і хай мацуецца сэрца тваё, май надзею на Госпада.

 

Псальма 27

 

Малітва супроць бязбожніка

 

Псальма Давідава.

Цябе, Госпадзе, заклікаю: цьвярдыня мая! ня будзь бязмоўны са мною, каб пры маўчаньні Тваім ня стаўся я падобным да тых, што ў магілу сыходзяць.

2 Пачуй голас маленьняў маіх, калі я клічу Цябе, калі падымаю рукі мае да сьвятога храма Твайго.

3 Не загубі мяне з грэшнікамі і з тымі, што крыўду ўчыняюць, якія з блізкімі сваімі гавораць пра мір, а ў сэрцы ў іх ліхое.

4 Аддай ім паводле іхніх дзеяў, паводле ліхіх учынкаў іхніх; паводле дзеяў іхніх рук ім аддай; аддай ім, што заслужылі яны.

5 За тое, што не зважаюць на дзеі Гасподнія і на справы рук Ягоных, Ён іх разбурыць і ня збудуе іх.

6 Дабраславёны Гасподзь, бо Ён пачуў голас маленьняў маіх.

7 Гасподзь - цьвярдыня мая і мой шчыт; на яго спадзявалася сэрца маё; і я праслаўлю Яго песьняй маёю.

8 Гасподзь - сіла народу Свайго і ратавальная абарона памазанца Свайго.

9 Ратуй Твой народ, і дабраславі Тваю спадчыну; і гадуй іх і ўзвышай іх вечна!

 

Псальма 28

 

Веліч Божая ў грозьбе

 

Псальма Давідава. Напрыканцы сьвята Кучак. Аддайце Госпаду, сыны Божыя, аддайце Госпаду славу і чту,

2 аддайце Госпаду славу імя Ягонага; пакланецеся Госпаду ў пышнай сьвятасьці Ягонай.

3 Голас Гасподні над водамі, Бог славы загрымеў, Гасподзь над вялікімі водамі.

4 Голас Гасподні моцны; голас Гасподні велічны.

5 Голас Гасподні ламае кедры; Гасподзь ламае кедры Ліванскія

6 і прымушае іх скакаць, як цялят, Ліван і Сірыён - як маладога аднарога.

7 Голас Гасподні выкрасае полымя вогненнае.

8 Голас Гасподні трасе пустыню; трасе Гасподзь пустыню Кадэс.

9 Голас Гасподні прымушае касуль каціцца, і агаляе лясы; і ў храме Ягоным абвяшчае пра славу Ягоную.

10 Гасподзь сядзеў над патопам, і сядзецьме Гасподзь царом вечна.

11 Гасподзь дасьць сілу народу Свайму; Гасподзь дабраславіць народ Свой мірам.

 

Псальма 29

 

Песьня збавеньня

 

Псальма Давідава пры абнаўленьні дома.

2 Услаўлю Цябе, Госпадзе, што Ты падняў мяне і ня даў маім ворагам перамагчы мяне.

3 Госпадзе Божа мой! я паклікаў Цябе, і Ты мяне вылечыў.

4 Госпадзе! Ты вывеў зь пекла душу маю і ажывіў мяне, каб я ня сышоў у магілу.

5 Сьпявайце Госпаду, сьвятыя Ягоныя, слаўце памяць сьвятыні Ягонай,

6 бо на хвіліну гнеў Ягоны, на ўсё жыцьцё ўпадабаньне Ягонае: увечары пачынаецца плач, а на раніцу - радасьць.

7 І я казаў у дабрадзействе маім: «не пахіснуся вавек».

8 Па ўпадабаньні Тваім, Госпадзе,Ты ўмацаваў гару маю; але Ты схаваў аблічча Тваё, і я сумеўся:

9 Тады Цябе, Госпадзе, я клікаў, і Госпада майго я маліў:

10 «якая карысьць у крыві маёй, калі я сыду ў магілу? ці ж будзе тло маё Цябе славіць? ці будзе ўзьвяшчаць Тваю праўду?

11 пачуй, Госпадзе, і памілуй мяне, Госпадзе! будзь мне памочнікам».

12 І Ты скаргі мае абярнуў у радасьць, вярэту маю зьняў зь мяне і аперазаў мяне весялосьцю,

13 хай славіць Цябе душа мая і хай не змаўкае. Госпадзе Божа мой! буду славіць Цябе вечна.

 

Псальма 30

 

Малітва скрушлівага Праведніка

 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2 На Цябе, Госпадзе, надзея мая, хай сораму вавек ня мецьму; па праўдзе Тваёй збаві мяне;

3 прыхілі да мяне вуха Тваё, пасьпяшайся збавіць мяне. Будзь мне каменнаю цьвярдыняю, прыстанішчам, каб уратаваць мяне,

4 бо Ты каменная гара мая і агароджа мая; дзеля імя Твайго вядзі мяне і кіруй мною.

5 Выведзі мяне зь сеткі, якую тайна раскінулі на мяне; бо Ты цьвярдыня мая.

6 У Тваю руку аддаю дух мой; Ты выбаўляў мяне, Госпадзе, Божа праўды.

7 Ненавіджу шаноўцаў марных ідалаў; а на Госпада надзея мая.

8 Буду радавацца і весяліцца ў міласьці Тваёй, бо Ты прыгледзеўся да бедства майго, уведаў гора душы маёй,

9 і не перадаў мяне ў рукі ворагаў; паставіў ногі мае на прасторным месцы.

10 Умілажалься зь мяне, Госпадзе, бо мне цесна; высахла з гора вока маё, душа мая і нутроба мая.

11 Вычарпалася ў скрусе жыцьцё маё і леты мае ў стагнотах; зьнемагла ад грахоў маіх сіла мая, і высахлі косткі мае.

12 Ад усіх маіх ворагаў стаўся я кляцьбою нават у суседзяў маіх і страшыдлам знаёмым маім; хто бачыць мяне на вуліцы, уцякае.

13 Я забыты ў сэрцах, як мёртвы; я - як посуд разьбіты,

14 бо чую ліхаслоўе многіх; адусюль жудасьць, калі яны змаўляюцца супраць мяне, намышляюць вырваць душу маю.

15 А я на Цябе, Госпадзе, спадзяюся; я кажу: Ты мой Бог.

16 У Тваёй руцэ дні мае; вызваль мяне ад рукі маіх ворагаў і ад тых, што гоняць мяне.

17 Пакажы сьветлае аблічча Тваё рабу Твайму; уратуй мяне літасьцю Тваёю.

18 Госпадзе! хай ня будзе мне сораму, што я Цябе заклікаю; а бязбожным хай будзе брыдка, хай прападуць у пекле.

19 Хай зьнямеюць вусны аблудныя, што гідоту гавораць на праведнага з пыхаю і пагардаю.

20 Як многа ў Цябе дабротаў, якія Ты прыхаваў тым, што баяцца Цябе, і якія Ты падрыхтаваў тым, што на Цябе спадзяюцца перад сынамі чалавечымі!

21 Ты хаваеш іх пад аслонай аблічча Твайго ад людзкіх бунтаў; хаваеш іх у зацішку ад ліхіх языкоў.

22 Дабраславёны Гасподзь, што ўчыніў мне дзівосны Свой мілажаль ва ўмацаваным горадзе!

23 У сумненьні маім я думаў: адхілены я ад вачэй Тваіх; але Ты пачуў голас малітвы маёй, калі я паклікаў Цябе.

24 Любеце Госпада, усе праведнікі Ягоныя; Гасподзь ахоўвае верных, а пагарднікам зь лішкам вяртае.

25 Будзьце мужныя, і хай мацуецца сэрца ваша, усе, хто надзею на Госпада мае!

 

Псальма 31

 

Псальма пакаяньня

 

Псальма Давідава. Вучэньне.

Дабрашчасны, каму дараваны злачынствы, і чые грахі адшкадаваныя,

2 дабрашчасны той, каму Гасподзь грахоў не залічыць, і ў чыім духу хітрыны няма!

3 Калі я маўчаў, састарэлі косткі мае ад штодзённага стогну майго,

4 бо дзень і ноч нада мною рука Твая цяжкая; зьнікла сьвежасьць мая, як у летнюю сушу. <Сэла>

5 Але Я адкрыў табе грэх мой і ня ўтоіў беззаконьня майго; я сказаў: «вызнаю Госпаду злачынствы мае»; і Ты зьняў зь мяне віну грэху майго.

6 За тое памоліцца Табе кожны праведнік у час адпаведны, і тады разьліва вялікай вады не дастане яго.

7 Ты - маё покрыва; Ты асланяеш мяне ад скрухі, атачаеш мяне радасьцямі збавеньня. <Сэла>

8 «Увяду цябе ў розум, настаўлю цябе на шлях, па якім табе йсьці; буду табой кіраваць, вока Маё над табою».

9 «Ня будзьце, як конь, як мул бязглузды, чые храпы цугляць трэба кілзамі і аброцьцю, каб яны Табе ўпакорваліся.

10 Шмат смуткаў бязбожнаму; а таго, хто на Госпада мае надзею, атачае міласьць.

11 Весялецеся ў Госпадзе, цешцеся, праведныя; сьпявайце радасна ўсе, у каго шчырае сэрца.

 

Псальма 32

 

Хвала Ўсемагутнаму Богу

 

Псальма Давідава.

Радуйцеся, праведнікі, у Госпадзе: шчырым прыстоіць хваліць!

2 Услаўляйце Госпада арфамі, сьпявайце Яму на дзесяціструннай псалтыры;

3 новую песьню сьпявайце Яму; зладжана пойце Яму, з ускліцаньнем,

4 бо слова Гасподняе - шчырае, і ўсе дзеі Ягоныя правільныя.

5 Ён любіць праўду і суд; Гасподняю міласьцю зямля поўніцца.

6 Словам Госпада створаны нябёсы, і духам вуснаў Ягоных - усе сілы нябесныя.

7 Ён сабраў, быццам груды, марскія воды; бездані склаў у каморах.

8 Хай баіцца Госпада ўся зямля; хай трымціць прад Ім усё жывое на сьвеце,

9 бо сказаў Ён - і сталася; Ён загадаў - і зьявілася.

10 Гасподзь разбурае рады язычнікаў; зьнішчае намыслы народаў.

11 А рада Гасподняя вечна стаяцьме; задумы сэрца Ягонага - з роду ў род.

12 Дабрашчасны народ, у якога Гасподзь ёсьць Бог, - племя, якое Ён выбраў у спадчыну Сабе.

13 Гасподзь паглядае зь нябёсаў, бачыць усіх сыноў чалавечых;

14 з трона Свайго Ён пазірае на ўсіх, што жывуць на зямлі:

15 Ён стварыў сэрцы ўсіх іх, і ўважае ўсім іхнім дзеям.

16 Цар не ўратуецца мноствам войска; не ўбароніць волата вялікая сіла.

17 Ненадзейны конь для ратаваньня, ня вызваліць сілай вялікай сваёю.

18 Вось, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, і хто спадзяецца на літасьць Ягоную,

19 што Ён душу іхнюю ўратуе ад сьмерці і ў час галодны накорміць іх.

20 Душа наша мае надзею на Госпада: Ён дапамога наша;

21 Ім радуецца сэрца наша, бо на сьвятое імя Ягонае мы спадзяваліся.

22 Хай будзе ласка Твая, Госпадзе, з намі, мы так на Цябе надзею ўскладаем.

 

Псальма 33

 

Псальма хвалы і надзеі

 

Псальма Давіда, калі ён удаваў зь сябе вар'ята перад Авімэлэхам і быў ад яго выгнаны, і пайшоў.

Алэф

2 Дабраслаўляю Госпада ва ўсякую пору; хвала Яму няспынная ў вуснах маіх.

Бэт

3 Госпадам будзе хваліцца душа мая; пачуюць пакорныя і ўзьвяселяцца.

Гімэл

4 Вялічайце Госпада са мною, і ўзносьма імя Ягонае разам.

Далэт

5 Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне і ад усякіх небясьпекаў маіх вызваліў мяне.

Гэ

6 Хто прыглядваўся да Яго, тыя прасьвятліліся, і твары іхнія ня зьведаюць сораму.

Заін

7 Вось убогі паклікаў, - і Гасподзь пачуў і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.

Хэт

8 Гасподні анёл паўстае вакол тых, хто баіцца Яго, - і іх вызваляе.

Тэт

9 Паспытайце і ўбачыце, які добры Гасподзь! Дабрашчасны той чалавек, што на яго спадзяецца!

Ёд

10 Бойцеся Госпада, усе сьвятыя Ягоныя; бо ня маюць нястачы тыя, што баяцца Яго.

Каф

11 Ільвяняты церпяць нягоды і голад, а богашукальнікі ня церпяць нястачы ні ў якім дабры.

Ламэд

12 Прыйдзеце, дзеці, паслухайце мяне: страху Гасподняму вас навучу.

Мэм

13 Ці хоча чалавек жыць і ці любіць дабрадзенства, каб бачыць дабро?

Нун

14 Трымай язык свой ад злога і вусны свае ад падступных словаў.

Самэх

15 Ухіляйся ад ліха і рабі дабро; шукай міру і йдзі за ім.

Аін

16 Вочы Гасподнія - на праведных, і вушы Ягоныя - на скаргу іхнюю.

Пэ

17 А аблічча Гасподняе - супроць тых, што робяць ліхое, каб зьвесьці зь зямлі памяць пра іх.

Цадэ

18 Клічуць, і Гасподзь чуе, і ад усіх уціскаў іх вызваляе.

Коф

19 Блізкі Гасподзь да тых, у каго зламанае сэрца, і пакорлівых духам - уратуе.

Рэш

20 Многа турботаў у праведніка, і ад усіх іх Гасподзь вызваляе.

Шын

21 Ён хавае ўсе косткі ягоныя; і ніводная не паламаецца!

Тав

22 Зло заб'е грэшніка, і ненавісьнікі праведнасьці загінуць.

Пэ

23 Гасподзь вызваліць душу рабоў Сваіх, і не загіне ніхто, хто на Яго спадзяецца.

 

Псальма 34

 

Малітва за дапамогу

 

Псальма Давідава.

Заступіся, Госпадзе, перад тымі, хто судзіцца са мною, зваюй тых, хто ваюе мяне;

2 вазьмі шчыт і латы, і ўстань на дапамогу мне;

3 агалі меч, і заступі дарогу тым, што гоняць мяне; скажы душы маёй: Я - ратунак твой!

4 Хай пасаромяцца і паганьбуюцца тыя, хто цікуе душу маю, хай адступяцца і пакрыюцца ганьбаю тыя, хто шкоду мне намышляе;

5 хай будуць яны, як пыл на ветры, і анёл Гасподні хай праганяе іх.

6 Хай будзе шлях іхні цёмны і коўзкі, і анёл Гасподні няхай гоніць іх,

7 бо яны бязь віны схавалі мне яму - сетку сваю; выкапалі яе на бязьвінную душу маю!

8 Хай спадзе на яго пагібель нянаджаная, і сетка ягоная, якую ён схаваў на мяне, хай яго самога і ўловіць; хай у яе і ўпадзе на пропадзь сваю.

9 А душа мая зарадуецца ў Госпадзе; усьцешыцца збавеньнем ад Яго.

10 Усе косткі мае скажуць: «Госпадзе! хто да Цябе падобны? Ты ратуеш слабога ад дужага, беднага і ўбогага ад зьдзірцы ягонага?»

11 Паўсталі на мяне сьведкі няправедныя: чаго я ня ведаю, - выпытваюць у мяне;

12 плацяць мне злом за дабро, сіроцтвам душы маёй.

13 А як былі хварэлі яны, я апранаўся ў вярэту, душу маю таміў пастом, і малітва мая вярталася ў нетру маю.

14 Я рабіў, быццам сябру, як брату майму; я хадзіў смутны, панурыўшы голаў, як бы аплакваючы маці.

15 А калі я спатыкаўся, яны радаваліся і зьбіраліся; зьбіраліся агуднікі супроць мяне, ня ведаю завошта, ганілі мяне, і не пераставалі;

16 з крывадушнымі пакепнікамі скрыгаталі на мяне зубамі сваімі.

17 Госпадзе! ці доўга будзеш глядзець на гэта? Адвядзі душу маю ад злачынстваў іхніх, ад ільвоў - самотную душу маю!

18 Я праслаўлю Цябе на сходзе вялікім, сярод процьмы народу ўсхвалю Цябе,

19 каб не збыткавалі зь мяне тыя, што ваявалі супроць мяне несправядліва, і не перамігваліся вачыма тыя, што ненавідзяць мяне бязьвіннага;

20 бо не за мір прамаўляюць яны, а супроць мірных на землях плятуць аблудныя намыслы;

21 разьзьяўляюць на мяне вусны свае; кажуць: «добра! добра! бачыла наша вока».

22 Ты бачыў, Госпадзе, не змаўчы; Госпадзе! не аддаляйся ад мяне.

23 Устань, прачніся на суд мой, на цяжбіну маю, Божа мой і Госпадзе мой!

24 Судзі мяне па праўдзе Тваёй, Госпадзе, Божа мой, і хай ня радуюцца яны празь мяне;

25 хай ня кажуць у сэрцы сваім: «добра! добра!, нам да душы!» Хай ня кажуць: «мы праглынулі яго».

26 Няхай пасаромяцца і паганьбуюцца ўсе, хто радуецца зь няшчасьця майго; хай убяруцца ў сорам і ганьбу, хто фанабэрыцца над мною.

27 Няхай радуюцца і весяляцца, хто маёй слушнасьці прагне, і няхай кажуць заўсёды: «хай праславіцца Гасподзь, Які зычыць міру рабу Свайму!»

28 І язык мой будзе абвяшчаць Тваю праўду і хвалу Табе дзень у дзень.

 

Псальма 35

 

Даброць і ласка Божая

 

Кіроўцу хору. Раба Гасподняга Давіда.

2 Грэшнасьць бязбожніка гаворыць у сэрцы маім: няма страху Божага перад вачыма ягонымі,

3 бо ягоныя вочы лісьлівяць яму, быццам шукаюць віну, каб зьненавідзець яе;

4 словы з вуснаў ягоных - няпраўда і хітрына; ня хоча ён быць мудрым, каб рабіць дабро.

5 Несправядлівасьць намышляе ён на пасьцелі сваёй, на благі становіцца шлях, ня грэбуе злом.

6 Госпадзе! ласка Твая да нябёсаў, праўда Твая пад хмары!

7 Праўда Твая - як горы Божыя, і суды Твае - бездань вялікая! Людзей і быдла захоўваеш Ты, Госпадзе!

8 Якая каштоўная ласка Твая, Божа! Сынам чалавечым у цені крылаў Тваіх спакойна;

9 наядаюцца сытасьцю дома Твайго, і з плыні слодычаў Тваіх Ты выпойваеш іх,

10 бо ў Табе крыніца жыцьця; у сьвятле Тваім мы бачым сьвятло.

11 Пашыры ласку Тваю на тых, што Цябе ведаюць, і праўду Тваю на людзей, шчырых сэрцам,

12 хай не наступіць на мяне нага гардзеі, і рука грэшніка хай не прагоніць мяне.

13 Там упалі беззаконьнікі, скінутыя, і ня могуць устаць.

 

Псальма 36

 

Мудрасьць старца

 

Псальма Давідава.

Алэф

Ня гневайся на злачынцаў, не зайздросьці несправядлівым,

2 бо яны, як трава, неўзабаве скошаны будуць, і як былінка зялёная, завянуць.

Бэт

3 Спадзявайся на Госпада і рабі дабро; жыві на зямлі і праўды трымайся.

4 Суцяшайся Госпадам, і Ён спраўдзіць жаданьні сэрца твайго.

Гімэл

5 Госпаду перадай дарогу тваю, і на яго спадзявайся, і Ён зробіць,

6 і выведзе, як сьвятло, праўду тваю, і справядлівасьць тваю, як полудзень.

Далэт

7 Скарыся Госпаду і на Яго спадзявайся. Не зайздросьці таму, каму шчасьціць у дарозе ягонай, чалавеку хітрамыснаму.

Гэ

8 Перастань гневацца і пакінь запальчывасьць; ня імкніся рабіць благое,

9 бо хто робіць благое, будзе зьнішчаны, а хто спадзяецца на Госпада, зямлю ўспадкуе.

Вав

10 Яшчэ трохі, і злачынца ня стане; паглядзіш на месца ягонае, і няма яго.

11 А пакорныя зямлю ўспадкуюць, і ўраскошуюцца спакоем вялікім.

Заін

12 Бязбожны зло намышляе супроць праведніка і скрыгоча на яго зубамі сваімі;

13 а Гасподзь пасьміхаецца зь яго; бо бачыць, што прыходзіць дзень ягоны.

Хэт

14 Бязбожныя вымаюць меч і напінаюць лук свой, каб паваліць беднага і ўбогага, каб зваліць тых, у каго дарога простая:

15 меч іхні ўвойдзе ў іхняе сэрца, і лукі іхнія паламаюцца.

Тэт

16 Лепш - малое ў праведніка, чым багацьце - у многіх бязбожнікаў,

17 бо зламаюцца плечы ў бязбожных, а праведных сіліць Гасподзь!

Ёд

18 Гасподзь ведае дні беззаганных і дастатак іхні застаецца навечна.

19 Ня будуць яны пасаромлены ў люты час, і ў дні голаду сытыя будуць;

Каф

20 а бязбожныя загінуць, і ворагі Гасподнія, як авечы лой, зьнікнуць, у дыме зьнікнуць.

Ламэд

21 Пазычае бязбожны - і не аддае, а праведны ўмілажальваецца і дае,

22 бо ўміласлаўленыя Ім - зямлю ўспадкуюць, а праклятыя Ім - будуць вынішчаны.

Мэм

23 Ад Госпада крокі чалавека пабожнага ставяцца моцна, і Ён дабраволіць дарозе ягонай:

24 калі ён будзе падаць, не ўпадзе, бо Гасподзь падтрымлівае яго за руку.

Нун

25 Я быў малады і састарыўся, а ня бачыў праведніка пакінутага, і нашчадкаў яго, каб хлеба прасілі:

26 ён кожны дзень шкадуе і пазычае, і нашчадкам ягоным - дабраславеньне будзе.

Самэх

27 Ухіляйся ад благога, і рабі дабро, і жыць будзеш вечна:

28 бо і Гасподзь любіць праўду, і не пакідае богабаязных Сваіх; навек ацалёныя будуць яны; а насеньне бязбожных вынішчыцца.

Аін

29 Праведныя ўспадкуюць зямлю, і будуць жыць на ёй вечна.

Пэ

30 Вусны праведніка мудрасьць маўляюць, і язык ягоны вымаўляе праўду.

31 Закон Божы ў сэрцы ў яго; не пахіснуцца ногі ягоныя.

Цадэ

32 Бязбожны падглядвае праведніка і спрабуе забіць яго;

33 але Гасподзь не аддасьць яго ў рукі ягоныя, і ня дасьць зьвінаваціць яго, калі яго будуць судзіць.

Каф

34 Спадзявайся на Госпада, і трымайся дарогі Ягонай: і Ён падыме цябе, каб ты зямлю ўспадкаваў; і калі будуць зьнішчаць бязбожных, ты ўбачыш.

Рэш

35 Бачыў я бязбожніка грознага, які разгаліноўваўся, нібы самарослае расахатае дрэва;

36 але ён прайшоў, і вось, няма яго; шукаю яго і не знаходжу.

Шын

37 Назірай за беспахібным і дзівіся на праведнага; бо чалавеку міралюбнаму - будучыня;

38 а беззаконьнікі ўсе вынішчацца; будучыня беззаконьнікаў зьнікне.

Тав

39 Ад Госпада выратаваньне праведнікам, Ён - абарона ім у часіны жальбы:

40 і дапаможа ім Гасподзь і вызваліць іх; выбавіць іх ад бязбожных і ўратуе іх, бо яны на Яго надзею кладуць.

 

Псальма 37

 

Пакайная псальма пра літасьць

 

Псальма Давідава. На ўспамін пра суботу.

2 Госпадзе! ня выкрывай мяне ў гневе Тваім, і не карай мяне ў гневе Тваім,

3 бо стрэлы Твае ўпіліся ў мяне і рука Твая мяне ацяжае.

4 Няма цэлага месца на целе маім ад гневу Твайго; няма спакою ў костках маіх ад грахоў маіх.

5 бо злачынствы мае вышэй галавы, як вялікі цяжар, зьнясілілі мяне,

6 сьмярдзяць, гнаяцца раны мае ад безгалоўя майго.

7 Я сагнуты і панураны ўвесь, цэлы дзень бядуючы хаджу;

8 бо сьцёгны мае паліць вагонь, і няма цэлага месца ў целе маім.

9 Я змогся і зьнясіліўся цяжка; крычу ад пакуты сэрца майго.

10 Госпадзе! прад Табою ўсе жаданьні мае, і ўздыханьне маё ад Цябе не схаванае.

11 Сэрца маё трымціць; пакінула мяне сіла мая, і сьвятло вачэй маіх - і таго няма ў мяне.

12 Сябры мае і прыяцелі адступіліся ад няшчасьця майго, і блізкія мае далёка стаяць.

13 Цянёты паставілі тыя, хто пільнуе душу маю, і хто прагне мне ліха, пра пагібель маю гавораць, і намышляюць штодзень мне благое;

14 а я, як глухі, ня чую, і як нямко, што вуснаў сваіх не растуляе;

15 і стаў я, як чалавек, што ня чуе і ня мае ў вуснах сваіх адказу,

16 бо на Цябе, Госпадзе, спадзяюся я; Ты пачуеш, Госпадзе, Божа мой.

17 І сказаў я: няхай не падымуцца нада мною мае ворагі; калі дрыжыць нага мая, хай ня ўзносяцца яны нада мною.

18 Я да ўпадку гатовы, і скруха мая заўжды перада мною.

19 Беззаконьне сваё я ўсьведамляю; і ўбольваюся ў грэху маім.

20 А мае ворагі жывуць і мацуюцца, і памнажаюцца тыя, што ненавідзяць мяне, невінаватага;

21 і тыя, што плацяць мне злом за дабро, ваююць супроць мяне, бо я за добрым іду.

22 Не пакінь мяне, Госпадзе Божа мой! не адыходзь ад мяне;

23 пасьпяшайся на дапамогу мне, Госпадзе, Збаўца мой!

 

Псальма 38

 

Малітва ў смутны час

 

Кіроўцу хору, Ідытуму. Псальма Давідава.

2 Я сказаў: пільнавацьмуся дарогі сваёй, каб маім языком не грашыць; цугляцьму я вусны мае, пакуль бязбожны перада мною.

3 Я быў нямы і безгалосы і маўчаў нават пра добрае; і жальба мая памацнела,

4 запалілася сэрца маё ўва мне; у думках маіх загарэўся вагонь; я пачаў гаварыць языком маім;

5 скажы мне, Госпадзе, пра канец мой і лік дзён маіх, які ён, каб я ведаў, які мой век.

6 Вось, Ты далоняю вымераў дні мае, а век мой - як нішто прад Табою. Сапраўды, поўная марнасьць - кожны жывы чалавек. <Сэла>

7 Сапраўды, чалавек ходзіць, як прывід; і марны клопат яго, зьбірае і ня ведае, каму дастанецца гэта.

8 І сёньня чаго мне чакаць, Госпадзе? надзея мая на Цябе.

9 Ад усіх беззаконьняў маіх вызвалілі мяне, не аддавай мяне на паглум неразумным.

10 Я зрабіўся нямы, не растульваю вуснаў маіх, бо Ты ўчыніў гэта.

11 Ухілі ад мяне ўразы Твае; я зьнікаю ад удару пагібельнай рукі Тваёй.

12 Калі Ты дакорамі будзеш караць чалавека за злачынствы, рассыплецца, як ад молі, прывабнасьць ягоная. Так кожны чалавек - марны. <Сэла>

13 Пачуй, Госпадзе, малітву маю, і выслухай енкі мае, ня будзь бязуважны да сьлёз маіх, бо вандроўнік я ў Цябе і прыхадзень, як бацькі мае ўсе.

14 Адступі ад мяне, каб я мог умацавацца, перш чым адыду і ня будзе мяне.

 

Псальма 39

 

Падзякаваньне і просьба

 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2 Цьвёрда я спадзяваўся на Госпада, і Ён да мяне прыхіліўся і крык мой пачуў;

3 падняў мяне са згубнага рова, з балоцістай багны, і паставіў на камені ногі мае, і ўмацаваў ступакі мае;

4 і даў новую песьню ў вусны мае - хвалу Богу нашаму. Убачаць многія і збаяцца, і будуць на Госпада спадзявацца.

5 Дабрашчасны той чалавек, які на Госпада надзею сваю кладзе і не зьвяртаецца да ганарыстых і да тых, што да няпраўды горнуцца.

6 Многа зрабіў Ты, Госпадзе Божа мой. Твае цуды і думкі Твае, толькі пра нас - няма Табе роўных! - хацеў бы я прапаведаваць і гаварыць, але ім ліку няма.

7 Ахвяры і прынашэньня Ты не схацеў; Ты адкрыў мне вушы; цэласпаленьня і ахвяры за грэх Ты не спатрабаваў.

8 Тады я сказаў: вось, іду; у зьвітку кніжным пра мяне напісана:

9 я хачу спраўдзіць волю Тваю, Божа мой, і закон Твой у сэрцы ў мяне.

10 Я абвяшчаў праўду Тваю на зборні вялікай; я не забараняў вуснам маім: Ты, Госпадзе, ведаеш.

11 Праўды Тваёй не хаваў у сэрцы маім, абвяшчаў вернасьць Тваю і выратаваньне Тваё, ня ўтойваў Тваёй ласкі і праўды Тваёй перад сходам вялікім.

12 Не запыняй, Госпадзе, шчадротаў Тваіх ад мяне; ласка Твая і праўда Твая хай няспынна ахоўваюць мяне,

13 бо няшчасьці мяне абступілі безьлічныя; беззаконьні мае дасягнулі мяне, так што і бачыць не магу; іх болей, чым валос на маёй галаве; сэрца маё пакінула мяне.

14 Удабраволься, Госпадзе, выбавіць мяне; Госпадзе! пасьпяшайся на дапамогу мне.

15 Хай пасаромяцца і хай паганьбаваныя будуць усе, што шукаюць згубы душы маёй! Няхай адхіснуцца назад і абсьмяяныя будуць, хто зычыць мне ліха!

16 Хай скамянеюць ад ганьбы тыя, што кажуць мне: добра! добра!

17 Хай радуюцца і весяляцца Табою ўсе, што шукаюць Цябе, і хто любіць збавеньне Тваё, хай кажуць увесь час: «вялікі Гасподзь!».

18 А я гаротны і ўбогі, але Гасподзь пра Мяне дбае. Ты - дапамога мая і Ратунак мой, Божа мой! не спазьніся!

 

Псальма 40

 

Псальма пра літасьцівага

 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава,

2 Дабрашчасны, хто дбае пра ўбогага! У дзень бедства выбавіць яго Гасподзь.

3 Гасподзь ахавае яго і жыцьцё яму зьберажэ; дабрашчасны ён на зямлі будзе. І Ты не здасі яго на волю ворагаў ягоных.

4 Гасподзь умацуе яго на ложку хваробы ягонай. Ты зьменіш увесь ложак ягоны ў хваробе ягонай.

5 Я сказаў: Госпадзе! зьлітуйся зь мяне, вылечы душу маю; бо зграшыў я прад Табою.

6 Ворагі мае пра мяне кажуць благое: «Калі ён памрэ, і загіне імя ягонае?»

7 І калі хто прыходзіць пабачыць мяне, кажа няпраўду; сэрца ягонае складае ў сабе няпраўду, і ён, выйшаўшы, гаворыць пра тое.

8 Усе ненавідзяць мяне, шэпчуцца паміж сабою супроць мяне, благое супроць мяне намышляюць:

9 «слова Веліяла прыйшло на яго; ён лёг; і болей ня ўстане».

10 Нават чалавек мірны са мною, на якога я спадзяваўся, які еў мой хлеб, падняў на мяне нагу.

11 А Ты, Госпадзе, зьлітуйся зь мяне і мяне падымі, і я ім заплачу.

12 З таго даведаюся, што Ты любіш мяне, калі вораг мой не апануе мяне,

13 а мяне захаваеш у цэласьці маёй і паставіш прад абліччам Тваім навечна.

14 Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, адвечна й навечна! Амін, амін!

 

КНІГА ДРУГАЯ (41-71)

 

Псальма 41

 

Жальба і суцяшэньне пабожнага

 

Кіроўцу хору. Вучэньне. Сыноў Карэевых.

2 Як сарна імкнецца да водных патокаў, так душа мая імкнецца да Цябе, Божа!

3 Душа мая прагне Бога моцнага і жывога: калі я прыйду і зьяўлюся прад аблічча Божае!

4 Сьлёзы мае былі мне хлебам удзень і ўначы, калі мне казалі штодзень: дзе твой Бог?

5 Калі ўспамінаю пра гэта, душу маю выліваю, бо хадзіў я з мноствам людзей; уступаў зь імі ў храм Божы з голасам радасьці і падзякі натоўпу сьвяточнага.

6 Чаго ты падупадаеш, душа мая, чаго непакоішся? Май надзею на Бога; бо я буду славіць Яго, Збаўцу майго і Бога майго.

7 Падупадае ўва мне душа мая, бо я пра Цябе ўспамінаю зь зямлі Ярданскай, зь Ярмона, з гары Цаар.

8 Бездань прорву заклікае голасам вадаспадаў Тваіх; усе воды Твае і хвалі Твае прайшлі нада мною.

9 Удзень удзяляе Гасподзь Свае ласкі і ўночы Яму мая песьня, малітва да Бога жыцьця майго.

10 Скажу Богу, заступніку майму: навошта забыў Ты мяне? Навошта хаджу я і бядую ад варожых зьнявагаў?

11 Быццам косьці ламаюць мае, збыткуюць зь мяне мае супастаты, калі кажуць мне кожнага дня: дзе твой Бог?

12 Чаго ж ты журышся, душа мая, чаго ты маркоцішся? май надзею на Бога; бо я буду славіць Яго, Збаўцу майго і Бога майго.

 

Псальма 42

 

Малітва пра абарону

 

1 Разваж мяне, Божа, і ўбарані маю цяжбіну ад нядобрых людзей. Ад чалавека падступнага і несправядлівага мяне вызвалі.

2 Бо Ты Бог цьвярдыні маёй. Нашто Ты пакінуў мяне? Навошта хаджу я і бядую ад варожых зьнявагаў?

3 Спашлі Тваю праўду, Тваё сьвятло; хай вядуць яны мяне і завядуць на сьвятую гару Тваю і ў селішчы Твае.

4 І падыду да ахвярніка Божага, да Бога радасьці і ўцехі маёй, і на арфе праслаўлю Цябе, Божа, Божа мой!

5 Чаго ж ты журышся, душа мая, чаго ты маркоцішся? Май надзею на Бога; бо я буду славіць Яго, Збаўцу майго, і Бога майго.

 

Псальма 43

 

Малітва за перамогу з Богам

 

Кіроўцу хору. Вучэньне. Сыноў Карэевых.

2 Божа, мы чулі на вушы свае, бацькі нашыя нам апавядалі пра дзею, якую ўчыніў Ты ў іхнія дні, у дні пракаветныя.

3 Ты рукою Тваёю панішчыў народы, а іх насадзіў; расьсеяў плямёны і выгнаў іх;

4 бо ня мечам сваім яны зямлю набылі, і ня іхняя мышца іх выратавала, а Твая правіца і мышца Твая і сьвятло аблічча Твайго; бо дабраволіў ім.

5 Божа, Цару мой! Ты - той самы; даруй ратунак Якаву.

6 З табою паборам рагамі супраціўнікаў нашых; у імя Тваё патопчам нагамі і тых, што паўсталі на нас;

7 бо не на лук мой спадзяюся, і ня меч мой уратуе мяне;

8 а Ты ўратуеш нас ад ворагаў нашых, і пасароміш ненавісьнікаў нашых.

9 Хваліцьмемся Богам штодня, і імя Тваё будзем славіць вечна.

10 Ад сёньня Ты адкінуў нас і пасароміў, і ня выходзіш з войскам нашым,

11 змусіў нас уцякаць ад ворага, і ненавісьнікі нашы рабуюць нас;

12 Ты аддаў нас, як авечак, на поед, і расьсеяў нас між народамі;

13 бяз выгоды прадаў Ты народ Твой, і не падвысіў яму цаны;

14 аддаў нас на зьдзекі суседзям, на глум і зьнявагу наўкольным;

15 Ты зрабіў нас пагудкаю паміж народамі, і галавою хітаюць народы з нас.

16 Кожны дзень зьнявага мая перада мною, і сорам на твары маім

17 ад голасу паклёпнікаў і зьняважнікаў, ад позіркаў ворага і помсьніка:

18 усё гэта найшло на нас; але мы не забылі Цябе і запавету Твайго не парушылі.

19 Не адступілася сэрца наша, і ня ўхіліліся нашыя ногі ад дарогі Тваёй,

20 калі скрышыў Ты нас у зямлі шакалаў і акрыў нас ценем сьмяротным.

21 Калі б мы забыліся імя Бога нашага і працягнулі рукі нашы да Бога чужога,

22 дык ці не спагнаў бы за гэта Бог? Бо Ён ведае таямніцы сэрца.

23 Але за Цябе забіваюць нас кожнага дня, прымаюць нас за авечак ахвярных...

24 Паўстань, чаго сьпіш, Госпадзе! прачніся, не адкінь назаўсёды.

25 Навошта хаваеш аблічча Тваё, забываеш пра скруху нашу і пра нашыя ўціскі?

26 бо душа наша зьніжаная да пылу, і да зямлі наша цела прыпала.

27 Паўстань жа на дапамогу нам, і дзеля ласкі Тваёй выратуй нас.

 

Псальма 44

 

Цароў шлюб

 

Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шошан. Вучэньне. Сыноў Карэевых. Песьня каханьня.

2 Маё сэрца вылілася добрым словам; я кажу: песьня мая пра Цара; язык мой - пяро хуткага пісьма.

3 Ты прыгажэйшы за сыноў чалавечых; мілата з Тваіх вуснаў вылілася; таму дабраславіў Цябе Бог навечна.

4 Аперажыся мечам па паясьніцы Тваёй, Магутны, славаю Тваёю і хараством Тваім,

5 і ў гэтым уборы Тваім пасьпяшайся, сядзь на калясьніцу дзеля праўды і лагоды і справядлівасьці, і правіца Твая пакажа Табе дзівосныя дзеі.

6 Вострыя стрэлы Твае - народы ўпадуць прад Табою, - яны - у сэрцы ворагаў Царовых.

7 Трон Твой, Божа, навечна; жазло праўды - жазло царства Твайго.

8 Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў бяспраўе, таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш, чым саўдзельцаў Тваіх.

9 Усё адзеньне Тваё - як сьмірна і альяс і касія; з харомаў слановай косьці Цябе зьвесяляюць.

10 Дочкі царскія ў Цябе сярод ганаровых; стала царыца праваруч Цябе ў Афірскім золаце.

11 Слухай, дачка, і глядзі, і прыхілі тваё вуха, і забудзь народ твой і дом бацькі твайго.

12 І запрагне Цар прыгажосьці тваёй; бо Ён Гасподзь твой, і ты пакланіся Яму.

13 І дачка Тырская прыйдзе з дарункамі, і будуць прасіць цябе найбагацейшыя людзі.

14 Уся слава Царовай дачкі ўсярэдзіне; адзежа яе шытая золатам;

15 ва ўзорыстай адзежы вядуць яе да Цара; за ёю вядуць да Цябе дзяўчат, сябровак яе.

16 Прыводзяць іх з радасьцю і пацяшэньнем, уваходзяць у харомы Царовыя.

17 Замест бацькоў Тваіх будуць сыны Твае; Ты паставіш іх валадарамі на ўсёй зямлі.

18 Зраблю імя Тваё памятным ва ўсіх пакаленьнях; таму народы будуць славіць Цябе векавечна.

 

Псальма 45

 

Бог нам прыстанішча і сіла

 

Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. На музычным інструмэньце Аламот. Песьня.

2 Бог нам прыстанішча і сіла, хуткі памочнік у нягодах.

3 Таму не ўбаімся, хоць бы зямля здрыганулася і горы рушыліся б у сэрцы мораў.

4 Хай шумяць, уздымаюцца воды іх, трасуцца горы ад хваляваньня іх. <Сэла>

5 Рачныя патокі весяляць горад Божы, сьвятое жытло Ўсявышняга.

6 Бог сярод яго; ён не пахісьнецца: Бог дапаможа яму з самае раніцы.

7 Зашумелі народы; пахіснуліся царствы: а Ён голас падаў Свой, і растала зямля.

8 Гасподзь сілы з намі, Бог Якава заступнік наш. <Сэла>

9 Прыйдзеце і пабачце дзеі Гасподнія, - якія ўчыніў Ён на зямлі спусташэньні:

10 спыняючы войны да краю зямлі, зламаў лук і струшчыў дзіду, калясьніцы спаліў вагнём.

11 Спынецеся і ўведайце, што Я - Бог: буду праслаўлены сярод народаў, праслаўлены на зямлі.

12 Гасподзь сілы з намі, заступнік наш Бог Якава.

 

Псальма 46

 

Бог - Цар усёй зямлі

 

Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых Псальма.

2 Пляскайце ў далоні, усе народы, клікніце Богу голасам радасьці;

3 бо Гасподзь Усявышні грозны, - вялікі Цар над усёю зямлёю;

4 скарыў нам народы і плямёны пад ногі нашыя;

5 выбраў нам спадчыну нашу, красу Якава, якога палюбіў. <Сэла>

6 Узышоў Бог пад воклічы, Гасподзь пад гукі трубныя.

7 Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце; сьпявайце цару нашаму, сьпявайце;

8 бо Бог - Цар усёй зямлі; сьпявайце ўсе разумна.

9 Бог зацараваў над народамі, Бог сеў на сьвятым троне Сваім;

10 сабраліся валадары народаў да народу Бога Абрагамавага; бо шчыты зямлі - Божыя; Ён узьнесены над намі.

 

Псальма 47

 

Песьня Сіёна

 

Песьня. Псальма сыноў Карэевых.

2 Вялікі Гасподзь і праслаўлены вельмі ў горадзе Бога нашага, на сьвятой гары Ягонай.

3 Прыгожае ўзвышша, радасьць усёй зямлі гара Сіён; на паўночным схіле яе горад вялікага Цара.

4 Бог у харомах ягоных вядомы як цьвярдыня:

5 бо вось, сышліся цары і прайшлі ўсе міма;

6 убачылі і дзіву даліся, спалохаліся і паўцякалі:

7 агарнуў іх там страх і пакута, быццам боль парадзіху;

8 усходнім ветрам разьбіў Ты Тарсіскія караблі.

9 Як мы чулі, так і ўбачылі ў горадзе Госпада сілы, у горадзе Бога нашага; Бог уцьвердзіць яго навечна. <Сэла>

10 Разважалі мы, Божа, пра добрасьць Тваю пасярод храма Твайго.

11 Як імя Тваё, Божа, так і слава Твая да краю зямлі; правіца Твая поўная праўды.

12 Хай весяліцца гара Сіён, хай радуюцца дочкі юдэйскія дзеля судоў Тваіх, Госпадзе.

13 Атачэце Сіён, і абступеце яго; палічэце ягоныя вежы;

14 Зьвярнеце сэрца ваша на ўмацаваньні ягоныя; разгледзьце будынкі ягоныя, каб расказаць пакаленьню наступнаму,

15 бо гэты Бог ёсьць Бог наш на векі вечныя; Ён будзе павадыром нам да самае сьмерці.

 

Псальма 48

 

Казань пра неразумнасьць надзеі на багацьце

 

Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. Псальма.

2 Слухайце гэта, усе народы; уважайце гэтаму ўсе, хто жыве на сьвеце,

3 і простыя, і знакамітыя, багаты, гэтак сама і бедны;

4 вусны мае вымавяць мудрасьць, а развагі сэрца майго - веданьне.

5 Нахілю вуха маё да прыпавесьці; адкрыю загадку маю на арфе:

6 «чаго мне баяцца ў дні бедства, калі абчэпіць мяне злосьць шляхоў маіх беззаконных»,

7 якія надзею кладуць на багацьце і сваімі дастаткамі хваляцца?

8 Чалавек ня выкупіць брата свайго ніяк і за яго ня дасьць выкупу Богу;

9 бо выкуп за душы іхнія дарагі, і ня будзе таго вавек,

10 каб застаўся хто жыць назаўсёды і ня ўбачыў магілы.

11 Кожны бачыць, што і мудрыя паміраюць, як і невукі і бязглуздыя гінуць, пакідаюць маёмасьць сваю іншым.

12 У думках у іх, што хаты іхнія вечныя, і што харомы іхнія з роду да роду, і землі свае яны называюць сваімі імёнамі.

13 Ды не застанецца ў пашане чалавек, падобна жывёле, якая гіне.

14 Такая дарога іхняя ёсьць іхняя неразумнасьць, хоць за імі ідуць тыя, што думку іхнюю ўхваляюць. <Сэла>

15 Як авечак, у апраметную іх зьвядуць: сьмерць будзе іх пасьвіць, а раніцай праведнікі запануюць над імі; сіла іхняя вычарпаецца; магіла - жытлішча іхняе.

16 Але вызваліць Бог душу маю ад улады сьмяротнага краю, калі прыме мяне. <Сэла>

17 Ня бойся, калі чалавек багацее, калі слава дома ягонага множыцца:

18 бо, памерлы, нічога з сабою ня возьме; ня пойдзе за ім слава ягоная,

19 хоць пры жыцьці ён душы сваёй патураў, і ўслаўляюць цябе, калі ты сабе робіш дабро,

20 але ён пойдзе да роду бацькоў сваіх, якія ніколі ня ўбачаць сьвятла.

21 Чалавек у пашане, але неразумны, падобны да жывёлы, якая гіне.

 

Псальма 49

 

Суд Божы. Шчырая і фальшывая пабожнасьць

 

Псальма Асафава.

Бог над багамі, Гасподзь, прамовіў, і заклікае зямлю, ад усходу сонца да захаду.

2 Зь Сіёна, які ёсьць карона красы, зьяўляецца Бог,

3 ідзе Бог наш - і не маўчыць: перад ім вагонь пажыральны, а вакол Яго моцная бура.

4 Ён заклікае нябёсы згары, і зямлю - народ Свой судзіць:

5 «зьбярэце Мне пабожных Маіх, што пры ахвяры склалі са мной запавет».

6 І абвесьцяць нябёсы праўду Ягоную; бо судзьдзя гэты - Бог.

7 Слухай, народзе Мой, буду Я прамаўляць, Ізраіле! буду Я сьведчыць супроць цябе: Я - Бог, твой Бог.

8 Не за ахвяры твае Я дакарацьму цябе; цэласпаленьні твае заўжды прада Мною,

9 не вазьму цяляці з дома твайго, ні казлоў з кашараў тваіх;

10 бо Мае ўсе зьвяры ў лесе, і быдла на тысячы гор,

11 ведаю ўсё птаства ў гарах і зьвер польны прада Мною.

12 Калі б Я быў галодны, дык не сказаў бы табе; бо Мой сусьвет і ўсё, што яго напаўняе.

13 Ці ем Я валовае мяса, і ці п'ю Я казьліную кроў?

14 Прынясі Богу ў ахвяру падзяку, і выконвай твае абяцаньні Ўсявышняму,

15 і пакліч Мяне ў дзень смутку; Я ўратую цябе, і ты ўславіш Мяне.

16 А грэшніку кажа Бог: чаго прапаведуеш ты ўстанаўленьні Мае і бярэш Мой запавет у вусны твае,

17 а сам ненавідзіш Маё настаўленьне, і словы Мае за сябе адкідаеш?

18 Калі бачыш ты злодзея, лагодзішся зь ім, і зь пералюбцамі стасункуешся,

19 вусны твае пускаеш на слова ліхое і язык твой хітрыну пляце;

20 сядзіш і на брата твайго намаўляеш, на сына маці тваёй паклёпы пускаеш;

21 ты гэта рабіў, і Я маўчаў; ты падумаў, што Я такі самы, як ты. Выкрыю цябе, і пакажу вачам тваім грахі твае.

22 Зразумейце гэта вы, хто забывае Бога, каб Я не забраў вас, бо ня будзе каму ратаваць.

23 Хто ў ахвяру падзяку прыносіць, той шануе Мяне, і хто на дарогі свае зважае, таму пакажу Я Божы ратунак!

 

Псальма 50

 

Пакайная псальма

 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава,

2 калі да яго прыходзіў прарок Натан пасьля таго, як Давід увайшоў да Вірсавіі.

3 Зьлітуйся, Божа, зь мяне ў вялікай ласцы Тваёй, і ў мностве шчадротаў Тваіх загладзь беззаконьні мае!

4 Адмый мяне шматкроць ад беззаконьня майго, і ад грэху майго ачысьці мяне:

5 бо беззаконьне маё я ўсьведамляю, і грэх мой заўсёды перада мною.

6 Табе, Табе аднаму я зграшыў і прад вачыма Тваімі благое ўчыніў: таму справядлівы Ты будзеш у прысудзе Тваім, і чысты ў судзе Тваім.

7 Вось, я ў беззаконьні зачаты, і ў грэху маці мая нарадзіла мяне.

8 Вось, палюбіў Ты праўду ў сэрцы і ўліў у мяне тайную мудрасьць.

9 Акрапі мяне ісопам, і ачышчуся: абмый мяне, і бялей за сьнег адбялюся.

10 Дай мне ўцеху пачуць і радасьць, і ўзрадуюцца косьці, Табою паламаныя.

11 Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і загладзь усе беззаконьні мае.

12 Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа, і дух справядлівы аднаві ўва мне.

13 Не адкінь мяне ад аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога не адбірай у мяне.

14 Вярні мне радасьць збавеньня Твайго, і Духам Уладным мяне падтрымай.

15 Я навучу беззаконцаў дарогам Тваім, і бязбожныя да Цябе навернуцца.

16 Вызваль мяне ад крывавасьці, Божа, Божа ратунку майго; і язык мой уславіць праўду Тваю.

17 Госпадзе! адкрый вусны мае, і вусны мае прагалосяць славу Табе:

18 бо калі б ахвяры Ты пажадаў, я даў бы яе; цэласпаленьне Табе не падабаецца.

19 Ахвяра Богу - дух упакораны; сэрца ўпакоранае і зьміранае Бог ня зьнішчае.

20 Ушчасьліві, Госпадзе, добрай воляй Тваёю Сіён, і хай паўстануць муры Ерусалімскія.

21 Тады ўпадабаеш Ты ахвяру праўды, прынашэньні і цэласпаленьні; тады пакладуць на алтар Твой цялят.

 

Псальма 51

 

Доля грэшніка

 

Кіроўцу хору. Вучэньне Давідава.

2 пасьля таго, як прыходзіў Доік Ідумэянін, і данёс Саўлу, і сказаў яму, што Давід прыйшоў у дом Ахімэлэхаў.

3 Чаго хвалішся злачынствам, магутны? Ласка Божая заўжды са мною;

4 твой язык наклікае пагібель; як брытва навостраная ён у цябе, падступнік!

5 Ты болей любіш зло, чым дабро, а няпраўду болей за праўду казаць; <Сэла>

6 ты любіш усякія шкадлівыя словы, язык аблудны.

7 За гэта Бог зруйнуе цябе дарэшты, выкіне цябе і вырве цябе зь сялібы тваёй і корань твой зь зямлі жывых. <Сэла>

8 Убачаць праведнікі і напалохаюцца; пасьмяюцца зь іх і скажуць:

9 вось чалавек, які ня ў Богу закладваў цьвярдыню сваю, а спадзяваўся на мностьва багацьця свайго, мацаваўся ў злачынстве сваім.

10 А я, як аліва зялёная, у доме Божым; і надзею кладу на міласьць Божую на векі вечныя,

11 вечна буду славіць Цябе за тое, што Ты ўчыніў, і на Тваё спадзявацца імя, бо яно добрае перад сьвятымі Тваімі.

 

Псальма 52

 

Неразумнасьць і бязбожнасьць людзей

 

Кіроўцу хору. На духавым інструмэньце. Навучальная псальма Давідава.

2 Сказаў шаленец у сэрцы сваім: няма Бога. Разбэсьціліся яны, і ўчынілі гнюсныя злачынствы; няма дабрачынца.

3 Бог зь нябёсаў паглядзеў на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць той, хто разумее, шукае Бога.

4 Усе ўхіліліся, зрабіліся аднолькава непатрэбнымі; ніхто ня робіць дабра, ніхто аніводзін.

5 Няўжо ня ўрымсьцяцца беззаконьнікі, якія народ мой ядуць, быццам хлеб ядуць, і не заклікаюць Бога?

6 Там страхам яны напалохаюцца, дзе страху няма, бо рассыпле Бог косткі таго, хто супраць Цябе ўзбурыўся, Ты іх пасароміш, бо іх Бог заняхаіў.

7 Хто дасьць з Сіёна ратунак Ізраілю? Калі Бог скасуе палон народу Свайго, тады зарадуецца Якаў і ўзьвесяліцца Ізраіль.

 

Псальма 53

 

Малітва пакутніка

 

Кіроўцу хору. На струнных. Вучэньне Давідава,

2 калі прыйшлі Зіфэі і сказалі Саўлу: «ці ня ў вас хаваецца Давід?»

3 Божа! імем Тваім уратуй мяне, і сілаю Тваёю судзі мяне.

4 Божа! пачуй малітву маю; уваж словам вуснаў маіх,

5 бо на мяне чужыя паўсталі, і дужыя шукаюць душы мае; яны ня маюць Бога перад сабою. <Сэла>

6 Вось, Бог мой памочнік; Гасподзь мацуе душу маю.

7 Ён за зло ворагаў маіх пакарае; ісьцінай Тваёю зьнішчыць іх.

8 Я рупліва ахвяру Табе прынясу, праслаўлю імя Тваё, Госпадзе, бо яно добрае,

9 бо Ты выбавіў мяне ад усіх нягодаў, і на воргаў глядзела вока маё.

 

Псальма 54

 

Малітва ў страху і трымценьні

 

Кіроўцу хору. На струнных інструмэнтах. Вучэньне Давідава.

2 Пачуй, Божа, малітву маю, і ад маленьня майго не хавайся;

3 уваж мне і пачуй мяне; я стагну ў гароце маёй і бянтэжуся

4 ад крыку варожага, ад уціску бязбожнага; бо яны мне накідаюць беззаконьне і ў гневе супроць мяне варагуюць.

5 Сэрца маё трапеча ўва мне і сьмяротныя страхі мяне ахапілі;

6 страх і жудасьць мяне агарнулі, і вусьцішна мне.

7 І сказаў я: «Хто даў бы мне крылы, як у голуба? Я паляцеў бы і супакоіўся;

8 далёка заляцеў бы, і ў пустыні застаўся б; <Сэла>

9 пасьпяшаўся б схавацца ад буры й віхуры».

10 Разладзь, Госпадзе, і падзялі языкі іхнія, бо я гвалт і нязгоду ў горадзе бачу;

11 удзень і ўначы яны ходзяць навокал па ягоных мурах; зладзействы і бедствы ў ім;

12 сярод яго згуба; ашука і подступ ня сыходзяць з вуліц ягоных:

13 бо ня вораг мяне кляне, - гэта я ператрываў бы; не ненавісьнік мой узьвялічваецца нада мною - ад яго я схаваўся б;

14 а ты, хто быў мне тым, што і сам я сабе, сябар мой і паплечнік мой,

15 з кім мы шчырыя гутаркі мелі і разам хадзілі ў дом Божы.

16 Хай іх сьмерць ня міне; хай сыдуць яны жывыя ў пекла; бо злачынства ў сялібах іхніх, у іхнім сэрцы,

17 я ж паклічу Бога, і Гасподзь мяне выратуе.

18 Увечары і раніцай і апоўдні я буду маліць і прасіць, і Ён пачуе мой голас;

19 выбавіць душу маю ў спакоі ад тых, хто на мяне паўстае; бо іх многа ў мяне;

20 Бог выслухае, і суцешыць іх Той, Хто адвеку сядзіць на троне, <Сэла> бо няма ў іх перамены, і Бога яны не баяцца;

21 рукі свае паднялі на тых, якія зь імі ў міры, парушылі згоду сваю;

22 вусны ў іх гладкія, нібы масла, а ў сэрцы варожасьць у іх; словы іхнія лагаднейшыя за алей, а самі яны - мячы аголеныя.

23 Пакінь Госпаду клопат твой, і Ён падтрымае цябе. Ніколі ня дасьць Ён праведніку пахіснуцца.

24 Ты, Божа, зьвядзеш іх у яму пагібельную; крыважэрныя і падступныя не пражывуць палавіны дзён сваіх. А на Цябе, Госпадзе, спадзяюся.

 

Псальма 55

 

Малітва за збавеньне

 

Кіроўцу хору. Пра галубіцу маўклівую ў пустках далёкіх. Залатая псальма Давіда, калі Філістымляне схапілі яго былі ў Гэце.

2 Зьлітуйся, Божа, зь мяне. Бо чалавек хоча мяне праглынуць; кожнага дня на мяне нападаючы, уціскае мяне.

3 Цэлы дзень ворагі віжуюць за мною заўзята, многа іх паўстае на мяне, Усявышні!

4 Калі страх агартае мяне, я надзею кладу на Цябе.

5 У Богу я ўслаўлю слова Ягонае; на Бога надзею кладу, не баюся; што зробіць мне цела?

6 Кожнага дня пераварочваюць словы мае; усе іхнія намыслы супраць мяне - на ліхое:

7 зьбіраюцца, тояцца, сьлед мой высочваюць, каб улавіць душу маю.

8 Няўжо яны ўнікнуць адплаты за няпраўду сваю? У гневе адкінь, Божа, народы.

9 Палічыў Ты туляньні мае; пакладзі мае сьлёзы ў сасуд прад Табою, - ці ня ў кнізе яны Тваёй?

10 Ворагі мае ўцякаюць назад, калі я клічу Цябе; з гэтага я і даведваюся, што Бог за мяне.

11 У Богу я ўслаўлю слова Ягонае, у Госпадзе ўслаўлю слова Ягонае.

12 На Бога надзею кладу, не баюся; што зробіць мне чалавек?

13 На мне, Божа, прысягі Табе; Табе аддам ахвяры хвалы,

14 бо Ты збавіў душу маю ад сьмерці, і ногі мае ад спатыканьня, каб хадзіў я прад абліччам Божым у сьвятле жывых.

 

Псальма 56

 

Збавеньне Давіда ад Саўла

 

Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давіда, калі ён уцёк ад Саўла ў пячору.

2 Зьлітуйся, Божа, зь мяне, зьлітуйся; бо на Цябе спадзяецца душа мая, і ў цяні крылаў Тваіх я схаваюся, пакуль ня мінуцца нягоды.

3 Паклічу Бога Ўсявышняга, Бога, Які мне чыніць дабро;

4 Ён зь нябёсаў пашле, і ўратуе мяне; <Сэла> пасароміць таго, хто спрабуе мяне праглынуць, пашле Бог Сваю літасьць і праўду Сваю.

5 Душа мая сярод ільвоў; я ляжу сярод тых, што дыхаюць полымем, сярод сыноў чалавечых, чые зубы - як дзіды і стрэлы, чый язык - востры меч.

6 Будзь услаўлены вышэй за нябёсы, Божа, і над усёю зямлёю хай будзе слава Твая!

7 На ногі мае ўгатавалі сетку: душа мая панікла; выкапалі перада мною яму, і самі ўпалі ў яе. <Сэла>

8 Гатовае сэрца маё, Божа, гатовае сэрца маё: буду сьпяваць і славіць.

9 Паўстань, слава мая, паўстань, псалтыр і арфа! Я ўстану рана.

10 Славіць буду Цябе, Госпадзе, сярод народаў; славіць буду Цябе сярод плямёнаў,

11 бо да нябёсаў вялікая ласка Твая і ў пазахмар'і праўда Твая.

12 Узьнясіся вышэй за нябёсы, Божа, і над усёю зямлёю хай будзе слава Твая.

 

Псальма 57

 

Пакараньне бязбожных

 

Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давідава.

2 Няўжо-такі праўду вы кажаце, судзьдзі, няўжо справядліва судзіце, сыны чалавечыя?

3 Пакідаеце крыўды на сэрцы, кладзяце на вагі злачынствы рук вашых на зямлі.

4 З нараджэньня свайго адступіліся вы, бязбожныя; ад улоньня маці сваёй заблудзіліся, кажучы ману.

5 Яд у іх - нібыта яд зьмяіны, як атрута гадзюкі глухое, што вушы свае затуляе

6 і ня чуе голасу заклінача, самага спраўнага ў заклёнах.

7 Божа! скрышы ім зубы ў іхніх вуснах; разьбі, Госпадзе, сківіцы львам!

8 Няхай зьнікнуць, як вада цякучая; калі напнуць стрэлы, хай яны паламаюцца.

9 Няхай счэзнуць, як сьлімак, які ў сьлізі сваёй распускаецца; няхай сонца ня бачаць, як скідзень у жанчыны.

10 Пакуль гаршкі вашы пачуюць распалены цёрн, - няхай вецер яго разьнясе, ці сьвежае, а ці спаленае!

11 А праведны ўсьцешыцца; помсту пабачыўшы, у крыві бязбожнага ступакі ён абмые!

12 І скажа чалавек: «Сапраўды ёсьць плод справядліваму! Сапраўды ёсьць Бог - судзьдзя на зямлі!»

 

Псальма 58

 

Давідава за збавеньне ад Саўла

 

Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давіда, калі Саўл паслаў пільнаваць дом ягоны, каб забіць яго.

2 Вызваль мяне ад маіх ворагаў, Божа мой! абарані мяне ад тых, што на мяне паўстаюць.

3 вызваль мяне ад злачынцаў; уратуй ад крыважэрных,

4 бо вось, яны цікуюць за душою маёю; на мяне зьбіраюцца дужыя, не за правіну маю і не за грэх мой, Госпадзе;

5 бязь віны маёй зьбягаюцца і зброю рыхтуюць; паўстань мне на дапамогу, і паглядзі.

6 Ты, Госпадзе, Божа сілы, Божа Ізраілеў, паўстань, каб наведаць усе народы, не шкадуй нікога зь бязбожных беззаконьнікаў: <Сэла>

7 увечары вяртаюцца яны, як сабакі скуголяць, і вакол горада ходзяць:

8 вось, яны вырыгаюць нагану сваім языком; у іхніх вуснах - мечы: «бо», думаюць, «хто чуе?».

9 Але Ты, Госпадзе, зь іх пасьмяешся; Ты пасароміш усе народы.

10 Сіла - у іх, але я да Цябе іду, бо Бог - мой заступнік.

11 Бог мой, Які любіць мяне, папярэдзіць мяне; Бог дасьць мне глядзець на ворагаў маіх.

12 Не забівай іх, каб не забыўся народ мой; разьвей іх сілаю Тваёю, і скінь іх, Госпадзе, наш абаронца.

13 Слова іхняга языка ёсьць грэх іхніх вуснаў; няхай пыхай сваёю яны зловяцца, за прысягу і за ману, якую яны вымаўляюць.

14 У гневе іх зьнішчы, зьнішчы, каб прапалі яны; і хай ведаюць, што Бог валадарыць над Якавам аж да краю зямлі.

15 Хай вяртаюцца ўвечары, як сабакі скуголяць, і вакол горада ходзяць;

16 хай бадзяюцца, ежу шукаюць, і ў нянасыці ночы праводзяць.

17 А я буду славіць сілу Тваю і з самае раніцы ласку Тваю абвяшчаць; бо Ты быў аслонаю мне і сховам у дзень майго бедства.

18 Сіла мая! Цябе буду я апяваць; бо Бог - мой заступнік, Бог мой, Які любіць мяне.

 

Псальма 59

 

Малітва за збавеньне Ізраіля

 

Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шушан-Эдут. Залатая псальма Давідава для навучаньня,

2 калі ён ваяваў зь Сірыяй Месапатамскай і зь Сірыяй Цаванскай, і калі Ёаў, вяртаючыся, перамог дванаццаць тысяч Ідумэяў у даліне Салянай.

3 Божа! Ты нас адкінуў, Ты паглуміў нас, угневаўся Ты; вярніся да нас,

4 Ты зямлю скалануў, разьбіў яе: загаі разломы яе, бо яна хістаецца.

5 Ты даў народу Твайму зьведаць жорсткае, напаіў нас віном зьдзіўленьня.

6 Дай сьцяг тым, хто баіцца Цябе, каб яны паднялі яго дзеля ісьціны, <Сэла>

7 каб вызваліліся аблюбенцы Твае; уратуй правіцай Тваёю, і пачуй мяне.

8 Бог сказаў у сьвятыні Сваёй: «перамагу, - падзялю Я Сіхем, і даліну Сукот абмераю;

9 Мой Галаад, Мой Манасія, Яфрэм крэпасьць Маёй галавы, Юда скіпетр Мой,

10 Мааў умывальная шаля Мая; на Эдом абуткам кіну Маім». Кліч мяне, зямля Філістымская!

11 Хто ўвядзе мяне ў горад умацаваны? Хто давядзе мяне да Эдома?

12 Ці ня Ты, Божа, Які нас адкінуў, і ня выходзіш, Божа, з войскам нашым?

13 Дай дапамогу нам ва ўціску, бо дапамога людзкая - марнота.

14 З Богам мы выявім сілу; Ён скіне ворагаў нашых.

 

Псальма 60

 

Малітва прыгнечанага цара

 

Кіроўцу хору. На струнным інструмэньце. Псальма Давідава.

2 Пачуй, Божа, мой лямант, уваж малітве маёй,

3 ад краю зямлі заклікаю Цябе ў заняпаласьці сэрца майго; узьвядзі мяне на скалу, недасягальную мне,

4 бо Ты апора мая, Ты моцная абарона ад ворага.

5 Хай жыцьму я вечна ў сялібе Тваёй, і ўпакоюся пад покрывам крылаў Тваіх,

6 бо Ты, Божа, пачуў абяцаньні мае і даў мне спадчыну тых, хто баіцца Твайго імя.

7 Памнож цару дні на дні, гады падоўжы яму - з роду ў род,

8 няхай жыцьме ён прад Богам вечна; накажы мілажалю і праўдзе ахоўваць яго.

9 І я сьпяваць буду імю Твайму вечна, абяцаньні мае выконваць дзень у дзень.

 

Псальма 61

 

Поўная надзея

 

Кіроўцу хору Ідутумавага. Псальма Давідава.

2 Толькі ў Богу душа мая суцяшаецца; ад Яго выратаваньне маё.

3 Толькі Ён - цьвярдыня мая, ратунак мой, сховы мае: не пахіснуся болей.

4 Дакуль будзеце налягаць на чалавека? Абвалены будзеце вы, усе вы, як сьцяна нахіленая, як плот расхістаны.

5 Яны скінуць яго з вышыні намысьлілі, ашукаю скарысталіся; вуснамі дабраслаўляюць, а ў сэрцы сваім клянуць. <Сэла>

6 Толькі ў Богу, душа мая, супакойвайся! бо на Яго ўся надзея мая.

7 Толькі Ён - цьвярдыня мая і ратунак мой, сховы мае: не пахіснуся.

8 У Богу выратаваньне маё і слава мая; скала сілы маёй і надзея мая ў Богу.

9 Народзе! на Яго спадзявайся ўвесь час; сэрца маё прад Ім вылівайце: Бог - нам прыстанішча.

10 Сыны чалавечыя - марнасьць адна; сыны мужоў - ашуканства; калі іх пакласьці на вагі, усе яны разам лягчэйшыя за пустату.

11 Не спадзявайцеся на рабункі, і не выхваляйцеся крадзяжом; калі багацьце множыцца, ня хілецеся да яго сэрцам.

12 Аднойчы сказаў Бог, і двойчы я гэта пачуў, што сіла - у Богу,

13 і ў Цябе, Госпадзе, міласьць, бо Ты плаціш кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.

 

Псальма 62

 

Прага быць з Богам

 

Псальма Давідава, калі ён быў у пустыні Юдэйскай.

2 Божа! Ты Бог мой, Цябе я шукаю ад золку; Цябе прагне душа мая, па Табе маё цела тужыць у зямлі пустой, высахлай і бязводнай,

3 каб бачыць сілу Тваю і славу Тваю, як бачыў Цябе ў сьвятыні:

4 бо ласка Твая лепшая за жыцьцё. Уславяць вусны мае Цябе.

5 Так дабраслаўлю Цябе ў жыцьці маім; у імя Тваё рукі мае падыму.

6 Як лоем і алеем душа мая насычаецца, і радасным голасам вусны мае Цябе славяць,

7 калі ўспамінаю Цябе я на ложку маім, думаю пра Цябе ў часіну начную,

8 бо Ты дапамога мая, і ў цяні крылаў Тваіх я парадуюся;

9 Душа мая да Цябе прыляпілася; правіца Твая трымае мяне.

10 А тыя, што шукаюць пагібелі душы маёй, сыдуць у апраметную зямлі;

11 паб'юць іх сілаю меча; стануць здабычаю лісаў;

12 а цар усьцешыцца ў Богу, будзе ўслаўлены кожны, хто Яму прысягае, бо замкнуцца вусны ў тых, што гавораць няпраўду.

 

Псальма 63

 

Малітва за дапамогу Божую супроць тайных ворагаў

 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2 Пачуй, Божа, голас мой у малітве маёй; ад страху ворага душу маю аслані.

3 Ахавай мяне ад намыслаў падступных, ад бунту злыдняў,

4 якія язык свой навастрылі, як меч; напнулі лук свой - слова зьедлівае,

5 каб употай страляць у беззаганнага; яны зьнянацку страляюць па ім, і не баяцца.

6 Яны ўмацавалі сябе ў намеры ў ліхім; змовіліся таемна сеткі паставіць; казалі: хто іх убачыць?

7 Яны крыўды шукаюць, віжуюць і сочаць і падкопваюцца да нутра чалавечага і да глыбіняў сэрца.

8 Але Бог паб]е іх стралою: зьнянацку будуць яны пацэлены.

9 Языком сваім яны заб'юць самі сябе; усе, хто іх бачыць, адыдуць ад іх.

10 І збаяцца ўсе людзі, і абвесьцяць дзею Божую, і зразумеюць, што гэта дзея Яго.

11 А праведны ўзьвесяліцца ў Богу і на Яго спадзявацца будзе; і пахвалены будуць усе справядлівыя сэрцам!

 

Псальма 64

 

Сіла і даброць Божая

 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава для сьпяваньня.

2 Табе, Божа, належыць хвала на Сіёне, і Табе будзе дадзена абяцаньне ў Ерусаліме.

3 Ты чуеш малітву; да Цябе ўсё жывое прыходзіць.

4 Учынкі грахоўных адольваюць мяне. Ты ачысьціш злачынствы нашыя.

5 Дабрашчасны, каго Ты абраў і наблізіў, каб ён жыў у сялібах Тваіх. Насыцімся дабром дома Твайго, сьвятога храма Твайго.

6 Страшны ў правасудзьдзі, пачуй нас, Божа, Ратаўнік наш, надзея ўсіх канцоў зямлі і ўсіх, хто далёка ў моры,

7 Ты, Хто горы паставіў сілаю Сваёю, магутнасьцю аперазаны,

8 Хто таймуе гул мораў, плёскат іхніх хваляў, і бунт народаў!

9 І забаяцца азнакаў Тваіх жыхары ўсіх канцоў зямлі. І ранак і вечар абудзіш на славу Тваю.

10 Ты наведваеш сушу і спатольваеш смагу яе, шчодра яе ўзбагачаеш: паток Божы поўны вады; Ты яе збожжа гатуеш, бо так яе зладзіў;

11 Ты поіш барозны яе, раўняеш камлыгі яе, пульхніш яе кроплямі дажджу, дабраслаўляеш расьліннасьць яе;

12 вянчаеш лета даброці Тваёй, і сьцежкі Твае кроплямі тлушчу цякуць;

13 цякуць на пустэльныя пашы, і пагоркі радасьцю апяразваюцца,

14 лугі апранаюцца ў статкі, і даліны ўкрываюцца збажыною, гукаюць яны і сьпяваюць.

 

Псальма 65

 

Песьня падзякі

 

Кіроўцу хору. Песьня

1 Клікніце Богу, уся зямля.

2 Сьпявайце славу імю Ягонаму; гонар славе Ягонай, хвала Яму.

3 Скажэце Богу: грозны Ты ў дзеях Тваіх! У вялікай сіле Тваёй упакорацца Табе ворагі Твае.

4 Хай паклоніцца Табе ўся зямля і сьпявае Табе, хай сьпявае імю Твайму, Усявышні! <Сэла>

5 Прыйдзеце і гляньце на дзеі Бога, грознага ў дзеях супроць сыноў чалавечых.

6 Ён мора ў сушу ператварыў: раку перайшлі нагамі; там радасьць была нам у Ім.

7 Магутнасьцю Сваёю ўладарыць Ён вечна; вочы Ягоныя глядзяць на народы, хай ня ўзносяцца бунтаўшчыкі. <Сэла>

8 Дабраславеце, народы, Бога нашага і ўзнясеце славу Яму.

9 Ён жыцьцё захаваў душы нашай, і назе нашай ня даў пахіснуцца.

10 Ты нас выпрабаваў, Божа, ператапіў нас, як топяць срэбра.

11 Ты ўвёў нас у сетку, аковы паклаў нам на сьцёгны нашыя,

12 пасадзіў чалавека на галаву нам. Мы ўвайшлі ў вагонь і ў ваду, і Ты вывеў нас на волю.

13 Увайду ў дом Твой з цэласпаленьнямі, аддам Табе зарукі мае,

14 якія вымавілі вусны мае і сказаў язык мой у скрусе маёй.

15 Цэласпаленьні тлустыя прынясу я Табе, з дымам ахвярным з авечага лою; ахвярую валоў і казлоў. <Сэла>

16 Прыйдзеце, паслухайце ўсе, богабаязныя, і я абвяшчу вам, што стварыў Ён душы маёй.

17 Я паклікаў Яго вуснамі маімі і ўславіў Яго языком маім.

18 Калі б угледзеў я беззаконьне ў сэрцы маім, дык не пачуў бы мяне Гасподзь.

19 Але Бог пачуў, уважыў голасу маленьня майго.

20 Дабраславёны Бог, Які не адкінуў малітвы маёй і не адвярнуў ад мяне ласкі Свае.

 

Псальма 66

 

Малітва за ўсе народы

 

Кіроўцу хору. На струнных інструмэнтах. Псальма. Песьня.

2 Божа! будзь літасьцівы да нас і дабраславі нас, асьвятлі нас абліччам Сваім, <Сэла>

3 каб мы спазналі на зямлі дарогу Тваю, ва ўсіх народах выратаваньне Тваё.

4 Хай уславяць народы Цябе, Божа; хай уславяць усе народы Цябе.

5 Хай весяляцца і радуюцца плямёны; бо Ты судзіш народы справядліва і кіруеш на зямлі плямёнамі.

6 Хай уславяць народы Цябе, Божа, хай уславяць усе народы Цябе.

7 Зямля дала плод свой: хай дабраславіць нас Бог, Бог наш.

8 Хай дабраславіць нас Бог, і хай збаяцца Яго ўсе межы зямлі.

 

Псальма 67

 

Гасподзь - Бог усёй зямлі

 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Песьня.

2 Няхай паўстане Бог - і расьсеюцца ворагі Ягоныя, і хай ад аблічча Ягонага ўцякуць Яго ненавісьнікі!

3 Як дым разьвейваецца, так іх разьвей; як топіцца воск ад вагню, так бязбожнікі прад абліччам Божым хай загінуць!

4 А праведнікі хай узрадуюцца і ўсьцешацца прад Богам, і ўзьвесяляцца ў радасьці.

5 Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце імю Ягонаму, праслаўляйце Таго, Хто па нябёсах ідзе; Гасподзь імя Яму, - і прад абліччам Ягоным радуйцеся.

6 Сіротам Бацька і ўдовам судзьдзя Бог у сьвятой сялібе Сваёй!

7 Бог самотных уводзіць у дом, вызваляе вязьняў з кайданаў; а непакорлівыя застаюцца ў скварнай пустыні.

8 Божа! калі Ты выходзіў перад народам Тваім, калі Ты ішоў па пустыні, <Сэла>

9 зямля скаланалася, нават нябёсы плавіліся, ад аблічча Божага, і гэты Сінай - ад аблічча Бога, Бога Ізраілевага.

10 Шчодры дождж праліваў Ты, Божа, на Тваю спадчыну, і калі яна зьнемагала ад працы, Ты падмацоўваў яе.

11 Народ Твой там жыў; з даброці Тваёй, Божа, ты ўдзяляў беднаму.

12 Гасподзь дасьць слова: зьвястунак вялікае мноства.

13 «Цары войска ўцякаюць, уцякаюць, а тая, што дома сядзіць, дзеліць здабычу.

14 Калі спачываеце вы ў сваіх вотчынах, вы - як галубіца, у якое крылы срэбрам пакрытыя, а пёры чыстым золатам:

15 калі Ўсемагутны расьсеяў цароў на гэтай зямлі, яна забялела, быццам сьнег на Сэлмоне.

16 Гара Божая! - гара Васанская! гара высокая - гара Васанская!

17 Што ж вы зайздросьліва глядзіце, горы высокія, на гару, на якой Бог з добрай волі жыве, і Гасподзь жыцьме вечна!

18 Калясьніц Божых процьма, тысячы тысяч сярод іх; сярод іх Гасподзь на Сінаі, у сьвятыні.

19 Ты ўзышоў на вышыню, запалоніў палон, прыняў дары дзеля людзей, каб і адступнікі жыць маглі ў Госпада Бога.

20 Дабраславёны Бог кожны дзень, Бог ускладае на нас цяжар, але Ён і ратуе нас.

21 Бог нам - Бог на ратаваньне; <Сэла> ва ўладзе Госпада Ўладыкі брама сьмерці.

22 Але Бог патрушчыць голаў ворагам Сваім, валасатае цемя таго, хто ў грахах сваіх закасьцянеў.

23 Гасподзь сказаў: ад Васана вярну, выведу з прадоньня марскога,

24 каб ты апусьціў нагу тваю, як сабакі твае язык свой, у кроў ворагаў.

25 Бачылі шэсьце Тваё, Божа, шэсьце Бога майго, Цара майго ў сьвятыні:

26 наперадзе йшлі сьпевакі, ззаду ішлі музыкі, пасярэдзіне дзевы з тымпанамі:

27 «Дабраслаўляйце Бога Госпада на сходах, вы - ад семені Ізраілевага!»

28 Там Веньямін малодшы - іхні князь; князі Юдавы - уладыкі іхнія; князі Завулонавы, князі Нэфталімавы.

29 Бог твой наказаў табе сілу. Умацуй, Божа, тое, што Ты зрабіў нам!

30 Дзеля храма Твайго ў Ерусаліме цары прынясуць Табе дары.

31 Утаймуй зьвера ў трысьнягу, - статак валоў сярод цялят народаў, якія хваляцца зьліткамі срэбра; рассып народы, што бітваў прагнуць.

32 Прыйдуць вяльможы з Егіпта; Эфіопія рукі свае працягне да Бога.

33 Царствы зямныя! сьпявайце Богу, услаўляйце Госпада,

34 Які крочыць на нябёсах нябёсаў спрадвеку. Вось, Ён дае голасу Свайму голас моцы.

35 Узьнясеце славу Богу! веліч Ягоная - на Ізраіле, і магутнасьць Ягоная - на аблоках.

36 Грозны Ты, Божа, у Сьвятыні Тваёй. Бог Ізраілеў - Ён дае сілу і моц народу Свайму. Дабраславёны Бог!

 

Псальма 68

 

Месіянская псальма - малітва за збавеньне

 

Кіроўцу хору. На шошаніме. Псальма Давідава.

2 Ратуй мяне, Божа; бо воды дайшлі да душы маёй.

3 Я заграз у глыбокай багне, і няма на чым стаць; увайшоў у глыбіні водаў, і хуткая плынь іх панесла мяне.

4 Я зьнямог ад крыку; засьмягла горла маё; стаміліся вочы мае, выглядаючы Бога майго.

5 Тых, што ненавідзяць мяне бязь віны, болей, чым валос на маёй галаве: ворагі мае, што бязьвінна мяне перасьледуюць, набраліся сілы; чаго я не адбіраў, тое мушу аддаць.

6 Божа! Ты ведаеш дурасьць маю, і грахі мае ад цябе не схаваны.

7 Хай не пасаромяцца празь мяне тыя, што на Цябе спадзяюцца, Госпадзе, Божа сілы. Хай не пасаромяцца празь мяне тыя, што шукаюць Цябе, Божа Ізраілеў;

8 бо дзеля Цябе я цярплю зьнявагу, і ганьбаю пакрываюць аблічча маё.

9 Счужынеў я братам маім, чужынцам зрабіўся сынам маці маёй,

10 бо клопат па доме Тваім пажырае мяне, і ліхаслоўе тых, што Цябе ліхасловяць, падае на мяне,

11 і постам выплакаў я душу маю, і гэта робяць зьнявагаю мне.

12 І замест вопраткі я на сябе нацягнуў валасяніцу - і раблюся ім прытчаю;

13 і пра мяне балабоняць, седзячы каля брамы, і сьпяваюць у песьнях тыя, што п'юць віно.

14 А я з малітвай маёю да Цябе, Госпадзе; у час добрай зычлівасьці, Божа, па вялікай даброці Тваёй, пачуй мяне ў праўдзе ратунку Твайго;

15 дастань мяне з багавіньня, каб не загразнуў я: хай я вызвалюся ад ненавісьнікаў маіх і ад глыбокіх водаў;

16 хай не пацягне мяне цячэньне вады, хай не паглыне мяне багна, хай не замкне нада мною прорва пашчы свае.

17 Пачуй мяне, Госпадзе, бо добрая міласьць Твая; у мностве шчадротаў Тваіх дагледзь мяне,

18 не хавай твару Твайго ад раба Твайго, бо я смуткую; хутка пачуеш мяне;

19 Наблізься да душы маёй, вызваль яе; дзеля ворагаў маіх уратуй мяне.

20 Ты ведаеш паганьбеньне маё, сорам мой і агуду маю; ворагі мае ўсе прад Табою.

21 Маё сэрца зламала агуда, і я зьнямогся; чакаў спагады, але няма яе - і спагадцаў, ды не знаходжу.

22 І далі мне за ежу жоўць, і ў смазе маёй воцатам напаілі мяне.

23 Няхай стане трапеза іхняя сеткаю ім, і мірнае застольле іхняе - пасткаю;

24 няхай запамрочацца іхнія вочы, каб ім ня бачыць, і сьцёгны расслабі ім назаўсёды;

25 вылі на іх лютасьць Тваю, і полымя гневу Твайго хай абдыме іх;

26 селішча іхняе няхай запусьцее, і ў палатках іхніх хай ніхто ня жыве,

27 бо, каго Ты забіў, яны яшчэ перасьледуюць, і пакуты Табою параненых памнажаюць.

28 Прыкладзі беззаконьне да іхняга беззаконьня, і хай ня ўвойдуць яны ў праўду Тваю;

29 няхай скрэсьлены будуць з кнігі жывых, і хай ня будуць запісаны з праведнымі.

30 А я бедны і пакутую; дапамога Твая, Божа, хай адродзіць мяне.

31 Я буду славіць імя Бога майго ў песьні, буду ўзьвялічваць яго праслаўленьнем,

32 і будзе гэта даспадобы Госпаду болей, чым вол, чым цяля з рагамі і з капытамі.

33 Угледзяць гэта спрагненыя, і зарадуюцца. І ажыве сэрца ваша, богашукальнікі;

34 бо Гасподзь чуе ўбогіх і не пагарджае вязьнямі Сваімі.

35 Хай праславяць Яго зямля і нябёсы, моры, і ўсё рухомае ў іх,

36 бо ўратуе Бог Сіён, створыць гарады Юдавыя, і паселяцца там, і ўспадкуюць яго,

37 і нашчадкі рабоў Ягоных умацуюцца ў ім, і тыя, што любяць імя Ягонае, сяліцца ў ім будуць.

 

Псальма 69

 

Зварот пра збавеньне ад ганіцеляў

 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава. На ўспамін.

2 Пасьпяшайся, Божа, вызваль мяне, пасьпяшайся, Госпадзе, на дапамогу мне.

3 Хай пасаромяцца і хай паганьбаваныя будуць усе, што шукаюць загубы душы маёй! Няхай адхіснуцца і абсьмяяныя будуць тыя, што зычаць мне ліха!

4 Няхай адхіснуцца за паганьбаваньне мяне і тыя, што кажуць мне: «добра! добра!».

5 Няхай радуюцца і весяляцца Табою ўсе, што Цябе шукаюць, і хто любіць збавеньне Тваё, хай кажуць заўсёды: вялікі Гасподзь!

6 А я гаротны і ўбогі: Божа, пасьпяшайся да мяне! Ты - дапамога мая і Збаўца мой; Госпадзе! не спазьніся.

 

Псальма 70

 

Малітва на схіле гадоў

 

На Цябе, Госпадзе, спадзяюся; хай ня буду вавек пасаромлены.

2 Праўдай Тваёй мяне вызвалі і выбаві; прыхілі вуха Тваё да мяне, і ўратуй мяне.

3 Будзь мне трывалым прыстанішчам, куды я заўсёды мог бы схавацца; Ты наказаў уратаваць мяне, бо цьвярдыня мая і моцнасьць мая - Ты.

4 Божа мой! вызвалі мяне з рук бязбожніка, з рук бязбожніка і прыгнятальніка.

5 Бо Ты - надзея мая, Госпадзе Божа, спадзяваньне маё зь юнацтва майго.

6 На Цябе апіраўся я быў ад улоньня; Ты вывеў мяне з чэрава маці маёй; Табе хвала мая ня спыніцца.

7 Многім я стаўся нібыта дзівам; але Ты - цьвёрдая надзея мая.

8 Няхай вусны мае хвалою напоўняцца, каб я Табе славу сьпяваў, кожны дзень апяваў Тваю веліч.

9 Не адкідай мяне на час старасьці; як пачне мая сіла слабнуць, не пакінь мяне,

10 бо ворагі мае супраць мяне змаўляюцца, і тыя, што цікуюць душу маю, - ладзяць нарады,

11 кажучы: «Бог яго кінуў; даганеце і схапеце яго; бо няма таго, хто б яго ўратаваў».

12 Божа! не аддаляйся ад мяне; Божа мой! пасьпяшайся мне на дапамогу.

13 Хай пасаромяцца і зьнікнуць супастаты душы маёй; хай сорам і ганьба пакрые тых, што зычаць мне ліха!

14 А я заўсёды буду на Цябе спадзявацца і памнажаць Тваю славу.

15 Вусны мае абвяшчацьмуць праўду Тваю, кожны дзень Твае добрыя дзеі; бо я ня ведаю ліку ім.

16 Буду славіць усемагутнасьць Госпада Бога; згадаю праўду Тваю - адзіна Тваю.

17 Божа! Ты навучаў мяне зь дзён маёй маладосьці, і да сёньня дзівосы Твае я абвяшчаю.

18 І да старасьці, і да сівізны не пакінь мяне, Божа, пакуль не абвяшчу Тваю сілу гэтаму роду і ўсім будучым магутнасьць Тваю.

19 Праўда Твая, Божа, да найвышэйшых; вялікія дзеі ўчыніў Ты; Божа, хто падобны да Цябе?

20 Ты пасылаў на мяне многія і лютыя беды, але і зноў ажыўляў мяне і зь бездані зямлі зноў выводзіў мяне.

21 Ты ўзвышаў мяне і суцяшаў мяне, і зь бездані зямлі выводзіў мяне.

22 І я буду славіць Цябе на псалтыры, Тваю праўду, Божа мой; буду Цябе апяваць на арфе, Сьвяты Ізраілеў!

23 Радуюцца вусны мае, калі я сьпяваю Табе, і душа мая, якую Ты вызваліў;

24 і язык мой кожны дзень будзе абвяшчаць праўду Тваю, бо пасаромленыя, бо паганьбёныя тыя, што ліха шукаюць мне.

 

Псальма 71

 

Цар - Месія ў славе Сваёй

 

Пра Саламона. Псальма Давідава.

Божа! даруй цару Твой суд і сыну цара Тваю праўду,

2 няхай судзіць людзей Тваіх справядліва і ўбогіх Тваіх на судзе;

3 няхай прынясуць горы мір людзям і пагоркі праўду;

4 няхай судзіць убогіх народу, няхай выратуе сыноў убогага, і суйме прыгнятальніка, -

5 і будуць баяцца Цябе, пакуль будуць сонца і месяц, у роды родаў.

6 Ён сыдзе, як дождж на скошаны луг, як кроплі, што арашаюць зямлю;

7 У дні ягоныя праведнік будзе цьвісьці, і будзе вялікі спакой, пакуль ня спыніцца месяц:

8 ён будзе валадарыць ад мора да мора і ад ракі* да краёў зямлі;

9 упадуць перад ім жыхары пустыняў, і ворагі ягоныя будуць лізаць пыл;

10 цары Тарсіса і выспаў даніну яму паднясуць; цары Аравіі і Савы дары паднясуць;

11 і паклоняцца яму ўсе цары; усе народы служыцьмуць яму;

12 бо вызваліць ён убогага, што галосіць, і прыгнечанага, што дапамогі ня мае,

13 умілажаліцца з гаротніка ўбогага, і душы гаротнікаў уратуе;

14 ад хітрыны і гвалту вызваліць душы іхнія, і каштоўнаю будзе кроў перад вачыма ягонымі;

15 і будзе жыць, і будуць даваць яму золата Аравіі, і будуць маліцца за яго няспынна, кожнага дня дабраслаўляць яго;

16 на зямлі будзе шчодрае збожжа, наверсе гор; і плады ягоныя захвалююцца, быццам лес на Ліване, і ў гарадах размножацца людзі, як трава на зямлі;

17 будзе імя ягонае дабраславёнае навечна; пакуль сонца жыве, будзе перадавацца імя ягонае; і дабраславяцца ў ім усе плямёны зямныя, усе народы будуць злагоджваць яго.

18 Дабраславёны Гасподзь Бог, Бог Ізраілеў, адзіны, Хто творыць цуды,

19 і дабраславёнае імя славы Ягонае навечна, і напоўніцца славаю Яго ўся зямля. Амін і амін.

20 Скончыліся малітвы Давіда, сына Ясэевага.

 

 

КНІГА ТРЭЦЯЯ (72-88)

 

* Еўфрат

Псальма 72

 

Часовы дастатак бязбожных

 

Псальма Асафава.

Які добры Бог да Ізраіля, да чыстых сэрцам!

2 А я - ледзь ногі мае не пахіснуліся, ледзь падэшвы мае не пакаўзнуліся, -

3 я быў ліхім пазайздросьціў, як пабачыў дабрадзенства бязбожных,

4 бо няма ім цярпеньняў да самае сьмерці, і сіла моцная ў іх;

5 на працы людзкой іх няма, і разам зь людзьмі яны ўціску ня знаюць.

6 Вось таму іхняя пыха, як нашыйнік, абклала іх, і дзёрзкасьць, як убор, аблягае іх;

7 вылазяць ім вочы ад тлушчу, жаданьні ў сэрцы іхнім варушацца,

8 сьмяюцца яны з усяго; зласьліва паклёпы наводзяць; ганарыста гавораць;

9 вусны свае ўзносяць да неба, - а іхні язык па зямлі валачэцца.

10 Таму туды ж зьвяртаецца народ ягоны, і п'юць ваду поўнаю чараю

11 і кажуць: «як уведае Бог? і ці мае Ўсявышні веданьне?»

12 І вось гэтыя грэшнікі песьцяцца на гэтым сьвеце і памнажаюць багацьце.

13 І сказаў я: ці ж не дарма ачышчаў я сэрца маё і ў нянавісьці абмываў мае рукі,

14 і ўвесь дзень я цярплю ўдары, і кожнае раніцы кару прымаю?

15 Калі б я сказаў: буду так разважаць, як яны, - дык здрадзіў бы роду сыноў Тваіх.

16 І задумаўся я, як зразумець гэта; але цяжка яно ў вачах маіх,

17 пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і не зразумеў іхняга канца.

18 Так! на коўзкіх шляхах паставіў Ты іх, і скідаеш іх у прорвішчы.

19 Як зьнянацку яны ўвайшлі ў спусташэньне, згінулі, зьніклі ад жахаў!

20 Як сном пасьля абуджэньня, так Ты, Госпадзе, іх разбудзіўшы, зьнішчыш іхнія мроі.

21 Калі кіпела сэрца маё і трымцела нутрына мая,

22 быў я тады неразумны, нічога ня цяміў; як быдла быў я прад Табою.

23 Але заўжды я з Табою; Ты трымаеш мяне за правую руку:

24 Ты вядзеш мяне паводле радаў Тваіх, і потым у славу прымаеш мяне.

25 Хто мне на небе? і з Табою нічога не хачу на зямлі.

26 Зьнемагае цела маё і сэрца маё; Бог - цьвярдыня сэрца майго і частка мая навечна,

27 бо вось гінуць усе, хто збочвае ад Цябе; Ты нішчыш кожнага, хто ад Цябе адступаецца.

28 А мне добра набліжацца да Бога! На Госпада Бога паклаў я надзею маю, каб абвяшчаць усе дзеі Твае!

 

Псальма 73

 

Нараканьне на спусташэньне зямлі

 

Вучэньне Асафава.

Навошта, Божа, назаўсёды Ты нас адкінуў? распаліўся Твой гнеў на авечак пашаў Тваіх?

2 Успомні пра збор Твой, які Ты прыдбаў здавён, пра племя спадчыны Тваёй, якое Ты адкупіў, - пра гэту гару Сіён, на якой Ты пасяліўся.

3 Падымі Твае ногі да вечных руінаў: усё вораг разбурыў у сьвятыні.

4 Рыкаюць ворагі Твае сярод сходаў Тваіх, паставілі знакі свае замест нашых азнакаў;

5 выдавалі сябе падобнымі на таго, хто падымаў сякеру на перавітае вецьце дрэва;

6 і сёньня ўсе рэзьбы ў ім адным разам разьбілі яны сякерамі і бярдышамі;

7 сьвятыню Тваю на вагонь аддалі, сялібу Твайго імя дашчэнту заплямілі;

8 сказалі ў сэрцы сваім: «зруйнуем іх зусім!» - і спалілі ўсе мясьціны Божых сходаў на зямлі.

9 Азнакаў нашых мы ня бачым, няма больш прарока, і няма з намі таго, хто ведаў бы, дакуль гэта будзе.

10 Дакуль, Божа, вораг зьдзек чыніць будзе? ці вечна будзе агуднік імя Тваё ганіць?

11 Навошта ўхіляеш руку Тваю і правіцу Тваю? Зь сярэдзіны ўлоньня Твайго іх панішчы.

12 Божа, Цару мой адвеку, Ты чыніш ратаваньне пасярод зямлі!

13 Ты разьдзяліў сілаю Тваёю мора, Ты патрушчыў галовы зьмеям на водах;

14 Ты струшчыў галаву левіяфану, аддаў яго на ежу народу ў пустыні.

15 Ты выкрасаў паток і крыніцу, Ты высушыў рэкі вялікія.

16 Твой дзень і Твая ноч; падрыхтаваў Ты сьвяцілы і сонца;

17 Ты правёў усе межы зямлі, лета і зіму Ты ўтварыў.

18 Прыгадай жа: вораг Госпада зьневажае, і неразумныя людзі ганяць імя Тваё.

19 Не аддай зьвярам душы Тваёй галубіцы; сходаў убогіх Тваіх не забудзь назаўсёды.

20 Дагледзь запавет Твой, бо цямноты зямлі поўныя жытлішчамі гвалту.

21 Хай ня вернецца прыгнечаны ў сораме; гаротны і ўбогі хай славяць імя Тваё.

22 Паўстань, Божа, абарані дзеі Твае, успомні штодзённае зьневажаньне Цябе неразумнымі;

23 не забудзь крыкаў ворагаў Тваіх; шум паўсталых супроць Цябе ўвесь час падымаецца.

 

Псальма 74

 

Справядлівы суд Божы

 

Кіроўцу хору. Не загубі. Псальма Асафава. Песьня.

2 Славім Цябе, Божа, славім; бо блізка імя Тваё; абвяшчаюць цуды Твае.

3 «Калі Я выберу час, Я ўчыню суд па праўдзе.

4 Хістаюцца зямля і ўсе, хто на ёй жыве: Я ўмацую стаўпы яе». <Сэла>

5 Кажу ліхамысным: не шалейце, і бязбожным: не падымайце рога,

6 не падымайце высока рога вашага, не гаварэце цьвёрдалоба,

7 бо не ад усходу і не ад захаду і не ад пустыні ўзвышэньне;

8 а Бог ёсьць Судзьдзя: аднаго прыніжае, а другога ўзносіць;

9 бо чара ў руцэ ў Госпада, віно ў ёй кіпіць, поўнае мяшанага, і Ён палівае зь яе. Нават дрожджы зь яе будуць выціскаць і піць усе бязбожнікі зямлі.

10 А я буду абвяшчаць вечна, буду апяваць Бога Якаўлевага.

11 Усе рогі бязбожнікаў паламаю, і ўзьнясуцца рогі праведніка.

 

Псальма 75

 

Перамога Божая

 

Кіроўцу хору. На струнных. Псальма Асафава. Песьня.

2 Вядомы Бог у Юдэі; Ягонае імя вялікае ў Ізраіля.

3 І было ў Саліме селішча Ягонае, і жыў Ён - на Сіёне.

4 Ён там паламаў стрэлы лука, шчыт і меч і вайну. <Сэла>

5 Ты слаўны, магутнейшы за дзікія горы.

6 Моцныя сэрцам здабычаю сталі, заснулі сном сваім, і не знайшлі ўсе мужчыны сілы ў руках сваіх.

7 Ад клічу Твайго, Божа Якаваў, задрамалі і калясьніца і конь.

8 Ты грозны, і хто ўстоіць прад абліччам Тваім у час гневу Твайго?

9 Зь нябёсаў Ты суд абвясьціў: зямля забаялася і замоўкла,

10 калі паўстаў Бог на суд, каб выратаваць усіх прыгнечаных на зямлі. <Сэла>

11 І гнеў чалавечы абярнуўся на славу Табе, рэшту гневу Ты ўтаймуеш.

12 Рабеце і давайце зарокі Госпаду, Богу вашаму; усе, хто вакол Яго, хай прынясуць дарункі Страшнаму.

13 Ён таймуе дух валадароў, Ён страшны царам зямным.

 

Псальма 76

 

Суцяшэньне пры ўспаміне пра вялікія дзеі Божыя

 

Кіроўцу хору Ідутумавага. Псальма Асафава.

2 Голас мой да Бога, і я буду клікаць; голас мой да Бога, і Ён пачуе мяне.

3 У дзень скрухі маёй шукаю Госпада; рука мая працягнута ўначы, і не апускаецца; душа мая ня хоча суцешанай быць.

4 Пра Бога згадваю, і дрыжу; разважаю, і зьнемагае мой дух. <Сэла>

5 Ты не даеш мне вачэй маіх зьмежыць; я ашаломлены, і не магу гаварыць.

6 Разважаю пра даўнія дні, пра гады пракаветныя;

7 узгадваю песьні мае начныя, гутару з сэрцам маім, і выпрабоўвае дух мой:

8 няўжо назаўсёды адкінуў, Гасподзь, і ня будзе больш дабраволіць?

9 няўжо назаўсёды міласьць Яго перастала быць, і спынілася слова Ягонае з роду ў род?

10 няўжо Бог забыўся мілаваць? няўжо ў гневе спыніў шчадроты Свае? <Сэла>

11 І сказаў я: вось гора маё - перамена правіцы Ўсявышняга.

12 Буду ўспамінаць пра дзеі Гасподнія! буду ўспамінаць пра даўнія цуды Твае.

13 Буду ў кожны Твой чын заглыбляцца, разважаць пра вялікія дзеі Твае.

14 Божа! сьвятая дарога Твая. Які Бог такі вялікі, як Бог наш!

15 Ты - Бог, Які творыць цуды; Ты паказаў магутнасьць Сваю сярод народаў;

16 Ты вызваліў народ Твой рукою сыноў Якава і Язэпа. <Сэла>

17 Бачылі Цябе, Божа, воды, бачылі Цябе воды, і напалохаліся, і скалануліся бездані.

18 Аблокі вылівалі воды, хмары аддавалі гром, і лёталі стрэлы Твае.

19 Голас грому Твайго ў коле нябесным; маланкі асьвятлялі сьвет; зямля трэслася і скаланалася.

20 Шлях Твой у моры, і сьцежка Твая ў водах вялікіх, і сьляды Твае невядомыя.

21 Як статак, вёў Ты народ Твой рукою Майсея і Аарона.

 

Псальма 77

 

Вернасьць Божая і непаслушэнства народу

 

Вучэньне Асафава.

Слухай, народзе мой, закону майго, прыхілеце вуха вашае да словаў з вуснаў маіх.

2 Разамкну мае вусны ў прытчы і вымаўлю старадаўнія прыпавесьці.

3 Што чулі мы і даведаліся і бацькі нашы нам пераказалі,

4 не схаваем ад дзяцей іхніх, і абвесьцім роду будучаму славу Госпада, і сілу Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён утварыў.

5 Ён устанавіў засьведчаньне ў Якаве і паклаў закон у Ізраілі, які наказаў бацькам нашым абвяшчаць дзецям іхнім,

6 каб ведаў будучы род, дзеці, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвяшчалі дзецям сваім,

7 класьці на Бога надзею сваю, і не забываць дзеяў Божых, і захоўваць наказы Ягоныя,

8 і ня быць падобным да бацькоў іхніх, роду ўпарцістага і мяцежнага, сэрцам неўладкаванага і нявернага Богу духам сваім.

9 Сыны Яфрэмавыя, узброеныя, лучнікі, павярнулі назад у дзень бітвы:

10 яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць у законе Ягоным:

11 забылі дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён нам паказаў.

12 Ён перад вачыма бацькоў іхніх тварыў цуды ў зямлі Егіпецкай, на полі Цаан.

13 Падзяліў мора і правёў іх празь яго, і паставіў воды сьцяною;

14 і ўдзень вёў іх вобмацкам, а ўначы сьвятлом вагню;

15 расьсек камень у пустыні, і напаіў іх, як зь вялікае бездані;

16 са скалы вывеў патокі, і пацяклі воды, як рэкі.

17 Але яны ўсё грашылі прад Ім і раздражнялі Ўсявышнага ў пустыні:

18 спакушалі Бога ў сэрцы сваім, патрабавалі ежы па душы сваёй,

19 і казалі супраць Бога, і сказалі: «ці можа Бог згатаваць трапезу ў пустыні?»

20 Вось, Ён ударыў па камені, і пацяклі воды, і паліліся ручаіны. «Ці можа Ён даць і хлеб, ці можа гатаваць мяса народу Свайму?»

21 Гасподзь пачуў, і ўспалымніўся гневам, і вагонь загарэўся на Якава, і гнеў падняўся супроць Ізраіля,

22 за тое, што ня верылі ў Бога і не спадзяваліся на ратваньне Ягонае.

23 Ён загадаў аблокам угары, і адчыніў дзьверы неба,

24 і пусьціў, быццам дождж, на іх манну ў ежу, і хлеб нябесны ім даў.

25 Хлеб анёльскі еў чалавек, паслаў Ён ім ежы ўдосыць.

26 Ён падняў на небе вецер усходні, і навёў паўднёвы сілаю Сваёю

27 і, як пыл, паслаў на іх мяса дажджом, і, як пясок марскі, птушак крылатых;

28 і кінуў іх сярод табара іхняга, каля жытлішчаў іхніх,

29 і яны елі і наеліся; і даў ім, чаго яны зажадалі.

30 Але яшчэ не прайшло хаценьне іхняе, яшчэ ежа была ў вуснах у іх,

31 гнеў Божы прыйшоў на іх, забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраілевых паваліў.

32 Пры ўсім гэтым яны ўсё ж грашылі далей, і ня верылі ў цуды Ягоныя.

33 І загубіў дні іхнія ў марнасьці і гады іхнія ў страху.

34 Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і з раніцы шукалі Бога,

35 і прыгадвалі, што Бог - іхняе прыстанішча і Бог Усявышні - Збаўца іхні,

36 і вуснамі сваімі лісьлівілі Яму, і языком сваім хлусілі прад Ім;

37 а сэрца іхняе нямоцна стаяла прад Ім, і ня былі яны верныя запавету Ягонаму.

38 Але Ён, Міласэрны, дараваў грэх і ня зьнішчаў іх; шматкроць адводзіў гнеў Свой і ня ятрыў лютасьці Сваёй.

39 Ён памятаў, што яны - цялесныя, дыханьне, якое выходзіць і ня вяртаецца.

40 Колькі разоў яны раздражнялі Яго ў пустыні і гневалі Яго ў краі неабжытым!

41 І зноў спакушалі Бога, і зьневажалі Сьвятога Ізраілевага,

42 не памяталі рукі Ягонай, дня, калі выбавіў іх ад прыгнёту,

43 калі аказаў у Егіпце азнакі Свае і цуды Свае на полі Цаан.

44 і ператварыў рэкі іхнія і патокі іхнія ў кроў, каб яны піць не маглі;

45 паслаў на іх заедзь, каб джаліла іх, і жаб, каб губілі іх;

46 парасьліну зямную іхнюю аддаў вусеням і працу іхнюю - саранчы;

47 вінаград іхні пабіў градам і шаўкоўніцы іхнія аддаў сьцюжы;

48 быдла іхняе аддаў граду і статкі іхнія - маланкам;

49 паслаў на іх полымя гневу Свайго, і абурэньне, і лютасьць і беды, пасольства ліхіх анёлаў;

50 Ён дарогу выпрастаў гневу Свайму, не ахоўваў іхніх душаў ад сьмерці, і быдла іхняе аддаў пошасьці;

51 пабіў кожнага першынца ў Егіпце, пачаткі сілаў у намётах Хамавых;

52 і павёў народ Свой, як авечак, пустыняю;

53 вёў іх бясьпечна, і яны не баяліся, а ворагаў іхніх пакрыла мора;

54 і прывёў іх у зямлю сьвятую Сваю, на гару гэтую, якую правіца Ягоная набыла.

55 Прагнаў ад аблічча іхняга народы, і зямлю іхнюю разьдзяліў у спадчыну ім, і плямёны Ізраілевыя пасяліў у намётах іхніх.

56 Але яны яшчэ спакушалі і засмучалі Бога Ўсявышняга, і пастановаў Ягоных ня трымаліся;

57 адступалі і здраджвалі, як бацькі іхнія; вярталіся назад, як падманлівы лук;

58 засмучалі Яго курганамі сваімі, ды ідаламі сваімі абуджалі зайздрасьць Ягоную.

59 Пачуў Бог, і ўспалымніўся гневам, і моцна абурыўся супроць Ізраіля;

60 пакінуў селішча ў Сіломе, скінію, у якой жыў Ён сярод людзей;

61 і аддаў у няволю Ён моцнасьць Сваю і славу Сваю ў рукі ворага;

62 і аддаў Ён мечу народ Свой, і прагневаўся на спадчыну Сваю.

63 Хлопцаў ягоных пажыраў вагонь, і дзяўчатам ягоным не сьпявалі шлюбных песьняў;

64 сьвятары ягоныя падалі ад меча, і ўдовы ягоныя ня плакалі.

65 Але быццам ад сну, абудзіўся Гасподзь, быццам волат, віном пераможаны,

66 і ўдарыў ворагам ягоным у тыл, і пасароміў іх навекі,

67 і адкінуў палатку Язэпаву, і роду Яфрэмавага не абраў.

68 а выбраў калена Юдава, гару Сіён, якую палюбіў,

69 і зладзіў, як неба, сьвятыню Сваю, і, як зямлю, угрунтаваў яе навечна,

70 і выбраў Давіда, раба Свайго, і ўзяў яго ад кашараў,

71 і ад даяроў прывёў яго пасьвіць народ свой, Якаваў, і спадчыну Сваю - Ізраіля.

72 І ён пасьвіў іх у чысьціні сэрца свайго, і рукамі мудрымі вадзіў іх.

 

Псальма 78

 

Плач па разбураным Ерусаліме

 

Псальма Асафава.

Божа! язычнікі прыйшлі ў спадчыну Тваю; апаганілі сьвяты храм Твой; Ерусалім ператварылі ў руіны;

2 трупы рабоў Тваіх аддалі на поед птушкам нябесным, целы сьвятых Тваіх зьвярам зямным;

3 пралілі кроў іхнюю, як ваду, вакол Ерусаліма, і ня было каму іх пахаваць.

4 Мы зрабіліся пасьмешышчам у суседзяў нашых, ганьбаю і сараматою тых, хто вакол нас.

5 Дакуль, Госпадзе, не перастанеш гневацца, будзе рэўнасьць Твая палаць, як вагонь?

6 Вылі гнеў Твой на народы, якія Цябе ня ведаюць, і на царствы, якія імя Твайго не заклікаюць,

7 бо яны пажэрлі Якава, і селішча ягонае спустошылі.

8 Не спамяні нам грахоў нашых продкаў; хай неўзабаве запабегнуць нас шчадроты Твае; бо мы зусім аслаблі.

9 Памажы нам, Божа, Збаўца наш, дзеля славы імя Твайго; вызвалі нас, і даруй нам грахі нашыя дзеля імя Твайго.

10 Навошта казаць язычнікам: «дзе Бог іхні?» Хай стане вядомая сярод язычнікаў перад вачыма нашымі помста за пралітую кроў рабоў Тваіх.

11 Хай прыйдзе прад аблічча Тваё стогн вязьня; магутнасьцю сілы Тваёй захавай асуджаных на сьмерць.

12 Сем разоў вярні суседзям нашым у нетры іхнія кляцьбу, якою яны Цябе, Госпадзе, пракліналі.

13 А мы, народ Твой і Тваёй пашы авечкі, вечна славіць будзем Цябе, і род у род узносіць славу Табе.

 

Псальма 79

 

Малітва Ізраіля пра збавеньне ад бедстваў

 

Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шошанім-Эдуф. Псальма Асафава.

2 Пастыр Ізраілеў! паслухай; Ты, што водзіш, як авечак, Язэпа, і сядзіш на хэрувімах, акажы Сябе.

3 Перад Яфрэмам і Веньямінам і Манасіем абудзі сілу Тваю і прыйдзі выратаваць нас.

4 Божа! навярні нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся!

5 Госпадзе, Божа сіл! дакуль будзеш гнеўны да малітваў народу Твайго?

6 Ты накарміў іх хлебам сьлёзным, і напаіў іх сьлязьмі, у вялікай меры,

7 паклаў нас супярэчкаю нашым суседзям, і ворагі нашыя зьдзекуюцца.

8 Божа сіл! узнаві нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся!

9 Зь Егіпта перанёс Ты лазу вінаградную, выгнаў народы, і пасадзіў яе;

10 ачысьціў пад яе месца, і ўгрунтаваў карэньне яе, і яна напоўніла замлю.

11 Горы накрыліся ценем яе, і гольле яе нібы кедры Божыя:

12 яна пусьціла гольле сваё да мора і пасынкі свае да ракі.

13 Навошта разбурыў Ты агароджу яе, так што скубуць яе ўсе, хто ідзе па дарозе?

14 Лясны вепр яе падкопвае, і зьвер польны яе аб'ядае.

15 Божа сіл! азірніся, паглядзі зь неба і ўбач, і наведай вінаграднік гэты;

16 ахавай тое, што пасадзіла правіца Твая, і пасынкі, якія Ты Сабе ўмацаваў.

17 Яно спалена вагнём, абсечана; хай ад зьзяньня аблічча Твайго загінуць,

18 хай будзе рука Твая над мужам правіцы Тваёй, над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў Сабе,

19 і мы ад Цябе не адступімся; ажыві нас, і мы будзем імя Тваё заклікаць.

20 Госпадзе, Божа сіл! узнаві нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся.

 

Псальма 80

 

Мілата Божая і ўпартасьць Ізраіля

 

Кіроўцу хору. На Гэцкім інструмэньце. Псальма Асафава.

2 Сьпявайце радасна Богу, цьвярдыні нашай; усклікайце Богу Якава!

3 Вазьмеце псальму, зайграйце на бубне, на арфе з гукам прыемным, на псалтыры;

4 трубеце ў трубу парою маладзіка, у пэўны час, у дзень сьвята нашага;

5 бо гэта закон Ізраілю, пастанова ад Бога Якаўлевага.

6 Ён пастанавіў гэта ў сьведчаньне Язэпу, калі той выйшаў зь зямлі Егіпецкай, дзе пачуў гукі мовы, якое ня ведаў:

7 «Я зьняў з плячэй ягоны цяжар, і рукі ягоныя вызваліліся ад кашоў».

8 У гароце ты паклікаў Мяне, і Я цябе вызваліў; зь сярэдзіны грому пачуў Я цябе; пры водах Мэрывы выпрабаваў цябе.

9 Слухай, народзе Мой, і Я буду сьведчыць табе; Ізраіле! о, калі б ты паслухаў Мяне!

10 Хай ня будзе ў цябе іншага Бога, і не пакланяйся богу чужому.

11 Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай; разамкні твае вусны, і Я напоўню іх».

12 Але народ Мой ня слухаўся голасу Майго, і Ізраіль не ўпакорваўся Мне;

13 таму Я пакінуў іх упартасьці іхняга сэрца, хай ходзяць паводле намераў сваіх.

14 О, калі б народ Мой слухаў Мяне і Ізраіль хадзіў Маімі шляхамі!

15 Я хутка ўпакорыў бы ворагаў іхніх і павярнуў бы руку Маю на прыгнятальнікаў іхніх;

16 ненавісьнікі Госпада поўзалі б перад імі, а дабрашчасьце доўжылася б заўсёды.

17 я карміў бы іх тлушчам пшаніцы і насычаў бы іх мёдам са скалы.

 

Псальма 81

 

Суд Божы - несправядлівым судзьдзям

 

Псальма Асафава.

Бог стаяў у гурце багоў; сярод багоў правіў суд:

2 дакуль будзеце вы судзіць несправядліва і патураць бязбожным? <Сэла>

3 Чынеце суд беднаму і сіраце; прыгнечанаму і гаротнаму справядлівасьць рабеце;

4 вызваляйце беднага і ўбогага; вырывайце яго з рук бязбожнікаў.

5 Ня ведаюць, не разумеюць, у цемрадзі ходзяць; усе асновы зямлі хістаюцца.

6 Я сказаў: вы - багі, і сыны Ўсявышняга - усе вы;

7 але вы памраце, як людзі, і ўпадзяце, як кожны з князёў.

8 Паўстань, Божа, судзі зямлю, бо Ты спадкуеш усе народы.

 

Псальма 82

 

Малітва да Бога за пасаромленьне ворагаў

 

Песьня. Псальма Асафава.

2 Божа! Не перамоўчы, не маўчы, і не заставайся спакойны, Божа!

3 Бо вось, ворагі Твае зашумелі, і ненавісьнікі Твае паднялі галаву:

4 супроць народу Твайго склалі падступную змову, і раяцца супроць тых, каго Ты ахоўваеш;

5 сказалі: «пойдзем і вынішчым іх з народаў, каб і ня згадвалася болей імя Ізраіля».

6 Змовіліся аднадушна, склалі супроць Цябе хаўрус:

7 селішчы Эдомавыя і Ізмаільцяне, Мааў і Агаране,

8 Гевал і Амон і Амалік, Філістымляне з жыхарамі Тыра;

9 і Асур прыстаў да іх; яны сталі сілаю ўсім сынам Лотавым. <Сэла>

10 Зрабі ім тое самае, што Мадыяму, што Сісару, што Явіну каля патока Кісона,

11 якія вынішчаны ў Аэндоры, зрабіліся гноем зямлі.

12 Зрабі зь імі, з уладарамі іхнімі, як з Орывам і Зівам, і з усімі правадырамі іхнімі, як зь Зэвэем і Салманам,

13 якія казалі: «возьмем сабе на валоданьне селішчы Божыя».

14 Божа мой! хай будуць яны, як пыл у віхуры, як на вятры салома.

15 Як вагонь выпальвае лес, і як полымя апальвае горы,

16 так гані іх бураю Тваёю, і настрашы іх бураю Тваёю,

17 напоўні аблічча іхняе сорамам, каб шукалі яны імя Тваё, Госпадзе!

18 Хай пасаромяцца і настрашаны будуць навечна, хай брыдка ім будзе і хай загінуць,

19 і няхай яны ведаюць, што Ты, Каму адзінаму імя - Гасподзь, Усявышні над усёю зямлёю.

 

Псальма 83

 

Туга па храме

 

Кіроўцу хору. На Гэцкім інструмэньце. Сыноў Карэевых. Псальма.

2 Якія жаданыя селішчы Твае, Госпадзе сіл!

3 Душа мая стужылася, прагнучы ў двары Гасподнія; сэрца маё і цела маё імкнуцца да Бога жывога.

4 І птушка знаходзіць сабе жытло, і ластаўка гняздо сабе, дзе пакласьці птушанятак сваіх, каля алтароў Тваіх, Госпадзе сіл, Цару мой і Божа мой!

5 Дабрашчасныя тыя, што жывуць у доме Тваім; яны няспынна будуць славіць Цябе. <Сэла>

6 Дабрашчасны чалавек, сіла Якога ў Табе, і ў якога ў сэрцы сьцежкі вядуць да Цябе.

7 Ідучы далінаю плачу, яны адчыняюць у ёй крыніцы, і дождж пакрывае яе дабраславеньнем;

8 прыходзяць ад сілы ў сілу, паўстаюць прад Богам на Сіёне

9 Госпадзе, Божа сіл! Пачуй малітву маю, уважы, Божа Якаваў!

10 Божа, абаронца наш! Прынікні і дагледзь аблічча памазанца Твайго. <Сэла>

11 Бо адзін дзень у дварах Тваіх лепшы за тысячу. Хачу лепей быць каля парога ў доме Божым, чым жыць у намётах няславы.

12 Бо Гасподзь Бог ёсьць сонца і шчыт, Гасподзь дае мілату і славу; дабра не адмаўляе тым, хто ў беззаганнасьці ходзіць.

13 Госпадзе сіл! Дабрашчасны той чалавек, які на Цябе спадзяецца!

 

Псальма 84

 

Малітва за мілажаль да Ізраіля

 

Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. Псальма.

2 Госпадзе! Ты ўмілажаліўся зь зямлі Тваёй, вярнуў палон Якаваў;

3 беззаконьне народу Твайго дараваў, усе грахі ягоныя пакрыў,

4 гнеў Твой увесь суняў, адвярнуў лютасьць гневу Твайго.

5 Узнаві нас, Божа ратунку нашага, і спыні абуранасьць Тваю намі.

6 Няўжо вечна будзеш гневацца на нас, і пашырыш Твой гнеў з роду ў род?

7 Няўжо зноў не ажывіш нас, каб народ Твой зарадаваўся Табе?

8 Пакажы нам, Госпадзе, ласку Тваю, і даруй нам выратаваньне Тваё.

9 Паслухаю, што скажа Гасподзь Бог. Ён скажа мір народу Свайму і выбранцам Сваім; і няхай не ўпадуць яны зноў у неразважлівасьць.

10 Сапраўды, выратаваньне Ягонае блізкае тым, хто баіцца Яго, каб слава Ягоная жыла ў нашай зямлі.

11 Вернасьць і мілата сустрэнуцца, справядлівасьць і мір пацалуюцца;

12 зь зямлі вернасьць вырасьце, а справядлівасьць прыхіліцца зь неба;

13 і Гасподзь дабрадзенства ўдзеліць, і ўродзіць зямля наша плод свой;

14 прад Ім справядлівасьць пойдзе, і дарогу нам вызначыць крокам Ягоным.

 

Псальма 85

 

Малітва за збавеньне ў дзень жалобы

 

Малітва Давідава. Нахілі, Госпадзе вуха Тваё, і пачуй мяне; бо я бедны і ўбогі.

2 Ахавай душу маю, бо я богабаязны; уратуй, Божа мой, раба Твайго, які на Цябе спадзяецца.

3 Зьлітуйся зь мяне, Госпадзе, бо Цябе я клічу кожнага дня.

4 Разьвесялі душу раба Твайго, бо да Цябе, Госпадзе, узношу душу сваю,

5 бо Ты, Госпадзе, добры і міласэрны і мілажальны да ўсіх, хто кліча Цябе.

6 Пачуй, Госпадзе, малітву маю, і прыслухайся да голасу маленьня майго.

7 У дзень смутку майго я клічу Цябе, бо Ты пачуеш мяне.

8 Няма, Госпадзе, паміж багамі такога, як Ты, і дзеяў няма, як Твае.

9 Усе народы, Табою створаныя, прыйдуць і схіляцца прад Табою, Госпадзе, і праславяць імя Тваё,

10 бо Ты вялікі, творыш дзівосы, - Ты, Божа, адзіны Ты.

11 Настаў мяне, Госпадзе, на дарогу Тваю, і хадзіцьму ў праўдзе Тваёй; умацуй сэрца маё ў страху імя Твайго

12 Буду славіць Цябе, Госпадзе, Божа мой, усім сэрцам маім і славіць імя Тваё вечна,

13 бо вялікая ласка Твая да мяне; Ты выбавіў душу маю ад пекла апраметнага.

14 Божа! на мяне гардуны паўсталі, і хэўра мяцежнікаў шукае душы маёй; і перад сабою ня ставяць Цябе.

15 Але Ты, Госпадзе, Божа шчодры і сэрцам шчыры, доўгацярплівы і шматлітасьцівы і справядлівы,

16 паглядзі на мяне і ўмілажалься зь мяне; дай моц Тваю рабу Твайму, і ўратуй сына рабы Тваёй;

17 учыні на мне азнаку на добрае, хай бачаць мяне ненавісьнікі мае і пасаромяцца, бо Ты, Госпадзе, дапамог мне і суцешыў мяне.

 

Псальма 86

 

Слова Сьвятога горада Божага

 

Псальма. Песьня. Сыноў Карэевых.

2 Падмурак ягоны* на горах сьвятых. Гасподзь любіць браму Сіёна больш за ўсе паселішчы Якава.

3 Славутае абвяшчаецца пра цябе, горадзе Божы!

4 Згадаю тым, хто знае мяне, пра Раава** і Вавілон; вось Філістымляне, і Тыр з Эфіопіяю, - скажуць: «такі-а-такі нарадзіўся там».

5 А пра Сіён казаць будуць: «такі-а-такі і такі-а-такі муж нарадзіўся ў ім, і Сам Усявышні ўмацаваў яго».

6 Гасподзь у перапісе народу напіша: «такі-а-такі нарадзіўся там».

7 І ўсе, хто сьпявае і грае, - усе крыніцы мае ў табе.

 

 

* Ерусалім

** Пра Егіпет

Псальма 87

 

Малітва за збавеньне ад сьмерці

 

Песьня. Псальма. Сыноў Карэевых. Кіроўцу хору на Махалат, для сьпяваньня. Вучэньне Этана Эзрахіта.

2 Госпадзе, Божа ратунку майго! удзень лямантую і ўначы прад Табою.

3 Хай дойдзе малітва мая прад аблічча Тваё; нахілі вуха Тваё да маленьня майго.

4 Бо душа мая насыцілася немарасьцямі, і жыцьцё маё наблізілася да апраметнай.

5 Я дараўнаўся да тых, што ў магілу сыходзяць; я стаў, як чалавек бязь сілы,

6 паміж мёртвымі кінуты, - як забітыя, што ляжаць у магіле, пра якіх Ты больш не ўспамінаеш і якія ад рукі Тваёй адкінутыя.

7 Ты паклаў мяне ў дол апраметны, у морак, у бездань.

8 Легла на мяне лютасьць Твая, і ўсімі хвалямі Тваімі Ты пабіў мяне.

9 Ты адвёў ад мяне знаёмых маіх, зрабіў мяне агідным для іх; я ўвязьнены і не магу выйсьці.

10 Вока маё ад гароты стамілася; цэлы дзень я клікаў Цябе, Госпадзе; працягваў рукі свае да Цябе.

11 Хіба над мёртвымі ўчыніш Ты цуд? Хіба мёртвыя ўстануць і будуць славіць Цябе? <Сэла>

12 Альбо ў магіле будзе абвяшчацца ласка Твая, і праўда Твая - у месцы тленьня?

13 Хіба ж у мораку спазнаюцца дзівосы Твае, і ў зямлі забыцьця - праўда Твая?

14 але я Цябе, Госпадзе, клічу, і рана раніцай малітва мая сустракае Цябе.

15 Навошта, Госпадзе, адкідаеш душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне?

16 Я няшчасны і парахнею зь дзяцінства; нясу жахі Твае, і зьнемагаю.

17 Над мною прайшла лютасьць Твая; страхоцьці Твае зламалі мяне,

18 кожны дзень абступаюць мяне, як вада: аблягаюць мяне ўсе разам.

19 Ты аддаліў ад мяне сябра і блізкага; знаёмых маіх ня відаць.

 

Псальма 88

 

Запавет Божы з Давідам і жальба Ізраіля

 

Вучэньне Этана Эзрахіта.

2 Пра ласкі Твае, Госпадзе, буду сьпяваць вечна, з роду ў род абвяшчаць праўду Тваю вуснамі маімі,

3 бо кажу: будзе навек пакладзена ласка, на нябёсах уцьвердзіў Ты праўду Тваю, калі сказаў:

4 «Я склаў запавет з выбранцам Маім, прысягаўся Давіду, рабу Майму:

5 навечна ўгрунтую семя тваё, і твой род уладжу навечна». <Сэла>

6 І праславяць нябёсы дзівосныя дзеі Твае, Госпадзе, і праўду Тваю ў саборы сьвятых,

7 бо хто на нябёсах дараўнаецца з Богам? хто паміж сынамі Божымі спадобніцца Госпаду?

8 Грозны Бог у вялікім гурце сьвятых, грозны Ён усім, хто Яго атачае.

9 Госпадзе, Божа сіл! хто моцны, як Ты, Госпадзе? І праўда Твая навокал Цябе.

10 Ты валадарыш над лютасьцю мора; калі ўздымаюцца хвалі яго, Ты іх таймуеш.

11 Ты скінуў Раава, як пабітага; моцнаю мышцай Тваёю расьсеяў ворагаў Тваіх.

12 Твае - нябёсы і Твая - зямля; сусьвет, і што напаўняе яго, Ты заснаваў.

13 Поўнач і поўдзень Ты стварыў; Фавор і Ярмон зь імя Твайго радуюцца.

14 Моцная мышца Твая, дужая рука, высокая правіца Твая!

15 Правасудзьдзе й істасьць - аснова трона Твайго; любасьць і праўда прад абліччам Тваім ходзяць.

16 Дабрашчасны народ, які ведае трубны кліч! Яны ходзяць у сьвятле аблічча Твайго, Госпадзе;

17 а зь імя Твайго радуюцца кожны дзень, і праўдаю Тваёю хваляцца,

18 бо Ты акраса сілы іхняе, і добраю воляй Тваёю ўзвышаецца рог наш.

19 Ад Госпада - шчыт наш, і ад Сьвятога Ізраілевага цар наш.

20 Калісьці казаў Ты ва ўяве сьвятому Твайму і сказаў: «Я дапамог мужнаму, узьнёс абранца з народу.

21 Я здабыў Давіда, раба Майго, сьвятым алеем Маім памазаў яго.

22 Рука Мая будзе зь ім, і мышца Мая ўмацуе яго.

23 Вораг не пераможа яго, і сын беззаконьня ня ўцісьне яго.

24 Скрышу перад ім ворагаў ягоных, і паб'ю ненавісьнікаў ягоных,

25 і праўда Мая і ласка Мая зь ім, і Маім імем узвысіцца рог ягоны,

26 і пакладу на мора руку ягоную, і на рэкі - правіцу ягоную

27 Ён будзе клікаць мяне: Ты Бацька мой, Бог мой і цьвярдыня ратунку майго..

28 І Я зраблю яго першынцам, вышэйшым за цароў зямных,

29 навек захаваю яму ласку Маю, і запавет Мой зь ім будзе правільны.

30 І прадоўжу навечна семя ягонае, і ягоны трон - як дні неба.

31 Калі сыны ягоныя пакінуць закон Мой, і ня будуць хадзіць паводле наказаў Маіх;

32 калі парушаць пастановы Мае, і загадаў Маіх не захаваюць:

33 наведаю жазлом беззаконьне іхняе, і ўдарамі - няпраўду іхнюю;

34 а ласкі Маёй не пазбаўлю яго, і не зьмяню ісьціны Маёй.

35 Не парушу запавету Майго, і не памяняю таго, што выйшла з вуснаў Маіх,

36 Аднойчы прысягнуў сьвятасьцю Маёю: а ці зманю Давіду?

37 Семя ягонае будзе вечна, і трон ягоны, як сонца, прада Мною;

38 вечна будзе цьвёрды, як месяц, і сьведка праўдзівы на нябёсах».

39 Але Ты адкінуў і пагардзіў, угневаўся на памазанца Твайго;

40 занядбаў запавет з рабом Тваім, кінуў на зямлю вянок ягоны;

41 разбурыў усе агароджы ягоныя, абярнуў у руіны крэпасьці ягоныя.

42 Рабуюць яго ўсе, хто праходзіць дарогаю; пасьмешышчам стаўся ён суседзям сваім.

43 Ты ўзвысіў правіцу супраціўцаў ягоных, парадаваў усіх ворагаў ягоных.

44 Ты павярнуў назад лязо меча ягонага, і не ўмацаваў яго ў бітве;

45 адабраў у яго бляск, і трон ягоны скінуў долу;

46 скараціў дні маладосьці ягонай, і пакрыў яго сорамам». <Сэла>

47 Дакуль, Госпадзе, будзеш хавацца няспынна, будзе палаць лютасьць Твая, як вагонь?

48 Прыгадай, які век мой: на якую марноту стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых?

49 Хто зь людзей жыў - і ня бачыў сьмерці, выбавіў душу сваю ад рукі апраметнай? <Сэла>

50 Дзе ранейшыя міласьці Твае, Госпадзе? Ты прысягаў Давіду ісьцінай Тваёю.

51 Прыгадай, Госпадзе, паганьбеньне рабоў Тваіх, якое нашу я ў нетрах маіх ад усіх моцных народаў,

52 як бэсьцяць ворагі Твае, Госпадзе, як няславяць сьляды памазанца Твайго.

53 Дабраславёны Гасподзь навечна! Амін, амін!

 

КНІГА ЧАЦЬВЁРТАЯ (89-105)

 

Псальма 89

 

Справядлівасьць Божая і часовасьць чалавека

 

Малітва Майсея, чалавека Божага.

2 Госпадзе! Ты нам прыстанішча з роду ў род.

3 Перш чым нарадзіліся горы, і Ты стварыў зямлю і сусьвет, і ад веку да веку Ты - Бог.

4 Ты вяртаеш чалавека ў тло, і кажаш: вярнецеся, сыны чалавечыя!

5 Бо прад вачыма Тваімі тысяча гадоў, як дзень учарашні, калі ён прыйшоў, як варта начная.

6 Ты быццам паводкаю зносіш іх; яны - як сон, як трава, што раніцаю вырастае, раніцаю цьвіце і зелянее, увечары вяне і сохне;

7 бо мы зьнікаем ад гневу Твайго, і ад лютасьці Тваёй мы разгубленыя.

8 Ты паклаў прад Сабою правіны нашыя і нашы тайноты ў сьвятло аблічча Твайго.

9 Усе дні нашыя прайшлі ў гневе Тваім; мы трацім гады нашыя, нібы гук.

10 Дзён гадоў нашых - семдзесят гадоў; а пры большай моцы восемдзесят гадоў; а самая лепшая іх пара - праца і хвароба, бо праходзяць хутка, і мы ляцім.

11 Хто ведае сілу гневу Твайго, і лютасьць Тваю па меры страху Твайго?

12 Навучы нас так лічыць нашыя дні, каб нам мудрае сэрца набыць.

13 Павярніся, Госпадзе! Дакуль? Умілажалься з рабоў Тваіх,

14 раніцай насыці нас міласэрнасьцю Тваёю, і мы будзем радавацца і весяліцца ўсе дні нашыя.

15 Разьвесялі нас за дні, калі Ты пабіваў нас, за леты, калі мы бачылі нягоды.

16 Хай выявіцца на рабах Тваіх дзея Твая, і на сынах іхніх - слава Твая;

17 і хай будзе добрая воля Госпада Бога нашага на нас, і ў дзеях рук нашых пасабляй нам, у дзеях рук нашых пасабляй.

 

Псальма 90

 

Бясьпека таго, хто спадзяецца на Бога

 

Пахвальная песьня Давідава. Хто жыве пад аслонаю Ўсявышняга, той пакоіцца ў засені ‹семагутнага,

2 кажа Госпаду: прыстанішча мне і Заступніку мой, Божа мой, на Цябе спадзяюся!

3 Ён цябе вызваліць зь сетак лаўца, ад пагібельнай пошасьці;

4 пер'ем Сваім Ён цябе ўзасьціць, і пад крыльлем ягоным убясьпечышся; шчыт і аслона - ісьціна Ягоная.

5 Не збаішся страху начнога, ні стралы, што ўдзень пралятае,

6 ні пошасьці, што ў цемры ходзіць, ані пошасьці, што нішчыць апоўдні.

7 Упадзе тысяча побач з табою, і дзесяць тысяч праваруч ад цябе; але да цябе не наблізіцца:

8 толькі глядзецьмеш вачыма тваімі і ўбачыш помсту бязбожнікам.

9 Бо сказаў Ты: Гасподзь - надзея мая; Усявышняга выбраў ты прыстанішчам тваім;

10 ліха цябе не спаткае, і пошасьць жытла твайго не зачэпіць;

11 бо анёлам Сваім наказвае пра цябе - ахоўваць цябе на ўсіх дарогах тваіх,

12 і на руках цябе панясуць, каб не спатыкнуўся ты аб камень нагою тваёю;

13 на асьпіда і васіліска наступіш і патопчаш ільва і дракона.

14 «За тое, што ён палюбіў Мяне, уратую яго; абараню яго, бо ён спазнаў імя Маё.

15 Пакліча Мяне і пачую яго: зь ім Я ў жалобе, вызвалю яго, і праслаўлю яго;

16 даўжынёю дзён напоўню яго, і пакажу яму выратаваньне Маё».

 

Псальма 91

 

Хвала мілаце Гасподняй

 

Псальма. Песьня на дзень суботні.

2 Дабро ёсьць - славіць Госпада і сьпяваць імю Твайму, Усявышні,

3 абвяшчаць раніцай ласку Тваю і праўду Тваю ўначы,

4 на дзесяціструнным і на псалтыры, зь песьняю на арфе.

5 Бо Ты ўсьцешыў мяне, Госпадзе, тварэньнем Тваім; я захапляюся дзеямі рук Тваіх.

6 Якія вялікія дзеі Твае, Госпадзе! дзівосна глыбокія помыслы Твае:

7 Чалавек няцямны ня ведае, і недавумак не разумее таго.

8 Тым часам як бязбожныя растуць, бы трава, і ліхадзеі квітнеюць, каб зьнікнуць навечна, -

9 Ты, Госпадзе, высокі векавечна!

10 Бо вось, ворагі Твае, Госпадзе, - вось, ворагі Твае гінуць, і рассыпаюцца ўсе ліхадзеі;

11 а мой рог Ты падымаеш, як рог аднарога, і я ўмашчаны сьвежым алеем;

12 і вока маё глядзіць на ворагаў маіх, і вушы мае чуюць пра паўсталых на мяне злыдняў.

13 Праведнік цьвіце, як пальма, узвышаецца, быццам кедр на Ліване.

14 Пасаджаныя ў доме Гасподнім, яны цьвітуць на падворках Бога нашага;

15 яны і ў старасьці пладаносныя, сакавітыя і сьвежыя,

16 каб абвяшчаць, што Гасподзь справядлівы, цьвярдыня мая, і няма ў Ім няпраўды

 

Псальма 92

 

Веліч Гасподняя

 

Пахвальная песьня Давідава. У дзень суботні, калі заселена зямля.

Царуе Гасподзь; Ён у веліч убраны, убраны Гасподзь у магутнасьць і перапаясаны: сусьвет таму цьвёрды, ня зрушыцца.

2 Трон Твой угрунтаваны спаконвечна; Ты - ад вечнасьці.

3 Узвышаюць рэкі, Госпадзе, узвышаюць рэкі голас свой, узвышаюць рэкі хвалі свае.

4 Але над шумам водаў вялікіх, моцных хваляў марскіх, моцны ў вышыных Гасподзь.

5 Сьведчаньні Твае бяз сумненьня пэўныя. Дому Твайму, Госпадзе, належыць сьвятасьць на доўгія дні.

 

Псальма 93

 

Заклік да Бога адплаты

 

Псальма Давідава ў чацьвёрты дзень тыдня.

Божа помсты, Госпадзе. Божа помсты, акажы Сябе!

2 Паўстань, Судзьдзя зямлі, аддай ганарліўцам адплату.

3 Дакуль, Госпадзе, бязбожнікі, дакуль бязбожнікі радавацца будуць?

4 Яны вырыгаюць дзёрзкія словы; пышаюцца ўсе беззаконьнікі;

5 топчуць народ Твой, Госпадзе, прыгнятаюць спадчыну Тваю.

6 Удаву і прыхадня забіваюць, і мардуюць сіротак,

7 і кажуць: ня ўбачыць Гасподзь, і не даведаецца Бог Якаваў.

8 Схамянецеся, бязглуздыя людзі! калі вы паразумнееце, недавумкі?

9 Хіба Той, што вуха наставіў, не пачуе? і Той, Хто вока стварыў, ня ўбачыць?

10 Хто настаўляе народы, ці ж ня выкрые, - Той, Хто вучыць чалавека разуменьню?

11 Гасподзь ведае думкі чалавечыя, што яны марныя.

12 Дабрашчасны той чалавек, якога настаўляеш Ты, Госпадзе, і вучыш законам Тваім,

13 каб даць яму спакой у бядотныя дні, пакуль бязбожнаму будзе выкапана яма!

14 Бо не адкіне Гасподзь народу Свайго і не пакіне спадчыны Сваёй.

15 Бо суд вернецца да праўды, і за ім усе, хто шчырыя сэрцам.

16 Хто паўстане за мяне супроць злыдняў? хто стане за мяне супроць ліхадзеяў?

17 Калі б не Гасподзь быў мне памочнікам, неўзабаве ўсялілася б душа мая ў моўчу.

18 Калі я казаў: хістаецца нага мая, - ласка Твая, Госпадзе, падтрымала мяне.

19 Пры памнажэньні смуткаў маіх у сэрцы маім, суцяшэньні Твае душу маю шчасьцяць.

20 Ці стане каля Цябе седала душагубаў, якія гвалт намышляюць насуперак закону?

21 Натоўпам ідуць яны на душу праведніка, і асуджаюць кроў невінаватую.

22 Але Гасподзь - абарона мая, і Бог мой - цьвярдыня прытулку майго,

23 і аберне на іх беззаконьне іхняе, і зладзействам іхнім вынішчыць іх, вынішчыць іх Гасподзь Бог наш.

 

Псальма 94

 

Хвала Богу - Творцу і Збаўцу

 

Пахвальная песьня Давідава.

Прыйдзеце, засьпяваем Госпаду, усклікнем Богу, цьвярдыні ратунку нашага;

2 станьма прад абліччам Ягоным з хвалою, у песьнях усклікнем Яму,

3 бо Гасподзь ёсьць Бог вялікі і Цар над усімі багамі.

4 У руцэ Ягонай глыбіні зямлі, і вяршыні гор - Ягоныя;

5 Ягонае - мора, і Ён стварыў яго, і сушу стварылі рукі Ягоныя.

6 Прыйдзеце, паклонімся і прыпадзем, укленчым прад абліччам Госпада, Творцы нашага,

7 бо Ён ёсьць Бог наш, і мы - людзі паствы Ягонай і авечкі рукі Ягонай. О, калі б вы сёньня паслухалі голасу Яго:

8 «ня ўпускайце жорсткасьць у сэрца вашае, як у Мэрыве, як у дзень спакушэньня ў пустыні,

9 дзе спакушалі Мяне бацькі вашыя, выпрабоўвалі Мяне, і бачылі дзею Маю.

10 Сорак гадоў раздражняў Мяне род гэты, Я сказаў: гэта народ, які заблудзіўся сэрцам; яны не спазналі дарог Маіх;

11 і таму прысягнуў Я ў гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у Мой спакой».

 

Псальма 95

 

Пакланеньне Госпаду

 

Пахвальная песьня Давідава. На будову дома.

Засьпявайце Госпаду песьню новую; засьпявайце Госпаду, уся зямля;

2 сьпявайце Госпаду, дабраслаўляйце імя Ягонае, зьвястуйце дзень у дзень выратаваньне Ягонае;

3 абвяшчайце ў народах славу Ягоную, ва ўсіх плямёнах дзівосы Ягоныя;

4 бо вялікі Гасподзь і праслаўлены, грозны Ён над багамі ўсімі.

5 Бо ўсе багі народаў - ідалы, а Гасподзь нябёсы стварыў.

6 Слава і веліч прад абліччам Ягоным, сіла і вялікае хараство ў сьвятыні Ягонай.

7 Дайце Госпаду, плямёны народаў, дайце Госпаду славу і гонар;

8 дайце Госпаду славу імя Ягонага, нясеце дары, і ідзеце ў двары Ягоныя;

9 пакланецеся Госпаду ў аздобе сьвятыні. Трымцеце прад абліччам Ягоным, уся зямля!

10 Скажэце народам: валадарыць Гасподзь! таму сусьвет цьвёрды, не пахісьнецца. Ён будзе судзіць народы па праўдзе.

11 Хай весяляцца нябёсы, і хай радуецца зямля; хай шуміць мора і ўсё, што ў ім;

12 хай радуецца поле і ўсё, што на ім, і хай сьпяваюць тады ўсе дрэвы ў дубровах

13 прад абліччам Госпада, бо ідзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусьвет па праўдзе, і народы паводле ісьціны Сваёй.

 

Псальма 96

 

Сіла і валадарства Госпада

 

Псальма Давіда, калі ўладжвалася зямля ягоная.

Валадарыць Гасподзь: хай радуецца зямля; хай весяляцца шматлікія выспы.

2 Хмара і змрок навокал Яго; праўда і суд - аснова трона Ягонага.

3 Прад Ім ідзе вагонь, і наўкол выпальвае ворагаў Ягоных.

4 Маланкі Ягоныя асьвятляюць сусьвет; зямля бачыць, і трымціць.

5 Горы, як воск, растаюць ад аблічча Гасподняга, ад аблічча Госпада ўсёй зямлі.

6 Нябёсы абвяшчаюць праўду Ягоную, і ўсе народы бачаць славу Ягоную.

7 Хай пасаромяцца ўсе, хто служыць балванам, хто хваліцца ідаламі. Пакланецеся Яму, усе багі.

8 Чуе Сіён, і радуецца, і весяляцца дочкі Юдавы дзеля судоў Тваіх, Госпадзе,

9 бо Ты, Госпадзе, высокі над усёю зямлёю, узьнесены над усімі божышчамі.

10 Хто любіць Госпада, ненавідзьце зло! Ён захоўвае душы сьвятых Сваіх; з рукі бязбожных вызваляе іх.

11 Сьвятло зьзяе на праведніка, і на тых, хто справядлівы сэрцам, лье весялосьць.

12 Радуйцеся, праведныя, у Госпадзе, і слаўце памяць сьвятыні Ягонай.

 

Псальма 97

 

Песьня Богу, справядліваму Судзьдзі ўсяго сьвету

 

Псальма Давідава.

Засьпявайце Госпаду новую песьню; бо Ён дзівосы стварыў. Ягоная правіца і сьвятая мышца Ягоная прынесьлі Яму перамогу.

2 Паказаў Гасподзь выратаваньне Сваё, адкрыў перад вачыма народаў праўду Сваю.

3 Успомніў Ён міласьць Сваю да Якава і вернасьць Сваю да дома Ізраілевага. Усе канцы зямлі ўбачылі ратунак Бога нашага.

4 Усклікайце Госпаду, уся зямля; радуйцеся, весялецеся і сьпявайце;

5 сьпявайце Госпаду з арфаю, з арфаю і з псальмамі;

6 з гукамі труб і рога радуйцеся прад Валадаром Госпадам.

7 Хай шуміць мора і ўсё, што ў ім, сусьвет і ўсё, што жыве ў ім;

8 хай у далоні пляскаюць рэкі; хай радуюцца разам горы

9 прад абліччам Госпада; бо Ён ідзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусьвет справядліва і народы - па праўдзе.

 

Псальма 98

 

Хвала ўсесьвятому Богу

 

Псальма Давідава.

Валадарыць Гасподзь: хай дрыжаць народы! Ён сядзіць на херувімах: хай трасецца зямля!

2 Гасподзь на Сіёне вялікі, і высокі Ён над усімі народамі.

3 Хай славіць вялікае і грознае імя Тваё: сьвятое яно!

4 І магутнасьць цара любіць суд. Ты сьцьвердзіў справядлівасьць; суд і праўду Ты ўчыніў у Якаве.

5 Праслаўляйце Госпада, Бога нашага, і пакланяйцеся падножжу Ягонаму: сьвятое яно!

6 Майсей і Аарон паміж сьвятарамі, і Самуіл паміж тымі, хто кліча імя Ягонае, клікаў да Госпада, і Ён слухаў іх;

7 У слупе хмарным прамаўляў Ён да іх; яны захоўвалі Яго запаведзі і пастановы, якія Ён даў ім.

8 Госпадзе, Божа наш! Ты слухаў іх; Ты быў ім Богам, Які даруе і карае за дзеі іхнія.

9 Праслаўляйце Госпада, Бога нашага, і пакланяйцеся на сьвятой гары Ягонай; бо сьвяты Гасподзь, Бог наш.

 

Псальма 99

 

Давідава пахвальная

 

Усе людзі хай славяць Бога Псальма.

Усклікніце Госпаду, уся зямля!

2 Служэце Госпаду з радасьцю; ідзеце прад абліччам Ягоным з пахвалою!

3 Ведайце, што Гасподзь ёсьць Бог, што Ён стварыў нас, і мы - Ягоныя, Ягоны народ і авечкі паствы Ягонай.

4 Уваходзьце ў браму Ягоную з праслаўленьнем, у двары Ягоныя - з пахвалою. Слаўце Яго, дабраслаўляйце імя Ягонае.

5 Бо добры Гасподзь: міласьць Ягоная навечна, і праўда Ягоная з роду ў род.

 

Псальма 100

 

Малітва цара пра беззаганнасьць

 

Псальма Давідава.

Пра міласьць і суд буду сьпяваць: Табе, Госпадзе, буду сьпяваць.

2 Думаць буду пра шлях беззаганны: калі прыйдзеш Ты да мяне? Буду хадзіць у беззаганнасьці сэрца майго сярод дома майго.

3 Не пакладу перад вачыма маімі непатрэбнае рэчы; дзею злачынную я ненавіджу; ня прыстане яна да мяне.

4 Сэрца разбэшчанае будзе далёка ад мяне, ліхога я ведаць ня буду.

5 Таго, хто таемна паклёпнічае на блізкага свайго, праганю; ганарыстага вачамі і пагардлівага сэрцам не патрываю.

6 Вочы мае - на верных зямлі, каб яны заставаліся пры мне; хто ходзіць дарогаю беззаганнасьці, той будзе служыць мне.

7 Ня жыцьме ў доме маім той, хто ўчыняе падступна; і хто няпраўду гаворыць, ня стане перад вачыма маімі.

8 З самае раніцы буду зьнішчаць усіх бязбожных зямлі, каб выкарчаваць з горада Гасподняга ўсіх, хто злачынства ўчыняе.

 

Псальма 101

 

Заклік да мілажалю і да Сіёна

 

Малітва спрагненага, калі ён смуткуе і вылівае прад Госпадам скруху сваю.

2 Госпадзе! пачуй малітву маю, і енк мой хай дойдзе да Цябе.

3 Не хавай аблічча Твайго ад мяне; у дзень смутку майго прыхілі да мяне вуха Тваё; у дзень, калі паклічу Цябе, адразу пачуй мяне.

4 Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае абпаленыя, як галавешка;

5 сэрца маё ўражанае, і высахла, як трава, аж я забываюся есьці мой хлеб;

6 ад голасу стогну майго косткі мае прысталі да плоці маёй.

7 Я стаў падобны да пелікана ў пустыні; я зрабіўся як сыч у руінах;

8 ня сплю і сяджу, як адзінокая птушка на даху.

9 Кожны дзень клянуць мяне ворагі мае, і неабольнікі мае ганяць мяне.

10 Я попел ем замест хлеба, і пітво маё разбаўляю сьлязьмі,

11 ад гневу Твайго і абурэньня Твайго; бо Ты ўзвысіў мяне і скінуў мяне.

12 Дні мае быццам цень, які ўхіляецца; і я высах, быццам трава.

13 Ты ж, Госпадзе, вечна жывеш, і памяць пра Цябе з роду ў род.

14 Ты паўстанеш, умілажалішся з Сіёна? бо час літаваць яго, бо прысьпеў час;

15 бо рабы Твае палюбілі і каменьне ягонае, і попел ягоны шкадуюць.

16 І збаяцца народы імя Гасподняга, і ўсе цары зямныя - славы Тваёй.

17 Бо збудуе Гасподзь Сіён, і зьявіцца ў славе Сваёй;

18 паглядзіць на малітву бездапаможных, і не пагардзіць малітваю іхняй.

19 Пра гэта напісана будзе роду наступнаму, і пакаленьне наступнае ўславіць Госпада,

20 бо Ён прынік са святой гары Сваёй; зь нябёсаў глянуў Гасподзь на зямлю,

21 каб пачуць стогны вязьняў, раскаваць сыноў сьмерці,

22 каб абвяшчалі на Сіёне імя Гасподняе, і славу Яму - у Ерусаліме,

23 калі зьбяруцца народы разам і царствы служыць Госпаду.

24 Стаміў Ён на шляху сілу маю, скараціў дні мае.

25 Я сказаў: Божа мой! не забяры мяне на палавіне дзён маіх. Твае гады ў роды родаў.

26 На пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы - дзея рук Тваіх;

27 яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як рыза, спарахнеюць, і, як адзеньне, Ты пераменіш іх, - і зьменяцца;

28 але Ты - той самы, і гады Твае ня скончацца.

29 Сыны рабоў Тваіх будуць жыць, і семя іхняе ўмацуецца прад абліччам Тваім.

 

Псальма 102

 

Хвала міласэрнасьці Божай

 

Псальма Давідава.

Дабраславі, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё - сьвятое імя Ягонае.

2 Дабраславі, душа мая, Госпада, і не забывай усіх добрых дзеяў Ягоных.

3 Ён даруе ўсе беззаконьні твае; ацаляе ўсе немачы твае;

4 ад магілы жыцьцё тваё вызваляе, вянчае цябе міласьцю і шчадротамі;

5 насычае дабротамі жаданьні твае: абнаўляецца, як арол, юнацтва тваё.

6 Гасподзь творыць праўду і суд усім пакрыўджаным.

7 Ён паказаў шляхі Свае Майсею, сынам Ізраілевым - дзеі Свае.

8 Шчодры і міласьцівы Гасподзь, вельмі цярплівы і шчодраміласьцівы:

9 не да канца гневаецца і не навек абураецца.

10 Не паводле злачынстваў нашых стварыў нам, і не паводле грахоў нашых аддаў нам:

11 бо, як высока неба над зямлёю, так вялікая ласка Госпада да тых, хто баіцца Яго;

12 як далёка ўсход ад захаду, так аддаліў Ён ад нас беззаконьні нашыя;

13 як бацька даруе сынам, так даруе Гасподзь тым, хто баіцца Яго.

14 Бо Ён ведае склад наш, памятае, што мы - пыл.

15 Дні чалавечыя - як трава; як польная краска, так ён цьвіце.

16 Пройдзе над ім вецер, і няма яго, і месца ягонае ўжо не пазнае яго.

17 А ласка Гасподняя зьвеку й давеку тым, хто баіцца Яго,

18 і праўда Ягоная на сынах сыноў, якія захоўваюць запавет Ягоны і памятаюць наказы Ягоныя, каб выконваць іх.

19 Гасподзь на нябёсах паставіў Свой трон, і царства Ягонае ўсім валодае.

20 Дабраславеце Госпада, усе анёлы Ягоныя, моцныя сілаю, выканаўцы слова Ягонага.

21 Дабраславеце Госпада, усе войскі Ягоныя, службіты Ягоныя, што выконваюць волю Ягоную.

22 Дабраславеце Госпада, усе дзеі Ягоныя, ва ўсіх месцах валадарства Ягонага. Дабраславі, душа мая, Госпада!

 

Псальма 103

 

Праслаўленьне Бога, Творцы сьвету

 

Псальма Давідава пра стварэньне сьвету.

Дабраславі, душа мая, Госпада! Госпадзе, Божа мой! Ты дзівосна вялікі. Ты ўбраны ў славу і ў веліч,

2 Ты ўбіраешся ў сьвятло, як у шаты, прасьціраеш нябёсы, як заслону,

3 ладзіш над водамі вышынныя харомы Твае, робіш хмары Твае калясьніцаю, крочыш на крылах ветру.

4 Ты творыш анёлаў Тваіх з духаў, слуг Тваіх - з вагню палымянага.

5 Ты паставіў зямлю на цьвёрдых асновах: не пахісьнецца яна векавечна.

6 Безданьню, як вопраткаю, накрыў Ты яе; на горах воды стаяць.

7 Ад пагрозы Тваёй уцякаюць яны, ад голасу грому Твайго пабеглі яны;

8 узыходзяць на горы, сыходзяць у даліны, на месца, якое Ты ім назначыў.

9 Ты паклаў мяжу, якой не пяройдуць, і ня вернуцца зямлю пакрыць.

10 Ты паслаў крыніцы ў даліны; паміж гор цякуць воды,

11 пояць усіх зьвяроў польных; дзікія аслы спатольваюць смагу сваю.

12 Каля іх жывуць птушкі нябесныя, з гольля падаюць галасы.

13 Ты напойваеш горы з вышыняў Тваіх, плёнам дзеяў Тваіх зямля насычаецца.

14 Ты росьціш быдлу траву, і зеляніну на спажытак чалавеку, каб ежу зь зямлі здабываў,

15 і віно, якое вяселіць сэрца чалавеку, і алей, ад якога блішчыць твар ягоны, і хлеб, які мацуе сэрца чалавеку.

16 Насычаюцца дрэвы Госпада, кедры Ліванскія, якія Ён пасадзіў;

17 на іх гняздуюцца птушкі: яліны - пад гняздо буслам,

18 высокія горы - сарнам; каменныя скалы - сховы зайцам.

19 Ён стварыў месяц на азначэньне часу; сонца ведае свой захад.

20 Ты прасьціраеш цемру, і бывае ноч: уначы бадзяюцца ўсе лясныя зьвяры;

21 ільвы, якія рыкаюць па здабычы і просяць у Бога ежы сабе.

22 Устае сонца, і яны зьбіраюцца і кладуцца ў свае логвішчы;

23 выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю да вечара.

24 Як многа дзеяў Тваіх, Госпадзе! Усё стварыў Ты мудра; зямля поўная твораў Тваіх.

25 Гэта мора - вялікае і шырокае: там паўзуны, якім ліку няма, жывёлы малыя і вялікія;

26 там плаваюць караблі, там гэты левіяфан, якога Ты стварыў гуляць у ім.

27 Усе яны ад Цябе чакаюць, каб Ты даў ім ежу сваечасова.

28 Даеш ім - прымаюць; адкрываеш далоню Тваю - насычаюцца дабром;

29 схаваеш аблічча Тваё - палохаюцца; забіраеш у іх дух - паміраюць, і ў пыл свой вяртаюцца.

30 пашлеш дух Твой - ствараюцца, і Ты абнаўляеш улоньне зямлі.

31 Хай будзе Госпаду слава навечна; хай радуецца Гасподзь дзеямі Сваімі.

32 Паглядзіць на зямлю, і яна трасецца; дакранецца да гор, і дымяцца.

33 Буду сьпяваць Госпаду ўсё жыцьцё маё, буду сьпяваць Богу майму, пакуль я ёсьць.

34 Хай Яму паспрыяе песьня мая; буду радавацца ў Госпадзе.

35 Хай зьнікнуць грэшнікі зь зямлі, і бязбожных хай болей ня будзе. Дабраславі, душа мая, Госпада! Алілуя!

 

Псальма 104

 

Хвала Богу, Які захоўвае Запавет

 

Слаўце Госпада; заклікайце імя Ягонае; абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя.

2 Сьпявайце Яму і грайце Яму; раскажэце пра ўсе цуды Ягоныя.

3 Хвалецеся імем Ягоным сьвятым; хай цешыцца сэрца ў тых, хто шукае Госпада.

4 Шукайце Госпада і сілы Ягонай, шукайце аблічча Ягонага заўсёды.

5 Згадвайце цуды Ягоныя, якія ўчыніў, азнакі Ягоныя і суд вуснаў Ягоных,

6 вы, семя Абрагамавае, рабы Ягоныя, сыны Якава, выбранцы Ягоныя.

7 Ён Гасподзь Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя.

8 Вечна Ён памятае Свой запавет, слова, якое запавядаў тысячам родаў,

9 якое запавядаў Абрагаму, і клятву сваю Ісааку,

10 і паставіў тое Якаву законам, і Ізраілю запаветам вечным,

11 кажучы: табе дам зямлю Ханаанскую як часьціну спадчыны вашай.

12 Калі іх было яшчэ лікам мала, вельмі мала, і былі яны прыхадні ў ёй,

13 і пераходзілі ад народу да народу, з царства да іншага племя,

14 нікому не дазваляў крыўдзіць іх, і за іх цароў дакараў:

15 «не дакранайцеся да памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабеце зла».

16 І наклікаў голад на зямлю; кожнае хлебнае сьцябло паламаў.

17 Паслаў перад імі чалавека: у рабы быў прададзены Язэп.

18 Скавалі аковамі ногі яму, у жалеза ўвайшла душа ягоная,

19 пакуль спраўдзілася слова Ягонае: слова Гасподняе выпрабавала яго.

20 Паслаў цар, і разьвязалі яго; уладар народаў, і вызваліў яго.

21 Паставіў яго гаспадаром над домам сваім і ўпраўцам над усім валоданьнем сваім,

22 каб ён настаўляў валадароў ягоных паводле сваёй душы і старэйшын ягоных вучыў мудрасьці.

23 Тады прыйшоў Ізраіль у Егіпет, і перасяліўся Якаў у зямлю Хамаву,

24 і вельмі размножыў Бог народ Свой, і зрабіў яго мацнейшым за ворагаў ягоных.

25 Абудзіў у сэрцы іхнім нянавісьць супроць народу Ягонага і хітрасьць супроць рабоў Ягоных.

26 Паслаў Майсея, раба Свайго, Аарона, якога абраў.

27 Яны паказалі сярод іх слова азнакаў Ягоных і дзівосы Ягоныя ў зямлі Хамавай.

28 Паслаў цемру, і зрабіў морак, і не зрабілі супору слову Ягонаму.

29 Ператварыў іхнюю ваду ў кроў, і замарыў рыбу іхнюю.

30 Зямля іхняя ўрадзіла шмат жаб нават у спальні цароў іхніх.

31 Ён сказаў, і прыйшлі розныя насякомыя, воды ва ўсе іхнія межы.

32 Замест дажджу паслаў на іх град, вагонь пякучы на зямлю іхнюю.

33 І пабіў вінаград іхні і смакоўніцы іхнія, і паваліў дрэвы ў межах іхніх.

34 Сказаў, і прыйшла саранча, і безьліч вусеняў;

35 і паелі ўсю траву на зямлі іхняй, і паелі плады на палях іхніх.

36 І забіў кожнага першынца ў зямлі іхняй, пачаткі ўсёй сілы іхняй.

37 І вывеў іх з срэбрам і золатам, і ня было ў іхніх плямёнах хворага.

38 Узрадаваўся Егіпет выхаду іхняму; бо страх ад іх напаў на яго.

39 Прасьцёр ім хмару як заслону і вагонь, каб сьвяціў ім ноччу.

40 Прасілі, і Ён паслаў перапёлак, і хлебам нябесным карміў іх.

41 Раскалоў камень, і пацяклі воды, пацяклі ракою па мясьцінах сухіх,

42 бо ўзгадаў Ён сьвятое слова Сваё да Абрагама, раба Свайго,

43 і вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх у весялосьці:

44 і даў ім землі народаў, і перанялі яны працу людзкую,

45 каб трымаліся пастановаў Ягоных і законы Ягоныя захоўвалі. Алілуя!

 

Псальма 105

 

Хвала міласэрнасьці Божай да грэшнага люду

 

Алілуя.

Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна ласка Ягоная.

2 Хто выкажа магутнасьць Госпада, хто абвесьціць усю славу Ягоную?

3 Дабрашчасныя - хто трымаецца права, хто чыніць па праўдзе ва ўсякі час!

4 Спамяні пра мяне, Госпадзе, у зычлівасьці да народу Твайго; наведай мяне ратаваньнем Тваім,

5 каб угледзеў я дабрадзенства выбранцаў Тваіх, каб радаваўся я радасьцю народу Твайго, каб хваліўся я спадчынаю Тваёю.

6 Зграшылі мы з бацькамі нашымі, учынілі бяспраўе, скрывілі праўду.

7 Бацькі нашыя ў Егіпце не зразумелі цудаў Тваіх, не памяталі безьлічы міласьцяў Тваіх і ўзбунтаваліся каля мора, Чэрмнага мора.

8 Але Ён уратаваў іх дзеля імя Свайго, каб паказаць магутнасьць Сваю.

9 Грозна прамовіў мору Чэрмнаму, і яно высахла; і правёў іх прадоньнем, як па сухім;

10 і ўратаваў іх ад рукі ненавісьніка і выбавіў іх ад рукі ворага.

11 Воды накрылі ворагаў іхніх; ніводнага зь іх не засталося.

12 І паверылі яны словам Ягоным, і пасьпявалі славу Яму.

13 Але неўзабаве забылі дзеі Ягоныя, не дачакаліся Ягонага пажаданьня:

14 і загарэліся ў пустыні пажадай, і спакусілі Бога ў бязьлюднай.

15 І Ён выканаў іхнюю просьбу, але паслаў на іх душы пошасьць.

16 І пазайздросьцілі ў табары Майсею і Аарону, сьвятому Гасподняму.

17 Раскалолася зямля, і паглынула Датана, і накрыла Ааронавую зборню.

18 І загарэўся вагонь на зборні іхняй, полымя папаліла бязбожных.

19 Зрабілі цяля каля Харыва, і пакланіліся ідалу;

20 і памянялі славу сваю на выяву вала, які есьць траву.

21 Забыліся Бога, Збаўцу свайго, Які велічнае ў Егіпце ўчыніў,

22 дзівоснае ў зямлі Хамавай, страшэннае каля Чэрмнага мора.

23 І хацеў вынішчыць іх, калі б Майсей, выбранец Ягоны, ня стаў прад Ім у расколіне, каб адвесьці ятру Ягоную, не пагубіць іх.

24 І пагардзілі яны зямлёю жаданаю, ня верылі слову Ягонаму;

25 і наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Гасподняга.

26 І падняў Ён руку Сваю на іх, каб зубожыць іх у пустыні,

27 і зубожыць іхні род сярод народаў і расьсеяць іх па зямлі.

28 Яны прыляпіліся да Ваалфэгора, і елі ахвяры бяздушным,

29 і разгневалі Бога сваімі ўчынкамі, і напала пошасьць на іх.

30 І паўстаў Фінээс, і ўчыніў суд, - і спынілася пошасьць

31 І залічана гэта яму ў праведнасьць на векі вечныя з роду ў род.

32 І ўгневалі Бога каля водаў Мэрывы, і Майсей пацярпеў за іх,

33 бо засмуцілі яны дух ягоны, і ён паграшыў вуснамі сваімі.

34 Ня вынішчылі народаў, пра якія сказаў ім Гасподзь;

35 а зьмяшаліся зь язычнікамі, і навучыліся дзеяў іхніх;

36 служылі ідалам іхнім, якія былі ім сеткаю,

37 і прыносілі сыноў сваіх і дачок сваіх у ахвяру дэманам;

38 пралівалі кроў бязьвінную, кроў сыноў сваіх і дочак сваіх, якіх прыносілі ў ахвяру ідалам Ханаанскім, - і зьнячысьцілася зямля крывёю;

39 зьнячышчалі сябе дзеямі сваімі і распусьнічалі ўчынкамі сваімі.

40 І запалаў гнеў Гасподні на народ Ягоны, і пагрэбаваў Ён спадчынай Сваёю

41 і перадаў іх у рукі язычнікам, і ненавісьнікі іх завалодалі імі.

42 Ворагі іхнія ўціскалі іх, і яны ўпакорваліся пад рукою іхняю.

43 Шмат разоў Ён іх вызваляў; а яны немарасьціліся прад Ім, і прыніжаліся за беззаконьне сваё.

44 Але Ён зважаў на іх смутак, калі чуў іхнія енкі,

45 і прыгадваў запавет Свой зь імі, і раскайваўся ў многіх міласьцях Сваіх,

46 і абуджаў спагаду да іх ва ўсіх, хто іх браў у палон.

47 Ратуй нас, Госпадзе, Божа наш, зьбяры нас спаміж народаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё, хваліліся Тваёю славаю.

48 Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, спрадвеку і навечна! І хай скажа ўвесь народ: амін! Алілуя!

 

КНІГА ПЯТАЯ (106-150)

 

Псальма 106

 

Падзякаваньне Богу Збаўцу

 

Алілуя.

Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна літасьць Ягоная!

2 Так хай скажуць уратаваныя Госпадам, як іх збавіў Ён ад рук ворага

3 і сабраў з краін, ад усходу і захаду, ад поўначы і мора.

4 Яны блукалі ў пустыні бязьлюднымі шляхамі, і не знаходзілі населенага горада;

5 цярпелі голад і смагу, душа іхняя тлелася ў іх.

6 Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выбавіў іх ад нягодаў іхніх,

7 і павёў іх простай дарогай, каб яны ішлі да населенага горада.

8 Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя для сыноў чалавечых:

9 бо Ён спатоліў душу спрагненую, і душу сьмяглую напоўніў дабром.

10 Яны сядзелі ў цемры і ў засені сьмяротнай, скаваныя скрухаю і жалезам;

11 бо не ўпакорваліся словам Божым і волю Ўсявышняга занядбалі.

12 Ён упакорыў ім сэрца працаю; і яны зьнемаглі, і ня было памочніка.

13 Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выратаваў іх ад бедстваў іхніх,

14 вывеў іх зь цемры і засені сьмяротнай, і разарваў іхнія путы.

15 Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя справы Ягоныя для сыноў чалавечых:

16 бо Ён разбурыў браму медную, і жалезныя кайданы паламаў.

17 Неразумныя цярпелі за беззаконныя шляхі свае і за няпраўды свае;

18 усякаю ежаю грэбавала душа іх, і яны набліжаліся да брамы сьмерці.

19 Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён уратаваў іх у іхняй нягодзе;

20 паслаў слова Сваё, і ацаліў іх, і выбавіў іх ад магілаў іхніх.

21 Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым!

22 Хай прыносяць Яму ахвяру хвалы, і хай абвяшчаюць пра справы Ягоныя песьняю!

23 Хто выпраўляецца на караблях у мора, хто справы ўчыняе на водах вялікіх, -

24 бачыць Гасподнія дзеі і цуды Ягоныя ў бездані:

25 Ён маўляе, - і паўстае буйны вецер, і высока падымае хвалі яго:

26 узыходзяць да неба, ападаюць у бездань; душа іхняя растае ў нягодах;

27 яны кружацца і хістаюцца, нібы п'яныя, і ўся мудрасьць іхняя зьнікае.

28 Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён вывеў іх зь нягодаў іхніх.

29 Ён ператварае буру ў цішыню, і хвалі сунімаюцца.

30 І радуюцца, што яны суцішыліся, і Ён прыводзіць іх да жаданае прыстані.

31 Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым!

32 Хай славяць Яго на сходзе народным, і хай славяць Яго ў гурце старэйшынаў!

33 Ён ператварае рэкі ў пустыню і крыніцы вады - у сушу,

34 зямлю пладавітую - у саланчак, за бязбожнасьць тых, што жывуць на ёй.

35 Ён ператварае пустыню ў возера, і зямлю высахлую - у крыніцу вады;

36 і пасяляе там спрагненых, і яны будуюць горад, каб жыць у ім;

37 засяваюць палеткі, садзяць вінаграднікі, якія родзяць ім багатыя плады.

38 Ён дабраслаўляе іх, і яны вельмі памнажаюцца, і ў іх быдла ня менее.

39 Паменшыліся яны, і ўпалі ад прыгнёту, гароты і скрухі;

40 Ён вылівае зьнявагу на князёў, і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе дарог няма.

41 А гаротнага выцягвае з гароты, і род ягоны памнажае, як статак авечак.

42 Праведнікі бачаць гэта, і радуюцца, а ўсякае няверства засланяе вусны свае.

43 Хто мудры, той заўважыць гэта, і зразумее ласку Госпада.

 

Псальма 107

 

Песьня надзеі на Бога

 

Песьня. Псальма Давідава.

2 Гатовае сэрца маё, Божа, гатовае сэрца маё; буду пяяць і апяваць у славе маёй.

3 Паўстань, псалтыр і арфа! Я ўстану рана.

4 Славіць буду Цябе, Госпадзе, сярод народаў; славіць буду Цябе, сярод плямёнаў,

5 бо вышэй за нябёсы ласка Твая і ў пазахмар'і праўда Твая.

6 Узьнясіся вышэй за нябёсы, Божа; і над усёю зямлёю будзе слава Твая,

7 каб вызваліліся аблюбенцы Твае: уратуй правіцай Тваёю, і пачуй мяне.

8 Бог сказаў у сьвятыні Сваёй: няхай разьвесялюся - падзялю Я Сіхем, і даліну Сукот абмераю.

9 Мой Галаад, Мой Манасія, Яфрэм крэпасьць Маёй галавы, Юда скіпетр Мой,

10 Мааў умывальная шаля Мая, на Эдом абуткам кіну Маім, над зямлёю Філістымскаю клікаць буду.

11 Хто ўвядзе мяне ў горад умацаваны? Хто давядзе мяне да Эдома?

12 Ці ня Ты, Божа, Які нас адкінуў, і ня выходзіш, Божа, з войскам нашым?

13 Падай дапамогу нам ва ўціску, бо абарона людзкая - марнота.

14 З Богам мы выявім сілу; Ён скіне ворагаў нашых.

 

Псальма 108

 

Псальма праклёну на ворагаў

 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

Божа хвалы маёй! не прамаўчы,

2 бо разьзявіліся на мяне вусны бязбожныя і вусны падступныя;

3 адусюль атачылі мяне словамі нянавісьці, узбройваюць супраць мяне бяз прычыны;

4 за любоў маю ваююць супраць мяне; а я малюся;

5 аддаюць мне злом за дабро, за любоў маю - нянавісьцю.

6 Пастаў над імі бязбожнага, і д'ябал хай стане праваруч яго.

7 Калі будзе судзіцца, хай будзе вінаваты, і малітва ягоная няхай стане грэхам;

8 хай дні ягоныя будуць кароткія, і пасад ягоны іншы хай прыймае;

9 дзеці ягоныя няхай будуць сіротамі, а жонка ягоная - удавою;

10 хай бадзяюцца дзеці ягоныя і жабруюць, і просяць хлеба з руінаў сваіх;

11 хай захопіць ліхвяр усё, што ёсьць у яго, хай другія захопяць працу ягоную;

12 хай ніхто яму не паспагадае; хай ніхто ня зьлітуецца зь сіротаў ягоных;

13 хай будуць нашчадкі ягоныя на пагібель, і хай забудзецца іхняе імя ў наступным родзе;

14 хай згадаецца прад Госпадам беззаконьне бацькоў ягоных, і грэх маці ягонай хай не загладзіцца;

15 хай будуць заўсёды яны ў вачах Госпада, і хай вынішчыць Ён на зямлі пра іх памяць

16 за тое, што ён ня думаў пра літасьць, а гнаў чалавека беднага і ўбогага і зламанага сэрцам, каб забіць яго;

17 палюбіў праклён, і праклён спадобіць яго; не захацеў дабраславеньня, яно ад яго і адыдзе;

18 хай у пракляцьце апранецца, быццам у рызу, і хай увойдзе яно, як вада, у нутробу ягоную і, як алей, у косткі ягоныя;

19 хай будзе яно яму, нібы вопратка, у якую ён апранецца, і як пояс, якім заўсёды перапаясваецца.

20 Такая аддача ад Госпада ворагам маім і тым, што ліхасловяць душу маю!

21 Са мною, Госпадзе, Госпадзе, чыні дзеля імя Твайго, бо добрая міласьць Твая; уратуй мяне,

22 бо я бедны і ўбогі, і сэрца маё паранена ўва мне.

23 Я зьнікаю, быццам цень, калі хіліцца дзень, гоняць мяне, як саранчу.

24 Калені мае зьнемаглі ад посту, і цела маё засталося бяз тлушчу.

25 Я зрабіўся для іх пасьмешышчам; убачыўшы мяне, галовамі круцяць.

26 Памажы мне, Госпадзе, Божа мой; уратуй мяне з ласкі Тваёй,

27 хай уведаюць, што гэта Твая рука, і што Ты, Госпадзе, учыніў гэта.

28 Яны праклінаюць, а Ты дабраславі; яны паўстаюць, але няхай будуць пасаромленыя; а раб Твой хай радуецца.

29 Хай апрануцца праціўнікі мае ў ганьбу і, як вопраткаю, хай накрыюцца сорамам сваім.

30 І я голасна буду вуснамі сваімі славіць Госпада і сярод мноства Яго праслаўляць:

31 бо Ён стаіць праваруч беднага, каб ратаваць яго ад судзьдзяў душы ягонай.

 

Псальма 109

 

Псальма прароча-месіянская Валадарства Месіі

 

Псальма Давідава.

Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх.

2 Жазло сілы Тваёй пашле Гасподзь зь Сіёна: валадары сярод ворагаў Тваіх.

3 У дзень моцы Тваёй народ Твой гатовы ў аздобах сьвятыні; з улоньня дзяньніцы падобнае да расы Тваё нараджэньне.

4 Прысягаўся Гасподзь і не раскаецца: Ты Сьвятар навекі паводле абраду Мэлхісэдэкавага.

5 Гасподзь праваруч Цябе. Ён у дзень гневу Свайго пакарае цароў;

6 учыніць суд над народамі, напоўніць зямлю трупамі, раструшчыць галаву ў зямлі шырокай.

7 З патока на дарозе будзе піць, і таму падыме галаву.

 

Псальма 110

 

Славаслоўе Госпаду

 

Алілуя

Алэф

Слаўлю Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім.

Бэт

на радзе праведных і на сходні.

Гімэл

2 Вялікія дзеі Гасподнія,

Далэт

вабныя ўсім, хто іх любіць.

Гэ

3 Дзея Ягоная - слава і хараство,

Вав

і праўда Ягоная застаецца навечна.

Заін

4 Незабыўнымі зрабіў Ён цуды Свае;

Хэт

літасьцівы і шчодры Гасподзь.

Тэт

5 Ежу дае тым, хто баіцца Яго;

Ёд

вечна памятае Свой запавет.

Каф

6 Сілу дзеяў Сваіх паказаў Ён народу Свайму,

Ламэд

каб даць яму спадчыну язычнікаў.

Мэм

7 Дзеі рук Ягоных праўда і суд;

Нун

усе Яго запаведзі правільныя,

Самэх

8 цьвёрдыя на вякі вечныя,

Аін

заснаваныя на праўдзе і слушнасьці.

Пэ

9 Збавеньне паслаў Ён народу Свайму;

Цадэ

наказаў навечна Свой запавет.

Коф

Сьвятое і страшнае імя Ягонае!

Рэш

10 Пачатак мудрасьці страх Гасподні:

Шын

розум правільны ва ўсіх, хто выконвае запаведзі Ягоныя.

Тав

Хвала Яму няхай будзе вечная.

 

Псальма 111

 

Дабрашчаснасьць і асалода верніка

 

Алілуя!

Алэф

Дабрашчасны муж, што баіцца Госпада

Бэт

і шчыра любіць ягоныя запаведзі.

Гімэл

2 Моцнае будзе насеньне ягонае на зямлі;

Далэт

род праведных дабраславёны будзе.

Гэ

3 Дастатак і багацьце ў доме ў яго,

Вав

і праўда Ягоная трывае вечна.

Заін

4 У цемры ўзыходзіць сьвятло справядлівым;

Хэт

добрае яно і міласэрнае і праведнае.

Тэт

5 Добры чалавек міласэрны і пазычае;

Ёд

ён дасьць цьвёрдасьць словам сваім на судзе.

Каф

6 Ён вавек не пахісьнецца,

Ламэд

у вечнай памяці праведны будзе.

Мэм

7 Не пабаіцца нядобрае славы;

Нун

сэрца ў яго цьвёрдае, спадзяецца на Госпада.

Самэх

8 Умацаванае сэрца ў яго; ён не збаіцца,

Аін

калі гляне на ворагаў сваіх.

Пэ

9 Ён шчодра раздаў, абдарыў убогіх;

Цадэ

праўда ягоная застаецца навечна;

Коф

рог ягоны ўзьнясецца ў славе.

Рэш

10 Бязбожны гэта пабачыць і будзе злавацца.

Шын

заскрыгоча зубамі сваімі, і растане.

Тав

Жаданьне бязбожных загіне.

 

Псальма 112

 

Хвала Богу паслухмяных

 

Алілуя.

Хвалеце, рабы Гасподнія, хвалеце імя Гасподняе.

2 Хай будзе імя Гасподняе дабраславёна ад сёньня і навечна,

3 ад усходу сонца да захаду хай будзе праслаўлена імя Гасподняе;

4 Высокі над усімі народамі Гасподзь; над нябёсамі слава Ягоная.

5 Хто - як Гасподзь, Бог наш, Які, жывучы ў высях,

6 прыхіляецца, каб дагледзець неба і зямлю;

7 з тла падымае беднага, з гразі ўзвышае ўбогага,

8 каб пасадзіць яго з князямі, з князямі народу Ягонага;

9 няплодную ўсяляе ў дом мацераю, што радуецца за дзяцей? Алілуя!

 

Псальма 113

 

Для ўспамінаў пра збавеньне Ізраіля Богам

 

Алілуя.

Калі выйшаў Ізраіль зь Егіпта, дом Якава - з народу іншапляменнага,

2 Юда зрабіўся сьвятыняю Ягонаю, Ізраіль - валоданьнем Ягоным.

3 Мора ўгледзела, і пабегла; Ярдан павярнуўся назад.

4 Горы скакалі, як бараны, і пагоркі, як ягняткі.

5 Што з табою, мора, чаго ты пабегла, і з табою, Ярдане, чаго павярнуўся назад?

6 Чаго вы скачаце, горы, як бараны, і вы, пагоркі, як ягняткі?

7 Прад абліччам Госпада дрыжы, зямля, прад абліччам Бога Якава,

8 Які ператварае скалу ў возера вады і камень - у крыніцу вады.

9 Ня нам, Госпадзе, ня нам, а імю Твайму дай славу, дзеля ласкі Тваёй, дзеля праўды Тваёй.

10 Навошта язычнікі кажуць: дзе ж іхні Бог?

11 Бог наш на небе і на зямлі; творыць усё, што хоча.

12 А іхнія ідалы - срэбра і золата, творы рук чалавечых.

13 Ёсьць у іх вусны, але не гавораць; ёсьць у іх вочы, але ня бачаць;

14 ёсьць у іх вушы, але ня чуюць; ёсьць у іх ноздры, але нюху няма;

15 ёсьць у іх рукі, але не адчуваюць; ёсьць у іх ногі, але ня ходзяць; і яны гукаў не выдабываюць з горла свайго.

16 Няхай будуць да іх падобныя тыя, што іх робяць, і ўсе, хто на іх спадзяецца.

17 Доме Ізраілеў! спадзявайся на Госпада; Ён - нам дапамога і шчыт.

18 Доме Ааронаў! спадзявайся на Госпада; Ён - нам дапамога і шчыт.

19 Хто баіцца Госпада! спадзявайся на Госпада; Ён - нам дапамога і шчыт.

20 Гасподзь нас памятае, дабраслаўляе нас, дабраслаўляе Ізраілеў дом, дабраслаўляе Ааронаў дом;

21 дабраслаўляе тых, што баяцца Госпада, малых і вялікіх.

22 Няхай дадасьць вам Гасподзь болей і болей, вам і дзецям вашым,

23 дабраславёныя вы Госпадам, Які стварыў неба і зямлю.

24 Неба - неба Госпаду, а зямлю Ён даў сынам чалавечым.

25 Ня мёртвыя ўславяць Госпада, ні ўсё, што ў магілу сыходзіць,

26 а мы жывыя дабраслаўляцьмем Госпада ад сёньня і давеку. Алілуя.

 

Псальма 114

 

Падзяка Богу за збавеньне

 

Алілуя.

Я радуюся, што Гасподзь пачуў голас мой, малітву маю,

2 прыхіліў да мяне вуха Сваё; і таму буду клікаць Яго ўсе дні мае.

3 Агарнулі мяне хваробы сьмяротныя, пакуты пякельныя агарнулі мяне; сустрэў я ўціскі і смуткі.

4 Тады клікнуў я імя Гасподняе: Госпадзе! уратуй душу маю.

5 Гасподзь літасьцівы і справядлівы, міласэрны Бог наш.

6 Асланяе Гасподзь прастадушных: я ўвесь зьнямог, і Ён дапамог мне.

7 Вярніся, душа мая, у спакой твой; бо Гасподзь умілажаліўся зь цябе.

8 Ты збавіў душу маю ад сьмерці, вочы мае - ад сьлёз і ногі мае - ад спатыканьня.

9 Буду хадзіць прад абліччам Гасподнім па зямлі жывых.

 

Псальма 115

 

Алілуя.

Я вераваў і таму казаў: я моцна засмучаны.

2 Я сказаў неабачліва: усякі чалавек - мана.

3 Што аддам Госпаду за ўсе дабрачынствы Ягоныя мне?

4 Чару ратунку прыму, і імя Гасподняе клікну.

5 Зарокі мае аддам Госпаду перад усім народам Ягоным.

6 Дарагая ў Гасподніх вачах сьмерць сьвятых Ягоных!

7 О, Госпадзе! я раб Твой, я раб Твой і сын рабыні Тваёй, Ты разамкнуў мне кайданы.

8 Табе прынясу ахвяру хвалы, і імя Гасподняе клікну.

9 Зарокі мае аддам Госпаду перад усім народам Ягоным,

10 у дварах дома Гасподняга, сярод цябе, Ерусаліме! Алілуя.

 

Псальма 116

 

Увесь сьвет хай славіць Госпада

 

Алілуя.

Хвалеце Госпада, усе народы, услаўляйце Яго, усе плямёны;

2 бо вялікая літасьць да нас у Яго, і праўда Гасподняя застаецца навечна. Алілуя.

 

Псальма 117

 

Падзякаваньне Госпаду

 

Алілуя.

Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.

2 Хай скажа сёньня дом Ізраілеў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.

3 Хай скажа сёньня дом Ааронаў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.

4 Хай скажуць сёньня, хто баіцца Госпада: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.

5 З уціску паклікаў я Госпада, і пачуў мяне, і на шырокае месца вывеў мяне Гасподзь.

6 Гасподзь за мяне - не збаюся: што зробіць мне чалавек?

7 Гасподзь мне памочнік: буду глядзець на ворагаў маіх.

8 Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на чалавека.

9 Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на князёў.

10 Усе народы абступілі мяне, але імем Гасподнім я іх скінуў;

11 Абступілі мяне, атачылі мяне; але імем Гасподнім я іх скінуў.

12 Абселі мяне, як пчолы соты, і пагасьлі, як вагонь у цёрне; імем Гасподнім я іх скінуў.

13 Моцна штурхнулі мяне, каб я ўпаў; але Гасподзь падтрымаў мяне.

14 Гасподзь сіла мая і песьня; Ён зрабіўся выратаваньнем маім.

15 Голас радасьці і выратаваньня ў жытлішчах праведнікаў; правіца Гасподняя творыць сілу!

16 Правіца Гасподняя высока, правіца Гасподняя творыць сілу!

17 Не памру, а жыць буду і абвяшчацьму дзеі Гасподнія.

18 Строга пакараў мяне Гасподзь, але сьмерцю мяне не скараў.

19 Адчынеце мне браму праўды: увайду ў яе, праслаўлю Госпада,

20 вось брама Госпада, праведныя ўвойдуць у яе.

21 Слаўлю Цябе, што Ты пачуў мяне і зрабіўся ратункам маім.

22 Камень, які адкінулі будаўнікі, зрабіўся галавою вугла.

23 Гэта - ад Госпада, і гэта дзівосна ў нашых вачах.

24 Гэты дзень стварыў Гасподзь: парадуемся і ўзьвесялімся ў дзень гэты!

25 О, Госпадзе, выратуй! О, Госпадзе, пашчасьці!

26 Дабраславёны, хто ідзе ў імя Гасподняе! Дабраслаўляем вас з дома Гасподняга.

27 Бог - Гасподзь, і апраменіў нас; зьвяжэце шнурамі ахвяру, вядзеце да нарожнікаў ахвярніка.

28 Ты - Бог мой: славіць буду Цябе; Ты - Бог мой: славіць буду Цябе, (славіць буду Цябе, бо Ты пачуў мяне і зрабіўся маім ратаваньнем).

29 Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.

 

Псальма 118

 

Закон Гасподні

 

Алілуя.

Алэф

Дабрашчасныя - беззаганныя ў дарозе, што ходзяць у законе Гасподнім.

2 Дабрашчасныя - хто прымае сьведчаньні Ягоныя, хто ўсім сэрцам шукае Яго!

3 Яны крыўды ня чыняць, ходзяць шляхамі Ягонымі.

4 Ты запавёў наказы Твае выконваць дакладна.

5 О, каб дарогі мае былі простыя да захаваньня Тваіх пастановаў!

6 Тады не пасаромеўся б я, гледзячы на ўсе Твае запаведзі;

7 шчырым сэрцам Я славіў бы Цябе, вучыўся б судам Тваёй праўды.

8 Буду трымацца Тваіх пастановаў; не пакідай мяне назусім.

Бэт

9 Чым юнак утрымае свой шлях у чысьціні? - Калі будзе трымацца словаў Тваіх.

10 Цэлым сэрцам сваім я шукаю Цябе! ня дай мне збочыць ад запаведзяў Тваіх.

11 У сэрцы маім я схаваў слова Тваё, каб не грашыць прад Табою.

12 Дабраславёны Ты, Госпадзе! навучы мяне пастановам Тваім.

13 Вуснамі маімі абвяшчаў я ўсе суды Тваіх вуснаў.

14 На шляху Тваіх сьведчаньняў я радуюся, як у кожным багацьці.

15 Пра запаведзі Твае разважаю, і гляджу на шляхі Твае.

16 Пастановамі Тваімі суцяшаюся; не забываю слова Твайго.

Гімэл

17 Акажы ласку рабу Твайму, і буду я жыць і трымацца слова Твайго.

18 Разамкні вочы мае і пабачу дзівосы закона Твайго.

19 Прыхадзень я на зямлі; не хавай ад мяне запаведзяў Тваіх.

20 Зьнемагла душа мая ад жаданьня судоў Тваіх ва ўсялякі час.

21 Утаймаваў Ты пыхлівых, праклятых, што ўхіляюцца ад Тваіх запаведзяў.

22 Адвярні ад мяне зьнявагу і сорам, бо я захоўваю сьведчаньні Твае.

23 Князі сядзяць і змаўляюцца супраць мяне; а раб Твой разважае пра пастановы Твае.

24 Сьведчаньні Твае - суцяшэньне маё, і пастановы Твае - дарадцы мае.

Далэт

25 Душа мая кінута ў пыл; ажыві мяне словам Тваім.

26 Абвясьціў я дарогі мае, і Ты пачуў мяне; навучы мяне пастановам Тваім.

27 Дай зразумець мне шлях загадаў Тваіх, і буду разважаць пра дзівосы Твае.

28 Душа мая растае ад журботы: умацуй мяне паводле слова Твайго.

29 Адвярні ад мяне дарогу маны, і закон Твой даруй мне.

30 Я выбраў дарогу праўды, паставіў перад сабою суды Твае.

31 Я прыляпіўся да сьведчаньняў Тваіх, Госпадзе; не пасаромі мяне.

32 Пацяку шляхам запаведзяў Тваіх, калі Ты расшырыш сэрца маё.

Гэ

33 Пакажы мне, Госпадзе, шлях пастановаў Тваіх, і я буду трымацца яго да канца.

34 Дай мне зразумець, і буду трымацца закону Твайго і захоўваць яго ўсім сэрцам.

35 Пастаў мяне на сьцежку запаведзяў Тваіх, бо я жадаю яе.

36 Прыхілі маё сэрца да адкрыцьцяў Тваіх, а не да карысьлівасьці.

37 Адвядзі вочы мае, каб ня бачыць марноты; ажыві Ты мяне на дарозе Тваёй.

38 Сьцьвердзі слова Тваё рабу Твайму, каб багавейны я быў прад Табою.

39 Адвядзі ад мяне зьнявагу, якое баюся; бо суды Твае добрыя.

40 Вось, я пажадаў загадаў Тваіх; ажыві мяне праўдаю Тваёю.

Вав

41 Хай сыдзе на мяне, Госпадзе, міласьць Твая, выратаваньне паводле слова Твайго,

42 і я адкажу таму, хто мяне зьневажае, бо я спадзяюся на слова Тваё.

43 Не адбірай зусім ад вуснаў маіх слова праўды, бо я спадзяюся на суды Твае.

44 і буду трымацца суду Твайго заўсёды, на векі вечныя;

45 буду хадзіць свабодна, бо наказаў Тваіх я шукаю,

46 буду маўляць пра адкрыцьці Твае перад царамі, і не пасаромеюся;

47 буду суцяшацца запаведзямі Тваімі, якія я палюбіў;

48 рукі мае працягну да запаведзяў Тваіх, якія я палюбіў, і разважаць пра Твае пастановы.

Заін

49 Згадай слова Тваё да раба Твайго, на якое Ты загадаў мне спадзявацца:

50 гэта - суцяшэньне ў нягодзе маёй, што слова Тваё суцяшае мяне.

51 Гардуны зь мяне надта глуміліся, але я ня ўхіліўся ад закона Твайго.

52 Згадваў суды Твае, Госпадзе, зьвеку, і суцяшаўся.

53 Жах агартае мяне, калі бачу бязбожных, якія законы Твае пакідаюць.

54 Пастановы Твае былі песьнямі мне ў мясьцінах вандровак маіх.

55 Уначы ўспамінаў я імя Тваё, Госпадзе, і трымаўся закону Твайго.

56 Ён зрабіўся маім, бо загады Твае я шаную.

Хэт

57 Доля мая, Госпадзе, сказаў я, трымацца слова Твайго.

58 Маліўся Табе я ўсім сэрцам: памілуй мяне паводле слова Твайго.

59 Разважаў пра шляхі мае, і павярнуў свае ногі да сьведчаньняў Тваіх.

60 Сьпяшаўся і не марудзіў выконваць запаведзі Твае.

61 Сеткі бязбожных акружылі мяне; але не забываў я закона Твайго.

62 Апоўначы падымаўся славіць Цябе за справядлівыя суды Твае.

63 Саўдзельнік я ўсім, хто баіцца Цябе і хто наказы Твае шануе.

64 Ласкаю Тваёй, Госпадзе, поўніцца ўся зямля; навучы мяне пастановам Тваім.

Тэт

65 Добра зрабіў Ты рабу Твайму, Госпадзе, паводле слова Твайго.

66 Добраму разуменьню і веданьню навучы мяне, бо запаведзям Тваім я веру.

67 Пакуль я цярпеў, я блукаў; а сёньня слова Твайго трымаюся.

68 Добры і дабрадзейны Ты, Госпадзе; навучы мяне пастановам Тваім.

69 Гардуны плятуць на мяне ману; а я ўсім сэрцам загады Твае шанавацьму.

70 Затлусьцела ў іх сэрца, стала, як лой; а я законам Тваім суцяшаюся.

71 Добра мне, што я пацярпеў, каб навучыцца Тваім пастановам.

72 Закон Тваіх вуснаў мне лепей за тысячы золата і срэбра.

Ёд

73 Рукі Твае стварылі мяне і збудавалі мяне; дай мне розуму і навучуся запаведзям Тваім.

74 Хто баіцца Цябе, убачаць мяне і парадуюцца, што я спадзяюся на слова Тваё.

75 Ведаю, Госпадзе, што суды Твае справядлівыя, і па справядлівасьці Ты пакараў мяне.

76 Хай жа міласьць Твая будзе мне ўцехаю паводле слова Твайго рабу Твайму.

77 Хай прыйдзе мне Твой мілажаль, і буду я жыць; бо закон Твой - суцяшэньне маё.

78 Хай пасаромлены будуць пыхлівыя, бо бязь віны прыгнятаюць мяне; я разважаю пра загады Твае.

79 Хай зьвернуцца да мяне тыя, што баяцца Цябе і ведаюць сьведчаньні Твае.

80 Хай будзе сэрца маё беззаганнае ў вуснах Тваіх, каб я не пасаромеўся!

Каф

81 Душа мая прападае па ратунку Тваім; спадзяюся на слова Тваё.

82 Прападаюць вочы мае па слове Тваім; я кажу: калі Ты суцешыш мяне?

83 Я зрабіўся, як мех у дыме; а пастановаў Тваіх не забыўся.

84 Колькі дзён у раба Твайго? Калі ўчыніш суд над маімі ганіцелямі?

85 Яму выкапалі мне гардзеі насуперак закону Твайму.

86 Усе запаведзі Твае - праўда; несправядліва перасьледуюць мяне; памажы мне.

87 Ледзьве не загубілі мяне на зямлі, але я не пакінуў загадаў Тваіх.

88 Па літасьці Тваёй ажыўляй мяне, і буду захоўваць сьведчаньні вуснаў Тваіх.

Ламэд

89 Навечна, Госпадзе, слова Тваё сьцьверджана на нябёсах;

90 праўда Твая з роду ў род. Ты паставіў зямлю, і стаіць яна.

91 Паводле Тваіх вызначэньняў усё стаіць і дагэтуль; бо ўсё служыць Табе.

92 Калі б не закон Твой быў суцяшэньнем маім, загінуў бы я ў нягодах маіх.

93 Вавек не забуду загадаў Тваіх, бо імі Ты ажыўляеш мяне.

94 Я Твой: уратуй мяне; бо я наказаў Тваіх шукаю.

95 Бязбожнікі пільнуюць мяне, каб загубіць; а я паглыбляюся ў адкрыцьці Твае.

96 Я бачыў мяжу дасканаласьці ўсякай; але Твая запаведзь надта шырокая.

Мэм

97 Як люблю я закон Твой! увесь дзень пра яго разважаю.

98 Запаведзьдзю Тваёю Ты зрабіў мяне мудрэйшым за ворагаў маіх; бо яна заўсёды са мною.

99 Я стаўся разумнейшы за настаўнікаў маіх; бо разважаю пра сьведчаньні Твае.

100 Я ведаю болей за старцаў; бо загады Твае шаную.

101 Ад усякай ліхое дарогі ўхіляю ногі мае, каб трымацца слова Твайго;

102 ад судоў Тваіх ня ўхіляюся, бо Ты навучаеш мяне.

103 Якое салодкае слова Тваё майму паднябеньню! лепей за мёд вуснам маім.

104 Ад наказаў Тваіх я стаўся разумнейшы, таму ненавіджу любы шлях маны.

Нун

105 Слова Тваё - сьветач нагам маім і сьвятло сьцежцы маёй.

106 Я прысягнуў шанаваць справядлівыя суды Твае, і выканаю.

107 Моцна прыгнечаны я, Госпадзе; ажыві мяне паводле слова Твайго.

108 Хай будзе воля Твая, Госпадзе, прыняць дабраахвотную ахвяру вуснаў маіх, і судам Тваім навучы мяне.

109 Душа мая бесьперастанку ў руцэ маёй; але закона Твайго не забываю.

110 Бязбожнікі паставілі на мяне пастку; але я ня ўхіліўся ад загадаў Тваіх.

111 Сьведчаньні Твае я прыняў, як спадчыну вечную; бо яны злагада сэрца майго.

112 Я прыхіліўся сэрцам да выкананьня загадаў Тваіх навек, да канца.

Самэх

113 Вымудры паняверныя ненавіджу, а закон Твой люблю.

114 Ты - маё покрыва і шчыт мой; на слова Тваё спадзяюся.

115 Адыдзеце ад мяне, беззаконныя, і буду захоўваць запаведзі Бога майго.

116 Умацуй мяне словам Тваім, і буду жыць; не пасаромі мяне ў надзеі маёй;

117 падтрымай мяне, і ўратуюся; і ў Твае пастановы ўдумвацца няспынна буду.

118 Усіх адступнікаў ад пастановаў Тваіх Ты скідаеш, бо вымудры іхнія - няпраўда.

119 Як шашаль, зьмятаеш Ты ўсіх бязбожных зь зямлі; таму палюбіў я адкрыцьці Твае.

120 Дрыжыць ад страху прад Табою цела маё, і судоў Тваіх баюся я.

Аін

121 Я чыніў суд і праўду; не аддавай мяне ганіцелям маім.

122 Даручы Ты на добрае раба Твайго, каб не прыгняталі мяне гардуны.

123 Растаюць мае вочы, чакаючы ратунку Твайго і слова праўды Тваёй.

124 Учыні рабу Твайму паводле ласкі Тваёй і пастановам Тваім навучы мяне.

125 Я раб Твой; дай розуму мне, і спазнаю адкрыцьці Твае.

126 Час настаў Госпаду дзейнічаць: закон Твой зьняважнілі.

127 А я люблю запаведзі Твае болей за золата, золата чыстае.

128 Усе загады Твае - усе прызнаю справядлівымі: усякі шлях маны ненавіджу.

Пэ

129 Дзівосныя адкрыцьці Твае; таму іх трымае душа мая.

130 Сьведчаньне словаў Тваіх прасьвятляе, простым розум дае.

131 Размыкаю вусны мае, і ўздыхаю; бо запаведзяў Тваіх прагну.

132 Паглядзі на мяне і памілуй мяне, як робіш з тымі, што любяць імя Тваё.

133 Умацуй ногі мае ў слове Тваім, і ня дай авалодаць мною ніякаму беззаконьню;

134 вызвалі мяне ад прыгнёту чалавечага, і буду наказы Твае шанаваць.

135 Апрамень раба Твайго сьвятлом аблічча Твайго, і навучы мяне пастановам Тваім.

136 З вачэй маіх цякуць патокі вады, бо не шануюць закона Твайго.

Цадэ

137 Справядлівы Ты, Госпадзе, і суды Твае справядлівыя.

138 Сьведчаньні Твае, якія Ты запавядаў, - праўда і дасканалая ісьціна.

139 Руплівасьць мая зьядае мяне, бо мае ворагі забылі словы Твае.

140 Слова Тваё вельмі чыстае, і раб Твой палюбіў яго.

141 Малы я і пагарджаны; але наказаў Тваіх не забываю.

142 Праўда Твая - праўда вечная, а закон Твой - ісьціна.

143 Скруха і гора мяне агарнулі; запаведзі Твае - суцяшэньне маё.

144 Праўда адкрыцьцяў Тваіх - вечная: дай мне розуму, і буду жыць.

Коф

145 Клічу ўсім сэрцам маім: пачуй мяне, Госпадзе; і захаваю Твае пастановы.

146 Заклікаю Цябе; уратуй мяне, і буду захоўваць адкрыцьці Твае.

147 Сустракаючы ранак, я заклікаю; на слова Тваё спадзяюся.

148 Вочы мае сустракаюць ранішнюю варту, каб мне заглыбляцца ў слова Тваё.

149 Пачуй голас мой зь міласьці Тваёй, Госпадзе; судом Тваім ажыві мяне.

150 Наблізіліся тыя, што намышляюць хітрыну; далёка яны ад закона Твайго.

151 Блізкі Ты, Госпадзе, і ўсе запаведзі Твае - ісьціна.

152 Здаўна Я даведаўся пра сьведчаньні Твае, што Ты сьцьвердзіў іх навечна.

Рэш

153 Паглядзі на нягоды мае, і вызваль мяне; бо я не забываю закона Твайго.

154 Заступіся за справу маю, і абарані мяне; словам Тваім ажыві мяне.

155 Далёка ад бязбожных выратаваньне, бо яны пастановаў Тваіх ня шукаюць.

156 Многа шчадротаў Тваіх, Госпадзе; судом Тваім ажыві мяне.

157 Многа ў мяне ганіцеляў і ворагаў; але ад сьведчаньняў Тваіх не адступлюся.

158 Бачу адступнікаў, і брыджуся імі; бо яны не шануюць слова Твайго.

159 Падзівіся, як я люблю наказы Твае; міласьцю Тваёю, Госпадзе, ажыві мяне.

160 Аснова слова Твайго сапраўдная, і вечны ўсякі суд праўды Тваёй.

Шын

161 Князі перасьледуюць мяне бязьвінна; але сэрца маё баіцца слова Твайго.

162 Радуюся я слову Твайму, як той, хто вялікі дастак прыдбаў.

163 Ненавіджу ману і грэбую ёю; а закон Твой люблю.

164 Сямікроць на дзень праслаўляю Цябе за суды праўды Тваёй.

165 Вялікі мір у тых, што любяць закон Твой, і не спатыкаюцца яны.

166 Спадзяюся на выратаваньне Тваё, Госпадзе, і запаведзі Твае выконваю.

167 Душа мая песьціць сьведчаньні Твае, і я люблю іх моцна.

168 Шаную наказы Твае і адкрыцьці Твае; бо ўсе шляхі мае прад Табою.

Тав

169 Хай наблізіцца енк мой прад аблічча Тваё, Госпадзе; словам Тваім дай мне розум.

170 Хай прыйдзе маленьне маё прад аблічча Тваё, словам Тваім збаві мяне.

171 Вусны мае вымавяць славу, калі Ты навучыш мяне пастановам Тваім.

172 Язык мой абвесьціць слова Тваё; бо ўсе запаведзі Твае справядлівыя.

173 Хай будзе рука Твая дапамогаю мне; бо я выбраў Твае загады.

174 Прагну выратаваньня Твайго, Госпадзе, і закон Твой суцяшэньне маё.

175 Хай жыве душа мая і славіць Цябе, і суды Твае хай дапамогуць мне.

176 Я заблудзіўся, як авечка, згубленая: знайдзі раба Твайго; бо я запаведзяў Тваіх не забыўся.

 

Псальма 119

 

Малітва пра збавеньне

 

Песьня ўзыходжаньня.

Да Госпада зьвярнуўся я ў скрусе маёй, і Ён пачуў мяне.

2 Госпадзе! ратуй душу маю ад вуснаў манлівых, ад языка падступнага!

3 Што дасьць табе і што дадасьць табе язык падступны?

4 Вострыя стрэлы моцнага, з жарам ад ядлоўцу.

5 Гора мне, што я застаюся ў Мосаха, жыву пад намётамі Кідарскімі.

6 Доўга жыла душа мая зь ненавісьнікамі міру.

7 Я міралюбны; але як толькі скажу пра мір, яны - ідуць ваяваць.

 

Псальма 120

 

Гасподзь - ахавальнік мой

 

Песьня ўзыходжаньня.

Падымаю вочы мае ўгору, адкуль прыйдзе дапамога мая.

2 Дапамога мая ад Госпада, Які стварыў неба й зямлю.

3 Ня дасьць Ён пахіснуцца назе тваёй, не задрэмле Той, Хто асланяе цябе:

4 ня дрэмле і ня сьпіць, Хто асланяе Ізраіля.

5 Гасподзь - ахавальнік твой; Гасподзь - шата твая з правай рукі Тваёй.

6 Удзень сонца цябе не заб'е, ані месяц уночы.

7 Гасподзь аслоніць цябе ад усякага ліха; ахавае душу тваю Гасподзь.

8 Гасподзь будзе ахоўваць твой выхад і ўваход ад сёньня і вечна.

 

Псальма 121

 

Пра мір Ерусаліма

 

Песьня ўзыходжаньня. Давідава.

Усьцешыўся я, калі мне сказалі: пойдзем у дом Гасподні.

2 Вось стаяць ногі нашыя ў браме тваёй, Ерусаліме, -

3 Ерусалім, пабудаваны як горад, зьліты ў адно,

4 куды сыходзяцца плямёны, плямёны Гасподнія паводле закону Ізраіля славіць імя Гасподняе.

5 Там стаяць троны суду, троны дома Давідавага.

6 Прасеце спакою Ерусаліму: хай жывуць у дабрадзенстве тыя, хто любіць цябе!

7 Хай будзе спакой у мурах тваіх, дабрадзенства - у харомах тваіх!

8 Дзеля братоў маіх і блізкіх маіх кажу я: «Мір табе!»

9 Дзеля дома Госпада, Бога нашага, зычу табе дабра.

 

Псальма 122

 

Песьня надзеі на Бога

 

Песьня ўзыходжаньня.

Я ўздымаю вочы мае да Цябе, Хто жыве ў нябёсах!

2 Вось, як вочы рабоў глядзяць на руку іхніх паноў, як вочы рабыні на руку іхняе гаспадыні, так нашыя вочы да Госпада, Бога нашага, пакуль Ён зьлітуецца з нас.

3 Зьлітуйся з нас, Госпадзе, зьлітуйся з нас; бо даволі мы сытыя пагардай.

4 Даволі насычана душа нашая зьдзекамі ганарліўцаў і пагардай пыхлівых.

 

Псальма 123

 

Падзякаваньне за цудоўнае збавеньне

 

Песьня ўзыходжаньня. Давідава.

Калі б не Гасподзь быў з намі, - хай скажа Ізраіль, -

2 калі б не Гасподзь быў з намі, калі паўсталі на нас людзі, -

3 дык жывых нас яны праглынулі б, калі загарэлася ў іх ятра на нас;

4 воды патапілі б нас, паток прайшоў бы над душою нашаю;

5 прайшлі б над душою нашаю воды бурлівыя.

6 Дабраславёны Гасподзь, Які ня даў нас на здабычу іхнім зубам!

7 Душа наша вызвалілася, як птушка, зь сеткі лавецкай; сетка парвана, і мы вызваліліся.

8 Дапамога нашая ў імені Госпада, Які стварыў неба й зямлю.

 

Псальма 124

 

Гасподзь - абаронца народу свайго

 

Песьня ўзыходжаньня.

Той, хто надзею кладзе на Госпада, як гара Сіён, не захістаецца, стаяцьме вечна.

2 Горы вакол Ерусаліма, а Гасподзь вакол народу Свайго ад сёньня і давеку.

3 Бо не пакіне Гасподзь жазла бязбожных над доляю праведных, каб праведныя не працягнулі рукі свае да беззаконьня.

4 Рабі ж, Госпадзе, добрае добрым і справядлівым у сэрцах сваіх.

5 А тых, што збочваюць на крывыя сьцяжыны свае, хай пакіне Гасподзь хадзіць зь беззаконнымі. Мір на Ізраіля!

 

Псальма 125

 

Падзякаваньне за збавеньне Божае

 

Песьня ўзыходжаньня.

Калі вяртаў Гасподзь палон Сіёна, мы былі быццам у сьне.

2 Тады вусны нашы былі поўныя весялосьці, і язык наш - сьпяваў; тады між народамі казалі: «вялікае стварыў Гасподзь над імі!».

3 Вялікае стварыў Гасподзь над намі: мы радаваліся.

4 Вярні, Госпадзе, паланёных нашых, як патокі на поўдзень.

5 Хто са сьлязьмі сеяў, пажынацьме з радасьцю.

6 Хто з плачу нясе насеньне, вернецца з радасьцю, нясучы снапы свае.

 

Псальма 126

 

Бяз Бога ўсе намогі марныя

 

Песьня ўзыходжаньня. Саламонава.

Калі Гасподзь ня збудуе дома, марна працуюць будаўнікі яго; калі Гасподзь не ахавае горада, марна чувае варта.

2 Дарэмна вы рана ўстаяце, позна праседжваеце, ясьце хлеб журботы, тым часам як любаснаму Свайму Ён дае сон.

3 Вось спадчына ад Госпада: дзеці; узнагарода Ягоная - плод ад улоньня.

4 Што стрэлы ў руках у дужага, тое сыны маладыя.

5 Дабраславёны чалавек, які напоўніў імі калчан свой! Не застануцца яны ў сораме, калі гаварыцьмуць з ворагамі ў браме.

 

Псальма 127

 

Дабраславеньне пабожнай сям'і

 

Песьня ўзыходжаньня.

Дабрашчасны кожны, хто баіцца Госпада, хто ходзіць шляхамі ягонымі!

2 Ты будзеш есьці ад працы рук тваіх; дабрашчасны ты, і добра табе!

3 Жонка твая, як лаза плодная, у доме тваім; сыны твае, як аліўнае гольле, вакол трапезы тваёй:

4 так мілаславіцца чалавек, які баіцца Госпада!

5 Дабраславіць Цябе Гасподзь зь Сіёна, і ўбачыш бясьпеку Ерусаліма ва ўсе дні жыцьця твайго.

6 Убачыш сыноў у сыноў тваіх. Мір на Ізраіля!

 

Псальма 128

 

Малітва за паганьбеньне ненавісьнікаў Сіёна

 

Песьня ўзыходжаньня.

Шмат уціскалі мяне зь юнацтва майго, хай скажа Ізраіль:

2 шмат уціскалі мяне зь юнацтва майго, але не адолелі мяне.

3 На хрыбце маім аралі аратыя, вялі доўгія барозны свае.

4 Але Гасподзь справядлівы; Ён расьсек путы бязбожнікаў.

5 Хай пасаромяцца і павернуць назад усе ненавісьнікі Сіёна.

6 Хай будуць, як трава на дахах, якая раней, чым вырвана будзе, засыхае,

7 якою жнец не напоўніць рукі сваёй, а хто вяжа снапы - жмені сваёй;

8 і хто праходзіць міма, ня скажа: дабраславеньне Гасподняе на вас; дабраслаўляем вас імем Гасподнім!

 

Псальма 129

 

Заклік да міласэрнасьці Божай

 

Песьня ўзыходжаньня.

З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе.

2 Госпадзе! пачуй голас мой. Хай будуць вушы Твае ўважлівыя да голасу маленьняў маіх.

3 Калі Ты, Госпадзе, будзеш заўважаць беззаконьні, - Госпадзе! хто ўстоіць?

4 Але ў Цябе дараваньне, хай багавеюць прад Табою.

5 Спадзяюся на Госпада, спадзяецца душа мая; на слова Ягонае спадзяюся.

6 Душа мая чакае Госпада, болей, чым варта - раніцы, болей, чым варта - раніцы.

7 Хай спадзяецца Ізраіль на Госпада; бо ў Госпада літасьць і вялікае ў Яго збавеньне,

8 і Ён збавіць Ізраіля ад усіх беззаконьняў ягоных.

 

Псальма 130

 

Надзея на Госпада

 

Песьня ўзыходжаньня Давідава.

Госпадзе! ня пышылася сэрца маё і ня ўзносіліся вочы мае, і я не ўваходзіў у вялікае і недасяжнае мне.

2 Ці ж ня цугляў я, ці ж не супакойваў душы маёй, як дзіцяці, аднятаму ад грудзей маці? Душа мая была ўва мне, як дзіця, аднятае ад грудзей.

3 Хай спадзяецца Ізраіль на Госпада ад сёньня і вечна.

 

Псальма 131

 

Давід і каўчэг Запавета

 

Песьня ўзыходжаньня.

Спамяні, Госпадзе, Давіда, і ўсе ягоныя пакуты:

2 як ён прысягаў Госпаду, даваў зарок Моцнаму Якава;

3 «не ўвайду ў палатку дома майго, ня ўзыду на ложак мой;

4 ня дам сну вачам маім і павекам маім дрымоты,

5 пакуль не знайду месца Госпаду, жытлішча Моцнаму Якава».

6 Вось, мы чулі пра яго ў Эфраце, знайшлі яго на палях Ярыма.

7 Пойдзем да жытлішча Ягонага, паклонімся падножжу ног Ягоных.

8 Стань, Госпадзе, на месца пакою Твайго, Ты і каўчэг магутнасьці Тваёй.

9 Сьвятары Твае апранаюцца ў праўду, і сьвятыя Твае ўзрадуюцца.

10 Дзеля Давіда, раба Твайго, не адвярні аблічча памазанца Твайго.

11 Прысягаў Гасподзь Давіду ў ісьціне, і не зрачэцца яе; «ад плоду ўлоньня твайго пасаджу на троне тваім.

12 Калі сыны твае будуць шанаваць запавет Мой і Мае сьведчаньні, якім Я іх навучу: дык і іхнія сыны вечна сядзецьмуць на троне тваім».

13 Бо выбраў Гасподзь Сіён; пажадаў яго жытлом Сабе.

14 «Гэта - спакой Мой навечна; тут пасялюся, бо Я пажадаў яго.

15 Ежу ягоную дабраслаўляючы дабраслаўлю, убогіх ягоных накармлю хлебам;

16 сьвятароў ягоных апрану ў выратаваньне, і сьвятыя ягоныя радасьцю ўзрадуюцца.

17 Там згадую рог Давіду, пастаўлю сьветач памазанцу Майму.

18 Ворагаў ягоных апрану ў сорам; а на ім будзе зьзяць вянок ягоны».

 

Псальма 132

 

Надзея на Госпада

 

Песьня ўзыходжаньня.

Як добра і як прыемна жыць разам з братамі!

2 Гэта - як каштоўны алей на галаве, які сьцякае на бараду, бараду Ааронавую, сьцякае на край ягонае шаты;

3 як раса Ярмонская, што ападае на горы Сіёнскія, бо там наказаў Гасподзь дабраславеньне і жыцьцё навечна.

 

Псальма 133

 

Умаўленьне да начнога чуваньня

 

Песьня ўзыходжаньня. Дабраславеце насеньне Госпада, усе рабы Гасподнія, што стаяць у доме Гасподнім у пару начную.

2 Узьнясеце рукі вашыя да сьвяцілішча, і дасбраславеце Госпада.

3 Дабраславіць цябе зь Сіёна Гасподзь, Які стварыў неба й зямлю.

 

Псальма 134

 

Хвала Госпаду

 

Алілуя.

Хвалеце імя Гасподняе, хвалеце, рабы Гасподнія,

2 усе, хто стаіць у доме Гасподнім, у дварах Бога нашага.

3 Хвалеце Госпада, бо Гасподзь добры; сьпявайце імю Ягонаму, бо гэта соладка,

4 бо Гасподзь абраў сабе Якава, Ізраіля ўласнасьцю Сваёю.

5 Я ўведаў, што Гасподзь вялікі, і Гасподзь наш вышэйшы за ўсіх багоў.

6 Гасподзь творыць усё, што хоча, на нябёсах і на зямлі, на морах і ва ўсіх прадоньнях;

7 узводзіць хмары ад краю зямлі, творыць маланкі пры дажджы, выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.

8 Ён пабіў першынцаў Егіпта, ад чалавека да быдла,

9 паслаў азнакі і цуды сярод цябе, Егіпце, на фараона і на ўсіх рабоў ягоных,

10 пабіў народы многія, і вынішчыў цароў моцных:

11 Сігона, цара Амарэйскага, і Ога, цара Васанскага, і ўсе царствы Ханаанскія;

12 і аддаў зямлю іхнюю ў спадчыну, у спадчыну Ізраілю, народу Свайму.

13 Госпадзе! імя Тваё навечна; Госпадзе! памяць пра Цябе з роду ў род.

14 Бо Гасподзь судзіцьме народ Свой, і з рабоў Сваіх умілажаліцца.

15 Ідалы язычнікаў - срэбра і золата, утворы рук чалавечых.

16 Ёсьць у іх вусны, але не маўляюць, ёсьць у іх вочы, але ня бачаць;

17 ёсьць у іх вушы, але ня чуюць, і няма дыханьня ў вуснах у іх.

18 Спадобняцца ім тыя, што робяць іх, і кожны, хто спадзяецца на іх.

19 Доме Ізраілеў! дабраславеце Госпада. Доме Ааронаў! дабраславеце Госпада.

20 Доме Лявія! дабраславеце Госпада. Хто баіцца Госпада, дабраславеце Госпада.

21 Дабраславёны Гасподзь ад Сіёна, Які жыве ў Ерусаліме! Алілуя!

 

Псальма 135

 

Слава Госпаду за вечную ласку Ягоную

 

Алілуя.

Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Яго.

2 Слаўце Бога багоў, бо вечная ласка Яго.

3 Слаўце Госпада ўладароў, бо вечная ласка Яго.

4 Таго, Які адзін творыць цуды вялікія, бо вечная ласка Яго;

5 Які мудра стварыў нябёсы, бо вечная ласка Яго;

6 уцьвердзіў зямлю на водах, бо вечная ласка Яго;

7 стварыў сьвяцілы вялікія, бо вечная ласка Яго;

8 сонца - на кіраваньне днём, бо вечная ласка Яго;

9 месяц і зоркі - на кіраваньне ноччу, бо вечная ласка Яго;

10 пабіў Егіпет у першынцах ягоных, бо вечная ласка Яго;

11 вывеў Ізраіля з асяродзьдзя яго, бо вечная ласка Яго;

12 рукою моцнаю і мышцаю прасьцёртаю, бо вечная ласка Яго;

13 разьвёў Чэрмнае мора, бо вечная ласка Яго;

14 і правёў Ізраіля пасярод яго, бо вечная ласка Яго;

15 і скінуў фараона і войска ягонае ў Чэрмнае мора, бо вечная ласка Яго;

16 правёў народ Свой цераз пустыню, бо вечная ласка Яго;

17 пабіў цароў вялікіх, бо вечная ласка Яго;

18 і забіў цароў моцных, бо вечная ласка Яго;

19 Сігона, цара Амарэйскага, бо вечная ласка Яго;

20 і Ога, цара Васанскага, бо вечная ласка Яго;

21 і аддаў зямлю іхнюю ў спадчыну, бо вечная ласка Яго;

22 у спадчыну Ізраілю, рабу Свайму, бо вечная ласка Яго;

23 спамянуў нас у прыніжэньні нашым, бо вечная ласка Яго;

24 і збавіў нас ад ворагаў нашых, бо вечная ласка Яго;

25 ежу дае ўсякаму целу, бо вечная ласка Яго.

26 Слаўце Бога нябёсаў, бо вечная ласка Яго.

 

Псальма 136

 

Песьня на рэках Вавілона

 

Давідава.

Над рэкамі Вавілона, там сядзелі і плакалі мы, калі згадвалі пра Сіён.

2 На вербах пасярод яго павесілі мы свае арфы.

3 А тыя, што нас паланілі, песьняў ад нас патрабавалі, а нашыя прыгнятальнікі - весялосьці: «пасьпявайце нам зь песьняў Сіёна».

4 Як нам сьпяваць Гасподнюю песьню на чужынскай зямлі?

5 Калі забуду цябе, Ерусаліме, хай забудзе мяне правіца мая;

6 хай прыліпне язык мой да паднябеньня, калі помніць цябе я ня буду, калі не пастаўлю Ерусаліма на чале весялосьці маёй.

7 Прыгадай, Госпадзе, сынам Эдомавым дзень Ерусаліма, калі казалі яны: «руйнуйце, руйнуйце да падмурка яго».

8 Дачка Вавілона, спусташальніца! дабрашчасны, хто ўдзеліць табе за тое, што зрабіла ты нам!

9 Дабрашчасны, хто возьме й заб'е немаўлятак тваіх аб камень!

 

Псальма 137

 

Гасподзь ёсьць Бог верны

 

Давідава.

Слаўлю Цябе ўсім сэрцам маім, перад багамі сьпяваю Табе, што пачуў Ты ўсе словы вуснаў маіх;

2 кланяюся перад сьвятым храмам Тваім, і слаўлю імя Тваё за ласку Тваю і за праўду Тваю; бо Ты праславіў слова Тваё вышэй за ўсякае найменьне Тваё.

3 У дзень, калі я паклікаў, Ты пачуў мяне; усяліў у душу маю бадзёрасьць.

4 Праславяць Цябе, Госпадзе, усе цары зямныя, калі пачуюць словы вуснаў Тваіх

5 і апяюць шляхі Гасподнія, бо вялікая слава Гасподняя.

6 Высокі Гасподзь: і пакорнага бачыць, і гардзея здалёк пазнае.

7 Калі я пайду сярод нягодаў, Ты ажывіш мяне, на ятру ворагаў маіх пашлеш руку Тваю і ўратуе мяне правіца Твая.

8 Гасподзь зробіць за мяне! Ласка Твая, Госпадзе, вечная; дзеяў рук Тваіх не пакідай.

 

Псальма 138

 

Малітва веруючай душы

 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

Госпадзе! Ты выпрабаваў мяне і ведаеш.

2 Ты ведаеш, калі я сядаю і калі ўстаю; Ты разумееш думкі мае здалёк.

3 Ці іду я, ці адпачываю, - Ты акружаеш мяне і ўсе дарогі мае Табе вядомыя.

4 Яшчэ слова няма на мове маёй, - Ты, Госпадзе, ужо ведаеш яго дасканала.

5 Ззаду і сьпераду атачыў Ты мяне і кладзеш на мяне руку Тваю.

6 Дзіўнае мне Тваё веданьне - высока, дасягнуць яго не магу!

7 Куды пайду ад Духа Твайго, ад аблічча Твайго куды ўцяку?

8 Ці на неба ўзыду - Ты там; ці сыду ў апраметную - і там Ты.

9 Ці вазьму крылы золку і перасялюся на край мора, -

10 і там рука Твая мяне павядзе, і ўтрымае мяне правіца Твая.

11 Ці скажу: можа, цемра ўкрые мяне, і сьвятло навокал мяне зробіцца ноччу;

12 але і цемра Цябе ад мяне не зацемрыць, і ноч сьветлая, быццам дзень; як цемра, так і сьвятло.

13 Бо Ты ўладзіў вантробы мае і выткаў мяне ў чэраве маці маёй.

14 Слаўлю Цябе, бо я дзівосна зладжаны. Дзівосныя дзеі Твае, і душа мая ўсьведамляе гэта,

15 Не схаваны былі ад Цябе косткі мае, калі мяне ў таямніцы стваралі, складалі мяне ў глыбіні нутрыны.

16 Зародак мой бачылі вочы Твае; у Тваёй кнізе запісаны ўсе дні, мне назначаныя, калі ніводнага зь іх яшчэ ня было.

17 Якія ўзьнёслыя для мяне намеры Твае, Божа, і як многа іх лікам!

18 Ці ж палічу іх, калі іх больш, чым пяску, калі прачынаюся, я ўсё Яшчэ з Табою.

19 О, калі б Ты, Божа, пабіў бязбожнага! Адыдзеце ад мяне, крыважэрныя!

20 Яны гавораць супроць Цябе бязбожна; марнае намышляюць ворагі Твае.

21 Ці ж мне ненавідзець Тваіх ненавісьнікаў, Госпадзе, і не пагрэбаваць тымі, што паўстаюць на Цябе?

22 Поўнаю нянавісьцю ненавіджу іх; ворагі яны мне.

23 Выпрабуй мяне, Божа, і ўведай сэрца маё; выпрабуй мяне, і ўведай намеры мае.

24 і глядзі, ці дарога мая бясьпечная, і накіруй мяне на шлях вечны.

 

Псальма 139

 

Малітва за дапамогу супроць ворагаў

 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2 Збаві мяне, Госпадзе, ад чалавека ліхога; ахавай мяне ад прыгнятальніка:

3 яны ліхое думаюць у сэрцы, кожны дзень на бойку ладзяцца,

4 яны востраць свой язык, як зьмей, яд асьпіда пад вуснамі іхнімі. <Сэла>

5 Упільнуй мяне, Госпадзе, ад рук бязбожнага, ахавай мяне ад прыгнятальнікаў, якія намысьлілі пахіснуць ногі мае.

6 Гардзеі паставілі на мяне пасткі і петлі, раскінулі сетку на дарозе, цянёты раскінулі на мяне.

7 Я сказаў Госпаду: Ты - Бог мой; пачуй, Госпадзе, голас маленьняў маіх!

8 Госпадзе, Госпадзе, сіла ратунку майго! Ты пакрыў галаву маю ў дзень бою.

9 Ня дай, Госпадзе, жаданага бязбожніку; ня дай посьпеху ліхому намыслу яго; яны заганарацца. <Сэла>

10 Хай пакрые галовы тых, што мяне абступілі, ліха ад іхніх жа вуснаў.

11 Хай ападзе на іх распалены жар; хай будуць укінуты ў вагонь, у прорвы, каб і ня ўсталі.

12 Чалавек злоязыкі хай ня ўмацуецца на зямлі; а ліха няхай прыгнятальніка ў пропадзь зьвядзе.

13 Ведаю, што Гасподзь ўчыніць суд над прыгнятальнікамі і справядлівасьць бедным.

14 Так! праведныя ўславяць імя Тваё: беззаганныя будуць жыць прад абліччам Тваім.

 

Псальма 140

 

Малітва верніка ў скрушлівы час Псальма Давідава

 

Госпадзе! да Цябе заклікаю; пасьпяшайся да мяне, уваж голасу маленьня майго, калі клічу Цябе.

2 Хай пойдзе малітва мая, як фіміям, да аблічча Твайго, уздыманьне рук маіх - як ахвяра вячэрняя.

3 Пакладзі, Госпадзе, ахову на вусны мае, і аслані дзьверы вуснаў маіх;

4 ня дай нахіліцца сэрцу майму да словаў падступных, і на перапросіны дзеяў грахоўных і людзей, што беззаконьне ўчыняюць, і хай не скаштую я іхніх прысмакаў.

5 Хай карае мяне праведнік: гэта - міласьць; хай выкрывае мяне: гэта - найлепшы алей, які не пашкодзіць галаве маёй; а малітвы мае - супраць зладзействаў іхніх.

6 іхнія правадыры рассыпаліся па скалах, і чуюць, што словы мае лагодныя.

7 Быццам зямлю расьсякаюць і трушчаць нас; сыплюцца косткі нашыя ў шчэлепы апраметнай.

8 Але да Цябе, Госпадзе, Госпадзе, вочы мае; на Цябе спадзяюся, не адкінь душы маёй!

9 Ахавай мяне ад пастак, пастаўленых на мяне, ад цянётаў беззаконцаў.

10 Хай трапяць бязбожнікі ў сеткі свае, а я перайду.

 

Псальма 141

 

Малітва за дапамогу ў выпрабаваньнях

 

Вучэньне Давідава. Малітва ягоная, калі ён быў у пячоры.

Голасам маім да Госпада заклікаў я, голасам маім Госпаду памаліўся;

2 выліў перад ім малітву маю; адкрыў Яму скруху маю.

3 Калі зьнемагаў ува мне дух мой, Ты ведаў сьцежку маю. На дарозе, па якой я хадзіў, яны тайна паставілі сеткі на мяне.

4 Гляджу праваруч і бачу, што ніхто не прызнае мяне: ня стала мне сховаў, ніхто за душу маю ня мае турботы.

5 Я паклікаў Цябе, Госпадзе, я сказаў: Ты прыстанішча маё і частка мая на зямлі жывых.

6 Уваж енку майму, бо я вельмі зьнямогся. Аслані мяне ад ганіцеляў маіх, бо яны дужэйшыя за мяне.

7 Выведзі зь цямніцы душу маю, каб я славіў імя Тваё. Вакол мяне зьбяруцца праведныя, калі Ты пакажаш мне дабрадзейнасьць.

 

Псальма 142

 

Малітва верніка ў бядзе

 

Псальма Давіда, калі яго перасьледаваў сын ягоны Авэсалом.

Госпадзе, пачуй малітву маю, уваж маленьню майму па праўдзе Тваёй; пачуй мяне па праўдзе Тваёй

2 і не ўваходзь у суд з рабом Тваім, бо не апраўдаецца прад Табою ніводзін жывы.

3 Вораг перасьледуе душу маю, затаптаў у зямлю жыцьцё маё, прымусіў мяне жыць у цемры, як даўно памерлых,

4 і засмуціўся ўва мне дух мой, зьнямела ўва мне сэрца маё.

5 Прыгадваю дні мінулыя, думаю пра ўсе дзеі Твае, разважаю пра дзеі рук Тваіх,

6 працягваю да Цябе рукі мае; душа мая - да Цябе, як перасохлая зямля. <Сэла>

7 Хутчэй пачуй мяне, Госпадзе: дух мой зьнемагае; не хавай аблічча Твайго ад мяне, каб я не спадобіўся тым, што ў магілу ідуць.

8 Дай мне рана пачуць ласку Тваю, бо я на Цябе спадзяюся. Пакажы мне, Госпадзе, дарогу, па якой мне ісьці, бо да Цябе я ўзношу душу маю.

9 Вызвалі мяне, Госпадзе, ад ворагаў маіх; да Цябе прыбягаю.

10 Навучы мяне выконваць волю Тваю, бо Ты - Бог мой; Дух Твой добры вядзе мяне ў зямлю праўды.

11 Дзеля імя Твайго, Госпадзе, ажыві мяне; дзеля праўды Тваёй выведзі зь нягоды душу маю

12 і зь літасьці Тваёй зьлічы ворагаў маіх, і загубі ўсіх, што ўціскаюць душу маю, бо я - Твой раб.

 

Псальма 143

 

Псальма воіна

 

Давідава супроць Галіяфа.

Дабраславёны Гасподзь, цьвярдыня мая, які навучае рукі мае да бою і пальцы мае - да вайны,

2 літасьць мая і аслона мая, сховішча маё і Збаўца мой, шчыт мой, - і я на Яго спадзяюся; Ён мой народ мне паддае.

3 Госпадзе! што ёсьць чалавек, што пра яго Ты ведаеш, і сын чалавечы, як на яго зважаеш?

4 Чалавек падобны да дыханьня; дні ягоныя - як цень мінушчы.

5 Госпадзе! Нахілі нябёсы Твае, і сыдзі; дакраніся да гор, і задымяцца;

6 блісьні маланкаю, і расьсей іх; пусьці стрэлы Твае, і разладзь іх.

7 Працягні з вышыні руку Тваю, збаві мяне і ўратуй ад водаў вялікіх, ад рукі сыноў чужынскіх,

8 чые вусны маўляюць марнае, і чыя правіца - правіца маны.

9 Божа! новую песьню Табе засьпяваю, на дзесяціструннай псалтыры Табе засьпяваю,

10 даравальніку перамогі царам і збаўцу Давіда, раба Твайго, ад лютага меча.

11 Збаві мяне і ўратуй мяне ад рукі сыноў чужынскіх, чые вусны маўляюць марнае, і чыя правіца - правіца маны.

12 Хай будуць сыны нашыя, як расьліны збуялыя ў іх маладосьці; дочкі нашыя - як слупы на акрасу разьбёныя ў харомах.

13 Хай будуць засекі нашыя поўныя, поўныя ўсякім збожжам, хай плодзяцца авечкі нашыя тысячамі і цьмамі на палетках нашых;

14 хай будуць валы нашыя сытыя; хай ня будзе ні крадзяжу, ні пропадзі, ні енку на вуліцах нашых.

15 Дабрашчасны народ, які гэта мае. Дабрашчасны народ, у якога Гасподзь ёсьць Бог.

 

Псальма 144

 

Добрасьць Гасподняя

 

Хвала Давідава.

Алэф

Хваліць буду Цябе, Божа мой, Цару мой, і дабраслаўляць імя Тваё векі вечныя.

Бэт

2 Кожны дзень дабраслаўляць буду Цябе і хваліць імя Тваё векі вечныя.

Гімэл

3 Вялікі Гасподзь і праслаўлены вельмі, і веліч Ягоная недасьледная.

Далэт

4 Род у род будзе хваліць дзеі Твае і абвяшчаць магутнасьць Тваю.

Гэ

5 А я буду разважаць пра высокую славу велічы Тваёй і пра высокія чыны дзеі Твае.

Вав

6 Буду казаць пра моц страшных дзеяў Тваіх, і я буду абвяшчаць веліч Тваю.

Заін

7 Будуць абвяшчаць памяць вялікай даброці Тваёй і распавядацьмуць праўду Тваю.

Хэт

8 Шчодры і міласэрны Гасподзь, вельмі цярплівы і вельмі мілажальны.

Тэт

9 Добры Гасподзь да ўсіх, і шчадроты Ягоныя на ўсіх дзеях Ягоных.

Ёд

10 Хай славяць Цябе, Госпадзе, усе дзеі Твае, і хай дабраслаўляюць Цябе сьвятыя Твае;

Каф

11 хай прапаведуюць славу царства Твайго і распавядаюць пра магутнасьць Тваю,

Ламэд

12 каб перадаць сынам чалавечым пра моц Тваю і пра слаўную веліч царства Твайго.

Мэм

13 Царства Тваё - царства ўсіх вякоў, і валадарства Тваё - ва ўсе роды.

Самэх

14 Гасподзь падтрымлівае ўсіх, хто падае, і падымае ўсіх, хто ўпаў.

Аін

15 Вочы ўсіх спадзяюцца на Цябе, і Ты даеш ім ежу сваім часам;

Пэ

16 адкрываеш руку Тваю і корміш усіх жывых па добрай волі.

Цадэ

17 Праведны Гасподзь на ўсіх дарогах Сваіх і добры ва ўсіх дзеях Сваіх.

Коф

18 Блізкі Гасподзь да ўсіх, хто кліча Яго, да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе.

Рэш

19 Жаданьне тых, што баяцца Яго, Ён выконвае, скаргі іхнія чуе, і ратуе іх.

Шын

20 Асланяе Гасподзь усіх, хто любіць Яго, а ўсіх бязбожных зьнішчае.

Тав

21 Вусны мае вымавяць хвалу Гасподнюю, і хай дабраслаўляе ўсякае цела сьвятое імя Ягонае вечна.

 

Псальма 145

 

Умаўленьне да спадзяваньня на Госпада

 

Агея і Захарыі.

Алілуя. Хвалі душа мая Госпада.

2 Буду славіць Госпада, пакуль жыву; пецьму Богу майму, пакуль існую.

3 Не кладзеце надзеяў на князёў, на сына людзкога, у якім ратунку няма.

4 Выходзіць дух ягоны, і ён вяртаецца ў зямлю сваю; у той дзень зьнікаюць усе намеры ягоныя.

5 Шчасны, каму памочнік Бог Якаваў, у каго надзея на Госпада Бога ягонага,

6 Які стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, Які вечна захоўвае вернасьць,

7 творыць суд пакрыўджаным, дае хлеб галодным. Гасподзь вызваляе вязьняў;

8 Гасподзь размыкае вочы сьляпым, Гасподзь сагнутых выпроствае; Гасподзь любіць праведных.

9 Гасподзь ахоўвае прыхадняў, падтрымлівае сірату і ўдаву; а шлях бязбожных - скрыўляе.

10 Гасподзь будзе валадарыць вечна, Бог твой, Сіёне, з роду ў род. Алілуя.

 

Псальма 146

 

Хвала Госпаду за аднаўленьне Ерусаліма

 

Алілуя.

Хвалеце Госпада, бо гэта добра - сьпяваць Богу нашаму, бо гэта соладка - Яму належыць хвала.

2 Гасподзь будуе Ерусалім, зьбірае выгнанцаў Ізраіля.

3 Ён ацаляе зьнявечаных сэрцам, і лекуе скрухі іхнія.

4 Вылічвае колькасьць зорак; усіх іх называе імёнамі іхнімі.

5 Вялікі Гасподзь наш і вялікая моц Ягоная, і розум Ягоны нявымерны.

6 Пакорлівых узвышае Гасподзь, а бязбожных прыгінае да зямлі.

7 Сьпявайце па чарзе славаслоўе Госпаду; грайце Богу нашаму на арфе.

8 Ён засьцілае неба хмарамі, рыхтуе зямлі дождж, росьціць на горах траву;

9 дае быдлу пашу ягоную і крумкача птушанятам, што клічуць Яго.

10 Не на сілу каня глядзіць ён, ня хуткасьці ног чалавечых дабраволіць;

11 дабраволіць Гасподзь тым, хто баіцца Яго, хто спадзяецца на ласку Ягоную.

 

Псальма 147

 

Алілуя.

Хвалі, Ерусаліме, Госпада; хвалі, Сіёне, Бога твайго,

2 бо Ён мацуе завалы ў брамах тваіх, дабраслаўляе сыноў тваіх сярод неба;

3 сьцьвярджае ў межах тваіх спакой; тлушчам пшаніцы корміць цябе,

4 пасылае слова Сваё на зямлю; хутка цячэ слова Ягонае,

5 дае сьнег, як хвалю; сыпле іней, як попел;

6 кідае град Свой кавалкамі; перад марозам Ягоным хто выстаіць?

7 Пашле слова Сваё, і ўсё растае; падзьме ветрам Сваім, і пацякуць воды.

8 Ён абвясьціў слова Сваё Якаву, пастановы Свае і суды Свае Ізраілю.

9 Не зрабіў Ён таго ніякаму іншаму народу, і судоў Ягоных яны ня ведаюць. Алілуя.

 

Псальма 148

 

Увесь сьвет хай славіць Госпада

 

Алілуя.

Хвалеце Госпада зь нябёсаў, хвалеце Яго ў вышынях.

2 Хвалеце Яго, усе анёлы Ягоныя, хвалеце Яго, усе войскі Ягоныя.

3 Хвалеце Яго, сонца і месяц, хавалеце Яго, усе зоркі сьвету.

4 Хвалеце Яго, нябёсы нябёсаў і воды, якія вышэй за неба.

5 Хай хваляць імя Госпада, бо Ён сказаў - і сталася, Ён загадаў, і стварылася,

6 паставіў іх на векі вечныя; даў наказ, які не праміне.

7 Хвалеце Госпада зь зямлі, вялікія рыбы і ўсе прадоньні,

8 вагонь і град, сьнег і туман, буйны вецер, які напаўняе слова Ягонае,

9 горы і ўсе пагоркі, дрэвы плодныя і ўсе кедры,

10 зьвяры і ўсякае быдла, паўзуны і птушкі крылатыя,

11 цары зямныя і ўсе народы, князі і ўсе судзьдзі зямныя,

12 хлопцы і дзяўчаты, старцы і падлеткі

13 хай хваляць імя Госпада; бо толькі Ягонае імя высока ўзьнесена, слава Ягоная на зямлі і на нябёсах.

14 Ён падняў рог народу Свайго, славу ўсіх сьвятых Сваіх, сыноў Ізраілевых, народу, блізкага Яму. Алілуя.

 

Псальма 149

 

Любоў Гасподняя да Ізраіля

 

Алілуя.

Сьпявайце Госпаду песьню новую; слава Яму на сходні сьвятых.

2 Хай радуецца Ізраіль за Творцу свайго; сыны Сіёна хай радуюцца за Цара свайго.

3 Хай хваляць імя Ягонае скокамі; на тымпане і арфе хай сьпяваюць Яму,

4 бо дабраволіць Гасподзь народу Свайму, праслаўляе пакорных ратункам.

5 Хай радуюцца сьвятыя ў славе, хай сьпяваюць на ложках сваіх.

6 Хай будуць праслаўленьні Богу ў іхніх вуснах, і меч двусечны ў руцэ іхняй,

7 каб помсьціць народам, караць плямёны,

8 закоўваць цароў іхніх у кайданы і вяльможаў іхніх - у путы жалезныя,

9 чыніць над імі суд пісаны. Гонар гэты - усім сьвятым Ягоным. Алілуя.

 

Псальма 150

 

Усё жывое хай славіць Госпада

 

Алілуя.

Хвалеце Бога ў сьвятыні Ягонай; хвалеце Яго на цьвердзі сілы Ягонай.

2 Хвалеце Яго паводле магутнасьці Ягонай, хвалеце Яго паводле мноства велічы Ягонай.

3 Хвалеце Яго гукам трубным, хвалеце Яго на псалтыры і арфе.

4 Хвалеце Яго тымпанам і танцам, хвалеце Яго струнамі і арганам.

5 Хвалеце Яго гучнымі кімваламі, хвалеце Яго кімваламі гучнагалосымі.

6 Усё, што дыхае, хай славіць Госпада! Алілуя.

 

Псальма 151

 

Псальма Давіда* на аднаборстве з Галіяфам

 

Я быў найменшы сярод братоў маіх і наймалодшы ў доме ў бацькі майго; пасьвіў авечкі бацькі майго.

2 Рукі мае зрабілі арган, пальцы мае наладжвалі псалтыр.

3 І хто абвясьціў бы Госпаду майму? Сам Гасподзь, Сам пачуў мяне.

4 Ён паслаў вястуна Свайго, і забраў мяне ад авечак бацькі майго, і памазаў мяне алеем памазаньня Свайго.

5 Браты мае прыгожыя і вялікія; але Гасподзь не ўдабраволіўся выбраць зь іх.

6 Я выйшаў насустрач чужынцу, і ён пракляў мяне ідаламі сваімі.

7 Але я, вырваўшы меч у яго, адцяў яму галаву, і выбавіў сыноў Ізраілевых ад зьнявагі.

 

 

* У Габрэяў гэтай псальмы няма; яна перакладзена з грэцкай мовы

Кніга Выслоўяў Саламонавых

 

Разьдзел 1

 

1 Выслоўі Саламона, сына Давідавага, цара Ізраільскага.

2 Каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець разумныя выслоўі;

3 засвоіць правілы добрай разважлівасьці, справядлівасьці, права і слушнасьці;

4 прастадушным даць кемнасьць, юнаку - веды і разважлівасьць;

5 паслухае мудры і памножыць веды, і разумны знойдзе мудрыя парады;

6 каб разумець выслоўе і загадкавую мову, словы мудрацоў і загадкі іхнія.

7 Пачатак мудрасьці - страх Гасподні; толькі дурні пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.

8 Слухай, сыне мой, настаўленьне бацькі твайго, і не адкідай запавету маці тваёй:

9 бо гэта - прыгожы вянок на галаву тваю і акраса на шыю тваю.

10 Сыне мой! калі цябе будуць намаўляць грэшнікі, не згаджайся.

11 Калі будуць казаць: «ідзі з намі, зробім засаду на кроў, падпільнуем бязгрэшнага і бязьвіннага,

12 жывых праглынем іх, як апраметная, і - цэлых, як тых, што ў магілу сыходзяць;

13 набяром усякага каштоўнага дабра, напоўнім дамы нашыя здабычаю;

14 далучы сваю долю да нашай, складка адна будзе на ўсіх нас»:

15 Сыне мой! не хадзі адною дарогаю зь імі, утрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй,

16 бо іхнія ногі бягуць да ліхога і сьпяшаюцца кроў праліваць.

17 На вачах ва ўсіх птушак дарма раскідаецца сетка;

18 а яны кроў сваю сочаць, засады ладзяць на душы свае.

19 Такія дарогі ва ўсіх, хто прагне чужога дабра: яно забірае жыцьцё ў свайго ўласьніка.

20 Мудрасьць кліча на вуліцах, на плошчах узносіць свой голас,

21 на шумных сходах прапаведуе, каля гарадское брамы прамаўляе слова сваё:

22 «Дакуль, немысьлі, любіцьмеце невуцтва? дакуль пакепнікі будуць кепствам цешыцца? дакуль бязглуздыя будуць ненавідзець навуку?

23 паслухайце маёй засьцярогі: вось, я вылью на вас Духа майго, абвяшчу вам словы мае.

24 Я клікала, а вы не паслухаліся; я падавала руку маю, і ніхто не зважаў;

25 і вы адкінулі ўсе мае рады, і перасьцярогаў маіх не прынялі:

26 за тое і я пасьмяюся з вашай пагібелі; парадуюся, калі прыйдзе ваш страх;

27 калі прыйдзе ваш страх, як бура, і няшчасьце, як віхура, наляціць на вас; калі спадобіць вас нядоля і ўціск.

28 Тады будуць клікаць мяне, і я не пачую.

29 За тое, што зьненавідзелі веды і ня выбралі страху Гасподняга,

30 не схацелі парады маёй, пагардзілі ўсімі перасьцярогамі маімі;

31 за тое няхай ядуць яны з плоду дарог сваіх і насычаюцца з парадаў сваіх.

32 Бо адступніцтва неразумных заб'е іх, і бястурботнасьць немысьляў загубіць іх.

33 А хто мяне слухае, будзе жыць у бясьпецы і спакойна, не баючыся ліха».

 

Разьдзел 2

 

1 Сыне мой, калі ты прымеш словы мае і захаваеш пры сабе запаведзі мае,

2 і вуха сваё прыхіліш да мудрасьці і прытуліш сэрца тваё да разважлівасьці,

3 калі будзеш клікаць да ведаў і зьвяртацца да розуму;

4 калі будзеш шукаць яго, нібы срэбра, і знаходзіць яго, нібы скарб:

5 тады ўразумееш страх Гасподні і знойдзеш спазнаньне Бога.

6 Бо Гасподзь дае мудрасьць; і з вуснаў Яго - веды і розум;

7 Ён дае праведным выратаваньне; Ён - шчыт тым, што ў беззаганнасьці ходзяць.

8 Ён ахоўвае дарогу праўды і асланяе сьцежку сьвятых Сваіх.

9 Тады ты зразумееш справядлівасьць і права і шчырасьць, усялякую сьцежку дабра.

10 Калі мудрасьць увойдзе ў сэрца тваё, і веды будуць прыемныя душы тваёй:

11 тады разважлівасьць будзе берагчы цябе, розум будзе ахоўваць цябе,

12 каб адвесьці цябе ад дарогі ліхое, ад чалавека, які гаворыць няпраўду,

13 ад тых, што пакідаюць дарогі простыя, каб хадзілі дарогамі цемры;

14 ад тых, што радуюцца, робячы ліхое, захапляюцца ліхою распустай,

15 у якіх дарогі крывыя і якія блукаюць па сьцежках сваіх;

16 каб уратаваць цябе ад жонкі другога, чужой, якая злагоджвае словы свае,

17 якая пакінула сябра маладосьці сваёй і занядбала запаведзь Бога свайго.

18 Дом яе вядзе да сьмерці, і сьцежкі яе - да мёртвых;

19 ніхто, увайшоўшы да яе, не вяртаецца і ня ступае на дарогу жыцьця.

20 Таму хадзі дарогаю добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў,

21 бо праведныя будуць жыць на зямлі, і беспахібныя застануцца на ёй;

22 а бязбожныя будуць вынішчаны зь зямлі, і няверныя выкарчаваны зь яе.

 

Разьдзел 3

 

1 Сыне мой! навукі маёй не забывай, і запаведзі мае хай захоўвае сэрца тваё;

2 бо даўжыні дзён, гадоў жыцьця і міру яны памножаць табе.

3 Літасьцівасьць і праўда хай не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю тваю, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго:

4 і здабудзеш мудрасьць і ласку ў вачах Бога і людзей.

5 Спадзявайся на Госпада ўсім сэрцам тваім і не кладзі надзеі на розум твой.

6 На ўсіх дарогах тваіх спазнавай Яго, і Ён выпрастуе шляхі твае.

7 Ня будзь мудрацом у вачах тваіх; бойся Госпада, і пазьбягай ліха;

8 Гэта будзе здароўе целу твайму і ежа касьцям тваім.

9 Шануй Госпада ад імя твайго і ад пачаткаў усіх прыбыткаў тваіх;

10 і напоўняцца засекі твае зь верхам, і чавільні твае будуць налівацца новым віном.

11 Пакараньня Гасподняга, сыне мой, не адхіляй, і ня лічы за лішніцу перасьцярогі Ягоныя;

12 бо, каго любіць Гасподзь, таго карае і дабра зычыць таму, як бацька сыну свайму.

13 Шчасны той чалавек, які надбаў мудрасьць, і чалавек, які здабыў розум!

14 Бо здабываньне яе лепшае за здабываньне срэбра, і прыбытку зь яе больш, чым ад золата.

15 Яна даражэйшая за каштоўныя камяні; і нішто з таго, што жадана табе, не зраўняецца зь ёю.

16 Даўгадзённасьць у правіцы ў яе, а ў лявіцы багацьце і слава;

17 шляхі яе - шляхі прыемнасьці, і ўсе сьцежкі яе - мірныя.

18 Яна - дрэва жыцьця тым, што называюць яе, - і шчасныя тыя, што маюць яе!

19 Гасподзь мудрасьцю ўтварыў зямлю, нябёсы паставіў розумам;

20 Яго мудрасьцю адчыніліся бездані, і воблакі кропяць расою.

21 Сыне мой, ня ўпускай з вачэй тваіх гэтага; захоўвай здаровае мысьленьне і разважлівасьць:

22 і яны будуць жыцьцём душы тваёй і акрасаю шыі тваёй.

23 Туды бясьпечна пойдзеш шляхам тваім і нага твая не спатыкнецца.

24 Калі ляжаш спаць, ня будзеш баяцца; і як засьнеш, сон твой салодкі будзе.

25 Не збаішся раптоўнага страху і пагібелі ад бязбожных, калі яна прыйдзе;

26 бо Гасподзь будзе надзеяй тваёй і ўтрымае нагу тваю ад пасткі.

27 Не адмаўляйся рабіць дабро, калі яно трэба, калі рука твая можа зрабіць гэта.

28 Не кажы сябру твайму: «ідзі і прыйдзі зноў, і заўтра я дам», калі маеш з сабою.

29 Не намышляй супроць блізкага твайго ліха, калі ён бясьпечна жыве з табою.

30 Не сварыся з чалавекам бяз прычыны, калі ён не зрабіў табе благога.

31 Не зайздросьці посьпехам гвалтаўніка і не бяры сабе за прыклад шляхі ягоныя,

32 бо Гасподзь грэбуе тым, хто распусны, а справядлівага даверам Сваім адарае.

33 Праклён Гасподні на дом бязбожніка, а дом пабожнага Ён дабраслаўляе.

34 Калі з блюзьнераў Ён насьміхаецца, дык пакорным дае мілату.

35 Мудрыя спадкуюць славу, а непапраўныя немысьлі - ганьбу.

 

Разьдзел 4

 

1 Слухайце, дзеці, настаўленьня бацькавага, і зважайце, каб навучыцца розуму;

2 бо я дам вам добрую навуку. Не адкідайце наказу майго.

3 Бо і я быў сын у бацькі майго, пяшчотна любімы і адзіны ў маці маёй.

4 І ён вучыў мяне і казаў мне: хай будуць у сэрцы тваім словы мае; захоўвай наказы мае і жыві.

5 Здабывай мудрасьць, набывай розум; не забывай гэтага і ня цурайся слоў маіх, а кіруйся імі!

6 Не адкідай яе, і яна будзе ахоўваць цябе; любі яе, і яна будзе цябе берагчы.

7 Аснова мудрасьці: набывай мудрасьць і за ўсё, што маеш, набывай розум.

8 Высока цані яе, і яна ацэніць цябе; яна акрые славай цябе, калі ты прыгорнеш яе;

9 ускладзе на галаву тваю прыгожы вянок, падаруе табе цудоўны вянок.

10 Слухай, сыне мой, і прымі словы мае, - і памножацца гады твайго жыцьця.

11 Я паказваю табе шлях мудрасьці, вяду цябе па сьцежках простых.

12 Калі пойдзеш, крокам тваім ня будзе завады, і калі пабяжыш, не спатыкнешся.

13 Моцна трымайся наказу, не адкідай, захоўвай яго; бо ён - жыцьцё тваё.

14 Ня выходзь на сьцежку бязбожнікаў, і не хадзі па дарозе ліхіх;

15 пакінь яе, не хадзі ёю, ухіляйся ад яе і праходзь міма.

16 бо яны не заснуць, пакуль ня ўчыняць ліхога; прападзе сон у іх, пакуль яны не давядуць каго да падзеньня;

17 бо яны ядуць хлеб беззаконьня і п'юць віно рабунку.

18 Сьцежка праведных - як сьвяціла прамяністае, якое болей і болей сьвятлее да поўнага дня.

19 А шлях бязбожных - як цемра; яны ня ведаюць, на што спатыкнуцца.

20 Сыне мой! слоў маіх слухайся, і да прамоваў маіх нахілі тваё вуха;

21 хай не адыдуць яны ад вачэй тваіх; захоўвай іх усярэдзіне сэрца твайго:

22 бо яны жыцьцё таму, хто знайшоў іх, і ацаленьне ўсяму яго целу.

23 Больш за ўсё запаветнае захоўвай сэрца тваё; бо ў ім - крыніца жыцьця.

24 Адкінь ад сябе ілжывасьць вуснаў, і круцельства языка адхісьні ад сябе.

25 Вочы твае хай наперад глядзяць, і позірк твой хай скіраваны будзе перад табою.

26 Абдумай сьцежку назе тваёй, і ўсе дарогі твае хай будуць пэўныя.

27 Ня ўхіляйся ні направа, ні налева; адвядзі нагу тваю ад ліхога.

 

Разьдзел 5

 

1 Сыне мой! слухай мудрасьці маёй і нахілі вуха тваё да навукі маёй,

2 каб датрымацца добрае рады і каб вусны твае хвалілі спазнанае.

3 Бо мёд цячэ з вуснаў чужое жонкі, і мякчэйшая за алей гаворка ў яе;

4 але весьнік яе горкі, нібы палын, востры, як меч двусечны,

5 ногі яе сыходзяць да сьмерці, ступакі яе дастаюць да апраметнай.

6 Каб ты не спасьцігнуў сьцежкі жыцьця яе, дарогі яе нясталыя, і ты ня зьведаеш іх.

7 Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і не адступайцеся ад словаў вуснаў маіх.

8 Далей ад яе ідзі па дарозе тваёй і не падыходзь пад дзьверы дома яе,

9 каб здароўя твайго не аддаў іншым і гадоў тваіх бязьлітасьніку;

10 каб не насычаліся сілаю тваёю чужынцы і праца твая ня ішла ў чужы дом.

11 І ты ўрэшце будзеш стагнаць, калі плоць твая і цела зьнямогуцца,

12 і скажаш: «навошта я ненавідзеў навуку, і сэрца маё асьцярогамі пагарджала,

13 і я ня слухаў голасу настаўнікаў маіх, не нахіляў вуха майго да настаўнікаў?

14 Ледзь ня ўпаў я ў вялікае ліха сярод сходу і грамады!»

15 Пі ваду з тваёй крыніцы, тую, якая цячэ з тваёй студні.

16 Хай не разьліваюцца крыніцы твае па вуліцы, патокі водаў - па плошчах;

17 хай яны будуць належаць табе самому, а ня чужым з табою.

18 Крыніца твая хай дабраславёная будзе; і радуйся з жанчынай тваёй маладосьці,

19 любаснаю касуляю і прыгожаю сарнаю; грудзі яе хай упояць цябе ў кожны час; каханьнем яе цешся заўсёды.

20 І навошта табе, сыне мой, захапляцца распусьніцаю і абдымаць грудзі чужое?

21 Бо перад вачыма Госпада ўсе шляхі чалавека, і Ён прастуе ўсе сьцежкі яго.

22 Беззаконнага ловяць уласныя беззаконьні яго, і путамі грэху свайго ён павязаны.

23 Ён памірацьме без настаўленьня і ў вялікай сваёй неразумнасьці наблукаецца.

 

Разьдзел 6

 

1 Сыне мой! калі ты паручыўся за блізкага свайго і даў руку тваю за другога,

2 і аблытаў сябе словамі вуснаў тваіх, злоўлены словамі вуснаў тваіх,

3 зрабі ж, сыне мой, вось што: вызваліся, бо ты трапіў у рукі блізкага твайго: ідзі, упадзі да ног і ўмольвай блізкага твайго;

4 не давай сну вачам тваім і дрымоты вейкам тваім;

5 ратуйся, як сарна з рукі, і як птушка з рукі птушкалова,

6 падыдзі да мурашкі, гультаю, паглядзі на шляхі яе, і будзь мудры.

7 Няма ў яе ні валадара, ні прыстаўленага, ані ўпраўцы;

8 а яна рыхтуе летам свой хлеб, зьбірае ў час жніва пракорм свой.

9 Дакуль ты, гультаю, будзеш ляжаць? калі ты ўстанеш ад сну твайго?

10 Крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху склаўшы рукі паляжыш:

11 і прыйдзе, нібы валацуга, беднасьць твая, і галеча твая, як разбойнік.

12 Чалавек падступны, чалавек бязбожны ходзіць зь ілжывымі вуснамі,

13 міргае вачыма сваімі, гаворыць нагамі сваімі, дае знакі пальцамі сваімі;

14 хітрына ў сэрцы ў яго, ён намышляе ліхое ва ўсякі час, сее разлад.

15 Таму зьнянацку прыйдзе пагібель яго, раптам будзе разьбіты - без ацаленьня.

16 Вось гэтыя шэсьць ненавідзіць Гасподзь, нават сем, - агіда душы Яго:

17 вочы ганарыстыя, язык хлусьлівы і рукі, што праліваюць нявінную кроў,

18 сэрца, якое куе ліхія намыслы, ногі, якія шпарка бягуць да ліхадзейства,

19 ілжывы сьведка, які хлусіць, і той, хто сее разлад між братамі.

20 Сыне мой! захоўвай запаведзі бацькі твайго і не адкідай настаўленьняў маці тваёй;

21 навяжы іх назаўсёды на сэрца тваё, абвяжы імі шыю тваю.

22 Калі ты пойдзеш, яны накіруюць цябе; калі ляжаш спаць, будуць ахоўваць цябе; калі прачнешся, гутарыць будуць з табою:

23 бо запаведзь ёсьць сьветач, а навука - сьвятло, і павучальныя наказы - дарога жыцьця,

24 каб засьцерагчы цябе ад зласьлівай жанчыны, ад лісьлівага языка чужынкі.

25 Не пажадай хараства яе ў сэрцы тваім, і хай не завабіць яна цябе вейкамі сваімі;

26 бо жанчыне распуснай даюць кавалак хлеба; а замужняя жанчына палюе на дарагую душу.

27 Хто можа ўзяць агонь запазуху, каб не прагарэла адзежа яго?

28 Хто можа хадзіць па распаленым вугольлі, каб не апаліць ног сваіх?

29 Тое самае бывае і з тым, хто ўваходзіць да жонкі блізкага свайго; хто дакранецца да яе, не застанецца бязь віны.

30 Не патураюць злодзею, калі ён крадзе, каб насыціць душу сваю, калі ён галодны;

31 але злоўлены, ён заплаціць у сем разоў, аддасьць усю маёмасьць дома свайго.

32 А хто пералюбнічае з жанчынаю, у таго няма розуму; той губіць душу сваю, хто робіць такое;

33 пабоі і ганьбу ён зышча, і ганьба яго не сатрэцца;

34 бо рэўнасьць - лютасьць мужчыны, і не ўмілажаліцца ён у дзень помсты,

35 ня прыме адкупу ніякага, і не захоча, як бы ты ні памножыў гасьцінцы.

 

Разьдзел 7

 

1 Сыне мой! памятай словы мае і запаведзі мае захавай у сабе.

2 Захоўвай запаведзі мае, і жыві, і навуку маю, як зрэнкі вачэй тваіх.

3 Навяжы іх на пальцы твае, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго.

4 Скажы мудрасьці: «ты сястра мая!» і розум назаві родным тваім,

5 каб яны ахоўвалі цябе ад жонкі другога, ад чужой, што гладка гаворыць словы свае.

6 Вось, аднойчы глядзеў я ў акно майго дома, праз рашотку маю,

7 і ўбачыў сярод нявопытных, угледзеў сярод маладых людзей неразумнага юнака,

8 які пераходзіў плошчу паблізу вугла яе і ішоў па дарозе да дома яе,

9 у сутоньні, а позьняй гадзіне, у начной цемры і ў змроку.

10 І вось - насустрач яму жанчына ў строях распусьніцы, з хітрым сэрцам,

11 узбуджаная і неапанаваная; ногі яе ня ступаюць у доме яе;

12 то на вуліцы, то на плошчах і на кожным вугле яна ладзіць ловы.

13 Яна схапіла яго, цалавала яго і бяз сораму ў твары сказала яму:

14 «Мірная ахвяра ў мяне: сёньня я выканала абяцаньні мае;

15 таму і выйшла насустрач табе, каб знайсьці цябе, і - знайшла цябе.

16 Кілімамі ўслала я пасьцель маю, палатном каляровым Егіпецкім;

17 спальню маю ўпахошчыла сьмірнаю, альясам і карынкаю.

18 Зайдзі, будзем упівацца пяшчотамі да раніцы, каханьнем нацешымся;

19 бо мужа дома няма; ён выправіўся ў далёкую дарогу;

20 кашалёк срэбра ўзяў з сабою; дамоў вернецца да дня поўні месяца».

21 Мноствам ласкавых слоў яна яго звабіла, мяккасьцю вуснаў сваіх авалодала ім.

22 Ён адразу пайшоў за ёю, як вол ідзе ў разьніцу, як алень на стралу,

23 пакуль страла не праніжа вантробы ягонай; як птушка кідаецца ў сіло, і ня ведае, што яно - пагібель яе.

24 Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і зразумейце словы вуснаў маіх.

25 Хай ня збочвае сэрца тваё на шляхі яе, ня блукай сьцежкамі яе;

26 бо многіх яна параніла, і шмат дужых забіла яна:

27 дом яе - дарога ў апраметную, якая вядзе ў сярэдзіну жытлішча сьмерці.

 

Разьдзел 8

 

1 Ці мудрасьць не заклікае? і ці розум ня ўзносіць свой голас?

2 Яна стаіць на ўзвышаных месцах, пры дарозе, на ростанях;

3 яна кліча каля гарадское брамы, дзе ўваходзяць у дзьверы:

4 «Да вас, людзі, даклікаюся я, і да сыноў чалавечых мой голас!

5 Навучэцеся, невукі, добрай разумнасьці, зразумейце вы розум, бязглуздыя.

6 Слухайце, бо я буду казаць важнае, і моўленьне вуснаў маіх - праўда;

7 Бо ісьціну вымавіць язык мой, а бязбожнасьць - гідота для вуснаў маіх;

8 усе словы вуснаў маіх слушныя; няма ў іх хітрыны і ашуканства;

9 усе яны простыя разумнаму і справядлівыя тым, хто здабыў веды.

10 Прымеце навуку маю, а ня срэбра; лепей веды, чым чыстае золата;

11 бо мудрасьць лепшая за перлы, і ўсё, чаго пажадаеш, не дараўнаецца зь ёю.

12 Я, мудрасьць, жыву з розумам, і шукаю спазнаньня ў разважлівага.

13 Страх Гасподні - ненавідзець зло; гонар і пыху і ліхія шляхі і падступныя вусны я ненавіджу.

14 У мяне рада і праўда: я розум, у мяне сіла.

15 Мною цары валадараць, і праўнікі ўзаконьваюць праўду.

16 Мною кіруюць уладыкі і вяльможы, і ўсе судзьдзі праведныя.

17 Хто любіць мяне, тых я люблю, і хто шукае мяне, знойдуць мяне;

18 багацьце і слава са мною - скарб нятленны, і праўда;

19 плады мае лепшыя за золата, і золата самага чыстага, і карысьці ад мяне болей, чым ад чыстага срэбра.

20 Я хаджу дарогаю праўды, сьцежкамі правасудзьдзя,

21 каб даць тым, хто мяне любіць, спадчыну дабра, і скарбніцы іхнія я напаўняю.

22 Гасподзь меў мяне ад пачатку дарогі Сваёй, раней дзеяў Сваіх, спрадвеку:

23 адвеку была я памазаная, ад пачатку, ад правеку зямлі.

24 Я нарадзілася, калі ня было яшчэ бездані, калі яшчэ ня было крыніц, багатых вадою.

25 Я нарадзілася перш, чым былі пастаўлены горы, раней за пагоркі,

26 калі яшчэ Ён не стварыў ні зямлі, ні палёў, ні пачатковых пылінак сусьвету.

27 Ён рыхтаваў нябёсы, я была там. Калі ён крэсьліў скляпеньне над паверхняю бездані,

28 калі сталяваў наверсе аблокі, калі мацаваў крыніцы бездані,

29 калі даваў мору статут, каб воды не заступалі межаў яго, калі закладваў асновы зямлі:

30 тады я была пры Ім за майстра, і была кожны дзень радасьцю, весялосьцю была перад абліччам Ягоным заўсёды,

31 радуючыся на зямным коле Яго, і радасьць мая была з сынамі чалавечымі.

32 Цяпер, дзеці, паслухайце мяне; і шчасныя тыя, што будуць ахоўваць шляхі мае!

33 Паслухайце настаўленьня, і мудрымі станьце, і не адступайцеся ад яго.

34 Шчасны той чалавек, які слухае мяне, чуваючы дзень у дзень каля варотаў маіх і вартуючы дзьверы мае!

35 Бо, хто знайшоў мяне, той знайшоў жыцьцё, і атрымае мілату ад Госпада;

36 а хто грэшыць супроць мяне, учыняе шкоду душы маёй: усе тыя, што ненавідзяць мяне, любяць сьмерць».

 

Разьдзел 9

 

1 Мудрасьць збудавала сабе дом, высекла сем слупоў ягоных,

2 закалола ахвяру, разбавіла віно сваё і прыгатавала ў сябе гасьціну;

3 паслала слуг сваіх клікаць з вышыняў горада:

4 «хто неразумны, хай прыйдзе сюды!» А недавумкам сказала:

5 «ідзеце, ежце мой хлеб, і пеце віно, мною разбаўленае;

6 адкіньце дурноту, і будзем жыць і хадзіць дарогай разважлівасьці».

7 Не павучай блюзьнера, бо ганьбу сабе нажывеш, і хто асьцерагае бязбожніка - пляміць сябе.

8 Не асьцерагай блюзьнера, каб ён не зьненавідзеў цябе; асьцерагай мудрага, і ён палюбіць цябе;

9 дай настаўленьне мудраму, і ён яшчэ больш умудрыцца; навучы праўдалюбца, і ён памножыць веды.

10 Пачатак мудрасьці - страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога - розум;

11 бо мною памножацца дні твае і дадасца табе гадоў жыцьця.

12 Сыне мой! калі ты змудрыў, мудры для сябе; і калі ўзбуяў, дык адзін і пацерпіш.

13 Жанчына бяз розуму - крыклівая, дурніца - ні ў чым не абазнаная,

14 сядае каля дзьвярэй дома свайго на крэсьле, на гарадскіх вышынях,

15 каб клікаць тых, хто дарогаю ідзе, хто проста сваёю дарогай ідзе:

16 «хто дурны, заварочвай сюды!», а неразумным кажа яна:

17 «вада крадзеная салодкая, і ўтоены хлеб смачны».

18 Але ня ведае ён, што мёртвыя там, у глыбіні апраметнай запрошаны ёю.

 

Разьдзел 10

 

1 Выслоўі Саламона. Сын мудры радуе бацьку, а сын бязглузды - засмучэньне маці ягонай.

2 Не даюць карысьці скарбы няправедныя, а праўда ратуе ад сьмерці.

3 Не дапусьціць Гасподзь, каб галадала душа праведнага, а зьдзірства бязбожных адкіне.

4 Лянівая рука робіць бедным, а рука руплівая ўзбагачае.

5 Хто зьбірае летам - сын разумны, а хто сьпіць у жніва - сын шалапутны.

6 Дабраславеньні - на галаву праведнага, а вусны бязбожным затуліць насільле.

7 Памяць пра праведнага дабраславёная будзе, а імя бязбожных спаганьбіцца.

8 Мудры сэрцам прымае запаведзі, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.

9 Хто ходзіць у беззаганнасьці, той ходзіць бясьпечна; а хто скрыўляе шляхі свае, той будзе выкрыты.

10 Хто міргае вачыма, той чыніць прыкрасьць, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.

11 Вусны праведніка - крыніца жыцьця, а вусны бязбожным затуліць насільле.

12 Нянавісьць будзіць разлад, любоў акупае ўсе грахі.

13 На вуснах у разумнага мудрасьць, а на целе ў дурнога - дубец.

14 Мудрыя зьберагаюць веды, а вусны немысьля - блізкая пагібель.

15 Маёмасьць багатага - моцны горад яго, бяда бедным - іхняе ўбоства.

16 Праца праведнага - на жыцьцё, прыбытак бязбожнага - на грэх.

17 Хто захоўвае настаўленьне, той на дарозе да жыцьця; а хто пагарджае засьцярогай - блукае.

18 Хто хавае нянавісьць, у таго вусны ілжывыя; і хто пашырае паклёпы - неразумны.

19 Пры шматслоўі ня ўнікнуць грэху, а хто стрымлівае вусны свае - разумны.

20 Чыстае срэбра - язык праведнага, а сэрца бязбожных - нікчэма.

21 Вусны праведнага пасьвяць многіх, а неразумныя мруць ад нястачы глузду.

22 Дабраславеньне Гасподняе - яно ўзбагачае і смутку з сабой ня прыносіць.

23 Радуе немысьля - учынак ганебны, а чалавека разумнага - мудрасьць.

24 Чаго баіцца бязбожнік, тое спасьцігне яго, а жаданьне праведнікаў збудзецца.

25 Як падымецца бура, так і няма бязбожнага; а ў праведніка - аснова вечная.

26 Што воцат зубам і дым вачам, тое гультай тым, хто пасылае яго.

27 Страх Гасподні дадае дзён, а гады бязбожных скароцяцца.

28 Спадзяваньне праведнікам - радасьць, а надзея бязбожных загіне.

29 Шлях Гасподні - цьвярдыня нявінным і пагібель бязбожным.

30 Праведнік вавек не пахісьнецца, а бязбожныя не пажывуць на зямлі.

31 З вуснаў праведніка крынічыць мудрасьць, а язык шкодлівы будзе вырваны.

32 Вусны праведніка любяць богаспадобнае, а вусны бязбожных - разбэшчанае.

 

Разьдзел 11

 

1 Няправільныя вагі - агідныя Госпаду, а правільныя вагі ўпадабаньне Яму.

2 Прыйдзе пыхлівасьць, прыйдзе і ганьба; а са сьціплымі - мудрасьць.

3 Беззаганнасьць будзе кіраваць пабожнымі, а хітрасьць вераломных загубіць іх.

4 Не паможа багацьце ў дзень гневу; а праўда ўратуе ад сьмерці.

5 Праўда беззаганнага прастуе дарогу яму, а бязбожны ўпадзе ад бязбожнасьці сваёй.

6 Праўда пабожных ратуе іх, а бязбожнікі будуць злоўлены беззаконьнем сваім.

7 Надзея бязбожніка зьнікае пры сьмерці, і спадзяваньне бязбожных зьнікае.

8 Праведніку ёсьць ратунак зь нягоды, а замест яго трапляе ў яе бязбожны.

9 Вуснамі крывадушнік нішчыць блізкага свайго, а праведнікі празорлівасьцю ратуюцца.

10 З дабрадзенства праведнікаў радуецца горад, а як гіне бязбожны - сьпявае.

11 Дабраславеньнем праведных узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца.

12 Недавумак пагарджае блізкім сваім; а разумны чалавек маўчыць.

13 Хто ходзіць у паклёпніках, той адкрывае таямніцу; а верны чалавек яе хавае.

14 Дзе няма добрае рады, там занепадае народ, а пры многіх радцах - дабрадзенствуе.

15 Ліха той сабе спрычыняе, хто паручаецца за староньняга; а хто ненавідзіць заруку, той у бясьпецы.

16 Жанчына з добрым норавам здабывае гонар, а працавітыя дасягаюць багацьця.

17 Чалавек мілажальны дабрачыніць душы сваёй, а жорсткі сэрцам разбурае плоць сваю.

18 Бязбожны робіць справу ненадзейную, а таму, хто сее праўду - узнагарода пэўная.

19 Праведнасьць вядзе да жыцьця, а хто імкнецца да ліхога, імкнецца да сьмерці сваёй.

20 Агіда Госпаду - падступныя сэрцам; а падабаецца Яму, хто ў беспахібнасьці ходзіць.

21 Можна паручыцца, што грэшнік не застанецца без пакараньня; а насеньне праведных уратуецца.

22 Што залатое колца ў лычы ў сьвіньні, тое жанчына прыгожая і - неразумная.

23 Жаданьне праведных - толькі дабро, надзея бязбожных - гнеў.

24 Адзін сыпле шчодра і яму яшчэ дадаецца; а другі звыш меры ашчадлівы, і аднак жа бяднее.

25 Дабрачынная душа будзе насычана, і хто напойвае іншых, той і сам напоены будзе.

26 Хто хавае ў сябе збожжа, таго народ кляне; і дабраслаўляе таго, хто прадае.

27 Хто імкнецца да дабра, той шукае Божае ласкі; а хто шукае благога, да таго яно і прыходзіць.

28 Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе; а праведнікі, як лісьце, зазелянеюць.

29 Хто разладжвае дом свой, успадкуе вецер, а неразумны будзе слугаваць мудраму.

30 Плод праведніка - дрэва жыцьця, а мудры яднае душы.

31 Так аддаецца на зямлі праведніку, тым болей бязбожнаму і грэшніку.

 

Разьдзел 12

 

1 Хто любіць настаўленьне, той любіць веды; а хто ненавідзіць засьцярогі, той невук.

2 Добры здабывае ласку ў Госпада; а чалавека падступнага Ён асудзіць.

3 Ня сьцьвердзіць сябе чалавек беззаконьнем; а корань праведнікаў непахісны.

4 Дабрачынная жонка - вянок мужу свайму; а ганебная - як гнілізна ў касьцях у яго.

5 Помыслы праведных - праўда, а намыслы бязбожных - падступнасьць.

6 Словы бязбожных - засада на кроў, а вусны праведных ратуюць іх.

7 Як кранецца бязбожных няшчасьце - і няма іх, а дом праведных стаіць.

8 Хваляць чалавека паводле меры розуму ягонага, а распусны сэрцам будзе ў пагардзе.

9 Лепей быць простым, але мець працу, чым быць ганарыстым, але ня мець хлеба.

10 Праведны дбае і пра жыцьцё быдла свайго, а сэрца бязбожных жорсткае.

11 Хто ўрабляе зямлю сваю, насыціцца хлебам; а хто ідзе па сьлядах гультаёў, той розумам бедны.

12 Бязбожны хоча злавіць яго ў сетку зла; а корань праведных цьвёрды.

13 Бязбожны ловіцца грахамі вуснаў сваіх; а праведны выйдзе зь бяды.

14 Ад плоду вуснаў сваіх чалавек насычаецца дабром, і плата чалавеку - паводле дзеяў рук ягоных.

15 Дарога немысьля простая ў вачах ягоных; а хто слухае рады, той мудры.

16 У немысьля адразу выяўляецца гнеў ягоны, а разумны тоіць абразу.

17 Хто кажа тое, што ведае, той кажа праўду: а ў сьведкі ілжывага - ашуканства.

18 Сёй-той пустаслоў б'е як мечам, а язык мудрых - ацаляе.

19 Вусны праўдзівыя вечна жывуць, а ілжывы язык - хвіліну.

20 Хітрына - у сэрцы ў зламысьнікаў, радасьць - у міратворцаў.

21 Ня станецца праведніку ніякага ліха, а бязбожныя будуць напоўнены злом.

22 Агіда Госпаду - вусны ілжывыя, а хто гаворыць праўду, даспадобы Яму.

23 Чалавек разважлівы ўтойвае веды, а сэрца немысьляў выказвае дурасьць.

24 Рука руплівая здабудзе ўладу, а гультайская пад данінай будзе.

25 Смутак на сэрцы падаўляе чалавека, а добрае слова разьвесяляе яго.

26 Праведнік паказвае блізкаму свайму дарогу, а дарога бязбожных уводзіць іх у згубу.

27 Гультай ня смажыць сваёй дзічыны; а чалавек руплівы мецьме каштоўны набытак.

28 На дарозе праўды - жыцьцё, і на сьцежцы яе няма сьмерці.

 

Разьдзел 13

 

1 Мудры сын слухае бацькавых настаўленьняў; а насьмешнік ня слухае засьцярогаў.

2 Ад плоду вуснаў сваіх чалавек спажывае дабро, а душа здраднікаў закона - зло.

3 Хто захоўвае вусны свае, той захоўвае душу сваю, а хто шырока свой рот разьзяўляе, таму бяда.

4 Душа гультая жадае, але марна: а душа руплівых насыціцца.

5 Праведнік ненавідзіць ілжывае слова, а бязбожны сарамаціць і ганьбіць сябе.

6 Праўда ахоўвае беззаганнага ў дарозе, а бязбожнасьць губіць грэшнікаў.

7 Сёй-той выдае сябе за багатага, а ў яго нічога няма; другі сябе за беднага, а ў яго багацьця многа.

8 Багацьцем сваім чалавек адкупляе жыцьцё сваё, а бедны і пагрозы ня чуе.

9 Сьвятло праведных весела гарыць; а сьветач бязбожных тухне.

10 Ад пыхі паходзіць разлад, а ў тых, што раяцца, - мудрасьць.

11 Багацьце ад марнасьці памяншаецца, а хто зьбірае працаю, памнажае яго.

12 Надзея, якая доўга ня праўдзіцца, стамляе сэрца, а жаданьне, якое споўнілася, - як дрэва жыцьця.

13 Хто пагарджае словам, той робіць шкоду сабе; а хто баіцца запаведзі, будзе ўзнагароджаны.

14 Навука ў мудрага - крыніца жыцьця, якая аддаляе ад сьмерці.

15 Добры розум дае зычлівасьць; а дарога бязбожных цьвёрдая.

16 Кожны разумны дзее зь веданьнем, а немысель выстаўляе на паказ дурасьць.

17 Неразумны пасол трапляе ў бяду, а верны пасланец - ратунак.

18 Галеча і ганьба таму, хто пагарджае навукай; а хто трымаецца настаўленьня, пашанаваны будзе.

19 Жаданьне, якое споўнілася, - прыемнае душы; агідна неразумнаму ўхіляцца ад зла.

20 Хто сябруе з мудрым, будзе мудры; а хто сябруе зь неразумнымі, разбэсьціцца.

21 Грэшнікаў даганяе зло, а праведнікам дасца дабро.

22 Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшніка зьберагаецца праведнаму.

23 Шмат хлеба бывае і на палетку ў бедных; але маёмасьць гіне ад бяспраўя.

24 Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына; а хто любіць, той змалку карае яго.

25 Праведнік есьць да сытасьці, а жывот бязбожных церпіць нястачы.

 

Разьдзел 14

 

1 Мудрая жонка ўладкуе свой дом, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі.

2 Хто ідзе простаю дарогаю, баіцца Госпада; а чые дарогі крывыя, той ня дбае пра Яго.

3 У вуснах у немысьля - біч на яго ганарыстасьць; а вусны мудрых ахоўваюць самыя сябе.

4 Дзе няма валоў, там - ясьлі пустыя; а багата ж прыбытку ад сілы валоў.

5 Верны сьведка ня хлусіць, а ілжу пашырае сьведка ілжывы.

6 Распусны шукае мудрасьці і не знаходзіць; а разумны лёгка набывае веды.

7 Адыдзі ад чалавека пустога, у якога ты ня бачыш разумных вуснаў.

8 Мудрасьць разумнага - што ён зважае на дарогу сваю, а дурасьць немысьляў - толькі ашука.

9 Неразумныя сьмяюцца з грэху, а сярод праведных - Божая мілата.

10 Сэрца ведае горыч сваю, і чужынец ня дзеліць радасьці ягонай.

11 Дом беззаконных зруйнуецца, а жытлішча праведных расьцьвіце.

12 Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі; але канец іх - шлях сьмерці.

13 І ад сьмеху часам баліць сэрца, і канцом радасьці бывае смутак.

14 Чалавек з разбэшчаным сэрцам насыціцца ад дарог сваіх, і добры - ад сваіх.

15 Немысель верыць кожнаму слову, а разумны зважае на крокі свае.

16 Мудры баіцца і ўнікае зла, а неразумны раздражнёны і саманадзейны.

17 Запальчывы можа ўчыніць глупства; а чалавек, які наўмысна чыніць благое, ненавісны.

18 Невукі спадкуюць дурасьць, а разумных увенчваюць веды.

19 Схіляцца ліхія перад добрымі, і бязбожныя - каля варот праведніка.

20 Беднага ненавідзіць, бывае, нават блізкі яго, а ў багатага многа сяброў.

21 Хто пагарджае блізкім сваім, той грэшыць; а мілажальны да бедных, той шчасны.

22 Ці не памыляюцца тыя, што намышляюць ліхое? Мілажаль і вернасьць у тых, што намышляюць добрае.

23 Ад усякае працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі пахіба.

24 Вянок мудрых - багацьце іхняе, а дурасьць невукаў дурасьць і ёсьць.

25 Верны сьведка ратуе душы, а ілжывы нагаворвае шмат ілжы.

26 У страху перад Госпадам - надзея цьвёрдая, і сынам сваім Ён прыстанішча.

27 Страх Гасподні - крыніца жыцьця, што аддаляе ад сетак сьмерці.

28 У мностве народу - веліч цара, а пры малалюдзтве - бяда ўладару.

29 У цярплівага чалавека багата розуму, а ў палкага многа дурасьці.

30 Ціхмянае сэрца - жыцьцё целу, а зайздрасьць - гнілізна касьцям.

31 Хто ўціскае беднага, той ганіць Творцу яго; а хто шануе Яго, той творыць дабро беднаму.

32 За ліха сваё бязбожны будзе адкінуты, а праведны і пры сьмерці сваёй мае надзею.

33 Мудрасьць у сэрцы ў разумнага, і сярод неразумных яна адкрываецца.

34 Праведнасьць узвышае народ, а беззаконьне - ганьба народаў.

35 Ласка царова - рабу разумнаму, а гнеў цара - супроць таго, хто ганьбіць яго.

 

Разьдзел 15

 

1 Лагодны адказ злагоджвае гнеў, а слова абразьлівае будзіць лютасьць.

2 Язык мудрых нясе добрыя веды; а вусны неразумных вырыгаюць глупства.

3 Усюды вочы Гасподнія: яны бачаць ліхіх і добрых.

4 Лагодны язык - дрэва жыцьця, а неўтаймаваны - хвароба духу.

5 Неразумны пагарджае настаўленьнем бацькі свайго; а хто слухае засьцярогу, той у добрым розуме.

6 У доме ў праведніка - мноства скарбаў, а ў прыбытку ў бязбожнага - разлад.

7 Вусны мудрых пашыраюць веды, а сэрца немысьляў - не.

8 Ахвяра бязбожных - агідная Госпаду, а малітва праведных Яму даспадобы.

9 Агіда Госпаду - шях бязбожнага, а таго, хто ідзе шляхам праўды, Ён любіць.

10 Ліхая кара таму, хто скрывіць дарогу, і той, хто ненавідзіць засьцярогу, загіне.

11 Апраметная і Авадон адчынены перад Госпадам, тым болей сэрцы сыноў чалавечых.

12 Ня любіць распусьнік тых, што засьцерагаюць яго, і да мудрых ня пойдзе.

13 Вясёлае сэрца разьвесяляе твар, а пры сардэчным смутку дух маркоціцца.

14 Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны немысьляў кормяцца дурасьцю.

15 Усе дні ў няшчаснага смутныя; а ў каго сэрца вясёлае, таму заўсёды сьвята.

16 Лепей мець мала ў страху Гасподнім, чым вялікі скарб, і зь ім трывогу.

17 Лепей міска гародніны і зь ёю любоў, чым укормлены бык і зь ім нянавісьць.

18 Запальчывы чалавек абуджае разлад, а цярплівы суцішае свару.

19 Дарога ў гультая - як цярновы пляцень, а дарога ў праведных гладкая.

20 Мудры сын радуе бацьку, а неразумны чалавек пагарджае маці сваёю.

21 Дурнота - радасьць недавумку, а чалавек разумны ідзе простаю дарогаю.

22 Бяз рады задумы разладзяцца, а пры мностве радцаў яны спраўдзяцца.

23 Радасьць чалавеку ў адказе вуснаў ягоных, і як хораша слова ў свой час!

24 Дарога жыцьця ў мудрага ўгору, каб ухіліцца ад апраметнай унізе.

25 Дом пыхлівых зруйнуе Гасподзь, а мяжу ўдавы ўмацуе.

26 Агіда Госпаду - намыслы ліхадзеяў, а словы беззаганных падабаюцца Яму.

27 Карысьлівец разладзіць свой дом, а хто ненавідзіць хабар, будзе жыць.

28 Сэрца праведнага абдумвае адказ, а вусны бязбожных вырыгаюць благое.

29 Далёка Гасподзь ад бязбожных, а малітву праведных чуе.

30 Прымружвае вочы свае, каб прыдумаць хітрыну; закусваючы сабе губы, учыняе зладзейства,

31 Вуха, уважлівае да навукі жыцьця, будзе жыць сярод мудрых.

32 Хто ня прымае настаўленьня, ня дбае пра душу сваю; а хто слухае засьцярогу, той набывае розум.

33 Страх Гасподні вучыць мудрасьці, і славе папярэднічае пакора.

 

Разьдзел 16

 

1 Чалавеку належаць намеры сэрца, а адказ языка ад Госпада.

2 Усе шляхі чалавека чыстыя ў ягоных вачах, а Гасподзь выпрабоўвае душы.

3 Даручы Госпаду дзеі твае, і намеры твае зьдзейсьняцца.

4 Усё зрабіў Гасподзь дзеля Сябе; і нават бязбожнага на дзень гневу.

5 Агіднае Госпаду сэрца пыхліўца; можна паручыцца, што ён не застанецца без пакараньня.

6 Міласэрнасьцю і праўдаю ачышчаецца грэх, і страх Гасподні адводзіць ад ліха.

7 Калі Госпаду падабаюцца шляхі чалавека, Ён і ворагаў яго прымірае зь ім.

8 Лепш нямногае з праўдаю, чым вялікія прыбыткі з крыўдаю.

9 Сэрца чалавека абдумвае свой шлях, а Гасподзь кіруе шэсьцем ягоным.

10 У вуснах у цара - слова натхнёнае; вусны яго не павінны грашыць на судзе.

11 Правільныя вагі і вагавыя шалі - ад Госпада; ад Яго ж усе гіры ў торбе.

12 Агідная царам - дзея беззаконная, бо праўдай мацуецца трон.

13 Прыемныя цару вусны праўдзівыя, а таго, хто гаворыць праўду, ён любіць.

14 Царскі гнеў - весьнік сьмерці; а мудры чалавек умілажальвае яго.

15 У ясным позірку цара - жыцьцё, і ўпадабаньне ягонае - як воблака з позьнім дажджом.

16 Здабыць мудрасьць намнога лепш за золата, і здабыць розум лепш за чыстае срэбра.

17 Шлях у праведных - унікаць зла; той ратуе душу сваю, хто зважае на шлях свой.

18 Пагібелі папярэднічае гонар, і падзеньню - пыха.

19 Лепей упакорвацца духам з лагоднымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі.

20 Хто вядзе справу разумна, той знойдзе дабро, а хто спадзяецца на Госпада, той шчасны.

21 Мудры сэрцам разумным назавецца, і салодкая мова дадасьць да навукі.

22 Розум таму, хто мае яго, - крыніца жыцьця, а вучонасьць дурных - дурнота.

23 Сэрца мудрага язык ягоны ўмудрае і памнажае веды ў вуснах ягоных.

24 Прыемная мова - сотавы мёд, салодкая душы і гойная касьцям.

25 Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі, але канец іх - да сьмерці.

26 Працаўнік працуе на сябе, бо панукае яго рот ягоны.

27 Чалавек падступны намышляе благое, і на вуснах у яго нібы агонь палючы.

28 Чалавек хітры сее разлад, а нагаворшчык разлучае сяброў.

29 Чалавек зь нядобрымі намерамі разбэшчвае блізкага свайго і вядзе яго на дарогу благую;

30 прыплюшчвае вочы, каб прыдумаць падступства; закусваючы губы сабе, чыніць зладзейства.

31 Вянок славы - сівізна на дарозе праўды.

32 Доўгацярплівы лепшы за адважнага, і той, хто валодае сабою, лепшы за заваёўніка горада.

33 На падлогу кідаюць жэрабя, але ўвесь вырак ягоны - ад Госпада.

 

Разьдзел 17

 

1 Лепш кавалак чэрствага хлеба і зь ім мір, чым дом, поўны заколатага быдла, з разладам.

2 Разумны раб валадарыць над шалапутным сынам і між братамі падзеліць спадчыну.

3 Плавільня - на срэбра, і гарніла - пад золата, а сэрцы выпрабоўвае Гасподзь.

4 Ліхадзей слухае вусны беззаконных, ілгун слухаецца вуснаў беззаконных.

5 Хто ганіць убогага, той ганіць Госпада ягонага; хто радуецца няшчасьцю, той не застаецца без пакараньня.

6 Вянок старых - сыны сыноў, і словы дзяцей - бацькі іхнія.

7 Ня прыстоіць неразумнаму важная прамова, тым болей знакамітаму - вусны ілжывыя.

8 Хабар - каштоўны камень у вачах таго, хто валодае ім; куды ні зьвернецца ён, яму шчасьціць.

9 Хто прыкрывае правіну - шукае любові; а хто зноў нагадвае пра яе, той праганяе сябра.

10 На разумнага мацней дзее вымова, чым на неразумнага сто ўдараў.

11 Злосьнік шукае толькі зла; таму жорсткі анёл будзе пасланы супраць яго.

12 Лепей сустрэць чалавеку мядзьведзіху зьбязьдзетненую, чым неразумнага ў дрымоце ягонай.

13 Хто за дабро плаціць злом, ад дома таго не адыдзецца зло.

14 Пачатак свары - як прарыў вады; пакінь свару раней, чым разгарыцца яна.

15 Хто апраўдвае бязбожніка і вінаваціць праведнага - абодва агідныя Госпаду.

16 Навошта скарб у руках у неразумнага? Каб набыць мудрасьць, у яго няма розуму.

17 Сябар любіць ва ўсякі час і, як брат, явіцца ў няшчасьці.

18 Чалавек малога розуму дае руку і паручаецца за блізкага свайго.

19 Хто любіць свары, любіць грэх; і хто высока ўзносіць вароты свае, той шукае падзеньня.

20 Падступнае сэрца ня знойдзе дабра, і падступны язык упадае ў бяду.

21 Калі нарадзіў хто немысьля - сабе на гора, і бацька немысьля не парадуецца.

22 Вясёлае сэрца ацаляе, а пануры дух сушыць косьці.

23 Бязбожны вымае гасьцінец з-за пазухі, каб скрывіць шляхі правасудзьдзя.

24 Мудрасьць - перад абліччам у разумнага, а вочы неразумнага - на канцы зямлі.

25 Неразумны сын - прыкрасьць бацьку свайму і крыўда маці сваёй.

26 Нядобра і вінаваціць невінаватага, і біць вяльможу за праўду.

27 Разумны і ўстрымлівы ў словах сваіх, і разумны мае халодную кроў.

28 І неразумны, калі маўчыць, можа здацца мудрым, і разважлівым, калі замыкае вусны свае.

 

Разьдзел 18

 

1 Сваволі шукае прымхлівы, паўстае супроць усяго разумнага.

2 Неразумны ня любіць думаць, а толькі паказаць бы свой розум.

3 З прыходам бязбожнага прыходзіць і пагарда, а з вартым пагарды - ганьба.

4 Слова з вуснаў чалавечых - глыбокія воды; крыніца мудрасьці - бруісты паток.

5 Нядобра быць ласкавым зь бязбожным, каб абвергнуць праведнага ў судзе.

6 Вусны бязглуздага цягнуць у незлагадзь, а словы яго выклікаюць бойку.

7 Язык бязглуздага - пагібель яму, а вусны яго - сетка на душу ягоную.

8 Словы нагаворшчыка - як прысмакі, і яны гладка ўваходзяць у нутро чалавека.

9 Нядбалы ў працы сваёй - брат марнатраўцы.

10 Імя Госпада - моцная вежа: убягае ў яе праведнік, і ў бясьпецы.

11 Маёмасьць багатага - як моцны горад ягоны, і высокім мурам здаецца яму.

12 Перад падзеньнем узносіцца сэрца чалавека, а сьціпласьць ідзе наперадзе славы.

13 Хто дае адказ, ня выслухаўшы, той неразумны і брыдка яму.

14 Дух чалавека пераносіць яго немачы; а прыгнечаны дух - хто можа ўмацаваць яго.

15 Сэрца разумнага набывае веды, і вуха мудрых шукае ведаў.

16 Дарунак дае чалавеку прастору і да вяльможаў давядзе яго.

17 Першы ў цяжбіне сваёй мае рацыю, але прыходзіць супернік ягоны і паняверыць яе.

18 Жэрабя спыняе спрэчкі і вырашае паміж моцнымі.

19 Азлоблены брат няпрыступнейшы за моцны горад, і свары падобныя на замкі замка.

20 Ад плоду вуснаў чалавека напаўняецца чэрава ягонае; вытворамі вуснаў сваіх ён насычаецца.

21 Сьмерць і жыцьцё - ва ўладзе языка, і хто любіць яго, скаштуе ад плоду яго.

22 Хто знайшоў жонку, той знайшоў дабро і атрымаў мілату ад Госпада.

23 З мальбою гаворыць убогі, а багаты адказвае груба.

24 Хто хоча мець сяброў, той і сам павінен быць прыязны; і бывае сябар больш прыязны за брата.

 

Разьдзел 19

 

1 Лепш бедны, які ходзіць у сваёй нявіннасьці, чым зь ілжывымі вуснамі, і пры гэтым неразумны.

2 Нядобра душы бязь ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі, спатыкаецца.

3 Неразумнасьць чалавека скрыўляе дарогу, а сэрца ягонае гневаецца на Госпада.

4 Багацьце памнажае сяброў, а беднага пакідае і сябар ягоны.

5 Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня, і хто гаворыць няпраўду, не ўратуецца.

6 Многія дагаджаюць заможным; і кожны - сябар чалавеку, які не шкадуе гасьцінцаў.

7 Беднага ненавідзяць усе браты ягоныя, тым болей прыяцелі ягоныя адпадаюць ад яго; гоніцца за словам парады, а іх і на гэта няма.

8 Хто набіраецца розуму, той любіць душу сваю; хто пільнуецца разумнасьці, знаходзіць дабро.

9 Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня; і хто гаворыць няпраўду, загіне.

10 Ня прыстоіць неразумнаму раскоша, тым болей рабу панаваньне над князямі.

11 Здаровы розум робіць чалавека павольным на гнеў, а слава ягоная - паблажлівым да неразважлівых учынкаў.

12 Гнеў цара - як рык ільва, а ласка ягоная - як раса на траву.

13 Неразумны сын - пагібель бацьку ягонаму, а сварлівая жонка - сьцёкавая рына.

14 Дом і маёмасьць - спадчына ад бацькоў, а разумная жонка - ад Госпада.

15 Гультайства наганяе дрымоту, і нядбайная душа будзе галадаць.

16 Захавальнік запаведзі захоўвае душу сваю, а хто ня дбае пра шяхі свае - загіне.

17 Міласэрны да беднага пазычае Госпаду; і Ён аддасьць яму за дабрачынства ягонае.

18 Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і не абурайся крыкам ягоным.

19 Чалавек вялікага гневу нясе пакараньне; бо, калі пашкадуеш яго, давядзецца табе яшчэ больш караць яго.

20 Слухайся рады і прымай кару, каб зрабіцца табе пасьля мудрым.

21 Шмат задумаў у сэрцы ў чалавека, але збудзецца толькі задуманае Госпадам.

22 Радасьць чалавеку - дабрачыннасьць ягоная, і бедны чалавек лепшы, чым хлусьлівы.

23 Страх Гасподні вядзе да жыцьця, і хто мае яго, заўсёды будзе задаволены, і ліха не спасьцігне яго.

24 Гультай апускае руку сваю ў чару, і ня хоча данесьці яе да вуснаў сваіх.

25 Калі ты пакараеш блюзьнера, дык і просты зробіцца разумным; і калі засьцеражэш разумнага, дык ён зразумее настаўленьне.

26 Хто бацьку руйнуе і выганяе маці - сын бессаромны і ганебны.

27 Перастань, сыне мой, слухаць угаворы ўхіліцца ад голасу розуму.

28 Падступны сьведка зьдзекуецца з праўды, і вусны бязбожных глытаюць няпраўду.

29 На блюзьнераў гатовыя суды, і ўдары - на цела дурных.

 

Разьдзел 20

 

1 Віно - глумлівае, сікера - шалёная; і кожны, хто захапляецца імі, неразумны.

2 Пагроза царовая - нібы рык ільва: хто дражніць яго, той грэшыць супроць самога сябе.

3 Гонар чалавеку - ухіліцца ад свары; а хто любіць сварыцца - неразумны.

4 Гультай зімою не арэ; жабруе летам - і няма нічога.

5 Помыслы ў сэрцы ў чалавека - глыбокія воды, але чалавек разумны вычэрпвае іх.

6 Многія хваляць чалавека за мілажальнасьць, а хто знойдзе чалавека надзейнага?

7 Праведнік ходзіць у сваёй беспахібнасьці: шчасныя дзеці ягоныя пасьля яго!

8 Цар, які сядзіць на троне правасудзьдзя, разганяе вачыма сваімі ўсё ліхое.

9 Хто можа сказаць: «я ачысьціў сэрца сваё, я чысты ад грэху майго?»

10 Дваякія шалі, дваякая мера, і тое і другое - агідныя Госпаду.

11 Можна пазнаць нават падлетка па занятках ягоных: ці чыстыя і ці правільныя ўчынкі ягоныя?

12 Вуха, якое чуе, і вока, якое бачыць - і тое і другое стварыў Гасподзь.

13 Ня любі спаць, каб табе не зьбяднець; расплюшчы вочы твае, і будзеш удосыць есьці хлеб.

14 «Дрэнна, дрэнна», кажа пакупнік; а як адыдзе - хваліцца.

15 Ёсьць золата і шмат жэмчугу, але найкаштоўнейшы посуд - вусны разумныя.

16 Вазьмі вопратку ягоную, бо ён паручыўся за чужога; за незнаёмага вазьмі зь яго заклад.

17 Салодкі чалавеку хлеб, набыты няпраўдаю; але пасьля - рот ягоны пяском напоўніцца.

18 Намеры набываюць пэўнасьць праз нараду, і пасьля нарады вядзі вайну.

19 Хто абгаворвае, той раскрывае таямніцы, і хто шырока разьзяўляе рот, з тым не вадзіся.

20 Хто ліхасловіць бацьку свайго і сваю маці, таго сьветач патухне сярод глыбокае цемры.

21 Спадчына, сьпешна захопленая напачатку, ня будзе дабраславёная пазьней.

22 Не кажы: «я адплачу табе за зло»; даверся Госпаду, і Ён ахавае цябе.

23 Агідныя Госпаду - дваякія гіры, і дваякія шалі - не дабро.

24 Ад Госпада кіруюцца крокі чалавека; а чалавеку як зьведаць дарогу сваю?

25 Сетка чалавеку - неадумна даваць зарок, і пасьля зароку - абдумваць.

26 Мудры цар расьцярушыць бязбожных і паверне на іх кола.

27 Сьветач Гасподні - дух чалавека, які вывярае ўсе глыбіні сэрца.

28 Ласка і праўда ахоўваюць цара, і на ласцы ён трымае свой трон.

29 Слава юнакоў - сіла іхняя, а акраса старых - сівізна.

30 Раны ад удараў - лечаць ад зла, і ўдары, якія пранікаюць усярэдзіну чэрава.

 

Разьдзел 21

 

1 Сэрца цара ў руках у Госпада, як патокі водаў: куды захоча, Ён кіруе яго.

2 Усякі шлях чалавека просты ў вачах ягоных; а Гасподзь узважвае сэрцы.

3 Справядлівасьць і праўду чыніць - больш даспадобы Госпаду, чым ахвяра.

4 Гонар вачэй і пыха сэрца, сьветачы бязбожнікаў - грэх.

5 Задумы руплівага вядуць да дастатку, а кожны сквапны церпіць нястачу.

6 Набываньне скарбу ілжывым языком - мімалётная марнасьць тых, што шукаюць сьмерці.

7 Гвалт бязбожных абернецца супроць іх, бо яны выракліся праўды.

8 Крывая дарога ў чалавека разбэшчанага; а хто чысты, у таго ўчынкі пабожныя.

9 Лепей жыць у закутку на даху, чым са сварліваю жонкай у прасторным доме.

10 Душа бязбожніка прагне ліхаты: ня знойдзе літасьці ў вачах яго і сябар ягоны.

11 Калі караюць блюзьнера, просты робіцца мудрым; і калі настаўляецца на розум мудры, дык ён набывае веды.

12 Праведнік назірае за домам бязбожніка: як упадаюць бязбожныя ў няшчасьце.

13 Хто затуляе вуха сваё ад ляманту беднага, той і сам будзе лямантаваць - і ня будзе пачуты.

14 Дарунак таемны тушыць гнеў, а дарунак запазуху - моцную лютасьць.

15 Чыніць правасудзьдзе - радасьць праведніку і страх тым, хто нясе зло.

16 Чалавек, які зьбіўся з дарогі розуму, спачне ў зборні мёртвых.

17 Хто любіць весялосьць - зьбедніцца; і хто любіць віно і масьці - не разбагацее.

18 Выкупам будзе за праведнага бязбожны, і за пабожнага - хітры.

19 Лепей жыць у зямлі пустэльнай, чым з жонкаю сварліваю і сярдзітаю.

20 Жаданы скарб і масьць - у доме ў мудрага; а неразумны чалавек распускае іх.

21 Хто трымаецца праўды і ласкі, знойдзе жыцьцё, праўду і славу.

22 Мудры ўваходзіць у горад моцных і руйнуе цьвярдыню іхняй надзеі.

23 Хто беражэ вусны свае і язык свой, той асланяе ад бяды душу сваю.

24 Пыхлівы злодзей - блюзьнер імя яму - дзее ў запале пыхі.

25 Прагнасьць гультая заб'е яго, бо рукі ў яго адмаўляюцца працаваць;

26 кожны дзень ён моцна прагне, а праведнік дае і не шкадуе.

27 Ахвяра бязбожных - агіднасьць, асабліва калі з хітрасьцю прыносяць яе.

28 Ілжывы сьведка загіне, а чалавек, які кажа, што ведае, будзе гаварыць заўсёды.

29 Чалавек бязбожны дзёрзкі тварам сваім, а праведны трымае проста шлях свой.

30 Няма мудрасьці і няма розуму і няма вады - насуперак Госпаду.

31 Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога - ад Госпада.

 

Разьдзел 22

 

1 Добрае імя лепшае за вялікае багацьце, і добрая слава лепшая за срэбра і золата.

2 Багаты і бедны сустракаюцца адзін з адным; таго і другога стварыў Гасподзь.

3 Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад, прымаюць кару.

4 За пакораю ідзе сьледам страх Гасподні, багацьце і слава і жыцьцё.

5 Церні і сеткі на дарозе падступнага; хто беражэ душу сваю, адыдзіся ад іх.

6 Наставі юнака на пачатку шляху яго: ён ня збочыць зь яго, калі і састарыцца.

7 Багаты пануе над бедным, і даўжнік робіцца рабом пазычальніка.

8 Хто сее няпраўду, пажне буру, і біч гневу яго прападзе.

9 Міласэрны будзе дабраславёны, бо дае беднаму ад хлеба свайго.

10 Прагані блюзьнера, і зьнікне разлад, і выйдзе зь ім свара і кляцьба.

11 Хто любіць чысьціню сэрца, той мае прыемнасьць на вуснах, таму цар - сябар.

12 Вочы Госпада ахоўваюць веды, а словы вераломнікаў Ён абвяргае.

13 Гультай кажа: «леў на вуліцы! сярод плошчы заб'юць мяне!»

14 Глыбокая прорва - вусны распусьніц; на каго ўгневаецца Гасподзь, той упадзе туды.

15 Глупства прывязалася да сэрца юнака; але дубец выхаваньня адвядзе яе ад яго.

16 Хто крыўдзіць беднага, каб памножыць сваё багацьце, і хто дае багатаму, той зьбяднее.

17 Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё павярні да маіх ведаў;

18 бо добра будзе, калі ты будзеш хаваць іх у сэрцы тваім, і яны будуць таксама на вуснах тваіх.

19 Каб надзея твая была на Госпада, я вучу цябе і сёньня, і ты памятай.

20 Ці ж ня пісаў я табе тройчы ў парадах і ў настаўленьні,

21 каб навучыць цябе дакладным словам ісьціны, каб ты мог сказаць словы ісьціны тым, хто папытае ў цябе?

22 Не абірай беднага, бо ён бедны; і не заціскай няшчаснага ў браме;

23 бо Гасподзь заступіцца за справу іхнюю і забярэ душу ў рабаўнікоў іхніх.

24 Не сябруй зь гняўлівым і ня супольнічай з чалавекам запальчывым,

25 каб ня стаць на шляхі ягоныя і не наклікаць пятлі на душу тваю.

26 Ня будзь з тых, якія даюць рукі і ручаюцца за пазыкі.

27 Калі табе няма чым заплаціць, дык навошта даводзіць сябе, каб узялі пасьцель тваю з-пад цябе.

28 Не перасоўвай мяжы даўняй, якую правялі бацькі твае.

29 Ці бачыў ты чалавека спраўнага ва ўчынках сваіх? Ён будзе стаяць перад царамі; ён ня будзе стаяць перад простымі.

 

Разьдзел 23

 

1 Калі сядзеш есьці ежу з валадаром, дык уважай, што перад табою;

2 і пастаў заслону ў горле тваім, калі ты ненаедны.

3 Не спакушайся ласнымі прысмакамі; гэта - уяўная ежа.

4 Ня турбуйся пра тое, каб набыць багацьце; адкінь такія думкі твае.

5 Зьвернеш вочы твае на яго, і - яго ўжо няма; бо яно зробіць сабе крылы і, як арол, паляціць да неба.

6 Не каштуй ежы ў чалавека зайздросьлівага, і не спакушайся ласнымі прысмакамі ягонымі,

7 бо, якія думкі ў душы ў яго, такі і ён сам; «еж і пі», кажа ён табе, а сэрца яго не з табою.

8 Кавалак, які ты зьеў, вырыгнеш, і добрыя словы твае ты ўжывеш марна.

9 У вушы неразумнаму не кажы, бо ён занядбае разумныя словы твае.

10 Не перасоўвай мяжы даўняй і на поле сіротаў не заходзь;

11 бо Абаронца ў іх моцны; Ён заступіцца за справу іхнюю перад табою.

12 Прыхілі сэрца тваё да вучэньня і вушы твае - да разумных слоў.

13 Не пакідай юнака без пакараньня; калі пакараеш яго дубцом, ён не памрэ:

14 ты пакараеш яго дубцом і ўратуеш душу яго ад пекла.

15 Сыне мой! калі сэрца тваё будзе мудрае, парадуецца і маё сэрца;

16 і душа мая будзе радавацца, калі вусны твае будуць казаць слушна.

17 Хай не зайздросьціць сэрца тваё грэшнікам; а хай будзе яно ва ўсе дні ў страху Гасподнім;

18 бо ёсьць будучыня, і надзея твая ня страчана.

19 Слухай, сыне мой, і будзь мудры, і кіруй сэрца тваё на просты шлях.

20 Ня будзь сярод тых, што ўпіваюцца віном, сярод тых, што аб'ядаюцца мясам:

21 бо п'яніца і ненаяда зьбяднеюць, а санлівец апранецца ў рызманы.

22 Слухайся бацькі твайго: ён спарадзіў цябе; і не пагарджай маці тваёй, калі яна будзе старая.

23 Купі ісьціну, і не прадавай мудрасьці і разумнага вучэньня.

24 Радуецца бацька праведніка, і, хто нарадзіў мудрага - радуецца зь яго.

25 Хай весяліцца бацька твой і хай радуецца маці твая, якая цябе нарадзіла.

26 Сыне мой! аддай сэрца тваё мне, а вочы твае хай сочаць за шляхамі маімі:

27 бо распусьніца - глыбокая прорва, а чужая жонка - вузкі калодзеж;

28 яна, як разбойнік, сядзіць у засадзе і памнажае сярод людзей здраднікаў.

29 У каго гора? у каго нядоля? у каго бяспрычынныя раны? у каго чырвоныя вочы?

30 У тых, што доўга сядзяць за віном, што прыходзяць скаштаваць віна неразьведзенага.

31 Не глядзі на віно, як яно чырванее, як яно прамяніцца ў келіху, як яно роўненька ліецца;

32 пазьней яно ўкусіць, як змей, і ўджаліць, як асьпід;

33 вочы твае будуць глядзець на чужых жонак, і сэрца тваё загаворыць распуснае;

34 і ты будзеш, як заснулы сярод мора і як на версе мачты.

35 І скажаш: «білі мяне, мне не балела, штурхалі мяне, і я не адчуваў. Калі прачнуся, зноў буду рабіць тое самае.»

 

Разьдзел 24

 

1 Не зайздросьці ліхім людзям і ня прагні быць зь імі:

2 бо пра насільле думае сэрца іхняе, і пра ліхое гавораць вусны іхнія.

3 Мудрасьцю ладзіцца дом і розумам сталюецца,

4 і праз гаспадарчасьць нутро яго напаўняецца ўсякай каштоўнай і прыемнай маёмасьцю.

5 Чалавек мудры - дужы, і чалавек разумны мацуе сілу сваю.

6 Таму абдумана вядзі вайну тваю, і посьпех будзе пры мностве радцаў.

7 Неразумнаму мудрасьць занадта высокая; каля брамы не разамкне ён вуснаў сваіх.

8 Хто намышляе зрабіць зло, таго называюць зламысьнікам.

9 Намысел неразумнага - грэх, і блюзьнер - мярзота людзям.

10 Калі ты ў дзень бедства зьнясіліўся, дык бедная сіла твая.

11 Ратуй узятых на сьмерць, і няўжо ты адмовішся ад асуджаных на ўбой?

12 Ці скажаш: «вось, мы ня ведалі гэтага?» А Выпрабавальнік сэрцаў хіба ня ведае? Назіральнік за душою тваёю ведае гэта і дасьць чалавеку паводле ўчынкаў ягоных.

13 Еж, сыне мой, мёд, бо ён смачны, і сотавы, бо ён салодкі паднябеньню майму:

14 такое і спазнаньне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, дык ёсьць будучыня, і надзея твая ня марная.

15 Не намышляй ліха, бязбожнік, супроць жытлішча праведнага; ня спустошвай месца спакою ягонага.

16 Бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане; а бязбожныя тонуць у пагібелі.

17 Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой; і хай не весяліцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца.

18 Інакш убачыць Гасподзь, і не даспадобы будзе Яму гэта, і Ён адверне ад яго Свой гнеў.

19 Не абурайся ліхадзеямі і не зайздросьці бязбожнікам:

20 бо ліхі ня мае будучыні - сьветач бязбожных патухне.

21 Бойся, сыне мой, Госпада і цара; і зь мяцежнікамі ня супольнічай,

22 бо зьнянацку прыйдзе пагібель на іх; і бяду ад іх абодвух хто загадзя ўведае?

23 Сказана таксама мудрымі: зважаць на асобы ў судзе - нядобра.

24 Хто кажа вінаватаму: «твая праўда», таго праклянуць народы, таго зьненавідзяць плямёны;

25 а тыя, што судзяць справядліва, будуць любасныя, бо прыйдзе на іх дабраславеньне.

26 У вусны цалуе той, хто адказвае словамі правільнымі.

27 Зрабі справы свае па-за домам, закончы іх на полі тваім, а потым уладжвай і дом твой.

28 Ня сьведчы ілжыва на блізкага твайго; навошта табе ашукваць вуснамі тваімі?

29 Не кажы: «як ён зрабіў са мною, так і я зраблю зь ім, адплачу чалавеку паводле ўчынкаў ягоных».

30 Праходзіў я ўскрай поля чалавека лянівага і ўскрай вінаградніка чалавека неразумнага.

31 І вось, усе гэта зарасло крапівою, паверхня яго збуяла бадзякамі, і каменны мур абваліўся.

32 І падзівіўся я, і ўзяў да сэрца, і ўбачыў, і атрымаў навуку:

33 «крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху, рукі згарнуўшы, паляжыш;

34 і прыйдзе беднасьць твая, як разбойнік, і галеча твая - як чалавек узброены».

 

Разьдзел 25

 

1 І гэта выслоўі Саламона, сабраныя мужамі Эзэкіі, цара Юдэйскага.

2 Слава Божая - пакрываць таямніцаю справу, а славай цароў - дасьледаваць справу.

3 Як неба ў вышыні і зямля ў глыбіні, так сэрца цароў - недасьледвальнае.

4 Аддзялі дамешку ад срэбра, і выйдзе ў срэбніка посуд:

5 адвядзі няправеднага ад цара, і трон ягоны ўмацуецца праўдай.

6 Ганарліва не выстаўляйся перад абліччам цара і на месца вялікіх не станавіся;

7 бо лепей хай скажуць табе: «узыдзі сюды вышэй», чым калі прынізяць цябе перад знакамітым, якога ўбачылі вочы твае.

8 Ня ўступай пасьпешліва ў цяжбіну: бо што будзеш рабіць у канцы, калі супернік твой сарамаціць цябе?

9 Вядзі цяжбіну зь блізкім тваім, але таямніцы ягонае не адкрывай,

10 каб не папракнуў цябе той, хто чуў гэта, бо тады ганьба твая ад цябе не адстане.

11 Залатыя яблыкі ў срэбным празрыстым посудзе - слова, сказанае прыстойна.

12 Залатая завушніца і аздоба з чыстага золата - гэта мудры абскаржнік для ўважлівага вуха.

13 Што прахалода ад сьнегу ў жніва, тое верны пасол таму, хто яго пасылае: ён прыносіць душы гаспадара свайго радасьць.

14 Што хмары і вятры без дажджу, тое чалавек, які абяцае гасьцінцы і іх не дае.

15 Цярплівасьць схіляе да літасьці вяльможу, і мяккі язык ломіць костку.

16 Знайшоў ты мёд? еж, колькі трэба табе, каб не аб'есьціся ім і ня выбляваць яго.

17 Не ўчашчай у дом сябра твайго, каб ты не абрыд яму, каб ён не зьненавідзеў цябе.

18 Што молат і меч і вострая страла, тое чалавек, які сьведчыць ілжыва супроць блізкага свайго.

19 Што гнілы зуб і паралізаваная нага, тое надзея на ненадзейнага чалавека ў нягодзе.

20 Як той, хто здымае зь сябе вопратку ў халодны дзень, і як воцат на рану, так і той, хто сьпявае песьні тужліваму сэрцу.

21 Калі вораг твой галодны, накармі яго хлебам; і калі ён сьмягне, напаі яго вадою:

22 бо, робячы гэта, ты зьбіраеш распаленае вугольле на галаву ягоную, і Гасподзь аддзячыць табе.

23 Паўночны вецер нясе дождж, а патаемная гаворка - незадаволеныя твары.

24 Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме.

25 Што халодная вада натомленай смагай душы, тое добрая вестка з далёкай краіны.

26 Што ўскаламучаная крыніца і парушаная крыніца, тое праведнік, які падае перад бязбожнікам.

27 Як нядобра есьці многа мёду, так дамагацца славы ня ёсьць слава.

28 Што горад разбураны, без мура, тое чалавек, які не валодае духам сваім.

 

Разьдзел 26

 

1 Як сьнег летам і дождж у жніва, так гонар не пасуе неразумнаму.

2 Як верабей пырхне, калі ластаўка паляціць, так незаслужаны праклён ня збудзецца.

3 Плётка каню, аброць аслу, а кій немысьлю.

4 Не адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб і ты не прыпадобніўся яму;

5 а адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб ён не зрабіўся мудрацом у вачах сваіх.

6 Падцінае сабе ногі, робіць шкоду сабе той, хто пасылае наказ празь немысьля.

7 Як віхляюцца ногі ў кульгавага, так і выслоўе на вуснах у неразумнага.

8 Што ўкладваць каштоўны камень у прашчу, так і аддаваць пашану дурному.

9 Што калючы бадзяк у руцэ ў п'янага, тое і выслоўе на вуснах у неразумнага.

10 Дужы робіць усё адвольна: і неразумнага ўзнагароджвае, і кожнага праходжага ўзнагароджвае.

11 Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурны паўтарае глупствы свае.

12 Калі ты бачыш чалавека, які сам сябе мудрым лічыць, - дык на дурнога болей надзеі, чым на яго.

13 Гультай кажа: «леў на дарозе! леў на дварэ!»

14 Дзьверы паварочваюцца на завесах сваіх, а гультай на ложку сваім.

15 Гультай апускае руку сваю да міскі, ды яму цяжка падняць яе да рота свайго.

16 Гультай у вачах сваіх мудрэйшы за семярых, што адказваюць разумна.

17 Хапае сабаку за вушы той, хто, праходзячы міма, лезе ў чужую спрэчку.

18 Як той, хто прыкідваецца вар'ятам, кідае агонь, стрэлы і сьмерць,

19 так - чалавек, які падступна шкодзіць сябру свайму і потым кажа: «я толькі пажартаваў».

20 Дзе няма болей дроў, агонь патухае; і дзе няма нагаворшчыка, разлад аціхае.

21 Вугаль - на жар, дровы - на распал свары.

22 Словы нагаворшчыка - як прысмакі, і яны ўваходзяць у нутро жывата.

23 Як нячыстым срэбрам абкладзены гліняны посуд, так і палымяныя вусны і сэрца ліхое.

24 Вуснамі сваімі прыкідваецца вораг, а ў сэрцы сваім намышляе ліхое.

25 Калі ён гаворыць і пяшчотным голасам, ня вер яму; бо сем мярзотаў у сэрцы ў яго.

26 Хто нянавісьць прыкрывае на самоце, злосьць таго адкрыецца ў народным сходзе.

27 Хто капае яму, той упадзе ў яе; і хто пакоціць угору камень, да таго ён вернецца.

28 Хлусьлівы язык ненавідзіць тых, каго ён параніў, і лісьлівыя вусны рыхтуюць падзеньне.

 

Разьдзел 27

 

1 Не хваліся заўтрашнім днём; бо ня ведаеш, што той дзень народзіць.

2 Хай цябе хваліць іншы, а ня вусны твае, - чужы, а не язык твой.

3 Цяжкі камень, важкі і пясок; але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух.

4 Жорсткі гнеў, неўтаймавальная лютасьць; але хто ўстоіць супроць зайздрасьці?

5 Лепей адкрыты дакор, чым прыхаваная любоў.

6 Шчырыя дакоры ад таго, хто любіць, і ілжывыя пацалункі ў таго, хто ненавідзіць.

7 Сытая душа топча і соты, а галоднай душы ўсё горкае - салодкае.

8 Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так і чалавек, які пакінуў месца сваё.

9 Масьць і дымленьне радуюць сэрца; так салодкі кожнаму сябар з сардэчнай ранай сваёй.

10 Не пакідай сябра твайго і сябра бацькі твайго, і ў дом брата твайго ня ідзі ў дзень няшчасьця твайго: лепей сусед блізка, чым брат далёка.

11 Будзь мудры, сыне мой, і радуй сэрца маё; і я мецьму што адказаць ліхаслоўцу майму.

12 Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад і прымаюць кару.

13 Вазьмі ў яго адзежу ягоную, бо ён паручыўся за чужога; і за чужога вазьмі ў яго заклад.

14 Хто ўголас хваліць сябра свайго з самай раніцы, таго палічаць за ліхаслоўца.

15 Бясконцы капеж у дажджлівы дзень і сварлівая жонка - роўныя;

16 хто хоча схаваць яе, той хоча ўтрымаць вецер і схапіць алей у руку сваю.

17 Жалеза жалеза вострыць, і чалавек навастрае позірк сябра свайго.

18 Хто даглядае смакоўніцу, той будзе есьці плады зь яе; і хто верна служыць гаспадару свайму, той будзе ў пашане.

19 Як у вадзе твар - да твару, так сэрца чалавека - да чалавека.

20 Апраметная і Авадон - ненасытныя; ненасытныя і вочы чалавечыя.

21 Што плавільня - срэбру, горан - золату, тое чалавеку вусны, якія хваляць яго.

22 Таўчы неразумнага ў ступе таўкачом разам зь зернем, не адлушчыцца ад яго глупства ягонае.

23 Добра сачы за быдлам тваім, май клопат за статкі;

24 бо багацьце не навекі, ды і ўлада іхняя хіба з роду ў род?

25 Рунее трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць горныя травы.

26 Авечкі - на вопратку табе, і казлы - на закуп поля.

27 І годзе казінага малака на ежу табе, на ежу хатнім тваім і на спажытак служанкам тваім.

 

Разьдзел 28

 

1 Бязбожнік бяжыць, калі ніхто ня гоніцца за ім; а праведнік адважны, як леў.

2 Калі краіна адступіцца ад закона, тады многа ў ёй начальнікаў; а пры разумным і ўсяведным мужы яна даўгавечная.

3 Чалавек бедны і прыгнятальнік слабых тое самае, што праліўны дождж, які змывае хлеб.

4 Адступнікі ад закона хваляць бязбожных, а тыя, што трымаюцца закона, абураюцца імі.

5 Злыя людзі не разумеюць справядлівасьці, а шукальнікі Госпада разумеюць усё.

6 Лепш бедны, які ходзіць у сваёй беззаганнасьці, чым той, хто выкручвае шляхі свае, хоць ён і багаты.

7 Хто захоўвае закон - сын разумны, а хто водзіцца з марнатраўцамі, той уводзіць у сорам бацьку свайго.

8 Хто памнажае маёмасьць сваю ростам і ліхвою, той зьбірае яе дабрачынцам бедных.

9 Хто ўхіляе вуха сваё, каб ня слухаць закону, у таго і малітва - мярзота.

10 Хто зводзіць праведных на дарогу зла, сам упадзе ў сваю яму; а беззаганныя спадкуюць дабро.

11 Чалавек багаты - мудрэц у вачах сваіх, але разумны бядняк бачыць яго наскрозь.

12 Калі трыумфуюць праведнікі, вялікая слава; але калі ўзвышаюцца бязбожныя, людзі хаваюцца.

13 Той, хто хавае свае злачынствы, ня будзе мець посьпеху; а хто прызнаецца і пакідае іх, той будзе памілаваны.

14 Шчасны чалавек, які заўсёды ў страху Божым; а хто робіць жорсткім сэрца сваё, той трапляе ў бяду.

15 Як рыклівы леў і галодны мядзьведзь, так бязбожны валадар над бедным народам.

16 Неразумны валадар шмат чыніць крыўды; а той, які ненавідзіць карысьлівасьць, падоўжыць дні.

17 Чалавек вінаваты ў крыві чалавечай, будзе ўцякаць да сьмерці, каб хто не схапіў яго.

18 Хто ходзіць беззаганна, той будзе ўратаваны; а хто ходзіць крывымі дарогамі, упадзе на адной зь іх.

19 Хто ўрабляе зямлю сваю, той будзе есьці хлеб; а хто пераймае гультаёў, таго накорміць галеча.

20 Верны чалавек багаты на дабраславеньні; а хто сьпяшаецца разбагацець, той не застанецца без пакараньня.

21 Зважаць на асобы - нядобра; такі чалавек і за кавалак хлеба зробіць крыўду.

22 Сьпяшаецца да багацьця зайздросьлівы чалавек, і ня думае, што галеча спасьцігне яго.

23 Хто дакарае чалавека, знойдзе большую прыязнасьць, чым той, хто лісьлівіць языком.

24 Хто абкрадвае бацьку свайго і маці сваю і кажа: «гэта ня грэх», той - саўдзельнік грабежнікаў.

25 Пыхлівец распальвае свару, а хто спадзяецца на Госпада, будзе ў дабрадзенстве.

26 Хто спадзяецца на сябе, той неразумны; а хто ходзіць у мудрасьці, той будзе цэлы.

27 Хто дае жабраку, не зьбяднее; а хто засланяе вочы ад яго, на тым шмат праклёнаў.

28 Калі ўзвышаюцца бязбожныя, людзі хаваюцца; а калі яны падаюць, множацца праведнікі.

 

Разьдзел 29

 

1 Чалавек, які насуперак засьцярогам робіцца ўпарты, будзе раптам зламаны, і ня будзе яму дапамогі.

2 Калі множацца праведнікі, весяліцца народ; а калі пануе бязбожнік, стогне народ.

3 Чалавек, які любіць мудрасьць, радуе бацьку свайго; а які знаецца з распусьніцамі, той траціць маёмасьць.

4 Цар правасудзьдзем мацуе зямлю, а аматар хабару руйнуе яе.

5 Чалавек, які лісьлівіць сябру свайму, сьцеле сетку пад ногі яму.

6 У грэху ліхога чалавека - сетка яму, а праведнік весяліцца і радуецца.

7 Праведнік старанна дасьледуе цяжбіну бедных, а бязбожнік не разьбірае справы.

8 Людзі разбэшчаныя бунтуюць горад, а мудрыя суцішаюць мяцеж.

9 Разумны чалавек, калі судзіцца з чалавекам неразумным, ці злуецца, ці сьмяецца - ня мае спакою.

10 Крыважэрныя людзі ненавідзяць бязбожнага, а праведныя клапоцяцца за яго жыцьцё.

11 Неразумны ўвесь гнеў свой вылівае, а мудры стрымлівае яго.

12 Калі ўладар слухае ілжывыя прамовы, дык і ўсе служкі ў яго бязбожныя.

13 Бедны і ліхвяр сустракаюцца адзін з адным; але сьвятло вачам таго і другога дае Гасподзь.

14 Калі цар судзіць бедных па праўдзе, дык трон ягоны назаўсёды ўцьвердзіцца.

15 Дубец і засьцярога даюць мудрасьць; а занядбаны хлопчык робіць сорам сваёй маці.

16 Пры памнажэньні бязбожных множыцца беззаконьне; а праведнікі ўбачаць падзеньне іхняе.

17 Карай сына твайго, і ён дасьць табе спакой, і прынясе радасьць душы тваёй.

18 Няма адкрыцьця згары чалавеку разбэшчанаму, а хто жыве паводле закону - той шчасны.

19 Словамі не навучыш раба; бо, хоць ён і разумее іх, але ня слухаецца.

20 Ці бачыў ты чалавека неабачлівага ў словах сваіх? на неразумнага болей надзеі, чым на яго.

21 Калі змалку выхоўваць раба ў дастатку, дык і пазьней ён захоча быць сынам.

22 Чалавек гнеўлівы заводзіць свару, а запальчывы шмат грэшыць.

23 Ганарыстасьць чалавека прыніжае яго, а сьціплы духам здабывае гонар.

24 Хто дзеліцца са злодзеем, той ненавідзіць душу сваю; ён чуе праклён, але не абвяшчае пра тое.

25 Боязь перад людзьмі ставіць сетку; а хто спадзяецца на Госпада, будзе ў бясьпецы.

26 Многія шукаюць прыхільнага.

27 Мярзота праведнікам - чалавек няправедны, і мярзота бязбожнаму - той, хто ідзе простай дарогай.

 

Разьдзел 30

 

1 Слова Агура, сына Якеевага. Натхнёныя выслоўі, якія сказаў гэты чалавек Іфіілу, Іфіілу і Укалу:

2 сапраўды, я большы невук, чым хто-небудзь зь людзей, і розуму чалавечага няма ў мяне,

3 і не навучыўся я мудрасьці, і пазнаньня сьвятых ня маю.

4 Хто ўзыходзіў на неба і сыходзіў? хто сабраў вецер у прыгаршчы свае? хто завязаў ваду ў вопратку? хто вызначыў усе межы зямлі? якое імя ў яго? і якое імя ў сына яго? ці ведаеш?

5 Кожнае слова ў Бога чыстае; Ён - шчыт тым, хто на яго спадзяецца.

6 Не дадавай да словаў Ягоных, каб Ён ня выкрыў цябе як ашуканца.

7 Дзьве рэчы я прашу ў Цябе, не адмові мне, перш чым я памру:

8 марнасьць і лжу адвядзі ад мяне, галечы і багацьця не давай мне, кармі мяне хлебам надзённым,

9 каб, аб'еўшыся, я ня зрокся Цябе і не сказаў: «хто Гасподзь?» і каб, згалеўшы, не пачаў красьці і зьневажаць імя Бога майго.

10 Не кляні раба перад гаспадаром ягоным, каб ён не пракляў цябе і ты не застаўся вінаваты.

11 Ёсьць род, які праклінае бацьку свайго і не дабраслаўляе маці сваёй.

12 Ёсьць род, які чысты ў вачах сваіх, тым часам як не адмыты ад бруду свайго.

13 Ёсьць род - о, якія пыхлівыя вочы ў яго, і як паднятыя вейкі ў яго!

14 Ёсьць род, у якога зубы - мячы, і сківіцы - нажы, каб пажыраць бедных на зямлі і ўбогіх сярод людзей.

15 У ненаеднасьці дзьве дачкі: «давай, давай»! Вось тры ненаяды, і чатыры, якія ня скажуць: «даволі!»

16 Апраметная і нутроба бясплодная, зямля, якая не насычаецца вадою, і агонь, які ня кажа: «даволі!».

17 Вока, якое насьміхаецца з бацькі і пагарджае пакораю маці, выдзяўбуць крумкачы над ракою, і зжаруць птушаняты арліныя!

18 Тры рэчы неспасьцігальныя мне, і чатырох я не разумею:

19 шляхі арла на небе, шляхі зьмяі на скале, шляхі карабля сярод мора, і шляхі мужчыны да дзяўчыны.

20 Такі шлях і ў жонкі-пералюбніцы; паела і выцерла рот свой, і кажа: «я нічога благога не зрабіла».

21 Ад трох трасецца зямля, чатырох яна ня выносіць:

22 раба, калі ён робіцца царом; неразумнага, калі ён удосыць есьць хлеб;

23 ганебную жанчыну, калі яна выходзіць замуж, і служанку, калі зойме месца гаспадыні сваёй.

24 Вось чатыры малыя на зямлі; але яны мудрэйшыя за мудрых:

25 мурашкі - народ нядужы, але летам назапашваюць ежу сваю:

26 горныя мышы - народ слабы, але ставяць дамы свае на скале;

27 у саранчы няма цара, але выступае яна згуртавана;

28 павук лапамі чапляецца, але бывае ў царскіх харомах.

29 Вось трое маюць статную хаду, і чацьвёра статна выступаюць:

30 леў, асілак сярод зьвяроў, не саступіць ні перад кім;

31 конь, і казёл, і цар народу свайго.

32 Калі ты ў задавацтве тваім зрабіў глупства і падумаў ліхое, дык пакладзі руку на вусны;

33 бо, як ад зьбіваньня малака робіцца масла, ад ўдару ў нос цячэ кроў, так і ад абуджэньня гневу ўзьнікае свара.

 

Разьдзел 31

 

1 Слова Лемуіла цара. Настаўленьне, якое дала яму маці ягоная:

2 што, сыне мой? Што, сыне ўлоньня майго? Што, сыне зарокаў маіх?

3 Не аддавай жанчыне сілы тваёй, ні шляхоў тваіх пагубніцам цароў.

4 Не царам, Лемуіле, не царам піць віно, і не князям - сякеру,

5 каб, напіўшыся, яны не забылі закона і не перакруцілі суд усіх прыгнечаных.

6 Дайце сякеру таму, хто гіне, і віно засмучанаму душою;

7 хай ён вып'е і забудзе беднасьць сваю і не згадае больш пра сваю пакуту.

8 Размыкай вусны свае за безгалосага і дзеля абароны ўсіх занядбаных.

9 Размыкай вусны свае дзеля правасудзьдзя і дзеля беднага і гаротнага.

10 Хто знойдзе дабрадзейную жонку? цана яе вышэй за жэмчуг.

11 Пэўнае ў ёй сэрца мужа яе, і не застанецца ён бяз прыбытку.

12 Яна аддае яму дабром, а ня злом, ва ўсе дні жыцьця свайго.

13 Здабывае воўну і лён, і ахвотна працуе сваімі рукамі.

14 Яна, як купецкія караблі, здалёку вязе свой хлеб.

15 Яна ўстае на досьвітку, і раздае ежу ў доме сваім і належнае слугам сваім.

16 Падумае пра поле, і купляе яго; ад плёну рук сваіх садзіць вінаграднік.

17 Апярэзвае сілаю сьцёгны свае і мацуе мышцы свае.

18 Яна адчувае, што занятак яе добры, і - сьветач яе ня тухне і ўначы.

19 Працягвае рукі свае да прасьніцы, і пальцы яе бяруцца за верацяно.

20 Далоню сваю яна растуляе беднаму, і руку сваю падае ўбогаму.

21 Не баіцца сьцюжы для сям'і сваёй, бо ўся сям'я яе апранута ў двайную адзежу.

22 Яна робіць сабе дываны; вісон і пурпура - вопратка яе.

23 Муж яе вядомы каля брамы, калі сядзіць са старэйшынамі зямлі.

24 Яна робіць покрывы, і прадае, і паясы дастаўляе купцам Фінікійскім.

25 Моц і прыгажосьць яе - вопратка яе, і весела глядзіць яна ў будучыню.

26 Вусны свае растуляе з мудрасьцю, і добрая парада на языку ў яе.

27 Яна сочыць за гаспадаркай у доме сваім і ня есьць хлеба гультайскага.

28 Устаюць дзеці - і дагаджаюць ёй, - муж, і хваліць яе:

29 «шмат было жонак дабрадзейных; але ты пераўзышла іх усіх».

30 Мілавіднасьць падманлівая і прыгажосьць марная; а жонка, якая баіцца Госпада, вартая пахвалы.

31 Дайце ёй ад плёну рук яе, і хай праславяць яе каля брамы ўчынкі яе!

 

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка

 

Разьдзел 1

 

1 Слова Эклезіяста, сына Давідавага, цара ў Ерусаліме.

2 Пустая марнасьць сказаў Эклезіяст, пустая марнасьць, - усё марнасьць!

3 Якая карысьць чалавеку ад усёй працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам?

4 Пакаленьне прыходзіць, і пакаленьне праходзіць, а зямля векавечна стаіць.

5 Сонца ўзыходзіць, і сонца заходзіць і сьпяшаецца ў месца сваё, дзе ўстае.

6 Вее вецер на поўдзень і на поўнач вяртаецца, віруе, віхурыцца веючы, і на шлях віраваньня вяртаецца вецер.

7 Рэкі ўсе ў мора плывуць, а мора не перапаўняецца; да месца таго, адкуль рэкі плывуць, вяртаюцца зноў, каб далей пацячы.

8 Усё існае - поўніцца працай; ня можа ўсяго чалавек пакласьці на словы: не насыціцца бачаньнем вока; не напоўніцца слуханьнем вуха.

9 Што было, тое і будзе; што рабілася, тое й рабіцьмецца, і нічога новага пад сонцам няма.

10 Бывае такое, пра што людзі кажуць: «Дзівіся, вось гэта новае»; але яно ўжо было спрадвеку, да нас.

11 Няма памяці пра былое; ды і пра тое, што будзе, не застанецца згадкі між тымі, што прыйдуць пасьля.

12 Я, Эклезіяст, быў царом над Ізраілем у Ерусаліме.

13 І паклаў я на сэрца помысел мой, каб шукаць і дасьледаваць мудрасьцю ўсё, што пад небам робіцца: гэты прыкры занятак даў Бог сынам чалавечым, каб кіраваліся ім.

14 Я ўсе дзеі пабачыў, якія пад сонцам чыняцца, і вось, усё - марнасьць і пагоня за ветрам!

15 Крывое ня выпрастаецца, і чаго няма, таго нельга зьлічыць.

16 Гаварыў я з сэрцам маім і сказаў: вось, узьвялічыўся я і здабыў мудрасьці болей за ўсіх, што былі да мяне над Ерусалімам, і сэрца маё шмат нагледзела мудрасьці ўсякай і ведаў.

17 І паклаў я на сэрца помысел мой, каб мудрасьць уведаць, спасьцігнуць шаленства і неразумнасьць; спазнаў, што і гэта - пагоня за ветрам.

18 Бо пры многасьці мудрасьці множыцца й скруха; і хто памнажае спазнаньне, той памнажае і боль.

 

Разьдзел 2

 

1 І сказаў я ў сэрцы маім: «Ану ж бо праверу цябе я радасьцю, і нацешуся дабром»; але ж гэта - марнота!

2 Пра сьмех я сказаў: «Недарэчнасьць!», а пра радасьць: «Што яна дасьць?»

3 Намысьліў я ў сэрцы маім падбадзёрваць віном маё цела і, тым часам як сэрца маё кіравацьмецца мудрасьцю, ня цурацца і дурасьці, пакуль не пабачу, што добра сынам чалавечым, што маюць яны рабіць пад небам за кароткія дні свайго веку.

4 Учыніў я вялікія дзеі: дамы я сабе збудаваў, насадзіў сабе вінаграднікі;

5 завёў сабе сады і гаі, насадзіў у іх розных пладовых дрэў;

6 нарабіў сабе сажалак, каб паліваць зь іх гаі, у якіх дрэвы растуць;

7 наняў сабе слуг і служанак, і дамачадцы былі ў мяне; а таксама буйной і дробнай худобы было ў мяне болей, чым ва ўсіх, што жылі да мяне ў Ерусаліме;

8 сабраў сабе срэбра і золата й скарбаў каштоўных ад цароў і правінцый; завёў у сябе сьпевакоў і сьпявачак і асалоду сыноў чалавечых - мноства жонак і наложніц.

9 І ўзьвялічыўся я і ўзбагацеў над усімі, што жылі да мяне ў Ерусаліме; і мудрасьць мая засталася пры мне.

10 І нічога, чаго вочы мае ні прагнулі, я ім не адмовіў; ад ніводнае радасьці сэрца майго ня ўхіліў, бо сэрца маё суцяшалася кожнаю працай маёю; і гэта было маёй доляй ва ўсіх маіх працах.

11 І калі я зірнуў на ўсе дзеі мае, якія ўчыняў я сваімі рукамі, на працу, якую рабіў я: і вось, усё - марнасьць і пагоня за ветрам, і ніякай карысьці пад сонцам.

12 Пастанавіў я сабе пабачыць і мудрасьць, шаленства і дурасьць. Бо што зробіць пасьля цара чалавек звыш таго, што зроблена ўжо?

13 І ўбачыў я, што мудрасьць пераважае над дурасьцю так, як сьвятло над цемраю.

14 У мудрага вочы яго - у галаве яго, а бязглузды ходзіць у цемры. І даведаўся я таксама, што аднолькавая спаткае ўсіх доля.

15 І сказаў я ў сэрцы маім: «? мяне спасьцігне такая самая доля, як і дурнога: навошта ж я надта мудры зрабіўся?» І сказаў я ў сэрцы маім, што і гэта - марнасьць.

16 Бо мудрага помніць ня будуць вечна, як і дурнога; у днях наступных забудзецца ўсё, і памірае мудры гэтаксама, як і бязглузды.

17 І зьненавідзеў жыцьцё я: бо апрыкралі мне ўсе ўчынкі, якія пад сонцам зьдзяйсьняюцца; бо ўсё - пустая марнасьць і пагоня за ветрам!

18 І зьненавідзеў усю маю працу, якую рабіў я пад сонцам; бо мушу пакінуць яе чалавеку, які прыйдзе пасьля мяне.

19 І хто ведае: мудры ён будзе альбо дурны? А валодаць ён будзе ўсёй працай маёю, якую рабіў я і ў якой паказаў сябе мудрым пад сонцам. І гэта - марнасьць!

20 І спаняверыўся я і ўмаўляў маё сэрца адцурацца ад працы ўсяе, якую рабіў я пад сонцам:

21 Бо бывае такі чалавек, які ў працы і мудры, і ўдзельны, і плённы, а павінен пакінуць усё чалавеку, які над тым не працаваў. І гэта - марнасьць і вялікае ліха!

22 Бо што будзе мець чалавек ад працы сваёй і клопату сэрца свайго, якімі мазоліцца ён пад сонцам?

23 Бо ўсе яго дні - пакуты, і праца ягоная - смутак; нават і ўночы сэрца яго спакою ня мае. І гэта - марнасьць!

24 Няма чалавеку ўлады над тою даброцьцю, каб есьці і піць і каб душа мела радасьць ад працы ягонай. Я ўбачыў: і гэта - з рук Божых.

25 Бо хто можа есьці і хто безь яго можа цешыцца з асалодаў?

26 Бо чалавеку, які перад абліччам Ягоным ёсьць добры, Ён мудрасьць дае, і веды, і радасьць; а грэшнаму клопат дае - зьбіраць, назапашваць, каб богаспадобнаму потым аддаць. І гэта - марнасьць і пагоня за ветрам!

 

Разьдзел 3

 

1 Усё мае сваю пару, і гадзіна кожнае дзеі - пад небам.

2 Ёсьць пара нарадзіцца, і пара памерці, пара насаджаць, і пара вырываць пасаджанае.

3 Пара забойства, і пара гаеньня; пара разбураць, і пара будаваць;

4 пара плачу, і пара весялосьці; пара бедаваць, і пара танцаваць;

5 пара раскідаць камяні, і пара зьбіраць камяні; пара абдымаць, і пара ўхіляцца абдоўмаў;

6 пара шукаць, і пара губляць; пара ашчаджаць, і пара выкідаць;

7 пара разьдзіраць, і пара зашываць; пара маўчаць, і пара прамаўляць;

8 пара кахаць, і пара ненавідзець; пара вайне, і пара міру.

9 Якая карысьць таму, хто працуе, з таго, над чым ён працуе?

10 Бачыў я гэты клопат, які Бог даў сынам чалавечым, каб мелі сабе турботу.

11 Усё Ён цудоўным зрабіў сваёю парою і вечнасьць паклаў ім у сэрца, хоць ня кемяць яны ў тых справах, што Бог учыніў, ад пачатку і да канца.

12 Уведаў я, што няма ім нічога лепшага, як весяліцца і ў жыцьці сваім добрае толькі ўчыняць.

13 І калі які чалавек есьць і п'е і бачыць дабро ва ўчынках сваіх, дык гэта - дар Божы.

14 Уведаў я, што ўсё, што робіць Бог, застаецца навекі; Ён робіць так, каб багавейна ступалі перад абліччам Яго.

15 Што было, тое ёсьць і цяпер, і што будзе, тое было ўжо; і пакліча Бог мінулае.

16 Яшчэ я пад сонцам пабачыў: месца суду - а там беззаконьне; месца праўды - а там няпраўда

17 І сказаў я ў сэрцы маім: «Судзіць будзе Бог праведнага і грэшнага; бо на кожную справу прызначана пара і суд на кожную дзею тваю».

18 Сказаў я ў сэрцы маім сынам чалавечым, каб Бог іх выпрабаваў і каб убачылі яны, што самі ў сабе яны - жывёлы:

19 бо доля ў сыноў чалавечых і доля ў жывёлін - доля адна; як паміраюць тыя, так паміраюць і гэтыя, і адно дыханьне ва ўсіх, і няма ў чалавека над жывёлінаю перавагі, бо ўсё - марнасьць!

20 Усё ідзе ў адно месца; усё выйшла з тла, і ўсё вяртаецца ў тло.

21 Хто ведае: ці дух сыноў чалавечых падымаецца ўгору, а ці дух жывёл апускаецца долу, у зямлю?

22 І вось убачыў я, што няма нічога лепшага чалавеку, як радавацца з учынкаў сваіх: бо гэта - доля яго; хто ж бо яго прывядзе паглядзець на тое, што пасьля яго будзе?

 

Разьдзел 4

 

1 І прыгледзеўся зноў я, і ўгледзеў уціскі ўсялякія, што пад сонцам здараюцца: і вось сьлёзы прыгнечаных, а суцешніка ў іх няма; і ў руцэ ў прыгнятальнікаў іхніх - сіла, а суцешніка ў іх няма.

2 І прызнаў я шчасьлівымі мёртвых, якія памерлі даўно, больш, чым жывых, што дагэтуль жывуць;

3 а шчасьлівейшы той за абодвух, хто яшчэ не радзіўся, хто ня бачыў яшчэ ліхадзействаў, якія пад сонцам вядуцца.

4 І зноў я пабачыў, што ўсякая праца і посьпех усякі ў справах узаемную зайздрасьць паміж людзьмі спрычыняюць. І гэта - марнасьць і пагоня за ветрам!

5 Неразумны сядзіць, склаўшы рукі свае, і жарэ сваё цела.

6 Лепей жменя спакою за поўныя прыгаршчы клопату і пагоню за ветрам.

7 І зірнуў я, і зноў убачыў марнасьць пад сонцам:

8 самотнік, і ня мае нікога ён іншага: ні сына, ні брата няма ў яго; і ня мае канца ён турботам сваім, і не насыціцца вока яго багацьцем. «На каго ж я працую, і даброцяў душу сваю пазбаўляю?» І гэта - марнасьць і прапалая справа!

9 Дваім лепей, чым аднаму, бо ёсьць ім добрая дзяка за іхнюю працу.

10 Бо, як адзін упадзе, падыме другі свайго сябра! Але гора таму, хто адзін упадзе, а другога няма, хто падняў бы яго.

11 Гэтак сама, як двое ляжаць, дык ім цёпла; а дзе аднаму прыгрэцца?

12 І калі б хто напаў на другога, дык выстаяць двое супраць таго. І нітка, ссуканая з трох, ня скора парвецца.

13 Лепей бедны, ды разумны хлапчына, чым стары, ды неразумны цар, які рады ня слухае.

14 Бо той зь вязьніцы выйдзе на царства, хто нарадзіўся ў царстве сваім бедным.

15 Бачыў я ўсіх жывых, што ходзяць пад сонцам, з гэтым другім юнком, які зойме месца таго.

16 Ня было ліку ўсяму люду, які быў перад ім, хоць і наступныя радасьці ў ім ня мецьмуць. І гэта - марнасьць і пагоня за ветрам!

17 Сачы за нагою тваёю, калі ідзеш у дом Божы, і будзь гатовы больш слухаць, чым ахвяры прыносіць; ня думаюць бо яны, што благое ўчыняюць.

 

Разьдзел 5

 

1 Ня будзь на язык надта борзды, і сэрца тваё хай ня будзе сьпяшацца сказаць перад Богам слова, таму што Бог на небе, а ты на зямлі! Таму слова тваё хай ашчаднае будзе.

2 Бо як сны бачацца ад вялікае працы, так голас дурнога пазнаецца па пустаслоўі.

3 Калі даеш абяцаньне Богу, не замаруджвай выконваць яго, бо ня мае Ён упадабаньня да неразумных: што абяцаўся - зрабі.

4 Лепей табе не абяцацца, чым абяцаць і не зрабіць.

5 Не дазваляй тваім вуснам уводзіць у грэх тваё цела і не кажы перад анёлам Божым: «гэта - памылка!» Навошта табе, каб загневаўся Бог на слова тваё і зруйнаваў дзеі рук тваіх?

6 Бо ў мроіве сноў, як і ў мроіве слоў - марнасьці шмат; а ты бойся Бога.

7 Калі ты ўбачыш у якім-небудзь краі ўціскі беднаму і парушэньне суду і праўды, дык ня зьдзіўляйся з гэтага, бо за высокім назірае вышэйшы, а над імі яшчэ вышэйшы;

8 а найвышэйшасьць краіны ёсьць цар, які дбае за ўсю краіну.

9 Хто любіць срэбра, той не насыціцца срэбрам, і хто любіць багацьце, ня мае карысьці зь яго. І гэта - марнасьць!

10 Калі множыцца маёмасьць, множацца і тыя, што яго спажываюць; і якая карысьць яго ўласьнікам: хіба толькі сваімі вачмі сузіраць?

11 Салодкі сон у таго, хто працуе, ці мала ён есьць, а ці многа; а сытасьць багатаму спаць не дае.

12 Ёсьць нядоля балючая, якую я пад сонцам бачыў: багацьце, якое ўласьнік пільнуе на шкоду сабе.

13 І гіне багацьце яго ад няшчасных выпадкаў: нарадзіў ён сына, а нічога няма ў руках у яго.

14 Як выйшаў ён голы з улоньня маці сваёй, такі і адыдзе, якім прыйшоў, і нічога ня возьме ад працы сваёй, што мог бы панесьці ў руцэ сваёй.

15 І гэта нядоля балючая: які ён прыйшоў, такі адыходзіць. Якая ж карысьць яму, што працаваў ён на вецер?

16 А да таго ўсе дні свае еў ён у цемры, у вялікай дакуцы, скрусе й маркоце.

17 Вось яно, што я добрага і прыемнага бачыў: есьці і піць і добрае бачыць ва ўсёй сваёй працы, якую ён робіць пад сонцам ва ўсе дні свайго веку, якія даў яму Бог; бо гэта - ягоная доля.

18 І калі якому чалавеку Бог даў багацьце і маёмасьць, і даў яму ўладу іх спажываць і браць сваю частку ад працы сваёй, дык гэта - дар Божы.

19 Ня многа бо дзён жыцьця свайго мецьме на памяці; таму яго Бог адарае радасьцю сэрца ягонага.

 

Разьдзел 6

 

1 Ёсьць зло, якое я ўбачыў пад сонцам, і багата яго між людзьмі:

2 Бог дае чалавеку багацьце, і маёмасьць, і славу, і душы ягонай ніякай нястачы няма ані ў чым, чаго зажадае; ды ня даў яму Бог карыстацца з таго, а чужы чалавек спажывае: гэта - марнасьць і ліхая нядоля!

3 Калі б сотню дзяцей напладзіў чалавек і пражыў шмат гадоў і памножыліся дні яго веку, а душа яго ўцехі ня мела б з дабротаў і каб ня было яму і пахаваньня, я сказаў бы: неданосак шчасьлівейшы за яго,

4 бо дарма ён прыйшоў і ў цемру сышоў, і імя яго ўкрылася змрокам:

5 ані сонца ня бачыў і не спазнаў: яму спакайней, чым таму.

6 А той, хоць пражыў бы дзьве тысячы год і не насыціўся б дабром, ці ж не ў адно і тое месца ідзе?

7 Уся праца людская - для рота, а душа чалавека - не насычаецца.

8 Якая ж перавага ў мудрага над неразумным, якая - у гаротніка, што ўмее хадзіць, над тымі, што жывуць?

9 Лепей бачыць вачыма, чым душою блукаць. А гэта - таксама марнасьць і пагоня за ветрам!

10 Што існуе, таму дадзена ўжо найменьне, і вядома, што гэта - чалавек і што ня можа ён прававацца з тымі, якія мацнейшыя за яго.

11 Шмат ёсьць такога, што памнажае марнасьць: што ж чалавеку лепей?

12 Бо хто ведае, што чалавеку добра ў жыцьці, у безьлічы дзён марнага веку яго, якія праходзяць, бы цень? І хто чалавеку скажа, што будзе пад сонцам пасьля яго?

 

Разьдзел 7

 

1 Імя добрае лепш за масьць дарагую, а дзень сьмерці - за дзень нараджэньня.

2 Лепей хадзіць у дом жалобы па мёртвым, чым у харомы банкету; бо такі ёсьць канец усякаму чалавеку, і жывы бярэ гэта да сэрца свайго.

3 Смутак лепшы за сьмех; бо пры скрусе аблічча сэрца робіцца лепшым.

4 Сэрцы мудрых - у доме плачу а сэрцы бязглуздых - у доме вясёлым.

5 Лепей слухаць дакоры ад мудрага, чым слухаць пахвалы ад неразумных;

6 бо сьмех неразумных ёсьць тое, што й трэск сухога ядлоўцу пад горшчыкам. І гэта - марнасьць!

7 Уціскаючы іншых, разумны дурнее, і хабар сэрца псуе.

8 Канец працы лепшы за пачатак яе; цярплівы лепшы за пыхлівага.

9 Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых.

10 Не кажы: «чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?» - не зь вялікага розуму ты папытаўся пра гэта.

11 Добрая мудрасьць - як і добрая спадчына, асабліва ж бо тым, што сонца бачаць:

12 бо пад шатамі мудрасьці, як пад шатамі срэбра; а перавага пазнаньня ў тым, што мудрасьць жыцьцё зьберагае таму, хто яе мае.

13 Прыгледзься да дзеяў Божых: хто можа выправіць тое, што Ён зрабіў крывым.

14 У добрыя дні карыстайся з дабротаў, а ў ліхія дні разважай: і тое і іншае стварыў Бог, каб ня мог чалавек нічога сказаць пасьля сябе.

15 Нагледзеўся я ў дні марноты сваёй усялякага ўдосыць: справядлівы гіне ў сваёй справядлівасьці; бязбожны доўга жыве ў бязбожнасьці сваёй.

16 Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе?

17 Не ўпадай у грахі і ня будзь шалёны; навошта табе паміраць заўчасна?

18 Добра, калі трымацьмешся толькі аднога і не адымеш рукі ад другога; бо хто богабаязны, той пазьбегне ўсяго благога.

19 Мудрасьць робіць мудрага мацнейшым за дзесяць уладароў, якія ў горадзе.

20 Няма чалавека справядлівага на зямлі, які рабіў бы дабро і не грашыў;

21 таму не на ўсякае сказанае слова зважай, каб не пачуць табе, як твой раб цябе ганіць.

22 Бо многа выпадкаў ведае сэрца тваё, калі сам ты ганіў іншых.

23 Я ўсё гэта мудрасьцю выпрабаваў; я сказаў: «буду я мудры»; але мудрасьць далёка ад мяне.

24 Далёка тое, што ёсьць, і глыбока-глыбока: хто дастане яго?

25 І паклаў я на сэрца помысел мой, каб дазнацца, дасьледаваць, і знайсьці мудрасьць і розум, і каб ведаць бязбожнасьць дурноты, невуцтва і шаленства.

26 І знайшоў я, што горш за сьмерць жанчына, таму што яна - сетка, і сэрца ў яе - пастка, рукі ў яе - кайданы; любасны Богу ўратуецца ад яе, а грэшніка схопіць яна.

27 Вось гэта знайшоў я, сказаў Эклезіяст, выпрабоўваючы адно за адным.

28 Чаго яшчэ шукала душа мая, і я не знайшоў? Мужчыну аднаго з тысячы я знайшоў, а жанчыны сярод іх усіх не знайшоў.

29 Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека праведнага, а людзі кінуліся ў вымудры ўсякія.

 

Разьдзел 8

 

1 Хто ёсьць - як мудрэц, і хто разумее значэньне слова? Мудрасьць прасьвятляе чалавеку аблічча яго, і суровасьць твару яго зьмяняецца.

2 Я кажу: трымайся царскага слова, і гэта дзеля прысягі перад Богам.

3 Не сьпяшайся ўхіляцца аблічча яго і не зацінайся ў слове благім; бо ён усё можа зрабіць, што захоча.

4 Дзе слова цара, там улада, і хто яму скажа: «што ты робіш?».

5 Хто выконвае запаведзь, той не зазнае нічога ліхога. Сэрца мудрага ведае час і ўправу;

6 бо на ўсякую рэч ёсьць свая пара і ўправа; а чалавеку вялікае ліха з таго,

7 бо ня ведае ён, што будзе; і як яно будзе - хто скажа яму?

8 Чалавек ня мае ўлады над духам, каб дух утрымаць, і няма ў яго ўлады над сьмертнай часінай, і няма збавеньня ў гэтым змаганьні, і не ўратуе бязбожнасьць бязбожніка.

9 Усё гэта бачыў я і да сэрца майго браў усякую справу, якая пад сонцам чыніцца. Бывае час, калі чалавек валадарыць над чалавекам на шкоду яму.

10 Бачыў тады я, што хавалі бязбожных, і прыходзілі ў магілу, і адыходзілі далёка ад сьвятога месца, і забывалі ў горадзе іх, што жылі праведна. І гэта - марнасьць!

11 Няскора ўчыняецца суд над благімі справамі; таму не баіцца сэрца сыноў чалавечых чыніць ліхату.

12 Хоць сто разоў робіць грэшнік ліхое і зацінаецца ў тым, але ведаю я, што добра будзе богабаязным, якія перад абліччам Ягоным стаяць багавейна;

13 а бязбожнаму добра ня будзе, і як цень, нядоўга стаяцьме той, хто перад Богам не багавейны.

14 Ёсьць на зямлі і такая марнота: праведнага спасьцігае тое, чаго заслугоўваюць дзеі бязбожных, а зь бязбожнымі чыніцца тое, чаго заслугоўваюць дзеі праведнікаў. І сказаў я: і гэта - марнасьць!

15 І ўславіў я радасьць; бо няма лепшага чалавеку пад сонцам, як есьці, піць і радавацца; гэта ідзе зь ім у працы ў дні жыцьця яго, якія даў яму Бог пад сонцам.

16 Калі паклаў я на сэрца помысел мой, каб мудрасьць спазнаць і пабачыць справы, што робяцца на зямлі і сярод якіх чалавек ані ўдзень, ані ўночы спачыну ня мае:

17 тады я і ўбачыў усе дзеі Божыя і зразумеў, што ня можа чалавек спазнаць дзеі пад сонцам. Колькі б ні працаваў чалавек, каб дашукацца, а не зразумее таго; і калі б сказаў які-небудзь мудрэц, што ён ведае, - а ня здолее ён даўмецца да таго.

 

Разьдзел 9

 

1 Усё гэта ў сэрца я ўзяў, каб дазнацца, што праведнікі і грэшнікі і іх учынкі - у Божай руцэ і што чалавек ні любові ні злосьці ня знае ва ўсім, што перад ім.

2 Усяму і ўсім - адно: адна доля праведніку і бязбожнаму, добраму і ліхому, чыстаму і нячыстаму, таму, хто прыносіць ахвяры, і таму, хто ахвяр ня прыносіць; як дабрачыннаму, так і грэшнаму; як таму, хто прысягаецца, так і таму, хто цураецца клятвы.

3 Вось гэта ёсьць ліха ва ўсім, што пад сонцам робіцца, што адна доля ўсім, і сэрца сыноў чалавечых напоўнена злом, і неразумнасьць у сэрцы ў іх, у жыцьці іхнім; а потым яны адыходзяць да мёртвых.

4 Хто сярод жывых, той мае яшчэ надзею, бо і сабаку жывому лепей, чым мёртваму льву.

5 Жывыя ведаюць, што памруць, а мёртвыя нічога ня ведаюць, і ўжо ім аддзякі няма, бо і памяць пра іх адышла ў забыцьцё,

6 і любоў іхняя, і нянавісьць іхняя, і зайздрасьць іхняя ўжо зьніклі, і няма болей учты ім вавекі ні ў чым, што пад сонцам робіцца.

7 Дык вось, ідзі, з радасьцю еж твой хлеб, у радасьці сэрца пі віно тваё, калі будзе на справы твае добрая Божая воля.

8 Хай сьветлай будзе ва ўсякую пору адзежа твая і хай не абсохне алей на тваёй галаве.

9 Радуйся жыцьцю з жонкай тваёю, якую кахаеш, ва ўсе часіны жыцьця твайго марнага, якое даў табе Бог пад сонцам на ўсе дні твайго марнага веку; бо гэта - доля твая ў жыцьці і ў працы тваёй, якую ты робіш пад сонцам.

10 Усё, што можа зрабіць твая рука, па сіле рабі; бо ў магіле, у якую ты ляжаш, няма ні працы, ні разважаньня, ні ведаў, ні мудрасьці.

11 І зноў я пабачыў пад сонцам, што ня ўвішным пасьпяховы бег дастаецца, не адважным - перамога, ня мудрым - хлеб, і не ў разумных - багацьце, і ня ўмельцам - прыхільнасьць, а ад пары й нагоды залежаць яны.

12 Бо чалавек сваёй пары ня знае. Як рыбы ловяцца ў згубную сетку, як птушкі ў сілах заблытваюцца, так сыны чалавечыя за ліхі час хапаюцца, калі ён раптоўна находзіць на іх.

13 Яшчэ вось якую мудрасьць пад сонцам я ўгледзеў, і яна мне здалася важнаю:

14 горад невялікі, і людзей у ім небагата; падступіўся да яго вялікі цар, і атачыў яго шчыльна, і падрыхтаваў супроць яго аблогу;

15 але знайшоўся ў ім мудры бядняк, і ён выратаваў мудрасьцю горад; але ж потым ніхто не згадаў таго бедака.

16 І сказаў я: мудрасьць лепшая за сілу, але мудрасьць бедняка заняхайваецца, і словаў ягоных ня слухаюць.

17 Словы мудрых, спакойныя, выслухоўваюцца лепей, чым крык валадара сярод дурняў.

18 Мудрасьць лепшая за вайсковую зброю; але адзін грэшнік загубіць многа дабра.

 

Разьдзел 10

 

1 Мёртвыя мухі псуюць і смуродзяць пахучую масьць міраварніцы, тое самае робіць малая дурнота шаноўнага чалавека зь яго мудрасьцю й гонарам.

2 Сэрца мудрага - праваруч, а сэрца бязглуздага - леваруч.

3 І па дарозе, калі дурань ідзе, не стае яму глузду, і кожнаму пакажа, што ён дурны.

4 Калі ўспыхне начальніцкі гнеў на цябе, не пакідай свайго месца; бо рахманасьць даводзіць да дараваньня вялікіх правінаў.

5 Ёсьць зло, якое бачыў я пад сонцам, падобнае да памылкі, якая ад валадара паўстала:

6 на вялікіх вышынях, бывае, сядзіць дурнота, а багатыя нізка садзяцца;

7 бачыў я конных рабоў, а князёў, што пеша, нібы рабы, хадзілі.

8 Хто яму капае, той у яе і ўпадзе, і хто разбурае агароджу, таго ўкусіць зьмяя.

9 Хто зносіць каменьне, той можа сябе надсадзіць, і хто коле дровы, той мае пагрозу ад іх.

10 Калі прытупляецца сякера і хтось ляза не навострыць, шмат намогі дадаць давядзецца; перавага плённае дзеі - мудрасьць.

11 Калі гадзіна ўкусіць без заклінаньня, дык ня лепшы за яе і злоязыкі.

12 Слова з вуснаў мудрага - мілата, а вусны дурнога яго ж і нішчаць:

13 пачатак слоў зь яго вуснаў - глупства, а канец яго казані з вуснаў - шаленства.

14 Дурны шмат чаго нагаворыць, хоць ня ведае чалавек, што будзе, і хто скажа яму, што пасьля яго станецца?

15 Праца дурнога стамляе яго, бо ён і ня ведае нават дарогі да горада.

16 Гора табе, зямля, калі цар твой - дзіця і калі ўладыкі твае ядуць рана!

17 Шчасьце табе, зямля, калі цар твой з высокага роду і ўладыкі твае ядуць у назначаны час, каб мацавацца, а не разьядацца!

18 Ад гультайства і столь прасядае; і як апусьцяцца рукі, дык дом пацячэ.

19 Гасьціны спраўляюць для асалоды, і віно зьвесяляе жыцьцё; а за ўсё адказвае срэбра.

20 Нават і ў думках тваіх не ліхаслові цара, і ў спальні тваёй не ліхаслові багатага; бо і птушка нябесная можа словы твае перанесьці, а крылатая - казань тваю пераказаць.

 

Разьдзел 11

 

1 Хлеб свой пускай па вадзе, час міне, і зноў знойдзеш яго.

2 Давай частку на сем і нават на восем, бо ня ведаеш, якая нагода чакае зямлю.

3 Як напоўняцца хмары, яны выльюць дождж на зямлю; і як паваліцца дрэва на поўдзень, на поўнач, так і ляжацьме, як яно ўпала.

4 Хто зважае на вецер, той сеяць ня будзе; і хто паглядае на хмары, ня будзе той жаць.

5 Як ня ведаеш ты дарогі вятроў і таго, як ствараюцца косьці ва ўлоньні ў цяжарнай, так ня можаш ты ведаць і дзеяў Бога, Які робіць усё.

6 Раніцай сей насеньне тваё і ўвечары не давай адпачынку руцэ; бо ня ведаеш ты, ці тое, ці іншае дасьць большы плён альбо тое і іншае будзе аднолькава добра.

7 І сьвятло салодкае, і добра вачам бачыць сонца.

8 Калі чалавек пражывае многа гадоў, хай весяліцца ўвесь час праз гады, і хай памятае пра цёмныя дні, якіх будзе шмат: усё, што будзе, - марнасьць!

9 Весяліся, хлопча, у юнацтве тваім, і хай сэрца тваё вясёлае будзе ва ўсе дні маладосьці тваёй, і хадзі пуцявінамі сэрца твайго і сьветлым бачаньнем вачэй тваіх; толькі ведай, што за ўсё гэта Бог пакліча на суд.

10 І смутак гані ад сэрца твайго, і адпрэчвай благое ад цела твайго, бо маладосьць і маленства - марнасьць!

 

Разьдзел 12

 

1 І памятай Творцу твайго ў дні юнацтва твайго, пакуль ня прыйшлі цяжкія дні і гады не насталі, пра якія ты будзеш казаць: «няма мне ад іх асалоды!»,

2 пакуль не патухлі сонца, і сьвятло, і месяц, і зоркі і не насунуліся новыя хмары пасьля дажджу.

3 У той дзень, калі задрыжаць тыя, што дом ацаляюць, і сагнуцца мужы сілы; і перастануць малоць тыя, што мелюць, бо няшмат ужо іх засталося; і зацьмяцца тыя, якія глядзяць у акно;

4 і замыкацца будуць дзьверы на двор; калі аціхне гул жорнаў, і будзе ўставаць чалавек на пеўнеў крык, і замоўкнуць дочкі пяяньня;

5 і вышыні іх будуць палохаць, і на дарозе жахі; і міндаль зацьвіце, і ў траве зьнярухомее конік, і рассыплецца каперс, - бо адыходзіць чалавек у вечны свой дом, і гатовыя абступіць яго плакальшчыцы на дарозе;

6 пакуль не парваўся срэбраны ланцужок, і не разьбілася залатая чаша, і не разьбіўся збанок ля крыніцы, і не абвалілася кола над студняй.

7 І вернецца тло ў зямлю, чым і было яно; і вернецца дух да Бога, Які даў яго.

8 Наймарнейшая марнасьць, сказаў Эклезіяст, усё - марнасьць!

9 Акрамя таго, што Эклезіяст быў мудры, ён вучыў яшчэ народ ведам. Ён усё выпрабоўваў, дасьледаваў і склаў многа выслоўяў.

10 Стараўся Эклезіяст вышукваць зграбныя выслоўі і словы праўды напісаў слушна.

11 Словы мудрых - што іголкі, як убітыя цьвікі, і складальнікі іх - ад адзінага пастыра.

12 А што звыш усяго гэтага, сыне мой, таго асьцерагайся: складаць многа кніг - канца ім ня будзе, і многа чытаць - стамляецца цела.

13 Выслухаем сутнасьць усяго: бойся Бога і запаведзяў Ягоных трымайся, бо чалавеку ў гэтым - усё.

14 Бо ўсякі ўчынак Бог прывядзе на суд і ўсё таемнае, ці яно добрае, а ці благое.

 

Найвышэйшая Песьня Саламонава

 

Разьдзел 1

 

1 Найвышэйшая песьня Саламонава.

2 Няхай вусны яго мяне пацалуюць! Бо лепшыя за віно твае ласкі.

3 Ад водару мазяў тваіх імя тваё - як разьлітае міра; таму і дзяўчаты цябе кахаюць.

4 Надзь мяне! Мы пабяжым за табою; - цар мяне ўвёў у харомы свае! Радавацца і весяліцца будзем з табою; - больш за віно будзем славіць пяшчоты; цябе годнасна любяць!

5 Ерусалімскія дочкі! Чорная я, прыгажуня сабою, нібы намёты Кідара ці полагі Саламонавыя.

6 Не зважайце на смугласьць маю; гэта сонца мяне апаліла: сыны маёй маці ўгневаліся на мяне, - вінаграднікі вартаваць мне казалі, - свайго вінаградніка я не ўпільнавала.

7 Ты скажы, каханьне маёй душы, дзе ты пасьвіш? дзе апоўдні ты адпачываеш? навошта бадзяцца мне каля статкаў сяброў тваіх?

8 Калі гэтага ты ня знаеш, найпрыгажэйшая краска-дзяўчына, дык ідзі па авечых сьлядах і пасьві свае казьляняткі каля буданоў пастушыных.

9 З кабыліцаю з фараонавай калясьніцы параўнаў я цябе, каханая.

10 Прыгожыя шчокі твае пад падвескамі, шыю тваю аздабляюць каралькі;

11 зробім табе залатыя падвескі са срэбнымі іскрамі.

12 Пакуль цар за сталом весяліўся, мой народ разьліваў пахошчы.

13 Мне мой мілы - як ладанка зь мірай; начуе ў мяне на грудзях,

14 мне мой мілы - як скрыпеню гронка ў мяне ў вінаградніках Эн-гэдзі.

15 Якая прыгожая ты, каханая! якая прыгожая ты! Твае вочы - дзьве галубіцы!

16 Які ты прыгожы, мой любы, які ты ласкавы, і ложак наш - зелень;

17 стрэхі дамоў нашых - кедры, столі іх - кіпарысы.

 

Разьдзел 2

 

1 Я - раўнінны нарцыс Саронскі, я - лілея з даліны!

2 Як лілея сярод бадзякоў - каханая сярод сябровак!

3 Як яблыня сярод лясных дрэў - каханы мой сярод хлопцаў. У шатах яе люблю я сядзець, і плады зь яе рот мне салодзяць.

4 Увёў ён мяне ў дом піру, нада мной яго сьцяг - каханьне!

5 Падмацуйце мяне віном, яблыкамі асьвяжэце мяне, бо я зьнемагла ад каханьня.

6 Яго левая - пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае.

7 Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама!

8 Голас каханага майго! вось, ён ідзе, скача па горах, перабягае па ўзгорках, -

9 мілы падобны да сарны, да маладога аленя. Вось, ён стаіць у нас за сьцяною, заглядваючы ў акно, мільгаціць за рашоткай.

10 Каханы мой загаварыў да мяне: устань, мая любасная, мая гожая, выйдзі!

11 Вось, і зіма адышла; дождж перастаў, мінуўся;

12 кветкамі зацьвітае зямля, час песьняў птушыных настаў, і горлінка ў нашым краі засьпявала,

13 налівае смакоўніца пупышкі, вінаградныя лозы пахнуць у квецені. Устань, мая любасная, мая гожая выйдзі!

14 Горлінка ў горнай цясьніне, пад паветкаю скалаў! Пакажы мне свой тварык, дай мне пачуць твой галасок; бо твой голас - салодкі, бо мне тварык твой вабны!

15 Лавіце нам лісянятак і лісак лавіце, што мне вінаграднік марнуюць; а вінаграднікі ж нашыя ў цьвеце!

16 Каханы аддадзены мне, я - яму; ён пасьвіць сярод лілеяў.

17 Пакуль не астыў яшчэ дзень, не паслаліся цені, пасьпяшайся назад, як сарна, мой мілы, ці як алень малады на вышынях Бэтэр.

 

Разьдзел 3

 

1 Я начамі на ложку шукала каханага сэрца майго, я шукала яго, не знайшла.

2 Устану, і горад увесь абыду, па вуліцах і па завулках, шукацьму таго, каго сэрцам кахаю, я шукала яго, не знайшла.

3 Сустрэлі мяне вартавыя, што па горадзе йшлі дазорам: «Ці бачылі вы, каго сэрцам кахаю?»

4 Толькі я іх мінула, як знайшла, каго сэрцам кахаю; прывяла яго ў дом сваёй маці, у сьвяцёлку роднае маці сваёй.

5 Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама!

6 Хто там выходзіць з пустэльні, нібыта слуп дыму, хто там акураны мірай, пахошчамі і фіміямамі ўсякімі?

7 Вось Саламонаў ложак: шасьцьдзясят мужчын навокал яго, дужых мужоў Ізраільскіх.

8 І кожны мечам аперазаны, кожны навучаны біцца; у кожнага меч пры баку дзеля страху начнога.

9 Паланкін зрабіў сабе цар з дрэваў Ліванскіх,

10 слупцы ў ім зрабіў са срэбра, більцы з золата, а з пурпуры падушка; а ўсярэдзіне ўслалі любоўна Ерусалімскія дочкі.

11 Выходзьце, дзяўчаты, на цара Саламона зірнеце, дочкі Сіёнскія, на вянок, якім яго маці ў дзень вясельля ўвянчала, у дзень радасьці сэрца ягонага.

 

Разьдзел 4

 

1 Якая прыгожая ты, каханая, прыгожая ты! Вочы твае - галубіцы пад кудзеркамі тваімі; твае валасы - нібы козак чародка, што зьбягае з гор Галаадскіх,

2 твае зубы - як стрыжаныя авечкі, што з купальні выходзяць, кожная зь іх прывяла двайнятак, і няма сярод іх бясплоднай;

3 як чырвоная стужка - губы твае, і любасныя твае вусны; як палавінкі граната - шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі;

4 як Давідава вежа - шыя твая, узьнесеная ўгору, тысячай шчытоў увешаная, - а ўсе шчыты - дужых.

5 Грудзі твае - як двайняткі юнае сарны, пасуцца яны між лілеямі.

6 Пакуль не астыў яшчэ дзень, не паслаліся цені, я ўзыду на пагорак міравы, на гару фіміямную.

7 Уся ты прыгожая, любасьць мая, і няма на табе заганы!

8 Са мною зь Лівана, нявеста, са мною зь Лівана прыйдзі! Зірні зь вяршыні Аманы, зь вяршыні Сэніра, з Хэрмона, ад ільвіных пячораў і з барсавых гор!

9 Паланіла ты сэрца маё, сястрыца, нявеста, паланіла ж ты сэрца маё адным паглядам вачэй, пацеркамі аднымі на шыйцы тваёй.

10 Якія пяшчотныя ласкі твае, сястрыца, нявеста, о, як намнога ласкі твае лепшыя за віно, і водар мазяў тваіх лепшы за ўсе бальзамы!

11 Сотавы мёд цякучы - губы твае, нявеста, мёд, малако пад тваім языком, і водар адзежы тваёй, як духмянасьць Лівана.

12 Зачынены сад, сястрыца, нявеста, зачынены сад, запячатаная крыніца:

13 зарасьнікі твае - гранатавы гай з сакавітымі пладамі, кіперы з нардамі,

14 нард і шафран, аер і карынка, расьліны духмяныя, міра, альяс і найлепшы бальсан;

15 калодзеж садоў - крыніца з жывою вадою, і крыніцы зь Лівана!

16 Паўстань, паўстань, вецер сіберны, прыйдзі вецер з поўдня, падзьмі, вецер, на сад мой, хай разьліецца водар яго! - Хай увойдзе мой любасны ў сад свой, хай скаштуе пладоў сакавітых.

 

Разьдзел 5

 

1 Увайшоў я ў мой сад, сястрыца, нявеста, сабраў маёй міры з бальзамам, паеў сотаў зь мёдам маім, напіўся віна майго з малаком маім. Ежце, сяброве, пеце і наядайцеся, родныя!

2 Я сплю, а сэрца маё чувае; вось, голас каханага, які стукаецца: «Адчыні мне, сястрыца, каханая, мая беспахібная, чыстая горлінка, бо галава мая - абрасілася, мае кучары - ў начной вільгаці».

3 Я хітон свой зьняла - як жа зноў надзяваць мне яго?

4 Каханы прасунуў руку сваю ў дзьверы, маё цела зайшлося ад радасьці.

5 Устала я, каб адчыніць майму любаму, і з рук маіх капала міра, і з пальцаў маіх міра капала на клямку ў дзвярах.

6 Адчыніла каханаму я, а каханы пайшоў, не вярнуўся. Душа мая ўпала ад слоў ягоных; я шукала яго, не знайшла, я клікала - ён не азваўся.

7 Спаткалі мяне дазорцы, што абыходзілі горад; паранілі мяне, пабілі мяне; дазорцы сьцен гарадскіх сарвалі зь мяне маё покрыва.

8 Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: як сустрэнецца вам мой каханы, што яму скажаце вы? Скажэце, што я зьнемагла ад каханьня.

9 Чым мілейшы твой любы за іншых, прыгажуня з усіх прыгажунь? Чым любейшы твой мілы за іншых, што заклінаеш нас?

10 Каханы мой белы, румяны, з тысяч самы найлепшы.

11 Галава ў яго - чыстае золата; яго кучары - гронкі пальмавыя, чорныя, быццам вораны,

12 вочы ў яго - галубкі пры патоках вады, купаюцца ў малацэ, сядзяць у дагодзе,

13 шчокі ў яго, бы кветкі пахучых расьлін, духмяныя пахі, губы ў яго - лілеі, зь якіх цячэ міра;

14 рукі ў яго - жазлы залатыя, абсыпаныя тапазамі, жывот у яго - як выява з слановае косьці, абкладзеная сапфірамі,

15 ногі ў яго - слупы мармуровыя, пастаўленыя на залатыя апоры, абліччам каханы - Ліван, велічны, нібыта кедры.

16 Вусны ў яго - гэта слодыч, і ўвесь ён - уцеха! Вось хто мой мілы, вось хто мой сябар, Ерусалімскія дочкі!

 

Разьдзел 6

 

1 Куды ж ён пайшоў, твой каханы, жанчына, краса, прыгажуня? Куды ж ухіліўся твой любы, - пашукаем яго з табою!

2 Мой каханы ў сад твой спусьціўся, да градак духмяных, каб пасьвіць у садзе і лілеі зьбіраць.

3 Адданы мой любы мне, а я - яму; ён пасьвіць сярод лілеяў.

4 Прыгожая ты, каханая, нібы Тырца, харошая, як Ерусалім, грозная, нібы полк са сьцягамі!

5 Адвядзі ад мяне свае вочы, бо яны хвалююць мяне.

6 Твае валасы - нібы козак чародка, што зьбягае з гор Галаадскіх; твае зубы - як статак авечак, што з купальні выходзяць, кожная зь іх прывяла двайнятак, і няма сярод іх бясплоднай,

7 як палавінкі граната, шчочкі твае - пад кудзеркамі тваімі.

8 Ёсьць шэсьцьдзясят царыц і восемдзесят наложніц і безьліч - дзяўчат;

9 ды адна яна, беспахібная, чыстая горлінка; адна яна - дачка ясная ў мацеркі роднай - пагначана ласкаю маці. Убачылі гэта сяброўкі і пахвалілі яе, царыцы і наложніцы - і пахвалілі яе.

10 Хто гэта ўзыходзіць, быццам зара, прыгожая, быццам месячык, ясная, нібы сонейка, грозная, нібы полк са сьцягамі?

11 Я спусьціўся ў арэхавы сад паглядзець на ўсходы ў даліне, паглядзець, ці лаза зелянее, гранаты ці зацьвілі?

12 Ня ведаю, як душа мая вабіла вяльможаў з народу майго.

 

Разьдзел 7

 

1 Азірніся назад, Шуламянка, азірніся назад - дай сябе ўбачыць! Што вам дзівіцца на Шуламянку, як на карагод Манаімскі?

2 Якія прыгожыя ногі твае ў сандалях, дачка знакамітая! Выгін клубоў тваіх, як абруч, што майстар зрабіў;

3 твой пупок - нібы круглая чара па беражок з пахучым віном; твой жывот - гэта горка пшаніцы сярод лілеяў чароўных;

4 твае грудзі - два казьляняткі, блізьняткі сарны;

5 твая шыя - вежа з слановае косьці; твае вочы - Эсэвонскія сажалкі каля брамы Бат-рабім; твой нос - як Ліванская вежа на дазоры насупраць Дамаска;

6 твая галава - як гара Карміл, і пасмачкі валасоў - як пурпура; цар паланёны кучарамі тваімі.

7 Якая прыгожая ты, якая панадная, каханка, тваёю вабнасьцю!

8 Гэты стан твой падобны да пальмы, і грудзі - да вінаградных гронак.

9 Я падумаў: залезу на пальму, я ўхаплюся за вецьце яе - хай будуць грудзі твае замест гронак лазы, і дыханьне тваё будзе - як яблыкі;

10 і вусны твае - як віно залатое! Цячэ яно ў рот каханаму, асалоджвае вусны стомленым.

11 Належу я міламу другу, і мяне ён жадае.

12 Прыйдзі, любасны, выйдзем у поле, пабудзем у вёсках;

13 выйдзем раніцай у вінаграднікі, падзівімся, як лаза зелянее, як пупышкі покнуліся, як зацьвілі гранаты; там я цябе прыгалублю.

14 Мандрагоры пахнуць духмяна, ля варот нашых многа пладоў: сёлетніх і даўнейшых назапасіла я табе, каханы.

 

Разьдзел 8

 

1 О, няхай бы ты быў мне братам, маёй мацеркай узгадаваным, - сустракала б цябе за парогам і адкрыта цябе цалавала б, і ніхто мне асуды ня даў бы.

2 Прывяла б я цябе з сабою ў дом мацеркі роднай маёй. Ты вучыў бы мяне, я ж паіла б цябе духмяным віном і сокам з маіх гранатаў!

3 Яго левая - пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае.

4 Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: ня будзеце, ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама.

5 Хто там ідзе з пустэльні, абапершыся на каханага? Пад яблыняй я разбудзіў цябе: там цябе нарадзіла маці, там нарадзіла родная.

6 Пячаткай мяне пакладзі на сэрца сваё, пакладзі на рукі, як пярсьцёнак: бо каханьне, як сьмерць - моцнае; рэўнасьць, як пекла - лютая; стрэлы яго - стрэлы вогненныя; яно - полымя непагаснае.

7 Вялікія воды ня могуць любоў патушыць, і рэкі яе не затопяць. Калі б хто даваў багацьці дома свайго за любоў, іх адхілілі б з пагардай.

8 Ёсьць у нас сястрыца, малая сястрыца, яшчэ яна грудак ня мае; што рабіць нам зь сястрыцаю нашай, калі прыйдуць сваты да яе?

9 А калі б яна была сьцяною, мы яе ўмацавалі б срэбнымі зубцамі, калі б яна была дзьвярыма - мы іх ашалявалі б кедровымі дошкамі. Я - сьцяна, і грудзі мае - як вежы;

10 таму ён ува мне знойдзе апору.

11 Вінаграднік быў у Саламона ў Ваал-Хамоне: варце даверыў ён вінаграднік; кожны плаціў за плады тысячу срэбрам.

12 А мой вінаграднік пры мне. Хай тысяча будзе табе, Саламоне, а дзьвесьце - яго вартавым.

13 О жыхарка садоў! Сябры чуюць твой голас! Дай і мне паслухаць яго.

14 Бяжы, мой каханы; будзь да сарны падобны, да маладога аленя ў бальзамных горах!

 

Кніга Прарока Ісаі

 

Разьдзел 1

 

1 Уява Ісаі, сына Амосавага, якую ён бачыў пра Юдэю і Ерусалім, у дні Азіі Ёатама, Ахаза, Эзэкіі - цароў Юдэйскіх.

2 Слухайце, нябёсы, і ўважай, зямля; бо гаворыць Гасподзь: Я выхаваў і ўзвысіў сыноў, а яны ўзбунтаваліся супраць Мяне.

3 Вол ведае гаспадара свайго, і асёл ясьлі гаспадара свайго; а Ізраіль ня знае Мяне, народ Мой не разумее.

4 О, народзе грэшны, народзе пад цяжкімі беззаконьнямі, ліхадзейскае племя, сыны пагібельныя! Пакінулі Госпада, заняхаілі Сьвятога Ізраілевага, - павярнуліся назад.

5 Па чым вас біць яшчэ, калі далей жывяце ва ўпартасьці? Уся галава ў струпах, і ўсё сэрца струхлела.

6 Ад ступкоў да цемені няма на ім месца здаровага; струпы, плямы, гнойныя раны, неабмытыя і неперавязаныя, і алеем неразьмякчаныя.

7 Зямля ваша спустошана; гарады вашыя агнём спалены; палі вашыя на вашых вачах паядаюць чужынцы; усё запусьцела, быццам пасьля руйнаваньня чужынскага.

8 І засталася дачка Сіёна, як намёт у вінаградніку, як будан у гародзе, як абложаны горад.

9 Калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам невялікае рэшты, дык мы былі б тое самае, што Садома, прыпадобніліся б да Гаморы.

10 Слухайце слова Гасподняе, князі Садомскія: уважай закону Бога нашага, народзе Гаморскі!

11 Навошта Мне мноства ахвяраў вашых? кажа Гасподзь. Я перанасыціўся цэласпаленьнямі бараноў і тлушчам укормленага быдла; і крыві цялят, і ягнят, і казлоў не хачу.

12 Калі вы прыходзіце, каб зьявіцца перад аблічча Маё, хто патрабуе ад вас, каб вы тапталі падворкі Мае?

13 Не насеце болей дарункаў марнотных; дым кадзільны агідны Мне; навамесяцаў і суботаў, сходаў сьвяточных трываць не магу: беззаконьне - і сьвяткаваньне!

14 Навамесяцы вашыя і сьвяты вашыя ненавідзіць душа Мая; яны цяжкія Мне; Мне цяжка іх несьці.

15 І калі вы працягваеце рукі вашыя, Я заплюшчваю ад вас Мае вочы; і калі памнажаеце вы малітвы свае, Я ня чую: вашыя рукі ў крыві.

16 Абмыйцеся, ачысьціцеся; адвядзеце ліхія ўчынкі вашыя ад вачэй Маіх; перастаньце рабіць зло;

17 навучэцеся рабіць дабро; шукайце праўды; ратуйце прыгнечанага; абараняйце сірату; заступайцеся за ўдаву.

18 Тады прыйдзеце, і рассудзім, кажа Гасподзь. Калі будуць грахі вашыя, як барвовае, - як сьнег адбялю; калі будуць чырвоныя, як пурпура, - як воўну адбялю.

19 Калі захочаце і паслухаецеся, дык есьцімеце даброты зямлі.

20 Калі ж адмовіцеся і будзеце ўпарціцца, дык меч зжарэ вас: бо вусны Гасподнія маўляюць.

21 Як зрабілася блудадзейкаю верная сталіца, поўная правасудзьдзя! Праўда жыла ў ёй, а цяпер забойцы.

22 Срэбра тваё зрабілася шлакам, віно тваё сапсавана вадою.

23 Князі твае - законаадступнікі і пасобнікі злодзеяў; усе яны любяць дарункі і ўгоньваюцца за грашыма; не бароняць сіраты, і гора ўдавы ня абыходзіць ім.

24 Таму кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф, Моцны Ізраілеў: о, Я ўсьцешу Сябе над супраціўцамі Маімі і адпомшчу ворагам Маім!

25 І павярну на цябе руку Маю, і, як лугам, адчышчу зь цябе дамесак, і аддзялю ад цябе ўсё сьвінцовае

26 і пастаўляцьму судзьдзяў табе, як раней, і радцаў, як напачатку; тады будуць казаць пра цябе: «горад праўды, сталіца веры».

27 Сіён уратуецца правасудзьдзем, і навернутыя сыны яго - справядлівасьцю.

28 А ўсім адступнікам і грэшнікам - пагібель, і тыя, што пакінулі Госпада, вынішчацца.

29 Яны будуць пасаромленыя за дубровы, якіх вы так прагнулі, і брыдка ім будзе за сады, якія вам так панадныя.

30 Бо вы будзеце, як дуб, зь якога лісьце апала, і як сад, у якім няма вады.

31 І моцны будзе ашмоцьцем, і дзея ягоная - іскраю; і будуць паліцца разам, - і ніхто не патушыць.

 

Разьдзел 2

 

1 Слова, якое было ва ўяве Ісаю, сыну Амосаваму, пра Юдэю і Ерусалім.

2 І будзе ў апошнія дні гара дома Гасподняга, будзе пастаўлена на чале гор, і ўзвысіцца над пагоркамі, і пацякуць да яе ўсе народы.

3 І пойдуць многія народы, і скажуць: прыйдзеце, і ўзыйдзем на гару Гасподнюю, у дом Бога Якаўлевага, і навучыць Ён нас Сваім шляхам; і хадзіцьмем па сьцежках Ягоных. Бо ад Сіёна выйдзе закон, і слова Гасподняе - зь Ерусаліма.

4 І будзе Ён судзіць народы, і выкрые многія плямёны; і перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае - на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць.

5 О, доме Якава! Прыйдзеце, і будзем хадзіць у сьвятле Гасподнім.

6 Але Ты адкінуў народ Твой, доме Якава, бо яны шмат перанялі ад усходу: і чарадзеі ў іх, як у Філістымлянаў, і з сынамі чужымі яны ў згодзе.

7 І напоўнілася зямля яго срэбрам і золатам, і ліку няма скарбам ягоным; і напоўнілася зямля яго конямі, і ліку няма калясьніцам ягоным;

8 і напоўнілася зямля ягоная ідаламі; яны пакланяюцца творам рук сваіх, таму, што зрабілі пальцы іхнія.

9 І пакланіўся чалавек, і прынізіўся мужчына; і Ты не даруеш ім.

10 Ідзі ў скалу, і схавайся ў зямлю ад страху Госпада і ад славы велічы Ягонай.

11 Панікнуць гордыя вочы чалавека, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.

12 Бо ідзе дзень Госпада Саваофа на ўсё ганарыстае і пыхлівае і на ўсё ўзьнесенае, - і яно будзе прыніжана,

13 і на ўсе кедры Ліванскія, высокія і выносныя, і на ўсе дубы Васанскія,

14 і на ўсе высокія горы, і на ўсе пагоркі, якія ўзвышаюцца,

15 і на ўсякую вежу высокую, і на ўсякі моцны мур,

16 і на ўсе караблі Тарсіскія, і на ўсе панадныя акрасы іхнія.

17 І ўпадзе чалавечая веліч, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.

18 І ідалы зьнікнуць зусім.

19 І ўвойдуць людзі ў расколіны скал і ў прорвы зямлі ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.

20 У той дзень чалавек кіне кратам і кажанам сваіх срэбраных і залатых сваіх ідалаў, якіх зрабіў сабе на пакланеньне ім,

21 каб увайсьці ў цясьніны скал і ў расколіны гор ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.

22 Перастаньце вы спадзявацца на чалавека, чыё дыханьне ў ноздрах у яго: бо што ён значыць?

 

Разьдзел 3

 

1 Вось, Гасподзь, Гасподзь Саваоф, адбярэ ў Ерусаліма і ў Юды посах і кій, усякае сілкаваньне хлебам і ўсякае сілкаваньне вадою,

2 адважнага правадыра і ваяра, судзьдзю і прарока, і празорцу і старца,

3 пяцідзясяцкага, і заможніка, і радцу, і мудрага мастака, і майстра ў слове.

4 І дам ім хлапцоў у начальнікі, і дзеці будуць валадарыць над імі.

5 І ў народзе адзін будзе прыгнятацца другім, і кожны блізкім сваім; малады будзе нахабна заносіцца над старым, і прасталюднік над заможнікам.

6 Тады ўхопіцца чалавек за брата свайго, у сямэі бацькі свайго, і скажа: «у цябе ёсьць адзеньне, будзь нашым правадыром, і хай будуць гэтыя руіны пад рукою тваёю».

7 А ён з прысягаю скажа: «не магу загоіць ранаў грамадства; і ў маім доме няма ні хлеба, ні вопраткі; не рабеце мяне правадыром народу».

8 Так рухнуў Ерусалім, і ўпаў Юда, бо язык іх і дзеі іхнія - супроць Госпада, абразьлівыя вачам славы Ягонай.

9 Выраз іх твараў сьведчыць супроць іх, і пра грэх свой яны расказваюць адкрыта, як Садомляне, не хаваюць: гора душы іхняй! бо самі на сябе наклікаюць ліха.

10 Скажэце праведніку, што добра яму: бо ён будзе есьці плады ўчынкаў сваіх;

11 а беззаконьніку гора: бо будзе яму адплата за дзеі рук ягоных.

12 Прыгнятальнікі народу Майго - дзеці, і жанчыны валадараць над ім. Народзе Мой! правадыры твае ўводзяць цябе ў аблуду, і дарогу сьцежак тваіх папсавалі.

13 Паўстаў Гасподзь на суд - і стаіць, каб судзіць народы.

14 Гасподзь уступае ў суд са старэйшынамі народу Свайго і з князямі яго: вы спустошылі вінаграднік; нарабаванае ў беднага - у вашых дамах.

15 Навошта ўціскаеце люд Мой і прыгнятаеце бедных? кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф.

16 І сказаў Гасподзь: за тое, што пышаюцца дочкі Сіёна, і ганарыста ходзяць, падняўшы шыю, і спакушаюць вачыма, і выступаюць гардзейскай хадою, і брынчаць ланцужкі на іхніх нагах,

17 сьпляшывіць Гасподзь цемя дочкам Сіёна, і адкрые Гасподзь сарамату іхнюю.

18 У той дзень адбярэ Гасподзь аздобы: прыгожыя ланцужкі на нагах і спражкі, і зорачкі, і дыядэмы,

19 завушніцы, і пацеркі, і наплечнікі, і вяслы і бранзалеткі, і паясы, і пляшачкі з пахошчамі, і падвескі чароўныя,

20 пярсьцёнкі і колцы ў нос,

21 вопратку і сподняе, і хусткі, і кашалькі,

22 сьветлыя шаты і вэлюмы, і павязкі, і покрывы.

23 І будзе замест пахошчаў смурод, і замест пояса будзе вяроўка, і замест кудзерак плешына, і замест багатае шаты вярэта цесная, замест хараства кляймо ганьбы.

24 Мужчыны твае загінуць ад меча, і адважнікі твае - на вайне.

25 І будуць енчыць і плакаць брамы сталіцы, і будзе яна сядзець на зямлі спусташэньня.

(26)

 

Разьдзел 4

 

1 І схопяцца сем жанчын за аднаго мужчыну ў той дзень, і скажуць: «свой хлеб будзем есьці, і сваю адзежу будзем насіць, толькі хай называцьмемся імем тваім, - здымі ганьбу з нас».

2 У той дзень галіна Госпада явіцца ў красе і пашане, і плод зямлі - у велічы і славе, ацалелым сынам Ізраіля.

3 Тады тыя, што засталіся на Сіёне і ацалелі ў Ерусаліме, назавуцца сьвятымі, усе запісаныя ў кнігу на жыцьцё ў Ерусаліме,

4 калі Гасподзь абмые бруд дачок Сіёна і ачысьціць кроў Ерусаліма з асяродзьдзя яго духам суду і духам агню.

5 І створыць Гасподзь над усякай мясьцінай гары Сіёна і над сходамі яе воблака і дым у час дня і зьзяньне полымнага агню ў час ночы; бо над усім пашанным будзе покрыва.

6 І будзе намёт для засені ўдзень ад сьпёкі і для сховішча і абароны ад непагадзі і дажджу.

 

Разьдзел 5

 

1 Засьпяваю Майму Любаснаму песьню Любаснага Майго пра вінаграднік Ягоны. У Любаснага Майго быў вінаграднік на вяршыні плоднай гары.

2 І Ён абкапаў яго, і ачысьціў яго ад каменьня, і пасадзіў у ім адборныя вінаградныя лозы, і паставіў вежу пасярод яго, і выкапаў у ім чавільню, і чакаў, што ён уродзіць добрыя гронкі, а ён урадзіў дзікія ягады.

3 І цяпер жыхары Ерусаліма і мужчыны Юдэйскія, рассудзеце Мяне зь вінаграднікам Маім.

4 Што яшчэ трэба было б зрабіць вінаградніку Майму, чаго Я не зрабіў яму? Чаму, калі Я спадзяваўся, што ён уродзіць добрыя гронкі, ён урадзіў дзікія ягады?

5 Дык вось Я скажу вам, што зраблю зь вінаграднікам Маім: здыму зь яго агароджу, і будзе ён спусташацца; разбуру сьцены яго, і будуць яго таптаць.

6 І пакіну яго ў запусьценьні; ня будуць ні абразаць, ні капаць яго; і зарасьце ён цернем і ваўчкамі, і загадаю хмарам не паліваць яго дажджом.

7 Вінаграднік Госпада Саваофа ёсьць дом Ізраілеў, і мужчыны Юды - любыя саджанцы Яго. І чакаў Ён правасудзьдзя, але вось - праліцьцё крыві; чакаў праўды, і вось - лямант.

8 Гора вам, хто дадае дом да дома, далучае поле да поля, так што іншым не застаецца месца, нібыта вы адны паселены на зямлі.

9 У вушы мае сказаў Гасподзь Саваоф: шматлікія дамы гэтыя будуць пустыя, вялікія і прыгожыя - зьбязьлюдзеюць;

10 дзесяць дзялянак у вінаградніку дадуць адзін бат, і хомэр пасеянага зерня ўродзіць заледзьве эфу.

11 Гора таму, хто з раньняй раніцы шукае сікеру і да позьняга вечара разагравае сябе віном;

12 і цытра і лютня, тымпан і жалейка, і віно на банкетах іхніх; а на дзеі Госпада не зважаюць яны, і пра чыны рук Ягоных ня думаюць.

13 За тое народ мой пойдзе ў палон непрадбачана, і заможнікі яго загаладаюць, і багацеі ягоныя спрагнуцца смагаю.

14 За тое пашырылася апраметная, і над меру разьзявіла пашчу сваю; і сыдзе туды слава іхняя, і багацьце іхняе, і шум іхні, і ўсё, што разьвесяляе іх.

15 І схіліцца чалавек, і ўпакорыцца мужчына, і вочы гардзеяў панікнуць;

16 А Гасподзь Саваоф узьнясецца высока ў судзе, і Бог Сьвяты выявіць сьвятасьць Сваю ў праўдзе.

17 І будуць пасьвіцца авечкі па сваёй волі, і чужыя будуць карміцца пакінутымі тлустымі пашамі багацеяў.

18 Гора тым, якія цягнуць на сябе беззаконьне вяроўкамі марнасьці і грэх - як бы ляйчынамі калясьнічнымі;

19 якія кажуць: «Няхай Ён пасьпяшаецца і паскорыць дзею Сваю, каб мы бачылі, і хай наблізіцца і выканаецца парада Сьвятога Ізраілевага, каб мы даведаліся!»

20 Гора тым, якія зло называюць дабром, і дабро - злом, цемру лічаць сьвятлом, і сьвятло - цемраю, горкае лічаць салодкім, і салодкае - горкім!

21 Гора тым, якія мудрыя ў вачах сваіх і разумныя перад самімі сабою!

22 Гора тым, якія багатыры піць віно і моцныя гатаваць моцны напой,

23 якія за хабар апраўдваюць вінаватага і праведных пазбаўляюць законнага!

24 Як агонь пажырае салому, і полымя зьнішчае сена, так спарахнее корань іхні і цьвет іх разьвеецца пылам; бо заняхаілі яны закон Госпада Саваофа і заняхаілі слова Сьвятога Ізраілевага.

25 За тое загарыцца гнеў Госпада на народ Ягоны, і працягне Ён руку Сваю на яго і ўразіць яго, аж здрыгануцца горы, і трупы іх будуць, як памёт на вуліцах. І пры ўсім гэтым гнеў Яго не адступіцца, і рука Яго яшчэ будзе працягнутая.

26 І падыме сьцяг народам далёкім і дасьць знак таму, хто жыве на краі зямлі, - і вось, ён лёгка і скора прыйдзе;

27 і ня будзе ў яго ні стомленага, ні зьнямоглага; ніводзін не задрэмле і не засьне, і ня здымецца пояс са сьцёгнаў ягоных, і не парвецца рэмень на абутку ягоным;

28 стрэлы ў яго навостраныя, і ўсе лукі ў яго напятыя; капыты коней ягоных падобныя да крэменю, і колы яго, як віхура;

29 рык ягоны, як рык ільвіцы; ён рыкае як ільвяня, і зарыкае і схопіць здабычу, і панясе, і ніхто не адбярэ.

30 І зарыкае на яго ў той дзень быццам рыкам разьятранага мора; і гляне ён на зямлю, і вось - цемра, гора, і сьвятло патухла ў аблоках.

 

Разьдзел 6

 

1 У год сьмерці цара Азіі бачыў я Госпада, Які сядзеў на троне высокім і ўзьнесеным, і краі шатаў Ягоных напаўнялі ўвесь храм.

2 Вакол Яго стаялі серафімы; у кожнага зь іх па шэсьць крылаў: двума засланяў кожны аблічча сваё, і двума засланяў ногі свае, і двума лётаў.

3 І клікалі адзін аднаму і казалі: Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Гасподзь Саваоф! уся зямля поўная славы Ягонай!

4 І затрэсьліся бэлькі ў браме ад голасу тых, што клікалі, і дом напоўніўся дымам ахвярным.

5 І сказаў я: гора мне! загінуў я! бо я чалавек зь нячыстымі вуснамі, і жыву сярод люду таксама зь нячыстымі вуснамі, - і вочы мае бачылі Цара, Госпада Саваофа.

6 Тады прыляцеў да мяне адзін серафім, і ў руцэ ў яго распалены вугаль, які ён узяў абцугамі з ахвярніка,

7 і дакрануўся да вуснаў маіх і сказаў: вось, гэта кранулася вуснаў тваіх, і беззаконьне тваё адведзена ад цябе, і грэх твой ачышчаны.

8 І пачуў я голас Госпада, Які сказаў: каго Мне паслаць? і хто туды пойдзе за вас? І сказаў я: вось я, пашлі мяне.

9 А Ён сказаў: ідзі і скажы гэтаму народу: слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзецьмеце, і ня ўбачыце.

10 Агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і цяжка чуюць вушыма, і зьмежылі вочы свае, хай ня ўгледзяць вачыма, і не пачуюць вушыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх.

11 І сказаў я: ці надоўга, Госпадзе? Ён сказаў: пакуль не апусьцеюць гарады, і не застануцца без жыхароў, і дамы бязь людзей, і пакуль зямля гэтая зусім не запусьцеецца.

12 І выдаліць Гасподзь людзей, і вялікае запусьценьне будзе на гэтай зямлі.

13 І калі яшчэ застанецца дзясятая частка на ёй, і вернецца, яна зноў будзе спустошана; але, як ад ліпы і як ад дуба, калі яны сьсечаны, застаецца корань іх, так сьвятое насеньне будзе коранем яе.

 

Разьдзел 7

 

1 І было ў дні Ахаза, сына Ёатамавага, сына Азіі, цара Юдэйскага, Рэцын, цар Сірыйскі, і Факей, сын Рэмаліінаў, цар Ізраільскі, пайшлі супроць Ерусаліма, каб заваяваць яго, - але не маглі заваяваць.

2 І было абвешчана дому Давідаваму, і сказана: Сірыяне разьмясьціліся ў зямлі Яфрэмавай; і пахіснулася сэрца ягонае і сэрца народа ягонага, як хістаюцца ад ветру дрэвы ў лесе.

3 І сказаў Гасподзь Ісаю: выйдзі ты і сын твой, Шэарасуў насустрач Ахазу, да канца канала верхняй сажалкі, на дарогу да поля бялільнага,

4 і скажы яму: сачы і будзь спакойны; ня бойся, і хай не занепадае сэрца тваё і не палохаецца гэтых двух недагарэлых дымных галавешак, ад распаленага гневу Рэцына і Сірыянаў, і сына Рэмаліінавага.

5 Сірыя, Яфрэм і сын Рэмаліінаў намышляюць супроць цябе ліхое, кажучы:

6 пойдзем на Юдэю, і ўзбурым яе, і авалодаем ёю, і паставім у ёй царом сына Тавэілавага.

7 Але Гасподзь Бог так кажа: гэта ня станецца і ня збудзецца;

8 бо галава Сірыі - Дамаск, і галава Дамаска - Рэцын; а праз шасьцьдзясят пяць гадоў Яфрэм перастане быць народам;

9 і галава Яфрэма - Самарыя, і галава Самарыі - сын Рэмаліінаў. Калі вы ня верыце, дык таму, што вы не засьведчаныя.

10 І Гасподзь гаварыў далей да Ахаза, і сказаў:

11 прасі сабе азнакі ў Госпада Бога твайго: прасі альбо ў глыбіні, альбо на вышыні.

12 І сказаў Ахаз: ня буду прасіць і ня буду спакушаць Госпада.

13 Тады сказаў Ісая: слухайце ж, доме Давідаў! няўжо мала вам абцяжваць людзей, што вы хочаце абцяжваць і Бога майго?

14 Дык вось Сам Гасподзь дасьць вам азнаку: вось, Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына, і дадуць імя Яму: Эмануіл.

15 Ён будзе карміцца малаком і мёдам, пакуль ня будзе ўмець адкідаць благое і выбіраць добрае.

16 Бо, перш чым гэтае дзіця ўмецьме адкідаць благое і выбіраць добрае, зямля тая, якое ты баішся, будзе пакінута абодвума царамі яе.

17 Але навядзе Гасподзь на цябе і на народ твой і на дом бацькі твайго дні, якія ня прыходзілі з часу адпаду Яфрэма ад Юды, навядзе цара Асірыйскага.

18 І станецца ў той дзень: Гасподзь дасьць знак мусе, якая пры ўтоку ракі Егіпецкай, і пчале, якая ў зямлі Асірыйскай,

19 і прыляцяць і пасядуць яны ўсе па далінах апусьцелых і па расколінах скал, і па ўсім калючым кустоўі і па ўсіх дрэвах.

20 У той дзень паголіць Гасподзь брытваю, узятаю па той бок ракі царом Асірыйскім, галаву і валасы на нагах, і нават здыме бараду.

21 І станецца ў той дзень: хто будзе трымаць карову і дзьве авечкі,

22 з багацьця малака, якое яны дадуць, спажываць будзе масла; масла і мёд будуць есьці ўсе, што засталіся ў гэтай зямлі.

23 І станецца ў той дзень: на ўсякім месцы, дзе расла тысяча вінаградных лозаў на тысячу срэбранікаў, будзе церне і калючы хмыз.

24 Са стрэламі і лукамі хадзіцьмуць туды, бо ўся зямля будзе цернем і калючым хмызам.

25 І ні на адну гару, якую капалі рыдлёўкамі, ня пойдзеш, баючыся церняў і калючых хмызаў: туды будуць выганяць валоў, і дробнае быдла таптацьме іх.

 

Разьдзел 8

 

1 І сказаў мне Гасподзь: вазьмі сабе вялікі сувой і накрэсьлі на ім чалавечымі пісьмёнамі: магер-шэлал-хаш-баз*.

2 І я ўзяў сабе верных сьведкаў: Урыю сьвятара і Захарыю, сына Варахіінавага,

3 і наблізіўся я да прарочыцы, і яна зачала і нарадзіла сына. І сказаў мне Гасподзь: назаві яго імем: магер-шэлал-хаш-баз;

4 бо перш, чым дзіця навучыцца вымаўляць: «бацька мой», «маці мая», багацьці Дамаска і здабычы Самарыйскія панясуць перад царом Асірыйскім.

5 І гаварыў далей Гасподзь да мяне і сказаў яшчэ:

6 за тое, што гэты народ пагарджае водамі Сілаама, што плывуць ціха, і захапляецца Рэцынам і сынам Рэмалііным,

7 навядзе на яго Гасподзь воды бурлівыя і вялікія - цара Асірыйскага з усёю славаю ягонай; і падымецца яна ва ўсіх пратоках сваіх і выйдзе з усіх берагоў сваіх;

8 і пойдзе па Юдэі, і затопіць яе, і высока падымецца - дастане да шыі; і размах крылаў яе будзе на ўсю шырыню зямлі Тваёй, Эмануіле!

9 Варагуйце, народы, але дрыжэце, і слухайце, усе далёкія землі! Узбройвайцеся, але дрыжэце; узбройвайцеся, але дрыжэце!

10 Намышляйце намыслы, але яны задарэмняцца; кажэце слова, але яно ня спраўдзіцца: бо з намі Бог!

11 Бо так казаў мне Гасподзь, трымаючы на мне моцную руку і асьцерагаючы мяне не хадзіць дарогаю гэтага народа, і сказаў:

12 «не называйце змоваю ўсяго таго, што народ гэты называе змоваю; і ня бойцеся таго, чаго ён баіцца, і ня дрыжэце.

13 Госпада Саваофа - Яго шануйце сьвята, і Ён - страх ваш, і Ён - дрыжаньне вашае!

14 І будзе Ён сьвятыняю і каменем спатыканьня, і скалою спакусы абодвум дамам Ізраіля, пасткай і сеткай жыхарам Ерусаліма.

15 І многія зь іх спатыкнуцца і ўпадуць і разаб'юцца, і заблытаюцца ў сетцы і будуць злоўленыя.

16 Завяжы сьведчаньне, і запячатай навуку пры вучнях маіх».

17 Дык вось я спадзяюся на Госпада, Які схаваў аблічча Сваё ад дома Якаўлевага, і спадзяюся на Яго.

18 Вось я і дзеці, якіх даў мне Гасподзь, мы як азнакі і папярэджаньні ў Ізраілі ад Госпада Саваофа, Які жыве на гары Сіён.

19 І калі скажуць вам: зьвярнецеся да заклінальнікаў духаў памерлых і да чарадзеяў, да шаптуноў і нутрамоўцаў, - тады адказвайце: ці не павінен народ зьвяртацца да свайго Бога? ці пытаюцца ў мёртвых пра жывых?

20 Зьвяртайцеся да закона і сьведчаньня. Калі яны не гавораць, як гэтае слова, дык няма ў ім сьвятла.

21 І будуць яны бадзяцца па зямлі, жорстка ўцісканыя і галодныя; і ў часы голаду будуць злавацца, клясьці цара свайго і Бога.

22 І паглядзяць угору, і паглядзяць на зямлю; і вось - гора і змрок, густая цемра, і будуць укінуты ў цемру. Але не заўсёды будзе змрок там, дзе цяпер ён згусьціўся.

 

 

* Прысьпешвае рабунак, паскарае здабыча

Разьдзел 9

 

1 Ранейшы час зьняцэніў зямлю Завулонавую і зямлю Нэфталімавую; а далейшы праславіць дарогу прыморскую, зямлю заярданскую, Галілею язычніцкую.

2 Народ, які хадзіў у цемры, убачыць сьвятло вялікае; на жыхароў краіны ценю сьмяротнага сьвятло зазьзяе.

3 Ты памножыш народ, павялічыш радасьць ягоную. Ён будзе весяліцца перад Табою, як весяляцца ў час жніва, як радуюцца пры падзеле здабычы.

4 Бо ярмо, якое ўціскала яго, і жазло, якое біла яго, і кій прыгнятальніка - Ты паламаеш, як у дзень Мадыяма.

5 Бо ўсякі абутак воіна ў часе бітвы, і вопратка, залітая крывёю, будуць аддадзены на спаленьне, на ежу агню.

6 Бо дзіця нарадзілася нам; Сын дадзены нам; уладарства на плячах у Яго, і дадуць імя Яму: Дзівосны, Дарадца, Бог Моцны, Бацька Вечнасьці, Князь Міру.

7 Памнажэньню ўладарства Яго і міру няма краю на пасадзе Давідавым і ў царстве ў Яго, каб Яму сьцьвердзіць яго і ўмацаваць яго правасудзьдзем і праўдаю ад сёньня і давеку. Рупнасьць Госпада Саваофа зробіць гэта.

8 Слова пасылае Гасподзь на Якава, і яно сыходзіць на Ізраіля,

9 каб ведаў увесь народ, Яфрэм і жыхары Самарыі, якія з пыхаю і пагардлівым сэрцам кажуць:

10 «цэглы пападалі, пабудуем з часанага каменю; сікаморы высечаны, заменім іх кедрамі».

11 І падыме Гасподзь супроць яго ворагаў Рэцына, і супастатаў ягоных узброіць:

12 Сірыянаў з усходу, а Філістымлянаў з захаду; і будуць яны жэрці Ізраіля на поўную пашчу. Пры гэтым не адкасьнецца гнеў Яго, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.

13 Але народ не навяртаецца да Таго, Хто б'е яго, і да Госпада Саваофа не прыбягае.

14 І адсячэ Гасподзь у Ізраіля галаву і хвост, пальму і трысьціну, у адзін дзень:

15 старац і знакаміты, - гэта галава; а прарок-ілжэнастаўнік ёсьць хвост.

16 І правадыры гэтага народа ўвядуць яго ў аблуду, і тыя, каго яны ўвядуць, загінуць.

17 Таму за юнакоў яго не парадуецца Гасподзь, і сіротаў яго і ўдоваў не пашкадуе; бо ўсе яны - крывадушнікі і ліхадзеі, і вусны ўсіх гавораць зласьліва. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Ягоны, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.

18 Бо беззаконьне, як агонь, разгарэлася; пажырае церне і калючы хмыз і палае ў нетрах лесу, - і шугаюць слупы дыму.

19 Лютасьць Госпада Саваофа апаліць зямлю, і народ зробіцца спажывай агню; не ўмілажаліцца чалавек з брата свайго.

20 І будуць рэзаць з правага боку, і застануцца галодныя; і будуць есьці зь левага, і ня будуць сытыя; кожны будзе пажыраць плоць мышцы сваёй:

21 Манасія - Яфрэма і Яфрэм - Манасію, абодва разам - Юду. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Яго, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.

 

Разьдзел 10

 

1 Гора тым, якія ставяць несправядлівыя законы і пішуць жорсткія пастановы,

2 каб адхіліць бедных ад правасудзьдзя і пазбавіць правоў маламоцных з народу Майго, каб удоваў зрабіць здабычаю сваёю і абрабаваць сіротаў.

3 І што вы будзеце рабіць у дзень пакараньня, калі прыйдзе пагібель здалёку? Да каго ўцечаце па дапамогу? і дзе пакінеце багацьце вашае?

4 Безь Мяне сагнуцца сярод вязьняў і ўпадуць сярод забітых. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Ягоны, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.

5 О, Асур, жазло гневу Майго! і біч у руцэ ў яго - Маё абурэньне!

6 Я пашлю яго супроць народу бязбожнага і супроць народу гневу Майго, загадаю яму - абабраць рабункам і ўзяць здабычу, і таптаць яго, як бруд на вуліцах.

7 Але ён ня так падумае, і ня так намысьліць сэрца ягонае: у яго будзе на сэрцы - спустошыць і вынішчыць нямала народаў.

8 Бо ён скажа: «ці ня ўсе цары князі мае?»

9 Халнэ ці ж ня тое самае, што Кархэміс? Эмат ці ж ня тое самае, што Арпад? Самарыя ці ж ня тое самае, што Дамаск?

10 Бо рука мая авалодала царствамі ідальскімі, у якіх куміраў больш, чым у Ерусаліме і Самарыі,

11 ці ж не зраблю таго самага зь Ерусалімам і рэзьбамі яго, што зрабіў з Самарыяй ды ідаламі яе?

12 І станецца: калі Гасподзь завершыць усю Сваю дзею на гары Сіёне і ў Ерусаліме, скажа: пагляджу на посьпех пыхлівага сэрца цара Асірыйскага і на славалюбства высока паднятых вачэй ягоных.

13 Ён кажа: сілаю рукі маёй і маёю мудрасьцю я зрабіў гэта, бо я разумны: і перастаўляю межы народаў, і разбураю скарбы іхнія, і скідаю з тронаў, як волат;

14 і рука мая захапіла багацьце народаў, як гнёзды; і як забіраюць пакінутыя ў іх яйкі, так забраў я ўсю зямлю, і ніхто не варухнуў крылом і не разьзявіў рота і ня пікнуў.

15 Ці пахваляецца сякера перад тым, хто сячэ ёю? Ці ганарыцца піла перад тым, хто яе рухае? Хіба жазло паўстае на таго, хто падымае яго; хіба кій падымаецца на таго, хто ня дрэва!

16 За тое Гасподзь, Гасподзь Саваоф, пашле сухоты на тлустых яго і сярод знакамітых яго запаліць полымя, як полымя агню.

17 Сьвятло Ізраіля будзе агнём, і Сьвяты яго - полымем, якое спаліць і зжарэ церне яго і бадзякі яго за адзін дзень;

18 і славуты лес яго і сад яго, ад душы да цела, вынішчыць; і ён будзе, як чэзлы прысьмертнік.

19 І рэшта дрэў лесу будзе такая малая лікам, што дзіця зможа зрабіць вопіс.

20 І будзе ў той дзень: рэшта Ізраіля і хто ўратуецца з дома Якава, ня будуць больш спадзявацца на таго, хто пабіў іх, а пакладуць надзею на Госпада, Сьвятога Ізраілевага, са шчырым сэрцам.

21 Рэшта навернецца, рэшта Якава - да Бога моцнага.

22 Бо, хоць бы народу ў цябе, Ізраіле, было столькі, колькі пяску марскога, толькі рэшта яго вернецца; вынішчэньне вызначана, каб зьдзейсьнілася справядлівасьць;

23 бо вызначанае вынішчэньне ўчыніць Гасподзь, Гасподзь Саваоф, на ўсёй зямлі.

24 Таму так кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф: народзе мой, што жывеш на Сіёне! ня бойся Асура. Ён цябе вытне жазлом, і падыме свой кій на цябе, як Егіпет.

25 Яшчэ нямнога, зусім нядоўга, і пройдзе Маё абурэньне, і лютасьць Мая абернецца на вынішчэньне іх.

26 І падыме Гасподзь Саваоф біч на яго, як пад час паражэньня Мадыяма каля скалы Арыва, альбо як падняў на мора жазло і падыме яго, як на Егіпет.

27 І станецца ў той дзень: здымецца з плячэй тваіх цяжар ягоны, і ярмо ягонае - з шыі тваёй; і распадзецца ярмо ад тлушчу.

28 Ён ідзе на Аят; праходзіць Мігрон; у Міхмасе складвае запасы свае.

29 Праходзяць цясьніны; у Геве начлег іхні; Рама трасецца; Саўлава Гіва разьбеглася.

30 Галасі голасам тваім, дачка Галімава; хай пачуе цябе Лаіс, гаротны Анатот!

31 Мадмена разьбеглася, жыхары Гевіма пасьпешна ўцякаюць.

32 Яшчэ дзень прастаіць ён у Нове; пагражае рукою сваёю гары Сіёну, пагорку Ерусалімскаму.

33 Вось, Гасподзь, Гасподзь Саваоф, страшнаю сілаю сарве вецьце дрэў, і выбуялыя сьсечаны будуць, выносныя пахілены да зямлі.

34 І пасячэ нетры лесу жалезам, - і Ліван упадзе ад Усемагутнага.

 

Разьдзел 11

 

1 І пойдзе пасынак ад кораня Есэевага, і галіна вырасьце ад кораня ягонага;

2 і спачне на Ім Дух Гасподні, дух мудрасьці і розуму, дух рады і моцы, дух пазнаньня і пабожнасьці;

3 і ўпадабаньне Ягонае тым, у кім страх Божы, і будзе судзіць не з пагляду вачэй Сваіх і не са слыху вушэй Сваіх вырашаць справы.

4 Ён будзе судзіць бедных па праўдзе, і дзеі пакутнікаў зямлі рашаць паводле ісьціны; і жазлом вуснаў Сваіх заб'е бязбожніка.

5 І будзе апаясаньнем сьцёгнаў Яго - праўда, і апаясаньнем паясьніцы Яго - ісьціна.

6 Тады воўк будзе жыць разам зь ягнём, і барс будзе ляжаць разам з казьлянём; і цяля, і малады леў, і вол будуць разам, і малое дзіця будзе вадзіць іх.

7 І карова будзе пасьвіцца зь мядзьведзіхаю, і дзеці іх будуць ляжаць разам; і леў, як вол, будзе есьці салому.

8 І немаўля будзе бавіцца над нарою асьпіда, і дзіця працягне руку сваю на гняздо зьмяі.

9 І ня будуць рабіць ліха і шкоды на ўсёй сьвятой гары Маёй, бо зямля будзе напоўнена спазнаньнем Госпада, як воды напаўняюць мора.

10 І станецца ў той дзень: да кораня Есэевага, які стане нібы сьцяг народам, зьвернуцца язычнікі, - і спакоем яго будзе слава.

11 І станецца ў той дзень: Гасподзь зноў узьнясе руку Сваю, каб вярнуць Сабе рэшту народу Свайго, які застанецца ў Асура, і ў Егіпце, і ў Патросе, і ў Хусе, і ў Эламе, і ў Сэнаары, і ў Эмаце, і на выспах у моры.

12 І падыме сьцяг язычнікам і зьбярэ выгнанцаў Ізраіля, і расьсеяных Юдэяў скліча ад чатырох краёў зямлі.

13 І спыніцца зайздрасьць Яфрэмавая, і супраціўцы Юды будуць вынішчаны. Яфрэм ня будзе зайздросьціць Юду, і Юда ня будзе ўціскаць Яфрэма.

14 І паляцяць поруч зь Філістымлянамі на захад, абрабуюць усіх дзяцей Усходу; на Эдома і Маава накладуць руку сваю, і дзеці Амонавыя будуць падданцамі іхнімі.

15 І высушыць Гасподзь затоку мора Егіпецкага, і ўзьнясе руку Сваю на раку ў моцным ветры Сваім, і падзеліць яе на сем ручаін, так што ў сандалях можна будзе пераходзіць яе.

16 Тады рэшце народу Яго, які застанецца ў Асура, будзе вялікая дарога, як гэта было Ізраілю, калі ён выходзіў зь зямлі Егіпецкай.

 

Разьдзел 12

 

1 І скажаш у той дзень: слаўлю Цябе, Госпадзе; Ты гневаўся на мяне, але адвёў гнеў Твой і суцешыў мяне.

2 Вось, Бог - ратунак мой: спадзяюся на Яго, і не баюся; бо Гасподзь - сіла мая, і песьня мая - Гасподзь; і Ён быў мне збавеньнем.

3 І ў радасьці будзеце чэрпаць ваду з крыніц збавеньня,

4 і скажаце ў той дзень: слаўце Госпада, заклікайце імя Яго; абвяшчайце ў народах дзеі Яго; нагадвайце, што вялікае імя Яго;

5 сьпявайце Госпаду, бо Ён учыніў вялікае, - хай ведаюць гэта на ўсёй зямлі.

6 Весяліся і радуйся, жыхарка Сіёна, бо вялікі сярод цябе Сьвяты Ізраілеў.

 

Разьдзел 13

 

1 Прароцтва пра Вавілон, якое выказаў Ісая, сын Амосаў.

2 Падымеце сьцяг на голай гары, узвысьце голас; махнеце ім рукою, каб ішлі ў браму ўладароў.

3 Я даў наказ выбранцам Маім, і заклікаў на выкананьне гневу Майго моцных Маіх, якія трыумфуюць у велічы Маёй.

4 Вялікі гоман на горах, як бы шматлікага народу, мяцежны гул царстваў і народаў, што сабраліся разам: Гасподзь Саваоф азірае баявое войска.

5 Ідуць з далёкай краіны, ад краю неба, Гасподзь і носьбіты гневу Ягонага, каб зьнішчыць усю зямлю.

6 Галасеце, бо дзень Госпада блізкі, - ідзе, як разбуральная сіла ад Усемагутнага.

7 Таму рукі ва ўсіх апусьціліся, і сэрца ў кожнага чалавека растала.

8 Жахнуліся, курчы і боль ахапілі іх; пакутуюць, як парадзіха, зьдзіўлена глядзяць адзін на аднаго, твары ў іх разгарэліся.

9 Вось, прыходзіць дзень Госпада грозны, з гневам і палкаю лютасьцю, каб зрабіць зямлю пустыняю і вынішчыць зь яе грэшнікаў яе.

10 Зоркі нябесныя і сьвяцілы не даюць свайго сьвятла; сонца цьміцца пры ўзыходзе сваім, і месяц ня зьзяе сьвятлом сваім.

11 Я пакараю сьвет за ліха, і бязбожных - за беззаконьні іхнія, і пакладу канец высокаразумнасьці ганарыстых і зьнішчу пыхлівасьць прыгнятальнікаў;

12 зраблю так, што людзі будуць даражэйшыя за чыстае золата, і мужчыны - даражэйшыя за золата Афірскае.

13 Дзеля гэтага скалану неба, - і зямля зрушыцца зь месца свайго ад лютасьці Госпада Саваофа, у дзень палымянага гневу Яго.

14 Тады кожны, як гнаная сарна і як пакінутыя авечкі, вернецца да народу свайго, і кожны пабяжыць у сваю зямлю,

15 Але кожны злоўлены будзе заколаты, і каго схопяць, той памрэ ад меча.

16 І дзеці іх будуцуь разьбітыя на вачах у іх; дамы іхнія будуць зрабаваныя і жанкі іх зьняслаўленыя.

17 Вось, я падыму супроць іх Мідзянаў, якія ня цэняць срэбра і ня прагнуць золата.

18 Лукі іхнія пратнуць юнакоў і не пашкадуюць плоду ўлоньня: вока іхняе не ўмілажаліцца зь дзяцей.

19 І Вавілон, акраса царстваў, гонар Халдэяў, будзе зруйнаваны Богам, як Садома і Гамора,

20 не заселіцца ніколі, і з роду ў род ня будзе жыхароў у ім; не раскіне Аравіцянін намёту свайго, і пастухі са статкамі ня будуць адпачываць там.

21 А будуць вадзіцца ў ім зьвяры пустыні, і дамы напоўняцца совамі; і страўсы паселяцца, і касмачы будуць скакаць там.

22 Шакалы будуць выць у харомах іхніх, і гіены - у вясёлых дамах.

 

Разьдзел 14

 

1 І блізкі час яго, і не запаволяцца дні ягоныя. Бо памілуе Гасподзь Якава, і зноў палюбіць Ізраіля; і паселіць іх на зямлі іхняй, і далучацца да іх іншаземцы, і прылепяцца да дома Якава.

2 І возьмуць іх народы, і прывядуць на іхняе месца, і дом Ізраіля прыме іх на зямлі Гасподняй рабамі і возьме ў палон тых, што паланілі яго, і запануе над прыгнятальнікамі сваімі.

3 І станецца ў той дзень: калі Гасподзь дасьць табе адпачынак ад скрухі тваёй і ад страху і ад цяжкай няволі, якой ты аддадзены быў,

4 і ты запяеш пераможную песьню на цара Вавілонскага, і скажаш: як ня стала катавальніка - спынілася рабаўніцтва!

5 Зламаў Гасподзь кій бязбожных, жазло ўладыкаў,

6 што пабівала народы ў лютасьці ўдарамі няўхільнымі, у гневе ўладарыў над плямёнамі зь бязьлітаснымі ганеньнямі.

7 Уся зямля адпачывае, пакоіцца, усклікае ад радасьці.

8 І кіпарысы радуюцца за цябе, і кедры ліванскія, кажучы: з таго часу, як ты заснуў, ніхто ня прыходзіць сячы нас.

9 Пекла апраметнае ўзрушылася дзеля цябе, каб цябе сустрэць, калі прыйдзеш; разбудзіў дзеля цябе Рэфаімаў, усіх правадыроў зямлі; падняў усіх цароў язычніцкіх з тронаў іхніх.

10 Усе яны будуць казаць табе: і ты зьнясілеў, як мы! і ты стаў падобны да нас!

11 У апраметную скінута ганарыстасьць твая з усім шумам тваім; пад табой падсьцілаецца чарвяк, і чэрві - покрыва тваё.

12 Як упаў ты зь неба, дзяньніца, сыне зары! разьбіўся аб зямлю той, хто таптаў народы.

13 А казаў у сэрцы сваім: узыду на неба, вышэй за зоркі Божыя, узьнясу трон мой і сяду на гары ў гурце багоў, на краі поўначы;

14 узыду на вышыні хмарныя, буду падобны на Ўсявышняга.

15 Але ты скінуты ў пекла, у глыбіні апраметнай.

16 Тыя, хто цябе бачыць, углядаюцца ў цябе, разважаюць пра цябе: ці той гэта чалавек, які хістаў зямлю, патрасаў царствы,

17 сусьвет зрабіў пустыняю і разбурыў гарады яго, палонных сваіх не адпускаў дадому?

18 Усе цары народаў, усе ляжаць ганарова, кожны ў сваёй усыпальніцы;

19 а ты пакінуты за магільніцай сваёй, як пагарджаная галіна, як вопратка забітых, працятых мечам, якіх апускаюць у каменны дол, ты, як здрасаваны труп,

20 не зьяднаешся зь імі ў магіле; бо ты зьнішчыў зямлю тваю, забіў народ твой; навекі ня ўспомніцца племя ліхадзеяў.

21 Рыхтуйце разьню сынам ягоным за беззаконьне бацькі іхняга, каб не паўсталі і не завалодалі зямлёю і не напоўнілі сусьвету супастатамі.

22 І паўстану на іх, кажа Гасподзь Саваоф, і вынішчу імя Вавілона і ўсю рэшту - і сына і ўнука, кажа Гасподзь.

23 І зраблю яго аселінай вожыкаў і балотам, і вымяту яго памялом зьнішчальным, кажа Гасподзь Саваоф.

24 Прысягаючы, кажа Гасподзь Саваоф: як Я намысьліў, так і станецца; як Я вызначыў, так і спраўдзіцца,

25 каб сьцерці Асура зь зямлі Маёй і растаптаць яго на горах Маіх; і ападзе зь іх ярмо яго, і здымецца цяжар яго з плячэй іхніх.

26 Такая пастанова, прынятая для ўсёй зямлі, і вось рука, узьнесеная над усімі народамі;

27 бо Гасподзь Саваоф пастанавіў, і хто можа адмяніць гэта? рука Яго ўзьнесена, - і хто адвядзе яе?

28 У год сьмерці цара Ахаза было такое прарочае слова:

29 ня радуйся зямля Філістымская, што зламана жазло, якое біла цябе; бо з кораня зьмяінага выпаўзе асьпід, і плодам яго будзе лятучы дракон.

30 Тады бедныя будуць накормлены, і ўбогія будуць пакоіцца ў бясьпецы; а той корань вымару голадам, і ён даб'е рэшту тваю.

31 Галасі, брама! вый голасам, горадзе! Распадзешся ты, уся зямля Філістымская; бо з поўначы дым ідзе, і няма адсталага ў полчышчах іхніх.

32 Што ж скажуць весьнікі народныя? - Тое, што Гасподзь заснаваў Сіён, і ў ім знойдуць бедныя з народу Яго.

 

Разьдзел 15

 

1 Прароцтва пра Маава. - Так! уначы будзе зруйнаваны Ар-Мааў і зьнішчаны; так! уначы будзе зруйнаваны Кір-Мааў і зьнішчаны!

2 Ён узыходзіць да Баіта і Дывона, узыходзіць на вышыні, каб плакаць; Мааў галосіць над Нэво і Мэдэваю; ва ўсіх іх астрыжаныя галовы, ва ўсіх паголеныя бароды.

3 На вуліцах яго падпярэзваюцца вярэтаю; на дахах яго і на плошчах яго ўсё галосіць, тоне ў сьлёзах.

4 І лямантуе Эсэвон і Элеала: голас іх чуецца да самай Яацы; за імі і воіны Маава галосяць; душа яго абурана ў ім.

5 Галосіць сэрца маё па Мааве; уцякаюць зь яго да Сігора, да трэцяй Эглы; ідуць на ўсход Лухіцкі з плачам; па дарозе Харанаім з плачам; па дарозе Харанаімскай страшэнна лямантуючы;

6 бо воды Німрыма счэзьлі, лугі засохлі, трава выгарэла, - прапала зялёнае.

7 Таму яны рэшткі сабранага і ашчаджанага імі пераносяць за раку Аравійскую.

8 Бо лямант па ўсіх межах Маава, да Эглайма плач ягоны;

9 бо воды Дымона напоўніліся крывёю, і Я навяду на Дымон яшчэ новае, - ільвоў на ўцекачоў з Маава і на тых, што засталіся ў краіне.

 

Разьдзел 16

 

1 Пасылайце ягнят уласьніку зямлі з Сэлы ў пустыні на гару дачкі Сіёна;

2 бо да ўспалошанай птушкі выкінутай з гнязда, будуць падобныя дочкі Маава каля брадоў Арнонскіх.

3 «Складзі раду, пастанаві рашэньне; ахіні нас аполудні, як уначы, ценем тваім, акрый выгнаных, ня выдай падарожных.

4 Хай пажывуць у цябе мае выгнанцы Маавіцяне; будзь ім аслонаю ад грабежніка: бо прыгнятальніка ня стане, рабунак спыніцца, таптальнікі зьнікнуць зь зямлі.

5 І ўцьвердзіцца трон міласьцю, і сядзе на ім у ісьціне, у намёце Давідавым, судзьдзя, які шукае праўды і дбае пра правасудзьдзе».

6 «Мы чулі пра гонар Маава, гонар празьмерны, пра пыху яго і фанабэрства і сваволю яго: няшчырае слова ў яго».

7 Таму загалосіць Мааў па Мааве, - усе галасіцьмуць; енчыце па цьвярдынях Кірхарэшэта: яны зруйнаваныя цалкам.

8 Палі Эсэвонскія звыраднелі гэтак сама і вінаграднік Сэвамскі; уладары народаў вынішчылі найлепшыя лозы яго, што дасягалі Язэра, ішлі па пустыні; парасткі іх разьбягаліся, пераходзілі за мора.

9 Таму і я буду плакаць па лазе Сэвамскай плачам Язэра, аблівацьму цябе сьлязьмі маімі, Эсэвоне і Элеале; бо ў час збору вінаграду твайго і ў час жніва твайго няма болей шумнай радасьці.

10 Зьнікла з урадлівай зямлі весялосьць і радасьць, у вінаградніках не сьпяваюць, не весяляцца; вінаградар ня топча вінаграду ў чавільнях: я радавацца перастаў.

11 Таму нутроба мая стогне па Мааве, як арфа, і сэрца маё - па Кірхарэшэце.

12 Хоць і явіцца Мааў і таміцьмецца на вышынях, і прыйдзе да сьвятыні сваёй памаліцца, але не дапаможа нічога.

13 Вось слова, якое сказаў Гасподзь пра Мааў даўно.

14 А сёньня так кажа Гасподзь: праз тры гады, лічачы гадамі найміцкімі, веліч Маава будзе зьняважана з усім вялікім шматлюдствам, і рэшта будзе вельмі малая і нязначная.

 

Разьдзел 17

 

1 Прароцтва пра Дамаск. - Вось, Дамаск перастане быць горадам, і будзе грудай руінаў.

2 Гарады Араэрскія будуць пакінуты, - застануцца пад статкі, якія адпачывацьмуць там, і ня будзе каму іх палохаць.

3 Ня стане цьвярдыні Яфрэмавай і царства Дамаскага з астатняю Сірыяй; зь імі будзе тое самае, што са славаю сыноў Ізраіля, кажа Гасподзь Саваоф.

4 І станецца ў той дзень: паменшыцца слава Якава, і тлустае цела ягонае схуднее.

5 Тое самае будзе, што і пасьля збору збожжа жняцом, калі рука ягоная сажне каласы, і калі зьбяруць каласы ў даліне Рэфаімскай.

6 І застануцца ў яго, як бывае пры абіваньні масьлін, дзьве-тры ягадзіны на самай вяршаліне, альбо чатыры, пяць на ўрадлівых галінах, кажа Гасподзь Бог Ізраілеў.

7 У той дзень аберне чалавек позірк свой да Творцы свайго, і вочы яго глядзецьмуць на Сьвятога Ізраілевага;

8 і ня зірне на ахвярнікі, на дзею рук сваіх, і не паглядзіць на тое, што зрабілі пальцы ягоныя, на куміраў Астарты і Ваала.

9 У той дзень умацаваныя гарады ягоныя будуць, як мясьціны ў лясах і на вяршынях гор, пакінутыя перад сынамі Ізраіля, - і ўсё запусьцеецца.

10 Бо ты забыў Бога ратунку твайго, і не ўспамінаў пра скалу прытулку твайго; таму і насадзіў сады на забавы і пасадзіў чаранкі ад чужой лазы.

11 У дзень, калі ты садзіў, ты калаціўся, каб яно расло, і каб пасеянае табою рана расьцьвіло; але ў дзень збору не багатае жніво будзе, а пакута вялікая.

12 Ды жаль! шум народаў многіх! бушуюць яны, як бушуе мора. Род плямёнаў! яны равуць, як равуць моцныя воды.

13 Равуць народы, як равуць моцныя воды; але Ён пагразіў ім, і яны далёка пабеглі, і былі гнаныя, як тло па гарах ад ветру і як пыл ад віхуры.

14 Вечар - і вось жудасьць! І да раніцы ўжо няма яе. Такая доля рабаўнікоў нашых, лёс спусташальнікаў нашых.

 

Разьдзел 18

 

1 Гора зямлі шумнакрылай па той бок рэк Эфіопскіх,

2 якая пасылае паслоў па моры, і ў папірусных суднах па водах! Ідзеце, борздыя паслы, да народу рослага і бліскучаскурага, да народу грознага нават здалёку і дагэтуль, да народу ўладарнага, які ўсё топча, зямлю якога расьсякаюць рэкі.

3 Усе вы, што засяляеце сьвет і жывяце на зямлі! Глядзеце, калі сьцяг падымецца на горах, і, калі загрыміць труба, слухайце!

4 Бо так Гасподзь сказаў мне: Я спакойна гляджу з жытла Майго, як сьветлая цяплыня пасьля дажджу, як воблака расы ў часе жніўнае сьпёкі.

5 Бо да збору вінаграду, калі ён адцьвіце, і гронка пачне дасьпяваць, Ён адатне нажом вецьце і адкіне, і абсячэ парасткі.

6 І пакінуць усё драпежным горным птушкам і зьвярам польным; і птушкі будуць летаваць там, а ўсе зьвяры польныя зімавацьмуць там.

7 У той час будзе прынесены дарунак Госпаду Саваофу ад народу рослага і бліскучаскурага, ад народу грознага нават здалёку і дагэтуль, ад народу ўладарнага, які топча ўсё, зямлю якога расьсякаюць рэкі, - да месца імя Госпада Саваофа, на гару Сіён.

 

Разьдзел 19

 

1 Прароцтва пра Егіпет. - Вось, Гасподзь сядзіць на воблаку лёгкім і прыбывае ў Егіпет. І затрымцяць ад аблічча Яго ідалы Егіпецкія, і сэрца Егіпта растане ў ім.

2 Я ўзбуру Егіпцянаў і будуць ваяваць брат супроць брата і сябар супроць сябра, горад з горадам, царства з царствам.

3 І дух Егіпта зьняможацца ў ім, і заблытаю раду яго, - і пойдуць яны да ідалаў і да чарадзеяў, і да закліначоў мёртвых і да варажбітоў.

4 І аддам Егіпцянаў у рукі валадара жорсткага, і люты цар запануе над імі, кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф.

5 І скончыцца вада ў моры і рака зьвядзецца і высахне;

6 і звузяцца рэкі, і каналы Егіпецкія сплытчэюць і высахнуць; павянуць чарот і трысьнёг.

7 Лугі над ракою, па берагах ракі, і ўсё, пасеянае каля ракі, засохне, разьвеецца і счэзьне.

8 І заплачуць рыбакі, і загалосяць усе, хто закідвае вуды ў раку, і хто ставіць мярэжы ў вадзе, западуць у роспач;

9 і будуць зьбянтэжаны тыя, што апрацоўваюць лён, і ткачы белых палотнаў;

10 і будуць панішчаны мярэжы, і ўсе, хто трымае садкі пад жывую рыбу, занепадуць духам.

11 Так! страцілі розум князі Цаанскія; рада мудрых дарадцаў фараонавых страціла глузд. Як скажаце вы фараону: «я сын мудрацоў, сын цароў старажытных?»

12 Дзе яны? дзе твае мудрацы? хай яны скажуць табе; хай даведаюцца, што Гасподзь Саваоф вызначыў пра Егіпет?

13 Звар'яцелі князі Цаанскія; ашукаліся князі Мэмфіскія, і збочыў Егіпет з дарогі галавы плямёнаў ягоных.

14 Гасподзь уліў у яго дух чмуру, - і яны ўвялі Егіпет у аблуду ва ўсіх чынах ягоных, падобна на тое, як ходзіць п'яны па ванітах сваіх.

15 І ня будзе ў Егіпце такое дзеі, якую ўчыніць умелі б галава і хвост, пальма і трысьціна.

16 У той дзень Егіпцяне будуць падобныя да жанчын і затрымцяць і забаяцца руху рукі Госпада Саваофа, якую Ён падыме на іх.

17 Зямля Юдава зробіцца жудасьцю Егіпту; хто ўзгадае пра яе, той затрымціць ад вызначэньня Госпада Саваофа, якое Ён пастанавіў пра яго.

18 У той дзень пяць гарадоў у зямлі Егіпецкай загавораць моваю Ханаанскай і будуць бажыцца Госпадам Саваофам; адзін назавецца горадам сонца.

19 У той дзень ахвярнік Госпаду будзе пасярод зямлі Егіпецкай, і помнік Госпаду - каля межаў яе.

20 І будзе ён азнакаю і сьведчаньнем пра Госпада Саваофа ў зямлі Егіпецкай, бо яны заклічуць да Госпада ад прыгнятальнікаў, і Ён пашле ім выратавальніка і заступніка, і выбавіць іх.

21 Гасподзь явіць Сябе ў Егіпце; і Егіпцяне ў той дзень спазнаюць Госпада і прынясуць ахвяры і дарункі, і дадуць абяцаньні Госпаду, і выканаюць.

22 І паб'е Гасподзь Егіпет, - паб'е і ацаліць: яны зьвернуцца да Госпада - і Ён пачуе іх і ацаліць іх.

23 У той дзень зь Егіпта ў Асірыю будзе вялікая дарога, і будзе прыходзіць Асур у Егіпет, і Егіпцяне - у Асірыю; і Егіпцяне разам з Асірыйцамі служыцьмуць Госпаду.

24 У той дзень Ізраіль будзе трэці зь Егіптам і Асірыяй; дабраславеньне будзе на зямлі,

25 якую дабраславіць Гасподзь Саваоф, кажучы: дабраславёны народ Мой, Егіпцяне, і дзея рук Маіх - Асірыяне, і спадчына Мая - Ізраіль.

 

Разьдзел 20

 

1 І ў год, калі Тартан прыйшоў у Азот, пасланы ад Саргона, цара Асірыйскага, і ваяваў супроць Азота і ўзяў яго, -

2 у той самы час Гасподзь сказаў Ісаю, сыну Амосаваму, так: ідзі і здымі вярэту са сьцёгнаў тваіх, і скінь сандалі твае з ног тваіх. Ён так і зрабіў: хадзіў разьдзеты і босы.

3 І сказаў Гасподзь: як раб Мой Ісая ходзіць разьдзеты і босы тры гады, на знак і прадказаньне пра Егіпет і Эфіопію, -

4 так павядзе цар Асірыйскі палонных зь Егіпта і перасяленцаў з Эфіопіі, маладых і старых, разьдзетых і босых і з аголенымі сьцёгнамі, на сорам Егіпту.

5 Тады жахнуцца і пасаромеюцца за Эфіопію, надзею сваю, і за Егіпет, якім хваліліся.

6 І скажуць у той дзень жыхары гэтай краіны: вось якія яны, на каго мы спадзяваліся і да якіх прыходзілі па дапамогу, каб уратавацца ад цара Асірыйскага! і як уратаваліся б мы?

 

Разьдзел 21

 

1 Прароцтва пра пустыню прыморскую. - Як буры на поўдні носяцца, ідзе ён з пустыні, зь зямлі страшнай.

2 Грозныя відзежы яўлены мне: рабаўнік рабуе, спусташальнік спусташае; выходзь, Эламе, аблажы, Мідзе! усім стогнам я канец пакладу.

3 Ад гэтага сьцёгны мае трасуцца; боль сьцяў мяне, як боль парадзіху. Я ўсхваляваны тым, што чую; я зьбянтэжаны тым, што бачу.

4 Сэрца маё трымціць; дрыготка калоціць мяне; радасная ноч мая абярнулася жудасьцю мне.

5 Рыхтуюць стол, расьсьцілаюць абрусы, - ядуць, п'юць. «Уставайце, князі, мажце шчыты!»

6 Бо так сказаў мне Гасподзь: ідзі, пастаў вартаўніка; хай ён скажа, што ўбачыць.

7 І ўбачыў ён верхаўцоў на конях, якія ішлі парамі, верхаўцоў на аслах, верхаўцоў на вярблюдах; і ўслухоўваўся ён пільна, зь вялікай увагаю, -

8 і закрычаў, як леў: гаспадару мой! я на варце стаяў увесь дзень, і на месцы маім заставаўся цэлыя ночы:

9 і вось, едуць людзі, верхаўцы конныя парамі. Потым усклікнуў ён і сказаў: загінуў, загінуў Вавілон, і ўсе ідалы божышчаў Ягоных ляжаць на зямлі разьбітыя.

10 О, памалочаны мой і сыне току майго! Што чуў я ад Госпада Саваофа, Бога Ізраілевага, тое і вам абвясьціў.

11 Прароцтва пра Думу. - Крычаць мне з Сэіра: варта! якая пара ночы? варта! якая пара ночы?

12 Адказвае вартаўнік: набліжаецца раніца, але яшчэ ноч. Калі вы дапытваецеся, дык павярнецеся і прыходзьце.

13 Прароцтва пра Аравію. - У лесе Аравійскім пачуйце, караваны Дэданскія!

14 Жыхары зямлі Тэмайскай! нясеце вады насустрач сасьмяглым; з хлебам сустракайце ўцекачоў;

15 бо яны ад мечаў уцякаюць, ад меча аголенага і ад лука няпятага і ад лютай вайны.

16 Бо так сказаў мне Гасподзь: яшчэ год, роўны год найміцкаму, - і ўся слава Кідарава зьнікне,

17 і лукаў і адважных сыноў Кідара няшмат: так сказаў Гасподзь Бог Ізраілеў.

 

Разьдзел 22

 

1 Прароцтва пра даліну відзежаў. - Што з табою, што ты ўвесь выйшаў на дахі?

2 Горад шумны, расхваляваны, горад поўны вясёлага галасу! Пабітыя твае ня мечам забітыя і ня ў бітве памерлі;

3 усе правадыры твае ўцякалі разам, але былі зьвязаныя лучнікамі; усе воіны твае зьвязаны разам, як ні далёка ўцякалі.

4 Таму кажу: пакіньце мяне, я паплачу горка; ня сільцеся суцешыць мяне, калі зруйнавана дачка народу майго.

5 Бо дзень смуты і патаптаньня і закалоту ў даліне відзежаў ад Госпада Бога Саваофа. Рушаць сьцяну, і крык узыходзіць на горы.

6 І Элам нясе калчан; людзі на калясьніцах і верхаўцы, і Кір падымае шчыт.

7 І вось, найлепшыя даліны твае напоўніліся калясьніцамі, і верхаўцы вырадаваліся насупраць брамы,

8 і здымаюць заслону зь Юдэі; і ты паглядзеў таго дня на запасы зброі ў доме кедровым.

9 Але вы бачыце шмат праломінаў у сьцяне горада Давідавага, і зьбіраеце воды ў ніжняй сажалцы;

10 і пазначаеце дамы ў Ерусаліме, і разбураеце дамы, каб умацаваць сьцяну;

11 і ладзіце паміж дзьвюма сьценамі сховішча на воды старое сажалкі. А на Таго, Хто гэта робіць, не пазіраеце, і не глядзіце на Таго, Хто здаўна вызначыў гэта.

12 І Гасподзь, Гасподзь Саваоф, заклікае вас у гэты дзень плакаць і бедаваць, і пастрыгчы валасы і вярэтаю аперазацца.

13 Але вось, весялосьць і радасьць! Колюць валоў, і рэжуць авечак; ядуць мяса, і п'юць віно: «будзем есьці і піць, бо заўтра памрэм!»

14 І адкрыў мне ў вушы Гасподзь Саваоф: ня будзе даравана вам гэта бязбожнасьць, пакуль не памраце, сказаў Гасподзь, Гасподзь Саваоф.

15 Так сказаў Гасподзь, Гасподзь Саваоф: ідзі, ідзі да гэтага царадворца, да Сэўны, начальніка палаца, і скажы яму:

16 што ў цябе тут, і хто тут у цябе, што ты тут высякаеш сабе магілу? - Ён высякае сабе магілу на пагорку, вырубае ў скале сабе жытлішча.

17 Вось, Гасподзь перакіне цябе, як кідае дужы чалавек, і сьцісьне цябе ў камяк;

18 згорне цябе ў сувой і кіне цябе, як меч, у зямлю прасторную; там ты памрэш, і там раскошныя калясьніцы твае будуць агудаю дому гаспадара твайго.

19 і саштурхну цябе зь месца твайго, і скіну цябе з прыступкі тваёй.

20 І будзе таго дня, паклічу раба Майго Эльякіма, сына Хэлкіінавага,

21 і апрану яго ў адзеньне тваё і поясам тваім аперажу яго, і ўладу тваю перадам у рукі ягоныя; і будзе ён бацькам жыхарам Ерусаліма і дому Юдаваму.

22 І кліч дома Давідавага пакладу на плечы ягоныя; адчыніць ён, і ніхто не замкне; замкне ён, і ніхто не адчыніць.

23 І ўваб'ю яго, нібы цьвік, у цьвёрдае месца; і будзе ён як пасад славы дому бацькі свайго.

24 І будзе вісець на ім уся слава дома бацькі ягонага, дзяцей і ўнукаў, усяго хатняга начыньня да апошніх музычных прыладаў.

25 У той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, расхітаецца цьвік, убіты ў цьвёрдае месца, і будзе выбіты, і ўпадзе, і зьнішчыцца ўвесь цяжар, што на ім: бо Гасподзь кажа.

 

Разьдзел 23

 

1 Прароцтва пра Тыр. - Галасеце, караблі Тарсіса, бо ён разбураны: няма дамоў, і няма каму заходзіць у дамы. Так ім абвешчана зь зямлі Кітыйскай.

2 Замоўкніце, насельнікі вострава, які напаўнялі купцы Сідонскія, што плаваюць морам.

3 Па вялікіх водах прывозілі ў яго насеньне Сіхора, ужынак вялікай ракі, і быў ён торжышчам народаў.

4 Пасаромейся, Сідоне; бо вось што кажа мора, крэпасьць марская: як ня мучылася родамі і не раджала, і ня выхоўвала юнакоў, не гадавала дзяўчат.

5 Калі вестка дойдзе да Егіпцянаў, здрыгануцца яны, пачуўшы пра Тыр.

6 Перасяляйцеся ў Тарсіс, галасеце, насельнікі вострава!

7 Ці гэта ваш узьвяселены горад, якога пачатак ёсьць ад дзён старадаўніх? Ногі ягоныя нясуць яго бадзяцца ў краіне далёкай.

8 Хто вызначыў гэта Тыру, які раздаваў вянкі, купцы якога былі князі, гандляры - знакамітасьці зямлі?

9 Гасподзь Саваоф вызначыў гэта, каб пасароміць пыхлівасьць усялякай славы, каб прынізіць усе знакамітасьці зямлі.

10 Хадзі па зямлі тваёй, дачка Тарсісава, як рака: няма болей завады.

11 Ён прасьцёр руку сваю на мора, скалануў царствы; Гасподзь даў наказ пра Ханаан - разбурыць крэпасьці ягоныя.

12 І сказаў: ты ня будзеш больш радавацца, пасаромленая дзяўчына, дачка Сідона! Уставай, ідзі ў Кітым, але і там ня будзе табе спакою.

13 Вось зямля Халдэяў. Гэтага народу раней ня было; Асур даў яму пачатак з насельнікаў пустыняў. Яны ставяць вежы свае, разбураюць харомы яго, ператвараюць яго ў руіны.

14 Галасеце, караблі Тарсіскія! бо цьвярдыня ваша спустошана.

15 І будзе таго дня, забудуць Тыр на семдзесят гадоў, на меру дзён аднаго цараваньня. А празь семдзесят гадоў з Тырам станецца тое, як у песьні пра блудадзейку:

16 «вазьмі цытру, хадзі па горадзе, забытая блудадзейка! Іграй складна, сьпявай многа песьняў, каб пра цябе ўспаміналі».

17 І будзе празь семдзесят гадоў, Гасподзь наверне Тыр; і ён зноў пачне браць прыбытак свой, і будзе блудадзейнічаць з усімі царствамі зямнымі па ўсім сьвеце.

18 Але гандаль яго і прыбытак ягоны прысьвячаюцца Госпаду; ня будуць замкнутыя і пакладзеныя ў каморы, бо да тых, што жывуць перад абліччам Госпада, будзе пераходзіць прыбытак ад гандлю ягонага, каб яны елі да сытасьці і мелі вопратку моцную.

 

Разьдзел 24

 

1 Вось, Гасподзь спусташае зямлю і робіць яе няплоднай; мяняе паверхню яе і расьсейвае тых, што жывуць на ёй.

2 І што будзе народу, тое і сьвятарам; што слузе, тое і гаспадару ягонаму; што служанцы, тое і гаспадыні яе; што пакупцу, тое і прадаўцу, што пазыкоўцу, тое і пазычальніку, што ліхвяру, тое і ліхвадаўцу.

3 Зямля спустошана ўшчэнт і зусім зрабаваная, бо Гасподзь вымавіў слова гэтае.

4 Бядуе заняпалая зямля; паніклы, заняпалы сусьвет; паніклі ўсе землі, што ўзвышаліся над народам.

5 І зямля апаганена пад тымі, што жывуць на ёй, бо яны пераступілі законы, зьмянілі статут, парушылі вечны запавет.

6 Затое праклён паядае зямлю, і нясуць кару тыя, што жывуць на ёй; затое спалены насельнікі зямлі, і няшмат засталося людзей.

7 Плача сок гронкі; баліць вінаграднай лазе; уздыхаюць усе, хто весяліўся сэрцам.

8 Спынілася весялосьць з тымпанамі; змоўк шум вясёлых; сьціхлі гукі арфы;

9 ужо ня п'юць віна зь песьнямі; згарчэла сікера піткам яе.

10 Разбураны апусьцелы горад, усе дамы замкнутыя, нельга ўвайсьці.

11 Плачуць па віне на вуліцах; запамрочылася ўсялякая радасьць; выгнана ўсялякая весялосьць зямлі.

12 У горадзе засталося запусьценьне, і брамы разваліліся.

13 А пасярод зямлі, паміж народамі, будзе тое самае, што бывае пры абіваньні масьлін, пры абіраньні вінаграду, калі закончаны збор.

14 Яны ўзвысяць свой голас, перамогуць у велічы Госпада, гучна клікацьмуць мора.

15 Дык вось, слаўце Госпада на ўсходзе, на выспах марскіх - імя Госпада Бога Ізраілевага.

16 Ад краю зямлі мы чуем песьню: «Слава Праведнаму!» І сказаў я: бяда мне, бяда мне! жаль мне! ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і ліхадзейнічаюць ліхадзеі ліхадзейна.

17 Жудасьць і яма і пятля табе, жыхар зямлі!

18 Тады той, хто пабег ад крыку жудасьці, упадзе ў яму; і хто выйдзе зь ямы, трапіць у пятлю; бо вокны зь нябеснай вышыні адчыняцца, і асновы зямлі здрыгануцца.

19 Зямля руйнуецца, зямля распадаецца, зямля моцна патрэсена;

20 хістаецца зямля, як п'яны, і гойдаецца, як калыска, і беззаконьне яе цяжарам на ёй; яна ўпадзе - і ўжо ня ўстане.

21 І станецца таго дня: наведае Гасподзь войска вышняе ў высях і цароў зямных на зямлі.

22 І будуць сабраныя разам, як вязьні, у яму і будуць увязьнены ў цямніцы, і праз многа дзён будуць пакараныя.

23 І счырванее месяц, і пасаромеецца сонца, калі Гасподзь Саваоф зацаруе на гары Сіёне і ў Ерусаліме, і перад старэйшынамі яго ўславіцца.

 

Разьдзел 25

 

1 Госпадзе! Ты Бог мой; услаўлю Цябе, усхвалю імя Тваё, бо Ты зьдзейсьніў дзівоснае; вызначэньні даўнія - у ісьціне, амін.

2 Ты ператварыў горад у груду каменьня, цьвёрдую крэпасьць у крушню; харомаў іншапляменцаў ня стала ўжо ў горадзе; вавек ня будзе ён адбудаваны.

3 Таму будуць славіць Цябе народы моцныя; гарады жорсткіх плямёнаў будуць баяцца Цябе;

4 бо ты быў прытулкам беднаму, прытулкам убогаму падчас ягонага ўціску, абаронаю ад буры, ценем ад сьпёкі; бо гнеўнае дыханьне тыранаў было падобнае на буру супроць сьцяны.

5 Як сьпёка ў мясьціне бязводнай, Ты ўтаймаваў буянасьць ворагаў; як сьпёка ценем воблака, сунята радасьць прыгнятальнікаў.

6 І зробіць Гасподзь Саваоф на гары гэтай усім народам гасьціну з сытнай ежы, гасьціну з чыстых вінаў, з тлушчу костнага і з самых чыстых вінаў;

7 і зьнішчыць на гары гэтай заслону, што закрывае ўсе народы, заслону, якая ляжыць на ўсіх плямёнах.

8 Зьнішчана будзе сьмерць навекі, і вытра Гасподзь Бог сьлёзы з усіх твараў, і здыме ганьбу з народу Свайго на ўсёй зямлі; бо так кажа Гасподзь.

9 І скажуць таго дня: вось Ён, Бог наш! на Яго мы спадзяваліся, і Ён выратаваў нас! Гэты ёсьць Гасподзь; на Яго спадзяваліся мы; парадуемся і ўзьвесялімся з выратаваньня Яго!

10 Бо рука Госпада спачывае на гары гэтай, і Мааў будзе патаптаны на месцы сваім, як топчацца салома ў гнаішчы.

11 І хоць ён узьнясе сярод яго рукі свае, як плывец узносіць іх, каб плысьці; але Бог прынізіць гардзею ягоную разам з падступнасьцю рук ягоных.

12 І цьвярдыню высокіх муроў тваіх разваліць, аберне, долу кінел, у пыл.

 

Разьдзел 26

 

1 Таго дня пасьпяваная будзе песьня гэтая ў зямлі Юдавай: горад моцны ў нас; ратунак даў ён замест мура і вала.

2 Адчынеце браму; хай увойдзе народ праведны, які захоўвае вернасьць.

3 Цьвёрдага духам Ты ахоўваеш у дасканалым міры, бо на цябе спадзяецца ён.

4 Кладзеце надзею на Госпада заўсёды, бо Гасподзь Бог ёсьць цьвярдыня вечная:

5 Ён скінуў тых, што жылі на вышыні, высока пастаўлены горад; разваліў яго, абярнуў на зямлю, шпурнуў яго ў пыл.

6 Нага топча яго, ногі беднага, ступакі ўбогіх.

7 Дарога ў праведніка простая; Ты раўняеш сьцежку праведніку.

8 І на дарозе судоў Тваіх, Госпадзе, мы мелі надзею на Цябе; да імя Твайго і да ўспаміну пра Цябе парывалася душа нашая.

9 Душою маёю я парываўся да Цябе ўначы, і духам маім я буду шукаць Цябе ў нутробе маёй з раньняга рана: бо калі суды Твае адбываюцца на зямлі, тады тыя, што жывуць у сьвеце, вучацца праўдзе.

10 Калі бязбожнік будзе памілаваны, дык не навучыцца ён праўды, - будзе зладзейнічаць у зямлі справядлівасьці і ня будзе зважаць на веліч Госпада.

11 Госпадзе! рука Твая была высока паднятая, але яны ня бачылі яе; убачаць і пасаромеюцца ненавісьнікі народу Твайго; агонь зжарэ ворагаў Тваіх.

12 Госпадзе! Ты даруеш нам мір; бо ўсе дзеі нашыя Ты ўладжваеш нам.

13 Госпадзе Божа наш! Іншыя ўладыкі акрамя Цябе панавалі над намі; але толькі Табою мы славім імя Тваё.

14 Мёртвыя не ажывуць; Рэфаімы ня ўстануць, бо Ты адведаў і зьнішчыў усякую памяць пра іх.

15 Ты памножыў народ, Госпадзе, памножыў народ, - праславіў Сябе, пашырыў усе межы зямлі.

16 Госпадзе! у нягодзе ён шукаў Цябе; ліў ціхія маленьні, калі кара Твая спаткала яго.

17 Як жанчына цяжарная на пачатку родаў пакутуе, лямантуе ад боляў сваіх, так мы былі перад Табою, Госпадзе.

18 Былі цяжарныя, пакутавалі, - і нараджалі як бы вецер; шчасьця зямлі ня ўчынілі, і астатнія жыхары сусьвету не загінулі.

19 Ажывуць мерцьвякі Твае, паўстануць мёртвыя целы! Паўстаньце і ўзрадуйцеся, кінутыя ў пыл: бо раса Твая - сьветлая раса, і зямля выкіне мерцьвякоў.

20 Ідзі, народзе мой, увайдзі ў пакоі твае і замкні за сабою дзьверы твае, схавайся на хвіліну, пакуль ня мінецца гнеў;

21 бо вось, Гасподзь выходзіць з жытлішча Свайго пакараць насельнікаў зямлі за іх беззаконьне, і зямля адкрые пралітую на ёй кроў, і ўжо не схавае забітых сваіх.

 

Разьдзел 27

 

1 Таго дня Гасподзь пакарае мечам Сваім цяжкім, і вялікім і моцным, левіяфана, зьмея, які проста бяжыць, і левіяфана, зьмея, які зьвіваецца, і заб'е пачвару марскую.

2 Таго дня засьпявайце пра яго - пра любасны вінаграднік:

3 Я, Госпадзе, даглядчык яго, кожнае хвіліны выпойваю яго; уначы і ўдзень вартую яго, каб хто не ўварваўся ў яго.

4 Няма гневу ўва Мне. Але каб даў Мне хто бадзякі і церне, Я вайной пайду на яго, выпалю яго зусім.

5 Хіба што прыйдзе пад абарону Маю, і заключыць мір са Мною? тады няхай заключыць мір са Мною.

6 У будучыя дні ўкарэніцца Якаў, дасьць атожылак і расьцьвіце Ізраіль; і напоўніцца пладамі сусьвет.

7 Ці так Ён біў яго, як біў тых, што білі Яго? Ці так забіў яго, як забітыя забойцы ягоныя?

8 Мераю Ты караў яго, калі адкідаў яго; выкінуў яго моцным подыхам Сваім як у дзень усходняга ветру.

9 І праз гэта загладзіцца беззаконьне Якава; і плодам гэтага будзе зьняцьце грэху зь яго, калі ўсе камяні ахвярнікаў аберне ён у кавалкі вапны, і ня будуць ужо стаяць дубровы і балваны сонца.

10 Бо ўмацаваны горад запусьцее, селішчы будуць пакінуты і заняхаены, як пустэльня. Там будзе пасьвіцца цяля, і там ня будзе спачываць і аб'ядаць гольле ягонае.

11 Калі гольле яго засохне, яго абламаюць; прыйдуць жанчыны і спаляць яго. Бо як што гэта народ неразумны, дык не ўмілажаліцца зь яго Творца Ягоны, і не памілуе яго Садзецель ягоны.

12 Але будзе таго дня: Гасподзь скалане ўсё ад вялікай ракі да патока Егіпецкага, і вы, сыны Ізраіля, будзеце сабраныя адзін да аднаго;

13 і будзе таго дня: затрубіць вялікая труба, і прыйдуць згубленыя ў Асірыйскай зямлі і выгнаныя ў зямлю Егіпецкую, і паклоняцца Госпаду на сьвятой гары ў Ерусаліме.

 

Разьдзел 28

 

1 Гора вянку ганарыстасьці п'яных Яфрэмлянаў, завялай кветцы прыгожага ўбранства ягонага, якая на версе ўрадлівай даліны пераможаных віном!

2 Вось моцны і дужы ў Госпада, як залева з градам і пагібельная віхура, як разьлітая паводка бурлівых водаў, зь сілаю кідае яго на зямлю.

3 Нагамі топчацца вянок ганарыстасьці п'яных Яфрэмлянаў.

4 І з завялаю кветкаю прыгожага ўбранства ягонага, якая на версе ўрадлівай даліны, робіцца тое самае, што бывае з заўчасна дасьпелаю смокваю, якую, як толькі хто ўбачыць, адразу бярэ ў руку і праглыне яе.

5 Таго дня Гасподзь Саваоф будзе цудоўным вянком і слаўнаю дыядэмаю рэшце люду Свайго,

6 і духам правасудзьдзя таму, хто сядзіць у судзілішчы, і мужнасьцю тым, што адбіваюць няпрыяцеля да брамы.

7 Але і гэтыя хістаюцца ад віна і блукаюць ад сікеры; сьвятар і прарок спатыкаюцца ад моцных напояў; пераможаныя віном, звар'яцелі ад сікеры, у бачаньні памыляюцца, у разважаньнях спатыкаюцца.

8 Бо ўсе сталы напоўнены агіднаю блявоцінаю, чыстага месца няма.

9 А кажуць: «каго хоча вучыць ён веданьню? і каго наводзіць на розум пропаведзьдзю? аднятых ад груднога малака, адлучаных ад саскоў?

10 Бо ўсё запаведзь да запаведзі, запаведзь да запаведзі, правіла да правіла, правіла да правіла, тут крыху і там крыху».

11 Затое лепятлівымі вуснамі і чужой моваю прамаўляцьмуць да гэтага люду.

12 Ім казалі: «вось - спакой, дайце спакою струджанаму, і вось - супакаеньне». Але слухаць яны не хацелі.

13 І зрабілася ў іх словам Госпада: запаведзь да запаведзі, запаведзь да запаведзі, правіла да правіла, правіла да правіла, тут крыху, там крыху, - так што яны пойдуць, і ўпадуць наўзнакі і разаб'юцца, і пападуцца ў сетку і будуць злоўленыя.

14 Дык вось, слухайце слова Гасподняе, агуднікі, упраўцы народу гэтага, Ерусалімскага.

15 Як што вы кажаце: «мы заключылі саюз са сьмерцю і з апраметнаю згоду ўчынілі: калі карны біч будзе праходзіць, ён не застане нас, - бо падман мы зрабілі прытулкам сабе, падманам прыкрыем сябе».

16 Пасьля гэтага так кажа Гасподзь Бог: вось, Я закладаю на Сіёне камень, - камень выпрабаваньняў, вуглавы, каштоўны, моцны спод: хто верыць у яго, не пасаромеецца.

17 І пастаўлю суд мераю і праўду вагамі; і градам вынішчыцца прытулак падману, і воды затопяць месца схаваньня.

18 І саюз ваш са сьмерцю парушыцца, і згода вашая з апраметнай ня выстаіць. Калі пойдзе карны біч, вы будзеце патаптаныя.

19 Як толькі ён пойдзе, - схопіць вас; а халадзіць будзе кожнае раніцы, дзень і ноч, і адна чутка пра яго будзе сеяць жуду.

20 Закароткі будзе ложак, каб выцягнуцца; завузкая і коўдра, каб загарнуцца ў яе.

21 Бо паўстане Гасподзь, як на гары Парацыме; разгневаецца, як у даліне Гаваонскай, каб зрабіць дзею Сваю, незвычайную дзею, і ўчыніць дзеяньне Сваё, дзівоснае Сваё дзеяньне.

22 Дык вось, ня блюзьнерце, каб путы вашыя не памацнелі; бо я чуў ад Госпада, Бога Саваофа, што зьнішчэньне вызначана ўсёй вашай зямлі.

23 Прыхілеце вуха, і паслухайце майго голасу; будзьце ўважлівыя, і паслухайце слова маё.

24 Ці ж заўсёды ратай арэ дзеля сяўбы, барозьніць і скародзіць зямлю сваю?

25 Не; калі выраўняе паверхню яе, ён сее чарнушку, альбо рассыпае кмен, альбо раскідае пшаніцу радамі, і ячмень у пэўным месцы, і жыта побач зь ім.

26 І такому парадку вучыць яго Бог ягоны; Ён настаўляе яго.

27 Бо не малоцяць чарнушку катком зубчатым, і колаў малацільных не качаюць па кмене; а кіем выбіваюць чарнушку, і кмен - кіем.

28 Збажыну вымалочваюць, але не разьбіваюць яе; і водзяць па ёй малацільныя колы з конямі іхнімі, але не расьціраюць яе.

29 І гэта робіцца ад Госпада Саваофа: дзівосны лёс у Яго, вялікая мудрасьць Ягоная!

 

Разьдзел 29

 

1 Гора Арыілу, Арыілу, гораду, у якім жыў Давід! прыкладзеце год да года; няхай колюць ахвяры.

2 Але навяду ўціск на Арыіл, і будзе плач і бедаваньне; і ён будзе ў Мяне, як Арыіл.

3 Я стану аблогай вакол цябе і абстаўлю цябе вартаю назіральнаю, і ўзьвяду супроць цябе ўмацаваньні.

4 І будзеш прыніжаны, зь зямлі гаварыцьмеш і глухая будзе мова твая з-пад пылу, і голас твой будзе, як голас духа з нутробы, а мова твая будзе, як шэпт.

5 Мноства ворагаў тваіх будзе, як дробны пыл, і безьліч тыранаў, як разьвеяная мякіна; і гэта станецца раптоўна, у адно імгненьне.

6 Гасподзь Саваоф адведае цябе громам і землятрусам, і моцным голасам, бураю і віхураю, і полымем ўсёпажыральнага агню.

7 І як сон, як начное сьненьне будзе мноства ўсіх народаў, што ваююць супроць Арыіла, і ўсіх, што выступаюць супроць яго і ўмацаваньняў ягоных і абложнікаў яго.

8 І як галоднаму сьніцца, быццам ён есьць, але прачынаецца, і душа ў яго пустая; і як сасьмягламу сьніцца, быццам ён п'е, а прачнецца, і вось ён утохлы, і душа ў яго прагне: тое самае будзе і мноству народаў, якія ваююць супроць гары Сіёна.

9 Зьдзіўляйцеся і дзіву давайцеся; яны асьляпілі іншых, і самі асьлеплі; яны п'яныя, але не ад віна, - хістаюцца, але не ад сікеры;

10 бо навёў на вас Гасподзь дух засынаньня, і зьмежыў вочы вашыя, прарокі, і затлуміў галовы вашыя, празарліўцы.

11 І любое прароцтва для вас тое самае, што слова ў зяпячатанай кнізе, якую падаюць таму, хто ўмее чытаць кнігу, і кажуць: «прачытай яе»; і той адказвае: «не магу, бо яна пад пячаткай».

12 І падаюць кнігу таму, хто чытаць ня ўмее, і кажуць: «прачытай яе»; і той адказвае: «я ня ўмею чытаць».

13 І сказаў Гасподзь: як што людзі гэтыя шануюць Мяне вуснамі сваімі, і языком сваім шануюць Мяне, а сэрца іхняе далёка адлягае ад Мяне, і багавейнасьць іх перад Мною ёсьць вывучэньне запаведзяў чалавечых;

14 дык вось Я буду нязвыкла рабіць з гэтым народам, дзівосна і дзіўна, так што мудрасьць мудрацоў яго згіне, і розуму ў разумных яго не застанецца.

15 Гора тым, якія схаваюцца ў глыбіню, каб намысел свой утоіць ад Госпада, якія дзеюць дзеі свае ў змроку і кажуць: хто ўбачыць нас? і хто пазнае нас?

16 Якое безгалоўе! Хіба можна цаніць ганчара, як гліну? Ці скажа выраб пра вырабшчыка свайго: «ня ён зрабіў мяне?» і ці скажа твор пра мастака свайго: «ён не разумее?»

17 Яшчэ крыху, зусім крыху, і ці не ператворыцца Ліван у сад, а сад ці ня будуць цаніць як лес?

18 І ў той дзень глухія пачуюць словы кнігі, і ўбачаць зь цемры і змроку вочы ў сьляпых.

19 І спрагненыя яшчэ больш будуць радавацца ў Госпадзе, і бедныя людзі цешыцца будуць за Сьвятога Ізраіля;

20 бо ня будзе больш крыўдзіцеля, і агуднік зьнікне, і будуць вынішчаны ўсе паборцы няпраўды,

21 якія блытаюць чалавека ў словах, і на таго, хто патрабуе суду каля брамы, ставяць сеткі, і адціраюць таго, чыя праўда.

22 Пасьля так кажа пра дом Якава Гасподзь, Які адкупіў Абрагама: тады Якаў ня будзе ў сораме, і твар у яго больш не зьбялее,

23 бо, калі ўбачыць у сябе дзяцей сваіх, дзею рук Маіх, дык яны сьвята будуць шанаваць імя Маё і сьвята шанаваць Сьвятога Якаўлевага і багавейна стаяць перад Богам Ізраілевым.

24 Тады духаблукальнікі ўведаюць мудрасьць, і непакорлівыя навучацца паслушэнства.

 

Разьдзел 30

 

1 Гора непакорлівым сынам, кажа Гасподзь, якія робяць народы, але безь Мяне, і ў спрымірэнства ўступаюць, але бяз духа Майго, каб далучаць грэх да грэху:

2 ня спытаўшыся вуснаў Маіх, ідуць у Егіпет, каб падмацаваць сябе сілаю фараонавай і схавацца пад ценем Егіпта.

3 Але сіла фараона будзе вам сорамам, і прытулак пад ценем Егіпта - ганьбаю;

4 бо князі ягоныя* ўжо ў Цаане, і паслы ягоныя дайшлі да Ханэса.

5 Усе яны будуць пасаромленыя за народ, ад якога карысьці няма ім; ня будзе ад яго ні дапамогі, ні карысьці, а - сорам і глум.

6 Цяжар на жывёлах, якія ідуць на поўдзень, па зямлі прыгнёту і ўціску, адкуль выходзяць ільвіцы ды ільвы, асьпіды і лятучыя зьмеі; яны нясуць на хрыбтах аслоў багацьці свае і на гарбах вярблюдаў скарбы свае народу, ад якога ня будзе ім карысьці.

7 Бо дапамога Егіпта будзе марная і дарэмная; таму Я сказаў ім: сіла іхняя - сядзець спакойна.

8 Цяпер ідзі, накрэсьлі гэта на дошцы ў іх, і запішы гэта ў кнігу, каб засталося на будучы час, назаўсёды, навечна.

9 Бо гэта люд мяцежны, дзеці хлусьлівыя, дзеці, якія ня хочуць слухаць закону Гасподняга,

10 якія празорлівым кажуць: «перастаньце прарочыць», і прарокам: «не прарочце нам праўды, кажэце нам даспадобнае, прадказвайце прыемнае;

11 сыдзеце з дарогі, ухілецеся ад шляху; зьвядзеце з вачэй нашых Сьвятога Ізраілевага».

12 Пасьля гэтага кажа Сьвяты Ізраілеў: за тое, што вы адкідаеце слова гэтае, а спадзеяцеся на падман і няпраўду, і абапіраецеся на тое,

13 дык беззаконьне гэта будзе вам, як выяўленая трэшчына, што пагражае руйнаваньнем высокага муру, разбурэньне якога настане раптоўна, у адно імгненьне.

14 І Ён разбурыць яе, як разьбіваюць гліняны посуд, не шкадуючы, так што ў абломках яго ня знойдзецца і чарапка, каб узяць жару з агменю, альбо зачарпнуць вады з сажалкі;

15 бо так кажа Гасподзь Бог, Сьвяты Ізраілеў: застаючыся на месцы і ў спакоі, вы ўратаваліся б; у цішыні і спадзяваньні і моцнасьць вашая; але вы не хацелі

16 і казалі: «не, мы на конях уцячэм», - затое і пабяжыце; «мы на хуткіх паскачам» - затое і перасьледавальнікі вашыя будуць борздыя.

17 Ад пагрозы аднаго пабяжыць тысяча, ад пагрозы пяцёх пабяжыце так, што рэшта вас будзе як тычка на вяршыні гары і як харугва на пагорку.

18 І таму Гасподзь чакае, каб памілаваць вас, і таму яшчэ стрымліваецца, каб умілажаліцца з вас; бо Гасподзь ёсьць Бог праўды: дабрашчасныя - усе, хто надзею кладзе на Яго!

19 Народ будзе жыць на Сіёне ў Ерусаліме; ты ня будзеш доўга плакаць, - Ён памілуе цябе, паводле голасу твайго, і як толькі пачуе яго, - адкажа табе.

20 дасьць вам Гасподзь хлеб у гароце і ваду ў нягодзе; і настаўнікі твае ўжо ня будуць хавацца, і вочы твае будуць бачыць настаўнікаў тваіх;

21 і вушы твае будуць чуць словы за табою, што кажуць: «вось дарога, ідзеце па ёй», калі б вы збочылі направа, і калі б вы збочылі налева.

22 Тады вы будзеце лічыць за агіду аздобу балваноў з срэбра твайго і аздобу ідалаў з золата твайго; ты кінеш іх, як брыду; ты скажаш ім: прэч адгэтуль.

23 І дасьць Ён дажджу на насеньне тваё, якім засееш поле, і збажыну, плод зямлі, і яна будзе багатая і сакавітая; статкі твае ў той дзень будуць пасьвіцца на шырокіх пашах.

24 І валы і аслы, што ўрабляюць поле, есьцімуць корм салёны, ачышчаны шуфлем і гарфаю.

25 І на кожнай гары высокай і на кожным пагорку ўзвышаным пацякуць ручаі, патокі вады, у дзень вялікае бітвы, калі абваляцца вежы.

26 І сьвятло месяца будзе, як сьвятло сонца, а сьвятло сонца будзе сьвятлей у сем разоў, як сьвятло сямі дзён, таго дня, калі Гасподзь завяжа рану люду Свайго і загоіць накладзеныя на яго пошасьці.

27 Вось, імя Госпада ідзе здалёк, гарыць гнеў Ягоны, і полымя ў Яго вялікае, вусны ў Яго поўныя абурэньня, і язык у Яго, як агонь пажыральны,

28 і дыханьне ў Яго, як разьліты паток, які падымаецца нават да шыі, каб разьвеяць людзей на зьмізарненьне; і будуць у сківіцах люду цуглі, якія пакіруюць да аблуды.

29 А ў вас будуць песьні, як у ноч сьвяшчэннага сьвята, і весялосьць на сэрцы, як у таго, хто ідзе з жалейкаю на гару Гасподнюю, да цьвярдыні Ізраілевай.

30 І загрыміць Гасподзь велічным голасам Сваім і пакажа моц пляча Свайго моцным гневам і полымем пажыральнага агню, бураю і паводкаю і каменным градам.

31 Бо ад голасу Гасподняга скаланецца Асур, жазлом пабіваны.

32 І кожны рух вызначанага яму жазла, які Гасподзь скіруе на яго, будзе з тымпанамі і цытрамі, і Ён пойдзе супроць яго вайною спусташальнаю.

33 Бо Тофэт даўно ўжо гатовы; ён падрыхтаваны ўжо і цару, глыбокі і шырокі; у вогнішчы яго шмат агню і дроў; подзьмух Гасподні, як паток серкі, запаліць яго.

 

 

* Ерусаліма

Разьдзел 31

 

1 Гора тым, што ідуць у Егіпет па дапамогу, спадзяюцца на коней і надзею кладуць на калясьніцы, бо іх багата, і на верхаўцоў, бо яны вельмі моцныя, а на Сьвятога Ізраілевага не глядзяць і Госпада ня шукаюць!

2 Але мудры Ён; і навядзе бедства, і не адменіць слоў Сваіх; паўстане супроць дома бязбожных і супроць дапамогі беззаконьнікам.

3 Егіпцяне - людзі, а ня Бог; і коні ў іх - плоць, а ня дух. І працягне руку Сваю Гасподзь, і спатыкнецца абаронца, і ўпадзе той, каго бароняць, і ўсе разам загінуць.

4 Бо так сказаў мне Гасподзь: як леў, як ільвяня, што скавычуць над лупам сваім, хай бы хоць шмат пастухоў крычалі на яго, ад крыку іхняга не здрыганецца і мноству іх не саступіць, - так Гасподзь Саваоф сыдзе змагацца на гару Сіён і на пагорак яго.

5 Як птушкі - птушанят, так Гасподзь Саваоф пакрые Ерусалім, абароніць і выбавіць, зьлітуецца і выратуе..

6 Зьвярнецеся да Таго, ад Якога вы далёка адпаліся, сынове Ізраіля!

7 У той дзень адкіне кожны чалавек сваіх срэбных ідалаў і залатых сваіх ідалаў, зробленых рукамі вашымі вам на грэх.

8 І Асур упадзе не ад чалавечага меча, і не чалавечы меч заб'е яго, ён уцячэ ад меча, і юнакі ягоныя стануць падаткам.

9 І ад страху пабяжыць міма крэпасьці сваёй; і князі яго будуць баяцца сьцяга, кажа Гасподзь, у Якога агонь на Сіёне і горан у Ерусаліме.

 

Разьдзел 32

 

1 Вось, Цар будзе цараваць паводле праўды, і князі будуць кіраваць паводле закона;

2 і кожны зь іх будзе абаронай ад ветру і покрывам ад непагадзі, як крыніцы вады ў стэпе, як цень ад высокай скалы ў зямлі выснаджанай.

3 І вочы відушчых ня будуць заплюшчвацца, і вушы чуйных будуць слухаць.

4 І сэрца легкадумных будзе ўмець разважаць; і гаркавыя будуць гаварыць выразна.

5 Невука ўжо не называцьмуць шаноўным, і пра падступнага ня скажуць, што ён сумленны.

6 Бо невук гаворыць дурное, і сэрца ягонае намышляе беззаконнае, каб рабіць крывадушна і вымаўляць агуду на Госпада, душу галоднага пазбаўляць хлеба і адбіраць пітво ў сасьмяглага.

7 У падступнага і ўчынкі згубныя: ён намышляе ліхое, каб загубіць беднага хлусьнёю, хай той бедны і будзе слушны.

8 А сумленны і думае пра сумленнае і цьвёрды ва ўсім, што сумленнае.

9 Жанчыны неабачлівыя! устаньце, паслухайце голасу майго; дочкі бестурботныя, прыхілеце вушы да маіх слоў!

10 Яшчэ некалькі дзён звыш году, і жахнецеся, неабачлівыя! бо ня будзе збору вінаграду, і пара жніва не настане.

11 Скаланецеся, бястурботныя! жахнецеся, неабачлівыя! і аперажэце сьцёгны.

12 Будуць біць сябе ў грудзі за цудоўныя палі, за вінаградную лазу пладавітую.

13 На зямлі народу майго будуць расьці церне і бадзякі, гэтак сама і на ўсіх дамах радасьці ў разьвяселеным горадзе;

14 бо харомы будуць пакінутыя; шумны горад будзе пакінуты; Афэл і вежа заўсёды будуць служыць замест пячораў, прытулкам дзікім аслам і напасьвеным статкам,

15 пакуль ня выльецца на нас Дух з высяў, і пустыня ня зробіцца садам, а сад ня будуць лічыць лесам.

16 Тады суд паселіцца ў гэтай пустыні, і правасудзьдзе будзе жыць на ўрадлівым полі.

17 І чынам ісьціны будзе мір, і плодам правасудзьдзя - спакайната і бясьпека вечная.

18 Тады народ мой жыцьме ў селішчы міру і ў селішчах бясьпечных і ў пакоях дабрашчасных.

19 І град будзе падаць на лес, і горад апусьціцца долу.

20 Дабрашчасныя вы, што сееце каля ўсіх водаў і пасылаеце туды вала і асла.

 

Разьдзел 33

 

1 Гора табе, спакушальніку, якога не спакушалі, і рабаўніку, якога не рабавалі! Калі скончыш спусташаць, будзеш спустошаны й ты; калі спыніш рабаваць, зрабуюць і цябе.

2 Госпадзе, памілуй нас, на Цябе спадзяёмся мы; будзь нашаю сілаю з раньняга рана і ратункам нашым у час уціску.

3 Ад грознага голасу Твайго пабягуць народы; калі паўстанеш, расьсеюцца плямёны,

4 і будуць зьбіраць здабычу вашую, як зьбірае вусень; кінуцца на яе, як кідаецца саранча.

5 Высокі Гасподзь, Які жыве ў вышынях; Ён напоўніў Сіён судом і праўдаю.

6 І настануць бясьпечныя часіны твае, надмернасьць ратунку, мудрасьці і веданьня; страх Гасподні будзе скарбам тваім.

7 Вось, моцныя іхнія крычаць на вуліцах; пасланцы на згоду горасна плачуць.

8 Апусьцелі дарогі; ня стала падарожнікаў; ён парушыў дагавор, зруйнаваў гарады, - ані ў што ня ставіць людзей.

9 Зямля бядуе, сохне; Ліван пасаромлены, завяў; Сарон падобны стаў на пустыню, і аголены ад лісьця свайго Васан і Карміл.

10 Цяпер Я паўстану, кажа Гасподзь, цяпер падымуся, цяпер узьнясуся.

11 Вы цяжарныя сенам, разродзіцеся саломаю; дыханьне ваша - агонь, які зжарэ вас.

12 І будуць народы, як палкая вапна, як сьсечаны ядловец, будуць спаленыя ў агні.

13 Слухайце, далёкія, што зраблю Я, і вы, блізкія, уведайце магутнасьць Маю.

14 Збаяліся грэшнікі на Сіёне; затрымцелі бязбожнікі: «хто з нас можа жыць пры агні пажыральным? хто з нас можа жыць пры вечным полымі?»

15 Той, хто ходзіць у праўдзе і кажа ісьціну; хто пагарджае карысьлівасьцю ад уціску, стрымлівае рукі свае ад хабару, затыкае вушы свае, каб ня чуць пра кравапусты, і заплюшчвае вочы свае, каб ня бачыць ліха;

16 той будзе жыць на вышынях: прытулак яго - няпрыступныя скалы; хлеб яму дадзены будзе; вада ў яго ня высахне.

17 Вочы твае ўбачаць Цара ў красе Ягонай, угледзяць зямлю далёкую;

18 сэрца тваё будзе толькі згадваць пра жахі: «дзе той, што рабіў перапіс? дзе той, што важыў даніну? дзе той, што аглядае вежы»?

19 Ня ўбачыш больш народу лютага, народу з глухою, неўразумелаю гаворкаю, з моваю дзіўнаю, не зразумелаю.

20 Зірні на Сіён, горад сьвяточных сходаў нашых; вочы твае ўбачаць Ерусалім, селішча мірнае, непахісную скінію; слупы яе ніколі ня вырвуцца, і ніводная вяроўка яе не парвецца.

21 Таму ў вас вялікі Гасподзь будзе замест рэк, замест шырокіх каналаў; туды ня ўвойдзе ніводнае вясельнае судна, і ня пройдзе вялікі карабель.

22 Бо Гасподзь - судзьдзя наш: Гасподзь - заканадавец наш, Гасподзь - цар наш. Ён уратуе нас.

23 Аслаблі вяроўкі твае, ня могуць утрымаць мачты і напяць ветразі. Тады будзе вялікі падзел здабычы, так што і кульгавыя пойдуць на рабунак.

24 І ніводзін жыхар ня скажа: «я хворы»; народу, які там жыве, будуць дараваны грахі.

 

Разьдзел 34

 

1 Падыдзеце, народы, слухайце і ўважайце, плямёны! Хай чуе зямля і ўсё, што яе напаўняе, сусьвет і ўсё, што нараджаецца ў ім!

2 Бо гнеў Госпада на ўсе народы, і лютасьць Яго на ўсё воінства іхняе. Ён аддаў іх на закляцьце, аддаў іх на закол.

3 І забітыя іхнія будуць раскіданы, і ад трупаў іх падымецца смурод, і горы размокнуць ад іхняй крыві.

4 І сатлее ўсё нябеснае воінства: і нябёсы згорнуцца, як сувой кніжны; і ўсё воінства іхняе ўпадзе, як ападае лісьце зь вінаграднай лазы, і як завялае лісьце - са смакоўніцы.

5 Бо ўпіўся меч Мой на нябёсах: вось, дзеля суду сыходзіць ён на Эдом і на народ, аддадзены Мною на закляцьце.

6 Меч Госпада напоўніцца крывёю, атлусьцее ад тлушчу, ад крыві ягнят і казлоў, ад тлушчу з нырак авечых: бо ахвяра ў Госпада ў Васоры і вялікі закол у зямлі Эдома.

7 І буйвалы ўпадуць зь імі, і цяляты разам з валамі, і ўп'ецца зямля іх крывёю, і прах іх разбухне ад тлушчу.

8 Бо дзень помсты ў Госпада, год помсты за Сіён.

9 І ператворацца рэкі яго ў смалу, і прах яго - у серку, і будзе зямля яго палкаю смалою:

10 ня будзе гаснуць ні ўдзень, ані ўночы; вечна будзе ўзьвівацца дым ад яе; будзе з роду ў род заставацца апусьцелаю; вавекі вякоў ніхто ня пройдзе па ёй;

11 і завалодаюць ёю пелікан і вожык; і сава і груган паселяцца ў ёй; і працягнуць па ёй вяроўку спусташэньня і адвес зьнішчэньня.

12 Нікога не застанецца там са знакамітых яе, каго можна было б заклікаць на царства, і ўсе князі яе будуць нішто.

13 І зарастуць палацы яе калючымі расьлінамі, крапівою і дзядоўнікам - цьвярдыня яе; і будзе яна селішчам шакалаў, прыстанішчам страўсам.

14 І зьвяры пустыні будуць сустракацца зь дзікімі катамі, і лясуны будуць перагукацца адзін з адным; там будзе адпачываць начны прывід і знаходзіць сабе спакой.

15 Там угняздуецца лятучы зьмей, будзе класьці яйкі і выводзіць дзяцей і зьбіраць іх пад цень свой; там і каршуны будуць зьбірацца адзін да аднаго.

16 Знайдзеце ў кнізе Гасподняй і прачытайце; ніводнае з гэтых не забавіцца прыйсьці, і адно адным не заменіцца. Бо самі вусны Яго загадалі, і сам дух Яго зьбярэ іх.

17 І Сам Ён кінуў ім жэрабя, і Яго рука падзяліла яе меркаю; вечна будуць яны валодаць ёю, род у род на ёй жыцьмуць.

 

Разьдзел 35

 

1 Разьвесяліцца пустыня і сухая зямля, і зарадуецца краіна ненаселеная і расквітнее як нарцыс;

2 цудоўна будзе цьвісьці і радавацца, будзе ўрачысьціцца і сьвяткаваць; слава Лівана дасца ёй, хараство Карміла і Сарона; яны ўбачаць славу Госпада, веліч Бога нашага.

3 Умацуйце аслабелыя рукі, і ўцьвердзіце калені дрыготкія;

4 скажэце нясьмелым душою: будзьце цьвёрдыя, ня бойцеся; вось Бог ваш, прыйдзе помста, адплата Божая; Ён прыйдзе і збавіць вас.

5 Тады адамкнуцца вочы сьляпых, і вушы глухіх расчыняцца.

6 Тады кульгавы падхопіцца, як алень, і язык нямка засьпявае; бо праб'юцца воды ў пустыні і ў стэпе патокі.

7 І ператворыцца прывід водаў у возера, і спрагненая зямля - у крыніцы водаў; у жытлішчы шакалаў, дзе яны спачываюць, будзе месца пад трысьнёг і чарот.

8 І будзе там вялікая дарога, і шлях па ёй назавецца шляхам сьвятым; нячысты ня будзе хадзіць па ім; але ён будзе ім адным. Хто пойдзе гэтым шляхам, нават і нявопытныя, не заблудзяцца.

9 Ільва там ня будзе, і драпежны зьвер ня ўзыдзе на яго; яго ня знойдзецца там, а хадзіцьмуць адкупленыя.

10 І вернуцца збаўленыя Госпадам, прыйдуць на Сіён з радасным гоманам; і радасьць вечная будзе над галавою ў іх; яны знойдуць радасьць і весялосьць, а смутак і зітханьне адыдуць.

 

Разьдзел 36

 

1 І было на чатырнаццатым годзе цара Эзэкіі, пайшоў Сэнахірым, цар Асірыйскі супроць усіх умацаваных гарадоў Юдэі і ўзяў іх.

2 І паслаў цар Асірыйскі з Лахіса ў Ерусалім да цара Эзэкіі Рабсака зь вялікім войскам; і ён спыніўся каля канала Верхняй сажалкі на дарозе поля бялільнага.

3 І выйшаў да яго Эліякім, сын Хэлкіінаў, начальнік палаца, і Сэўна пісар, і Ёах, сын Асафаў, дзеяпісальнік.

4 І сказаў ім Рабсак: скажэце Эзэкію: так кажа цар вялікі, цар Асірыйскі: што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?

5 Я думаю, што гэта - адны пустыя словы, а вайне патрэбныя рада і сіла: дык вось, на каго ты спадзяешся, і чаго адпаў ад мяне?

6 Вось, ты думаеш абаперціся на Егіпет, на гэтую трысьціну надламаную, якая, калі хто на яе абапрэцца, увойдзе таму ў руку і пратне яе? Такі фараон, цар Егіпецкі, для ўсіх, хто на яго спадзяецца.

7 А калі скажаш мне: на Госпада Бога нашага мы спадзяёмся, - дык ці на таго, чые вышыні і ахвярнікі скасаваў Эзэкія і сказаў Юду і Ерусаліму: «перад гэтым толькі ахвярнікам пакланяйцеся».

8 Дык вось, уступі ў супольства з гаспадаром маім, царом Асірыйскім; - я дам табе дзьве тысячы коней, ці можаш ты дастаць сабе верхаўцоў на іх?

9 І як ты хочаш змусіць адступіць правадыра, аднаго з самых малых рабоў гаспадара майго, спадзяючыся на Егіпет, дзеля калясьніц і коней.

10 Ды хіба я бяз волі Гасподняй пайшоў на зямлю гэтую, каб зруйнаваць яе? Гасподзь сказаў мне: «ідзі на зямлю гэтую і зруйнуй яе».

11 І сказаў Эліякім і Сэўна і Ёах Рабсаку: гавары рабам тваім па-Арамейску, бо мы разумеем, а не гавары па-Юдэйску, у вушы люду, які на сьцяне.

12 І сказаў Рабсак: хіба толькі да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой сказаць словы гэтыя? Не, таксама і да людзей, якія сядзяць на сьцяне, каб есьці нечысьць сваю і піць мачу сваю з вамі.

13 І ўстаў Рабсак і абвясьціў моцным голасам па-Юдэйску, і сказаў: слухайце слова, цара вялікага, цара Асірыйскага!

14 Так кажа цар: хай ня зводзіць вас Эзэкія, бо ён ня можа выратаваць вас;

15 І хай не абнадзейвае вас Эзэкія Госпадам, кажучы; «збавіць нас Гасподзь; ня будзе горад гэты аддадзены ў рукі цара Асірыйскага».

16 Ня слухайце Эзэкіі, бо так кажа цар Асірыйскі: замірэцеся са мною і выйдзіце да мяне, і хай кожны есьць плады вінаграднай лазы сваёй і смакоўніцы сваёй, і хай кожны п'е ваду з свайго калодзежа,

17 пакуль я ня прыйду і не вазьму вас у зямлю такую самую, як і ваша зямля, у зямлю хлеба і віна, у зямлю пладоў і вінаграднікаў.

18 Дык вось, хай жа ня зводзіць вас Эзэкія, кажучы: «Гасподзь збавіць нас». Ці ж уратавалі багі народаў, кожны сваю зямлю, ад рукі цара Асірыйскага?

19 Дзе багі Эмата і Арпада? дзе багі Сэпарваіма? ці ж уратавалі яны Самарыю ад рукі маёй?

20 Каторы з усіх багоў земляў гэтых убараніў зямлю сваю ад рукі маёй? Дык няўжо ўбароніць Гасподзь Ерусалім ад рукі маёй?

21 Але яны маўчалі і не адказвалі яму ні слова, бо ад цара быў загад: не адказвайце яму.

22 І прыйшоў Эліякім, сын Халкіінаў, начальнік палаца і Сэўна пісар, і Ёах, і сын Асафаў, дзеяпісальнік, да Эзэкіі, у падранай адзежы, і пераказалі яму слова Рабсака.

 

Разьдзел 37

 

1 Калі пачуў гэта цар Эзэкія, дык разадраў вопратку на сабе і накрыўся вярэтаю, і пайшоў у дом Гасподні;

2 і паслаў Эліякіма, начальніка палаца, і Сэўну пісара, і старэйшых сьвятароў, накрытых вярэтаю, да прарока Ісаі, сына Амосавага.

3 І яны сказалі яму: так кажа Эзэкія: дзень скрухі і кары і паганьбеньня - дзень гэты, бо дзеці прыйшлі нарадзіцца з улоньня матчынага, а сілы няма нарадзіць.

4 Можа, пачуе Гасподзь Бог твой словы Рабсака, якога паслаў цар Асірыйскі, гаспадар ягоны, ганіць Бога жывога і бэсьціць словамі, якія чуў Гасподзь Бог твой; узьнясі ж малітву за тых, што засталіся, якія жывыя яшчэ.

5 І прыйшлі слугі цара Эзэкіі да Ісаі.

6 І сказаў ім Ісая: дык скажэце гаспадару вашаму: так кажа Гасподзь: ня бойся слоў, якія ты чуў, якімі бэсьцілі Мяне слугі цара Асірыйскага.

7 Вось, Я пашлю ў яго дух, і ён пачуе вестку і вернецца ў зямлю сваю, і Я заб'ю яго мечам у зямлі ягонай.

8 І вярнуўся Рабсак і знайшоў цара Асірыйскага, які ваяваў супроць Ліўны; бо ён чуў, што той адышоў ад Лахіса.

9 І пачуў ён пра Тыргака, цара Эфіопскага; яму сказалі: вось, ён выйшаў біцца з табою. Пачуўшы гэта, ён паслаў да Эзэкіі, сказаўшы:

10 так скажэце Эзэкіі, цару Юдэйскаму: хай не ашуквае цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, думаючы: ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі цара Асірыйскага.

11 Вось, ты чуў, што зрабілі цары Асірыйскія з усімі землямі, паклаўшы на іх закляцьце; ці ты ацалееш?

12 Багі народаў, якіх зруйнавалі бацькі мае, ці ж уратавалі іх, ці ўратавалі Гозан і Харан, і Рэцэф і сыноў Элена, што ў Таласары?

13 Дзе - цар Эмата і цар Арпада, і цар горада Сэпарваіма, Эны і Івы?

14 І ўзяў Эзэкія ліст з рукі пасланцаў і прачытаў яго, і пайшоў у дом Гасподні і разгарнуў яго Эзэкія перад абліччам Гасподнім;

15 і маліўся Эзэкія перад абліччам Гасподнім і казаў:

16 Госпадзе Саваофе, Божа Ізраілеў, Які сядзіць на херувімах! Ты адзін - Бог усіх царстваў зямлі; Ты стварыў неба і зямлю.

17 Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё і пачуй; адамкні, Госпадзе, вочы Твае і зірні, і пачуй словы Сэнахірыма, які паслаў бэсьціць Цябе, Бога жывога.

18 Праўда, о Госпадзе! цары Асірыйскія спустошылі ўсе краіны і землі іхнія,

19 і пакідалі багоў іхніх у агонь; але гэта былі не багі, а вырабы рук чалавечых, дрэва і камень, таму і вынішчылі іх.

20 І сёньня, Госпадзе Божа наш, уратуй нас ад рукі ягонай; і ўведаюць усе царствы зямлі, што Ты, Госпадзе, Бог адзін.

21 І паслаў Ісая, сын Амосаў, да Эзэкіі сказаць: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: за што ты молішся супроць Сэнахірыма, цара Асірыйскага,

22 вось слова, якое Гасподзь прамовіў пра яго: пагрэбуе табою, пасьмяецца зь цябе дзевая дачка Сіёна, пахітае ўсьлед табе галавою дачка Ерусаліма.

23 Каго ты ганіў і бэсьціў? і на каго ўзвысіў голас, і падняў так высока вочы твае? на Сьвятога Ізраілевага.

24 Праз рабоў тваіх ты ганіў Госпада і сказаў: «з мноствам калясьніц маіх я ўзышоў на вышыню гор, на хрыбты Лівана, і сьсек гонкія кедры яго, выдатныя кіпарысы яго, і прыйшоў на самую вяршыню яго, у гай саду яго;

25 і адкопваў я і піў ваду; і асушу ступакамі ног маіх усе рэкі Егіпецкія».

26 Хіба ня чуў ты, што Я даўно зрабіў гэта, у старадаўнія дні наперад вызначыў гэта, а цяпер зьдзейсьніў праз тое, што ты спусташаеш моцныя гарады, ператвараючы іх у груды руінаў?

27 І жыхары іх зрабіліся нясілыя, трымцяць і застаюцца ў ганьбе; яны зрабіліся як трава на полі і пяшчотная зеляніна, як парасьліна на дахах і апаленая рунь, перш чым выкаласіцца.

28 Ці сядзеш ты, ці выйдзеш, а ці ўвойдзеш, Я ведаю ўсё, ведаю і дзёрзкасьць тваю супроць Мяне.

29 За тваю дзёрзкасьць супроць Мяне і за тое, што пыхлівасьць твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўвяду колца Маё ў ноздры твае і цуглі Мае - у рот твой, і вярну цябе назад тою самаю дарогаю, якою ты прыйшоў.

30 І вось, табе, Эзэкія, азнака: ежце сёлета, што вырасла ад апалага насеньня, і налета - самасейнае; а на трэці год сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя сады, і ежце плады іх.

31 І ацалелыя ў доме Юдавым рэшта пусьціць зноў корань унізе і прынясе плод угары,

32 бо зь Ерусаліма пойдзе рэшта, а выратаваньне - ад гары Сіёна. Руплівасьць Госпада Саваофа ўчыніць гэта.

33 Пасьля гэтага так кажа Гасподзь пра цара Асірыйскага: «ня ўвойдзе ён у гэты горад і ня кіне туды стрэлаў, і не падступіцца да яго з шчытом і не насыпле супроць яго вала:

34 па той самай дарозе, па якой прыйшоў, - вернецца, а ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа Гасподзь.

35 Я буду бараніць горад гэты, каб уратаваць яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, раба Майго».

36 І выйшаў анёл Гасподні і забіў у лагеры Асірыйскім сто восемдзесят пяць тысяч чалавек. І ўсталі раніцай, і вось, усе - целы мёртвыя.

37 І адступіў, і пайшоў і вярнуўся Сэнахірым, цар Асірыйскі, і жыў у Нінэвіі.

38 І калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, Арамэлэх і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мечам, а самыя ўцяклі ў зямлю Арарацкую. І зацараваў Асардан, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 38

 

1 У тыя дні Эзэкія сьмяротна захварэў. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амосаў, і сказаў яму: так кажа Гасподзь: зрабі запавет дому твайму, бо ты памрэш, не ачуняеш.

2 Тады Эзэкія адвярнуўся тварам да сьцяны, і маліўся Госпаду, кажучы:

3 «о, Госпадзе! успомні, што я хадзіў перад абліччам Тваім верна і з адданым Табе сэрцам і рабіў спадобнае ў вачах Тваіх». І заплакаў Эзэкія моцна.

4 І было слова Гасподняе Ісаю, і сказана:

5 ідзі і скажы Эзэкію: так кажа Гасподзь, Бог Давідаў, бацькі твайго: Я пачуў малітву тваю, угледзеў сьлёзы твае, і вось, Я дадаю да дзён тваіх пятнаццаць гадоў,

6 і ад рукі цара Асірыйскага ўратую цябе і горад гэты, і абараню горад гэты.

7 І вось табе азнака ад Госпада, што Гасподзь спраўдзіць слова, якое Ён сказаў.

8 Вось, Я вярну назад на дзесяць прыступак сонечны цень, які прайшоў па прыступках Ахазавых. І вярнулася сонца на дзесяць прыступак па прыступках, па якіх яно сыходзіла.

9 Малітва Эзэкіі, цара Юдэйскага, калі ён хворы быў і ачуняў ад хваробы:

10 «я сказаў сам сабе: апалавіне дзён маіх я мушу ісьці ў браму апраметнай; я пазбаўлены рэшты гадоў маіх.

11 Я казаў: ня ўбачу я Госпада, Госпада на зямлі жывых; не пабачу больш чалавека паміж жывымі ў сьвеце;

12 жытло маё здымаецца зь месца і зносіцца ад мяне, як будан пастушыны; я павінен адкроіць, як ткач, жыцьцё маё: Ён адкроіць мяне ад асновы; дзень і ноч я чакаў, што Ты спашлеш мне скон.

13 Да раніцы я чакаў; як леў, Ён крышыў косьці мае; дзень і ноч я чакаў, што Ты спашлеш мне скон.

14 Як журавель, як ластаўка, падаваў я голас, сумаваў як голуб; паныла глядзелі вочы мае на неба: Госпадзе! цесна мне; уратуй мяне.

15 Што скажу я? Ён сказаў мне, Ён і зрабіў. Ціха буду праводзіць усе гады жыцьця майго, памятаючы немарасьць душы маёй.

16 Госпадзе! так жывуць, і ва ўсім гэтым - жыцьцё майго духу; Ты ацаліш мяне, падаруеш жыцьцё мне.

17 Вось, на дабро мне была вялікая гарота, і Ты выбавіў душу маю ад рову пагібелі, і кінуў усе грахі мае за плечы Свае.

18 Бо не апраметная Цябе славіць, ня смерць праслаўляе Цябе, ня прыхадні ў магілу спадзяюцца на ісьціну Тваю.

19 Жывы, толькі жывы Цябе ўславіць, як сёньня я: бацька абвесьціць дзецям ісьціну Тваю.

20 Гасподзь уратуе мяне; і мы ва ўсе дні жыцьця нашага з гукамі струнаў маіх сьпявацьмем песьні ў доме Гасподнім.

21 І сказаў Ісая: няхай прынясуць скрылі смокваў і абкладуць імі нарыў; і ён ачуняе.

22 А Эзэкія сказаў: якая азнака, што я буду хадзіць у дом Гасподні?

 

Разьдзел 39

 

1 На той час Мэрадах Валадан, сын Валаданаў, цар Вавілонскі, прыслаў Эзэкіі ліст і дарункі, бо чуў, што ён быў хворы і ачуняў.

2 І зарадаваўся пасланцам Эзэкія і паказаў ім дом скарбаў сваіх, срэбра і золата, і пахошчы і каштоўныя масьці, увесь збройны свой дом, і ўсё, што было ў скарбніцах ягоных, - нічога не засталося, чаго не паказаў бы ім Эзэкія ў доме сваім і ва ўсім валоданьні сваім.

3 І прыйшоў прарок Ісая да цара Эзэкіі і сказаў яму: што казалі гэтыя людзі? і адкуль яны прыходзілі да цябе? Эзэкія сказаў: з далёкай зямлі прыходзілі яны да мяне, з Вавілона.

4 І сказаў Ісая: што бачылі яны ў доме тваім? Эзэкія сказаў: бачылі ўсё, што ёсьць у доме маім; нічога не засталося ў скарбніцах маіх, чаго я не паказаў бы ім.

5 І сказаў Ісая Эзэкіі: выслухай слова Госпада Саваофа:

6 вось, прыйдуць дні, і ўсё, што ёсьць у доме тваім і што назьбіралі бацькі твае да гэтага дня, будзе зьнесена ў Вавілон; нічога не застанецца, кажа Гасподзь.

7 І возьмуць з сыноў тваіх, якія выйдуць зь цябе, якіх ты народзіш, - і яны будуць еўнухамі ў палацы цара Вавілонскага.

8 І сказаў Эзэкія Ісаю: добрае слова Гасподняе, якое ты прамовіў; бо, дадаў ён, спакой і дабрабыт будуць у дні мае.

 

Разьдзел 40

 

1 Суцяшайце, суцяшайце народ Мой, кажа Бог ваш;

2 кажэце да сэрца Ерусаліма і абвяшчайце яму, што споўніўся час змаганьня ягонага, што за няпраўды яго дадзена дараваньне, бо ён ад рукі Гасподняй атрымаў удвая за ўсе грахі свае.

3 Голас таго, хто кліча: у пустыні падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце ў стэпе сьцежкі Богу нашаму;

4 кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай панізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі;

5 і зьявіцца слава Гасподняя, і ўбачыць кожная плоць выратаваньне Божае; бо вусны Гасподнія мовілі гэта.

6 Голас кажа: абвяшчай! і сказаў: што мне абвяшчаць? Кожная плоць - трава і ўся краса яе - нібы кветка польная.

7 Жухне трава; вяне кветка, як павее на яе ад Госпада: так і народ - трава.

8 Трава жухне, кветка вяне, а слова Бога нашага жыцьме вечна.

9 Узыдзі на высокую гару, Сіёне, які абвяшчаеш дабро! узвысь моцна твой голас, Ерусаліме, які абвяшчаеш дабро! узвысь, ня бойся; скажы гарадам Юдавым: вось - Бог ваш!

10 Вось, Гасподзь Бог ідзе з моцаю, і сіла Яго з уладаю. Вось, узнагарода Яго зь Ім і аддача Ягоная перад абліччам Яго.

11 Як пастух Ён будзе пасьвіць Свой статак; ягнят будзе браць на рукі і насіць на грудзях Сваіх, і вадзіць дойных.

12 Хто вычарпаў воды прыгаршчамі сваімі і пядзяю вымераў нябёсы, і паклаў у меру пыл зямлі і ўзважыў на вагах горы і на шалях вагавых пагоркі?

13 Хто ўразумеў дух Госпада, і быў дарадцам у Яго і вучыў Яго?

14 З кім раіцца Ён, і хто наводзіць на розум Яго і настаўляе Яго на шлях праўды, і вучыць Яго ведам і паказвае Яму дарогу мудрасьці?

15 Вось народы - як кропля зь вядра, і лічацца як пылінка на вагах. Вось, выспы як парушынку ўзносіць Ён.

16 І Лівана ня хопіць на ахвярны агонь, і жывёлаў на ім - на цэласпаленьне.

17 Усе народы перад Ім як нішто, - менш за нішто і за пустату ўважаюцца ў Яго.

18 Дык вось, да каго ж прыпадобніце вы Бога? І якое падабенства знойдзеце Яму?

19 Балвана вылівае майстар і залатар пакрывае яго золатам і срэбныя ланцужкі прырабляе.

20 А хто бедны на такое прынашэньне, выбірае нятрухлае дрэва, шукае сабе ўмелага майстра, каб зрабіць балвана, які стаяў бы цьвёрда.

21 Хіба ня ведаеце? хіба вы ня чулі? хіба вам не казана было ад пачатку? хіба вы не ўразумелі асноваў зямлі?

22 Ён ёсьць Той, Які сядзіць над колам зямлі, і жыхары яе - як саранча перад Ім; Ён распрасьцёр нябёсы, як тонкую тканіну, і расхінуў іх, як намёт пад жытло.

23 Ён ператварае князёў у нішто, нікчэмніць судзьдзяў зямных.

24 Ледзь толькі яны пасаджаны, ледзь толькі пасеяны, ледзь толькі ўкараніўся ў зямлю камель іх, як толькі Ён дзьмухнуў на іх, яны высахлі, і віхура іх зьнесла, як салому.

25 Да каго ж вы Мяне прыпадобніце і з кім параўнаеце? кажа Сьвяты.

26 Узьвядзеце вочы вашыя ў высі нябёсаў і паглядзеце, хто стварыў іх? Хто выводзіць войска іх лікам? Ён іх усіх называе імем: праз моцную магутнасьць і вялікую сілу ў Яго нішто не прападае.

27 Як жа кажаш ты, Якаве, і выказваеш, Ізраіле: «дарога мая схавана ад Госпада, і дзея мая забытая ў Бога майго»?

28 Хіба ты ня ведаеш? хіба ты ня чуў, што вечны Гасподзь Бог, Які стварыў канцы зямлі, не стамляецца і не зьнемагае; розум Яго недасьледны.

29 Ён дае стомленаму сілу і даруе зьнямогламу маладосьць.

30 Стамляюцца і юнакі і слабнуць, і маладыя людзі падаюць,

31 а тыя, што спадзяюцца на Госпада, абновяцца ў сіле: падымуць крылы, як арлы, пацякуць і ня стомяцца, пойдуць і ня стомяцца.

 

Разьдзел 41

 

1 Змоўкніце перада Мною, выспы, і народы хай абновяць сваю сілу; няхай яны наблізяцца і скажуць: «станьма разам на суд».

2 Хто абудзіў з усходу мужа праўды, заклікаў яго ісьці сьледам за сабою, аддаў яму народы і ўпакорыў цароў? Ён абярнуў іх мечам ягоным у пыл, лукам ягоным у салому, якую разносіць вецер.

3 Ён гоніць іх, ідзе спакойна дарогаю, па якой ніколі не хадзіў нагамі сваімі.

4 Хто зрабіў і зьдзейсьніў гэта? Той, Хто ад пачатку выклікае роды; Я - Гасподзь першы, і ў апошніх - Я такі самы.

5 Убачылі выспы і жахнуліся, канцы зямлі затрымцелі. Яны зьблізіліся і сышліся;

6 кожны дапамагае свайму прыяцелю і кажа свайму брату: «мацуйся!»

7 Каваль падбадзёрвае гутніка, кляпальшчык - таго, хто куе на кавадле, кажучы пра спайку: «добрая»; і мацуе цьвікамі, каб было цьвёрда.

8 А ты, Ізраіле, рабе Мой, Якаве, якога Я выбраў, насеньне Абрагама, сябра Майго,

9 ты, каго Я ўзяў ад канцоў зямлі, і паклікаў ад краёў яе, і сказаў табе: ты - Мой раб, Я выбраў цябе і не адкінуў цябе,

10 ня бойся, бо Я - з табою; не бянтэжся, бо Я - Бог твой; Я ўмацую цябе і дапамагу табе, і падтрымаю цябе правіцаю праўды Маёй.

11 Вось, у сораме і ганьбе застануцца ўсе, угневаныя на цябе, - будуць як нішто, і загінуць тыя, што спрачаюцца з табою.

12 Будзеш іх шукаць - і ня знойдзеш іх, што варагуюць з табою; змаганцы супроць цябе будуць як нішто, зусім нішто;

13 бо Я - Гасподзь Бог твой; трымаю цябе за правую руку тваю; кажу табе: «ня бойся, Я пасабляю табе».

14 Ня бойся, чарвяк Якаў, малалюдны Ізраіле, - Я пасабляў табе, кажа Гасподзь і Адкупнік твой, Сьвяты Ізраілеў.

15 Вось, Я зрабіў цябе спраўнаю малатарняю, новаю, зубчатаю; ты будзеш малаціць і пераціраць горы, і пагоркі зробіш, як мякіну.

16 Ты будзеш веяць іх, і вецер разьнясе іх, і віхура разьвее іх; а ты зарадуешся ў Госпадзе, будзеш хваліцца Сьвятым Ізраілевым.

17 Бедныя і ўбогія шукаюць вады, і няма яе; язык іх сохне ад смагі; Я, Гасподзь, пачую іх, Я, Бог Ізраілеў, не пакіну іх.

18 Адчыню на горах рэкі і сярод далінаў крыніцы; пустыню зраблю возерам і сухую зямлю - крыніцамі вады;

19 пасаджу ў пустыні кедр, сітым і мірту і масьліну; пасаджу ў стэпе кіпарыс, явар і бук разам,

20 каб убачылі і пазналі, і разгледзелі і ўразумелі, што рука Гасподняя ўчыніла гэта, і Сьвяты Ізраілеў стварыў гэта.

21 Пакажэце дзею вашую, кажа Гасподзь; прывядзеце вашыя доказы, кажа Цар Якава.

22 Хай яны пакажуць і скажуць вам, што адбудзецца; хай абвесьцяць што-небудзь раней, чым яно адбылося, і мы ўвойдзем розумам сваім і ўведаем, чым яно скончылася, альбо хай наперад абвесьцяць нам пра будучыню.

23 Скажэце, што адбудзецца ў прыйшласьці, і мы будзем ведаць, што вы багі, альбо зрабеце што-небудзь, хай яно добрае, хай благое, каб мы дзіву даліся і разам з вамі пабачылі.

24 Але вы - нішто, і дзея вашая - нікчэмная; мярзота - той, хто выбірае вас.

25 Я ўзьнёс яго з поўначы, і ён прыйдзе; з усходу сонца будзе заклікаць імя Маё і таптаць уладыкаў, як бруд, і мясіць як ганчар гліну.

26 Хто абвясьціў пра гэта спачатку, каб нам ведаць, і задоўга да таго, каб нам можна было сказаць: «праўда?», але ніхто не сказаў, ніхто не абвясьціў, ніхто ня чуў слоў вашых.

27 Я першы сказаў Сіёну: вось яно! і даў Ерусаліму дабравесьніка.

28 Дык вось, Я глядзеў, і ня было нікога, і сярод іх не знайшлося дарадцы, каб Я мог спытацца ў іх, і яны далі адказ.

29 Вось, усе яны - нішто, нікчэмныя і дзеі іхнія; вецер і пустата - балваны іхнія.

 

Разьдзел 42

 

1 Вось, Юнак мой, Якога Я трымаю за руку, выбраны Мой, Якому спрыяе душа Мая. Пакладу дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд;

2 не залямантуе і ня ўзвысіць голасу Свайго, і ня дасьць пачуць яго на вуліцах;

3 трысьціны надламанай ня зломіць, і лёну, які тлее, не атушыць; суд чыніцьме паводле ісьціны;

4 не аслабне і не зьняможацца, пакуль на зямлі не ўсталюе суду, і на закон Яго будуць класьці надзею выспы.

5 Так кажа Гасподзь Бог, Які стварыў нябёсы і прастору іх, распрасьцёр зямлю з утворамі яе, дае дыханьне народу на ёй і дух тым, што ходзяць па ёй.

6 Я, Гасподзь, паклікаў Цябе ў праўду, і буду трымаць Цябе за руку і ахоўваць Цябе, і пастаўлю цябе запаветам народу, сьвятлом язычнікам,

7 каб разамкнуць вочы сьляпым, каб вязьняў вывесьці зь вязьніцы і тых, што сядзяць у цемры, - зь цямніцы.

8 Я Гасподзь, гэта - Маё імя, і ня дам славы Маёй іншаму і хвалы Маёй балванам.

9 Вось, прадказанае раней збылося, і новае Я абвяшчу; перш чым яно адбудзецца, Я абвяшчу вам.

10 Сьпявайце Госпаду новую песьню, хвалу Яму ад краёў зямлі, вы, хто плавае па моры, і ўсе, хто напаўняе яго, выспы і хто жыве на іх.

11 Хай узвысіць голас пустыня і гарады яе, селішчы, дзе жыве Кідар; хай трыумфуюць насельнікі скал, хай аказваюцца голасам зь вяршыняў гор.

12 Хай аддадуць Госпаду славу, і хвалу Яго хай абвесьцяць на выспах.

13 Гасподзь выйдзе, як волат, як муж бітваў абудзіць рэўнасьць; закліча і падыме воінскі крык, і пакажа Сябе моцным супроць ворагаў Сваіх.

14 Доўга маўчаў Я, трываў, стрымліваўся; цяпер буду крычаць, як парадзіха, буду разбураць і паглынаць усё;

15 спустошу горы і пагоркі, і ўсю траву іх высушу; і рэкі зраблю выспамі, і асушу азёры.

16 І павяду сьляпых дарогаю, якое яны ня ведаюць, невядомымі шляхамі буду весьці іх; змрок зраблю сьвятлом перад імі, і крывыя шляхі - простымі: вось, што Я зраблю ім і не пакіну іх.

17 Тады адступяцца і вялікім сорамам пакрыюцца тыя, што спадзяюцца на ідалаў, што кажуць балванам: «вы - нашыя багі».

18 Слухайце, глухія, і глядзеце сьляпыя, каб бачыць.

19 Хто так сьляпы, як раб Мой, і глухі, як вястун Мой, Мною пасланы? Хто так сьляпы, як закаханы, так сьляпы, як раб Госпада?

20 Ты бачыў многае, але не заўважаў; вушы былі растуленыя, але ня чуў.

21 Госпаду заўгодна было дзеля праўды Сваёй узвысіць і праславіць закон.

22 Але гэта народ зруйнаваны і абрабаваны: усе яны зьвязаныя ў сутарэньнях і схаваныя ў цямніцах; зрабіліся здабычаю, і няма збаўцы, абрабаваныя, і ніхто ня скажа: «аддай назад»!

23 Хто з вас прыхіліў да гэтага вуха, увайшоў і выслухаў гэта дзеля будучыні?

24 Хто выдаў Якава на спусташэньне і Ізраіля рабаўнікам? Ці не Гасподзь, супроць Якога мы грашылі? не хацелі яны хадзіць шляхамі Яго, і ня слухалі закону Яго.

25 І Ён выліў на іх шал гневу Свайго і лютасьць вайны: яна атачыла іх полымем з усіх бакоў, але яны не заўважалі; і гарэла ў іх, але яны не ўразумелі гэтага сэрцам.

 

Разьдзел 43

 

1 А сёньня так кажа Гасподзь, Які стварыў цябе, Якаве, і ўладзіў цябе, Ізраіле: ня бойся, бо Я адкупіў цябе, назваў цябе імем тваім; ты - Мой.

2 Ці будзеш пераходзіць праз воды, Я з табою, - альбо цераз рэкі, яны цябе не патопяць; а ці пойдзеш цераз агонь, не апячэшся, і полымя цябе не апаліць.

3 Бо Я - Гасподзь Бог твой; Сьвяты Ізраілеў, Збаўца твой; на адкуп за цябе аддаў Егіпет, Эфіопію і Савею за цябе.

4 Як што ты дарагі ў вачах Маіх, шматкаштоўны, і Я палюбіў цябе, дык аддам іншых людзей за цябе, і - народы за душу тваю.

5 Ня бойся, бо Я з табою; з усходу прывяду племя тваё і з захаду зьбяру цябе.

6 Поўначы скажу: аддай; і поўдню: ня стрымлівай; вядзі сыноў Маіх здалёку і дачок Маіх ад канцоў зямлі,

7 кожнага, хто называецца імем Маім, каго Я стварыў дзеля славы Маёй, сфармаваў і зладзіў.

8 Выведзі народ сьляпы, хоць у яго ёсьць вочы, і глухі, хоць у яго ёсьць вушы.

9 Хай усе народы зьбяруцца разам, і згуртуюцца плямёны. Хто сярод нас прадказваў гэта? хай абвесьцяць, што было на пачатку; хай паставяць сьведак ад сябе і апраўдаюцца, каб можна было пачуць і сказаць: праўда!

10 А Мае сьведкі, кажа Гасподзь, вы і раб Мой, якога Я выбраў, каб вы ведалі і верылі Мне, і разумелі, што гэта - Я: раней за Мяне ня было Бога, і пасьля Мяне ня будзе.

11 Я, Я - Гасподзь, і няма Збаўцы, апрача Мяне.

12 Я прадказаў і ўратаваў, і абвясьціў; а іншага няма ў вас, і вы - сьведкі Мае, кажа Гасподзь, што Я - Бог;

13 ад пачатку дзён Я - Той Самы, і ніхто не ўратуе ад рукі Маёй; Я зраблю, і хто адменіць гэта?

14 Так кажа Гасподзь, Адкупнік ваш, Сьвяты Ізраілеў: дзеля вас Я паслаў у Вавілон і скрышыў усе завалы і Халдэяў, што выхваляліся караблямі.

15 Я Гасподзь, Сьвяты ваш, Творца Ізраіля, Цар ваш.

16 Так кажа Гасподзь, Які адкрыў у мора дарогу, у моцных водах сьцежку,

17 вывеў калясьніцы і коні, войска і сілу; усе палеглі разам, ня ўсталі; патухлі, як сьвяцільня, пагасьлі.

18 Але вы ня згадваеце ранейшага і пра старадаўняе не намышляеце.

19 Вось, Я раблю новае; а цяпер яно зьявіцца; няўжо вы і гэтага ня хочаце ведаць? Я правяду дарогу ў стэпе, рэкі - у пустыні.

20 Палявыя зьвяры праславяць Мяне, шакалы і страўсы, бо Я ў пустынях дам ваду, рэкі - у сухім стэпе, каб паіць выбраны народ Мой.

21 Гэты народ я ўтварыў Сабе; ён будзе абвяшчаць славу Маю.

22 А ты, Якаве, ня клікаў Мяне; ты, Ізраіле, не працаваў дзеля Мяне.

23 Ты ня прыносіў Мне ягнятак тваіх на цэласпаленьне, ахвярамі тваімі не шанаваў Мяне. Я ня змушаў цябе служыць Мне хлебным прынашэньнем і не абцяжарваў цябе фіміямам.

24 Ты ня купляў Мне пахучага трысьнёгу за срэбра і тлушчам ахвяраў тваіх не карміў Мяне; але ты грахамі тваімі бянтэжыў Мяне; беззаконьнямі тваімі бянтэжыў Мяне.

25 Я, Я Сам згладжваю злачынствы твае дзеля Сябе Самога і грахоў тваіх не ўзгадаю.

26 Прыгадай Мне; пачнем судзіцца; кажы ты, каб апраўдацца.

27 Прабацька твой зграшыў, і хадайнікі твае адступіліся ад Мяне.

28 За тое Я першых у сьвяцілішчы пазбавіў сьвяшчэнства і Якава аддаў на закляцьце і Ізраіля на паганьбеньне.

 

Разьдзел 44

 

1 А цяпер слухай, Якаве, рабе Мой, і Ізраіле, якога я выбраў.

2 Так кажа Гасподзь, Які стварыў цябе, і ўзгадаваў цябе, дапамагае табе ад улоньня мацярынскага, ня бойся, рабе Мой, Якаве, і любасны Ізраіле, якога Я выбраў;

3 бо Я вылью вады на спрагненае; вылью дух Мой на племя тваё і дабраславеньне Маё на нашчадкаў тваіх.

4 І будуць расьці сярод травы, як вербы пры патоках водаў.

5 Адзін скажа: «я - Гасподні», другі назавецца імем Якава; а іншы напіша рукою сваёю: «я - Гасподні», і назавецца імем Ізраіля.

6 Так кажа Гасподзь, Цар Ізраіля, і Адкупнік ягоны, Гасподзь Саваоф: Я - першы, і Я - апошні; і акрамя Мяне няма Бога,

7 бо хто - як Я? Хай ён раскажа, абвесьціць і ў парадку паставіць перад Мною ўсё з таго часу, як Я зладзіў народ старажытны, альбо хай абвесьціць наступнае і будучае.

8 Ня бойцеся і не палохайцеся: ці не здавён Я абвясьціў табе і прадказаў? І вы - Мае сьведкі. Ці ёсьць Бог апрача Мяне? няма, іншай цьвярдыні ніякай ня ведаю.

9 Тыя, што робяць ідалаў, - усе нікчэмныя, і самыя прагавітыя зь іх ня прыносяць ніякай карысьці, і яны самі сабе ў тым сьведкі. Яны ня бачаць і не разумеюць, і таму будуць пасаромленыя.

10 Хто зрабіў бога і выліў ідала, што ня прыносіць ніякай карысьці?

11 Усе ўдзельныя ў гэтым будуць пасаромленыя, бо і майстры самі - таксама зь людзей; яны ўбаяцца, і ўсе будуць пасаромленыя.

12 Каваль робіць з жалеза сякеру і працуе на вугольлі, малаткамі абрабляе яе і працуе над ёю моцнаю рукою сваёю да таго, што аж робіцца галодны і бясьсілы, ня п'е вады і зьнемагае.

13 Цясьляр, сьсекшы дрэва, праводзіць па ім лінію, вострым канцом прылады робіць на ім абрыс, потым абрабляе яго разцом і акругляе яго, і вырабляе зь яго вобраз чалавека прыгожага выгляду, каб паставіць яго ў доме.

14 Ён і сячэ сабе кедры, бярэ сасну і дуб, якія выбера з-паміж дрэваў у лесе, садзіць ясень, а дождж росьціць яго.

15 І гэта служыць чалавеку палівам, і частку гэтага ўжывае ён на тое, каб яму было цёпла, і разводзіць агонь, і пячэ хлеб. І з таго ж самага робіць бога, і пакланяецца яму, робіць ідала і падае перад ім.

16 Частку дрэва паліць у агні, другою часткаю гатуе мяса на ежу, смажыць і есьць удосыць, а таксама грэецца і кажа: «добра, я сагрэўся; адчуў агонь».

17 А з рэшты таго робіць бога, ідала свайго, пакланяецца яму, падае перад ім і моліцца яму, і кажа: «выратуй мяне, бо ты бог мой».

18 Ня ведаюць і не разумеюць яны: Ён заплюшчыў вочы іх, каб ня бачылі, і сэрцы іх, каб не разумелі.

19 І ня возьме ён гэтага да свайго сэрца, і няма ў яго столькі веданьня і розуму, каб сказаць: «палавіну яго я спаліў у агні і на вугольлі яго сьпёк хлеб, засмажыў мяса і зьеў: а з рэшты яго ці ж зраблю мярзоту? ці буду пакланяцца кавалку дрэва»?

20 Ён ганяецца за пылам; ашуканае сэрца ўвяло яго ў аблуду, і ён ня можа вызваліць душы сваёй і сказаць: ці не падман у правай руцэ маёй?

21 Памятай гэта, Якаве і Ізраіле, бо ты - раб Мой; Я ўзгадаваў цябе: раб Мой - ты, Ізраіле, не забывай Мяне.

22 Разьвяду беззаконьні твае, як туман, і грахі твае, як воблака; зьвярніся да Мяне, бо я адкупіў цябе.

23 Радуйцеся, нябёсы, бо Гасподзь зрабіў гэта. Усклікайце, глыбіні зямлі; гудзеце ад радасьці, горы; лес і ўсе дрэвы ў ім; бо адкупіў Гасподзь Якава і праславіцца ў Ізраілі.

24 Так кажа Гасподзь, Які адкупіў цябе і ўзгадаваў цябе ад нутра мацерынага: Я - Гасподзь, Які стварыў усё, адзін раскінуў нябёсы і Сваёю сілаю разаслаў зямлю,

25 Які робіць нікчэмнымі азнакі ілжэпрарокаў і выкрывае вар'яцтва чарадзеяў, мудрацоў праганяе назад, і веды іх робіць глупствам,

26 Які сьцявярджае слова раба Свайго і дае выкананьне выслоўю Сваіх пасланцаў, Які кажа Ерусаліму: «ты будзеш населены» і гарадам Юдавым: «вы будзеце пабудаваныя, і руіны яго Я аднаўлю,

27 Які бездані кажа: «ссохні!» і рэкі твае Я высушу,

28 Які кажа пра Кіра: «пастыр Мой», і ён выканае ўсю волю Маю і скажа Ерусаліму: «ты будзеш пабудаваны!» і храму: «ты будзеш заснаваны!»

 

Разьдзел 45

 

1 Так кажа Гасподзь памазанцу Свайму Кіру: Я трымаю цябе за правую руку, каб упакорыць табе народы, і здыму паясы з пасьніц цароў, каб адчыніліся табе дзьверы і брама не зачынялася:

2 Я пайду перад табою і горы зраўняю, медныя дзьверы патрушчу і завалы жалезныя паламаю;

3 і аддам табе хаваныя ў цемры скарбы і схаваныя багацьці, каб ты ўведаў, што Я Гасподзь, Які называе цябе імем, - Бог Ізраілеў.

4 Дзеля Якава, раба Майго, і Ізраіля, выбранага Майго, я назваў цябе імем, ушанаваў цябе, хоць ты ня ведаў Мяне.

5 Я - Гасподзь, і няма іншага; няма Бога, апрача Мяне; Я аперазаў цябе, хоць ты і ня ведаў Мяне,

6 каб спазналі ад усходу сонца і ад захаду, што няма апрача Мяне; Я - Гасподзь, і няма іншага.

7 Я ўтвараю сьвятло і ствараю цемру, раблю мір і чыню беды; Я, Гасподзь, раблю ўсё гэта.

8 Крапеце, нябёсы, згары, і воблакі хай праліваюць праўду; хай разамкнецца зямля і прыносіць выратаваньне, і хай расьце разам праўда. Я, Гасподзь, твару гэта.

9 Гора таму, хто спрачаецца з Творцам сваім, чарапок з чарапкоў зямных! Ці скажа гліна ганчару: «што ты робіш?» і твая дзея ці скажа пра цябе: «у яго няма рук»?

10 Гора таму, хто кажа бацьку: навошта ты спарадзіў мяне на сьвет, а маці: навошта ты нарадзіла мяне?

11 Так кажа Гасподзь, Сьвяты Ізраіля і Творца яго: вы пытаецеся ў Мяне пра будучыню сыноў Маіх і хочаце Мне ўказваць у дзеях рук Маіх?

12 Я зрабіў зямлю і стварыў на ёй чалавека; Я - Мае рукі і распасьцёрлі нябёсы, і ўсяму воінству іхняму даў закон Я.

13 Я ўзьвёў яго ў праўдзе і спрастую ўсе дарогія яго. Ён збудуе горад Мой і адпусьціць палонных Маіх, не за выкуп і не за дары, кажа Гасподзь Саваоф.

14 Так кажа Гасподзь: працы Егіпцян і гандаль Эфіоплянаў, і Савэйцы, людзі рослыя, да цябе пяройдуць і будуць твае; яны пойдуць сьледам за табою, у ланцугах прыйдуць і ўпадуць перад табою, і будуць маліць цябе, кажучы: у цябе толькі Бог, і няма іншага Бога.

15 Сапраўды, Ты - Бог таямнічы, Бог Ізраілеў, Збаўца.

16 Усе яны будуць паганьбаваныя і пасаромленыя; разам зь імі ў сораме пойдуць і ўсе, хто робіць ідалаў.

17 А Ізраіль будзе выратаваны ратункам вечным у Госпадзе; вы ня будзеце паганьбаваныя вавекі вякоў.

18 Бо так кажа Гасподзь, Які стварыў нябёсы, Ён - Бог, даў вобраз зямлі і зрабіў яе; Ён уцьвердзіў; не дарма стварыў яе, Ён зладзіў яе на жыхарства; Я - Гасподзь, і няма іншага.

19 Не таемнае Я гаварыў, ня ў цёмным месцы зямлі; не казаў Я племю Якава: дарма шукаеце Мяне. Я - Гасподзь, Які прамаўляе праўду, адкрывае ісьціну.

20 Зьбярэцеся і прыйдзеце, наблізьцеся ўсе, хто ацалеў з народаў. Невукі тыя, якія носяць драўлянага свайго ідала і моляцца богу, які не ратуе.

21 Абвясьцеце і скажэце, параіўшыся паміж сабою: хто абвясьціў гэта са старадаўніх часоў, наперад сказаў гэта? Ці ня Я, Гасподзь? і няма іншага Бога акрамя Мяне, - Бога праведнага і ратавальнага няма, акрамя Мяне.

22 Да Мяне зьвярнецеся і будзеце выратаваныя, усе канцы зямлі; бо Я - Бог, і няма іншага.

23 Мною прысягаю: з вуснаў Маіх сыходзіць праўда, слова нязьменнае, што перад Мною схіліцца кожнае племя, Мною будзе прысягаць кожны род.

24 Толькі ў Госпада, будуць казаць пра Мяне, праўда і сіла; да Яго прыйдуць і пасаромяцца ўсе, што варагавалі супроць Яго.

25 Госпадам будзе апраўдана і праслаўлена ўсё племя Ізраілева.

 

Разьдзел 46

 

1 Упаў Віл, паваліўся Нэво; балваны іхнія - на быдле і ўючных жывёлах; вашая ноша сталася цяжкаю стомленым жывёлам.

2 Паваліліся, упалі разам; не маглі абараніць тых, што несьлі, і самі пайшлі ў палон.

3 Паслухайце мяне, доме Якава і ўся рэшта дома Ізраілевага, прынятыя Мною ад улоньня, каго Я насіў ад утробы матчынай:

4 і да старасьці вашай Я той самы буду, і да сівізны вашай Я ж буду насіць вас; Я стварыў і буду насіць, падтрымліваць і ахоўваць вас.

5 Да каго прыпадобніце Мяне і з кім параўнаеце, і з кім зьверыце, каб мы былі падобныя?

6 Высыпаюць золата з кашалька і важаць срэбра на вагах, і наймаюць срабрака, каб ён зрабіў зь яго бога; кланяюцца яму і ўпадаюць перад ім,

7 падымаюць яго на плечы, нясуць яго і ставяць яго на сваё месца; ён стаіць, зь месца свайго не кранецца; крычаць яму - ён не адказвае, не ратуе ад бяды.

8 Успомніце гэта і пакажэце сябе мужамі; прымеце гэта, адступнікі, да сэрца;

9 успомніце былое раней, ад пачатку веку, бо Я - Бог, і няма іншага Бога, і няма падобнага да Мяне.

10 Я ўзьвяшчаю на пачатку, што будзе ў канцы, і ад старадаўніх часін тое, што яшчэ не зрабілася, кажу: Мая рада адбудзецца, і ўсё, што Мне заўгодна, Я зраблю.

11 Я паклікаў арла з усходу, з далёкай краіны, спраўцу вызначэньня Майго. Я сказаў - і спраўджу гэта; прадпісаў - і зраблю.

12 Паслухайце Мяне, жорсткія сэрцам, далёкія ад праўды:

13 Я наблізіў праўду Маю, - яна не далёка, і ратунак Мой не замарудзіць; і дам Сіёну выратаваньне, Ізраілю - славу Маю.

 

Разьдзел 47

 

1 Сыдзі і сядзь у пыл, дзяўчына, дачка Вавілона; сядзі на зямлі: трона няма, дачка Халдэяў, і больш не называцьмуць цябе пяшчотнаю і раскошнаю.

2 Вазьмі жорны і мялі муку; здымі покрыва тваё, падбяры прыпол, адкрый галені, пераходзь цераз рэкі:

3 адкрыецца галізна твая, і нават відаць будзе сорам твой. Зьдзейсьню помсту і не пашкадую нікога.

4 Адкупнік наш - Гасподзь Саваоф імя Яму, Сьвяты Ізраілеў.

5 Сядзі моўчкі і сыдзі ў цемру, дачка Халдэя: бо болей ня будуць называць цябе гаспадыняю царстваў.

6 Я ўгневаўся на народ Мой, зьнішчыў спадчыну Маю і аддаў іх у рукі твае; а ты не ўмілажалілася зь іх, - на старца ўскладала занадта цяжкае ярмо тваё.

7 І ты казала: «вечна буду гаспадыняю», а не ўяўляла таго ў розуме тваім, ня думала, што будзе пасьля.

8 Але сёньня выслухай мяне, сьпешчаная, што жывеш бястурботна, што гаворыш у сэрцы сваім: «я, - і другое падобнае да мяне няма: ня буду сядзець удавіцаю і не зазнаю страты дзяцей».

9 Але зьнянацку, у адзін дзень, прыйдзе да цябе тое і другое - страта дзяцей і ўдоўства; поўнаю мераю сыдуць яны на цябе, нягледзячы на мноства чарадзействаў тваіх і на вялікую сілу варажбіцтва твайго.

10 Бо ты спадзявалася на зладзейства тваё, казала: «ніхто ня бачыць мяне». Мудрасьць твая і веды твае - яны зьбілі цябе з дарогі, і ты казала ў сэрцы тваім: «я, і ніхто апрача мяне».

11 І прыйдзе на цябе нягода: ты не даведаешся, адкуль яна падымецца, і наваліцца на цябе бяда, якое ты ня мецьмеш сілы ўхіліць, і раптоўна прыйдзе на цябе загуба, пра якую ты ня думаеш.

12 Заставайся ж з тваімі варажбіцтвамі і з мноствам чарадзействаў тваіх, якімі ты займалася з маладосьці тваёй: можа стацца - пасобіш сабе, можа стацца - выстаіш.

13 Ты стомленая мноствам парадаў тваіх: хай жа выступяць назіральнікі нябёсаў і зьвездары і прадказальнікі па маладзіках, і ўратуюць цябе ад таго, што мае прыпасьці табе.

14 Вось яны, як салома: агонь спаліў іх, - ня збавілі душы сваёй ад полымя; не засталося вугалю, каб пагрэцца, ні агню, каб пасядзець каля яго.

15 Такімі зрабіліся табе тыя, з кім ты працавала, з кім вяла гандаль з маладосьці тваёй. Кожны пайшоў у свой бок; ніхто не ратуе цябе.

 

Разьдзел 48

 

1 Слухайце гэта, доме Якава, які называецца імем Ізраіля, і паходжанцы ад крыніцы Юдавай, што прысягаюць імем Госпада і вызнаюць Бога Ізраілевага, хоць не паводле ісьціны і не паводле праўды.

2 Бо яны называюць сябе паходжанцамі ад сьвятога горада і апіраюцца на Бога Ізраілевага; Гасподзь Саваоф - імя Яму.

3 Ранейшае Я загадзя абвяшчаў; з Маіх вуснаў выходзіць яно, і Я абвяшчаў гэта і зьнянацку рабіў, - і ўсё збывалася.

4 Я ведаў, што ты ўпарты, і што ў шыі тваёй жылы жалезныя, і лоб твой - медны;

5 таму і абвяшчаў табе загадзя, раней чым гэта здарылася, і перадаваў табе, каб ты не сказаў: «ідал мой зрабіў гэта, і балван мой і выліты мой загадаў гэтаму быць».

6 Ты чуў - паглядзі на ўсё гэта! І няўжо вы не прызнаеце гэтага? А сёньня Я абвяшчаю табе новае, і ты ня ведаў гэтага.

7 Яно сталася сёньня, а не даўно і не за дзень, і ты ня чуў пра тое, каб ты не сказаў: «вось! я ведаў гэта».

8 Ты і ня чуў, і ня ведаў пра гэта, і вуха тваё ня было раней адкрытае; бо Я ведаў, што ты ўчыніш вераломна, і ад самага ўлоньня матчынага ты празваны адступнікам.

9 Дзеля імя Майго адкладваў гнеў Мой, і дзеля славы Маёй стрымліваў Сябе ад зьнішчэньня цябе.

10 Вось, Я растапіў цябе, але не як срэбра; выпрабаваў цябе ў гарніле пакуты.

11 Дзеля Сябе, дзеля Сябе Самога раблю гэта, - бо якое было б нараканьне на імя Маё! славы Маёй ня дам іншаму.

12 Паслухай Мяне, Якаве і Ізраіле, пакліканы Мой: Я той самы, Я першы і Я апошні.

13 Мая рука паклала зямлю, і Мая правіца расхінула нябёсы; паклічу іх, - і яны стануць разам.

14 Зьбярэцеся ўсе, і слухайце: хто спаміж іх прадказаў гэта? Гасподзь палюбіў яго, і ён выканае волю Яго над Вавілонам і пакажа сілу Яго над Халдэямі.

15 Я, Я сказаў, і паклікаў яго; Я прывёў яго, і шлях ягоны будзе пасьпяховы.

16 Падыдзеце да Мяне, слухайце гэта: Я і спачатку гаварыў не таемна; з таго часу, як гэта адбываецца, Я быў там; і сёньня паслаў Мяне Гасподзь Бог і Дух Ягоны.

17 Так кажа Гасподзь, Адкупнік твой, Сьвяты Ізраілеў: Я Гасподзь Бог твой, вучу цябе карыснаму, вяду цябе па той дарозе, па якой табе трэба ісьці.

18 О, калі б ты слухаў запаведзі Мае! Тады мір твой быў бы, як рака, і праўда твая - як хвалі марскія.

19 І насеньне тваё было б, як пясок, і паходжанцы ад нутра твайго - як пясчынкі: ня згладзілася б імя ягонае перад Мною.

20 Выходзьце з Вавілона, бяжэце ад Халдэяў, з голасам радасьці абвяшчайце і прапаведуйце гэта, пашырайце гэтую вестку да краю зямлі; кажэце: Гасподзь адкупіў раба Свайго Якава».

21 І ня сьмягнуць яны ў пустынях, празь якія Ён вядзе іх: Ён крынічыць ім ваду з каменя; расьсякае скалу, - і ліюцца воды.

22 А бязбожным няма спакою, кажа Гасподзь.

 

Разьдзел 49

 

1 Слухайце Мяне, выспы, і ўважайце, народы далёкія: Гасподзь паклікаў Мяне ад улоньня, ад нутробы маці Маёй назваў імя Маё;

2 і зрабіў вусны Мае, як востры меч; ценем рукі Сваёй накрываў Мяне, і зрабіў Мяне стралою завостранаю: у калчане Сваім захоўваў Мяне;

3 і сказаў Мне: ты раб Мой, Ізраіле, - у табе Я праслаўлюся.

4 А Я сказаў: дарма Я працаваў, на нішто і марна нікчэмніў сілу Сваю. Але Маё права - у Госпада, і ўзнагарода Мая - у Бога Майго.

5 І сёньня кажа Гасподзь, Які выгадаваў Мяне ад улоньня рабом Сабе, каб павярнуць да Яго Якава, і каб Ізраіль сабраўся ў Яго; Я ўшанаваны ў вачах Госпада, і Бог мой - сіла Мая.

6 І Ён сказаў: мала таго, што ты будзеш рабом Маім на ўзнаўленьне каленаў Ізраілевых і дзеля вяртаньня рэшты Ізраіля, але Я зраблю Цябе сьвятлом народаў, каб ратаваньне Маё пашырылася да краю зямлі.

7 Так кажа Гасподзь, Адкупнік Ізраіля, Сьвяты Яго, пагарджанаму ўсімі, клятаму народам, рабу ўладароў: цары ўбачаць - і ўстануць; князі паклоняцца дзеля Госпада, Які верны, дзеля Сьвятога Ізраілевага, Які выбраў Цябе.

8 Так кажа Гасподзь: у час спрыяльны Я пачуў Цябе, і ў дзень выратаваньня дапамог Табе; і Я буду ахоўваць Цябе і зраблю Цябе запаветам народу, каб узнавіць зямлю, каб вярнуць спадчыньнікам спадчыну спусташэньня,

9 сказаў вязьням: «выходзьце», і тым, якія ў цемры: «пакажэцеся». Яны пры дарогах будуць пасьвіць, і на ўсіх пагорках будуць пашы іхнія;

10 ня будуць цярпець голаду і смагі, і не дастане іх сьпёка і сонца; бо Той, Хто мілуе іх, будзе весьці іх і прывядзе іх да крыніцы водаў.

11 І ўсе горы Мае зраблю шляхам, і дарогі Мае будуць паднятыя.

12 Вось, яны прыйдуць здалёку; і вось, - адны з поўначы і мора, а другія - зь зямлі Сінім.

13 Радуйцеся, нябёсы, і весяліся, зямля, і гудзеце, горы, ад радасьці; бо суцешыў Гасподзь народ Свой і памілаваў пакутнікаў Сваіх.

14 А Сіён казаў: «пакінуў мяне Гасподзь, і Бог мой забыў мяне!»

15 Ці забудзе жанчына немаўля сваё, каб не пашкадаваць сына ўлоньня свайго? але калі б і яна забыла, дык Я не забуду цябе.

16 Вось, Я накрэсьліў цябе на далонях Маіх; сьцены твае заўсёды перада Мною.

17 Сыны твае пасьпяшаюцца да цябе, а руйнавальнікі і спусташальнікі твае пойдуць ад цябе.

18 Узьвядзі вочы твае і паглядзі навокал, - усе яны зьбіраюцца, ідуць да цябе. Жыву Я! кажа Гасподзь, ва ўсе іх ты апранешся, як ва ўбранства, і ўбярэшся ў іх, як нявеста.

19 Бо руіны твае і пустыні твае і спустошаная зямля твая - будуць цяпер занадта цесныя жыхарам, і тыя, што глыталі цябе, адыдуць ад цябе.

20 Дзеці, якія будуць у цябе пасьля страты ранейшых, скажуць уголас табе: «цеснае мне месца; саступі мне, каб я мог жыць».

21 І ты скажаш у сэрцы тваім: «хто мне нарадзіў іх? я была бязьдзетная і бясплодная, адведзена ў палон і выгнана; хто ж выгадаваў іх? - вось, я заставалася адзінокая; дзе ж яны былі?»

22 Так кажа Гасподзь Бог: вось, Я падыму руку Маю да народаў, і выстаўлю сьцяг Мой плямёнам, - і прынясуць сыноў тваіх на руках і дачок тваіх на плячах.

23 І будуць цары карміцелямі тваімі, і царыцы іх - карміцелькамі тваімі; тварам да зямлі будуць кланяцца табе і лізаць пыл ног тваіх, і ўведаеш, што Я - Гасподзь, што тыя, хто спадзяецца на Мяне, ганьбы ня мецьмуць.

24 Ці можа быць адабрана ў дужага здабыча, і ці могуць быць адабраны ў пераможцы палонныя?

25 Так! так кажа Гасподзь: і палонныя дужым будуць адабраныя, і здабыча тырана будзе вызвалена; бо я буду спаборнічаць з супраціўнікамі тваімі і сыноў тваіх Я выратую;

26 і ўціскальнікаў тваіх накармлю іхняю плоцьцю, і яны будуць упітыя крывёю сваёю, як маладым віном; і ўсякая плоць даведаецца, што Я - Гасподзь, Збаўца твой і Адкупнік твой, Моцны Якаваў.

 

Разьдзел 50

 

1 Так кажа Гасподзь: дзе разводны ліст вашай маці, зь якім Я адпусьціў яе? альбо якому з маіх пазыкоўцаў Я прадаў вас? Вось, вы прададзены за грахі вашыя, і за злачынствы вашыя адпушчана маці вашая.

2 Чаму, калі Я прыходзіў, нікога ня было, і калі Я клікаў, ніхто не азываўся? Хіба рука Мая кароткая стала, каб выбаўляць, альбо няма сілы ўва Мне, каб ратаваць? Вось, грозьбаю Маёю Я высушваю мора, ператвараю рэкі ў пустыню; рыбы ў іх гніюць ад нястачы вады і паміраюць ад смагі.

3 Я апранаю нябёсы ў морак, і вярэту раблю покрывам іхнім.

4 Гасподзь Бог даў Мне язык мудрых, каб Я мог словам мацаваць зьнямоглага: кожнае раніцы Ён будзіць, будзіць вуха Маё, каб Я чуў, быццам вучань.

5 Гасподзь Бог адкрыў Мне вуха, і Я не ўсупрацівіўся, не адступіў назад.

6 Я аддаў хрыбет Мой тым, што б'юць, і шчокі Мае - пабойцам; твару Майго не засланяў ад кляцьбы і апляваньня.

7 І Гасподзь Бог дапамагае Мне: таму Я не саромеюся, таму Я трымаю твар Мой, як крэмень, і ведаю, што не застануся ў ганьбе.

8 Блізкі Апраўдальнік Мой; хто хоча спаборнічаць са Мною? станем разам. Хто хоча судзіцца са Мною? хто падыдзе да Мяне.

9 Вось, Гасподзь Бог дапамагае Мне: хто асудзіць Мяне? Вось, усе яны як вопратка зьлядашчацца; моль зьесьць іх.

10 Хто з вас баіцца Госпада, слухаецца голасу Раба Ягонага? Хто ходзіць у мораку, безь сьвятла, хай спадзяецца на імя Госпада і хай мацуецца ў Богу сваім.

11 Вось, усе вы, што разводзіце агонь, запасеныя запальнымі стрэламі, ідзеце ў полымя агню вашага і стрэлаў, распаленых вамі! Гэта будзе вам ад рукі Маёй: у пакутах сканаеце.

 

Разьдзел 51

 

1 Паслухайце Мяне, хто імкнецца да праўды, хто шукае Госпада! Зірнеце на скалу, зь якой вы высечаны, і ў глыбіню рова, зь якога вас дасталі.

2 Паглядзеце на Абрагама, бацьку вашага, і на Сару, якая нарадзіла вас; бо Я паклікаў яго аднаго і дабраславіў яго і памножыў яго.

3 Так, Гасподзь суцешыць Сіён, суцешыць усе руіны яго і зробіць пустыні яго, як рай, і стэп яго, як сад Госпада: радасьць і весялосьць будуць у ім, славаслоўе і песнапеньне.

4 Паслухайце Мяне, народзе Мой, і племя Маё, прыхілеце вуха да Мяне! бо ад Мяне пойдзе закон, і суд Мой пастаўлю за сьвятло народам.

5 Праўда Мая блізкая; выратаваньне Маё ўзыходзіць, і сіла Мая будзе судзіць народы; выспы спадзявацьмуцца на Мяне і будуць класьці надзею на сілу Маю.

6 Узьвядзеце вочы вашыя да нябёсаў, і паглядзеце на зямлю ўніз: бо нябёсы зьнікнуць, як дым, і зямля зьлядашчыцца, як вопратка, і жыхары яе таксама вымруць; а Маё выратаваньне будзе вечнае, і праўда Мая ня спыніцца.

7 Паслухайце Мяне, знаўцы праўды, народзе, у якога ў сэрцы закон Мой! Ня бойцеся ганьбаваньня ад людзей, і ліхаслоўя іхняга не палохайцеся.

8 Бо, як вопратку, зьесьць іх моль і, як воўну, зьесьць іх чарвяк; а праўда Мая жыцьме вечна, і выратаваньне Маё - род у род.

9 Паўстань, паўстань, апраніся ў моц, сіла Гасподняя! Паўстань, як у дні старадаўнія, у роды старажытныя! Ці ж ня ты зваліла Раава, пабіла кракадзіла?

10 Ці ня ты высушыла мора, воды вялікае бездані, ператварыла глыбіні мора ў дарогу, каб прыйшлі адкупленыя?

11 І вернуцца выбаўленыя Госпадам і прыйдуць на Сіён са сьпевамі, і радасьць вечная - над галавою іх; яны знойдуць радасьць і весялосьць: смутак і ўздыханьні адыдуць.

12 Я, Я Сам - Суцешнік ваш. Хто ты, што баішся чалавека, які памірае, і сына чалавечага, які тое самае, што трава,

13 і забываеш Госпада Творцу свайго, Які раскінуў нябёсы і ўтварыў зямлю; і бесьперастанку, кожны дзень баішся лютасьці прыгнятальніка, як бы ён гатовы быў зьнішчыць? Але дзе лютасьць прыгнятальніка?

14 Хутка вызвалены будзе палонны, і не памрэ ў яміне, і ня мецьме патрэбы ў хлебе.

15 Я - Гасподзь Бог твой, Які ўзбурвае мора, так што хвалі яго равуць: Гасподзь Саваоф - імя Яго.

16 І Я ўкладу словы Мае ў вусны твае, і ценем рукі Маёй пакрыю цябе, каб зладзіць нябёсы і ўцьвердзіць зямлю і сказаць Сіёну: «ты Мой народ».

17 Акрыяй, акрыяй, паўстань, Ерусаліме, ты, які з рукі Госпада выпіў келіх лютасьці Ягонай, выпіў да дна келіх ап'яненьня, асушыў.

18 Ня было каму весьці яго з усіх сыноў, народжаных ім, і ня было каму падтрымаць яго за руку з усіх сыноў, якіх ён выгадаваў.

19 Цябе спасьціглі два бедствы, хто пашкадуе цябе? - спусташэньне і зьнішчэньне, голад і меч: кім Я суцешу цябе?

20 Сыны твае зьнемаглі, ляжаць па закутках усіх вуліц, як сарна ў цянётах, поўныя гневу Госпада, грозьбы Бога твайго.

21 Дык вось, выслухай гэта, пакутнік і ап'янелы, але не ад віна.

22 Так кажа Гасподзь твой, Гасподзь і Бог твой, што помсьціць за Свой народ: вось, Я бяру з рукі тваёй келіх ап'яненьня, дрожджы з келіха лютасьці Маёй: ты ўжо ня будзеш піць зь іх,

23 і падам яго ў рукі катам тваім, якія казалі табе: «упадзі ніцма, каб нам прайсьці па табе»; і ты хрыбет твой рабіў як бы зямлёю і вуліцаю праходжым.

 

Разьдзел 52

 

1 Паўстань, паўстань, апраніся ў сілу тваю, Сіёне! Апраніся ў строі велічы тваёй, Ерусаліме, горадзе сьвяты! бо ня будзе болей уваходзіць у цябе неабрэзаны і нячысты.

2 Абтрасі зь сябе пыл; устань, палонны Ерусаліме! здымі ланцугі з шыі тваёй, паланёная дачка Сіёна!

3 Бо так кажа Гасподзь: за нішто былі вы прададзены, і бяз срэбра адкуплены будзеце;

4 бо так кажа Гасподзь: народ Мой хадзіў раней у Егіпет, каб там пажыць, і Асур уціскаў яго нізавошта.

5 І цяпер што ў Мяне тут? кажа Гасподзь, - народ Мой узяты дарам, уладары іхнія шалеюць, кажа Гасподзь, і ўвесь час, кожны дзень імя Маё няславіцца.

6 Таму народ Мой уведае імя Маё; таму ўведае ў той дзень, што Я той самы, Які сказаў: вось Я!

7 Якія прыгожыя на горах ногі дабравесьніка, што абвяшчае мір, зьвястуе радасьць, прапаведуе збавеньне, кажа Сіёну: «зацараваў Бог твой!»

8 Голас вартаўнікоў тваіх - яны ўзвысілі голас, і ўсе разам радуюцца, бо на свае вочы бачаць, што Гасподзь вяртаецца ў Сіён.

9 Радуйцеся, сьпявайце разам, руіны Ерусаліма, бо суцешыў Гасподзь народ Свой - адкупіў Ерусалім.

10 Агаліў Гасподзь сьвятую сілу Сваю на вачах усіх народаў, - і ўсе канцы зямлі ўбачаць збавеньне Бога нашага.

11 Ідзеце, ідзеце, выходзьце адтуль: не дакранайцеся да нячыстага; выходзьце з асяродзьдзя ягонага, ачысьціце сябе, носьбіты сасудаў Гасподніх!

12 бо вы выйдзеце не пасьпешліва, і не пабяжыце; бо паперадзе ў вас пойдзе Гасподзь, і Бог Ізраілеў будзе вартаю за вамі.

13 Вось, раб мой будзе ўсьцешаны посьпехам, узвысіцца і ўзьнясецца і ўзьвялічыцца.

14 Як многія дзіву даваліся, гледзячы на Цябе, - так было зьнявечана больш за ўсякага чалавека аблічча Яго, і выгляд Ягоны больш за сыноў чалавечых!

15 Так многія народы прывядзе Ён да подзіву; цары затуляць перад Ім вусны свае, бо яны ўбачаць тое, пра што ня было казана ім, і даведаюцца пра тое, чаго ня чулі.

 

Разьдзел 53

 

1 Госпадзе! хто паверыў чутаму ад нас, і каму адкрылася сіла Гасподняя?

2 Бо ён узышоў перад Ім, як атожылак і як росьцік з сухой зямлі; няма ў Ім ні выгляду, ні велічы; і мы бачылі Яго, і ня было ў Ім выгляду, які вабіў бы нас да Яго.

3 Ён быў пагарджаны і прыніжаны перад людзьмі, Муж скрухі і дасьведчаны ў хваробах, і мы адварочвалі ад Яго твар свой; Ён быў пагарджаны, і мы ані ў што ня ставілі Яго.

4 Але Ён узяў на Сябе нашыя немачы і забраў нашыя хваробы; а мы думалі, што Ён быў паранены, пакараны і зьнішчаны Богам.

5 Але Ён паранены быў за грахі нашыя і пакутаваў за беззаконьні нашыя; кара міру нашага была на Ім, і ранамі Яго мы ацаліліся.

6 Усе мы блукалі, як авечкі, зьвярнулі кожны на сваю дарогу, - і Гасподзь усклаў на Яго грахі ўсіх нас.

7 Ён катаваны быў, але цярпеў з добрай волі і не размыкаў вуснаў Сваіх; як авечку, вялі Яго на закол, і як ягня перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх.

8 Зь вязьніцы і суду Ён быў узяты; але род Ягоны хто высьветліць? бо Ён адарваны ад зямлі жывых; за злачынствы народу Майго перацерпеў сьмерць.

9 Яму выраклі магілу са зладзеямі, але Ён пахаваны ў багатага, бо ня ўчыніў грэху, і ня было маны ў вуснах Ягоных.

10 Але Госпаду заўгодна было ўтрапіць Яго цярпеньнямі, і Ён аддаў Яго на пакуты; калі ж душа Яго прынясе ахвяру ўмілажаленьня, Ён убачыць нашчадства даўгавечнае, і воля Гасподняя пасьпяхова будзе зьдзяйсьняцца рукою Ягонай.

11 На подзьвіг душы Сваёй Ён будзе глядзець з прыемнасьцю; праз спазнаньне Яго Ён, Праведнік, Раб Мой, апраўдае многіх і грахі іх на Сабе панясе.

12 Пасьля гэтага Я дам Яму долю паміж вялікімі, і з моцнымі будзе дзяліць здабычу, за тое, што аддаў душу Сваю на сьмерць, і да зладзеяў залічаны быў, тады як Ён панёс на Сабе грахі многіх і за злачынцаў зрабіўся хадайнікам.

 

Разьдзел 54

 

1 Разьвесяліся, няплодная, неўрадлівая; усклікні і голасам скажы ты, якая ня мучылася родамі; бо ў пакінутай намнога болей дзяцей, чым у замужняе, кажа Гасподзь.

2 Расхіні месца намёту твайго, пашыры покрывы жытлішчаў тваіх; не саромейся, - адпусьці даўжэй шнуры твае і ўцьвердзі калкі твае;

3 бо ты пашырышся направа і налева, і нашчадкі твае завалодаюць народамі і заселяць спустошаныя гарады.

4 Ня бойся, бо ня будзеш пасаромленая; не бянтэжся, бо ня будзеш у паганьбеньні: ты забудзеш ганьбу маладосьці тваёй і ня будзеш болей згадваць пра няслаўе ўдоўства твайго.

5 Бо твой Творца ёсьць муж твой; Гасподзь Саваоф - імя Яго, і Адкупнік твой - Сьвяты Ізраілеў: Богам усёй зямлі назавецца Ён.

6 Бо як жонку, пакінутую і скрушлівую духам, заклікае цябе Гасподзь, і як жонку маладосьці, якая была адкінутая, кажа Бог твой.

7 На кароткі час Я пакінуў цябе, але зь вялікаю літасьцю прыму цябе.

8 У гарачцы гневу Я схаваў ад цябе аблічча Маё на час, але вечнаю літасьцю памілую цябе, кажа Адкупнік твой Гасподзь.

9 Бо гэта Мне, як воды Ноя: як Я пакляўся, што воды Ноя ня прыйдуць больш на зямлю, як пакляўся ня гневацца на цябе і не дакараць цябе.

10 Горы скрануцца і пагоркі пахіснуцца, - а літасьць Мая не адступіць ад цябе, і запавет міру Майго не пахісьнецца, кажа Гасподзь, Які спагадае табе.

11 Бедная, кіданая бураю, няўцешная! Вось, Я пакладу камяні твае на рубін і зраблю аснову тваю з сапфіраў;

12 і зраблю вокны твае з рубінаў і браму тваю - з жамчужын, і ўсю агароджу тваю - з каштоўных камянёў.

13 І ўсе сыны твае будуць навучаны Госпадам, і вялікі спакой будзе ў сыноў тваіх.

14 Ты ўмацуешся праўдаю; будзеш далёкая ад уціску, бо табе баяцца няма чаго, і ад жудасьці, бо ён не наблізіцца да цябе.

15 Вось, будуць узбройвацца супроць цябе, але не ад Мяне; хто б ні ўзброіўся супроць цябе, - загіне.

16 Вось, Я стварыў каваля, які разьдзімае жар у агні і робіць прыладу для сваёй працы, - і Я ствараю згубцу на вынішчэньне.

17 Ніякая зброя, зробленая на цябе, ня дасьць посьпеху; і кожны язык, які будзе спаборнічаць з табою на судзе, - ты зьвінаваціш. Гэта спадчына рабоў Госпада, апраўданьне іх ад Мяне, кажа Гасподзь.

 

Разьдзел 55

 

1 Спрагненыя! ідзеце ўсе да водаў; нават і вы, у каго няма срэбра, ідзеце, купляйце і ежце; ідзеце, купляйце бяз срэбра і бяз платы віно і малако.

2 Навошта вам наважваць срэбра за тое, што ня хлеб, і заробак свой за тое, што не насычае? Паслухайце ўважліва і ежце дабро, і душа вашая хай раскашуецца тлушчам.

3 Прыхілеце вуха ваша і прыйдзеце да Мяне; паслухайце, і жывая будзе душа вашая, - і дам вам запавет вечны, нязьменныя міласьці, абяцаныя Давіду.

4 Вось, Я даў Яго ў сьведкі народам, у правадыры і настаўнікі народам.

5 Вось,ты заклічаш народ, якога ты ня ведаў, і народы, якія цябе ня ведалі, пасьпяшаюцца да цябе дзеля Госпада Бога твайго і дзеля Сьвятога Ізраілевага, бо Ён праславіў цябе.

6 Шукайце Госпада, калі можна знайсьці Яго; клічце Яго, калі Ён блізка.

7 Хай пакіне бязбожнік дарогу сваю і беззаконьнік - намыслы свае, і хай зьвернецца да Госпада, - і Ён памілуе яго, і да Бога нашага, - бо Ён мілажальны.

8 Мае думкі - ня вашыя думкі, ні вашыя шляхі - не Мае шляхі, кажа Гасподзь.

9 Але Як неба вышэй за зямлю, так дарогі Мае вышэй за дарогі вашыя, і думкі Мае вышэй за думкі вашыя.

10 Як дождж і сьнег зыходзяць зь неба і туды не вяртаюцца, а напойваюць зямлю і робяць яе здольнаю радзіць і вырошчваць, каб яна давала насеньне таму, хто сее, і хлеб таму, хто есьць,

11 так і слова Маё, якое зыходзіць з вуснаў Маіх, - яно не вяртаецца да Мяне марным, а выконвае тое, што Мне заўгодна, і зьдзяйсьняе тое, на што Я паслаў яго.

12 Дык вось, вы выйдзеце зь весялосьцю і вас правядуць зь мірам; горы і пагоркі будуць сьпяваць перад вамі песьню, і ўсе дрэвы ў полі - папляскаюць вам.

13 Замест цярноўніку вырасьце кіпарыс; замест крапівы вырасьце мірт; і гэта будзе на славу Госпаду, на знак вечны, непарушны.

 

Разьдзел 56

 

1 Так кажа Гасподзь: захоўвайце суд і кіруйцеся праўдаю; бо блізка збавеньне Маё і адкрыцьцё праўды Маёй.

2 Шчасны муж, які робіць гэта, і сын чалавечы, які моцна трымаецца гэтага, які захоўвае суботу ад апаганьваньня і стрымлівае руку сваю, каб не зрабіць ніякага ліха.

3 Хай ня кажа сын іншапляменца, які далучыўся да Госпада: «Гасподзь зусім адлучыў мяне ад Свайго народа», і хай ня кажа еўнух: «вось, я сухое дрэва».

4 Бо Гасподзь так кажа пра еўнухаў: хто шануе Мае суботы і выбірае заўгоднае Мне і моцна трымаецца запавету Майго,

5 тым дам Я ў доме Маім і ў сьценах Маіх месца і імя лепшае, чым сынам і дочкам: дам ім вечнае імя, якое ня вынішчыцца.

6 І сыноў іншапляменцаў, якія далучыліся да Госпада, каб служыць Яму і любіць імя Госпада, быць рабамі Яго, - усіх, хто захоўвае суботу ад апаганьваньня і цьвёрда трымаецца запавету Майго,

7 Я прывяду на сьвятую гару Маю і парадую іх у Маім доме малітвы; цэласпаленьні іхнія і ахвяры іхнія будуць на ахвярніку Маім, бо дом Мой называецца домам малітвы для ўсіх народаў.

8 Гасподзь Бог, Які зьбірае расьсеяных Ізраільцянаў, кажа: да сабраных у яго Я буду яшчэ зьбіраць іншых.

9 Усе зьвяры польныя, усе зьвяры лясныя, ідзеце есьці!

10 Вартаўнікі ў іх сьляпыя ўсе і невукі: усе яны нямыя сабакі, якія ня ўмеюць брахаць, пазяхаюць лежачы, любяць спаць.

11 І гэта - сабакі, прагныя душою, ня ведаюць сытасьці; і гэта - пастухі бесталковыя: усе глядзяць на сваю дарогу, кожны да апошняга, на сваю радасьць;

12 прыходзьце, кажуць, я дастану віна, і мы нап'емся сікеры; і заўтра тое самае будзе, што сёньня, ды яшчэ і болей.

 

Разьдзел 57

 

1 Праведнік памірае, і ніхто не бярэ гэтага да сэрца; і мужоў пабожных забіраюць зь зямлі, і ніхто не падумае, што праведніка забіраюць ад ліха.

2 Ён адыходзіць да спакою; тыя, што ходзяць простаю дарогаю, будуць пакоіцца на ложках сваіх.

3 Але падыдзеце сюды, вы, сыны чарадзейкі, семя пералюбніка і распусьніцы.

4 З каго вы глум чыніце? супроць каго разьзяўляеце рот, высалопваеце язык? ці ня дзеці вы злачынства, семя падману?

5 распаля±ныя пажадаю да ідалаў пад кожным галінастым дрэвам, гартавальнікі дзяцей каля ручаёў, у расколінах скал?

6 У гладкіх камянях ручаёў доля твая; яны, яны - доля твая; ім ты робіш паліваньні і прыносіш ахвяры: ці ж магу Я быць задаволены гэтым?

7 На высокай і выноснай гары ты ставіш ложак твой і туды ўзыходзіш прыносіць ахвяру.

8 За дзьвярыма і за вушакамі ставіш помнікі твае, бо: адвярнуўшыся ад Мяне, ты агаляешся і ўзыходзіш; расхінаеш ложак твой і дамаўляешся з тымі зь іх, зь якімі любіш ляжаць, - вышукваеш месца.

9 Ты хадзіла таксама да цара з пахучаю масьцю і памнажала масьці твае, і далёка пасылала паслоў тваіх і прыніжалася да апраметнай.

10 Ад доўгай дарогі тваёй стамлялася, але не казала «надзея страчана!», усё яшчэ знаходзіла жывасьць у руцэ тваёй і таму не адчувала паслабкі.

11 Каго ж ты спалохалася і збаялася, што зрабілася нявернаю і Мяне перастала памятаць і захоўваць у тваім сэрцы? ці не таму, што Я маўчаў, і пры тым доўга, ты перастала баяцца Мяне?

12 Я пакажу праўду тваю і ўчынкі твае, - і яны будуць не на карысьць табе.

13 Калі ты будзеш галасіць, ці ўратуе цябе зборня твая? - усіх іх зьнясе вецер, разьнясе подых; і хто спадзяецца на Мяне, той успадкуе зямлю, і будзе валодаць сьвятою гарою Маёю.

14 І сказаў: падымайце, падымайце, раўняйце дарогу, прымайце перашкоды са шляху народа Майго.

15 Бо так кажа Высокі і Ўзьнесены, вечна Жывы, - Сьвяты імя Яго: Я жыву на вышыні нябёсаў і ў сьвяцілішчы, і гэтак сама з уціснутымі і ўпакоранымі духам, каб ажыўляць дух упакораных і ажыўляць сэрцы ўціснутых.

16 Бо ня вечна буду Я весьці цяжбіну і не да канца гневацца; інакш зьняможацца перада Мною дух і ўсякае дыханьне, Мною створанае.

17 За грэх карысталюбнасьці яго Я гневаўся і пабіваў яго, хаваў твар і абураўся; але ён адвярнуўшыся пайшоў па дарозе свайго сэрца.

18 Я бачыў шляхі яго і ацалю яго, і буду вадзіць яго і суцяшаць яго і гаротнікаў ягоных.

19 Я стрымаю слова: спакой, спакой далёкаму і блізкаму, кажа Гасподзь, і ацалю яго.

20 А бязбожныя - як мора ўсхваляванае, якое ня можа супакоіцца, і воды якога выкідаюць глей і бруд.

21 Няма спакою бязбожным, кажа Бог мой.

 

Разьдзел 58

 

1 Заклікай голасна, ня стрымлівайся; узвысь голас твой, каб быў, як труба, і пакажы народу Майму на беззаконьне яго, і дому Якаваму - на грахі ягоныя.

2 Яны кожнага дня шукаюць Мяне і хочуць ведаць шляхі Мае, як народ, што робіць справядліва і не адступаецца ад законаў Бога свайго; яны пытаюцца ў Мяне пра суды праўды, хочуць наблізіцца да Бога:

3 «чаму мы посьцім, а Ты ня бачыш? упакорваем душы свае, а Ты ня ведаеш?» - Вось, у дзень посту вашага вы выконваеце волю вашу і патрабуеце цяжкае працы ад іншых.

4 Вось вы посьціце дзеля свараў і разладаў, і дзеля таго, каб дзёрзкаю рукою біць іншых; вы ня посьціце ў гэты час так, каб голас ваш быў пачуты на вышыні.

5 Ці такі той пост, які Я выбраў, - дзень, у які томіць чалавек душу сваю, калі нурыць галаву сваю, як трысьнёг, і падсьцілае пад сябе зрэб'е і попел? Ці гэта называеш постам і днём, заўгодным Госпаду?

6 Вось пост, які Я выбраў: разамкні аковы няпраўды, разьвяжы путы ярма, і прыгнечаных адпусьці на волю і разарві кожнае ярмо:

7 падзяліся з галодным хлебам тваім, і бяздомных бедных увядзі ў дом; калі ўбачыш голага, адзень яго, і ад адзінакроўнага твайго не хавайся.

8 Тады адкрыецца, як зара, сьвятло тваё, і ацаленьне тваё хутка вырасьце, і праўда твая пойдзе перад табою, і слава Гасподняя будзе з табою.

9 Тады ты паклічаш - і Гасподзь пачуе, залямантуеш - і Ён скажа: Вось Я! Калі ты адвядзеш з асяродзьдзя твайго ярмо, перастанеш падымаць палец і гаварыць зьняважлівае

10 і аддасі галоднаму душу тваю і накорміш душу пакутніка, - тады сьвятло тваё ўзыдзе ў цемры, і морак твой будзе як полудзень;

11 і будзе Гасподзь правадыром тваім заўсёды, і ў час засухі будзе насычаць душу тваю і мацаваць косьці твае, і ты будзеш як напоены вадою сад і як крыніца, воды якое ніколі не перасыхаюць.

12 І забудуюцца нашчадкамі тваімі пустыні векавечныя: ты адродзіш асновы многіх пакаленьняў, і называцьмуць цябе адраджэнцам руінаў, адраджэнцам шляхоў насельніцтву.

13 Калі ты ўтрымаеш нагу тваю дзеля суботы ад выкананьня прымхаў тваіх у сьвяты дзень Мой, і будзеш называць суботу радасьцю, сьвятым днём Гасподнім, шанавальным, і ўшануеш яе тым, што ня будзеш займацца звычнымі тваімі справамі, дагаджаць тваёй прыхамаці і пустасловіць,

14 дык мецьмеш радасьць у Госпадзе, і Я ўзьвяду цябе на вышыні зямныя і дам скаштаваць табе спадчыну Якава, бацькі твайго: вусны Гасподнія прамовілі гэта.

 

Разьдзел 59

 

1 Вось, рука Госпада не пакарацела, каб ратаваць, і вуха Яго не ацяжэла, каб чуць.

2 А беззаконьні вашыя зрабілі падзел паміж вамі і Богам вашым, і грахі вашыя адварочваюць аблічча Яго ад вас, каб ня чуць.

3 Бо рукі вашыя апаганены крывёю і пальцы вашыя - беззаконьнем; вусны вашыя кажуць ману, язык ваш вымаўляе няпраўду.

4 Ніхто не падае голасу за праўду, і ніхто не заступаецца за ісьціну: спадзяюцца на пустое і хлусяць, зачынаюць ліха і спараджаюць ліхадзейства;

5 выседжваюць зьмяіныя яйкі і ткуць павуціну: хто паесьць яек іх, - памрэ, а калі раздушыць, - выпаўзе яхідна.

6 Павуціньне іхняе на вопратку няпрыдатнае, і яны не накрыюцца сваім творам; учынкі іхнія - учынкі няправедныя, і насільле ў руках у іх.

7 Ногі іхнія бягуць ад ліха, і яны сьпяшаюцца праліваць нявінную кроў; думкі іхнія - думкі бязбожныя; спусташэньне і пагібель на сьцежках іхніх.

8 Шляху спакойнага яны ня ведаюць, і няма суду на сьцежках іхніх; шляхі іхнія скрыўленыя, і ніхто, калі ідзе па іх, ня ведае спакою.

9 Таму і далёкі ад нас суд, і правасудзьдзе не дастае нас: чакаем сьвятла, і вось цемра, - азарэньня, і ходзім у змроку.

10 Адчуваем, як сьляпыя сьцяну, і, як без вачэй, ходзім навобмацак; спатыкаемся аполудні, як упоцемках, сярод жывых - як мёртвыя.

11 Усе мы равем, як мядзьведзі, і вуркочам, як галубы; чакаем суду, і няма яго, - ратунку, але ён далёкі ад нас.

12 Бо злачынствы нашыя шматлікія перад Табою, і грахі нашыя сьведчаць супроць нас; бо злачынствы нашыя з намі і беззаконьні нашыя мы ведаем.

13 Мы здрадзілі і зманілі перад Госпадам, і адступіліся ад Бога нашага; гаварылі паклёп і здраду, зачыналі і нараджалі з сэрца ілжывыя словы.

14 І суд адступіў назад, і праўда стала здалёку, бо ісьціна спатыкнулася на плошчы, і сумленнасьць ня можа ўвайсьці.

15 І ня стала ісьціны, і той, хто бяжыць ад ліха, падпадае пад зьнявагу. І Гасподзь убачыў гэта, і агідна было вачам Яго, што няма суду,

16 і бачыў, што няма чалавека, і зьдзіўляўся, што няма заступніка; і памагла Яму сіла Яго, і праўда Ягоная падтрымала Яго.

17 І Ён усклаў на Сябе праўду, як браню, і шлем ратунку - галаву Сваю; і апрануўся ў шату мсьцівасьці, як у вопратку, і пакрыў Сябе руплівасьцю, як плашчом.

18 Па меры адпомсты, паводле гэтай меры Ён дасьць праціўнікам Сваім - лютасьць, ворагам Сваім - помстаю, выспам аддасьць мусовую плату.

19 І збаяцца імені Госпада на захадзе і славы Яго - на ўсходзе сонца. Калі вораг прыйдзе як рака, - подых Госпада прагоніць яго.

20 І прыйдзе Адкупнік Сіёна і сыноў Якава, што адвярнуліся ад бязбожнасьці, кажа Гасподзь.

21 І вось, запавет Мой зь імі, кажа Гасподзь: Дух Мой, які на табе, і словы Мае, якія ўклаў Я ў вусны твае, не адступяць ад вуснаў тваіх і ад вуснаў нашчадкаў тваіх і ад вуснаў нашчадкаў нашчадкаў тваіх, кажа Гасподзь, ад сёньня і давеку.

 

Разьдзел 60

 

1 Паўстань, сьвяціся, Ерусаліме; бо прыйшло сьвятло тваё, і слава Гасподняя ўзышла над табою.

2 Бо вось, цемра пакрые зямлю, і змрок народы; а над табою зазьзяе Гасподзь, і слава Яго зьявіцца над табою.

3 І прыйдуць народы да сьвятла твайго, і цары - да зьзяньня, якое ўзыходзіць над табою.

4 Падымі вочы твае і паглядзі навокал: усе яны зьбіраюцца і ідуць да цябе: сыны твае здалёк ідуць і дачок тваіх на руках нясуць.

5 Тады ўбачыш і зарадуешся, і затрымціць і расхінецца сэрца тваё, бо багацьце мора зьвернецца да цябе, здабытак народу прыйдзе да цябе.

6 Мноства вярблюдаў пакрые цябе - драмадэры з Мадыяма і Эфы; усе яны з Савы прыйдуць, прынясуць золата і ладан і ўзьвесьцяць славу Гасподнюю.

7 Усе авечкі Кідарскія будуць сабраныя да цябе; бараны Нэваёцкія паслужаць табе: узыдуць на алтар Мой ахвяраю спадабанаю, і Я праслаўлю дом славы Маёй.

8 Хто гэта ляціць, як воблакі, і як галубы - да галубятняў сваіх?

9 Так, Мяне чакаюць выспы і наперадзе іх - караблі Фарсіскія, каб перавезьці сыноў тваіх здалёк і зь імі срэбра іхняе і золата іхняе, у імя Госпада Бога твайго і Сьвятога Ізраілевага, бо Ён праславіць цябе.

10 Тады сыны іншаземцаў будавацьмуць сьцены твае, і цары іхнія - будуць служыць табе; бо ў гневе Маім Я пабіваў цябе, а ва ўпадабаньні Маім буду мілажальны да цябе.

11 І заўсёды будуць адчынены брамы твае, зачыняцца ня будуць ні ўдзень, ні ўначы, каб прыносілі табе здабытак народаў і прыводзілі цароў іхніх.

12 Бо народ і царства, якія не захочуць служыць табе, - загінуць, і такія народы цалкавіта вынішчацца.

13 Слава Лівана прыйдзе да цябе, кіпарыс, ядловец і кедр злучацца, каб упрыгожыць месца сьвяцілішча Майго, - і Я праслаўлю падножжа ног Маіх.

14 І прыйдуць да цябе ў пакоры сыны прыгнятальнікаў тваіх, і ўпадуць да ступакоў ног тваіх усе, хто пагарджаў табою, і назавуць цябе горадам Госпада, Сіёнам Сьвятога Ізраілевага.

15 Замест таго, што ты быў пакінуты і зьненавіджаны, так што ніхто не праходзіў празь цябе, - Я зраблю цябе веліччу навекі, радасьцю ў роды родаў.

16 Ты будзеш насычацца малаком народаў, і грудзі царскія смактаць будзеш, і ўведаеш, што Я Гасподзь - Збаўца твой і Адкупнік твой, Моцны Ізраілеў.

17 Замест медзі буду дастаўляць табе золата, і замест жалеза - срэбра, і замест дрэва - медзь, і замест камянёў - жалеза; і пастаўлю кіраўніком тваім спакой і наглядчыкамі тваімі - праўду.

18 Ня чуваць будзе болей насільля ў зямлі тваёй, спусташэньня і разбурэньня - у межах тваіх; і будзеш называць сьцены твае ратункам і брамы твае - славаю.

19 Ня будзе ўжо сонца служыць табе сьвятлом дзённым, і зьзяньне месяца - сьвяціць табе; а Гасподзь будзе табе вечным сьвятлом, і Бог твой - славаю тваёю.

20 Ня зойдзе ўжо сонца тваё, і месяц твой не схаваецца, бо Гасподзь будзе табе вечным сьвятлом, і закончацца дні жальбы тваёй.

21 І народ твой увесь будзе праведны, навекі ўспадкуе зямлю, - парасьліну насаджэньня Майго, дзею рук Маіх, на праслаўленьне Маё.

22 Ад малога пойдзе тысяча, і ад самага слабога - моцны народ. Я, Гасподзь, паскору зьдзейсьніць гэта сваім часам.

 

Разьдзел 61

 

1 Дух Госпада Бога на Мне, бо Гасподзь памазаў Мяне зьвеставаць убогім, паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне і вязьням - адкрыцьцё цямніцы,

2 прапаведаваць год Гасподні спрыяльны і дзень помсты Бога нашага; суцешыць усіх, хто бядуе,

3 абвясьціць тым, хто жаліцца на Сіён, што ім замест попелу дасца акраса, замест плачу - алей радасьці, замест заняпалага духу - слаўная вопратка; і назавуць іх моцнымі праўдаю, асалодаю Госпада ў славу Яго.

4 І забудуюць пустыні спрадвечныя, адновяць старадаўнія руіны і адновяць гарады разбураныя, запусьцелыя з даўніх родаў.

5 І прыйдуць іншаземцы, і будуць пасьвіць статкі вашыя; і сыны чужаземцаў будуць вашымі ратаямі і вашымі вінаградарамі.

6 А вы будзеце называцца сьвятарамі Госпада, - службітамі Бога нашага называцьмуць вас; будзеце карыстацца здабыткамі народаў і славіцца славаю іхняю.

7 За пасаромленьне вам будзе ўдвая; за паглумленьне яны будуць радавацца сваёй долі, бо ў зямлі сваёй удвая атрымаюць; весялосьць вечная будзе ў іх.

8 Бо Я, Гасподзь, люблю правасудзьдзе, ненавіджу рабункі з гвалтам, і дам узнагароду ім паводле ісьціны, і запавет вечны пастаўлю зь імі;

9 і будзе вядома між народамі семя іхняе, і нашчадкі іхнія - сярод плямёнаў; усе, хто бачыць іх, спазнаюць, што яны - насеньне, дабраславёнае Госпадам.

10 Радасьцю буду радавацца ў Госпадзе, разьвесяліцца душа мая ў Богу маім: бо Ён апрануў мяне ў шаты ратаваньня, адзеньнем праўды ахінуў мяне, як на жаніха ўсклаў вянок і, як нявесту, аздобіў убранствам.

11 Бо - як зямля ўтварае расьліны свае, і як сад гадуе пасеянае ў ім, - так Гасподзь Бог выявіць праўду і славу перад усімі народамі.

 

Разьдзел 62

 

1 Ня змоўкну дзеля Сіёна, і дзеля Ерусаліма не супакоюся, пакуль ня ўзыйдзе, як сьвятло, праўда яго, і збавеньне яго - як запаленая сьвяцільня.

2 І ўбачаць народы праўду тваю і ўсе цары - славу тваю, і назавуць цябе новым імем, якое дадуць вусны Гасподнія.

3 І будзеш вянком славы ў руцэ ў Госпада і царскаю дыядэмаю - на далоні Бога твайго.

4 Ня будуць ужо называць цябе «пакінутым», і зямлю тваю ня будуць называць «пустыняю», а будуць называць цябе: «Маё ўпадабаньне да яго», а зямлю тваю - «замужняю», бо Гасподзь упадабаў цябе, і зямля твая спалучаецца.

5 Як юнак спалучаецца зь дзяўчынаю, так спалучаюцца з табою сыны твае; і як жаніх радуецца за нявесту, так будзе радавацца за Цябе Бог твой.

6 На сьценах тваіх, Ерусаліме, я паставіў вартаўнікоў, якія ня змоўкнуць ні ўдзень, ні ўначы. О вы, хто нагадвае пра Госпада! - не змаўкайце,

7 не змаўкайце перад Ім, пакуль Ён не адновіць і пакуль ня зробіць Ерусаліма славаю на зямлі.

8 Гасподзь прысягнуў правіцаю Сваёю і моцнаю сілаю Сваёю: ня дам зерня твайго болей на ежу ворагам тваім, і сыны чужых ня піцьмуць віна твайго, над якім ты працаваў;

9 але зборшчыкі яго будуць есьці яго і славіць Госпада, і зборшчыкі вінаграду будуць піць віно яго ў дварах сьвяцілішча Майго.

10 Праходзьце, праходзьце ў браму, рыхтуйце дарогу народу! Раўняйце, раўняйце дарогу, прымайце каменьне, падымайце сьцяг народам!

11 Вось, Гасподзь абвяшчае да краю зямлі: скажэце дачцэ Сіёна: ідзе Збаўца твой; узнагарода Яго зь Ім і дараваньне Ягонае - перад Ім.

12 І назавуць іх народам сьвятым, адкупленым Госпадам, а цябе назавуць знойдзеным, горадам непакінутым.

 

Разьдзел 63

 

1 Хто гэта ідзе ад Эдома, у чырванёных шатах ад Васора, такі велічны ў Сваім адзеньні, выступае ў паўнаце сілы Сваёй? - «Я - Хто вымаўляе праўду, моцны, каб ратаваць».

2 Чаго ж адзеньне Тваё прыгожае, і шаты ў Цябе - як у таптальніка ў чавільні?

3 «Я таптаў у чавільні адзін, і з народаў нікога ня было са Мною; і Я таптаў іх у гневе Маім і мясіў іх у лютасьці Маёй; кроў іх пырскала на шаты Мае, і Я запляміў усё адзеньне Маё;

4 бо дзень помсты - у сэрцы Маім, і год Маіх адкупленьняў настаў.

5 Я глядзеў, - і ня было памочніка; дзіваваў, што ня было таго, хто падтрымлівае; але дапамагла Мне сіла Мая, і лютасьць Мая - яна падтрымала Мяне:

6 і патаптаў Я народы ў гневе Маім, і пабіў іх у лютасьці Маёй, і выліў на зямлю кроў іхнюю».

7 Узгадаю міласьці Гасподнія і славу Гасподнюю за ўсё, што Гасподзь дараваў нам, і вялікую даброць Ягоную дому Ізраілеваму, якую ўзычыў Ён яму зь міласэрнасьці Сваёй і ад мноства шчадротаў Сваіх.

8 Ён сказаў: «сапраўды яны - народ Мой, дзеці, якія ня зманяць», - і Ён ім Збаўца.

9 У любым смутку іхнім Ён не пакідаў іх, і анёл аблічча Ягонага ратаваў іх; зь любові Сваёй і добрасардэчнасьці Сваёй Ён адкупіў іх, узяў і насіў іх усе дні старадаўнія.

10 Але яны абурыліся і засмуцілі Сьвятога Духа Яго; таму Ён ператварыўся ў няпрыяцеля іхняга: Сам ваяваў супроць іх.

11 Тады народ Ягоны ўспомніў даўнія дні Майсеевыя: дзе Той, Які вывеў іх з мора з пастырам авечак Сваіх? дзе Той, Які ўклаў у сэрца ягонае Сьвятога Духа Свайго,

12 Які вёў Майсея за правую руку велічнаю мышцаю Сваёю, разьдзяліў перад ім воды, каб зрабіць сабе вечнае імя;

13 Які вёў іх церазь бездані, як каня па стэпе, і яны не спатыкаліся?

14 Як статак сыходзіць у даліну, - Дух Гасподні вёў іх да спакою. Так вёў Ты народ Твой, каб зрабіць Сабе славутае імя.

15 Прыгледзься зь нябёсаў і паглядзі з жытлішча сьвятыні Тваёй і славы Тваёй: дзе руплівасьць Твая і магутнасьць Твая? - узрушэньне нутробы Тваёй і міласьці Твае да мяне затрыманы.

16 Толькі Ты - Айцец наш; бо Абрагам не пазнае нас, і Ізраіль не прызнае нас за сваіх; Ты, Госпадзе, - Айцец наш, ад веку імя Тваё: «Адкупнік наш».

17 Навошта, Госпадзе, Ты дапусьціў нам зьбіцца з дарог Тваіх, зжарсьцьвець сэрцу нашаму, каб не баяцца Цябе? Зьвярніся дзеля рабоў Тваіх, дзеля родаў спадчыны Тваёй.

18 Нядоўгі час валодаў ім народ сьвятыні Тваёй: ворагі нашыя патапталі сьвяцілішча Тваё.

19 Мы зрабіліся такімі, над якімі Ты як бы ніколі не валадарыў, і над якімі не называлася імя Тваё.

 

Разьдзел 64

 

1 О, калі б Ты разадраў нябёсы і сышоў! горы расталі б ад аблічча Твайго,

2 як ад палючага агню, як ад таго, што кіпяціць ваду, каб імя Тваё зрабіць вядомым ворагам Тваім; ад аблічча Твайго здрыгануліся б народы.

3 Калі Ты ўчыняў страшэнныя дзеі, якіх мы не чакалі, і сыходзіў, - горы ратавалі ад аблічча Твайго.

4 Бо адвеку ня чулі, ня слухалі вухам, і ніякае вока ня бачыла іншага бога, акрамя Цябе, каб столькі зрабіў тым, што спадзяюцца на яго.

5 Ты літасьціва сустракаў таго, хто радуецца і робіць праўду, спамінае Цябе на шляхах Тваіх. Але вось, Ты згневаўся, бо мы здавён грашылі; і як жа мы будзем выратаваны?

6 Усе мы зрабіліся - як нячысты, і ўся праведнасьць наша - як запэцканая вопратка; і ўсе мы пабляклі, як ліст, і беззаконьні нашыя, як вецер, нясуць нас.

7 І няма каму заклікаць імя Тваё, хто пастанавіў бы моцна трымацца за Цябе: таму Ты схаваў ад нас аблічча Тваё і пакінуў нас гінуць ад беззаконьняў нашых.

8 Але сёньня, Госпадзе, Ты - Айцец наш; мы - гліна, а Ты - стваральнік наш, і ўсе мы - творы рукі Тваёй.

9 Ня гневайся, Госпадзе, бязь меры, і ня вечна памятай беззаконьне. Паглядзі ж: мы ўсе народ Твой.

10 Гарады сьвятыні Тваёй зрабіліся пусткаю; пусткаю стаўся Сіён, Ерусалім спустошаны.

11 Дом асьвячэньня нашага і славы нашай, дзе бацькі нашы праслаўлялі Цябе, спалены агнём, і ўсе каштоўнасьці нашыя зрабаваныя.

12 Пасьля гэтага ці ж будзеш яшчэ стрымлівацца, Госпадзе, ці будзеш маўчаць і караць нас бязь меры?

 

Разьдзел 65

 

1 Я адкрыўся ня тым, што пыталіся пра Мяне; Мяне знайшлі ня тыя, што штурхалі Мяне: «вось Я! вось Я!» казаў Я народу, які не называўся імем Маім.

2 Кожны дзень працягваў Я рукі Мае народу непакорліваму, што хадзіў шляхам нядобрым, паводле сваіх намыслаў,

3 народу, які пастаянна зьневажае Мяне ў твар, прыносіць ахвяры ў гаях і паліць фіміям на цэглах,

4 сядзіць у магілах і начуе ў пячорах; есьць сьвіное мяса, і агіднае варыва ў посудзе ягоным;

5 які кажа: «спыніся: не падыходзь да мяне, бо я сьвяты для цябе». Яны - дым у нос Мой, - агонь, што гарыць кожны дзень.

6 Вось, што напісана перад абліччам Маім: ня змоўчу, а аддам, аддам у нетры іх,

7 беззаконьні вашыя, кажа Гасподзь, і разам беззаконьні бацькоў вашых, якія палілі фіміям на горах, і на пагорках ганілі Мяне; і адмераю ў нутробу іхнюю ранейшыя ўчынкі іх.

8 Так кажа Гасподзь: калі ў вінаграднай гронцы ёсьць сок, тады кажуць: не пашкодзь яе, бо ў ёй добрае слаўленьне; тое самае зраблю Я і дзеля рабоў Маіх, каб ня ўсіх загубіць.

9 Я ўтвару ад Якава семя, і ад Юды - спадкаемца гор Маіх, і ўспадкуюць гэта выбранцы Мае, і рабы Мае будуць жыць там.

10 І будзе Сарон пашаю авечкам і даліна Ахор - месцам адпачынку валам народу Майго, які знайшоў Мяне.

11 А вас, якія пакінулі Госпада, забылі сьвятую гару Маю, гатуеце трапезу Гаду і распускаеце поўную чару Мне,

12 вас асуджаю Я пад меч, і ўсе вы схіліцеся на закол, бо Я клікаў - і вы не адказвалі, казаў - і вы ня слухалі, а рабілі ліхое ў вачах Маіх і выбіралі тое, што было не даспадобы Мне.

13 Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, рабы Мае будуць есьці, а вы будзеце галадаць; рабы мае будуць піць, а вы зьнемагацьмеце ад смагі;

14 рабы Мае будуць весяліцца, а вы будзеце ў сораме; рабы Мае сьпявацьмуць ад сардэчнай радасьці, а вы будзеце крычаць ад сардэчнай скрухі і галасіць ад заняпаду духу.

15 І пакінеце імя ваша выбраным Маім на пракляцьце; і заб'е цябе Гасподзь Бог, а рабоў Сваіх назаве іншым імем,

16 якім хто будзе дабраслаўляць сябе на зямлі, будзе дабраслаўляцца Богам ісьціны; і хто будзе прысягацца на зямлі, будзе прысягаць Богам ісьціны, - бо ранейшыя смуткі будуць забытыя і схаваныя ад вачэй Маіх.

17 Бо вось, Я ствараю новае неба і новую зямлю, і ранейшыя ўжо ня будуць успамінацца і ня прыйдуць на сэрца.

18 А вы будзеце весяліцца і радавацца вавекі з таго, што Я ствараю: бо вось, Я ствараю Ерусалім весялосьцю і народ яго радасьцю.

19 І буду радавацца за Ерусалім і весяліцца за народ Мой, і не пачуецца ў ім болей голасу плачу і голасу ляманту.

20 Там ня будзе болей малалетняга і старога, які не дасягнуў бы паўнаты дзён сваіх; бо стогадовы памірацьме юнаком, але стогадовы грэшнік будзе праклінацца.

21 І будуць будаваць дамы і жыць у іх, і садзіць вінаграднікі і есьці плады іх.

22 Ня будуць будаваць, каб іншы жыў, ня будуць садзіць, каб іншы еў; бо дні народа Майго будуць, як дні дрэва, і выбранцы Мае доўга будуць карыстацца вырабам рук сваіх.

23 Ня будуць працаваць марна і нараджаць дзяцей на гора; бо будуць насеньнем, дабраславёным ад Госпада, і нашчадкі іхнія зь імі.

24 І станецца, што раней чым яны паклічуць, Я адкажу; яны яшчэ будуць гаварыць, і Я ўжо пачую.

25 Воўк і ягня будуць пасьвіцца разам, і леў, як вол, будзе есьці салому, а зьмяі пыл будзе ежаю; яны ня будуць учыняць ліха і шкоды на ўсёй сьвятой гары Маёй, кажа Гасподзь.

 

Разьдзел 66

 

1 Так кажа Гасподзь: неба - трон Мой, а зямля - падножжа ног Маіх; дзе ж набудзеце вы дом Мне, і дзе месца спакою Майго?

2 Бо ўсё гэта зрабіла рука Мая, і ўсё гэта было, кажа Гасподзь. А вось, на каго Я пагляджу: на ўпакоранага і зламанага духам і на таго, хто трымціць перад словам Маім.

3 А хто коле вала - тое самае, што і забівае чалавека; ахвяравальнікі ягняці - тое самае, што гіцаль; ахвяравальнік ежы - тое самае, што ахвяравальнік сьвіное крыві; кадзільнік фіміяму - тое самае, што мольбіт ідалу; і як яны выбралі свае шляхі, і душа іх знаходзіць асалоду ў мярзотах іхніх,

4 так і я ўжыву іхнюю панаду і навяду на іх жахлівае для іх; бо Я клікаў - і ня было адказьніка, казаў - і яны ня слухалі, а рабілі ліхое ў вачах Маіх і выбіралі тое, што не даспадобы Мне.

5 Выслухайце слова Госпада, хто трымціць перад словам Яго: вашы браты, што ненавідзяць вас і выганяюць вас за імя Маё, кажуць: «няхай явіць Сябе ў славе Гасподзь, і мы паглядзім на весялосьць вашу». Але яны будуць пасаролмленыя.

6 Вось, шум з горада, голас з храма, голас Госпада, Які помсьціцца ворагам Сваім.

7 Яшчэ ня мучылася родамі, а нарадзіла; перш чым насталі болі яе, нарадзіла сына.

8 Хто чуў такое? хто бачыў падобнае на гэта? ці ўзьнікла краіна ў адзін дзень? ці нараджаўся народ за адзін раз, як Сіён, ледзь толькі пачаўшы родамі мучыцца - нарадзіў сыноў сваіх.

9 Ці давяду Я да родаў, і ці ня дам радзіць? кажа Гасподзь. Альбо, даючы сілу радзіць, ці зачыню нутробу? кажа Бог твой.

10 Весялецеся зь Ерусалімам і радуйцеся за яго, усе, хто любіць яго! парадуйцеся зь ім радасьцю ўсе, хто скардзіўся на яго,

11 каб вам карміцца і насычацца ад саскоў суцяшэньняў ягоных, упівацца і мець асалоду ад лішку славы Ягонай.

12 Бо так кажа Гасподзь: вось, Я пасылаю да яго спакой, як раку, і багацьце народаў - як паток, што разьліваецца, для асалоды вашай; на руках насіцьмуць вас і на каленях будуць песьціць.

13 Як суцяшае каго-небудзь маці яго, так суцешу вас Я, і вы будзеце суцешаныя ў Ерусаліме.

14 І ўбачыце гэта, і парадуецца сэрца ваша, і косьці вашыя расьцьвітуць, як маладая зеляніна, і растуліцца рука Госпада рабам Яго, а на ворагаў Сваіх Ён разгневаецца.

15 Бо вось, прыйдзе Гасподзь у агні і калясьніцы Яго - як віхура, каб выліць гнеў Свой зь лютасьцю і дараваньне Сваё з палаючым агнём.

16 Бо Гасподзь у агні і мечам Сваім учыніць суд над усякаю плоцьцю, і многа будзе пабітых Госпадам.

17 Тыя, якія асьвячаюць і ачышчаюць сябе ў гаях, адзін за адным, ядуць сьвіное мяса і мярзоту і мышэй, - усе загінуць, кажа Гасподзь.

18 Бо Я ведаю ўчынкі іхнія і думкі іхнія; і вось, прыйду сабраць усе народы і роды, і яны прыйдуць і ўбачаць славу Маю.

19 І пакладу на іх азнаку, і пашлю з выратаваных ад іх да народаў: у Тарсіс, у Пулу і Луду, да тых, што напінаюць лук, у Тубалу і Явану, на далёкія астравы, якія ня чулі пра Мяне і ня бачылі славы Маёй; і яны абвесьцяць народам славу Маю

20 і прадставяць усіх братоў вашых ад усіх народаў у дарунак Госпаду на конях і калясьніцах, і на насілках і на мулах і на борздых вярблюдах, - на сьвятую гару Маю, у Ерусалім, кажа Гасподзь, - падобна на тое, як сыны Ізраілевыя прыносяць дарунак у дом Госпада ў чыстай пасудзіне.

21 Зь іх буду браць таксама ў сьвяшчэньнікі і лявіты, кажа Гасподзь.

22 Бо, як новае неба і новая зямля, якія я ствару, заўсёды будуць перад абліччам Маім, кажа Гасподзь, так будзе і насеньне ваша і імя ваша.

23 Тады зь месяца ў месяц і з суботы ў суботу будзе прыходзіць усякая плоць перад аблічча Маё на пакланеньне, кажа Гасподзь.

24 І будуць выходзіць, і ўбачаць трупы людзей, што адступіліся ад Мяне: бо чарвяк іх не памрэ, і агонь іх не пагасьне; і будуць яны мярзотаю для ўсякай плоці.

 

Кніга Прарока Ераміі

 

Разьдзел 1

 

1 Слова Ераміі, сына Хэлкіінага, са сьвятароў у Анатоце, у зямлі Веньямінавай,

2 якому было слова Гасподняе ў дні Ісаі, сына Амонавага, цара Юдэйскага, у трынаццаты год цараваньня яго,

3 і таксама ў дні Ёакіма, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, да канца адзінаццатага года Сэдэкіі, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, да перасяленьня Ерусаліма ў пятым месяцы.

4 І было мне слова Гасподняе:

5 раней чым Я ўтварыў цябе ў чэраве, Я ўведаў цябе, і раней чым ты выйшаў з нутробы, Я асьвяціў цябе: прарокам народам паставіў цябе.

6 А я сказаў: о Госпадзе Божа! я ня ўмею гаварыць, бо я яшчэ малады.

7 Але Гасподзь сказаў мне: не кажы «я малады»; бо да ўсіх, да каго Я пашлю цябе, пойдзеш, і ўсё, што загадаю табе, скажаш.

8 Ня бойся іх; бо Я з табою, каб выбаўляць цябе, сказаў Гасподзь.

9 І працягнуў Гасподзь руку Сваю і дакрануўся да вуснаў маіх; і сказаў мне Гасподзь: вось, Я ўклаў словы Мае ў вусны твае.

10 Глядзі, Я паставіў цябе ў гэты дзень над народамі і царствамі, каб выкараняць і спусташаць, губіць і разбураць, ствараць і садзіць.

11 І было слова Гасподняе мне: што бачыш ты, Ерамія? Я сказаў: бачу посах зь міндальнага дрэва.

12 Гасподзь сказаў мне: ты правільна бачыш; бо Я чуваю над словам Маім, каб яно хутка спраўдзілася.

13 І было слова Гасподняе мне другі раз: «што бачыш ты? Я сказаў: бачу паддзіманы ветрам кацёл кіпеню, і аблічча яго з боку поўначы.

14 І сказаў мне Гасподзь: з поўначы адкрыецца бедства на ўсіх насельнікаў гэтай зямлі.

15 Бо вось, Я паклічу ўсе плямёны царстваў паўночных, кажа Гасподзь, і прыйдуць яны, і паставяць - кожны - трон свой каля ўваходу ў браму Ерусаліма, і вакол усіх сьцен яго, і ва ўсіх гарадах Юдэйскіх.

16 І выкажу над імі прысуды Мае за ўсе беззаконнасьці іхнія, за тое, што яны пакінулі Мяне, і курылі фіміям чужаземным багам і пакланяліся дзеям рук сваіх.

17 І ты аперажы сьцёгны свае, і ўстань і скажы ім усё, што Я накажу табе; не маладушнічай перад імі, каб Я не забіў цябе на вачах у іх.

18 І вось, Я паставіў цябе сёньня ўмацаваным горадам і жалезным слупам і меднаю сьцяною на ўсёй гэтай зямлі, супроць цароў і Юды, супроць князёў яго, супроць сьвятароў яго і супроць народа зямлі гэтай.

19 Яны будуць ваяваць супроць цябе, але не перамогуць цябе; бо Я з табою, кажа Гасподзь, каб выбаўляць цябе.

 

Разьдзел 2

 

1 І было слова Гасподняе мне:

2 ідзі і абвясьці ў вушы дачцэ Ерусаліма: так кажа Гасподзь; Я ўспамінаю дружнасьць маладосьці тваёй, пра каханьне тваё, калі ты была нявеста, калі пайшла сьледам за Мною ў пустыню, у зямлю незасеяную.

3 Ізраіль быў сьвятыняю Госпада, пачаткам пладоў Ягоных: усе, што паядалі яго, асуджаліся, бедства спасьцігла іх, кажа Гасподзь.

4 Паслухайце слова Гасподняе, доме Якаўлеў і ўсе роды дому Ізраілевага!

5 Так кажа Гасподзь: якую няпраўду знайшлі ўва Мне бацькі вашыя, што адышлі ад Мяне і пайшлі за марнасьцю, і змарнелі;

6 і не сказалі: дзе Гасподзь, Які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, вёў нас па пустыні, па зямлі пустой і неабжытай, па зямлі сухой, па зямлі ценю сьмяротнага, па якой ніхто не хадзіў і дзе ня жыў чалавек?

7 І Я ўвёў вас у зямлю плодную, каб вы карміліся пладамі яе і дабром яе; і вы ўвайшлі і апаганілі зямлю Маю, і набытак Мой зрабілі мярзотаю.

8 Сьвятары не казалі: дзе Гасподзь? і настаўнікі закона ня ведалі Мяне, і пастыры адпаліся ад Мяне, і прарокі прарочылі ў імя Валаала і хадзілі сьледам за тымі, якія не дапамагаюць.

9 Таму Я яшчэ буду судзіцца з вамі, кажа Гасподзь, і з сынамі сыноў вашых буду судзіцца.

10 Бо ідзеце на выспы Хітымскія і паглядзеце, і пашлеце ў Кедар і разьведайце старанна і разгледзьце, ці было там што падобнае да гэтага?

11 ці памяняў які-небудзь народ багоў сваіх, хоць яны і не багі? а Мой народ памяняў славу сваю на тое, што не дапамагае.

12 Падзівуйцеся з гэтага, нябёсы, і здрыганецеся і жахнецеся, кажа Гасподзь.

13 Бо два ліхі ўчыніў народ Мой: Мяне, крыніцу вады жывой пакінулі і высеклі сабе вадаёмы разьбітыя, якія ня могуць трымаць вады

14 Хіба Ізраіль раб? альбо ён дамачадзец? чаму ён зрабіўся здабычаю?

15 Зарыкалі на яго маладыя ільвы, падалі голас свой і зрабілі зямлю яго пустэльняю; гарады яго спалены, без жыхароў.

16 І сыны Мэмфіса і Тафны аб'елі цемя тваё.

17 Ці ня ўчыніў ты сабе гэтага тым, што занядбаў Госпада Бога твайго ў той час, калі Ён вёў цябе па дарозе?

18 І сёньня навошта табе дарога ў Егіпет, каб піць ваду зь Ніла? і навошта табе дарога ў Асірыю, каб піць ваду з ракі яе?

19 Пакарае цябе бязбожнасьць твая, і адступніцтва тваё выкрые цябе: дык вось, спазнай і разваж, як блага і горка тое, што ты занядбаў Госпада Бога твайго, і страху Майго няма ў табе, кажа Гасподзь Бог Саваоф.

20 Бо даўно я паламаў ярмо тваё, парваў путы твае, і ты казаў: «ня буду служыць ідалам», а тым часам на кожным высокім пагорку і пад кожным галінастым дрэвам ты блудадзейнічаў.

21 Я пасадзіў цябе як высакародную лазу, - найчысьцейшае насеньне; як жа ты ператварылася ў Мяне ў дзікі парастак чужой лазы?

22 Таму хоць бы ты ўмыўся мылам і шмат ужыў на сябе шчолаку, - бязбожнасьць твая пазначана перад Мною, кажа Гасподзь Бог.

23 Як можаш ты сказаць: «я не апаганіў сябе, я не хадзіў па сьледзе Ваала? паглядзі на паводзіны свае ў даліне, уведай, што рабіла ты, увішная вярблюдзіца, якая ганяецца па шляхах тваіх?

24 Дзікую асьліцу, якая прывыкла да пустыні, якая ў запале душы сваёй глытае паветра, хто можа стрымаць? Усе, хто шукае яе, ня стомяцца; у яе месяцы яны знойдуць яе.

25 Не давай нагам тваім атоптваць абутак, і гартані тваёй - таміцца ад смагі. Але ты сказаў: не спадзявайся, не! бо люблю чужых і буду хадзіць па сьледзе іхнім.

26 Як злодзей, калі зловяць яго, бывае пасаромлены, - так пасароміў сябе дом Ізраілеў: яны, цары іхнія, князі іхнія, і сьвятары іхнія, і прарокі іхнія,

27 кажучы дрэву: «ты мой бацька», і каменю: «ты нарадзіў мяне»; бо яны абярнуліся да мяне сьпінаю, а ня тварам; а ў час бедства свайго будуць казаць: «устань і выратуй нас!»

28 Дзе ж багі твае, якіх ты зрабіў сабе? - хай яны ўстануць, калі могуць выратаваць цябе ў час бедства твайго; бо колькі ў цябе гарадоў, столькі і багоў у цябе, Юда.

29 Навошта вам спаборнічаць са Мною? - усе вы зграшылі супроць Мяне, кажа Гасподзь.

30 Марна пабіваў Я дзяцей вашых: яны не прынялі настаўленьня на розум; прарокаў вашых пажыраў меч ваш, як зьнішчальны леў.

31 О, родзе! уважце вы слову Гасподняму; ці быў Я пустэльняю дому Ізраілеваму? ці быў Я краінаю змроку? Навошта ж народ Мой кажа: мы самыя сабе гаспадары; мы ўжо ня прыйдзем да Цябе?

32 Ці ж забывае дзяўчына акрасы свае і нявеста - убор свой? а народ Мой забыў Мяне, - няма ліку дням.

33 Як умела кіруеш ты дарогі твае, каб здабываць любоў! і дзеля гэтага нават са злачынствамі стасавала ты дарогі твае.

34 Нават на полках вопраткі тваёй ёсьць кроў людзей бедных, невінаватых, якіх ты не засьпела пры ўзломе: і нягледзячы на ўсё гэта,

35 кажаш: як бо я невінаватая, дык, мусіць, гнеў Яго адхінецца ад мяне. - Вось, Я буду судзіцца з табою за тое, што кажаш: «я не зграшыла».

36 Навошта ты так многа бадзяешся, мяняючы дарогу тваю? Ты гэтак сама будзеш пасаромленая і Егіптам, як была пасаромлена Асірыяй;

37 і ад яго ты выйдзеш, паклаўшы рукі на галаву, бо адхіліў Гасподзь надзеі твае, і ня мецьмеш зь імі посьпеху.

 

Разьдзел 3

 

1 Кажуць: калі муж адпусьціць жонку сваю, і яна адыдзе ад яго і зробіцца жонкаю другога мужа, дык ці можа яна вярнуцца да яго? Ці не апаганілася б гэтым краіна тая? А ты з многімі палюбоўнікамі блудадзейнічала, - і аднак жа вярніся да Мяне, кажа Гасподзь.

2 Узьвядзі вочы твае ўгору і паглядзі, дзе не блудадзеялі з табою? Пры дарозе сядзела ты дзеля іх, як Аравіцянін у пустыні, і апаганіла зямлю блудам тваім і хітрынай тваёю.

3 За тое былі затрыманы дажджы, і ня было дажджу позьняга; але ў цябе быў лоб блудніцы, - ты адкінула сорам.

4 Ці ня будзеш ты з гэтага часу заклікаць да Мяне: Войча мой! Ты быў правадніком маладосьці маёй!

5 Няўжо заўсёды Ён будзе ў гневе? і няўжо вечна будзе ўтрымліваць яго ў Сабе? Вось, што кажаш ты, а робіш ліхое і посьпех маеш у ім.

6 Гасподзь сказаў мне ў дні Ёсіі цара: ці бачыў ты, што рабіла адступніца, дачка Ізраіля? Яна хадзіла на кожную высокую гару і пад кожнае галінастае дрэва, і там распусьнічала.

7 І пасьля таго, як яна ўсё гэта рабіла, Я казаў: вярніся да Мяне; але яна не вярнулася; і бачыла гэта вераломная сястра яе Юдэя.

8 І Я бачыў, што, калі за ўсе пералюбныя ўчынкі адступніцы, дачкі Ізраіля, Я адпусьціў яе і даў ёй разводны ліст, вераломная сястра яе, Юдэя, не збаялася, а пайшла і сама распусьнічала.

9 І адкрытым блудадзействам яна апаганіла зямлю, і пералюбнічала з каменем і дрэвам.

10 Але пры ўсім гэтым вераломная сястра яе Юдэя не навярнулася да Мяне ўсім сэрцам сваім, а толькі на блізір, кажа Гасподзь.

11 І сказаў мне Гасподзь: адступніца, дачка Ізраілева, аказалася з большаю праўдаю, чым вераломная Юдэя.

12 Ідзі і абвясьці словы гэтыя на поўнач, і скажы: вярніся, адступніца, дачка Ізраілева, кажа Гасподзь. Я ня вылью на вас гневу Майго; бо Я мілажальны, кажа Гасподзь, - ня вечна буду гневацца.

13 Прызнай толькі віну тваю, бо ты адступілася ад Госпада Бога твайго і распусьнічала з чужымі пад кожным галінастым дрэвам, а голасу Майго вы ня слухаліся, кажа Гасподзь.

14 Вярнецеся, дзеці-адступнікі, кажа Гасподзь, бо Я спалучыўся з вамі, і вазьму вас па адным з горада, па два зь племя, і прывяду вас на Сіён.

15 І дам вам пастыраў паводле сэрца Майго, якія будуць пасьвіць вас зь веданьнем і добрым розумам.

16 І будзе, калі вы размножыцеся і зробіцеся шматплоднымі на зямлі, у тыя дні, кажа Гасподзь, ня будуць казаць болей: «каўчэг запавету Гасподняга»; ён і не ўзгадаецца, і ня ўспомняць пра яго і ня будуць прыходзіць да яго, і яго ўжо ня будзе.

17 У той час назавуць Ерусалім тронам Госпада; і ўсе народы дзеля імя Госпада зьбяруцца ў Ерусалім і ня будуць болей рабіць з упартасьці злога сэрца свайго.

18 У тыя дні прыйдзе дом Юдаў да дому Ізраілевага, і пойдуць разам зь зямлі паўночнай у зямлю, якую Я даў у спадчыну бацькам вашым.

19 І казаў Я: як пастаўлю цябе ў лік дзяцей і дам табе жаданую зямлю, найпрыгажэйшую спадчыну мноства народаў? і сказаў: ты будзеш называць Мяне бацькам тваім і не адступішся ад Мяне.

20 Але, сапраўды, як жонка вераломна здраджвае сябру свайму, так вераломна ўчынілі са Мною вы, доме Ізраілеў, кажа Гасподзь.

21 Голас чуцен на вышынях, скрушлівы плач сыноў Ізраіля па тым, што яны скрывілі дарогу сваю, забылі Госпада Бога свайго.

22 Вярнецеся, мяцежныя дзеці: Я вылечу вашую непакорлівасьць. - Вось, мы ідзём да Цябе, бо Ты - Гасподзь Бог наш.

23 Праўда, дарма спадзяваліся мы на пагоркі і на мноства гор; праўда, у Госпадзе Богу нашым - выратаваньне Ізраіля!

24 З маладосьці нашай гэта гідота пажырала набытак бацькоў нашых, авечак іхніх і валоў іхніх, сыноў іхніх і дачок іхніх.

25 Мы ляжым у сораме сваім, і сорам наш пакрывае нас, бо мы грашылі перад Госпадам Богам нашым, - мы і бацькі нашыя, з маладосьці нашай і да гэтага дня, - і ня слухаліся голасу Госпада Бога нашага.

 

Разьдзел 4

 

1 І калі хочаш навярнуцца, Ізраіле, кажа Гасподзь, да Мяне навярніся; а калі адвядзеш гідоты твае ад аблічча Майго, ты ня будзеш бадзяцца.

2 І будзеш бажыцца: жывы Гасподзь! у ісьціне, судзе і праўдзе; і народы будуць Ім дабраслаўляцца і Ім хваліцца.

3 Бо так кажа Гасподзь мужам Юды і Ерусаліма: узарэце сабе новыя палеткі і ня сейце сярод церня.

4 Абрэжце сябе дзеля Госпада, і здымеце крайнюю плоць з сэрца вашага, мужы Юды і жыхары Ерусаліма, каб гнеў Мой не адкрыўся, як агонь, і не запалаў непагасна ад ліхіх нахільнасьцяў вашых.

5 Абвясьцеце ў Юдэі і агаласеце ў Ерусаліме, і гаварэце і трубеце трубою па зямлі; заклікайце голасна і кажэце: «зьбярэцеся і пойдзем ва ўмацаваныя гарады».

6 Выставіце сьцяг да Сіёна, - бяжэце, ня спыняйцеся; бо Я прывяду з поўначы бедства і вялікую пагібель.

7 Выходзіць леў са сваёй нетры, і выступае зьнішчальнік народаў: ён выходзіць са свайго месца, каб зямлю тваю зрабіць пусткаю; гарады твае будуць спустошаны, застануцца без жыхароў.

8 Таму аперажэцеся вярэтаю, плачце і галасеце, бо лютасьць гневу Гасподняга не адвернецца ад нас.

9 І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь, замрэ сэрца ў цара і сэрца ў князёў; і жахнуцца сьвятары, і дзіву дадуцца прарокі.

10 І сказаў я: о, Госпадзе Божа! няўжо Ты зводзіў толькі народ гэты і Ерусалім, кажучы «мір будзе ў вас»; а тым часам меч даходзіць да душы?

11 У той час сказана будзе народу гэтаму і Ерусаліму: пякучы вецер ляціць з вышыняў пустэльных на дарогу дачкі народа Майго, ня дзеля веяньня і ня дзеля ачышчэньня:

12 і прыйдзе да Мяне адтуль вецер мацнейшы за гэты, і Я агалашу прысуд над імі.

13 Вось, падымаецца ён, быццам воблакі, і калясьніцы яго - як віхура, коні ганчэйшыя за арлоў; гора нам! бо мы будзем спустошаны.

14 Змый ліхое з сэрца твайго, Ерусаліме, каб выратавацца табе: дакуль будуць гнездавацца ў табе ліхамысныя думкі?

15 Бо ўжо ляціць голас ад Дана і пагібельная вестка з гары Яфрэмавай:

16 агаласеце народам, абвясьцеце Ерусаліму, што ідуць з далёкай краіны абложнікі і крыкамі сваімі агалашаюць гарады Юдэі.

17 Як вартавыя палёў, яны абступаюць яго навокал, бо ён узбунтаваўся супроць Мяне, кажа Гасподзь.

18 Шляхі твае і дзеі твае прычынілі табе гэта; ад тваёй бязбожнасьці табе так горка, што даходзіць да сэрца твайго.

19 Нутроба мая! нутроба мая! смуткую ў глыбіні сэрца майго, хвалюецца ўва мне сэрца маё, не магу маўчаць; бо ты чуеш, душа мая, гук трубы, трывогу бітвы.

20 Бяда за бядою: уся зямля спусташаецца, зьнянацку разбураны намёты мае, імгненна - палаткі мае.

21 Ці доўга мне бачыць сьцяг, слухаць гук трубы?

22 Гэта таму, што народ Мой дурны - ня ведае Мяне: неразумныя яны дзеці, і няма ў іх глузду; яны разумныя на благое, а дабра рабіць ня ўмеюць.

23 Гляджу на зямлю - і вось, яна разбураная і пустая, - на нябёсы - і няма на іх сьвятла.

24 Гляджу на горы - і вось, яны дрыжаць, і ўсе пагоркі хістаюцца.

25 Гляджу - і вось, няма чалавека, і ўсе птушкі нябесныя разьляцеліся.

26 Гляджу - і вось, Карміл - пустыня, а ўсе гарады ягоныя разбураныя ад аблічча Гасподняга, ад лютасьці гневу Яго.

27 Бо так сказаў Гасподзь: уся зямля будзе спустошана, але поўнага зьнішчэньня не дапушчу.

28 Заплача па гэтым зямля, і нябёсы запамрочацца ўгары, бо Я сказаў, Я вызначыў, і не раскаюся ў тым і не адступлюся ад таго.

29 Ад шуму верхаўцоў і стралкоў разьбягуцца ўсе гарады: яны пойдуць у густыя лясы і залезуць на скалы; усе гарады будуць пакінуты, і ня будзе ў іх ніводнага жыхара.

30 А ты, спустошаная, што пачнеш рабіць? Хоць ты апранаешся ў пурпуру, хоць ты ахарошваеш сябе залатымі ўборамі, абмалёўваеш вочы твае фарбамі, але дарэмна ахарошваеш сябе; пагрэбавалі табою палюбоўнікі - яны шукаюць душы тваёй.

31 Бо Я чую голас як бы жанчыны-парадзіхі, стогн як бы тае, што нараджае першы раз, голас дачкі Сіёна; яна стогне, працягваючы рукі свае: «о, гора мне! душа мая зьнемагае перад забойцамі».

 

Разьдзел 5

 

1 Пахадзеце па вуліцах Ерусаліма, і паглядзеце і разьведайце і пашукайце на плошчах ягоных, ці ня знойдзеце чалавека, ці няма таго, хто трымаецца праўды, шукае ісьціны! - Я зьлітаваўся б зь Ерусаліма.

2 Хоць і кажуць яны: жывы Гасподзь! але божацца ілжыва.

3 О, Госпадзе! ці не да ісьціны зьвернуты вочы Твае? Ты б'еш іх, а яны не адчуваюць болю; Ты пабіваеш іх, а яны ня хочуць прыняць настаўленьня на розум: твары свае зрабілі яны мацнейшымі за камень - навярнуцца ня хочуць.

4 І сказаў я сам сабе: гэта, можа быць, беднякі; яны дурныя, бо ня ведаюць шляху Гасподняга, закону Бога свайго.

5 Пайду я да знакамітых і пагутару зь імі, бо яны ведаюць шлях Гасподні, закон Бога свайго. Але і яны ўсе паламалі ярмо, парвалі аковы.

6 Затое заб'е іх леў лясны, воўк пустэльны спустошыць іх, барс будзе цікаваць каля гарадоў іхніх: хто выйдзе зь іх, будзе разарваны; бо памножыліся злачынствы іхнія, узмацніліся адступніцтвы іхнія.

7 Як жа Мне дараваць табе за гэта? Сыны твае пакінулі Мяне і прысягаюць тымі, якія - не багі. Я карміў іх дасыта, а яны пералюбы чынілі і натоўпамі хадзілі ў дамы блудніц.

8 Гэта - укормленыя коні: кожны зь іх іржэ на жонку другога.

9 Няўжо Я не пакараю за гэта? кажа Гасподзь; і ці не адпомсьціць душа Мая такому народу, як гэты?

10 Падымайцеся на сьцены яго і разбурайце, але не да канца: зьнішчыце зубцы іх, бо яны не Гасподнія;

11 Бо дом Ізраілеў і дом Юдаў зрабілі са Мною вельмі вераломна, кажа Гасподзь:

12 яны зманілі на Госпада і сказалі: «няма Яго, і бяда ня прыйдзе на нас, і мы ня ўбачым ні меча, ні голаду.

13 І прарокі зробяцца ветрам, і слова Гасподняга ў іх няма; над імі самымі няхай гэта будзе».

14 Таму так кажа Гасподзь Бог Саваоф: за тое, што вы кажаце такія словы, вось, Я зраблю словы Мае ў вуснах тваіх агнём, а гэты народ - дровамі, і гэты агонь зжарэ іх.

15 Вось, я прывяду на вас, доме Ізраілеў, народ здалёку, кажа Гасподзь, народ моцны, народ старажытны, народ, мовы якога ты ня ведаеш, і ня будзеш разумець, што ён гаворыць,

16 Калчан яго як адчыненая труна; усе яны - людзі адважныя.

17 І зьядуць яны ўжатак твой і хлеб твой, зьядуць сыноў тваіх і дачок тваіх, зьядуць авечак тваіх і валоў тваіх, зьядуць вінаград твой і смоквы твае; разбураць мечам умацаваныя гарады твае, на якія ты спадзяешся.

18 Але і ў тыя дні, кажа Гасподзь, ня вынішчу вас да канца.

19 І калі вы скажаце: за што Гасподзь Бог наш робіць нам усё гэта? дык адказвай: бо вы пакінулі Мяне і служылі чужым багам у зямлі сваёй, дык будзеце служыць чужым у зямлі ня вашай.

20 Абвясьцеце гэта ў доме Якава і абвясьцеце ў Юдэі, кажучы:

21 І выслухай гэта, народзе дурны і неразумны, у якога ёсьць вочы, а ня бачыць, у якога ёсьць вушы, а ня чуе:

22 Мяне вы ці не баіцеся, кажа Гасподзь, перад Мною ці ня трымціце? Я паклаў пясок, граніцаю мору, вечнаю мяжою, якую не пяройдзе; і хоць хвалі яго імкнуцца, але пераадолець ня могуць; хоць яны бушуюць, але пераступіць яе ня могуць.

23 А ў народа гэтага сэрца буянае і мяцежнае: яны адступілі і пайшлі;

24 і не сказалі ў сэрцы сваім: убаімся Госпада Бога нашага, Які дае нам дождж раньні і позьні ў свой час, захоўвае нам сяміцы, назначаныя пад жніво.

25 Беззаконствы вашыя адвярнулі гэта, і грахі вашыя аддалілі ад вас гэта добрае.

26 Бо сярод народа Майго ёсьць бязбожныя: цікуюць, як лаўцы птушак, прыпадаюць да зямлі, ставяць пасткі і ловяць людзей.

27 Як клетка, напоўненая птушкамі, дамы іх поўныя падману, праз гэта яны і ўзвысіліся і разбагацелі,

28 зрабіліся тоўстыя, тлустыя, пераступілі нават усякую меру ў зьле, не разьбіраюць судовых спраў, спраў сірочых; дабрашчасьцяцца, і справядлівай справе ўбогіх не даюць суду.

29 Няўжо Я не пакараю за гэта? кажа Гасподзь; і ці не адпомсьціць душа Мая такому народу, як гэты?

30 Дзівоснае і жудаснае дзеецца ў гэтай зямлі:

31 прарокі прарочаць ілжу, і сьвятары пануюць пры пасрэдніцтве іхнім, і народ Мой любіць гэта. Што ж вы рабіцьмеце пасьля гэтага?

 

Разьдзел 6

 

1 Бяжэце, дзеці Веньямінавыя, спасярод Ерусаліма, і ў Тэкое трубеце ў трубу і дайце знак агнём у Бэткарэме, бо з поўначы ідзе бяда і пагібель вялікая.

2 Я зруйную дачку Сіёна, прыгожую і сьпешчаную.

3 Пастухі са статкамі сваімі прыйдуць да яе, раскінуць намёты вакол яе; кожны будзе пасьвіць сваю дзялянку.

4 Рыхтуйце вайну супраць яе; уставайце і пойдзем апоўдні. Гора нам! дзень ужо хіліцца, доўжацца цені вячэрнія.

5 Уставайце, пойдзем і ўначы, і зруйнуем харомы яе!

6 Бо так кажа Гасподзь Саваоф: сячэце дрэвы і рабеце насып супроць Ерусаліма: гэты горад павінен быць пакараны; у ім усялякі прыгнёт.

7 Як крыніца зь сябе вывяргае ваду, так ён точыць ліха зь сябе: чутно ў ім насільле і рабаўніцтва, перад абліччам Маім - заўсёды крыўды і раны.

8 Набярыся розуму, Ерусаліме, каб душа Мая не аддалілася ад цябе, каб Я не зрабіў цябе пусткаю, зямлёй неабжытаю.

9 Так кажа Гасподзь Саваоф: да канца дабяруць рэшту Ізраіля, як вінаград; працуй рукою тваёю, як зборшчык вінаграду, кашы напаўняючы.

10 Да каго гаварыць мне і каго ўгаворваць, каб слухалі? Вось, вуха ў іх неабрэзанае, і яны ня могуць слухаць; вось слова Гасподняе ў іх пасьмешышча: яно няпрыемнае ім.

11 Таму Я перапоўнены лютасьцю Гасподняю, не магу трымаць яе ў сабе; вылью яе на дзяцей на вуліцы і на зборню юнакоў; узятыя будуць муж з жонкаю, пажылы з тым, хто аджыў гады.

12 І дамы іхнія пяройдуць да іншых, гэтак сама і палі і жонкі; бо Я працягну руку Маю на насельнікаў гэтай зямлі, кажа Гасподзь.

13 Бо ад малога да вялікага, кожны зь іх аддадзены карысьлівасьці, і ад прарока да сьвятара - усе дзеюць ілжыва;

14 Лечаць раны народа Майго легкадумна, кажучы: «Мір! мір!», а міру няма.

15 Ці саромеюцца яны, робячы гнюсоты? Не, зусім не саромеюцца і не чырванеюць. Затое загінуць сярод пагіблых, і ў часіну наведаньня Майго будуць пабітыя, кажа Гасподзь.

16 Так кажа Гасподзь: спынецеся на шляхах вашых і разгледзьце, і распытайце пра шляхі старажытных, дзе шлях добры, і ідзеце па ім, і знойдзеце спакой душам вашым. Але яны сказалі: «ня пойдзем».

17 І паставіў я варту над вамі, сказаўшы: слухайцеся гуку трубы. Але яны сказалі: «ня будзем слухацца».

18 Дык вось, слухайце, народы, і ведай, зборня, што зь імі будзе.

19 Слухай, зямля: вось, я прывяду на народ гэты пагібель, плод помыслаў іхніх; бо яны слоў Маіх ня слухалі і закон Мой адкінулі.

20 Навошта Мне ладан, які ідзе з Савы, і пахучы трысьнёг з далёкай краіны? Цэласпаленьні вашыя недагодныя, і ахвяры вашыя няпрыемныя Мне.

21 Таму так кажа Гасподзь: вось, я кладу перад народам гэтым спатыкі, і спатыкнуцца на іх бацькі і дзеці разам, сусед і сябар ягоны, і загінуць.

22 Так кажа Гасподзь: вось, ідзе народ з краіны паўночнай, і народ вялікі падымаецца ад краёў зямлі;

23 трымаюць у руках лук і дзіду; яны жорсткія і неміласэрныя, голас у іх шуміць, як мора, і ляцяць на конях, выстраеныя, як адзін чалавек, каб цябе зваяваць, дачка Сіёна.

24 Мы пачулі вестку пра іх, і рукі ў нас апусьціліся, скруха агарнула нас, пакуты, як жанчыну ў родах.

25 Ня выходзьце ў поле і не хадзеце па дарозе, бо меч непрыяцеляў, жах з усіх бакоў.

26 Дачка народу майго! аперажы сябе вярэтаю і пасып сябе попелам; смуткуй, як бы па сьмерці адзінага сына, - горка плач; бо зьнянацку прыйдзе на нас загубца.

27 Вежаю паставіў Я цябе сярод народу Майго, слупам, каб ты ведаў і пільнаваў шлях іхні.

28 Усе яны - упартыя адступнікі, жывуць паклёпам; гэта - медзь і жалеза, - усе яны разбэшчваюць.

29 Паддзімальны мех абгарэў, сьвінец сатлеў ад агню: гутнік плавіў дарма, бо ліхія не аддзяліліся;

30 адкінутым срэбрам назавуць іх, бо Гасподзь адкінуў іх.

 

Разьдзел 7

 

1 Слова, якое было Ераміі ад Госпада:

2 стань у браме дома Гасподняга і абвясьці там слова гэтае і скажы: слухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія ўваходзяць праз гэтую браму на пакланеньне Госпаду.

3 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: выпраўце шляхі вашыя і дзеі вашыя, і Я пакіну вас жыць на гэтым месцы.

4 Не спадзявайцеся на словы манлівыя: «тут храм Гасподні, храм Гасподні, храм Гасподні».

5 Але калі зусім выправіце шляхі вашыя і дзеі вашыя, калі будзеце правільна чыніць суд паміж чалавекам і супернікам ягоным,

6 ня будзеце прыгнятаць іншаземца, сіраты і ўдавы, і праліваць нявіннай крыві на месцы гэтым, і ня пойдзеце сьледам за іншымі багамі на бяду сабе,

7 дык я пакіну вас жыць на месцы гэтым, на гэтай зямлі, якую даў бацькам вашым у роды родаў.

8 Вось, вы спадзеяцеся на падманлівыя словы, якія не дадуць вам карысьці.

9 Як! вы крадзяце, забіваеце і пералюбы чыніце, і божыцеся ў ілжы і кадзіце Ваалу і ходзіце сьледам за іншымі багамі, якіх вы ня ведаеце,

10 і потым прыходзіце і становіцеся перад абліччам Маім у доме гэтым, над якім названа імя Маё, і кажаце: «мы выратаваны», каб і далей рабіць усе гэтыя мярзоты.

11 Ці не зрабіўся кублом разбойнікаў у вачах вашых дом гэты, над якім названа імя Маё? Вось, Я бачыў гэта, кажа Гасподзь.

12 Ідзеце ж на месца Маё ў Сілом, дзе Я раней назначыў быць імю Майму, і паглядзеце, што зрабіў Я зь ім за бязбожнасьць народа Майго Ізраіля.

13 І сёньня, як бо вы робіце ўсё гэта, кажа Гасподзь, і Я казаў вам з самае раніцы, а вы ня слухалі, і клікаў вас, а вы не адказвалі,

14 дык Я так зраблю з домам гэтым, над якім названа імя Маё, на які вы спадзеяцеся, і зь месцам, якое Я даў вам і бацькам вашым, як зрабіў зь Сіломам.

15 І адкіну вас ад аблічча Майго, як адкінуў усіх братоў вашых, усё семя Яфрэмавае.

16 А ты не прасі за народ гэты і ня ўзнось за іх малітвы і просьбы, і не хадайнічай перад Мною, бо Я не пачую цябе.

17 Ці ж ня бачыш, што яны робяць у гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма?

18 Дзеці зьбіраюць дровы, а бацькі разводзяць агонь, і жанчыны месяць цеста, каб рабіць піражкі багіні неба і ўчыняць выліваньні іншым багам, каб засмуціць Мяне.

19 Але ці Мяне засмучаюць яны? кажа Гасподзь: ці не саміх сябе сабе на сорам?

20 Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, выліваецца гнеў Мой і лютасьць Мая на месца гэтае, на людзей і на быдла, і на дрэвы польныя і на плады зямлі, і загарыцца і не патухне.

21 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: цэласпаленьні вашыя дадавайце да ахвяраў вашых і ежце мяса;

22 бо бацькам вашым Я не казаў і не даваў ім запаведзі ў той дзень, у які Я вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, пра цэласпаленьне і ахвяру;

23 а такую запаведзь даў ім: слухайцеся голасу Майго, і Я буду вашым Богам, і вы будзеце Маім народам, і хадзеце па ўсякім шляху, які Я запавядаю вам, каб вам было добра.

24 Але яны не паслухаліся і ня прыхілілі вуха свайго, і жылі паводле намовы і ўпартасьці ліхога сэрца свайго, і сталі да Мяне плячыма, а ня тварам.

25 З таго дня, як бацькі вашыя выйшлі зь зямлі Егіпецкай, да гэтага дня Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх - прарокаў, пасылаў кожны дзень з самае раніцы:

26 але яны ня слухаліся Мяне і не прыхілілі вуха, а зжарсьцьвілі карак свой, рабілі горш за бацькоў сваіх.

27 І калі ты будзеш казаць ім усе гэтыя словы, яны цябе не паслухаюцца: і калі будзеш клікаць іх, яны табе не адкажуць.

28 Тады скажы ім: вось народ, які ня слухае голасу Госпада Бога свайго і ня прымае настаўленьняў! Ня стала ў іх ісьціны, - яна адабрана ад вуснаў іх.

29 Абстрыжы валасы свае і кінь, і падымі плач на горах, бо адкінуў Гасподзь і пакінуў род, які наклікаў гнеў Ягоны.

30 Бо сыны Юды робяць ліхое перад вачыма Маімі, кажа Гасподзь, паставілі мярзоты свае ў доме, над якім названа імя Маё, каб апаганіць яго;

31 і зладзілі вышыні ў даліне Тафэта, у даліне сыноў Эномавых, каб паліць сыноў сваіх і дачок сваіх у агні, чаго Я не загадваў, і што мне на сэрца ня прыходзіла.

32 За тое вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі ня будуць болей называць месца гэтае Тафэтам і далінаю сыноў Эномавых, а далінаю забойства, і ў Тафэце будуць хаваць ад недахопу месца.

33 І будуць трупы народа гэтага ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным, і ня будзе каму адганяць іх.

34 І спыню ў гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма голас перамогі і голас радасьці, голас жаніха і голас нявесты; бо зямля гэтая будзе пустыняю.

 

Разьдзел 8

 

1 У той час, кажа Гасподзь, выкінуць косьці цароў Юды, і косьці князёў ягоных, і косьці сьвятароў, і косьці прарокаў, і косьці жыхароў Ерусаліма - з магілаў іхніх;

2 і раскідаюць іх перад сонцам і месяцам і перад усім войскам нябесным, якіх яны любілі і якім служылі і сьледам за якімі хадзілі, якіх шукалі і якім пакланяліся; ня прыбяруць іх і не пахаваюць: яны будуць гноем на зямлі.

3 І лепей захочуць сьмерці ўсе астатнія, якія застануцца ад гэтага ліхога племені ва ўсіх мясьцінах, куды Я выганю іх, кажа Гасподзь Саваоф.

4 І скажы ім: так кажа Гасподзь: хіба, упаўшы, не ўстаюць і, зьбіўшыся з дарогі, не вяртаюцца?

5 Навошта гэты народ, Ерусаліме, стаіць ва ўпартым адступніцтве? яны моцна трымаюцца падману і ня хочуць навярнуцца.

6 Я назіраў і слухаў: не гавораць яны праўды, ніхто ня каецца ў сваім бязбожніцтве, ніхто ня кажа: «што я зрабіў»? кожны паварочвае на сваю дарогу, як конь, што кідаецца ў бітву.

7 І бусел пад небам ведае свае пэўныя поры, і галубка, і ластаўка, і журавель, сочаць за часам, калі ім прыляцець; а народ Мой ня ведае вызначэньня Гасподняга.

8 Як вы кажаце: мы мудрыя, і закон Гасподні ў нас? А вось, ілжывая трысьціна кніжнікаў і яго ператварае ў хлусьню.

9 Пасарамаціліся мудрацы, сумеліся і заблыталіся ў сетку: вось, яны адхілілі слова Гасподняе; у чым жа мудрасьць іхняя?

10 За тое жонак іхніх аддам другім, палі іхнія - іншым уладарам; бо ўсе яны, ад малога да вялікага, аддаліся карысталюбству; ад прарока да сьвятара - усе дзеюць ілжыва.

11 І гояць рану дачкі народа Майго легкадумна, кажучы: «мір, мір!», а міру няма.

12 Ці саромеюцца яны, робячы мярзоты? Не, яны зусім не саромеюцца і не чырванеюць. За тое загінуць яны сярод пагіблых; у час наведваньня іх будуць пабітыя, кажа Гасподзь.

13 Да канца абяру іх, кажа Гасподзь, не застанецца ніводнай вінаградзіны на лазе, ні смоквы на смакоўніцы, і ліст ападзе, і што Я даў ім, адыдзе ад іх.

14 «Чаго мы сядзім? зьбірайцеся, пойдзем ва ўмацаваныя гарады, і там загінем: бо Гасподзь Бог наш назначыў нас на пагібель і дае нам піць ваду з жоўцю за тое, што мы грашылі перад Госпадам».

15 Чакаем міру, а нічога добрага няма, - часу ацаленьня, і вось жахі.

16 Ад Дана чуваць храп коней ягоных, ад моцнага іржаньня жарабцоў ягоных дрыжыць уся зямля; і прыйдуць і зьнішчаць зямлю і ўсё, што на ёй, горад і ўсіх, хто жыве ў ім.

17 Бо вось, Я пашлю на вас зьмеяў, васіліскаў, супроць якіх няма замовы, і яны будуць кусаць вас, кажа Гасподзь.

18 Калі суцешуся я ў гароце маёй! сэрца маё спакутавалася ўва мне.

19 Вось, чую енк дачкі народа Майго з далёкай краіны: хіба няма Госпада на Сіёне? хіба няма Цара яго на ім? - Навошта яны спадзьвіглі Мяне на гнеў сваімі ідаламі, чужаземнымі, нікчэмнымі?

20 Прайшло жніво, скончылася лета, а мы ня выратаваны.

21 Па смутку дачкі народа Майго я смуткую, хаджу змрочны, жудасьць агарнула мяне.

22 Хіба няма бальзаму ў Галаадзе? хіба няма там лекара? Чаму ж няма ацаленьня дачцэ народа майго?

 

Разьдзел 9

 

1 О, хто дасьць галаве маёй ваду, і вачам маім - крыніцу сьлёз! я дзень і ноч плакаў бы па забітых у дачкі народа майго.

2 О, хто даў бы мне ў пустыні прыстанак дарожны! пакінуў бы я народ мой і сышоў бы ад іх: бо ўсе яны пералюбнікі, зграя вераломных.

3 Як лук, напінаюць язык свой дзеля ілжы, мацуюцца на зямлі няпраўдаю; бо пераходзяць ад аднаго ліха да другога, і Мяне ня ведаюць, кажа Гасподзь.

4 Трымайцеся кожны сябра свайго, і не давярайце ніводнаму з братоў сваіх; бо кожны брат ставіць спатыку другому, і кожны сябар пераносіць паклёпы.

5 Кожны ашуквае сябра свайго, і праўды ня кажуць; прывучылі язык свой гаварыць ману, хітруюць да стомы.

6 Ты жывеш сярод падступнасьці; з падступнасьці яны адмаўляюцца ведаць Мяне, кажа Гасподзь.

7 Таму так кажа Гасподзь Саваоф: вось, я растаплю і выпрабую іх; бо як інакш мне трэба рабіць з дачкою народа Майго?

8 Язык іхні - забойчая страла, гаворыць падступна; вуснамі сваімі гавораць з блізкімі сваімі прыязна, а ў сэрцы сваім ладзяць яму аковы.

9 Няўжо Я не пакараю іх за гэта, кажа Гасподзь? ці не адпомсьціць душа Мая такому народу, як гэты?

10 Па горах падыму плач і лямант, і па стэпавых пашах - галашэньне, бо яны выпалены, так што ніхто там не праходзіць, і ня чуваць, каб статкі бляялі: ад птушак нябесных да быдла - усе расьсеяліся, сышлі.

11 І зраблю Ерусалім крушняю, селішчам шакалаў, і гарады Юдэі зраблю пустыняю, без жыхароў.

12 Ці ёсьць такі мудрэц, які зразумеў бы гэта? І да каго гавораць вусны Гасподнія - растлумачыў бы, за што загінула краіна і выпалена, як пустыня, так што ніхто не праходзіць па ёй?

13 І сказаў Гасподзь: за тое, што яны пакінулі закон Мой, які Я ўстанавіў ім, і ня слухалі голасу Майго і не рабілі паводле яго;

14 а хадзілі паводле ўпартасьці сэрца свайго і па сьледзе Ваала, як навучылі іх бацькі іхнія.

15 Таму так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я накармлю іх, гэты народ, палыном, і напаю іх вадою з жоўцю;

16 і расьсею іх сярод народаў, якіх ня ведалі ні яны, ні бацькі іхнія, і пашлю сьледам за імі меч, пакуль ня вынішчу іх.

17 Так кажа Гасподзь Саваоф: падумайце і паклічце плакальшчыц, каб яны прыйшлі; пашлеце на ўмеліц у гэтай справе, каб яны прыйшлі.

18 Хай яны пасьпяшаюцца і падымуць плач па нас, каб з вачэй нашых ліліся сьлёзы, і зь веек нашых цякла вада.

19 Бо голас плачу чуцен зь Сіёна: «як мы абрабаваны! мы жорстка пасаромленыя, бо пакідаем зямлю, бо разбурылі жытлішчы нашы».

20 Дык вось, слухайце, жанчыны, слова Госпада, і хай уважае вуха ваша слову вуснаў Ягоных; і вучэце дачок вашых плакаць, і адна адну - песьням плачу.

21 Бо сьмерць уваходзьць у нашыя вокны, урываецца ў харомы нашыя, каб вынішчыць дзяцей з вуліцы, юнакоў з плошчаў.

22 Скажы: так кажа Гасподзь: і будуць кінуты трупы людзей, як гной на поле і як снапы за жняцом, і ня будзе каму пазьбіраць іх.

23 Так кажа Гасподзь, хай не хваліцца мудры мудрасьцю сваёю, хай ня хваліцца дужы сілаю сваёю, хай ня хваліцца багаты багацьцем сваім.

24 а хвалько хваліся тым, што разумееш і ведаеш Мяне, што Я - Гасподзь, Які творыць міласьць, суд і праўду на зямлі: бо толькі гэта заўгодна Мне, кажа Гасподзь.

25 Вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі Я наведаю ўсіх абрэзаных і неабрэзаных:

26 Егіпет і Юдэю, і Эдома і сыноў Амонавых, і Маава і ўсіх, што стрыгуць валасы на скронях, што жывуць у пустыні: бо ўсе гэтыя народы неабрэзаныя, а ўвесь дом Ізраілеў зь неабрэзаным сэрцам.

 

Разьдзел 10

 

1 Слухайце слова, якое Гасподзь кажа вам, доме Ізраілеў.

2 Так кажа Гасподзь: ня вучэцеся шляхам язычнікаў і ня бойцеся азнакаў нябесных, якіх язычнікі баяцца.

3 Бо статуты народаў - пустата: сьсякаюць дрэва ў лесе, абрабляюць яго рукамі цесьлі зь сякерай,

4 пакрываюць срэбрам і золатам, прымацоўваюць цьвікамі і молатам, каб ня хісталася.

5 Яны - як абчасаны слуп, і ня кажуць: іх носяць, бо хадзіць ня могуць. Ня бойцеся іх, бо яны ня могуць прычыніць ліха, але і добра рабіць ня маюць сілы.

6 Няма падобнага да Цябе, Госпадзе! Ты вялікі, і імя Тваё вялікае магутнасьцю.

7 Хто не збаіцца Цябе, Цару народаў? бо Табе аднаму належыць гэта; бо паміж усімі мудрацамі народаў і ва ўсіх царствах іх няма падобнага да Цябе.

8 Усе да аднаго яны бязглуздыя і дурныя; пустое вучэньне - гэта дрэва.

9 Расплюшчанае ў лісты срэбра прывезена з Тарсіса, золата - з Уфаза: твор мастака і рук гутніка; вопратка на іх - гіяцынт і пурпура: усё гэта - творы людзей умелых.

10 А Гасподзь Бог ёсьць ісьціна; Ён ёсьць Бог жывы і Цар вечны. Ад гневу Яго дрыжыць зямля, і народы ня могуць вытрымаць абурэньне Ягонае.

11 Так кажэце ім: багі, якія не стварылі неба і зямлі, зьнікнуць зь зямлі і з-пад нябёсаў.

12 Ён стварыў зямлю сілаю Сваёю, сьцьвердзіў сусьвет мудрасьцю Сваёю і розумам Сваім раскінуў нябёсы.

13 Па голасе Ягоным шумяць воды на нябёсах, і Ён падымае аблокі ад краёў зямлі, творыць маланкі сярод дажджу і выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.

14 Вар'яцее кожны чалавек у сваім веданьні, сарамаціць сябе кожны гутнік балванам сваім, бо выплаўленае ім ёсьць мана, і няма ў ім духу.

15 Гэта - поўная пустата, справа аблудная; у час наведваньня іх яны зьнікнуць.

16 Не такая, як у іх, доля Якава; бо Бог яго ёсьць Творца ўсяго, і Ізраіль ёсьць жазло спадчыны Ягонай; імя Яго - Гасподзь Саваоф.

17 Прымай зь зямлі маёмасьць тваю, ты, якая маеш сядзець у аблозе;

18 бо так кажа Гасподзь: вось, Я выкіну жыхароў гэтай зямлі гэтым разам і заганю іх у цеснае месца, каб схапілі іх.

19 Гора мне ў маім смутку; пакутная рана мая, але я кажу сам сабе: «сапраўды, гэта - мая скруха, і я буду несьці яе;

20 намёт мой спустошаны і ўсе вяроўкі мае парваныя; дзеці мае пайшлі ад мяне, і няма іх: няма каму раскінуць намёта майго і разьвесіць кілімы мае;

21 бо пастыры зрабіліся бязглуздымі і ня шукалі Госпада, а таму яны і рабілі бязглузда, і ўвесь статак іхні расьсеяны».

22 Ляціць чутка: вось ён ідзе, і вялікі шум ад краіны паўночнай, каб гарады Юдэі зрабіць пустыняю, селішчамі шакалаў.

23 Ведаю, Госпадзе, што ня ў волі чалавека шлях ягоны, што не ва ўладзе хадыкі даваць кірунак ступакам сваім.

24 Карай мяне, Госпадзе, але па праўдзе, ня ў гневе тваім, каб ня прынізіць мяне,

25 вылі лютасьць Тваю на народы, якія ня ведаюць Цябе, і на плямёны, якія ня прызнаюць імя Твайго; бо яны зьелі Якава, зжэрлі яго і зьнішчылі яго і жытло ягонае спустошылі.

 

Разьдзел 11

 

1 Слова, якое было Ераміі ад Госпада:

2 слухайце слова запавету гэтага і скажэце мужам Юды і жыхарам Ерусаліма;

3 і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: пракляты чалавек, які не паслухае слоў запавету гэтага,

4 які Я запавядаў бацькам вашым, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, з жалезнай печы, сказаўшы: слухайцеся голасу Майго і рабеце ўсё, што Я запавядаю вам, - і будзеце Маім народам, і Я буду вашым Богам,

5 каб выканаць прысягу, якою Я прысягаў бацькам вашым - даць ім зямлю, якая цячэ малаком і мёдам, як гэта сёньня. І адказваў я, сказаўшы: амін, Госпадзе!

6 І сказаў мне Гасподзь: агаласі ўсе гэтыя словы ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліма і скажы: слухайце словы запавету гэтага і выконвайце іх.

7 Бо бацькоў вашых я ўмаўляў пастаянна з таго дня, як вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, да гэтага дня: умаўляў іх з самае раніцы, кажучы: слухайцеся голасу Майго.

8 Але яны ня слухаліся і ня прыхілялі вуха свайго, а хадзілі кожны паводле ўпартасьці ліхога сэрца свайго: таму Я навёў на іх усё сказанае ў запавеце гэтым, які Я запавядаў ім выконваць, а яны ня выконвалі.

9 І сказаў мне Гасподзь: ёсьць змова паміж мужамі Юды і жыхарамі Ерусаліма:

10 яны зноў павярнуліся да беззаконстваў прабацькоў сваіх, якія адмовіліся слухацца слоў Маіх і пайшлі па сьледзе чужых багоў, служачы ім. Дом Ізраіля і дом Юды парушылі запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іхнімі.

11 Таму так кажа Гасподзь: вось, Я навяду на іх бедства, ад якога яны ня могуць выбавіцца, а калі паклічуць Мяне, не пачую іх.

12 Тады гарады Юды і жыхары Ерусаліма пойдуць і заклічуць багоў, якім яны кадзяць; але яны зусім не дапамогуць ім у час бедства іхняга.

13 Бо колькі ў цябе гарадоў столькі і багоў у цябе, Юда, і колькі вуліц у Ерусаліма, столькі вы панастаўлялі ахвярнікаў вартаму сораму, ахвярнікаў, каб кадзіць Ваалу.

14 А ты не прасі за гэты народ і ня ўзнось за іх малітваў і просьбаў: бо Я не пачую, калі яны будуць клікаць Мяне ў бядоце сваёй.

15 Што любаснаму Майму ў доме Маім, калі ў ім робяцца многія непатрэбствы? І сьвяшчэнныя мясы* не дапамогуць табе, калі, учыняючы ліхое, ты радуешся?

16 Масьлінаю, якая зелянее і красуецца прыемнымі пладамі, назваў цябе Гасподзь. А сёньня, у шуме моцнай сумятні, Ён успалымніў агонь вакол яе, і паламаліся галіны яе.

17 Гасподзь Саваоф, Які пасадзіў цябе, вырак на цябе ліхое за ліха дома Ізраілевага і дома Юдавага, якое яны ўчынілі сабе тым, што спадзьвіжылі Мяне на гнеў каджэньнем Ваалу.

18 Гасподзь адкрыў мне, і я ведаю; Ты паказаў мне іхнія дзеі.

19 А я, як паслухмянае ягня, якое вядуць на закол, і ня ведаў, што яны складаюць намыслы супроць мяне, кажучы: «пакладзем атрутнае дрэва за ежу яму і адарвем яго ад зямлі жывых, каб і імя яго болей не спаміналася».

20 Але, Госпадзе Саваофе, Судзьдзя справядлівы, выпрабавальнік сэрца і нутробы! дай пабачыць мне помсту Тваю над імі, бо Табе даверыў я справу маю.

21 Таму так кажа Гасподзь пра мужоў Анатота, якія шукаюць душы тваёй і кажуць: не прарочы ў імя Госпада, каб не памерці табе ад рук нашых;

22 таму так кажа Гасподзь Саваоф: вось, Я наведаю іх: юнакі іхнія памруць ад меча; сыны іх і дочкі іх памруць з голаду.

23 І астатку ня будзе ад іх; бо Я навяду бедства на мужоў Анатота ў год наведваньня іх.

 

 

* Ахвяры

Разьдзел 12

 

1 Справядлівы будзеш Ты, Госпадзе, калі я пачну судзіцца з Табою; і аднак жа буду гаварыць з Табою пра правасудзьдзе; чаму шлях бязбожных пасьпяховы, і ўсе вераломныя дабрашчасьцяцца?

2 Ты пасадзіў іх, і яны ўкараніліся, вырасьлі і даюць плод. У іхніх вуснах Ты блізкі, але далёкі ад сэрца іх.

3 А мяне, Госпадзе, Ты ведаеш, бачыш мяне і выпрабоўваеш сэрца маё, якое яно к Табе. Аддзялі іх, як авечак на закол, і падрыхтуй іх на дзень забіваньня.

4 Ці доўга будзе жаліцца зямля, і трава на ўсіх палях - сохнуць? быдла і птушкі гінуць за бязбожнасьць жыхароў яе; бо яны кажуць: Ён ня ўбачыць, што з намі будзе.

5 Калі ты зь пешымі бег, і яны стамілі цябе, як жа табе спаборнічаць з конямі? і калі ў краіне мірнай ты быў у бясьпецы, дык што будзеш рабіць у павадак Ярдана.

6 Бо і браты твае і дом бацькі твайго, і яны вераломна ўчыняюць з табою, і яны крычаць усьлед табе гучным голасам. Ня вер ім, калі яны кажуць табе і добрае.

7 Я пакінуў Мой дом; пакінуў надзел Мой; самае ласкавае душы Маёй аддаў у рукі ворагаў яго.

8 Доля Мая зрабілася Мне як леў у лесе; узвысіла на Мяне голас свой: за тое я ўзьненавідзеў яе.

9 Доля Мая зрабілася ў Мяне, як стракатая птушка, на якую з усіх бакоў напалі іншыя драпежныя птушкі. Ідзеце, зьбірайцеся ўсе польныя зьвяры: ідзеце жэрці яго.

10 Мноства пастухоў сапсавалі Мой вінаграднік, вытапталі нагамі дзялянку Маю; любімую дзялянку Маю зрабілі пустым стэпам,

11 зрабілі яе пустыняю, і ў запусьценьні яна плача перад Мною; уся зямля спустошана, бо ніводзін чалавек не бярэ гэтага да сэрца.

12 На ўсе горы ў пустыні прыйшлі спусташальнікі; бо меч Госпада пажырае ўсё ад аднаго краю зямлі да другога: няма міру ніякай плоці.

13 Яны сеялі пшаніцу, а зжалі церне; вымучыліся, і не атрымалі ніякай карысьці; пасаромейцеся ж такіх прыбыткаў вашых з прычыны палымянага гневу Госпада.

14 Так кажа Гасподзь пра ўсіх ліхіх маіх суседзяў, якія нападаюць на надзел, які Я даў у спадчыну народу Майму, Ізраілю: вось, Я вырву іх зь зямлі іхняй, і дом Юдаў вырву з асяродзьдзя іх.

15 Але пасьля таго, як Я вырву іх, зноў вярну і памілую іх, і прывяду кожнага ў надзел ягоны, і кожнага - у зямлю яго.

16 І калі яны не навучацца шляхоў народу Майго, каб прысягаць імем Маім «жывы Гасподзь», як яны навучылі народ Мой прысягаць Ваалам, - дык уцьвердзяцца сярод народу Майго.

17 Калі ж не паслухаюцца, дык Я выкарчую і зусім ўзьнішчу такі народ, кажа Гасподзь.

 

Разьдзел 13

 

1 Так сказаў мне Гасподзь: ідзі, купі сабе льняны пояс і пакладзі яго на сьцёгны твае, але ў ваду не кладзі яго.

2 І я купіў пояс, паводле слова Гасподняга, і паклаў яго на сьцёгны мае.

3 І было мне слова Гасподняе другі раз, і сказана:

4 вазьмі пояс, які ты купіў, які на сьцёгнах тваіх, і ўстань, ідзі да Еўфрата і схавай яго там, у расколіне скалы.

5 Я пайшоў і схаваў яго каля Еўфрата, як загадаў мне Гасподзь.

6 Як прайшло многа дзён, сказаў мне Гасподзь: устань, ідзі да Еўфрата і вазьмі адтуль пояс, які Я загадаў табе схаваць там.

7 І я прыйшоў да Еўфрата, выкапаў і ўзяў пояс з таго месца, дзе схаваў яго, і вось - пояс быў сапсаваны, стаў ні на што не прыдатны

8 І было мне слова Гасподняе:

9 так кажа Гасподзь: так паламаю я гардунства Юды і вялікае гардунства Ерусаліма

10 Гэты нягодны народ, які ня хоча слухаць слоў Маіх, жыве паводле ўпартасьці сэрца свайго і ходзіць па сьледзе іншых багоў, каб служыць ім і пакланяцца ім, будзе як гэты пояс, які ні на што не прыдатны.

11 Бо, як пояс блізка ляжыць да сьцёгнаў чалавека, так Я наблізіў да сябе ўвесь дом Ізраілеў і ўвесь дом Юдаў, кажа Гасподзь, каб яны былі Маім народам і Маёю славаю, хвалою і акрасаю; але яны не паслухаліся.

12 Таму скажы ім слова гэтае: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: кожны вінны мех напаўняецца віном. Яны скажуць табе: хіба мы ня ведаем, што кожны вінны мех напаўняецца віном?

13 А ты скажы ім: так кажа Гасподзь: вось, Я напоўню віном да ап'яненьня ўсіх жыхароў гэтай зямлі і цароў, якія сядзяць на троне Давідавым, і сьвятароў і прарокаў і ўсіх жыхароў Ерусаліма,

14 І паламаю іх адзін аб аднаго, і бацькоў і сыноў разам, кажа Гасподзь; ня літую і не памілую і не пашкадую вынішчыць іх.

15 Слухайце і ўважайце; ня будзьце ганарыстыя, бо Гасподзь прамаўляе.

16 Узьнясеце славу Госпаду Богу вашаму, пакуль Ён яшчэ не навёў цемры, і пакуль яшчэ ногі вашыя не спатыкаюцца на горах мораку: тады вы будзеце чакаць сьвятла, а Ён аберне яго ў цень сьмерці і зробіць цемраю.

17 Калі ж вы не паслухаеце гэтага, дык душа мая ў запаветных мясьцінах будзе аплакваць гардунства ваша, будзе плакаць горка, і вочы мае будуць вылівацца сьлязьмі; бо статак Гасподні заведзены будзе ў палон.

18 Скажы цару і царыцы: упакорцеся, сядзьце ніжэй, бо ўпаў з галавы вашай вянок славы вашай.

19 Паўднёвыя гарады зачынены, і няма каму адчыняць іх; Юда ўвесь заводзіцца ў палон, заводзіцца ў палон увесь цалкам.

20 Узьвядзеце вочы вашыя і паглядзеце на тых, што шукаюць з поўначы: дзе статак, які быў дадзены табе, прыгожы статак твой?

21 Што скажаш, дачка Сіёна, калі Ён наведае цябе? Ты сама прывучыла іх начальнічаць над табою, ці ня схопяць цябе болі, як парадзіху?

22 І калі скажаш у сэрцы тваім: «за што спасьцігла мяне гэта?» - За безьліч беззаконьняў тваіх адгорнены прыпол у цябе, аголены пяты твае.

23 Ці можа Эфіоп перамяніць скуру сваю і барс - плямы свае? так і вы ці ж можаце рабіць добрае, прызвычаіўшыся рабіць благое?

24 Таму разьвею іх, як пыл, што разносіцца ветрам пустынным.

25 Вось доля твая, намераная табе Мною частка, кажа Гасподзь, бо ты забылася пра Мяне і паспадзявалася на няпраўду.

26 За тое будзе падняты прыпол твой, каб агалілася сарамата твая.

27 Бачыў Я распусту тваю і шалёныя пахацінствы твае, твае непатрэбствы і твае гідоты на пагорках у полі. Гора табе, Ерусаліме! ты і пасьля гэтага не ачысьцішся. Дакуль жа?

 

Разьдзел 14

 

1 Слова Госпада, якое было Ераміі з нагоды бездажджэўя.

2 Плача Юда, брамы ягоныя распаліся, пачарнелі на зямлі, і енк падымаецца ў Ерусаліме.

3 Вяльможы пасылаюць слуг сваіх па ваду; яны прыходзяць да калодзежаў і не знаходзяць вады; вяртаюцца з парожнім посудам; прысаромленыя і зьбянтэжаныя, яны пакрываюць свае галовы.

4 Як бо глеба патрэскалася ад таго, што ня было дажджу на зямлю, дык і земляробы зьбянтэжаныя і пакрываюць свае галовы.

5 Нават і касуля нараджае на полі і пакідае дзяцей, бо няма травы.

6 І дзікія аслы стаяць на ўзвышаных мясьцінах і глытаюць, нібы шакалы, паветра; вочы ў іх зацьміліся, бо няма травы.

7 Хоць нашыя беззаконьні сьведчаць супроць нас, але Ты, Госпадзе, твары з намі дзеля імя Твайго; адступніцтва наша вялікае, зграшылі мы перад Табою.

8 Надзея Ізраіля, Ратаўнік яго ў часы скрухі! Навошта Ты - як чужынец, у гэтай зямлі, як праходжы, які зайшоў заначаваць?

9 Навошта Ты - як чалавек зьдзіваваны, як дужы, як той, што ня мае сілы выратаваць? І аднак жа Ты, Госпадзе, сярод нас, і Тваё імя названа над намі; не пакідай нас.

10 Так кажа Гасподзь народу гэтаму: за тое, што яны любяць бадзяцца, ня стрымліваюць ног сваіх, за тое Гасподзь не дабраволіць ім, нагадвае сёньня беззаконьні іхнія і карае грахі іхнія.

11 І сказаў мне Гасподзь: ты не маліся за народ гэты на дабро яму.

12 Калі яны будуць пасьціцца, Я не пачую енку іхняга; і калі ўзьнясуць цэласпаленьне і дарунак, ня прыму іх; але мечам і голадам і згубнаю пошасьцю вынішчу іх.

13 Тады скажу я: Госпадзе Божа! вось, прарокі кажуць ім: ня ўбачыце меча, і голаду ня будзе ў вас, а пастаянны мір дам вам на гэтым месцы.

14 І сказаў мне Гасподзь: прарокі прарочаць няпраўду імем Маім; Я не пасылаў іх і не даваў ім загаду, і не казаў ім; яны вяшчаюць вам уявы фальшывыя і варажбу, і пустое і мроі сэрца свайго.

15 Таму так кажа Гасподзь пра прарокаў: яны прарочаць імем Маім, а Я не пасылаў іх; яны кажуць: «меча і голаду ня будзе на гэтай зямлі»: мечам і голадам будуць вынішчаны гэтыя прарокі,

16 і народ, якому яны прарочаць, раскіданы будзе па вуліцах Ерусаліма ад голаду і меча, і ня будзе каму хаваць іх, - яны і жонкі іхнія, і сыны іхнія і дочкі іхнія; і Я вылью на іх ліхату іхнюю.

17 І скажы ім слова гэтае: хай ліюцца з вачэй маіх сьлёзы ноч і дзень, і хай не прасыхаюць; бо вялікай уразаю ўражана дзева, дачка народа майго, цяжкім ударам.

18 Я выходжу на поле, - і вось, пабітыя мечам; уваходжу ў горад, - і вось тыя, што растаюць ад голаду; нават і прарок і сьвятар бадзяюцца па зямлі несьвядома.

19 Хіба ты зусім адкінуў Юду? Хіба душы тваёй спрыкраў Сіён? Навошта ўразіў нас так, што няма нам ацаленьня? Чакаем міру - і нічога добрага няма; чакаем часіны ацаленьня - і вось, жахі.

20 Усьведамляем, Госпадзе, бязбожнасьць нашую, беззаконства бацькоў нашых; бо зграшылі мы перад Табою.

21 Не адкінь нас дзеля імя Твайго; не прыніжай трона славы Тваёй: узгадай, не разбурай запавету Твайго з намі.

22 Ці ёсьць сярод марных божышчаў язычніцкіх такія, што твораць дождж? альбо ці можа неба само па сабе падаваць зьліву? ці ня Ты гэта, Госпадзе Божа наш? на Цябе спадзяёмся мы; бо Ты творыш усё гэта.

 

Разьдзел 15

 

1 І сказаў мне Гасподзь: хоць бы сталі перад абліччам Маім Майсей і Самуіл, душа Мая ня прыхіліцца да народа гэтага: адгані іх ад аблічча Майго - хай адыдуць яны.

2 А калі сажуць табе: «куды нам ісьці?», дык скажы ім: так кажа Гасподзь: хто асуджаны на сьмерць, ідзі на сьмерць; і хто пад меч - пад меч, і хто на голад, - на голад; і хто ў палон, - у палон.

3 І пашлю на іх чатыры роды кары, кажа Гасподзь: меч, каб забіваць, і сабак, каб рваць, і птушак нябесных і зьвяроў польных, каб жэрці і зьнішчаць;

4 і аддам іх на азлобу ўсім царствам зямлі за Манасію, сына Эзэкіі, цара Юдэйскага, за тое, што ён зрабіў у Ерусаліме.

5 Бо хто пашкадуе цябе, Ерусаліме? і хто паспагадае табе? і хто зойдзе да цябе папытацца пра тваю дабрабытнасьць?

6 І ты пакінуў Мяне, кажа Гасподзь, адступіўся: таму я падыму на цябе руку Маю і загублю цябе: Я стаміўся літаваць.

7 Я разьвяваю іх веялам за браму зямлі: пазбаўляю іх дзяцей, гублю народ Мой; але яны не вяртаюцца са шляхоў сваіх.

8 Удоваў іхніх у Мяне болей, чым пяску ў моры; навяду на іх, на маці юнакоў, паўдзённага спусташальніка: нападзе на іх зьнянацку страх і жудасьць.

9 Ляжыць зьнямоглая тая, што нарадзіла сямёра, дух свой выпускае; яшчэ ўдзень закацілася сонца яе: яна паганьбавана і пасаромлена. І рэшту іх аддам мечу на вачах ворагаў іхніх, кажа Гасподзь.

10 «Гора мне, маці мая, што ты нарадзіла мяне чалавекам, які спрачаецца і сварыцца з усёю зямлёю! нікому не даваў я на ліхву, і мне ніхто не даваў на ліхву, а ўсе клянуць мяне».

11 Гасподзь сказаў: канец твой будзе добры, і Я прымушу ворага абыходзіцца з табою добра ў часіны нягодаў і ў часіны смутку.

12 Ці можа жалеза зламаць жалеза паўночнае і медзь?

13 Маёмасьць тваю і скарбы аддам на рабунак, бяз платы, за ўсе грахі твае, ва ўсіх межах тваіх;

14 і адпраўлю з ворагамі тваімі ў зямлю, якое ты ня ведаеш; бо агонь загарэўся ў гневе Маім, - будзе шугаць на вас.

15 О, Госпадзе! Ты ведаеш усё; успомні пра мяне і наведай мяне, і адпомсьці за мяне ганіцелям маім; не загубі мяне пасьля доўгага трываньня Твайго; Ты ведаеш, што дзеля Цябе я цярплю паганьбеньне.

16 Здабыты словы Твае, і я зьеў іх; і было слова Тваё мне на радасьць і на злагаду сэрца майго; бо імя тваё названа на мне, Госпадзе Божа Саваоф.

17 Не сядзеў я на зборні блазнаў і не весяліўся: пад цяжкаю рукою Тваёю на мне я сядзеў самотна, бо Ты напоўніў мяне абурэньнем.

18 За што такая напорыстая хвароба мая, і рана мая такая незагойная, што адхіляе лекаваньне? Няўжо ты будзеш мне як бы падманліваю крыніцаю, нявернаю вадою?

19 На гэта так сказаў мне Гасподзь: калі ты навернешся, дык Я адраджу цябе, і будзеш стаяць перад абліччам Маім; і калі выдабудзеш каштоўнае зь нікчэмнага, дык будзеш як вусны Мае. Яны самі будуць зьвяртацца да цябе, а ты ня будзеш зьвяртацца да іх.

20 І зраблю цябе гэтаму народу моцнаю меднаю сьцяною; яны будуць ваяваць супроць цябе, але не адолеюць цябе, бо Я з табою, каб ратаваць і вызваляць цябе, кажа Гасподзь.

21 І ўратую цябе ад рукі ліхіх і вызвалю цябе ад рукі прыгнятальнікаў.

 

Разьдзел 16

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 не бяры сабе жонкі, і хай ня будзе ў цябе ні сыноў, ні дачок на месцы гэтым.

3 Бо так кажа Гасподзь пра сыноў і дачок, якія народзяцца на месцы гэтым, і пра матак іхніх, якія народзяць іх, і пра бацькоў іх, якія зачнуць іх на гэтай зямлі:

4 цяжкімі сьмерцямі памруць яны і ня будуць ні аплаканыя, ні пахаваныя; будуць гноем на паверхні зямлі; мечам і голадам будуць вынішчаны, і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным.

5 Бо так кажа Гасподзь: не ўваходзь у дом тых, што бядуюць, і не хадзі плакаць і жаліцца зь імі; бо Я адабраў у гэтага народа, кажа Гасподзь, мір Мой і ласку і шкадаваньне.

6 І памруць вялікія і малыя на зямлі гэтай; і ня будуць пахаваныя, і ня будуць аплакваць іх, ні рваць сябе, ні стрыгчыся дзеля іх.

7 І ня будуць ламаць дзеля іх хлеб у журбоце на ўцеху па нябожчыку; і не пададуць ім чары суцяшэньня, каб піць па бацьку іх і маці іх.

8 Не хадзі таксама і ў дом баляваньня, каб сядзець зь імі, есьці і піць;

9 бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я спыню на месцы гэтым і ў дні вашыя голас радасьці і голас весялосьці, голас жаніха і голас нявесты.

10 Калі ты перакажаш народу гэтаму ўсе гэтыя словы, і яны скажуць табе: «за гэта сказаў на нас Гасподзь усё гэта вялікае бедства, і якая наша няпраўда, і які наш грэх, якім зграшылі мы перад Госпадам Богам нашым?»

11 тады скажы ім: за тое, што бацькі вашыя пакінулі Мяне, кажа Гасподзь, і пайшлі сьледам за іншымі божышчамі і слугавалі ім і пакланяліся ім, а Мяне пакінулі і закона Майго ня трымаліся.

12 А вы робіце яшчэ горш за бацькоў вашых і жывяце кожны паводле ўпартасьці злога сэрца свайго, каб ня слухаць Мяне.

13 За гэта выкіну вас зь зямлі гэтай у зямлю, якой ня ведалі ні вы, ні бацькі вашыя, і там будзеце служыць іншым божышчам дзень і ноч; бо я не прыхілюся да вас мілажальнасьцю.

14 Таму вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі ня будуць ужо казаць: «жывы Гасподзь, Які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай»,

15 а: «жывы Гасподзь, Які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі паўночнай і з усіх земляў, у якія выгнаў іх»; бо вярну іх у зямлю іхнюю, якую Я даў бацькам іхнім.

16 Вось, Я пашлю мноства рыбаловаў, кажа Гасподзь, і будуць лавіць іх; а потым пашлю мноства паляўнічых, і яны пагоняць іх з кожнай гары і з кожнага пагорка і зь цясьнін скал.

17 Бо вочы Мае - на ўсіх шляхах іхніх; яны не схаваны ад аблічча Майго, і няпраўда іх не схавана ад вачэй Маіх.

18 І дам ім найперш за няпраўду іхнюю і за падвойны грэх іхні, бо апаганілі зямлю Маю, трупамі гнюсотных сваіх і мярзотамі сваімі напоўнілі спадчыну Маю.

19 Госпадзе! сіла мая і моц мая і прыстанішча маё ў дзень смутку! да Цябе прыйдуць народы ад краёў зямлі і скажуць: «толькі няпраўду спадкавалі нашы бацькі, пустату і тое, у чым ніякай няма карысьці».

20 Ці можа чалавек зрабіць сабе божышчаў, якія зрэшты не багі?

21 Таму, вось Я пакажу ім сёньня, пакажу ім руку Маю і магутнасьць Маю, і ўведаюць, што імя Маё - Гасподзь.

 

Разьдзел 17

 

1 Грэх Юдаў напісаны жалезным разцом, алмазным вастрыём накрэсьлены на скрыжалі сэрца іхняга і на рагах ахвярнікаў іхніх.

2 Як пра сыноў сваіх, успамінаюць яны пра ахвярнікі свае і дубровы свае каля зялёных дрэў, на высокіх пагорках.

3 Гару Маю ў полі, маёмасьць тваю і ўсе скарбы твае аддам на рабунак, і ўсе вышыні твае - за грахі ва ўсіх межах тваіх.

4 І ты празь сябе пазбудзешся спадчыны тваёй, якую Я даў табе, і аддам цябе ў рабства ворагам тваім, у зямлю, якое ты ня ведаеш, бо вы запалілі агонь гневу Майго; ён будзе гарэць вечна.

5 Так кажа Гасподзь: пракляты чалавек, які спадзяецца на чалавека і плоць робіць сваёю апораю, і сэрца якога аддаляецца ад Госпада.

6 Ён будзе - як верас у пустыні і ня ўбачыць, калі прыйдзе добрае, і паселіцца ў мясьцінах скварных у стэпе, на зямлі неўрадлівай, неабжытай.

7 Дабраславёны чалавек, які спадзяецца на Госпада, і чыя надзея - Гасподзь.

8 Бо ён будзе як дрэва, якое пасаджана каля водаў і пускае сваё карэньне каля патока; ня ведае яно, калі настае сьпёка; лісьце ў яго зялёнае, і ў засушлівы час яно не баіцца і не перастае радзіць плады.

9 Падступнае сэрца чалавечае найбольш і да краю сапсаванае; хто спазнае яго?

10 Я, Гасподзь, пранікаю ў сэрца і выпрабоўваю ўсярэдзіне, каб даць кожнаму паводле шляху ягонага і паводле плёну дзеяў ягоных.

11 Курапатка садзіцца на яйкі, якіх ня несла; такі той, хто набывае багацьце няпраўдаю: ён пакіне яго на палове дзён сваіх, дурнем застанецца пры канцы сваім.

12 Трон славы, узвышаны ад пачатку, ёсьць месца асьвячэньня нашага.

13 Ты, Госпадзе, - надзея Ізраілева; усе, хто пакідае Цябе, пасаромяцца. «Тыя, што адступаюцца ад Мяне, будуць напісаны на пыле, бо пакінулі Госпада, крыніцу вады жывое»,

14 Ацалі мяне, Госпадзе, - і ацалёны буду; уратуй мяне - і ўратаваны буду; бо Ты - хвала мая.

15 Вось, яны кажуць мне: «дзе слова Гасподняе? няхай яно прыйдзе!»

16 Я не сьпяшаўся быць пастырам у Цябе і не хацеў бядотнага дня, Ты гэта ведаеш; што выйшла з вуснаў маіх - адкрыта перад абліччам Тваім.

17 Ня будзь страшны мне, Ты - надзея мая ў дзень бедства.

18 Хай сорам пакрые ганіцеляў маіх, а я ня буду пасаромлены; хай яны затрымцяць, а я не трымцецьму; навядзі на іх дзень бедства і паламай іх двайной ламатою.

19 Так сказаў мне Гасподзь: ідзі і стань у браме сыноў народу, у якую ўваходзяць цары Юдэйскія і празь якую яны выходзяць, і ва ўсіх брамах Ерусалімскіх,

20 і кажа ім: слухайце слова Гасподняе, цары Юдэйскія і ўся Юдэя і ўсе жыхары Ерусаліма, якія ўваходзяць праз гэтыя брамы

21 Так кажа Гасподзь: пільнуйце душы свае і не насеце ношак у суботні дзень, і ня ўносьце іх праз брамы Ерусалімскія.

22 І ня выносьце ношак з дамоў вашых у дзень суботні, не рабеце ніякае працы, сьвяткуйце дзень суботні так, як Я наказаў бацькам вашым,

23 якія, зрэшты, не паслухаліся і не прыхілілі вуха свайго, а зрабіліся цьвердалобымі, каб ня слухацца і ня прымаць настаўленьня.

24 І калі вы паслухаецеся Мяне ў тым, кажа Гасподзь, каб не насіць ношак праз брамы гэтага горада ў дзень суботні і каб сьвяткаваць суботу, ня робячы ў гэты дзень ніякае працы:

25 дык праз брамы гэтага горада будуць уваходзіць цары і князі, якія сядзяць на троне Давідавым, езьдзяць на калясьніцах і на конях, яны і князі іхнія, Юдэі і жыхары Ерусаліма, і горад гэты будзе жытлы вечна.

26 І будуць прыходзіць з гарадоў Юдэйскіх і з навакольляў Ерусаліма і зь зямлі Веньямінавай, і з раўніны і з гор і з поўдня, і прыносіць цэласпаленьне і ахвяру, і хлебнае прынашэньне і ліван, і падзякавальныя ахвяры ў дом Гасподні.

27 А калі не паслухаецеся Мяне ў тым, каб сьвяткаваць дзень суботні і не насіць ношак, уваходзячы ў брамы Ерусаліма ў суботні дзень, дык запалю агонь у брамах яго, - і ён паглыне харомы Ерусаліма і не патухне.

 

Разьдзел 18

 

1 Слова, якое было Ерамію ад Госпада:

2 Устань і сыдзі ў дом ганчара, і там Я абвяшчу табе Маё слова.

3 І сышоў я ў дом ганчара, і вось ён рабіў сваю працу на крузе.

4 І посуд, які ганчар рабіў з гліны, разваліўся ў руцэ ягонай; і ён зноў зрабіў яго, другі посуд, які ганчар надумаўся зрабіць.

5 І было слова Гасподняе мне:

6 Ці не магу Я ўчыніць з вамі, доме Ізраілеў, як гэты ганчар? кажа Гасподзь. Вось, што гліна - у руках у ганчара, тое самае - вы ў Маёй руцэ, доме Ізраілеў.

7 Часам Я скажу пра які-небудзь народ і царства, што выкарчую, зламаю і загублю яго;

8 але калі народ гэты, пра які Я гэта мовіў, адвернецца ад сваіх благіх дзеяў, Я адмяню ліха, якое надумаў зрабіць яму.

9 А часам скажу пра які-небудзь народ і царства, што ўладжу і ўмацую яго;

10 але калі ён будзе рабіць благое перад вачыма Маімі і ня слухацца голасу Майго, Я адмяню тое добрае, якім хацеў удабрачыніць яму.

11 Дык вось скажы мужам Юды і жыхарам Ерусаліма: так кажа Гасподзь: вось, Я рыхтую вам ліха і намышляю супроць вас; дык вось, адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і папраўце шляхі вашыя і ўчынкі вашыя.

12 Але яны кажуць: «не спадзявайся, мы будзем жыць згодна са сваім намыслам і будзем рабіць кожны паводле ўпартасьці злога сэрца свайго».

13 Таму так кажа Гасподзь: спытайцеся сярод народаў, ці чуў хто падобнае на гэта? вельмі гнюсотныя дзеі ўчыніла дзева Ізраілева.

14 Ці пакідае сьнег Ліванскі скалу гары? ці канчаюцца халодныя воды, якія цякуць зь іншых мясьцінаў?

15 А народ Мой пакінуў Мяне; яны кадзяць марным, спатыкнуліся на дарогах сваіх, пакінулі шляхі старадаўнія, каб хадзіць па сьцежках шляху непракладзенага,

16 каб зрабіць зямлю сваю жахам, заўсёдным пасьмешышчам, так што кожны, хто праходзіцьме па ёй, зьдзівіцца і паківае галавою сваёю.

17 Як усходнім ветрам разьвею іх перад абліччам ворага; сьпінаю, а ня тварам павярнуся да іх у дзень бедства іхняга.

18 А яны сказалі: «прыйдзеце, складзем змову супроць Ераміі; бо ня зьнік жа закон у сьвятара, і рада ў мудрага, і слова ў прарока; прыйдзеце, паб'ем яго языком і ня будзем уважаць словам ягоным».

19 Уважы мне, Госпадзе, і пачуй голас маіх супраціўцаў.

20 Ці трэба плаціць злом за дабро? а яны капаюць яму для душы маёй. Уважы, што я стаю перад абліччам Тваім, каб гаварыць за іх добрае, каб адвярнуць ад іх гнеў Твой.

21 Дык вось аддай сыноў іхніх голаду і ўвядзі іх пад меч; хай будуць іх жонкі бязьдзетныя і ўдовы, і мужоў іхніх няхай сьмерць прыбярэ, а юнакі іхнія - хай будуць усьмерчаны мечам на вайне.

22 Хай будзе чуцен енк іхні з дамоў іхніх, калі прывядзеш на іх войска зьнянацку; бо яны капаюць яму, каб злавіць мяне, і таемна паставілі сеткі на ногі мае.

23 Але Ты, Госпадзе, ведаеш усе намыслы іх супроць мяне, каб усьмерціць мяне; не даруй іхняй няпраўды і грэху іхняга не загладзь перад абліччам Тваім; хай будуць яны звалены перад Табою; учыні зь імі ў час гневу Твайго.

 

Разьдзел 19

 

1 Так сказаў Гасподзь: ідзі і купі гліняны збанок у ганчара; і вазьмі з сабою старэйшынаў з народу, і са старэйшынаў сьвятарскіх,

2 і выйдзі ў даліну сыноў Эномавых, якая каля брамы Харшыт, і абвясьці там словы, якія Я кажу табе,

3 і скажы: слухайце слова Гасподняе, цары Юдэйскія і жыхары Ерусаліма! Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я навяду бедства на мясьціну гэтую, - пра якую калі хто пачуе, у таго зазьвініць у вушах, -

4 за тое, што яны пакінулі Мяне, і счужынілі Мне мясьціну гэтую, і кадзяць на ёй іншым божышчам, якіх ня ведалі ні яны, ні бацькі іхнія, ні цары Юдэйскія; напоўнілі мясьціну гэтую крывёю невінаватых

5 і насыпалі вышыні Ваалу, каб паліць сыноў сваіх агнём на цэласпаленьне Ваалу, чаго Я не загадваў і не казаў, і чаго Мне нават наўме ня было;

6 затое вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі мясьціна гэтая ня будзе больш называцца Тафэтам альбо далінаю сыноў Эномавых, а далінаю забойства.

7 Я зьнішчу раду Юды і Ерусаліма на месцы гэтым і зваюю іх мечам перад абліччам ворагаў іхніх і рукою шукальнікаў душы іхняй, і аддам трупы іх на ежу птушкам нябесным і зьвярам зямным

8 І зраблю горад гэты жахам і пасьмешышчам; кожны хто праходзіцьме празь яго, зьдзівіцца і пасьвішча, гледзячы на ўсе раны ягоныя.

9 І накармлю іхняй плоцьцю сыноў іхніх і плоцьцю дачок іхніх; і будзе кожны есьці плоць свайго блізкага ў аблозе і сьціску, калі сьціснуць іх ворагі іхнія і шукальнікі душы іхняй.

10 І разьбі збанок на вачах у тых мужоў, якія прыйдуць з табою,

11 і скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф: так скрышу Я народ гэты і горад гэты, як скрышаны ганчарны посуд, які ўжо ня можа быць адноўлены, і будуць хаваць іх у Тафэце ад недахопу месца пад пахаваньне.

12 Так зраблю і зь месцам гэтым, кажа Гасподзь, і з жыхарамі яго; і горад гэты зраблю падобным на Тафэт.

13 І дамы Ерусаліма і дамы цароў Юдэйскіх будуць, - як месца Тафэт, - нячыстыя, бо на дахах усіх дамоў кадзяць усяму войску нябеснаму і ўчыняюць ахвяраваньні божышчам чужым.

14 І прыйшоў Ерамія з Тафэта, куды Гасподзь пасылаў яго прарочыць, і стаў на дварэ дома Гасподняга і сказаў усяму народу:

15 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я навяду на горад гэты і на ўсе гарады яго ўсё тое бедства, якое вымавіў на яго, бо яны - цьвердалобыя і не слухаюць слоў Маіх.

 

Разьдзел 20

 

1 Калі Пасхор, сын Эмэраў, сьвятар, ён жа і наглядчык у доме Гасподнім, пачуў, што Ерамія прароча вымавіў словы гэтыя,

2 дык ударыў Пасхор Ерамію прарока і пасадзіў яго ў калоду, якая была каля верхняе брамы Веньямінавае пры доме Гасподнім.

3 Але на другі дзень Пасхор выпусьціў Ерамію з калоды, і Ерамія сказаў яму: не Пасхор* назваў Гасподзь імя табе, а Магор Місавіў**.

4 Бо так кажа Гасподзь: вось, Я зраблю цябе жахам табе самому і ўсім сябрам тваім, і загінуць яны ад меча ворагаў сваіх, і твае вочы ўгледзяць гэта. І ўсяго Юду перадам у рукі цара Вавілонскага, і завядзе іх у Вавілон і паб'е мечам.

5 І перадам усё багацьце гэтага горада і ўвесь набытак яго і ўсе каштоўнасьці яго, і ўсе скарбы цароў Юдэйскіх аддам у рукі іх, і зрабуюць іх і возьмуць і адправяць іх у Вавілон.

6 І ты, Пасхор, і ўсе, хто жыве ў доме тваім, пойдзеце ў палон; і прыйдзеш у Вавілон - і там памрэш, і там будзеш пахаваны, ты і ўсе сябры твае, якім ты прарочыў фальшыва.

7 Ты вёў мяне, Госпадзе, - і я паведзены; Ты мацнейшы за мяне - і перамог; і мяне кожны дзень высьмейваюць, кожны зьдзекуецца зь мяне.

8 Бо толькі пачну гаварыць я, - крычу пра гвалт, лямантую пра спусташэньне, бо слова Гасподняе абярнулася кляцьбою мне і штодзённым высьмейваньнем.

9 І падумаў я: ня буду я нагадваць пра Яго і ня буду больш гаварыць у імя Яго; а было ў сэрцы маім, як бы палкі агонь, заключаны ў костках маіх, і я стаміўся, трымаючы яго, і - ня мог.

10 Бо я чуў перагуды многіх: пагрозы вакол; «заявеце, казалі яны, і мы зробім данос». Усе, хто жыў са мною ў міры, пільнуюць мяне, але ці не спатыкнуся я: «магчыма, кажуць, ён пападзецца, і мы адолеем яго і адпомсьцім яму».

11 Але са мною Гасподзь, як моцны ваяр; таму перасьледнікі мае спатыкнуцца і не адолеюць; моцна спаганьбяцца, бо рабілі неразумна; паганьбеньне будзе вечнае, ніколі не забудзецца.

12 Госпадзе сіл! Ты выпрабоўваеш праведнага і бачыш нутрыну і сэрца. Хай жа пабачу я помшчаньне Тваё ім, бо Табе даверыў я справу маю.

13 Сьпявайце Госпаду, хвалеце Госпада, бо Ён збаўляе душу беднага ад рукі зламысьнікаў.

14 Пракляты дзень, у які я нарадзіўся; дзень, у які нарадзіла мяне маці мая, хай ня будзе дабраславёны!

15 Выкляты чалавек, які прынёс вестку бацьку майму і сказаў: «у цябе нарадзіўся сын» і тым вельмі парадаваў яго.

16 І хай будзе з тым чалавекам, як з гарадамі, якія разбурыў Гасподзь і не пашкадаваў; хай чуе ён раніцай енк і аполудні галашэньне,

17 за тое, што ён не забіў мяне ў самай нутрыне - так, каб маці мая была мне труною, і чэрава яе заставалася вечна цяжарнае.

18 Навошта я выйшаў з нутрыны, каб бачыць працу і скрухі, і каб дні мае зьніклі ў няславе?

 

 

* Мір вакол

** Жах вакол

Разьдзел 21

 

1 Слова, якое было Ерамію ад Госпада, калі цар Сэдэкія прыслаў да яго Пасхора, сына Малхіінага і Сафонію, сына Маасэі сьвятара, сказаць:

2 «Спытайся пра нас у Госпада, бо Навухаданосар, цар Вавілонскі, ваюе супроць нас; магчыма, Гасподзь учыніць з намі што-небудзь такое, як усе цуды Яго, каб той адступіўся ад нас».

3 І сказаў ім Ерамія: так скажэце Сэдэкію:

4 так кажа Гасподзь, Бог Ізраілеў: вось, Я павярну назад вайсковую зброю, якая ў руках вашых, якою вы змагаецеся з царом Вавілонскім і з Халдэямі, якія асуджаюць вас па-за сьценамі, і зьбяру іх сярод горада гэтага;

5 і Сам буду ваяваць супроць вас рукою прасьцёртаю і мышцаю моцнаю ў гневе і ў лютасьці і ў вялікім абурэньні;

6 і паб'ю жыхароў гэтага горада - і людзей і быдла; ад вялікай пошасьці памруць яны.

7 А пасьля таго, кажа Гасподзь, Сэдэкію, цара Юдэйскага, слуг ягоных і народ і тых, хто застаўся ў горадзе гэтым ад пошасьці і паморку, меча і голаду, перадам у рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ў рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікам душы іхняй; і ён паб'е іх вастрыём меча і ня зьлітуецца зь іх, і не пашкадуе і не памілуе.

8 І народу гэтаму скажы: так кажа Гасподзь: вось, Я прапаную вам шлях жыцьця і шлях сьмерці:

9 Хто застанецца ў гэтым горадзе, той памрэ ад меча і голаду, пошасьці і згубнага паморку; а хто выйдзе і аддасца Халдэям, якія аблажылі вас, той будзе жывы, і душа ягоная будзе яму замест здабычы;

10 бо Я павярнуў аблічча Маё супроць горада гэтага, кажа Гасподзь, на зло, а не на дабро; ён будзе выдадзены ў рукі цара Вавілонскага, і той спаліць яго агнём.

11 І дому цара Юдэйскага скажы: слухайце слова Гасподняе:

12 Доме Давідаў! так кажа Гасподзь: з самае раніцы чынеце суд і ратуйце скрыўджанага ад рукі крыўдніка, каб лютасьць Мая ня выйшла, як агонь, і не разгарэлася з прычыны благіх дзеяў вашых да таго, што ніхто не патушыць.

13 Вось, Я - супроць цябе, жыхара даліны, скала раўніны, кажа Гасподзь, - супроць вас, што кажаце: «хто выступіць супроць нас і хто ўвойдзе ў селішчы нашыя?»

14 Але Я наведаю вас паводле плёну дзеяў вашых, кажа Гасподзь, і запалю агонь у лесе вашым, і зжарэ ўсё вакол яго.

 

Разьдзел 22

 

1 Так сказаў Гасподзь: сыдзі ў дом цара Юдэйскага і вымаві слова гэта

2 і скажы: выслухай слова Гасподняе, цару Юдэйскі, што сядзіш на троне Давідавым, - ты і слугі твае і народ твой, якія ўваходзяць праз гэтую браму.

3 Так кажа Гасподзь: чынеце суд і праўду і ратуйце скрыўджанага ад рук уціскальніка, ня крыўдзеце і ня ўціскайце прыхадня, сіраты і ўдавы, і нявіннай крыві не пралівайце на месцы гэтым.

4 Бо калі вы будзеце выконваць слова гэтае, дык будзеце ўваходзіць брамаю дома гэтага, цары, што сядзіце замест Давіда на троне ягоным, езьдзіце на калясьніцы і на конях, - самі і слугі іх і народ іхні.

5 А калі не паслухаецеся слоў гэтых, дык Мною прысягаю, кажа Гасподзь, што дом гэты апусьцее.

6 Бо так кажа Гасподзь дому цара Юдэйскага: Галаад ты ў Мяне, выршыня Лівана; але Я зраблю цябе пустыняю і гарады - няжытлымі.

7 І падрыхтую супроць цябе зьнішчальнікаў, кожнага са сваёй зброяй, - і сьсякуць найлепшыя кедры твае і кінуць у агонь.

8 І многія народы будуць праходзіць праз горад гэты і казаць адзін аднаму: «за што Гасподзь так зрабіў з гэтым вялікім горадам?»

9 І скажуць у адказ: за тое, што яны пакінулі запавет Госпада Бога свайго і пакланяліся іншым божышчам і служылі ім.

10 Ня плачце па памерлым і не шкадуйце яго; а горка плачце па тым, хто ідзе ў палон, бо ён ужо ня вернецца і ня ўбачыць роднай краіны сваёй.

11 Бо так кажа Гасподзь пра Салума, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, які цараваў пасьля бацькі свайго, Ёсіі, і які выйшаў з гэтага месца: ён ужо ня вернецца сюды,

12 а памрэ ў тым месцы, куды завялі яго палоннага, і больш не пабачыць зямлі гэтай.

13 Гора таму, хто будуе дом свой няпраўдаю і сьвяцёлкі свае - беззаконьнем, хто прымушае блізкага свайго працаваць задарма і не аддае яму платы ягонай,

14 хто кажа: збудую сабе дом прасторны і сьвяцёлкі прасторныя, - і прарубае сабе вокны і шалюе кедрам і фарбуе чырвонаю фарбаю.

15 Ці думаеш ты быць царом, бо замкнуў сябе ў кедр? бацька твой еў і піў, але чыніў суд і праўду, і таму яму было добра.

16 Ён разьбіраў справу беднага і ўбогага, і таму яму добра было. Ці ня гэта азначае ведаць Мяне? кажа Гасподзь.

17 Але твае вочы і тваё сэрца скіраваныя толькі на тваю карысьлівасьць і на праліваньне крыві, на тое, каб рабіць уціск і насільле.

18 Таму так кажа Гасподзь пра Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага: ня будуць аплакваць яго: «на жаль, браце мой!» і: «на жаль, сястра!». Ня будуць аплакваць яго: «на жаль, спадару!» і: «на жаль, вашэці!»

19 Асьліным пахаваньнем будзе ён пахаваны: выцягнуць яго і кінуць далёка за брамы Ерусаліма.

20 Падыміся на Ліван і крычы, і на Васане ўзвысь голас твой і крычы з Аварыма, бо зламаныя ўсе сябры твае.

21 Я казаў табе ў час дабрадзенства твайго; але ты сказаў: не паслухаю. Такія былі паводзіны твае з самай тваёй маладосьці, што ты ня слухаў голасу Майго.

22 Усіх пастыраў тваіх зьмяце вецер, і сябры твае пойдуць у палон; - і тады ты будзеш пасаромлены і паганьбаваны за ўсе ліхадзействы твае.

23 Жыхар Лівана, агнездаваны на кедрах! Які нікчэмны будзеш ты, калі спасьцігнуць цябе мукі, як боль жанчыну пры родах!

24 Жыву Я, сказаў Гасподзь: калі б Еханія, сын Ёакімаў, цар Юдэйскі, быў пярсьцёнкам на правай руцэ Маёй, дык і адсюль я сарву цябе

25 і аддам цябе ў рукі шукальнікаў душы тваёй і ў рукі тым, каго ты баішся, у рукі Навухаданосара, цара Вавілонскага, і ў рукі Халдэям,

26 і выкіну цябе і тваю маці, якая нарадзіла цябе, у чужую краіну, дзе вы не радзіліся, і там памраце;

27 а ў зямлю, куды душа іх будзе жадаць вярнуцца, туды ня вернуцца.

28 «Няўжо гэты чалавек, Еханія, ёсьць стварэньне пагарджанае, адкінутае? альбо ён - посуд непатрэбны? за што яны выкінуты - ён і племя ягонае - і кінуты ў краіну, якое ня ведалі?»

29 О, зямля, зямля, зямля! слухай слова Гасподняе.

30 Так кажа Гасподзь: запішэце чалавека гэтага пазбаўленым дзяцей, чалавекам злашчасным у дні свае, бо ніхто ўжо з племя ягонага ня будзе сядзець на троне Давідавым і валадарыць у Юдэі.

 

Разьдзел 23

 

1 Гора пастырам, якія губяць і разганяюць авечак паствы Маёй! кажа Гасподзь.

2 Таму так кажа Гасподзь Бог, Бог Ізраілеў пастырам, якія пасуць народ Мой: вы расьсеялі авечак Маіх і разагналі іх і не даглядалі іх; вось, я пакараю Вас за ліхія ўчынкі вашыя, кажа Гасподзь.

3 І зьбяру рэшту статку Майго з усіх краін, куды Я выгнаў іх, і вярну іх у двары іхнія, і будуць пладзіцца і множыцца.

4 І пастаўлю над імі пастыраў, якія будуць пасьвіць іх, і яны ўжо ня будуць баяцца і палохацца і ня будуць губіцца, кажа Гасподзь.

5 Вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, - і пастаўлю Давіду Галіну праведную, і зацаруе Цар і будзе рабіць мудра і будзе чыніць суд і праўду на зямлі.

6 У дні Яго Юда і Ізраіль будуць жыць у бясьпецы; і вось - імя Яго, якім будуць называць Яго: «Гасподзь - апраўданьне наша!»

7 Таму, вось настаюць дні, кажа Гасподзь, калі ўжо ня будуць казаць: «жывы Гасподзь, які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай»,

8 а: «жывы Гасподзь, Які вывеў і Які прывёў племя дома Ізраілевага зь зямлі паўночнай і з усіх земляў, куды Я выгнаў іх», і жыцьмуць на зямлі сваёй.

9 Пра прарокаў. Сэрца маё ўва мне разьдзіраецца, усе косткі мае дрыжаць: я - як п'яны, як чалавек, якога адолела віно, дзеля Госпада і дзеля сьвятых словаў Яго,

10 бо зямля напоўнена пералюбцамі, бо плача зямля ад праклёнаў; пасохлі пашы ў пустыні, і імкненьне іхняе - зло, і сіла іхняя - няпраўда,

11 бо іхні прарок і сьвятар - крывадушнікі; нават у доме Маім Я знайшоў бязбожнасьць іхнюю, кажа Гасподзь.

12 Затое дарога іхняя будзе ім, як коўзкія мясьціны ў цемры: іх штурхнуць - і яны ўпадуць там; бо Я навяду на іх бядоту, год наведваньня іх, кажа Гасподзь.

13 І ў прароках Самарыі Я бачыў вар'яцтва; яны прарочылі імем Ваала - і ўвялі ў аблуду народ Мой, Ізраіля.

14 Але ў прароках Ерусаліма бачу жахлівае: яны распусьнічаюць і ходзяць у фальшы, падтрымліваюць рукі ліхадзеяў, каб ніхто не наварочваўся ад сваёй бязбожнасьці; усе яны перад Мною - як Садома, і жыхары яго - як Гамора.

15 Таму так кажа Гасподзь Саваоф пра прарокаў: вось, я накармлю іх палыном і напаю іх вадою з жоўцю, бо ад прарокаў Ерусалімскіх бязбожнасьць пашырылася на ўсю зямлю.

16 Так кажа Гасподзь Саваоф: ня слухайце словаў прарокаў, якія прарочаць вам: яны ашукваюць вас, расказваюць мроі сэрца свайго, а не ад вуснаў Гасподніх.

17 Яны ўвесь час кажуць паняверцам Маім: «Гасподзь сказаў: мір будзе ў вас». І, кожнаму, хто дзейнічае з упартасьці сэрца свайго, кажуць: «ня прыйдзе на вас бяда».

18 Бо хто стаяў у радзе Госпада і бачыў і чуў слова Ягонае? Хто ўважаў слову Яго - і пачуў?

19 Вось, ідзе бура Гасподняя зь лютасьцю, бура грозная, і ўпадзе на галаву бязбожных.

20 Гнеў Госпада не адвернецца, пакуль Ён ня зьдзейсьніць і пакуль ня выканае намераў сэрца Свайго; у наступныя дні вы ясна ўразумееце гэта.

21 Я не пасылаў прарокаў гэтых, а яны самі пабеглі; Я не казаў ім, а яны прарочылі.

22 Калі б яны стаялі ў радзе Маёй, дык абвясьцілі б народу Майму словы Мае і адводзілі б іх ад благога шляху іхняга і ад благіх дзеяў іхніх.

23 Хіба Я - Бог толькі зьблізку, кажа Гасподзь, а ня Бог здалёку?

24 Ці можа чалавек схавацца ў патайнае месца, дзе Я ня бачыў бы яго? кажа Гасподзь. Ці ж не напаўняю Я неба і зямлю? кажа Гасподзь.

25 Я чуў, што гавораць прарокі, якія Маім імем прарочаць ману. Яны кажуць: «мне сьнілася, мне сьнілася».

26 Ці доўга гэта будзе ў сэрцы ў прарокаў, якія прарочаць ману, прарочаць ашуканства свайго сэрца?

27 Ці думаюць яны давесьці народ Мой да забыцьця імя Майго празь сьненьні свае, якія яны пераказваюць адзін аднаму, як бацькі іх забылі імя Маё праз Ваала?

28 Прарок, які бачыў сон, няхай і расказвае яго як сон; а ў якога Маё слова, той няхай кажа слова Маё слушна. Што ёсьць супольнага ў мякіны з чыстым зернем? кажа Гасподзь

29 Слова Маё ці ж не падобнае на агонь, кажа Гасподзь, і ці ж не падобнае на молат, які разьбівае скалу?

30 Таму вось, Я - на прарокаў, кажа Гасподзь, якія крадуць словы Мае адзін у аднаго.

31 Вось, Я - на прарокаў, кажа Гасподзь, якія дзейнічаюць сваім языком, а кажуць: «Ён сказаў».

32 Вось, Я на прарокаў фальшывых сноў, кажа Гасподзь, якія расказваюць іх і ўводзяць народ Мой у аблуду сваімі падманамі і ашуканствам, тым часам як Я не пасылаў іх і не загадваў ім, і яны ніякай карысьці ня прыносяць народу гэтаму, кажа Гасподзь.

33 Калі спытае ў цябе народ гэты альбо прарок альбо сьвятар: «які цяжар ад Госпада», дык скажы ім: «які цяжар? Я пакіну вас, кажа Гасподзь».

34 Калі прарок альбо сьвятар альбо народ скажа: «цяжар ад Госпада», Я пакараю таго чалавека і дом ягоны.

35 Так кажэце адзін аднаму і брат брату: «што адказаў Гасподзь?» альбо: «што сказаў Гасподзь?»

36 а гэтага слова: «цяжар ад Госпада», наперад ня ўжывайце: бо цяжарам будзе такому чалавеку слова ягонае, бо вы пераварочваеце словы жывога Бога, Госпада Саваофа Бога нашага.

37 Так кажы прароку: «што адказаў табе Гасподзь? альбо: «што сказаў Гасподзь?»

38 А калі вы яшчэ казацьмеце: «цяжар ад Госпада», дык так кажа Гасподзь; за тое, што вы кажаце слова гэтае: «цяжар ад Госпада», тым часам як я паслаў сказаць вам: не кажэце «цяжар ад Госпада»,

39 за тое вось, Я забуду вас зусім і пакіну вас, і горад гэты, які Я даў вам і бацькам вашым, адхілю ад аблічча Майго

40 і накладу на вас агуду вечную, якая не забудзецца.

 

Разьдзел 24

 

1 Гасподзь паказаў мне: і вось, два кашы са смоквамі пастаўлены перад храмам Гасподнім, - пасьля таго, як Навухаданосар, цар Вавілонскі, вывеў зь Ерусаліма палоннымі Еханію, сына Ёакімавага, цара Юдэйскага, і князёў Юдэйскіх зь цесьлямі і кавалямі і прывёў іх у Вавілон:

2 адзін кош быў са смоквамі вельмі добрымі, якімі бываюць смоквы раньнія, а другі кош - са смоквамі вельмі благімі, якіх зь нягоднасьці іхняй нельга есьці.

3 І сказаў мне Гасподзь: што бачыш ты, Ерамія? я сказаў: смоквы, смоквы добрыя - вельмі добрыя, а благія - вельмі благія, так што іх нельга есьці, бо яны вельмі кепскія.

4 І было мне слова Гасподняе:

5 так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: падобна, як гэтыя смоквы добрыя, Я прызнаю добрымі перасяленцаў Юдэйскіх, якіх Я паслаў з гэтага месца ў зямлю Халдэйскую;

6 я зьвярну на іх вочы Мае на дабро ім і вярну іх у зямлю гэтую, і ўладжу іх, а ня зруйную, і пасаджу іх, а ня выкарчую;

7 і дам ім сэрца, каб ведалі Мяне, што Я - Гасподзь, і яны будуць Маім народам, а Я буду іхнім Богам; бо яны абернуцца да Мяне ўсім сэрцам сваім.

8 А пра благія смоквы, якіх і есьці нельга за няпрыдатнасьць іх, так кажа Гасподзь: такім Я зраблю Сэдэкію, цара Юдэйскага, і князёў ягоных і іншых Ерусалімцаў, што застаюцца ў зямлі гэтай і жывуць у зямлі Егіпецкай;

9 і аддам іх на азлобу і на ліхія пакуты ва ўсіх царствах зямных, на паглум, на перагуды, на пакепства і праклён ва ўсіх мясьцінах, куды Я выганю іх.

10 І пашлю на іх меч, голад і паморак, пакуль ня вынішчу іх зь зямлі, якую Я даў ім і бацькам іхнім.

 

Разьдзел 25

 

1 І слова, якое было Ераміі пра ўвесь народ Юдэйскі, у чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, - гэта быў першы год Навухаданосара, цара Вавілонскага, -

2 і якое прарок Ерамія прамовіў да ўсяго народа Юдэйскага і да ўсіх жыхароў Ерусаліма і сказаў:

3 ад трынаццатага года Ёсіі сына Амонавага, цара Юдэйскага, да гэтага дня, - вось ужо дваццаць тры гады, - было мне слова Гасподняе, і я з самае раніцы прамаўляў вам, - і вы ня слухалі.

4 Гасподзь пасылаў да вас усіх рабоў Сваіх прарокаў, з самае раніцы пасылаў, - і вы ня слухалі і ня прыхілялі вуха свайго, каб слухаць.

5 Вам казалі: «адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і ад благіх дзеяў сваіх і жывеце на зямлі, якую Гасподзь даў вам і бацькам вашым адвеку навечна;

6 І не хадзеце сьледам за іншымі божышчамі, каб служыць ім і пакланяцца ім, і не гнявеце Мяне дзеямі рук сваіх, і не зраблю вам благога».

7 Але вы ня слухаліся Мяне, кажа Гасподзь, гневячы Мяне дзеямі рук сваіх, на злосьць сабе.

8 Таму так кажа Гасподзь Саваоф: за тое, што вы ня слухалі словаў Маіх,

9 вось Я пашлю і вазьму ўсе плямёны паўночныя, кажа Гасподзь, і пашлю да Навухаданосара, цара Вавілонскага, раба Майго, і прывяду іх на зямлю гэтую і на жыхароў яе і на ўсе навакольныя народы; і цалкам вынішчу іх і зраблю іх жахам і пасьмешышчам і вечным запусьценьнем.

10 І спыню іх голас радасьці і голас весялосьці, голас жаніха і голас нявесты, гук жорнаў і сьвятло сьвяцільні.

11 І ўся зямля гэтая будзе пустыняю і жахам; і народы гэтыя будуць служыць цару Вавілонскаму семдзесят гадоў.

12 І будзе: калі споўніцца семдзесят гадоў, пакараю цара Вавілонскага і той народ, кажа Гасподзь, за іх бязбожнасьць, і зямлю Халдэйскую, і зраблю яе вечнаю пустыняю.

13 І спраўджу над тою зямлёю ўсе словы Мае, якія Я прамовіў на яе, усё напісанае ў гэтай кнізе, што Ерамія прароча вымавіў на ўсе народы,

14 бо і іх паняволяць шматлікія народы і цары вялікія; і Я дам ім паводле іх учынкаў, паводле дзеяў рук іхніх.

15 Бо так сказаў мне Гасподзь Бог Ізраілеў: вазьмі з рукі Маёй чару гэтую зь віном лютасьці і напаі зь яе ўсе народы, да якіх Я пасылаю цябе.

16 І яны вып'юць і будуць хістацца і звар'яцеюць, убачыўшы меч, які Я пашлю на іх.

17 І ўзяў я чару з рукі Гасподняй і напаіў зь яе ўсе народы, да якіх паслаў мяне Гасподзь:

18 Ерусалім і гарады Юдэйскія, і цароў яго і князёў яго, каб спустошыць іх і зрабіць жахам, пасьмешышчам і праклёнам, як і відно сёньня,

19 фараона, цара Егіпецкага, і слуг ягоных, і князёў яго і ўвесь народ яго,

20 і ўвесь зьмешаны народ, і ўсіх цароў зямлі Уца і ўсіх цароў зямлі Філістымскай, і Аскалон і Газу, і Экрон, і рэшткі Азота,

21 Эдома і Маава і сыноў Амонавых,

22 і ўсіх цароў Тыра і ўсіх цароў Сідона і цароў астравоў, якія за морам,

23 Дэдана і Тэму, і Буза і ўсіх, што стрыгуць валасы на скронях,

24 і ўсіх цароў Аравіі і ўсіх цароў народаў рознапляменных, што жывуць у пустыні,

25 усіх цароў Зімврыі і ўсіх цароў Элама, і ўсіх цароў Мідыі

26 і ўсіх цароў поўначы, блізкіх адзін аднаму і далёкіх, і ўсе царствы зямныя, якія - на ўлоньні зямлі, а цар Сэсаха вып'е пасьля іх.

27 І скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: пеце і ўпецеся, вырыгніце і ўпадзеце, і не ўставайце, угледзеўшы меч, які Я пашлю на вас.

28 Калі ж яны будуць адмаўляцца браць чарку з рукі тваёй, каб піць, дык скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф: вы канечне піцьмеце.

29 Бо вось на горад гэты, на якім напісана Маё імя, я пачынаю наводзіць бедства; і ці вы застанецеся непакараныя? Не, не застанецеся непакараныя; бо Я наклікаю меч на ўсіх жыхароў зямлі, кажа Гасподзь Саваоф.

30 Таму вымаві на іх усе словы гэтыя і скажы ім: Гасподзь загрыміць з вышыні і з жытлішча сьвятыні Сваёй падасьць голас Свой; страшна загрыміць на селішча Сваё; як тыя, што топчуць у чавільні, усклікне на ўсіх жыхароў зямлі.

31 Шум дойдзе да канцоў зямлі; бо ў Госпада спаборства з народамі: Ён будзе судзіцца з кожнаю плоцьцю, бязбожных ён аддасьць мечу, кажа Гасподзь.

32 Так кажа Гасподзь Саваоф: вось, бедства пойдзе ад народа да народа, і вялікая віхура падымецца ад краёў зямлі.

33 І будуць пабітыя Госпадам у той дзень - ад канца зямлі да канца зямлі, ня будуць аплаканыя і ня будуць прыбраныя і пахаваныя, гноем будуць на ўлоньні зямлі,

34 Галасеце, пастыры, і стагнеце, і пасыпайце сябе пылам, правадыры статку; бо споўніліся дні вашыя для заколу і расьсеяньня вашага, і паб'яцеся, як дарагі посуд.

35 І ня будзе прыстанішча пастырам і ратунку важакам статку.

36 Чуцен енк пастыраў і галашэньне важакоў статку, бо спустошыў Гасподзь пашу іхнюю.

37 Вынішчаюцца мірныя селішчы ад лютасьці гневу Гасподняга.

38 Ён пакінуў жытлішча Сваё, як леў; і зямля іхняя зрабілася пусткаю ад лютасьці спусташальніка і ад палымянага гневу Ягонага.

 

Разьдзел 26

 

1 На пачатку цараваньня Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, было такое слова ад Госпада:

2 так кажа Гасподзь: стань у двары дома Гасподняга і скажы ўсім гарадам Юдэі, якія прыходзяць на пакланеньне ў дом Гасподні, усе тыя словы, якія загадаю табе сказаць ім; не адымі ні слова.

3 Магчыма, яны паслухаюцца і адвернуцца кожны ад благога шляху свайго, і тады Я адмяню тое бедства, якое думаю навесьці на іх за ліхія дзеі іхнія.

4 І скажы ім: так кажа Гасподзь: калі вы не паслухаецеся Мяне ў тым, каб хадзіць паводле закона Майго, які Я даў вам,

5 каб уважаць словам рабоў Маіх прарокаў, якіх Я пасылаю да вас, пасылаю з самай раніцы, і якіх вы ня слухаеце, -

6 дык з домам гэтым Я зраблю тое самае, што - зь Сіломам, і горад гэты аддам на праклён усім народам зямлі.

7 Сьвятары і прарокі і ўвесь народ слухалі Ерамію, калі ён гаварыў гэтыя словы ў доме Гасподнім.

8 І калі Ерамія сказаў усё, што Гасподзь загадаў яму сказаць усяму народу, тады схапілі яго сьвятары і прарокі і ўвесь народ - і сказалі: «ты павінен памерці;

9 навошта ты прарочыш імем Госпада і кажаш: і дом гэты будзе - як Сілом, і горад гэты апусьцее, застанецца без жыхароў?» І сабраўся ўвесь народ супроць Ераміі ў доме Гасподнім.

10 Калі пачулі пра гэта князі Юдэйскія, дык прыйшлі з дома цара да дома Гасподняга і селі каля ўваходу ў новую браму дома Гасподняга.

11 Тады сьвятары і прарокі так сказалі князям і ўсяму народу: «сьмяротны вырак - гэтаму чалавеку, бо ён прарочыць супроць горада гэтага, як вы чулі на свае вушы!».

12 І сказаў Ерамія ўсім князям і ўсяму народу: «Гасподзь паслаў мяне прарочыць супроць дома гэтага і супроць горада гэтага ўсе тыя словы, якія вы чулі;

13 дык вось, выправіце дарогі вашыя і паслухайцеся голасу Госпада Бога вашага, і Гасподзь адменіць бедства, якое вырак на вас;

14 а што да мяне, вось, я - у вашых руках; рабеце са мною, што вачам вашым здасца добрым і справядлівым:

15 толькі цьвёрда ведайце, што калі вы ўсьмерціце мяне дык нявінную кроў ускладзяце на сябе і на горад гэты і на жыхароў яго; бо сапраўды Гасподзь паслаў мяне да вас сказаць усе тыя словы ў вашыя вушы».

16 Тады князі і ўвесь народ сказалі сьвятарам і прарокам: гэты чалавек ня мае быць вырачаны на сьмерць, бо ён гаварыў нам імем Госпада Бога нашага.

17 І некаторыя са старэйшын зямлі ўсталі і сказалі ўсяму народнаму сходу:

18 «Міхей Марастыцянін прарочыў у дні Эзэкіі, цара Юдэйскага, і сказаў усяму народу Юдэйскаму: так кажа Гасподзь Саваоф: Сіён будзе ўзараны, як поле, і Ерусалім зробіцца грудаю развалінаў, і гара дома гэтага - лясістым пагоркам.

19 Ці ўсьмерцілі яго за гэта Эзэкія, цар Юдэйскі, і ўвесь Юда? Ці не збаяўся ён Госпада і ці ня ўмольваў Госпада? і Гасподзь адмяніў бедства, якое вырак на іх; а мы хочам зрабіць вялікае ліха душам нашым?

20 Прарочыў таксама імем Госпада нехта Урыя, сын Шэмаіін, з Карыятыярыма, - і прарочыў супроць горада гэтага і супроць зямлі гэтай якраз такімі словамі, як Ерамія.

21 Калі пачуў ягоныя словы цар Ёакім, і ўсе вяльможы ягоныя і ўсе князі, дык цар спрабаваў забіць яго. Пачуўшы пра гэта, Урыя збаяўся і ўцёк, і сышоў у Егіпет.

22 Але цар Ёакім і ў Егіпет паслаў людзей: Элнатана, сына Ахборавага, і іншых зь ім.

23 І вывелі Урыю зь Егіпта і прывялі яго да цара Ёакіма, і ён забіў яго мечам і кінуў труп ягоны, дзе былі могілкі простага люду».

24 Але рука Ахікіма, сына Саванавага, была за Ерамію, каб не аддаваць яго ў рукі народа на забойства.

 

Разьдзел 27

 

1 На пачатку цараваньня Ёакіма*, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, было слова гэтае Ерамію ад Госпада:

2 Так сказаў мне Гасподзь: зрабі сабе повязі і ярмо і накладзі іх сабе на шыю;

3 і пашлі такія самыя цару Ідумэйскаму і цару Маавіцкаму, і цару сыноў Амонавых і цару Тыра і цару Сідона, праз паслоў, якія прыйшлі ў Ерусалім да Сэдэкіі, цара Юдэйскага;

4 і накажы ім сказаць спадарам іхнім: так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: так скажэце гаспадарам вашым:

5 Я стварыў зямлю, чалавека і жывёлы, якія на ўлоньні зямлі, вялікай магутнасьцю Маёй і прасьцёртаю мышцай Маёю, і аддаў яе, каму Мне заўгодна было.

6 І сёньня я аддаю ўсе землі гэтыя ў руку Навухаданосару, цару Вавілонскамму, рабу Майму, і нават зьвяроў польных аддаю яму на слугаваньне.

7 І ўсе народы будуць служыць яму і сыну ягонаму і сыну сына яго, пакуль ня прыйдзе час яго і ягонай зямлі і яму самому; і будуць служыць яму народы многія і цары вялікія.

8 І калі які народ і царства не захоча служыць яму, Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ня схіліць шыі сваёй пад ярмо цара Вавілонскага, - гэты народ Я пакараю мечам, голадам, пошасьцю і згубным паморкам, кажа Гасподзь, пакуль ня вынішчу іх рукою ягонай,

9 і вы ня слухайце сваіх прарокаў і сваіх варажбітоў, і сваіх мройнікаў і сваіх чараўнікоў і сваіх зьвездароў, якія кажуць вам: «ня будзеце служыць цару Вавілонскаму».

10 Бо яны прарочаць вам няпраўду, каб выдаліць вас зь зямлі вашай, і каб Я прагнаў вас і вы загінулі.

11 А народ, які схіліць шыю сваю пад ярмо цара Вавілонскага і пачне служыць яму, Я пакіну на зямлі Сваёй, кажа Гасподзь, і ён будзе ўрабляць яе і жыць на ёй.

12 І Сэдэкію, цару Юдэйскаму, я казаў усімі гэтымі словамі і сказаў: схілеце шыю пад ярмо цара Вавілонскага і служэце яму і народу ягонаму - і будзеце жывыя.

13 Навошта паміраць табе і народу твайму ад меча, голаду, паморку і згубнай пошасьці, як сказаў Гасподзь пра той народ, які ня будзе служыць цару Вавілонскаму?

14 І ня слухайце слоў прарокаў, якія кажуць вам: «ня будзеце служыць цару Вавілонскаму»; бо яны прарочаць няпраўду.

15 Я не пасылаў іх, кажа Гасподзь; і яны фальшыва прарочаць імем Маім, каб я выгнаў вас, і каб вы загінулі, - вы і прарокі вашыя, якія прарочаць вам.

16 І сьвятарам і ўсяму народу гэтаму я казаў: так кажа Гасподзь: ня слухайце слоў прарокаў вашых, якія прарочаць вам і кажуць: «вось, неўзабаве вернуты будзе з Вавілона посуд дома Гасподняга»; бо яны прарочаць вам няпраўду.

17 Ня слухайце іх, служэце цару Вавілонскаму і жывеце; навошта даводзіць горад гэты да спусташэньня?

18 А калі яны - прарокі і калі ў іх ёсьць слова Гасподняе, дык няхай хадайнічаюць перад Госпадам Саваофам, каб посуд, які застаецца ў доме Гасподнім і ў доме цара Юдэйскага і ў Ерусаліме, не прайшоў у Вавілон.

19 Бо так кажа Гасподзь Саваоф пра слупы і пра меднае мора, і падножжы і іншыя рэчы, якія засталіся ў гэтым горадзе,

20 якіх Навухаданосар, цар Вавілонскі ня ўзяў, калі Еханію, сына Ёакіма, цара Юдэйскага, і ўсіх знакамітых Юдэяў і Ерусалімлян вывеў зь Ерусаліма ў Вавілон,

21 бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў, пра посуд, які застаўся ў доме Гасподнім і ў доме цара Юдэйскага і ў Ерусаліме:

22 ён будзе занесены ў Вавілон і там застанецца да таго дня, калі Я наведаю іх, кажа Гасподзь, і выведу іх і вярну іх на месца гэтае.

 

 

* Сэдэкія

Разьдзел 28

 

1 У той самы год, - на пачатку цараваньня Сэдэкіі, цара Юдэйскага, - у чацьвёрты год, у пяты месяц, Ананія, сын Азураў, прарок з Гаваона, казаў мне ў доме Гасподнім на вачах у сьвятароў і ўсяго народа і сказаў:

2 так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў; паламаю ярмо цара Вавілонскага;

3 праз два гады я вярну на месца гэтае ўвесь посуд дома Гасподняга, якія Навухаданосар, цар Вавілонскі, узяў з гэтага месца і перанёс іх у Вавілон;

4 І Еханію, сына Ёакімавага, цара Юдэйскага, і ўсіх палонных Юдэяў, якія прыйшлі ў Вавілон, Я вярну на месца гэтае, кажа Гасподзь; бо паламаю ярмо цара Вавілонскага.

5 І сказаў Ерамія прарок прароку Ананіі на вачах у сьвятароў і на вачах ва ўсяго народа, што стаялі ў доме Гасподнім, -

6 і сказаў Ерамія прарок: хай будзе так, як учыніць гэта Гасподзь! хай спраўдзіць Гасподзь словы твае, якія ты сказаў пра вяртаньне з Вавілона посуду дома Гасподняга і ўсіх палонных на месца гэта!

7 Толькі выслухай слова гэтае, якое я скажу ўголас табе і ў голас усяму народу:

8 прарокі, якія здавён былі да мяне і да цябе, прадказвалі многім землям і вялікім царствам вайну і бедства і паморак.

9 Калі які прарок прадказваў мір, дык тады толькі ён прызнаваны быў за прарока, якога сапраўды паслаў Гасподзь, калі збывалася слова таго прарока.

10 Тады прарок Ананія ўзяў ярмо з шыі Ераміі прарока і паламаў яго.

11 І сказаў Ананія на вачах усяго народа гэтыя словы: «так паламаю ярмо Навухаданосара, цара Вавілонскага, праз два гады, зьняўшы яго з шыі ўсіх народаў». І пайшоў Ерамія сваёй дарогай.

12 І было слова Гасподняе Ераміі пасьля таго, як прарок Ананія паламаў ярмо на шыі прарока Ераміі:

13 ідзі і скажы Ананію: так кажа Гасподзь: ты паламаў ярмо драўлянае - і зробіш замест яго ярмо жалезнае.

14 Бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: жалезнае ярмо накладу на шыю ўсіх гэтых народаў, каб яны працавалі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і яны будуць служыць яму, і нават зьвяроў польных Я аддам яму.

15 І сказаў прарок Ерамія прароку Ананію: паслухай, Ананія: Гасподзь цябе не пасылаў, і ты абнадзейваеш народ гэты фальшыва.

16 Пасьля гэтага так кажа Гасподзь: вось, Я скіну цябе з улоньня зямлі; у гэтым самым годзе ты памрэш, бо ты гаворыш насуперак Госпаду.

17 І памёр прарок Ананія ў тым самым годзе, на сёмым месяцы.

 

Разьдзел 29

 

1 І вось словы зь пісьма, якое прарок Ерамія паслаў зь Ерусаліма да рэшты старэйшынаў паміж перасяленцамі і да сьвятароў, і да прарокаў і да ўсяго народа, якіх Навухаданосар вывеў зь Ерусаліма ў Вавілон,

2 пасьля таго, як выйшлі зь Ерусаліма цар Еханія і царыца і еўнухі, князі Юдэі і Ерусаліма, і цесьляры і кавалі,

3 праз Элеасу, сына Сафанавага, і Герамію, сына Хэлкіінага, якіх Сэдэкія, цар Юдэйскі, пасылаў у Вавілон да Наухаданосара, цара Вавілонскага:

4 так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў, усім палонным, якіх Я перасяліў зь Ерусаліма ў Вавілон:

5 будуйце дамы і жывеце ў іх, і разводзьце сады і ежце плады зь іх;

6 бярэце жонак і раджайце сыноў і дачок; і сынам сваім бярэце жонак і дачок сваіх аддавайце ў замужства, каб яны нараджалі сыноў і дачок, і множцеся там, а не змаляйцеся;

7 і клапацецеся пра дабрабыт горада, у які Я перасяліў вас, і малецеся за яго Госпаду; бо пры дабрабыце яго і вам будзе мір.

8 Бо так кажа Гасподзьа Саваоф, Бог Ізраілеў: хай ня зводзяць вас прарокі вашыя, якія сярод вас, і варажбіты вашыя; і ня слухайце сноў вашых, якія вам сьняцца;

9 фальшыва прарочаць яны вам імем Маім; Я не пасылаў іх, кажа Гасподзь.

10 Бо так кажа Гасподзь: калі споўніцца вам у Вавілоне семдзесят гадоў, тады Я наведаю вас і спраўджу добрае слова Маё пра вас, каб вярнуць вас на месца гэтае.

11 Бо толькі Я ведаю намеры, якія маю пра вас, кажа Гасподзь, намеры на дабро, а не на ліха, каб даць вам будучыню і надзею.

12 І ўсклікнеце Мне, і пойдзеце і памоліцеся Мне, і Я пачую вас;

13 і пашукаеце Мяне і знойдзеце, калі пашукаеце Мяне ўсім сэрцам вашым.

14 І буду Я знойдзены вамі, кажа Гасподзь, і вярну вас з палону і зьбяру вас з усіх народаў і з усіх мясьцінаў, куды Я выгнаў вас, кажа Гасподзь, і вярну вас у тое месца, адкуль перасяліў вас.

15 Вы кажаце: «Гасподзь паставіў нам прарокаў і ў Вавілоне».

16 Так кажа Гасподзь пра цара, які сядзіць на троне Давідавым, і пра ўвесь народ, які жыве ў горадзе гэтым, пра братоў вашых, якія не адведзены з вамі ў палон,

17 так кажа пра іх Гасподзь Саваоф: вось, Я пашлю на іх меч, голад і паморак з пошасьцю, і зраблю іх такімі, як гнілыя смоквы, якіх нельга есьці за нягоднасьць іх;

18 і буду перасьледаваць іх мечам, голадам і паморкам з пошасьцю, і аддам іх на азлабеньне ўсім царствам зямлі, на праклён і жудасьць, на пасьмешышча і паганьбеньне паміж усімі народамі, куды Я выганю іх,

19 за тое, што яны ня слухалі словаў Маіх, кажа Гасподзь, зь якімі Я пасылаў да іх рабоў Маіх, прарокаў, пасылаў з самае раніцы, але яны ня слухаліся, кажа Гасподзь.

20 А вы, усе перасяленцы, якіх Я паслаў зь Ерусаліма, ў Вавілон, слухайце слова Гасподняе:

21 так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў, пра Ахава, сына Каліінага, і пра Сэдэкію, сына Маасэінага, якія прарочаць вам імем маім ілжу: вось, Я перадам іх у рукі Навухаданосара, цара Вавілонскага, і ён заб'е іх у вас на вачах.

22 І прынята будзе ад іх усімі перасяленцамі Юдэйскімі, якія ў Вавілоне, праклінаць так: «хай зробіць табе Гасподзь тое самае, што Сэдэкію і Ахаву», якіх цар Вавілонскі спражыў на агні

23 за тое, што яны рабілі брыдкае ў Ізраілі: пералюбнічалі з жонкамі блізкіх сваіх і імем Маім гаварылі ілжу, чаго Я не наказваў ім; Я ведаю гэта і Я сьведка, кажа Гасподзь.

24 І Шэмаію Нэхэламіцяніну скажы:

25 так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: за тое, што ты пасылаў пісьмы ад імя свайго да ўсяго народу, які ў Ерусаліме, і да сьвятара Сафонія, сына Маасэінага, і да ўсіх сьвятароў, і пісаў:

26 Гасподзь паставіў цябе сьвятаром замест сьвятара Ёдая, каб ты быў паміж прыглядчыкамі ў доме Гасподнім за кожным чалавекам, які шалее і прарочыць, і каб ты вязьніў такога ў цямніцу і ў калодку:

27 чаму ж ты не забароніш Ерамію Анатоцкаму прарочыць у вас?

28 бо ён і да нас у Вавілон прыслаў сказаць: «палон будзе працяглы: будуйце дамы і жывеце ў іх, разводзьце сады і ежце плады зь іх».

29 Калі Сафонія сьвятар прачытаў гэта пісьмо ўголас прароку Ерамію,

30 тады было слова Гасподняе Ерамію:

31 пашлі да ўсіх перасяленцаў сказаць: так кажа Гасподзь пра Шэмаію Нэхэламіцяніна: за тое, што Шэмаія ў вас прарочыць, а Я не пасылаў яго, і абнадзейвае вас фальшыва, -

32 за тое, так кажа Гасподзь: вось, Я пакараю Шэмаію Нэхэламіцяніна і племя ягонае; ня будзе ад яго чалавека, каб жыў сярод народа гэтага, і ня ўбачыць ён таго дабра, якое Я зраблю народу Майму, кажа Гасподзь; бо ён гаварыў насуперак Госпаду.

 

Разьдзел 30

 

1 Слова, якое было Ерамію ад Госпада:

2 так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: напішы сабе ўсе словы, якія Я казаў табе, у кнігу,

3 бо вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі Я вярну з палону народ Мой, Ізраіля і Юду, кажа Гасподзь; і прывяду іх зноў у тую зямлю, якую даў бацькам іхнім, і яны будуць валодаць ёю.

4 І вось - тыя словы, якія сказаў Гасподзь пра Ізраіля і Юду.

5 Так сказаў Гасподзь: голас трывогі і жудасьці чуем мы, а ня міру.

6 Спытайцеся і разважце: ці родзіць мужчына? Чаму ж Я бачу ў кожнага мужчыны рукі на сьцёгнах ягоных, як у жанчыны ў родах, і твары ва ўсіх бледныя?

7 О, гора! вялікі той дзень, ня было падобнага да яго; гэта - бядотны час у Якава, але ён будзе ўратаваны ад яго.

8 І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь Саваоф: паламаю ярмо ягонае, якое на шыі тваёй, і повязі твае парву; і ня будзе ўжо служыць чужаземцам,

9 але будуць служыць Госпаду Богу свайму і Давіду свайму, якога Я пастаўлю ім.

10 І ты, рабе Мой Якаве, ня бойся, кажа Гасподзь, і не палохайся, Ізраіле; бо вось, Я ўратую цябе з далёкай краіны і племя тваё зь зямлі палону іхняга; і вернецца Якаў і будзе жыць спакойна і мірна, і ніхто ня будзе палохаць яго,

11 бо Я з табою, кажа Гасподзь, каб ратаваць цябе: Я цалкам вынішчу ўсе народы, сярод якіх расьсеяў цябе, а цябе ня зьнішчу; я буду караць цябе ў меру, але непакараным не пакіну цябе.

12 Бо так кажа Гасподзь: рана твая незагойная, пошасьць твая жорсткая;

13 ніхто не клапоціцца пра справу тваю, каб загоіць рану тваю; гаючых лекаў няма для цябе;

14 усе сябры твае забылі цябе, ня шукаюць цябе; бо Я пабіў цябе ўдарамі непрыяцельскімі, жорсткаю караю за мноства беззаконьняў тваіх, бо грахі твае памножыліся.

15 Што ты енчыш пра раны твае, пра жорсткасьць хваробы тваёй? за мноства беззаконьняў тваіх Я зрабіў табе гэта, бо грахі твае памножыліся.

16 Але ўсе, хто пажырае цябе, будуць зжэртыя; і ўсе ворагі твае - усе самі пойдуць у палон, і спусташальнікі твае будуць спустошаныя, і ўсіх рабаўнікоў тваіх аддам на рабунак.

17 Я абкладу цябе пластырам і вылечу цябе ад ранаў тваіх, кажа Гасподзь. Цябе называлі адкідам, кажучы: «вось Сіён, пра які ніхто ня пытаецца».

18 так кажа Гасподзь: вось, вярну палон намётаў Якава і селішчы ягоныя памілую, - і горад зноў будзе пабудаваны на пагорку сваім, і храм уладкуецца як раней.

19 І ўзьнясуцца зь іх падзяка і голас разьвяселеных; і Я памножу іх, і ня будуць меншыцца, і праслаўлю іх, і ня будуць прыніжаныя.

20 І сыны ягоныя будуць, як раней, і гурт ягоны будзе стаяць перад Мною, і пакараю ўсіх уціскальнікаў ягоных.

21 І будзе правадыр ягоны зь яго самога, і валадар ягоны будзе паходзіць з асяродзьдзя яго; і Я набліжу яго і ён падступіцца да Мяне; бо хто наважыцца сам па сабе наблізіцца да Мяне? кажа Гасподзь.

22 І вы будзеце Маім народам, і Я буду вам Богам.

23 Вось, лютая віхура ідзе ад Госпада, віхура грозная; яна ідзе на галаву бязбожнікаў.

24 Палымяны гнеў Госпада не адвернецца, пакуль Ён ня зьдзейсьніць і ня спраўдзіць намераў сэрца Свайго. У апошнія дні зразумееце гэта.

 

Разьдзел 31

 

1 У той час, кажа Гасподзь, Я буду Богам усім плямёнам Ізраілевым, а яны будуць Маім народам.

2 Так кажа Гасподзь: народ, які ацалеў ад меча, знайшоў мілажаль у пустыні, іду супакоіць Ізраіля.

3 Здалёк явіўся мне Гасподзь і сказаў: любоўю вечнаю Я палюбіў цябе, і таму даў табе Маё ўпадабаньне.

4 Я зноў уладжу цябе, і ты будзеш уладжана, дзева Ізраілевая, зноў будзеш упрыгожвацца тымпанамі тваімі і выходзіць у карагодзе тых, якія весяляцца;

5 зноў насадзіш вінаграднікі на горах Самарыі; вінаграднікі, якія будуць гадаваць іх, самыя будуць карыстацца імі.

6 Бо будзе дзень, калі вартаўнікі на гары Яфрэмавай абвесьцяць: «уставайце, і пойдзем на Сіён да Госпада Бога нашага».

7 Бо так кажа Гасподзь: радасна сьпявайце пра Якава і ўсклікайце перад галавою народаў; узьвяшчайце, слаўце і кажэце: уратуй, Госпадзе народ Твой, рэшту Ізраіля!

8 Вось, Я прывяду іх з краіны паўночнай і зьбяру іх з краёў зямлі; сьляпы і кульгавы, цяжарная і парадзіха разам зь імі, - вялікі гурт вернецца сюды.

9 Яны пайшлі са сьлязьмі, а Я павяду іх з уцехаю; павяду іх бліз патокаў водаў, дарогаю роўнаю, на якой не спатыкнуцца; бо Я - бацька Ізраілю і Яфрэм - першынец Мой.

10 Слухайце слова Гасподняе, народы, і ўзьвясьцеце выспам аддаленым і скажэце: «Хто расьсеяў Ізраіля, Той і зьбярэ яго, і будзе ахоўваць яго, як пастух статак свой»;

11 бо адкупіць Гасподзь Якава і пазбавіць яго ад рукі таго, хто быў дужэйшы за яго.

12 І прыйдуць яны - і будуць радавацца на вышынях Сіёна; і сьцякуцца да добрасьці Гасподняй, да пшаніцы і віна і алею, да ягнят і валоў; і душа іхняя будзе як напоены вадою сад, і яны ня будуць ужо болей таміцца.

13 Тады дзяўчына будзе весяліцца ў карагодзе, і хлопцы і старыя разам; і замяню маркоту іхнюю на радасьць і суцешу іх, і парадую іх пасьля смутку іхняга.

14 І накармлю душу сьвятароў тлушчам, і народ Мой насыціцца дабротамі Маімі, кажа Гасподзь.

15 Так кажа Гасподзь: голас чуцен у Раме, лямант і горкае галашэньне: Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца ў дзецях сваіх, бо іх няма.

16 Так кажа Гасподзь; утрымай голас твой ад галашэньня і вочы твае ад сьлёз,

17 Бо ёсьць узнагарода за працу тваю, кажа Гасподзь, і вернуцца сыны твае ў межы свае.

18 Чую Яфрэма, які плача: «Ты пакараў мяне, - і я пакараны, як цялё неўтаймоўнае; навярні мяне, - і навярнуся, бо Ты - Гасподзь Бог мой.

19 Калі я быў навернуты, я каяўся, і калі быў настаўлены на розум, біў сябе па клубах; я быў пасаромлены, я быў зьбянтэжаны, бо нёс няславу маладосьці маёй».

20 Ці не дарагі ў Мяне сын Яфрэм? ці ня любае дзіця? бо, як толькі загавару пра яго, заўсёды зь любоўю ўспамінаю пра яго; нутроба Мая абураецца за яго; умілажалюся зь яго, кажа Гасподзь.

21 Пастаў сабе дарожныя знакі, пастаў сабе слупы, павярні сэрца тваё на дарогу - на шлях, па якім ты ішла; вяртайся, дзева Ізраілевая, вяртайся ў гэтыя гарады твае.

22 Ці доўга табе бадзяцца, адпалая дачка? Бо Гасподзь стварыў на зямлі нешта новае: жонка выратуе мужа.

23 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: наперад, калі Я вярну палон іхні, будуць казаць на зямлі Юды і ў гарадах ягоных гэтае слова: «хай дабраславіць цябе Гасподзь, жытлішча праўды, гара сьвятая!»

24 І паселіцца на ёй Юда і ўсе гарады ягоныя разам, земляробы і тыя, што ходзяць са статкамі.

25 Бо Я напаю душу стомленую і накармлю душу скрушную.

26 Пры гэтым я прачнуўся і паглядзеў, і сон мой быў прыемны мне.

27 Вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі Я засею дом Ізраілеў і дом Юдаў насеньнем чалавека і насеньнем быдла.

28 І як Я назіраў за імі, выкараняючы і ламаючы, і разбураючы і губячы, і пашкоджваючы, так буду назіраць за імі, будуючы і насаджваючы, кажа Гасподзь.

29 У тыя дні ўжо ня будуць казаць: «бацькі елі кіслы вінаград, а ў дзяцей на зубах - аскома»,

30 а кожны будзе паміраць за сваё ўласнае беззаконьне; хто будзе есьці кіслы вінаград, у таго на зубах і аскома будзе.

31 Вось настаюць дні, кажа Гасподзь, калі Я заключу з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,

32 не такі запавет, які Я заключыў з бацькамі іхнімі ў той дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай; той запавет Мой яны парушылі, хоць я заставаўся ў еднасьці зь імі, кажа Гасподзь.

33 А той запавет, які Я заключу з домам Ізраілевым пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: укладу закон Мой у іхнюю нутрыну і на сэрцах іх напішу яго, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам.

34 І ўжо ня будуць вучыць адзін аднаго, брат - брата і казаць: «спазнайце Госпада», бо ўсе самі будуць ведаць Мяне, ад малога да старога, кажа Гасподзь, бо Я дарую беззаконьні іхнія і грахоў іхніх ужо не спамяну болей.

35 Так кажа Гасподзь, Які даў сонца на асьвятленьне ўдзень, пастановы месяцу і зоркам на асьвятленьне ўначы, Які хвалюе мора, што аж хвалі яго равуць; Гасподзь Саваоф - імя Яму.

36 Калі гэтыя пастановы перастануць дзейнічаць перад Мною, кажа Гасподзь, дык і племя Ізраілевае перастане быць народам перад Мною назаўсёды.

37 Так кажа Гасподзь: калі неба можа быць абмерана ўгары, а асновы зямлі - дасьледаваныя ўнізе, дык і Я адкіну ўсё племя Ізраілевае за ўсё тое, што яны рабілі, кажа Гасподзь.

38 Вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі горад уладжаны будзе на славу Госпаду ад вежаў Анамэіла да брамаў вугольных,

39 і каморніцкая вяроўка пойдзе проста да пагорка Гарыва і абыдзе Гаат.

40 І ўся даліна трупаў і попелу, і ўсё поле да патока Кедрона, да кута конскае брамы на ўсход, будзе сьвятыняю Госпада; не разбурыцца і не распадзецца векавечна.

 

Разьдзел 32

 

1 Слова, якое было ад Госпада Ерамію ў дзясяты год Сэдэкіі, цара Юдэйскага; гэты год быў васемнаццаты год Навухаданосара.

2 Тады войска цара Вавілонскага аблягала Ерусалім, і Ерамія прарок быў увязьнены ў двары варты, які быў пры доме цара Юдэйскага.

3 Сэдэкія, цар Юдэйскі, увязьніў яго туды, сказаўшы: «навошта ты прарочыш і кажаш: так кажа Гасподзь: вось, я аддаю горад гэты ў рукі цара Вавілонскага, і ён возьме яго;

4 і Сэдэкія, цар Юдэйскі, не ўцячэ ад рук Халдэяў, а непазьбежна аддадзены будзе ў рукі цару Вавілонскаму, і будзе гаварыць зь імі вусны ў вусны, і вочы ягоныя ўбачаць вочы яго;

5 і ён завядзе Сэдэкію ў Вавілон, дзе той і будзе, пакуль не наведаю яго, кажа Гасподзь. Калі вы будзеце ваяваць з Халдэямі, дык ня мецьмеце посьпеху»?

6 І сказаў Ерамія: такое было мне слова Гасподняе:

7 і вось Анамэіл, сын Салумаў, дзядзькі твайго, ідзе да цябе сказаць: купі сабе поле маё, якое ў Анатоце, бо паводле права роднасьці табе належыць купіць яго.

8 І Анамэіл, сын дзядзькі майго, прыйшоў да мяне, паводле слова Гасподняга, у двары варты і сказаў мне: купі поле маё, якое ў Анатоце, у зямлі Веньямінавай, бо права спадчыны тваё і права выкупу тваё; купі сабе. Тады я даведаўся, што гэта было слова Гасподняе.

9 І купіў я поле ў Анамэіла, сына дзядзькі майго, якое ў Анатоце, і наважыў яму сем сікляў срэбра і дзесяць срэбранікаў;

10 і запісаў у кнігу і запячатаў яе, і запрасіў да таго сьведкаў і наважыў срэбра на вагах.

11 І ўзяў я купчы запіс, як запячатаны паводле закона, так і адкрыты,

12 і аддаў гэты купчы запіс Варуху, сыну Нірыі, сына Маасэі, на вачах у Анамэіла, сына дзядзькі майго, і на вачах у сьведак, якія падпісалі купчы запіс, на вачах ва ўсіх Юдэяў, якія сядзелі ў двары варты;

13 І наказаў Варуху пры іх:

14 так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: вазьмі гэтыя запісы, - гэты купчы запіс, які запячатаны, і гэты запіс адкрыты, - і пакладзі іх у гліняны запіс, каб яны заставаліся там многа дзён.

15 Бо так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: дамы і палі і вінаграднікі будуць зноў купляцца ў зямлі гэтай.

16 І перадаўшы купчы запіс Варуху, сыну Нірыі, я памаліўся Госпаду:

17 «О Госпадзе Божа! Ты стварыў неба і зямлю вялікаю сілаю Тваёю і працягнутай рукою; Табе няма нічога немагчымага;

18 Ты выказваеш міласэрнасьць тысячам і за беззаконьне бацькоў даеш у нутро дзецям іхнім пасьля іх: Божа вялікі, моцны, імя Якому - Гасподзь Саваоф!

19 Вялікі ў радзе і моцны ў дзеях, вочы Якога адкрытыя на ўсе шляхі сыноў чалавечых, каб даваць кожнаму паводле шляхоў ягоных і паводле плёну дзеяў яго,

20 Які ўчыніў цуды і азнакі ў зямлі Егіпецкай, і ўчыняеш да сёньняшняга дня і ў Ізраілі і сярод усіх людзей, і стварыў Сабе імя, як у гэты дзень,

21 і вывеў народ твой Ізраіля зь зямлі Егіпецкай азнакамі і цудамі, і рукою моцнаю і мышцаю прасьцёртаю, пры вялікай жудасьці,

22 і даў ім зямлю гэтую, даць якую ім запрысягнуўся бацькам іхнім, - зямлю, якая цячэ малаком і мёдам.

23 Яны ўвайшлі і завалодалі ёю, але перасталі слухацца голасу Твайго і рабіць паводле закона Твайго, перасталі рабіць тое, што Ты наказаў ім рабіць, і за тое Ты навёў на іх усё гэта бедства.

24 Вось насыпы дастаюць да горада, каб узяць яго; і горад ад меча і голаду і пошасьці з паморкам аддаецца ў рукі Халдэям, якія ваююць супроць яго; што Ты казаў, тое і збываецца, і вось, Ты бачыш гэта.

25 А Ты, Госпадзе Божа, сказаў мне: «купі сабе поле за срэбра і запрасі сьведкаў, тым часам як горад аддаецца ў рукі Халдэям».

26 І было слова Гасподняе Ераміі:

27 вось, Я - Гасподзь Бог кожнай плоці: ці ёсьць што немагчымае Мне?

28 Таму так кажа Гасподзь: вось, Я аддаю горад гэты ў рукі Халдэям і ў рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ён возьме яго,

29 і ўвойдуць Халдэі, якія аблажылі гэты горад, падпаляць горад агнём і спаляць яго і дамы, на дахах якіх куродымілі Ваалу і лілі чужым божышчам, каб гнявіць Мяне.

30 Бо сыны Ізраілевыя і сыны Юдавыя толькі зло чынілі перад вачыма Маімі з маладосьці сваёй; сыны Ізраілевыя толькі гнявілі Мяне дзеямі рук сваіх, кажа Гасподзь.

31 І як бы на гнеў Мой і лютасьць Маю існаваў горад гэты з самага дня пабудовы яго да гэтага дня, каб Я адкінуў яго ад аблічча Майго

32 за ўсё зло сыноў Ізраіля і сыноў Юды, якое яны дзеля гневу Майго рабілі, - яны, цары іхнія, князі іхнія, сьвятары іхнія і прарокі іхнія, і мужы Юдавы і жыхары Ерусаліма.

33 Яны павярнуліся да Мяне сьпінаю, а ня тварам; і калі Я вучыў іх, з самае раніцы вучыў, яны не хацелі прыняць настаўленьні,

34 і ў доме, над якім названа імя Маё, паставілі гідоты свае, апаганьваючы яго.

35 Зладзілі капішчы Ваалу ў даліне сыноў Эномавых, каб праводзіць праз агонь сыноў сваіх і дачок сваіх у гонар Малоху, чаго Я не загадваў ім, і Мне ў галаву ня прыходзіла, каб яны рабілі гэтую гідоту, уводзячы ў грэх Юду.

36 і аднак жа сёньня так кажа Гасподзь, Бог Ізраілеў, пра гэты горад, пра які вы кажаце: «ён аддаецца ў рукі цару Вавілонскаму мечам і голадам і пошасьцю з паморкам», -

37 вось, Я зьбяру іх з усіх краін, у якія выгнаў іх у гневе Маім і ў лютасьці Маёй і ў вялікім абурэньні, і вярну іх на месца гэтае і дам ім жыцьцё ў бясьпецы.

38 Яны будуць Маім народам, а Я буду ім Богам.

39 І дам ім адно сэрца і адну дарогу, каб баяліся Мяне праз усе дні жыцьця, на дабро сабе і на дабро дзецям сваім пасьля іх.

40 І заключу зь імі вечны запавет, паводле якога Я не адвярнуся ад іх, каб тварыць ім дабро, і страх Мой укладу ў сэрцы іхнія, каб яны не адступаліся ад Мяне.

41 І буду радавацца за іх, творачы ім дабро, і пасаджу іх на зямлі гэтай цьвёрда - ад усяго сэрца Майго і ад усёй душы Маёй.

42 Бо так кажа Гасподзь: як Я навёў на народ гэты ўсё гэта вялікае ліха, так навяду на іх усё дабро, якое Я сказаў пра іх.

43 І будуць купляць палі ў зямлі гэтай, пра якую вы кажаце: «гэта - пустыня, бязь людзей і бяз быдла; яна аддадзена ў рукі Халдэям»;

44 будуць купляць палі за срэбра і ўносіць у запісы, і запячатваць і запрашаць сьведак - у зямлі Веньямінавай і ў ваколіцах Ерусаліма, і ў гарадах Юды і ў гарадах нагорных, і ў гарадах нізінных і ў гарадах паўднёвых: бо вярну палон іхні, кажа Гасподзь.

 

Разьдзел 33

 

1 І было слова Гасподняе Ерамію другі раз, калі яго яшчэ трымалі ў двары варты:

2 так кажа Гасподзь, які стварыў зямлю, Гасподзь, Які ўладзіў і ўцьвердзіў яе, - Гасподзь імя Яму:

3 пакліч Мяне - і Я адкажу табе, пакажу табе вялікае і недаступнае, чаго ты ня ведаеш.

4 Бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў пра дамы горада гэтага і пра дамы цароў Юдэйскіх, якія разбураюцца дзеля завалаў і дзеля бітваў

5 тымі, якія прыйшлі ваяваць з Халдэямі, каб напоўніць дамы трупамі людзей, якіх Я паб'ю ў гневе Маім і ў лютасьці Маёй, і за ўсе беззаконьні якіх Я схаваў аблічча Маё ад горада гэтага.

6 Вось, я прыкладу яму пластыр і гойныя сродкі і вылечу іх і адкрыю ім багацьце міру і ісьціны,

7 і вярну палон Юды і палон Ізраіля і ўладжу іх, як на пачатку,

8 і ачышчу іх ад усёй бязбожнасьці іхняй, якой яны грашылі перад Мною, і дарую ўсе беззаконьні іхнія, якімі яны грашылі перад Мною і адпаліся ад Мяне.

9 І будзе Мне Ерусалім радасным імем, пахвалою і гонарам перад усімі народамі зямлі, якія пачуюць пра ўсе даброты, якія Я зраблю яму, і зьдзівяцца і затрымцяць ад усіх дабрадзействаў і ўсяго дабрадзенства, якое Я дам яму.

10 Так кажа Гасподзь: на гэтым месцы, пра якое вы кажаце: «яно пустое, бязь людзей і бяз быдла», - у гарадах Юдэйскіх і на вуліцах Ерусаліма, якія пустыя бязь людзей, без жыхароў, бяз быдла,

11 зноў будзе чуцен голас радасьці і голас весялосьці, голас маладога і голас маладое, голас тых, якія кажуць: «слаўце Госпада Саваофа, бо добры Гасподзь, бо навекі міласэрнасьць Яго», і голас тых, якія прыносяць ахвяру падзякаваньня ў доме Гасподнім; бо я вярну палонных гэтай зямлі ў ранейшы стан, кажа Гасподзь.

12 Так кажа Гасподзь Саваоф: на гэтым месцы, якое пустое - бязь людзей, бяз быдла - і ва ўсіх гарадах яго зноў будуць жытлішчы пастухоў, якія будуць пасьвіць статкі.

13 У гарадах нагорных, у гарадах нізінных і ў гарадах паўднёвых, і ў зямлі Веньямінавай і ў навакольлях Ерусаліма і ў гарадах Юды зноў будуць праходзіць статкі пад рукою таго, хто іх лічыць, кажа Гасподзь.

14 Вось, настануць дні, кажа Гасподзь, калі Я спраўджу тое добрае слова, якое сказаў пра дом Ізраілеў і пра дом Юдаў.

15 У тыя дні і ў той час узгадую Давіду Галіну праведную, - і будзе чыніць суд і праўду на зямлі.

16 У тыя дні Юда будзе выратаваны і Ерусалім будзе жыць у бясьпецы, і дадуць імя Яму: «Гасподзь - апраўданьне наша!»

17 Бо так кажа Гасподзь: не зьвядзецца ў Давіда муж, які сядзіць на троне дома Ізраілевага,

18 і ў сьвятароў-лявітаў ня будзе неставаць мужа перад абліччам Маім, які будзе ўзносіць цэласпаленьне і паліць прынашэньні і ўчыняць ахвяраваньні.

19 І было слова Гасподняе Ерамію:

20 так кажа Гасподзь: калі можаце разбурыць запавет Мой пра дзень і запавет Мой пра ноч, каб дзень і ноч ня прыходзілі ў свой час,

21 дык можа быць разбураны і запавет Мой з рабом Маім Давідам, так што ня будзе ў яго сына, каб цараваў на троне ягоным, і гэтак сама зь лявітамі - сьвятарамі, службітамі Маімі.

22 Як нязьлічонае нябеснае войска і нявымерны пясок марскі, так памножу племя Давіда раба Майго, і лявітаў, якія служаць Мне.

23 І было слова Гасподняе Ераміі:

24 ці ня бачыш, што народ гэты кажа: «тыя два племені, якія выбраў Гасподзь, Ён адкінуў», і праз гэта яны пагарджаюць народам Маім, як бы ён ужо ня быў народам у вачах іхніх?

25 Так кажа Гасподзь: калі запавету Майго пра дзень і пра ноч і статутаў неба і зямлі Я не зацьвердзіў,

26 дык і племя Якава і Давіда, раба Майго, адкіну, каб ня браць болей валадароў зь яго племя племю Абрагама, Ісака і Якава; бо вярну палон іхні і памілую іх.

 

Разьдзел 34

 

1 Слова, якое было Ерамію ад Госпада, калі Навухаданосар, цар Вавілонскі, і ўсё войска ягонае і ўсе царствы зямлі, падуладныя руцэ ягонай, і ўсе народы ваявалі супроць Ерусаліма і супроць усіх гарадоў ягоных:

2 так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: ідзі і скажы Сэдэкію, цару Юдэйскаму, і скажы яму: так кажа Гасподзь: вось, я аддаю горад гэты ў рукі цару Вавілонскаму, - і ён спаліць яго агнём;

3 і ты не ўцячэш ад рукі ягонай, а непазьбежна будзеш узяты і перададзены ў рукі яго, і вочы твае ўбачаць цара Вавілонскага, і вусны яго будуць гаварыць тваімі вуснамі, і пойдзеш у Вавілон.

4 Зрэшты, слухай слова Гасподняе, Сэдэкія, цару Юдэйскі! так кажа Гасподзь пра цябе: ты не памрэш ад меча;

5 ты памрэш у міры, і як бацькам тваім, - ранейшым царам, якія былі да цябе, - палілі пры пахаваньні пахошчы, так спаляць і табе і аплачуць цябе: «на жаль, спадару», бо Я вымавіў гэтае слова, кажа Гасподзь.

6 Ерамія прарок усе гэтыя словы пераказаў Сэдэкію, цару Юдэйскаму, у Ерусаліме.

7 Тым часам войска цара Вавілонскага ваявала супроць Ерусаліма і супроць усіх гарадоў Юдэйскіх, якія яшчэ заставаліся, супроць Лахіса і Азэкі; бо з гарадоў Юдэйскіх толькі гэтыя заставаліся, як гарады ўмацаваныя.

8 Слова, якое было Ерамію ад Госпада пасьля таго як цар Сэдэкія заключыў запавет з усім народам, што быў у Ерусаліме, каб абвясьціць свабоду,

9 каб кожны адпусьціў на волю свайго раба і сваю рабыню, Габрэя і Габрэйку, каб ніхто зь іх ня трымаў у рабстве Юдэя, брата свайго.

10 І паслухаліся ўсе князі і ўвесь народ, якія ўступілі ў запавет, каб адпусьціць кожнаму раба свайго і кожнаму рабыню сваю на волю, каб ня трымаць іх наперад у рабах, - і паслухаліся і адпусьцілі:

11 але пасьля таго, перадумаўшы, пачалі браць назад рабоў і рабынь, якіх адпусьцілі на волю, і прымусілі іх быць рабамі і рабынямі.

12 І было слова Гасподняе Ерамію ад Госпада:

13 Так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я заключыў запавет з бацькамі вашымі, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства, і сказаў:

14 «у канцы сёмага года адпускайце кожны брата свайго, Габрэя, які прадаў сябе табе; хай ён працуе табе шэсьць гадоў, а потым адпусьці яго ад сябе на волю»; але бацькі вашыя не паслухаліся Мяне і не прыхілілі вуха свайго.

15 Вы сёньня навярнуліся і зрабілі справядліва перад вачыма Маімі, даўшы кожны свабоду свайму блізкаму, і заключылі перад Мною запавет у доме, над якім названа імя Маё;

16 але потым перадумалі - і зьняславілі імя Маё - і вярнулі да сябе кожны раба свайго і кожны рабыню сваю, якіх адпусьцілі на волю, куды іхняй душы заўгодна, і прымушаеце іх быць у вас рабамі і рабынямі.

17 Таму так кажа Гасподзь: вы не паслухаліся Мяне ў тым, каб кожны абвясьціў свабоду брату свайму і блізкаму свайму; за тое вось Я, кажа Гасподзь, абвяшчаю вам свабоду падупасьці мечу, згубнай пошасьці і голаду, і аддам вас на азлабеньне ва ўсе царствы зямлі;

18 і аддам адступнікаў ад запавету Майго і няўстойлівых у словах запавету, які яны заключылі перад абліччам Маім, калі расьсеклі цяля напалам і прайшлі паміж расьсечанымі часткамі яго,

19 князёў Юдэйскіх і князёў Ерусалімскіх, еўнухаў і сьвятароў і ўвесь народ зямлі, які праходзіў паміж расьсечанымі часткамі цяляці, -

20 аддам іх у рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікаў душы іхняй, - і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным.

21 І Сэдэкію, цара Юдэйскага, і князёў ягоных аддам у рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікам душы іхняй і ў рукі войску цара Вавілонскага, якое адступіла ад вас.

22 Вось, Я дам загад, кажа Гасподзь, і вярну іх да гэтага горада, і яны нападуць на яго і возьмуць яго і спаляць яго агнём, і гарады Юдэі зраблю пустыняю неабжытаю.

 

Разьдзел 35

 

1 Слова, якое было Ерамію ад Госпада ў дні Ёакіма, сына Ісаі, цара Юдэйскага:

2 ідзі ў дом Рэхавітаў і пагавары зь імі, і прывядзі іх у дом Гасподні, у адзін пакой, і дай ім піць віна.

3 Я ўзяў Язанію, сына Ераміі, сына Авацыніі, і братоў ягоных, і ўсіх сыноў ягоных і ўвесь дом Рэхавітаў,

4 і прывёў іх у дом Гасподні, да сына Анана, сына Гадаліі, чалавека Божага, у пакой, які - каля пакоя князёў, над пакоем Маасэі, сына Сэлумавага, вартаўніка каля ўваходу;

5 і паставіў перад сынамі дома Рэхавітаў поўныя чары віна і шклянкі і сказаў ім: «пеце віно».

6 Але яны сказалі: «мы віна ня п'ём, бо Ёнадаў, сын Рэхаваў, бацька наш, даў нам запаведзь, сказаўшы: ня пеце віна ні вы, ні дзеці вашы давеку;

7 і дамоў ня будуйце і насеньня ня сейце, і вінаграднікаў не разводзьце і ня майце іх, а жывеце ў вашых намётах ва ўсе дні жыцьця вашага, каб вам доўга пражыць на той зямлі, дзе вы вандруеце.

8 І паслухаліся голасу Ёнадава, сына Рэхамавага, бацькі нашага, ва ўсім, што ён наказаў нам, каб ня піць віна ва ўсе дні нашыя, - мы і жонкі нашыя, і сыны нашыя і дочкі нашыя, -

9 і каб не будаваць дамоў для жыхарства нашага; і ў нас няма ні вінаграднікаў ні палёў ні пасеву;

10 а жывём у намётах і ва ўсім слухаемся і робім усё, што наказаў нам Ёнадаў, бацька наш.

11 Калі ж Навухаданосар, цар Вавілонскі, прыйшоў у зямлю гэтую, мы сказалі: хадзем, сыдзем у Ерусалім ад войска Халдэяў і ад войска Арамэяў, - і вось, мы жывём у Ерусаліме».

12 І было слова Гасподняе Ераміі:

13 так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: ідзі і скажы мужчынам Юды і жыхарам Ерусаліма: няўжо вы ня возьмеце з гэтага навуку сабе, каб слухацца словаў Маіх? кажа Гасподзь.

14 Слова Ёнадава, сына Рэхамавага, які наказаў сынам сваім ня піць віна, выконваецца, і яны ня п'юць да сягоньня, бо слухаюцца наказу бацькі свайго; а Я бесьперастанку казаў вам, казаў з самай раніцы, - і вы не паслухаліся Мяне.

15 Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх, прарокаў, пасылаў з самае раніцы і казаў: адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і выпраўце паводзіны вашыя і не хадзеце сьледам за іншымі божышчамі, каб служыць ім, - і жыцьмеце на гэтай зямлі, якую Я даў вам і бацькам вашым; але вы ня прыхілілі вуха свайго і не паслухаліся Мяне.

16 Як бо сыны Ёнадава, сына Рэхамавага, выконваюць наказ бацькі свайго, які ён наказаў ім, а народ гэты ня слухаецца Мяне,

17 таму так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я навяду на Юдэю і на ўсіх жыхароў Ерусаліма ўсё тое ліха, якое Я выказаў на іх, бо Я казаў ім, а яны ня слухаліся, клікаў іх, а яны не адказвалі.

18 А дому Рэхавітаў сказаў Ерамія: за тое, што вы паслухаліся запавету Ёнадава, бацькі вашага, і захоўваеце ўсе наказы ягоныя і ва ўсім паводзіцеся, як ён наказаў вам, -

19 за тое, - так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў, не адымецца ў Ёнадава, сына Рэхамавага, муж, які стаіць перад абліччам Маім ва ўсе дні.

 

Разьдзел 36

 

1 У чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, было такое слова Ерамію ад Госпада:

2 вазьмі сабе кніжны скрутак і напішы на ім усе словы, якія Я казаў табе пра Ізраіля і пра Юду і пра ўсе народы з таго дня, як Я пачаў гаварыць табе, ад дзён Ёсіі - да гэтага дня;

3 можа быць, дом Юдаў пачуе пра ўсе бедствы, якія Я думаю зрабіць ім, каб яны адвярнуліся кожны ад благога шляху свайго, каб Я дараваў няпраўду іхнюю і грэх іхні.

4 І паклікаў Ерамія Варуха, сына Нірыі, і напісаў Варух у кніжны скрутак з вуснаў Ераміі ўсе словы Госпада, якія Ён казаў яму.

5 І загадаў Ерамія Варуху і сказаў: «я ўвязьнены і не магу ісьці ў дом Гасподні;

6 дык вось, ідзі ты і прачытай напісаныя табою ў скрутку з вуснаў маіх словы Гасподнія ў вушы народа ў доме Гасподнім у дзень посту, таксама і ў вушы ўсім Юдэям, якія прыйшлі з гарадоў сваіх, прачытай іх;

7 магчыма, яны ўзьнясуць пакорліва маленьне перад аблічча Госпада і адвернуцца кожны ад благога шляху свайго; бо вялікі гнеў і абурэньне, якое абвясьціў Гасподзь на народ гэты».

8 Варух, сын Нірыін зрабіў усё, што загадаў яму прарок Ерамія, каб словы Гасподнія, напісаныя ў скрутку, прачытаць у доме Гасподнім.

9 У пяты год Ёакіма, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, у дзявятым месяцы абвясьцілі пост перад абліччам Госпада ўсяму народу ў Ерусаліме і ўсяму люду, які прыйшоў у Ерусалім з гарадоў Юдэйскіх.

10 І прачытаў Варух напісаныя ў скрутку словы Ераміі ў доме Гасподнім, у пакоі Гемарыі, сына Сафанавага, пісца, на верхнім двары, каля ўваходу ў новую браму дома Гасподняга, у вушы ўсяму народу.

11 Міхей, сын Гемарыі, сына Сафанавага, чуў усе словы Гасподнія, напісаныя ў скрутку,

12 і сышоў у дом цара, у пакой царскага пісца, і вось, там сядзелі ўсе князі: Элісам, царскі пісец, і Дэлая, сын Сэмая, і Элнатан, сын Ахбоа, і Гемарыя, сын Сафана, і Сэдэкія, сын Ананія, і ўсе князі;

13 і пераказаў ім Міхей усе словы, якія ён чуў, калі Варух чытаў скрутак у вушы народу.

14 Тады ўсе князі паслалі да Варуха Егудыю, сына Натаніі, сына Сэлэміі, сына Хусіі, сказаць яму: «скрутак, які ты чытаў у вушы народу, вазьмі ў руку тваю і прыйдзі». І ўзяў Варух, сын Нірыін, скрутак у руку сваю і прыйшоў да іх.

15 Яны сказалі яму: «сядзь, і прачытай нам у вушы». І прачытаў Варух у вушы ім.

16 Калі яны выслухалі ўсе словы, дык з жахам паглядзелі адзін на аднаго, і сказалі Варуху: «мы мусова перакажам усе гэтыя словы цару».

17 І спыталіся ў Варуха: «скажы ж нам, як ты напісаў усе словы гэтыя з вуснаў ягоных»?

18 І сказаў ім Варух: «ён вымаўляў мне вуснамі сваімі ўсе гэтыя словы, а я чарнілам пісаў іх у гэты скрутак».

19 Тады сказалі князі Варуху: «ідзі, схавайся, ты і Ерамія, каб ніхто ня ведаў, дзе вы».

20 І пайшлі яны да цара ў палац, а скрутак пакінулі ў пакоі Элісама, царскага пісца, і пераказалі ў вушы цару ўсе словы гэтыя.

21 Цар паслаў Егудыю прынесьці скрутак, і ён узяў яго з пакоя Элісама, царскага пісца; і чытаў яго Егудый у вушы цару і ў вушы ўсім князям, якія стаялі каля цара.

22 Цар у той час, у дзявятым месяцы, сядзеў у зімовым доме, і перад ім гарэла жароўня.

23 Калі Егудый прачытваў тры ці чатыры слупкі, цар адразаў іх пісцовым ножыкам і кідаў на агонь у жароўні, пакуль ня зьнішчаны быў увесь скрутак на агні, які быў у жароўні.

24 І не пабаяліся і не разадралі вопраткі сваёй ні цар, ні ўсе слугі ягоныя, якія чулі ўсе словы гэтыя.

25 Хоць Элнатан і Дэлая і Гемарыя ўпрошвалі цара не паліць скрутка, але ён не паслухаўся іх.

26 І загадаў цар Ерамэілу, сыну цароваму, і Сэраію, сыну Азрыілаваму, і Сэлэмію, сыну Аўдыілаваму, узяць Варуха пісца і Ерамію прарока. Але Гасподзь схаваў іх.

27 І было слова Гасподняе Ерамію, пасьля таго як цар спаліў скрутак і словы, якія Варух напісаў з вуснаў Ераміі, і сказаў яму:

28 «вазьмі сабе зноў другі скрутак і напішы ў ім усе ранейшыя словы, якія былі ў першым скрутку, які спаліў Ёакім, цар Юдэйскі;

29 а цару Юдэйскаму Ёакіму скажы: так кажа Гасподзь: ты спаліў скрутак гэты, сказаўшы: навошта ты напісаў у ім: «мусова прыйдзе цар Вавілонскі і спустошыць зямлю гэтую, і вынішчыць на ёй людзей і быдла», -

30 за гэта, так кажа Гасподзь пра Ёакіма, цара Юдэйскага: «ня будзе ад яго таго, хто сядзецьме на троне Давідавым, і труп яго будзе выкінуты на сьпёку дзённую і на холад начны;

31 і наведаю яго і племя яго і слуг ягоных за няпраўду іхнюю, і навяду на іх і на жыхароў Ерусаліма і на мужчын Юдавых усё ліха, якое Я прамовіў на іх, а яны ня слухалі».

32 І ўзяў Ерамія другі скрутак і аддаў яго Варуху пісцу, сыну Нірыі, і ён напісаў у ім з вуснаў Ераміі ўсе словы з таго скрутка, які спаліў Ёакім, цар Юдэйскі, на агні; і яшчэ дададзена да іх шмат падобных да тых словаў.

 

Разьдзел 37

 

1 Замест Еханіі, сына Ёакімавага, цараваў Сэдэкія, сын Ёсіі, якога Навухаданосар, цар Вавілонскі, паставіў царом у зямлі Юдэйскай.

2 Ні ён, ні слугі ягоныя, ні народ краіны ня слухалі словаў Госпада, якія казаў Ён празь Ерамію прарока.

3 Цар Сэдэкія паслаў Егухала, сына Сэлэміі, і Сафонію, сына Маасэевага, сьвятара, да Ераміі прарока сказаць: «памаліся за нас Госпаду Богу нашаму».

4 Ерамія тады яшчэ свабодна ўваходзіў і выходзіў сярод народа, бо ня ўвязьнілі яго ў цямніцу.

5 Тым часам войска фараонава выступіла зь Егіпта, і Халдэі, якія аблягалі Ерусалім, пачуўшы вестку пра тое, адступілі ад Ерусаліма.

6 І было слова Гасподняе Ерамію прароку:

7 так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: так скажэце цару Юдэйскаму, які паслаў вас да Мяне спытацца ў Мяне: вось, войска фараонавае, якое ішло да вас з дапамогаю, вернецца ў зямлю сваю, у Егіпет;

8 а Халдэі зноў прыйдуць і будуць ваяваць супроць горада гэтага, і возьмуць яго і спаляць яго агнём.

9 Так кажа Гасподзь: не ашуквайце сябе, кажучы: «мусова адыдуць ад нас Халдэі», бо яны не адыдуць;

10 калі б вы нават разьбілі ўсё войска Халдэяў, якія ваююць супроць вас, і засталіся б у іх толькі параненыя, дык і тыя ўсталі б, кожны з намёту свайго, і спалілі б горад гэты агнём.

11 У той час, калі войска Халдэйскае адступіла ад Ерусаліма, з прычыны войска фараонавага,

12 Ерамія пайшоў зь Ерусаліма, каб сысьці ў зямлю Веньямінавую, хаваючыся адтуль сярод народа.

13 Але калі ён быў у браме Веньямінавай, начальнік варты, які там быў, на імя Ірэія, сын Сэлэміі, сына Ананіі, затрымаў Ерамію прарока, сказаўшы: «ты хочаш перабегчы да Халдэяў?».

14 Ерамія сказаў: гэта - хлусьня; я не хачу перабегчы да Халдэяў. Але ён не паслухаў яго, і ўзяў Ірэія Ерамію і прывёў яго да князёў.

15 Князі раззлаваліся на Ерамію і білі яго, і ўвязьнілі яго ў цямніцу, у дом Ёнатана пісца, бо зрабілі яго цямніцаю.

16 Калі Ерамія ўвайшоў у цямніцу і ў склеп, і прабыў там Ерамія шмат дзён,

17 цар Сэдэкія паслаў і ўзяў яго. І пытаўся ў яго цар у доме сваім таемна і сказаў: «ці няма слова ад Госпада?», Ерамія сказаў: «ёсьць», і сказаў: «ты будзеш аддадзены ў рукі цара Вавілонскага».

18 І сказаў Ерамія цару Сэдэкіі: «чым я зграшыў перад табою і перад слугамі тваімі, і перад народам гэтым, што вы пасадзілі мяне ў цямніцу?

19 і дзе вашыя прарокі, якія прарочылі вам, кажучы: «цар Вавілонскі ня пойдзе супроць вас і супроць зямлі гэтай»?

20 І сёньня паслухай, спадару мой цар, хай упадзе дараваньне маё перад аблічча тваё; не вяртай мяне ў дом Ёнатана пісца, каб мне не памерці там».

21 І даў загад цар Сэдэкія, каб увязьнілі Ерамію ў двары варты і давалі яму па кавалку хлеба на дзень з вуліцы пекараў, пакуль ня кончыўся ўвесь хлеб у горадзе. І так заставаўся Ерамія ў двары варты.

 

Разьдзел 38

 

1 І пачулі Сафатыя, сын Матанаў, і Гадолія, сын Пасхораў, і Юхал, сын Сэлэміін, і Пасхор, сын Малхіін, словы, якія Ерамія прамовіў да ўсяго люду, кажучы:

2 так кажа Гасподзь: хто застанецца ў гэтым горадзе, памрэ ад меча, голаду і пошасьці з паморкам; а хто выйдзе да Халдэяў, будзе жывы, і душа яму будзе замест здабычы, і ён застанецца жывы.

3 Так кажа Гасподзь: мусова будзе аддадзены горад гэты ў рукі войска цара Вавілонскага, і ён возьме яго.

4 Тады князі сказалі цару: «хай будзе гэты чалавек аддадзены сьмерці, бо ён аслабляе рукі воінам, якія застаюцца ў гэтым горадзе, і рукі ўсяму народу, кажучы ім такія словы; бо гэты чалавек не дабрадзенства зычыць народу гэтаму, а бедства»,

5 і сказаў цар Сэдэкія: «вось, ён у вашых руках, бо цар нічога ня можа рабіць насуперак вам».

6 Тады ўзялі Ерамію і ўкінулі яго ў яму Малхіі, сына царовага, якая была ў двары варты, і апусьцілі Ерамію на вяроўках; у яме той ня было вады, а толькі гразь, і апусьцілі Ерамію ў гразь.

7 І пачуў Аўдэмэлэх Эфіоп, адзін зь еўнухаў, што былі ў царскім доме, што Ерамію пасадзілі ў яму; а цар сядзеў тады каля брамы Веньямінавай.

8 І выйшаў Аўдэмэлэх з дому царскага і сказаў цару:

9 «спадару мой цар! блага зрабілі гэтыя людзі, такое ўчыніўшы зь Ераміем прарокам, якога ўкінулі ў яму; ён памрэ там з голаду, бо няма болей хлеба ў горадзе».

10 Цар загадаў Аўдэмэлэху Эфіопу, сказаўшы: «вазьмі з сабою адгэтуль трыццаць чалавек і выцягні Ерамію прарока зь ямы, пакуль ён не памёр».

11 Аўдэмэлэх узяў людзей з сабою і ўвайшоў у дом царскі пад кладоўкаю, і ўзяў адтуль старога нягоднага рызьзя і старых нягодных лахманоў і апусьціў іх на вяроўках у яму Ерамію.

12 І сказаў Аўдэмэлэх Эфіоп Ерамію: «падкладзі гэтыя старыя кінутыя анучы і лахманы пад пахі рук тваіх, пад вяроўкі». І зрабіў так Ерамія.

13 І пацягнулі Ерамію на вяроўках і выцягнулі яго зь ямы; і заставаўся Ерамія ў двары варты.

14 Тады цар Сэдэкія паслаў і паклікаў Ерамію прарока да сябе, пры трэцім уваходзе ў дом Гасподні, і сказаў цар Ерамію: «я ў цябе нешта спытаюся; ня ўтойвай ад мяне нічога».

15 І сказаў Ерамія Сэдэкію: «калі я адкрыю табе, ці не аддасі мяне сьмерці? і калі дам табе параду, ты не паслухаешся мяне».

16 І прысягаўся цар Сэдэкія Ерамію таемна, кажучы: «жывы Гасподзь, Які стварыў нам душу гэтую, не аддам цябе сьмерці і не аддам у рукі гэтых людзей, якія шукаюць душы тваёй».

17 Тады Ерамія сказаў Сэдэкію: «так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Бог Ізраілеў: калі ты выйдзеш да князёў цара Вавілонскага, дык жывая будзе душа твая, і гэты горад ня будзе спалены агнём, і ты будзеш жывы, і дом твой;

18 а калі ня выйдзеш да князёў цара Вавілонскага, дык гэты горад будзе выдадзены ў рукі Халдэям, і яны спаляць яго агнём, і ты не ўцячэш ад рук іхніх».

19 І сказаў цар Сэдэкія Ерамію: «я баюся Юдэяў, якія перайшлі да Халдэяў, каб Халдэі ня выдалі мяне ў рукі ім, і каб тыя не паглуміліся зь мяне».

20 І сказаў Ерамія: «ня выдадуць; паслухай голасу Госпада ў тым, што я кажу табе, і добра табе будзе, і жывая будзе душа твая.

21 А калі ты не захочаш выйсьці, дык вось слова, якое адкрыў мне Гасподзь:

22 вось, усе жанчыны, якія засталіся ў доме цара Юдэйскага, заведзены будуць да князёў цара Вавілонскага, і скажуць яны: «цябе змусьцілі і адолелі сябры твае; ногі твае загразьлі ў брудзе, і яны адышлі ад цябе», -

23 і ўсіх жонак тваіх і дзяцей тваіх завядуць да Халдэяў, і ты не ўцячэш ад рук іхніх, а будзеш узяты рукою цара Вавілонскага і зробіш тое, што горад гэты будзе спалены агнём.

24 І сказаў Сэдэкія Ерамію: «ніхто не павінен ведаць гэтых словаў і тады ты не памрэш;

25 і калі пачуюць князі, што я гутарыў з табою, і прыйдуць да цябе, і скажуць табе: «скажы нам, што казаў ты цару, ня ўтойвай ад нас і мы не дамо цябе сьмерці, - а таксама што казаў табе цар»,

26 дык скажы ім: я склаў перад абліччам цара прашэньне маё, каб не вяртаць мяне ў дом Ёнатанаў, каб не памерці там».

27 І прыйшлі ўсе князі да Ераміі і пыталіся ў яго, і ён сказаў ім згодна з усімі словамі, якія цар загадаў сказаць, і яны моўчкі пакінулі яго, бо не даведаліся, што было сказана цару.

28 І заставаўся Ерамія ў двары варты да таго дня, у які быў узяты Ерусалім. І Ерусалім быў узяты.

 

Разьдзел 39

 

1 У дзявяты год Сэдэкіі, цара Юдэйскага, у дзясятым месяцы, прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, з усім войскам сваім да Ерусаліма, і аблеглі яго.

2 А ў адзінаццаты год Сэдэкіі, у чацьвёртым месяцы, у дзявяты дзень месяца горад быў узяты.

3 І ўвайшлі ў яго ўсе князі цара Вавілонскага і разьмсьціліся ў сярэдняй браме, Нэргал-Шарэцэр, Самгар-Нэво, Сарсэхім, начальнік еўнухаў, Нэргал-Шарэцэр, начальнік магаў, і ўсе астатнія князі цара Вавілонскага.

4 Калі Сэдэкія, цар Юдэйскі, і ўсе вайсковыя людзі ўбачлі іх, - пабеглі, і ўночы выйшлі з горада праз царскі сад у браму паміж дзьвюма сьценамі і пайшлі па дарозе на раўніне.

5 Але войска Халдэйскае пагналася за імі; і дагналі Сэдэкію на раўнінах Ерыхонскіх; і ўзялі яго і завялі да Навухаданосара, цара Вавілонскага, у Рыўлу, у зямлю Эмат, дзе ён учыніў суд над ім.

6 І закалоў цар Вавілонскі сыноў Сэдэкіі ў Рыўле ў яго на вачах, і ўсіх вяльможаў Юдэйскіх закалоў цар Вавілонскі;

7 а Сэдэкіі выкалаў вочы, і закаваў яго ў аковы, каб завесьці яго ў Вавілон.

8 Цароў дом і дамы народа Халдэі спалілі агнём, і сьцены Ерусаліма разбурылі.

9 А рэшту людзей, якія заставаліся ў горадзе, і перабежчыкаў, якія перайшлі да яго, і іншы астатні люд Навузардан, начальнік целаахоўцаў, перасяліў у Вавілон.

10 А бедных з народа, якія нічога ня мелі, Навузардан, начальнік целаахоўцаў, пакінуў у Юдэйскай зямлі і даў ім тады вінаграднікі і палі,

11 А пра Ерамію Навухаданосар, цар Вавілонскі, даў такі загад Навузардану, начальніку целаахоўцаў:

12 «вазьмі яго і май яго на ўвазе, і не рабі яму нічога благога, а рабі зь ім так, як ён скажа табе».

13 І паслаў Навузардан, начальнік целаахоўцаў, і Навузардан, начальнік еўнухаў, і Нэргал-Шарэцэр, начальнік магаў, і ўсе князі цара Вавілонскага

14 паслалі і ўзялі Ерамію з двара варты, і даручылі яго Гадолію, сыны Ахікамаву, сыну Сафанаву, завесьці яго дамоў. І ён застаўся жыць сярод народа.

15 Ерамію, яшчэ калі яго трымалі ў двары цямніцы, было слова Гасподняе:

16 ідзі, скажы Аўдэмэлэху Эфіопу: так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я спраўджу словы Мае пра горад гэты на ліха, а не на дабро яму, і яны збудуцца ў той дзень на вачах тваіх;

17 але цябе Я выбаўлю ў той дзень, кажа Гасподзь, і ня будзеш аддадзены ў рукі людзям, якіх ты баішся.

18 Я выбаўлю цябе, і ты не загінеш ад меча, і душа твая застанецца ў цябе замест здабычы, бо ты на Мяне надзею паклаў, сказаў Гасподзь.

 

Разьдзел 40

 

1 Слова, якое было Ераміі ад Госпада, пасьля таго як Навузардан, начальнік целаахоўцаў, адпусьціў яго з Рамы, дзе ён узяў яго скаванага ланцугамі сярод іншых палонных Ерусалімцаў і Юдэяў, якіх перасялілі ў Вавілон.

2 Начальнік целаахоўцаў узяў Ерамію і сказаў яму: «Гасподзь Бог твой вырак гэта бедства на месца гэтае,

3 і навёў яго Гасподзь і зрабіў тое, што сказаў; бо вы зграшылі перад Госпадам і ня слухаліся голасу Ягонага, за тое і спасьцігла вас гэта.

4 Дык вось, я вызваляю цябе сёньня з ланцугоў, якія на руках тваіх: калі табе заўгодна ісьці са мною ў Вавілон, - ідзі, і я мецьму клопат за цябе; а калі незаўгодна табе ісьці са мною ў Вавілон, - заставайся. Вось, уся зямля перад табою; куды табе заўгодна, і куды падабаецца ісьці, туды і ідзі».

5 Калі ён яшчэ не адышоў, сказаў Навузардан: «ідзі да Гадоліі, сына Ахікамавага, сына Сафанавага, якога цар Вавілонскі паставіў над гарадамі Юдэйскімі, і заставайся зь ім сярод народа; альбо ідзі, куды падабаецца табе ісьці». І даў яму начальнік целаахоўцаў прадуктаў і дарунак і адпусьціў яго.

6 І прыйшоў Ерамія да Гадоліі, сына Ахзікамавага, у Масіфу, і жыў зь ім сярод народа, які заставаўся ў краіне.

7 Калі ўсе ваеначальнікі, якія былі ў полі, яны і людзі іхнія, пачулі, што цар Вавілонскі паставіў Гадолію, сыны Ахікамавага, начальнікам над краінаю і даручыў Яму мужчын і жанчын і дзяцей, і тых зь беднякоў краіны, якія ня былі пераселены ў Вавілон,

8 тады прыйшлі да Гадоліі ў Масіфу і Ісмаіл, сын Натаніі, і Ёанан і Ёнатан, сыны Карэевыя, і Сэрая, сын Танасмэта, і сыны Офі з Нэтафаты, і Езанія, сын Махаты, яны і дружына іхняя,

9 Гадолія, сын Ахікамаў, сына Сафанавага, запрысягнуўся ім, кажучы: «ня бойцеся служыць Халдэям, заставайцеся на зямлі і служэце цару Вавілонскаму, і будзе вам добра;

10 А я застануся ў Масіфе, каб стаяць перад абліччам Халдэяў, якія будуць прыходзіць да нас; а вы зьбірайце віно і летнія плады і алей і зьбірайце ў посуд ваш, і жывеце ў гарадах вашых, якія занялі».

11 Таксама і ўсе Юдэі, якія былі ў зямлі Маавіцкай і сярод сыноў Амона і ў Ідумэі, і ва ўсіх краінах, пачулі, што цар Вавілонскі пакінуў частку Юдэяў і паставіў над імі Гадолію, сына Ахікамавага, сына Сафанавага;

12 і вярнуліся ўсе гэтыя Юдэі з усіх мясьцінаў, куды былі выгнаны, і прыйшлі ў зямлю Юдэйскую да Гадоліі ў Масіфу, і сабралі віна і летніх пладоў вельмі шмат.

13 Тым часам Янан, сын Карэеў, і ўсе вайсковыя начальнікі, якія былі ў полі, прыйшлі да Гадоліі ў Масіфу

14 і сказалі яму: «ці ведаеш ты, што Вааліс, цар сыноў Амонавых, прыслаў Ісмаіла, сына Натаніі, каб забіць цябе»? Але Гадолія, сын Ахікамаў, не паверыў ім.

15 Тады Янан, сын Карэеў, сказаў Гадоліі патайна ў Масіфе: «дазволь мне, і я пайду і заб'ю Ісмаіла, сына Натаніі, і ніхто не даведаецца; навошта дапускаць, каб ён забіў цябе, і каб усе Юдэі, што сабраліся да цябе, расьсеяліся, і каб загінула рэшта Юдава»?

16 Але Гадолія, сын Ахікамаў, сказаў Янану, сыну Карэеваму: «не рабі гэтага, бо ты няпраўду кажаш пра Ісмаіла».

 

Разьдзел 41

 

1 І было ў сёмы месяц, Ісмаіл, сын Натаніі, сына Элісама зь племя царскага, і вяльможы царовыя і дзесяць чалавек зь ім прыйшлі да Гадоліі, сына Ахікамавага, у Масіфу, і там яны елі разам хлеб у Масіфе.

2 І ўстаў Ісмаіл, сын Натаніі, і дзесяць чалавек, якія былі зь ім, і ўдарылі Гадолію, сына Ахікамавага, сына Сафанавага, мечам і забілі таго, каго цар Вавілонскі паставіў начальнікам над краінаю.

3 Таксама забіў Ісмаіл і ўсіх Юдэяў, якія былі зь ім, з Гадоліем, у Масіфе, і былых там Халдэяў, людзей вайсковых.

4 На другі дзень пасьля забойства Гадоліі, калі ніхто ня ведаў пра гэта,

5 прыйшлі зь Сіхема, Сілома і Самарыі восемдзесят чалавек з паголенымі бародамі і ў падранай вопратцы, і параніўшы сябе, з дарункамі і ліванам у руках для прынясеньня іх у дом Гасподні.

6 Ісмаіл, сын Натаніі, выйшаў з Масіфы насустрач ім, ідучы і плачучы, і спаткаўшыся зь імі, сказаў ім: «ідзеце да Гадоліі, сына Ахікамавага».

7 І як толькі яны ўвайшлі ўсярэдзіну горада, Ісмаіл, сын Натаніі перабіў іх і ўкінуў у роў, ён і былыя зь ім людзі.

8 Але знайшліся сярод іх дзесяць чалавек, якія сказалі Ісмаілу: «не забівай нас, бо ў нас ёсьць у полі схаваныя скарбы з пшаніцаю і ячменем, і алеем і мёдам». І ён утрымаўся і не забіў іх зь іншымі братамі іхнімі.

9 А роў, куды кінуў Ісмаіл усе трупы людзей, якіх ён забіў за Гадолію, быў той самы, які выкапаў цар Аса, баючыся Ваасы, цара Ізраільскага; яго напоўніў Ісмаіл, сын Натаніі, забітымі.

10 І захапіў Ісмаіл усю рэшту народа, што быў у Масіфе, дачок царовых і ўсю рэшту людзей у Масіфе, якіх Навузардан, начальнік целаахоўцаў, даручыў Гадоліі, сыну Ахікамаваму, і захапіў іх Ісмаіл, сын Натаніі, і выправіўся да сыноў Амонавых.

11 Але калі Ёанан, сын Карэеў і ўсе ваеначальнікі, што былі зь ім, пачулі пра ўсе зладзействы, якія ўчыніў Ісмаіл, сын Натаніі,

12 узялі ўсіх людзей і пайшлі на бітву зь Ісмаілам, сынам Натаніі, і дагналі яго каля вялікіх водаў, у Гаваоне.

13 І калі ўвесь народ, які быў у Ісмаіла, угледзеў Ёанана, сына Карэевага, і ўсіх ваенных начальнікаў, што былі зь ім, - узрадаваўся;

14 і адвярнуўся ўвесь люд, які Ісмаіл зьвёў у палон з Масіфы, і павярнуўся і пайшоў да Ёанана, сына Карэевага,

15 а Ісмаіл, сын Натаніі, уцёк ад Ёанана з васьмю людзьмі і пайшоў да сыноў Амонавых.

16 Тады Ёанан, сын Карэеў, і ўсе ваенныя начальнікі, што былі зь ім, узялі з Масіфы ўсю рэшту люду, які ён вызваліў ад Ісмаіла, сына Натаніі, пасьля таго як той забіў Гадолію, сына Ахікамавага, мужчын, ваенных людзей і жанок і дзяцей, і еўнухаў, якіх ён вывеў з Гаваона;

17 і пайшлі і спыніліся ў селішчы Хімам, непадалёк ад Віфляема, каб пайсьці ў Егіпет

18 ад Халдэяў, бо яны баяліся іх, бо Ісмаіл, сын Натаніі, забіў Гадолію, сына Ахікамавага, якога цар Вавілонскі паставіў начальнікам над краінаю.

 

Разьдзел 42

 

1 І падступіліся ўсе ваенныя начальнікі, і Ёанан, сын Карэеў, і Езанія, сын Гашаі і ўвесь люд ад малога да старога,

2 і сказалі Ерамію прароку: «хай прыпадзе перад аблічча тваё прашэньне наша, памаліся за нас Госпаду Богу твайму за ўсю гэтую рэшту, бо з многага засталося нас мала, як вочы твае бачаць нас,

3 каб Гасподзь Бог твой паказаў нам дарогу, якою нам ісьці, і тое, што нам рабіць».

4 І сказаў ім Ерамія прарок: «чую, памалюся Госпаду Богу вашаму, паводле слоў вашых, і ўсё, што адкажа вам Гасподзь, абвяшчу вам, ня ўтою ад вас ні слова».

5 Яны сказалі Ерамію: «Гасподзь хай будзе паміж намі сьведкам слушным і праўдзівым у тым, што мы дакладна выканаем усё тое, з чым прышле цябе да нас Гасподзь Бог твой:

6 ці добра, ці блага тое будзе, але голасу Госпада Бога нашага, да Якога пасылаем цябе, паслухаемся, каб нам было добра, калі будзем паслухмяныя голасу Госпада Бога нашага».

7 Як прайшло дзесяць дзён, было слова Гасподняе Ерамію.

8 Ён паклікаў да сябе Ёанана, сына Карэевага, і ўсіх ваенных начальнікаў, што былі зь ім, і ўвесь люд, ад малога да старога

9 і сказаў ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў, да Якога вы пасылалі мяне, каб пакласьці перад Ім маленьне ваша:

10 калі застанецеся на зямлі гэтай, дык Я ўладжу вас і ня спустошу, пасаджу вас і ня выкараню, бо Я шкадую за тое бедства, якое навёў на вас.

11 Ня бойцеся цара Вавілонскага, якога вы баіцеся; ня бойцеся яго, кажа Гасподзь, бо Я з вамі, каб уратаваць вас і выбаўляць вас ад рукі ягонай.

12 І пакажу вам літасьць, і ён зьлітасьцівіцца з вас і верне вас у зямлю вашу.

13 Калі ж вы скажаце: «ня хочам жыць у гэтай зямлі», і не паслухаецеся голасу Госпада Бога вашага, кажучы:

14 «не, мы пойдзем у зямлю Егіпецкую, дзе вайны ня ўбачым і трубнага голасу не пачуем, і галадаць ня будзем, і там жыцьмем»,

15 дык выслухайце сёньня слова Гасподняе, вы, рэшта Юды: так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: калі вы рашуча павернеце твары вашыя, каб ісьці ў Егіпет, і пойдзеце, каб жыць там,

16 дык меч, якога вы баіцеся, дагоніць вас там, у зямлі Егіпецкай, і голад, якога вы страшыцеся, будзе заўсёды сьледаваць за вамі там у Егіпце, і там памраце.

17 І вось, каторыя павернуць твар свой, каб ісьці ў Егіпет і там жыць, памруць ад меча, голаду, паморку і згубнай пошасьці, і ніводзін зь іх не застанецца і не пазьбегне таго бедства, якое я навяду на іх.

18 Бо так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: як выліўся гнеў Мой і лютасьць Мая на жыхароў Ерусаліма, так выльецца лютасьць Мая на вас, калі ўвойдзеце ў Егіпет, і вы будзеце пракляцьцем і жудасьцю, і паганьбеньнем і кляцьбою, і ня ўбачыце болей месца гэтага.

19 Да вас, рэшта Юдава, прамовіў Гасподзь: не хадзеце ў Егіпет; цьвёрда ведайце, што я сёньня перасьцярог вас;

20 бо вы зграшылі супроць саміх сябе: вы паслалі мяне да Госпада Бога нашага, сказаўшы: «памаліся за нас Госпаду Богу нашаму, і ўсё, што скажа Гасподзь Бог наш, абвясьці нам, - і мы зробім»,

21 Я абвясьціў вам сёньня; але вы не паслухаліся голасу Госпада Бога нашага і ўсяго таго, з чым Ён паслаў мяне да вас.

22 Дык вось ведайце, што вы памраце ад меча, голаду, паморку і згубнай пошасьці ў тым месцы, куды хочаце ісьці, каб жыць там.

 

Разьдзел 43

 

1 Калі Ерамія перадаў людзям усе словы Госпада Бога іхняга, усе тыя словы, зь якімі Гасподзь Бог іхні паслаў яго да іх,

2 тады сказаў Азарыя, сын Асаіі, і Ёанан, сын Карэеў, і ўсе дзёрзкія людзі сказалі Ерамію: «няпраўду ты кажаш, не пасылаў цябе Гасподзь Бог наш сказаць: «не хадзеце ў Егіпет, каб жыць там»;

3 а Варух, сын Нірыін, падбухторвае цябе супроць нас, каб перадаць нас у рукі Халдэям, каб яны забілі нас, альбо завялі нас палоннымі ў Вавілон».

4 І не паслухаўся Ёанан, сын Карэеў, і ўсе ваенныя начальнікі, і ўвесь народ голасу Госпада, каб застацца ў зямлі Юдэйскай.

5 І ўзяў Ёанан, сын Карэеў, і ўсе ваенныя начальнікі ўсю рэшту Юдэеў, якія вярнуліся з усіх народаў, куды яны былі выгнаныя, каб жыць ў зямлі Юдэйскай,

6 мужоў і жонак і дзяцей, і дачок цара і ўсіх тых, каго Навузардан, начальнік целаахоўцаў, пакінуў з Гадоліем, сынам Ахікамавым, сына Сафанавага, і Ерамію прарока, і Варуха, сына Нірыінага;

7 і пайшлі ў зямлю Егіпецкую, бо не паслухаліся голасу Гасподняга, і дайшлі да Тафніса.

8 І было слова Гасподняе Ерамію ў Тафнісе:

9 вазьмі ў рукі свае вялікія камяні і схавай іх у пакамячанай гліне пры ўваходзе ў дом фараона ў Тафнісе, на вачах у Юдэяў,

10 і скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я пашлю і вазьму Навухаданосара, цара Вавілонскага, раба Майго, і пастаўлю трон ягоны на гэтых камянях, схаваных Мною, і раскіне ён над ім цудоўны намёт свой

11 і прыйдзе, і паб'е зямлю Егіпецкую: хто асуджаны на сьмерць, той аддадзены будзе сьмерці; і хто ў палон, пойдзе ў палон; і хто пад меч, - пад меч.

12 І запалю агонь у капішчах божышчаў Егіпцянаў; і ён спаліць іх, а гэтых возьме ў палон, і апранецца ў зямлю Егіпецкую, як пастух апранаецца ў вопратку сваю, і выйдзе адтуль спакойна;

13 і паб'е статуі ў Бэтсамісе, што ў зямлі Егіпецкай, і капішчы божышчаў Егіпецкіх спаліць агнём.

 

Разьдзел 44

 

1 Слова, якое было Ерамію пра ўсіх Юдэяў, якія жылі ў зямлі Егіпецкай і пасяліліся ў Магдоле і Тафнісе, і ў Нофе, і ў зямлі Патрос:

2 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вы бачылі ўсё бедства, якое Я навёў на Ерусалім і на ўсе гарады Юдэйскія; вось, яны цяпер пустыя, і ніхто ня жыве ў іх,

3 за бязбожнасьць іхнюю, якую яны чынілі, гневаючы Мяне, ходзячы кадзіць і служыць іншым божышчам, якіх ня ведалі ні яны, ні вы, ні бацькі вашыя.

4 Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх, прарокаў, пасылаў з самае раніцы, каб сказаць: «не рабеце гэтае агіднае справы, якую Я ненавіджу».

5 Але яны ня слухаліся і не прыхілілі вуха свайго, каб адвярнуцца ад сваёй бязбожнасьці, не кадзіць іншым багам.

6 І вылілася лютасьць Мая і гнеў Мой і разгарэлася ў гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма; і яны зрабіліся развалінамі і пустыняю, як бачыце сёньня.

7 І сёньня так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Бог Ізраілеў: навошта вы робіце гэта вялікае зло душам вашым, вынішчаючы ў сябе мужчын і жанчын, дарослых дзяцей і немаўлят з асяродзьдзя Юдэі, каб не пакінуць у сябе астатку,

8 гневаючы Мяне вырабам рук сваіх, каджэньнем іншым багам у зямлі Егіпецкай, куды вы прыйшлі жыць, каб загубіць сябе і зрабіцца праклёнам і паганьбеньнем ва ўсіх народаў зямлі?

9 Хіба вы забылі бязбожнасьць бацькоў вашых і бязбожнасьць цароў Юдэйскіх, вашу ўласную бязбожнасьць і бязбожнасьць жанчын вашых, якую яны чынілі ў зямлі Юдэйскай і на вуліцах Ерусаліма?

10 Ня зьмірыліся яны да сёньняшняга дня, і не баяцца і ня ўчыняюць паводле закона Майго і паводле пастановаў Маіх, якія Я даў вам і бацькам вашым.

11 Таму так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: вось, Я павярну супроць вас аблічча Маё на пагібель і на вынішчэньне ўсёй Юдэі

12 і вазьму рэшту Юдэяў, якія павярнулі аблічча сваё, каб ісьці ў зямлю Егіпецкую і жыць там, і ўсе яны будуць вынішчаны, загінуць у зямлі Егіпецкай; мечам і голадам будуць вынішчаны; ад малога і да старога памруць ад меча і голаду, і будуць праклёнам і жахам, асудаю і паганьбеньнем.

13 Наведаю тых, што жывуць у зямлі Егіпецкай, як Я наведаў Ерусалім, мечам і голадам, паморкам і згубнай пошасьцю,

14 і ніхто ня ўнікне і не ацалее з рэшты Юдэяў, што прыйшлі ў зямлю Егіпецкую, каб пажыць там і потым вярнуцца ў зямлю Юдэйскую, куды яны ўсёю душою хочуць вярнуцца, каб жыць там; ніхто ня вернецца, акрамя тых, якія ўцякуць адтуль.

15 І адказвалі Ерамію ўсе мужчыны, якія ведалі, што жонкі іхнія кадзяць іншым багам, і ўсе жанчыны, што стаялі там у вялікім мностве, і ўвесь люд, які жыў у зямлі Егіпецкай, у Патросе, і сказалі:

16 «словы, якія ты казаў нам імем Госпада, мы ня слухаем ад цябе;

17 але канечне будзем рабіць усё тое, што выйшла з вуснаў нашых, каб кадзіць багіні неба і выліваць ёй выліваньні, як мы рабілі, мы і бацькі нашыя, цары нашыя і князі нашыя, у гарадах Юдэі і на вуліцах.

18 А з таго часу, як перасталі мы кадзіць багіні неба і выліваць ёй выліваньне, церпім ва ўсім нястачу і гінем ад меча і голаду.

19 І калі мы кадзілі багіні неба і вылівалі ёй выліваньні, дык хіба бязь ведама мужоў нашых рабілі мы ёй піражкі з выяваю яе і вылівалі ёй выліваньні»?

20 Тады сказаў Ерамія ўсяму люду, мужчынам і жанчынам, і ўсяму люду, які так адказаў яму:

21 «ці ж ня гэта каджэньне, якое чынілі вы ў гарадах Юдэйскіх і на вуліцах Ерусаліма, вы і бацькі вашыя, цары вашыя і князі вашыя, і народ краіны, спамянуў Гасподзь? І ці не яно ўзышло Яму на сэрца?

22 Гасподзь ня мог болей трываць ліхіх дзеяў вашых і гідотаў, якія вы рабілі; таму і зрабілася зямля ваша пустыняю і жахам, і праклёнам, без жыхароў, як бачыце сёньня.

23 Як бо вы, учыняючы тое курэньне, грашылі перад Госпадам і ня слухаліся голасу Госпада, і не паводзіліся паводле закона Ягонага і паводле пастановаў Ягоных, і паводле загадаў Ягоных, дык і спасьцігла вас гэтая бяда, як бачыце сёньня».

24 І сказаў Ерамія ўсяму народу і ўсім жанчынам: слухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія ў зямлі Егіпецкай:

25 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вы і жонкі вашыя, што вуснамі сваімі гаварылі тое і рукамі сваімі рабілі; вы кажаце: «будзем выконваць зарокі нашыя, якія мы давалі, каб кадзіць багіні неба і паліваць ёй паліваньне», - цьвёрда трымайцеся зарокаў вашых і дакладна выконвайце зарокі вашыя.

26 Затое выслухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія жывуць у зямлі Егіпецкай: вось, Я запрысягнуўся вялікім імем Маім, кажа Гасподзь, што ня будзе ўжо на ўсёй зямлі Егіпецкай вымаўляцца імя Маё вуснамі якога-небудзь Юдэя, які кажа: «жывы Гасподзь Бог!»

27 Вось Я буду сачыць за вамі на пагібель, а не на дабро; і ўсе Юдэі, якія ў зямлі Егіпецкай, будуць гінуць ад меча і голаду, пакуль зусім ня вынішчацца.

28 Толькі невялікі лік тых, што пазьбегнуць меча, вернуцца зь зямлі Егіпецкай у зямлю Юдэйскую, і даведаюцца ўсе пазасталыя Юдэі, якія прыйшлі ў зямлю Егіпецкую, каб пажыць там, чыё слова збудзецца, Маё, ці іхняе.

29 І вось вам азнака, кажа Гасподзь, што Я наведаю вас на гэтым месцы, каб вы ведалі, што збудуцца словы Мае пра вас на пагібель вам.

30 Так кажа Гасподзь: вось, Я аддам фараона Вафрыя, цара Егіпецкага, у рукі ворагам ягоным і ў рукі шукальнікам душы ягонай, як аддаў Сэдэкію, цара Юдэйскага, у рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, ворагу ягонаму і шукальніку душы ягонай.

 

Разьдзел 45

 

1 Слова, якое прарок Ерамія сказаў Варуху, сыну Нірыінаму, калі ён напісаў словы гэтыя з вуснаў Ераміі ў кнігу, у чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага:

2 так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў табе, Варух:

3 ты кажаш: «гора мне! бо Гасподзь прыклаў скруху да хваробы маёй; я змогся ад уздыханьняў маіх і не знаходжу спакою».

4 так скажы яму: так кажа Гасподзь: вось, што Я пабудаваў, разбуру, і што насадзіў, выкарчую, - усю гэтую зямлю.

5 А ты просіш сабе вялікага: не прасі; бо вось, Я навяду бедства на ўсякую плоць, кажа Гасподзь, а табе замест здабычы пакіну душу тваю ва ўсіх мясьцінах, куды ні пойдзеш.

 

Разьдзел 46

 

1 Слова Гасподняе, якое было Ерамію прароку пра народы язычніцкія:

2 пра Егіпет, пра войска фараона Нэхао, цара Егіпецкага, якое было каля ракі Еўфрат і Кархаміс, і якое пабіў Навухаданосар, цар Вавілонскі, у чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага.

3 Рыхтуйце шчыты і дзіды, і ўступайце ў бітву;

4 сядлайце коні і сядайце, вершнікі, і станавецеся ў шаломах; мяньцеце дзіды, апранайцеся ў браню.

5 Чаму ж, бачу Я, яны зьнясьмеліліся і павярнуліся назад? і дужыя ў іх пабітыя, і бягуць без аглядкі; адусюль жах, кажа Гасподзь.

6 Не ўцячэ хуткі на ногі, і не ўратуецца дужы; на поўначы, каля ракі Еўфрат, яны спатыкнуцца і ўпадуць.

7 Хто гэта падымаецца, як рака, і як патокі хвалююцца воды яго?

8 Егіпет падымаецца, як рака, і, як патокі, захваляваліся воды яго, і кажа: «падымуся і пакрыю зямлю, загублю горад і жыхароў яго».

9 Сядайце на коні і імчэце, калясьніцы, і выступайце, дужыя, Эфіопы і Лівійцы, узброеныя шчытом, і Лідыйцы, што трымаеце лукі і напінаеце іх;

10 бо дзень гэты ў Госпада Бога Саваофа ёсьць дзень помсты, каб адпомсьціць ворагам Ягоным; і меч будзе пажыраць, і насыціцца і ўп'ецца крывёю іхняю; бо гэта Госпаду Богу Саваофу будзе ахвяраваньне ў зямлі паўночнай, каля ракі Еўфрат.

11 Ідзі ў Галаад і вазьмі бальзаму, дзева, дачка Егіпта; дарма ты будзеш памнажаць лекаваньні, няма табе ацаленьня.

12 Пачулі народы пра пасаромленьне тваё, і лямант твой напоўніў зямлю; бо дужы сутыкнуўся з дужым, і абодва разам загінулі.

13 Слова, якое сказаў Гасподзь прароку Ерамію пра Навухаданосара, цара Вавілонскага, каб разьбіць зямлю Егіпецкую:

14 абвясьцеце ў Егіпце і дайце знак у Магдоле, і дайце знаць у Нофе і Тафнісе; скажэце: «спыніся і рыхтуйся, бо меч пажырае навакольлі твае».

15 Чаму дужы твой павалены? - ня ўстояў, бо Гасподзь пагнаў яго.

16 Ён памножыў тых, што падалі, нават падалі адзін на аднаго, і казалі: «уставай і вернемся да народу нашага ў родную нашу зямлю ад пагібельнага меча»,

17 А там крычаць: «фараон; цар Егіпта сумеўся; ён прапусьціў умоўлены час».

18 Жыву Я, кажа Цар, імя Якога - Гасподзь Саваоф: як Тавор сярод гор і як Карміл каля мора, так пэўна прыйдзе ён.

19 Рыхтуй сабе патрэбнае на перасяленьне, дачка - жыхарка Егіпта, бо Ноў будзе спустошаны, застанецца без жыхара.

20 Егіпет - цудоўная цялушка; але пагібель ідзе з поўначы, ідзе.

21 І найміты яго сярод яго, як укормленыя цяляты, - і самыя павярнулі назад, пабеглі ўсе, ня ўстоялі, бо прыйшоў на іх дзень пагібелі іхняй, час наведваньня іх.

22 Голас яго ляціць, як зьмяіны; яны ідуць з войскам, прыйдуць на яго зь сякерамі, як дрывасекі;

23 высякуць лес яго, кажа Гасподзь, бо яны нязьлічоныя; іх больш, чым саранчы, і няма ліку ім.

24 Пасаромлена дачка Егіпта, перададзена ў рукі народу паўночнаму.

25 Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў кажа: вось, Я наведаю Амона, які ў Но, і фараона і Егіпет, і багоў яго і цароў яго, фараона, і тых, што спадзяюцца на яго;

26 і перадам іх у рукі шукальнікам душы іхняй і ў рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ў рукі рабам ягоным; але пасьля таго ён будзе населены, як у ранейшыя дні, кажа Гасподзь.

27 Ты ж ня бойся, рабе Мой Якаў, і не палохайся, Ізраіле: бо вось, Я выратую цябе з далёкай краіны і насеньне тваё зь зямлі палону іхняга; і вернецца Якаў, і будуць жыць спакойна і мірна, і ніхто ня будзе палохаць яго.

28 Ня бойся, рабе Мой Якаў, кажа Гасподзь: бо Я з табою; Я зьнішчу ўсе народы, да Якіх Я выгнаў цябе, а цябе ня вынішчу; а толькі пакараю цябе ў меры; непакараным жа не пакіну цябе.

 

Разьдзел 47

 

1 Слова Госпада, якое было Ерамію пра Філістымлян, перш чым фараон разьбіў Газу.

2 Так кажа Гасподзь: вось, падымаюцца воды з поўначы і зробяцца патокам павадкавым, і затопяць зямлю і ўсё, што напаўняе яе, горад і жыхароў яго; тады залямантуюць людзі, і загалосяць усе насельнікі краіны.

3 Ад шумнага тупату капытоў дужых коней ягоных, ад стукату калясьніц ягоных, бацькі не азірнуцца на дзяцей сваіх, бо рукі ў іх апусьцяцца

4 ад таго дня, які прыйдзе зьнішчыць усіх Філістымлян, адабраць у Тыра і Сідона ўсіх астатніх памочнікаў, бо Гасподзь спустошыць Філістымлян, рэшту горада Кафтора.

5 Аблысела Газа, гіне Аскалон, рэшта даліны іхняй.

6 Дакуль будзеш сячы іх, о, мечу Гасподні! дакуль ты ня ўрымсьцішся? вярніся ў похвы твае, перастань і супакойся.

7 Але як табе супакоіцца, калі Гасподзь даў загад супроць Аскалона і супроць берагу марскога? туды Ён скіраваў яго.

 

Разьдзел 48

 

1 Пра Мааў так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: гора Нэво! ён спустошаны; Карыятаім пасаромлены і ўзяты; Мізгаў пасаромлены і разьбіты.

2 Няма болей славы Маава; у Эсэвоне намышляюць супроць яго ліхое: «хадзем», скасуем яго зь ліку народаў». І ты, Мадмэна, загінеш; меч ідзе сьледам за табою.

3 Чуцен лямант ад Аранаіма, спусташэньне і разбурэньне вялікае.

4 Разьбіты Мааў; ляманту нарабілі дзеці ягоныя.

5 На ўзыходзе ў Лухіт плач і плач падымаецца; і на спуску з Аранаіма непрыяцель чуе лямант пра руйнаваньне.

6 Уцякайце, ратуйце жыцьцё сваё, і будзьце падобныя на голае дрэва ў пустыні.

7 Як бо ты спадзяваўся на дзеі твае і на скарбы твае, дык і ты будзеш узяты, Хамос пойдзе ў палон, разам са сваімі сьвятарамі і сваімі князямі.

8 І прыйдзе спусташальнік на ўсякі горад, і горад не ацалее; і загіне даліна, і апусьцее раўніна, як сказаў Гасподзь.

9 Дайце крылы Мааву, каб ён мог паляцець; гарады яго будуць пустыняю, бо ня будзе каму жыць у іх.

10 Пракляты, хто справу Гасподнюю робіць абы як, і пракляты, хто стрымлівае меч Яго ад крыві!

11 Мааў з маладосьці сваёй быў у спакоі, сядзеў на дрожджах сваіх і яго не пералівалі з посуду ў посуд, і ў палон не хадзіў; таму і заставаўся ў ім смак яго, і пах яго не мяняўся.

12 Таму вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі Я прышлю да яго пералівальнікаў, якія перальюць яго і спарожняць посуд яго, і паб'юць збаны ягоныя.

13 І пасаромлены будзе Мааў дзеля Хамоса, як дом Ізраілеў пасаромлены быў дзеля Вэтыля, надзеі сваёй.

14 Як вы кажаце: «мы людзі адважныя і моцныя для вайны?»

15 спустошаны Мааў, і гарады яго гараць, і адборныя хлопцы яго пайшлі на закол, кажа Цар, - Гасподзь Саваоф імя Яго.

16 Блізкая пагібель Маава, і вельмі сьпяшаецца бедства ягонае.

17 Пашкадуйце яго ўсе суседзі ягоныя, і ўсе, хто ведае імя яго, скажэце: «як паламана жазло сілы, посах славы!»

18 Сыдзі з вышыні велічы і сядзі ў смазе, дачка - жыхарка Дывона; бо спусташальнік Маава прыйдзе да цябе і зруйнуе ўмацаваньні твае.

19 Стань каля дарогі і глядзі, жыхарка Араэра, пытайся ў таго, хто бяжыць і ратуецца: «што сталася?»

20 Пасаромлены Мааў, бо разьбіты; галасеце і енчыце, абвясьцеце ў Арноне, што спустошаны Мааў.

21 І суд прыйшоў на раўніны, на Халон і на Яацу, і на Мафат,

22 і на Дывон і на Нэво, і на Бэт-Дыўлатаім,

23 і на Карыятаім і на Бэт-Гамул, і на Бэт-Маон,

24 і на Керыот на Васор, і на ўсе гарады зямлі Маавіцкай, далёкія і блізкія.

25 адсечаны рог у Маава, і мышца яго зламана, кажа Гасподзь

26 Напаеце яго п'яным, бо ён падняўся супроць Госпада: і хай Мааў качаецца ў ванітах сваіх, і сам будзе пасьмешышчам.

27 Ці ня быў пасьмешышчам, у цябе Ізраіль? хіба ён быў злоўлены сярод злодзеяў, што ты, бывала, як толькі загаворыш пра яго, круціш галавою?

28 Пакіньце гарады і жывеце на скалах, жыхары Маава, і будзьце, як галубы, якія робяць гнёзды каля ўваходу ў пячору.

29 Мы чулі пра гонар Маава, гонар надмерны, пра ягоную пыху і фанабэрыю, і задавацтва яго і ганарлівасьць сэрца ягонага.

30 Ведаю Я дзёрзкасьць ягоную, кажа Гасподзь, але гэта - ненадзейна; пустыя словы ў яго: ня так зробяць.

31 Таму буду галасіць па Мааве і енчыць па ўсім Мааве; будуць уздыхаць па мужчынах Кірхарэса.

32 Буду плакаць па табе, вінаграднік Сэвамскі, плачам Язэра; галіны твае распасьцерліся за мора, дасталі да возера Язэра; спусташальнік напаў на летнія плады твае і на сьпелы вінаград.

33 Радасьць і весялосьць забраны ў Карміла і ў зямлі Маава. Я паклаў крэс віну ў чавільнях; ня будуць болей таптаць у іх зь песьнямі; крык бітвы будзе, а ня крык радасьці.

34 Ад ляманту Эсэвона да Элеалы і да Яацы яны падымуць голас свой ад Сігора да Аранаіма, да трэцяй Эглы, бо і воды Німрыма высахнуць.

35 Зьнішчу ў Маава, кажа Гасподзь, тых, што прыносяць ахвяры на вышынях і кадзяць божышчам ягоным.

36 Таму сэрца маё стогне па Мааве як жалейка; па жыхарах Кірхарэса стогне сэрца маё як жалейка, бо багацьці, імі здабытыя, загінулі:

37 у кожнага галава голая і ў кожнага барада ўкарочаная; ва ўсіх на руках драпіны і на сьцёгнах вярэта.

38 На ўсіх дахах Маава і на вуліцах яго агульны плач, бо Я разьбіў Маава, як непатрэбны посуд, кажа Гасподзь.

39 Які разьбіты ён, будуць казаць галосячы; як Мааў пакрыўся сорамам, паказаўшы сьпіну! і будзе Мааў пасьмешышчам і жахам усім, хто акружае яго,

40 бо так кажа Гасподзь: вось, як арол, паляціць ён і раскіне крылы свае над Маавам.

41 Гарады будуць узятыя, і цьвярдыні заваёваны, і сэрца адважных Маавіцян будзе ў той дзень як сэрца жанчыны, што пакутуе ў родах.

42 І вынішчаны будзе Мааў зь ліку народаў, бо ён паўстаў супроць Госпада.

43 Жудасьць і яма і шворка - табе, жыхар Маава, сказаў Гасподзь.

44 Хто ўцячэ ад жудасьці, - упадзе ў яму; а хто выйдзе зь ямы, - трапіць у шворку; бо Я навяду на яго, на Маава, гадзіну наведваньня іх, кажа Гасподзь.

45 Пад ценем Эсэвона спыніліся ўцекачы, зьнясілеўшы; але агонь выйшаў з Эсэвона і полымя з асяродзьдзя Сігона, і зжарэ бок Маава і цемя сыноў мяцежных.

46 Гора табе, Мааве! загінуў народ Хамоса, бо сыны твае ўзяты ў палон, і дочкі твае - у палон,

47 але апошнімі днямі вярну палон Маава, кажа Гасподзь. Дагэтуль суд на Маава.

 

Разьдзел 49

 

1 Пра сыноў Амонавых так кажа Гасподзь: хіба ж няма сыноў у Ізраіля? хіба няма ў яго спадкаемцы? Чаму ж Малхом завалодаў Гадам, і народ яго жыве ў гарадах ягоных?

2 Таму вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі ў Раве сыноў Амонавых будзе чуцен крык бітвы, і зробіцца яна грудай руінаў, і гарады яе будуць спалены агнём, і авалодае Ізраіль тымі, якія валодалі ім, кажа Гасподзь.

3 Галасі, Эсэвоне, бо спустошаны Гай; крычэце, дочкі Равы, аперажэцеся вярэтаю, плачце і бадзяйцеся па гарадах, бо Малхом пойдзе ў палон разам са сьвятарамі і князямі сваімі.

4 Што хвалішся далінамі? Пацячэ даліна твая крывёю, вераломная дачка, што спадзяешся на скарбы свае, і кажаш: «хто прыйдзе да мяне?»

5 Вось, Я навяду на цябе жах з усіх навакольляў тваіх, кажа Гасподзь Бог Саваоф: разьбяжэцеся, хто куды, і ніхто не зьбярэ тых, што паразьбягаліся.

6 Але пасьля таго Я вярну палон сыноў Амонавых, кажа Гасподзь.

7 Пра Эдом так кажа Гасподзь Саваоф: хіба няма болей мудрасьці ў Тэмане? Хіба ня стала рады ў разумных? хіба зьбяднела мудрасьць іхняя?

8 Уцякайце, павярнуўшыся сьпінаю, хавайцеся ў пячорах, жыхары Дэдана, бо пагібель Ісава Я навяду на яго, - час наведаньня Майго.

9 Калі б зборшчыкі вінаграду прыйшлі да цябе, дык напэўна пакінулі б некалькі несабраных ягадзін. І калі б злодзеі прыйшлі ўначы, дык яны захапілі б, колькі ім трэба.

10 А Я да галечы абяру Ісава, адчыню патайныя мясьціны ягоныя, і схавацца ён ня здолее. Вынішчана будзе племя ягонае, і браты яго і суседзі яго; і ня будзе яго.

11 Пакінь сіротаў тваіх, Я падтрымаю жыцьцё іхняе, і ўдовы твае хай спадзяюцца на мяне,

12 бо так кажа Гасподзь: вось і тыя, каму не наканавана было піць чару, канечне піцьмуць яе, і ці ж ты застанешся непакараны? Не, не застанешся непакараны, але канечне піцьмеш чару.

13 Бо, Мною прысягаю, кажа Гасподзь, што жахам, пасьмешышчам, пустэльняю і праклёнам будзе Васор, і ўсе гарады яго зробяцца вечнымі пусткамі.

14 Я чуў чутку ад Госпада, і пасьля пасланы да народаў сказаць: зьбярэцеся і ідзеце супроць яго, і падымайцеся на вайну.

15 Бо вось, Я зраблю цябе малым сярод народаў, пагарджаным сярод людзей.

16 Грозны стан твой і пыхлівасьць сэрца твайго ашукалі цябе, хто жыве ў расколінах скал і займае вяршыні пагоркаў. Але, хоць бы ты як арол высока зьвіў гняздо тваё, і адтуль скіну цябе, кажа Гасподзь.

17 І будзе Эдом жахам; кожны, хто будзе праходзіць міма, зьдзівіцца і сьвісьне, гледзячы на ўсе пахібы яго.

18 Як скінуты Садома і Гамора і суседнія гарады іхнія, кажа Гасподзь, так і там ніводзін чалавек ня будзе жыць, і сын чалавечы ня спыніцца ў ім.

19 Вось, узыходзіць ён як леў ад узвышэньня Ярдана на ўмацаваныя селішчы; але я прымушу іх сьпешна адысьці зь Ідумэі, і хто выбраны, таго пастаўлю над ёю. Бо хто падобны на Мяне? і хто спатрабуе адказу ў Мяне? І які пастух стане супроць Мяне?

20 Дык вось выслухайце вызначэньне Госпада, якое Ён пастанавіў пра Эдом, і намеры Ягоныя, якія Ён мае на жыхароў Тэмана: сапраўды, самыя малыя са статкаў пацягнуць іх і спустошаць селішчы іхнія.

21 Ад шуму падзеньня іх здрыганецца зямля, і водгалас крыку іхняга будзе чуцен каля Чэрмнага мора.

22 Вось, як арол, падымецца ён і паляціць, і распусьціць крылы свае над Васорам; і сэрца адважных Ідумэйцаў будзе ў той дзень, як сэрца жанчыны ў родах.

23 Пра Дамаск. - Пасаромлены Эмат і Арпад, бо, пачуўшы журботную вестку, яны ўпалі духам; трывога на моры, супакоіцца ня могуць.

24 Зьнясьмеліўся Дамаск і кінуўся наўцёкі; страх авалодаў ім; боль і пакуты ахапілі яго, як жанчыну ў родах.

25 Як не ацалеў горад славы, горад радасьці маёй?

26 Дык вось, загінуць юнакі яго на вуліцах ягоных, і ўсе воіны загінуць таго дня, кажа Гасподзь Саваоф.

27 І запалю агонь у сьценах Дамаска, - і зьнішчыць харомы Вэнадада.

28 Пра Кідар і пра царствы Асорскія, якія разьбіў Навухаданосар, цар Вавілонскі, так кажа Гасподзь: уставайце, выступайце супроць Кідара і спусташайце сыноў усходу!

29 Намёты іхнія і авечак іх возьмуць сабе, і покрывы іхнія і вярблюдаў іхніх возьмуць і будуць крычаць ім: «жудасьць адусюль!»

30 Бяжэце, уцякайце хутчэй, схавайцеся ў прорве, жыхары Асора, кажа Гасподзь, бо Навухаданосар, цар Вавілонскі, зрабіў рашэньне, пра вас і склаў супроць вас намысел.

31 Уставайце, выступайце супроць народу мірнага, які жыве ў бясьпецы, кажа Гасподзь; ні дзьвярэй, ні засавак няма ў яго, жывуць паасобку.

32 Вярблюды іхнія аддадзены будуць у здабычу, і мноства статкаў іхніх - на разбор; і расьсею іх па ўсіх вятрах, гэтых, што стрыгуць валасы на скронях, і з усіх бакоў іх навяду на іх пагібель, кажа Гасподзь.

33 І будзе Асор жытлішчам шакалаў, вечнаю пусткаю; чалавек ня будзе жыць там, і сын чалавечы ня будзе спыняцца ў ім.

34 Слова Госпада, якое было Ерамію прароку супроць Элама на пачатку цараваньня Сэдэкіі, цара Юдэйскага.

35 так кажа Гасподзь Саваоф: вось, Я паламаю лук Элама, галоўную сілу іх;

36 і навяду на Элам чатыры вятры ад чатырох краёў неба, і разьвею іх па ўсіх гэтых вятрах, і ня будзе народу, да якога ня прыйшлі б выгнаныя Эламіты;

37 і паб'ю Эламітаў страхам перад ворагамі іхнімі і перад шукальнікамі душы іхняй; і навяду на іх бедства, гнеў Мой, кажа Гасподзь, і пашлю сьледам за імі меч, пакуль ня вынішчу іх;

38 і пастаўлю трон Мой у Эламе, і зьнішчу там цара і князёў, кажа Гасподзь.

39 Але апошнімі днямі вярну палон Элама, кажа Гасподзь.

 

Разьдзел 50

 

1 Слова, якое прамовіў Гасподзь пра Вавілон і пра зямлю Халдэяў празь Ерамію прарока:

2 абвясьцеце і распаўсюдзьце сярод народаў, і падымеце сьцяг, аб'явеце, не хавайце, кажэце: Вавілон узяты, Віл пасаромлены, Мэрадах зламаны, балваны ягоныя пасаромленыя, ідалы яго разьбітыя.

3 Бо з поўначы падняўся супроць яго народ, які зробіць зямлю ягоную пустэльняю, і ніхто ня жыцьме там, ад чалавека да быдла, усе рушаць і сыдуць.

4 У тыя дні і ў той час, кажа Гасподзь, прыйдуць сыны Ізраілевыя, яны і сыны Юдавыя разам, будуць хадзіць і плакаць і знойдуць Госпада Бога свайго;

5 будуць пытацца дарогі да Сіёна і, павярнуўшы да яго твары, будуць казаць: ідзеце і далучэцеся да Госпада спрымірэнствам вечным, якое не забудзецца.

6 Народ Мой быў, як пагіблыя авечкі; пастухі іхнія зьвялі іх з дарогі, разагналі іх па горах; бадзяліся яны з гары на пагорак, забылі лежбішча сваё.

7 Усе, што знаходзілі іх, пажыралі іх, і прыгнятальнікі іх казалі: «мы не вінаватыя, бо яны зграшылі перад Госпадам, перад жытлішчам праўды і перад Госпадам, надзеяй бацькоў іхніх».

8 Уцякайце з асяродзьдзя Вавілона, і сыходзьце з Халдэйскай зямлі, і будзьце, як казлы наперадзе статка авечак.

9 Бо вось, Я падыму і прывяду на Вавілон зборню вялікіх народаў зь зямлі паўночнай, і разьмесьцяцца насупраць яго, і ён будзе ўзяты: стрэлы ў іх, як у спраўнага воіна, не вяртаюцца марна.

10 І Халдэі зробяцца здабычаю іхняй; і спусташальнікі яе насыцяцца, кажа Гасподзь.

11 Бо мы весяліліся, вы сьвяткавалі, рабаўнікі спадчыны Маёй; скакалі ад радасьці, як цялушка на траве, і ржалі, як баявыя коні.

12 У вялікім сораме будзе маці ваша, пачырванее радзіцелька вашая; вось, будучыня тых народаў - пустэльня, сухая зямля і стэп.

13 Ад гневу Госпада яна зробіцца няжылою, і ўся яна будзе пустая; кожны, хто будзе праходзіць праз Вавілон, зьдзівіцца і сьвісьне, гледзячы на ўсе пахібы яго.

14 Выстрайцеся ў баявы парадак вакол Вавілона; усе, хто напінае лук, страляйце па ім, не шкадуйце стрэлаў, бо ён зграшыў супроць Госпада;

15 падымеце крык супроць яго з усіх бакоў; ён падаў руку сваю; упалі цьвярдыні ягоныя, разваліліся сьцены яго, бо гэта - адплата Госпада; помсьціце яму; як ён рабіў, так і вы рабеце зь ім;

16 зьнішчайце ў Вавілоне і сейбіта і жняца ў часе жніва; ад страху пагібельнага меча хай кожны вернецца да народа свайго, і кожны хай бяжыць у зямлю сваю.

17 Ізраіль - расьсеяны статак; ільвы разагналі яго; раней аб'ядаў яго цар Асірыйскі, а гэты апошні, Навухаданосар, цар Вавілонскі, і косьці яго патрушчыў.

18 Таму так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я наведаю цара Вавілонскага і зямлю яго, як наведаў цара Асірыйскага;

19 і вярну Ізраіля на пашу ягоную, і будзе ён пасьвіцца на Карміле і Васане, і душа яго насыціцца на гары Яфрэмавай і ў Галаадзе.

20 У тыя дні і ў той час, кажа Гасподзь, будуць шукаць няпраўды Ізраілевай, і ня будзе яе, і грахоў Юды, і ня знойдзецца іх; бо дарую тым, каго пакіну жывога.

21 Ідзі на яе, на зямлю мяцежную, і пакарай жыхароў яе; спусташай і вынішчай усё за імі, кажа Гасподзь, і зрабі ўсё, што Я загадаў табе.

22 Шум бітвы на зямлі і вялікае разбурэньне!

23 Як разьбіты і скрышаны молат усяе зямлі! Як Вавілон зрабіўся жахам сярод народаў!

24 Я раскінуў сеткі на цябе, і ты злоўлены, Вавілоне, не прадбачачы таго; ты знойдзены і схоплены, бо паўстаў супроць Госпада.

25 Гасподзь адчыніў сховішча Сваё і ўзяў зь яго посуд гневу Свайго, бо ў Госпада Бога Саваофа ёсьць справа ў зямлі Халдэйскай.

26 Ідзеце на яе з усіх краёў, адчыняйце засекі яе, тапчэце яе як снапы, зусім зьнішчыце яе, каб нічога ад яе не засталося;

27 забівайце ўсіх валоў яе, хай ідуць на закол; гора ім! бо прыйшоў дзень іхні, час наведваньня іх.

28 Чуцен голас тых, што бягуць і ратуюцца зь зямлі Вавілонскай, каб узьвясьціць на Сіёне пра помсту Госпада Бога нашага, пра помсту за храм Яго.

29 Склічце супроць Вавілона лучнікаў; усе, хто напінае лук, вакол яго, каб ніхто не ўратаваўся зь яго, аддайце яму паводле дзеяў яго, каб ніхто не ўратаваўся зь яго, аддайце яму паводле дзеяў яго; як ён учыняў, так учынеце і зь ім, бо ён узьнёсься супроць Госпада, супроць Сьвятога Ізраілевага.

30 За тое загінуць юнакі ягоныя на вуліцах яго, і ўсе воіны яго зьнішчаны будуць у той дзень, кажа Гасподзь.

31 Вось, Я - на цябе, гардзея, кажа Гасподзь Бог Саваоф; бо прыйшоў дзень твой, час наведваньня твайго

32 І спатыкнецца гардыня і ўпадзе, і ніхто не падыме яго; і распалю агонь у гарадах ягоных, - і зжарэ ўсё вакол яго.

33 Так кажа Гасподзь Саваоф: прыгнечаны сыны Ізраіля, як і сыны Юды, і ўсе, што запаланілі іх, моцна трымаюць іх і ня хочуць адпусьціць іх.

34 Але Адкупнік іхні дужы, Гасподзь Саваоф - імя Яго; Ён разьбярэ справу іхнюю, каб супакоіць зямлю і навесьці трымценьне на жыхароў Вавілона.

35 Меч на Халдэяў, кажа Гасподзь, і на жыхароў Вавілона, і на князёў яго і на мудрых яго;

36 на спакушальнікаў, і яны звар'яцеюць; меч на воінаў ягоных, і яны зьнясьмеляцца;

37 меч на коней яго і на калясьніцы яго і на ўсе рознапляменныя народы сярод яго, і яны будуць як жанчыны; меч на скарбы яго, і яны будуць разрабаваны;

38 суш на воды яго, і яны перасохнуць; бо гэта зямля балваноў, і яны зьнеразумяцца ад ідальскіх страшыдлаў.

39 І паселяцца там стэпавыя зьвяры з шакаламі, і жыцьмуць на ёй страўсы, і ня будзе абжытая вавекі і заселеная ў роды родаў.

40 Як развалены Богам Садома і Гамора і суседнія гарады іх, кажа Гасподзь, так і тут ніводзін чалавек ня жыцьме, і сын чалавечы ня будзе спыняцца.

41 Вось, ідзе народ з поўначы, і народ вялікі, і многія цары, падымаюцца з краёў зямлі;

42 трымаюць у руках лук і дзіду; яны жорсткія і неміласэрныя; голас іх шумны, як мора; імчацца на конях, выстраіліся як адзін чалавек, каб пабіцца з табою, дачка Вавілона!

43 Пачуў цар Вавілонскі вестку пра іх, і рукі ў яго апусьціліся; скруха ахапіла яго, пакуты - як жанчыну пры родах.

44 Вось, узыходзіць ён як леў з вышыняў Ярдана на ўмацаваныя селішчы; але Я прымушу іх сьпешна сысьці зь яго; і хто выбраны, таму даверу яго, бо хто падобны на Мяне? і хто спатрабуе зь Мяне адказу? І які пастух стане супроць мяне?

45 Дык вось, выслухайце вызначэньне Госпада, якое ён пастанавіў пра Вавілон, і намеры Яго, якія Ён мае пра зямлю Халдэйскую; сапраўды самыя малыя са статкаў пацягнуць іх; сапраўды, ён спустошыць селішчы іхнія зь імі.

46 Ад шуму ўзяцьця Вавілона затрасецца зямля, і лямант будзе чуцен сярод народаў.

 

Разьдзел 51

 

1 Так кажа Гасподзь: вось, Я падыму на Вавілон і на жыхароў ягоных супраціўнікаў Маіх.

2 і пашлю на Вавілон вейнікаў, і разьвеюць яго, і спустошаць зямлю яго, бо ў дзень бедства нападуць на яго з усіх бакоў.

3 Хай лучнік напінае лук супроць таго, хто напінае лук, і на таго, хто выстаўляецца бранёю сваёю; і ня літуйце юнакоў яго, зьнішчыце ўсё войска ягонае.

4 Пабітыя няхай упадуць на зямлі Халдэйскай і прабітыя - на дарогах яе.

5 Бо не аўдавеў Ізраіль і Юда ад Бога свайго, Госпада Саваофа, хоць зямля іх поўная грахамі перад Сьвятым Ізраілевым.

6 Уцякайце з асяродзьдзя Вавілона і ратуйце кожны душу сваю, каб не загінуць ад беззаконьня яго, бо гэта час помсты ў Госпада: Ён аддасьць яму аддачу.

7 Вавілон быў залатою чараю ў руцэ ў Госпада, што ап'яняла ўсю зямлю; народы пілі зь яе віно і вар'яцелі.

8 Раптоўна ўпаў Вавілон і разьбіўся; галасеце па ім, вазьмеце бальзаму на раны яго, можа, ён ацаліцца.

9 Лекавалі мы Вавілон, але не ацаліўся; пакіньце яго, і хадземце кожны ў сваю зямлю, бо вырак пра яго дастаў да нябёсаў і падняўся да воблакаў.

10 Гасподзь вывеў на сьвятло праўду нашу; хадземце і ўзьвесьцімце на Сіёне дзею Госпада Бога нашага.

11 Вастрэце стрэлы, напаўняйце калчаны; Гасподзь разбудзіў дух цароў Мідыйскіх, бо ў Яго ёсьць намер супроць Вавілона, каб зьнішчыць яго, бо гэта ёсьць помста Госпада, помста за храм Ягоны.

12 Насупроць сьцен Вавілона падымеце сьцяг, узмоцніце нагляд, расстаўце варту, падрыхтуйце засады, бо, як Гасподзь намысьліў, так і зробіць, што мовіў на жыхароў Вавілона.

13 О, ты, што жывеш каля водаў вялікіх, багаты скарбамі! прыйшоў канец твой, мера прагнасьці тваёй!

14 Гасподзь Саваоф, запрысягнуўся Самім Сабою: у ісьціне кажу, што напоўню цябе людзьмі, як саранчою, і падымуць крык супроць цябе.

15 Ён стварыў зямлю сілаю Сваёю, сьцвердзіў сусьвет мудрасьцю Сваёю і розумам Сваім расхінуў нябёсы.

16 Па голасе Яго шумяць воды на нябёсах, і Ён узводзіць воблакі ад краёў зямлі, творыць маланкі сярод дажджу і выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.

17 Вар'яцее кожны чалавек у сваім веданьні, сарамаціць сябе кожны гутнік балванам сваім, бо балван ягоны ёсьць хлусьня, і няма ў ім духу.

18 Гэта - поўная пустата, дзея аблуды; у час наведаньня іх яны зьнікнуць.

19 Не такая, як іхняя, доля Якава, бо Бог ягоны ёсьць Творца ўсяго, і Ізраіль ёсьць жазло спадчыны Ягонай, імя Яго - Гасподзь Саваоф.

20 Ты ў мяне - молат, зброя вайсковая; табою Я пабіваў народы і табою разбураў царствы;

21 табою пабіваў каня і вершніка яго і табою пабіваў калясьніцу і калясьнічага яе;

22 табою пабіваў мужа і жонку, табою пабіваў і старога і маладога, табою пабіваў і юнака і дзяўчыну;

23 і табою пабіваў пастуха і статак ягоны, табою пабіваў і земляроба і працоўнае быдла ягонае, табою пабіваў і начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў.

24 І аддам Вавілону і ўсім жыхарам Халдэі за ўсё тое ліха, якое яны чынілі на Сіёне на вачах у вас, кажа Гасподзь.

25 Вось, Я - на цябе, гара загубная, кажа Гасподзь, што руйнуе ўсю зямлю, і працягну на цябе руку Маю, і скіну цябе са скалаў і зраблю цябе гарою абгарэлаю.

26 І ня возьмуць зь цябе каменя для вуглоў і каменя на падмурак, а вечна будзеш запусьценьнем, кажа Гасподзь.

27 Падымеце сьцяг на зямлі, трубеце ў трубу сярод народаў, азбройце супроць яго народы, склічце на яго царствы Арарацкія, Мінійскія і Аскеназскія, пастаўце правадыра супроць яго, навядзеце коней, як страшную саранчу.

28 Азбройце супроць яго народы, цароў Мідыі, начальнікаў абласьцей і ўсіх кіроўцаў яе гарадоў і ўсю зямлю, падуладную ёй.

29 Трасецца зямля і трымціць, бо спраўджваюцца над Вавілонам намеры Госпада зрабіць зямлю Вавілонскую пусткаю без жыхароў.

30 Перасталі змагацца асілкі Вавілонскія, сядзяць ва ўмацаваньнях сваіх; вычарпалася сіла іхняя, зрабіліся як жанчыны, жытлішчы іхнія спалены, замкі іхнія патрушчаны.

31 Ганец бяжыць насустрач ганцу, і весьнік - насустрач весьніку, каб узьвясьціць цару Вавілонскаму, што горад яго ўзяты з усіх бакоў,

32 і броды захоплены, і агароджы спалены агнём, і ваяры ахоплены страхам.

33 Бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: дачка Вавілона падобная на гумно ў час малацьбы ў ім; яшчэ крыху, і настане час жніва яе.

34 Жэр мяне і грыз мяне Навухаданосар, цар Вавілонскі; зрабіў мяне пустым посудам; праглынуў мяне, як дракон; напаўняў чэрава сваё слодычамі маімі, вывяргаў мяне,

35 Крыўда мая і плоць мая - на Вавілоне, скажа насельніца Сіёна, і кроў мая - на жыхарах Халдэі, скажа Ерусалім.

36 Таму так кажа Гасподзь: вось, я ўступлюся ў тваю дзею і адпомшчу за цябе, і асушу мора яго, і высушу каналы яго.

37 І Вавілон будзе грудаю руінаў, селішчам шакалаў, жудасьцю і пасьмешышчам, без жыхароў.

38 Як ільвы зыркаюць усе яны, і заравуць як шчанюкі ільвіныя.

39 У час іхняга разгарачэньня зраблю ім гасьціну і ўпаю іх, каб яны павесяліліся і заснулі вечным сном, і не прачыналіся, кажа Гасподзь.

40 Зьвяду іх як ягнят на закол, як бараноў з казламі.

41 Як узяты Сэсах, і заваявана слава ўсёй зямлі! Як зрабіўся Вавілон жахам сярод народаў!

42 Памкнулася на Вавілон мора; ён пакрыты мноствам хваляў яго.

43 Гарады яго зрабіліся пустымі, зямля сухою, стэпам, зямлёю; дзе ня жыве ніводзін чалавек, і дзе не праходзіць сын чалавечы.

44 І наведаю Віла ў Вавілоне і вырву з вуснаў ягоных праглынутае ім, і народы ня будуць болей сьцякацца да яго, нават і муры Вавілонскія асыплюцца.

45 Выходзь з асяродзьдзя яго, народзе Мой, і ратуйце кожны душу сваю ад палымянага гневу Госпада.

46 Хай не аслабне сэрца вашае, і ня бойцеся чуткі, якая будзе пачута на зямлі; чутка прыйдзе ў адзін год, і потым на другі год, і на зямлі будзе гвалт, валадар паўстане на валадара.

47 Таму вось, прыходзяць дні, калі Я наведаю балваноў Вавілона, і ўся зямля ягоная будзе пасаромлена, і ўсе пабітыя яго ўпадуць сярод яго.

48 І ўзрадуюцца над Вавілонам неба і зямля і ўсё, што на іх; бо з поўначы прыйдуць да яго спусташальнікі, кажа Гасподзь.

49 Як Вавілон не скідаў пабітых Ізраільцян, так у Вавілоне будуць скінуты пабітыя ўсёй краіны.

50 Хто ўратуецца ад меча, уцякайце, ня спыняйцеся, спамянеце здалёк пра Госпада, і хай узыдзе Ерусалім на сэрца ваша.

51 Сорамна нам было, калі мы слухалі нагану; ганьба пакрывала твары нашыя, калі чужаземцы прыйшлі ў сьвятыню дома Гасподняга.

52 Затое вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі я наведаю балваноў ягоных, і па ўсёй зямлі яго будуць стагнаць параненыя.

53 Хоць бы Вавілон узвысіўся да нябёсаў, і хоць бы ён на вышыні ўмацаваў цьвярдыню сваю; але ад мяне прыйдуць да яго спусташальнікі, кажа Гасподзь.

54 Праляціць гул ляманту ад Вавілона і вялікае разбурэньне - ад зямлі Халдэйскай,

55 бо Гасподзь спустошыць Вавілон і пакладзе канец ганарыстаму голасу ў ім. Зашумяць хвалі іх як вялікія воды, пачуецца шумны голас іх.

56 Бо прыйдзе на яго, на Вавілон, спусташальнік, і ўзяты будуць ратаборцы ягоныя, паламаныя будуць лукі іхнія; бо Гасподзь, Бог аддачаў, аддасьць аддачу.

57 І напаю дап'яна князёў яго і мудрацоў яго, начальнікаў вобласьцяў яго і кіроўцаў гарадоў яго, і ваяроў яго, і заснуць сном вечным і не прачнуцца, кажа Цар, - Гасподзь Саваоф імя Яго.

58 Так кажа Гасподзь Саваоф: тоўстыя муры Вавілона да падмурку будуць разбураны, і высокія брамы яго будуць спалены агнём; і вось, дарма працавалі народы, і плямёны мучылі сябе дзеля агню.

59 Слова, якое прарок Ерамія наказаў Сэраю, сыну Нірыі, сыну Маасэі, калі ён выпраўляўся ў Вавілон з Сэдэкіем, царом Юдэйскім, у чацьвёрты год яго цараваньня; Сэрая быў галоўны пасьцельнік.

60 Ерамія ўпісаў у адну кнігу ўсе бядоты, якія павінны былі прыйсьці на Вавілон, усе гэтыя прамовы, напісаныя на Вавілон.

61 І сказаў Ерамія Сэраю: калі ты прыйдзеш у Вавілон, дык глядзі, прачытай усе гэтыя прамовы,

62 і скажы: Госпадзе! Ты прамовіў пра месца гэтае, што зьнішчыш яго так, што не застанецца ў ім ні чалавека, ні быдла, а яно будзе вечнаю пустэльняю.

63 І калі закончыш чытаньне гэтай кнігі, прывяжы да яе камень і кінь яе на сярэдзіну Еўфрата,

64 і скажы: так апусьціцца Вавілон і не паўстане ад таго бедства, якое Я навяду на яго, і яны зусім зьнямогуцца. Дагэтуль прамовы Ераміі.

 

Разьдзел 52

 

1 Сэдэкію было дваццаць адзін год, калі пачаў цараваць, і цараваў у Ерусаліме адзінаццаць гадоў; імя маці ягонай - Хамуталь, дачка Ераміі зь Ліўны.

2 І ён рабіў благое ў вачах Госпада, усё тое, што рабіў Ёакім;

3 таму гнеў Госпада быў над Ерусалімам і Юдам да таго, што Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго; і Сэдэкія адпаўся ад цара Вавілонскага.

4 І было, у дзявяты год яго кіраваньня, у дзясятым месяцы, у дзясяты дзень месяца, прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, сам і ўсё войска ягонае, да Ерусаліма і аблеглі яго і зрабілі вакол яго насыпы.

5 І быў горад у аблозе да адзінаццатага года цара Сэдэкіі.

6 У чацьвёртым месяцы, у дзявяты дзень месяца, голад у горадзе ўзмацніўся, і ня было хлеба ў народа зямлі.

7 Зроблена была праломіна ў горад, і пабеглі ўсе ваенныя з горада ўначы праз браму, што была паміж дзьвюма сьценамі каля царовага саду, і пайшлі стэпавай дарогаю; а Халдэі былі вакол горада.

8 Войска Халдэйскае пагналася за царом, і дагнала Сэдэкію на раўнінах Ерыхонскіх, і ўсё войска ягонае разьбеглася ад яго.

9 І ўзялі цара і прывялі яго да цара Вавілонскага ў Рыўлу, у зямлі Эмат, дзе ён учыніў над ім суд.

10 І закалоў цар Вавілонскі сыноў Сэдэкіі на вачах у яго, і ўсіх князёў Юдэйскіх закалоў у Рыўле;

11 а Сэдэкію выкалаў вочы і загадаў закаваць яго ў медныя аковы; і завёў яго цар Вавілонскі ў Вавілон і пасадзіў яго ў дом варты да дня сьмерці яго.

12 У пяты месяц, у дзясяты дзень месяца, - гэта быў дзевятнаццаты год цара Навухаданосара, цара Вавілонскага, - прыйшоў Навузардан, начальнік целаахоўцаў, які стаяў перад царом Вавілонскім, у Ерусалім,

13 і спаліў дом Гасподні, і дом цара і ўсе дамы ў Ерусаліме, і ўсе дамы вялікія спаліў агнём.

14 І ўсё войска Халдэйскае, што было з начальнікам целаахоўцаў, разбурыла ўсе сьцены вакол Ерусаліма.

15 Бедных з народу і астатні люд, што заставаўся ў горадзе, і перабежчыкаў, якія перакінуліся да цара Вавілонскага, і наогул рэшту простага люду Навузардан, начальнік целаахоўцаў, высяліў.

16 Толькі некалькіх зь беднага люду зямлі Навузардан, начальнік целаахоўцаў, пакінуў дзеля вінаграднікаў і земляробства.

17 І слупы медныя, якія былі ў доме Гасподнім, і падставы, і меднае мора, якое ў доме Гасподнім, паламалі Халдэі і занесьлі ўсю медзь іхнюю ў Вавілон.

18 І тазы і лапаткі, і нажы і чары, і лыжкі і ўвесь медны посуд, ужываны пры набажэнстве, забралі;

19 і місы і абцугі, і чары і катлы, і лампады, - і фіміямнікі, і кубкі, што было залатое - залатое, і што было срэбнае - срэбнае, узяў начальнік целаахоўцаў;

20 таксама два слупы, адно мора і дванаццаць медных валоў, якія служылі падстаўкамі, якія цар Саламон зрабіў у доме Гасподнім, - медзі ва ўсіх гэтых рэчах немагчыма было зважыць.

21 Слупы гэтыя былі кожны слуп у васямнаццаць локцяў вышыні, і шнурок у дванаццаць локцяў абымаў яго, а таўшчыня сьцен яго, усярэдзіне пустога, у чатыры пальцы.

22 І вянок на ім медны, а вышыня вянка пяць локцяў; і сетка і гранатавыя яблыкі вакол былі ўсе медныя; тое самае і на другім слупе з гранатавымі яблыкамі.

23 Гранатавых яблыкаў было па ўсіх баках дзевяноста шэсьць; усіх яблыкаў вакол сеткі - сто.

24 Начальнік целаахоўцаў узяў таксама Сэраю першасьвятара і Цэфанію, другога сьвятара, і трох вартавых парога.

25 І з горада ўзяў аднаго еўнуха, які быў начальнікам над ваеннымі людзьмі, і сем чалавек, што стаялі перад абліччам цара, якія былі ў горадзе, і галоўнага пісара ў войску, што запісваў у войска народ зямлі, і шэсьцьдзясят чалавек - з народу краіны, знойдзеных у горадзе.

26 І ўзяў іх Навузардан, начальнік целаахоўцаў, і завёў іх да цара Вавілонскага ў Рыўлу.

27 І перабіў іх цар Вавілонскі і аддаў сьмерці іх у Рыўле, у зямлі Эмат; і выселены быў Юда зь зямлі сваёй.

28 Вось народ, які выселіў Навухаданосар: у сёмы год тры тысячы дваццаць тры Юдэі;

29 у васямнаццаты год Навухаданосара зь Ерусаліма выселена васемсот трыццаць дзьве душы;

30 у дваццаць трэці год Навухаданосара Навузардан, начальнік целаахоўцаў, выселіў Юдэяў сямсот сорак пяць душ: усяго чатыры тысячы шасьцьсот душ.

31 У трыццаць сёмы год пасьля перасяленьня Ёакіма*, цара Юдэйскага, у дванаццатым месяцы, у дваццаць пяты дзень месяца, Эвільмэрадах, цар Вавілонскі, у першы год цараваньня свайго, узвысіў Ёакіма, цара Юдэйскага, і вывеў яго зь цямнічнага дома;

32 і гутарыў зь ім прыязна, і паставіў трон ягоны вышэй за троны цароў, якія былі ў яго ў Вавілоне;

33 і памяняў цямнічную вопратку ягоную, і ён заўсёды ў яго абедаў ва ўсе дні жыцьця свайго.

34 І ўтрыманьне яго, утрыманьне пастаяннае выдавалася яму ад цара дзень у дзень да дня сьмерці яго, ва ўсе дні жыцьця ягонага.

 

 

* Еханіі

Ераміін Плач

 

Разьдзел 1

 

1 Які асамотнены горад, людны калісьці! ён нібы аўдавеў; вялікі паміж народамі, уладца краін адрабляе даніну.

2 Горка плача ён уначы, і сьлёзы яго па шчоках бягуць. Ня мае суцешніка сярод тых, што любілі яго; усе сябры яму здрадзілі, яму сталіся ворагамі.

3 Юда ў выгнаньні, у цярпеньнях і ў цяжкай няволі, пасяліўся сярод язычнікаў, і не знаходзіць спакою сабе; усе, хто яго перасьледаваў, дагналі яго ў цясьнінах.

4 Шляхі да Сіёна ў жалобе, не пасьпяшае ніхто на сьвята; усе апусьцелі брамы; сьвятары яго енчаць, дзяўчаты ягоныя ў смутку, горка й самому яму.

5 Ворагі апанавалі яго, няпрыяцелі шчасьцяцца ў дабрадзенстве, бо наслаў на яго Гасподзь бядоту за многія беззаконьні ягоныя; дзеці яго пайшлі ў палон паперадзе ворага.

6 І адабрана ў дачкі Сіёна ўся яе велічнасьць; князі яе, як алені, што не знаходзяць пашы; і бясьсіла ідуць яны перад паганятым.

7 Успамінае Ерусалім у дні бедства свайго і пакутаў сваіх, пра ўсе скарбы свае, што былі ў яго за былымі днямі, тым часам народ яго гіне ад рук ворага, і ніхто яму не пасабляе; супастаты глядзяць на яго і сьмяюцца зь яго суботаў.

8 Цяжка зграшыў Ерусалім, і за тое зрабіўся агідны; кожны, хто славіў яго, глядзіць на яго з пагардай, галізну ягоную ўбачыўшы; ён і сам уздыхае і адварочваецца.

9 На прыполе ў яго была нечысьць, але ён ня думаў пра будучыню, і заняпаў так ганебна, і няма яму суцешніка. «Паглядзі, Госпадзе, на гароту маю, бо вораг узвысіўся!»

10 Вораг руку працягнуў на ўсе скарбы ягоныя; ён бачыць, як уваходзяць язычнікі ў сьвятыню ягоную, пра якую Ты наказаў, каб яны ня ўступалі ў сходню Тваю.

11 Увесь народ ягоны ўздыхае, шукаючы хлеба, за ежу багацьці свае аддае, каб душу ўмацаваць. «Паглядзі, Госпадзе, і падзівіся, які я пагарджаны!»

12 Хай ня будзе гэтага з вамі, вы, што дарогай праходзіце! зірнеце і падзівецеся, ці ёсць хвароба, як хвароба мая, што спасьцігла мяне, што наслаў на мяне Гасподзь у дзень палкага гневу Свайго?

13 Згары Ён паслаў агонь у косткі мае, і ён авалодаў імі; раскінуў сеткі на ногі мае, абярнуў мяне, і зьбедніў мяне, каб я таміўся дзень кожны.

14 Ярмо пахібнасьцяў маіх зьвязана ў руцэ Ягонай; яны сплецены і падняліся на шыю маю; Ён паслабіў сілу маю. Гасподзь аддаў мяне ў рукі, зь якіх не магу я вырвацца.

15 Усіх дужых маіх Гасподзь скінуў сярод мяне, склікаў супроць мяне сход, каб вынішчыць хлопцаў маіх; як у таўчэльні стаптаў Гасподзь дзеву, дачку Юдавую.

16 Па гэтым плачу я; вока маё, вока маё вылівае воды, бо далёка ад мяне мой суцешнік, які ажывіў бы душу маю; дзеці мае спустошаны, бо перамог вораг.

17 Сіён працягвае рукі свае, а суцешніка яму няма, Гасподзь даў загад пра Якава ворагам ягоным; Ерусалім сярод іх амярзоціўся.

18 Гасподзь праведны, бо не ўпакораны быў я слову Ягонаму. Паслухайце, усе народы, і зірнеце на немач маю: дзевы мае і хлопцы мае ў няволю пайшлі.

19 Клічу сяброў маіх, але яны ашукалі мяне; сьвятары мае і старцы мае канаюць у горадзе, шукаючы ежы сабе, каб душу сваю падмацаваць.

20 Паглядзі, Госпадзе, бо мне цесна, хвалюецца ўва мне нутроба, сэрца маё перавярнулася ўва мне за тое, што я ўпарта Табе супрацівіўся; меч звонку зьбязьдзетніў мяне, а дома - як сьмерць.

21 Пачулі, што я енчу, а суцешніка мне няма; пачулі ўсе ворагі мае пра гароту маю і парадаваліся, што Ты зрабіў гэта: о, калі б Ты загадаў, каб настаў дзень, Табою прадказаны, і каб яны мне ўпадобніліся!

22 Хай стане перад аблічча Тваё ўся іхняя злосьць; і ўчыні зь імі гэтак сама, як Ты са мною ўчыніў за грахі мае, бо цяжкія стагноты мае, і сэрца маё зьнемагае.

 

Разьдзел 2

 

1 І як спахмурніў Гасподзь у гневе Сваім дачку Сіёна! скінуў зь нябёсаў на зямлю красу Ізраіля і не ўзгадаў пра падножжа ног Сваіх у дзень гневу Свайго.

2 Загубіў Гасподзь усе селішчы Якава, не ўмілажаліўся, разбурыў у лютасьці Сваёй умацаваньні дачкі Юдавай, скінуў на зямлю, адкінуў царства і князёў ягоных, як нечысьць;

3 У запале гневу зламаў моц Ізраіля, адвёў правіцу Сваю ад непрыяцеля і загарэўся ў Якаве, як зьнішчальны агонь, што пажыраў усё навакол;

4 напяў лук Свой, як непрыяцель, накіраваў правіцу Сваю, як вораг, і забіў усё, вачам вабнае; на палатку дачкі Сіёна выліў лютасьць Сваю, як агонь.

5 Гасподзь зрабіўся - як непрыяцель, зьнішчыў Ізраіля, спустошыў усе харомы ягоныя, разбурыў умацаваньні яго, і памножыў дачцэ Юдавай смутак і плач.

6 І адабраў агароджу Сваю, як у садзе; разбурыў сьвятыню Сваю, прымусіў Гасподзь забыць на Сіёне сьвяты й суботы; і ў абурэньні гневу Свайго адкінуў цара і сьвятара,

7 Адкінуў Гасподзь ахвярнік Свой, адвёў сэрца Сваё ад сьвятыні Сваёй, аддаў у рукі ворагаў сьцены храмаў яго; у доме Гасподнім шумелі, як у сьвята.

8 Гасподзь пастанавіў разбурыць мур дачкі Сіёна, шнур працягнуў, ня ўхіліў рукі Сваёй ад спусташэньня; зьнішчыў вонкавыя ўмацаваньні, і сьцены разам разбураны.

9 Брамы яе аселі ў зямлю; Ён разбурыў і скрышыў завалы яе; цар яе і князі яе ў язычнікаў; ня стала закона, і прарокам яе няма ўяваў ад Госпада.

10 Маўкліва сядзяць на зямлі старцы дачкі Сіёнавай, пасыпалі попелам сваю галаву, вярэтаю аперазаліся; панурылі голаў сваю да зямлі дзевы Ерусалімскія.

11 Выплакала я мае вочы, і хвалюецца ўва мне нутроба мая, выліваецца на зямлю жоўць мая ад пагібелі дачкі народу майго, калі дзеці і немаўляты з голаду мруць на вуліцах горада.

12 Сваім мацеркам кажуць яны: «дзе хлеб і віно?» паміраючы, падобна параненым на вуліцах гарадскіх, выліваючы душы свае ва ўлоньне сваіх мацярок.

13 Што скажу я табе, з чым параўнаю цябе, дачка Ерусаліма? да чаго прыпадобню цябе, каб суцешыць цябе, дзева, дачка Сіёна? бо рана твая вялікая, як мора, хто можа цябе ацаліць?

14 Прарокі твае вяшчалі табе пустое, ілжывае і беззаконьня твайго не выкрывалі, каб папярэдзіць твой лёс, і зьвеставалі табе ілжыва, што прывяло цябе да выгнаньня.

15 Рукамі пляскаюць над табою праходжыя, сьвішчуць і круцяць галавой з дачкі Ерусаліма, кажучы: «ці той гэта горад, што называўся дасканаласьцю хараства, радасьцю ўсёй зямлі?»

16 Разьзявілі на цябе пашчу сваю твае ворагі, сьвішчуць, скрыгочуць зубамі, кажучы: «праглынулі мы яго, толькі гэтага дня і чакалі мы, дачакаліся, убачылі!»

17 Зьдзейсьніў Гасподзь, што прадвызначыў, спраўдзіў слова Сваё, сказанае калісьці, спустошыў бязь літасьці і даў ворагу парадавацца над табою, узьнёс моц тваіх супастатаў.

18 Сэрца іх лямантуе да Госпада: сьцяна дачкі Сіёна! лі ручаём сьлёзы дзень і ноч, не давай сабе супакоіцца, не давай спачыну зрэнкам вачэй тваіх.

19 Уставай, кліч сярод ночы, на пачатку кожнае варты; вылівай, як ваду, сэрца тваё прад Госпадам; да Яго цягні рукі твае за душу тваіх дзетак, што канаюць з голаду на рагах усіх вуліц.

20 «Паглядзі, Госпадзе, і падзівіся: каму так зрабіў, каб елі жанчыны свой плод, немаўлятак, выкармленых імі? каб забівалі ў Гасподнім сьвяцілішчы сьвятара і прарока?

21 Дзеці і старцы ляжаць на зямлі ў пыле; дзевы мае і хлопцы загінулі ад меча; у дзень гневу Твайго ты іх біў, заколваў бязь літасьці».

22 Ты склікаў адусюль, як на сьвята, жахі мае, і ў дзень гневу Гасподняга не ўратаваўся ніхто, не ацалеў аніхто; тых, каго выкарміла і ўзгадавала я, вораг мой вынішчыў.

 

Разьдзел 3

 

1 Я чалавек, які зьведаў гора ад жазла Твайго гневу:

2 Ён павёў мяне і ўвёў у цемру, а не ў сьвятло.

3 Толькі супроць мяне Ён зьвяртае руку Сваю кожнага дня;

4 выснажыў плоць маю і скуру маю, паламаў мае косьці;

5 абгарадзіў мяне і абклаў горыччу і цяготаю;

6 пасадзіў мяне ў цёмнае месца, як даўно памерлых;

7 акружыў мяне мурам, каб я ня выйшаў, уцяжыў аковы мае,

8 і хоць я клічу і енчу, нячулы Ён да малітвы маёй;

9 крушнямі загарадзіў мне дарогі, скрывіў сьцежкі мае.

10 Ён мне стаўся як бы мядзьведзь у засадзе, як бы леў у патайным месцы;

11 скрывіў дарогі мае і разарваў мяне, у нівеч абярнуў мяне;

12 напяў лук Свой і паставіў мяне як бы цэлем пад стрэлы;

13 паслаў у ныркі мае стрэлы з калчана Свайго.

14 Я зрабіўся пасьмешышчам усяму народу майму, штодзённаю скрушлівай песняй яго.

15 Ён насыціў мяне горыччу, напаіў мяне палыном;

16 скрышыў камянямі зубы мае, пасыпаў мяне попелам.

17 І адышоў спакой ад душы маёй; я забыўся пра шчасныя дні,

18 і сказаў я: загінула сіла мая і надзея мая на Госпада.

19 Падумай пра цярпеньні мае, пра гароту маю, пра жоўць і палын.

20 Цвёрда памятае гэта душа мая і ападае ўва мне.

21 Вось, што я адказваю сэрцу майму і таму спадзяюся:

22 зь міласьці Госпада мы ня зьніклі, бо ня вычарпаўся Яго мілажаль:

23 ён абнаўляецца кожнае раніцы; вялікая вернасьць Твая!

24 Гасподзь частка мая, кажа душа мая, спадзявацьмуся ж на Яго.

25 Добры Гасподзь з тымі, што на Яго спадзяюцца, з душою, якая шукае Яго.

26 Добра таму, хто цярпліва чакае ратунку ад Госпада.

27 Добра чалавеку, калі ён нясе ярмо ў маладосьці сваёй;

28 сядзіць адасоблена і маўчыць, бо Ён ярмо наклаў на яго;

29 кладзе вусны свае ў пыл, думаючы: «магчыма, яшчэ ёсьць надзея»;

30 падстаўляе шчаку сваю таму, хто яго б'е, здавальняецца ганьбаваньнем,

31 бо не навек пакідае Гасподзь.

32 Але паслаў гора, і ўмілажаліцца зь вялікай даброці Сваёй.

33 Бо Ён не па волі сэрца Свайго карае і засмучае сыноў чалавечых.

34 Але калі топчуць нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі,

35 калі несправядліва судзяць чалавека перад абліччам Усявышняга,

36 калі чалавека ўціскаюць у дзеях ягоных: хіба ня бачыць Гасподзь?

37 Хто гэта кажа: «І тое бывае, чаму Гасподзь не загадаў быць»?

38 Ці не ад вуснаў Усявышняга адбываецца бедства і посьпех?

39 Навошта наракае чалавек жывы? кожны хай наракае на грахі свае.

40 Выпрабуем і дасьледуем шляхі свае, і зьвернемся да Госпада.

41 Узьнясём сэрца наша і рукі да Бога, сутнага на нябёсах:

42 мы адпалі і ўпарціліся; Ты ня зьлітаваўся:

43 Ты пакрыў Сябе гневам і перасьледаваў нас, забіваў, не шкадуючы;

44 Ты засланіў сябе хмарай, каб не даходзіла наша малітва;

45 сьмецьцем і мярзотаю Ты зрабіў нас сярод народаў.

46 Разьзявілі на нас пашчу сваю ўсе ворагі нашы.

47 Жудасьць і яма, спусташэньне і разбурэньне - доля наша.

48 Патокі водаў вылівае вока маё па пагібелі дачкі народа майго.

49 Вока маё выліваецца і не перасыхае, бо палёгкі няма,

50 пакуль ня ўгледзіць і ня ўбачыць Гасподзь зь нябёсаў.

51 Вока маё засмучае душу маю дзеля ўсіх дочак майго горада.

52 Па ўсякаму сіліліся вылавіць мяне, як птушку, ворагі мае, бязь ніякай прычыны;

53 укінулі жыцьцё маё ў яму і закідалі мяне камянямі.

54 Воды падняліся да галавы маёй; я сказаў: «загінуў я».

55 Я заклікаў імя Тваё, Госпадзе, зь ямы глыбокай.

56 Ты чуў голас мой; не затулі Тваё вуха ад уздыханьня майго, ад енку майго!

57 Ты набліжаўся, калі я клікаў Цябе, і казаў: ня бойся!

58 Ты абараняў, Госпадзе, дзеі душы маёй; акупляў жыцьцё маё.

59 Ты бачыш, Госпадзе, крыўду маю; рассудзі справу маю.

60 Ты бачыш усю помсьлівасьць іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне;

61 Ты чуеш, Госпадзе, лаянку іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне,

62 словы тых, што паўстаюць на мяне, і іхнія хітраваньні супроць мяне дзень у дзень.

63 Паглядзі, ці сядзяць яны, а ці ўстаюць, я для іх - песьня.

64 Аддай ім, Госпадзе, паводле дзеяў рук іхніх;

65 пашлі ім памрочышча сэрца і пракляцьце Тваё на іх;

66 перасьледуй іх, Госпадзе, гневам тваім, і вынішчы іх з паднябеснай.

 

Разьдзел 4

 

1 Як паблякла золата, як зьмянілася золата высакароднае! камяні сьвяцілішча рассыпаны па ўсіх ростанях.

2 Сыны Сіёна каштоўныя, роўныя шчыраму золату, цяпер як чарэп'е глінянае цэняцца, як вырабы рук ганчара!

3 І шакалы падсоўваюць смочкі і кормяць сваіх дзяцей, а дачка народа майго цяпер жорсткая, як у пустыні страўсы:

4 язык немаўлят да гартані ад смагі ліпне; дзеці благаюць хлеба, і не падае ім ніхто.

5 Тыя, што елі салодкае, млеюць на вуліцах; а тыя, каго спавівалі ў пурпуры, на сьметніках сьпяць.

6 Правіны дачкі народа майго большыя за грэх Садомы: тая зьнішчана вокаімгненна, бяз дотыку рук чалавечых.

7 Яе князі былі чысьцейшыя за сьнег, бялейшыя за малако; целам былі прыгажэйшыя за карал, выгляд іх быў, як шафір;

8 а цяпер цямней за ўсё чорнае твар у іх; не пазнаюць іх на вуліцы; скура ў іх да касьцей іх прыліпла, уся перасохла, як дрэва.

9 Тыя, каго забіваюць мечам, шчасьлівейшыя за забіваных голадам, ападаюць у сіле з голаду, бо ім пладоў нестае палявых.

10 Пяшчотныя колісь жанчыны дзетак сваіх гатавалі, каб пракарміцца імі ў часе пагібелі дачкі народа свайго.

11 Спраўдзіў Гасподзь Свой гнеў, выліў лютасьць гневу Свайго і запаліў на Сіёне агонь, які зжэр асновы яго.

12 Ня верылі цары зямныя і ўсе жывыя ў сусьвеце, каб вораг і непрыяцель увайшоў у браму Ерусаліма.

13 Усё гэта - за грахі ілжэпрарокаў, за беззаконьні яго сьвятароў, што пралівалі кроў праведнікаў;

14 бадзяліся, як сьляпыя па вуліцах, крывёй апаганьваліся, аж немагчыма было дакрануцца да вопраткі іхняй.

15 «З дарогі! нячысты ідзе!» крычалі паперадзе іх; «сыдзеце ўбок, сыдзеце ўбок! не дакранайцеся!»; і саступалі ўбок; а людзі казалі: «іх болей ня будзе!

16 Гасподзь іх між люду расьцярусіў; Ён іх больш не дагледзіць», бо яны сьвятароў не шануюць, бо не шкадуюць старцаў.

17 Стаміліся нашыя вочы чакаць дапамогі марнае; з вежы дазорнай чакалі народу, які нас ня выратаваў.

18 А яны цікавалі за крокамі нашымі, каб не маглі мы хадзіць па вуліцах нашых; зблізіўся наш канец, дні нашы споўніліся; настала наша пара.

19 Ганіцелі нашы былі шыбчэйшыя за нябесных арлоў; ганяліся за намі па горах, ставілі пасткі на нас у пустыні.

20 Дыханьне жыцьця нашага, памазанец Гасподні злоўлены ў яму іхнюю, той, пра якога казалі мы: пад яго шатамі жыцьмем сярод народаў.

21 Радуйся і весяліся, дачка Эдома, жыхарка зямлі Уц! І да цябе дойдзе чара; уп'ешся й аголішся.

22 Дачка Сіёна! скончыцца кара за беззаконьне тваё; Ён цябе болей ня гнацьме; а тваё беззаконьне, дачка Эдома, Ён адкрые і пакарае яго.

 

Разьдзел 5

 

1 Успомні, Госпадзе, што над намі зьдзейсьнілася; паглядзі, падзівіся на паганьбеньне нашае:

2 спадчына нашая перайшла да чужых, дамы нашыя - да іншапляменцаў;

3 Мы асірацелі, бяз бацькі; маці нашыя - аўдавелі.

4 Ваду сваю п'ем за срэбра, дровы нашыя нам за грошы даюць.

5 Нас паганяюць у карак, мы працуем - і ня маем спачыну.

6 Працягваем руку да Егіпцянаў, да Асірыянаў, каб наесьціся хлеба.

7 Бацькі нашыя грэшнікі: іх больш няма, а мы кару нясем за беззаконьні іхнія.

8 Рабы пануюць над намі, і няма каму выбавіць з-пад рукі іхняй.

9 Свой хлеб здабываем з пагрозай жыцьцю ад меча.

10 Счарнела, як печ, нашая скура ад пякучага голаду

11 Жанок на Сіёне няславяць, дзяўчат - у гарадах Юдэйскіх.

12 Князі павешаны рукамі іхнімі, абліччы старцаў не ўшанаваны.

13 Юнакоў бяруць да жорнаў, і падлеткі падаюць пад ношкамі дроў.

14 Старцы не сядзяць больш каля варотаў; хлапцы не сьпяваюць.

15 Аціхла радасьць сэрца нашага: карагоды нашыя ў енк абярнуліся.

16 Упаў вянок з галавы нашай; гора нам, што мы зграшылі!

17 Ад гэтага вось зьнемаглося нашае сэрца; ад гэтага нашыя вочы зацьміліся.

18 Ад таго, што апусьцела гара Сіён, лісы ходзяць па ёй.

19 Ты, Госпадзе, жывеш вечна; трон твой - род у род.

20 Дзеля чаго зусім забываеш нас, пакідаеш на доўгі час?

21 Навярні нас да Цябе, Госпадзе, і мы навернемся; абнаві дні нашыя, як спрадвеку было.

22 Няўжо ты зусім адкінуў нас, прагневаўся на нас бязь меры?

 

Кніга Прарока Езэкііля

 

Разьдзел 1

 

1 І было: на трыццатым годзе, на чацьвёртым месяцы, на пяты дзень месяца, калі я быў сярод перасяленцаў над ракой Хавар, разамкнуліся нябёсы - і я пабачыў уявы Божыя.

2 У пяты дзень месяца (гэта быў пяты год палону цара Ёакіма),

3 было слова Гасподняе Езэкіілю, сыну Вузія, сьвятара, у зямлі Халдэйскай, над ракою Хавар; і была там на ім рука Гасподняя.

4 І я бачыў: і вось буйны вецер ішоў з поўначы, вялікая хмара і палымяны агонь, і зьзяньне вакол яго,

5 а зь сярэдзіны яго як бы сьвятло полымя зь сярэдзіны агню; і зь сярэдзіны яго відаць было як бы падабенства чатырох жывёлін, - і такі быў выгляд у іх: аблічча ў іх было, як у чалавека;

6 і ў кожнага чатыры твары, і ў кожнага зь іх чатыры крылы;

7 а ногі ў іх простыя, і ступакі ног іхніх як ступак нагі ў цяляці, і зьзялі, як бліскучая медзь (і крылы ў іх лёгкія).

8 І рукі чалавечыя былі пад крыламі ў іх, па чатырох баках іх;

9 і твары ў іх і крылы ў іх - ва ўсіх чатырох; крылы ў іх прылягалі адно да аднаго; у час шэсьця свайго яны не азіраліся, а ішлі кожны перад сабою.

10 Падабенства абліччаў іхніх - аблічча чалавека і аблічча ільва з правага боку ва ўсіх чатырох; а зь левага боку - аблічча цяляці ва ўсіх чатырох і аблічча арла ва ўсіх чатырох.

11 І абліччы іх і крылы іх зьверху былі разьдзеленыя, але ў кожнага два крылы прылягалі адно да аднаго, а два пакрывалі целы іхнія.

12 І ішлі яны, кожнае ў свой бок перад сабою; куды дух хацеў ісьці, туды і ішлі; падчас шэсьця свайго не азіраліся.

13 І выгляд у гэтых жывёлін быў як выгляд распаленага вугольля, як выгляд лампадаў; агонь хадзіў паміж жывёламі, і зьзяньне ад агню і маланка выходзілі з агню.

14 І жывёліны шпарка рухаліся туды-сюды, як бліскае маланка.

15 І я глядзеў на жывёлін, - і вось, на зямлі каля гэтых жывёлін па адным коле перад чатырма іхнімі лапамі.

16 Выгляд колаў і будова іхняя - як выгляд тапаза, і падабенства ва ўсіх чатырох - адно; і з выгляду іх і з будовы іх здавалася, быццам кола было ў коле.

17 Калі яны ішлі, ішлі на чатыры свае бакі; падчас шэсьця не азіраліся.

18 А абады на іх - высокія і страшныя былі яны; абады на ўсіх чатырох вакол былі поўныя вачэй.

19 І калі ішлі жывёлы, ішлі і колы поруч іх; а калі жывёлы падымаліся ад зямлі, тады падымаліся і колы.

20 Куды дух хацеў ісьці, туды ішлі і яны; куды б ні пайшоў дух, і колы падымаліся нароўні зь імі, бо дух жывёлін быў у колах.

21 Калі ішлі тыя, ішлі і яны; і калі тыя стаялі, стаялі і яны; і калі тыя падымаліся ад зямлі, тады нароўні зь імі падымаліся і колы, бо дух жывёлін быў у колах.

22 Над галовамі ў жывёлін было падабенства скляпеньня, як выгляд дзівоснага крышталю, расхінутага зьверху над галовамі ў іх.

23 А пад скляпеньнем прасьціраліся крылы іхнія проста адно да аднаго, і ў кожнага было два крылы, якія пакрывалі іх, у кожнага два крылы пакрывалі целы іхнія.

24 І калі яны ішлі, я чуў шум крылаў іх, як бы шум многіх водаў, як бы голас Усемагутнага, моцны шум, як бы шум у вайсковым стане; калі яны спыняліся, - апускалі крылы свае.

25 І голас быў са скляпеньня, якое над галовамі ў іх; калі яны спыняліся, тады апускалі свае крылы.

26 А над скляпеньнем, якое над галовамі ў іх, было падабенства трона з выгляду як бы з каменя сапфіра; а над падабенствам прастола як бы падабенства чалавека зьверху на ім.

27 І бачыў я як бы палаючы метал, як бы выгляд агню ўсярэдзіне яго вакол; ад выгляду сьцёгнаў яго і вышэй і ад выгляду сьцёгнаў яго і ніжэй я бачыў як бы нейкі агонь, і зьзяньне было вакол яго.

28 У якім выглядзе бывае вясёлка на аблоках падчас дажджу, такі выгляд мела гэтае зьзяньне вакол.

 

Разьдзел 2

 

1 Такая была ўява падабенства славы Гасподняй. Убачыўшы гэта, я ўпаў на аблічча сваё і чуў голас Таго, Які гаварыў, і Ён сказаў мне: «сыне чалавечы! стань на свае ногі, і Я буду гаварыць з табою».

2 І калі Ён гаварыў мне, увайшоў у мяне Дух і паставіў мяне на ногі мае, і я чуў Таго, Які гаварыў мне.

3 І Ён сказаў мне: «сыне чалавечы! Я пасылаю цябе да сыноў Ізраілевых, да людзей непакорлівых, якія ўзбунтаваліся супроць Мяне; яны і бацькі іхнія здраднікі перад Мною да гэтага самага дня.

4 І гэтыя сыны з агрубелым абліччам і з жорсткім сэрцам, - да іх Я пасылаю цябе, і ты скажаш ім: так кажа Гасподзь Бог!

5 Ці будуць яны слухаць, альбо ня будуць, бо яны мяцежны дом; але няхай ведаюць, што быў прарок сярод іх.

6 А ты, сыне чалавечы, ня бойся іх і ня бойся словаў іхніх, калі яны ваўчкамі і цернямі будуць табе, і ты будзеш жыць у скарпіёнаў, - ня бойся словаў іхніх і не палохайся аблічча іхняга, бо яны мяцежны дом;

7 і кажы ім словы Мае, будуць яны слухаць альбо ня будуць, бо яны ўпартыя.

8 А ты, сыне чалавечы, слухай, што Я буду казаць табе: ня будзь упарты, як гэты мяцежны дом; разьзяві рот свой і зьеж, што Я дам табе».

9 І ўбачыў я, і вось рука працягнута да мяне, і вось у ёй - кніжны сувой.

10 І Ён разгарнуў яго перад мною, і вось, сувой сьпісаны быў усярэдзіне і звонку, і напісана на ім: «плач, і стогн, і гора».

 

Разьдзел 3

 

1 І сказаў мне: «сыне чалавечы! зьеж, што перад табою, зьеж гэты сувой, і ідзі, гавары дому Ізраілеваму».

2 Тады я разамкнуў вусны свае, і Ён даў мне зьесьці гэты сувой;

3 і сказаў мне: «сыне чалавечы! накармі чэрава тваё і напоўні нутробу тваю гэтым сувоем, які Я даю табе»; і я зьеў, і было ў роце маім соладка, як мёд.

4 І Ён сказаў мне: «сыне чалавечы! устань і ідзі да дому Ізраілевага і кажы ім Маімі словамі;

5 бо не да народу са словамі неразборлівымі і зь незразумелаю моваю ты пасылаешся, а да дому Ізраілевага,

6 не да народаў многіх зь неразборлівым словам і зь незразумелаю моваю, слоў якое ты не разумеў бы; ды калі б Я паслаў цябе і да іх, дык яны паслухаліся б цябе;

7 а дом Ізраілеў не захоча слухаць цябе, бо яны ня хочуць слухаць Мяне, бо ўвесь дом Ізраілеў цьвердалобы і жорсткі сэрцам.

8 Вось, Я зрабіў і твой твар моцным супроць іхніх твараў і твой лоб моцным супроць іхняга лоба.

9 Як алмаз, які мацнейшы за камень, зрабіў я лоб твой; ня бойся іх і не палохайся перад абліччам іх, бо яны мяцежны дом».

10 І сказаў мне: «сыне чалавечы! усе словы Мае, якія буду казаць табе, прымі сэрцам тваім і выслухай вушамі тваімі;

11 устань і ідзі да пераселеных, да сыноў народу твайго, і гавары да іх, і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог! будуць яны слухаць, альбо ня будуць».

12 І падняў мяне Дух; і я чуў за сабою вялікі грамовы голас: «дабраславёная слава Госпада ад месца свайго!»

13 і таксама шум крылаў жывёлаў, прылеглых адно да аднаго, і стук колаў каля іх і гук моцнага грому.

14 І Дух падняў мяне і ўзяў мяне. І ішоў я ў засмучэньні, з растрывожаным духам; і рука Гасподняя была моцная на мне.

15 І прыйшоў я да пераселеных у Тэль-Авіў, якія жывуць каля ракі Хавар, і спыніўся там, дзе яны жылі, і правёў сярод іх сем дзён у зьдзіўленьні.

16 А як прайшлі сем дзён, было мне слова Гасподняе:

17 «сыне чалавечы! Я паставіў цябе вартаўніком дому Ізраілевага, і ты будзеш слухаць слова з вуснаў Маіх і будзеш наводзіць іх на розум да Мяне.

18 Калі Я скажу беззаконцу: «сьмерцю памрэш!», а ты ня будзеш яго наводзіць на розум і казаць, каб асьцерагчы беззаконца ад беззаконнага шляху ягонага, каб ён быў жывы, дык беззаконец той памрэ ў беззаконьні сваім, і Я спаганю кроў ягоную з рук тваіх.

19 Але калі ты не наводзіў на розум беззаконца, а ён не адвярнуўся ад беззаконьня свайго і ад беззаконнага шляху свайго, дык ён памрэ ў беззаконьні сваім, а ты ўратаваў душу тваю.

20 І калі праведнік адступіцца ад справядлівасьці сваёй і ўчыніць крыўду, калі Я пакладу перад ім спатыкненьне, і ён памрэ, дык калі ты не наводзіў яго на розум, ён памрэ за грэх свой, і не згадаюцца яму справядлівыя ўчынкі ягоныя, якія рабіў ён; і Я зышчу кроў яго з рук тваіх.

21 Калі ж ты будзеш настаўляць на розум праведніка, каб праведнік не зграшыў, і ён ня згрэшыць; дык і ён жывы будзе, бо быў наведзены на розум, і ты ўратаваў душу тваю».

22 І была там на мне рука Госпада, і Ён сказаў мне: устань і выйдзі ў поле, і Я буду гаварыць там з табою.

23 І ўстаў я і выйшаў у поле; і вось, там стаяла слава Гасподняя, як слава, якую бачыў я над ракою Хавар; і ўпаў я на аблічча сваё.

24 І ўвайшоў у мяне Дух, і паставіў мяне на ногі мае, і Ён гаварыў са мною і сказаў мне: ідзі, і замкніся ў доме тваім.

25 І ты, сыне чалавечы, - вось, ускладуць на цябе аковы, і зьвяжуць цябе імі, і ня будзеш хадзіць сярод іх.

26 І язык твой Я прыляплю да гартані тваёй, і ты анямееш і ня будзеш выкрывальнікам іх, бо яны мяцежны дом.

27 А калі Я буду гаварыць з табою, тады разамкну вусны твае, і ты будзеш казаць ім: «так кажа Гасподзь Бог!» хто хоча слухаць, - слухай; а хто ня хоча слухаць, - ня слухай: бо яны мяцежны дом.

 

Разьдзел 4

 

1 І ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе цагліну і пакладзі яе перад сабою, і накрэсьлі на ёй горад Ерусалім;

2 і наладзь аблогу супроць яго і зрабі ўмацаваньне супроць яго, і насып вал вакол яго і разьмясьці табар супроць яго, і расстаў вакол супроць яго сьценабітныя машыны;

3 і вазьмі сабе жалезную дошку і пастаў яе, як бы жалезную сьцяну паміж табою і горадам, і зьвярні на яго аблічча тваё, і ён будзе ў аблозе, і ты аблягай яго. Гэта будзе азнака дому Ізраілеваму.

4 А ты кладзіся на левы бок твой і паглядзі на яго беззаконьне, на правіны дому Ізраілевага: па ліку дзён, колькі будзеш ляжаць на ім, ты будзеш несьці беззаконьне іхняе.

5 І Я вызначыў табе гады беззаконьня іхняга лікам дзён: трыста дзевяноста дзён ты будзеш несьці беззаконьне дому Ізраілевага.

6 І калі выканаеш гэта, дык другі раз кладзіся ўжо на правы бок, і сорак дзён нясі на сабе беззаконьне дому Юдавага, дзень за год, дзень за год Я вызначыў табе.

7 І зьвярні аблічча тваё і аголеную правую руку тваю на аблогу Ерусаліма, і прароч супроць яго.

8 Вось, я наклаў на цябе аковы, і ты не павернешся з аднаго боку на другі, пакуль ня выцерпіш дзён аблогі тваёй.

9 Вазьмі сабе пшаніцы і ячменю, і бабоў і сачыўкі, і проса і вікі, і ўсып іх у адну пасудзіну, і зрабі сабе зь іх хлябы, па ліку дзён, якія ты будзеш ляжаць на баку тваім; трыста дзевяноста дзён ты будзеш есьці іх.

10 І ежу тваю, якою будзеш карміцца, еж вагою, па дваццаць сікляў на дзень; ад часу да часу еж гэта.

11 І ваду пі мераю, па шасьціне гіна пі, ад часу да часу пі так.

12 І еж, як ячныя ляпёшкі, і пячы іх на вачах у іх на чалавечым кале.

13 І сказаў Гасподзь: так сыны Ізраілевыя будуць есьці нячысты хлеб свой сярод тых народаў, да якіх Я выганю іх.

14 Тады сказаў я: о, Госпадзе Божа! душа мая ніколі не апаганьвалася, і мярцьвяціны і зьверам разадранага я ня еў ад маладосьці маёй да сёньня; і ніякае нячыстае мяса не ўваходзіла ў вусны мае.

15 І сказаў Ён мне: вось, Я дазваляю табе, замест чалавечага калу, каровін памёт, і на ім гатуй хлеб твой.

16 І сказаў мне: сыне чалавечы! вось, Я струшчу ў Ерусаліме хлебную апору, і будуць есьці хлеб вагою і ў смутку і ваду будуць піць мераю і ў паныласьці;

17 бо ў іх будзе нястача хлеба і вады; і яны з жахам будуць глядзець адно на аднаго і змарнеюць у грахоўнасьці сваёй.

 

Разьдзел 5

 

1 А ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе востры нож, брытву цырульніцкую вазьмі сабе і вадзі ёю па галаве тваёй і па барадзе тваёй, і вазьмі сабе вагі і разьдзялі валасы на часткі.

2 Траціну спалі агнём пасярод горада, калі закончацца дні аблогі; траціну вазьмі і пасячы нажом у ваколіцах яго; і траціну разьвей па ветры; а Я агалю меч следам за імі.

3 І вазьмі з гэтага невялікую колькасьць і завяжы іх сабе ў крысьсе.

4 Але і з гэтага вазьмі яшчэ і кінь у агонь, і спалі гэта ў агні. Адтуль выйдзе агонь на ўвесь дом Ізраілеў.

5 Так кажа Гасподзь Бог: гэта - Ерусалім! Я паставіў яго сярод народаў, і вакол яго - землі.

6 А ён зрабіў насуперак пастановам Маім бязбожней за язычнікаў, і насуперак статутам Маім - горш, чым землі вакол яго; бо яны адкінулі пастановы Мае і паводле статутаў Маіх ня чыняць.

7 Таму так кажа Гасподзь Бог: за тое, што вы памножылі правіны вашыя болей, чым язычнікі, якія вакол вас, паводле статутаў Маіх ня чыніце і пастановаў Маіх ня выконваеце, і нават ня робіце паводле пастановаў язычнікаў, якія вакол вас,

8 таму так кажа Гасподзь Бог: вось і Я супроць цябе, Я Сам, і ўчыню сярод цябе суд на вачах у язычнікаў.

9 І зраблю над табою тое, чаго Я ніколі не рабіў і чагосьці падобнага далей не рабіцьму, за ўсе твае гідоты.

10 Затое бацькі будуць есьці сыноў сярод цябе, і сыны будуць есьці бацькоў сваіх; і ўчыню над табою суд, і ўсю рэшту тваю расьсею па ўсіх вятрах.

11 Таму, жыву Я, кажа Гасподзь Бог: за тое, што ты апаганіў сьвятыню Маю ўсімі гідотамі і ўсімі гнюсотамі тваімі, Я зьнікчэмню, і не пашкадуе вока Маё, і Я не ўмілажалюся зь цябе.

12 Траціна ў цябе памрэ ад пошасьці і загіне з голаду сярод цябе; траціна загіне ад меча ў ваколіцах тваіх; а траціну разьвею па ўсіх вятрах, і агалю меч сьледам за імі.

13 І распаліцца гнеў Мой, і наталю лютасьць Маю імі, і задаволюся; і даведаюцца, што Я, Гасподзь, гаварыў у клопаце Маім, калі ўчыніцца над імі лютасьць Мая.

14 І зраблю цябе пустэльняю і ганьбаю сярод народаў, якія вакол цябе, на вачах у кожнага, хто праходзіць міма.

15 І будзеш пасьмешышчам і ганьбаю, прыкладам і жахам у народаў, якія вакол цябе, калі я зьдзейсьню над табою суд у гневе і лютасьці, і ў лютых карах, Я Гасподзь мовіў гэта,

16 і калі пашлю на іх лютыя стрэлы голаду, якія будуць нішчыць, калі пашлю іх на пагібель вам і ўзмацню голад сярод вас, і струшчу хлебную апору ў вас,

17 і пашлю на вас голад і лютых зьвяроў, і пазбавяць цябе дзяцей; і пошасьць і кроў пройдзе па табе, і меч навяду на цябе; Я, Гасподзь, мовіў гэта.

 

Разьдзел 6

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! зьвярні аблічча тваё да гарадоў Ізраілевых і прарочы на іх,

3 і скажы: горы Ізраілевыя! слухайце слова Госпада Бога. Так кажа Гасподзь Бог горам і пагоркам, далінам і лагчынам: вось, Я навяду на вас меч, і разбуру вышыні вашыя;

4 і ахвярнікі вашыя будуць спустошаны, слупы вашыя ў гонар сонца будуць разьбіты, і кіну забітых вашых перад ідаламі вашымі;

5 і пакладу сыноў Ізраілевых перад ідаламі іхнімі, і рассыплю косткі вашыя вакол ахвярнікаў вашых.

6 Ва ўсіх мясьцінах вашага жыхарства гарады будуць спустошаны і вышыні разбураны дзеля таго, каб спустошаны і разбураны былі ахвярнікі вашыя, каб струшчаны і зьнішчаны былі ідалы вашыя, і разьбіты сонечныя слупы вашыя, і згладзіліся ўтворы вашыя.

7 І будуць падаць сярод вас забітыя, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.

8 Але Я ашчаджу рэшту, так што будуць у вас сярод народаў ацалелыя ад меча, калі вы будзеце расьсеяны па землях.

9 І згадаюць мяне ацалелыя вашыя сярод народаў, куды будзеце зьведзены ў няволю, калі Я прывяду ў скруху распуснае сэрца іхняе, адпалае ад Мяне, і вочы іх, якія блудзілі сьледам за ідалам; і яны да саміх сябе адчуюць агіду за тое ліха, якое яны ўчынялі ва ўсіх гнюсотах сваіх;

10 і ўведаюць, што Я - Гасподзь; нездарма казаў Я, што навяду на іх такое бедства.

11 Так кажа Гасподзь Бог: плясьні рукамі тваімі і тупні нагою тваёю, і скажы: гора за ўсе агідныя зладзействы дому Ізраілевага! загінуць яны ад меча, голаду і згубнай пошасьці.

12 Хто далёка, той памрэ ад згубнай пошасьці; а хто блізка, той загіне ад меча; а хто застанецца і ацалее, памрэ ад голаду; так зьдзейсьню над ім гнеў Мой.

13 І ўведаеце, што Я - Гасподзь, калі забітыя будуць ляжаць паміж ідаламі сваімі вакол ахвярнікаў іхніх, на кожным высокім пагорку, на ўсіх вяршынях гор, і пад кожным зялёным дрэвам, і пад кожным галінастым дубам, і на тым месцы, дзе яны прыносілі духмяныя пахошчы ўсім ідалам сваім.

14 І працягну на іх руку Маю і зраблю зямлю пустыняю і стэпам, ад пустыні Дыўлат, ва ўсіх мясьцінах іхняга жыхарства, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.

 

Разьдзел 7

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 І ты, сын чалавечы, скажы: так кажа Гасподзь Бог: зямлі Ізраілевай канец, - канец прыйшоў на чатыры краі зямлі.

3 Вось - канец табе; і пашлю на цябе гнеў Мой, і буду судзіць цябе паводле шляхоў тваіх, і ўскладу на цябе ўсе гідоты твае.

4 І не ўмілажаліцца зь цябе вока Маё, і не памілую, і аддам табе паводле шляхоў тваіх, і гідоты твае з табою будуць, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.

5 Так кажа Гасподзь Бог: бяда адзіная, вось, ідзе бяда.

6 Канец прыйшоў, прыйшоў канец, стаў на цябе; вось дайшла,

7 дайшла ліхата да цябе, жыхар зямлі! прыходзіць час, набліжаецца дзень смуты, а не вясёлых гуканьняў у горах.

8 Вось, неўзабаве вылью на цябе лютасьць Маю і зьдзейсьню над табою гнеў Мой, і буду судзіць цябе паводле ўчынкаў тваіх і ўскладу на цябе ўсе гідоты твае.

9 І не ўмілажаліцца зь цябе вока Маё, і не памілую. Паводле ўчынкаў тваіх дам табе, і гідоты твае з табою будуць; і ўведаеце, што Я - Гасподзь каральнік.

10 Вось дзень! вось прыйшла, настала ліхата! жазло вырасла, ганарлівасьць разраслася.

11 Паўстае сіла на жазло няверства; нічога не застанецца ад іх, і ад багацьця іхняга і ад шуму іхняга, і ад пышнаты іхняй.

12 Прыйшоў час, настаў дзень; хто купіў, ня радуйся, і хто прадаў, ня плач, бо гнеў - над усім мноствам іх.

13 Бо, хто прадаў, ня вернецца да прададзенага, хоць бы і засталіся яны жывыя; бо прарочая ўява пра ўсё мноства іх не адменіцца, і ніхто сваім беззаконьнем не ўмацуе свайго жыцьця.

14 Затрубяць у трубу, і ўсё рыхтуецца, але ніхто ня йдзе на вайну; бо гнеў Мой над усім мноствам іх.

15 Па-за домам меч, а ў доме - пошасьць і голад. Хто ў полі, той памрэ ад меча; а хто ў горадзе, таго зжаруць голад і згубная пошасьць.

16 А ацалелыя зь іх уцякуць і будуць на горах, як галубы далін; усе яны будуць стагнаць, кожны за сваё беззаконьне.

17 Ва ўсіх рукі апусьцяцца, і ва ўсіх калені задрыжаць, як вада.

18 Тады яны апярэжуцца вярэтаю, і ахопіць іх трымценьне: і ва ўсіх на тварах будзе сорам, і ва ўсіх на галовах плешына.

19 Срэбра сваё яны выкінуць на вуліцы, і золата ў іх будзе ў пагардзе. Срэбра іхняе і золата іхняе ня мецьме сілы выратаваць іх у дзень лютасьці Госпада. Яны не насыцяць імі душаў сваіх і не напоўняць нутробаў сваіх, бо яно было прычынаю беззаконьня іхняга.

20 І ў чырвоных уборах сваіх яны ператваралі яго ў гонар і рабілі зь яго выявы гнюсных сваіх ідалаў; затое і зраблю яго нячыстым для іх.

21 і аддам яго ў рукі чужым на здабычу і беззаконцам землі на рабаваньне, і яны апаганяць яго.

22 І адвярну ад іх аблічча Маё, і апаганяць запаветнае Маё; і прыйдуць туды рабаўнікі і апаганяць яго.

23 Зрабі ланцуг, бо зямля гэтая напоўнена крывавымі зладзействамі, і горад поўны гвалту.

24 Я прывяду найзлосьнейшых з народаў, і завалодаюць дамамі іхнімі. І пакладу канец пагардлівасьці моцных, і будуць апаганены сьвятыні іхнія.

25 Ідзе пагібель: будуць шукаць міру, і ня знойдуць.

26 Бяда пойдзе за бядою і вестка за весткаю; і будуць прасіць у прарока ўявы, і ня будзе вучэньня ў сьвятара і рады ў старцаў.

27 Цар будзе бедаваць, і князь апранецца ў жудасьць, і ў народу зямлі будуць дрыжаць рукі. Учыню зь імі паводле ўчынкаў іхніх, паводле судоў іхніх буду судзіць іх; і ўведаюць, што Я - Гасподзь.

 

Разьдзел 8

 

1 І было на шостым годзе, на шостым месяцы, у пяты дзень месяца, сядзеў я ў доме маім, і старэйшыны Юдэйскія сядзелі перад абліччам маім, і сышла на мяне там рука Госпада Бога.

2 І ўбачыў я: і вось падабенства, як бы вогненнае, і ад сьцёгнаў яго і ніжэй - агонь, і ад сьцёгнаў яго і вышэй - як бы зьзяньне, як бы сьвятло полымя.

3 І працягнуў Ён як бы руку і ўзяў мяне за валасы галавы маёй, і падняў мяне Дух паміж зямлёю і небам і прынёс мяне ва ўявах Божых у Ерусалім да ўваходу ўнутранае брамы, павернутай на поўнач, дзе пастаўлены быў ідал рупнасьці, які абуджае рупнасьць.

4 І вось там была слава Бога Ізраілевага, падобная на тую, якую я бачыў на полі.

5 І сказаў мне: сыне чалавечы! падымі вочы твае на поўнач, і я падняў вочы мае на поўнач, і вось, з паўночнага боку каля брамы ахвярніка - той ідал рупнасьці пры ўваходзе.

6 І сказаў Ён мне: сыне чалавечы! ці бачыш ты, што яны робяць? вялікія гідоты, якія робіць дом Ізраілеў тут, каб Я адышоў ад сьвятыні Маёй? Але павярніся, і ты ўбачыш яшчэ большыя гідоты.

7 І прывёў мяне да ўваходу ў двор, і я зірнуў, і вось у сьцяне - адтуліна.

8 І сказаў мне: сыне чалавечы! пракапай сьцяну; і я пракапаў сьцяну і вось нейкія дзьверы.

9 І сказаў мне: увайдзі і паглядзі на агідныя гнюсоты, якія яны робяць тут.

10 І я ўвайшоў, і бачу, і вось усялякія выявы паўзуноў і нячыстых жывёл і ўсялякія ідалы дома Ізраілевага, напісаныя на сьценах навакол.

11 І семдзесят мужоў са старэйшынаў дома Ізраілевага стаяць перад імі і Езанія, сын Сафанаў, сярод іх; і ў кожнага ў руцэ - сваё кадзіла, і густое воблака пахошчаў узносіцца ўгору.

12 І сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы, што робяць старэйшыны дому Ізраілевага ў цемры, кожны ў сваім расьпісаным пакоі? бо кажуць: «ня бачыць нас Гасподзь, пакінуў Гасподзь зямлю гэтую».

13 І сказаў мне: абярніся, і ўбачыш яшчэ большыя гідоты, якія яны робяць.

14 І прывёў мяне да ўваходу ў браму дома Гасподняга, якая на поўнач, і вось, там сядзяць жанчыны і плачуць па Тамузе,

15 і сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы? абярніся, і ўбачыш яшчэ большыя гідоты.

16 І ўвёў мяне ва ўнутраны двор дома Гасподняга, і вось, каля брамы храма Гасподняга, паміж бабінцам і ахвярнікам, каля трыццаці пяці мужоў стаяць сьпінамі сваімі да Гасподняга храма, а тварамі сваімі да ўсходу, і кланяюцца на ўсход сонцу.

17 І сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы? ці мала дому Юдаваму, каб рабіць такія гідоты, якія яны робяць тут? але яны яшчэ зямлю напоўнілі крыўдаю, і тым болей гневаюць Мяне, і вось, яны галінкі падносяць да насоў сваіх.

18 Затое і Я пачну дзейнічаць люта; не пашкадуе вока Маё, і не памілую; і хай хоць бы крычалі ў вушы Мае моцным голасам, - не пачую іх.

 

Разьдзел 9

 

1 І абвясьціў у вушы мае вялікім голасам, кажучы: хай наблізяцца карнікі горада, кожны са сваёю згубнаю прыладаю ў руцэ сваёй.

2 І вось, шэсьць чалавек ідуць ад верхняе брамы, павернутае да поўначы, і ў кожнага ў руцэ пагібельная прылада ягоная, і сярод іх адзін, апрануты ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады. І прыйшлі і сталі каля меднага ахвярніка.

3 І слава Бога Ізраілевага сышла з херувіма, на якім была, да парога Дома. І паклікаў Ён чалавека, апранутага ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады.

4 І сказаў яму Гасподзь: прайдзі пасярод горада, пасярод Ерусаліма, і на ілбах людзей, якія смуткуюць і ўбольваюцца праз усе гідоты, што чыняцца сярод яго, зрабі знак.

5 А тым сказаў у слых мой: ідзеце за ім па горадзе і беце; хай не шкадуе вока ваша, і ня літуйце;

6 старога, юнака і дзяўчыну, і дзіця і жанчын беце да сьмерці, але не чапайце ніводнага чалавека, на якім знак, і пачнеце ад сьвятыні Маёй. І пачалі яны з тых старэйшынаў, якія былі перад Домам.

7 І сказаў ім: апаганьце Дом і напоўніце двары забітымі, і выйдзіце. І выйшлі і пачалі забіваць у горадзе.

8 І калі яны іх забілі, а я застаўся, тады я ўпаў на аблічча сваё і закрычаў, і сказаў: о Госпадзе Божа! няўжо Ты загубіш усю рэшту Ізраіля, выліваючы гнеў Твой на Ерусалім?

9 І сказаў Ён мне: бязбожнасьць дому Ізраілевага і Юдавага вялікая, вельмі вялікая; і зямля гэтая поўная крыві, і горад поўны крыўды; бо яны кажуць: «пакінуў Гасподзь зямлю гэтую, і ня бачыць Гасподзь».

10 Затое і Маё вока не ўмілажаліцца, і не памілую; абярну іх паводзіны на іхнюю галаву.

11 І вось, чалавек, апрануты ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады, даў адказ і сказаў: я зрабіў, як Ты загадаў мне.

 

Разьдзел 10

 

1 І бачыў я: і вось на скляпеньні, якое над галовамі ў херувімаў, як бы камень сапфір, як бы нешта падобнае на прастол відаць было над імі.

2 І гаварыў Ён чалавеку, які быў апрануты ў ільняную вопратку, і сказаў: увайдзі паміж калёсамі херувімаў і вазьмі поўныя прыгаршчы жару, і кінь на горад; і ён увайшоў на маіх вачах.

3 А херувімы стаялі па правы бок Дома, калі ўвайшоў той чалавек, і воблака напаўняла ўнутраны двор.

4 І паднялася слава Гасподняя з херувіма да парога Дома, і дом напоўніўся воблакам, і двор напоўніўся зьзяньнем славы Госпада.

5 І шум ад крылаў херувімаў чутны быў нават на зьнешнім двары, як бы голас Бога ‹семагутнага, калі Ён гаворыць.

6 І калі Ён даў загад чалавеку, апранутаму ў ільняную вопратку, сказаўшы: «вазьмі агню паміж коламі, паміж херувімамі», і калі ён увайшоў і стаяў каля кола,

7 тады спасярод херувімаў адзін херувім працягнуў руку сваю да агню, які паміж херувімамі, і ўзяў і даў у прыгаршчы апранутаму ў ільняную вопратку. Ён узяў, і выйшаў.

8 І відаць было ў херувімаў падабенства рук чалавечых пад крыламі іхнімі.

9 І бачыў я: вось чатыры колы каля херувімаў, па адным коле каля кожнага херувіма, і колы з выгляду - як бы з каменя тапаза.

10 І з выгляду ўсе чатыры падобныя, быццам кола было ў коле.

11 Калі ішлі яны, дык ішлі па чатыры свае бакі; падчас шэсьця свайго не азіраліся, але да таго месца, куды павернута была галава, і яны туды ішлі; падчас шэсьця свайго не азіраліся.

12 І ўсё цела іх і сьпіна іх, і рукі іх і крылы іх, і колы навокал былі поўныя вачэй, - усе чатыры колы іхнія.

13 Колы гэтыя, як я чуў, былі названы: «галгал»*.

14 І ў кожнае жывёліны чатыры твары: першы твар - твар херувімавы, другі твар - твар чалавечы, трэці твар - ільвіны і чацьвёрты - твар арліны.

15 Херувімы падняліся. Гэта былі тыя самыя жывёліны, якіх бачыў я каля ракі Хавар.

16 І калі ішлі херувімы, тады ішлі каля іх і колы; і калі херувімы падымалі крылы свае, каб падняцца ад зямлі, і колы не аддзяляліся, а былі каля іх.

17 Калі тыя стаялі, стаялі і яны; калі тыя падымаліся, падымаліся і яны, бо ў іх быў дух жывёлін.

18 І адышла слава Гасподняя ад парога Дома і стала над херувімамі.

19 І паднялі херувімы крылы свае і падняліся на маіх вачах ад зямлі; калі яны адыходзілі, дык і колы каля іх; і сталі каля ўваходу ва ўсходнюю браму Дома Гасподняга, і слава Бога Ізраілевага ўгары над імі.

20 Гэта былі тыя самыя жывёліны, якіх бачыў я каля падножжа Бога Ізраілевага каля ракі Хавар. І я пазнаў, што гэта - херувімы.

21 У кожнага - па чатыры твары, і ў кожнага - па чатыры крылы, і пад крыламі ў іх падабенства рук чалавечых.

22 А падабенства твараў іхніх - тое самае, якія твары бачыў я каля ракі Хавар, - і выгляд у іх, і самыя яны. Кожны ішоў проста ў той бок, які быў перад абліччам ягоным.

 

 

* Віхура

Разьдзел 11

 

1 І падняў мяне Дух і прывёў мяне да ўсходняе брамы Дома Гасподняга, якая павернута на ўсход. І вось, - каля ўваходу ў браму дваццаць пяць чалавек; і сярод іх я бачыў Язанію, сына Азуравага, і Фалтыю, сына Ванэевага, князёў народу.

2 І Ён сказаў мне: сыне чалавечы! вось людзі, якім наўме беззаконнасьць, і якія даюць благую раду ў горадзе гэтым,

3 кажучы: «яшчэ ня блізка; будзем будаваць дамы; ён* кацёл, а мы мяса».

4 Таму вымаві на іх прароцтва, прароч, сыне чалавечы.

5 І сышоў на мяне Дух Гасподні і сказаў мне: скажы, так кажа Гасподзь: што кажаце вы, доме Ізраілеў, і што наўме вам, гэта Я ведаю.

6 Шмат забітых вашых вы паклалі ў горадзе гэтым, і вуліцы яго напоўнілі трупамі.

7 Таму так кажа Гасподзь Бог: забітыя вашыя, якіх вы паклалі сярод яго, гэта мяса, а ён - кацёл; але вас Я выведу зь яго.

8 Вы баіцеся меча, і Я навяду на вас меч, кажа Гасподзь Бог.

9 І выведу вас зь яго, і аддам вас у руку чужым, і ўчыню над вамі суд.

10 Ад меча загінеце; на межах Ізраілевых буду судзіць вас, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.

11 Ён ня будзе вам катлом, і вы ня будзеце ў ім мясам; на межах Ізраілевых буду судзіць вас.

12 І ўведаеце, што Я - Гасподзь; бо паводле запаведзяў Маіх вы не хадзілі, і пастановаў Маіх ня выконвалі, а дзейнічалі паводле пастановаў народаў, якія акружаюць вас.

13 І было, калі я прарочыў, Фалтыя, сын Ванэеў, памёр. І ўпаў я на аблічча і залямантаваў гучным голасам, і сказаў: о, Госпадзе Божа! няўжо Ты хочаш да канца вынішчыць рэшту Ізраіля?

14 І было мне слова Гасподняе:

15 сыне чалавечы! тваім братам, тваім братам, тваім адзінакроўным і ўсяму дому Ізраілеваму, усім ім гавораць жыхары Ерусаліма: «жывеце далёка ад Госпада; нам на ўладаньне аддадзена гэтая зямля».

16 На гэта скажы: так кажа Гасподзь Бог: хоць Я і выслаў іх да народаў, і хоць расьсеяў іх па землях, але Я буду ім нейкай сьвятыняй у тых землях, куды пайшлі яны.

17 Пасьля скажы: так кажа Гасподзь Бог: Я зьбяру вас з народаў, і вярну вас зь земляў, у якія вы расьсеяны; і дам вам зямлю Ізраілевую.

18 І прыйдуць туды, і выкінуць зь яе ўсе гнюсоты яе і ўсе гідоты яе.

19 І дам ім сэрца адзінае, і дух новы пакладу ў іх, і вазьму з плоці іхняй сэрца каменнае, і дам ім сэрца плацяное,

20 каб яны хадзілі паводле запаведзяў Маіх і трымаліся пастановаў Маіх, і выконвалі іх; і будуць Маім народам, а Я буду іхнім Богам.

21 А чыё сэрца памкнецца сьледам за гнюсотамі іхнімі і гідотамі іхнімі, паводзіны тых абярну на іхнія ж галовы, кажа Гасподзь Бог.

22 Тады херувімы паднялі крылы свае і колы каля іх; і слава Бога Ізраілевага ўгары над імі.

23 І паднялася слава Госпада зь сярэдзіны горада і спынілася над гарою, якая на ўсход ад горада.

24 І дух падняў мяне і перанёс мяне ў Халдэю да перасяленцаў, ва ўяве, Духам Божым, і адышла ад мяне ўява, якую я бачыў.

25 І я пераказаў перасяленцам усе словы Госпада, якія Ён адкрыў мне.

 

 

* Горад

Разьдзел 12

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! ты жывеш сярод дому мяцежнага; у іх ёсьць вочы, каб бачыць, а ня бачаць; у іх ёсьць вушы, каб слухаць, а ня чуюць; бо яны - мяцежны дом.

3 А ты, сыне чалавечы, падрыхтуй сабе патрэбнае для перасяленьня, і сярод дня перасяляйся на вачах у іх, і перасяляйся зь месца твайго ў іншае месца на вачах у іх; магчыма, яны ўразумеюць, хоць яны - дом мяцежны;

4 і рэчы твае вынесі, як рэчы, патрэбныя пры перасяленьні, удзень, на вачах у іх, і сам выйдзі ўвечары на вачах у іх, як выходзяць для перасяленьня.

5 На вачах у іх праламі сабе дзіру ў сьцяне, і вынесі празь яе.

6 На вачах у іх вазьмі ношку на плечы, упоцемках вынесі яе, твар твой захіні, каб ня бачыць зямлі; бо Я паставіў цябе азнакаю дому Ізраілеваму.

7 І зрабіў я, як было мне загадана; рэчы мае, як рэчы, патрэбныя пры перасяленьні, вынес удзень, а ўвечары праламаў сабе рукою дзірку ў сьцяне, упоцемках вынес ношку і падняў на плечы на вачах у іх.

8 І было мне слова Гасподняе раніцай:

9 сыне чалавечы! ці не казаў табе дом Ізраілеў, дом мяцежны: што ты робіш?

10 Скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: гэта - прадвесьце таму, хто ўзначальвае ў Ерусаліме, і ўсяму дому Ізраілеваму, які там.

11 Скажы: я азнака вам; што раблю я, тое будзе зь імі, - на перасяленьне, у палон пойдуць яны.

12 І той, хто ўзначальвае, які сярод іх, упоцемках падыме ношку на плечы і выйдзе. Сьцяну праломяць, каб выправіць яго празь яе; ён захіне твар свой, так што ня ўбачыць вачыма зямлі гэтай.

13 І раскіну на яго сетку Маю, і будзе злоўлены ў цянёты Мае, і завяду яго ў Вавілон, у зямлю Халдэйскую, але ён ня ўбачыць яе, і там памрэ.

14 А ўсіх, што вакол яго, спаборнікаў ягоных і ўсё войска ягонае разьвею па ўсіх вятрах, і агалю ўсьлед ім меч.

15 І ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі расьсею іх па народах і разьвею іх па землях.

16 Але невялікую лічбу іх Я захаваю ад меча, голаду і пошасьці, каб яны расказалі народам, да якіх пойдуць, пра ўсе свае гідоты: і ўведаюць, што Я - Гасподзь.

17 І было мне слова Гасподняе:

18 сыне чалавечы! хлеб твой еж з трапятаньнем, і ваду тваю пі з дрыжаньнем і смуткам.

19 І скажы народу зямлі: так кажа Гасподзь Бог пра жыхароў Ерусаліма, пра зямлю Ізраілевую: яны хлеб свой будуць есьці і ваду сваю будуць піць у маркоце, бо зямля яго будзе пазбаўлена шчадротаў за няпраўды ўсіх, хто жыве на ёй.

20 І будуць спустошаны населеныя гарады, і зямля зробіцца пустою, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.

21 І было мне слова Гасподняе:

22 сыне чалавечы! якая прымаўка ў вас, у зямлі Ізраілевай: «шмат дзён пройдзе, і ўсякая прарочая ўява зьнікне»?

23 Таму скажы ім; так кажа Гасподзь Бог: зьнішчу гэтую прымаўку, і ня будуць ужо ўжываць такой прымаўкі ў Ізраіля; але скажы ім: блізкія дні, калі збудзецца кожная ўява прарочая.

24 Бо ўжо не застанецца марнай ніякая ўява прарочая, і ніводнае прадвесьце ня будзе ілжывым у доме Ізраілевым.

25 Бо Я Гасподзь кажу, збудзецца і ня будзе адкладзена; у вашыя дні, мяцежны дом, Я прамовіў слова, і выканаю яго, кажа Гасподзь Бог.

26 І было мне слова Гасподняе:

27 сыне чалавечы! вось, дом Ізраілеў кажа: «прарочая ўява, якую бачыў ён, збудзецца пасьля многіх дзён, і ён прарочыць пра далёкія часіны».

28 Таму скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: ніводнае з слоў Маіх ужо ня будзе адкладзена, але слова, якое Я скажу, збудзецца, кажа Гасподзь Бог.

 

Разьдзел 13

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! вымаві прароцтва на прарокаў Ізраілевых, якія прарочаць, і скажы прарокам ад свайго сэрца: слухайце слова Гасподняе!

3 Так кажа Гасподзь Бог: гора неразумным прарокам, якія водзяцца сваім духам, і нічога ня бачылі!

4 Прарокі твае, Ізраіле, як лісы ў руінах.

5 У праломіны вы не ўваходзіце і не агароджваеце сьцяною дому Ізраілевага, каб цьвёрда стаяць у бітве ў дзень Госпада.

6 Яны бачаць пустое і наперад узьвяшчаюць ілжу, кажучы: «Гасподзь сказаў»; а Гасподзь не пасылаў іх; і абнадзейваюць, што слова спраўдзіцца.

7 Ці ня пустую ўяву бачылі вы? І ці ня ілжывае прадвесьце вымаўляеце, кажучы: «Гасподзь сказаў», а Я не казаў?

8 Таму так кажа Гасподзь Бог: як што вы гаворыце пустое і бачыце ва ўявах ілжу, за гэта вось Я - на вас, кажа Гасподзь Бог.

9 І будзе рука Мая супроць гэтых прарокаў, якія бачаць пустое і наперад абвяшчаюць ілжу; на радзе народу Майго яны ня будуць і ў сьпіс дому Ізраілевага ня ўпішуцца, і ў зямлю Ізраілевую ня ўвойдуць; і ўведаеце, што Я - Гасподзь Бог.

10 За тое, што яны ўводзяць народ Мой у зман, кажучы: «мір», тым часам як міру няма; і калі ён будуе сьцяну, яны пэцкаюць яе брудам,

11 скажы тым, якія пэцкаюць сьцяну брудам, што яна ўпадзе. Пачнецца зьліва, і вы, каменныя градзіны, упадзяце, і бурлівы вецер парве яе.

12 І вось, абваліцца сьцяна; тады ці ня скажуць вам: «дзе тая абмазка, якою вы абмазвалі?»

13 Таму так кажа Гасподзь Бог: Я пушчу бурлівы вецер у гневе Маім, і пачнецца зьліва ў лютасьці Маёй, і камяні граду ў абурэньні Маім, на вынішчэньне.

14 І разбуру сьцяну, якую вы пэцкалі брудам, абвалю яе на зямлю, і адкрыецца аснова яе, і ўпадзе, і вы разам зь ёю загінеце; і ўведаеце, што Я - Гасподзь.

15 І вычарпаю лютасьць Маю на сьцяне і на тых, што пэцкаюць яе брудам, і скажу вам: няма сьцяны, і няма тых, што пэцкаюць яе

16 прарокаў Ізраілевых, якія прарочылі Ерусаліму і абвяшчалі яму ўявы міру, тым часам як міру няма, кажа Гасподзь Бог.

17 А ты, сыне чалавечы, павярні аблічча тваё да дочак народу твайго, якія прарочаць ад уласнага сэрца свайго, і прамові на іх прароцтва,

18 і скажы: так кажа Гасподзь Бог: гора тым, якія шыюць чарадзейныя мяшэчкі пад пахі і робяць пакрывалы на галаву ўсякага росту, каб лавіць душы! Няўжо, ловячы душы народу Майго, вы ўратуеце вашыя душы?

19 І няславіце Мяне перад народам Маім за прыгаршчы ячменю і за кавалкі хлеба, усьмерчваючы душы, якія не павінны памерці, і пакідаючы жыцьцё душам, якія не павінны жыць, ашукваючы народ, які слухае ману.

20 Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я на вашыя чарадзейныя мяшэчкі, якімі вы там ловіце душы, каб яны прыляталі, і вырву іх з-пад мышцаў вашых і пушчу на свабоду душы, якія вы ловіце, каб прыляталі да вас.

21 І разьдзяру пакрывалы вашыя і выбаўлю народ Мой ад рук вашых і ня будуць ужо ў руках вашых здабычаю, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.

22 За тое, што вы хлусьнёю засмучаеце сэрца праведніка, якое Я не захацеў засмучаць, і падтрымліваеце рукі беззаконьніка, каб ён ня збочыў з заганнага шляху свайго і не захаваў жыцьця свайго,

23 за гэта ўжо ня будзеце мець пустых уяваў і наперад ня будзеце варажыць: і Я выбаўлю народ Мой ад рук вашых, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.

 

Разьдзел 14

 

1 І прыйшлі да мяне некалькі чалавек з старэйшынаў Ізраілевых і селі перад абліччам Маім.

2 І было мне слова Гасподняе;

3 сыне чалавечы! Гэтыя людзі дапусьцілі ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставілі спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім: ці магу Я адказваць ім?

4 Таму гавары зь імі і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог, калі хто з дому Ізраілевага дапусьціць ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставіць спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока, - дык Я, Гасподзь, ці магу, пры мностве ідалаў ягоных, даць яму адказ?

5 Няхай дом Ізраілеў уразумее ў сэрцы сваім, што ўсе яны праз сваіх ідалаў зрабіліся чужымі Мне.

6 Таму скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: навярнецеся і адвярнецеся ад ідалаў вашых, і ад усіх мярзотаў вашых адвярнеце аблічча ваша.

7 Бо калі хто з дому Ізраілевага і з прыхадняў, якія жывуць у Ізраіля, адпадзе ад Мяне і дапусьціць ідалаў сваіх у сэрца сваё, і паставіць спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока папытацца ў Мяне празь яго, - дык Я, Гасподзь, ці дам яму адказ ад Сябе?

8 Я павярну аблічча Маё супроць таго чалавека і скрышу яго ў азнаку і прыклад і вынішчу яго з народу Майго, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.

9 А калі прарок дапусьціць змусьціць сябе і скажа слова так, як бы Я, Гасподзь, навучыў гэтага прарока, дык Я працягну на яго руку Маю і зьнішчу яго з народу Майго, Ізраіля.

10 І панясуць віну беззаконьня свайго. Якая віна таго, хто пытаецца, такая будзе віна і прарока,

11 каб наперад дом Ізраілеў ня ўхіляўся ад Мяне і каб больш не апаганьвалі сябе ўсякімі беззаконьнямі сваімі, а каб былі Маім народам, і Я быў іх Богам, кажа Гасподзь Бог.

12 І было мне слова Гасподняе:

13 сыне чалавечы! калі б якая зямля зграшыла перад Мною, вераломна адступіўшыся ад Мяне, і Я працягнуў на яе руку Маю і зьнішчыў у ёй хлебную апору і паслаў на яе голад і пачаў губіць на ёй людзей і быдла,

14 і калі б знайшліся ў ёй гэтыя тры мужы: Ной, Данііл і Ёў, - дык яны праведнасьцю сваёю выратавалі б толькі свае душы, кажа Гасподзь Бог.

15 Альбо, калі б Я паслаў на гэтую зямлю лютых зьвяроў, якія асірацілі б яе, і яна ад тых зьвяроў зрабілася б пустою і непраходнаю,

16 дык гэтыя тры мужы сярод яе, - жыву Я, кажа Гасподзь Бог, - ня выратавалі б ні сыноў, ні дочак, а яны, толькі яны ўратаваліся б, зямля ж зрабілася б пустыняю.

17 Альбо, калі б я навёў на тую зямлю меч і сказаў: «меч, прайдзі па зямлі!» і пачаў зьнішчаць на ёй людзей і быдла,

18 дык гэтыя тры мужы сярод яе, - жыву Я, кажа Гасподзь, - ня выратавалі б ні сыноў, ні дочак, а яны толькі ўратаваліся б.

19 Альбо, калі б Я паслаў на тую зямлю згубную пошасьць і выліў на яе лютасьць Маю ў праліваньні крыві, каб зьнішчыць на ёй людзей і быдла,

20 дык Ной, Данііл і Ёў сярод яе, - жыву Я, кажа Гасподзь Бог, - не ўратавалі б ні сыноў, ні дочак; праведнасьцю сваёй яны ўратавалі б толькі свае душы.

21 Бо так кажа Гасподзь Бог: калі і чатыры кары Мае - меч і голад, і лютых зьвяроў і згубную пошасьць - пашлю на Ерусалім, каб зьнішчыць у ім людзей і быдла,

22 і тады застанецца ў ім рэшта, сыны і дочкі, якія будуць выведзены адтуль; вось, яны выйдуць да вас, і вы ўбачыце паводзіны іх і дзеі іхнія і суцешыцеся ў тым бедстве, якое Я навёў на Ерусалім, ва ўсім, што Я навёў на яго.

23 Яны суцешаць вас, калі вы ўбачыце паводзіны іх і дзеі іхнія; і ўведаеце, што Я ня марна зрабіў усё тое, што зрабіў у ім, кажа Гасподзь Бог.

 

Разьдзел 15

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! якую перавагу мае дрэва вінаграднай лазы перад усякім іншым дрэвам і вецьце вінаграднай лазы - сярод дрэў у лесе?

3 Ці бяруць ад яго кавалак на які-небудзь выраб? Ці бяруць ад яго хоць на цьвік, каб вешаць на ім якую-небудзь рэч?

4 Вось, яно аддаецца агню, каб зьеў яго; абодва канцы яго агонь зьеў, і абгарэла сэрца яго; ці прыдатнае яно на які-небудзь выраб?

5 І тады, як яно было цэлае, не прыдавалася ні на які выраб; тым болей, калі агонь зьеў яго, і яно абгарэла, ці прыдатнае яно на які-небудзь выраб?

6 Таму так кажа Гасподзь Бог: як дрэва вінаграднай лазы сярод дрэваў лясных Я аддаў агню, каб зьеў яго, так аддам яму і жыхароў Ерусаліма.

7 І павярну аблічча Маё супроць іх; з аднаго агню выйдуць, і другі агонь зжарэ іх, - і ўведаеце, што Я - Гасподзь, калі павярну супроць іх аблічча Маё.

8 І зраблю гэтую зямлю пустыняю за тое, што яны вераломна ўчынялі, кажа Гасподзь Бог.

 

Разьдзел 16

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! выкажы Ерусаліму гідоты ягоныя

3 і скажы: так кажа Гасподзь Бог дачцэ Ерусаліма: твой корань і твая радзіма - у зямлі Ханаанскай; бацька твой - Амарэй, і маці твая - Хэтэянка;

4 пры нараджэньні тваім - у дзень, калі ты нарадзілася, - пупа твайго не адрэзалі, і вадою ты ня была абмыта дзеля ачышчэньня і сольлю ня была асолена і пялюшкамі не спавіта.

5 Нічыё вока не ўмілажалілася зь цябе, каб зь літасьці да цябе зрабіць табе што-небудзь з гэтага; але ты выкінута была на поле, паводле пагарды да жыцьця твайго, у дзень нараджэньня твайго.

6 І праходзіў Я міма цябе і ўгледзеў цябе, кінутую на патаптаньне ў крыві тваёй, і сказаў табе: «у крыві тваёй жыві!» Так Я сказаў табе: «у крыві тваёй жыві!»

7 Памножыў цябе як польныя расьліны; ты вырасла і зрабілася вялікая, і дасягнула найвыдатнейшай прыгажосьці; падняліся грудзі, і валасы ў цябе вырасьлі; але ты была голая і ненакрытая.

8 І праходзіў Я міма цябе, і вось, гэта быў час твой, час любові; і раскінуў Я раскрыльле шатаў Маіх на цябе і накрыў галізну тваю; і прысягнуў табе і ўступіў у спрымірэнства з табою, кажа Гасподзь Бог, - і ты стала Маёю.

9 Абмыў Я цябе вадою і змыў зь цябе кроў тваю і памазаў цябе алеем.

10 І надзеў на цябе ўзорыстую сукенку і абуў цябе ў саф'янавыя сандалі, і аперазаў цябе вісонам і накрыў цябе шаўковым пакрывалам.

11 І ўбраў цябе ў строі і паклаў на рукі твае запясьці і на шыю тваю - пацеркі.

12 І даў табе колца на твой нос і завушніцы - да вушэй тваіх і на галаву тваю - цудоўны вянок.

13 Так упрыгожвалася ты золатам і срэбрам, і вопратка твая была вісон і шоўк і ўзорыстая тканіна; кармілася ты хлебам з найлепшай пшанічнай мукі, мёдам і алеем, і была вельмі-вельмі прыгожая і дасягнула царскай велічы.

14 І пранеслася па народах слава твая дзеля прыгажосьці тваёй, бо яна была цалкам дасканалая пры тых цудоўных строях, якія Я ўсклаў на цябе, кажа Гасподзь Бог.

15 Але ты паспадзявалася на прыгажосьць тваю і, карыстаючыся славаю тваёю, пачала блудадзейнічаць і накідала блудадзейства тваё на кожнага, хто праходзіў міма, аддаючыся яму.

16 І ўзяла з вопраткі тваёй і зрабіла сабе каляровыя ўзвышэньні і блудадзеяла на іх, як ніколі ня здарыцца і ня будзе.

17 І ўзяла строевыя твае рэчы з Майго золата і з Майго срэбра, якія Я даў табе, і зрабіла сабе мужчынскія выявы і блудадзейнічала зь імі.

18 І ўзяла ўзорыстыя сукенкі твае і апранула іх у іх, і ставіла перад імі алей Мой і фіміям Мой,

19 і хлеб Мой, які Я даваў табе, пшанічную муку і алей і мёд, якімі Я карміў цябе, ты ставіла перад імі ў прыемныя пахошчы; і гэта было, кажа Гасподзь Бог.

20 І ўзяла сыноў тваіх і дочак тваіх, якіх ты нарадзіла Мне, і прыносіла ў ахвяру, каб яны іх зьелі. Ці мала было табе блудадзейнічаць?

21 Але ты і сыноў Маіх заколвала і аддавала ім, праводзячы іх праз агонь.

22 І пры ўсіх тваіх гідотах і блудадзействах тваіх ты не ўзгадала пра дні маладосьці тваёй, калі ты была голая і ненакрытая і кінутая ў крыві тваёй на патаптаньне.

23 І пасьля ўсіх зладзействаў тваіх, - гора, гора табе! кажа Гасподзь Бог,

24 ты збудавала сабе блудзільні і нарабіла сабе ўзвышэньняў на кожнай плошчы;

25 на пачатку кожнай дарогі нарабіла сабе ўзвышэньняў, ганьбіла прыгажосьць тваю і раскідвала ногі твае кожнаму, хто праходзіў міма, і памножыла блудадзействы твае.

26 Блудадзеяла з сынамі Егіпта - суседзямі тваімі, людзьмі рослымі - і памножыла блудадзействы твае, гневаючы Мяне.

27 І вось, Я працягнуў на цябе руку Маю і паменшыў назначанае табе і аддаў цябе сваволі дачок Філістымскіх, якія ненавідзяць цябе і пасаромеліся саромных паводзінаў тваіх.

28 І блудадзеяла ты з сынамі Асура - і не насыцілася, блудадзеяла зь імі, але тым не задаволілася;

29 і памножыла блудадзействы твае ў зямлі Ханаанскай да Халдэі, але і там не задаволілася.

30 Як стомлена павінна быць сэрца тваё, кажа Гасподзь Бог, калі ты ўсё гэта рабіла, бы неакілзаная блудадзейка!

31 Калі ты будавала сабе блудзільні на пачатку кожнай дарогі і рабіла сабе ўзвышэньні на кожнай плошчы, ты была не як блудадзейка, бо ты адхіляла дарункі,

32 а як жанчына-пералюбніца, якая прымае замест свайго мужа чужых.

33 Усім блудадзейкам даюць дарункі, а ты сама давала дарункі ўсім палюбоўнікам тваім і падкупляла іх, каб яны з усіх бакоў прыходзілі да цябе блудадзеяць з табою.

34 У цябе ў блудадзействах тваіх было супраціўнае таму, што бывае з жанчынамі: не за табою ганяліся, а ты давала дарункі, а табе не давалі дарункаў; і таму ты рабіла супраціўна іншым.

35 Таму паслухай, блудадзейка, слова Гасподняе!

36 Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што ты так сыпала грошы твае і ў блудадзействах тваіх адкрывалася галізна твая перад палюбоўнікамі тваімі і перад усімі мярзотнымі ідаламі тваімі, і за кроў сыноў тваіх, якіх ты аддавала ім,

37 за тое вось, Я зьбяру ўсіх палюбоўнікаў тваіх, якімі ты распацешвалася і якіх ты кахала, з усімі тымі, якіх ненавідзела, і зьбяру іх адусюль супроць цябе і адкрыю перад імі галізну тваю - і ўбачаць усю сарамату тваю.

38 Я буду судзіць цябе судом пералюбніц і тых, што праліваюць кроў, - і аддам цябе крывавай лютасьці і рэўнасьці;

39 аддам цябе ў рукі іх, - і яны разбураць блудзільні твае, і раскідаюць узвышэньні твае, і сарвуць зь цябе вопратку тваю, і возьмуць уборы твае, і пакінуць цябе голую і ненакрытую.

40 І склічуць на цябе сход і паб'юць цябе камянямі і перасякуць цябе мечамі сваімі,

41 спаляць дамы твае агнём і ўчыняць над табою суд на вачах у многіх жанчын; і пакладу канец блудадзейству твайму, і ня будзеш ужо даваць дарункаў.

42 І спатолю табою гнеў Мой, і адступіць ад цябе абурэньне Маё, і супакоюся і ўжо ня буду гневацца.

43 За тое, што ты не ўзгадала пра дні маладосьці тваёй і ўсім гэтым раздражняла Мяне, вось, і Я паводзіны твае абярну на галаву тваю, кажа Гасподзь Бог, каб ты не аддавалася болей распусьце пасьля ўсіх тваіх мярзотаў.

44 Вось, кожны, хто гаворыць выслоўямі, можа сказаць пра цябе: «якая маці, такая і дачка».

45 Ты - дачка ў маці твае, якая кінула мужа свайго і дзяцей сваіх, і ты - сястра ў сёстраў тваіх, якія кінулі мужоў сваіх. Маці ваша Хэтэянка, і бацька ваш Амарэй.

46 А большая сястра твая - Самарыя, якая з дочкамі сваімі жыве зьлева ад цябе; а меншая сястра твая, якая жыве справа ад цябе, ёсьць Садома з дочкамі яе.

47 Але ты і ня іхнімі шляхамі хадзіла і не паводле іхніх мярзотаў чыніла; гэтага было мала; ты паводзілася распусьней за іх на ўсіх шляхах тваіх.

48 Жыву Я, кажа Гасподзь Бог; Садома, сястра твая, не рабіла таго сама і яе дочкі, што рабіла ты і дочкі твае.

49 Вось, у чым была беззаконнасьць Садомы, сястры тваёй і дочак яе: у ганарлівасьці, перасычанасьці і гультайстве, і яна рук беднага і ўбогага не падтрымлівала,

50 І заганарыліся яны і рабілі мярзоты перад абліччам Маім, і, убачыўшы гэта, Я адкінуў іх.

51 І Самарыя палавіны грахоў тваіх не награшыла; ты пераўзышла іх мярзотамі тваімі, і праз твае мярзоты, якія рабіла ты, сёстры твае апынуліся справядлівейшыя за цябе.

52 Нясі ж пасаромленьне тваё і ты, якая асуджала сёстраў тваіх; паводле грахоў тваіх, якімі ты зганьбіла сябе больш за іх, яны справядлівейшыя за цябе. Чырваней жа ад сораму і ты, і нясі пасарамленьне тваё, як апраўданьне сёстраў тваіх.

53 Але Я вярну іхні палон, палон Садомы і дочак яе, палон Самарыі і дочак яе, і паміж імі палон паланёных тваіх,

54 каб ты несла пасарамленьне тваё і саромелася ўсяго таго, што рабіла, служачы ім суцяшэньнем.

55 І сёстры твае, Садома і дочкі яе, вернуцца ў ранейшы свой стан; і Самарыя і дочкі яе вернуцца ў ранейшы стан свой, і ты і дочкі твае вернецеся ў ранейшы стан ваш.

56 Пра сястру тваю Садому і згадкі ня было ў вуснах тваіх у дні ганарлівасьці тваёй,

57 пакуль не адкрыта была бязбожнасьць твая, як у час пасарамленьня ад дочак Сірыі і ўсіх навакольных яе, ад дочак Філістымы, якія глядзелі на цябе з пагардай з усіх бакоў.

58 За распусту тваю і за мярзоты твае церпіш ты, кажа Гасподзь.

59 Бо так кажа Гасподзь Бог: Я зраблю з табою, як рабіла ты, патаптаўшы прысягу парушэньнем спрымірэнства.

60 Але Я прыгадаю спрымірэнства Маё з табою ў дні маладосьці тваёй, і аднаўлю з табою вечнае спрымірэнства.

61 І ты ўзгадаеш пра шляхі твае, і будзе сорамна табе, калі пачнеш прымаць да сябе сёстраў тваіх, большых за цябе, як і меншых за цябе, і калі Я буду даваць табе іх у дочкі, а не ад твайго спрымірэнства.

62 Я аднаўлю спрымірэнства Маё з табою, і ўведаеш, што Я - Гасподзь,

63 дзеля таго, каб ты памятала і саромелася, і каб наперад нельга было табе і рота разьзявіць ад сораму, калі Я дарую табе ўсё, што ты рабіла, кажа Гасподзь Бог.

 

Разьдзел 17

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! прапануй загадку і скажы прыпавесьць дому Ізраілеваму.

3 Скажы: так кажа Гасподзь Бог: вялікі арол зь вялікімі крыламі, з доўгімі пёрамі, пушысты, перысты прыляцеў на Ліван і зьняў з кедра вяршаліну,

4 сарваў верхні малады парастак і прынёс яго ў зямлю Ханаанскую, у горадзе гандляроў пасадзіў яго;

5 і ўзяў з насеньня гэтай зямлі і пасадзіў на зямлі насеньня, разьмясьціў каля вялікіх водаў, як садзяць вярбу.

6 І яно вырасла і зрабілася вінаграднаю лазою, шырокаю, нізкаю ростам, гольле якое хілілася да яе, і карані яе былі пад ёю, і зрабілася вінаграднаю лазою - і дало парасьці і пусьціла вецьце.

7 І яшчэ быў арол зь вялікімі крыламі і пушысты; і вось, гэтая вінаградная лаза пацягнулася да яго сваімі каранямі і працягнула да яго галіны свае, каб ён паліваў яе з барознаў расадніка свайго.

8 Яна была пасаджана на добрым полі, каля вялікіх водаў, так што магла пускаць вецьце і радзіць плод, зрабіцца лазою цудоўнаю.

9 Скажы: так кажа Гасподзь Бог: ці будзе ёй посьпех? Ці ня вырвуць карэньне яе і ці не абарвуць плады яе, так што яна ўсохне? усе маладыя галіны, што адрасьлі ад яе, усохнуць. І не зь вялікаю сілаю і ня з многімі людзьмі сарвуць яе з каранёў яе.

10 І вось, хоць яна пасаджана, але ці будзе посьпех? ці ня высахне яна, як толькі дыхне на яе ўсходні вецер? высахне на градах, дзе вырасла.

11 І было мне слова Гасподняе:

12 скажы мяцежнаму дому: хіба ня ведаеце, што гэта азначае? - Скажы: прыйшоў цар Вавілонскі ў Ерусалім, і ўзяў цара ягонага і князёў ягоных і прывёў іх да сябе ў Вавілон.

13 І ўзяў іншага з царскага роду і ўчыніў зь ім спрымірэнства, і абавязаў яго клятваю і ўзяў моцных зямлі той з сабою,

14 каб царства было пакорлівае, каб не магло падняцца, каб захоўвалася спрымірэнства і стаяла цьвёрда.

15 Але той адпаў ад яго, паслаўшы паслоў сваіх у Егіпет, каб далі яму коней і шмат людзей. Ці будзе яму посьпех? Ці ацалее той, хто гэта робіць? Ён парушыў спрымірэнства - і ці ацалее?

16 Жыву Я, кажа Гасподзь Бог: у месцы, дзе цар, які паставіў яго царом, і дадзеную яму клятву ён пагардзіў і парушыў спрымірэнства сваё зь ім, ён памрэ ў яго ў Вавілоне.

17 Зь вялікаю сілаю і шматлікім народам фараон нічога ня зробіць дзеля яго ў гэтай вайне, калі будзе насыпаны вал і пабудаваны будуць абложныя вежы на пагібель многіх душаў.

18 Ён пагардзіў клятваю, каб парушыць спрымірэнства, і вось, даў руку сваю і зрабіў усё гэта; ён не ацалее.

19 Таму так кажа Гасподзь Бог: жыву Я! клятву Маю, якою ён пагардзіў, і спрымірэнства Маё, якое ён парушыў, Я абярну на яго галаву.

20 І закіну на яго сетку Маю, і злоўлены будзе ў цянёты Мае; і прывяду яго ў Вавілон і там буду судзіцца зь ім за вераломства яго супроць Мяне.

21 І ўсе ўцекачы ягоныя з усіх рушэньняў ягоных загінуць ад меча, а хто застанецца, разьвеяныя будуць па ўсіх вятрах; і ўведаеце, што Я, Гасподзь, сказаў гэта.

22 Так кажа Гасподзь Бог: і вазьму я зь верху высокага кедра - і пасаджу; зь верхніх парасткаў ягоных адарву пяшчотную парасьліну і пасаджу на высокай і велічнай гары.

23 На высокай гары Ізраілевай пасаджу яго, - і пусьціць вецьце і ўродзіць плод і зробіцца велічным кедрам, і будуць вадзіцца пад ім усякія птушкі, усякія крылатыя будуць вадзіцца ў цяні гольля яго.

24 І ўведаюць усе дрэвы польныя, што Я, Гасподзь, высокае дрэва паніжаю, нізкае дрэва павышаю, зялёнае дрэва сушу, а сухое дрэва раблю квяцістым: Я, Гасподзь, сказаў і зраблю.

 

Разьдзел 18

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 навошта вы ўжываеце ў зямлі Ізраілевай гэтую прымаўку, кажучы: «бацькі елі кіслы вінаград, а ў дзяцей на зубах аскома»?

3 Жыву Я! кажа Гасподзь Бог, ня будуць наперад казаць прымаўку гэтую ў Ізраілі.

4 Бо вось, усе душы - Мае: як бацькава душа, так і душа сынава - Мае; душа, якая грэшыць, памрэ.

5 Калі хто праведны і чыніць суд і праўду,

6 на горах ахвярнага ня есьць і да ідалаў дому Ізраілевага не зьвяртае вачэй сваіх, жонкі блізкага свайго не апаганьвае і да свае жонкі ў час ачышчэньня яе нячыстотаў не набліжаецца,

7 нікога ня ўціскае, пазычэнцу вяртае заклад ягоны, захопаў ня робіць, хлеб свой дае галоднаму і голага накрываае вопраткай,

8 у ліхву не дае і ліхвы не бярэ, ад няпраўды стрымлівае руку сваю, суд чалавеку з чалавекам учыняе правільна,

9 учыняе паводле запаведзяў Маіх і трымаецца пастановаў Маіх шчыра; дык ён - праведнік, ён напэўна будзе жывы, кажа Гасподзь Бог.

10 але калі ў яго нарадзіўся сын разбойнік, які пралівае кроў і робіць што-колечы з таго,

11 чаго ён сам зусім не рабіў: і на горах есьць ахвярнае і жонку блізкага свайго апаганьвае.

12 беднага і ўбогага ўціскае, гвалтам адбірае, закладу не вяртае і да ідалаў зьвяртае вочы свае, робіць гідоту,

13 у рост дае і бярэ ліхву, - дык ці ж будзе ён жывы. Не, ён ня будзе жывы. Хто робіць усе такія гідоты, той мусова памрэ, кроў яго будзе на ім.

14 Але калі ў каго нарадзіўся сын, які, бачачы грахі бацькі свайго, як ён робіць, бачыць - і ня робіць падобна, як яны:

15 на горах ахвярнага ня есьць, да ідалаў дому Ізраілевага не зьвяртае вачэй сваіх, жонкі блізкага свайго не апаганьвае

16 і чалавека ня ўціскае, закладу не бярэ і гвалтам не адбірае, хлеб свой дае галоднаму і голага накрывае вопраткай,

17 ад крыўды беднаму стрымлівае руку сваю, росту і ліхвы не бярэ, выконвае Мае загады і паводзіцца паводле запаведзяў Маіх, - дык гэты не памрэ за беззаконнасьць бацькі свайго; ён будзе жывы.

18 А бацька ягоны, як што ён жорстка ўціскаў, рабаваў брата і нядобрае рабіў сярод свайго, вось, - ён памрэ за сваё беззаконьне.

19 Вы кажаце: «чаму ж сын не нясе віны бацькі свайго?» Бо сын робіць законна і справядліва, усе пастановы Мае шануе і выконвае іх; ён будзе жывы.

20 Душа, якая грэшыць, яна памрэ; сын не панясе віны бацькі і бацька не панясе віны сына, праўда справядлівага пры ім і застаецца і беззаконнасьць беззаконнага пры ім і застаецца.

21 І беззаконьнік, калі адвернецца ад усіх грахоў сваіх, якія рабіў, і будзе трымацца ўсіх пастановаў Маіх і паводзіцца законна і праведна, жывы будзе, не памрэ.

22 Усе злачынствы ягоныя, якія рабіў ён, не папомняцца яму; у праўдзе сваёй, якую будзе рабіць, ён жывы будзе.

23 Хіба Я хачу сьмерці беззаконьніка? кажа Гасподзь Бог. Ці ж не таго, каб ён адвярнуўся ад шляхоў сваіх і быў жывы?

24 І праведнік, калі адступіцца ад праўды сваёй і будзе паводзіцца няправедна, будзе рабіць усе тыя мярзоты, якія робіць беззаконьнік, ці будзе ён жывы? усе добрыя ўчынкі ягоныя, якія ён рабіў, не папомняцца; за беззаконьне сваё, якое робіць, і за грахі свае, у якіх грэшны, ён памрэ.

25 Але вы кажаце: «няправільны шлях Госпада». Паслухайце, доме Ізраілеў! Ці мой шлях няправільны? ці ж ня вашыя шляхі няправільныя?

26 Калі праведнік адступаецца ад праўды сваёй і ўчыняе беззаконьне і за гэта памірае, дык ён памірае за беззаконьне сваё, якое ўчыніў.

27 І беззаконьнік, калі адварочваецца ад беззаконьня свайго, якое ўчыняе, і чыніць суд і праўду, - да жыцьця верне душу сваю.

28 Бо ён убачыў і адвярнуўся ад усіх злачынстваў сваіх, якія ўчыняў; ён будзе жывы, не памрэ.

29 А дом Ізраілеў кажа: «няправільны шлях Госпада!» Ці ж Мае шляхі няправільныя, доме Ізраілеў? ці ж ня вашыя шляхі няправільныя?

30 Таму Я буду судзіць вас, доме Ізраілеў, кожнага паводле шляхоў ягоных, кажа Гасподзь Бог; пакайцеся і адвярнецеся ад усіх злачынстваў вашых, каб бязбожнасьць ня сталася вам на спатыкненьне.

31 Адкіньце ад сябе ўсе грахі вашыя, якімі грашылі вы, і стварэце сабе новае сэрца і новы дух: і навошта вам паміраць, доме Ізраілеў?

32 Бо Я не хачу сьмерці таму, хто памірае, кажа Гасподзь Бог; а навярнецеся - і жывеце!

 

Разьдзел 19

 

1 А ты падымі плач па князях Ізраіля

2 і скажы: што за львіца маці твая? разьмясьцілася сярод ільвоў, сярод маладых ільвоў гадавала ільвянятаў сваіх.

3 І выгадавала адно ільвяня сваё; яно зрабілася маладым ільвом, і навучыўся лавіць здабычу, еў людзей.

4 І пачулі пра яго народы; ён быў злоўлены ў яму іхнюю, і ў ланцугах завялі яго ў зямлю Егіпецкую.

5 І калі пачакаўшы яна ўбачыла, што надзея яе прапала, тады ўзяла другое сваё ільвяня і зрабіла яго маладым ільвом.

6 І, зрабіўшыся маладым ільвом, ён пачаў хадзіць сярод ільвоў і навучыўся лавіць здабычу, еў людзей

7 і апаганьваў удоваў іхніх і гарады іхнія спусташаў; і апусьцела зямля і ўсе селішчы яе ад рыку ягонага.

8 Тады паўсталі на яго народы з навакольных мясьцінаў і раскінулі на яго сетку сваю; ён злоўлены быў у яму іхнюю.

9 І пасадзілі яго ў клетку на ланцуг і завялі яго да цара Вавілонскага; завялі яго ў крэпасьць, каб ня чуцён ужо быў голас ягоны на горах Ізраілевых.

10 Твая маці была - як вінаградная лаза, пасаджаная каля вады; пладавітая і галінастая была яна ад багацьця вады.

11 І былі ў яе галіны моцныя для скіпетраў валадароў, і высока падняўся камель яе сярод густых галін; і выдзялялася яна вышынёю сваёю з мноствам галінаў сваіх.

12 Але ў гневе вырвана, кінута на зямлю, і ўсходні вецер высушыў плод яе; адарваны і высахлі галіны яе, агонь зжэр іх.

13 А цяпер яна перасаджана ў пустыню, у зямлю сухую і сьмяглую.

14 І выйшаў агонь з камля галін яе, зжэр плады яе, і не засталося на ёй галін моцных для скіпетра валадара. Гэта - сьлёзная песьня, і застанецца для плачу.

 

Разьдзел 20

 

1 І на сёмым годзе, пятым месяцы, у дзясяты дзень месяца прыйшлі мужы са старэйшынаў Ізраілевых спытацца ў Госпада і селі перад абліччам маім.

2 І было мне слова Гасподняе:

3 сыне чалавечы! гавары са старэйшынамі Ізраілевымі і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вы прыйшлі спытацца ў Мяне? Жыву Я - ня дам вам адказу, кажа Гасподзь Бог.

4 Ці хочаш судзіцца зь імі, ці хочаш судзіцца, сыне чалавечы? выкажы ім гнюсоты бацькоў іхніх

5 і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: у той дзень, калі Я выбраў Ізраіля і, падняўшы руку Маю, прысягнуў племю дому Якаўлевага, і адкрыў Сябе ім у зямлі Егіпецкай і, падняўшы руку, сказаў ім: «Я - Гасподзь Бог ваш»,

6 у той дзень, падняўшы руку Маю, Я прысягнуў ім вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай у зямлю, якую Я нагледзеў ім, якая сочыцца малаком і мёдам, красу ўсіх земляў,

7 і сказаў ім: адкіньце кожны мярзоты ад вачэй вашых і не апаганьвайце сябе ідаламі Егіпецкімі: Я - Гасподзь Бог ваш!

8 Але яны ўзбурыліся супроць Мяне і не хацелі слухаць Мяне; ніхто не адкінуў мярзотаў ад вачэй сваіх і не пакінуў ідалаў Егіпецкіх. І Я сказаў: вылью на іх гнеў Мой, вычарпаю на іх лютасьць Маю сярод зямлі Егіпецкай.

9 Але Я зрабіў дзеля імя Майго, каб яно ня ганілася перад народамі, сярод якіх былі яны, і на вачах у якіх Я адкрыў Сябе ім, каб вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай.

10 І Я вывеў іх зь зямлі Егіпецкай і прывёў іх у пустыню,

11 І даў ім запаведзі Мае і абвясьціў ім Мае пастановы, выконваючы, якія чалавек быў бы жывы дзякуючы ім;

12 даў ім таксама суботы Мае, каб яны былі азнакаю паміж Мною і імі, каб ведалі, што Я - Гасподзь, Які асьвячае іх.

13 Але дом Ізраілеў узбурыўся супроць Мяне ў пустыні: паводле запаведзяў Маіх не паводзіліся і адкінулі пастановы Мае, выконваючы, якія чалавек быў бы жывы дзякуючы ім, і суботы Мае парушалі, - і Я сказаў: вылью на іх лютасьць Маю ў пустыні, каб вынішчыць іх.

14 Але Я зрабіў дзеля імя Майго, каб яно ня ганілася перад народамі, на вачах у якіх Я вывеў іх.

15 Нават Я, падняўшы руку Маю супроць іх у пустыні, прысягнуў, што не ўвяду іх у зямлю, якую Я пазначыў, - якая сочыцца малаком і мёдам, красу ўсіх земляў,

16 за тое, што яны адкінулі пастановы Мае, і не паводзіліся паводле запаведзяў Маіх і парушалі суботы Мае; бо сэрца іхняе імкнулася да ідалаў іхніх.

17 Але вока Маё пашкадавала загубіць іх; і Я ня вынішчыў іх у пустыні.

18 І казаў Я сынам іхнім у пустыні: не хадзеце паводле правілаў бацькоў вашых і ня трымайцеся пастановаў іхніх і не апаганьвайце сябе ідаламі іхнімі.

19 Я - Гасподзь Бог ваш: паводле Маіх запаведзяў паводзьцеся, і Мае пастановы захоўвайце і выконвайце іх.

20 І асьвячайце суботы Мае, каб яны былі азнакаю паміж мною і вамі, каб вы ведалі, што Я - Гасподзь Бог ваш.

21 Але і сыны ўзбурыліся супроць Мяне: паводле запаведзяў Маіх ня дзеялі і пастановаў Маіх ня трымаліся, ня выконвалі таго, што выконваючы, чалавек быў бы жывы, парушалі суботы Мае, - і Я сказаў: вылью на іх гнеў Мой, вычарпаю на іх лютасьць Маю ў пустыні;

22 але Я ўхіліў руку Маю і зрабіў дзеля імя Майго, каб яно ня ганілася перад народамі, на вачах у якіх Я вывеў іх.

23 Таксама, падняўшы руку Маю ў пустыні, Я прысягнуўся расьсеяць іх па народах і разьвеяць іх па землях

24 за тое, што яны пастановаў Маіх ня выконвалі, і парушалі суботы Мае і вочы іхнія зьвярталіся да ідалаў бацькоў іхніх.

25 І дапусьціў ім установы нядобрыя і пастановы, ад якіх яны не маглі быць жывыя,

26 і дапусьціў ім апаганіцца прынашэньнямі ахвяраў іхніх, калі яны пачалі праводзіць праз агонь кожны першы плод нутробы, каб спустошыць іх, каб ведалі, што Я - Гасподзь.

27 Таму кажы дому Ізраілеваму, сыне чалавечы, і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, чым яшчэ ганілі Мяне бацькі вашыя, вераломна выступаючы супроць Мяне:

28 Я прывёў іх у зямлю, якую з клятваю абяцаў даць ім, падняўшы руку Маю, - нагледзеўшы сабе любы высокі пагорак і любое галінастае дрэва, пачалі калоць там ахвяры свае, і ставілі там абразьлівыя для Мяне прынашэньні свае, духмяныя пахошчы свае і лілі там паліваньні свае.

29 І Я казаў ім: што гэта за вышыня, куды ходзіце вы? таму імем Бама называецца яна і да сёньняшняга дня.

30 Таму скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: ці не апаганьваеце вы сябе на прыклад бацькоў вашых і ці не блудадзейнічаеце сьледам за мярзотамі іхнімі?

31 Прыносячы дарункі вашыя і праводзячы сыноў вашых праз агонь, вы і апаганьваеце сябе ўсімі ідаламі вашымі да сёньняшняга дня - і хочаце спытацца ў Мяне, доме Ізраілеў? жыву Я, кажа Гасподзь Бог, ня дам вам адказу.

32 І што прыходзіць вам у галаву, зусім ня збудзецца. Вы кажаце: будзем, як язычнікі, як плямёны іншаземныя, служыць дрэву і каменю.

33 Жыву Я, кажа Гасподзь Бог; рукою моцнаю, мышцаю прасьцертаю і выліваньнем лютасьці буду валадарыць над вамі.

34 І выведу вас з народаў і з краінаў, па якіх вы расьсеяны, і зьбяру вас рукою моцнаю і мышцаю прасьцертаю і выліваньнем лютасьці.

35 І прывяду вас у пустыню народаў і там буду судзіцца з вамі тварам да твару.

36 Як Я судзіўся з бацькамі вашымі ў пустыні зямлі Егіпецкай, так буду судзіцца з вамі, кажа Гасподзь Бог.

37 І правяду вас пад жазлом і ўвяду вас у повязі запавета.

38 І выдзелю з вас мяцежнікаў і непакорлівых Мне. Зь зямлі пражываньня іхняга выведу іх, але ў зямлю Ізраілевую яны ня ўвойдуць, - і ўведаеце, што Я - Гасподзь.

39 А вы, доме Ізраілеў, - так кажа Гасподзь Бог, - ідзеце кожны да сваіх ідалаў і служэце ім, калі Мяне ня слухаецеся, але не апаганьвайце болей сьвятога імя Майго дарункамі вашымі і ідаламі вашымі,

40 бо на Маёй сьвятой гары, на гары высокай Ізраілевай, - кажа Гасподзь Бог, - там будзе служыць Мне ўвесь дом Ізраілеў - увесь, колькі яго ёсьць на зямлі; там Я з добрым упадабаньнем прыму іх, і там запатрабую прынашэньняў вашых і пачаткаў вашых з усімі сьвятымі вашымі.

41 Прыму вас, як духмяныя пахошчы, калі выведу вас з народаў і зьбяру вас з краін, па якіх вы расьсеяны, - і буду сьвяціцца ў вас на вачах у народаў.

42 І ўведаеце, што Я - Гасподзь, калі ўвяду вас у зямлю Ізраілевую - у зямлю, якую Я прысягнуўся даць бацькам вашым, падняўшы руку Маю.

43 І ўзгадаеце там пра шляхі вашыя і пра ўсе дзеі вашыя, якімі вы апаганьвалі сябе, і пагардзіце самімі сабою за ўсе зладзействы вашыя, якія вы рабілі.

44 І ўведаеце, што Я - Гасподзь, калі ўчыняцьму з вамі дзеля імя Майго, не паводле ліхіх вашых шляхоў і вашых учынкаў распусных, доме Ізраілеў, - кажа Гасподзь Бог.

45 І было мне слова Гасподняе:

46 сыне чалавечы! зьвярні аблічча тваё на дарогі на поўдзень, і вымаві слова на поўдзень і мові прароцтва на лес паўднёвага поля.

47 І скажы паўднёваму лесу: слухай слова Госпада; так кажа Гасподзь Бог: вось, Я запалю ў табе агонь, і ён зжарэ ў табе кожнае дрэва зялёнае і кожнае дрэва сухое; не патухне палаючае полымя, і ўсё будзе апалена ім ад поўдня да поўначы.

48 І ўбачыць кожная плоць, што Я Гасподзь запаліў яго, і ён не патухне.

49 І сказаў я: о, Госпадзе Божа! яны кажуць пра мяне: «ці не гаворыць ён прыпавесьці?»

 

Разьдзел 21

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! зьвярні аблічча тваё да Ерусаліма і вымаві слова на сьвятыні і мові прароцтва на зямлю Ізраілевую

3 і скажы зямлі Ерусалімавай: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я на цябе, і дастану меч Мой з похваў яго і зьнішчу ў цябе праведнага і бязбожнага.

4 А каб зьнішчыць у цябе праведнага і бязбожнага, меч мой з похваў сваіх пойдзе на ўсякую плоць ад поўдня да поўначы.

5 І ўведае ўсякая плоць, што Я, Гасподзь, дастаў меч Мой з похваў яго, і ён ужо ня вернецца.

6 А ты, сыне чалавечы, стагні, ламаючы сьцёгны твае, і ў гароце стагні на вачах у іх.

7 І калі скажуць табе: «чаго ты стогнеш?», скажы: «ад чуткі, што ідзе», - і растане любое сэрца, і ўсе рукі апусьцяцца, і ўсякі дух зьняможацца, і ўсе калені задрыжаць, як вада. Вось гэта прыйдзе і збудзецца, кажа Гасподзь Бог.

8 І было мне слова Гасподняе:

9 сыне чалавечы! мові прароцтва і скажы: так кажа Гасподзь Бог: скажы: меч, меч навостраны і вычышчаны;

10 навостраны, каб болей калоць; вычышчаны, каб зьзяў, як маланка. Ці радавацца нам, што жазло сына Майго пагарджае ўсякім дрэвам?

11 Я даў яго вычысьціць, каб узяць у руку; ужо навостраны гэты меч і вычышчаны, каб аддаць яго ў рукі забойцу.

12 Стагні і галасі, сыне чалавечы, бо ён - на народ Мой, на ўсіх князёў Ізраіля: яны аддадзены будуць пад меч з народам Маім; таму бі сябе па сьцёгнах.

13 Бо ён ужо выпрабаваны. І што, калі ён пагарджае і жазло гэта ня выстаіць, кажа Гасподзь Бог.

14 А ты, сыне чалавечы, прароч і пляскай у ладкі, - і падвоіцца меч і патроіцца: меч на забіваных, меч на забіваньне вялікага, які пранікае ўсярэдзіну жытла іхняга.

15 Каб расталі сэрцы і каб забітых было болей, Я каля ўсіх варотаў іхніх пастаўлю грозны меч, ах! бліскучы, як маланка, навостраны на закол.

16 Зьбярыся і ідзі направа альбо ідзі налева, куды б ні павярнулася аблічча тваё.

17 І Я буду пляскаць у далоні і спатолю гнеў Мой; Я, Гасподзь, сказаў.

18 І было мне слова Гасподняе:

19 і ты, сыне чалавечы, уяві сабе дзьве дарогі, па якіх мае ісьці меч цара Вавілонскага, - абедзьве яны павінны выходзіць з адной зямлі, - і накрэсьлі руку, накрэсьлі на пачатку дарог у гарады.

20 Уяві сабе дарогу, па якой меч ішоў бы ў Раву сыноў Амонавых і ў Юдэю, ва ўмацаваны Ерусалім,

21 бо цар Вавілонскі спыніўся на ростані, на пачатку дзьвюх дарог, для варажбы: трасе стрэлы, пытаецца ў тэрафімаў, разглядвае печань.

22 У правай руцэ ў яго варажба: «у Ерусалім», дзе трэба паставіць тараны, разамкнуць на пабоішча вусны, узьнесьці голас на ваенны крык, падвесьці тараны пад брамы, насыпаць вал, пабудаваць абложныя вежы.

23 Гэтая варажба здалася іхнім вачам ілжывай; але як што яны прысягалі прысягаю, дык ён, згадаўшы такое іхняе вераломства, пастанавіў узяць яго.

24 Таму так кажа Гасподзь Бог: як што вы самі ўзгадваеце беззаконьне вашае, робячы яўнымі злачынствы вашыя, выстаўляючы напаказ грахі вашыя ва ўсіх учынках вашых, і самі ўзгадваеце гэта, дык вы будзеце ўзяты рукамі.

25 І ты, нягодны, злачынны правадыр Ізраіля, дзень якога настаў цяпер, калі грахоўнасьці ягонай будзе пакладзены канец!

26 так кажа Гасподзь Бог: здымі зь сябе дыядэму і складзі вянок: гэтага ўжо ня будзе: прыніжанае ўзвысіцца і высокае прынізіцца.

27 Скіну, скіну, скіну, - і яго ня будзе, пакуль ня прыйдзе Той, Каму належыць ён, і Я дам Яму.

28 І ты, сыне чалавечы, вымаві прароцтва і скажы: так кажа Гасподзь Бог пра сыноў Амонавых і пра паглумленьне іхняе, і скажы: меч, меч аголены на закол, вычышчаны на зьнішчэньне, каб зьзяў, як маланка,

29 каб тады, калі паказваюць табе пустыя ўявы і ілжыва варожаць табе, і цябе прыклаў да абезгалоўленых бязбожнікам, дзень якіх настаў, калі бязбожнасьці іхняй будзе пакладзены канец.

30 Ці верне яго ў похвы ягоныя? На месцы, дзе ты створаны, на зямлі паходжаньня твайго судзіцьму цябе:

31 і вылью на цябе абурэньне Маё, дыхну на цябе агнём лютасьці Маёй і аддам цябе ў рукі людзей разьюшаных, спрактыкаваных у забойстве.

32 Ты будзеш ежаю агню, кроў твая застанецца на зямлі; ня будуць і згадваць пра цябе; бо Я, Гасподзь, сказаў гэта.

 

Разьдзел 22

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 і ты, сыне чалавечы, ці хочаш судзіць, судзіць горад крыві? выкажы яму ўсе гідоты ягоныя

3 і скажы: так кажа Гасподзь Бог: о, горадзе, што праліваеш кроў сярод цябе, каб настаў час твой, што робіш у сябе ідалаў, каб апаганьваць сябе!

4 Крывёю, якую ты праліў, ты зрабіў сябе вінаватым, і ідаламі, якіх ты нарабіў, ты апаганіў сябе і наблізіў дні твае і дасягнуў часу гадоў тваіх. За гэта аддам цябе на сьмех народам, на паглум ўсім землям.

5 Блізкія і далёкія ад цябе будуць глуміцца зь цябе, што ты апаганіў імя тваё, праславіўся буянствам.

6 Вось начальнікі ў Ізраіля, кожны ў меру сілы сваёй, былі ў цябе, каб праліваць кроў.

7 У цябе бацьку і маці ліхасловяць прыхадню, чыняць крыўду сярод цябе, сірату і ўдаву ўціскаюць у цябе.

8 Сьвятыняў Маіх ты не паважаеш і суботы Мае парушаеш.

9 Паклёпнікі знаходзяцца ў цябе, каб праліваць кроў, і на горах ядуць у цябе ідалаахвярнае, сярод цябе чыняць мярзоту.

10 Галізну бацькі адкрываюць у цябе, жанчыну ў час ачышчэньня нячыстасьці яе гвалцяць у цябе.

11 Той чыніць мярзоту з жонкаю блізкага свайго, той апаганьвае нявестку сваю, той гвалціць сястру сваю, дачку бацькі свайго.

12 Хабар бяруць у цябе, каб праліваць кроў; ты бярэш рост і ліхву і гвалтам вымагаеш карысьлівае ў блізкага твайго, а Мяне забыў, кажа Гасподзь Бог.

13 І вось, Я пляснуў рукамі Маімі ад карысталюбства твайго, якое выяўляецца ў цябе, і ад праліваньня крыві, якое чыніцца сярод цябе.

14 Ці ўстоіць сэрца тваё, ці будуць цьвёрдыя рукі твае ў тыя дні, у якія будуць дзеяць супроць цябе? Я, Гасподзь, сказаў - і зраблю.

15 Я расьсею цябе па народах - і разьвею цябе па землях, і пакладу канец гідотам тваім сярод цябе.

16 І зробіш сам сябе пагарджаным у вачах народаў, і ўведаеш, што Я - Гасподзь.

17 І было мне слова Гасподняе:

18 сыне чалавечы! дом Ізраілеў зрабіўся ў Мяне мяшанцам; усе яны - волава, медзь і жалеза і сьвінец у гарніле; зрабіліся, як мяшанка срэбра.

19 Таму так кажа Гасподзь Бог: як што ўсе вы зрабіліся мяшанкаю, за тое вось Я зьбяру вас у Ерусалім.

20 Як у гарніла кладуць разам срэбра, і медзь і жалеза, і сьвінец і волава, каб разьдзьмуць у іх агонь і расплавіць: так Я ў гневе Маім і ў лютасьці Маёй зьбяру і пакладу і расплаўлю вас.

21 Зьбяру вас і дыхну на вас агнём абурэньня Майго, і расплавіцеся сярод яго.

22 Як срэбра плавіцца ў гарніле, расплавіцеся і вы сярод яго, і ўведаеце, што Я, Гасподзь, выліў лютасьць Маю на вас.

23 І было мне слова Гасподняе:

24 сыне чалавечы! скажы яму: ты - зямля неачышчаная, не арашаная дажджом у дзень гневу!

25 Змова прарокаў яе сярод яе, як леў рыклівы, які турзае здабычу; зьядаюць душы, абіраюць маёмасьць і каштоўнасьці, і памнажаюць лік удоваў.

26 Сьвятары яе парушаюць закон Мой і апаганьваюць сьвятыні Мае, не аддзяляюць сьвятога ад несьвятога і не паказваюць розьніцы паміж чыстым і нячыстым, і ад суботаў Маіх яны засланілі вочы свае, і Я прыніжаны ў іх.

27 Князі ў яе як ваўкі, якія вырываюць здабычу; праліваюць кроў, глумяць душы, каб здабыць карысьць.

28 А прарокі яе ўсё пэцкаюць брудам, бачаць пустое і прадказваюць ім ілжывае, кажучы: «так кажа Гасподзь Бог», тым часам як не казаў Гасподзь.

29 А ў народзе прыгнятаюць адзін аднаго, рабуюць і ўціскаюць беднага і гаротнага, і прыхадня прыгнятаюць несправядліва.

30 Шукаў Я ў іх чалавека, які паставіў бы сьцяну і стаў бы перад Мною ў праломіне за гэтую зямлю, каб Я не загубіў яе, але не знайшоў.

31 Дык вось вылью на іх абурэньне Маё, агнём лютасьці Маёй вынішчу іх, паводзіны іхнія абярну ім на галаву, кажа Гасподзь Бог.

 

Разьдзел 23

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! былі дзьве жанчыны, дочкі адной маці,

3 і блудадзеялі яны ў Егіпце, блудадзеялі ў сваёй маладосьці; там памятыя грудзі іхнія, і там разбэсьцілі дзявоцкія смочкі іхнія.

4 Імёны іх: вялікай - Агола, а сястры яе - Агаліва. І былі яны Мае, і нараджалі сыноў і дочак; і называліся - Агола Самарыяй, а Агаліна Ерусалімам.

5 і пачала Агола блудадзеяць ад Мяне і прынадзілася да сваіх каханкаў, да Асірыянаў, і да суседзяў сваіх,

6 да тых, што апраналіся ў адзеньне яхантавага колеру, да начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў, да ўсіх прыгожых хлопцаў, вершнікаў, што езьдзілі на конях;

7 і шчодрылася ў блудадзействах сваіх з усімі адборнымі з сыноў Асура і апаганьвала сябе ўсімі ідаламі тых, да каго ні прынаджвалася;

8 не пераставала блудадзейнічаць і зь Егіпцянамі, бо яны зь ёю спалі ў маладосьці яе і разбэшчвалі дзявоцкія смочкі яе, і вылівалі на яе пажаду сваю.

9 За тое Я і аддаў яе ў рукі каханкаў яе, у рукі сыноў Асура, да якіх яна прынадзілася.

10 Яны адкрылі галізну яе і дочак яе, а яе забілі мечам. І яна зрабілася ганьбаю сярод жанчын, калі ўчынілі над ёю сьмяротную кару.

11 Сястра яе, Агаліва, бачыла гэта, і яшчэ больш распусная была ў каханьні сваім, і блуд яе пераўзышоў блуд сястры яе.

12 Яна прынадзілася да сыноў Асуравых, да начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў, суседзяў яе, раскошна апранутых, да вершнікаў, што езьдзяць на конях, да ўсіх адборных хлопцаў.

13 І Я бачыў, што яна апаганіла сябе, і што ў абедзьвюх іх - адна дарога.

14 Але гэтая яшчэ больш прымножыла блудадзействы свае, бо, убачыўшы выразаных на сьцяне мужчын, фарбамі намаляваныя выявы Халдэяў,

15 перапаясаных па паясьніцах сваіх поясам, з раскошнымі на галаве іх павязкамі, з выгляду ваенных правадыроў, падобных на сыноў Вавілона, чыя радзіма - зямля Халдэйская,

16 яна закахалася ў іх з аднаго зірку вачэй і паслала да іх у Халдэю пасланцоў.

17 І прыйшлі да яе сыны Вавілона на любоўны ложак і апаганілі яе блудадзействам сваім, і яна апаганіла сябе імі; і адвярнулася ад іх душа яе.

18 Калі ж яна яўна аддалася блудадзействам сваім і адкрыла галізну сваю, тады і ад яе адвярнулася душа Мая, як адвярнулася душа Мая ад сястры яе.

19 І яна памножыла блудадзействы свае, успамінаючы дні маладосьці сваёй, калі блудадзеяла ў зямлі Егіпецкай.

20 і прынадзілася да каханкаў сваіх, у якіх плоць - плоць асьліная, і пажада, як у жарабцоў.

21 Так ты ўспомніла распусту маладосьці тваёй, калі Егіпцяне ціскалі смочкі твае за дзявоцкасьць грудзей тваіх.

22 Таму, Агаліва, так кажа Гасподзь Бог: вось, Я абуджу супроць цябе каханкаў тваіх, ад якіх адвярнулася душа твая, і прывяду іх супроць цябе з усіх бакоў:

23 сыноў Вавілона і ўсіх Халдэяў, з Пэхода, з Шоа і Коа, і зь імі ўсіх сыноў Асура, прыгожых хлопцаў, начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў, санавітых і знакамітых, усіх умельскіх вершнікаў.

24 І прыйдуць на цябе са зброяю, з конямі і калясьніцамі і з мноствам люду і абступяць цябе вакол у латах, са шчытамі і ў шаломах, і аддам ім цябе на суд, і будуць судзіць цябе сваім судом.

25 І абярну рупнасьць Маю супроць цябе, і абыдуцца з табою люта: адрэжуць табе нос і вушы, а астатняе тваё ад меча адпадзе; возьмуць сыноў тваіх і дочак тваіх, а астатняе тваё агнём будзе зжэрта;

26 і здымуць зь цябе вопратку тваю, возьмуць строі твае.

27 І пакладу канец распусьце тваёй і блуду твайму, прынесенаму зь зямлі Егіпецкай, і ня будзеш зьвяртаць да іх вачэй тваіх, і пра Егіпет ужо ня ўспомніш.

28 Бо так кажа Гасподзь Бог: вось, Я аддаю цябе ў рукі тым, якіх ты ўзьненавідзела, у рукі тым, ад якіх адвярнулася душа твая.

29 І ўчыняць з сабою жорстка, і возьмуць у цябе ўсё, нажытае працаю, і пакінуць цябе голую і ненакрытую, і адкрытая будзе сараматная галізна твая і распуста твая і блудадзейства тваё.

30 Гэта будзе зроблена з табою за блудадзейства тваё з народамі, ідаламі якіх ты апаганіла сябе.

31 Ты хадзіла дарогаю сястры тваёй; затое і дам у руку табе чашу яе.

32 Так кажа Гаспаодзь Бог; ты будзеш піць чашу сястрынскую глыбокую і шырокую і падпадзеш пад асьмяяньне і ганьбу, па вялізарнай умяшчальнасьці яе.

33 Ап'яненьня і гаркоты будзеш поўная: чара жудасьці і спусташэньня - чара сястры тваёй, Самарыі!

34 І вып'еш яе і спарожніш, і чарапкі яе абліжаш, і грудзі твае стурзаеш: бо Я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог.

35 Таму так кажа Гасподзь Бог: як што ты забыла Мяне і адвярнулася ад Мяне, дык і цярпі за беззаконьне тваё і за блудадзейства тваё.

36 І сказаў мне Гасподзь: сыне чалавечы! ці хочаш ты судзіць Аголу і Агаліву? выкажы ім мярзоты іхнія;

37 бо яны пералюбнічалі, і сыноў сваіх, якіх нарадзілі Мне, праз агонь праводзілі, як ежу ім.

38 Яшчэ вось, што яны рабілі Мне: апаганьвалі сьвятыню Маю ў той самы дзень, і парушалі суботы Мае;

39 бо, калі яны калолі дзяцей сваіх дзеля ідалаў сваіх, таго ж самага дня прыходзілі ў сьвятыню Маю, каб апаганьваць яе: вось, як рабілі яны ў доме Маім!

40 Акрамя гэтага пасылалі па людзей, што прыходзілі здалёк; да іх адпраўлялі пасланцоў, і вось, яны прыходзілі, і дзеля іх умывалася, сурміла вочы твае і ўпрыгожвалася акрасамі,

41 і садзілася на цудоўны ложак, перад якім накрывалі стол, і на якім прапаноўвала ты духмяныя пахошчы Мае і алей Мой.

42 І чуўся голас народу, які радаваўся ў яе, і да людзей з натоўпу народнага ўводзілі п'яніц з пустыні; і яны клалі на рукі іх бранзалеткі і на галовы іх прыгожыя вянкі.

43 Тады сказаў Я пра зьлядашчаную ў пералюбстве: цяпер канчаюцца блудадзействы яе разам зь ёю.

44 Але прыходзілі да яе: як прыходзяць да жанчыны-блудадзейкі, так прыходзілі да Аголы і Агалівы, да распусных жанчын.

45 А мужы праведныя будуць судзіць іх; яны будуць судзіць іх судом пералюбніц і судом тых, хто пралівае кроў, бо яны пералюбніцы, і ў іх кроў на руках.

46 Бо так сказаў Гасподзь Бог: склікаць на іх сход і аддаць іх азлабеньню і рабунку.

47 І сход паб'е іх камянямі і парубае іх мечамі сваімі, і заб'е сыноў іх і дочак іх і дамы іхнія спаліць агнём.

48 Так пакладу канец распусьце на гэтай зямлі, і ўсе жанчыны мецьмуць навуку і ня будуць рабіць сараматных учынкаў падобна вам;

49 і ўскладуць на вас вашу распусту, і панесяце кару за грахі зь ідаламі вашымі, і ўведаеце, што Я - Гасподзь Бог.

 

Разьдзел 24

 

1 І было мне слова Гасподняе ў дзявятым годзе, у дзясятым месяцы, на дзявятым дні месяца:

2 сыне чалавечы! запішы сабе імя гэтага дня, гэтага самага дня: у гэты самы дзень цар Вавілонскі падступіў да Ерусаліма.

3 І вымаві на мяцежны дом прыпавесьць, і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: пастаў кацёл, пастаў і налі ў яго вады;

4 складзі ў яго кавалкі мяса, усе найлепшыя кавалкі, сьцягна і лапаткі, і напоўні адборнымі касьцямі;

5 адборных авечак вазьмі, і запалі пад ім косткі і гатуй датуль, пакуль косткі разварацца ў ім.

6 Таму так кажа Гасподзь Бог: гора гораду крыві! гора катлу, у якім ёсьць накіп і зь якога накіп яго ня сыходзіць! кавалак за кавалкам яго выкідайце зь яго, ня выбіраючы па жэрабі.

7 Бо кроў яго сярод яго; ён пакінуў яе на голай скале: не на зямлю праліваў яе, дзе яна магла б пакрыцца пылам.

8 Каб абудзіць гнеў на ўчыненьне помсты, Я пакінуў кроў яго на голай скале, каб яна не схавалася.

9 Таму так кажа Гасподзь Бог: гора гораду крыві! і Я раскладу вялікае вогнішча.

10 Дадай дроў, раскладзі агонь, вывары мяса; хай усё загусьне і косткі перагараць.

11 І калі кацёл будзе пусты, пастаў яго на жар, каб ён разагрэўся, і каб медзь яго напалілася, і расплавілася ў ім нечысьць яго, і ўвесь накіп яго зьнік.

12 Праца будзе цяжкая; але вялікі накіп яго ня сыдзе зь яго: і ў агні застанецца на ім накіп яго.

13 У нечысьці тваёй такая мярзота, што колькі я ні чышчу цябе, ты ўсё нячысты; ад нечысьці тваёй ты і далей не ачысьцішся, пакуль лютасьці Маёй Я не спатолю над табою.

14 Я Гасподзь, Я кажу: гэта прыйдзе і Я зраблю; не адмяню і не пашкадую і не памілую. Паводле шляхоў тваіх і паводле ўчынкаў тваіх судзіць буду цябе, кажа Гасподзь Бог.

15 І было мне слова Гасподняе:

16 сыне чалавечы! вось, Я вазьму ў цябе пошасьцю ўцеху вачэй тваіх; але ты не наракай і ня плач, і сьлёзы хай ня выступаюць у цябе;

17 уздыхай у маўчаньні, плачу па памерлых ня ўчыняй; а абвязвай сябе павязкаю і абувай ногі твае ў абутак твой, і барады не захінай і хлеба ад чужых ня еж.

18 І пасьля таго як сказаў я раніцай слова народу, увечары памерла жонка мая, і на другі дзень я зрабіў так, як загадана было мне.

19 І сказаў мне народ: ці ня скажаш нам, якое нам значэньне ў тым, што ты робіш?

20 І сказаў я ім: мне было слова Гасподняе:

21 скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я аддам на паглум сьвятыню Маю, апору сілы вашай, уцеху вачэй вашых і радасьць душы вашай, а сыны вашыя і дочкі вашыя, якіх вы пакінулі, загінуць ад меча.

22 І вы рабіцьмеце тое самае, што рабіў я: барады захінаць ня будзеце, і хлеба ад чужых есьці ня будзеце;

23 і павязкі вашыя будуць на галовах вашых, і абутак ваш - на нагах вашых; ня будзеце наракаць і плакаць, а будзеце раставаць ад грахоў вашых і ўздыхаць адзін перад адным.

24 І будзе вам Езэкііль азнакаю: усё, што ён рабіў, збудзецца, уведаеце, што Я - Гасподзь Бог.

25 А што да цябе, сыне чалавечы, дык у той дзень, калі Я вазьму ў іх акрасу славы іхняй, сыноў іхніх і дочак іхніх,

26 у той дзень прыйдзе да цябе адтуль той, хто выратаваўся, каб падаць вестку ў вушы твае.

27 У той дзень пры гэтым выратаваным разамкнуцца вусны твае, і ты будзеш гаварыць і не застанешся ўжо бязмоўны, і будзеш азнакаю ім, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.

 

Разьдзел 25

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да сыноў Амонавых і вымаві на іх прароцтва,

3 і скажы сынам Амонавым: слухайце слова Госпада Бога: за тое, што ты пра сьвятыню Маю гаворыш: ага! ага! бо яно паганьбена, - і пра зямлю Ізраілевую, бо яна спустошана, і пра дом Юдаў, бо яны пайшлі ў палон,

4 за тое вось, Я аддам цябе ў спадчыну сынам усходу, і паставяць у цябе кашары свае, і паставяць у цябе намёты свае, і будуць есьці плады твае і піць малако тваё.

5 Я зраблю Раву стойлам вярблюдам, і сыноў Амонавых - пастухамі авечак, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.

6 Бо так кажа Гасподзь Бог: за тое, што ты пляскаў у далоні і тупаў нагою, і з усёю пагардаю да зямлі Ізраілевай душэўна радаваўся,

7 за тое вось, Я працягну руку Маю на цябе і аддам цябе на рабунак народам, і вынішчу цябе зь ліку народаў і згладжу цябе зь ліку земляў; зламаю цябе, і ўведаеш, што Я - Гасподзь.

8 Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што Мааў і Сэір кажуць: «вось і дом Юдаў, як усе народы!»

9 за тое, вось Я, пачынаючы ад гарадоў, ад усіх памежных гарадоў ягоных, красы зямлі, ад Бэт-Ешымота, Ваалмэона і Кірыятыма, адкрыю бок Маава

10 сынам усходу і аддам яго ў спадчыну ім, разам з сынамі Амонавымі, каб сыны Амона ня згадваліся болей сярод народаў.

11 І над Маавам учыню суд, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.

12 Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што Эдом жорстка помсьціў дому Юдаваму і цяжка зграшыў, учыняючы над ім помсту,

13 за тое, так кажа Гасподзь Бог: працягну руку Маю на Эдома і вынішчу ў яго людзей і быдла, і зраблю яго пустыняю; ад Тэмана да Дэдана ўсе загінуць ад меча.

14 І ўчыню помсту Маю над Эдомам рукою народу Майго, Ізраіля; і яны будуць дзейнічаць у Ідумэі згодна з Маім гневам і Маім абурэньнем, і ўведаюць помсту Маю, кажа Гасподзь Бог.

15 Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што Філістымляне ўчынілі помсьліва і помсьцілі з пагардаю ў душы, на пагібель, паводле вечнай няпрыязнасьці,

16 за тое, так кажа Гасподзь Бог: вось, Я працягну руку Маю на Філістымлянаў і зьнішчу Крыцянаў, і вынішчу рэшту іх на беразе мора;

17 і ўчыню над імі вялікую помсту карамі лютымі; і ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі ўчыню над імі Маю помсту.

 

Разьдзел 26

 

1 У адзінаццатым годзе, у першы дзень першага месяца было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! за тое, што Тыр гаворыць пра Ерусалім: «ага! ага! ён скрышаны - брама народаў; ён зьвяртаецца да мяне; напоўнюся, ён спустошаны,»

3 за тое, так кажа Гасподзь Бог: вось Я на цябе, Тыру, і падыму на цябе многія народы, як мора падымае хвалі свае.

4 І разаб'юць муры Тыра і разбураць вежы ягоныя; і вымяту зь яго пыл яго і зраблю яго голаю скалою.

5 Месцам на расьсьціланьне сетак будзе ён сярод мора; бо Я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог: і будзе ён на разрабаваньне народам.

6 А дочкі ягоныя, якія на зямлі, забітыя будуць мечам, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.

7 Бо так кажа Гасподзь Бог: вось, Я прывяду супроць Тыра з поўначы Навухаданосара, цара Вавілонскага, цара цароў, з конямі і з калясьніцамі, і зь вершнікамі, і з войскам і са шматлікім народам.

8 Дочак тваіх на зямлі ён заб'е мечам і збудуе супроць цябе абложныя вежы, і насыпле супроць цябе вал і паставіць супроць цябе шчыты;

9 і да сьценаў тваіх пасуне сьценабітныя машыны і вежы твае разбурыць сякерамі сваімі.

10 Ад мноства коней яго накрые цябе пыл, ад шуму верхаўцоў і колаў і калясьніц затрасуцца сьцены твае, калі ён будзе ўваходзіць у браму тваю, як уваходзяць у разьбіты горад.

11 Капытамі коней сваіх ён патопча ўсе вуліцы твае, народ твой паб'е мечам і помнікі магутнасьці тваёй скіне на зямлю.

12 І зрабуюць багацьце тваё і расхапаюць тавары твае, і разбураць муры твае і разаб'юць прыгожыя дамы твае і камяні твае і дрэвы твае, і зямлю тваю кінуць у ваду.

13 І спыню гучаньне песьняў тваіх, і гук цытраў тваіх больш ня будзе чуцен.

14 І зраблю цябе голаю скалою, будзеш месцам для расьсьціланьня сетак: ня будзеш зноў пабудаваны, бо Я Гасподзь сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог.

15 Так кажа Гасподзь Бог Тыру: ад шуму падзеньня твайго, ад стогну параненых, калі будзе пабоішча сярод цябе, ці ж не задрыжаць выспы?

16 І сыдуць усе князі мора з прастолаў сваіх і скінуць зь сябе мантыі свае, і здымуць зь сябе ўзорыстую вопратку сваю, апрануцца ў трымценьне, сядуць на зямлю, і кожную хвіліну будуць дрыжаць і зьдзіўляцца зь цябе.

17 І падымуць плач па табе і скажуць табе: «як загінуў ты, населены мараходамі, горад славуты, які быў моцны на моры, сам і жыхары ягоныя, што наводзілі страх на ўсіх насельнікаў яго!

18 Сёньня, у дзень падзеньня твайго, задрыжалі выспы; выспы на моры жахнуліся ад пагібелі тваёй.

19 Бо так кажа Гасподзь Бог: калі Я зраблю цябе горадам апусьцелым, падобным на гарады незаселеныя, калі падыму на цябе багну, і накрыюць цябе вялікія воды;

20 тады зьвяду цябе з тымі, што ідуць у магілу да народу даўно былога і зьмяшчу цябе ў самым сподзе зямлі, у пустынях вечных, з тымі, што адышлі ў магілу, каб ты больш ня быў заселены; і яўлю табе славу на зямлі жывых.

21 Жудасьцю зраблю цябе, і ня будзе цябе, і будуць шукаць цябе, але ўжо ня знойдуць цябе вавекі, кажа Гасподзь Бог.

 

Разьдзел 27

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 і ты, сыне чалавечы, падымі плач па Тыры

3 і кажы Тыру, які пасяліўся на выступах у моры і гандлюе з народамі на многіх выспах: так кажа Гасподзь Бог: Тыру! ты кажаш: «я дасканаласьць прыгажосьці!»

4 Межы твае - у сэрцы мораў: будаўнікі твае ўдасканалілі прыгажосьць тваю:

5 з Сэнірскіх кіпарысаў зладзілі ўсе памосты твае: бралі зь Лівана кедр, каб зрабіць на табе мачты;

6 з дубоў Васанскіх рабілі вёслы твае; услоны твае рабілі з букавага дрэва, з аправаю з слановай касьці з астравоў Кітымскіх;

7 узорыстыя палотны зь Егіпта ўжываліся на ветразі твае і служылі сьцягам; блакітнага і пурпуровага колеру тканіны з астравоў Элісы былі пакрывалам тваім.

8 Жыхары Сідона і Арвада былі ў цябе за весьляроў; свае знаўцы былі ў цябе, Тыру; яны былі ў цябе за стырнавых.

9 Старэйшыны з Гевала і знаўцы ягоныя былі ў цябе, каб закрываць прабоіны твае. Усякія марскія караблі і карабельнікі іх былі ў цябе, каб ладзіць гандаль твой.

10 Перс і Лідзянін і Лівіец былі ў тваім войску і былі ў цябе ратнікамі, вешалі на табе шчыт і шлем; яны надавалі табе велічы.

11 Сыны Арвада з тваім уласным войскам вакол на сьценах тваіх, і Гамадымы былі на вежах тваіх; навокал на сьценах тваіх яны вешалі калчаны свае; яны давяршылі тваю красу.

12 Тарсіс, твой гандлёвец, паводле мноства рознага багацьця, плаціў за твае тавары срэбрам, жалезам, сьвінцом і волавам.

13 Яван, Тувал і Мэшэх гандлявалі з табою, выменьвалі твае тавары на чалавечыя душы і медны посуд.

14 З дома Тагарма за твае тавары дастаўлялі табе коней і страявых коней і мулаў.

15 Сыны Дэдана гандлявалі з табою; многія астравы рабілі з табою мены, на плату табе дастаўлялі слонавую косьць і чорнае дрэва.

16 З прычыны тваёй вялікай гандлёвай вытворчасьці гандлявалі з табою Арамэяне; за твае тавары яны плацілі карбункуламі, тканінай пурпуровай, узорыстай і вісонамі, і караламі і рубінамі.

17 Юдэя і зямля Ізраілевая гандлявалі з табою; за тавар твой плацілі пшаніцаю Мінініцкаю і прысмакамі і мёдам, і драўнінным алеем і бальзамам.

18 Дамаск, з прычыны тваёй вялікай гандлёвай вытворчасьці, у надмер усякага багацьця, гандляваў з табою віном Хэлбонскім і белаю воўнаю.

19 Дан і Яван з Узала плацілі табе за тавары твае вырабленым жалезам; касія і пахучая трысьціна ішлі табе на абмен.

20 Дэдан гандляваў з табою каштоўнымі гунькамі для верхавой язды.

21 Аравія і ўсе князі Кідарскія рабілі мену з табою: ягнят і бараноў і казлоў выменьвалі табе.

22 Купцы з Савы і Ратмы гандлявалі з табою ўсякімі найлепшымі пахошчамі і ўсякімі дарагімі камянямі, і золатам плацілі за тавары твае.

23 Харан і Ханэ і Эдэн, купцы Савэйскія, Асур і Хілмад гандлявалі з табою.

24 Яны гандлявалі з табою каштоўнаю вопраткаю, шаўковым і ўзорыстым палатном, якое яны прывозілі на твае рынкі ў дарагіх скрынях, зробленых з кедра і добра ўпакаваных.

25 Тарсіскія караблі былі тваімі караванамі ў тваім гандлі, і ты зрабіўся багатым і даволі славутым сярод мораў.

26 Весьляры твае завялі цябе ў вялікія воды; усходні вецер разьбіў цябе сярод мораў.

27 Тваё багацьце і твае тавары, усе твае склады, карабельнікі твае і твае стырнікі, што закладвалі твае прабоіны і кіравалі тваім гандлем, і ўсе ратнікі твае, якія ў цябе былі, і ўсё мноства народу ў табе ў дзень твайго падзеньня ўпадзе ў сэрца мораў.

28 Ад ляманту стырнікаў тваіх задрыжаць ваколіцы.

29 І з караблёў сваіх сыдуць усе весьляры, карабельнікі, усе стырнікі мора стануць на зямлю;

30 І загалосяць па табе моцным голасам і горка застогнуць, пасыпаўшы попелам свае галовы, і качаючыся ў пыле;

31 і астрыгуць па табе валасы нагола і апяражуцца вярэтамі і заплачуць па табе ад душэўнай скрухі горкім плачам;

32 і ў жальбе сваёй узьнясуць сьлёзную песьню па табе, і так загалосяць па табе: «хто як Тыр, так разбураны сярод мора!

33 Калі прыходзілі з мора твае тавары, ты карміў многія народы; мноствам багацьця твайго і тваім гандлем узбагачаў цароў зямлі.

34 А калі ты разьбіты морамі ў бездані водаў, твае тавары і ўсё, што ў табе тлумілася, упала.

35 Усе насельнікі астравоў жахнуліся па табе і цары іхнія здрыгануліся, зьмяніліся ў твары.

36 Гандляры іншых народаў сьвіснулі па табе; ты зрабіўся жахам, - і ня будзе цябе вавекі».

 

Разьдзел 28

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! скажы начальніку ў Тыры: так кажа Гасподзь Бог: за тое, што ўзьнеслася сэрца тваё і ты кажаш: «я бог, сяджу на пасадзе божым, у сэрцы мораў», і, як што я чалавек, а ня Бог, ставіш розум твой нароўні з розумам Божым,

3 і вось, ты мудрэйшы за Данііла, няма таямніцы, схаванай ад цябе;

4 твёй мудрасьцю і тваім розумам ты здабыў сабе багацьце і ў свае скарбніцы сабраў золата і срэбра;

5 вялікай тваёй мудрасьцю, шляхам твайго гандлю, ты памножыў сваё багацьце, і твой розум заганарыўся тваім багацьцем,

6 за тое так кажа Гасподзь Бог: як што ты свой розум ставіш нароўні з розумам Божым,

7 вось, Я навяду на цябе іншаземцаў, самых лютых з народаў, і яны аголяць свае мечы супроць красы тваёй мудрасьці і запамрочаць твой бляск;

8 зьвядуць цябе ў магілу, і памрэш у сэрцы мораў сьмерцю забітых.

9 Ці скажаш тады перад тваім забойцам: «я бог», тым часам як у руцэ ў таго, хто цябе пабівае, ты будзеш чалавек, а ня бог?

10 Ты памрэш ад рукі іншаземцаў сьмерцю неабрэзаных; бо я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог.

11 І было мне слова Гасподняе:

12 сыне чалавечы! плач па цары Тырскім і скажы яму: так кажа Гасподзь Бог: ты пячатка дасканаласьці, паўната мудрасьці і вянок прыгажосьці.

13 Ты быў у Эдэме, у садзе Божым; твая вопратка была ўпрыгожана рознымі каштоўнымі камянямі; рубін, тапаз і алмаз, хрызаліт, анікс, ясьпіс, сапфір, карбункул і смарагд і золата, усё па-майстэрску пасаджанае ў цябе ў гнязьдзечках і нанізанае на цябе, прыгатавана было ў дзень твайго стварэньня.

14 Ты быў памазаны херувім, каб асяняць, і Я паставіў цябе на тое; ты быў на сьвятой гары Божай, хадзіў сярод агнявых камянёў.

15 Ты беззаганны быў на шляхах тваіх з дня твайго стварэньня, пакуль не знайшлося ў табе пахібы.

16 Ад пашыранасьці гандлю твайго сярэдзіна твая напоўнілася няпраўдаю, і ты зграшыў; і Я скінуў цябе, як нячыстага, з гары Божай, выгнаў цябе, херувіме асяняльны, з асяродзьдзя агністых камянёў.

17 Ад прыгажосьці тваёй заганарылася сэрца тваё, ад славалюбства твайго загубіў сваю мудрасьць; за тое Я скіну цябе на зямлю, перад царамі аддам цябе на ганьбу.

18 Мноствам пахібаў тваіх у няправедным тваім гандлі ты апаганіў свае сьвятыні; і Я дастану спасярод цябе агонь, які і зжарэ цябе: і Я ператвару цябе ў попел на зямлі перад вачыма ўсіх, хто цябе бачыць.

19 Усе, хто ведаў цябе сярод народаў, дзіву дадуцца зь цябе; ты зробішся жахам, і ня будзе цябе вавекі.

20 І было мне слова Гасподняе:

21 сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да Сідона і вымаві на яго прароцтва,

22 і скажы: вось, Я на цябе, Сідоне, і праслаўлюся сярод цябе, і ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі ўчыню суд над ім і яўлю ў ім сьвятасьць Маю;

23 і пашлю на яго згубную пошасьць і праліцьцё крыві на вуліцы яго, і ўпадуць сярод яго забітыя мечам, які пажырацьме яго адусюль; і ўведаюць, што Я - Гасподзь.

24 І ня будзе ён больш дому Ізраілеваму калючым цернем і болепрычынным ваўчком, больш за ўсіх суседзяў зласьлівым да яго, і ўведаюць, што Я - Гасподзь Бог.

25 Так кажа Гасподзь Бог: калі я зьбяру дом Ізраілеў з народаў, сярод якіх яны расьсеяныя, і аб'яўлю сярод іх сьвятасьць Маю перад вачыма плямёнаў, і яны будуць жыць на сваёй зямлі, якую Я даў рабу Майму Якаву;

26 тады яны будуць жыць на ёй ў бясьпецы і пабудуюць дамы, і насадзяць вінаграднікі і жыцьмуць у бясьпецы, бо Я ўчыню суд над усімі зласьліўцамі іхнімі і вакол іх, і ўведаюць, што Я - Гасподзь Бог іхні.

 

Разьдзел 29

 

1 У дзясятым годзе, у дзясятым месяцы, на дваццаты дзень месяца, было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да фараона, цара Егіпецкага, і вымаві прароцтва на яго і на ўвесь Егіпет.

3 Маўляй і скажы: «так кажа Гасподзь Бог: вось, Я на цябе, фараоне, цару Егіпецкі, вялікі кракадзіл, які, лежачы сярод сваіх рэк, кажаш: «мая рака, і я стварыў яе сабе».

4 Але Я ўкладу крук у сківіцы твае і да лускі тваёй прыляплю рыб з тваіх рэк, і выцягну цябе з тваіх рэк з усёю рыбаю рэк тваіх, прыляплю да тваёй лускі;

5 і кіну цябе ў пустыні, цябе і ўсю рыбу з тваіх рэк, ты ўпадзеш на адкрытае поле, не прыбяруць і ня прымуць цябе; аддам цябе на поед зьвярам зямным і птушкам нябесным.

6 І ўведаюць усе насельнікі Егіпта, што Я - Гасподзь; бо яны дому Ізраілеваму былі падпораю трысьняговаю.

7 Калі яны ўхапіліся за цябе рукою, ты расшчапіўся і ўсё плячо пакалоў ім; і калі яны абаперліся на цябе, ты зламаўся і параніў усе сьцёгны ім.

8 Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я навяду на цябе меч, і вынішчу ў цябе людзей і быдла.

9 І зробіцца зямля Егіпецкая пустыняю і стэпам; і ўведаюць, што Я - Гасподзь. Бо ён кажа: мая рака, і я стварыў яе;

10 дык вось, Я - на рэкі твае, і зраблю зямлю Егіпецкую пустыняю пустыняў ад Мігдола да Сіены, да самай мяжы Эфіопіі.

11 Ня будзе ступаць па ёй нага чалавечая, і нага быдла ня будзе праходзіць па ёй, і ня жыцьмуць на ёй сорак гадоў.

12 І зраблю зямлю Егіпецкую пустыняю сярод земляў спустошаных; і гарады яе сярод апусьцелых гарадоў будуць пустыя сорак гадоў, і расьсею Егіпцянаў па народах, і разьвею іх па землях.

13 Бо так кажа Гасподзь Бог: як пройдзе сорак гадоў, Я зьбяру Егіпцянаў з народаў, сярод якіх яны будуць расьсеяны;

14 і вярну палон Егіпта і назад прывяду іх у зямлю Патрос, у зямлю паходжаньня іхняга, і там яны будуць царствам слабым.

15 Яно будзе слабейшае за іншыя царствы і ня будзе болей узносіцца над народамі: Я паменшу іх, каб яны не валадарылі над народамі.

16 І ня будуць болей дому Ізраілеваму апораю, што нагадвае пра пахібнасьць іхнюю, калі яны зьвярталіся да яго: і ўведаюць, што я - Гасподзь Бог.

17 У дваццаць сёмым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца, было мне слова Гасподняе:

18 сыне чалавечы! Навухаданосар, цар Вавілонскі, стаміў сваё войска вялікаю працаю каля Тыра; усе галовы аблыселі і ўсе плечы сьцёртыя; а ні яму, а ні войску ягонаму няма ўзнагароды ад Тыра за працу, якую ён паклаў супроць яго.

19 Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я Навухаданосару, цару Вавілонскаму, даю зямлю Егіпецкую, каб ён абабраў багацьце яе і ўчыніў рабунак у ёй, і адабраў нарабаванае ёю, і гэта будзе ўзнагарода войску ягонаму.

20 Як узнагароду за дзею, якую ён учыніў у ім, Я аддаю яму зямлю Егіпецкую, бо яны рабілі гэта дзеля Мяне, сказаў Гасподзь Бог.

21 У той дзень узгадую рог дому Ізраілеваму, і табе разамкну вусны сярод іх, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.

 

Разьдзел 30

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! вымаві прароцтва і скажы: так кажа Гасподзь Бог: галасеце! о, ліхашчасны дзень!

3 Бо блізкі дзень, так! блізкі дзень Госпада, дзень змрочны; гадзіна народаў настае.

4 І пойдзе меч на Егіпет, і жудасьць пашырыцца па Эфіопіі, калі ў Егіпце будуць падаць пабітыя, калі возьмуць багацьце яго, і асновы яго будуць разбураны;

5 Эфіопія і Лівія і Лідыя і ўвесь зьмешаны народ і Хуб, і сыны зямлі запавету разам зь імі ўпадуць ад меча.

6 Так кажа Гасподзь: упадуць падпоры Егіпта, і ўпадзе пыха магутнасьці яго; ад Мігдола да Сіены будуць падаць у ім ад меча, сказаў Гасподзь Бог.

7 І апусьцее ён сярод спустошаных земляў, і гарады яго будуць сярод спустошаных гарадоў.

8 І ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі пашлю агонь на Егіпет, і ўсе падпоры яго будуць скрышаны.

9 У той дзень пойдуць ад мяне вястуны на караблях, каб запалохаць бястурботных Эфіопаў, і распаўсюдзіцца ў ім жах, як у дзень Егіпта; бо вось, ён ідзе.

10 Так кажа Гасподзь Бог: пакладу канец шматлюдству Егіпта рукою Навухаданосара, цара Вавілонскага.

11 Ён і зь ім народ ягоны, самы люты з народаў, будуць прыведзены на пагібель гэтай зямлі, і аголяць мечы свае на Егіпет, і напоўняць зямлю пабітымі.

12 І рэкі зраблю сушаю і аддам зямлю ў рукі ліхім, і рукою іншаземцаў спустошу зямлю і ўсё, што запаўняе яе. Я Гасподзь сказаў гэта.

13 Так кажа Гасподзь Бог: вынішчу ідалаў і зьнішчу ілжэбагоў у Мэмфісе, і зь зямлі Егіпецкай ня будзе ўжо валадара, і навяду страх на зямлю Егіпецкую.

14 І спустошу Патрос і пашлю агонь на Цаан, і ўчыню суд над Но.

15 І вылью лютасьць Маю на Сін, крэпасьць Егіпта, і зьнішчу шматлюдства ў Но.

16 І пашлю агонь на Егіпет; затрымціць Сін, і Но рухне, і на Мэмфіс нападуць ворагі сярод дня.

17 Маладыя людзі Она і Бубаста ўпадуць ад меча, а астатнія пойдуць у палон.

18 І ў Тафнісе памеркне дзень, калі Я скрышу там ярмо Егіпта, і спыніцца ў ім ганарыстая магутнасьць яго. Хмара заслоніць яго, і дочкі яго пойдуць у палон.

19 Так учыню я суд над Егіптам, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.

20 У адзінаццатым годзе, у першы месяц, на сёмы дзень месяца, было мне слова Гасподняе:

21 сыне чалавечы! Я ўжо скрышыў мышцу фараону, цару Егіпецкаму; і вось, яна яшчэ не абвязана на гаеньне яе і не спавіта лекарскімі перавязкамі, ад якіх бы яна атрымала сілу трымаць меч.

22 Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я - на фараона, цара Егіпецкага, і скрышу мышцы яго, здаровую і паламаную, так што меч выпадзе з рукі ягонай.

23 І расьсею Егіпцянаў па народах, і разьвею іх па землях.

24 А мышцы цара Вавілонскага зраблю моцнымі, і дам яму меч Мой у руку, а мышцы фараона скрышу, і ён змушаны будзе моцна енчыць перад ім.

25 Умацую мышцы цара Вавілонскага, а мышцы ў фараона апусьцяцца; і ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі меч Мой дам у руку цару Вавілонскаму, і ён працягне яго на зямлю Егіпецкую.

26 І расьсею Егіпцянаў па народах, і разьвею іх па землях і ўведаюць, што Я - Гасподзь.

 

Разьдзел 31

 

1 У адзінаццатым годзе, у трэцім месяцы, у першы дзень месяца было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! скажы фараону, цару Егіпецкаму, і народу ягонаму: з кім ты раўняеш сябе ў велічы тваёй?

3 Вось, Асур быў кедр на Ліване з прыгожымі галінамі і цяністаю лістотаю і высокі ростам: вяршаліна ягоная была сярод тоўстых сукоў.

4 Воды гадавалі яго, бездань падымала яго, рэкі яе абмывалі гадавальнік ягоны, і яна пратокі свае пасылала да ўсіх дрэў польных.

5 Таму вышыня яго перавысіла ўсе дрэвы польныя, і сукоў на ім было многа, і галіны яго памножыліся, і сукі яго рабіліся доўгімі ад мноства вады, калі ён разрастаўся.

6 На суках яго вілі гнёзды ўсякія птушкі нябесныя, пад галінамі яго выводзілі дзяцей ўсякія зьвяры польныя, і пад ценем яго жылі ўсякія шматлікія народы.

7 Ён красаваўся вышынёю свайго росту, даўжынёю галін сваіх, бо корань яго быў каля вялікіх водаў.

8 Кедры ў садзе Божым ня засьцілі яго; кіпарысы не раўняліся з сукамі ягонымі, і каштаны ня былі велічынёю з галіны ягоныя, ніводнае дрэва ў садзе Божым не раўнялася зь ім прыгажосьцю сваёю.

9 Я ўпрыгожыў яго мноствам галін яго, так што ўсе дрэвы Эдэмскія ў садзе Божым зайздросьцілі яму.

10 Таму так сказаў Гасподзь Бог: за тое, што ты высокі зрабіўся ростам і вяршаліну сваю выставіў сярод тоўстых сукоў, і сэрца ягонае заганарылася веліччу яго,

11 за тое Я аддаў яго ў рукі валадару народаў; ён зрабіў зь ім, як трэба: за пахібнасьць яго Я адкінуў яго.

12 І сьсеклі яго чужаземцы, самыя лютыя з народаў, і скінулі яго на горы: і на ўсе даліны ўпалі галіны яго; і сукі яго паламаліся на ўсіх лагчынах зямлі, і з-пад ценю яго сышлі ўсе народы зямлі і пакінулі яго.

13 На руінах яго пасяліліся ўсякія птушкі нябесныя, і ў суках былі ўсякія польныя зьвяры.

14 Гэта на тое, каб ніякія дрэвы каля водаў ня пышаліся высокім ростам сваім і не падымалі вяршалін сваіх спасярод тоўстых сукоў, і каб не ляпіліся да іх праз вышыню іх дрэвы, якія п'юць ваду, бо ўсе яны будуць аддадзены сьмерці, у апраметную краіну разам з сынамі чалавечымі, што сышлі ў магілу.

15 Так кажа Гасподзь Бог у той дзень, калі ён сышоў у магілу, Я ўчыніў бедаваньне па ім, загаварыў дзеля яго бездань і спыніў рэкі яе, і затрымаў вялікія воды і запамрочыў па ім Ліван, і ўсе дрэвы польныя былі ў маркоце па ім.

16 Шумам падзеньня яго Я прывёў у трымценьне народы, калі зьвёў яго ў апраметную, да тых, што адышлі ў магілу, і ўзрадаваліся ў апраметнай краіне ўсе дрэвы Эдэма, адметныя і самыя лепшыя ў Ліване, якія ўсе п'юць ваду;

17 бо і яны зь ім адышлі ў апраметную да пабітых мечам, і супольнікі ягоныя, што жылі пад ягоным ценем, сярод народаў.

18 Дык вось, зь якім дрэвам Эдэмскім раўняўся ты ў славе і велічы? Але цяпер нароўні з дрэвамі Эдэмскімі ты будзеш зьведзены ў апраметную, будзеш ляжаць сярод неабрэзаных, з пабітымі мечам. Гэта фараон і ўсё мноства народу яго, кажа Гасподзь Бог.

 

Разьдзел 32

 

1 У дванаццатым годзе, у дванаццатым месяцы, у першы дзень месяца, было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! узьнясі плач па фараоне, цары Егіпецкім, і скажы яму: ты, як малады леў сярод народаў і як пачварына ў морах, кідаешся ў рэках тваіх і каламуціш нагамі тваімі воды, і топчаш патокі іх.

3 Так кажа Гасподзь Бог: Я закіну на цябе сетку Маю на сходзе многіх народаў, і яны выцягнуць цябе Маёю мярэжаю.

4 І выкіну цябе на зямлю, у чыстым полі кіну цябе, і будуць садзіцца на цябе ўсякія нябесныя птушкі і насычацца табою зьвяры ўсёй зямлі.

5 І раскідаю мяса тваё па горах, і даліны напоўню тваімі трупамі.

6 І зямлю плаваньня твайго напаю крывёю тваёю да самых гор: і калдобіны будуць напоўнены табою.

7 І калі ты патухнеш, зачыню нябёсы і зоркі на іх зацьмлю, сонца засланю хмараю, і месяц ня будзе сьвяціцца сьвятлом сваім.

8 Усе сьвяцілы, што сьвецяцца на нябёсах, запамрочу над табою і на зямлю тваю навяду цемру, кажа Гасподзь Бог.

9 Зьбянтэжу сэрца многіх народаў, калі агалашу пра падзеньне тваё паміж народаў па землях, якіх ты ня ведаў.

10 І зжахну табою многія народы, і цары іхнія скалануцца па табе ад страху, калі мечам Маім страсяну перад абліччам іхнім, і штохвіліны будуць трымцець кожны за душу сваю ў дзень падзеньня твайго.

11 Бо так кажа Гасподзь Бог: меч цара Вавілонскага прыйдзе на цябе.

12 Ад мечаў дужых загіне народ твой; усе яны - самыя лютыя з народаў, і зьнішчаць гонар Егіпта, і загіне ўсё мноства ягонае.

13 І вынішчу ўсё быдла яго каля вялікіх водаў, і наперад ня будзе каламуціць іх нага чалавечая, і капыты быдла ня будуць каламуціць іх.

14 Тады дам спакой водам іхнім, і зраблю, што рэкі іхнія пацякуць, як алей, кажа Гасподзь Бог.

15 Калі зраблю зямлю Егіпецкую пустыняю, і калі пазбудзецца зямля ўсяго, што напаўняе яе; калі паб'ю ўсіх, хто жыве на ёй, тады ўведаюць, што Я - Гасподзь.

16 Вось сьлёзная песьня, якую будуць сьпяваць; дочкі народаў будуць сьпяваць яе; па Егіпце і па ўсім мностве яго будуць сьпяваць яе, кажа Гасподзь Бог.

17 У дванаццатым годзе, у пятнаццаты дзень таго самага месяца, было мне слова Гасподняе:

18 сыне чалавечы! аплач народ Егіпецкі, і скінь яго, яго і дочак славутых народаў у апраметную, з тымі, што адыходзяць у магілу.

19 Каго ты пераўзыходзіш? сыдзі, і ляжы зь неабрэзанымі.

20 Тыя ўпадуць сярод забітых мечам, і ён аддадзены мечу; цягнеце яго і ўсё мноства яго.

21 Сярод апраметнай будуць гаварыць пра яго і пра спрымірэнцаў ягоных першыя з герояў; яны загінулі і ляжаць там сярод неабрэзаных, пабітыя мечам.

22 Там Асур і ўсё полчышча ягонае, вакол яго труны іхнія, усе пабітыя, зваяваныя мечам.

23 Труны яго пастаўлены ў самай глыбіні апраметнай, і полчышча яго вакол грабніцы ягонай, усе пабітыя, што загінулі ад меча, тыя, якія пашыралі жудасьць на зямлі жывых.

24 Там Элам з усім мноствам сваім вакол магільніцы ягонай, усе яны - пабітыя, што загінулі ад меча, якія неабрэзанымі сышлі ў апраметную, якія распаўсюдзілі сабою жах на землі жывых і нясуць ганьбу сваю з тымі, што адышлі ў магілу.

25 Сярод пабітых далі ложак яму з усім мноствам ягоным; вакол яго - труны іхнія, усе неабрэзаныя, пабітыя мечам: і як ён пашыраў жах на зямлі жывых, дык і нясуць на сабе ганьбу нароўні з тымі, што адышлі ў магілу і пакладзены сярод пабітых.

26 Там Мэшэх і Тувал з усім мноствам сваім; вакол яго - труны іхнія, усе неабрэзаныя, пабітыя мечам, бо яны разносілі жах па зямлі жывых.

27 Ці не павінны і яны ляжаць зь мёртвымі неабрэзанымі героямі, якія з вайсковай зброяй сваёю сышлі ў апраметную і мечы свае паклалі сабе пад галовы, і засталася пахібнасьць іхняя на касьцях іхніх, бо яны, як дужыя, былі жудасьцю на зямлі жывых.

28 І ты будзеш зламаны сярод неабрэзаных і ляжаць з пабітымі мечам.

29 Там - Эдом і цары яго і ўсе князі яго, якія пры ўсёй сваёй адвазе пакладзены сярод пабітых мечам; яны ляжаць зь неабрэзанымі, што сышлі ў магілу.

30 Там уладары поўначы, усе яны і ўсе Сіданяне, якія сышлі туды з пабітымі, бо былі пасаромленыя ў магутнасьці сваёй, што наводзіла жах, - і ляжаць яны зь неабрэзанымі, пабітымі мечам, і нясуць ганьбу сваю з тымі, што адышлі ў магілу.

31 Убачыць іх фараон і суцешыцца ўсім мноствам сваім, пабітым мечам, фараон і ўсё войска ягонае, кажа Гасподзь Бог.

32 Бо Я пашыру страх Мой на зямлі жывых, і пакладзены будзе фараон і ўсё мноства ягонае сярод неабрэзаных з пабітымі мечам, кажа Гасподзь Бог.

 

Разьдзел 33

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! прамові слова да сыноў народу твайго і скажы ім: калі Я на якую-небудзь зямлю навяду меч, і народ той зямлі возьме спасярод сябе чалавека і паставіць яго ў сябе вартаўніком,

3 і ён, як убачыць меч, што ідзе на зямлю, затрубіць у трубу і асьцеражэ народ,

4 і калі хто будзе слухаць голас трубы, але не асьцеражэ цябе; дык калі меч прыйдзе і захопіць яго, кроў ягоная будзе на яго галаве.

5 Голас трубы ён чуў, але не асьцярогся, кроў ягоная на ім будзе; а хто асьцярогся, той выратуе жыцьцё сваё.

6 Калі ж вартаўнік бачыў, як ішоў меч, і не затрубіў у трубу, і народ ня быў перасьцярожаны, дык калі прыйдзе меч і адбярэ ў каго зь іх жыцьцё, гэты будзе схоплены за грахі свае, але кроў ягоную спагоняць з рук вартаўніка.

7 І цябе, сыне чалавечы, Я паставіў вартавым дому Ізраілеваму, і ты будзеш чуць з вуснаў Маіх слова і настаўляць іх на розум ад Мяне.

8 Калі Я скажу беззаконьніку: «пахібнік! ты сьмерцю памрэш», а ты ня будзеш нічога казаць, каб асьцерагчы пахібніка ад шляху ягонага, дык пахібнік той памрэ за грэх свой, але кроў ягоную спаганю з рукі тваёй.

9 Калі ж ты асьцерагаў пахібніка ад шляху ягонага, каб ён адвярнуўся ад яго, але ён ад шляху свайго не адвярнуўся, дык ён памірае за грэх свой, а ты выратаваў душу тваю.

10 І ты, сыне чалавечы, скажы дому Ізраілеваму: вы кажаце так: «злачынствы нашыя і грахі нашыя на нас, і мы растаем у іх: як жа мы можам жыць?»

11 Скажы ім: жыву Я, кажа Гасподзь Бог: не хачу сьмерці грэшніка, а каб грэшнік адвярнуўся ад шляху свайго і жывы быў. Адвярнецеся, адвярнецеся ад ліхіх шляхоў вашых; і навошта паміраць вам, доме Ізраілеў?

12 І ты, сыне чалавечы, скажы сынам народу твайго: праведнасьць праведніка не ўратуе ў дзень злачынства ягонага, і пахібнік за пахібнасьць сваю не загіне ў дзень, калі адвернецца ад пахібнасьці сваёй, гэтак сама як і праведнік у дзень зграшэньня свайго ня можа застацца жывы за сваю праведнасьць.

13 Калі Я скажу праведніку, што ён будзе жывы, а ён паспадзяецца на сваю праведнасьць і ўчыніць няпраўду, дык усе праведныя ўчынкі яго не ўзгадаюцца, - і ён памрэ ад няпраўды сваёй, якую ўчыніў.

14 А калі скажу пахібніку: «ты сьмерцю памрэш», і ён адвернецца ад грахоў сваіх і будзе чыніць справядлівасьць і праўду,

15 калі гэты пахібнік верне заклад, за адабранае заплаціць, будзе хадзіць паводле законаў жыцьця, ня робячы нічога благога, - дык ён будзе жывы, не памрэ.

16 Ніводзін грэх ягоны, якія ён зрабіў, не ўзгадаецца яму; ён пачаў чыніць справядлівасьць і праўду, ён будзе жывы.

17 А сыны народу твайго кажуць: «няправільны шлях Госпада», тым часам як іхні шлях няправільны.

18 Калі праведнік адступіўся ад праведнасьці сваёй і пачаў чыніць пахібна, дык ён памрэ за тое.

19 І калі пахібнік адвярнуўся ад пахібнасьці сваёй і пачаў чыніць справядлівасьць і праўду, ён будзе за тое жывы.

20 А вы кажаце: «няправільны шлях Госпада!» Я буду судзіць вас, доме Ізраілеў, кожнага паводле шляхоў ягоных.

21 У дванаццатым годзе нашага перасяленьня, у дзясятым месяцы, у пяты дзень месяца, прыйшоў да мяне адзін з тых, што выратаваліся, зь Ерусаліма і сказаў: «разбураны горад!»

22 Але яшчэ да прыходу гэтага ўратаванага ўвечары была на мне рука Госпада, і Ён разамкнуў мне вусны, перш чым той прыйшоў да мяне раніцай. І разамкнуліся вусны мае, і я ўжо ня быў бязмоўны.

23 І было мне слова Гасподняе:

24 сыне чалавечы! тыя, што жывуць на апусьцелых мясьцінах у зямлі Ізраілевай, кажуць: Абрагам быў адзін - і атрымаў на валоданьне зямлю гэтую, а нас многа; дык вось, нам дадзена зямля гэтая на валоданьне.

25 Таму скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вы ясьце з крывёю і падымаеце вочы вашыя да ідалаў вашых і праліваеце кроў, - і хочаце валодаць зямлёю?

26 Вы абапіраецеся на меч ваш, робіце гідоты, апаганьваеце жонку адзін у аднаго, і хочаце валодаць зямлёю?

27 Вось, што скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: жыву Я! тыя, якія - на мясьцінах спустошаных, загінуць ад меча, а хто - у полі, таго аддам, каб зьелі зьвяры; а якія - ва ўмацаваньнях і ў пячорах, тыя памруць ад згубнай пошасьці.

28 І зраблю зямлю пустыняю з пустынь, і ганарлівая магутнасьць яе спыніцца, і горы Ізраілевыя апусьцеюць, так што ня будзе праходжых.

29 І ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі зраблю замлю пустыняю з пустынь за ўсе гідоты іхнія, якія яны рабілі.

30 А пра цябе, сыне чалавечы, сыны народу твайго гавораць каля сьцен і ў дзьвярах дамоў і кажуць адзін аднаму, брат брату: ідзеце і паслухайце, якое слова выйшла ад Госпада.

31 І яны прыходзяць да цябе, як на народную сходню, і сядае перад абліччам тваім народ Мой, і слухаюць словы твае, але ня выконваюць іх; бо яны ў вуснах сваіх робяць з гэтага забаўку, сэрца іхняе цягнецца за карысьлівасьцю іхняю.

32 І вось, ты для іх - як забаўны сьпявак з прыемным голасам і добра граеш; яны слухаюць словы твае, але ня выконваюць іх.

33 Але калі збудзецца - вось, ужо і збываецца, - тады ўведаюць, што сярод іх быў прарок.

 

Разьдзел 34

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! вымаві прароцтва на пастыраў Ізраілевых, вымаві прароцтва і скажы ім, пастырам: так кажа Гасподзь Бог: гора пастырам Ізраілевым, якія пасьвілі саміх сябе! ці ж ня статак павінны пасьвіць пастыры?

3 Вы елі тлушч і воўнаю апраналіся, укормленых авечак калолі, а статак ня пасьвілі.

4 Слабых не мацавалі і хворай авечкі ня лекавалі і параненай не перавязвалі, і сагнанай не вярталі і згубленай ня шукалі, а кіравалі імі з гвалтам і жорсткасьцю.

5 І расьсеяліся яны бяз пастыра і расьсеяўшыся парабіліся ежаю ўсякаму зьверу польнаму.

6 Блукаюць авечкі Мае па ўсіх горах і па ўсякіх высокіх пагорках, і па ўсім улоньні зямлі расьсеяліся авечкі Мае, і ніхто не разьведвае пра іх і ніхто ня шукае іх.

7 Таму, пастыры, выслухайце слова Гасподняе.

8 Жыву Я! кажа Гасподзь Бог; за тое, што авечкі Мае былі пакінутыя, каб іх пахапалі, і бяз пастыра зрабіліся авечкі Мае ежаю ўсякаму зьверу польнаму, і пастыры Мае ня шукалі авечак Маіх і пасьвілі пастыры саміх сябе, а авечак Маіх ня пасьвілі,

9 за тое, пастыры, паслухайце слова Гасподняе.

10 Так кажа Гасподзь Бог: вось Я - на пастыраў, і спаганю авечак Маіх з рук іхніх і ня дам ім болей пасьвіць авечак, і ня будуць болей пастыры пасьвіць саміх сябе, і вырву авечак Маіх з пашчанак іхніх, і ня будуць яны ежаю ім.

11 Бо так кажа Гасподзь Бог: вось Я Сам знайду авечак Маіх і агледжу іх.

12 Як пастух правярае статак свой у той дзень, калі ён сярод статку свайго расьсеянага, так Я перагледжу авечак Маіх і вызвалю іх з усіх мясьцінаў, у якія яны былі расьсеяны ў дзень хмарны і змрочны.

13 І выведу іх з народаў і зьбяру іх з краін, і прывяду іх у зямлю іхнюю і буду пасьвіць іх на горах Ізраілевых, каля патокаў і на ўсіх населеных мясьцінах зямлі гэтай.

14 Буду пасьвіць іх на добрай пашы, і кашара іхняя будзе на высокіх горах Ізраілевых; там яны будуць адпачываць у добрым загоне і будуць пасьвіцца на сакавітай пашы - на горах Ізраілевых.

15 Я буду пасьвіць авечкі Мае і Я буду пакоіць іх, кажа Гасподзь Бог.

16 Якая згубілася, тую знайду і адагнаную вярну, і параненую перавяжу і хворую ўмацую, і ўтлусьцелую і буйную зьнішчу; буду пасьвіць іх па праўдзе.

17 А вас, авечкі Мае, - так кажа Гасподзь Бог, - вось, Я буду судзіць паміж авечкаю і авечкаю, паміж бараном і казлом.

18 Хіба мала вам таго, што пасьвіцеся на добрай пашы, а між тым астатняе на пашы вашай дратуеце нагамі вашымі, п'яце чыстую ваду, а астатнюю каламуціце нагамі вашымі,

19 так што авечкі Мае павінны карміцца тым, што патаптана нагамі вашымі, і піць тое, што скаламучана нагамі вашымі?

20 Таму так кажа ім Гасподзь Бог: вось, Я Сам буду судзіць паміж авечкаю тлустаю і авечкаю худою.

21 Як што вы штурхаеце бокам і плячом, і рагамі сваімі бораце ўсіх слабых, пакуль ня выштурхнеце іх вонкі,

22 дык Я ўратую авечкі Мае, і іх ня будуць ужо расьцягваць, і рассуджу паміж авечкаю і авечкаю.

23 І пастаўлю над імі аднаго пастыра, які будзе пасьвіць іх, раба Майго Давіда; ён будзе пасьвіць іх і ён будзе ў іх за пастыра.

24 І Я Гасподзь буду іхнім Богам, і раб Мой Давід будзе князем сярод іх. Я Гасподзь сказаў гэта.

25 І заключу зь імі запавет міру і выдалю зь зямлі лютых зьвяроў, так што ў бясьпецы жыцьмць у стэпе і спацьмуць у лясах.

26 Дам ім і ваколіцам пагорка Майго дабраславеньне, і дождж буду пасылаць у свой час; гэта будзе дождж дабраславеньня.

27 І палявое дрэва будзе даваць плод свой, і зямля будзе даваць утворы свае; і будуць яны ўбясьпечаны на зямлі сваёй, і ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі паламаю сувязі ярма іхняга і вызвалю іх з рукі рабаўніка іхняга.

28 Яны ня будуць ужо здабычаю народаў, і палявыя зьвяры ня будуць жэрці іх; яны будуць жыць убясьпечана, і ніхто ня будзе палохаць іх.

29 І ўчыню ў іх пасадку слаўную, і ня будуць ужо гінуць ад голаду на зямлі і цярпець ганьбаваньне ад народаў.

30 І ўведаюць, што Я, Гасподзь Бог іхні - зь імі, і яны, дом Ізраілеў - Мой народ, кажа Гасподзь Бог,

31 і што вы - авечкі Мае, авечкі паствы Маёй; вы - людзі, а Я - Бог ваш, кажа Гасподзь Бог.

 

Разьдзел 35

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 сыны чалавечыя! павярні аблічча тваё да гары Сэір і вымаві на яе прароцтва

3 і скажы ёй: так кажа Гасподзь Бог: вось Я - на цябе, гара Сэір! і працягну на цябе руку Маю і зраблю цябе пустою і незаселенаю.

4 Гарады твае ператвару ў разваліны, і ты сама апусьцееш і ўведаеш, што Я - Гасподзь.

5 Як што ў цябе вечная варожасьць, і ты аддавала сыноў Ізраілевых у рукі мечу ў час няшчасьця іхняга, у час канчатковай пагібелі,

6 за гэта, жыву Я! кажа Гасподзь Бог, зраблю цябе крывёю, і кроў будзе перасьледаваць цябе; як што ты не ненавідзела крыві, дык кроў і будзе перасьледаваць цябе.

7 І зраблю гару Сэір пустым і бязьлюдным стэпам і вынішчу на ёй прыхадня і вяртанца.

8 І напоўню вышыні яе забітымі яе: на пагорках тваіх і ў далінах тваіх і ва ўсіх калдобінах тваіх будуць падаць пабітыя мечам.

9 Зраблю цябе пустыняю вечнаю, і ў гарадах тваіх ня будуць жыць, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.

10 Так, як ты казала: гэтыя два народы і гэтыя дзьве зямлі будуць мае, і мы завалодаем імі, хоць і Гасподзь быў там,

11 за тое, жыву Я! кажа Гасподзь Бог, зраблю з табою ў меру нянавісьці тваёй, якую ты выказала зь нянавісьці тваёй да іх, і яўлю Сябе ім, калі буду судзіць цябе.

12 І ўведаеш, што Я Гасподзь чуў усе глумленьні твае, якія ты вымаўляла на горы Ізраілевыя, кажучы: «апусьцелі! нам аддадзены, каб мы зьелі!»

13 Вы пышыліся перада Мною языком вашым і памнажалі прамовы вашыя супроць Мяне; я чуў гэта.

14 Так кажа Гасподзь Бог: калі ўся зямля будзе радавацца, Я зраблю цябе пустыняю.

15 Як ты радавалася таму, што доля дому Ізраілевага апусьцела, так зраблю Я і з табою: спустошана будзеш, гара Сэір, і ўся Ідумэя разам, - і ўведаюць, што Я - Гасподзь.

 

Разьдзел 36

 

1 І ты, сыне чалавечы, вымаві прароцтва на горы Ізраілевыя і скажы: горы Ізраілевыя! слухайце слова Гасподняе.

2 Так кажа Гасподзь Бог: як што вораг гаворыць пра вас: «ага! ага! і вечныя вышыні дасталіся нам на долю»,

3 дык вымаві прароцтва і скажы, так кажа Гасподзь Бог: за тое, менавіта за тое, што спусташаюць вас і паглынаюць вас з усіх бакоў, каб вы зрабіліся здабыткам іншых народаў і былі зьліхаслоўлены і перасуджаны людзьмі,

4 за гэта, горы Ізраілевыя, выслухайце слова Госпада Бога: так кажа Гасподзь Бог горам і пагоркам, лагчынам і далінам, і апусьцелым развалінам і пакінутым гарадам, якія зрабіліся здабычаю і паглумішчам іншым навакольным народам;

5 за гэта так кажа Гасподзь Бог: у агні клопату Майго Я вымавіў слова на іншыя народы і на ўсю Ідумэю, якія назначылі зямлю Маю на валоданьне сабе, з сардэчнай радасьцю і з пагардай у душы асуджаючы яе на здабычу сабе.

6 Таму вымаві прароцтва пра зямлю Ізраілевую і скажы горам і пагоркам, лагчынам і далінам: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я вымавіў гэта ў клопаце Маім, бо вы несяце на сабе паглум ад народаў.

7 Таму так кажа Гасподзь Бог: Я падняў руку Маю з прысягаю, што народы, якія вакол вас, самі панясуць сорам свой.

8 А вы, горы Ізраілевыя, распусьцеце гольле ваша і будзеце радзіць плады вашыя народу Майму Ізраілю; бо яны скора прыйдуць.

9 Бо вось, Я да вас зьвярнуся, і вас будуць урабляць і засяваць.

10 І пасялю на вас мноства людзей, і ўвесь дом Ізраілеў, увесь, і заселеныя будуць гарады і забудаваныя разваліны.

11 І памножу на вас людзей і яны будуць пладзіцца і множыцца, і засялю вас, як было ў ранейшыя часы вашыя, і буду чыніць вам дабра болей, чым у ранейшыя часы вашыя, - і ўведаеце, што Я - Гасподзь.

12 І прывяду на вас людзей, народ Мой, Ізраіля, і яны будуць валодаць табою, зямля! і ты будзеш спадчынай іхняй і ня будзеш болей рабіць іх бязьдзетнымі.

13 Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што кажуць пра вас: «ты - зямля, якая есьць людзей і робіць народ твой бязьдзетным,»

14 затое ўжо ня будзеш больш есьці людзей і народу твайго ня будзеш наперад рабіць бязьдзетным, кажа Гасподзь Бог.

15 І больш ня будзеш чуць зьдзеку ад народаў, паглуму ад плямёнаў не панясеш ужо на сабе, і народу твайго больш ня будзеш рабіць бязьдзетным, кажа Гасподзь Бог.

16 І было мне слова Гасподняе:

17 сыне чалавечы! калі дом Ізраілеў жыў на зямлі сваёй, ён апаганьваў яе паводзінамі сваімі і ўчынкамі сваімі; шлях іх перад абліччам Маім быў як нячыстасьць жанчыны ў час ачышчэньня яе.

18 І Я выліў на іх гнеў Мой за кроў, якую яны пралівалі на гэтай зямлі, і за тое, што яны апаганьвалі яе ідаламі сваімі.

19 І Я расьсеяў іх па народах, і яны разьвеяны па землях; Я судзіў іх паводле шляхоў іхніх і паводле ўчынкаў іхніх.

20 І прыйшлі яны да народаў, куды пайшлі, і зьняславілі сьвятое імя Маё, бо пра іх кажуць: «яны - народ Госпада і выйшлі зь зямлі Ягонай»;

21 І пашкадаваў Я сьвятое імя Маё, якое зьняславіў дом Ізраілеў у народаў, куды прыйшоў.

22 Таму скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: ня вам Я зрабіў гэта, доме Ізраілеў, а дзеля сьвятога імя Майго, якое вы зьняславілі ў народаў, куды прыйшлі.

23 І асьвячу вялікае імя Маё, неславёнае ў народаў, сярод якіх вы зьняславілі яго, і ўведаюць народы, што Я - Гасподзь, кажа Гасподзь Бог, калі яўлю на вас сьвятасьць Маю перад вачыма іхнімі.

24 І вазьму вас з народаў і зьбяру вас з усіх краін і прывяду вас у зямлю вашу.

25 І акраплю вас чыстаю вадою, - і вы ачысьціцеся ад усіх пахібаў вашых, і ад усіх ідалаў вашых ачышчу вас.

26 І дам вам сэрца новае і дух новы дам вам; і вазьму з плоці вашай сэрца каменнае і дам вам сэрца плацяное.

27 Укладу ўсярэдзіну вас дух Мой і зраблю так, што вы хадзіцьмеце ў запаведзях Маіх і пастановы Мае будзеце захоўваць і выконваць.

28 І будзеце жыць на зямлі, якую Я даў бацькам вашым, і будзеце Маім народам, і Я буду вашым Богам.

29 І вызвалю вас ад усіх нечысьцяў вашых, і наклічу хлеб і памножу яго, і ня дам вам цярпець голад.

30 І памножу плады на дрэвах і ўтворы палёў, каб болей не цярпець вам паглуму ад народаў праз голад.

31 Тады згадаеце пра ліхія шляхі вашыя і благія ўчынкі вашыя і адчуеце агіду да саміх сябе за пахібнасьці вашыя і гнюсоты вашыя.

32 Ня дзеля вас Я зраблю гэта, кажа Гасподзь Бог, хай будзе вам вядома. Чырванейце і саромейцеся шляхоў вашых, доме Ізраілеў.

33 Так кажа Гасподзь Бог: у той дзень, калі ачышчу вас ад усіх пахібнасьцяў вашых і насялю гарады, адбудаваныя будуць разваліны,

34 і будзе ўрабляцца спустошаная зямля, якая была пустыняю ў вачах у кожнага, хто праходзіў міма,

35 тады скажуць: «гэтая апусьцелая зямля зрабілася як сад Эдэмскі і гэтыя разваленыя і апусьцелыя і спустошаныя гарады ўмацаваны і населены».

36 І ўведаюць народы, якія застануцца вакол вас, што Я Гасподзь зноў будую разбуранае, засаджваю апусьцелае. Я Гасподзь сказаў - і зрабіў.

37 Так кажа Гасподзь Бог: вось, яшчэ і ў тым яўлю міласьць Маю дому Ізраілеваму, памножу іх людзьмі, як статак.

38 Як многа бывае ахвярных авечак у Ерусаліме ў часы сьвятаў ягоных, так поўныя будуць людзьмі апусьцелыя гарады, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.

 

Разьдзел 37

 

1 Была на мне рука Госпада, і Гасподзь вывеў мяне духам і паставіў мяне пасярод поля, і яно было поўнае касьцей,

2 і абвёў мяне вакол каля іх, і вось даволі шмат іх на паверхні поля, і вось яны даволі сухія.

3 І сказаў мне: сыне чалавечы! ці ажывуць косьці гэтыя? Я сказаў: Госпадзе Божа! Ты ведаеш гэта.

4 І сказаў мне: вымаві прароцтва на косьці гэтыя і скажы ім: «косьці сухія! слухайце слова Гасподняе!»

5 Так кажа Гасподзь Бог касьцям гэтым: вось, Я ўвяду ў вас дух, і ажывяце.

6 І абкладу вас жыламі, і выгадую на вас плоць, і пакрыю вас скураю, і ўвяду ў вас дух, і ажывяце, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.

7 Я вымавіў прароцтва, як загадана было мне; і калі я прарочыў, адбыўся шум, і вось рух, і пачалі збліжацца косьці, костка з косткаю сваёю.

8 І бачыў я, і вось, жылы былі на іх, і плоць нарасла, і скура пакрыла іх зьверху, а духа ня было ў іх.

9 Тады сказаў Ён мне: вымаві прароцтва духу, вымаві прароцтва, сыне чалавечы, і скажы духу: так кажа Гасподзь Бог: ад чатырох вятроў прыйдзі, дух, і дыхні на гэтых забітых, і яны ажывуць.

10 І я вымавіў прароцтва, як Ён загадаў мне, і ўвайшоў у іх дух, - і яны ажылі і сталі на ногі свае - досыць, вялікае полчышча.

11 І сказаў Ён мне: сыне чалавечы! косьці гэтыя - увесь дом Ізраілеў. Вось, яны кажуць: «высахлі косьці нашыя, і загінула надзея нашая: мы адарваныя ад кораня».

12 Таму вымаві прароцтва і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, я адчыню труны вашыя і выведу вас, народзе Мой, з трунаў вашых і ўвяду вас у зямлю Ізраілевую.

13 І ўведаеце, што Я - Гасподзь, калі адчыню труны вашыя і выведу вас, народзе Мой, з трунаў вашых,

14 і ўкладу ў вас дух Мой, і ажывяце, і зьмяшчу вас на зямлі вашай - і ўведаеце, што Я Гасподзь сказаў гэта - і зрабіў, кажа Гасподзь.

15 І было мне слова Гасподняе:

16 а ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе адно жазло і напішы на ім: «Юду і сынам Ізраілевым, што ў спрымірэнстве зь ім»; і яшчэ вазьмі жазло і напішы на ім: «Язэпу», гэта - жазло Яфрэмава і ўсяго дому Ізраілевага, што ў спрымірэнстве зь ім.

17 І складзі іх у сябе адзін з адным у адно жазло, каб яны ў руцэ тваёй былі адно.

18 І калі спытаюцца ў цябе сыны народу твайго: «ці не растлумачыш нам, што гэта ў цябе?»

19 Тады скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я вазьму жазло Язэпава, якое ў руцэ ў Яфрэма і спрыміраных зь ім плямёнаў Ізраілевых, і прыкладу іх да яго, да жазла Юдавага, і зраблю іх адным жазлом, і будуць адно ў руцэ Маёй.

20 Калі ж абодва жэзлы, на якіх ты напішаш, будуць у руцэ тваёй перад вачыма іхнімі,

21 дык скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я вазьму сыноў Ізраілевых спасярод народаў, сярод якіх яны жывуць, і зьбяру іх адусюль і прывяду іх у зямлю іхнюю.

22 На гэтай зямлі, на горах Ізраіля Я зраблю іх адным народам, і адзін Цар будзе царом ва ўсіх іх, і ня будуць болей двума народамі і ўжо ня будуць наперад дзяліцца на два царствы.

23 І ня будуць ужо апаганьваць сябе ідаламі сваімі і рознымі заганамі сваімі, і вызвалю іх з усіх мясьцінаў, дзе яны жывуць, дзе яны грашылі, і ачышчу іх, - і будуць Маім народам, і Я буду іх Богам.

24 А раб Мой Давід будзе царом над імі і пастырам усіх іх, і яны будуць хадзіць паводле запаведзяў Маіх і пастановы Мае будуць захоўваць і выконваць іх.

25 І будуць жыць на зямлі, якую Я даў рабу Майму Якаву, на якой жылі бацькі іхнія: там будуць жыць яны і дзеці іхнія і дзеці дзяцей іхніх вавекі; і раб Мой Давід будзе князем у іх вечна.

26 І заключу зь імі запавет міру, запавет вечны будзе зь імі. І ўладкую іх і памножу іх і пастаўлю сярод іх сьвятыню Маю навекі.

27 І будзе ў іх жытло Маё, і буду іхнім Богам, а яны будуць Маім народам.

28 І ўведаюць народы, што Я - Гасподзь, Які асьвячае Ізраіля, калі сьвятыня Мая будзе сярод іх вавекі.

 

Разьдзел 38

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да Гога ў зямлі Магог, князя Роша, Мэшэха і Тувала, і вымаві на яго прароцтва

3 і скажы: так кажа Гасподзь Бог: вось Я - на цябе, Гог, князь Роша, Мэшэха і Тувала!

4 І павярну цябе і ўкладу цуглі ў сківіцы твае і выведу цябе і ўсё войска тваё, коней і верхаўцоў, усіх пры поўнай зброі, вялікае полчышча, у брані і з шчытамі, усіх узброеных мечамі,

5 Персаў, Эфіопаў і Лівійцаў зь імі, усіх з шчытамі і ў шаломах,

6 Гамэра з усімі ягонымі атрадамі, дом Тагарма, ад паўночных межаў, з усімі ягонымі атрадамі, многія народы з табою.

7 Рыхтуйся і зьбірайся - ты і ўсе полчышчы твае, што пазьбіраліся да цябе, - і будзь ім за правадыра.

8 Праз многа дзён ты спатрэбішся; у апошнія гады ты прыйдзеш у зямлю, збаўленую ад меча, сабраную з многіх гарадоў, на горы Ізраілевыя, якія былі ў пастаянным запусьценьні, але цяпер жыхары яе будуць вернуты з народаў і ўсе яны будуць жыць у бясьпецы.

9 І падымешся як бура, пойдзеш як хмара, каб накрыць зямлю, - і ты і ўсе полчышчы твае і многія народы з табою.

10 Так кажа Гасподзь Бог: у той дзень прыйдуць табе на сэрца думкі, і ты намысьліш ліхі ўчынак

11 і скажаш: падымуся я на зямлю неабгароджаную, пайду на бястурботных, якія жывуць у бясьпецы, - усе яны жывуць бязь сьцен, і няма ў іх ні замкоў, ні дзьвярэй,

12 каб учыніць рабунак і набраць здабычы, накласьці руку на зноў заселеныя руіны і на народ, сабраны з народаў, які вядзе гаспадарку і гандаль, які жыве на вяршыні зямлі.

13 Сава і Дэдан і купцы Тарсіскія з усімі іхнімі маладымі львамі скажуць табе: ты прыйшоў, каб учыніць рабунак, сабраў полчышча тваё, каб набраць здабычы, узяць срэбра і золата, адабраць быдла і маёмасьць, захапіць вялікую здабычу?

14 Таму вымаві прароцтва, сыне чалавечы, і скажы Гогу: так кажа Гасподзь Бог: ці ж не? таго дня, калі народ Мой Ізраіль будзе жыць у бясьпецы, ты ўведаеш гэта;

15 і пойдзеш зь месца твайго ад паўночных межаў, - і ты і многія народы з табою, усе, хто сядзіць на конях, зборня вялікая і войска шматлікае.

16 І падымешся на народ Мой, на Ізраіля, як хмара, каб накрыць зямлю: гэта будзе ў апошнія дні, і Я прывяду цябе на зямлю Маю, каб народы ўведалі Мяне, калі Я над табою, Гог, яўлю сьвятасьць Маю перад іх вачамі.

17 Так кажа Гасподзь Бог: ці ня ты - той самы, пра якога Я гаварыў у старадаўнія дні праз рабоў Маіх, прарокаў Ізраілевых, якія прарочылі ў тыя часы, што Я прывяду цябе на іх.

18 І будзе ў той дзень, калі Гог прыйдзе на зямлю Ізраілевую, кажа Гасподзь Бог, гнеў Мой запалае ў лютасьці Маёй.

19 І ў рэўнасьці Маёй, у агні абурэньня Майго Я сказаў: сапраўды ў той дзень адбудзецца вялікае патрасеньне на зямлі Ізраілевай.

20 І затрымцяць ад аблічча Майго рыбы марскія і птушкі нябесныя, і зьвяры польныя і ўсе паўзуны, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі, якія на ўлоньні зямлі, і абваляцца горы і ўпадуць уцёсы, і ўсе сьцены ўпадуць на зямлю.

21 І па ўсіх горах Маіх заклічу меч супроць яго, кажа Гасподзь Бог; меч кожнага чалавека будзе супроць брата ягонага.

22 І буду судзіцца зь ім згубнаю пошасьцю і праліцьцём крыві, і вылью на яго і на ягоныя палкі і на многія народы, якія зь ім, усепатопны дождж і каменны град, агонь і серку;

23 І пакажу Маю веліч і сьвятасьць Маю і яўлю Сябе перад вачыма многіх гарадоў, - і ўведаюць, што Я - Гасподзь.

 

Разьдзел 39

 

1 А ты, сыне чалавечы, прамові прароцтва на Гога і скажы: так кажа Гасподзь Бог: вось Я - на цябе, Гог, князь Роша, Мэшэха і Тувала!

2 І павярну цябе і павяду цябе, і выведу цябе ад краёў поўначы і прывяду цябе на горы Ізраілевыя.

3 І выб'ю лук твой зь левай рукі тваёй і выкіну стрэлы твае з правай рукі тваёй.

4 Упадзеш ты на горах Ізраілевых, і ты і ўсе палкі твае і народы, якія з табою; і аддам цябе, каб зьелі, розным драпежным птушкам і зьвярам польным.

5 На адкрытым полі ўпадзеш, бо Я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог.

6 І пашлю агонь на зямлю Магог і на жыхароў астравоў, якія жывуць у бясьпецы, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.

7 І яўлю сьвятое імя Маё сярод народу Майго, Ізраіля, і ня дам наперад няславіць сьвятога імя Майго, - і ўведаюць народы, што Я - Гасподзь, Сьвяты ў Ізраілі.

8 Вось гэта і прыйдзе і збудзецца, кажа Гасподзь Бог, гэта той дзень, пра які Я сказаў.

9 Тады жыхары гарадоў Ізраілевых выйдуць і раскладуць агонь і будуць паліць зброю, шчыты і латы, лукі і стрэлы, і булавы і дзіды, сем гадоў будуць паліць іх.

10 І ня будуць насіць дроў з поля, ані сячы іх у лясах, а будуць паліць толькі зброю; і абрабуюць рабаўнікоў сваіх і абяруць абіральнікаў сваіх, кажа Гасподзь Бог.

11 І будзе ў той дзень: дам Гогу месца на магілу ў Ізраілі, даліну, па якой праходзяць на ўсход ад мора, і яна будзе затрымліваць праходняў; і пахаваюць там Гога і ўсё полчышча ягонае і называцьмуць яе далінаю полчышча Гогавага.

12 І дом Ізраілеў сем месяцаў будзе хаваць іх, каб ачысьціць зямлю.

13 І ўвесь народ зямлі будзе хаваць іх, і славуты будзе ў іх дзень, калі Я праслаўлю Сябе, кажа Гасподзь Бог.

14 І назначаць людзей, якія ўвесь час будуць абыходзіць зямлю і з дапамогаю прахожых хавацьмуць тых, што засталіся на паверхні зямлі - дзеля ачышчэньня яе: а як пройдзе сем месяцаў яны пачнуць рабіць пошукі,

15 і калі хто з тых, што абыходзяць зямлю, убачыць костку чалавечую, той паставіць каля яе знак, пакуль пахавальнікі не пахаваюць яе ў даліне полчышча Гогавага

16 І будзе імя гораду: Гамона*. І так ачысьцяць яны зямлю.

17 А ты, сыне чалавечы, - так кажа Гасподзь Бог, скажы розным птушкам і ўсім зьвярам польным: зьбірайцеся і йдзеце, з усіх бакоў сыходзьцеся да ахвяры Маёй, якую Я закалю вам, да вялікай ахвяры на горах Ізраілевых, - і есьцімеце мяса і піцьмеце кроў:

18 мяса мужоў дужых будзеце есьці і будзеце піць кроў князёў зямлі, бараноў, ягнят, казлоў і цялят, усіх выкармленых на Васане;

19 і будзеце есьці тлушч удосыць і піць кроў дап'яна з ахвяры Маёй, якую Я закалю вам.

20 І насыціцеся за сталом Маім конямі і коньнікамі, мужамі дужымі і ўсякімі людзьмі вайсковымі, кажа Гасподзь Бог.

21 І яўлю славу Маю паміж народамі, і ўсе народы ўбачаць суд Мой, які Я ўчыню, і руку Маю, якую Я накладу на іх.

22 І будзе ведаць дом Ізраілеў, што Я - Гасподзь Бог іхні, ад сёньня і далей.

23 І ўведаюць народы, што дом Ізраілеў быў пераселены за няпраўду сваю; за тое, што яны паводзіліся вераломна перада Мною, Я схаваў ад іх аблічча Маё і аддаў іх у рукі ворагам іхнім, - і ўсе яны загінулі ад меча.

24 За нячыстасьць іхнюю і за іх пахібнасьць Я зрабіў гэта зь імі і схаваў ад іх аблічча Маё.

25 Таму так кажа Гасподзь Бог: сёньня вярну палон Якаваў і памілую ўвесь дом Ізраілеў і падбаю паводле сьвятога імя Майго.

26 І адчуюць яны няславу сваю і ўсе пахібы свае, якія рабілі перада Мною, калі жыцьмуць на зямлі сваёй у бясьпецы і ніхто ня будзе запалохваць іх,

27 калі Я вярну іх з народаў і зьбяру іх зь земляў ворагаў іхніх і яўлю ў іх сьвятасьць Маю перад вачамі многіх народаў.

28 І ўведаюць, што Я - Гасподзь Бог іхні, калі, расьсеяўшы іх сярод народаў, зноў зьбяру іх у зямлю іхнюю і не пакіну ўжо там ніводнага зь іх.

29 І ня будуць ужо хаваць ад іх твару Майго, бо Я вылью дух Мой на дом Ізраілеў, кажа Гасподзь Бог.

 

 

* Полчышча

Разьдзел 40

 

1 У дваццаць пятым годзе пасьля перасяленьня нашага, на пачатку года, у дзясяты дзень месяца, у чатырнаццатым годзе пасьля разбурэньня горада, у той самы дзень была на мне рука Госпада, і Ён павёў мяне туды.

2 Ва ўявах Божых, прывёў Ён мяне ў зямлю Ізраілевую і паставіў мяне на даволі высокай гары, і на ёй з паўднёвага боку былі як бы гарадскія будынкі,

3 і прывёў мяне туды. І вось муж, выгляд у якога як бы выгляд бліскучай медзі, і льняная вяроўка ў руцэ ў яго і трысьціна для вымярэньня, і стаяў ён каля брамы.

4 І сказаў мне гэты муж: сыне чалавечы! глядзі вачыма тваімі і слухай вушамі тваімі, і прыкладвай сэрца тваё да ўсяго, што я буду паказваць табе, бо ты на тое і прыведзены сюды, каб я паказаў табе гэта; усё, што ўгледзіш, абвясьці дому Ізраілеваму.

5 І вось, па-за храмам - мур з усіх бакоў яго, і ў руцэ ў таго мужа - трысьціна для вымярэньня ў шэсьць локцяў, калі лічыць кожны локаць локцем з далоню; і намерыў ён у гэтым будынку адну трысьціну таўшчыні і адну трысьціну вышыні.

6 Потым пайшоў да брамы, тварам на ўсход, і падняўся па прыступках яе і знайшоў меры ў адным парозе брамы адну трысьціну шырыні і ў другім парозе адну трысьціну шырыні.

7 І ў кожным бакавым пакоі адна трысьціна даўжыні і адна трысьціна шырыні, а паміж пакоямі пяць локцяў, і ў парозе брамы каля бабінца брамы ўсярэдзіне адна трысьціна.

8 І зьмерыў ён у бабінцы брамы ўсярэдзіне адну трысьціну,

9 а ў бабінцы каля брамы намерыў восем локцяў і два локці ў слупах. Гэты бабінец каля брамы - з боку храма.

10 Бакавых пакояў каля ўсходняй брамы: тры - з аднаго боку і тры - з другога; адна мера ва ўсіх трох і адна мера ў слупах з таго і з другога боку.

11 Шырыні ў пройме брамы ён намерыў дзесяць локцяў, а даўжыні брамы - трынаццаць локцяў.

12 А перад пакоямі выступ у адзін локаць, і ў адзін локаць - з другога боку выступ; гэтыя пакоі з аднаго боку мелі шэсьць локцяў і шэсьць локцяў з другога боку.

13 Потым намерыў ён у браме ад даху аднаго пакоя да даху другога дваццаць пяць локцяў шырыні; дзьверы былі насупраць дзьвярэй.

14 А ў слупах ён налічыў шасьцьдзясят локцяў - у кожным слупе каля двара і каля брамы,

15 і ад пярэдняга боку ўваходу ў браму да пярэдняга боку ўнутранае брамы - пяцьдзясят локцяў.

16 Кратаваныя вокны былі і ў бакавых пакоях і ў слупах іх, усярэдзіну брамы вакол, таксама і ў бабінцах вокны былі вакол на зьнешні бок, і на слупах - пальмы.

17 І прывёў ён мяне на зьнешні двор, і вось там - пакоі і каменны памост вакол двара; трыццаць пакояў на тым памосьце.

18 І памост гэты быў абапал брамы, адпаведна даўжыні брамы; гэты памост быў ніжэй.

19 І намерыў ён у шырыню ад ніжняе брамы да зьнешняга краю ўнутранага двара сто локцяў - на ўсход і на поўнач.

20 Ён зьмерыў таксама даўжыню і шырыню брамы зьнешняга двара, які выходзіў на поўнач,

21 і бакавыя пакоі пры іх, тры з аднаго боку і тры з другога; і слупы іх і выступы іх былі такой самай меры, як у ранейшае брамы: даўжыня іх - пяцьдзясят локцяў, а шырыня - дваццаць пяць локцяў.

22 І вокны іх і выступы іх і пальмы іх - той самай меры, як у брамы, якая выходзіць на ўсход; і ўваходзяць у яе па сямі прыступках, і перад імі выступы.

23 І ва ўнутраны двор ёсьць брама насупраць брамаў паўночнай і ўсходняй; і намерыў ён ад брамы да брамы сто локцяў.

24 І павёў мяне на поўдзень, і вось там - брама паўднёвая; і намерыў ён у слупах і выступах такую самую меру.

25 І вокны ў іх і перад дзьвярыма ў іх - такія самыя, як тыя вокны: даўжыні пяцьдзясят локцяў, а шырыні дваццаць пяць локцяў.

26 Пад'ём да іх - у сем прыступак, і пераддзьвер'е перад імі; і пальмавыя акрасы - адно з аднаго боку і адно з другога - на слупах іх.

27 І ва ўнутраны двор была паўднёвая брама; і намерыў ён ад брамы да брамы паўднёвай сто локцяў.

28 І прывёў ён мяне праз паўднёвую браму ва ўнутраны двор; і намерыў у паўднёвай браме тую самую меру.

29 І бакавыя пакоі іх і слупы іх і бабінцы іх - той самай меры, і вокны ў іх і ў бабінцах іх былі вакол; усяго ў даўжыню - пацьдзясят локцяў, а ў шырыню - дваццаць пяць локцяў.

30 Бабінцы былі вакол у дваццаць пяць локцяў, а шырынёю ў пяць локцяў.

31 І бабінцы былі ў іх на зьнешні двор, і пальмы былі на слупах іх; пад'ём да іх - на восем прыступак.

32 І павёў мяне ўсходняю брамаю на ўнутраны двор; і намерыў у гэтай браме тую самую меру.

33 І бакавыя пакоі іх і слупы іх былі вакол; даўжыня на пяцьдзясят локцяў, і шырыня - дваццаць пяць локцяў.

34 Бабінцы ў іх былі на зьнешні двор, і пальмы на слупах іх з таго і другога боку; пад'ём да іх, на восем прыступак.

35 Потым прывёў мяне да паўночнае брамы і намерыў у ёй тую самую меру.

36 Бакавыя пакоі пры ёй, слупы яе былі вакол; усяго ў даўжыню - пяцьдзясят локцяў і ў шырыню - дваццаць пяць локцяў.

37 Бабінцы ў ёй былі на зьнешні двор і пальмы на слупах яе з таго і з другога боку; пад'ём да яе - на восем прыступак.

38 Быў таксама пакой, з уваходам у яго, каля слупоў брамы: там абмываюць ахвяры цэласпаленьня.

39 А ў бабінцы каля брамы два сталы - з аднаго боку і два - з другога боку, каб калоць на іх ахвяры цэласпаленьня і ахвяры за грэх і ахвяры за злачынства.

40 І са зьнешняга боку каля ўваходу ў праёміну паўночнае брамы былі два сталы, і з другога боку каля бабінца пад брамай - два сталы.

41 Чатыры сталы - з аднаго боку і чатыры сталы - з другога боку і абапал брамы: усяго восем сталоў, на якіх колюць ахвяры.

42 І чатыры сталы для прыгатаваньня цэласпаленьня былі з часаных камянёў, даўжынёю ў паўтара локця і шырынёю ў паўтара локця, а вышынёю ў адзін локаць; на іх кладуць прылады для заколу ахвяры цэласпаленьня і іншыя ахвяры.

43 І гакі ў адну далоню ўроблены былі ў сьцены будынка вакол, а на сталах клалі ахвярнае мяса.

44 Звонку ўнутранае брамы былі пакоі для сьпевакоў; на ўнутраным двары, з боку паўночнае брамы, адна на поўдзень, а другая, з боку паўднёвае брамы, на поўнач.

45 І сказаў ён мне: гэты пакой, які выходзіць на поўдзень - для сьвятароў, якія чуваюць на варце храма;

46 а пакой, які выходзіць на поўнач - для сьвятароў, якія чуваюць на варце ахвярніка: гэта сыны Садока, якія адны з сыноў Лявія набліжаюцца да Госпада, каб служыць Яму.

47 І намерыў ён у двары сто локцяў даўжыні і сто локцяў шырыні: ён быў чатырохкутны: а перад храмам стаяў ахвярнік.

48 І прывёў ён мяне да бабінца храма і намерыў у слупах бабінца пяць локцяў з аднаго боку і пяць локцяў з другога; а ў браме - тры локці шырыні з аднаго боку і тры локці з другога.

49 Даўжыня бабінца - дваццаць локцяў, а шырыня - адзінаццаць локцяў, і ўзыходзяць у яго па дзесяці прыступках; і былі падпоры ў слупоў: адна - з аднаго боку, а другая - з другога.

 

Разьдзел 41

 

1 Потым увёў мяне ў храм і намерыў у слупах шэсьць локцяў шырыні з аднаго боку і шэсьць локцяў шырыні з другога боку, у шырыню скініі.

2 У дзьвярах - дзесяць локцяў шырыні, і абапал дзьвярэй - пяць локцяў з аднаго боку і пяць локцяў з другога боку; і намерыў даўжыні ў храме сорак локцяў, а шырыні дваццаць локцяў.

3 І пайшоў усярэдзіну, і намерыў у слупах каля дзьвярэй два локці і ў дзьвярах шэсьць локцяў, а шырыня дзьвярэй - у сем локцяў.

4 І адмерыў у ім дваццаць локцяў у даўжыню і дваццаць локцяў у шырыню храма, і сказаў мне: гэта Сьвятое Сьвятых.

5 І намерыў у сьцяне храма шэсьць локцяў, а шырыні ў бакавых пакоях вакол храма па чатыры локці.

6 Бакавых пакояў было трыццаць тры, пакой каля пакоя; яны ўдаюцца ў сьцяну, якая ў храма для пакояў вакол, так што яны ў сувязі зь ёю, але сьцяны самога храма не кранаюць.

7 І ён болей і болей расшыраўся вакол угору бакавымі пакоямі, бо акруглівасьць храма падымалася вышэй і вышэй вакол храма, і таму храм меў большую шырыню ўгары, і зь ніжняга паверха падымаліся ў верхні празь сярэдні.

8 І я бачыў верх Дома ва ўсю акругласьць; бакавыя пакоі каля асновы мелі там меры цэлую трысьціну, шэсьць поўных локцяў.

9 Шырыня сьцяны бакавых пакояў, якія выходзілі вонкі, пяць локцяў, і адкрытая прастора ёсьць каля бакавых пакояў храма.

10 І паміж пакоямі адлегласьць дваццаць локцяў вакол усяго храма.

11 Дзьверы бакавых пакояў вядуць на адкрытую прастору, адны дзьверы - на паўночны бок, а другія - на паўднёвы бок; а шырыня гэтай адкрытай прасторы - пяць локцяў вакол.

12 Будынак перад плошчаю на заходнім баку шырынёю ў семдзесят локцяў; а сьцяна гэтага будынка ў пяць локцяў шырыні вакол, а даўжыня яе дзевяноста локцяў.

13 І намерыў ён у храме сто локцяў даўжыні, і ў плошчы і ў прыбудове, і ў сьценах яго таксама сто локцяў даўжыні.

14 І шырыня храма па франтонным боку і плошчы на ўсход сто локцяў таксама.

15 І ў даўжыні будынка перад плошчаю на тыльным баку яе з бакавымі пакоямі яго па той і другі бок ён намерыў сто локцяў, з унутранасьцю храма і бабінцамі двара.

16 Брусы дзьвярэй і кратаваныя вокны, і бакавыя пакоі вакол, ва ўсіх трох паверхах, насупраць парогаў ашаляваныя дрэвам і ад падлогі па вокны; вокны былі зачыненыя.

17 Ад верху дзьвярэй як усярэдзіне храма, так і звонку, і па ўсёй сьцяне вакол, усярэдзіне і звонку, былі і разьбёныя выявы,

18 зроблены былі херувімы і пальмы; пальма паміж двума херувімамі, і ў кожнага херувіма - два твары.

19 З аднаго боку да пальмы павернуты твар чалавечы, а з другога боку - да пальмы твар ільвіны; так зроблена ва ўсім храме вакол.

20 Ад падлогі да верху дзьвярэй зроблены былі херувімы і пальмы, так і па сьцяне храма.

21 У храме былі чатырохкутныя вушакі, і сьвятыня мела такі самы выгляд, як я бачыў.

22 Ахвярнік быў з дрэва ў тры локці вышыні і ў два локці даўжыні; і вуглы яго і падножжа яго, і сьцены яго - з дрэва;

23 і сказаў ён мне: гэта трапеза, якая перад Госпадам.

24 І дзьверы гэтыя на дзьве дошкі, абедзьве дошкі рухомыя, дзьве каля адных дзьвярэй і дзьве каля другіх:

25 і зроблены на іх, на дзьвярах храма, херувімы і пальмы такія самыя, якія зроблены на сьценах; а перад бабінцам звонку быў памост з дрэва.

26 І кратаваныя вокны з пальмамі па той і другі бок былі абапал бабінца і ў бакавых пакоях храма і на драўлянай шалёўцы.

 

Разьдзел 42

 

1 І вывеў мяне да зьнешняга двара паўночнаю дарогаю і прывёў мяне да пакояў, якія насупраць плошчы і насупраць будынка на поўнач.

2 да таго месца, якое каля паўночных дзьвярэй мае ў даўжыню сто локцяў, а ў шырыню пяцьдзясят локцяў.

3 Насупраць дваццаці локцяў унутранага двара і насупраць памоста, які на зьнешнім двары, былі галярэя супраць галярэі ў тры ярусы.

4 А перад пакоямі - ход у дзесяць локцяў шырыні, а ўсярэдзіну адзін локаць; дзьверы іх выходзяць на поўнач.

5 Верхнія пакоі - вузейшыя, бо галярэя забірае ў іх крыху адносна ніжніх і сярэдніх пакояў гэтага будынка.

6 Яны - у тры ярусы, і такіх слупоў, якія на дварах, няма ў іх; таму яны і зроблены вузей за ніжнія і сярэднія пакоі, пачынаючы ад дарогі.

7 А вонкавая сьцяна насупраць гэтых пакояў ад зьнешняга двара, якая складае франтальны бок пакояў, мае даўжыні пяцьдзясят локцяў;

8 бо і пакоі на зьнешнім двары займаюць даўжыні толькі пяцьдзясят локцяў, і вось, перад храмам сто локцяў.

9 А зьнізу - ход да гэтых пакояў з усходняга боку, калі падыходзяць да іх са зьнешняга двара.

10 У шырыню сьцены двара на ўсход перад плошчаю і перад будынкам былі пакоі.

11 І ход перад імі - такі самы, як і ў тых пакоях, якія выходзяць да поўначы, такая самая даўжыня, як і ў тых, і такая самая шырыня, і ўсе выхады зь іх і будова іхняя і дзьверы ў іх такія самыя, як і ў тых.

12 Такія самыя дзьверы, як і ў пакоях, якія на поўдзень, і для ўваходу ў іх - дзьверы каля самай дарогі, якая ішла проста ўздоўж сьцяны на ўсход.

13 І сказаў ён мне: пакоі на поўнач і пакоі на поўдзень, якія перад плошчаю, ёсьць пакоі сьвяшчэнныя, у якіх сьвятары, якія набліжаюцца да Госпада, ядуць самыя сьвятыя ахвяры; там сама яны кладуць самыя сьвятыя ахвяры і хлебнае прынашэньне, і ахвяру за грэх і ахвяру за злачынства, бо гэта месца сьвятое.

14 Калі ўвойдуць туды сьвятары, дык яны не павінны выходзіць з гэтага сьвятога месца на зьнешні двор, пакуль не пакінуць там вопраткі сваёй, у якой служылі, бо яна сьвяшчэнная; яны павінны апрануцца ў іншае адзеньне, і тады выходзіць да людзей.

15 Калі ён закончыў мерыць унутраны храм, дык вывеў мяне праз браму, якая выходзіць на ўсход, і пачаў мерыць яе вакол.

16 Ён абмерыў усходні бок мернаю трысьцінаю і намераў мернаю трысьцінаю ўсяго пяцьсот трысьцін;

17 з паўночнага боку тою самаю мернаю трысьцінаю намераў усяго пяцьсот трысьцін;

18 з паўднёвага боку намераў мернаю трысьцінаю таксама пяцьсот трысьцін.

19 Павярнуўшыся на заходні бок, намераў мернаю трысьцінаю пяцьсот трысьцін.

20 З усіх чатырох бакоў ён вымерыў яго; вакол яго быў мур даўжынёю ў пяцьсот трысьцін і ў пяцьсот трысьцін шырынёю, каб аддзяліць сьвятое месца ад несьвятога.

 

Разьдзел 43

 

1 І прывёў мяне да брамы, да той брамы, якая выходзіць на ўсход.

2 І вось, слава Бога Ізраілевага ішла з усходу, і голас Яго - як шум многіх водаў, і зямля асьвяцілася ад славы Яго.

3 Гэтая ўява была такая самая, якую я бачыў раней, такая ж самая, якую я бачыў, калі прыходзіў абвясьціць пагібель гораду, і ўявы, падобныя да ўяваў, якія бачыў я каля ракі Ховара. І я ўпаў на аблічча маё.

4 І слава Госпада ўвайшла ў храм праз браму, што выходзіць на ўсход.

5 І падняў мяне дух і ўвёў мяне ва ўнутраны двор, і вось слава Госпада напоўніла ўвесь храм.

6 І я чуў кагосьці, які гаварыў мне з храма, а той муж стаяў каля мяне,

7 і сказаў мне: сыне чалавечы! гэта месца трона Майго і месца ступакам ног Маіх, дзе Я буду жыць сярод сыноў Ізраілевых вавекі; і дом Ізраілеў ня будзе больш апаганьваць сьвятога імя Майго, ні яны, ні цары іхнія, блудадзействам сваім і трупамі цароў сваіх на вышынях іхніх.

8 Яны ставілі парог свой каля парога Майго і вяроўкі дзьвярэй сваіх каля пераддзьвер'я Майго, так што адна сьцяна была паміж Мною і імі, і апаганьвалі сьвятое імя Маё мярзотамі сваімі, якія рабілі, і за тое Я пагубіў іх у гневе Маім.

9 А цяпер яны адвядуць ад Мяне блудадзейства сваё і трупы цароў сваіх, і Я буду жыць сярод іх вавекі.

10 Ты, сыне чалавечы, абвясьці дому Ізраілеваму пра храм гэты, каб яны пасаромеліся пахібаў сваіх, і каб зьнялі зь яго меру.

11 І калі яны пасаромлеюцца ўсяго таго, што рабілі, дык пакажы ім выгляд храма і разьмяшчэньне яго, і выхады яго і ўваходы яго, і ўсе абрысы яго і ўсе статуты яго, і ўсе вобразы яго і ўсе законы яго, і напішы на вачах у іх, каб яны захавалі ўсе абрысы яго і ўсе статуты яго і дзеялі згодна зь імі.

12 Вось закон храма: на вяршыні гары ўся прастора яго вакол - Сьвятое Сьвятых; вось закон храма!

13 І вось памеры ахвярніка ў локцях, лічачы локаць у локаць з далоняю: аснова ў локаць, шырыня ў локаць таксама, і пояс па ўсіх краях яго ў адну пядзю; і вось задні бок ахвярніка.

14 Ад асновы, што ў зямлі, да ніжняга выступу два локці, а шырынёю ён у адзін локаць; ад малога выступа чатыры локці, а шырыня яго ў адзін локаць.

15 Сам ахвярнік вышынёю ў чатыры локці; і з ахвярніка падымаюцца ўгору чатыры рагі.

16 Ахвярнік мае дванаццаць локцяў даўжыні і дванаццаць шырыні; ён чатырохвугольны на ўсе свае чатыры бакі.

17 А ў пляцоўцы чатырнаццаць локцяў даўжыні і чатырнаццаць шырыні на ўсе чатыры бакі яе, і вакол яе пояс у паўлокця, а аснова яе ў локаць вакол, а прыступкі да яе з усходу.

18 І сказаў ён мне: сыне чалавечы! так кажа Гасподзь Бог; вось статуты ахвярніка на той дзень, калі ён будзе зроблены для прынашэньня на ім цэласпаленьняў і для крапленьня на Яго крывёю.

19 Сьвятарам ад калена Лявіінага, якія з племя Садока, якія набліжаюцца да Мяне, каб служыць Мне, кажа Гасподзь Бог, дай цяля са статку валоў у ахвяру за грэх;

20 і вазьмі крыві ягонай, і пакрапі на чатыры рагі яго і на рагі пляцоўкі, і на пояс вакол, і так ачысьці яго і асьвяці яго.

21 І вазьмі цяля ў ахвяру за грэх і спалі яго на назначаным месцы Дома па-за сьвяцілішчам.

22 А на другі дзень у ахвяру за грэх прынясі з казінага статку казла без заганы, і няхай ачысьцяць ахвярнік гэтак сама, як ачышчалі цялём.

23 Калі ж закончыш ачышчэньне, прывядзі са стаку авечак - барана без заганы, і са статку авечак - барана без заганы;

24 і прынясі іх перад аблічча Госпада; і сьвятары кінуць на іх солі і ўзьнясуць іх на цэласпаленьне Госпаду.

25 Сем дзён прынось у ахвяру за грэх па казлу ў дзень; гэтак сама хай прыносяць у ахвяру па цяляці са статку валоў і па баране са статку авечак без заганы.

26 Сем дзён яны павінны ачышчаць ахвярнік і асьвячаць яго, і напаўняць рукі свае.

27 Пасьля гэтых дзён, у восьмы дзень і далей, сьвятары будуць узносіць на ахвярніку вашыя цэласпаленьні і падзякавальныя ахвяры; і Я буду літасьцівы да вас, кажа Гасподзь Бог.

 

Разьдзел 44

 

1 І прывёў ён мяне назад да зьнешняй брамы сьвятыні, якая выходзіла на ўсход, і яна была зачыненая.

2 І сказаў мне Гасподзь: брама гэтая будзе зачыненая, не адчыніцца, і ніякі чалавек ня ўвойдзе празь яе, бо Гасподзь Бог Ізраілеў увайшоў празь яе, і яна будзе зачыненая.

3 Што да князя, ён, як князь, сядзе ў ёй, каб есьці хлеб перад Госпадам; увойдзе праз бабінец гэтай брамы, і той самай дарогаю выйдзе.

4 Потым прывёў мяне праз браму паўночную перад аблічча храма, і я бачыў, і вось, слава Госпада напаўняла дом Госпада, і я ўпаў на аблічча маё.

5 І сказаў мне Гасподзь: сыне чалавечы! прыкладвай сэрца тваё да ўсяго і глядзі вачыма тваімі і слухай вушамі тваімі ўсё, што Я кажу табе пра ўсе пастановы Дома Госпада і ўсе законы яго; і прыкладвай сэрца тваё да ўваходу ў храм і да ўсіх выхадаў са сьвятыні.

6 І скажы мяцежнаму дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: годзе вам, доме Ізраілеў, рабіць усе мярзоты вашыя,

7 уводзіць сыноў чужое, неабрэзаных сэрцам і неабрэзаных плоцьцю, каб яны былі ў Маёй сьвятыні і апаганьвалі храм Мой, падносіць хлеб Мой, тлушч і кроў, і разбураць запавет Мой рознымі мярзотамі вашымі.

8 Вы ня несьлі варты каля сьвятыняў Маіх, а ставілі замест сябе іх на варту ў Маім сьвяцілішчы.

9 Так кажа Гасподзь Бог: ніякі сын чужое, неабрэзаны сэрцам і неабрэзаны плоцьцю, не павінен уваходзіць у сьвяцілішча Маё, нават і той сын чужое, які жыве сярод сыноў Ізраіля.

10 Гэтак сама і Лявіты, якія адышлі ад Мяне падчас адступніцтва Ізраілевага, якія, пакінуўшы Мяне, блукалі сьледам за ідаламі сваімі, панясуць кару за віну сваю.

11 Яны будуць служыць у сьвяцілішчы Маім, як вартаўнікі каля брамы храма і прыслужнікі каля храма; яны будуць калоць народу цэласпаленьне і іншыя ахвяры і будуць стаяць перад імі дзеля слугаваньня ім.

12 За тое, што яны слугавалі ім перад ідаламі іхнімі і былі дому Ізраілеваму спакусай да бязбожнасьці, Я падняў на іх руку Маю, кажа Гасподзь Бог, і яны панясуць кару за віну сваю;

13 яны ня будуць набліжацца да Мяне, каб сьвяшчэнадзеяць перад Мною і прыступаць да ўсіх сьвятыняў Маіх, да Сьвятога Сьвятых, а будуць несьці на сабе няславу сваю і мярзоты свае, якія рабілі.

14 Зраблю іх вартаўнікамі храма на ўсе службы ягоныя і дзеля ўсяго, што ўчыняецца ў ім.

15 А сьвятары з племя Лявіінага, сына Садока, якія падчас адступленьня сыноў Ізраілевых ад Мяне, увесь час стаялі на варце сьвяцілішча Майго, тыя будуць набліжацца да Мяне, каб служыць Мне, і будуць стаяць наперадзе перад абліччам Маім, каб прыносіць Мне тлушч і кроў, кажа Гасподзь Бог.

16 Яны будуць уваходзіць у сьвяцілішча Маё і набліжацца да трапезы Маёй, каб служыць Мне і захоўваць варту Маю.

17 Калі прыйдуць да брамы ўнутранага двара, тады апрануцца ў вопратку льняную, а ваўнянае не павінна быць на іх падчас іх служэньня ў браме ўнутранага двара і ўсярэдзіне храма.

18 павязкі на іхніх галовах павінны быць таксама льняныя; і сподняе на сьцёгнах іхніх павінна быць таксама льняное; у поце яны не павінны падпяразвацца.

19 А калі трэба будзе выйсьці на зьнешні двор, на зьнешні двор да народу, тады яны павінны будуць зьняць вопратку сваю, у якой яны служылі і пакінуць яе ў сьвяшчэнных пакоях і апрануцца ў іншую вопратку, каб сьвяшчэнным адзеньнем сваім не дакранацца да народу.

20 І галавы сваёй не павінны яны галіць і не павінны запускаць валасоў, а няхай мусова стрыгуць галовы свае.

21 І віна не павінен піць ніводзін сьвятар, калі ідзе ва ўнутраны двор.

22 Ні ўдавы, ні разьведзенай з мужам сваім яны не павінны браць сабе за жонку, а толькі могуць браць сабе дзяўчат з племя дома Ізраілевага і ўдаву, якая засталася ўдавою ад сьвятара.

23 Яны павінны вучыць народ Мой адрозьніваць сьвяшчэннае ад несьвяшчэннага і тлумачыць ім, што нячыста і што чыста.

24 Пры спрэчных справах яны павінны прысутнічаць у судзе і паводле статутаў Маіх судзіць іх, і сачыць за законамі Маімі і за пастановамі Маімі пра ўсе сьвяты Мае і сьвята захоўваць суботы Мае.

25 Да мёртвага чалавека ніхто зь іх не павінен падыходзіць, каб не зрабіцца нячыстым; толькі дзеля бацькі і маці, дзеля сына і дачкі, брата і сястры, якая ня была замужам, можна ім зрабіць сябе нячыстымі.

26 А пасьля ачышчэньня такога, яшчэ сем дзён належыць адлічыць яму.

27 І ў той дзень, калі яму трэба будзе прыступаць да сьвятыні ва ўнутраным двары, каб служыць пры сьвятыні, ён павінен прынесьці ахвяру за грэх, кажа Гасподзь Бог.

28 А што да іхняй долі, дык Я - доля іхняя. І валоданьня не давайце ім у Ізраілі: Я - іхняе валоданьне.

29 Яны будуць есьці ад хлебнага прынашэньня, ад ахвяры за грэх і ахвяры за злачынства; і ўсё заклятае ў Ізраіля ім жа і належыць.

30 І пачаткі з усіх пладоў вашых, і ўсякага роду прынашэньні, з чаго б ні складаліся прынашэньні вашыя, належаць сьвятарам; і пачаткі мліва вашага аддавайце сьвятару, каб над домам тваім пакоілася дабраславеньне.

31 Ніякай мярцьвячыны і нічога з разадранага зьверам, ні з птушак, ні з быдла, не павінны есьці сьвятары.

 

Разьдзел 45

 

1 Калі будзеце па жэрабі дзяліць зямлю на дзялянкі, тады аддзялеце сьвяшчэнны пляц Госпаду ў дваццаць пяць тысяч трысьцін даўжыні і дзесяць тысяч шырыні; хай будзе сьвятое месца ва ўсёй поўніцы сваёй, навакол.

2 Ад яго да сьвяцілішча адыдзе чатырохкутнік па пяцьсот трысьцін вакол, і вакол яго пляц у пяцьдзясят локцяў.

3 З гэтай меры адмер дваццаць пяць тысяч трысьцін у даўжыню і дзесяць тысяч у шырыню, дзе будзе сьвяцілішча, Сьвятое Сьвятых.

4 Гэта сьвяшчэнная частка зямлі належыць будзе сьвятарам, службітам сьвяцілішча, якія прыступаюць да служэньня Госпаду: гэта будзе ім месцам для дамоў і сьвятыняю для сьвяцілішча.

5 Дваццаць пяць тысяч трысьцін даўжыні і дзесяць тысяч шырыні будуць належаць Лявітам, службітам храма, як іх валоданьне для пражытку іхняга.

6 І на валоданьне гораду дайце пяць тысяч шырыні і дваццаць пяць тысяч даўжыні, насупраць сьвяшчэннага месца, выдзеленага Госпаду; гэта належыць павінна ўсяму дому Гасподняму.

7 І князю дайце долю па той і другі бок, як каля сьвяшчэннага месца, выдзеленага Госпаду, так і каля гарадскога валоданьня, на захад з заходняга боку і на ўсход з усходняга боку, даўжынёю нароўні з адным з гэтых надзелаў ад заходняй мяжы да ўсходняй.

8 Гэта ягоная зямля, яго валоданьне ў Ізраілі, каб князі Мае наперад ня ўціскалі народу Майго, і каб далі зямлю дому Ізраілеваму паводле плямёнаў яго.

9 Так кажа Гасподзь Бог: годзе вам, князі Ізраілевыя! адкладзеце крыўды і ўціскі і чынеце справядлівасьць і праўду, перастаньце выцясьняць народ Мой з валоданьняў ягоных, кажа Гасподзь Бог.

10 Хай будуць у вас правільныя вагі і правільная эфа і правільны бат.

11 Эфа і бат павінны быць аднолькавай меры, так каб бат умяшчаў у сябе дзясятую частку хомэра і эфа дзясятую частку хомэра; мера іх павінна вызначацца па хомэры.

12 У сіклі дваццаць гераў; а дваццаць сікляў, дваццаць пяць сікляў і пятнаццаць сікляў складаць будуць у вас міну.

13 Вось даніна, якую вы павінны даваць князю: шостую частку эфы ад хомэра пшаніцы і шостую частку эфы ад хомэра ячменю;

14 пастанова пра алей: ад кора алею дзясятую частку бата: дзесяць батаў складаюць хомэр, бо ў хомэры дзесяць батаў;

15 адну авечку ад статку ў дзьвесьце авечак з тлустай пашы Ізраіля: усё гэта дзеля хлебнага прынашэньня і падзякавальнай ахвяры, на ачышчэньне іх, кажа Гасподзь Бог.

16 Увесь народ зямлі абавязваецца рабіць гэтае прынашэньне князю ў Ізраіле.

17 А ў абавязках князя будуць ляжаць цэласпаленьне і хлебнае прынашэньне, і выліваньне на сьвяты і на маладзіка і ў суботы, падчас усіх урачыстасьцяў дома Ізраілевага; ён павінен будзе прыносіць ахвяру за грэх і хлебнае прынашэньне, і цэласпаленьне і ахвяру падзякавальную, на ачышчэньне дому Ізраілевага.

18 Так кажа Гасподзь Бог: у першым месяцы, у першы дзень месяца вазьмі са статку валоў цялушку без заганы і ачысьці сьвяцілішча.

19 Сьвятар няхай возьме крыві ад гэтай ахвяры за грахі і пакропіць ёю на вяроўкі храма і на чатыры куты пляцоўкі каля ахвярніка, і на вяроўкі брамы ўнутранага двара.

20 Тое самае зрабі і ў сёмы дзень месяца за тых, што грэшаць наўмысна і з прастадушнасьці, і так ачышчайце храм.

21 У першым месяцы, у чатырнаццаты дзень месяца павінна быць у вас Пасха, сьвята сямідзённае, калі павіны быць праснакі.

22 У гэты дзень князь за сябе і за ўвесь народ зямлі прынясе цяля ў ахвяру за грэх.

23 У гэтыя сем дзён сьвята ён павінен прыносіць на цэласпаленьне Госпаду кожны дзень па сем цялят і па сем бараноў без заганы і ў ахвяру за грэх кожны дзень па казлу з казінага статку.

24 Хлебнага прынашэньня ён павінен прыносіць па эфе на цяля і па эфе на барана, і па гіне алею на эфу.

25 У сёмым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца, у сьвята, на працягу сямі дзён ён павінен прыносіць тое самае: такую самую ахвяру за грэх, такое самае цэласпаленьне, і столькі сама хлебнага прынашэньня і столькі сама алею.

 

Разьдзел 46

 

1 Так кажа Гасподзь Бог: брама ўнутранага двара, якая выходзіць на ўсход, павінна быць замкнутая шэсьць дзён, а ў суботні дзень яна павінна быць адчыненая і ў дзень маладзіка павінна быць адчыненая.

2 Князь пойдзе празь зьнешні бабінец брамы і стане каля вяроўкі гэтае брамы; і сьвятары ўчыняць ягонае цэласпаленьне і ягоную падзякавальную ахвяру; і ён каля парога брамы паклоніцца Госпаду і выйдзе, а брама застанецца незамкнутая да вечара.

3 І народ зямлі будзе пакланяцца перад Госпадам пры ўваходзе ў браму, у суботы і ў дні маладзіка.

4 Цэласпаленьне, якое князь прынясе Госпаду ў суботні дзень, павінна быць з шасьці ягнят без заганы і з барана без заганы;

5 хлебнага прынашэньня эфа на барана, а на ягнят хлебнага прынашэньня, колькі рука ягоная падасьць, а алею гін на эфу.

6 У дзень маладзіка будуць прыносіцца ім са статку валоў цяля без заганы, таксама шэсьць ягнят і баран без заганы.

7 Хлебнага прынашэньня ён прынясе эфу на цяля і эфу на барана, а на ягнят, колькі рука ягоная падасьць, і алею гін на эфу.

8 І калі будзе прыходзіць князь, дык павінен уваходзіць праз бабінец брамы і тою ж дарогаю выходзіць.

9 А калі народ зямлі будзе прыходзіць перад аблічча Госпада на сьвяты, дык той, хто ўвойдзе праз паўночную браму на пакланеньне, павінен выходзіць паўднёваю брамаю, а хто ўвайшоў праз паўднёвую браму, павінен выходзіць паўночнаю брамаю; ён не павінен выходзіць праз тую самую браму, праз якую ўвайшоў, а павінен выходзіць у процілеглую.

10 І князь павінен быць сярод іх; калі яны ўваходзяць, уваходзіць і ён; і калі яны выходзяць, выходзіць і ён.

11 І на сьвяты і ва ўрачыстыя дні хлебнага прынашэньня ад яго павінна быць па эфе на цяля і па эфе на барана, і на ягнят, колькі падасьць рука ягоная, і алею па гіну на эфу.

12 А калі князь, у меру дбаньня свайго, захоча прынесьці цэласпаленьне альбо падзякавальную ахвяру Госпаду, дык павінен адчыніць яму ўсходнюю браму, і ён учыніць сваё цэласпаленьне і сваю падзякавальную ахвяру гэтак сама, як учыніў у суботні дзень, і пасьля гэтага ён выйдзе, і пасьля выхаду яго брама зачыніцца.

13 Кожны дзень прынось Госпаду на цэласпаленьне гадавалае ягня без заганы; кожнае раніцы прынось яго.

14 А хлебнага прынашэньня дадавай да яго кожнае раніцы шостую частку эфы і алею трэцюю частку гіна, каб распусьціць муку; такая вечная пастанова пра хлебнае прынашэньне Госпаду, назаўсёды.

15 Хай прыносяць на цэласпаленьне ягня і хлебнае прынашэньне і алей кожнае раніцы пастаянна.

16 Так кажа Гасподзь Бог: калі князь дае каму з сыноў сваіх дарунак, дык гэта павінна пайсьці ў спадчыну і ягоным сынам; гэта валоданьне іх павінна быць спадчынным.

17 Калі ж ён дасьць са спадчыны сваёй каму-небудзь з рабоў свой дарунак, дык гэта будзе належаць яму толькі да году вызваленьня, і тады вернецца да князя. Толькі да сыноў ягоных павінна пераходзіць спадчына ягоная.

18 Але князь ня можа браць са спадчыннай дзялянкі народу, выцясьняючы іх з валоданьняў іхніх; са свайго толькі валоданьня ён можа выдзяляць дзецям сваім, каб ніхто з народу Майго ня быў гнаны са свайго валоданьня.

19 І прывёў ён мяне тым ходам, які з боку брамы, да сьвяшчэнных пакояў для сьвятароў, што на поўнач, і вось там адно месца на краі на захад.

20 І сказаў мне; гэта месца, дзе сьвятары павінны гатаваць ахвяру за злачынства і ахвяру за грэх, дзе павінны пячы хлебнае прынашэньне, ня выносячы яго на зьнешні двор, для асьвячэньня народу.

21 І вывеў мяне на зьнешні двор і правёў мяне па чатырох рагах двара, і вось у кожным куце двара яшчэ двор.

22 Ва ўсіх чатырох кутах двара былі пакрытыя двары ў сорак локцяў даўжыні і трыццаць шырыні, адной меры ва ўсіх чатырох кутах.

23 І вакол усіх чатырох - сьцены, а каля сьцен зроблены агмені вакол.

24 І сказаў мне: вось кухні, у якіх службіты храма гатуюць ахвяры народныя.

 

Разьдзел 47

 

1 Потым прывёў ён мяне назад да дзьвярэй храма, і вось, з-пад парога храма цячэ вада на ўсход: бо храм стаяў на ўсход, і вада цякла з-пад правага боку храма, па паўднёвы бок ахвярніка.

2 І вывеў мяне паўночнаю брамаю, і вонкавай дарогай абвёў мяне да зьнешняе брамы, дарогаю, што на ўсход; і вось, вада цячэ па правы бок.

3 Калі той муж пайшоў на ўсход, дык у руцэ трымаў шнурок, і адмерыў тысячу локцяў, і павёў мяне па вадзе; вады было па костачкі.

4 І яшчэ адмерыў тысячу, і павёў мяне па вадзе; вады было па калені. І яшчэ адмерыў тысячу, і павёў мяне; вады было па паясьніцу.

5 І яшчэ адмерыў тысячу, і ўжо тут быў такі паток, празь які я ня мог ісьці, бо вада была так высока, што трэба было плысьці, а пераходзіць нельга было гэты паток.

6 І сказаў мне: бачыў, сыне чалавечы? і павёў мяне назад да берагу гэтага патоку.

7 І калі я прыйшоў назад, і вось, на берагах патока многа было дрэў па той і па другі бок.

8 І сказаў мне: гэтая вада цячэ ва ўсходні бок зямлі, сыдзе на раўніну і ўвойдзе ў мора: і воды яго зробяцца здаровымі.

9 І ўсякая жывая істота, якая поўзае там, дзе ўвойдуць два струмяні, будзе жывая; і рыбы будзе даволі многа, бо ўвойдзе туды гэтая вада, і воды ў моры зробяцца здаровымі, і куды ўвойдзе гэты паток, усё будзе жывое там.

10 І будуць стаяць каля яго рыбаловы ад Эн-Гадзі да Эглайма, будуць закідваць сеткі. Рыба будзе ў сваім выглядзе і, як у вялікім моры, рыбы будзе даволі многа.

11 Балоты яго і лужыны яго, якія ня зробяцца здаровымі, будуць пакінуты пад соль.

12 Каля патока па берагах яго з таго і другога боку будуць расьці ўсякія дрэвы, якія даюць ежу; лістота іх ня будзе вянуць, і плады на іх ня будуць прападаць; кожны месяц будуць сьпець новыя, бо вада ім цячэ са сьвяцілішча; плады іх будуць ужывацца ў ежу, а лісьце на лекаваньне.

13 Так кажа Гасподзь Бог: вось разьмеркаваньне, паводле якога вы павінны разьдзяліць зямлю ў спадчыну дванаццаці плямёнам Ізраілевым: Язэпу два надзелы.

14 І спадкуйце яе, як адзін, так і другі; бо Я, падняўшы руку Маю, прысягнуўся аддаць яе бацькам вашым, дык і будзе зямля гэтая спадчынай вашай.

15 І вось перадзел зямлі: на паўночным канцы, пачынаючы ад вялікага мора, праз Хэтлон, па дарозе ў Цэдал,

16 Эмат, Бэрот, Сіўраім, што паміж Дамаскаю і Эмацкаю абласьцямі Гацар - Тыхон, які на мяжы Аўрана.

17 І будзе мяжа ад мора да Гацар - Энон, мяжа з Дамаскам, і далей на поўначы вобласьць Эмат; і вось паўночны край.

18 Рысу ўсходняга краю вядзеце паміж Аўранам і Дамаскам, паміж Галаадам і зямлёю Ізраільскаю, па Ярдане, ад паўночнага краю да ўсходняга мора: гэта ўсходні край.

19 А паўднёвы край з паўднёвага боку ад Тамары да водаў пры Кадысе, і па цячэньні патоку да вялікага мора; гэта паўднёвы край на поўдні.

20 А заходні надзел - вялікае мора, ад паўднёвай мяжы да месца насупраць Эмата; гэта заходні край.

21 І падзялеце сабе зямлю гэтую на надзелы паводле каленаў Ізраілевых.

22 І падзялеце яе па жэрабі ў спадчыну сабе і іншаземцам, якія жывуць у вас, якія нарадзілі ў вас дзяцей; і яны сярод сыноў Ізраілевых павінны лічыцца нароўні з прыроднымі жыхарамі, і яны з вамі ўвойдуць у долю сярод плямёнаў Ізраілевых.

23 У якім племі жыве іншаземец, у тым і дайце яму спадчыну ягоную, кажа Гасподзь Бог.

 

Разьдзел 48

 

1 Вось імёны плямёнаў. На паўночным краі дарогі ад Хэтлона, якая вядзе ў Эмат, Гацар-Энон, ад паўночнай мяжы Дамаска па дарозе да Эмата: усё гэта ад усходу да мора адзін надзел Дану.

2 Каля мяжы Дана, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Асіру.

3 Каля мяжы Асіра, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Нэфталіму.

4 Каля мяжы Нэфталіма, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Манасіі.

5 Каля мяжы Манасіі, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Яфрэму.

6 Каля мяжы Яфрэма, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Рувіму.

7 Каля мяжы Рувіма, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Юду.

8 А каля мяжы Юды, ад усходняга краю да заходняга, сьвяшчэнная дзялянка, шырынёю ў дваццаць пяць тысяч трысьцін, а даўжынёю нароўні зь іншымі надзеламі, ад усходняга краю да заходняга; сярод яго будзе сьвяцілішча.

9 Дзялянка, якую вы прысьвеціце Госпаду, даўжынёю будзе ў дваццаць пяць тысяч, а шырынёю ў дзесяць тысяч трысьцін.

10 І гэтая сьвяшчэнная дзялянка павінна належаць сьвятарам, на поўнач дваццаць пяць тысяч і да мора ў шырыню дзесяць тысяч, і на ўсход у шырыню дзесяць тысяч, а на поўдзень у даўжыню дваццаць пяць тысяч трысьцін, і сярод яго будзе сьвяцілішча Гасподняе.

11 Гэта сьвяцілішча сьвятарам з сыноў Садока, якія стаялі на варце Маёй, якія падчас адступніцтва сыноў Ізраілевых не адступіліся ад Мяне, як адступіліся іншыя Лявіты.

12 Ім будзе належаць гэтая частка зямлі са сьвяшчэннай дзялянкі, сьвятыня са сьвятынь, каля мяжы Лявітаў.

13 І Лявіты атрымаюць таксама каля сьвятарскай мяжы дваццаць пяць тысяч у даўжыню і дзесяць тысяч трысьцін у шырыню; уся даўжыня дваццаць пяць тысяч, а шырыня дзесяць тысяч трысьцін.

14 І з гэтай часткі яны ня могуць ні прадаць, ні памяняць; і пачаткі зямлі ня могуць пераходзіць да іншых, бо гэта сьвятыня Гасподняя.

15 А астатнія пяць тысяч у шырыню з дваццацьцю пяцьцю тысячамі ў даўжыню назначаюцца гораду на агульны ўжытак, на засяленьне і на прадмесьці; горад будзе ўсярэдзіне.

16 І вось памеры яго: паўночны бок чатыры тысячы пяцьсот і паўднёвы бок чатыры тысячы пяцьсот, усходні бок чатыры тысячы пяцьсот і заходні бок чатыры тысячы пяцьсот трысьцін.

17 А прадмесьці горада на поўнач дзьвесьце пяцьдзясят, і на ўсход дзьвесьце пяцьдзясят, і на поўдзень дзьвесьце пяцьдзясят, і на захад дзьвесьце пяцьдзясят трысьцін.

18 А што застаецца з даўжыні супроць сьвяшчэннай дзялянкі - дзесяць тысяч на ўсход і дзесяць тысяч на захад насупраць сьвяшчэннай дзялянкі, творы з гэтай зямлі павінны быць для прадуктаў гарадскім работнікам.

19 Працаваць жа ў горадзе могуць работнікі з усіх каленаў Ізраілевых.

20 Уся аддзеленая дзялянка ў дваццаць пяць тысяч даўжыні і ў дваццаць пяць тысяч шырыні, чатырохкутная, выдзеліце пад сьвяшчэнны надзел, уключаючы валоданьні горада:

21 а астатняе князю. Як з боку сьвяшчэннай дзялянкі, так і з боку валоданьняў горада, насупраць дваццаці пяці тысяч трысьцін да ўсходняй мяжы дзялянкі, і на захад супраць дваццаці пяці тысяч каля заходняй мяжы суразьмерна з гэтымі надзеламі, надзел князю, так што сьвяшчэнная дзялянка і сьвяцілішча будзе ўсярэдзіне яго.

22 І тое, што ад валоданьняў Лявітаў і ад валоданьняў горада застаецца ў прамежку, належыць таксама князю; прамежак паміж граніцаю Юды і паміж граніцаю Веньяміна будзе належаць князю.

23 А астатняе ад плямёнаў, ад усходняга краю да заходняга - адзін надзел Веньяміну.

24 Каля мяжы Веньяміна, ад усходняга краю да заходняга - адзін надзел Сымону.

25 Каля мяжы Сымона, ад усходняга краю да заходняга - адзін надзел Ісахару.

26 Каля мяжы Ісахара, ад усходняга краю да заходняга - адзін надзел Завулону.

27 Каля мяжы Завулона, ад усходняга краю да заходняга - адзін надзел Гаду.

28 А каля мяжы Гада на паўднёвым баку ідзе паўднёвая мяжа ад Тамара да водаў міжрэчча каля Кадыса, уздоўж патоку да вялікага мора.

29 Вось зямля, якую вы па жэрабі падзялеце плямёнам Ізраілевым, і вось дзялянкі іх, кажа Гасподзь Бог.

30 І вось выхады горада: з паўночнага боку меры чатыры тысячы пяцьсот;

31 і брамы горада называюцца імёнамі плямёнаў Ізраілевых; на поўнач тры брамы: брама Рувімава адна, брама Юдава адна, брама Лявііна адна.

32 І з усходняга боку меры чатыры тысячы пяцьсот, і тры брамы: брама Язэпава адна, брама Веньямінава адна, брама Данава адна;

33 і з паўднёвага боку меры чатыры тысячы пяцьсот, і тры брамы: брама Сымонава адна, брама Ісахарава адна, брама Завулонава адна.

34 З марскога боку меры чатыры тысячы пяцьсот; брам тут таксама тры: брама Гадава адна, брама Асірава адна, брама Нэфталімава адна.

35 Усяго вакол васямнаццаць тысяч. А імя гораду з таго дня будзе: Гасподзь-там.

 

Кніга Прарока Данііла

 

Разьдзел 1

 

1 На трэцім годзе цараваньня Ёакіма, цара Юдэйскага, прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, да Ерусаліма і атачыў яго аблогаю.

2 І аддаў Гасподзь у рукі ягоныя Ёакіма, цара Юдэйскага, і частку посуду Божага дома, і ён адправіў іх у зямлю Сэнаар, у дом свайго бога, і ўнёс гэты посуд у скарбніцу бога свайго.

3 І сказаў цар Асфэназу, начальніку сваіх еўнухаў, каб ён з сыноў Ізраілевых, з роду царскага і княскага, прывёў

4 хлопчыкаў, у якіх няма ніякай цялеснай хібы, прыгожых сабою і цямных да ўсякай мудрасьці, і здатных да навук і кемлівых і здольных служыць у царскіх харомах, і каб навучыў іх кнігам і мове Халдэйскай.

5 І прызначыў ім цар штодзённую ежу з царскага стала і віно, якое сам піў, і загадаў выхоўваць іх тры гады, па сканчэньні якіх яны меліся стаць перад царом.

6 Сярод іх былі і зь Юдавых сыноў Данііл, Ананія, Місаіл і Азарыя.

7 І пераназваў іх начальнік еўнухаў - Данііла Валтасарам, Ананію Сэдрахам, Місаіла Місахам і Азарыю Аўдэнагам.

8 Данііл паклаў сабе на сэрца не апаганьвацца прысмакамі з царскага стала і віном, якое п'е цар, і таму прасіў у начальніка еўнухаў, каб не апаганьвацца яму.

9 Бог даў Даніілу ласку і добрую прыхільнасьць начальніка еўнухаў;

10 і начальнік еўнухаў сказаў Даніілу: «баюся я гаспадара майго, цара, які сам вызначыў вам ежу і пітво: калі ён убачыць вашыя твары худзейшымі, чым у хлопчыкаў, вашых равесьнікаў, дык вы зробіце галаву маю вінаватаю перад царом».

11 Тады сказаў Данііл Амэлсару, якога начальнік еўнухаў прыставіў да Данііла, Ананіі, Місаіла і Азарыя:

12 «зрабі выпрабаваньне рабам тваім: дзесяць дзён няхай даюць нам на ежу гародніну, а піць - ваду;

13 і потым няхай явяцца перад табою нашыя твары і твары тых хлопчыкаў, якія кормяцца царскаю ежаю, і потым рабі з тваімі рабамі, як убачыш».

14 Той паслухаўся іх у гэтым і выпрабоўваў іх дзесяць дзён.

15 А як прайшло дзесяць дзён, твары іх былі прыгажэйшыя, і зь цела яны былі здаравейшыя за ўсіх тых хлопчыкаў, якія карміліся царскімі прысмакамі.

16 Тады Амэлсар забіраў іхнюю ежу і віно на пітво, а даваў ім гародніну.

17 І даў Бог чатыром гэтым падлеткам веданьне і разуменьне ўсякай кнігі і мудрасьці, а Даніілу яшчэ даў разумець і ўсякія ўявы і сны.

18 Як мінуліся тыя дні, калі цар загадаў прывесьці іх, начальнік еўнухаў прывёў іх да Навухаданосара.

19 І цар гаварыў зь імі, і з усіх хлопчыкаў не знайшлося падобных на Данііла, Ананію, Місаіла і Азарыю, і пачалі яны служыць перад царом.

20 І ў кожнай справе мудрага ўразуменьня, пра што ні пытаўся ў іх цар, ён знаходзіў у іх дзесяць разоў вышэй за ўсіх чарадзеяў і заклінальнікаў, якія былі ва ўсім яго царстве.

21 І быў там Данііл да першага года цара Кіра.

 

Разьдзел 2

 

1 На другі год цараваньня Навухаданосара сьніліся Навухаданосару сны, і ўстрывожыўся дух ягоны і сон адышоў ад яго.

2 І загадаў цар паклікаць мудрацоў і варажбітоў, і чарадзеяў і Халдэяў, каб яны разгадалі цару ягоныя сьненьні. Яны прыйшлі і сталі перад царом.

3 І сказаў ім цар: «сьніўся мне сон, і трывожыцца дух мой; хачу ведаць гэты сон».

4 І сказалі Халдэі цару па-Арамэйску: «цару! вавекі жыві! раскажы сон рабам тваім, і мы разгадаем сутнасьць яго».

5 Адказваў цар і сказаў Халдэям: «маё слова канчатковае; калі вы не раскажаце мне сну і сутнасьці яго, будзеце на кавалкі пасечаны, і дамы вашыя абернуцца ў руіны;

6 а як разгадаеце сон і сутнасьць яго, атрымаеце ад мяне дарункі, узнагароду і вялікую чту; дык вось, раскажэце мне сон і сутнасьць яго».

7 Яны другі раз адказвалі і сказалі: «хай цар раскажа сваім рабам сон, і мы разгадаем яго сутнасьць».

8 Адказваў цар і сказаў: «добра ведаю, што вы хочаце выйграць час, бо бачыце, што слова маё канчатковае.

9 Як што вы не разгадаеце мне сну, дык у вас адзін намысел: вы змовіліся сказаць мне ілжу і няпраўду, пакуль зьменіцца час; дык вось раскажэце мне сон і тады я ўпэўнюся, што вы можаце разгадаць мне і сутнасьць яго».

10 Халдэі адказвалі цару і сказалі: «няма на зямлі чалавека, які мог бы адкрыць цару гэтую справу, і ніводзін цар, вялікі і магутны, не патрабаваў такога ад ніводнага чарадзея, вяшчуна і Халдэя.

11 Чын, якога цар патрабуе, такі цяжкі, што ніхто іншы ня можа адкрыць яго цару, акрамя багоў, якія ня жывуць з плоцьцю».

12 Разгневаўся цар і моцна раз'юшыўся за гэта і загадаў перабіць усіх Вавілонскіх мудрацоў.

13 Калі выйшаў гэты загад забіваць мудрацоў, шукалі Данііла і яго сяброў, каб забіць іх.

14 Тады Данііл зьвярнуўся разважна і мудра да Арыоха, начальніка царскіх целаахоўцаў, які выйшаў забіваць Вавілонскіх мудрацоў,

15 і спытаўся ў Арыоха, уладнага пры цары: «чаму такі жорсткі загад ад цара?» Тады Арыох расказаў Даніілу ўсю справу.

16 І Данііл увайшоў і ўпрасіў цара даць яму часу, і ён аб'явіць цару разгадку сну.

17 Данііл прыйшоў у свой дом і расказаў справу Ананію, Місаілу і Азарыю - сябрам сваім,

18 каб яны прасілі міласьці ў Бога Нябеснага на гэтую таямніцу, каб Данііл і сябры яго не загінулі з астатнімі Вавілонскімі мудрацамі.

19 Тады адкрыта была Даніілу таямніца начное ўявы, і Данііл уславіў Нябеснага Бога.

20 І сказаў Данііл: «хай будзе дабраславёна імя Госпада ад веку і да веку, бо ў Яго мудрасьць і сіла;

21 Ён мяняе часіны і поры, скідае цароў і ставіць цароў, дае мудрасьць мудрым і спазнаньне разумным;

22 Ён адкрывае глыбокае і схаванае, ведае, што ў мораку, і сьвятло жыве зь Ім.

23 Слаўлю і вялічаю Цябе, Божа бацькоў маіх, што Ты даў мне мудрасьць і сілу і адкрыў мне і тое, пра што мы малілі Цябе; бо Ты адкрыў нам царовую справу».

24 Пасьля гэтага Данііл прайшоў да Арыоха, якому цар загадаў перабіць Вавілонскіх мудрацоў, прыйшоў і сказаў Яму: «не забівай мудрацоў Вавілонскіх; увядзі мяне да цара, і я адкрыю разгадку сну».

25 Тады Арыох без адкладу прывёў Данііла да цара і сказаў яму: «я знайшоў сярод палонных сыноў Юдэі чалавека, які можа адкрыць цару разгадку сну».

26 Цар сказаў Даніілу, які названы быў Валтасарам: «ці можаш ты расказаць мне сон, які я бачыў, і разгадку яго?»

27 Данііл адказваў цару і сказаў: «таямніцы, пра якую пытаецца цар, ня могуць адкрыць цару ні мудрацы, ні заклінальнікі, ні чарадзеі, ні вяшчуны.

28 Але ёсьць на нябёсах Бог, Які адкрывае таямніцы; і Ён паведаміў цару Навухаданосару, што будзе ў апошнія дні. Сон твой і ўявы тваёй галавы на ложку былі такія:

29 ты, цару, на тваім ложку думаў пра тое, што будзе потым, і Адкрывальнік таямніц паказаў табе тое, што будзе.

30 А мне таямніца гэтая адкрыта ня дзеля таго, каб я быў мудрэйшы за ўсіх жывых, а дзеля таго, каб адкрыць цару разгадку, і каб ты пазнаў намыслы свайго сэрца.

31 Табе, цару, была такая ўява: вось, нейкі вялікі ідал; вялізарны быў гэты ідал, у нязвычайным бляску стаяў ён перад табою, і страшны быў выгляд у яго.

32 У гэтага ідала галава была з чыстага золата, грудзі ў яго і рукі ў яго - з срэбра, чэрава ў яго і клубы ў яго - медныя,

33 галені ў яго жалезныя, часткова гліняныя.

34 Ты бачыў яго, пакуль не адарваўся камень ад гары, сам бяз рук, ударыў ідала, у жалезныя і гліняныя ногі яго, і раструшчыў іх.

35 Тады ўсё разам раструшчылася: жалеза, гліна, медзь, срэбра і золата зрабіліся як пыл на летніх гумнах, і вецер разьвеяў іх, што і сьледу не засталося ад іх; а камень, які разьбіў ідала, зрабіўся вялікаю гарою і напоўніў усю зямлю.

36 Вось той сон! Скажам перад царом і разгадку яго.

37 Ты, цару, цар над царамі, якому Бог Нябесны даў царства, уладу і славу,

38 і ўсіх сыноў чалавечых, дзе б яны ні жылі, зьвярыну зямную і птушак нябесных Ён аддаў у твае рукі і паставіў цябе Ўладаром над усімі імі; ты - гэтая залатая галава!

39 Пасьля цябе паўстане другое царства, ніжэйшае за тваё, і яшчэ трэцяе царства, меднае, якое будзе панаваць над усёю зямлёю.

40 А чацьвёртае царства будзе моцнае, як жалеза; бо як жалеза разьбівае і трушчыць усё, так і яно падобна да жалеза, якое ўсё зьнішчае, будзе трушчыць і нішчыць.

41 А што ты бачыў ногі і пальцы на нагах часткова з гліны ганчарнай, а часткова з жалеза, то будзе падзеленае царства, і ў ім застанецца крыху жалезнае моцы, бо ты бачыў жалеза, зьмяшанае з ганчарнаю глінаю.

42 І як пальцы ног былі часткова з жалеза, а часткова з гліны, так і царства будзе часткова моцнае, часткова крохкае.

43 А што ты бачыў жалеза, зьмяшанае з ганчарнаю глінаю, гэта азначае, што яны зьмяшаюцца празь семя чалавечае, але ня зьліпнуцца адно з адным, як жалеза ня зьмешваецца з глінаю.

44 І ў дні тых царстваў Бог Нябесны паставіць царства, якое вавек ня зруйнуецца, і царства гэтае ня будзе перададзена другому народу; яно струшчыць і разбурыць усе царствы, а самое будзе стаяць вечна,

45 бо ты бачыў, што камень адарваўся ад гары сам, не рукамі, і струшчыў жалеза, медзь, гліну, срэбра і золата. Вялікі Бог даў знак цару, што станецца пасьля гэтага. І гэты сон пэўны, і разгадка яго правільная!»

46 Тады цар Навухаданосар упаў на аблічча сваё і пакланіўся Даніілу і загадаў прынесьці яму дарункі і ўсякія пахошчы;

47 і сказаў цар Даніілу: «сапраўды ваш Бог ёсьць Бог над багамі і Валадар над царамі, Які адкрывае таямніцы, калі ты здолеў адкрыць гэтую таямніцу!»

48 Тады ўзвысіў цар Данііла і даў яму многа вялікіх дарункаў і паставіў яго над усім Вавілонскім краем і галоўным начальнікам над усімі мудрацамі Вавілонскімі.

49 Але Данііл прасіў у цара, і ён паставіў Сэдраха, Місаха і Аўдэнага над справамі Вавілонскага краю, а Данііл застаўся пры царскім двары.

 

Разьдзел 3

 

1 Цар Навухаданосар зрабіў залатога ідала, у вышыню шэсьцьдзясят локцяў, у шырыню шэсьць локцяў, паставіў яго ў даліне Дэіра, у Вавілонскім краі,

2 і паслаў цар Навухаданосар сабраць сатрапаў, намесьнікаў, ваяводаў, вышэйшых судоўцаў, скарбоўцаў, законазнаўцаў, судаўпраўцаў, і ўсіх акруговых валадароў, каб яны прыйшлі на ўрачыстае пасьвячэньне ідала, якога паставіў цар Навухаданосар.

3 І сабраліся сатрапы, намесьнікі, ваеначальнікі, вышэйшыя судоўцы, скарбоўцы, законазнаўцы, судаўпраўцы і ўсе акруговыя валадары на пасьвячэньне ідала, якога паставіў цар Навухаданосар, і сталі перад ідалам, якога паставіў Навухаданосар.

4 Тады спавесьнік голасна ўсклікнуў: «абвяшчаецца вам, народы, плямёны і роды:

5 у той час, як пачуеце гук трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і псалтыра, і ўсякай іншай музыкі, упадзеце і пакланецеся залатому ідалу, якога паставіў цар Навухаданосар,

6 а хто не ўпадзе і не паклоніцца, адразу ўкінуты будзе ў распаленую вогненную печ».

7 Пасьля таго, як усе народы пачулі голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і ўсякага роду музыкі, пападалі ўсе народы, плямёны і роды і пакланіліся залатому ідалу, якога паставіў цар Навухаданосар.

8 У гэты самы час падступіліся некаторыя Халдэі і данесьлі на Юдэяў.

9 Яны сказалі цару Навухаданосару: «цару, вавек жыві!

10 Ты, цару, выдаў загад, каб кожны чалавек, які пачуе голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і псалтыра і ўсякага роду музыкі, упаў і пакланіўся залатому ідалу;

11 а хто не ўпадзе і не паклоніцца, той будзе ўкінуты ў распаленую вогненную печ».

12 Ёсьць мужы Юдэйскія, якіх ты паставіў над справамі Вавілонскага краю, Сэдрах, Місах і Аўдэнага; гэтыя мужы не паслухаліся твайго загаду, цару, багам тваім ня служаць і залатому ідалу, якога ты паставіў, не пакланяюцца».

13 Тады Навухаданосар у гневе і лютасьці загадаў прывесьці Сэдраха, Місаха і Аўдэнага; і прывялі гэтых мужоў да цара.

14 Навухаданосар сказаў ім: «ці з намыслам вы, Сэдрах, Місах і Аўдэнага, багам маім ня служыце і залатому ідалу, якога я паставіў, не пакланяецеся?

15 Ад сёньня, калі вы гатовыя, як толькі пачуеце голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў, псалтыра і ўсякага роду музыкі, упадзеце і пакланецеся ідалу, якога я зрабіў; а як не паклоніцеся, дык у той самы час будзеце ўкінуты ў печ распаленую, вогненнную печ, і тады хто той Бог, Які ўратуе вас ад маёй рукі?»

16 І адказвалі Сэдрах, Місах і Аўдэнага і сказалі цару Навухаданосару: «няма нам патрэбы адказваць табе на гэта.

17 Бог наш, Якому мы служым, мае сілу ўратаваць нас ад распаленай вогненнай печы, і ад тваёй рукі, цару, выбавіць.

18 Калі ж і ня будзе таго, дык хай будзе вядома табе, цару, што мы багам тваім служыць ня будзем і залатому ідалу, якога ты паставіў, не паклонімся».

19 Тады Навухаданосар напоўніўся лютасьцю, і выгляд ягонага твару зьмяніўся перад Сэдрахам, Місахам і Аўдэнагам, і ён загадаў напаліць печ у сем разоў мацней, чым як трэба было напаліць яе,

20 і самым дужым мужам з войска свайго загадаў зьвязаць Сэдраха, Місаха і Аўдэнага і ўкінуць іх у распаленую вогненную печ.

21 Тады мужы гэтыя былі зьвязаны ў сваім споднім і верхнім адзеньні, у галаўных павязках і ў іншым убраньні і ўкінуты ў распаленую вогненную печ.

22 І як загад цара быў строгі, і печ напалена была вельмі моцна, дык вогненнае полымя забіла тых людзей, якія ўкідалі Сэдраха, Місаха і Аўдэнага.

23 А гэтыя тры мужы - Сэдрах, Місах і Аўдэнага - упалі ў распаленую вогненную печ зьвязаныя.

24 Навухаданосар цар вельмі зьдзівіўся і пасьпешна ўстаў і сказаў сваім вяльможам: «ці ня трох зьвязаных мужоў укінулі мы ў агонь?» Яны ў адказ сказалі цару: «сапраўды так, цару!»

25 На гэта Ён сказаў: «вось, я бачу чатырох мужоў нязьвязаных, якія ходзяць сярод агню, і шкоды ім няма; а чацьвёртага выглядам падобнага да сына Божага».

26 Тады Навухаданосар падышоў да вусьця распаленай вогненнай печы, і сказаў: «Сэдрах, Місах і Аўдэнага, рабы Бога Ўсявышняга! выйдзіце і падыдзеце!» Тады Сэдрах, Місах і Аўдэнага выйшлі зь сярэдзіны агню.

27 І сабраўшыся, сатрапы, намесьнікі і царовыя радцы ўгледзелі, што над целамі гэтых мужоў агонь ня меў сілы, і валасы на галаве не абпалены, і вопратка іх не зьмянілася, і нават паху агню ня было ад іх.

28 Тады Навухаданосар сказаў: «дабраславёны Бог Сэдраха, Місаха і Аўдэнага, Які паслаў Свайго анёла і ўратаваў Сваіх рабоў, якія спадзяваліся на Яго і не паслухаліся царскага загаду і аддалі свае целы ў агонь, абы ня служыць і не пакланяцца іншаму богу, акрамя Бога свайго!

29 І ад мяне даецца загад, каб з кожнага народу, племя і роду, хто скажа агуднае на Бога Сэдраха, Місаха і Аўдэнага, быў пасечаны на кавалкі, а дом яго ператвораны ў руіны, бо няма іншага Бога, Які мог бы так ратаваць».

30 Тады ж цар узвысіў Сэдраха, Місаха і Аўдэнага ў Вавілонскім краі.

31 «Навухаданосар цар усім народам, плямёнам і родам, якія жывуць на ўсёй зямлі: хай вам мір памножыцца!

32 Азнакі і цуды, якія ўчыніў над мною Ўсявышні Бог, заўгодна мне абвясьціць вам.

33 Якія вялікія азнакі Яго і якія магутныя цуды Яго! Царства Яго - царства вечнае, а валадарства Яго - у роды і роды».

 

Разьдзел 4

 

1 Я, Навухаданосар, быў спакойны ў сваім доме і дабрашчасьціўся ў харомах маіх.

2 Але бачыў я сон, які напалохаў мяне, і роздум на ложку маім і ўявы маёй галавы зьбянтэжылі мяне.

3 І дадзены быў мною загад прывесьці да мяне Вавілонскіх мудрацоў, каб яны разгадалі мне сутнасьць сну.

4 Тады прыйшлі чарадзеі, заклінальнікі, Халдэі і вяшчуны; я расказаў ім сон, але яны не маглі мне разгадаць сутнасьць яго.

5 Нарэшце ўвайшоў да мяне Данііл, якому імя было Валтасар - як імя майго бога і ў якім дух Сьвятога Бога; якому я расказаў сон.

6 «Валтасар, начальнік мудрацоў! я ведаю, што ў табе дух Сьвятога Бога, і ніякая таямніца ня цяжкая табе; растлумач мне ўявы майго сну, які бачыў я, і разгадай сутнасьць яго.

7 А ўявы маёй галавы на маім ложку былі такія: бачыў я - вось пасярод зямлі дрэва, досыць высокае.

8 Вялікае было гэтае дрэва і моцнае, і вышыня яго сягала да неба, і яно відно было да краёў усёй зямлі.

9 Лісьце яго цудоўнае, і пладоў на ім мноства, і ежы на ім на ўсіх; пад ім знаходзіла цень палявая зьвярына, і ў гольлі яго гнезадаваліся птушкі нябесныя, і ад яго кармілася ўсякая плоць.

10 І бачыў я ва ўявах маёй галавы на маім ложку, вось, сышоў зь нябёсаў Чувальны і Сьвяты.

11 Усклікнуўшы голасна, Ён сказаў: «сьсячэце гэта дрэва, абсячэце гольле яго, абтрасеце лісьце зь яго і раскідайце плады яго; няхай сыйдуць зьвяры з-пад яго і птушкі з гольля яго;

12 але галоўны корань яго пакіньце ў зямлі, і няхай ён у кайданах жалезных і медных сярод польнай травы аброшваецца нябеснаю расою, і з жывёламі няхай будзе частка яго ў траве зямной.

13 Сэрца чалавечае адымецца ў яго і дасца яму сэрца зьвярынае, і сем часінаў пройдуць над ім.

14 Загадам Чувальнага гэта пастаноўлена, і паводле прыгавору Сьвятога назначана, каб ведалі жывыя, што Ўсявышні валадарыць над царствам чалавечым і дае яго, каму хоча, і становіць над ім нізкага зь людзей».

15 Такі сон бачыў я, цар Навухаданосар; а ты, Валтасару, скажы разгадку яго, бо ніхто з мудрацоў у маім царстве ня мог растлумачыць яго сэнсу, а ты можаш, бо ў табе дух сьвятога Бога.

16 Тады Данііл, якому імя Валтасар, каля гадзіны быў у зьдзіўленьні, і думкі яго бянтэжылі яго. Цар загаварыў і сказаў: «Валтасару! хай не бянтэжыць цябе гэты сон і разгадка яго». Валтасар адказваў і сказаў: «гаспадару мой! каб жа на тваіх ненавісьнікаў гэты сон, і на ворагаў тваіх разгадка яго!

17 Дрэва, якое ты бачыў, якое было вялікае і моцнае, вышынёю сваёю сягала да нябёсаў і відно было на ўсю зямлю,

18 а лісьце было цудоўнае, і мноства пладоў і ежа на ўсіх, а пад ім жыла зьвярына польная і ў гольлі гнездаваліся птушкі нябесныя,

19 гэта - ты, цару, які ўзьвялічаны і магутны, і веліч твая вырасла і сягнула да нябёсаў і ўлада твая - да краёў зямлі.

20 А што цар бачыў Чувальнага і Сьвятога, Які сыходзіў зь нябёсаў і Які сказаў: сьсячэце дрэва і зьнішчыце яго, толькі галоўны корань яго пакіньце ў зямлі, і няхай ён у кайданах жалезных і медных сярод польнай травы арашаецца расою нябеснаю, і з польнай зьвярыною няхай будзе частка яго, пакуль ня пройдуць над ім сем часінаў,

21 дык вось сутнасьць гэтага, цару, і вось вызначэньне Ўсявышняга, якое спасьцігне гаспадара майго, цара:

22 цябе адлучаць ад людзей, і пражываньне тваё будзе з польнай зьвярыною; травою карміцьмуць цябе, як вала, расою нябеснаю ты будзеш аброшаны, і сем часінаў пройдзе над табою, пакуль уведаеш, што Ўсявышні валадарыць над царствам чалавечым і дае яго, каму хоча.

23 А што загадана было пакінуць галоўны корань дрэва, гэта азначае, што царства тваё застанецца пры табе, калі ты спазнаеш над сабою ўладу нябесную.

24 Таму, цару, хай будзе даспадобы табе парада мая: акупі грахі твае праўдаю і твае правіны мілажалем да бедных; вось, чым можа падоўжыцца мір твой».

25 Усё гэта збылося ў цара Навухаданосара.

26 Як прайшло дванаццаць месяцаў, пахаджаючы па царскіх харомах у Вавілоне,

27 цар сказаў: «ці ня гэта велічны Вавілон, які пабудаваў я домам царства моцай маёй магутнасьці і на славу маёй велічы!»

28 Яшчэ гэтыя словы былі на вуснах у цара, калі быў зь неба голас: «табе кажуць, цару Навухаданосар: царства адышло ад цябе!

29 І адлучаць цябе ад людзей, і будзе пражываньне тваё з польнай зьвярыною; травою карміцьмуць цябе, як вала, і сем часінаў пройдуць над табою, аж пакуль ня ўведаеш, што Ўсявышні валадарыць над царствам чалавечым і дае яго, каму хоча!»

30 Адразу ж і спраўдзілася гэта слова над Навухаданосарам, і адлучаны быў ён ад людзей, еў траву, як вол, і аброшвалася цела ягонае расою нябеснаю, так што валасы ў яго вырасьлі як у льва, і пазногці яго - як у птушкі.

31 А як скончыліся тыя дні, я, Навухаданосар, узьвёў вочы мае да неба, і мой розум вярнуўся да мяне; і дабраславіў я Ўсявышняга, пахваліў і праславіў Вечнаіснага, валадарства Якога - валадарства вечнае і царства Якога - у роды і роды.

32 І ўсе жывыя на зямлі ня значаць нічога; па волі Сваёй Ён чыніць як у нябесным войску, так і сярод жывых на зямлі, і няма нікога, хто мог бы ўсупрацівіцца Ягонай руцэ і сказаць Яму: што Ты зрабіў?

33 У той час вярнуўся да мяне мой розум, і я вярнуўся да славы царства свайго, і вярнуліся да мяне самавітасьць і ранейшы мой выгляд; і знайшлі мяне мае радцы і вяльможы мае, і я быў зноў пастаўлены на царства маё, і веліч мая яшчэ больш узвысілася.

34 Цяпер я, Навухаданосар, слаўлю, узношу і вялічаю Цара Нябеснага, у Якога ўсе дзеі ў ісьціне і шляхі праведныя, і Які Мае сілу ўпакорыць тых, якія ходзяць ганарыста».

 

Разьдзел 5

 

1 Цар Валтасар справіў вялікую гасьціну тысячам вяльможаў і на вачах у тысячы піў віно.

2 Скаштаваўшы віна, Валтасар загадаў прынесьці залаты і срэбраны посуд, які Навухаданосар, бацька ягоны, вынес з храма ў Ерусаліме, каб пілі зь яго цар, вяльможы ягоныя, ягоныя жонкі і ягоныя наложніцы.

3 Тады прынесьлі залаты посуд, які вынесьлі з храма Дома Божага ў Ерусаліме; і пілі зь яго цар і вяльможы яго, ягоныя жонкі і ягоныя наложніцы,

4 пілі віно, і славілі багоў залатых і срэбных, медных, жалезных, драўняных і каменных.

5 У той самы час выйшлі пальцы рукі чалавечай і пісалі насупраць сьвечніка на вапне сьцяны царскіх харомаў, і цар бачыў пясьць рукі, што пісала.

6 Тады цар перамяніўся з твару свайго; думкі ягоныя зьбянтэжылі яго, суглобы паясьніцы ягонай паслабіліся, і калені яго біліся адно аб адно.

7 Моцна закрычаў цар, каб прывялі і заклінальнікаў, Халдэяў і вяшчуноў; цар загаварыў і сказаў мудрацам Вавілонскім: «хто прачытае гэта напісанае і разгадае мне сутнасьць яго, той будзе апрануты ў пурпуру, і залаты ланцуг атрымае на шыю сваю, і трэцім валадаром будзе ў царстве».

8 І ўвайшлі ўсе царовыя мудрацы, але не маглі прачытаць пісаньня і разгадаць цару сутнасьць яго.

9 Цар Валтасар над меру ўстрывожыўся, і выгляд ягонага твару зьмяніўся, і вяльможы ягоныя сумеліся.

10 На словы цара і яго вяльможаў увайшла ў пакой гасьціны царыца; загаварыла царыца і сказала: «цару, вавекі жыві! хай цябе не бянтэжаць думкі твае, і хай не мяняецца выгляд твару твайго.

11 Ёсьць у тваім царстве муж, у якім дух сьвятога Бога; у дні твайго бацькі былі ў ім яснасьць, розум і мудрасьць, роўная мудрасьці багоў, і цар Навухаданосар, твой бацька, паставіў яго начальнікам чарадзеяў, Халдэяў і вяшчуноў, - сам бацька твой, цар,

12 бо ў ім, у Данііле, якога цар пераназваў Валтасарам, выявіліся высокі дух, веданьне і розум, здольны разгадваць сны, тлумачыць загадкі і разблытваць вузлы. Дык вось, няхай паклічуць Данііла, - і ён разгадае сутнасьць».

13 Тады ўведзены быў Данііл да цара, і цар пачаў слова і сказаў Даніілу: «ці ты Данііл, адзін з палонных сыноў Юдэйскіх, якіх мой бацька, цар, прывёў зь Юдэі?

14 Я чуў пра цябе, што дух Божы ў табе і сьвятло і розум, і высокая мудрасьць выяўлена ў табе.

15 І вось, прыведзены былі да мяне мудрацы і заклінальнікі, каб прачытаць гэта напісанае і разгадаць мне сутнасьць яго; але яны не маглі абвясьціць мне гэтага.

16 І я чуў пра цябе, што ты можаш тлумачыць загадкі і разблытваць вузлы; дык вось, калі можаш прачытаць гэта пісаньне і разгадаць мне сутнасьць яго, дык будзеш апрануты ў пурпуру, і залаты ланцуг атрымаеш на шыю сваю, і трэцім валадаром будзеш у царстве».

17 Тады адказваў Даніііл і сказаў цару: «дары твае хай будуць табе, і пашану аддай каму іншаму; а пісаньне я прачытаю цару і разгадку скажу яму.

18 Цару! Усявышні Бог даў твайму бацьку Навухаданосару царства, веліч, гонар і славу.

19 Перад веліччу, якую Ён даў яму, усе народы, плямёны і роды трымцелі і баяліся яго; каго ён хацеў, забіваў, і каго хацеў, пакідаў жывога; каго хацеў, узвышаў, і каго хацеў, паніжаў.

20 Але калі сэрца ягонае заганарылася і дух ажарсьцвеў да дзёрзкасьці, ён быў скінуты з царскага трона свайго і пазбаўлены славы сваёй,

21 і адлучаны быў ад сыноў чалавечых, і сэрца яго прыпадобнілася да зьвярынага, і жыў ён зь дзікімі асламі; кармілі яго травою, як вала, і цела яго аброшана было нябеснаю расою, пакуль ён ня ўведаў, што над царствам чалавечым валадарыць Усявышні Бог і становіць над ім, каго хоча.

22 І ты, сыне яго Валтасар, не ўпакорыў сэрца твайго, хоць ведаў усё гэта,

23 узьнёсься супроць Госпада нябёсаў, і посуд храма Яго прынесьлі табе, і ты і твае вяльможы і наложніцы твае пілі зь яго віно, і ты славіў багоў срэбраных і залатых, медных, жалезных, драўляных і каменных, якія ня бачаць, і ня чуюць, і не разумеюць; а Бога, у руцэ ў Якога душа твая і ў Якога твае ўсе шляхі, ты не праславіў.

24 За гэта і паслана ад Яго пясьць рукі, і накрэсьлена гэта пісаньне.

25 І вось што накрэсьлена: мэнэ, мэнэ, тэкэл, упарсін*.

26 Вось і разгадка слоў: мэнэ - вылічыў Бог царства тваё і паклаў канец яму;

27 тэкэл - ты ўзважаны на вагах і важыш вельмі мала;

28 пэрэс - падзелена царства тваё і аддадзена Мідзянам і Персам».

29 Тады па загадзе Валтасара апранулі Данііла ў пурпуру і павесілі залаты ланцуг на шыю яму і абвясьцілі яго трэцім валадаром у царстве.

30 Тае самае ночы Валтасар, цар Халдэйскі, быў забіты,

31 і Дарый Мідзянін, якому было шэсьцьдзясят два гады, прыняў царства.

 

 

* Палічана, палічана, узважана і падзелена

Разьдзел 6

 

1 Заўгодна было Дарыю паставіць над царствам сто дваццаць сатрапаў, каб яны былі ва ўсім царстве,

2 а над імі трох князёў, - адзін зь якіх быў Данііл, - каб сатрапы давалі ім адказ, і каб цару ня было ніякага клопату.

3 Данііл пераўзыходзіў астатніх князёў і сатрапаў, бо ў ім быў высокі дух, і цар задумваў ужо паставіць яго над усім царствам.

4 Тады князі і сатрапы пачалі шукаць зачэпкі, каб абскаржыць Данііла ў кіраваньні царствам; але ніякай зачэпкі і пахібы знайсьці не маглі, бо ён быў верны, і някай пахібы альбо віны не аказвалася на ім.

5 І гэтыя людзі сказалі: «не знайсьці нам зачэпкі супроць Данііла, калі мы ня знойдзем яе супроць яго ў законе ягонага Бога».

6 Тады гэтыя князі і сатрапы падступіліся да цара і так сказалі яму: «цар Дарый, вавекі жыві!

7 Усе князі царства, намесьнікі, сатрапы, дарадцы і ваеначальнікі згадзіліся паміж сабою, каб была зроблена царская пастанова і выдадзены загад, каб, хто трыццаць дзён будзе прасіць якога-небудзь іншага бога альбо чалавека, акрамя цябе, цару, таго кінуць у львіную яму.

8 Дык вось, сьцьвердзі, цару, гэтую забарону і падпішы ўказ, каб ён быў нескасавальны, як закон Мідыйскі і Персідскі, і каб ён ня быў парушаны».

9 Цар Дарый падпісаў указ і гэтую забарону.

10 А Данііл, калі даведаўся, што падпісаны такі ўказ, пайшоў у свой дом; а вокны ў сьвяцёлцы ягонай былі адчынены супроць Ерусаліма, і ён тры разы на дзень схіляў калені і маліўся свайму Богу і славіў Яго, як ён рабіў гэта і да таго.

11 Тады гэтыя людзі падсачылі і знайшлі Данііла, як ён маліўся і прасіў свайго Бога,

12 потым прыйшлі і сказалі цару пра царскую забарону: «ці ня ты падпісаў указ, каб кожнага чалавека, які трыццаць дзён будзе прасіць якога-небудзь іншага бога альбо чалавека акрамя цябе, цару, у львоўнік?» Цар адказаў і сказаў: «гэта слова цьвёрдае, як закон Мідзянаў і Персаў, што ня можа быць зьменены».

13 Тады адказвалі яны і сказалі цару, што «Данііл, які - з палонных сыноў Юдэі, не зважае ні на цябе, цару, ні на ўказ, табою падпісаны, а тры разы на дзень моліцца сваімі малітвамі».

14 Цар, пачуўшы гэта, моцна засмуціўся і паклаў сабе на сэрца ўратаваць Данііла, і аж да захаду сонца вельмі намагаўся вызваліць яго.

15 А тыя людзі падступіліся да цара і сказалі яму: «ведай, цару, што паводле закона Мідзянаў і Персаў ніякая забарона або пастанова, зацьверджаная царом, ня можа быць зьменена».

16 Тады цар загадаў, і прывялі Данііла і ўкінулі ў львіную яму: пры гэтым цар сказаў Даніілу: «твой Бог, Якому ты заўсёды служыш, Ён выратуе цябе!»

17 І прынесьлі камень і паклалі на атворыну ямы, і цар запячатаў яе сваім пярсьцёнкам і пярсьцёнкамі вяльможаў сваіх, каб нішто не перамянілася ў распарадзе пра Данііла.

18 Пасьля цар пайшоў у свой палац, лёг спаць не вячэраўшы і нават не дазволіў уносіць яму ежу, і сон ня йшоў да яго.

19 Раніцай цар устаў на сьвітаньні і пасьпешліва пайшоў да львоўніка

20 і, падышоўшы да рова, жаласным голасам клікнуў Данііла, і сказаў цар Даніілу: «Данііле, рабе Бога жывога! Бог твой, Якому ты заўсёды служыш, ці мог цябе ўратаваць ад ільвоў?»

21 Тады Данііл сказаў цару: «цару, вавекі жыві!

22 Бог мой паслаў Свайго анёла і замкнуў пашчы львам, і яны не пашкодзілі мне, бо я быў перад Ім чысты, ды і перад табою, цару, я не зрабіў злачынства».

23 Тады цар дужа ўзрадаваўся за яго і загадаў падняць Данііла зь ямы; і ніякай пашкоды ня знойдзена на ім, бо ён верыў у Бога свайго.

24 І загадаў цар, і прывялі тых людзей, якія абскардзілі Данііла, і ўкінулі ў львоўнік, як іх самых, так і дзяцей іхніх і жонак іхніх; і не дасталі яны яшчэ да дна ямы, як ільвы пахапалі іх і патрушчылі ўсе іх косьці.

25 Пасьля таго цар Дарый напісаў усім народам, плямёнам і родам, што жылі на ўсёй зямлі: «няхай мір вам памножыцца!

26 Мною даецца загад, каб у кожнай мясьціне майго царства трымцелі і баяліся перад Богам Даніілавым, бо Ён ёсьць Бог Жывы і Вечнаісны, і царства Яго нязьнішчальнае, і валадарства Яго бясконцае.

27 Ён выбаўляе і ратуе і ўчыняе цуды і азнакі на небе і на зямлі; Ён уратаваў Данііла ад ільвінае сілы».

28 І Данііл меў посьпех і ў цараваньне Дарыя і ў цараваньне Кіра Персідскага.

 

Разьдзел 7

 

1 У першы год Валтасара, цара Вавілонскага, бачыў Данііл сон і прарочыя ўявы галавы сваёй на сваім ложку. Тады ж ён запісаў гэты сон, сказаўшы самае сутнае.

2 Данііл загаварыў і сказаў: бачыў я ў начной уяве маёй, і вось, чатыры вятры нябесныя ўдарылі на вялікае мора,

3 і чатыры вялікія зьвяры выйшлі з мора, не падобныя адзін на аднаго.

4 Першы - як леў, а ў яго крылы арліныя; і вось вырвалі ў яго крылы, і ён быў падняты ад зямлі і пастаўлены на ногі, як чалавек, і сэрца чалавечае было дадзена яму.

5 І вось, яшчэ зьвер, другі, падобны да мядзьведзя, стаяў на адным баку, і тры іклы ў яго ў пашчы, паміж зубамі ягонымі; яму сказана так: «устань, еж многа мяса!»

6 Потым бачыў я: вось - яшчэ зьвер, як барс; на сьпіне ў яго чатыры птушыныя крылы, і чатыры галавы былі ў таго зьвера, і была яму дадзена ўлада.

7 Пасьля бачыў я ў начных уявах, і вось - зьвер чацьвёрты, страшэнны і жудасны і бязь меры моцны; у яго - вялікія жалезныя зубы; ён пажырае і трушчыць, а рэшту топча нагамі; ён адрозьніваўся ад усіх ранейшых зьвяроў, і дзесяць рагоў было ў яго.

8 Я глядзеў на гэтыя рогі, і вось, выйшаў паміж імі яшчэ адзін невялікі рог, а тры ранейшыя рогі былі з коранем вырваны перад ім, і вось, у гэтым розе былі вочы, як вочы чалавечыя, і вусны, якія гаварылі пагардліва.

9 Бачыў я нарэшце, што пастаўленыя былі троны, і сеў Спрадвечны днямі; адзеньне на Ім было белае, як сьнег, і валасы на галаве Яго - як чыстая воўна, трон Яго - як вогненнае полымя, колы ў ім - палымяны агонь.

10 Агнявая рака плыла і праходзіла перад Ім; тысяча тысяч служылі Яму і цьма цьмоў стаялі перад Ім; судзьдзі селі, і разгарнуліся кнігі.

11 Бачыў я тады, што за маўленьне пагардлівых слоў, якія гаварыў рог, зьвер быў забіты на маіх вачах, і цела ягонае струшчана і аддадзена на спаленьне агню.

12 І ў астатніх зьвяроў адабрана ўлада іхняя, і абсяг жыцьця дадзены ім толькі на час і на гадзіны.

13 Бачыў я ў начных уявах, вось, з аблокамі нябеснымі ішоў як бы Сын Чалавечы, дайшоў да Спрадвечнага днямі і падведзены быў да Яго.

14 І Яму дадзена ўлада, слава і царства, каб усе народы, плямёны і роды служылі Яму; валадарства Ягонае - валадарства вечнае, яно ня мінецца, і царства Ягонае не разбурыцца.

15 Затрапятаў дух мой, Даніілаў, ува мне, у целе маім, і ўявы галавы маёй зьбянтэжылі мяне.

16 Я падышоў да аднаго, што стаяў наперадзе, і спытаўся ў яго пра сапраўдную сутнасьць усяго гэтага, і ён пачаў гаварыць са мною і растлумачыў мне сэнс сказанага:

17 «гэтыя вялікія зьвяры, якіх чатыры, азначаюць, што чатыры царствы паўстануць зь зямлі.

18 Потым прымуць царства сьвятыя Ўсявышняга і будуць валодаць царствам вавек і вавекі вякоў».

19 Тады пажадаў я дакладнага тлумачэньня пра чацьвёртага зьвера, які адрозьніваўся ад усіх і быў вельмі страшны, з зубамі жалезнымі і пазурамі меднымі, жэр і трушчыў, а рэшту таптаў нагамі,

20 і пра дзесяць рагоў, якія былі на галаве ў яго, і пра другі, што зноў выйшаў, перад якім выпалі тры, - пра той самы рог, у якога былі вочы і вусны, што гаварылі пагардліва, і які з выгляду стаў большы за астатнія.

21 Пакуль ня прыйшоў Спрадвечны днямі, і суд дадзены быў сьвятым Усявышняга, і настаў час, каб царствам авалодалі сьвятыя.

22 Я бачыў, як гэты рог сварыўся са сьвятымі і перамагаў іх.

23 Пра гэта ён сказаў: «зьвер чацьвёрты - на зямлі будзе чацьвёртае царства, якое адрозьніваецца ад усіх царстваў, яно будзе пажыраць усю зямлю, таптаць і трушчыць яе.

24 А дзесяць рагоў азначаюць, што з гэтага царства паўстануць дзесяць цароў, і пасьля іх паўстане іншы, не такі як ранейшыя, і зьнішчыць трох цароў,

25 і супроць Усявышняга будзе гаварыць словы і прыгнятаць сьвятых Усявышняга; нават задумае адмяніць у іх сьвяты і закон, і яны аддазены будуць у руку яго да часу і часоў і паўчасу.

26 Потым засядуць судзьдзі і адбяруць у яго ўладу губіць і зьнішчаць да канца,

27 а царства і ўлада і веліч царская ва ўсёй паднябеснай дадзена будзе народу сьвятых Усявышняга, царства Якога - царства вечнае, і ўсе ўладары будуць служыць і слухацца Яго».

28 Тут канец слова. Мяне, Данііла, моцна турбавалі развагі мае, і аблічча маё зьмянілася на мне; але слова я захаваў у сэрцы маім.

 

Разьдзел 8

 

1 На трэці год цараваньня цара Валтасара явілася мне, Даніілу, уява пасьля той, якая явілася мне раней.

2 І бачыў я ва ўяве, - і калі бачыў, я быў у Сузах, прастольным горадзе ў акрузе Эламскай, - і бачыў я ва ўяве, як бы я быў каля ракі Улай.

3 Узьвёў я вочы мае і ўбачыў: вось, адзін баран стаіць каля ракі; у яго два рогі, і рогі высокія, але адзін вышэйшы за другі, і вышэйшы вырас пасьля.

4 Бачыў я, як гэты баран бароў на захад і на поўнач і на поўдзень, і ніякі зьвер ня мог устояць супроць яго, і ніхто ня мог уратавацца ад яго; і ён рабіў, што хацеў і стаў велічны.

5 Я ўважліва глядзеў на гэта, і вось, з захаду ішоў казёл па ўлоньні зямлі, не дакранаючыся да зямлі; у гэтага казла быў відаць рог паміж яго вачамі.

6 Ён пайшоў да таго барана, які меў рогі, якога бачыў я, як ён стаяў каля ракі, і кінуўся на яго ў моцнай лютасьці сваёй.

7 І бачыў я, як ён, дабегшы да барана, раз'ятрыўся на яго і ўдарыў барана і зламаў яму рогі; і ня стала сілы ў барана ўстояць супроць яго, і той паваліў яго на зямлю і патаптаў яго, і ня было нікога, хто мог бы адратаваць барана ад яго.

8 Тады казёл над меру ўзьвялічыўся; але калі ён узмацніўся, дык зламаўся вялікі рог, і замест яго вырасьлі чатыры, павернутыя на чатыры вятры нябесныя.

9 А з аднаго выйшаў малы рог, які нязвычайна вырас на поўдзень і на ўсход і да цудоўнай краіны,

10 і падняўся да войска нябеснага, і скінуў на зямлю частку гэтага войска і зорак і патаптаў іх,

11 і нават падняўся на Правадыра таго войска, і адабрана была ў Яго штодзённая ахвяра, і паганьбавана было месца сьвятыні Ягонай,

12 і войска аддадзена разам з штодзённаю ахвяраю за грэх, і ён, скідаючы ісьціну на зямлю, дзеяў і меў посьпех.

13 І пачуў Я аднаго сьвятога, які гаварыў, і сказаў гэты сьвяты камусьці на пытаньне: «да якога часу сягае гэтая ўява пра штодзённую ахвяру і пра зьнішчальны грэх, калі сьвятыня і войска аддадзены на патаптаньне?»

14 І сказаў мне: «да двух тысяч трохсот вечароў і раніц; і тады сьвятыня ачысьціцца».

15 І было: калі я, Данііл, убачыў гэтую ўяву і шукаў сутнасьці яе, вось, стаў перад мною як бы воблік Мужа.

16 І пачуў я ад сярэдзіны Улая голас чалавечы, які заклікаў і сказаў: «Гаўрыіле! растлумач яму гэтую ўяву!»

17 І ён падышоў туды, дзе я стаяў, і калі ён прыйшоў, я жахнуўся і ўпаў на аблічча маё; і сказаў ён мне: «ведай, сыне чалавечы, што пра часіну канца гэтая ўява!»

18 І калі ён гаварыў са мною, я самлеў і ляжаў сваім тварам на зямлі; але ён дакрануўся да мяне і паставіў мяне на маё месца

19 і сказаў: «вось, я адкрываю табе, што будзе ў апошнія дні гневу; бо пра часіну канца вызначанага часу гэтая ўява.

20 Баран, якога ты бачыў з двума рагамі, гэта цары Мідыйскі і Персідскі.

21 А казёл кашлаты - цар Грэцыі, а вялікі рог, які паміж вачэй у яго, гэта - яе першы цар;

22 ён зламаўся, і замест яго вырасьлі іншыя чатыры: гэта - чатыры царствы паўстануць з гэтага народу, але не зь яго сілаю.

23 А пад канец царства іх, калі адступнікі напоўняць меру беззаконьняў сваіх, паўстане цар нахабны і спрытны ў падступнасьці;

24 і ўмацуецца сіла ягоная, хоць і не яго сілаю, і ён будзе чыніць дзівосныя спусташэньні і мець посьпех і дзеяць і губіць моцных і народ сьвятых,

25 і, пры яго розуме, падступнасьць будзе мець посьпех у руцэ ў яго, і сэрцам сваім ён узьнясецца і ў час міру загубіць многіх і супраць Уладара ўладароў паўстане, але будзе зламаны - ня рукою.

26 А ўява пра вечар і раніцу, пра якую сказана, сапраўдная; але ты схавай гэтую ўяву, бо яна пра далёкія часіны».

27 А я, Данііл, зьнямогся, і нядужыў некалькі дзён; потым устаў і пачаў займацца царскімі справамі; я вельмі зьдзіўлены быў уяваю гэтаю і не разумеў яе.

 

Разьдзел 9

 

1 У першы год Дарыя, сына Асуравага, з роду Мідыйскага, які пастаўлены быў царом над царствам Халдэйскім,

2 у першы год яго цараваньня я, Данііл, зразумеў па кнігах лічбу гадоў, пра якую было слова Гасподняе да Ераміі прарока, што семдзесят гадоў споўняцца над руінамі Ерусаліма.

3 І зьвярнуў я сваё аблічча да Госпада Бога з малітваю і маленьнем, у посьце і ў вярэце і ў попеле,

4 і маліўся я Госпаду Богу майму і спавядаўся і сказаў: «малю Цябе, Госпадзе Божа вялікі і дзівосны, Ахавальнік запавету і міласьці да тых, якія любяць Цябе і захоўваюць Твае запаведзі!

5 Грашылі мы, учынялі беззаконьне, рабілі несправядліва, упарціліся і адступалі ад запаведзяў Тваіх і ад пастановаў Тваіх

6 і ня прыслухаліся да рабоў Тваіх прарокаў, якія Тваім імем гаварылі царам нашым і вяльможам нашым, і бацькам нашым і ўсяму народу краіны.

7 У Цябе, Госпадзе, праўда, а ў нас сорам на тварах, як сёньня ў кожнага Юдэя, і ў жыхароў Ерусаліма і ва ўсяго Ізраіля, і ў блізкіх і ў далёкіх, па ўсіх краях, куды Ты іх выгнаў за паняверства іхняе, зь якім яны адступіліся ад Цябе.

8 Госпадзе! сорам на твары нам, царам нашым, князям нашым і нашым бацькам, бо мы зграшылі перад Табою!

9 А Госпаду Богу нашаму - міласэрнасьць і дараваньне, бо мы бунтаваліся супроць Яго,

10 і ня слухаліся голасу Госпада Бога нашага, каб хадзіць паводле законаў Яго, якія Ён даў нам праз Сваіх рабоў, прарокаў.

11 І ўвесь Ізраіль пераступіў праз закон Твой і адвярнуўся, каб ня слухацца голасу Твайго; і за тое выліліся на нас праклён і прысяга, якія напісаны ў законе Майсея, раба Божага; бо мы зграшылі перад Ім.

12 І Ён стрымаў Сваё слова, якое сказаў на нас і на судзьдзяў нашых, што судзілі нас, каб навесьці на нас вялікае ліха, якога ня бывала пад небам і якое сталася ў Ерусаліме.

13 Як напісана ў законе Майсеевым, так усё гэта ліха спадобіла нас; але мы не ўпрасілі Госпада Бога нашага, каб вярнуцца нам ад правінаў нашых і паразумнець у ісьціне Тваёй.

14 Бачыў Гасподзь ліха і навёў яго на нас, бо справядлівы Гасподзь Бог наш ва ўсіх чынах Сваіх, якія робіць, але мы ня слухалі голасу Ягонага.

15 А цяпер, Госпадзе Божа наш, Які вывеў народ Свой зь зямлі Егіпецкай моцнаю рукою і явіў славу Сваю, як сёньня ! зграшылі мы, рабілі несправядліва.

16 Госпадзе! па ўсёй праўдзе Тваёй хай адвернецца гнеў твой і абурэньне Тваё ад Твайго горада Ерусаліма, ад сьвятой гары Тваёй; бо за грахі нашыя і правіны бацькоў нашых Ерусалім і народ Твой у паганьбеньні ва ўсіх, хто нас атачае.

17 І сёньня пачуй, Божа наш, малітву раба Твайго і маленьне яго і паглядзі прасьветлым абліччам Тваім на спустошаную сьвятыню Тваю, дзеля Цябе, Госпадзе!

18 Прыхілі, Божа мой, вуха Тваё і паслухай, расплюшчы вочы Свае і паглядзі на спусташэньні нашыя і на горад, дзе названа імя Тваё; бо мы кладзем свае маленьні перад Табою, спадзяючыся не на справядлівасьць нашую, а на Тваю вялікую міласэрнасьць.

19 Госпадзе, выслухай! Госпадзе, даруй! Госпадзе, уважы і зьдзейсьні, не спазьніся дзеля Цябе Самога, Божа мой, бо Тваё імя названа над горадам Тваім і над народам Тваім!»

20 І калі я яшчэ гаварыў і маліўся і спавядаўся ў грахах маіх і грахах народу майго, Ізраіля, і клаў маленьне маё перад Госпадам Богам маім за сьвятую гару майго Бога,

21 калі я яшчэ гаварыў на малітве, а муж Гаўрыіл, якога бачыў я раней ва ўяве, хутка прыляцеўшы, дакрануўся да мяне ў часіну вячэрняй ахвяры

22 і настаўляў на розум мяне, гаварыў са мною і сказаў: «Данііле! цяпер я прыйшоў, каб умудрыць цябе ў разуменьні.

23 На пачатку маленьня твайго выйшла слова, і я прыйшоў абвясьціць яго табе, бо ты - муж жаданьняў; дык вось, пранікні ў слова і ўразумей уяву.

24 Семдзесят тыдняў вызначана твайму народу і сьвятому гораду твайму, каб пакрыта было злачынства, мера грахоў перапоўнілася і спакутавана віна, і каб прыведзена была вечная праўда і спраўдзіліся ўява і прарок і каб памазаны быў Сьвяты Сьвятых.

25 Дык ведай і разумей: ад часу, як выйдзе загад, каб адбудаваць Ерусалім, да Хрыста ‹ладара сем тыдняў і шэсьцьдзясят два тыдні; і вернецца народ і адбудуюцца вуліцы і муры, але ў цяжкія часіны.

26 І як скончацца шэсьцьдзясят два тыдні, аддадзены будзе на сьмерць Хрыстос, і ня будзе; а горад і сьвятыню разбурыць народ правадыра, які прыйдзе, і канец яго будзе як ад паводкі, і да канца вайны будуць спусташэньні.

27 І зацьвердзіць запавет многім адзін тыдзень, а за паўтыдня спыніцца ахвяра і прынашэньне, і на крыле сьвятыні будзе гідота запусьценьня, пакуль канчатковая вызначаная пагібель не спадобіць спусташальніка».

 

Разьдзел 10

 

1 У трэці год Кіра, цара Персідскага, было абвешчана слова Даніілу, які называўся імем Валтасар; і ў слове гэтым была ісьціна і вялікая сіла. Ён зразумеў гэтае адкрыцьцё і зразумеў гэтую ўяву.

2 У тыя дні я, Данііл, быў у жалобе і тры тыдні часу.

3 Смачнага хлеба я ня еў; мяса і віно не ўваходзілі ў вусны мае, і масьцямі я не намашчваў сябе да завяршэньня трох тыдняў часу.

4 А на дваццаць чацьвёрты дзень першага месяца быў я на беразе вялікай ракі Тыгра

5 і ўзьвёў вочы свае і ўбачыў: вось, адзін чалавек, апрануты ў ільняную вопратку, і сьцёгны яго перапяразаны золатам з Уфаза.

6 Цела яго - як тапаз, твар яго - як выгляд маланкі; вочы яго - як запаленыя сьвяцільні, рукі яго і ногі яго з выгляду - як бліскучая медзь, і голас слоў ягоных - як голас мноства людзей.

7 І толькі адзін я, Данііл, бачыў гэтую ўяву, а людзі, якія былі са мною, ня бачылі гэтае ўявы; але моцны страх напаў на іх, і яны паўцякалі хавацца

8 і застаўся я адзін і бачыў гэтую вялікую ўяву, але ўва мне не засталося моцы і выгляд твару майго вельмі зьмяніўся, не засталося ўва мне бадзёрасьці.

9 І пачуў я голас ягоных слоў: і як толькі пачуў голас ягоных слоў, самлеў і прыпаў тварам да зямлі.

10 Але вось, дакранулася да мяне рука і паставіла мяне на калені мае і на далоні маіх рук.

11 І сказаў ён мне: «Данііле, муж любасны! пранікні ў словы, якія я скажу табе, і стань проста на ногі твае; бо да цябе я пасланы сёньня». Калі ён казаў мне гэтыя словы, я ўстаў і дрыжаў.

12 Але ён сказаў мне: «ня бойся, Данііле; зь першага дня, як ты прыхіліў сваё сэрца, каб дасягнуць разуменьня і ўпакорыцца перад Богам тваім, словы твае пачуты, і я прыйшоў дзеля слоў тваіх,

13 але князь Персідскага царства стаяў супроць мяне дваццаць адзін дзень; але вось, Міхаіл, адзін зь першых князёў, прыйшоў памагчы мне, і я заставаўся там пры царах Персідскіх.

14 А цяпер я прыйшоў абвясьціць табе, што станецца з народам тваім у апошнія часіны, бо ўява сягае да дзён далёкіх».

15 Калі ён гаварыў мне такія словы, я прынік маім тварам да зямлі і зьнямеў.

16 Але вось, нехта з выгляду падобны да сыноў чалавечых дакрануўся да вуснаў маіх, і я разамкнуў мае вусны, загаварыў і сказаў таму, які стаяў перад мною: «спадару мой! ад гэтай уявы вантробы мае павярнуліся ўва мне і не засталося ўва мне сілы.

17 І як можа гэты раб майго гаспадара гаварыць з гэтым гаспадаром маім, калі ўва мне няма сілы, і дыханьне перахапіла ўва мне».

18 Тады зноў дакрануўся да мяне той, што як чалавечы воблік, і ўмацаваў мяне

19 і сказаў: «ня бойся, муж любасны! мір табе, будзь мужны, будзь мужны!» І калі ён гаварыў са мною, я ўмацаваўся і сказаў: кажы, спадару мой; бо ты ўмацаваў мяне».

20 І ён сказаў: «ці ведаеш ты, чаго я прыйшоў да цябе? Зараз я вярнуся, каб ваяваць зь Персідскім князем; а калі выйду, дык вось, прыйдзе князь Грэцыі.

21 Рэштаю я абвяшчу табе, што накрэсьлена ў кнізе праўды; і няма нікога, хто падтрымаў бы мяне ў гэтым, акрамя князя нашага Міхаіла.

 

Разьдзел 11

 

1 І вось я зь першага года Дарыя Мідзяніна стаўся апораю і падмацаваньнем.

2 А зараз абвяшчу табе праўду: вось, яшчэ тры цары паўстануць у Персіі; потым чацьвёрты перабольшыць усіх вялікім багацьцем, і калі падсіліцца багацьцем сваім, дык падыме ўсіх супроць царства Грэцкага.

3 І паўстане цар магутны, які будзе валадарыць зь вялікаю ўладаю і будзе дзейнічаць па сваёй волі.

4 Але калі ён паўстане, царства яго разваліцца і падзеліцца па чатырох вятрах і не да ягоных нашчадкаў пяройдзе, і не з тою ўладаю, зь якою ён валадарыў, бо раздробніцца царства ягонае і дастанецца іншым, а ня ім.

5 І ўзмоцніцца паўднёвы цар, а адзін з князёў ягоных перасіліць яго і будзе валадарыць, і вялікае будзе валадарства ў яго.

6 Але празь некалькі гадоў яны паяднаюцца, і дачка паўднёвага цара прыйдзе да цара паўночнага, каб устанавіць правільныя стасункі паміж імі; але яна ня ўтрымае сілы ў руках сваіх, ня ўстоіць і род яе, а здраджаны будуць як яна, так і тыя, што ішлі разам зь ёю, і народжаныя ёю, і што памагалі ёй у тыя часіны.

7 Але паўстане парастак ад кораня яе, выйдзе да войска і ўвойдзе ў цьвярдыні цара паўночнага, і будзе дзейнічаць у іх, і апануе іх,

8 і нават багоў іхніх, ідалаў іхніх з каштоўным посудам іхнім, срэбным і залатым, зьвязе ў няволю ў Егіпет і некалькі гадоў будзе стаяць вышэй за цара паўночнага.

9 Хоць ён і ўчыніць нашэсьце на царства паўднёвага цара, але вернецца ў сваю зямлю.

10 Потым узброяцца сыны ягоныя і зьбяруць шматлікае войска, і адзін зь іх хутка пойдзе, апануе і пройдзе, і потым, вяртаючыся, будзе ваяваць зь ім аж да яго цьвярдыні.

11 І раз'ятрыцца паўднёвы цар і выступіць, уступіць у бойку зь ім, царом паўночным, і выставіць вялікае войска, і аддадзена будзе войска ў рукі яго.

12 І ўзбадзёрыцца войска, і сэрца царова ўзьнясецца; ён кіне многія тысячы, але ад гэтага ня будзе мацнейшы;

13 бо паўночны цар вернецца і выставіць войска большае за ранейшае і празь некалькі гадоў мусова прыйдзе зь вялізарным войскам і вялікім багацьцем.

14 У тыя часы многія паўстануць супроць паўднёвага цара, і мяцежнікі з сыноў твайго народу падымуцца, каб спраўдзілася ўява, і загінуць.

15 І прыйдзе цар паўночны, насыпле вал і авалодае ўмацаваным горадам, і ня ўстояць мышцы поўдня, ні адборнае войска яго; і ня хопіць сілы супроцьстаяць.

16 І хто выйдзе да яго, будзе дзейнічаць па волі ягонай, і ніхто ня ўстоіць перад ім; і на славутай зямлі паставіць стан свой, і будзе пагібель у ягонай руцэ.

17 І возьме намер увайсьці з усёю сілаю царства свайго, і праведныя зь ім, і ўчыніць гэта; і дачку за жонку аддасьць яму, на пагібель ягоную, але з гэтым намыслам не пашанцуе, і ня будзе яму карысьці з таго.

18 Потым паверне аблічча сваё да астравоў і здабудзе многія; але нейкі правадыр спыніць учыненую ім ганьбу і нават сваю ганьбу аберне на яго.

19 Потым ён паверне аблічча сваё на цьвярдыні сваёй зямлі; але спатыкнецца, упадзе і ня станецца яго,

20 На яго месца стане той, які пашле зборшчыка падаткаў прайсьці на царства славы; але і ён празь некалькі дзён загіне, і не ад абурэньня і ня ў бітве.

21 І паўстане на месца яго пагарджаны, і не ўшануюць яго па-царску; але ён прыйдзе няпрыкметна і лёсткамі апануе царствам,

22 і ўсепатопныя войскі будуць патоплены і зьнішчаны ім, нават і сам правадыр запавету.

23 Бо пасьля таго, як ён уступіць у саюз зь ім, ён будзе дзейнічаць ашуканствам, і ўзыдзе і возьме верх з малым народам.

24 Ён увойдзе ў мірныя і ўрадлівыя краіны і ўчыніць тое, чаго не рабілі бацькі яго і бацькі бацькоў яго; здабычу, нарабаваную маёмасьць і багацьце будзе раздаваць сваім і на цьвярдыні будзе мець свае намыслы, але толькі да часу.

25 Потым абудзіць сілу сваю і дух свой зь вялізным войскам супроць паўднёвага цара, і цар паўднёвы выступіць на вайну зь вялікім і яшчэ мацнейшым войскам, але ня ўстоіць, бо намысьліцца супроць яго падступнасьць.

26 І тыя трапезьнікі, што ядуць зь ім, загубяць яго, і войска ягонае разьліецца і многія будуць забітыя.

27 На сэрцы ў абодвух цароў гэтых будзе падступнасьць, і за адным сталом гаварыцьмуць няпраўду, але ня будзе посьпеху, бо канец яшчэ адкладзены да свайго часу.

28 І вернецца ён у свой край зь вялікім багацьцем і з варожым намыслам супроць сьвятога запавету, і ён выканае яго і вернецца на сваю зямлю.

29 І ў назначаны час зноў пойдзе ён на поўдзень; але апошні паход не такі будзе, як ранейшы,

30 бо ў адзін зь ім час прыйдуць Кітымскія караблі; і ён падупадзе духам і вернецца, і азлобіцца на сьвяты запавет і зьдзейсьніць свой намер і зноў увойдзе ў згоду з адступнікамі ад сьвятога запавету.

31 І дадзена ім будзе частка войска, якая зьняславіць сьвятыню магутнасьці і спыніць штодзённую ахвяру і паставіць гідоту спустошанасьці.

32 Тых, якія несправядліва ўчыняць супроць запавета, ён завабіць да сябе лёсткамі; а людзі, якія шануюць свайго Бога, узмоцняцца і будуць дзеяць.

33 І разумныя з народу навядуць на розум многіх, хоць будуць некаторы час пакутаваць ад меча і агню, ад палону і рабунку;

34 і ў час пакутніцтва свайго будуць мець пэўную дапамогу, і многія далучацца да іх, але няшчыра.

35 Пацерпяць некаторыя і з разумных, каб выпрабаваць сябе, каб ачысьціцца і каб адбяліцца да апошняга часу; бо ёсьць яшчэ час да вызначанага часу.

36 І будзе рабіць цар той паводле свайго ўпадабаньня, і ўзьнясецца і ўзьвялічыцца вышэй за ўсякае божышча, і на Бога багоў гаварыцьме непатрэбнае і мецьме посьпех, пакуль не давершыцца гнеў: бо што наперад вызначана, тое споўніцца.

37 І пра багоў сваіх бацькоў ён не падумае, ні пра пажадлівасьць жанчын; ні нават божышча ніякага ня ўважыць; бо ўзьвялічыць сябе над усімі.

38 Але богу цьвярдыняў на ягоным месцы ён будзе аддаваць пашану, і бога, якога ня ведалі ягоныя бацькі, будзе ўшаноўваць золатам і срэбрам, і дарагімі камянямі і рознымі рэчамі каштоўнымі,

39 і зладзіць цьвярдыню з чужым богам: хто прызнае яго, тым пабольшыць пашану і дасьць уладу над многімі, і зямлю раздасьць, як узнагароду.

40 А пад канец часу ўступіць у бой зь ім цар паўднёвы, і цар паўночны кінецца на яго, як бура, з калясьніцамі, вершнікамі і шматлікімі караблямі, і нападзе на землі, заліе іх і пройдзе церазь іх.

41 І ўвойдзе ён у найцудоўнейшую зямлю, і многія вобласьці пацерпяць, і ўратуюцца ад рукі ягонай толькі Эдом, Мааў і большая частка сыноў Амонавых.

42 І працягне сваю руку на розныя краіны, не ўратуецца і зямля Егіпецкая.

43 І завалодае ён скарбамі залатымі і срэбнымі і рознымі каштоўнасьцямі Егіпта; Лівійцы і Эфіопцы пойдуць за ім.

44 Але чуткі з усходу і поўначы ўстрывожаць яго, і ён выйдзе зь вялікаю лютасьцю, каб нішчыць і забіваць многіх,

45 і паставіць ён царскія намёты свае паміж морам і гарою славутай сьвятыні; але прыйдзе да свайго канца, і ніхто не дапаможа яму.

 

Разьдзел 12

 

1 І паўстане ў той час Міхаіл, вялікі князь, які будзе стаяць за сыноў свайго народу; і настане цяжкі час, якога ня бывала з тых часоў, як існуюць людзі, да гэтага часу; і ўратуюцца ў гэты час з народу твайго ўсе, якія знойдзены будуць запісанымі ў кнізе.

2 І многія, якія сьпяць у пыле зямлі, прачнуцца, адны на жыцьцё вечнае, другія на вечнае паганьбеньне і пасарамленьне.

3 І разумныя будуць зьзяць, як сьвяцілы на цьвердзі, і тыя, што павярнулі людзей да праўды, - як зоркі, вавекі, назаўсёды.

4 А ты, Данііле, захавай гэтыя словы і запячатай гэтую кнігу да апошняга часу; многія прачытаюць яе, і памножацца веды».

5 Тады я, Данііл, паглядзеў, і вось, стаяць два другія, адзін па гэты бок ракі, другі па той бок ракі.

6 І адзін сказаў мужу ў ільняной вопратцы, які стаяў над водамі ракі: «калі будзе канец гэтых дзівосных здарэньняў?»

7 І пачуў я, як муж у льняной вопратцы, які быў над водамі ракі, падняўшы правую і левую руку да неба, прысягнуў Жывым вавекі, што да канца часу і часоў і паўчасу і пасьля поўнага паламаньня сілы сьвятога народу ўсё гэта зьдзейсьніцца.

8 Я чуў гэта, але не зразумеў і таму сказаў: «гаспадару мой! Што ж пасьля гэтага будзе?»

9 І адказаў ён: «ідзі, Данііле; бо захаваны і запячатаны словы гэтыя да апошняга часу.

10 Многія ачысьцяцца, адбеляцца і ператоплены будуць у спакушэньні; несправядлівыя будуць несправядлівымі, і не зразумее гэтага ніхто з несправядлівых, а мудрыя зразумеюць.

11 З часу, калі будзе прыпынена штодзённая ахвяра і будзе пастаўлена гідота запусьценьня, пройдзе тысяча дзьвесьце дзевяноста дзён.

12 Шчасны той, хто чакае і дасягне тысячы трохсот трыццаці пяці дзён.

13 А ты ідзі да твайго канца, і супакоішся і паўстанеш на атрыманьне тваёй долі ў канцы дзён».

 

Кніга Асіі

 

Разьдзел 1

 

1 Слова Гасподняе, якое было да Асіі, сына Бээрыінавага, у дні Азіі, Ёатама, Ахаза, Эзэкіі, цароў Юдэйскіх, і ў дні Ераваама, сына Ёасавага, цара Ізраільскага.

2 Пачатак слова Гасподняга Асію. І сказаў Гасподзь Асію: «ідзі, вазьмі сабе жонку блудніцу і дзяцей блуду; бо моцна блудадзеіць зямля гэтая, адступіўшыся ад Госпада».

3 І пайшоў ён і ўзяў Гомер, дачку Дыўлаіма; і яна зачала і нарадзіла яму сына.

4 І Гасподзь сказаў яму: «дай яму імя Ізрэель, бо яшчэ крыху пройдзе, і Я спаганю кроў Ізраіля з дому Іуевага і пакладу канец царству дому Ізраілевага,

5 і будзе ў той дзень, Я зламаю лук Ізраілеў у даліне Ізрэель».

6 І зачала яшчэ і нарадзіла дачку, і Ён сказаў яму: «дай ёй імя Ларухама*; бо я ўжо ня буду больш літаваць дому Ізраілевага, каб дараваць ім.

7 І дом Юдаў умілажалю і ўратую іх у Госпадзе Богу іхнім, уратую іх ня лукам, ня мечам, не вайною, ня конямі і вершнікамі».

8 І выкарміўшы грудзьмі Непамілаваную, яна зачала і нарадзіла сына.

9 І сказаў Ён: «дай яму імя Лаамі**, бо вы - ня Мой народ, і Я ня буду вашым Богам.

10 Але будзе лік сыноў Ізраілевых як пясок марскі, якога нельга ні вымераць, ні палічыць; і там, дзе казалі ім: вы ня Мой народ, будуць казаць ім: вы сыны Бога жывога.

11 І зьбяруцца сыны Юдавыя і сыны Ізраілевыя разам і паставяць сабе адну галаву і выйдуць зь зямлі перасяленьня; бо вялікі дзень Ізрэеля!

 

 

* Непамілаваны

** «Ня Мой народ»

Разьдзел 2

 

1 Кажэце братам вашым: Мой народ, і сёстрам вашым: Памілаваная.

2 Судзецеся з вашаю маці, судзецеся; бо яна ня жонка Мая, і Я ня сужэнец яе; хай яна адвядзе блуд ад аблічча свайго і пералюб ад грудзей сваіх,

3 каб я не разьдзеў яе дагала і ня выставіў яе, як у дзень нараджэньня яе, не зрабіў яе пустэльняю, не ператварыў яе ў зямлю сухую і ня выснадзіў яе смагаю.

4 І дзяцей яе не памілую, бо яны дзеці блуду.

5 Бо блудадзейнічала маці іхняя і асарамаціла сябе тая, што зачала іх; бо казала: пайду за палюбоўнікамі маімі, якія даюць мне хлеб і ваду, воўну і лён, алей і пітво.

6 За тое вось Я загараджу дарогу яе цернямі і абгараджу яе плотам і яна ня знойдзе сьцежак сваіх,

7 і пагоніцца за палюбоўнікамі сваімі, але не здагоніць іх, і будзе шукаць іх, але ня знойдзе і скажа: пайду я і вярнуся да першага мужа майго; бо тады лепей было мне, чым цяпер.

8 А ня ведала яна, што Я, Я даваў ёй хлеб і віно і алей і памножыў у яе срэбра і золата, зь якога зрабілі ідала Ваала.

9 За тое Я вазьму назад хлеб Мой у ягоны час і віно Маё ў яго пару і адбяру воўну і лён Мой, чым пакрываецца галізна яе.

10 І сёньня адкрыю сарамату яе перад вачыма палюбоўнікаў яе, і ніхто ня вырве яе з рукі Маёй.

11 І спыню ў яе ўсякую весялосьць, сьвяты яе і навамесяцы яе, і суботы яе і ўсе ўрачыстасьці яе.

12 І спустошу вінаградныя лозы яе і смакоўніцы яе, пра якія яна кажа: гэта ў мяне дарункі, якіх надарылі мне палюбоўнікі мае; і Я ператвару іх у лес, і палявыя зьвяры зьядуць іх.

13 І пакараю яе за дні служэньня Ваалам, калі яна кадзіла ім і, упрыгожыўшы сябе завушніцамі і пацеркамі, хадзіла за палюбоўнікамі сваімі, а Мяне забывала, кажа Гасподзь.

14 Таму вось, і я панаджу яе, прывяду яе ў пустэльню і буду гаварыць у сэрца яе.

15 І дам ёй адтуль вінаграднікі яе і даліну Ахор, напярэдадні надзеі; і яна будзе сьпяваць там, як у дні маладосьці сваёй і як у дзень выйсьця свайго зь зямлі Егіпецкай.

16 І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь, ты будзеш зваць Мяне: муж мой, і ня будзеш больш зваць Мяне: Ваале*.

17 І адвяду імёны Ваалаў ад вуснаў яе, і ня будуць болей згадвацца імёны іхнія.

18 І ўчыню тым часам ім згоду з польнымі зьвярамі і з птушкамі нябеснымі і з паўзунамі наземнымі; і лук, і меч, і вайну вынішчу зь зямлі той, і дам ім жыць у бясьпецы.

19 І заручу цябе Мне навек, і заручу цябе Мне ў праўдзе і судзе, у даброці і міласэрнасьці,

20 і заручу цябе Мне ў вернасьці, і ты спазнаеш Госпада.

21 І будзе ў той дзень, Я пачую, кажа Гасподзь, пачую неба, і яно пачуе зямлю,

22 і зямля пачуе хлеб і віно і алей; а гэтыя пачуюць Ізрэель.

23 І пасею яе Сабе на зямлі і скажу і памілую Непамілаваную і скажу не Майму народу: ты - Мой народ, а ён скажа: Ты - мой Бог!»

 

 

* Гаспадар мой

Разьдзел 3

 

1 І сказаў мне Гасподзь: «ідзі яшчэ і пакахай жанчыну, каханую мужам, але пералюбніцу, падобна таму, як любіць Гасподзь сыноў Ізраілевых, а яны паварочваюцца да іншых багоў і любяць вінаградныя ляпёшкі іхнія».

2 І набыў я яе сабе за пятнаццаць срэбранікаў і за хомер ячменю

3 і сказаў ёй: «шмат дзён заставайся ў мяне; не блудадзейнічай і ня будзь зь іншым; і я таксама буду для цябе.

4 Бо доўгі час сыны Ізраілевыя будуць заставацца без цара і бяз князя і без ахвяры, без ахвярніка, бяз эфода і тэрафіма.

5 Пасьля гэтага навернуцца сыны Ізраілевыя і знойдуць Госпада Бога свайго і Давіда, цара свайго, і будуць богабаязныя перад Госпадам і даброцьцю Ягонай у апошнія дні».

 

Разьдзел 4

 

1 Слухайце слова Гасподняе, сыны Ізраілевыя; бо суд у Госпада з жыхарамі гэтай зямлі, бо няма ні праўды, ні міласэрнасьці, ні Богаспазнаньня на зямлі.

2 Прысяга і падман, забойства і крадзёж і пералюбнасьць вельмі пашырыліся, і праліцьцё крыві ідзе сьледам за праліцьцём крыві.

3 За гэта заплача зямля гэтая і змогуцца ўсе, хто жыве на ёй, са зьвярамі польнымі і птушкамі нябеснымі, нават і рыбы марскія загінуць.

4 Але ніхто не спрачайся, ніхто не выкрывай другога; і твой народ - як тыя, што спрачаюцца са сьвятаром.

5 І ты загінеш удзень, і прарок загіне з табою ўначы, і зьнішчу маці тваю.

6 Вынішчаны будзе народ Мой празь недахоп выданьня: як што ты адкінуў веданьні, дык і я адкіну цябе ад сьвяшчэнадзейства перада Мною; і як ты забыў закон Бога твайго, дык і Я забуду дзяцей тваіх.

7 Чым болей яны памнажаюцца, тым болей грэшаць супроць Мяне; славу іхнюю абярну ў няславу.

8 Грахамі народу Майго кормяцца яны, і да беззаконьня яго імкнецца душа іхняя.

9 І што будзе з народам, тое і са сьвятаром; і пакараю яго паводле шляхоў ягоных і аддам яму паводле ўчынкаў ягоных.

10 Будуць есьці - і не насыцяцца; будуць блудадзейнічаць - і не размножацца, бо пакінулі служэньні Госпаду.

11 Блуд, віно і напоі завалодалі сэрцам іхнім.

12 Народ Мой пытаецца ў свайго дрэва, і жазло ягонае дае яму адказ; бо дух блуду ўвёў іх у аблуду, і блудадзейнічаючы, яны адступіліся ад Бога свайго.

13 На вяршынях гор яны прыносяць ахвяры і на пагорках кадзяць пад дубам і таполяй і тэрафімам, бо добры ад іх цень; таму любадзейнічаюць дочкі вашыя, і пералюбы чыняць нявесткі вашыя.

14 Я пакіну караць дочак вашых, калі яны блудадзейнічаюць, а нявестак вашых, калі яны пералюбы чыняць, бо вы самыя - на баку блудадзеек і зь любадзейкамі прыносіце ахвяры, а невук-народ гіне.

15 Калі ты, Ізраіле, блудадзейнічаеш, дык хай бы не грашыў Юда; і не хадзеце ў Галгал і ня ўзыходзьце ў Бэт-Авэн і не бажэцеся: жывы Гасподзь!

16 Бо як упартае цяля, упарты стаў Ізраіль; ці будзе цяпер Гасподзь пасьвіць іх, як ягнят на шырокай пашы?!

17 Прывязаўся да ідалаў Яфрэм; пакінь яго!

18 Агіднае п'янства іх, зусім аддаліся блудадзейству; князі іхнія любяць сараматнае.

19 Ахопіць іх вецер сваімі крыламі, і пасаромеюцца яны ахвяраў сваіх.

 

Разьдзел 5

 

1 Слухайце гэта, сьвятары, і ўважайце, дом Ізраілеў, і прыхілеце вуха, дом цара; бо вам будзе суд, бо вы былі пасткаю ў Масіфе і сеткаю, раскінутаю ў Таворы.

2 Глыбока загразлі ў распусьце яны; але Я пакараю ўсіх іх.

3 Яфрэма Я ведаю, і Ізраіль не схаваны ад Мяне; бо ты блудадзейнічаеш, Яфрэме, і Ізраіль апаганіўся.

4 Справы іхнія не дазваляюць ім зьвярнуцца да Бога свайго, бо дух распусты ўсярэдзіне ў іх, і Госпада яны не спазналі.

5 І гонар Ізраілеў прыніжаны ў вачах у іх; і Ізраіль і Яфрэм загінуць ад бязбожнасьці сваёй; упадзе і Юда зь імі.

6 З авечкамі сваімі пойдуць шукаць Госпада і ня знойдуць Яго: Ён адыдзе ад іх.

7 Госпаду яны здрадзілі, бо нарадзілі чужых дзяцей; сёньня новы месяц зьесьць іх зь іхняй маёмасьцю.

8 Затрубеце рогам у Гіне, трубою ў Раме; узвышайце голас у Бэтавэме: за табою, Веньяміне!

9 Яфрэм зробіцца пустэльняю ў дзень пакараньня; паміж плямёнамі Ізраілевымі Я ўзьвясьціў гэта.

10 Правадыры Юдавы сталі падобнымі на тых, што перасоўваюць межы: вылью на іх гнеў Мой, як ваду.

11 Прыгнечаны Яфрэм, уражаны судом; бо захацеў хадзіць сьледам за марнымі.

12 І буду як моль Яфрэму і як чарвяк дому Юдаваму.

13 І ўбачыў Яфрэм хваробу сваю і Юда - сваю рану, і пайшоў Яфрэм да Асура і паслаў да цара Ярэва; але ён ня можа ацаліць вас, і ня вылечыць вас ад раны.

14 Бо Я як леў Яфрэму і як ільвяня дому Юдаваму; Я, Я разарву і пайду; панясу - і ніхто ня выратуе.

15 Пайду, вярнуся ў Маё месца, пакуль яны ня прызнаюць сябе вінаватымі і ня знойдуць аблічча Майго.

 

Разьдзел 6

 

1 У скрусе сваёй яны з раньняга рана будуць шукаць Мяне і казаць: хадзем і вернемся да Госпада! бо Ён параніў - і Ён ацаліць нас, уразіў - і перавяжа нашыя раны;

2 ажывіць нас праз два дні, на трэці дзень паставіць нас, і мы будзем жыць перад абліччам Яго.

3 Дык вось, спазнаем, будзем імкнуцца спазнаць Госпада; як ранішняя зара - зьяўленьні Яго, і Ён прыйдзе да нас як дождж, як позьні дождж абросіць зямлю.

4 Што зраблю табе, Яфрэме? што зраблю табе, Юдзе? пабожнасьць вашая як ранішні туман і як раса, хутка зьнікомая.

5 Таму Я ўражваў праз прарокаў і біў іх словамі вуснаў Маіх, і суд Мой як узыходнае сьвятло.

6 Бо Я міласьці хачу, а не ахвяры, і Богаведаньня болей, чым усеспаленьняў.

7 А яны, падобна Адаму, парушылі запавет і там здрадзілі Мне.

8 Галаад - горад бязбожнікаў, запэцканы крывёю.

9 Як рабаўнікі высочваюць чалавека, так зборню сьвятароў забіваюць на дарозе ў Сіхем і ўчыняюць мярзоты.

10 У доме Ізраіля Я бачу жудаснае; там блудадзейства ў Яфрэма, апаганіўся Ізраіль.

11 І табе, Юдзе, вызначана жніво, калі Я вярну палон народу Майго.

 

Разьдзел 7

 

1 Калі Я лекаваў Ізраіля, адкрылася няпраўда Яфрэмава і зладзейства Самарыі; бо яны паводзяцца ілжыва; і ўваходзіць злодзей, і разбойнік рабуе на вуліцах.

2 Ня думаюць яны ў сэрцы сваім, што Я памятаю ўсе ліхадзействы іхнія; цяпер вакол іх учынкі іхнія; яны - перад абліччам Маім.

3 Ліхадзействам сваім яны вяселяць цара і падманамі сваімі - князёў.

4 Усе яны палаюць пералюбствам, як печ, напаленая пекарам, які перастае паліць яе, калі замесіць цеста і яно ўкісьне.

5 «Дзень нашага цара!» кажуць князі, разгарачаныя да хваробы віном, а ён працягвае руку сваю да блюзьнераў.

6 Бо яны хітрынай сваёю робяць сэрца сваё падобным да печы: пекар іхні сьпіць усю ноч, а раніцай яна гарыць як палымяны агонь.

7 Усе яны распалены, як печ, і пажыраюць судзьдзяў сваіх; усе цары іхнія падаюць, і ніхто зь іх не зьвяртаецца да Мяне.

8 Яфрэм зьмяшаўся з народамі, Яфрэм стаў як непавернуты хлеб.

9 Чужыя пажыралі сілу ягоную, - і ён не заўважаў; сівізна пакрыла яго, а ён ня ведае.

10 І гонар Ізраіля прыніжаны ў вачах іхніх, - і пры ўсім гэтым яны не зьвярнуліся да Госпада Бога свайго і не знайшлі Яго.

11 І зрабіўся Яфрэм, як дурны голуб, бяз сэрца: клічуць Егіпцянаў, ідуць у Асірыю.

12 Калі яны пойдуць, Я закіну на іх сетку Маю; як птушак нябесных скіну іх; пакараю іх, як чула зборня іхняя.

13 Гора ім, што яны адышлі ад Мяне; пагібель ім, што яны адпаліся ад Мяне! Я ратаваў іх, а яны ілжу казалі на Мяне.

14 І не зьвярталіся да Мяне сэрцам сваім, калі галасілі на ложках сваіх; зьбіраюцца дзеля хлеба і віна, а ад Мяне аддаляюцца.

15 Я наводзіў іх на розум, а яны намышлялі ліхое супроць Мяне.

16 Яны зьвярталіся, але не да ‹сявышняга, зрабіліся - як ненадзейны лук; загінуць ад меча князя іхняга за дзёрзкасьць языка свайго; гэта будзе пасьмяяньне зь іх у зямлі Егіпецкай.

 

Разьдзел 8

 

1 Трубу да вуснаў тваіх! Як арол наляціць на дом Гасподні за тое, што яны парушылі запавет Мой і пераступілі закон Мой!

2 Мяне будуць заклікаць: «Божа мой! мы спазналі Цябе, мы - Ізраіль».

3 Адкінуў Ізраіль добрае; вораг будзе перасьледаваць яго.

4 Пастаўлялі цароў самыя, безь Мяне; ставілі князёў, але без Майго ведаму; з срэбра свайго і золата свайго рабілі сабе ідалаў: адтуль - пагібель.

5 Пакінула цябе цяля тваё, Самарыя! запалаў гнеў Мой на іх; дакуль ня могуць яны ачысьціцца?

6 Бо і ён - справа Ізраіля. Мастак зрабіў яго, і таму ён - ня бог; у кавалкі ператворыцца цяля Самарыйскае!

7 Як што яны сеялі вецер, дык і пажнуць буру: хлеба на корані ня будзе ў яго, зерне ня дасьць мукі, а калі і дасьць, дык чужыя праглынуць яе.

8 Праглынуты Ізраіль; цяпер яны будуць сярод народаў як няпрыдатны посуд.

9 Яны пайшлі да Асура; як дзікі асёл, адзінокі бадзяга, Яфрэм здабываў добрую прыхільнасьць да сябе.

10 Хоць яны і пасылалі дарункі народам, але неўзабаве Я зьбяру іх, і яны пачнуць пакутаваць ад цяжару цара князёў;

11 бо шмат ахвярнікаў набудаваў Яфрэм дзеля грэху, - у грэх паслужыліся яму гэтыя ахвярнікі.

12 Напісаў Я яму важныя законы Мае, але яны палічаны ім як бы чужыя.

13 У ахвярапрынашэньнях Мне яны прыносяць мяса і ядуць яго; Госпаду не да спадобы яны; сёньня Ён згадае бязбожнасьць іхнюю і пакарае іх за грахі іхнія: яны вернуцца ў Егіпет.

14 Забыў Ізраіль Садзецеля свайго і зладзіў капішчы, і Юда набудаваў шмат умацаваных гарадоў; але Я пашлю агонь на гарады яго, - і зжарэ харомы ягоныя.

 

Разьдзел 9

 

1 Ня радуйся, Ізраіле, да захапленьня, як іншыя народы, бо ты блудадзейнічаеш, аддаліўшыся ад Бога твайго: любіш блудадзейныя дарункі на ўсіх гумнах.

2 Гумно і чавільня ня будзе карміць іх, і надзея на вінаградны сок ашукае іх.

3 Ня будуць яны жыць на зямлі Гасподняй: Яфрэм вернецца ў Егіпет, і ў Асірыі будуць есьці нячыстае.

4 Ня будуць ліць Госпаду віна, і не да спадобы Яму будуць ахвяры іхнія; яны будуць ім, як хлеб хаўтурны: усе, што будуць есьці яго, апаганяцца, бо хлеб іхні - для душы іхняй, а ў дом Гасподні ён ня ўвойдзе.

5 Што рабіцьмеце ў дзень урачыстасьці і ў дзень сьвята Гасподняга?

6 Бо вось, яны сыдуць з прычыны спусташэньня; Егіпет зьбярэ іх, Мэмфіс пахавае іх; каштоўнасьцямі іх з срэбра завалодае крапіва, калючае церне будзе ў намётах іхніх.

7 Прыйшлі дні наведваньня, прыйшлі дні аддачы. Хай жа ўведае Ізраіль, што дурны прадказальнік, бяз розуму той, хто выдае сябе за натхнёнага, з прычыны мноства беззаконьняў тваіх і вялікай варожасьці!

8 Яфрэм - вартаўнік каля Бога майго; прарок - сетка птушкалова на ўсіх дарогах ягоных; змуста - у доме Бога ягонага.

9 Глыбока ўпалі яны, разбэсьціліся, як за дзён Гівы; Ён успомніў бязбожнасьць іхнюю, пакарае іх за грахі іхнія.

10 Як вінаград у пустыні, Я знайшоў Ізраіля; як першую ягадзіну на смакоўніцы, у першы час яе, убачыў я бацькоў вашых, - але яны пайшлі да Ваалфэгора і аддаліся ганебшчыне, і самі зрабіліся мярзотнымі, як тыя, якіх палюбілі.

11 У Яфрэмлянаў, як птушка, паляціць слава: ні нараджэньня, ні цяжарнасьці, ні зачацьця.

12 А хоць бы яны і выхавалі дзяцей сваіх, адбяруць іх; бо гора ім, калі адыду ад іх!

13 Яфрэм, як Я бачыў яго да Тыра, пасаджаны на цудоўнай мясцовасьці; аднак Яфрэм выведзе дзяцей сваіх да забойцы.

14 Дай ім, Госпадзе... што Ты дасі ім? Дай ім вантробу няплодную і сухія саскі.

15 Усё ліха іхняе - у Галгале: там Я зьненавідзеў іх за ліхія дзеі іхнія; выганю іх з дома Майго, ня буду болей любіць іх; усе князі іхнія - адступнікі.

16 Пабіты Яфрэм; высах корань іх, - ня будуць прыносіць яны плоду, а калі і будуць радзіць, Я ўсьмерчу пахацінскі плод нутрыны іхняй.

17 Адкіне іх Бог мой, бо яны не паслухаліся Яго, - і будуць валацугамі паміж народамі.

 

Разьдзел 10

 

1 Ізраіль - галінасты вінаград, памнажае сабе плод; чым болей у яго пладоў, тым болей памнажае ахвярнікі; чым лепшая зямля ў яго, тым болей упрыгожваюць яны куміраў.

2 Падзялілася сэрца іхняе, за гэта яны і будуць пакараныя: Ён разбурыць ахвярнікі іхнія, скрышыць куміраў іхніх.

3 Цяпер яны кажуць: «няма ў нас цара, бо мы не збаяліся - Госпада! а цар - што нам зробіць?»

4 Кажуць словы пустыя, божацца ілжыва, заключаюць пагадненьні; за гэта явіцца суд над імі, як атрутная трава на барознах поля.

5 За цяля Бэт-Авэна затрымцяць жыхары Самарыі; заплача па ім народ, і жрацы яго, што радаваліся за яго, будуць плакаць па славе ягонай, бо яна адыдзе ад яго.

6 А сам ён аднесены будзе ў Асірыю - у дарунак цару Ярэву; пасаромлены будзе Яфрэм, і пасароміцца Ізраіль ад намыслу свайго.

7 Зьнікне ў Самарыі цар яе - як шум на паверхні вады.

8 І вынішчаны будуць вышыні Авэна - за грэх Ізраіля; церне і ваўчкі вырастуць на ахвярніках іхніх, і скажуць яны горам: «пакрыйце нас», і пагоркам: «упадзеце на нас!»

9 Больш, чым у дні Гівы, грашыў ты, Ізраіле; там яны ўстоялі; вайна ў Гаваоне супроць сыноў бязбожнасьці не спасьцігла іх.

10 Паводле жаданьня Майго пакараю іх, - і зьбяруцца супроць іх народы, і яны будуць зьвязаныя за двайное злачынства іхняе.

11 Яфрэм - навучанае цяля, прывычнае да малацьбы, і Я сам, пакладу ярмо на тлустую шыю яго; на Яфрэме будуць вярхом езьдзіць, Юда будзе араць, Якаў будзе баранаваць.

12 Сейце ў сабе праўду - і пажняце міласьць; разворвайце ў сябе навіну, бо час - знайсьці Госпада, каб Ён, калі прыйдзе, дажджом выліў на вас праўду.

13 Вы ўраблялі беззаконьні, ясьце плод ілжы, бо ты спадзяваўся на шлях твой, на мноства ваяроў тваіх.

14 І адбудзецца розрух у народзе тваім, і ўсе цьвярдыні твае будуць разбураныя, як Салман разбурыў Бэт-Арбэл у дзень бітвы: маці была забітая зь дзецьмі.

15 Вось, што ўчыніў вам Вэтыль за край бязбожнасьці вашай.

 

Разьдзел 11

 

1 І на золку загіне цар Ізраілеў! Калі Ізраіль быў малады, Я любіў яго і зь Егіпта выклікаў сына Майго.

2 Клікалі іх, а яны ішлі прэч ад аблічча іх; прыносілі ахвяру Ваалам і кадзілі ідалам.

3 Я Сам прывучаў Яфрэма хадзіць, насіў яго на руках Сваіх, а яны не ўсьведамлялі, што я лекаваў іх.

4 Путамі чалавечымі цягнуў Я іх, путамі любові, і быў ім як бы тым, хто падымае ярмо са сківіцаў іхніх, і ласкава падкладваў ежу ім.

5 Ня вернецца ён у Егіпет; але Асур - ён будзе царом яго, бо яны не схацелі зьвярнуцца да Мяне.

6 І ўпадзе меч на гарады яго - і зьнішчыць замкі ягоныя і зжарэ іх за намыслы іхнія.

7 Народ Мой закасьцянеў у адпадзеньні ад Мяне, хоць і заклікаюць яго да вышэйшага, ён не ўзвышаецца аднадушна.

8 Што зраблю з табою, Яфрэме? як здраджу табе, Ізраіле? Ці зраблю з табою, як з Адамам, ці зраблю табе, як Сэваіму? Павярнулася ўва Мне сэрца Маё, загарэлася шкадоба Мая!

9 Не зраблю паводле лютасьці гневу Майго, ня зьнішчу Яфрэма, бо Я - Бог, а не чалавек; сярод цябе - Сьвяты; Я не ўвайду ў горад.

10 Сьледам за Госпадам пойдуць яны. Як леў, Ён дасьць голас Свой; дасьць голас Свой, - страпянуцца да Яго сыны з захаду,

11 страпянуцца зь Егіпта як птушкі, і зь зямлі Асірыйскай, як галубы. і ўсялю іх у дамы іхнія, кажа Гасподзь.

12 Акружыць Мяне Яфрэм маною і дом Ізраілеў - хітрынаю; Юда трымаўся яшчэ Бога і верны быў са сьвятымі.

 

Разьдзел 12

 

1 Яфрэм пасьвіць вецер і ганяецца за ўсходнім ветрам, кожны дзень памнажае ілжу і спусташэньні; заключаюць яны саюз з Асурам, і ў Егіпет вывозіцца алей.

2 Але і зь Юдам у Госпада суд, - і Ён наведае Якава па дарогах ягоных, аддасьць яму паводле дзеяў ягоных.

3 Яшчэ ў чэраве ў маці запыняў ён брата свайго, а ўзмужнеўшы змагаўся з Богам.

4 Ён змагаўся з анёлам - і перамог; плакаў і благаў Яго; у Віфляеме Ён знайшоў нас і там гутарыў з намі.

5 А Гасподзь ёсьць Бог Саваоф; Сутны - імя Яго.

6 Зьвярніся і ты да Бога твайго: назірай міласьць і суд і спадзявайся на Бога твайго заўсёды.

7 Хананэянін зь няправільнымі вагамі ў руцэ любіць крыўдзіць;

8 і Яфрэм кажа: «аднак я разбагацеў; назапасіў сабе маёмасьці, хоць ва ўсіх маіх працах ня знойдуць нічога незаконнага, што было б грэхам».

9 А Я, Гасподзь Бог твой ад самай зямлі Егіпецкай, зноў пасялю цябе ў кушчах, як у дні сьвята.

10 Я гаварыў прарокам і памнажаў уявы і праз прарокаў ужываў прытчы.

11 Калі Галаад зрабіўся Авэнам, дык яны сталі марныя, у Галгалах калолі ў ахвяру цялят, і ахвярнікі іхнія стаялі як крушні на межах поля.

12 Уцёк Якаў на палі Сірыйскія, і служыў Ізраіль за жонку і за жонку вартаваў авечак.

13 Праз прарока вывеў Гасподзь Ізраіля зь Егіпта і праз прарока Ён ахоўваў яго.

14 Моцна раздражніў Яфрэм Госпада, і за тое кроў яго пакіне на ім і кляцьбу яго аберне Гасподзь на яго.

 

Разьдзел 13

 

1 Калі Яфрэм гаварыў, усе трапяталі. Ён быў высокі ў Ізраілі; але зрабіўся вінаватым праз Ваала - і загінуў.

2 І сёньня дадалі яны да грэху: нарабілі сабе літых ідалаў з срэбра свайго паводле разуменьня свайго, - поўная праца мастакоў, - і кажуць яны людзям, якія прыносяць ахвяру: «цалуйце цяльцоў!»

3 За тое яны будуць - як ранішні туман, як раса, што скора зьнікае, як мякіна, што зьвяваецца з гумна, і як дым з коміна.

4 Але Я - Гасподзь Бог твой ад зямлі Егіпецкай, - і ты не павінен ведаць іншага бога апрача Мяне, і няма Збаўцы апрача Мяне.

5 Я прызнаў цябе ў пустыні, у зямлі сасьмяглай.

6 Маючы палеткі, яны былі сытныя; а калі насычаліся, дык узьвесялялася сэрца іхняе, і таму Яны забывалі Мяне

7 І Я буду ім як леў, як ільвяня буду высочваць пры дарозе.

8 Буду нападаць на іх, як пазбаўленая дзяцей мядзьведзіха, разьдзіраць змесьцішча сэрца іхняга, есьці іх там, як ільвіца; польныя зьвяры будуць ірваць іх.

9 Загубіў ты сябе, Ізраіле, бо толькі ўва Мне - апора твая!

10 Дзе цар твой цяпер? Хай ён ратуе цябе ва ўсіх гарадах тваіх! Дзе судзьдзі твае, пра якіх казаў ты: «дай нам цара і начальнікаў?»

11 І Я даў табе цара ў гневе Маім і забраў - у абурэньні.

12 Зьвязаны ў вузел беззаконьні Яфрэмава, захаваны ягоны грэх.

13 Мукі парадзіхі спасьцігнуць яго; ён - сын неразумны, інакш не стаяў бы доўга ў становішчы, у якім нараджаюцца дзеці.

14 Ад улады пекла Я адкуплю іх, ад смерці выбаўлю іх. Смерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога? раскаяньня ў гэтым ня будзе ў Мяне.

15 Хоць Яфрэм пладавіты паміж братамі, але прыйдзе ўсходні вецер, падымецца вецер Гасподні з пустыні, - і высахне крыніца яго: ён спустошыць скарбніцу ўсіх каштоўных сасудаў.

 

Разьдзел 14

 

1 Спустошана будзе Самарыя, бо паўстала супраць Бога свайго: ад меча ўпадуць яны, дзеці іхнія будуць разьбіты, і цяжарныя іхнія будуць расьсечаныя.

2 Зьвярніся, Ізраіле, да Бога твайго: бо ты ўпаў ад бязбожнасьці тваёй.

3 Вазьмеце з сабою малітоўныя словы і зьвярнецеся да Госпада; кажэце яму: «адбяры ўсякае беззаконьне і прымі на дабро, і мы прынясём ахвяру вуснаў нашых.

4 Асур ня будзе ўжо ратаваць нас; ня будзем садзіцца на каня і ня будзем болей гаварыць вырабу рук нашых: багі нашыя; бо ў Цябе мілажальнасьць да сіротаў».

5 Улекую адпадзеньне іхняе, палюблю іх паводле ўпадабаньня; бо гнеў Мой адвярнуўся ад іх.

6 Я буду расою Ізраілю; ён расьцьвіце, як лілея, і пусьціць карэньне, як Ліван.

7 Расшырыцца гольле яго, - і будзе прыгажосьць ягоная, як масьліны, і пахошчы ад яго, як ад Лівана.

8 Вернуцца тыя, якія сядзелі пад ценем ягоным, будуць багатыя хлебам - і расьцьвітуць, як вінаградная лаза, славутыя будуць, як віно Ліванскае.

9 «Што мне яшчэ да ідалаў?» скажа Яфрэм. - Я пачую яго і прыгледжу яго; Я буду як зялёны кіпарыс: ад Мяне будуць табе плады.

10 Хто мудры, каб разумець гэта? хто разумны, каб спазнаць гэта? бо правільныя шляхі Гасподнія, і праведнікі ходзяць па іх, а беззаконныя загінуць на іх.

 

Кніга Ёіля

 

Разьдзел 1

 

1 Слова Гасподняе, якое было Ёілю, сыну Ватуілаваму.

2 Слухайце гэта, старцы, і ўважайце, усе жыхары зямлі гэтай: ці бывала такое ў дні вашыя альбо ў дні бацькоў вашых?

3 Перадайце пра гэта дзецям вашым; а дзеці вашыя хай скажуць сваім дзецям, а іхнія дзеці - наступнаму роду;

4 пазасталае ад вусеня ела саранча, пазасталае ад саранчы елі чэрві, а пазасталае ад чарвей даелі жукі.

5 Прачнецеся, п'яніцы, і плачце і галасеце, усе, хто п'е віно, на вінаградным соку, бо ён адабраны ад вуснаў вашых!

6 Бо прыйшоў на зямлю маю народ моцны і безьлічны; зубы ў яго - зубы ільвіныя, і сківіцы ў яго як у львіцы.

7 Спустошыў ён вінаградную лазу маю, а смакоўніцу маю абламаў, абадраў яе нагола і кінуў; пабялелі галіны ў яе,

8 Галасі, як маладая жонка, аперазаўшыся вярэтаю, па мужы маладосьці сваёй!

9 Спынілася хлебнае прынашэньне і паліваньне ў доме Гасподнім; плачуць сьвятары, служкі Гасподнія.

10 Спустошана поле, наракае зямля; бо зьнішчаны хлеб, высах вінаградны сок, зьвяла масьліна.

11 Чырванейце ад сораму, земляробы, галасеце, вінаградары, па пшаніцы і ячмені, бо загінула жніво ў полі,

12 засохла вінаградная лаза і смакоўніца зьвяла; гранатавае дрэва, пальма і яблыня - усе дрэвы ў полі пасохлі; таму і весялосьць у сыноў чалавечых зьнікла.

13 Аперажэцеся вярэтаю і плачце, сьвятары! галасеце, служкі алтара! увайдзеце, начуйце ў вярэтах, службіты Бога майго! бо ня стала ў доме Бога вашага хлебнага прынашэньня і паліваньня.

14 Назначце пост, абвясьцеце ўрачысты сход, склічце старцаў і ўсіх жыхароў краіны гэтай у дом Госпада Бога вашага і заклікайце да Госпада.

15 О, які дзень! бо дзень Гасподні блізкі: як спусташэньне ад Усемагутнага прыйдзе ён.

16 Ці ня перад нашымі вачыма адбіраецца ежа, ад дома Бога нашага - весялосьць і радасьць?

17 Стлелі зярнятамі пад камлыгамі сваімі, апусьцелі засекі, разбураны кладоўкі, бо ня стала хлеба.

18 Як стогне быдла, паныла ходзяць статкі валоў, бо няма ім пашы! томяцца і статкі авечак.

19 Да Цябе, Госпадзе, заклікаю; бо агонь зжэр кормныя пашы пустыні, і полымя папаліла ўсе дрэвы ў полі.

20 Нават і жывёлы на полі заклікаюць да Цябе, бо высахлі патокі водаў, і агонь зьнішчыў пашы пустыні.

 

Разьдзел 2

 

1 Трубеце трубою на Сіёне і беце трывогу на сьвятой гары Маёй; хай трымцяць усе жыхары зямлі, бо настае дзень Гасподні, бо ён блізка -

2 дзень цемры і мораку, дзень хмарны і туманны: як ранішняя зара пашыраецца па гарах народ шматлікі і моцны, якога ня бывала адвеку і пасьля таго ня будзе ў роды родаў.

3 Перад ім жарэ агонь, а за ім паліць полымя; перад ім зямля як сад Эдэмскі, а за ім будзе спустошаны стэп, і нікому ня будзе ратунку ад яго.

4 Выгляд яго як выгляд у коней, і скачуць яны як коньнікі;

5 скачуць па вяршынях гор як бы са стукам калясьніц, як бы з трэскам агнявога полымя, якое жарэ салому, як моцны народ, пастаўлены на бітву.

6 Убачыўшы яго, затрымцяць народы, ва ўсіх твары зьбялеюць.

7 Як змагары бягуць яны і як адважныя воіны залазяць на сьцяну, і кожны ідзе сваёю дарогаю і ня зьбіваецца са шляхоў сваіх.

8 Ня душаць адзін аднаго, кожны ідзе сваёю сьцежкаю, і падаюць на дзіды, але застаюцца бяз шкоды.

9 Бегаюць па горадзе, падымаюцца на сьцены, залазяць на дамы, уваходзяць у вокны, як злодзей.

10 Перад імі затрасецца зямля, пахісьнецца неба, сонца і месяц запамрочацца, і зоркі страцяць сваё сьвятло.

11 І Гасподзь дасьць голас Свой перад войскам Сваім, бо досыць шматлікае полчышча Яго і магутны выканаўца слова Яго; бо вялікі дзень Гасподні і досыць страшны, і хто вытрымае яго?

12 Але і сёньня яшчэ гаворыць Гасподзь: зьвярнецеся да Мяне ўсім сэрцам Сваім у посьце, плачы і галашэньні.

13 Разьдзірайце сэрцы вашыя, а ня вопратку сваю, і зьвярнецеся да Госпада Бога вашага; бо Ён добры і міласэрны, шматцярплівы і шматмілажальны і шкадуе пра бедства.

14 Хто ведае, ці не ўмілажаліцца Ён і ці не пакіне дабраславеньня, хлебнага прынашэньня і паліваньня Госпаду Богу вашаму?

15 Затрубеце трубою на Сіёне, назначце пост і абвясьцеце ўрачысты сход.

16 Зьбярэце народ, склічце сход, запрасеце старцаў, зьбярэце падлеткаў і грудных немаўлят; хай выйдзе малады з хароміны сваёй і маладая са сваёй сьвяцёлкі.

17 Паміж бабінцам і ахвярнікам хай плачуць сьвятары, службіты Гасподнія, і кажуць: «зьлітуйся, Госпадзе, з народу Твайго, не аддай спадчыны Тваёй на паганьбеньне, каб ня зьдзекаваліся зь яе народы! Дзеля чаго будуць гаварыць паміж народамі: дзе Бог іхні?»

18 І тады паклапоціцца Гасподзь пра зямлю Сваю і зьлітуецца з народу Свайго.

19 І адкажа Гасподзь і скажа народу Свайму: вось, я пашлю вам хлеб і віно і алей, і будзеце насычацца імі, і болей не аддам вас на паганьбеньне народам.

20 І таго, што прыйшоў з поўначы, выдалю ад вас і выганю ў зямлю бязводную і пустую, папярэдняе полчышча яго - у мора ўсходняе, а задняе - у мора заходняе, і пойдзе ад яго смурод і патыхне ад яго смуродам, бо ён шмат нарабіў ліха.

21 Ня бойся, зямля: радуйся і весяліся, бо Гасподзь вялікі, каб учыніць гэта.

22 Ня бойцеся, жывёлы, бо пашы пустыні дадуць росту траве, дрэва ўродзіць плод свой, смакоўніца і вінаградная лаза выявяць сваю сілу.

23 І вы, дзеці Сіёна, радуйцеся і весялецеся ў Госпадзе Богу вашым; бо Ён дасьць вам дождж у меру і будзе пасылаць вам дождж, дождж раньні і позьні, як раней.

24 І напоўняцца гумны хлебам і перапоўняцца чавільні вінаградным сокам і алеем.

25 І заплачу вам за тыя гады, калі жэрлі саранча, чэрві, жукі і вусень - вялікае войска Маё, якое пасылаў Я на вас.

26 І ўдосыць будзеце есьці і насычацца і славіць імя Госпада Бога вашага, Які дзівосна ўчыніў з вамі, і не пасарамаціцца народ Мой вавек.

27 І ўведаеце, што Я - пасярод Ізраіля і Я - Гасподзь Бог ваш, і няма іншага, і Мой народ не пасарамаціцца вавек.

28 І будзе пасьля таго, вылью ад Духа Майго на ўсякую плоць, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; старцам вашым будуць сьніцца сны, і хлопцы вашыя будуць бачыць уявы.

29 І таксама на рабоў і на рабыняў у тыя дні вылью ад Духа Майго.

30 І дам цуды на небе і на зямлі: кроў і агонь і слупы куродыму.

31 Сонца ператворыцца ў цемру, і месяц - у кроў, перш чым настане дзень Гасподні, вялікі і страшны.

32 І будзе: кожны, хто пакліча імя Гасподняе, уратуецца; бо на гары Сіёне і ў Ерусаліме будзе ратунак, як сказаў Гасподзь, і ў астатніх, якіх пакліча Гасподзь.

 

Разьдзел 3

 

1 Бо вось, у тыя дні і ў той самы час, як Я вярну палон Юды і Ерусаліма,

2 Я зьбяру ўсе народы і прывяду іх у даліну Ёсафата і там учыню над імі суд за народ Мой і за спадчыну Маю, Ізраіля, якую яны расьсеялі паміж народамі, і зямлю Маю падзялілі.

3 І на народ Мой яны кідалі жэрабя і аддавалі падлетка за блудадзейку, і прадавалі дзяўчынку за віно і пілі.

4 Што вы Мне, Тыр і Сідон і ўсе навакольлі Філістымскія? Ці хочаце заплаціць Мне помстай? ці хочаце адплаціць мне? лёгка і хутка Я абярну помсту вашую на галовы вашыя,

5 бо вы ўзялі срэбра Маё і золата Маё, і найлепшыя каштоўнасьці Мае ўнесьлі ў капішчы вашыя,

6 і сыноў Юды і сыноў Ерусаліма прадавалі сынам Элінаў, каб аддаліць іх ад межаў іхніх.

7 Вось, я падыму іх з таго месца, куды вы прадалі іх, і абярну адплату вашу на галаву вашу.

8 І аддам сыноў вашых і дачок вашых у рукі сыноў Юды, і яны прададуць іх Савэям, народу аддаленаму; так сказаў Гасподзь.

9 Абвясьцеце пра гэта паміж народамі, падрыхтуйцеся да вайны, разбудзеце адважных; хай выступяць, падымуцца ўсе ваяры.

10 Перакуйце аралы вашыя на мечы і сярпы вашыя - на дзіды; слабы хай гаворыць: я дужы.

11 Сьпяшайцеся і сыходзьцеся; туды, Госпадзе, вядзі Тваіх герояў.

12 Хай падымуцца народы і сыдуць у даліну Ёсафата; бо там Я сяду, каб судзіць усе народы адусюль.

13 Пусьцеце ў ход сярпы, бо жніва пасьпела; ідзеце, спусьцецеся, бо чавільня поўная і падчавільнік пераліваецца, бо злосьць іх вялікая.

14 Тлумы, тлумы ў даліне суду! бо блізкі день Гасподні да даліны суду!

15 Сонца і месяц памеркнуць, і зоркі страцяць бляск свой.

16 І загрыміць Гасподзь зь Сіёна і дасьць голас Свой зь Ерусаліма; здрыгануцца неба і зямля; але Гасподзь будзе абаронаю народу Свайму і абаронаю сынам Ізраілевым.

17 Тады ўведаеце, што Я - Гасподзь Бог ваш, Які жыве на Сіёне, на сьвятой гары Маёй; і будзе Ерусалім сьвятыняю, і ня будуць ужо іншапляменцы праходзіць празь яго.

18 І будуць у той дзень: горы будуць капаць віном і пагоркі пацякуць малаком і ўсе рэчышчы Юдэйскія напоўняцца вадою, а з дома Гасподняга выйдзе крыніца і будзе напойваць даліну Сітым.

19 Егіпет зробіцца пустыняю, і Эдом будзе пустым стэпам - за тое, што яны ўціскалі сыноў Юдавых і пралівалі невінаватую кроў у зямлі іхняй.

20 А Юда будзе жыць вечна і Ерусалім - у роды родаў.

21 Я змыю кроў іх, якую ня змыў яшчэ, і Гасподзь будзе жыць на Сіёне.

 

Кніга Амоса

 

Разьдзел 1

 

1 Словы Амоса, аднаго пастуха Тэкойскага, якія ён чуў ва ўяве пра Ізраіля ў дні Азіі, цара Юдэйскага і ў дні Ераваама, сына Ёасавага, цара Ізраільскага, за два гады перад землятрусам.

2 І сказаў ён: Гасподзь загрыміць зь Сіёна і дасьць голас Свой зь Ерусаліма, - і заплачуць халупы пастухоў, і высахне вяршыня Карміла.

3 Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Дамаска і за чатыры не пашкадую яго, бо яны малацілі Галаад жалезнымі цапамі.

4 І пашлю агонь на дом Азаіла, - і зжарэ ён харомы Вэнадада.

5 І скрышу замкі Дамаска і зьнішчу жыхароў даліны Авэн і таго, хто трымае жазло - з дому Эдэнавага, і пойдзе народ Арамейскі ў палон у Кір, кажа Гасподзь.

6 Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Газы і за чатыры не пашкадую яе, бо яны вывелі ўсіх у палон, каб аддаць іх Эдому.

7 І пашлю агонь у сьцены Газы, - і зжарэ харомы яе.

8 І зьнішчу жыхароў Азота і таго, які трымае жазло ў Аскалоне, і павярну руку Маю на Экрон, - і загіне рэшта Філістымлянаў, кажа Гасподзь Бог.

9 Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Тыра і за чатыры не пашкадую яго, бо яны аддалі ўсіх палонных Эдому і не згадалі пра братэрскае спрымірэньне.

10 Пашлю агонь у сьцены Тыра, - і зжарэ харомы яго.

11 Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Эдома і за чатыры не пашкадую яго, бо ён перасьледаваў брата свайго мечам, прыдушыў пачуцьці роднасьці, лютаваў пастаянна ў гневе сваім і заўсёды захоўваў лютасьць сваю.

12 І пашлю агонь на Тэман, - і зжарэ харомы Васора.

13 Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы сыноў Амонавых і за чатыры не пашкадую іх, бо яны расьціналі цяжарных у Галаадзе, каб пашырыць межы свае.

14 І запалю агонь у сьценах Равы, - і зжарэ харомы яе сярод крыку ў дзень бітвы, зь віхураю ў дзень буры.

15 І пойдзе цар іхні ў палон, ён і князі ягоныя разам зь ім, кажа Гасподзь.

 

Разьдзел 2

 

1 Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Маава і за чатыры не пашкадую яго, бо ён перапаліў косткі цара Эдомскага на вапну.

2 І пашлю агонь на Маава, - і зжарэ харомы Карыота, і загіне Мааў сярод разгрому з шумам пад гук трубы.

3 Зьнішчу судзьдзю з асяродзьдзя яго і ўсьмерчу ўсіх князёў яго разам зь ім, кажа Гасподзь.

4 Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Юды і за чатыры не пашкадую яго, бо адкінулі закон Гасподні і пастановаў Яго не захавалі, і ідалы іхнія, сьледам за якімі хадзілі бацькі іхнія, зьвярнулі іх з дарогі.

5 І пашлю агонь на Юду, - і зжарэ харомы Ерусаліма.

6 Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Ізраіля і за чатыры не пашкадую яго, бо прадаюць праўдзівага за срэбра і беднага - за пару сандаляў.

7 Прагнуць, каб пыл зямны быў на галаве ў бедных, і шлях паслухмяных скрыўляюць; нават бацька і сын ходзяць да адной жанчыны, каб няславіць сьвятое імя Маё.

8 На вопратцы, узятай пад заклад, ляжаць каля кожнага ахвярніка, і віно, спаганянае з абвінавачаных, п'юць у доме багоў сваіх.

9 А Я зьнішчыў перад абліччам іх Амарэя, вышыня якога была як вышыня кедра, і які быў моцны як дуб; Я зьнішчыў плод яго наверсе і карэньне яго ўнізе.

10 А вас Я вывеў зь зямлі Егіпецкай і вадзіў вас у пустыні сорак гадоў, каб вы ўспадкавалі зямлю Амарэйскую.

11 З сыноў вашых Я выбіраў у прарокі і з хлопцаў вашых - у назарэі; ці ж ня так гэта, сыны Ізраіля? кажа Гасподзь.

12 А вы назарэяў паілі віном і прарокам загадвалі, кажучы: не прарочце.

13 Вось, Я прыцісну вас, як цісьне калясьніца, накладзеная снапамі, -

14 і ва ўвішнага ня станецца сілы бегчы, і моцны ня ўтрымае крэпасьці сваёй і адважны не ўратуе свайго жыцьця,

15 ні стралец з лука ня ўстоіць, ні скараход не ўцячэ, ні кожны верхавец не ўратуе свайго жыцьця.

16 І самы адважны з адважных уцячэ голы ў той дзень, кажа Гасподзь.

 

Разьдзел 3

 

1 Слухайце слова гэтае, якое Гасподзь прамовіў на вас, сыны Ізраіля, - на ўсё племя, якое вывеў Я зь зямлі Егіпецкай, - кажучы:

2 толькі вас прызнаў Я з усіх плямёнаў зямлі, таму і спаганю з вас за ўсе беззаконьні вашыя.

3 Ці пойдуць двое разам, не згаварыўшыся паміж сабою?

4 Ці раве леў у лесе, калі няма перад ім здабычы? ці падае свой голас ільвяня з логвішча свайго, калі ён нічога не злавіў?

5 Ці трапіць птушка ў пятлю на зямлі, калі сіла няма ёй? Ці падымецца зь зямлі пятля, калі нічога не трапіла ў яе?

6 Ці трубіць у горадзе труба, - і каб народ не спалохаўся? Ці бывае ў горадзе бедства, якое не Гасподзь наслаў бы?

7 Бо Гасподзь Бог нічога ня робіць, не адкрыўшы сваёй таямніцы рабам Сваім прарокам.

8 Леў пачаў рыкаць, - хто не здрыганецца? Гасподзь Бог сказаў, хто ня будзе прарочыць?

9 Абвясьцеце на дахах у Азоце і на дахах у зямлі Егіпецкай і скажэце: зьбярэцеся на горы Самарыі і паглядзеце на вялікае бясчынства ў ёй і на ўціскі сярод яе.

10 Яны не ўмеюць чыніць справядліва, кажа Гасподзь: гвалтам і рабункам зьбіраюць скарбы ў харомы свае.

11 Таму так кажа Гасподзь Бог: вось няпрыяцель, і прытым вакол усёй зямлі! ён скіне магутнасьць тваю, і абабраны будуць харомы твае.

12 Так кажа Гасподзь: як часам пастух вырывае з пашчы ільвінай дзьве галені альбо частку вуха, так уратаваныя будуць сыны Ізраілевыя, якія сядзяць у Самарыі ў кутку пасьцелі і ў Дамаску на ложку.

13 Слухайце і засьведчыце дому Якава, кажа Гасподзь Бог, Бог Саваоф.

14 Бо ў той дзень, калі Я спаганю зь Ізраіля за злачынствы ягоныя, спаганю і за ахвярнікі ў Вэтылі, - адцятыя будуць рогі алтара і ўпадуць на зямлю.

15 І пакараю дом зімовы разам з домам летнім, і зьнікнуць дамы з украсамі са слановай касьці, і ня стане многіх дамоў, кажа Гасподзь.

 

Разьдзел 4

 

1 Слухайце слова гэтае, цяляты Васанскія, якія на гары Самарыйскай, - вы, што ўціскаеце бедных, прыгнятаеце гаротных, кажаце гаспадарам сваім: «падавай, і мы будзем піць!»

2 Бажыўся Гасподзь Бог сьвятасьцю Сваёю, што вось, прыйдуць на вас дні, калі павалакуць вас бусакамі і астатніх вашых вудамі.

3 І праз праломіны ў мурах выйдзеце, кожнае - як станецца, і кінеце ўсё ўбранства харомаў, кажа Гасподзь.

4 Ідзеце ў Вэтыль - і грашэце, у Галгал - і памнажайце злачынствы; прыносьце ахвяры вашыя кожнае раніцы, дзесяціны вашыя хоць праз кожныя тры дні.

5 Прыносьце ў ахвяру падзяку квасную, узьвяшчайце пра дабраахвотныя прынашэньні вашыя і расказвайце пра іх, бо гэта вы любіце, сыны Ізраілевыя, кажа Гасподзь Бог.

6 Затое і даў Я вам голыя зубы ва ўсіх гарадах вашых і нястачу хлеба ва ўсіх селішчах вашых; але вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь.

7 І стрымліваў ад вас дождж за тры месяцы да жніва; праліваў дождж на адзін горад, а на другі горад не праліваў дажджу; адна дзялянка напойваная была дажджом, а другая, не пакропленая дажджом, засыхала.

8 І сыходзіліся два, тры гарады ў адзін горад, каб напіцца вады, і не маглі ўдосыць напіцца; але і тады вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь Бог.

9 Я пакараю вас іржою і блякласьцю хлеба; мноства садоў вашых і вінаграднікаў вашых, і смакоўніц вашых і масьлін вашых пажыраў вусень, - і пры ўсім тым вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь.

10 Пасылаў Я на вас згубную пошасьць, падобную на Егіпецкую, забіваў мечам хлопцаў вашых, адводзячы коней у палон, так што смурод ад сыноў вашых падымаўся ў ноздры вашыя, - і пры ўсім тым вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь.

11 Чыніў Я сярод вас разбурэньні, як разбурыў Бог Садому і Гамору, і вы былі выхапленыя, як галавешка з агню, - і пры ўсім тым вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь.

12 Таму так зраблю Я з табою, Ізраіле; і як Я так зраблю з табою, дык падрыхтуйся да сустрэчы Бога твайго, Ізраіле,

13 бо вось, - Ён, Які стварае горы і творыць вецер і абвяшчае чалавеку намеры ягоныя, ранішняе сьвятло абарочвае ў морак і крочыць вышэй зямлі. Гасподзь Бог Саваоф - імя Яму.

 

Разьдзел 5

 

1 Слухайце гэтае слова, у якім я падыму плач па вас, дом Ізраілеў.

2 Упала, не ўстае болей дзева Ізраілева! павалена на зямлі сваёй, і няма каму падняць яе.

3 бо так кажа Гасподзь Бог: горад, які выступаў з тысячаю, застанецца толькі з сотняю, і які выступіў з сотняю, застанецца зь дзясяткам каля дома Ізраілевага.

4 Бо так кажа Гасподзь Бог дому Ізраілеваму: знайдзеце Мяне - і будзеце жывыя.

5 Ня шукайце Вэтыля і не хадзеце ў Галгал і ў Вірсавію не вандруйце, бо Галгал увесь пойдзе ў палон і Вэтыль абернецца ў нішто.

6 Знайдзеце Госпада - і будзеце жывыя, каб Ён не памкнуўся на дом Язэпаў як агонь, які зжарэ яго, і ня будзе каму патушыць яго ў Вэтылі.

7 О вы, якія суд ператвараеце ў атруту і праўду кідаеце на зямлю!

8 Хто стварыў сямізор'е і Арыён і ператварае сьмяротны цень у ясную раніцу, а дзень робіць цёмным як ноч, заклікае воды марскія і разьлівае іх па ўлоньні зямлі? Гасподзь - імя Яму!

9 Ён мацуе спусташальніка супроць дужага, і спусташальнік уваходзіць у крэпасьць.

10 А яны ненавідзяць выкрывальніка ў браме і грэбуюць тым, хто кажа праўду.

11 Дык вось, за тое, што вы топчаце беднага і бераце зь яго дарункі хлебам, вы пабудуеце дамы з часанага каменьня, але жыць ня будзеце ў іх; разьведзяце цудоўныя вінаграднікі, а віна зь іх ня піцьмеце.

12 Бо Я ведаю, якія шматлікія злачынствы вашыя і якія цяжкія грахі вашыя: вы - ворагі справядлівага, бераце хабар і перакручваеце ў судзе справы бедных.

13 Таму разумны маўчыць гэтым часам, бо ліхі гэты час.

14 Шукайце дабра, а ня ліха, каб засталіся вы жывыя, - і тады Гасподзь Бог Саваоф будзе з вамі, як вы кажаце.

15 Зьненавідзьце зло і палюбеце дабро і аднавеце каля брамы правасудзьдзе; магчыма, Гасподзь Бог Саваоф пашкадуе рэшту Язэпавую.

16 Таму так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Усяўладны: на ўсіх вуліцах будзе плач, і на ўсіх дарогах будуць усклікаць: жаль, жаль! і заклічуць земляробы бедаваць і спанатраных у жалобных песьнях - плакаць,

17 і ва ўсіх вінаградніках будзе плач, бо Я прайду сярод Цябе, кажа Гасподзь.

18 Гора тым, якія жадаюць дня Гасподняга! Навошта вам гэты дзень Гасподні? ён - цемра, а не сьвятло, -

19 тое самае, як калі б хто ўцёк ад ільва - і трапіўся б яму насустрач мядзьведзь, альбо калі б прыйшоў дахаты і абаперся рукою аб сьцяну - і зьмяя ўкусіла б яго.

20 Хіба дзень Гасподні ня морак, а сьвятло? ён - цемра, і няма ў ім зьзяньня.

21 Ненавіджу, адкідаю сьвяты вашыя і ня нюхаю ахвяр у час урачыстых сходаў вашых.

22 Калі прынесяце Мне цэласпаленьне і хлебнае прынашэньне, Я ня прыму іх і не пагляджу на падзякавальную ахвяру з тлустых цяльцоў вашых.

23 Адвядзі ад Мяне шум песьняў тваіх, бо гукаў гусьляў тваіх Я ня буду слухаць.

24 Хай як вада цячэ суд, і праўда - як моцны паток!

25 Ці прыносілі вы Мне ахвяры і хлебныя дарункі ў пустыні ў ходзе сарака гадоў, дом Ізраілеў?

26 Вы насілі скінію Малохавую і зоркі бога вашага Рэмфана, выявы, якія вы сабе зрабілі.

27 За тое Я перасялю вас за Дамаск, кажа Гасподзь; Бог Саваоф - імя Яму!

 

Разьдзел 6

 

1 Гора бястурботным на Сіёне і спадзявальцам на гару Самарыйскую, знакамітым народу-першынца, да якіх прыходзіў дом Ізраіля!

2 Прайдзеце ў Калне і паглядзеце, адтуль перайдзеце ў Эмат вялікі і спусьцецеся ў Гэт Філістымкі: ці ня лепшыя яны за гэтыя царствы? ці ня шырэйшыя іх абшары за абшары вашыя?

3 Вы, якія дзень бедства лічыце далёкім і набліжаеце перамогу насільля, -

4 вы, якія ляжыце на ложках з слановай касьці і песьціцеся на пасьцелях вашых, ясьце найлепшых бараноў са статку і цялят з кормнае пашы,

5 сьпяваеце пад гукі гусьляў, думаючы, што валодаеце зычным інструментам, як Давід.

6 п'яце з чараў віно, мажацеся найлепшымі масьцямі і ня ўбольваецеся зь бедства Язэпа!

7 За тое сёньня пойдуць яны ў палон на чале палонных, і скончыцца вялікая радасьць сьпешчаных.

8 Божыцца Гасподзь Бог Самім Сабою, і так кажа Гасподзь Бог Саваоф: грэбую пыхлівасьцю Якава і ненавіджу харомы ягоныя, і аддам горад і ўсё, што напаўняе яго.

9 І будзе: калі ў якім доме застанецца дзесяць чалавек, дык памруць і яны,

10 і возьме іх родзіч іхні альбо спальшчык, каб вынесьці косткі іх з дому, і скажа прыдомніку: «ці ёсьць у цябе яшчэ хто?» Той адкажа: «няма нікога». І скажа гэты: «маўчы! бо нельга згадваць імя Гасподняга».

11 Бо вось, Гасподзь дасьць загад і ўразіць вялікія дамы расколінамі, а малыя дамы - шчылінамі.

12 Ці бегаюць коні па скале? ці можна араць яе валамі? Вы тым часам суд ператвараеце ў атруту і плод праўды - у горыч,

13 вы, якія захапляецеся нікчэмнымі рэчамі і кажаце: «ці не сваёю сілаю мы набылі сабе магутнасьць?»

14 Вось Я, кажа Гасподзь Бог Саваоф, падыму народ супроць вас, дом Ізраілеў, і буду ціснуць вас ад уваходу ў Эмат да патока ў пустыні.

 

Разьдзел 7

 

1 Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, Ён стварыў саранчу на пачатку росту позьняй травы, і гэта была трава пасьля царскага пакосу.

2 І было, калі яна скончыла есьці траву на зямлі, я сказаў: Госпадзе Божа! пашкадуй; як устаіць Якаў? ён вельмі малы.

3 І пашкадаваў Гасподзь пра тое: «ня будзе гэтага», сказаў Гасподзь.

4 Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, Гасподзь Бог утварыў для суду агонь, - і ён зжэр вялікую багну, зжэр і частку зямлі.

5 І сказаў я: Госпадзе Божа! спыні; як устаіць Якаў? ён вельмі малы.

6 І пашкадаваў Гасподзь пра тое: «і гэтага ня будзе», сказаў Гасподзь Бог.

7 Такую ўяву адкрыў Ён мне: вось, Гасподзь стаяў на выноснай сьцяне, і ў руцэ ў яго сьвінцовая вага.

8 І сказаў мне Гасподзь: «што ты бачыш, Амосе?», я адказаў: «вагу». І Гасподзь сказаў: «вось, пакладу вагу сярод народу майго Ізраіля; ня буду больш дараваць яму.

9 І спустошаны будуць ахвярныя вышыні Ісакавыя, і разбураны будуць сьвяцілішчы Ізраілевыя, і паўстану зь мечам супроць дому Ераваамавага».

10 І паслаў Амасія, сьвятар Вэтыльскі, да Ераваама, цара Ізраільскага, сказаць: Амос утварае смуту супроць цябе сярод дому Ізраілевага; зямля ня можа цярпець усіх слоў ягоных,

11 бо так кажа Амос: ад меча памрэ Ераваам, а Ізраіль абавязкова зьведзены будзе палонным зь зямлі сваёй.

12 І сказаў Амасія Амосу: празорлівец! ідзі і сыдзі ў зямлю Юдавую; там еж хлеб і там прароч,

13 а ў Вэтылі больш не прароч, бо ён - сьвятыня цара і дом царскі.

14 І адказваў Амос і сказаў Амасію: я - не прарок і ня сын прарока, я быў пастух і зьбіраў сікаморы.

15 Але Гасподзь узяў мяне ад авечак, і сказаў мне Гасподзь: ідзі, прароч народу Майму Ізраілю.

16 Цяпер выслухай слова Гасподняе. Ты кажаш: не прароч на Ізраіля і не вымаўляй слоў на дом Ісакаў.

17 За гэта, вось што кажа Гасподзь: жонка твая будзе зьняслаўлена ў горадзе, сыны і дочкі твае загінуць ад меча, зямля твая будзе падзелена межавою вяроўкаю, а ты памрэш у зямлі нячыстай, і Ізраіль мусова выведзены будзе зь зямлі сваёй.

 

Разьдзел 8

 

1 Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, кош са сьпелымі пладамі.

2 І сказаў Ён: што ты бачыш, Амосе? Я адказаў: кош са сьпелымі пладамі. Тады Гасподзь сказаў мне: насьпеў канец народу Майму Ізраілю: ня буду болей дараваць яму.

3 Песьні хорама ў той дзень ператворацца ў галашэньне, кажа Гасподзь Бог; многа будзе трупаў, на кожным месцы будуць кідаць іх моўчкі.

4 Выслухайце гэта, хто прагне праглынуць бедных і загубіць убогіх, -

5 вы, якія кажаце: некалісь прыйдзе час маладзіка, каб мы прадавалі хлеб, і субота - каб адчыніць засекі, паменшыць меру, павялічыць цану сікля і ашукваць няправільнымі вагамі,

6 каб купляць немаёмасных за срэбра і бедных за пару абутку, а высеўкі з хлеба прадаваць.

7 Бажыўся Гасподзь славаю Якава: сапраўды не забуду вавек ніводнага з учынкаў іхніх!

8 Ці не пахісьнецца ад гэтага зямля, і ці не заплача кожны, хто жыве на ёй? Захвалюецца яна як рака, і будзе падымацца і апускацца як рака Егіпецкая.

9 І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь Бог: учыню заход сонца апоўдні і азмрочу зямлю сярод сьветлага дня,

10 і абярну сьвяткаваньні вашыя ў бедаваньні і ўсе песьні вашы - у плач, і ўскладу на ўсе сьцёгны вярэту і плешыну на кожную галаву; і ўчыню ў краіне плач, як па адзіным сыне, і канец яе будзе - як горкі дзень.

11 Вось настаюць дні, кажа Гасподзь Бог, калі Я пашлю на зямлю голад, - ня голад хлеба, ня смагу вады, а смагу чуцьця слоў Гасподніх.

12 І будуць хадзіць ад мора да мора і бадзяцца ад поўначы да ўсходу, шукаючы слова Гасподняга, і ня знойдуць яго.

13 У той дзень раставаць будуць ад смагі прыгожыя дзяўчаты і хлопцы,

14 якія божацца грахом Самарыйскім і кажуць: жывы Бог твой, Дане! і жывы шлях у Вірсавію! - Яны ўпадуць і ўжо ня ўстануць.

 

Разьдзел 9

 

1 Бачыў я Госпада, Які стаяў над ахвярнікам, і Ён сказаў: стукні ў бэльку над варотамі, каб патрэсьліся вушакі, і абярні іх на галовы ўсіх іх, а астатніх зь іх Я паб'ю мечам: не ўцячэ ў іх ніхто, хто бяжыць, і не ўратуецца зь іх ніхто, хто жадае ўратавацца.

2 Хоць бы яны зачыніліся ў апраметную, і адтуль рука Мая возьме іх; хоць бы ўзышлі на неба, і адтуль скіну іх.

3 І хоць бы яны схаваліся на вяршыні Карміла, і там знайду і вазьму іх; хоць бы схаваліся ад вачэй Маіх на дне мора, і там загадаю марскому зьмею ўгрызьці іх.

4 І калі пойдуць у палон паперадзе ворагаў сваіх, дык загадаю мечу і там забіць іх. Абярну на іх вочы Мае на бяду ім, а не на дабро.

5 Бо Гасподзь Бог Саваоф дакранецца да зямлі, - і яна растане, і заплачуць усе жывыя на ёй; і падымецца ўся яна як рака, і апусьціцца Як рака Егіпецкая.

6 Ён зладзіў вышнія харомы Свае на нябёсах і скляпеньне Сваё ўмацаваў на зямлі, заклікае воды марскія і вылівае іх па ўлоньні зямлі; Гасподзь - імя Яму.

7 Ці не такія, як сыны Эфіопаў, і вы для Мяне, сыны Ізраілевыя? кажа Гасподзь. Ці ня Я вывеў Ізраіля зь зямлі Егіпецкай і Філістымлянаў - з Кафтора і Арамлянаў - з Кіра?

8 Вось, вочы Госпада Бога - на грэшнае царства, і Я зьнішчу яго з аблічча зямлі; але дом Якава ня зусім зьнішчу, кажа Гасподзь.

9 Бо вось, Я загадаю і рассыплю дом Ізраілеў па ўсіх народах, як рассыпаюць зерне ў рэшаце, і ніводнае не ўпадзе на зямлю.

10 Ад меча памруць усе грэшнікі з народу Майго, якія кажуць: «не спасьцігне нас і ня прыйдзе да нас гэтае бедства!»

11 У той дзень Я аднаўлю скінію Давідавую заняпалую, што ўпала, зачыню трэшчыны ў ёй і разбуранае адбудую, і зладжу яе, як у дні старадаўнія,

12 каб яны авалодалі рэштай Эдома і ўсімі народамі, паміж якімі абвесьціце імя Маё, кажа Гасподзь, Які творыць усё гэта.

13 Вось, настануць дні, кажа Гасподзь, калі араты застане яшчэ жняца, а той, таптальнік вінаграду, - сейбіта; і горы крынічыць будуць вінаградным сокам, і ўсе пагоркі пацякуць.

14 І вярну з палону народ Мой, Ізраіля, і забудуць апусьцелыя гарады і паселяцца ў іх, насадзяць вінаграднікі і будуць піць віно зь іх, разьвядуць сады і пачнуць есьці плады зь іх.

15 І асялю іх на зямлі іхняй і іх ня будуць болей вырываць зь зямлі іхняй, якую Я даў ім, кажа Гасподзь Бог твой жа Гасподзь.

 

Кніга Аўдзея

 

Разьдзел 1

 

1 Уява Аўдзею. Так кажа Гасподзь Бог пра Эдома: вестку пачулі мы ад Госпада, і пасол пасланы абвясьціць народам: «уставайце, і пойдзем супраць яго вайною!»

2 Вось, Я зрабіў цябе малым сярод народаў, і ты ў вялікай пагардзе.

3 Ганарыстасьць сэрца твайго падманула цябе; ты жывеш у расколінах скал на ўзвышаным месцы і кажаш у сэрцы тваім: «хто скіне мяне на зямлю?»

4 Але хоць бы ты, як арол, падняўся высока і сярод зорак зладзіў гняздо тваё, дык і адтуль Я скіну цябе, кажа Гасподзь.

5 Ці ня злодзеі прыходзілі да цябе, ці не начныя рабаўнікі, што ты так абабраны? Але яны ўкралі б столькі, колькі ім трэба. Калі б да цябе залезьлі абіральнікі вінаграду, дык і яны ці ж бы не пакінулі некалькіх ягадзін?

6 Як абабрана ўсё ў Ісава і абшуканы ўсе патайнікі ягоныя!

7 Да мяжы выведуць цябе ўсе супольнікі твае, ашукаюць цябе, адолеюць цябе тыя, што жывуць з табою ў міры, удараць цябе тыя, што хлеб твой ядуць. Няма ў ім сэнсу!

8 Ці ня ў той дзень гэта будзе, кажа Гасподзь, калі Я вынішчу мудрых у Эдоме і разумных на гары Ісава?

9 Працятыя будуць страхам адважнікі твае, Фэман, каб усе на гары Ісава вынішчаны былі забойствам.

10 За ўціск брата твайго, Якава, пакрые цябе сорам, і ты зьнішчаны будзеш назаўсёды.

11 У той дзень, калі ты стаяў насупраць, у той дзень, калі чужынцы вялі войска ягонае ў палон і іншапляменцы ўвайшлі ў браму ягоную і кінулі жэрабя на Ерусалім, ты быў як адзін зь іх.

12 Ня варта было б табе глядзець на дзень брата твайго, на дзень адчужэньня яго; ня варта было б радавацца за сыноў Юды ў дзень іхняй пагібелі і разьзяўляць рот у дзень бедства.

13 Ня трэба было табе ўваходзіць у браму народу Майго ў дзень няшчасьця яго і нават глядзець на злашчасьце яго ў дзень пагібелі ягонай, ні дакранацца да маёмасьці ягонай у дзень бедства ягонага.

14 Ні стаяць на ростанях, каб забіваць тых, што ўцякалі ад яго, ні выдаваць ацалелых ад яго ў дзень бедства.

15 Бо блізкі дзень Гасподні на ўсе народы: як ты рабіў, так будзе зроблена і з табою; аддача твая абернецца на галаву тваю.

16 Бо як вы пілі на сьвятой гары Маёй, так усе народы заўсёды піцьмуць, будуць піць, праглынуць і будуць - як бы іх ня было.

17 А на гары Сіёне будзе збавеньне, і будзе яна сьвятыняю; і дом Якава атрымае ва ўладаньне спадчыну сваю.

18 І дом Якава будзе агнём і дом Язэпа - полымем, а дом Ісава - саломаю: запаляць яго і зьнішчаць яго, і нікога не застанецца з дому Ісава, бо Гасподзь сказаў гэта.

19 І завалодаюць тыя, што на поўдзень, гарою Ісава, а якія ў даліне - Філістымлянамі; і завалодаюць полем Яфрэма і полем Самарыі, а Веньямін завалодае Галаадам.

20 І пераселеныя з войска сыноў Ізраілевых завалодаюць зямлёю Хананэйскаю да Сарэпты, а пераселеныя зь Ерусаліма, якія ў Сэфарадзе, атрымаюць у валоданьне гарады паўднёвыя.

21 І прыйдуць ратавальнікі на гару Сіён, каб судзіць гару Ісава, - і будзе царства Госпада.

 

Кніга Ёны

 

Разьдзел 1

 

1 І было слова Гасподняе Ёну, сыну Амафіінаму:

2 «устань, ідзі ў Нінэвію - горад вялікі і прапаведуй у ім, бо зладзействы яго дайшлі да Мяне».

3 І ўстаў Ёна, каб бегчы ў Тарсіс ад аблічча Гасподняга, і прыйшоўшы ў Ёпію і знайшоўшы карабель, які выпраўляўся ў Тарсіс, аддаў плату за правоз і ўзышоў на яго, каб плыць зь імі ў Тарсіс ад аблічча Госпада.

4 Але Гасподзь падняў на моры моцны вецер, і зрабілася на моры вялікая бура, і карабель гатовы быў разьбіцца.

5 І спалохаліся карабельнікі і заклікалі кожны свайго бога, і пачалі кідаць у мора паклады з карабля, каб аблегчыць яго ад іх; а Ёна апусьціўся ў нутро карабля, лёг і моцна заснуў.

6 І прыйшоў да яго начальнік карабля і сказаў яму: «чаго ты сьпіш? устань, закліч Бога твайго; можа быць, Бог успомніць пра нас, і мы не загінем».

7 І сказалі адзін аднаму: «хадзем, кінем жэрабя, каб даведацца, за каго спасьцігае нас гэтая бяда». І кінулі жэрабя, і ўпала жэрабя на Ёну.

8 Тады сказалі яму: «скажы нам, за каго спасьцігла нас гэтая бяда? які твой занятак, і адкуль ідзеш ты? дзе твая краіна, і зь якога ты народу?»

9 І ён сказаў ім: «я - Габрэй, шаную Госпада Бога нябёсаў, Які стварыў мора і сушу».

10 І спалохаліся людзі страхам вялікім і сказалі яму: «дзеля чаго ты гэта зрабіў», бо даведаліся гэтыя людзі, што ён уцякае ад аблічча Гасподняга, як ён сам абвясьціў ім.

11 І сказалі яму: «што зрабіць нам з табою, каб мора аціхла для нас?», бо мора не пераставала хвалявацца.

12 Тады ён сказаў ім: «вазьмеце мяне і кіньце мяне ў мора, - і мора аціхне для вас, бо я ведаю, што празь мяне спасьцігла вас гэта вялікая бура».

13 Але гэтыя людзі пачалі моцна веславаць, каб прыстаць да зямлі, але не маглі, бо мора ўсё бушавала і бушавала супроць іх.

14 Тады заклікалі яны Госпада і сказалі: «молім Цябе, Госпадзе, хай не загінем за душу чалавека гэтага, і хай не залічыш на нас кроў невінаватую; бо Ты, Госпадзе, зрабіў, што заўгодна Табе!»

15 І ўзялі Ёну і кінулі яго ў мора; і аціхла мора ад лютасьці сваёй.

16 І спалохаліся гэтыя людзі Госпада вялікім страхам і прынесьлі Госпаду ахвяру і далі абяцаньні.

 

Разьдзел 2

 

1 І загадаў Гасподзь вялікаму кіту праглынуць Ёну; і быў Ёна ў чэраве гэтага кіта тры дні і тры ночы.

2 І памаліўся Ёна Госпаду Богу свайму з чэрава кіта

3 і сказаў: «да Госпада заклікаў я ў смутку маім, - і Ён пачуў мяне; з чэрава апраметнай я загаласіў, - і Ты пачуў голас мой.

4 Ты ўкінуў мяне ў глыбіню, у сэрца мора, і патокі акружылі мяне, усе воды Твае і хвалі Твае праходзілі над мною.

5 І я сказаў: адкінуты я ад вачэй Тваіх, аднак я зноў убачу сьвяты храм Твой.

6 Абнялі мяне воды да душы маёй, бездань замкнула мяне; марскою травою абвіта была галава мая.

7 Да асновы гор я сышоў, зямля сваімі замкамі навек загарадзіла мяне; але Ты, Госпадзе Божа мой, душу маю выведзеш зь пекла.

8 Калі зьнемагла ўва мне душа мая, я ўспомніў пра Госпада, і малітва мая дайшла да Цябе, да храма сьвятога Твайго.

9 Пашаноўцы марных і фальшывых божышчаў пакінулі Мілажальнага свайго,

10 а я голасам хвалы прынясу Табе ахвяру; што абяцаў, выканаю. У Госпада выратаваньне!»

11 І сказаў Гасподзь кіту, і ён выкінуў Ёну на сушу.

 

Разьдзел 3

 

1 І было слова Гасподняе Ёну другі раз:

2 «устань, ідзі ў Нінэвію - горад вялікі і прапаведуй у ёй, што Я загадаў табе».

3 І ўстаў Ёна і пайшоў у Нінэвію па слове Гасподнім; а Нінэвія была горад вялікі ў Бога, на тры дні хады.

4 І пачаў Ёна хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці за адзін дзень, і прапаведаваў, кажучы: «яшчэ сорак дзён, - і Нінэвія будзе разбурана!»

5 І паверылі Нінэвіцяне Богу: і абвясьцілі пост і апрануліся ў вярэты, ад вялікага зь іх да малога.

6 Гэтае слова дайшло да цара Нінэвіі, - і ён устаў з трона свайго і зьняў зь сябе царскае адзеньне сваё, і апрануўся ў вярэту і сеў на попеле,

7 і загадаў абвясьціць і сказаць у Нінэвіі ад імя цара і вяльможаў ягоных, «каб ні людзі, ні быдла, ні валы, ні авечкі нічога ня елі, ні хадзілі на пашу, і вады ня пілі,

8 і каб пакрытыя былі вярэтай людзі і быдла і моцна галасілі да Бога, і каб кожны адвярнуўся ад ліхога шляху свайго ад гвалту рук сваіх.

9 Хто ведае, можа, яшчэ Бог умілажаліцца і ўхіліць ад нас полымны гнеў Свой, і мы не загінем».

10 І ўбачыў Бог дзеі іхнія, што яны зьвярнулі ад ліхога шляху свайго, і пашкадаваў Бог за бедства, пра якое сказаў, што навядзе на іх, і не навёў.

 

Разьдзел 4

 

1 Ёна моцна засмуціўся з гэтага і быў раздражнёны.

2 І маліўся ён Госпаду і сказаў: «о, Госпадзе! ці ж ня раз гэта казаў я, калі быў яшчэ ў краіне маёй? Таму я і пабег у Тарсіс, бо ведаў, што Ты - Бог добры і міласэрны, шматцярплівы і шматлітасьцівы, і шкадуеш за бедства.

3 І сёньня, Госпадзе, вазьмі душу маю ад мяне, бо лепей мне памерці, чым жыць».

4 І сказаў Гасподзь: «няўжо гэта засмуціла цябе так моцна?»

5 І выйшаў Ёна з горада і сеў з усходняга боку каля горада, і зрабіў сабе там намёт і сеў пад ім у цяні, каб убачыць, што будзе з горадам,

6 І вырасьціў Гасподзь Бог расьліну, і яна паднялася над Ёнам, каб над галавою ягонай быў цень і каб выбавіць яго ад засмучэньня ягонага; Ёна вельмі ўзрадаваўся расьліне гэтай.

7 І зрабіў Бог так, што на другі дзень з зарою чарвяк падтачыў расьліну, і яна засохла.

8 А калі ўзышло сонца, навёў Бог сьпякотны ўсходні вецер, і сонца пачало пячы галаву Ёны, так што ён зьнямог і прасіў сабе сьмерці і сказаў: «лепей мне памерці, чым жыць».

9 І сказаў Бог Ёну: «няўжо так моцна засмуціўся ты за расьліну?» Ён сказаў: «вельмі засмуціўся, нават да сьмерці».

10 Тады сказаў Гасподзь: «ты шкадуеш за расьліну, над якою ты не працаваў і якое не гадаваў, якая за адну ноч вырасла і за адну ж ноч і прапала:

11 Мне ці ж не пашкадаваць Нінэвіі, горада вялікага, у якім больш за сто дваццаць тысяч чалавек, якія ня ўмеюць адрозьніць правай рукі ад левай, і мноства быдла?»

 

Кніга Міхея

 

Разьдзел 1

 

1 Слова Гасподняе, якое было Міхею Марастыціну ў дні Ёатама, Ахаза і Эзэкіі, цароў Юдэйскіх, і якое адкрыта яму ў Самарыі і Ерусаліме.

2 Слухайце ўсе народы, уважай, зямля і ўсё, што напаўняе яе! Хай будзе Гасподзь Бог сьведка супроць вас, Госпадзе зь сьвятога храма Свайго!

3 Бо вось, Гасподзь выходзіць зь месца Свайго, сыдзе і наступіць на вышыні зямлі,

4 і горы растануць пад Ім, даліны распадуцца, як воск ад агню, як воды, што льюцца з урвішча.

5 Усё гэта - за грэшнасьць Якава, за грэх дому Ізраілевага. Ад каго грэшнасьць Якава? ці не ад Самарыі? Хто зладзіў вышыні ў Юдэі? ці не Ерусалім?

6 За што зраблю Самарыю грудай руінаў у полі, месцам пад разьвядзеньне вінаграду; скіну ў даліну каменьне яе і агалю асновы яе.

7 Усе балваны яе будуць разьбіты і ўсе любадзейныя дары яе спалены будуць агнём, і ўсіх ідалаў яе аддам на разбурэньне, бо зь любадзейных дароў яна рабіла іх; на любадзейныя дары яны і будуць абернуты.

8 За гэта я буду плакаць і галасіць, буду хадзіць як абрабаваны і аголены, выць, як шакалы, і плакаць, як страўсы,

9 бо балючае паражэньне яе, дайшло да Юды, дасягнула нават да брамы народу майго, да Ерусаліма.

10 Не абвяшчайце пра гэта ў Гэце, ня плачце там уголас; а ў селішчы Офра пакрый сябе попелам.

11 Перасяляйцеся, жыхаркі Шафіра, сорамна аголеныя; не ўцячэ і тая, што жыве ў Цаане; плач у селішчы Эцаль ня дасьць вам спыніцца ў ім.

12 Бядуе па сваім дабры жыхарка Мароты, бо сышло бедства ад Госпада да брамы Ерусаліма.

13 Запрагай у калясьніцу борздых, жыхарка Лахіса; ты - пачатак грэху дачкі Сіёнавай, бо ў цябе паявіліся злачынствы Ізраіля.

14 Таму ты пасылаць будзеш дары ў Марэшэт-Гэт; але селішчы Ахзіва будуць падманам царам Ізраілевым.

15 Яшчэ нашчадка прывядуць да цябе, жыхарка Марэша; ён пройдзе да Адалама, славы Ізраіля.

16 Здымі зь сябе валасы, астрыжыся, смуткуючы па пяшчотналюбасных сынах тваіх; пашыры дзеля іх лысіну, як у лінялага арла, бо яны пераселены будуць ад цябе.

 

Разьдзел 2

 

1 Гора тым, якія намышляюць беззаконьне і на ложках сваіх прыдумваюць зладзействы, якія ўчыняюць раніцай на сьвітаньні, бо ёсьць у руцэ ў іх сіла!

2 Захочуць палёў, і бяруць іх сілаю, дамоў - і адбіраюць іх; абіраюць чалавека і яго дом, мужа і яго спадчыну.

3 Таму так кажа Гасподзь: вось, я намышляю навесьці на гэты род такое бедства, якога вы ня скінеце з шыі вашай, і ня будзеце хадзіць выпрастаўшыся; бо гэта час ліхі.

4 У той дзень скажуць пра вас прытчу, і будуць плакаць горкімі сьлязьмі і казаць: «мы зусім спустошаныя! доля народу майго аддадзена іншым; як вернецца да мяне! палі нашыя ўжо разьдзелены іншапляменцамі».

5 Таму ня будзе ў цябе нікога, хто кінуў бы жэрабя для вымярэньня на сходзе перад Госпадам.

6 Не прарочце, прарокі; не прарочце ім, каб не спасьцігла вас няслава.

7 О, той, хто называе сябе домам Якава! Хіба ж паменшыўся дух Гасподні? ці такія дзеяньні Яго? ці не дабратворныя словы мае таму, хто дзее справядліва?

8 А народ, які быў раней Маім, паўстаў як вораг, і вы адбіраеце як верхнюю так і споднюю вопратку ў тых, што праходзяць мірна, хто адварочваецца ад вайны.

9 Жанчын народу Майго вы выганяеце з прыёмных дамоў іхніх; у дзяцей іхніх вы назаўсёды адбіраеце акрасу Маю.

10 Устаньце і адыдзеце, бо краіна гэтая ня ёсьць месца спакою; за нячыстасьць яна будзе спустошана і пры тым жорсткім спусташэньнем.

11 Калі б які-небудзь ветрагон выдумаў ману і сказаў: «я буду прапаведаваць табе пра віно і сікеру», дык ён і быў бы заўгодным прапеведнікам гэтаму народу.

12 Абавязкова зьбяру ўсяго цябе, Якаве, абавязкова злучу рэшткі Ізраіля, спалучу іх у адно, як авечак у Васоры, як статак у авечай кашары; зашумяць яны ад шматлюдства.

13 Перад імі пойдзе разбуральнік муроў; яны зьнішчаць перашкоды, увойдуць праз браму і выйдуць празь яе, і цар іхні пойдзе перад імі, а на чале іх - Гасподзь.

 

Разьдзел 3

 

1 І сказаў я: слухайце, галовы Якава і князі дома Ізраілевага: ці ж ня вам трэба ведаць праўду?

2 А вы ненавідзіце добрае і любіце ліхое; лупіце зь іх скуру іхнюю і плоць з касьцей іхніх,

3 ясьце плод народу Майго і лупіце зь іх скуру іхнюю, а косьці іх ламаеце і крышыце як бы ў горшчык, і плоць - як бы ў кацёл.

4 І будуць яны заклікаць да Госпада, але Ён не пачуе іх і схавае аблічча Сваё ад іх на той час, як яны зладзейнічаюць.

5 Так казаў Гасподзь на прарокаў, якія ўводзяць у аблуду народ Мой, якія грызуць зубамі сваімі - і прапаведуюць мір, а хто нічога не кладзе ім у рот, супроць таго абвяшчаюць вайну.

6 Таму ноч будзе вам замест уявы і цемра - замест прадказаньняў; зойдзе сонца над прарокамі і пацямнее дзень над імі.

7 І пасаромеюцца празорліўцы, і пасаромленыя будуць варажбіты, і замкнуць вусны свае ўсе яны, таму што ня будзе адказу ад Бога.

8 А я напоўнены сілаю Духа Гасподняга, праўды і цьвёрдасьці, каб выказаць Якаву злачынства яго і Ізраілю - грэх ягоны.

9 Слухайце ж гэта, галовы дому Якаўлевага і князі дому Ізраілевага, якія грэбуюць правасудзьдзем і скрыўляюць усё простае,

10 будуюць Сіён крывёю і Ерусалім - няпраўдаю!

11 Галовы яго судзяць за дарункі і сьвятары яго вучаць за плату і прарокі яго прадказваюць за грошы, а тым часам абапіраюцца на Госпада, кажучы: «ці не сярод вас Гасподзь? Не спасьцігне нас бяда!»

12 Таму за вас Сіён узараны будзе як поле, і Ерусалім зробіцца грудай руінаў, і гара дома гэтага будзе лясістым пагоркам.

 

Разьдзел 4

 

1 І будзе ў апошнія дні: гара дома Гасподняга пастаўлена будзе на чале гор і ўзвысіцца над пагоркамі, і пацякуць да яе народы.

2 І пойдуць многія народы і скажуць: «прыйдзеце, і ўзыдзем на гару Гасподнюю і ў дом Бога Якаўлевага, - і Ён навучыць нас шляхам Сваім, і будзем хадзіць па сьцежках Ягоных; бо ад Сіёна выйдзе закон і слова Гасподняе - зь Ерусаліма.

3 І будзе Ён судзіць многія народы і выкрые многія плямёны ў далёкіх краінах; і перакуюць яны мечы свае на аралы і дзіды свае - на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць,

4 але кожны будзе сядзець пад сваёю вінаграднаю лазою і пад сваёю смакоўніцай, і ніхто ня будзе палохаць іх, бо вусны Госпада Саваофа вымавілі гэта.

5 Бо ўсе народы ходзяць, кожны - у імя свайго бога; а мы будзем хадзіць у імя Госпада Бога нашага вавек».

6 У той дзень, кажа Гасподзь, зьбяру кульгавае і спалучу разагнанае і тых, на каго я навёў бедства.

7 І зраблю кульгавае астаткам і далёка расьсеянае моцным народам, і Гасподзь будзе валадарыць над імі на гары Сіёне ад сёньня і давеку.

8 А ты, вежа статку, пагорак дачкі Сіёна! да цябе прыйдзе і вернецца ранейшае ўладарства, царства - да дачок Ерусаліма.

9 Дзеля чаго ж ты сёньня так голасна лямантуеш? Хіба няма ў цябе цара? Альбо ня стала ў цябе дарадцы, што цябе схапілі пакуты, як парадзіху?

10 Пакутуй і ўбольвайся мукамі, дачка Сіёна, як парадзіха, бо сёньня ты выйдзеш з горада і будзеш жыць у полі і дойдзеш да Вавілона. Ты будзеш выратавана, там адкупіць цябе Гасподзь ад рукі ворагаў тваіх.

11 А цяпер сабраліся супроць цябе многія народы і кажуць: «хай будзе яна апаганена, і хай нагледзіцца вока нашае на Сіён!»

12 Але яны ня ведаюць думак Гасподніх і не разумеюць парады Ягонай, што Ён сабраў іх як снапы на гумно.

13 Устань і малаці, дачка Сіёна; бо Я зраблю рог твой жалезным і капыты твае зраблю меднымі, - і скрышыш многія народы і прысьвеціш Госпаду здабыткі іхнія і багацьці іхнія Ўладару ўсёй зямлі.

 

Разьдзел 5

 

1 Цяпер узбурся, дачка полчышчаў: абкладзі нас аблогаю, трысьцінаю біцьмуць па шчацэ судзьдзю Ізраілевага.

2 І ты, Віфляеме - Эфрата, ці ж малы ты сярод тысячаў Юдавых? зь цябе пойдзе Мне Той, Які павінен быць Валадаром у Ізраілі, і Якога паходжаньне з пачатку, ад дзён вечных.

3 Таму Ён пакіне іх да часу, пакуль ня родзіць тая, што мае радзіць; тады вернуцца да сыноў Ізраіля і пазасталыя браты іхнія.

4 І стане Ён, і будзе пасьвіць у сіле Гасподняй, у велічы імя Госпада Бога Свайго і яны будуць жыць бясьпечна, бо тады Ён будзе вялікі да краёў зямлі.

5 І будзе Ён - мір. Калі Асур прыйдзе ў нашую зямлю і ўступіць у нашыя харомы, мы выставім супроць яго сем пастыраў і восем князёў.

6 І будуць яны пасьвіць зямлю Асура мечам і зямлю Нэмврода ў самай браме яе, і вось Ён выбавіць ад Асура, калі той прыйдзе ў зямлю нашую і калі ўступіць у межы нашыя.

7 І будзе астатак Якава сярод многіх народаў як раса ад Госпада, як зьліва на траву, і ён ня будзе залежаць ад чалавека і пакладацца на сыноў Адамавых.

8 І будзе астатак Якаваў паміж народамі, сярод многіх плямёнаў, як леў - сярод зьвяроў лясных, як ільвяня - сярод статку авечак, які, калі выступіць, дык топча і рве, і ніхто не ўратуе ад яго.

9 Падымецца рука твая над ворагамі тваімі, і ўсе непрыяцелі твае будуць вынішчаны.

10 І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь: зьнішчу коней тваіх з асяродзьдзя твайго і зьнішчу калясьніцы твае,

11 вынішчу гарады ў зямлі тваёй, і разбуру ўсе ўмацаваньні твае;

12 і вырву чарадзействы з рукі тваёй, і варажбітоў па аблоках ня будзе ў цябе;

13 зьнішчу балваноў тваіх і ідалаў з асяродзьдзя твайго, - і ня будзеш больш пакланяцца вырабам рук тваіх;

14 выкараню з асяродзьдзя твайго сьвяшчэнныя гаі твае і спустошу гарады твае.

15 І ўчыню ў гневе і абурэньні помсту над народамі, якія будуць непаслухмяныя.

 

Разьдзел 6

 

1 Слухайце, што кажа Гасподзь; устань, судзіся перад гарамі, і пагоркі няхай чуюць голас твой!

2 Слухайце, горы, суд Гасподні, і вы, цьвёрдыя асновы зямлі, бо ў Госпада - суд з народам Сваім, і зь Ізраілем Ён спаборнічае.

3 Народзе мой! што зрабіў Я табе і чым абцяжарваў цябе? адказвай Мне.

4 Я вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай і выкупіў цябе з дома рабства і паслаў перад табою Майсея, Арона і Марыям.

5 Народзе Мой! успомні, што намышляў Валак, цар Маавіцкі, і што адказваў яму Валаам, сын Вэораў і што рабілася ад Сітыма да Галгалаў, каб спазнаць табе праведня дзеі Гасподнія.

6 «З чым стаць мне перад Госпадам, пакланіцца перад Богам Нябесным? Ці стаць перад Ім з цэласпаленьнямі, зь цялятамі-аднагодкамі?

7 Але ці можна дагадзіць Госпаду тысячамі бараноў альбо безьлічнымі патокамі алею? Ці ж бо дам Яму першынца майго за злачынства маё і плод чэрава майго - за грэх душы маёй?»

8 О, чалавеча! сказана табе, што - дабро, і чаго патрабуе ад цябе Гасподзь: дзейнічаць справядліва, любіць справы міласэрнасьці і пакорнамудра хадзіць перад Богам тваім.

9 Голас Госпада кліча да горада, і мудрасьць нямее перад імем Тваім: слухайце жазло і Таго, хто паставіў яго.

10 Ці не знаходзяцца і цяпер у доме ў бязбожнага скарбы бязбожнасьці і паменшаная мера, агідная?

11 Ці магу я быць чысты з вагамі няправільнымі і з падманнымі гірамі ў торбе?

12 Так і гэтак багацеі яго поўныя няпраўды, і жыхары яго кажуць ману, і язык іхні ёсьць падман у вуснах іхніх,

13 дык і Я нявылечна ўражу цябе спусташэньнем за грахі твае.

14 Ты будзеш есьці - і ня будзеш сыты; пустата будзе ўсярэдзіне ў цябе; будзеш ашчаджаць, але не ашчадзіш, а што ашчадзіш, тое аддам мечу.

15 Будзеш сеяць, а жаць ня будзеш; будзеш чавіць алівы - і ня будзеш умашчвацца алеем; начавіш вінаграднага соку, а віна піць ня будзеш.

16 Захаваліся ў вас звычаі Аўрамія і ўсе справы дому Ахававага, і вы робіце паводле парадаў іхніх; і аддам Я цябе спусташэньню і жыхароў тваіх - пасьмяяньню, і вы панесяце нагану народу Майго.

 

Разьдзел 7

 

1 Гора мне! бо са мною цяпер - як пасьля збору летніх пладоў, як пасьля збору вінаграду: ніводнай ягадзіны на ежу, ні сьпелага плоду, якога жадае душа мая.

2 Ня стала міласэрных на зямлі, няма праўдзівых сярод людзей; усе куюць змусты, каб праліваць кроў; кожны ставіць на брата свайго сетку.

3 Рукі іхнія павернуты на тое, каб умець рабіць ліха; начальнік патрабуе дарункаў, і судзьдзя судзіць за хабар, а вяльможы выказваюць благія хаценьні душы сваёй і перакручваюць справу.

4 Лепшы зь іх - як цёрн і справядлівы - горшы за калючы плот. Дзень узьвяшчальнікаў Тваіх, адведзіны Твае настаюць; сёньня спасьцігне іх бянтэжа.

5 Ня верце сябру, не пакладайцеся на прыяцеля; ад той, што ляжыць на ўлоньні тваім, ахоўвае дзьверы вуснаў тваіх.

6 Бо сын ганьбуе бацьку, дачка паўстае супроць маці, нявестка - супроць сьвякрові сваёй; ворагі чалавека - хатнія ягоныя.

7 А я буду глядзець на Госпада, спадзявацца на Бога выратаваньня майго: Бог мой пачуе мяне.

8 Ня радуйся дзеля мяне, непрыяцелька мая! хоць я ўпаў, але ўстану; хоць я ў змроку, але Гасподзь сьвятло мне.

9 Гнеў Гасподні я буду несьці, бо зграшыў перад Ім, пакуль Ён ня вырашыць справы маёй і ня ўчыніць суд над мною; тады Ён вывядзе мяне на сьвятло, і я ўбачу праўду Ягоную.

10 І ўгледзіць гэта непрыяцелька мая, і сорам пакрые яе, якая казала мне: «дзе Гасподзь Бог твой?» Нагледзяцца на яе вочы мае, як яна будзе таптаная быццам бруд на вуліцах.

11 У дзень збудаваньня сьценаў тваіх - у гэты дзень аддаліцца вызначэньне.

12 У той дзень прыйдуць да цябе з Асірыі і гарадоў Егіпецкіх, і ад Егіпта да ракі Еўфрата, і ад мора да мора, і ад гары да гары.

13 А зямля тая будзе пустыняю за віну жыхароў яе, за плады дзеяў іхніх.

14 Пасьві народ Твой жазлом Тваім, авечак спадчыны Тваёй, якія жывуць самотна ў лесе сярод Карміла; хай пасьвяцца яны на Васане і Галаадзе, як у дні старадаўнія!

15 Як у дні зыходу твайго зь зямлі Егіпецкай, яўлю яму дзівосныя дзеі.

16 Убачаць гэта народы і пасаромеюцца пры ўсёй магутнасьці сваёй: пакладуць руку на вусны, вушы іх зробяцца глухімі;

17 будуць лізаць пыл, як зьмяя, як чэрві зямныя выпаўзуць яны з умацаваньняў сваіх; збаяцца Госпада Бога нашага, і збаяцца Цябе.

18 Хто Бог, як Ты, Які выбачаеш беззаконьне і не залічваеш злачынствы астатку спадчыны Тваёй? ня вечна гневаецца Ён, бо любіць літаваць.

19 Ён зноў умілажаліцца з нас, загладзіць беззаконьні нашыя. Ты ўкінеш у багну марскую ўсе грахі нашыя.

20 Ты явіш вернасьць Якаву, літасьць Абрагаму, якую з клятваю абяцаў бацькам нашым ад дзён першых.

 

Кніга Навума

 

Разьдзел 1

 

1 Прароцтва пра Нінэвію; кніга ўяваў Навума Элкасэяніна.

2 Гасподзь ёсьць Бог руплівец і помсьнік; помсьнік Гасподзь і страшны ў гневе: помсьнік Гасподзь ворагам Сваім, і ня зьлітуецца з супраціўцаў Сваіх.

3 Гасподзь шматцярплівы і вялікі магутнасьцю і не пакідае без пакараньня; у віхуры і ў буры шэсьце Госпада, воблака - пыл ад ног Ягоных.

4 Загадае Ён мору - і яно высыхае, і ўсе рэкі перасыхаюць; вяне Васан і Карміл, і блякне квет на Ліване.

5 Горы трасуцца перад Ім, і пагоркі растаюць, і зямля хістаецца перад абліччам Ягоным, і сусьвет і ўсе, што жывуць на ёй.

6 Перад абурэньнем Яго хто ўстоіць? І хто сьцерпіць полымя гневу Яго? Гнеў Яго разьліваецца як агонь; скалы распадаюцца перад Ім.

7 Добры Гасподзь, - прыстанак у дзень скрухі - і ведае тых, што на Яго спадзяюцца,

8 але ўсепатопным павадкам разбурыць дашчэнту Нінэвію, і ворагаў Яго спасьцігне морак.

9 Што намышляеце вы супроць Госпада? Ён учыніць зьнішчэньне, і бедства ўжо не паўторыцца.

10 бо пераплеценыя паміж сабою, як цярноўнік і ўпітыя, як п'яніцы, яны пажэртыя будуць начыста, як сухая салома.

11 Зь цябе павёўся той, хто намысьліў ліхое супроць Госпада, хто склаў змову бязбожную.

12 Так кажа Гасподзь: хоць яны бясьпечныя і шматлікія, але яны будуць пасечаны і зьнікнуць; а цябе, хоць Я абцяжарваў, больш абцяжарваць ня буду.

13 І сёньня Я скрышу ярмо ягонае, якое ляжыць на табе, і путы твае парву.

14 А пра цябе, Асур, Гасподзь вызначыў: ня будзе болей насеньня з тваім імем; з дома бога твайго зьнішчу балваноў і куміраў, падрыхтую табе ў ім магілу, бо ты будзеш у пагардзе.

15 Вось, на горах - ступакі дабравесьніка, які абвяшчае мір: сьвяткуй, Юдэя, сьвяты твае, выконвай твае абяцаньні, бо ня будзе болей праходзіць па табе бязбожнік: ён зусім зьнішчаны.

 

Разьдзел 2

 

1 Падымаецца на цябе разбуральнік: ахоўвай цьвярдыні, ахоўвай дарогу, умацуй сьцёгны, зьбірай сілу.

2 Бо адновіць Гасподзь веліч Якава, як веліч Ізраіля, бо спустошылі іх спусташальнікі і вінаградныя галіны іх вынішчылі.

3 Шчыт герояў ягоных прыгожы; воіны яго ў адзеньні барвовым; агнём блішчаць калясьніцы ў дзень падрыхтоўкі да бою, і лес дзідаў хвалюецца.

4 Па вуліцах нясуцца калясьніцы, грымяць на плошчах; бляск ад іх, як ад агню; бліскаюць, як маланкі.

5 Ён выклікае адважных сваіх, але яны спатыкаюцца на хаду сваім; сьпяшаюцца на муры горада, але аблога наладжана ўжо.

6 Рачная брама адчыняецца, а палац разбураецца.

7 Вырашана: яна будзе аголена і зьведзена ў палон, і рабыні яе будуць стагнаць, як галубы, б'ючы сябе ў грудзі.

8 Нінэвія з часу свайго існаваньня была як сажалка, запоўненая вадою, а яны бягуць. «Стойце, стойце!» Але ніхто не азіраецца.

9 Рабуйце срэбра, рабуйце золата! няма канца запасам усякага каштоўнага начыньня.

10 Разрабавана, спустошана і спляжана яна, - і растае сэрца, калені трасуцца; ва ўсіх сьцёгнах моцны боль, і твары ва ўсіх пацямнелі.

11 Дзе цяпер логвішча ільвоў і тая паша для ільвянят, па якой хадзіў леў, ільвіца і львяня, і ніхто не палохаў іх,

12 леў, які хапае для насычэньня шчанюкоў сваіх і душыць для ільвіц сваіх, і напаўняе здабычаю пячоры свае і логвішчы свае - схопленым?

13 Вось Я - на цябе! кажа Гасподзь Саваоф. І спалю ў дыме калясьніцы твае, і меч зжарэ ільвянят тваіх, і зьнішчу зь зямлі здабычу тваю, і ня будзе болей чуцен голас паслоў тваіх.

 

Разьдзел 3

 

1 Гора гораду крыві! увесь ён поўны падману і забойства; ня спыняецца ў ім рабунак.

2 Чутно, як ляскае біч і стукаюць, круцяцца колы, іржэ конь і грукоча на скаку калясьніца.

3 Імчыцца коньніца, бліскае меч і блішчаць дзіды; забітых мноства і груды трупаў: няма канца трупам, спатыкаюцца аб трупы іх.

4 Гэта - за многія блудадзействы распусьніцы прыемнай зьнешнасьці, спрактыкаванай у чарадзействе, якая блудадзействамі сваімі прадае народы і чарадзействамі сваімі - плямёны.

5 Вось Я - на цябе! кажа Гасподзь Саваоф. І падыму на аблічча тваё краі вопраткі тваёй, і пакажу народам галізну тваю і царствам сарамату тваю.

6 І закідаю цябе мярзотамі, зраблю цябе пагарджанаю і выстаўлю цябе на паглум.

7 І будзе тое, што ўсякі, убачыўшы цябе, пабяжыць ад цябе і скажа: «спустошана Нінэвія! Хто пашкадуе яе? дзе знайду я суцешнікаў табе?»

8 Хіба ты лепшы за Но-Амона, які ляжыць паміж рэкамі, акружаны вадою, валам якога было мора, і мора служыла сьцяною яму?

9 Эфіопія і Егіпет зь безьлічным мноствам іншых служылі яму падмацаваньнем; Копты і Лівійцы прыходзілі на дапамогу табе.

10 Але і ён пераселены, пайшоў у палон; нават немаўляты яго перабітыя на скрыжаваньнях усіх вуліц, а на знакамітых яго кідалі жэрабя, і ўсе вяльможы яго скаваны ланцугамі.

11 Так і ты - сп'янееш і зьнікнеш; так і ты будзеш шукаць абароны ад няпрыяцеля.

12 Усе ўмацаваньні твае падобныя на смакоўніцу са сьпелымі пладамі: калі страсянуць іх, дык яны ўпадуць проста ў рот таму, хто хоча есьці.

13 Вось, і народ твой - як жанчыны ў цябе: ворагам тваім разнасьцежацца брамы зямлі тваёй, агонь зжарэ замкі твае.

14 Начэрпай вады на час аблогі; мацуй крэпасьці твае; ідзі ў бруд, тапчы гліну, папраў печ для абпалу цэглы.

15 Там зжарэ цябе агонь, пасячэ цябе меч, паесьць цябе, як вусень, хоць бы ты і памножыўся, як вусень, памножыўся, як саранча.

16 Купцоў у цябе стала больш, чым зорак на небе; але гэтая саранча расьсеецца і паляціць.

17 Князі твае - як саранча, і ваеначальнікі твае - як раі мошак, якія ў час холаду гняздуюцца ў шчылінах сьцен, і калі ўстане сонца, дык разьлятаюцца, - і не пазнаеш месца, дзе яны былі.

18 Сьпяць пастары твае, цар Асірыйскі, пакояцца вяльможы твае; народ твой расьсеяўся па горах, і няма каму сабраць яго.

19 Няма лекаваньня ране тваёй, хваравітая пошасьць твая. Усе, хто пачуў вестку пра цябе, будуць пляскаць у далоні за цябе, бо на каго не пашыралася бесьперастанку злосьць твая?

 

Кніга Абакума

 

Разьдзел 1

 

1 Прарочая ўява, якую бачыў прарок Абакум.

2 Дакуль, Госпадзе, я буду заклікаць - і Ты ня чуеш, буду лямантаваць Табе пра насільле - і Ты не ратуеш?

3 Навошта даеш мне бачыць зладзейства і глядзець на гароты? Рабунак і насільле перад мною, і паўстае варожасьць і падымаецца разлад.

4 Ад гэтага закон страціў сілу, і суду правільнага няма: як што бязбожны адольвае праведнага, дык і суд адбываецца перакручаны.

5 Паглядзеце паміж народамі і ўважліва ўгледзьцеся, і вы моцна зьдзівіцеся; бо Я ўчыню ў дні вашыя такую дзею, якой вы не паверылі б, калі б вам расказалі.

6 Бо вось, Я падыму Халдэяў, народ жорсткі і неацугляны, які ходзіць па шырынях зямлі, каб завалодаць селішчамі, якія яму не належаць.

7 Страшны і грозны ён; ад яго самога паходзіць суд ягоны і ўлада ягоная.

8 Хутчэйшыя за барсаў коні яго і баржджэйшыя за ваўкоў; скача ў розныя бакі коньніца ягоная; здалёку прыходзяць верхаўцы ягоныя, прылятаюць як арол, што кідаецца на здабычу.

9 Вось ён ідзе на рабунак; памкнуўшы аблічча сваё наперад, ён забірае палонных, як пясок.

10 І з цароў ён зьдзекуецца, і князі служаць яму пасьмешышчам; з усякае крэпасьці ён сьмяецца: насыпае абложны вал і бярэ яе.

11 Тады пышыцца дух ягоны, і ён ходзіць і буяніць; сіла ягоная - бог ягоны.

12 Але ці ж ня Ты здавён Гасподзь Бог мой, Сьвяты мой? мы не памром! Ты, Госпадзе, толькі дзеля суду папусьціў яго. Скала мая! дзеля пакараньня Ты назначыў яго.

13 Чыстым вачам Тваім неўласьціва глядзець на зладзействы, і глядзець на ўціскі Ты ня можаш. Дзеля чаго ж Ты глядзіш на зладзеяў, і маўчыш, калі бязбожнік паглынае таго, хто праведнейшы за яго,

14 і пакідаеш людзей, як рыбу ў моры, як паўзуноў, у якіх няма валадароў?

15 Усіх іх цягне вудаю, хапае ў сетку сваю і забірае іх у нераты свае, і ад таго радуецца і трыюмфуе.

16 За тое прыносіць ахвяры сеткі сваёй і кадзіць нерату свайму, бо ад іх тлустая частка яго і раскошная ежа ягоная.

17 Няўжо дзеля гэтага ён павінен спаражняць сваю сетку і няспынна пабіваць народы бязь літасьці?

 

Разьдзел 2

 

1 На варту маю стаў я і, стоячы на вежы, назіраў, каб даведацца, што скажа Ён ува мне, і што мне адказаць па скарзе маёй?

2 І адказваў мне Гасподзь і сказаў: запішы ўяву і накрэсьлі ясна на скрыжалях, каб чытач лёгка мог прачытаць,

3 бо ўява стасуецца яшчэ з пэўным часам і гаворыць пра канец і не ашукае; і хоць бы і замарудзіла, чакай яе, бо мусова збудзецца, не адменіцца.

4 Вось, душа пагардлівая не супакоіцца, а праведны сваёю вераю жывы будзе.

5 Пагардлівы чалавек, як віно, якое бродзіць, не супакойваецца, так што пашырае душу сваю як пекла, і як сьмерць ён ненасытны, і зьбірае да сябе ўсе народы і захопвае сабе ўсе плямёны.

6 Але ці ня ўсе яны будуць вымаўляць пра яго прыпавесьць і пакеплівую песьню: «гора таму, хто бязь меры ўзбагачае сябе не сваім, - ці надоўга? - абцяжвае сябе закалотамі!»

7 Ці не паўстануць раптоўна тыя, якія будуць турзаць цябе, і ці не падымуцца супроць цябе рабаўнікі, - і ты дастанешся ім на рабаваньне?

8 Як што ты абабраў многія народы, дык і цябе абяруць усе астатнія народы за праліваньне крыві чалавечай, за спусташэньне краіны, горада і ўсіх жыхароў яго.

9 Гора таму, хто прагне няправедных набыткаў дому свайму, каб зладзіць гняздо сваё на вышыні і тым убясьпечыць сябе ад рукі няшчасьця!

10 Няславу прыдумаў ты твайму дому, вынішчаючы многія народы, і зграшыў супроць душы тваёй.

11 Камяні з муроў залямантуюць і драўляныя кроквы будуць адказваць ім:

12 «гора будаўніку горада на крыві і дойліду крэпасьці на няпраўдзе!»

13 Вось, ці не ад Госпада Саваофа тое, што народы працуюць дзеля агню і плямёны мучаць сябе дарэмна?

14 Бо зямля напоўніцца спазнаньнем славы Госпада, як воды напаўняюць мора.

15 Гора табе, хто падае блізкаму твайму пітво з дамешкам злосьці тваёй і робіш яго п'яным, каб бачыць сарамату ягоную!

16 Ты насыціўся сорамам замест славы; пі ж і ты і паказвай сарамату, - павернецца і да цябе чара правіцы Гасподняй і пасарамленьне на славу тваю.

17 Бо зладзейства тваё на Ліване абрушыцца на цябе за вынішчэньне запалоханых жывёл, за праліцьцё крыві чалавечай, за спусташэньне краіны, горада і ўсіх жыхароў яго.

18 Якая карысьць ад балвана, зробленага мастаком, гэтага літага ілжэнастаўніка, хоць дойлід, робячы нямых куміраў, пакладаецца на свой твор?

19 Гора таму, хто кажа дрэву: устань! і нямому каменю: прачніся! Ці навучыць ён чаму-небудзь? Вось, ён абкладзены золатам і срэбрам; але дыханьня ў ім няма.

20 А Гасподзь - у сьвятым храме сваім: хай маўчыць уся зямля перад абліччам Яго!

 

Разьдзел 3

 

1 Малітва Абакума прарока, на сьпеў.

2 Госпадзе, пачуў я слых Твой і спалохаўся. Госпадзе! учыні дзею Тваю сярод гадоў, сярод гадоў яві яе; у гневе ўспомні пра літасьць.

3 Бог ад Тэмана ідзе і Сьвяты - ад гары Фаран. Пакрыла нябёсы веліч Яго, і славаю Яго напоўнілася зямля.

4 Бляск яе - як сонечнае сьвятло; ад рукі Ягонай прамяні, і тут тайнік Яго сілы!

5 Перад абліччам Яго ідзе пошасьць, а па ступаках Яго - палючы вецер.

6 Ён стаў - і пахіснуў зямлю; паглядзеў - і ў трымценьне ўвёў народы; векавечныя горы распаліся, першабытныя пагоркі апалі; шляхі Яго - вечныя.

7 Смутнымі бачыў я намёты Эфіопскія; патрэсьліся палаткі зямлі Мадыямскай.

8 Хіба ж на рэкі запалаў, Госпадзе, гнеў Твой? хіба на рэкі - абурэньне Тваё, альбо на мора - лютасьць Твая, што Ты ўзышоў на коней Тваіх, на калясьніцы Твае выратавальныя?

9 Ты агаліў лук Твой паводле прысяжнага абяцаньня, дадзенага каленам. Ты патокамі расьсек зямлю.

10 Убачыўшы Цябе, затрымцелі горы, лінулі воды; бездань дала голас свой, высока ўзьняла рукі свае;

11 сонца і месяц спыніліся на месцы сваім перад сьвятлом лятучых стрэлаў Тваіх, перад зьзяньнем бліскучых дзідаў Тваіх.

12 У гневе крочыш Ты па зямлі і ў абурэньні топчаш народы.

13 Ты выступаеш дзеля ўратаваньня народу Твайго, дзеля ўратаваньня памазанца Твайго. Ты зьнішчаеш галаву бязбожнага дома, агаляючы яго ад асновы да верху.

14 Ты пранізваеш дзідамі яго галаву правадыроў яго, калі яны як віхура кінуліся разьбіраць мяне, у радасьці, нібы думаючы праглынуць гаротнага ўпотай.

15 Ты з конямі Тваімі праклаў дарогу па моры, праз багну вялікіх водаў.

16 Я пачуў - і затрапятала нутроба мая; пры вестцы пра гэта задрыжалі губы мае, боль пранік у косьці мае, і хістаецца месца пад мною; а я павінен быць спакойны ў дзень бедства, калі прыйдзе на народ мой рабаўнік яго.

17 Хоць бы не расьцьвіла смакоўніца і ня было плоду на вінаградных лозах, і масьліна здрадзіла і ніва не дала ежы, хоць бы ня стала авечак у кашары і рагатага быдла ў стойлах,

18 але і тады я буду радавацца ў Госпадзе і весяліцца ў Богу збавеньня майго.

19 Гасподзь Бог - сіла мая: Ён зробіць ногі мае як у аленя і на вышыні мае ўзьвядзе мяне! (Начальніку хору).

 

Кніга Сафона

 

Разьдзел 1

 

1 Слова Гасподняе, якое было Сафону, сыну Хусіі, сыну Гадаліі, сыну Амарыі, сыну Эзэкіі, у дні Ісаі, сына Амонавага, сына Юдавага.

2 Усё зьнішчу з аблічча зямлі, - кажа Гасподзь:

3 зьнішчу людзей і быдла, зьнішчу птушак нябесных і рыб марскіх, і спакусы разам зь бязбожнымі; зьнішчу людзей з улоньня зямлі, кажа Гасподзь.

4 І працягну руку Маю на Юдэю і на ўсіх жыхароў Ерусаліма: зьнішчу зь месца гэтага рэшткі Ваала, імя жрацоў са сьвятарамі,

5 і тых, якія на дахах пакланяюцца воінству нябеснаму, і тых паклонцаў, якія запрысягаюцца Госпадам і запрысягаюцца царом сваім,

6 і тых, якія адступіліся ад Госпада, ня шукалі Госпада і ня пыталіся пра Яго.

7 Змоўкні перад абліччам Госпада! бо блізкі дзень Госпада: ужо падрыхтаваў Гасподзь ахвярны закол, назначыў, каго паклікаць.

8 І будзе ў дзень ахвяры Гасподняй: Я наведаю князёў і сыноў цара і ўсіх, хто апранаецца ў вопратку іншапляменцаў;

9 наведаю ў той дзень усіх, якія пераскокваюць цераз парог, якія дом Госпада свайго напаўняюць гвалтам і ашуканствам.

10 І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь, лямант каля брамаў рыбных і галашэньне каля іншых брамаў і вялікае разбурэньне на пагорках.

11 Галасеце, жыхары ніжняга горада, бо зьнікне ўвесь гандлёвы люд, і вынішчаны будуць абцяжаныя срэбрам.

12 І будзе ў той час: Я са сьвяцільняю агледжу Ерусалім і пакараю тых, якія сядзяць на дрожджах сваіх і кажуць у сэрцы сваім: «ня робіць Гасподзь ні дабра ні ліха», -

13 і абернуцца багацьці іхнія здабычаю і дамы іхнія - запусьценьнем: яны пабудуюць дамы, а жыць у іх ня будуць; насадзяць вінаграднікі, а віна зь іх ня піцьмуць.

14 Блізкі вялікі дзень Госпада, блізкі - і вельмі сьпяшаецца: ужо чуцен голас дня Гасподняга. Горка заенчыць тады і самы адважны!

15 Дзень гневу - дзень гэты, дзень скрухі і ўціску, дзень спусташэньня і плягі, дзень цемры і змроку, дзень воблака і мглы,

16 дзень трубы і ваяўнічага крыку супроць умацаваных гарадоў і высокіх вежаў.

17 І Я ўцісну людзей, і яны будуць хадзіць, як сьляпыя, бо яны зграшылі супроць Госпада, і раскідана будзе кроў іхняя, як тло, і плоць іхняя - як памёт.

18 Ні срэбра іхняе, ні золата іхняе ня зможа выратаваць іх у дзень Госпада, і агнём палкасьці Ягонай зжэртая будзе ўся гэта зямля, бо вынішчэньне, раптоўнае, зьдзейсьніць Ён над усімі жыхарамі зямлі.

 

Разьдзел 2

 

1 Дасьледуйце сябе ўважліва, дасьледуйце люд неакілзаны,

2 пакуль ня прыйшло вызначэньне - дзень праляціць, як мякіна - пакуль ня прыйшоў на вас палымяны гнеў Гасподні, пакуль не настаў вам дзень лютасьці Гасподняй.

3 Знайдзеце Госпада, усе пакорліўцы зямлі, выканаўцы законаў Яго; знайдзеце праўду, знайдзеце пакорлівую мудрасьць; можа стацца, вы схаваецеся ў дзень гневу Гасподняга.

4 Бо Газа будзе пакінутая і Аскалон апусьцее, Азот будзе выгнаны сярод дня і Экрон выкараніцца.

5 Гора жыхарам прыморскай краіны, народу Крыцкаму! Слова Гасподняе - на вас, Хананэі, зямля Філістымская! Я зьнішчу цябе, і ня будзе ў цябе жыхароў,

6 і будзе прыморская краіна пастушынай аўчарняй і кашарай пад быдла.

7 І дастанецца гэты край рэшце дому Юдавага, і будуць пасьвіць там, і ў дамах Аскалона будуць вечарам адпачываць, бо Гасподзь Бог іх наведае і верне палон іхні.

8 Чуў Я паганьбеньне Маава і лаянку сыноў Амонавых, як яны зьдзекаваліся з Майго народу і велічаліся на межах ягоных.

9 Таму, жыву Я! кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: Мааў будзе, як Садома, і сыны Амона будуць, як Гамора, здабыткам крапівы, салянаю калдобінаю, пусткаю навекі; рэшта народу Майго возьме іх здабычаю, і ацалелыя зь людзей Маіх атрымаюць іх у спадчыну.

10 Гэта ім - за пыху іхнюю, за тое, што яны зьдзекаваліся і велічаліся над народам Госпада Саваофа.

11 Страшны будзе для іх Гасподзь; бо вынішчыць усіх багоў зямлі, і Яму будуць пакланяцца - кожны месца зь месца свайго - усе выспы народаў.

12 І вы, Эфіопы, пабітыя будзеце мечам Маім.

13 І працягне Ён руку Сваю на поўнач - і зьнішчыць Асура і ператворыць Нінэвію ў руіны, у месца сухое, як пустыня,

14 і пакоіцца будуць сярод яе статкі і ўсякага роду жывёлы; пелікан і вожык будуць начаваць - у розных аздобах яе; голас іхні будзе гучаць у вокнах, разбурэньне выявіцца на касяках дзьвярэй, бо не застанецца на іх кедровай шалёўкі.

15 Вось чым будзе горад пераможна-радасны, які жыве бесклапотна, які кажа ў сэрцы сваім: «я - і няма іншага апроч мяне». Як ён зрабіўся руінаю, логвішчам для зьвяроў! Кожны, праходзячы міма яго, пасьвішча й рукою махне.

 

Разьдзел 3

 

1 Гора гораду нячыстаму і апаганенаму, прыгнятальніку!

2 Ня слухае голасу, ня прымае настаўленьняў, на Госпада не спадзяецца, да Бога свайго не набліжаецца.

3 Князі яго сярод яго - рыклівыя ільвы, судзьдзі яго - вечаровыя ваўкі, якія не пакідаюць да раніцы ніводнай косткі.

4 Прарокі яго - людзі легкадумныя, вераломныя; сьвятары яго апаганьваюць сьвятыню, топчуць закон.

5 Гасподзь праведны пасярод яго, ня чыніць няпраўды, кожнае раніцы яўляе суд свой нязьменна; але беззаконьнік ня ведае сораму.

6 Я вынішчыў народы, разбурыў цьвярдыні іхнія; спустошыў вуліцы іхнія, так што ніхто ўжо ня ходзіць па іх; спляжаны гарады іхнія: няма ніводнага чалавека, няма жыхароў.

7 Я казаў: «бойся толькі Мяне, прымай настаўленьне»! і ня будзе зьнішчана жытлішча ягонае, і не спасьцігне яго ліха, якое Я пастанавіў яму; а яны рупліва стараліся псаваць усе свае дзеяньні.

8 Дык вось, чакайце мяне, кажа Гасподзь, да таго дня, калі Я паўстану дзеля спусташэньня, бо Мною вызначана сабраць народы, склікаць царствы, каб выліць на іх абурэньне Маё; бо агнём палкасьці Маёй зжэрта будзе ўся зямля.

9 Тады зноў Я дам народам вусны чыстыя, каб усе заклікалі імя Госпада і служылі Яму аднадушна.

10 З пазарэчных краін Эфіопіі прыхільнікі Мае - дзеці расьсеяных Маіх - прынясуць Мне дарункі.

11 У той дзень ты ня будзеш сарамаціць сябе рознымі ўчынкамі тваімі, якімі ты грашыў супроць Мяне, бо тады Я выдалю спасярод цябе тых, якія марнаславяцца тваёй знакамітасьцю, і ня будзеш болей упадаць у пыху на сьвятой гары Маёй.

12 Але пакіну сярод цябе народ пакорлівы і просты, і яны будуць спадзявацца на імя Гасподняе.

13 Рэшта Ізраіля ня будзе рабіць няпраўды, ня будзе гаварыць маны, і ня знойдзецца ў вуснах у іх языка падступнага, бо самыя будуць пасьвіцца і пакоіцца, і ніхто не патрывожыць іх.

14 Радуйся, дачка Сіёна! трыюмфуй, Ізраіле! Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерусаліма!

15 Адмяніў Гасподзь прысуд над табою, прагнаў ворага твайго! Гасподзь, цар Ізраілеў, пасярод цябе: ужо болей ня ўбачыш ліха.

16 У той дзень скажуць Ерусаліму: «ня бойся», і Сіёну: «хай жа ня слабнуць рукі твае!

17 Гасподзь Бог твой сярод цябе: Ён мае сілу ўратаваць цябе; узьвяселіцца за цябе радасьцю, будзе літасьцівы паводле любові Сваёй, будзе радавацца за цябе зь весялосьцю».

18 Наракальнікаў на радасныя сьвяты Я зьбяру; твае яны, на іх цісьне паганьбеньне.

19 Вось, Я ўцісну ўсіх уціскальнікаў тваіх у той час і выратую кульгавае, і зьбяру расьсеянае, і прывяду іх у пашану і знакамітасьць на ўсёй гэтай зямлі паганьбеньня іхняга.

20 У той час прывяду вас і тады зьбяру вас; бо зраблю вас знакамітымі і ганаровымі сярод усіх народаў зямлі, калі вярну палон ваш перад вачыма вашымі, кажа Гасподзь.

 

Кніга Агея

 

Разьдзел 1

 

1 На другім годзе цара Дарыя, на шостым месяцы, у першы дзень месяца было слова Гасподняе праз Агея прарока Зарававэлю, сыну Салафіілеваму, упраўцу Юдэі, і Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, вялікаму іярэю.

2 Так сказаў Гасподзь Саваоф: народ гэты кажа: «ня прыйшоў яшчэ час - будаваць дом Гасподні».

3 І было слова Гасподняе праз Агея прарока:

4 а вам самім час - жыць у дамах вашых упрыгожаных, тым часам як дом гэты ў запусьценьні?

5 Таму сёньня так кажа Гасподзь Саваоф: павярнеце сэрца ваша на дарогі вашыя.

6 Вы сееце многа, а зьбіраеце мала: ясьце, але ўнядосыць; п'яце, але не напіваецеся; апранаецеся, але не саграваецеся; заробнік платы зарабляе ў дзіравы кашалёк.

7 Так кажа Гасподзь Саваоф: павярнеце сэрца ваша на дарогі вашыя.

8 Узыдзеце на гару і насеце дрэвы і будуйце храм: і Я буду дабраволіць яму і праслаўлюся, кажа Гасподзь.

9 Чакаеце шмат, а выходзіць мала, і што прынесяце дамоў, тое Я разьвею. За што кажа Гасподзь Саваоф: за Мой дом, які ў запусьценьні, тым часам як вы бяжыце - кожны да свайго дома.

10 Якраз таму неба і зачынілася і не дае вам расы, і зямля не дае сваіх утвораў.

11 І я наклікаў суш на зямлю, на горы, на хлеб, на вінаградны сок, на алей і на ўсё, што родзіць зямля, і на чалавека і на быдла і на ўсякую ручную працу.

12 І паслухаліся Зарававэль, сын Салафіілеў, і Ісус, сын Ясэдэкаў, і ўвесь астатні люд голасу Госпада Бога свайго і слоў Агея прарока, як пасланага Госпадам Богам іхнім, і люд убаяўся Госпада.

13 Тады Агей, весьнік Гасподні, пасланы ад Госпада, сказаў люду: «Я з вамі! кажа Гасподзь».

14 І абудзіў Гасподзь дух Зарававэля, сына Салавіілевага, упраўцы Юдэі, і дух Ісуса, сына Ясэдэкавага, вялікага іярэя, і дух усёй рэшты людзей - і яны прыйшлі і пачалі рабіць працу ў доме Госпада Саваофа, Бога свайго,

15 на дваццаць чацьвёрты дзень шостага месяца, на другім годзе цара Дарыя.

 

Разьдзел 2

 

1 На сёмым месяцы, у дваццаць першы дзень месяца, было слова Гасподняе праз Агея прарока:

2 скажы цяпер Зарававэлю, сыну Салафіілеваму, упраўцу Юдэі, і Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, вялікаму іярэю, і рэшце народу:

3 хто застаўся паміж вамі, які бачыў гэты дом у ранейшай ягонай славе, і якім вы бачыце яго цяпер? Ці ня ёсьць ён у вашых вачах як бы нічым?

4 Але падбадзёрся сёньня, Зарававэль, кажа Гасподзь, падбадзёрся, Ісусе, сыне Ясэдэкаў, вялікі іярэй! падбадзёрся, увесь народзе зямлі, кажа Гасподзь, і рабеце працу, бо Я з вамі, кажа Гасподзь Саваоф.

5 Запавет Мой, які Я заключыў з вамі пасьля выхаду вашага зь Егіпта, і дух Мой жыве сярод вас: ня бойцеся!

6 Бо так кажа Гасподзь Саваоф: яшчэ раз, - і гэта будзе неўзабаве, - Я патрасу неба і зямлю, мора і сушу,

7 і патрасу ўсе народы - і прыйдзе Жаданы ўсім народам, і напоўню дом гэты славаю, кажа Гасподзь Саваоф.

8 Маё срэбра і Маё золата, кажа Гасподзь Саваоф.

9 Слава гэтага апошняга храма будзе большая, чым ранейшага, кажа Гасподзь Саваоф; і на месцы гэтым Я дам мір, кажа Гасподзь Саваоф.

10 На дваццаць чацьвёрты дзень дзявятага месяца, на другім годзе Дарыя, было слова Гасподняе праз Агея прарока:

11 так кажа Гасподзь Саваоф: спытайся ў сьвятароў пра закон і скажы:

12 калі хто нёс сьвяшчэннае мяса ў крысе вопраткі сваёй і крысом сваім дакрануўся да хлеба, альбо да чаго-небудзь гатаванага, альбо да алею, альбо якой-небудзь ежы, - ці зробіцца гэта сьвяшчэнным? І адказвалі сьвятары і сказалі: не.

13 Потым сказаў Агей: а калі дакранецца да ўсяго гэтага хто-небудзь апаганены ад дакрананьня да мерцьвяка, ці зробіцца гэта нячыстым? І адказвалі сьвятары і сказалі: будзе нячыстае.

14 Тады адказваў Агей і сказаў: такі гэты народ, такое племя перад Мною, кажа Гасподзь, і такія ўсе дзеі рук іхніх! І што яны прыносяць там, усё нячыстае.

15 Цяпер павярнеце сэрца ваша на час ад гэтага дня і назад, калі яшчэ ня быў пакладзены камень на камень у храме Гасподнім.

16 Прыходзілі, бывала, да капіцы, якая можа прыносіць дваццаць мераў, і аказвалася толькі дзесяць; прыходзілі да чавільні, каб начэрпаць пяцьдзясят мераў з чавільні, а аказвалася толькі дваццаць.

17 Караў Я вас іржою і блякласьцю хлеба і градам усю працу рук вашых глуміў; але вы не зьвярталіся да Мяне, кажа Гасподзь.

18 Адвярнеце ж сэрца ваша на час ад гэтага дня і назад, ад дваццаць чацьвёртага дня дзявятага месяца, ад таго дня, калі закладзены быў храм Гасподні; адвярнеце сэрца ваша:

19 ці ёсьць яшчэ ў засеках насеньне? Дагэтуль ні вінаградная лаза, ні смакоўніца, ні гранатавае дрэва, ні масьліна не давалі плоду; а з гэтага дня я дабраслаўляю іх.

20 І было слова Гасподняе да Агея другі раз у дваццаць чацьвёрты дзень месяца, і сказана:

21 скажы Зарававэлю, упраўцу Юдэі: патрасу Я неба і зямлю;

22 і скіну троны царстваў і вынішчу сілу царстваў язычніцкіх, перакулю калясьніцы і тых, што сядзяць на іх, і скінутыя будуць коні і верхаўцы іхнія, кожны мечам другога.

23 У той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, Я вазьму цябе, Зарававэль, сыне Салафіілаў, раб Мой, кажа Гасподзь, і буду трымаць цябе як пячатку, бо Я выбраў цябе, кажа Гасподзь Саваоф.

 

Кніга Захарыі

 

Разьдзел 1

 

1 У восьмым месяцы, у другі год Дарыя, было слова Гасподняе Захарыю, сыну Варахіінаваму, сыну Адаваму, прароку:

2 угневаўся Гасподзь на бацькоў вашых вялікім гневам,

3 і ты скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф: павярнецеся да Мяне, кажа Гасподзь Саваоф, і Я павярнуся да вас, кажа Гасподзь Саваоф.

4 Ня будзьце такія, як бацькі вашыя, да якіх заклікалі ранейшыя прарокі, кажучы: так кажа Гасподзь Саваоф: адвярнецеся ад ліхіх шляхоў вашых і ад ліхіх дзеяў вашых; але яны ня слухаліся і не ўважалі Мне, кажа Гасподзь.

5 Бацькі вашыя - дзе яны? ды і прарокі, ці будуць яны вечна жыць?

6 Але словы Мае і вызначэньні Мае, якія наказваў Я рабам Маім прарокам, хіба ж не спасьціглі бацькоў вашых? і яны зьвярталіся і казалі: як вызначыў Гасподзь Саваоф зрабіць з намі паводле нашых шляхоў і паводле нашых дзеяў, так і ўчыніў з намі.

7 У дваццаць чацьвёрты дзень адзінаццатага месяца, - гэта месяц Шэват, - у другі год Дарыя, было слова Гасподняе Захарыю, сыну Варахіінаваму, сыну Адаваму, прароку:

8 уначы бачыў я ўяву: вось, муж на рыжым кані стаіць паміж міртамі, якія ў паглыбленьні, а за імі коні рыжыя, пярэстыя і белыя,

9 і сказаў я: хто яны, спадару мой? І сказаў мне анёл, які гаварыў са мною: я пакажу табе, хто яны.

10 І адказваў муж, які стаяў паміж міртамі, і сказаў: гэта тыя, якіх Гасподзь паслаў абысьці зямлю.

11 І яны адказвалі анёлу Гасподняму, які стаяў паміж міртамі, і сказалі: абышлі мы зямлю, і вось, уся зямля населеная і спакойная.

12 І адказваў анёл Гасподні і сказаў: Госпадзе Ўсеўладца! Дакуль Ты не ўмілажалішся зь Ерусаліма і з гарадоў Юды, на якія Ты гневаешся вось ужо семдзесят гадоў?

13 Тады ў адказ анёлу, які гаварыў са мною, мовіў Гасподзь словы добрыя, словы суцешлівыя.

14 І сказаў Мне анёл, які гаварыў са мною: абвясьці і скажы: так кажа Гасподзь Саваоф: парупіўся Я за Ерусалім і за Сіён рупнасьцю вялікай:

15 І вялікім абурэньнем абураюся з народаў, якія жывуць у спакоі; бо калі Я мала ўгневаўся, яны павялічылі ліха.

16 таму так кажа Гасподзь: Я зьвяртаюся да Ерусаліма зь мілажалем; у ім пабудуецца дом Мой, кажа Гасподзь Саваоф, і землямерная вяроўка працягнецца па Ерусаліме.

17 Яшчэ абвясьці і скажы: так кажа Гасподзь Саваоф: зноў перапаўняюцца гарады Мае дабром, і суцешыць Гасподзь Сіён і зноў выбера Ерусалім.

18 І ўзьвёў я вочы мае і ўгледзеў: вось чатыры рагі.

19 І сказаў я анёлу, які гаварыў са мною: што гэта? І ён адказаў мне: гэта рогі, якія раскідалі Юду, Ізраіля і Ерусалім.

20 Потым паказаў мне Гасподзь чатырох працаўнікоў.

21 І сказаў я: што яны ідуць рабіць? Ён сказаў мне так: гэтыя рогі раскідалі Юду, так што ніхто ня можа падняць галавы сваёй: а гэтыя прыйшлі напалохаць іх, зьбіць рогі народаў, якія паднялі рог свой супроць зямлі Юды, каб расьсеяць яе.

 

Разьдзел 2

 

1 І зноў я ўзьвёў вочы мае і ўгледзеў: вось муж, у якога ў руцэ - землямерная вяроўка.

2 Я спытаўся: куды ты ідзеш? І ён сказаў мне: мерыць Ерусалім, каб убачыць, якая шырыня яго і якая даўжыня яго.

3 І вось анёл, які гаварыў са мною, выходзіць, а другі анёл ідзе насустрач яму,

4 і сказаў ён гэтаму: ідзі хутчэй, скажы гэтаму юнаку: Ерусалім заселіць ваколіцы з прычыны мноства людзей і быдла ў ім.

5 І Я буду яму, кажа Гасподзь, вогненнаю сьцяною вакол яго і праслаўлюся сярод яго.

6 Эй, эй! бяжэце з паўночнай краіны, кажа Гасподзь: бо па чатырох вятрах нябесных Я расьсеяў вас, кажа Гасподзь.

7 Ратуйся, Сіёне, які жывеш у дачкі Вавілона.

8 І так кажа Гасподзь Саваоф: дзеля славы Ён паслаў мяне да народаў, якія рабавалі вас; бо той, хто дакранаецца да вас, дакранаецца да зрэнкі вока Яго.

9 І вось, Я падыму руку Маю на іх, і яны зробяцца здабычаю рабоў сваіх, і тады ўведаеце, што Гасподзь Саваоф паслаў Мяне.

10 Радуйся і весяліся, дачка Сіёна! Бо вось, Я прыйду і пасялюся сярод цябе, кажа Гасподзь.

11 І прыбягуць да Госпада многія народы ў той дзень і будуць Маім народам; і я пасялюся сярод цябе, і ўведаеш, што Гасподзь Саваоф паслаў Мяне да цябе.

12 Тады Гасподзь возьме ва ўладаньне Юду, Сваю долю на сьвятой зямлі, і зноў выбера Ерусалім.

13 Хай маўчыць усякая плоць перад абліччам Госпада! Бо Ён падымаецца ад сьвятога жытлішча Свайго.

 

Разьдзел 3

 

1 І паказаў ён мне Ісуса, вялікага іярэя, які стаяў перад анёлам Гасподнім, і сатану, які стаяў праваруч яго, каб процідзейнічаць яму.

2 І сказаў Гасподзь сатане: Гасподзь хай забароніць табе, сатана, хай забароніць табе Гасподзь, Які выбраў Ерусалім! ці не галавешка ён, выцягнутая з агню?

3 А Ісус быў апрануты ў заплямленую вопратку і стаяў перад анёлам,

4 які адказваў і сказаў тым, што стаялі перад ім, так: здымеце зь яго заплямленую вопратку. А яму самому сказаў: глядзі. Я зьняў зь цябе віну тваю, і апранаю цябе ў адзеньне ўрачыстае.

5 І сказаў: ускладзеце на галаву яго чысты кідар. І ўсклалі чысты кідар на галаву яго і апранулі яго ў адзеньне; а анёл Гасподні стаяў.

6 І засьведчыў анёл Гасподні і сказаў Ісусу:

7 так кажа Гасподзь Саваоф: калі ты будзеш хадзіць Маімі шляхамі і калі будзеш на варце Маёй, дык будзеш судзіць дом Мой і наглядаць за дварамі Маімі. Я дам табе хадзіць паміж гэтымі, што стаяць тут.

8 выслухай жа, Ісусе, іярэю вялікі, ты і браты твае, што сядзяць перад табою, мужы знакамітыя: вось, Я прыводжу раба Майго, ПАРАСТКА.

9 Бо вось той камень, які Я кладу перад Ісусам; на гэтым адным камені - сем вачэй; вось, я выражу на ім абрысы яго, кажа Гасподзь Саваоф, і згладжу грэх зямлі гэтай за адзін дзень.

10 У той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, будзеце адзін аднаго запрашаць пад вінаград і пад смакоўніцу.

 

Разьдзел 4

 

1 І вярнуўся той анёл, які гаварыў са мною, і разбудзіў мяне, як будзяць чалавека са сну ягонага.

2 І сказаў ён мне: што ты бачыш? І адказваў я: бачу, вось сьвяцільня ўся з золата і чашачка пад алей наверсе яе, і сем лампад, на ёй і па сем трубачак у лампадах, якія наверсе яе;

3 і дзьве масьліны на ёй, адна з правага боку чашачкі, другая зь левага боку яе.

4 І адказваў я і сказаў анёлу, які гаварыў са Мною: што гэта, спадару мой?

5 І анёл, які гаварыў са мною, адказваў і сказаў мне: ты ня ведаеш, што гэта? І сказаў я: ня ведаю, спадару мой.

6 Тады адказваў ён і сказаў мне так: гэта слова Госпада Зарававелю, у якім сказана: ня войскам і ня сілаю, а Духам Маім кажа Гасподзь Саваоф.

7 Хто ты, вялікая гара перад Зарававелем? ты - раўніна, і вынесе ён кутні камень пры шумных ускліканьнях: «мілата, мілата на ім!»

8 І было мне слова Гасподняе:

9 рукі Зарававеля паклалі аснову Дому гэтаму; ягоныя рукі і закончаць яго, і даведаешся, што Гасподзь Саваоф паслаў Мяне да вас.

10 Бо хто можа лічыць дзень гэты малаважным, калі радасна глядзяць на будаўнічы адвес у руках Зарававелевых тыя сем, - гэта вочы Госпада, якія абдымаюць позіркам усю зямлю?

11 Тады адказваў я і сказаў яму: што азначаюць тыя дзьве масьліны з правага боку сьвяцільні і зь левага боку яе?

12 Другі раз загаварыў я і сказаў яму: што азначаюць дзьве масьлічныя галіны, якія празь дзьве залатыя трубачкі выліваюць зь сябе золата?

13 І сказаў ён мне: ты ня ведаеш, што гэта? Я адказваў: ня ведаю, спадару мой.

14 І сказаў ён: гэта два памазаныя алеем, якія стаяць перад Госпадам усёй зямлі.

 

Разьдзел 5

 

1 І зноў узьвёў я вочы мае і ўгледзеў: вось ляціць скрутак.

2 І сказаў ён мне: што ты бачыш? Я адказваў, бачу, ляціць скрутак; даўжыня яго дваццаць локцяў, а шырыня яго дзесяць локцяў.

3 Ён сказаў мне: гэта праклён, які ідзе на твар усёй зямлі; бо кожны, хто крадзе, будзе зьнішчаны, як напісана на адным баку, і кожны, хто прысягае ілжыва, зьнішчаны будзе, як напісана на другім баку.

4 Я навёў яго, кажа Гасподзь Саваоф, і ён увойдзе ў дом злодзея і ў дом кляцьбіта Маім імем ілжыва і застанецца ў доме ў яго, і зьнішчыць яго і дрэвы ягоныя і камяні ягоныя.

5 І выйшаў анёл, які гаварыў са мною, і сказаў мне: узьвядзі яшчэ вочы твае і падзівіся, што гэта выходзіць?

6 Калі ж я сказаў: што гэта? Ён адказваў: гэта выходзіць эфа, і сказаў: гэта - вобраз іх па ўсёй зямлі.

7 І вось, кавалак сьвінца падняўся, і там сядзела адна жанчына пасярэдзіне эфы.

8 І сказаў ён: гэтая жанчына - сама бязбожнасьць, і кінуў яе ўсярэдзіну эфы, а на адтуліну яе кінуў сьвінцовы кавалак

9 І ўзьвёў я вочы мае і ўгледзеў: вось, зьявіліся дзьве жанчыны, і вецер быў у крылах у іх, і крылы ў іх - як крылы ў бусла; паднялі яны эфу і панесьлі яе паміж зямлёю і небам.

10 І сказаў я анёлу, які гаварыў са мною: куды нясуць яны гэтую эфу?

11 Тады сказаў ён мне: каб зладзіць ёй дом у зямлі Сэнаар, і калі будзе ўсё падрыхтавана, дык яна паставіцца там на сваёй аснове.

 

Разьдзел 6

 

1 І зноў узьвёў я вочы мае, і бачу: вось, чатыры калясьніцы выходзяць зь цясьніны паміж дзьвюма горамі; і горы тыя былі - горы медныя.

2 У першай калясьніцы коні рыжыя, а ў другой калясьніцы коні вараныя;

3 у трэцяй калясьніцы коні белыя, а ў чацьвёртай калясьніцы коні пярэстыя, дужыя.

4 І пачаўшы прамову, я сказаў анёлу, які гаварыў са мною: што гэта, спадару мой?

5 І адказваў анёл і сказаў мне: гэта выходзяць чатыры духі нябесныя, якія стаяць перад Госпадам усёй зямлі.

6 Вараныя коні выходзяць там да краіны паўночнай; і белыя ідуць за імі, а пярэстыя ідуць да краіны паўднёвай.

7 І дужыя выйшлі і памкнуліся ісьці, каб прайсьці зямлю; і ён сказаў: ідзеце, прайдзеце зямлю, - і яны прайшлі зямлю.

8 Тады паклікаў ён мяне і сказаў мне так: глядзі, тыя, што выйшлі ў краіну паўночную, супакоілі дух Мой на зямлі паўночнай.

9 І было слова Гасподняе да мяне:

10 вазьмі ў тых, што прыйшлі з палону, у Хэлдая, у Товія і ў Едая, і ідзі ў той самы дзень, пайдзі ў дом Ісаі, сына Сафаніевага, куды яны прыйшлі з Вавілона,

11 вазьмі ў іх срэбра і золата і зрабі вянкі, і ўскладзі на галаву Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, іярэю вялікаму,

12 і скажы яму: так кажа Гасподзь Саваоф: вось Муж, - імя яму ПАРАСТАК, Ён вырасьце са свайго кораня і створыць храм Гасподні.

13 Ён створыць храм Гасподні і прыме славу, і сядзе і будзе валадарнічаць на троне Сваім; будзе і сьвятаром на троне Сваім, і рада міру будзе паміж тым і другім.

14 А вянкі тыя будуць Хэлему і Товію, Едаю і Хэну, сыну Сафаніеваму, на памяць у храме Гасподнім.

15 І здалёку прыйдуць і прымуць удзел у пабудове храма Гасподняга, і вы ўведаеце, што Гасподзь Саваоф паслаў мяне да вас, і гэта будзе, калі вы дбайна будзеце слухацца голасу Госпада Бога вашага.

 

Разьдзел 7

 

1 У чацьвёрты дзень цара Дарыя было слова Гасподняе Захарыю, у чацьвёрты дзень дзявятага месяца, Хаслэва,

2 калі Вэтыль паслаў Сарацэра і Рэгемалэха і спадарожнікаў яго памаліцца перад абліччам Госпада

3 і спытацца ў сьвятароў, якія ў доме Госпада Саваофа, і ў прарокаў, кажучы: ці плакаць мне ў пяты месяц і пасьціцца, як я рабіў гэта ўжо шмат гадоў?

4 І было мне слова Госпада Саваофа:

5 скажы ўсяму народу зямлі гэтай і сьвятарам так: калі вы пасьцілі і плакалі ў пятым і сёмым месяцы, прытым ужо семдзесят гадоў; ці дзеля Мяне вы пасьцілі? ці дзеля Мяне?

6 І калі вы ясьце і калі вы п'яце, ці ня дзеля сябе вы ясьце, ці ня дзеля сябе вы п'яце?

7 Ці ж ня тыя самыя словы ўзьвяшчаў Гасподзь праз ранейшых прарокаў, калі яшчэ Ерусалім быў населены і спакойны, і гарады вакол яго, паўднёвая краіна і нізіна былі населеныя?

8 І было слова Гасподняе Захарыю:

9 так казаў тады Гасподзь Саваоф: чынеце суд справядлівы і рабеце міласьць і спагаду кожны брату свайму;

10 удавы і сіраты, прыхадня і гаротнага ня ўціскайце і ліха адзін супроць аднаго не намышляйце ў сэрцы вашым.

11 Але яны не хацелі ўважаць, адвярнуліся ад Мяне, і вушы свае затулілі, каб ня чуць.

12 І сэрца сваё скамянілі, каб ня чуць закону і слоў, якія пасылаў Гасподзь Саваоф Духам Сваім праз ранейшых прарокаў: за тое і спасьцігнуў іх вялікі гнеў Госпада Саваофа.

13 І было: як Ён клікаў, а яны ня слухалі, так і яны клікалі, а Я ня слухаў, кажа Гасподзь Саваоф.

14 І Я разьвеяў іх па ўсіх народах, якіх яны ня ведалі, і зямля гэтая апусьцела пасьля іх, так што ніхто не хадзіў па ёй ні назад, ні наперад, і яны зрабілі жаданую зямлю пустыняю.

 

Разьдзел 8

 

1 І было слова Госпада Саваофа:

2 так кажа Гасподзь Саваоф: зарупіўся Я пра Сіён руплівасьцю вялікаю, і зь вялікім гневам зарупіўся Я пра яго.

3 Так кажа Гасподзь: зьвярнуўся Я да Сіёна і буду жыць у Ерусаліме, і будзе называцца Ерусалім горадам праўды, і гара Госпада Саваофа - гарою сьвятыні.

4 Так кажа Гасподзь Саваоф: зноў старцы і старыцы сядзецьмуць на вуліцах Ерусаліма, кожны з посахам у руцэ, ад сталасьці веку свайго.

5 І вуліцы горада гэтага напоўняцца хлопчыкамі і дзяўчаткамі, якія гуляцьмуць на вуліцах яго.

6 Так кажа Гасподзь Саваоф: калі гэта ў вачах пазасталага народу здасца дзівосным у тыя дні, дык няўжо яно дзівоснае і ў вачах Маіх? кажа Гасподзь Саваоф.

7 Так кажа Гасподзь Саваоф: вось, Я ўратую народ Мой з краіны ўсходу і з краіны заходу сонца;

8 і прывяду іх, і будуць яны жыць у Ерусаліме, і будуць Маім народам, і Я буду іхнім Богам, у ісьціне і ў праўдзе.

9 Так кажа Гасподзь Саваоф: умацуйце рукі вашыя вы, хто чуе сёньня словы гэтыя з вуснаў прарокаў, якія былі пры заснаваньні дому Госпада Саваофа, для будаўніцтва храма.

10 Бо раней дзён тых ня было аддзякі ні чалавеку, ні аддзякі за працу жывёлам; ні ады±хадню, ні пры±хадню ня было спакою ад ворага; і патураў Я кожнаму чалавеку варагаваць з другім.

11 А сёньня рэшце народу гэтага Я не такі, як у былыя дні, кажа Гасподзь Саваоф.

12 Бо пасеяна будзе ў сьвеце; вінаградная лаза дасьць плод свой, і зямля дасьць плады свае, і нябёсы будуць даваць расу сваю: і ўсё гэта Я аддам у валоданьне астатку народу гэтага.

13 І будзе: як вы, дом Юдаў і дом Ізраілеў, былі пракляцьцем у народаў, так Я выратую вас, і будзеце дабраславеньнем; ня бойцеся; хай умацуюцца рукі вашыя!

14 Бо так кажа Гасподзь Саваоф: як Я вызначыў пакараць вас, калі бацькі вашыя гнявілі Мяне, кажа Гасподзь Саваоф, і не адмяніў,

15 так зноў Я назначыў у гэтыя дні ўтварыць добрае Ерусаліму і дому Юдаваму; ня бойцеся!

16 Вось дзеі, якія вы павінны чыніць: кажэце праўду адзін аднаму; па праўдзе і міралюбна судзеце каля брамаў вашых.

17 Ніхто з вас хай не намышляе ў сэрцы сваім ліхога супроць блізкага свайго, і ілжывай клятвы ня любеце; бо ўсё гэта Я ненавіджу, кажа Гасподзь.

18 І было мне слова Госпада Саваофа:

19 так кажа Гасподзь Саваоф: пост чацьвёртага месяца і пост пятага, і пост сёмага і пост дзясятага зробіцца дому Юдаваму радасьцю і вясёлым сьвятам; толькі любеце праўду і мір.

20 Так кажа Гасподзь Саваоф: яшчэ будуць прыходзіць народы і жыхары многіх гарадоў;

21 і пойдуць жыхары аднаго горада да жыхароў другога і скажуць: хадзем маліцца перад аблічча Госпада Саваофа; і кожны скажа: пайду і я.

22 І будуць прыходзіць многія плямёны і моцныя народы, каб знайсьці Госпада Саваофа ў Ерусаліме і памаліцца абліччу Госпада.

23 Так кажа Гасподзь Саваоф: будзе ў тыя дні, возьмуцца дзесяць чалавек з усіх рознамоўных народаў, возьмуцца за крысо Юдэя і будуць казаць: мы пойдзем з табою, бо мы чулі, што з вамі - Бог.

 

Разьдзел 9

 

1 І прарочае слова Госпада на зямлю Хадрах, і на Дамаску яно спыніцца; бо вока Госпада на ўсіх людзей, як і на ўсе плямёны Ізраілевыя,

2 і на Эмат, сумежны зь ім, і на Тыр і Сідон, бо ён вельмі ўмудрыўся.

3 І зладзіў сабе Тыр крэпасьць, назапасіў срэбра, як пылу, і золата, як вулічнай гразі.

4 Вось, Гасподзь зрабіў яго бедным і паб'е сілу ягоную ў моры, і сам ён будзе зьнішчаны агнём.

5 Угледзіць гэта Аскалон і жахнецца, і Газа, і затрымціць моцна, і Экрон; бо паганьбіцца надзея яго: ня будзе цара ў Газе, і Аскалон будзе незаселены.

6 Чужое племя будзе жыць у Азоце, і Я зьнішчу пыху Філістымлянаў.

7 Вырву кроў з вуснаў яго і мярзоты ягоныя зь яго зубоў, і ён дастанецца Богу нашаму і будзе, як тысячнік у Юдзе, і Экрон будзе, як Евусэй.

8 І Я разьмяшчу табар каля дома Майго супроць войска, супроць тых, што ходзяць наперад і назад, і ня будзе больш прыходзіць прыгнятальнік; бо сёньня Маімі вачыма Я буду глядзець на гэта.

9 Весяліся ад радасьці, дачка Сіёна: радуйся, дачка Ерусаліма: вось, Цар твой ідзе да цябе, праведны і ратавальны, лагодны, седзячы на асьліцы і на маладым асьле, сыне пад'ярэмнай.

10 Тады зьнішчу калясьніцы ў Яфрэма і коней у Ерусаліме, і зламаны будзе баявы лук; і Ён абвесьціць мір народам, і валадарства Ягонае будзе ад мора да мора і ад ракі да краёў зямлі.

11 А што да цябе, дзеля крыві запавету твайго Я вызвалю вязьняў тваіх з рова, у якім няма вады.

12 Вяртайцеся на цьвярдыню вы, палонныя з надзеяю! Што цяпер узьвяшчаю, аддам табе ўдвая.

13 Бо як лук Я напну Сабе Юду і напоўню лук Яфрэмам, і падыму сыноў тваіх, Сіёне, супроць сыноў тваіх, Янія, і зраблю цябе мечам барацьбіта.

14 І явіцца над імі Гасподзь, і, як маланка, вылеціць страла Яго, і загрыміць Гасподзь Бог трубою і крочыць будзе ў бурах паўдзённых.

15 Гасподзь Саваоф будзе абараняць іх, і яны будуць зьнішчаць і таптаць прашчавыя камяні і будуць піць і шумець як ад віна, і напоўняцца як ахвярныя чашы, як куты ахвярніка.

16 І выратуе іх Гасподзь Бог іхні ў той дзень, як авечак, народ Свой; бо, падобна да каменя ў вянку, яны зазьзяюць на зямлі Ягонай.

17 О, якая вялікая даброць ягоная і якое хараство Яго! Хлеб ажывіць язык у хлопцаў і віно - у дзяўчатак!

 

Разьдзел 10

 

1 Прасеце ў Госпада дажджу ў час добрай патрэбы; Гасподзь блісьне маланкаю і дасьць вам шчодры дождж, кожнаму колас на полі.

2 Бо ідалы гавораць пустое, і вяшчуны бачаць ілжывае і расказваюць сны ілжывыя; яны суцяшаюць пусткаю; таму яны бадзяюцца як авечкі, церпяць гароту, бо няма пастыра.

3 На пастыраў запаліўся гнеў Мой, і казлоў Я пакараю; бо наведае Гасподзь Саваоф статак Свой, і дом Юдаў, і паставіць іх, як славутага каня Свайго на змаганьне.

4 Зь яго будзе кутні камень, зь яго - цьвік, зь яго - лук для змаганьня, зь яго пойдуць усе кіроўцы народаў.

5 І яны будуць, як героі, што топчуць ворагаў на вайне, як гразь на вуліцы, і змагацца, бо Гасподзь зь імі, і паганьбяць вершнікаў на конях.

6 І ўмацую дом Юдаў і ўратую дом Язэпаў, і вярну іх, бо Я ўмілажаліўся зь іх, і яны будуць, як бы Я не пакідаў іх: бо Я - Гасподзь Бог іхні, і пачую іх.

7 Як герой будзе Яфрэм; узьвесяліцца сэрца іхняе, як ад віна; і ўбачаць гэта сыны іхнія і парадуюцца; у захапленьні будзе сэрца іхняе ў Госпадзе.

8 Я дам ім знак і зьбяру іх, бо Я адкупіў іх; яны будуць гэтакія ж шматлікія, як раней;

9 і расьсялю іх паміж народаў, і ў далёкіх краінах яны будуць успамінаць пра Мяне і жыцьмуць зь дзецьмі сваімі, і вернуцца;

10 і вярну іх зь зямлі Егіпецкай і з Асірыі зьбяру іх, і прывяду іх у зямлю Галаадскую і на Ліван, і ня хопіць месца ім.

11 І пройдзе бедства па моры і разаб'е хвалі марскія, і высахнуць усе глыбіні ракі, і ўпакорыцца ганарыстасьць Асура, і жазло адымецца ў Егіпта.

12 Умацую іх у Госпадзе, і яны хадзіцьмуць у імя Яго, кажа Гасподзь.

 

Разьдзел 11

 

1 Адчыняй, Ліване, брамы твае, і хай зжарэ агонь кедры твае.

2 Галасі, кіпарысе; бо ўпаў кедр, бо і велічныя спустошаны; галасеце, дубы Васанскія, бо паваліўся непраходны лес.

3 Чуцен голас галашэньня пастухоў, бо спустошана прывольле іхняе; чуцен рык медных ільвоў, бо спустошана краса Ярдана.

4 Так кажа Гасподзь Бог мой: пасьві авечак, асуджаных на закол,

5 якіх пакупцы забіваюць беспакарана, а прадаўцы кажуць: «дабраславёны Гасподзь; я разбагацеў!» і пастухі іхнія не шкадуюць пра іх.

6 Бо Я ня буду болей літаваць жыхароў зямлі гэтай, кажа Гасподзь; і вось, Я прадам людзей, кожнага ў рукі блізкага яго і ў рукі цара яго, і яны біцьмуць зямлю, і Я ня выбаўлю з рук іхніх.

7 І буду пасьвіць авечкі, асуджаныя на закол, авечкі ў ісьціне нябогія. І вазьму Сабе два жазлы, і назаву адзін - добрым упадабаньнем, другі - кайданамі, і зь імі буду пасьвіць авечкі.

8 І зьнішчу трох з пастыраў у адзін месяц; і адвернецца душа Мая ад іх, калі й іхняя душа адварочваецца ад Мяне.

9 Тады скажу: ня буду пасьвіць вас; якая памірае - хай памірае, і якая гіне - хай гіне, а якія застаюцца, хай ядуць плоць адна адной.

10 І вазьму жазло Маё добрага ўпадабаньня і зламаю яго, каб зьнішчыць запавет, які заключыў Я з усімі народамі.

11 І ён зьнішчаны будзе ў той дзень, і тады даведаюцца бедныя з авечак, якія чакаюць Мяне, што гэта - слова Госпада.

12 І скажу ім: калі заўгодна вам, дык дайце Мне плату Маю; калі ж не, - не давайце; і яны наважаць як плату Мне трыццаць срэбранікаў.

13 І сказаў мне Гасподзь: кінь іх у царкоўнае сховішча, - высокая цана, у Якую яны ацанілі Мяне! І ўзяў Я трыццаць срэбранікаў і кінуў іх у дом Гасподні ганчару.

14 І пераламаў Я другое жазло Маё - «кайданы», каб разарваць братнасьць паміж Юдам і Ізраілем.

15 І Гасподзь сказаў мне: яшчэ вазьмі сабе спаруду аднаго з дурных пастухоў.

16 Бо вось, Я пастаўлю на гэтай зямлі пастуха, які не парупіўся пра тых, што гінулі, тых, што згубіліся, ня будзе шукаць і хворых ня будзе лекаваць, здаровых ня будзе карміць, а мяса тлустых будзе есьці і капыты іхнія адарве.

17 Гора нездаляшчаму пастуху, які пакідае статак! меч на руку яго і на правае вока яго! рука яго зусім высахне, і правае вока яго зусім зацьміцца.

 

Разьдзел 12

 

1 Прарочае слова Госпада пра Ізраіля. Гасподзь, Які распрасьцёр неба, уцьвердзіў зямлю і ўтварыў дух чалавека ўсярэдзіне яго, кажа:

2 вось, Я зраблю Ерусалім чараю захапленьня ўсім навакольным народам, а таксама для Юды ў час аблогі Ерусаліма.

3 І будзе ў той дзень, зраблю Ерусалім цяжкім каменем усім плямёнам; усе, якія падымацьмуць яго, надарвуцца, а зьбяруцца супроць яго ўсе народы зямлі.

4 У той дзень, кажа Гасподзь, Я паб'ю кожнага каня шаленствам і верхаўца яго - вар'яцтвам, а на дом Юдаў разамкну вочы Мае; а кожнага каня ў народаў пакараю сьлепатою.

5 І скажуць князі Юдавыя ў сэрцах сваіх: сіла мая - жыхары Ерусалімскія ў Госпадзе Саваофе, Богу іхнім.

6 У той дзень Я зраблю князёў Юдавых - як жароўню з агнём паміж дровамі і як запаленую сьвяцільню сярод снапоў, і яны зьнішчаць усе навакольныя народы справа і зьлева, і зноў заселены будзе Ерусалім на сваім месцы, у Ерусаліме.

7 І ўратуе Гасподзь спачатку намёты Юды, каб веліч дому Давідавага і веліч жыхароў Ерусаліма ня ўзносілася над Юдам.

8 У той дзень абараняць будзе Гасподзь жыхароў Ерусаліма, і самы слабы сярод іх у той дзень будзе як Давід, а дом Давіда будзе як Бог, як анёл Гасподні перад імі.

9 І будзе ў той дзень, Я зьнішчу ўсе народы, якія нападацьмуць на Ерусалім.

10 А на дом Давіда і на жыхароў Ерусаліма вылью дух мілаты і замілаваньня, і яны паглядзяць на Яго, Якога пранізалі, і будуць галасіць па Ім, як галосяць па адзінародным сыне, і смуткаваць, як смуткуюць па першынцы.

11 У той дзень падымецца вялікі плач у Ерусаліме, як плач Гададрымона ў даліне Манідонскай.

12 І галасіцьме зямля, кожнае племя асобна: племя дому Давідавага асобна, і жанчыны іхнія асобна; племя дому Натанавага асобна, і жанчыны іхнія асобна;

13 племя дому Лявіінага асобна, і жанчыны іхнія асобна; племя Сымонавае асобна, і жанчыны іхнія асобна.

14 Усе астатнія плямёны - кожнае племя асобна, і жанчыны іхнія асобна.

 

Разьдзел 13

 

1 У той дзень адчыніцца крыніца дому Давідаваму і жыхарам Ерусаліма для адмываньня грэху і нечыстаты.

2 І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, Я зьнішчу імёны ідалаў з гэтай зямлі, і яны ня будуць больш упамінацца, гэтак сама і лжэпрарокаў і нячыстага духа зь зямлі выдалю.

3 Тады, калі хто будзе прадказваць, дык бацька ягоны і маці яго, якія нарадзілі яго, скажуць яму: табе ня трэба жыць, бо ты ілжу кажаш у імя Госпада; і паб'е яго бацька ягоны і маці ягоная, якія нарадзілі яго, калі ён будзе прадказваць.

4 І будзе ў той дзень, пасаромеюцца такія прадказальнікі, кожны відзежу свайго, калі будуць прадказваць, і ня будуць надзяваць на сябе валасяніцы, каб ашукваць.

5 І кожны скажа: Я не прарок, я земляроб, бо нехта зрабіў мяне рабом з маленства майго.

6 Яму скажуць: чаго ж на руках у цябе шнары? і ён адкажа: таму, што мяне білі ў доме тых, што любяць мяне.

7 О, меч! падыміся на пастыра Майго і на блізкага Майго, кажа Гасподзь Саваоф: пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі! І Я абярну руку Маю на малых.

8 І будзе на ўсёй зямлі, кажа Гасподзь: дзьве часткі на ёй будуць зьнішчаны, вымруць, а трэцяя застанецца на ёй.

9 І ўвяду гэтую трэцюю частку ў агонь, і растаплю іх, як топяць срэбра, і ачышчу іх, як ачышчаюць золата: яны будуць заклікаць імя Маё, і Я пачую іх і скажу: гэта Мой народ, і яны скажуць: Гасподзь - Бог мой!

 

Разьдзел 14

 

1 І вось настае дзень Гасподні, калі падзеляць сярод цябе нарабаванае ў цябе.

2 І зьбяру ўсе народы на вайну супроць Ерусаліма, і ўзяты будзе горад, і разрабаваны будуць дамы, і зьняслаўлены будуць жанчыны, і палавіна горада пойдзе ў палон; а астатні народ ня будзе зьнішчаны з горада:

3 Тады выступіць Гасподзь і паўстане супроць гэтых народаў, як паўстаў у дзень бітвы.

4 І стануць ногі Ягоныя ў той дзень на гары Елеонскай, якая перад абліччам Ерусаліма на ўсход; і раздвоіцца гара Елеонская ад усходу да захаду даволі вялікаю далінаю, і палавіна гары адыдзе на поўнач, а палавіна яе - на поўдзень.

5 І вы пабяжыце ў даліну гор Маіх; бо даліна гор будзе прасьцірацца да Асіла; і вы пабяжыце, як беглі ад землятрусу ў дні Азіі, цара Юдэйскага; і прыйдзе Гасподзь Бог мой і ўсе сьвятыя зь Ім.

6 І будзе ў той дзень: ня стане сьвятла, сьвяцілы аддаляцца.

7 Дзень гэты будзе адзіны, вядомы толькі Госпаду: ні дзень, ні ноч; толькі аб вечаровым часе зьявіцца сьвятло.

8 І будзе ў той дзень, жывыя воды пацякуць зь Ерусаліма, палавіна іх да мора ўсходняга і палавіна іх да мора заходняга: летам і ўзіму так будзе.

9 І Гасподзь будзе Царом над усёю зямлёю; у той дзень будзе Гасподзь адзіны, і імя Яго - адзінае.

10 Уся гэта зямля будзе, як раўніна, ад Гаваона да Рэмона, на поўдзень ад Ерусаліма, які высока стаяцьме на сваім месцы і населіцца ад брамаў Веньямінавых да месца першай брамы, да кутняй брамы, і ад вежы Аканэіла да царскіх чавільняў.

11 І будуць жыць у ім, і праклёну ня будзе больш, а будзе стаяць Ерусалім у бясьпецы.

12 І вось якое будзе паганьбеньне, якім пакарае Гасподзь усе народы, якія ваявалі супроць Ерусаліма: у каго зачаўрае цела ягонае, калі ён яшчэ стаіць на сваіх нагах, і вочы ў яго растануць у ямінах сваіх, і язык яго высахне ў роце ў яго.

13 І будзе ў той дзень: адбудзецца паміж імі вялікая бянтэга ад Госпада, так што адзін схопіць руку другога, і падымецца рука яго на руку блізкага яго.

14 Але і сам Юда будзе ваяваць супроць Ерусаліма, і сабрана будзе багацьце ўсіх навакольных народаў: золата, срэбра і вопратка ў вялікім мностве.

15 Будзе такое самае паражэньне і коней і мулаў, і вярблюдаў і аслоў, і ўсякага быдла, якое будзе ў табарах іхніх.

16 Потым усе астатнія з усіх народаў, якія прыходзілі супроць Ерусаліма, будуць прыходзіць год у год на пакланеньне Цару, Госпаду Саваофу, і на сьвяткаваньне сьвята кучак.

17 І будзе: калі якое зь плямёнаў зямных ня пойдзе ў Ерусалім на пакланеньне Цару, Госпаду Саваофу, дык ня будзе дажджу ў іх.

18 І калі племя Егіпецкае не падымецца ў дарогу і ня прыйдзе сюды, дык і ў яго ня будзе дажджу і спасьцігне яго разгром, якім сьпляжыць Гасподзь народы, што ня прыходзяць сьвяткаваць сьвята кучак.

19 Вось, што будзе за грэх Егіпта і за грэх усіх народаў, якія ня прыйдуць сьвяткаваць сьвята кучак!

20 У той час нават на конскіх уборах будзе накрэсьлена: сьвятыня Госпаду, і катлы ў доме Гасподнім будуць, як ахвярныя чары перад алтаром.

21 І ўсе катлы ў Ерусаліме і ў Юдэі будуць сьвятыняю Госпада Саваофа, і будуць прыходзіць усе, хто прыносіць ахвяру, і браць іх і гатаваць у іх, і ня будзе болей ніводнага Хананэя ў доме Госпада Саваофа ў той дзень.

 

Кніга Малахіі

 

Разьдзел 1

 

1 Прарочае слова Госпада Ізраілю праз Малахію.

2 Я палюбіў вас, кажа Гасподзь. А вы кажаце: «у чым явіў Ты любоў да нас?» - Ці ж Ісаў ня брат Якаву? кажа Гасподзь; і аднак жа Я палюбіў Якава,

3 а Ісава зьненавідзеў і аддаў горы ягоныя на спусташэньне, і валоданьні ягоныя - шакалам пустыні.

4 Калі Эдом скажа: мы спляжаны, але мы адновім разбуранае, дык Гасподзь Саваоф кажа: яны пабудуюць, а Я разбуру, і назавуць іх вобласьцю бязбожнаю, народам, на які Гасподзь угневаўся назаўсёды.

5 І ўбачаць гэта вочы вашыя, і вы скажаце: узьвялічыўся Гасподзь над межамі Ізраіля!

6 Сын шануе бацьку і раб - гаспадара свайго; калі Я - бацька, дык дзе пашана да Мяне? і калі Я - Гасподзь, дык дзе багавейнасьць перад Мною? кажа Гасподзь Саваоф вам, сьвятары, якія няславіце імя Маё. Вы кажаце: чым мы няславім імя Тваё?

7 Вы прыносіце на ахвярнік Мой нячысты хлеб, а кажаце: чым мы няславім Цябе? - тым, што кажаце: трапеза Гасподняя ня вартая павагі.

8 І калі прыносіце ў ахвяру сьляпое, ці ж ня блага гэта? альбо калі прыносіце кульгавае і хворае, ці ж ня блага гэта? Паднясі гэта твайму князю; ці будзе ён задаволены табою і ці ласкава прыме цябе? кажа Гасподзь Саваоф.

9 Дык вось, малецеся Богу, каб зьлітаваўся з нас; а калі такое зыходзіць з рук вашых, дык ці ж можа Ён ласкава прымаць вас? кажа Гасподзь Саваоф.

10 Лепей хто-небудзь з вас замкнуў бы дзьверы, каб дарма ня трымалі агню на ахвярніку Маім. Няма Майго ўпадабаньня да вас, кажа Гасподзь Саваоф, і прынашэньні з рук вашых не да спадобы Мне.

11 Бо ад усходу сонца да заходу вялікае будзе імя Маё сярод народаў, і на ўсякім месцы будуць прыносіць фіміям імю Майму, чыстую ахвяру; вялікае будзе імя Маё сярод народаў, кажа Гасподзь Саваоф.

12 А вы ганіце яго тым, што кажаце: трапеза Гасподняя ня вартая павагі, і прыбытак ад яе - ежа нікчэмная.

13 Пры гэтым кажаце: вось колькі працы! і заняхайваеце яе, кажа Гасподзь Саваоф, і прыносіце крадзенае, кульгавае і хворае, і гэтакай самай якасьці прыносіце хлебны дарунак: ці ж магу з упадабаньнем прымаць гэта з рук вашых? кажа Гасподзь.

14 Пракляты ілжывец, у якога ў статку ёсьць несапсаваны самец, і ён даў абяцаньні, а прыносіць у ахвяру Госпаду пашкоджанае: бо Я цар вялікі, і імя Маё страшнае ў народаў.

 

Разьдзел 2

 

1 Дык вось, вам, сьвятары, гэтая запаведзь:

2 калі вы не паслухаецеся, і калі ня прымеце да сэрца, каб узносіць славу імю Майму, кажа Гасподзь Саваоф, дык я пашлю на вас праклён і пракляну вашыя дабраславеньні, і ўжо праклінаю, бо вы ня хочаце прыкласьці да гэтага сэрца.

3 Вось, Я адбяру ў вас лапатку, і памёт раскідаю на твары вашыя, памёт сьвяточных ахвяраў вашых, і выкінуць вас разам зь ім.

4 І вы ўведаеце, што Я даў гэтую запаведзь на захаваньне запавету Майго зь Лявіем, кажа Гасподзь Саваоф.

5 Запавет Мой зь ім быў запавет жыцьця і міру, і Я даў яго яму дзеля страху, і ён баяўся Мяне і трымцеў перад імем Маім.

6 Закон праўды быў у вуснах ягоных, і няпраўды ня было на языку ў яго; у міры і ў праўдзе ён хадзіў са мною і многіх адвярнуў ад грэху.

7 бо вусны сьвятара павінны захоўваць веды, а закону шукаюць ад вуснаў яго, бо ён весьнік Госпада Саваофа.

8 Але вы ўхіліліся ад гэтай дарогі, многія паслужылі спакусай у законе, разбурылі запавет Лявія, кажа Гасподзь Саваоф.

9 За гэта і Я зраблю вас пагарджанымі і прыніжанымі перад усім народам, бо вы не ідзяце шляхамі Маімі, крывадушнічаеце ў справах закону.

10 Ці ж не адзін ва ўсіх нас Бацька? Ці ж не адзін Бог стварыў нас? Чаму ж мы вераломна дзеем адзін супроць аднаго, парушаючы тым самым запавет бацькоў нашых?

11 Вераломна ўчыняе Юда, і мярзота чыніцца ў Ізраілі і ў Ерусаліме; бо прынізіў Юда сьвятыню Гасподнюю, якую любіў, і ажаніўся з дачкою чужога бога.

12 У таго, хто робіць гэта, зьнішчыць Гасподзь з намётаў Якаўлевых таго, хто чувае на варце і адказвае, і прыносіць ахвяру Госпаду Саваофу.

13 І вось, што яшчэ вы робіце: вы прымушаеце паліваць сьлязьмі ахвярнік Госпада з галашэньнем і лямантам, так што Ён ужо не глядзіць болей на прынесенае і ня прымае ўмілажальвальнай ахвяры з рук вашых.

14 Вы скажаце: за што? За тое, што Гасподзь быў сьведка паміж табою і жонкай маладосьці тваёй, супроць якой ты ўчыніў вераломства, тым часам як яна сяброўка твая і законная жонка твая.

15 Але ці ж не зрабіў таго самага адзін, і ў ім жыў выдатны дух? Што ж зрабіў гэты адзін? Ён хацеў атрымаць ад Бога нашчадкаў. Дык вось, захоўвайце дух ваш, і ніхто хай ня робіць вераломна супроць жонкі і маладосьці сваёй.

16 Калі ты ненавідзіш яе, адпусьці, кажа Гасподзь Бог Ізраілеў; крыўда пакрые вопратку яго, кажа Гасподзь Саваоф; таму сачэце за духам вашым і не рабеце вераломна.

17 Вы гневаеце Госпада словамі вашымі і кажаце: чым гневаем мы Яго? Тым, што кажаце: кожны, хто чыніць ліха, добры перад вачыма Госпада, і да такіх Ён мае ўпадабаньне, альбо: дзе Бог правасудзьдзя?

 

Разьдзел 3

 

1 Вось, Я пасылаю анёла Майго, і ён падрыхтуе шлях перад Мною, і нянаджана прыйдзе ў храм Свой Гасподзь, Якога вы шукаеце, і анёл запавету, якога вы жадаеце; вось, ён ідзе, кажа Гасподзь Саваоф.

2 І хто вытрымае дзень прышэсьця Яго, і хто ўстоіць, калі Ён явіцца? Бо Ён - як агонь, што расплаўляе, і як шчолак, што ачышчае,

3 і сядзе пераплаўляць і ачышчаць срэбра, і ачысьціць сыноў Левія і пераплавіць іх, як золата і як срэбра, каб прыносілі ахвяру Госпаду ў праўдзе.

4 Тады даспадобы будзе Госпаду ахвяра Юды і Ерусаліма, як у дні старадаўнія і як у гады ранейшыя.

5 І прыйду да вас судзіць і буду хутка выкрываць чарадзеяў і пералюбцаў, і тых, якія прысягаюць ілжыва і забіраюць плату ў найміта, уціскаюць удаву і сірату і адпіхваюць прыхадня, і Мяне не баяцца, кажа Гасподзь Саваоф.

6 Бо Я - Гасподзь, Я не мяняюся; і тады вы, сыны Якава, ня зьнішчыліся.

7 Зь дзён бацькоў вашых вы адступіліся ад пастановаў Маіх і ня трымаецеся іх; зьвярнецеся да Мяне, і Я зьвярнуся да вас, кажа Гасподзь Саваоф. Вы скажаце: як нам зьвярнуцца?

8 Ці можна чалавеку абкрадваць Бога? А вы абкрадваеце Мяне. Скажаце: чым абкрадваем мы Цябе? дзесяцінаю і прынашэньнямі.

9 Праклёнам вы праклятыя, бо вы - увесь народ - абкрадваеце Мяне.

10 Прынясеце мне дзесяціны ў дом сховішча, каб у доме Маім была ежа, і хоць бы ў гэтым выпрабуйце Мяне, кажа Гасподзь Саваоф: ці не адчыню Я вам адтулін нябесных і ці ня вылью на вас дабраславеньня да краю?

11 Я ў вас забараню пажыральнікам зьнішчаць вашыя плады зямныя, і вінаградная лаза на полі не пазбудзецца пладоў сваіх, кажа Гасподзь Саваоф.

12 І шчаснымі называцьмуць вас усе народы, бо вы будзеце зямлёю бажавольнаю, кажа Гасподзь Саваоф.

13 Дзёрзкія прад Мною словы вашыя, кажа Гасподзь. Вы скажаце: што мы гаворым супроць Цябе?

14 Вы кажаце: марнае служэньне Богу, і якая карысьць, што мы трымаліся пастановаў Яго і хадзілі ў жалобнай вопратцы прад абліччам Госпада Саваофа?

15 І сёньня мы лічым пагардлівых шчасьлівымі: лепей уладжваюцца тыя, якія робяць беззаконна, і хоць спакушаюць Бога, але застаюцца цэлыя.

16 Тыя, што не баяцца Бога, кажуць адно аднаму: уважае Гасподзь і чуе гэта, і прад абліччам Яго пішацца памятная кніга пра тых, што баяцца Госпада і шануюць імя Яго.

17 І яны будуць Мае, кажа Гасподзь Саваоф, уласнасьцю Маёю ў той дзень, які Я зраблю, і буду літаваць іх, як літуе чалавек сына свайго, што служыць яму.

18 І тады зноў убачыце розьніцу паміж праведнікам і бязбожным, паміж службітом Бога і няслухам Ягоным.

 

Разьдзел 4

 

1 Бо вось, прыйдзе дзень, палкі як печ: тады ўсе пагардлівыя бязбожначынцы будуць як салома, і папаліць іх прыйшлы дзень, кажа Гасподзь Саваоф, так што не пакіне ў іх ні кораня, ні вецьця.

2 А вам, любабаязныя перад імем Маім, узыдзе сонца праўды і ацаленьні ў праменьні Ягоным, і выйдзеце вы і забушуеце, як цяляты ўкормленыя;

3 і будзеце таптаць бязбожных, бо яны будуць пылам пад ступакамі ног вашых у той дзень, які Я зраблю, кажа Гасподзь Саваоф.

4 Памятайце закон Майсея, раба Майго, які Я наказаў яму, на Харыве ўсяму Ізраілю, гэтак сама як і правілы і пастановы.

5 Вось, я пашлю да вас Ільлю прарока перад наступленьнем дня Гасподняга, вялікага і страшнага.

6 І ён паверне сэрцы бацькоў да дзяцей і сэрцы дзяцей да бацькоў іхніх, каб Я, прыйшоўшы, не пакараў зямлю праклёнам.

 

НОВЫ ЗАПАВЕТ

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце

 

Разьдзел 1

 

1 Кніга роду Ісуса Хрыста, сына Давідавага, сына Абрагамавага.

2 Абрагам спарадзіў Ісака, Ісак спарадзіў Якава, Якаў спарадзіў Юду і братоў ягоных;

3 Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Тамары; Фарэс спарадзіў Эсрома; Эсром спарадзіў Арама;

4 Арам спарадзіў Амінадава; Амінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона;

5 Салмон спарадзіў Ваоза ад Рахавы; Ваоз спарадзіў Авіда ад Руты; Авід спарадзіў Ясея;

6 Ясей спарадзіў Давіда цара; Давід цар спарадзіў Саламона ад былой жонкі Урыевай;

7 Саламон спарадзіў Раваама; Раваам спарадзіў Авію; Авія спарадзіў Асу;

8 Аса спарадзіў Ёсафата; Ёсафат спарадзіў Ярама; Ярам спарадзіў Азію;

9 Азія спарадзіў Ёатама; Ёатам спарадзіў Ёзэкію;

10 Ёзэкія спарадзіў Манасію; Манасія спарадзіў Амона; Амон спарадзіў Ёсію;

11 Ёсія спарадзіў Ёакіма; Ёакім спарадзіў Еханію і братоў яго, пад час высяленьня вавілонскага.

12 Пасьля ж высяленьня вавілонскага Еханія спарадзіў Салатыіля; Салатыіль спарадзіў Зарававеля;

13 Зарававель спарадзіў Авіуда; Авіуд спарадзіў Эліякіма; Эліякім спарадзіў Азора;

14 Азор спарадзіў Садока; Садок спарадзіў Ахіма; Ахім спарадзіў Эліуда;

15 Эліуд спарадзіў Элеазара; Элеазар спарадзіў Матана; Матан спарадзіў Якава;

16 Якаў спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад Якой нарадзіўся Ісус, Якога называюць Хрыстос.

17 І вось усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; і ад Давіда да высяленьня вавілонскага чатырнаццаць пакаленьняў; і ад высяленьня вавілонскага да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў.

18 Нараджэньне Ісуса Хрыста было так: па заручынах Маці Яго Марыі зь Язэпам, перш чым сышліся яны, выявілася, што Яна мае ва ўлоньні ад Духа Сьвятога.

19 А Язэп, муж Яе, будучы праведны, не жадаючы зьняславіць Яе, хацеў употай адпусьціць Яе.

20 Калі ж надумаў ён гэта, - вось, анёл Гасподні ў сьне явіўся яму і сказаў: Язэпе, сыне Давідаў! ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю; бо зачатае ў Ёй ёсьць ад Духа Сьвятога;

21 і народзіць Сына, і дасі Яму імя: Ісус, бо Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іхніх.

22 А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:

23 «Вось, Дзева ва ўлоньні зачне; народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае: з намі Бог».

24 Устаўшы ад сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Гасподні, і прыняў жонку сваю

25 і ня знаў Яе, пакуль нарадзіла Сына Свайго першароднага, і Ён даў Яму імя: Ісус.

 

Разьдзел 2

 

1 Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфляеме Юдэйскім у дні цара Ірада, вось, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерусалім і кажуць:

2 дзе народжаны Цар Юдэйскі? бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.

3 Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерусалім зь ім.

4 І сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народных, пытаўся ў іх: дзе мбе нарадзіцца Хрыстос?

5 Яны ж сказалі яму: у Віфляеме Юдэйскім, так бо напісана праз прарока:

6 «І ты, Віфляеме, зямля Юдава, нічым ня меншы сярод ваяводстваў Юдавых, бо зь цябе выйдзе Правадыр, Які ўсьцеражэ народ мой Ізраіля».

7 Тады Ірад, употай паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх час зьяўленьня зоркі

8 і, паслаўшы іх у Віфляем, сказаў: ідзеце, добра разьведайце пра Дзіця і, як знойдзеце, накажэце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму.

9 Яны, выслухаўшы цара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, ня стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця.

10 Угледзеўшы зорку, яны ўсьцешыліся радасьцю вельмі вялікай,

11 і, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і адкрыўшы скарбы свае, прынесьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну.

12 І ў сьне атрымаўшы наказ не вяртацца да Ірада, іншай дарогай адышлі ў краіну сваю.

13 Калі ж яны адышлі, - вось, анёл Гасподні яўляецца ў сьне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.

14 Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную, і адышоў у Егіпет,

15 і быў там да Ірадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Егіпта паклікаў Я Сына Майго».

16 Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, разгневаўся надта і паслаў пазабіваць усіх дзетак у Віфляеме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у мудрацоў.

17 Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа:

18 «Голас у Раме чуцен, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца; бо іх няма».

19 А як Ірад памёр, - вось, анёл Гасподні ў сьне яўляецца Язэпу ў Егіпце

20 і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраілеву; бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці.

21 Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную і прыйшоў у зямлю Ізраілеву.

22 Але пачуўшы, што Архелай валадарыць ў Юдэі замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; і атрымаўшы ў сьне наказ, адышоў у межы Галілейскія,

23 і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.

 

Разьдзел 3

 

1 У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель і прапаведуе ў пустыні Юдэйскай

2 і кажа: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.

3 Бо Ён Той, пра Каго сказаў прарок Ісая: «голас таго, хто кліча ў пустыні, падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму».

4 А ў самога Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай; а ежай яму былі акрыды і дзікі мёд.

5 Тады выходзілі да яго Ерусалім і ўся Юдэя, і ўсё навакольле Ярданскае

6 і хрысьціліся ў Ярдане ў яго, спавядаючыся ў грахах сваіх.

7 Убачыўшы многіх фарысэяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысьціцца, Ян сказаў ім: выродзьдзе яхідніна! хто вас намовіў уцякаць ад будучага гневу?

8 Прынясеце ж годны плод пакаяньня;

9 і ня думайце гаварыць самі сабе: «бацька ў нас Абрагам»; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму;

10 ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь;

11 я хрышчу вас вадою на пакаяньне; але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне; я ня варты панесьці абутак Ягоны; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і вагнём;

12 лапата Ягоная ў руцэ ў Яго, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў засекі, а салому спаліць вагнём непагасным.

13 Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна хрысьціцца ў яго.

14 Ян жа стрымліваў Яго, кажучы: мне трэба ў Цябе хрысьціцца, а Ты прыходзіш да мяне?

15 Але Ісус сказаў у адказ яму: дапусьці цяпер, бо так належыць нам зьдзейсьніць ўсякую праведнасьць. Тады Ян дапускае Яго.

16 І ахрысьціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады; - і вось, адчыніліся Яму нябёсы, і ўбачыў Ян Духа Божага, Які сыходзіў, як голуб, і апускаўся на Яго.

17 І вось, голас зь нябёсаў прамовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў.

 

Разьдзел 4

 

1 Тады Ісус быў паведзены Духам у пустыню, на спакушэньне ад д'ябла.

2 І, пасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, напасьледак згаладаўся.

3 І падступіўся да Яго спакусьнік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі.

4 А Ён сказаў яму ў адказ: напісана: «ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых».

5 Тады бярэ Яго д'ябал у сьвяты горад і ставіць Яго на крыле храма,

6 і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: «Анёлам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю».

7 Сказаў яму Ісус: напісана яшчэ: «не спакушай Госпада Бога твайго».

8 Зноў бярэ Яго д'ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе царствы сьвету і славу іх,

9 і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне.

10 Тады кажа яму Ісус: адыдзі ад мяне, сатана; бо напісана: «Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы».

11 Тады пакідае Яго д'ябал, - і вось, анёлы прыступілі і слугавалі Яму.

12 Ісус, пачуўшы, што Ян аддадзены варце, адышоў у Галілею,

13 і, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нэталімавых,

14 каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:

15 «Зямля Завулонава і зямля Нэталімава, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея язычніцкая,

16 народ, што сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне і цяні сьмерці, зазьзяла сьвятло».

17 З таго часу Ісус пачаў прапаведаваць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.

18 А праходзячы каля мора Галілейскага, угледзеў Ён двух братоў: Сымона, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі.

19 І кажа ім: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.

20 І яны адразу, пакінуўшы мярэжы, пайшлі за Ім.

21 Адтуль прайшоўшы далей, угледзеў Ён іншых двух братоў, Якава Завядзеевага і Яна, брата ягонага, у лодцы з Завядзеем, бацькам іхнім, якія ладзілі мярэжы свае, і заклікаў іх.

22 І яны адразу, пакінуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім.

23 І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.

24 І прайшоў пра Яго погалас па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых, рознымі хваробамі і пакутамі ахопленых, і апанаваных дэманамі, і лунатыкаў, і спаралізаваных, і Ён ацаляў іх.

25 І за Ім ішло мноства люду з Галілеі і Дзесяцігародзьдзя, і зь Ерусаліма, і зь Юдэі, і з-за Ярдана.

 

Разьдзел 5

 

1 Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару; і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.

2 І, адкрыўшы вусны Свае, Ён вучыў іх, кажучы:

3 Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.

4 Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.

5 Дабрашчасныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю.

6 Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.

7 Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.

8 Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

9 Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.

10 Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.

11 Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне.

12 Радуйцеся і весялецеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі.

13 Вы - соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што ня прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям.

14 Вы - сьвятло сьвету: ня можа схавацца горад, які стаіць на версе гары.

15 І запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, і сьвеціць усім, хто ў доме.

16 Так няхай сьвеціць сьвятло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах.

17 Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а зьдзейсьніць.

18 Бо праўду кажу вам: пакуль ня мінецца неба і зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная ня мінецца з закона, пакуль ня збудзецца ўсё.

19 Дык вось, хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых і навучыць гэтак людзей, той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным.

20 Бо, кажу вам, калі праведнасьць ваша не пераважыць праведнасьці кніжнікаў і фарысэяў, дык ня ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае.

21 Вы чулі, што сказана продкам: «не забівай; а хто заб'е, падпадае суду».

22 А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду; хто ж бо скажа брату свайму «пусты чалавек», падпадае сынедрыёну*; а хто скажа «неразумны», падпадае геене вогненнай.

23 Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мбе нешта супроць цябе,

24 пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі сьпярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой.

25 Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб не аддаў цябе праціўнік судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе, і ня ўкінуў цябе ў цямніцу;

26 праўду кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта**.

27 Вы чулі, што сказана продкам: «Ня чыні пералюбу».

28 А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыніў пералюб зь ёю ў сэрцы сваім.

29 Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.

30 І калі правая твая рука спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.

31 Сказана таксама, што, калі хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй разводны ліст.

32 А Я вам кажу: кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да пералюбу; і хто ажэніцца з разьведзенай, той чыніць пералюб.

33 Зноў жа чулі вы, што сказана продкам: «Не давай ілжывай прысягі, а выконвай прад Госпадам прысягі твае».

34 А Я вам кажу: не прысягай зусім: ні небам, бо яно - Трон Божы;

35 ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Ягоным; ні Ерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара;

36 ні галавою тваёю не прысягай, бо ня можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю.

37 А хай будзе слова ваша: «так - так», «не - не»; а што звыш гэтага, тое ад ліхога.

38 Вы чулі, што сказана: «Вока за вока, і зуб за зуб».

39 А Я кажу вам не працівіцца злому. Калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую;

40 і калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і вопратку;

41 і калі хто цябе змусіць ісьці зь ім адно попрышча***, ідзі зь ім два.

42 Таму, хто просіць у цябе, дай і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.

43 Вы чулі, што сказана: «Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго».

44 А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых;

45 каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных.

46 Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і мытнікі****?

47 І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці ж ня гэтак тое самае робяць і язычнікі?

48 Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.

 

 

* Сынедрыён - найвышэйшае судзілішча

** Кадрант - дробная манета

*** Попрышча - 1000 крокаў

**** Мытнік - зборшчык падаткаў

Разьдзел 6

 

1 Глядзеце, не выстаўляйце праведнасьці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі вас: інакш няма вам узнагароды ад Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах.

2 Дык вось, калі даеш міласьціну, ня трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб услаўлялі іх людзі. Праўду кажу вам: яны атрымліваюць узнагароду сваю.

3 У цябе ж, калі даеш міласьціну, няхай ня ведае левая рука твая, што робіць правая,

4 каб міласьціна твая была ў тайнасьці, і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве.

5 І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, што любяць у сынагогах і на рагах вуліц, стоячы, маліцца, каб выставіцца перад людзьмі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.

6 Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ў тайнасьці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве.

7 А молячыся, не гаварэце лішняга, бы язычнікі; бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць;

8 дык ня будзьце ж падобныя да іх; бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы ў Яго папросіце.

9 Дык вось, малецеся так: Войча наш, Які ёсьць на нябёсах! Хай сьвяціцца імя Тваё;

10 хай прыйдзе Царства Тваё; хай будзе воля Твая як на небе, так на зямлі;

11 хлеб наш надзённы дай нам сёньня;

12 і даруй нам правіны нашыя, як і мы даруем вінаватым перад намі;

13 і не дапусьці нас да спакусы, але ратуй нас ад ліхога; бо Тваё ёсьць Царства і сіла і слава навекі. Амін.

14 Бо калі вы будзеце дараваць людзям правіны іх, дык даруе і вам Айцец ваш Нябесны;

15 а як ня будзеце дараваць людзям іх правінаў, дык і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.

16 І калі посьціце, ня будзьце заняпалыя, як крывадушнікі; бо яны памрочваюць абліччы свае, каб паказаць сябе людзям посьнікамі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.

17 А ты, калі посьцішся, намасьці галаву тваю і ўмый аблічча тваё,

18 каб явіцца посьнікам не перад людзьмі, а перад Айцом тваім, Які ў тайнасьці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве.

19 Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа нішчаць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць:

20 а зьбірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа ня зьнішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і ня крадуць;

21 бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.

22 Сьвяцільня целу ёсьць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, дык усё цела тваё сьветлае будзе;

23 калі ж вока тваё будзе ліхое, дык усё цела тваё цёмнае будзе. І вось, калі сьвятло, якое ў табе, - цемра, дык якая ж цемра?

24 Ніхто ня можа служыць двум гаспадарам: бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне*.

25 Таму кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есьці і што піць, ні дзеля цела вашага, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, і цела - за вопратку?

26 Зірнеце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні зьбіраюць у засекі; і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не намнога лепшыя за іх?

27 Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць адзін локаць?

28 І пра вопратку што турбуецеся? Паглядзеце на лілеі польныя, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць;

29 але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная зь іх;

30 калі ж траву польную, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж болей вас, малаверы!

31 Дык вось, ня турбуйцеся і не кажэце: «што нам есьці?» альбо: «што піць?» альбо: «у што апрануцца?».

32 Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябесны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.

33 Шукайце ж найперш Царства Божага і праведнасьці Ягонай, і гэта ўсё дадасца вам.

34 Дык вось, ня турбуйцеся заўтрашнім днём, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату.

 

 

* Мамона - багацьце

Разьдзел 7

 

1 Ня судзеце, каб і вас ня судзілі;

2 бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць.

3 І што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а калоды ў воку сваім не адчуваеш?

4 Альбо, як скажаш брату свайму: «Дай, я выму парушынку з вока твайго»; а вось у тваім воку калода?

5 Крывадушнік! вымі спачатку калоду са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.

6 Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас.

7 Прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;

8 бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.

9 Ці ёсьць сярод вас такі чалавек, які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба, камень падаў бы яму?

10 і калі рыбы папросіць, зьмяю падаў бы яму?

11 Дык вось, калі вы, ліхія, умееце дары добрыя даваць вашым дзецям, тым болей Айцец ваш, Які ёсьць у нябёсах, дасьць даброты тым, хто просіць у Яго.

12 І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабеце ім; бо ў гэтым закон і прарокі.

13 Уваходзьце вузкаю брамаю; бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі;

14 бо вузкая брама і цесная дарога вядуць у жыцьцё, і нямногія знаходзяць іх.

15 Асьцерагайцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзежы, а ўсярэдзіне - ваўкі драпежныя;

16 па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці ж зьбіраюць зь цярноўніку вінаград, альбо зь дзядоўніку смоквы?

17 Так усякае добрае дрэва родзіць і плады добрыя, а благое дрэва родзіць і плады благія:

18 ня можа добрае дрэва радзіць благія плады, ні дрэва благое радзіць плады добрыя.

19 Усякае дрэва, якое ня родзіць плоду добрага, сьсякаюць і кідаюць у вагонь.

20 Дык вось, па пладах іхніх пазнаеце іх.

21 Ня кожны, хто кажа Мне: «Госпадзе! Госпадзе!» увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах.

22 Многія скажуць Мне ў той дзень: «Госпадзе! Госпадзе! ці не ад Твайго імя мы прарочылі? і ці не Тваім імем дэманаў выганялі? і ці не Тваім імем многія цуды ўчынялі?».

23 І тады абвяшчу ім: «Я ніколі ня знаў вас; адыдзеце ад Мяне, вы, што робіце беззаконьне».

24 Дык вось, кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыпадобніцца да мужа разумнага, які збудаваў свой дом на камені;

25 і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён ня ўпаў, бо пастаўлены быў на камені.

26 А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і ня выконвае іх, прыпадобніцца да мужа неразважлівага, які паставіў свой дом на пяску;

27 і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той; і ён упаў, і было падзеньне яго вялікае.

28 І сталася, калі Ісус прамовіў гэтыя словы, дзівавалі людзі з вучэньня Яго,

29 бо Ён іх вучыў як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі і фарысэі.

 

Разьдзел 8

 

1 Калі Ён сышоў з гары, за Ім сьледам пайшло мноства людзей.

2 І вось, падышоў пракажоны і, кланяючыся Яму, сказаў: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.

3 Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І адразу ачысьціўся той ад праказы.

4 І кажа яму Ісус: глядзі, не кажы нікому; але ідзі, пакажыся сьвятару, і прынясі дар, аб якім загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.

5 Калі ж увайшоў Ісус у Капернаум, падышоў да Яго сотнік і папрасіў у Яго:

6 Госпадзе! слуга мой ляжыць дома ў паралічы і моцна пакутуе,

7 Ісус кажа яму: Я прыйду і ацалю яго.

8 А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой;

9 бо і я чалавек падуладны; і, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць.

10 Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.

11 Кажу ж вам, што многія з усходу і з захаду прыйдуць і ўзьлягуць з Абрагамам, Ісаакам і Якавам у Царстве Нябесным;

12 а сыны царства будуць выкінуты ў цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгат зубоў.

13 І сказаў Ісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, хай будзе табе. І выздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну.

14 Прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы,

15 і дакрануўся да рукі яе, і пакінула яе гарачка; і ўстала яна і слугавала ім.

16 Калі ж зьвечарэла, прывялі да Яго многа людзей, апанаваных дэманамі: і Ён выгнаў духаў словам і ўсіх нядужых ацаліў;

17 каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: «Ён узяў на Сябе нашы немачы, і хваробы панёс».

18 Калі ж Ісус убачыў вакол Сябе мноства люду, загадаў вучням адплысьці на той бок.

19 І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.

20 І кажа яму Ісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.

21 А другі, з вучняў, сказаў Яму: Госпадзе, дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць майго бацьку.

22 Але Ісус сказаў яму: ідзі за Мною, і пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых.

23 І калі ўвайшоў Ён у лодку, увайшлі за Ім вучні Ягоныя.

24 І вось, бура вялікая сталася на моры, ажно лодку захліствалі хвалі; а Ён спаў.

25 І вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, разбудзілі Яго і сказалі: Госпадзе! ратуй нас, гінем.

26 І кажа ім: чаго вы спалохаліся, малаверы? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася ціша вялікая.

27 А людзі, дзівуючыся, казалі: хто Гэты, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?

28 І калі прыплыў Ён на другі бераг у краіну Гергесінскую, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магіл*, двое апанаваных дэманамі, вельмі лютыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю.

29 І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Ісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дачасна мучыць нас.

30 А зводдаль ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней.

31 І дэманы прасіліся ў Яго: калі выганіш нас, дык пашлі нас у гурт сьвіней.

32 І Ён сказаў ім: ідзеце. І выйшлі яны, і пайшлі ў гурт сьвіней. І вось, кінуўся ўвесь гурт сьвіны з урвішча ў мора і загінуў у вадзе.

33 А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, і пра апанаваных дэманамі.

34 І вось, увесь горад выйшаў на сустрэчу Ісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў.

 

 

* Зь пячораў, дзе хавалі нябожчыкаў

Разьдзел 9

 

1 І Ён, увайшоўшы ў лодку, пераплыў у Свой горад.

2 І вось, прынесьлі да Яго паралізаванага, пакладзенага на пасьцелі. І ўбачыўшы веру іхнюю, Ісус сказаў паралізаванаму: мацуйся, сыне! даруюцца табе грахі.

3 І вось, некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзьнерыць.

4 А Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў: навошта вы намышляеце ліхое ў сэрцах вашых?

5 бо што лягчэй сказаць: «даруюцца табе грахі», альбо сказаць: «устань і хадзі»?

6 Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, - тады кажа паралізаванаму: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі дахаты.

7 І той устаў, узяў пасьцель сваю, і пайшоў дахаты.

8 А людзі, убачыўшы гэта, дзіву даліся і праславілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.

9 Праходзячы адтуль, убачыў Ісус чалавека, што сядзеў на мытні, якога звалі Мацьвей, і кажа яму: ідзі за Мною. І ўстаў той і пайшоў за Ім.

10 І сталася, калі Ісус узьляжаў у доме, вось, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і ўзьлеглі зь Ім і вучнямі Ягонымі.

11 І ўбачыўшы гэта, фарысэі сказалі вучням Ягоным: навошта Настаўнік ваш есьць і п'е з мытнікамі і грэшнікамі?

12 А Ісус, пачуўшы гэта, сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;

13 ідзеце, навучэцеся, што азначае: «міласьці хачу, а не ахвяры», бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.

14 Тады прыходзяць да Яго вучні Янавыя і кажуць: чаму мы і фарысэі посьцім многа, а Твае вучні ня посьцяцца?

15 І сказаў ім Ісус: ці могуць засмучацца сыны харомаў шлюбных, пакуль зь імі малады? Але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца.

16 І ніхто не прышывае латкі зь нябеленага палатна да старой адзежыны; бо зноў прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая.

17 Ня ўліваюць таксама віна маладога ў мяхі старыя; а інакш дзяруцца мяхі, а віно маладое ўліваюць у новыя мяхі, і зьберагаецца і тое і другое.

18 Калі Ён ім гэта казаў, вось, прыйшоў нейкі начальнік і, кланяючыся Яму, казаў: дачка мая толькі што памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна будзе жыць.

19 І ўстаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя.

20 І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутавала ад крывацечы, падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай,

21 бо яна казала сама сабе: калі толькі дакрануся да вопраткі Ягонай, выздаравею.

22 А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацуйся, дачка! вера твая ўратавала цябе. І выздаравела жанчына з таго часу.

23 А як прыйшоў Ісус у начальнікаў дом і ўбачыў жалейнікаў і зьбянтэжаны люд,

24 сказаў ім: выйдзіце; бо не памерла дзяўчына, а сьпіць. І насьміхаліся зь Яго.

25 Калі ж людзі былі высланы, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчына ўстала.

26 І разьнеслася вестка пра гэта па ўсёй зямлі той.

27 І калі ішоў адтуль Ісус, ішлі за Ім двое сьляпых і крычалі: памілуй нас, Ісусе, Сыне Давідаў!

28 І калі Ён прыйшоў у дом, прыступілі да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так, Госпадзе!

29 Тады Ён крануўся вачэй іхніх і сказаў: па веры вашай хай будзе вам.

30 І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Ісус: глядзеце, каб ніхто не даведаўся.

31 А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй зямлі той.

32 Калі ж тыя выходзілі, вось, прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.

33 І калі дэман быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючыся, казаў: ніколі ня было такога явішча ў Ізраілі.

34 А фарысэі казалі: сілаю князя дэманскага выганяе Ён дэманаў.

35 І хадзіў Ісус па ўсіх гарадах і па селішчах, вучачы ў сынагогах іхніх, прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.

36 Бачачы людзей, Ён умілажаліўся зь іх, бо яны былі зьнясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастуха.

37 Тады кажа вучням Сваім: жніва многа, ды работнікаў мала;

38 дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.

 

Разьдзел 10

 

1 І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх, і ацаляць усякую хваробу і ўсякую немач.

2 А дванаццацёх апосталаў імёны вось такія: першы Сымон, якога называюць Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Якаў Зевядзееў і Ян, брат ягоны.

3 Піліп і Барталамей, Тамаш і Мацьвей мытнік, Якаў Алфееў і Леўвей, празваны Тадэем,

4 Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яму.

5 Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і запавядаў ім, кажучы: на шлях язычнікаў не хадзеце і ў горад Самаранскі ня ўваходзьце;

6 а ідзеце найболей да пагіблых авечак дому Ізраілевага;

7 і ходзячы, прапаведуйце, што наблізілася Царства Нябеснае;

8 хворых ацаляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце; задарам атрымалі, задарам давайце.

9 Не бярэце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае,

10 ні торбы ў дарогу, ні дзьве вопраткі, ні абутку, ні кія. Бо хто працуе, той варты пракорму.

11 У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце;

12 а ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: «мір дому гэтаму»;

13 і калі дом будзе годны, дык сыйдзе мір ваш на яго; калі ж ня будзе годны, дык мір ваш да вас вернецца.

14 А калі хто ня прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, дык, выходзячы з дома, альбо з горада таго, абцярушэце пыл з ног вашых;

15 праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму.

16 Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы.

17 Сьцеражэцеся ж людзей: бо яны аддаваць будуць вас у судзілішчы і ў сынагогах сваіх біць будуць вас,

18 і павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне на сьведчаньне перад імі і язычнікамі.

19 Калі ж будуць выдаваць вас, ня турбуйцеся, як або што сказаць; бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць;

20 бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.

21 І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька - сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб'юць іх;

22 і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто вытрывае да канца, уратаваны будзе.

23 Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, уцякайце ў другі, бо праўду кажу вам: не пасьпееце абысьці гарадоў Ізраілевых, як прыйдзе Сын Чалавечы.

24 Вучань ня вышэйшы за настаўніка, і слуга ня вышэйшы за гаспадара свайго.

25 Даволі вучню, каб ён быў, як настаўнік ягоны, і слузе, каб ён быў, як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дома назвалі Вэльзэвулам, дык ці ня тым болей хатніх яго?

26 Дык вось, ня бойцеся іх: бо няма нічога схаванага, што ня выкрылася б, і таемнага, што ня было б уведана.

27 Што кажу вам у цемры, кажэце пры сьвятле; і што на вуха чуеце, прапаведуйце з дахаў.

28 І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, але ж душы забіць ня могуць; а бойцеся болей Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у геене.

29 Ці ж ня дзьве маленькія птушкі прадаюцца за асарый*? І ніводная зь іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага;

30 а ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны;

31 дык ня бойцеся: вы лепшыя за многіх маленькіх птушак.

32 Дык вось, кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах;

33 а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, таго зракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах.

34 Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці мір на зямлю; ня мір прыйшоў Я прынесьці, а меч;

35 бо Я прыйшоў падзяліць чалавека з бацькам ягоным, і дачку з маці яе, і нявестку са сьвякрухай яе.

36 І ворагі чалавеку - хатнія ягоныя.

37 Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне;

38 і хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе сьледам за Мною, той ня варты Мяне.

39 Хто зьберагае душу сваю, страціць яе; а хто страціў душу сваю за Мяне, зьберажэ яе.

40 Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне;

41 хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарокавую атрымае; і хто прымае праведніка ў імя праведніка, узнагароду праведнікавую атрымае.

42 І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй.

 

 

* Асарый - дробная манета

Разьдзел 11

 

1 І сталася, калі закончыў Ісус настаўленьні дванаццаці вучням Сваім, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у гарадах іхніх.

2 А Ян, пачуўшы ў цямніцы пра дзеі Хрыстовыя, паслаў двух вучняў сваіх

3 сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?

4 І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што чуеце і бачыце:

5 сьляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогія зьвястуюць,

6 і дабрашчасны той, хто не спакусіцца празь Мяне.

7 Калі ж пайшлі яны, Ісус пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую?

8 Што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? тыя, што носяць мяккія шаты, жывуць у харомах царскіх.

9 Што ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым прарока.

10 Бо ён той, пра якога напісана: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою».

11 Праўду кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Нябесным большы за яго.

12 Ад дзён жа Яна Хрысьціцеля да сёньня Царства Нябеснае дасягаецца сілаю, і тыя, што руплівасьць ужываюць, здабываюць яго;

13 бо ўсе прарокі і закон прадвясьцілі да Яна.

14 І калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, які мае прыйсьці.

15 Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.

16 Да каго ж прыпадобню род гэты? Падобны ён да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, зьвяртаючыся да сваіх сяброў,

17 кажуць: «мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі».

18 Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п'е; і кажуць: «у ім дэман».

19 Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п'е; і кажуць: «вось, чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў». І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе.

20 Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш праявіліся сілы Яго, бо яны не пакаяліся.

21 Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо калі б у Тыры і Сідоне явіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны ў вярэце і ў попеле пакаяліся;

22 але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень судны, чым вам.

23 І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся; бо калі б у Садоме явіліся сілы, яўленыя ў табе, дык ён прастаяў бы па сёньняшні дзень;

24 але кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, чым табе.

25 Тым часам, далей прамаўляючы, Ісус сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў тое дзецям;

26 так, Войча! бо такое было Тваё ўпадабаньне.

27 Усё Мне перададзена Айцом Маім, і ніхто ня ведае Сына, толькі Айцец; і Айца ня ведае ніхто, толькі Сын, і каму Сын хоча адкрыць.

28 Прыйдзеце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас;

29 вазьмеце ярмо Маё на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам; і знойдзеце спакой душам вашым;

30 бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі.

 

Разьдзел 12

 

1 Тым часам праходзіў Ісус у суботу засеянымі палямі, а вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есьці.

2 Фарысэі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць, чаго нельга рабіць у суботу.

3 А Ён сказаў ім: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь Ім?

4 Як ён увайшоў у дом Божы і еў паклбдныя хлябы, якіх нельга было есьці ні яму, ні тым, што зь ім былі, а толькі адным сьятарам?

5 Альбо ці ня чыталі вы ў законе, што ў суботы сьвятары ў храме парушаюць суботу, аднак не вінаватыя?

6 Але кажу вам, што тут нешта большае за храм;

7 калі б ведалі вы, што азначае: «міласьці хачу, але не ахвяры», не асудзілі б невінаватых;

8 бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы.

9 І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сынагогу іхнюю.

10 І вось там быў чалавек з сухою рукою. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы? - каб зьвінаваціць Яго.

11 А Ён сказаў ім: ці ёсьць сярод вас такі чалавек, што, маючы адну авечку, - калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, - ня возьме і ня выцягне яе?

12 Наколькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботу дабро рабіць.

13 Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровая, як другая.

14 А фарысэі выйшлі і раду мелі супраць Яго, як бы загубіць Яго. Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.

15 І пайшло за Ім сьледам багата людзей, і Ён ацаліў іх усіх

16 і забараніў ім расказваць пра Яго:

17 каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:

18 «Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў; Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая. Ускладу Духа Майго на Яго і Ён суд народам абвесьціць;

19 не запярэчыць, ні залямантуе, і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Ягонага;

20 трысьціны надламанай не пераломіць, і кнота, які тлее, не патушыць, пакуль не давядзе суд да перамогі;

21 і на імя Ягонае будуць спадзявацца народы».

22 Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога; і ацаліў яго, так што сьляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць.

23 І зьдзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці ня гэта Хрыстос, Сын Давідаў?

24 А фарысэі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганяў дэманаў няйначай, як Вэльзэвулам, князем дэманскім.

25 Але Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее; і ўсякі горад альбо дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць.

26 І калі сатана сатану выганяе, дык ён разьдзяліўся сам у сабе, як жа ўстоіць царства ягонае?

27 І калі Я Вэльзэвулам выганяю дэманаў, дык сыны вашыя кім выганяюць? Таму яны вам судзьдзямі будуць.

28 Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дайшло да вас Царства Божае.

29 Альбо, як можа хто ўвайсьці ў дом дужага і рэчы яго зрабаваць, калі сьпярша ня зьвяжа дужага і тады дом яго зрабуе?

30 Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.

31 Таму кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства даруюцца людзям; а супраць Духа блюзьнерства не даруецца людзям;

32 калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; а калі хто скажа на Духа Сьвятога, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.

33 Альбо прызнайце дрэва добрым і плод ягоны добрым; альбо прызнайце дрэва благім і плод ягоны благім; бо па плодзе дрэва пазнаецца.

34 Выродзьдзе яхідніна! як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія? Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць.

35 Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек зь ліхой скарбніцы выносіць ліхое.

36 Кажу ж вам, што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны;

37 бо паводле слоў сваіх апраўдаешся, і паводле слоў сваіх асудзішся.

38 Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысэі, кажучы: Настаўнік! хочам ад Цябе азнаку ўбачыць.

39 Ён ім сказаў у адказ: род падступны і пералюбны азнакі шукае; і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока;

40 бо як Ёна быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.

41 Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз пропаведзь Ёнаву; і вось, тут больш за Ёну.

42 Царыца поўдня паўстане на суд з родам гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з канцоў зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай, і вось, тут больш за Саламона.

43 Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык блукае па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць;

44 тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І прыйшоўшы застае пусты, падмецены і прыбраны;

45 тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому.

46 Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці Яго і браты Яго стаялі звонку, хочучы гаварыць зь Ім.

47 І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць, хочучы гаварыць з Табою.

48 Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая? і хто браты Мае?

49 І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае;

50 бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.

 

Разьдзел 13

 

1 Выйшаўшы таго ж дня з дома, Ісус сеў каля мора.

2 І сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе.

3 І гаварыў ім шмат прытчамі, кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць.

4 І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое;

5 іншае ўпала на мясьціны камяністыя, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была ня глыбокая.

6 А калі ўзышло сонца, завяла і, як ня мела карэньня, засохла;

7 іншае ўпала ў церне, і вырасла церне і заглушыла яго;

8 іншае ўпала на добрую зямлю і ўрадзіла плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсьцьдзясят, а тое ў трыццаць.

9 Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

10 І прыступіўшы, вучні сказалі Яму: чаму прытчамі гаворыш ім?

11 Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам дадзена ведаць таямніцы Царства Нябеснага, а ім ня дадзена;

12 бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае;

13 дзеля таго прытчамі прамаўляю ім, што яны бачачы ня бачаць, і чуючы ня чуюць, і не разумеюць;

14 і збываецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: «слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзець будзеце, і ня ўбачыце;

15 агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае зьмежылі, каб ня ўгледзець вачыма, і вушыма не пачуць, і сэрцам не ўразумець, і ня зьвернуцца, каб Я ацаліў іх».

16 А вашы дабрашчасныя вочы, што бачаць; і вушы вашыя, што чуюць:

17 бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.

18 Але ж вы пачуйце прытчу пра сейбіта:

19 да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхадзей і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным: вось каго азначае пасеянае пры дарозе.

20 А пасеянае на камяністых мясьцінах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасьцю прымае яго;

21 але ня мае кораня ў сабе і нясталы: калі настане ўціск альбо ганеньне за слова, адразу спакушаецца.

22 А пасеянае ў церне азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і панада багацьця заглушае слова, і яно стаецца бясплодным.

23 А пасеянае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее, які і плод прыносіць і дае адзін сто, другі шэсьцьдзясят, а той трыццаць.

24 Другую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: Царства Нябеснае падобнае на чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім;

25 калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў куколь сярод пшаніцы, і пайшоў;

26 калі ўзышла рунь і завязала плод, тады зьявіўся і куколь.

27 Прыйшоўшы, рабы гаспадара дома сказалі яму: гаспадар! ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? адкуль жа на ім куколь?

28 А ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, мы пойдзем, выпалем яго?

29 А ён сказаў: не, каб, выбіраючы куколь, вы не павырывалі разам зь ім і пшаніцы;

30 пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; а ў час жніва я скажу жняцам: зьбярэце перш куколь і зьвяжэце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу зьбярэце ў засекі мае.

31 Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: падобнае Царства Нябеснае на зерне гарчычнае, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім,

32 якое, хоць меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырастае, бывае большае за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і ўюць гнёзды ў гольлі яго.

33 Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобнае Царства Нябеснае на закваску, якую жанчына ўзяўшы паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё.

34 Гэта ўсё казаў Ісус прытчамі люду, і бяз прытчы нічога не казаў ім,

35 каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: «Разамкну ў прытчах вусны Мае; выкажу ўтоенае ад стварэньня сьвету».

36 Тады Ісус, адпусьціўшы людзей, увайшоў у дом. І прыступіўшы да Яго, вучні Яго сказалі: растлумач нам прытчу пра куколь на полі.

37 А Ён ім сказаў у адказ: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы;

38 поле ёсьць сьвет; добрае насеньне гэта - сыны Царства, а куколь - сыны ліхога;

39 вораг, які пасеяў яго, ёсьць д'ябал; жніво ёсьць сканчэньне веку, а жняцы - анёлы.

40 А таму, як зьбіраюць куколь і агнём паляць, гэтак сама будзе пры сканчэньні веку гэтага:

41 пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконьне,

42 і ўкінуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скрыгат зубоў;

43 тады праведныя зазьзяюць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

44 Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на скарб, схаваны на полі, які, знайшоўшы, чалавек утоіў, і ў радасьці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое.

45 Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на купца, які шукае прыгожых пэрлаў,

46 які, знайшоўшы адзін шматкаштоўны пэрл, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яго.

47 Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на нерат, закінуты ў мора і поўны рыбы ўсялякага роду,

48 які, калі ён напоўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае склалі ў начыньне, а благое кінулі прэч.

49 Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы і аддзеляць ліхіх з асяродзьдзя праведных,

50 і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгат зубоў.

51 Сказаў ім Ісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць яму: так, Госпадзе!

52 А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны Царству Нябеснаму, падобны на гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.

53 І сталася, калі скончыў Ісус прытчы гэтыя, пайшоў адтуль.

54 І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхняй, так што яны зьдзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасьць і сілы?

55 ці не цесьляроў Ён Сын? ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Якаў і Ёсій, і Сымон і Юда?

56 і сёстры Яго ці ня ўсе сярод нас? адкуль жа ў Яго ўсё гэта?

57 І паняверыліся ў Ім. А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім.

58 І ня ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іхняга.

 

Разьдзел 14

 

1 У той час Ірад тэтрарх пачуў погалас пра Ісуса

2 і сказаў служкам сваім: гэта Ян Хрысьціцель; ён паўстаў зь мёртвых, і таму цуды ўчыняюцца ім.

3 Бо Ірад, узяўшы Яна, зьвязаў яго і пасадзіў у цямніцу празь Ірадыяду, жонку Піліпа, брата свайго;

4 таму што Ян казаў яму: нельга табе мець яе.

5 І хацеў яго забіць, але пабаяўся народу, бо яго ўважалі за прарока.

6 А ў дзень народзін Ірада, скакала дачка Ірадыяды перад усімі і дагадзіла Іраду;

7 таму ён пад прысягаю абяцаў ёй даць, чаго толькі яна ні папросіць.

8 А яна, падбухтораная маці сваёю, сказала: дай мне тут у місе галаву Яна Хрысьціцеля.

9 І засмуціўся цар; але дзеля прысягі і тых, што ўзьляжалі зь ім, загадаў даць ёй,

10 і паслаў адцяць Яну галаву ў цямніцы.

11 І прынесьлі галаву яго ў місе, і далі дзяўчыне; а яна занесла маці сваёй.

12 А вучні яго, прыйшоўшы, узялі яго цела і пахавалі яго;

13 І пачуўшы, адплыў Ісус адтуль на лодцы ў пустэльнае месца адзін; а люд, пачуўшы пра тое, пайшоў за Ім з гарадоў пяшком.

14 І выйшаўшы, Ісус убачыў мноства людзей і пашкадаваў іх, і ацаліў хворых іх.

15 Калі ж зьвечарэла, прыступілі да Яго вучні Ягоныя і сказалі: пустэльная тут мясьціна, і час ужо позьні; адпусьці людзей, каб яны пайшлі ў селішчы і купілі ежы сабе.

16 Але Ісус сказаў ім: ня трэба ім ісьці, вы дайце ім есьці.

17 Яны ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбіны.

18 Ён сказаў: прынясеце іх Мне сюды.

19 І загадаў народу ўзьлегчы на траву і, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны, узьвёў вочы ў неба, дабраславіў, разламаў і даў хлябы вучням, а вучні - народу.

20 І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных;

21 а тых, што елі, было каля пяці тысяч чалавек, апроч жанчын і дзяцей.

22 І адразу прымусіў Ісус вучняў Сваіх увайсьці ў лодку і выправіцца раней за Яго на той бок, пакуль Ён адпусьціць людзей.

23 І адпусьціўшы людзей, Ён узышоў на гару сам-насам памаліцца; і калі зьвечарэла, застаўся там адзін.

24 А лодка была ўжо на сярэдзіне мора, і яе біла хвалямі, бо вецер быў супраціўны.

25 А ў чацьвёртую варту ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры.

26 І вучні, убачыўшы Яго, што ішоў Ён па моры, сумеліся і казалі: гэта прывід; і ад страху закрычалі.

27 Але Ісус адразу загаварыў зь імі і сказаў: падбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся.

28 Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе.

29 А Ён сказаў: ідзі. І выйшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысьці да Ісуса.

30 але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзе! уратуй мяне.

31 Ісус адразу, працягнуўшы руку, падтрымаў яго і кажа яму: малаверны! навошта ты засумняваўся?

32 І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер аціх.

33 А тыя, што ў лодцы былі, падышлі, пакланіліся Яму і сказалі: сапраўды, Ты Сын Божы.

34 І пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую.

35 І, пазнаўшы Яго, жыхары той мясьціны паслалі ва ўсё навакольле тое і прынесьлі да Яго ўсіх хворых,

36 і прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся, ацаляліся.

 

Разьдзел 15

 

1 Тады прыходзяць да Ісуса Ерусалімскія кніжнікі і фарысэі і кажуць:

2 навошта вучні Твае парушаюць звычай старцаў? бо ня ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб.

3 А Ён сказаў ім у адказ: навошта і вы парушаеце запаведзь Божую дзеля звычаю вашага?

4 Бо Бог запаведаў, сказаўшы: шануй бацьку і маці; і: хто ліхасловіць бацьку альбо маці, сьмерцю хай памрэ.

5 А вы кажаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: «дар Богу - тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся»,

6 той можа і не ўшанаваць бацьку альбо маці сваю; такім чынам вы скасавалі запаведзь Божую дзеля звычаю вашага.

7 Крывадушнікі! добра прарочыў пра вас Ісая, кажучы:

8 «Набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іхняе далёка адлягае ад Мяне;

9 але марна шануюць Мяне, навучаючы вучэньням, запаведзям чалавечым».

10 І паклікаўшы люд, сказаў яму: слухайце і разумейце:

11 ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.

12 Тады вучні Ягоныя, прыступіўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, запаняверыліся?

13 А Ён сказаў у адказ: усякая расьліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, выкараніцца,

14 пакіньце іх: яны - сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ў яму ўпадуць.

15 А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.

16 Ісус сказаў: няўжо і вы яшчэ ня маеце разуменьня?

17 ці яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у чэрава і праз кішку выходзіць?

18 а што выходзіць з вуснаў - з сэрца выходзіць; і гэта апаганьвае чалавека;

19 бо з сэрца выходзяць ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, зьнявагі:

20 гэта апаганьвае чалавека; а есьці няўмытымі рукамі - не апаганьвае чалавека.

21 І выйшаўшы адтуль, адышоў Ісус у межы Тырскія і Сідонскія.

22 І вось, жанчына Хананэянка, выйшаўшы з тых мясьцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзе, Сыне Давідаў, дачку маю цяжка мучыць дэман.

23 Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: адпусьці яе, бо крычыць за намі.

24 А Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да пагіблых авечак дому Ізраілевага.

25 А яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне.

26 А Ён сказаў у адказ: нядобра - узяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.

27 Яна ж сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх.

28 Тады Ісус сказаў ёй у адказ: жанчына! вялікая вера твая, хай станецца табе, як ты хочаш. І выздаравела яе дачка ў тую ж гадзіну.

29 Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сеў там.

30 І прыступіла да Яго мноства людзей, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, зьнявечаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Ісусавых; і Ён ацаліў іх,

31 так што людзі зьдзіўляліся, бачачы, як нямыя гавораць, зьнявечаныя здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць; і праслаўлялі Бога Ізраілевага.

32 А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці; і адпусьціць іх няеўшых не хачу, каб не аслаблі ў дарозе.

33 І кажуць Яму вучні Ягоныя: адкуль нам узяць у пустыні столькі хлябоў, каб накарміць столькі людзей?

34 І кажа ім Ісус: колькі ў вас хлябоў? А яны адказалі: сем, і трошкі рыбак.

35 І загадаў людзям узьлегчы на зямлю.

36 І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, узьнёс падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, а вучні - людзям.

37 І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных;

38 А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, акрамя жанчын і дзяцей.

39 І адпусьціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбыў у межы Магдалінскія.

 

Разьдзел 16

 

1 І падступіліся фарысэі і садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім азнаку зь неба.

2 А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе пагода, бо неба агністае;

3 і раніцай: сёньня непагадзь, бо неба агніста-хмарнае. Крывадушнікі! аблічча неба вы ўмееце адрозьніваць, а азнакаў часу ня можаце?

4 Род ліхі і пералюбны азнакі шукае, і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адышоў.

5 І перапраўляючыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў.

6 Ісус сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай.

7 Яны ж разважалі самі сабе, кажучы: хлябоў мы не ўзялі.

8 Уразумеўшы гэта, Ісус сказаў ім: што разважаеце самі сабе, малаверныя, што хлябоў не ўзялі?

9 Няўжо яшчэ не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы набралі?

10 Ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кошыкаў набралі?

11 Як не разумееце, што не пра хлябы Я сказаў вам: «сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай»?

12 Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асьцерагацца не закваскі хлебнай, а вучэньня фарысэйскага.

13 А прыйшоўшы ў межы Кесарыі Піліпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?

14 Яны сказалі: адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а тыя за Ерамію альбо за аднаго з прарокаў.

15 Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне?

16 І Сымон Пётр сказаў у адказ: Ты - Хрыстос, Сын Бога Жывога.

17 І Ісус сказаў яму ў адказ: дабрашчасны ты, Сымоне, сыне Ёнаў, бо ня плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які ёсьць у нябёсах;

18 і Я кажу табе: ты Пётр*, і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе.

19 І дам табе ключы Царства Нябеснага: і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў нябёсах; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў нябёсах.

20 Тады Ісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Хрыстос.

21 З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць ісьці ў Ерусалім і шмат выцерпець ад старэйшын і першасьвятароў і кніжнікаў, і мае быць забіты, і на трэйці дзень уваскрэснуць.

22 І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: міласэрны Ты, Госпадзе! Хай ня будзе гэтага з Табою!

23 А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзі ад Мяне, сатана! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.

24 Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною;

25 Бо хто хоча душу** сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе;

26 бо якая карысьць чалавеку, калі ён увесь сьвет здабудзе, а душу сваю змарнуе? альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?

27 Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі, і тады аддасьць кожнаму паводле спраў ягоных.

28 Праўду кажу вам: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, што не скаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён ідзе ў Царстве Сваім.

 

 

* Пётра - камень

** Жыцьцё

Разьдзел 17

 

1 І праз шэсьць дзён узяў Ісус Пятра, Якава і Яна, брата ягонага, і ўзьвёў іх на гару высокую адных,

2 і перамяніўся перад імі, і зазьзяла аблічча Ягонае, як сонца, а ўбраньне Ягонае стала белае, як сьвятло.

3 І вось, явіліся ім Майсей і Ільля, і зь Ім гутарылі.

4 Азваўшыся, Пётр сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і адзін Ільлю.

5 Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае асланіла іх; і вось, голас з воблака мовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў; Яго слухайце.

6 І пачуўшы, вучні ўпалі ніцма і вельмі перапалохаліся.

7 І прыступіўшы, Ісус дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся.

8 А ўзьвёўшы вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса.

9 І калі сыходзілі яны з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: нікому не кажэце пра бачанае, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне зь мёртвых.

10 І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мае прыйсьці раней?

11 Ісус сказаў ім у адказ: Ільля сапраўды прыйдзе раней і падрыхтуе ўсё;

12 але кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі зь ім, што хацелі; так і Сын Чалавечы мае пацярпець ад іх.

13 Тады зразумелі вучні, што Ён пра Яна Хрысьціцеля казаў ім.

14 І калі прыйшлі яны да люду, падышоў да Яго чалавек і, укленчыўшы перад Ім,

15 сказаў: Госпадзе! памілуй сына майго; ён лунатык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў вагонь і часта ў ваду;

16 я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі ацаліць яго.

17 А Ісус сказаў у адказ: о, род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі? дакуль буду трываць вас? прывядзеце яго да Мяне сюды.

18 І забараніў яму Ісус; і выйшаў зь яго дэман; і выздаравеў хлопец у тую ж хвіліну.

19 Тады вучні, прыступіўшы да Ісуса асобна, сказалі: чаму мы не маглі выгнаць яго?

20 А Ісус сказаў ім: ад няверства вашага; бо праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне і скажаце гары гэтай: «перайдзі адсюль туды», і яна пяройдзе; і нічога ня будзе немагчымага вам.

21 Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і постам.

22 У той час, як былі яны ў Галілеі, сказаў ім Ісус: аддадзены будзе Сын Чалавечы ў рукі чалавечыя,

23 і заб'юць Яго, і на трэйці дзень уваскрэсьне. І засмуціліся яны вельмі.

24 Калі ж прыйшлі яны ў Капернаум, дык падышлі зьбіральнікі дыдрахмаў* да Пятра і сказалі: Настаўнік ваш ці ня дасьць дыдрахмы?

25 Ён кажа: так. І калі ўвайшоў ён у дом, дык Ісус, папярэдзіўшы яго, сказаў: як табе здаецца, Сымоне? цары зямныя з каго бяруць мыта ці падатак? ці з сыноў сваіх, ці з чужых?

26 Кажа Яму Пётр: з чужых. Сказаў яму Ісус: значыцца, сыны свабодныя;

27 але каб нам не спакусіць іх, ідзі на мора, закінь вуду, і першую рыбіну, якая зловіцца, вазьмі; і, адкрыўшы рот ёй, знойдзеш статыр**; вазьмі яго і дай за Мяне і за сябе.

 

 

* Дыдрахма - дзьве драхмы - пэўная даніна на храм

** Статыр - чатыры драхмы

Разьдзел 18

 

1 У той час прыступілі вучні да Ісуса, кажучы: хто ж большы ў Царстве Нябесным?

2 І паклікаўшы дзіця, Ісус паставіў яго сярод іх

3 і сказаў: праўду кажу вам, калі не навернецеся і ня будзеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае;

4 дык вось, хто ўпакорыцца, як гэтае дзіця, той большы ў Царстве Нябесным;

5 і хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае;

6 а хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі жарон млынскі на шыю яго і ўтапілі яго ў глыбіні марской.

7 Гора сьвету ад спакусаў, бо павінны прыйсьці спакусы; але гора таму чалавеку, празь якога спакусы прыходзяць.

8 Калі ж рука твая, альбо нага твая спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі альбо без нагі, чым зь дзьвюма рукамі і дзьвюма нагамі быць укінутым у вагонь вечны;

9 і калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе з адным вокам ў жыцьцё ўвайсьці, чым з двума вачыма быць укінутым у геену вогненную.

10 Глядзеце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых; бо кажу вам, што анёлы іх на нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага.

11 Бо прыйшоў Сын Чалавечы вышукаць і выратаваць пагіблае.

12 Як вам здаецца? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак і заблудзілася адна зь іх; ці не пакіне ён дзевяноста дзевяцёх ў горах і ці ня пойдзе тую шукаць, што заблудзілася?

13 і калі дасца знайсьці яе, дык, праўду кажу вам, ён радуецца за яе болей, чым за дзевяноста дзевяць, што не заблудзіліся.

14 Так няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых.

15 А калі згрэшыць супроць цябе брат твой, ідзі і выкрый яго паміж табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, дык здабыў ты брата твайго;

16 калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух, каб вуснамі двух альбо трох сьведкаў пацьвердзілася кожнае слова;

17 калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве; а калі і царквы не паслухаецца, дык няхай будзе ён табе, як язычнік і мытнік.

18 Праўду кажу вам: што вы зьвяжаце на зямлі, тое будзе зьвязана на небе; і што разьвяжаце на зямлі, тое будзе разьвязана на небе.

19 Праўду таксама кажу вам, што калі двое з вас пагодзяцца на зямлі прасіць за любую справу, дык чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах;

20 бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх.

21 Тады прыступіў Пётр і сказаў Яму: Госпадзе! колькі разоў дараваць брату майму, які грэшыць супроць мяне? ці да сямі разоў?

22 Кажа яму Ісус: не кажу табе: «да сямі», а да сямі разоў па семьдзесят.

23 Таму Царства Нябеснае падобнае на цара, які захацеў зрахавацца з рабамі сваімі.

24 Калі ён пачаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, хто быў вінен яму дзесяць тысяч талянтаў;

25 а як ён ня меў, чым заплаціць, дык уладар ягоны загадаў прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць.

26 Тады раб той упаў і, кланяючыся яму, казаў: «уладару! пацярпі на мне, і ўсё табе заплачу».

27 Уладар, зьлітаваўшыся з раба таго, адпусьціў яго і доўг дараваў яму.

28 А раб той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з субратоў сваіх, які вінен яму быў сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: «аддай мне, што вінен».

29 Тады субрат ягоны ўпаў да ног яму, умольваў яго і казаў: «пацярпі на мне, і ўсё аддам табе».

30 Але той не схацеў, а пайшоў і ўвязьніў яго ў цямніцу, пакуль не аддасьць доўгу.

31 Субраты ягоныя, убачыўшы тое, засмуціліся вельмі, і прыйшоўшы расказалі ўладару свайму пра ўсё, што было.

32 Тады ўладар ягоны заклікае яго і кажа: «ліхі раб, увесь доўг той я дараваў табе, бо ўпрасіў ты мяне;

33 ці ня варта было і табе памілаваць субрата твайго, як і я цябе памілаваў?».

34 І, угневаўшыся, уладар ягоны аддаў яго кбтам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу свайго.

35 Так і Айцец Мой Нябесны зробіць з вамі, калі не даруеце кожны брату свайму ад сэрца свайго правінаў ягоных.

 

Разьдзел 19

 

1 І сталася, калі Ісус закончыў словы гэтыя, дык выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія, па той бок Ярдана.

2 За Ім сьледам пайшло шмат людзей, і Ён ацаліў іх там.

3 І падступіліся да Яго фарысэі і, спакушаючы Яго, казалі Яму: ці з усякай прычыны дазволена чалавеку разводзіцца з жонкай сваёю?

4 Ён сказаў ім у адказ: ці ня чыталі вы, што Творца спачатку стварыў іх мужчынаю і жанчынаю?

5 І сказаў: таму пакіне чалавек бацьку і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое плоцьцю адною,

6 так што яны ўжо ня двое, а адна плоць. Значыцца, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.

7 Яны кажуць Яму: як жа Майсей запаведаў даваць разводны ліст і разводзіцца зь ёю?

8 Ён кажа ім: Майсей, з прычыны жорсткага сэрца вашага, дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі; а спачатку ня было так.

9 Але Я кажу вам: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю не за распусту і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб; і хто ажэніцца з разьведзенай, пералюб чыніць.

10 Кажуць Яму вучні Ягоныя: калі такі абавязак чалавека перад жонкаю, дык лепш не жаніцца.

11 А Ён сказаў ім: ня ўсе разумеюць слова гэтае, а каму дадзена,

12 бо ёсьць скапцы, якія з лона матчынага нарадзіліся так; і ёсьць скапцы, якія выпакладаны людзьмі; і ёсьць скапцы, якія зрабілі самі сябе скапцамі дзеля Царства Нябеснага. Хто можа ўцяміць, няхай уцяміць.

13 Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім.

14 Але Ісус сказаў: пусьцеце дзяцей і не заважайце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Царства Нябеснае.

15 І ўсклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.

16 І вось, адзін нейкі, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік Добры! што зрабіць мне добрага, каб мець жыцьцё вечнае?

17 А Ён сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё вечнае, трымайся запаведзяў.

18 Кажа Яму: якіх? А Ісус сказаў: не забівай; ня чыні пералюбу; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва;

19 шануй бацьку і маці; і: любі блізкага твайго, як самога сябе.

20 Кажа Яму юнак: усё гэта захаваў я зь юнацтва майго: чаго яшчэ не хапае мне?

21 Сказаў яму Ісус: калі хочаш дасканалым быць, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім; і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною.

22 Пачуўшы слова гэтае, юнак адышоў замаркочаны, бо ў яго была вялікая маёмасьць.

23 А Ісус сказаў вучням Сваім: праўду кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсьці ў Царства Нябеснае;

24 і яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці празь ігольныя вушкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.

25 Пачуўшы гэта, вучні Ягоныя вельмі зьдзівіліся і сказалі: дык хто ж можа ўратавацца?

26 А Ісус паглядзеў і сказаў ім: людзям гэта немагчыма, а Богу ўсё магчыма.

27 Тады Пётр, адказваючы, сказаў Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою; што ж будзе нам?

28 А Ісус сказаў ім: праўду кажу вам, што вы, хто пайшоў сьледам за Мною, - у новым жыцьці, калі сядзе Сын Чалавечы на троне славы Сваёй, сядзеце і вы на дванаццаці тронах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых;

29 і кожны, хто пакіне дамы, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля імя Майго, атрымае ў сто разоў больш і ўспадкуе жыцьцё вечнае.

30 А многія першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.

 

Разьдзел 20

 

1 Бо Царства Нябеснае падобнае на гаспадара дома, які выйшаў на досьвітку наняць работнікаў у вінаграднік свой.

2 І, згадзіўшы работніка па дынары ў дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.

3 І выйшаўшы каля трэйцяй гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы,

4 і ім сказаў: ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, дам вам. Яны пайшлі.

5 Зноў выйшаўшы каля шостай і дзявятай гадзіны, зрабіў тое самае.

6 А, выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: што вы тут стаіце цэлы дзень бяз працы?

7 Яны кажуць яму: ніхто не наняў нас. Ён кажа ім: ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, атрымаеце.

8 А калі зьвечарэла, кажа гаспадар вінаградніка наглядчыку свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых.

9 І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары.

10 Тыя, што прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць; але атрымалі і яны па дынары.

11 І атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дома

12 і казалі: гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, і ты зраўняў іх з намі, а мы ж перанесьлі цяготу дня і сьпёку.

13 А ён у адказ сказаў аднаму зь іх: дружа! я ня крыўджу цябе; ці ж не за дынар ты дамовіўся са мною?

14 вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць што і табе;

15 хіба я ня маю ўлады рабіць што хачу ў сваім? ці вока тваё зайздросьлівае ад таго, што я добры?

16 Так будуць апошнія першымі, і першыя апошнімі; бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.

17 І, уваходзячы ў Ерусалім, Ісус адвёў дванаццацёх вучняў асобна і дарогаю сказаў ім:

18 вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы, выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць;

19 і выдадуць Яго язычнікам на ганьбаваньне і біцьцё і крыжаваньне; і на трэйці дзень уваскрэсьне.

20 Тады прыступіла да Яго маці сыноў Зевядзеевых з сынамі сваімі, кланяючыся і чагосьці просячы ў Яго.

21 Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб селі гэтыя два сыны мае адзін праваруч, а другі леваруч ад Цябе ў Царстве Тваім.

22 Ісус сказаў у адказ: ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я буду піць, альбо хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, хрысьціцца? Яны кажуць Яму: можам.

23 І кажа ім: чару Маю будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца; але даць сесьці ў Мяне праваруч і леваруч не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана Айцом Маім.

24 Пачуўшы гэта, дзесяцёра вучняў абурыліся на двух братоў.

25 Ісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і вяльможы валадараць над імі.

26 Але ня так хай будзе паміж вамі: а хто хоча між вамі большым быць, хай будзе вам слугою;

27 і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе вам рабом;

28 бо Сын Чалавечы ня прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.

29 І калі выходзілі яны зь Ерыхона, за Ім сьледам ішло мноства людзей.

30 І вось, двое сьляпых, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус ідзе міма, пачалі крычаць: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў!

31 А людзі змушалі іх маўчаць; але яны яшчэ галасьней закрычалі: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў!

32 Ісус, спыніўшыся, паклікаў іх і сказаў: што вы хочаце, каб Я зрабіў вам?

33 Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адкрыліся вочы нашыя.

34 Ісус жа, умілажаліўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх; і адразу вочы іх пачалі бачыць, і яны пайшлі за Ім.

 

Разьдзел 21

 

1 І калі наблізіліся да Ерусаліма і прыйшлі ў Віфагію да гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў,

2 сказаўшы ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і маладога асла зь ёю; адвязаўшы, прывядзеце да Мяне.

3 І калі вам хто скажа што-небудзь, адказвайце, што яны патрэбныя Госпаду; і адразу пашле іх.

4 А ўсё гэта было, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць:

5 «скажэце дачцэ Сыёнавай: вось, Цар твой ідзе да цябе лагодны, седзячы на асьліцы і маладым асьле, сыне пад'ярэмнай».

6 Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Ісус,

7 прывялі асьліцу і маладога асла і паклалі на іх вопратку сваю, і Ён сеў паверх яе.

8 Мноства людзей пасьцілалі вопратку сваю на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэў і пасьцілалі на дарозе;

9 а люд, які ішоў сьпераду і сьледам, усклікаў: асанна* Сыну Давідаваму! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе! Асанна ў вышынях!

10 І калі ўвайшоў Ён у Ерусалім, увесь горад узрушыўся і пыталіся і казалі: хто гэта?

11 А люд казаў: Гэта Ісус, Прарок з Назарэта Галілейскага.

12 І ўвайшоў Ісус у храм Божы і выгнаў усіх тых, што прадавалі і куплялі ў храме, і сталы мяняйлаў перакуліў і ўслоны прадаўцоў галубоў,

13 і сказаў ім: напісана: «дом Мой домам малітвы назавецца»; а вы зрабілі зь яго логава разбойнікаў.

14 І прыступілі да Яго ў храме сьляпыя і кульгавыя, і Ён ацаліў іх.

15 А першасьвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія ўсклікалі ў храме і казалі: «асанна Сыну Давідаваму», абурыліся.

16 і сказалі Яму: ці чуеш, што яны кажуць? А Ісус кажа ім: так! хіба вы ніколі ня чыталі: «з вуснаў дзетак і немаўлят Ты ўчыніў хвалу?».

17 І пакінуўшы іх, выйшаў з горада ў Віфанію і правёў там ноч.

18 А раніцай, вяртаючыся ў горад, схацеў есьці.

19 І, угледзеўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падышоў да яе і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лісьця, кажа ёй: хай ня будзе больш ад цябе плоду вавек. І адразу ўсохла смакоўніца.

20 Убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся і казалі: як гэта адразу ўсохла смакоўніца?

21 А Ісус сказаў ім у адказ: праўду кажу вам: калі будзеце мець веру і не спаняверыцеся, ня толькі зробіце тое, што зроблена са смакоўніцай, але, калі і гары гэтай скажаце: «падыміся і кінься ў мора», - будзе;

22 і ўсё, чаго ні папросіце ў малітве зь вераю, атрымаеце.

23 І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, падступіліся да Яго першасьвятары і старэйшыны народу і сказалі: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў такую ўладу?

24 Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно; калі пра тое скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.

25 Хрышчэньне Янава адкуль было: зь нябёсаў, ці ад людзей? яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам: «зь нябёсаў», дык Ён скажа нам: «чаму ж вы не паверылі яму?»,

26 а калі скажам: «ад людзей», - баімося народу, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока.

27 І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Сказаў ім Ён: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю.

28 А як вам здаецца? У аднаго чалавека было два сыны; і ён, падышоўшы да першага, сказаў: сыне! ідзі, сёньня працуй у вінаградніку маім.

29 Але ён сказаў у адказ: «не хачу», а пасьля, раскаяўшыся, пайшоў.

30 І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэты сказаў у адказ: «іду, гаспадар». І не пайшоў.

31 Каторы з двух выканаў бацькаву волю? Кажуць Яму: першы. Кажа ім Ісус: праўду кажу вам, што мытнікі і распусьніцы паперад вамі ідуць у Царства Божае.

32 Бо прыйшоў да вас Ян шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусьніца паверылі яму; вы ж, і бачыўшы гэта, не раскаяліся пасьля, каб паверыць яму.

33 Выслухайце іншую прытчу. Быў адзін гаспадар дома, які насадзіў вінаграднік: і мурам абгарадзіў яго, і выкапаў у ім чавільню і збудаваў вежу, і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся.

34 А калі надышоў час пладоў, ён паслаў сваіх слуг да вінаградараў узяць плады свае.

35 Вінаградары, схапіўшы слуг ягоных, каго набілі, каго забілі, а каго каменьнем пабілі.

36 Зноў паслаў ён іншых слуг, больш чым раней; і зь імі ўчынілі тое самае.

37 Нарэшце паслаў ён да іх сына свайго, кажучы: пасаромеюцца сына майго.

38 Але вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемца; хадзем, заб'ем яго і завалодаем спадчынай ягонай:

39 І схапіўшы яго, вывелі вонкі зь вінаградніка і забілі.

40 І вось, калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?

41 Кажуць яму: ліхадзеяў гэтых аддасьць на лютую сьмерць, а вінаграднік аддасьць іншым вінаградарам, якія аддаваць будуць яму плады ў свой час.

42 Ісус кажа ім: няўжо вы ніколі ня чыталі ў Пісаньні: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім: гэта - ад Госпада, і ёсьць дзіўна ў вачах нашых»?

43 Таму кажу вам, што адымецца ад вас Царства Божае, і дадзена будзе народу, які прыносіць плады ягоныя.

44 І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.

45 І чуючы прытчы Ягоныя, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што Ён пра іх гаворыць;

46 і памыкаліся схапіць Яго; але пабаяліся люду, бо Яго ўважалі за прарока.

 

 

* Асанна - выратаваньне

Разьдзел 22

 

1 І ў адказ Ісус зноў прамовіў да іх у прытчах, кажучы:

2 падобнае Царства Нябеснае на чалавека-цара, які справіў вясельле сыну свайму

3 і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вясельле; і не хацелі прыйсьці.

4 Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы: скажэце запрошаным: «вось я прыгатаваў абед мой, цяляты мае і што ўкормлена, заколата, і ўсё гатова; прыходзьце на вясельле».

5 Але яны, ня даўшы ўвагі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго.

6 Астатнія ж, схапіўшы рабоў ягоных, зьняважылі і забілі іх.

7 І пачуўшы, цар той угневаўся, і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў.

8 Тады кажа ён рабам сваім: вясельле гатова, а запрошаныя ня былі вартыя.

9 Дык вось, ідзеце на ростані і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вясельле.

10 І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, і благіх і добрых; і напоўнілася вясельле бяседнікамі.

11 Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі,

12 і кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях? А той маўчаў.

13 Тады сказаў цар слугам: зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьмеце яго і выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў;

14 бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.

15 Тады фарысэі пайшлі і дамаўляліся, як падлавіць Яго на слове.

16 І пасылаюць да Яго вучняў сваіх зь ірадыянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш на абліччы;

17 дык вось скажы нам: як Табе здаецца? ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?

18 Але Ісус, убачыўшы зламыснасьць іхнюю, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі?

19 пакажэце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны прынесьлі Яму дынар.

20 І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?

21 І кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.

22 Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і пакінуўшы Яго, пайшлі.

23 У той дзень падступіліся да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсеньня, і спыталіся ў Яго:

24 Настаўнік! Майсей сказаў: «калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, хай возьме брат ягоны жонку ягоную і адродзіць семя брату свайму».

25 Было ў нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы дзяцей, пакінуў жонку сваю брату свайму;

26 гэтак сама і другі, і трэйці, нават да сёмага;

27 а пасьля ўсіх памерла і жонка.

28 Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь сямёх будзе яна за жонку? бо ўсе мелі яе?

29 Ісус сказаў ім у адказ: памыляецеся, ня ведаючы Пісаньняў, ні сілы Божай;

30 бо ва ўваскрэсеньні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, а жывуць, як анёлы Божыя на нябёсах.

31 А пра ўваскрэсеньне мёртвых ці ня чыталі вы сказанага вам Богам:

32 «Я Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якава»? Бог ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых».

33 І пачуўшы, люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага.

34 А фарысэі, пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчаньне, сабраліся разам.

35 І спытаўся адзін зь іх, законьнік, спакушаючы Яго і кажучы:

36 Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе?

37 Ісус жа сказаў яму: «палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім»;

38 гэта найбольшая і першая запаведзь;

39 а другая падобная да яе: «палюбі блізкага твайго, як самога сябе»;

40 на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.

41 Калі ж сабраліся фарысэі, спытаўся ў іх Ісус:

42 што вы думаеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.

43 Кажа ім: як жа Давід, з натхненьня, Госпадам Яго называе, калі кажа:

44 «Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх»?

45 Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён сын яму?

46 І ніхто ня мог адказаць Яму ні слова; і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго.

 

Разьдзел 23

 

1 Тады Ісус прамовіў да люду і вучняў Сваіх,

2 кажучы: на Майсеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысэі;

3 дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, рабеце і захоўвайце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабеце, бо яны гавораць, і ня робяць:

4 зьвязваюць цяжары важкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі ня хочуць і пальцам зрушыць іх;

5 а ўсе справы свае робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філактэрыі* свае ды павялічваюць кутасы на адзеньні сваім;

6 а таксама любяць узьляжаць наперадзе на гасьцінах, і наперадзе сядзець у сынагогах,

7 і вітаньні на плошчах, і каб людзі клікалі іх: «Настаўнік! настаўнік!»

8 А вы не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік - Хрыстос, а ўсе вы - браты;

9 і айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах;

10 і не называйцеся правадырамі, бо адзін у вас Правадыр - Хрыстос.

11 Большы з вас хай будзе вам слуга:

12 бо хто ўзвышае сябе, той паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, той узвысіцца.

13 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябеснае перад людзьмі; бо самі не ўваходзіце, і тых, што ўваходзяць, ня пускаеце ўвайсьці.

14 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што паядаеце дамы ўдоваў і напаказ доўга моліцеся: за тое прымеце тым большую асуду.

15 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што праходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго нававерца; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геены, двойчы горшым за вас.

16 Гора вам, павадыры сьляпыя, што кажаце: «калі хто прысягне храмам, дык нічога; а калі прысягне золатам храма, дык вінаваты».

17 Неразумныя і сьляпыя! што большае: золата, ці храм, які асьвячае золата?

18 і: «калі хто прысягне ахвярнікам, дык нічога; а калі прысягне дарам, які на ім, дык вінаваты».

19 Неразумныя і сьляпыя! што большае: дар, ці ахвярнік, які асьвячае дар?

20 Дык вось, хто прысягне ахвярнікам, прысягае ім і ўсім, што на ім;

21 і той, што прысягае храмам, прысягае ім і Тым, Хто жыве ў ім;

22 і той, хто прысягае небам, прысягае тронам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.

23 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даяце дзесяціну зь мяты, анісу і кмену, і адкінулі важнейшае ў законе: суд, міласьць і веру; гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.

24 Павадыры сьляпыя, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце!

25 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце зьнешнасьць кубка і місы, а ўсярэдзіне яны поўныя пахапнасьці і няпраўды.

26 Фарысэй сьляпы! ачысьці сьпярша сярэдзіну кубка і місы, каб чыстая была і зьнешнасьць іхняя.

27 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што прыпадабняецеся да павапленых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касьцей мёртвых і ўсякага бруду;

28 так і вы зьнешне здаяцеся людзям праведнымі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасьці і беззаконьня.

29 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што будуеце магільніцы прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам.

30 і кажаце: «калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, дык ня былі б саўдзельнікамі іхнімі ў праліваньні крыві прарокаў»;

31 тым самым вы самі сьведчыце супроць сябе, што вы сыны тых, якія забілі прарокаў;

32 дапаўняйце ж меру бацькоў вашых.

33 Зьмеі, выродзьдзе яхідніна! як унікнеце вы асуджэньня ў геену?

34 Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; і некаторых зь іх вы заб'яце і ўкрыжуеце, а некаторых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць з горада ў горад;

35 каб апала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам.

36 Праўду кажу вам: усё гэта ападзе на род гэты.

37 Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і каменьнем пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі!

38 Вось, застаецца вам дом ваш пусты.

39 Бо кажу вам: ня ўбачыце Мяне ад сёньня, пакуль ня ўсклікнеце: «дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!».

 

 

* Філактэрыі - павязкі на лобе і на руках з словамі закона

Разьдзел 24

 

1 І выйшаўшы, Ісус ішоў ад храма. І прыступілі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будынкі храма.

2 Ён жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застанецца тут каменя на камені; усё будзе разбурана.

3 Калі ж сядзеў Ён на гары Аліўнай, дык прыступілі да Яго вучні асобна, кажучы: скажы нам, калі гэта будзе? і якая азнака Твайго прыходу і сканчэньня веку?

4 І ў адказ Ісус сказаў ім: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман;

5 бо многія прыйдуць пад імем Маім і будуць казаць: «я Хрыстос», - і многіх увядуць у зман.

6 Таксама пачуеце пра войны і ваенныя чуткі. Глядзеце, не жахайцеся; бо павінна ўсё тое быць. Але гэта яшчэ не канец:

7 бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будзе голад і пошасьці, і землятрусы месцамі.

8 А ўсё гэта - болесны пачатак.

9 Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас; і вы будзеце зьненавіджаныя ўсімі народамі за імя Маё.

10 І тады спакусяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць, і зьненавідзяць адзін аднаго;

11 і многія ілжэпрарокі паўстануць і ўвядуць у зман многіх;

12 і ад памнажэньня беззаконьня ахалоне любоў у многіх;

13 а хто выцерпіць да канца, уратуецца.

14 І абвешчана будзе гэтае Дабравесьце Царства па ўсім сьвеце, на сьведчаньне ўсім народам; і тады прыйдзе канец.

15 Дык вось, калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане на сьвятым месцы, - хто чытае, хай разумее, -

16 тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;

17 і хто на даху, той хай ня сыходзіць узяць што-небудзь з дома свайго;

18 і хто ў полі, той хай не вяртаецца назад, каб узяць вопратку сваю.

19 Гора ж цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні!

20 Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашы зімою, альбо ў суботу;

21 бо тады будзе вялікі смутак, якога ня было ад пачатку сьвету да сёньня, і ня будзе.

22 І калі б не скараціліся тыя дні, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.

23 Тады калі хто скажа вам: «вось, тут Хрыстос», альбо «там», - ня верце;

24 бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі і дадуць азнакі і вялікія цуды, каб увесьці ў зман, калі ўдасца, і выбраных.

25 Вось, Я наперад сказаў вам.

26 Значыцца, калі скажуць вам: «вось Ён у пустыні», - ня выходзьце; «вось, Ён у патайных пакоях», - ня верце;

27 бо, як маланка бліскае з усходу і відна бывае аж да захаду, такі будзе прыход Сына Чалавечага;

28 бо дзе будзе труп, там зьбяруцца арлы.

29 І раптам, пасьля смутку дзён тых, сонца памеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца;

30 і тады зьявіцца азнака Сына Чалавечага на небе; і тады заплачуць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках нябесных зь сілаю і славаю вялікай;

31 і пашле анёлаў Сваіх з трубою громагучнаю, і зьбяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў да краю іх.

32 Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле яе ўжо мякчэе і пускае лісьце, ведаеце, што блізка лета;

33 так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзьвярах.

34 Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе;

35 неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць;

36 а пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ні анёлы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін;

37 але як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага,

38 бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,

39 і не разумелі, пакуль ня прыйшоў патоп і не забраў усіх, - так будзе і прыход Сына Чалавечага;

40 тады будуць двое на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца;

41 дзьве будуць малоць у жорнах: адна возьмецца, а другая пакінецца.

42 Дык чувайце ж, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Гасподзь ваш прыйдзе.

43 Але гэта вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і ня даў бы падкапаць дома свайго.

44 Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў якую гадзіну ня думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.

45 Хто ж верны і разумны раб, якога гаспадар ягоны паставіў над слугамі сваімі, каб даваў ім ежу ў свой час?

46 Дабрашчасны той раб, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы застане, што робіць так;

47 праўду кажу вам, што над усім маёнткам сваім паставіць яго.

48 А калі скажа ліхі раб той ў сэрцы сваім: «ня хутка прыйдзе гаспадар мой»,

49 і пачне біць субратоў сваіх, і есьці і піць з п'яніцамі, -

50 дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае,

51 і разатне яго напалам, і вызначыць яму аднолькавую долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгат зубоў.

 

Разьдзел 25

 

1 Тады ўпадобніцца Царства Нябеснае дзесяцём дзевам, якія, узяўшы сьвяцільні свае, выйшлі сустрэць маладога.

2 пяць зь іх было неразумных і пяць мудрых;

3 неразумныя, узяўшы сьвяцільні свае, не ўзялі з сабою алею;

4 а мудрыя ўзялі алею ў пасудзінах разам зь сьвяцільнямі сваімі;

5 і калі малады замарудзіўся, дык задрамалі ўсе і паснулі.

6 Але апоўначы крык пачуўся: «вось, малады ідзе, выходзьце на сустрэчу яму».

7 Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі сьвяцільні свае.

8 А неразумныя мудрым сказалі: «дайце нам алею вашага, бо сьвяцільні нашыя гаснуць».

9 А мудрыя сказалі ў адказ: «каб ня сталася недахопу і ў нас і ў вас, ідзеце лепей да прадаўцоў і купеце сабе».

10 Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў малады, і гатовыя ўвайшлі зь ім на вясельле, і зачыніліся дзьверы.

11 Пасьля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: «спадару! спадару! адчыні нам».

12 Ён жа сказаў ім у адказ: «праўду кажу вам: ня ведаю вас».

13 Дык вось, чувайце; бо ня ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.

14 Гэтак і чалавек нейкі, адыходзячы, заклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасьць сваю:

15 і аднаму даў пяць талянтаў, другому два, таму адзін, кожнаму паводле ягонай сілы; і адразу адышоў.

16 Той, хто атрымаў пяць талянтаў, пайшоў: ужыў іх у справу і набыў другія пяць;

17 гэтак сама і той з двума набыў другія два;

18 а той, хто атрымаў адзін талянт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю і схаваў серабро гаспадара свайго.

19 Па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў тых і зводзіць зь імі рахунак.

20 І той, хто атрымаў пяць талянтаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талянтаў і кажа: «Гаспадар! пяць талянтаў ты даў мне; вось, другія пяць талянтаў я набыў на іх».

21 Сказаў жа яму гаспадар ягоны: «добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго».

22 Падышоў таксама і той, што атрымаў два талянты, і сказаў: «гаспадар! два талянты ты даў мне; вось, другія два талянты набыў я на іх».

23 Сказаў жа яму гаспадар ягоны: «добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго».

24 Падышоў і той, што атрымаў адзін талянт, і сказаў: «гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі, жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпбў;

25 і пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі; вось табе тваё».

26 Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: «ліхі раб і гультай! ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпбў;

27 таму трэба было табе аддаць серабро маё гандлярам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам.

28 Дык вось вазьмеце ў яго талянт і дайце таму, хто мае дзесяць талянтаў,

29 бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае;

30 а нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў». (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!).

31 Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя анёлы зь Ім, тады сядзе на троне славы Сваёй,

32 і зьбяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;

33 і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў - леваруч.

34 Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: «Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету:

35 бо быў галодны Я, і вы далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне;

36 быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.

37 Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: «Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасьмяглага і напаілі?

38 калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі?

39 калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?».

40 І Цар скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне».

41 Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: «ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, угатаваны д'яблу і анёлам ягоным:

42 бо быў галодны Я, вы не далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы не напаілі Мяне;

43 быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне».

44 Тады і яны скажуць яму ў адказ: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасьмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?»

45 Тады скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне».

46 І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.

 

Разьдзел 26

 

1 І сталася: калі прамовіў Ісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім:

2 вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выданы будзе на крыжаваньне.

3 Тады сабраліся першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу ў двор першасьвятара, якога звалі Каяфа,

4 і дамовіліся ўзяць Ісуса хітрасьцю і забіць;

5 але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе.

6 Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага,

7 прыступіла да Яго жанчына з алавастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага і ліла яму на галаву, калі Ён узьляжаў за сталом.

8 Убачыўшы, вучні Ягоныя абурыліся і казалі: навошта такое марнатраўства?

9 бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім.

10 Але Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне;

11 бо заўсёды ўбогіх вы маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце;

12 бо, выліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахаваньня;

13 праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна.

14 Тады адзін з дванаццацёх, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў

15 і сказаў: што вы дасьце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў;

16 і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.

17 У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Ісуса і сказалі яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есьці пасху?

18 Ён жа сказаў: ідзеце ў горад да такога і такога і скажэце яму: «Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі».

19 І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху.

20 Калі ж зьвечарэла, Ён узьлёг з дванаццацьцю вучнямі;

21 І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.

22 Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны зь іх: ці ня я, Госпадзе?

23 А Ён сказаў у адказ: хто апусьціў са Мною руку ў місу, той выдасьць Мяне;

24 зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б чалавеку гэтаму не радзіцца.

25 У адказ жа Юда, які выдаў Яго, сказаў: ці ня я, Равьві? Ісус кажа яму: ты сказаў.

26 А калі яны елі: Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: прымеце, ежце: гэта Цела Маё.

27 І ўзяўшы чару, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: пеце зь яе ўсе;

28 бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў.

29 Кажу ж вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.

30 І засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.

31 Тады кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі».

32 А пасьля ўваскрэсеньня Майго сустрэну вас у Галілеі.

33 У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца ў Табе, я не запаняверуся.

34 Сказаў яму Ісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.

35 Кажа Яму Пётр: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.

36 Потым прыходзіць зь імі Ісус у мясьціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзеце тут, пакуль Я пайду, памалюся там.

37 І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца.

38 Тады кажа ім Ісус: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною.

39 І адышоўшы крыху, упаў на аблічча Сваё, маліўся і казаў: Войча Мой! калі магчыма, хай абміне Мяне чара гэтая: але не як Я хачу, а як Ты.

40 І прыходзіць да вучняў і застае, што яны сьпяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну чуваць са Мною?

41 чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.

42 Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Войча Мой! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, хай будзе воля Твая.

43 І прыйшоўшы, застаў, што зноў яны сьпяць, бо ў іх вочы ацяжэлі.

44 І пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэйці раз, тое самае слова сказаўшы.

45 Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсе яшчэ сьпіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў;

46 устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто прадае Мяне.

47 І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Юда, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і старэйшын народных.

48 А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць, вазьмеце Яго.

49 І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равьві! І пацалаваў Яго.

50 Ісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі, і паклалі рукі на Ісуса, і ўзялі Яго.

51 І вось, адзін з тых, што былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасьвятаровага, адсек яму вуха.

52 Тады кажа яму Ісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, што возьмуць меч, ад мяча і загінуць;

53 альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасьць Мне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?

54 як жа збудуцца Пісаньні, што так павінна быць?

55 У тую гадзіну сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы ня бралі Мяне.

56 А ўсё гэта было, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.

57 А тыя, што ўзялі Ісуса, завялі Яго да Каяфы першасьвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны.

58 А Пётр ішоў сьледам за Ім зводдаль, да двара першасьвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец.

59 Першасьвятары і старэйшыны і ўвесь сынедрыён шукалі ілжывага сьведчаньня супроць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць;

60 і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сьведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжывыя сьведкі

61 і сказалі: Ён казаў: «магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго».

62 І ўстаўшы, першасьвятар сказаў Яму: чаму нічога не адказваеш, што яны супроць Цябе сьведчаць?

63 А Ісус маўчаў. І першасьвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?

64 Кажа яму Ісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёньня ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.

65 Тады першасьвятар разадраў адзеньне сваё і сказаў: Ён блюзьнерыць. Навошта яшчэ нам сьведкі? Вось, вы чулі блюзьнерства Ягонае!

66 Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты сьмерці.

67 Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках.

68 і казалі: скажы нам, Хрысьце, хто ўдарыў Цябе?

69 А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў зь Ісусам Галілеянінам.

70 Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: ня ведаю, што ты кажаш.

71 А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў зь Ісусам Назарэем.

72 І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я ня ведаю Гэтага Чалавека.

73 Крыху пазьней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты зь іх, бо і гаворка твая выдае цябе.

74 Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я ня ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа засьпяваў певень.

75 І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Ісусам: перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.

 

Разьдзел 27

 

1 Калі ж настала раніца, зрабілі нараду ўсе першасьвятары і старэйшыны народу супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць:

2 і зьвязаўшы Яго, завялі і перадалі яго Понцію Пілату, намесьніку.

3 Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што засудзілі Яго, і раскаяўшыся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасьвятарам і старэйшынам,

4 кажучы: зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? глядзі сам.

5 І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і пайшоўшы, павесіўся.

6 Першасьвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: не дазваляецца класьці іх у храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві.

7 І зрабіўшы нараду, купілі на іх поле ганчара для пахаваньня чужынцаў;

8 таму і называецца поле тое «полем крыві» па сёньняшні дзень;

9 тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: і ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевыя,

10 і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь.

11 Ісус жа стаў перад намесьнікам. І спытаўся ў Яго намесьнік, кажучы: Ты Цар Юдэйскі? А Ісус сказаў яму: ты кажаш.

12 І калі вінавацілі Яго першасьвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.

13 Тады кажа Яму Пілат: ці ня чуеш, колькі сьведчаць супроць Цябе?

14 І не адказваў яму на ніводнае слова, так што намесьнік вельмі зьдзіўляўся.

15 А на сьвята намесьнік меў звычай выпускаць народу аднаго вязьня, якога б хацелі.

16 Быў тады ў іх вядомы вязень, званы Варава.

17 І вось, як сабраліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я выпусьціў вам: Вараву ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?

18 Бо ведаў, што з зайздрасьці выдалі Яго.

19 Тым часам, як сядзеў ён на судовым месцы, жонка ягоная паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёньня ў сьне шмат адцярпела за Яго.

20 Але першасьвятары і старэйшыны падбухторылі люд прасіць Вараву, а Ісуса загубіць.

21 Тады намесьнік сказаў у адказ: каго хочаце з двух, каб я выпусьціў вам? Яны сказалі: Вараву.

22 Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць зь Ісусам, Якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: хай будзе ўкрыжаваны!

23 А намесьнік сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: хай будзе ўкрыжаваны!

24 Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расьце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзеце самі.

25 І, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых.

26 Тады выпусьціў ім Вараву, а Ісуса, біўшы, аддаў на крыжаваньне.

27 Тады воіны намесьнікавы, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго цэлы полк,

28 і разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго пурпуру;

29 і, сплёўшы вянок зь цёрну, усклалі на галаву Яму і далі Яму ў правую руку кій, і, укленчыўшы перад Ім, кпілі зь Яго, кажучы: радуйся, Цар Юдэйскі!

30 і плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі па галаве Яго.

31 І калі назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру і апранулі Яго ў адзежу Ягоную, і павялі Яго на крыжаваньне.

32 Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірынеяніна, імем Сымон: яго і прымусілі несьці крыж Ягоны.

33 І прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае «месца чарапоў»,

34 далі Яму піць воцату, зьмяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, не хацеў піць.

35 Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя;

36 і, седзячы, вартавалі Яго там;

37 і зьмясьцілі над галавою Ягонай надпіс зь віною Яго: Гэты ёсьць Ісус, Цар Юдэйскі.

38 Тады ўкрыжавалі зь Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы.

39 А тыя, што міма праходзілі, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі

40 і кажучы: Ты, што разбураеш храм і за тры дні будуеш! уратуй Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыйдзі з крыжа.

41 Падобна і першасьвятары з кніжнікамі і старэйшынамі і фарысэямі, насьміхаючыся, казалі:

42 іншых ратаваў, а Самога Сябе ня можа ўратаваць. Калі Ён Цар Ізраілеў, хай цяпер сыйдзе з крыжа, і ўверуем у Яго;

43 спадзяваўся на Бога: хай цяпер выбавіць Яго, калі Ён угодны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.

44 Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя зь Ім, зьневажалі Яго.

45 Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай.

46 а каля дзявятай гадзіны ўскрыкнуў Ісус моцным голасам, кажучы: Ілі, Ілі! ламб савахвані? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?

47 Некаторыя, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ільлю кліча Ён.

48 І адразу пабег адзін зь іх, узяў губку, намачыў у воцат і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць;

49 а другія казалі: пастой; пабачым, ці прыйдзе Ільля ўратаваць Яго.

50 А Ісус, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, выпусьціў дух.

51 І вось, завеса храма разадралася напалам, зьверху данізу; і зямля здрыганулася: і каменьне раскалолася;

52 і магілы расчыніліся; і многія целы памерлых паўсталі;

53 і выйшаўшы з магілаў пасьля ўваскрэсеньня Ягонага, увайшлі ў сьвяты горад і явіліся многім.

54 А сотнік і тыя, што зь ім вартавалі Ісуса, бачачы землятрус і ўсё, што адбылося, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды Ён быў Сын Божы.

55 Там былі таксама і глядзелі здалёк многія жанчыны, якія ішлі сьледам за Ісусам з Галілеі, служачы Яму;

56 сярод іх былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Якава і Ёсіі, і маці сыноў Зевядзеевых.

57 Калі ж зьвечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, імем Язэп, які таксама вучыўся ў Ісуса;

58 ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць Цела.

59 І ўзяўшы Цела, Язэп абгарнуў яго чыстым палатном

60 і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую высек у скале; і прываліўшы вялікі камень да дзьвярэй магілы, адышоў.

61 Была ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.

62 На другі дзень, які ідзе за пятніцай, сабраліся першасьвятары і фарысэі да Пілата

63 і казалі: спадару! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы, сказаў: «праз тры дні ўваскрэсну»;

64 дык вось, загадай вартаваць магілу да трэйцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго і не сказалі народу: «уваскрэс зь мёртвых», і будзе апошняе ашуканства горшае за першае.

65 А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзеце, ахоўвайце, як ведаеце.

66 Яны пайшлі і ахоўвалі магілу, прыклаўшы пячатку да каменя і паставіўшы варту.

 

Разьдзел 28

 

1 Як прайшла субота, на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу.

2 І вось, зрабіўся вялікі землятрус, бо анёл Гасподні, які сышоў зь неба, прыступіўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сядзеў на ім;

3 выгляд жа ягоны быў, як маланка, і ўбраньне ягонае белае, як сьнег.

4 І ад страху перад ім затрымцелі вартаўнікі, і сталі як мёртвыя.

5 Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: ня бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса ўкрыжаванага;

6 няма Яго тут; Ён уваскрэс, як сказаў; падыдзеце, пабачце месца, дзе ляжаў Гасподзь;

7 ды ідзеце хутчэй, скажэце вучням Ягоным, што Ён уваскрэс зь мёртвых і сустрэне вас у Галілеі: там Яго ўбачыце; вось я сказаў вам.

8 І пайшоўшы сьпешна ад магілы, яны са страхам і радасьцю вялікаю пабеглі паведаміць вучням Ягоным;

9 калі ж ішлі яны паведаміць вучням Ягоным, і вось, Ісус сустрэў іх і сказаў: радуйцеся! І яны, прыступіўшы, абхапілі ногі Ягоныя і пакланяліся Яму.

10 Тады кажа ім Ісус: ня бойцеся; ідзеце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, і там яны ўбачаць мяне.

11 А калі яны ішлі, дык некаторыя з варты, увайшоўшы ў горад, паведамілі першасьвятарам усё, што адбылося.

12 І яны, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нараду, немалыя грошы далі воінам,

13 кажучы: скажэце, што вучні Ягоныя, уначы прыйшоўшы, укралі Яго, калі мы спалі;

14 і калі чуткі пра гэта дойдуць да намесьніка, мы пераканаем яго і вас ад няпрыемнасьці ўратуем.

15 Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як навучаныя былі. І пранеслася слова гэтае сярод Юдэяў аж да сёньняшняга дня.

16 Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус;

17 і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся.

18 І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі:

19 дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа,

20 вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.

 

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце

 

Разьдзел 1

 

1 Пачатак Дабравесьця Ісуса Хрыста, Сына Божага,

2 як напісана ў прарокаў: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад Табою».

3 «Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму».

4 Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў.

5 І выходзілі да яго ўся краіна Юдэйская і Ерусалімляне; і хрысьціліся ў яго ўсе ў рацэ Ярдане, спавядаючыся ў грахах сваіх.

6 А ў Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай, і еў акрыды і дзікі мёд.

7 І прапаведаваў, кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рэмень абутку Ягонага;

8 я хрысьціў вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым.

9 І было ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і хрысьціўся ў Яна ў Ярдане.

10 І калі выходзіў з вады, убачыў адразу Ян, як адчыніліся нябёсы, і Духа, як голуба, Які сыходзіў на Яго.

11 І голас быў зь нябёсаў: «Ты Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў».

12 І адразу пасьля гэтага Дух вядзе Яго ў пустыню.

13 І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны сатаною, і быў са зьвярамі; і анёлы слугавалі Яму.

14 А пасьля таго, як прададзены быў Ян, прыйшоў Ісус ў Галілею, прапаведуючы Дабравесьце Царства Божага,

15 і кажучы, што прыйшоў час і наблізілася Царства Божае: пакайцеся і веруйце ў Дабравесьце.

16 А праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі.

17 І сказаў ім Ісус: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.

18 І яны адразу, пакінуўшы мярэжы свае, пайшлі за Ім.

19 І прайшоўшы адтуль далей, Ён угледзеў Якава Зевядзеевага і Яна, брата ягонага, таксама ў лодцы; яны ладзілі мярэжы,

20 і адразу заклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзея ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім.

21 І прыходзяць у Капернаум; і неўзабаве ў суботу ўвайшоў Ён у сынагогу і вучыў.

22 І зьдзіўляліся з вучэньня Ягонага, бо Ён вучыў іх як той, хто ўладу мае, а не як кніжнікі.

23 У сынагозе іхняй быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і закрычаў:

24 кінь, што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў пагубіць нас! ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы.

25 Але Ісус загразіў яму, кажучы: змоўкні і выйдзі зь яго.

26 Тады дух нячысты, скалануўшы яго і закрычаўшы зычным голасам, выйшаў зь яго.

27 І жахнуліся ўсе, і пыталіся адзін у аднаго: што гэта? што гэта за вучэньне новае, што Ён і духам нячыстым загадвае і яны слухаюцца Яго.

28 І хутка разышлася пра Яго пагалоска па ўсіх землях вакол Галілеі.

29 Выйшаўшы неўзабаве з сынагогі, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя зь Якавам і Янам.

30 А Сымонава цешча ляжала ў гарачцы; і адразу кажуць Яму пра яе.

31 Падышоўшы, Ён падняў яе, узяў яе за руку; і гарачка адразу пакінула яе, і яна пачала слугаваць ім.

32 А як зьмяркалася, калі заходзіла сонца, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі.

33 І ўвесь горад сабраўся да дзьвярэй.

34 І Ён ацаліў многіх, што цярпелі ад розных хваробаў; выгнаў шмат дэманаў і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.

35 А нараніцу, устаўшы на досьвітку, выйшаў і пайшоў у пустэльнае месца, і там маліўся.

36 Сымон і тыя, хто быў зь Ім, пайшлі за Ім;

37 і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.

38 Ён кажа ім: хадзем у бліжэйшыя селішчы і гарады, каб Мне і там зьвеставаць, бо Я на тое і прыйшоў.

39 І Ён зьвеставаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў дэманаў.

40 Прыходзіць да Яго пракажоны і, просячы Яго на каленях, кажа Яму: калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.

41 Ісус, умілажаліўшыся зь яго, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: хачу, ачысьціся.

42 Пасьля гэтага слова праказа адразу сыйшла зь яго, і ён стаўся чыстым.

43 І гнеўна выгаварыўшы яму, адразу прагнаў яго

44 і сказаў яму: глядзі, нікому нічога не кажы; а ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй за ачышчэньне тваё, што загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.

45 А ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і расказваць пра тое, што адбылося, так што Ісус ня мог ужо адкрыта ўвайсьці ў горад, а быў звонку, у мясьцінах пустэльных. І прыходзілі да Яго адусюль.

 

Разьдзел 2

 

1 Праз колькі дзён Ён прыйшоў у Капернаум і стала вядома, што Ён у доме.

2 Адразу сабраліся многія, так што ўжо і за дзьвярыма ня было месца, і Ён казаў ім слова.

3 І прыйшлі да Яго з паралізаваным, якога несьлі чацьвёра:

4 і, ня маючы як падысьці да Яго празь людзей, разабралі дах дома, дзе Ён быў і, пракапаўшыся, апусьцілі пасьцель, на якой ляжаў паралізаваны.

5 Ісус, як убачыў веру іхнюю, кажа пралізаванаму: дзіця! даруюцца табе грахі твае.

6 Тут сядзелі некаторыя кніжнікі і разважалі ў сэрцах сваіх:

7 Чаго Ён так блюзьнерыць? хто можа дараваць грахі, акрамя аднаго Бога?

8 Ісус, адразу пазнаўшы духам Сваім, што яны так разважаюць самі ў сабе, сказаў ім: навошта вы так разважаеце ў сэрцах вашых?

9 што лягчэй? альбо сказаць паралізаванаму: «даруюцца табе грахі?» альбо сказаць: «устань, вазьмі сваю пасьцель і хадзі?»,

10 але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, - кажа паралізаванаму:

11 табе кажу: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой.

12 Той адразу ўстаў і, узяўшы пасьцель, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзіву даваліся і славілі Бога, кажучы: ніколі нічога такога мы ня бачылі.

13 І выйшаў Ісус зноў да мора; і ўсе людзі пайшлі да Яго, і Ён вучыў іх.

14 Праходзячы, убачыў Ён Лявія Алфеевага, які сядзеў каля мытні, і кажа яму: ідзі за Мною. І той, устаўшы, пайшоў за Ім.

15 І калі Ісус узьляжаў у доме ягоным, узьляжалі зь Ім і вучні Ягоныя і многія мытнікі і грэшнікі; бо шмат іх было, і яны ішлі сьледам за Ім.

16 Кніжнікі і фарысэі, убачыўшы, што Ён есьць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Ягоным: як гэта Ён есьць і п'е з мытнікамі і грэшнікамі?

17 Пачуўшы, Ісус кажа ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя; Я прыйшоў заклікаць ня праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.

18 Вучні Янавыя і фарысэйскія пасьцілі. Прыходзяць да Яго і кажуць: чаму вучні Янавыя і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?

19 І сказаў ім Ісус: ці могуць пасьціць сыны харомаў шлюбных, калі зь імі малады? Пакуль зь імі малады, ня могуць пасьціць;

20 але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціць у тыя дні.

21 Ніхто да старое адзежыны ня прышывае латкі зь нябеленага палатна: інакш зноў прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая.

22 Ніхто ня ўлівае віна маладога ў мяхі старыя: інакш маладое віно парве мяхі, і віно выцеча, і мяхі прападуць; а віно маладое трэба ўліваць у мяхі новыя.

23 І давялося Яму ў суботу праходзіць засеянымі палямі, і вучні Ягоныя дарогаю пачалі зрываць калосьсе.

24 І фарысэі сказалі Яму: глядзі, што яны робяць у суботу, чаго нельга рабіць.

25 Ён сказаў ім: няўжо вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся сам і тыя, што былі зь ім?

26 Як увайшоў ён у дом Божы пры першасьвятары Авіятары і еў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці нікому акрамя сьвятароў, і даў тым, што былі зь ім?

27 І сказаў ім: субота дзеля чалавека, а не чалавек дзеля суботы;

28 таму Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы.

 

Разьдзел 3

 

1 І ўвайшоў зноў у сынагогу; там быў чалавек з высахлаю рукою.

2 І сачылі за Ім, ці не ацаліць яго ў суботу, каб зьвінаваціць Яго.

3 А Ён кажа чалавеку з сухою рукою: стань пасярэдзіне.

4 А ім кажа: ці належыць у суботу дабро чыніць, альбо зло чыніць? душу ўратаваць, альбо загубіць? Але яны маўчалі.

5 І з гневам на іх паглядзеўшы, смуткуючы па ачарсьцьвеньні сэрцаў іхніх, кажа таму чалавеку: працягні руку тваю. Той працягнуў, і стала рука ягоная здаровая, як другая.

6 Фарысэі, выйшаўшы, адразу зладзілі зь ірадыянамі нараду супраць Яго, як бы загубіць Яго.

7 Але Ісус з вучнямі Сваімі адышоў да мора, і за Ім пайшло мноства людзей з Галілеі, Юдэі,

8 Ерусаліма, Ідума і з-за Ярдана. І з навакольляў Тыра і Сідона, пачуўшы, што Ён рабіў, ішлі да Яго ў вялікім мностве.

9 І сказаў вучням Сваім, каб напагатове была Яму лодка, з прычыны шматлюдзтва, каб ня ціснулі на Яго.

10 Бо многіх Ён ацаліў, так што тыя, хто быў хворы, кідаліся да Яго, каб дакрануцца да Яго.

11 І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі: Ты - Сын Божы.

12 Але Ён строга выгаворваў ім, каб не адкрывалі Яго.

13 Потым узышоў на гару і паклікаў да Сябе, каго Сам хацеў; і пайшлі да Яго.

14 І паставіў дванаццацёх, каб зь Ім былі і каб пасылаць іх зьвеставаць,

15 і каб мелі яны ўладу ацаляць ад хваробаў і выганяць дэманаў:

16 паставіў Сымона, даўшы яму імя Пётр;

17 Якава Зевядзеевага і Яна, брата Якаўлевага, даўшы ім імёны Воанергес, гэта азначае, «сыны громавыя»;

18 Андрэя, Піліпа, Барталамея, Мацьвея, Тамаша, Якава Алфеевага, Тадэя, Сымона Кананіта

19 і Юду Іскарыёцкага, які і выдаў Яго.

20 Прыходзяць у дом; і зноў зьбіраецца люд, так што яны не маглі нават хлеба паесьці.

21 І пачуўшы, блізкія Ягоныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён не ў сабе.

22 А кніжнікі, якія прыйшлі зь Ерусаліма, казалі, што Ён мае ў Сабе Вэльзэвула і што выганяе дэманаў сілаю дэманскага князя.

23 І паклікаўшы іх, казаў ім прытчамі: як можа сатана выганяць сатану?

24 Калі царства разьдзеліцца самое ў сабе, ня можа ўстояць царства тое;

25 і калі дом разьдзеліцца сам у сабе, ня можа ўстояць дом той;

26 і калі сатана паўстаў на самога сябе і разьдзяліўся, ня можа ўстояць, а настаў канец ягоны.

27 Ніхто, увайшоўшы ў дом дужага, ня можа зрабаваць рэчаў ягоных, калі сьпярша ня зьвяжа дужага, - і тады зрабуе дом ягоны.

28 Праўду кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзьнерствы, якімі б ні блюзьнерылі;

29 але хто будзе блюзьнерыць на Духа Сьвятога, таму ня будзе дараваньня вавекі, а падлягае ён вечнай асудзе.

30 Гэта сказаў Ён, бо казалі: у Ім нячысты дух.

31 І прыйшлі Маці і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі да Яго паклікаць Яго.

32 Каля Яго сядзеў люд. І сказалі Яму: вось, Маці Твая і браты Твае і сёстры Твае, вонкі, пытаюцца Цябе.

33 І адказаў ім: хто Маці Мая і браты Мае?

34 І азірнуўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая і браты Мае;

35 бо, хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра і маці.

 

Разьдзел 4

 

1 І зноў пачаў вучыць каля мора; і сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і быў на моры, а ўвесь люд быў на зямлі каля мора.

2 І вучыў іх прытчамі многа і ў вучэньні Сваім казаў ім:

3 слухайце: вось, выйшаў сейбіт сеяць;

4 і калі сеяў, сталася так, што іншае ўпала ўскрай дарогі, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое;

5 іншае ўпала на камяністую мясьціну, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была там ня глыбокая;

6 а калі ўзышло сонца, завяла і, як ня мела карэньня, засохла;

7 іншае ўпала на церне, і церне вырасла і заглушыла насеньне, яно не дало плоду;

8 а іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла тое трыццаць, тое шэсьцьдзясят і тое сто.

9 І сказаў ім: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

10 Калі ж застаўся бязь людзей, усе, хто быў вакол Яго разам з дванаццацьцю, спыталіся ў Яго пра прытчу.

11 І сказаў ім: вам дадзена ведаць тайны Царства Божага, а тым, вонкавым, усё бывае ў прытчах,

12 каб яны сваімі вачыма глядзелі, і ня ўбачылі; сваімі вушамі чулі, і не ўразумелі, каб не навярнуліся, і не дараваны былі ім грахі.

13 І кажа ім: не разумееце гэтай прытчы? як жа вам уразумець усе прытчы?

14 Сейбіт слова сее.

15 Пасеянае ўскрай дарогі азначае тых, у якіх сеецца слова, але да якіх, калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана і хапае слова, пасеянае ў сэрцах іхніх.

16 Такім самым чынам і пасеянае на камяністых мясьцінах азначае тых, якія, калі пачуюць слова, адразу з радасьцю прымаюць яго,

17 але ня маюць у сабе кораня і нясталыя; потым, калі настане ўціск і ганеньне за слова, адразу спакушаюцца.

18 Пасеянае ў церне азначае тых, што чуюць слова,

19 але ў якіх турботы веку гэтага, панада багацьця і іншыя жаданьні, уваходзячы ў іх, заглушаюць слова, і яно бывае бяз плоду.

20 А пасеянае на добрай зямлі азначае тых, якія слухаюць слова і прымаюць, і родзяць плод, адзін у трыццаць, другі ў шэсьцьдзясят, той ўстакроць.

21 І сказаў ім: ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну альбо пад ложак? ці не на тое, каб ставіць яе на сьвечніку?

22 Няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву; і нічога няма схаванага, што ня выйшла б наверх.

23 Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай пачуе!

24 І сказаў ім: заўважайце, што чуеце: якою мераю мерыце, такою адмерана будзе вам і дададзена будзе вам, слухачам.

25 Бо, хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае.

26 І сказаў: Царства Божае падобнае на тое, як калі чалавек кіне насеньне ў зямлю,

27 і сьпіць, і ўстае ноччу і днём, і як насеньне ўзыходзіць і расьце, ня ведае ён;

28 бо зямля сама сабою родзіць спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе;

29 калі ж высьпее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво.

30 І сказаў: да чаго прыпадобнім Царства Божае? альбо празь якую прытчу выявім яго?

31 Яно - як зерне гарчычнае, якое, калі сеецца ў зямлю, ёсьць найменшае з усіх зярнят на зямлі:

32 а як пасеяна, узыходзіць і робіцца большае за ўсякую траву, і пускае вялікае гольле, так што пад ценем ягоным могуць хавацца птушкі нябесныя.

33 І такімі многімі прытчамі прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі чуць;

34 і бяз прытчы не казаў ім, а вучням сам-насам тлумачыў усё.

35 Увечары таго самага дня сказаў ім: пераправімся на той бок.

36 І яны, адпусьціўшы людзей, узялі Яго з сабою, як Ён быў, у лодку; зь Ім былі і іншыя лодкі.

37 І паднялася вялікая бура; хвалі білі ў лодку, так што яна ўжо напаўнялася вадою.

38 А Ён спаў на карме на ўзгалоўі. Яго будзяць і кажуць Яму: Настаўнік! няўжо Табе ня рупіць, што мы гінем?

39 І ўстаўшы, Ён загразіў ветру і сказаў мору: суйміся, перастань. І вецер аціх, і зрабілася вялікая ціша.

40 І сказаў ім: чаго вы такія палахлівыя? чаму ў вас няма веры?

41 І ўбаяліся страхам вялікім і гаварылі і паміж сабою: хто ж гэта, што і вецер і мора слухаюцца Яго?

 

Разьдзел 5

 

1 Прыйшлі на другі бераг мора, у краіну Гадарынскую.

2 І калі выйшаў Ён з лодкі, адразу сустрэў Яго чалавек, які выйшаў з магілаў, апанаваны нячыстым духам;

3 у яго было жытло ў магілах, і ніхто ня мог зьвязаць яго нават ланцугамі;

4 бо колькі разоў яго ні кавалі ў ланцугі і путы, але разрываў ланцугі і разьбіваў путы, і ніхто ня меў сілы ўтаймаваць яго;

5 заўсёды, уночы і ўдзень, у горах і магілах, крычаў ён і біўся аб каменьне.

6 А ўбачыўшы Ісуса здалёк, прыбег і пакланіўся Яму,

7 і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне? Ісусе, Сыне Бога Усявышняга! заклінаю Цябе Богам, ня муч мяне!

8 Бо Ісус сказаў яму: выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека.

9 І спытаўся ў яго: як тваё імя? І той сказаў у адказ: легіён імя мне, бо нас многа.

10 І вельмі прасілі Яго, каб ня высылаў іх прэч з краіны той.

11 А пасьвіўся там пад гарою вялікі гурт сьвіней.

12 І прасіліся ў Яго ўсе дэманы, кажучы: пашлі нас у сьвіней, каб нам увайсьці ў іх.

13 Ісус адразу дазволіў ім. І нячыстыя духі, выйшаўшы, увайшлі ў сьвіней; і памкнуўся гурт з урвішча ў мора, а іх было каля дзьвюх тысяч; і патанулі ў моры.

14 А сьвінапасы паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках. І жыхары выйшлі паглядзець, што сталася.

15 Прыходзяць да Ісуса і бачаць, што апантаны, у якім быў легіён, сядзіць і апрануты, і ў здаровым розуме; і спалохаліся.

16 А тыя, што бачылі, расказалі ім пра тое, як гэта здарылася з апантаным, і пра сьвіней.

17 І пачалі прасіць Яго, каб адышоў ад межаў іхніх.

18 І калі Ён увайшоў у лодку, апантаны прасіў Яго, каб быць зь Ім.

19 Але Ісус не дазволіў яму, а сказаў: ідзі дамоў да сваіх і раскажы ім, што ўчыніў з табою Гасподзь і як зь цябе ўмілажаліўся.

20 І пайшоў і пачаў зьвеставаць у Дзесяцігародзьдзі, што ўчыніў зь ім Ісус. І ўсе дзіваваліся.

21 Калі Ісус зноў пераправіўся ў лодцы на другі бераг, сабралася да Яго мноства людзей. Ён быў каля мора.

22 І вось, прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, якога звалі Яір, і, убачыўшы Яго, падае ў ногі Яму

23 і ўмольна просіць Яго, кажучы: дачка мая пры сьмерці; прыйдзі і ўскладзі на яе рукі, каб яна ачуняла і засталася жывая.

24 Ісус пайшоў зь ім. За Ім сьледам ішло мноства людзей, і націскалі на Яго.

25 Адна жанчына, якая пакутавала ад крывацечы дванаццаць гадоў,

26 шмат нацярпелася ад многіх лекараў, патраціла ўсё, што было ў яе, і ня зыскала ніякай палёгкі, а самой толькі пагоршала,

27 дачуўшыся пра Ісуса, падышла ззаду ў натоўпе і кранулася вопраткі Ягонай;

28 бо казала: калі хоць да вопраткі Ягонай дакрануся, дык выздаравею.

29 І перастала адразу ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што ачуняла ад хваробы.

30 А ў той самы час Ісус, адчуўшы Сам у Сабе, што выйшла зь Яго сіла, абярнуўся ў народзе і сказаў: хто крануўся Маёй вопраткі?

31 Вучні сказалі Яму: Ты бачыш, што людзі націскаюць на Цябе, і кажаш: «хто крануўся Мяне?».

32 Але Ён глядзеў навокал, каб убачыць тую, якая зрабіла гэта.

33 Жанчына ў страху і трымценьні, ведаючы, што зь ёю сталася, падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.

34 А Ён сказаў ёй: дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі ў міры і будзь здаровая ад хваробы тваёй.

35 Калі Ён яшчэ гаварыў гэта, прыходзяць ад начальніка сынагогі і кажуць: дачка твая памерла; чаго яшчэ дакучаеш Настаўніку?

36 Але Ісус, пачуўшы гэтыя словы, адразу кажа начальніку сынагогі; ня бойся, толькі веруй.

37 І не дазволіў нікому ісьці сьледам за Ім, акрамя як Пятру, Якаву і Яну, брату Якава.

38 Прыходзяць у дом начальніка сынагогі і бачаць перапалох, і плачуць і голасам галосяць.

39 І ўвайшоўшы, кажа ім: чаго сумеліся і плачаце? дзяўчына не памерла, а сьпіць.

40 І сьмяяліся зь Яго. Але Ён, выслаўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку і маці дзяўчыны і тых, што былі зь Ім, і ўваходзіць туды, дзе дзяўчына ляжала.

41 І ўзяўшы дзяўчыну за руку, кажа ёй: таліфа-кумі, што азначае: «Дзяўчына, табе кажу, устань».

42 І дзяўчына адразу ўстала і пачала хадзіць, бо была гадоў дванаццаці. І вялікаму дзіву даліся.

43 І Ён строга загадаў ім, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў, каб ёй далі есьці.

 

Разьдзел 6

 

1 Ён выйшаў адтуль і прыйшоў на бацькаўшчыну Сваю; за Ім сьледам ішлі вучні Ягоныя.

2 Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сынагозе; і многія слухачы з подзівам казалі: адкуль у Яго гэта? што за мудрасьць дадзена Яму, і як такія дзівосы чыняцца рукамі Ягонымі?

3 ці не цясьляр Ён, сын Марыін, брат Якава, Ясіі, Юды і Сымона? ці ня тут сярод нас Ягоныя сёстры? І паняверыліся ў Ім.

4 А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй і ў родзічаў і ў доме сваім.

5 І ня мог учыніць там ніякага цуду; толькі на нямногіх хворых усклаўшы рукі, ацаліў іх.

6 І зьдзіўляўся зь няверства іхняга. Потым хадзіў па навакольных селішчах і вучыў.

7 І, паклікаўшы дванаццацёх, пачаў пасылаць іх па двое і даў ім ўладу над нячыстымі духамі.

8 І наказаў ім нічога ня браць у дарогу, апрача аднаго кія: ні торбы, ні хлеба, ні медзі ў поясе,

9 а абувацца ў просты абутак і не насіць дзьвюх вопратак.

10 І сказаў ім: калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся ў ім, пакуль ня выйдзеце з той мясьціны.

11 І калі хто ня прыме вас і ня будзе слухаць вас, дык, выходзячы адтуль, абцярушэце пыл з ног вашых, у сьведчаньне на іх. Праўду кажу вам: радасьней будзе Садоме і Гаморы ў дзень судны, чым таму гораду.

12 І яны пайшлі і зьвеставалі каяньне;

13 выганялі шмат дэманаў і многіх хворых мазалі алеем і ацалялі.

14 Цар Ірад, дачуўшыся пра Ісуса, - бо імя Ягонае стала слыннае, - казаў: гэта Ян Хрысьціцель паўстаў зь мёртвых, і таму цуды ўчыняюцца ім.

15 Іншыя казалі: гэта Ільля. А іншыя казалі: гэта прарок, альбо як адзін з прарокаў.

16 А Ірад, пачуўшы, сказаў: гэта Ян, якому я адцяў галаву, ён паўстаў зь мёртвых.

17 Бо гэты Ірад, паслаўшы, узяў Яна і ўвязьніў яго ў цямніцу за Ірадыяду, жонку Піліпа, брата свайго, бо ажаніўся зь ёю.

18 Бо Ян казаў Іраду: нельга табе мець жонку брата твайго.

19 А Ірадыяда, угневаўшыся на яго, хацела забіць яго; ды не магла.

20 Бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён муж праведны і сьвяты і пільнаваў яго; многае рабіў, слухаючыся яго, і з прыемнасьцю слухаў яго.

21 Настаў зручны дзень, калі Ірад, з нагоды ўгодкаў сваіх, даваў гасьціну вяльможам сваім, тысячнікам і старэйшынам Галілейскім, -

22 дачка Ірадыядзіна ўвайшла, скакала і дагадзіла Іраду і ўсім, што ўзьляжалі зь ім. Цар сказаў дзяўчыне: прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе.

23 І запрысягнуўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе, нават да палавіны майго царства.

24 Яна выйшла і спыталася ў маці сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галавы Яна Хрысьціцеля.

25 І яна адразу пайшла сьпешна да цара і прасіла, кажучы: хачу, каб ты даў мне цяпер жа ў місе галаву Яна Хрысьціцеля.

26 Цар замаркоціўся; але, дзеля прысягі і тых, што ўзьляжалі зь ім, не захацеў адмовіць ёй.

27 І адразу паслаўшы збраяносца, цар загадаў прынесьці галаву ягоную.

28 Той пайшоў, адцяў яму галаву ў цямніцы, і прынёс галаву ягоную ў місе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй.

29 Вучні ягоныя, пачуўшы, прыйшлі і ўзялі цела ягонае і паклалі яго ў магілу.

30 І сабраліся апосталы да Ісуса і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаму навучылі.

31 Ён сказаў ім: ідзеце вы адныя ў пустэльнае месца і адпачнеце крыху. Бо шмат прыходзіла і адыходзіла, так што і есьці ім ня было калі.

32 І выправіліся ў пустэльнае месца на лодцы адныя.

33 Люд убачыў, як яны выпраўляліся, і многія пазналі іх; і беглі туды пешыя з усіх гарадоў і апярэдзілі іх, і сабраліся да Яго.

34 Ісус, выйшаўшы, угледзеў мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былі як авечкі без пастуха; і пачаў іх вучыць многа.

35 І як што часу мінула шмат, вучні Ягоныя, прыступіўшы да Яго, кажуць: месца тут пустэльнае, а час ужо позьні;

36 адпусьці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і селішчы і купілі сабе хлеба; бо ім няма чаго есьці.

37 Ён сказаў ім у адказ: вы дайце ім есьці. І сказалі Яму: хіба што нам пайсьці купіць хлеба дынараў на дзьвесьце і даць ім есьці?

38 Але Ён папытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Ідзеце, паглядзеце. Яны, даведаўшыся, сказалі: пяць хлябоў і дзьве рыбіны.

39 Тады загадаў ім пасадзіць усіх гуртамі на зялёнай траве.

40 І паселі радамі па сто і па пяцьдзясят.

41 Ён узяў пяць хлябоў і дзьве рыбіны, узьвёў вочы да неба, дабраславіў і разламаў хлябы і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве рыбіны падзяліў на ўсіх.

42 І елі ўсе і наеліся;

43 і набралі кавалкаў хлеба і рэшты ад рыбін дванаццаць поўных кашоў;

44 а было тых, што елі хлябы, каля пяці тысяч мужчын.

45 І адразу ж прымусіў вучняў Сваіх увайсьці ў лодку і выправіцца наперад на той бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусьціць людзей.

46 І адпусьціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.

47 Увечары лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі.

48 І ўбачыў іх у бядзе ў плаваньні, бо вецер ім быў супраціўны; а каля чацьвёртай варты ночы падышоў да іх, ідучы па моры, і хацеў прайсьці міма іх.

49 Яны, убачыўшы Яго, што ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і закрычалі.

50 Бо ўсе бачылі Яго і перапалохаліся. І адразу загаварыў зь імі і сказаў ім: узбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся.

51 І ўвайшоў да іх у лодку; і вецер аціх. І яны вельмі-вельмі зьдзіўляліся ў сабе і дзіву даваліся.

52 Бо не дайшлі розумам да цуду з хлябамі, таму што сэрца ў іх было скамянелае.

53 І пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую і прысталі да берагу.

54 Калі выйшлі яны з лодкі, адразу жыхары, пазнаўшы Яго,

55 абеглі ўсё навакольле тое і пачалі на ложках прыносіць хворых туды, дзе, як чуваць было, Ён быў.

56 І куды ні прыходзіў Ён, ці то ў селішчы, ці то ў гарады, ці то ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго, каб ім дакрануцца хоць да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся да Яго, ацаляліся.

 

Разьдзел 7

 

1 Сабраліся да Яго фарысэі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі зь Ерусаліма;

2 і ўбачыўшы некаторых вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі, то ж бо няўмытымі рукамі, дакаралі.

3 Бо фарысэі і ўсе Юдэі, сьледуючы наказу старцаў, не ядуць, не памыўшы старанна рук;

4 і, прыйшоўшы з торжышча, не ядуць, не абмыўшыся. Ёсьць і яшчэ шмат чаго іншага, чаго яны пастанавілі трымацца: глядзець, каб мылі чары, кубкі, катлы і ўслоны.

5 Потым пытаюцца ў Яго фарысэі і кніжнікі: навошта вучні Твае не трымаюцца наказаў старцаў, а няўмытымі рукамі ядуць хлеб?

6 Ён сказаў ім у адказ: добра прарочыў пра вас, крывадушных, Ісая, як напісана: «людзі гэтыя шануюць Мяне вуснамі, а сэрца іхняе далёка ад Мяне адлягае;

7 але марна шануюць Мяне, настаўляючы на вучэньні, запаведзі чалавечыя»;

8 бо вы, занядбаўшы запаведзь Божую, трымаецеся звычаю чалавечага, абмываньня кубкаў і чараў, і робіце шмат чаго іншага, да гэтага падобнага.

9 І сказаў ім: ці добра, што вы адмяняеце запаведзь Божую, каб датрымацца свайго звычаю?

10 Бо Майсей сказаў: «шануй бацьку свайго і маці сваюё; і: ёхто ліхасловіць бацьку альбо маці, сьмерцю хай памрэ».

11 А вы кажаце: хто скажа бацьку альбо маці: «корван (значыць, дар) Богу тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся», -

12 таму вы ўжо дазваляеце нічога не рабіць бацьку свайму альбо маці сваёй,

13 ухіляючы слова Божае наказам вашым, які вы ўстанавілі; і робіце шмат чаго на гэта падобнага.

14 І паклікаўшы ўвесь люд, сказаў яму: слухайце Мяне ўсе і разумейце:

15 нішто, што ўваходзіць у чалавека звонку, ня можа апаганіць яго; а што выходзіць зь яго, тое апаганьвае чалавека.

16 Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

17 І калі Ён ад людзей увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго пра прычту.

18 Ён сказаў ім: няўжо і вы такія няцямныя? няўжо не разумееце, што нішто, што звонку ўваходзіць у чалавека, ня можа апаганіць яго?

19 бо ня ў сэрца ягонае ўваходзіць, а ў чэрава, і выходзіць вонкі, чым ачышчаецца ўсякая ежа.

20 Далей сказаў: тое, што выходзіць з чалавека, апаганьвае чалавека;

21 бо зь сярэдзіны, з сэрца чалавечага, выходзяць ліхія помыслы, пералюбы, распуста, забойствы,

22 крадзяжы, ліхвярства, злосьць, хітрына, непатрэбства, зайздросьлівае вока, блюзьнерства, пыха, безгалоўе.

23 Усё гэтае ліха зь сярэдзіны выходзіць, і апаганьвае чалавека,

24 І выправіўшыся адтуль, прыйшоў у межы Тырскія і Сідонскія; і ўвайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся; але ня здолеў утоіцца.

25 Бо дачулася пра Яго жанчына, у якое дачка апанаваная была нячыстым духам, і прыйшоўшы прыпала да ног Ягоных;

26 а жанчына тая была язычніца, родам Сірафінікіянка; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана зь ейнай дачкі.

27 Але Ісус сказаў ёй: дай перш насыціцца дзецям; бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам.

28 А яна сказала Яму ў адказ: так, Госпадзе; але і сабакі пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.

29 І сказаў ёй: за гэтае слова, ідзі; дэман выйшаў з тваёй дачкі.

30 І прыйшоўшы ў свой дом, яна ўбачыла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на пасьцелі.

31 Выйшаўшы зь межаў Тырскіх і Сідонскіх, Ісус зноў пайшоў да мора Галілейскага празь землі Дзесяцігародзьдзя.

32 Прывялі да яго глухога гугняўца і прасілі Яго ўскласьці на яго руку.

33 Ісус, адвёўшы яго ўбок ад людзей, уклаў пальцы Свае ў вушы яму і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага;

34 і ўзьвёўшы вочы да неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Еффафа», што значыцца - «адчыніся».

35 І адразу адчыніўся ў яго слых, і разамкнуліся повязі ягонага языка, і пачаў гаварыць чыста.

36 І загадаў ім не казаць нікому. Але, колькі Ён ні забараняў ім, яны яшчэ больш разгалошвалі.

37 І вельмі-вельмі зьдзіўляліся і казалі: усё добра робіць: і глухіх робіць чуткімі і нямых - гаваркімі.

 

Разьдзел 8

 

1 У тыя дні, калі сабралася даволі многа народу і ня было чаго есьці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім:

2 шкада мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці;

3 калі няеўшых адпушчу іх дадому, аслабнуць у дарозе, бо некаторыя зь іх прыйшлі здалёку.

4 Вучні Ягоныя адказвалі Яму: адкуль мог бы хто ўзяць тут у пустыні хлябоў, каб накарміць іх?

5 І спытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Яны адказалі: сем.

6 Тады загадаў людзям узьлегчы на зямлю; і ўзяўшы сем хлябоў і ўзьнёсшы падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, каб яны раздалі; і яны раздалі людзям.

7 Было ў іх і крыху рыбак; дабраславіўшы, Ён загадаў раздаць і іх.

8 І елі і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў.

9 Тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх.

10 І адразу ўвайшоўшы ў лодку з вучнямі Сваімі, прыплыў у межы Далмануфскія.

11 Выйшлі фарысэі, пачалі зь Ім спрачацца, і патрабавалі ад Яго азнакі зь неба, спакушаючы Яго,

12 і Ён, глыбока ўздыхнуўшы, сказаў: навошта род гэты патрабуе азнакі? праўду кажу вам, ня дасца роду гэтаму азнакі.

13 І пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і паплыў на той бок.

14 Пры гэтым вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў, і акрамя аднаго хлеба ня мелі з сабою ў лодцы.

15 А Ён наказаў ім, кажучы: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і закваскі Ірадавай.

16 І разважаючы паміж сабою, казалі: гэта азначае, што хлябоў няма ў нас.

17 Ісус, зразумеўшы, кажа ім: што разважаеце пра тое, што няма ў вас хлябоў? няўжо яшчэ ня цяміце і не разумееце? няўжо яшчэ скамянелае ў вас сэрца?

18 маючы вочы, ня бачыце? маючы вушы, ня чуеце? і не памятаеце?

19 калі Я пяць хлябоў разламаў на пяць тысяч чалавек, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў? Кажуць Яму: дванаццаць.

20 А калі сем на чатыры тысячы, колькі кашоў набралі вы кавалкаў рэшты? Сказалі: сем.

21 І сказаў ім: як жа яшчэ не разумееце?

22 Прыходзіць у Віфсаіду; і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць, каб да яго дакрануўся.

23 Ён, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго зь селішча прэч і, плюнуўшы яму на вочы, усклаў на яго рукі, і спытаўся ў яго: ці бачыць што?

24 Той, зірнуўшы, сказаў: бачу людзей, што праходзяць, як дрэвы.

25 Потым зноў усклаў рукі на вочы яму, і загадаў яму зірнуць. І ён выздаравеў, і пачаў бачыць усё ясна.

26 І паслаў яго дамоў, сказаўшы: не заходзь у селішча і не расказвай нікому ў селішчы.

27 І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў селішчы Кесарыі Піліпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў Сваіх: за каго ўважаюць Мяне людзі?

28 Яны адказвалі: за Яна Хрысьціцеля, а другія - за Ільлю, а іншыя - за аднаго з прарокаў.

29 Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты - Хрыстос.

30 І строга наказаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.

31 І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы мае адпакутаваць; быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і забітым быць і на трэйці дзень уваскрэснуць.

32 І гаварыў пра гэта адкрыта. А Пётр, адклікаўшы Яго, пачаў пярэчыць Яму.

33 А Ён, абярнуўшыся і зірнуўшы на вучняў Сваіх, строга ўшчуў Пятра, сказаўшы: адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.

34 І паклікаўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хоча ісьці за Мною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною сьледам;

35 бо, хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне і Дабравесьця, той уратуе яе;

36 бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць?

37 альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?

38 бо, хто пасаромеецца Мяне і Маіх словаў у родзе гэтым распусным і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго са сьвятымі анёламі.

 

Разьдзел 9

 

1 І сказаў ім: праўду кажу вам: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, што не памершы яшчэ, ужо ўбачаць Царства Божае, што прыйшло ў сіле.

2 І, як мінула шэсьць дзён, узяў Ісус Пятра, Якава і Яна, і ўзьвёў на гару высокую асобна іх адных і перамяніўся перад імі:

3 адзеньне Ягонае зрабілася бліскучае, вельмі белае, як сьнег, як на зямлі бялільшчык ня можа выбеліць.

4 І зьявіўся ім Ільля з Майсеем: і гутарылі зь Ісусам.

5 Пры гэтым Пётр сказаў Ісусу: Равьві! добра нам тут быць; зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну, і адну Ільлю.

6 Бо ня ведаў, што сказаць; таму што яны былі ў страху.

7 І зьявілася воблака, якое іх ахінула, і з воблака выйшаў голас, які сказаў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны; Яго слухайце.

8 І раптам, агледзеўшыся навокал, нікога больш з сабою ня бачылі, акрамя аднаго Ісуса.

9 Калі ж сыходзілі яны з гары, Ён не дазволіў нікому расказваць пра тое, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне зь мёртвых.

10 І яны стрымалі гэтае слова, пытаючыся адзін у аднаго, што азначае: уваскрэснуць зь мёртвых?

11 І спыталіся ў Яго: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мае прыйсьці раней?

12 Ён сказаў ім у адказ: праўда, Ільля павінен прыйсьці раней і падрыхтаваць усё; і Сын Чалавечы, як напісана пра Яго, мае шмат адпакутаваць і быць зьняважаным;

13 але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і зрабілі зь ім, што хацелі, як напісана пра яго.

14 Прыйшоўшы да вучняў, убачыў шмат людзей каля іх і кніжнікаў, што спрачаліся зь імі.

15 Адразу, убачыўшы Яго, усе людзі зьдзівіліся, і, падбягаючы, віталі Яго.

16 Ён спытаўся ў кніжнікаў: пра што спрачаецеся зь імі?

17 Адзін зь людзей сказаў у адказ: Настаўнік! я прывёў да Цябе сына майго, апанаванага духам нямым:

18 дзе ні хапае яго, кідае яго на зямлю, і ён пускае пену, і скрыгоча зубамі сваімі, і дранцьвее; казаў я вучням Тваім, каб выгналі яго, і яны не маглі.

19 Адказваючы яму, Ісус сказаў: о, род няверны! дакуль буду я з вамі? дакуль буду трываць вас? прывядзеце яго да Мяне.

20 І прывялі таго да Яго. Як толькі апантаны ўбачыў Яго, дух скалануў яго; ён упаў на зямлю і качаўся, пускаючы пену.

21 І спытаўся Ісус у бацькі ягонага: як даўно гэта дзеецца зь ім? Той сказаў: змалку;

22 і шмат разоў дух кідаў яго і ў вагонь і ў ваду, каб загубіць яго; але, калі што можаш, умілажалься з нас і памажы нам.

23 Ісус сказаў яму: калі хоць колькі можаш верыць, дык усё магчыма верніку.

24 І адразу хлопцаў бацька ўсклікнуў са сьлязьмі: веру, Госпадзе! памажы майму няверству.

25 Ісус, убачыўшы, што зьбягаюцца людзі, загразіў духу нячыстаму, сказаўшы яму: дух нямы і глухі! Я загадваю табе, выйдзі зь яго і больш не ўваходзь у яго.

26 І ўскрыкнуўшы і моцна скалануўшы яго, выйшаў; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі, што ён памёр.

27 Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго; і ён устаў.

28 І як увайшоў Ісус у дом, вучні Ягоныя пыталіся ў Яго сам-насам: чаму мы не маглі выгнаць яго?

29 І сказаў ім: гэты род ня можа выйсьці інакш, як ад малітвы і посту.

30 Выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею: і Ён не хацеў, каб хто ведаў.

31 Бо вучыў Сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі чалавечыя, і заб'юць Яго, і пасьля забойства на трэйці дзень уваскрэсьне.

32 Але яны не разумелі гэтых слоў, а спытацца ў Яго баяліся.

33 Прыйшоў у Капернаум; і калі быў у доме, спытаўся ў іх: пра што ў дарозе вы разважалі паміж сабою?

34 яны маўчалі, бо дарогаю разважалі паміж сабою, хто большы.

35 І сеўшы, паклікаў дванаццаць і сказаў ім: хто хоча быць першым, хай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою.

36 І ўзяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:

37 хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той прымае Мяне; а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, а Таго, Хто паслаў Мяне.

38 Ян пры гэтым сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалавека, які імем Тваім выганяе дэманаў, а ня ходзіць за намі; і забаранілі яму, бо ня ходзіць за намі.

39 Ісус сказаў: не забараняйце яму; бо ніхто, хто ўчыніў цуд імем Маім, ня зможа так хутка пасьля ліхасловіць Мяне.

40 Бо, хто ня супроць вас, той за вас.

41 І хто напоіць вас кубкам вады ў імя Маё, бо вы Хрыстовыя, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй.

42 А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі яму на шыю жарон і кінулі яго ў мора.

43 І калі спакушае цябе рука твая, адатні яе: лепш табе зьнявечанаму ўвайсьці ў жыцьцё, чым зь дзьвюма рукамі ісьці ў геену, у вагонь непагасны,

44 дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.

45 І калі нага твая цябе спакушае, адатні яе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгаваму, чым зь дзьвюма нагамі быць укінутым у геену, у вагонь непагасны.

46 дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.

47 І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго: лепш табе з адным вокам увайсьці ў Царства Божае, чым з двума вачмі быць укінутым у геену вогненную,

48 дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.

49 Бо кожны вагнём асоліцца, і кожная ахвяра сольлю асоліцца.

50 Соль - добрая; але, калі соль не салёная будзе, чым вы яе паправіце? Майце ў сабе соль і мір майце паміж сабою.

 

Разьдзел 10

 

1 Выправіўшыся адтуль, прыходзіць у межы Юдэйскія за Ярданам. Зноў зьбіраюцца да Яго людзі; і паводле звычаю Свайго, Ён зноў вучыў іх.

2 Падышлі фарысэі і спыталіся, спакушаючы Яго: ці дазволена разводзіцца мужу з жонкаю?

3 Ён сказаў ім у адказ: што наказаў вам Майсей?

4 Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца.

5 А Ісус сказаў ім у адказ: за жорсткае сэрца вашае ён напісаў вам гэтую запаведзь;

6 а ў пачатку стварэньня, Бог мужчыну і жанчыну стварыў іх.

7 Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці

8 і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адною плоцьцю, так што яны ўжо ня двое, а адна плоць.

9 Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.

10 У доме вучні Ягоныя зноў спыталіся ў Яго пра тое самае.

11 Ён сказаў ім: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб зь ёю;

12 і калі жонка разьвядзецца з мужам сваім і выйдзе за другога, пералюб чыніць.

13 Прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні не дапускалі тых, што прыносілі.

14 Убачыўшы гэта, Ісус разгневаўся і сказаў ім: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім, бо такім належыць Царства Божае;

15 праўду кажу вам: хто ня прыме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.

16 І абняўшы іх, усклаў рукі на іх і дабраслаўляў іх.

17 Калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае?

18 Ісус сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? ніхто ня добры, толькі адзін Бог.

19 Ведаеш запаведзі: ня чыні пералюбу; не забівай; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; ня крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці.

20 А ён сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! Усё гэта захаваў я зь юнацтва майго.

21 Ісус, зірнуўшы на яго, палюбіў яго і сказаў яму: аднаго табе не стае: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною, узяўшы крыж.

22 А ён, ад гэтага слова сумеўшыся, адышоў замаркочаны, бо ў яго была вялікая маёмасьць.

23 І паглядзеўшы навакол, Ісус кажа вучням Сваім: як цяжка багатым маетнікам увайсьці ў Царства Божае!

24 Вучні жахнуліся ад словаў Ягоных. Але Ісус зноў кажа ім у адказ: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяецца на багацьце, увайсьці ў Царства Божае!

25 лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.

26 А яны вельмі моцна зьдзіўляліся і гаварылі паміж сабою: хто ж можа ўратавацца?

27 Ісус, зірнуўшы на іх, кажа: людзям гэта немагчыма, але ня Богу; бо ўсё магчымае Богу.

28 І пачаў Пётр гаварыць Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою.

29 Ісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля Мяне і Дабравесьця,

30 і не атрымаў бы сёньня, у час гэты, сярод ганеньняў, устакроць больш дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і мацярок, і дзяцей, і земляў, а ў веку будучым жыцьця вечнага;

31 а многія першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.

32 Калі былі яны ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў паперадзе іх, а яны жахаліся і, ідучы сьледам за Ім, былі ў страху. Паклікаўшы дванаццаць, Ён зноў пачаў ім казаць пра тое, што будзе зь Ім:

33 вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго язычнікам;

34 і паглумяцца зь Яго, і біцьмуць Яго, і аплююць Яго, і заб'юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне.

35 Тады падышлі да Яго сыны Зевядзеевыя, Якаў і Ян, і сказалі: Настаўнік! мы хочам, каб Ты зрабіў нам, чаго папросім.

36 Ён сказаў ім: чаго хочаце, каб Я зрабіў вам?

37 Яны сказалі Яму: дай нам сесьці ў Цябе, аднаму праваруч, а другому леваруч, у славе Тваёй.

38 Але Ісус сказаў ім: ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я п'ю, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?

39 Яны адказвалі: можам. А Ісус сказаў ім: чару, якую Я п'ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца;

40 а даць сесьці ў Мяне праваруч і леваруч - не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана.

41 І пачуўшы, дзесяцёра пачалі абурацца Якавам і Янам.

42 А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў ім: вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхнія ўладараць над імі;

43 але ня так хай будзе паміж вамі: а хто хоча быць большым між вамі, хай будзе вам слугою;

44 і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе ўсім рабом;

45 бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.

46 Прыходзяць у Ерыхон. І калі выходзіў Ён зь Ерыхона з вучнямі Сваімі і мноствам людзей, Варцімей, сын Цімееў, сьляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.

47 Пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, ён пачаў крычаць і казаць: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне.

48 Многія змушалі яго замоўкнуць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіваў! памілуй мяне.

49 Ісус спыніўся і загадаў паклікаць яго. Клічуць сьляпога і кажуць яму: ня бойся, уставай, кліча цябе.

50 Ён скінуў зь сябе верхнюю вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса.

51 Адказваючы яму, Ісус спытаўся: чаго ты хочаш ад Мяне? Сьляпы сказаў Яму: Настаўнік! каб зноў бачыць.

52 Ісус сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе. І той адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ісусам па дарозе.

 

Разьдзел 11

 

1 Калі наблізіліся да Ерусаліма, да Віфагіі і Віфаніі, да гары Аліўнай, Ісус пасылае двух вучняў Сваіх

2 і кажа ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; уваходзячы ў яго, адразу знойдзеце маладога асла, на якога ніхто зь людзей не садзіўся; адвяжэце яго, прывядзеце;

3 і калі вам хто скажа: «Што гэта вы робіце?», адказвайце, што ён патрэбен Госпаду; і адразу пашле яго сюды.

4 Яны пайшлі, і знайшлі маладога асла, прывязанага каля варот пры дарозе, і адвязалі яго.

5 І некаторыя, што стаялі там, казалі ім: што робіце? навошта адвязваеце асьляня?

6 Яны адказвалі ім, як наказаў Ісус; і тыя адпусьцілі іх.

7 І прывялі да Ісуса асьляня, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; Ісус сеў на яго.

8 А многія пасьцілалі адзеньне сваё на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.

9 І тыя, што ішлі паперадзе і сьледам, усклікалі: асанна! дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!

10 дабраславёнае царства айца нашага Давіда, што ідзе ў імя Гасподняе! асанна ў вышынях!

11 І ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў храм; і агледзеўшы ўсё, як што час ужо быў позьні, выйшаў у Віфанію з дванаццацьцю.

12 На другі дзень, калі яны выйшлі зь Віфаніі, Ён схацеў есьці;

13 і, угледзеўшы здалёку смакоўніцу, пакрытую лісьцем, пайшоў, ці ня знойдзе чаго на ёй; але, падышоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо яшчэ ня час быў зьбіраць смоквы.

14 І сказаў ёй Ісус: ад сёньня хай ніхто зь цябе ня есьць плоду вавек. І чулі гэта вучні Ягоныя.

15 Прыйшлі ў Ерусалім. Ісус, увайшоўшы ў храм, пачаў выганяць прадаўцоў і пакупцоў у храме; і сталы мяняйлаў і ўслоны прадаўцоў галубоў абярнуў;

16 і не дазваляў, каб хто пранёс праз храм якую-небудзь рэч.

17 І вучыў іх, кажучы: ці ж не напісана: ёдом Мой домам малітвы назавецца для ўсіх народаўё? - а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў.

18 Пачулі гэта кніжнікі і першасьвятары і шукалі, як бы загубіць Яго; бо баяліся Яго, таму што ўвесь люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага.

19 А калі настаў вечар, Ён выйшаў з горада.

20 Раніцай, праходзячы міма, убачылі, што смакоўніца засохла да кораня.

21 І, прыгадаўшы, Пётр кажа Яму: Равьві! паглядзі, смакоўніца, якую Ты пракляў, усохла.

22 Ісус, адказваючы, кажа ім:

23 майце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: ёпадыміся і кінься ў мораё, і не засумняваецца ў сэрцы сваім, а паверыць, што збудзецца паводле словаў ягоных, - будзе яму, што ні скажа.

24 Таму кажу вам: усё, чаго ні будзеце прасіць у малітве, верце, што атрымаеце, - і будзе вам.

25 І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце на каго, каб і Айцец ваш нябесны дараваў вам грахі вашыя;

26 калі ж не даруеце, дык і Айцец ваш нябесны не даруе вам грахоў вашых.

27 Прыйшлі зноў у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у храме, падышлі да Яго першасьвятары і старэйшыны

28 і казалі Яму: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў уладу рабіць гэта?

29 Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно, адказвайце Мне, тады і Я скажу вам, якою ўладаю гэта раблю:

30 хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей? адказвайце Мне.

31 Яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам «зь нябёсаў» - дык Ён скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»

32 а сказаць: «ад людзей», - баяліся народу; бо ўсе лічылі, што Ян сапраўды быў прарок.

33 І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Тады Ісус сказаў ім у адказ: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.

 

Разьдзел 12

 

1 І пачаў гаварыць ім прытчамі: нейкі чалавек насадзіў вінаграднік, і абгарадзіў мурам, і выкапаў чавільню, і збудаваў вежу, і, аддаўшы яго вінаградарам, адлучыўся.

2 І паслаў у свой час да вінаградараў слугу - узяць у вінаградараў пладоў зь вінаградніка;

3 а яны, схапіўшы яго, білі і прагналі ні з чым.

4 Зноў паслаў да іх другога слугу; і таму камянямі разьбілі галаву і адпусьцілі яго з ганьбаю.

5 І зноў іншага паслаў: і таго забілі; і многіх іншых то білі, то забівалі.

6 І маючы яшчэ аднаго сына, любаснага яму, напасьледак паслаў і яго да іх, кажучы: пасаромеюцца сына майго.

7 Але вінаградары сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемец; хадзем, заб'ем яго, і спадчына будзе нашая.

8 І схапіўшы яго, забілі і выкінулі прэч зь вінаградніка.

9 Што ж зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і пакарае сьмерцю вінаградараў, і аддасьць вінаграднік іншым.

10 Няўжо вы ня чыталі гэтага ў Пісаньні: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім:

11 гэта - ад Госпада, і ёсьць дзіўна ў вачах нашых»?

12 І памыкаліся схапіць Яго, але збаяліся люду; бо зразумелі, што пра іх сказаў прытчу; і пакінуўшы Яго, адышлі.

13 І пасылаюць да Яго некаторых фарысэяў і ірадыян, каб падлавіць Яго на слове.

14 А яны, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш ні на якія абліччы, а шчыра шляху Божаму вучыш; ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не? ці даваць нам, ці не даваць?

15 Але Ён, ведаючы іхнюю крывадушнасьць, сказаў ім: што спакушаеце Мяне? прынясеце Мне дынар, каб Мне бачыць яго.

16 Яны прынесьлі. Тады кажа ім: чыя гэта выява і надпіс? яны сказалі Яму: кесаравыя.

17 Ісус сказаў ім у адказ: аддавайце кесаравае кесару, а Божае Богу. І зьдзіўляліся зь Яго.

18 Потым прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсеньня, і спыталіся ў Яго, кажучы:

19 Настаўнік! Майсей напісаў нам: «калі ў каго памрэ брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, дык брат ягоны хай возьме жонку ягоную і адродзіць семя брату свайму».

20 Было сем братоў: першы ўзяў жонку, і паміраючы, не пакінуў дзяцей;

21 узяў яе другі, і памёр, і ён не пакінуў дзяцей; гэтак сама і трэйці.

22 Бралі яе за сябе сямёра, і не пакінулі дзяцей. Пасьля ўсіх памерла і жонка.

23 Дык вось ва ўваскрэсеньні, калі ўваскрэснуць, каму зь іх будзе яна за жонку? бо сямёра яе мелі за жонку.

24 Ісус сказаў ім у адказ: ці не праз гэта ўпадаеце вы ў памылку, ня ведаючы Пісаньняў, ні сілы Божай?

25 бо, калі зь мёртвых уваскрэснуць, ня будуць ні жаніцца, ні замуж выходзіць, а будуць, як анёлы на нябёсах.

26 А пра мёртвых, што яны ўваскрэснуць, хіба ня чыталі вы ў кнізе Майсеевай, калі Бог пры купіне сказаў яму: «Я Бог Абрагама і Бог Ісаака, і Бог Якава»?

27 Бог ня ёсьць Бог мёртвых, а Бог жывых. Дык вось вы дужа памыляецеся.

28 Адзін кніжнік, чуючы іхнія спрэчкі і бачачы, што Ісус хораша ім адказваў, падышоў і спытаўся ў Яго: якая першая з усіх запаведзяў?

29 Ісус адказваў яму: першая з усіх запаведзяў: «слухай, Ізраіль! Гасподзь Бог наш ёсьць Гасподзь адзіны;

30 і палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і ўсёю моцаю тваёю»: вось, першая запаведзь!

31 Другая падобная да яе: «палюбі блізкага твайго, як самога сябе»; іншае запаведзі большае за гэтыя няма.

32 Кніжнік сказаў Яму: Настаўнік! добра, праўду сказаў Ты, што адзін ёсьць Бог і няма іншага, апрача Яго;

33 і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю, і любіць блізкага, як самога сябе, ёсьць больш за ўсе ўсеспаленьні і ахвяры.

34 Ісус, бачачы, што ён разумна адказваў, сказаў яму: недалёка ты ад Царства Божага. Пасьля таго ніхто ўжо не адважваўся пытацца ў Яго.

35 Вучачы далей у храме, Ісус казаў: як кажуць кніжнікі, што Хрыстос ёсьць сын Давідаў?

36 Бо сам Давід сказаў у Духу Сьвятым: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх».

37 Дык вось сам Давід называе Яго Госпадам: як жа Ён сын Яму? І безьліч люду Яго слухалі з асалодаю.

38 І казаў ім у вучэньні Сваім: асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні і вітаньні на сходах народных,

39 сядзець наперадзе ў сынагогах і ўзьляжаць на першым месцы на гасьцінах;

40 гэтыя, што пажыраюць дамы ўдовіныя і напаказ доўга моляцца, прымуць найцяжэйшую асуду.

41 І сеў Ісус насупроць скарбонкі, і глядзеў, як люд кладзе грошы ў скарбонку. Многія багатыя клалі памногу.

42 А прыйшоўшы, адна бедная ўдава паклала дзьве лепты, што складае кадрант.

43 Паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава паклала болей за ўсіх, што клалі ў скарбонку;

44 бо ўсе клалі ад лішку свайго, а яна ад нястачы сваёй паклала ўсё, што мела, увесь пражытак свой.

 

Разьдзел 13

 

1 І калі выходзіў Ён з храма, кажа Яму адзін вучань Ягоны: Настаўнік! паглядзі, якія камяні і якія будынкі!

2 Ісус сказаў яму ў адказ: бачыш гэтыя вялікія будынкі? усё гэта будзе разбурана, так што не застанецца тут каменя на камені.

3 І калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць храма, пыталіся ў Яго асобна Пётр і Якаў, і Ян і Андрэй:

4 скажы нам, калі гэта будзе, і якая прыкмета, калі ўсё гэта павінна стацца?

5 Адказваючы ім, Ісус пачаў гаварыць: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман;

6 бо многія прыйдуць пад імем Маім, і будуць казаць, што гэта Я, і многіх увядуць у зман.

7 А як пачуеце пра войны і пра ваенныя чуткі, не жахайцеся: бо павінна тое быць: але гэта яшчэ не канец.

8 Бо паўстане народ на народ, і царства на царства; і будуць землятрусы па месцах, і будуць галады і смуты. Гэта пачатак хвароб.

9 Але вы зважайце на сябе: бо вас будуць выдаваць у судзілішчы, і біць у сынагогах, і перад валадарамі і царамі паставяць вас за Мяне, на сьведчаньне перад імі.

10 І ўсім народам наперад павінна быць абвешчана Дабравесьце.

11 Калі ж павядуць выдаваць вас, ня турбуйцеся загадзя, што вам сказаць, і не абдумвайце; а што дадзена будзе вам у тую часіну, тое і кажэце, бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Сьвяты.

12 І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзяцей; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб'юць іх.

13 І будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто перацерпіць да канца, уратуецца.

14 А калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане, дзе ня трэба, - хто чытае, хай разумее, - тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;

15 а хто на даху, той ня сыходзь у дом і не ўваходзь узяць што-небудзь з дому свайго;

16 і хто ў полі, не вяртайся назад узяць вопратку сваю.

17 Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні.

18 Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою.

19 Бо ў тыя дні будзе такі смутак, якога ня было ад пачатку стварэньня, якое ўчыніў Бог, нават да сёньня, і ня будзе.

20 І калі б Гасподзь не скараціў тых дзён, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скароціць тыя дні.

21 Тады, калі хто вам скажа: «вось, тут Хрыстосё, альбо: ёвунь, там», - ня верце.

22 Бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі, і дадуць азнакі і цуды, каб увесьці ў зман, калі магчыма, і выбраных.

23 А вы зважайце. Вось, Я наперад сказаў вам усё.

24 Але ў тыя дні, пасьля смутку таго сонца памеркне, і месяц ня дасць сьвятла свайго;

25 і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.

26 Тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках у сіле моцнай і ў славе.

27 І тады Ён пашле анёлаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі і да краю неба.

28 Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле ейнае ўжо мякчэе і пускае лісьце, дык ведайце, што блізка лета;

29 так і вы, калі ўбачыце, што збываецца тое, ведайце, што блізка, пры дзьвярах.

30 Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе.

31 Неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць.

32 А пра дзень той або гадзіну ніхто ня ведае, ні анёлы нябесныя, ні Сын, а толькі Айцец.

33 Глядзеце, чувайце, малецеся; бо ня ведаеце, калі настане час гэты.

34 Падобна на тое, як калі б хто, ідучы ў дарогу і пакідаючы дом свой, даў слугам сваім уладу, і кожнаму сваю працу, і загадаў брамніку чуваць.

35 Дык чувайце ж; бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дома, увечары, ці апоўначы, ці пры пеўнях, ці нараніцу;

36 каб, прыйшоўшы зьнянацку, не застаў вас у сьне.

37 А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце.

 

Разьдзел 14

 

1 Праз два дні мелася быць сьвята Пасхі і праснакоў; і намышлялі першасьвятары і кніжнікі, як бы ўзяць Яго хітрасьцю і забіць;

2 але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе.

3 І калі быў Ён у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага, і ўзьляжаў, - прыйшла жанчына з алавастравай пасудзінай міра з нарду чыстага, каштоўнага, і, разьбіўшы пасудзіну, паліла Яму на галаву.

4 А некаторыя абурыліся і казалі паміж сабою: навошта гэтае марнатраўства міра?

5 бо можна было прадаць яго больш, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім. І дакаралі яе.

6 Але Ісус сказаў: пакіньце яе; што яе бянтэжыце? яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне.

7 Бо заўсёды ўбогіх маеце пры сабе, і калі захочаце, можаце ім дабрачыніць; а Мяне не заўсёды маеце.

8 Яна зрабіла, што магла: загадзя памазала Цела Маё на пахаваньне.

9 Праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць пра яе, і пра тое, што зрабіла яна.

10 І пайшоў Юда Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, да першасьвятароў, каб выдаць Яго ім.

11 А яны, пачуўшы, узрадаваліся і абяцаліся даць яму срэбранікі. І ён намышляў, як бы ў зручны час выдаць Яго.

12 У першы дзень праснакоў, калі калолі пасхальнае ягня, кажуць Яму вучні Ягоныя: дзе хочаш есьці пасху? мы пойдзем і прыгатуем.

13 І пасылае двух вучняў Сваіх і кажа ім: ідзеце ў горад: і сустрэнецца вам чалавек, які нясьціме збанок вады: пойдзеце сьледам за ім,

14 і куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дома таго: «Настаўнік кажа: дзе пакой, у якім бы Мне есьці пасху з вучнямі Маімі?».

15 І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую, засланую, гатовую; там прыгатуеце нам.

16 І пайшлі вучні ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі пасху.

17 Калі зьвечарэла, Ён прыходзіць з дванаццацьцю.

18 І калі яны ўзьляжалі і елі, Ісус сказаў: праўду кажу вам, адзін з вас, які есьць са Мною, выдасьць Мяне.

19 Яны засмуціліся і пачалі казаць Яму, адзін за адным: ці ня я? І другі: ці ня я?

20 А Ён сказаў ім у адказ: адзін з дванаццацёх, што мачае са Мною ў місцы.

21 Бо Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б таму чалавеку не радзіцца.

22 І калі яны елі, Ісус, узяўшы хлеб, дабраславіў, паламаў, даў ім і сказаў: прымеце, ежце; гэта Цела Маё.

23 І ўзяўшы чару, падзякаваўшы, падаў ім; і пілі зь яе ўсе.

24 І сказаў ім: гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная.

25 Праўду кажу вам: Я ўжо ня буду піць ад плоду лазы вінаграднае да таго дня, калі буду піць новае віно ў Царстве Божым.

26 І засьпяваўшы пайшлі на гару Аліўную.

27 І кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч: бо напісана: «паражу пастыра, і расьсеюцца авечкі»,

28 а пасьля ўваскрэсеньня Майго Я запабягу вас у Галілеі.

29 Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца, дык ня я.

30 І кажа яму Ісус: праўду кажу табе, што ты сёньня, гэтае ночы, перш чым двойчы засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.

31 Але ён яшчэ больш настойліва казаў: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Тое самае і ўсе казалі.

32 Прыйшлі ў селішча, якое называлася Гефсіманія: і Ён сказаў вучням Сваім: пасядзеце тут, пакуль Я памалюся.

33 І ўзяў з Сабою Пятра, Якава і Яна; і пачаў смуткаваць і журыцца.

34 І сказаў ім: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут, і чувайце.

35 І, адышоўшы крыху, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі можна, мінула Яго гадзіна гэтая;

36 і казаў: Авва Войча! усё магчыма Табе; пранясі чару гэтую міма Мяне; але не чаго Я хачу, а чаго Ты.

37 Вяртаецца і знаходзіць, што яны сьпяць; кажа Пятру: Сымоне! ты сьпіш? ня мог ты чуваць аднае гадзіны?

38 чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.

39 І зноў адышоўшы маліўся, сказаўшы тое самае слова.

40 І вярнуўшыся, зноў знайшоў, што яны сьпяць: бо ў іх вочы ацяжэлі; і яны ня ведалі, што яму адказаць.

41 І прыходзіць трэйці раз і кажа ім: вы ўсё яшчэ сьпіце і спачываеце? годзе; настала гадзіна; вось, аддаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікам;

42 устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто выдае Мяне.

43 І адразу, як Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і кніжнікаў і старэйшын.

44 А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць; вазьмеце Яго, і вядзеце пільна.

45 І прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: Равьві, Равьві! І пацалаваў Яго.

46 А яны ўсклалі на Яго рукі свае і ўзялі Яго.

47 А адзін з тых, што стаялі тут, дастаў меч, ударыў раба першасьвятаровага і адсек яму вуха.

48 Тады Ісус сказаў ім: як на грабежніка выйшлі вы зь мечамі і каламі, каб узяць Мяне;

49 кожны дзень бываў Я з вамі ў храме і вучыў, і вы не ўзялі мяне; але хай збудуцца Пісаньні.

50 Тады, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.

51 Адзін хлопец, захінуўшыся па голым целе пакрывалам, ішоў сьледам за Ім; і воіны схапілі яго.

52 Але ён, пакінуўшы пакрывала, голы ўцёк ад іх.

53 І прывялі Ісуса да першасьвятара; і сабраліся да яго ўсе першасьвятары і старэйшыны і кніжнікі.

54 Пётр зводдаль ішоў сьледам за Ім, нават усярэдзіну двара першасьвятаровага; і сядзеў са службітамі, і грэўся каля вагню.

55 А першасьвятары і ўвесь сінэдрыён шукалі сьведчаньня на Ісуса, каб аддаць Яго сьмерці, і не знаходзілі,

56 Бо многія ілжываа сьведчылі на Яго, але сьведчаньні гэтыя ня былі дастатковыя.

57 І некаторыя, устаўшы, сьведчылі ілжыва супроць яго; казалі:

58 мы чулі, як Ён казаў: «Я разбуру храм гэты рукатворны і праз тры дні ўзьвяду другі, нерукатворны».

59 Але і такое сьведчаньне іхняе ня было дастатковае.

60 Тады першасьвятар стаў пасярэдзіне і спытаўся ў Ісуса: што Ты нічога не адказваеш? што яны супроць Цябе сьведчаць?

61 Але Ён маўчаў і не адказваў нічога. Зноў першасьвятар спытаўся ў Яго і сказаў Яму: ці Ты Хрыстос, Сын Дабраславёнага?

62 Ісус сказаў: Я; і вы ўгледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.

63 Тады першасьвятар, разадраўшы адзеньне сваё, сказаў: навошта нам яшчэ сьведкі?

64 вы чулі блюзьнерства; як вам здаецца? А яны ўсе прызналі Яго вінаватым да сьмерці.

65 І некаторыя пачалі пляваць на Яго і, закрываючы твар Яму, біць Яго і казаць Яму: прароч. І слугі білі Яго па шчоках.

66 Калі Пётр быў на дварэ ўнізе, прыйшла адна служанка першасьвятаровая

67 і, убачыўшы Пятра, што ён грэецца, і ўгледзеўшы яго, сказала: і ты быў зь Ісусам Назаранінам.

68 Але ён адрокся, сказаўшы: ня ведаю і не разумею, што ты кажаш. І выйшаў на пярэдні двор; і засьпяваў певень.

69 Служанка, убачыўшы яго зноў, пачала казаць тым, што стаялі тут: гэты зь іх.

70 Ён зноў адрокся. Крыху пазьней тыя, што стаялі тут, зноў пачалі гаварыць Пятру: і праўда, ты зь іх; бо ты Галілеянін, і гаворка твая падобная.

71 А ён пачаў прысягаць і бажыцца: ня ведаю Чалавека гэтага, пра Якога кажаце.

72 Тады певень засьпяваў другі раз. І ўспомніў Пётр слова, сказанае яму Ісусам: «перш чым певень засьпявае двойчы, тройчы адрачэшся ад Мяне». І заплакаў.

 

Разьдзел 15

 

1 І адразу раніцай першасьвятары з старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сынедрыён зрабілі нараду і, зьвязаўшы Ісуса, завялі і перадалі Пілату.

2 Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? А Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш.

3 І першасьвятары вінавацілі Яго ў многім.

4 А Пілат зноў спытаўся ў Яго: Ты нічога не адказваеш? бачыш, як многа супроць Цябе скаргаў.

5 Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, так што Пілат зьдзіўляўся.

6 А на кожнае сьвята ён адпускаў ім аднаго вязьня, за якога прасілі.

7 Тады быў у кайданах нейкі Варава, са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства.

8 І люд пачаў крычаць і прасіць у Пілата таго, што ён заўсёды рабіў ім.

9 Ён сказаў ім у адказ: ці хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага?

10 Бо ведаў, што першасьвятары выдалі Яго з зайздрасьці.

11 Але першасьвятары падбухторылі людзей прасіць, каб адпусьціў ім лепей Вараву.

12 Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: а што хочаце, каб я зрабіў з Тым, Якога вы называеце Царом Юдэйскім?

13 Яны зноў закрычалі: укрыжуй Яго!

14 Пілат сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней закрычалі: укрыжуй Яго!

15 Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусьціў ім Вараву, а Ісуса, бічаваўшы, аддаў на крыжаваньне.

16 А воіны завялі Яго ўсярэдзіну двара, гэта значыцца, у прэторыю, і сабралі цэлы полк;

17 і апранулі Яго ў пурпуру і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго;

18 і пачалі вітаць Яго: радуйся, Цару Юдэйскі!

19 І білі яго па галаве кіем, і плявалі на Яго і, кленчачы, кланяліся Яму.

20 А калі насьмяяліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру, адзелі Яго ў Ягонае адзеньне і павялі Яго, каб крыжаваць Яго.

21 І прымусілі праходжага нейкага Кірынеяніна Сымона, бацьку Аляксандравага і Руфавага, які ішоў з поля, несьці крыж Ягоны.

22 І прывялі Яго на месца Галгофу, што азначае: «месца чарапоў».

23 І давалі яму піць віно зь сьмірнаю; але Ён ня ўзяў.

24 Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя, каму што ўзяць.

25 Была гадзіна трэйцяя, і ўкрыжавалі Яго.

26 І быў надпіс віны Яго: Цар Юдэйскі.

27 Зь Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, другога зь левага боку ад Яго.

28 І збылося слова Пісаньня: «і да зладзеяў залічаны».

29 Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: э! Той, Хто храм разбурае і за тры дні будуе!

30 уратуй Сябе Самога і сыйдзі з крыжа.

31 Падобна і першасьвятары з кніжнікамі, насьміхаючыся, казалі адзін аднаму: іншых ратаваў, а Сябе ня можа ўратаваць!

32 Хрыстос, Сын Ізраілеў, хай сыйдзе цяпер з крыжа, каб мы бачылі, і ўверуем. І ўкрыжаваныя зь Ім ганілі Яго.

33 А на шостай гадзіне настала цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.

34 На дзявятай гадзіне ўскрыкнуў Ісус моцным голасам: «Элоі, Элоі! ламма савахфані!», што азначае: «Божа, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?».

35 Некаторыя, што стаялі тут, пачуўшы, казалі: вось, Ільлю кліча.

36 А адзін пабег, набраў у губку воцату і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць, кажучы: чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго.

37 А Ісус, ускрыкнуўшы моцна, выпусьціў дух.

38 І завеса ў храме разадралася напалам, зьверху данізу.

39 Сотнік, які стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што Ён, так ускрыкнуўшы, выпусьціў дух, сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў Сын Божы.

40 Былі тут і жанчыны, якія глядзелі здалёк; сярод іх была і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Якава меншага і Ясіі, і Саломія,

41 якія і тады, як Ён быў у Галілеі, ішлі сьледам за Ім і служылі Яму, і іншыя многія, што разам зь Ім прыйшлі ў Ерусалім.

42 І як ужо зьвечарэла, бо была пятніца, гэта значыць - перадсубоцьце,

43 прыйшоў Язэп з Арымафеі, знакаміты сябра рады, які і сам чакаў Царства Божага, адважыўся ўвайсьці да Пілата і прасіў Цела Ісусавага.

44 Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр; і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго: ці даўно памёр?

45 І даведаўшыся ад сотніка, аддаў Цела Язэпу.

46 Ён, купіўшы палатно і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале; і прываліў камень да магільных дзьвярэй.

47 А Марыя Магдаліна і Марыя Ясіева глядзелі, дзе Яго клалі.

 

Разьдзел 16

 

1 Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці - намасьціць Яго.

2 І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца,

3 і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй?

4 І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі.

5 І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белыя шаты: і жахнуліся.

6 А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены.

7 Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам.

8 І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.

9 Уваскрэснуўшы рана ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдаліне, зь якое быў выгнаў сем дэманаў.

10 Яна пайшла і абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі;

11 але яны, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, - не паверылі.

12 Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх на дарозе, калі яны ішлі ў селішча.

13 І тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі астатнім; але і ім не паверылі.

14 Нарэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны ўзьляжалі на вячэры, і дакараў іх за няверства і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскрэслага.

15 І сказаў ім: ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсяму стварэньню.

16 Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе.

17 Тым, што ўверуюць, дадзены будуць гэтыя азнакі: імем Маім будуць выганяць нячыстых, будуць гаварыць новымі мовамі;

18 будуць браць зьмей; і калі што сьмертагубнае вып'юць, не зашкодзіць ім; ускладуць рукі на хворых, і яны будуць здаровыя.

19 І так Гасподзь, пасьля гутаркі зь імі, узьнёсься на неба і сеў праваруч Бога.

20 А яны пайшлі і прапаведавалі ўсюды, пры Гасподнім садзеяньні і падмацаваньні слова наступнымі азнакамі. Амін.

 

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце

 

Разьдзел 1

 

1 Як ужо многія пачалі складаць аповесьці пра добра вядомыя сярод нас падзеі,

2 як пераказалі нам тое ўсе, хто з самага пачатку быў сьведкамі і слугамі Слова, -

3 дык надумаўся і я, рупліва дасьледаваўшы ўсё з пачатку, па парадку апісаць табе, глыбокашаноўны Феафіле,

4 каб ты ўведаў цьвёрдую аснову таго вучэньня, у якім быў настаўлены.

5 У дні Ірада, цара Юдэйскага, быў сьвятар з Авіевай чаргі, імем Захар, і жонка ягоная з роду Ааронавага, імя ейнае ілізабэта.

6 Абое яны былі праведныя перад Богам, жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленьняў Гасподніх беспахібна.

7 У іх ня было дзяцей, бо ілізабэта была няплодная, і абое былі ўжо ў сталым веку.

8 Аднаго разу, калі ён у парадку сваёй чаргі служыў перад Богам,

9 па жэрабі, як заведзена было ў сьвятароў, прыпала яму ўвайсьці ў храм Гасподні кадзіць,

10 а ўсё мноства людзей малілася звонку ў часе каджэньня, -

11 тады зьявіўся яму анёл Гасподні, стоячы па правы бок да ахвярніка кадзільнага,

12 і Захар, убачыўшы яго, сумеўся, і страх агарнуў яго.

13 Анёл жа сказаў яму: ня бойся, Захар, бо пачута малітва твая, і жонка твая ілізабета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян;

14 і будзе табе радасьць і весялосьць, і многія нараджэньню ягонаму ўзрадуюцца;

15 бо ён вялікі будзе перад Госпадам; ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым прасякнецца яшчэ ад улоньня маці сваёй;

16 і многіх з-паміж сыноў Ізраілевых наверне да Госпада Бога іхняга;

17 і пройдзе перад імі ў духу і ў сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непакорлівым лад думак праведнікаў, каб зьявіць Госпаду народ падрыхтаваны.

18 І сказаў Захар анёлу: па чым я пазнаю гэта? бо я стары, і жонка мая ў сталым веку.

19 Анёл сказаў яму ў адказ: я Гаўрыіл, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і паведаміць табе гэта;

20 і вось ты будзеш маўчаць і ня зможаш гаварыць да таго дня, калі гэта збудзецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія спраўдзяцца ў свой час.

21 Тым часам люд чакаў Захара і зьдзіўляўся, што ён марудзіў у храме.

22 А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў уяву ў храме; і ён рабіў ім знакі і заставаўся нямы.

23 А як скончыліся дні службы ягонай, вярнуўся ў дом свой.

24 Пасьля гэтых дзён зачала ілізабэта, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, і казала:

25 так учыніў мне Гасподзь у дні тыя, калі паглядзеў на мяне, каб зьняць зь мяне ганьбу сярод людзей.

26 А на шостым месяцы пасланы быў анёл Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт,

27 да Дзевы, заручанай з мужам, імем Язэп, з дому Давідавага; а імя ў Дзевы: Марыя.

28 Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын.

29 А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне.

30 І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога;

31 і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус;

32 Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага;

33 і будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму ня будзе канца.

34 А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа ня знаю?

35 Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым;

36 вось, і ілізабэта, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц;

37 бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова.

38 Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад Яе анёл.

39 І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў,

40 і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала ілізабэту.

41 Калі ілізабэта пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Елісавета напоўнілася Духам Сьвятым,

42 і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня Твайго!

43 І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне?

44 Бо калі голас вітаньня Твайго дайшоў да слыху майго, варухнулася дзіцятка радасна ў чэраве маім.

45 і дабрашчасная Тая, Якая паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада.

46 І сказала Марыя: праслаўляе душа Мая Госпада,

47 і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім,

48 што дагледзеў Ён пакорлівасьць рабы Сваёй; бо ад сёньня будуць шчасьціць Мяне ўсе роды,

49 бо ўчыніў Мне веліч Магутны і сьвятое імя Ягонае,

50 і ласка Ягоная ў роды родаў да тых, што баяцца Яго;

51 зьявіў сілу рукі Сваёй; расьсеяў тых, што заносяцца думкамі сэрца свайго;

52 скінуў моцных з тронаў, і ўзвысіў пакорлівых;

53 галодных напоўніў дабром, а багатых пусьціў ані з чым;

54 прыгарнуў Ізраіля, слугу Свайго, памятаючы пра міласэрнасьць;

55 як казаў бацькам нашым, Абрагаму і семені ягонаму давеку.

56 А Марыя прабыла зь ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой.

57 А ілізабэце прысьпеў час радзіць, і яна нарадзіла сына.

58 І пачулі суседзі і родзічы ейныя, што прасьцёр Гасподзь ласку Сваю над ёю, і радаваліся зь ёю.

59 На восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця, і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарам.

60 На гэта маці ягоная сказала: не; а назваць яго Янам.

61 І сказалі ёй: нікога няма ў радзіне тваёй, хто б называўся гэтым імем.

62 І пыталіся знакамі ў бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго.

63 Ён папрасіў дошчачку і напісаў: Ян імя яму. І ўсе зьдзівіліся.

64 І адразу разамкнуліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён загаварыў, славячы Бога.

65 І быў страх на ўсіх, што жылі вакол іх; і расказвалі пра ўсё гэта па ўсёй нагорнай краіне Юдэйскай.

66 Усе, хто чуў, паклалі гэта ў сэрца сваё і казалі: што будзе зь дзіцятка гэтага? І рука Гасподняя была зь ім.

67 І Захар, бацька Ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым і прарочыў, кажучы:

68 Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, што наведаў народ Свой і даў ратунак яму,

69 і паслаў моцнага выратавальніка нам, нашчадка Давіда, слугі Свайго,

70 як узьвясьціў вуснамі былых ад веку сьвятых прарокаў Сваіх,

71 што ўратуе нас ад ворагаў нашых; і ад рукі ўсіх ненавісьнікаў нашых;

72 учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўспомніць сьвятую дамову Сваю,

73 прысягу, якою прысягаў Ён Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам,

74 каб бяз страху, пасьля збавеньня ад рук ворагаў нашых,

75 мы служылі Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад Ім ва ўсе дні жыцьця нашага.

76 А ты, дзіця, назавешся прарокам Усявышняга, бо ідзеш перад абліччам Госпада - падрыхтаваць шляхі Яму,

77 каб разумеў народ Ягоны ратунак у дараваньні грахоў іхніх,

78 праз шчырую міласэрнасьць Бога нашага, якой наведаў нас Усход з вышыні,

79 прасьвятліць тых, што сядзяць у цемры і цяні сьмяротным, скіраваць ногі нашыя на шлях міру.

80 А дзіця расло і мацавалася духам, і заставалася ў пустынях да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.

 

Разьдзел 2

 

1 У тыя дні выйшаў ад кесара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.

2 Гэты перапіс быў першы ў праўленьне Квірынія Сірыяй.

3 І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.

4 Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давідаў, называны Віфляемам, бо ён быў з дому і роду Давідавага,

5 запісацца з Марыяю, заручанаю яму жонкай, якая была цяжарная.

6 Калі ж былі яны там, настаў час радзіць Ёй;

7 і нарадзіла Сына Свайго першынца, і спавіла Яго, і паклала яго ў ясьлі, бо ня было ім месца ў гасьцініцы.

8 У той краіне былі на полі пастухі, якія трымалі начную варту каля статку свайго.

9 Раптам зьявіўся ім анёл Гасподні, і слава Гасподняя апраменіла іх; і спалохаліся страхам вялікім.

10 І сказаў ім анёл: ня бойцеся; я ўзьвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям:

11 бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Гасподзь;

12 і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялюшках, Яно ляжыць у ясьлях.

13 І раптоўна зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, славячы Бога і заклікаючы:

14 слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля.

15 Калі анёлы адыйшлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: хадзем у Віфляем і паглядзім, што там сталася, пра што абвясьціў нам Гасподзь.

16 І пасьпяшаўшыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, Якое ляжала ў ясьлях.

17 А ўбачыўшы, расказалі пра тое, што было абвешчана ім пра Дзіцятка Гэтае.

18 І ўсе, хто чуў, дзівавалі з таго, што расказвалі ім пастухі.

19 А Марыя прымала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы Сваім.

20 І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё тое, што чулі і бачылі, як ім сказана было.

21 Як прайшло восем дзён, калі трэба было абрэзаць Дзіцятка, далі яму імя Ісус, названае анёлам раней зачацьця Ягонага ва ўлоньні.

22 А калі споўніліся дні ачышчэньня іхняга паводле закона Майсеевага, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб явіць Госпаду,

23 як прадпісана ў законе Гасподнім, каб усякае дзіцятка мужчынскага полу, якое размыкае ўлоньне, было прысьвечана Госпаду;

24 і каб прынесьлі ў ахвяру, паводле сказанага ў законе Гасподнім, дзьве галубкі альбо два птушаняты галубіныя.

25 Тады быў у Ерусаліме чалавек, імем Сымон. Ён быў муж праведны і пабожны, чакаў суцяшэньня Ізраілевага; і Дух Сьвяты быў на ім.

26 Яму было прадказана Духам Сьвятым, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Гасподняга.

27 І прыйшоў ён па натхненьні ў храм. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад,

28 ён узяў Яго на рукі, праславіў Бога і сказаў:

29 сёньня адпускаеш раба Твайго, Уладыка, паводле слова Твайго, зь мірам;

30 бо бачылі вочы мае збавеньне Тваё,

31 якое Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў,

32 сьвятло на асьвятленьне язычнікаў, і славу народу Твайго Ізраіля.

33 А Язэп і Маці Ягоная дзівавалі ад сказанага пра Яго.

34 І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, Маці Ягонай: вось, ляжыць Гэты на ўпадак і на ўзвышэньне многіх у Ізраілі і на азнаку нязгодаў, -

35 і Табе Самой зброя пратне душу, - каб адкрыліся помыслы многіх сэрцаў.

36 І была таксама Ганна прарочыца, дачка Фануілава, з роду Асіравага, якая дажыла да глыбокай старасьці, пражыўшы з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў,

37 удава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, постам і малітваю служачы Богу дзень і ноч.

38 І яна, у тую самую гадзіну падышоўшы, славіла Госпада і казала пра Яго ўсім, хто чакаў ратунку ў Ерусаліме.

39 І калі яны зрабілі ўсё паводле закона Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.

40 А Дзіця расло і мацавалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і мілата Божая была на Ім.

41 Кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі.

42 І калі Яму было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны таксама як звычайна ў Ерусалім на сьвята;

43 калі ж, пасьля заканчэньня дзён сьвята, вярталіся, застаўся Хлопчык Ісус у Ерусаліме; і не заўважылі таго Язэп і Маці Ягоная;

44 але думалі, што Ён ідзе зь іншымі; прайшоўшы ж дзённы шлях, пачалі шукаць Яго сярод родзічаў і знаёмых;

45 і не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго.

46 Праз тры дні знайшлі яго ў храме, сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і распытваў іх;

47 усе, хто слухаў Яго, зьдзіўляліся з розуму і адказаў Ягоных.

48 І ўбачыўшы Яго, зьдзівіліся; і Маці ягоная сказала Яму: Дзіця! што Ты зрабіў з намі? вось, бацька Твой і Я зь вялікаю скрухаю шукалі Цябе.

49 Ён сказаў ім: навошта было вам шукаць Мяне? ці вы ня ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму?

50 Але яны не зразумелі сказаных Ім словаў.

51 І Ён пайшоў зь імі і прыйшоў у Назарэт; і быў у паслушэнстве ім. І Маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім.

52 А Ісус мацаваўся ў мудрасьці і росьце і ў любові ў Бога і людзей.

 

Разьдзел 3

 

1 А ў пятнаццаты год праўленьня Тыверыя кесара, калі Понцій Пілат начальнічаў у Юдэі, Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Піліп, брат ягоны, - тэтрархам у Ітурэі і Траханіцкай вобласьці, а Лісаній - тэтрархам у Авілінеі,

2 пры першасьвятарах Ганьне і Каяфе, быў голас Божы да Яна, сына Захара, у пустыні.

3 І ён пайшоў па ўсіх навакольлях Ярдана, прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў,

4 як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі, які кажа: «голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму;

5 кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай абнізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі;

6 і ўбачыць кожная плоць ратунак Божы».

7 Ян люду, што прыходзіў хрысьціцца ў яго, казаў: выродзьдзе яхідніна? хто намовіў вас уцякаць ад будучага гневу?

8 прынясеце ж плады годныя пакаяньня, і ня думайце гаварыць самі сабе: «бацька ў нас Абрагам»; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму;

9 ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь.

10 І пыталіся ў яго людзі: што ж нам рабіць?

11 Ён сказаў ім у адказ: у каго дзьве адзежыны, той дай таму, хто ня мае; і ў каго ёсьць ежа, рабі тое самае.

12 Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца і сказалі яму: Настаўнік! што нам рабіць?

13 Ён адказваў ім: нічога не патрабуйце больш вызначанага вам.

14 Пыталіся ў яго таксама і воі: а нам што рабіць? І сказаў ім: нікога ня крыўдзіце, не паклёпнічайце, і задавольвайцеся сваёй платай.

15 А калі люд быў у чаканьні, і ўсе думалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці ня Хрыстос ён, -

16 Ян усім адказваў: я хрышчу вас вадою, але ідзе Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты разьвязаць рэмень на абутку; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і вагнём;

17 гарфа Ягоная ў руцэ Ягонай, і ён ачысьціць гумно Сваё і зьбярэ пшаніцу ў засекі Свае, а салому спаліць вагнём непагасным.

18 Шмат чаго іншага зьвеставаў ён народу, павучаючы яго.

19 А Ірад тэтрарх, дакараны ім за Ірадыяду, жонку братавую, і за ўсё, што зрабіў Ірад благога,

20 дадаў да ўсяго іншага і тое, што ўвязьніў Яна ў цямніцу.

21 А калі ахрысьціўся ўвесь народ, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, - адчынілася неба,

22 і Дух Сьвяты сышоў на Яго ў цялесным вобразе, як голуб, і быў голас зь нябёсаў, які прамовіў: Ты Сын Мой любасны; Цябе Я ўпадабаў!

23 Ісус, пачынаючы Сваё служэньне, быў гадоў трыццаці, і быў, як думалі, сын Язэпаў, Іліеў,

24 Мататаў, Левіінаў, Мэлхіеў, Янаеў, Язэпаў,

25 Мататыеў, Амосаў, Навумаў, Ясьлімаў, Нагееў.

26 Маатаў, Мататыеў, Сэмяіеў, Язэпаў, Юдаў,

27 Ёананаў, Рысаеў, Зарававэлеў, Салатыілеў, Нірыеў,

28 Мэлхіеў, Аддзіеў, Касамаў, ілмадамаў, Іраў,

29 Ёсіеў, іліезэраў, Ёрымаў, Мататаў, Лявіінаў,

30 Сымонаў, Юдаў, Язэпаў, Ёнанаў, іліякімаў,

31 Мэлеаеў, Маінанаў, Мататаеў, Натанаў, Давідаў,

32 Ясэеў, Авідаў, Ваозаў, Салмонаў, Наасонаў,

33 Амінадаваў, Арамаў, ісромаў, Фарэсаў, Юдаў,

34 Якаваў, Ісакаў, Абрагамаў, Тараў, Нахораў,

35 Сэрухаў, Рагаваў, Фалекаў, івераў, Салаў,

36 Каінанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Ноеў, Ламэхаў,

37 Матусалаў, інохаў, Ярэдаў, Малелеілаў, Каінанаў,

38 іносаў, Сітаў, Адамаў, Божы.

 

Разьдзел 4

 

1 Ісус, поўны Духа Сьвятога, вярнуўся ад Ярдана і паведзены быў Духам у пустыню;

2 там сорак дзён Ён быў спакушаны д'яблам і нічога ня еў у гэтыя дні; а як прайшлі яны, напасьледак захацеў есьці.

3 І сказаў Яму д'ябал: калі Ты Сын Божы, дык загадай гэтаму каменю зрабіцца хлебам.

4 Ісус сказаў яму ў адказ: напісана, што «ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам Божым».

5 І ўзьвёўшы Яго на высокую гару, д'ябал паказаў Яму ўсе царствы сусьвету ў імгненьне часу,

6 і сказаў Яму д'ябал: табе дам уладу над ўсімі гэтымі царствамі і славу іх, бо яна аддадзена мне, і я, каму хачу, даю яе;

7 і вось, калі Ты паклонішся мне, дык усё будзе Тваё.

8 Ісус сказаў яму ў адказ: адыйдзі ад Мяне, сатана; напісана: «Госпаду Богу пакланяйся і Яму аднаму служы».

9 І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў Яго на крыле храма, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз;

10 бо напісана: «анёлам Сваім накажа пра Цябе захаваць Цябе»;

11 і: «на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю».

12 Ісус сказаў яму ў адказ: сказана: «не спакушай Госпада Бога Твайго».

13 І закончыўшы ўсё спакушэньне, д'ябал адышоў ад Яго да часу.

14 І вярнуўся Ісус у сіле духу ў Галілею; і разьнесьліся чуткі пра Яго па ўсёй навакольнай краіне.

15 Ён вучыў у сынагогах іхніх, і ўсе Яго ўслаўлялі.

16 І прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў, па звычаі Сваім, у дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць.

17 Яму падалі кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана:

18 «Дух Гасподні на Мне; бо Ён памазаў Мяне зьвеставаць убогім і паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне, сьляпым празарэньне, адпусьціць спакутаваных на свабоду,

19 абвяшчаць год Гасподняга спрыяньня».

20 І загарнуўшы кнігу і аддаўшы слузе, сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі скіраваныя на Яго.

21 І Ён пачаў гаварыць да іх: сёньня спраўдзілася пісаньне гэтае, чутае вамі.

22 І ўсе засьведчылі Яму гэта, і дзівавалі са словаў мілаты, якія зыходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: ці не Язэпаў гэта сын?

23 Ён сказаў ім: вядома, вы скажаце Мне прыказку: лекару! ацалі самога сябе; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, было ў Капернауме.

24 І сказаў: праўду кажу вам: ніякі прарок ня прымаецца ў сваёй бацькаўшчыне;

25 па праўдзе кажу вам: шмат удоваў было ў Ізраілі ў дні Ільлі, калі замкнута было неба тры гады і шэсьць месяцаў, так што зрабіўся вялікі голад па ўсёй зямлі;

26 і да ніводнай зь іх ня быў пасланы Ільля, а толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую;

27 шмат таксама было пракажоных у Ізраілі за прарока Ялісея, і ніводзін зь іх не ачысьціўся, апрача Нэемана Сірыяніна.

28 Пачуўшы гэта, усе ў сынагозе напоўніліся гневам;

29 і ўстаўшы, выгналі Яго прэч з горада і павялі на вяршыню гары, на якой горад іхні быў пабудаваны, каб скінуць Яго;

30 але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў.

31 І прыйшоў у Капернаум, горад Галілейскі, і вучыў іх у дні суботнія.

32 І зьдзіўляліся з вучэньня Ягонага, бо слова Ягонае было з уладаю.

33 Быў у сынагозе чалавек, які меў у сабе духа дэмана нячыстага, і той закрычаў зычным голасам:

34 кінь; што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас; ведаю Цябе, Хто Ты, - Сьвяты Божы.

35 Ісус загразіў яму, сказаўшы: замоўкні і выйдзі зь яго. І дэман, паваліўшы таго пасярэдзіне сынагогі, выйшаў зь яго, ані не пашкодзіўшы яму.

36 І напала на ўсіх жудасьць, і разважалі паміж сабою; што гэта азначае, што Ён з уладаю і сілаю загадвае нячыстым духам, і яны выходзяць?

37 І разьнеслася чутка пра Яго па ўсіх навакольных мясьцінах.

38 Выйшаўшы з сынагогі, Ён увайшоў у дом Сымонаў; а Сымонава цешча была апанаваная моцнай гарачкаю; і прасілі Яго за яе.

39 Падышоўшы да яе, Ён загразіў гарачцы; і пакінула яе. Яна адразу ўстала і слугавала ім.

40 А як заходзіла сонца, усе, хто меў хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, ускладаючы на кожнага рукі, ацаляў іх.

41 Выходзілі таксама і дэманы з многіх з крыкам і казалі: Ты Хрыстос, Сын Божы. А Ён забараняў ім расказваць, што яны ведаюць, што Ён Хрыстос.

42 А як настаў дзень, Ён выйшаў з дому, пайшоў у пустэльную мясьціну, і людзі шукалі Яго і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі Яго, каб ня сыходзіў ад іх.

43 Але Ён сказаў ім: і іншым гарадам зьвеставаць Я павінен Царства Божае, бо на тое Я пасланы.

44 І прапаведаваў у сынагогах Галілейскіх.

 

Разьдзел 5

 

1 Аднойчы, калі люд ціснуўся да Яго, каб чуць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генісарэцкага,

2 убачыў Ён дзьве лодкі, якія стаялі на возеры; а рыбакі, выйшаўшы зь іх, вымывалі мярэжы.

3 Увайшоўшы ў адну лодку, якая была Сымонава, Ён прасіў яго адплыць крыху ад берагу, і сеўшы, вучыў людзей з лодкі.

4 А калі перастаў вучыць, сказаў Сымону: адплыві на глыбокае, і закіньце мярэжы свае для лову.

5 Сымон сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі; але па слове Тваім закінем мярэжу.

6 Зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы, і нават мярэжа ў іх рвалася.

7 І далі знак супольнікам, якія былі ў другой лодцы, каб прыйшлі пасобіць ім, і прыйшлі, і напоўнілі абедзьве лодкі, так што яны пачалі тануць.

8 Убачыўшы гэта, Сымон Пётр прыпаў да каленяў Ісуса і сказаў: выйдзі ад мяне, Госпадзе! бо я чалавек грэшны.

9 Бо жах агарнуў яго і ўсіх, хто быў зь Ім, ад гэтага ўлову рыбы, імі злоўленае;

10 таксама і Якава і Яна; сыноў Зевядзеевых, якія былі супольнікамі Сымону. І сказаў Сымону Ісус: ня бойся; ад сёньня будзеш лавіць людзей.

11 І выцягнуўшы абедзьве лодкі на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Ім.

12 Калі Ісус быў у адным горадзе, прыйшоў чалавек увесь у праказе і, убачыўшы Ісуса, упаў ніцма, молячы Яго і кажучы: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.

13 Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І адразу праказа сышла зь яго.

14 І Ён загадаў яму нікому не расказваць, а пайсьці паказацца сьвятару і прынесьці ахвяру за ачышчэньне сваё, як загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.

15 Але тым болей шырыліся чуткі пра Яго, і вялікае мноства людзей сьцякалася да Яго - слухаць і ацаляцца ў Яго ад хваробаў сваіх.

16 А Ён адыходзіў у пустэльныя мясьціны і маліўся.

17 Аднаго дня, калі Ён вучыў, і сядзелі тут фарысэі і законьнікі, якія прыйшлі з усіх мясцовасьцяў Галілеі і Юдэі і зь Ерусаліма, і сіла Гасподняя зьяўлалася ў ацаленьні хворых -

18 вось, прынесьлі нейкія на пасьцелі чалавека, які быў паралізаваны, і спрабавалі ўнесьці яго ў дом і пакласьці перад Ісусам;

19 і не знайшоўшы дзе пранесьці яго, з прычыны люднасьці, залезьлі на дах дома і праз дах апусьцілі яго з пасьцельлю на сярэдзіну перад Ісусам.

20 І Ён, бачачы веру іхную, сказаў чалавеку таму: даруюцца табе грахі твае.

21 Кніжнікі і фарысэі пачалі разважаць, кажучы: хто гэта, Які блюзьнерыць? хто можа дараваць грахі, апрача аднаго Бога?

22 Ісус, зразумеўшы намыслы іхнія, сказаў ім у адказ: што намышляеце ў сэрцах вашых?

23 што лягчэй сказаць: «даруюцца табе грахі твае», альбо сказаць: «устань і хадзі»?

24 але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, - сказаў Ён паралізаванаму: табе кажу: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой.

25 І той адразу ўстаў перад імі, узяў, на чым ляжаў, і пайшоў у дом свой, славячы Бога.

26 І жах агарнуў усіх, і славілі Бога; і, поўныя страху, казалі: дзівосныя дзеі бачылі мы сёньня.

27 Пасьля гэтага Ісус выйшаў і ўбачыў мытніка, якога звалі Лявій, які сядзеў каля мытні, і кажа яму: ідзі за Мною.

28 І ён, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім.

29 І зрабіў Яму Лявій у доме сваім бяседу вялікую; і там было мноства мытнікаў і іншых, якія ўзьляжалі зь імі.

30 А кніжнікі і фарысэі наракалі і казалі вучням Ягоным: навошта вы ясьце і п'яце з мытнікамі і грэшнікамі?

31 А Ісус сказаў ім у адказ: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;

32 Я прыйшоў заклікаць ня праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.

33 А яны сказалі Яму: чаму вучні Янавыя посьцяць часта і ўзносяць малітвы, таксама і фарысэйскія, а Твае ядуць і п'юць?

34 Ён сказаў ім: ці можаце прымусіць сыноў харомаў шлюбных пасьціцца, калі зь імі малады?

35 але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца у тыя дні.

36 Пры гэтым сказаў ім прытчу: ніхто ня прышывае латку да старой адзежыны, ададраўшы ад новай адзежыны; а інакш і новую падзярэ, і да старой не падыдзе латка ад новай.

37 І ніхто ня ўлівае маладога віна ў мяхі старыя; а інакш маладое віно парве мяхі, і само выцеча, і мяхі прападуць;

38 а маладое віно трэба ўліваць у мяхі новыя; тады зьберажэцца і тое і другое.

39 І ніхто, піўшы старое віно, не захоча адразу маладога; бо кажа: старое лепшае.

 

Разьдзел 6

 

1 У суботу, першую пасьля другога дня Пасхі, давялося Яму праходзіць засеянымі палямі, і вучні Ягоныя зрывалі калосьсе і елі, расьціраючы рукамі.

2 А некаторыя фарысэі сказалі ім: навошта вы робіце тое, чаго нельга рабіць у суботу?

3 Ісус ім сказаў у адказ: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь ім?

4 як ён увайшоў у дом Божы, узяў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці нікому, апрача адных сьвятароў, і еў, і даў тым, што былі зь ім?

5 І сказаў ім: Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы.

6 А давялося і ў другую суботу ўвайсьці Яму ў сынагогу і вучыць. Там быў чалавек, у якога правая рука была сухая.

7 А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці не ацаліць у суботу, каб знайсьці абвінавачаньне супроць Яго.

8 Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў чалавеку з сухою рукою: устань і выступі на сярэдзіну. І той устаў і выступіў.

9 Тады сказаў ім Ісус: спытаюся Я ў вас: што трэба рабіць у суботу? дабро ці зло? выратаваць душу, ці загубіць? Яны маўчалі.

10 І паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму чалавеку: падай руку тваю. Той так і зрабіў: і стала рука ў яго здаровая, як другая.

11 А яны дайшлі да шаленства і раіліся паміж сабою, што б ім зрабіць зь Ісусам.

12 У тыя дні ўзыйшоў Ён на гару памаліцца і прабыў усю ноч, молячыся Богу.

13 А як разьвіднела, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў зь іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі:

14 Сымона, якога назваў Пятрам, і Андрэя, брата ягонага, Якава і Яна, Піліпа і Барталамея,

15 Мацьвея і Тамаша, Якава Алфеевага і Сымона, называнага Зілотам,

16 Юду Якаўлевага і Юду Іскарыёта, які потым стаўся прадажнікам.

17 І сыйшоў зь імі, стаў Ён на роўным месцы, і мноства вучняў Ягоных, і мноства люду з усёй Юдэі і зь Ерусаліма, і з прыморскіх мясьцінаў Тырскіх і Сідонскіх,

18 якія прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хваробаў сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і ацаляліся.

19 І ўвесь люд імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і ацаляла ўсіх.

20 І Ён, узьвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, казаў: дабрашчасныя ўбогія духам, бо ваша ёсьць Царства Божае.

21 Дабрашчасныя галодныя сёньня, бо насыціцеся. Дабрашчасныя, хто плача сёньня, бо засьмеяцеся.

22 Дабрашчасныя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас і будуць зьневажаць і зьняславяць імя вашае, як ганебнае, за Сына Чалавечага.

23 Радуйцеся ў той дзень і весялцеся, бо вялікая вам узнагарода на нябёсах. Так рабілі з прарокамі бацькі іхнія.

24 Але гора вам, багатыя! бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэньне.

25 Гора вам, перанасычаныя сёньня! бо спрагнеце з голаду. Гора вам, хто сьмяецца сёньня! бо заплачаце і загалосіце.

26 Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо так рабілі зь ілжывымі прарокамі бацькі іхнія.

27 А вам, хто слухае, кажу: любеце ворагаў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым,

28 дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, і малецеся за напасьнікоў вашых.

29 Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе верхнюю вопратку, не заважай узяць і кашулю.

30 Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і з таго, хто ўзяў тваё, ня зысквай назад.

31 І як хочаце, каб з вамі рабілі людзі, так і вы рабеце зь імі.

32 І калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за тое падзяка?

33 І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі тое самае чыняць.

34 І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся зыскаць назад, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб спагнаць гэтулькі сама.

35 А вы любеце ворагаў вашых, і дабрачыньце, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе вам узнагарода вялікая, і будзеце сынамі ‹сявышняга; бо Ён добры і да няўдзячных і да ліхіх.

36 Дык вось, будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны.

37 Ня судзеце, і ня будзеце суджаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і дараваныя будзеце;

38 давайце, і дасца вам: мераю добраю, утрэсенаю, умятаю і перапоўненаю адсыплюць вам ва ўлоньне ваша; бо якою мераю мерыце, такою самаю адмерыцца і вам.

39 Сказаў таксама ім прытчу: ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? ці не абодва ўпадуць у яму?

40 Вучань ня бывае вышэй за свайго настаўніка; але, удасканаліўшыся, будзе кожны, як настаўнік ягоны.

41 Што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а калоды ў сваім воку не адчуваеш?

42 Альбо, як можаш сказаць брату твайму: «браце! дай, я выму парушынку з вока твайго», калі сам ня бачыш калоды ў сваім воку! Крывадушнік! вымі сьпярша калоду са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.

43 Няма добрага дрэва, якое б радзіла благі плод; і няма благога дрэва, якое б радзіла плод добры.

44 Бо ўсякае дрэва пазнаецца з плоду ягонага; бо ня зьбіраюць смокваў зь цярноўніку, і ня зьбіраюць вінаграду з хмызьняку.

45 Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а ліхі чалавек зь ліхога скарбу сэрца свайго выносіць ліхое; бо ад лішніцы сэрца маўляюць вусны ягоныя.

46 Што вы клічаце Мяне: «Госпадзе! Госпадзе!» і ня робіце таго, што Я кажу?

47 Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае словы Мае і выконвае іх, скажу вам, на каго падобны:

48 ён падобны на чалавека, што будуе дом, які капаў, паглыбіўся і заклаў падмурак на камені, таму, калі сталася паводка, і вада націснула на гэты дом, дык не магла пахіснуць яго, бо ён пастаўлены быў на камені.

49 А хто слухае і ня выконвае, падобны на чалавека, які пабудаваў дом на зямлі без падмурка, які, калі націснула на яго вада, адразу абваліўся; і разбурэньне дома гэтага было вялікае.

 

Разьдзел 7

 

1 Калі Ён скончыў усе словы Свае люду, які слухаў, дык увайшоў у Капернаум.

2 У аднаго сотніка слуга, якім ён даражыў, быў хворы пры сьмерці.

3 Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшынаў - прасіць Яго, каб прыйшоў ацаліць слугу ягонага.

4 І яны, прыйшоўшы да Ісуса, прасілі Яго моцна, кажучы: ён варты, каб Ты зрабіў дзеля яго гэта,

5 бо ён любіць народ наш і збудаваў нам сынагогу.

6 Ісус пайшоў зь імі. І калі Ён недалёка ўжо быў ад дома, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: ня турбуйся, Госпадзе, бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах;

7 таму і сябе самога не палічыў я вартым прыйсьці да Цябе; але скажы слова, і паправіцца слуга мой;

8 бо я і падуладны чалавек, але, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і ідзе; і другому: «прыйдзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць.

9 Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся яму і, павярнуўшыся, сказаў народу, які ішоў за Ім: кажу вам, што і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.

10 Пасланцы, вярнуўшыся ў дом, знайшлі хворага слугу здаровым.

11 Пасьля гэтага Ісус пайшоў у горад, які называўся Наін, і зь Ім ішлі многія вучні Ягоныя і мноства людзей.

12 Калі ж Ён наблізіўся да гарадзкое брамы, тут выносілі памерлага, адзінага сына ў маці, а яна была ўдава; і шмат людзей ішло зь ёю з горада.

13 Убачыўшы яе, Гасподзь умілажаліўся зь яе і сказаў ёй: ня плач.

14 І падышоўшы, дакрануўся да мараў; тыя, што несьлі, спыніліся; і Ён сказаў: хлопча! табе кажу, устань.

15 Мёртвы, падняўшыся, сеў і пачаў гаварыць; і аддаў яго Ісус маці ягонай.

16 І ўсіх апанаваў страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў народ Свой.

17 Такая пагалоска пра Яго разышлася па ўсёй Юдэі і па ўсім навакольлі.

18 І абвясьцілі Яну вучні ягоныя пра ўсё тое.

19 Ян, паклікаўшы двух вучняў сваіх, паслаў да Ісуса спытацца: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?

20 Яны, прыйшоўшы да Ісуса, сказалі: Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе спытацца: ці Той Ты, Які мае прыйсьці, ці чакаць нам другога?

21 А тым часам Ён многіх ацаліў ад хваробаў і немачаў і ад злых духаў, і многім сьляпым даў зрок.

22 І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што вы бачылі і чулі: сьляпыя робяцца відушчымі, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца дабравесьце;

23 і дабрашчасны, хто не спакусіцца празь Мяне.

24 І калі пайшлі пасланцы Янавыя, Ён пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую?

25 што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? Але тыя, хто апранаецца пышна і раскошна жыве, яны пры дварах царскіх.

26 Што ж глядзець хадзілі вы? ці не прарока? Таму, кажу вам, нават больш, чым прарока.

27 Гэта той, пра якога напісана: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою».

28 Бо кажу вам: сярод народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока большага за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Божым большы за яго.

29 І ўвесь народ, які слухаў, і мытнікі ўзьнесьлі Богу славу, ахрысьціўшыся хрышчэньнем Янавым;

30 а фарысэі і законьнікі адверглі волю Божую пра сябе, ня хрысьціўшыся ў яго.

31 Тады Гасподзь сказаў: з кім параўнаю людзей роду гэтага? і да каго яны падобныя?

32 яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку, клічуць адно аднаго і кажуць: мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі.

33 Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ні хлеба ня есьць, ні віна ня п'е; і кажаце: «у ім дэман».

34 Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п'е; і кажаце: «вось чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў».

35 І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе.

36 Нехта з фарысэяў прасіў Яго паесьці зь ім ежы; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг.

37 І вось, жанчына з таго горада, якая была грэшніца, даведаўшыся, што Ён узьляжыць у доме ў фарысэя, прынесла алавастравы посуд зь мірам;

38 і, стаўшы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя сьлязьмі і абціраць валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Яму, і мазала мірам.

39 Бачачы гэта, фарысэй, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: калі б Ён быў прарок, дык ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца.

40 Зьвярнуўшыся да яго, Ісус сказаў: Сымоне! Я маю нешта сказаць табе. Ён кажа: скажы, Настаўнік.

41 Ісус сказаў: у аднаго пазыкоўца было два даўжнікі: адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзясят;

42 але як што яны ня мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык скажы, каторы зь іх болей палюбіць яго?

43 Сымон адказаў: думаю, той, каму больш даравана. Ён сказаў яму: правільна ты разважыў.

44 І абярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў: а яна сьлязьмі абліла Мне ногі і валасамі галавы свае абцерла.

45 Ты цалаваньня Мне ня даў; а яна, з той хвіліны, як Я прыйшоў, не перастае цалаваць Мне ногі.

46 Ты галавы Мне алеем не памазаў; а яна мірам намасьціла Мне ногі.

47 А таму кажу табе: даруюцца грахі ёй многія за тое, што яна палюбіла многа: а каму мала даруецца, той мала любіць.

48 А ёй сказаў: даруюцца табе грахі.

49 І тыя, што ўзьляжалі зь Ім, пачалі гаварыць самі сабе: хто гэта, што і грахі даруе?

50 А Ён сказаў жанчыне: вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам.

 

Разьдзел 8

 

1 Пасьля гэтага Ён праходзіў па гарадах і селішчах, прапаведуючы і зьвястуючы Царства Божае, і зь Ім дванаццаць,

2 і некаторыя жанчыны, якіх Ён ацаліў ад злых духаў і хваробаў: Марыя, называная Магдалінаю, зь якое выйшлі сем дэманаў,

3 і Яна, жонка Хузы, домаўпраўцы Ірадавага, і Сусана, і многія іншыя, якія служылі Яму маёмасьцю сваёю.

4 А як сабралася многа людзей, і з усіх гарадоў жыхары сыходзіліся да Яго, Ён пачаў гаварыць прытчаю:

5 Выйшаў сейбіт сеяць насеньне сваё; і калі ён сеяў, іншае ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго;

6 а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці;

7 а іншае ўпала паміж цернямі, і вырасла церне і заглушыла яго;

8 а іншае ўпала на добрую зямлю і, узышоўшы, урадзіла плод стакротны. Сказаўшы гэта, абвясьціў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

9 А вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: што азначала прытча гэтая?

10 Ён сказаў: вам дадзена ведаць таямніцы Божага Царства, а астатнім у прытчах, так што яны бачачы - ня бачаць і чуючы - не разумеюць.

11 Вось што азначае прытча гэтая: насеньне ёсьць слова Божае;

12 а што ўпала пры дарозе, гэта ёсьць слухачы, да якіх пасьля прыходзіць д'ябал і забірае слова з сэрца іхняга, каб яны ня ўверавалі і не ўратаваліся,

13 а што ўпала на камень, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, прымаюць з радасьцю, але якія ня маюць кораня і часова веруюць, а ў час спакушэньня адпадаюцца;

14 а што ўпала ў церне, гэта тыя, якія слухаюць слова, але, адыходзячы, турботамі, багацьцем і асалодамі жыцьцёвымі заглушаюцца і плоду ня родзяць:

15 а што ўпала на добрую зямлю, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, асяляюць яго ў добрым і чыстым сэрцы і родзяць плод у цярплівасьці. Сказаўшы гэта, Ён абвясьціў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

16 Ніхто, запаліўшы сьвечку, не накрывае яе пасудзінаю, альбо ня ставіць пад ложак, а ставіць на сьвечнік, каб уваходзячы, бачылі сьвятло.

17 Бо няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву, ні схаванага, што не зрабілася б вядомым і ня выкрылася б.

18 Дык вось, уважайце, як вы слухаеце: бо хто мае, таму дадзена будзе; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што ён думае мець.

19 І прыйшлі да Яго Маці і браты Ягоныя, і не маглі падысьці да Яго з прычыны люднасьці.

20 І далі знак Яму: Маці і браты Твае стаяць звонку, хочучы бачыць Цябе.

21 Ён сказаў ім у адказ: маці Мая і браты Мае - гэта слухачы слова Божага і выканаўцы яго.

22 Аднаго дня Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў лодку і сказаў ім: пераправімся на той бок возера. І выправіліся.

23 У час плаваньня іхняга Ён заснуў. На возеры падняўся бурны вецер, і залівала іх хвалямі, і яны былі ў небясьпецы.

24 І падышоўшы, разбудзілі Яго і сказалі: Настаўнік! Настаўнік! гінем. Але Ён, устаўшы, загразіў ветру і хваляваньню вады: і перасталі, і зрабілася цішыня.

25 Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша? А яны ў страху і зьдзіўленьні казалі адзін аднаму: хто ж гэта, што і вятрам загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго?

26 І прыплылі ў краіну Гадарынскую, якая насупраць Галілеі.

27 Калі ж выйшаў Ён на бераг, сустрэў Яго адзін чалавек з горада, апанаваны дэманамі з даўняга часу, і ў вопратку не апранаўся, і жыў ня ў доме, а ў магілах.

28 Ён, убачыўшы Ісуса, закрычаў, упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога ‹сявышняга? прашу Цябе, ня муч мяне.

29 Бо Ісус загадаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалавека; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі і путамі, аберагаючы яго: але ён разрываў путы, і быў гнаны дэманам у пустыні.

30 Ісус спытаўся ў яго: як тваё імя? Той сказаў: «легіён», бо шмат дэманаў увайшло ў яго.

31 І яны прасілі Ісуса, каб не загадаў ім ісьці ў бездань.

32 А тут на гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіней: і дэманы прасілі ў Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх. Ён дазволіў ім.

33 Дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіней: і кінуўся гурт з урвішча ў возера, і патануў.

34 Пастухі, убачыўшы, што сталася, пабеглі і расказалі ў горадзе і ў селішчах.

35 І выйшлі пабачыць, што сталася; і прыйшоўшы да Ісуса, знайшлі чалавека, зь якога выйшлі дэманы; ён сядзеў каля ног Ісуса, апрануты і ў здаровым розуме: і жахнуліся.

36 А тыя, што бачылі, расказалі ім, як выздаравеў шаленец.

37 І прасіў у Яго ўвесь люд Гадарынскага навакольля сысьці ад іх, бо яны агорнутыя былі вялікім страхам. Ён увайшоў у лодку і вярнуўся.

38 А чалавек, зь якога выйшлі дэманы, прасіўся ў Яго, каб быць зь Ім. Але Ісус адпусьціў яго, сказаўшы:

39 вярніся ў дом твой і раскажы, што ўтварыў табе Бог. Ён пайшоў і абвяшчаў па ўсім горадзе, што ўтварыў яму Ісус.

40 А калі вярнуўся Ісус, люд прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго.

41 І вось, прыйшоў чалавек, якога звалі Яір, які быў начальнікам сынагогі: і ўпаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсьці да яго ў дом,

42 бо ў яго была адна дачка, гадоў дванаццаці, і тая была пры сьмерці. А калі Ён ішоў, люд націскаў на Яго.

43 І жанчына, якая пакутавала ад крывацечы дванаццаць гадоў, якая, патраціўшы на лекараў усю маёмасьць, ніводным не магла быць вылечана, -

44 падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай: і адразу цеча крыві ў яе перастала.

45 І сказаў Ісус: хто дакрануўся да Мяне? Калі ж усе адмовіліся, Пётр і ўсе, хто быў зь Ім, сказалі: Настаўнік! людзі атачаюць Цябе і націскаюць, - і Ты кажаш: «хто дакрануўся да Мяне»?

46 Але Ісус сказаў: дакрануўся да Мяне нехта: бо Я адчуваў сілу, якая выйшла зь Мяне.

47 Жанчына, бачачы, што яна ня ўтоілася, з трымценьнем падыйшла і, упаўшы перад Ім, абвясьціла Яму перад усімі людзьмі, зь якой прычыны дакранулася да Яго, і як адразу ацалілася.

48 Ён сказаў ёй: дзей, дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам.

49 Калі Ён яшчэ гаварыў гэта, прыходзіць нехта з дому начальніка сынагогі і кажа яму: дачка твая памерла: не дакучай Настаўніку.

50 Але Ісус, пачуўшы гэта, сказаў яму: ня бойся, толькі веруй, і ўратаваная будзе.

51 А прыйшоўшы ў дом, не дазволіў увайсьці нікому, апрача Пятра, Яна і Якава, і бацькі дзяўчыны, і маці.

52 Усе плакалі і галасілі па ёй. Але Ён сказаў: ня плачце; яна не памерла, а сьпіць.

53 І сьмяяліся зь Яго, ведаючы, што яна памерла.

54 А Ён, выслаўшы ўсіх прэч і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў: дзяўчына! устань!

55 І вярнуўся дух ейны; яна адразу ўстала; і Ён загадаў даць ёй есьці.

56 І зьдзівіліся бацькі ейныя. А Ён загадаў ім не расказваць нікому пра тое, што сталася.

 

Разьдзел 9

 

1 І склікаўшы дванаццаць, даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі, і лекаваць ад хваробаў,

2 і паслаў іх зьвеставаць Царства Божае і ацаляць хворых

3 і сказаў ім: нічога не бярэце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і ня майце па дзьве вопраткі;

4 і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выпраўляйцеся ў дарогу;

5 а калі дзе ня прымуць вас, дык, выходзячы з горада таго, абцярушэце і пыл з вашых ног у сьведчаньне на іх.

6 Яны пайшлі і праходзілі селішчамі, зьвястуючы і ацаляючы ўсюды.

7 Дачуўся Ірад тэтрарх пра ўсё, што рабіў Ісус, і зьдзіўляўся: бо адны казалі, што гэта Ян паўстаў зь мёртвых;

8 другія - што Ільля зьявіўся; а тыя, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.

9 І сказаў Ірад: Яну я адцяў галаву; а хто Гэты, пра Якога я чую такое? І стараўся ўбачыць Яго.

10 Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны зрабілі; і Ён, узяўшы іх з Сабою, адасобіўся ў пустэльнай мясьціне, непадалёк ад горада, называнага Бэтсаідаю.

11 Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім: і Ён, прыняўшы іх, гутарыў зь імі пра Царства Божае і ацаляў тых, каму было патрэбнае ацаленьне.

12 А дзень пачаў хіліцца да вечара. І прыступіўшы да Яго, дванаццаць казалі Яму: адпусьці людзей, каб яны пайшлі ў навакольныя селішчы і вёскі начаваць і дасталі ежы; бо што мы тут у пустэльнай мясьціне.

13 Але Ён сказаў ім: вы дайце ім есьці. Яны сказалі: у нас няма больш за пяць хлябоў і дзьве рыбіны; хіба што, нам трэба пайсьці купіць ежы на ўвесь гэты люд.

14 Бо іх было каля пяці тысяч чалавек. Але Ён сказаў вучням Сваім: пасадзеце іх радамі па пяцьдзясят.

15 І зрабілі так, і пасадзілі ўсіх.

16 А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны і паглядзеўшы на неба, дабраславіў іх, пераламаў і даў вучням, каб раздаць людзям.

17 І елі і наеліся ўсе: і рэшты кавалкаў набралася ў іх дванаццаць кашоў.

18 Аднаго разу, калі Ён маліўся ў адасобленым месцы, вучні былі зь Ім, Ён спытаўся ў іх: за каго ўважаюць Мяне людзі?

19 Яны сказалі ў адказ, за Яна Хрысьціцеля, а некаторыя - за Ільлю: а іншыя кажуць, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.

20 А Ён спытаўся ў іх: а вы за каго ўважаеце Мяне? Адказаў Пётр: за Хрыста Божага.

21 Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта,

22 сказаўшы, што Сын Чалавечы мае шмат адпакутаваць, і быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэйці дзень уваскрэснуць.

23 А да ўсіх прамовіў: калі хто хоча ісьці за Мною, адрачыся ад сябе і вазьмі крыж свой і ідзі за Мною;

24 бо, хто хоча душу сваю захаваць, той страціць яе: а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той захавае яе,

25 бо што карысьці чалавеку здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубіць, альбо пашкодзіць сабе?

26 бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айцовай і сьвятых анёлаў.

27 Кажу бо вам па праўдзе: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, якія ня зьведаюць сьмерці, а ўжо ўгледзяць Царства Божае.

28 Пасьля гэтых словаў, дзён праз восем, узяўшы Пятра, Яна і Якава, узыйшоў Ён на гару памаліцца.

29 І калі маліўся, выгляд аблічча ў Яго зьмяніўся, і вопратка ў Яго зрабілася белая, бліскучая.

30 І вось, два мужы гутарылі зь Ім, якія былі Майсей і Ільля:

31 зьявіўшыся ў славе, яны казалі абодва пра зыход Ягоны, які яму належала зьдзейсьніць у Ерусаліме.

32 Пётр і астатнія зь ім змораныя былі сном: але прачнуўшыся, угледзелі славу Ягоную, і двух мужоў, што стаялі зь Ім.

33 І калі яны адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр Ісусу: Настаўнік! добра нам тут быць: зробім тры палаткі, адну Табе, адну Майсею і адну Ільлю, - ня ведаючы, што казаў.

34 Калі ж ён казаў гэта, наплыло воблака і асланіла іх; і спалохаліся яны, калі ўвайшлі ў воблака.

35 І быў з воблака голас, які мовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны; Яго слухайце.

36 Калі быў гэты голас, застаўся Ісус адзін. І яны змоўчалі і нікому не казалі ў тыя дні пра тое, што бачылі.

37 А на другі дзень, калі яны сыйшлі з гары, сустрэла Яго шмат людзей.

38 Раптам нехта зь людзей усклікнуў: Настаўнік! малю Цябе зірнуць на сына майго, ён адзін у мяне:

39 яго вярэдзіць дух, і ён раптам ускрыквае, і курчыць яго, так што пускае пену; і ледзьве адступае ад яго, змучыўшы яго;

40 я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не маглі.

41 А Ісус адказваючы, сказаў: о род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? прывядзі сюды сына твайго.

42 І калі той яшчэ ішоў, дэман кінуў яго на зямлю і пачаў калаціць; але Ісус загразіў нячыстаму духу, і ацаліў падлетка, і аддаў яго бацьку ягонаму.

43 І ўсе зьдзіўляліся зь велічы Божай. А калі ўсе зьдзіўляліся з усяго, што гаварыў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:

44 пакладзеце вы сабе ў вушы словы гэтыя: Сын Чалавечы будзе аддадзены ў рукі чалавечыя.

45 Але яны не зразумелі слова гэтага, і яно было замкнута ад іх, так што яны ня ўцямілі яго; а спытацца ў Яго пра гэтае слова баяліся.

46 І прыйшло ім на думку: хто б зь іх быў большы?

47 А Ісус, бачачы помысел сэрца іхняга, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою

48 і сказаў ім: хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае; а хто прыме Мяне, той прымае Таго, Хто паслаў Мяне; бо, хто з вас найменшы за ўсіх, той будзе вялікі.

49 Пры гэтым Ян сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалавека, які імем Тваім выганяе дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі.

50 Ісус сказаў яму: не забараняйце; бо хто ня супроць вас, той за вас.

51 А калі набліжаліся дні ўшэсьця Ягонага ад людзей, Ён захацеў ісьці ў Ерусалім,

52 і паслаў вястуноў перад абліччам Сваім: і яны пайшлі і ўвайшлі ў селішча Самаранскае, каб падрыхтаваць для Яго;

53 але там ня прынялі Яго, бо Ён меў выгляд вандроўніка ў Ерусалім.

54 Бачачы гэта, вучні Ягоныя, Якаў і Ян, сказалі: Госпадзе! ці хочаш, мы скажам, каб вагонь сышоў зь неба і вынішчыў іх, як і Ільля зрабіў?

55 Але Ён, зьвярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: ня ведаеце, якога вы духу;

56 бо Сын Чалавечы прыйшоў ня губіць душы чалавечыя, а ратаваць. І пайшлі ў іншае селішча.

57 Сталася, што калі яны былі ў дарозе, нехта сказаў Яму: Госпадзе! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.

58 Ісус сказаў яму: лісы маюць норы, а птушкі нябесныя - гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.

59 А другому сказаў: ідзі за Мною. Той сказаў: Госпадзе! дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць бацьку майго.

60 Але Ісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх мерцьвякоў; а ты ідзі, зьвястуй Царства Божае.

61 Яшчэ другі сказаў: я пайду за Табою, Госпадзе! але сьпярша дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі.

62 Але Ісус сказаў яму: ніхто, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надзейны для Царства Божага.

 

Разьдзел 10

 

1 Пасьля гэтага выбраў Гасподзь і іншых вучняў, і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і мясьціну, куды Сам хацеў ісьці,

2 і сказаў ім: жніва многа, а работнікаў мала; дык вось малеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.

3 Ідзеце! Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.

4 Не бярэце ні мяха, ні торбы, ні абутку, і нікога на дарозе ня вітайце.

5 У які дом увойдзеце, сьпярша кажэце: «мір дому гэтаму!»

6 і калі будзе там сын міру, дык спачыне на ім мір ваш; а калі не, дык да вас вернецца;

7 а ў доме тым заставайцеся, ежце і пеце, што ў іх ёсьць: бо працаўнік варты ўзнагароды за працу сваю, не пераходзьце з дому ў дом.

8 І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ежце, што вам дадуць;

9 і ацаляйце ў ім хворых, і кажэце ім: «наблізілася да вас Царства Божае».

10 А як прыйдзеце ў які горад, і ня прымуць вас, дык, выйшаўшы на вуліцу, скажэце:

11 «і пыл, прыліплы да нас ад вашага горада, абцярушваем вам; аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Царства Божае».

12 Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе радасьней, чым гораду таму.

13 Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо, калі б у Тыры і Сідоне зьявіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны, седзячы ў вярэце і ў попеле, пакаяліся;

14 але і Тыру і Сідону радасьней будзе на судзе, чым вам.

15 І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся.

16 Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас цураецца, Мяне цураецца; а хто цураецца Мяне, цураецца Таго, хто паслаў Мяне.

17 Семдзесят вучняў вярнуліся з радасьцю і казалі: Госпадзе! і дэманы слухаюцца нас у імя Тваё.

18 А Ён сказаў ім: Я бачыў сатану, які ўпаў зь неба, як маланка;

19 вось, даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам;

20 аднак жа таму ня радуйцеся, што духі слухаюцца вас: а радуйцеся таму, што імёны вашыя напісаны на нябёсах.

21 У тую хвіліну ўзрадаваўся духам Ісус і сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і ад разумных і адкрыў малым дзецям; праўда, Войча! бо такая была Твая воля.

22 І зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў: усё перададзена мне Айцом Маім; і хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, апрача Айца, і хто ёсьць Айцец, ня ведае ніхто, апрача Сына, і каму Сын хоча адкрыць.

23 І зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: дабрашчасныя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце!

24 бо кажу вам, што многія прарокі і цары хацелі бачыць, што вы бачылі, і ня ўбачылі, і чуць, што вы чулі, і ня чулі.

25 І вось, адзін законьнік устаў і, спакушаючы Яго, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцьё вечнае?

26 А Ён сказаў яму: у законе што напісана? як чытаеш?

27 Той сказаў у адказ: «палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцай тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і блізкага твайго, як самога сябе».

28 Ісус сказаў яму: слушна ты адказваў; так рабі і будзеш жыць.

29 Але той, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: а хто мой блізкі?

30 На гэта сказаў Ісус: нейкі чалавек ішоў зь Ерусаліма ў Ерыхон і нарваўся на разбойнікаў, якія зьнялі зь яго вопратку, паранілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога.

31 З нагоды нейкі сьвятар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма.

32 Гэтак сама і лявіт, быўшы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма.

33 А нейкі Самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы яго, пашкадаваў,

34 і падышоўшы, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў гасьцініцу і паклапаціўся пра яго;

35 а на другі дзень, ад'язджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару гасьцініцы і сказаў яму: паклапаціся пра яго; і калі патраціш больш, я, калі вярнуся, аддам табе.

36 Хто з гэтых трох, думаеш ты, быў блізкі таму, што нарваўся на разбойнікаў?

37 Ён сказаў: той, які зрабіў яму міласьць. Тады Ісус сказаў яму: ідзі, і ты рабі гэтак сама.

38 У часе дарогі іхняй, прыйшоў Ён у адно селішча; тут жанчына, імем Марфа, прыняла Яго ў дом свой;

39 у яе была сястра, імем Марыя, якая села да ног Ісуса і слухала слова Ягонае.

40 А Марфа клапатала пра вялікае частаваньне, і падышоўшы, сказала: Госпадзе! ці Табе клопату няма, што сястра мая адну мяне пакінула служыць? скажы ёй, каб пасобіла мне.

41 А Ісус сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! рупішся і завіхаешся ты занадта,

42 а адно толькі трэба, Марыя ж выбрала добрую долю, якая не адымецца ў яе.

 

Разьдзел 11

 

1 Сталася, што калі Ён у адным месцы маліўся, і перастаў, адзін вучань ягоны сказаў Яму: Госпадзе! навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх.

2 Ён сказаў ім: калі моліцеся, кажэце: «Войча наш, Які існы ў нябёсах! хай сьвяціцца імя Тваё; хай прыйдзе Царства Тваё; хай будзе воля Твая і на зямлі,

3 як на небе; хлеб наш надзённы давай нам на кожны дзень;

4 і даруй нам грахі нашыя, як і мы даруем кожнаму вінаватаму перад намі; і не дапусьці нас у спакусу, але ратуй нас ад ліхога».

5 І сказаў ім: уявім, што нехта з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: дружа, пазыч мне тры хлябы,

6 бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне, і ў мяне няма чаго даць яму;

7 а той зь сярэдзіны скажа яму ў адказ: ня турбуй мяне, дзьверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на пасьцелі са мною; не магу ўстаць і даць табе.

8 Калі, кажу вам, ён ня ўстане і ня дасьць яму па прыязьні зь ім, дык па неадступнасьці ягонай, устаўшы, дасьць яму, колькі просіць.

9 І Я кажу вам: прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;

10 бо кожны просьбіт атрымлівае, і шукальнік знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.

11 Які з вас бацька, калі сын папросіць у яго хлеба, падасьць яму камень? альбо калі папросіць рыбы, падасьць яму зьмяю, замест рыбы?

12 альбо, калі папросіць яйка, падасьць яму скарпіёна?

13 Дык вось, калі вы, ліхія, умееце даньні добрыя даваць дзецям вашым, тым болей Айцец Нябесны дасьць Духа Сьвятога тым, хто просіць у Яго.

14 Аднаго разу выгнаў Ён дэмана, які быў нямы; і калі дэман выйшаў, нямы загаварыў; і людзі зьдзівіліся.

15 А некаторыя зь іх казалі: Ён выганяў дэманаў сілаю вэльзэвула, князя дэманскага.

16 А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ад Яго азнакі зь неба.

17 Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее, і дом, які разьдзяліўся сам у сабе, зруйнуецца.

18 А калі і сатана разьдзеліцца сам у сабе, дык як устоіць царства ягонае? а вы кажаце, што я сілаю вэльзэвулавай выганяю дэманаў.

19 І калі Я сілаю вэльзэвулавай выганяю дэманаў, дык сыны вашыя чыёй сілаю выганяюць іх? А таму яны будуць вам за судзьдзяў.

20 А калі Я пальцам Божым выганяю дэманаў, дык напэўна ж дасягнула да вас Царства Божае.

21 Калі дужы са зброяй ахоўвае свой дом, тады ў бясьпецы ягоная маёмасьць;

22 а калі дужэйшы за яго нападае на яго і пераможа яго, тады возьме ўсю зброю ягоную, на якую ён спадзяваўся, і падзеліць захопленае ў яго.

23 Хто не са Мною, той супроць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.

24 Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык ходзіць па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў.

25 І прыйшоўшы, застае яго падмеценым і прыбраным;

26 тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае.

27 Калі ж Ён казаў гэта, адна жанчына, узвысіўшы голас зь людзей, сказала Яму: дабрашчаснае ўлоньне, якое насіла Цябе, і саскі, якія Цябе кармілі!

28 А Ён сказаў: дабрашчасныя тыя, што слухаюць слова Божае і трымаюцца яго.

29 А калі люд пачаў сыходзіцца ў мностве, Ён пачаў гаварыць: род гэты ліхі; ён шукае азнакі, і азнака не даецца яму, апрача азнакі Ёны прарока;

30 бо, як Ёна быў азнакай Нінэвіцянам, так будзе Сын Чалавечы роду гэтаму.

31 Царыца Поўдня паўстане на суд з мужамі роду гэтага і асудзіць іх, бо яна прыходзіла з канца зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай; і вось тут больш за Саламона.

32 Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз прапаведаваньне Ёнавае, і вось, тут больш за Ёну.

33 Ніхто, запаліўшы сьвечку, ня ставіць яе ў патайным месцы, ні пад пасудзінаю, а на сьвечніку, каб, уваходзячы, бачылі сьвятло.

34 Сьветач целу ёсьць вока; дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, дык і ўсё цела тваё будзе сьветлае; а калі яно будзе благое, дык і цела тваё будзе цёмнае.

35 Дык вось, глядзі: сьвятло, якое ў табе, ці ня ёсьць цемра?

36 А калі цела тваё ўсё сьветлае і ня мае ніводнай цямноціны, дык будзе сьветла ўсё так, як бы калі сьветач асьвятляў цябе зьзяньнем.

37 Калі Ён сказаў гэта, адзін фарысэй запрасіў Яго да сябе абедаць; Ён прыйшоў і ўзьлёг.

38 А фарысэй зьдзівіўся, убачыўшы, што Ён ня ўмыў рук перад абедам.

39 Але Гасподзь сказаў яму: вось вы, фарысэі, зьнешнасьць чары і місы ачышчаеце, а нутрына вашая поўная пахапнасьці і злахітрасьці.

40 Неразумныя! ці ж ня Той, Хто стварыў зьнешняе, старыў і ўнутранае?

41 Падавайце лепей міласьціну з таго, што ў вас ёсьць: тады ўсё будзе ў вас чыстае.

42 але гора вам, фарысэям, што даяце дзесяціну зь мяты, руты і ўсякай гародніны, і ня дбаеце пра суд і любасьць Божую: гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.

43 Гора вам, фарысэям, што любіце ў сынагогах сядзець наперадзе і вітаньні на плошчах.

44 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што вы - як магілы схаваныя, над якімі людзі ходзяць і ня ведаюць таго.

45 На гэта нехта з законьнікаў сказаў Яму: Настаўнік! кажучы гэта, Ты нас крыўдзіш.

46 Але Ён сказаў: і вам, законьнікам, гора, што ўскладваеце на людзей ёрмы непасільныя, а самыя і адным пальцам не кранаеце іх.

47 Гора вам, што будуеце могільнікі прарокам, якіх забілі бацькі вашыя:

48 гэтым самым вы сьведчыце пра дзеі бацькоў вашых і згаджаецеся зь імі; бо яны забілі прарокаў, а вы будуеце ім помнікі.

49 Таму і мудрасьць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і зь іх адных заб'юць, а другіх прагоняць;

50 хай спагоніцца з роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьвету,

51 ад крыві Авеля да крыві Захара, забітага паміж ахвярнікам і храмам. Праўда, кажу вам, спагоніцца з роду гэтага.

52 Гора вам, законьнікам, што вы ўзялі ключ разуменьня: самыя не ўвайшлі і ўваходзіць перашкодзілі.

53 Калі Ён казаў ім гэта, кніжнікі і фарысэі пачалі заўзята падступацца да яго, вымагаючы ў Яго адказаў на многае,

54 цікуючы за Ім і стараючыся падлавіць што-небудзь з вуснаў Ягоных, каб зьвінаваціць Яго.

 

Разьдзел 12

 

1 Тым часам, калі сабраліся тысячы людзей, так што ціснулі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць спадчатку вучням Сваім: сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай, якая ёсьць крывадушнасьць.

2 Няма нічога схаванага, што ня выкрылася б, і таемнага, чаго ня ўведалі б.

3 Таму, што вы сказалі ў цемры, тое ўчуецца на сьвятле; і што казалі на вуха ўсярэдзіне дома, тое будзе абвешчана з дахаў.

4 Кажу ж бо вам, сябрам Маім: ня бойцеся тых, што забіваюць цела і потым ня могуць нічога болей зрабіць;

5 а скажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, пасьля забойства, можа ўкінуць у геену; праўда, кажу вам, таго бойцеся.

6 Ці ж ня пяць маленькіх птушак прадаюцца за два асарыі? і ніводная зь іх не забытая ў Бога.

7 А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Дык вось, ня бойцеся: вы даражэйшыя за многіх маленькіх птушак.

8 Маўляю ж вам: кожнага, хто вызна Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы вызнае перад анёламі Божымі;

9 а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, той зрачоны будзе перад анёламі Божымі.

10 І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, даравана будзе; а хто скажа блюзьнерства на Духа Сьвятога, таму не даруецца.

11 А як прывядуць вас у сынагогі, да начальстваў і ўладаў, ня турбуйцеся, як ці што адказваць, альбо што казаць;

12 бо Сьвяты Дух навучыць вас у тую самую хвіліну, што трэба казаць.

13 Нехта зь людзей сказаў Яму: Настаўнік! скажы брату майму, каб ён падзяліў са мной спадчыну,

14 А Ён сказаў чалавеку таму: хто паставіў Мяне судзіць альбо дзяліць вас?

15 Пры гэтым сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся любазьдзірства, бо жыцьцё чалавека не залежыць ад лішку ў яго маёмасьці.

16 І сказаў ім прытчу: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле;

17 і ён разважаў сам з сабою: што мне рабіць? няма куды мне сабраць плады мае.

18 І сказаў: вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і зьбяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё.

19 І скажу душы маёй: душа! шмат дабра ляжыць у табе на многія гады: пакайся, еж, пі, весяліся.

20 Але Бог сказаў яму: неразумны! гэтае ж ночы душу тваю забяруць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты назапасіў?

21 Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы сабе, а не ад Бога багацее.

22 І сказаў вучням Сваім: таму кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есьці, ні для цела, у што апрануцца:

23 душа большая за ежу, і цела - за вопратку.

24 Паглядзеце на крумкачоў: яны ня сеюць, ні жнуць; няма ў іх ні сховішчаў, ні засекаў, і Бог корміць іх; наколькі ж бо вы лепшыя за птушак?

25 Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?

26 Дык вось, калі і найменшага зрабіць ня можаце, чаго ж турбуецеся за астатняе?

27 Паглядзеце на лілеі, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць; але кажу вам што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная зь іх.

28 А калі траву польную, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, дык наколькі ж болей вас, малаверы.

29 Дык вось, ня шукайце, што вам есьці, альбо што піць, і ня турбуйцеся,

30 бо ўсяго гэтага шукаюць людзі сьвету гэтага; а ваш Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым;

31 а найболей шукайце Царства Божага, і гэта ўсё дадасца вам.

32 Ня бойся, малы статак! бо Айцец ваш меў добрую ласку даць вам Царства.

33 Прадавайце маёнткі вашыя і давайце міласьціну. Рыхтуйце сабе ўмясьцілішчы нелядашчыя, скарб нявычэрпны на нябёсах, куды злодзей не набліжаецца, і дзе моль не зьядае:

34 бо, дзе скарб ваш, там і сэрца вашае будзе.

35 Хай будзе паясьніца вашая аперазаная, і сьвяцільні гараць;

36 і вы будзеце падобныя на людзей, якія чакаюць вяртаньня гаспадара свайго зь вясельля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.

37 Дабрашчасныя рабы тыя, якіх гаспадар, прыйшоўшы, застане чуйнымі; праўду кажу вам, ён апяражацца і пасадзіць іх, і падыходзячы, пачне служыць ім.

38 І калі прыйдзе ў другую варту, і ў трэцюю варту прыйдзе, і знойдзе іх так, дык дабрашчасныя рабы тыя.

39 Вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дому, а каторай гадзіне прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і не дапусьціў бы падкапаць дом свой:

40 будзьце ж і вы гатовыя, бо ў якую гадзіну, ня думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.

41 Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзе! ці нам Ты прытчу гэтую кажаш, ці ўсім?

42 Гасподзь жа сказаў: хто верны і разумны ўпраўнік, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба?

43 Дабрашчасны раб той, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы, застане, што робіць так:

44 праўду кажу вам, што над усёй маёмасьцю сваёй паставіць яго.

45 А калі раб той скажа ў сэрцы сваім: «ня скора прыйдзе гаспадар мой», і пачне біць слуг і служанак, есьці і піць і напівацца,

46 дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня думае, і пасячэ яго і пакладзе яму долю аднолькавую зь нявернымі.

47 А той раб, які ведаў волю гаспадара свайго, і ня быў гатовы, і не рабіў па волі ягонай, біты будзе моцна;

48 а які ня ведаў і зрабіў вартае пакараньня, біты будзе меней. І ад кожнага, каму дадзена шмат, шмат і спатрабуецца; і каму шмат даверана, з таго болей зышчуць.

49 Агонь прыйшоў Я зьвесьці на зямлю, і як хацеў бы, каб ён ужо загарэўся!

50 Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца; і як Я ўбольваюся, пакуль тое зьдзейсьніцца!

51 Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць мір зямлі? не, кажу вам, а разьдзяленьне;

52 бо ад сёньня пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца: трое супроць двух, а двое супроць трох;

53 бацька будзе супроць сына, і сын супроць бацькі; маці супроць дачкі, і дачка супроць маці; сьвякроў супроць нявесткі сваёй, і нявестка супроць сьвякрові сваёй.

54 Сказаў жа і народу: калі вы бачыце хмару, што падымаецца з захаду, адразу кажаце: дождж будзе; і бывае так;

55 і калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: сьпёка будзе; і бывае.

56 Крывадушнікі! аблічча зямлі і неба апазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаяце?

57 Чаму ж вы і па саміх сабе не мяркуеце, што быць павінна?

58 Калі ты ідзеш з супраціўнікам сваім да начальства, дык па дарозе пастарайся вызваліцца ад яго, каб ён ня прывёў цябе да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе кату, а кат ня кінуў цябе ў цямніцу.

59 маўляю табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі і апошняга гроша.

 

Разьдзел 13

 

1 У гэты час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра Галілеянаў, чыю кроў Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнімі.

2 Ісус сказаў ім на гэта: ці думаеце вы, быццам гэтыя Галілеяне сталі грашнейшыя за ўсіх Галілеянаў, што так пацярпелі?

3 Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце.

4 Альбо, ці думаеце, што тыя васямнаццаць чалавек, на якіх упала вежа Сілаамская і забіла іх, былі вінаватыя больш за ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме?

5 Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце.

6 І сказаў гэтую прытчу: нехта меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу, і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў;

7 і сказаў вінаградару: вось, я трэйці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; сьсячы яе, навошта яна і зямлю займае?

8 Але той сказаў яму ў адказ: спадару! пакінь яе і на сёлета, пакуль я акапаю яе і абкладу гноем:

9 ці ня ўродзіць плоду; калі ж не, налета сьсячэш яе.

10 У адной сынагозе Ён вучыў у суботу;

11 там была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была скурчаная і не магла выпрастацца.

12 Ісус, угледзеўшы яе, падышоў і сказаў ёй: жанчына! ты вызваляешся ад ндужы тваёй.

13 І ўсклаў на яе рукі; і яна адразу выпрасталася і пачала славіць Бога.

14 Пры гэтым начальнік сынагогі, абураючыся, што Ісус ацаліў у суботу, сказаў люду: ёсьць шэсьць дзён, у якія можна рабіць: у тыя і прыходзьце ацаляцца, а ня ў дзень суботні.

15 Гасподзь сказаў яму ў адказ: крывадушнік! ці не адвязвае кожны з вас вала свайго альбо асла ад ясьляў у суботу, і ці не вядзе паіць?

16 а гэтую дачку Абрагамаву, якую зьвязаў сатана вось ужо васямнаццаць гадоў, ці ня трэба было вызваліць яе ад повязяў тых у дзень суботні?

17 І калі казаў Ён гэта, усе супраціўнікі Ягоныя пасароміліся; і ўвесь люд радаваўся за ўсе слаўныя дзеі Ягоныя.

18 А Ён сказаў: на што падобнае Царства Божае, і да чаго прыпадобню яго?

19 яно падобнае на зерне гарчычнае, якое, узяўшы, чалавек пасадзіў у садзе сваім: і вырасла, і зрабілася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў гольлі яго.

20 Яшчэ сказаў: да чаго прыпадобню Царства Божае?

21 Яно падобнае на закваску, якую жанчына, узяўшы, паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё.

22 І праходзіў гарадамі і селішчамі, вучачы і кіруючыся да Ерусаліма.

23 Нехта сказаў Яму: Госпадзе! няўжо мала тых, што ратуюцца? А Ён сказаў ім:

24 імкнецеся ўвайсьці праз вузкую браму, бо, маўляю вам, многія паспрабуюць увайсьці і ня здолеюць.

25 Калі гаспадар дома ўстане і зачыніць дзьверы, тады вы, стоячы знадворку, пачняце стукаць у дзьверы і казаць: «Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам», але Ён скажа вам у адказ: «ня ведаю вас, адкуль вы»;

26 тады пачняце казаць: «мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых вучыў Ты».

27 Але Ён скажа: «кажу вам: ня ведаю вас, адкуль вы; адыдзеце ад Мяне ўсе, хто ўчыняе няпраўду».

28 Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якава і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, а сябе выгнанцамі.

29 І прыйдуць з усходу і з захаду, і поўначы і поўдня і ўзьлягуць у Царстве Божым.

30 І вось, ёсьць апошнія, што будуць першымі, і ёсьць першыя, што будуць апошнімі.

31 У той дзень прыйшлі некаторыя фарысэі і казалі Яму: выйдзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе.

32 І сказаў ім: ідзеце, скажэце гэтаму лісу: вось, выганяю нячыстых і аздараўляю сёньня і ў наступны дзень, і ў трэйці дзень скончу;

33 а зрэшты, мне трэба хадзіць сёньня, заўтра і ў наступны дзень, бо ня бывае, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам.

34 Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і камянямі пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі!

35 Вось, застаецца вам дом ваш пусты, маўляю бо вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада!

 

Разьдзел 14

 

1 Давялося Яму ў суботу прыйсьці ў дом аднаго начальніка фарысэйскага з'есьці хлеба, і яны цікавалі за Ім;

2 і вось, стаў перад Ім чалавек, які цярпеў ад вадзянкі.

3 З гэтай нагоды Ісус спытаўся ў законьнікаў і фарысэяў: ці дазваляецца лекаваць у суботу?

4 Яны маўчалі. І дакрануўшыся, ацаліў таго і адпусьціў.

5 Пры гэтым сказаў ім: калі ў каго-небудзь з вас асёл альбо вол упадзе ў калодзеж, ці ж не адразу і выцягне яго і ў суботу?

6 І не маглі запярэчыць яму на гэта.

7 А заўважаючы, як запрошаныя выбіралі першыя месцы, сказаў ім прытчу:

8 калі ты будзеш пакліканы кім-небудзь на вясельле, не сядай на першае месца, каб не надарыўся хто з запрошаных ім больш ганаровы за цябе,

9 і той, хто запрашаў цябе і яго, падышоўшы, не сказаў бы табе: «саступі яму месца»; і тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца.

10 А калі запрошаны будзеш, прыйшоўшы, сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоўшы, сказаў: «дружа! перасядзь вышэй»; тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою:

11 бо кожны, хто ўзвышае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца.

12 Сказаў жа і таму, хто запрасіў Яго: калі спраўляеш абед альбо вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родзічаў тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны цябе калі не паклікалі, і не дастаў бы ты аддачы.

13 Але калі спраўляеш гасьціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых,

14 і дабрашчасны будзеш, што яны ня могуць аддаць табе, бо аддасца табе ў дзень уваскрэсеньня праведных.

15 Пачуўшы гэта, нехта з тых, што ўзьляжалі зь Ім, сказаў Яму: дабрашчасны, хто з'есьць хлеба ў Царстве Божым!

16 А Ён сказаў яму: адзін чалавек зладзіў вялікую вячэру і склікаў многіх;

17 і калі настаў час бяседы, паслаў раба свайго сказаць запрошаным: ідзеце, бо ўжо ўсё гатова.

18 І пачалі ўсе, як бы змовіўшыся, перапрашацца. Першы сказаў яму: я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці і агледзець яе; прашу цябе, прабач мне.

19 Другі сказаў: я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх; прашу цябе, прабач мне.

20 Трэйці сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсьці.

21 І вярнуўшыся, раб той данёс пра гэта гаспадару свайму. Тады, угневаўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму: ідзі хутчэй па вуліцах і завулках горада, і прывядзі сюды ўбогіх, калекаў, кульгавых і сьляпых.

22 І сказаў раб: спадару! зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсьць месца.

23 Гаспадар сказаў рабу: ідзі па дарогах і ўздоўж платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой;

24 бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных ня з'есьць маёй вячэры: бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.

25 Зь Ім ішло мноства людзей; і Ён, зьвярнуўшыся, сказаў ім:

26 калі хто прыходзіць да Мяне, і не зьненавідзіць бацькі свайго і маці, і жонкі і дзяцей, і сірот і сёстраў, а пры гэтым і самога жыцьця свайго, той ня можа быць Маім вучнем;

27 і хто не нясе крыжа свайго і ня ідзе за Мною, ня можа быць Маім вучнем.

28 Бо хто з вас, хочучы збудаваць вежу, ня сядзе сьпярша і не палічыць выдатакаў, ці мае ён, што трэба на будову яе,

29 каб, калі закладзе падмурак і ня зможа закончыць, усе, хто гэта бачыць, не пасьмяяліся зь яго,

30 кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і ня мог закончыць?

31 Альбо які цар, ідучы на вайну супроць іншага цара, ня сядзе і не параіцца папярэдне, ці моцны ён зь дзесяцьцю тысячамі стаць супроць таго, хто ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі?

32 інакш, пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства - прасіць міру.

33 Так кожны з вас, хто не адцураецца ўсяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем.

34 Соль - добрая рэч; але калі соль страціць сілу, чым асаліць яе?

35 ні ў зямлю, ні ў гной ня прыдасца; прэч выкідаюць яе. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

 

Разьдзел 15

 

1 Наблізіліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.

2 А фарысэі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есьць зь імі.

3 Але Ён сказаў ім наступную прытчу:

4 хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну зь іх, не пакіне дзевяноста дзевяцёх ў пустыні і ня пойдзе па прапалую, пакуль ня знойдзе яе?

5 А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасьцю;

6 і прыйшоўшы дамоў, пакліча сяброў і суседзяў і скажа ім; парадуйцеся са мною, я знайшоў маю прапалую авечку.

7 Маўляю вам, што так на нябёсах болей радасьці будзе за аднаго грэшніка, які каецца, чым за дзевяноста дзевяцёх праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў каяньні.

8 Альбо якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запаліць сьвечкі і не пачне месьці пакой і шукаць пільна, пакуль ня знойдзе?

9 А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак і скажа: парадуйцеся са мною, я знайшла згубленую драхму,

10 Так, кажу вам, бывае радасьць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.

11 Яшчэ сказаў: у аднаго чалавека было два сыны;

12 і сказаў малодшы бацьку: тата! дай мне належную мне долю маёмасьці. І бацька падзяліў ім маёмасьць.

13 Праз колькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкі край і там распусьціў маёмасьць сваю, жывучы распусна.

14 А калі ён пражыў усё, настаў вялікі голад у той краіне, і ён апынуўся ў нястачы;

15 і пайшоў, прыстаў да аднаго жыхара той краіны, а той паслаў яго на палі свае пасьвіць сьвіньні;

16 і ён рады быў напоўніць чэрава сваё струкамі, якія елі сьвіньні, але ніхто не даваў яму.

17 Апамятаўшыся, сказаў: колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішкі хлеба, а я паміраю з голаду!

18 Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою,

19 і ўжо ня варты называцца сынам тваім; прымі мяне ў лік парабкаў тваіх.

20 Устаў і пайшоў да бацькі свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і ўмілажаліўся; і пабегшы, упаў яму на шыю і пацалаваў яго.

21 А сын сказаў яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім.

22 А бацька сказаў рабам сваім: прынясеце найлепшую вопратку і апранеце яго, і дайце пярсьцёнак на руку яму і абутак на ногі;

23 і прывядзеце ўкормленае цяля і закалеце: будзем есьці і весяліцца,

24 бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.

25 А старэйшы сын ягоны быў на полі; і вяртаючыся, калі наблізіўся да дома, пачуў сьпевы і весялосьць;

26 і паклікаўшы аднаго слугу, спытаўся: што гэта такое?

27 Той сказаў яму: брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў укормленае цяля, бо прыняў яго здаровага.

28 Ён угневаўся і не хацеў увайсьці. А бацька, выйшаўшы, клікаў яго.

29 Але ён сказаў у адказ бацьку: вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не пераступаў загаду твайго, але ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца зь сябрамі маімі;

30 а калі сын твой, вось гэты, распусьціўшы маёмасьць сваю з блудніцамі, прыйшоў, ты закалоў яму ўкормленае цяля.

31 А ён сказаў яму: сыне мой! ты заўсёды са мною, і ўсё маё ёсьць тваё;

32 а з таго трэба было радавацца і весяліцца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся.

 

Разьдзел 16

 

1 Сказаў жа і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты і меў упраўніка, на якога данесьлі яму, што распускае маёмасьць ягоную;

2 і паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта я чую пра цябе?

3 Тады ўпраўнік сказаў сам сабе: што мне рабіць? гаспадар мой адбірае ў мяне ўправу над домам: капаць не магу, прасіць саромеюся;

4 ведаю, што зрабіць, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад управы над домам.

5 І паклікаўшы даўжнікоў гаспадара свайго, кожнага паасобку, сказаў першаму: колькі ты вінен гаспадару майму?

6 Той сказаў: сто мераў алею. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і сядай, хутчэй напішы: пяцьдзясят.

7 Потым другому сказаў: а ты колькі вінен? той сказаў: сто мераў пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і напішы: восемдзесят.

8 І пахваліў гаспадар упраўніка нявернага, што абачліва зрабіў; бо сыны веку гэтага здагадлівейшыя за сыноў сьвету ў сваім родзе.

9 І я кажу вам: набывайце сабе сяброў багацьцем няправедным, каб яны, калі зубожыцеся, прынялі вас у вечныя сялібы.

10 Верны ў малым і ў вялікім верны, а няверны ў малым няверны і ў вялікім.

11 Дык вось, калі вы ў няправедным багацьці ня былі верныя, хто даверыць вам сапраўднае?

12 І калі ў чужым ня былі верныя, хто дасьць вам вашае?

13 Ніякі слуга ня можа служыць двум гаспадарам, бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаму пачне рупліва дагаджаць, а пра другога ня дбаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.

14 Чулі ўсё гэта і фарысэі, якія былі срэбралюбцы, і яны сьмяяліся зь Яго.

15 Ён сказаў ім: вы аказваеце сябе праведнікамі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя: бо, што высока ў людзей, тое брыдота перад Богам.

16 Закон і прарокі да Яна; з гэтага часу Царства Божае зьвястуецца, і кожны з намогаю ўваходзіць у яго.

17 Але хутчэй неба і зямля мінуцца, чым адна рыска з закону прападзе.

18 Кожны, хто разводзіцца з жонкай сваёю і жэніцца зь іншаю, чыніць пералюб; і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, чыніць пералюб.

19 Нейкі чалавек быў багаты, апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень банкетаваў раскошна.

20 Быў таксама нейкі жабрак, на імя Лазар, які ляжаў каля варотаў ягоных ў струпах

21 і хацеў накарміцца крошкамі, што падалі са стала багацея, і сабакі праходзілі і лізалі струпы ягоныя.

22 Памёр жабрак і ўзьнесены быў анёламі на ўлоньне Абрагамавае; памёр і багаты, і пахавалі яго;

23 і ў пекле, ужо ў пакутах, ён узьвёў вочы свае, убачыў удалечыні Абрагама і Лазара на ўлоньні ягоным,

24 і загаласіўшы, сказаў: Войча Абрагаме! умілажалься сэрцам зь мяне і пашлі Лазара, каб умачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым.

25 Але Абрагам сказаў: дзіця! згадай, што ты атрымаў ужо добраснае тваё ў жыцьці тваім, а Лазар ліхое; і цяпер ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш;

26 і звыш таго паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча перайсьці адсюль да вас, ня могуць, гэтак сама і адтуль да нас не пераходзяць.

27 Тады сказаў ён: дык прашу цябе, войча, пашлі яго ў дом бацькі майго,

28 бо ў мяне пяць братоў: хай ён засьведчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае месца пакуты.

29 Абрагам сказаў яму: у іх ёсьць Майсей і прарокі; хай слухаюцца іх.

30 А ён сказаў: не, войча Абрагаме! але калі хто зь мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца.

31 Тады Абрагам сказаў яму: калі Майсея і прарокаў ня слухаюцца, дык, калі б хто і зь мёртвых уваскрэс, не павераць.

 

Разьдзел 17

 

1 Сказаў Ісус таксама вучням Сваім: немагчыма ня прыйсьці звадам, але гора таму, праз каго яны прыходзяць:

2 лепш было б яму, калі б мельны жарон павесілі яму на шыю і кінулі яго ў мора, чым калі б ён спакусіў аднаго з малых гэтых.

3 Глядзеце на сябе. Калі ж згрэшыць супроць цябе брат твой, ушчуй яго, і калі пакаецца, даруй яму.

4 і калі сем разоў на дзень згрэшыць супроць цябе і сем разоў на дзень навернецца, і скажа: каюся, - даруй яму.

5 І сказалі апосталы Госпаду: памнож у нас веру.

6 Гасподзь сказаў: калі б вы мелі веру зь зерне гарчычнае і сказалі смакоўніцы гэтай: вырвіся і перасадзіся ў мора, - дык яна паслухалася б вас.

7 Хто з вас, маючы раба, які арэ альбо пасьвіць, калі вернецца ён з поля, скажа яму: хадзі хутчэй, сядай за стол?

8 Наадварот, ці ня скажа яму: прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, служы мне, пакуль буду есьці і піць, і потым еж і пі сам?

9 Ці будзе ён дзякаваць рабу гэтаму за тое, што ён выканаў загад? ня думаю.

10 Гэтак сама і вы, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажэце: мы рабы нічога ня вартыя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць.

11 Ідучы ў Ерусалім, Ён праходзіў паміж Самарыяй і Галілеяю.

12 І калі ўваходзіў Ён у адно селішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся зводдаль,

13 і моцным голасам казалі: Ісусе Настаўнік, памілуй нас.

14 Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: ідзеце, пакажэцеся сьвятарам. І пакуль яны ішлі, ачысьціліся.

15 А адзін зь іх, бачачы, што ацалёны, вярнуўся, моцным голасам услаўляючы Бога,

16 і ўпаў ніцма да ног Ягоных, дзякуючы Яму; і гэта быў Самаранін.

17 Тады Ісус сказаў: ці ня дзесяць ачысьціліся? дзе ж дзевяць?

18 як яны не вярнуліся ўзьнесьці славу Богу, апрача гэтага іншапляменца?

19 І сказаў яму: устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе.

20 А як спыталіся ў Яго фарысэі, калі прыйдзе Царства Божае, адказваў ім: ня прыйдзе Царства Божае ўвачавідкі,

21 і ня скажуць: вось, яно тут, альбо: вось, там. Бо вось, Царства Божае ўнутры ў вас ёсьць.

22 Сказаў таксама вучням: прыйдуць дні, калі захочаце бачыць хоць адзін зь дзён Сына Чалавечага, і ня ўбачыце;

23 і скажуць вам: вось, тут, альбо: вось, там, - ня ідзеце і ня гневайцеся:

24 бо як маланка, што бліснула з аднаго краю неба, бліскае да другога краю неба, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.

25 Але сьпярша належыць Яму шмат адпакутаваць і быць адкінутым родам гэтым.

26 І як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага:

27 елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж, да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, і прыйшоў патоп і зьнішчыў усіх.

28 Гэтак сама было і ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;

29 але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліўся зь неба дождж агнявы і серны і вынішчыў усіх:

30 так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы адкрыецца.

31 У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, той ня сыходзь узяць іх; і хто будзе на полі, таксама не вяртайся назад;

32 успамінайце жонку Лотаву.

33 Хто будзе ашчаджаць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць яе, той ажывіць яе.

34 Маўляю вам: у тую ноч будуць двое на адной пасьцелі: адзін возьмецца, а другі пакінецца;

35 дзьве будуць малоць разам: адна возьмецца, а другая пакінецца:

36 двое будуць на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца.

37 На гэта сказалі Яму: дзе, Госпадзе? А Ён сказаў ім: дзе труп, там зьбяруцца і арлы.

 

Разьдзел 18

 

1 Сказаў ім таксама прытчу пра тое, што трэба заўсёды маліцца і ня падаць духам.

2 кажучы: у адным горадзе быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.

3 У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: абарані мяне ад супраціўніка майго.

4 Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: хоць і Бога не баюся і людзей не саромеюся,

5 але як што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна ня прыходзіла больш дакучаць мне.

6 І сказаў Гасподзь: чуеце, што кажа судзьдзя няправедны?

7 Ці ж Бог не абароніць выбраных Сваіх, што галосяць да Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх?

8 кажу вам, што падасьць ім абарону неўзабаве. А Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?

9 Сказаў таксама да некаторых, якія былі ўпэўненыя ў сабе, што яны праведныя, і прыніжалі іншых, наступную прытчу:

10 два чалавекі ўвайшлі ў храм памаліцца: адзін фарысэй, а другі мытнік.

11 Фарысэй, стаўшы, маліўся сам сабе так: Божа! дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, крыўдзіцелі, блудадзеі, альбо як гэты мытнік:

12 пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю.

13 А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вочы да неба; але, б'ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа! будзь міласэрны да мяне, грэшніка!

14 Кажу вам, што гэты пайшоў у дом свой апраўданы болей, чым той: бо кожны, хто ўзьвялічвае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца.

15 Прыносілі да Яго і дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні, бачачы тое, забаранялі ім.

16 Але Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо такіх ёсьць Царства Божае;

17 праўду кажу вам: хто ня прыме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.

18 І спытаўся ў Яго нехта з начальнікаў: Настаўнік добры! што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае?

19 Ісус сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, як толькі адзін Бог.

20 Ведаеш запаведзі: ня чыні пералюбу; не забівай; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; шануй бацьку твайго і маці тваю.

21 А той сказаў: усё гэта захаваў я зь юнацтва майго.

22 Пачуўшы гэта, Ісус сказаў яму: яшчэ аднаго не хапае табе: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і мець будзеш скарб на нябёсах, і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною.

23 А ён, пачуўшы гэта, засмуціўся, бо быў вельмі багаты.

24 Ісус, бачачы, як ён засмуціўся, сказаў: як цяжка багатым маетнікам увайсьці ў Царства Божае!

25 бо лягчэй вярблюду прайсьці празь ігольныя вушкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае!

26 Тыя, што чулі гэта, сказалі: хто ж можа ўратавацца?

27 Але Ён сказаў: немагчымае людзям магчымае Богу.

28 А Пётр сказаў: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою.

29 Ён сказаў ім: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо бацькоў, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо жонку, альбо дзяцей дзеля Царства Божага,

30 і не атрымаў бы намнога больш у гэты час, і ў век будучага жыцьця вечнага.

31 І адклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, сказаў ім: вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і зьдзейсьніцца ўсё напісанае праз прарокаў пра Сына Чалавечага:

32 бо выдадуць Яго язычнікам і паглумляцца зь Яго, і зьняважаць Яго, і аплююць Яго,

33 і будуць біць і заб'юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне.

34 Але яны нічога з гэтага не зразумелі; словы гэтыя былі ім неспасьцігальныя, і яны не разумелі сказанага.

35 А калі падыходзіў Ён да Ерыхона, адзін сьляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласьціны;

36 і пачуўшы, што міма яго праходзяць людзі, спытаўся: што гэта такое?

37 Яму сказалі, што Ісус Назарэй ідзе.

38 Тады ён закрычаў: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне.

39 Тыя, што ішлі наперадзе, прымушалі яго маўчаць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў! памілуй мяне.

40 Ісус, спыніўшыся, загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі той падышоў да Яго, спытаўся ў яго:

41 чаго ты хочаш ад Мяне? Ён сказаў: Госпадзе! каб мне бачыць.

42 Ісус сказаў яму: Бач! вера твая ўратавала цябе.

43 І ён адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь люд, бачачы гэта, узьнёс хвалу Богу.

 

Разьдзел 19

 

1 Потым Ісус увайшоў у Ерыхон і праходзіў празь яго.

2 І вось, нехта на імя Закхей, начальнік мытнікаў і чалавек багаты,

3 стараўся ўбачыць Ісуса, хт? Ён, але ня мог з-за людзей, бо малога быў росту;

4 і забегшы наперад, залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Яму выпадала праходзіць міма яе.

5 Ісус, калі прыйшоў на гэтае месца, зірнуўшы, угледзеў яго і сказаў яму: Закхей! сыдзі хутчэй, бо сёньня трэба мне быць у цябе ў доме.

6 І ён пасьпешна сышоў і прыняў Яго з радасьцю.

7 І ўсе, бачачы тое, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў да грэшнага чалавека.

8 А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: Госпадзе! палавіну маёмасьці маёй я аддам убогім і, калі каго чым пакрыўдзіў, аддам учатыракроць.

9 Ісус сказаў яму: сёньня прыйшло збавеньне дому гэтаму, бо і ён сын Абрагамаў;

10 бо Сын Чалавечы прыйшоў зыскаць і выратаваць тое, што загінула.

11 А калі яны слухалі гэта, дадаў прытчу: бо Ён быў блізь Ерусаліма, і яны думалі, што неўзабаве павінна адкрыцца Царства Божае.

12 Дык вось сказаў: нейкі чалавек высокага роду выпраўляўся ў далёкую краіну, каб атрымаць сабе царства і вярнуцца;

13 і паклікаўшы дзесяць рабоў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: пускайце іх у абарот, пакуль не вярнуся.

14 Але грамадзяне ненавідзелі яго і адправілі сьледам за ім пасольства, сказаўшы: ня хочам, каб ён валадарыў над намі.

15 І калі вярнуўся, атрымаўшы царства, загадаў паклікаць да сябе рабоў тых, якім даў серабро, каб даведацца, хто што набыў.

16 Прыйшоў першы і сказаў: гаспадару! міна твая прынесла дзесяць мінаў.

17 І сказаў яму: выдатна, добры раб! за тое, што ты ў малым быў верны, вазьмі пад управу дзесяць гарадоў.

18 Прыйшоў другі і сказаў: гаспадару! міна твая прынесла пяць мінаў.

19 Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяцьцю гарадамі.

20 Прыйшоў трэйці і сказаў: гаспадару! вось твая міна, якую я захоўваў, загарнуўшы ў хустачку;

21 бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго ня клаў, і жнеш, чаго ня сеяў.

22 Гаспадар сказаў яму: тваімі вуснамі судзіцьму цябе, ліхі раб! ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня сеяў;

23 чаму ж ты не аддаў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам?

24 І сказаў тым, што стаялі першыя: вазьмеце ў яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мінаў.

25 І сказалі яму: гаспадару! у яго ёсьць дзесяць мінаў.

26 Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае;

27 а ворагаў маіх тых, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзеце сюды і набеце перада мною.

28 Сказаўшы гэта, Ён пайшоў далей, уваходзячы ў Ерусалім.

29 І калі наблізіўся да Віфагіі і Віфаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двух вучняў Сваіх,

30 сказаўшы: ідзеце ў селішча, што насупраць; увайшоўшы ў яго, знайдзеце маладога асла прывязанага, на якога ніхто зь людзей ніколі не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзеце;

31 і калі хто спытаецца ў вас: навошта адвязваеце?, скажэце яму так: ён патрэбен Госпаду.

32 Пасланыя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.

33 А калі яны адвязвалі маладога асла, гаспадары ягоныя сказалі ім: навошта адвязваеце асьляня?

34 Яны адказвалі: ён патрэбен Госпаду.

35 І прывялі яго да Ісуса: і накінуўшы вопратку сваю на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса.

36 І калі Ён ехаў, пасьцілалі вопратку сваю на дарозе.

37 А калі Ён наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў пачало ў радасьці шматгалоса славіць Бога за ўсе дзівосы, якія бачылі яны,

38 кажучы: дабраславёны Цар, Які ідзе ў імя Гасподняе! Мір на нябёсах і слава ў вышынях!

39 І некаторыя фарысэі з-паміж людзей сказалі Яму: Настаўнік! забарані вучням Тваім.

40 Але Ён сказаў ім у адказ: кажу вам, што калі яны замоўкнуць, дык камяні загалосяць.

41 І калі наблізіўся да горада, дык, гледзячы на яго, заплакаў па ім

42 і сказаў: о, калі б і ты хоць бы ў гэты твой дзень уведаў, што служыць міру твайму! але гэта схавана сёньня ад вачэй тваіх;

43 бо прыйдуць на цябе дні, калі ворагі твае абложаць цябе акопамі, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль,

44 і зруйнуюць цябе, і заб'юць дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе каменя на камені, за тое, што ты не даведаўся часу адведзінаў тваіх.

45 І ўвайшоўшы ў храм, пачаў выганяць тых, што прадавалі ў ім, і тых, што куплялі,

46 кажучы ім: напісана: «дом Мой ёсьць дом малітвы: а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў».

47 І вучыў кожны дзень у храме. А першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу намышлялі загубіць Яго,

48 і не знаходзілі, што б зрабіць зь Ім, бо ўвесь народ неадступна слухаў Яго.

 

Разьдзел 20

 

1 У адзін з тых дзён, калі Ён вучыў людзей у храме і зьвеставаў, падступіліся першасьвятары і кніжнікі з старэйшынамі

2 і сказалі Яму: скажы нам, якою ўладаю Ты гэта робіш, альбо хто Табе даў уладу такую?

3 Ён сказаў ім у адказ: і Я ў вас пра адно папытаюся, і скажэце Мне:

4 хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей?

5 А яны, разважаючы паміж сабою, казалі: калі скажам: зь нябёсаў, дык скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»,

6 а калі скажам: «ад людзей», дык увесь люд паб'е нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян ёсьць прарок.

7 І адказвалі: ня ведаем адкуль.

8 Ісус сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.

9 І пачаў Ён гаварыць народу прытчу такую: адзін чалавек насадзіў вінаграднік і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся на доўгі час;

10 і ў свой час паслаў да вінаградараў раба, каб яны далі яму пладоў зь вінаградніка; але вінаградары, прыбіўшы яго, адаслалі ні з чым.

11 Яшчэ паслаў другога раба; але яны і гэтага, прыбіўшы і зганіўшы, адаслалі ні з чым.

12 І яшчэ паслаў трэйцяга; але яны і таго, пакалечыўшы, выгналі.

13 Тады сказаў гаспадар вінаградніка: што мне рабіць? пашлю сына майго любаснага; можа, убачыўшы яго, пасаромеюцца.

14 Але вінаградары, убачыўшы яго, разважалі паміж сабою, кажучы: гэта спадчыньнік; хадзем, заб'ём яго, і спадчына ягоная будзе наша.

15 І, вывеўшы яго вонкі зь вінаградніка, забілі. Што ж зробіць зь імі гаспадар вінаградніка?

16 Прыйдзе і загубіць вінаградараў тых і аддасьць вінаграднік іншым. Тыя, што чулі гэта, сказалі: хай ня будзе!

17 Але Ён, зірнуўшы на іх, сказаў: што азначае гэта, напісанае: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім»?

18 Кожны, хто ўпадзе на той камень, разаб'ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.

19 І намышлялі тым часам першасьвятары і кніжнікі, каб накласьці на Яго рукі, але пабаяліся народу, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.

20 І сочачы за Ім, падаслалі падступных людзей, якія прыкінуўшыся пабожнымі, падлавілі б Яго на якім-небудзь слове, каб перадаць Яго начальству і ўладзе правіцеля.

21 І яны спыталіся ў Яго: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзіва гаворыш і вучыш, і не зважаеш на аблічча, а праўдзіва шляху Божаму вучыш;

22 ці дазваляецца нам даваць падатак кесару, ці не?

23 А Ён, разгадаўшы злахітрасьць іхную, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце?

24 пакажэце Мне дынар: чыя на ім выява і надпіс? Яны адказвалі: кесаравыя.

25 Ён ім сказаў: дык аддайце кесару кесаравае, а Божае Богу.

26 І не маглі падлавіць Яго ў слове перад людзьмі і, зьдзівіўшыся з адказу Ягонага, замоўклі.

27 Тады падыйшлі некаторыя з садукеяў, што адмаўляюць уваскрэсеньне, і спыталіся ў Яго:

28 Настаўнік! Майсей напісаў нам, што калі ў каго памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бязьдетны, дык брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і адрадзіць семя брату свайму.

29 Было сем братоў: першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетны;

30 узяў тую жонку другі, і той памёр бязьдетны;

31 узяў яе трэйці, таксама і ўсе сямёра, і памерлі, не пакінуўшы дзяцей;

32 пасьля ўсіх памерла і жонка.

33 Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь іх яна будзе жонкаю? бо сямёра яе мелі за жонку.

34 Ісус сказаў ім у адказ: дзеці веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж;

35 а тыя, што спадобіліся дасягнуць таго веку і ўваскрэсеньня зь мёртвых, ні жэняцца, ні замуж ня выходзяць,

36 і памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя анёлам і ёсьць сыны Божыя, будучы сынамі ўваскрэсеньня;

37 а што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей паказаў пры купіне, калі назваў Госпада Богам Абрагама і Богам Ісака і Богам Якава.

38 Бог жа ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых, бо ў Яго ўсе жывыя.

39 На гэта некаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Ты добра сказаў.

40 І ўжо не адважваліся распытваць Яго ні пра што. А Ён сказаў ім:

41 як кажуць, Хрыстос ёсьць сын Давідаў?

42 А сам Давід кажа ў кнізе Псальмаў: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне,

43 пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх».

44 Дык вось, Давід Госпадам называе Яго: як жа Ён сын яму?

45 І калі слухаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім:

46 Асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні і любяць вітаньні на сходах народных, сядзець наперадзе ў сынагогах, і ўзьляжаць наперадзе на гасьцінах,

47 якія паядаюць дамы ўдоваў і крывадушна доўга моляцца; яны прымуць тым большую асуду.

 

Разьдзел 21

 

1 І глянуўшы, Ён убачыў багатых, што клалі дары свае ў скарбонку;

2 убачыў таксама і бедную ўдаву, якая паклала туды дзьве лепты,

3 і сказаў: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх паклала;

4 бо ўсе тыя ад лішку свайго паклалі Богу, а яна ад нястачы сваёй паклала ўвесь пражытак свой, які мела.

5 І калі некаторыя гаварылі пра храм, што ён упрыгожаны дарагімі камянямі і дарамі, Ён сказаў:

6 прыйдуць дні, у якія з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені; усё будзе разбурана.

7 І спыталіся ў Яго: Настаўнік! калі ж гэта будзе? і якая прыкмета, калі адбыцца павінна?

8 Ён сказаў: сьцеражэцеся, каб вас не ўвялі ў аблуду; бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я; і гэты час блізкі. Не хадзеце сьледам за імі.

9 А як пачуеце пра войны і смуты, не жахайцеся: бо гэта павінна быць раней; але не адразу канец.

10 Тады сказаў ім: паўстане народ на народ, і царства на царства;

11 будуць вялікія землятрусы месцамі, і голад і пошасьці, і вусьцішныя зьявішчы і вялікія азанакі зь неба.

12 Але раней за ўсё тое накладуць на вас рукі і будуць гнаць вас, выдаючы ў сынагогі і ў цямніцы, і паставяць перад царамі і правіцелямі за імя Маё,

13 а будзе гэта вам на сьведчаньне.

14 Дык вось, пакладзеце сабе на сэрца не абдумваць наперад, што адказваць;

15 бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня здолеюць супярэчыць, ні супрацьстаяць усе, хто супрацівіцца вам.

16 Выдадзены таксама будзеце і бацькамі і братамі, і родзічамі і сябрамі, і некаторых з вас заб'юць;

17 і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё;

18 але і волас з галавы вашай не прападзе.

19 Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя.

20 Калі ж убачыце Ерусалім, абложаны войскам, тады ведайце, што наблізіўся заняпад яго:

21 тады ўсе, хто ў Юдэі, хай уцякаюць у горы; і хто ў горадзе, выходзь зь яго; і хто ў навакольлі, не ўваходзь у яго,

22 бо гэта дні помсты, хай збудзецца ўсё напісанае.

23 Ды гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні; бо вялікая будзе нягода на зямлі і гнеў на народ гэты:

24 і палягуць ад вострага меча, і павядуцца ў палон ва ўсе народы; і Ерусалім будзе таптаны язычнікамі, дакуль ня скончацца часы язычнікаў.

25 І будуць азнакі ў сонцы і ў месяцы і ў зорках, а на зямлі заняпад духу народаў і недаўмёнасьць; і мора зашуміць і забушуе;

26 людзі будуць здыхаць ад страху і чаканьня нягодаў, што пойдуць на сьвет, бо сілы нябесныя пахіснуцца.

27 І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках у сіле і славе вялікай.

28 А калі пачне гэта збывацца, тады схілцеся і падымеце галовы вашыя, бо набліжацьмецца збавеньне вашае.

29 І сказаў ім прытчу: паглядзеце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы:

30 калі яны ўжо распускаюцца, дык, бачачы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета.

31 Так, і калі вы ўбачыце, што тое збываецца, ведайце, што блізка Царства Божае.

32 Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як ўсё тое будзе:

33 неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць.

34 Глядзеце ж за сабою, каб сэрцы вашыя не абцяжарваліся абжорствам і п'янствам і клопатам будным, і каб дзень той не застаў вас зьнянацку:

35 бо ён, як сетка, накрые ўсіх, хто жыве па ўсім улоньні зямным;

36 дык вось, чувайце ва ўсякі час і малецеся, і хай спадобіцеся ўнікнуць усіх гэтых будучых нягодаў і паўстаць перад Сынам Чалавечым.

37 Удзень Ён вучыў у храме; а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, называнай Аліўнай.

38 І ўвесь люд з раніцы прыходзіў да Яго ў храм слухаць Яго.

 

Разьдзел 22

 

1 Набліжалася сьвята праснакоў, якое называлася Пасхаю;

2 і намышлялі першасьвятары і кніжнікі, як бы загубіць Яго, бо баяліся народу.

3 І ўвайшоў сатана ў Юду, празванага Іскарыётам, аднаго зь ліку дванаццацёх,

4 і ён пайшоў і гутарыў зь першасьятарамі і начальнікамі, як Яго выдаць ім.

5 Яны ўзрадаваліся і згадзіліся даць яму грошай;

6 і ён абяцаўся, і шукаў зручнага часу, каб выдаць Яго ім ня прылюдна.

7 І настаў дзень праснакоў, у які трэба было закалоць пасхальнае ягня;

8 і паслаў Ісус Пятра і Яна, сказаўшы: ідзеце, прыгатуйце нам есьці пасху.

9 А яны сказалі Яму: дзе скажаш нам прыгатаваць?

10 Ён сказаў ім: вось, пры ўваходзе вашым у горад сустрэнецца з вамі чалавек, які нясьціме збанок вады; ідзеце сьледам за ім у дом, у які ўвойдзе ён.

11 і скажэце гаспадару дома: Настаўнік кажа табе: дзе пакой, у якім бы Мне есьці пасху з вучнямі Маімі?

12 І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую засланую; там прыгатуйце.

13 Яны пайшлі і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.

14 І калі настала гадзіна, Ён узьлёг, і дванаццаць апосталаў зь Ім,

15 і сказаў ім: вельмі хацеў Я есьці з вамі гэтую пасху раней Маіх пакутаў,

16 бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль яна ня ўчыніцца ў Царстве Божым.

17 І ўзяўшы чару і падзякаваўшы, сказаў: прымеце яе і падзялеце паміж сабою;

18 бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Царства Божае.

19 І ўзяўшы хлеб і падзякаваўшы, пераламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас аддаецца; гэта выконвайце на ўспамін пра Мяне.

20 Таксама і чару пасьля вячэры, кажучы: гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві, якая за вас праліваецца;

21 і вось, рука прадажніка Майго са Мною за сталом;

22 у астатнім, Сын Чалавечы ідзе, як прадвызначана; але гора таму чалавеку, якім Ён выдаецца.

23 І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто б зь іх быў той, які гэта зробіць.

24 А была і спрэчка паміж імі, хто зь іх павінен уважацца за большага.

25 Ён жа сказаў ім: цары валадараць над народамі і ўлады іхнія дабрадзеямі называюцца;

26 а вы ня так: але хто з вас большы, будзь як меншы, і начальнік будзь, як слуга.

27 Бо хто большы: той, хто ўзьлягае, ці хто слуга? Ці ня той, хто ўзьлягае? А Я сярод вас, як слуга.

28 Але вы трывалі са Мною ў гаротах Маіх,

29 і Я запавядаю вам, як запавядаў Мне Айцец Мой, Царства,

30 каб елі і пілі на бяседзе Маёй у Царстве Маім, і каб селі на пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых.

31 І сказаў Гасподзь: Сымоне! Сымоне! вось, сатана прасіў, каб сеяць вас як пшаніцу;

32 але Я маліўся за цябе, каб не зьмізарнела вера твая; і ты некалісь, навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.

33 Ён адказваў: Госпадзе! з Табою я гатовы і ў цямніцу і на сьмерць ісьці.

34 Але Ён сказаў: кажу табе, Пётр, не засьпявае певень сёньня, як ты тройчы зрачэшся, што ня ведаеш Мяне.

35 І сказаў ім: калі я пасылаў вас безь мяшка і бяз торбы і без абутку, ці мелі вы ў чым нястачу? Яны адказвалі: ні ў чым.

36 Тады Ён сказаў ім: але цяпер, хто мае мяшок, той вазьмі яго, таксама і торбу; а ў каго няма, прадай вопратку сваю і купі меч;

37 бо маўляю вам, што мусіць збыцца на Мне і гэтае напісанае: «і да зладзеяў залічаны». Бо тое, што пра Мяне, канчаецца.

38 Яны сказалі: Госпадзе! вось, тут два мечы. Ён сказаў ім: досыць.

39 І выйшаўшы пайшоў як звычайна на гару Аліўную; за Ім сьледам пайшлі і вучні Ягоныя.

40 А прыйшоўшы на месца, сказаў ім: малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.

41 І Сам адышоў ад іх - як кінуць каменем, і, схіліўшы калені, маліўся,

42 кажучы: Войча! о, калі б Ты дабраволіў пранесьці чару гэтую міма Мяне! зрэшты, не Мая воля, а Твая хай будзе.

43 І зьявіўся Яму анёл зь нябёсаў і мацаваў Яго.

44 І ў змаганьні ўнутраным руплівей маліўся; і быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю.

45 Устаўшы з малітвы, Ён прыйшоў да вучняў, і застаў іх у сьне ад смутку,

46 і сказаў ім: што вы сьпіце? устаньце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.

47 Калі Ён яшчэ казаў гэта, паявіліся людзі, а наперадзе іх ішоў адзін з дванаццацёх, называны Юда, і ён падышоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго. Бо ён такі даў ім знак: каго я пацалую, Той і ёсьць.

48 А Ісус сказаў яму: Юда ці цалаваньнем выдаеш Сына Чалавечага?

49 Тыя, што былі зь Ім, бачачы, да чаго ўсё ідзе, сказалі Яму: Госпадзе! ці ня ўдарыць нам мечам?

50 І адзін зь іх ударыў раба першасьвятаровага і адсек яму правае вуха.

51 Тады Ісус сказаў: пакіньце, даволі. І дакрануўшыся да вуха ягонага, загоіў яго.

52 А першасьвятарам і начальнікам храма і старэйшынам, якія сабраліся супроць Яго, сказаў Ісус: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі, каб узяць Мяне!

53 Кожны дзень бываў Я з вамі ў храме, і вы не падымалі на Мяне рук, а цяпер - ваш час і ўлада цемры.

54 Узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасьвятара. А Пётр ішоў сьледам зводдаль.

55 Калі яны расклалі агонь сярод двара і селі разам, сеў і Пётр паміж імі.

56 Адна служанка, убачыўшы яго каля агню і ўгледзеўшыся ў яго, сказала: гэты быў зь Ім.

57 Але ён адрокся ад Яго, сказаўшы жанчыне: я ня ведаю Яго.

58 Неўзабаве потым другі, убачыўшы яго, сказаў: і ты зь іх. Але Пётр сказаў гэтаму чалавеку: не.

59 Прайшло з гадзіну часу, яшчэ нехта настойліва казаў: сапраўды, і гэты быў зь Ім, бо ён Галілеянін.

60 Але Пётр сказаў таму чалавеку: ня ведаю, што ты кажаш. І адразу, калі яшчэ гаварыў ён, засьпяваў певень.

61 Тады Гасподзь, абярнуўшыся, паглядзеў на Пятра; і Пётр згадаў слова Госпада, як Ён сказаў яму: перш чым засьпявае певень, адрачэшся ад Мяне тройчы.

62 І выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.

63 Людзі, якія трымалі Ісуса, зьдзекі чынілі зь Яго і білі Яго;

64 і накрыўшы Яго, білі Яго па твары і пыталіся ў Яго: скажы, хто выцяў Цябе?

65 І шмат іншай кляцьбы вымаўлялі супраць Яго.

66 І як настаў дзень, сабраліся старэйшыны народу, першасьвятары і кніжнікі, і ўвялі Яго ў свой сынедрыён,

67 і сказалі: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ён сказаў ім: калі скажу вам, вы не паверыце;

68 калі ж і спытаюся ў вас, ня будзеце адказваць Мне і не адпусьціце Мяне;

69 ад сёньня Сын Чалавечы сядзе праваруч сілы Божай.

70 І сказалі ўсе: дык Ты Сын Божы? Ён адказваў ім: вы кажаце, што Я.

71 А яны сказалі: якое яшчэ трэба нам сьведчаньне? бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных!

 

Разьдзел 23

 

1 І паднялося ўсё мноства іх, і павялі Яго да Пілата,

2 І пачалі вінаваціць Яго, кажучы: мы знайшлі, што Ён разбэшчвае народ наш і забараняе даваць падатак кесару, называючы Сябе Хрыстом Царом.

3 Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш.

4 Пілат сказаў першасьвятарам і народу: я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку.

5 Але яны настойвалі, кажучы, што Ён бунтуе народ, вучачы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі да гэтай мясьціны.

6 Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хіба Ён Галілеянін?

7 І даведаўшыся, што Ён з вобласьці Ірадавай, паслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні быў таксама ў Ерусаліме.

8 Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, таму што шмат чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць ад Яго які-небудзь цуд,

9 і задаваў Яму многія пытаньні: але Ён нічога не адказваў яму.

10 А першасьвятары і кніжнікі стаялі і зацята вінавацілі Яго.

11 Але Ірад са сваімі воямі, прынізіўшы яго і паглуміўшыся зь Яго, апрануў яго ў сьветлую вопратку і паслаў назад да Пілата.

12 І спрыяціліся ў той дзень Пілат зь Ірадам паміж сабою, бо раней былі ў варожасьці адзін з адным.

13 А Пілат, склікаўшы першасьвятароў і начальнікаў і людзей,

14 сказаў ім: вы прывялі да мяне Чалавека Гэтага, што нібыта разбэшчвае люд; і вось, я пры вас расьсьледаваў і не знайшоў Чалавека Гэтага вінаватым ні ў чым тым, у чым вы Яго вінаваціце;

15 і Ірад таксама: бо я пасылаў Яго да яго; і нічога ня знойдзена ў Ім вартага сьмерці;

16 дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу.

17 А яму і трэба было дзеля сьвята адпусьціць і аднаго вязьня.

18 Але ўвесь люд закрычаў: сьмерць Яму! а адпусьці нам Вараву.

19 Варава быў пасаджаны ў цямніцу за ўчыненую ў горадзе смуту і забойства.

20 Пілат зноў узвысіў голас, хочучы адпусьціць Ісуса.

21 Але яны крычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго!

22 Ён трэйці раз сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? я нічога вартага сьмерці не знайшоў у Ім; дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу.

23 Але яны і далей зь вялікім крыкам дамагаліся, каб Ён быў укрыжаваны; і перамог крык іхні і першасьвятароў.

24 І Пілат разважыў рабіць паводле іхняе просьбы,

25 і адпусьціў ім пасаджанага за смуту і забойства ў цямніцу, якога яны прасілі; а Ісуса аддаў на іхную волю.

26 І калі павялі Яго, дык, захапіўшы нейкага Сымона Кірынеяніна, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.

27 І ішло за Ім вялікае мноства народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім.

28 А Ісус, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерусалімскія! ня плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых;

29 бо надыходзяць дні, калі скажуць: дабрашчасныя няплодныя, і ўлоньні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!

30 Тады скажуць гарам: упадзеце на нас! і пагоркам: накрыйце нас!

31 бо, калі з зазелянелым дрэвам гэта робяць, дык з сухім што будзе?

32 Вялі зь Ім на сьмерць і двух зладзеяў.

33 І калі прыйшлі на месца, называнае Лобным, там укрыжавалі Яго і зладзеяў, аднаго з правага, а другога зь левага боку.

34 А Ісус сказаў: Войча! даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць. І дзялілі адзежу Ягоную, кідаючы жэрабя.

35 І стаялі людзі і глядзелі. А насьміхаліся разам зь імі і начальнікі, кажучы: іншых ратаваў, хай уратуе Сябе Самога, калі Ён Хрыстос, выбранец Божы.

36 Таксама і воі глуміліся зь Яго, падыходзячы і падносячы Яму воцат

37 і кажучы: калі Ты Цар Юдэйскі, уратуй Сябе Самога.

38 І быў над Ім надпіс, напісаны словамі грэцкімі, рымскімі і гэбрэйскімі: Гэты ёсьць Цар Юдэйскі.

39 Адзін з павешаных зладзеяў ліхасловіў на Яго і казаў: калі Ты Хрыстос, уратуй Сябе і нас.

40 А другі наадварот сунімаў яго і казаў: ці ты не баішся Бога, калі і сам засуджаны на тое самае?

41 і мы засуджаныя справядліва, бо заслужанае паводле ўчынкаў нашых прынялі; а Ён нічога благога не зрабіў.

42 І сказаў Ісусу: спамяні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Царства Тваё!

43 І сказаў яму Ісус: праўду кажу табе: сёньня ж будзеш са Мною ў раі.

44 Было ж каля шостай гадзіны дня, і зрабілася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай:

45 і памеркла сонца, і завеса ў храме разадралася пасярэдзіне.

46 Ісус, усклікнуўшы вялікім голасам, сказаў: Войча! у рукі Твае аддаю дух Мой. І сказаўшы гэта, выпусьціў дух.

47 А сотнік, бачачы, што адбылося, уславіў Бога і сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў праведнік.

48 І ўвесь люд, што сыйшоўся на гэта відовішча, бачачы, што адбывалася, вяртаўся, б'ючы сябе ў грудзі.

49 А ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія ішлі сьледам за Ім з Галілеі, стаялі воддаль і глядзелі на гэта.

50 Тады нехта, на імя Язэп, сябра рады, чалавек добры і праўдзівы,

51 які ня браў удзелу ў радзе і ў справе іхняй, з Арыматэі, горада Юдэйскага, які таксама чакаў Царства Божага,

52 прыйшоў да Пілата і прасіў Цела Ісусавага;

53 і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў яго ў магіле, высечанай у скале, дзе яшчэ ніхто ня быў пакладзены.

54 Дзень той быў пятніца, і настала субота.

55 Пасьледавалі таксама і жанчыны, якія прыйшлі зь Ісусам з Галілеі, і глядзелі магілу, і як ускладалася Цела Ягонае;

56 а вярнуўшыся, прыгатавалі пахошчы і масьці; і ў суботу засталіся ў спакоі паводле запаведзі.

 

Разьдзел 24

 

1 А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя пахошчы, прыйшлі яны да магілы, і разам зь імі некаторыя іншыя;

2 але знайшлі камень адвалены ад магілы,

3 і ўвайшоўшы, не знайшлі Цела Госпада Ісуса.

4 Калі ж яны зьнедаўмяваліся з гэтага, раптам паўсталі перад імі два мужы ў строях бліскучых.

5 І калі яны былі ў страху і схілілі абліччы свае да зямлі, - сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?

6 Яго няма тут: Ён уваскрэс; успомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,

7 кажучы, што Сын Чалавечы мае быць аддадзены ў рукі людзям грэшным, і быць укрыжаваным, і на трэйці дзень уваскрэснуць.

8 І ўзгадалі яны словы Ягоныя

9 і, вярнуўшыся ад магілы, абвясьцілі ўсё гэта адзінаццацём і ўсім астатнім.

10 То была Магдаліна Марыя, і Яна, і Марыя, маці Якава, і іншыя зь імі, якія сказалі пра гэта Апосталам.

11 І здаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім.

12 Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі, што ляжаць палатніны, і пайшоў назад, сам сабе дзівуючы з таго, што сталася.

13 У той самы дзень двое зь іх ішлі ў селішча, што адлягала стадый на шэсьцьдзясят ад Ерусаліма, называнае імаус.

14 і размаўлялі паміж сабою пра ўсе гэтыя падзеі.

15 І калі яны размаўлялі і разважалі паміж сабою, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў зь імі;

16 але вочы ў іх былі заслоненыя, так што яны не пазналі Яго.

17 І Ён сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы, разважаеце паміж сабою, і чаго вы засмучаныя?

18 Адзін зь іх, на імя Клеопа, сказаў Яму ў адказ: няўжо ты адзін з тых, што прыйшлі ў Ерусалім, ня ведаеш, што адбылося ў ім гэтымі днямі?

19 І сказаў ім: штоо Яны сказалі Яму: што было зь Ісусам Назаранінам, Які быў прарок, моцны ў дзеі і ў слове перад Богам і ўсім народам;

20 як выдалі яго першасьвятары і начальнікі нашыя на засуджэньне на сьмерць і ўкрыжавалі Яго;

21 а мы спадзяваліся былі, што Ён ёсьць Той, Хто павінен уратаваць Ізраіля; але разам з усім тым, ужо трэйці дзень сёньня, як гэта сталася;

22 але і некаторыя жанчыны з нашых падзівілі нас: яны былі раніцай каля магілы

23 і не знайшлі Цела Ягонага, і прыйшоўшы, маўлялі, што бачылі зьяўленьне анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы;

24 і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і засталі ўсё так, як і жанчыны казалі; але Яго ня бачылі.

25 Тады Ён сказаў ім: о, няцямныя і марудныя сэрцам, каб верыць ва ўсё, што прадказвалі прарокі!

26 Ці ж ня так і належала пацярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?

27 І пачаўшы ад Майсея, з усіх прарокаў тлумачыў ім сказанае пра Яго ва ўсім Пісаньні.

28 І наблізіліся яны да таго селішча, у якое ішлі; і Ён паказаў ім выглядам, што хоча ісьці далей;

29 але яны стрымлівалі яго, кажучы: застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся на вечар. І Ён увайшоў і застаўся зь імі.

30 І калі Ён узьляжаў зь імі, дык, узяўшы хлеб, дабраславіў, пераламаў і падаў ім,

31 тады разамкнуліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго; але Ён зрабіўся нябачны ім.

32 І яны сказалі адзін аднаму: ці ж не палала ў нас сэрца наша, калі Ён казаў нам на дарозе і калі тлумачыў нам Пісаньне?

33 І ўстаўшы ў тую самую хвіліну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам адзінаццаць апосталаў і тых, што былі зь імі,

34 якія казалі, што Гасподзь сапраўды ўваскрэс і зьявіўся Сымону.

35 І яны расказвалі пра здарэньне на дарозе, і як Ён быў пазнаны імі пры ламаньні хлеба.

36 Калі яны казалі пра гэта, Сам Ісус стаў сярод іх і сказаў ім: мір вам.

37 Яны, сумеўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа;

38 але Ён сказаў ім: што бянтэжыцеся, і навошта такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?

39 Паглядзеце на рукі Мае і на ногі Мае; гэта - Я сам; дакранецеся да Мяне і разгледзьце; бо дух ня мае плоці і касьцей, як бачыце ў Мяне.

40 І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі.

41 А калі яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзіваваліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа?

42 Яны падалі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду.

43 І ўзяўшы, еў перад імі.

44 І сказаў ім: вось тое, пра што Я вам казаў, яшчэ калі быў з вамі, што належыць спраўдзіцца ўсяму, напісанаму пра Мяне ў законе Майсеевым і ў прароках і ў псальмах.

45 Тады адчыніў ім розум на ўразуменьне Пісаньняў

46 і сказаў ім: так напісана, і так належала адпакутаваць Хрысту і ўваскрэснуць зь мёртвых на трэйці дзень,

47 і абвешчаным быць у імя Ягонае пакаяньню і дараваньню грахоў ува ўсіх народах, пачынаючы зь Ерусаліма;

48 а вы сьведкі гэтага;

49 і я пашлю абяцанае Айцом Маім на вас; вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не прасякнецеся сілаю згары.

50 І вывеў іх вонкі з горада да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх.

51 І калі дабраславіў іх, пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба.

52 Яны пакланіліся яму і вярнуліся ў Ерусалім зь вялікаю радасьцю,

53 і былі заўсёды ў храме, славячы і дабраслаўляючы Бога. Амін.

 

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце

 

Разьдзел 1

 

1 На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам.

2 Яно было на пачатку ў Бога:

3 усё празь Яго пачалося, і безь Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць.

4 У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом людзей.

5 І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго.

6 Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яму Ян;

7 Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыць пра Сьвятло, каб усе ўверавалі празь Яго;

8 ён ня быў сьвятло, а быў пасланы, каб сьведчыць пра Сьвятло.

9 Было Сьвятло сапраўднае, Якое прасьвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у сьвет.

10 У сьвеце было, і сьвет празь Яго пачаў быць, і сьвет Яго не пазнаў;

11 прыйшоў да сваіх, і свае Яго не прынялі;

12 а тым, якія прынялі Яго, веруючым у імя Ягонае, даў уладу быць дзецьмі Божымі,

13 якія не ад крыві, ні ад хаценьня плоці, ні ад хаценьня мужа, а ад Бога нарадзіліся.

14 І Слова стала плоцьцю, і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды; і мы бачылі славу Ягоную, славу, як Адзінароднага ад Айца.

15 Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікаючы кажа: Гэта быў Той, пра Якога я сказаў, што Той, Хто ідзе за мною, апярэдзіў мяне, бо быў раней за мяне.

16 І ад паўнаты Яго ўсе мы прынялі і мілату да мілаты;

17 бо закон дадзены праз Майсея, а мілата і праўда сталіся празь Ісуса Хрыста.

18 Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, існы ва ўлоньні Айцовым, Ён адкрыў.

19 І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі прыслалі зь Ерусаліма сьвятароў і лявітаў спытацца ў яго: хто ты?

20 Ён вызнаў і ня выракся, і вызнаў: я ня Хрыстос.

21 І спыталіся ў яго: а што? ты Ільля? Ён сказаў: не. Прарок? Ён адказваў: не.

22 Сказалі яму: хто ж ты? каб нам даць адказ тым, што паслалі нас; што ты скажаш пра самога сябе?

23 Ён сказаў: я голас таго, хто кліча ў пустыні: папраўце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая.

24 А пасланцы былі з фарысэяў;

25 і яны спыталіся ў яго: што ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ня Ільля, ні прарок?

26 Ян сказаў ім у адказ: я хрышчу ў вадзе; але стаіць сярод вас Той, Каго вы ня ведаеце;

27 Вось Ён Той, Хто ідзе за мною, але Які апярэдзіў мяне: я ня варты разьвязаць рэмень на абутку Ягоным.

28 Гэта адбывалася ў Віфавары пры Ярдане, дзе хрысьціў Ян.

29 На другі дзень бачыць Ян Хрыста, Які ідзе да яго, і кажа: вось Ягня Божае, Якое бярэ на Сябе грэх сьвету;

30 Гэта Той, пра Якога я сказаў; пасьля мяне прыйдзе Муж, Які існаваў да мяне, бо Ён быў раней зя мяне;

31 я ня ведаў Яго; але дзеля таго прыйшоў хрысьціць у вадзе, каб Ён зьяўлены быў Ізраілю.

32 І сьведчыў Ян, кажучы: я бачыў Духа, што сыходзіў зь неба, як голуб, і быў Ён на Ім;

33 я ня ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць у вадзе, сказаў мне: на каго, убачыш, сыходзіць Дух і застаецца на Ім, Той ёсьць - Хто хрысьціць Духам Сьвятым;

34 і я бачыў і засьведчыў, што Гэты ёсьць Сын Божы.

35 На другі дзень зноў стаяў Ян і двое вучняў ягоных;

36 і, угледзеўшы Ісуса, Які ішоў, сказаў: вось Ягня Божае.

37 Пачуўшы ад яго гэтыя словы, абодва вучні пайшлі за Ісусам.

38 А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць, кажа ім: што вам трэба? Яны сказалі Яму: Равьві, - што азначае: настаўнік, - дзе жывеш?

39 Кажа ім: ідзеце, і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго дзень той. Было каля дзясятай гадзіны.

40 Адзін з двух, што чулі пра Ісуса ад Яна і што пайшлі сьледам за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.

41 Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Месію, што азначае: Хрыстос.

42 І прывёў яго да Ісуса. Ісус зірнуўшы на яго, сказаў: ты Сымон, сын Ёнін; ты назавешся Кіфа, што азаначае: камень !Пётр).

43 На другі дзень Ісус захацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Піліпа і кажа яму: ідзі за Мною.

44 А Піліп быў зь Віфсаіды, з аднаго горада з Андрэем і Пятром.

45 Піліп знаходзіць Натанаіла і кажа яму: мы знайшлі Таго, пра Якога пісаў Майсей у законе і прарокі, Ісуса, сына Язэпавага, з Назарэта.

46 Але Натанаіл сказаў яму: з Назарэта ці ж можа быць што добрае? Піліп кажа яму: ідзі і паглядзі.

47 Ісус, убачыўшы Натанаіла, які ішоў да Яго, кажа пра яго: вось, сапраўдны Ізраільцянін, у якім няма зламыснасьці.

48 Натанаіл кажа Яму: чаму Ты ведаеш мяне? Ісус сказаў яму ў адказ: перш чым паклікаў цябе Піліп, калі ты быў пад смакоўніцаю, Я бачыў цябе.

49 Натанаіл адказваў Яму: Равьві! Ты - Сын Божы. Ты - Цар Ізраілеў.

50 Ісус сказаў яму ў адказ: ты верыш, бо Я табе сказаў: Я бачыў цябе пад смакоўніцаю; убачыш болей за гэта.

51 І кажа яму: праўду, праўду кажу вам: ад сёньня будзеце бачыць неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага.

 

Разьдзел 2

 

1 На трэйці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і Маці Ісусава была там.

2 Быў таксама запрошаны Ісус і вучні Ягоныя на вясельле.

3 І як нехапала віна, дык Маці Ісусава кажа Яму: віна няма ў іх.

4 Ісус кажа Ёй: што Мне і Табе, жанчына? яшчэ ня прыйшла гадзіна Мая.

5 Маці Ягоная сказала слугам: што скажа Ён вам, тое і зрабеце.

6 А было там шэсьць каменных посудаў на ваду, якія стаялі паводле звычаю ачышчэньня Юдэйскага, умяшчаючы ў сябе па дзьве ці па тры меры.

7 Ісус кажа ім: напоўніце посуды вадою. І напоўнілі іх па бераг.

8 І кажа ім: цяпер чэрпайце і нясеце да распарадчыка вясельля. І панесьлі.

9 А калі распарадчык скаштаваў вады, якая зрабілася віном, - а ён ня ведаў, адкуль гэтае віно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду, - тады распарадчык кліча маладога

10 і кажа яму: кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі паўпіваюцца, тады горшае; а ты добрае віно зьбярог дагэтуль.

11 Так заклаў Ісус пачатак цудаў у Кане Галілейскай і зьявіў славу Сваю; і ўверавалі ў Яго вучні Ягоныя.

12 Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капернаум, Сам і Маці Ягоная, і браты Ягоныя і вучні Ягоныя, і прабылі там няшмат дзён.

13 Набліжалася Пасха Юдэйская, і Ісус прыйшоў у Ерусалім

14 і знайшоў, што ў храме прадавалі валоў, авечак і галубоў, і сядзелі мяняйлы грошай.

15 І зрабіўшы бізун зь вяровак, выгнаў з храма ўсіх, і авечак і валоў таксама, і грошы ў мяняйлаў рассыпаў, а сталы іхнія абярнуў;

16 І сказаў прадаўцам галубоў: вазьмеце гэта адсюль, і з дома Айца Майго не рабеце дома гандлёвага.

17 Пры гэтым вучні Ягоныя прыгадалі, што напісана: «рупнасьць за дом Твой зьядае Мяне».

18 На гэта Юдэі сказалі Яму ў адказ: якою азнакаю дакажаш Ты нам, што маеш уладу так рабіць?

19 Ісус сказаў ім у адказ: разбурце храм гэты, і Я за тры дні ўзьвяду яго.

20 На гэта сказалі Юдэі: гэты храм будаваўся сорак шэсьць гадоў, і Ты за тры дні ўзьвядзеш яго?

21 А Ён казаў пра храм Цела Свайго.

22 А калі ўваскрэс Ён зь мёртвых, дык вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісаньню і слову, якое сказаў Ісус.

23 І калі Ён быў у Ерусаліме на сьвяце Пасхі, дык многія, бачачы цуды, якія Ён тварыў, паверылі ў імя Ягонае.

24 Але Сам Ісус не давяраў Сябе ім, бо ведаў усіх,

25 і ня меў патрэбы, каб хто засьведчыў пра чалавека; бо Сам ведаў, што ў чалавеку.

 

Разьдзел 3

 

1 Сярод фарысэяў быў нехта, імем Мікадым, адзін з начальнікаў Юдэйскіх;

2 ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Равьві! мы ведаем, што Ты - Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога; бо такіх цудаў, якія Ты творыш, ніхто ня можа тварыць, калі ня будзе зь ім Бога.

3 Ісус сказаў яму ў адказ: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца згары, ня можа ўбачыць Царства Божага.

4 Мікадым кажа Яму: як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? няўжо ён можа другі раз увайсьці ў лона маці сваёй і нарадзіцца?

5 Ісус адказваў: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца ад вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Царства Божае:

6 народжанае ад плоці ёсьць плоць, а народжанае ад Духа ёсьць дух.

7 Ня зьдзіўляйся таму, што Я сказаў табе: трэба вам нарадзіцца згары.

8 Дух дыхае, дзе хоча, і голас ягоны чуеш, а ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды сыходзіць: так бывае з кожным, народжаным ад Духа.

9 Мікадым сказаў Яму ў адказ: як гэта можа быць?

10 Ісус адказваў і сказаў яму: ты - настаўнік Ізраілеў, і няўжо гэтага ня ведаеш?

11 Праўду, праўду кажу табе: мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, а вы сьведчаньня нашага ня прыймаеце;

12 Калі Я сказаў вам пра зямное, і вы ня верыце, - як паверыце, калі буду казаць вам пра нябеснае?

13 Ніхто ня ўзыходзіў на неба, адзін толькі Сын Чалавечы, Які сыйшоў зь нябёсаў, сутны на нябёсах;

14 і як Майсей падняў зьмяю ў пустыні, так ма±е быць падняты Сын Чалавечы,

15 каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае.

16 Бо так палюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае.

17 Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, а каб сьвет уратаваны быў празь Яго.

18 Хто верыць у Яго, ня судзіцца, а хто ня верыць, ужо засуджаны, бо ня ўвераваў у імя Адзінароднага Сына Божага.

19 А суд у тым, што сьвятло прыйшло ў сьвет; але людзі больш палюбілі цемру, чым сьвятло, бо ўчынкі іхнія былі ліхія.

20 Бо кожны, хто робіць ліхое, ненавідзіць сьвятло і ня ідзе да сьвятла, каб не адкрыліся ўчынкі ягоныя, бо яны ліхія;

21 а хто робіць па праўдзе, ідзе да сьвятла, каб яўныя былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу зроблены.

22 Пасьля гэтага прыйшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў зямлю Юдэйскую і там жыў зь імі і хрысьціў.

23 А Ян таксама хрысьціў у Яноне паблізу Саліма, бо там было многа вады; і прыходзілі туды і хрысьціліся;

24 бо Ян яшчэ ня быў увязьнены ў цямніцу.

25 Тады ў Янавых вучняў адбылася спрэчка зь Юдэямі пра ачышчэньне.

26 І прыйшлі да Яна і сказалі яму: Равьві! Той, Які быў з табою пры Ярдане, і пра Якога ты сьведчыў, вось, Ён хрысьціць і ўсе ідуць да Яго.

27 Ян сказаў у адказ: ня можа чалавек нічога прымаць на сябе, калі ня будзе дадзена яму зь неба.

28 Вы самі мне сьведкі ў тым, што я сказаў: ня я Хрыстос, але я пасланы перад Ім.

29 Хто мае нявесту, той жаніх; а жаніхоў сябра, які стаіць і слухае яго, радасьцю радуецца, чуючы голас жаніха: вось гэтая радасьць мая спраўдзілася.

30 Ён мае расьці, а я - малець.

31 Хто прыходзіць з вышыні, той і ёсць вышэйшы за ўсіх; а сутны ад зямлі зямны і ёсьць і гаворыць як сутны ад зямлі; Хто прыходзіць зь нябёсаў, ёсьць вышэйшы за ўсіх,

32 І што Ён бачыў і чуў, пра тое і сьведчыць; і ніхто ня прымае сьведчаньня Ягонага.

33 Хто прыняў Ягонае сьведчаньне, гэтым і пацьвердзіў, што Бог праўдзівы.

34 Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя; бо ня мераю дае Бог Духа.

35 Айцец любіць Сына і ўсё даў у руку Ягоную.

36 Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае; а хто ня верыць у Сына, ня ўбачыць жыцьця, а гнеў Божы застаецца на ім.

 

Разьдзел 4

 

1 Калі даведаўся Ісус пра чутку, якая дайшла да фарысэяў, што Ён больш набывае вучняў і хрысьціць, чым Ян -

2 хоць Сам Ісус ня хрысьціў, а вучні Ягоныя, -

3 дык пакінуў Юдэю і пайшоў зноў у Галілею.

4 А меўся Ён праходзіць праз Самарыю.

5 І вось прыходзіць Ён да горада Самарыйскага, называнага Сіхар, паблізу дзялянкі зямлі, дадзенай Якавам сыну свайму Язэпу,

6 там быў калодзеж Якаваў. Ісус, стаміўшыся з дарогі, сеў каля калодзежа; было каля шостай гадзіны.

7 Прыходзіць жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Ісус кажа ёй: дай Мне напіцца.

8 Бо вучні Ягоныя адлучыліся ў горад купіць ежы.

9 Жанчына Самаранская кажа Яму: як Ты, Юдэй, просіш піць у мяне, Самаранкі? бо Юдэі з Самаранамі ня зносяцца.

10 Ісус сказаў ёй у адказ: калі б ты ведала дар Божы, і Хто кажа табе: дай Мне напіцца, - дык ты сама прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе вады жывое.

11 Жанчына кажа Яму: Спадару! Табе і зачарпнуць няма чым, а калодзеж глыбокі: адкуль жа ў Цябе вада жывая?

12 Няўжо Ты большы за бацьку нашага, Якава, які даў нам гэты калодзеж, і сам зь яго піў, і дзеці ягоныя, і быдла ягонае?

13 Ісус сказаў ёй у адказ: кожны, хто п'е ваду гэтую, спрагнецца зноў;

14 а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, той не спрагнецца вавек; а вада, якую Я дам яму, зробіцца ў ім крыніцай вады, якая пацячэ ў жыцьцё вечнае.

15 Жанчына кажа Яму: Спадару! дай мне гэтай вады, каб ня мець мне смагі і ня прыходзіць сюды чэрпаць.

16 Ісус кажа ёй: ідзі, клікні мужа твайго і прыйдзі сюды.

17 Жанчына сказала ў адказ: няма ў мяне мужа. Ісус кажа ёй: праўду ты сказала, што ў цябе няма мужа;

18 бо ў цябе было пяць мужоў, і той, якога сёньня маеш, ня муж табе; гэта слушна ты сказала.

19 Жанчына кажа Яму: Госпадзе! бачу, што Ты прарок;

20 бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары; а вы кажаце, што месца, дзе трэба пакланяцца, у Ерусаліме.

21 Ісус кажа ёй: павер Мне, што настане час, калі і не на гары гэтай, і не ў Ерусаліме будзеце пакланяцца Айцу.

22 Вы ня ведаеце, чаму кланяецеся; а мы ведаем, чаму кланяемся, бо збаўленьне ад Юдэяў;

23 але настане час, і настаў ужо, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо такіх паклоньнікаў Айцец шукае Сабе:

24 Бог ёсьць дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе.

25 Жанчына кажа Яму: ведаю, што прыйдзе Месія, гэта значыць, Хрыстос; калі Ён прыйдзе, дык абвесьціць нам усё.

26 Ісус кажа ёй: гэта Я, Які гавару з табою.

27 У гэты час прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што Ён гутарыў з жанчынаю; аднак жа ніводзін не сказаў: чаго Ты патрабуеш? альбо: пра што Ты гутарыш зь ёю?

28 Тады жанчына пакінула посуд свой і пайшла ў горад, і кажа людзям:

29 ідзеце, паглядзеце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я зрабіла: ці ня Ён Хрыстос?

30 Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.

31 Тым часам вучні прасілі яго, кажучы: Равьві! еж.

32 Але Ён сказаў ім: у Мяне ёсьць ежа, якое вы ня ведаеце.

33 Потым вучні гаварылі паміж сабою: хіба хто прынёс Яму есьці?

34 Ісус кажа ім: Мая ежа ёсьць тварыць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і зьдзейсьніць справу Ягоную.

35 Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво? А Я кажу вам: узьвядзеце вочы вашыя і паглядзеце на нівы, як яны папалавелі і высьпелі да жніва;

36 хто жне, дастае ўзнагароду і зьбірае плод у жыцьцё вечнае, так што і сейбіт і жнец разам радавацца будуць;

37 бо ў гэтым выпадку слушнае выслоўе: адзін сее, а другі жне.

38 Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхнюю.

39 І многія Самаране з горада таго ўверавалі ў Яго па слове жанчыны, якая сьведчыла, што Ён сказаў ёй усё, што яна зрабіла.

40 І таму, калі прыйшлі да Яго Самаране, дык прасілі Яго пабыць у іх; і Ён прабыў там два дні.

41 І яшчэ больш людзей уверавалі па Ягоным слове;

42 а жанчыне той казалі: ужо не па тваіх казанях веруем, бо самі чулі і ўведалі, што сапраўды Збаўца сьвету, Хрыстос.

43 Як мінула два дні, Ён выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею;

44 бо Сам Ісус сьведчыў, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.

45 Калі прыйшоў Ён у Галілею, дык Галілеяне не прынялі Яго, бачыўшы ўсё, што Ён зрабіў у Ерусаліме ў сьвята, - бо і яны хадзілі на сьвята.

46 Дык вось, Ісус зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе ператварыў ваду ў віно. У Капернауме быў адзін царадворац, у якога сын быў хворы.

47 Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў зь Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго прыйсьці і ацаліць сына ягонага, які быў пры сьмерці.

48 Ісус сказаў яму: вы ня ўверуеце, калі ня ўбачыце азнакаў і цудаў.

49 Царадворац кажа Яму: Госпадзе! прыйдзі, пакуль не памёр сын мой.

50 Ісус кажа яму: ідзі, сын твой здаровы. Той паверыў слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў.

51 На дарозе сустрэлі яго слугі ягоныя і сказалі: сын твой здаровы.

52 Ён спытаўся ў іх: а каторай гадзіне яму палепшала? Яму сказалі: учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго.

53 З гэтага бацька даведаўся, што гэта была тая самая гадзіна, калі Ісус сказаў яму: сын твой здаровы. І ўвераваў сам і ўвесь дом ягоны.

54 Гэты другі цуд учыніў Ісус, вярнуўшыся зь Юдэі ў Галілею.

 

Разьдзел 5

 

1 Пасьля гэтага было сьвята Юдэйскае, і прыйшоў Ісус у Ерусалім.

2 А ёсьць у Ерусаліме каля Авечае брамы купальня, называная па-Габрэйску Віфезда*, якая мела пяць крытых уваходаў;

3 у іх ляжала вялікае мноства хворых, сьляпых, кульгавых, сухіх, якія чакалі руху вады;

4 бо анёл Гасподні часам сыходзіў у купальню і парушаў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля парушэньня вады, той здаровы рабіўся, на якую б хваробу ні пакутаваў.

5 Тут быў чалавек, які хварэў трыццаць восем гадоў.

6 Ісус, угледзеўшы, як ён ляжыць, і даведаўшыся, што ён ляжыць ужо доўгі час, кажа яму: ці хочаш быць здаровым?

7 Хворы адказваў Яму: так, Госпадзе; але ня маю чалавека, які апусьціў бы мяне ў купальню, калі парушыцца вада; калі ж я прыходжу, нехта іншы ўжо ўваходзіць раней за мяне.

8 Ісус кажа яму: устань, вазьмі пасьцель тваю і хадзі.

9 І той адразу выздаравеў, і ўзяў пасьцель сваю, і пайшоў. Было ж гэта ў дзень суботні.

10 Пасьля Юдэі казалі ацалёнаму: сёньня субота; не павінен ты браць пасьцель.

11 Ён адказваў ім: Хто мяне вылечыў, Той мне сказаў: вазьмі пасьцель тваю і хадзі.

12 У яго спыталіся: хто Той Чалавек, Які сказаў табе: вазьмі пасьцель тваю і хадзі?

13 Але ацалёны ня ведаў, хто Ён; бо Ісус зьнік сярод людзей, якія былі на тым месцы.

14 Потым Ісус спаткаў яго ў храме і сказаў яму: вось, ты стаў здаровы; не грашы болей, каб ня сталася з табою чаго горшага.

15 Чалавек гэты пайшоў і абвясьціў Юдэям, што Той, Хто ацаліў яго, ёсьць Ісус.

16 І пачалі Юдэі перасьледаваць Ісуса і намышлялі забіць Яго за тое, што Ён рабіў усе такія дзеі ў суботу.

17 А Ісус казаў ім: Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю.

18 І яшчэ больш намышлялі забіць Яго Юдэі за тое, што Ён ня толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу.

19 На гэта Ісус сказаў: праўду, праўду кажу вам: Сын нічога ня можа тварыць Сам ад Сябе, калі ня ўбачыць, як Айцец творыць: бо, што творыць Ён, тое і Сын творыць таксама.

20 Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што творыць Сам; і пакажа Яму дзеі большыя за гэтыя, так што вы зьдзівіцеся.

21 Бо, як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча.

22 Бо Айцец і ня судзіць нікога, а ўвесь суд аддаў Сыну,

23 каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе і Айца, Які паслаў Яго.

24 Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае, і на суд ня прыходзіць, а перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё.

25 Праўду, праўду кажу вам: настае час, і настаў ужо, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і пачуўшы, ажывуць.

26 Бо як Айцец мае жыцьцё ў Самім Сабе, так і Сыну даў мець жыцьцё ў Самім Сабе;

27 і даў яму ўладу правіць і суд, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы.

28 Ня зьдзіўляйцеся з гэтага: бо настае час, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Сына Божага,

29 і выйдуць тыя, што тварылі дабро на ўваскрэсеньне жыцьця, а што ліха чынілі - на ўваскрэсеньне асуды.

30 Я нічога не магу тварыць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу, і суд Мой справядлівы, бо ня шукаю Маёй волі, а волі Айца, Які паслаў Мяне.

31 Калі Я сьведчу Сам пра Сябе, дык сьведчаньне Маё ня ёсьць ісьціна:

32 ёсьць іншы, хто сьведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што ісьціна ёсьць тое сьведчаньне, якім ён сьведчыць пра Мяне;

33 вы пасылалі да Яна, і ён засьведчыў пра ісьціну.

34 А Я вось не ад чалавека прымаю сьведчаньне, а кажу гэта на тое, каб вы ўратаваліся.

35 Ён быў сьвяцільнік, што гарэў і сьвяціў; а вы хацелі якісь час парадавацца пры сьвятле ягоным.

36 Але Я маю сьведчаньне большае за Янавае: бо дзеі, якія Айцец даў мне зьдзейсьніць, самыя дзеі гэтыя, якія Я чыню, сьведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне.

37 І Айцец, Які паслаў Мяне, сам засьведчыў пра Мяне. А вы ні голасу Ягонага ніколі ня чулі, ні аблічча Ягонага ня бачылі,

38 і ня маеце слова Ягонага, каб яно былося ў вас, бо ня верыце вы Таму, Каго Ён паслаў.

39 Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце празь іх мець жыцьцё вечнае: а яны ж сьведчаць пра Мяне.

40 Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё.

41 Ня прымаю славы ад людзей,

42 але ведаю вас: вы ня маеце ў сабе любові да Бога.

43 Я прыйшоў у імя Айца Майго, і ня прымаеце Мяне; а калі нехта іншы прыйдзе ў імя сваё, яго прымеце.

44 Як вы можаце верыць, калі адзін ад аднаго прымаеце славу, а славы, якая ад адзінага Бога, ня шукаеце?

45 Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом: ёсьць на вас скаржнік Майсей, на якога вы спадзеяцеся.

46 Бо калі б вы верылі Майсею, дык паверылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.

47 А калі ягоным пісаньням ня верыце, - як паверыце Маім словам?

 

 

* Дом міласэрнасьці

Разьдзел 6

 

1 Пасьля гэтага Ісус пайшоў на той бок мора Галілейскага, у навакольлі Тыверыяды;

2 За Ім сьледам пайшло мноства людзей, таму што бачылі цуды, якія Ён тварыў над хворымі.

3 Ісус узыйшоў на гару і там сядзеў з вучнямі Сваімі.

4 А набліжалася Пасха, сьвята Юдэйскае.

5 Ісус, узьвёўшы вочы і ўгледзеўшы, што мноства людзей ідзе да Яго, кажа Піліпу: дзе нам купіць хлябоў, каб іх накарміць?

6 А казаў гэта, выпрабоўваючы яго; бо Сам ведаў, што хацеў зрабіць.

7 Піліп адказваў Яму: ім на дзьвесьце дынараў ня хопіць хлеба, каб кожнаму дасталося хоць трошкі.

8 Адзін вучань Ягоны Андрэй, брат Сымона Пётры, кажа Яму:

9 Тут ёсьць у аднаго хлопчыка пяць хлябоў ячных і дзьве рыбкі, але што гэта на такое мноства,

10 Ісус сказаў: скажэце ім узьлегчы. А было на тым месцы многа травы. І вось узьлегла людзей лікам каля пяці тысяч.

11 Ісус, узяўшы хлябы і ўзьнёсшы падзяку, раздаў вучням, а вучні тым, што ўзьляжалі, гэтак сама і рыбы, колькі хто хацеў.

12 І калі насыціліся, дык сказаў вучням Сваім: зьбярэце кавалкі, што засталіся, каб нічога не прапала.

13 І сабралі, і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці ячных хлябоў, што засталіся ў тых, якія елі.

14 Тады людзі, якія бачылі цуд, учынены Ісусам, сказалі: гэта сапраўды Той Прарок, Які мае прыйсьці ў сьвет.

15 А Ісус, даведаўшыся, што хочуць прыйсьці, неспадзявана ўзяць Яго і зрабіць царом, зноў адыйшоў на гару адзін.

16 Калі ж настаў вечар, дык вучні Ягоныя выйшлі да мора,

17 і, увайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капернаум. Ужо цямнела, а Ісус ня прыходзіў да іх.

18 Дзьмуў моцны вецер, і мора хвалявалася.

19 Праплыўшы каля дваццаці пяці ці трыццаці стадыяў, яны ўбачылі Ісуса, Які ішоў па моры і набліжаўся да лодкі, і спалохаліся.

20 Але Ён сказаў ім: гэта Я; ня бойцеся.

21 Яны хацелі прыняць Яго ў лодку; і адразу лодка прыстала да берага, куды плылі.

22 На другі дзень люд, што стаяў па той бок мора, бачыў, што там, апрача адной лодкі, у якую ўвайшлі вучні Ягоныя, другой ня было, і што Ісус не ўваходзіў у лодку з вучнямі Сваімі, а адплылі адны вучні Ягоныя;

23 тым часам прыйшлі з Тыверыяды іншыя лодкі блізка да таго месца, дзе елі хлеб з дабраславеньня Гасподняга.

24 І вось, калі людзі ўбачылі, што тут няма Ісуса, ні вучняў Ягоных, дык увайшлі ў лодкі і прыплылі ў Капернаум, шукаючы Ісуса,

25 і, знайшоўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: Равьві! калі Ты сюды прыйшоў?

26 Ісус сказаў ім у адказ: праўду, праўду кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што елі хлеб і насыціліся;

27 дбайце не пра ежу прахлую, а пра ежу, што застаецца на жыцьцё вечнае, якую дасьць вам Сын Чалавечы; бо на Яго паклаў пячатку Сваю Айцец, Бог.

28 І вось, сказалі Яму: што нам рабіць, каб чыніць дзеі Божыя?

29 Ісус сказаў ім у адказ: вось дзея Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў.

30 На гэта сказалі Яму: якую ж Ты даеш азнаку, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? што Ты робіш?

31 Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: «хлеб зь неба даў ім есьці».

32 А Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: не Майсей даў вам хлеб зь неба, а Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб зь нябёсаў;

33 бо хлеб Божы ёсьць Той, Які сыходзіць зь нябёсаў і дае жыцьцё сьвету,

34 На гэта сказалі Яму: Госпадзе! давай нам заўсёды такі хлеб.

35 А Ісус сказаў ім: Я ёсьць хлеб жыцьця; хто прыходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня спрагнецца ніколі;

36 але Я сказаў вам, што вы і бачылі Мяне, і ня верыце.

37 Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе; і таго, хто прыходзіць да Мяне, ня выганю прэч;

38 бо Я сыйшоў зь нябёсаў не на тое, каб чыніць волю Маю, а волю Айца, Які паслаў Мяне;

39 а воля Айца Майго, Які паслаў Мяне, ёсьць тая, каб з таго, што Ён Мне даў, анічога не загубіць, а ўсё тое ўваскрэсіць у апошні дзень;

40 воля Таго, Хто паслаў Мяне, ёсьць тая, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае; і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень.

41 Абурыліся на Яго Юдэі за тое, што Ён сказаў: Я ёсьць хлеб, які сыйшоў зь нябёсаў, -

42 і казалі: ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, Чыйго бацьку і маці мы ведаем; як жа Ён кажа: Я сыйшоў зь нябёсаў?

43 Ісус сказаў ім у адказ: не абурайцеся між сабою:

44 ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі не прывядзе яго Айцец, Які паслаў Мяне; і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень.

45 У прарокаў напісана: «і будуць усе навучаны Богам; кожны, хто чуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне».

46 Гэта ня тое, каб хто бачыў Айца, апрача Таго, Хто ёсьць ад Бога: Ён бачыў Айца.

47 Праўду, праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае.

48 Я ёсьць хлеб жыцьця:

49 бацькі вашыя елі манну ў пустыні і памерлі;

50 а хлеб, што сыходзіць зь нябёсаў, такі, што той, хто есьць яго, не памрэ;

51 Я - хлеб жывы, што сыйшоў зь нябёсаў: хто есьць хлеб гэты, будзе жыць вечна; а хлеб, які Я дам, ёсьць Плоць Мая, якую Я аддам за жыцьцё сьвету.

52 Тады Юдэі пачалі спрачацца паміж сабою, кажучы: як Ён можа даць нам есьці Плоць Сваю?

53 А Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: калі ня будзеце есьці Плоці Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, ня мецьмеце ў сабе жыцьця:

54 Хто есьць Маю Плоць і п'е Маю Кроў, мбе жыцьцё вечнае, і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень;

55 бо Плоць мая сапраўды ёсьць ежа, і Кроў мая сапраўды ёсьць пітво;

56 хто есьць Маю Плоць і п'е Маю Кроў, застаецца ўва Мне, і Я ў ім;

57 як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есьць Мяне, жыць будзе Мною;

58 гэта той хлеб, што сыйшоў зь нябёсаў; ня так, як бацькі вашыя елі манну і памерлі: хто есьць хлеб гэты, жыць будзе вечна.

59 Гэта казаў Ён у сынагозе, навучаючы ў Капернауме.

60 Многія вучні Ягоныя, чуючы гэта, казалі: якія дзіўныя словы! Хто можа такое слухаць?

61 Але Ісус, ведаючы Сам у Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць на тое, сказаў ім: ці гэта спакушае вас?

62 што ж будзе, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней?

63 дух творыць жыцьцё, плоць ня творыць нічога; словы, якія кажу Я вам, - гэта дух і жыцьцё;

64 Але ёсьць сярод вас некаторыя, што ня вераць. Бо Ісус ад пачатку ведаў, хто ёсьць нявернікі, і хто выдасьць Яго.

65 І сказаў: на тое якраз і казаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі гэта ня дадзена будзе ад Айца Майго.

66 З гэтага часу многія вучні Ягоныя адыйшлі ад Яго і ўжо не хадзілі зь Ім.

67 Тады Ісус сказаў дванаццацём: ці ня хочаце і вы адыйсьці?

68 Сымон Пётр адказаў Яму: Госпадзе! да каго нам ісьці? Ты маеш словы вечнага жыцьця.

69 і мы паверылі і спазналі, што Ты - Хрыстос, Сын Бога жывога.

70 Ісус адказваў ім: ці не дванаццаць вас абраў Я? але адзін з вас д'ябал.

71 Гэта казаў Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты меўся выдаць Яго, ён быў адзін з дванаццацёх.

 

Разьдзел 7

 

1 Пасьля гэтага Ісус хадзіў па Галілеі, бо па Юдэі хадзіць не хацеў, таму што Юдэі намышлялі забіць Яго.

2 Набліжалася сьвята Юдэйскае - Кучкі.

3 Тады браты Ягоныя сказалі Яму: выйдзі адгэтуль і йдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі дзеі, што Ты ўчыняеш;

4 бо ніхто ня робіць чаго-небудзь употай, і стараецца сам быць вядомым; калі Ты чыніш такія дзеі, дык яві Сябе сьвету.

5 Бо і браты Ягоныя ня верылі ў Яго.

6 На гэта Ісус ім сказаў: Мой час яшчэ не настаў, а вам заўсёды час;

7 Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу пра яго, што дзеі ягоныя ліхія;

8 вы ідзеце на сьвята гэтае, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ не настаў.

9 Гэта сказаўшы ім, застаўся ў Галілеі.

10 Але як прыйшлі браты Ягоныя, тады і Ён прыйшоў на сьвята, не адкрыта, а як бы таемна.

11 А Юдэі шукалі яго на сьвяце і казалі: дзе Ён?

12 І многа было гаманы пра Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не, Ён зводзіць людзей.

13 Аднак ніхто не гаварыў пра Яго адкрыта, баючыся Юдэяў.

14 Але ўжо а палавіне сьвята ўвайшоў Ісус у храм і вучыў.

15 І дзівавалі Юдэі, кажучы: як Ён ведае Пісаньні, ня вучыўшыся?

16 Ісус, адказваючы ім, сказаў: Маё вучэньне - не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне;

17 хто хоча чыніць волю Ягоную, той даведаецца пра гэтае вучэньне, ці ад Бога яно, ці я Сам ад Сябе кажу;

18 хто гаворыць сам ад сябе, шукае славы сабе; а Хто шукае славы Таму, Хто паслаў Яго, Той сапраўдны, і няма няпраўды ў Ім.

19 Ці ня даў вам Майсей закона? і ніхто з вас ня жыве паводле закона. Завошта ж намышляеце забіць Мяне?

20 Людзі сказалі ў адказ: ці ня дэман у Табе? Хто намышляе забіць Цябе?

21 Ісус, прамаўляючы далей, сказаў ім: адну дзею ўчыніў Я, і ўсе вы дзівуеце;

22 Майсей даў вам абразаньне, - хоць яно не ад Майсея, а ад бацькоў, - і ў суботу вы абразаеце чалавека;

23 калі ў суботу прыймае чалавек абразаньне, каб ня быў парушаны закон Майсееў, - ці не на Мяне гневаецеся за тое, што Я ўсяго чалавека ацаліў у суботу?

24 ня судзеце паводле выгляду, а судзеце судом справядлівым.

25 Тут некаторыя зь Ерусалімцаў казалі: ці ня Той гэта, Якога спрабуюць забіць?

26 вось, Ён гаворыць адкрыта, і нічога ня кажуць Яму: ці ўпэўніліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос?

27 але мы ведаем Яго, адкуль Ён; а Хрыстос, калі прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён.

28 Тады Ісус усклікнуў у храме, вучачы і кажучы: і ведаеце Мяне, і ведаеце, адкуль Я; і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але ў ісьціне Той, хто паслаў Мяне, Якога вы ня ведаеце;

29 Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне.

30 І намышлялі схапіць Яго, але ніхто не наклаў на Яго рукі, бо яшчэ не настала гадзіна Ягоная.

31 А многія зь людзей уверавалі ў Яго і казалі: калі прыйдзе Хрыстос, няўжо створыць болей азнакаў, чым колькі Гэты стварыў?

32 Пачулі фарысэі такія перасуды пра Яго ў народзе, і паслалі фарысэі і першасьвятары служак - схапіць Яго.

33 А Ісус сказаў ім: яшчэ нядоўга быць Мне з вамі, і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне;

34 будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці.

35 Пры гэтым Юдэі гаварылі паміж сабою: куды Ён хоча ісьці, так што мы ня знойдзем Яго? ці ня хоча Ён ісьці ў Элінскае расьсеяньне і вучыць Элінаў?

36 што азначаюць гэтыя словы, якія Ён сказаў: «будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце; і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці»?

37 У апошні ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: хто прагне, ідзі да Мяне і пі;

38 хто веруе ў Мяне, у таго, як сказана ў Пісаньні, «з чэрава пацякуць рэкі вады жывое».

39 Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, што верылі ў Яго: бо яшчэ ня было на іх Духа Сьвятога, бо Ісус яшчэ ня быў праслаўлены.

40 Многія людзі, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Ён сапраўды прарок.

41 Другія казалі: гэта Хрыстос. А іншыя казалі: хіба з Галілеі Хрыстос прыйдзе?

42 ці ня сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе ад насеньня Давідавага і зь Віфляема, з таго месца, адкуль быў Давід?

43 І вось адбылася наконт Яго спрэчка ў народзе.

44 Некаторыя зь іх хацелі схапіць Яго; але ніхто не наклаў на Яго рук.

45 І вось служкі вярнуліся да першасьвятароў і фарысэяў, і гэтыя сказалі ім: чаму вы не прывялі яго?

46 Служкі адказвалі: ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек.

47 Фарысэі сказалі ім: няўжо і вы ўведзены ў зман?

48 ці паверыў у Яго хто з начальнікаў, альбо з фарысэяў?

49 але гэты народ невук у законе, пракляты ён.

50 Мікадым, які прыходзіў да Яго ўначы, будучы адным зь іх, кажа ім:

51 ці судзіць закон наш чалавека, калі папярэдне ня выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?

52 На гэта сказалі яму: і ты ці не з Галілеі? паглядзі, і ўбачыш, што з Галілеі ня прыходзіць прарок.

53 І разыйшліся ўсе па дамах.

 

Разьдзел 8

 

1 А Ісус пайшоў на гару Аліўную,

2 а раніцай зноў прыйшоў у храм, і ўвесь люд ішоў да Яго; Ён сеў і вучыў іх.

3 Тут кніжнікі і фарысэі прывялі да Яго жанчыну, засьпетую на блудзе, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,

4 сказалі Яму: Настаўнік! гэтую жанчыну засьпелі на блудзе;

5 а Майсей у законе наказваў нам пабіваць такіх камянямі: Ты што скажаш?

6 Казалі ж гэта, выпрабоўваючы Яго, каб знайсьці што-небудзь і зьвінаваціць Яго, але Ісус, нахіліўшыся нізка, пісаў пальцам на зямлі, не зважаючы на іх.

7 Калі ж папыталіся ў Яго далей, Ён, схіліўшыся, сказаў ім: хто з вас бяз грэху, першы кінь у яе каменем.

8 І зноў, нахіліўшыся нізка, пісаў на зямлі.

9 А яны, пачуўшы гэта і адчуўшы дакоры сумленьня, пачалі выходзіць адзін за адным, пачынаючы са старэйшых да апошніх; і застаўся адзін Ісус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне.

10 Ісус, схіліўшыся і ня бачачы нічога апрача жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе твае скаржнікі? ніхто не асудзіў цябе?

11 Яна адказвала: ніхто, Госпадзе! Ісус сказаў ёй: і Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы.

12 Зноў прамаўляў Ісус да людзей і сказаў ім: Я - сьвятло сьвету; хто пойдзе сьледам за Мною, той ня будзе блукаць у цемры, а будзе мець сьвятло жыцьця.

13 Тады фарысэі сказалі Яму: Ты Сам пра Сябе сьведчыш, сьведчаньне Тваё ня ёсьць ісьціна.

14 Ісус сказаў ім у адказ: калі Я і Сам пра Сябе сьведчу, сьведчаньне Маё ёсьць ісьціна, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я і куды іду.

15 Вы мяркуеце па плоці; Я ня суджу нікога;

16 а калі і суджу Я, дык суд Мой у ісьціне, бо Я не адзін, а Я з Айцом, Які паслаў Мяне;

17 а і ў законе вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек - праўдзівае.

18 Я Сам сьведчу пра Сябе, і сьведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне.

19 Тады сказалі Яму: дзе Айцец Твой? Ісус адказваў: вы ня ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго; калі б вы ведалі Мяне, дык ведалі б і Айца Майго.

20 Гэтыя словы казаў Ісус каля скарбонкі, калі вучыў у храме; і ніхто ня ўзяў Яго, бо ня прыйшла часіна Ягоная.

21 Зноў сказаў ім Ісус: Я адыходжу, і будзеце шукаць Мяне, і памраце ў грэху вашым; куды Я іду, туды вы ня можаце прыйсьці.

22 Тут Юдэі казалі: няўжо Ён заб'е Сам Сябе, што кажа: «куды Я іду, туды вы ня можаце прыйсьці»?

23 Ён сказаў ім: вы ад ніжніх, Я ад вышніх, вы ад сьвету гэтага, Я не ад гэтага сьвету;

24 таму Я і сказаў вам, што вы памраце ў грахах вашых: бо, калі ня ўверуеце, што гэта Я, дык памраце ў грахах вашых.

25 Тады сказалі Яму: хто ж Ты? Ісус сказаў ім: ад пачатку Існы, як і кажу вам:

26 многа мбю казаць і разважыць пра вас; але Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць Ісьціна, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьвету.

27 Не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца.

28 Дык вось, Ісус сказаў ім: калі ўзьнесяце Сына Чалавечага, тады і ўведаеце, што гэта Я і што нічога не раблю ад Сябе, а як навучыў Мяне Айцец Мой, так і кажу.

29 Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць са Мною; Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму заўгодна.

30 Калі Ён казаў гэта, многія ўверавалі ў Яго.

31 Тады сказаў Ісус да тых Юдэяў, што ўверавалі ў Яго: калі застанецеся ў слове Маім, дык вы ў ісьціне Мае вучні.

32 І спазнаеце праўду, і праўда зробіць вас свабоднымі.

33 Яму адказвалі: мы семя Абрагамавае, і ня былі рабамі нікому ніколі; як жа Ты кажаш: «зробіцеся свабоднымі»?

34 Ісус адказваў ім: праўду, праўду кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, ёсьць раб грэху;

35 але раб не застаецца ў доме вечна: Сын застаецца вечна;

36 дык вось, калі Сын вызваліць вас, дык у ісьціне свабодныя будзеце;

37 ведаю, што вы семя Абрагамавае: аднак намышляеце забіць Мяне, бо слова Маё не ўмяшчаецца ў вас;

38 Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што бачылі ў бацькі вашага.

39 Сказалі Яму ў адказ: бацька наш ёсьць Абрагам. Ісус сказаў ім: калі б вы былі дзеці Абрагамавыя, дык і ўчынкі Абрагамавыя рабілі б;

40 а цяпер намышляеце забіць Мяне, Чалавека, Які адкрыў вам ісьціну, якую чуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў.

41 Вы робіце ўчынкі бацькі вашага. На гэта сказалі Яму: мы не ад блуду народжаныя; аднаго Айца маем - Бога.

42 Ісус сказаў ім: калі б Бог быў Айцец ваш, вы любілі б Мяне, бо Я ад Бога паходжу і прыйшоў; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, а Ён паслаў Мяне:

43 Чаму вы не разумееце мовы Маёй? бо ня можаце чуць слова Майго:

44 ваш бацька д'ябал, і вы хочаце выконваць прыхамаць бацькі вашага, а ён быў душагуб ад пачатку і ня ўстояў у ісьціне, бо няма ў ім ісьціны; калі кажа ён няпраўду, кажа сваё, бо ён ашуканец і бацька няпраўды.

45 А як Я ісьціну кажу, дык ня верыце Мне.

46 Хто з вас выкрые Мяне ў няпраўдзе? калі Я кажу ісьціну, чаму вы ня верыце Мне?

47 Хто ад Бога, той слухае словы Божыя: вы таму ня слухаеце, што вы не ад Бога.

48 На гэта Юдэі адказвалі і сказалі Яму: ці ж няпраўду мы кажам, што Ты Самаранін і што дэман у Табе?

49 Ісус адказваў: ува мне дэмана няма, а Я шаную Айца Майго, а вы няславіце Мяне;

50 але ж Я ня шукаю Маёй славы: ёсьць Той, Хто шукае і судзіць;

51 Праўду, праўду кажу вам: хто сьледуе слову Майму, той ня ўбачыць сьмерці вавек.

52 Юдэі сказалі Яму: цяпер даведаліся мы, што дэман у Табе: Абрагам памёр і прарокі, а Ты кажаш: хто зьберагае слова Маё, той ня ўведае сьмерці вавек;

53 няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр? і за прарокаў памерлых? Кім Ты Сябе робіш?

54 Ісус адказваў: калі Я Сам Сябе слаўлю, дык слава Мая анішто: Мяне праслаўляе Айцец Мой, пра Якога вы кажаце, што Ён Бог ваш;

55 і вы ня ўведалі Яго, а Я ведаю Яго; і калі скажу, што ня ведаю Яго, дык буду падобны на вас ашуканец; але Я ведаю Яго і сьледую слову Ягонаму;

56 Абрагам, бацька ваш, рады быў убачыць дзень Мой: і ўбачыў і ўзрадаваўся.

57 На гэта сказалі Яму Юдэі: Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, - і Ты бачыў Абрагама?

58 Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: раней за Абрагама быў Я.

59 І пабралі камяні, каб кінуць у Яго; але Ісус зьнік і выйшаў з храма, прайшоўшы сярод іх, і пайшоў далей.

 

Разьдзел 9

 

1 І праходзячы, угледзеў чалавека, сьляпога ад роду.

2 Вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: Равьві! хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ўрадзіўся сьляпы?

3 Ісус адказваў: не зграшыў ні ён, ні бацькі ягоныя, але гэта на тое, каб на ім выявіліся дзеі Божыя;

4 Мне належыць чыніць дзеі Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль ёсьць дзень; прыйдзе ноч, калі ніхто ня можа чыніць;

5 пакуль Я ў сьвеце, Я - сьвятло сьвету.

6 сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў гразь са сьліны і памазаў гразёю вочы сьляпому,

7 і сказаў яму: ідзі, умыйся ў купальні Сілоам, што азначае: пасланы. Той пайшоў і ўмыўся, і вярнуўся відушчы.

8 Тут суседзі і тыя, што раней бачылі яго сьляпога, казалі: ці ня той гэта, які сядзеў і прасіў міласьціны?

9 Некаторыя казалі: гэта ён. А некаторыя: падобны на яго. Ён казаў: гэта я.

10 Тады пыталіся ў яго: як адкрыліся ў цябе вочы?

11 Ён сказаў у адказ: чалавек, Якога завуць Ісус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: «ідзі ў купальню Сілоам і ўмыйся». Я пайшоў, умыўся і зрабіўся відушчы.

12 Тады сказалі яму: дзе Ён? Ён адказаў: ня ведаю.

13 Павялі гэтага былога сьляпца да фарысэяў.

14 А была субота, калі Ісус зрабіў гразь і адамкнуў яму вочы.

15 Спыталіся ў яго і фарысэі таксама, як ён відушчы зрабіўся. Ён ім сказаў: гразь паклаў Ён на мае вочы, і я ўмыўся, і бачу.

16 Тады некаторыя фарысэі казалі: не ад Бога Гэты Чалавек, бо не шануе суботы. Іншыя казалі: як можа чалавек грэшны тварыць такія цуды? і паўстала між імі нязгода.

17 Зноў кажуць сьляпому: ты што скажаш пра Яго, бо Ён адамкнуў табе вочы? Ён сказаў: гэта прарок.

18 Тады Юдэі не паверылі, што быў ён сьляпы і зрабіўся відушчы, пакуль не паклікалі бацькоў гэтага ўжо відушчага

19 і спыталіся ў іх: ці гэта сын ваш, пра якога вы кажаце, што нарадзіўся сьляпы? Як жа ён цяпер бачыць?

20 Бацькі ягоныя сказалі ім у адказ: мы ведаем, што гэта сын наш і што ён нарадзіўся сьляпы;

21 а чаму цяпер бачыць, ня ведаем, ці хто адамкнуў яму вочы, мы ня ведаем: сам у сталых гадах, у самога спытайце, хай сам пра сябе скажа.

22 Так адказвалі бацькі ягоныя, таму што баяліся Юдэяў; бо Юдэі змовіліся ўжо, каб, хто прызнае Яго за Хрыста, таго адлучаць ад сынагогі;

23 вось таму бацькі ягоныя і сказалі: ён у сталых гадах, у самога спытайце.

24 І вось, другі раз паклікалі чалавека, які быў сьляпы, і сказалі яму: узьнясі хвалу Богу; мы ведаем, што Чалавек Той - грэшнік.

25 Ён сказаў ім у адказ: ці грэшнік Ён, ня ведаю; адно ведаю, што быў я сьляпы, а цяпер бачу.

26 Зноў спыталіся ў яго: што зрабіў Ён з табою? як адамкнуў твае вочы?

27 адказваў ім: я ўжо сказаў вам, і вы ня слухалі; што яшчэ хочаце пачуць? альбо і вы хочаце зрабіцца Ягонымі вучнямі?

28 А яны дакаралі яго і сказалі: ты вучань Ягоны, а мы Майсеевыя вучні;

29 мы ведаем, што з Майсеем гаварыў Бог, а Гэтага ня ведаем, адкуль Ён.

30 Чалавек відушчы сказаў ім у адказ: гэта якраз і дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль Ён, а Ён адамкнуў мне вочы.

31 Але мы ведаем, што грэшнікаў Бог ня слухае, а хто шануе Бога і выконвае волю Ягоную, таго слухае:

32 спрадвеку ня чулі, каб хто адамкнуў вочы таму, хто ўрадзіўся сьляпы;

33 калі б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы тварыць нічога.

34 Сказалі яму ў адказ: у грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты нас яшчэ вучыш? І выгналі яго прэч.

35 Ісус, пачуўшы, што выгналі яго прэч, і знайшоўшы яго, сказаў яму: ці верыш ты ў Сына Божага?

36 Ён адказваў і сказаў: а хто Ён, Госпадзе, каб мне верыць у Яго?

37 Ісус сказаў яму: і бачыў ты Яго, і Ён гаворыць з табою.

38 А ён сказаў: веру, Госпадзе! І пакланіўся Яму.

39 І сказаў Ісус: на суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб нявідушчыя бачылі, а відушчыя асьлеплі.

40 Пачуўшы гэта, некаторыя фарысэі, што былі зь Ім, сказалі Яму: няўжо і мы сьляпыя?

41 Ісус сказаў ім: калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б на сабе грэху; але як што вы кажаце, што бачыце, дык грэх застаецца на вас.

 

Разьдзел 10

 

1 Праўду, праўду кажу вам: хто не дзьвярыма уваходзіць у кашару авечую, а пералазіць дзе-небудзь, той злодзей і грабежнік,

2 а хто ўваходзіць дзьвярыма, той пастух авечкам:

3 яму брамнік адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага, і ён кліча авечкі свае па імёнах і выводзіць іх;

4 і калі выведзе свае авечкі, ідзе перад імі, а авечкі за ім ідуць, бо ведаюць голас ягоны;

5 а за чужым ня ідуць, а ўцякаюць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу.

6 Гэтую прытчу сказаў ім Ісус. Але яны не зразумелі, што такое Ён казаў ім.

7 І вось, зноў Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам, што Я дзьверы авечкам.

8 Усе, хто колькі іх ні прыходзіла перада Мною, - зладзеі і грабежнікі; але авечкі не паслухаліся іх;

9 Я - дзьверы: хто ўвойдзе Мною, той уратуецца, і ўвойдзе і выйдзе, і пашу знойдзе.

10 Злодзей прыходзіць толькі дзеля таго, каб украсьці, забіць і загубіць; Я прыйшоў дзеля таго, каб мелі жыцьцё і мелі ўдосталь.

11 Я - Пастыр Добры: Пастыр Добры аддае жыцьцё сваё за авечкі;

12 а найміт, ня пастыр, якому авечкі не свае, бачыць, як воўк падыходзіць, і пакідае авечкі і ўцякае, і воўк рабуе авечкі і разганяе іх;

13 а найміт ўцякае, бо найміт і ня дбае пра авечкі.

14 Я - Пастыр Добры, і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне:

15 як Айцец ведае Мяне, так і Я ведаю Айца, і жыцьцё Маё кладу за авечкі.

16 Ёсьць у Мяне і іншыя авечкі, якія ня з гэтай кашары, і тых трэба мне прывесьці: і яны пачуюць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін Пастыр.

17 За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыцьцё Маё, каб зноў прыняць яго;

18 ніхто не адбірае яго ў Мяне, а Я Сам аддаю яго: мбю ўладу аддаць яго і ўладу мбю зноў прыняць яго; такі наказ атрымаў Я ад Айца Майго.

19 Ад гэтых словаў зноў узьнікла паміж Юдэямі нязгода.

20 Многія зь іх казалі: Ён апантаны дэманам і шалее; чаго слухаеце Яго?

21 Другія казалі: гэта словы не апантанага дэманам; ці ж можа дэман адмыкаць вочы сьляпым?

22 А настала тады ў Ерусаліме сьвята абнаўленьня, і была зіма.

23 І хадзіў Ісус у храме, у прытворы Саламонавым.

24 Тут Юдэі абступілі Яго і казалі Яму: ці доўга Табе трымаць нас у няпэўнасьці? Калі Ты Хрыстос, скажы нам шчыра.

25 Ісус адказваў ім: Я сказаў вам, і ня верыце; дзеі, якія твару Я ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне;

26 але вы ня верыце, бо вы не з авечак Маіх, як Я сказаў вам;

27 авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною,

28 і Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць вавек, і ніхто ня вырве іх з рукі Мае;

29 Айцец Мой, Які даў Мне іх, найбольшы за ўсіх, і ніхто ня можа адабраць іх з рукі Айца Майго:

30 Я і Айцец - адно.

31 Тут зноў Юдэі схапілі камяні, каб пабіць Яго.

32 Ісус адказваў ім: многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго; за які зь іх вы хочаце пабіць Мяне камянямі?

33 Юдэі сказалі Яму ў адказ: не за добры ўчынак хочам пабіць камянямі Цябе, а за блюзьнерства і за тое, што Ты, чалавек, робіш Сябе Богам.

34 Ісус адказваў ім: ці ж не напісана ў законе вашым: «Я сказаў: вы багі»?

35 Калі Ён назваў багамі тых, каму было слова Божае, і ня можа парушыцца Пісаньне, -

36 ці Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце «блюзьнерыш», бо Я сказаў: Я Сын Божы?

37 калі Я не твару дзеяў Айца Майго, ня верце Мне;

38 а калі твару, дык калі ня верыце Мне, верце ўчынкам Маім, каб даведацца і паверыць, што Айцец ува Мне і Я ў Ім.

39 Тады зноў намышлялі схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рук іхніх,

40 і пайшоў зноў за Ярдан, на тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там.

41 Многія прыйшлі да Яго і казалі, што Ян ня ўчыніў ніякага цуду; але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, была праўда.

42 І многія там уверавалі ў Яго.

 

Разьдзел 11

 

1 Быў хворы нехта Лазар зь Віфаніі, зь селішча, дзе жылі Марыя і Марфа, сястра ейная.

2 А Марыя, чый брат Лазар быў хворы, была тая самая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Яму валасамі сваімі.

3 Сёстры паслалі сказаць Яму: Госпадзе! той, каго Ты любіш, хворы.

4 Ісус, пачуўшы, сказаў: гэта хвароба не да сьмерці, а на славу Божую, хай праславіцца празь яе Сын Божы.

5 А Ісус любіў Марфу і сястру яе і Лазара.

6 Калі ж пачуў, што ён хворы, прабыў два дні на тым месцы, дзе быў.

7 Пасьля гэтага сказаў вучням: пойдзем зноў у Юдэю.

8 Вучні сказалі Яму: Равьві! ці даўно Юдэі намышлялі пабіць Цябе камянямі, і Ты зноў ідзеш туды?

9 Ісус адказваў: ці не дванаццаць гадзін у дні? хто ходзіць удзень, той не спатыкаецца, бо ён бачыць сьвятло сьвету гэтага;

10 а хто ходзіць поначы, спатыкаецца, бо няма сьвятла зь ім.

11 Сказаўшы гэта, кажа ім потым: Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду разбудзіць яго.

12 Вучні Яго сказалі: Госпадзе! калі заснуў, дык выздаравее.

13 Ісус казаў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сон звычайны.

14 Тады Ісус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр;

15 і радуюся за вас, што Мяне ня было там, каб цяпер уверавалі; але пойдзем да яго.

16 Тады Тамаш, інакш называны Блізьнюк, сказаў вучням: пойдзем і мы памрэм зь ім.

17 Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле.

18 А Віфанія была непадалёк ад Ерусаліма, стадыяў за пятнаццаць,

19 і многія Юдэі прыйшлі да Марфы і Марыі - суцешыць іх у смутку па браце іхнім.

20 Марфа, пачуўшы, што ідзе Ісус, пайшла насустрач Яму; а Марыя сядзела дома.

21 Тады Марфа сказала Ісусу: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой;

22 але і цяпер ведаю, што, чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог.

23 Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой.

24 Марфа сказала Яму: ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрэсеньні, у апошні дзень.

25 Ісус сказаў ёй: Я - уваскрэсеньне і жыцьцё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, - ажыве;

26 і кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ вавекі. Ці верыш у гэта?

27 Яна кажа Яму: веру, Госпадзе! я веру, што Ты Хрыстос Сын Божы, Які прыйшоў у сьвет.

28 Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала ўпотай Марыю, сястру сваю, кажучы: Настаўнік тут і кліча цябе.

29 Яна, як толькі пачула, пасьпешліва ўстала і пайшла да Яго.

30 Ісус яшчэ не ўваходзіў у селішча, але быў на тым месцы, дзе сустрэла Яго Марфа.

31 Юдэі, якія былі зь ёю ў доме і суцяшалі яе, убачыўшы, што Марыя пасьпешліва ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, думаючы, што яна пайшла да магілы - плакаць там.

32 А Марыя, прыйшоўшы туды, дзе быў Ісус, і ўгледзеўшы Яго, упала да ног Ягоных і сказала Яму: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.

33 Ісус, калі ўбачыў яе, што плача, і Юдэяў, якія прыйшлі зь ёю і плачуць, Сам засмуціўся духам і ўзрушыўся,

34 і сказаў: дзе вы паклалі яго? Кажуць Яму: Госпадзе! ідзі і паглядзі.

35 Ісус заплакаў сьлязьмі.

36 Тады Юдэі казалі: глядзі, як Ён любіў яго!

37 А некаторыя зь іх сказалі: хіба ня мог Гэты, Які адамкнуў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?

38 А Ісус, зноў смуткуючы ўнутрана, прыходзіць да магілы. Гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй.

39 Ісус кажа: адымеце камень. Сястра памерлага, Марфа, кажа Яму: Госпадзе! ужо сьмярдзіць; бо чатыры дні, як ён у магіле.

40 Ісус кажа ёй: ці не сказаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?

41 І вось аднялі камень ад пячоры, дзе ляжаў памерлы. А Ісус узьвёў вочы да неба і сказаў: Войча! дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне;

42 Я і ведаў, што Ты заўсёды пачуеш Мяне; але сказаў гэта людзям, што стаяць тут, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне.

43 Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў моцным голасам: Лазар! выходзь.

44 І выйшаў памерлы, абвіты па руках і нагах пахавальным палатном, і твар у яго абвязаны быў хусткай. Ісус кажа ім: разьвяжэце яго, хай ідзе.

45 Тады многія Юдэі, што прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўтварыў Ісус, уверавалі ў Яго;

46 а некаторыя зь іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што ўчыніў Ісус.

47 Тады першасьвятары і фарысэі сабралі нараду і казалі: што нам рабіць? Гэты Чалавек многа цудаў творыць:

48 калі пакінем Яго так, дык усе ўверуюць у Яго, - і прыйдуць Рымляне і забяруць і месца наша і народ.

49 А адзін зь іх, нехта Каяфа, які быў на той год першасьвятаром, сказаў ім: вы нічога ня ведаеце;

50 падумайце, што лепей нам: каб адзін чалавек памёр за людзей, ці каб увесь народ загінуў.

51 Сказаў жа ён гэта не ад сябе, а як што быў на той год першасьвятаром, прадказаў, што Ісус памрэ за народ,

52 і ня толькі за народ, а каб і расьсеяных дзяцей Божых сабраць усіх разам.

53 З гэтага дня пастанавілі забіць Яго.

54 Таму Ісус ужо больш не хадзіў адкрыта паміж Юдэяў, а пайшоў адтуль у краіну паблізу пустыні, у горад, што называўся Ефраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі.

55 Блізілася Пасха Юдэйская, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерусалім перад Пасхаю, каб там ачысьціцца.

56 Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў храме, казалі адзін аднаму: як вы думаеце? ці ня прыйдзе Ён на сьвята?

57 А першасьвятары і фарысэі далі загад, што, калі хто даведаецца, дзе Ён будзе, наказалі б, каб узяць Яго.

 

Разьдзел 12

 

1 За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе быў Лазар памерлы, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.

2 Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марфа служыла, а Лазар быў адзін з тых, хто ўзьляжаў зь Ім.

3 А Марыя, узяўшы фунт каштоўнага чысьцюткага нардавага міра, памазала ногі Ісусу і абцерла валасамі сваімі ногі Яму; і дом напоўніўся пахошчамі міра.

4 Тады адзін вучань Ягоны, Юда Сымонаў Іскарыёт, які хацеў выдаць Яго, сказаў:

5 Чаму б не прадаць гэтае міра за трыста дынараў і не раздаць убогім?

6 А сказаў ён гэта не таму, каб парупець за ўбогіх, а таму, што быў злодзей: ён меў пры сабе скарбонку, і насіў, што туды апускалі.

7 А Ісус сказаў: пакіньце яе; яна зьберагла гэта на дзень пахаваньня Майго;

8 убогіх бо заўсёды маеце з сабою, а Мяне - не заўсёды.

9 Многія Юдэі даведаліся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, а каб пабачыць і Лазара, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.

10 А першасьвятары вырашылі забіць і Лазара,

11 бо празь яго многія Юдэі прыходзілі і веравалі ў Ісуса.

12 На другі дзень мноства людзей, што прыйшлі на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ерусалім,

13 узялі пальмавыя галінкі, выйшлі насустрач Яму і ўсклікалі: асанна! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе, Цар Ізраілеў!

14 А Ісус, знайшоўшы малое асьляня, сеў на яго, як напісана:

15 «ня бойся, дачка Сыёнавая! вось, Цар твой ідзе, седзячы на маладым асьляняці».

16 Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага; але, калі праславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што так было пра Яго напісана, і гэта зрабілі Яму.

17 Людзі, якія былі зь ім раней, сьведчылі, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрэсіў яго зь мёртвых;

18 таму і сустрэў Яго люд, бо чуў, што Ён утварыў гэты цуд.

19 А фарысэі гаварылі паміж сабою: ці ж ня бачыце, што не пасьпяваеце анічога? увесь сьвет ідзе за Ім.

20 Сярод тых, што прыйшлі на пакланеньне ў сьвята, былі некаторыя Эліны;

21 яны падыйшлі да Піліпа, які быў зь Віфсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: спадару! нам хочацца бачыць Ісуса.

22 Піліп ідзе і кажа пра тое Андрэю; і потым Андрэй і Піліп кажуць пра тое Ісусу.

23 А Ісус сказаў ім у адказ: прыйшоў час праславіцца Сыну Чалавечаму:

24 Праўду, праўду кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык застанецца адно; а калі памрэ, дык уродзіць багата плоду.

25 Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а хто ненавідзіць душу сваю ў сьвеце гэтым, захавае яе ў жыцьцё вечнае.

26 Хто Мне служыць, Мне няхай сьледуе, і дзе Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўпачцівіць Айцец Мой.

27 Душа Мая цяпер узрушылася; і што Мне сказаць? Войча! збаў Мяне ад гадзіны гэтай! але на гэтую гадзіну Я і прыйшоў;

28 Войча! праславі імя Тваё! Тады прыйшоў зь неба голас: і праславіў і яшчэ праслаўлю.

29 А люд, што стаяў і чуў тое, казаў: гэта гром. А другія казалі: анёл гаварыў Яму.

30 Ісус на гэта сказаў: ня Мне быў голас гэты, а народу;

31 сёньня суд сьвету гэтаму; сёньня князь сьвету гэтага выгнаны будзе прэч.

32 І калі Я ўзьнесены буду над зямлёю, усіх прыхіну да Сябе.

33 Гэта казаў Ён, даючы ўразумець, якою сьмерцю Ён памрэ.

34 Народ адказваў Яму: мы чулі з закона, што Хрыстос жыве вечна; як жа Ты кажаш, што мае быць Сын Чалавечы ўзьнесены? хто Гэты Сын Чалавечы?

35 Тады Ісус сказаў ім: яшчэ на кароткі час сьвятло будзе з вамі; хадзеце, пакуль ёсьць сьвятло, каб не абняла вас цемра; а хто ходзіць у цемры, ня ведае, куды ідзе;

36 пакуль сьвятло з вамі, верце ў сьвятло, і будзьце сынамі сьвятла. Сказаўшы гэта, Ісус адыйшоў і зьнік ад іх.

37 Столькі цудаў утварыў Ён перад імі, і яны ня веравалі ў Яго,

38 хай збудзецца слова Ісаі прарока: Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас? і каму адкрылася сіла Гасподняя?

39 Таму не маглі яны вераваць, што як яшчэ сказаў Ісая,

40 «народ гэты асьляпіў вочы свае і скамяніў сэрца сваё, хай ня бачаць вачыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх».

41 Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і казаў пра Яго.

42 Урэшце і з начальнікаў многія ўверавалі ў Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб не адлучылі іх ад сынагогі;

43 бо палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую.

44 А Ісус абвясьціў, сказаўшы: хто ў Мяне веруе, не ў Мяне веруе, а ў Таго, Хто паслаў Мяне;

45 і хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.

46 Я сьвятлом прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.

47 І калі хто пачуе Мае словы і не паверыць, Я ня суджу яго: бо Я прыйшоў ня судзіць сьвет, а выратаваць сьвет.

48 Хто Мяне адкідае і ня прымае словаў Маіх, мае судзьдзю сабе: слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень;

49 Бо Я гаварыў не ад Сябе; а Айцец, Які паслаў Мяне, Ён даў мне наказ, што сказаць і што гаварыць.

50 І ведаю Я, што наказ Ягоны ёсьць жыцьцё вечнае. Дык вось, што я кажу, кажу, як сказаў Мне Айцец.

 

Разьдзел 13

 

1 Перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная перайсьці ад сьвету гэтага да Айца, паказаў справаю, што, палюбіўшы Сваіх сутных у сьвеце, да канца палюбіў іх.

2 І падчас вячэры, калі д'ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго,

3 Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя, і што Ён ад Бога прыйшоў і адыходзіць да Бога,

4 устаў зь вячэры, распрануўся і, узяўшы ручнік, аперазаўся;

5 потым уліў вады ва ўмывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням і абціраць ручніком, якім быў аперазаны.

6 Падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: Госпадзе! ці Табе абмываць мае ногі?

7 Ісус сказаў яму ў адказ: што Я раблю, цяпер ты ня ведаеш, а ўразумееш пасьля.

8 Пётр кажа Яму: не абмыеш ног маіх вавек. Ісус адказваў яму: калі не абмыю цябе, ня маеш долі са Мною.

9 Сымон Пётр кажа Яму: Госпадзе! ня толькі ногі мае, але рукі і галаву.

10 Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі ўмыць, бо чысты ўвесь; і вы чыстыя, але ня ўсе.

11 Бо ведаў Ён прадажніка Свайго, таму і сказаў: «ня ўсе вы чыстыя».

12 А калі абмыў ім ногі і надзеў вопратку Сваю, дык, узьлёгшы зноў, сказаў ім: ці ведаеце, што Я зрабіў вам?

13 Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам, і слушна кажаце, бо Я сапраўды гэта.

14 Дык вось, калі Я, Гасподзь і Настаўнік, абмыў ногі вам, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму:

15 бо Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі тое самае, што Я зрабіў вам.

16 Праўду, праўду кажу вам: раб ня большы за гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто паслаў яго.

17 Калі гэта ведаеце, дабрашчасныя вы, калі выконваеце.

18 Не пра ўсіх вас кажу: Я ведаю, каго Я абраў. Але хай збудзецца Пісаньне: «той, хто есьць хлеб са Мною, падняў на Мяне пяту сваю».

19 Цяпер маўляю вам, перш чым тое збылося, каб, калі збудзецца, паверылі вы, што гэта Я.

20 Праўду, праўду кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прыме; а хто прымае Мяне, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.

21 Сказаўшы гэта, Ісус узрушыўся духам, і засьведчыў, і сказаў: праўду, праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.

22 Тады вучні азіраліся адзін на аднаго, не разумеючы, пра каго Ён кажа.

23 А адзін вучань Ягоны, якога любіў Ісус, узьляжаў каля грудзей Ісуса;

24 яму Сымон Пётр зрабіў знак, каб спытаўся, хто той, пра якога кажа.

25 Ён, прыпаўшы да грудзей Ісуса, сказаў Яму: Госпадзе, хто гэта?

26 Ісус адказваў: той, каму Я, умачыўшы кавалак хлеба, падам. І ўмачыўшы кавалак, падаў Юду Сымонаву Іскарыёту.

27 І пасьля гэтага кавалка увайшоў у таго сатана. Тады Ісус сказаў яму: што робіш, рабі хутчэй.

28 Але ніхто з тых, што ўзьляжалі, не зразумеў, навошта Ён сказаў яму.

29 А як што ў Юды была скарбонка, дык некаторыя думалі, што Ісус кажа яму: купі, што нам трэба на сьвята, альбо, каб даў што-небудзь убогім.

30 Ён, прыняўшы кавалак, адразу выйшаў; а была ноч.

31 Калі ён выйшаў, Ісус сказаў: сёньня праславіўся Сын Чалавечы, і Бог праславіўся ў Ім;

32 калі Бог праславіўся ў Ім, дык і Бог праславіць Яго ў Сабе, і хутка праславіць Яго.

33 Дзеткі! ня доўга ўжо быць Мне з вамі: будзеце шукаць Мяне, і, як сказаў Я Юдэям, што, куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці, так і вам кажу цяпер.

34 Запаведзь новую даю вам, палюбеце адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы палюбеце адзін аднаго;

35 Па тым пазнбюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою.

36 Сымон Пётр сказаў Яму: Госпадзе! куды Ты ідзеш? Ісус адказваў яму: куды Я іду, ты ня можаш цяпер за Мною ісьці, а потым пойдзеш за Мною.

37 Пётр сказаў Яму: Госпадзе! чаму я не магу ісьці за Табою цяпер? я душу маю пакладу за Цябе.

38 Ісус адказваў яму: душу тваю за Мяне пакладзеш? Праўду, праўду кажу табе: не прасьпявае певень, як зрачэшся Мне тройчы.

 

Разьдзел 14

 

1 Хай не бянтэжыцца сэрца ваша; веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце.

2 У доме Айца Майго прыстанішча многа, а калі б ня так, Я сказаў бы вам: Я іду падрыхтаваць месца вам.

3 І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я.

4 А куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце.

5 Тамаш сказаў Яму: Госпадзе! ня ведаем, куды ідзеш; і як можам ведаць шлях?

6 Ісус сказаў яму: Я - і шлях і праўда і жыцьцё; ніхто ня прыходзіць да Айца, як толькі церазь Мяне.

7 Калі б вы ведалі Мяне, дык ведалі б і Айца Майго. І ад сёньня ведаеце Яго, і бачылі Яго.

8 Піліп сказаў Яму: Госпадзе! пакажы нам Айца, і досыць нам.

9 Ісус сказаў яму: столькі часу Я з вамі, і ты ня ведаеш Мяне, Піліпе? хто бачыў Мяне, бачыў Айца; як жа ты кажаш: «пакажы нам Айца»?

10 Хіба ня верыш ты, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне? Словы, якія кажу Я вам, кажу не ад Сябе; Айцец, Які існы ўва Мне, Ён творыць дзеі.

11 Верце Мне, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне; а калі ня так, дык верце Мне па самых дзеях.

12 Праўду, праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, дзеі, якія твару Я, і Ён створыць, і болей за іх створыць; бо Я да Айца Майго іду.

13 І калі чаго папросіце ў Айца ў імя Маё, дык зраблю, хай праславіцца Айцец у Сыне;

14 калі чаго папросіце ў імя Маё, я тое зраблю.

15 Калі любіце Мяне, захавайце Мае запаведзі,

16 і Я ўмалю Айца, і дасьць вам другога Суцешніка, хай будзе з вамі вавек,

17 Духа праўды, Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і ня ведае Яго; а вы ведаеце Яго, бо Ён з вамі існы, і ў вас будзе.

18 Не пакіну вас сіротамі; прыйду да вас;

19 яшчэ трошкі, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне; а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыцьмеце.

20 У той дзень спазнаеце вы, што Я ў Айцы Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас.

21 Хто мбе запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне; а хто любіць Мяне, той палюбіцца Айцу Майму, і Я палюблю яго і зьяўлюся яму Сам.

22 Юда, не Іскарыёт, кажа Яму: Госпадзе! што гэта, што Ты хочаш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?

23 Ісус сказаў яму ў адказ: хто любіць Мяне, той сьледуе слову Майму; і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і прыстанішча ў ім створым.

24 Хто ня любіць Мяне, ня сьледуе словам Маім; а слова, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, а Айца, што паслаў Мяне.

25 Гэта сказаў Я вам, будучы з вамі;

26 А Суцешнік, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам усё, што Я казаў вам.

27 Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам: ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Хай не бянтэжыцца сэрца ваша і хай не застрашыцца.

28 Вы чулі, што я сказаў вам: іду ад вас і прыйду да вас. Калі б вы любілі Мяне, дык узрадаваліся б, што Я сказаў: іду да Айца; бо Айцец Мой большы за Мяне.

29 І вось, Я сказаў вам пра тое, раней чым збылося, каб вы паверылі, калі збудзецца.

30 Ужо нядоўга Мне гутарыць з вамі, бо ідзе князь сьвету гэтага, ды ня мае ўлады над Мною.

31 Але каб сьвет ведаў, што Я люблю Айца, і, як наказаў Мне Айцец, так і твару: устаньце, пойдзем адгэтуль.

 

Разьдзел 15

 

1 Я - сапраўдная Вінаградная Лаза, а Айцец Мой - Вінаградар;

2 кожную зь Мяне галінку, якая ня родзіць плоду, Ён абцінае; і кожную, якая родзіць плод, ачышчае, каб больш урадзіла плоду.

3 Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я прапаведаваў вам.

4 заставайцеся ўва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня можа радзіць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе, так і вы, калі ня будзеце ўва Мне.

5 Я - Лаза, а вы галіны; хто застаецца ўва Мне, і Я ў ім, той родзіць многа плоду, бо безь Мяне ня можаце рабіць нічога.

6 Хто не застаецца ўва Мне, той будзе выкінуты прэч, як галіна, і засохне; а такія галіны зьбіраюць і кідаюць у вагонь, і яны згараюць;

7 калі застанецеся ўва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, дык, чаго ні захочаце, прасеце, і будзе вам.

8 Тым праславіцца Айцец Мой, калі вы ўродзіце многа плоду, і будзеце Маімі вучнямі.

9 Як палюбіў Мяне Айцец, і Я палюбіў вас; заставайцеся ў любові Маёй,

10 калі наказы Мае выканаеце, застанецеся ў любові Маёй, як і Я выканаў наказы Айца Майго і застаюся ў Яго любові.

11 Гэта сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас заставалася і радасьць вашая была поўная.

12 Гэта ёсьць запаведзь Мая, палюбеце ж адзін аднаго, як Я палюбіў вас.

13 Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх.

14 Вы сябры Мае, калі выконваеце тое, што Я наказваю вам;

15 Я ўжо не называю вас рабамі, бо раб ня ведае, што робіць гаспадар ягоны; а Я назваў вас сябрамі, бо сказаў вам усё, што чуў ад Айца Майго.

16 Ня вы Мяне выбралі, а Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і радзілі плод, і каб плод ваш заставаўся, каб, чаго ні папросіце ў Айца ў імя Маё, Ён даў вам.

17 Гэта наказваю вам: любеце ж адзін аднаго.

18 Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зьненавідзеў.

19 Калі б вы былі ад сьвету, дык сьвет любіў бы сваё; а як вы не ад сьвету, а Я Вас выбраў ад сьвету, таму ненавідзіць вас сьвет.

20 Памятайце слова, якое Я сказаў вам: раб ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне гналі, гнацьмуць і вас; калі Маё слова захоўвалі, будуць захоўваць і ваша;

21 але ўсё тое зробяць вам за імя Маё, ня ведаюць бо Таго, Хто паслаў Мяне.

22 Калі б Я ня прыйшоў і не казаў ім, дык ня мелі б грэху; а цяпер ня маюць дараваньня ў грэху сваім.

23 Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Айца Майго;

24 калі б Я ня ўчыніў паміж імі дзеяў, якіх ніхто іншы ня ўчыняў, дык ня мелі б грэху; а цяпер і бачылі, і ўзьненавідзелі і Мяне і Айца Майго.

25 Але хай збудзецца слова, напісанае ў законе іхнім: «зьненавідзелі Мяне марна».

26 Калі ж прыйдзе Суцешнік, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне;

27 А таксама і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.

 

Разьдзел 16

 

1 Гэта сказаў Я вам, каб вы не запаняверыліся:

2 прагоняць вас зь сынагогаў; нават прыходзіць час, калі кожны, хто забівацьме вас, будзе думаць, што ён тым служыць Богу.

3 Так будуць рабіць, бо ня зьведалі ні Айца, ні Мяне.

4 Але Я сказаў вам гэта, каб вы, калі прыйдзе той час, успомнілі, што Я казаў вам пра тое; не казаў жа гэтага вам раней, таму што быў з вамі.

5 А цяпер іду да Таго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне: куды ідзеш?

6 Але таму, што Я сказаў вам гэта, жальбай напоўнілася сэрца ваша.

7 Але Я праўду кажу вам: лепей вам, каб Я пайшоў; бо, калі Я не пайду, Суцешнік ня прыйдзе да вас; а калі пайду, дык пашлю Яго да вас,

8 і Ён, прыйшоўшы, выкрые сьвет у грэху і ў праўдзе і ў судзе.

9 У грэху, - што ня вераць у Мяне;

10 у праўдзе, - што Я іду да Айца Майго, і ўжо не пабачыце Мяне;

11 а ў судзе, - што князь сьвету гэтага асуджаны.

12 Яшчэ многае маю сказаць вам, але вы цяпер ня можаце спасьцігнуць.

13 Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, дык наставіць вас на ўсякую праўду: бо не ад Сябе будзе гаварыць, а будзе гаварыць, што пачуе, і будучыню агалосіць вам;

14 Ён праславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесьціць вам.

15 Усё, што мае Айцец, ёсьць Маё; бо Я сказаў, што ад Майго возьме і абвесьціць вам.

16 Неўзабаве вы ня ўбачыце Мяне, і зноў неўзабаве ўбачыце Мяне; бо я іду да Айца.

17 Тут некаторыя вучні Ягоныя сказалі адзін аднаму: што гэта Ён кажа нам: «неўзабаве ня ўбачыце Мяне», і зноў «неўзабаве ўбачыце Мяне», і: «Я іду да Айца»?

18 І вось яны гаварылі: што гэта кажа Ён: «неўзабаве»? ня ведаем, што кажа.

19 Ісус, зразумеўшы, што хочуць спытацца ў Яго, сказаў ім: ці пра тое распытваецеся вы, што Я сказаў: «неўзабаве ня ўбачыце Мяне»?

20 Праўду, праўду кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет узрадуецца; вы засмучаныя будзеце, але смутак ваш радасьцю абернецца.

21 Жанчына, калі раджае, трывае цярпеньні, бо прыйшоў час яе; а як толькі народзіць дзіцятка, ужо не памятае цярпеньняў ад радасьці, бо нарадзіўся чалавек на сьвет.

22 Так і вы цяпер маеце смутак; але Я вас угледжу зноў, і ўзрадуецца сэрца ваша, і радасьці вашай ніхто не адбярэ ў вас.

23 І ў той дзень вы не папытаецеся ў Мяне ні пра што. Праўду, праўду кажу вам: чаго ні папросіце ў Айца ў імя Маё, дасьць вам.

24 Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Маё; прасеце і атрымаеце, каб радасьць ваша была поўная.

25 Дагэтуль Я гаварыў вам прытчамі; але настае часіна, калі ня буду гаварыць вам прытчамі, а проста абвяшчу вам пра Айца.

26 У той дзень будзеце прасіць у імя Маё, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас;

27 бо Сам Айцец любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і ўверавалі, што Я зыйшоў ад Бога.

28 Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьвет; і зноў пакідаю сьвет і іду да Айца.

29 Вучні Ягоныя сказалі Яму: вось цяпер Ты проста гаворыш і прытчы ня кажаш ніякай;

30 цяпер бачым, што Ты ведаеш усё і ня маеш патрэбы, каб нехта пытаўся ў Цябе; таму веруем, што Ты ад Бога зыйшоў.

31 Ісус адказваў ім: цяпер веруеце?

32 вось, настае гадзіна, і настала ўжо, што вы расьсеецеся кожны ў свой бок і Мяне пакінеце аднаго; але Я не адзін, бо Айцец Мой са Мною.

33 Гэта сказаў Я вам, каб вы мелі ад Мяне мір. У сьвеце зазнаеце скруху; але суцешцеся: Я перамог сьвет.

 

Разьдзел 17

 

1 Пасьля гэтых словаў Ісус узьвёў вочы Свае да неба і сказаў: Войча! прыйшла гадзіна: праславі Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе,

2 бо Ты даў Яму ўладу над усякаю плоцьцю, каб усяму, што Ты даў Яму, даў Ён жыцьцё вечнае:

3 а гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб спазналі Цябе, адзінага, сапраўднага Бога, і пасланага Табою Ісуса Хрыста.

4 Я праславіў Цябе на зямлі, выканаўшы ўсё, што Ты даручыў Мне зрабіць;

5 І сёньня праславі Мяне Ты, Войча, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе раней стварэньня сьвету.

6 Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; яны былі Твае, і Ты даў іх Мне, і яны выканалі слова Тваё;

7 цяпер уразумелі яны, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе ёсьць;

8 бо словы, якія Ты даў Мне, Я перадаў ім, і яны прынялі і ўразумелі ў праўдзе, што Я зыйшоў ад Цябе, і ўверавалі, што Ты паслаў Мяне.

9 Я малю за іх: не за ўвесь сьвет малю, а за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае;

10 і ўсё Маё - Тваё, і Тваё - Маё; і Я праславіўся ў іх.

11 Я ўжо ня ў сьвеце, а яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Войча Сьвяты! аслані іх у імя Тваё, тых, каго Ты Мне даў, каб яны былі адзіныя як і Мы.

12 Калі Я быў зь імі ў сьвеце, Я асланяў іх у імя Тваё; тых, каго Ты даў Мне, Я захаваў, і ніхто зь іх не загінуў, апрача сына пагібелі, каб збылося Пісаньне.

13 А цяпер да Цябе іду, і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі ў сабе радасьць Маю поўную.

14 Я перадаў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету.

15 Не прашу, каб Ты ўзяў іх ад сьвету, а каб асланіў іх ад ліхога;

16 яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету.

17 Асьвяці іх у праўдзе Тваёй: слова Тваё ёсьць праўда.

18 Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет;

19 і за іх я прысьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаныя праўдаю.

20 Не за іх жа толькі прашу, а і за тых, што ўверуюць у Мяне паводле слова іхнага:

21 хай будзе ўсё адзінае: як Ты, Войча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіна, - каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне.

22 І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім: хай будуць адзіныя, як Мы адзіныя.

23 Я ў іх, і Ты ўва Мне; хай будуць паяднаныя ў адно, і хай уведае сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.

24 Войча! якіх Ты даў Мне, хачу, каб там, дзе Я, і яны былі са Мною, хай бачаць славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне раней, чым пачаўся сьвет;

25 Войча праведны! і сьвет Цябе не спазнаў; а Я спазнаў Цябе, і гэтыя спазналі, што Ты паслаў Мяне;

26 і Я адкрыў ім імя Тваё і адкрыю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, ў іх была; і Я ў іх.

 

Разьдзел 18

 

1 Сказаўшы гэта, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за паток Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Ягоныя.

2 А ведаў гэтае месца і Юда, прадажнік Ягоны, бо Ісус часта зьбіраўся там з вучнямі Сваімі.

3 І вось Юда, узяўшы атрад воінаў і служак ад першасьвятароў і фарысэяў, прыходзіць туды зь ліхтарамі і сьвяцільнямі і зброяй.

4 А Ісус, ведаючы ўсё, што зь Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: каго шукаеце?

5 Яму адказалі: Ісуса Назарэя. Ісус кажа ім: гэта Я. А стаяў зь імі й Юда, прадажнік Ягоны.

6 І калі сказаў ім: гэта Я, - яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.

7 Зноў спытаўся ў іх: каго шукаеце? Яны сказалі: Ісуса Назарэя.

8 Ісус адказваў: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне шукаеце, пакіньце іх, хай ідуць,

9 хай збудзецца слова, сказанае Ім: з тых, каго Ты Мне даў, Я не загубіў нікога.

10 А Сымон Пётр, маючы меч, дастаў яго, і ударыў першасьвятаровага раба, і адсек яму правае вуха: імя раба было Малх.

11 Але Ісус сказаў Пятру: укладзі меч у похвы; няўжо Мне ня піць чары, якую даў Мне Айцец?

12 Тады воіны і тысячнік і служкі Юдэйскія ўзялі Ісуса, і зьвязалі Яго,

13 і завялі Яго спачатку да Анны; бо ён быў цесьцем Каяфы, які быў на той год першасьвятаром:

14 гэта быў Каяфа, які даў параду Юдэям, што лепш аднаму чалавеку памерці за народ.

15 За Ісусам сьледам ішлі Сымон Пётр і другі вучань: вучань жа гэты быў знаёмы першасьвятару і ўвайшоў зь Ісусам у двор першасьвятароў:

16 А Пётр стаяў звонку за дзьвярыма. Потым другі вучань, які быў знаёмы першасьвятару, выйшаў і сказаў брамніцы, і ўвёў Пятру.

17 Тут рабыня-брамніца кажа Пятру: і ты ці ня з вучняў Гэтага Чалавека? Ён сказаў: не.

18 Тым часам рабы і служкі, расклаўшы агонь, таму што было золка, стаялі і грэліся; Пётр таксама стаяў зь імі і грэўся.

19 А першасьвятар спытаўся ў Ісуса пра вучняў Ягоных і пра вучэньне Ягонае.

20 Ісус адказваў яму: Я гаварыў адкрыта сьвету; Я заўсёды вучыў у сынагозе і ў храме, дзе заўсёды Юдэі сыходзяцца, і тайна не казаў нічога;

21 што пытаешся ў Мяне? спытайся ў тых, хто чуў, што Я казаў ім; вось, яны ведаюць, што Я казаў.

22 Калі Ён сказаў гэта, адзін служка, які стаяў паблізу, ударыў Ісуса па шчацэ, сказаўшы: так Ты адказваеш першасьвятару?

23 Ісус адказваў яму: калі Я сказаў блага, пакажы, што благое, а калі добра, чаго ты б'еш Мяне?

24 Анна паслаў Яго зьвязанага да першасьвятара Каяфы.

25 А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Тут сказалі яму: ці ня з вучняў Ягоных і ты? Ён зрокся і сказаў: не.

26 Адзін з рабоў першасьвятаровых, родзіч таго, якому Пётр адсек вуха, кажа: ці не цябе бачыў я зь Ім у садзе?

27 Пётр зноў зрокся; і адразу засьпяваў певень.

28 Ад Каяфы павялі Ісуса ў прэторыю. Была раніца; і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца, а каб можна было есьці пасху.

29 Пілат выйшаў да іх і сказаў: у чым вы вінаваціце Чалавека Гэтага?

30 Яны сказалі яму ў адказ: калі б Ён ня быў злачынец, мы не перадалі б Яго табе.

31 Пілат сказаў ім: вазьмеце Яго вы, і паводле закону вашага судзеце Яго. Юдэі сказалі яму: нам не дазволена караць сьмерцю нікога, -

32 хай збудзецца слова Ісусавае, якое сказаў Ён, даючы зразумець, якою сьмерцю Ён памрэ.

33 Тады Пілат зноў увайшоў у прэторыю, і паклікаў Ісуса, і сказаў Яму: Ты Цар Юдэйскі?

34 Ісус адказваў яму: ці ад сябе ты кажаш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?

35 Пілат адказваў: хіба я Юдэй? Твой народ і першасьвятары перадалі Цябе мне; што Ты зрабіў?

36 Ісус адказваў: Царства Маё не ад сьвету гэтага; калі б ад сьвету гэтага было Царства Маё, дык слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я ня быў аддадзены Юдэям; але цяпер Маё Царства не адгэтуль.

37 Пілат сказаў Яму: значыцца, Ты Цар? Ісус адказваў: ты кажаш, што Я Цар; Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у сьвет, каб засьведчыць ісьціну; кожны, хто ад ісьціны, слухае голасу Майго.

38 Пілат сказаў Яму: што ёсьць ісьціна? І, сказаўшы гэта, зноў выйшаў да Юдэяў і сказаў ім: я ніякай віны не знаходжу ў Ім;

39 ёсьць жа ў вас звычай, каб я аднаго адпускаў вам на Пасху: ці хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага?

40 Тады зноў закрычалі ўсе, кажучы: не Яго, а Вараву. А Варава быў разбойнік.

 

Разьдзел 19

 

1 Тады Пілат узяў Ісуса і загадаў біць Яго.

2 І воіны, сплёўшы вянок цярновы, усклалі Яму на галаву, і апранулі Яго ў пурпуру,

3 і казалі: радуйся, Цару Юдэйскі! І білі яго па шчоках.

4 Пілат зноў выйшаў і сказаў ім: вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў Ім ніякае віны.

5 Тады выйшаў Ісус у цярновым вянку і ў пурпуры. І сказаў ім Пілат: вось, Чалавек!

6 Калі ж убачылі Яго першасьвятары і служкі, дык закрычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: вазьмеце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны.

7 Юдэі адказвалі яму: мы маем закон, і паводле закона нашага Ён павінен памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым.

8 Пілат, пачуўшы гэтае слова, яшчэ больш напалохаўся,

9 і зноў увайшоў у прэторыю, і сказаў Ісусу: адкуль Ты? Але Ісус ня даў яму адказу.

10 Пілат кажа Яму: мне не адказваеш? ці ня ведаеш, што я маю ўладу Цябе крыжаваць і ўладу маю Цябе адпусьціць?

11 Ісус адказваў: ты ня меў бы над Мною ніякае ўлады, калі б ня было дадзена табе зьверху; таму большы грэх на тым, хто перадаў Мяне табе.

12 З гэтага часу Пілат намагаўся адпусьціць Яго. А Юдэі крычалі: калі адпусьціш Яго, ты ня прыяцель кесару; кожны, хто робіць сябе царом, супрацівіцца кесару.

13 Пілат, пачуўшы гэтае слова, вывеў Ісуса і сеў на судзілішчы, на месцы, якое называецца Ліфастратон*, а па-Габрэйску Гаввафа.

14 Тады была пятніца перад Пасхаю, і гадзіна шостая. І сказаў Пілат Юдэям: вось, Цар ваш!

15 Але яны закрычалі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: каб Цара вашага крыжаваць? Першасьвятары адказвалі: няма ў нас цара апроч кесара.

16 Тады нарэшце ён аддаў Яго ім на крыжаваньне. І ўзялі Ісуса і павялі.

17 І, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на месца, называнае Лобным, па-Габрэйску Галгофа;

18 там укрыжавалі Яго і зь Ім двух іншых, па адзін і па другі бок, а пасярэдзіне Ісуса.

19 А Пілат напісаў і надпіс паставіў на крыжы. Напісана было: Ісус Назарэй, Цар Юдэйскі.

20 Гэты надпіс чыталі многія Юдэі, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад горада, і напісана было па-Габрэйску, па-Грэцку, па-Рымску.

21 А першасьвятары Юдэйскія сказалі Пілату: ня пішы: Цар Юдэйскі, а што Ён казаў: Я Цар Юдэйскі.

22 Пілат адказваў: што я напісаў, тое напісаў.

23 А воіны, калі ўкрыжавалі Ісуса, пабралі адзежу Ягоную і падзялілі на чатыры долі, кожнаму воіну доля, і хітон; а хітон быў не пашыты, а ўвесь тканы зьверху.

24 І вось сказалі адзін аднаму: ня будзем разьдзіраць яго, а кінем на яго жэрабя, чый будзе; - хай збудзецца сказанае ў Пісаньні: «падзялілі рызы Мае між сабою і за адзежу Маю кідалі жэрабя». Так учынілі воіны.

25 Каля крыжа Ісуса стаялі Маці Ягоная, і сястра Маці Ягонай Марыя Клеопава, і Марыя Магдаліна.

26 Ісус, убачыўшы Маці і вучня, які тут стаяў, якога любіў, кажа Маці Сваёй: Жанчына! вось, сын Твой.

27 Потым кажа вучню: вось, Маці твая! І з гэтага часу вучань гэты ўзяў Яе да сябе.

28 Пасьля таго Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё сталася, каб збылося Пісаньне, кажа: піць.

29 Тут стаяў посуд, поўны воцату. Воіны, намачыўшы воцатам губку і накалоўшы на ісоп, паднесьлі да вуснаў Ягоных.

30 І калі Ісус скаштаваў воцату, сказаў: збылося! І нахіліўшы галаву, аддаў дух.

31 Але як што тады была пятніца, дык Юдэі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу, бо тая субота была дзень вялікі, прасілі Пілата, каб перабіць у іх галені і зьняць іх.

32 І вось, прыйшлі воіны, і ў першага перабілі галені, і ў другога, укрыжаванага зь Ім;

33 а, падышоўшы да Ісуса, як убачылі Яго ўжо мёртвага, не перабілі ў яго галені,

34 а адзін воін кап'ём працяў Яму рэбры, і адразу выцекла кроў і вада.

35 І хто бачыў, засьведчыў, і праўдзівае сьведчаньне ягонае; ён ведае, што кажа ў ісьціне, каб вы паверылі;

36 бо гэта сталася, хай збудзецца Пісаньне: «косьць Ягоная хай ня будзе зламана».

37 Гэтак сама і ў іншым месцы Пісаньне кажа: «паглядзяць на Таго, Каго працялі».

38 Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, вучань Ісуса, але тайны - ад страху перад Юдэямі, прасіў у Пілата, каб зьняць Цела Ісусава; і Пілат дазволіў. Той пайшоў і зьняў Цела Ісусава.

39 Прыйшоў таксама і Мікадым, які прыходзіў раней да Ісуса ўначы, і прынёс сумесь з альясу і сьмірны, літраў каля ста.

40 І вось, узялі яны Цела Ісусавае і ўгарнулі яго ў палатно з пахошчамі, як звычайна хаваюць Юдэі.

41 На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў садзе была магіла новая, у якую яшчэ ніхто ня быў пакладзены:

42 там паклалі Ісуса дзеля пятніцы Юдэйскай, бо магіла была блізка.

 

 

* Каменны памост

Разьдзел 20

 

1 У першы ж дзень тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць да магілы раніцай, яшчэ прыцемкам, і бачыць, што камень адвалены ад магілы;

2 і вось бяжыць, і прыходзіць да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: зьнесьлі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе паклалі Яго.

3 Адразу выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы;

4 яны пабеглі абодва разам; але другі вучань бег хутчэй за Пятра, і прыйшоў да магілы першы,

5 і нахіліўшыся, убачыў палотны, якія там ляжалі: але не ўвайшоў у магілу.

6 Сьледам за ім прыходзіць Сымон Пётр, і ўваходзіць у магілу, і бачыць адны палотны, якія там ляжалі.

7 і хустку, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная, на іншым месцы.

8 Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег раней да магілы, і ўбачыў, і ўвераваў;

9 бо яны яшчэ ня ведалі з Пісаньня, што Яму належала паўстаць зь мёртвых.

10 І вось, вучні зноў вярнуліся да сябе.

11 А Марыя стаяла каля магілы і плакала; і калі плакала, нахілілася да магілы

12 і бачыць двух анёлаў, у белым адзеньні сядзяць, адзін у галовах, другі каля ног, дзе ляжала Цела Ісусава.

13 І яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты плачаш? Кажа ім: зьнесьлі Госпада майго, і ня ведаю, дзе паклалі Яго.

14 Сказаўшы гэта, абярнулася і ўбачыла - стаіць Ісус; ды не пазнала, што гэта Ісус.

15 Ісус кажа ёй: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: спадару! калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго.

16 Ісус кажа ёй: Марыя! Яна, абярнуўшыся, кажа Яму: Раввуні! - што азначае: Настаўнік!

17 Ісус кажа ёй: не кранайся Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго; а ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага.

18 Марыя Магдаліна ідзе і абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што Ён гэта сказаў ёй.

19 У той самы першы дзень тыдня ўвечары, калі дзьверы дома, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі замкнутыя з апасеньня перад Юдэямі, прыйшоў Ісус і стаў пасярод, і кажа ім: мір вам!

20 Сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі !і ногі) і рэбры Свае. Вучні ўзрадаваліся, убачыўшы Госпада.

21 А Ісус сказаў ім другі раз: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас.

22 Сказаўшы гэта, дзьмухнуў, і кажа ім: прымеце Духа Сьвятога:

23 каму даруеце грахі, таму даруюцца: на кім пакінеце, на тым застануцца.

24 А Тамаш, адзін з дванаццацёх, называны Блізьнюк, ня быў тут зь імі, калі прыходзіў Ісус.

25 Другія вучні сказалі яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках у Яго ранаў ад цьвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і ня ўкладу рукі маёй у рэбры Ягоныя, не паверу.

26 Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя, і Тамаш зь імі. Прыйшоў Ісус, калі дзьверы былі замкнутыя, стаў пасярод іх і сказаў: мір вам!

27 Потым кажа Тамашу: падай палец твой сюды і паглядзі рукі Мае; падай руку тваю і ўкладзі ў рэбры Мае; і ня будзь недаверкам, а вернікам.

28 Тамаш сказаў Яму ў адказ: Госпадзе мой і Божа мой!

29 Ісус кажа яму: ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне; дабрашчасныя тыя, што ня бачыўшы - паверылі.

30 Многа стварыў Ісус перад вучнямі Сваімі і іншых цудаў, пра якія не напісана ў кнізе гэтай;

31 а гэта напісана, каб вы ўверавалі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, веруючы, мелі жыцьцё вечнае ў імя Ягонае.

 

Разьдзел 21

 

1 Пасьля таго зноў зьявіўся Ісус вучням Сваім пры моры Тыверыядскім. А зьявіўся так:

2 былі разам Сымон Пётр, і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаіл з Каны Галілейскай, і сыны Зевядзеевыя, і двое іншых з вучняў Ягоных.

3 Сымон Пётр кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзём і мы з табою. Пайшлі, і адразу ўвайшлі ў лодку, і не злавілі ў тую ноч нічога.

4 А як ужо разьвіднела, Ісус стаяў на беразе; але вучні не пазналі, што гэта Ісус.

5 Ісус кажа ім: дзеці! ці ёсьць у вас ежа якая? Яны адказалі Яму: няма.

6 А Ён сказаў ім: закіньце нерат па правы бок лодкі, і зловіце. Яны закінулі, і ўжо не маглі выцягнуць нерат ад мноства рыбы.

7 Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётру: гэта Гасподзь. А Сымон Пётр, пачуўшы, што гэта Гасподзь, апаясаўся шатай, - бо ён быў голы, - і кінуўся ў мора;

8 а іншыя вучні прыплылі ў лодцы, - бо недалёка былі ад зямлі, локцяў каля дзьвюхсот, - цягнучы нерат з рыбаю.

9 А калі выйшлі на зямлю, бачаць раскладзенае вогнішча і на ім ляжыць рыба і хлеб.

10 Ісус кажа ім: прынясеце рыбы, якое вы цяпер налавілі.

11 Сымон Пётр пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат зь вялікімі рыбінамі, якіх было сто пяцьдзясят тры; і пры мностве такім не парвалася сетка.

12 Ісус кажа ім: прыйдзеце, абедайце. З вучняў жа ніхто не адважыўся папытацца ў Яго: хто Ты?, ведаючы, што гэта Гасподзь.

13 Ісус прыходзіць, бярэ хлеб і дае ім, гэтак сама і рыбу.

14 Гэта ўжо трэйці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрэсеньня Свайго зь мёртвых.

15 І калі яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне больш, чым яны? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві ягняты Мае.

16 Яшчэ кажа яму другі раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі мае.

17 Кажа яму трэйці раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пятра замаркоціўся, што трэйці раз спытаўся ў яго: «ці любіш Мяне?» і сказаў Яму: Госпадзе! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі Мае;

18 праўду, праўду кажу табе: калі ты быў малады, дык апаясваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарышся, дык выцягнеш рукі твае, і другі апаяша цябе і павядзе, куды ня хочаш.

19 А сказаў гэта, даючы зразумець, якою сьмерцю Пётр праславіць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: ідзі за Мною.

20 А Пётр, абярнуўшыся, бачыць - за ім ідзе вучань, якога любіў Ісус, і які на вячэры, на грудзі яму схіліўшыся, сказаў: Госпадзе! хто цябе прадасьць?

21 Яго ўбачыўшы, Пётр кажа Ісусу: Госпадзе! а ён што?

22 Ісус кажа яму: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? ты ідзі за Мною.

23 І пранеслася гэтае слова паміж братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, а: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?

24 Гэты вучань і сьведчыць пра гэта і напісаў гэта: і ведаем, што ў ісьціне сьведчаньне ягонае.

25 Многа й іншага стварыў Ісус; але калі б пісаць пра тое падрабязна, дык, думаю, і самому сьвету не ўвабраць напісаных кніг. Амін.

 

Дзеі Сьвятых Апосталаў

 

Разьдзел 1

 

1 Першую кнігу напісаў я табе, Феафіле, пра ўсё, што Ісус рабіў і чаму вучыў ад пачатку

2 аж па той дзень, калі Ён узьнёсься, даўшы праз Духа Сьвятога наказы Апосталам, якіх Ён выбраў,

3 якім зьявіў Сябе жывога пасьля цярпеньняў Сваіх з многімі слушнымі доказамі, сорак дзён паказваючыся ім і апавядаючы пра Царства Божае;

4 і, сабраўшы іх, Ён загадаў ім: не адлучайцеся зь Ерусаліма, а чакайце абяцанага ад Айца, пра што вы чулі ад Мяне;

5 бо Ян хрысьціў вадою, а вы, празь нямнога дзён пасьля будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым.

6 Пасьля гэтага яны, сыйшоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: ці ня гэтым часам, Госпадзе, аднаўляеш Ты царства Ізраілю?

7 А Ён сказаў ім: ня вам ведаць часіны ці поры, якія Айцец назначыў Сваёй уладай;

8 а вы прымеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне за сьведкаў у Ерусаліме і ва ўсёй Юдэі і Самарыі і нават па край зямлі.

9 Сказаўшы гэта, Ён узьнёсься на вачах у іх, і воблака ўзяло Яго з вачэй іхніх.

10 І калі яны глядзелі на неба падчас ўшэсьця Ягонага, раптам сталі перад імі два мужы ў белым убраньні

11 і сказалі: мужы Галілейскія! што вы стаіце і глядзіце на неба? Гэты Ісус, што ўзьнёсься ад вас на неба, прыйдзе гэтак сама, як вы бачылі Яго, калі ўзносіўся на неба.

12 Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, якая называецца Аліўнай, што блізь Ерусаліма, адлеглай на дзень суботні хады.

13 І як прыйшлі, увайшлі ў сьвятліцу, дзе і заставаліся, Пётр і Якаў, Ян і Андрэй, Піліп і Тамаш, Барталамей і Мацьвей, Якаў Алфееў і Сымон Зілот, і Юда, брат Якаваў;

14 усе яны аднадушна былі ў малітве і ў маленьні, зь некаторымі жанчынамі і Марыяю, Маці Ісусавай, і з братамі Ягонымі.

15 І ў тыя дні Пётр, стаўшы сярод вучняў, сказаў -

16 (а было ж сабралася людзей каля ста дваццаці) - мужы браты! мелася спраўдзіцца тое, што ў Пісаньні прадказаў Дух Сьвяты вуснамі Давідавымі пра Юду, які навёў тых, што схапілі Ісуса;

17 бо ён быў залічаны да нас і атрымаў пакліканьне да служэньня гэтага;

18 але набыў зямлю несправядлівай цаною і, калі зрынуўся, раскалолася чэрава ягонае, і вывернуліся вантробы ягоныя;

19 і гэта сталася вядома ўсім жыхарам Ерусаліма, так што зямля тая на айчыннай іхняй мове названа Акелдамб, што азначае «зямля крыві».

20 А ў кнізе Псальмаў напісана: «хай двор ягоны пусткаю стане, і ў ім хай жывога ня будзе», і: «пасад ягоны іншы хай прыйме».

21 Дык трэба, каб адзін з тых, што былі з намі праз увесь той час, калі заставаўся і гутарыў з намі Гасподзь Ісус,

22 пачынаючы ад хрышчэньня Янавага па той дзень, калі Ён узьнёсься ад нас, быў разам з намі сьведкам уваскрэсеньня Яго.

23 І паставілі двух: Язэпа, якога звалі Варсавам, празванага Юстам, і Мацьвія,

24 і памаліліся і сказалі: Ты, Госпадзе, Сэрцаведзе ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў,

25 прыняць пакліканьне гэтага служэньня і апостальства, ад якога адпаўся Юда, каб ісьці ў сваё месца.

26 І кінулі на іх жэрабя, і выпала жэрабя Мацьвію, і ён далучаны да адзінаццаці апосталаў.

 

Разьдзел 2

 

1 Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе яны былі аднадушна разам.

2 І раптам зрабіўся шум зь неба, як бы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны былі.

3 І зьявіліся ім языкі падзеленыя, як бы вогненныя, і апусьціліся па адным на кожнага зь іх.

4 І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім вяшчаць.

5 А ў Ерусаліме былі Юдэі, людзі набожныя, з усякага народу пад нябёсамі.

6 Калі зрабіўся гэты шум, сабраліся людзі, і захваляваліся, бо кожны чуў іх, што гавораць на ягонай мове.

7 І ўсе зьдзіўляліся і дзівавалі, кажучы паміж сабою: гэтыя, што гавораць, ці ня ўсе Галілеяне?

8 Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся,

9 Парфяне і Мідзяне і Эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Асіі,

10 Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, што мяжуюцца з Кірынеяй, і прышлыя з Рыма, Юдэі і празеліты*,

11 Крыцяне і Аравіцяне, - чуем іх, як гавораць нашымі мовамі пра вялікія дзеі Божыя?

12 І зьдзіўляліся ўсе і недаўмёна казалі адзін аднаму: што гэта азначае?

13 А іншыя, насьміхаючыся, казалі: яны апіліся салодкім віном.

14 А Пётр, стаўшы з адзінаццацьцю, узвысіў голас свой і прамовіў да іх: мужы Юдэйскія і ўсе, хто жыве ў Ерусаліме! гэта хай будзе вам вядома, і слухайце словы мае:

15 яны не апіліся, як вы думаеце, бо цяпер трэйцяя гадзіна дня;

16 а гэта ёсьць прадказанае прарокам Ёілем:

17 «І будзе ў апошнія дні, кажа Бог, вылью ад Духа Майго на ўсякую плоць; і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і хлопцы вашыя будуць бачыць відзежы, і старцы вашыя снамі на розум наставяцца;

18 і на рабоў Маіх і на рабыняў Маіх у тыя дні вылью ад Духа Майго, і будуць прарочыць.

19 І дам цуды на небе ўгары і азнакі на зямлі ўнізе, кроў і вагонь і куродым:

20 сонца абернецца ў цемру, і месяц у кроў, перш чым настане дзень Гасподні, вялікі і прасьветлены.

21 І будзе: кожны, хто пакліча імя Гасподняе, уратуецца».

22 Мужы Ізраільскія! выслухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэя, Мужа, засьведчанага вам ад Бога сіламі і цудамі і азнакамі, якія Бог утварыў празь Яго сярод вас, як і самі ведаеце,

23 Яго, паводле пэўнае рады і з прадбачаньня Божага выдадзенага, вы ўзялі і, прыбіўшы цьвікамі рукамі беззаконьнікаў, забілі;

24 але Бог уваскрэсіў Яго, разарваўшы повязі сьмерці, бо ёй немагчыма было ўтрымаць Яго.

25 Бо Давід кажа пра Яго: «бачыў я перад сабою Госпада заўсёды; бо Ён праваруч мяне, каб Я не пахіснуўся.

26 Таму ўзрадавалася сэрца маё, і ўзьвесяліўся язык мой; нават і плоць мая супакоіцца ў спадзяваньні,

27 бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле і не дасі Сьвятому Твайму пабачыць тленьне.

28 Ты даў мне спазнаць дарогу жыцьця; Ты напоўніш мяне радасьцю прад абліччам Тваім».

29 Мужы браты! хай будзе дазволена адважна сказаць вам пра Давіда-прабацьку, што ён і памёр і пахаваны, і магіла ягоная ў нас па сёньняшні дзень;

30 а будучы прарокам і ведаючы, што Бог клятвай абяцаў яму ад плоду сьцёгнаў ягоных ўзьвесьці Хрыста ў плоці і пасадзіць на прастоле ягоным,

31 ён раней сказаў пра ўваскрэсеньне Хрыстовае, што не пакінута душа Ягоная ў пекле, і плоць Ягоная ня бачыла тленьня.

32 Гэтага Ісуса Бог уваскрэсіў, чаго ўсе мы сьведкі.

33 І вось Ён быў узьнесены правіцаю Божаю і, прыняўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, выліў тое, што вы сёньня бачыце і чуеце.

34 Бо Давід ня ўзышоў на нябёсы, а сам кажа: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне,

35 пакуль не пакладу ворагаў у падножжа ног Тваіх».

36 Дык цьвёрда ведай, увесь дом Ізраілеў, што Бог зрабіў Госпадам і Хрыстом Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі.

37 Чуючы гэта, яны ўмілаваліся сэрцам і сказалі Пятру і астатнім апосталам: што нам рабіць, мужы браты?

38 А Пётр сказаў ім: пакайцеся, і хай ахрысьціцца кожны з вас у імя Ісуса Хрыста на дараваньне грахоў, - і атрымаеце дар Сьвятога Духа;

39 бо вам належыць абяцаньне і дзецям вашым і ўсім далёкім, каго толькі пакліча Гасподзь Бог наш.

40 Ды многімі іншымі словамі ён сьведчыў і ўмаўляў, кажучы: ратуйцеся ад роду гэтага распуснага, упарцістага.

41 І вось тыя, якія прыхільна прынялі слова ягонае, ахрысьціліся, і далучылася таго дня душ каля трох тысяч;

42 і яны ўвесь час заставаліся ў навуцы апосталаў, у абыходзе і ў ламаньні хлеба і ў малітвах.

43 І быў страх у кожнай душы; і многа цудаў і азнакаў чынілася праз апосталаў у Ерусаліме.

44 А ўсе вернікі былі разам і ўсё ў іх было супольнае:

45 і прадавалі дастаткі свае і ўсякую маёмасьць, і надзялялі ўсіх гледзячы па патрэбе кожнага;

46 і кожны дзень аднадушна заставаліся ў храме і, ламаючы па дамах хлеб, прымалі страву ў радасьці і ў шчырасьці сэрца,

47 праслаўляючы Бога і маючы любоў усяго народу. А Гасподзь штодня дадаваў царкве тых, хто ратаваўся.

 

 

* Навернутыя зь язычнікаў

Разьдзел 3

 

1 Пётр і Ян ішлі разам у храм а дзявятай гадзіне малітвы.

2 І быў чалавек, кульгавы ад улоньня маці ягонай, якога насілі і садзілі кожнага дня каля дзьвярэй храма, што называліся Прыгожымі, прасіць міласьціны ў тых, што ўваходзілі ў храм;

3 ён, убачыўшы Пятра і Яна каля ўваходу ў храм, прасіў у іх міласьціны.

4 Пётр зь Янам, прыгледзеўшыся да яго, сказаў: зірні на нас.

5 І той пільна глядзеў на іх, спадзяючыся атрымаць ад іх што-небудзь.

6 Але Пётр сказаў: срэбра і золата няма ў мяне, а што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста Назарэя ўстань і хадзі.

7 І, узяўшы яго за правую руку, падняў; і раптам умацаваліся ў таго ступакі і калені,

8 і, ускочыўшы, устаў, і пачаў хадзіць, і ўвайшоў зь імі ў храм, пахаджаючы і падскокваючы, і славячы Бога,

9 і ўсе людзі бачылі, як ён хадзіў і славіў Бога;

10 і пазналі яго, што гэта быў той самы, які сядзеў каля Прыгожых дзьвярэй храма дзеля міласьціны, і напоўніліся жахам і зьдзіўленьнем з таго, што сталася зь ім.

11 І як што аздароўлены кульгач не адступаўся ад Пятра і Яна, дык увесь люд у зьдзіўленьні зьбегся да іх у прытвор, называны Саламонавым.

12 Убачыўшы гэта, Пётр сказаў люду: мужы Ізраільскія! што дзівуецеся з гэтага, або чаго глядзіце на нас, быццам мы сваёй сілаю і пабожнасьцю зрабілі так, што ён ходзіць.

13 А Бог Абрагамаў і Ісаакаў і Якаваў, Бог бацькоў нашых праславіў Сына Свайго Ісуса, Якога вы прадалі і Якога зракліся перад абліччам Пілата, калі ён судзіў адпусьціць Яго.

14 Але Сьвятога і Праведнага вы адцураліся, і прасілі памілаваць чалавека-душагуба,

15 а Пачынальніка Жыцьця забілі; Гэтага Бог уваскрэсіў зь мёртвых, і мы сьведкі таго.

16 І празь веру ў імя Ягонае, імя Ягонае ўмацавала гэтага, якога вы бачыце і ведаеце, і вера, якая ад Яго, дала яму ацаленьне гэтае перад ўсімі вамі.

17 А цяпер, я ведаю, браты, што вы як і начальнікі вашыя, зрабілі гэта празь несьвядомасьць;

18 А Бог так учыніў, як прадвяшчаў вуснамі ўсіх Сваіх прарокаў - пацярпець Хрысту, так і выканаў.

19 Дык пакайцеся і навярнецеся, каб загладзіліся грахі вашыя,

20 хай прыйдуць часіны лагоды ад аблічча Гасподняга, і хай пашле Ён наканаванага вам Ісуса Хрыста,

21 Якога неба павінна было прыняць да часу зьдзяйсьненьня ўсяго, што казаў Бог вуснамі ўсіх сьвятых Сваіх прарокаў ад веку.

22 Майсей сказаў бацькам: «Гасподзь Бог ваш паставіць вам з братоў вашых Прарока, як мяне; слухайцеся Яго ва ўсім, што Ён ні будзе казаць вам;

23 і будзе, што кожная душа, якая не паслухаецца Прарока Таго, зьнішчыцца з народу».

24 І ўсе прарокі ад Самуіла і пасьля яго, колькі іх ні вяшчалі, таксама абвясьцілі наперад дні гэтыя.

25 Вы сыны прарокаў і запавету, які запавядаў Бог бацькам вашым, кажучы Абрагаму: «і ў семені тваім дабраславяцца ўсе плямёны зямныя».

26 Бог, уваскрэсіўшы Сына Свайго Ісуса, да вас першых паслаў Яго дабраславіць вас, адхіляючы кожнага з вас ад ліхіх дзеяў вашых.

 

Разьдзел 4

 

1 Калі яны прамаўлялі да людзей, да іх падступіліся сьвятары і начальнікі варты пры храме і садукеі,

2 угневаныя, што яны вучаць людзей і прапаведуюць у Ісусе ўваскрэсеньне зь мёртвых.

3 і наклалі на іх рукі і аддалі іх пад варту да раніцы; бо ўжо зьвечарэла.

4 Многія з тых, што слухалі слова, уверавалі; і было такіх людзей лікам каля пяці тысяч.

5 На другі дзень сабраліся ў Ерусаліме начальнікі іхнія і старэйшыны і кніжнікі,

6 і Анна першасьвятар і Каяфа і Ян і Аляксандр і іншыя з роду першасьвятарскага,

7 і, паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталіся: якою сілаю альбо якім імем вы зрабілі гэта?

8 Тады Пётр, прасякнуты Духам Сьвятым, сказаў ім: начальнікі людзкія і старэйшыны Ізраільскія!

9 калі ў нас пытаюцца сёньня адказу за дабрачынства чалавеку нядужаму, як ён здаровы стаўся,

10 дык хай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраільскаму, што імем Ісуса Хрыста Назарэя, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрэсіў зь мёртвых, Ім пастаўлены ён перад вамі здаровы:

11 Ён - камень, пагарджаны вамі будаўнікамі, але ён зрабіўся галавою вугла, і няма ні ў кім іншым ратунку;

12 бо няма другога імя пад небам, дадзенага людзям, якім належала б нам уратавацца.

13 Убачыўшы адвагу Пятра і Яна і зьмеціўшы, што яны людзі някніжныя і простыя, яны зьдзіўляліся; тым часам пазнавалі іх, што былі яны зь Ісусам;

14 але бачачы ацаленага чалавека, які стаяў зь імі, нічога сказаць не маглі насуперак.

15 І, загадаўшы ім выйсьці з сынедрыёна, раіліся паміж сабою,

16 кажучы: што нам зрабіць з гэтымі людзьмі? бо ўсім, хто жыве ў Ерусаліме, вядома, што яны ўчынілі на яве цуд, і мы ня можам аспрэчыць гэтага;

17 але, каб больш не раскрылася гэта ў народзе, з пагрозай забаронім ім, каб не казалі пра імя гэтае нікому зь людзей.

18 І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не прапаведаваць і ня вучыць у імя Ісуса.

19 Але Пётр і Ян сказалі ім у адказ: памяркуйце, ці справядліва перад Богам - слухацца вас болей, чым Бога?

20 Мы ня можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі.

21 А тыя, прыстрашыўшы, адпусьцілі іх, не знайшоўшы магчымасьці пакараць іх, з прычыны людзей, бо ўсе славілі Бога за тое, што адбылося;

22 бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, зь якім сталася гэтае дзіва выздараўленьня.

23 Адпушчаныя, яны прыйшлі да сваіх і пераказалі, што казалі ім першасьвятары і старэйшыны.

24 А яны, выслухаўшы, аднадушна ўзвысілі голас да Бога і сказалі: Валадару Божа, Які стварыў неба і зямлю і мора і ўсё, што ў іх!

25 Ты вуснамі бацькі нашага Давіда, раба Твайго, сказаў праз Духа Сьвятога: «чаго бунтуюць язычнікі, і народы намышляюць марнасьць?

26 Паўсталі цары зямныя, і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Хрыста Яго,

27 бо сапраўды сабраліся ў горадзе гэтым супраць Сьвятога Сына Твайго Ісуса, памазанца Твайго, Ірад і Понцій Пілат зь язычнікамі і народам Ізраільскім,

28 каб зрабіць тое, чаму быць наканавала рука Твая і рада Твая.

29 І сёньня, Госпадзе, глянь на пагрозы іхнія і дай рабам Тваім з усёй сьмеласьцю гаварыць слова Тваё,

30 тады як Ты прасьціраеш руку Тваю на гаеньне і на тварэньне азнакаў і цудаў імем Сьвятога Сына Твайго Ісуса.

31 І, як памаліліся, здрыганулася месца, дзе яны былі сабраліся, і ўсе прасякнуліся Духам Сьвятым і абвяшчалі слова Божае сьмела.

32 А ў мноства людзей, што ўверавалі, было адно сэрца і адна душа; і ніхто нічога з дастаткаў сваіх не называў сваім, а ўсё ў іх было супольнае.

33 Апосталы зь вялікаю сілай сьведчылі пра ўваскрэсеньне Госпада Ісуса Хрыста; вялікая мілата была на ўсіх іх.

34 Ня было сярод іх анікога ў нястачы; бо ўсе, хто валодаў землямі альбо дамамі, прадаючы іх, прыносілі грошы ад продажу

35 і клалі да ног апосталаў; і кожнаму давалася, у чым хто меў патрэбу.

36 Так Ёсія, празваны апосталамі Варнавам, - што азначае «сын суцяшэньня», лявіт, родам Кіпрэец,

37 у якога была свая зямля, прадаўшы яе, прынёс грошы і паклаў да ног апосталаў.

 

Разьдзел 5

 

1 А адзін чалавек, якога звалі Ананія, з жонкаю сваёю Сапфіраю, прадаўшы маёмасьць,

2 прыхаваў з цаны, зь ведама жонкі сваёй, а пэўную частку прынёс і паклаў да ног апосталаў.

3 Але Пётр сказаў: Ананія! навошта ты дазволіў сатане ўкласьці ў сэрца тваё думку сказаць няпраўду Духу Сьвятому і ўтоіць з цаны за зямлю?

4 Чым ты валодаў, ці ж не тваё было, і набытае з продажу ці ж не ў тваім валоданьні было? навошта ж паклаў ты гэта ў сэрцы тваім? ты няпраўду сказаў ня людзям, а Богу.

5 Пачуўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў бяз духу; і вялікі страх ахапіў усіх, хто чуў гэта.

6 І ўстаўшы, юнакі падрыхтавалі яго да пахаваньня і вынесьлі і пахавалі.

7 Гадзіны праз тры пасьля гэтага ўвайшла і жонка ягоная, ня ведаючы, што сталася.

8 А Пётр спытаўся ў яе: скажы мне, ці за столькі прадалі вы зямлю? Яна сказала: так, за столькі.

9 Але Пётр сказаў ёй: навошта змовіліся вы спакусіць Духа Гасподняга? Вось, каля дзьвярэй ногі тых, што пахавалі мужа твайго; і цябе вынесуць.

10 Раптам яна ўпала каля ног ягоных і выпусьціла дух, і юнакі, увайшоўшы, знайшлі яе мёртвую, вынесьлі і пахавалі каля мужа ейнага.

11 І вялікі страх агарнуў усю царкву і ўсіх, што чулі гэта.

12 А рукамі апосталаў учыняліся ў народзе многія азнакі і цуды; і ўсе аднадушна заставаліся ў прытворы Саламонавым;

13 і ніхто староньні не адважваўся падступіцца да іх, а людзі славілі іх.

14 А вернікаў болей і болей далучалася да Госпада, мноства мужчын і жанчын,

15 так што выносілі хворых на вуліцы і клалі на пасьцелях і ложках, каб хоць цень Пятра, калі ён праходзіў, асяніў каго зь іх.

16 Сыходзіліся таксама ў Ерусалім многія з навакольных гарадоў, нясучы хворых і нячыстымі духамі апантаных, і ацаляліся ўсе.

17 А першасьвятар і зь ім усе, сутная ерась садукейская, напоўніліся зайздрасьцю,

18 і наклалі рукі свае на апосталаў, і ўвязьнілі іх у грамадзкую цямніцу.

19 Але анёл Гасподні ўначы адчыніў дзьверы цямніцы і, вывеўшы іх, сказаў:

20 ідзеце і, стаўшы, кажэце ў царкве люду ўсе гэтыя словы жыцьця.

21 Яны, паслухаўшыся, увайшлі раніцай у царкву, і вучылі. Тым часам першасьвятар і хто зь ім, прыйшоўшы, склікалі сынедрыён і ўсіх старэйшын з сыноў Ізраілевых, і паслалі ў цямніцу прывесьці апосталаў.

22 Але служкі, калі прыйшлі, не знайшлі іх у цямніцы і вярнуўшыся данесьлі,

23 кажучы: цямніцу мы знайшлі замкнутую з усёй перасьцярогаю і вартаю, якая стаяла каля дзьвярэй; але, калі адчынілі, не знайшлі ў ёй нікога.

24 Калі пачулі гэтыя словы першасьвятар, начальнік варты і астатнія першасьвятары, не разумелі, што б гэта азначала.

25 А нехта прыйшоў і данёс ім, кажучы: вось, мужы, якіх вы ўвязьнілі ў цямніцу, стаяць у царкве і вучаць людзей.

26 Тады начальнік варты пайшоў са служкамі і прывёў іх бяз прымусу, бо баяліся людзей, каб не пабілі іх камянямі;

27 а прывёўшы іх, паставілі ў сынедрыёне; і спытаўся ў іх першасьвятар, кажучы:

28 ці не забаранілі мы вам строга вучыць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі Ерусалім вучэньнем вашым, і хочаце навесьці на нас кроў Таго Чалавека.

29 А Пётр і апосталы ў адказ сказалі: трэба слухацца болей Бога, чым людзей;

30 Бог бацькоў нашых уваскрэсіў Ісуса, Якога вы забілі, павесіўшы на дрэве.

31 Яго Бог узвысіў правіцаю Сваёю ў Пачынальніка і Збаўцу, каб даць Ізраілю пакаяньне і дараваньне грахоў;

32 Сьведкі Яму ў гэтым мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму.

33 Чуючы гэта, яны расьпіраліся ад гневу і намышлялі забіць іх.

34 Устаўшы ў сынедрыёне, адзін фарысэй, якога звалі Гамалііл, законатлумач, паважаны ўсім народам, загадаў вывесьці апосталаў на кароткі час,

35 а ім сказаў: мужы Ізраільскія! падумайце самі сабе пра людзей гэтых, што вам зь імі рабіць.

36 Бо незадоўга да гэтага прыйшоў Фэўда, выдаючы сябе за кагосьці вялікага, і да яго прыстала каля чатырохсот чалавек; але ён быў забіты, і ўсе, што слухаліся яго, расьсеяліся і зьніклі,

37 пасьля яго ў час перапісу зьявіўся Юда Галілеянін і павёў за сабою даволі многа людзей; але ён загінуў, і ўсе, што слухаліся яго, рассыпаліся;

38 і сёньня, кажу вам, адступецеся ад людзей гэтых і пакіньце іх; бо калі гэтае пачынаньне і гэтая дзея - ад людзей, дык яно разбурыцца,

39 а калі ад Бога, дык вы ня можаце разбурыць яго; сьцеражэцеся, каб вам ня стацца і богапраціўцамі.

40 Яны паслухаліся яго і, паклікаўшы апосталаў, білі іх і, забараніўшы ім гаварыць пра імя Ісуса, адпусьцілі іх.

41 А яны пайшлі з сынедрыёна, радыя, што за імя Госпада Ісуса мелі гонар прыняць зьнявагу;

42 і кожны дзень у царкве і па дамах не пераставалі вучыць і зьвеставаць пра Ісуса Хрыста.

 

Разьдзел 6

 

1 Тымі днямі, калі намножылася вучняў, пачалі Эліністы* наракаць на Габрэяў за тое, што ўдовы іхнія занядбаныя ў штодзённай раздачы міласьціны.

2 Тады дванаццаць апосталаў, паклікаўшы многа вучняў, сказалі: нягожа нам, занядбаўшы слова Божае, рупіцца пра застольлі.

3 Дык вось, браты, выберыце спаміж сябе сем мужоў абазнаных, напоўненых Сьвятым Духам і мудрасьцю; іх паставім на гэтую службу;

4 а мы ўвесь час будзем у малітве і ў служэньні словам.

5 І спадабалася гэтая прапанова ўсёй грамадзе; і выбралі Сьцяпана, мужа, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Піліпа, і Прохара і Міканора, і Цімона і Пармена, і Мікалая Антыахійца, навернутага зь язычнікаў;

6 іх паставілі перад апосталамі, і яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі;

7 і слова Божае расло, і лік вучняў даволі памнажаўся ў Ерусаліме; і зь сьвятароў вельмі многія ўпакорыліся веры.

8 А Сьцяпан, поўны веры і сілы, учыняў вялікія цуды і азнакі ў народзе.

9 Некаторыя з так званае сынагогі Лібертынцаў і Кірынейцаў і Александрыйцаў і некаторыя з Кілікіі і Асіі ўступілі ў спрэчку са Сьцяпанам;

10 але не маглі ўстояць супраць мудрасьці і Духу, Якім ён прамаўляў.

11 Тады падбухторылі яны некаторых сказаць: мы чулі, як ён казаў блюзьнерчыя словы на Майсея і на Бога.

12 І ўзбурылі люд і старэйшын і кніжнікаў і напаўшы схапілі яго і павялі ў сынедрыён,

13 і паставілі ілжывых сьведкаў, якія казалі: гэты чалавек не перастае гаварыць блюзьнерчыя словы на сьвятое месца гэтае і на закон;

14 бо мы чулі, як ён казаў, што той Ісус Назарэй зруйнуе месца гэтае і зьменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей.

15 І ўсе, хто сядзеў у сынедрыёне, гледзячы на яго, бачылі аблічча ягонае, як аблічча анёла.

 

 

* Габрэі зь язычніцкіх краін

Разьдзел 7

 

1 Тады сказаў першасьвятар: ці так гэта?

2 А ён сказаў: мужы браты і бацькі! паслухайце. Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму ў Месапатаміі, да перасяленьня яго ў Харан,

3 і сказаў яму: выйдзі зь зямлі тваёй і з радзіны тваёй і з дома бацькі твайго, і ідзі ў зямлю, якую пакажу табе.

4 Тады ён выйшаў зь зямлі Халдэйскай і пасяліўся ў Харане; а адтуль, пасьля сьмерці бацькі ягонага, перасяліў яго Бог у гэтую зямлю, дзе вы цяпер жывяце;

5 і ня даў яму на ёй спадчыны ні на ступак нагі, а абяцаўся даць яе на валоданьне яму нашчадкам ягоным пасьля яго, калі ён яшчэ быў бязьдзетны.

6 І сказаў яму Бог, што нашчадкі ягоныя будуць прыхаднямі ў чужой зямлі і будуць у рабстве і прыгнёце гадоў чатырыста.

7 Але Я, сказаў Бог, учыню суд над тым народам, у якога яны будуць у рабстве; і пасьля таго яны выйдуць і будуць служыць Мне на гэтым месцы.

8 І даў яму запавет абразаньня. Пасьля гэтага ён спарадзіў Ісаака і абрэзаў яго восьмага дня; а Ісаак спарадзіў Якава, а Якаў - дванаццаць патрыярхаў.

9 Патрыярхі з зайздрасьці прадалі Язэпа ў Егіпет; але Бог быў зь ім,

10 і выбавіў яго ад усіх уціскаў ягоных, і дараваў мудрасьць яму і ўпадабаньне фараона, цара Егіпецкага, і той паставіў яго начальнікам над Егіптам і над усім домам сваім.

11 І прыйшоў голад і вялікі смутак на ўсю зямлю Егіпецкую і Ханаанскую, і бацькі нашыя не знаходзілі, чым пракарміцца.

12 А Якаў, пачуўшы, што ёсьць пшаніца ў Егіпце, паслаў туды бацькоў нашых першым разам;

13 а як прыйшлі яны другім разам, Язэп адкрыўся братам сваім і вядомы стаў фараону род Язэпаў.

14 Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго Якава і ўсю радзіну сваю, семдзесят пяць душ.

15 Якаў перайшоў у Егіпет, і памёр сам і бацькі нашыя;

16 і перанесены былі ў Сіхем і пакладзены ў магілу, якую купіў Абрагам за цану серабра ў сыноў Эмора Сіхемавага.

17 А як наблізіўся час збыцца абяцаньню, за якое прысягнуў Бог Абрагаму, народ разрастаўся і множыўся ў Егіпце,

18 аж пакуль ня прыйшоў новы цар, які ня ведаў Язэпа;

19 гэты, намысьляючы ліхое супроць роду нашага, уціскаў бацькоў нашых, вымушаючы іх кідаць дзяцей сваіх, каб ня выжывалі.

20 У гэты час нарадзіўся Майсей і быў да спадобы Богу; тры месяцы яго кармілі ў доме бацькі ягонага,

21 А як выкінулі, узяла яго дачка фараонава і выхавала яго ў сябе як сына.

22 І навучылі Майсея ўсёй мудрасьці Егіпецкай і быў моцны ў словах і дзеях.

23 А як споўнілася яму сорак гадоў, запала яму ў серца адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраілевых.

24 І, убачыўшы, як крыўдзілі аднаго, заступіўся і адпомсьціў за пакрыўджанага, забіўшы Егіпцяніна.

25 Ён думаў, зразумеюць браты яго, што Бог рукою ягонаю дае ім збавеньне; але яны не зразумелі.

26 На другі дзень, калі некаторыя зь іх сварыліся, ён зьявіўся і схіляў іх да згоды, кажучы: вы - браты; навошта крыўдзіце адзін аднаго?

27 А той, што крыўдзіў блізкага, адштурхнуў яго, кажучы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю над намі?

28 Ці ня хочаш ты забіць і мяне, як учора забіў Егіпцяніна?

29 Ад гэтых словаў Майсей уцёк і стаўся прыхаднем у зямлі Мадыямскай, дзе нарадзіліся ад яго два сыны.

30 Як мінула сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні, дзе гара Сынайская, анёл Гасподні ў полымі вогненнага цярновага куста.

31 Майсей убачыўшы зьдзівіўся з уявы; а калі падыходзіў разгледзець, быў яму голас Гасподні:

32 Я Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагамаў і Бог Ісаакаў і Бог Якаваў. Майсей, ахоплены страхам, не адважыўся глядзець.

33 І сказаў яму Гасподзь: скінь абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая.

34 Бачу Я ўціск народу Майго ў Егіпце і чую стогны ягоныя, і сышоў выбавіць яго; дык ідзі ж, Я пашлю цябе ў Егіпет.

35 Гэтага Майсея, якога яны адцураліся, сказаўшы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю? - яго Бог рукою анёла, што зьявіўся яму ў цярновым кусьце, паслаў начальнікам і ратаўніком.

36 Ён вывеў іх, учыніўшы цуды і азнакі ў зямлі Егіпецкай і ў Чэрмным моры і ў пустыні за сорак гадоў.

37 Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраілевым: Прарока паставіць вам Гасподзь Бог ваш з братоў вашых: Яго слухайце.

38 Гэта той самы, які быў на сходзе ў пустыні з анёлам, што гаварыў зь ім на гары Сынаі, і з бацькамі нашымі, і які прыняў жывыя словы, каб перадаць нам,

39 якому бацькі нашыя не хацелі быць паслухмянымі, а адмовіліся ад яго і павярнуліся сэрцамі сваімі да Егіпта,

40 сказаўшы Аарону: зрабі нам багоў, якія б ішлі наперадзе нас, бо з Майсеем, які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што здарылася.

41 І зрабілі ў тыя дні цяля, і прынесьлі ахвяру ідалу, і весяліліся перад творам рук сваіх.

42 А Бог адвярнуўся і пакінуў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе прарокаў: «дом Ізраілеў! Ці прыносілі вы Мне заколатае і ахвяры за сорак гадоў у пустыні?

43 Вы прынялі скінію Малохаву і зорку бога вашага Рэмфана, выявы, якія вы зрабілі, каб пакланяцца ім: і я перасялю вас за Вавілон».

44 Скінія сьведчаньня была ў бацькоў нашых у пустыні, як загадаў Той, Хто сказаў Майсею зрабіць яе паводле ўзору, ім бачанага.

45 Бацькі нашыя зь Ісусам, узяўшы яе, унесьлі ў валоданьні народаў, прагнаных Богам ад аблічча бацькоў вашых. Так было да дзён Давідавых;

46 гэты знайшоў мілату перад Богам і маліў, каб знайсьці жытло Богу Якаваму.

47 А Саламон збудаваў Яму дом.

48 Але ‹сявышні не ў рукатворных храмах жыве, як кажа прарок:

49 «неба - трон Мой, і зямля - падножжа ног Маіх; які дом збудуеце Мне, кажа Гасподзь, альбо якое месца на адпачынак Мой?

50 Ці ж не Мая рука стварыла ўсё гэта?».

51 Цьвёрдахрыбетныя! людзі зь неабрэзанымі сэрцамі і вушамі! вы заўсёды працівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы:

52 каго ж бо з прарокаў ня гналі бацькі вашыя? яны забілі прадвесьнікаў прышэсьця Праведніка, прадажнікамі і забойцамі Якога сталіся сёньня вы,

53 вы, якія прынялі ўстанаўленьнем анёльскім закон, і не захавалі.

54 Слухаючы гэта, яны рваліся сэрцамі і скрыгаталі на яго зубамі.

55 А Сьцяпан, напоўнены Духам Сьвятым, паглядзеўшы на неба, убачыў Божую славу і Ісуса, Які стаяў праваруч Бога,

56 і сказаў: вось, бачу я нябёсы расчыненыя і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога.

57 Але яны, закрычаўшы моцным голасам, затыкалі вушы свае, і аднадушна кінуліся на яго,

58 і, вывеўшы за горад, пачалі біць яго камянямі. А сьведкі паклалі сваю адзежу да ног юнака, якога звалі Саўлам.

59 І білі камянямі Сьцяпана, які маліўся і казаў: Госпадзе Ісусе! прымі дух мой!

60 І, схіліўшы калені, усклікнуў моцным голасам: Госпадзе! ня лічы ім грэху гэтага! І, сказаўшы гэта, спачыў.

 

Разьдзел 8

 

1 А Саўл ухваляў забойства яго. У тыя дні паўстала вялікае ганеньне на царкву ў Ерусаліме, і ўсе, апрача апосталаў, расьсеяліся па розных месцах Юдэйскіх і Самарыйскіх.

2 А Сьцяпана пахавалі мужы богабаязныя і ўчынілі вялікі плач па ім.

3 А Саўл глуміў царкву і, заходзячы ў дамы і, выцягваючы мужчын і жанчын, аддаваў у цямніцу.

4 А тым часам тыя, што расьсеяліся, хадзілі і зьвеставалі слова.

5 Так Піліп прыйшоў у горад Самарыйскі і прапаведаваў ім Хрыста;

6 народ аднадушна слухаў, што гаварыў Піліп, і чуў і бачыў, якія ён тварыў цуды;

7 бо нячыстыя духі з многіх апанаваных імі выходзілі зь вялікім крыкам, а многія паралізаваныя і кульгавыя ацаляліся.

8 І была радасьць вялікая ў тым горадзе.

9 А быў у горадзе адзін чалавек, якога звалі Сымон, які перад тым вядзьмарыў і зьдзіўляў люд Самарыйскі, удаючы зь сябе кагосьці вялікага;

10 яго слухалі ўсе, ад малога да вялікага, кажучы: гэты ёсьць вялікая сіла Божая.

11 А слухалі яго таму, што ён доўгі час зьдзіўляў іх чарадзействамі.

12 Але калі паверылі Піліпу, які зьвеставаў пра Царства Божае і пра імя Ісуса Хрыста, дык хрысьціліся і мужчыны і жанчыны.

13 Увераваў і сам Сымон і ахрысьціўшыся не адыходзіў ад Піліпа; і, бачачы, як тварыліся вялікія сілы і азнакі, дзіву даваўся.

14 Апосталы, якія былі ў Ерусаліме, пачуўшы, што Самаране прынялі слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна,

15 якія прыйшоўшы памаліліся за іх, каб прынялі Духа Сьвятога:

16 бо Ён ня зыходзіў яшчэ ні на кога зь іх, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса;

17 тады ўсклалі рукі на іх, і яны прынялі Духа Сьвятога.

18 А Сымон, убачыўшы, што праз ускладаньне рук апосталаў падаецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,

19 кажучы: дайце і мне ўладу гэтую, каб той, на каго Я ўскладу рукі, прымаў Духа Сьвятога.

20 Але Пётр сказаў яму: срэбра тваё хай будзе на згубу з табою, бо ты намысьліў дар Божы здабыць на грошы.

21 Няма табе ў гэтым часткі і долі, бо сэрца тваё няслушнае перад Богам;

22 дык пакайся ў гэтым грэху тваім і маліся Богу: можа, даруецца табе намысел сэрца твайго;

23 бо бачу цябе поўнага жоўці горкай і ў путах няпраўды.

24 А Сымон сказаў у адказ: памалецеся вы за мяне Госпаду, каб не спасьцігла мяне анішто з таго, што вы сказалі.

25 А яны, засьведчыўшы і ўзьвясьціўшы слова Гасподняе, пайшлі назад у Ерусалім і ў многіх селішчах Самарыйскіх прапаведавалі Дабравесьце.

26 А Піліпу анёл Гасподні сказаў: устань і ідзі на поўдзень, на дарогу, якая вядзе зь Ерусаліма ў Газу, на тую, якая пустая.

27 Ён устаў і пайшоў; і вось, муж Эфіопскі, кажэнік, вяльможа Кандакіі, царыцы Эфіопскай, ахоўца ўсіх яе скарбаў, які прыязджаў у Ерусалім на пакланеньне,

28 вяртаўся і, седзячы на калясьніцы сваёй, чытаў прарока Ісаю.

29 Дух сказаў Піліпу: падыдзі і прыстань да гэтае калясьніцы.

30 Піліп падышоў і, пачуўшы, што ён чытае прарока Ісаю, сказаў: ці разумееш, што чытаеш?

31 Ён сказаў: як магу разумець, калі хто не наставіць мяне? І папрасіў Піліпа ўзысьці і сесьці зь ім.

32 А месца зь Пісаньня, якое ён чытаў, было гэтае: «як авечку, вялі Яго на закол, і, як ягня, перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх;

33 у прыніжэньні Яго суд Ягоны адбыўся, а род Яго хто высьветліць? бо забіраецца ад зямлі жыцьцё Ягонае».

34 А кажэнік сказаў Піліпу ў адказ: прашу цябе сказаць: пра каго прарок кажа гэта? ці пра сябе, ці пра каго іншага?

35 Піліп разамкнуў вусны свае і, пачаўшы з гэтага Пісаньня, апавядаў яму пра Ісуса.

36 Тым часам, едучы па дарозе, яны прыехалі да вады, і кажэнік сказаў: вось, вада: што перашкаджае мне ахрысьціцца?

37 А Піліп сказаў яму: калі верыш ад шчырага сэрца, можна. Той сказаў у адказ: веру, што Ісус ёсьць Сын Божы.

38 І загадаў спыніць калясьніцу; і сышлі абодва ў ваду, Піліп і кажэнік; і ахрысьціў яго.

39 А калі яны выйшлі з вады, Дух Гасподні падхапіў Піліпа, і кажэнік ужо ня бачыў яго, і паехаў сваёю дарогаю, радуючыся.

40 А Піліп апынуўся ў Азоце і, як праходзіў, зьвеставаў усім гарадам, пакуль прыйшоў у Кесарыю.

 

Разьдзел 9

 

1 А Саўл, яшчэ дышучы грозьбамі і забойствам на вучняў Гасподніх, прыйшоў да першасьвятара

2 і выпрасіў у яго пісьмы ў Дамаск сынагогам, каб, калі знойдзе каго, хто сьледуе гэтаму вучэньню, і мужчын і жанчын, зьвязаўшы, прыводзіць у Ерусалім.

3 Калі ж ён ішоў і набліжаўся да Дамаска, раптам асьвятліла яго зьзяньне зь неба;

4 ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: Саўле, Саўле, што ты гоніш Мяне?

5 Ён сказаў: хто Ты, Госпадзе? А Гасподзь сказаў: Я Ісус, Якога ты гоніш. Цяжка табе ісьці супраць ражна.

6 Ён, у страху і жудасьці, сказаў: Госпадзе! што загадаеш мне рабіць? І Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі ў горад; і сказана будзе табе, што табе трэба рабіць.

7 А людзі, якія ішлі зь ім, стаялі здраньцьвелыя, чуючы голас, але нічога ня бачачы.

8 Саўл падняўся зь зямлі, і з расплюшчанымі вачыма нікога ня бачыў; і павялі яго за руку і прывялі ў Дамаск;

9 і тры дні ён ня бачыў, і ня еў і ня піў.

10 У Дамаску быў адзін вучань, якога звалі Ананія; і Гасподзь, зьявіўшыся, сказаў яму: Ананія! Той сказаў: я, Госпадзе.

11 А Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі на вуліцу, так званую Простую, і спытайся ў Юдавым доме Тарсяніна, якога завуць Саўл: ён цяпер моліцца

12 і бачыў ва ўяве мужа, імем Ананія, які прыйшоў да яго і ўсклаў на яго руку, каб ён зноў бачыў.

13 Ананія адказваў: Госпадзе! Я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ліха зрабіў ён сьвятым Тваім у Ерусаліме;

14 і тут мае ад першасьвятароў уладу вязаць усіх, хто заклікае імя Тваё.

15 Але Гасподзь сказаў яму: ідзі, бо ён ёсьць Мой выбраны посуд, каб абвяшчаць імя Маё перад народамі і царамі і сынамі Ізраілевымі;

16 і Я пакажу яму, колькі ён мусіць адпакутаваць за імя Маё.

17 Ананія пайшоў і ўвайшоў у дом і, усклаўшы на яго рукі, сказаў: браце Саўле! Гасподзь Ісус, што зьявіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў бачыў і напоўніўся Духам Сьвятым.

18 І адразу нібы луска апала з вачэй ягоных, і раптам ён зноў пачаў бачыць і, устаўшы, ахрысьціўся

19 і, паеўшы, умацаваўся. І быў Саўл некалькі дзён з вучнямі ў Дамаску;

20 і адразу пачаў прапаведаваць у сынагогах пра Ісуса, што Ён ёсьць Сын Божы.

21 І ўсе, хто чуў, зьдзіўляліся і казалі: ці ня той гэта самы, які гнаў у Ерусаліме тых, што заклікалі імя гэтае, ды і сюды прыйшоў па тое, каб вязаць іх і весьці да першасьвятароў?

22 А Саўл усё больш і больш умацоўваўся і бянтэжыў Юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даводзячы, што Гэты ёсьць Хрыстос.

23 А як мінула даволі часу, Юдэі змовіліся забіць яго.

24 Але Саўл дазнаўся пра гэты намысел іхні; а яны дзень і ноч пільнавалі каля брамы, каб забіць яго.

25 А вучні ўначы, узяўшы яго, спусьцілі з мура ў каш§.

26 Саўл прыйшоў у Ерусалім і стараўся прыстаць да вучняў; але ўсе баяліся яго, ня верачы, што ён вучань.

27 А Варнава, узяўшы яго, прыйшоў да апосталаў і расказаў ім, як на дарозе ён бачыў Госпада, і што сказаў яму Гасподзь, і як ён у Дамаску адважна прапаведаваў у імя Ісуса.

28 І заставаўся ён зь імі, уваходзячы і выходзячы, у Ерусаліме, і адважна прапаведаваў імя Госпада Ісуса.

29 Гутарыў ён таксама і спрачаўся з Эліністамі; а яны замахі рабілі забіць яго.

30 Браты, даведаўшыся пра гэта, адправілі яго ў Кесарыю і правялі ў Тарс.

31 А цэрквы па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі былі ў спакоі, удасканальваючыся і ходзячы ў страху Гасподнім, і ў суцяшэньні Сьвятога Духа множыліся.

32 Сталася, што Пётр, абыходзячы ўсіх, зайшоў да сьвятых, якія жылі ў Лідзе;

33 Там знайшоў ён аднаго чалавека, якога звалі Энэй, што ўжо восем гадоў ляжаў у пасьцелі ў палярушы.

34 Пётр сказаў яму: Энэй! ацаляе цябе Ісус Хрыстос; устань з пасьцелі тваёй. І той адразу ўстаў.

35 І бачылі ўсе яго, хто жыў у Лідзе і ў Сароне, якія і навярнуліся да Госпада.

36 У Ёпіі была адна вучаніца, якую звалі Тавіта, што азначае: Сарна; яна была поўная добрых учынкаў і чыніла шмат міласьціны.

37 Сталася тымі днямі, што занядужала і памерла; яе абмылі і паклалі ў сьвятліцы.

38 А як што Ліда недалёка ад Ёпіі, дык вучні, дачуўшыся, што Пётр там, паслалі да яго двух чалавек прасіць, каб ён не забавіўся прыйсьці да іх.

39 Пётр устаў і пайшоў зь імі; і калі ён прыйшоў, увялі яго ў сьвятліцу, і ўсе ўдовы ў сьлёзах сталі перад ім, паказваючы кашулі і сукенкі, якія рабіла Сарна, жывучы зь імі.

40 Пётр выслаў усіх з пакоя і, укленчыўшы, памаліўся і, зьвярнуўшыся да цела, сказаў: Тавіта! устань. І яна расплюшчыла вочы свае і, убачыўшы Пятра, села.

41 Ён, падаўшы ёй руку, падняў яе і, паклікаўшы сьвятых і ўдоваў, паставіў яе перад імі жывую.

42 Гэта стала вядома па ўсёй Ёпіі, і многія ўверавалі ў Госпада.

43 І шмат дзён перабыў ён у Ёпіі ў нейкага Сымона-гарбара.

 

Разьдзел 10

 

1 У Кесарыі быў адзін чалавек, якога звалі Карнілій, сотнік з кагорты, называнай Італійскай,

2 пабожны і богабаязны з усім домам сваім, ён рабіў шмат міласьціны людзям і заўсёды маліўся Богу.

3 Ён ва ўяве ясна бачыў каля дзявятай гадзіны дня анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: Карнілій!

4 А ён, зірнуўшы на яго і спалохаўшыся, сказаў: што, Госпадзе? Анёл адказваў яму: малітвы твае і міласьціны твае ўзгадаліся перад Богам;

5 дык пашлі людзей у Ёпію і пакліч Сымона, якога завуць Пятром:

6 ён гасьцюе ў нейкага Сымона-гарбара, чый дом каля мора; ён скажа табе, што табе трэба рабіць.

7 Калі анёл, які гаварыў з Карніліем, адышоў, дык ён, паклікаўшы двух сваіх слуг і набожнага воіна з тых, што былі пры ім,

8 і расказаўшы ім усё, паслаў іх у Ёпію.

9 На другі дзень, калі яны ішлі і набліжаліся да горада, Пётр каля шостай гадзіны ўзышоў на дах дома памаліцца.

10 І адчуў ён голад, і захацеў есьці; пакуль гатавалі, найшла на яго жарсьць,

11 і бачыць адчыненае неба і нейкі посуд, які апускаецца да яго, нібы вялікае палатно, прывязанае за чатыры рагі і апусканае на зямлю;

12 у ім былі ўсякія чатырногі зямныя, зьвяры, плазуны і птушкі нябесныя.

13 І быў голас яму: устань, Пётр, закалі і еж.

14 Але Пётр сказаў: не, Госпадзе! я ніколі ня еў нічога паганага або нячыстага.

15 Тады другі раз быў голас яму: што Бог ачысьціў, таго не ўважай за нячыстае.

16 Гэта было тройчы - і посуд зноў падняўся на неба.

17 Калі ж Пётр раздумваў сам сабе, што б такое азначаў гэты відзеж, што ён бачыў, - вось, мужы, пасланыя Карніліем, распытаўшыся пра дом Сымонаў, спыніліся каля варот,

18 і, гукнуўшы, спыталіся: ці тут Сымон, якога завуць Пятром?

19 Тым часам, як Пётр разважаў пра відзеж, Дух сказаў яму: вось, трох чалавек шукаюць цябе;

20 устань, сыйдзі і йдзі зь імі, зусім не сумняваючыся; бо Я паслаў іх.

21 Пётр, сыйшоўшы да людзей, прысланых да яго ад Карнілія, сказаў: я той, каго вы шукаеце; дзеля якой справы прыйшлі вы?

22 А яны сказалі: Карнілій сотнік, чалавек дабрачынны і богабаязны, шанаваны ўсім народам Юдэйскім, атрымаў ад сьвятога анёла наказ паклікаць цябе ў дом свой і паслухаць словаў тваіх.

23 Тады Пётр, запрасіўшы іх, пачаставаў; а назаўтра, устаўшы, пайшоў зь імі, і некаторыя браты Ёпійскія пайшлі зь ім.

24 На другі дзень прыйшлі яны ў Кесарыю. А Карнілій чакаў іх, склікаўшы родзічаў і сваіх блізкіх сяброў.

25 Калі Пётр уваходзіў, Карнілій сустрэў яго і пакланіўся, прыпаўшы да ног ягоных.

26 А Пётр падняў яго, кажучы: устань; я таксама чалавек.

27 І, гутарачы зь ім, увайшоў і знайшоў многа сабраных.

28 І сказаў ім: вы ведаеце, што Юдэю забаронена зносіцца або збліжацца зь іншапляменцам; але мне Бог адкрыў, каб я не ўважаў ніводнага чалавека за паганага альбо нячыстага;

29 таму я, будучы пакліканы, і прыйшоў безь пярэчаньня; і вось, пытаюся: на якую дзею вы клікнулі мяне?

30 Карнілій сказаў: з чацьвёртага дня я пасьціўся да цяперашняй гадзіны і а дзявятай гадзіне маліўся ў сваім доме; і вось, паўстаў перада мною муж у сьветлым адзеньні

31 і кажа: Карнілій! пачута малітва твая і міласьціны твае спамянуліся перад Богам;

32 дык пашлі ў Ёпію і пакліч Сымона, якога завуць Пятром: ён гасьцюе ў доме гарбара Сымона каля мора; ён прыйдзе і скажа табе.

33 Адразу паслаў я да цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў: цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб выслухаць усё, што наказана табе ад Бога.

34 А Пётр разамкнуў вусны і сказаў: у ісьціне спазнач, што Богу не абліччы спадобныя,

35 а ў кожным народзе той, хто богабаязны і робіць па праўдзе, да спадобы Яму.

36 Ён паслаў сынам Ізраілевым слова, зьвястуючы мір празь Ісуса Хрыста; Гэты ёсьць Гасподзь усіх.

37 Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасьля хрышчэньня, прапаведаванага Янам:

38 як Бог Духам Сьвятым і моцай памазаў Ісуса з Назарэта, і Ён хадзіў, дабро ўчыняючы і ацаляючы ўсіх, паняволеных д'яблам, бо Бог быў зь Ім;

39 і мы сьведкі ўсяго, што зрабіў Ён у краі Юдэйскім і ў Ерусаліме, і што нарэшце Яго забілі, павесіўшы на дрэве.

40 Гэтага Бог уваскрэсіў на трэйці дзень, і даў Яму зьяўляцца,

41 не ўсяму людзтву, а сьведкам, сьпярша Богам выбраным, нам, якія зь Ім елі і пілі пасьля ўваскрэсеньня Яго зь мёртвых;

42 і Ён наказаў нам прапаведаваць людзям і сьведчыць, што Ён ёсьць вызначаны Богам Судзьдзя жывым і мёртвым.

43 Пра Яго ўсе прарокі сьведчаць, што ўсякі, хто верыць у Яго, атрымае дараваньне грахоў імем Ягоным.

44 Калі Пётр яшчэ гаварыў, Дух Сьвяты зыйшоў на ўсіх, хто слухаў слова.

45 І вернікі з абрэзаных, што прыйшлі зь Пятром, зьдзівіліся, што дар Сьвятога Духа выліўся і на язычнікаў;

46 бо чулі, як рознымі мовамі гаварылі яны і славілі Бога. Тады Пётр сказаў:

47 хто можа забараніць ахрысьціцца вадою тым, якія, як і мы, атрымалі Сьвятога Духа?

48 І наказаў ім ахрысьціцца ў імя Ісуса Хрыста. Потым яны прасілі яго пабыць у іх некалькі дзён.

 

Разьдзел 11

 

1 Дачуліся апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, што і язычнікі прынялі слова Божае.

2 І калі Пётр прыйшоў у Ерусалім, абрэзаныя дакаралі яго,

3 кажучы: ты хадзіў да людзей неабрэзаных і еў зь імі.

4 А Пётр пачаў ім пераказваць па парадку, кажучы:

5 у горадзе Ёпіі я маліўся і ў жарсьці бачыў уяву: сыходзіў нейкі посуд, нібы вялікае палатно, за чатыры рагі апусканае зь неба, і спусьцілася да мяне;

6 я паглядзеў у яго і, разглядваючы, убачыў чатырногаў зямных, зьвяроў, плазуноў і птушак нябесных.

7 І пачуў я голас, які сказаў мне: устань, Пётр, закалі і еж.

8 А я сказаў: не, Госпадзе, нішто паганае альбо нячыстае ніколі не ўваходзіла ў вусны мае.

9 І адказваў мне голас другі раз зь неба: што Бог ачысьціў, таго ты не ўважай за нячыстае.

10 Гэта было тройчы; і зноў узьнялося ўсё на неба.

11 І вось, у тую ж самую часіну трох чалавек, пасланых з Кесарыі да мяне, спыніліся перад домам, дзе быў я.

12 Дух сказаў мне, каб я ішоў зь імі, зусім не сумняваючыся; пайшлі са мною і гэтыя шэсьць братоў, і мы прыйшлі ў дом таго чалавека.

13 Ён расказаў нам, як ён бачыў у доме сваім анёла (сьвятога), які стаў і сказаў яму: пашлі ў Ёпію людзей і пакліч Сымона, якога завуць Пятром;

14 ён скажа табе словы, якімі ўратуешся ты і ўвесь дом твой.

15 А калі я пачаў прамаўляць, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, як і на нас спачатку.

16 Тады ўзгадаў я слова Госпада, як Ён казаў: Ян хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым.

17 І вось, калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, што ўверавалі ў Госпада Ісуса Хрыста, дык хто ж я, каб мог усупрацівіцца Богу?

18 Выслухаўшы гэта, яны супакоіліся і праславілі Бога, кажучы: відаць, і язычнікам даў Бог пакаяньне ў жыцьцё.

19 Тым часам тыя, што расьсеяліся ад ганеньняў, якія былі пасьля Сьцяпана, пайшлі да Фінікіі і Кіпра і Антыахіі, нікому не прапаведуючы слова, апрача Юдэяў.

20 А былі сярод іх і некаторыя Кіпрэйцы і Кірынейцы, якія, прыйшоўшы ў Антыахію, прамаўлялі да Элінаў, зьвястуючы Госпада Ісуса.

21 І была рука Гасподняя зь імі, і вялікае мноства ўвераваўшы навярнуліся да Госпада.

22 Дайшло слова пра іх да царквы Ерусалімскай, і даручылі Варнаву ісьці ў Антыахію.

23 Ён, як прыйшоў і ўбачыў мілату Божую, узрадаваўся і ўгаворваў усіх намерамі сэрца трымацца Госпада;

24 бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога і веры. І прыхілілася многа людзей да Госпада.

25 Потым Варнава пайшоў у Тарс шукаць Саўла і, знайшоўшы яго, прывёў у Антыахію.

26 Цэлы год зьбіраліся яны ў царкве і вучылі многа людзей; і вучні ў Антыахіі ўпяршыню пачалі называцца хрысьціянамі.

27 Тымі днямі прыйшлі зь Ерусаліма ў Антыахію прарокі.

28 І адзін зь іх, якога звалі Агаў, устаўшы, перш абвясьціў Духам, што па ўсім сьвеце будзе вялікі голад, які і быў пры кесары Клаўдзіі;

29 тады вучні пастанавілі, кожны паводле дастатку свайго, паслаць дапамогу братам, якія жывуць у Юдэі,

30 што і зрабілі, паслаўшы сабранае да прасьвітараў праз Варнаву і Саўла.

 

Разьдзел 12

 

1 Тым часам цар Ірад падняў рукі на некаторых людзей царквы, каб зрабіць ім ліха,

2 і забіў Якава, брата Янавага, мечам;

3 а ўбачыўшы, што гэта даспадобы Юдэям, сьледам за тым узяў і Пятра, - тады былі дні праснакоў, -

4 і, затрымаўшы яго, пасадзіў у цямніцу і загадаў чатыром чацьверыкам воінаў вартаваць яго, маючы намер пасьля Пасхі вывесьці яго да людзей.

5 І так Пятра вартавалі ў цемры; тым часам царква рупліва малілася за яго Богу.

6 Калі ж Ірад хацеў вывесьці яго, у тую ноч Пётр спаў паміж двума воінамі, скаваны двума ланцугамі, і ахова каля дзьвярэй вартавала цямніцу.

7 І вось, анёл Гасподні стаў перад ім, і сьвятло азарыла цямніцу; анёл, штурхнуўшы Пятра ў бок, разбудзіў яго і сказаў: устань хутчэй! І ланцугі апалі з рук ягоных.

8 І сказаў яму анёл: падперажыся і абуйся. Ён зрабіў так. Пасьля кажа яму: апрані адзежу тваю і ідзі за мною.

9 Пётр выйшаў і рушыў усьлед за ім, ня ведаючы, што тое, што робіць анёл, ёсьць сапраўднае, а думаючы, што бачыць уяву.

10 Мінуўшы першую і другую варту, яны падышлі да жалезнае брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася ім; яны выйшлі, і прайшлі адну вуліцу, калі раптам анёла ня стала зь ім.

11 Тады Пётр, апамятаўшыся, сказаў: цяпер я бачу напраўду, што Гасподзь паслаў анёла Свайго і выбавіў мяне з рукі Ірада і ад усяго, чаго чакаў люд Юдэйскі.

12 І, агледзеўшыся, прыйшоў да дома Марыі, маці Яна, якога звалі Маркам, дзе многія сабраліся і маліліся.

13 А калі Пётр пастукаўся ў браму, дык выйшла паслухаць служанка, якую звалі Рода;

14 І, пазнаўшы Пятроў голас, ад радасьці не адчыніла брамы, а ўбегшы абвясьціла, што Пётр стаіць каля брамы.

15 А тыя сказалі ёй: ці ў сваім ты розуме? Але яна стаяла на сваім. А яны казалі: гэта анёл ягоны.

16 Тым часам Пётр стукаўся; калі ж адчынілі, дык убачылі яго і зьдзівіліся.

17 А ён, даўшы рукою знак, каб маўчалі, расказаў ім, як Гасподзь вывеў зь цямніцы, і сказаў: перакажэце ўсё гэта Якаву і братам. Пасьля выйшаў і пайшоў у іншую мясьціну.

18 Калі настаў дзень, паміж воінамі ўсчалася вялікая трывога: што сталася зь Пятром;

19 а Ірад, пашукаўшы яго і не знайшоўшы, судзіў вартавых і загадаў пакараць іх сьмерцю; потым ён выправіўся зь Юдэеі ў Кесарыю і там заставаўся.

20 Ірад быў у гневе на Тырыйцаў і Сіданійцаў: а яны, змовіўшыся, прыйшлі да яго і схіліўшы на свой бок Уласта, пасьцельніка царскага, прасілі міру, бо іх вобласьць кармілася з царскай.

21 У назначаны дзень Ірад, убраўшыся ў царскія строі, сеў на судзілішчы перад людзьмі і гаварыў да іх;

22 а люд крычаў: гэта голас Бога, а не чалавека!

23 Але раптам анёл Гасподні паразіў яго за тое, што ён ня ўзьнёс хвалы Богу; і ён заедзены чарвякамі, сканаў.

24 А слова Божае расло і пашыралася.

25 А Варнава і Саўл, выканаўшы даручэньне, вярнуліся зь Ерусаліма (ў Атныахію), узяўшы з сабою і Яна, якога звалі Маркам.

 

Разьдзел 13

 

1 У Антыахіі ў тамтэйшай царкве былі некаторыя прарокі і настаўнікі: Варнава, і Сымон, якога звалі Нігер, і Луцый Кірынеец, і Манаіл, выхаваны разам зь Ірадам тэтрархам, і Саўл.

2 Калі яны служылі Госпаду і пасьціліся, Дух Сьвяты сказаў: даручэце Мне Варнаву і Саўла на дзею, да якое Я іх паклікаў.

3 Тады яны, папасьціўшыся і памаліўшыся і ўсклаўшы на іх рукі, адпусьцілі іх.

4 Тыя, пасланыя Духам Сьвятым, сыйшлі ў Селяўкію, а адтуль адплылі на Кіпр,

5 і, быўшы ў Саламіне, прапаведавалі слова Божае ў сынагогах Юдэйскіх; а мелі яны пры сабе і Яна для служэньня.

6 Праўшоўшы ўвесь востраў да Пафа, знайшлі яны аднаго чарадзея ілжэпрарока, Юдэя, якога звалі Варысус,

7 які быў з праконсулам Сергіем Паўлам, мужам разумным. Той, паклікаўшы Варнаву і Саўла, пажадаў пачуць слова Божае.

8 А Яліма чарадзей, - так тлумачыцца імя ягонае, - пярэчыў ім, стараючыся адвярнуць праконсула ад веры.

9 Але Саўл, ён жа і Павал, напоўніўся Духам Сьвятым і паглядзеўшы на яго,

10 сказаў: о, поўны ўсякае хітрыны і ўсякага зладзейства сыне д'яблаў, вораг усякай праўды! ці не перастанеш ты зводзіць з роўных дарог Гасподніх?

11 І цяпер, вось, рука Гасподняя на цябе: ты асьлепнеш і ня ўбачыш сонца да часу. І раптам напалі на яго морак і цемра, і ён, паварочваючыся то туды, то сюды, шукаў павадыра.

12 Тады праконсул, усачыўшы, што адбылося, увераваў, зьдзіўлены вучэньнем Гасподнім.

13 Адплыўшы з Пафа, Павал і ўсе, хто былі зь ім, прыбылі ў Пэргію, у Памфілію; але Ян, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Ерусалім.

14 А яны, ідучы з Пэргіі, прыбылі ў Антыахію Пісідыйскую і, увайшоўшы ў сынагогу ў дзень суботні, селі.

15 Пасьля чытаньня закона і прарокаў начальнікі сынагогі паслалі сказаць ім: мужы браты! калі ў вас ёсьць слова настаўленьня да люду, кажэце.

16 Павал, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: мужы Ізраільскія і ўсе, хто баіцца Бога! паслухайце:

17 Бог народу гэтага выбраў бацькоў нашых і ўзвысіў гэты народ у бытнасьць у зямлі Егіпецкай, і рукою ўзьнесенай вывеў іх зь яе,

18 і каля сарака гадоў часу карміў іх у пустыні;

19 і, зьнішчыўшы сем народаў у зямлі Ханаанскай, падзяліў ім у спадчыну зямлю іхную,

20 і пасьля гэтага, каля чатырохсот пяцідзесяці гадоў, даваў ім судзьдзяў да прарока Самуіла;

21 потым прасілі яны цара, і Бог даў ім Сайла, сына Кісавага, мужа з роду Веньямінавага: так прайшло гадоў сорак.

22 Адхіліўшы яго, паставіў ім царом Давіда, пра якога і сказаў, пасьведчыўшы: «знайшоў Я мужа па сэрцы Маім, Давіда» сына Ясеевага, які спраўдзіць усе хаценьні Мае».

23 Зь ягоных жа нашчадкаў Бог паводле абяцаньня ўзьвёў Ізраілю Збаўцу Ісуса.

24 Перад самым зьяўленьнем Яго Ян прапаведаваў хрышчэньне пакаяньня ўсяму народу Ізраільскаму.

25 А пры канцы свайго шляху Ян казаў: за каго ўважаеце мяне? я ня Той; але вось, ідзе за мною, у Якога я ня варты разьвязаць абутак на нагах.

26 Мужы браты, дзеці роду Абрагамавага, і ўсе богабаязныя сярод вас! вам паслана слова збаўленьня гэтага.

27 Бо жыхары Ерусаліма і начальнікі іхнія, не пазнаўшы Яго і засудзіўшы, спраўдзілі словы прарочыя, чытаныя кожнае суботы,

28 і, не знайшоўшы ў Ім ніякай віны, вартае сьмерці, прасілі Пілата забіць Яго;

29 а калі выканалі ўсё напісанае пра Яго, дык, зьняўшы з дрэва, паклалі Яго ў магілу.

30 Але Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых;

31 Ён шмат дзён паяўляўся перад тымі, якія выйшлі зь Ім з Галілеі ў Ерусалім і якія сёньня - сьведкі Яго перад людзьмі.

32 І мы зьвястуем вам, што абяцаньне, дадзенае бацькам, Бог выканаў нам, дзецям іхнім, уваскрэсіўшы Ісуса,

33 як і ў другой псальме напісана: «Ты Сын Мой: Я сёньня Цябе нарадзіў».

34 А што ўваскрэсіў Яго зь мёртвых, так што Ён ужо не абярнуўся ў тло, пра гэта сказаў так: «Я дам вам нязьменныя міласьціны, абяцаныя Давіду».

35 Таму і ў іншым месцы кажа: «не дасі Сьвятому Твайму ўбачыць тленьне».

36 Давід у свой час паслужыўся волі Божай, спачыў, і далучыўся да бацькоў сваіх, і ўбачыў тленьне;

37 а Той, Каго Бог уваскрэсіў, ня ўбачыў тленьня.

38 Дык вось, хай будзе ведама вам, мужы браты, што дзеля Яго абвяшчаецца вам дараваньне грахоў;

39 і ва ўсім, у чым вы не маглі апраўдацца законам Майсеевым, апраўдваецца Ім кожны веруючы.

40 Глядзеце ж, каб ня прыйшло на вас тое, што прадказана ў прарокаў:

41 «глядзеце, пагарднікі, падзівуйцеся і счэзьніце; бо я чыню дзею ў дні вашыя, дзею, якой не паверылі б вы, калі б хто расказаў вам».

42 Калі яны выходзілі (з Юдэйскай сынагогі), прасілі язычнікі іх гаварыць пра тое самае ў другую суботу.

43 Калі ж сход быў распушчаны, многія Юдэі і богашаноўцы, навернутыя зь язычнікаў, пайшлі сьледам за Паўлам і Варнавам, якія, размаўляючы зь імі, угаворвалі іх заставацца ў ласкавай мілаце Божай.

44 У другую суботу амаль увесь горад сабраўся слухаць слова Божае;

45 але Юдэі, убачыўшы люд, напоўніліся зайздрасьцю і, выступаючы супроць і ліхасловячы, пярэчылі таму, што казаў Павал.

46 Тады Павал і Варнава мужна сказалі: вам першым трэба было абвясьціць слова Божае; але як вы адкідаеце яго і самі сябе робіце нявартымі вечнага жыцьця, дык вось, мы зьвяртаемся да язычнікаў:

47 Бо так наказаў нам Гасподзь: «Я паставіў цябе за сьветач язычнікам, каб ты быў ратункам да краю зямлі».

48 Язычнікі, чуючы гэта радаваліся і славілі слова Гасподняе, і ўверавалі ўсе, хто быў наперад вызначаны ў вечнае жыцьцё.

49 І слова Гасподняе шырылася па ўсёй краіне.

50 але Юдэі, падбухторыўшы пабожных уплывовых жанчын і першых у горадзе людзей, пачалі ганеньне на Паўла і Варнаву, і выгналі іх з сваіх межаў.

51 А яны, абцярушыўшы на іх пыл з ног сваіх, пайшлі ў Іканію.

52 А вучні напаўняліся радасьцю і Духам Сьвятым.

 

Разьдзел 14

 

1 У Іканіі яны ўвайшлі разам у Юдэйскую сынагогу і гаварылі так, што ўверавала вялікае мноства Юдэяў і Элінаў.

2 А Юдэі, якія ня верылі, падбілі і ўзбурылі супраць братоў сэрцы язычнікаў.

3 Але яны прабылі там досыць доўга, мужна дзеючы ў імя Госпада, Які, у сьведчаньне слову мілаты Сваёй, тварыў рукамі іхнімі азнакі і цуды.

4 Тым часам люд у горадзе падзяліўся: і адны былі на баку Юдэяў, а другія на баку апосталаў.

5 Калі ж язычнікі і Юдэі са сваімі начальнікамі кінуліся на іх, каб зьняважыць і пабіць іх каменьнем,

6 яны, дазнаўшыся пра гэта, адышлі ў Лікаонскія гарады Лістру і Дэрвію і ў іхняе навакольле,

7 і там дабравесьцілі.

8 У Лістры адзін чалавек, не валодаючы нагамі, сядзеў, бо кульгавы быў ад улоньня маці сваёй, і ніколі не хадзіў.

9 Ён слухаў прамоўцу Паўла, які, зірнуўшы на яго і ўбачыўшы, што ён мае веру на атрыманьне ацаленьня,

10 сказаў гучным голасам: табе кажу ў імя Госпада Ісуса Хрыста: стань на ногі твае проста! І той адразу ўскочыў і пачаў хадзіць.

11 А люд, убачыўшы, што зрабіў Павал, узвысіў свой голас, кажучы па-лікаонску: багі ў вобразе чалавечым зышлі да нас.

12 І называлі Варнаву Зэўсам, а Паўла Гермэсам, бо ён начальнічаў у слове,

13 а жрэц ідала Зэўса, пастаўленага перад іхнім горадам, прывёўшы да брамы валоў і прынёсшы вянкі, хацеў разам з народам прынесьці ахвяры.

14 Але апосталы Варнава і Павал, пачуўшы пра гэта, разадралі сваё адзеньне і, кінуўшыся ў народ, зычным голасам казалі:

15 мужы! што гэта вы робіце? і мы - падобныя на вас людзі, і зьвястуем вам, каб вы навярнуліся ад гэтых марных да Бога жывога, Які стварыў неба і зямлю і мора і ўсё, што ў іх;

16 Які ў мінулых пакаленьнях дапусьціў усім народам хадзіць сваімі шляхамі,

17 хоць і не пераставаў сьведчыць пра Сябе добрымі дзеямі, даючы нам зь неба дажджы і поры ўраджайныя і напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя.

18 І кажучы гэта, яны ледзьве ўгаварылі людзей ня прыносіць ім ахвяры і ісьці кожнаму дамоў. Тым часам як яны, застаючыся там, вучылі,

19 з Антыахіі і Іканіі прыйшлі некаторыя Юдэі і, калі апосталы адважна прапаведавалі, пераканалі людзей адступіцца ад іх, кажучы: яны ня кажуць нічога праўдзівага, а ўсё хлусяць. І падбухторыўшы люд, пабілі Паўла камянямі і вывалаклі за горад, думаючы, што ён мёртвы.

20 Калі ж вучні сабраліся каля яго, ён устаў і пайшоў у горад, і на другі дзень адышоў з Варнавам у Дэрвію.

21 Абвясьціўшы Дабравесьце гэтаму гораду і прыдбаўшы многа вучняў, яны пайшлі назад празь Лістру, Іканію і Антыахію,

22 мацуючы душы вучням, умаўляючы заставацца ў веры і павучаючы, што праз многія скрухі належыць нам увайсьці ў Царства Божае.

23 А рукапаклаўшы ім прасьвітараў у кожнай царкве, яны памаліліся з постам і перадалі іх Госпаду, у Якога ўверавалі.

24 Потым, прайшоўшы празь Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію;

25 і, прапаведаўшы слова Гасподняе ў Пэргіі, выйшлі ў Аталію,

26 а адтуль адплылі ў Антыахію, адкуль былі аддадзены мілаце Божай на дзею, якую і справілі.

27 Дабраўшыся туды і склікаўшы царкву, яны расказалі пра ўсё, што Бог учыніў зь імі і як Ён адчыніў дзьверы веры язычнікам;

28 і заставаліся там не малы час з вучнямі.

 

Разьдзел 15

 

1 Некаторыя, што прыйшлі зь Юдэі, вучылі братоў: калі не абрэжацеся паводле абраду Майсеевага, ня можаце ўратавацца.

2 Калі ж пачаліся нязгоды і немалое змаганьне ў Паўла і Варнавы зь імі, дык пастанавілі Паўлу і Варнаву і некаторым іншым зь іх выправіцца ў гэтай справе да апосталаў і прасьвітараў у Ерусалім.

3 І вось, праведзеныя царквою, яны праходзілі Фінікію і Самарыю, расказваючы пра наварот язычнікаў, і рабілі вялікую радасьць ва ўсіх брацтвах.

4 А як прыйшлі ў Ерусалім, яны былі прынятыя царквою, апосталамі і прасьвітарамі, і абвясьцілі ўсё, што Бог учыніў зь імі, і як адчыніў дзьверы веры язычнікам.

5 Тады паўсталі некаторыя з фарысэйскай ерасі, якія ўверавалі, і казалі, што трэба абразаць язычнікаў і наказаць трымацца закона Майсеевага.

6 Апосталы і прасьвітары сабраліся на разгляд гэтай справы.

7 Пасьля доўгага разважаньня Пётр, устаўшы, сказаў ім: мужы браты! вы ведаеце, што Бог ад першых дзён абраў з нас мяне, каб з вуснаў маіх язычнікі пачулі слова Дабравесьця і ўверавалі;

8 і Знаўца Сэрцаў Бог даў ім сьведчаньне, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам;

9 і не паклаў ніякае розьніцы паміж намі і імі, вераю ачысьціўшы сэрцы іхнія.

10 Чаго ж вы цяпер спакушаеце Бога, каб ускласьці на шыі вучняў ярмо, якога не маглі несьці ні бацькі нашыя, ні мы?

11 Але мы верым, што мілатою Госпада Ісуса Хрыста ўратуемся, як і яны.

12 Тады змоўк увесь сход і слухаў Варнаву і Паўла, якія расказвалі, якія азнакі і цуды ўтварыў Бог празь іх сярод язычнікаў.

13 А пасьля таго, як яны змоўклі, пачаў прамову Якаў і сказаў: мужы браты! паслухайце мяне:

14 Сымон вытлумачыў, як Бог на пачатку дагледзеў язычнікаў, каб скласьці зь іх народ у імя Сваё;

15 і з гэтым згодныя словы прарокаў, як напісана:

16 «потым вярнуся і аднаўлю скінію Давідаву заняпалую, і тое, што ў ёй разбурана, узнаўлю, і папраўлю яе,

17 каб знайшлі Госпада астатнія людзі і ўсе народы, паміж якімі абвесьціцца імя Маё, кажа Гасподзь, Які творыць усё гэта».

18 Вядомыя Богу спрадвеку ўсе справы Ягоныя.

19 Таму я лічу, што ня сьлед заважаць тым язычнікам, якія да Бога зьвяртаюцца,

20 а напісаць ім, каб яны ўстрымаліся ад апаганенага ідаламі, ад распусты, ад душанага і крыві, і каб не рабілі іншым таго, чаго ня зычаць сабе:

21 бо закон Майсееў старажытных родаў па ўсіх гарадах мае прапаведнікаў ягоных і чытаецца ў сынагогах кожнае суботы.

22 Тады апосталы і прасьвітары з усёю царквою разважылі, выбраўшы спаміж сябе мужоў, паслаць іх у Антыахію з Паўлам і Варнавам, менавіта: Юду, якога празвалі Варсавам, і Сілу, мужоў начальных сярод братоў,

23 напісаўшы і ўручыўшы ім наступнае: апосталы і прасьвітары і браты братам зь язычнікаў у Антыахіі, Сірыі і Кілікіі: радавацца.

24 Таму што мы пачулі, што некаторыя, выйшаўшы ад нас, устрывожылі вас сваімі казанямі і пахіснулі вашыя душы, кажучы, што трэба абразацца і трымацца закона, чаго мы ім не даручалі;

25 дык мы, сабраўшыся, аднадушна разважылі паслаць да вас выбраных мужоў зь любаснымі нашымі Варнавам і Паўлам,

26 людзьмі, якія аддалі душы свае за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.

27 І вось мы паслалі Юду і Сілу, якія высьветляць вам тое самае і словамі.

28 Бо заўгодна Сьвятому Духу і нам не ўскладаць на вас ніякага цяжару болей, апрача гэтага неабходнага:

29 устрымлівацца ад ідалаахвярнага і крыві, і душанага і распусты, і не рабіць іншым таго, чаго сабе ня зычыце; трымаючыся гэтага, добра зробіце. Будзьце здаровыя».

30 І вось пасланцы прыйшлі ў Антыахію і, склікаўшы людзей, уручылі пісьмо.

31 А яны, прачытаўшы, узрадаваліся настаўленьню гэтаму.

32 Юда і Сіла, якія таксама былі прарокі, шчодрым словам далі настаўленьне братам і ўмацавалі іх.

33 Пабыўшы там якісь час, яны зь мірам адпушчаны былі братамі да апосталаў;

34 але Сілу надумалася застацца там, а Юда вярнуўся ў Ерусалім.

35 А Павал і Варнава жылі ў Антыахіі, навучаючы і зьвястуючы, разам зь іншымі многімі, слова Гасподняе.

36 Па пэўным часе Павал сказаў Варнаву: хадзем зноў, наведаем братоў нашых ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведалі слова Гасподняе, як яны жывуць.

37 Варнава хацеў узяць з сабою Яна, якога звалі Маркам,

38 але Павал разважыў ня браць з сабою таго, хто адстаў ад іх у Памфіліі і не пайшоў зь імі на дзею, на якую яны былі пасланыя.

39 Адгэтуль і сталася крыўда, так што яны разлучыліся адзін з адным; і Варнава, узяўшы Марка, адплыў на Кіпр;

40 а Павал, выбраўшы сабе Сілу, выправіўся, даручаны братамі мілаце Божай,

41 і праходзіў Сірыю і Кілікію, умацоўваючы цэрквы.

 

Разьдзел 16

 

1 Дайшоў ён да Дэрвіі і Лістры. І вось, там быў адзін вучань, якога звалі Цімафеем, маці ў якога была Юдэйка навернутая, а бацька Элін,

2 і пра якога сьведчылі браты, што былі ў Лістры і Іканіі.

3 яго захацеў Павал ўзяць з сабою; і ўзяўшы, абрэзаў яго дзеля Юдэяў, якія былі ў тых мясьцінах; бо ўсе ведалі пра бацьку ягонага, што ён быў Элін.

4 А праходзячы праз гарады, яны наказвалі вернікам выконваць пастановы, складзеныя апосталамі і прасьвітарамі ў Ерусаліме.

5 І цэрквы мацаваліся вераю і штодня ўзрасталі ў ліку.

6 Прайшоўшы праз Фрыгію і Галатыйскую краіну, яны ня былі дапушчаны Духам Сьвятым прапаведаваць слова ў Асіі.

7 Дайшоўшы да Місіі, намерыліся ісьці ў Віфанію, але Дух не дапусьціў іх.

8 Абмінуўшы Місію, сышлі яны ў Трааду.

9 І была ноччу ўява Паўлу: стаў нейкі муж, Македонец, просячы ў яго і кажучы: прыйдзі ў Македонію і памажы нам.

10 Пасьля гэтай уявы адразу мы пастанавілі сабе выправіцца ў Македонію, разумеючы, што заклікаў нас Гасподзь зьвеставаць там.

11 І вось, выправіўшыся з Траады, мы напрасткі прыбылі ў Самафракію, а на другі дзень у Неапаль,

12 а адтуль у Філіпы: гэта першы горад у той частцы Македоніі, калонія; у гэтым горадзе мы прабылі некалькі дзён.

13 А ў дзень суботні мы выйшлі за горад да ракі, дзе звычайна назначалася быць маленьню, і сеўшы, гутарылі з жанчынамі, якія там сабраліся.

14 І адна жанчына з горада Фіятыр, якую звалі Лідзія, гандлярка парфіраю, шаноўніца Бога, слухала; і Гасподзь расхінуў сэрца ейнае слухаць тое, што казаў Павал.

15 Калі ж ахрысьцілася яна і дамашнія ейныя, дык прасіла ў нас, кажучы: калі вы прызналі мяне вернаю Госпаду, увайдзеце ў дом мой і жывеце ў мяне. І пераканала нас.

16 Сталася так, што, калі мы ішлі ў малітоўны дом, сустрэлася нам адна служанка, апантаная духам вяшчунскім, якая вяшчунствам давала вялікі прыбытак гаспадарам сваім.

17 Ідучы за Паўлам і за намі, яна крычала, кажучы: гэтыя людзі - рабы Бога ‹сявышняга, якія абвяшчаюць нам шлях збавеньня.

18 Гэтак рабіла яна многа дзён. Павал, абурыўшыся, павярнуўся і сказаў духу: імем Ісуса Хрыста загадваю табе выйсьці зь яе. І дух выйшаў у тую ж хвіліну.

19 Тады гаспадары ейныя, бачачы, што прапала надзея на прыбытак іхні, схапілі Паўла і Сілу, і павалаклі на плошчу да начальнікаў.

20 І, прывёўшы іх да ваяводаў, сказалі: гэтыя людзі, Юдэі, падбухторваюць наш горад

21 і прапаведуюць звычаі, якіх нам, Рымлянам, ня трэба ні прымаць, ні выконваць.

22 Людзі таксама паўсталі на іх; а ваяводы, сарваўшы зь іх вопратку, загадалі біць іх кіямі

23 і, даўшы ім шмат удараў, кінулі ў цямніцу, загадаўшы ахоўніку цямніцы пільна вартаваць іх;

24 атрымаўшы гэтакі загад, ён кінуў іх ва ўнутраную цямніцу і ногі ім ушчаміў у калоду.

25 Пад поўнач Павал і Сіла, молячыся, славілі песьняй Бога; а вязьні слухалі іх.

26 Раптам стаўся вялікі землятрус, так што захістаўся падмурак цямніцы; адразу адчыніліся ўсе дзьверы, і на ўсіх кайданы паслаблі.

27 Ахоўнік цямніцы, прачнуўшыся і ўбачыўшы, што дзьверы цямніцы адчыненыя, дастаў меч і хацеў закалоць сябе, думаючы, што вязьні ўцяклі.

28 Але Павал абвясьціў гучным голасам, кажучы: не рабі сабе ніякае шкоды, бо ўсе мы тут.

29 Той папрасіў вагню, убег у цямніцу і ў трымценьні прыпаў да Паўла і Сілы,

30 і, вывеўшы іх вонкі, сказаў: дабрадзеі мае! што мне рабіць, каб уратавацца?

31 А яны сказалі: веруй у Госпада Ісуса Хрыста, і ўратуешся ты і ўвесь дом твой.

32 І абвясьцілі слова Гасподняе яму і ўсім, хто быў у доме ў яго.

33 І, узяўшы іх у тую гадзіну ночы, ён абмыў раны іхнія і без адкладу ахрысьціўся сам і ўсе ягоныя;

34 і прывёўшы іх у дом свой, участаваў іх вячэрай і ўзрадаваўся з усім домам сваім, што ўвераваў у Бога.

35 А як настаў дзень, ваяводы паслалі гарадзкіх служак сказаць: адпусьці тых людзей.

36 Ахоўнік вязьніцы аб'явіў пра гэта Паўлу: ваяводы прыслалі адпусьціць вас, дык вось, выйдзіце зараз і ідзеце зь мірам.

37 Але Павал прамовіў да іх: нас, рымскіх грамадзянаў, бяз суду прылюдна білі і кінулі ў цямніцу, а цяпер употайкі выпускаюць? не, хай прыйдуць і самі выведуць нас.

38 Гарадзкія служкі пераказалі гэтыя словы ваяводам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта рымскія грамадзяне,

39 і, прыйшоўшы, перапрасіліся ў іх і, вывеўшы, прасілі пакінуць горад.

40 А яны, выйшаўшы зь цямніцы, прыйшлі ў Лідзію і, убачыўшы братоў, вучылі іх, і выправіліся.

 

Разьдзел 17

 

1 Прайшоўшы праз Амфіполь і Апалонію, яны прыйшлі ў Фесалоніку, дзе была Юдэйская сынагога.

2 Павал, як звычайна, увайшоў да іх і тры суботы гаварыў зь імі паводле Пісаньняў,

3 адкрываючы і даказваючы ім, што мусіў Хрыстос пацярпець і ўваскрэснуць зь мёртвых, і што Гэты Хрыстос ёсьць Ісус, Якога я прапаведую вам.

4 І некаторыя зь іх уверавалі і далучыліся да Паўла і Сілы, - як безьліч з шаноўцаў Бога Элінаў, так і знакамітых жанчын нямала.

5 А Юдэі, якія не ўверавалі, пазайздросьціўшы і пабраўшы з плошчы многіх нягодных людзей, сабраліся натоўпам і бунтавалі горад і, падступіўшы да дома Ясона, дамагаліся вывесьці іх да людзей.

6 А не знайшоўшы іх, павалаклі Ясона і некаторых братоў да гарадзкіх начальнікаў з крыкам, што гэтыя сусьветныя падбухторшчыкі прыйшлі і сюды,

7 а Ясон прыняў іх, і ўсе яны ўчыняюць насуперак загадам кесаравым, уважаючы іншага за цара, Ісуса.

8 І ўстрывожылі людзей і начальнікаў горада, якія слухалі гэта,

9 але гэтыя, атрымаўшы заруку ад Ясона і іншых, адпусьцілі іх.

10 А браты адразу ўначы адправілі Паўла і Сілу ў Вэрыю, прыбыўшы куды, яны пайшлі ў сынагогу Юдэйскую.

11 Тутэйшыя былі больш дабрамысныя за Фесалоніцкіх: яны прынялі слова з усёй шчырасьцю, дзень у дзень разьбіраючы Пісаньні, ці так яно акурат ёсьць.

12 І многія зь іх уверавалі, і з Элінскіх знакамітых жанчын і з мужчын нямала.

13 Але калі Фесалоніцкія Юдэі даведаліся, што і ў Вэрыі прапаведана Паўлам слова Божае, дык прыйшлі і туды, узрушаючы і бунтуючы людзей.

14 Тады браты адразу адпусьцілі Паўла, быццам ідзе ён да мора; а Сіла і Цімафей засталіся там.

15 Паўлавыя праваднікі давялі яго да Афінаў і, атрымаўшы наказ да Сілы і Цімафея, каб яны хутчэй прыйшлі да яго, выправіліся.

16 Чакаючы іх у Афінах, Павал узрушыўся духам, убачыўшы гэты горад поўны ідалаў.

17 І вось ён разважаў у сынагозе зь Юдэямі і з богашаноўцамі і штодня на плошчы з выпадковымі.

18 Некаторыя эпікурэйскія і стаічныя філосафы пачалі спрачацца зь ім; і адны казалі: «што хоча сказаць гэты марнаслоў?», а другія: «здаецца, ён прапаведуе чужых божышчаў», бо ён зьвеставаў ім Ісуса і ўваскрэсеньне.

19 І, узяўшы яго, прывялі ў аэрапаг і казалі: ці можам мы ведаць, што гэта за новае вучэньне, якое ты прапаведуеш?

20 Бо нешта дзіўнае ўкладваеш ты ў вушы нашыя; таму хочам ведаць, што гэта такое?

21 А ўсе Афіняне і аселеныя ў іх чужынцы нічым так ахвотна не займалі час, як тым, каб гаварыць або слухаць што-небудзь новае.

22 І Павал, стаўшы сярод аэрапага, сказаў: Афіняне! з усяго бачу я, што вы неяк адмыслова набожныя.

23 Бо, прыходзячы і аглядаючы вашыя сьвятыні, я знайшоў і ахвярнік, на якім напісана: «невядомаму Богу». Вось Яго, Якога вы, ня ведаючы, шукаеце, я прапаведую вам:

24 Бог, Які стварыў сьвет і ўсё, што ў ім, Ён, будучы Госпадам неба і зямлі, не ў рукатворных храмах жыве

25 і не вымагае служэньня рук чалавечых, быццам маючы ў нечым патрэбу, а Сам дае ўсяму жыцьцё і дыханьне і ўсё.

26 З адной крыві Ён вывеў увесь род чалавечы, каб жыў ён на ўсім улоньні зямлі, назначыўшы наперад вызначаныя часіны і межы іхнія пражываньню,

27 каб яны шукалі Бога, ці не адчуюць Яго, і ці ня знойдуць, хоць Ён і не далёка ад кожнага з нас:

28 бо мы Ім жывём і рухаемся і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў казалі: «мы Ягоныя і род».

29 І вось мы, будучы родам Божым, не павінны думаць, што Боства падобнае да золата, альбо срэбра, альбо каменя, увасобленага ў твор мастацтва і выдумкі чалавечай.

30 І вось, пакідаючы часіны няведаньня, Бог сёньня наказвае людзям усім усюды пакаяцца;

31 бо Ён вызначыў дзень, у які будзе справядліва судзіць сьвет праз загадзя вызначанага Ім Мужа, даўшы доказ усім, уваскрэсіўшы Яго зь мёртвых.

32 Пачуўшы пра ўваскрэсеньне зь мёртвых, адны насьміхаліся, а другія казалі: пра гэта паслухаем цябе іншым часам.

33 І тады Павал выйшаў з асяродзьдзя іхняга.

34 А некаторыя мужы, прыстаўшы да яго, уверавалі; сярод іх быў Дыянісій Арэапагіт і жанчына, якую звалі Дамар, і іншыя зь імі.

 

Разьдзел 18

 

1 Пасьля гэтага Павал, пакінуўшы Афіны, прыйшоў у Карынф;

2 і, знайшоўшы нейкага Юдэя, якога звалі Акіла, родам з Понта, які нядаўна прыйшоў зь Італіі, і Прыскілу, жонку ягоную, - бо Клаўдзій загадаў усім Юдэям пакінуць Рым, - пайшоў да іх,

3 і, як што быў аднаго рамяства, застаўся ў іх і працаваў: бо рамяство ў іх было - рабіць намёты.

4 А кожнай суботы ён прамаўляў у сынагозе і пераконваў Юдэяў і Элінаў.

5 А калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, дык Павал быў пануканы духам сьведчыць Юдэям, што Ісус ёсьць Хрыстос.

6 А як што яны ўпарціліся і ліхасловілі, дык ён, абтросшы вопратку сваю, сказаў да іх: кроў ваша на галовах вашых; я чысты; сёньня іду да язычнікаў.

7 І пайшоў адтуль, і прыйшоў да аднаго шанавальніка Бога, якога звалі Юст, дом якога быў каля сынагогі.

8 А Крысп, начальнік сынагогі, увераваў у Госпада з усім домам сваім, і многія Карынфяне, слухаючы, уверавалі і ахрысьціліся.

9 А Гасподзь у начной уяве сказаў Паўлу: ня бойся, а прамаўляй і не змаўкай,

10 бо Я з табою, і ніхто ня зробіць табе ліха; бо ў Мяне многа людзей у гэтым горадзе.

11 І ён заставаўся там год і шэсьць месяцаў, навучаючы іх слову Божаму.

12 Тым часам, у часы праконсульства Галіёна ў Ахаі, напалі Юдэі аднадушна на Паўла і прывялі яго на судзілішча,

13 кажучы, што ён вучыць людзей шанаваць Бога не па законе.

14 Калі ж Павал хацеў адкрыць вусны, Галіён сказаў Юдэям: Юдэі! калі б якая-небудзь была крыўда, або ліхі намысел, дык я меў бы прычыну выслухаць вас;

15 але калі ідзе спрэчка пра вучэньне і пра імёны і пра закон ваш, дык разьбірайцеся самі: я не хачу быць судзьдзёю ў гэтым.

16 І прагнаў іх ад судзілішча.

17 А ўсе Эліны, схапіўшы Сасьфена, начальніка сынагогі, білі яго перад судзілішчам; а Галіёна зусім не турбавала гэта.

18 Павал, пабыўшы яшчэ колькі дзён, разьвітаўся з братамі і адплыў у Сырыю, - і зь ім Акіла і Прыскіла, - абстрыгшы галаву ў Кенхрэях паводле зароку.

19 Дабраўшыся да Эфэса, пакінуў іх там, а сам увайшоў у сынагогу і гутарыў з Юдэямі.

20 Калі ж яны прасілі яго пабыць у іх даўжэй, ён не згадзіўся,

21 а разьвітаўся зь імі, сказаўшы: мне трэба мусова правесьці блізкае сьвята ў Ерусаліме; а да вас я вярнуся зноў, калі будзе заўгодна Богу. І выправіўся з Эфэса; (Акіла ж і Прыскіла засталіся ў Эфэсе).

22 Пабыўшы ў Кесарыі, ён прыйшоў у Ерусалім, прывітаў царкву і адышоў у Антыахію.

23 І забавіўшыся там нейкі час, выйшаў і праходзіў па чарзе краіну Галатыйскую і Фрыгію, мацуючы ўсіх вучняў.

24 Адзін Юдэй, якога звалі Апалос, родам з Александрыі, муж красамоўны і абазнаны ў Пісаньнях, прыйшоў у Эфэс.

25 Ён быў настаўлены ў пачатках шляху Гасподняга і, палаючы духам, прамаўляў і вучыў пра Госпада слушна, знаючы толькі хрышчэньне Янавае.

26 Ён пачаў адважна прамаўляць у сынагозе. Пачуўшы яго, Акіла і Прыскіла прынялі яго і яшчэ ясьней прасьвятлілі яму шлях Гасподні.

27 А калі ён намерыўся ісьці ў Ахаю, дык браты напісалі тамтэйшым вучням, каб прынялі яго; і ён, прыбыўшы туды, шмат паспрыяў тым, хто ўвераваў, мілатою:

28 бо ён цьвёрда выкрываў Юдэяў прылюдна, даводзячы Пісаньнямі, што Ісус ёсьць Хрыстос.

 

Разьдзел 19

 

1 Калі Апалос быў у Карынфе, Павал, абышоўшы горныя землі, прыйшоў у Эфэс і знайшоў там некаторых вучняў

2 і сказаў ім: ці прынялі вы Сьвятога Духа, увераваўшы? А яны сказалі яму: мы нават і ня чулі, ці ёсьць Дух Сьвяты.

3 Ён сказаў ім: у што ж вы хрысьціліся? Яны адказвалі: у Янава хрышчэньне.

4 Павал сказаў: Ян хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы людзям, каб веравалі ў Таго, Хто ідзе пасьля яго, гэта значыцца, у Хрыста Ісуса.

5 Пачуўшы гэта, яны хрысьціліся ў імя Госпада Ісуса,

6 і, калі Павал усклаў на іх рукі, зышоў на іх Дух Сьвяты, і яны пачалі гаварыць іншымі мовамі і прарочылі.

7 Усіх іх было чалавек з дванаццаць.

8 Прыйшоўшы ў сынагогу, ён не бяз страху прапаведаваў тры месяцы, гутарыў і сьведчыў пра Царства Божае.

9 А калі некаторыя ўгневаліся і ня верылі, ліхасловячы шлях Гасподні перад людзьмі, дык ён, пакінуўшы іх, вылучыў вучняў і кожны дзень прапаведаваў у школе нейкага Тырана.

10 Гэта доўжылася да двух гадоў, так што ўсе жыхары Асіі чулі казань пра Госпада Ісуса, як Юдэі, так і Эліны.

11 А Бог тварыў шмат цудаў Паўлавымі рукамі,

12 так што на хворых ускладвалі хусткі і паясы зь цела ягонага, і іх пакідалі хваробы, і злыя духі выходзілі зь іх.

13 Нават некаторыя вандроўныя заклінальнікі Юдэйскія пачалі заклікаць імя Госпада Ісуса над тымі, што былі апанаваныя злымі духамі, кажучы: заклінаем вас Ісусам, Якога Павал прапаведуе.

14 Гэта рабілі нейкія сем сыноў Юдэйскага першасьвятара Скевы.

15 Але злы дух сказаў у адказ: Ісуса ведаю, і Павал мне вядомы, а вы хто?

16 І кінуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, і, адолеўшы іх, узяў над імі такую сілу, што яны, голыя і пабітыя, выбеглі з таго дома.

17 Гэта стала вядома ўсім Юдэям і Элінам, што жылі ў Эфэсе, і напаў страх на ўсіх іх, і слаўлена было імя Госпада Ісуса;

18 А многія з тых, што ўверавалі, прыходзілі, спавядаючыся і адкрываючы ўчынкі свае.

19 А з тых, што займаліся чарадзействам, даволі многія, пазьбіраўшы кнігі свае, спалілі іх перад усімі; і палічылі цэны іх, і выйшла іх на пяцьдзясят тысяч драхмаў.

20 З такою сілаю ўзрастала і перамагала слова Гасподняе.

21 Калі ж гэта зьдзейсьнілася, Павал пастанавіў у духу, прайшоўшы Македонію і Ахаю, ісьці ў Ерусалім, сказаўшы: пабыўшы там, я павінен пабачыць і Рым.

22 І паслаўшы ў Македонію двух, што служылі яму, Цімафея і Эраста, сам на нейкі час застаўся ў Асіі.

23 У той час падняўся немалы бунт супроць шляху Гасподняга;

24 бо нейкі срэбранік, якога звалі Дзімітрый, які ўзводзіў срэбныя храмы Артэміды і даваў рамесьнікам немалы прыбытак,

25 склікаўшы іх і іншых такіх рамесьнікаў, сказаў: сябры! вы ведаеце, што на гэтым рамястве палягае добры дастатак наш;

26 тым часам вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але амаль ва ўсёй Асіі гэты Павал сваімі пераконваньнямі затлуміў нямала людзей, кажучы, што робленыя рукамі людзкімі - не багі;

27 А гэта нам пагражае тым, што ня толькі рамяство нашае заняхаіцца, але і храм вялікай багіні Артэміды ў нішто абернецца, і зьнішчыцца веліч тае, якую шануе ўся Асія і ўвесь сьвет.

28 Выслухаўшы гэта, яны споўніліся лютасьці і пачалі крычаць, кажучы: вялікая Артэміда Эфэская!

29 І ўвесь горад напоўніўся смутай; схапіўшы Македонцаў Гаія і Арыстарха, спадарожнікаў Паўлавых, яны аднадушна памкнуліся на відовішча.

30 Калі ж Павал хацеў выйсьці да людзей, вучні не дазволілі яму;

31 таксама і некаторыя Асійскія начальнікі, якія былі сябрамі ягонымі, паслалі да яго прасіць - не паказвацца на відовішчы.

32 Тым часам адны крычалі адно, а другія другое; бо сход быў бязладны, і большая частка людзей ня ведала, дзеля чаго сабраліся.

33 На прапанову Юдэяў зь люду выбралі нейкага Аляксандра. Даўшы знак рукою, Аляксандр хацеў гаварыць да людзей.

34 Калі ж даведаліся, што ён Юдэй, дык закрычалі ўсе ў адзін голас, і каля дзьвюх гадзін крычалі: вялікая Артэміда Эфэская!

35 А захавальнік парадку, уціхамірыўшы людзей, сказаў: мужы Эфэскія! які чалавек ня ведае, што горад Эфэс ёсьць служнік вялікай багіні Артэміды і Дыяпэта?

36 А калі супраць гэтага няма чым запярэчыць, дык трэба вам супакоіцца і не рабіць неабачліва;

37 а вы прывялі гэтых мужоў, якія ні храма Артэмідынага не абакралі, ні багіні вашай ня бэсьцілі;

38 Калі ж Дзімітрый і іншыя зь ім рамесьнікі маюць скаргу на каго-небудзь, дык ёсьць судовыя сходы, і ёсьць праконсулы: няхай скардзяцца адзін на аднаго;

39 а калі вы дамагаецеся чагосьці іншага, дык гэта вырашыцца ў законным сходзе;

40 бо нам ёсьць небясьпека, - за тое, што сталася сёньня, нам паставяць у віну смуту, бо няма аніякае прычыны, якою мы маглі б апраўдаць такую зборню. Сказаўшы гэта, ён распусьціў сход.

 

Разьдзел 20

 

1 Калі спыніўся бунт, Павал, паклікаўшы вучняў і даўшы ім настаўленьні і разьвітаўшыся зь імі, выйшаў у Македонію.

2 Прайшоўшы тыя землі і наставіўшы вернікаў шчодрымі словамі, прыйшоў у Эладу;

3 Там прабыў ён тры месяцы; калі ж, з прычыны ўзрушэньня супраць яго Юдэяў ён хацеў выправіцца ў Сырыю, дык прыйшло яму на думку вярнуцца праз Македонію.

4 Зь ім сьледавалі да Асіі Сасіпатр Піраў, Вэрыянін, і Фесалонікійцы Арыстарх, Сэкунд, і Гаій Дэрвянін і Цімафей, і Асійцы Тыхік і Трахім.

5 Яны, апярэдзіўшы, чакалі нас у Траадзе.

6 А мы пасьля дзён праснаковых адплылі зь Філіпаў і дзён за пяць прыбылі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён.

7 У першы ж дзень тыдня, калі вучні сабраліся на ламаньне хлеба, Павал, намерыўшыся выправіцца на другі дзень, гутарыў зь імі і прадоўжыў слова да поўначы.

8 У сьвятліцы, дзе мы сабраліся, было многа сьвяцільнікаў.

9 Падчас доўгай гутаркі Паўлавай адзін юнак, якога звалі Яўціх і які сядзеў на акне, забыўся ў глыбокім сьне і, пахіснуўшыся, сонны выпаў уніз з трэйцяга паверха і падняты быў мёртвы.

10 Павал, сышоўшы, прыпаў да яго і, абняўшы яго, сказаў: ня трывожцеся, бо душа ягоная ў ім.

11 Падняўшыся ўгору і разламаўшы хлеб і з'еўшы, гутарыў доўга, аж да сьвітаньня, і потым пайшоў.

12 Тым часам хлопца прывялі жывога, і нямала ўцешыліся.

13 Мы пайшлі наперад на карабель і паплылі ў Ас, каб забраць адтуль Паўла; бо ён так загадаў нам, маючы ў намеры сам ісьці пеша.

14 а калі ён сышоўся з намі ў Асе, дык, узяўшы яго, мы прыбылі ў Матыліну.

15 І адплыўшы адтуль, на другі дзень мы спыніліся насупраць Хіёса, а яшчэ на другі прысталі да Самоса і, пабываўшы ў Трагіліі, на другі дзень прыбылі ў Міліт;

16 бо Паўлу надумалася абмінуць Эфэс, каб не замарудзіцца яму ў Асіі, таму што ён сьпяшаўся, калі можна, у дзень Пяцідзясятніцы быць у Ерусаліме.

17 А зь Міліта паслаўшы ў Эфэс, ён заклікаў прасьвітараў царквы,

18 і, калі яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: вы ведаеце, як я зь першага дня, калі прыйшоў у Асію, увесь час быў з вамі,

19 працуючы Госпаду з усякай пакорнай мудрасьцю і многімі сьлязьмі, сярод спакушэньняў, якія выпалі мне празь ліхія намыслы Юдэяў;

20 як я не прапусьціў нічога карыснага, пра што вам не прапаведаваў бы і чаму ня вучыў бы вас прылюдна і ў дамах,

21 абвяшчаючы Юдэям і Элінам пакаяньне перад Богам і веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.

22 І вось, сёньня я пабуджаны Духам іду ў Ерусалім, ня ведаючы, што там здарыцца са мною;

23 толькі Дух Сьвяты ва ўсіх гарадах сьведчыць, кажучы, што кайданы і пакуты чакаюць мяне.

24 Але я ні на што не зважаю і не даражу сваім жыцьцём, толькі б з радасьцю зьдзейсьніць абавязак мой і служэньне, якое я прыняў ад Госпада Ісуса, прапаведаваць Дабравесьце мілаты Божай.

25 І сёньня, вось, я ведаю, што ўжо не пабачыце болей аблічча майго ўсе вы, сярод якіх хадзіў я, прапаведуючы Царства Божае.

26 Таму сьведчу вам у дзень сёньняшні, што чысты я ад крыві ўсіх;

27 бо я ня ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.

28 Дык вось, пільнуйце сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас ахавальнікамі, пасьвіць Царкву Госпада і Бога, якую Ён здабыў Сабе Крывёю Сваёю.

29 Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго ўвойдуць да вас лютыя ваўкі, якія не шкадуюць статку;

30 і з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць казаць навыварат, каб павесьці вучняў за сабою.

31 Таму чувайце, памятаючы, што я тры гады дзень і ноч бесьперастанку са сьлязьмі вучыў кожнага з вас.

32 І сёньня даручаю вас, браты, Богу і слову мілаты Ягонай, Які можа станавіць вас болей і даць вам спадчыну з усімі асьвечанымі.

33 Ні срэбра, ні золата, ні ўбраньня я ні ад кога не зажадаў:

34 самі ведаеце, што патрэбам маім і патрэбам тых, што былі са мною, паслужылі рукі мае гэтыя.

35 Ва ўсім паказаў я вам, што, працуючы, трэба падтрымліваць слабых і памятаць словы Госпада Ісуса, бо Ён Сам сказаў: «больш дабрашчасна - даваць, чым браць».

36 Сказаўшы гэта, ён стаў на калені свае і з усімі імі памаліўся.

37 Тады вялікі плач быў ва ўсіх, і, прыпадаючы Паўлу на грудзі, цалавалі яго,

38 смуткуючы найболей ад сказанага ім слова, што ўжо не пабачаць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.

 

Разьдзел 21

 

1 Калі ж мы, разьвітаўшыся зь імі, адплылі, дык напрасткі прыйшлі ў Кос, на другі дзень у Радос і адтуль у Патару;

2 і, калі знайшлі карабель, што плыў у Фінікію, узышлі на яго і адплылі.

3 Калі паказаўся Кіпр, мы пакінулі яго зьлева і паплылі ў Сірыю, і прысталі ў Тыры, бо тут было трэба скласьці грузы з карабля;

4 і, знайшоўшы вучняў, прабылі там сем дзён; яны праз Духа казалі Паўлу, каб ён не хадзіў у Ерусалім.

5 Правёўшы гэтыя дні, мы выйшлі і пайшлі і нас праводзілі ўсе з жанчынамі і дзецьмі аж за горад; а на беразе, укленчыўшы, памаліліся.

6 І, разьвітаўшыся паміж сабою, мы ўзышлі на карабель, а яны вярнуліся дамоў.

7 А мы, адбыўшы плаваньне, прыбылі з Тыра ў Пталемаіду, дзе, прывітаўшы братоў, прабылі ў іх адзін дзень.

8 А на другі дзень Павал і мы, хто быў зь ім, выйшаўшы, прыйшлі ў Кесарыю і, увайшоўшы ў дом Піліпа прапаведніка, аднаго зь сямёх дыяканаў, засталіся ў яго.

9 У яго былі чатыры дачкі, дзяўчаты-прарочыцы.

10 Тым часам, як мы многа дзён заставаліся ў іх, прыйшоў зь Юдэі нейкі прарок, якога звалі Агаў,

11 і, увайшоўшы да нас, узяў пояс Паўлаў і, зьвязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: так кажа Дух Сьвяты: мужа, чый гэта пояс, гэтак зьвяжуць у Ерусаліме Юдэі і перададуць у рукі язычнікам.

12 Калі ж мы пачулі гэта, дык і мы і тамтэйшыя прасілі, каб ён ня ішоў у Ерусалім.

13 Але Павал у адказ сказаў: што вы робіце? чаго плачаце і засмучаеце сэрца маё? я ня толькі хачу быць вязьнем, але гатовы памерці ў Ерусаліме за імя Госпада Ісуса.

14 А калі мы ня здолелі ўгаварыць яго, дык супакоіліся, сказаўшы: хай будзе воля Гасподняя!

15 Пасля гэтых дзён, падрыхтаваўшыся, пайшлі мы ў Ерусалім;

16 з намі ішлі і некаторыя вучні з Кесарыі, праводзячы нас да аднаго даўняга вучня, Мнасана Кіпрыйца, у якога можна было нам жыць.

17 як прыйшлі мы ў Ерусалім, браты гасьцінна прынялі нас.

18 На другі дзень Павал прыйшоў з намі да Якава; прыйшлі і ўсе прасьвітары.

19 Павітаўшы іх, Павал расказваў падрабязна, што стварыў Бог у язычнікаў служэньнем ягоным.

20 А яны, выслухаўшы, праславілі Бога і сказалі яму: бачыш, браце, колькі тысяч Юдэяў уверавалі, і ўсе яны - шчырыя слугі закона;

21 а пра цябе наслухаліся яны, быццам ты ўсіх Юдэяў, якія жывуць сярод язычнікаў, вучыш адступацца ад Майсея, кажучы, каб яны не абразалі дзяцей сваіх і ня трымаліся звычаяў.

22 Дык што ж гэта? Пэўна, зьбярэцца народ; бо дачуюцца, што ты прыйшоў.

23 Зрабі ж, што мы скажам табе: ёсьць у нас чатыры мужы, якія маюць на сабе зарок.

24 Узяўшы іх, ачысьціся зь імі і прымі на сябе выдаткі на ахвяру за іх, каб абстрыглі сабе галаву, - і ўведаюць усе, што чутае імі пра цябе несправядлівае, а што і сам ты жывеш згодна з законам.

25 А пра язычнікаў, якія ўверавалі, мы пісалі, пастанавіўшы, каб яны нічога такога не пільнаваліся, а толькі ўстрымалі сябе ад ідалаахвярнага, ад крыві, ад душанага і ад распусты.

26 Тады Павал, узяўшы тых мужоў і ачысьціўшыся зь імі, на другі дзень увайшоў у храм і абвясьціў заканчэньне дзён ачышчэньня, калі павінна быць прынесена за кожнага зь іх ахвяра.

27 Калі ж сем дзён канчаліся, тады Асійскія Юдэі, убачыўшы яго ў храме, падбухторылі ўсіх людзей і наклалі на яго рукі,

28 закрычаўшы: мужы Ізраільскія, памажэце! Гэты чалавек усіх і ўсюды настаўляе супроць народу і закона і месца гэтага; да таго ж і Элінаў дапусьціў у храм і спаганіў сьвятое месца гэтае.

29 Бо папярэдне яны бачылі зь ім у горадзе Трахіма Эфэсяніна і думалі, што Павал яго ўвёў у храм.

30 Увесь горад узрушыўся, і пазьбягаліся ўсе людзі; і, схапіўшы Паўла, павалаклі яго з храма, і адразу ж замкнуты былі дзьверы.

31 Калі ж яны хацелі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерусалім узбунтаваўся;

32 ён, адразу ўзяўшы воінаў і сотнікаў, рушыў на іх; а яны, убачыўшы тысячніка і воінаў, перасталі біць Паўла;

33 тады тысячнік, падышоўшы, узяў яго і загадаў закаваць яго двума ланцугамі, і пытаўся: хто ён і што зрабіў?

34 А людзі адны крычалі адное, а другія другое; ён жа, ня могучы з прычыны ўзрушэньня даведацца нічога пэўнага, загадаў весьці яго ў крэпасьць.

35 А калі ён быў на лесьвіцы, дык воіны мусілі несьці яго, бо ў натоўпе была вялікая сьціжма;

36 бо мноства людзей ішло сьледам і крычала: сьмерць яму!

37 Перад уваходам у крэпасьць Павал сказаў тысячніку: ці можна мне сказаць табе нешта? А той сказаў: ты ўмееш па-Грэцку?

38 Дык ці ня ты той Егіпцянін, які напярэдадні ўчыніў бунт і зьвёў у пустыню чатыры тысячы чалавек разбойнікаў?

39 А Павал сказаў: я Юдэй, Тарсянін, грамадзянін вядомага Кілікійскага горада; прашу цябе, дазволь мне гаварыць да людзей.

40 І калі той дазволіў, Павал, стоячы на лесьвіцы, даў знак рукою людзям і, калі настала глыбокая моўча, пачаў прамаўляць па-Габрэйску так:

 

Разьдзел 22

 

1 Мужы браты і бацькі! выслухайце цяпер маё апраўданьне перад вамі.

2 Пачуўшы, што ён загаварыў зь імі па-Габрэйску, яны яшчэ больш аціхлі. Ён сказаў:

3 я Юдэй, нарадзіўся ў Тарсе Кілікійскім, выгадаваны ў гэтым горадзе ў нагах у Гамалііла, рупліва настаўлены ў бацькоўскім законе, шчыры слуга Божы, як і ўсе вы сёньня.

4 Я нават да сьмерці гнаў пасьлядоўнікаў гэтага вучэньня, вяжучы і аддаючы ў цямніцу і мужчын і жанчын,

5 як засьведчаць пра мяне першасьвятар і ўсе старэйшыны, ад якіх і пісьмы ўзяў да братоў у Дамаску, я ішоў, каб тамтэйшых прывесьці ў аковах у Ерусалім на катаваньне.

6 І калі я быў у дарозе і падыходзіў да Дамаска, пад полудзень раптам азарыла мяне вялікае сьвятло зь неба.

7 Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: Саўле! Саўле! чаго ты гоніш Мяне?

8 Я адказваў: хто Ты, Госпадзе? Ён сказаў мне: Я Ісус Назарэй, Якога ты гоніш.

9 Тыя, што былі са мною, бачылі сьвятло і перапалохаліся, але голасу Таго, Хто гаварыў да мяне, ня чулі.

10 Тады я сказаў: Госпадзе! што мне рабіць? А Гасподзь сказаў мне: устань і ідзі ў Дамаск, і там табе сказана будзе ўсё, што назначана табе рабіць.

11 А як што я ад славы сьвятла таго асьлеп, дык тыя, хто быў са мною, за руку прывялі мяне ў Дамаск.

12 Нехта Ананія, муж пабожны паводле закона, пахвалёны ўсімі Юдэямі, што жывуць у Дамаску,

13 прыйшоў да мяне і, падышоўшы, сказаў мне: браце Саўле! будзь зноў відушчы! І я адразу ўбачыў яго.

14 А ён сказаў мне: Бог бацькоў нашых наперад выбраў цябе, каб ты ўведаў волю Ягоную, убачыў Праведніка і пачуў голас з вуснаў Ягоных,

15 бо ты будзеш Яму за сьведку перад усімі людзьмі ў тым, што ты бачыў і чуў;

16 дык вось, чаго ж ты марудзіш? устань, ахрысьціся і змый грахі твае, заклікаўшы імя Госпада Ісуса.

17 Калі ж я вярнуўся ў Ерусалім і маліўся ў храме, упаў я ў жарсьць,

18 і ўгледзеў Яго, і Ён сказаў мне: пасьпяшайся і выйдзі хутчэй зь Ерусаліма, бо ня прымуць тут твайго сьведчаньня пра Мяне.

19 Я сказаў: Госпадзе! ім вядома, што я веруючых у Цябе кідаў у цямніцы і пабіваў у сынагогах,

20 і, калі пралівалася кроў Сьцяпана, сьведкі Твайго, я там стаяў, ухваляў забойства яго і вартаваў адзеньне забойцаў ягоных.

21 І Ён сказаў мне: ідзі; Я пашлю цябе далёка да язычнікаў.

22 Да гэтага слова слухалі яго; а пасьля гэтага паднялі крык, кажучы: зьнішчы зь зямлі такога! бо ня варта яму жыць.

23 Тым часам як яны крычалі, шпурлялі вопратку і кідалі пясок у паветра,

24 тысячнік загадаў увесьці яго ў крэпасьць, загадаўшы бічаваць яго, каб выведаць, зь якое прычыны так крычалі супроць яго.

25 Але калі расьцягнулі яго рэмнямі, Павал сказаў сотніку: хіба вам дазволена бічаваць рымскага грамадзяніна, ды і бяз суду?

26 Пачуўшы гэта, сотнік падышоў і данёс тысячніку, кажучы: глядзі, што ты хочаш рабіць? гэты чалавек - рымскі грамадзянін.

27 Тады тысячнік, падышоўшы да яго, сказаў: скажы мне, ты рымскі грамадзянін? Ён сказаў: так.

28 Тысячнік адказваў: я за вялікія грошы набыў гэта грамадзянства, А Павал сказаў: а я і нарадзіўся ў ім.

29 Тады адразу адступіліся ад яго тыя, што хацелі яго катаваць; а тысячнік, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін, перапалохаўся, што зьвязаў яго.

30 На другі дзень, хочучы ўпэўніцца ў праўдзе, за што вінавацяць яго Юдэі, вызваліў яго з ланцугоў і загадаў сабрацца першасьвятарам і ўсяму сынедрыёну і, вывеўшы Паўла, паставіў яго перад імі.

 

Разьдзел 23

 

1 Павал, паглядзеўшы на сынедрыён, сказаў: мужы браты! Я ўсім шчырым сумленьнем жыў перад Богам па сёньняшні дзень.

2 А першасьвятар Ананія загадаў тым, што перад ім стаялі, біць яго па вуснах.

3 Тады Павал сказаў яму: Бог цябе біцьме, сьцяна павапленая! ты сядзіш, каб судзіць па законе, і, насуперак закону, загадваеш біць мяне.

4 А тыя, што перад ім стаялі, сказалі: першасьвятара Божага бэсьціш?

5 Павал сказаў: я ня ведаў, браты, што ён першасьвятар; бо напісана: «начальніка ў народзе тваім ліхім словам ня гань».

6 Павал, даведаўшыся, што тут адна частка - садукеі, а другая - фарысэі, узвысіў голас у сынедрыёне: мужы браты! Я фарысэй і сын фарысэя; за надзею і ўваскрэсеньне мёртвых я суд прымаю.

7 І калі сказаў ён гэта, узьнікла нязгода паміж фарысэямі і садукеямі, і зборня падзялілася.

8 Бо садукеі кажуць, што няма ўваскрэсеньня, ні анёла, ні духа, а фарысэі прызнаюць і тое і другое.

9 Усчаўся вялікі крык, і ўстаўшы, кніжнікі фарысэйскага боку даводзілі, кажучы: нічога благога мы не знаходзім у гэтым чалавеку; калі ж дух альбо анёл казаў яму, ня будзем пярэчыць Богу.

10 Але як што разлад узмацніўся, дык тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўла, загадаў воінам сысьці, узяць яго спаміж іх і завесьці ў крэпасьць.

11 У другую ноч Гасподзь, зьявіўшыся яму, сказаў: мацуйся, Паўле; бо як ты сьведчыў за Мяне ў Ерусаліме, так трэба табе сьведчыць і ў Рыме.

12 А як разьвіднела, некаторыя Юдэі склалі змову, і прысягнулі ня есьці і ня піць, пакуль не заб'юць Паўла;

13 а было больш за сорак такіх, што так прысягнулі;

14 яны, прыйшоўшы да першасьвятароў і старэйшын, сказалі: мы клятваю запрысягнуліся ня есьці нічога, пакуль не заб'ём Паўла;

15 Дык вось сёньня вы з сынедрыёнам дайце знак тысячніку, каб ён заўтра вывеў яго да вас, быццам вы хочаце ўважлівей дасьледаваць справу ягоную; а мы, перш чым ён наблізіцца, гатовыя забіць яго.

16 Пачуўшы пра намысел гэты, сын сястры Паўлавай прыйшоў і, увайшоўшы ў крэпасьць, папярэдзіў Паўла.

17 А Павал, паклікаўшы аднаго сотніка, сказаў: завядзі гэтага хлопца да тысячніка, бо ён мае нешта сказаць яму.

18 Той, узяўшы яго, прывёў да тысячніка і сказаў: вязень Павал, паклікаўшы мяне, прасіў завесьці да цябе гэтага хлопца, які мае нешта сказаць табе.

19 Тысячнік, узяўшы яго за руку і адышоўшыся зь ім убок, пытаўся: што такое маеш ты сказаць мне?

20 Ён адказваў, што Юдэі змовіліся прасіць у цябе, каб ты заўтра вывеў Паўла ў сынедрыён, быццам яны хочуць уважлівей дасьледаваць справу ягоную.

21 Але ты ня слухайся іх; бо яго пільнуюць больш за сорак чалавек зь іх, што запрысягнуліся ня есьці і ня піць, пакуль не заб'юць яго; і яны цяпер гатовыя, чакаюць твайго рашэньня.

22 Тады тысячнік адпусьціў хлопца, сказаўшы: нікому не кажы, што ты паведаміў мне гэта.

23 І, паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў: падрыхтуйце мне воінаў пешых дзьвесьце, конных семдзесят і стралкоў дзьвесьце, каб з трэйцяй гадзіны ночы ішлі ў Кесарыю;

24 падрыхтуйце таксама аслоў, каб, пасадзіўшы Паўла, пераправіць яго да правіцеля Фелікса.

25 Напісаў і пісьмо такога зьместу:

26 «Клаўдзій Лісій глыбокашаноўнаму правіцелю Феліксу - радавацца;

27 гэтага чалавека Юдэі схапілі і гатовыя былі забіць; я, прыйшоўшы з воінамі, адабраў яго, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін;

28 Потым, хочучы даведацца, за што зьвінавацілі яго, прывёў яго ў сынедрыён іхні

29 і выявіў, што яго вінавацяць за спрэчныя думкі адносна закону іхняга, але няма ў ім ніякае віны, вартае сьмерці альбо кайданоў.

30 А як да мяне дайшло, што Юдэі намышляюць ліхое на гэтага чалавека, я адразу паслаў яго да цябе, загадаўшы і скаржнікам гаварыць на яго перад табою; будзь здаровы».

31 І вось воіны, паводле загаду, узяўшы Паўла, павялі сярод ночы ў Антыпатрыду,

32 а на другі дзень, пакінуўшы конных ісьці зь ім, вярнуліся ў крэпасьць.

33 А тыя, прыйшоўшы ў Кесарыю і аддаўшы пісьмо правіцелю, перадалі яму і Паўла.

34 Правіцель, прачытаўшы пісьмо, спытаўся, зь якой ён вобласьці, і, даведаўшыся, што з Кілікіі, сказаў:

35 я выслухаю цябе, калі зьявяцца твае скаржнікі. І загадаў яму быць пад вартаю ў Ірадавай прэторыі.

 

Разьдзел 24

 

1 Празь пяць дзён прыйшоў першасьвятар Ананія з старэйшынамі і зь нейкім прамоўцам Тэртулам, якія скардзіліся правіцелю на Паўла.

2 Калі ж яго паклікалі, Тэртул пачаў вінаваціць яго, кажучы:

3 заўсёды і ўсюды з падзякаю шчыраю прызнаём мы, што табе, глыбокашаноўны Феліксе, абавязаны мы вялікім мірам, і дбаньню твайму - добрым ладам гэтага народу.

4 Але, каб дужа не дакучаць табе, прашу цябе выслухаць нас коратка з уласьцівай табе паблажлівасьцю.

5 Мы лічым гэтага чалавека пошасьцю грамадзтва, падбухторшчыкам бунту сярод Юдэяў, якія жывуць на сьвеце, і правадніком Назарэйскай ерасі,

6 які адважыўся нават апаганіць храм, мы ўзялі яго і хацелі судзіць яго паводле нашага закона.

7 Але тысячнік Лісій, прыйшоўшы, зь вялікім гвалтам забраў яго з рук нашых і паслаў да цябе,

8 загадаўшы і нам, скаржнікам яго, ісьці да цябе; ты можаш сам, разабраўшыся, даведацца ад яго пра ўсё тое, у чым мы вінавацім яго.

9 І Юдэі пацьвердзілі, сказаўшы, што гэта так.

10 А Павал, калі правіцель даў яму знак гаварыць, адказваў: ведаючы, што шмат гадоў справядліва судзіш народ гэты, я тым свабодней буду бараніць маю справу.

11 Ты можаш даведацца, што ня больш як дванаццаць дзён таму назад я прыйшоў у Ерусалім на пакланеньне;

12 і ні ў сьвяцілішчы, ні ў сынагогах, ні ў горадзе яны ня бачылі, каб я з кім спрачаўся альбо падбухторваў людзей на бунт,

13 і ня могуць даказаць таго, у чым цяпер вінавацяць мяне;

14 а ў тым прызнаюся табе, што паводле вучэньня, якое яны называюць ерасьсю, я сапраўды служу Богу бацькоў маіх, верачы напісанаму ў законе і прароках,

15 маючы спадзяваньне на Бога, што будзе ўваскрэсеньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго і самі яны чакаюць;

16 так і сам дбаю заўсёды, каб мець беззаганнае сумленьне перад Богам і людзьмі;

17 праз многа гадоў я прыйшоў, каб прынесьці міласьціну народу майму і ахвяры;

18 пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў храме ня зь людзьмі і ня з бунтам;

19 а гэта былі некаторыя Асійскія Юдэі, якім варта было б стаць прад табою і зьвінаваціць мяне, калі што маюць супроць мяне;

20 альбо хай гэтыя самі скажуць, якую знайшлі яны ўва мне няпраўду, калі я стаў перад сынедрыёнам,

21 бадай што толькі тое адно слова, якое ўголас вымавіў я, стоячы сярод іх, што за вучэньне пра ўваскрэсеньне мёртвых судзіце вы сёньня мяне.

22 Выслухаўшы гэта, Фелікс адклаў іхнюю справу, дакладна даведаўшыся пра гэты шлях, сказаўшы: калі прыйдзе тысячнік Лісій, я выведаю ўсё пра гэта вучэньне.

23 А Паўла загадаў сотніку вартаваць, але ня ўціскаць яго і не забараняць нікому зь яго блізкіх служыць яму альбо адведваць яго.

24 Празь некалькі дзён Фелікс, прыйшоўшы з Друзілаю, жонкаю сваёю, Юдэйкаю, паклікаў Паўла, і слухаў яго пра веру ў Ісуса Хрыста.

25 І як той гаварыў пра праўду, пра ўстрымлівасьць і будучы суд, дык Фелікс вельмі перапалохаўся і адказваў: цяпер ідзі, а калі выберу час, паклічу цябе.

26 Пры гэтым спадзяваўся ён, што Павал дасьць яму грошай, каб адпусьціў яго: таму часта яго выклікаў і гутарыў зь ім.

27 але праз два гады на Феліксава месца заступіў Порцый Фэст; хочучы дагадзіць Юдэям, Фелікс пакінуў Паўла ў кайданах.

 

Разьдзел 25

 

1 Фэст, прыбыўшы ў вобласьць, праз тры дні выправіўся з Кесарыі ў Ерусалім.

2 Тады першасьвятар і самыя знакамітыя Юдэі зьявіліся да яго са скаргай на Паўла і перконвалі яго,

3 просячы, каб ён зрабіў ласку, выклікаў яго ў Ерусалім; і ліхое задумалі - забіць яго ў дарозе.

4 Але Фэст адказваў, што Павал у Кесарыі пад вартаю, і што ён сам неўзабаве падасца туды.

5 І вось, сказаў ён, каторыя з вас могуць, няхай пойдуць са мною, і калі ёсьць што за гэтым чалавекам, хай зьвінавацяць яго.

6 Пабыўшы ў іх ня болей як восем ці дзесяць дзён, вярнуўся ў Кесарыю, і на другі дзень, сеўшы на суднае месца, загадаў прывесьці Паўла.

7 Калі ён зьявіўся, пасталі навокал Юдэі, якія прыйшлі зь Ерусаліма, і ўзводзілі на Паўла многія цяжкія абвінавачаньні, якіх не маглі даказаць.

8 А ён у апраўданьне сваё сказаў: я ня ўчыніў ніякага злачынства ні супраць закона Юдэйскага, ні супраць храма, ні супраць кесара.

9 Фэст, хочучы дагадзіць Юдэям, сказаў у адказ Паўлу: ці хочаш ісьці ў Ерусалім, каб я там судзіў цябе за гэта?

10 Павал сказаў: я стаю перад судом кесаравым, дзе мяне і належыць судзіць; Юдэяў я нічым не пакрыўдзіў, як і ты добра ведаеш;

11 бо, калі не мая праўда і зрабіў што-небудзь вартае сьмерці, дык не зракуся памерці; а калі нічога таго няма, у чым гэтыя вінавацяць мяне, дык ніхто ня можа выдаць мяне ім; патрабую суду кесаравага.

12 Тады Фэст, пагутарыўшы з радай, адказваў: ты спатрабаваў суду кесаравага, да кесара і выправішся.

13 Празь некалькі дзён цар Агрыпа і Вэрэніка прыбылі ў Кесарыю павіншаваць Фэста.

14 І як яны правялі там шмат дзён, дык Фэст выклаў цару справу Паўлаву, кажучы: тут ёсьць чалавек, пакінуты Феліксам у кайданах,

15 на якога, у бытнасьць маю ў Ерусаліме, скардзіліся першасьвятары і старэйшыны Юдэйскія, дамагаючыся засудзіць яго.

16 Я адказваў ім, што ў Рымлян няма звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека на згубу, перш чым абвінавачаны будзе мець скаржнікаў перад сабою і атрымае свабоду абараняцца ад абвінавачаньня.

17 Калі ж яны прыйшлі сюды, дык, бяз усякага адкладу, на другі дзень, сеў я на суднае месца і загадаў прывесьці таго чалавека.

18 Абступіўшы яго, скаржнікі не назвалі ніводнай віны ягонай, якое я чакаў;

19 але яны мелі пэўныя спрэчкі зь ім пра іхняе богашанаваньне і пра нейкага мёртвага Ісуса, пра Якога Павал сьцьвярджаў, што Ён жывы.

20 Ня быўшы пэўны ў рашэньні гэтага пытаньня, я сказаў: ці ня хоча ён пайсьці ў Ерусалім і там прыняць суд у гэтым?

21 Але як што Павал патрабаваў, каб яго пакінулі на разгляд Аўгустаў, дык я загадаў трымаць яго пад вартаю да таго часу, як адпраўлю яго да кесара.

22 Агрыпа ж сказаў Фэсту: хацеў бы і я паслухаць гэтага чалавека. Заўтра ж, адказваў той, пачуеш яго.

23 На другі дзень, калі Агрыпа і Вэрэніка прыйшлі зь вялікаю пышнасьцю і ўвайшлі ў судовы намёт з тысячнікамі і знакамітымі грамадзянамі, па загадзе Фэста прыведзены быў Павал.

24 І сказаў Фэст: цару Агрыпе і ўсе прысутныя з намі мужы! вы бачыце таго, супроць якога ўсё мноства Юдэяў прыступаліся да мяне ў Ерусаліме і тут і крычалі, што ён не павінен больш жыць;

25 але я палічыў, што ён не зрабіў нічога вартага сьмерці, і як што ён сам дамагаўся суду ў Аўгуста, дык я рашыўся паслаць яго да кесара.

26 Я ня маю нічога пэўнага напісаць пра яго кесару; таму прывёў яго да вас, і найперш да цябе, цару Агрыпе, каб, пасьля разгляду, было мне што напісаць;

27 бо мне здаецца, неразважліва паслаць вязьня і не паказаць абвінавачаньняў на яго.

 

Разьдзел 26

 

1 Агрыпа сказаў Паўлу: дазваляецца табе гаварыць за сябе. Тады Павал, прасьцёршы руку, пачаў гаварыць у сваю абарону:

2 цару Агрыпе! лічу сябе шчасьлівым, што сёньня магу бараніцца перад табою ва ўсім, у чым вінавацяць мяне Юдэі,

3 тым болей, што ты ведаеш усе звычаі і спрэчныя думкі Юдеяў. Таму прашу цябе выслухаць мяне шчырадушна.

4 Жыцьцё маё зь юнацтва майго, якое спачатку праводзіў я сярод народу майго ў Ерусаліме, ведаюць усе Юдэі;

5 яны здаўна ведаюць пра мяне, калі захочуць засьведчыць, што я жыў фарысэем паводле найстражэйшага ў нашым веравызнаньні вучэньня.

6 І сёньня я стаю перад судом за надзею на абяцаньне, дадзенае ад Бога нашым бацькам,

7 выкананьне якога спадзяюцца пабачыць нашыя дванаццаць родаў, рупліва служачы Богу дзень і ноч: за гэтую вось надзею, цару Агрыпе, вінавацяць мяне Юдэі.

8 Што ж? Няўжо вы за неверагоднае ўважаеце, што Бог уваскрашае мёртвых?

9 Праўда, і я быў думаў, што мне трэба шмат дзейнічаць супраць імя Ісуса Назарэя;

10 гэта я і рабіў у Ерусаліме; атрымаўшы ўладу ад першасьвятароў, я многіх сьвятых замыкаў у цямніцу і, калі забівалі іх, я падаваў за тое свой голас;

11 і ва ўсіх сынагогах я шмат разоў мучыў іх і прымушаў зьневажаць Ісуса і, бязь меры лютуючы супраць іх, прасьледаваў нават і ў чужых гарадах.

12 Дзеля гэтага ідучы ў Дамаск з уладаю і даручэньнем ад першасьвятароў,

13 сярод белага дня на дарозе я ўбачыў, цару, зь неба сьвятло, большае за сонечнае зьзяньне, якое азарыла мяне і ўсіх, што ішлі са мною.

14 Усе мы ўпалі на зямлю, і я пачуў голас, які гаварыў мне па-Габрэйску: Саўле! Саўле! што ты гоніш Мяне? цяжка табе ісьці супраць ражна.

15 Я сказаў: хто Ты, Госпадзе? Ён сказаў: я Ісус, Якога ты гоніш.

16 Але ўстань і стань на ногі твае; бо Я на тое і зьявіўся табе, каб паставіць цябе слугою і сьведкам таго, што ты бачыў і што я адкрыю табе,

17 вызваляючы цябе ад народу Юдэйскага і язычнікаў, да якіх Я цяпер пасылаю цябе

18 адкрыць вочы ім, каб яны навярнуліся зь цемры ў сьвятло і ад улады сатаны да Бога, і празь веру ў Мяне атрымалі дараваньне грахоў і долю з асьвечанымі.

19 Таму, цару Агрыпе, я не супрацівіўся нябеснай уяве,

20 а спачатку жыхарам Дамаска і Ерусаліма, потым усёй зямлі Юдэйскай і язычнікам прапаведаваў, каб яны пакаяліся і навярнуліся да Бога, учыняючы дзеі, вартыя пакаяньня.

21 За гэта схапілі мяне Юдэі ў храме і спрабавалі разарваць.

22 Але, атрымаўшы дапамогу ад Бога, я да сёньня стаю, сьведчачы малому і вялікаму, нічога ня кажучы, акрамя таго, пра што прарокі і Майсей казалі, што гэта будзе,

23 гэта значыцца, што Хрыстос меў адпакутаваць і, паўстаўшы першы зь мёртвых, абвясьціць сьвятло народу Юдэйскаму і язычнікам.

24 Калі ён так бараніўся, Фест гучным голасам сказаў: шалееш ты, Паўле! вялікая вучонасьць даводзіць цябе да вар'яцтва.

25 Не, глыбокашаноўны Фесьце, сказаў ён, я не шалею, а кажу словы ісьціны і здаровага сэнсу:

26 бо ведае пра гэта цар, перад якім і гавару сьмела; я зусім ня веру, каб ад яго было што-небудзь з гэтага ўтоена; бо гэта не ў закутку адбывалася;

27 ці верыш, цару Агрыпе, прарокам? Ведаю, што верыш.

28 Агрыпа сказаў Паўлу: ты мала што не ўгаворваеш мяне зрабіцца хрысьціянінам.

29 Павал сказаў: маліў бы я Бога, каб хай меней, хай болей, ня толькі ты, а і ўсе, хто слухае мяне сёньня, зрабіліся такімі, як я, але бяз гэтых кайданаў.

30 Калі ён сказаў гэта, цар і правіцель, Вэрэніка і, хто зь імі сядзеў, усталі

31 і, адышоўшыся ўбок, казалі паміж сабою, што гэты чалавек нічога вартага сьмерці альбо кайданаў ня чыніць.

32 І сказаў Агрыпа Фесту: можна было б вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не дамагаўся суду ў кесара. Таму і рашыўся правіцель паслаць яго да кесара.

 

Разьдзел 27

 

1 А калі пастанавілі нам плысьці ў Італію, дык перадалі Паўла і некаторых іншых вязьняў сотніку Аўгуставай кагорты, якога звалі Юліем.

2 Мы ўзышлі на Адраміцкі карабель і выправіліся, маючы плысьці каля Асійскіх мясьцінаў; з намі быў Арыстарх, Македонец зь Фесалонікі.

3 На другі дзень прысталі да Сідона; Юлій, абыходзячыся з Паўлам чалавекалюбна, дазволіў яму схадзіць да сяброў і скарыстацца іх дбаньнем.

4 Выправіўшыся адтуль, мы прыплылі да Кіпра, з прычыны супраціўных вятроў,

5 і, пераплыўшы мора насупраць Кілікіі і Памфіліі, прыбылі ў Міры Лікійскія.

6 Там сотнік знайшоў Александрыйскі карабель, які плыў у Італію, і пасадзіў нас на яго.

7 Павольна плывучы многа дзён і, ледзь параўняўшыся з Кнідам, з прычыны неспрыяльнага нам ветру, мы падплылі да Крыта каля Саломы;

8 і, ледзь зь цяжкасьцю мінуўшы яго, прыбылі да адной мясьціны, якая называлася Добрыя Прыстані, паблізу якое быў горад Ласея.

9 Але як мінула багата часу, і плаваньне было ўжо небясьпечнае, бо і пост ужо мінуўся, дык Павал раіў,

10 кажучы ім: мужы! бачу я, што плаваньне будзе цяжкае і зь вялікай шкодаю ня толькі грузу і караблю, але і нашаму жыцьцю.

11 Але сотнік больш давяраўся стырніку і гаспадару карабля, чым Паўлавым словам.

12 А як што прыстань была няпрыдатная пад зімаваньне, дык многія радзілі плысьці адтуль, каб, калі можна, дайсьці да Фініка, прыстані Крыцкае, што насупраць паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру, і там зазімаваць.

13 Павеяў паўднёвы вецер, і яны, падумаўшы, што ўжо дасягнулі жаданага, выправіліся і паплылі паблізу Крыта.

14 Але неўзабаве падняўся на іх вецер бурны, які называецца эўраклідон.

15 Карабель падхапіла, так што ён ня мог супрацівіцца ветру, і мы насіліся, аддаўшыся хвалям.

16 І, набегшы на адну выспачку, якая называецца Клаўдай, мы ледзьве маглі ўтрымаць лодку;

17 падняўшы яе, пачалі шукаць дапаможнага сродку і абвязваць карабель; баючыся, каб ня сесьці на мялізну, спусьцілі ветразь і так насіліся.

18 На другі дзень, з прычыны вялікае буры, пачалі выкідваць груз.

19 а на трэйці мы сваімі рукамі павыкідалі з карабля рэчы.

20 Але як многа дзён ня відаць было ні сонца, ні зорак, а бура набірала ў моцы, дык нарэшце зьнікла ўсякая надзея на нашае выратаваньне.

21 І як доўга ня елі, дык Павал, стаўшы сярод іх, сказаў: мужы! трэба было паслухацца мяне і не адыходзіць ад Крыта, чым бы і ўніклі мы гэтых нягодаў і шкоды;

22 а цяпер умаўляю вас падбадзёрыцца духам, бо ніводная душа з вас не загіне, а толькі карабель;

23 бо анёл Бога, Якому належу я і Якому служу, зьявіўся мне сёньня ўначы

24 і сказаў: ня бойся! Паўле! табе трэба паўстаць перад кесарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою.

25 Таму падбадзёрцеся духам, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, як мне сказана:

26 нам выпадае быць выкінутымі на якую-небудзь выспу.

27 У чатырнаццатую ноч, як насіла нас па Адрыятычным моры, пад поўнач, карабельнікі пачалі здагадвацца, што набліжаюцца да нейкай зямлі,

28 і, памераўшы глыбіню, знайшлі дваццаць сажняў; пасьля, адплыўшыся трохі, памералі зноў, і было ўжо пятнаццаць сажняў.

29 Баючыся, каб не наскочыць на камяністае дно, кінулі з кармы чатыры якары, і чакалі дня.

30 А калі карабельнікі хацелі ўцячы з карабля і спускалі на мора лодку, удаючы, быццам хочуць кінуць якары з носа,

31 Павал сказаў сотніку і воінам: калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце ўратавацца.

32 Тады воіны абсеклі вяроўкі ў лодкі, і яна ўпала.

33 На досьвітку Павал угаворваў усіх прыняць ежу, кажучы: сёньня чатырнаццаты дзень, як вы ў чаканьні, застаяцеся бязь ежы, ня еўшы нічога;

34 Таму прашу вас прыняць ежу: гэта паспрыяе ратунку вашага жыцьця; бо ні ў кога з вас не прападзе волас з галавы.

35 Сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, разламаўшы яго, пачаў есьці.

36 Тады ўсе падбадзёрыліся і таксама прынялі ежу;

37 а было ўсіх нас на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць душ.

38 І наеўшыся, пачалі аблягчаць карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.

39 Калі настаў дзень, зямлі не пазнавалі, а ўбачылі толькі нейкую затоку зь нізкім берагам, да якога і адважыліся, калі можна, прыстаць з караблём.

40 І падняўшы якары, рушылі морам і, адвязаўшы стырно і падняўшы малы ветразь па ветры, пакіравалі да берага.

41 Наплылі на касу, і карабель сеў на мялізну: нос угруз і стаў нярухомы, а карма разьбівалася сілаю хваляў.

42 А воіны змовіліся былі пазабіваць вязьняў, каб каторы, выплыўшы, ня ўцёк.

43 Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўла, утрымаў іх ад тога намеру і загадаў тым, хто ўмее плаваць, першым скакаць і выйсьці на зямлю,

44 а астатнім ратавацца каму на дошках, каму на чым-колечы ад карабля. І такім чынам усе ўратаваліся на зямлю.

 

Разьдзел 28

 

1 А калі ўратаваліся, тыя, што былі з Паўлам, даведаліся, што востраў называецца Меліт.

2 Іншапляменцы прынялі нас вельмі чалавекалюбна: бо яны, з прычыны дажджу і холаду, расклалі вогнішча і прынялі ўсіх нас.

3 Калі ж Павал набраў многа хмызу і клаў на вагонь, выскачыла ад жару зьмяюка і павісла на руцэ ў яго.

4 Іншапляменцы, калі ўбачылі павіслую на руцэ ў яго зьмяю, казалі адзін аднаму: праўда, чалавек гэты - забойца, калі яму, уратаванаму ў моры, суд Божы не пакідае жыцьця.

5 Але ён, абтросшы зьмяю ў вагонь, не зазнаў аніякае шкоды.

6 Яны чакалі былі, што ён пухнуць пачне, альбо што раптам упадзе мёртвы; але, чакаючы доўга і ўбачыўшы, што ня сталася зь ім ніякай бяды, думку зьмянілі і казалі, што ён - Бог.

7 Навакол той мясьціны былі валоданьні першага чалавека вострава, называнага Публіем; ён прыняў нас і тры дні гасьцінна частаваў.

8 Публіеў бацька ляжаў, пакутуючы ад гарачкі і ад болю ў жываце: Павал увайшоў да яго, памаліўся і, усклаўшы на яго рукі свае, ацаліў яго.

9 Пасьля гэтай падзеі і астатнія на востраве, хто быў хворы, прыходзілі і былі вылечаны.

10 І рабілі нам шмат гонару, і на дарогу далі ўсё патрэбнае.

11 Праз тры месяцы мы адплылі на Александрыйскім караблі, пад знакам Дыяскураў, які зімаваў на тым востраве,

12 і, прыплыўшы ў Сыракузы, пабылі там тры дні;

13 адтуль адплыўшы, прыбылі ў Рыгію; а празь дзень, як павеяў паўднёвы вецер, прыбылі на другі дзень у Путэол,

14 дзе знайшлі братоў і былі ўпрошаныя пабыць у іх сем дзён, і потым паплылі мы ў Рым.

15 Тамтэйшыя браты, дачуўшыся пра нас, выйшлі нам насустрач да Апіевай плошчы і трох гасьцініц; убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і падбадзёрыўся духам.

16 А як прыйшлі мы ў Рым, дык сотнік перадаў вязьняў ваеначальніку, а Паўлу дазволена жыць адасоблена з воінам, які вартаваў яго.

17 Праз тры дні Павал склікаў самых знакамітых Юдэяў і, калі яны сышліся, прамовіў да іх; мужы браты! не зрабіўшы нічога супраць народу ці бацькоўскіх звычаяў, я ў кайданах зь Ерусаліма перададзены ў рукі Рымлянам;

18 яны, судзіўшы мяне, хацелі даць волю, бо няма ўва мне ніякай віны, вартае сьмерці;

19 але як што Юдэі не паразумеліся, дык я мусіў патрабаваць суду ў кесара, зрэшты, ня дзеля таго, каб зьвінаваціць у чым-небудзь народ мой;

20 з гэтай прычыны я і склікаў вас, каб пабачыцца і пагутарыць з вамі, бо за надзею Ізраілеву абложаны я гэтымі кайданамі.

21 А яны сказалі яму: мы ні пісьмаў ня мелі пра цябе зь Юдэі, ні з вандроўных братоў ніхто не паведаміў пра цябе і не сказаў нічога благога.

22 Зрэшты, нам пажадана пачуць ад цябе, як ты думаеш; бо вядома нам, што пра гэта вучэньне ўсюды спрачаюцца.

23 І прызначыўшы дзень яму, вельмі многія прыйшлі да яго ў гасьцініцу; і ён з раніцы да вечара выкладаў ім вучэньне пра Царства Божае і пераконваў іх за Ісуса, прыводзячы сьведчаньні з закона Майсеевага і прарокаў.

24 І адны пераконваліся ад словаў ягоных, а другія ня верылі.

25 Ня маючы згоды паміж сабою, яны адыходзілі, калі Павал сказаў ім наступныя словы: добра Дух Сьвяты сказаў бацькам нашым праз прарока Ісаю:

26 «ідзі да народу гэтага і скажы: слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзецьмеце, і ня ўбачыце;

27 агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і цяжка чуюць вушыма, і зьмежылі вочы свае, хай ня ўгледзяць вачыма, і не пачуюць вушыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх».

28 Дык вось, хай вам будзе вядома, што збавеньне Божае паслана язычнікам: яны і пачуюць.

29 Калі ён сказаў гэта, Юдэі пайшлі, многа спрачаючыся паміж сабою.

30 І жыў Павал цэлыя два гады на сваім утрыманьні і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго,

31 прапаведуючы Царства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усякай адвагаю без забароны.

 

Саборнае Пасланьне Сьвятога Апостала Якава

 

Разьдзел 1

 

1 Якаў, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, дванаццаці родам, якія ў расьсеяньні, - радавацца!

2 Зь вялікай радасьцю прымайце, браты мае, калі ўпадаеце ў розныя выпрабаваньні,

3 ведаючы, што выпрабаваньне вашай веры робіцца цярплівасьцю,

4 а цярплівасьць павінна мець дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалыя ва ўсёй паўнаце, бязь ніякай пахібы.

5 Калі ж каму-небудзь з вас не хапае мудрасьці, хай просіць у Бога, Які дае ўсім проста і без дакораў, - і дасца яму.

6 Але няхай просіць зь вераю, і зусім не сумняваецца, бо хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую гоніць і распырсквае вецер;

7 Хай не спадзяецца такі чалавек атрымаць што-небудзь ад Госпада.

8 Чалавек двудушны - ня цьвёрды на ўсіх шляхах сваіх.

9 Хай славіцца пакорлівы брат у высокасьці сваёй,

10 а багаты ў пакоры сваёй, бо ён мінецца, бы краска ў траве:

11 узыходзіць сонца, настае сьпёка, і высушвае траву, краска яе ападае, прападае хараство яе; так вяне і багаты ў шляхах сваіх.

12 Дабрашчасны чалавек, які вытрывае выпрабаваньне, бо пасьля выпрабаваньня ён атрымае вянок жыцьця, які паабяцаў Гасподзь тым, хто любіць Яго.

13 У выпрабаваньні ніхто хай ня кажа: «Бог мяне спакушае»; Бог бо не спакушаецца злом і сам не спакушае нікога,

14 а кожны спакушаецца, калі ваблены і наджаны сваім пажаданьнем;

15 а пажаданьне, зачаўшы, родзіць грэх, а ўчынены грэх родзіць сьмерць.

16 Не ашуквайце сябе, браты мае любасныя:

17 Усякае даньне добрае і ўсякі дар дасканалы зыходзіць згары, ад Айца сьвятла, у Якога няма перамены, ані ценю пераменнасьці.

18 Захацеўшы, спарадзіў Ён нас словам ісьціны, каб сталіся мы нейкім пачаткам Ягоных твораў.

19 Дык вось, браты мае любасныя, кожны чалавек няхай будзе борзды ў слуханьні, марудлівы ў словах, марудлівы ў гневе;

20 бо гнеў чалавечы ня творыць праўды Божай.

21 Таму, адклаўшы ўсялякую нячыстасьць і лішнюю злосьць, у пакоры прымеце пасеянае ў вас слова, якое можа ўратаваць вашы душы.

22 Будзьце ж выканаўцы слова, а не слухачы толькі, што ашукваюць самі сябе.

23 Бо хто слухае слова і ня выконвае, той падобны да чалавека, які разглядвае прыродныя рысы аблічча свайго ў люстры:

24 ён паглядзеў на сябе, адышоўся - і адразу забыўся, які ён ёсьць.

25 А хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні.

26 Калі ж хто з вас думае, што ён пабожны, і не таймуе свайго языка, а ашуквае сваё сэрца, у таго пустая пабожнасьць.

27 Чыстая і беспахібная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць тое, каб дагледзець сірот і ўдоваў у іхніх скрухах і захоўваць сябе неапаганенага сьветам.

 

Разьдзел 2

 

1 Браты мае! майце веру ў Ісуса Хрыста, нашага Госпада славы, бяз увагі на асобы.

2 Бо калі на сход ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у багатым убраньні, увойдзе і бедны ў гаротнай адзежы,

3 і вы глянеце на таго, хто ў багатым убраньні, і скажаце яму: табе трэба сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо: сядзь тут, каля ног маіх,

4 дык ці ня робіце розьніцы між сабою і ці ня робіцеся вы зламыснымі судзьдзямі?

5 Паслухайце, браты мае любасныя: ці ж ня бедных сьвету выбраў Бог быць багатымі вераю і спадчыньнікамі Царства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго?

6 а вы пагрэбавалі бедным. Ці не багатыя ўціскаюць вас, і ці ж не яны цягнуць вас у суды?

7 Ці не яны няславяць добрае імя, якім вы называецеся?

8 Калі вы выконваеце закон царскі, паводле Пісаньня: палюбі блізкага твайго, як сябе самога, - добра робіце.

9 Але калі робіце з аглядкаю на асобы, дык грэх чыніце, і перад законам вы злачынцы.

10 Хто выконвае ўвесь закон і згрэшыць у чым-небудзь адным, той робіцца вінаватым ва ўсім.

11 Бо Той, Хто сказаў: не распусьнічай, сказаў і: не забі; таму, калі ты не распусьнічаеш, але заб'еш, дык ты таксама адступнік ад закона.

12 Так гаварэце і так рабеце, як тыя, што маюць быць суджаныя згодна з законам свабоды.

13 Бо суд ня мецьме літасьці да таго, хто не літасьцівы; літасьць узьнесена над судом.

14 Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, а дзеяў ня мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго?

15 Калі брат альбо сястра безадзежныя і ня маюць на дзень пражытку,

16 а хто-небудзь з вас скажа ім: ідзеце зь мірам, грэйцеся і кармецеся, але ня дасьць ім патрэбнага целу: якая карысьць?

17 Гэтак і вера, калі ня мае дзеяў, мёртвая сама ў сабе.

18 А скажа хто-небудзь: ты маеш веру, а я маю дзеі: пакажы мне веру тваю бязь дзеяў тваіх, а я пакажу табе веру маю празь дзеі мае.

19 Ты верыш, што Бог адзіны: слушна робіш; і дэманы вераць, і трымцяць.

20 Але ці хочаш ведаць, марны чалавеча, што вера бязь дзеяў мёртвая?

21 Ці ж ня дзеямі апраўдаўся Абрагам, бацька наш, паклаўшы на ахвярнік Ісаака, сына свайго?

22 Ці бачыш, што вера спрыяла дзеям ягоным, і дзеямі вера дасягнула дасканаласьці.

23 І спраўдзілася слова Пісаньня: вераваў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць, і ён названы прыяцелем Божым.

24 Ці бачыце, што чалавек апраўдваецца дзеямі, а ня вераю толькі?

25 Гэтак сама і Рааў распусьніца ці ж ня дзеямі апраўдалася, прыняўшы выведнікаў і выпусьціўшы іх іншаю дарогаю?

26 Бо, як цела бяз духу мёртвае, так і вера бязь дзеяў мёртвая.

 

Разьдзел 3

 

1 Браты мае! ня многія рабецеся настаўнікамі, ведаючы, што мы тым большай асуды дастаём.

2 бо ўсе мы шмат грэшым; хто ня грэшыць у слове, той чалавек дасканалы, ён можа ацугляць і ўсё цела.

3 Вось, мы ўкладваем кілзы коням у храпу, каб яны пакорыліся нам, і ўсім целам іхнім кіруем.

4 Вось, і караблі, хоць якія вялікія яны і хоць якімі моцнымі вятрамі гнаныя, невялікім стырном кіруюцца, куды хоча стырнік;

5 гэтак сама і язык - невялікі чэлес, але многа робіць. Паглядзі, невялікі вагонь як многа рэчыва паліць;

6 і язык - вагонь; як сьвет няпраўды; язык так пастаўлены сярод чэлесаў нашых, што апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцьця, і сам запальваецца ад геены;

7 бо ўсякая прырода зьвяроў і птушак, плазуноў і марскіх жывёлін таймуецца і ўтаймавана прыродаю чалавечай,

8 а язык утаймаваць ніхто зь людзей ня можа: гэта - неўтаймавальнае ліха; ён поўны сьмяротнай атруты.

9 Ім дабраславім Бога і Айца, і ім праклінаем людзей, створаных у падабенстве да Бога.

10 З тых самых вуснаў сыходзяць дабраславеньне і праклён; не павінна, браты мае, гэтак быць.

11 Хіба цячэ з адных вуснаў крыніцы салодкая і горкая вада?

12 Ня можа, браты мае, смакоўніца радзіць масьліны альбо вінаградная лаза смоквы; гэтак сама і адна крыніца ня можа выліваць салёную і салодкую ваду.

13 Ці мудры і разумны хто з вас, дакажы гэта ў дзеях добрымі паводзінамі з мудрай пакораю.

14 Але калі ў сэрцы вашым вы маеце горкую зайздрасьць і сварлівасьць, дык не хвалецеся і ня хлусеце на праўду:

15 гэта бо ня мудрасьць, што згары прыходзіць, а зямная, плоцкая, дэманская;

16 бо дзе зайздрасьць і зьвяга, там незлагадзь і ўсё ліхое.

17 А мудрасьць, якая прыходзіць згары, найперш - чыстая, потым - згодлівая, лагодная, пакорлівая, поўная мілажальнасьці і добрых пладоў, неадступная, і некрывадушная.

18 А плод праўды ў міры сеецца творцамі міру.

 

Разьдзел 4

 

1 Адкуль у вас свары і раздоры? ці не адгэтуль, ад пажаданьняў вашых, што варагуюць у чэлесах вашых?

2 Хочаце - і ня маеце; забіваеце і зайздросьціце - і ня можаце дамагчыся; зводзіцеся і варагуеце - і ня маеце, бо ня просіце;

3 Просіце - і не атрымліваеце, бо просіце не на добрае, а каб ужыць на пажаданьні вашыя.

4 Пералюбнікі і пералюбніцы! ці ж ня ведаеце, што дружба са сьветам ёсьць варожасьць супраць Бога! Дык вось, хто хоча быць сябрам сьвету, той робіцца ворагам Богу.

5 Альбо вы думаеце, што дарэмна кажа Пісаньне: «да зайздры любіць дух, які жыве ў нас»?

6 Але тым большую дае мілату; таму і сказана: «Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату».

7 Дык вось, упакорцеся Богу; усупраціўцеся д'яблу, і ўцячэ ад вас;

8 да Бога наблізьцеся, і наблізіцца да вас; ачысьціце рукі, грэшнікі, папраўце сэрцы, двудушныя;

9 смуткуйце, плачце і галасеце: сьмех ваш няхай абернецца ў плач, а радасьць - у смутак.

10 Упакорцеся перад Госпадам, і ўзвысіць вас.

11 Не ліхаслоўце адзін аднаго, браты: хто ліхасловіць брата альбо судзіць брата свайго, той ліхасловіць і судзіць закон; а калі ты судзіш закон, дык ты не выканаўца закона, а судзьдзя.

12 Адзін Заканадаўца і Судзьдзя, Які можа і ўратаваць і загубіць: а ты хто, што судзіш іншага?

13 Цяпер паслухайце вы, што гаворыце: сёньня ці заўтра мы выправімся ў такі-а-такі горад і пражывём там адзін год, і будзем гандляваць і зарабляць;

14 вы, што ня ведаеце, што будзе заўтра: бо што такое жыцьцё ваша? пара, якая зьяўляецца на кароткі час, а потым зьнікае.

15 Замест таго, каб вам сказаць: як захоча Гасподзь і будзем жывыя, дык зробім тое ці іншае,

16 вы, у ганарыстасьці сваёй, славалюбнічаеце: усякае такое пустахвальства ёсьць зло.

17 Дык вось, хто ўмее рабіць дабро і ня робіць, на тым грэх.

 

Разьдзел 5

 

1 Паслухайце вы, багатыя: плачце і галасеце над вашымі злыбедамі, якія на вас.

2 Багацьце ваша спрахла, і вопратку вашу патачыла моль.

3 Золата ваша і срэбра паржавела, і ржа іхняя засьведчыць супраць вас і зьесьць плоць вашу, як вагонь: вы назапасілі сабе скарб на астатнія дні.

4 Вось плата, якую вы затрымалі ў працаўнікоў, што жалі палеткі вашыя, лямантуе, і лямант жняцоў дайшоў да вуха Госпада Саваофа.

5 Вы раскашавалі на зямлі і асалодамі цешыліся; упасьвілі вашыя сэрцы, як бы на дзень заколу.

6 Вы засудзілі, забілі Праведніка: Ён не супрацівіўся вам.

7 Дык вось, браты, будзьце доўгацярплівыя, да прышэсьця Гасподняга. Вось, араты чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго церпіць доўга, пакуль атрымае дождж раньні і позьні.

8 Доўгацярпеце і вы, умацуйце сэрцы вашыя, бо прышэсьце Гасподняе блізіцца.

9 Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не асудзілі вас: вось, Судзьдзя стаіць каля дзьвярэй.

10 Вазьмеце, браты мае, за прыклад ліхія пакуты і доўгацярпеньні продкаў, што прамаўлялі імем Гасподнім.

11 Вось, мы дагаджаем тым, што цярпелі. Вы чулі пра цярпеньні Ёва і бачылі канец ягоны ад Госпада, бо Гасподзь вельмі міласэрны і спагадлівы.

12 А найперш, браты мае, не прысягайце ні небам, ні зямлёю, ані якою іншаю кляцьбою; а хай будзе ў вас: так-так і не-не, каб вам не падупасьці асудзе.

13 Ці ліха пакутуе каторы з вас? хай моліцца. Ці вясёлы хто? хай сьпявае псальмы.

14 Ці занядужаў хто з вас? хай пакліча прасьвітэраў царквы, і хай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Гасподняе,

15 і малітва веры ацаленьне дасьць хвораму, і падыме яго Гасподзь; і калі ён учыніў грахі, даруюцца яму.

16 Прызнавайцеся адзін аднаму ў правінах і малецеся адзін за аднаго, каб ачуняць: на многае здольная шчырая малітва праведніка.

17 Ільля быў чалавек падобны на вас, і малітваю памаліўся, каб ня было дажджу: і ня падаў дождж на зямлю тры гады і шэсьць месяцаў;

18 і зноў памаліўся: і неба дало дождж, і зямля ўрадзіла плод свой.

19 Браты! калі хто з вас ухіліцца ад праўды, і наверне хто яго,

20 хай той ведае, што, хто грэшніка навярнуў з аблуднай дарогі ягонай, той уратуе душу ад сьмерці і пакрые мноства грахоў.

 

Першае Саборнае Пасланьне Сьвятога Апостала Пятра

 

Разьдзел 1

 

1 Пётр, апостал Ісуса Хрыста, прышэльцам, расьсеяным у Поньце, Галятыі, Кападокіі, Асіі і Віфініі, выбраным

2 паводле веданьня Бога Айца, пры асьвячэньні ад Духа, на паслушэнства і акрапленьне Крывёю Ісуса Хрыста: мілата вам і мір хай памножацца!

3 Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што зь вялікай Сваёй міласьці адрадзіў нас праз уваскрэсеньне Ісуса Хрыста зь мёртвых да жывое надзеі,

4 да спадчыны нятленнай, чыстай, неўвядальнай, захаванай на нябёсах вам,

5 сілаю Божаю празь веру ахаваным на ратаваньне, якое гатова адкрыцца ў апошні час.

6 З гэтага радуйцеся, пасмуткаваўшы цяпер крыху, калі трэба, ад розных спакусаў,

7 каб выпрабаваная вера вашая сталася каштоўнейшаю за пагібельнае, хоць і вагнём прабаванае золата, на пахвалу і гонар і славу пры зьяўленьні Ісуса Хрыста,

8 Якога, ня бачыўшы, любіце, і Якога, дагэтуль ня бачачы, але веруючы ў Яго, прымаеце з радасьцю нявымоўнаю і слаўнаю,

9 дасягаючы нарэшце вераю вашаю выратаваньня душ;

10 якраз гэтага выратаваньня датычыліся вышукі і дасьледаваньні прарокаў, якія прадказвалі вызначаную вам мілату,

11 дасьледуючы, на каторы і на які час паказваў існы ў іх Дух Хрыста, калі Ён прадвяшчаў Хрыстовыя цярпеньні і славу, якая прыйдзе пасьля іх;

12 ім адкрыта было, што ня ім самім, а нам служыла тое, што цяпер абвешчана вам празь зьвеставальнікаў Духам Сьвятым, пасланым зь нябёсаў, у што хочуць пранікнуць анёлы.

13 Таму, (любасныя), аперазаўшы сьцёгны розуму вашага, чуваючы, майце поўную надзею на падаваную вам мілату ў зьяўленьні Ісуса Хрыста.

14 Як паслухмяныя дзеці, ня кіруйцеся ранейшымі пажаданьнямі, якія былі ў няведаньні вашым,

15 а на прыклад Сьвятога, Які паклікаў вас, і самі будзьце сьвятыя ва ўсіх учынках;

16 бо напісана: «будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты».

17 І калі вы называеце Айцом Таго, Які бяз увагі на асобы судзіць кожнага паводле дзеяў, дык са страхам праводзьце час вандраваньня вашага,

18 ведаючы, што ня прахлым срэбрам ці золатам выкуплены вы з марнага жыцьця, перададзенага вам ад бацькоў,

19 а каштоўнай Крывёю Хрыста, як беспахібнага і чыстага Ягняці,

20 Які наканаваны быў яшчэ да стварэньня сьвету, але зьявіўся ў апошні час вам,

21 якія ўверавалі празь Яго ў Бога, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых і даў Яму славу, каб вы мелі веру і надзею на Бога.

22 Паслушэнствам ісьціне праз Духа ачысьціўшы душы вашыя да некрывадушнага браталюбства, няспынна любеце адно аднаго ад чыстага сэрца,

23 як адроджаныя ня з тленнага насеньня, а ад нятленнага, ад слова Божага, жывога і нязбытнага давеку.

24 Бо ўсякая плоць - быццам трава, і ўсякая слава людзкая - быццам квет на траве, засохла трава - квет ейны апаў;

25 а слова Гасподняе вечна жыве. А гэта ёсьць тое слова, якое вам абвешчана.

 

Разьдзел 2

 

1 Дык вось, адклаўшы ўсякую злосьць і ўсякае падступства і крывадушнасьць і зайздрасьць і ўсякае ліхаслоўе,

2 быццам толькі што народжаныя немаўляты, палюбеце чыстае малако слова, каб ад яго ўзрасьлі вы дзеля выратаваньня;

3 бо вы паспыталі, які Гасподзь добры.

4 Прыступаючы да Яго, каменя жывога, людзьмі адкінутага, але Богам выбранага, каштоўнага,

5 і самі, як жывыя камяні, будуйце зь сябе дом духоўны, сьвятарства сьвятое, каб прыносіць духоўныя ахвяры, любасныя Богу празь Ісуса Хрыста.

6 Бо сказана ў Пісаньні: «вось, я кладу ў Сыёне камень кутні выбраны, каштоўны; і хто веруе ў Яго, не пасаромеецца».

7 Дык вось Ён вам, вернікам, - каштоўнасьць, а тым, хто ня веруе, «камень, які адкінулі будаўнікі, але які зрабіўся галавою вугла», «камень спатыканьня і камень спакусы»,

8 на якім яны спатыкаюцца, не ўпакорваючыся слову, дзеля чаго яны і пакінуты.

9 Але вы - род выбраны, царскае сьвятарства, народ сьвяты, людзі набытыя, каб абвяшчаць дасканаласьць Таго, Хто выклікаў вас зь цемры ў цудоўнае Сваё сьвятло;

10 колісь не народ, а сёньня народ Божы; колісь непамілаваныя, а сёньня памілаваныя.

11 Любасныя, прашу вас! як прышэльцаў і вандроўнікаў, пазьбягаць цялесных пахацінстваў, што паўстаюць супроць душы,

12 і жыць дабрадзейна сярод язычнікаў, каб яны за тое, за што клянуць вас, як ліхадзеяў, пабачыўшы добрыя дзеі вашыя, уславілі Бога ў дзень адведзінаў.

13 Дык вось, упакорвайцеся ўсякаму людзкому начальству, дзеля Госпада: хай тое цару, як найвышэйшай уладзе,

14 хай тое намесьнікам, як ад яго пасыланым на пакараньне злачынцаў і на заахвочваньне дабрачынцаў, -

15 бо такая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, замыкалі вусны невуцтву неразумных людзей, -

16 як вольныя, а ня як тыя, што карыстаюцца воляю, каб прыхаваць зло, а як рабы Божыя.

17 Усіх шануйце, братэрства любеце, Бога бойцеся, цара паважайце.

18 Слугі, - з поўным страхам скарайцеся гаспадарам, ня толькі добрым і лагодным, але і суровым.

19 Бо гэта спадобнае Богу, калі хто па сумленьні перад Богам, церпіць нягоды, пакутуючы несправядліва.

20 Бо якая хвала, што вы церпіце, калі вас б'юць за правіны? А калі, робячы дабро і пакутуючы, церпіце, гэта даспадобы Богу,

21 Бо вы на тое пакліканы; бо і Хрыстос пацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб мы ішлі сьлядамі Ягонымі:

22 «Ня ўчыніў Ён ніякага грэху, і ня было падступства ў вуснах Ягоных»;

23 і калі Яго ліхасловілі, Ён не ліхасловіў наўзаем: пакутуючы, не пагражаў; а аддаваў гэта Судзьдзі Справядліваму;

24 Ён грахі нашыя Сам узьнёс Целам Сваім на дрэва, каб мы, адцураўшыся грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Ягонымі вы ацаліліся.

25 Бо вы былі як авечкі заблуджаныя без пастуха; але вярнуліся сёньня да Пастыра і Ахавальніка душ вашых.

 

Разьдзел 3

 

1 Гэтак сама і вы, жанчыны, карэцеся сваім мужам, каб тыя зь іх, хто не скараецца слову, праз паводзіны жонак сваіх бяз слова здабываныя былі,

2 калі ўбачаць вашае чыстае, богабаязнае жыцьцё.

3 Хай будзе акрасаю вашай ня зьнешняе пляценьне валасоў, не залатыя ўборы альбо прыгажосьць у строях,

4 а чалавек шчырага сэрца ў нятленным харастве лагоднага і маўклівага духу, што каштоўна перад Богам.

5 Так калісьці і сьвятыя жанчыны, якія клалі надзею на Бога, аздаблялі сябе, скараючыся сваім мужам:

6 так Сарра скаралася Абрагаму, называючы яго спадаром; вы - дзеці ейныя, калі робіце дабро і не бянтэжыцеся ні ад якога страху.

7 Гэтак сама і вы, мужы, абыходзьцеся разумна з жонкамі, як з самым крохкім посудам, і рабеце ім гонар як супольным спадкаемніцам любадайнага жыцьця, каб ня было вам завады ў малітвах.

8 Нарэшце, будзьце ўсе аднамысныя, спагадлівыя, браталюбныя, міласэрныя, шкадоблівыя, пакорнамудрыя;

9 не плацеце злом за зло, альбо кленічам за кленіч; наадварот, дабраслоўце, ведаючы, што вы на тое пакліканы, каб успадчыньніць дабраславеньне.

10 Бо хто любіць жыцьцё і хоча бачыць добрыя дні, той трымай язык свой ад зла і вусны свае ад ліхіх нагавораў,

11 ухіляйся ад зла і рабі дабро, шукай міру ды імкніся да яго;

12 бо вочы Госпада - да праведных, і вушы Ягоныя - да малітвы іхняе, а аблічча Гасподняе супроць ліхадзеяў, (каб вынішчыць іх зь зямлі).

13 І хто ўчыніць вам ліха, калі вы будзеце рупіцца пра дабро?

14 Але калі і церпіце за праўду, дык вы дабрашчасныя; а страху іх ня бойцеся і не бянтэжцеся.

15 Госпада Бога сьвяцеце ў сэрцах вашых; будзьце заўсёды гатовыя кожнаму, хто ў вас папытае адказу за вашу надзею, адказаць лагодна і дабралюбна;

16 майце добрае сумленьне, каб гэтым, за што ліхасловяць вас як зладзеяў, былі пасаромлены ўсе, хто асуджае вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце.

17 Бо, калі заўгодна волі Божай, лепш пацярпець за добрыя дзеі, чым за благія;

18 бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, аднаго разу пацярпеў за грахі нашыя, праведны за няправедных, быўшы забіты ў целе, але ажылы духам,

19 якім Ён і духам, што ў цямніцы былі, сышоўшы, прапаведаваў;

20 яны калісьці непакорлівыя былі Божаму доўгацярпеньню, што іх чакала, у дні Ноя, у часы будаваньня каўчэга, у якім нямногія, гэта значыцца, восем душ, уратаваліся ад вады.

21 Так і нас сёньня падобнае гэтаму вобразу хрышчэньне, не цялеснай нечыстаты абмываньне, а абяцаньне Богу добрага сумленьня, ратуе ўваскрэсеньнем Ісуса Хрыста,

22 Які, узышоўшы на неба, сядзіць праваруч Бога, і Якому ўпакорыліся анёлы і ўлады і сілы.

 

Разьдзел 4

 

1 Дык вось, як Хрыстос пацярпеў за нас целам, дык і вы ўзбройцеся тою самаю думкаю; бо хто пакутуе целам, той перастае грашыць,

2 каб рэшту часу ў целе ўжо жыць не паводле людзкіх пахацінстваў, а паводле волі Божай.

3 Бо досыць, што вы ў мінулым часе жыцьця чынілі волю язычніцкую, аддаючыся нечысьці, пажадзе (мужаложству, скаталожству, непатрэбным помыслам), п'янству, лішніцы ў ежы і пітве і недарэчнаму ідаласлужэньню;

4 таму яны і зьдзіўляюцца, што вы ня маеце ўдзелу зь імі ў той самай распусьце, і бэсьцяць вас;

5 яны дадуць адказ Таму, Хто неўзабаве мае судзіць жывых і мёртвых.

6 Бо на тое і мёртвым было зьвеставана, каб яны па-людзку целам суд прыняўшы, жылі пабожна духам.

7 Зрэшты, блізкі ўсяму канец. Дык вось будзьце ў добрым розуме і чувайце ў малітвах.

8 А найболей за ўсё майце шчырую любоў адно да аднаго, бо любоў пакрывае мноства грахоў;

9 будзьце гасьцінныя адно да аднаго без нарокаў;

10 служэце адно аднаму, кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя дойліды разнастайнай мілаты Божай.

11 Калі гаворыць хто, гавары як словы Божыя; ці калі служыць хто, служы сілаю, якую дае Бог, каб ва ўсім ўслаўляўся Бог празь Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада навекі вечныя. Амін.

12 Любасныя! вогненнай спакусы, што пасылаецца на выпрабаваньне вам, ня цурайцеся, быццам прыгоды вам чужой,

13 але як што вы маеце долю ў Хрыстовых цярпеньнях, радуйцеся, ды і ў зьяўленьні славы Ягонай узрадуецеся і ўзьвесялецеся.

14 Калі клянуць вас за імя Хрыстовае, дык вы дабрашчасныя, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас: тыя ганяць Яго, а вы ўслаўляйце.

15 Толькі б не пацярпеў хто з вас як забойца, альбо злодзей, альбо як ліхадзей, альбо як захопнік чужога;

16 а калі як Хрысьціянін, дык не саромейся, а ўслаўляй Бога за такую долю.

17 Бо пара пачынацца суду з дома Божага; а калі найперш з нас пачнецца, дык які канец тым, хто не скараецца Дабравесьцю Божаму?

18 І калі праведнік ледзьве ратуецца, дык бязбожнік і грэшны дзе апынецца?

19 Дык вось, пакутнікі па волі Божай няхай аддадуць Яму, як праўдзіваму Садзецелю, душы свае, робячы дабро.

 

Разьдзел 5

 

1 Пастыраў вашых умаўляю я, супастыр і сьведка цярпеньняў Хрыстовых і саўдзельнік у славе, якая павінна адкрыцца:

2 пасьвіце Божы статак, які ў вас, наглядайце за ім ня з прынукі, а з ахвоты і богаспадобна, ня дзеля гнюснай карысьлівасьці, а з руплівасьці,

3 і не пануючы над спадчынай Божай, а даючы прыклад статку, -

4 і калі зьявіцца Пастыраначальнік, вы атрымаеце неўвядальны вянок славы.

5 Таксама і малодшыя, карэцеся пастырам; а ўсе, скараючыся адно аднаму, набярэцеся пакорлівай мудрасьці, таму што Бог ганарыстым працівіцца, а пакорным дае мілату.

6 Дык вось упакорцеся пад моцнай рукою Божай, хай узьнясе вас у свой час;

7 усе клопаты вашыя ўскладзеце на Яго, бо Ён дбае пра вас.

8 Цьверазейце, чувайце, бо супраціўнік ваш д'ябал ходзіць, як рыклівы леў, шукаючы каго праглынуць;

9 стойце супроць яго цьвёрдаю вераю, ведаючы, што такія самыя цярпеньні выпадаюць і братам вашым у сьвеце.

10 А Бог усялякай мілаты, паклікаўшы нас у вечную славу Сваю ў Хрысьце Ісусе, Сам пасьля нядоўгага цяпреньня вашага, няхай удасканаліць вас, няхай угрунтуе, няхай умацуе, няхай зробіць непахіснымі.

11 Яму слава і ўлада навекі вечныя. Амін.

12 Гэта сьцісла напісаў я вам праз Сылуана, вернага, як думаю, вашага брата, каб упэўніць вас, суцяшаючы і сьведчачы, што гэта ў ісьціне мілата Божая, у якой вы стаіце.

13 Вітае вас выбраная, падобна вам, царква ў Вавілоне і Марк, сын мой.

14 Вітайце адно аднаго пацалункам любові. Мір вам усім у Хрысьце Ісусе. Амін.

 

Другое Саборнае Пасланьне Сьвятога Апостала Пятра

 

Разьдзел 1

 

1 Сымон Пётр, раб і апостал Ісуса Хрыста, тым, якія прынялі з намі аднолькава дарагую веру ў праўдзе Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста:

2 мілата і мір вам хай памножыцца ў пазнаньні Бога і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.

3 Як ад Божае сілы Ягонай даравана нам усё патрэбнае для жыцьця і пабожнасьці, праз спазнаньне Таго, Хто паклікаў нас славаю і цнотаю,

4 якімі нам дараваны вялікія і каштоўныя абяцаньні, каб вы празь іх сталіся супольнікамі Божае Прыроды, адышоўшы ад псоты пажадлівасьцю, якая пануе ў сьвеце,

5 дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсю дбайнасьць, пакажэце ў веры вашай цноту, у цноце разважлівасьць,

6 у разважлівасьці ўстрымлівасьць, ва ўстрымлівасьці цярплівасьць, у цярплівасьці пабожнасьць,

7 у пабожнасьці браталюбнасьць, у браталюбнасьці любасьць.

8 Калі гэта ў вас ёсьць і памнажаецца, дык вы не застаняцеся бяз удачы і плёну ў спазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста;

9 а ў кім няма гэтага, той сьляпы, заплюшчыў вочы, забыўся пра ачышчэньне ад ранейшых грахоў сваіх.

10 А таму, браты, болей і болей дбайце пра тое, каб рабіць цьвёрдым вашае пакліканьне і выбраньне: так робячы, ніколі не спатыкнецеся,

11 бо так адчыніцца вам свабодны ўваход у вечнае Царства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста.

12 Таму я ніколі не перастану нагадваць вам пра гэта, хоць вы тое і ведаеце і ўмацаваныя ў існай праўдзе.

13 А справядлівым лічу, пакуль я ў гэтай цялеснай храміне, падбадзёрваць вас напамінам,

14 ведаючы, што неўзабаве павінен буду пакінуць храміну маю, як і Гасподзь наш Ісус Хрыстос адкрыў мне.

15 Буду, аднак, старацца, каб вы і пасьля майго адыходу заўсёды згадвалі гэта ў памяці.

16 Бо мы абвясьцілі вам сілу і прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, не за хітра сплеценымі байкамі йдучы, а быўшы навочнымі сьведкамі Ягонай велічы.

17 Бо Ён прыняў ад Бога Айца гонар і славу, калі ад гожай славы даляцеў да Яго такі голас: «Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў».

18 І гэты голас, які зь нябёсаў зышоў, мы чулі, калі былі зь Ім на сьвятой гары.

19 І пры тым мы маем самае пэўнае прарочае слова; і вы добра робіце, што зьвяртаецеся да яго, як да сьветача, які зьзяе ў цёмным месцы, пакуль не пачынае брацца на дзень і ня ўзыдзе ранішняя зорка ў сэрцах вашых,

20 ведаючы перш за ўсё тое, што ніякага прароцтва ў Пісаньні нельга тлумачыць паводле свайго разуменьня.

21 Бо ніколі прароцтва ня бывала агалошана з волі людзкой, а прамаўлялі яго сьвятыя Божыя людзі, натхнёныя Духам Сьвятым.

 

Разьдзел 2

 

1 Былі й ілжэпрарокі ў народзе, як і ў вас будуць ілжэнастаўнікі, якія ўвядуць згубныя ерасі, і адракаючыся ад Госпада, Які адкупіў іх, навядуць самі на сябе неўзабаўную пагібель.

2 І многія пасьледуюць іхняй распусьце, і празь іх шлях праўды будзе зьняважаны.

3 І ў любазьдзірстве будуць лавіць вас лісьлівымі словамі; суд ім даўно гатовы і пагібель іхняя ня дрэмле.

4 Бо калі Бог анёлаў нашых ня літаваў, а, павязаўшы кайданамі пякельнага мораку, перадаў захаваць іх суду на пакараньне,

5 і калі не пашкадаваў першага сьвету, а ў васьмі душах захаваў сям'ю Ноя, вястуна праўды, калі навёў патоп на сьвет бязбожных;

6 і калі гарады Садомскія і Гаморскія, асудзіўшы на вынішчэньне, абярнуў у попел, паказаўшы прыклад будучым бязбожнікам,

7 а праведнага Лота, стомленага адносінамі паміж людзьмі шалёна разбэшчанымі, выбавіў,

8 бо гэты праведнік, жывучы сярод іх, кожны дзень мучыўся ў справядлівай душы, бачачы і чуючы справы беззаконныя, -

9 дык, вядома, ведае Гасподзь, як асланяць пабожных ад спакусы, а беззаконцаў захаваць да дня суднага, на пакараньне,

10 а асабліва тых, якія ідуць па сьледзе брудных пахацінстваў плоці, пагарджаюць уладамі, дзёрзкія, самавольнікі, і не баяцца ліхасловіць вышэйшых,

11 тым часам як анёлы, большыя за іх моцай і сілай, не нясуць на іх да Госпада дакорлівай асуды.

12 Яны, як бязмоўныя жывёлы, якіх водзіць іхняя прырода, народжаныя на ўпаляваньне і вынішчэньне, ліхасловячы тое, чаго не разумеюць, у разбэшчанасьці сваёй вынішчацца;

13 яны атрымаюць помсту за беззаконьне: бо яны бачаць асалоду ў штодзённай распусьце; паганьбенцы і паскуднікі, яны цешацца з ашукаў сваіх, банкетуючы з вамі;

14 вочы ў іх поўныя юру і няспыннага грэху; яны вабяць нямоцныя душы; сэрца ў іх прывучана да любазьдзірства: гэта - сыны пракляцьця;

15 пакінуўшы простую дарогу, яны заблудзіліся і пайшлі па сьлядах Валаама, сына Васоравага, які палюбіў плату несправядлівую,

16 але быў выкрыты ў сваім беззаконьні: нямая асьліца, загаварыўшы чалавечым голасам, спыніла безгалоўе прарока.

17 Гэта - бязводныя крыніцы, хмары і туманы, гнаныя бураю: ім падрыхтаваны морак вечнай цемрадзі.

18 Бо, прамаўляючы пыхлівае пустаслоўе, яны надзяць пажадаю цела і распустаю тых, што ледзьве ўцяклі ад замарочаных аблудаю;

19 абяцаюць ім свабоду, а самыя рабы тленьня; бо, хто кім пераможаны, той таму і раб.

20 Бо, калі, унікнуўшы нечысьці сьвету праз спазнаньне Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, зноў заблытваюцца ў іх і перамагаюцца імі, дык апошняе для такіх бывае горш за першае.

21 Лепей бы ім не спазнаць дарогі праўды, чым, спазнаўшы, вярнуцца назад ад перададзенай ім сьвятой запаведзі.

22 Бо здараецца зь імі як у той праўдзівай прымаўцы: сабака вяртаецца на ваніты свае, і: памытая сьвіньня ідзе качацца ў балоце.

 

Разьдзел 3

 

1 Гэта ўжо другое пасланьне пішу вам, любасныя; у ім напамінам буджу вашую чыстую думку,

2 каб вы памяталі словы, раней сказаныя сьвятымі прарокамі, і запаведзь Госпада і Збаўцы, перададзеную апосталамі вашымі:

3 найперш ведайце, што ў апошнія дні прыйдуць нахабныя паглумшчыкі, якія ўчыняюць паводле сваіх пахаценьняў

4 і кажуць: дзе абяцаньне прышэсьця Ягонага? бо з таго часу, як пачалі паміраць бацькі, ад пачатку тварэньня ўсё застаецца гэтак сама.

5 Тыя, што думаюць так, ня ведаюць, што на пачатку словам Божым нябёсы і зямля складзены з вады і вадою:

6 таму тагачасны сьвет загінуў, будучы затоплены вадою.

7 А цяперашнія неба і зямля, захаваныя тым самым словам, зьберагаюцца вагню на судны дзень і загубу бязбожных людзей.

8 Адно тое не павінна быць схавана ад вас, любасныя, што ў Госпада адзін дзень, як тысяча год, і тысяча год, як адзін дзень.

9 Не марудзіць Гасподзь з выкананьнем абяцаньня, як некаторыя лічаць гэта марудлівасьцю; а доўга трывае нас, ня хочучы, каб хто загінуў, а каб усе прыйшлі да каяньня.

10 Прыйдзе ж дзень Гасподні, як злодзей ноччу, і тады нябёсы з грукатам мінуцца, а стыхіі, распаленыя, разбурацца ўшчэнт, зямля і ўсе дзеі на ёй згараць.

11 Калі так усё гэта зруйнуецца, дык якімі павінны быць у сьвятым жыцьці і пабожнасьці вы,

12 хто чакае і прагне прышэсьця дня Божага, калі ўспалымнёныя нябёсы разбурацца і распаленыя стыхіі растопяцца.

13 Але мы, паводле абяцаньня Ягонага, чакаем новага неба і новай зямлі, на якіх жыве праўда.

14 Дык вось, любасныя, чакаючы гэтага, пастарайцеся зьявіцца перад Ім неапаганенымі і беспахібнымі ў сьвеце;

15 і доўгае трываньне Госпада нашага прымайце за выратаваньне, як і любасны брат наш Павал паводле дадзенай яму мудрасьці напісаў вам,

16 як ён кажа пра гэта і ва ўсіх пасланьнях, у якіх ёсьць нешта цяжка зразумелае, што невукі і няўмоцненыя, на сваю ж пагібель, перакручваюць, як і іншыя Пісаньні.

17 Дык вось вы, любасныя, паведамленыя пра гэта загадзя, асьцерагайцеся, каб вам не захапіцца аблудамі беззаконьнікаў і не адпасьці ад сваёй угрунтаванасьці,

18 а гадуйцеся ў мілаце і пазнаньні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму слава і цяпер і ў дзень вечны. Амін.

 

Першае Саборнае Пасланьне Сьвятога Апостала Яна Багаслова

 

Разьдзел 1

 

1 Пра тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі на свае вочы, што разглядвалі і што адчувалі рукі нашыя, пра Слова жыцьця, -

2 бо жыцьцё зьявілася, і мы бачылі і сьведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыцьцё, якое было ў Айца і зьявілася нам -

3 пра тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі лучнасьць з намі; а нашая лучнасьць - з Айцом і Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом.

4 І гэта пішам вам, каб радасьць вашая была поўная.

5 І вось зьвеставаньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам: Бог ёсьць сьвятло, і няма ў Ім ніякае цемры.

6 Калі мы кажам, што маем лучнасьць зь Ім, а ходзім у цемры, дык мы хлусім і ня ўчыняем па праўдзе;

7 а калі ходзім у сьвятле, як Ён у сьвятле, дык маем лучнасьць адно з адным, і Кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху.

8 Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас.

9 Калі ж вызнаём грахі нашыя, дык Ён, верны і праведны, даруе нам грахі (нашыя) і ачысьціць нас ад усякай няпраўды.

10 Калі кажам, што мы не зграшылі, дык робім зь Яго падманшчыка, і слова Ягонага няма ў нас.

 

Разьдзел 2

 

1 Дзеці мае! гэта пішу вам, каб вы не грашылі; а калі б хто зграшыў, дык мы маем Заступніка перад Айцом, Ісуса Хрыста, Праведніка:

2 Ён ёсьць ахвяра мілажалю за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але і ўсяго сьвету.

3 А што мы спазналі Яго, ведаем з таго, што выконваем Ягоныя запаведзі.

4 Хто кажа: «я спазнаў Яго», а запаведзяў Ягоных ня выконвае, той хлус, і няма ў ім ісьціны;

5 а хто выконвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая споўнілася: з гэтага даведваемся, што мы ў Ім.

6 Хто кажа, што жыве ў Ім, той павінен так паводзіць сябе, як Ён паводзіўся.

7 Любасныя! пішу вам ня новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку: запаведзь даўняя ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.

8 Але пры гэтым і новую запаведзь пішу вам, што ёсьць праўдзівае і ў Ім і ў вас: бо цемра праходзіць, і ўжо сьвеціць сапраўднае сьвятло.

9 Хто кажа, што ён у сьвятле, а ненавідзіць брата свайго, той яшчэ ў цемры.

10 Хто любіць брата свайго, той жыве ў сьвятле, і няма ў ім звады.

11 А хто ненавідзіць брата свайго, той жыве ў цемры, і ў цемры ходзіць, і ня ведае, куды ідзе, бо цемра засьляпіла яму вочы.

12 Пішу вам, дзеці, бо дараваныя вам грахі дзеля імя Ягонага.

13 Пішу вам, бацькі, бо вы спазналі Існага ад пачатку. Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі зламысьніка. Пішу вам, падлеткі, бо вы спазналі Айца.

14 Я напісаў вам, бацькі, бо вы спазналі Беспачатнага; я напісаў вам, юнакі, бо вы дужыя, і слова Божае жыве ў вас, і вы перамаглі зламысьніка.

15 Ня любеце зямнога, ні таго, што ў зямным: хто любіць зямное, у тым няма любові Войчай:

16 бо ўсё, што зямное: пажада плоці, пажада вачэй і пыха жыцьцёвая, ня ёсьць ад Айца, а ад сьвету (гэтага).

17 І зямное мінаецца, і пажадлівасьць ягоная, а той, хто выконвае волю Божую, жыве вечна.

18 Дзеці! астатняя гадзіна. І як вы чулі былі, што прыйдзе антыхрыст, і цяпер паявілася шмат антыхрыстаў, дык мы і спазнаём з таго, што астатняя гадзіна.

19 Яны выйшлі ад нас, але ня былі нашыя; бо, калі б яны былі нашыя, дык засталіся б з намі; але яны выйшлі, і праз гэта адкрылася, што ня ўсе нашыя.

20 Але ж вы маеце памазаньне ад Сьвятога і ведаеце ўсё.

21 Я напісаў вам не на тое, каб вы ня ведалі ісьціны, а таму, што вы ведаеце яе, як і тое, што ўсякая мана не ад ісьціны.

22 Хто хлус, як ня той, хто адмаўляе, што Ісус ёсьць Хрыстос? Той - антыхрыст, хто адмаўляе Айца і Сына.

23 Кожны, хто адмаўляе Сына, ня мае і Айца; а хто вызна Сына, мае і Айца.

24 Дык вось, што вы чулі ад пачатку, тое хай і будзе ў вас; калі будзе ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы будзеце ў Сыне і ў Айцы.

25 А абяцаньне, якое Ён абяцаў нам, ёсьць жыцьцё вечнае.

26 Гэта я напісаў вам пра тых, якія зводзяць вас.

27 А ўрэшце памазаньне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас застаецца, і вам няма патрэбы, каб хто вучыў вас; але як самое гэта памазаньне вучыць вас усяму, і яно праўдзівае і нязманлівае, дык чаму яно навучыла вас, у тым і заставайцеся.

28 Дык вось, дзеці, заставайцеся ў Ім, каб, калі Ён зьявіцца, мець нам адвагу і не асароміцца перад Ім у прышэсьце Ягонае.

29 Калі вы ведаеце, што Ён праведнік, дык ведайце і тое, што кожны, хто чыніць праўду, народжаны ад Яго.

 

Разьдзел 3

 

1 Глядзеце, якую любоў даў нам Айцец, каб нам называцца і быць дзецьмі Божымі. Сьвет таму ня ведае нас, што не спазнаў Яго.

2 Любасныя! мы цяпер дзеці Божыя; але яшчэ ня выявілася, чым будзем. Ведаем толькі, што, калі выявіцца, будзем падобныя да Яго, бо ўгледзім Яго, як Ён ёсьць.

3 І кожны, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, бо Ён чысты.

4 Кожны, хто робіць грэх, робіць і беззаконьне; і грэх ёсьць беззаконьне.

5 І вы ведаеце, што Ён зьявіўся дзеля таго, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма грэху.

6 Кожны, хто жыве ў Ім, ня грэшыць; кожны, хто грэшыць, ня бачыў Яго і не спазнаў Яго.

7 Дзеці! хай ня зводзіць вас ніхто. Хто чыніць праўду, той праведны, падобна як Ён праведны.

8 Хто чыніць грэх, той ад д'ябла, бо спачатку д'ябал зграшыў. На тое якраз і зьявіўся Сын Божы, каб разбурыць дзеі д'ябла.

9 Кожны, народжаны ад Бога, ня робіць грэху, бо насеньне Ягонае жыве ў ім; і ён ня можа грашыць, бо народжаны ад Бога.

10 Дзеці Божыя і дзеці д'яблавыя пазнаюцца так: кожны, хто ня чыніць праўды, ня ёсьць ад Бога, як і той, хто ня любіць брата свайго.

11 Бо такое зьвеставаньне, якое вы чулі ад пачатку, - каб мы любілі адно аднаго,

12 ня так, як Каін, які быў ад зламысьніка, і забіў брата свайго. А за што забіў яго? За тое, што дзеі ягоныя былі ліхія, а дзеі брата ягонага праведныя.

13 Ня зьдзіўляйцеся, браты мае, калі сьвет ненавідзіць вас.

14 Мы ведаем, што мы перайшлі са сьмерці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто ня любіць брата, застаецца ў сьмерці.

15 Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць душагуб; а вы ведаеце, што ніякі душагуб ня мае жыцьця вечнага, якое ў ім заставалася.

16 Любоў спазналі мы ў тым, што Ён паклаў за нас душу Сваю: і мы павінны класьці душы свае за братоў.

17 А хто мае дастатак на сьвеце, але, бачачы брата свайго ў нястачы, зачыняе ад яго сэрца сваё, - як застаецца ў тым любоў Божая?

18 Дзеці мае! будзем любіць ня словам альбо языком, а ўчынкамі і праўдаю.

19 І вось, па чым спазнаём, што мы ад праўды, і супакойваем перад Ім сэрцы нашыя;

20 бо калі сэрца (нашае) асуджае нас, дык тым болей Бог, таму што Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё.

21 Любасныя! калі сэрца нашае не асуджае нас, дык мы маем адвагу перад Богам,

22 і, чаго ні папросім, атрымаем ад Яго, бо трымаемся запаведзяў Ягоных і робім богаспадобнае перад Ім.

23 А запаведзь Ягоная тая, каб мы веравалі ў імя Сына Ягонага, Ісуса Хрыста, і любілі адно аднаго, як Ён наказаў нам.

24 І хто захоўвае запаведзі Ягоныя, той жыве ў Ім, і Ён у тым. А што Ён жыве ў нас, спазнаём па духу, які Ён даў нам.

 

Разьдзел 4

 

1 Любасныя! ня кожнаму духу верце, а выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо многа ілжэпрарокаў зьявілася ў сьвеце.

2 Духа Божага (і духа аблуды) пазнавайце так: кожны, які вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці, ёсьць Божы;

3 а кожны дух, які не вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці, ня ёсьць Божы, а гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе і цяпер ёсьць ужо ў сьвеце.

4 Дзеці! вы Божыя, і перамаглі іх; бо Той, хто ў вас, большы за таго, хто ў сьвеце.

5 Яны ад сьвету, таму і гавораць па-сьвецку, і сьвет слухае іх.

6 Мы Божыя: хто ведае Бога, той слухае нас; хто ня Божы, той ня слухае нас. Вось па гэтым пазнаём духа ісьціны і духа аблуды.

7 Любасныя! будзем любіць адно аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога;

8 хто ня любіць, той не спазнаў Бога, таму што Бог ёсьць любоў.

9 Любоў Божая да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у сьвет Адзінароднага Сына Свайго, каб мы атрымалі жыцьцё празь Яго.

10 У тым любоў, што ня мы палюбілі Бога, а Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго, каб умілажаліцца з грахоў нашых.

11 Любасныя! калі так палюбіў нас Бог, дык і мы павінны любіць адно аднаго.

12 Бога ніколі ніхто ня бачыў: калі мы любім адно аднаго, дык Бог у нас жыве, і любоў Ягоная дасканалая ёсьць у нас.

13 Што мы жывём у Ім і Ён у нас, пазнаём з таго, што Ён даў нам ад Духа Свайго.

14 І мы бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына Збаўцам сьвету.

15 Хто вызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым жыве Бог, і ён у Богу.

16 І мы спазналі любоў, якую мае да нас Бог, і паверылі ў яе. Бог ёсьць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.

17 Любоў да той дасканаласьці дасягае ў нас, што мы маем адвагу ў дзень судны, бо ўчыняем у сьвеце гэтым, як Ён.

18 У любові няма страху, а дасканалая любоў праганяе страх, бо ў страху ёсьць пакута; хто баіцца, той не дасканалы ў любові.

19 Будзем любіць Яго, бо Ён раней палюбіў нас.

20 Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?

21 І мы маем ад Яго такі наказ, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.

 

Разьдзел 5

 

1 Кожны, хто верыць, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць Таго, Хто нарадзіў, любіць народжанага ад Яго.

2 Што мы любім дзяцей Божых, спазнаём з таго, калі любім Бога і трымаемся запаведзяў Ягоных.

3 Бо гэта ёсьць любоў да Бога, каб мы трымаліся запаведзяў Ягоных; і запаведзі Ягоныя ня цяжкія.

4 Бо кожны народжаны ад Бога, перамагае сьвет; і гэта ёсьць перамога, якая перамагла сьвет, - вера нашая.

5 Хто перамагае сьвет, як ня той, які верыць, што Ісус ёсьць Сын Божы?

6 Гэты ёсьць Ісус Хрыстос, Які прыйшоў вадою і крывёю (і Духам), не вадою толькі, а вадою і крывёю; і Дух сьведчыць пра Яго, бо Дух ёсьць ісьціна.

7 Бо тры сьведчаць на небе: Айцец, Слова і Сьвяты Дух; і гэтыя Тры - Адно.

8 І тры сьведчаць на зямлі: дух, вада і кроў: і гэтыя тры пра адно.

9 Калі мы прымаем сьведчаньне людзкое, сьведчаньне Божае - большае, бо гэта ёсьць сьведчаньне Божае, якім Бог сьведчыў пра Сына Свайго.

10 Хто веруе ў Сына Божага, мае сьведчаньне ў самім сабе; хто ня веруе ў Бога, той робіць Яго ілжывым, бо ня верыць у сьведчаньне, якім Бог сьведчыў пра Сына Свайго.

11 Сьведчаньне гэтае ў тым, што Бог дараваў нам жыцьцё вечнае, і гэтае жыцьцё ў Сыне Ягоным.

12 Хто мае Сына (Божага), мае жыцьцё; хто ня мае Сына Божага, ня мае жыцьця.

13 Гэта напісаў вам я, хто верыць у імя Сына Божага, каб вы ведалі, што вы, веруючы ў Сына Божага, маеце жыцьцё вечнае.

14 І вось, якую адвагу мы маем перад Ім, што, калі просім чаго па волі Ягонай, Ён слухае нас;

15 А калі мы ведаем, што Ён слухае нас ва ўсім, чаго б мы ні прасілі, - ведаем і тое, што атрымліваем ад Яго, чаго просім.

16 Калі хто бачыць брата свайго, як ён учыняе грэх не на сьмерць, дык няхай моліцца, і Бог дасьць яму жыцьцё, яму, хто грэшыць не на сьмерць. Ёсьць грэх на сьмерць: не пра тое кажу, каб ён маліўся.

17 Усякая няпраўда ёсьць грэх, але ёсьць грэх не на сьмерць.

18 Мы ведаем, што кожны, народжаны ад Бога, ня грэшыць; а народжаны ад Бога захоўвае сябе, і ліхадзей не чапае яго.

19 Мы ведаем, што мы ад Бога, і што ўвесь сьвет ляжыць у зьле.

20 Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і даў нам (сьвятло і) розум, каб спазналі (Бога) сапраўднага і каб былі мы ў Сапраўдным Сыне Ягоным, Ісусе Хрысьце. Ён ёсьць Сапраўдны Бог і жыцьцё вечнае.

21 Дзеці! баранеце сябе ад ідалаў. Амін.

 

Другое Саборнае Пасланьне Сьвятога Апостала Яна Багаслова

 

Разьдзел 1

 

1 Старац - выбранай Спадарыні і дзецям яе, якіх я люблю ў ісьціне, і ня толькі я, але і ўсе, хто спазанаў ісьціну,

2 дзеля ісьціны, якая жыве ў нас і будзе з намі вечна:

3 хай будзе з вамі мілата, літасьць, мір ад Бога Айца і ад Госпада Ісуса Хрыста, Сына Айца, у ісьціне і любові.

4 Я вельмі ўсьцешыўся, што знайшоў сярод дзяцей тваіх такіх, якія ходзяць у ісьціне, як мы атрымалі ў наказ ад Айца.

5 І сёньня прашу цябе, Спадарыня, ня як новую запаведзь прадпісваючы табе, а тую, якую маем ад пачатку, - каб мы любілі адно аднаго.

6 Любоў бо ў тым, каб жылі мы паводле запаведзяў Ягоных. Гэта - тая запаведзь, якую вы чулі ад пачатку, каб жылі згодна зь ёю,

7 бо многія зваднікі ўвайшлі ў сьвет, якія не вызнаюць Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці: такі чалавек ёсьць зваднік і антыхрыст.

8 Сачэце за сабою, каб нам ня страціць таго, над чым мы працавалі, а каб атрымалі поўную ўзнагароду.

9 Кожны, хто пераступае вучэньне Хрыстовае і ня жыве ў ім, ня мае Бога; а хто жыве ў вучэньні Хрыстовым, той мае і Айца і Сына.

10 Хто прыходзіць да вас і ня прыносіць гэтага вучэньня, таго ня прымайце ў дом і ня вітайце яго;

11 бо хто яго вітае, той мае ўдзел у ліхіх учынках ягоных.

12 Многае маю пісаць вам, ды не хачу на паперы чарнілам; а спадзяюся прыйсьці да вас і гутарыць вуснамі ў вусны, каб радасць вашая была поўная.

13 Вітаюць цябе дзеці сястры твае выбранае. Амін.

 

Трэйцяе Саборнае Пасланьне Сьвятога Апостала Яна Багаслова

 

Разьдзел 1

 

1 Старац - любаснаму Гаію, якога я ў ісьціне люблю.

2 Любасны! малюся, каб табе здаровілася і шчасьціла ва ўсім, як шчасьціць душы тваёй.

3 Бо я вельмі ўсьцешыўся, калі прыйшлі браты і засьведчылі пра тваю вернасьць, як ты ходзіш у ісьціне.

4 Няма мне большае радасьці, як чуць, што дзеці мае ходзяць у ісьціне.

5 Любасны! ты як верны дзееш у тым, што робіш братам і вандроўнікам;

6 яны засьведчылі перад царквою пра любоў тваю; ты добра зробіш, калі адпусьціш іх, як яно трэба дзеля Бога,

7 бо яны дзеля імя Ягонага пайшлі, ня ўзяўшы нічога ад язычнікаў.

8 Дык вось павінны мы прымаць іх такіх, каб зрабіцца спрыяльнікамі ісьціне.

9 Я пісаў быў царкве; але Дыятрэф, які любіць быць першым у іх, ня прымае нас.

10 Таму, калі я прыйду, дык узгадаю ўчынкі, якія ён робіць, ганячы словамі ліхімі нас, і, не задавальняючыся гэтым, і сам ня прымае братоў, і забараняе тым, што жадаюць прымаць, і выганяе іх з царквы.

11 Любасны! не ўпадабняйся ліхому, а добраму. Хто робіць дабро, той Божы; а хто робіць ліха, ня бачыў Бога.

12 Пра Дзімітрыя засьведчылі ўсе і сама ісьціна; сьведчым таксама і мы, і вы ведаеце, што сьведчаньне нашае ў ісьціне.

13 Многае меўся я напісаць; ды не хачу пісаць табе чарнілам і трысьцінкаю,

14 спадзяюся ж бо неўзабаве пабачыць цябе і пагутарыць вуснамі ў вусны.

15 Мір табе! вітаюць цябе сябры; павітай сяброў паіменна. Амін.

 

Саборнае Пасланьне Сьвятога Апостала Юды

 

Разьдзел 1

 

1 Юда, раб Ісуса Хрыста, брат Якава, пакліканым, якія асьвечаныя Богам Айцом і ахаваныя Ісусам Хрыстом:

2 міласьць вам і мір і любоў хай памножацца.

3 Любасныя! маючы ўсю руплівасьць пісаць вам пра супольнае збавеньне, я палічыў за патрэбнае напісаць вам умаўленьне - паспрыяць веры, адзін раз перададзенай сьвятым.

4 Бо пракраліся некаторыя людзі, спрадвеку прызначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, што абарочваюць мілату Бога нашага ў нагоду да распусты і выракаюцца адзінага Валадара Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста.

5 Я хачу нагадаць вам, хто ўжо ведае гэта, што Гасподзь, вызваліўшы народ зь зямлі Егіпецкай, потым пагубіў тых, што ня веравалі,

6 і анёлаў, якія не захавалі сваёй годнасьці, але пакінулі сваё жытло, трымае ў вечных кайданах, пад цемрывам, на суд вялікага дня.

7 Як Садома і Гамора і навакольныя гарады, што падобна да іх блудадзеілі і ўганяліся за іншаю плоцьцю, дастаўшы кары вагнём вечным, пастаўлены ў прыклад, -

8 гэтак сама будзе і з гэтымі лятуценьнікамі, якія апаганьваюць плоць, адмаўляюць начальствы і ліхасловяць высокія ўлады.

9 Міхаіл Арханёл, калі гаварыў з д'яблам, спрачаючыся пра Майсеева цела, не адважыўся вымавіць зьняважлівага выраку, а сказаў: няхай забароніць табе Гасподзь.

10 А гэтыя ганьбуюць тое, чаго ня ведаюць; а што з прыроды, як бязмоўныя жывёлы ведаюць, тым і разбэшчваюць сябе.

11 Гора ім, бо ідуць дарогай Каінавай, упадаюць у змусту зьдзірства, як Валаам, і ў зацятасьці гінуць, як Карэй.

12 Такія бываюць спакусай на вашых вячэрах любові: банкетуючы з вамі, бяз страху напасваюцца; гэта - бязводныя хмары, што вецер носіць; восеньскія дрэвы, бясплодныя, двойчы памерлыя, выкарчаваныя;

13 раз'юшаныя марскія хвалі, што з шумавіньнем выкідаюць сваю брыду, зоркі вандроўныя, якіх трымае морак цемрыва навекі.

14 Пра іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: вось, ідзе Гасподзь з процьмаю сьвятых анёлаў Сваіх -

15 чыніць суд над усімі і выкрыць усіх сярод іх бязбожных ва ўсіх справах, якія ад бязбожнасьці іхняй, і за ўсе жорсткія словы, якімі ганілі Яго бязбожныя грэшнікі.

16 Гэта - наракальнікі, нічым не задаволеныя, што ходзяць у сваіх пажадлівасьцях (бязбожна і беззаконна); вусны іхнія вымаўляюць пыхлівыя словы; і зважаюць на асобы з карысьлівасьці.

17 Але вы, любасныя, памятайце прадказанае апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста;

18 яны казалі вам, што апошнім часам зьявяцца агуднікі, якія будуць хадзіць у сваіх бязбожных пахацінствах.

19 Гэта - людзі, якія адлучаюць сябе (ад адзінства веры), душэўныя, але бяз духу.

20 А вы, любасныя, будуючыся на найсьвяцейшай веры нашай, молячыся Духам Сьвятым,

21 захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы міласьці ад Госпада нашага Ісуса Хрыста, на вечнае жыцьцё;

22 і да адных будзьце літасьцівыя, з разважлівасьцю;

23 а другіх страхам ратуйце, вырываючы з вагню, выкрывайце са страхам, пагарджаючы нават вопраткаю, якая апаганена целам.

24 А Таму, Хто можа захаваць вас ад падзеньня і паставіць перад славаю Сваёю беспахібнымі ў радасьці,

25 адзінаму, самаму мудраму Богу, Збаўцу нашаму празь Ісуса Хрыста Госпада нашага, слава: веліч, сіла і ўлада перад усімі вякамі, сёньня і ўсявечна. Амін.

 

Пасланьне Да Рымлянаў Сьвятога Апостала Паўла

 

Разьдзел 1

 

1 Павал, раб Ісуса Хрыста, пакліканы апостал, выбраны на зьвеставаньне Божае,

2 якое Бог раней абяцаў праз прарокаў Сваіх, у сьвятых пісаньнях,

3 пра Сына Свайго, Які нарадзіўся ад семені Давідавага па плоці

4 і адкрыўся Сынам Божым у сіле, духам сьвятасьці, праз уваскрэсеньне зь мёртвых, празь Ісуса Хрыста Госпада нашага,

5 празь Якога мы атрымалі мілату і апостальства, каб несьці паслушэнства веры дзеля імя Ягонага ва ўсіх народах,

6 сярод якіх і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом, -

7 усім умілаванцам Божым у Рыме, пакліканым сьвятым: мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

8 Найперш за ўсё дзякую Богу майму празь Ісуса Хрыста за ўсіх вас, што вера вашая абвяшчаецца па ўсім сьвеце;

9 сьведка мне Бог, Якому служу духам маім у зьвеставаньні Сына Ягонага, што бесьперастанку ўспамінаю пра вас,

10 заўсёды просячы ў малітвах маіх, каб воля Божая хоць цяпер паспрыяла мне прыйсьці да вас,

11 бо я вельмі прагну ўбачыць вас, каб падаць вам які дар духоўны на ўмацаваньне вашае,

12 гэта значыцца, суцешыцца з вамі верай супольнаю, вашаю і маёю.

13 Не хачу, браты, утойваць ад вас, што я многа разоў мерыўся прыйсьці да вас, - але сустракаў перашкоды аж да гэтай пары, - каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў.

14 Я даўжнік і Элінам і варварам, мудрацам і неразумным;

15 дык вось, што да мяне, я гатовы зьвеставаць і вам, жыхарам Рыма.

16 Бо я не саромеюся зьвеставаньня Хрыстовага, бо яно ёсьць сіла Божая на збавеньне ўсякаму веруючаму, па-першае Юдэю, потым і Эліну.

17 Бо ў ім адкрываецца праўда Божая ад веры ў веру, як напісана: «праведны вераю жыць будзе».

18 Бо адкрываецца гнеў Божы зь неба на ўсякую бязбожнасьць і няпраўду людзей, якія ўціскаюць ісьціну няпраўдаю;

19 бо, што можна ведаць пра Бога, ёсьць яўнае ім, таму што Бог явіў ім;

20 бо нябачнае ў Ім, вечная сіла Ягоная і боскасьць, ад стварэньня сьвету праз сузіраньне тварэньняў бачныя, так што яны ня маюць выбачэньня.

21 Але як што яны, спазнаўшы Бога, не праславілі Яго як Бога, і не падзякавалі, а змарнаваліся ў развагах розуму свайго, і запамрочылася неразумнае іхняе сэрца:

22 называючы сябе мудрымі, здурнелі,

23 і славу нятленнага Бога зьмянілі на падабенства вобраза прахлага чалавека, і птушак, і чатырногаў, і гадаў, -

24 дык і аддаў іх Бог у пахацінствах сэрцаў іхніх нячыстасьці, так што яны апаганьвалі самі свае целы;

25 яны падмянілі ісьціну Божую на ману і пакланяліся і служылі стварэньню замест Творцы, які дабраславёны навекі, амін.

26 Таму аддаў іх Бог ганебным пажадам: жанчыны іхнія замянілі прыроднае паяднаньне на супрацьпрыроднае;

27 гэтак сама і мужчыны, занядбаўшы прыроднае паяднаньне з жаночым полам, распальваліся пахацінствам сваім адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах чынілі сорам і атрымлівалі самі ў сабе расплату за сваю аблуду.

28 І як што яны не стараліся мець Бога ў розуме, дык аддаў іх Бог розуму перавернутаму - чыніць непатрэбшчыну,

29 так што яны поўныя ўсялякай няпраўды, распусты, зламыснасьці, ліхазьдзірства, злосьці, поўныя зайздрасьці, душагубства, звады, ашуканства, ліхадушнасьці,

30 яны паклёпнікі, хлусы, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, пыхліўцы, вынаходлівыя на зло, бацькам непакорлівыя,

31 неразумныя, вераломныя, нлюбы, няпрымірцы, нелітасьціўцы.

32 Яны ведаюць праведны вырак Божы, што тыя, якія чыняць такое, вартыя сьмерці; аднак жа ня толькі гэта робяць, але і сабе падобных падахвочваюць.

 

Разьдзел 2

 

1 Вось таму няма апраўданьня табе, кожны чалавеча, што судзіш другога; бо тым самым судом, якім судзіш другога, асуджаеш сам сябе; бо, асуджаючы другога, робіш тое самае.

2 А мы ведаем, што паводле ісьціны ёсьць суд Божы на тых, што такое чыняць.

3 Няўжо думаеш ты, чалавеча, што ўнікаеш суду Божага, калі асуджаеш тых, якія ўчыняюць такое, і сам робячы тое самае?

4 Альбо пагарджаеш багацьцем даброці, лагоднасьці і вялікай цярплівасьці Божай, не разумеючы, што даброць Божая вядзе цябе да пакаяньня?

5 Але, з упартасьці тваёй і нераскаянага сэрца ты сам сабе зьбіраеш гнеў на дзень гневу і абвяшчэньня праведнага суду ад Бога,

6 Які кожнаму аддасьць паводле дзеяў ягоных:

7 тым, якія ўвесь час ў добрых дзеях шукаюць славы, гонару і бесьсьмяротнасьці, - жыцьцё вечнае;

8 а тым, якія ўпарцяцца і супрацівяцца ісьціне, ды аддаюцца няпраўдзе, - лютасьць і гнеў.

9 Смутак і скруха ўсякай душы чалавека, які чыніць ліхое: першаму Юдэю, потым і Эліну!

10 Наадварот жа, слава і гонар і мір кожнаму, хто робіць добрае: першаму Юдэю, потым і Эліну!

11 Бо няма прывабы да асобы ў Бога.

12 Тыя, што без закона зграшылі, без закона і загінуць; а тыя, якія ў законе зграшылі, паводле закона прымуць суд,

13 бо не слухачы закона праведныя перад Богам, а выканаўцы закона апраўданы будуць;

14 бо, калі язычнікі, ня маючы закона, ад прыроды законнае робяць, дык, ня маючы закона, яны самі сабе закон:

15 яны паказваюць, што дзеі закона ў іх напісаны ў сэрцах, пра што сьведчыць сумленьне іхняе і думкі іхнія, якія то вінавацяць, то апраўдваюць адна адну,

16 у дзень, калі паводле зьвеставаньня майго, Бог будзе судзіць таемныя дзеі людзей празь Ісуса Хрыста.

17 Вось, ты называешся Юдэем, і супакойваеш сябе законам, і хвалішся Богам,

18 і ведаеш волю Ягоную, і разумееш лепшае, навучаючыся з закона,

19 і ўпэўнены пра сябе, што ты павадыр сьляпым, сьвятло тым, што ходзяць у цемры, -

20 выхавальнік неразумным, настаўнік дзецям, які мае ўзор розуму і ісьціны ў законе:

21 як жа ты, навучаючы другога, ня вучыш сябе самога?

22 Прапаведуючы ня красьці, крадзеш? кажучы: не распусьнічай, распусьнічаеш? грэбуючы ідаламі, рабуеш сьвятыні?

23 хвалішся законам, а, пераступаючы закон, зьневажаеш Бога?

24 бо дзеля вас, як напісана, імя Божае ганьбуецца ў язычнікаў.

25 Абразаньне карыснае, калі выконваеш закон; а калі ты пераступаеш закон, дык абразаньне тваё сталася неабразаньнем.

26 Дык вось, калі неабразанец выконвае пастановы закона, дык ягонае неабразаньне ці не залічыцца яму за абразаньне?

27 І неабрэзаны ад прыроды, які выконвае закон, ці не асудзіць цябе, пераступніка закона зь Пісаньнем і абразаньнем?

28 Бо ня той Юдэй, хто такі з выгляду, і ня тое абразаньне, якое вонкавае, на плоці;

29 а той Юдэй, хто ўнутрана такі, і тое абразаньне, якое ў сэрцы паводле Духа, а не паводле літары: яму і пахвала не ад людзей, а ад Бога.

 

Разьдзел 3

 

1 Дык вось, у чым жа перавага быць Юдэем, альбо якая карысьць ад абразаньня?

2 Вялікая, ва ўсіх праявах, а найперш у тым, што ім даверана слова Божае.

3 Бо што ж? калі некаторыя ня верылі, хіба ж няверства іхняе зьнішчыць вернасьць Божую?

4 Зусім не. Бог верны, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: «Ты праведны ў словах Тваіх і пераможаш, у судзе Тваім».

5 А калі нашая няпраўда выяўляе праўду Божую, дык што скажам? няўжо будзе Бог несправядлівы, калі паказвае гнеў? - кажу, па-чалавечы разважаючы.

6 Зусім не. Бо як жа тады Богу судзіць сьвет?

7 Бо, калі вернасьць Божая ўзвышаецца маёю нявернасьцю на славу Божую, завошта яшчэ мяне ж судзіць, як грэшніка?

8 І ці ж не рабіць нам зло, каб выйшла на дабро, як некаторыя ўпікаюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Справядлівы суд на такіх.

9 Дык што ж? ці маем мы перавагу? Зусім не; бо мы ўжо даказалі, што як Юдэі, так і Эліны, усе пад грэхам,

10 як напісана: «няма праведнага аніводнага;

11 няма, хто разумеў бы; няма, хто Бога шукаў бы;

12 усе зьбіліся з тропу, нягодныя сталіся ўсе: няма, хто тварыў бы дабро, няма аніводнага».

13 Горла іхняе - дамавіна адчыненая, лісьлівяць яны языком; атрута асьпідаў у іх на губах;

14 вусны ў іх поўныя ліхаслоўя і горычы.

15 Ногі ў іх борздыя на праліваньне крыві;

16 разбурэньне і згубнасьць на іхніх дарогах;

17 яны ня ведаюць шляхоў міру.

18 Няма страху Божага перад вачамі ў іх».

19 А мы ведаем, што закон, калі што гаворыць, гаворыць да тых, хто пад законам, так што замыкаюцца ўсякія вусны, і ўвесь сьвет робіцца вінаваты перад Богам,

20 бо дзеямі закона не апраўдаецца перад Ім ніякая плоць; бо законам спазнаецца грэх.

21 Але сёньня, незалежна ад закона, зьявілася праведнасьць Божая, пра якую сьведчаць закон і прарокі,

22 праведнасьць Божая празь веру ў Ісуса Хрыста ва ўсіх і на ўсіх вернікаў; бо няма розьніцы,

23 бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай,

24 атрымліваючы апраўданьне дарам, паводле мілаты Ягонай, адкупленьнем у Ісусе Хрысьце,

25 Якога Бог прынёс у ахвяру ўмілажальваньня ў Крыві Ягонай празь веру, для паказу справядлівасьці Ягонай ў дараваньні грахоў, учыненых раней,

26 у доўгім цярпеньні Божым, для паказу српавядлівасьці Ягонай ў сёньняшні час, - хай зьявіцца Ён справядлівы і апраўдае таго, хто веруе ў Ісуса.

27 Дзе ж тое, чым пахваліцца? зьнішчана. Якім законам? законам учынкаў? Не, а законам веры.

28 Бо мы прызнаём, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад дзеяў закона.

29 Няўжо Бог ёсьць Бог Юдэяў толькі, а не й язычнікаў? Вядома, і язычнікаў;

30 бо адзін Бог, Які апраўдае абрэзаных па веры і неабрэзаных празь веру.

31 Дык вось, ці ж мы не касуем закон вераю? Зусім не; а сьцьвярджаем закон.

 

Разьдзел 4

 

1 Што ж, скажам, Абрагам, бацька наш, набыў па плоці?

2 Калі Абрагам апраўдаўся дзеямі, ён мае пахвалу, але не перад Богам.

3 Бо што кажа Пісаньне? «Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць».

4 Плата працаўніку залічваецца не зь мілаты, а з абавязку;

5 а таму, хто не працуе, а верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца ў праведнасьць.

6 Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад дзеяў:

7 «дабрашчасныя, каму беззаконьні дараваныя і чые грахі пакрытыя;

8 дабрашчасны той чалавек, якому Гасподзь не залічыць грэху».

9 Дабрашчаснасьць гэтая датычыцца абразаньня, ці неабразаньня? Мы кажам, што Абрагаму вера залічылася ў праведнасьць.

10 Калі залічылася? пасьля абразаньня ці да абразаньня? Не пасьля абразаньня, а да абразаньня.

11 І знак абразаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці празь веру, якую меў у неабразаньні, так што ён стаўся бацькам усіх веруючых у неабразаньні, каб і ім залічылася праведнасьць,

12 і бацькам абрэзаных, ня толькі тых, што прынялі абразаньне, але і тых, што ходзяць па сьлядах веры бацькі нашага Абрагама, якую меў ён у неабразаньні.

13 Бо не законам дадзена Абрагаму, альбо семені ягонаму, абяцаньне - быць спадкаемцам сьвету, а праведнасьцю веры.

14 Калі спадкаемцы тыя, што сьцьвярджаюцца на законе, дык марная вера, нячыннае абяцаньне;

15 бо закон творыць гнеў, таму што дзе няма закона, няма і парушэньня.

16 Такім чынам па веры, каб было зь літасьці, каб абяцаньне было неадменнае ўсім, ня толькі па законе, але і па веры нашчадкаў Абрагама, які ёсьць бацька ўсім нам, -

17 як напісана: «Я паставіў цябе бацькам многіх народаў», - перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае, як існае.

18 Ён звыш надзеі, паверыў з надзеяй, праз што зрабіўся бацькам многіх народаў, згодна са сказаным: «Такое шматлікае будзе семя тваё».

19 І, не зьнямогшыся ў веры, ён ня думаў, што цела ягонае, амаль стогадовага, ужо зьмярцьвела, і нутроба Сарыная ў зьмярцьвеньні;

20 не пахіснуўся ў абяцаньні Божым недавярствам, а застаўся цьвёрды ў веры, узьнёсшы славу Богу,

21 і будучы добра ўпэўнены, што Ён мае сілу выканаць абяцанае.

22 Таму і залічылася яму ў праведнасьць.

23 А што залічана было яму, напісана ня толькі яму аднаму,

24 але і нам: залічыцца і нам, што веруюць у Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса (Хрыста), Госпада нашага,

25 Які прададзены за грахі нашыя і ўваскрэс дзеля апраўданьня нашага.

 

Разьдзел 5

 

1 Дык вось, апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,

2 празь Якога вераю і атрымалі мы доступ да той мілаты, у якой стаім і хвалімся надзеяю на славу Божую.

3 І ня гэтым толькі, але хвалімся і жальбамі, ведаючы, што ад жальбы ідзе цярплівасьць,

4 ад цярплівасьці дасьведчанасьць, ад дасьведчанасьці надзея,

5 а надзея не ганьбуе, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя Духам Сьвятым, Які дадзены нам.

6 Бо Хрыстос, калі яшчэ мы былі нямоглыя, ва ўстаноўлены час памёр за бязбожнікаў.

7 Бо наўрад ці хто памрэ за праведніка; хіба што за дабрачынца, магчыма, хто і адважыцца памерці.

8 А Бог Сваю любоў даказвае нам тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікі, Хрыстос памёр за нас.

9 Таму тым болей цяпер, калі мы апраўданыя Крывёю Ягонаю, ратуемся Ім ад гневу.

10 Бо калі мы, будучы ворагамі, прымірыліся з Богам сьмерцю Сына Ягонага, дык тым болей, прымірыўшыся, уратуемся жыцьцём Ягоным;

11 і мала таго, але і хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, празь Якога мы атрымалі цяпер прымірэньне.

12 А таму, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх - сьмерць, так і сьмерць перайшла ва ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі.

13 Бо і да закона грэх быў у сьвеце; але грэх не залічваецца, калі няма закона.

14 Аднак жа сьмерць панавала ад Адама да Майсея і над тымі, якія не зграшылі падобна правіннасьці Адама, які ёсьць вобраз будучага,

15 але дар мілаты ня як правіна. Бо праз правіну аднаго памерлі многія, дык тым больш мілата Божая і дар празь мілату аднаго Чалавека, Ісуса Хрыста, шчодра красуюць для многіх.

16 І дар ня як суд за аднаго грэшніка; бо суд за адну правіну прыносіць асуду, а дар мілаты за многія правіны - апраўданьне.

17 Бо калі за правіну аднаго сьмерць панавала праз аднаго, дык тым болей тыя, што прымаюць шчадроты мілаты і дар праведнасьці, будуць панаваць у жыцьці праз адзінага Ісуса Хрыста.

18 Вось таму, як праз правіну аднаго ўсім людзям асуда, так і праз праведнасьць аднаго ўсім людзям апраўданьне да жыцьця.

19 Бо, як празь непаслушэнства аднаго чалавека зрабіліся многія грэшнікамі, так і праз паслушэнства аднаго стануць праведнымі многія.

20 А закон прыйшоў пасьля, і так памножыліся правіны. А калі памножыўся грэх, шчодра закрасавала мілата,

21 каб, як грэх панаваў дзеля сьмерці, так і мілата запанавала праз праведнасьць дзеля жыцьця вечнага Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.

 

Разьдзел 6

 

1 Што ж скажам? ці заставацца нам у грэху, каб памножылася мілата? Зусім не.

2 Мы памерлі для грэху: як жа нам жыць у ім?

3 Няўжо ня ведаеце, што ўсе мы, хрышчаныя ў Ісуса Хрыста, у сьмерць Ягоную хрысьціліся?

4 Дык вось, мы і пахаваныя зь Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрэс зь мёртвых славаю Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцьці.

5 Бо калі мы паяднаныя зь Ім падабенствам сьмерці Ягонай, дык павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрэсеньня,

6 ведаючы тое, што даўні наш чалавек крыжаваны зь ім, каб зьнішчылася цела грэшнае, каб нам ня быць ужо рабамі грэху;

7 бо, хто памёр, той вызваліўся ад грэху.

8 Калі ж мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што і жыць будзем зь Ім,

9 ведаючы, што Хрыстос, уваскрэсшы зь мёртвых, ужо ня ўмірае: сьмерць ужо ня мае над Ім улады.

10 Бо, што Ён памёр, дык памёр раз назаўсёды для грэху, а што жыве, дык жыве дзеля Бога.

11 Гэтак сама і вы лічэце сябе мёртвымі для грэху, а жывымі дзеля Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.

12 Дык вось, хай не пануе грэх у сьмяротным вашым целе, каб вам слухацца яго ў пажадах ягоных;

13 і не аддавайце чэлесаў вашых грэху як прыладу няправеднасьці, а аддайце сябе Богу як паўсталых зь мёртвых, і чэлесы вашыя Богу як прылады праведнасьці.

14 Грэх не павінен над вамі валадарыць, бо вы не пад законам, а пад мілатою.

15 Што ж? ці будзем грашыць таму, што мы не пад законам, а пад мілатою? Зусім не!

16 Няўжо вы ня ведаеце, што, каму вы аддаяце сябе ў рабы на паслушэнства, таго вы і рабы, каго слухаецеся, альбо рабы грэху сьмерці, альбо паслушэнства на праведнасьць?

17 Дзякаваць Богу, што вы, якія раней былі рабамі грэху, ад сэрца сталіся паслухмяныя таму вобразу вучэньня, якому аддалі сябе.

18 А вызваліўшыся ад грэху, вы зрабіліся рабамі праведнасьці.

19 Кажу паводле развагі людзкое, дзеля немачы плоці вашай. Як прадавалі вы чэлесы вашыя ў рабы нячыстасьці і беззаконьню на дзеі беззаконныя, так зараз аддайце чэлесы вашыя ў рабы праведнасьці на дзеі сьвятыя.

20 Бо, калі вы былі рабамі грэху, тады былі вольныя ад праведнасьці.

21 Які ж плён мы мелі тады? такія дзеі, якіх сёньня самі саромеецеся, бо канец іхні - сьмерць.

22 А сёньня, калі вы вызваліліся з грэху і сталіся рабамі Богу, плён ваш ёсьць сьвятасьць, а канец - жыцьцё вечнае.

23 Бо расплата за грэх - сьмерць, а дар Божы - жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.

 

Разьдзел 7

 

1 Хіба вы ня ведаеце, браты, - бо кажу тым, хто абазнаны ў законе, - што закон мае ўладу над чалавекам, пакуль чалавек жывы?

2 Замужняя жанчына прывязана законам да жывога мужа; а калі памрэ муж, яна вызваляецца ад закона замужжа.

3 А таму, калі пры жывым мужы яна выйдзе за другога, будзе называцца пералюбніцаю; а калі памрэ муж, яна вольная ад закона і ня будзе пералюбніцаю, як выйдзе за другога мужа.

4 Гэтак і вы, браты мае, памерлі для закона Целам Хрыстовым, каб належаць Іншаму, Уваскрэсламу зь мёртвых, каб прынесьлі мы плод Богу.

5 Бо, калі мы жылі целам, тады шалы грахоўныя, што выяўляюцца праз закон, дзейнічалі ў чэлесах нашых, каб прыносіць плод сьмерці;

6 а цяпер, памершы для закона, якім былі зьвязаныя мы вызваліліcя зь яго, каб служыць (Богу) на абнаўленьне ў духу, а не паводле старой літары.

7 Што ж скажам? няўжо ад закона грэх? Зусім не; але я ня інакш спазнаў грэх, як праз закон, бо я не разумеў бы і жаданьня, калі б закон не ўказаў: не пажадай.

8 Але грэх, узяўшы прычыну з запаведзі, абудзіў ува мне розныя жаданьні; бо без закона грэх мёртвы.

9 Я жыў калісьці без закона; але калі прыйшла запаведзь, дык грэх ажыў,

10 а я памёр; і такім чынам запаведзь на жыцьцё паслужылася мне на сьмерць,

11 бо грэх, узяўшы прычыну з запаведзі, увёў мяне ў спакусу і забіў ёю.

12 Таму закон сьвяты, і запаведзь сьвятая і праведная і добрая.

13 Дык вось, няўжо добрае зрабілася мне сьмертаносным? Зусім не; але грэх, які выявіўся грэхам, бо праз добрае нясе мне сьмерць, так што грэх робіцца занадта грэшным праз запаведзь.

14 Бо мы ведаем, што закон - духоўны, а я плоцкі, прададзены грэху.

15 Бо не разумею, што раблю; таму што ня тое раблю, што хачу, а што ненавіджу, тое раблю.

16 А калі раблю тое, чаго не хачу, дык згаджаюся з законам, што ён добры,

17 а таму ўжо ня я раблю тое, а грэх, які жыве ўва мне.

18 Бо ведаю, што ня жыве ўва мне, гэта значыцца, у плоці маёй, добрае; бо жадаць дабра я магу, а рабіць яго - не.

19 Добрага, якога хачу, не раблю, а ліхое, якога не хачу, раблю.

20 А калі раблю тое, чаго не хачу, дык ужо ня я раблю тое, а грэх, які жыве ўва мне.

21 Дык вось, я знаходжу закон: што, калі хачу рабіць добрае, ува мне сядзіць благое;

22 бо ва ўнутраным чалавеку я маю задавальненьне ад закона Божага,

23 а ў чэлесах маіх бачу іншы закон, які ваюе супроць закона розуму майго і робіць мяне палонным закона грахоўнага, які ў чэлесах маіх.

24 Няшчасны я чалавек! хто вызваліць мяне ад гэтага цела сьмерці?

25 Дзякую Богу (майму) празь Ісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык вось, сам я служу розумам закону Божаму, а плоцьцю - закону грахоў.

 

Разьдзел 8

 

1 Такім чынам - няма сёньня ніякай асуды тым, хто ў Ісусе Хрысьце жыве не паводле плоці, а паводле духу,

2 бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закона грэху і сьмерці.

3 Як закон, аслаблены плоцьцю, быў бясьсільны, дык Бог паслаў Сына Свайго ў падабенстве плоці грахоўнай у ахвяру за грэх, і асудзіў грэх у плоці,

4 каб апраўданьне закона спраўдзілася ў нас, хто не паводле плоці жыве, а паводле Духа.

5 Бо, хто жыве паводле плоці, пра плоцкае думае, а хто жыве паводле Духа - пра духоўнае.

6 Помыслы плоцкія - сьмерць, а помыслы Духа - жыцьцё і мір,

7 бо помыслы плоці - гэта варожасьць да Бога; бо закону Божаму не ўпакорваюцца, ды і ня могуць.

8 А таму тыя, што жывуць паводле плоці, Богу дагадзіць ня могуць.

9 Але вы не паводле плоці жывяце, а паводле Духа, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той не Ягоны.

10 А калі Хрыстос у вас, дык цела мёртвае для грэху, а дух жывы для праведнасьці.

11 Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса, жыве ў вас, дык Той, хто ўваскрэсіў Хрыста зь мёртвых, ажывіць і вашыя сьмяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас.

12 Дык вось, браты, мы не даўжнікі плоці, каб жыць паводле плоці;

13 бо, калі жывяце паводле плоці, дык памраце, а калі Духам нішчыце ўчынкі плоцкія, жыць будзеце;

14 бо ўсе, каго водзіць Дух Божы, - сыны Божыя;

15 бо вы не прынялі Духа рабства, каб зноў жыць у страху, а прынялі Духа ўсынаўленьня, Якім заклікаем: Авва, Войча!

16 Гэты самы Дух сьведчыць духу нашаму, што мы - дзеці Божыя.

17 А калі дзеці, дык і спадкаемцы Божыя, супольныя спадкаемцы Хрыстовыя, калі толькі зь Ім пакутуем, каб зь Ім і праславіцца.

18 Бо думаю, што цяперашнія часовыя пакуты нічога ня вартыя ў параўнаньні з тою славаю, якая адкрыецца ў нас.

19 Бо стварэньне з надзеяй чакае сыноў Божых, -

20 таму што стварэньне скарылася марнасьці не па добрай волі, а па волі таго, хто ўпакорыў (яго), спадзяючыся,

21 што і само стварэньне вызвалена будзе з рабства тленьня ў свабоду славы дзяцей Божых.

22 Бо ведаем, што ўсе стварэньні енчаць і пакутуюць дагэтуль;

23 і ня толькі яны, але і мы самі, маючы пачатак Духа, і мы ў сабе енчым, чакаючы ўсынаўленьня, адкупленьня цела нашага.

24 Бо мы ўратаваныя праз надзею. А надзея, калі бачыць, ня ёсьць надзея; бо, калі хто бачыць, дык навошта ж яму і спадзявацца?

25 Але калі спадзяёмся на тое, чаго ня бачым, тады чакаем цярпліва.

26 Гэтак сама і Дух мацуе (нас) у нямогласьцях нашых; бо мы ня ведаем, за што маліцца, як трэба, а Сам Дух заступаецца за нас уздыханьнямі нявымоўнымі.

27 А Той, Хто выпрабоўвае сэрцы, ведае, якая думка ў Духа, бо Ён рупіцца за сьвятых, па волі Божай.

28 Пры гэтым ведаем, што тым, хто любіць Бога, хто пакліканы па Ягонай пастанове, усё спрыяе на добрае;

29 бо каго Ён наперад уведаў, тым і наканаваў (быць) падобнымі да вобраза Сына Свайго, каб Ён быў першародны сярод многіх братоў;

30 а каго Ён наканаваў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і ўславіў.

31 Што ж сказаць на гэта? Калі Бог за нас, хто супроць нас?

32 Той, Хто Сына Свайго не пашкадаваў, а аддаў Яго за ўсіх нас, як зь Ім не даруе нам і ўсяго?

33 Хто будзе вінаваціць выбранцаў Божых? Бог апраўдае іх.

34 Хто асуджае? Хрыстос (Ісус) памёр, але і ўваскрэс: Ён і праваруч Бога, Ён і заступнік за нас.

35 Хто адлучыць нас ад любові Божай: скруха, ці ўціск, ці ганеньне, ці голад, ці галеча, ці небясьпека, ці меч? як напісана:

36 «за Цябе забіваюць нас кожнага дня; лічаць нас за авечак, на зарэз асуджаных».

37 Але ўсё гэта пераадольваем сілаю Таго, Хто палюбіў нас.

38 Бо я ўпэўнены, што ні сьмерць, ні жыцьцё, ні анёлы, ні Пачаткі, ні Сілы, ні сёньняшняе, ні будучае,

39 ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэньне ня можа адлучыць нас ад любові Божай у Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.

 

Разьдзел 9

 

1 Праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым,

2 што вялікі мне смутак і няспынная болесьць сэрцу майму:

3 я хацеў бы сам быць адлучаны ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па плоці;

4 гэта азначае, Ізраільцян, якім належаць усынаўленьне і слава, і запаветы і заканадаўства, і набажэнства і абяцаньні;

5 іхнія і бацькі, і ад іх Хрыстос па плоці, існы над ўсім Бог, дабраславёны навекі, амін.

6 Але ня тое, каб слова Божае ня спраўдзілася. Бо ня ўсе тыя Ізраільцяне, якія ад Ізраіля,

7 і ня ўсе дзеці Абрагамавыя, якія ад семені ягонага; а (сказана): «у Ісааку назавецца табе семя».

8 Гэта значыцца, ня плоцкія дзеці - дзеці Божыя; а дзеці абяцаньня прызнаюцца за семя.

9 А слова абяцаньня такое: «у гэты самы час прыйду, а ў Сары будзе сын».

10 І не адно гэта; а гэтак сама было і з Рэбэкаю, калі яна зачала ў адзін час двух сыноў ад Ісаака, бацькі нашага;

11 бо калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага альбо благога (каб у пастанове Бог быў вольны выбіраць

12 залежна не ад учынкаў, а ад Таго, Хто кліча), - сказана было ёй: «большы будзе ў паслужэньні ў меншага»,

13 як і напісана: «Якава Я палюбіў, а Ісава зьненавідзеў».

14 Што ж скажам? Няўжо несправядлівасьць у Бога? Зусім не!

15 Бо Ён кажа Майсею: «каго мілаваць, памілую; каго шкадаваць, пашкадую».

16 Дык вось, памілаваньне залежыць не ад таго, хто хоча і імкнецца, а ад Бога, Які мілуе.

17 Бо Пісаньне кажа фараону: «На тое Я і паставіў цябе, каб паказаць над табою сілу Маю, і каб прапаведана было імя Маё па ўсёй зямлі».

18 Дык вось, каго хоча, мілуе; а каго хоча, робіць жорсткім.

19 Ты скажаш мне: за што ж яшчэ дакарае? Бо хто ўсупрацівіцца волі Ягонай?

20 А ты хто, чалавеча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа творыва творцу: навошта ты мяне так зрабіў?

21 Ці ж ня мае ганчар улады над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адзін посуд на ганаровае ўжываньне, а другі - на буднае?

22 Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў і явіць магутнасьць Сваю, зь вялікай і доўгай цярплівасьцю пераносіў сасуды гневу, угатаваныя на пагібель,

23 каб разам выявіць багацьце славы Сваёй над посудамі міласэрнасьці, якія Ён падрыхтаваў для славы, -

24 над намі, каго Ён паклікаў ня толькі зь Юдэяў, але і зь язычнікаў?

25 Як і ў Асіі кажа: «ня Мой народ назаву Маім народам, і не каханую каханаю».

26 І на тым месцы, дзе сказана ім: «вы ня Мой народ, там названыя будуць сынамі Бога жывога».

27 А Ісая ўсклікае пра Ізраіля: «хай хоць будуць сыны Ізраіля лікам, як пясок марскі, толькі рэшта ўратуецца;

28 бо дзею заканчвае і скора вырашыць па праўдзе, дзею рашучую ўчыніць Гасподзь на зямлі»

29 і як прадказаў Ісая: «калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам семені, мы зрабіліся б, як Садома, і былі б падобныя да Гаморы».

30 Што ж скажам? Што язычнікі, якія ня шукалі праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць ад веры;

31 а Ізраіль, які шукаў закона праведнасьці, не дайшоў да закона праведнасьці.

32 Чаму? Таму, што шукалі ня ў веры, а ў дзеях закона; бо спатыкнуліся аб камень спатыкненьня,

33 як напісана: «вось, кладу ў Сыёне камень спатыкненьня і скалу панады; і хто верыць у Яго, не пасароміцца».

 

Разьдзел 10

 

1 Браты! упадабаньне майго сэрца і малітва да Бога за Ізраіля на збавеньне.

2 Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, а не паводле розуму.

3 Бо, не разумеючы Божай праведнасьці і імкнучыся паставіць сваю праведнасьць, яны не скарыліся праведнасьці Божай;

4 бо канец закона - Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму веруючаму.

5 Майсей піша пра праведнасьць ад закона: «чалавек, які яго выконвае, жыць будзе ім».

6 А праведнасьць ад веры так кажа: «не кажы ў сэрцы тваім: хто ўзыдзе на неба?» - каб Хрыста зьвесьці;

7 альбо: «хто сыдзе ў бездань?» - каб Хрыста зь мёртвых узьвесьці.

8 А што кажа Пісаньне? «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім» - слова веры, якое прапаведуем.

9 Бо калі вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Ісуса за Госпада і сэрцам тваім верыць, што Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых, ты выратуешся;

10 бо сэрцам вераць дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнаюць на збавеньне.

11 Бо Пісаньне кажа: «кожны, хто верыць у Яго, не пасаромлены будзе».

12 Тут няма розьніцы паміж Юдэем і Элінам, бо адзін Гасподзь ва ўсіх, шчодры да ўсіх, хто Яго заклікае.

13 Бо «кожны, хто пакліча імя Госпада, уратуецца».

14 Але як паклікаць Таго, у Каго ня ўверавалі? як верыць у Таго, пра Каго ня чулі? як пачуць без прапаведніка?

15 І як прапаведаваць, калі ня будзе пасланых? як напісана: «якія прыгожыя ногі ў вястуноў міру, вястуноў добрай весткі!»

16 Але ня ўсе паслухаліся зьвеставаньня. Бо Ісая кажа: «Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас?»

17 Такім чынам, вера ад слуханьня, а слуханьне - ад слова Божага.

18 Але пытаюся: хіба яны ня чулі? Наадварот, «па ўсёй зямлі прайшоў голас іхні, і да межаў сусьвету іхнія словы».

19 Яшчэ пытаюся: хіба Ізраіль ня ведаў? Першы кажа Майсей: «Я ўзбуджу ў вас рупнасьць не народам, раздражню вас народам бязглуздым».

20 А Ісая сьмела маўляе: «Мяне знайшлі тыя, хто ня шукаў Мяне, Я адкрыўся тым, хто ня пытаўся пра Мяне».

21 А пра Ізраіля кажа: «цэлы дзень Я працягваў рукі Мае да люду няслухмянага і ўпарцістага».

 

Разьдзел 11

 

1 Дык вось пытаюся: няўжо Бог адкінуў народ Свой? Зусім не. Бо і я Ізраільцянін, ад семені Абрагамавага, з роду Веньямінавага.

2 Не адкінуў Бог народу Свайго, які Ён наперад ведаў. Хіба ня ведаеце, што кажа Пісаньне пра Ільлю? Як ён скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы:

3 «Госпадзе! прарокаў Тваіх забілі, ахвярнікі Твае зруйнавалі; застаўся я адзін, і маёй душы шукаюць».

4 Што ж кажа яму (Божы) адказ? «Я захаваў Сабе сем тысяч чалавек, якія ня схілілі каленяў перад Ваалам».

5 Так і ў сёньняшні час, пасьля выбраньня мілаты, захавалася рэшта.

6 Але, калі паводле мілаты, дык не паводле дзеяў; інакш мілата ня была б ужо мілатою. А калі паводле дзеяў, дык гэта ўжо не мілата; інакш дзея ня ёсьць ужо дзея.

7 А што? Ізраіль, чаго шукае, таго не атрымаў; а выбраныя атрымалі, а астатнія ажарсьцьвелі,

8 як напісана: «Бог даў ім дух усыпленьня, вочы, якімі ня бачаць, і вушы, якімі ня чуюць, аж да гэтага дня».

9 І Давід кажа: «хай будзе трапеза іхняй сеткай, цянётамі і пятлёю на расплату ім;

10 хай запамрочацца іхнія вочы, каб ня бачылі, і хрыбет іхні хай сагнецца назаўсёды».

11 І вось, я пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся, каб зусім упасьці? Зусім не! Але ад іхняга падзеньня выратаваньне язычнікам, каб абудзіць у іх рупнасьць.

12 Калі ж падзеньне іхняе - багацьце сьвету, і зьмізарненьне іхняе - багацьце язычнікам, дык тым большая паўната іхняя.

13 Вам кажу, язычнікам: як апостал язычнікаў, я праслаўляю служэньне маё;

14 ці не абуджу руплівасьць у братах маіх па плоці і ці не ўратую некаторых зь іх?

15 Бо, калі адкіданьне іх ёсьць замірэньне сьвету, дык што будзе прыняцьце, як ня жыцьцё зь мёртвых?

16 Калі пачатак сьвяты, дык і цэлае, і калі корань сьвяты, дык і вецьце.

17 Калі ж некаторыя галіны адламаліся, а ты, дзікая аліва, прышчапілася на месца іхняе і сталася супольніцай кораня і соку алівы,

18 дык не заносься перад галінамі; а калі заносішся, ведай, што ня ты корань трымаеш, а корань - цябе.

19 Скажаш: галіны адламаліся, каб мне прышчапіцца.

20 Добра. Яны адламаліся зь няверства, а ты трымаешся вераю; ня мудруй высока, а бойся.

21 Бо калі Бог не пашкадаваў прыродных галін, дык глядзі, ці пашкадуе цябе.

22 Дык вось бачыш даброць і строгасьць Божую: строгасьць да адпалых, а даброць да цябе, калі жыцьмеш у даброці Божай, інакш і ты будзеш адцяты.

23 Але і тыя, калі не застануцца ў няверстве, прышчэпяцца, бо Бог мае моц зноў прышчапіць іх.

24 Бо калі ты адцяты ад прыроднай дзічкі-алівы, і не па прыродзе прышчапіўся да высакароднай алівы, дык тым болей гэтыя прыродныя прышчэпяцца да сваёй алівы.

25 Бо не хачу пакінуць вас, браты, у патайноце гэтай (каб вы не задаваліся дужа сабою), што ажарсьцьвеньне спасьцігла Ізраіля часткова, да той пары, пакуль ня ўвойдуць усе язычнікі,

26 і так увесь Ізраіль уратуецца, як напісана: «прыйдзе з Сыёна Збаўца і адверне бязбожнасьць ад Якава;

27 і гэта запавет ім ад Мяне, калі здыму зь іх грахі іхнія».

28 Што да Дабравесьця, дык яны ворагі вам; а што да выбраньня любасьнікі Божыя ад бацькоў;

29 бо дары і пакліканьне Божае - адмяніць нельга.

30 Як і вы колісь былі нслухі ў Бога, а цяпер памілаваныя, празь непаслушэнства іхняе, -

31 так і яны цяпер неслухі на памілаваньне ваша, каб і самім быць памілаванымі.

32 Бо ўсіх замкнуў Бог у непаслушэнства, каб усіх памілаваць.

33 О, бездань багацьця і мудрасьці і веданьня Божага! якія неспасьцігальныя суды Ягоныя і недасьледныя шляхі Ягоныя!

34 «Бо хто спазанаў розум Гасподні? Або хто дарадца Яму?

35 Або хто даў Яму наперад, каб Ён мусіў аддаць?»

36 Бо ўсё зь Яго, празь Яго і да Яго. Яму слава навекі вякоў. Амін.

 

Разьдзел 12

 

1 І вось, прашу вас, браты, міласэрнасьцю Божай, аддавайце целы вашыя ў ахвяру жывую, сьвятую, Богу спадобную: на разумнае служэньне ваша;

2 і не прыстастоўвайцеся да веку гэтага, а пераўтварайцеся абнаўленьнем розуму вашага, каб вам спазнаваць што (ёсьць) воля Божая, добрая, прыемная і дасканалая.

3 Па дадзенай мне мілаце, кожнаму з вас кажу: ня думайце пра сябе больш, чым трэба думаць; а думайце сьціпла, у меру веры, якое кожнаму Бог удзяліў.

4 Бо як у адным целе ў нас многа чэлесаў, але не ва ўсіх чэлесаў адно і тое самае прызначэньне,

5 так і мы многія складаем адно цела ў Хрысьце, а паасобку адно аднаго чэлесы.

6 І як па дадзенай нам мілаце, маем розныя здольнасьці, дык, калі гэта прароцтва - прароч у згодзе зь вераю;

7 калі маеш служэньне, служы; калі настаўнік, вучы;

8 калі суцешнік, суцяшай; калі раздаеш, раздавай у шчырасьці; калі начальнік, начальнічай дбайна; калі дабрачынец - дабрачынь з прыязнасьцю.

9 Любоў хай будзе някрывадушная; цурайцеся зла, гарнецеся да дабра;

10 пяшчотна любеце адно аднаго братняю любоўю; пашанлівасьцю адно аднаго запабягайце;

11 у руплівасьці ня слабніце; духам успалымняйцеся; Госпаду служэце;

12 суцяшайцеся надзеяю, у смутку будзьце цярплівыя, у малітве трывалыя;

13 у патрэбах сьвятых бярэце ўдзел; дбайце пра гасьціннасьць да прышэльцаў;

14 дабраслаўляйце ганіцеляў вашых; дабраслаўляйце, а не праклінайце.

15 Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача.

16 Будзьце аднамысныя паміж сабою; ня мудруйце высока, а ідзеце сьледам за паслухмянымі; ня мройце пра сябе;

17 нікому не плацеце злом за зло, а дбайце пра добрае перад усімі людзьмі.

18 Калі можна, і ад вас тое залежыць, будзьце ў згодзе з усімі людзьмі.

19 Ня помсьціцеся за сябе, любасныя, а дайце месца гневу Божаму. Бо напісана: «Мне помста, Я адплачу», кажа Гасподзь.

20 Дык вось, калі твой вораг галодны, накармі яго; калі асьмяглы, напаі яго: бо, робячы гэта, ты зьбярэш на галаву ягоную распаленае вугольле.

21 Ня будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром.

 

Разьдзел 13

 

1 Кожная душа няхай скараецца вышэйшым уладам; бо няма ўлады не ад Бога; а ўлады, якія існуюць, ад Бога ўстаноўлены.

2 Таму той, хто супрацівіцца ўладзе, супрацівіцца Божаму пастанаўленьню; а тыя, што супрацівяцца, самі наклічуць на сябе асуду.

3 Бо начальнікі страшныя не для добрых дзеяў, а для ліхіх. Ці хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і дастанеш пахвалы ад яе;

4 бо начальнік ёсьць Божы слуга, табе на дабро. А калі робіш зло, бойся, бо ён нездарма трымае меч: ён - Божы слуга, які помсьціць і карае таго, хто ўчыняе ліхое.

5 І таму трэба скарацца ня толькі з страху перад карай, але і з сумленьня.

6 На тое вы і падаткі плаціце; бо яны Божыя слугі, за гэтым пільна дасочваюць.

7 Дык вось, аддавайце кожнаму належнае; каму падатак, падатак; каму мыта, мыту; каму страх, страх; каму гонар, гонар.

8 Не заставайцеся запазычанцамі нікому ні ў чым, акрамя ўзаемнай любові; бо хто любіць другога, выканаў закон.

9 Бо запаведзі: не распусьнічай, не забівай, ня крадзь, ня сьведчы ілжыва, не зажадай чужога, і ўсе іншыя ляжаць у гэтым слове: любі блізкага твайго, як самога сябе.

10 Любоў ня робіць блізкаму зла; дык вось любоў ёсьць выкананьне закона.

11 Так рабеце, ведаючы час, што пара ўжо нам прачнуцца ад сну. Бо сёньня бліжэй да нас выратаваньне, чым тады, калі мы ўверавалі.

12 Ноч прайшла, а дзень наблізіўся: дык вось, адкінем дзеі цямна і апранемся ў зброю сьвятла.

13 Як удзень, будзем паводзіць сябе прыстойна: ні ў аб'ядзеньні і п'янстве, ні ў распусьце і блудзе, ні ў свары і зайздрасьці;

14 але апранецеся ў Госпада (нашага) Ісуса Хрыста, і клопат пра цела не ператварайце ў пахаценьні.

 

Разьдзел 14

 

1 Нямоглага ў веры прымайце бяз спрэчкі пра погляды ягоныя.

2 Бо адзін ўпэўнены, што можна есьці ўсё, а нямоглы есьць гародніну.

3 Хто есьць, не прыніжай таго, хто ня есьць; і хто ня есьць, не асуджай таго, хто есьць: бо Бог прыняў яго.

4 Хто ты, што асуджаеш чужога раба? Перад сваім гаспадаром стаіць ён ці падае; і будзе пастаўлены, бо моцны Бог, каб паставіць яго.

5 Адзін адрозьнівае дзень ад дня, а другі мяркуе пра ўсякі дзень аднолькава. Кожны хай будзе цьвёрды ў сваім перакананьні.

6 Хто лічыцца з днём, дзеля Госпада лічыцца; і хто ня лічыцца з днём, дзеля Госпада ня лічыцца. Хто есьць, дзеля Госпада есьць, бо дзякуе Богу; і хто ня есьць, дзеля Госпада ня есьць і дзякуе Богу.

7 Бо ніхто з нас ня жыве дзеля сябе і ніхто не памірае дзеля сябе.

8 а ці жывём - дзеля Госпада жывём, ці паміраем - дзеля Госпада паміраем. І таму, ці жывём, ці паміраем, - заўсёды Гасподнія.

9 Бо Хрыстос дзеля таго і памёр і ажыў, каб уладарыць і над мёртвымі і над жывымі.

10 А ты чаго асуджаеш брата твайго? Альбо і ты, чаго прыніжаеш брата твайго? Усе мы паўстанем на суд Хрыстовы.

11 Бо напісана: «жыву Я, кажа Гасподзь: перада Мною схіліцца кожны род, і кожнае племя будзе вызнаваць Бога».

12 Так, кожны з нас за сябе адкажа перад Богам.

13 Ня будзем жа болей судзіць адно аднаго, а лепей памяркуйце пра тое, як бы не даваць нагоды спатыкнуцца альбо спакусіцца.

14 Я ведаю і ўпэўнены ў Госпадзе Ісусе, што няма нічога ў самім сабе нячыстага; яно нячыстае толькі ў таго, хто што-небудзь лічыць нячыстым.

15 Калі ж за ежу засмучаецца брат твой, дык ты ўжо ня ў любові ходзіш; ня губі тваёю страваю таго, за каго Хрыстос памёр.

16 Хай ня зганіцца ваша добрае.

17 Бо Царства Божае ня ежа і ня пітво, а праведнасьць і мір і радасьць у Сьвятым Духу.

18 Хто гэтым служыць Хрысту, той богаспадобны і варты ўхвалы людзкое.

19 Дык вось, будзем імкнуцца да таго, што служыць міру і ўзаемнай навуцы.

20 Дзеля ежы ня руйнуй дзеяў Божых: усё чыстае, але блага чалавеку, які есьць зь нядобрым сумленьнем.

21 Лепей ня есьці мяса, ня піць віна і не рабіць нічога такога, ад чаго брат твой спатыкаецца, альбо спакушаецца, альбо зьнемагае.

22 Ты маеш веру? май яе сам у сабе, перад Богам. Дабрашчасны, хто не асуджае сябе за тое, што выбірае.

23 А хто сумняваецца, калі есьць, асуджаецца, бо не паводле веры; а ўсё, што не паводле веры, грэх.

24 А Таму, Хто можа сьцьвердзіць вас, паводле зьвеставаньня майго і пропаведзі Ісуса Хрыста, паводле адкрыцьця тайны, пра якую ад вечных часоў маўчалася,

25 але якая цяпер яўлена і празь Пісаньні прарочыя, па загадзе вечнага Бога, абвешчана ўсім народам для скарэньня іх веры,

26 адзінаму мудраму Богу, празь Ісуса Хрыста, слава навекі. Амін.

 

Разьдзел 15

 

1 Мы, моцныя, павінны насіць немачы бясьсілых і не сабе дагаджаць:

2 кожны з нас мусіць дагаджаць блізкаму, на дабро, у навучаньне.

3 Бо і Хрыстос не Сабе дагаджаў, а як напісана: «ліхаслоўе тых, што ліхасловяць Цябе, упала на Мяне».

4 А ўсё, што пісана было раней, напісана нам дзеля настаўленьня, каб мы цярплівасьцю і суцяшэньнем зь Пісаньняў захоўвалі надзею.

5 А Бог цярплівасьці і суцяшэньня няхай дасьць вам быць у аднадумстве паміж сабою, паводле вучэньня Хрыста Ісуса,

6 каб вы аднадушна, адзінымі вуснамі славілі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста.

7 Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас на славу Божую.

8 Разумею тое, што Ісус Хрыстос зрабіўся слугою абрэзаных - дзеля ісьціны Божай, каб выканаць абяцанае бацькам,

9 а язычнікам - зь літасьці, каб славілі Бога, як напісана: «за тое буду славіць Цябе, (Госпадзе), сярод язычнікаў і буду сьпяваць імені Твайму».

10 І яшчэ сказана: «узьвесялецеся, язычнікі, з народам Ягоным».

11 І яшчэ: «хвалеце Госпада, усе язычнікі, і праслаўляйце Яго, усе народы».

12 Ісая таксама кажа: «будзе корань Есэеў, і паўстане валодаць народамі; на Яго язычнікі спадзявацца будуць».

13 А Бог надзеі хай напоўніць вас усякай радасьцю і мірам у веры, каб вы, сілаю Духа Сьвятога, узбагаціліся надзеяю.

14 І сам я пэўны за вас, браты мае, што і вы поўныя даброці, поўныя ўсякага веданьня і можаце настаўляць адно аднаго;

15 але пісаў вам, браты, з пэўнай адвагаю, часткова як бы ў напамін вам, паводле дадзенай мне ад Бога мілаты

16 быць слугою Ісуса Хрыста ў язычнікаў і выконваць сьвяшэнную службу зьвеставаньня Божага, каб гэтае прынашэньне язычнікаў, асьвечанае Духам Сьвятым, было спадобнае Богу.

17 І вось, я магу пахваліцца ў Ісусе Хрысьце тым, што ідзе ад Бога;

18 бо не адважуся сказаць што-небудзь такое, чаго ня ўчыніў Хрыстос празь мяне, у скарэньні язычнікаў у веру, словам і ўчынкам,

19 сілаю азнакаў і цудаў, сілаю Духа Божага, так што зьвеставаньне Хрыстовае пашырана мною ад Ерусаліма і навакольляў да Ілірыка.

20 Пры тым я стараўся зьвеставаць ня там, дзе ўжо было вядомае імя Хрыстовае, каб не будаваць на чужым падмурку,

21 а як напісана: «каму пра Яго не абвяшчалася, убачаць, і тыя, што ня чулі, уведаюць».

22 Якраз гэта шмат разоў перашкаджала мне прыйсьці да вас.

23 А сёньня, ня маючы такое справы ў гэтых краінах, а з даўніх гадоў жадаючы прыйсьці да вас,

24 як толькі выпраўлюся ў Іспанію, прыйду да вас. Бо спадзяюся, што, праходзячы, пабачуся з вамі, і што вы праводзіце мяне туды, як толькі нацешуся лучнасьцю з вамі, хоць трохі.

25 А цяпер я іду ў Ерусалім, каб паслужыць сьвятым;

26 бо Македонія і Ахая рупяцца нешта ўдзяліць бедным сярод сьвятых у Ерусаліме.

27 Рупяцца, ды і вінаватыя яны перад імі. Бо, калі язычнікі зрабіліся ўдзельнікамі ў іх духоўным, дык павінны і ім паслужыць у цялесным.

28 Выканаўшы гэта і верна перадаўшы ім гэты плод рупнасьці, я выпраўлюся праз вашыя мясьціны ў Іспанію,

29 і ўпэўнены, што калі прыйду да вас, дык прыйду з поўным дабраславеньнем зьвеставаньня Хрыстовага.

30 Тым часам малю вас, браты, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і любоўю Духа, паспрыяць мне ў малітвах за мяне да Бога,

31 каб пазбыцца мне няверуючых у Юдэі, і каб служэньне маё Ерусаліму было даспадобы сьвятым,

32 каб мне ў радасьці, калі Богу заўгодна, прыйсьці да вас і супакоіцца з вамі.

33 А Бог згоды хай будзе з усімі вамі. Амін.

 

Разьдзел 16

 

1 Даручаю вам Фіву, сястру нашу, дыяканісу царквы Кенхрэйскай:

2 прымеце яе дзеля Госпада, як прыстойна сьвятым, і памажэце ёй, у чым яна будзе мець патрэбу ў вас; бо і яна была памочніцаю многім і мне самому.

3 Вітайце Прыскілу і Акілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысьце Ісусе,

4 якія галаву сваю клалі за маю душу, якім ня я адзін дзякую, а і ўсе цэрквы зь язычнікаў, - і дамовую іхную царкву.

5 Вітайце любаснага мне Эпанета, які ёсьць пачатак Ахаі дзеля Хрыста.

6 Вітайце Марыям, якая шмат працавала для нас.

7 Вітайце Андроніка і Юнію, родзічаў маіх і вязьняў са мною, якія праславіліся сярод апосталаў і яшчэ раней за мяне ўверавалі ў Хрыста.

8 Вітайце Амплія, любаснага мне ў Госпадзе.

9 Вітайце Урбана, супрацоўніка нашага ў Хрысьце, і Стахія, любаснага мне.

10 Вітайце Апялеса, выпрабаванага ў Хрысьце. Вітайце верных з дому Арыставулавага.

11 Вітайце Ірадыёна, родзіча майго. Вітайце з сваякоў Наркіса тых, якія ў Госпадзе.

12 Вітайце Трыфону і Трыфосу, якія працуюць у Госпадзе.

13 Вітайце Руфа, выбранага ў Госпадзе, і маці ягоную і маю.

14 Вітайце Асінкрыта, Флягонта, Ерма, Патрова, Ярмія і іншых зь імі братоў.

15 Вітайце Філалога і Юлію, Нірэя і сястру ягоную, і Алімпана, і ўсіх зь імі сьвятых.

16 Вітайце адно аднаго з цалаваньнем сьвятым. Вітаюць вас усе цэрквы Хрыстовыя.

17 Малю вас, браты, асьцерагайцеся тых, што спрычыняюць падзелы і звады, насуперак вучэньню, якога вы навучыліся, і ўхіляйцеся ад іх;

18 бо такія людзі служаць ня Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, а свайму чэраву, і лісьлівасьцю ды красамоўствам ачмураюць сэрцы прастадушных.

19 Ваша пакора веры ўсім вядомая; таму я радуюся за вас, але жадаю, каб вы былі мудрыя на дабро і бясхітрасныя на зло.

20 А Бог міру бразьне сатану пад ногі вашыя неўзабаве. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі! Амін.

21 Вітаюць вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Луцый, Ясон і Сасыпатр, родзічы мае.

22 Вітаю вас у Госпадзе і я Тэрцый, што пісаў гэта пасланьне.

23 Вітае вас Гаій, гасьцінны да мяне і ўсёй царквы. Вітае вас Эраст, гарадзкі скарбнік, і брат Кварт.

24 Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.

(25)

(26)

(27)

 

Першае Пасланьне Да Карынфянаў Сьвятога Апостала Паўла

 

Разьдзел 1

 

1 Павал, воляй Божаю пакліканы апостал Ісуса Хрыста, і Сасфэн брат,

2 Царкве Божай, якая ў Карынфе, асьвечаным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым, з усімі, хто заклікае імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, у кожным месцы, у іх і ў нас:

3 мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

4 Не перастаю дзякаваць Богу майму за вас, дзеля мілаты Божай, дадзенай вам у Хрысьце Ісусе.

5 Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усякім словам і ўсякім разуменьнем,

6 бо сьведчаньне Хрыстовае сьцьвердзілася ў вас,

7 так што вы ня маеце нястачы ні ў якім дараваньні, чакаючы зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,

8 Які і ўмацуе вас да канца, каб вам быць бязьвіннымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.

9 Верны Бог, Якім вы пакліканыя да супольнасьці з Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.

10 Малю вас, браты, імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно, і ня было паміж вамі падзелаў, а каб вы спалучаны былі ў адным духу і ў адных помыслах.

11 Бо ад дамашніх Хлоіных сталася мне вядома пра вас, браты мае, што паміж вамі ёсьць незлагадзь.

12 Я разумею тое, што ў вас кажуць: «я Паўлаў»; «я Апалосаў»; «я Кіфаў»; «а я Хрыстоў».

13 Хіба падзяліўся Хрыстос? хіба Павал крыжаваўся за вас? альбо ў імя Паўлава вы ахрысьціліся?

14 Дзякую Богу, што я нікога з вас ня хрысьціў, акрамя Крыспа і Гаія,

15 каб не сказаў хто, што я хрысьціў у імя маё.

16 Хрысьціў я таксама Сьцяпанаў дом; а ці хрысьціў я яшчэ каго, ня ведаю.

17 Бо Хрыстос паслаў мяне ня хрысьціць, а зьвеставаць, ня ў мудрасьці слова, а каб не зьнясіліць крыж Хрыстовы.

18 Бо слова пра крыж для пагібельных - юродзтва ёсьць, а нам, што ратуемся, - сіла Божая!

19 Бо напісана: «Я зьнішчу мудрасьць мудрацоў, і розум разумных адкіну».

20 Дзе мудрэц? дзе кніжнік? дзе суразмоўца веку гэтага? Ці не абярнуў Бог мудрасьць сьвету гэтага ў неразумнасьць?

21 Бо калі сьвет сваёй мудрасьцю не спазнаў Бога ў мудрасьці Божай, дык заўгодна было Богу юродзтвам пропаведзі выратаваць веруючых.

22 Бо і Юдэі патрабуюць цудаў, і Эліны шукаюць мудрасьці;

23 а мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў камень спатыкненьня, а для Элінаў неразумнасьць,

24 а для саміх пакліканых, Юдэяў і Элінаў, Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасьць;

25 бо і буянае Божае мудрэйшае за людзей, і нямоцнае Божае мацнейшае за людзей.

26 Паглядзеце, браты, хто вы, закліканыя: няшмат сярод вас мудрых па плоці, няшмат моцных, няшмат высакародных;

27 але Бог выбраў буянае сьвету, каб пасароміць мудрых, і нямоглае сьвету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае;

28 і бязроднае сьвету і пагарджанае і нічога ня значнае выбраў Бог, каб зьнясіліць значнае;

29 на тое, каб ніякая плоць не пахвалялася перад Богам.

30 Ад Яго і вы ў Хрысьце Ісусе, Які зрабіўся нам мудрасьцю ад Бога, праведнасьцю і асьвячэньнем і адкупленьнем,

31 каб было, як напісана: «хто хваліцца, хваліся Госпадам».

 

Разьдзел 2

 

1 І калі я прыходзіў да вас, браты, прыходзіў абвяшчаць вам сьведчаньне Божае не ў высока ўзьнёсласьці слова ці мудрасьці.

2 Бо я пастанавіў сабе нічога іншага між вамі ня ведаць, апроч Ісуса Хрыста, і пры тым - укрыжаванага.

3 І быў я ў вас зьняможаны і ў страху і ў вялікім трымценьні.

4 І слова маё, і казань мая не ў пераканаўчых словах чалавечай мудрасьці, а ў выяўленьні Духа і сілы,

5 каб вера вашая была ня ў мудрасьці чалавечай, а ў сіле Божай.

6 А мудрасьць мы прапаведуем сярод дасканалых, але мудрасьць ня веку гэтага і ня ўладцаў веку гэтага праходных,

7 а прапаведуем мудрасьць Божую, тайную, схаваную, якую Бог вызначыў спрадвеку на славу нашую,

8 якое ніхто з уладцаў веку гэтага не спазнаў; бо, калі б спазналі, дык не ўкрыжавалі б Госпада славы.

9 А, як напісана: «ня бачыла таго вока і ня чула вуха, і ня ўзыходзіла тое ў сэрца чалавека, што тым Бог падрыхтаваў, хто любіць Яго».

10 А нам Бог адкрыў гэта Духам Сваім; бо Дух ва ўсё пранікае, і ў глыбіні Божыя.

11 Бо хто зь людзей ведае, што ў чалавеку, акрамя духу чалавечага, які жыве ў ім? Так і Божага ніхто ня ведае, акрамя Духа Божага.

12 Але мы прынялі ня духа сьвету гэтага, а Духа ад Бога, каб ведаць дараванае нам ад Бога;

13 што і абвяшчаем не ад чалавечай мудрасьці вывучанымі словамі, а вывучанымі ад Духа Сьвятога, суадносячы духоўнае з духоўным.

14 Душэўны чалавек ня прымае таго, што ад Духа Божага, бо ён лічыць гэта юродзтвам; і ня можа разумець, бо пра гэта трэба разважаць духоўна.

15 А духоўны разважае пра ўсё, а пра яго разважыць ніхто ня можа.

16 Бо «хто спазнаў розум Гасподні, каб мог разважыць яго?» А мы маем розум Хрыстовы.

 

Разьдзел 3

 

1 І я ня мог гутарыць з вамі, браты, як з духоўнымі, а як з плоцкімі, як зь немаўляткамі ў Хрысьце.

2 Я ўзгадаваў вас малаком, а ня цьвёрдаю ежаю; бо вы яшчэ не маглі есьці яе, ды і цяпер яшчэ ня можаце.

3 Бо вы яшчэ плоцкія. Бо, калі паміж вамі зайздрасьць, звады і несугалосіца, дык ці ж ня плоцкія вы? і ці ня па людзкім звычаі робіце?

4 Бо, калі адзін кажа: «Я Паўлаў», а другі: «я Апалосаў», дык ці ж ня плоцкія вы?

5 Хто Павал? хто Апалос? Яны толькі слугі, празь якіх вы ўверавалі, і пры тым як каму даў Гасподзь.

6 Я пасадзіў, Апалос паліваў, а ўзрасьціў Бог;

7 а таму і той, хто садзіць, і хто палівае, ёсьць нішто, а ўсё Бог, Які дае рост.

8 І хто садзіць і хто палівае - адно; але кожны атрымае сваю ўзнагароду паводле сваёй працы.

9 Бо мы супрацоўнікі ў Бога; а вы Божая ніва, Божая будова.

10 Я, па дадзенай мне ад Бога мілаце, як мудры будаўнік, заклаў падмурак, а другі будуе на ім: але кожны ўважай, як будуе.

11 Бо ніхто ня можа закласьці іншага падмурка, акрамя закладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос.

12 Ці будуе хто на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы,

13 дзея кожнага выявіцца: бо дзень пакажа; таму што ў вагні выкрываецца, і вагонь выпрабоўвае дзею кожнага, якая яна ёсьць.

14 У каго дзея, якую ён будаваў, выстаіць, той атрымае ўзнагароду;

15 а ў каго дзея згарыць, той мецьме шкоду; урэшце сам уратуецца, але так, як бы з вагню.

16 Хіба ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?

17 Калі хто абкрадзе сьвятыню Божую, таго пакарае Бог, бо сьвятыня Божая сьвятая; і гэтая сьвятыня - вы.

18 Ніхто не ашуквай сам сябе; калі хто з вас думае быць мудрым у веку гэтым, той хай будзе неразумны, каб быць мудрым.

19 Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць неразумнасьць перад Богам, як напісана: «ловіць мудрых у хітрасьці іхняй».

20 І яшчэ: «Гасподзь ведае мудрошчы мудрацоў, што яны марныя».

21 Таму вось, няхай ніхто ня хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае:

22 ці то Павал, ці Апалос, ці Кіфа, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяпершчына, а ці наступнае, - усё ваша;

23 а вы - Хрыстовыя, а Хрыстос - Божы.

 

Разьдзел 4

 

1 Дык вось, кожны павінен уважаць нас за слуг Хрыстовых і за будаўнікоў тайнаў Божых;

2 ад будаўнікоў жа патрабуецца, каб кожны быў верны.

3 Мне вельмі мала залежыць, як судзіце мяне вы, альбо як судзяць людзі; я і сам сябе ня суджу.

4 Бо, хоць я нічога ня ведаю за сабою, але гэтым не апраўдваюся; а судзьдзя мне - Гасподзь.

5 Таму ня судзеце ніяк дачасна, пакуль ня прыйдзе Гасподзь, Які і асьветліць схаванае ў змроку і выявіць сардэчныя намеры, і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.

6 Гэта, браты, прыклаў я да сябе і да Апалоса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не мудраваць звыш таго, што напісана, і не выстаўліся адзін перад адным.

7 Бо хто вылучае цябе? Што ты маеш, чаго не атрымаў бы? А калі атрымаў, чаго хвалішся, быццам не атрымаў?

8 Вы перанасыціліся ўжо, вы ўжо ўзбагаціліся, вы пачалі валадарыць бяз нас. О, калі б на самай справе валадарылі, каб і мы з вамі валадарылі!

9 Бо я думаю, што нам, апошнім пасланцам, Бог вызначыў быць як бы засуджанымі на сьмерць; бо мы зрабіліся ганьбішчам для сьвету, для анёлаў і людзей.

10 Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы нямоглыя, а вы дужыя; вы ў славе, а мы ў ганьбе.

11 Нават дагэтуль трываем голад і смагу, і галечу, і б'юць нас, і бадзяемся,

12 і працуем, робячы сваімі рукамі. Ліхасловяць нас, мы дабраслаўляем; гоняць нас, мы трываем;

13 клянуць нас, мы молімся; мы як сьмецьце для сьвету, як пыл, усімі таптаны дагэтуль.

14 Ня каб пасароміць вас, пішу гэта, а на розум наводжу вас, як любасных дзяцей маіх.

15 Бо, хоць у вас тысячы настаўнікаў у Хрысьце, але няшмат айцоў: я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе зьвеставаньнем.

16 Таму прашу вас: пераймайце мяне, як я Хрыста.

17 На тое паслаў я да вас Цімафея, майго любаснага і вернага ў Госпадзе сына, які нагадае вам пра шляхі мае ў Хрысьце Ісусе, як я вучу ўсюды ў кожнай царкве.

18 Як я ня йду да вас, дык некаторыя ў вас заганарыліся;

19 але я неўзабаве прыйду да вас, калі заўгодна будзе Госпаду, і выпрабую ня словы гардуноў, а сілу,

20 бо Царства Божае ня ў слове, а ў сіле.

21 Чаго вы хочаце? каб з посахам прыйшоў да вас, ці зь любоўю і духам лагоднасьці?

 

Разьдзел 5

 

1 Ходзіць пэўная чутка пра распусту сярод вас, ды такую распусту, якое ня чуваць нават у язычнікаў: нехта за жонку мае бацькаву жонку.

2 І вы заганарыліся, замест таго, каб лепей плакаць, каб забраць спаміж вас таго, хто зрабіў гэта.

3 А я, целам адсутны, але прысутны ў вас духам, ужо пастанавіў, як бы калі б быў сярод вас: таго, хто ўчыніў такое,

4 на сходзе вашым у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста разам з маім духам, сілаю Госпада нашага Ісуса Хрыста,

5 аддаць сатане на зьнемажэньне плоці, каб дух быў выратаваны ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.

6 Няма чым вам хваліцца. Хіба ня ведаеце, што каліва закваскі расчыняе ўсё цеста?

7 Дык вось, ачысьціце старую закваску, каб сталіся вы новым цестам, бо вы прэсныя, бо Пасха наша Хрыстос, ахвяраваны за нас.

8 А таму будзем сьвяткаваць не са старою закваскаю, не з закваскаю заганы і падступнасьці, а з праснакамі чысьціні і праўды.

9 Я пісаў вам у пасланьні - не вадзіцца з блудадзеямі;

10 але ня ўвогуле з блудадзеямі сьвету гэтага, ці зь ліхазьдзірцамі, ці з драпежнікамі, ці з балавахваламі, бо інакш трэба было б вам выйсьці зь сьвету гэтага,

11 а пісаў я вам ня супольнічаць з тым, хто, называючыся братам, застаецца блудадзеем, ці ліхазьдзірцам, ці балвахвалам, ці ліхасловам, ці п'яніцаю, ці драпежнікам; з такім нават і ня есьці разам.

12 Бо што мне судзіць і староньніх? Ці ж не сваіх вы судзіце?

13 А староньніх судзіць Бог. Выкіньце распуснага спасярод вас.

 

Разьдзел 6

 

1 Як можа каторы з вас, маючы зыскі да іншага, судзіцца перад бязбожнымі, а ня перад сьвятымі?

2 Хіба ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? А калі вы будзеце судзіць сьвет, дык ці ж вы ня вартыя судзіць менш важныя справы?

3 Хіба ня ведаеце, што мы будзем судзіць анёлаў, дык ці ня тым болей справы жыцьцёвыя?

4 А вы, калі маеце жыцьцёвыя цяжбіны, ставіце за судзьдзяў тых, хто за нішто не ўважаецца ў царкве.

5 На сорам ваш кажу: няўжо няма сярод вас ніводнага разумнага, які мог бы рассудзіць братоў сваіх?

6 Але брат з братам судзіцца, і да таго ж перад няверуючымі.

7 І тое ўжо даволі вас прыніжае, што вы маеце цяжбіны паміж сабою. Ці ня лепей было б вам заставацца ў крыўдзе? ці ня лепей было б вам цярпець нягоды?

8 Але вы самі крыўду ўчыняеце і адбіраеце, да таго ж у братоў.

9 Хіба ня ведаеце, што няправедныя Царства Божага не спадкуюць? Не ашуквайце саміх сябе: ні блудадзеі, ні балвахвалы, ні пералюбцы, ні ганебцы, ні рукаблуды, ні мужаложцы,

10 ні ліхазьдзірцы, ні зладзеі, ні п'яніцы, ні ліхасловы, ні драпежнікі - Царства Божага не спадкуюць.

11 І такімі былі некатроыя з вас, але абмыліся, але асьвяціліся, але апраўдаліся імем Госпада нашага Ісуса Хрыста і Духам Бога нашага.

12 Усё мне можна, ды ня ўсё на карысьць; усё мне можна, але нішто не павінна валодаць мною.

13 Ежа для чэрава, а чэрава для ежы; але Бог зьнішчыць і тое і другое. А цела не для распусты, а для Госпада, і Гасподзь для цела.

14 Бог уваскрэсіў Госпада, уваскрэсіць і нас сілаю Сваёю.

15 Хіба ня ведаеце, што целы вашыя - чэлесы Хрыстовыя? Дык вось, ці адны чэлесы ў Хрыста, каб зрабіць іх чэлесамі распусьніцы? Хай ня будзе!

16 Альбо ня ведаеце, што той, хто паруецца з распусьніцаю, робіцца адным целам зь ёю; бо сказана: «двое будуць адна плоць».

17 А хто яднаецца з Госпадам, ёсьць адзін дух (з Госпадам).

18 Унікайце распусты; усякі грэх, які ўчыняе чалавек, ёсьць па-за целам, а распусьнік грэшыць супраць свайго цела.

19 Ці ня ведаеце, што целы вашыя - храм Сьвятога Духа, Які ў вас жыве, Якога маеце вы ад Бога, і вы не належыце сабе?

20 Бо вы куплены дарагою цаною. Таму ўслаўляйце Бога і ў целах вашых і ў душах вашых, якія - Божыя.

 

Разьдзел 7

 

1 А пра што пісалі мне, дык добра чалавеку не чапаць жанчыны.

2 Але, каб унікнуць распусты, няхай кожны мае сваю жонку, і кожная жонка няхай мае свайго мужа.

3 Няхай муж аддае сваёй жонцы належную прыхільнасьць, гэтак сама і жонка мужу.

4 Жонка ня мае ўлады над сваім целам, а муж; гэтак сама і муж ня мае ўлады над сваім целам, а жонка.

5 Ня ўліхяйцеся адно ад аднаго, хіба што па згодзе, на час, каб быць у посьце і малітве, а потым зноў будзьце разам, каб не спакушаў вас сатана няўстрыманьнем вашым.

6 Урэшце, гэта сказана мною як дазвол, а ня як загад.

7 Бо хачу, каб усе людзі былі, як я; але кожны мае свой дар ад Бога, адзін - такі, другі - інакшы.

8 А няшлюбным і ўдовам кажу: добра ім, калі застаюцца, як я;

9 але калі ня могуць устрымацца, няхай бяруць шлюб, бо лепей шлюбам пабрацца, чым распаляцца.

10 А тым, што пабралі шлюб, ня я загадваю, а Гасподзь: жонцы не разводзіцца з мужам,

11 а як разьвядзецца, хай застаецца незамужняя, альбо замірыцца з мужам сваім, - а муж няхай не пакідае жонкі сваёй.

12 А астатнім я кажу, а не Гасподзь: калі каторы брат мае жонку няверніцу, і яна згодная жыць зь ім, дык ён не павінен пакідаць яе;

13 і жонка, якая мае мужа няверніка, і ён згодзен жыць зь ёю, не павінна пакідаць яго.

14 Бо няверуючы муж асьвячаецца жонкаю (верніцай), і жонка няверуючая асьвячаецца мужам (вернікам); інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер сьвятыя.

15 Калі ж нявернік хоча разьвесьціся, хай разводзіцца; брат або сястра ў такім разе ня зьвязаныя; да міру заклікаў нас Гасподзь.

16 Адкуль ты ведаеш, жонка, ці ня выратуеш мужа? Альбо ты, муж, адкуль ведаеш, ці ня выратуеш жонкі?

17 Толькі кожны няхай робіць так, як Бог яму вызначыў, і кожны, як Гасподзь заклікаў; так я наказваю па ўсіх цэрквах.

18 Хто быў закліканы ў абразаньні, ня цурайся; і хто быў закліканы ў неабразаньні, не абрэзвайся.

19 Абразаньне нішто і неабразаньне нішто, а ўсё - у выкананьні наказаў Божых.

20 Кожны няхай застаецца ў тым стане, у якім пакліканы.

21 Ці рабом ты пакліканы, ня турбуйся; але калі і можаш стацца вольным, дык лепшым скарыстайся.

22 Бо раб, пакліканы ў Госпадзе, ёсьць вольнік Гасподні; гэтак сама і пакліканы вольнік ёсьць раб Хрыстовы.

23 Вы куплены дарагою цаною; не рабецеся рабамі людзей.

24 У якім стане хто пакліканы, браты, у тым кожны няхай і застаецца перад Богам.

25 Што да дзявоцтва, дык я ня маю наказу Гасподняга, а даю параду, як той, хто атрымаў ад Госпада міласьць быць Яму верным.

26 Дзеля цяперашняй патрэбы лічу за лепшае, што добра чалавеку заставацца так.

27 Ці зьвязаны ты з жонакаю? ня шукай разводу. Ці застаўся бяз жонкі? ня шукай жонкі.

28 Урэшце, калі і ажэнішся, ня згрэшыш; і калі дзяўчына выйдзе замуж, ня згрэшыць. Але такія зазнаюць цялеснага гора, а мне вас шкада.

29 Я вам кажу, браты: час ужо кароткі, так што тыя, што маюць жонак, хай жывуць, як бы ня мелі,

30 і тыя, што плачуць, як бы ня плакалі; і тыя, што радуюцца, як бы ня радаваліся: і тыя, што купляюць, як бы не набывалі;

31 і тыя, што карыстаюцца сьветам гэтым, як бы не карысталіся; бо мінаецца вобраз сьвету гэтага.

32 А я хачу, каб вы ня мелі клопату. Нежанаты клапоціцца пра Гасподняе, як дагадзіць Госпаду;

33 а жанаты клапоціцца пра зямное, як дагадзіць жонцы. Ёсьць розьніца паміж замужняю і дзяўчынаю:

34 незамужняя клапоціцца пра Гасподняе, як дагадзіць Госпаду, каб быць сьвятою і целам і духам; а замужняя клапоціцца пра зямное, як дагадзіць мужу.

35 Кажу гэта на вашую ж карысьць, не на тое, каб накласьці на вас путы, а каб вы годна і няспынна служылі Госпаду сур'ёзна.

36 Калі ж хто і лічыць няпрыстойным для сваёй дзяўчыны тое, каб яна, будучы ў сталым веку, заставалася так, той хай робіць, як хоча, - ня згрэшыць; няхай такія выходзяць замуж.

37 Але хто непахісна цьвёрды ў сэрцы сваім і, ня змушаны патрэбаю, а маючы ўладу ў сваёй волі, рашыўся ў сэрцы сваім аберагчы сваю дзяўчыну, - той добра робіць.

38 Таму той, хто выдае замуж сваю дзяўчыну, добра робіць; а хто не выдае, робіць лепш.

39 Жонка зьвязана законам, пакуль жыве муж яе; калі ж муж яе памрэ, вольная выйсьці, за каго хоча, толькі ў Госпадзе.

40 Але яна шчасьлівейшая, калі застанецца так па маёй парадзе; а думаю, і я маю Духа Божага.

 

Разьдзел 8

 

1 Што да ідалаахвярнага, дык мы ведаем, бо мы ўсе маем розум. Але розум надзімае, а любоў навучае.

2 Хто думае, што ён ведае нешта, той нічога яшчэ ня ведае так, як трэба ведаць;

3 а хто любіць Бога, таму дадзена разуменьне празь Яго.

4 І гэтак пра спажываньне ідалаахвярнага мы ведаем, што ідал у сьвеце нішто, і што няма іншага Бога, апрача Адзінага.

5 Бо, хоць і ёсьць так званыя божышчы, хай то на небе, хай на зямлі, - бо ёсьць шмат багоў і валадароў шмат, -

6 але ў нас адзін Бог Айцец, зь Якога ўсё, і мы для Яго, і адзін Гасподзь Ісус Хрыстос, празь Якога ўсё, і мы празь Яго.

7 Але ня ўсе маюць такое разуменьне: некаторыя і дагэтуль з сумленьнем, якое прызнае ідалаў, ядуць ідалаахвярнае як ахвяры ідальскія, і сумленьне іхняе, як што ёсьць нямоглае, апаганьваецца.

8 Ежа не набліжае нас да Бога: бо, ці мы ямо, нічога не набываем; ці не ямо, нічога ня трацім.

9 Пільнуйцеся, аднак, каб гэтая свабода вашая ня спрычыніла падзеньня нямоглых.

10 Бо, калі хто-небудзь убачыць, што ты, маючы разуменьне, сядзіш за сталом у капішчы, дык сумленьне ягонае, як нямоглага, ці ж не падахвоціць яго есьці ідалаахвярнае?

11 І ад разуменьня твайго загіне нямоглы брат, за якога памёр Хрыстос.

12 А зграшаючы так супроць братоў і ранячы нямоглае сумленьне іхняе, вы грашыце супроць Хрыста.

13 І таму, калі ежа спакушае брата майго, ня буду есьці мяса вавек, каб не спакушаць брата майго.

 

Разьдзел 9

 

1 Ці не апостал я? Ці ня вольны я? Ці ня бачыў я Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці не мая дзея вы ў Госпадзе?

2 Калі іншым я не апостал, дык для вас апостал, бо пячаць майго апостальства - вы ў Госпадзе.

3 Вось мая абарона супроць асуднікаў маіх.

4 Альбо мы ня маем улады есьці і піць?

5 Альбо ня маем улады мець спадарожніцаю сястру жонку, як і астатнія апосталы, і браты Гасподнія, і Кіфа?

6 Альбо адзін я і Варнава ня маем улады не працаваць?

7 Які ваяр служыць калі-небудзь сваім коштам? Хто, пасадзіўшы вінаград, ня есьць пладоў яго? Хто, пасучы статак, ня есьць малака ад статку?

8 Ці толькі па людзкой развазе я гэта кажу? Ці ня тое самае кажа і закон?

9 Бо ў Майсеевым законе напісана: «ня цугляй мызу валу, які малоціць». Ці пра валоў дбае Бог?

10 Альбо, можа, нам гаворыцца? Так, нам гэта напісана; бо, хто арэ, павінен араць з надзеяю, і хто малоціць, павінен малаціць з надзеяю атрымаць спадзяванае.

11 Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, дык ці вялікае тое, калі пажнём у вас цялеснае?

12 Калі іншыя маюць у вас уладу, дык ці ня болей мы? Але мы не карысталіся гэтай уладай, а ўсё пераносім, каб не паставіць якое перашкоды зьвеставаньню Хрыстоваму.

13 Хіба ня ведаеце, што слугі пры храме кормяцца з храма? што слугі пры ахвярніку бяруць долю з ахвярніка?

14 Так сама і Гасподзь наказаў прапаведнікам Дабравесьця жыць са зьвеставаньня.

15 Але я не карыстаўся нічым такім. І напісаў гэта на тое, каб так было мне; бо мне лепей памерці, чым каб хто зьнішчыў славу маю.

16 Бо, калі я зьвястую, дык няма мне чым хваліцца, бо гэта мусовы абавязак мой, і гора мне, калі не зьвястую!

17 Бо калі раблю гэта з добрае волі, дык мецьму ўзнагароду; а калі ня з добрае волі, дык выконваю толькі даверанае мне служэньне.

18 За што ж мне ўзнагарода? За тое, што, прапаведуючы Дабравесьце, зьвястую пра Хрыста бескарысьліва, не карыстаючыся маёй уладаю ў зьвеставаньні.

19 Бо, будучы вольны ад усіх, я зрабіўся слугою ўсім, каб болей здабыць:

20 для Юдэяў я быў як Юдэй, каб здабыць Юдэяў; для падзаконных быў як падзаконны, каб здабыць падзаконных;

21 для тых, хто без закона, - як той, хто без закона, - будучы з законам перад Богам, але падзаконны Хрысту, - каб здабыць тых, хто без закона;

22 для нямоглых быў як нямоглы, каб здабыць нямоглых, Для ўсіх я зрабіўся ўсіхнім, каб уратаваць, прынамсі, некаторых.

23 А гэта раблю дзеля Дабравесьця, каб быць саўдзельнікам яго.

24 Хіба ня ведаеце вы, што тыя, якія бягуць навыперадкі, бягуць усе, але толькі адзін здабывае ўзнагароду? Дык бяжэце так, каб здабыць.

25 Усе падзьвіжнікі ўстрымліваюцца ад усяго: тыя - каб атрымаць вянок тленны, а мы - нятленны.

26 І таму я бягу ня так, як бы марна, б'юся ня так, каб толькі махаць кулакамі ў паветры;

27 а ўрымшчваю і занявольваю цела маё, каб, прапаведуючы іншым, самому ня стацца нявартым.

 

Разьдзел 10

 

1 Не хачу пакінуць вас, браты, і каб вы ня ведалі, што бацькі нашыя ўсе былі пад хмараю, і ўсе прайшлі праз мора;

2 і ўсе хрысьціліся ў Майсея ў хмары і ў моры;

3 і ўсе елі адну і тую самую духоўную страву;

4 і ўсе пілі адно і тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнай скалы, якая ішла сьледам за імі; а скала тая была Ісус Хрыстос.

5 Але ня шмат каго ўпадабаў Бог; бо яны панішчаны былі ў пустыні.

6 А гэта былі прыклады нам, каб мы не самахоціліся на ліхое, а самахоціліся яны.

7 Ня будзьце таксама ідалапаклонцамі, як некаторыя зь іх, пра якіх напісана: «людзі селі есьці і піць, і ўсталі бавіцца».

8 Ня будзем блудадзейнічаць, як некаторыя зь іх блудадзейнічалі, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы.

9 Ня будзем спакушаць Хрыста, як некаторыя зь іх спакушалі і загінулі ад зьмеяў.

10 Не наракайце, як некаторыя зь іх наракалі і загінулі ад зьнішчальніка.

11 Усё гэта адбывалася зь імі, як вобразы; а апісана ў настаўленьне нам, што дасягнулі канца вякоў.

12 А таму, хто думае, што ён стаіць, глядзі, каб ня ўпасьці.

13 Вас апанавала спакуса не якая, а чалавечая; і верны Бог, Які не дапусьціць, каб вас спакушалі звыш сілы, але пры спакушэньні дасьць і палёгку, каб вы маглі ператрываць.

14 Таму, любасныя мае, унікайце служэньня ідалам.

15 Я кажу вам як разважлівым; самі памяркуйце, пра што я кажу:

16 Чара дабраславеньня, якую дабраслаўляем, ці ня ёсьць далучэньне Крыві Хрыстовай? хлеб, які ламаем, ці ня ёсьць далучэньне Цела Хрыстовага?

17 Адзін хлеб, і мы многія - адно цела; бо ўсе прычашчаемся адным хлебам.

18 Паглядзеце на Ізраіля па плоці: тыя, што ядуць ахвярнае, ці ня супольнікі яны ахвярніка?

19 Што я кажу? ці тое, што ідал ёсьць нешта? альбо ідалаахвярнае значыць што-небудзь?

20 Не; але што язычнікі, калі прыносяць ахвяры, дык прыносяць дэманам, а ня Богу; але я не хачу, каб вы былі ў супольнасьці з дэманамі.

21 Ня можаце піць чару Гасподнюю і чару дэманскую; ня можаце быць супольнікамі ў гасьціне Гасподняй і ў гасьціне дэманскай.

22 Няўжо мы адважымся дражніць Госпада? Хіба мы мацнейшыя за Яго?

23 Усё мне можна, ды ня ўсё на карысьць; усё мне можна, ды ня ўсё навучае.

24 Хай ніхто ня шукае карысьці сабе, а кожны - другому.

25 Усё, што прадаецца на торжышчы, ежце не перабіраючы, дзеля спакою сумленьня;

26 бо Гасподняя зямля і ўсё, што на ёй.

27 Калі хто зь няверных пакліча вас, і вы захочаце пайсьці, - дык усё, што вам прапануецца, ежце не перабіраючы дзеля спакою сумленьня.

28 Але калі хто скажа вам: гэта ідалаахвярнае, - дык ня ежце дзеля таго, хто падказаў вам, і дзеля сумленьня; бо Гасподняя зямля, і ўсё, што на ёй.

29 Сумленьне ж разумею не сваё, а іншага; бо дзеля чаго маёй свабодзе быць суджанай чужым сумленьнем?

30 Калі я з удзячнасьцю ем, дык навошта мяне дакараць за тое, за што я дзякую?

31 Дык жа, ці ясьце, ці п'яце, ці (іншае) што робіце, усё рабеце на славу Божую.

32 Не давайце панады ні Юдэям, ні Элінам, ні царкве Божай,

33 так, як і я дагаджаю ўсім ва ўсім, шукаючы не сабе карысьці, а многім, каб яны ўратаваліся.

 

Разьдзел 11

 

1 Пераймайце мяне, як я Хрыста.

2 Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё памятаеце, і наказаў трымаецеся так, як я наказаў вам.

3 Хачу таксама, каб вы ведалі, што кожнаму мужу галава - Хрыстос, жонцы галава - муж, а Хрысту галава - Бог.

4 Кожны мужчына, які моліцца альбо прарочыць з накрытаю галаваою, сарамаціць сваю галаву;

5 і кожная жанчына, якая моліцца альбо прарочыць з адкрытаю галавою, сарамаціць галаву, бо гэта тое самае, як калі б яна была паголеная;

6 бо, калі жанчына ня хоча накрывацца, дык няхай і стрыжэцца; а калі жанчыне сорам быць пастрыжанай ці паголенай, хай накрываецца.

7 Дык вось, мужчына не павінен накрываць галаву, бо ён ёсьць падабенства і слава Божая; а жанчына ёсьць слава мужчыны.

8 Бо ня мужчына ад жанчыны, а жанчына ад мужчыны;

9 і ня мужчына створаны жанчыне, а жанчына мужчыне.

10 Таму жанчына і павінна мець на галаве сваёй знак улады, дзеля анёлаў.

11 Аднак, ні мужчына без жанчыны, ні жанчына бяз мужчыны, у Госпадзе.

12 Бо, як жанчына ад мужчыны, так і мужчына праз жанчыну; а ўсе - ад Бога.

13 Памяркуйце самі, ці прыстойна жанчыне маліцца Богу зь ненакрытай галавою?

14 Ці не сама прырода вучыць вас, што калі мужчына запускае валасы, дык гэта ганьба яму,

15 а калі жанчына запускае валасы, дык ёй гэта гонар, бо валасы дадзены ёй замест покрыва.

16 А калі б хто захацеў спрачацца, дык мы ня маем такога звычаю, ні цэрквы Божыя.

17 Але, наказваючы гэта, не хвалю вас, бо зьбіраецеся вы не на лепшае, а на горшае.

18 Бо, па-першае, чую, што, калі вы сыходзіцеся царквою, паміж вамі бывае незлагадзь, у што я крыху і веру.

19 Бо мусіць быць і разнадум'е паміж вамі, каб адкрыліся сярод вас дасьведчаныя.

20 Далей, вы зьбіраецеся так, што гэта не азначае есьці вячэру Гасподнюю;

21 бо кожны сьпяшаецца раней за другіх з'есьці сваю ежу, так што адзін бывае галодны, а іншы ўпіваецца.

22 Хіба ў вас няма дамоў на тое, каб есьці і піць? Альбо пагарджаеце царквою Божаю і прыніжаеце бедных? Што сказаць вам? пахваліць вас за гэта? Не пахвалю.

23 Бо я ад Самога Госпада прыняў тое, што і вам перадаў, што Гасподзь Ісус у тую ноч, у якую прададзены быў, узяў хлеб

24 і, падзякаваўшы, разламаў і сказаў: «прымеце, ежце, гэта ёсьць Цела Маё, за вас ламанае; гэта рабеце ў памяць пра Мяне».

25 Гэтак сама і чару пасьля вячэры, і сказаў: «гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві; гэта рабеце, калі толькі будзеце піць, у памяць пра Мяне».

26 Бо кожнага разу, як вы ясьце хлеб гэты і п'яце чару гэтую, сьмерць Гасподнюю абвяшчаеце, пакуль Ён прыйдзе.

27 А таму, хто будзе есьці хлеб гэты альбо піць чару Гасподнюю нягожа, зьвінаваціцца супроць Цела і Крыві Гасподняй.

28 Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек, і такім чынам хай есьць з хлеба гэтага і п'е з чары гэтай.

29 Бо, хто есьць і п'е нягожа, той есьць і п'е асуду сабе, не разважаючы пра Цела Гасподняе.

30 Ад таго многія з вас нядужыя і хворыя, і шмат хто памірае.

31 Бо, калі б мы судзілі самі сябе, дык бы нас ня судзілі;

32 а калі бываем суджаныя, дык караемся Госпадам, каб ня быць засуджанымі разам са сьветам.

33 А таму, браты мае, зьбіраючыся на вячэру, адзін аднаго чакайце.

34 А як хто галодны, хай есьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. Астатняе ўладжу, калі прыйду.

 

Разьдзел 12

 

1 Не хачу пакідаць вас, браты, каб ня ведалі вы і пра дары духоўныя.

2 Ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, дык хадзілі да безгалосых ідалаў - так, быццам вялі вас.

3 Таму маўляю вам, што ніхто, гаворачы ў Духу Божым, ня вымавіць анафэмы на Ісуса, і ніхто ня можа назваць Ісуса Госпадам, як толькі ў Духу Сьвятым.

4 Дары ёсьць розныя, а Дух адзін і той самы;

5 і служэньні розныя, а Гасподзь адзін і той самы;

6 і дзеяньні розныя, а Бог адзін і той самы, Які дзее ўсё ва ўсіх.

7 Але кожнаму даецца выяўленьне Духа на карысьць:

8 аднаму даецца Духам слова мудрасьці, другому слова веданьня, тым самым Духам;

9 іншаму вера, тым самым Духам; іншаму дар ацаленьня, тым самым Духам;

10 іншаму цудадзействы, іншаму прароцтва, іншаму распазнаньне духаў, іншаму розныя мовы, іншаму тлумачэньне моваў.

11 А ўсё гэта дзее адзін і той самы Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Яму заўгодна.

12 Бо, як цела адно, але мае многа чэлесаў, і ўсе чэлесы аднаго цела, хоць іх многа, складаюць адно цела, - так і Хрыстос.

13 Бо ўсе мы адным Духам хрысьціліся ў адно цела, Юдэі альбо Эліны, рабы альбо вольнікі, і ўсе напоены адным Духам.

14 А цела не з аднаго чэлеса, а з многіх.

15 Калі нага кажа: я не належу да цела, бо я ня рука, дык няўжо яна таму не належыць да цела?

16 І калі вуха скажа: я не належу да цела, бо я ня вока, дык няўжо яно таму не належыць да цела?

17 Калі ўсё цела - вока, дык дзе слых? Калі ўсё - слых, дык дзе нюх?

18 Бог разьмеркаваў чэлесы, кожнаму ў целе, як Яму было заўгодна.

19 А калі б усе былі адным чэлесам, дык дзе было б цела?

20 А цяпер чэлесаў многа, а цела адно.

21 Ня можа вока сказаць руцэ: ты мне не патрэбная; альбо ж таксама галава нагам: вы мне не патрэбныя.

22 Наадварот, чэлесы цела, якія здаюцца слабейшымі, намнога больш патрэбныя,

23 і якія нам здаюцца меней высакароднымі ў целе, іх мы якраз і атачаем найбольшым дбаньнем;

24 і няпрыстойныя нашыя чэлесы патрабуюць асаблівага ўпрыстойваньня, а прыстойныя нашыя чэлесы ня маюць патрэбы ў гэтым. Але Бог так суразьмерыў цела, што менш дасканаламу чэлесу наказаў большае дбаньне,

25 каб ня было падзелу ў целе, а ўсе чэлесы аднолькава рупіліся адзін пра аднаго.

26 Таму, калі пакутуе адзін чэлес, пакутуюць разам зь ім усе чэлесы; славіцца адзін чэлес, зь ім радуюцца ўсе чэлесы.

27 І вы - цела Хрыстовае, а паасобку - чэлесы.

28 І адных Бог паставіў у Царкве, па-першае, апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэйцяе, настаўнікамі; далей адным даў сілу цудадзейную, таксама дары ацаленьня, дапамогі, кіраваньня, розныя мовы.

29 Ці ўсе апосталы? ці ўсе прарокі? ці ўсе настаўнікі? ці ўсе цудадзеі?

30 ці ўсе маюць дар ацаленьня? ці ўсе гавораць мовамі? ці ўсе тлумачаць?

31 Дбайце пра дары большыя, і я пакажу вам шлях яшчэ лепшы.

 

Разьдзел 13

 

1 Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, дык я - медзь звонкая, альбо кімвал гулкі,

2 Калі маю дар прароцтва, і ведаю ўсе таямніцы, і маю ўсякія веды і ўсю веру, так што магу і горы перастаўляць, а ня маю любові, - дык я нішто.

3 І калі я раздам усю маёмасьць маю і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, - няма мне ў тым ніякай карысьці.

4 Любоў церпіць доўга, умілажальваецца, любоў не зайздросьціць, любоў не праслаўляе сябе, не ганарыцца,

5 ня бушуе, ня шукае свайго, не раздражняецца, не намышляе ліха,

6 ня радуецца зь няпраўды, а разам цешыцца зь ісьціны;

7 усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць.

8 Любоў ніколі ня мінаецца, хоць і прароцтвы спыняцца, і мовы змоўкнуць, і веды скасуюцца.

9 Бо мы часткова ведаем і частакова прарочым;

10 а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, спыніцца.

11 Калі я быў дзіцем, дык па-дзіцячы гаварыў, па-дзіцячы мысьліў, па-дзіцячы разважаў; а як стаўся мужчынаю, дык пакінуў дзіцячае.

12 Бо цяпер мы бачым як празь цьмянае шкло, наўздогадзь, а тады твар да твару; цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны.

13 А тым часам жывуць вось гэтыя тры: вера, надзея, любоў; але любоў зь іх найбольшая.

 

Разьдзел 14

 

1 Дасягайце любові; дбайце пра дары духоўныя, а асабліва пра тое, каб прарочыць.

2 Бо, хто гаворыць незнаёмаю моваю, той гаворыць ня людзям, а Богу, бо ніхто не разумее яго, ён тайны гаворыць духам;

3 а хто прарочыць, той гаворыць людзям на настаўленьне, на ўмаўленьне і суцяшэньне.

4 Той, хто гаворыць незнаёмаю мовай, настаўляе сябе; а хто прарочыць, той настаўляе царкву.

5 Жадаю, каб вы ўсе гаварылі мовамі; але лепей, каб вы прарочылі, бо хто прарочыць, той большы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба што ён пры гэтым будзе і тлумачыць, каб царква атрымала настаўленьне.

6 Цяпер, калі я прыйду да вас, браты, і пачну гаварыць незнаёмымі мовамі, дык якую дам вам карысьць, калі ня выслоўлюся вам ці то адкрыцьцём, ці пазнаньнем, ці прароцтвам, ці вучэньнем?

7 І бяздушныя рэчы, якія выдаюць гук, жалейка ці гусьлі, калі не выдаюць паасобных тонаў, як распазнаць тое, што іграюць на жалейцы ці на гусьлях?

8 І калі труба будзе выдаваць нявыразны гук, хто будзе рыхтавацца да бітвы?

9 Так, калі і вы языком вымаўляеце незразумелыя словы, дык як зразумеюць, што вы кажаце? Вы будзеце гаварыць на вецер.

10 Колькі, напрыклад, розных словаў на сьвеце, і ніводнага зь іх няма без значэньня;

11 але, калі я не разумею значэньня слоў, дык я для таго, хто гаворыць, чужаніца, і той, хто гаворыць, для мяне чужаніца.

12 Так і вы, дбаючы пра дары духоўныя, старайцеся ўзбагаціцца імі дзеля настаўленьня царквы.

13 А таму той, хто гаворыць незнаёмаю мовай, маліся за дар тлумачэньня.

14 Бо, калі я малюся на незнаёмай мове, дык, хоць дух мой і моліцца, але розум мой застаецца бяз плоду.

15 Што ж рабіць? Пачну маліцца духам, пачну маліцца і розумам; буду сьпяваць духам, буду сьпяваць і розумам.

16 Бо, калі ты будзеш дабраслаўляць духам, дык той, хто стаіць на месцы простага чалавека, як скажа «амін» на тваё дзякаваньне? Бо ён не разумее, што ты кажаш.

17 Ты добра дзякуеш, але другі не настаўляецца.

18 Дзякую Богу майму: я больш за ўсіх вас гавару мовамі;

19 але ў царкве лепей хачу пяць словаў сказаць розумам маім, каб і іншых наставіць,чым процьму словаў незнаёмаю моваю.

20 Браты! ня будзьце дзеці розумам: на ліхое будзьце немаўляты, а розумам будзьце паўналетнія.

21 У законе напісана: «іншымі мовамі й вуснамі буду гаварыць народу гэтаму, але і тады не паслухаюцца Мяне, кажа Гасподзь».

22 Так што мовы - азнака ня вернікам, а няверуючым; а прароцтва - не для няверуючых, а для вернікаў.

23 Калі ўся царква сыдзецца разам і ўсе пачнуць гаварыць незнаёмымі мовамі, і ўвойдуць да вас недасьведчаныя альбо няверуючыя, - дык ці ня скажуць, што вы шалееце?

24 А калі ўсе прарочаць, і ўвойдзе хто няверуючы альбо недасьведчаны, дык усе яго выкрываюць, усе судзяць,

25 і такім чынам тайны сэрца ягонага выяўляюцца; і ён падае ніцма, кланяецца Богу і кажа: «у ісьціне з вамі Бог!».

26 Дык што ж, браты? Калі вы сыходзіцеся, і ў кожнага з вас ёсьць псальма, ёсьць павучаньне, ёсьць мова, ёсьць адкрыцьцё, ёсьць тлумачэньне, - хай ўсё гэта будзе на настаўленьне.

27 Калі хто гаворыць незнаёмаю моваю, гаварэце двое, ці самае большае трое, і тое паасобку, а адзін хай тлумачыць.

28 Калі ж ня будзе тлумача, дык маўчы ў царкве, а гавары сабе і Богу.

29 І прарокі няхай гавораць двое ці трое, а астатнія хай разважаюць;

30 калі ж каму з тых, што сядзяць, будзе адкрыцьцё, дык першы маўчы;

31 бо ўсе адзін за адным можаце прарочыць, каб усім вучыцца і ўсім атрымліваць суцяшэньне.

32 І духі прарочыя слухаюцца прарокаў,

33 таму што Бог ня ёсьць Бог незлагадзі, а спакою. Так бывае ва ўсіх цэрквах у сьвятых.

34 Жонкі вашыя ў цэрквах няхай маўчаць; бо не дазволена ім гаварыць, а быць у паслушэнстве, як і закон кажа.

35 Калі ж яны хочуць нечагась навучыцца, хай пытаюцца пра тое дома ў мужоў сваіх; бо ня прыстойна жанчыне гаварыць у царкве.

36 Хіба ад вас выйшла слова Божае? Альбо да вас адных дайшло?

37 Калі хто лічыць сябе прарокам альбо духоўным, той хай разумее, што я пішу вам, бо гэта запаведзі Гасподнія.

38 А хто не разумее, няхай не разумее.

39 Дык вось, браты, дбайце пра тое, каб прарочыць, але не забараняйце гаварыць і мовамі;

40 толькі ўсё мае быць прыстойна і належна.

 

Разьдзел 15

 

1 Нагадваю вам, браты, Дабравесьце, якое я зьвеставаў вам, якое вы і прынялі, у якім і ўмацаваліся,

2 якім і ратуецеся, калі настаўленьне памятаеце так, як я зьвеставаў вам, калі толькі ня марна ўверавалі.

3 Бо я найперш перадаў вам, што і сам прыняў, гэта значыцца, што Хрыстос памёр за грахі нашыя, паводле Пісаньня,

4 і што ён пахаваны быў і што ўваскрэс на трэйці дзень, паводле Пісаньня,

5 і што зьявіўся Кіфу, потым дванаццаці;

6 потым зьявіўся больш чым пяці сотням братоў у адзін час, зь якіх большая частка дагэтуль жывуць, а некаторыя і спачылі;

7 потым зьявіўся Якаву, таксама ўсім апосталам;

8 а пасьля ўсіх зьявіўся і мне, як нейкаму вылюдку.

9 Бо я найменшы з апосталаў, і ня варты называцца апосталам, бо гнаў Царкву Божую.

10 Але зь мілаты Божае я ёсьць тое, што ёсьць; і мілата Ягоная ўва мне ня была марная, але я болей за іх усіх папрацаваў; ня я, зрэшты, а мілата Божая, якая са мною.

11 І вось, ці то я, ці яны, мы так прапаведуем, і вы так уверавалі.

12 Калі пра Хрыста прапаведуецца, што Ён паўстаў зь мёртвых, дык як некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрэсеньня зь мёртвых?

13 Калі няма ўваскрэсеньня зь мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрэс;

14 а калі Хрыстос не ўваскрэс, дык і пропаведзь нашая марная, марная і вера ваша.

15 Пры гэтым мы сталіся б тады і непраўдзівымі сьведкамі пра Бога, бо сьведчылі б пра Бога, што Ён уваскрэсіў Хрыста, Якога Ён не ўваскрэшваў, калі, гэта значыцца, мёртвыя не ўваскрасаюць;

16 бо, калі мёртвыя не ўваскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрэс;

17 а калі Хрыстос не ўваскрэс, дык вера ваша марная; вы яшчэ ў грахах вашых;

18 таму і памерлыя ў Хрысьце загінулі.

19 І калі мы ў гэтым толькі жыцьці спадзяёмся на Хрыста, дык мы самыя няшчасныя з усіх людзей.

20 Але Хрыстос уваскрэс зь мёртвых, першынец з памерлых.

21 Бо як сьмерць праз чалавека, так праз чалавека і ўваскрэсеньне зь мёртвых.

22 Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысьце ўсе ажывуць.

23 кожны ў сваім парадку; першынец Хрыстос, потым Хрыстовыя, у прышэсьце Ягонае.

24 А потым канец, калі Ён перадасьць Царства Богу і Айцу, калі скасуе ўсякае начальства і ўсякую ўладу і сілу;

25 бо Яму належыць валадарыць, пакуль «пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі Свае»,

26 а як апошні вораг зьнішчыцца - сьмерць,

27 бо «ўсё пакарыў пад ногі Ягоныя»; калі ж сказана, што Яму ўсё падначалена, дык ясна, што акрамя Таго, Які пакарыў Яму ўсё.

28 Калі ж усё ўпакорыць Яму, тады і сам Сын скарыцца Таму, Хто скарыў ўсё Яму, хай будзе Бог усё ва ўсім.

29 Інакш, што робяць тыя, якія прымаюць хрышчэньне для мёртвых? Калі мёртвыя наогул не ўваскрасаюць, дык навошта і прымаюць хрышчэньне для мёртвых?

30 Навошта ж і мы ўвесь час падупадаем небясьпецы?

31 Я кожны дзень паміраю; прысягаю ў гэтым пахвалою вашаю, браты, якую я маю ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.

32 Разважыўшы па-людзку, калі я змагаўся са зьвярамі ў Эфэсе, якая мне карысьць, калі мёртвыя не ўваскрасаюць? Будзем есьці і піць, бо заўтра памрэм.

33 Не давайцеся ў зман; дрэнныя суполькі псуюць добрыя норавы.

34 Працьверазецеся, як трэба, і не грашэце; бо на сорам вам кажу - некаторыя з вас ня ведаюць Бога.

35 Але скажа хто-небудзь: як уваскрэснуць мёртвыя? і ў якім целе яны прыйдуць?

36 Неразумны! тое, што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ;

37 і калі ты сееш, дык сееш ня цела будучае, а голае зерне, якое будзе, пшанічнае або іншае якое;

38 але Бог дае яму цела як хоча, і кожнаму семені сваё цела.

39 Ня ўсякая плоць, але інакшая плоць у людзей, інакшая плоць у жывёлін, інакшая ў рыб, інакшая ў птушак.

40 Ёсьць целы нябесныя і целы зямныя: але інакшая слава ў нябесных, інакшая ў зямных;

41 інакшая слава ў сонца, інакшая слава ў месяца, інакшая ў зорак; і зорка ад зоркі розьніцца славаю.

42 Так і пры ўваскрэсеньні мёртвых; сеецца ў тленьні, паўстае ў нятленьні;

43 сеецца ў няславе, паўстае ў славе; сеецца ў немачы, паўстае ў сіле;

44 сеецца цела душэўнае, паўстае цела духоўнае. Ёсьць цела душэўнае, ёсьць цела і духоўнае.

45 Так і напісана: «першы чалавек Адам стаўся душою жывою»; а апошні Адам ёсьць дух жыватворчы.

46 Але ня духоўнае раней, а душэўнае, потым духоўнае.

47 Першы чалавек - зь зямлі, і зямны; другі чалавек - Гасподзь - зь неба.

48 Які зь зямлі, такія зямныя; і які нябесны, такія і нябесныя;

49 і як мы насілі вобраз зямнога, так будзем насіць і вобраз нябеснага.

50 Але тое скажу вам, браты, што плоць і кроў ня могуць успадкаваць Царства Божага, і тленьне ня спадкуе нятленьня.

51 Я кажу вам тайну, ня ўсе мы памрэм, але ўсе пераменімся;

52 раптам, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць, і мёртвыя ўваскрэснуць нятленьнымі, а мы пераменімся;

53 бо тленнае гэтае мае апрануцца ў нятленнае, і сьмяротнае гэтае - апрануцца ў несьмяротнасьць.

54 Калі ж тленьне гэтае апранецца ў нятленнасьць і сьмяротнае гэтае апранецца ў несьмяротнасьць, тады збудзецца слова напісанае: «паглынута сьмерць перамогаю.

55 Сьмерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога?».

56 А джала сьмерці - грэх; а сіла грэху - закон.

57 Дзякаваць Богу, Які даў нам перамогу Госпадам нашым Ісусам Хрыстом.

58 Дык вось, браты любасныя, будзьце цьвёрдыя, непахісныя, заўсёды майце посьпех у справе Гасподняй, ведаючы, што праца вашая не змарнее перад Госпадам.

 

Разьдзел 16

 

1 А зьбіраючы для сьвятых, рабеце так, як я ўстанавіў у цэрквах Галятыйскіх;

2 у першы дзень тыдня кожны з вас хай адкладвае ў сябе і ашчаджае, колькі дазваляе яму дастатак, каб не рабіць збораў, калі я прыйду.

3 А як прыйду, дык, каго вы выбераце, тых пашлю зь пісьмамі, каб даставілі ваш дар у Ерусалім.

4 А калі і мне прыстойна будзе выправіцца, дык яны са мною пойдуць.

5 Я прыйду да вас, калі прайду Македонію; бо я іду цераз Македонію.

6 А ў вас, можа стацца, пажыву, або і перазімую, каб вы мяне правялі, куды пайду.

7 Бо я не хачу бачыцца з вамі цяпер мімаходзь, а спадзяюся прабыць у вас колькі часу, калі Гасподзь дазволіць.

8 А ў Эфэсе я прабуду да Пяцідзясятніцы,

9 бо мне адчынены вялікія і шырокія дзьверы, і праціўнікаў многа.

10 Калі ж прыйдзе да вас Цімафей, глядзеце, каб ён быў у вас убясьпечаны; бо ён чыніць справу Гасподнюю, як і я.

11 Таму хай ніхто ім не пагардзіць, а праводзьце яго зь мірам, каб ён прыйшоў да мяне; бо я чакаю яго з братамі.

12 А што да брата Апалоса, я вельмі прасіў яго, каб ён з братамі пайшоў да вас; але ён ніяк не хацеў ісьці сёньня, а прыйдзе, калі яму будзе спорна.

13 Чувайце, стойце ў веры, будзьце мужныя, цьвёрдыя;

14 усё ў вас няхай будзе зь любоўю.

15 Прашу вас, браты, вы ведаеце, сямейства Сьцяпанавае, што яно ёсьць пачатак Ахаіі, і што яны прысьвяцілі сябе служэньню сьвятым;

16 будзьце ж і вы пачцівыя да такіх і да кожнага, хто пасабляе і працуе.

17 Я рады прыходу Сьцяпана, Фартуната і Ахаіка: яны бо адшкадавалі мне вашу адсутнасьць,

18 бо яны мой і ваш дух супакоілі. Шануйце такіх.

19 Вітаюць вас цэрквы Асійскія; вітаюць вас рупліва ў Госпадзе Акіла і Прыскіла з хатняю іхняю царквою.

20 Вітаюць вас, усе браты. Вітайце адзін аднаго сьвятым цалаваньнем.

21 Маё Паўлава вітаньне сваёю рукою.

22 Хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста, анафэма*; маранафа**.

23 Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі,

24 і любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Ісусе. Амін.

 

 

* Хай будзе адлучаны

** Гасподзь наш ідзе

Другое Пасланьне Да Карынфянаў Сьвятога Апостала Паўла

 

Разьдзел 1

 

1 Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей брат Царкве Божай у Карынфе з усімі сьвятымі па ўсёй Ахаіі:

2 мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

3 Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасьці і Бог усякага суцяшэньня,

4 Які суцяшае нас ва ўсякай маркоце нашай, каб і мы маглі суцяшаць усіх замаркочаных тым суцяшэньнем, якім Бог суцяшае нас саміх!

5 Бо як памнажаюцца ў нас цярпеньні Хрыстовыя, памнажаецца Хрыстом і суцяшэньне нашае.

6 Калі церпім смуткі мы, церпім дзеля вашага суцяшэньня і ўратаваньня, якое адбываецца празь цярпеньне такіх самых пакутаў, якія і мы церпім;

7 і надзея наша на вас цьвёрдая. Ці суцяшаемся мы, суцяшаемся дзеля вашага суцяшэньня і ўратаваньня, ведаючы, што вы маеце долю як у цярпеньнях нашых, так і ў суцяшэньні.

8 Бо мы ня хочам пакінуць вас, браты, каб ня ведалі вы пра смутак наш, што выпаў нам у Асіі, бо над усякую меру і над сілу былі мы прыгнечаныя, так што ня мелі надзеі і жыць.

9 Але самі ў сабе мелі вырак на сьмерць, каб спадзяваліся не на саміх сябе, а на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,

10 Які і выбавіў нас ад такое блізкае сьмерці і выбаўляе, і на Якога спадзяёмся, што і яшчэ выбавіць,

11 калі паспрыяе і ваша малітва за нас, каб за дадзенае нам па просьбе многіх, многія падзякавалі за нас.

12 Бо пахвала нашая гэтая ёсьць сьведчаньне сумленьня нашага, што мы ў чысьціні і богаспадобнай шчырасьці, ня ў плоцкай мудрасьці, а ў мілаце Божай, жылі ў сьвеце, асабліва ў вас.

13 І мы ня пішам вам іншага, як толькі тое, што вы чытаеце або разумееце, і што, як спадзяюся, да канца зразумееце,

14 як што вы ўжо часткова і зразумелі, што мы будзем вашаю славай, як і вы - нашаю, у дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста,

15 і ў гэтай пэўнасьці я зьбіраюся адведаць вас раней, каб вы яшчэ раз атрымалі мілату,

16 і ад вас перайсьці ў Македонію, а з Македоніі зноў прыйсьці да вас, а вы мяне выправілі б у Юдэю.

17 Маючы такі намер, ці не легкадумна я зрабіў? Альбо, што я задумваю, па плоці задумваю, так што ўва мне то «так-так», то «не-не»?

18 Але верны Бог, што слова наша да вас ня было то «так», то «не».

19 Бо Сын Божы Ісус Хрыстос, Якога мы, я і Сілуан і Цімафей, прапаведавалі вам, ня быў «так» і «не»; а ў Ім было «так»,

20 бо ўсе абяцаньні Божыя ў ім «так» і ў Ім «амін» на славу Божую праз нас.

21 А Той, Хто мацуе нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас, ёсьць Бог,

22 Які і паклаў на нас пячатку і даў заклад Духа ў сэрцы нашыя.

23 Бога заклікаю ў сьведкі на душу маю, што, шкадуючы вас, я дагэтуль ня прыходзіў у Карынф,

24 не таму, што быццам мы бяром уладу над вераю вашаю; але мы спрыяем радасьці вашай; бо вераю вы цьвёрдыя.

 

Разьдзел 2

 

1 І вось разважыў я сам сабе ня ісьці да вас зноў з засмучэньнем;

2 бо калі я засмучаю вас, дык хто ж парадуе мяне, як ня той, хто засмучаны мною?

3 Гэта самае і пісаў я вам, каб, прыйшоўшы, ня мець засмучэньня ад тых, за каго мне сьлед было радавацца; бо я за ўсіх вас пэўны, што мая радасьць ёсьць радасьць і ўсім вам.

4 Ад вялікае скрухі і прыгнечанага сэрца я пісаў вам зь вялікімі сьлязьмі не на тое, каб засмуціць вас, а каб вы спазналі любоў, якое я маю багата да вас!

5 А калі хто засмуціў, дык не мяне засмуціў, а часткова - каб не сказаць многа - і ўсіх вас.

6 Такому досыць і гэтае кары ад многіх,

7 так што вам лепей ужо дараваць яму і пашкадаваць яго, каб не апанаваў яго надта вялікі смутак,

8 і таму прашу вас не абысьці яго любоўю.

9 На тое бо я і пісаў, каб выпрабаваць вас, ці ва ўсім вы паслухмяныя.

10 А каму вы ў чым даруеце, таму і я; бо і я, калі каму ў чым дараваў, дараваў дзеля вас у імя Хрыстовае,

11 каб не зрабіў нам шкоды сатана; бо нам вядомы ягоныя намыслы.

12 Прыйшоўшы ў Трааду для зьвеставаньня пра Хрыста, хоць мне і адчынены дзьверы былі Госпадам,

13 я ня меў спакою духу майму, бо не знайшоў там брата майго Ціта; а разьвітаўшыся зь імі, я пайшоў у Македонію.

14 Але дзякаваць Богу, Які заўсёды дае нам перамогу ў Хрысьце і духмянасьць ведаў пра Сябе пашырае праз нас у кожнай мясьціне.

15 Бо мы Хрыстовая духмянасьць Богу ў тых, што ратуюцца і што гінуць.

16 Адным - водар сьмертаносны на сьмерць, а другім - водар жыўнасны на жыцьцё! І хто здольны на гэта?

17 Мы не прадаём слова Божага, як многія, а прапаведуем шчыра, як ад Бога, перад Богам, у Хрысьце.

 

Разьдзел 3

 

1 Ці не пачаць нам нанава знаёміцца з вамі? Няўжо патрэбныя нам, як некаторым, пахвальныя лісты да вас альбо ад вас?

2 Вы - нашае пісьмо, напісанае ў сэрцах нашых, пазнаванае і чытанае ўсімі людзьмі;

3 вы паказваеце сабою, што вы - пісьмо Хрыстовае, праз служэньне наша напісанае не чарнілам, а Духам Бога Жывога, не на скрыжалях каменных, а на плоцкіх скрыжалях сэрца.

4 Такую пэўнасьць мы маем у Богу праз Хрыста,

5 не таму, што мы самі здольныя былі вымысьліць нешта ад сябе, як бы ад сябе, а здольнасьць нашая ад Бога;

6 Ён даў нам здольнасьць быць слугамі Новага Запавету, ня літары, а Духа, бо літара забівае, а Дух творыць жыцьцё.

7 Калі ж служэньне сьмерці, сьмертаносным літарам, выразанае на камянях, было такое слаўнае, што сыны Ізраіля не маглі глядзець на аблічча Майсеевае з прычыны мінушчае славы аблічча ягонага,

8 дык наколькі ж большае павінна быць служэньне Духа ў славе!

9 Бо калі служэньне асуджэньня - слава, дык тым больш пераважае ў славе служэньне апраўданьня.

10 Тое праслаўленае нават ня мае ўжо славы з гэтага боку, з прычыны большае славы наступнага.

11 Бо, калі мінушчае слаўнае, дык болей слаўнае тое, што застаецца жыць.

12 Маючы такую надзею, мы дзейнічаем зь вялікай адвагаю,

13 а ня так, як Майсей, які клаў покрыва на аблічча сваё, каб сыны Ізраіля не глядзелі на канец мінушчага.

14 Але розум іхні асьлеплены: бо тое самае покрыва дагэтуль застаецца нязьнятае пры чытаньні Новага Запавету, бо здымаецца яно Хрыстом.

15 Дагэтуль, калі яны чытаюць Майсея, покрыва ляжыць на сэрцы іхнім;

16 але калі зьвяртаюцца да Госпада, тады гэта покрыва здымаецца.

17 Гасподзь ёсьць Дух; а дзе Дух Гасподні, там свабода.

18 А мы ўсе, як у люстры, гледзячы на славу Гасподнюю, зьмяняемся ў той самы вобраз са славы ў славу, як з Гасподняга Духа.

 

Разьдзел 4

 

1 Вось чаму, маючы зь міласьці Божай такое служэньне, мы не маркоцімся;

2 але, адкінуўшы тайныя ганебныя справы, ня хітруючы і не скажаючы слова Божага, а адкрываючы праўду, аддаём сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам.

3 Калі ж і заслонена зьвеставаньне наша, дык заслонена тым, якія гінуць,

4 нявернікам, якім бог веку гэтага зацьміў розум, каб ім ня зьзяла сьвятло зьвеставаньня пра славу Хрыста, Які ёсьць вобраз Бога нябачнага.

5 Бо мы не сябе прапаведуем, а Хрыста Ісуса, Госпада; а мы - нявольнікі вашыя дзеля Ісуса,

6 таму што Бог, які сказаў зазьзяць зь цемры сьвятлу, азарыў нашыя сэрцы, каб прасьвятліць нас пазнаньнем славы Божай у асобе Ісуса Хрыста.

7 Але скарб гэты мы носім у гліняным посудзе, каб веліч сілы бачылася ў Богу, а ня ў нас;

8 нас адусюль гнятуць, але мы ня прыгнечаныя; мы ў роспачным стане, але не ўпадаем у роспач;

9 нас гоняць, але мы не пакінутыя; нас валяць, але ня гінем;

10 заўсёды носім у целе мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў целе нашым.

11 Бо мы жывыя няспынна аддаёмся на сьмерць за Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў сьмяротнай плоці нашай,

12 так што сьмерць дзее ў нас, а жыцьцё ў вас.

13 Але, маючы той самы дух веры, як напісана: «я вераваў і таму гаварыў», і мы веруем, таму і гаворым,

14 ведаючы, што Той, Хто ўваскрэсіў Госпада Ісуса, уваскрэсіць празь Ісуса і нас і паставіць перад Сабою з вамі.

15 Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце мілаты тым большую ў многіх нарадзіла ўдзячнасьць на славу Божую.

16 Таму мы не маркоцімся; але калі вонкавы наш чалавек і тлее, дык унутраны - дзень у дзень абнаўляецца,

17 бо нядоўгая лёгкая пакута наша нараджае ў бязьмерным багацьці вечную славу,

18 калі мы глядзім не на бачнае, а на нябачнае: бо бачнае - часовае, а нябачнае - вечнае!

 

Разьдзел 5

 

1 Бо ведаем, што, калі зямны наш дом, гэтая хаціна, зруйнуецца, мы маем ад Бога жытлішча на нябёсах, дом нерукатворны, вечны.

2 Таму якраз мы і стогнем, хочучы апрануцца ў нябеснае наша жытлішча;

3 толькі б нам і апранутым не апынуцца голымі.

4 Бо мы, пакуль у гэтай хаціне стогнем пад цяжарам, бо ня хочам распрануцца, а апрануцца, каб сьмяротнае паглынута было жыцьцём.

5 На гэта якраз і стварыў нас Бог і даў нам задатак Духа.

6 Дык вось, мы заўсёды лагодзімся; і як ведаем, што, пакуль сталюючыся ў целе, мы далёка да Госпада»

7 бо ходзім вераю, а ня бачаньнем,

8 дык мы лагодзімся і хочам лепей выйсьці зь цела і ўсталявацца ў Госпадзе,

9 і таму рупліва намагаемся, ці сталюючыся, ці выходзячы, падабацца Яму;

10 бо ўсім нам трэба зьявіцца перад судовым тронам Хрыстовым, каб кожнаму атрымаць згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе, добрае ці благое.

11 І вось, ведаючы страх Гасподні, мы настаўляем на розум людзей, а Богу мы адкрытыя; спадзяюся, што адкрытыя і вашым сумленьням.

12 Ня зноў даручаем сябе вам, а даём вам нагоду хваліцца намі, каб мелі вы што сказаць тым, якія хваляцца абліччам, а ня сэрцам.

13 Калі мы выходзім зь сябе, дык дзеля Бога; а калі сьціплыя, дык дзеля вас.

14 Бо любоў Хрыстовая абдымае нас, а мы разважаем так: калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.

15 А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, што жывуць, ужо ня дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрэслага.

16 Таму ад сёньня мы нікога ня ведаем па плоці; калі ж і ведалі Хрыста па плоці, дык сёньня ўжо ня ведаем.

17 Дык вось, хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старажытнае мінула, цяпер усё новае.

18 А ўсё ад Бога, Які Ісусам Хрыстом прымірыў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня,

19 таму што Бог у Хрысьце прымірыў з Сабою сьвет, ня ставячы людзям у віну злачынстваў іхніх, і даў нам слова прымірэньня.

20 Вось мы - пасланыцы ў імя Хрыстовае, і як бы сам Бог умаўляе праз нас, у імя Хрыстовае просім: замірэцеся з Богам!

21 Бо Таго, Хто ня ведаў грэху, Ён зрабіў нам ахвяраю за грэх, каб мы ў Ім зрабіліся праведнымі перад Богам.

 

Разьдзел 6

 

1 А мы, як памочнікі ў працы, просім вас, каб мілата Божая ня марна была прынята вамі.

2 Бо сказана: «у часіну спрыяльную пачуў Я цябе, і ў дзень выратаваньня дапамог табе». Вось цяпер часіна спрыяльная, вось, цяпер дзень выратаваньня.

3 Мы нікому ні ў чым не даём спатыкацца, каб не выстаўляць на глум служэньне,

4 а ва ўсім выяўляем сябе, як слуг Божых, у вялікай цярплівасьці, у бедах, у гаротах, ва ўцісках,

5 пад ударамі, у вязьніцах, у выгнаньнях, на працы, у чуваньнях, у пастах,

6 у чысьціні, у добрай разумнасьці, у вялікадушнасьці, у даброці, у Духу Сьвятым, у шчырай любові,

7 у слове ісьціны, у моцы Божай, са зброяю праўды ў правай і ў левай руцэ,

8 у славе і няславе, пры ганьбе і хвале: нас лічаць ашуканцамі, але мы верныя;

9 мы невядомыя, але нас пазнаюць; нас лічаць нябожчыкамі, але вось, мы жывыя; мы карѓныя, але мы не паміраем;

10 нас засмучаюць, а мы заўсёды радуемся; мы гаротнікі, але многіх багацім; мы нічога ня маем, але ўсім валодаем.

11 Вусны нашыя адкрытыя вам, Карынфяне, сэрца нашае расшырана.

12 Вам ня цесна ў нас; а ў сэрцах вашых цесна.

13 Такою ж роўнаю мераю - кажу вам, як дзецям, - зрабеце і вашае сэрца шырокім!

14 Ня ўгінайцеся пад чужое ярмо зь нявернымі. Бо што супольнага ў праведнасьці зь беззаконьнем? што супольнага ў сьвятла зь цемраю?

15 Якая згода паміж Хрыстом і Вэліярам? Альбо якая саўдзельнасьць у верніка зь няверным?

16 Якая агульнасьць храма Божага зь ідаламі? Бо вы храм Бога Жывога, як сказаў Бог: «усялюся ў іх і буду хадзіць у іх; і буду іхнім Богам, і яны будуць Маім народам».

17 І таму выйдзіце зь іхнага асяродзьдзя і аддзялецеся, - кажа Гасподзь, - і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас

18 і буду вам за Айца, і вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, кажа Гасподзь Усеўладны».

 

Разьдзел 7

 

1 І вось, любасныя, маючы такія абяцаньні, ачысьцім сябе ад усякае паганасьці плоці і духу, творачы сьвятыню ў страху Божым.

2 Дайце месца нам: мы нікога не пакрыўдзілі, і нікому не нашкодзілі, ні ад кога не дамагаліся карысьці.

3 Не на асуду кажу; бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, так каб разам і памерці і жыць.

4 Я шмат спадзяюся на вас, шмат хвалюся вамі; я поўны ўцехі, узбагачаюся радасьцю пры ўсёй журбе нашай.

5 Бо, калі прыйшлі мы ў Македонію, цела наша ня мела ніякага спакою, а мы былі ўціснутыя адусюль: звонку - напады, усярэдзіне - страхі.

6 Але Бог, суцешнік пакорлівых, суцешыў нас Цітавым прыходам

7 і ня толькі прыходам яго, але і ўцехаю, якою ён суцяшаўся за вас, расказваючы нам пра вашую руплівасьць, пра ваш плач, пра вашае дбаньне за мяне, так што радасьць мая яшчэ збольшылася.

8 А таму, калі я засмуціў вас пасланьнем, не шкадую, хоць і пашкадаваў быў; бачу, што пасланьне тое засмуціла вас, хоць і часова.

9 Цяпер я радуюся не таму, што вы засмуціліся, а таму, што вы засмуціліся на пакаяньне; бо засмуціліся дзеля Бога, так што зусім ня зьведалі праз нас шкоды.

10 Бо смутак дзеля Бога прыносіць нязьменнае пакаяньне на збавеньне; а смутак зямны чыніць сьмерць.

11 Бо тое, што вы засмуціліся дзеля Бога, глядзеце, якую абудзіла ў вас руплівасьць, якія перапросіны, якую абуранасьць вінаватымі, які страх, якое жаданьне, якую дбайнасьць, якое спагнаньне! І ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе.

12 Дык вось, калі я пісаў вам, дык ня дзеля зьняважніка і ня дзеля зьняважанага, а каб вам адкрыўся наш пільны клопат пра вас перад Богам.

13 Таму мы суцешыліся ўцехаю вашай; а яшчэ болей узрадаваныя мы Цітавай радасьцю, што вы ўсе супакоілі дух ягоны;

14 і вось, я не застаўся пасаромлены, калі трохі пахваліўся вамі перад ім; але як што вам мы гаварылі ўсю праўду, так і перад Цітам пахвала наша аказалася праўдзіваю;

15 і сэрца ягонае вельмі прыхільнае да вас, калі згадвае ён пакорлівасьць вашу, як вы яго прынялі былі са страхам і трымценьнем.

16 І вось радуюся, што ва ўсім магу пакласьціся на вас.

 

Разьдзел 8

 

1 Паведамляем вам, браты, пра мілату Божую, дадзеную цэрквам Македонскім;

2 бо яны сярод вялікіх выпрабаваньняў нягодамі маюць шмат радасьці, і глыбокая галеча іхняя разьліваецца бяз краю ў шчодрасьці іхняй гасьціннасьці;

3 бо яны зычлівыя па сіле і па-над сіламі - я сьведка:

4 яны вельмі пераканаўча прасілі нас прыняць дар і ўдзел іхні ў служэньні сьвятым;

5 і ня толькі тое, на што мы спадзяваліся, але яны аддалі саміх сябе найперш Госпаду, потым і нам з волі Божае;

6 таму мы прасілі Ціта, каб ён, як быў пачаў, так і скончыў у вас і гэтую добрую дзею.

7 А як што вы перапоўненыя ўсім: вераю і словам, і пазнаньнем і ўсякай руплівасьцю, і любоўю вашаю да нас, - дык прасякнецеся ж і гэтаю дабрачыннасьцю.

8 Кажу гэта не як загад, а дбаньнем іншых выпрабоўваю шчырасьць і вашай любові.

9 Бо ведаеце вы мілату Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, будучы багаты, зьбяднеў дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягонай беднасьцю.

10 Я даю на гэта раду: бо гэта карысна вам, вы ня толькі пачалі рабіць гэта, але і жадалі таго яшчэ зь леташняга.

11 Завяршэце ж цяпер самую дзею, каб, чаго так моцна прагнулі, тое і зроблена было па магчымасьці.

12 Бо, калі ёсьць руплівасьць, дык яна прымаецца залежна ад таго, хто мае, а не ад таго, чаго ня мае.

13 Тут трэба, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасьць.

14 Сёньня ваш дастатак на пакрыцьцё іхняй нястачы; а пасьля іх дастатак на пакрыцьцё вашай нястачы, каб была роўнасьць,

15 як напісана: «хто сабраў многа, ня меў лішняга, і хто - мала, ня меў нястачы».

16 Дзякаваць Богу, што Ён уклаў у Цітава сэрца такую руплівасьць пра вас;

17 бо, хоць я і прасіў яго, але ён, будучы занадта руплівы, пайшоў да вас з добрае волі.

18 Зь ім паслалі мы таксама брата, якога ва ўсіх цэрквах многа хваляць за зьвеставаньне,

19 і пры гэтым выбранага ад цэркваў у спадарожнікі нам для гэтага добрага пачынаньня, якому мы служым у славу Самога Госпада і ў згодзе з руплівасьцю вашай,

20 асьцерагаючыся, каб хто не наракаў на нас пры такой шчодрасьці прынашэньняў, якія давераны нашаму служэньню;

21 бо мы дбаем за дабро ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.

22 Мы паслалі зь імі і брата нашага, чыю руплівасьць шмат разоў праверылі ў многім, і які сёньня яшчэ руплівейшы празь вялікі давер да вас.

23 Што да Ціта, гэта - мой сябар і супрацоўнік у вас; а што да братоў нашых, гэта - пасланцы цэркваў, слава Хрыстова.

24 Дык вось, перад абліччам цэркваў дайце ім доказ любові вашай і таго, што мы справядліва ганарымся вамі.

 

Разьдзел 9

 

1 Мне, зрэшты, лішне пісаць вам пра службу сьвятым,

2 бо я ведаю руплівасьць вашую, і хвалюся вамі перад Македонцамі, што Ахаія гатовая яшчэ зь леташняга году; а стараннасьць вашая падахвоціла многіх.

3 А братоў паслаў я на тое, каб пахвала мая вам не прапала марна ў гэтым выпадку, а каб вы, як я казаў, былі падрыхтаваныя,

4 і каб, калі прыйдуць са мною Македонцы і застануць вас негатовых, не пасаромлены былі мы, - не кажу «вы», - пахваліўшыся так упэўнена.

5 Вось чаму я палічыў патрэбным упрасіць братоў, каб яны першыя пайшлі да вас і папярэдне паклапаціліся, каб абвешчанае ўжо дабраславеньне ваша было гатовае, як дабраславеньне, а не як прымусовая даніна.

6 Пры гэтым (скажу): хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.

7 Хай кожны ўзычвае, як сэрца ягонае прыхіляе, а ня з прыкрасьцю і ня з прынукаю; бо Бог любіць таго, хто самахоць дае з радасьцю.

8 А Бог мае сілу ўзбагаціць вас усякаю мілатою, каб вы, заўсёды і ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсякія добрыя дзеі,

9 як напісана: «рассыпаў, раздаў убогім; праўда ягоная трывае вавекі».

10 А Той, Хто дае насеньне сейбіту і хлеб на ежу, дасьць і шчодрасьць пасеянаму вамі і памножыць плады праведнасьці вашай,

11 так, каб вы ўсім багатыя былі на ўсякую шчадроту, якая праз нас узносіць падзяку Богу.

12 Бо справа служэньня гэтага ня толькі дапаўняе ўбогасьць сьвятых, але нараджае ў многіх удзячнасьць Богу;

13 бо, бачачы досьвед у гэтым служэньні, яны славяць Бога за пакору вызнаванаму вамі Дабравесьцю Хрыстоваму і за шчырую супольнасьць зь імі і з усімі,

14 молячыся за вас, па прыхільнасьці да вас, за шчодра сутную ў вас мілату Божую.

15 Дзякуй Богу за нявымоўны дар Ягоны!

 

Разьдзел 10

 

1 А сам я, Павал, асабіста сьціплы сярод вас, а здалёку супроць вас адважны, пераконваю вас лагодаю і мілажальнасьцю Хрыстовай.

2 Прашу вас, каб, калі прыйду да вас, не давялося мне адважна ўжываць тую цьвёрдую адвагу, якую думаю ўжыць супроць некаторых, якія думаюць пра нас, быццам мы ўчыняем па плоці.

3 Бо мы, ходзячы ў плоці, не па плоці змагаемся.

4 Зброя нашага змаганьня ня плоцкая, а моцная Богам на руйнаваньне цьвярдыняў: імі мы абвяргаем намыслы

5 і ўсякую ганарлівасьць, што паўстае супроць пазнаньня Божага, і палонім усякія задумы на паслушнасьць Хрысту;

6 і гатовыя пакараць любую непаслушнасьць, калі вашая паслушнасьць зьдзейсьніцца.

7 Ці на асобу зважаеце? Хто ўпэўнены ў сабе, што ён Хрыстовы, той сам па сабе хай мяркуе, што, калі ён Хрыстовы, дык і мы Хрыстовыя.

8 Бо, калі б я пачаў занадта хваліцца нашай уладай, якую Гасподзь даў нам на станаўленьне, а не на разладзьдзе нашае, дык я ня быў бы пасаромлены.

9 Зрэшты, хай ня здасца, што я палохаю вас толькі пасланьнямі.

10 Бо як нехта кажа: «у пасланьнях ён строгі і моцны, а ў асабістай прысутнасьці слабы, і мова ягоная нязначная»,

11 дык няхай ведаюць, што, якія мы на словах у пасланьнях завочна, такія і ў дзеі асабіста.

12 Бо мы не адважваемся мерацца альбо параўноўваць сябе з тымі, якія самі сябе выстаўляюць: яны мераюць сябе самімі сабою і параўноўваюць сябе з сабою неразумна.

13 А мы не хваліцца будзем бязь меры, а мераю долі, якую нам вызначыў Бог і такою мераю, каб дасягнуць і да вас.

14 Бо мы ня высільваемся, як тыя, што не дасяглі да вас, бо дасягнулі і да вас зьвеставаньнем Хрыстовым;

15 мы не бязь меры хвалімся, ня чужою працаю, а спадзяёмся, што калі будзе расьці вера вашая, над меру пабольшыць у вас удзел наш,

16 (так, каб і) далей прапаведаваць вам Дабравесьце, ня хвалячыся гатовым у чужой долі.

17 «Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Госпадзе».

18 Бо ня той годны, хто сам сябе хваліць, а каго хваліць Гасподзь.

 

Разьдзел 11

 

1 О, калі б вы хоць крыху ўмілажаліліся з маёй неразумнасьці! Але вы і мілажальныя да мяне.

2 Бо я руплюся за вас руплівасьцю Божаю, таму што я заручыў вас з адзіным мужам, каб зьявіць Хрысту чыстаю дзевай.

3 Але баючыся, каб, як зьмей хітрасьцю сваёй змусьціў Еву, так і вашыя думкі каб не панесьлі шкоды і вы ня збочылі ад прастаты і чысьціні ў Хрысьце.

4 Бо, калі б хто прыйшоў і пачаў прапаведаваць другога Ісуса, якога мы не прапаведавалі, альбо калі б атрымалі іншага Духа, якога не атрымалі, альбо іншае Дабравесьце, якога ня прымалі, - дык вы былі б вельмі мілажальныя да таго.

5 Але я думаю, што я ні ў чым не адстаў ад тых «вышэйшых апосталаў»:

6 хоць я і невук у слове, але не ў спазнаньні. Урэшце, мы ва ўсім дасканала вядомыя вам.

7 Ці зграшыў я тым, што прыніжаў сябе, каб узвысіць вас: бо без узнагароды вам прапаведаваў Дабравесьце Божае?

8 Другім цэрквам я нарабіў выдаткаў, бяручы зь іх утрыманьне на служэньне вам; і, калі быў у вас, хоць і трываў нястачу, нікому не дакучаў,

9 бо нястачы мае пакрылі браты, якія прыйшлі з Македоніі; ды і ва ўсім я стараўся і пастараюся ня быць вам цяжарам.

10 Па праўдзе Хрыстовай ува мне скажу, што пахвала гэтая не адымецца ў мяне ў землях Ахаіі.

11 Чаму ж так раблю? Ці таму, што ня люблю вас? Богу вядома! Але як раблю, так і буду рабіць,

12 каб ня даць прычыны тым, якія шукаюць поваду, каб яны, чым хваляцца, у тым аказаліся такімі самымі, як і мы.

13 Бо такія ілжэапосталы, падступныя работнікі, што ўдаюць зь сябе апосталаў Хрыстовых.

14 І якое тут дзіва: бо сам сатана строіць зь сябе анёла сьвятла,

15 а таму не вялікая справа, калі і слугі ягоныя ўдаюць зь сябе слуг праведнасьці; але канец іхні будзе паводле дзеяў іхніх.

16 Яшчэ скажу: хай не палічыць хто-небудзь мяне неразумным; а калі ня так, дык прымеце мяне, хоць якога неразумнага, каб і мне хоць крыху пахваліцца.

17 Што скажу, тое скажу ня ў Госпадзе, а як бы ва ўтрапёнасьці, якая дадае мне адвагі хваліцца.

18 Як многія хваляцца з прычыны цялеснай, так і я буду хваліцца.

19 Бо вы, людзі разумныя, ахвоча церпіце неразумных,

20 вы церпіце, калі хто вас панявольвае, калі хто аб'ядае, калі хто абірае, калі хто вас за нікчэмнасьць мае, калі хто б'е вас па твары.

21 На сорам кажу, што на гэта ў нас неставала сілы; а калі хто мае адвагу хваліцца чым-небудзь, дык скажу зь неразуменьня, набяруся адвагі і я.

22 Яны Габрэі? і я. Ізраільцяне? і я. Насеньне Абрагамавае? і я.

23 Хрыстовыя слугі? у неразуменьні кажу: я больш. Я намнога больш быў у працы, бязьмерна больш у ранах, больш у цямніцах і шмат разоў пры сьмерці.

24 Ад Юдэяў пяць разоў далі мне былі па сорак удараў без аднаго.

25 тройчы мяне білі палкамі, аднойчы камянямі пабівалі, тры разы я цярпеў караблекрушэньне, ноч і дзень прабыў у бездані марской;

26 шмат разоў быў у падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках ад разбойнікаў, у небясьпеках ад адзінапляменцаў, у небясьпеках ад язычнікаў, у небясьпеках у горадзе, у небясьпеках у пустыні, у небясьпеках на моры, у небясьпеках сярод фальшывых братоў,

27 у працы і ў зьнемажэньні, часта ў недасыпаньні, у голадзе і смазе, часта ў посьце, на сьцюжы і ў галечы.

28 Акрамя згаданых прыгодаў, у мяне штодзень зборы людзей, клопат за ўсе цэрквы.

29 Хто зьнемагае, з кім бы і я не зьнемагаў? Хто ўпадае ў змусты, за каго б я не ўспалымняўся?

30 Калі мусова мне хваліцца, дык буду хваліцца нямогласьцю маёю.

31 Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, дабраславёны навекі, ведае, што я не маню.

32 У Дамаску абласны правіцель цара Арэты пільнаваў горад Дамаск, каб схапіць мяне; і я ў кашы быў спушчаны з вакна па сьцяне і пазьбег ягоных рук.

(33)

 

Разьдзел 12

 

1 Няма карысьці хваліцца мне; бо я прыйду да відзежаў і адкрыцьцяў Гасподніх.

2 Ведаю чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць гадоў таму назад, - ці ў целе, ня ведаю, ці ня ў целе, ня ведаю: Бог ведае, - захоплены быў да трэйцяга неба.

3 І ведаю пра такога чалавека, - толькі ня ведаю - у целе, ці па-за целам: Бог ведае, -

4 што ён быў узяты ў рай і чуў нявымоўныя словы, якіх чалавеку нельга пераказаць.

5 Такім чалавекам магу хваліцца; а сабою не пахвалюся, хіба што немачамі маімі.

6 Урэшце, калі захачу хваліцца, ня буду неразумны, бо скажу праўду; але я ўстрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне болей, чым колькі ўва мне бачыць, альбо чуе ад мяне.

7 І каб я не заганарыўся нязвычайнасьцю адкрыцьцяў, дадзена мне джала ў плоць, пасланец сатаны, тлуміць мяне, каб я не ганарыўся.

8 Тройчы маліў я Госпада за тое, каб адвёў яго ад мяне.

9 Але Гасподзь сказаў мне: «досыць табе мілаты Маёй, бо сіла Мая зьдзяйсьняецца ў немачы». І таму я найболш ахвоча буду хваліцца сваімі немачамі, каб жыла ўва мне сіла Хрыстовая.

10 Таму і любасна мне ў немачах, у крыўдах, у нястачах, у ганеньнях, ва ўцісках за Хрыста: бо калі я нямоглы, тады моцны.

11 Я дайшоў да неразумнасьці, хвалячыся: вы мяне да гэтага змусілі. Вам бы сьлед было хваліць мяне, бо я нічым ня горшы за тых «вышэйшых апосталаў», хоць я і нішто:

12 прыкметы апостала зьявіліся перад вамі ўсякім цярпеньнем, азнакамі, цудамі і сіламі.

13 Бо чаго вам нестае перад іншымі цэрквамі, дык хіба толькі таго, што сам я ня быў вам цяжарам? Даруйце мне такую віну.

14 Вось, трэйці раз я гатовы ісьці да вас, і ня буду вам цяжарам, бо я шукаю ня вашага, а вас. Ня дзеці павінны зьбіраць маёмасьць бацькам, а бацькі дзецям.

15 Я ахвотна буду траціць сваё і зьнемагаць сябе за душы вашыя, нягледзячы на тое, што, вельмі моцна любячы вас, я меней любімы вамі.

16 Але няхай будзе, што сам я ня вельмі вас абцяжарваў, але, як што я хітры, дык хітрасьцю браў вас,

17 але ці карыстаўся чым ад вас праз каго-небудзь з тых, каго пасылаў да вас?

18 Я ўпрасіў Ціта, і паслаў зь ім аднаго брата: ці ж пакарыстаўся Ціт чым-небудзь вашым? Ці не ў адным духу мы дзейнічалі? Ці не адною дарогай хадзілі?

19 Ці ня думаеце яшчэ, што мы толькі апраўдваемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам, у Хрысьце, і ўсё гэта, любасныя, вам у навуку.

20 Бо я маю боязь, каб мне, калі я прыйду, не застаць вас такіх, якіх не хачу, а таксама каб і вы ня ўбачылі мяне такога, якога ня хочаце: каб не знайсьці ў вас нязгодзіц, зайздрасьці, гневу, сварак, паклёпаў, нагавораў, ганарыстасьці, беспарадкаў,

21 каб зноў, калі прыйду, ня прынізіў мяне ў вас Бог мой, і каб не аплакваць мне многіх, якія зграшылі раней і не пакаяліся ў нячыстасьці і непатрэбстве, якое рабілі.

 

Разьдзел 13

 

1 Трэйці ўжо раз іду да вас: «пры вуснах двух альбо трох сьведкаў будзе цьвёрдае кожнае слова».

2 Я запабягаў і запабягаю, як бы ў маёй другой прысутнасьці ў вас, і цяпер у адсутнасьці, пішу тым, што раней зграшылі, і ўсім астатнім, што, калі зноў прыйду, не пашкадую.

3 Вы шукаеце доказу, што Хрыстос гаворыць ува мне: Ён супроць вас не бясьсілы, а моцны ў вас.

4 Бо, хоць Ён і ўкрыжаваны ў немачы, але жывы сілаю Божаю; і мы таксама, хоць нямоглыя ў Ім, але будзем жывыя зь Ім сілаю Божаю ў вас.

5 Выпрабоўвайце саміх сябе, ці ў веры вы? саміх сябе дасьледуйце. Альбо вы ня ведаеце саміх сябе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы ня тое, чым павінны быць.

6 А пра нас, спадзяюся, даведаецеся, што мы тое, чым быць павінны.

7 Молім Бога, каб вы не рабілі ніякага ліха, не на тое, каб нам здацца, чым павінны быць; а каб вы рабілі дабро, хоць бы мы здаваліся і ня тым, чым павінны быць.

8 Бо мы ня моцныя супроць праўды, а моцныя за праўду.

9 Мы радуемся, калі мы нямоглыя, а вы моцныя; за гэта якраз і молімся, за вашую дасканаласьць.

10 На тое я і пішу гэта ў адсутнасьці, каб у прысутнасьці ня ўжыць строгасьці ўлады, дадзенай мне Госпадам на збудаваньне, а не на руйнаваньне.

11 Аднак жа, браты, радуйцеся, удасканальвайцеся, суцяшайцеся, будзьце аднамысныя, мірныя, - і Бог любові і міру будзе з вамі.

12 Вітайце адзін аднаго цалаваньнем сьвятым. Вітаюць вас усе сьвятыя.

13 Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста, і любоў Бога Айца, і лучнасьць Сьвятога Духа з усімі вамі. Амін.

 

Пасланьне Да Галятаў Сьвятога Апостала Паўла

 

Разьдзел 1

 

1 Павал апостал выбраны ня людзьмі і не праз чалавека, а Ісусам Хрыстом і Богам Айцом, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых,

2 і ўсе браты, якія са мною, - цэрквам Галятыйскім:

3 мілата вам і мір ад Бога Айца і Госпада нашага Ісуса Хрыста,

4 Які аддаў Сябе Самога за грахі нашыя, каб выбавіць нас ад цяперашняга падступнага веку, па волі Бога і Айца нашага;

5 Яму слава на векі вечныя. Амін.

6 Зьдзіўляюся, што вы так хутка пераходзіце ад таго, хто заклікаў вас мілатою Хрыстоваю, да іншага зьвеставаньня,

7 якое, аднак, ня іншае, а толькі ёсьць людзі, якія зводзяць вас і хочуць перавярнуць зьвеставаньне Хрыстовае.

8 Але калі б нават мы, альбо анёл зь неба пачаў зьвеставаць вам ня тое, што мы зьвеставалі вам, хай будзе анатэма.

9 Як раней мы сказалі, так і цяпер яшчэ кажу: хто зьвястуе вам ня тое, што вы прынялі, хай будзе анатэма.

10 Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабаньня, ці ў Бога? ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, дык ня быў бы рабом Хрыстовым.

11 Абвяшчаю вам, браты, што Дабравесьце, якое я абвяшчаў, ня ёсьць чалавечае;

12 бо і я прыняў яго і навучыўся не ад чалавека, а праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста.

13 Вы чулі пра мой ранейшы лад жыцьця ў Юдэйстве, як я жорстка прасьледаваў Царкву Божую і спусташаў яе,

14 і вызначыўся ў Юдэйстве сярод многіх равесьнікаў з роду майго, бо быў я зацяты прыхільнік бацькоўскіх маіх паданьняў.

15 Калі ж Бог, выбраўшы мяне ад улоньня маці маёй і заклікаўшы мілатою Сваёю,

16 зажадаў адкрыць ува мне Сына Свайго, каб я зьвеставаў Яго язычнікам, я не пачаў адразу ж раіцца з плоцьцю і крывёю,

17 і не пайшоў у Ерусалім да тых апосталаў, якія ішлі перада мною, а пайшоў у Аравію, і зноў вярнуўся ў Дамаск.

18 Пасьля, праз тры гады, хадзіў я ў Ерусалім пабачыцца зь Пятром і пабыў у яго дзён пятнаццаць.

19 А другога з апосталаў я ня бачыў нікога, акрамя Якава, брата Гасподняга.

20 А ў тым, што пішу вам, прад Богам, ня ілгу.

21 Пасьля гэтага адышоў я ў землі Сірыі і Кілікіі.

22 Цэрквам Хрыстовым у Юдэі асабіста я ня быў вядомы,

23 а толькі чулі яны, што колішні іхні ганіцель цяпер зьвястуе веру, якую раней вынішчаў,

24 і праслаўлялі за мяне Бога.

 

Разьдзел 2

 

1 Потым, праз чатырнаццаць гадоў, зноў хадзіў я ў Ерусалім з Варнавам, узяўшы з сабою і Ціта.

2 А хадзіў паводле адкрыцьця і абвясьціў там, і асобна самым пашаноўным, Дабравесьце, якое я прапаведую язычнікам: ці ня марна я дзею альбо дзеяў.

3 Але яны і Ціта, які быў са мною, хоць і Эліна, ня прымушалі абразацца.

4 А што да аблудных ілжэбратоў, якія пракраліся да нас падгледзець нашую свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб паняволіць нас,

5 дык мы ні на хвіліну не паступіліся і не ўпакорыліся ім, каб ісьціна зьвеставаньня захавалася чыстаю ў вас.

6 І ў знакамітых праз што-небудзь, якія б яны ні былі калі-небудзь, для мяне няма нічога асаблівага: Бог не зважае на аблічча чалавека. І знакамітыя не дадалі мне больш анічога;

7 наадварот, што мне даверана зьвеставаньне неабрэзаным, як Пятру абрэзаным,

8 бо Той, Хто спрыяў Пятру ў апостальстве сярод абрэзаных, спрыяў і мне сярод язычнікаў, -

9 і даведаўшыся пра мілату, дадзеную мне, Якаў і Кіфа і Ян, якія былі ўважаныя за стаўпоў, падалі мне і Варнаву руку лучнасьці, каб нам ісьці да язычнікаў, а ім да абрэзаных,

10 толькі каб мы памяталі ўбогіх, што і намагаўся я выканаць дакладна.

11 Калі ж Пётр прыйшоў у Антыахію, дык я адкрыта выступіў супроць яго, бо ён заслужыў дакораў.

12 Бо да прыходу некаторых ад Якава, еў разам зь язычнікамі; а калі тыя прыйшлі, пачаў таіцца і ўхіляцца, апасаючыся абрэзаных.

13 Разам зь ім крывадушнічалі і іншыя Юдэі, так што нават Варнава быў змушчаны іхняй крывадушнасьцю.

14 Але калі я ўбачыў, што яны ня проста дзеюць паводле ісьціны Дабравесьця, сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты як Юдэй жывеш па-язычніцку, а не па-Юдэйску, дык навошта язычнікаў змушаеш жыць па-Юдэйску?

15 Мы з прыроды Юдэі, а не зь язычнікаў грэшнікі;

16 аднак жа, даведаўшыся, што чалавек апраўдваецца ня дзеямі закона, а толькі вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста, а ня дзеямі закона; бо дзеямі закона не апраўдваецца ніякая плоць.

17 Калі ж, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы і самі сталіся грэшнікамі, - дык няўжо ж Хрыстос ёсьць служка грэху? Аніяк!

18 Бо калі я зноў будую, што быў разбурыў, дык сам сябе раблю злачынцам.

19 Праз закон я памёр для закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся з Хрыстом,

20 і ўжо ня я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, дык жыву вераю ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне.

21 Не адкідаю мілаты Божай. А калі праведнасьць дасягаецца праз закон, дык Хрыстос марна памёр.

 

Разьдзел 3

 

1 О, няцямныя Галяты! Хто падбіў вас не скарацца ісьціне, вас, у каго перад вачыма накрэсьлены быў Ісус Хрыстос, як бы сярод вас укрыжаваны?

2 Толькі гэта хачу ведаць ад вас: ці празь дзеі закона вы атрымалі Духа, ці праз настаўленьне ў веры?

3 Ці такія вы няцямныя, што, пачаўшы Духам, цяпер канчаеце плоцьцю?

4 Так многа вы перацярпелі няўжо марна? О, калі б толькі марна!

5 Той, Хто пада вам Духа і творыць сярод вас цуды, ці празь дзеі закона робіць гэта, ці праз пропаведзь веры?

6 Так Абрагам паверыў Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць.

7 Уведайце ж, што вернікі - сыны Абрагамавыя.

8 І Пісаньне, прадбачачы, што Бог вераю апраўдае язычнікаў, наперад узьвясьціла Абрагаму: «у табе дабраславяцца ўсе народы».

9 Вось так, веруючыя дабраславяцца зь верным Абрагамам.

10 А ўсе, хто сьцьвярджаецца на дзеях закона, жывуць пад пракляцьцем. Бо напісана: «пракляты кожны, хто ня выконвае пастаянна ўсяго, што напісана ў кнізе закона».

11 А што законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, гэта ясна, бо «праведны вераю жыць будзе».

12 А закон не ад веры; «а хто выконвае яго, той жыць будзе ім».

13 Хрыстос адкупіў нас ад пракляцьця закона, зрабіўшыся за нас пракляцьцем - бо напісана: «пракляты кожны, хто вісіць на дрэве»,

14 каб дабраславеньне Абрагамавае праз Хрыста Ісуса пашырылася на язычнікаў, каб нам атрымаць абяцанага Духа вераю.

15 Браты! кажу я па-людзку: нават чалавекам зацьверджанага запавету ніхто не адмяняе і не дадае да яго.

16 Але Абрагаму дадзеныя былі абяцаньні і нашчадку ягонаму. Ня сказана: «і нашчадкам», як бы пра многіх, а як бы пра аднаго: «і насеньню твайму», якое ёсьць Хрыстос.

17 Я кажу тое, што запавета пра Хрыста, раней Богам зацьверджанага, закон, які паявіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не адмяняе так, каб абяцаньне страціла сілу.

18 Бо калі паводле закона спадчына, дык ужо не паводле абяцаньня; але Абрагаму Бог даў гэта паводле абяцаньня.

19 Навошта ж закон? Ён дадзены пасьля з прычыны злачынстваў, да часу прышэсьця насеньня, якому было дадзена абяцаньне, і ўчынена праз анёлаў, рукою пасрэдніка.

20 Але пасрэднік пры адным ня бывае, а Бог адзін.

21 Дык ці ж закон супроць абяцаньняў Божых? Ані! Бо калі б дадзены быў закон, які мог бы ажыўляць, дык сапраўды праведнасьць была б ад закона;

22 але Пісаньне ўсіх замкнула пад грэх, каб абяцаньне веруючым было дадзена ад веры ў Ісуса Хрыста.

23 Але да прышэсьця веры, мы былі замкнутыя пад вартаю закона да таго часу, як мела адкрыцца вера.

24 Дык вось закон быў для нас павадыром да Хрыста, каб нам апраўдацца вераю;

25 а як прыйшла вера, мы ўжо не пад кіраваньнем павадыра.

26 Бо ўсе вы сыны Божыя па веры ў Хрыста Ісуса;

27 усе вы, хто хрысьціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся!

28 Няма ўжо Юдэя, ні язычніка; няма раба, ні вольніка; няма мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе.

29 Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы нашчадкі Абарагамавыя, і паводле абяцаньня спадкаемцы.

 

Разьдзел 4

 

1 Яшчэ скажу: спадкаемец, пакуль у маленстве, нічым не адрозьніваецца ад раба, хоць і гаспадар усяго:

2 ён пад апекунамі і кіраўнікамі аж да часу вызначанага бацькам.

3 Гэтак і мы, пакуль былі ў маленстве, былі паняволеныя рэчавым пачаткам сьвету;

4 але калі споўніўся час, Бог паслаў Сына Свайго (Адзінароднага), Які нарадзіўся ад жанчыны і хадзіў пад законам,

5 каб адкупіць падзаконных, каб нам атрымаць усынаўленьне.

6 А як што вы - сыны, дык Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які ўсклікае: «Абба, Войча!»

7 Таму ты ўжо ня раб, а сын; а калі сын, дык і спадкаемец Божы празь Ісуса Хрыста.

8 Але тады, ня ведаючы Бога, вы служылі божышчам, якія па сутнасьці не багі;

9 а сёньня, уведаўшы Бога, альбо лепей, атрымаўшы пазнаньне ад Бога, навошта вяртаецеся зноў да бясьсілых і ўбогіх матар'яльных пачаткаў, і хочаце яшчэ зноў падняволіцца ім?

10 Вы пільна зважаеце на дні, месяцы, поры і гады.

11 Баюся за вас, ці ня марна я працаваў у вас.

12 Прашу вас, браты, будзьце, як я, таму што і я, як вы. Вы нічым не пакрыўдзілі мяне:

13 ведаеце, што, хоць я ў нядужай плоці зьвеставаў вам першы раз,

14 але вы не пагардзілі спакушэньня майго ў плоці маёй і не пагрэбавалі мною, а прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса.

15 Якія вы былі дабрашчасныя! Сьведчу пра вас, што, калі б можна было, вы б вырвалі вочы свае і аддалі мне.

16 І вось, няўжо я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду?

17 Рупяцца за вас нячыста, і хочуць вас адвярнуць, каб вы рупіліся пра іх.

18 Добра рупіцца ў добрым заўсёды, а не ў маёй толькі прысутнасьці ў вас.

19 Дзеці мае! я зноў дзеля вас у пакутах народзінаў, пакуль вобраз Хрыста ня выявіцца ў вас.

20 Хацеў бы я цяпер быць у вас і зьмяніць голас мой, бо я ў недаўменьні пра вас.

21 Скажэце мне вы, хто хоча быць пад законам: хіба вы ня слухаецеся закона?

22 Бо напісана: «Абрагам меў двух сыноў, аднаго ад рабыні, а другога ад вольнай».

23 Але які рабыніч, той народжаны па плоці; а які ад вольнай, той па абяцаньні.

24 У гэтым ёсьць іншы сэнс. Гэта два запаветы: адзін ад гары Сінайскай, які родзіць на рабства, які ёсьць Агар,

25 бо Агар азначае гару Сінай у Аравіі і адпавядае цяперашняму Ерусаліму, бо ён зь дзецьмі сваімі ў рабстве;

26 а вышэйшы Ерусалім вольны: Ён - маці ўсім нам.

27 Бо напісана: «узьвесяліся, няплодная, ты, што ня родзіш; усклікні і гукні, ты, што ня мучылася ў родах; бо ў пакінутай куды болей дзяцей, чым у той, што мае мужа».

28 Мы, браты, дзеці абяцаньня, як Ісаак.

29 Але як тады народжаны ад плоці гнаў таго, хто ад Духа, так і сёньня.

30 Што ж кажа Пісаньне? «Выгані рабыню і сына яе, бо сын рабыніч не спадчыньніць разам з сынам вольнае».

31 Таму, браты, мы дзеці не рабыні, а вольнай.

 

Разьдзел 5

 

1 Дык стойце ж у свабодзе, якую даў нам Хрыстос, і ня схіляйцеся зноў пад ярмо рабства.

2 Вось, я, Павал, кажу вам: калі вы абразаецеся, ня будзе вам ніякае карысьці ад Хрыста.

3 Яшчэ сьведчу кожнаму чалавеку, які абразаецца, што ён павінен выконваць увесь закон.

4 Вы, хто апраўдвае сябе законам, засталіся бяз Хрыста, адпаліся ад мілаты,

5 а мы духам чакаем і спадзяёмся на праведнасьць ад веры;

6 бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абразаньне, ні неабразаньне, а вера, якая дзее празь любоў.

7 Вы ішлі хораша: хто спыніў вас, каб вы не скараліся ісьціне?

8 Такое перакананьне не ад Таго, Хто заклікае вас.

9 Каліва закваскі расчыняе ўсё цеста.

10 Я пэўны за вас у Госпадзе, што вы ня будзеце думаць іначай; а той, хто змушчае вас, хто б ён ні быў, панясе на сабе асуду.

11 За што ж гоняць мяне, браты, калі я і цяпер прапаведую абразаньне? Тады ганьба крыжа спынілася б.

12 О, калі б выдаліць тых, якія баламуцяць вас!

13 Да вольнасьці закліканы вы, браты, толькі вольнасьць ваша ня была б повадам дагаджаць плоці; а любоўю служэце адно аднаму.

14 Бо ўвесь закон у адзін сказ укладваецца: «любі блізкага твайго, як самога сябе».

15 Калі ж паміж сабою грызяцеся і ясьце адно аднаго, дык глядзеце, каб не панішчылі вы адно аднаго.

16 Я кажу: рабеце паводле Духа, і вы ня будзеце паддавацца пажадзе плоці;

17 бо плоць жадае супраціўнага Духу, а Дух - супраціўнага плоці: яны адно аднаму супрацівяцца, так што вы ня тое робіце, чаго хацелі б.

18 Калі ж вас Дух водзіць, дык вы не пад законам.

19 Дзеі плоці вядомыя; вось яны: пералюбства, блуд, нечыстата, непатрэбства,

20 ідаласлужэньне, чарадзейства, варожасьць, свары, зайздрасьць, гнеў, звады, раздоры (спакусы), ерасі,

21 нянавісьць, забойствы, п'янства, закалоты і іншае такое; папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўспадкуюць.

22 А плод Духа: любоў, радасьць, згода, доўгая цярплівасьць, добрасьць, міласэрнасьць, вера,

23 лагоднасьць, устрымлівасьць. На такіх няма закона.

24 А тыя, якія Хрыстовыя, укрыжавалі цела з пажадлівасьцю і пахацінствамі.

25 Калі мы жывём Духам, дык згодна з Духам і рабіць павінны.

26 Ня будзем пустаславіцца, адно аднаго дражніць, адно аднаму зайздросьціць.

 

Разьдзел 6

 

1 Браты! калі і дапусьціць чалавек якую пагрэшнасьць, вы, духоўныя, папраўляйце такога ў духу лагоды, зважаючы кожны на сябе, каб ня дацца спакусе.

2 Насеце цяжары адно аднаго, і такім чынам выканаеце закон Хрыстовы.

3 Бо хто лічыць, што ён нешта такое, калі ён нішто, той ашуквае самога сябе.

4 Кожны няхай правярае сваю дзею, і тады мецьме пахвалу толькі ў сабе, а ня ў іншым,

5 бо кожны панясе свой цяжар.

6 Той, каго настаўляюць словам, дзяліся ўсякім дабром з тым, хто настаўляе.

7 Ня крывеце душою: Бог паганьбёны ня бывае. Што пасее чалавек, тое і сажне:

8 хто сее ў плоць сваю, ад плоці пажне прахласьць; а хто сее ў Дух, ад Духа пажне жыцьцё вечнае.

9 Робячы дабро, ня струджваймася: бо ў свой час пажнём, калі не аслабнем.

10 Дык вось, пакуль ёсьць час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім аднаверцам.

11 Бачыце, як многа напісаў я вам сваёю рукою.

12 Тыя, што хочуць хваліцца паводле цела, змушаюць вас абразацца толькі дзеля таго, каб унікнуць ганеньняў за крыж Хрыстовы,

13 бо і самі абрэзаныя ня трымаюцца закона, але хочуць, каб вы абразаліся, каб пахваліцца ў вашай плоці;

14 а я не хачу хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, Якім для мяне сьвет укрыжаваны, а я для сьвету.

15 Бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абразаньне, ні неабразаньне, а новае стварэньне.

16 Тым, якія чыняць у згодзе з гэтым правілам, мір ім і міласьць, і Ізраілю Божаму.

17 У астатнім, хай ніхто не стурбуе мяне, бо я нашу раны Ісусавыя на целе маім.

18 Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.

 

Пасланьне Да Эфэсянаў Сьвятога Апостала Паўла

 

Разьдзел 1

 

1 Павал, воляю Божаю апостал Ісуса Хрыста, сьвятым, што ў Эфэсе, і верным у Хрысьце Ісусе:

2 мілата вам і мір ад Бога, Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

3 Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што дабраславіў нас у Хрысьце ўсякім духоўным дабраславеньнем у нябёсах,

4 бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэньнем сьвету, каб мы былі сьвятыя і беспахібныя перад Ім у любові,

5 наперад пастанавіўшы ўсынавіць Сабе нас празь Ісуса Хрыста паводле ўпадабаньня волі Сваёй,

6 на хвалу славы мілаты Сваёй, якою Ён умілаваў нас у Любасным,

7 у Якім мы маем адкупленьне Крывёю Ягонай, дараваньне грахоў, паводле багацьця мілаты Ягонай,

8 якую Ён у вялікай шчодрасьці даў нам ва ўсякай мудрасьці і разуменьні,

9 адкрыўшы нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго ўпадабаньня, якое Ён загадзя паклаў у Ім,

10 на зьдзяйсьненьне паўнаты часу, каб усё нябеснае і зямное паяднаць у Хрысьце;

11 у Ім мы і зрабіліся спадкаемцамі, і былі наперад назначаны на тое згодна з воляй Таго, Хто ўсё чыніць паводле хаценьня волі Сваёй,

12 каб заслужыцца на пахвалу славы Ягонай нам, якія раней спадзяваліся на Хрыста;

13 у Ім і вы, пачуўшы слова праўды, абвяшчэньне вашага выратаваньня, і ўвераваўшы ў Яго, пазначаны пячаткаю абяцанага Духа Сьвятога,

14 Які ёсьць зарука спадчыны нашай, на адкупленьне долі Ягонай, на хвалу славы Ягонай!

15 Таму і я, дачуўшыся пра вашую веру ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых,

16 не перастаю дзякаваць за вас Богу, спамінаючы вас у малітвах маіх,

17 каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасьці і адкрыцьця на спазнаньне Яго,

18 і прасьветліў вочы сэрца вашага, каб вы ўведалі, у чым надзея закліканьня Ягонага, і якое багацьце слаўнае спадчыны Ягонай для сьвятых,

19 і якая бязьмерная веліч магутнасьці Ягонае ў нас, што паверылі празь дзеяньне ўладарнае сілы Ягонай,

20 якою Ён узьдзейнічаў у Хрысьце, уваскрэсіўшы Яго зь мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе на нябёсах,

21 найвышэй за любое начальства і ўладу, і сілу і валадараньне, і ўсякае імя, называнае ня толькі ў гэтым веку, але і ў будучым,

22 і ўсё ўпакорыў пад ногі Яму, і паставіў яго вышэй за ўсё, галавою Царквы,

23 якая ёсьць Цела Ягонае, поўнасьць Таго, Хто напаўняе ўсё ва ўсім.

 

Разьдзел 2

 

1 І вас, мёртвых за злачынствы і грахі вашыя,

2 у якіх вы калісьці жылі, згодна са звычаямі сьвету гэтага, па волі князя, які ўладарыць у паветры, духа, які дзее цяпер у сынах супраціву,

3 сярод якіх і мы калісьці жылі ў нашых плоцкіх жадобах, выконваючы пахаценьне плоці і помыслаў, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і астатнія,

4 Бог, багаты міласэрнасьцю, зь вялікай сваёй любові, якою палюбіў вас,

5 і нас, мёртвых за злачынствы, ажыватварыў з Хрыстом, - мілатою вы ўратаваныя,

6 і ўваскрэсіў зь Ім і пасадзіў на нябёсах у Хрысьце Ісусе,

7 каб зьявіць у наступных вяках найшчадрэйшае багацьце мілаты Сваёй у даброці да нас у Хрысьце Ісусе.

8 Бо мілатою вы ўратаваныя празь веру, і гэта не ад вас, - Божы дар:

9 не ад дзеяў, каб ніхто не хваліўся.

10 Бо мы - Ягоныя стварэньні, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя дзеі, якія Бог быў назначыў нам выконваць.

11 Дык вось памятайце, што вы, колісь язычнікі па плоці, якіх называлі «неабрэзанымі», так званыя «рукатворна абрэзаныя на плоці»,

12 што вы былі ў той час бяз Хрыста, адсечаныя ад грамадзтва Ізраільскага, чужыя запаветам абяцаньня, ня мелі надзеі і былі бязбожнікі ў сьвеце;

13 а цяпер у Хрысьце Ісусе вы, што былі колісь далёка, сталіся блізкімі Крывёю Хрыстоваю:

14 бо Ён ёсьць мір наш, Які зрабіў з двух адно і зруйнаваў перашкоду пасярэдзіне -

15 скасаваўшы варожасьць Плоцьцю Сваёю, - а закон запаведзяў - вучэньнем, каб з двух стварыць у Сабе Самім аднаго новага чалавека, сталюючы мір,

16 і ў адным целе прымірыць абодвух з Богам крыжам, забіўшы на гэтым варожасьць;

17 і, прыйшоўшы, «абвяшчаў мір вам, далёкім, і блізкім»,

18 бо празь Яго і тыя і другія маем доступ да Айца, у адным Духу.

19 Дык вось, вы ўжо ня чужынцы і ня прыхадні, а суграмадзяне сьвятым і свае Богу,

20 уцьверджаныя на аснове апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста каменем вугла,

21 на якім увесь будынак, моцна складаны, вырастае ў сьвяты храм у Госпадзе,

22 на якім і вы будуецеся ў селішча Божае Духам.

 

Разьдзел 3

 

1 Вось дзеля гэтага я, Павал, стаўся вязьнем Ісуса Хрыста за вас, язычнікаў.

2 Бо вы, пэўна, чулі пра служэньне мілаты Божай, дадзенай мне для вас,

3 таму што мне праз адкрыцьцё абвешчана таямніца, - пра што я і вышэй коратка пісаў, -

4 дык вы, чытаючы, можаце ўведаць маё разуменьне таямніцы Хрыстовай,

5 якая ня была абвешчана ранейшым пакаленьням сыноў чалавечых, як сёньня адкрыта сьвятым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа (Сьвятога),

6 каб і язычнікі былі супольнымі спадчыньнікамі, што складаюць адно цела, і саўдзельнікамі абяцаньня Ягонага ў Хрысьце Ісусе праз зьвеставаньне,

7 слугою якога зрабіўся я пасьля дараваньня мілаты Божай, дадзенай мне дзеяньнем сілы Ягонай.

8 Мне, самаму найменшаму з усіх сьвятых, дадзена мілата гэтая - зьвеставаць язычнікам недасьледнае багацьце Хрыстовае

9 і адкрыць усім, што ёсьць зьдзяйсьненьне таямніцы, схаванай ад вечнасьці ў Богу, Які стварыў усё Ісусам Хрыстом,

10 каб цяпер была вядомая праз Царкву начальству і ўладам на нябёсах бясконцая мудрасьць Божая,

11 паводле спрадвечнага вызначэньня, якое Ён учыніў у Ісусе Хрысьце, Госпадзе нашым,

12 у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ празь веру ў Яго.

13 А таму прашу (вас) не маркоціцца духам ад маіх дзеля вас журботаў, бо яны - ваша слава.

14 Дзеля гэтага схіляю калені мае прад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,

15 ад Якога мѓе найменьне ўсякая айчыннасьць на нябёсах і на зямлі,

16 хай дасьць вам, па багацьці славы Сваёй, моцна ўцьвердзіцца Духам Ягоным ва ўнутраным чалавеку,

17 каб Хрыстос вераю ўсяліўся ў сэрцы вашыя,

18 каб вы, укарэненыя і ўцьверджаныя ў любові, маглі спасьцігнуць з усімі сьвятымі, што ёсьць шырыня і даўжыня, і глыбіня і вышыня,

19 і ўразумець вышэйшую за ўразуменьне любоў Хрыстовую, каб вам напоўніцца ўсёю поўніцаю Божаю.

20 А Таму, Хто сілаю, якая дзее ў нас, можа зрабіць непараўнена болей за ўсё, чаго мы просім, альбо пра што думаем,

21 Таму слава ў Царкве ў Хрысьце ва ўсе роды, ад веку да веку. Амін.

 

Разьдзел 4

 

1 Дык вось я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць годна званьня, у якое вы закліканы,

2 з усёй пакорлівай мудрасьцю і лагоднасьцю і доўгай цярплівасьцю, у любові трываючы адзін аднаго,

3 імкнучыся захоўваць адзінства Духа ў саюзе міру.

4 Адно цела і адзін Дух, як вы і закліканы да адной надзеі вашага пакліканьня;

5 адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэньне,

6 адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ўва ўсіх нас.

7 А кожнаму з нас дадзена мілата ў меру дару Хрыстовага.

8 Таму і сказана: «падняўшыся на вышыню, запаланіў паланёных і даў дары людзям».

9 А «падняўся» што азначае, як ня тое, што Ён і сыходзіў раней у прадонныя мясьціны зямлі?

10 Хто сыходзіў, Ён жа ёсьць і Той, Хто ўзышоў над усе нябёсы, каб напоўніць усё.

11 І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых дабравесьнікамі, іншых пастырамі і настаўнікамі,

12 на дасканаленьне сьвятых, на дзею служэньня, на збудаваньне Цела Хрыстовага,

13 пакуль усе прыйдзем у адзінства веры і спазнаньня Сына Божага, у мужа дасканалага, у меру поўнага росту Хрыстовае паўнаты;

14 каб мы ня былі больш недаросткамі, якіх хістаюць і захапляюць усякія вятры навукі, каб падманам людзкім, штукарскай хітрынай увесьці ў змусту.

15 А каб у шчырай любові ўсе ўзрасталі ў Таго, Які ёсьць Галава, у Хрыста.

16 зь Якога ўсё цела, што складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемна жыўналучныя сувязі, у меру дзеяньня кожнага асобнага чэлеса, атрымлівае прырост цела на збудаваньне самога сябе ў любові.

17 Таму я кажу і заклінаю Госпадам, каб вы болей не рабілі, як робяць астатнія народы ў марноце розуму свайго,

18 бо яны запамрочаныя ў розуме, адчужаныя ад жыцьця Божага з прычыны іхняга невуцтва і зжарсьцьвеласьці сэрца іхняга;

19 яны, дарэшты зьнячуліўшыся, аддаліся распусьце так, што робяць усякае паскудзтва ненасытна.

20 Але вы ня так навучыліся ад Хрыста,

21 бо вы чулі пра Яго і ў Ім навучыліся, - бо ісьціна ў Ісусе, -

22 пазбыцца разам зь мінулым жыцьцём старога чалавека, які парахнее ў панадных пахацінствах,

23 а абнавіцца духам розуму вашага

24 і апрануцца ў новага чалавека, створанага ў падабенстве Божым, у праведнасьці і сьвятасьці ісьціны.

25 Таму, адкінуўшы ману, гаварэце праўду кожны блізкаму свайму, бо мы чэлесы адзін аднаму.

26 Гневаючыся, не грашэце: сонца хай ня зойдзе ў гневе вашым;

27 і не давайце месца д'яблу.

28 Хто краў, больш ня крадзь, а лепей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго выдзяляць таму, хто мае патрэбу.

29 Ніякае брыдкае слова хай ня выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае на будаўніцтва ў веры, каб яно давала мілату слухачам.

30 І не зьневажайце Духа Божага, Якім мы запячатаны ў дзень адкупленьня.

31 Усякае раздражненьне і лютасьць, і гнеў, і крык, і ліхаслоўе з усякаю злосьцю хай будуць выдалены з вас;

32 але будзьце адно да аднаго добрыя, спагадлівыя, даруйце адно аднаму, як і Бог у Хрысьце дараваў вам.

 

Разьдзел 5

 

1 Дык вось, сьледуйце Богу, як дзеці любасныя,

2 і жывеце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэньне і ахвяру Богу, на пахошчы прыемныя.

3 А распуста і ўсялякая нечысьць і любазьдзірства не павінны нават упамінацца ў вас, як гэта прыстойна сьвятым.

4 Таксама і брыдкаслоўе і пустаслоўе і пакепства не да гонару вам; а наадварот, хай лепш будзе падзяка;

5 бо ведайце, што ніякі распусьнік, альбо нячысты, альбо любазьдзірца, які ёсьць ідаласлужэнец, ня мецьме спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.

6 Хай ніхто ня зводзіць вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў бунтоўных:

7 дык жа ня будзьце супольнікамі іхнімі.

8 Вы былі колісь цемра, а цяпер - сьвятло ў Госпадзе: дык паводзьцеся, як дзеці сьвятла,

9 бо плод Духа - ва ўсякай даброці, праведнасьці і ісьціне.

10 Шукайце таго, што да спадобы Богу,

11 і не бярэце ўдзелу ў бясплённых дзеях цемры, а яшчэ і выкрывайце,

12 бо пра тое, што яны робяць таемна, сорамна і казаць.

13 А ўсё, што выкрываецца, выяўляецца ў сьвятле, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло.

14 Таму сказана: «устань, хто сьпіць, і ўваскрэсьні зь мёртвых, і асьветліць цябе Хрыстос!».

15 Дык глядзеце, дзейце асьцярожна, не як неразумныя, а як мудрыя,

16 цэнячы дорага час, бо дні - ліхія.

17 Дык ня будзьце ж неразважныя, а спазнавайце, што ёсьць воля Божая.

18 І ня ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста; а напаўняйцеся Духам,

19 настаўляючы саміх сябе псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі, сьпяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,

20 дзякуючы заўсёды за ўсё Богу і Айцу, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,

21 слухаючыся адно аднаго ў страху Божым.

22 Жонкі, упакорвайцеся сваім мужам, як Госпаду,

23 бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос - галава Царквы, і Ён жа Збаўца цела.

24 Але як Царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім.

25 Мужы, любеце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,

26 каб асьвяціць яе, ачысьціўшы мыцьцём водным, праз слова;

27 каб прадставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, без заганы, або чаго-небудзь падобнага, а каб яна была сьвятая і беззаганная.

28 Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела: хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе.

29 Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе, як і Гасподзь Царкву;

30 бо мы часткі Цела Ягонага, ад плоці Ягонай і ад касьцей Ягоных.

31 Таму «пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адна плоць».

32 Тайна гэтая вялікая; я кажу пра Хрыста і пра Царкву.

33 Так кожны з вас хай любіць сваю жонку, як самога сябе; а жонка хай баіцца свайго мужа.

 

Разьдзел 6

 

1 Дзеці, слухайцеся сваіх бацькоў у Госпадзе, бо гэтага патрабуе справядлівасьць.

2 Шануй бацьку твайго і маці - гэта першая запаведзь з абяцаньнем:

3 «Хай будзе табе добра, і будзеш доўга жыць на зямлі».

4 І вы, бацькі, не дакучайце дзецям вашым, а гадуйце іх у навуцы і настаўленьні Гасподнім.

5 Рабы, слухайцеся гаспадароў сваіх цялесных са страхам і трымценьнем, у прастаце сэрца вашага, як Хрыста,

6 ня ў блізірнай толькі паслужлівасьці, як чалавекадагоднікі, а як рабы Хрыстовыя, выконваючы волю Божую ад душы,

7 служачы шчыра, як Госпаду, а ня як людзям,

8 ведаючы, што кожны атрымае ад Госпада ў меру дабра, якое ён зрабіў, хай то раб, хай вольнік.

9 І вы, гаспадары, рабеце зь імі гэтак сама, лагодзьце строгасьць, ведаючы, што і над вамі самімі і над імі ёсьць на нябёсах Гасподзь, Які не зважае на асобы.

10 Нарэшце, браты мае, мацуйцеся Госпадам і магутнасьцю сілы Ягонай;

11 апранецеся ў поўную зброю Божую, каб вам можна было стаць супроць хітрыкаў д'ябальскіх;

12 бо нашае змаганьне ня супроць крыві і плоці, а супроць начальстваў, супроць уладаў, супроць сьветаўпраўцаў цемры сьвету гэтага, супроць духаў злосьці паднябесных.

13 Дзеля гэтага прымеце поўную зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у часіну ліхую і, усё адолеўшы, выстаяць.

14 Так што станьце, апаясаўшы сьцёгны вашыя праўдаю, і апрануўшыся ў браню праведнасьці,

15 і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір;

16 а найперш за ўсё вазьмеце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы ліхадзея;

17 і шалом ратунку вазьмеце, і меч духоўны, які ёсьць Слова Божае;

18 усякаю малітваю і просьбаю малецеся ў любы час духам, і дбайце пра гэта самае з усёй сталасьцю і благаньнем за ўсіх сьвятых

19 і за мяне, каб мне дадзена было слова - вуснамі маімі адкрыта і адважна абвяшчаць таямніцу зьвеставаньня,

20 дзеля якога я пасольствую ў кайданах, каб я сьмела прапаведаваў, як я і павінен.

21 А каб і вы ведалі пра мае акалічнасьці і дзеі, пра ўсё раскажа вам Тыхік, любасны брат і верны ў Госпадзе службіт,

22 якога я і паслаў да вас на тое самае, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.

23 Мір братам і любоў зь вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.

24 Мілата з усімі, што нязьменна любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста. Амін.

 

Пасланьне Да Піліпянаў Сьвятога Апостала Паўла

 

Разьдзел 1

 

1 Павал і Цімафей, рабы Ісуса Хрыста, усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, што жывуць у Піліпах, зь япіскапамі і дыяканамі:

2 мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

3 Дзякую Богу майму кожны раз, як згадваю вас,

4 заўсёды ў кожнай малітве маёй за ўсіх вас з радасьцю молячыся,

5 за ваш удзел у зьвеставаньні зь першага дня аж да сёньня,

6 упэўнены, што той, хто пачаў у вас добрую дзею, будзе завяршаць яе да дня Ісуса Хрыста,

7 як і трэба мне думаць пра ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы ў кайданах маіх, і ў абароне і ў сьцьверджаньні зьвеставаньня, вас усіх, як супольнікаў маіх у мілаце.

8 Бог - сьведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Ісуса Хрыста;

9 і малюся за тое, каб любоў ваша яшчэ больш узрастала ў спазнаньні і ўсякім досьведзе,

10 каб, спазнаючы лепшае, вы былі чыстыя і неспатыкнёныя ў дзень Хрыста,

11 поўныя пладоў праведнасьці празь Ісуса Хрыста, на славу і хвалу Божую.

12 Жадаю, браты, каб вы ведалі, што акалічнасьці мае паслужылі на большы посьпех зьвеставаньня,

13 так што кайданы мае за Хрыста зрабіліся вядомыя ўсёй праторыі і ўсім астатнім,

14 і большая частка братоў у Госпадзе, пасьмялеўшы праз кайданы мае, пачалі з большаю адвагаю, бязбоязна прапаведаваць слова Божае.

15 Некаторыя, праўда, з зайздрасьці альбо зь перакорлівасьці, а іншыя з добрай прыхільнасьці прапаведуюць Хрыста:

16 адны зь перакорлівасьці прапаведуюць Хрыста ня чыста, думаючы пабольшыць цяжар кайданоў маіх;

17 а другія - зь любові, ведаючы, што я пастаўлены бараніць зьвеставаньне.

18 Але што да таго? Як бы ні прапаведавалі Хрыста, ці дзеля блізіру, а ці шчыра, я і таму радуюся і буду радавацца,

19 бо ведаю, што гэта паслужыць мне на збавеньне дзякуючы вашай малітве і садзеяньню Духа Ісуса Хрыста,

20 пры пэўнасьці і надзеі маёй, што я ні ў чым пасаромлены ня буду, а пры поўнай адвазе, і сёньня, як і заўсёды, праславіцца Хрыстос у целе маім, хай тое жыцьцём, хай сьмерцю.

21 Бо для мяне жыцьцё - Хрыстос, і сьмерць - набытак.

22 А калі жыцьцё ў плоці дае плод маёй дзеі, дык ня ведаю, што выбраць.

23 Вабіць мяне і тое і другое: хочацца і разьвязацца і быць з Хрыстом, бо гэта непараўнальна лепей;

24 а заставацца ў плоці больш патрэбна вам:

25 і я пэўна ведаю, што застануся і буду з усімі вамі дзеля вашага посьпеху і радасьці ў веры,

26 каб хвала ваша ў Хрысьце Ісусе памножылася празь мяне, пры маім другім да вас прыходзе.

27 Толькі жывеце годнасна зьвеставаньня Хрыстовага, каб мне, калі я прыйду і пабачу вас, альбо калі ня прыйду, чуць пра вас, што стаіце вы ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Дабравесьця.

28 і не баіцеся ні ў чым праціўнікаў; гэта ім ёсьць знак пагібелі, а вам - выратаваньня. І гэта ад Бога;

29 бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі вераваць у Яго, але і пакутаваць за Яго.

30 Такім самым подзьвігам, які вы бачылі ўва мне і сёньня чуеце пра мяне.

 

Разьдзел 2

 

1 Дык вось, калі ёсьць якая ўцеха ў Хрысьце, калі ёсьць якая радасьць любові, калі ёсьць якая супольнасьць Духа, калі ёсьць які мілажаль у сэрцы і спагадлівасьць,

2 дык дапоўніце маю радасьць: майце адны думкі, майце тую ж любоў, будзьце аднадушныя і аднамысныя;

3 нічога не рабеце зь перакорлівасьці альбо дзеля марнае славы, а ў пакорлівай мудрасьці ўважайце адно аднаго вышэй за сябе.

4 Не за сябе толькі клопат майце, а кожны і за іншых.

5 Бо ў вас павінны быць тыя самыя адчуваньні, як і ў Хрысьце Ісусе;

6 Ён, быўшы ў Божай прыродзе, не палічыў за рабунак Сваю роўнасьць з Богам,

7 а прынізіў Сябе Самога, узяўшы вобраз раба, зрабіўшыся падобным на людзей і з выгляду стаўшыся, як чалавек;

8 упакорыў Сябе і быў паслухмяны аж да сьмерці, і сьмерці крыжовай.

9 Таму і Бог узьнёс Яго і даў Яму імя вышэй за ўсякае імя,

10 каб прад імем Ісуса схілілася кожнае калена на небе, зямлі і ў апраметнай,

11 і кожныя вусны вызнавалі, што Ісус Хрыстос ёсьць Гасподзь на славу Бога Айца.

12 Дык вось, любасныя мае, як вы заўсёды былі паслухмяныя ня толькі ў прысутнасьці маёй, але яшчэ болей сёньня ў адсутнасьці маёй, са страхам і трымценьнем выконвайце сваё збавеньне,

13 бо гэта Бог учыняе ў вас і хаценьне і дзеяньне па Сваім упадабаньні.

14 Усё рабеце без нараканьня і сумненьня,

15 каб вам быць бездакорнымі і чыстымі дзецьмі Божымі, беспахібнымі сярод упарцістага і разбэшчанага роду, у якім вы зьзяеце, як сьвяцілы ў сьвеце,

16 ашчаджаючы слова жыцьця на пахвалу мне ў дзень Хрыстовы, што я ня марна змагаўся і ня марна працаваў.

17 Але калі я і мушу зрабіцца ахвяраю за ахвяру і служэньне веры вашай, дык радуюся і цешуся разам з усімі за вас;

18 за гэта самае і вы радуйцеся і цешцеся са мною.

19 Спадзяюся ж у Госпадзе Ісусе неўзабаве паслаць да вас Цімафея, каб і я, даведаўшыся пра вашыя абставіны, суцешыўся духам.

20 Бо няма ў мяне нікога роўнага яму ў рупнасьці, хто б так шчыра дбаў пра вас;

21 бо ўсе шукаюць свайго, а не таго, што даспадобы Ісусу Хрысту.

22 А ягоная вернасьць вам вядомая, бо ён, як сын пры бацьку, служыў мне ў зьвеставаньні.

23 І вось я спадзяюся паслаць яго адразу ж, як толькі даведаюся, што будзе са мною.

24 Я ўпэўнены ў Госпадзе, што і сам хутка прыйду да вас.

25 Урэшце я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата і супрацоўніка і падзьвіжніка майго ў змаганьні, а вашага пасланца і службіта ў патрэбе маёй,

26 бо ён моцна хацеў бачыць вас і цяжка журыўся, што да вас дайшлі чуткі пра ягоную хваробу.

27 Бо ён быў хворы пры сьмерці; але Бог памілаваў яго, і не яго толькі, але і мяне, каб не дадалося мне жальбы да жальбы.

28 Таму я хутчэй паслаў яго, каб вы, убачыўшы яго зноў, парадаваліся, і я быў меней засмучаны.

29 Прымеце ж яго ў Госпадзе з усякаю радасьцю, і такіх майце ў пашане,

30 бо ён за справу Хрыстовую хадзіў каля сьмерці, ставіў жыцьцё пад пагрозу, каб дапоўніць недахоп вашых паслугаў мне.

 

Разьдзел 3

 

1 У астатнім, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам пра гэта самае мне ня цяжка, а вам карысна.

2 Пільнуйцеся ад сабак, пільнуйцеся ад ліхіх дзеячаў, пільнуйцеся ад абразаньня;

3 бо абразаньне - мы, калі служым Богу духам і хвалімся Хрыстом Ісусам, і не на плоць спадзяёмся;

4 хоць я магу спадзявацца і на плоць. Калі хто іншы думае пакласьціся на плоць, дык тым болей я,

5 абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраілевага, калена Веньямінавага, Габрэй ад Габрэяў, паводле закона - фарысэй,

6 а ў руплівасьці - ганіцель царквы Божай, па праўдзе закона - беззаганны.

7 Але што мне было перавагаю, тое дзеля Хрыста я палічыў марнасьцю.

8 Ды і ўсё лічу марнасьцю дзеля перавагі пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго: дзеля Яго я ад усяго адмовіўся, і ўсё лічу сьмецьцем, каб здабыць Хрыста,

9 і знайсьці сябе ў Ім не з маёю праведнасьцю, якая ад закона, а з тою, якая празь веру ў Хрыста, з праведнасьцю ад Бога па веры;

10 каб спазнаць Яго, і сілу ўваскрэсеньня Ягонага, і мець удзел у пакутах Ягоных, прыпадобніцца да Яго ў сьмерці,

11 каб дасягнуць уваскрэсеньня зь мёртвых.

12 Ня тое, каб я ўжо дасягнуў мэты, альбо ўдасканаліўся; але прагну, а ці не дасягну і я, як дасягнуў мяне Хрыстос Ісус.

13 Браты, я ня лічу, што я ўжо дасягнуў; а толькі, забываючы тое, што ўжо за мною, і сягаючы наперад,

14 імкнуся да мэты, да гонару вышэйшага пакліканьня Божага ў Хрысьце Ісусе.

15 І вось, хто з нас дасканалы, так і мусіць думаць; калі ж вы пра што іначай думаеце, дык і гэта Бог вам прасьветліць.

16 Тым часам, чаго б мы ні дасягнулі, так і павінны мысьліць і паводле таго правіла жыць.

17 Пераймайце, браты, мяне і дзівецеся на тых, якія робяць згодна з прыкладам, які маеце ў нас.

18 Бо многія, пра каго я часта казаў вам, а цяпер нават са сьлязьмі кажу, робяць, як ворагі крыжа Хрыстовага;

19 іхні канец - пагібель, іхні бог - чэрава, і слава іхняя - у ганьбе: яны думаюць пра зямное.

20 А нашае жыцьцё - на нябёсах, адкуль мы чакаем і Збаўцу, Госпада нашага Ісуса Хрыста,

21 Які нашае паганьбёнае цела пераўтворыць так, што яно прыпадобніцца праслаўленаму Целу Ягонаму, станецца сілаю, якою Ён дзейнічае і ўпакорвае Сабе ўсё.

 

Разьдзел 4

 

1 Дык вось, браты мае любасныя і жаданыя, радасьць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, любасныя мае.

2 Малю Евадыю, малю Сінтыхію думаць гэтак сама пра Госпада;

3 сапраўды, прашу і цябе, мой шчыры супрацоўнік, памагай ім, што памагалі ў зьвеставаньні разам са мною і з Кліментам і з астатнімі супрацоўнікамі маімі, чые імёны - у кнізе жыцьця.

4 Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і яшчэ кажу: радуйцеся.

5 Пакорлівасьць вашая хай будзе вядомая ўсім людзям. Гасподзь блізка.

6 Ня турбуйцеся ні пра што, а заўсёды ў малітве і прашэньні з падзякаваньнем адкрывайце свае жаданьні Богу, -

7 і мір Божы, які вышэйшы за ўсякі розум, ахавае сэрцы вашыя і помыслы ў Хрысьце Ісусе.

8 Нарэшце, браты мае, што толькі ў ісьціне, што сумленнае, што справядлівае, што чыстае, што любае, што вартае хвалы, што толькі дабрадзейнасьць, ці што пахвалы годнае, - тое і майце наўме.

9 Чаго вы навучыліся, што прынялі і чулі і бачылі ўва мне, тое і выконвайце, - і Бог міру будзе з вамі.

10 Я вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы ўжо зноў пачалі клапаціцца пра мяне; вы і раней клапаціліся, але вам ня спрыяла нагода.

11 Кажу гэта не таму, што патрэбу маю; бо я навучыўся здавольвацца тым, што ў мяне ёсьць:

12 умею жыць і ў гароце, умею жыць і ў дастатку; навучыўся ўсяго і ва ўсім, насычацца і галадаць, быць і ў раскошы і ў нястачы.

13 Усё магу ў Ісусе Хрысьце, Які мацуе мяне.

14 Нарэшце, вы добра зрабілі, што ўзялі ўдзел у смутках маіх.

15 Вы ведаеце, Піліпяне, што на пачатку зьвеставаньня, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква, апроч вас адных, ня брала ўдзелу ў маіх выдатках і прыбытках;

16 вы і ў Фесалоніку і раз і два дасылалі мне на патрэбы.

17 Ня тое, каб шукаў я дароў; а шукаю плоду, які памнажаецца на карысьць вам.

18 Я атрымаў усё і маю занадта; я задаволены, атрымаўшы ад Эпафрадыта гасьцінцы вашыя, - салодкія пахошчы, ахвяру прыемную, спадобную Богу.

19 Бог мой няхай адшкадуе вам на любую патрэбу вашую, ад багацьця Свайго ў славе, празь Ісуса Хрыста.

20 А Богу і Айцу нашаму слава на векі вякоў! Амін.

21 Вітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.

22 Вітаюць вас усе сьвятыя, а найболей з кесаравага дома.

23 Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.

 

Пасланьне Да Каласянаў Сьвятога Апостала Паўла

 

Разьдзел 1

 

1 Павал, воляю Божаю апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей брат,

2 сьвятым у Калосах і верным братам у Ісусе Хрысьце:

3 мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, увесь час у малітве за вас,

4 дачуўшыся пра веру вашую ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых,

5 маючы надзею на ўгатаванае вам на нябёсах, пра што вы раней чулі ў праўдзівым слове зьвеставаньня,

6 якое жыве ў вас, як і вы ўва ўсім сьвеце, і родзіць плод і ўзрастае, як і паміж вамі, з таго дня, як вы пачулі і ўведалі мілату Божую ў ісьціне,

7 як і навучыліся ад Эпафраса, любаснага супрацоўніка нашага, вернага вам службіта Хрыстовага,

8 які і паведаміў нам пра вашую духоўную любоў.

9 Таму і мы з таго дня, як гэта пачулі, не перастаём маліцца за вас і прасіць, каб вы дайшлі да поўнага спазнаньня волі Ягонай ва ўсякай мудрасьці і разуменьні духоўным,

10 каб жылі годна Бога, ува ўсім дагаджаючы Яму, родзячы плод ва ўсякай працы добрай і ўзрастаючы ў спазнаньні Бога,

11 мацуючыся ўсякаю сілаю праз магутнасьць славы Ягонай, ва ўсякай цярплівасьці і вялікадушнасьці з радасьцю,

12 дзякуючы Богу і Айцу, Які паклікаў нас да ўдзелу ў спадчыне сьвятых у сьвеце,

13 вызваліў нас з-пад улады цемры і ўвёў у Царства любаснага Сына Свайго,

14 у Якім мы маем адкупленьне Крывёю Ягонаю і дараваньне грахоў,

15 Які ёсьць вобраз Бога нябачнага, народжаны раней за ўсякае стварэньне;

16 бо Ён стварыў усё, што на нябёсах і што на зямлі, бачнае і нябачнае: хай тое троны, хай тое дзяржавы, хай тое начальствы, хай тое ўлады, - усё Ім і для Яго створана;

17 і Ён ёсьць раней за ўсё, і ўсё існуе Ім.

18 І Ён ёсьць галава цела Царквы; Ён пачатак, першынец зь мёртвых, каб меў Ён ва ўсім першынства:

19 бо заўгодна было Айцу, каб у Ім жыла ўся паўната,

20 і каб празь Яго замірыць з Сабою ўсё, устанавіўшы мір празь Яго, Крывёю крыжа ягонага, і зямное і нябеснае.

21 І вас, якія калісьці былі адчужаныя і ворагі думкамі, і схільнасьцю да ліхіх учынкаў,

22 цяпер замірыў у целе плоці Ягонай, сьмерцю (Ягонай), каб явіць вас сьвятымі і беззаганнымі і невінаватымі перад Сабою,

23 калі толькі вы цьвёрдыя і непахісныя ў веры і не адпадаеце ад надзеі зьвеставаньня, якое вы чулі, якое абвешчана ўсім стварэньням паднябесным, якому я, Павал, зрабіўся слугою.

24 Сёньня радуюся ў цярпеньнях маіх за вас і дапаўняю нястачу ў плоці маёй скрухаў Хрыстовых за цела Ягонае, якое ёсьць Царква,

25 якой я зрабіўся службітом згодна з устанаўленьнем Божым, давераным мне для вас, каб выканаць слова Божае,

26 тайну, схаваную ад вякоў і родаў, а сёньня адкрытую сьвятым Ягоным,

27 якім дабараволіў Бог паказаць, якое багацьце славы ў тайне гэтай для язычнікаў, якая ёсьць Хрыстос у вас, надзея славы,

28 Якога мы прапаведуем, настаўляючы на розум кожнага чалавека і навучаючы ўсялякай мудрасьці, каб паказаць кожнага чалавека дасканалым у Хрысьце Ісусе;

29 дзеля чаго я і працую і змагаюся сілай Ягонай, якая дзее ўва мне магутна.

 

Разьдзел 2

 

1 Хачу, каб вы ведалі, які подзьвіг нясу я за вас і за тых, што ў Лаадыкіі (і ў Ераполі), і за ўсіх, хто ня бачыў аблічча майго ў плоці,

2 каб усьцешыліся сэрцы іхнія, паяднаныя ў любові, каб узбагаціліся поўным разуменьнем дзеля дасканалага спазнаньня тайны Бога і Айца і Хрыста,

3 у Якім схаваны ўсе скарбы мудрасьці і веданьня.

4 Гэта кажу я дзеля таго, каб хто-небудзь ня зьвёў вас лісьлівымі словамі;

5 бо, хоць і няма мяне з вамі целам, затое духам я з вамі, радуючыся і сузіраючы вашае добрае ўладкаваньне і цьвёрдасьць веры вашае ў Хрыста.

6 А таму, як вы прынялі Хрыста Ісуса Госпада, так хадзеце і ў Ім,

7 укарэненыя і ўцьверджаныя ў Ім і ўмацаваныя ў веры, як вы навучаны, узбагачаючыся ў ёй з удзячнасьцю.

8 Глядзеце, браты, каб хто ня прывабіў вас філасофіяй і пустымі панадамі, па пераказах чалавечых, па стыхіях сьвету, а не па Хрысьце,

9 бо ў ім жыве ўся паўната Боства цялесна,

10 і вы маеце паўнату ў Ім, Які ёсьць галава ўсяго начальства і ўлады;

11 у Ім вы і абрэзаны абразаньнем нерукатворным, калі скінулі грахоўнае цела плоці, абразаньнем Хрыстовым;

12 былі пахаваныя зь Ім у хрышчэньні, у Ім вы разам і ўваскрэсьлі вераю ў сілу Бога, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых,

13 і вас, якія былі мёртвыя ў грахах і ў неабразаньні плоці вашай, ажывіў разам зь Ім, дараваўшы нам усе грахі,

14 скасаваўшы вучэньнем былое пра нас рукапісаньне, якое было супроць нас, і Ён узяў яго з асяродзьдзя і цьвікамі прыбіў да крыжа;

15 забраўшы сілу ў начальстваў і ўладаў, уладна паставіў іх пад ганьбу, перамогшы іх Сабою.

16 Дык вось, хай ніхто не асуджае вас за ежу, пітво, ці за якое-небудзь сьвята, ці ў справе маладога месяца, ці суботы:

17 гэта ёсьць цень будучыні, а цела - у Хрысьце.

18 Ніхто хай не ашуквае вас сваёй самавольнай удаванай пакораю і службай анёлаў, урываючыся ў тое, чаго ня бачыў, неразважліва надзімаючыся плоцкім сваім розумам

19 і ня трымаючыся галавы, ад якое ўсё цела, суглобамі і зьвязкамі жыўнасна злучанае і змацаванае, расьце ростам Божым.

20 Дык вось, калі вы з Хрыстом памерлі для стыхіяў сьвету, дык чаму вы, жывучы ў сьвеце, трымаецеся пастановаў:

21 «не чапай», «ня еж», «ня руш»,

22 што ўсё, тлее ад ужываньня, - згодна з запаведзямі і вучэньнем чалавечым?

23 Гэта мае толькі бачнасьць мудрасьці ў самавольным служэньні, мудрай пакоры і тленьні цела, у пэўным заняхайваньні насычэньня плоці.

 

Разьдзел 3

 

1 І вось, калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, дык шукайце вышыняў, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога;

2 пра вышыннае думайце, а не пра зямное.

3 Бо вы памерлі, і жыцьцё ваша схавана з Хрыстом у Богу;

4 калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё вашае, тады і вы зьявіцеся зь Ім у славе.

5 Дык жа ўмярцьвеце зямныя чэлесы вашыя: распусту, нечысьць, юр, ліхую хцівасьць і любазьдзірства, якое ёсьць ідаласлужэньне,

6 за якія гнеў Божы ідзе на сыноў супраціву,

7 у якіх і вы колісь блукалі, калі жылі сярод іх.

8 А зараз вы адкладзеце ўсё: гнеў, лютасьць, злосьць, ліхаслоўе, кляцьбу з вуснаў вашых;

9 ня хлусеце адно аднаму, бо вы распранулі зь сябе старога чалавека зь дзеямі ягонымі

10 і, апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні паводле вобраза Стваральніка ягонага,

11 дзе няма ні Эліна, ні Юдэя, ні абразаньня, ні неабразаньня, варвара, Скіфа, раба, вольніка, а ўсё і ўва ўсім - Хрыстос.

12 Дык апранецеся, як выбранцы Божыя, сьвятыя і ўлюбёнцы, у міласэрнасьць, даброць, мудрую пакору, лагоднасьць, доўгую цярплівасьць,

13 паблажаючы адно аднаму і даруючы ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду: як Хрыстос дараваў вам, так і вы.

14 а найболей апранецеся ў любоў, якая ёсьць сукупнасьць дасканаласьці;

15 і няхай валадарыць у сэрцах вашых мір Божы, да якога вы і пакліканы ў адным целе; і будзьце прыязныя.

16 Слова Хрыстовае хай усяляецца ў вас шчодра, з усякаю мудрасьцю; вучэце і настаўляйце на розум адзін аднаго псальмамі, славаслоўем і духоўнымі песьнямі, у мілаце апяваючы ў сэрцах вашых Госпада.

17 І ўсё, што вы робіце словам ці ўчынкам, усё рабеце ў імя Госпада Ісуса Хрыста, дзякуючы празь Яго Богу і Айцу.

18 Жонкі, упакорвайцеся мужам сваім, як прыстойна гэта ў Госпадзе.

19 Мужы, кахайце сваіх жонак і ня будзьце зь імі суровыя.

20 Дзеці, слухайцеся бацькоў вашых ва ўсім, бо гэта даспадобы Госпаду.

21 Бацькі, не дакучайце дзецям вашым, каб яны не падалі духам.

22 Рабы, ва ўсім упакорвайцеся гаспадарам вашым па плоці, не для выгляду (толькі) служачы ім, не каб дагадзіць, а ў шчырасьці богабаязнага сэрца.

23 І ўсё, што робіце, рабеце ад душы, як Госпаду, а не чалавеку,

24 ведаючы, што ў адзьдзяку ад Госпада дастанеце спадчыну; бо вы служыце Госпаду Хрысту.

25 А хто несправядліва ўчыніць, той атрымае паводле сваёй няпраўды, у Яго няма агляду на асобы.

 

Разьдзел 4

 

1 Гаспадары, аказвайце рабам патрэбнае і справядлівае, ведаючы, што і вы маеце Госпада на нябёсах.

2 Будзьце трывалыя ў малітве, чуваючы ў ёй з удзячнасьцю;

3 малецеся таксама і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы для слова, абвяшчаць тайну Хрыстовую, за якую я ў кайданах,

4 каб я адкрыў, як павінен яе абвяшчаць.

5 З чужымі абыходзьцеся разумна, карыстаючыся часам.

6 Слова ваша (хай будзе) заўсёды зь мілатою, прыпраўлена сольлю, каб вы ведалі, як адказваць кожнаму.

7 пра мяне ўсё скажа Тыхік, любасны брат і верны слуга і супрацоўнік у Госпадзе,

8 якога я на тое паслаў да вас, каб ён даведаўся пра вашыя справы і суцешыў сэрцы вашыя,

9 з Анісімам, верным і любасным братам (нашым), які ад вас: яны раскажуць вам пра ўсё тутэйшае.

10 Вітае вас Арыстарх, увязьнены разам са мною, і Марк, нябож Варнаваў, - пра якога вы атрымалі наказы: як прыйдзе да вас, прымеце яго, -

11 таксама Ісус, называны Юстам, абодва з абрэзаных; яны - адзіныя супрацоўнікі для Царства Божага, яны былі мне на радасьць.

12 Вітае вас Эпафрас, раб Ісуса Хрыста, які заўсёды дабразычыць вам у малітвах, каб вы былі дасканалыя і напоўненыя ўсім, што даспадобы Богу.

13 Сьведчу пра яго, што ён мае вялікую рупнасьць (і клопат) за вас і за тых, якія ў Лаадыкіі і Ераполі.

14 Вітае вас Лукаш, лекар любасны, і Дымас.

15 Вітайце братоў у Лаадыкіі, і Німфана, і хатнюю царкву ягоную.

16 Калі гэта пасланьне прачытана будзе ў вас, дык распарадзецеся, каб яно было прачытана і ў Лаадыкійскай царкве; а тое, якое з Лаадыкіі, прычытайце і вы.

17 Скажэце Архіпу: глядзі, каб табе выканаць служэньне, якое ты прыняў у Госпадзе.

18 Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю. Памятайце мае кайданы. Мілата з (усімі) вамі. Амін.

 

Першае Пасланьне Да Фесаланікійцаў Сьвятога Апостала Паўла

 

Разьдзел 1

 

1 Павал і Сілуан і Цімафей Царкве Фесаланіцкай у Богу Айцы і Госпадзе Ісусе Хрысьце: мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

2 Увесь час дзякуем Богу за ўсіх вас, спамінаючы вас у малітвах нашых,

3 няспынна памятаючы вашу дзею веры і працу любові і цярплівасьць спадзяваньня на Госпада нашага Ісуса Хрыста прад Богам і Айцом нашым,

4 ведаючы выбраньне ваша, любасныя браты;

5 бо наша зьвеставаньне ў вас было ня ў слове толькі, а і ў сіле, і ў Сьвятым Духу і з многімі сьведчаньнямі, як вы самі ведаеце, якія мы былі для вас паміж вамі.

6 І вы пачалі пераймаць нас і Госпада, прыняўшы слова ў вялікіх смутках з радасьцю Духа Сьвятога,

7 так што вы зрабіліся ўзорам усім веруючым у Македоніі і Ахаі.

8 Бо ад вас пранеслася слова Гасподняе ня толькі ў Македоніі і Ахаі, але і па ўсіх усюдах прайшла слава пра веру вашую ў Бога, так што нам ні пра што ня трэба распавядаць.

9 Бо самі яны распавядаюць пра нас, які прыход мы мелі ў вас і як вы навярнуліся ад ідалаў да Бога, каб служыць Богу жывому і сапраўднаму

10 і чакаць зь нябёсаў Сына Ягонага, Якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых, Ісуса, Які ратуе нас ад будучага гневу.

 

Разьдзел 2

 

1 Вы самі ведаеце, браты, пра наш прыход да вас, што быў ён не бясплённы;

2 але хоць перад тым мы зазналі пакутаў і мелі зьнявагу ў Піліпах, як вам вядома, мы адважыліся ў Богу нашым прапаведаваць вам Дабравесьце Божае зь вялікім подзьвігам.

3 Бо ў вучэньні нашым няма ні памылкі, ні нячыстых намыслаў, ні хітрыны;

4 а, як Бог выпрабоўваў нас, даверыўшы нам зьвеставаньне, так мы і гаворым, дагаджаючы ня людзям, а Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашыя.

5 Бо ніколі ня было ў нас (перад вамі) ані словаў лісьлівасьці, як вы ведаеце! ані рознай карысьлівасьці: Бог сьведка!

6 Ня шукаем славы людзкое ні ад вас, ні ад іншых:

7 мы маглі зьявіцца напышліва, як апосталы Хрыстовыя, але былі лагодныя сярод вас падобна таму, як карміцелька пяшчотна клапоціцца пра дзетак сваіх.

8 Так мы, пра вас дбаючы, захацелі перадаць вам ня толькі Дабравесьце Божае, але і душы нашыя, бо вы сталіся нам любаснымі.

9 Бо вы памятаеце, браты, працу нашую і зьнемажэньне: уночы і ўдзень працуючы, каб не абцяжарыць каго з вас, мы прапаведавалі ў вас Дабравесьце Божае.

10 Сьведкі вы і Бог, як сьвята і праведна і бездакорна рабілі мы перад вамі, веруючымі,

11 бо вы ведаеце, як кожнага з вас, быццам бацька дзяцей сваіх,

12 мы прасілі і пераконвалі і ўгаворвалі рабіць годна Бога, Які паклікаў вас у Сваё Царства і славу.

13 Таму і мы бесьперастанку дзякуем Богу, што, прыняўшы ад нас чутае слова Божае, вы прынялі ня як слова чалавечае, а як слова Божае, - якое яно і ёсьць у ісьціне, - якое і дзейнічае ў вас, веруючых.

14 Бо вы, браты, зрабіліся пераемцамі цэркваў Божых у Хрысьце Ісусе, якія ў Юдэі, таму што і тое самае адцярпелі ад сваіх аднапляменцаў, што і яны ад Юдэяў,

15 якія забілі і Госпада Ісуса і Ягоных прарокаў, і нас выгналі, і Богу ня годзяць, і ўсім людзям супрацівяцца,

16 якія не дазваляюць нам гаварыць язычнікам, каб выратаваліся, і праз гэта ўвесь час напаўняюць меру грахоў сваіх; але блізіцца на іх гнеў да канца.

17 Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час абліччам, але ня сэрцам, з тым большаю ахвотаю імкнуліся ўбачыць аблічча вашае.

18 І таму мы, я Павал, і раз і два хацелі прыйсьці да вас; але перашкодзіў нам сатана.

19 Бо хто наша надзея, альбо радасьць, альбо вянок пахвалы? Ці ж ня і вы, прад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прышэсьце Ягонае?

20 Бо вы - слава наша і радасьць.

 

Разьдзел 3

 

1 І таму, ня могучы болей трываць, мы захацелі застацца ў Афінах адны,

2 і паслалі Цімафея, брата нашага і службіта Божага і супрацоўніка нашага ў зьвеставаньні Хрыстовым, каб умацаваць вас і суцешыць у веры вашай,

3 каб ніхто не пахіснуўся ў смутках нашых; бо вы самі ведаеце, што так нам наканавана.

4 Бо мы і тады, калі былі ў вас, прадказвалі вам, што будзем пакутаваць, як і здарылася, і вы ведаеце.

5 Таму і я, не чакаючы болей, паслаў даведацца пра веру вашую, каб як не спакусіў вас змусьціцель і ня сталася марнаю праца нашая.

6 А цяпер, калі прыйшоў да нас ад вас Цімафей і прынёс нам добрую вестку пра веру і любоў вашую, і што вы заўсёды маеце добрую памяць пра нас, хочучы нас бачыць, як і мы вас, -

7 дык мы, пры ўсім смутку і гароце нашай, суцешыліся з вамі, браты, дзеля вашай веры;

8 бо цяпер мы жывыя, калі вы стаіце ў Госпадзе.

9 Якую падзяку можам мы ўзьнесьці Богу за вас, за ўсю радасьць, якою радуемся за вас перад Богам нашым,

10 ноч і дзень найруплівей молячыся за тое, каб бачыць аблічча ваша і дапоўніць, чаго не ставала веры вашай?

11 А Сам Бог і Айцец наш і Гасподзь наш Ісус Хрыстос хай скіруе шлях наш да вас.

12 А вас Гасподзь хай напоўніць любоўю ўзаемнай і да ўсіх, якою мы поўныя да вас,

13 каб умацаваць сэрцы нашыя беззаганнымі ў сьвятыні прад Богам і Айцом нашым у прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі сьвятымі Ягонымі. Амін.

 

Разьдзел 4

 

1 За гэтым, браты, просім і молім вас Ісусам Хрыстом, каб вы, прыняўшы ад нас, як трэба вам паводзіцца і дагаджаць Богу, у гэтым яшчэ большы посьпех займелі,

2 бо вы ведаеце, якія мы далі вам запаведзі ад Госпада Ісуса.

3 Бо воля Божая ёсьць асьвячэньне вашае, каб вы ўстрымліваліся ад распусты;

4 каб кожны з вас умеў захоўваць свой сасуд у сьвятасьці і гонары,

5 а не ў запале пахацінства, як язычнікі, што ня ведаюць Бога;

6 каб вы ні ў чым не паводзіліся з братам сваім супрацьзаконна і карысьліва: бо Гасподзь - мсьцівец за ўсё гэта, як і раней мы казалі вам і сьведчылі.

7 Бо паклікаў нас Бог не да нячысьціні, а да сьвятасьці.

8 А таму непакорлівы ёсьць непакорны не чалавеку, а Богу, Які і даў нам Духа Свайго Сьвятога.

9 Пра браталюбства ж няма патрэбы пісаць вам, бо вы самі навучаны Богам любіць адно аднаго,

10 бо вы так і робіце з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Молім вас, браты, яшчэ болей старацца

11 і рупліва дбаць пра тое, каб жыць ціхмяна, рабіць сваю справу і працаваць сваімі рукамі, як мы наказвалі вам;

12 каб вы паводзіліся прыстойна перад чужымі і ні ў чым патрэбы ня мелі.

13 Не хачу, браты, пакінуць вас у няведаньні пра памерлых, каб вы не маркоціліся, як іншыя, што ня маюць надзеі.

14 Бо калі мы верым, што Ісус памёр і ўваскрэс, дык і памерлых у Ісусе Бог прывядзе зь Ім.

15 Бо гэта кажам вам словам Гасподнім, што мы, жывыя, што засталіся да прышэсьця Гасподняга, не папярэдзім памерлых;

16 бо Сам Гасподзь пры абвяшчэньні, пры голасе арханёла і трубе Божай, сыдзе зь неба, і мёртвыя ў Хрысьце ўваскрэснуць раней;

17 потым мы, хто застанецца жывы, разам зь імі ўзятыя будзем на воблакі на сустрэчу з Госпадам у паветры, і так вечна з Госпадам будзем.

18 Дык вось, суцяшайце адно аднаго гэтымі словамі.

 

Разьдзел 5

 

1 А пра часы і часіны няма патрэбы пісаць вам, браты,

2 бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні так прыйдзе, як злодзей уначы.

3 Бо, калі будуць казаць: «мір і бясьпека», тады зьнянацку спасьцігне іх пагібель, як мука родамі спасьцігае цяжарную, і ня ўнікнуць.

4 Але вы, браты, ня ў цемры, каб дзень застаў вас, як злодзей;

5 бо ўсе вы - сыны сьвятла і сыны дня: мы - ня сыны ночы, ні цемры.

6 Дык вось, ня будзем спаць, як іншыя, а будзем чуваць і цьвярозіцца.

7 Бо, хто сьпіць, сьпіць уночы, і хто ўпіваецца, упіваецца ўночы.

8 Мы ж як сыны дня, будзем цьвярозіцца, апрануўшыся ў браню веры і любові і ў шалом надзеі на збавеньне,

9 таму што Бог вызначыў нас не на гнеў, а на атрыманьне збавеньня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,

10 Які памёр за нас, каб мы, ці то чуваем, ці то сьпім, жылі разам зь Ім.

11 Таму ўмаўляйце адно аднаго і навучайце адно аднаго, як вы і робіце.

12 Просім жа вас, браты, паважаць тых, якія працуюць у вас, і якія пастаўлены над вамі ў Госпадзе, і якія на розум вас настаўляюць,

13 і шанаваць іх пераважна зь любоўю за справу іхнюю; будзьце ў згодзе паміж сабою.

14 Молім вас таксама, браты, настаўляйце на розум бясчынцаў, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце цярплівыя з усімі.

15 Глядзеце, каб хто каму не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адно аднаму і ўсім.

16 Заўсёды радуйцеся.

17 Бесьперастанку малецеся.

18 За ўсё дзякуйце: бо такая за вас воля Божая ў Ісусе Хрысьце.

19 Духа не гасеце.

20 Прароцтваў не прыніжайце.

21 Усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся.

22 Ухіляйцеся ад ліхаты ў любым яе выглядзе.

23 Сам жа Бог міру няхай асьвеціць вас ва ўсёй поўніцы, і ваш дух і душа і цела ва ўсёй цэласьці няхай захаваюцца без пахібы ў прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста.

24 Верны Той, Хто заклікае вас, Які і зьдзейсьніць гэта.

25 Браты! малецеся за нас.

26 Вітайце ўсіх братоў цалаваньнем сьвятым.

27 Заклікаю вас Госпадам прачытаць гэта пасланьне ўсім сьвятым братам.

28 Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.

 

Другое Пасланьне Да Фесаланікійцаў Сьвятога Апостала Паўла

 

Разьдзел 1

 

1 Павал і Сілуан і Цімафей - Фесаланіцкай Царкве ў Богу Айцы нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце:

2 мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

3 Заўсёды па справядлівасьці мы павінны дзякаваць Богу за вас, браты, бо ўзрастае вера вашая, і памнажаецца любоў кожнага адно да аднаго паміж усімі вамі.

4 так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых, цярплівасьцю вашай і вераю ва ўсіх ганеньнях і нягодах, якія вы пераносіце

5 у доказ таго, што будзе справядлівы суд Божы, каб вам быць вартымі Царства Божага, дзеля якога вы і пакутуеце.

6 Бо праведна прад Богам - тым, хто вас зьневажае, плаціць смуткам,

7 а вам, каго зьневажаюць, радасьцю разам з намі, у прышэсьце Госпада Ісуса зь неба, з анёламі моцы Ягонай,

8 у полымным вагні таго, хто помсьціцца тым, што не спазналі Бога і не ўпакорваюцца зьвеставаньню Госпада нашага Ісуса Хрыста,

9 якія прымуць кару, вечную пагібель ад імя Госпада і ад славы магутнасьці Ягонай,

10 калі Ён прыйдзе праславіцца ў сьвятых Сваіх і зьявіцца дзівосным у дзень той усім вернікам, бо вы паверылі нашаму сьведчаньню.

11 На тое і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас вартымі пакліканьня і ўчыніў усякую добрую ласку даброці і справу веры ў моцы.

12 Няхай праславіцца імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, па мілаце Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

 

Разьдзел 2

 

1 Молім вас, браты, за прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, за нашу сустрэчу зь Ім,

2 не сьпяшацца пахіснуцца ў розуме і бянтэжыцца ні ад духа, ні ад слова, ні ад пасланьня, нібыта намі (пасланага), быццам ужо настаў дзень Хрыстовы.

3 Хай не ашукае вас ніхто ніяк: бо дзень той ня прыйдзе, пакуль ня прыйдзе раней адступленьне і не адкрыецца чалавек грэху, сын пагібелі,

4 які супрацівіцца і выстаўляецца вышэй за ўсё, што называецца Богам ці сьвятыняю, так што ў храме Божым сядзе ён, як Бог, выдаючы сябе за Бога.

5 Ці ж не памятаеце, як я, яшчэ калі быў у вас, казаў вам пра гэта?

6 І цяпер вы ведаеце, што не дазваляе адкрыцца яму ў сваім часе.

7 Бо таямніца беззаконьня ўжо ў дзеяньні; толькі ня зьдзейсьніцца да таго часу, пакуль ня будзе ўзяты з асяродзьдзя той, хто трымае цяпер, -

8 і тады адкрыецца беззаконьнік, якога Гасподзь Ісус заб'е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прышэсьця Свайго,

9 таго, прышэсьце якога, пасьля дзеяньня сатаны, будзе з усякаю сілаю і азнакамі і цудамі фальшывымі,

10 і з усякім няправедным ашуканствам тых, якія гінуць за тое, што яны не прынялі любові ісьціны дзеля свайго збавеньня.

11 І за гэта пашле ім Бог дзеяньне аблуды, так што яны будуць верыць хлусьні,

12 хай будуць асуджаны ўсе тыя, што ня верылі ісьціне, а ўпадабалі няпраўду.

13 А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, любасныя Богу браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру ісьціне, выбраў вас на ратаваньне,

14 да якога і паклікаў вас зьвеставаньнем нашым, дзеля дасягненьня славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.

15 Дык вось, браты, стойце і трымайце паданьні, якім вы навучаны або словам, або пасланьнем нашым.

16 А Сам Гасподзь наш Ісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які палюбіў нас і даў уцеху вечную і надзею добрую ў мілаце,

17 няхай суцешыць вашыя сэрцы і ўмацуе вас у кожным слове і справе добрай.

 

Разьдзел 3

 

1 Дык вось, малецеся за нас, браты, каб слова Гасподняе шырылася і праслаўлялася, як і ў вас,

2 і каб нам пазбыцца падступных і ліхіх людзей; бо не ва ўсіх вера.

3 Але верны Гасподзь, Які ўмацуе вас і аслоніць ад ліхадзея.

4 Мы пэўныя за вас у Госпадзе, што вы выконваеце і будзеце выконваць тое, што мы вам наказваем.

5 А Гасподзь хай скіруе сэрцы вашыя ў любоў Божую і ў цярплівасьць Хрыстовую.

6 А наказваем вам, браты, імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, цурацца кожнага брата, які жыве гультаём, а не паводле паданьня, якое прынялі ад нас,

7 бо вы самі ведаеце, як павінны вы пераймаць нас; бо мы не гультаявалі ў вас,

8 ні ў кога ня елі хлеба дарма, а займаліся працай і рабілі ноч і дзень, каб ня стацца цяжарам каму-небудзь з вас,

9 не таму, каб мы ня мелі ўлады, а каб сябе саміх даць вам у прыклад на перайманьне нас.

10 Бо, калі мы былі ў вас, дык наказвалі вам вось што: калі хто ня хоча працаваць, той і ня еж.

11 Але чуем, што некаторыя ў вас жывуць гультаямі, нічога ня робяць, а хітра абыходзяцца;

12 такіх умаўляем і пераконваем Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, каб яны, моўчкі працуючы, елі свой хлеб.

13 А вы, браты, ня падайце духам, робячы дабро.

14 Калі ж хто не паслухае слова нашага ў гэтым пасланьні, таго майце на прыкмеце і не вадзецеся зь ім, каб даць яму сораму;

15 але ня лічэце яго за ворага, а стаўце на розум, як брата.

16 А Сам Гасподзь міру няхай дасьць вам мір заўсёды ва ўсім; Гасподзь з усімі вамі!

17 Прывітаньне маёю рукою Паўлаваю, што служыць знакам у кожным пасланьні; пішу я так:

18 мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.

 

Першае Пасланьне Да Цімафея Сьвятога Апостала Паўла

 

Разьдзел 1

 

1 Павал, апостал Ісуса Хрыста, наказам Бога, Збаўцы нашага, і Госпада Ісуса Хрыста, надзеі нашае,

2 Цімафею, шчыраму сыну ў веры: мілата, міласэрнасьць, мір ад Бога, Айца нашага, і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.

3 Адыходзячы ў Македонію, я прасіў цябе застацца ў Эфэсе, і ўмаўляць некаторых, каб яны ня вучылі іншаму

4 і не займаліся байкамі і радаводамі бясконцымі, якія спараджаюць болей спрэчкі, чым Божае настаўленьне ў веры.

5 А мэта ўмаўленьня ёсьць любоў ад чыстага сэрца і добрага сумленьня і некрывадушнай веры,

6 адступіўшыся ад чаго, некаторыя ўхіліліся ў пустаслоўе,

7 хочучы быць настаўнікамі закона, але не разумеючы ні таго, пра што гавораць, ні таго, што сьцьвярджаюць.

8 А мы ведаем, што закон добры, калі хто законна карыстаецца ім,

9 ведаючы, што закон пакладзены ня праведніку, а беззаконным і непакорлівым, бязбожным і грэшным, распусным і апаганеным, паглумнікам бацькі і маці, душагубам,

10 блудадзеям, мужаложцам (чалавеказьдзірцам, паклёпнікам, скаталожцам), хлусам, крывапрысяжцам, і ўсяму, што супроць здаровага вучэньня,

11 згодна са слаўным Дабравесьцем дабрашчаснага Бога, якое мне даверана.

12 Дзякую Таму, Хто даў мне сілу, Хрысту Ісусу Госпаду нашаму, што Ён прызнаў мяне верным, прызначыўшы на служэньне,

13 мяне, які раней быў кляцьбіт і ганіцель і крыўдзіцель, але памілаваны, бо рабіў так ад няведаньня, у няверстве;

14 а мілата Госпада нашага (Ісуса Хрыста) выявілася ўва мне багата зь вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.

15 Слушнае і ўсякага прыняцьця вартае слова, што Хрыстос Ісус прыйшоў у сьвет уратаваць грэшнікаў, сярод якіх я першы.

16 Але на тое я і памілаваны, каб Ісус Хрыстос ува мне першым паказаў усю доўгую цярплівасьць, у прыклад тым, якія будуць верыць у Яго дзеля жыцьця вечнага.

17 А Цару жыцьця нятленнаму, нябачнаму, адзінаму мудраму Богу гонар і слава на векі вякоў. Амін.

18 Давяраю табе, сыне мой Цімафею, згодна з ранейшымі пра цябе прароцтвамі, такі наказ, каб ты змагаўся згодна зь імі як добры воін,

19 маючы веру і добрае сумленьне, адкінуўшы якое, некаторыя адпалі ад веры;

20 такія Іменей і Аляксандр, якіх я аддаў сатане, каб яны навучыліся ня блюзьнерыць.

 

Разьдзел 2

 

1 І вось, перш-наперш прашу ўзносіць малітвы, прашэньні, маленьні, падзякаваньні за ўсіх людзей,

2 за цароў і за ўсіх уладцаў, каб нам весьці жыцьцё ціхае і маўклівае ў богабаязнай пабожнасьці і чысьціні;

3 бо гэта добра і даспадобы Збаўцу нашаму Богу,

4 Які хоча, каб усе людзі ўратаваліся і дасягнулі спазнаньня ісьціны.

5 Бо адзіны Бог, адзіны і пасрэднік паміж Богам і людзьмі, Чалавек Хрыстос Ісус,

6 Які аддаў Сябе на адкупленьне ўсіх: такое было ў свой час сьведчаньне,

7 дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам і апосталам - праўду кажу ў Хрысьце, не маню, - настаўнікам язычнікаў у веры і праўдзе.

8 І вось жадаю, каб на ўсякім месцы казалі малітвы мужчыны, узносячы чыстыя рукі бяз гневу і сумненьня;

9 каб гэтак сама і жанчыны, у прыстойнай вопратцы, сарамяжліва і цнатліва, упрыгожвалі сябе не заплятаньнем валасоў, ні золатам, ні жэмчугам, ні каляровымі строямі,

10 а добрымі справамі, як прыстойна жанчынам, што прысьвячаюць сябе пабожнасьці.

11 Жанчына хай вучыцца маўкліва, у вялікай пакоры;

12 а вучыць жанчыне не дазваляю, ні верхаводзіць над мужчынам, а быць у маўклівасьці.

13 Бо раней створаны Адам, а потым Ева;

14 і не Адам зваблены, а жонка, звабіўшыся, пераступіла закон;

15 аднак жа ўратуецца празь дзетародства, калі застанецца ў веры і любові і ў сьвятасьці з цнотаю.

 

Разьдзел 3

 

1 Слушнае слова: калі хто япіскапства жадае, добрае справы жадае.

2 А япіскап павінен быць беззаганны, адной жонкі муж, цьвярозы, цнатлівы, богабаязны, сумленны, гасьцінны да вандроўнікаў, здатны вучыць,

3 ня п'яніца, не звадыяш, не сварлівец, не карысьлівец, а ціхі, згодалюбны, не срэбралюбец,

4 павінен добра кіраваць домам сваім, дзяцей трымаць у паслушэнстве з усёй сумленнасьцю;

5 бо хто ня ўмее кіраваць сваім домам, той ці ж будзе рупіцца пра Царкву Божую?

6 не павінен быць з нованавернутых, каб не заганарыўся і не падупаў асудзе разам з д'яблам.

7 Трэба яму таксама мець добрае сьведчаньне ад чужых, каб унікнуць нараканьняў і цянётаў д'ябальскіх.

8 Дыяканы таксама павінны быць сумленныя, ня двухязыкія, непацяглівыя да віна, не карысьлівыя,

9 павінны захоўваць таемнасьць веры ў чыстым сумленьні,

10 і такіх трэба загадзя выпрабоўваць, потым, калі беззаганныя, дапускаць да служэньня.

11 Гэтак сама і жонкі іхнія павінны быць сумленныя, не паклёпніцы, цьвярозыя, верныя ва ўсім.

12 Дыякан павінен быць адной жонкі мужам, добра кіраваць дзецьмі і домам сваім;

13 бо тыя, што служылі добра, рыхтуюць сабе найвышэйшую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.

14 Гэта табе пішу, спадзяючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,

15 каб, калі запазьнюся, ты ведаў, як трэба паводзіцца ў доме Божым, які ёсьць Царква Бога жывога, стоўп і аснова ісьціны.

16 І, прызнана ўсімі - вялікая ёсьць пабожнасьці таямніца: Бог зьявіўся ў плоці, апраўдаў Сябе ў Духу, паказаў Сябе анёлам, прапаведаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнёсься ў славе.

 

Разьдзел 4

 

1 Дух жа ясна кажа, што апошнім часам адступяцца некаторыя ад веры, слухаючы духаў спакусьнікаў і вучэньняў дэманскіх,

2 праз крывадушнасьць ашуканцаў, што спалілі сумленьне сваё,

3 якія забараняюць браць шлюб і есьці тое, што Бог стварыў, каб веруючыя і тыя, што ўведалі ісьціну, елі з падзякаю.

4 Бо кожнае стварэньне Божае - добрасьць, і нішто ня можа асуджацца, калі прымаецца з падзякаваньнем,

5 бо асьвячаецца словам Божым і малітваю.

6 Унушаючы гэта братам, будзеш добры слуга Ісуса Хрыста, кормлены словамі веры і добрым вучэньнем, якому ты пасьледаваў.

7 А недарэчных і бабскіх баек цурайся, а ўдасканальвай сябе ў пабожнасьці;

8 бо цялеснае практыкаваньне мала карысьці дае, а пабожнасьць на ўсё прыдатная, бо мае заруку жыцьця цяперашняга і будучага.

9 Слова гэта слушнае і ўсякага даверу вартае.

10 Бо мы на тое і працуем і паганьбеньне церпім, што надзею маем на Бога жывога, Які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а найперш веруючых.

11 Прапаведуй гэта і вучы.

12 Ніхто хай не пагарджае маладосьцю тваёю; але будзь узорам веруючым у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні.

13 Пакуль ня прыйду, займайся чытаньнем, настаўленьнем, вучэньнем.

14 Не заняхайвай добраснага ў табе дару, які дадзены табе паводле прароцтва з ускладаньнем рук сьвятарства.

15 Пра гэта турбуйся, гэтага не занядбай, каб посьпех твой усім быў відавочны.

16 Пранікай у сябе і ў вучэньне, займайся гэтым пастаянна; бо, так паводзячыся, і сябе ўратуеш і слухачоў тваіх.

 

Разьдзел 5

 

1 Старца не дакарай, а ўмаўляй, як бацьку; малодшых, як братоў;

2 старых жанчын, як маці; маладых, як сёстраў, з поўнаю чысьцінёю.

3 Удоваў шануй, сапраўдных удоваў.

4 Калі ж якая ўдава мае дзяцей альбо ўнукаў, дык яны перш няхай вучацца шанаваць сваю сям'ю і аддзячвацца бацькам, бо гэта даспадобы Богу.

5 Сапраўдная ўдава і адзінокая няхай спадзяецца на Бога і трывае ў маленьнях і малітвах дзень і ноч;

6 а юрлівая раскошніца жывою памерла.

7 І гэта ўмаўляй ім, каб былі беззаганныя.

8 Калі ж хто пра сваіх і асабліва пра хатніх ня дбае, той выракся веры і горшы за нявернага.

9 Удава ж няхай выбіраецца ня менш як шасьцідзесяцігадовая, якая была жонкаю аднаго мужа,

10 вядомая добрымі ўчынкамі, калі яна выгадавала дзяцей, прымала гасьцінна дарожнікаў, умывала ногі сьвятым, пасабляла гаротнікам і была старанная ў кожнай добрай справе.

11 А маладых удоваў ня прымай, бо яны, калі ўпадаюць у раскошу насуперак Хрысту, хочуць замуж;

12 яны падпадаюць асуджэньню, бо адкінулі ранейшую веру;

13 пры тым жа яны, не працуючы, прызвычайваюцца хадзіць па дамах і бываюць ня толькі гультайкі, але і пляткаркі, і цікаўныя, і гавораць, чаго ня сьлед.

14 І вось, я хачу, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, радзілі дзяцей, кіравалі ў доме і не давалі праціўніку ніякае зачэпкі для ліхаслоўя:

15 бо некаторыя ўжо збочылі на сьлед сатаны.

16 Калі які веруючы альбо веруючая мае ўдоваў, дык павінен іх задавольваць і не накідваць Царкве, каб яна магла акормліваць сапраўдных удоваў.

17 Прасьвітэры, якія служаць годна, вартыя адмысловага гонару, асабліва тыя, якія працуюць у слове і ў навучаньні.

18 Бо Пісаньне кажа: «ня цугляй мызу валу, які малоціць»; і «хто працуе, той варты ўзнагароды сваёй».

19 Скаргу на прасьвітэра ня іначай прымай, як пры двух альбо трох сьведках.

20 Грэшнікаў выкрывай перад усімі, каб і астатнія страх мелі.

21 Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі заклінаю цябе захаваць гэта зь бесстароннасьцю, нічога ня робячы з прадузятасьцю.

22 Рук ні на кога ня ўскладвай пасьпешліва, і не бяры ўдзелу ў чужых грахах; трымай сябе чыстым.

23 У далейшым пі ня толькі ваду, а спажывай крыху віна, дзеля страўніка твайго і частых тваіх немачаў.

24 Грахі некаторых людзей яўныя і проста вядуць да асуды, а ў некаторых выяўляюцца пазьней.

25 Гэтак сама і добрыя ўчынкі яўныя; а калі і не, схавацца ня могуць.

 

Разьдзел 6

 

1 Рабы, якія пад ярмом жывуць, павінны ганараваць гаспадароў сваіх як годных усялякае пашаны, каб ня было наганы імю Божаму і вучэньню.

2 Тыя, якія маюць гаспадарамі веруючых, не павінны абыходзіцца зь імі нядбайна, бо яны браты; але тым болей павінны служыць ім, бо яны веруючыя і любасныя і дабрачыняць ім. Вучы гэтаму і ўмаўляй.

3 Хто навучае інакш і ня сьледуе здаровым словам Госпада нашага Ісуса Хрыста і вучэньню пра пабожнасьць,

4 той - гардзей і няўмека, захапіўся выпярэдніцтвам і словаблудзьдзем, ад чаго паходзяць зайздрасьць, разлад, намовы, хітрае недавярства,

5 пустыя спрэчкі паміж людзьмі папсаванага розуму, што занядбалі ісьціну, якія думаюць, быццам пабожнасьць служыць прыбытку. Трымайся далей ад такіх.

6 Вялікі набытак - быць пабожным і задаволеным.

7 Бо мы нічога ня прынесьлі ў сьвет; ясна, што нічога ня можам і вынесьці зь яго.

8 Маючы наедак і вопратку, будзем задаволеныя гэтым.

9 А ахвотнікі ўзбагачацца ўпадаюць у спакусу і ў нерат і ў многія безразважныя і шкодныя пажадлівасьці, якія ўкідаюць чалавека ў паглум і пагібель;

10 бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя ўхіліліся ад веры і самі на сябе наклікалі многія смуткі.

11 А ты, чалавеча Божы, пазьбягай гэтага, і шчасьліўся ў праўдзе, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, слухмянасьці;

12 пасабляй добрым подзьвігам веры, трымайся вечнага жыцьця, да якога ты і пакліканы і вызнаў добрую споведзь перад многімі сьведкамі.

13 Перад Богам жыцьцядайным і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнаньне, наказваю табе

14 захаваць запаведзь чыста і бездакорна аж да прышэсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,

15 якое ў свой час адчыніць дабрашчасны і адзіны моцны Цар над царамі і Гасподзь над гаспадарамі,

16 адзіны несьмяротны, Які жыве ў недаступным сьвятле, Якога ніхто зь людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму гонар і ўлада вечная! Амін.

17 Багатых у сёньняшнім веку ўмаўляй, каб яны высока не заносіліся і спадзяваліся не на багацьце няправеднае, а на Бога жывога, Які дае нам усё шчодра на асалоды;

18 каб яны дабрачынілі, заможнелі добрымі дзеямі, былі шчодрыя і дзяліліся,

19 зьбіраючы сабе скарб, добрую аснову на час наступны, каб дасягнуць вечнага жыцьця.

20 О Цімафею! захавай даверанае табе, цураючыся марнага пустаслоўя і супярэчак, што фальшыва названы ведамі,

21 аддаўшыся якім, некаторыя ўхіліліся ад веры. Мілата з табою. Амін.

 

Другое Пасланьне Да Цімафея Сьвятога Апостала Паўла

 

Разьдзел 1

 

1 Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, па абяцаньні жыцьця ў Хрысьце Ісусе,

2 Цімафею, любаснаму сыну: мілата, міласэрнасьць, мір ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.

3 Дзякую Богу, Якому служу ад продкаў у чыстым сумленьні, што не перастаю ўспамінаць пра цябе ў малітвах маіх, удзень і ўначы,

4 і хачу бачыць цябе, памятаючы сьлёзы твае, каб мне напоўніцца радасьцю,

5 трымаючы ў памяці шчырую веру тваю, якая раней жыла ў бабулі тваёй Лаідзе і ў маці тваёй Яўніцы; упэўнены, што яна і ў табе.

6 З гэтай прычыны нагадваю табе падаграваць дар Божы, які ў табе праз ускладаньне маіх рук;

7 бо даў нам Бог Духа ня боязі, а сілы і любові і цноты.

8 Дык не саромейся сьведчаньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, ні мяне, вязьня Ягонага; а пакутуй з Дабравесьцем (Хрыстовым) сілаю Бога,

9 Які выратаваў нас і паклікаў званьнем сьвятым, не за дзеі нашыя, а паводле Свайго волевыяўленьня і мілаты, дадзенай нам у Хрысьце Ісусе раней адвечных часоў,

10 якая адкрылася цяпер зьяўленьнем Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які разбурыў сьмерць і явіў жыцьцё нятленнае праз Дабравесьце,

11 прапаведаваць якое я пастаўлены і апосталам і настаўнікам язычнікаў.

12 З гэтай прычыны я і пакутую так; але не саромеюся. Бо я ведаю, у Каго ўвераваў, і ўпэўнены, што Ён мае сілу захаваць заруку маю на той дзень.

13 Трымайся ўзору здаровага вучэньня, якое ты чуў ад мяне, зь вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.

14 Захоўвай добрую заруку Духам Сьвятым, Які жыве ў нас.

15 Ты ведаеш, што ўсе Асійцы пакінулі мяне; сярод іх і Фігел і Ермаген.

16 Няхай дасьць Гасподзь міласьць дому Анісіфора за тое, што ён колькі разоў прымаў мяне і не саромеўся кайданоў маіх,

17 а, як быў у Рыме, зь вялікім стараньнем шукаў мяне і знайшоў.

18 Няхай дасьць яму Гасподзь здабыць міласьць у Госпада ў той дзень; а колькі ён служыў (мне) ў Эфэсе, ты лепей ведаеш.

 

Разьдзел 2

 

1 Дык мацуйся, сыне мой, у мілаце Хрыстом Ісусам.

2 І што чуў ад мяне пры многіх сьведках, тое накажы верным людзям, якія былі б здольныя іншых вучыць.

3 Дык цярпі пакуты, як добры воін Ісуса Хрыста.

4 Ніякі воін ня зьвязвае сябе справамі буднымі, каб дагадзіць ваеначальніку.

5 Калі ж хто і змагаецца, вянка не здабудзе, калі будзе змагацца не паводле правіла.

6 Працоўны ратай першы павінен скаштаваць пладоў.

7 Разумей, што я кажу. Хай дасьць табе Гасподзь разуменьне ва ўсім.

8 Памятай (Госпада) Ісуса Хрыста ад семені Давідавага, Які ўваскрэс зь мёртвых, паводле зьвеставаньня майго.

9 за якое я пакутую аж да кайданаў, як злодзей; але на слова Божае няма кайданаў.

10 Таму я ўсё цярплю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збавеньне ў Ісусе Хрысьце зь вечнаю славаю.

11 Слушнае слова: калі мы зь Ім памерлі, дык зь Ім і ажывём;

12 калі церпім, дык зь Ім уладарыць будзем; калі зрачэмся, і Ён зрачэцца нас;

13 калі мы няверныя, Ён застаецца верны, бо Сябе зрачыся ня можа.

14 Гэта нагадвай, заклінаючы перад Госпадам ня ўступаць у спрэчкі, што зусім ня служыць на карысьць, а на разлад слухачам.

15 Старайся паставіць сябе прад Богам годным, працаўніком бездакорным, які правільна выкладае слова праўды.

16 А непатрэбнага пустаслоўя пазьбягай; бо яны яшчэ больш будуць памнажаць бязбожнасьць,

17 і слова іхняе, як пухліна, будзе пашырацца. Такія Іменей і Філіт,

18 якія адступіліся ад ісьціны, кажучы, што ўваскрэсеньне ўжо было, і разбураюць у некаторых веру.

19 Але цьвёрдая аснова Божая стаіць, маючы пячатку гэтую: «ведае Гасподзь Сваіх»; і: «хай адступіць ад няпраўды кожны, хто вызнае імя Госпада».

20 А ў вялікім доме ёсьць посуд ня толькі залаты і срэбны, але і драўняны і гліняны; і адзін у ганаровым, а другі ў нізкім ужытку.

21 Дык вось, хто будзе чысты ад гэтага, той будзе пасудзінай у гонары, асьвечанай і карыснай Уладыку, прыдатнай на ўсякую добрую патрэбу.

22 Юнацкіх пажадлівасьцяў пазьбягай, а трымайся праўды, веры, любові, згоды з усімі, хто заклікае Госпада ад чыстага сэрца.

23 Ад дурных і невуцкіх спрэчак ухіляйся, ведаючы, што яны спараджаюць незлагадзь;

24 а рабу Госпада нельга сварыцца, а трэба быць прыязным да ўсіх, навучальным, нязлосным,

25 здольным лагодна настаўляць праціўнікаў, - можа, дасьць ім Бог пакаяньне для спазнаньня праўды,

26 каб яны вызваліліся зь цянётаў д'ябла, які залучыў іх у сваю волю.

 

Разьдзел 3

 

1 Ведай жа, што ў апошнія дні настануць часіны цяжкія.

2 Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбныя, ганарыстыя, пыхлівыя, злоязыкія, бацькам непаслухмяныя, няўдзячныя, бязбожныя, няпрыязныя,

3 непамяркоўныя, паклёпнікі, нястрымлівыя, жорсткія, зьнялюбныя да дабра,

4 здраднікі, нахабы, пыхліўцы, прыхільныя больш да раскошы, чым да Бога,

5 з выгляду богабаязныя, а да сілы Божай варожыя. Пазьбягай такіх.

6 Да гэтакіх належаць тыя, якія лісьліва віжуюцца ў дамы і ачмураюць жанчын, што купаюцца ў грахах і ў юрлівасьці песьцяцца,

7 заўсёды вучацца і ніколі ня могуць дайсьці да спазнаньня ісьціны.

8 Як Яній і Ямврый супрацівіліся Майсею, так і гэтыя супрацівяцца ісьціне, людзі са зьвіхнёным розумам, невукі ў веры.

9 Але яны няшмат пасьпеюць; бо іхняе безгалоўе выявіцца перад усімі, як і з тамтымі сталася.

10 А ты пайшоў сьледам за мною ў вучэньні, жыцьці, станоўчасьці, веры, велікадушнасьці, любові, цяпрлівасьці.

11 у ганеньнях, цярпеньнях, якія выпалі мне ў Антыахіі, Іканіі, Лістрах; такія ганеньні я перанёс, і ад усіх выбавіў мяне Гасподзь.

12 Ды і ўсе, хто хоча жыць пабожна ў Хрысьце Ісусе, будуць прасьледавацца;

13 а ліхія людзі і ашуканцы будуць раскашаваць у зьле, зводзячы ў аблуды і ўпадаючы ў аблуды.

14 А ты трымайся таго, чаго навучаны, і што табе даверана, ведаючы, кім ты навучаны;

15 пры гэтым ты змалку ведаеш сьвятыя Пісаньні, якія могуць умудрыць цябе ў збавеньне вераю ў Хрыста Ісуса.

16 Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці,

17 каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны.

 

Разьдзел 4

 

1 Дык, заклінаю цябе перад Богам і Госпадам (нашым) Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у прышэсьце Ягонае і Царстве Ягоным:

2 прапаведуй слова, настаўляй у час і ня ў час, выкрывай, забараняй, умаўляй доўга з поўнай цярплівасьцю і настаўленьнем.

3 Бо будзе час, калі здаровага вучэньня прымаць ня будуць, а паводле сваіх прыхамацяў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, лісьлівых слыху;

4 і ад ісьціны адвернуць вушы і прыгорнуцца да баек.

5 Але ты будзь пільны ва ўсім, цярпі скрушнасьць, выконвай справу дабравесьніка, выконвай служэньне тваё.

6 Бо я ўжо раблюся ахвяраю, і час майго ўшэсьця настаў.

7 Подзьвігам добрым я змагаўся, шлях закончыў, веру захаваў;

8 а цяпер рыхтуецца мне вянок праўды, які дасьць мне Гасподзь, справядлівы Судзьдзя, у дзень той; і ня толькі мне, але і ўсім, што палюбілі прышэсьце Яго.

9 Пастарайся прыйсьці да мяне неўзабаве.

10 Бо Дымас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашняе жыцьцё, і пайшоў у Фесалоніку, Крыскент у Галятыю, Ціт у Далмацыю; адзін Лукаш са мною.

11 Марка вазьмі і прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбен на служэньне.

12 Тыхіка я паслаў у Эфэс.

13 Як пойдзеш, прынясі плашч, які я пакінуў у Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергамэнтныя.

14 Аляксандр-меднік шмат учыніў мне ліха. Няхай яму Бог аддасьць паводле ўчынкаў ягоных!

15 Асьцерагайся яго і ты, бо ён надта ж супрацівіўся нашым словам.

16 Пры першай маёй абароне нікога ня было са мною, а ўсе мяне пакінулі. Хай не залічыцца ім!

17 А Гасподзь зьявіўся мне і ўмацаваў мяне, каб празь мяне сьцьвердзілася Дабравесьце, і пачулі ўсе язычнікі; і я пазьбег ільвінай пашчы.

18 І выратуе мяне Гасподзь ад усякіх ліхіх дзеяў і захавае для Свайго Нябеснага Царства. Яму слава на векі вякоў. Амін.

19 Вітай Прыскілу і Акілу і дом Анісіфораў.

20 Эраст застаўся ў Карынфе; а Трахіма я пакінуў хворага ў Міліце.

21 Пастарайся прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Эвул і Пуд, і Лін і Клаўдзія, і ўсе браты.

22 Гасподзь Ісус Хрыстос з духам тваім. Мілата з вамі. Амін.

 

Пасланьне Да Ціта Сьвятога Апостала Паўла

 

Разьдзел 1

 

1 Павал, раб Божы, і апостал Ісуса Хрыста, па веры выбраных Божых і спазнаньня ісьціны, што вядзе да пабожнасьці,

2 у надзеі на вечнае жыцьцё, якое абяцаў нязьменны ў слове Бог за часу спрадвечнага,

3 а ў Свой час зьявіў Сваё слова ў казані, даверанай мне загадам Збаўцы нашага, Бога, -

4 Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: мілата, міласэрнасьць і мір ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага.

5 На тое я пакінуў цябе ў Крыце, каб ты давяршыў незакончанае і паставіў ва ўсіх гарадах прасьвітэраў, як я табе наказваў:

6 калі хто беспахібны, адзін раз жанаты, дзяцей мае верных, не дакараных за распусту або непакорлівасьць.

7 Бо япіскап мусіць быць беззаганны, як Божы домабудаўнік, ня дзёрзкі, не гняўлівы, ня п'яніца, не звадыяш, не карысьлівец,

8 а гасьцінны да вандроўнікаў, дабралюбны, цнатлівы, справядлівы, пабожны, устрымлівы,

9 павінен трымацца праўдзівага слова, згоднага з вучэньнем, каб ён быў моцны і настаўляў у здаровым вучэньні і супраціўцаў выкрываў.

10 Бо ёсьць шмат і непакорлівых, пустасловаў і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных,

11 якім трэба замыкаць вусны: яны разбэшчваюць цэлыя дамы, вучаць, чаго ня сьлед, з ганебнай карысьлівасьці.

12 Зь іх самых адзін, вершатворца, сказаў: «Крыцяне заўсёды хлусы, злыя зьвяры, вантробы ляныя».

13 Сьведчаньне гэта справядлівае. З гэтай прычыны выкрывай іх строга, каб яны былі здаровыя ў веры,

14 ня слухаючы Юдэйскіх баек і пастановаў людзей, якія цураюцца ісьціны.

15 У чыстых усё чыстае: а ў апаганеных і няверных няма нічога чыстага, а спаганены і розум іхні ды сумленьне.

16 Яны кажуць, што ведаюць Бога; а справамі выракаюцца, бо гнюсныя, непакорлівыя і няздольныя ні на якія добрыя ўчынкі.

 

Разьдзел 2

 

1 А ты кажы тое, што сугалосна са здаровым вучэньнем:

2 каб старцы былі пільныя, спаважныя, цнатлівыя, здаровыя ў веры, у любові, у цярплівасьці;

3 каб стѓрыцы таксама апраналіся, як прыстойна сьвятым, ня былі паклёпніцы, не аддаваліся п'янству, вучылі дабру,

4 каб настаўлялі на розум маладых кахаць мужоў, любіць дзяцей,

5 быць цнатлівымі, чыстымі, гаспадарлівымі ў доме, добрымі, пакорлівымі мужам, каб не зьневажалася слова Божае.

6 Хлопцаў таксама ўмаўляй быць цнатлівымі.

7 Ва ўсім паказвай у сабе ўзор добрых учынкаў, у настаўніцтве чысьціню, разважлівасьць, непарушнасьць,

8 слова здаровае, бездакорлівае, каб супрацівец быў пасаромлены, ня маючы нічога сказаць пра нас кепскага.

9 Рабоў умаўляй скарацца сваім гаспадарам, дагаджаць ім ва ўсім, не супярэчыць,

10 ня красьці, а выяўляць усю добрую вернасьць, каб мы ва ўсім былі акрасаю вучэньня Збаўцы нашага Бога.

11 Бо зьявілася мілата Божая, ратавальная ўсім людзям,

12 якая вучыць нас, каб мы, адкінуўшы бязбожнасьць і зямныя пахацінствы, цнатліва, праведна і пабожна жылі ў гэтым веку,

13 чакаючы дабрашчаснага спадзяваньня і прышэсьця славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,

14 Які аддаў Сябе за нас, каб выбавіць нас з усякай беззаконнасьці і ачысьціць Сабе народ адмысловы, шчыра адданы добрым учынкам.

15 Гэта кажы, умаўляй і выкрывай з усёю ўладаю, каб ніхто не пагарджаў табою.

 

Разьдзел 3

 

1 Нагадвай ім скарацца і ўпакорвацца начальству і ўладам, быць гатовымі на ўсякія добрыя дзеі,

2 нікога ня бэсьціць, быць не сварлівымі, а ціхмянымі, і паказваць поўную лагоду да ўсіх людзей.

3 Бо і мы былі колісь нмысьлі, нслухі, заблуды, былі рабы юру і розных асалодаў, жылі ў злосьці і зайздрасьці, былі гнюсныя, ненавідзелі адно аднаго.

4 Калі ж зьявілася мілата і чалавекалюбства Збаўцы нашага, Бога,

5 Ён выбавіў нас не за дзеі праведнасьці, якія б мы ўчынілі, а з Свайго мілажалю, праз купель адраджэньня і абнаўленьня Сьвятым Духам,

6 Якога выліў на нас шчодра празь Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага,

7 каб, апраўдаўшыся Ягонай мілатою, мы згодна са спадзяваньнем зрабіліся спадкаемцамі жыцьця вечнага.

8 Слова гэта слушнае; і я жадаю, каб ты пацьвярджаў яго, каб тыя, што ўверавалі ў Бога, стараліся быць дбайнымі ў добрых учынках: гэта добра і карысна людзям.

9 А дурных перагаворстваў і радаслоўных звадаў, і спрэчак і калатні вакол закона пазьбягай, бо яны бескарысныя і марныя.

10 Ад ератыка, пасьля першага і другога настаўленьня на розум, цурайся,

11 ведаючы, што ён разбэсьціўся і грэшыць, і асуджаны сам сабою.

12 Калі прышлю да цябе Артэму або Тыхіка, пасьпяшайся прыйсьці да мяне ў Нікаполь; бо я пастанавіў там зазімаваць.

13 Зіну-законьніка і Апалоса паклапаціся выправіць так, каб у іх ні ў чым ня было нястачы.

14 Хай і нашыя вучацца практыкавацца ў добрых учынках, у задавольваньні неабходных патрэбаў, каб ня былі бясплодныя.

15 Вітаюць цябе ўсе, хто са мною. Вітай тых, хто любіць нас у веры. Мілата з усімі вамі. Амін.

 

Пасланьне Да Філімона Сьвятога Апостала Паўла

 

Разьдзел 1

 

1 Павал, вязень Ісуса Хрыста, і Цімафей брат, Філімону любаснаму і супрацоўніку нашаму,

2 і Апфіі, (сястры) любаснай, і Архіпу, спадзьвіжніку нашаму, і дамовай тваёй царкве:

3 мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

4 Дзякую Богу майму, заўсёды спамінаючы цябе ў малітвах маіх,

5 чуючы пра тваю любоў і веру, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых,

6 каб дзеяньне веры тваёй было чыннае ў спазнаньні ўсякага ў вас дабра ў Хрысьце Ісусе.

7 Бо мы маем вялікую радасьць і ўцеху ў любові тваёй, бо табою, браце, супакоены сэрцы сьвятых.

8 Таму, маючы вялікую ў Хрысьце адвагу загадваць табе, што трэба,

9 зь любові лепей прашу, ня хто які там, а я, Павал - старац, а цяпер вязень Ісуса Хрыста;

10 прашу цябе за сына майго Анісіма, якога нарадзіў я ў кайданах маіх:

11 ён быў калісьці нягодны табе, а цяпер годны табе і мне: я вяртаю яго;

12 а ты прымі яго, як маё сэрца.

13 Я хацеў пры сабе яго ўтрымаць, каб ён замест цябе паслужыў мне ў кайданах за зьвеставаньне;

14 але без тваёй згоды нічога не хацеў зрабіць, каб добрая справа твая была ня мусовая, а з добрае волі.

15 Бо, можа быць, ён на тое часова адлучыўся, каб ты прыняў яго назаўсёды,

16 ужо ня як раба, а вышэйшага за раба, брата любаснага, асабліва мне, а тым болей табе, і па плоці і ў Госпадзе.

17 І вось, калі маеш за супольніка мяне, дык прымі яго, як мяне.

18 Калі ж ён чым пакрыўдзіў цябе, альбо вінаваты табе, лічы гэта на мне.

19 Я, Павал, напісаў маёю рукою: я заплачу«; не кажу табе пра тое, што ты і самім сабою мне вінаваты.

20 Так, браце, дай мне скарыстацца табою ў Госпадзе; супакой маё сэрца ў Госпадзе.

21 Спадзяючыся на слухмянасьць тваю, а напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш і болей, чым прашу.

22 А разам падрыхтуй мне і памяшканьне; бо, спадзяюся, што па малітвах вашых я буду дараваны вам.

23 Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною дзеля Ісуса Хрыста,

24 Марк, Арыстарх, Дымас, Лукаш, супрацоўнікі мае.

25 Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.

 

Пасланьне Да Габрэяў Сьвятога Апостала Паўла

 

Разьдзел 1

 

1 Бог, Які шмат разоў і ўсякімі спосабамі гаварыў зьвеку да бацькоў нашых праз прарокаў,

2 у апошнія дні гэтыя гаварыў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, празь Якога і вякі стварыў.

3 Гэты, будучы водбліскам славы Ягонай і вобразам істоты Ягонай і трымаючы ўсё словам сілы Сваёй, зьдзейсьніўшы Сабою ачышчэньне грахоў нашых, сеў праваруч велічы на вышыні,

4 будучы настолькі дасканалейшым за анёлаў, наколькі слаўнейшае перад імі ўспадкаваў Імя.

5 Бо калі і каму з анёлаў сказаў Бог: «Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»? І яшчэ: «Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам»?

6 Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: «Няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя».

7 Пра анёлаў сказана: «Ты творыш анёламі Сваімі духаў і слугамі Сваімі палымяны вагонь».

8 А пра Сына: «трон Твой, Божа, у век веку; жазло валадараньня Твайго - жазло праўды.

9 Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў беззаконьне; таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш за саўдзельнікаў Тваіх»;

10 І: «у пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы - дзеля рук Тваіх;

11 яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе састарацца, нібы рыза,

12 і як вопратку згорнеш іх, і зьменяцца; але Ты той самы і гады Твае ня скончацца».

13 Каму калі з анёлаў сказаў Бог: «сядзі праваруч Мяне пакуль пакладу Тваіх ворагаў падножжам нагам Тваім»?

14 Ці ж ня ўсе яны службовыя духі, пасыланыя на служэньне тым, якія маюць успадкаваць збавеньне?

 

Разьдзел 2

 

1 Таму мы павінны быць асабліва ўважлівыя да чутага, каб не адпасьці,

2 бо, калі праз анёлаў абвешчанае слова было цьвёрдае, і ўсякі пярэступ і непаслухмянасьць мелі справядлівую адплату,

3 дык як мы ўнікнем, занядбаўшы такое вялікае выратаваньне, якое, спачатку абвешчанае Госпадам, было ў нас умацавана тымі, якія чулі ад Яго,

4 што Бог і засьведчыў азнакамі і цудамі, і рознымі сіламі, і дарамі Духа Сьвятога па волі Ягонай?

5 Бо не анёлам Бог упакорыў будучы сьвет, пра які гаворым;

6 наадварот, нехта недзе засьведчыў, кажучы: «што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш яго? альбо сын чалавечы, што Ты наведваеш яго?

7 Ня дужа Ты ўнізіў яго перад анёламі; славаю й гонарам увянчаў яго, і паставіў яго над дзеямі рук Тваіх;

8 усё пакарыў пад ногі ягоныя». Калі ж пакарыў яму ўсё, дык не пакінуў нічога непакорным яму. Цяпер жа яшчэ ня бачым, каб яму ўсё было ўпакорана;

9 але бачым, што за перанясеньне сьмерці ўвянчаны славаю і гонарам Ісус, Які крыху быў прыніжаны перад анёламі, каб Яму, па мілаце Божай, зьведаць сьмерць за ўсіх.

10 Бо належала, каб Той, дзеля Каго ўсё і праз Каго ўсё, многіх сыноў вядучы да славы, Пачынальніка выратаваньня іх зрабіў празь цярпеньні.

11 Бо, і Той, Хто асьвячае, і каго асьвячаюць, усе - ад Адзінага; таму ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:

12 «абвяшчу Тваё імя братѓм Маім, сярод царквы апяю Цябе».

13 І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». І яшчэ: «вось, Я і дзеці, якіх даў Мне Бог».

14 А як дзеці былі ўдзельнікамі цела і крыві, дык Ён таксама прыняў іх, каб сьмерцю пазбавіць сілы таго, хто меў уладу сьмерці, гэта значыцца - д'ябла,

15 і выратаваць тых, якія ад страху сьмерці праз усё жыцьцё былі ў рабстве.

16 Бо не ад анёлаў прыме Ён, а прыме семя Абрагамавае.

17 Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб быць міласэрным і верным Першасьвятаром прад Богам на ўмілажальваньне за грахі народу.

18 Бо, як сам Ён перацярпеў, быў спакушѓны, дык можа памагчы і тым, каго спакушаюць.

 

Разьдзел 3

 

1 Таму, браты сьвятыя, супольнікі нябеснага пакліканьня, уразумейце Пасланца і Першасьвятара вызнаньня нашага, Ісуса Хрыста,

2 Які верны Таму, Хто паставіў Яго, як і Майсей ва ўсім доме Ягоным.

3 Ён бо варты тым большае славы перад Майсеем, чым большы гонар мае ў параўнаньні з домам той, хто ўладкаваў яго;

4 бо кожны дом ладкуецца некім; а Хто ўладкаваў усё, ёсьць Бог.

5 І Майсей верны ўва ўсім доме Ягоным, як службіт, на сьведчаньне таго, што трэба было абвясьціць.

6 А Хрыстос - як Сын у доме Ягоным; а дом Ягоны - мы, калі толькі адвагу і спадзяваньне, якімі хвалімся, цьвёрда захаваем да канца.

7 Чаму, як кажа Дух Сьвяты, «сёньня, як пачуеце голас Ягоны,

8 не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых, як у час смуты, у дзень спакушэньня ў пустыні,

9 дзе спакушалі мяне бацькі вашы, выпрабоўвалі Мяне і бачылі дзеі Мае сорак гадоў.

10 Таму Я і ўгневаўся на той род, і сказаў: «няспынна блукаюць сэрцам, ня зьведалі яны пуцявінаў Маіх;

11 таму я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой».

12 Глядзеце, браты, каб ня было ў кім у вас сэрца ліхога і нявернага, каб вам не адступіцца ад Бога жывога.

13 А настаўляйце адно аднаго кожны дзень, пакуль можна казаць «сёньня», каб хто з вас не зжарсьцьвеў, зьвёўшыся грэхам;

14 Бо мы зрабіліся супольнікамі Хрысту, калі толькі пачатае жыцьцё цьвёрда ўтрымаем да канца,

15 пакуль гаворыцца: «сёньня, як пачуеце голас Ягоны, не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых, як у час смуты».

16 Бо некаторыя, што чулі, пачалі абурацца; але ня ўсе, што выйшлі зь Егіпта з Майсеем.

17 На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Хіба не на тых, што зграшылі, чые косьці засталіся ў пустыні?

18 Супроць каго прысягаў, што ня ўвойдуць у спачын Ягоны, калі ня супроць непакорлівых?

19 І вось, бачым, што яны не маглі ўвайсьці за няверства.

 

Разьдзел 4

 

1 А таму будзем асьцерагацца, каб, калі яшчэ застаецца абяцаньне ўвайсьці ў спачын Ягоны, ня сталася, што нехта з вас ужо спазьніўся.

2 Бо і нам яно абвешчана, як і тым; але не дало ім карысьці слова чутае, не спалучанае зь вераю тых, якія чулі.

3 А ўваходзім у спачын мы, якія ўверавалі, як Ён і сказаў: «Я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой», хоць дзеі Ягоныя былі зьдзейсьнены яшчэ на пачатку сьвету.

4 Бо дзесьці сказана пра сёмы дзень так: «і спачыў Бог у дзень сёмы ад усіх дзеяў Сваіх».

5 І яшчэ тут: «ня ўвойдуць у спачын Мой».

6 І вось, як некаторым застаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, каму раней абвешчана, не ўвайшлі ў яго за непакорлівасьць,

7 дык яшчэ вызначае пэўны дзень, «сёньня», кажучы праз Давіда, пасьля такога доўгага часу, як вышэй сказана: «сёньня, як пачуеце голас Ягоны, не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых».

8 Бо калі б Ісус сын Нава даў ім спачын, дык ня было б сказана пасьля таго пра іншы дзень.

9 Таму народу Божаму яшчэ застаецца субоцтва.

10 Бо, хто ўвайшоў у спачын Ягоны, той і сам спачыў ад дзеяў сваіх, як і Бог ад Сваіх.

11 Дык вось, пастараймася ўвайсьці ў спачын той, каб хто на той самы прыклад не падупаў непакорлівасьці.

12 Бо слова Божае жывое і дзейснае і вастрэйшае за любы меч двусечны: яно пранікае да разьдзяленьня душы і духа, суглобаў і мозгу, і судзіць помыслы і намеры сардэчныя.

13 І няма стварэньня, схаванага ад Яго, а ўсё аголена і адкрыта прад вачыма Ягонымі: Яму дамо адказ.

14 І вось, маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Ісуса Сына Божага, будзем цьвёрда трымацца веравызнаньня нашага.

15 Бо мы маем не такога Першасьвятара, Які ня мог бы спагадаць нам у немачах нашых, а Такога, Які, як і мы, дасьведчаны ва ўсім, акрамя грэху.

16 Таму прыступайма з адвагаю да трона мілаты, каб атрымаць міласьць і здабыць мілату на своечасовую дапамогу.

 

Разьдзел 5

 

1 Бо кожны першасьвятар зь людзей выбіраны, людзям жа і пастаўляецца на служэньне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі,

2 каб мог паблажаць неабазнаным і заблуканым; бо і сам абложаны немаччу,

3 і таму ён павінен як за людзей, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.

4 І ніхто сам сабою ня прымае гэтага гонару, а толькі пакліканы Богам, як і Аарон.

5 Так і Хрыстос ня Сам Сабе прысвоіў славу быць першасьвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: «Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»;

6 як і ў іншым месцы кажа: «Ты сьвятар навек па чыне Мелхісэдэка».

7 Ён, у дні плоці Сваёй, зь вялікім галашэньнем і са сьлязьмі прынёс малітвы і маленьні Таму, Хто меў моц уратаваць Яго ад сьмерці, і пачуты быў за Сваю богабаязнасьць;

8 хоць Ён і Сын, аднак празь цярпеньні навучыўся паслушэнству;

9 і, удасканаліўшыся, спрычыніўся да вечнага збавеньня ўсіх паслухмяных Яму,

10 і быў названы ад Бога Першасьятаром па чыне Мелхісэдэка.

11 Пра гэта сьлед было б нам гаварыць многа; але цяжка патлумачыць, бо вы зрабіліся няздольныя слухаць.

12 Бо, мяркуючы па часе, вам належала быць настаўнікамі; але вас зноў трэба вучыць першаасновам слова Божага, і вам патрэбнае малако, а ня цьвёрдая ежа.

13 Кожны, кормлены малаком, неабазнаны ў слове праўды, бо ён дзіця;

14 а цьвёрдая ежа ўласьцівая дасканалым, у якіх пачуцьці навыкам прывучаны адрозьніваць дабро і зло.

 

Разьдзел 6

 

1 Пасьля, пакінуўшы пачаткі вучэньня Хрыстовага, пасьпяшаймася да дасканаласьці; і ня будзем зноў закладваць аснову да каяньня за мёртвыя дзеі і аснову веры ў Бога,

2 вучэньню пра хрышчэньні, пра ўскладаньне рук, пра ўваскрэсеньне мёртвых і пра суд вечны.

3 І гэта зробім, калі Бог дазволіць.

4 Бо немагчыма - тых, што адзін раз пасьвечаныя і паспыталі дару нябеснага, і зрабіліся супольнікамі Духа Сьвятога,

5 і паспыталі добраснага слова Божага і сіл будучага веку,

6 і адпалі, - нанава ўзнаўляць пакаяньнем, калі яны зноў крыжуюць у сабе Сына Божага і паглумляюць Яго.

7 Зямля, якая піла дождж, што шматкроць на яе ападае, і родзіць збажыну, карысную тым, каму і вырошчваецца, прымае дабраславеньне ад Бога;

8 а якая плодзіць церні і бадзякі - няпрыдатная і блізкая да пракляцьця, канец якога - спаленьне.

9 А што да вас, любасныя, дык мы спадзяёмся, што вы ў лепшым стане і трымаецеся збавеньня, хоць і гаворым так.

10 Бо не несправядлівы Бог, каб забыў дзею вашую і працу любові, якую вы выявілі ў імя Ягонае, паслужыўшы і служачы сьвятым.

11 А жадаем, каб кожны з вас, дзеля поўнай пэўнасьці ў надзеі, выяўляў такую самую руплівасьць да канца;

12 каб вы не разгультаіліся, а пераймалі тых, якія вераю і доўгай цярплівасьцю спадкуюць абяцаньні.

13 Бог, даючы абяцаньне Абрагаму, калі ня мог нікім вышэйшым прысягнуць, прысягаў Самім Сабою,

14 кажучы: «у ісьціне дабраслаўляючы, дабраслаўляю цябе і памнажаючы памножу цябе».

15 І так Абрагам цярплівасьцю атрымаў абяцанае.

16 Людзі прысягаюць вышэйшым, і прысяга на сьведчаньне кладзе канец усякай спрэчцы іхняй.

17 Таму і Бог, хочучы пераважней паказаць спадкаемцам абяцаньня непарушнасьць Сваёй волі, скарыстаўся прысягай,

18 каб у двух непарушных рэчах, у якіх немагчыма Богу зманіць, моцную ўцеху мелі мы, пастанавіўшы прыняць прызначаную надзею,

19 якая для душы ёсьць - быццам якар бясьпечны і моцны, і ўваходзіць усярэдзіну за заслону,

20 куды як наш папярэднік увайшоў Ісус, стаўшыся Першасьвятаром навек па чыне Мелхісэдэка.

 

Разьдзел 7

 

1 Бо Мелхісэдэк, цар Саліма, сьвятар Бога Ўсявышняга, - той, які сустрэў Абрагама і дабраславіў яго, калі гэты вяртаўся пасьля паражэньня цароў,

2 якому і дзесяціну выдзеліў Абрагам з усяго, - па-першае, згодна са значэньнем імя - цар праўды, а потым і цар Саліма, што азначае - цар сьвету,

3 бяз бацькі, бяз маці, без радаводу, ня маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, прыпадобнены да Сына Божага, застаецца сьвятаром назаўсёды.

4 Бачыце, які вялікі той, каму і Абрагам-патрыярх даў дзесяціну з найлепшых здабыткаў сваіх.

5 Тыя з сыноў Левііных, што прымаюць сьвятарства, маюць запаведзь - браць па законе дзесяціну з народу, гэта значыць, са сваіх братоў, хоць і гэтыя паходзяць са сьцёгнаў Абрагамавых.

6 Але гэты, які не паходзіць з роду іхняга, узяў дзесяціну з Абрагама і дабараславіў таго, хто меў абяцаньні.

7 Бяз усякага супраціву меншага дабраслаўляе большы.

8 І тут дзесяціны бяруць людзі сьмяротныя, а там той, хто мае пра сябе сьведчаньне, што ён жыве.

9 І, можна сказаць, сам Левій, які бярэ дзесяціну, у асобе Абрагама даў дзесяціну:

10 бо ён быў яшчэ ў сьцёгнах у бацькі, калі Мелхісэдэк спаткаў яго.

11 І вось, калі б дасканаласьць дасягалася празь лявіцкае сьвятарства, - бо зь ім спалучаны закон народу, - дык якая яшчэ была б патрэба зьяўляцца іншаму сьвятару па чыне Мелхісэдэка, а не па чыне Абрагамавым звацца?

12 Бо зь пераменаю сьвятарства павінен перамяніцца і закон,

13 бо Той, пра Якога гаворыцца гэта, належаў да іншага роду, зь якога ніхто ня служыў каля ахвярніка;

14 бо вядома, што Гасподзь наш зазьзяў з роду Юдавага, пра які Майсей нічога не сказаў адносна сьвятарства.

15 І гэта яшчэ ясьней відаць з таго, калі ў падабенстве Мелхісэдэкавым паўстае сьвятар іншы,

16 які стаўся такім не паводле закона запаведзі цялеснай, а з моцы жыцьця няспыннага.

17 Бо засьведчана: «Ты сьвятар навекі па чыне Мелхісэдэка».

18 А скасаваньне ранейшай запаведзі бывае з прычыны яе нямоцнасьці і непатрэбнасьці,

19 бо закон нічога не давёў да дасканаласьці; але ўводзіцца лепшая надзея, празь якую мы набліжаемся да Бога.

20 А як гэта было не бяз прысягі, -

21 бо тыя былі сьвятарамі бяз прысягі, а Гэты з прысягаю, бо пра яго сказана: «прысягаўся Гасподзь і не раскаецца: Ты сьвятар навекі па чыне Мелхісэдэка»,

22 дык і лепшага запавету заручнікам стаўся Ісус.

23 Прытым тых сьвятароў было многа, бо сьмерць не дапускала быць аднаму;

24 а Гэты, як што жыве вечна, мае і сьвятарства непрамінушчае,

25 таму і можа заўсёды ратаваць тых, якія прыходзяць празь Яго да Бога, Які заўсёды жывы, каб хадайнічаць за іх.

26 Такі і павінен быць у нас Першасьвятар: сьвяты, несаўдзельны злу, беззаганны, далёкі ад грэшнікаў і ўзьнесены вышэй за нябёсы,

27 Які ня мае патрэбы, як тыя першасьвятары, штодня прыносіць ахвяры сьпярша за свае грахі, а потым за грахі народу; бо Ён гэта зрабіў аднаго разу, ахвяраваўшы Самім Сабою.

28 Бо закон устаноўлівае першасьвятарамі людзей немачных; а слова прысяжнае, пасьля закона, паставіла Сына, навек дасканалага.

 

Разьдзел 8

 

1 А галоўнае ў тым, пра што кажам, вось што: мы маем такога Першасьвятара, які сеў праваруч трона велічы на нябёсах

2 і ёсьць Сьвяшчэнадзейнік сьвяцілішча і скініі сапраўднай, якую ўзьёў Гасподзь, а не чалавек.

3 Кожны першасьвятар пастаўляецца прыносіць дары і ахвяры; а таму трэба было, каб і Гэты таксама меў, што ахвяраваць.

4 Колькі б Ён заставаўся на зямлі, дык ня быў бы і сьвятаром; бо тут такія сьвятары, якія па законе прыносяць дары,

5 якія служаць вобразу і ценю нябеснага, як сказана было Майсею, калі ён пачынаў ставіць скінію: глядзі, сказана, зрабі ўсё па ўзоры, паказаным табе на гары.

6 але Гэты Першасьвятар атрымаў служэньне тым больш выдатнае, чым лепшага Ён заступнік запавету, які ўгрунтаваны на самых лепшых абяцаньнях.

7 Бо калі б першы запавет быў без пахібы, ня было б патрэбы шукаць месца іншаму.

8 Але прарок, дакараючы іх, кажа: «вось настаюць дні, кажа Гасподзь, калі я заключу з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,

9 не такі запавет, які я заключыў з бацькамі іхнімі ў той час, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай; бо яны ня жылі ў тым запавеце Маім, і Я занядбаў іх, кажа Гасподзь.

10 Вось запавет, які даю ў спадчыну дому Ізраілеваму пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: пакладу законы Мае ў думкі іхнія, і напішу іх на сэрцы іхнім, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам.

11 І ня будзе вучыць кожны блізкага свайго, і кожны брата свайго, кажучы: спазнай Госпада; таму што ўсе, ад малога да вялікага, будуць ведаць Мяне.

12 Бо я буду міласэрны да няпраўдаў іхніх і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх не згадаю болей».

13 Кажучы «новы», паказаў прахласьць першага; а тое, што прахне і старыцца, блізкае да зьнішчэньня.

 

Разьдзел 9

 

1 І першы запавет меў уставу пра набажэнства і сьвяцілішча зямное,

2 бо пастаўлена была скінія першая, у якой былі сьвяцільня, і стол, і хлябы паклѓдныя, і якая называецца «сьвятое».

3 А за другою заслонаю была скінія, называная «сьвятое сьвятых»,

4 у якой мелася залатая кадзільніца і абкладзены з усіх бакоў золатам каўчэг запавета, дзе былі залаты посуд з маннаю, жазло Ааронава расьцьвілае і скрыжалі запавета,

5 а над ім хэрувімы славы, якія асланялі ачышчальню; пра што ня трэба цяпер гаварыць падрабязна.

6 Пры такім уладкаваньні, у першую скінію заўсёды ўваходзяць сьвятары служыць Набажэнства;

7 а ў другую - адзін раз на год адзін толькі першасьвятар, не бяз крыві, якую ахвяруе за сябе і за грахі неабазнанасьці народу.

8 Гэтым Дух Сьвяты паказвае, што яшчэ не адкрыта дарога ў сьвяцілішча, пакуль стаіць ранейшая скінія.

9 Яна ёсьць вобраз цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія ня могуць зрабіць у сумленьні дасканалым ахвяравальніка,

10 і якія з прысмакамі і пітвом, і рознымі абмываньнямі і абрадамі, што датычацца плоці, устаноўленыя былі толькі да часу выпраўленьня.

11 Але Хрыстос, Першасьвятар будучых дабротаў, прыйшоўшы з большай і дасканалейшай скініяй, нерукатворнаю, гэта значыць, не таго ўсталяваньня,

12 і ня з крывёю казлоў і цялят, а са Сваёю Крывёю; аднаго разу ўвайшоў у сьвяцілішча і набыў вечнае адкупленьне.

13 Бо, калі кроў цялят і казлоў і попел ялаўкі праз акрапленьне асьвячае апаганеных, каб чыстае было цела,

14 дык наколькі ж болей Кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе, бездакорнага, Богу, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых дзеяў, на служэньне Богу жывому і Сапраўднаму!

15 І таму Ён ёсьць Заступнік Новага Запавета, каб у выніку сьмерці Ягонай, якая была дзеля адкупленьня ад злачынстваў, зробленых у першым запавеце, пакліканыя да вечнай спадчыны атрымалі абяцаньне.

16 Бо, дзе завяшчаньне, там трэба, каб настала сьмерць завяшчальніка,

17 бо завяшчаньне мае сілу пасьля памерлых; яно ня мае сілы, калі завяшчальнік жывы.

18 Таму і першы запавет быў уцьверджаны не бяз крыві,

19 бо і Майсей, прамовіўшы ўсе запаведзі паводле закона перад усім народам, узяў кроў цялят і казлоў з вадою і воўнай чырванёнаю і ісопам, і акрапіў як самую кнігу, так і ўвесь народ,

20 кажучы: «гэта кроў запавета, які запавядаў вам Бог».

21 Таксама акрапіў крывёю і скінію і ўвесь посуд богаслужбовы.

22 Ды і ўсё амаль паводле закона ачышчаецца крывёю, і без праліцьця крыві ня бывае дараваньня.

23 Таму і вобразы нябеснага павінны былі ачышчацца гэтымі, а самае нябеснае лепшымі за гэтыя ахвярамі.

24 Бо Хрыстос ўвайшоў не ў рукатворнае сьвяцілішча, паводле вобразу сапраўднага ўсталяванае, а ў самое неба, каб стаць сёньня за нас перад абліччам Божым,

25 і не на тое, каб шматкроць ахвяроўваць Сабою, як першасьвятар уваходзіць у сьвяцілішча штогод з чужою крывёю;

26 інакш належала б Яму шматкроць пакутаваць ад пачатку сьвету. А Ён адзін раз, пад канец вякоў, зьявіўся для зьнішчэньня грэху ахвяраю Сваёю.

27 І як людзям належыць адзін раз памерці, а потым суд,

28 так і Хрыстос: адзін раз прынёсшы Сябе ў ахвяру, каб пабраць грахі многіх, другі раз зьявіцца ня дзеля ачышчэньня грэху, а дзеля тых, што чакаюць Яго на збавеньне.

 

Разьдзел 10

 

1 Закон, маючы цень будучых дабротаў, а не самы вобраз рэчаў, аднымі тымі самымі ахвярамі, якія кожны год стала прыносяцца, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць зь імі.

2 Інакш перасталі б прыносіць іх, бо ахвяравальнікі, ачышчаныя адзін раз, ня мелі б ужо ніякага ўсьведамленьня грахоў.

3 Але ахвярамі штогод робіцца напамін пра грахі;

4 бо немагчыма, каб кроў цялят і казлоў зьнішчала грахі.

5 Таму Хрыстос, уваходзячы ў сьвет, кажа: «ахвяры і прынашэньня Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне.

6 Усеспаленьні і ахвяры за грэх не даспадобы Табе.

7 Тады Я сказаў: вось, іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, выканаць волю Тваю, Божа»;

8 сказаўшы раней, што ні ахвяр, ні прынашэньняў, ні ўсеспаленьняў, ні ахвяры за грэх, - якія прыносяцца паводле закона, - Ты не захацеў і не ўпадабаў,

9 потым дадаў: «вось, іду выканаць волю тваю, Божа». Адмяняе першае, каб пастанавіць другое.

10 Па гэтай вось волі асьвечаныя мы аднаразовым прынясеньнем Цела Ісуса Хрыста.

11 І кожны сьвятар штодзень стаіць у служэньні і шмат разоў прыносіць адны і тыя самыя ахвяры, якія ніколі ня могуць зьнішчыць грахоў.

12 А Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,

13 чакаючы потым, пакуль ворагі Ягоныя будуць пакладзены «падножжам ног Ягоных».

14 Бо Ён адным прынашэньнем назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, хто асьвячаецца.

15 Пра гэта сьведчыць вам і Дух Сьвяты; бо сказана:

16 «вось запавет, які завяшчаю ім пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: увяду законы Мае ў сэрцы іхнія, і ў думках іхніх напішу іх,

17 і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх не ўзгадаю больш».

18 А дзе ёсьць дараваньне грахоў, там не патрэбнае прынашэньне за іх.

19 І вось, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвяцілішча праз Кроў Ісуса Хрыста, шляхам новым і жывым,

20 які Ён зноў адкрыў нам праз заслону, гэта значыцца, праз плоць Сваю,

21 і маючы вялікага Сьвятара над домам Божым,

22 прыступайма са шчырым сэрцам, з поўнаю вераю, крапленьнем ачысьціўшы сэрцы ад пахібнага сумленьня, і абмыўшы цела вадою чыстаю,

23 будзем трымацца вызнаньня надзеі непахісна, бо верны Той, Хто абяцаў;

24 будзем уважлівыя адно да аднаго, заахвочваючы ў любові і добрых учынках;

25 ня будзем пакідаць сходу свайго, як гэта ў некаторых у звычаі; а будзем намаўляць адно аднаго, і тым болей, чым выразьней бачыце набліжэньне дня таго.

26 Бо, калі мы, атрымаўшы спазнаньне ісьціны, самахоць грэшым, дык не застаецца больш ахвяры за грахі,

27 а нейкае страшнае чаканьне суду і лютасьці вагню, гатовага зжэрці супраціўцаў.

28 Калі чалавек, які адкінуў закон Майсееў, пры двух і трох сьведках, безь мілажалю караецца сьмерцью,

29 дык наколькі ж цяжэйшае, думаеце, кары варты будзе той, хто топча Сына Божага і не ўважае за сьвятыню Кроў запавета, якою асьвечаны, і Духа мілаты абражае?

30 Мы ведаем Таго, Хто сказаў: «у Мяне адпомста, Я аддам, кажа Гасподзь». І яшчэ: «Гасподзь будзе судзіць народ Свой».

31 Страшна трапіць у рукі Бога жывога!

32 Успомніце ранейшыя дні вашыя, калі вы, дасьведчаныя, вытрымалі вялікі подзьвіг пакутаў,

33 то самі сярод глумленьня і зьдзекаў, служачы відовішчам іншым, то будучы супольнікамі тых, што гэта зазналі;

34 бо вы і маім кайданам спагадалі, і рабунак маёмасьці вашай прымалі з радасьцю, ведаючы, што ёсьць у вас на нябёсах маёмасьць лепшая і непрамінушчая.

35 Дык не пакідайце спадзяваньня вашага, якое мѓе атрымаць вялікую аддзяку.

36 Цярплівасьць патрэбна вам, каб, выканаўшы волю Божую, атрымаць абяцанае;

37 «яшчэ крыху, зусім крыху, і Той, Хто мае прыйсьці, прыйдзе і не забавіцца.

38 Праведны вераю жыць будзе; а калі хто завагаецца, ня хінецца да таго душа Мая».

39 А мы ня з тых, што вагаюцца на пагібель, а стаім у веры на ратунак душы.

 

Разьдзел 11

 

1 А вера ёсьць зьдзяйсьненьне чаканага і ўпэўненасьць у нябачным.

2 У ёй засьведчаны продкі.

3 Вераю спазнаём, што вякі створаны словам Божым, так што зь нябачнага пайшло бачнае.

4 Вераю Авель прынёс Богу ахвяру лепшую, ніж Каін; ён атрымаў сьведчаньне, што ён праведны, як засьведчыў Бог пра дары ягоныя; ёю ён і пасьля сьмерці гаворыць яшчэ.

5 Вераю Энох пераселены быў так, што ня бачыў сьмерці; і ня стала яго, таму што Бог перасяліў яго. Бо раней перасяленьня свайго атрымаў ён сьведчаньне, што дагадзіў Богу.

6 А бязь веры дагадзіць Богу немагчыма; бо трэба, каб той, хто прыходзіць да Бога, верыў, што Ён ёсьць, і шукальнікам Яго дасьць.

7 Вераю Ной, атрымаўшы абвешчаньне пра тое, што яшчэ ня было бачна, богабаязна збудаваў каўчэг на выратаваньне дому свайго; ёю асудзіў ён (увесь) сьвет і зрабіўся спадкаемцам праведнасьці па веры.

8 Вераю Абрагам паслухаўся наказу ісьці ў краіну, якую меўся атрымаць у спадчыну, і пайшоў, ня ведаючы, куды ідзе.

9 Вераю жыў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, і жыў у намётах зь Ісаакам і Якавам, супольнымі спадкаемцамі таго самага абяцаньня;

10 бо ён чакаў горада, які мае аснову, дойлід і будаўнік якога Бог.

11 Вераю і сама Сарра (будучы бясплодная) атрымала сілу на прыняцьце семені і не па часе ўзросту нарадзіла; бо ведала, што верны Той, Хто абяцаў.

12 І таму ад таго, і прытым амярцьвелага, паўстала так многа, як многа зорак на небе і як безьліч пяску на беразе марскім.

13 Усе гэтыя памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцаньняў, а толькі здалёк глядзелі, і радаваліся, і казалі пра сябе, што яны вандроўнікі і прыхадні на зямлі;

14 бо тыя, якія так кажуць, паказваюць, што яны шукаюць бацькаўшчыны.

15 І калі б яны мелі наўме тую бацькаўшчыну, зь якое выйшлі, дык мелі б час вярнуцца;

16 але яны імкнуліся да лепшага, гэта значыцца, да нябеснага; таму і Бог не саромеецца іх, называючы Сябе іхнім Богам: бо Ён падрыхтаваў ім горад.

17 Вераю Абрагам, будучы спакушѓны, прынёс у ахвяру Ісаака і, маючы абяцаньне, прынёс адзінароднага,

18 пра якога было сказана: «у Ісааку табе семя»;

19 бо ён думаў, што Бог моцны і зь мёртвых уваскрэсіць, таму і атрымае яго са сьмерці.

20 Вераю ў будучыню Ісаак дабраславіў Якава і Ісава.

21 Вераю Якаў, паміраючы, дабраславіў кожнага сына Язэпавага і пакланіўся, абапершыся на жазло сваё.

22 Вераю Язэп пры сконе нагадаў пра выхад сыноў Ізраілевых, наказаў пра косьці свае.

23 Вераю Майсей пасьля нараджэньня тры месяцы хаваны быў бацькамі сваімі; бо бачылі яны, што дзіця цудоўнае, і не спалохаліся царскага загаду.

24 Вераю Майсей, у сталым веку, адмовіўся называцца сынам дачкі фараонавай,

25 і лепей захацеў пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую, грахоўную асалоду,

26 і зьневажаньне Хрыстовае палічыў большым сабе багацьцем, чым Егіпецкія скарбы; бо ён глядзеў на аддзяку.

27 Вераю пакінуў ён Егіпет, не пабаяўшыся гневу царскага; бо ён, як бы бачачы Нябеснага, быў цьвёрды.

28 Вераю справіў ён пасху і праліцьцё крыві, каб вынішчальнік першынцаў не крануў іх.

29 Вераю перайшлі яны Чэрмнае мора, як па сушы, - на што рызыкнуўшы, Егіпцяне патанулі.

30 Вераю ўпалі сьцены Ерыхонскія пасьля сямідзённай аблогі.

31 Вераю Рааў-распусьніца, мірна прыняўшы выведнікаў (і правёўшы іх іншай дарогаю), не загінула зь нявернымі.

32 І што яшчэ скажу? Ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, пра Варака, пра Самсона і Яфая, пра Давіда, Самуіла і (іншых) прарокаў,

33 якія вераю перамагалі царствы, тварылі праўду, атрымлівалі абяцаньні, замыкалі пашчы львам,

34 тушылі сілу вагню, пазьбягалі вострага меча, мацаваліся ад немачы, былі моцныя на вайне, праганялі кагорты чужынцаў;

35 жонкі атрымлівалі нябожчыкаў сваіх уваскрэслымі; а іншыя замучаны былі, ня прыняўшы вызваленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрэсеньне;

36 іншыя перанесьлі зьдзекі і пабоі, а таксама кайданы і цямніцу.

37 Былі пабіваныя камянямі, пілаваныя, катаваныя, паміралі ад меча, блукалі ў авечых і казіных скурах, цярпелі нястачы, уціскі, азлабленьне;

38 тыя, каго ўвесь сьвет ня быў варты, блукалі па пустынях і горах, па пячорах і цясьнінах зямных.

39 І ўсе гэтыя, засьведчаныя ў веры, не атрымалі абяцанага,

40 таму што Бог прадугледзеў нам нешта лепшае, каб яны не бяз нас дасягнулі дасканаласьці.

 

Разьдзел 12

 

1 Таму і мы, маючы вакол сябе такую хмару сьведкаў, скінем зь сябе ўсякі цяжар і грэх, які аблытвае нас, і цярпліва будзем праходзіць праз поле змаганьня, якое ляжыць перад намі,

2 гледзячы на Пачынальніка і Спраўцу веры, Ісуса, Які, дзеля радасьці, што была перад Ім, прыняў крыж, пагардзіўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага.

3 Падумайце пра Таго, Хто перацерпеў такі над Сабою глум ад грэшнікаў, каб вам не зьнемагчы і не паслабіцца душамі вашымі.

4 Вы яшчэ не да крыві змагаліся, адольваючы грэх,

5 і забылі суцяшэньне, якое прапануецца вам, як сынам: «Сыне мой! не пагрэбуй караю Гасподняй і не маркоціся, калі Ён выкрывае цябе.

6 Бо Гасподзь, каго любіць, таго і карае; а б'е кожнага сына, якога прымае».

7 Калі вы прымаеце кару, дык Бог учыняе з вамі, як з сынамі. Бо ці ёсьць які сын, якога б не караў бацька.

8 Калі ж застаяцеся без пакараньня, якое ўсім агульнае, дык вы - няпраўныя дзеці, а ня сыны.

9 Прытым, калі мы, караныя цялеснымі бацькамі нашымі, баяліся іх, дык ці ж не намнога больш павінны скарыцца Айцу духаў, каб жыць?

10 Тыя каралі нас самохаць на некалькі дзён; а Гэты - дзеля карысьці, каб мы мелі супольнасьць у сьвятасьці Ягонай.

11 Усякае пакараньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, а журбою; але пасьля навучаным празь яе дае мірны плод праведнасьці.

12 Таму «ўмацуйце зьняможаныя рукі й калені»

13 і «хадзеце проста нагамі вашымі, каб кульгавае ня збочыла, а лепшае выправілася».

14 Старайцеся мець мір з усімі і сьвятасьць, безь якое ніхто не пабачыць Госпада.

15 Сачэце, каб хто ня страціў мілаты Божае; каб які «горкі корань, калі вырасьце, не нарабіў шкоды», і каб ім не апаганіліся многія»;

16 каб ня было паміж вамі якога распусьніка, альбо бязбожніка, які, нібы Ісаў, за адну ежу адмовіўся ад свайго першародства.

17 Бо вы ведаеце, што пасьля таго ён, хочучы ўспадкаваць дабраславеньне, быў адкінуты; ня мог перамяніць думак бацькі, хоць і прасіў за тое сьлёзна.

18 Вы падступіліся не да гары, да якой можна дакрануцца, і ўспалымнёнай вагнём, не да цемры і змроку і буры,

19 не да трубнага гуку і голасу словаў, пры якім слухачы прасілі, каб ніякіх словаў ім больш не казалі,

20 бо яны не маглі вытрываць таго, што запавядалася: «калі і зьвер дакранецца да гары, будзе пабіты камянямі, (альбо пацэлены стралою);

21 і такое вусьцішнае было гэта зьявішча, што і Майсей сказаў: «я ў страху і ў трымценьні».

22 Але вы падступіліся да гары Сіёна і да горада Бога жывога, да нябеснага Ерусаліма і да процьмы анёлаў,

23 да пераможнага сабора і Царквы першынцаў, напісаных на нябёсах, і да Судзьдзі ўсіх Бога, і да духаў праведнікаў, якія дасягнулі дасканаласьці,

24 і да Заступніка новага запавета Ісуса, і да Крыві акрапленьня, якая гаворыць лепей, ніж Авелева.

25 Глядзеце, не адвярнецеся і вы ад прамоўцы. Калі тыя, ня слухаўшы прамоўцы на зямлі, не пазьбеглі кары, дык тым болей не пазьбегнем мы, калі адвернемся ад Прамоўцы зь нябёсаў;

26 чый голас тады пахіснуў зямлю, і Які цяпер даў такое абяцаньне: «яшчэ раз скалану ня толькі зямлю, але і неба».

27 Словы «яшчэ раз» азначаюць зьмену таго, што скаланаецца, як створанага, каб заставалася непахісным.

28 І вось мы, прымаючы Царства непахіснае, будзем захоўваць мілату, якою будзем служыць у спадабаньне Богу, з багавейнасьцю і страхам,

29 таму што Бог наш ёсьць «вагонь, які паядае».

 

Разьдзел 13

 

1 Браталюбства, між вамі няхай будзе.

2 Гасьціннасьці да вандроўнікаў не забывайце; бо празь яе некаторыя, ня ведаючы, гасьцінна прынялі анёлаў.

3 Памятайце вязьняў, як бы і вы зь імі былі ў кайданах, і пакутнікаў, бо і самі вы ў целе.

4 Шлюб ва ўсіх няхай будзе пачэсны і ложак беззаганны; а распусьнікаў і пералюбцаў судзіць Бог.

5 Майце нораў несрэбралюбны, задавольвайцеся тым, што ёсьць. Бо Сам сказаў: «не пакіну цябе і не адступлюся ад цябе»,

6 так што мы кажам адважна: «Гасподзь мне памочнік, і не збаюся: што зробіць мне чалавек?»

7 Спамінайце настаўнікаў вашых, якія дабравесьцілі вам слова Божае, і, гледзячы на канец іхняга жыцьця, пераймайце іхнюю веру.

8 Ісус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы.

9 Вучэньнямі рознымі і чужымі не захапляйцеся; бо добра мілатою мацаваць сэрцы, а ня прысмакамі, ад якіх не атрымалі карысьці тыя, што іх спажывалі.

10 Мы маем ахвярнік, зь якога ня маюць права карміцца слугі скініі.

11 Бо целы жывёлін, кроў зь якіх, на ачышчэньне грэху, уносіцца першасьвятаром у сьвяцілішча, спальваюцца за табарам, -

12 дык і Ісус, каб асьвяціць людзей Крывёю Сваёю, пацярпеў па-за брамаю.

13 Дык выйдзем жа да Яго за табар, нясучы Яго паганьбеньне;

14 бо ня маем тут сталага горада, а шукаем будучага.

15 Дык будзем жа празь Яго няспынна прыносіць Богу ахвяру хвалы, гэта значыцца, плод вуснаў, якія славяць імя Ягонае.

16 Не забывайце таксама дабрачыннасьці і шчырай супольнасьці, бо такія ахвяры падабаюцца Богу.

17 Слухайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорлівыя, бо яны нядрэмна рупяцца за вашыя душы, як абавязаныя даць адказ; каб яны рабілі гэта з радасьцю, а ня ўздыхаючы, бо гэта вам не карысна.

18 Малецеся за нас; бо мы ўпэўненыя, што маем добрае сумленьне, бо ва ўсім хочам паводзіцца сумленна.

19 Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй вернуты быў вам.

20 А Бог згоды, Які ўзьнёс зь мёртвых Пастыра авечак вялікага Крывёю запавета вечнага, Госпада нашага Ісуса (Хрыста),

21 хай удасканаліць вас у кожнай добрай дзеі, на выкананьне волі Ягонай, творачы ў вас заўгоднае Яму, празь Ісуса Хрыста. Яму слава на векі вечныя! Амін.

22 Прашу вас, браты, прымеце гэтае слова ўмаўленьня; я ж няшмат і напісаў вам.

23 Ведайце, што брат наш Цімафей вызвалены, і я разам зь ім, калі ён неўзабаве прыйдзе, пабачу вас.

24 Вітайце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас Італійскія.

25 Мілата з усімі вамі. Амін.

 

Адкрыцьцё (Апакаліпсіс) Сьвятога Апостала Яна Багаслова

 

Разьдзел 1

 

1 Адкрыцьцё Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаць рабам Сваім, што мае быць неўзабаве. І Ён паказаў, паслаўшы яго праз Свайго анёла рабу Свайму Яну,

2 які сьведчыў пра слова Божае і сьведчаньне Ісуса Хрыста, і што сам бачыў.

3 Дабрашчасны, хто чытае і слухае словы прароцтва гэтага і выконвае напісанае ў ім; бо час блізкі.

4 Ян сямі цэрквам, якія ў Азіі: мілата вам і мір ад Таго, Які ёсьць, і быў, і прыйдзе, і ад сямі духаў, што перад тронам Ягоным,

5 і ад Ісуса Хрыста, Які ёсьць сьведка верны, Першынец зь мёртвых і ‹ладар цароў зямных; Яму, Хто палюбіў нас і адмыў нас ад грахоў нашых Крывёю Сваёю,

6 і зрабіў нас царамі і сьвятарамі Богу і Айцу Свайму, слава і ўлада на векі вечныя, амін.

7 «Вось, ідзе з хмарамі; і ўгледзіць яго кожнае вока, і тыя, што «пракалолі Яго»; і заплачуць перад Ім усе плямёны зямныя». Так, амін.

8 Я ёсьць Альфа і Амэга, пачатак і канец, кажа Гасподзь, Які ёсьць, і быў, і прыйдзе, Усеўладны.

9 Я Ян, брат ваш і супольнік у скрусе і ў валадарстве і ў цярпеньнях Ісуса Хрыста, быў на востраве, які называецца Патмос, за слова Божае і за сьведчаньне Ісуса Хрыста.

10 Я быў у духу ў дзень нядзельны і чуў за сабою гучны голас, быццам трубны, які казаў: «Я ёсьць Альфа і Амэга, першы і апошні»;

11 тое, што бачыш, напішы ў кнігу і пашлі цэрквам, якія ў Азіі: у Эфэс і ў Сьмірну, і ў Пергам і ў Фіятыру, і ў Сардыс, і ў Філядэльфію і ў Лаадыкію.

12 Я абярнуўся, каб убачыць, чый голас прамаўляў да мяне; і абярнуўшыся, убачыў сем залатых сьветачаў

13 і, пасярод сямі сьветачаў, падобнага на Сына Чалавечага, ахінутага ў падыр* і на грудзях аперазанага залатым пасам:

14 галава ў Яго і валасы белыя, як белая воўна, як сьнег; і вочы ў Яго - як полымя вогненнае;

15 і ногі ў Яго падобныя да халкалівану, як распаленыя ў печы; і голас у Яго - як шум водаў вялікіх.

16 Ён трымаў у правіцы Сваёй сем зорак, і з вуснаў ягоных выходзіў востры з двух бакоў меч; і аблічча ў Яго - нібы сонца, што зьзяе ў сіле сваёй.

17 І калі я ўбачыў Яго, дык ўпаў да ног Ягоных, нібы мёртвы. І Ён усклаў на мяне правіцу Сваю і сказаў мне: ня бойся; Я ёсьць першы і апошні

18 і жывы; і быў мёртвы, і вось, жывы на векі вечныя, амін; і маю ключы пекла і сьмерці.

19 Дык вось, напішы, што ты бачыў, і што ёсьць, і што будзе пасьля гэтага.

20 Таямніца сямі зорак, якія ты бачыў у правіцы Маёй, і сямі залатых сьветачаў: сем зорак - анёлы сямі цэркваў; а сем сьветачаў, якія ты бачыў, - сем цэркваў.

 

 

* Доўгая вопратка юдэйскіх сьвятароў і цароў

Разьдзел 2

 

1 Анёлу Эфэскай царквы напішы: так кажа Той, Хто трымае сем зорак у правіцы Сваёй, Хто ходзіць сярод сямі залатых сьветачаў:

2 «ведаю дзеі твае і працу тваю, і цярплівасьць тваю, і тое, што ты ня можаш трываць распусных, і выпрабаваў тых, якія называюць сябе апосталамі, а яны не такія, і выявіў, што яны хлусы;

3 ты шмат перажываў і маеш цярплівасьць, і на імя Маё працаваў і не зьнемагаў.

4 Але маю супроць цябе тое, што ты занядбаў першую любоў тваю.

5 Дык узгадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся, і рабі ранейшыя ўчынкі; а калі ня так, дык неўзабаве прыйду да цябе і зрушу сьветач твой зь месца ягонага, як не пакаешся.

6 Аднак тое ў табе добрае, што ненавідзіш ты дзеі Мікалаітаў, якія і Я ненавіджу.

7 Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: хто перамагае, таму дам паспытаць ад дрэва жыцьця, што сярод раю Божага».

8 І анёлу Сьмірненскай царквы напішы: «Так кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і вось, жывы:

9 ведаю твае дзеі, і скруху, і галечу, - але ж ты багаты, - і праклёны ад тых, якія кажуць пра сябе, што яны Юдэі; але яны не такія, а зборня сатанінская.

10 Ня бойся нічога, што табе выпадзе перацярпець. Вось, д'ябал будзе ўкідаць з асяродзьдзя вас у цямніцу, каб спакусіць вас, і будзеце мець скруху дзён дзесяць. Будзь верны да сьмерці, і дам табе вянок жыцьця.

11 Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам: пераможца не зазнае шкоды ад другое сьмерці».

12 І анёлу Пергамскай царквы напішы: «Так кажа Той, Хто мае востры з двух бакоў меч:

13 ведаючы твае дзеі, і што ты жывеш там, дзе трон сатаны, і што трымаеш імя Маё, і ня зрокся веры Мае нават у тыя дні, калі ў вас, дзе жыве сатана, забіты верны сьведка Мой Анціпа.

14 Але маю крыху супроць цябе, бо ёсьць у цябе там такія, што трымаюцца вучэньня Валаама, які навучыў Валака ўвесьці ў спакусу сыноў Ізраілевых, каб яны елі ідалаахвярнае і любаблуднічалі.

15 Так і ў цябе ёсьць прыхільнікі вучэньня Мікалаітаў, якое Я ненавіджу.

16 Пакайся; а калі ня так, неўзабаве прыйду да цябе і ўступлю зь імі ў бой мечам вуснаў Маіх.

17 Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам: пераможцу дам спажываць патаемную манну, і дам яму белы камень і на камені напісанае новае імя, якога ніхто ня ведае, акрамя таго, хто атрымлівае».

18 І анёлу Фіятырскай царквы напішы: «Так кажа Сын Божы, у Якога вочы - як полымя вогненнае, і ногі падобныя да халкалівану:

19 ведаю твае дзеі, і любоў, і служэньне, і веру, і цяпрлівасьць тваю, і тое, што апошнія дзеі твае большыя за першыя.

20 Але маю крыху супроць цябе, бо ты патураеш жонцы Езавэлі, якая сябе называе прарочыцай, навучаць і зводзіць у зман рабоў Маіх, любаблуднічаць і есьці ідалаахвярнае.

21 Я даў ёй часу пакаяцца ў распусьце яе, але яна не пакаялася.

22 Вось, Я кідаю яе на ложак і тых, што ў распусьце зь ёю, у вялікую скруху, калі не пакаюцца ў дзеях сваіх.

23 І дзяцей яе аддам сьмерці, і зразумеюць усе цэрквы, што Я Той, Хто выпрабоўвае сэрцы і вантробы; і аддам кожнаму з вас паводле ўчынкаў вашых.

24 А вам і астатнім, хто ў Фіятыры, якія ня трымаюцца гэтага вучэньня і якія ня ведаюць так званых глыбіняў сатанінскіх, кажу, што не ўскладу на вас іншага цяжару;

25 толькі тое, што маеце, трымайце, пакуль прыйду.

26 Хто перамагае і захоўвае дзеі Мае да канца, таму дам уладу над язычнікамі,

27 і будзе пасьвіць іх жазлом жалезным; і, як посуд гліняны, яны скрышацца, як і Я атрымаў уладу ад Айца Майго;

28 і дам яму зорку золкавую.

29 Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам».

 

Разьдзел 3

 

1 І анёлу Сардыскай царквы напішы: «Так кажа Той, Хто мае сем духаў Божых і сем зорак: ведаю твае дзеі; ты носіш імя, быццам жывы, але ты мёртвы.

2 Чувай і ўмацоўвай астатняе блізкае да сьмерці; бо я не знаходжу, каб дзеі твае былі дасканалыя прад Богам Маім.

3 Узгадай, што ты прыняў і чуў, і зьберагай і пакайся. Калі ж ня будзеш чуваць, дык Я найду на цябе, як злодзей, і ты ня ўведаеш, а каторай гадзіне найду на цябе.

4 Але ў цябе ў Сардысе ёсьць некалькі чалавек, якія не апаганілі вопраткі сваёй і будуць хадзіць са Мною ў белым, бо яны годныя.

5 Пераможца апранецца ў белае адзеньне; і ня выкрасьлю імя ягонага з кнігі жыцьця, і вызнаю імя ягонае прад Айцом Маім і прад анёламі Ягонымі.

6 Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам».

7 І анёлу Філядэльфійскай царквы напішы: «Так кажа Сьвяты, Праведны, Які мае ключ Давідаў, Які адмыкае - і ніхто не замкне, замыкае - і ніхто не адчыніць:

8 ведаю твае дзеі; вось, я адамкнуў перад табою дзьверы, і ніхто ня можа зачыніць іх; ты няшмат маеш сілы, і захаваў слова Маё, і ня выракся імя Майго.

9 Вось, Я зраблю, што з сатанінскае зборні, з тых, якія кажуць пра сябе, што яны Юдэі, але самі не такія, а хлусяць, - вось, Я зраблю тое, што яны прыйдуць і паклоняцца перад нагамі тваімі, і ўведаюць, што Я палюбіў цябе.

10 І як ты захаваў слова цярплівасьці Маёй, дык і Я захаваю цябе ад гадзіны спакушэньня, якая прыйдзе на ўвесь сьвет, каб выпрабаваць жыхароў зямлі.

11 Вось, я прыйду неўзабаве; трымай, што маеш, каб хто не ўхапіў вянка твайго.

12 Пераможцу зраблю стаўпом у храме Бога Майго, і ён ужо ня выйдзе вонкі; і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерусаліма, які сыходзіць зь неба ад Бога Майго, і імя Маё новае.

13 Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам».

14 І анёлу Лаадыкійскай царквы напішы: «Так кажа Амін, сьведка верны і сапраўдны, пачатак тварэньня Божага:

15 ведаю твае дзеі; ты ні халодны, ні гарачы; о, калі б ты быў халодны альбо гарачы!

16 Але як што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, дык выкіну цябе з вуснаў Маіх.

17 Бо ты кажаш: я багаты, разбагацеў і ні ў чым ня маю патрэбы; а ня ведаеш, што ты няшчасны і жалю варты, і ўбогі і сьляпы і голы.

18 Раю табе купіць у Мяне золата, вагнём ачышчанае, каб табе разбагацець, і белую вопратку, каб апрануцца і каб ня відзён быў сорам галізны тваёй, і масьцю памаж вочы твае, каб бачыць.

19 Каго Я люблю, тых выкрываю і караю. Дык вось будзь руплівы і пакайся.

20 Вось, стаю каля дзьвярэй і стукаюся; калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзьверы, увайду да яго і буду вячэраць зь ім, і ён са Мною.

21 Пераможцу дам сесьці са Мною на троне Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на троне Ягоным.

22 Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам.

 

Разьдзел 4

 

1 Пасьля гэтага я глянуў, і вось, дзьверы адчыненыя ў небе, і ранейшы голас, які я чуў як бы гук трубы, што гаварыў са мною, сказаў: узыдзі сюды, і пакажу табе, што мае быць пасьля гэтага.

2 І адразу я быў у духу; і вось, трон стаяў на небе, а на троне Нехта сядзеў.

3 І Гэты, Які сядзеў, з выгляду быў падобны да каменя ясьпісу і сардысу; і вясёлка вакол трона, з выгляду падобная да смарагду.

4 І навокал трона дваццаць чатыры троны; а на тронах бачыў я - сядзелі дваццаць чатыры старцы, якія апранутыя былі ў белае адзеньне і мелі на галовах сваіх залатыя вянкі.

5 І з трона зыходзілі маланкі і грымоты і галасы, і сем сьветачаў вогненных гарэлі перад тронам, якія ёсьць сем духаў Божых.

6 І перад тронам мора шкляное, падобнае да крышталю; і пасярод трона і навокал трона чатыры жывыя істоты, поўныя вачэй сьпераду і ззаду:

7 І першая жывая істота была падобная да льва, і другая жывая істота падобная да цяляці, і трэйцяя жывая істота мела аблічча, як у чалавека, і чацьвёртая жывая істота, падобная да арла лятучага.

8 І кожная з чатырох жывых істотаў мела па шэсьць крылаў абапал, а ўсярэдзіне яны поўныя вачэй; і ні ўдзень ані ўночы ня маюць спакою, заклікаючы: «Сьвяты, сьвяты, сьвяты Гасподзь Бог Усеўладны, Які быў, ёсьць і прыйдзе».

9 І калі жывыя істоты ўзносяць славу і гонар і падзяку Таму, Хто сядзіць на троне, Хто жыве ва векі вечныя,

10 тады дваццаць чатыры старцы падаюць перад Тым, Хто сядзіць на троне, і кланяюцца Таму, Хто жыве ва векі вечныя, і ўскладаюць вянкі свае перад тронам, кажучы:

11 Ты варты, Госпадзе, прыняць славу і гонар і сілу, бо Ты стварыў усё, і ўсё па Тваёй волі існуе і створана.

 

Разьдзел 5

 

1 І ўбачыў я ў правіцы ў Таго, Хто сядзіць на троне, кнігу, напісаную ўсярэдзіне і звонку, запячатаную на сем пячатак.

2 І ўбачыў я анёла магутнага, Які абвяшчаў гучным голасам: хто варты разгарнуць гэтую кнігу і зьняць пячаткі зь яе?

3 І ніхто ня мог, ні на небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю, разгарнуць гэтую кнігу, ні зірнуць у яе.

4 І я моцна плакаў па тым, што не знайшлося вартага разгарнуць і чытаць гэтую кнігу, і нават зірнуць у яе.

5 І адзін старац сказаў мне: ня плач, вось, леў з калена Юдавага, корань Давідаў, перамог і можа разгарнуць гэтую кнігу і зьняць сем пячатак яе.

6 І я глянуў, і вось, пасярод трона і чатырох жывых істотаў і сярод старцаў стаяла Ягня нібы заколатае, і мела сем рагоў і сем вачэй, якія ёсьць сем духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю.

7 І Ён прыйшоў і ўзяў кнігу з правіцы Таго, Хто сядзеў на троне.

8 І калі Ён узяў кнігу, тады чатыры жывыя істоты і дваццаць чатыры старцы ўпалі перад Ягнём, маючы кожны гусьлі і залатыя чары, поўныя фіміяму, якія ёсьць малітвы сьвятых;

9 і сьпяваюць новую песьню, кажучы: Ты варты ўзяць кнігу і зьняць зь яе пячаткі; бо Ты быў заколаты, і Крывёю Сваёю Ты адкупіў нас Богу з кожнага калена і роду, і народу і племені,

10 і зрабіў нас царамі і сьвятарамі Богу нашаму; і мы будзем валадарыць на зямлі!

11 І бачыў я, і чуў голас многіх анёлаў вакол трона і жывых істотаў, і старцаў, і лікам іх было процьма цьмы і тысячы тысячаў,

12 якія гаварылі гучным голасам: вартае Ягня заколатае прыняць сілу і багацьце, і мудрасьць і моц, і гонар і славу і дабраславеньне!

13 І кожнае стварэньне, якое ёсьць на небе і на зямлі, і пад зямлёю і на моры, і ўсё, што ў іх, чуў я, казала: Таму, Хто сядзіць на троне, і Ягняці дабраславеньне і гонар, і слава і сіла на векі вечныя!

14 І чатыры жывыя істоты казалі: амін! І дваццаць чатыры старцы пакланіліся Таму, Хто жыве ва векі вечныя.

 

Разьдзел 6

 

1 І я ўгледзеў, што Ягня зьняло першую зь сямі пячатак, і я пачуў адну з чатырох жывых істотаў, якая гаварыла як бы грамавым голасам: ідзі і глядзі!

2 Я зірнуў, і вось, конь белы, і на ім верхавец, які меў лук, і дадзены яму быў вянок, і выйшаў ён як пераможны, і каб перамагчы.

3 І калі Ён зьняў другую пячатку, я пачуў другую жывую істоту: ідзі і глядзі.

4 І выйшаў другі конь гняды; і таму, хто на ім сядзеў, дадзена было ўзяць мір зь зямлі, і каб забівалі адзін аднаго; і дадзены яму вялікі меч.

5 І калі Ён зьняў трэйцюю пячатку, я чуў трэйцюю жывую істоту, якая казала: ідзі і глядзі. Я зірнуў, і вось, конь вараны, і на ім верхавец, які меў вагі ў руцэ сваёй.

6 І чуў я голас з-пасярод чатырох жывых істотаў, які казаў: мера пшаніцы за дынар, і тры меры ячменю за дынар; а алею і віна не марнуй!

7 І калі Ён зьняў чацьвёртую пячатку, я чуў голас чацьвёртай жывой істоты, які казаў: ідзі і глядзі.

8 І я зірнуў, і вось, конь бледны, і на ім верхавец, якому імя сьмерць; і пекла ішло за ім сьледам, і дадзена яму ўлада над чвэрцю зямлі - забіваць мечам і голадам, і пошасьцю і зьвярамі зямнымі.

9 І калі Ён зьняў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам душы забітых за слова Божае і за сьведчаньне, якое мелі яны.

10 І залямантавалі яны моцным голасам, кажучы: дакуль, Уладыка сьвяты і праведны, ня судзіш і ня помсьціш жыхарам зямным за кроў нашу?

11 І дадзена было кожнаму зь іх адзеньне белае, і сказана ім, каб яны супакоіліся яшчэ на нядоўгі час, пакуль і саслужнікі іхнія і браты іхнія, якія будуць забітыя, як і яны, дапоўняць лік.

12 І калі Ён зьняў шостую пячатку, я зірнуў, і вось, сталася вялікае трасеньне зямлі, і сонца счарнела, як валасяніца, і месяц зрабіўся бы кроў,

13 і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як смакоўніца, патрасаная моцным ветрам скідае нясьпелыя смоквы свае.

14 І неба схавалася, зьвіўшыся як сувой; і кожная гара і выспа рушылі зь месцаў сваіх;

15 і цары зямныя і вяльможы, і багатыя і тысячнікі і моцныя, і кожны раб і кожны вольнік схаваліся ў пячоры і ў цясьніны гор,

16 і кажуць гарам і камяням: упадзеце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Хто сядзіць на троне, і ад гневу Гасподняга;

17 бо прыйшоў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто можа выстаяць?

 

Разьдзел 7

 

1 І пасьля гэтага бачыў я чатырох анёлаў, якія стаялі на чатырох кутах зямлі і трымалі чатыры вятры зямлі, каб ня веяў вецер ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва.

2 І бачыў я іншага анёла, што ўзыходзіў з усходу сонца і меў пячатку Бога жывога. І ўсклікнуў ён гучным голасам да чатырох анёлаў, якім дадзена шкодзіць зямлі і мору, кажучы:

3 не рабеце шкоды ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль не накладзём пячаткі на ілбы рабам Бога нашага.

4 І я чуў лік запячатаных: запячатаных было сто сорак чатыры тысячы з усіх каленаў сыноў Ізраілевых.

5 З калена Юды запячатана дванаццаць тысяч; з калена Рувімавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Гадавага запячатана дванаццаць тысяч;

6 з калена Асіравага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Нефалімавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Манасіінага запячатана дванаццаць тысяч;

7 з калена Сымонавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Левія запячатана дванаццаць тысяч; з калена Ісахаравага запячатана дванаццаць тысяч;

8 з калена Завулонавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Язэпавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Веньямінавага запячатана дванаццаць тысяч.

9 Пасьля гэтага зірнуў я, і вось, вялікае мноства людзей, якога ніхто ня мог палічыць, з усіх плямёнаў і каленаў, і народаў і родаў стаяла перад тронам і перад Ягнём у белым адзеньні і з пальмавымі галінкамі ў руках сваіх.

10 І ўсклікалі гучным голасам, кажучы: збавеньне Богу нашаму, Які сядзіць на троне, і Ягняці!

11 І ўсе анёлы стаялі вакол трона і старцаў і чатырох жывых істотаў, і ўпалі ніцма перад тронам, і пакланіліся Богу,

12 кажучы: амін! дабраславеньне і слава, і мудрасьць і падзяка, і гонар і сіла і моц Богу нашаму на векі вечныя! Амін.

13 І, пачаўшы прамову, адзін старац спытаўся ў мяне: гэтыя апранутыя ў белую адзежу, хто, і адкуль прыйшлі?

14 Я сказаў яму: ты ведаеш, уладару. І ён сказаў мне: гэта тыя, якія прыйшлі ад вялікае скрухі; яны абмылі вопратку сваю і адбялілі вопратку сваю Крывёю Ягняці.

15 За гэта яны цяпер перад тронам Бога і служаць Яму дзень і ноч у храме Ягоным, і Той, Хто сядзіць на троне, будзе жыць у іх.

16 Яны ня будуць ужо ні голаду ні смагі цярпець, і ня будзе паліць іх сонца, і ніякая сьпёка;

17 бо Ягня, Якое пасярод трона, будзе пасьвіць іх і вадзіць іх на жывыя крыніцы водаў, і вытра Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх!

 

Разьдзел 8

 

1 І калі Ён зьняў сёмую пячатку, моўча паўстала на небе як бы на паўгадзіны.

2 І ўгледзеў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам; і дадзена ім сем трубаў.

3 І прыйшоў іншы анёл і стаў перад ахвярнікам, трымаючы залатое кадзіла; і дадзена было яму багата фіміяму, каб ён з малітвамі ўсіх сьвятых усклаў яго на залаты ахвярнік перад тронам.

4 І ўзьнёсься дым фіміяму з малітвамі сьвятых ад рукі анёла перад Богам.

5 І ўзяў анёл кадзіла, і напоўніў яго жарам з ахвярніка, і кінуў на зямлю: і ўчыніліся галасы і грам§, і маланкі і землятрусы.

6 І сем анёлаў, што мелі сем трубаў, падрыхтаваліся трубіць.

7 Першы анёл затрубіў, і зрабіўся град і вагонь, зьмяшаныя з крывёю, і апалі на зямлю; і траціна ўсіх дрэваў згарэла, і ўся трава зялёная выгарала.

8 Другі анёл затрубіў, і як бы вялікая гара, вагнём распаленая, абвалілася ў мора; і траціна мора зрабілася крывёю,

9 і вымерла траціна жывога стварэньня ў моры, і траціна караблёў загінула.

10 Трэйці анёл затрубіў, і ўпала зь неба вялікая зорка, палаючы, нібы сьветач, і ўпала на траціну рэк і крыніцы водаў.

11 Імя гэтай зорцы палын; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі.

12 Чацьвёрты анёл затрубіў, і ўдар спасьціг траціну сонца і траціну месяца і траціну зорак, так што зацьмілася траціна іх, і траціна дня не сьвяціла больш - так, як і ночы.

13 І бачыў я і чуў аднаго анёла, які ляцеў пасярод неба і прамаўляў гучным голасам: гора, гора, гора жывым на зямлі ад астатніх трубных галасоў трох анёлаў, якія будуць трубіць!

 

Разьдзел 9

 

1 Пяты анёл затрубіў, і ўгледзеў я зорку, што ўпала зь неба на зямлю, і дадзены ёй ключ да калодзежа бездані:

2 яна адамкнула калодзеж бездані, і выйшаў дым з калодзежа, як дым зь вялікае печы; і зацьмілася сонца і паветра ад дыму з калодзежа.

3 І з дыму выйшла саранча на зямлю, і дадзена ёй была ўлада, якую маюць зямныя скарпіёны.

4 І сказана было ёй, каб ня чыніла шкоды траве зямной, і ніякай зеляніне і ніякаму дрэву, а толькі адным людзям, якія ня маюць Божай пячаткі на лобе сваім.

5 І дадзена ёй не забіваць іх, а толькі мучыць пяць месяцаў; і пакута ад яе падобная да пакуты ад скарпіёна, калі ўджаліць чалавека.

6 У тыя дні людзі будуць шукаць сьмерці, ды ня знойдуць яе; захочуць памерці, ды сьмерць уцячэ ад іх.

7 З выгляду саранча была падобная да коней, зрыхтаваных на вайну; і на галовах у яе як бы вянкі, падобныя на залатыя, а твары ў яе - як твары чалавечыя;

8 і валасы ў яе - як валасы ў жанчыны, а зубы ў яе былі, як у львоў;

9 на ёй былі панцыры, як бы панцыры жалезныя, а шум ад крылаў яе - як грукат ад калясьніц, калі безьліч коней бяжыць на вайну;

10 у яе былі хвасты, як у скарпіёнаў, і ў хвастах у яе былі джалы; а ўлада ў яе была - шкодзіць людзям пяць месяцаў.

11 Царом над сабою мела яна анёла бездані; імя яму па-Габрэйску «Аваддон», а па-Грэцку «Апальліён»*.

12 Адно гора прайшло; вось, ідуць за ім яшчэ два горы.

13 Шосты анёл затрубіў, і я пачуў адзін голас ад чатырох рагоў залатога ахвярніка, што стаяў прад Богам,

14 які (голас) казаў шостаму анёлу, што меў трубу: вызвалі чатырох анёлаў, зьвязаных каля вялікай ракі Эўфрат.

15 І вызвалены былі чатыры анёлы, падрыхтаваныя на дзень, і гадзіну, і месяц і год, каб умярцьвіць траціну людзей.

16 Лічба коннага войска была дзьве цьмы разоў па цьме; і я чуў лічбу яго.

17 Так бачыў я ў зьявішчы коней і на іх верхаўцоў, якія мелі на сабе панцыры вогненныя, гіяцынтавыя і серныя; галовы ў коней - як у ільвоў, і з храпы ў іх выходзіў вагонь, дым і серка.

18 Ад гэтых трох пошасьцяў, ад вагню, дыму і серкі, што выходзілі з храпы іхняе, памерла траціна людзей;

19 бо сіла коней была ў храпе ў іх і ў хвастах у іх; а хвасты ў іх былі падобныя да зьмеяў і мелі галовы, і імі яны чынілі шкоду.

20 А рэшта людзей, якія не памерлі ад гэтых пошасьцяў, не раскаяліся ў дзеях рук сваіх, так каб не пакланяцца дэманам і залатым, срэбраным, медным, каменным і драўняным ідалам, якія ня могуць ні бачыць, ні чуць, ні хадзіць;

21 і не пакаяліся яны ў забойствах сваіх, ні ў чарадзействах сваіх, ні ў распусьце сваёй, ні ў крадзяжах сваіх.

 

 

* Загубіцель

Разьдзел 10

 

1 І ўгледзеў я другога анёла моцнага, які сыходзіў зь неба, апрануты ў хмару; над галавою ў яго была вясёлка, і аблічча ў яго як сонца, і ногі ў яго як стаўбуры агнявыя,

2 у руцэ ў яго была кніжка разгорнутая. І паставіў ён правую нагу сваю на мора, а левую на зямлю,

3 і ўсклікнуў зычным голасам, як рыкае леў; і калі ён усклікнуў, тады сем грамоў прамовілі галасамі сваімі.

4 І калі сем грамоў прамовілі галасамі сваімі, я хацеў быў пісаць; але пачуў голас зь неба, які мне казаў: утоі, што сказалі сем грамоў, і ня пішы гэтага.

5 І анёл, якога я бачыў, як стаяў ён на моры і на зямлі, падняў руку сваю да неба

6 і прысягаў Тым, Які жыве ва векі вечныя, Які стварыў неба і ўсё, што на ім, зямлю і ўсё, што на ёй, і мора і ўсё, што ў ім, - што часу ўжо ня будзе;

7 але ў тыя дні, калі ўзьнясе голас сёмы анёл, калі ён затрубіць, спраўдзіцца тайна Божая, як Ён абвясьціў рабам Сваім прарокам.

8 І голас, які я чуў зь неба, зноў пачаў гаварыць са мною і сказаў: ідзі, вазьмі разгорнутую кніжку з рукі ў анёла, які стаіць на моры і на зямлі.

9 І я пайшоў да анёла і сказаў яму: дай мне кніжку. Ён сказаў мне: вазьмі і зьеж яе; яна будзе горкая ў чэраве тваім, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд.

10 І ўзяў я кніжку з рукі анёла і зьеў яе; і яна ў вуснах маіх была салодкая, як мёд; а калі зьеў яе, дык горка зрабілася ў чэраве маім.

11 І сказаў ён мне: табе трэба зноў прарочыць пра народы і плямёны і роды і цароў многіх.

 

Разьдзел 11

 

1 І дадзена мне трысьціна, падобная да жазла, і сказана: устань, абмерай храм Божы і ахвярнік, і тых, што пакланяюцца ў ім;

2 а зьнешні двор храма выключы і не абмярай яго, бо ён дадзены язычнікам: яны будуць таптаць сьвяты горад сорак два месяцы.

3 І дам двум сьведкам Маім, і яны будуць прарочыць тысячу дзьвесьце шасьцьдзясят дзён, апранутыя ў вярэту.

4 Гэта - дзьве масьліны і два сьветачы, што стаяць прад Богам зямлі.

5 І калі хто захоча іх скрыўдзіць, дык вагонь выйдзе з вуснаў іхніх і зжарэ ворагаў іхніх; калі хто захоча іх скрыўдзіць, той мусіць быць забіты.

6 Яны маюць уладу зачыніць неба, каб ня падаў дождж на зямлю ў дні прарочаньня іхняга, і маюць уладу над водамі - ператварыць іх у кроў і пабіваць зямлю рознымі пошасьцямі, калі толькі захочуць.

7 І калі закончаць яны сьведчаньне сваё, зьвер, які выходзіць зь бездані, павядзе бітву зь імі, і пераможа іх, і заб'е іх,

8 і трупы іхнія пакіне на вуліцы вялікага горада, які духоўна называецца Садома і Егіпет, дзе і Гасподзь наш укрыжаваны.

9 І многія з народаў і каленаў, і родаў і плямёнаў будуць глядзець на трупы іхнія тры дні з палавінаю і не дазволяць пакласьці трупы іхнія ў магілы.

10 І насельнікі зямныя будуць радавацца з гэтага і весяліцца, і пашлюць дарункі адно аднаму, бо два прарокі гэтыя мучылі насельнікаў зямлі.

11 Але праз тры дні з палавінаю ўвайшоў у іх дух жыцьця ад Бога, і яны абодва ўсталі на ногі свае; і вялікі страх агарнуў тых, што глядзелі на іх.

12 І пачулі яны зь неба гучны голас, які казаў ім: узыдзеце сюды. І яны ўзышлі на неба на хмары, і глядзелі на іх ворагі іхнія.

13 І ў тую самую хвіліну стаўся вялікі землятрус, і дзясятая частка горада зруйнавалася, і загінула пры землятрусе сем тысяч імёнаў чалавечых; а астатнія былі апанаваныя жудасьцю і ўзьнесьлі славу Богу Нябеснаму.

14 Другое гора прайшло; вось, ідзе неўзабаве трэйцяе гора.

15 І сёмы анёл затрубіў, і залуналі на небе гучныя галасы, якія казалі: царства сьвету зрабілася Царствам Госпада нашага і будзе валадарыць ва векі вечныя.

16 І дваццаць чатыры старцы, што сядзелі перад Госпадам на тронах сваіх, упалі ніцма і пакланіліся Богу,

17 кажучы: дзякуем Табе, Госпадзе Божа Ўсеўладны, Які ёсьць і быў і прыйдзеш, што Ты прыняў сілу Тваю вялікую і заваладарыў.

18 І раз'юшыліся язычнікі; і прыйшоў гнеў твой і час судзіць мёртвых і даць адплату рабам Тваім, прарокам і сьвятым і тым, што баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і пагубіць тых, што губілі зямлю.

19 І расчыніўся храм Божы на небе, і зьявіўся каўчэг запавету Ягонага ў храме Ягоным; і ўчыніліся маланкі і галасы, і грымоты і землятрусы і вялікі град.

 

Разьдзел 12

 

1 І зьявілася на небе вялікая азнака - жанчына, адзетая ў сонца; пад нагамі ў яе месяц, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак.

2 Яна мела ва ўлоньні і крычала ад болю і родавых пакутаў.

3 І другая азнака зьявілася на небе: вось, вялікі чырвоны цмок зь сямю галовамі і дзесяцьцю рагамі, і на галовах у яго сем дыядэм;

4 хвост ягоны звалок зь неба траціну зорак і кінуў іх на зямлю. Цмок гэты стаў перад жанчынаю, якая мелася радзіць, каб, калі яна народзіць, зжэрці яе дзіця.

5 І нарадзіла яна дзіця мужчынскага полу, якому належыць пасьвіць усе народы жазлом жалезным; і ўзята было дзіця да Бога і да трона Ягонага.

6 А жанчына ўцякла ў пустыню, дзе прыгатавана было ёй месца ад Бога, каб кармілі яе там тысячу дзьвесьце шасьцьдзясят дзён.

7 І адбылася на небе вайна: Міхаіл і анёлы ягоныя ваявалі супроць цмока, і цмок і анёлы ягоныя ваявалі супроць іх,

8 але ня ўстоялі, і не знайшлося ўжо ім месца на небе.

9 І скінуты быў вялікі цмок, старавечны зьмей, называны д'яблам і сатаною, змусьціцель усяго сьвету, скінуты на зямлю, і анёлы ягоныя скінуты зь ім.

10 І пачуў я гучны голас, які гаварыў на небе: цяпер настала збавеньне і сіла і царства Бога нашага і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты паклёпнік братоў нашых, які паклёпнічаў на іх перад Богам нашым дзень і ноч;

11 яны перамаглі яго крывёю Ягняці і словам сьведчаньня свайго і не палюбілі душаў сваіх нават да сьмерці.

12 Дык вось, весялецеся, нябёсы і насельнікі іх! Гора тым, што жывуць на зямлі і ў моры, бо да вас сышоў д'ябал у вялікай лютасьці, ведаючы, што ня многа яму застаецца часу!

13 А калі цмок убачыў, што скінуты на зямлю, пачаў прасьледаваць жанчыну, якая нарадзіла дзіця мужчынскага полу.

14 І дадзены былі жанчыне два крылы вялікага арла, каб яна ляцела ў пустыню ў месца сваё ад аблічча зьмея і там кармілася час, часы і паўчасу.

15 І пусьціў зьмей з пашчы сваёй усьлед жанчыне ваду як раку, каб паглынуць яе ракою.

16 Але зямля памагла жанчыне, і адкрыла зямля вусны свае і паглынула раку, якую пусьціў цмок з пашчы сваёй.

17 І раз'яюшыўся цмок на жанчыну і пайшоў, каб уступіць у бойку з астатнімі ад насеньня яе, якія захоўваюць запаведзі Божыя і маюць сьведчаньне Ісуса Хрыста.

(18)

 

Разьдзел 13

 

1 І стаў я на пяску марскім і ўбачыў зьвера, які выходзіў з мора, зь сямю галовамі і дзесяцьцю рагамі: на рагах у яго было дзесяць дыядэмаў, а на галовах ягоных назовы богазьняважлівыя.

2 Зьвер, якога я бачыў, быў падобны да барса; ногі ў яго - як у мядзьведзя, а пашча ў яго - як пашча ў ільва; і даў яму цмок сілу сваю і трон свой і вялікую ўладу.

3 І бачыў я, што адна галава ў яго як бы сьмяротна была параненая, але гэтая сьмяротная рана загоілася. І дзівавала ўся зямля, сочачы за зьверам; і пакланіліся цмоку, які даў зьверу ўладу,

4 і пакланіліся зьверу, кажучы: хто падобны да зьвера гэтага і хто можа зваяваць яго?

5 І дадзены былі яму вусны, якія маўлялі ганарыста і богазьняважліва і дадзена яму ўлада дзейнічаць сорак два месяцы.

6 І разьзявіў ён вусны свае для кляцьбы на Бога, каб клясьці імя Ягонае і жытлішча Ягонае і небажыхароў.

7 І дадзена яму было весьці вайну са сьвятымі і перамагчы іх; і дадзена яму была ўлада над усякім каленам і народам, і родам і племенем.

8 І паклоняцца яму ўсе, хто жыве на зямлі, чые імёны не напісаны ў кнізе жыцьця ў Ягняці, заколатага ад стварэньня сьвету.

9 Хто мае вуха, хай чуе:

10 хто вядзе ў палон, той сам пойдзе ў палон; хто мечам забівае, той сам будзе забіты мечам. Тут цярплівасьць і вера сьвятых.

11 І ўбачыў я другога зьвера, які выходзіў зь зямлі: ён меў два рагі, падобныя да Ягнячых, і гаварыў, як цмок.

12 Ён дзейнічае перад ім з усёй уладай першага зьвера і прымушае ўсю зямлю і насельнікаў яе пакланяцца першаму зьверу, у якога сьмяротная рана загоілася;

13 і творыць вялікія азнакі, так што і вагонь зводзіць зь неба на зямлю перад людзьмі.

14 І дзівосамі, якія дадзена было яму тварыць перад зьверам, ён наводзіць змусту на насельнікаў зямлі, кажучы насельнікам зямлі, каб яны зрабілі вобраз зьвера, які мае рану ад меча і жывы.

15 І дадзена было яму ўкласьці дух у вобраз зьвера, каб вобраз зьвера і гаварыў і рабіў так, каб забіты быў кожны, хто ня будзе кланяцца вобразу зьвера.

16 І ён зробіць тое, што ўсім - малым і вялікім, багатым і ўбогім, вольнікам і рабам - пакладзена будзе кляймо на правую руку іхнюю альбо на лоб іхні,

17 і што нікому нельга будзе ні купляць, ні прадаваць, акрамя таго, хто мае гэтае кляймо, альбо імя зьвера, альбо лічбу імя ягонага.

18 Тут мудрасьць. Хто мае розум, той хай палічыць лічбу зьвера, бо гэтая лічба чалавечая; лічба ягоная шасьцьсот шасьцьдзясят шэсьць.

 

Разьдзел 14

 

1 І глянуў я, і вось, Ягня стаіць на гары Сыёне, і зь Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Айца Ягонага напісана на лобе.

2 І пачуў я голас зь неба, як шум ад мноства водаў і як гук вялікага грому; і пачуў голас быццам гусьляроў, што ігралі на гусьлях сваіх:

3 яны сьпяваюць быццам новую песьню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старцамі; і ніхто ня мог навучыцца гэтай песьні, акрамя гэтых ста сарака чатырох тысяч, адкупленых у зямлі.

4 Гэта тыя, якія не апаганіліся з жанчынамі, бо яны цнотнікі; гэта тыя, якія ідуць сьледам за Ягнём, куды б яно ні пайшло. Яны адкуплены зь людзей, як першынцы Богу і Ягняці,

5 і ў вуснах іхніх няма падступнасьці: яны беспахібныя перад тронам Божым.

6 І ўбачыў я другога анёла, які ляцеў пасярэдзіне неба, які меў вечнае Дабравесьце, каб зьвеставаць насельнікам зямлі і кожнаму племені і пакаленьню, і роду і народу;

7 і гаварыў ён гучным голасам: пабойцеся Бога і ўзьнясеце Яму славу, бо настала гадзіна суду Ягонаму; і пакланецеся Стваральніку неба і зямлі, і мора і крыніц водаў.

8 І другі анёл сьледаваў за ім, кажучы: упаў Вавілон, горад вялікі, бо ён шалёным віном распусты свае напаіў усе народы.

9 І трэйці анёл пасьледаваў за імі, кажучы гучным голасам: хто пакланяецца зьверу і вобразу ягонаму і прымае кляймо на лоб свой альбо на руку сваю,

10 той піцьме віно лютасьці Божай, віно цэльнае, прыгатаванае ў чары гневу Ягонага, і будзе мучаны ў вагні і серцы перад сьвятымі анёламі і перад Ягнём;

11 і дым цярпеньняў іхніх будзе ўзыходзіць ва векі вечныя, і ня мецьмуць спакою ні ўдзень, ні ўначы тыя, што пакланяюцца зьверу і вобразу ягонаму і прымаюць кляймо імя ягонага.

12 Тут цярплівасьць сьвятых, якія захоўваюць запаведзі Божыя і веру ў Ісуса.

13 І пачуў я голас зь неба, які мне казаў: напішы: ад сёньня дабрашчасьнікі - мёртвыя, якія паміраюць у Госпадзе; так, кажа Дух: яны супакояцца ад працы сваёй, і дзеі іхнія ідуць сьледам за імі.

14 І глянуў я, і вось сьветлае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага; на галаве ў Яго залаты вянок, і ў руцэ ў яго востры серп.

15 І выйшаў другі анёл з храма і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: пусьці серп твой і пажні; бо прыйшоў час жніва; бо жніво на зямлі дасьпела.

16 Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў серп свой на зямлю, і зямля была выжата.

17 І другі анёл выйшаў з храма, які быў на небе, таксама з вострым сярпом.

18 І іншы анёл, які меў уладу над вагнём, выйшаў ад ахвярніка і зь вялікім крыкам усклікнуў да таго, хто меў востры серп: пашлі востры серп твой і абрэж гронкі вінаграду на зямлі, бо дасьпелі на ім ягады.

19 І кінуў анёл серп свой на зямлю, і абрэзаў вінаград на зямлі, і кінуў у вялікую чавільню гневу Божага.

20 І патаптаны ягады ў чавільні за горадам, і пацякла кроў з чавільні аж да вуздэчак конскіх, на тысячу шасьцьсот стадыяў.

 

Разьдзел 15

 

1 І ўбачыў я іншую азнаку на небе, вялікую і дзівосную - сем анёлаў, якія мелі сем апошніх пошасьцяў, якімі завяршаўся гнеў Божы.

2 І бачыў я нібыта шкляное мора, зьмяшанае з вагнём; і тыя, што перамаглі зьвера і вобраз ягоны, і кляймо ягонае і лічбу імя ягонага, стаяць на гэтым шкляным моры, трымаючы гусьлі Божыя,

3 і сьпяваюць песьню Майсея, раба Божага, і песьню Ягняці, кажучы: вялікія і дзівосныя дзеі Твае, Госпадзе, Божа ‹семагутны! праведныя і праўдзівыя шляхі Твае, Цару сьвятых!

4 Хто не ўбаіцца Цябе, Госпадзе, і не праславіць імя Твайго? Бо Ты адзін сьвяты. Усе народы прыйдуць і схіляцца прад Табою, бо адкрыліся суды Твае.

5 І пасьля гэтага я глянуў, і вось, адчыніўся храм скініі сьведчаньня ў небе,

6 і выйшлі з храма сем анёлаў, і мелі яны сем пошасьцяў, адзетыя ў чыстыя і сьветлыя ільняныя шаты і аперазаныя па грудзях залатымі паясамі.

7 І адна з чатырох жывых істотаў дала сямі анёлам сем залатых чараў, напоўненых гневам Бога, Які жыве ва векі вечныя.

8 І напоўніўся храм дымам ад славы Божае і ад сілы Ягонай, і ніхто ня мог увайсьці ў храм, пакуль не закончыліся сем пошасьцяў сямі анёлаў.

 

Разьдзел 16

 

1 І пачуў я з храма гучны голас, які казаў сямі анёлам: ідзеце і выліце сем чараў гневу Божага на зямлю.

2 Пайшоў першы анёл і выліў чару на зямлю: і зрабіліся шкодныя і агідныя раны на людзях, якія мелі кляймо зьвера і пакланяліся вобразу ягонаму.

3 Другі анёл выліў чару сваю ў мора: і зрабілася кроў, быццам зь мерцьвяка, і ўсё жывое сканала ў моры.

4 Трэйці анёл выліў чару сваю ў рэкі і крыніцы водаў: і зрабілася кроў.

5 І пачуў я анёла водаў, які казаў: праведны Ты, Госпадзе, Які ёсьць і быў, і сьвяты, бо гэтак судзіў;

6 за тое, што яны пралілі кроў сьвятых і прарокаў, Ты даў ім піць кроў: яны вартыя таго.

7 І пачуў я другога ад ахвярніка, які казаў: так, Госпадзе Божа ‹сеўладны, праўдзівыя і справядлівыя суды Твае.

8 Чацьвёрты анёл выліў чару сваю на сонца: і дадзена яму было паліць людзей вагнём.

9 І паліла людзей моцная сьпёка; і яны клялі імя Бога, які мае ўладу над гэтымі пошасьцямі, і не дадумаліся, каб узьнесьці Яму славу.

10 Пяты анёл выліў чару сваю на трон зьвера: і зрабілася царства ягонае змрочнае, і яны кусалі языкі свае ад пакуты,

11 і клялі Бога Нябеснага ад цярпеньняў сваіх і пошасьцяў сваіх.

12 Шосты анёл выліў чару сваю ў вялікую раку Эўфрат: і высахла ў ёй вада, каб гатовы быў шлях царам з усходу сонечнага.

13 І бачыў я, як выходзілі з вуснаў цмока і з вуснаў зьвера і з вуснаў ілжэпрарока тры духі нячыстыя, падобныя на жабаў:

14 гэта дэманскія духі, што твораць азнакі; яны выходзяць да цароў зямлі ўсяго сьвету, каб сабраць іх на бітву ў той вялікі дзень Бога ‹сеўладнага.

15 Вось, іду як злодзей: дабрашчасьнік - хто чувае і захоўвае адзеньне сваё, каб не хадзіць яму голым і каб ня ўбачылі сараматы ягонай.

16 І ён сабраў іх на месца, якое называецца па-Габрэйску Армагедон.

17 Сёмы анёл выліў чару сваю на паветра: і з храма нябеснага з трона пачуўся голас, які сказаў: збылося!

18 І ўзьніклі маланкі, грымоты і галасы, і зрабілася вялікае трасеньне зямлі, якога ня бывала з таго часу, як людзі на зямлі. Такі землятрус! Такі вялікі!

19 І горад вялікі распаўся на тры часткі, і гарады язычніцкія зруйнаваліся, і Вавілон вялікі ўзгаданы перад Богам, каб даць яму чару віна лютага гневу Ягонага.

20 І счэзла кожная выспа, і гор ня стала;

21 і град, велічынёю з талант, упаў зь неба на людзей; і клялі людзі Бога за пошасьці ад граду, бо пошасьць ад яго была вельмі цяжкая.

 

Разьдзел 17

 

1 І прыйшоў адзін зь сямі анёлаў, што мелі сем чараў, і, гаворачы са мною, сказаў мне: падыдзі, я пакажу табе суд над вялікаю блудадзейкаю, што сядзіць на водах многіх;

2 зь ёю блудадзеялі цары зямныя, і віном яе блудадзейства ўпіваліся насельнікі зямлі.

3 І павёў мяне ў духу ў пустыню; і ўгледзеў я жанчыну, якая сядзела на зьверы барвовым, поўным назоваў богазьняважлівых, зь сямю галовамі і дзесяцьцю рагамі.

4 І жанчына адзетая была ў парфіру і ў пурпуру, аздобленая золатам, каштоўнымі камянямі і жэмчугам, і трымала залатую чару ў руцэ сваёй, напоўненую мярзотамі і поскудзьдзю блудадзейства яе;

5 і на лобе ў яе напісана імя: таямніца, Вавілон вялікі, маці блудадзеек і мярзотаў зямных.

6 Бачыў я, што жанчына апоена была крывёю сьвятых і крывёю сьведкаў Ісусавых, і, бачачы яе, дзіву даваўся вялікаму.

7 І сказаў мне анёл: чаго ты дзівуеш? Я адкрыю табе таямніцу жанчыны гэтай і зьвера, што носіць яе, што мае сем галоў і дзесяць рагоў.

8 Зьвер, якога ты бачыў, быў, і няма яго, і выйдзе зь бездані і пойдзе ў пагібель; і зьдзівяцца тыя насельнікі зямлі, імёны якіх ня ўпісаны ў кнігу жыцьця ад пачатку сьвету, убачыўшы, што зьвер быў, і няма яго, і зьявіцца.

9 Тут розум, які мае мудрасьць. Сем галоў - гэта сем гор, на якіх сядзіць жанчына,

10 і сем цароў, зь якіх пяць загінулі, адзін ёсьць, а другі яшчэ ня прыйшоў, і калі прыйдзе, нядоўга яму быць.

11 І зьвер, які быў і якога няма, ёсьць восьмы, і зь ліку сямі, і пойдзе ў пагібель.

12 І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, - гэта дзесяць цароў, якія яшчэ не атрымалі царства, але прымуць уладу са зьверам, як цары, на адну гадзіну.

13 Яны маюць адны думкі і перададуць сілу і ўладу сваю зьверу;

14 яны будуць весьці змаганьне зь Ягнём, і Ягня пераможа іх, бо Ён ёсьць Гасподзь тых, што пануюць, і Цар цароў, і тыя, хто зь Ім, - гэта пакліканыя і выбраныя і верныя.

15 І кажа мне: воды, якія ты бачыў, дзе сядзіць блудадзейка, гэта людзі і народы, і плямёны і роды.

16 І дзесяць рагоў, якія ты бачыў на зьвяры, яны зьненавідзяць блудадзейку, і спустошаць яе, і аголяць, і плоць яе зьядуць, і спаляць яе ў вагні;

17 таму што Бог паклаў ім на сэрца выканаць волю Ягоную, выканаць адну волю, і аддаць царства іхняе зьверу, пакуль ня збудуцца словы Божыя.

18 А жанчына, якую ты бачыў, ёсьць вялікі горад, што валадарыць над зямнымі царамі.

 

Разьдзел 18

 

1 Пасьля гэтага ўбачыў я іншага анёла, які сыходзіў зь неба і меў уладу вялікую; зямля асьвятлілася ад славы ягонай.

2 І ўсклікнуў ён моцна, гучным голасам кажучы: упаў, упаў, Вавілоне, вялікая блудадзейка, зрабіўся жытлішчам дэманаў і прыстанкам усякаму нячыстаму духу, прыстанкам усякаму нячыстаму і агіднаму птаху; бо шалёным віном блудадзейства свайго яна напаіла ўсе народы;

3 і цары зямныя любаблуднічалі зь ёю, і купцы зямныя разбагацелі ад вялікай раскошы яе.

4 І пачуў я іншы голас зь неба, які казаў: выйдзі ад яе, народзе Мой, каб ня ўдзельнічаць вам у грахах яе і не наклікаць пошасьцяў яе;

5 бо грахі яе дайшлі да неба, і Бог узгадаў няпраўды яе.

6 Адплацеце ёй так, як яна плаціла вам, і ўдвая аддайце ёй па ўчынках яе; у чары, у якія яна налівала віно, налеце ёй удвая.

7 Колькі славіла яна сябе і раскашавала, столькі аддайце ёй пакутаў і гора. Бо яна кажа ў сэрцы сваім: сяджу царыцаю, я не ўдава, і ня ўбачу гора!

8 За тое ў адзін дзень прыйдуць на яе кары, сьмерць і плач і голад, і будзе спалена вагнём, бо моцны Гасподзь Бог, Які судзіць яе.

9 І заплачуць і загалосяць па ёй цары зямныя, што блудадзеялі і раскашавалі зь ёю, як убачаць дым ад пажару яе,

10 стоячы зводдаль у страху ад пакутаў яе і кажучы: гора, гора табе, вялікі горад Вавілоне, горад моцны! бо ў адначасьсе прыйшоў суд твой!

11 І купцы зямныя заплачуць і загалосяць па ёй, бо тавараў іхніх ніхто ўжо ня купляе.

12 Тавараў залатых і срэбраных, і камянёў каштоўных і жэмчугу, і вісону і парфіры, і шоўку і пурпуры, і ўсякага пахучага дрэва, і ўсякіх вырабаў са слановай касьці, і ўсякіх вырабаў з дарагіх дрэваў, зь медзі і жалеза і мармуру,

13 карынкі і фіміяму, міры і ладану, і віна і алею, і мукі і пшаніцы, і быдла і авечак, і коней і калясьніц, і целаў і душ чалавечых.

14 І пладоў, што даспадобы душы тваёй, ня стала ў цябе, і ўсё сытае і бліскучае аддалілася ад цябе, - і ты ўжо ня знойдзеш яго.

15 Хто гандляваў усім гэтым, узбагаціўся ад яе, стануць здалёку, у страху ад пакутаў яе, плачучы і галосячы

16 і кажучы: гора, гора табе, вялікі горад, адзеты ў вісон і парфіру і пурпуру, аздоблены золатам і камянямі каштоўнымі і жэмчугам,

17 бо ў адначасьсе счэзла такое багацьце! І кормнікі ўсе і кожны, хто плыве на караблях, і ўсе карабельнікі, і ўсе, хто гандлюе на моры, сталі здалёк

18 і, бачачы дым ад пажару яе, залямантавалі, кажучы: які горад падобны вялікаму гораду!

19 І пасыпалі попелам галовы свае і лямантавалі, плачучы і галосячы: гора, гора табе, горад вялікі, каштоўнасьцямі якога ўзбагаціліся ўсе, хто мае караблі на моры! бо апусьцеў у адначасьсе.

20 Радуйся з гэтага, неба, і сьвятыя апосталы і прарокі, бо ўчыніў Бог суд ваш над ім.

21 І адзін дужы анёл узяў камень, падобны на вялікі жарон, і ўкінуў у мора, кажучы: з такою сілаю будзе павалены Вавілон, вялікі горад, і ўжо ня будзе яго;

22 і галасы гусьляроў і песьняроў, і жалейнікаў і тых, што трубяць у трубы, у табе больш чутныя ня будуць; ня будзе ўжо ў табе ніякага мастака, ніякага мастацтва, і шуму ад жорнаў ня будзе ўжо чутно ў табе;

23 і сьвятло сьветача ўжо ня зьявіцца ў табе: бо купцы твае былі вяльможы зямлі, і чарадзействам тваім зьведзены ў зман усе народы.

24 І ў ім знойдзена кроў прарокаў і сьвятых і ўсіх забітых на зямлі.

 

Разьдзел 19

 

1 Пасьля гэтага я пачуў на небе гучны голас як бы вялікага мноства людзей, які гаварыў: алілуія!* збавеньне і слава, і гонар і сіла Госпаду нашаму,

2 бо праўдзівыя і справядлівыя суды Ягоныя! бо Ён асудзіў тую вялікую любадзейку, якая разбэсьціла зямлю любадзействам сваім, і зыскаў за кроў рабоў Сваіх ад рукі яе.

3 І другі раз сказалі: алілуія! І дым ад яе паўставаў на векі вечныя!

4 Тады дваццаць чатыры старцы і чатыры жывыя істоты ўпалі і пакланіліся Богу, Які на троне сядзіць, кажучы: амін, алілуія!

5 І голас з трона зышоў, кажучы: хвалеце Бога нашага, усе рабы Ягоныя і хто баіцца Яго, малыя і вялікія!

6 І чуў я нібы голас вялікага мноства людзей, нібы шум водаў многіх, нібы голас грымотаў моцных, якія казалі: алілуія! бо заваладарыў Гасподзь Бог Усеўладны.

7 Парадуймася і ўсьцешмася і ўзьнясёмце Яму славу; бо настала вясельле Ягняці, і жонка Ягоная падрыхтавала сябе.

8 І дадзена было ёй апрануцца ў вісон чысты і сьветлы; а вісон ёсьць праведнасьць сьвятых.

9 І сказаў мне анёл: напішы: дабрашчасьнікі - пакліканыя на вясельную вячэру Ягняці. І сказаў мне: гэта - сапраўдныя словы Божыя.

10 Я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму: але ён сказаў мне: глядзі, не рабі гэтага; я саслужнік табе і братам тваім, якія маюць сьведчаньне Ісусава; Богу пакланіся, бо сьведчаньне Ісусава ёсьць дух прароцтва.

11 І ўгледзеў я адчыненае неба, і вось конь белы, і верхавец ягоны называецца Верны і Праўдзівы, Які праведна судзіць і ваюе.

12 Вочы ў Яго як полымя вогненнае, і на галаве ў Яго многа дыядэмаў; Ён меў імя напісанае, якога ніхто ня ведаў, акрамя Яго Самога;

13 Ён быў апрануты ў адзеньне акрываўленае. Імя Яму: Слова Божае.

14 І войскі нябесныя ішлі сьледам за Ім на конях белых, апранутыя ў вісон белы і чысты.

15 А з вуснаў Ягоных выходзіць востры меч, каб ім пасякаць народы. Ён пас іх жазлом жалезным; Ён топча чавільню віна лютасьці і гневу Бога ‹сеўладнага.

16 На адзеньні і на сьцягне ў Яго напісана імя: Цар цароў і Гасподзь тых, што валадарыць.

17 І ўгледзеў я аднаго анёла, які стаяў на сонцы; і ён усклікнуў гучным голасам, кажучы ўсім птушкам, што лёталі пасярэдзіне неба: ляцеце, зьбірайцеся на вялікую вячэру Божую,

18 каб пажэрці трупы цароў, трупы моцных, трупы тысячнікаў, трупы коней і верхаўцоў, трупы ўсіх вольнікаў і рабоў, і малых і вялікіх.

19 І ўгледзеў я зьвера і цароў зямных і войскі іхнія, сабраныя, каб змагацца зь Верхаўцом і з войскам Ягоным.

20 І схоплены быў зьвер і зь ім ілжэпрарок, што чыніў дзівосы перад ім, якімі ён зьвёў тых, што прынялі кляймо зьвера і пакланяліся ягонай выяве: абодва жыўцом укінуты ў возера вогненнае, што гарэла серкай,

21 а астатнія забітыя мечам Верхаўцовым, што выходзіў з вуснаў Ягоных; і ўсе птушкі накарміліся іхнімі трупамі.

 

 

* Хвалеце Госпада!

Разьдзел 20

 

1 І ўгледзеў я анёла, што сыходзіў зь неба, які меў ключ да бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ.

2 Ён узяў цмока, зьмея адвечнага, які ёсьць д'ябал і сатана і скаваў яго на тысячу гадоў,

3 і ўкінуў яго ў бездань, і ўвязьніў яго, і паклаў над ім пячатку, каб ня зводзіў ужо народы, пакуль ня мінецца тысяча гадоў; а пасьля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час.

4 І ўгледзеў я троны і тых, што сядзелі на іх, якім дадзена было судзіць, і душы абезгалоўленых за сьведчаньне Ісуса і за слова Божае, якія не пакланіліся зьверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на лоб свой і на руку сваю. Яны ажылі і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў;

5 а рэшта памерлых не ажылі, пакуль ня мінецца тысяча гадоў. Гэта - першае ўваскрэсеньне.

6 Дабрашчасны і сьвяты, хто мае ўдзел ва ўваскрэсеньні першым: над імі сьмерць другая ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць зь Ім тысячу гадоў.

7 А як мінецца тысяча гадоў, сатана будзе вызвалены зь цямніцы сваёй і выйдзе ўводзіць у змусту народы на чатырох кутах зямлі, Гога і Магога, і зьбіраць іх на бітву; лік іхні - як пясок марскі.

8 І выйшлі на шырыню зямлі і аблажылі табар сьвятых і горад любасны.

9 І ўпаў вагонь зь неба ад Бога і зжэр іх;

10 а д'ябал, які зводзіў іх, укінуты ў возера вогненнае і сернае, дзе зьвер і ілжэпрарок, і будуць пакутаваць дзень і ноч ва векі вечныя.

11 І ўгледзеў я вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякала неба і зямля, і не знайшлося ім месца.

12 І ўгледзеў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад Богам, і кнігі разгонутыя былі; і іншая кніга разгорнутая, якая ёсьць кніга жыцьця; і суджаны былі мёртвыя, згодна з напісаным у кнігах, паводле ўчынкаў сваіх.

13 Тады аддало мора мёртвых, што былі ў ім, і сьмерць і пекла аддалі мёртвых, якія былі ў іх; і суджаны быў кожны паводле ўчынкаў сваіх,

14 і сьмерць і пекла ўкінуты ў возера вогненнае. Гэта - сьмерць другая.

15 І хто ня быў запісаны ў кнізе жыцьця, той быў укінуты ў возера вогненнае.

 

Разьдзел 21

 

1 І ўгледзеў я новае неба і новую зямлю; бо ранейшае неба і ранейшая зямля мінулі, і мора ўжо няма.

2 І я, Ян, угледзеў сьвяты горад Ерусалім, новы, які сыходзіў ад Бога зь неба, падрыхтаваны як нявеста, убраная для мужа свайго.

3 І пачуў я гучны голас зь неба, які казаў: вось, скінія Бога зь людзьмі, і Ён будзе жыць зь імі; яны будуць Ягоным народам, і Сам Бог зь імі будзе Богам іхнім,

4 і ўтрэ Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх, і сьмерці ня будзе ўжо; ні плачу, ні енку, ні хваробы ўжо ня будзе; бо ранейшае прайшло.

5 І сказаў Той, Хто сядзеў на троне: вось твару ўсё новае. І кажа мне: напішы; бо словы гэтыя праўдзівыя і слушныя.

6 І сказаў мне: збылося! Я ёсьць Альфа і Амэга, пачатак і канец; сасьмягламу дам задарма з крыніцы вады жывое;

7 Пераможца спадкуе ўсё, і буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам;

8 А баязьлівым і няверным, і паганым і забойцам, і любаблуднікам і чарадзеям, і ідаласлужнікам і ўсім ашуканцам - іхняя доля ў возеры, якое гарыць вагнём і серкаю; гэта - сьмерць другая.

9 І прыйшоў да мяне адзін зь сямі анёлаў, у якіх было сем чараў, напоўненых сямю апошнімі пошасьцямі, і сказаў мне: ідзі, я пакажу табе жонку, нявесту Ягняці.

10 І ўзьнёс мяне ў духу на вялікую і высокую гару і паказаў мне вялікі горад, сьвяты Ерусалім, які сыходзіў зь неба ад Бога:

11 ён мае славу Божую; сьветласьць ягоная падобная да каштоўнага каменя, як бы да каменя ясьпісу крышталёвага;

12 ён мае вялікую і высокую сьцяну, мае дванаццаць брамаў і на іх дванаццаць анёлаў, на брамах напісаны імёны дванаццаці каленаў сыноў Ізраілевых:

13 з усходу тры брамы, з поўначы тры брамы, з поўдня тры брамы, з захаду тры брамы;

14 мур горада мае дванаццаць падмуркаў, і на іх імёны дванаццаці апосталаў Ягняці.

15 Той, што са мной гаварыў, меў залатую трысьціну для вымярэньня горада і брамаў ягоных і муроў ягоных.

16 А горад разьмешчаны чатырохкутнікам, і даўжыня ягоная такая самая, як і шырыня. І абмерыў ён горад трысьцінай на дванаццаць тысяч стадыяў; даўжыня і шырыня і вышыня ягоныя роўныя.

17 І мур ягоны абмерыў у сто сорак чатыры локці, мераю чалавечаю, якая мера і анёлава.

18 Мур ягоны складзены зь ясьпісу, а горад быў чыстае золата, падобны чыстаму шклу.

19 Падмуркі гарадзкога мура ўпрыгожаны ўсялякімі каштоўнымі камянямі: падмурак першы - ясьпіс, другі - сапфір, трэйці - халкідон, чацьвёрты - смарагд,

20 пяты - сарданікс, шосты - сардыс, сёмы - хрызаліт, восьмы - берыл, дзявяты - тапаз, дзясяты - хрызапраз, адзінаццаты - якінт, дванаццаты - амэтыст.

21 А дванаццаць брамаў - дванаццаць перлаў: кожная брама была з адной пярліны. Вуліцы горада - чыстае золата, як празрыстае шкло.

22 А храма я ня бачыў у ім, бо Гасподзь Бог Усеўладны - храм Ягоны, і Ягняці.

23 І горад ня мае патрэбы ні ў сонцы, ні ў месяцы на асьвятленьне сваё; бо слава Божая асьвятліла яго, і сьветач ягоны - Ягня.

24 Выратаваныя народы будуць хадзіць у сьвятле ягоным, і цары зямныя прынясуць у яго славу і гонар свой.

25 Брамы ягоныя ня будуць замыкацца ўдзень, а ночы там ня будзе.

26 І прынясуць у яго славу і гонар народаў;

27 і ня ўвойдзе ў яго нічога нячыстага, і ніхто, аддадзены погані і хлусьні, а толькі тыя, якія запісаны ў кнізе жыцьця.

 

Разьдзел 22

 

1 І паказаў мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як крышталь, якая выплывала ад трона Бога і Ягняці.

2 Пасярод вуліцы яго, і па той бок ракі і па гэты, дрэва жыцьця, якое дванаццаць разоў родзіць плады, дае на кожны месяц плод свой; і лісьце дрэва - на ацаленьне народаў.

3 І нічога ўжо ня будзе праклятага; а трон Бога і Ягняці будзе ў ім, і рабы Ягоныя будуць служыць Яму.

4 І ўгледзяць аблічча Ягонае, і імя Ягонае будзе на лобе ў іх.

5 І ночы ня будзе там, і ня будуць мець патрэбы ні ў сьветачы, ні ў сьвятле сонечным, бо Гасподзь Бог асьвятляе іх; і будуць валадарыць ва векі вечныя.

6 І сказаў мне: гэтыя словы слушныя і праўдзівыя; і Гасподзь Бог сьвятых прарокаў паслаў анёла Свайго паказаць рабам Сваім тое, што мае быць неўзабаве.

7 Вось, прыйду неўзабаве: дабрашчасны той, хто трымаецца словаў прароцтва кнігі гэтае.

8 Я, Ян, бачыў і чуў гэта. Калі ж пачуў і ўбачыў, прыпаў да ног анёла, які мне паказваў гэта, каб пакланіцца яму;

9 але ён мне сказаў: глядзі, не рабі гэтага; бо я - саслужнік табе і братам тваім прарокам і тым, хто трымаецца прароцтва кнігі гэтае: Богу пакланіся.

10 І сказаў мне: не запячатвай слова прароцтва кнігі гэтай; бо час блізкі.

11 Няправеднік хай яшчэ робіць няпраўду; нячысты хай яшчэ апаганьваецца; праведнік хай творыць праўду яшчэ, і сьвяты хай асьвячаецца яшчэ.

12 Вось, прыйду неўзабаве, і адпомста Мая са Мною, каб аддаць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.

13 Я ёсьць Альфа і Амэга, пачатак і канец, першы і апошні.

14 Дабрашчасныя тыя, якія захоўваюць запаведзі Ягоныя, каб мець ім права на дрэва жыцьця і ўвайсьці ў горад брамаю.

15 А звонку - сабакі і чарадзеі, і любадзейнікі - забойцы, і ідаласлужнікі і кожны, хто любіць і ўчыняе няпраўду.

16 Я, Ісус, паслаў анёла Майго засьведчыць вам гэта ў цэрквах. Я ёсьць корань і нашчадак Давідаў, зорка сьветлая і золкавая.

17 І Дух і нявеста кажуць: прыйдзі! Спрагнены хай прыходзіць, і, хто жадае, няхай бярэ ваду жыцьця задарам.

18 І я таксама сьведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва кнігі гэтай: калі хто дадасьць што да іх, на таго накладзе Бог пошасьці, пра якія напісана ў кнізе гэтай:

19 і калі хто адыме што ад словаў кнігі прароцтва гэтага, у таго адбярэ Бог удзел у кнізе жыцьця і ў сьвятым горадзе і ў тым, што напісана ў кнізе гэтай.

20 Той, Хто сьведчыць гэта, кажа: вось, прыйду неўзабаве! Амін. Так, прыйдзі, Госпадзе Ісусе,

21 Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.

 

 

Шаноўнае спадарства!

Гэта першае выданьне поўнага перакладу на беларускую мову Бібліі (Старога і Новага Запаветаў) у сусьветным сеціве. Друкаваны пераклад выдадзены накладам у 10 тысяч асобнікаў у Менску ў травені 2002 году. У выданьне ўвайшлі кананічныя кнігі Старога, Новага Запаветаў і Псалтыра.

Пераклад з царкоўнаславянскага тэксту Кірылы і Мятода зроблены вядомым славістам і перакладнікам Васілём Сёмухам з блаславеньня і дапамогай Мітрапаліта Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Мікалая і місыянэра Global Missionary Ministries Юркі Рапецкага (Канада).

Ахвочыя набыць беларускі пераклад Бібліі могуць зьвяртацца да Алесі Сёмухі па тэлефоне (703) 534-4089 (ЗША) або па электроннай пошце [email protected] Біблію можна таксама набыць непасрэдна ў Беларусі ў Менскіх кнігарнях «Кноў», «Кнігачэй», «Вільна», «Вянок», «Сьветач» і «Акадэмкніга». У Берасьці - у кнігарнях і шапіках «Брэсткніга», «Іскра», «Дружба». А таксама ў Бабруйску ў кнігарнях «Крыніца Ведаў» і «Сказ».

Дзеля пашырэньня ведаў пра беларускую рэлігійную літаратуру, асобнікі Бібліі дасланыя ў Бібліятэку Кангрэсу ЗША, Нью-Ёркскую Публічную Бібліятэку, Бібліятэку Францішка Скарыны ў Лёндане, Асацыяцыі, Унівэрсытэты і Каледжы краін захаду, якія займаюцца вывучэньнем Усходне-Эўрапэйскіх культур.

 

Умовы карыстаньня тэкстамі

 

Тэкст Бібліі (Стары Запавет і Новы Запавет):

 

- Ня можа быць зьменены або мадыфікаваны ані ў якай форме ці фармаце.

- Ня можа быць прададзены ці прапанаваны да продажу ані ў якай форме.

- Ня можа быць выкарыстаны ў камэрцыйных мэтах (уключна але не абмежавана выкарыстаньнем у рэкляме і Internet-рэкляме).

- Можа быць перадрукаваны ў нязьмененым выглядзе без папярэдняга дазволу для некамэрцыйнага ўжытку.

- Можа быць распаўсюджаны ў нязьмененым выглядзе без папярэдняга дазволу ў электроннай форме для некамэрцыйнага ўжытку (дакладная копія гэтай ліцэнзіі таксама мусіць быць зьмешчаная з тэкстам).

- Не зьяўляецца грамадзкай уласнасьцю. Усе правы належаць Алесі Сёмусе.

 

Любое выкарыстаньне тэксту Бібліі, апроч пералічанага вышэй, забароненае. Па інфармацыю пра дадатковыя правы і дазвол на выкарыстаньне зьвяртайцеся да Алесі Сёмухі (e-mail: [email protected]).

 

© 2000, 2001 Алеся Сёмуха. Усе правы ахоўваюцца.

© 2000, 2001 by Alesya Semukha. All rights reserved.

 



Пераклад: Васіль Сёмуха
Тэкст падаецца паводле выдання: Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Duncanville, USA: World Wide Printing, 2002. 1534 c
Крыніца: невядомая