epub
 
падключыць
слоўнікі

Біблія. Пяцікніжжа Майсея

пераклад айца Ўладзіслава Чарняўскага пад рэдакцыяй Станіслава Акіньчыца

1. Кніга Роду
  Разьдзел 1
  Разьдзел 2
  Разьдзел 3
  Разьдзел 4
  Разьдзел 5
  Разьдзел 6
  Разьдзел 7
  Разьдзел 8
  Разьдзел 9
  Разьдзел 10
  Разьдзел 11
  Разьдзел 12
  Разьдзел 13
  Разьдзел 14
  Разьдзел 15
  Разьдзел 16
  Разьдзел 17
  Разьдзел 18
  Разьдзел 19
  Разьдзел 20
  Разьдзел 21
  Разьдзел 22
  Разьдзел 23
  Разьдзел 24
  Разьдзел 25
  Разьдзел 26
  Разьдзел 27
  Разьдзел 28
  Разьдзел 29
  Разьдзел 30
  Разьдзел 31
  Разьдзел 32
  Разьдзел 33
  Разьдзел 34
  Разьдзел 35
  Разьдзел 36
  Разьдзел 37
  Разьдзел 38
  Разьдзел 39
  Разьдзел 40
  Разьдзел 41
  Разьдзел 42
  Разьдзел 43
  Разьдзел 44
  Разьдзел 45
  Разьдзел 46
  Разьдзел 47
  Разьдзел 48
  Разьдзел 49
  Разьдзел 50
2. Кніга Выхаду
  Разьдзел 1
  Разьдзел 2
  Разьдзел 3
  Разьдзел 4
  Разьдзел 5
  Разьдзел 6
  Разьдзел 7
  Разьдзел 8
  Разьдзел 9
  Разьдзел 10
  Разьдзел 11
  Разьдзел 12
  Разьдзел 13
  Разьдзел 14
  Разьдзел 15
  Разьдзел 16
  Разьдзел 17
  Разьдзел 18
  Разьдзел 19
  Разьдзел 20
  Разьдзел 21
  Разьдзел 22
  Разьдзел 23
  Разьдзел 24
  Разьдзел 25
  Разьдзел 26
  Разьдзел 27
  Разьдзел 28
  Разьдзел 29
  Разьдзел 30
  Разьдзел 31
  Разьдзел 32
  Разьдзел 33
  Разьдзел 34
  Разьдзел 35
  Разьдзел 36
  Разьдзел 37
  Разьдзел 38
  Разьдзел 39
  Разьдзел 40
3. Кніга Сьвятарская
  Разьдзел 1
  Разьдзел 2
  Разьдзел 3
  Разьдзел 4
  Разьдзел 5
  Разьдзел 6
  Разьдзел 7
  Разьдзел 8
  Разьдзел 9
  Разьдзел 10
  Разьдзел 11
  Разьдзел 12
  Разьдзел 13
  Разьдзел 14
  Разьдзел 15
  Разьдзел 16
  Разьдзел 17
  Разьдзел 18
  Разьдзел 19
  Разьдзел 20
  Разьдзел 21
  Разьдзел 22
  Разьдзел 23
  Разьдзел 24
  Разьдзел 25
  Разьдзел 26
  Разьдзел 27
4. Кніга Лічбаў
  Разьдзел 1
  Разьдзел 2
  Разьдзел 3
  Разьдзел 4
  Разьдзел 5
  Разьдзел 6
  Разьдзел 7
  Разьдзел 8
  Разьдзел 9
  Разьдзел 10
  Разьдзел 11
  Разьдзел 12
  Разьдзел 13
  Разьдзел 14
  Разьдзел 15
  Разьдзел 16
  Разьдзел 17
  Разьдзел 18
  Разьдзел 19
  Разьдзел 20
  Разьдзел 21
  Разьдзел 22
  Разьдзел 23
  Разьдзел 24
  Разьдзел 25
  Разьдзел 26
  Разьдзел 27
  Разьдзел 28
  Разьдзел 29
  Разьдзел 30
  Разьдзел 31
  Разьдзел 32
  Разьдзел 33
  Разьдзел 34
  Разьдзел 35
  Разьдзел 36
5. Кніга Паўторанага Закону
  Разьдзел 1
  Разьдзел 2
  Разьдзел 3
  Разьдзел 4
  Разьдзел 5
  Разьдзел 6
  Разьдзел 7
  Разьдзел 8
  Разьдзел 9
  Разьдзел 10
  Разьдзел 11
  Разьдзел 12
  Разьдзел 13
  Разьдзел 14
  Разьдзел 15
  Разьдзел 16
  Разьдзел 17
  Разьдзел 18
  Разьдзел 19
  Разьдзел 20
  Разьдзел 21
  Разьдзел 22
  Разьдзел 23
  Разьдзел 24
  Разьдзел 25
  Разьдзел 26
  Разьдзел 27
  Разьдзел 28
  Разьдзел 29
  Разьдзел 30
  Разьдзел 31
  Разьдзел 32
  Разьдзел 33
  Разьдзел 34


Першыя пяць кнігаў Бібліі называюцца па-гебрайску Тора, гэта значыць Закон. Згодна з колькасьцю кнігаў Тора таксама называлася «пяць пятых Закону», таму перакладчыкі Бібліі на грэцкую мову перадалі гэтую назву словам Пэнтатэух, што значыць Пяцікніжжа. Гэта былі пяць асобных скруткаў, на якіх былі запісаныя Божыя законы і прыказаньні, каторыя нармавалі жыцьцё Ізраэля. Гэтыя законы ўяўляюць сабою не сухі юрыдычны кодэкс, але густа пераплецены гістарычнымі дзеямі сусьвету і чалавека ад стварэньня аж да сьмерці Майсея.

Асобныя кнігі Пяцікніжжа называюцца: Род, Выхад, Сьвятарская, Лічбы і Паўтораны Закон.

Першая кніга - кніга Роду (лац. з гр. Генэзіс, гебр. Бэрэшыт), бо ў ёй апавядаецца пра пачаткі сьвету і стварэньне чалавека, пра жыцьцё і дзеі патрыярхаў, пачынаючы ад пакліканьня Абрагама і аж да сьмерці Якуба і Язэпа ў Эгіпце.

Другая кніга - кніга Выхаду (лац. Эксодус, гебр. Вэеле-Шэмот), бо ў ёй апавядаецца пра выхад Ізраэльцаў з Эгіпту. Гэтая кніга распавядае таксама пра пераход праз Чырвонае мора, пра заключэньне запавету паміж Госпадам і Ізраэлем на гары Сынай, пра розныя законы і прыказаньні, а таксама пра пабудову Скініі.

Трэцяя кніга - кніга Сьвятарская (лац. Левітыкус, гебр. Вайікра), бо падае разнастайныя законы і прыказаньні адносна ахвяраў і служэньня Госпаду, якіх павінны былі прытрымлівацца сьвятары, а таксама абавязкі левітаў. Акрамя таго ў кнізе гаворыцца пра важкасьць і сьвятасьць служэньня, чысьціню і беззаганнасьць сьвятароў, даюцца розныя прыказаньні адносна штодзённага жыцьця народу.

Чацьвертая кніга - кніга Лічбаў (лац. Нумэры, гебр. Бэ-Мідбар) - апісвае знаходжаньне Ізраэля каля гары Сынай, вандроўкі па пустыні і прыпынак у Кадэшы, дадатковыя законы і прыказаньні, войны з суседнімі народамі, нарэшце, паход у Мааб і дзеі прарока Білеама. Назва кнігі паходзіць ад перапісу ўсіх, здольных да бою, пра які чытаем у першых разьдзелах кнігі, а таксама напрыканцы.

Пятая кніга - кніга Паўторанага Закону (лац. з гр. Дэўтэрономіум, гебр. Эльле-Гадэбарым), бо падае паўтарэньне закону, каторае зрабіў Майсей перад сваёй сьмерцяй. Гэта апошні запавет Майсея да свайго народу, які сваім зьместам ахоплівае ўвесь закон.

 

1. Кніга Роду

 

Разьдзел 1

 

1 Спачатку стварыў Бог неба і зямлю.

2 Зямля была пустая і неабжытая; і цемра ахутвала бяздоньні. А Дух Божы ўзносіўся над водамі.

3 І сказаў Бог: «Хай станецца сьвятло!» І сталася сьвятло.

4 І бачыў Бог, што сьвятло было добрае, і аддзяліў сьвятло ад цемры.

5 І назваў Бог сьвятло днём, а цемру - ноччу. І мінуў вечар і раніца - дзень першы.

6 Потым сказаў Бог: «Хай паўстане цьвярдыня сярод водаў і хай аддзеліць воды ад водаў».

7 І зрабіў Бог цьвярдыню, і разьдзяліў воды, каторыя былі над цьвярдыняй, ад тых, каторыя былі пад цьвярдыняй. І сталася гэтак.

8 І назваў Бог цьвярдыню небам. І мінуў вечар і раніца - другі дзень.

9 Сказаў зноў Бог: «Хай зьбяруцца воды, каторыя пад небам, у адно месца, і хай зьявіцца сухмень». І гэтак сталася.

10 І назваў Бог сухмень зямлёю, а сабраньне водаў - морам. І бачыў Бог, што гэта добра.

11 І сказаў Бог: «Хай расьціць зямля зеляніну, травы, якія маюць насеньне па сорту свайму, і дрэвы, якія даюць плады і маюць у сабе насеньне паводле гатунку свайго». І сталася гэтак.

12 І выдала зямля расьліны зялёныя, травы, якія маюць насеньне па сорту свайму, і дрэвы, якія даюць плады і маюць у сабе насеньне паводле гатунку свайго. І бачыў Бог, што гэта добра.

13 І мінуў вечар і раніца - дзень трэці.

14 Потым кажа Бог: «Хай сьвецяць сьвяцілы на цьвярдыні неба і хай аддзяляюць дзень ад ночы, і хай будуць на знак часоў, днёў і гадоў.

15 Хай сьвецяць на цьвярдыні неба і асьвятляюць зямлю». І гэтак сталася.

16 І стварыў Бог два сьвяцілы вялізарныя: сьвяціла вялікшае, каб сьвяціла днём, і сьвяціла меншае, каб сьвяціла ноччу, і зоркі.

17 І памясьціў іх Бог на цьвярдыні неба, каб сьвяцілі яны на зямлю,

18 і валодалі днём і ноччу, і аддзялялі сьвятло ад цемры. І бачыў Бог, што гэта добра.

19 І мінуў вечар і раніца - дзень чацьвёрты.

20 Сказаў таксама Бог: «Хай ажывуць воды жывунамі воднымі, і птушкі хай лётаюць над зямлёй пад цьвярдыняй неба».

21 І стварыў Бог вялікія рыбы ды ўсё жывое, што рухаецца і што вывелася ў водах, па сартах сваіх, і ўсякія птушкі паводле свайго гатунку. І бачыў Бог, што гэта добра.

22 І паспагадаў Ён ім, кажучы: «Пладзіцеся і размнажайцеся, і запаўняйце воды мораў, а птушкі хай размнажаюцца над зямлёю».

23 І мінуў вечар і раніца - дзень пяты.

24 Сказаў таксама Бог: «Хай выдасьць зямля жывую істоту па роду свайму: жывёлы, паўзуноў і зьвяроў зямных паводле сваіх гатункаў». І сталася гэтак.

25 І стварыў Бог зьвяроў зямных паводле сваіх сартоў, і жывёлу паводле сваіх сартоў, і ўсякіх паўзуноў зямных на свой сорт. І бачыў Бог, што гэта добра.

26 І кажа Бог: «Учыньма чалавека на вобраз і падобнасьць Нашую; і хай мае ён уладу над рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, і зьвярамі, і над усёй зямлёй, і над усякім паўзуном, каторы рухаецца па зямлі».

27 І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой; на падобнасьць Богу стварыў яго: мужчынай і жанчынай стварыў іх.

28 І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: «Пладзіцеся і размнажайцеся, і запаўняйце зямлю, і падпарадкоўвайце яе сабе, і валодайце рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, ды ўсім жывым, што рухаецца па зямлі».

29 Потым сказаў Бог: «Вось Я даў вам усякую расьліну, што дае насеньне па ўсёй зямлі, і ўсякія дрэвы, што маюць у сабе насеньне і сеюць насеньне, каб былі вам на яду.

30 І ўсім жывунам на зямлі, усякай птушцы паднебнай ды ўсім, што рухаюцца па зямлі і ў каторых ёсьць зародак жыцьця, Я даў усякую расьліну зялёную на яду». І гэтак сталася.

31 І бачыў Бог усё, што стварыў, і ўсё было вельмі добрае. І мінуў вечар і раніца - дзень шосты.

 

Разьдзел 2

 

1 Такім чынам былі закончаны неба і зямля, поруч усё мноства іхняе.

2 У сёмы дзень закончыў Бог тварэньне Сваё, што стварыў, і ў дзень сёмы спыніўся ад усякага тварэньня, што даканаў.

3 І дабраславіў Бог дзень сёмы і ўсьвяціў яго, бо ў ім супачыў ад усякай працы Сваёй, якую зрабіў Бог, творачы.

4 Такое вось паходжаньне неба і зямлі, калі былі яны створаны. Калі Госпад Бог стварыў зямлю і неба,

5 не было яшчэ ніводнага куста палявога на зямлі, ані ніводнай палявой траўкі ўзыйшоўшай, бо Госпад не спасылаў дажджу на зямлю, ды не было чалавека, каторы б абрабляў зямлю,

6 але крыніца выцякала зь зямлі і абвадняла ўвесь паверх зямлі.

7 Тады ўфармаваў Госпад Бог чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры ягоныя дых жыцьця, і чалавек стаўся душою жывою.

8 І заснаваў Госпад Бог рай у Эдэне, на ўсходзе, у якім памясьціў чалавека, каторага Сам уфармаваў.

9 І вырасьціў Госпад Бог зь зямлі ўсякае дрэва, прыгожае на від і салодкае на яду, а ў сярэдзіне раю - дрэва жыцьця і дрэва пазнаньня дабра і зла.

10 З Эдэну выцякала рака для абвадняньня раю, каторая адтуль разьдзялілася на чатыры ракі.

11 Назва адной - Пішон. Яна тая, што акружала зямлю Хавіля, дзе знаходзіцца золата.

12 А золата тое зямлі найлепшае, там пахкая жывіца і камень чырвоны.

13 А назва другой ракі - Гіхон; акружае яна ўсю краіну Куш.

14 Трэцяя ж рака называецца Тыгар: цячэ яна на ўсход Асырыі, чацьвёртая рака - Эўфрат.

15 Вось жа ўзяў Госпад Бог чалавека і памясьціў яго ў раі Эдэне, каб даглядаў яго і сьцярог яго.

16 І загадаў Госпад Бог чалавеку: «З кожнага райскага дрэва еш,

17 а з дрэва пазнаньня дабра і зла ня еш! Бо ў які-колечы дзень будзеш есьці зь яго - сьмерцю памрэш».

18 Таксама сказаў Госпад Бог: «Ня добра быць чалавеку аднаму: зраблю яму дапамогу, падобную да яго».

19 І ўфармаваў Госпад Бог зь зямлі ўсіх жывуноў палявых і ўсіх птушак паднебных, і прывёў іх да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх, і як чалавек назаве кожную істоту жывую, такое і імя ёй уласьцівае.

20 І так чалавек назваў сваімі імёнамі ўсе жывёлы, і ўсе птушкі паднебныя, і ўсіх зьвяроў палявых. Аднак чалавеку не знайшоўся памочнік, падобны яму.

21 Дык упусьціў Госпад Бог сон на чалавека. Калі ён заснуў, выняў яму адно зь яго рэбраў, а месца гэта запоўніў целам.

22 А з рабра, якое выняў з чалавека, Госпад Бог уфармаваў жанчыну і прывёў яе да чалавека.

23 І сказаў чалавек: «Гэта цяпер косьць з касьцей маіх ды цела зь цела майго. Яна будзе называцца жонкаю, бо ўзята ад мужа».

24 Таму пакіне чалавек бацьку свайго і матку сваю і злучыцца з жонкай сваёй так, што будуць адным целам.

25 І былі абое голыя, чалавек значыць і жонка яго, але не адчувалі сораму.

 

Разьдзел 3

 

1 А зьмей быў хітрэйшы за ўсіх жывуноў палявых, каторых стварыў Госпад Бог. Ён сказаў жанчыне: «Ці гэта праўда, што Бог забараніў вам, каб вы ня елі з кожнага дрэва райскага?»

2 Жанчына адказала яму: «З плоду дрэваў, якія знаходзяцца ў раі, ямо;

3 а з плоду дрэва, якое сярод раю, забараніў нам Бог, каб ня елі і не дакраналіся яго, каб не памерлі».

4 Дык сказаў зьмей жанчыне: «Ніякім чынам не памрыцё!

5 Бог бо ведае, што ў дзень, у каторы будзеце есьці зь яго, адкрыюцца вочы вашыя і будзеце як Бог, ведаць будзеце дабро і зло».

6 Дык убачыла жанчына, што дрэва добрае да яды і мілае вачам, і прывабнае для здабыцьця веды; і сарвала зь яго плод, пакаштавала сама і дала мужу свайму, каторы быў зь ёю, і ён зьеў.

7 І адкрыліся вочы ў абоіх. І калі пазналі, што яны голыя, дык сплялі лісты фіговыя і зрабілі сабе перапаяскі.

8 І калі пачулі голас Госпада Бога, ходзячага па раі ў пару прахалоды дня, схаваўся чалавек і жонка яго ад аблічча Госпада Бога сярод дрэваў райскіх.

9 І паклікаў Госпад Бог чалавека і сказаў яму: «Дзе ты дзеўся?»

10 Ён кажа: «Пачуў голас Твой у раі і спалохаўся, таму што голы я, і схаваўся».

11 І сказаў яму Бог: «Хто вось табе адкрыў, што ты голы? Хіба што з дрэва, зь якога Я забараніў табе есьці, ты ўсё ж такі еў?»

12 Чалавек сказаў: «Жанчына, каторую Ты мне даў за сяброўку, сама дала мне з дрэва, і я еў».

13 Дык сказаў Госпад Бог жанчыне: «Што ты гэта зрабіла?» Яна сказала: «Зьмей зьвёў мяне, і я зьела».

14 Тады кажа Госпад Бог зьмею: «За тое, што ты зрабіў гэта, пракляты будзь між усіх жывёлаў і ўсіх зьвяроў палявых! На жываце сваім поўзаць будзеш ды будзеш пыл есьці ўсе дні існаваньня свайго.

15 І Я пакладу варожасьць між табой і жанчынай, і патомствам тваім і ейным патомствам. Яно сатрэ галаву табе, а ты сатрэш яму пяту».

16 А жанчыне сказаў: «Памножу мучэньні твае ў родах тваіх: з болем будзеш радзіць дзяцей, і да мужа твайго пацяга твая, ён жа будзе панаваць над табою».

17 Чалавеку вось што сказаў: «За тое, што ты паслухаў голасу жонкі сваёй і еў з дрэва, зь якога Я табе забараніў есьці, будзе праклятая зямля дзеля цябе. У трудзе будзеш жывіцца на ёй усе дні жыцьця свайго.

18 Пустазельле і асот будзе радзіць яна табе, і будзеш карміцца расьлінамі зямлі.

19 У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, аж пакуль ня вернешся ў зямлю, зь якой ты ўзяты, бо пыл ты і ў пыл вернешся».

20 Чалавек даў імя сваёй жонцы Эва, таму што яна была маткай усіх жывых.

21 І зрабіў Госпад Бог чалавеку, а таксама жонцы яго адзеньне са скуры і прыадзеў іх.

22 Потым кажа Госпад Бог: «Вось жа чалавек стаўся як адзін з Нас, што ведае дабро і зло. Дык цяпер хай ня выцягне ён рукі сваёй і ня возьме таксама плоду з дрэва жыцьця, зьесьць яго і жыць будзе вечна».

23 Дзеля таго Госпад Бог выгнаў яго з раю Эдэн, каб абрабляў гэтую зямлю, зь якой быў узяты.

24 І выгнаўшы чалавека, (Бог) паставіў перад раем Эдэн на ўсходзе хэрубіма і зьзяючы меч, каб сьцерагчы дарогу да дрэва жыцьця.

 

Разьдзел 4

 

1 Чалавек жа пазнаў жонку сваю Эву, і яна пачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: «Нарадзіла мужчыну з волі Госпада».

2 А потым нарадзіла брата яго Абеля. Абель быў пастухом авец, а Каін - земляробам.

3 Калі па нейкім часе Каін складаў Госпаду ахвяру з пладоў зямлі і рук сваіх,

4 Абель складаў таксама зь пяршынаў статку свайго і зь іх тлустасьці, і Госпад узглянуў на Абеля і дар ягоны,

5 а на Каіна і дар ягоны ня ўзглянуў. Моцна ўзлаваўся Каін і панурым стаўся воблік яго.

6 І сказаў Госпад яму: «Чаго злуешся і чаго крывіцца воблік твой?

7 Калі б ты рабіў добрае, меў бы воблік спагадны; калі ж ня будзеш рабіць добрае, грэх цікуе ў дзьвярах і лашчыцца да цябе, а ты павінен панаваць над ім».

8 І сказаў Каін Абелю, брату свайму: «Хадзем у поле». А калі яны былі ў полі, Каін кінуўся на брата свайго Абеля і забіў яго.

9 Тады Бог спытаўся ў Каіна: «Дзе брат твой, Абель?» Ён адказаў: «Ня ведаю. Ці ж я стораж брата свайго?»

10 І сказаў Бог: «Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго кліча да Мяне з поля.

11 Дык цяпер будзь пракляты на той ральлі, каторая адкрыла вусны свае прыняць кроў брата твайго з рук тваіх!

12 Калі гэтую зямлю абрабляць будзеш, ня дасьць яна ўжо больш ураджаю. Выгнанцам і ўцекачом будзеш на зямлі!»

13 І сказаў Каін Госпаду: «Надта вялікая кара мая, каб я мог яе зьнесьці.

14 Калі мяне сёньня выганіш з гэтай зямлі, і ад аблічча Твайго схаваюся і буду бадзякай і ўцекачом на зямлі, дык кожны, хто напаткае мяне, заб'е мяне».

15 І сказаў яму Госпад: «Гэтак ня будзе, але кожны, хто забіў бы Каіна, - у сем разоў больш будзе пакараны!» І палажыў Госпад Каіну знак, каб не забіваў яго, хто-колечы сустрэне яго.

16 Пасьля Каін адышоў ад аблічча Госпада і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэну.

17 І пазнаў вось Каін жонку сваю, і яна пачала, і нарадзіла Геноха. І пабудаваў (Каін) горад і назваў яго ад імя свайго сына - Генох.

18 Генох быў бацькам Ірада, а Ірад быў бацькам Мэвіяэля, а Мэвіяэль быў бацькам Мэтушаэля, а Мэтушаэль быў бацькам Лямеха.

19 Лямех узяў сабе дзьве жонкі. Імя адной - Ада, а другой - Цыля.

20 Ада нарадзіла Ябэля; гэта ён быў прабацькам пражываючых у палатках і пастухоў.

21 Брат ягоны называўся Юбаль; гэта ад яго вядуцца ўсе граючыя на гусьлях і на флейце.

22 А Цыля нарадзіла Тубаль-Каіна; ён быў кавалём, што рабіў усе прылады зь медзі і жалеза. Сястрой Тубаль-Каіна была Наэма.

23 Лямех сказаў сваім жонкам: «Ада і Цыля, паслухайце, што я скажу! Жоны Лямеха, уважце на словы мае! Забіў я чалавека за рану сваю і юнака за скалячэньне сваё.

24 У сем разоў больш павінна быць адпомшчана за Каіна. А за Лямеха - у семдзесят сем».

25 І пазнаў зноў Адам жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і назвала імя яго Сэт, кажучы: «Даў мне Бог патомка іншага ў замену за Абеля, каторага забіў Каін».

26 А Сэту нарадзіўся сын, каторага той назваў Энош. Тады пачалі прызываць імя Госпада.

 

Разьдзел 5

 

1 Вось радавод патомкаў Адама. Калі Бог стварыў чалавека, стварыў яго на падобнасьць Божую.

2 Ён стварыў мужчыну і жанчыну, і дабраславіў іх, і назваў іх «чалавек» тады, калі іх стварыў.

3 Калі Адам меў сто трыццаць гадоў, нарадзіўся ў яго сын, на вобраз і падобнасьць яго, і ён даў яму імя Сэт.

4 А па нараджэньні Сэта Адам пражыў васемсот гадоў, меў яшчэ сыноў і дачок.

5 І памёр Адам, пражыўшы агулам дзевяцьсот трыццаць гадоў.

6 Таксама Сэт пражыў сто пяць гадоў і меў сына Эноша.

7 Па нараджэньні Эноша пражыў Сэт васемсот сем гадоў, меў яшчэ сыноў і дачок.

8 А агулам пражыў Сэт дзевяцьсот дванаццаць гадоў і памёр.

9 Энош, пражыўшы дзевяноста гадоў, меў сына Кенана.

10 Па нараджэньні Кенана пражыў яшчэ Энош васемсот пятнаццаць гадоў і меў сыноў і дачок.

11 Агулам Энош пражыў дзевяцьсот пяць гадоў і памёр.

12 Таксама Кенан пражыў семдзесят гадоў і меў сына Маляліэля.

13 А па нараджэньні Маляліэля Кенан пражыў васемсот сорак гадоў і меў яшчэ сыноў і дачок.

14 Агулам Кенан пражыў дзевяцьсот дзесяць гадоў і памёр.

15 Пражыў вось Маляліэль шэсьцьдзесят пяць гадоў і меў сына Ярэда.

16 А па нараджэньні Ярэда Маляліэль пражыў васемсот трыццаць гадоў і меў сыноў і дачок.

17 Агулам пражыў Маляліэль васемсот дзевяноста пяць гадоў і памёр.

18 Пражыў вось Ярэд сто шэсьцьдзесят два гады і меў сына Геноха.

19 А па нараджэньні Геноха Ярэд жыў васемсот гадоў і меў сыноў і дачок.

20 Агулам Ярэд пражыў дзевяцьсот шэсьцьдзесят два гады і памёр.

21 Вось жа Генох жыў шэсьцьдзесят пяць гадоў і меў сына Мэтушаляха.

22 Генох па нараджэньні Мэтушаляха жыў з Богам трыста гадоў і меў сыноў і дачок.

23 Агулам Генох пражыў трыста шэсьцьдзесят пяць гадоў.

24 І жыў ён у прыязьні з Богам, і зьнік, бо забраў яго Бог.

25 Таксама Мэтушалях жыў сто восемдзесят сем гадоў і меў сына Лямеха.

26 Па нараджэньні Лямеха Мэтушалях жыў семсот восемдзесят два гады і меў сыноў і дачок.

27 Агулам Мэтушалях пражыў дзевяцьсот шэсьцьдзесят дзевяць гадоў і памёр.

28 Пражыў вось Лямех сто восемдзесят два гады і меў сына,

29 і даў яму імя Ной, кажучы: «Ён пацешыць нас у рабоце нашай і ў працы рук нашых на зямлі, якую Госпад пракляў».

30 Лямех па нараджэньні Ноя жыў пяцьсот дзевяноста пяць гадоў і меў яшчэ сыноў і дачок.

31 Агулам Лямех пражыў семсот семдзесят сем гадоў і памёр.

32 А калі Ной меў пяцьсот гадоў, меў (трох сыноў): Сэма, Хама і Яфэта.

 

Разьдзел 6

 

1 Калі людзі пачалі множыцца на зямлі, радзіліся ім дочкі.

2 А сыны Божыя, бачачы, што дочкі чалавечыя прыгожыя, бралі сабе за жонак усіх, якія ім толькі падабаліся.

3 І сказаў Бог: «Ня вечна прабываць Духу Майму ў чалавеку, бо ён - цела. Ён будзе жыць сто дваццаць гадоў».

4 У тых часах на зямлі жылі вялікалюды, а таксама пазьней, калі сыны Божыя сталі хадзіць да дачок чалавечых і тыя ім радзілі; былі гэта волаты, каторыя мелі славу ў тых даўніх часох.

5 Госпад, бачучы вялікую разбэшчанасьць людзей на зямлі, і што ўсе іхнія думкі сэрца накіраваныя ўвесь час да зла,

6 шкадаваў, што стварыў чалавека на зямлі. І, крануты болем сэрца, вырашыў:

7 «Сатру вось чалавека, каторага стварыў, з паверху зямлі, ад чалавека да жывёлы, аж да паўзуна, аж да птушкі паднебнай. Шкадую вось, што стварыў іх».

8 Толькі Ной знайшоў ласку ў Госпада.

9 Вось такія дзеі Ноя. Ной, чалавек справядлівы і беззаганны ў родзе сваім, жыў у баязьні Божай.

10 Ён меў трох сыноў: Сэма, Хама і Яфэта.

11 І сапсутая была зямля на віду Бога і перапоўнена ліхотаю.

12 І ўбачыў Бог, што зямля сапсутая, бо вось усякае цела скрывіла дарогу сваю на зямлі.

13 І сказаў Ён Ною: «Вырашыў Я прынесьці канец усім людзям, бо зямля поўная ліхоцьця адносна Мяне, і вось Я сатру іх зь зямлі.

14 Зрабі сабе каўчэг з дрэва жывічнага; зрабі ў каўчэгу перагародкі і пацягні яго смалой звонку і з нутра.

15 Вось так маеш яго зрабіць: трыста локцяў даўжыня каўчэга, пяцьдзесят локцяў шырыня яго і трыццаць локцяў вышыня ягоная.

16 Зрабі вакно ў каўчэгу, і высокасьць яго на локаць падымі. Уваход у каўчэг зробіш збоку; у ім зрабі перагароды: споднюю, сярэднюю і вышэйшую.

17 Я ўзьвяду на зямлю патоп, каб зьнішчыць усё жывое, у якім ёсьць зародак жыцьця пад небам; усё, што існуе на зямлі, - прападзе.

18 І заключу Я з табою запавет, дык увайдзі ў каўчэг ты і сыны твае, жонка твая і жонкі сыноў тваіх з табою.

19 З усіх жывуноў (вазьмі) па пары ў каўчэг, каб жылі з табою, мужчынскага роду і жаночага, самца і самку, каб ацалелі разам з табою ад гібелі.

20 З кожнага гатунку птушак, з жывёлы паводле гатунку свайго ды з усіх паўзуноў паводле роду свайго, з усіх па пары хай ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывымі.

21 А ты вазьмі сабе ўсякай ежы, якою яны кормяцца, і зьбяры яе да сябе; і будзе яна табе, як і для іх, на корм».

22 І Ной зрабіў усё, што загадаў яму Госпад зрабіць.

 

Разьдзел 7

 

1 Пасьля сказаў Госпад Ною: «Увайдзі ты з усёю сям'ёй у каўчэг; бо пераканаўся Я, што толькі ты справядлівы ў сваім пакаленьні перада Мною.

2 З усіх зьвяроў чыстых вазьмі з сабою сем самцоў і сем самкаў, са зьвяроў нячыстых па адной пары: самца і самку;

3 таксама з птушак - па сем самцоў і па сем самкаў, каб такім чынам зьберагчы іх патомства для ўсёй зямлі.

4 Бо вось па сямі днях Я спушчу дождж на зямлю, які будзе ісьці сорак дзён і сорак начэй, каб зьнішчыць усё, што існуе, з паверху зямлі, усё, што Я стварыў».

5 І споўніў Ной усё, што загадаў яму Госпад.

6 Ной меў шэсьцьсот гадоў, калі воды патопу нахлынулі на зямлю.

7 І ўвайшоў у каўчэг Ной з сынамі, з жонкаю і з жонкамі сыноў сваіх, каб ухавацца ад водаў патопу.

8 Са зьвяроў чыстых і нячыстых, з птушак і са зьвяроў палявых

9 па двое, самец і самка, увайшлі да Ноя ў каўчэг, так, як яму Бог загадаў.

10 Калі мінула сем дзён, воды патопу нахлынулі на зямлю.

11 У шэсьцьсотым годзе жыцьця Ноя, у другім месяцы году, сямнаццатага дня месяца, у гэты дзень выбіліся ўсе жаролы Вялікага Бяздоньня і вокны нябесныя адкрыліся,

12 і ліўся на зямлю дождж сорак дзён і сорак начэй.

13 У той вось дзень Ной, поруч яго сыны: Сэм, Хам і Яфэт, жонка Ноя і тры жонкі сыноў ягоных увайшлі ў каўчэг.

14 А разам зь імі ўсе гатункі зьвяроў, жывёлаў, зьвяроў палявых і ўсякія паўзуны, што рухаюцца па зямлі, усякія птушкі паводле свайго гатунку, усе птушкі і ўсе крылатыя,

15 увайшлі па пары, самец і самка, з кожнага цела, у каторым быў зародак жыцьця, у каўчэг да Ноя.

16 Калі ўжо ўвайшлі ў каўчэг самец і самка з усякага цела, як Бог загадаў Ною, Госпад зачыніў каўчэг знадворку.

17 А патоп трываў на зямлі сорак дзён, і разьліліся воды, і паднялі каўчэг над зямлёю.

18 Воды раптоўна падымаліся і закрылі паверх зямлі, а каўчэг плаваў па водах.

19 Воды падняліся высока над зямлёю, так, што пакрылі ўсе высокія горы пад усім небам.

20 Воды падняліся на пятнаццаць локцяў вышэй гор, каторыя пакрылі.

21 Усё жывое, якое рухалася па зямлі, птушкі, жывёлы, зьвяры і ўсе паўзуны, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі - пагінулі.

22 Усе жывуны, каторыя мелі зародак жыцьця на зямлі, - пагінулі.

23 І зьнішчыў Бог усё жывое, што існавала на зямлі, ад чалавека аж да жывёлы, аж да паўзуна і ажно да птушак паднебных; усё было зьнесена зь зямлі. Застаўся толькі Ной і каторыя былі зь ім у каўчэгу.

24 І воды ахлынялі зямлю сто пяцьдзесят дзён.

 

Разьдзел 8

 

1 І ўспомніў Бог пра Ноя і пра ўсіх жывуноў, і пра ўсе жывёлы, каторыя былі зь ім у каўчэгу, і павеяў вецер на зямлю, і зьменшыліся воды.

2 І закрыліся крыніцы Бяздоньня і вокны нябесныя, і былі спынены дажджы зь неба.

3 І варочаліся воды зь зямлі, сьцякаючы і сплываючы, і пачалі памяншацца па ста пяцідзесяці днях.

4 У сёмы месяц, сямнаццатага дня месяца, затрымаўся каўчэг на гары Арарат.

5 Але воды плылі і спадалі аж да дзесятага месяца; бо дзесятага месяца, у першы дзень месяца, паказаліся вярхі гораў.

6 Калі мінула сорак дзён, Ной, адчыніўшы вакно каўчэгу, каторае зрабіў, выпусьціў крука.

7 Ён вылятаў і варочаўся, пакуль ня высахла вада на зямлі.

8 Выпусьціў ён таксама галубку, каб пераканацца, ці спалі ўжо воды з паверху зямлі.

9 Яна, не знайшоўшы месца для ног, дзе магла б супачыць, вярнулася да яго ў каўчэг; воды бо пакрывалі яшчэ ўсю зямлю. Ной выцягнуў руку і схапіў яе, і забраў у каўчэг.

10 Пачакаўшы яшчэ сем дзён, зноў выпусьціў галубку з каўчэгу.

11 А вось яна вярнулася пад вечар, несучы ў дзюбе аліўкавую галінку зь зялёнымі лісткамі. І зразумеў Ной, што сплылі ўжо воды зь зямлі.

12 А ўсё ж такі, прачакаўшы сем іншых дзён, выпусьціў галубку, каторая не вярнулася ўжо да яго.

13 У шэсьцьсот першым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца воды на зямлі павысыхалі. І Ной, адкрыўшы дах каўчэгу і глянуўшы, убачыў, што ўжо абсох паверх зямлі.

14 У другім месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца зямля зусім высахла.

15 І сказаў Бог Ною:

16 «Выходзьце з каўчэгу: ты і жонка твая, сыны твае і жонкі сыноў тваіх разам з табой.

17 Усе жывуны, каторыя разам з табою з кожнага цела, як зь лятаючых, так і з жывёлаў і з усіх паўзуноў, каторыя рухаюцца па зямлі, хай плодзяцца і размнажаюцца на ёй».

18 Дык выйшаў Ной і сыны яго, і жонка ягоная, і жонкі сыноў ягоных разам зь ім.

19 Разам усе жывуны, жывёлы, птушкі і паўзуны, каторыя рухаюцца па зямлі, паводле роду свайго павыходзілі ўсе чыста з каўчэгу.

20 І збудаваў Ной ахвярнік Госпаду і, узяўшы з усіх жывёлін чыстых і птушак чыстых, склаў іх у ахвяру цэлапаленьня на ахвярніку.

21 Калі Госпад пачуў мілы пах, сказаў у сэрцы Сваім: «Ніколі больш ня буду праклінаць зямлю з-за людзей, бо настаўленьне сэрца чалавечага схільным ёсьць да зла ад юнацтва ягонага. Дык ужо болей ня буду нішчыць тых, хто мае душу жывую, як гэта зрабіў.

22 Ва ўсе дні зямлі ня спыняцца сяўба і жніво, холад і сьпякота, лета і зіма, дзень і ноч».

 

Разьдзел 9

 

1 Пасьля дабраславіў Бог Ноя і сыноў ягоных, і сказаў ім: «Пладзіцеся і размнажайцеся, і залюдняйце зямлю.

2 Хай усе жывёлы, зьвяры зямныя і ўсе птушкі паднебныя з усімі тымі, што рухаюцца па зямлі, усе рыбы марскія баяцца вас і дрыжаць перад вамі, бо яны аддадзеныя ў рукі вашыя.

3 Усё, што рухаецца і што жыве, хай будзе вам на яду, як расьліны зямныя, усё даю вам.

4 Толькі цела з душою яго, гэта значыць з крывёю ягонай, ня ешце.

5 Запатрабую вось кроў жыцьцяў вашых ад усіх зьвяроў, і ад чалавека, ад кожнага брата ягонага запатрабую (адказнасьці за) жыцьцё чалавека.

6 Хто праліе кроў чалавечую, і таго будзе праліта кроў рукою чалавека, бо чалавек створаны на вобраз Божы.

7 А вы пладзіцеся і размнажайцеся, залюдняйце зямлю і валодайце ёю».

8 Вось што яшчэ сказаў Бог Ною і сынам ягоным:

9 «Я вось заключаю запавет Мой з вамі і з патомствам вашым пасьля вас

10 ды з усякаю істотаю жывою, каторая з вамі: з птушкамі, з жывёламі хатнімі і палявымі, якія пры вас, з усімі, каторыя выйшлі з каўчэгу, з усякімі зьвярамі на зямлі.

11 Я заключаю запавет з вамі так, што ўжо болей ніколі ня будзе зьнішчана ніводная істота жывая водамі патопу і ўжо ніколі ня будзе патопу, што нішчыць зямлю».

12 І далей казаў Бог: «А гэта знак запавету, які Я заключаю з вамі і кожнай істотай жывой, якая з вамі, на вечныя часы.

13 Вясёлку Маю кладу на хмарах, яна будзе знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю.

14 Калі расьцягну воблакі над зямлёю і калі пакажацца вясёлка на воблаках,

15 тады ўспомню на Мой запавет, які заключыў з вамі і ўсякаю жывой істотай, з кожным чалавекам, і ня будзе ўжо ніколі водаў патопу на гібель якога-колечы жывуна.

16 Калі будзе гэтая вясёлка на воблаках, гледзячы на яе, Я ўспомню на вечны запавет між Мною і ўсякімі жывунамі ў кожным целе, каторае ёсьць на зямлі».

17 І сказаў Бог Ною: «Гэта будзе знак запавету, які Я заключыў між Мною і ўсімі жывунамі, якія на зямлі».

18 Сынамі Ноя, каторыя выйшлі з каўчэгу, былі: Сэм, Хам і Яфэт. Хам быў бацькам Ханаана.

19 Гэтыя тры былі сынамі Ноя, і ад іх залюднілася ўся зямля.

20 Ной быў земляробам, і ён пасадзіў вінаграднік.

21 П'ючы віно, ён ап'янеў і ляжаў голы ў сваёй палатцы.

22 Хам, бацька Ханаана, убачыўшы голасць бацькі свайго, сказаў аб гэтым двум сваім братам, каторыя былі па-за палаткай.

23 Тады Сэм і Яфэт узялі плашч і, трымаючы на плячох сваіх, пайшлі задам і накрылі голасць бацькі свайго; твары іх былі зьвернуты назад, і яны ня бачылі голасці бацькі свайго.

24 Ной, прачнуўшыся па ап'яненьні ад віна і даведаўшыся, што яму зрабіў наймалодшы сын,

25 сказаў: «Пракляты Ханаан! Хай будзе ён слугою слугаў у братоў сваіх».

26 Потым сказаў: «Багаслаўлены Госпад, Бог Сэма! Хай Ханаан будзе ягоным слугою.

27 Хай распаўсюдзіць Бог Яфэта. І хай ён пражывае ў палатках Сэма, і хай Ханаан будзе яго слугою».

28 І жыў Ной па патопе трыста пяцьдзесят гадоў.

29 Усіх жа дзён Ноя было дзевяцьсот пяцьдзесят гадоў, і ён памёр.

 

Разьдзел 10

 

1 Вось гэтыя патомкі сыноў Ноя: Сэма, Хама і Яфэта. Па патопе нарадзіліся ім сыны.

2 Сыны Яфэта: Гамэр, Магог, Мадай, Яван, Тубаль, Мэшэх і Тырас.

3 Сыны Гамэра: Ашкеназ, Рыфат і Тогарма.

4 Сыны ж Явана: Эліша і Таршыш, Кіттым і Роданім.

5 Ад іх паходзяць жыхары ўзьбярэжжаў і астравоў, падзеленыя паводле сваіх рэгіёнаў і сваёй мовы, па плямёнах і паводле сваіх народаў.

6 Сыны Хама: Куш і Міцраім, Пут і Ханаан.

7 Сыны Куша: Сэба і Хавіля, Сабта, Рэгма і Сабтэха. Сыны Рэгмы: Шэба і Дэдан.

8 Куш быў бацькам Німрода. Ён быў першым магутным на зямлі,

9 і ён быў дужы паляўнічы на віду Госпада. Адсюль пайшла пагаворка: «Як Німрод, дужы паляўнічы перад Госпадам».

10 Спачатку валадарыў ён у Бабілёне, Эрэху, Акадзе і Кальне ў зямлі Шынэар.

11 З гэтае зямлі ён выйшаў у Асырыю і пабудаваў Нініву, Рэхабот-Ір і Калах,

12 і Рэсэн, вялікі горад між Нінівай і Калахам.

13 А Міцраім быў бацькам Люда, Анама, Ляаба, Нафтуха,

14 Патруса, Касьлюха і Кафтора, ад каторых паходзяць Філістынцы.

15 Ханаан жа меў сыноў: першароднага Сідона, Гета.,

16 пасьля Ебусея, Амарэя, Гіргашэя,

17 Гівэя, Аркея, Сінэя,

18 Арвада, Цэмарэя і Хаматэя; пасьля іх расьсеяліся Хананэйцы.

19 Мяжа Хананэйцаў праходзіла ад Сідону ў напрамку Герару аж да Газы, а пасьля ў напрамку Садомы і Гаморы, Адмы і Цэбоіма, аж да Ляшы.

20 Гэта патомкі Хама паводле іх плямёнаў, моваў, земляў і народаў.

21 Таксама Сэм, бацька ўсіх сыноў Гебэра, старэйшы брат Яфэта,

22 меў сыноў: Эляма, Ашура, Арпах-шада, Люда і Арама.

23 Сыны Арама: Уц, Гуль, Гетэр і Мэшэк.

24 А Арпахшад меў сына Шэляха, з каторага нарадзіўся Гебэр.

25 Гебэр жа меў двух сыноў: аднаго імя Пэлег, таму што ў днях яго разьдзялілася зямля, а імя брата яго - Ектан,

26 Ектан жа быў бацькам Альмадада, Шэлефа, Хацар-Мавэта і Ераха,

27 Гадарама, Узаля, Дэклі,

28 Абаля, Абімаэля, Шэбы,

29 Афіра, Хавіля і Ёбаба. Гэтыя ўсе сыны Ектана.

30 Месца іх пражываньня цягнулася ад Мэшы ў напрамку Сэфару аж да ўсходняй гары.

31 Яны сыны Сэма паводле плямёнаў, моваў, зямель і народаў.

32 Гэта вось плямёны сыноў Ноя паводле сваяцтва і паводле народаў. Ад іх распаўсюдзіліся народы на зямлі па патопе.

 

Разьдзел 11

 

1 Жыхары ўсёй зямлі мелі адну мову, значыць, аднолькавыя словы.

2 І калі яны вандравалі з усходу, сустрэлі раўніну ў зямлі Шынэар і там абжыліся.

3 І сказалі яны адзін аднаму: «Хадзіце, наробім цэглы і абпалім яе агнём». Дык замест каменьняў мелі яны цэглу, а смалу на месцы цэменту.

4 І вось сказалі яны: «Хадзем, зробім сабе горад і вежу, каторай верх будзе датыкацца неба, і гэтым зробім сабе імя, каб не расьцярушыліся мы па ўсёй зямлі».

5 І зыйшоў Госпад, каб убачыць горад і вежу, якую збудавалі сыны чалавечыя.

6 І сказаў Госпад: «Вось адзін народ і адна для ўсіх мова. Гэта вось пачатак іхняй працы, у далейшым нічога ня будзе для іх трудным, і ўсё, што задумаюць - зробяць.

7 Хадзем вось, зыйдзем, памяшайма іх мову, каб не маглі зразумець адзін аднаго».

8 І гэтак вось расьсеяў іх Госпад з таго месца па ўсёй зямлі, таму перасталі будаваць горад.

9 І дзеля таго быў названы ён (горад) Бабель, бо там была памяшаная мова ўсяе зямлі, і адтуль расьсеяў іх Госпад па ўсёй зямлі.

10 Гэтыя вось патомкі Сэма. Калі Сэм меў сто гадоў, нарадзіўся яму сын Арпахшад, праз два гады пасля патопу.

11 Па нараджэньні Арпахшада Сэм жыў пяцьсот гадоў і меў сыноў і дачок.

12 Арпахшад, пражыўшы трыццаць пяць гадоў, меў сына Шэляха.

13 А па нараджэньні Шэляха жыў Арпахшад чатырыста тры гады і меў сыноў і дачок.

14 Шэлях, пражыўшы трыццаць гадоў, меў сына Гебэра.

15 Па нараджэньні Гебэра жыў Шэлях чатырыста тры гады і меў сыноў і дачок.

16 Калі Гебэр меў трыццаць чатыры гады, нарадзіўся яму сын Пэлег.

17 А па нараджэньні Пэлега жыў Гебэр чатырыста трыццаць гадоў і меў сыноў і дачок.

18 Калі Пэлег меў трыццаць гадоў, нарадзіўся яму Рэў.

19 Па нараджэньні Рэва Пэлег жыў яшчэ дзьвесьце дзевяць гадоў і меў сыноў і дачок.

20 Рэў жа пражыў трыццаць два гады і меў сына Сэруга.

21 Па нараджэньні Сэруга пражыў яшчэ Рэў дзьвесьце сем гадоў і меў сыноў і дачок.

22 Сэруг пражыў трыццаць гадоў і меў сына Нахора.

23 Па нараджэньні Нахора Сэруг пражыў дзьвесьце гадоў, меў яшчэ сыноў і дачок.

24 Нахор пражыў дзьвесьце дзевяць гадоў і меў сына Тэраха.

25 Па нараджэньні Тэраха Нахор пражыў яшчэ сто дзевятнаццаць гадоў і меў сыноў і дачок.

26 Калі Тэрах меў семдзесят гадоў, нарадзіліся яму сыны Абрам, Нахор і Аран.

27 Такія вось дзеі патомкаў Тэраха. Тэрах быў бацькам Абрама, Нахора і Арана, а Аран быў бацькам Лёта.

28 Аран памёр яшчэ за жыцьцё Тэраха, бацькі свайго, у зямлі, у каторай нарадзіўся, у Уры Хальдэйскім.

29 Абрам і Нахор узялі сабе жонак. Імя жонкі Абрама - Сарай, а імя жонкі Нахора - Мілька. Яна - дачка Арана, каторы меў яшчэ другую дачку імем Іска.

30 Сарай была бясплодная і ня мела дзяцей.

31 Тэрах, узяўшы з сабой свайго сына Абрама, Лёта, сына Арана, а значыць свайго ўнука, і Сарай, сваю сыновую, жонку Абрама, падаўся зь імі з Уру Хальдэйскага, каб пайсьці зь імі ў зямлю Ханаан. Калі аднак прыбылі ў Харан, абжыліся там.

32 Тэрах дажыўся там дзьвесьце пяць гадоў жыцьця і памёр у Харане.

 

Разьдзел 12

 

1 І сказаў вось Госпад Абраму: «Выйдзі зь зямлі тваёй і ад радні тваёй, і з дому бацькі твайго ў зямлю, якую Я табе пакажу.

2 І Я зраблю зь цябе вялікі народ, і буду табе дабраславіць, і праслаўлю імя тваё, і ты будзеш дабраславенствам.

3 Я буду дабраславіць тым, каторыя будуць цябе дабраславіць, а тых, каторыя цябе будуць праклінаць, Я пракляну. У табе будуць дабраслаўлены ўсе народы зямлі».

4 І падаўся Абрам у дарогу, як яму загадаў Госпад, а за ім пайшоў і Лёт. Абрам меў семдзесят пяць гадоў, калі выйшаў з Харану.

5 І забраў Абрам з сабою сваю жонку Сарай, Лёта, сына брата свайго, і ўсю сваю маёмасьць, якую мелі, поруч слугаў, якіх набылі ў Харане, ды выйшлі, каб пайсьці ў зямлю Ханаан. Потым прыбылі яны ў зямлю Ханаан.

6 І прайшоў Абрам гэтую зямлю аж да мясцовасьці Сыхем, аж да дубровы Морэг. А ў той зямлі жылі тады Хананэйцы.

7 І вось явіўся Госпад Абраму і сказаў яму: «Гэтую зямлю Я дам патомству твайму». Дык ён пабудаваў там ахвярнік Госпаду, Які явіўся яму.

8 Адтуль перайшоў ён на ўзгорышча на ўсход ад Бэтэлю і паставіў палатку сваю, маючы Бэтэль на захадзе, а ад усходу - Гай. І там таксама пабудаваў ахвярнік Госпаду і прызываў імя Госпада.

9 Адсюль вандраваў Абрам зь месца на месца ў бок Нэгебу.

10 І запанаваў голад у той зямлі. Дык Абрам павандраваў у Эгіпет, каб пажыць там.

11 А калі набліжаліся яны да Эгіпту, сказаў ён жонцы сваёй: «Ведаю, што ты жанчына прыгожая,

12 дык калі ўбачаць цябе Эгіпцяне, скажуць: «Гэта жонка яго». І заб'юць мяне, а цябе пакінуць.

13 Дык кажы, што ты сястра мая, каб мне было добра дзеля цябе і каб я застаўся жывы з ласкі тваёй».

14 І сталася, калі Абрам прыйшоў у Эгіпет, Эгіпцяне ўбачылі, што Сарай ёсьць вельмі прыгожай жанчынай.

15 Убачылі яе таксама вяльможы фараона і вельмі хвалілі яе перад ім. І забралі жанчыну ў дом фараона,

16 а Абраму аднагародзілі шчодра дзеля яе. Атрымаў ён авечкі і валы, нявольнікаў і нявольніцаў, поруч аслоў і вярблюдаў.

17 Госпад жа наведаў фараона і дом ягоны страшнымі карамі дзеля Сарай, жонкі Абрама.

18 Дык паклікаў фараон Абрама і сказаў яму: «Што ты мне зрабіў? Чаму не сказаў мне, што яна жонка твая?

19 Чаму ты казаў: яна сястра мая, так што я ўзяў яе сабе за жонку? Вось табе жонка твая, бяры яе і ідзі!»

20 І даў фараон загад людзям сваім, каб Абрама і яго жонку, і ўсё, што ён меў, вывелі (да мяжы).

 

Разьдзел 13

 

1 І выйшаў Абрам з Эгіпту сам і жонка ягоная, і ўсё, што ён меў, ды разам зь Лётам, у Нэгеб.

2 І стаўся Абрам вельмі багатым жывёламі, серабром і золатам.

3 І вандраваў ён зь месца на месца з Нэгебу ў Бэтэль, аж да месца, дзе раней быў паставіў палатку між Бэтэлем і Гаем,

4 да таго месца, дзе раней быў пабудаваны ахвярнік і дзе ён прызываў імя Госпада.

5 Таксама Лёт, каторы вандраваў разам з Абрамам, меў авечкі, валы і палаткі,

6 і не хапала ім зямлі, каб жыць сумесна, бо маёмасьць іх была вялікая і не маглі яны жыць супольна.

7 Таму ўзьнікла сварка між пастухамі статкаў Абрама і пастухамі статкаў Лёта. А ў той час Хананэйцы і Пэрэзэі пражывалі ў той зямлі.

8 Дык сказаў Абрам Лёту: «Хай ня будзе сваркі між мной і табой, і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, браты ж мы!

9 Уся краіна перад табою! Дык прашу, адлучыся ад мяне! Калі пойдзеш налева, то я буду трымацца правага боку, а калі выбярэш правы бок, то я падамся ўлева».

10 Падняўшы тады вочы, Лёт убачыў усю ваколіцу каля Ярдану аж да Цаару, усю абвадняную, пакуль ня зьнішчыў Госпад Садомы і Гаморы, як рай Госпада і як Эгіпет.

11 І выбраў сабе Лёт усю мясцовасьць каля Ярдану і адступіў на ўсход. І так аддзяліліся брат ад брата свайго.

12 І абжыўся Абрам у зямлі Ханаан; Лёт жа апынуўся ў гарадах каля Ярдану і пашырыў палаткі аж да Садомы.

13 А Садомцы былі ліхімі і вялікімі грэшнікамі перад Госпадам.

14 Па адыходзе Лёта Госпад сказаў Абраму: «Падымі вочы свае і паглядзі з гэтага месца, дзе цяпер стаіш, на поўнач і на поўдзень, на ўсход і на захад,

15 бо ўсю зямлю, якую бачыш, Я дам табе і патомству твайму на вечнасьць.

16 І зраблю патомства тваё, як пясок зямлі. Калі хто зь людзей зможа палічыць пясок зямлі, тады і тваё патомства палічыць.

17 Устань і прайдзіся па зямлі ў даўжыню і шырыню яе, бо яе Я дам табе».

18 Дык зьняў Абрам палатку сваю і пайшоў, і абжыўся каля дубровы Мамрэ, каторая ў Геброне, і пабудаваў там ахвярнік Госпаду.

 

Разьдзел 14

 

1 У час Амрафэля, караля Шынэару, і Арыёха, караля Эльлясару, і Кедор-Ляга-мэра, караля Эляму, і Тыдаля, караля паганскага,

2 пачалі яны вайну супраць Бэры, караля Садомы, і супраць Біршы, караля Гаморы, і супраць Шынаба, караля Адамы, і супраць Шэмэбэра, караля Цэбоіма, і супраць караля Бэлы, або Цаару.

3 Гэтыя апошнія каралі прымірыліся між сабой у лагчыне Сідзьдзім, дзе сягоньня Салёнае Мора.

4 Дванаццаць гадоў служылі яны Кедор-Лягамэру, а ў трынаццатым годзе паднялі бунт.

5 А ў чатырнаццатым годзе прыйшоў Кедор-Лягамэр і іншыя каралі зь ім разам і пабілі Рэфаімаў у Аштэрот-Карнаіме, і Зузімаў у Гаме, і Эмімаў у Шавэ-Кірыятаіме,

6 і Харэяў у гарах Сэір аж да Эль-Парану, што ў пустыні.

7 І, вярнуўшыся адтуль, яны прыйшлі да Эн-Мішпату, значыць Кадэш, і пабілі Амалекцаў на ўсёй іхняй зямлі, а таксама Амарэйцаў, пражываючых у Хацанон-Тамары.

8 Тады каралі Садомы і Гаморы, кароль Адамы і кароль Цэбоіма, а таксама і кароль Бэлы або Цаару выступілі і ўшыкаваліся ў лагчыне Сідзьдзім да бою

9 з Кедор-Лягамэрам, каралём Эляму, і Тыдалем, каралём паганскім, і Амрафэлем, каралём Шынэару, і Арыёхам, каралём Эльлясару; чатыры каралі супраць пяці.

10 Лагчына ж Сідзьдзім мела многа смалавых ямаў. І вось каралі Садомы і Гаморы кінуліся ўцякаць і схаваліся ў тых ямах, а астатнія ўцяклі ў горы.

11 А пераможцы ўзялі ўсю маёмасьць Садомы і Гаморы і ўсе запасы харчоў і пайшлі.

12 Узялі яны таксама Лёта, сына брата Абрама, каторы жыў у Садоме, і маёмасьць яго.

13 А адзін з ацалеўшых прыбыў і паведаміў Абраму, Гебраю, каторы жыў каля дубровы нейкага Амарэйца, імем Мамрэ, брата Эшколя і брата Анэра, якія заключылі запавет з Абрамам.

14 Калі даведаўся Абрам, што ягоны брат Лёт у палоне, сабраў спасярод слугаў сваіх трыста васемнаццаць найбольш спраўных мужчынаў і пусьціўся ў пагоню аж пад Дан.

15 І, падзяліўшы сваіх людзей на дружыны, ноччу кінуўся на ворагаў і разьбіў іх, і гнаў іх аж да Гобы, што налева ад Дамашку.

16 І вярнуў ён усю маёмасьць, а таксама брата свайго Лёта зь ягонай маёмасьцю, жанчын і слугаў.

17 Калі Абрам па перамозе над Кедор-Лягамэрам і каралямі, каторыя зь ім былі, вяртаўся, пераняў яго ў лагчыне Шавэ, або Каралеўскай кароль Садомы.

18 А Мэльхісэдэк, кароль Салему, прынёс хлеб і віно, бо быў сьвятаром Бога Ўзвышняга,

19 і дабраславіў яго, і сказаў: «Хай будзе дабраслаўлены Абрам Богам Узвышнім, Каторы стварыў неба і зямлю.

20 Хай будзе дабраслаўлены Бог Узвышні, Каторы аддаў у рукі твае ворагаў тваіх». І даў яму (Абрам) дзесятую частку з усяго.

21 А кароль Садомы сказаў Абраму: «Аддай мне людзей, а маёмасьць вазьмі сабе».

22 Абрам адказаў каралю Садомы: «Падымаю руку сваю да Госпада, Бога Ўзвышняга, Творцы неба і зямлі,

23 што ані ніткі, ані раменьчыка ад сандалаў, нічога не вазьму з усяго таго, што табе належыцца, каб ты пасьля не казаў: «Гэта я ўзбагаціў Абрама»,

24 за выняткам таго, што пайшло на пракармленьне юнакоў, ды апроч часткі здабытай маёмасьці для тых, каторыя хадзілі са мною, - для Анэра, Эшколя і Мамрэ; хай яны возьмуць найлепшыя іх часткі».

 

Разьдзел 15

 

1 Пасьля гэтых здарэньняў прамовіў Госпад у зьяве да Абрама: «Ня бойся, Абраме! Я - апякун твой, нагарода твая вельмі вялікая».

2 Абрам сказаў: «О, Госпадзе Божа, што Ты дасі мне? Я пайду без дзяцей, спадкаемцам дому майго будзе Эліэзэр з Дамашку».

3 І дадаў Абрам: «Вось жа ня даў Ты мне патомка, дык народжаны мною слуга будзе маім спадкаемцам».

4 Але Госпад зноў прамовіў да яго: «Ня ён будзе спадкаемцам тваім, але той, каторы выйдзе з нутра твайго, яго будзеш мець спадкаемцам».

5 І вывеў яго Бог на двор і сказаў яму: «Глянь на неба і палічы зоркі, калі зможаш». І сказаў далей: «Такім будзе патомства тваё».

6 І паверыў ён Госпаду, і Ён залічыў гэта яму за заслугу.

7 І сказаў яму: «Я - Госпад, Каторы вывеў цябе з Уру Хальдэйскага, каб даць табе гэтую зямлю на ўласнасьць».

8 А ён сказаў: «Госпадзе Божа, з чаго магу ведаць, што я займею яе?»

9 Адказаў Госпад: «Вазьмі Мне трацячку ялаўку, і трохгадовую казу, і трохгадовага барана, турка і галубку».

10 Дык узяўшы ўсё гэта, Абрам паперасякаў іх уздоўж на палавіны і паперасяканыя часткі паклаў адну насупраць другой; але птушак не перасякаў.

11 Калі ж да гэтага мяса пачалі зьлятацца птушкі драпежныя, Абрам адагнаў іх.

12 А калі сонца хілілася на захад, моцны сон ахапіў Абрама, і вось страх вялікі апанаваў яго, і ахутала яго цемра.

13 І было сказана яму: «Ведай гэта добра, што патомкі твае будуць прыхаднямі ў зямлі не сваёй, і чатырыста гадоў будуць паняволены і перасьледаваны;

14 але народ, катораму будуць яны служыць, Я асуджу, і пасьля таго выйдуць яны зь вялікай маёмасьцю.

15 Ты вось пойдзеш да бацькоў сваіх у супакоі, у добрай старасьці будзеш пахаваны.

16 Твае патомкі вернуцца сюды ў чацьвёртым пакаленьні, калі ўжо дапоўніцца мера злачынстваў Амарэйцаў».

17 І калі ўжо зайшло сонца і стала непраніцальная цемра, паказаўся дым, як бы зь печы, і агонь, як гаручае полымя, прайшоў між расьсечанымі жывёламі.

18 У той дзень вось заключыў Госпад з Абрамам запавет, кажучы: «Я даю гэтую зямлю патомству твайму, ад ракі Эгіпецкай аж да вялікай ракі Эўфрат:

19 разам з Кенэямі, Кенэзэямі, Кадманеямі,

20 Гетытамі, Пэрэзэямі, Рэфаімамі,

21 Амарэйцамі, Хананейцамі, Гергесеямі і Ебусеямі.»

 

Разьдзел 16

 

1 А Сарай, жонка Абрама, не нарадзіла яму дзяцей, але мела яна нявольніцу Эгіпцянку імем Агар.

2 І сказала яна мужу свайму: «Вось, зачыніў Госпад мне ўлоньне, каб я не радзіла; дык увайдзі да служанкі маёй, можа зь яе атрымаю дзяцей». І Абрам паслухаў рады Сарай.

3 І Сарай, жонка Абрама, узяла служанку Агар, Эгіпцянку, і дала яе за жонку мужу свайму Абраму, калі ўжо мінула дзесяць гадоў, як Абрам пасяліўся ў зямлі Ханаан.

4 І Абрам уваходзіў да Агары, і яна пачала. Але ўбачыўшы, што пачала, яна стала пагарджаць гаспадыняй сваёй.

5 Тады сказала Сарай Абраму: «Крыўдзіш ты мяне; я табе дала служанку маю на ўлоньне тваё, і яна, чуючыся, што пачала, ганьбуе мною. Хай Госпад будзе судзьдзёю між мною і табой».

6 Абрам ёй адказаў: «Ведаеш, служанка твая ў рукох тваіх, зрабі зь ёй, як табе падабаецца». Сарай тады стала ўпакараць яе, і яна ўцякла ад яе.

7 Калі Анёл Госпадаў знайшоў яе каля крыніцы вады ў пустыні, пры крыніцы пры дарозе на Цур,

8 спытаўся ў яе: «Агар, нявольніца Сарай, адкуль ты прыйшла і куды ідзеш?» Яна адказала: «Я ўцякаю ад пані сваёй Сарай».

9 Сказаў ёй Анёл Госпадаў: «Вярніся да пані сваёй і пакорна падпарадкуйся ёй».

10 І Анёл Госпадаў паведаміў ёй: «Багата размножу патомства тваё, нельга будзе зьлічыць яго дзеля вялікасьці».

11 І далей сказаў ёй Анёл Госпадаў: «Вось, ты пачала і народзіш сына, і назавеш яго імем Ізмаэль, таму што Госпад пачуў пра гора тваё.

12 Ён будзе чалавекам, падобным да дзікага асла, будзе ён ваяваць супраць усіх, і ўсе - супраць яго; і будзе ён ставіць палаткі ва ўсіх акругах братоў сваіх».

13 І (Агар) назвала Госпада, прамаўляючага да яе: «Ты Бог, Каторы бачыш мяне». І сказала яна: «Напэўна бачыла я тут Таго, Хто бачыць мяне».

14 Дзеля таго студню гэтую назвалі Бээр-Ляхай-Рой. Яна паміж Кадэшам і Барэдам.

15 І нарадзіла Агар Абраму сына. І Абрам назваў народжанага яму Агарай сына імем Ізмаэль.

16 Абрам меў восемдзесят шэсьць гадоў, калі Агар нарадзіла яму Ізмаэля.

 

Разьдзел 17

 

1 А калі Абрам меў дзевяноста дзевяць гадоў, явіўся яму Госпад і сказаў яму: «Я - Бог Усемагутны. Хадзі перада Мной і будзь беззаганны.

2 Я заключу запавет Мой паміж Мной і табой і павялічу цябе вельмі-вельмі».

3 Абрам упаў вобліч, а Бог казаў яму:

4 «Вось угода Мая з табой. Ты будзеш бацькам многіх народаў.

5 Ня будзеш называцца Абрамам, але Абрагам будзе імя тваё. Устанавіў бо Я цябе бацькам многіх народаў.

6 Я дам табе разрастацца вельмі хутка, і выведу ад цябе народы, і будуць паходзіць ад цябе каралі.

7 І Я заключу запавет Мой паміж Мною і табой, і патомствам тваім па табе як запавет вечны, каб Я быў Богам тваім і па табе Богам патомства твайго.

8 І Я дам табе і патомству твайму па табе зямлю пілігрымаваньня твайго, усю зямлю Ханаан на ўласнасьць вечную, і Я буду ім Богам».

9 І зноў прамовіў Бог да Абрагама: «Ты вось беражы запавет Мой, ты і патомства тваё па табе з пакаленьня ў пакаленьне.

10 Гэта вось запавет Мой, які вы павінны захаваць паміж Мной і вамі, і патомствам тваім па табе. Хай будзе ў вас абрэзаны кожны мужчынскага роду.

11 Вы будзеце абразаць крайнюю часьць плоці вашай, каб было гэта на знак запавету паміж Мною і вамі.

12 У восьмы дзень ад нараджэньня хай будзе абрэзана ў вас дзіця мужчынскага роду з пакаленьня ў пакаленьне, і слуга, народжаны ў вашым доме або куплены за грошы, і кожны чужынец, каторы ня ёсьць тваім патомкам.

13 Мае быць абрэзаны народжаны ў доме тваім і куплены за грошы; вось гэтакі будзе запавет Мой на целе вашым, запавет вечны.

14 Неабрэзаны ж мужчынскага роду, каторы не абрэжа крайняй плоці сваёй (у восьмы дзень), хай будзе вылучана душа тая з народу свайго, бо ён парушыў запавет Мой».

15 І сказаў яшчэ Бог Абрагаму: «Сарай, жонку тваю, ня будзеш называць Сарай, але Сара будзе імя яе.

16 І Я буду дабраславіць ёй, і дам зь яе табе сына. Я буду дабраславіць ёй, і будзе яна маткай народаў, і зь яе паўстануць каралі народаў».

17 Абрагам упаў вобліч, і ўсьміхнуўся, і падумаў у сэрцы сваім: «Ці ж стогадоваму чалавеку можа нарадзіцца сын? Або дзевяностагадовая Сара ці можа радзіць?»

18 І сказаў Богу: «О, каб хоць Ізмаэль жыў перад воблікам Тваім!»

19 А Бог кажа яму: «Сара, жонка твая, народзіць табе сына, і ты назавеш імя яго Ізаак; і Я заключу запавет Мой зь ім як запавет вечны і з патомствам яго па табе.

20 Таксама адносна Ізмаэля Я выслухаў цябе: вось жа Я буду багаславіць яму, і дам расьці, і размножу яго вельмі; ён будзе мець дванаццаць князёў, і Я разрашчу яго ў вялікі народ.

21 Але ўстанаўлю запавет Мой зь Ізаакам, каторага народзіць табе Сара ў гэты час у наступным годзе».

22 І перастаў зь ім гаварыць, і адыйшоў Бог ад Абрагама.

23 Дык узяў Абрагам Ізмаэля, сына свайго, і ўсіх ураджэнцаў дому свайго, і ўсіх купленых, і ўсіх хатнікаў мужчынскага роду, і яшчэ таго самага дня абрэзаў крайнюю плоць іх, як загадаў яму Бог.

24 Абрагам меў дзевяноста дзевяць гадоў, калі абразаў плоць цела свайго,

25 а Ізмаэль, сын яго, меў трынаццаць гадоў, калі была абрэзана плоць яго.

26 Таго самага дня былі абрэзаны Абрагам і сын яго Ізмаэль,

27 а разам зь імі былі абрэзаны ўсе яго хатнія, слугі, народжаныя ў яго доме, або чужыя, купленыя за грошы.

 

Разьдзел 18

 

1 І явіўся Госпад Абрагаму каля дубровы Мамрэ, калі ён сядзеў ля ўваходу ў палатку ў самую сьпякоту дня.

2 Калі ён падняў вочы, убачыў: вось,тры чалавекі стаяць насупраць яго. Калі ён ўбачыў іх, то пасьпяшаўся ад дзьвярэй палаткі сваёй на спатканьне ім. І, пакланіўшыся ім да зямлі,

3 сказаў: «О, Госпадзе мой, калі знайшоў я ласку на віду ў Цябе, не мінай слугі Свайго.

4 Прынясуць крыху вады, і абмыеце ногі вашыя ды адпачніцё пад дрэвам.

5 А я прынясу лусту хлеба, і пасіліце сэрца вашае, а потым пойдзеце далей; бо вось павярнулі вы да слугі свайго». Яны сказалі: «Зрабі так, як сказаў».

6 І пасьпяшаў Абрагам у палатку да Сары і сказаў ёй: «Замяшай хутка тры меркі найлепшай мукі і напячы бондачак хлеба».

7 А сам пабег да статку і адтуль выбраў найсыцейшае цялё, і даў яго слузе, каб ён хутка сьпёк яго.

8 І прынёс таксама масла і малака, і цялё, якое сьпёк, і даў ім, а калі яны елі, стаяў перад імі пад дрэвам.

9 І папыталіся ў яго: «А дзе жонка твая, Сара?» Адказаў ім: «У гэтай вось палатцы».

10 І сказаў (адзін зь іх): «Калі ў гэты час за год зноў наведаю цябе, Сара, жонка твая, будзе мець сына». Пачуўшы гэта, Сара, стоячы за імі ля ўваходу ў палатку, засьмяялася.

11 Бо былі абое старыя падошлай старасьці, і звычайныя аб'явы ў жанчыны спыніліся.

12 Усьміхнулася яна ўнезаметку, думаючы: «Калі ўжо я састарэлася, і муж мой стары, ці маю мець асалоду?»

13 І сказаў Госпад Абрагаму: «Чаго сьмяецца Сара і кажа: ці сапраўды магу нарадзіць старая?

14 Ці ж Госпаду ёсьць што немагчымае? Калі наведаю цябе за год у гэты час, Сара будзе мець сына».

15 А Сара запярэчыла, кажучы: «Я не сьмяялася,» бо ахапіў яе страх. Але Госпад сказаў: «Не, сьмяялася!»

16 Дык тыя людзі падняліся і накіравалі вочы свае на Садому, а Абрагам разам пайшоў, праводзячы іх.

17 І сказаў Госпад: «Ці ж магу хаваць перад Абрагамам, што маю зрабіць?

18 Ён бо станецца народам вялікім і магутным, і ў ім атрымаюць дабраславенства ўсе народы на зямлі.

19 Бо выбраў Я яго, каб загадваў сынам сваім і радні сваёй па сабе, каб пільнаваліся дарогі Госпадавай і чынілі справядлівасьць і суд, каб выканаў Госпад Абрагаму ўсё тое, што сказаў яму».

20 І сказаў Госпад: «Скарга на Садому і на Гамору павялічылася, і грэх іхні надта цяжкі.

21 Дык зыйду і пагляджу, ці скарга, якая дайшла да Мяне, збываецца на дзеі, ці не?»

22 І павярнулі тыя людзі, і накіраваліся ў Садому. А Абрагам ўсё стаяў перад Госпадам.

23 І, падыйшоўшы да Яго, спытаў: «Ці загубіш справядлівага разам зь бязбожным?

24 Калі б прыпадкам у горадзе было пяцьдзесят справядлівых, ці сапраўды загубіш і не пашкадуеш таго месца дзеля пяцідзесяці справядлівых, калі б у ім былі?

25 Не рабі так, каб загубіў Ты справядлівага ды зь бязбожным, каб справядліваму было таксама, як і бязбожнаму! Не рабі! Ці ж судзьдзя ўсёй зямлі паступіць несправядліва?»

26 Госпад адказаў: «Калі знайду ў Садоме пяцьдзесят справядлівых сярод жыхароў, то дзеля іх прабачу ўсяму гораду».

27 І зноў Абрагам прамовіў: «Вось жа пачаў я прасіць Госпада майго, хоць я пыл і парахно.

28 А што, а калі б не хапала пяці сярод гэтых пяцідзесяці справядлівых, ці дзеля нястачы пяці зьнішчыш увесь горад?» Бог кажа: «Ня зьнішчу, калі знайду там сорак пяць».

29 Зноў зьвярнуўся Абрагам у гэтыя словы: «Калі б прыпадкам было там толькі сорак?» Кажа Бог: «Ня зьнішчу дзеля сарака».

30 «Ня гневайся на мяне, прашу, Госпадзе, калі папытаюся: Калі б часам знайшлося там трыццаць?» Адказаў Бог: «Ня зьнішчу, калі знайду тамака трыццаць».

31 «Дазволь, - кажа, - Госпадзе, зноў спытацца. Можа часам знайшлося там дваццаць?» Бог кажа: «Ня зьнішчу дзеля дваццаці».

32 «Вось жа, - кажа, - хай ня гневаецца Госпад мой, калі папытаюся яшчэ раз. Можа часам знайшлося б там дзесяць?» Адказаў Бог: «Ня зьнішчу дзеля дзесяці».

33 І скончыўшы размову з Абрагамам, Госпад пайшоў, а Абрагам вярнуўся ў сваё месца.

 

Разьдзел 19

 

1 Вечарам, калі Лёт сядзеў у браме гораду, прыбылі тыя два анёлы ў Садому, і ён, калі ўбачыў іх, падняўся і пайшоў на спатканьне ім, і ўшанаваў іх, паўшы на зямлю,

2 і сказаў: «Малю, валадары мае, загляньце ў дом слугі вашага і пераначуйце. Памыйце ногі вашыя і нараніцы выбярэцеся ў дарогу вашу». Яны адказалі: «Ніякім чынам, мы пераначуем на двары».

3 Але ён прасіў іх моцна, і яны накіраваліся да яго. І калі прыйшлі ў дом ягоны, ён справіў гасьціну, напёк прэсных бондаў, і яны пасіліліся.

4 Не ляглі яны яшчэ спаць, як людзі з гораду, жыхары Садомы, акружылі дом, ад малога да старога, увесь натоўп разам.

5 І выклікалі яны Лёта, і сказалі яму: «Дзе тыя людзі, што ўвайшлі да цябе ноччу? Выведзі іх да нас, каб мы пазналі іх».

6 Выйшаў да іх Лёт, замкнуўшы за сабою дзьверы, і кажа:

7 «Прашу, браты мае, не рабіце нічога благога.

8 Вось маю дзьве дачкі незамужнія. Выведу іх да вас, і вы, што вам падабаецца, рабіце зь імі, толькі мужчынам гэтым нічога не рабіце, бо яны прыйшлі ў цень даху майго».

9 Але яны сказалі: «Ідзі адсюль». І дадалі: «Сам прыблуда, і хоча судзіць? Дык вось цябе самога мы болей прыжмём, нячым іх». І накінуліся зь вялікай сілай на Лёта, і ўжо ледзь не выламалі дзьверы.

10 Тады тыя людзі выцягнулі рукі і ўцягнулі Лёта да сябе, і зачынілі дзьверы.

11 А тых, што былі на двары, ад найменшага да найбольшага, пакаралі сьлепатою так, што не маглі яны знайсьці дзьвярэй.

12 І сказалі тыя людзі Лёту: «Маеш тут яшчэ каго свайго? Зяця, сыноў або дачок, усіх, хто з тваіх ёсць у горадзе, выведзі з гэтага месца,

13 бо мы зьнішчым гэты горад, таму што скарга на яго дайшла да Госпада, і Ён паслаў нас, каб мы зьнішчылі яго».

14 Тады выйшаў Лёт і сказаў зяцям сваім, каторыя мелі жаніцца зь ягонымі дочкамі, і падганяў: «Уставайце, бяжым з гэтага месца, бо Госпад мае зьнішчыць горад». Ім жа здавалася, што ён жартуе.

15 На сьвітаньні анёлы падганялі Лёта, кажучы: «Уставай, бяры жонку сваю і дзьве дачкі, якія маеш тут, каб не загінуў ты праз злачыннасьць гораду».

16 А калі марудзіў, падхапілі тыя людзі яго за рукі, і жонку, і дзьве дачкі ягоныя, бо Госпад пашкадаваў іх,

17 і вывелі яго, і пакінулі за горадам. Там сказаў адзін зь іх: «Ратуй жыцьцё сваё, і не аглядайся назад, і не затрымоўвайся нідзе ў гэтай мясцовасьці, але ў гарах шукай ратунку, бо інакш прападзеш!»

18 Лёт сказаў ім: «Не, Госпадзе мой!

19 Вось жа, калі слуга Твой знайшоў ласку ў Цябе, і Ты ўславіў міласэрдзе Сваё, аказваючы яго мне, каб уратаваць жыцьцё маё, не магу хавацца ў гарах, каб не напаткала мяне гора, і не памёр я.

20 Вось жа горад гэты блізка, у які я магу ўцячы, малы, але ў ім уратуюся, дык што малы - захаваю жыцьцё сваё».

21 І сказаў яму: «Я ў гэтым таксама прыняў просьбу тваю, каб ня зьнішчыць гораду, у які ты прасіўся.

22 Сьпяшайся і ратуйся там, бо не магу нічога рабіць, пакуль туды ня ўвойдзеш». Таму і дадзена імя тому месцу Цаар.

23 Сонца паднялося ўжо над зямлёю, калі Лёт прыбыў у Сэгор.

24 Тады Госпад спусьціў на Садому і Гамору дождж серкі і агня ад Госпада зь неба,

25 і зьнішчыў гарады гэтыя і ўсю мясцовасьць кругом, усіх жыхароў гарадоў гэтых і ўсю зеляніну зямлі.

26 А жонка Лёта, аглянуўшыся за сябе, стала слупом солі.

27 Абрагам жа, падняўшыся рана, пайшоў на тое месца, дзе стаяў раней перад Госпадам,

28 і глянуў на Садому і Гамору, і на ўвесь той абшар. І ўбачыў дым густы, быццам зь печы, які падымаўся над зямлёй,.

29 Так вось Бог, нішчучы гарады гэтай мясцовасьці, памятаючы на Абрагама, ухаваў Лёта ад гібелі з гарадамі, у якіх ён пражываў.

30 І выйшаў Лёт з Цаару, і абжыўся разам з дзьвюма дачкамі сваімі ў гарах, бо баяўся заставацца ў тым горадзе. І жыў у пячоры сам і абедзьве дачкі яго.

31 І сказала старэйшая малодшай: «Бацька наш стары, а ніводнага з мужчынаў не засталося на зямлі, каторы б мог прыйсьці да нас па звычаю ўсёй зямлі.

32 Хадзі, напоім бацьку нашага віном і будзем спаць зь ім, каб зьберагчы маглі патомства ад бацькі нашага».

33 І далі яны ў тую ноч бацьку свайму піць віно; і ўвайшла старэйшая, і спала з бацькам. Ён жа ня чуў, ані калі яна лягла, ані калі ўстала.

34 На другі дзень кажа старэйшая малодшай: «Я вось учора спала з бацькам маім. Дайма яму піць віно таксама ў гэтую ноч, і ты ўвойдзеш, і будзеш спаць зь ім, каб захаваць патомства ад бацькі нашага».

35 І далі яны і ў гэтую ноч бацьку свайму піць віно, і ўвайшла малодшая дачка, і спала зь ім. А ён таксама ня чуў, ані калі яна лягла, ані калі ўстала.

36 І так абедзьве дачкі Лёта пачалі ад бацькі свайго.

37 І нарадзіла старэйшая сына, і назвала імя яго - Мааб. Ён ёсьць бацькам Маабцаў аж па сёньняшні дзень.

38 Малодшая таксама нарадзіла сына і назвала яго імем Бэн-Амі. Ён ёсьць бацькам сыноў Амона аж да сягоньня.

 

Разьдзел 20

 

1 Адсюль Абрагам перабраўся ў зямлю Нэгэб, і абжыўся між Кадэшам і Шурам. А калі прабываў ён у Герары,

2 казаў аб сваёй жонцы: «Яна мая сястра». Дык Абімэлех, кароль Герару, паслаў людзей і забраў яе.

3 І прыйшоў Бог да Абімэлеха ноччу ўва сьне і кажа яму: «Ты вось памрэш дзеля жанчыны, каторую ўзяў, яна бо мае мужа».

4 А Абімэлех не дакранаўся яе, дык адказаў: «Госпадзе, ці ж і народ справядлівы будзеш забіваць?

5 Ці ж ён сам не сказаў мне: «Яна сястра мая», і яна казала таксама: «Ён брат мой». У прастаце сэрца свайго і ў чыстасьці рук маіх я зрабіў гэта».

6 І сказаў яму Бог ува сьне: «Я ведаю, што ў прастаце сэрца ты зрабіў гэта, і таму бярог цябе, каб ты не саграшыў адносна Мяне, і не дапусьціў, каб ты дакрануўся яе.

7 Цяпер вось вярні жонку мужу ейнаму, бо ён прарок, і будзе маліцца за цябе, і ты будзеш жыць. Калі ж не захочаш вярнуць, то ведай, што памрэш ты і ўсе, хто твае».

8 І зараз жа нараніцы, падняўшыся, склікаў Абімэлех усіх слугаў сваіх і расказаў ім усе гэтыя словы. І людзі дужа спужаліся.

9 І паклікаў Абімэлех Абрагама і сказаў яму: «Што ты зрабіў нам? Чым я саграшыў табе, што ты навёў на мяне і на каралеўства маё вялікі грэх? Што ты не павінен быў зрабіць, зрабіў мне».

10 І зноў сказаў: «Што ты думаў, робячы гэта?»

11 Абрагам адказаў: «Я разважаў так: на гэтым месьце напэўна няма страху Божага, дык заб'юць мяне дзеля жонкі маёй.

12 Дарэчы, яна сапраўды сястра мая, як дачка бацькі майго, але зь іншай маткі. І яна сталася маёй жонкай.

13 Калі мне Бог казаў выйсьці з дому бацькі майго і вандраваць, я сказаў ёй: «Акажы ты мне гэту ласку: у кожным месцы, куды прыбудзем, ты кажы, што я брат твой».

14 Дык узяў Абімэлех авечак, валоў і слугаў, і служанак і даў Абрагаму. І вярнуў яму Сару, жонку ягоную,

15 і сказаў: «Вось зямля мая перад табой, дзе б табе падабалася - жыві».

16 А Сары сказаў ён: «Даю брату твайму тысячу сыкляў серабра. Хай для ўсіх, каторыя з табой, будзе табе доказам, што ты безь віны».

17 І Абрагам памаліўся да Бога, і Бог аздаравіў Абімэлеха і жонку ягоную, і ягоныя нявольніцы, каб маглі мець патомства.

18 Госпад бо дакрануў бясплоднасьцю ўсе ўлоньні ў доме Абімэлеха за Сару, жонку Абрагама.

 

Разьдзел 21

 

1 Наастатак аказаў Госпад сваю ласку Сары, як абяцаў, і зьдзейсьніў тое, што прадказваў.

2 І яна пачала, і нарадзіла Абрагаму сына ў той вось час, які Бог вызначыў.

3 І Абрагам даў сыну свайму, каторага Сара нарадзіла яму, імя Ізаак.

4 І абрэзаў Абрагам Ізаака, калі той меў восем дзён, як яму Бог загадаў.

5 Абрагам меў сто гадоў, калі яму нарадзіўся сын ягоны, Ізаак.

6 І Сара казала: «Прычыну да сьмеху даў мне Бог, хто ні пачуе пра мяне, будзе сьмяяцца».

7 І зноў казала: «Хто б адважыўся сказаць Абрагаму: Сара будзе грудзьмі карміць дзяцей, а ўсё ж такі я нарадзіла сына міма старых гадоў майго мужа».

8 І дзіця вырасла, і было аднятае ад грудзей. І Абрагам справіў вялікі баль у той дзень, у які Ізаак быў адняты ад грудзей.

9 А Сара, бачучы, што сын Эгіпцянкі Агары, каторага яна нарадзіла Абрагаму, насьміхаецца зь Ізаака,

10 сказала Абрагаму: «Выгані гэтую нявольніцу разам зь яе сынам, бо сын гэтай нявольніцы ня будзе спадкаемцам з сынам маім, Ізаакам».

11 Прыкра прыняў гэта Абрагам дзеля сына свайго.

12 Але вось Бог сказаў яму: «Хай табе не здаецца прыкрым тое, што сказала Сара пра хлопца і пра тваю нявольніцу. Паслухай яе, бо толькі ад Ізаака будзе названа патомства тваё.

13 Але і з сына нявольніцы Я зраблю вялікі народ, бо ён ёсьць тваім патомкам».

14 І ўстаў назаўтра Абрагам рана, узяў хлеба і мех вады, і даў Агары, ускладаючы ёй на плечы, і адправіў яе разам зь дзіцем. Яна ж пайшла і цягалася па пустыні Бээр-Шэба.

15 А калі ня стала вады ў мяху, яна палажыла дзіця пад адным кустом,

16 потым адыйшла і села далёка, на стрэл лука, і сказала сабе: «Няхай ня ўбачу сьмерці дзіцяці». І седзячы насупраць, пачала ўголас плакаць.

17 І Бог пачуў крык дзіцяці. І Анёл Госпадаў азваўся зь неба да Агары, кажучы: «Што табе, Агар? Ня бойся, пачуў вось Бог крык дзіцяці адтуль, дзе знаходзіцца.

18 Устань, падымі дзіця, вазьмі яго рукою сваёй, бо Я зь яго зраблю вялікі народ».

19 І адкрыў Бог ёй вочы, і ўбачыла яна студню з вадой. Яна пайшла, напоўніла мех вадой і дала хлопцу напіцца.

20 І Бог быў зь ім, і ён рос і жыў на пустыні, і зрабіўся стральцом з лука.

21 І пражываў ён на пустыні Паран, а маці падабрала яму жонку зь зямлі Эгіпецкай.

22 У той час Абімэлех і Піколь, начальнік ягонага войска, сказалі Абрагаму: «Бог з табой у-ва ўсім, што ты робіш.

23 Дык злажы тут, на гэтым месцы, прысягу на Бога, што ты ані адносна мяне, ані адносна майго патомства бліжэйшага не дапусьцішся здрады, але як я абыходзіўся з табой, так і ты будзеш абыходзіцца са мной і зь зямлёй, у каторай гасьціш прыбыльцам».

24 Абрагам сказаў: «Прысягаю».

25 Прытым аднак упікнуў Абрагам Абімэлеха за студню з вадой, якую слугі яго забралі сілай.

26 Адказаў Абімэлех: «Ня ведаю, хто гэта зрабіў. Але ані ты мне гэтага не казаў, ані я ня чуў пра гэта аж да сёньня».

27 Дык узяў Абрагам авец і валоў і даў Абімэлеху, і так абодва заключылі запавет.

28 І паставіў Абрагам сем ягнят са стада асобна.

29 І спытаўся Абімэлех у яго: «Пашто сем ягнят гэтых ты паставіў асобна?»

30 А ён адказаў: «Сем ягнят атрымаеш з рукі маёй, каб былі мне сьведчаньнем, што я выкапаў гэтую студню».

31 Таму месца тое названае Бээр-Шэба, бо тут абодва прысяглі.

32 Так у Бээр-Шэбе ўвайшлі яны ў запавет.

33 Пасьля вось Абімэлех і Піколь, начальнік войска ягонага, вярнуліся ў зямлю Філістынцаў. А Абрагам пасадзіў лес у Бээр-Шэбе і прызываў там імя Госпада, Бога Вечнага.

34 І жыў Абрагам як чужынец у зямлі Філістынцаў многія дні.

 

Разьдзел 22

 

1 Па гэтых падзеях Бог захацеў выспрабаваць Абрагама, і сказаў яму: «Абрагаме!» Ён адказаў: «Вось я».

2 І сказаў Бог: «Вазьмі сына адзінага свайго, якога любіш, Ізаака, і ідзі ў зямлю Морыя, і ахвяруй там яго ў цэлапаленьне на адной гары, якую Я табе пакажу».

3 Дык Абрагам устаў рана, асядлаў асла свайго, узяў з сабою двух юнакоў сваіх і Ізаака, сына свайго. І нанёс ён дроваў на паленьне, і ўстаў, і выбраўся ў мясцовасьць, пра якую загадаў яму Бог.

4 У трэці вось дзень, падняўшы вочы, убачыў ён у далечыні гэтую мясцовасьць,

5 і сказаў юнакам сваім: «Застанецеся тут з аслом; а я з сынам пайду туды і паклонімся Богу, і вернемся да вас».

6 І ўзяў Абрагам дровы на спаленьне ахвяры, і ўзлажыў іх на сына свайго, Ізаака. А сам нёс у рукох агонь і нож. Калі так абодва ішлі разам,

7 Ізаак спытаўся ў бацькі свайго: «Айцец мой», ён адказаў: «Што хочаш, сыне?» «Вось жа, - кажа ён, - агонь і дровы, а дзе ж ахвяра на спаленьне?»

8 Адказаў яму Абрагам: «Бог угледзіць сабе ахвяру на спаленьне, сын мой». Ды ішлі абодва далей.

9 І прыбылі да месца, якое Бог паказаў. На тым месцы Абрагам пабудаваў ахвярнік і палажыў наверх дровы. Пасьля зьвязаў Ізаака, сына свайго, і палажыў яго на ахвярніну на дровы,

10 і выцягнуў руку сваю Абрагам, і хваціў нож, каб злажыць сына свайго ў ахвяру.

11 А вось жа Анёл Госпадаў азваўся да яго зь неба: «Абрагаме, Абрагаме». Ён адказаў: «Вось я».

12 Анёл сказаў: «Не падымай рукі сваёй на хлопца, і не рабі яму нічога благога! Цяпер пераканаўся Я, што ты баішся Бога і не пашкадаваў сына свайго адзінага дзеля Мяне».

13 І падняў Абрагам вочы свае, і ўбачыў барана нейкага, увязанага за рогі ў церні. Узяў ён яго і злажыў у цэлапальную ахвяру замест сына.

14 І назваў Абрагам месца тое: «Госпад бачыць». Адсюль і да сягоньняшняга дня кажуць: «На гары Госпад даецца ўбачыць».

15 І азваўся другі раз Анёл Госпадаў зь неба да Абрагама:

16 «Прысягаю на Самога Сябе, - кажа Госпад, - за тое, што ты ўчыніў гэта і не пашкадаваў сына свайго адзінага,

17 буду дабраславіць табе і дам табе патомства так многае, як зоркі на небе і як пясок на беразе мора. Патомства тваё завалодае гарадамі ворагаў сваіх;

18 і атрымаюць дабраславенства ў патомстве тваім усе народы зямлі, бо ты паслухаў голасу Майго».

19 І вярнуўся Абрагам да юнакоў сваіх, і падаўся зь імі ў дарогу, і пайшлі ў Бээр-Шэбу, і абжыўся Абрагам ў Бээр-Шэбе.

20 Пасьля гэтых падзеяў паведамілі Абрагаму, што Мілька таксама нарадзіла ягонаму брату Нахору сыноў:

21 Уца, сына першароднага, і Буза, брата яго, і Кемуэля, бацьку Арама,

22 і Кесэда, і Хазо, і Пільдаша, і Едляфа,

23 і Бэтуэля, зь якога нарадзілася Рэбэка. Восем гэтых сыноў нарадзіла Мілька Нахору, брату Абрагама.

24 А наложніца ягоная імем Рэўма нарадзіла таксама Тэбаха і Гахама, Тахаша і Мааху.

 

Разьдзел 23

 

1 Сара жыла сто дваццаць сем гадоў.

2 І памерла яна ў Кірыят-Арбе, значыць Геброне, у зямлі Ханаан; і прыйшоў Абрагам, каб смуткаваць па Сары і плакаць па ёй.

3 А па заканчэньні абраду паховінаў прамовіў ён да сыноў Гета, кажучы:

4 «Я ў вас чужынец і пасяленец, дык прадайце мне тут у вас магілу на ўласнасьць, каб мог я пахаваць сваю памёршую».

5 А сыны Гета адказалі Абрагаму:

6 «Паслухай нас, гаспадару, князь Божы ты ў нас; дык пахавай сваю памёршую ў найлепшай з магілаў нашых. Ніхто з нас табе не забароніць, каб ты пахаваў сваю памёршую ў яго магіле».

7 Тады Абрагам паўстаў і, аддаўшы паклон народу зямлі гэтай, значыць сынам Гетавым,

8 сказаў ім: «Калі вы згаджаецеся, каб я пахаваў памёршую сваю, то паслухайце мяне, папрасіце за мяне Эфрона, сына Цахара,

9 каб даў мне пячору Махпэля, якую мае ён на канцы поля свайго. За адпаведную цану хай мне прадасьць яе, каб сярод вас меў я магілу на ўласнасьць».

10 А Эфрон сядзеў сярод сыноў Гета. І Эфрон Гетыт, пры ўсіх сынах Гета, каторыя зыйшоўшыся былі пры браме гораду іхняга, адказаў Абрагаму ў гэтыя словы:

11 «Ніколі ня будзе так, пане мой, паслухай мяне. Даю табе поле і пячору, якая на ім, у прысутнасьці сыноў народу майго, хавай нябожчыка свайго».

12 Абрагам пакланіўся перад народам той зямлі,

13 і сказаў Эфрону ўслых народу той зямлі: «Прашу, паслухай мяне. Я даю грошы за гэтае поле, прымі іх, і тады пахаваю памёршую сваю на ім».

14 А Эфрон адказаў Абрагаму, кажучы яму:

15 «Гаспадару мой, паслухай мяне. Зямля вартая чатырыста сыкляў серабра, сума невялікая для мяне і цябе - хавай сваю памёршую!»

16 І паслухаў Абрагам Эфрона, і адважыў грошы на суму, якую Эфрон назваў у прысутнасьці Гетытаў, чатырыста сыкляў серабра, якія былі тады ў ужытку.

17 Так вось поле Эфрона ў Махпэлі блізка Мамрэ, дзе была пячора на ім, ды ўсе дрэвы на ім уздоўж граніцы кругом

18 сталіся ўласнасьцяй Абрагама, у прысутнасьці Гетытаў і ўсіх, каторыя былі ўвайшоўшы ў браму іхняга гораду.

19 Пасьля пахаваў Абрагам Сару, жонку сваю, у пячоры на полі Махпэлі, блізка Мамрэ, значыць Геброну, у зямлі Ханаан.

20 Адсюль поле і пячора, што была на ім, перайшлі ад Гетытаў да Абрагама, як магіла на ўласнасьць на хаваньне памёршых.

 

Разьдзел 24

 

1 І састарэўся Абрагам, і быў многіх гадоў, і Госпад дабраславіў яму ў-ва ўсім.

2 І сказаў Абрагам слузе, загадчыку дому свайго, каторы распараджаўся ўсім, што ў яго было: «Палажы руку сваю пад бядро мне

3 і прысягні на Госпада, Бога неба і Бога зямлі, што ня возьмеш жонкі для сына майго з дачок Хананейскіх, сярод якіх жыву,

4 але пойдзеш у зямлю маю і да радні маёй, і адтуль возьмеш жонку сыну майму, Ізааку».

5 Слуга адказаў: «Калі б жанчына не хацела са мною прыйсьці ў гэту зямлю, ці павінен я тады завесьці сына твайго ў зямлю, зь якой ты паходзіш?»

6 Абрагам сказаў: «Сьцеражыся, каб не завесьці туды сына майго.

7 Госпад, Бог неба, Каторы забраў мяне з дому бацькі майго і з радзімай зямлі маёй, Ён сказаў мне і запрысягнуў мне, і сказаў: «Гэтую зямлю Я дам патомству твайму». Ён пашле анёла Свайго перад табою, і ты возьмеш адтуль жонку сыну майму.

8 Калі б жанчына не хацела ісьці з табою, тады ты ня будзеш зьвязаны прысягай. Сына толькі не завядзі туды».

9 І палажыў слуга руку сваю пад бядро Абрагама, гаспадара свайго, і прысягнуў яму ў гэтай справе.

10 Дык вось слуга ўзяў з сабою дзесяць вярблюдаў, запар каштоўнасьці свайго гаспадара і падаўся ў Арам-Нагараім, у горад, дзе пражываў Нахор.

11 І пакінуў ён вярблюды для адпачынку па-за горадам каля студні пад вечар, у той час, калі жанчыны выходзяць чэрпаць ваду.

12 І маліўся ён: «Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, прашу, пашлі яе мне сёньня насустрач і акажы міласэрдзе гаспадару майму Абрагаму.

13 Вось жа я стаю каля студні з вадой, і дочкі жыхароў гэтага гораду прыходзяць чэрпаць ваду.

14 Дык хай дзяўчына, каторай я скажу: «Нахілі мне збан твой, каб мог напіцца», а яна адказала б: «Пі сам, і вярблюдам тваім я дам напіцца», вось гэта тая, якую выбраў Ты слузе Твайму, Ізааку, і з гэтага зразумею, што Ты аказваеш міласэрдзе гаспадару майму».

15 Ня скончыў ён словаў гэтае малітвы, аж вось Рэбэка, дачка Бэтуэля, сына Мількі, жонкі Нахора, брата Абрагама, выйшла, маючы збан на плячы.

16 А была дзяўчына тая вельмі прыгожая, дзеўка не замужняя. Яна зыйшла да крыніцы і зачэрпнула поўны збан, і вярталася.

17 І пераняў яе слуга, і кажа: «Дай мне крыху напіцца вады з твайго збана».

18 Яна адказала: «Пі, гаспадару мой», і шыбка спусьціла збан свой на руку сваю, і напаіла яго.

19 І, калі напаіла яго, сказала: «Я начэрпаю для вярблюдаў тваіх вады, пакуль усе нап'юцца».

20 І зараз жа выліла ваду са збана ў паіла, і пабегла зноў да студні зачэрпнуць вады, і начэрпала для ўсіх яго вярблюдаў.

21 Ён жа моўчкі са зьдзіўленьнем глядзеў на яе, каб пераканацца, ці ўшчасьлівіць Госпад падарожжа яго, ці не.

22 А калі вярблюды напіліся, дастаў ён залаты кольчык у паўсыкля вагі і разам узлажыў на яе рукі дзьве залатыя бранзалеты ў дзесяць сыкляў вагі,

23 і папытаўся: «Скажы мне, чыя ты дачка, і ці ў доме твайго бацькі знойдзецца месца для нас на начлег?»

24 А яна сказала: «Я дачка Бэтуэля, сына Мількі, каторага яна нарадзіла Нахору».

25 І дадала, кажучы: «Хопіць у нас саломы і пашы, а такжа месца на пераначаваньне».

26 Тады чалавек той схіліў галаву і, пакланіўшыся Госпаду,

27 сказаў: «Няхай будзе дабраслаўлены Госпад, Бог гаспадара майго Абрагама, Каторы ня ўхіліў міласэрдзя Свайго і вернасьці Сваёй ад гаспадара майго. Мяне ж Госпад прывёў да дому братоў гаспадара майго».

28 І пабегла дзяўчына, і расказала дома маці сваёй усё, што здарылася,

29 А Рэбэка мела брата імем Лябан, каторы пасьпешна пайшоў да чалавека туды, дзе была крыніца.

30 Калі ўбачыў ён кольчык і бранзалеты на руках сваёй сястры і пачуў, як Рэбэка гаварыла, што ёй той чалавек сказаў гэта, ён пайшоў да чалавека, каторы стаяў каля вярблюдаў недалёка ад студні з вадой,

31 і сказаў яму: «Увайдзі, дабраслаўлены Госпадам, чаго стаіш на двары? Я прыгатаваў дом і месца для вярблюдаў».

32 І ўвёў яго ў сьвятліцу, а сам расьсядлаў вярблюдаў і даў саломы і корму вярблюдам, і падаў вады на ўмыцьцё ног яму і мужчынам, што прыйшлі разам зь ім.

33 Калі падалі таму чалавеку пасілак, ён сказаў: «Ня буду есьці, пакуль не скажу справы сваёй». І сказалі (яму): «Кажы».

34 І ён пачаў: «Я - слуга Абрагама.

35 Госпад дабраславіў у асаблівы спосаб майму гаспадару, дзеля таго стаўся ён багатым. Ён даў яму авечак і валоў, серабро і золата, слугаў і служанак, вярблюдаў і аслоў.

36 А Сара, жонка ягоная, нарадзіла гаспадару майму сына ў сваёй старасьці. Яму вось аддаў ён усё, што меў.

37 І гаспадар мой загадаў мне прысягнуць, што споўню яго даручэньне: «Ня возьмеш сыну майму жонкі з дачок Хананейскіх, у зямлі каторых жыву,

38 але падасіся ў дом бацькі майго і ў радню маю, і возьмеш адтуль жонку сыну майму».

39 Я тады сказаў гаспадару майму: «А калі б жанчына не хацела са мной ісьці?»

40 «Госпад, - кажа ён, - на віду ў Якога жыву, пашле анёла Свайго з табой, і ён пакіруе дарогай тваёй. Возьмеш сыну майму жонку з радні маёй і з дому бацькі майго.

41 Не вінаваты будзеш у клятве маёй, калі прыбудзеш да сваякоў маіх, і не дадуць табе; тады вольны будзеш ад клятвы маёй».

42 Дык прыбыў я сёньня да крыніцы і сказаў: «Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, каб жа Ты кіраваў дарогай маёй, у якой цяпер знаходжуся.

43 Вось я стаю каля крыніцы вады; і дзяўчына выйдзе чэрпаць ваду, і я скажу ёй: «Дай мне крыху вады напіцца са збана твайго».

44 І скажа яна мне: «І ты пі, і вярблюды твае я напаю», - гэта тая жанчына, якую прызначыў Госпад сыну гаспадара майго.

45 Заледзь перастаў я так у духу маліцца, паказалася Рэбэка, прыходзячы са збанам, які несла на плячы. І зыйшла яна да крыніцы, і начэрпала вады. А я кажу ёй: «Дай мне крыху піць».

46 Яна хутка зьняла збан з пляча і сказала мне: «І ты пі, і дам напіцца вярблюдам тваім «. Напіўся я і напаіў вярблюдаў.

47 І спытаўся ў яе: «Чыя ты дачка?» Яна адказала: «Я - дачка Бэтуэля, сына Нахора, якога нарадзіла яму Мілька». Дык павесіў я кольчыкі ў ноздры яе і ўзлажыў бранзалеты на рукі ейныя.

48 І, упаўшы, пакланіўся Госпаду, дабраславячы Госпада, Бога гаспадара майго Абрагама, Які прывёў мяне простай дарогай, каб узяў дачку брата гаспадара майго сыну ягонаму.

49 Дзеля таго, калі акажаце ласку і вернасьць гаспадару майму, паведаміце мне, а калі не - скажыце, я тады падамся направа або налева».

50 Тады Лябан і Бэтуэль так адказалі: «Ад Госпада выйшла гэтае намярэньне; мы ня можам сказаць па-за воляй Яго што іншае табе.

51 Вось Рэбэка перад табой. Вазьмі яе і ідзі, і хай будзе яна жонкаю сына гаспадара твайго, як сказаў Госпад».

52 Калі пачуў гэта слуга Абрагама, упаў на зямлю і пакланіўся Госпаду.

53 Затым, выняўшы серабраныя і залатыя рэчы і шаты, даў іх Рэбэцы, і даў каштоўныя рэчы брату яе і маці.

54 Тады елі і пілі ён сам і мужчыны, якія былі зь ім, і там пераначавалі. А ўстаўшы нараніцы, сказаў слуга: «Пусьціце мяне, каб вярнуўся я да гаспадара майго».

55 Брат ейны і маці адказалі: «Хай застанецца дзяўчына прынамсі дзесяць дзён у нас, а потым адыйдзе».

56 «Не затрымоўвайце мяне, - кажа ён, - бо Госпад кіраваў дарогаю маёй. Адпусьціце мяне, каб я пасьпяшыў да гаспадара майго».

57 Сказалі яны: «Паклічам дзяўчыну і запытаемся пра яе волю».

58 Калі пакліканая прыйшла, запыталіся яе: «Хочаш ісьці з гэтым чалавекам?» Яна кажа: «Пайду».

59 Дык адпусьцілі Рэбэку, сястру сваю, і карміліцу яе, і слугу Абрагама, і людей ягоных.

60 І дабраславілі Рэбэку, і сказалі ёй: «Сястра наша, расьці ў тысячы тысячаў, і хай патомства тваё здабудзе брамы сваіх ворагаў!»

61 Тады Рэбэка і ейныя нявольніцы селі на вярблюдаў і падаліся ў дарогу за тым чалавекам. І слуга Абрагама забраў так Рэбэку, і выехаў.

62 А Ізаак, каторы ў той час жыў у Нэгэбе, акурат вяртаўся ад студні Ляхай-Рой.

63 І выйшаў Ізаак на поле наадвячорак разагнаць думкі. Калі падняў ён вочы, убачыў вярблюдаў надыходзячых.

64 Рэбэка таксама падняла вочы і ўбачыла Ізаака, і зьсела зь вярблюда.

65 І папыталася ў слугі: «Што гэта за чалавек, што ідзе праз поле на спатканьне нам?» Ён сказаў ёй: «Сам гаспадар мой». Тады Рэбэка ўзяла вэлюм і закрыла сабе твар.

66 А слуга ўсё, што чыніў, расказаў Ізааку.

67 І той увёў яе ў палатку Сары, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку за жонку, і пакахаў яе, і яна была пацехай яму па сьмерці маткі яго.

 

Разьдзел 25

 

1 Абрагам узяў яшчэ іншую жонку імем Кетура.

2 Яна нарадзіла яму Зімрана, Екшана, і Мэдана, і Мадыяна, і Ішбака, і Шуаха.

3 А Екшан быў бацькам Шэбы і Дэдана. Сынамі Дэдана былі Ашурым, і Летушым, і Леюмім.

4 А з Мадыяна нарадзіліся Эфа, і Эфэр, і Генох, і Абіда, і Эльдаа. Усё гэта сыны Кетуры.

5 І аддаў Абрагам усё, што меў, Ізааку.

6 Сыноў жа наложніцаў сваіх абдарыў дарамі і аддзяліў іх ад Ізаака, сына свайго, яшчэ пры жыцьці сваім, на ўсход.

7 Абрагам пражыў сто семдзесят пяць гадоў.

8 І наблізіўся канец яго жыцьця, і памёр Абрагам у позьняй, але шчасьлівай старасьці, насычаны жыцьцём, і палучыўся са сваімі бацькамі.

9 Ізаак і Ізмаэль, сыны ягоныя, пахавалі яго ў пячоры Махпэля, на полі Эфрона, сына Цахара Гетыта зь мясцовасьці Мамрэ,

10 якую Абрагам купіў ад сыноў Гета. Там пахаваны сам і Сара, жонка ягоная.

11 А па сьмерці яго дабраславіў Бог Ізааку, сыну ягонаму, каторы жыў каля студні Ляхай-Рой.

12 А вось патомкі Ізмаэля, сына Абрагама, каторага нарадзіла Абрагаму Эгіпцянка Агар, нявольніца Сары.

13 Вось імёны сыноў Ізмаэля, імёны патомкаў іхніх: Нэбаёт, першародны сын Ізмаэля, далей Кедар, Адбээль, і Мібсам.

14 Мішма, Дума і Масса,

15 Гадад і Тэма, Етур, Нафіш і Кедма.

16 Вось сыны Ізмаэля, і такія разам мясцовасьці, у якіх яны прабывалі або пасяліліся, дванаццаць князёў іх плямёнаў.

17 Ізмаэль у сто трыццаць сем гадоў дайшоў да канца жыцьця, і памёр, і палучыўся з бацькамі сваімі.

18 А патомкі яго пражывалі ад Хавілі аж да Шура, насупраць Эгіпту па дарозе ў Асырыю. І пасяліліся яны на віду ўсіх сваіх братоў.

19 Гэта дзеі патомкаў Ізаака, сына Абрагама. Абрагам быў бацькам Ізаака.

20 Ізаак меў сорак гадоў, калі ўзяў сабе жонку Рэбэку, дачку Бэтуэля, Арамейца з Паддан-Араму, сястру Лябана Арамейца.

21 І маліўся Ізаак за сваю жонку да Госпада, бо была яна няплоднай. І Госпад выслухаў яго, і Рэбэка, жонка Ізаака, сталася цяжарнай.

22 А калі біліся ў ейным улоньні дзеці, яна падумала: «Калі так бывае, дык чаму ў мяне?» І пайшла папытацца Госпада.

23 І Госпад адказаў ёй: «Два народы ў тваім лоне, і два народы выдзяляцца з нутра твайго: адзін будзе дужэйшы ад другога, і старэйшы будзе слугой малодшага».

24 Калі надыйшоў час родаў, выявілася, што ва ўлоньні яе двайняты.

25 І выйшаў першы сын чырвоны, увесь, як кажух, касматы; і назвалі яго Эзаў.

26 Потым паказаўся брат яго, трымаючы Эзава за пяту. Таму дадзена яму імя Якуб. Ізаак меў шэсьцьдзесят гадоў, калі яны яму нарадзіліся.

27 А калі яны выраслі, Эзаў стаўся спрытным паляўнічым, чалавекам палёў; а Якуб быў чалавекам ціхім і пражываў у палатках.

28 Ізаак любіў Эзава, таму што любіў страву з упаляваных ім зьвяроў, а Рэбэка любіла Якуба.

29 Калі аднойчы Якуб варыў нейкую страву, надыйшоў з поля Эзаў надта змучаны

30 і прасіў Якуба: «Дай мне хоць крыху гэтай чырвонай стравы, бо я надта стомлены». Дзеля гэтай прычыны дадзена яму імя Эдом.

31 Якуб сказаў яму: «Прадай мне перш сваё першародзтва».

32 Ён адказаў: «Калі ледзь не ўміраю з голаду, што мне паможа першародзтва?»

33 Якуб кажа: «Дык прысягні мне». І прысягнуў ён, і прадаў першародзтва.

34 І так атрымаў хлеб і сачэвіцу, зьеў і выпіў, і ўстаў, і пайшоў, мала зважаючы, што прадаў першародзтва.

 

Разьдзел 26

 

1 Калі настаў голад на зямлі, другі з чаргі па тым, які быў за часоў Абрагама, Ізаак падаўся да Абімэлеха, караля Філістынскага, у Герар.

2 І явіўся яму Госпад, і кажа: «Не ідзі ў Эгіпет, але жыві ў той зямлі, якую Я пакажу табе.

3 Вандруй па той зямлі, а Я буду з табой і буду дабраславіць табе. Бо табе і твайму патомству Я аддаю ўсю гэтую зямлю і стрымаю прысягу, якую даў твайму бацьку Абрагаму,

4 што размножу патомства тваё, як зоркі на небе, поруч дам твайму патомству ўсе гэтыя землі. І ў тваім патомстве будуць дабраслаўлены ўсе народы зямлі,

5 таму што Абрагам паслухаў голасу Майго і выконваў прыказаньні і загады Мае, і даручэньні, і закон».

6 І абжыўся Ізаак у Герары.

7 А калі людзі таго месца пыталіся яго пра жонку ягоную, ён адказваў: «Гэта сястра мая». Бо баяўся прызнацца, што яна зьвязана зь ім сужонствам, каб дзеля прыгажосьці яе не забілі яго часам.

8 Калі так пражываў даўжэйшы час, аднойчы Абімэлех, кароль Філістынскі, гледзячы праз вакно, угледзіў Ізаака, каторы сьмяяўся міла да Рэбэкі, як да жонкі.

9 І паклікаў тады Абімэлех Ізаака, і сказаў: «Дык яна жонка твая! Чаму ты хлусіш, што яна - сястра твая?» Адказаў (Ізаак): «Бо баяўся, што памру дзеля яе».

10 І сказаў Абімэлех: «Чаму ты зрабіў гэта нам? Мог бы хто з народу ўвайсьці да жонкі тваёй, і гэтым зацягнуў бы вялікі грэх на нас». І загадаў ён усяму народу, кажучы:

11 «Хто дакрануўся б гэтага чалавека і жонкі ягонай, будзе пакараны сьмерцю».

12 І вось сеяў Ізаак у той зямлі, і сабраў у тым годзе стакротны плён, і дабраславіў яму Госпад.

13 І ставаўся штораз багацейшы той чалавек, і паступова стаўся дужа багаты.

14 І меў ён многія статкі авечак і валоў, і мноства слугаў. Дзеля таго Філістынцы з зайздросьцілі яму,

15 і засыпалі зямлёй усе студні, каторыя калісьці выкапалі слугі бацькі яго, Абрагама.

16 Сам жа Абімэлех сказаў Ізааку: «Адыйдзіся ад нас, бо ты багацейшы за нас!»

17 Дык Ізаак адыйшоў адтуль і паставіў палаткі каля ракі ў Герары, і там абжыўся.

18 І зноў капаў студні, каторыя выкапалі ў час бацькі яго, Абрагама, а каторыя па сьмерці Абрагама засыпалі Філістынцы. І назваў ён іх тымі ж назвамі, якімі назваў іх бацька.

19 І капалі слугі Ізаака ў даліне (ручаю), і натрапілі там на крыніцу жывой вады.

20 Але і там паднялі звадку пастухі Герарскія супраць пастухоў Ізаака, якія казалі: «Гэта наша вада!» Таму і студню тую назвалі Эсэк, бо вадзіліся за яе.

21 І выкапалі яны іншую студню, і за яе спрачаліся, і назвалі яе Сітна.

22 І выбраўся Ізаак адтуль, і выкапаў іншую студню, пра якую ўжо не спрачаліся, і назваў яе Рэхабот, кажучы: «Цяпер пашырыў нас Госпад, і мы разрастаемся на зямлі».

23 І перасяліўся ён з таго месца ў Бээр-Шэбу.

24 І аб'явіўся яму Госпад у тую ноч, і сказаў: «Я - Бог Абрагама, бацькі твайго. Ня бойся, бо Я з табой, Я буду дабраславіць табе, і размножу патомства тваё дзеля слугі Майго, Абрагама».

25 І ён пабудаваў там ахвярнік і, прызваўшы імя Госпада, паставіў палатку, а слугі яго выкапалі там студню.

26 Пасьля прыбылі з Герару Абімэлех і Ахузат, прыяцель яго, поруч Піколь, начальнік войска.

27 Ізаак сказаў ім: «Чаго вы прыйшлі да мяне, чалавека, якога зьненавідзелі і выгналі ад сябе?»

28 Яны адказалі: «Бачылі мы, што з табой Госпад, і таму сказалі: Хай будзе паміж намі і табой клятва, і мы ўвойдзем з табой у запавет,

29 каб ты нам нічога не зрабіў благога, як і мы ня скрыўдзілі цябе, і нічога табе не зрабілі апрача дабра, і спакойна адпусьцілі цябе. Бо ты дабраслаўлены Госпадам».

30 І ён зрабіў ім банкет, і яны напіліся і наеліся.

31 І, устаўшы нараніцы, запрысягліся ўзаемна. Правёў іх Ізаак, і яны пайшлі.

32 У той дзень прыйшлі слугі Ізаакавы і паведамілі яму пра студню, што выкапалі, кажучы: «Знайшлі мы ваду».

33 Адсюль назвалі яе Шыбэа, і гэта назва дадзена гораду Бээр-Шэба аж па сягоньняшні дзень.

34 Калі Эзаў меў сорак гадоў, узяў за жонку Юдыту, дачку Бээры Гетыта, і Басэмат, дачку Элёна Гетыта.

35 Яны былі прычынай прыкрасьці для Ізаака і Рэбэкі.

 

Разьдзел 27

 

1 Калі Ізаак састарэў, зацягнула вочы яму, і ён ня мог бачыць. І паклікаў ён сына свайго старэйшага, Эзава, і сказаў яму: «Сын мой!» Ён адказаў: «Вось я».

2 І бацька кажа яму: «Бачыш, што я састарэў, і ня ведаю дня сьмерці сваёй.

3 Дык вазьмі зброю сваю, сагайдак і лук, і ідзі ў поле. Калі на паляваньні што ўпалюеш,

4 прыгатуеш мне з таго страву, якую люблю, і прынясеш, каб я паеў, а я ад душы табе дабраслаўлю перш, чым памру».

5 А Рэбэка чула, як Ізаак гаварыў з сынам сваім, Эзавам. І пайшоў Эзаў у поле, каб упаляваць штосьці і прынесьці,

6 а Рэбэка сказала сыну свайму, Якубу: «Я вось чула, як бацька твой гаварыў з Эзавам, братам тваім, і казаў яму:

7 «Прынясі мне з паляваньня твайго і зрабі мне яду, каб я паеў, і я дабраслаўлю цябе перад Госпадам, перш, чым памру».

8 Дык цяпер, сын мой, слухай, што я табе скажу і што загадаю табе.

9 Пасьпяшы да статка і прынясі мне двух найлепшых казьлянятаў, а я зраблю зь іх бацьку твайму пасілак, які ён вельмі любіць.

10 Як прынясеш яго бацьку твайму, ён зьесьць і дабраславіць цябе, перш, чым памрэ».

11 Ён ёй адказаў: «Ведаеш жа, што брат мой, Эзаў, касматы чалавек, а я гладкі.

12 Калі памацае мяне бацька і пазнае, баюся, каб не падумаў, ён што я яго ашукваю, бо навяду тады на сябе праклён, а не дабраславенства».

13 Кажа яму маці: «Хай на мяне спадзе гэты праклён, сын мой, толькі паслухай, што я кажу, і пасьпяшы прынесьці, што я загадала».

14 І ён пайшоў, і прынёс, і аддаў маці. І прыгатавала яна ежу, як хацеў бацька ягоны,

15 і адзела яго ў самае добрае адзеньне Эзава, якое мела ў сябе дома.

16 А рукі яго абкруціла скуркамі казьлінымі, і таксама шыю закрыла.

17 І дала яна найлепшую страву і хлеб, які сьпякла, у рукі сына свайго, Якуба.

18 І ён, увайшоўшы да бацькі свайго, сказаў: «Бацька мой!» А той адказаў: «Слухаю. Хто ты, сын мой?»

19 Сказаў Якуб бацьку свайму: «Я Эзаў, першародны твой. Зрабіў я, як ты мне загадаў; уставай, сядзь і еш з упаляваньня майго, каб дабраславіла душа твая мяне».

20 І зноў азваўся Ізаак да сына свайго: «Як гэта так скора мог ты знайсьці дзічыну?» Ён адказаў: «Воля Госпада, Бога твайго, была, што гэта мне ўдалося».

21 Ізаак сказаў Якубу: «Хадзі бліжэй сюды, каб дакрануцца цябе, сын мой, і праверыць, ці ты - сын мой Эзаў, ці не?»

22 І падыйшоў ён да бацькі, а той, дакрануўшыся яго, сказаў: «Голас Якуба, але рукі, рукі Эзава».

23 І не пазнаў яго, бо касматыя рукі яго былі, як рукі старэйшага, і дабраславіў яго.

24 І спытаў яго: «Ці ты сын мой, Эзаў?» Той адказаў: «Я».

25 Кажа яму: «Прынясі мне, што ты ўпаляваў, сын мой, каб дабраславіла цябе душа мая». І прынёс яму, і ён спажыў, і даў яму таксама віно, і ён пакаштаваў.

26 І сказаў яму (Ізаак), бацька ягоны: «Хадзі да мяне і пацалуй мяне, сын мой».

27 Ён прыйшоў і пацалаваў яго. Адразу, як пачуў Ізаак пах адзеньня яго, дабраславіў яму: «Вось жа пах сына майго, як водар поля запоўненага, каторае пабагаславіў Госпад.

28 Хай дасьць табе Бог расу зь неба і шчодрасьць зямлі, і ўраджайнасьць збожжа і віна.

29 Хай служаць табе народы і пакланяюцца плямёны. Будзь гаспадаром над братамі тваімі, і хай даюць табе паклон сыны маткі тваёй! Кожны, хто будзе цябе дабраславіць, хай будзе дабраслаўлены».

30 Калі Ізаак кончыў дабраславіць Якуба, і Якуб выйшаў ад бацькі свайго, Ізаака, надыйшоў Эзаў, брат яго,

31 і прынёс звараную ежу з упаляваньня свайго, і сказаў бацьку: «Устань, айцец мой, і еш з упаляваньня сына твайго, каб дабраславіла мяне душа твая».

32 І сказаў яму бацька ягоны: «Хто ты?» Ён адказаў: «Я - сын твой першародны, Эзаў».

33 Ізаак стрывожыўся надта і спытаўся: «Дык хто ж гэта быў, што ўпаляваў дзічыну і прынёс мне, і я еў яе перш, чым ты вярнуўся, і дабраславіў яго? Дык жа гэта ён атрымаў дабраславенства!»

34 Калі Эзаў пачуў гэтыя словы бацькі свайго, заплакаў горка, і лямантаваў, і казаў бацьку: «Дай і мне дабраславенства, мой тата!»

35 Але Ізаак сказаў: «Прыйшоў падступна брат твой і забраў тваё дабраславенства!»

36 Тады сказаў Эзаў: «Справядліва назвалі імя яго Якуб! Двойчы мяне ашукаў: пазбавіў мяне першародзтва, а цяпер адабраў ад мяне дабраславенства!» І сказаў ён: «Ці не захаваў ты мне дабраславенства?»

37 Ізаак на гэта сказаў: «Устанавіў вось я яго гаспадаром тваім і ўсіх братоў яго падпарадкаваў яму; абдарыў яго шчодрасьцю збожжа і віна, дык што ж магу для цябе ўчыніць, мой сыне?»

38 Але Эзаў сказаў бацьку: «Ці ж ты меў толькі адно дабраславенства, мой тата? Дабраслаў таксама і мяне, айцец мой!» І Эзаў расплакаўся ўголас.

39 На гэта Ізаак даў яму такі адказ: «Ня будзе ўраджайная зямля, у каторай будзеш жыць, і ня будзе там расы зь неба,

40 зь мяча жыць будзеш і будзеш слугою твайго брата! А прыйдзе час, калі супрацівішся і скінеш ярмо яго з сваіх плячэй».

41 Дык зьненавідзеў Эзаў Якуба дзеля дабраславенства, якім дабраславіў яго бацька, і сказаў у сваім сэрцы: «Калі прыйдуць дні жалобы па бацьку маім, заб'ю Якуба, брата свайго».

42 Калі Рэбэка даведалася пра тое, што казаў Эзаў, ейны старэйшы сын, загадала паклікаць Якуба і сказала яму: «Эзаў, брат твой, пагражае забіць цябе.

43 Дык вось, сын мой, паслухай мяне і, рана ўстаўшы, уцякай да Лябана, брата майго, у Харан.

44 Пажывеш зь ім нейкі час, пакуль ня спыніцца ярасьць брата твайго,

45 а калі праміне абурэньне ягонае, ён забудзе пра тое, што ты зрабіў яму. Потым я пашлю і забяру цябе адтуль сюды. Чаму ў адзін дзень мела б згубіць аднаго і другога сына?»

46 І сказала Рэбэка Ізааку: «Ня мілае мне жыцьцё з гэтымі Гетыткамі. Калі яшчэ Якуб возьме сабе жонку Гетытку, або адну з гэтых жанчын, каторыя жывуць у гэтай зямлі, то няма чаго мне жыць!»

 

Разьдзел 28

 

1 Тады паклікаў Ізаак Якуба, і дабраславіў яго, і загадаў яму: «Не бяры сабе жонкі з дачок Ханаану.

2 Устань, ідзі ў Паддан-Арам, да сям'і Бэтуэля, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе там за жонку адну з дачок Лябана, дзядзькі свайго.

3 А Бог Усемагутны будзе табе дабраславіць і зробіць цябе плодным, і дасьць табе шматлікае патомства, і ты станеш бацькам многіх плямёнаў.

4 Дабраславенства, атрыманае Абрагамам, дасьць таксама табе і твайму патомству, каб займеў ты на ўласнасьць зямлю, у якой пражываеш, і якую калісьці Бог даў Абрагаму».

5 І выправіў Ізаак Якуба ў дарогу, і ён пайшоў у Паддан-Арам да Лябана, сына Бэтуэля, Арамейца, брата Рэбэкі, маці Якуба і Эзава.

6 А Эзаў, бачучы, што бацька яго дабраславіў Якуба і паслаў яго ў Паддан-Арам, каб адтуль узяў жонку, ды што на дабраславенстве загадаў яму: «Не бяры жонкі з дачок Ханаану»,

7 і што Якуб, паслухмяны бацькам сваім, пайшоў у Паддан-Арам,

8 і, даведаўшыся таксама, што ягоны бацька ня любіць дачок Ханаану,

9 пайшоў да Ізмаэля і ўзяў жонку - апрача тых, што меў, - Махалат, дачку Ізмаэля, сына Абрагама, сястру Нэбаёта.

10 А Якуб выйшаў з Бээр-Шэбы і павандраваў у Харан.

11 І вось трапіў ён на адно месца, і там заначаваў, бо ўжо сонца зайшло. І ўзяў ён ляжачы там камень, і падлажыў сабе пад галаву, і заснуў на тым месцы.

12 Ува сьне бачыў ён драбіну, што абапіралася на зямлю, а верхам дасягала неба, і запар анёлаў Божых, узыходзячых па ёй і зыходзячых уніз.

13 І бачыў ён Госпада, Які стаіць на версе яе і кажа яму: «Я - Госпад, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ізаака. Зямлю, на якой сьпіш, Я дам табе і патомству твайму.

14 Патомства тваё будзе так вялікае, як пыл зямлі, і ты распаўсюдзішся на захад і на ўсход, на поўнач і на поўдзень. У табе і ў патомстве тваім усе пакаленьні зямлі будуць дабраслаўлены.

15 І вось, Я з табою, і буду берагчы цябе, куды б ты не пайшоў, і прывяду цябе ў гэтую зямлю, і не пакіну цябе, пакуль ня выпаўню, што табе абяцаю».

16 Калі Якуб прабудзіўся зо сну, сказаў: «Сапраўды, Госпад прабывае на гэтым месцы, а я ня ведаў».

17 І, праняты трывогай, сказаў: «Як страшным ёсьць гэтае месца! Ні што іншае тут, як, хіба, дом Божы і брама ў неба».

18 Дык устаўшы нараніцы, Якуб узяў камень, які быў падложаны пад галаву, і паставіў, як слуп, і абліў зьверху алеем.

19 І назваў месца гэтае Бэтэль, а ранейшая назва гэтага месца была Люз.

20 І злажыў Якуб такое шлюбаваньне: «Калі Бог будзе са мной і будзе мяне берагчы ў гэтай дарозе, якою я вандрую, і дасьць мне хлеб есьці і адзежу адзявацца,

21 і калі шчасьліва вярнуся ў дом бацькі свайго, і Госпад будзе Богам маім,

22 то гэты камень, які я паставіў як слуп, будзе домам Бога. І з усяго, што Ты дасі мне, я ахвярую Табе дзесятую частку».

 

Разьдзел 29

 

1 Так вандруючы, прыйшоў Якуб у зямлю сыноў Усходу.

2 І ўбачыў там студню ў полі, а таксама тры стады авечак, ляжачых каля яе, бо зь яе паілі жывёлу. А вусьце студні прыкрываў вялікі камень.

3 І быў звычай, што калі зьбіраліся ўсе авечкі, то адпіхвалі камень і па напаеньні стадаў зноў закладалі вусьце студні.

4 І запытаўся ён у пастухоў: «Браты, адкуль вы?» Яны адказалі: «З Харану».

5 Ён запытаў зноў іх: «А ці ведаеце Лябана, сына Нахора?» Яны сказалі: «Ведаем».

6 І запытаўся: «А здаровы ён?» яны адказалі: «Здаровы, а вось і дачка яго, Рахель, надыходзіць са стадам».

7 Ён сказаў: «Яшчэ многа дня застаецца, і ня час зганяць стады, дык дайце піць авечкам і яшчэ іх папасіце».

8 Яны ж сказалі: «Ня можам паіць, пакуль ня згоняць усе стады і не адпіхнуць каменя з-над вусьця студні, і тады будзем паіць авечак».

9 Калі так Якуб зь імі размаўляў, Рахель падыйшла са стадам авечак бацькі свайго, бо яна пасьвіла іх.

10 І калі Якуб убачыў Рахелю, дачку Лябана, брата маці сваёй, а таксама статак таго ж Лябана, падыйшоў, адсунуў камень з-над вусьця студні

11 і напаіў статак Лябана, брата маці сваёй. А потым пацалаваў Рахелю і расплакаўся ўголас,

12 і сказаў ёй, што ён сястранец бацькі яе, сын Рэбэкі. А яна пабегла і распавяла гэта бацьку свайму.

13 А калі Лябан пачуў навіну, што Якуб - сын сястры ягонае, выбег яму на спатканьне, абняў яго і пацалаваў, і ўвёў у дом свой. Тады вось Якуб расказаў Лябану пра ўсё.

14 І сказаў Лябан Якубу: «Ты сапраўды косьць мая і цела маё!» А калі Якуб пражыў у Лябана месяц,

15 сказаў яму Лябан: «Ці за тое, што ты брат мой, ты мне задарма будзеш служыць? Скажы, якую плату хочаш?»

16 А меў Лябан дзьве дачкі: імя старэйшай Лія, а малодшая называлася Рахель.

17 Вочы Ліі былі хворыя, а Рахель была складная і мілага выгляду.

18 Яе пакахаў Якуб, дык сказаў: «Буду табе служыць за Рахелю, дачку тваю меншую, сем гадоў».

19 Лябан адказаў: «Лепш табе яе аддам, чым другому юнаку, заставайся ў мяне».

20 І служыў Якуб за Рахелю сем гадоў, і выдаваліся яму кароткія дні дзеля вялікай любові.

21 І сказаў ён Лябану: «Дай мне дачку сваю за жонку, каб мог я зь ёй жыць, бо дагавораны час мінуў».

22 Дык той, склікаўшы ўсіх людзей гэтай мясцовасьці на баль, зрабіў вясельле.

23 А вечарам узяў Лію, дачку сваю, і ўвёў яе да яго, і ён увайшоў да яе.

24 І даў Лябан служку імем Зільпа для дачкі. Нараніцы агледзеўся Якуб, што гэта была Лія.

25 І сказаў ён Лябану: «Што ты гэта мне зрабіў? Ці ж не за Рахель я служыў табе? Чаму ты мяне ашукаў?»

26 Лябан адказаў: «У нашай мясцовасьці няма звычаю, каб малодшую выдаваць замуж перад старэйшай.

27 Будзь тыдзень з гэтаю, а потым дамо табе другую, за каторую, аднак, адслужыш у мяне сем іншых гадоў».

28 І Якуб згадзіўся на гэта, і пражыў тыдзень з гэтаю, а потым Лябан даў Рахелю, дачку сваю, яму за жонку.

29 І Рахелі даў Лябан таксама нявольніцу, Більгу, каб ёй дапамагала.

30 І Якуб увайшоў да Рахелі і кахаў яе болей, чым Лію. І служыў ён у Лябана яшчэ сем гадоў.

31 А Госпад, бачучы, што (Якуб) зьнелюбіў Лію, адкрыў яе лона, а Рахель была няплоднай.

32 І Лія пачала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Рубэн, кажучы: «Глянуў Госпад на маё ўпакарэньне, цяпер муж мой будзе мяне любіць».

33 А калі зноў пачала і нарадзіла сына, сказала: «Госпад пачуў, што я зьнялюблена, і даў мне гэтага сына», і назвала яго імем Сымон.

34 Потым зноў пачала і нарадзіла сына, і сказала: «Ужо цяпер муж мой прытуліцца да мяне, бо я нарадзіла яму трох сыноў», і таму назвала яго імем Леві.

35 І чацьвёрты раз яна пачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Цяпер я буду славіць Госпада», і дзеля таго назвала яго Юда, і перастала нараджаць.

 

Разьдзел 30

 

1 А Рахель, бачучы, што ня можа даць Якубу патомства, зайздросьціла сваёй сястры, і сказала мужу: «Дай мне дзяцей, інакш памру».

2 Раззлаваны, адказаў ёй Якуб: «Ці гэта я, а ня Бог пазбавіў цябе патомства?»

3 А яна сказала на гэта: «Вось нявольніца мая, Більга. Увайдзі да яе, каб нарадзіла яна на маіх каленях, і буду я мець дзяцей зь яе».

4 І дала яна яму сваю нявольніцу Більгу за жонку,

5 якая па тым, як увайшоў да яе Якуб, пачала і нарадзіла сына.

6 І сказала Рахель: «Судзіў мяне Бог, і выслухаў просьбу маю, даючы мне сына». І таму назвала яго Дан.

7 І зноў Більга, нявольніца Рахелі, пачала, і нарадзіла Якубу другога сына.

8 І сказала Рахель: «Ваяваньнем Божым ваявала я зь сястрою сваёй, і перамагла». І назвала яго Нэфталі.

9 А Лія, чуючы, што перастала нараджаць, узяла нявольніцу сваю, Зільпу, і дала яе за жонку Якубу.

10 І тая нарадзіла Якубу сына.

11 І сказала Лія: «Шчасьце!» І дзеля таго дала яму імя Гад.

12 Нарадзіла таксама Зільпа, нявольніца Ліі, другога сына Якубу.

13 І сказала Лія: «На шчасьце маё! Шчасьлівай мяне назавуць жанчыны». Таму назвала яго Асэр.

14 І выйшаў аднойчы Рубэн на поле ў час жніва пшаніцы, і знайшоў мандрагоры, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. Тады Рахель сказала: «Дай мне мандрагоры твайго сына».

15 А Лія адказала на гэта: «Ня досыць табе, што ты мне мужа забрала, дык яшчэ хочаш забраць мандрагоры майго сына?» Рахель загаманіла: «Хай ён сьпіць з табой гэтай ночы за мандрагоры твайго сына».

16 І калі Якуб вяртаўся з поля вечарам, Лія пераняла яго і сказала: «Прыйдзі да мяне, бо я купіла цябе за мандрагоры майго сына». І ён спаў зь ёй у гэтую ноч.

17 І выслухаў Бог Лію, і яна пачала, і нарадзіла Якубу пятага сына,

18 і сказала: «Даў мне Бог заплату, бо я дала мужу свайму сваю нявольніцу». І назвала яго імем Ісахар.

19 І зноў Лія пачала, і нарадзіла Якубу шостага сына,

20 і сказала: «Надарыў мяне Бог добрым падарункам, гэтым разам уганараваў мяне муж мой тым, што нарадзіла яму шэсьць сыноў». І таму назвала яго імем Забулён.

21 Наастатак нарадзіла дачку імем Дзіна.

22 І прыпомніў Бог таксама Рахелю, і выслухаў яе, і адкрыў улоньне яе.

23 І яна пачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Зьняў зь мяне Бог ганьбу маю».

24 І назвала імя яго Язэп, і сказала: «Хай дасьць мне Госпад яшчэ аднаго сына!»

25 Калі Рахель нарадзіла Язэпа, Якуб сказаў Лябану: «Адпусьці мяне, бо хачу вярнуцца на бацькаўшчыну, у зямлю сваю.

26 Дай мне жонак і дзяцей маіх, за каторых я служыў табе, бо хачу вярнуцца. Ты ведаеш добра, як я табе служыў».

27 Кажа яму Лябан: «О, каб я знайшоў ласку на віду ў цябе! Я пераканаўся, што Госпад дабраславіў мне дзеля цябе.

28 Устанаві, якую заплату маю даць табе».

29 А ён кажа Лябану: «Ты сам ведаеш, як верна я служыў табе, і як разрасталіся твае стады дзякуючы рукам маім.

30 Ня многа ты меў, калі я да цябе прыбыў, а цяпер павялічылася вельмі маёмасьць твая, дабраславіў бо табе Госпад з прыходам маім. А цяпер я хачу паклапаціцца і пра сваю сям'ю».

31 На гэта Лябан сказаў: «Што маю табе даць?» А ён адказаў: «Нічога мне не давай! Калі споўніш, пра што цябе папрашу, то зноў буду пасьвіць і берагчы твае стады.

32 Я прайду сягоньня па ўсіх стадах авечак тваіх; і аддзялю зь іх усякую жывёліну крапкаваную і пярэстую, усякую жывёліну чорную з авец, а такжа з плямамі і кропкамі з козаў, і гэта будзе маёй заплатай.

33 Пераканае цябе заўтра мая справядлівасьць: калі прыйдзеш, каб праверыць заплату маю, усё, што ня будзе крапкаванае і пярэстае ў козах і чорнае ў авечак, можаш уважаць за скрадзенае мною».

34 І сказаў Лябан: «Добра, хай будзе, як просіш!»

35 І яшчэ ў той самы дзень аддзяліў Лябан усіх крапкаваных казлоў і ўсіх козаў крапкаваных і пярэстых, усіх, каторыя мелі крыху воўны белай, а таксама чорныя авечкі, і даў іх сваім сынам.

36 І вызначыў ён адлегласьць, якую трэба было прайсьці на працягу трох дзён, паміж сабой і Якубам, які пасьвіў рэшту авечак Лябана.

37 А Якуб назьбіраў зялёных пруткоў тапалёвых, мігдалевых і яворавых, і выразаў на іх белыя палосы, зьняўшы кару да белага, каторае на прутах,

38 і так нарэзаныя пруты прымацаваў да карытаў з вадой, пры вадапоях, каб іх бачылі стады, каторыя прыходзілі піць ваду. І калі жывёлы прыходзілі піць ваду, парыліся.

39 І так парыліся жывёліны са стадаў перад тымі прутамі, і радзілася жывёла пярэстая, з кропкамі і плямамі.

40 І аддзяляў Якуб авечак белых, і гнаў іх наперадзе перад чорнымі і пярэстымі, як стады Лябана, а для сябе трымаў стады асобна, ня лучачы іх са стадамі Лябана.

41 І пры гэтым Якуб клаў тыя панарэзаныя галіны на відомым месцы пры вадапоях толькі тады, калі мелі парыцца асобнікі моцныя.

42 Калі ж авечкі былі слабыя, прутоў ня клаў. Такім чынам жывёлу слабую атрымаў Лябан, а моцную - Якуб.

43 І так Якуб стаўся чалавекам дужа багатым; і меў ён многа стадаў, слугаў і нявольніцаў, вярблюдаў і аслоў.

 

Разьдзел 31

 

1 І Якуб чуў, як сыны Лябана гаварылі: «Якуб забраў усё, што меў наш бацька, і з маёмасьці нашага бацькі набыў такія багацьці».

2 І бачыў Якуб, што Лябан зьмяніўся адносна яго і ня быў такі, як раней.

3 І сказаў Госпад Якубу: «Вяртайся ў зямлю бацькоў сваіх і да радні сваёй, а Я буду з табой».

4 І Якуб, каторы быў на полі пры сваім стадзе, казаў паклікаць да сябе Рахелю і Лію,

5 і сказаў: «Бачу па выглядзе твару вашага бацькі, што ён не такі для мяне, як даўней, але Бог майго бацькі быў са мною.

6 Вы самі найлепш ведаеце, што хоць з усіх сілаў я служыў бацьку вашаму,

7 ён, аднак, ашукваў мяне і многа раз зьмяняў мне плату, і толькі Бог бараніў мяне ад крыўды.

8 Калі вось (бацька) казаў: авечкі з кропкамі будуць тваёй заплатай - усе радзіліся крапкаваныя; а калі казаў ён наадварот: «Каторая пярэстая, тую атрымаеш як плату» - усе радзіліся пярэстыя.

9 І так Бог выдзяліў частку маёмасьці бацькі вашага і даў мне.

10 Бо калі надыходзіў час параваньня статку, бачыў я ў-ва сьне, як самцы, што пакрывалі стады, былі пярэстыя, крапкаваныя і ў плямах.

11 І ў-ва сьне тады клікаў мяне анёл Божы: «Якуб!» А калі я адказваў: «Вось я»,

12 Ён сказаў: «Падымі вочы свае і пабач усіх самцоў, што пакрываюць стады: яны пярэстыя, крапкаваныя і ў плямах, бо Я бачу, што Лябан з табой робіць.

13 Я - Бог з Бэтэлю, дзе памазаў ты слуп і дзе злажыў шлюбаваньне. Дык цяпер рыхтуйся ў дарогу, і пакінь гэтую зямлю, і вярніся да сваёй радні і роднай зямлі».

14 На гэтыя словы Рахель і Лія сказалі яму: «Ці маем мы яшчэ частку і спадчыну ў маёмасьці бацькі нашага?

15 Ці ж не лічыў ён нас за чужых, бо прадаў нас, і зьеў заплату за нас?

16 Таму вось усё багацьце, каторае Бог забраў у бацькі нашага, нам даў і дзецям нашым. Таму ўсё, што Бог загадаў табе, рабі».

17 Дык устаў Якуб і пасадзіў дзяцей сваіх і жонак сваіх на вярблюдаў,

18 і ўзяў з сабой усе стады свае і ўсю маёмасьць сваю, што здабыў у Паддан-Араме, і падаўся ў дарогу да свайго бацькі Ізаака, у зямлю Ханаан.

19 У той час Лябан выбраўся стрыгчы авечкі, і Рахель скрала балваны хатнія.

20 А Якуб ашукаў сэрца Лябана Арамейца, не папярэджваючы яго, што мае ўцячы.

21 І ўцёк ён з усім, што меў, і, перайшоўшы рэчку, направіўся на гару Гілеад.

22 А трэцяга дня паведамілі Лябану, што Якуб уцёк.

23 Дык Лябан, сабраўшы братоў сваіх, сем дзён даганяў яго і дагнаў яго на гары Гілеад.

24 І явіўся Лябану Арамейцу Бог ноччу ў-ва сьне, і сказаў яму: «Сьцеражыся, не гавары благога супраць Якуба!»

25 Якуб на гары ўжо расьцягваў палатку, калі Лябан дагнаў яго са сваякамі сваімі, і на той жа гары паставіў палатку.

26 І сказаў ён Якубу: «Чаму ты так зрабіў? Чаму ашукаў сэрца маё і вывеў дачок маіх, як паланянак?

27 Чаму ты патаемна ўцёк і ашукаў мяне, і не паведаміў мне, каб я мог правесьці цябе з радасьцю і сьпевамі, з бубнамі і цытрамі?

28 Ты ня даў мне пацалаваць маіх унукаў і дачок, дрэнна зрабіў ты!

29 А цяпер магла рука мая адгадзіцца табе ліхам, але Бог бацькі твайго ўчора сказаў мне: «Сьцеражыся, не гавары нічога ліхога супраць Якуба!»

30 Хай бы ты пайшоў, бо цягнула цябе да дому бацькі твайго, але чаму ты скраў багоў маіх?»

31 Якуб адказаў: «Бо я баяўся. Я бо думаў, што ты сілай адбярэш дачок сваіх ад мяне.

32 А ў каго знойдзеш багоў сваіх, хай той не жыве! У прысутнасьці сваякоў нашых правер, і што знойдзеш свайго ў мяне - забірай!» А ня ведаў Якуб, што Рахель скрала балваноў.

33 І Лябан, увайшоўшы ў палаткі Якуба і Ліі, і абедзьвух нявольніцаў, не знайшоў нічога, і, выйшаўшы з палаткі Ліі, увайшоў у палатку Рахелі.

34 А яна ўзяла балваноў і падлажыла іх пад вярблюдавае сядло, і села на іх. А калі абшукаў Лябан усю палатку, і не знайшоў,

35 сказала: «Хай ня гневаецца гаспадар мой, што перад табою ўстаць не магу, бо дзеля слабасьці жаночай не магу». Дык абшукаў ён (усё), але балваноў не знайшоў.

36 Тады Якуб узлаваўся і стаў вадзіцца: «Дзеля якой віны маёй і дзеля якога грэху майго ты так перасьледуеш мяне?

37 Навошта ператрасаеш усе рэчы мае? Што ты знайшоў з маёмасьці сваёй у мяне? Палажы тое ў прысутнасьці сваякоў маіх і сваякоў сваіх, і хай яны рассудзяць гэта між мной і табой.

38 Вось дваццаць гадоў я жыў з табой. Твае авечкі і козы не скідалі, і бараноў са статку твайго я ня еў.

39 Разьдзёртай дзікім зьверам не прыносіў табе, усякую шкоду - аднагароджваў. Калі што было скрадзена ці ўдзень, ці ўначы - ты вымагаў ад мяне.

40 Было, што днём мучыла мяне сьпякота, а ноччу холад зганяў мне сон з павек.

41 Так праз дваццаць гадоў я служыў табе! Чатырнаццаць за дочкі, а шэсьць за стады твае. Дзесяць разоў таксама зьмяняў ты плату маю.

42 Каб Бог бацькі майго, Бог Абрагама, і Той, Каго з боязьзю славіць Ізаак, не ўспамагаў мне, то ты пусьціў бы мяне зь нічым. Што я нацярпеўся і колькі я напрацаваўся рукамі, Бог бачыць! Ён мінулай ноччу сказаў табе».

43 Лябан адказаў яму: «Дочкі - мае дочкі, дзеці - мае дзеці, стады - мае стады ды ўсё, што бачыш, - маё. Але што я магу зрабіць цяпер маім дочкам або іхнім дзецям, каторых яны нарадзілі.

44 Дык хадзі, заключым запавет, я і ты, хай будзе ён сьведчаньнем між мною і табой».

45 Тады вось Якуб прынёс камень і паставіў яго, як слуп,

46 і сказаў сваякам сваім: «Назьбірайце каменьняў!» Яны назьбіралі каменьняў і зрабілі капец. І елі там на ім.

47 І назваў Лябан яго Егар-Сагадута, а Якуб назваў яго Галедам.

48 І сказаў Лябан: «Хай капец гэты будзе доказам згоды сёньня між мной і табой». І таму ён быў названы Галед,

49 а таксама Міцпа, бо ён сказаў: «Хай наглядае Госпад за мной і табой, калі разыйдземся між сабой.

50 Калі б ты крыўдзіў дачок маіх і калі б узяў сабе акрамя іх іншых жонак, то хоць ня будзе нікога зь людзей між намі, глядзі: Бог будзе сьведкам між мной і табой!»

51 І яшчэ сказаў Лябан Якубу: «Гэты вось капец і слуп, каторыя я паставіў (як доказ згоды) між мною і табой,

52 будуць сьведчаньнем, што ані я не прайду каля гэтага капца да цябе, ані ты ня пройдзеш каля гэтага капца і гэтага слупа да мяне зь ліхім намерам.

53 Бог Абрагама і Бог Нахора хай будзе судзьдзёю нам». І Якуб запрысяг на Таго, Каго з боязьзю славіў Ізаак, яго бацька.

54 Потым забіў Якуб на той гары жывёлін на ахвяру і пасьля запрасіў сваіх сваякоў банкетаваць. А калі наеліся, ляглі спаць на той гары.

55 І Лябан назаўтра рана пацалаваў сваіх унукаў і сваіх дачок, дабраславіў іх і падаўся з паваротам у сваё месца.

 

Разьдзел 32

 

1 Якуб таксама падаўся ў дарогу, якую распачаў, і перанялі яго анёлы Божыя.

2 Калі ён убачыў іх, сказаў: «Гэта табар Божы», і гэтае месца назваў Маханаім.

3 І паслаў ён перад сабой пасланцоў да Эзава, брата свайго, у зямлю Сэір, у мясцовасьць Эдом.

4 І загадаў ён ім: «Так скажыце гаспадару майму Эзаву: Гэта кажа слуга твой Якуб: Быў я аж да сёньняшняга дня ў Лябана.

5 Маю валоў, аслоў, авечак, слугаў і служанак. І пасылаю вось пасланцоў да гаспадара майго, каб знайсьці ласку перад воблікам тваім».

6 І вярнуліся пасланцы да Якуба, і сказалі: «Прыбылі мы да Эзава, брата твайго, а вось жа ён сьпяшаецца на спатканьне табе з чатырмастамі людзей».

7 І спалохаўся вельмі Якуб, і, напужаны, падзяліў народ, які зь ім быў, і стады таксама, і авечак, і валоў, і вярблюдаў на два табары.

8 І казаў: «Калі Эзаў нападзе на адзін табар і паб'е, то другі, каторы застанецца, будзе ўратаваны».

9 І маліўся Якуб: «Бог бацькі майго Абрагама і Бог бацькі майго Ізаака, Госпадзе, Ты сказаў мне: «Вярніся ў зямлю сваю, у месца нараджэньня свайго, і Я буду апякавацца табою!»

10 Ня варты я ўсякай міласьцівасьці і вернасьці ўсякай, якою акружаеш Ты слугу Свайго. З палкаю сваёй я перайшоў Ярдан гэты, а цяпер вяртаюся з двума табарамі.

11 Ухавай мяне ад рукі брата майго, ад рукі Эзава, бо я напалоханы, каб часам, напаўшы, не забіў ён матак зь дзяцьмі.

12 А Ты казаў, што будзеш аказваць мне дабро і зробіш патомства маё, як пясок марскі, які дзеля вялікасьці ня можа быць палічаны».

13 І прачакаў ён там тую ноч, і ўзяў з усяго таго, што меў, дары Эзаву, брату свайму:

14 дзьвесьце козаў і дваццаць казлоў, дзьвесьце авечак і дваццаць бараноў,

15 трыццаць дойных вярблюдзіцаў разам зь вярблюдзянятамі, сорак кароў і дзесяць быкоў, дваццаць асьліцаў і дзесяць асьлянятаў,

16 і аддаў слугам сваім кожнае са статкаў, кажучы: «Будзеце ісьці перада мной у водпустах паміж кожным статкам».

17 І загадаў ён тым, што ішлі наперадзе, кажучы: «Калі спаткаеш брата майго Эзава, і ён запытае цябе: «Чый ты і куды ідзеш?» і «Чыё гэта, што ідзе за табой?»,

18 то ты адкажаш: слугі твайго Якуба. Ён паслаў дары гаспадару свайму Эзаву, і ён ідзе за намі.

19 Падобны загад даў і другому, і трэцяму, ды ўсім, каторыя ішлі за стадамі, кажучы: «Падобнымі словамі кажыце Эзаву, калі спаткаеце яго,

20 і дадасьцё: І ён, слуга твой Якуб, ідзе дарогаю за намі». І казаў ён: «Умалю яго дарамі, якія мяне папераджаюць, а потым сам спаткаюся зь ім; можа даруе мне».

21 Так вось папераджалі яго дары, а ён сам застаўся ў тую ноч у табары.

22 А калі ўстаў нараніцы, узяў дзьве жонкі свае і дзьве іх нявольніцы з адзінаццацьцю дзяцьмі і пераправіўся праз брод ручая Ябок.

23 І ўзяў і пераправіў іх, і ўсё, што да яго належала, праз ручай.

24 І застаўся ён сам адзін. І вось Нехта змагаўся зь ім аж да раніцы.

25 І калі Той убачыў, што ня можа яго (Якуба) перамагчы, дакрануўся састава сьцягна яго, і пашкодзіў састаў сьцягна ў Якуба, калі ён дужаўся зь Ім.

26 І сказаў Той: «Пусьці Мяне, бо ўжо ўзыйшла зараніца». Якуб адказаў: «Не пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне».

27 Той кажа яму: «Якое імя тваё?» Адказвае: «Якуб».

28 Той кажа: «Ніколі ўжо больш ня будзе называцца імя тваё Якуб, але Ізраэль, бо змагаўся ты з Богам і зь людзьмі, і перамог!»

29 І запытаўся ў Яго Якуб: «Скажы мне, якім імем называешся?» Адказаў: «Чаму пытаешся пра імя Маё?» І дабраславіў яго ў тым самым месцы.

30 І Якуб назваў тое месца імем Пэнуэль, кажучы: «Бачыў я Бога тварам ў твар, але зьбярог сваё жыцьцё».

31 І сонца было ўжо ўзыйшоўшы, калі ён праходзіў Пэнуэль. А ён накульгваў на сьцягно сваё.

32 Дзеля гэтае прычыны сыны Ізраэля не ядуць жылы, каторыя на сьцягне, аж да сягоньняшняга дня, таму што Той, Каторы змагаўся, закрануў жылы сьцягна Якуба.

 

Разьдзел 33

 

1 І Якуб, падняўшы вочы свае, убачыў прыбываючага Эзава, а зь ім чатырыста мужчынаў. І (Якуб) падзяліў дзяцей Ліі, Рахелі і абёдзьвюх нявольніцаў,

2 і памясьціў нявольніцы зь іхнімі дзяцьмі наперадзе, Лію зь яе дзяцьмі крыху за імі, а пасьля іх Рахелю і Язэпа.

3 А сам, ідучы перад усімі, сем разоў пакланіўся да зямлі, пакуль падыйшоў да брата свайго.

4 І Эзаў падбег на спатканьне брата свайго, абняў яго за шыю і пацалаваў яго, і расплакаліся абодва.

5 Эзаў, падняўшы вочы, убачыў жанчынаў і дзяцей іхніх і спытаўся: «Хто яны табе?» Ён адказаў: «Гэта дзеці мае, якімі надарыў Бог мяне, слугу твайго».

6 Тады падыйшлі нявольніцы з сваімі дзяцьмі, і пакланіліся.

7 Падыйшла такжа Лія са сваімі дзяцьмі, і пакланілася; а наастатак Язэп і Рахель аддалі паклон.

8 І папытаўся Эзаў: «Чые гэта стады, каторыя я напаткаў?» Якуб адказаў: «Каб знайшоў я ласку перад гаспадаром маім».

9 На гэта сказаў Эзаў: «Маю я многа, браце мой, хай твае будуць табе».

10 Якуб адказаў: «Але ж не, прашу. Калі я знайшоў ласку ў цябе, прымі ад мяне гэты мой дар з рук маіх. Бо калі я ўбачыў воблік твой, як быццам бачыў аблічча Бога, і ты аказаў мне вялікую спагаднасьць.

11 Дык прымі дар мой, каторы я для цябе прызначыў, бо Бог міласьцівы для мяне, маю ўсё». І так налягаў на яго, аж наканец прыняў

12 і сказаў: «Хадзем разам, буду спадарожнікам тваім».

13 Якуб адказаў: «Ведаеш, мой гаспадару, што маю дзеці кволыя, авечкі і каровы кормяць малых; калі буду іх гнаць хоць бы адзін дзень, то прападзе ўсё маё стада.

14 Дык ідзі, гаспадару мой, перад слугою тваім, а я буду ісьці памалу, так, як пойдзе мой статак, каторы ганю, і як будуць ісьці дзеці, аж прыйду да цябе, гаспадару мой, да Сэіру.»

15 Эзаў адказаў: «Можа табе пакінуць некалькі маіх людзей, каторыя са мною?» На гэта Якуб сказаў: «Няма патрэбы ў гэтым, калі знайшоў я спагаднасьць на віду гаспадара майго».

16 І Эзаў вярнуўся ў той дзень у паваротную дарогу ў Сэір.

17 А Якуб прыбыў у Сукот, дзе збудаваў сабе дом, а для сваіх стадаў паставіў буданы. Дзеля таго тую мясцовасьць назвалі Сукот.

18 Калі вярнуўся з Паддан-Араму, пераправіўся Якуб пасьпяхова ў горад Сыхем, які ў зямлі Ханаан, і абжыўся каля гораду.

19 І купіў ён частку поля, на якім паставіў палатку сваю, ад сыноў Гамора, бацькі Сыхема, за сто сярэбранікаў.

20 І пабудаваў там ахвярнік, і назваў яго: «Бог ёсьць Богам Ізраэля».

 

Разьдзел 34

 

1 Аднойчы Дзіна, дачка Якуба, каторую нарадзіла яму Лія, выйшла, каб паглядзець на жанчынаў той мясцовасьці.

2 А калі яе ўбачыў Сыхем, сын Гамора Гівэя, князя той зямлі, закахаўся ў яе, і схапіў яе сілай, і спаў зь ёй, і знахаліў яе.

3 І ўсім сэрцам пакахаў ён Дзіну, дачку Якуба, і міла да яе прамаўляў.

4 І прасіў Сыхем свайго бацьку Гамора: «Вазьмі гэту дзяўчыну для мяне за жонку!»

5 Калі Якуб даведаўся, што Сыхем зганьбіў яго дачку Дзіну, сыны яго былі пры статку на полі, дык ён нічога не сказаў, чакаючы пакуль вернуцца.

6 А Гамор, бацька Сыхема, выбраўся да Якуба, каб зь ім пагаварыць.

7 У той час сыны Якуба вярнуліся з поля і, пачуўшы, што здарылася, засмуціліся і ўзлаваліся моцна, бо ганьбу зрабіў (Сыхем) Ізраэлю і, згвалтаваўшы дачку Якуба, злачынства ўчыніў.

8 А Гамор сказаў ім: «Сыхем, сын мой, прыляпіўся душой да дачкі вашай. Дайце яму яе за жонку.

9 Пасваячыцеся з намі: дочкі вашыя дайце нам за жонкі, а дочкі нашыя вазьміце сабе.

10 Будзеце жыць з намі, і зямля гэтая будзе для вас. Можаце на ёй пасяляцца, рухацца свабодна і купляць зямлю на ўласнасьць».

11 Сыхем сказаў таксама да бацькі і братоў Дзіны: «Пакажыце толькі спагаднасьць, і дам, што запатрабуеце ад мяне.

12 Прызначце мне хоць бы найбольшую плату і дарунак, і я гатовы даць столькі, колькі скажаце, абы толькі далі дзяўчыну за жонку».

13 Тады сыны Якуба адказвалі падступна Сыхему і яго бацьку Гамору, таму што зганьбіў ён іх сястру Дзіну.

14 І сказалі ім: «Ня можам зрабіць гэтага, каб маглі выдаць сястру нашую за чалавека неабрэзанага, бо гэта было б нам ганьбай.

15 У гэтым можам мы згадзіцца з вамі толькі тады, калі вы захочаце быць падобнымі нам, калі кожны з вашых мужчынаў будзе абрэзаны.

16 Тады толькі дадзём вам нашых дачок, а дачок вашых будзем браць сабе за жонкі, і будзем жыць разам з вамі, і станемся адным народам.

17 Калі не захочаце быць абрэзанымі, возьмем дачку нашую і пойдзем далей».

18 Прапанова іхняя спадабалася Гамору і Сыхему, сыну ягонаму,

19 і юнак не адклаў, каб адразу выпаўніць, што патрабавалася, бо моцна любіў дачку Якуба, а быў ён найбольш паважаны ў-ва ўсёй радні бацькі свайго.

20 Дык, увайшоўшы ў браму гораду, Гамор і Сыхем, сын яго, так прамовілі да людзей свайго гораду:

21 «Людзі гэтыя прыязныя нам; хай застаюцца на гэтай зямлі і ходзяць па ёй; яна прасторная і шырокая для іх. Дачок іхніх будзем браць за жонак, а нашых ім будзем аддаваць.

22 Пад той аднак умовай згаджаюцца яны жыць разам з намі, творачы адзін народ, калі ў нас кожны мужчына наш будзе абрэзаны так, як яны абрэзаныя.

23 Тады іхнія жывёлы, і маёмасьць, і іхнія авечкі нашыя будуць. Каб толькі згадзіліся мы на гэта, і будуць жыць разам з намі».

24 І згадзіліся ўсе з Гаморам і Сыхемам, сынам яго, і абрэзаліся ўсе мужчыны, што выйшлі з брамы гораду свайго.

25 А калі на трэці дзень адчувалі яны вялікі боль, два сыны Якуба, Сымон і Леві, браты Дзіны, схапіўшы мячы, уварваліся ў горад, каторы пачуваўся бясьпечна, і вымардавалі ўсіх мужчынаў.

26 І забілі мячом Гамора і яго сына Сыхема, і забралі Дзіну, сястру сваю, з дому Сыхема.

27 Потым другія сыны Якуба напалі на забітых і абрабавалі горад за тое, што зганьбілі іх сястру,

28 і забралі дробную і буйную жывёлу іхнюю, і аслоў, ды ўсё, што ў горадзе і на палёх было.

29 І ўсю маёмасьць, усіх дзяцей і жанчынаў забралі ў палон, абрабаваўшы ўсё, што знайшлі ў дамох.

30 Тады Якуб сказаў Сымону і Левію: «Выклікалі вы вялікае няшчасьце, бо праз вас будуць мець у нянавісьці мяне жыхары гэтай зямлі: Хананейцы і Пэрэзэі. Нас жа нямнога, а яны, сабраўшыся, нападуць на мяне, і буду зьнішчаны я і сям'я мая».

31 Яны адказалі: «А ці ж можна паводзіць сябе зь сястрою нашай, як з блудніцаю?»

 

Разьдзел 35

 

1 І сказаў Бог Якубу: «Устань і ідзі ў Бэтэль, і там жыві. І зрабі ахвярнік Богу, Каторы явіўся табе, калі ўцякаў ты перад Эзавам, братам тваім».

2 І Якуб, склікаўшы ўсю радню сваю, сказаў: «Кіньце багоў чужых, каторыя знаходзяцца пасярод вас, і ачысьціцеся, і зьмяніце адзеньне вашае.

3 Устаньма і ўвойдзем у Бэтэль, і зробім там ахвярнік Богу, Каторы выслухаў мяне ў час гора майго і апякуном быў у дарозе маёй».

4 І аддалі яму ўсіх багоў чужых, якіх мелі, і завушніцы, якія былі ў вушах іхніх, і ён закапаў іх пад дубам, недалёка ад гораду Сыхема.

5 А калі выбраліся яны ў дарогу, страх Божы ахапіў навакольныя гарады, і не адважыліся яны нападаць на сыноў Якуба.

6 І Якуб так прыбыў у Люз, каторы ў зямлі Ханаан, значыць у Бэтэль, ён сам ды ўвесь народ зь ім.

7 І пабудаваў ён там ахвярнік, і назваў тое месца Эль-Бэтэль. Там вось явіўся яму Бог, калі ўцякаў ён перад братам сваім.

8 У той час памерла Дэбора, карміцелька Рэбэкі, і пахавана была пад дубам блізка Бэтэлю, таму месца тое назвалі Дуб Плачу.

9 Там другі раз явіўся Бог Якубу, калі ён вярнуўся з Паддан-Араму, і дабраславіў яму,

10 кажучы: «Ня будзеш больш называцца Якуб, але Ізраэль будзе імя тваё», і назваў яго Ізраэлем.

11 І сказаў яму Бог: «Я - Бог Усемагутны. Расьці і размнажайся. Ты - народ, і многа народаў зь цябе будзе, каралі з паясьніцы тваёй выйдуць.

12 І зямлю, якую Я даў Абрагаму і Ізааку, дам табе, і патомству твайму па табе дам гэтую зямлю».

13 І адыйшоў ад яго Бог.

14 А Якуб паставіў камень на тым месцы, дзе Бог да яго прамаўляў, слуп каменны. І, складаючы ахвяру вадкую, выліў на яе алей.

15 І назваў Якуб тое месца Бэтэль.

16 А калі выбраліся яны з Бэтэлю і мелі яшчэ кавалак дарогі да Эфраты, Рахель пачала радзіць, і роды былі цяжкія.

17 А калі нараджала ў вялікіх болях, сказала ёй павітуха: «Ня бойся, бо маеш ужо сына!»

18 І яна, калі жыцьцё выходзіла зь яе, бо канала, назвала сына свайго Бэнані. А бацька назваў яго Бэн'ямін.

19 І памерла Рахель, і пахавана была ля дарогі, якая ідзе ў Эфрату, гэта Бэтлеем.

20 І Якуб паставіў камень на яе магіле. Камень гэты стаіць на магіле Рахелі па сёньняшні дзень.

21 І выбраўся Ізраэль у дарогу, і паставіў палаткі за Мігдаль-Эдэрам.

22 І калі яны жылі ў той мясцовасьці, Рубэн пайшоў і спаў зь Більгаю, наложніцай бацькі свайго. І даведаўся пра гэта Ізраэль. Сыноў Якуба было дванаццаць.

23 Сыны Ліі: першародны сын Якуба Рубэн, Сымон, Леві, Юда, Ісахар і Забулён.

24 Сыны Рахелі: Язэп і Бэн'ямін.

25 Сыны Більгі, нявольніцы Рахелі: Дан і Нэфталі.

26 Поруч сыны Зільпы, нявольніцы Ліі: Гад і Асэр. Гэта сыны Якуба, каторыя яму нарадзіліся ў Паддан-Араме.

27 А потым прыбыў Якуб да бацькі свайго Ізаака, у Мамрэ, у Кірыят-Арбу, значыць у Геброн, дзе калісьці жыў Абрагам, а потым Ізаак.

28 А Ізаак меў тады сто восемдзесят гадоў.

29 І, дажыўшы глыбокай старасьці, Ізаак памёр і далучаны быў да народу свайго стары, насычаны жыцьцём. І пахавалі яго Эзаў і Якуб, сыны ягоныя.

 

Разьдзел 36

 

1 Вось патомкі Эзава, або Эдому.

2 Эзаў узяў сабе жонкі спаміж дачок Ханаану: Аду, дачку Элёна Гетыта, і Агалібаму, дачку Аны, сына Цыбэона Харэя,

3 і Басэмат, дачку Ізмаэля і сястру Нэбаёта.

4 Ада нарадзіла Эліфаза; Басэмат нарадзіла Рэўэля,

5 а Агалібама нарадзіла Еуша, Яляма і Караха. Гэтыя сыны Эзава, каторыя нарадзіліся яму ў зямлі Ханаан.

6 І ўзяў Эзаў сваіх жонак, сыноў і дачок, і ўсіх людзей дому свайго, свой статак і ўсю жывёлу, поруч усю маёмасьць, каторую нажыў у Ханаане, і падаўся ў зямлю Сэір, і адыйшоў ад брата свайго Якуба.

7 Былі яны дужа багатыя, і разам не маглі яны жыць. Не зьмяшчала іх зямля качаваньня іхняга дзеля мноства стадаў.

8 І пражываў Эзаў на гары Сэір, Эзаў, ён жа Эдом.

9 Вось патомкі Эзава, бацькі Эдому, на гары Сэір.

10 Вось імёны сыноў Эзава: Эліфаз, сын Ады, жонкі Эзава, Рэўэль, сын Басэмат, жонкі Эзава.

11 Сынамі Эліфаза былі: Тэман, Амар, Цэфо, Гатам і Кеназ.

12 А Тымна, што была наложніцай Эліфаза, сына Эзава, нарадзіла яму Амалека. Гэта патомкі Ады, жонкі Эзава.

13 Вось сыны Рэўэля: Нагат, Зэрах, Шамма і Міза. Гэта сыны Басэмат, жонкі Эзава.

14 Гэта сыны жонкі Эзава Агалібамы, дачкі Аны, унучкі Цыбэона: яна нарадзіла Эзаву Еуша, Яляма і Караха.

15 Вось князі сыноў Эзава. Сыны Эліфаза, першароднага сына Эзава: Тэман, Амар, Цэфо, Кенац,

16 Карах, Гатам і Амалек. Гэта князі плямёнаў у зямлі Эдом, сыны Эліфаза, патомкі Ады.

17 Вось сыны Рэўэля, сына Эзава, князі плямёнаў: Нагат, Зэрах, Шамма і Міза. Гэта князі плямёнаў у зямлі Эдом, сыны Рэўэля, патомкі Басэмат, жонкі Эзава.

18 Вось сыны Агалібамы, жонкі Эзава, князі плямёнаў: Еуш, Ялям і Карах. Гэта князі плямёнаў, патомкі Агалібамы, жонкі Эзава, дачкі Аны.

19 Гэта патомкі Эзава, а запар князі іх. Гэта Эдом.

20 Вось сыны Сэіра Харэя, жыхары той зямлі: Лётан і Шабаль, Цыбэон і Ана,

21 Дышон, Эцэр і Дышан. Гэта князі плямёнаў Харэя, сыны Сэіра, у зямлі Эдом.

22 Сынамі Лётана былі: Хоры і Геман, а сястра Лётана - Тымна.

23 Вось сыны Шабаля: Альван, Манахат і Эбаль, Шэфо і Анам.

24 Сыны Цыбэона: Ая і Ана. Гэты Ана знайшоў гарачую крыніцу ў стэпе, калі пасьвіў аслы Цыбэона, бацькі свайго.

25 А вось дзеці Аны: Дышон і Агалібама, дачка Аны.

26 Сыны Дышона: Гемдан, Эшбан, Ітран і Керан.

27 Сыны Эцэра: Більган, Зааван і Акан.

28 Сыны Дышана: Уц і Аран.

29 Вось князі плямёнаў Гарэяў: Лётан, Шабаль, Цыбэон, Ана,

30 Дышон, Эцэр і Дышан. Гэта князі плямёнаў Харэйскіх у зямлі Сэір.

31 Вось каралі, каторыя каралявалі ў зямлі Эдом, перш чым сыны Ізраэля мелі караля.

32 У Эдоме каралём быў Бэла, сын Бэора, а назва гораду яго - Дынгаба.

33 І памёр Бэла, і пасьля яго караляваў Ёбаб, сын Зэраха з Боцры.

34 Калі памёр Ёбаб, замест яго караляваў Хушам зь зямлі Тэман.

35 А калі памёр Хушам, па ім караляваў сын Бэдада, Гадад, каторы паканаў Мадыянцаў на раўніне Мааб. Назва гораду яго - Авіт.

36 Па сьмерці Гадада каралём быў Самля з Масрэкі.

37 А па сьмерці Самлі каралём быў Шаўль з Рэхаботу, што каля ракі.

38 А як памёр Шаўль, стаў каралём Баал-Ханан, сын Ахбора.

39 А калі ён памёр, па ім караляваў Гадад, горад каторага зваўся Паў, а імя жонкі - Мэгетабэль, дачка Матрэда, сына Мэзагаба.

40 Вось імёны князёў плямёнаў Эзава паводле іх плямёнаў і мясцовасьцяў, названых іх імёнамі: князь Тымна, князь Альва, князь Етэт,

41 князь Агалібама, князь Эля, князь Пінон,

42 князь Кеназ, князь Тэман, князь Мібцар,

43 князь Магдыэль і князь Ірам. Гэта князі Эдому паводле прастораў, імі абжытых. Вось Эзаў, бацька Эдому.

 

Разьдзел 37

 

1 І пражываў Якуб у зямлі Ханаан, па катораў вандраваў бацька яго.

2 Вось дзеі патомкаў Якуба. Язэп, сямнаццацігадовы юнак, разам са сваімі братамі, сынамі жонак яго бацькі Більгі і Зільпы, пасьвіў статак. І паведамляў ён бацьку благое пра гэтых сыноў.

3 А Ізраэль любіў Язэпа болей за ўсіх сыноў сваіх, таму што заімеў яго ў старасьці, і справіў яму доўгую шату.

4 І браты яго, бачучы, што бацька любіць яго болей за ўсіх другіх, зьненавідзелі яго і не маглі зь ім спакойна гаварыць.

5 І здарылася таксама, што ён расказаў братам сваім бачаны сон, і было гэта прычынай яшчэ большай нянавісьці.

6 Ён казаў ім: «Паслухайце сна майго, што я бачыў:

7 Сьнілася мне, што мы вязалі снапы на полі, і тады сноп мой падняўся і стаў, а вашыя снапы акружылі яго і пакланіліся яму».

8 І сказалі яму браты: «Ці ж меў бы ты як кароль панаваць над намі і валодаць намі, як валадар?» І яшчэ горш яго зьненавідзелі з прычыны яго сноў і словаў.

9 А потым меў ён яшчэ іншы сон, і так расказваў яго братам сваім: «Сьнілася мне яшчэ, што сонца і месяц, і адзінаццаць зорак кланяліся мне».

10 А калі гэта расказваў бацьку і братам, бацька пасварыўся на яго, кажучы: «Што меў бы значыць гэты сон? Ці ж я і маці твая, і браты твае мелі б прыйсьці да цябе і пакланіцца табе аж да зямлі?»

11 Дык браты зайздросьцілі яму, а бацька застанаўляўся моўчкі.

12 І калі ягоныя браты, пасучы стады, прабывалі ў Сыхеме,

13 сказаў Ізраэль Язэпу: «Браты твае пасуць авечкі ў Сыхеме, хадзі, пашлю цябе да іх». А ён адказаў: «Я гатовы».

14 І сказаў ён яму: «Схадзі і паглядзі, ці ўсё ў парадку ў братоў тваіх з жывёламі, і раскажы мне, што чуваць». І паслаў яго з даліны Геброну, і прыбыў ён у Сыхем.

15 І вось напаткаў яго, калі ён блукаў па полі, адзін чалавек, і запытаў яго, што шукае.

16 А ён адказаў: «Братоў сваіх шукаю. Скажы мне, дзе яны пасуць статак?»

17 І сказаў яму тады чалавек: «Перайшлі яны з гэтага месца. Чуў, як казалі яны: Хадзем у Датаін». І падаўся Язэп да братоў сваіх, і знайшоў іх у Датаіне.

18 Калі яны яго ўбачылі яшчэ здалёку, пакуль прыйшоў да іх, надумаліся яго забіць.

19 І гаварылі адзін аднаму: «Вось снавідзец ідзе,

20 хадзем, заб'ем яго і ўкінем у студню, і скажам, што дзікі зьвер яго зьеў. І тады пабачым, ці дапамогуць яму сны ягоныя».

21 Чуючы гэта, Рубэн стараўся вызваліць яго з рук іхніх, і сказаў: «Ня будзем забіваць яго».

22 І сказаў далей: «Не пралівайце крыві, але ўкіньце яго ў гэтую студню, каторая ёсьць на пустыні, і рукі свае захаваеце нявіннымі». Гэтак казаў, хочучы вырваць яго з рук іхніх і вярнуць бацьку ягонаму.

23 І калі прыйшоў Язэп да братоў сваіх, зараз жа зьнялі зь яго доўгую шату,

24 і ўкінулі яго ў студню, каторая была без вады.

25 І селі яны, каб пасілкавацца, а калі паднялі вочы, убачылі купцоў Ізмаэльскіх, што ехалі з Гілеаду, і іхніх вярблюдаў, на каторых везьлі пахкія карэньні, жывіцу і пахкія алейкі ў Эгіпет.

26 Тады Юда сказаў сваім братам: «Што нам з таго, што заб'ём брата нашага і схаваем кроў ягоную?

27 Лепш прадаць яго Ізмаэльцам, і рукі нашыя не спаганім. Брат ён наш і цела наша». І згадзіліся браты на яго прапанову.

28 І калі купцы Мадыянскія ішлі паўзь іх, яны выцягнулі Язэпа са студні і прадалі яго Ізмаэльцам за дваццаць сярэбранікаў, а тыя павялі яго ў Эгіпет.

29 А калі Рубэн вярнуўся да студні і не знайшоў хлопца,

30 дык разарваў на сабе адзеньне і прыбег да братоў сваіх, і закрычаў: «Хлопца няма, а я, куды я пайду?»

31 І ўзялі яны тады адзежу яго, і памачылі ў кроў забітага казла,

32 і паслалі бацьку свайму, кажучы: «Вось што мы знайшлі. Паглядзі, можа гэта доўгая шата сына твайго?»

33 І калі пазнаў бацька яе, залямантаваў: «Гэта ж адзежа сына майго, дзікі зьвер разарваў Язэпа».

34 І разьдзёр ён адзеньне сваё, і надзеў зрэбніцу, і аплакваў сына свайго доўгі час.

35 І калі сабраліся ўсе дзеці ягоныя, каб суцішыць боль бацькі, ня слухаў пацехаў іхніх і казаў: «Са смуткам пайду за сынам у адхлань». І плакаў дзеля яго бацька яго.

36 А Мадыянцы прадалі Язэпа ў Эгіпце Патыфару, урадоўцу фараона, начальніку варты.

 

Разьдзел 38

 

1 У той час Юда пакінуў братоў сваіх і накіраваўся да чалавека Адулямца, імем Хіра.

2 І ўбачыў там дачку аднаго Хананейца на імя Шуа, і ўзяў яе за жонку, і перайшоў да яе.

3 І яна пачала, і нарадзіла сына, і далі яму імя Гэр.

4 І зноў яна пачала, і народжанага сына назвала імем Анан.

5 І трэцяга нарадзіла таксама, і назвала яго Шэля. Яна прабывала ў Кезібе, калі яго нарадзіла.

6 Юда даў свайму першароднаму сыну Гэру жонку імем Тамар.

7 Першародны Юды Гэр быў ліхі на віду ў Госпада, і Ён паслаў на яго сьмерць.

8 Тады Юда сказаў Анану: «Ідзі да жонкі брата свайго і жыві зь ёй, каб вырасьціць брату свайму патомства».

9 А Анан, ведаючы, што патомства ня будзе ягоным, уваходзячы да жонкі брата свайго, насеньне зьліваў на зямлю, каб ня даць патомства брату свайму.

10 Дзеля таго і на яго спаслаў Госпад сьмерць, бо ліхоту чыніў ён.

11 З гэтай прычыны Юда сказаў Тамары, сыновай сваёй: «Будзь удавой у доме бацькі свайго, пакуль ня вырасьце Шэля, сын мой». Баяўся бо, каб і той не памёр, як браты ягоныя. І яна пайшла, і жыла ў доме бацькі свайго.

12 І прайшло многа гадоў, і памерла дачка Шуа, жонка Юды. Ён па жалобе суцешыўся і выбраўся ў Тымну да стрыгачоў авечак сваіх, ён сам і прыяцель яго Хіра Адулямец.

13 І нехта паведаміў Тамары, што сьвёкар яе выбіраецца ў Тымну стрыгчы авечкі.

14 І яна, скінуўшы ўдовія шаты, і абкрыўшыся вэлюмам, і зьмяніўшы выгляд, села ў браме Энайм каля дарогі, каторая ідзе ў Тымну. Бо бачыла яна, што Шэля вырас, а яна ня дадзена яму за жонку.

15 І ўбачыў яе Юда, і, думаючы, што яна блудніца, бо была закрыўшы твар свой,

16 павярнуў да яе з дарогі і сказаў: «Хадзі, хачу з табой пагуляць,» а ня ведаў ён, што гэта яго сыновая. А яна папыталася: «Што мне дасі за тое, што са мною пагуляеш?»

17 Ён сказаў: «Пашлю табе казьлянё са стада». Яна зноў сказала: «А ці дасі мне заруку, пакуль прышлеш мне яго?»

18 Юда кажа: «Якую даць табе заруку?» Адказала: «Пячатку тваю, і пасак, і кій, які трымаеш у руцэ». І ён даў ёй, і ўвайшоў да яе, і жанчына пачала.

19 Потым паднялася яна і пайшла, і зьняўшы вэлюм, адзелася зноў ва ўдовія шаты.

20 А Юда паслаў казьлянё праз сябру свайго Адулямца, каб зьвярнуў заруку, якую ён даў жанчыне. Той жа, як не знайшоў жанчыны,

21 распытваўся людзей таго месца: «Дзе блудніца, каторая сядзела ў Энайм пры дарозе?» А многія адказвалі: «Не было на гэтым месцы блудніцы».

22 Тады той, вярнуўшыся да Юды, сказаў яму: «Не знайшоў яе, і людзі таго месца казалі мне, што там ніколі не сядзела блудніца».

23 І сказаў Юда: «Хай сабе мае. Каб толькі з нас не сьмяяліся. Я паслаў казьлянё, каторае абяцаў, але ты яе не знайшоў».

24 І вось па трох месяцах паведамілі Юду: «Твая сыновая Тамар зацяжыла з распусты». І сказаў Юда: «Прывядзіце яе, каб была спалена».

25 А калі яе выводзілі на пакараньне, яна паслала да свайго сьвёкра сказаць яму: «Я пачала ад таго мужчыны, каторага гэтыя рэчы. Пазнавай: чыя пячатка, пасак і кій».

26 І ён, пазнаўшы заруку, сказаў: «Яна справядлівейшая за мяне, бо я не хацеў яе аддаць Шэлі, майму сыну!» І Юда болей да яе не ўваходзіў.

27 І калі настаў час радзіць, выявілася, што мае двайняты.

28 Калі пачала радзіць, адно зь дзяцей высунула ручку, на каторую павітуха завязала чырвоную стужку, кажучы: «Гэты народзіцца першы».

29 Але яно ўцягнула ручку, і выйшаў брат ягоны. І сказала жанчына: «Як ты прарваў сабе перагароду?» І з той прычыны назвала яго імя Пэрэс.

30 А па ім нарадзіўся брат ягоны, у каторага на руцэ была стужка; і ён названы Зэрах.

 

Разьдзел 39

 

1 А Язэп быў завезены ў Эгіпет. І купіў яго Патыфар, урадовец фараона, начальнік варты, Эгіпцянін, з рук Ізмаэльцаў, якімі быў ён прыведзены.

2 І Госпад быў зь Язэпам, і ён быў чалавекам, катораму добра вялося, і ён жыў у доме гаспадара свайго.

3 І той зразумеў, што Госпад быў зь ім, і ў-ва ўсім, што ён рабіў, рука Госпада ім кіравала.

4 І Язэп знайшоў ласку ў гаспадара свайго, і паслугаваў яму. Нават той паставіў яго загадчыкам над домам сваім і ўсё, што меў, даручыў яму.

5 І дабраславіў Госпад дому Эгіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславенства Госпада ва ўсім доме і на полі.

6 І той аддаў усё, што меў, у рукі Язэпа, і ня меў ніякага клопату, толькі пра ежу, якой пасіляўся. А меў Язэп прыгожую постаць і прывабны воблік.

7 Дык зьвярнула вочы свае на Язэпа жонка гаспадара яго і кажа яму: «Сьпі са мною».

8 Але ён не згадзіўся і сказаў ёй: «Вось жа гаспадар мой усё мне даручыў, і ня рупіцца ні пра што ў доме сваім,

9 і ня можа ніхто быць важнейшым у доме гэтым, чым я; і нічога мне не забараніў, апроч цябе, ты ж жонка ягоная. Дык як я магу дапусьціцца вялікага злачынства і грашыць супраць Бога?»

10 І падобнымі словамі штодзень дакучала жанчына юнаку, але ён адмаўляўся ад чужалоства.

11 Аднойчы, калі Язэп увайшоў у дом спаўняць свае абавязкі і не было сьведкаў,

12 яна схапіла яго за плашч і сказала: «Пасьпі са мной». А ён, пакінуўшы плашч у яе руках, уцёк і выйшаў на двор.

13 Калі жанчына ўбачыла, што ён пакінуў плашч у яе руках і ўцёк на двор,

14 паклікала дамоўнікаў сваіх і сказала ім: «Вось прывялі мужчыну Гебрая, каб ён зьдзекаваўся з нас; ён увайшоў да мяне, каб спаць са мною. Калі я закрычала,

15 і пачуўся голас мой, пакінуў ён плашч, які трымаю, а сам уцёк на двор».

16 І затрыманы плашч паказала мужу свайму, каторы вярнуўся дамоў,

17 і сказала падобныя гэтым словы: «Прыйшоў да мяне слуга Гебрай, якога ты прыняў, каб спаганіць мяне;

18 а калі пачуўся крык мой, пакінуў плашч, які трымаю, і ўцёк на двор».

19 Гаспадар, выслухаўшы словы гэтыя, моцна раззлаваўся,

20 і пасадзіў Язэпа ў вязьніцу, дзе знаходзіліся вязьні фараона. І быў там Язэп у вязьніцы.

21 А Госпад быў зь Язэпам, і шкадаваў яго, і даў яму мець ласку ў начальніка вязьніцы.

22 І ён аддаў у рукі Язэпа ўсіх вязьняў, трыманых пад вартай, і што толькі трэба было там зрабіць, ён рабіў.

23 А начальнік вязьніцы не сачыў ужо за тым, што ў яго руцэ было, бо Госпад быў зь Язэпам і кіраваў усімі ягонымі справамі.

 

Разьдзел 40

 

1 Па ўсіх гэтых падзеях здарылася, што падчашы караля Эгіпецкага і пекар правініліся перад валадаром сваім.

2 І разгневаўся фараон на ўрадоўцаў: на падчашага, і на загадчыка пекараў.

3 І пасадзіў ён іх пад нагляд начальніка варты ў вязьніцу, у якой увязьнены быў Язэп.

4 І вось начальнік варты перадаў іх Язэпу, каторы прыслугоўваў ім. І прабылі яны пад вартай нейкі час.

5 Адной ночы яны абодва бачылі сны, кожны свой сон.

6 І калі да іх нараніцы прыйшоў Язэп, убачыў іх сумнымі.

7 І спытаўся ў іх: «Чаму сягоньня сумнейшы твар ваш, чым звычайна?»

8 Яны адказалі: «Бачылі мы сон, і няма каму нам выясьніць яго». І сказаў ім Язэп: «Ці не да Бога належыць выясьненьне? Скажыце, што вы бачылі?»

9 Тады падчашы расказаў свой сон: «Бачыў я ў-ва сьне ўшчэп вінаградны, які рос перада мной,

10 на каторым былі тры галінкі. Ён рос паволі ў пупышкі, а па цьвеце насьпелі ягады.

11 І ў маёй руцэ трымаў я келіх фараона. Я ўзяў ягады і выціснуў іх у келіх, які я трымаў, і падаў келіх фараону».

12 Язэп сказаў: «Такое выясьненьне сну: тры галінкі - гэта яшчэ тры дні,

13 па каторых фараон падыме галаву табе і верне цябе на тваё ранейшае месца. Падаваць будзеш яму келіх паводле свайго абавязку, як гэта звычайна раней рабіў.

14 Толькі памятай пра мяне, калі табе будзе добра, ды акажы мне ласку і падкажы фараону, каб выпусьціў ён мяне зь вязьніцы.

15 Бо я ўкрадзены зь зямлі Гебраяў; і тут нявінна ўкінуты ў гэтую яму».

16 А загадчык пекараў, бачучы, што ён добра выясьніў сон, сказаў: «І я бачыў сон. Трымаў я на галаве тры кашы белага печыва.

17 У кошыку адным, каторы быў найвышэй, уся ежа фараона, якая вырабляецца ўмеласьцю пекара для фараона, і птушкі выдзёўбвалі яе».

18 Язэп адказаў: «Вось такое выясьненьне сну: Тры кошыкі, значыць яшчэ тры дні.

19 Па іх здыме табе фараон галаву і павесіць цябе на шыбеніцы, і птушкі будуць дзяўбсьці цела тваё».

20 Ад гэтага на трэці дзень выпадаў дзень нараджэньня фараона. І ён справіў для сваіх слугаў вялікі баль. І тады ў іх прысутнасьці прыпомніў галоўнага падчашага і загадчыка пекараў.

21 І галоўнага падчашага вярнуў на сваё месца, каб падаваў яму чашу,

22 а загадчыка пекараў загадаў павесіць на шыбеніцы, як прадказаў ім Язэп.

23 Аднак загадчык чашнікаў не прыпомніў Язэпа і забыўся пра выясьніцеля.

 

Разьдзел 41

 

1 У два гады пазьней фараон бачыў сон. Здавалася яму, што стаіць ён над ракой.

2 Зь яе вось выйшла сем кароваў прыгожых і сытых, і яны пасьвіліся на балоцістым поплаве.

3 Таксама іншых сем кароваў, брыдкіх і худых, выйшла за імі з ракі і сталі на самым беразе ракі.

4 І пажэрлі яны гэтых сем прыгожых і сытых кароваў. І прачнуўся фараон,

5 ды зноў задрамаў і ўбачыў другі сон: На адным сьцябле вырасла сем каласоў поўных і прыгожых.

6 І столькі ж вырасла іншых каласоў, пустых і зьнішчаных усходнім ветрам,

7 і яны зьнішчылі ўсю прыгажосьць першых каласоў. Фараон прабудзіўся і зразумеў, што гэта толькі сон.

8 З надыходам раніцы, стрывожаны, паслаў ён па ўсіх варажбітоў Эгіпецкіх і па ўсіх мудрацоў сваіх. І сабраўшымся расказаў сон, але не было нікога, хто б выясьніў.

9 Тады нарэшце загадчык чашнікаў прыпомніў і сказаў: «Прызнаюся да грэху свайго.

10 Разгневаны кароль слугаў сваіх, мяне і загадчыка пекараў, загадаў пасадзіць у вязьніцу пад нагляд начальніка варты.

11 Там у адну ноч мы абодва бачылі сон, прадказаньне будучыні.

12 І быў там юнак Гебрай, слуга начальніка варты, катораму мы расказалі сны.

13 І сталася так, як ён нам іх выясьніў. Я вернуты да свайго абавязку, а ён павешаны пры дарозе».

14 Скора на загад караля быў зь вязьніцы прыведзены Язэп. Падстрыглі яго, зьмянілі адзежу і прадставілі яму.

15 І сказаў ён Язэпу: «Бачыў я сон, і няма нікога, хто б яго разгадаў. Чуў, што ты можаш сны наймудрэй вытлумачыць».

16 Язэп адказаў: «Не я, але Бог дасьць адказ фараону для дабра!»

17 І фараон расказаў, што бачыў: «Сьнілася мне, што я стаю на беразе ракі,

18 і раптам выйшлі з ракі сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых целам, і пасьвіліся ў чароце.

19 І вось жа па гэтых выйшлі іншыя сем кароваў так непафарэмных і худых, што я ў Эгіпце такіх ніколі ня бачыў,

20 і яны зжэрлі і зьнішчылі першых,

21 але ня было на іх заўважна поўнасьці, але яны былі такія самыя худыя, як раней. Я прабудзіўся, і зноў сном замораны,

22 бачыў сон: Вырасла сем каласоў на адным сьцябле, поўных і прыгожых.

23 Але іншыя таксама сем каласоў, пустых і зьнішчаных сухім усходнім ветрам, вырасьлі за імі

24 і праглынулі прыгажосьць тых першых. Расказаў я сон варажбітам, але ніводзін зь іх ня змог вытлумачыць».

25 Язэп сказаў: «Сон караля адзін. Што мае стацца - Бог выявіў фараону.

26 Сем кароваў прыгожых і сем каласоў поўных - гэта сем гадоў ураджайных: яны адзін сэнс маюць.

27 А сем кароваў худых і брыдкіх, каторыя выйшлі за тымі, і сем каласоў пустых і зьнішчаных сухім ветрам - гэта сем гадоў будучага голаду.

28 Гэта такім парадкам споўніцца, як Бог выявіў фараону.

29 Вось жа пачынаецца сем гадоў надзвычай ураджайных ва ўсёй зямлі Эгіпту,

30 па каторых наступяць сем гадоў голаду страшнага, што ў няпамяць пойдзе ўся папярэдняя шчодрасьць. І ахопіць голад усю зямлю,

31 і вялікая ўраджайнасьць заменіцца ў вялікую нястачу.

32 А калі ты бачыў другі раз сон у той самай справе, гэта ёсьць моцным доказам, што тое, што Бог сказаў, у хуткім часе Богам будзе споўнена.

33 Дык хай цяпер прадбачыць валадар разумнага і мудрага чалавека і паставіць яго над зямлёй Эгіпецкай.

34 І хай паставіць ён наглядчыкаў на ўсе правінцыі, і пятую частку збораў зярна сем гадоў ураджайных,

35 каторыя ўжо цяпер надыйдуць, зьбірае ў гумны. Хай усё збожжа пад уладай фараона зьбіраецца і захоўваецца ў гарадах.

36 І прыгатуюцца гэтыя запасы для будучых сямёх гадоў голаду, які прыцісьне Эгіпет, і не загіне зямля дзеля нястачы».

37 І спадабалася гэтая парада фараону і ўсім яго слугам,

38 і фараон сказаў ім: «Ці ж можам мы знайсьці такога чалавека, як ён, поўнага духа Божага?»

39 І сказаў ён Язэпу: «Калі табе Бог аб'явіў усё, што ты сказаў, то ці магу знайсьці мудрэйшага, падобнага табе чалавека?

40 Ты будзеш над маім домам, і на загад вуснаў тваіх паслухаецца ўвесь мой народ. Адно толькі дастойнасьцю каралеўскай перавышаю цябе».

41 І дадаў фараон: «Вось я ўстанаўляю цябе над усёй зямлёй Эгіпту».

42 І зьняў фараон свой пярсьцёнак з пальца і ўзьдзеў яго на палец Язэпа, і загадаў адзець яго ў шаты з найчысьцейшага лёну, і павесіў яму на шыю залаты ланцуг.

43 І загадаў вазіць яго на другім сваім возе і клікаць перад ім «Абрэк!», і каб усе перад ім кленчылі і ведалі, што ён правіцель над усёй Эгіпецкай зямлёй.

44 І сказаў кароль Язэпу: «Я - фараон. Без тваёй волі ніхто не паварухне рукой або нагой ва ўсёй зямлі Эгіпту».

45 І замяніў імя яго, і назваў яго ў мове Эгіпецкай: Цафнат-Панэах, і даў яму за жонку Асэнат, дачку Патыфэра, сьвятара з Ону. І так Язэп стаў над усёй зямлёй Эгіпецкай.

46 Язэп меў трыццаць гадоў, калі стаў перад абліччам фараона, і аб'яжджаў ён усе правінцыі Эгіпту.

47 І прыйшоў ураджай сямі гадоў, і Язэп зьбіраў збожжа ў гумны ў Эгіпце,

48 награмаджаючы ў кожным горадзе ўраджай, сабраны ў акрузе.

49 І была такая многасьць пшаніцы, як пяску марскога, і запасы перавышалі меру.

50 І нарадзілася Язэпу два сыны перад тым, як настаў голад, якіх яму нарадзіла Асэнат, дачка Патыфэра, сьвятара з Ону.

51 Першародны быў названы імем Манаса, бо казаў (Язэп): «Даў мне Бог забыцца пра ўсе цяжкасьці мае і пра дом бацькі майго».

52 А другога назваў імем Эфраім, бо казаў: «Даў мне Бог расьці ў зямлі нядолі маёй».

53 Так прайшлі сем гадоў ураджайных, якія былі ў Эгіпце.

54 І надыходзілі сем гадоў нястачы, каторыя прадказаў Язэп, і на ўсім сьвеце запанаваў голад. Ва ўсёй жа зямлі Эгіпецкай быў хлеб.

55 І калі настаў голад, увесь народ зьвяртаўся да фараона, просячы хлеба. Ён жа ім адказаў: «Ідзіце да Язэпа, і што вам скажа, рабіце».

56 І нахлынуў голад на ўсю зямлю. І Язэп адкрыў усе гумны, і прадаваў хлеб Эгіпцянам, бо і іх прыжаў голад.

57 І ўсе правінцыі Эгіпецкія прыбывалі да Язэпа, каб купіць харчоў, бо голад лютаваў па ўсёй зямлі.

 

Разьдзел 42

 

1 Калі пачуў Якуб, што збожжа прадаецца ў Эгіпце, сказаў сынам сваім: «Чаму вы аглядаецеся адзін на другога?

2 Я чуў, што ў Эгіпце прадаюць пшаніцу. Выберыцеся і купіце сабе што патрэбна, каб мы маглі пражыць і не памерлі з голаду».

3 І дзесяць братоў Язэпа выбраліся ў Эгіпет купляць збожжа.

4 А Бэн'яміна, брата Язэпа, Якуб затрымаў дома, кажучы ягоным братам: «Каб у дарозе не здарылася чаго нядобрага».

5 Калі сыны Ізраэля прыбылі зь іншымі ў зямлю Эгіпецкую, каб купіць збожжа, бо голад панаваў у зямлі Ханаан,

6 Язэп быў правіцелем у зямлі Эгіпецкай, і за яго згодай прадавалася збожжа народам. Браты Язэпа, прыбыўшы да яго, пакланіліся аж да зямлі.

7 І ён пазанаў іх, і, як бы ў чужых, строга запытаўся ў іх: «Адкуль прыбылі вы?» Яны адказалі: «Зь зямлі Ханаан, каб купіць харчоў для пражыцьця».

8 І ён пазнаў братоў, але імі ня быў пазнаны.

9 І, прыпомніўшы сны, якія калісьці сьніў, сказаў ім: «Шпіёны вы, прыйшлі вы, каб агледзець месцы неўмацаваныя!»

10 Яны адказалі: «Не, пане, мы - слугі твае, прыбылі, каб купіць харчоў.

11 Усе мы сыны аднаго чалавека, шчырыя мы, і нічога слугі твае ня думаюць благога».

12 Ён ім адказаў: «Не, прыбылі вы ў неўмацаваныя месцы, каб гэтую зямлю агледзець!»

13 А яны сказалі: «Было нас дванаццаць братоў, слугаў тваіх, сыноў аднаго чалавека ў Ханаане. Наймалодшы застаўся з бацькам нашым, а аднаго ўжо няма».

14 Язэп сказаў ім: «Так ёсьць, як я вам сказаў: вы шпіёны!

15 Таму праверым вас. На жыцьцё фараона! Ня выйдзеце адсюль, пакуль не прыбудзе наймалодшы ваш брат!

16 Пашліце з вас аднаго, і хай ён прывядзе яго. Вы ж застаніцёся ў вязьніцы, пакуль высьветліцца, што вы гаварылі ці праўдзіва, ці фальшыва. Інакш, на жыцьцё фараона, шпіёны вы!»

17 І аддаў іх пад варту на тры дні.

18 На трэці дзень, вывеўшы іх зь вязьніцы, сказаў: «Рабіце, што загадаў, і будзеце жыць, бо я баюся Бога.

19 Калі шчырыя вы, адзін брат ваш застанецца ў вязьніцы, а вы ідзіце і вязіце збожжа, каторае купілі, да дамоў вашых,

20 а брата вашага наймалодшага да мяне прывядзіце, каб я мог праверыць вашыя словы, і вы не памрыцё». І яны зрабілі, як ён загадаў,

21 і гаварылі паміж сабою: «Заслужана гэта церпім, бо правініліся мы адносна брата нашага. Бачылі мы гора душы яго, як прасіўся ў нас, а мы ня выслухалі. Таму і на нас прыйшла гэтая бяда».

22 А Рубэн казаў: «Ці не казаў я вам: «Не грашыце супраць хлопца?» І не паслухалі мяне. Кроў ягоная помсьціцца».

23 І ня ведалі яны, што Язэп разумее, бо зь імі размаўляў празь перакладчыка.

24 І адыйшоўшыся ад іх, расплакаўся (Язэп). Потым вярнуўся і, размаўляючы зь імі, адлучыў ад іх Сымона, і ў іх прысутнасьці загадаў яго зьвязаць.

25 І загадаў напоўніць мяшкі іх збожжам, і каб ў кожным мяшку былі ўложаны дадзеныя імі грошы, і каб далі ім яшчэ харчоў на дарогу. Так і было зроблена.

26 І яны, усклаўшы сваё збожжа на аслоў, падаліся ў дарогу.

27 Калі адзін зь іх адкрыў мяшок свой, каб пакарміць асла ў заезьдзе, убачыў грошы наверсе ў мяшку,

28 і сказаў братам сваім: «Зьвярнулі мне грошы, вось яны ляжаць у мяшку!» Яны зьдзівіліся і стрывожыліся запар, і казалі: «Што гэта такое, што нам гэтак Бог зрабіў?»

29 І вярнуліся яны да Якуба, бацькі свайго, у зямлю Ханаан, і расказалі яму ўсё, што зь імі было ў Эгіпце, кажучы:

30 «Гаварыў з намі правіцель зямлі строга і думаў, што мы - шпіёны ў гэтай правінцыі.

31 Мы яму адказалі: Мы чэсныя, і ня маем намеру рабіць ніякіх подступаў,

32 дванаццаць братоў у аднаго бацькі, аднаго ўжо няма, наймалодшы з бацькам нашым ў зямлі Ханаан.

33 Дык сказаў нам правіцель зямлі: Вось праверу, ці вы чэсныя: аднаго брата вашага пакіньце і адпраўляйцеся.

34 Брата вашага найменьшага дастаўце да мяне, каб я пераканаўся, што вы не шпіёны. А таго, што ў путах, аддам вам, і далей будзеце мець дазваленьне хадзіць па гэтай зямлі».

35 Па гэтай размове, калі апаражнілі яны мяхі, кожны знайшоў у сваім мяшку капшук з грашыма. І ўсе разам надта спалохаліся.

36 І сказаў бацька Якуб: «Зрабілі вы, што мы застанёмся безь дзяцей: Язэпа няма, Сымон у вязьніцы, Бэн'яміна забіраеце. На мяне ўсе гэтыя беды нахлынулі».

37 А Рубэн сказаў яму: «Калі не вярну яго табе, забі двух сыноў маіх. Аддай яго ў рукі мае, а я яго вярну табе».

38 А Якуб адказаў: «Ня пойдзе сын мой з вамі. Брат яго памёр, ён толькі адзін застаўся: калі яму што нядобрае здарыцца ў дарозе, загоніце сівізну маю з болем у адхлань».

 

Разьдзел 43

 

1 Тым часам голад страшна прыжымаў усю зямлю.

2 Па спажыцьці харчоў, якія прывезьлі з Эгіпту, Якуб сказаў сваім сынам: «Вярніцеся і купіце сабе крыху харчоў».

3 Юда сказаў: «Той правіцель пад прысягай заявіў: Ня ўбачыце аблічча майго, калі не прывядзіцё з сабой наймалодшага брата вашага.

4 Дык калі згаджаешся паслаць яго з намі, выбярэмся адначасна і купім табе што найпатрэбнейшае.

5 Калі ня згодзішся, ня пойдзем, бо правіцель той, як часта табе казалі, выразна нам заявіў: Ня ўбачыце мяне без малодшага брата вашага».

6 І сказаў ім Ізраэль: «Чаму на маю бяду вы гэта зрабілі, што прызналіся яму, што маеце іншага брата?»

7 Яны адказалі: «Распытваў той чалавек аб нас і радні нашай і пытаўся: «Ці жывы яшчэ бацька ваш? Ці ёсьць яшчэ ў вас брат?» І мы пасьлядоўна адказвалі паводле таго, што пытаўся. Ці ж маглі здагадацца, што скажа: Прывядзіце брата вашага з сабой?»

8 І сказаў Юда ўпэўнена бацьку свайму, Ізраэлю: «Пусьці хлопца са мною, каб выбрацца і магчы пражыць, бо памром самі, і ты, і малыя нашыя.

9 Я адказваю за хлопца, зь мяне будзеш патрабаваць за яго. Калі не зьвярну і не аддам табе яго, бяру на сябе грэх назаўсёды.

10 Калі б ня марудзілі, два разы вярнуліся б».

11 Тады бацька іх, Ізраэль, сказаў ім: «Калі так трэба, рабіце, што хочаце; вазьміце найлепшых пладоў нашай зямлі ў посудах сваіх як дары тому чалавеку: крыху пахкай жывіцы, мёду, пахкіх карэньняў і ладану, алейкаў, фісташак і мігдаляў.

12 Вазьміце з сабой удвайне грошаў, каб маглі аддаць і тыя грошы, каторыя вам назад уложаны ў вашыя мяшкі, мабыць, праз памылку.

13 Таксама вазьміце вашага брата і вырушыце ў дарогу паваротную да таго правіцеля.

14 Хай Усемагутны Бог дасьць, каб той чалавек пашкадаваў вас і пусьціў свабодна вашага брата і Бэн'яміна. Калі маю заставацца сам у адзіноце, хай так ужо будзе».

15 І ўзялі яны падарункі і падвойныя грошы, і Бэн'яміна, і накіраваліся ў Эгіпет, і прадсталі перад Язэпам.

16 Калі ён убачыў іх і Бэн'яміна разам, загадаў загадчыку дому свайго, кажучы: «Завядзі людзей у дом і забі найлепшую жывёліну, і спраў баль, бо будуць яны са мною есьці апоўдні».

17 І загадчык зрабіў, што яму было загадана, і ўвёў гэтых людзей у дом Язэпа.

18 Там, напалоханыя, яны казалі адзін аднаму: «Дзеля грошай, якія раней затрымалі мы ў мяхах сваіх, увялі нас, каб напасьці раптам на нас і зрабіць нас нявольнікамі, і аслоў нашых забраць».

19 Дзеля таго ў самых дзьвярах падыйшлі яны да загадчыка дому

20 і сказалі: «Просім, гаспадару, паслухай нас. Ужо раней, калі прыбылі мы купіць харчоў,

21 і, купіўшы іх, калі прыбылі ў заезд і адкрылі мяхі свае, знайшлі наверсе грошы, якія цяпер у той самай вазе прывезьлі з сабой.

22 Але мы прывезьлі і іншае серабро, каб купіць сабе харчоў. Мы ня ведаем, хто ўлажыў серабро ў нашыя мяхі».

23 Але ён адказаў: «Будзьце спакойныя, ня бойцеся. Бог ваш і Бог бацькі вашага даў вам гэты скарб у вашыя мяхі. Бо грошы, каторыя далі мне, мною пацьверджаны». І прывёў да іх Сымона.

24 І ўвёўшы іх у дом, прынёс вады, і яны памылі ногі свае, і даў таксама корм для аслоў іхніх.

25 А яны падрыхтавалі дары перш, чым прыйшоў Язэп апоўдні. Даведаліся бо, што там будуць палуднаваць.

26 І калі ў дом свой увайшоў Язэп, прынесьлі яму дары, трымаючы ў руках сваіх, і пакланіліся яму да зямлі.

27 Ён, ласкава запытаўшыся пра здароўе, запытаўся ў іх: «Ці здаровы бацька ваш, стары, пра каторага расказвалі вы мне? Ці яшчэ жыве?»

28 Яны адказалі: «Здаровы слуга твой, бацька наш, яшчэ жыве». І яны ўкленчылі, і пакланіліся яму.

29 І падняўшы вочы свае, Язэп убачыў Бэн'яміна, брата свайго, сына сваёй маці, і спытаўся: «Гэта брат ваш малодшы, пра якога гаварылі вы мне?» І сказаў далей: «Хай Бог мае ў ласцы цябе, сын мой».

30 І хуценька выйшаў ён, бо ўзварушылася сэрца яго дзеля брата свайго і вырываліся сьлёзы. І пайшоў ён у пакой свой, і там расплакаўся.

31 Пасьля, абмыўшы твар, вярнуўся і трымаў сябе, і загадаў: «Падайце яду».

32 І падалі яму асобна, яго братам асобна, і Эгіпцянам таксама асобна. Бо Эгіпцяне не маглі есьці разам з Гебраямі, бо было б гэта для Эгіпцянаў рэчай паганай.

33 І Язэп пасадзіў братоў сваіх перад сабой ад найстарэйшага да наймалодшага, па старшынству. Яны дзівіліся і глядзелі адзін на другога.

34 Потым загадаў ён са свайго стала занесьці ім стравы. І страва для Бэн'яміна была ў пяць разоў большая. І яны пілі, і падпілі разам зь ім.

 

Разьдзел 44

 

1 І загадаў Язэп загадчыку дому свайго: «Напоўні мяхі іхнія збожжам да поўнасьці і палажы грошы наверх у кожны мех.

2 А чашу маю серабраную і плату за пшаніцу палажы наверх мяха наймалодшага». Так ён і зрабіў.

3 І на сьвітаньні ён адправіў іх разам зь іх асламі.

4 Заледзь аднак выбраліся яны з гораду і крыху адыйшліся, Язэп сказаў загадчыку дому: «Уставай, і дагані людзей гэтых, і скажы ім: Чаму адгадзіліся вы ліхам за дабро? Чаму ўкралі ў мяне серабраную чашу?

5 Гэта ж тая (чаша), з каторай п'е гаспадар мой і на каторай ён звычайна варожыць! Ліхое вы ўчынілі!»

6 І зрабіў загадчык, як загадана, і затрыманым па парадку сказаў усё гэта.

7 Яны адказалі: «Чаму так кажа гаспадар наш? Слугі твае ня робяць гэтак.

8 Грошы, якія мы знайшлі на версе мяхоў, вярнулі табе зь зямлі Ханаан. І як маглі мы ўкрасьці золата ці серабро ў доме гаспадара нашага?

9 У каторага са слугаў тваіх знойдзецца (тая чаша), што шукаеш, той хай памрэ, а мы будзем слугамі гаспадара нашага».

10 Ён сказаў ім: «Хай станецца па вашым рашэньні: у каго будзе тое знойдзена, ён будзе слугою маім. Вы ж будзеце невінаватыя».

11 І так напосьпех, зьняўшы мяхі на зямлю, паадкрывалі кожны.

12 І ён, абшукваючы іх, пачынаючы ад старэйшага да наймалодшага, знайшоў чашу ў мяху Бэн'яміна.

13 І яны, з жалю разьдзёршы адзеньне і ўсклаўшы мяхі на аслоў, вярнуліся ў горад.

14 І Юда з братамі ўвайшоў да Язэпа, а ён быў яшчэ там, і ўсе ўкленчылі перад ім на калені.

15 І ён сказаў ім: «Як маглі вы так зрабіць? Ці вы ня бачылі і ня ведаеце, што няма падобнага мне чалавека ў гаданьні?»

16 Юда адказаў: «Што маем адказаць гаспадару нашаму? Або чым можам перад ім апраўдацца? Бог знайшоў беззаконьне ў слугах тваіх. Усе мы сталіся слугамі гаспадара майго, і мы, і той, у каго была знойдзена чаша».

17 Язэп адказаў: «Я гэтага не зраблю! Хто ўкраў чашу маю, той хай будзе слугою маім, вы ж ідзіце свабодна да бацькі свайго».

18 Тады Юда, падыйшоўшы бліжэй, сказаў даверліва: «Малю, гаспадару мой, хай скажа слуга твой словы табе, і хай ня гневаецца гаспадар мой на слугу твайго, бо ты як фараон!

19 Гаспадар мой спытаў перш слугаў тваіх: «Ці маеце бацьку або брата?»

20 А мы адказалі гаспадару нашаму: «Маем бацьку старога і хлопца маладога, які ў старасьці яго нарадзіўся, каторага родны брат памёр, і ён адзін застаўся ад маткі сваёй, бацька таму вельмі любіць яго».

21 І сказаў ты слугам сваім: «Прывядзіце яго да мяне, я пагляджу на яго».

22 Мы даказвалі гаспадару майму: «Ня можа хлопец пакінуць бацькі свайго, бо калі яго пакіне, той памрэ».

23 Тады сказаў ты слугам сваім: «Калі ня прыйдзе брат ваш наймалодшы з вамі, вы больш ня ўбачыце мяне».

24 Дык калі мы прыйшлі да слугі твайго, бацькі нашага, і расказалі яму ўсё, што сказаў гаспадар наш,

25 то сказаў бацька наш: «Вярніцеся і купіце крыху пшаніцы».

26 Мы сказалі яму: «Пайсьці мы ня можам, калі брат наш наймалодшы ня пойдзе разам з намі, пойдзем разам, інакш безь яго ня ўбачым аблічча гаспадара нашага».

27 На гэта слуга твой, бацька наш, адказаў: «Вы ведаеце, што жонка мая нарадзіла мне двух.

28 Аднойчы адзін ад мяне пайшоў, і я сказаў: «Дзікі зьвер зьеў яго!» І дасюль не знайшоўся.

29 Калі возьмеце і гэтага ад мяне, ды яму што здарыцца ў дарозе, загоніце сівізну маю са смуткам у цемру».

30 Дык, калі ўвайду да бацькі майго, слугі твайго, бяз хлопца, ім умілаванага,

31 то калі ўбачыць, што яго няма з намі, - памрэ. І так давядуць слугі твае сівізну яго ў адхлань.

32 Слуга твой злажыў прысягу бацьку за сына: калі не вярну яго, цяжка саграшу адносна бацькі свайго на ўсё жыцьцё.

33 Дык застануся я, слуга твой, за хлопца ў службе гаспадару майму, а хлопец хай ідзе з братамі сваімі.

34 Бо не магу вярнуцца да бацькі майго бяз хлопца, каб ня быць сьведкам няшчасьця, якое нахлыне на бацьку майго».

 

Разьдзел 45

 

1 І ня мог Язэп больш апанаваць сябе ў прысутнасьці ўсіх, і закрычаў: «Выйдзеце ўсе адсюль!» І нікога не было зь ім, калі ён даўся пазнаць братам сваім.

2 І ў голас заплакаў ён, так, што чулі Эгіпцяне ды ўвесь дом фараона.

3 І вось сказаў Язэп братам сваім: «Я -Язэп! Ці жыве яшчэ бацька мой?» І не маглі адказаць яму браты дзеля вялікага страху.

4 Ён жа сказаў ім ласкава: «Падыйдзіце да мяне!» І калі падыйшлі блізка, сказаў: «Я- Язэп, брат ваш, каторага прадалі вы ў Эгіпет.

5 Не шкадуйце і хай не здаецца вам страшным, што мяне прадалі ў гэтую мясцовасьць. Для паратунку вашага паслаў мяне Бог перад вамі ў Эгіпет.

6 Два гады прайшло, як пачаўся голад на зямлі, а яшчэ застаецца пяць гадоў, у якіх нельга будзе ані араць, ані зьбіраць.

7 Раней паслаў мяне Бог, каб былі вы захаваныя на зямлі і каб выратаваць жыцьцё вашае збаўленьнем вялікім.

8 Не па вашаму рашэньню, але па волі Божай пасланы я сюды Тым, Хто зрабіў мяне як бы бацькам фараона і гаспадаром усяго дому ягонага, і князем на ўсю Эгіпецкую зямлю.

9 Сьпяшайцеся і ідзіце да бацькі майго, і скажыце яму: «Гэта загадвае сын твой Язэп: Бог учыніў мяне гаспадаром усёй зямлі Эгіпецкай. Прыходзь да мяне, каб не памёр (з голаду).

10 І абжывайся ў зямлі Гашэн. Будзеш блізка мяне і ты, і сыны твае, і дзеці сыноў тваіх, авечкі твае і статак твой, і ўсё, што маеш.

11 Там буду цябе карміць, бо яшчэ пяць гадоў голаду, каб не прапаў і ты, і дом твой ды ўсё, што маеш».

12 Вось жа вочы вашыя і вочы брата майго Бэн'яміна бачаць, што вусны мае гавораць да вас.

13 Раскажыце бацьку майму пра ўсю славу маю ў Эгіпце і пра ўсё, што вы бачылі. Сьпяшайцеся і прывядзіце яго да мяне».

14 І кінуўся ён на шыю брату свайму Бэн'яміну, і абняў яго, і плакаў, а ён таксама плакаў на яго шыі.

15 І цалаваў Язэп усіх братоў сваіх і плакаў над кожным. Тады толькі адважыліся гаварыць да яго.

16 І разыйшлася вестка ў палацы фараона: «Прыбылі браты Язэпа». І радаваўся фараон і ўвесь дом фараона.

17 І сказаў ён Язэпу, каб загадаў братам сваім: «Абладуйце жывёлу вашу збожжам і ідзіце ў зямлю вашу, у Ханаан,

18 і вазьміце адтуль бацьку вашага і радню, і прыбывайце да мяне, і я дам вам у Эгіпце ўсё, каб пражылі на зямлі.

19 Загадай такжа: Вазьміце вазы зь зямлі Эгіпецкай для перавозкі дзяцей вашых і жонак. І вазьміце бацьку вашага і сьпяшайцеся як найхутчэй прыбыць.

20 Не турбуйцеся дзеля прыладаў вашых, бо ўсякую дапамогу атрымаеце ў Эгіпце».

21 І сыны Ізраэля зрабілі ўсё, што ім было загадана. І даў ім Язэп вазы па загаду фараона і харчы, патрэбныя ў дарозе.

22 Па-за тым кожнаму зь іх падараваў вопратку на зьмену, Бэн'яміну ж даў трыста штук серабра і пяць адзеньняў на зьмену.

23 А свайму бацьку паслаў дзесяць аслоў, наладаваных найлепшымі пладамі Эгіпту, поруч дзесяць асьліцаў, абладаваных збожжам, хлебам і харчамі на дарогу.

24 І выпраўляючы братоў сваіх у дарогу, сказаў ім, калі ўжо адыходзілі: «Не сварыцеся ў дарозе!»

25 І яны, выбраўшыся з Эгіпту, прыбылі ў зямлю Ханаан да бацькі свайго Якуба,

26 і паведамілі яму: «Язэп жыве, і ён валадарыць над ўсёй Эгіпецкай зямлёю!» Але ў яго сэрца заставалася халодным, бо ён не паверыў ім.

27 Тады пераказалі яму ўсе словы, якія сказаў Язэп. І калі ўбачыў ён вазы і ўсё, што на прывозку яго прыслаў (Язэп), аджыў дух яго,

28 і ён сказаў: «Хопіць мне, калі яшчэ жыве Язэп, сын мой. Пайду і пабачу яго, перш чым памру».

 

Разьдзел 46

 

1 І выбраўся Ізраэль з усім, што меў, і прыбыў у Бээр-Шэбу, і склаў ахвяру Богу бацькі свайго Ізаака.

2 І пачуў, як Бог клікаў яго ў начной зьяве: «Якубе, Якубе!» Ён адказаў: «Вось я!»

3 І сказаў Ён яму: «Я - Бог, Бог бацькі твайго. Ня бойся перабірацца ў Эгіпет, бо вялікім народам зраблю Я цябе там.

4 Я пайду разам з табой туды і адтуль выведу цябе назад, а Язэп заплюшчыць вочы твае».

5 І рушыў далей Якуб з Бээр-Шэбы. І везьлі яго сыны зь дзецьмі і жонкамі сваімі на вазах, каторыя прыслаў фараон на прывозку старога,

6 а таксама ўсё, што мелі ў зямлі Ханаан. І прыбылі яны ў Эгіпет, Якуб і ўсё патомства ягонае,

7 сыны яго і ўнукі, дочкі і ўсё патомства.

8 Такія вось імёны сыноў Ізраэля, каторыя прыйшлі ў Эгіпет, Якуб зь дзецьмі сваімі: Першародны Рубэн.

9 Сыны Рубэна: Генох і Пальлю, Хецрон і Кармі.

10 Сыны Сымона: Емуэль, Ямін, Огад, Яхін, Цахар і Шаўль, сын Хананейкі.

11 Сыны Левія: Гершон, Кегат і Мэрары.

12 Сыны Юды: Гэр, Анан, Шэля, Пэрэс і Зэрах. Але Гэр і Анан памерлі ў Ханаане. Сыны Пэрэса: Хецрон і Хамуль.

13 Сыны Ісахара: Тола, Пува, Яшуб і Шымрон.

14 Сыны Забулёна: Сэрэд, Элён і Яхлэль.

15 Гэта ёсьць патомкі гэтых сыноў Якуба, каторых, падобна як дачку Дзіну, нарадзіла яму Лія ў Паддан-Араме. Усіх гэтых асобаў, сыноў яго і дочак, было трыццаць тры.

16 Сыны Гада: Цэфон і Хагі, Шуні і Эцбон, Эры, Арод і Арэлі.

17 Сыны Асэра: Імна, Ішва, Ішві, Бэрыя і іхняя сястра імем Сэрах. А сыны Бэрыі: Гебэр і Мальхіэль.

18 Гэта ёсьць патомкі сыноў Зільпы, каторую даў Лябан дачцы сваёй Ліі, і каторая нарадзіла іх Якубу, усяго шаснаццаць асобаў.

19 Сыны Рахелі, жонкі Якуба: Язэп і Бэн'ямін.

20 Язэпу нарадзіліся ў Эгіпце сыны, каторых нарадзіла на сьвет Асэнат, дачка сьвятара Патыфэра: Манаса і Эфраім.

21 Сыны Бэн'яміна: Бэла і Бэхэр, Ашбэль, Гера, Нааман, Эхі, Рош, Мупім, Хупім і Ард.

22 Гэта ёсьць патомкі сыноў Рахелі, каторыя нарадзіліся Якубу. Усіх чатырнаццаць асобаў.

23 Сын Дана: Хушым.

24 Сыны Нэфталі: Яхсээль, Гуні, Ецэр і Шылем.

25 Гэта ёсьць патомкі сыноў Більгі, каторую даў Лябан Рахелі, сваёй дачцэ, і каторая нарадзіла іх Якубу. Усіх сем асобаў.

26 Усіх, каторыя прыбылі зь Якубам у Эгіпет, а каторыя выйшлі зь яго паясьніцы, было агулам, апроч жонак сыноў Якуба, шэсьцьдзесят шэсьць.

27 Сыноў жа Язэпа, каторыя яму нарадзіліся ў Эгіпце, было двух. Усіх таму членаў сям'і Якуба, каторыя прыбылі ў Эгіпет, было семдзесят.

28 І выслаў ён Юду перад сабой да Язэпа, каб мог ён яго выперадзіць у Гашэне перад іх прыбыцьцём.

29 А калі яны прыйшлі ў зямлю Гашэн, Язэп загадаў запрэгчы калясьніцу сваю і выехаў на спатканьне Ізраэля, бацькі свайго, у Гашэн. І калі ўбачыў яго, кінуўся яму на шыю і доўга плакаў на ягонай шыі.

30 І сказаў Ізраэль Язэпу: «Цяпер магу ўжо паміраць, бо ўбачыў цябе, што ты яшчэ жывеш!»

31 А Язэп сказаў братам і ўсёй сям'і бацькі свайго: «Пайду і паведамлю фараону, і скажу яму: «Браты мае і сям'я бацькі майго, каторыя пражывалі ў зямлі Ханаан, прыбылі да мяне.

32 Яны пастухі авечак і займаюцца гадаваньнем жывёлы; жывёлу буйную і ўсё, што маглі мець, прывялі з сабою».

33 Калі пакліча ён вас і запытае: «Чым вы займаецеся?»

34 Вы адкажаце: «Мы, слугі твае, пастухі ад дзяцінства і аж да цяперашняга часу, і мы, і бацькі нашыя». Гэта вось скажаце, каб маглі жыць у зямлі Гашэн, бо брыдзяцца Эгіпцяне пастухамі авечак».

 

Разьдзел 47

 

1 І Язэп, увайшоўшы да фараона, сказаў: «Бацька мой і браты, авечкі і жывёла ды ўсё, што маюць, прыбылі зь зямлі Ханаан і знаходзяцца ў зямлі Гашэн».

2 І з усіх братоў сваіх пяць мужчынаў паставіў перад каралём.

3 Той іх запытаў: «Чым займаецеся?» Яны адказалі: «Мы - слугі твае, пастухі авечак, і мы, і бацькі нашыя».

4 І сказалі фараону: «Мы - перасяленцы, бо ў нас няма травы для статку слугаў тваіх, узмогся бо голад у зямлі Ханаан. Просім, каб дазволіў нам, слугам тваім, пасяліцца ў зямлі Гашэн».

5 І сказаў фараон Язэпу: «Бацька твой і браты твае прыбылі да цябе.

6 Уся зямля Эгіпецкая адкрыта табе. Пасялі іх на найлепшым месцы. Аддай ім зямлю Гашэн. А калі ведаеш між імі людзей здольных, устанаві іх наглядчыкамі над маёй жывёлай».

7 І прывёў Язэп бацьку свайго да караля, і паставіў яго перад фараонам. І дабраславіў Якуб фараона.

8 Фараон спытаўся ў яго: «Колькі гадоў жыцьця твайго?»

9 Ён адказаў: «Дзён пілігрымаваньня майго - сто трыццаць гадоў. Кароткія і ліхія дні жыцьця майго, не дасяглі да гадоў жыцьця бацькоў маіх, якіх яны дажыліся».

10 І дабраславіўшы фараона, выйшаў ад яго.

11 А Язэп, па загаду фараона, бацьку і братам сваім даў на пасяленьне ў Эгіпце найлепшае месца - зямлю Рамэсэс.

12 І зааглядаў ён бацьку і братоў, і ўсю сям'ю свайго бацькі ў харчы адпаведна лічбы дзяцей.

13 А на ўсёй зямлі не хапала хлеба і ўціскаў страшны голад. І прападала зямля Эгіпту і Ханаану дзеля голаду.

14 А Язэп праз продаж збожжа выбраў з усіх грошы і занёс іх у скарбніцу фараона.

15 І калі ў купляючых не было на куплю грошаў, усе жыхары Эгіпту прыйшлі да Язэпа і казалі: «Дай нам хлеба! Бо паміраем на вачах у цябе, бо ня маем ужо грошаў!»

16 Ён ім адказваў: «Прыводзьце жывёлу сваю, і за яе дам вам хлеба, калі ня маеце платы».

17 І прыводзілі жывёлу, і (Язэп) даваў ім харчы за коней, авечак, валоў і аслоў. І карміў іх ў той год у замену за жывёлу.

18 У другім годзе таксама прыходзілі да яго і казалі яму: «Не хаваем перад гаспадаром нашым, што ня маем грошы, жывёла перайшла да гаспадара нашага, і ведаеш, што акрамя целаў і зямлі, нічога болей ня маем.

19 Дык чаму маем паміраць на вачах тваіх і мы, і зямля нашая! Купі нас і зямлю нашую за хлеб, будзем нявольнікамі фараона, а наша зямля будзе яго ўласнасьцю. Дай нам зярно, каб мы выжылі і не памерлі, і каб зямля не ператварылася ў пустыню».

20 І Язэп купіў усю зямлю Эгіпецкую, бо кожны прадаў паселасьць сваю дзеля вялікага голаду. І так падпарадкаваў зямлю фараону,

21 а ўвесь народ, ад найбліжэйшых межаў Эгіпту аж да найдалейшых яго канцоў, паддаў у няволю.

22 Сьвятарскай жа зямлі не купляў, бо яны карысталіся харчамі па фараонавым распараджэньні, таму ня былі вымушаны прадаваць свае паселасьці.

23 І сказаў Язэп людзям: «Вось бачыце, што і вы, і зямля вашая належаць да фараона. Вазьміце насеньне і засейце палі,

24 каб маглі мець збожжа. Пятую частку аддасьцё фараону, а чатыры астатнія аддаю вам на насеньне і на яду сем'ям і дзецям вашым».

25 Яны адказвалі: «Ты ўратаваў нас! Спагадным толькі будзь нам, гаспадару наш, а мы з радасьцю будзем служыць фараону».

26 З таго часу аж па сёньняшні дзень даецца пятая частка з усёй зямлі фараонам Эгіпту, толькі землі сьвятароў па праву Язэпа выняты з-пад гэтага закону.

27 І абжыўся Ізраэль ў Эгіпце, у зямлі Гашэн, і ўзяў яе на ўласнасьць, і разрастаўся, і вельмі размножыўся.

28 І пражыў Якуб у зямлі Эгіпецкай сямнаццаць гадоў, і дачакаўся ста сарака сямі гадоў жыцьця.

29 А калі заўважыў, што набліжаецца дзень сьмерці ягонай, паклікаў сына свайго Язэпа і сказаў яму: «Калі я знайшоў ласку ў цябе, палажы руку сваю пад бядро на доказ міласьці і вернасьці тваёй, што не пахаваеш мяне ў Эгіпце,

30 але калі засну з маімі бацькамі, вывязеш мяне з Эгіпту і пахаваеш мяне ў іх магіле». Адказаў ён: «Зраблю, як ты сказаў».

31 Тады ён сказаў: «Прысягні мне!» А калі ён прысягнуў, Ізраэль апаў на свой ложак.

 

Разьдзел 48

 

1 Па гэтых падзеях было паведамлена Язэпу, што захварэў бацька ягоны. Дык ён узяў з сабой двух сыноў, Манасу і Эфраіма.

2 І сказалі старому: «Вось жа сын твой Язэп прыйшоў да цябе». Ён, сабраўшы сілы, сеў на ложку

3 і сказаў Язэпу: «Усемагутны Бог аб'явіўся мне ў Люзе, у зямлі Ханаан, і дабраславіў мяне,

4 і сказаў: «Я вырашчу цябе і размножу, і зраблю цябе шматлюдным народам. Дам табе і патомству твайму па табе гэтую зямлю на вечную ўласнасьць».

5 Дык два твае сыны, каторыя нарадзіліся табе ў Эгіпце перш, чым я перабраўся да цябе, мае будуць: Эфраім і Манаса будуць маімі, як Рубэн і Сымон.

6 Аднак патомства, каторае табе па іх народзіцца, - тваім будзе. Будзе яно называцца ад імёнаў сваіх братоў, абжытых на ўласнасьці сваёй.

7 Мне вось, калі я варочаўся з Паддан-Араму, памерла Рахель, маці твая, у зямлі Ханаан у той жа дарозе, калі заставаўся яшчэ нейкі кавалак да Эфраты, і я пахаваў яе ля дарогі ў Эфрату, каторая іншым імем называецца Бэтлеем».

8 Бачучы ж сыноў ягоных, спытаўся ў яго: «Што за яны?»

9 Язэп адказваў: «Гэта сыны мае, каторых даў мне Бог у гэтым месцы». «Падвядзі, - кажа, - да мяне, я іх дабраслаўлю».

10 А вочы Ізраэля дзеля вялікай старасьці былі зацьмёныя і невыразна бачылі. Дык калі падвёў Язэп іх да яго, ён абняў іх і пацалаваў,

11 і сказаў сыну свайму: «Не спадзяваўся я бачыць цябе, але Бог паказаў мне цябе і дзяцей тваіх».

12 Язэп, адсунуўшы дзяцей ад грудзей бацькі, пакланіўся яму тварам аж да зямлі.

13 Затым, маючы абодвух сыноў, - Эфраіма па правай руцэ, або зь левага боку Ізраэля, а Манасу па левай руцэ, або з правага боку Ізраэля, - падвёў іх да бацькі.

14 Але Ізраэль, выцягнуўшы правую руку, палажыў яе на галаве Эфраіма, малодшага брата, а левую руку - на галаве Манасы, старэйшага гадамі, зьмяняючы рукі.

15 І дабраславіў Якуб Язэпа, і сказаў: «Бог, у прысутнасьці Каторага хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ізаак, Бог, Каторы пасьвіў мяне ад юнацтва майго аж па сёньняшні дзень,

16 Анёл, каторы вырываў мяне з усякіх бедаў, хай дабраславіць гэтым хлопцам! Хай імя маё, а таксама імёны бацькоў маіх, Абрагама і Ізаака, прызываюцца над імі, і хай яны растуць у вялікую многасьць на зямлі!»

17 Калі Язэп убачыў, што бацька ягоны палажыў правую руку на галаве Эфраіма, не спадабалася гэта яму. І ўзяў ён руку бацькаву, каб як пералажыць з галавы Эфраіма на галаву Манасы.

18 І сказаў бацьку: «Невыпадак так, ойча, бо гэты першародны: палажы руку сваю на ягоную галаву!»

19 Але бацька, пярэчачы, сказаў: «Ведаю, сын мой, ведаю, і зь яго вырасьце племя, каторае такжа размножыцца, аднак брат яго малодшы будзе большы ад яго, бо патомства ягонае разрасьцецца ў мноства плямёнаў».

20 І дабраславіў ім у той дзень, кажучы: «Табою будзе дабраславіць Ізраэль, кажучы: Хай учыніць табе Бог як Эфраіму і як Манасе!» І даў ён пяршынства Эфраіму перад Манасам.

21 І сказаў ён Язэпу, сыну свайму: «Вось я паміраю, але Бог будзе з вамі, і верне вас у зямлю бацькоў вашых.

22 І я дам табе болей, чым братам тваім, на адну частку, каторую здабыў я на Амарэйцах мячом і лукам сваім».

 

Разьдзел 49

 

1 І паклікаў вось Якуб сыноў сваіх, і сказаў ім: «Зьбярыцеся, каб расказаць вам, што чакае вас у пазьнейшых часах.

2 Зьбярыцеся і паслухайце, сыны Якуба, паслухайце бацькі вашага, Ізраэля!

3 Рубэн, першародны мой, ты - моц мая і пачатак сілы маёй; першы па дастойнасьці, старэйшы па сіле!

4 Пенячыся, як вада, ня будзеш першынстваваць, бо ты ўвайшоў у ложак бацькі свайго і апаганіў пасьцель маю.

5 Сымон і Леві - браты, начыньне гвалту зброя іхняя.

6 У іхнюю нараду ня ўвойдзе душа мая, і ў сабраньні іхнім хай ня будзе славы маёй, бо ў шале сваім забілі яны чалавека і ў свавольлі сваёй падрэзалі жылы быкоў.

7 Праклятая лютасьць іхняя, бо ўпорыстая, і заядласьць іхняя, бо тупая! Падзялю іх у Якубе і раскіну іх у Ізраэлю.

8 Юда, цябе будуць хваліць браты твае, твая рука на карках ворагаў тваіх; будуць пакланяцца табе сыны бацькі твайго.

9 Юда - малады леў, сын мой, ад здабычы падняўся ты, адпачыць лёг, як леў, і быццам львіца, і хто настрашыць яго?

10 Ня будзе аднята бэрла ад Юды, і кій пастыра - з-пад ног ягоных, пакуль ня прыйдзе Той, чыім яно ёсьць, і Каму скорацца народы.

11 Прывязваючы да вінаградніка асьлянятка сваё і да ўшчэпу вінаграднага сына асьліцы сваёй, памые ў віне адзеньне сваё ды ў крыві вінаграду плашч свой.

12 Пацямнеюць вочы яго ад віна, і зубы яго стануць бялейшыя ад малака.

13 Забулён на беразе мора жыць будзе і ў прыстані караблёў, пашыраючыся аж да Сідону.

14 Ісахар - асёл дужы, што ляжыць паміж загарадаў.

15 Ён бачыць, што супачынак добры і што зямля найлепшая; і падстаўляе плячо сваё да нашэньня, стаўшыся слугою падняволеным.

16 Дан будзе судзіць народ свой як адно з пакаленьняў Ізраэля.

17 Дан станецца зьмяёю на дарозе, гадзінай на сьцежцы, што кусае ногі каня, каб коньнік ягоны падаў назад.

18 Чакаць буду, Госпадзе, збаўленьня Твайго!

19 Гад - разбойнікі будуць нападаць на яго, а ён будзе наступаць ім на пяты.

20 Асэр - сыты хлеб ягоны, і ён будзе ўдзяляць раскошы каралеўскія.

21 Нэфталі - ланя на свабодзе, што дае прыгожыя рогі.

22 Язэп - урадлівае дрэва, урадлівае дрэва над крыніцаю: галінкі яго выстаюць па-за мурам.

23 Але дражнілі яго і сварыліся, і праціўныя яму былі тыя, каторыя маюць стрэлы.

24 Ды зламаўся лук іхні, і аслаблі мышцы плечаў іхніх дзякуючы рукам Усемагутнага Якуба, дзеля імя Пастыра, Каменя Ізраэля.

25 Бог бацькі твайго будзе ўспамогай тваёй, і Ўсемагутны будзе дабраславіць табе дабраславенствамі нябеснымі з гары, дабраславенствам бездані, што ляжыць унізе, багаславенствам грудзей і ўлоньня.

26 Дабраславенствы бацькі твайго, узмацаваныя па-над дабраславенствы гораў адвечных і па-над пажаданьні ўзгоркаў спрадвечных, хай сплывуць на галаву Язэпу і на верх галавы выбранца між братоў сваіх.

27 Бэн'ямін - воўк драпежны, штораньня будзе есьці здабычу, а вечарам дзяліць здабытае».

28 Усе яны - гэта дванаццаць пакаленьняў Ізраэля. Вось гэта сказаў ім бацька іхні і дабраславіў кожнага паасобку асабістымі дабраславенствамі.

29 А потым даў ім загад у гэтыя словы: «Я далучаюся да народу свайго; дык пахавайце мяне з бацькамі маімі ў пячоры Махпэля, каторая знаходзіцца на полі Эфрона Гетыта,

30 насупраць Мамрэ, у зямлі Ханаан, каторую купіў Абрагам з полем ад Эфрона Гетыта як магілу на ўласнасьць на пахаваньне памёршых.

31 Там пахавалі яго (Абрагама) і жонку яго, Сару, там пахаваны Ізаак з Рэбэкай, жонкай сваёй, там і Лія ляжыць пахаваная.

32 Поле і пячора, каторая на ім, набытая ў сыноў Гета».

33 І па заканчэньні даручэньняў сынам сваім, палажыў ён ногі свае на ложку і сканаў, і быў далучаны да народу свайго.

 

Разьдзел 50

 

1 І Язэп прыпаў да твару бацькі, і плакаў, і цалаваў яго.

2 І загадаў слугам сваім, лекарам, каб забальсамавалі яго бацьку.

3 І прайшло сорак дзён, пакуль яны споўнілі загад, бо столькі дзён было патрэбна на бальсамаваньне памёршага. І аплаквалі яго жыхары Эгіпту семдзесят дзён.

4 Па заканчэньні часу жалобы Язэп прамовіў да сям'і фараона: «Калі я знайшоў ласку ў вас, скажыце фараону так:

5 Бацька запрысяг мяне, кажучы: «Вось я паміраю; у магіле маёй, якую я выкапаў сабе ў зямлі Ханаан, пахавай мяне». Дык я вось цяпер пахаваю бацьку свайго і вярнуся».

6 Фараон сказаў яму: «Ідзі і пахавай бацьку свайго, як прысягнуў яму».

7 І калі Язэп ішоў хаваць бацьку свайго, пайшлі зь ім усе слугі фараона, старэйшыя дому ягонага, усе магнаты зямлі Эгіпецкай,

8 сям'я Язэпа зь яго братамі, за выключэньнем дзяцей і стадаў, якія засталіся ў зямлі Гашэн.

9 Пайшлі зь ім такжа вазы і коньнікі, творачы немалую дружыну.

10 А калі прыбылі ў Гарэн-Гаатад, што ляжыць на другім баку Ярдану, там адправілі лямант і жалобныя з плачам вялікім, трываючы сем дзён.

11 Калі гэта ўбачылі жыхары Ханаану, казалі: «Гэта вялікая жалоба Эгіпцянаў», і дзеля таго названа тое месца Абэль-Міцраім.

12 І зрабілі сыны Якуба так, як ім ён загадаў.

13 І занесьлі яго ў зямлю Ханаан, і пахавалі яго ў пячоры Махпэля, якую купіў Абрагам разам з полем на ўласнасьць на хаваньне ад Эфрона Гетыта, насупраць Мамрэ.

14 Пахаваўшы бацьку, вярнуўся Язэп у Эгіпет з братамі сваімі і з усёй дружынай.

15 Па сьмерці бацькі Якуба, браты Язэпа баяліся і казалі паміж сабой: «Ён, памятаючы на крыўду, якую перацярпеў, можа адпомсьціцца на нас за тое, што яму зрабілі».

16 І перадалі яму: «Бацька твой загадаў нам перад сьмерцяй,

17 каб мы табе ягонымі словамі сказалі: «Прашу, забудзь пра злачынства братоў сваіх, і грэх, і злосьць, якой дапусьціліся адносна цябе». Мы таксама просім, каб зь мірам Бога бацькі твайго дараваў нам Язэп гэтую ліхасьць». Выслухаўшы іх, Язэп заплакаў.

18 І прыйшлі да яго браты ягоныя і, упаўшы перад ім, казалі: «Слугі мы твае».

19 Ён ім адказаў: «Ня бойцеся. Ці ж можам працівіцца волі Божай!

20 Вы задумалі для мяне блага, а Бог перамяніў на дабро, каб узвысіць мяне, як цяпер бачыце, і каб уратаваў я многія народы.

21 Не палохайцеся: я кармлю вас і вашых дзяцей». І пацешыў ён іх, ласкава і зычліва гаворачы зь імі.

22 І жыў ён у Эгіпце з усёй сям'ёй бацькі свайго, і пражыў сто дзесяць гадоў,

23 і бачыў сыноў Эфраіма аж да трэцяга пакаленьня. Таксама дзеці Махіра, сына Манасы, нарадзіліся на каленях Язэпа.

24 І сказаў Язэп братам сваім: «Калі я памру, Бог пашкадуе вас і выведзе з гэтай зямлі ў зямлю, каторую запрысяг Абрагаму, Ізааку і Якубу».

25 І забавязаў ён сыноў Ізраэля прысягай, што споўняць гэткае даручэньне: «Калі Бог акажа вам ласку, забярыцё з сабой мае косьці з гэтага месца».

26 І памёр Язэп, маючы сто дзесяць гадоў. І забальсамавалі цела яго, і паклалі ў труну ў Эгіпце.

 

2. Кніга Выхаду

 

Разьдзел 1

 

1 Гэткія імёны сыноў Ізраэля, якія разам зь Якубам прыбылі ў Эгіпет; кожны прыйшоў са сваёю сям'ёй:

2 Рубэн, Сымон, Леві, Юда,

3 Ісахар, Забулён і Бэн'ямін,

4 Дан і Нэфталі, Гад і Асэр.

5 Усіх жа патомкаў Якуба было семдзесят асобаў, а Язэп ужо быў у Эгіпце.

6 Потым памёр Язэп і ўсе ягоныя браты, і ўсё тое пакаленьне.

7 А сыны Ізраэля размнажаліся, моцна дужэлі і запаўнялі хутка зямлю.

8 І вось зьявіўся ў Эгіпце новы кароль, які ня ведаў Язэпа.

9 Ён сказаў свайму народу: «Вось народ сыноў Ізраэля лічнейшы і мацнейшы ад нас.

10 Давайце разумна абыйдземся зь ім, каб ён не размнажаўся. Бо калі нахлыне на нас вайна, ён злучыцца з нашымі ворагамі і, паканаўшы нас, выйдзе з нашай зямлі».

11 І паставіў ён наглядчыкаў работаў, каб уціскалі іх працаю. Будавалі тады для фараона на склады гарады Пітом і Рамсэс.

12 Але чым болей іх уціскалі, тым больш яны разрасталіся і дужэлі.

13 Дык Эгіпцяне яшчэ больш баяліся сыноў Ізраэля і загналі іх у няволю,

14 і да горычы даводзілі жыцьцё іхняе цяжкімі работамі пры гліне і цэглах і праз розную працу, якую выконвалі яны ў полі пад прымусам.

15 І сказаў кароль Эгіпецкі павітухам Гебрайкам, з каторых адна звалася Шыфра, а другая - Пуа,

16 загадаўшы ім: «Калі будзеце пры родах жанчынаў Гебрайскіх, то глядзіце: калі будзе (дзіцё) мужчынскага роду, то забівайце яго, калі будзе жаночага роду, то захавайце».

17 Але павітухі баяліся Бога і не спаўнялі загаду караля Эгіпецкага, пакідаючы пры жыцьці навародкаў.

18 Дык паклікаў кароль іх да сябе і сказаў: «Чаму вы робіце гэта? Чаму пакідаеце хлопцаў пры жыцьці?»

19 Яны адказалі: «Жанчыны Гебрайкі не такія, як Эгіпцянкі; яны вось здаровыя, і пакуль мы прыйдзем да іх, яны ўжо нарадзілі».

20 І Бог спагадаў павітухам, а народ разрастаўся і ставаўся вельмі дужым.

21 А таму, што павітухі баяліся Бога, Ён збудаваў ім дамы.

22 І загадаў фараон свайму народу: «Калі хто народзіцца (у Гебраяў) мужчынскага роду - укінуць у рэчку, калі хто жаночага - захаваць».

 

Разьдзел 2

 

1 Адзін чалавек з пакаленьня Левія пайшоў і ўзяў жонку з таго ж пакаленьня.

2 Яна пачала і нарадзіла сына, а бачачы, што ён прыгожы, хавала яго тры месяцы.

3 Калі даўжэй хаваць ужо не магла, узяла кошык з трысьнёгу, абмазала бітумам і смалою, і, палажыўшы туды дзіця, паставіла яго ў чароце каля берагу Ракі.

4 А сястра яго стаяла недалёка і наглядала, што станецца.

5 І вось дачка фараона ішла тудою, каб пакупацца ў Рацэ, а паслугачкі ейныя хадзілі па беразе Ракі. Калі яна ўбачыла кошык сярод чароту, паслала паслугачку, каб яна прынесла яго.

6 І калі адкрыла яго, убачыла ў ім хлапчанё, якое плача. І пашкадавала яго, і сказала: «Ён зь дзяцей Гебрайскіх».

7 А сястра таго хлопчыка сказала ёй: «Хочаш, я пайду і паклічу табе жанчыну Гебрайку, і яна выкарміць дзіця?»

8 Тая сказала: «Ідзі!» І пабегла дзяўчынка, і паклікала матку дзіцяці.

9 І сказала ёй дачка фараона: «Вазьмі хлопчыка гэтага і выкармі мне яго. Я заплачу табе, што належыцца». І ўзяла жанчына, і выгадавала хлопца, і дарослага аддала дачцы фараона.

10 А яна ўсынавіла яго і назвала яго імем Майсей, кажучы: «Бо выцягнула яго з вады».

11 У той час Майсей вырас і аднойчы пайшоў да братоў сваіх. І ўбачыў ён гора іхняе, і ўбачыў Эгіпцяніна, які біў Гебрая, брата яго.

12 І аглянуўся ён туды і сюды, і ўбачыў, што нікога няма, і забіў Эгіпцяніна, і схаваў яго ў пяску.

13 І выйшаў ён зноў назаўтра, і ўбачыў двох Гебраяў вадзячыхся, дык сказаў таму, каторы крыўдзіў: «Чаму ты б'еш бліжняга свайго?»

14 Той адказаў: «Хто цябе зрабіў начальнікам і судзьдзёю паміж намі? Ці ты хочаш і мяне забіць, як забіў Эгіпцяніна?» І спалохаўся Майсей, і падумаў: «Напэўна справа гэтая выявілася».

15 Таксама фараон пачуў пра гэтую справу і хацеў забіць Майсея. Дык (Майсей) уцёк ад яго і падаўся ў зямлю Мадыян, і, прыйшоўшы ў зямлю Мадыян, сеў каля студні.

16 А сьвятар Мадыянскі меў сем дачок, каторыя прыйшлі чэрпаць ваду і, наліўшы карыты, паілі статак бацькі свайго.

17 Але надыйшлі пастухі і адагналі іх. І ўстаў Майсей, і абараніў дзяўчат, і напаіў іхнія авечкі.

18 Калі яны вярнуліся да Рэўэля, бацькі свайго, ён спытаўся ў іх: «Чаму вы вярнуліся хутчэй, чым звычайна?»

19 Яны адказалі: «Нейкі Эгіпцянін абараніў нас ад пастухоў, а таксама начэрпаў вады і напаіў авечкі».

20 І спытаўся ён: «А дзе ён? Чаму вы пакінулі гэтага чалавека? Паклічце яго, каб пасіліўся хлебам».

21 І згадзіўся Майсей жыць зь ім, і ўзяў Цыпору, дачку ягоную, за жонку.

22 І яна нарадзіла яму сына, якога ён назваў Гершом, бо казаў: «Прыхадзень я ў зямлі чужой».

23 Па доўгім часе памёр кароль Эгіпецкі. А сыны Ізраэля стагналі і наракалі на сваю цяжкую працу, і лямант іхні ад працы дайшоў да Бога.

24 І пачуў Ён стагнаньне іхняе, і прыпомніў запавет, які заключыў з Абрагамам, Ізаакам і Якубам.

25 І глянуў Бог на сыноў Ізраэля, і пашкадаваў іх.

 

Разьдзел 3

 

1 А Майсей пасьвіў авечкі Етра, цесьця свайго, сьвятара Мадыянскага. І завёў ён статак па-за пустыню, і падыйшоў пад гару Божую Гарэб.

2 І явіўся яму Анёл Госпадаў у полымі агню зь сярэдзіны куста. І бачыў ён, што куст гарыць, але не згарае.

3 Тады сказаў Майсей: «Пайду і пагляджу зьяву гэтую вялікую, чаму не згарае куст».

4 А Госпад, убачыўшы, што ён сьпяшае паглядзець зьяву, паклікаў яго зь сярэдзіны куста, кажучы: «Майсей, Майсей!» Ён адказаў: «Вось я».

5 І сказаў Ён: «Не падыходзь сюды, здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш, ёсьць зямля сьвятая».

6 І сказаў: «Я - Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба». І схаваў Майсей твар свой, бо не адважваўся глядзець на Бога.

7 І сказаў яму Госпад: «Бачыў Я гора народу Майго ў Эгіпце, і чуў стогны яго ад зьдзекаў прыгнятальнікаў ягоных.

8 І, ведаючы цярпеньне ягонае, іду вызваліць яго з рук Эгіпцянаў і вывесьці з гэтае зямлі ў зямлю добрую і прасторную, у зямлю, ацякаючую малаком і мёдам, на месца Хананейцаў і Гэтытаў, Амарэйцаў і Пэрэзэяў, Гівеяў і Ебусеяў.

9 Крык вось сыноў Ізраэля дайшоў да Мяне, і бачыў Я гора іх, як крыўдзяць іх Эгіпцяне.

10 Дык ідзі, Я пасылаю цябе да фараона, каб ты вывеў народ Мой, сыноў Ізраэля, з Эгіпту».

11 Сказаў Майсей Богу: «Хто я, каб ісьці мне да фараона і вывесьці сыноў Ізраэля з Эгіпту?»

12 Адказаў яму Бог: «Я буду з табой. Вось табе знак, што Я паслаў цябе: калі вывядзеш народ з Эгіпту, будзеш служыць Богу на гэтай гары».

13 Майсей сказаў Богу: «Добра, я пайду да сыноў Ізраэля і скажу ім: «Бог бацькоў вашых паслаў мяне да вас». А калі яны запытаюць мяне: «Якое імя Яго?», што я маю адказаць ім?»

14 І сказаў Бог Майсею: «Я - Той, Хто Ёсьць». І дадаў: «Так скажаш сынам Ізраэля: «Той, Хто Ёсьць, паслаў мяне да вас»«.

15 І паўторна сказаў Бог Майсею: «Гэта скажаш сынам Ізраэля: «Той, Хто Ёсьць, Бог бацькоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба, паслаў мяне да вас»; гэта імя Маё ў вякі, і гэта памятны Мой знак з пакаленьня ў пакаленьне.

16 Ідзі, і зьбяры старшыняў Ізраэля, і скажы ім: «Госпад, Бог бацькоў вашых, явіўся мне, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба, і сказаў: «Я наведаў вас і ўбачыў усё, што перажываеце ў Эгіпце.

17 Я вывяду вас з прыгнёту Эгіпецкага ў зямлю Хананейцаў і Гетытаў, Амарэйцаў і Пэрэзэяў, і Гівеяў, і Ебусеяў, у зямлю, ацякаючую малаком і мёдам».

18 І яны паслухаюць голасу твайго, і ты, і старшыні Ізраэля пойдзеце да караля Эгіпецкага і скажаце яму: «Госпад, Бог Гебраяў, явіўся нам. Дык пусьці нас, мы цяпер пойдзем у дарогу на тры дні ў пустыню, каб скласьці ахвяру Госпаду, Богу нашаму».

19 Але Я ведаю, што ня пусьціць вас кароль Эгіпецкі, каб вы пайшлі, хіба будзе змушаны магутнаю рукою.

20 І Я выцягну руку Маю, і ўдару Эгіпет усімі цудамі Маімі, якія ўчыню пасярод яго, і тады пусьціць ён вас.

21 І акажу Я ласку гэтаму народу адносна Эгіпцянаў, каб, калі выйдзеце, ня выйшлі вы з пустымі рукамі.

22 Кожная вось жанчына выпрасіць у сваёй суседкі і ад гаспадыні сваёй залаты і серабраны посуд, а таксама адзеньне, і адзенеце ў яго сыноў і дачок вашых, і абрабуеце Эгіпцянаў».

 

Разьдзел 4

 

1 У адказ сказаў Майсей: «А што калі ня ўвераць мне і не паслухаюць голасу майго, але скажуць: «Госпад не аб'явіўся табе»?»

2 І сказаў Госпад яму: «Што трымаеш у руцэ сваёй?» Адказаў Майсей: «Кій».

3 І сказаў яму Госпад: «Кінь яго на зямлю!» І кінуў яго, і зьмяніўся ён ў зьмяю, так што Майсей пачаў уцякаць.

4 І загадаў Госпад: «Выцягні руку сваю і схапі за яе хвост!» І выцягнуў ён руку, і схапіў, і зьмянілася (зьмяя) у кій.

5 «Гэта дзеля таго, каб уверылі, - кажа (Госпад), - што аб'явіўся табе Госпад, Бог бацькоў іхніх, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба».

6 І сказаў Госпад ізноў: «Улажы руку сваю ў запазуху!» Калі яе ўлажыў у запазуху і выцягнуў, рука сталася як сьнег белая ад праказы.

7 І зноў сказаў Ён: «Улажы руку сваю ў запазуху сваю!» І ўлажыў ён, і выцягнуў зноў, і яна сталася падобная да другой.

8 «Калі б не паверылі, - кажа, - табе і не паслухалі б словаў першага знаку, павераць слову знаку наступнага.

9 А калі двум гэтым знакам не павераць і не паслухаюць голасу твайго, вазьмі ваду з Ракі і вылі яе на сухую зямлю, і вада, зачэрпнутая з Ракі, пераменіцца ў кроў».

10 І сказаў Майсей: «Даруй, Госпадзе, я не вымоўны, ад учора і пазаўчора, і нават ад часу, калі гаворыш да слугі Твайго. Ацяжэлі вусны мае і язык мой скасьцянеў».

11 Сказаў яму Госпад: «Хто даў вусны чалавеку? Або хто робіць чалавека нямым або глухім, або відзячым, або сьляпым? Ці ня Я?

12 Дык ідзі, а Я буду ў вуснах тваіх і навучу цябе, што маеш гаварыць».

13 А ён адказаў: «Малю Цябе, Госпадзе, пашлі (другога), каго маеш паслаць».

14 І разгневаўся на Майсея Госпад, і сказаў: «Аарон, брат твой, Лявіт, ведаю, што ён гаваркі. Вось жа ён выйдзе табе на спатканьне, і, убачыўшы цябе, усьцешыцца ў сэрцы сваім.

15 Ты будзеш гаварыць да яго і перакажаш словы Мае ў ягоныя вусны. Я вось буду ў вуснах тваіх і ў вуснах ягоных і пакажу вам, што маеце рабіць.

16 За цябе ён будзе гаварыць да народу, і ён будзе вуснамі тваімі, а ты будзеш яму як Бог.

17 Таксама вазьмі рукою сваёй кій гэты, якім будзеш чыніць знакі».

18 І пайшоў Майсей, і вярнуўся да цесьця свайго Етры, і сказаў яму: «Пайду і вярнуся да братоў маіх у Эгіпет, і пагляджу, як яны жывуць». Етра сказаў яму: «Ідзі ў супакоі».

19 І сказаў Госпад Майсею ў Мадыяне: «Ідзі, вярніся ў Эгіпет, бо памерлі ўсе, каторыя цікавалі на жыцьцё тваё».

20 Узяў тады Майсей жонку сваю і сыноў сваіх, і пасадзіў іх на асла, і вярнуўся ў Эгіпет, трымаючы кій Божы ў руцэ сваёй.

21 І ў павароце ў Эгіпет сказаў яму Госпад: «Глядзі, каб усе знакі, якія чыніць Я даў моц руцэ тваёй, чыніў ты перад фараонам. А Я зраблю ўпорыстым сэрца ягонае, і ён ня будзе хацець адпускаць народу.

22 Ты скажаш яму: «Гэта кажа Госпад: Ізраэль - гэта сын Мой першародны.

23 Я кажу табе: Пусьці сына Майго, каб ён служыў Мне. А калі не захочаш яго пусьціць, то Я заб'ю твайго першароднага сына»«.

24 І калі ён быў у дарозе ў заезьдзе, спаткаў яго (Майсея) Госпад і хацеў яго забіць.

25 Тады Цыпора ўзяла востры камень і абрэзала плоць сыну свайму, і дакранулася ім нагі (Майсея), кажучы: «Ты мне жаніх крыві».

26 І пакінуў (Госпад) яго, калі яна сказала: «Ты жаніх крыві праз абрэзаньне».

27 І сказаў Госпад Аарону: «Ідзі на спатканьне Майсею на пустыню». Ён пайшоў на сустрэчу зь ім на гару Божую і пацалаваў яго.

28 І Майсей расказаў Аарону ўсе Госпадавы словы, зь якімі Ён яго паслаў, і ўсе знакі, якія Ён прадказаў.

29 І пайшлі яны, і сабралі ўсіх старшыняў сыноў Ізраэля.

30 І сказаў Аарон ўсе словы, якія быў сказаўшы Госпад Майсею, і ўчыніў (Майсей) знакі ў прысутнасьці народу.

31 І паверыў народ, і даведаліся, што Госпад адведаў сыноў Ізраэля і што ўзглянуў на іхняе гора; і, упаўшы на зямлю, пакланіліся да зямлі.

 

Разьдзел 5

 

1 І ўвайшлі Майсей і Аарон да фараона, і сказалі яму: «Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: Пусьці народ Мой, каб ён злажыў Мне ахвяру на пустыні».

2 А ён адказаў: «Хто такі Госпад, каб я меў Яго слухаць і адпусьціць Ізраэля? Ня ведаю Госпада і не адпушчу Ізраэля».

3 І сказалі яны яму: «Гэта Бог Гебраяў явіўся нам. Дык вось мы пойдзем на тры дні дарогі ў пустыню і складзем ахвяру Госпаду, Богу нашаму, каб не наведаў Ён нас пошасьцю або мячом».

4 І сказаў ім кароль Эгіпту: «Чаму вы, Майсей і Аарон, стараецеся адцягнуць народ ад работаў іхніх? Ідзіце чым хутчэй да сваіх работаў».

5 І сказаў фараон: «Народ на зямлі ўжо надта вялікі, бачыце, як ён расьце, тым болей, калі яго адцягнеце ад работы».

6 І загадаў ён у той дзень наглядчыкам народу і пісарам ягоным, кажучы:

7 «Не давайце ўжо народу саломы на выраб цэглы, як раней, але хай самі ідуць і зьбіраюць салому.

8 А колькасьць цэглы, якую выраблялі раней, накладайце на іх і цяпер, і не зьмяньшайце ані трохі. Бо ходзяць без работы і таму кажуць: «Ідзёмце і складзем ахвяру Богу нашаму».

9 Дык уцісьнем іх работамі, і хай выпаўняюць іх, і не прыслухоўваюцца словам фальшывым».

10 І выступілі наглядчыкі народу і пісары іхнія, і сказалі народу: «Фараон так сказаў: «Ня дам вам саломы.»

11 Ідзіце і зьбярыце, колькі зможаце сабраць, але хай лічба вырабу працы вашай анітрохі ня зьменьшыцца».

12 І рассыпаліся людзі па ўсёй зямлі Эгіпецкай зьбіраць сьцяб'ё замест саломы.

13 А наглядчыкі падганялі іх, кажучы: «Выпаўняйце работу вашую ў час, як раней звычайна выконвалі, калі вам дастаўлялі салому».

14 І білі пісараў з сыноў Ізраэля, каторых наглядчыкі фараона паставілі над імі, кажучы: «Чаму не вырабляеце лічбы цэглаў як раней, ані ўчора, ані сягоньня?»

15 І прыйшлі пісары з сыноў Ізраэля, і казалі ў голас фараону: «Чаму так робіш адносна слугаў тваіх?

16 Саломы не дастаўляюць нам, а цэглы вырабляць загадваюць столькі сама. Вось жа б'юць слугаў тваіх і вінавацяць народ твой».

17 А ён адказаў: «Гультуеце вы і таму кажаце: «Хадземце і складзем ахвяру Госпаду».

18 Дык ідзіце і працуйце; саломы вам даваць ня будуць, а вырабляйце звычайную норму цэглаў».

19 І бачылі пісары з сыноў Ізраэля, што апынуліся яны ў бядзе, таму што было сказана ім: «Не зьмяньшайце ані трохі дзённага вырабу цэглаў».

20 І калі выходзілі яны ад фараона, сустрэлі Майсея і Аарона, каторыя іх чакалі,

21 і сказалі ім: «Хай ўзгляне Госпад на вас і асудзіць, бо вы зрабілі нас ненавіснымі ў вачах фараона і слугаў ягоных, і далі яму меч у рукі, каб забіваў нас».

22 І зьвярнуўся Майсей да Госпада, і сказаў: «Госпадзе, чаму перасьледуеш Ты народ Свой? Чаму паслаў мяне?

23 Ад таго часу, калі я пайшоў да фараона, каб прамаўляць у імя Тваё, ён стаў зьдзекавацца над народам Тваім, і не вызваліў Ты іх».

 

Разьдзел 6

 

1 Сказаў тады Госпад Майсею: «Цяпер убачыш, што Я зраблю фараону. Дзеля дужай рукі выпусьціць іх ды дзеля сільнай рукі выкіне іх зь зямлі сваёй».

2 І сказаў Госпад Майсею: «Я - Госпад,

3 Каторы аб'явіўся Абрагаму, Ізааку і Якубу як Бог Усемагутны, але імя Свайго, Ягвэ, не аб'явіў ім.

4 І заключыў Я зь імі запавет, што дам ім зямлю Ханаан, зямлю пілігрымаваньня іхняга, у каторай былі яны чужынцамі.

5 І пачуў Я стогны сыноў Ізраэля, што Эгіпцяне ўціскаюць іх, і ўспомніў на запавет Мой.

6 Дык ідзі і скажы сынам Ізраеля: Я - Госпад, Я вывяду вас з-пад ярма Эгіпцянаў і вырву вас зь няволі, і вызвалю вас выцягнутаю рукою і цяжкімі карамі.

7 І вазьму вас Сабе за народ, і буду вашым Богам; і вы даведаецеся, што Я - Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з-пад ярма Эгіпцянаў,

8 і Я ўвяду вас у зямлю, над якой падняў руку Сваю, каб даць яе Абрагаму, Ізааку і Якубу, і дам вам яе на ўласнасьць. Я - Госпад».

9 І расказаў Майсей усё сынам Ізраэля, але яны не паверылі яму дзеля маладушнасьці і дзеля цяжкай працы.

10 І прамовіў Госпад да Майсея:

11 «Ідзі і кажы фараону, каралю Эгіпту, каб пусьціў сыноў Ізраэля зь зямлі сваёй».

12 І адказаў Майсей на віду ў Госпада: «Вось, сыны Ізраэля ня слухаюць мяне, а як паслухае мяне фараон, я ж ня ўмею гаварыць?»

13 І сказаў Госпад Майсею і Аарону, і даў ім загад што да сыноў Ізраэля і фараона, караля Эгіпецкага, каб вывесьці сыноў Ізраэля зь зямлі Эгіпецкай.

14 Гэтыя вось князі пакаленьняў па сем'ях сваіх. Сыны Рубэна, першароднага Ізраэля: Генох і Пальлю, Хецрон і Кармі. Гэта сем'і Рубэна.

15 Сыны Сымона: Емуэль, і Ямін, і Агад, і Яхін, і Цахар, і Шаўль, сын Хананейкі. Гэта сем'і Сымона.

16 Вось імёны сыноў Левія зь іх сем'ямі: Гершон, Кегат і Мэрары. Гадоў жыцьця Левія - сто трыццаць сем.

17 Сыны Гершона: Лібні і Шымэй зь іх сем'ямі.

18 Сыны Кегата: Амрам і Іцгар, Геброн і Ўзіэль. Гадоў жыцьця Кегата - сто трыццаць тры.

19 Сыны Мэрары: Махлі і Мушы. Гэта сем'і Левія па родах іх.

20 Амрам узяў за жонку Ёхабэд, цётку сваю, каторая нарадзіла яму Аарона і Майсея. Гадоў жыцьця Амрама - сто трыццаць сем.

21 Сыны Іцгара: Карах, Нэфэг і Зіхры.

22 Сыны Узіэля: Мішаэль, Эльцафан і Сітры.

23 Аарон узяў за жонку Элішэбу, дачку Амінадаба, сястру Нахшона, каторая нарадзіла яму Надаба, Абігу, Элеазара і Ітамара.

24 Сыны Караха: Асір, Элькана і Абіясаф. Гэта сем'і Караха.

25 Элеазар, сын Аарона, узяў за жонку адну з дачок Пуцтыэля, і яна нарадзіла яму Пінхаса. Гэта вось галовы сем'яў Левія па родах іхніх.

26 Гэта вось Аарон і Майсей, каторым Госпад загадаў вывесьці сыноў Ізраэля зь зямлі Эгіпецкай паводле іх дружынаў.

27 Вось яны гаварылі фараону, каралю Эгіпту, каб вывесьці сыноў Ізраэля з Эгіпту, гэтыя Майсей і Аарон.

28 І прамаўляў у той дзень Госпад да Майсея ў зямлі Эгіпецкай.

29 І вось што сказаў Госпад Майсею: «Я - Госпад! Скажы фараону, каралю Эгіпту, усё, што Я кажу табе».

30 Але Майсей сказаў перад Госпадам: «Я не гаваркі, ці паслухае мяне фараон?»

 

Разьдзел 7

 

1 І сказаў Госпад Майсею: «Глядзі, Я ўстанавіў цябе як бы Богам для фараона, а Аарон, брат твой, будзе тваім прарокам.

2 Ты скажаш яму ўсё, што Я табе даручу, а ён будзе гаварыць да фараона, каб ён пусьціў сыноў Ізраэля зь зямлі сваей.

3 Але Я зраблю ўпорыстым сэрца фараона і павялічу знакі і цуды Мае ў зямлі Эгіпецкай.

4 Але ён ня выслухае вас. І Я пакладу руку Маю на Эгіпет і вывяду войска Маё і народ Мой, сыноў Ізраэля, зь зямлі Эгіпецкай вялікімі карамі.

5 Хай ведаюць Эгіпцяне, што Я - Госпад, Каторы выцягнуў руку Сваю над Эгіптам, каб вывесьці сыноў Ізраэля спаміж іх».

6 Дык Майсей і Аарон зрабілі ўсё гэта, як загадаў ім Госпад, гэтак усё і ўчынілі.

7 Майсей меў восемдзесят гадоў, а Аарон восемдзесят тры, калі яны прамаўлялі да фараона.

8 І казаў Госпад Майсею і Аарону:

9 «Калі скажа табе фараон: «Дайце знак», скажаш Аарону: «Вазьмі палку сваю і кінь яе перад фараонам», і яна пераменіцца ў гадзюку».

10 І прыйшлі Майсей і Аарон да фараона і зрабілі, як ім загадаў Госпад. Аарон кінуў перад фараонам і слугамі яго палку, і яна зьмянілася ў гадзюку.

11 Дык фараон склікаў мудрацоў сваіх і чараўнікоў, і варажбіты Эгіпецкія зрабілі тое самае сваімі чарамі.

12 І кожны зь іх кінуў сваю палку, а яны перамяніліся ў гадзюкаў. Але палка Аарона праглынула іхнія палкі.

13 Аднак зацьвярдзела сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як і прадказваў Госпад.

14 І сказаў Госпад Майсею: «Зацьвярдзела сэрца фараона, ня хоча ён адпусьціць народ.

15 Ідзі да фараона рана, калі ён выйдзе да вады, і выйдзі яму на спатканьне, і стань на беразе Ракі. І вазьмі рукой палку, якая перамянілася ў зьмяю,

16 і скажы яму: Госпад, Бог Гебраяў, паслаў мяне да цябе сказаць: «Адпусьці народ Мой, каб склаў Мне ахвяру ў пустыні»; але да цяпер не хацеў ты паслухаць.

17 Дык вось што кажа Госпад: З гэтага даведаешся, што Я - Госпад, бо калі палкай, якая ў руцэ маёй, удару па вадзе ў Рацэ, яна заменіцца ў кроў.

18 І рыбы, якія ў Рацэ, счэзнуць, а вада засьмярдзіць, так што Эгіпцяне будуць брыдзіцца піць ваду з Ракі».

19 Сказаў вось Госпад Майсею: «Скажы Аарону: Вазьмі палку і працягні руку сваю над водамі Эгіпту, над рэкамі ягонымі і ручаямі, а таксама над балотамі і вазёрамі ягонымі, і яны заменяцца ў кроў. І хай будзе кроў ва ўсёй зямлі Эгіпецкай, як у начыньнях драўляных, так і ў гліняных».

20 І зрабілі так Майсей і Аарон, як загадаў Госпад. І падняў ён палку, і ўдарыў ваду ў Рацэ ў прысутнасьці фараона і слугаў яго, і воды замяніліся ў кроў,

21 і рыбы, якія былі ў Рацэ, пагінулі, і Рака засьмярдзела, і Эгіпцяне не маглі піць рачной вады; і кроў была ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.

22 Але тое самае зрабілі чараўнікі Эгіпецкія сваёю таёмнаю ведаю, і закамянела сэрца фараона, і не паслухаў ён іх, як і казаў Госпад.

23 І павярнуўся ён, і пайшоў у дом свой, не беручы гэтага да сэрца.

24 А ўсе Эгіпцяне капалі блізка Ракі, шукаючы вады дзеля піцьця, бо не маглі піць вады з Ракі.

25 І мінула сем дзён ад таго, як Госпад ударыў Раку.

 

Разьдзел 8

 

1 Тады сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да фараона і скажы яму: Вось што кажа Госпад: Пусьці народ Мой, каб склаў Мне ахвяру.

2 А калі не захочаш адпусьціць, вось Я пакараю ўсю зямлю тваю жабамі.

3 І запоўніцца Рака жабамі, каторыя выйдуць і ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю, і ў ложак твой, і ў дамы слугаў тваіх і народу твайго, а таксама ў печы твае і дзежы твае.

4 І да цябе, і да народу твайго, і да ўсіх слугаў тваіх упаўзуць жабы».

5 І сказаў Госпад Майсею: «Скажы Аарону: Працягні руку сваю і палку на рэкі, ручаі і балоты і ўвядзі жабы ў зямлю Эгіпецкую».

6 І Аарон працягнуў руку сваю на воды Эгіпту, і выпаўзьлі жабы, і пакрылі зямлю Эгіпецкую.

7 Але чараўнікі зрабілі тое самае сваёю таёмнаю ведаю, і прывялі жабаў на зямлю Эгіпецкую.

8 Паклікаў тады фараон Майсея і Аарона і сказаў: «Прасіце Госпада, каб прыняў жабаў ад мяне і ад народу майго, тады выпушчу народ, каб склаў ахвяру Госпаду».

9 Адказаў Майсей фараону: «Падкажы мне, калі маю прасіць за цябе, і за слугаў тваіх, і за народ твой, каб Госпад ухіліў жабаў ад цябе і ад дамоў тваіх, каб засталіся яны толькі ў Рацэ».

10 Ён адказаў: «Заўтра». А Майсей сказаў: «Паводле просьбы тваёй зраблю гэта, каб ведаў ты, што няма нікога як Госпад, Бог наш.

11 І адступяцца жабы ад цябе, і ад дому твайго, і ад слугаў тваіх, і ад народу твайго, і застануцца толькі ў Рацэ».

12 І адыйшліся Майсей і Аарон ад фараона. І Майсей клікаў да Госпада адносна жабаў, як абяцаў фараону.

13 І Госпад выслухаў просьбу Майсея, і папрападалі жабы ў дамах, у вёсках і палях.

14 І сабралі іх у кучы, і зямля засьмярдзелася.

15 Калі фараон заўважыў, што настаў супакой, зноў зацьвярдзела сэрца ягонае, і не паслухаў ён іх, як і прадказваў Госпад.

16 І сказаў Госпад Майсею: «Скажы Аарону: Выцягні палку сваю і ўдар у пыл зямлі, каб замяніўся ў камары на ўсёй зямлі Эгіпецкай».

17 І зрабілі так; і выцягнуў Аарон руку, трымаючы палку, і ўдарыў у пыл зямлі, і паявіліся камары на людзях і на жывёлах; і ўвесь пыл зямлі абярнуўся ў камароў па ўсёй зямлі Эгіпецкай.

18 Падобна стараліся зрабіць чараўнікі сваёй таемнай ведай, каб выклікаць камароў, але не змаглі. А камары апанавалі і людзей, і жывёлу.

19 Тады чараўнікі сказалі фараону: «Гэта палец Божы», але сэрца фараона закамянела, і не паслухаў ён іх, як і казаў Госпад.

20 Зноў сказаў Госпад Майсею: «Устань рана і стань перад фараонам, бо выйдзе ён да вады, і скажы яму: Гэта кажа Госпад: Пусьці народ Мой, каб Мне злажыў ахвяру.

21 Калі ня пусьціш народу Майго, то Я спашлю на цябе, і на слугаў тваіх, і на народ твой, і на дамы твае ўсякіх гатункаў мух. І запоўняцца мухамі дамы Эгіпцянаў, і нават зямля, на якой пражываюць.

22 І выдзялю ў той дзень зямлю Гашэн, на якой пражывае народ Мой, каб там не было мухаў, і ты даведаешся, што Я - Госпад на ўсёй зямлі.

23 І Я зраблю розьніцу паміж Маім народам і тваім народам. Заўтра будзе гэты знак».

24 І Госпад учыніў гэтак. І наляцела мноства мух у дамы фараона і слугаў яго, і на ўсю Эгіпецкую зямлю, і прападала зямля ад разнастайных мух.

25 І паклікаў фараон Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце, злажыце ахвяру Богу вашаму ў гэтай зямлі».

26 Але Майсей сказаў: «Нельга гэтага зрабіць, бо зьнявагай для Эгіпцянаў была б нашая ахвяра Госпаду, Богу нашаму, калі б злажылі мы ў ахвяру тое, што ў Эгіпцянаў не дазваляецца. Ці за гэта не ўкаменавалі б нас?

27 Мы пойдзем у пустыню на тры дні дарогі і складзем ахвяру Госпаду, Богу нашаму, як Ён загадаў нам».

28 Фараон сказаў: «Адпушчу я вас у пустыню, каб склалі вы ахвяру Госпаду, Богу вашаму, але далей не адыходзьцеся і маліцеся за мяне».

29 І сказаў Майсей: «Адыйшоўшыся ад цябе, буду маліць Госпада, і заўтра адступяцца мухі ад фараона, і ад слугаў ягоных, і ад народу ягонага. Толькі хай фараон перастане ашукваць нас, не адпускаючы народ скласьці ахвяру Госпаду».

30 І выйшаў Майсей ад фараона, і маліў Госпада.

31 І Госпад учыніў паводле просьбы ягонай і аддаліў мухі ад фараона, і ад слугаў ягоных, і ад народу яго, і не засталося зь іх ніводнай.

32 Але і гэтым разам закамянела сэрца фараона, і не пусьціў ён народ.

 

Разьдзел 9

 

1 І сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да фараона і скажы яму: Вось што кажа Госпад, Бог Гебраяў: Пусьці народ Мой, каб склаў ахвяру Мне.

2 Калі іх ня пусьціш, а будзеш іх трымаць,

3 вось жа рука Госпадава будзе на маёмасьці тваёй; на полі, на конях, аслах, вярблюдах, валах і авечках - зараза вельмі страшная.

4 Але Госпад разрозьніць паміж маёмасьцю Ізраэля і маёмасьцю Эгіпцянаў, каб нічога не прапала з таго, што належыць да сыноў Ізраэля.

5 Прызначыў Госпад час, кажучы: Заўтра споўніць Госпад слова гэтае на зямлі».

6 І споўніў Госпад слова гэтае наступнага дня, і загінула ўся жывёла Эгіпцянаў, а жывёла сыноў Ізраэля не загінула.

7 І паслаў фараон выведаць, і вось нішто не прапала з жывёлы сыноў Ізраэля. Аднак сэрца фараона было зацьвярдзеўшы, і не пусьціў ён народ.

8 І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «Вазьміце поўнымі прыгаршчамі сажы зь печы, і Майсей хай кіне яе ў неба ў бок фараона.

9 І падымецца пыл па ўсёй зямлі Эгіпецкай, і будзе на людзях і на жывёле выдзяляцца запаленьнем са скуламі на ўсёй зямлі Эгіпецкай».

10 І прынесьлі яны попел зь печы, і сталі перад фараонам, і сыпнуў Майсей пыл пад неба, і зьявіліся запаленьні са скуламі ў людзей і жывёлы.

11 А чараўнікі не маглі явіцца перад Майсеям дзеля пухлінаў і скулаў, якія на іх былі, як і па ўсёй зямлі Эгіпецкай.

12 Але Госпад закамяніў сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як і сказаў Госпад Майсею.

13 І сказаў Госпад Майсею: «Устань рана і ідзі да фараона, і скажы яму: Гэта кажа Госпад, Бог Гебраяў: Пусьці народ Мой, каб склаў Мне ахвяру.

14 Бо гэтым разам спашлю ўсе плягі Мае ў сэрца тваё, і на слугаў тваіх, і на народ твой, каб ведаў ты, што няма роўнага Мне на ўсёй зямлі.

15 Бо вось цяпер, калі б Я выцягнуў руку і ўдарыў цябе і народ твой заразай, прапаў бы ты з паверху зямлі.

16 Але дзеля таго Я захаваў цябе, каб на табе паказаць магутнасьць Маю, і каб было слаўлена імя Маё па ўсёй зямлі.

17 Дакуль ты будзеш трымаць народ Мой і ня будзеш пускаць яго?

18 Вось жа заўтра, у той самы час, Я спашлю град надта вялікі, якога яшчэ не было ў Эгіпце ад дня яго заснаваньня аж дасюль.

19 Дык ужо цяпер пашлі і зьбяры жывёлу сваю, і ўсё, што маеш на полі, бо на людзей і жывёлу ўсю, што будзе на двары і што ня будзе сабрана з палёў, упадзе град, і яны пагінуць».

20 Хто збаяўся слова Госпадавага са слугаў фараона, скора сабраў слугаў сваіх і жывёлу ў дамы,

21 а хто занядбаў перасьцярогі Госпада, той пакінуў слугаў сваіх і жывёлу на полі.

22 І сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю да неба, каб пайшоў град на ўсю зямлю Эгіпецкую, на людзей, і на жывёлу, і на ўсю расьліннасьць палявую ў зямлі Эгіпецкай».

23 І выцягнуў Майсей палку да неба, і Госпад спаслаў грымоты і град, і агонь разьліваўся па зямлі. І спаслаў Госпад град на зямлю Эгіпецкую.

24 І быў град, і маланкі з градам на перамену такія велізарныя, што не было такіх на зямлі Эгіпецкай ад часу, калі ён (Эгіпет) стаўся народам.

25 І падаў град на ўсю зямлю Эгіпецкую, на ўсё, што было на полі, і зьнішчыў град людзей, жывёлу і ўсю траву палявую, поруч паламаў кожнае дрэва на полі.

26 Толькі ў зямлі Гашэн, дзе былі сыны Ізраэля, граду не было.

27 І паслаў фараон, і паклікаў Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Цяпер я саграшыў. Госпад справядлівы, а я і мой народ правініліся.

28 Прасіце Госпада, каб спыніліся грымоты Божыя і град, а я пушчу вас, і ўжо ніколі ня будзеце тут прабываць».

29 І сказаў Майсей: «Калі я выйду з гораду, выцягну далоні мае да Госпада, і спыняцца грымоты, і граду ня будзе, каб ведаў ты, што Госпадава зямля.

30 Але я ведаю, што ані ты, ані слугі твае не баяцца яшчэ Госпада Бога».

31 Лён і ячмень былі пабітыя, таму што ячмень меў ужо каласы, а лён ужо меў семя;

32 а пшаніца і жыта не былі пашкоджаны, бо яны пазьнейшыя.

33 І выйшаў Майсей ад фараона з гораду, і выцягнуў рукі да Госпада, і спыніліся грымоты і град, і спыніліся навальніцы на зямлі.

34 А фараон, бачачы, што і навальніца спынілася, і град, і грымоты, працягваў грашыць.

35 І зацьвярдзела сэрца яго і слугаў ягоных, і надта закамянела, і не пусьціў ён сыноў Ізраэля, як і казаў Госпад праз Майсея.

 

Разьдзел 10

 

1 І сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да фараона, Я бо зрабіў цьвёрдым сэрца фараона і слугаў ягоных, каб мог паказаць знакі Мае пасярод іх,

2 каб ты апавядаў дзецям сваім і ўнукам, што Я даканаў у Эгіпце, і аб знаках Маіх сярод іх; каб ведалі вы, што Я - Госпад».

3 Дык пайшлі Майсей і Аарон да фараона і сказалі яму: «Вось што кажа Госпад, Бог Гебраяў: Дакуль жа не скарышся ты Мне? Пусьці народ Мой, каб склаў Мне ахвяру.

4 Калі ж будзеш працівіцца і не захочаш пусьціць яго, вось, Я заўтра напушчу на ўсю зямлю тваю шаранчу,

5 каторая нахлыне на ўсю зямлю, так што ня будзе відаць зямлі, і пажарэ ўсё, што засталося па градзе, і зьнішчыць усе дрэвы, каторыя растуць на палях вашых.

6 І запоўніць яна ўсе дамы твае, і слугаў тваіх, і ўсіх Эгіпцянаў; і такога ня бачылі бацькі твае, ані бацькі бацькоў, якія нарадзіліся на гэтай зямлі аж да сягоньняшняга дня». І павярнуўся (Майсей), і выйшаў ад фараона.

7 І сказалі вось фараону слугі ягоныя: «Як доўга яшчэ будзем цярпець гэтае гора? Пусьці людзей, хай складуць ахвяру Госпаду, Богу свайму. Ці ня бачыш, што прападае Эгіпет?»

8 І паклікалі зноў Майсея і Аарона да фараона, а ён сказаў ім: «Ідзіце і складзіце ахвяру Госпаду, Богу вашаму. Хто ж тыя, што пойдуць?»

9 Майсей сказаў: «Пойдзем мы зь дзецьмі нашымі і старымі, з сынамі і дочкамі, з авечкамі і валамі, бо для нас гэта вялікая ўрачыстасьць Госпада».

10 Ён адказаў ім: «Хай будзе Госпад з вамі! Як жа я магу адпусьціць вас зь дзецьмі вашымі? Глядзіце, якія ліхія намеры вашыя!

11 Ня гэтак будзе, але хай ідуць толькі мужчыны; і складайце ахвяру Госпаду, бо гэтага вы самі прасілі». І зараз жа былі выкінуты яны з-прад фараона.

12 І сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю на зямлю Эгіпецкую, каб нахлынула шаранча і насела на зямлю, і зьела ўсю зеляніну, якая засталася ад граду».

13 І выцягнуў Майсей палку над зямлёй Эгіпту, і Госпад напусьціў вецер гарачы праз ўвесь той дзень і ноч. І на сьвітаньні гарачы вецер падняў шаранчу,

14 каторая асела на ўсёй зямл Эгіпецкай, і асела яе аж да межаў Эгіпту безьліч, і такога перад гэтым не было, і ў будучыні ня будзе.

15 І пакрыла шаранча ўвесь паверх зямлі, так што зямлі не было відаць. І паела яна ўсю зеляніну зямлі і што асталося з пладоў на дрэвах, ацалелых ад граду. І не засталося нічога зялёнага на дрэвах і з травы палявой на ўсёй зямлі Эгіпецкай.

16 І загадаў фараон чым хутчэй паклікаць Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Саграшыў я што да Госпада, Бога вашага, і адносна вас.

17 Дык прабачце мне і гэтым разам грэх мой і прасіце Госпада, Бога вашага, каб ухіліў прынамсі ад мяне гэтую сьмерць».

18 Вось выйшаў ад фараона Майсей і маліў Госпада.

19 І Госпад навёў раптоўны заходні вецер, каторы панёс шаранчу, і ўкінуў у Чырвонае мора. І ва ўсёй зямлі Эгіпецкай шаранча цалкам прапала.

20 Але Госпад закамяніў сэрца фараона, і ён не пусьціў сыноў Ізраэля.

21 Тады сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку да неба, і станецца цемра на зямлі Эгіпецкай такая густая, што можна будзе дакрануцца цемры».

22 І выцягнуў Майсей руку да неба, і сталася страшэнная цемра на ўсёй зямлі Эгіпецкай тры дні.

23 І брат брата свайго ня мог бачыць, ані вырушыць зь месца, на якім быў. А ўсюды, дзе жылі сыны Ізраэля, сьветла было.

24 І паклікаў зноў фараон Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце і складайце ахвяру Госпаду; авечкі толькі вашыя і жывёла хай застануцца, а дзеці вашыя хай ідуць разам з вамі».

25 А Майсей сказаў: «Ты таксама мусіш даць нам ахвяры і цэлапаленьні, каторыя складзём у ахвяру Госпаду, Богу нашаму.

26 Таксама жывёла нашая пойдзе з намі, і не застанецца нават капыта, бо зь іх возьмем, што неабходнае на спахвалу Госпаду, Богу нашаму. Тым болей, што ня ведаем, з чаго маем складаць ахвяру, аж пакуль ня дойдзем да таго месца».

27 Але Госпад закамяніў сэрца фараона, і не захацеў ён пусьціць іх.

28 І сказаў яму (Майсею) фараон: «Адыйдзіся ад мяне, сьцеражыся і больш не паказвайся мне, бо ў каторы дзень пакажашся, будзеш пакараны сьмерцю».

29 Адказаў яму Майсей: «Так і станецца, як ты сказаў: болей не пабачу я аблічча твайго».

 

Разьдзел 11

 

1 І сказаў Госпад Майсею: «Яшчэ адну плягу Я спашлю на фараона і на Эгіпет. Па гэтай плязе пусьціць ён вас, а нават змусіць вас выйсьці.

2 Дык паведамі ўсяму народу патаемна, каб кожны мужчына ў суседа свайго, а кожная жанчына ў суседкі сваёй пазычылі залаты і серабраны посуд».

3 І Госпад даў народу мець спагаднасьць у вачах Эгіпцянаў, а Майсей таксама быў чалавекам паважаным ў зямлі Эгіпецкай слугамі фараона і ўсім народам.

4 І сказаў Майсей: «Гэта кажа Госпад: Апоўначы Я перайду праз Эгіпет,

5 і памрэ ўсё паршароднае ў зямлі Эгіпецкай, ад першароднага сына фараона, які сядзіць на сваім троне, аж да першароднага нявольніцы, каторая працуе пры жорнах, і ўсё першароднае жывёлы.

6 Тады ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай будзе вялікае бедаваньне, якога не было ніколі і якога ўжо болей ня будзе.

7 А ва ўсіх сыноў Ізраэля не забрэша сабака, ані на чалавека, ані на жывёлу, каб вы ведалі, як цудоўна аддзяляе Госпад Ізраэля ад Эгіпцянаў.

8 Тады прыйдуць усе слугі твае да мяне, і паклоняцца мне, і скажуць: «Выйдзі ты і ўвесь народ твой, каторы ідзе за табой». І потым я выйду». І выйшаў Майсей ад фараона з гневам вялікім.

9 І сказаў Госпад Майсею: «Не паслухае фараон вас, каб многія знакі сталіся ў зямлі Эгіпту».

10 Майсей і Аарон учынілі ўсе гэтыя цуды перад фараонам, але Госпад закамяніў сэрца фараона, і ён не пусьціў сыноў Ізраэля зь зямлі сваёй.

 

Разьдзел 12

 

1 І сказаў Госпад Майсею і Аарону ў зямлі Эгіпецкай:

2 «Месяц гэты будзе вам пачаткам месяцаў, і будзе ён першым месяцам году.

3 Гаварыце ўсяму сабраньню сыноў Ізраэля і скажыце ім: У дзесяты дзень гэтага месяца кожны хай возьме ягнё на сям'ю сваю і на дом свой.

4 А калі лік сям'і будзе замалы для спажыцьця ягняці, хай возьмуць каго з бліжэйшых суседзяў каля свайго дому паводле ліку душ, патрэбнага для спажыцьця ягняці.

5 Хай ягнятка будзе без заганы, самец гадавы. Паводле гэтага спосабу можна ўзяць і казьлянё.

6 І захаваеце яго да чатырнаццатага дня гэтага месяца, а тады пад вечар заб'е яго ўся супольнасьць сыноў Ізраэля.

7 І возьмуць крыві ягонай, каб памазаць ёю вушакі і парогі дамоў, у якіх будуць яго спажываць.

8 І будуць есьці ў тую ноч мяса яго, печанае на агні, і праснакі з горкаю травою.

9 Ня ешце зь яго нічога сырога ані зваранага ў вадзе, але ешце сьпечанае на агні, галаву з нагамі і нутро.

10 Нічога зь яго хай не застанецца да раніцы; калі б што засталося, спаліце на агні.

11 Так вось спажывайце яго: падперажыце паясьніцы вашыя і мейце сандалы на нагах, трымаючы палкі ў руках, ешце пасьпешна, гэта бо ёсьць Пасха Госпада!

12 У тую ноч Я перайду праз Эгіпет і пазабіваю ўсё першароднае ў зямлі Эгіпецкай, ад чалавека аж да жывёлы, і правяду суд над усімі багамі Эгіпту. Я - Госпад.

13 Кроў будзе вам на азначэньне дамоў, у каторых будзеце прабываць. Калі пабачу кроў, прайду між вас, і ня будзе між вас плягі зьнішчэньня, калі Я буду караць зямлю Эгіпецкую.

14 Дзень гэты стане вам памятным днём, і сьвяткаваць яго будзеце як сьвята для ўшанаваньня Госпада праз усе пакаленьні вечным сьвятам.

15 Сем дзён будзеце есьці праснакі. З самага першага дня прымеце ўсё кіслае з дамоў вашых, бо хто б еў кіслае ад першага дня да сёмага, зьнішчана будзе душа тая спаміж Ізраэля.

16 Першы дзень будзе сьвятым і ўрачыстым, і дзень сёмы будзе сьвяткавацца таксама з урачыстасьцю. Ніякай работы ня будзеце рабіць у тыя дні, за выняткам той, што трэба для прыгатаваньня яды.

17 Захоўвайце сьвята праснакоў, бо ў гэты дзень Я вывеў дружыны вашыя зь зямлі Эгіпецкай. Захавайце гэты дзень у пакаленьні вашыя як пастанову вечную.

18 Чатырнаццатага дня першага месяца зь вечара павінны вы есьці праснакі аж да вечара дваццаць першага дня таго ж месяца.

19 Сем дзён ня будзе ў вашых дамах ніякай кісьлі, бо хто б еў штосьці квашанае, зьнішчана будзе душа яго спаміж сабраньня Ізраэля, ці ён з чужынцаў, ці з тутэйшых.

20 Нічога квашанага ня будзеце есьці. Ва ўсіх дамах вашых маеце есьці праснакі».

21 І склікаў вось Майсей усіх старшыняў сыноў Ізраэля, і сказаў ім: «Выбярыце і вазьміце ягнё для вашых сем'яў і забіце як пасху.

22 І вазьміце галінку гізопу, і занурыце яе ў крыві, якая ў місе, і крывёй зь місы пакрапіце парог і вушакі. Аж да раніцы не павінен ніхто з вас выходзіць за дзьверы дому свайго.

23 А калі Госпад будзе праходзіць, каб нішчыць Эгіпцянаў, і ўбачыць кроў на парозе і на вушаках, то абміне Госпад такія дзьверы і не дазволіць нішчыцелю ўвайсьці ў тыя дамы, каб забіваць вас.

24 І трымайцеся гэтага прыказаньня, як закону для цябе і для дзяцей тваіх на векі.

25 Калі ўвойдзеце ў зямлю, каторую дасьць вам Госпад, як абяцаў, трымайцеся гэтага звычаю.

26 Калі вас запытаюць дзеці: «Што гэта за сьвяты звычай?»,

27 дык скажыце ім: «Гэта ахвяра Пасхі на чэсьць Госпада, Каторы ў Эгіпце абмінуў дамы сыноў Ізраэля. Эгіпцян пазабіваў, а дамы нашыя захаваў». І народ тады ўкленчыў і пакланіўся.

28 І, выйшаўшы, сыны Ізраэля зрабілі, як Госпад загадаў Майсею і Аарону.

29 Апоўначы Госпад пазабіваў усё першароднае ў зямлі Эгіпецкай, ад першароднага сына фараона, каторы сядзеў на троне, аж да першароднага вязьня, каторы сядзеў ў вастрозе, і ўсё першароднае жывёлы.

30 І ўстаў ноччу фараон, і ўсе слугі ягоныя, і ўвесь Эгіпет, і падняўся вялікі лямант у Эгіпце, бо не было дому, у каторым не было б нябожчыка.

31 І, паклікаўшы яшчэ ноччу Майсея і Аарона, фараон сказаў: «Уставайце і ідзіце спаміж народу майго, як вы, так і сыны Ізраэлевы! Ідзіце і складайце ахвяры Госпаду, як вы казалі.

32 Бярыце авечкі вашыя і жывёлу, як прасілі, і, адыходзячы, дабраславіце мяне».

33 І Эгіпцяне прынукалі народ, каб як найхутчэй выходзіў зь зямлі, кажучы: «Усе мы паўміраем».

34 І ўзяў народ цеста незакавшанае, і дзежы, завернутыя накідкамі, і панёс на плячах сваіх.

35 І сыны Ізраэля зрабілі так, як ім загадаў Майсей, і пазычылі ў Эгіпцянаў посуд серабраны і залаты, і мноства адзеньня.

36 І Госпад даў спагаднасьць у вачах Эгіпцянаў для народу, так што яны пазычалі і гэтак абрабавалі Эгіпцянаў.

37 І вырушылі сыны Ізраэлевы з Рамсэсу ў Сукот у ліку каля шасьцісот тысячаў пешых мужчынаў, апрача дзяцей.

38 Таксама многа іншапляменьнікаў пайшло зь імі, і авечкі, і быдла, і велізарны набытак.

39 Зь цеста, каторае вынесьлі з Эгіпту, напяклі яны бондачак прэсных, бо ня ўкісла цеста, таму што былі яны выгнаныя з Эгіпту і не маглі затрымацца, каб прыгатаваць сабе страву на дарогу.

40 А час прабываньня сыноў Ізраэля ў Эгіпце трываў чатырыста трыццаць гадоў.

41 І вось у той самы дзень па чатырыста трыццацёх гадах выйшлі ўсе дружыны Госпада зь зямлі Эгіпецкай.

42 У гэтую ноч Госпад чуваў дзеля вываду іх зь зямлі Эгіпецкай. Таму гэтая ноч павінна быць чуваньнем на спахвалу Госпаду для ўсіх сыноў Ізраэля з пакаленньня ў пакаленьне.

43 І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «Гэта ёсьць закон Пасхі: Ніводзін чужынец ня можа яе есьці.

44 Аднак нявольнік, куплены за грошы, каторы прыняў абрэзаньне, можа яе спажываць.

45 Прыбылец і найміт ня могуць яе есьці.

46 У адным і тым самым доме мае яна спажывацца, нельга выносіць з дому найменшага куска мяса на двор, і косьці яе няхай ня ломяцца.

47 Усё сабраньне сыноў Ізраэля захавае гэта.

48 Калі б чужынец, прабываючы ў цябе, захацеў сьвяткаваць Пасху Госпадаву, то абрэж у яго ўсіх мужчынскага роду, і тады можаш дапусьціць яго да сьвяткаваньня Пасхі, бо тады будзе ён мець права тутэйшага. Ніводзін жа неабрэзаны ня можа есьці Пасхі.

49 Такі самы закон будзе для тутэйшых і для чужынцаў, што прабываюць у вас».

50 І ўсе сыны Ізраэля зрабілі так, як Госпад загадаў Майсею і Аарону.

51 У той самы дзень вывеў Госпад сыноў Ізраэля дружынамі зь зямлі Эгіпецкай.

 

Разьдзел 13

 

1 І сказаў Госпад Майсею:

2 «Пасьвяці Мне ўсё першароднае, што адкрывае ўлоньне ў сыноў Ізраэля, як зь людзей, так і з жывёлы, ўсё бо гэта Маё».

3 І сказаў Майсей народу: «Памятайце той дзень, у каторы выйшлі вы з Эгіпту, з дому няволі, бо дужаю рукою вывеў вас Госпад з таго месца; у той дзень нельга есьці квашанага хлеба.

4 Сёньня выходзіце вы, у месяцы Абіб.

5 Калі завядзе цябе Госпад у зямлю Хананейцаў і Гэтытаў, Амарэйцаў, Гівеяў і Ебусеяў, якую запрысяг Ён бацькам тваім, што дасьць табе зямлю, ацякаючую малаком і мёдам, тады павінен ты сьвяткаваць гэта ў тым самым месяцы.

6 Сем дзён будзеш есьці праснакі, а ў сёмы дзень будзе ўрачыстасьць Госпада.

7 Праснакі будзеш есьці сем дзён, і не зьявіцца ў цябе нічога квашанага, і ня будзе квашанага ў межах зямлі тваёй.

8 У той дзень раскажаш ты сыну свайму, гаворачы: «Гэта дзеля таго, што зрабіў мне Госпад, калі я выйшаў з Эгіпту».

9 І вось гэта будзе табе знакам на руцэ і напамінам у вачах тваіх, каб закон Госпадаў быў заўсёды ў вуснах тваіх, бо рукою дужай вывеў цябе Госпад з Эгіпту.

10 Спаўняй гэты закон у вызначаны час штогод.

11 Калі ўвядзе цябе Госпад у зямлю Хананейцаў, як запрысяг Ён табе і бацькам тваім, і дасьць табе яе,

12 выдзялі Госпаду ўсё, што адкрывае ўлоньне і што першароднае ў жывёлы тваёй, і што будзеш мець мужчынскага роду - пасьвяці Госпаду.

13 Першароднага асла заменіш авечкай, а калі яго ня выкупіш, забі. Усё ж першароднае людзей з сыноў тваіх выкупіш.

14 Калі ў будучыні спытае ў цябе сын твой: «Што гэта?», ты скажаш яму: «Дужаю рукой вывеў нас Госпад з Эгіпту, з дому няволі.

15 Бо калі фараон упёрся і не хацеў нас пусьціць, выбіў Госпад усё паршароднае зь зямлі Эгіпецкай, ад першароднага чалавека аж да першароднай жывёліны. Дзеля таго я складаю ў ахвяру Госпаду ўсё, што родзіцца мужчынскага роду, а ўсіх першародных сыноў маіх выкупляю».

16 І хай гэта будзе знакам на руцэ тваёй і павязкай на памяць над вачыма тваімі, бо Госпад дужай рукой вывеў нас з Эгіпту».

17 Калі фараон асвабадзіў народ, не павёў яго Бог дарогай, вядучай у зямлю Філістынцаў, хоць была яна найкарацейшай, бо сказаў: «Каб часам народ не пашкадаваў, бачучы ваяваньні, якія чакаюць яго, і не вярнуўся ў Эгіпет».

18 І павёў яго Бог дарогай праз пустыню, якая праходзіць каля Чырвонага мора. А сыны Ізраэля выйшлі ўзброенымі зь зямлі Эгіпецкай.

19 І забраў Майсей з сабой косьці Язэпа, бо ён запрысяг сыноў Ізраэля ў гэтыя словы: «Дапаможа вам Бог, а вы тады возьмеце з сабою адсюль косьці мае».

20 І выйшлі яны з Сукоту, і сталі табарам у Этаме, на скраю пустыні.

21 А Госпад ішоў перад імі днём у воблачным слупе, каб весьці дарогаю, а ноччу як слуп агню, каб сьвяціць ім, каб маглі ісьці днём і ноччу.

22 І не адыходзіў ад народу слуп воблачны днём, ані вогненны слуп ноччу.

 

Разьдзел 14

 

1 І сказаў Госпад Майсею:

2 «Скажы сынам Ізраэля, хай завернуцца і хай разложацца табарам пад Пі-Гахіротам, што паміж Мігдолам і морам, насупраць Баал-Цэфону. Насупраць яго разлажыце табар пры моры.

3 І скажа фараон пра сыноў Ізраэля: «Яны заблукалі ў зямлі гэтай, і замкнула іх пустыня».

4 І вось Я зраблю цьвёрдым сэрца фараона, і ён будзе гнацца за вамі, і тады Я ўслаўлюся над фараонам і над усім войскам ягоным. І хай ведаюць Эгіпцяне, што Я - Госпад». Яны так і зрабілі.

5 Калі паведамілі караля Эгіпецкага пра ўцёкі народу (Ізраэля), зьмянілася сэрца фараона і слугаў ягоных адносна народу, і яны сказалі: «Што ж мы зрабілі, дазваляючы Ізраэлю пакінуць службу ў нас?»

6 І фараон загадаў запрэгчы свае калясьніцы, і сабраў з сабой увесь свой народ.

7 І ўзяў ён шэсьцьсот калясьніцаў адборных, поруч усе іншыя калясьніцы Эгіпецкія, і на кожнай зь іх былі спраўныя ваяры.

8 І зрабіў Госпад упорыстым сэрца фараона, караля Эгіпту, і ён кінуўся ў пагоню за сынамі Ізраэля. Але яны выйшлі пад рукою моцнаю.

9 А Эгіпцяне гналіся за імі, усе коні і калясьніцы фараона, коньнікі і войска ягонае, і дагналі іх у табары над морам, калі былі яны пад Пі-Гахіротамі насупраць Баал-Цэфону.

10 Калі наблізіўся фараон, сыны Ізраэля паднялі вочы і ўбачылі Эгіпцянаў за сабой, і ад страху паднялі крык, і прызывалі Госпада,

11 і казалі Майсею: «Ці не хапала магілаў у Эгіпце, што ты вывеў нас, каб мы паўміралі на пустыні. Пашто было выводзіць нас з Эгіпту?

12 Ці ж ня тое самае казалі мы табе ў Эгіпце: Пакінь нас, каб мы служылі Эгіпцянам? Многа разоў лепей было служыць ім, чым прападаць у пустыні».

13 Але Майсей сказаў народу: «Ня бойцеся, стойце на месцы і ўбачыце збаўленьне Госпада, якое ўчыніць Ён вам сягоньня; Эгіпцянаў, якіх цяпер бачыце, ужо ніколі ня ўбачыце.

14 Госпад будзе ваяваць за вас, а вы будзьце спакойнымі».

15 І сказаў Госпад Майсею: «Чаго прызываеш Мяне? Скажы сынам Ізраэля, хай ідуць.

16 А ты падымі кій твой і працягні руку тваю над морам, і разьдзялі яго на дзьве часткі, каб прайшлі сыны Ізраэля па сухім сярэдзінай мора.

17 А Я зраблю ўпорыстым сэрца Эгіпцянаў, каб гналіся за імі, і ўслаўлю Сябе над фараонам і над усім войскам ягоным, над калясьніцамі і коньнікамі.

18 І хай ведаюць Эгіпцяне, што Я - Госпад, калі ўслаўлюся над фараонам, над калясьніцамі і над коньнікамі ягонымі».

19 І Анёл Божы, каторы ішоў перад войскам Ізраэля, пайшоў за імі, і слуп воблачны таксама перайшоў зь пераду і стаў за імі.

20 І стаў паміж войскам Эгіпцянаў і войскам Ізраэля, і там быў хмарай цёмнай, а тут сьвяціў ноччу, так што не наблізіліся адны да другіх за ўсю ноч.

21 І працягнуў Майсей руку сваю над морам, а Госпад дзьмуў гвалтоўным і сухім ветрам усю ноч і зрабіў мора сухою зямлёю; воды разьдзяліліся.

22 І пайшлі сыны Ізраэля сярэдзінай мора па сухім дне, і вада стаяла як бы мур з правага і левага іх боку.

23 І, перасьледуючы, іх Эгіпцяне пайшлі за імі, уся коньніца фараона, калясьніцы фараона і коньнікі па сярэдзіне мора.

24 На сьвітаньні глянуў Госпад са слупа агня і воблака на войска Эгіпцянаў і прымусіў іх адступіцца.

25 І гразьлі колы калясьніцаў, так што зь цяжкасьцю рухаліся. І казалі Эгіпцяне: «Уцякайма ад Ізраэля! Бо Госпад ваюе за іх супраць нас».

26 І сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю над морам, і хай нахлынуць воды на Эгіпцянаў, на калясьніцы іхнія і коньнікаў».

27 І як толькі працягнуў руку сваю Майсей над морам, яно на разьвідненьні вярнулася на сваё месца. І на ўцякаючых Эгіпцянаў нахлынулі воды, і патапіў іх Госпад сярод хваляў.

28 Наплываючая вада нахлынула на калясьніцы і коньнікаў, і на ўсё войска фараона, каторае, гонячыся, увайшло ў мора, і ніводзін зь іх не не застаўся жывым.

29 А сыны Ізраэля па сухім перайшлі сярэдзінай мора, бо вада стала як мур з правага і левага боку.

30 У той дзень вызваліў Госпад Ізраэля з рук Эгіпцянаў, і бачылі яны патопленых Эгіпцянаў на беразе мора,

31 і магутную руку, якую выявіў Госпад супраць іх. Дык баяўся народ Госпада, і паверылі Госпаду і Майсею, слузе Ягонаму.

 

Разьдзел 15

 

1 Тады Майсей і сыны Ізраэля засьпявалі гэтую песьню на спахвалу Госпада: «Засьпявайма Госпаду, бо Ён вельмі праславіўся, каня і коньніка ўкінуў у мора.

2 Моц мая і сіла мая - Госпад, Ён стаўся для мяне збаўленьнем. Гэта ж Бог мой, буду славіць Яго; Ён - Бог бацькі майго, буду ўзьвялічваць Яго!

3 Госпад - ваяр магутны! Ягвэ - імя Яго!

4 Вазы фараона і войска ягонае Ён кінуў у мора, і адборныя ваяры ягоныя патанулі ў моры Чырвоным.

5 Бяздоньні паглынулі іх, пайшлі яны ўглыб, як камень.

6 Правіца Твая, Госпадзе, праславіцца магутнасьцю! Правіца Твая, Госпадзе, перамагла ворага.

7 У велічы славы Тваёй зьнішчыў Ты праціўнікаў Тваіх, і даў Ты волю гневу Твайму, і ён папаліў іх, як салому.

8 У духу ярасьці Тваёй сабраліся воды, і станулі, як сьцяна, цякучыя воды, і пасярэдзіне мора адкрыліся бяздоньні.

9 Вораг хваліўся: «Буду гнацца за ім і даганю, падзялю здабычу і пацешу душу маю, дастану меч мой, і выб'е іх рука мая!»

10 Падуў дух Твой, і нахлынула на іх мора; і яны патанулі, як волава, ва ўзбураных водах.

11 Які ж Бог падобны Табе, Госпадзе? Хто, як Ты, слаўны сьвятасьцю, страшны і праслаўлены, Творца цудаў?

12 Працягнуў Ты руку Тваю, і паглынула іх зямля.

13 У міласэрдзі Тваім вёў Ты народ, які адкупіў, і праводзіў яго Тваёй сілай у Тваю сялібу сьвятую.

14 Пачулі гэта народы і спалохаліся, жах апанаваў жыхароў Філістынскіх.

15 Тады ўстрывожыліся князі Эдому, магнатаў Маабу апанаваў страх, млеюць ад жаху ўсе жыхары Ханаану.

16 Напала на іх дрыжаньне і жах, дзеля магутнасьці рукі Тваёй дрантвеюць яны, як камень, аж пакуль пяройдзе народ Твой, Госпадзе, пакуль не пяройдзе народ Твой, каторы ўзяў Ты на ўласнасьць.

17 Увядзі яго і пасадзі на гары спадчыны Тваёй, у магутнай сялібе Тваёй, якую стварыў Ты, у сьвятыні Тваёй, Госпадзе, каторую заснавалі рукі Твае.

18 І будзе Госпад валадарыць на вякі вечныя!»

19 Увайшлі бо коні фараона ў мора з калясьніцамі і коньнікамі ягонымі, і ўзьвёў на іх Госпад воды марскія, а сыны Ізраэля прайшлі па сухім дне пасярэдзіне мора.

20 Дык сястра Аарона Мірыям, праракіня, узяла бубен рукою сваёй, а ўсе жанчыны ішлі за ёй у танцах з бубнамі.

21 І Мірыям засьпявала ім: «Сьпявайма Госпаду, бо Ён вельмі праславіўся, каня і вершніка ўкінуў у мора!»

22 Вывеў тады Майсей Ізраэля з-над Чырвонага мора, і пайшлі яны ў напрамку пустыні Шур. І тры дні ішлі яны праз пустыню, і не знаходзілі вады.

23 І прыбылі да мясцовасьці Мара, але не маглі піць вады з Мары, таму што была горкая. Дзеля таго названа гэта месца Мара.

24 І наракаў народ на Майсея, кажучы: «Што будзем піць?»

25 І прызываў ён Госпада, а Госпад паказаў яму дрэва. І калі ўкінуў ён яго ў ваду, вада перамянілася ў салодкую. Там устанавіў Госпад загады і закон для народу, і там выспрабоўваў яго,

26 кажучы: «Калі верна будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і будзеш рабіць справядлівае перад воблікам Яго, і будзеш паслухмяным прыказаньням Ягоным і будзеш спаўняць усе Яго законы, то Я не навяду на цябе ніводнай хваробы, каторыя навёў на Эгіпет. Я - Госпад, лекар твой».

27 Потым прыбылі яны ў Элім, дзе было дванаццаць крыніцаў і семдзесят пальмаў. І там разлажыліся табарам каля вады.

 

Разьдзел 16

 

1 І выйшлі яны з Эліму, і ўся супольнасьць сыноў Ізраэля прыбыла ў пустыню Сін, якая знаходзіцца між Элімам і Сынаем, у пятнаццаты дзень другога месяцу ад іхняга выхаду зь зямлі Эгіпецкай.

2 І пачала наракаць у пустыні ўся супольнасьць сыноў Ізраэля на Майсея і на Аарона.

3 І сыны Ізраэля казалі ім: «Лепш бы мы паўміралі з рукі Госпада ў зямлі Эгіпецкай, калі сядзелі пры катлах зь мясам і калі мы елі хлеб удосталь. Навошта ты вывеў нас у гэтую пустыню, каб вынішчыць голадам усю супольнасьць?»

4 І сказаў Госпад Майсею: «Вось, Я спашлю вам хлеб зь неба ў выглядзе дажджу; і хай народ выходзіць, і зьбірае кожны дзень паводле патрэбы дзённай. Гэтак хачу іх выспрабаваць, ці будуць яны хадзіць паводле Майго закону, ці не.

5 Але шостага дня хай згатуюць тое, што прынясуць, і хай гэта будзе ўдвая больш таго, што зьбіраюць яны штодзень».

6 Дык Майсей і Аарон сказалі ўсім сынам Ізраэля: «Вечарам пазнаеце, што Госпад вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай.

7 На раніцы ўбачыце славу Госпада, бо Ён пачуў нараканьні вашыя супраць Госпада. Хто ж бо мы, што вы наракаеце на нас?»

8 І сказаў Майсей: «Вечарам дасьць вам Госпад мяса есьці, а раніцай дасыць хлеба ўдосталь, бо чуў Госпад нараканьні вашыя супраць Яго. Хто такія мы? Не на нас наракалі вы, але на Госпада!»

9 І сказаў Майсей Аарону: «Скажы ўсёй грамадзе сыноў Ізраэля: Станьце перад Госпадам, бо пачуў Ён нараканьні вашыя».

10 Калі вось Аарон гаварыў да ўсёй грамады сыноў Ізраэля, яны глянулі на пустыню, і вось, хвала Госпада зьявілася ім у воблаку.

11 І прамовіў Госпад да Майсея ў гэтыя словы:

12 «Чуў Я нараканьні сыноў Ізраэля, дык скажы ім так: Вечарам будзеце есьці мяса, а раніцай наясьцёся хлеба. І даведаецеся, што Я - Госпад, Бог ваш».

13 І сапраўды, вечарам наляцела перапёлак, і накрылі яны табар, а назаўтра ляжала раса кругом табару.

14 Калі адкрыўся паверх пустыні, тады паказалася нешта дробнае і зярністае, на падобнасьць шэрашы на зямлі.

15 Калі ўбачылі гэта сыны Ізраэля, пыталіся адзін аднаго: «Мангу?», бо ня ведалі, што гэта было. І сказаў ім Майсей: «Гэта хлеб, які даў вам Госпад на яду.

16 Гэта загадаў вам Госпад: Кожны з вас зьбярэ для сябе па сваёй патрэбе, па гамору на чалавека; па колькасьці душаў, што пражываюць у палатцы, возьмеце».

17 Так і зрабілі сыны Ізраэля, і сабралі адзін болей, другі меней.

18 І мералі гаморам, і ў таго, хто сабраў многа, не было лішняга, а ў таго, хто сабраў мала, не было нястачы. І кожны сабраў, колькі яму зьесьці.

19 Пасьля сказаў ім Майсей: «Хай ніхто з гэтага не пакідае да раніцы».

20 Некаторыя не паслухалі яго, але пакінулі з гэтага да раніцы, і завяліся ў іх чэрві, і пачало сьмярдзець. І загневаўся на іх Майсей.

21 І зьбіраў на раніцы кожны патрэбнае да яды, а калі сонца прыпякала, яно раставала.

22 У шосты ж дзень сабралі падвойную колькасьць яды, значыць, па два гаморы на чалавека. І сабраліся ўсе князі супольнасьці, і паведамілі Майсею.

23 А ён жа сказаў ім: «Гэта вось тое, што сказаў Госпад: Заўтра супачынак, сьвятая субота Госпадава. Што маеце пячы - пячыце, што маеце варыць - варыце, а што застанецца - пакіньце на раніцу».

24 І зрабілі так, як загадаў Майсей, і не згніло яно, і чарвяк не завёўся.

25 І сказаў Майсей: «Ешце гэта сягоньня, бо гэта субота Госпадава, і ніхто хай не выходзіць на поле.

26 Шэсьць дзён зьбірайце, але ў сёмы дзень - субота Госпадава, і ня будзе нічога ў полі».

27 І надыйшоў сёмы дзень, і некаторыя зь людзей пайшлі зьбіраць, але нічога не знайшлі.

28 І сказаў Госпад Майсею: «Дакуль жа ня будзеце хацець спаўняць прыказаньні Мае і закон Мой?

29 Бачыце, што Госпад даў вам суботу, і таму ў дзень шосты дае вам яды на два дні. Дзеля таго кожны з вас хай застанецца ў сябе, і ніхто хай не выходзіць зь месца свайго ў сёмы дзень».

30 І сёмага дня народ сьвяткаваў суботу.

31 І назваў дом Ізраэля хлеб той «манна,» бо была яна белая, як зерне каляндравае, а смак мела як мёд.

32 І сказаў Майсей: «Гэта загадаў Госпад: Напоўніце гамор (маннаю) і захавайце яго для будучых вашых пакаленьняў, каб аглядалі яны яду, якою карміў Я вас у пустыні па выхадзе вашым зь зямлі Эгіпецкай».

33 І сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі начыньне і запоўні яго гаморам манны, і пакладзі яго перад Госпадам, каб захаваць яе для будучых пакаленьня вашых».

34 І як загадаў Госпад Майсею, палажыў яе Аарон для захаваньня перад (каўчэгам) Сьведчаньня.

35 А сыны Ізраэля елі манну сорак гадоў, пакуль не прыйшлі ў зямлю абжытую; елі яны манну, аж пакуль не прыбылі да межаў зямлі Ханаан.

36 А гамор - гэта дзесятая частка эфы.

 

Разьдзел 17

 

1 Па загаду Госпада ўся супольнасьць сыноў Ізраэля выйшла з пустыні Сін у далейшую дарогу. І сталі яны табарам у Рэфідыме, дзе народ ня меў вады да піцьця.

2 І дакараў народ Майсея, і казаў: «Дай нам вады напіцца». Адказаў ім Майсей: «Што вы дакараеце мяне? Чаму спакушаеце Госпада?»

3 Але народ там смагнуў вады, і таму наракаў на Майсея, і казаў: «Пашто ты выводзіў нас з Эгіпту, каб нас, і нашых дзяцей, і нашую жывёлу ўмарыць смагаю?»

4 І прызываў Майсей Госпада, і казаў: «Што маю рабіць я з гэтым народам? Мала не хапае, і ўкамянуюць мяне!»

5 Госпад адказаў Майсею: «Выйдзі перад народам і вазьмі некалькі старшыняў Ізраэля з сабою. Вазьмі ў руку палку, катораю ўдарыў Раку, і ідзі.

6 Вось жа Я стану перад табой на скале, на Гарэбе. І ты ўдарыш у скалу, і пацячэ зь яе вада, і народ нап'ецца». І Майсей зрабіў так на вачах старшыняў Ізраэля.

7 І назваў ён гэтае месца Масса і Мэрыба, бо тут вадзіліся сыны Ізраэля і спакушалі Госпада, кажучы: «Ці сапраўды Госпад прабывае паміж нас, ці не?»

8 І прыйшоў Амалек ў Рэфідым, каб ваяваць зь Ізраэлем.

9 Майсей тады сказаў Ешуу: «Выбяры сабе мужчын і ідзі, ваюй з Амалекам. Заўтра я стану на вяршыні гары, трымаючы кій Божы ў руцэ маёй».

10 І зрабіў Ешуа, як сказаў яму Майсей, і ваяваў супраць Амалека. А Майсей, Аарон і Гур узыйшлі на верх гары.

11 І пакуль Майсей трымаў рукі паднятымі, перамагаў Ізраэль, а калі апускаў, перамагаў Амалек.

12 А рукі Майсея зрабіліся цяжкімі, дык узялі яны камень і палажылі пад яго, і ён сеў на ім, а Аарон і Гур падтрымоўвалі рукі ягоныя з абодвух бакоў. І так рукі яго не апускаліся да заходу сонца.

13 І так Ешуа перамог Амалека і народ ягоны вострывам мяча.

14 І сказаў тады Госпад Майсею: «Запішы гэта на памятку ў кнігу і перадай Ешуу, што Я вынішчу цалкам памяць пра Амалека пад небам».

15 Пасьля Майсей пабудаваў ахвярнік, каторы назваў Ягвэ Нісі, кажучы:

16 «Бо падняў руку на трон Госпада, дзеля таго вайна ў Госпада супраць Амалека будзе з пакаленьня ў пакаленьне».

 

Разьдзел 18

 

1 Калі Етра, цесьць Майсея, сьвятар Мадыянскі, пачуў пра ўсё, што Бог учыніў для Майсея і для Ізраэля, народу Свайго, і што Госпад вывеў Ізраэля з Эгіпту,

2 дык узяў Цыпору, жонку Майсея, каторую той раней вярнуў,

3 і двух сыноў ягоных, з каторых адзін зваўся Гершон, бо сказаў (Майсей): «Я - прыхадзень у зямлі чужой»,

4 а другі зваўся Эліезэр, бо казаў: «Бог бацькі майго быў ўспаможцам маім і ўратаваў мяне ад мяча фараонавага».

5 І прыйшоў Етра, цесьць Майсеяў, і сыны ягоныя, і жонка ягоная да Майсея ў пустыню, дзе быў ён разлажыўшыся табарам каля гары Божай,

6 і сказаў паведаміць Майсею: «Я, цесьць твой Етра, прыходжу да цябе, і жонка твая, і два сыны твае разам зь ёй».

7 І выйшаў Майсей на спатканьне цесьця свайго, і пакланіўся, і пацалаваў яго, і прывіталіся яны словамі мірнымі, і ўвайшлі ў палатку,

8 І Майсей расказаў цесьцю свайму ўсё, што зрабіў Госпад фараону і Эгіпцянам дзеля Ізраэля, і пра ўсякія цяжкасьці, якія перажылі ў дарозе, і як вызваліў іх Госпад.

9 І радаваўся Етра з дабрадзействаў, якія ўчыніў Госпад Ізраэлю, і з таго, як вырваў яго з рук Эгіпцянаў.

10 І сказаў ён: «Дабраслаўлены Госпад, Каторы вызваліў вас з рук Эгіпцянаў ды з рукі фараона.

11 Цяпер я переканаўся, што Госпад магутнейшы за ўсіх багоў, таму што вырваў народ з рук Эгіпцянаў, каторыя пагарджалі ім «.

12 Дык Етра, цесьць Майсея, склаў Богу цэлапаленьні і ахвяры, а Аарон і ўсе старшыні Ізраэля прыйшлі і елі хлеб зь ім на віду Бога.

13 Назаўтра сеў Майсей судзіць народ, які стаяў перад Майсеям ад раніцы да вечара.

14 Калі цесьць Майсея ўбачыў усё, што ён робіць з народам, сказаў яму: «Чаму ты сам адзін займаешся справамі народу? Чаму ты сам судзіш, а ўвесь народ мусіць стаяць перад табой ад раніцы да вечара?»

15 І Майсей адказаў свайму цесьцю: «Народ прыходзіць да мяне даведацца рашэньня Божага.

16 Калі паміж імі ўзьнікае спрэчка, прыходзяць да мяне як да судзьдзі паміж імі, а я ім аб'яўляю прыказаньні Божыя і Яго законы».

17 І сказаў цесьць Майсею: «Нядобра ты робіш.

18 Мучаешся сам і мучаеш народ гэты, які з табой. Па-над сілы твае гэты занятак, сам адзін ня зможаш зь ім справіцца.

19 Цяпер паслухай словаў маіх і рады маёй, і хай будзе Бог з табой: Ты сам будзь прадстаўніком свайго народу перад Богам, і выяўляй Богу яго справы,

20 і навучай народ прыказаньням, і законам, і дарозе, якою павінны ісьці, і справам, якія маюць рабіць.

21 Але знайдзі сабе з усяго народу людзей здольных і багабаязных, і справядлівых, і ненавідзячых хцівасьць; і ўстанаві зь іх начальнікаў над тысячаю, над сотняю, над пяцьдзесяткай, і над дзесяткай людзей,

22 каб маглі яны судзіць людзей у кожны час. Важнейшыя справы павінны табе прадстаўляць, а справы малаважныя самі павінны ладзіць. Табе будзе лягчэй, дык падзяліся зь імі цяжарам.

23 Калі тое зробіш, споўніш прыказаньні і волю Божую, і зможаш устаяць, а людзі задаволеныя вернуцца да сябе».

24 І паслухаўся Майсей парады цесьця, і зрабіў усё, што той яму сказаў.

25 І выбраў сабе Майсей зь Ізраэля мужоў здольных, і зрабіў іх загадчыкамі народу, начальнікамі над тысячаю, над сотняю, над пяцідзесяцёма і над дзесяцёма людзьмі,

26 каб яны судзілі народ у кожны час. А калі што важнейшае было, адклікаліся да яго, меншыя ж справы самі судзілі.

27 І адправіў Майсей цесьця свайго, і ён вярнуўся ў сваю зямлю.

 

Разьдзел 19

 

1 У трэцім месяцы па выхадзе Ізраэлю з Эгіпту, у той самы дзень прыбылі яны ў пустыню Сынай.

2 Выйшлі яны з Рэфідыму, і дайшлі аж да пустыні Сынай, і разлажыліся табарам у тым месцы, і паставіў Ізраэль палаткі насупраць гары.

3 А Майсей узыйшоў (на гару) да Бога. І паклікаў яго Госпад з гары, і сказаў: «Вось што скажы дому Якуба і паведамі сынам Ізраэля:

4 Вы самі бачылі, што Я зрабіў Эгіпцянам, і панёс вас, як на крыльлях арліных, і прынёс вас да Сябе.

5 Дык калі будзеце слухаць голасу Майго і выконваць запавет Мой, вы станецеся Мне асаблівай уласнасьцю спаміж усіх народаў, бо Мая ўся зямля.

6 І вы будзеце Мне валадарствам сьвятароў і народам сьвятым. Гэта вось тыя словы, каторыя ты скажаш сынам Ізраэля».

7 І прыйшоў Майсей, і склікаў старшыняў народу, і прадставіў ім усё, што загадаў Госпад.

8 І ўвесь народ адказаў аднадушна: «Усё, што загадаў Госпад, - споўнім». І перадаў Майсей словы народу Госпаду.

9 І сказаў яму Госпад: «Вось Я прыйду да цябе ў воблаку туманным, каб народ чуў, як Я буду гутарыць з табою, каб паверыў ён табе назаўжды». І Майсей перадаў Госпаду словы народу.

10 І сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да народу і асьвяці яго сягоньня і заўтра. Хай памыюць яны адзеньне сваё

11 ды хай прыгатуюцца на дзень трэці. Бо ў трэці дзень на вачах усяго народу на гару Сынай зыйдзе Госпад.

12 І вызначы народу мяжу кругом гары, і скажы яму: Высьцерагайцеся ўзыходзіць на гару і дакранацца яе падножжа, бо хто дакранецца гары - будзе пакараны сьмерцю.

13 Хай і рука не дакранецца яе, бо вінаваты будзе ўкаменаваны або прабіты стралой; і чалавек, і жывёла ня могуць застацца пры жыцьці. Калі загучыць труба, хай тады падыйдуць пад гару».

14 І зыйшоў Майсей з гары да народу, і асьвяціў народ, і памылі яны адзеньне сваё.

15 І сказаў ён ім: «Будзьце прыгатаваныя на дзень трэці, і не дакранайцеся жонак вашых».

16 На трэці дзень на сьвітаньні загрымелі грымоты з маланкамі, і цёмнае воблака ахінула гару, і пачуўся магутны гук трубы, так што ўвесь народ, які прабываў ў табары, дрыжэў ад страху.

17 І вывеў Майсей людзей з табару на спатканьне да Бога, і паставіў іх ля падножжа гары.

18 А ўся гара Сынай дымелася, бо зыйшоў на яе Госпад у агні, і ўздымаўся дым зь яе, як зь печы. І ўся гара трэслася страшэнна.

19 І гук трубы ставаўся штораз магутнейшы. Майсей гаварыў, а Бог адказваў яму голасам.

20 І зыйшоў Госпад на гару Сынай, на самы яе верх, і паклікаў Майсея на самую яе вяршыню. А калі ён узыйшоў,

21 сказаў яму: «Зыйдзі ўніз і папярэдзь народ, каб ён не захацеў перайсьці вызначанай мяжы, каб пабачыць Госпада, бо пагіне зь іх многа.

22 Таксама і сьвятары, каторыя маюць прыступіцца да Госпада, хай асьвяцяцца, каб Я ня выгубіў іх».

23 І сказаў Майсей Госпаду: «Ня можа народ узыйсьці на гару Сынай, Ты бо папярэдзіў і забараніў нам, кажучы: Вызначы мяжу кругом гары і асьвяці яе».

24 І сказаў яму Госпад: «Ідзі, зыйдзі ўніз, а потым прыйдзі ты і Аарон з табой, а сьвятары і народ хай не пераходзяць мяжы, каб наблізіцца да Госпада, каб Я не забіў іх».

25 І зыйшоў Майсей ўніз да народу, і ўсё ім пераказаў.

 

Разьдзел 20

 

1 Тады вось сказаў Госпад усе гэтыя словы:

2 «Я - Госпад, Бог твой, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.

3 Ня мей другіх багоў побач Мяне.

4 Не рабі разьбы і ніякай выявы таго, што ўверсе ў небе, ані што на зямлі ўнізе, ані што ў вадзе ніжэй зямлі.

5 Не пакланяйся ім і ня служы ім, бо Я - Госпад, Бог твой, Бог зайздросны, Які карае дзяцей за няправасьць бацькоў да трэцяга і чацьвёртага пакаленьня адносна тых, каторыя Мяне ненавідзяць,

6 і аказвае міласэрдзе аж да тысячнага пакаленьня тым, каторыя любяць Мяне і спаўняюць прыказаньні Мае.

7 Не гавары імя Госпада, Бога твайго, легкадумна, бо Госпад не пакіне бяз кары таго, хто прызывае імя Госпада, Бога свайго, надарэмна.

8 Памятай, каб сьвяткаваць дзень суботы.

9 Шэсьць дзён будзеш працаваць і выконваць усе працы свае,

10 а сёмы дзень - субота Госпада, Бога твайго. Не працуй ты, і сын твой, і дачка твая, нявольнік твой і нявольніца твая, жывёла твая і чужынец, каторы жыве ў цябе.

11 Бо ў шасьці днях стварыў Госпад неба, і зямлю, і мора, ды ўсё, што на іх ёсьць, і супачыў у сёмы дзень. Дзеля таго багаславіў Госпад дзень суботы і ўсьвяціў яго.

12 Паважай бацьку свайго і маці сваю, каб быў ты даўгавечны на зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой.

13 Не забівай.

14 Не чужалож.

15 Не крадзі.

16 Не гавары фальшывага сьведчаньня на бліжняга свайго.

17 Не квапся на дом бліжняга свайго. Не жадай жонкі яго, ані слугі, ані служанкі, ані вала, ані асла, ані нічога, што да яго належыць».

18 А народ увесь, чуючы грымоты і голас трубы, бачучы маланкі і гару дымячую, спалохаўся і дрыжэў ад страху, і стаяў здалёк,

19 і казаў Майсею: «Ты гавары нам, і мы будзем слухаць! Хай не гаворыць да нас Бог, бо паўміраем».

20 І сказаў Майсей народу: «Ня бойцеся, каб выспрабаваць вас, прыбыў Бог, і каб страх Ягоны быў у вас, каб вы не грашылі».

21 І народ усё стаяў воддаль, а Майсей наблізіўся да цёмнага воблака, у каторым быў Бог.

22 І сказаў Госпад Майсею: «Вось што скажаш сынам Ізраэля: Вы самі бачылі, як Я зь неба да вас прамаўляў.

23 Не рабіце побач Мяне багоў серабраных, ані багоў з золата.

24 Зробіце Мне ахвярнік зь зямлі і на ім будзеце складаць цэлапаленьні і ахвяры прымірэньня вашыя, авечкі вашыя і валы; на кожным месцы, дзе Я загадаю табе ўспамінаць імя Маё, прыйду да цябе і буду дабраславіць табе.

25 А калі пабудуеш Мне ахвярнік з каменьняў, то не будуй з каменьняў чэсаных, бо спаганіш яго, калі прыложыш да яго долата тваё.

26 Ня будзеш узыходзіць па прыступках да Майго ахвярніку, каб не адкрылася голасьць твая.

 

Разьдзел 21

 

1 Вось гэткія законы прадставіш ім:

2 Калі купіш нявольніка-Гебрая, ён будзе служыць табе шэсьць гадоў, а ў сёмы звольніш яго бяз выкупу.

3 Калі ён прыйшоў сам, адыйдзе сам, а калі меў жонку, адыйдзе з жонкаю.

4 Але калі гаспадар ягоны даў яму жонку, каторая нарадзіла яму сыноў і дачок, тады жонка і дзеці будуць належаць да гаспадара, а ён адыйдзе сам.

5 Калі б жа нявольнік сказаў: «Люблю гаспадара свайго, і жонку, і дзецей, і не хачу адыходзіць на свабоду»,

6 хай завядзе тады яго гаспадар перад Бога, і хай падвядзе да дзьвярэй або брамы, і хай праколе яму гаспадар ягоны шылам вуха, і будзе ён нявольнікам яго назаўжды.

7 Калі б хто прадаў сваю дачку, не адыйдзе яна, як адыходзяць іншыя нявольнікі.

8 А калі б яна не спадабалася гаспадару свайму, катораму была аддадзена, хай дазволіць выкупіць яе. Але ня мае ён права прадаць яе чужому народу, калі яе адкінуў.

9 Калі ён прызначыў яе сыну свайму, хай зробіць зь ёю па праву дачок.

10 Калі ж ён возьме сабе іншую, ня можа адмовіць ёй жыўленьня, адзеньня і супольнага ложку.

11 Калі ж ня споўніць ён адносна яе гэтых трох умоваў, то тады адыйдзе яна дарма, бяз выкупу.

12 Калі хто так ударыць чалавека, што той памрэ, то хай будзе сьмерцяй пакараны.

13 Калі ж ня меў ён намеру забіць, але Бог (прыпадкам) выдаў яго ў рукі ягоныя, вызначу табе месца, у каторае павінен уцячы.

14 А калі хто наўмысна забіў бліжняга свайго і падступна (хаваўся ля ахвярніку), то ад ахвярніку Майго адцягні яго, і хай пакараны будзе сьмерцяй.

15 Калі б хто ўдарыў бацьку свайго або матку, хай будзе пакараны сьмерцяй.

16 Калі б хто ўкраў чалавека і прадаў яго, або быў бы ён знойдзены ў яго, хай будзе пакараны сьмерцяй.

17 Хто плявузгае на бацьку або на матку, хай будзе пакараны сьмерцяй.

18 Калі б хто ў звадцы ўдарыў бліжняга каменем або кулаком, і той не памрэ, а толькі зьляжа ў ложак,

19 то калі падымецца і стане хадзіць па двары з палкаю, тады той, хто яго ўдарыў, будзе свабодны, аднак аднагародзіць яму перапынак у працы і лячэньне.

20 Калі б хто пабіў нявольніка свайго або нявольніцу палкай, і той памёр ад рук ягоных, павінен строга быць пакараны.

21 Калі, аднак, нявольнік пражыве яшчэ дзень ці два, то ня будзе пакараны, бо гэта яго ўласнасьць.

22 Калі б мужчыны, біючыся, ўдарылі цяжарную жанчыну і выклікалі спарон, але безь якой-колечы шкоды, то вінаваты будзе пакараны платаю, якую наложыць муж той жанчыны, і выплаціць яе пры пасярэдніках.

23 А калі б прычыніў шкоду, тады аддасьць жыцьцё за жыцьцё,

24 вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу,

25 апарэньне за апарэньне, рану за рану, сіняк за сіняк.

26 Калі б хто ўдарыў нявольніка або нявольніцу ў вока і спрычыніў страту яго, хай адпусьціць на волю за вока.

27 Таксама, калі б выбіў зуб нявольніку свайму або нявольніцы, хай пусьціць яго на свабоду за зуб.

28 Калі б бык пабоў мужчыну або жанчыну, і яны памерлі б, то тады бык павінен быць укаменаваны, але мяса яго ня есца; і гаспадар быка ня будзе караны.

29 Калі, аднак, бык і раней боўся, і гаспадару была на гэта зьвяртана ўвага, але ён яго не пільнаваў, і забіў ён мужчыну ці жанчыну, то бык павінен быць укаменаваны, а гаспадар павінен быць пакараны сьмерцяй.

30 Калі б налажылі на яго плату, то павінен за сваё жыцьцё даць толькі водкуп, які на яго наложаць.

31 Калі б бык пабоў хлопца або дзяўчыну, то маюць учыніць па тому самаму правілу.

32 А калі б бык забоў нявольніка або няволніцу, то яго гаспадар мусіць выплаціць іхняму гаспадару трыццаць сыкляў серабра, а бык будзе ўкаменаваны.

33 Калі хто адкрые студню або выкапае і не закрые яе, і ўваліцца ў яе вол або асёл,

34 то гаспадар студні выплаціць аднагароду ў грошах, а мёртвая жывёла будзе належаць яму.

35 Калі б бык аднаго гаспадара ўдарыў быка іншага гаспадара і забіў бы яго, тады прададуць жывога быка і падзеляцца платай за яго, падзеляцца таксама забітым быком.

36 Але калі б было вядома, што бык той боўся раней, і гаспадар яго не пільнаваў яго, тады аддасьць ён быка жывога, а забіты будзе належаць яму.

 

Разьдзел 22

 

1 Калі б хто ўкраў вала або авечку і забіў бы іх або прадаў, то тады зьверне пяць валоў за аднаго вала, і чатыры авечкі за адну авечку.

2 Калі б хто схапіў злодзея, калі ён уломываецца або падкопваецца, і так бы яго пабіў, што той памёр, то ня будзе вінны крыві.

3 Але каб гэта зрабіў на ўзыходзе сонца, будзе вінен крыві. Злодзей абавязаны да аднагараджэньня, а калі ня меў бы, чым аднагарадзіць, то трэба яго прадаць за тую самую суму, якую ўкраў.

4 Калі ж тое, што ўкраў, знойдзецца ў яго жывое, ці то вол, ці асёл, ці авечка, аддасьць у падвойнай колькасьці.

5 Калі хто спасе поле або вінаграднік і пусьціць быдла сваё, каб спасьвіць чужое поле, тады аднагародзіць тым, што мае найлепшае на сваім полі ды ў сваім вінагарадніку.

6 Калі ўзьнікне агонь і ахопіць церні, і спаліць сьцірту збожжа або стаячае на пню збожжа, або поле, то тады той, па чыёй прычыне ўзьнік пажар, павінен аднагародзіць шкоду.

7 Калі б хто даў другому грошы або каштоўныя рэчы на захаваньне, і яны б былі скрадзеныя ў доме таго чалавека, калі злодзей будзе выяўлены, павінен выплаціць падвойнае адшкадаваньне.

8 Калі б ня выяўлена злодзея, то тады той гаспадар дому стане перад Богам і прысягне, што ня выцягнуў рукі на дабро бліжнага свайго.

9 У кожнай справе спрэчнай, ці то адносна вала, ці асла, ці авечкі, ці адзеньня, ці адносна ўсякай згубленай рэчы, аб каторай хто скажа: «Гэта маё», справа абодвух павінна быць прадстаўлена Богу, і каторага Бог прызнае вінным, той зьверне другому ў два разы.

10 Калі б хто даручыў другому ў апеку асла, вала, авечку або якую другую жывёлу, а яна б збегла або скалечылася, або была зьведзеная ворагамі, і ніхто гэта ня бачыў,

11 то справу паміж абодвума вырашыць прысяга перад Госпадам, што перахоўваючы, адзін ня выцягнуў рукі на дабро другога; і хай гаспадар прыйме тое, што засталося, а той ня будзе плаціць аднагароды.

12 А калі будзе ўкрадзена ў яго, то ён павінен заплаціць гаспадару.

13 А калі тая жывёла разьдзёртая будзе дзікім якім зьверам, то ён прынясе яе як доказ і ня будзе плаціць.

14 Калі б хто пазычыў ад другога жывёлу, а яна акалячэла або пала ў адсутнасьці гаспадара, то павінен заплаціць упоўні.

15 Але калі гаспадар прысутнічаў, то ня плаціць. Калі яна была нанятая за грошы, то атрымае цану найму.

16 Калі б хто зьвёў дзяўчыну яшчэ не заручаную ды спаў зь ёй, хай заплаціць плату, складаную пры заручынах, ды возьме яе за жонку.

17 Калі б бацька не згадзіўся аддаць яе яму, тады павінен ён заплаціць столькі, колькі вымагае плата, складаная пры заручынах.

18 Не дазволіш жыць чараўніцы.

19 Хто ляжа з жывёлай, будзе пакараны сьмерцяй.

20 Хто б складаў багам па-за адзіным Госпадам ахвяры, будзе пакараны сьмерцяй.

21 Прыхадня не ўціскай і не перасьледуй, бо прыхаднямі і вы самі былі ў зямлі Эгіпецкай.

22 Удаве і сіраце не рабіце крыўды.

23 Калі іх будзеш крыўдзіць, будуць яны прызываць Мяне, і Я выслухаю кліч іхні,

24 і разгарыцца гнеў Мой, і выгублю вас мячом, і стануць жонкі вашы ўдовамі, а дзеці вашыя - сіротамі.

25 Калі пазычыш грошы ўбогаму з Майго народу, які пражывае побач цябе, ня будзеш яму ліхвяром, і не накладай на яго адсоткі.

26 Калі ў заклад возьмеш плашч ад бліжняга свайго, перад заходам сонца аддай яму,

27 бо гэта адзіная яго шата, якой акрывае ён цела сваё, і ня мае іншага, пад чым спаў бы. Калі бо будзе ён прызываць Мяне, Я выслухаю яго, бо Я міласэрны.

28 Ня блюзьні Богу і не праклінай начальніка народу свайго.

29 Не марудзь з ахвяраю са шчодрасьці току твайго і тоўчні вінаграду. І дасі Мне першароднага з сыноў тваіх.

30 Тое самае зробіш з першародным з быкоў і авечак. Сем дзён хай будзе ён пры матцы сваёй, а ў восьмы дзень аддасі яго Мне.

31 Вы будзеце Мне людзьмі сьвятымі. Ня ешце мяса зьвера, разьдзёртага на полі, але кіньце яго сабакам.

 

Разьдзел 23

 

1 Не прыймай фальшывай весткі і не давай рукі ліхотніку, каб сьведчыць фальшыва.

2 Не хадзі за натоўпам на зло. Не згаджайся на судзе на рашэньне многіх, калі яно разьмінаецца з праўдаю.

3 Не шкадуй таксама беднага на судзе.

4 Калі сустрэнеш вала ворага свайго або асла блукаючага, завядзі да яго.

5 Калі ўбачыш асла ненавісьніка свайго, лежачага пад цяжарам, не абміні, але разам зь ім прыйдзі з дапамогай.

6 Не судзі пераваротна на судзе ў справе беднага.

7 Высьцерагайся хлусьні. Нявіннага і справядлівага не забівай, бо Я не апраўдаю няправасьці.

8 Не прыймай падарункаў, бо падарункі сьлепяць добра бачачых і крывяць справы справядлівых.

9 Ня крыўдзі прыхадня, бо вы ведаеце душу прыхадняў, бо і вы самі былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай.

10 Шэсьць гадоў будзеш засяваць зямлю сваю і зьбіраць яе плады.

11 У сёмы год запусьціш яе і ня будзеш зьбіраць пладоў, каб елі ўбогія твайго народу; а што яшчэ застанецца, хай жывяцца зьвяры палявыя. Тое самае зробіш з вінаграднікам тваім і аліўнікам тваім.

12 Шэсьць дзён будзеш працаваць, а ў сёмы дзень спынішся, каб адпачылі вол твой і асёл твой, ды аддыхнуў сын нявольніцы тваёй і прыхадзень.

13 Усё, што Я сказаў вам, споўніце, і імёны чужых багоў не прызывайце, і хай ня чуюцца яны ў вуснах тваіх.

14 Тры ўрачыстыя сьвяты будзеш сьвяткаваць дзеля Мяне ў кожным годзе.

15 Сьвяткуй ўрачыстасьць Праснакоў: сем дзён будзеш есьці праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаны час месяца Абіб, у які выйшаў ты з Эгіпту. І не зьявішся перада Мною з пустымі рукамі.

16 І ўрачыстасьць Жніва пяршынаў працы тваёй з таго, што ты пасеяў на полі сваім. Таксама ўрачыстасьць Збораў на канцы года, калі зьбярэш усе свае плады з поля.

17 Тры разы ў год кожны твой мужчына мае явіцца перад Госпада Бога.

18 Не складай крыві ахвяры Маёй з хлебам квашаным, і хай не застаецца да раніцы тлустасьць сьвяточнай ахвяры Маёй.

19 Прынось у дом Госпада, Бога твайго, пяршыны пладоў зямлі тваёй. І ня будзеш варыць казьлянё ў малаку маткі ягонай.

20 Вось жа Я пасылаю анёла, ён папярэдзіць цябе і будзе сьцерагчы цябе ў дарозе ў месца, якое Я прыгатаваў.

21 Паважай яго і слухай голасу ягонага, не праціўся яму, таму што ён не даруе грэху вашага, бо імя Маё ў ім.

22 Калі будзеш слухаць голас яго і будзеш рабіць усё, што Я кажу, то Я буду ворагам тваіх ворагаў і буду перасьледаваць тых, што цябе перасьледуюць.

23 Папярэдзіць бо цябе анёл Мой і завядзе цябе да Амарэйца і Гетыта, Пэрэзэя і Хананейца, і Гівея, і Ебусея, каторых Я зьнішчу.

24 Ня будзеш пакланяцца багам іхнім і ня будзеш ім служыць. Ня будзеш рабіць, як яны рабілі, але зьнішчыш іх і паразьбіваеш каменьні іхнія.

25 Будзеце служыць Госпаду, Богу вашаму, каб дабраславіў Я хлябы вашыя і воды, і ўхіліў хваробу спаміж вас.

26 Ня будзе спаронаў і бясплодзьдзя ў зямлі тваёй; і Я павялічу лічбу дзён жыцьця твайго.

27 Страх Мой Я пашлю перад табою і ўстрывожу кожны народ, да каторага прыйдзеш, і зраблю, што будуць уцякаць перад табой усе ворагі твае,

28 бо Я пашлю шаршанёў, каторыя выганяць Гівея, і Хананейца, і Гэтыта перш, чым ты прыйдзеш.

29 Ня выганю іх перад табой у адзін год, каб зямля ня сталася пустыняй, ды каб не павялічыліся на некарысьць тваю дзікія зьвяры.

30 Памалу выганю іх перад табою, пакуль павялічышся і авалодаеш зямлёю.

31 Я пашыру межы твае ад Чырвонага мора аж да мора Палястынскага і ад пустыні аж па Раку, і аддам у рукі вашыя жыхароў зямлі гэтай, і выганю іх спасярод вас.

32 Не заключай запавету ані зь імі, ані з багамі іхнімі.

33 Ня будуць яны жыць у зямлі тваёй, каб ня ўводзілі вас у грэх адносна Мяне, калі будзеце служыць іхнім багам, бо будзе табе гэта на згаршэньне».

 

Разьдзел 24

 

1 І сказаў Майсею (Госпад): «Узыйдзі да Госпада ты і Аарон, Надаб і Абігу, і семдзесят старшых Ізраэля, і здалёк пакланіцеся.

2 І толькі адзін Майсей зблізіцца да Госпада, але яны ня зблізяцца, ані народ ня ўзыйдзе зь ім».

3 Дык прыйшоў Майсей і расказаў народу ўсе словы Госпада і законы. А ўвесь народ у адзін голас адказаў: «Усе словы Госпада, каторыя Ён сказаў, - споўнім».

4 І запісаў Майсей усе словы Госпада. Назаўтра рана ўстаўшы, збудаваў ахвярнік ля падножжа гары і паставіў дванаццаць камянёў, адпаведна да лічбы дванаццаці пакаленьняў Ізраэля.

5 Потым даручыў юнакам з сыноў Ізраэля, і яны склалі ахвяру цэлапаленьня, і склалі Госпаду ахвяру прымірэньня зь цялят.

6 І ўзяў Майсей палову крыві, і ўліў у чашы, а пазасталай часткаю крыві пакрапіў ахвярнік.

7 Потым узяў ён Кнігу Запавету і чытаў яе ў голас народу, які сказаў: «Усё, што загадаў Госпад, - споўнім і будзем паслухмяныя».

8 І ўзяў ён пакінутую кроў, і пакрапіў на народ, і сказаў: «Гэта кроў Запавету, каторы Госпад заключыў з вамі на падставе ўсіх гэтых словаў».

9 Пасьля ўзыйшлі Майсей і Аарон, Надаб і Абігу, і семдзесят старшынь Ізраэля.

10 І ўбачылі яны Бога Ізраэля, а пад Яго нагамі нешта, падобнае на твор з каменьня шафіру, і быццам самое неба ў пагоду.

11 І на выбраных сыноў Ізраэля не падняў Ён рукі Сваёй; таму маглі яны глядзець на Бога, а потым елі і пілі.

12 І сказаў Госпад Майсею: «Узыйдзі да Мяне на гару і будзь там. Я дам табе каменныя табліцы, і закон, і прыказаньні, каторыя Я напісаў, каб навучыць іх».

13 І ўстаў Майсей і Ешуа, яго памочнік, і ўзыйшоў Майсей на гару Божую,

14 і сказаў ён старшыням: «Чакайце тут, пакуль вернемся да вас. Маеце Аарона і Гура з вамі. Калі б узнікла якая справа, зьвяртайцеся да іх».

15 І калі Майсей узыйшоў на гару, воблака закрыла яе.

16 І супачыла хвала Госпада на Сынаі, акрываючы яе воблакам шэсьць дзён. У сёмы ж дзень паклікаў (Госпад) Майсея зь сярэдзіны воблака.

17 А выгляд хвалы Госпада быў як бы палаючы агонь на вяршыні гары на вачах сыноў Ізраэля.

18 І ўвайшоў Майсей у сярэдзіну воблака, і ўзыйшоў на гару, і заставаўся Майсей на гары сорак дзён і сорак начэй.

 

Разьдзел 25

 

1 І вось што сказаў Госпад Майсею:

2 «Скажы сынам Ізраэля, каб сабралі для Мяне дары; ад кожнага чалавека прыйміце, каторы складае дар дабравольна.

3 Вось тыя рэчы, каторыя маеце прыняць: золата, серабро і медзь,

4 пурпур фіялетавы і чырвоны, кармазын, вісон, казіную воўну,

5 скуры бараноў фарбаваныя на чырвона ды скуры з дэльфінаў, поруч дрэва акацыяў,

6 алей да сьвечнікаў, пахнідлы для вырабу алею намашчэньня і пахкіх кадзілаў,

7 камяні оніксу і камяні брылянты для аздабленьня эфоду і нагрудніку.

8 І хай зробяць Мне сьвятыню, і Я буду жыць паміж іх.

9 Зробіце ўсё на падобнасьць скініі, каторую Я пакажу табе, таксама ўвесь посуд для служэньня. Усё так і зробіце.

10 І зробіце каўчэг з дрэва акацыі. Даўжыня яго - два локці з паловаю, шырыня - паўтары локці, а вышыня - паўтары локці.

11 І пакрыеш яго шчырым золатам з вонку і з нутра, і зробіш на ім кругом залаты вянок.

12 І выльеш да яго чатыры залатыя колцы і ўмацуеш на чатырох ніжніх вуглах ягоных: два колцы на адным яго баку, і два колцы на другім.

13 І зробіш з дрэва акацыі насілы, і пацягнеш іх золатам.

14 І ўложыш (насілы) ў колцы па баках каўчэга, каб насіць яго.

15 Насілы будуць заставацца ў колцах каўчэга і ня будуць зь іх вымацца.

16 І ўложыш у каўчэг Сьведчаньне, якое Я дам табе.

17 І зробіш накрыўку з найчысьцейшага золата: даўжыня яе - два з паловай локці, а шырыня - паўтары локці.

18 З абодвух бакоў накрыўкі выкуеш з золата і паставіш двух хэрубімаў,

19 аднаго хэрубіма з аднаго боку, а другога - з другога; разам з накрыўкай зробіш іх на абодвух баках яе.

20 Хай (хэрубімы) узнімаюць крылы ўгору і закрываюць сваімі крыламі накрыўку; а твары будуць мець зьвернутыя адзін да аднаго, і твары будуць зьвернутыя да накрыўкі,

21 якою павінен закрывацца каўчэг, у каторы паложыш Сьведчаньне, якое Я дам табе.

22 І буду Я сустракацца там з табою, і з-над накрыўкі, спаміж хэрубімаў, каторыя па-над Каўчэгам Сьведчаньня, буду гаварыць з табою пра ўсё, што загадаю празь цябе сынам Ізраэля.

23 І зробіш таксама стол з дрэва акацыі, маючы два локці даўжыні, і локаць шырыні, і паўтары локці вышыні.

24 І пакрыеш яго найчысьцейшым золатам, і зробіш навокал залаты вянок.

25 І абвядзеш кругом ліштвай на чатыры пальцы шырока, і зробіш залаты вянок навокал.

26 І зробіш чатыры залатыя колцы для яго, і ўмацуеш кольцы на чатырох вуглах ля чатырох ножак ягоных.

27 Пры ліштвах павінны быць колцы, каб укладаць насілы і насіць стол.

28 А насілы зробіш з дрэва акацыі і пацягнеш іх чыстым золатам, і будуць насіць на іх гэты стол.

29 І прыгатуеш таксама для яго місы, чашы, збанкі і кубкі для складаньня ахвяраў вадкіх, і зробіш іх з чыстага золата.

30 І будзеш класьці на стол хлябы пакладныя перад абліччам Маім заўсёды.

31 Зробіш таксама сьвечнік з найчысьцейшага золата. Каваны мусіць быць сьвечнік разам з падставай і сьцяблом яго, чашачкамі, яблыкамі і кветкамі.

32 Шэсьць галінаў павінны выходзіць зь яго бакоў, тры галіны з адного яго боку, і тры галіны - з другога боку.

33 Тры чашачкі ў форме краскаў мігдалёвых зь яблыкамі і кветкамі на адной галіне, і тры чашачкі ў форме краскаў мігдалёвых - на другой галіне, зь яблыкамі і кветкамі, і так на ўсіх шасьці галінах, якія выходзяць са сьцябла.

34 А на сьцябле сьвечніка павінны быць чатыры чашачкі, падобныя да краскі мігдалёвай, зь яблыкамі і кветкамі.

35 У шасьці галінаў, выходзячых са сьцябла сьвечніка, яблык пад двума яго галінамі, і яблык пад другімі двума галінамі, і яблык пад трэцімі двума галінамі ягонымі, і на сьцябле чатыры чашачкі, падобныя да мігдалёвай краскі.

36 Яблыкі і галіны іх, і ён зь імі разам павінны быць выкаваныя з чыстага золата.

37 І зробіш да яго сем лямпаў, і паставіш на яго лямпы ягоныя, каб асьвятлялі пярэдні яго бок.

38 Да яго зробіш з чыстага золата шчыпцы і папяльнічкі.

39 З талента чыстага золата трэба зрабіць сьвечнік і ўсе прыналежнасьці да яго.

40 Глядзі, каб зрабіў паводле ўзору, які Я на гары паказаў табе.

 

Разьдзел 26

 

1 Скінію зробіш зь дзесяці палотнаў: з кручанага вісону, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну, з хэрубімамі, зробленымі мастацкай работаю.

2 Даўжыня кожнага палатна - дваццаць восем локцяў, а шырыня кожнага палатна - чатыры локці. Усе палотны павінны мець адну меру.

3 Пяць палотнаў будуць павязаныя адно з другім, падобна другія пяць палотнаў будуць павязаныя адно з другім.

4 І прышыеш пяцелькі зь фіялетавага пурпуру па берагах аднаго палатна, дзе павінна быць сьпята; і гэтаксама зробіш па берагах апошняга палатна, дзе павінна быць сьпята.

5 Пяцьдзесят пяцелек прышыеш да аднаго палатна і пяцьдзесят пяцелек прышыеш да другога палатна ў месцы, дзе маюць быць сьпятыя, так, каб пяцелькі былі прышытыя насупраць адна адной.

6 Затым прышыеш пяцьдзесят залатых кручкоў і зьвяжаш палотны пры дапамозе кручкоў тых, і скінія будзе адным цэлым.

7 Потым зробіш адзінаццаць пакрыцьцяў з казінай воўны на палатку над скініяй.

8 Даўжыня аднаго пакрыцьця будзе трыццаць локцяў, а шырыня - чатыры; усе адзінаццаць пакрыцьцяў будуць мець аднолькавыя памеры.

9 І палучыш пяць пакрыцьцяў асобна, а шэсьць пакрыцьцяў - асобна; і шостае пакрыцьцё зробіш падвойнае, яно мае вісець ля ўваходу ў скінію.

10 І зробіш пяцьдзесят пяцелек па краі апошняга пакрыцьця для сьпінаньня яго з другім, і пяцьдзесят пяцелек па краі другога пакрыцьця.

11 І зробіш пяцьдзесят кручкоў медных, і ўложыш кручкі ў пяцелькі, і злучыш іх, каб з усіх сталася адна палатка.

12 А што засталося з пакрыцьцяў палаткі, палова пакрыцьця, што застанецца, хай будзе зьвісаць на заднім баку скініі.

13 А што засталося ад даўжыні пакрыцьцяў палаткі, на локаць з аднаго і другога боку, хай будзе зьвісаць па баках скініі для прыкрыцьця яе.

14 Затым зробіш іншае пакрыцьцё на палатку з чырвоных бараніх скураў і яшчэ пакрыцьцё верхняе са скураў дэльфінаў.

15 І зробіш дошкі для скініі з дрэва акацыі, каб яны стаялі проста.

16 У даўжыню кожная дошка будзе мець дзесяць локцяў, а ў шырыню - паўтары локці.

17 Кожная дошка будзе мець два шыпы, асаджаныя адзін супраць другога. І так зробіш пры ўсіх дошках скініі.

18 Так зробіш дваццаць дошкаў для паўдзённага боку, што глядзіць на поўдзень.

19 І пад дваццаць дошкаў зробіш сорак серабараных падножак: дзьве падножкі пад адну дошку для яе шыпоў.

20 І зробіш дваццаць дошкаў для другога боку скініі, што глядзіць на поўнач,

21 і для іх сорак серабраных падножак; дзьве падножкі для двух шыпоў пад кожную дошку.

22 Для задняга боку скініі, на захад, зробіш шэсьць дошак.

23 І дзьве дошкі зробіш для вуглоў скініі на заходнім баку.

24 Яны павінны быць злучаныя ўнізе і злучаныя ўверсе адным колцам. Так мае быць зь імі абедзьвюма для абодвух вуглоў.

25 І так будзе восем дошкаў, і для іх серабраных падножак шаснаццаць, па дзьве падножкі пад кожную дошку.

26 І зробіш жэрдкі з дрэва акацыі, пяць для дошкаў аднога боку скініі,

27 і пяць для другога боку скініі, і пяць для дошкаў задняга боку скіні.

28 А сярэдняя жэрдка будзе праходзіць пасярэдзіне дошкаў ад аднаго канца да другога.

29 А дошкі пацягні золатам, і колцы на ўкладаньне жэрдак зрабі з золата, і жэрдкі пацягні золатам.

30 І паставіш скінію паводле ўзору, каторы паказаны табе на гары.

31 І зробіш заслону зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і з кручанага вісону, з хэрубімамі, выгафтаванымі мастацкай работаю.

32 І павесіш яе на чатырох слупках з акацыі, пацягнутых золатам, з залатымі кручкамі ды на чатырох серабраных падножках.

33 І павесіш заслону на кручках, і ўнясеш туды за заслону Каўчэг Сьведчаньня, і будзе заслона аддзяляць месца Сьвятое ад Найсьвяцейшага.

34 І паложыш накрыўку на Каўчэг Сьведчаньня ў месцы Найсьвяцейшым.

35 Паставіш перад заслонай стол, а насупраць стала на паўдзённым баку скініі - сьвечнік; стол жа паставіш на паўночным баку.

36 І зробіш заслону над уваходам у скінію зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і кручанага вісону, шматколерна вышываную.

37 І зробіш для заслоны пяць слупкоў з дрэва акацыі, пацягнуўшы іх золатам, кручкі да іх таксама залатыя, і адлі да іх пяць падножак медзяны.

 

Разьдзел 27

 

1 І зробіш ахвярнік з дрэва акацыі, які будзе мець пяць локцяў даўжыні і пяць локцяў шырыні, значыць квадратны, і тры локці вышыні.

2 І зробіш рогі на чатырох вуглах яго так, каб рогі выставалі зь яго ўверх, і пацягнеш яго медзьдзю.

3 І зробіш папяльніцы на высыпаньне ў іх попелу, таксама лапаткі, крапільніцы, вілкі і кадзільніцы; усе прыналежнасьці зробіш зь медзі.

4 Зь медзі зробіш да яго крату ў форме сеткі, а на чатырох вуглах - колцы зь медзі.

5 І ўмацуеш крату зьнізу пад краем ахвярніка так, каб сетка даставала да паловы ахвярніка.

6 І зробіш насілы да ахвярніка з дрэва акацыі ды пацягнеш іх медзьдзю,

7 і ўкладзеш насілы ў колцы, і будуць насілы з абодвух бакоў ахвярніка, калі будуць яго пераносіць.

8 І зробіш яго з дошкаў так, каб быў пусты ўнутры. Як паказана табе на гары, хай так зробяць.

9 І зробіш панадворак скініі. На яго паўдзённым баку заслоны будуць з кручанага вісону, даўжынёй у сто локцяў з аднаго боку.

10 А да таго дваццаць слупкоў і дваццаць падножкаў зь медзі, поруч кручкі на слупках і зьвязы на іх зь серабра.

11 Таксама на паўночным баку будуць заслоны ў сто локцяў даўжыні; і слупкоў для іх дваццаць, і падножак для іх дваццаць медзяных, поруч кручкі на слупках і зьвязы на іх зь серабра.

12 Ушыркі панадворку з заходняга боку будуць заслоны ў пяцьдзесят локцяў, і слупкоў для іх дзесяць, і падножкаў дзесяць.

13 У шырыню панадворак зь пярэдняга боку, што глядзіць на ўсход, - пяцьдзесят локцяў.

14 У адзін бок будуць заслоны ў пятнаццаць локцяў, а да таго тры слупкі і тры падножкі.

15 І заслоны з другога боку будуць у пятнаццаць локцяў, і слупкоў для іх тры, і падножкаў для іх тры.

16 А пры ўваходзе на панадворак - заслона ў дваццаць локцяў зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону, шматколерна вышываная, а да таго чатыры слупкі і чатыры падножкі.

17 Усе слупкі кругом панадворку павінны быць заагледжаныя ў серабраныя зьвязы, і кручкі зь серабра будуць, а падножкі - зь медзі.

18 Даўжыня панадворку будзе сто локцяў, шырыня - пяцьдзесят, а вышыня - пяць локцяў; (усё будзе) з кручанага вісону і будзе мець медзяныя падножкі.

19 Усе прыналежнасьці скініі для ўсякага ўжытку ў ёй, усе яе калкі і калкі панадворку будуць зь медзі.

20 І загадаеш сынам Ізраэля, каб прынесьлі ў сьвечнік алей чысты, выціснуты з алівак, каб гарэла сьвятло ва ўсякі час

21 у Палатцы Сустрэчы на вонкі заслоны, каторая перад Сьведчаньнем. І будзе запальваць яго Аарон і сыны ягоныя, каб ад вечара да раніцы гарэў перад воблікам Госпадавым. Гэта закон вечны на ўсе пакаленьні сыноў Ізраэл.

 

Разьдзел 28

 

1 Ты вось вазьмі да сябе брата свайго Аарона з сынамі ягонымі спаміж сыноў Ізраэля, каб служылі Мне сьвятарамі: Аарона, Надаба, Абігу, Элеазара і Ітамара.

2 І справіш адзеньне сьвятое Аарону, брату свайму, на славу і на аздабленьне.

3 Пагавары з усімі мудрымі сэрцам, каторых надзяліў Я духам мудрасьці, каб справілі шаты Аарону для пасьвячэння яго, і ён будзе служыць Мне.

4 Такія вось маюць быць шаты, каторыя зробяць: нагруднік і эфод, верхняя шата, шата вышываная, кідар і пояс. Хай зробяць сьвятыя шаты брату твайму Аарону і сынам яго, каб служылі яны Мне сьвятарамі.

5 Хай яны возьмуць золата, фіялетавы і чырвоны пурпур, кармазын і вісон.

6 І хай зробяць эфод з золата, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і з кручанага вісону мастацкай работаю.

7 І будзе ён мець два нараменьнікі, злучаныя з сабою на абодвух найвышшых канцах.

8 А пояс эфоду, каторы паўзьверх яго, павінен быць аднолькавай зь ім работы з чыстага золата, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону.

9 І возьмеш два камяні оніксу, і выражаш на іх імёны сыноў Ізраэля,

10 шэсьць імёнаў іх на адным камені і шэсьць імёнаў іншых на другім камені па чарзе нараджэньня іх.

11 Як разьбяр на камені выразае пячатку, так і ты на абодвух камянях выражаш імёны сыноў Ізраэлявых і асадзіш іх у залатыя аправы.

12 І два гэтыя камяні памясьці на абодвух нараменьніках эфоду. Гэта камяні на памяць сынам Ізраэля. Вось жа Аарон будзе насіць імёны іх перад Госпадам на абодвух рамёнах сваіх на памяць.

13 А аправы зробіш з золата,

14 таксама два ланцужкі з чыстага золата, як кручаныя шнуркі, і прычэпіш іх да аправаў.

15 І зробіш нагруднік судовы мастацкаю работай у такі самы спосаб, як эфод, з золата, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, карамзыну і кручанага вісону.

16 Будзе ён квадратны і падвойны, а даўжыня яго і шырыня будзе ў адну пядзь.

17 Памясьці на ім чатыры рады дарагіх каменьняў: у першым радзе - рубін, тапаз і шмарагд,

18 у другім радзе - гранат, шафір і бэрыль,

19 у трэцім радзе - яхонт, агат і амэтыст,

20 у чацьвёртым радзе - хрызаліт, онікс і ясьпіс. Будуць асаджаны яны ў залатых аправах у адпаведных радах.

21 Каменьні гэтыя атрымаюць імёны сыноў Ізраэля: будзе іх дванаццаць паводле іх імёнаў і будуць яны рэзаны на ўзор пячаткі, кожны са сваім імем паводле дванаццаці пакаленьняў.

22 Да нагрудніка зробіш ланцужкі кручаныя, як шнуркі, з чыстага золата.

23 І зробіш да нагрудніка два залатыя пярсьцені, і прыправіш абодвы гэтыя пярсьцені на верхніх канцах нагрудніка.

24 Два залатыя ланцужкі працягнеш праз абодва пярсьцені на абодвух канцах нагрудніка.

25 Іншыя ж два канцы абодвух ланцужкоў прышыеш да двух аправаў, якія прымацуеш да нараменьнікаў эфоду сьпераду.

26 Пасьля зробіш яшчэ два іншыя пярсьцені і прымацуеш да двух ніжніх канцоў нагрудніка па беразе яго на ўнутраным баку, зьвернутым да эфоду.

27 Затым зробіш яшчэ два залатыя пярсьцені і прышыеш да двух нараменьнікаў эфоду на зьнешнім баку ўнізе, у месцы сьпяцьця эфоду з поясам.

28 Потым зьвяжаш пярсьцені нагрудніка з пярсьценямі эфоду шнурком зь фіялетавага пурпуру так, каб нагруднік ляжаў на поясе эфоду і ня мог перасунуцца са свайго месца на эфодзе.

29 Такім чынам Аарон будзе насіць імёны сыноў Ізраэля, выпісаныя на нагрудніку судовым, на сваім сэрцы, калі будзе ўваходзіць у сьвятыню, каб заўсёды меў іх у памяці перад Госпадам.

30 У нагруднік судовы ўлажы Урым і Тумім, каторыя будуць на сэрцы Аарона, калі ён будзе станавіцца перад воблікам Госпада. І так будзе насіць Аарон на сэрцы сваім суд для сыноў Ізраэля перад воблікам Госпада заўсёды.

31 І зробіш верхнюю шату пад эфод, усю зь фіялетавага пурпуру.

32 І будзе мець яна ў сярэдзіне адтуліну на галаву і абшыўку вакол адтуліны тканую, падобную як пры адтуліне панцыра, каб не разьдзёрлася.

33 На яе краях унізе па колу прышыеш яблыкі гранату зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну, і званочкі залатыя кругом паміж іх.

34 Званок залаты і яблык гранату будуць на перамену вакол ніжняга крыса шаты.

35 І будзе адзявацца ў яе Аарон у час спаўненьня служеньня, каб чуўся гук, калі будзе ўваходзіць у Сьвятыню перад аблічча Госпада і выходзіць, і не памрэ.

36 І зробіш дыядэму з чыстага золата, на якой выражаш, як выразана на пячатцы: «Сьвятое Госпада».

37 І прывяжаш яе шнуром зь фіялетавага пурпуру, каб была яна на пярэднім баку кідара.

38 І будзе яна на чале Аарона, бо Аарон панясе на сабе правіны, дапушчаныя ў сьвятых рэчах, калі будуць складаць сыны Ізраэля ахвяры і дары свае. І будзе дыядэма заўсёды на яго чале для атрыманьня яму ласкі перад Госпадам.

39 І вытчы шату зь вісону, і кідар зь вісону, і пояс, штучна вышываны.

40 А сынам Аарона зробіш шаты ільняныя і паясы, і мітры на славу і на аздабленьне.

41 І адзенеш у іх брата свайго Аарона і сыноў яго разам зь ім, і памажаш іх, і напоўніш рукі іхнія, і пасьвяціш іх, і яны будуць Мне сьвятарамі.

42 І зробіш ім споднія порткі, каб хавалі голасьць цела ад сьцёгнаў аж да лытак.

43 І будуць карыстацца імі Аарон і сыны ягоныя, калі будуць уваходзіць у Палатку Сустрэчы або калі будуць прыступаць да ахвярніка, каб служыць у Сьвятыні, каб дзеля грэшнасьці не паўміралі. Гэта пастанова вечная будзе для Аарона і патомства ягонага па ім.

 

Разьдзел 29

 

1 Так будзеш пасьвячаць іх на сьвятароў Мне: вазьмі аднаго бычка і двух бараноў без заганы,

2 і хлябы няквашаныя, і праснакі, запраўленыя алеем, і бондачкі прэсныя, памазаныя алеем. Сьпячэш іх з найчысьцейшай мукі пшанічнай.

3 І, палажыўшы гэта ў кош, складзеш у ахвяру, таксама бычка і двух бараноў.

4 А Аарона і сыноў яго прывядзеш да ўваходу ў Палатку Сустрэчы і абмыеш іх вадою.

5 Потым адзенеш Аарона ў ягоныя шаты, значыць, у споднюю шату, шату пад эфод, нагруднік, і прымацуеш яго поясам эфоду.

6 А ўсклаўшы яму кідар на галаву, памесьціш сьвятую дыядэму на кідары.

7 Пасьля возьмеш алей памазаньня і выльеш яго на галаву яму, і памажаш яго.

8 І прывядзеш таксама сыноў, і адзенеш іх у шаты льняныя, і падпярэжаш поясам,

9 і наложыш на іх мітры, і будуць яны Мне сьвятарамі па закону на вякі. І напоўніш рукі Аарона і сыноў яго.

10 Потым прывядзеш бычка перад Палатку Сустрэчы, і Аарон і сыны яго паложаць рукі на галаву бычка.

11 І заб'еш яго перад Госпадам пры ўваходзе ў Палатку Сустрэчы.

12 І, узяўшы крыху крыві таго бычка, памажаш пальцам рагі ахвярніка, а астатак крыві выльеш ў падставы ахвярніка.

13 А пазьбіраўшы тлустасьць, пакрываючую нутро, і сальнік, каторы на вантробе, і абедзьве ныркі, і тлушч на іх, спаліш гэта на ахвярніку.

14 А мяса бычка і яго скуру, і нячыстасьць спаліш ў агні па-за табарам. Гэта вось ахвяра за грэх.

15 Возьмеш потым аднаго барана, і Аарон і сыны яго паложаць рукі на галаву таго барана.

16 І заб'еш таго барана, і, узяўшы крыху крыві ягонай, пакрапіш кругом ахвярнік.

17 І падзеліш барана на часткі, і, абмыўшы нутро яго і ногі, паложыш іх на іншых яго частках і на галаве.

18 І спаліш усяго таго барана на ахвярніку. Гэта ахвяра цэлапаленьня Госпаду, мілы пах, ахвяра, спальваная для Госпада.

19 А потым возьмеш другога барана, і Аарон і яго сыны ўзложаць рукі на галаву таго барана.

20 І заб'еш барана, і ўзяўшы крыху яго крыві, памажаш ёю верх правага вуха Аарона і верх правага вуха яго сыноў, і вялікія пальцы правай іх рукі і нагі, і пакрапіш крывёй кругом ахвярніку.

21 І возьмеш крыху крыві, каторая на ахвярніку, і алею да памазаньня, і пакрапіш Аарона і шаты ягоныя, і сыноў яго, і шаты іхнія, каб быў ён пасьвячаны разам з сваімі шатамі, а зь ім таксама сыны яго і шаты сыноў яго.

22 І возьмеш тлушч барана, і хвост, і тлустасьць, пакрываючую нутро, і сальнік, каторы на вантробе, і абедзьве ныркі і тлушч, каторы на іх, і правае плячо, бо гэта баран пасьвячэньня,

23 а таксама бохан хлеба і бондачку на алеі, і сухарык з каша праснакоў, каторыя перад Госпадам.

24 І ўсё гэта паложыш на далоні Аарона і на далоні яго сыноў, каб трэсьці іх перад Госпадам.

25 І возьмеш гэта потым зь іхніх рук, і спаліш на ахвярніку як цэлапаленьне на мілы пах на віду Госпада. Гэта ахвяра агнявая для Госпада.

26 І возьмеш грудзь барана, ахвяраванага на пасьвячэньне Аарона, і патрасеш яе перад Госпадам, і прыпадзе ён табе як частка твая.

27 І пасьвяціш грудзь патрасаную і плячо падыманае з барана, што быў на пасьвячэньне Аарона і сыноў яго.

28 Мае гэта належаць як частка Аарону і сынам яго ад сыноў Ізраэля як закон вечны. Гэта вось дар сыноў Ізраэля зь іхніх ахвяраў прымірэньня, іхні дар Госпаду.

29 А шаты сьвятыя Аарона будуць па ім аддадзены сынам яго, і будуць яны ў іх ўбраныя, калі будуць памазаныя і пасьвячаныя.

30 Сем дзён будзе ў іх адзявацца той зь яго сыноў, каторы па ім стане сьвятаром, і будзе ўваходзіць да Палаткі Сустрэчы, каб спраўляць служэньне ў сьвятыні.

31 Возьмеш таксама барана, ахвяраванага пры пасвячэньні і пасьвячанага ў ахвяру, і зварыш яго мяса ў месцы Сьвятым,

32 і будуць есьці Аарон і яго сыны мяса барана і хлеб, каторы ў кашы, ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы.

33 І будуць есьці тое, што было перамаленьнем за іх, каб іх пасьвяціць і аддзяліць як сьвятых. Але ніхто з чужых ня будзе есьці яго, бо гэта рэч сьвятая.

34 А калі засталося нешта зь мяса (ахвяры) пасьвячэньня або з хлеба да раніцы, тады трэба гэта спаліць у агні, і нельга гэтага есьці, бо гэта рэч сьвятая.

35 З Ааронам і сынамі яго ўчыні так ва ўсім, як Я табе загадаў; сем дзён будзе працягвацца пасьвячэньне.

36 І бычка складзеш у ахвяру за грэх кожны дзень на перамаленьне, і ачысьціш ахвярнік гэтаю ахвярай за грэх, і памажаш яго, каб яго ўсьвяціць.

37 Сем дзён ачышчай ахвярнік і асьвячай яго, і станецца ён сьвятыняй вялікай; усё, што дакранецца да ахвярніка, стане сьвятым.

38 І гэта будзеш рабіць на ахвярніку: два гадавыя баранчыкі будзеш ахвяроўваць штодзень і пастаянна.

39 Аднаго баранчыка ахвяруеш нараніцы, а другога баранчыка ахвяруеш вечарам.

40 Да першага баранчыка дадасі дзесятую частку эфы найчысьцейшай мукі, запраўленай чацьвёртаю часткаю гіну выціснутага алею, а як вадкую ахвяру складзеш віно ў колькасьці чацьвёртай часткі гіну.

41 А другога баранчыка ахвяруеш вечарам з такой самай ахвярай зь ежы і такой самай ахвярай з вадкасьці як на раніцы, як мілы пах, ахвяру агнявую для Госпада.

42 Гэта будзе безупыннае цэлапаленьне, складанае ў пакаленьні вашыя ля ўваходу да Палаткі Сустрэчы перад Госпадам, дзе Я буду сустракацца з вамі, каб гаварыць з табою.

43 Там буду сустракацца з сынамі Ізраэля, і гэта месца будзе асьвечанае Маёй хвалаю.

44 І Я асьвячу Палатку Сустрэчы і ахвярнік, асьвячу Аарона і сыноў яго, каб служылі Мне сьвятарамі.

45 І буду пражываць між сыноў Ізраэля, і буду ім Богам.

46 І пазнаюць яны, што Я - Госпад, Бог іхні, Каторы вывеў іх зь зямлі Эгіпецкай, каб заставацца паміж іх. Я - Госпад, Бог іх.

 

Разьдзел 30

 

1 І зробіш таксама ахвярнік з дрэва акацыі для каджэньня.

2 Яго даўжыня - локаць, і шырыня - локаць, ён мае быць квадратны, а вышыня яго - два локці. Зь яго павінны выходзіць рагі.

3 І пацягнеш яго чыстым золатам, як верх ягоны, так і сьцены кругом, і рагі. І зробіш на ім залаты вянок кругом.

4 Пад вянком, па двух вуглах яго, зробіш два колцы з чыстага золата; зробіш іх з двух бакоў яго; і будуць яны для ўкладаньня двух насілаў, каб насіць яго на іх.

5 А насілы гэтыя зробіш з дрэва акацыі і пацягнеш іх золатам.

6 І паставіш ахвярнік перад заслонай, каторая вісіць перад Каўчэгам Сьведчаньня, перад накрыўкай, каторая над Сьведчаньнем, дзе Я буду з табой сустракацца.

7 Кожнае раніцы будзе на ім Аарон паліціь пахкае кадзіла, калі будзе прыгатаўляць лямпы на асьвятленьне.

8 І калі Аарон запаліць вечарам лямпы, паліць таксама кадзіла, каторае будзе безупынна спальвацца паред Госпадам усімі пакаленьнямі вашымі.

9 Не ахвяроўвайце на ім ніякага іншага кадзіла, і не складайце на ім цэлапаленьня, ані ахвяраў хлебных, ані ахвяраў вадкіх.

10 Раз у год Аарон і павінен ачышчаць яго (ахвярніка) крывёй ахвяры, каторая будзе складацца за грэх. Раз у год павінен ён на ім ачышчаць пакаленьні вашыя. Гэта сьвятое зь сьвятых для Госпада».

11 І сказаў Госпад Майсею:

12 «Калі будзеш лічыць сыноў Ізраэля, кожны няхай складзе выкуп за жыцьцё сваё Госпаду, каб ня спала кара на іх, калі будуць перапісвацца.

13 Гэта вось павінен даць кожны, хто падпадае пад сьпіс: паўсыкля паводле вагі сьвятыні, а сыкаль мае дваццаць гераў, паўсыкля на ахвяру Госпаду.

14 Кожны, падпадаючы пад сьпіс з сыноў Ізраэля, маючы дваццаць і болей гадоў, мае скласьці ахвяру Госпаду.

15 Багаты ня будзе дадаваць, а ўбогі зьмяншаць вагі паўсыкля, каб скласьці ахвяру Госпаду на перамаленьне за сваё жыцьцё.

16 І ўзяўшы гэтыя грошы выкупу ад сыноў Ізраэля, дасі іх на абслугу ў Палатцы Сустрэчы, каб былі памяцьцю сынам Ізраэля перад Госпадам і ўміласьціленьнем за душы іхнія».

17 І сказаў Госпад Майсею:

18 «Зробіш медзяны ўмывальнік для абмываньня з падставай медзяныя і памясьці яго між Палаткай Сустрэчы і ахвярнікам, і нальеш у яго вады.

19 Аарон і сыны яго будуць абмываць у ім рукі і ногі свае.

20 Перш, чым увойдуць яны ў Палатку Сустрэчы, маюць абмыцца ў вадзе, каб не памерлі. Таксама калі будуць прыступацца да ахвярніка для служэньня і каб складаць ахвяру агнявую Госпаду,

21 мусяць абмыць рукі і ногі, каб не памерлі. І будзе гэта пастановай вечнай яму і патомству яго на ўсе часы».

22 І сказаў Госпад Майсею:

23 «Вазьмі сабе найлепшых пахнідлаў, адборнай міры пяцьсот сыкляў; палову толькі, значыць, дзьвесьце пяцьдзесят сыкляў, пахкага цынамону; таксама дзьвесьце пяцьдзесят сыкляў пахкага трысьнёгу,

24 на астатак пяцьсот сыкляў касіі паводле вагі сьвятыні, і адзін гін алею з алівак.

25 І зробіш з гэтага сьвяты алей для памазаньня. Гэта будзе пахкая масьць, зробленая так, як робяць знаўцы масьцяў. Будзе гэта сьвяты алей для памазаньня.

26 І памажаш ім Палатку Сустрэчы і Каўчэг Сьведчаньня,

27 і стол, і ўвесь посуд, таксама сьвечнік з усімі прыналежнасьцямі, ахвярнік каджэньня

28 і ахвярнік цэлапаленьня з усім тым, што да яго належыць, умывальнік і яго падставу,

29 І калі асьвяціш усё, стануцца яны сьвятымі зь сьвятых; кожны, хто дакранецца іх, асьвяціцца.

30 Памажаш таксама Аарона і сыноў ягоных, і пасьвяціш іх, каб служылі Мне сьвятарамі.

31 А сынам Ізраэля скажаш так: «Гэты сьвяты алей для памазаньня будзе Маім у пакаленьнях вашых.

32 Цела чалавека не памазвайце ім і не рабіце іншага саставу, апрача гэтага, бо ён сьвяты і сьвятым будзе для вас.

33 А чалавек, каторы саставіў бы такі алей і памазаў бы ім чужынца, мае быць выключаны са свайго народу».

34 І сказаў Госпад Майсею: «Вазьмі сабе пахнідлы: пахкую жывіцу, оныху, пахкі гальбан ды чыстае кадзіла, і хай будуць яны ў роўнай колькасьці.

35 І, зьмяшаўшы, зробіш зь іх пахкае кадзіла спосабам знаўцы, сьцёртае, чыстае і сьвятое.

36 І сатрэш на парашок яго часткі і пакладзеш перад Сьведчаньнем у Палатцы Сустрэчы, дзе Я буду сустракацца з табой, і будзе гэтае кадзіла для вас сьвятое зь сьвятых.

37 Не рабіце кадзіла такога саставу на свой ужытак, бо гэтае (кадзіла) будзе табе сьвятое перад Госпадам.

38 Калі б хто зрабіў сабе падобнае, каб яго пахам захапляцца, той мае быць выключаны са свайго народу».

 

Разьдзел 31

 

1 І сказаў Госпад Майсею:

2 «Вось выбраў Я Бэцалеэля, сына Урыі, сына Гура з пакаленьня Юды,

3 і напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю, і розумам, і ўмеласьцю ва ўсякай працы,

4 здольнасьцю ў вырабах з золата, серабра і медзі,

5 і ў разьбе, і ва ўкладаньні каштоўных каменьняў, у разьбе з дрэва для выкананьня розных рэчаў.

6 І даю яму супрацоўніка Агаліяба, сына Ахісамаха з пакаленьня Дана, і ў сэрца кожнага ўмельца ўлажыў Я мудрасьць, каб выканалі яны ўсё, што Я загадаў табе:

7 Палатку Сустрэчы, Каўчэг Сведчаньня, накрыўку, каторая на ім, і ўсе прыналежнасьці палаткі,

8 і стол, і ўсё яго начыньне, сьвечнік з найчысьцейшага золата і ўсе прылады, належачыя да яго, ахвярнік каджэньня,

9 ахвярнік цэлапаленьня і ўсе яго прыналежнасьці, умывальнік і яго падставу,

10 шаты тканыя і сьвятыя шаты для Аарона сьвятара, і шаты для сыноў яго, каб спаўнялі служэньне сьвятарскае,

11 і алей для памазаньня, і пахкае кадзіла для сьвятыні. Усё, што табе загадаў, хай зробяць».

12 І зноў сказаў Госпад Майсею:

13 «Скажы сынам Ізраэля і паведамі ім: Глядзіце, каб вы захоўвалі суботу Маю, бо гэта знак паміж Мною і вамі для ўсіх пакаленьняў вашых, каб па гэтым можна было пазнаць, што Я - Госпад, Каторы асьвячае вас.

14 Дык беражыце суботу, бо яна сьвятая для вас. Хто спаганіў бы яе, будзе сьмерцяй пакараны. Хто працаваў бы ў суботу, то хай будзе зьнішчана душа яго спасярод народу свайго.

15 Шэсьць дзён будзеце выконваць працу сваю, а сёмы дзень - субота, сьвяты адпачынак для Госпада; кожны, хто будзе працаваць у той дзень, будзе пакараны сьмерцяй.

16 Хай берагуць сыны Ізраэля суботу і сьвяткуюць яе з пакаленьня ў пакаленьне сваё. Гэта запавет вечны,

17 паміж Мною і сынамі Ізраэля знак вечны; шэсьць бо дзён тварыў Госпад неба і зямлю, а ў сёмы дзень спыніў працу і супачыў».

18 Па спыненьні гэтае размовы на гары Сынай даў Госпад Майсею дзьве каменныя табліцы Сьведчаньня, напісаныя пальцам Божым.

 

Разьдзел 32

 

1 А народ, бачучы, што Майсей доўга не вяртаецца з гары, сабраўся да Аарона і сказаў яму: «Устань і зрабі нам бога, каторы ішоў бы перад намі, бо ня ведаем, што сталася з Майсеем, з чалавекам, каторы вывеў нас зь зямлі Эгіпецкай».

2 Аарон сказаў ім: «Павымайце залатыя завушніцы, каторыя ў вушах жонак вашых, сыноў вашых і дачок, і прынясіце іх мне».

3 І ўвесь народ зрабіў, як загадаў ён, і зьнёс завушніцы да Аарона.

4 Калі ён гэта атрымаў, загадаў іх стапіць і зрабіць зь іх выяву цяляці, вытапленага з мэталю. А яны сказалі: «Гэта бог твой, Ізраэлю, які вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай!»

5 Калі ўбачыў гэта Аарон, пабудаваў ахвярнік перад ім і абвясьціў у голас: «Заўтра - урачыстасьць Госпада».

6 І, устаўшы на другі дзень рана, склалі яны ахвяру цэлапаленьня і ахвяры прымірэньня, і засеў народ есьці, і піць, і весяліцца.

7 Тады сказаў Госпад Майсею: «Зыйдзі ўніз, бо спракудзіўся народ твой, каторы вывеў ты зь зямлі Эгіпецкай.

8 Завярнулі хутка з дарогі, каторую Я ім паказаў, і вылілі сабе цялё з мэталю і пакланіліся яму, і склалі яму ахвяры, кажучы: «Гэта бог твой, Ізраэлю, які вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай»«.

9 І дадаў Госпад, і сказаў Майсею: «Бачу, што народ гэты цьвёрдага карку.

10 Дык пакінь Мяне, каб разгарэўся гнеў Мой супраць іх і каб Я зьнішчыў іх, а зь цябе Я зраблю вялікі народ».

11 А Майсей стаў прасіць Госпада, Бога свайго, і сказаў: «Чаму, Госпадзе, узгарэўся гнеў Твой супраць народу Твайго, каторы вывеў Ты зь зямлі Эгіпецкай сілай вялікай ды рукою моцнаю?

12 Ня гневайся, малю, каб не казалі Эгіпцяне: «На гібель Ён вывеў іх, каб выгубіць іх на гарах і сьцерці зь зямлі». Хай спыніцца гнеў Твой, і будзь міласьцівы дзеля пераваротнасьці народу Твайго.

13 Памятай на Абрагама, Ізаака і Ізраэля, слугаў Тваіх, каторым запрысяг Ты на Самога Сябе, кажучы: «Размножу патомства вашае, як зоркі на небе, і ўсю гэтую зямлю, каторую абяцаў, дам патомству вашаму, і завалодаеце ёю назаўсёды»«.

14 І даўся ўпрасіць Госпад, каб не рабіць зло, як быў сказаўшы адносна народу Свайго.

15 І вярнуўся Майсей з гары, несучы ў руцэ сваёй дзьве табліцы Сьведчаньня, запісаныя з абодвух бакоў.

16 Яны былі творам Божым, таксама пісанае на табліцах было высечана Богам.

17 А Ешуа, чуючы гоман народу, які крычаў, сказаў Майсею: «Чуецца ў табары гармідар ваенны».

18 Майсей адказаў: «Гэта ня кліч пераможцаў, ані крык уцякаючых, але я чую голас сьпяваючых».

19 І калі Майсей наблізіўся да табару і ўбачыў цялё і хоры сьпевакоў, загневаўся надта, і выпусьціў табліцы з рук, і пабіў іх ля падножжа гары.

20 І схапіўшы цяля, каторага зрабілі, спаліў яго і сьцёр у пыл, які ўсыпаў у ваду, і даў яе піць сынам Ізраэля.

21 І сказаў Майсей Аарону: «Што зрабіў табе народ гэты, што ты ўзьвёў на яго вялікі грэх?»

22 Аарон адказаў: «Хай ня гневаецца гаспадар мой, ведаеш ты вось народ гэты, што ён скоры да зла.

23 Сказалі яны мне: «Зрабі нам бога, каторы ішоў бы перад намі, бо ня ведаем, што сталася з Майсеем, з тым чалавекам, каторы вывеў нас зь зямлі Эгіпецкай».

24 Тады сказаў я ім: «Хто мае золата, хай здыме зь сябе». І склалі мне яго. Дык я ўкінуў яго ў агонь, і так паўстала гэтае цялё».

25 І ўбачыў Майсей, што народ стаўся неакелзаным, бо Аарон папусьціў яму келзы на пасьмешышча ворагаў іхніх.

26 І стаў Майсей у браме табару, і закрычаў: «Хто за Госпада, да мяне!» Тады далучыліся да яго ўсе сыны Левія.

27 І сказаў ім: «Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: Хай кожны з вас прыпаяша меч да сьцягна свайго. І прайдзіце туды і назад ад брамы да брамы празь сярэдзіну табару, і хай забівае кожны брата, і сябра, і бліжняга свайго».

28 І сыны Левія зрабілі, як загадаў Майсей. І ў той дзень палегла з народу каля трох тысячаў чалавек.

29 І сказаў ім тады Майсей: «Пасьвяцілі вы сёньня рукі вашыя для Госпада, бо кожны з вас быў супраць брата і сына свайго, каб даў вам Госпад дабраславенства».

30 І назаўтра так прамовіў Майсей да народу: «Дапусьціліся вы вялікага грэху. Дык я пайду да Госпада, можа, змагу як перапрасіць Яго за вашае злачынства».

31 І вярнуўся Майсей да Госпада, і сказаў: «Народ гэты дапусьціўся вялікага грэху, бо зрабіў сабе бога з золата,

32 але Ты адпусьці ім гэтую правіну, або калі не, дык выкасуй і мяне з кнігі Тваёй, у каторую ўпісаў».

33 Госпад адказаў яму: «Толькі таго, хто саграшыў супраць Мяне, выкрасьлю Я з кнігі Маёй.

34 Ты ж ідзі і вядзі народ гэты туды, куды Я табе загадаў, і анёл Мой пойдзе перад табою; а Я ў дзень помсты пакараю гэты грэх іхні».

35 І пакараў Госпад народ за літае цялё, каторае зрабіў Аарон.

 

Разьдзел 33

 

1 І сказаў Госпад Майсею: «Ідзі і выйдзі адсюль з гэтага месца, ты і народ твой, каторы вывеў ты зь зямлі Эгіпецкай у зямлю, якую Я запрысяг Абрагаму, Ізааку і Якубу, кажучы ім: Я дам яе патомству твайму.

2 І Я пашлю перад табой анёла, і выганю Хананейцаў, Амарэйцаў, Гетытаў, Пэрэзеяў, Гівеяў і Ебусеяў.

3 І ўвойдзеш ты ў зямлю, ацякаючую малаком і мёдам, але Я Сам не пайду з табой, каб цябе ня выгубіць па дарозе, бо ты - народ цьвёрдага карку».

4 Народ, чуючы гэтыя строгія словы, адзеўся ў жалобу і не ўсклаў на сябе сваіх аздобаў.

5 Тады сказаў Госпад Майсею: «Скажы сынам Ізраэля: Вы - народ цьвёрдага карку, і каб Я хоць хвілінку пайшоў пасярод цябе, вынішчыў бы цябе. Дык адкінь аздабленьні свае, а Я пагляджу, што маю зрабіць з табою».

6 І зьнялі сыны Ізраэля зь сябе аздобы перад адыходам з-пад гары Гарэб.

7 А Майсей ўзяў і паставіў палатку сабе за табарам, і назваў яе Палаткаю Сустрэчы. І кожны, хто хацеў зьвярнуцца да Госпада, ішоў да Палаткі Сустрэчы, каторая была па-за табарам.

8 Колькі разоў Майсей ішоў да Палаткі, увесь народ уставаў ля ўваходу ў свае палаткі і глядзеў на Майсея, аж пакуль ён не ўваходзіў у Палатку.

9 Колькі ж разоў Майсей уваходзіў у Палатку, зыходзіў слуп воблачны і станавіўся ля ўваходу ў Палатку, і тады (Госпад) гаварыў з Майсеем.

10 А ўвесь народ бачыў, як слуп воблачны станавіўся ля ўваходу ў Палатку. І ўвесь народ падымаўся, і кожны пакланяўся ля ўваходу ў сваю палатку.

11 І гаварыў Госпад з Майсеем тварам у твар, як звычайна гаворыць чалавек зь сябрам сваім. Пасьля Майсей вяртаўся ў табар, а слуга ягоны, Ешуа, сын Нуна, юнак, не выходзіў з Палаткі.

12 І сказаў Майсей Госпаду: «Вось жа Ты загадваеш мне, каб я вывеў народ гэты, але ня выявіў мне, каго пашлеш са мною. Ты ж сказаў: «Ведаю цябе па іменьні, і знайшоў ты ласку ў Мяне».

13 Дык пакажы мне дарогу Тваю, каб я пазнаў Цябе і знайшоў спагаднасьць у вачах Тваіх. Ведай таксама, што народ гэты - гэта Твой народ».

14 Госпад сказаў: «Воблік Мой пойдзе, і Я дам табе супакой».

15 Майсей сказаў тады: «Калі Ты ня пойдзеш Сам з намі, то не выводзь нас з гэтага месца.

16 Па чым пазнаем я і народ Твой, што знайшлі мы ласку на віду Тваім, калі не па тым, што Ты пойдзеш з намі, каб я і народ Твой праславіліся перад усімі народамі, каторыя жывуць на зямлі?»

17 І сказаў Госпад Майсею: «Тое, пра што ты просіш, Я зраблю, таму што ты знайшоў ласку перад воблікам Маім і таму што Я ведаю цябе па іменьні».

18 І сказаў Майсей: «Пакажы мне хвалу Тваю».

19 (Госпад) адказаў: «Я пакажу табе ўсю Маю дабрыню і выяўлю перад табою імя Госпада; і пашкадую, каго захачу, і міласьцівы буду таму, хто будзе Мне падабацца».

20 І яшчэ сказаў: «Ня можаш бачыць вобліку Майго, бо ніводзін чалавек ня можа аглядаць Мяне і заставацца пры жыцьці».

21 І дадаў: «Вось жа месца каля Мяне, стань на скале;

22 калі будзе праходзіць хвала Мая, Я пастаўлю цябе ў шчыліне скалы і палажу правіцу Маю на цябе, аж пакуль перайду.

23 А калі прыму руку Маю, убачыш Мяне ззаду, але вобліку Майго табе не пакажу».

 

Разьдзел 34

 

1 І сказаў Госпад Майсею: «Вычашы сабе дзьве каменныя табліцы, падобныя папярэднім, а Я напішу на іх словы, каторыя мелі тыя табліцы, каторыя ты пабіў.

2 Будзь гатовы заўтра рана ўзыйсьці зараз жа на гару Сынай і стаць там перада Мною на вяршыні гары.

3 Ніхто ня можа ўзыходзіць з табою, і ніхто ня можа паказацца на ўсёй гары. Таксама авечкі і валы ня можна пасьвіць насупраць (гары)».

4 Дык Майсей вычасаў дзьве каменныя табліцы, як раней былі, і, падняўшыся рана, узыйшоў на гару Сынай, як яму загадаў Госпад, несучы з сабой табліцы.

5 І Госпад зыйшоў у воблаку, а ён (Майсей) стаў каля Яго і прызваў імя Госпада.

6 І калі Госпад праходзіў перад ім, ён клікаў Яго: «Госпадзе, Госпадзе Божа, міласэрны і спагадны, цярплівы і вельмі міласьцівы, і любячы праўду,

7 Каторы захоўваеш міласэрдзе на тысячы пакаленьняў і Каторы прабачаеш беззаконьні, і злачынствы, і грахі, але не без пакараньня, Каторы адгаджаеш няправасьць бацькоў на сынах і ўнуках аж да трэцяга і чацьвёртага пакаленьня».

8 І зараз жа Майсей упаў на зямлю і пакланіўся,

9 кажучы: «Калі я знаходжу ласку перад абліччам Тваім, Госпадзе, малю, пайдзі з намі. Народ, што праўда, цьвёрдага карку, але Ты прабач правіннасьці нашыя і грахі, і зрабі нас Сваёй спадчынай».

10 Адказаў Госпад: «Вось Я заключаю запавет перад усім народам тваім. Буду чыніць цуды, ніколі яшчэ ня бачаныя на ўсёй зямлі і ні ў якіх народаў, каб убачыў увесь народ, у якім ты пражываеш, дакон Госпадаў страшны, які Я чыню з табою.

11 Захавай усё, што Я табе загадваю сягоньня, а Я выганю перад табой Амарэйца, Хананейца, Гетыта, Пэрэзея, Гівея і Ебусея.

12 Сьцеражыся, каб з жыхарамі зямлі, у якую ўвойдзеш, ніколі не завязваў сяброўства, бо яны табе будуць на загубу;

13 але зьнішчыце іхнія ахвярнікі, і разьбіце каменьні і павысякайце сьвятыя гаі.

14 Не пакланяйся богу чужому, бо Зайздросны - імя Госпада, Ён - Бог зайздросны.

15 Не заключай угоды зь людзьмі гэтае зямлі, каб, калі будуць яны распусьнічаць са сваімі багамі і складаць ім ахвяры, не запрасіў цябе хто, і каб ты ня еў ахвяры іхнія.

16 Не бяры з дачок іхніх сынам сваім жонак, каб, калі яны будуць распусьнічаць з багамі сваімі, ня сталі з багамі іхнімі распусьнічаць і сыны твае.

17 Не рабі сабе багоў літых.

18 Сьвяткуй Урачыстасьць Праснакоў: сем дзён будзеш есьці прэснае, як Я загадаў табе, ў вызначаны час месяца Абіб, бо ў месяцы Абіб выйшаў ты з Эгіпту.

19 Усё мужчынскага роду, што разрывае ўлоньне, Мне належыцца; усё са статку твайго, як з валоў, так і з авечак, Маім будзе.

20 Першароднага асла выкупіш авечкай, а калі не заменіш, то скруці яму шыю. Усіх першародных сыноў сваіх выкупляй, і не прыходзь на від Мой з пустымі рукамі.

21 Шэсьць дзён будзеш працаваць, а ў дзень сёмы перастанеш нават араць і жаць.

22 Сьвяткуй Сьвята Тыдняў, сьвята Пяршынаў жніва пшаніцы, і сьвята Збораў у канцы года.

23 Тры разы ў год павінен кожны мужчына твой явіцца перад аблічча Ўсемагутнага Госпада, Бога Ізраэля.

24 Бо Я выганю народы ад цябе і пашыру твае межы, і ніхто ня будзе нападаць на зямлю тваю, калі тры разы ў год пойдзеш паказацца перад воблікам Госпада, Бога твайго.

25 Не ахвяроўвай крыві ахвяры Маёй з квашаным хлебам; і нічога не павінна заставацца на другі дзень з ахвяры пасхальнай.

26 Найлепшыя пяршыны зямлі тваёй прынясі ў дом Госпада, Бога твайго. Не вары казьлянё ў малаку маці ягонай».

27 І сказаў Госпад Майсею: «Запішы гэтыя словы сабе, бо ў гэтыя словы Я заключыў запавет з табою і зь Ізраэлем».

28 І быў (Майсей) у Госпада сорак дзён і сорак начэй, і ня еў хлеба ды ня піў вады, і напісаў на табліцах словы запавету, Дзесяць словаў.

29 Калі Майсей зыходзіў з гары Сынай з дзьвюма табліцамі Сьведчаньня ў руцэ, ня ведаў ён, што твар яго праменяваў дзеля размовы яго з Госпадам.

30 Калі Аарон і сыны Ізраэля ўбачылі здалёк, што твар Майсея праменяваў, баяліся прыступіцца да яго.

31 А калі Майсей паклікаў іх, прыйшлі да яго Аарон і ўсе князі грамады, і калі Майсей гаварыў зь імі,

32 прыйшлі да яго таксама ўсе сыны Ізраэля, каторым ён загадаў зрабіць усё, што чуў ад Госпада на гары Сынай.

33 Па заканчэньні размоваў зь імі залажыў ён засланку на твар свой,

34 каторую здымаў, калі ўзыходзіў да Госпада і гаварыў зь Ім, аж пакуль зыходзіў. І тады расказваў сынам Ізраэля ўсё, што яму было Госпадам загадана.

35 І сыны Ізраэля маглі бачыць твар Майсея, як праменявала скура вобліку яго, але Майсей закрываў зноў твар свой, пакуль не ўзыходзіў гаварыць зь Ім.

 

Разьдзел 35

 

1 І сабраў Майсей усю грамаду сыноў Ізраэля, і сказаў ім: «Вось што загадаў Госпад споўніць:

2 Шэсьць дзён будзеце працаваць, а сёмы дзень будзе вам сьвяты, субота і адпачынак для Госпада. Хто будзе працаваць у той дзень, будзе пакараны сьмерцю.

3 Не распальвайце агню ў дзень суботні ва ўсіх жытлах вашых».

4 І далей гаварыў Майсей усёй грамадзе сыноў Ізраэля: «Вось што загадаў Госпад, кажучы:

5 Выдзяліце ў сябе дары для Госпада. Кожны па шчырасьці хай зложыць дар для Госпада: золата, серабро і медзь,

6 фіялетавы пурпур і чырвоны, і кармазын, і вісон, поруч казіную воўну,

7 скуры бараноў, фарбаваныя на чырвона, і скуры дэльфінаў, а такжа дрэва акацыі,

8 алей у сьвечнікі, пахнілы на выраб алею памазаньня і пахкіх кадзілаў,

9 камяні оніксу і каштоўныя каменьні для аздобы эфоду і нагрудніка.

10 Хто з вас здольны, хай прыйдзе і робіць, што загадаў Госпад:

11 Скінію і палатку яе, і пакрыцьці, кручкі, дошкі з жэрдкамі, і падножкі іх;

12 Каўчэг і насілы, накрыўку і заслону, якая прыкрывае яе,

13 стол з насіламі і з усімі яго начыньнямі, поруч з хлебам пакладным;

14 сьвечнік на асьвячэньні з усімі яго прыналежнасьцямі, лямпы разам з алеем на асьвячэньне,

15 ахвярнік каджэньня з насіламі, алей для памазаньня, пахкае кадзіла і заслону на ўваход у скінію;

16 ахвярнік цэлапаленьня зь медзянымі кратамі, з насіламі і ўсімі яго прыналежнасьцямі, умывальнік зь яго падставаю;

17 заслоны на ўваход у панадворак зь вяроўкамі да іх;

18 калкі скініі і калкі панадворку зь вяроўкамі да іх;

19 шаты для паслугі ў сьвятыні, сьвятыя шаты для Аарона сьвятара, і для сыноў яго, каб служылі сьвятарамі».

20 Пасьля адыйшоў ад Майсея ўвесь сход сыноў Ізраэля,

21 і пайшоў кожны добрай волі, і прынёс ахвотна дары для Госпада на пабудову Палаткі Сустрэчы, і што трэба было для служэньня і шатаў сьвятых.

22 Мужчыны і жанчыны, усе дабравольна прыносілі колцы, завушніцы, пярсьцёнкі і нашыйнікі; і ўсякае начыньне з золата было выдзелена ў дар Госпаду.

23 А таксама фіялетавы і чырвоны пурпур, кармазын, вісон і казіную воўну, скуры баранаў, фарбаваныя на чырвона, і скуры дэльфінаў прыносілі ўсе, каторыя мелі іх у сябе.

24 Таксама серабро, і медзь, і дрэва акацыі на ўсякі ўжытак ахвяроўвалі Госпаду.

25 Таксама і жанчыны ўмелыя, якія пралі фіялетавы і чырвоны пурпур, кармазын і вісон,

26 і казіную воўну, дабравольна ўсе прыносілі.

27 А князі прыносілі каменьні оніксавыя і іншыя каштоўныя каменьні для аздабленьня эфоду і нагрудніку,

28 а па-за гэтым пахнідлы і алей ў свечнікі, і патрэбнае для вырабу алею памазаньня і пахкага кадзіла.

29 Усе сыны Ізраэля, мужчыны і жанчыны, каторых прынукала сэрца да складаньня дароў, патрэбных да выканання таго, што Госпад загадаў зрабіць за пасярэдніцтвам Майсея, прыносілі Госпаду дабравольна.

30 Тады Майсей прамовіў да сыноў Ізраэля: «Вось жа Госпад паклікаў імя Бэцалеэля, сына Урыі, сына Гура з пакаленьня Юды,

31 і напоўніў яго Духам Божым і мудрасьцю, і ўмеласьцю, і ведаю на ўсякую працу

32 для сплянаваньня і выкананьня работы ў золаце і серабры, і медзі,

33 поруч да рэзаньня і ўстаўляньня каштоўных камянёў і для апрацоўкі дрэва і выкананьня ўсякае мастацкае работы.

34 Даў яму таксама ўмеласьць сэрца вучыць другіх, яму самому і Агаліябу, сыну Ахісамаха з пакаленьня Дана.

35 І напоўніў Ён іх абодвух мудрасьцю, каб рабілі ўсякую работу мастацкую ткача і вышывальніка фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну, і вісону, і звычайнай тканіны, спаўняючы ўсякую работу і задумваючы такжа новыя рэчы.

 

Разьдзел 36

 

1 Дык Бэцалеэль і Агаліяб, і кожны здольны мужчына, каторых Госпад надзяліў мудрасьцю і ўмеласьцю, каб разумелі работу рамесьніка, хай выканаюць усё патрэбнае на пабудову сьвятыні і іншае, што загадаў Госпад».

2 І паклікаў Майсей Бэцалеэля і Агаліяба, і кожнага здольнага чалавека, якому Госпад даў мудрасьць, і ўсіх, каторыя ахвотна ахвяроўваліся да выкананьня гэтае працы.

3 Яны вось атрымалі ад Майсея ўсе дары, якія прынесьлі сыны Ізраэля на выкананьне работаў для служэньня ў сьвятыні. Пры тым штодзень на раніцы ахвяроўвалі новыя дары.

4 Дзеля таго сабраліся ўсе здольныя рамесьнікі, кожны ў сваім рамясьле, для пабудовы сьвятыні,

5 і сказалі Майсею: «Народ больш прыносіць, чым патрэбна для справы, якую Госпад загадаў выканаць».

6 Дык Майсей загадаў абвясьціць у табары ў голас: «Хай мужчыны і жанчыны не прыносяць болей на пабудову сьвятыні». Адсюль перасталі прыносіць дары,

7 таму што ўжо зложаных аж надта хапала.

8 І наймудрэйшыя сэрцам спаміж майстроў Скініі зрабілі дзесяць палотнаў з кручанага вісону і зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, і з кармазыну, з хэрубімамі, выгафтаванымі мастацкай работаю.

9 Даўжыня аднаго палатна двадцаць восем локцяў, а шырыня - чатыры локці; усе ж палотны мелі адну меру.

10 Пяць палотнаў былі злучаны адно з другім, падобна другіх пяць палотнаў былі злучаны паміж сабою.

11 І прышылі пяцелькі зь фіялетавага пурпуру па берагах аднаго палатна, дзе мае быць сьпята, таксама зроблена па берагах апошняга палатна, дзе павінна быць сьпята.

12 Пяцьдзесят пяцелек прышылі да аднаго палатна і пяцьдзесят пяцелек - да другога ў месцы, дзе мае быць сьпята, так што пяцелькі былі прышытыя адна насупраць другой.

13 Затым прышылі пяцьдзесят залатых кручкоў і зьвязалі палотны пры дапамозе гэтых кручкоў так, што Скінія тварыла адно цэлае.

14 Таксама зрабілі адзінаццаць пакрыцьцяў з казінае воўны на палатку над Скініяй.

15 Даўжыня аднаго пакрыцьця была трыццаць локцяў, а шырыня - чатыры локці, і гэтыя адзінаццаць пакрыцьцяў мелі аднолькавую меру.

16 І зьвязалі паміж сабой пяць пакрыцьцяў асобна, а шэсьць другіх - асобна.

17 І прышылі пяцьдзесят пяцелек па берагах аднаго пакрыцьця ў месцы, у каторым маюць быць сьцягнуты, і пяцьдзесят пяцелек па берагах другога пакрыцьця ў месцы, у каторым маюць быць сьцягнуты.

18 Затым прышылі пяцьдзесят медзяных кручкоў і такім чынам зьвязалі пакрыцьці Скініі, што яны ўтварылі адно цэлае.

19 Апрача таго зрабілі пакрыцьцё на палатку са скураў бараноў, пафарбаваных на чырвона, і, наастатак, пакрыцьцё на верх са скураў дэльфінаў.

20 І зрабілі дошкі Скініі з дрэва акацыі, і паставілі іх проста.

21 Даўжыня адной дошкі - дзесяць локцяў, а шырыня дошкі - паўтары локці.

22 Кожная дошка мела два шыпы, асаджаныя адзін насупраць другога; і так зроблена на ўсіх дошках Скініі.

23 І зроблена было на Скінію дваццаць дошак на паўднёвы бок, што глядзіць на поўдзень,

24 і сорак падножак серабраных, зробленых пад гэтыя дваццаць дошак, пад кожную дошку дзве падножкі на абодва шыпы.

25 А на другі бок, на паўночную сьцяну, зроблена таксама дваццаць дошак,

26 і да іх сорак падножак серабраных, па дзьве падножкі пад кожную дошку.

27 А на задні бок Скініі, на заходнюю сьцяну, зроблена шэсьць дошак.

28 Пры вуглах гэтае задняе сьцяны Скініі пастаўлена па дзьве дошкі.

29 Прыставалі яны шчыльна адна да другой і ўнізе і ўверсе былі шчыльна злучаны між сабою. Так зроблена з дошкамі на абодвух вуглах.

30 Такім чынам у задняй сьцяне Скініі было восем дошак, а падножкаў серабраных - шаснаццаць, значыць, па дзьве падножкі на кожную дошку.

31 І зрабілі таксама жэрдкі з дрэва акацыі для зьвязваньня дошкаў, пяць для аднаго боку Скініі,

32 і пяць жэрдак для дошкаў другога боку Скініі, і пяць жэрдак для задняй, значыць, заходняй сьцяны Скініі.

33 Жэрдку сярэднюю зроблена ў такі спосаб, што праходзіла яна ад аднаго канца да другога.

34 Дошкі пацягнуты золатам, і колцы, у каторыя ўкладаліся жэрдкі, зроблены з золата, і жэрдкі пацягнуты золатам.

35 Зроблена таксама заслону зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і кручанага вісону з хэрубімамі, выгафтаванымі мастацкаю работаю.

36 І павесілі заслону на чатырох слупках з дрэва акацыі, пацягнутых золатам. Кручкі да іх зроблена з золата, а чатыры падножкі зроблена зь серабра.

37 Зроблена таксама заслону ля ўваходу ў Скінію зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і кручанага вісону, шматколерна вышываную.

38 І зроблена да яе пяць слупкоў і кручкі, і пацягнута золатам іх вярхі і колцы, а падножкі да іх былі зь медзі.

 

Разьдзел 37

 

1 Потым Бэцалеэль зрабіў каўчэг з дрэва акацыі. Даўжыня яго - два локці з паловаю, а шырыня і вышыня - паўтары локці.

2 І пацягнуў ён яго чыстым золатам усярэдзіне і звонку, і зрабіў на ім вакол залаты вянок.

3 І адліў да яго чатыры залатыя колцы да чатырох вуглоў ягоных: два колцы да аднаго яго боку, а два колцы да другога яго боку.

4 З дрэва акацыі зрабіў таксама насілы і пацягнуў іх золатам,

5 і ў колцы на абодвух баках каўчэгу ўлажыў тыя насілы, каб насіць яго.

6 Таксама накрыўку зрабіў з чыстага золата; даўжыня яе два з паловаю локці, а шырыня яе - паўтары локці.

7 Выкуў таксама двух хэрубімаў з золата, і памясьціў іх на абодвух канцах накрыўкі:

8 аднаго хэрубіма на адным канцы, а другога хэрубіма на другім канцы накрыўкі. Хэрубімаў зрабіў разам з накрыўкай на абодвух яе баках.

9 Хэрубімы мелі крылы, узьнятыя ўгару, і закрывалі імі накрыўку, а твары мелі яны зьвернуты адзін да другога, і да накрыўкі твары хэрубімаў былі зьвернутыя.

10 І зрабіў стол з дрэва акацыі, у даўжыню - два локці, і ў шырыню - адзін локаць, а ў вышыню - паўтары локці,

11 і пацягнуў яго чыстым золатам, і зрабіў на ім вакол залаты вянок.

12 І зрабіў кругом ліштву на чатыры пальцы шырокую, і зрабіў таксама залаты вянок навокал гэтае ліштвы.

13 Адліў пасьля чатыры залатыя колцы і прымацаваў гэтыя колцы да чатырох вуглоў, дзе знаходзяцца чатыры яго нагі.

14 Каля ліштвы знаходзіліся колцы да ўкладаньня насілаў з дрэва акацыі, каб насіць стол.

15 .....

16 З чыстага золата зрабіў таксама посуд да стала, місы і чашы, збанкі і кубкі на складаньне ахвяраў вадкіх.

17 І зрабіў сьвечнік з чыстага золата, з таго самага золата выкуў гэты сьвечнік разам зь яго падставай і сьцяблом, чашачкамі яго, поруч яблыкамі і кветкамі.

18 Шэсьць галінаў выходзіла зь яго бакоў, тры галіны сьвечніка з аднаго яго боку і тры галіны сьвечніка з другога яго боку.

19 На адной галіне знаходзіліся тры чашачкі ў форме краскаў мігдалёвых зь яблыкамі і кветкамі, і тры чашачкі ў форме красак мігдалёвых на другой галіне зь яблыкамі і кветкамі. І так было на шасьці галінах, што выходзілі са сьцябла сьвечніка.

20 На сьцябле сьвечніка былі чатыры чашачкі ў форме красак мігдалёвых зь яблыкамі і кветкамі.

21 І адно яблыка было пад кожнымі дзьвюма выходзячымі зь яго галінкамі, і гэтак было пад шасьцёма галінамі, што выходзілі са сьцябла.

22 Гэтыя яблыкі і галіны былі адно са сьвечнікам і былі зроблены з таго самага чыстага золата.

23 І зрабіў сем лямпаў, а такжа шчыпцы і папяльнічкі з чыстага золата.

24 З талента вось чыстага золата зрабіў сьвечнік і ўсе яго прыналежнасьці.

25 Потым з дрэва акацыі пабудаваў ахвярнік каджэньня, квадратны; даўжыня аднаго боку яго - локаць, а вышыня яго - два локці; і выставалі зь яго рагі.

26 І пацягнуў яго чыстым золатам, верх яго і бакі ягоныя кругом, і яго рогі; і зрабіў на ім залаты вянок кругом.

27 Ніжэй ад таго вянка на двух яго баках памясьціў два залатыя колцы для ўкладаньня насілаў, каб можна было насіць ахвярнік.

28 А насілы зрабіў з дрэва акацыі і пацягнуў іх золатам.

29 Прыгатаваў таксама сьвяты алей для памазаньня, поруч пахкае кадзіла, як прыгатаўляе знаўца пахнідлаў.

 

Разьдзел 38

 

1 І зрабіў ахвярнік цэлапаленьня з дрэва акацыі, пяць локцяў даўжыні і пяць локцяў шырыні, квадратны, і тры локці вышыні.

2 І зрабіў рогі на чатырох вуглах ягоных, так што рогі выставалі зь яго, і пацягнуў іх медзьдзю.

3 І зрабіў зь медзі ўсе прыналежнасьці да ахвярнік: папяльніцы, гаршчкі, лапаткі, крапільніцы, вілкі і кадзільніцы.

4 І зрабіў для ахвярніка краты зь медзі ў форме сеткі, пад краем ахвярніка зьнізу аж да паловы вышыні яго.

5 І зрабіў чатыры колцы на чатырох вуглах медзянай краты на ўкладаньне насілаў.

6 І зрабіў насілы з дрэва акацыі, і пацягнуў іх медзьдзю.

7 І ўлажыў насілы ў колцы па баках ахвярніка, каб яго на іх пераносіць. Сам жа ахвярнік зрабіў з дошкаў, у сярэдзіне пусты.

8 І зрабіў умывальнік медзяны з падставамі зь медзі; зрабіў яго зь люстэрак жанчынаў, якія служылі пры ўваходзе ў Палатку Сустрэчы.

9 І зрабіў панадворак Скініі. З паўдзённага боку заслоны панадворку былі з кручанага вісону, доўгія ў сто локцяў,

10 і слупкоў да іх дваццаць, і падножак да іх дваццаць медзяных, поруч кручкі і зьвязы серабраныя.

11 На паўночным баку заслоны былі даўжынёй у сто локцяў, а да таго - дваццаць слупкоў і дваццаць падножак зь медзі, поруч кручкі пры слупках ды зьвязы на іх зь серабра.

12 Ад заходняга боку заслоны мелі пяцьдзесят локцяў шырыні, а пры тым дзесяць слупкоў і дзесяць падножак, кручкі на слупках і зьвязы на іх зь серабра.

13 Ад ўсходняга боку заслоны мелі такжа пяцьдзесят локцяў шырыні.

14 З аднога боку заслоны былі ў пятнаццаць локцяў, а пры тым тры слупкі і тры падножкі.

15 І з другога ж боку, па абодвух баках брамы панадворку, заслоны былі такжа ў пятнаццаць локцяў, а пры тым тры слупкі і тры падножкі.

16 Усе заслоны, што ўтваралі агараджэньне панадворку, былі вытканы з кручанага вісону.

17 А падножкі да слупкоў былі зь медзі, кручкі ж пры слупках, поруч іх зьвязы - зь серабра, а галоўкі іхнія былі пацягнуты серабром, і ўсе слупкі панадворка мелі серабраныя зьвязы.

18 Заслона ля ўваходу на панадворак была зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону, шматколерна вышытая, і мела дваццаць локцяў шырыні і пяць локцяў вышыні згодна зь мерамі іншых заслонаў панадворку.

19 Чатыры слупкі да яе ды іх падножкі былі зроблены зь медзі, а кручкі пры іх - зь серабра, поруч пакрыцьцё іх галоўкаў ды зьвязы былі зь серабра.

20 Усе калкі Скініі і панадворку былі скрозь зь медзі.

21 Вось падрахунак выдаткаў на Скінію, на Скінію Сьведчаньня, каторую па загаду Майсея пабудавалі левіты пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара.

22 А Бэцалеэль, сын Урыі, сына Гура з пакаленнья Юды, выканаў усё, што загадаў Госпад Майсею.

23 Зь ім працаваў Агаліяб, сын Ахісамаха з пакаленьня Дана, як выдатны разьбяр, ткач і вышывальнік па фіялетавым і чырвоным пурпуру, карамзыну поруч вісону.

24 Выкарысталі ж усяго золата на работы пры пабудове сьвятыні дваццаць дзевяць талентаў з ахвяраваньняў і семсот трыццаць сыкляў па вазе сыкля сьвятыні.

25 Серабра ж ад запісаных у супольнасьць было сто талентаў і тысяча семсот семдзесят пяць сыкляў паводле вагі сыкля сьвятыні.

26 Адзін бэка на галаву, або паўсыкля, паводле вагі сыкля сьвятыні, брана ад усіх, каторыя падпалі пад сьпіс, пачынаючы ад дваццаці гадоў і вышэй, гэта значыць ад шасьцісот трох тысячаў пяцісот пяцідзесяці мужчынаў.

27 Сто талентаў серабра скарыстана на адліцьцё падножак сьвятыні і падножак для заслонаў; сто талентаў на сто падножак, значыць, па таленце на адну падножку.

28 З тысячы семісот сямідзесяці пяці сыкляў зроблена кручкі да слупкоў і пакрыцьці на іх галоўкі, і зроблена таксама для іх зьвязы.

29 А медзі, каторую складзена ў ахвяру, было семдзесят талентаў і дзьве тысячы чатырыста сыкляў.

30 Адліта зь яе падножкі для ўваходнай брамы ў Палатку Сустрэчы, медзяны ахвярнік з кратай медзянай на ім і другія прыналежнасьці ахвярніка,

31 падножкі панадворку, падножкі ў браму на панадворак, усе калкі Скініі і ўсе калкі панадворку.

 

Разьдзел 39

 

1 Зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і вісону зрабілі яны сьвятарскія шаты на служэньне ў сьвятыні, а таксама сьвятыя шаты для Аарона, як гэта загадаў Госпад Майсею.

2 І зрабілі яны эфод з золата, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону.

3 І выкляпалі з золата бляшкі, і расьцягнулі іх у нітку, каб уткаць іх у фіялетавы і чырвоны пурпур, у кармазын і ў вісон умелай работай.

4 Зрабілі таксама два нараменьнікі, сьцягнутыя паміж сабой у абодвух верхніх канцох.

5 А пояс эфоду, каторы на ім, быў зроблены аднолькавай работаю таксама зь нітак залатых, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну, з кручанага вісону, як загадаў Госпад Майсею.

6 І прыгатавалі таксама два камяні оніксавыя, асаджаныя ў залатыя аправы, з высечанымі на іх імёнамі сыноў Ізраэля.

7 І памясьцілі іх на абодвух нараменьніках эфоду як камяні на памяць сынам Ізраэля, як загадаў Госпад Майсею.

8 Зрабілі таксама нагруднік мастацкаю работай, як і эфод, з золата, з пурпуру фіялетавага і чырвонага, з кармазыну і кручанага вісону.

9 Нагруднік быў квадратны і падвойны, а даўжыня яго і шырыня - у адну пядзю.

10 І прымацавалі на ім чатыры рады каштоўных каменьняў: у першым радзе рубін, тапаз, і шмарагд,

11 у другім радзе гранат, шафір і бэрыль,

12 у трэцім радзе яхонт, агат і амэтыст,

13 у чацьвёртым радзе хрызаліт, онікс і ясьпіс. Асаджаныя яны былі ў залатых аправах у адпаведных радах.

14 Гэтыя каменьні атрымалі імёны дванаццаці сыноў Ізраэля; і былі яны высечаны на ўзор пячаткі, кожны са сваім імем паводле дванаццаці пакаленьняў.

15 На нагруднік зрабілі два ланцужкі кручаныя, як шнуркі, з чыстага золата.

16 Зрабілі такжа да нагрудніка два залатыя пярсьцені, і асаджана абодва гэтыя пярсьцені на абодвух канцах нагрудніка.

17 І ўцягнулі два залатыя ланцужкі праз абодвы пярсьцені на абодвух канцах нагрудніка.

18 І два канцы другія абодвух ланцужкоў прышылі да аправаў, якія прымацавалі да нараменьніка эфоду сьпераду.

19 Яшчэ зрабілі два залатыя пярсьцені і прымацавалі іх на абодвух іншых канцах нагрудніку на ўнутраным баку, зьвернутым да эфоду, як загадаў Госпад Майсею.

20 Наастатак зрабілі яшчэ два іншыя пярсьцені з золата і прышылі іх да абодвух нараменьнікаў эфоду на зьнешнім баку ўнізе, у месцы, дзе эфод злучаецца з поясам.

21 Пасьля зьвязалі пярсьцені нагрудніка зь пярсьценямі эфоду шнурком зь фіялетавага пурпуру так, каб нагруднік ляжаў на поясе эфоду і ня мог перасунуцца са свайго месца на эфодзе, як загадаў Майсею Госпад.

22 Зрабілі таксама верхнюю шату пад эфод, усю тканую зь фіялетавага пурпуру.

23 Мела яна ў сярэдзіне адтуліну на галаву з абшыўкай кругом адтуліны, як пры адтуліне панцыра, каб не разьдзёрлася.

24 Унізе яе прышылі яблыкі гранату зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону.

25 Зрабілі таксама званочкі з чыстага золата, і прышылі іх між яблыкамі гранату кругом,

26 каб званочак залаты і яблык гранату чаргаваліся на ніжнім крысе шаты, адзяванай першасьвятаром у час паслугаваньня, як загадаў Госпад Майсею.

27 Зрабілі такжа для Аарона і сыноў яго сукні, вытканыя зь вісону,

28 разам кідар зь вісону, мітры зь вісону і льняныя споднія з кручанага вісону,

29 поруч пояс з кручанага вісону, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну, шматколерна вышываны, як загадаў Госпад Майсею.

30 Зрабілі такжа дыядэму з чыстага золата, і выразалі на ёй, як выразана на пячатцы: «Сьвятое Госпада».

31 І прывязалі яе шнуром зь фіялетавага пурпуру, каб была на кідары, ды каб на пярэднім баку кідару была памешчана, як загадаў Госпад Майсею.

32 Так была скончана ўся работа што да пабудовы Скініі і Палаткі Сустрэчы. І сыны Ізраэля выканалі ўсё; як загадаў Госпад Майсею, так і зрабілі.

33 І прынесьлі да Майсея Скінію разам з палаткаю і ўсімі прыналежнасьцямі яе, кручкамі, дошкамі, жэрдкамі, слупкамі і падножкамі,

34 пакрыцьці, адны са скураў бараноў, фарбаваных на чырвона, другія са скураў дэльфінаў, разам прыкрываючую заслону,

35 Каўчэг Сьведчаньня з насіламі, накрыўку,

36 стол з усімі прыналежнасьцямі яго і з хлябамі пакладнымі,

37 і сьвечнік з чыстага золата зь лямпамі, расстаўленымі на ім, ды ўсе прыналежнасьці яго, і алей на асьвятленьне,

38 таксама залаты ахвярнік і алей для памазаньня, і пахкае кадзіла, поруч заслону пры ўваходзе ў палатку,

39 ахвярнік зь медзі разам з кратай медзянай і насіламі ды ўсе яго прыналежнасьці, умывальнік і яго падставу,

40 заслону панадворка, слупкі і падножкі да іх, заслоны ля ўваходу ў панадворак, вяроўкі і калкі, ды ўсе другія прыналежнасьці, патрэбныя пры службе ў Скініі, у Палатцы Сустрэчы,

41 шаты з каштоўнага палатна для паслугі ў сьвятыні, і шаты для Аарона сьвятара, і шаты для сыноў ягоных.

42 Як загадаў Госпад Майсею, так вось усё выканалі сыны Ізраэля.

43 І калі Майсей убачыў, што ўсё выканана, як загадаў Госпад, дабраславіў іх.

 

Разьдзел 40

 

1 І прамовіў Госпад да Майсея:

2 «У першы дзень першага месяца паставіш Скінію Палаткі Сустрэчы,

3 і паставіш у ёй Каўчэг Сьведчаньня, ды накрыеш яго заслонай.

4 Унясеш таксама стол і паложыш на ім тое, што мае быць паложана, поруч прынясеш сьвечнік і паставіш на ім лямпы ягоныя.

5 Паставіш такжа залаты ахвярнік для каджэньня перад Каўчэгам Сьведчаньня і павесіш заслону ля ўваходу ў Скінію.

6 А ахвярнік цэлапаленьня (паставіш) перад уваходам звонку Палаткі Сустрэчы.

7 І паставіш умывальнік між Палаткай Сустрэчы і ахвярнікам, і нальеш ў яго вады.

8 І зробіш навакол панадворак, а пры браме павесіш заслону.

9 Потым возьмеш алей памазаньня і памажаш скінію і ўсё, што ў ёй, і асьвяціш яе і ўсе яе прыналежнасьці, і будзе яна сьвятыняй.

10 І памажаш ахвярнік цэлапаленьня з усімі яго прыналежнасьцямі, і асьвяціш яго, і будзе ён сьвятым зь сьвятых.

11 Памажаш разам умывальнік і падставу яго, і асьвяціш яе.

12 Тады прывядзеш Аарона і яго сыноў перад уваход у Палатку Сустрэчы і памыеш іх вадой.

13 Пасьля адзенеш Аарона ў яго сьвятыя шаты і памажаш яго, і пасьвяціш яго, каб паслугаваў Мне сьвятаром.

14 І прывядзеш сыноў яго, і адзенеш іх у сукні.

15 І памажаш іх, як памазаў іх бацьку, каб служылі яны Мне сьвятарамі. Праз гэтае памазаньне ператрывае сьвятарства ў іхніх пакаленьнях навечна».

16 І Майсей зрабіў усё; як яму загадаў Госпад, так і зрабіў.

17 Першага месяца другога года (па выхадзе іх з Эгіпту) у першы дзень месяца паставілі Скінію.

18 І паставіў яе Майсей, і палажыў падставу яе, і паставіў дошкі яе, жэрдкі і слупы,

19 і расьцягнуў палатку над Скініяй, і накрыў яе пакрыцьцём палаткі зьверху, як гэта загадаў Госпад Майсею.

20 Потым узяў Сьведчаньне і палажыў яго ў Каўчэг, уклаў таксама насілы ў колцы Каўчэга і палажыў зьверху накрыўку.

21 Пасьля ўнёс Каўчэг у Скінію і павесіў заслону закрываючую, як загадаў Госпад Майсею.

22 І паставіў стол у Палатцы Сустрэчы на паўночным баку Скініі перад заслонай,

23 а на ім разлажыў перад воблікам Госпада рад хлябоў, як загадаў Госпад Майсею.

24 І паставіў сьвечнік у Палатцы Сустрэчы насупраць стала на паўдзёным баку Скініі,

25 і на ім разьмясьціў лямпы перад Госпадам, як загадаў Госпад Майсею.

26 Паставіў таксама залаты ахвярнік у Палатку Сустрэчы насупраць заслоны,

27 і загадаў на ім паліць пахкія кадзілы, як загадаў Госпад Майсею.

28 І завесіў заслону ля ўваходу ў скінію.

29 А ахвярнік цэлапаленьня паставіў перад уваходам у сярэдзіну Палаткі Сустрэчы, і ахвяраваў на ім цэлапаленьне і ахвяру зь яды, як загадаў Госпад Майсею.

30 Паставіў такжа ўмывальнік між Палаткай Сустрэчы і ахвярніка, і наліў у яго вады для мыцьця.

31 І мылі ў ім рукі і ногі Майсей, Аарон і сыны яго

32 перад уваходжаньнем у Палатку Сустрэчы і падыходам да ахвярніка, як загадаў Госпад Майсею.

33 Наастатак зрабіў панадворак вакол Скініі і ахвярніка, а пры ўваходзе завесіў заслону. Такім чынам Майсей скончыў работу.

34 І тады воблака акрыла Палатку Сустрэчы, і хвала Госпада напоўніла Скінію.

35 І ня мог Майсей увайсьці ў Палатку Сустрэчы, бо супачывала на ёй воблака, і хвала Госпада напаўняла Скінію.

36 Колькі разоў воблака падымалася над скініяй, сыны Ізраэля выходзілі ў дарогу,

37 а калі воблака не падымалася, не выходзілі яны ў дарогу аж да дня, калі падымалася воблака.

38 Бо воблака Госпада ўдзень закрывала скінію, а ўночы сьвяціла, як агонь, на вачах усяго (дому) Ізраэля падчас усіх іхніх вандровак.

 

3. Кніга Сьвятарская

 

Разьдзел 1

 

1 Госпад паклікаў Майсея і так сказаў яму з Палаткі Сустрэчы:

2 «Гавары да сыноў Ізраэля ды кажы ім: Калі хто з вас захоча скласьці ахвяру з хатняе жывёлы, хай складае (ахвяру) з валоў або жывёл драбнейшых.

3 Калі ён захоча скласьці ахвяру цэлапальную з быдла, хай ахвяруе самца без заганы ды прывядзе яго да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы, каб Госпад прыняў яго ласкава,

4 і паложыць руку на галаву ахвяры, каб была прынята як перамаленьне за яго.

5 Потым заб'е цяля перад Госпадам, а сыны Аарона, сьвятары, ахвяруюць кроў і пакрапяць ёю кругом ахвярнік, які стаіць перад уваходам у Палатку Сустрэчы;

6 а пасьля здыме ён скуру з ахвяры цэлапаленьня і пасячэ ахвяру на часткі.

7 Сыны ж Аарона, сьвятары, прынясуць агонь на ахвярнік і паложаць дровы на агні.

8 Потым сыны Аарона, сьвятары, паложаць часткі разам з галавой і тлушчам на дровах, што ляжаць на агні на ахвярніку.

9 А нутро ахвяры і ногі яе вымые ён вадою, і спаліць сьвятар усё гэта на ахвярніку; гэта цэлапаленьне, ахвяра агнявая на мілы пах Госпаду.

10 Калі вось хто хоча скласьці ахвяру цэлапаленьня з дробнае жывёлы, з авец або козаў, хай возьме самца без заганы,

11 і заб'е яго перад Госпадам на паўночным баку ахвярніка, а сыны Аарона, сьвятары, пакропяць крывёй яго ахвярнік наўкола.

12 І расьсячэ яго на часткі, а сьвятар паложыць іх разам з галавой і тлушчам на дровы, што ляжаць на агні на ахвярніку,

13 а нутро і ногі вымые ён вадой; і сьвятар зложыць гэта ўсё на ахвярніку і спаліць; гэта цэлапаленьне на мілы пах Госпаду.

14 А калі хто захоча скласьці ў ахвяру Госпаду птушку на цэлапаленьне, хай ахвяруе турка або маладога галуба.

15 І сьвятар прынясе яго на ахвярнік, зломіць яму галаву і спаліць на ахвярніку, а кроў яго выцісьне на сьцяну ахвярніка;

16 і возьме валяк з пер'ем, і выкіне каля ахвярнік на ўсходнім баку, дзе попел;

17 і надломіць яго паміж крыльляў, не аддзяляючы іх, і спаліць іх сьвятар на ахвярніку, на дровах, што ляжаць на агні; гэта цэлапаленьне, ахвяра агнявая на мілы пах Госпаду.

 

Разьдзел 2

 

1 Калі хто захоча скласьці ахвяру Госпаду зь яды, хай прынясе пшанічнай мукі, увалье ў яе алею і дабавіць да яе кадзіла,

2 потым прынясе яе да сьвятароў, сыноў Аарона, і возьме сьвятар поўную жменю мукі з алеем і з усім кадзілам ды спаліць гэта як памятную частку на ахвярніку; гэта ахвяра агнявая, пах, мілы Госпаду.

3 А што застанецца ад ахвяры зь яды, будзе для Аарона і сыноў ягоных. Гэта найсьвяцейшая частка з ахвяраў, паленых для Госпада.

4 Калі захочаш скласьці ахвяру зь яды, з мукі, печанай у печы, хай гэта будуць праснакі, запраўленыя алеем, ці аладкі прэсныя, памазаныя алеем.

5 Калі ахвяра тая будзе з патэльні, то хай будзе з пшанічнай мукі, не квашанай, запраўленай алеем.

6 Падзеліш яе на кавалкі і пальеш яе алеем. Гэта вось ахвяра хлебная.

7 Калі ахвяра твая будзе ў гаршчку смажаная, то хай будзе з мукі, запраўленай алеем.

8 Тады прынясеш гэтак прыгатоўленую ахвяру Госпаду і аддасі ў рукі сьвятара, а ён прынясе яе да ахвярніка;

9 і возьме сьвятар памятную частку яе, і спаліць на ахвярніку; гэта ахвяра агнявая, мілы пах Госпаду.

10 А ўсё, што застанецца, будзе для Аарона і сыноў ягоных. Гэта найсьвяцейшая частка з ахвяраў, паленых для Госпада.

11 Усякая ахвяра з мукі, якую складаеце Госпаду, хай ня будзе квашанай, бо анічога квашанага, ані мёду не павінны вы паліць у ахвяру Госпаду.

12 Прыносьце гэтыя рэчы як пяршыны, як дары Госпаду, але не кладзіце іх на ахвярнік, каб паліць на пах прыемны.

13 Кожную ахвяру, якую складаеш зь яды, пасалі сольлю. І не пакідай хлебнай ахвяры тваёй бяз солі запавету Бога твайго. Кожную ахвяру тваю пасалі сольлю.

14 Калі прыносіш ахвяру зь пяршын пладоў тваіх Госпаду, то прынось каласы высушаныя на агні, або тоўчанае зерне як ахвяру зь яды,

15 палі іх алеем і палажы на іх кадзіла. Гэта ахвяра зь яды.

16 І спаліць сьвятар як памятную частку з тоўчанага зерня і алею з усім кадзілам. Гэта ахвяра агнявая для Госпада.

 

Разьдзел 3

 

1 Калі чыя ахвяра ёсьць ахвярай прымірэньня, ён складае яе з валоў; самца або саміцу без заганы хай прыносіць Госпаду,

2 і паложыць руку сваю на галаве сваёй ахвяры, якую заб'е перад уваходам у Палатку Сустрэчы, а пасьля сьвятары, сыны Аарона, пакрапяць ахвярнік крывёю яе наўкола.

3 І складзе ён з ахвяры прымірэньня ахвяру цэлапаленьня Госпаду з тлустасьці, каторая пакрывае нутро, ды ўвесь тлушч, каторы над ім,

4 а такжа абедзьве ныркі і тлушч, каторы іх пакрывае, каторы на сьцёгнах, поруч тлушч, каторы на вантробе; разам з ныркамі хай аддзеліць яго.

5 І сыны Аарона спаляць гэта на ахвярніку як цэлапаленьне на дровах, якія на агні; гэта ахвяра цэлапаленьня на мілы пах Госпаду.

6 Калі б чыя ахвяра складалася з дробнай жывёлы як ахвяра прымірэньня для Госпада, хай складае ахвяру з жывёлы без заганы, самца або самкі.

7 Калі з авец прыносіць хто ахвяру, хай прынясе яе перад Госпада,

8 і паложыць руку сваю на галаву ахвяры сваёй, і потым заб'е яе перад Палаткаю Сустрэчы, а сыны Аарона пакропяць крывёй жывёлы ахвярнік наўкола.

9 І складзе ён як ахвяру прымірэньня Госпаду тлушч яе, увесь курдзюк, адрэзаўшы яго па самую хрыбетную косьць, і тлушч, пакрываючы нутро, ды ўвесь тлушч над ім,

10 і абедзьве ныркі і тлушч на іх, і каторы на сьцёгнах, і тлушч, каторы на вантробе; з ныркамі хай аддзеліць яго.

11 І сьвятар спаліць гэта на ахвярніку; гэта ахвяра, спаленая для Госпада.

12 Калі б хто складаў ахвяру з козаў, хай ахвяруе яе перад Госпадам,

13 і паложыць ён руку сваю на галаву яе ды заб'е яе перад Палаткай Сустрэчы, а сыны Аарона пакропяць крывёй яе ахвярнік наўкола.

14 І складзе ён зь яе ахвяру сваю на спаленьне для Госпада - тлушч, каторы пакрывае нутро, разам увесь тлушч, каторы на нутрах,

15 і абедзьве ныркі разам з тлушчам, каторы на іх, каторы на сьцёгнах, а такжа тлушч, каторы на вантробе; з ныркамі хай аддзеліць яго.

16 Пасьля сьвятар спаліць усё гэта на ахвярніку; гэта ахвяра, спаленая на мілы пах Госпаду; увесь тлушч - для Госпада.

17 Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых ва ўсіх паселішчах вашых: ані крыві, ані тлушчу зусім ня ешце».

 

Разьдзел 4

 

1 Вось што сказаў Госпад Майсею:

2 «Гавары сынам Ізраэля: Калі хто празь няўвагу саграшыць адносна прыказаньняў Госпада, забараняючых нешта рабіць, а ён гэта зрабіў бы,

3 дык калі гэтага грэху дапусьціцца памазаны сьвятар, так што яго віна спадае на народ, то складзе ён у ахвяру Госпаду як перамольную ахвяру за дапушчаны грэх маладога бычка без заганы.

4 І прывядзе бычка да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы перад Госпада, і паложыць руку на галаву яго, ды заб'е яго перад Госпадам.

5 Потым памазаны сьвятар возьме крыві таго бычка і ўнясе ў Палатку Сустрэчы.

6 Пасьля памочыць сьвятар палец у крыві і пакропіць крывёй сем разоў перад Госпадам, перад заслонай Месца Сьвятога;

7 Потым памажа сьвятар крывёй рагі ахвярніка пахкага каджэньня, каторы перад Госпадам у Палатцы Сустрэчы, а рэшту крыві бычка вылье ён на падставу ахвярніка цэлапальных ахвяраў, каторы стаіць перад уваходам у Палатку Сустрэчы.

8 І выме з ахвяраванага бычка ўвесь тлушч, пакрываючы нутро, і ўсю тлустасьць, каторая на нутры,

9 і абедзьве ныркі разам з тлушчам, які над імі, каторы дастае да сьцёгнаў, а такжа тлушч, каторы на вантробе; разам з ныркамі хай аддзеліць яго,

10 такім жа чынам, як аддзяляецца тлушч бычка ахвяры прымірэньня. І спаліць сьвятар усё гэта на ахвярніку цэлапаленьня.

11 А скуру цяляці, усё мяса яго, галаву яго, ногі ягоныя, і нутро яго, і нячыстасьць яго,

12 значыць, усяго бычка хай вынясуць па-за табар; на чыстае месца, дзе высыпаюць попел, і там хай будзе спалены агнём на дровах.

13 Калі ўся супольнасьць Ізраэля саграшыць празь няўвагу, і схавана гэта будзе перад вачыма сабраньня Госпадавага, што такім чынам правініліся супраць прыказаньняў Госпадавых,

14 а потым яны зразумеюць грэх, якім саграшылі, дык хай прывядуць да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы бычка ў ахвяру за грэх.

15 Тады старшыні супольнасьці ўскладуць рукі на галаву бычка перад Госпадам, і той бычок будзе забіты перад Госпадам.

16 Памазаны сьвятар унясе ў Палатку Сустрэчы частку крыві цяляці,

17 пасьля памочыць палец у крыві ды пакропіць сем разоў перад Госпадам перад заслонай.

18 І памажа тою крывёю рагі ахвярніка, каторы перад Госпадам у Палатцы Сустрэчы, а застаўшуюся кроў вылье на падставу ахвярніка цэлапаленьня, каторы ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы.

19 А ўвесь тлушч яго аддзеліць ад яго і спаліць на ахвярніку.

20 І зробіць з бычком тое, што робіцца з бычком ахвяры за грэх; так павінен зрабіць зь ім.Так ачысьціць іх сьвятар, і будзе даравана ім.

21 І вынясе бычка па-за табар, і спаліць яго так, як спаліў папярэдняга бычка. Гэта ахвяра перамольная за грэх супольнасьці.

22 Калі саграшыць начальнік і празь няўвагу дапусьціцца нечага, што забараняецца прыказаньнем Госпада, Бога ягонага, ды гэтак правініцца,

23 то калі будзе даказаны грэх яго, якім саграшыў, хай прывядзе ў ахвяру Госпаду казла без заганы.

24 І паложыць ён руку сваю на галаву ягоную ды заб'е яго на месцы, дзе забіваюцца ахвяры цэлапаленьня перад Госпадам. Гэта ахвяра за грэх.

25 І памочыць сьвятар палец у крыві ахвяры за грэх, ды памажа ёю рагі ахвярніка цэлапаленьня, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярніка цэлапаленьня.

26 А ўвесь тлушч яго спаліць на ахвярніку, падобна як тлушч ахвяры прымірэньня. Так вось ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, і будзе яму даравана.

27 Калі хто спаміж народу зямлі празь няўвагу саграшыць і дапусьціцца таго, што прыказаньнем Госпада забараняецца, і гэтак правініцца,

28 то калі будзе выяўлены яму грэх ягоны, якім саграшыў, хай прывядзе ў ахвяру за грэх свой казу без заганы.

29 Пасьля паложыць руку на галаву ахвяры за грэх, ды заб'е яе на месцы ахвяры цэлапаленьня.

30 Сьвятар возьме пальцам сваім крыві і памажа ёю рагі ахвярніка цэлапаленьня, а рэшту вылье на падставу ахвярніка.

31 Потым аддзеліць увесь тлушч так, як быў аддзелены тлушч ахвяры прымірэньня. І спаліць яго сьвятар на ахвярніку на мілы пах Госпаду. Так ачысьціць яго сьвятар, і грэх будзе яму адпушчаны.

32 А калі хто захоча скласьці за грэх авечку, то хай прывядзе авечку без заганы,

33 узложыць руку на яе галаву ды заб'е яе як ахвяру за грэх на месцы, дзе забіваюць ахвяры цэлапаленьня.

34 Потым возьме сьвятар пальцам сваім крыві і памажа рагі ахвярніка цэлапаленьня, а астатак вылье на падставу ахвярніка.

35 А ўвесь тлушч яе аддзеліць, як аддзяляецца лой авечкі з ахвяры прымірэньня, ды спаліць яго сьвятар на ахвярніку ў ахвяру Госпаду. Так ачысьціць яго сьвятар ад грэху, якім ён саграшыў, і будзе яму даравана.

 

Разьдзел 5

 

1 Калі хто саграшыць тым, што чуў праклён і мог засьведчыць пра праступак, каторы бачыў або ведаў, і не зрабіў гэтага, і такім чынам правініўся,

2 або калі хто дакранецца чаго нячыстага, трупа зьвера нячыстага, або жывёлы, або паўзуна нячыстага, але ня будзе ведаць гэтага, што стаўся нячыстым, і гэтак правініўся,

3 або калі нехта дакранецца нейкай нячыстасьці чалавечай, якой-колечы рэчы нячыстай, дзеля якой мог занячысьціцца і спачатку не ўсьведамляў сабе гэтага, а потым даведаецца, што правініўся,

4 або калі хто прысягае, гаворачы легкадумна вуснамі на ліха або на дабро, так як бывае, што чалавек легкадумна прысягае, спачатку не ўсьведамляючы сабе гэтага, а пасьля спасьцерагае, што правініўся праз адну з гэтых рэчаў,

5 дык калі хто правініўся ў адной з гэтых рэчаў, хай прызнаецца, што саграшыў,

6 і хай прынясе ён Госпаду за грэх свой, каторым саграшыў, у ахвяру перамольную авечку са статку або казу як ахвяру за грэх, і ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага.

7 Калі хто ня можа ахвяраваць авечку, хай ахвяруе за грэх свой два турка або двух маладых галубоў Госпаду: аднаго ў ахвяру за грэх, а другога на цэлапаленьне.

8 Хай прынясе іх да сьвятара, каторы першага ахвяруе за грэх і надломіць яму галаву пры карку, але яе не аддзеліць.

9 Пасьля пакропіць крывёй яго сьцяну ахвярніка, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярніка. Гэта вось ахвяра за грэх.

10 Другога галуба хай складзе ён ў ахвяру цэлапаленьня, як звычайна бывае; так ачысьціць яго сьвятар ад грэху яго, якім ён правініўся, і ён будзе яму адпушчаны.

11 Калі б хто ня мог ахвяраваць двух туркоў або двух маладых галубоў, хай прынясе за тое, што саграшыў, дзесятую частку эфы пшанічнай мукі ў ахвяру за грэх; хай не палівае яе алеем ды хай не кладзе на яе кадзіла, бо гэта ахвяра за грэх.

12 І прынясе яе да сьвятара, а той возьме з гэтага поўную жменю (мукі) як памятную частку і спаліць на ахвярніку ў ахвяру Госпаду. Гэта ахвяра за грэх.

13 Так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, каторым ён саграшыў супраць аднаго з тых прыказаньняў, і будзе яму адпушчана. Застаўшуюся частку возьме сьвятар як ахвяру зь яды».

14 Вось што сказаў Госпад Майсею:

15 «Калі хто спракудзіцца і саграшыць праз памылку, прысвойваючы сабе рэчы, пасьвячоныя Госпаду, хай за віну сваю са свайго статку авец прынясе Госпаду ягнё без заганы па цане двух сыкляў серабра паводле вагі сьвятыні як ахвяру за грэх.

16 Хай тое, што прысвоіў, зьверне і дадасьць да таго пятую частку вартасьці, ды адасьць гэта сьвятару, а сьвятар ачысьціць яго ахвярай ягняці, і грэх будзе яму адпушчаны.

17 Калі хто саграшыць, дапускаючыся нечага супраць прыказаньняў Госпада празь няведаньне, і правініцца, дапускаючыся злачынства,

18 хай прынясе да сьвятара ягнё без заганы, узяте са статку, па сваёй ацэнцы, у ахвяру за грэх. Тады сьвятар ачысьціць яго ад праступку, якога несьвядома дапусьціўся, і будзе ён яму адпушчаны.

19 Гэта ахвяра за праступак, якім ён правініўся перад Госпадам».

 

Разьдзел 6

 

1 Вось што сказаў Госпад Майсею:

2 «Калі хто саграшыць і дапусьціцца праступку перад Госпадам тым, што адмовіцца аддаць бліжняму тое, што яму было дадзена на захаваньне, або што яму было дадзена ў заклад, або што было ім скрадзена, або што адабрана яшчэ якім чынам (у бліжняга),

3 або калі знайшоў ён згубленую рэч і запярэчыў гэтаму, або што фальшыва сьведчыў адносна якой рэчы, празь якую чалавек можа саграшыць,

4 вось жа хто так саграшыў і мусіць аднагарадзіцца, павінен аддаць тое, што ўкраў, або тое, што адабраў, або што яму было даручана на захаваньне, або згубленае, што ён знайшоў,

5 або рэч, адносна каторай прысягаў фальшыва, і хай ён верне поўную вартасьць той рэчы, дадаючы пры тым да яе пятую частку яе вартасьці. Павінен ён аддаць гэта ўласьніку ў той самы дзень, калі будзе складаць ахвяру аднагараджэньня.

6 А за праступак ахвяруе ён Госпаду ягнё без заганы са статку, паводле ацаненьня твайго, на ахвяру аднагараджэньня, і прывядзе яго да сьвятара.

7 І ачысьціць сьвятар яго перад Госпадам, і дараваны будзе яму праступак, якім саграшыў».

8 Вось што сказаў Госпад Майсею:

9 «Загадай Аарону і сынам ягоным, кажучы: Вось закон адносна ахвяры цэлапаленьня: Ахвяра цэлапаленьня будзе прыносіцца на вогнішчы на ахвярніку ўсю ноч аж да раніцы, і агонь ахвярніка будзе на ім гарэць.

10 Сьвятар адзенецца ў ільняную шату і льняную бялізну, і зьбярэ попел ахвяры цэлапаленьня, каторую спаліў агонь на ахвярніку, і высыпе каля ахвярніка.

11 Потым здыме зь сябе адзеньне сваё, а адзене на цела другое адзеньне, і вынясе попел за табар на чыстае месца.

12 Агонь жа на ахвярніку будзе гарэць заўсёды і ня будзе гаснуць. На ім сьвятар кожную раніцу будзе паліць дровы, і будзе складаць ахвяру цэлапаленьня, і паліць на ім тлушч ахвяраў прымірэньня.

13 Агонь будзе заўсёды гарэць на ахвярніку, і ніколі ня згасьне.

14 Гэтакі закон адносна ахвяраў зь яды: Сыны Ааронавы павінны прыносіць іх перад аблічча Госпада перад ахвярнікам.

15 Сьвятар возьме жменю мукі, палітай алеем, з усім кадзілам, пакладзеным на муку, і спаліць на ахвярніку на мілы пах як напамін Госпаду.

16 Астатак жа мукі хай зьядуць Аарон з сынамі сваімі, хлеб прэсны хай ядуць на сьвятым месцы, на панадворку Палаткі Сустрэчы.

17 Таму вось не пячыце хлябоў квашаных. Гэта частка, каторую Я даю ім з Маіх ахвяраў агнявых. Гэта ахвяра найсьвяцейшая, як і ахвяра за грэх, і ахвяра аднагараждэньня.

18 Толькі мужчыны з патомства Аарона будуць яе есьці. Гэта закон вечны для вашых пакаленьняў адносна ахвяраў цэлапальных Госпаду. Кожны, хто іх дакранецца, будзе асьвечаны».

19 Далей казаў Госпад Майсею:

20 «Гэта вось ахвяра Аарона і сыноў ягоных, якую павінны яны складаць Госпаду ў дзень іхняга памазаньня: Будуць яны складаць ахвяру штодзённую зь дзесятай часткі эфы мукі пшанічнай: палову яе на раніцы і палову - вечарам.

21 Яна павінна быць прыгатавана з алеем на патэльні. Прынясеш яе цёплую і ахвяруеш яе, падзеленую на кавалкі, на мілы пах Госпаду.

22 Сьвятар, памазаны на месца бацькі свайго, зробіць гэта. Гэта закон вечны. Ахвяра цалкам павінна быць спалена для Госпада.

23 Кожная бо хлебная ахвяра сьвятара будзе спалена агнём, і ніхто ня будзе есьці яе».

24 Зноў казаў Госпад Майсею:

25 «Скажы Аарону і сынам ягоным: Такі вось закон адносна ахвяры за грэх: Ахвяра за грэх павінна быць забівана перад Госпадам на тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэлапаленьня. Гэта справа сьвятая.

26 Сьвятар, каторы будзе складаць ахвяру за грэх, будзе яе есьці на сьвятым месцы, на панадворку Палаткі Сустрэчы.

27 Кожны, хто дакранецца яе мяса, будзе асьвечаны. А калі кроўю яе будзе апырскана адзеньне, то апырсканае абмый на сьвятым месцы.

28 Калі тое мяса будзе варана ў пасудзіне глінянай, то яе трэба разьбіць, а калі пасудзіна мядзяная, то павінна быць яна добра вышаравана і выпаласкана.

29 Кожны мужчына са сьвятарскага роду будзе есьці яе, бо гэта сьвятая рэч.

30 А ўсякую ахвяру за грэх, кроў каторай уносяць ў Палатку Сустрэчы для ачышчэньня ў Месцы Сьвятым, ніхто хай ня есьць, але спальваецца яна агнём.

 

Разьдзел 7

 

1 Вось закон адносна ахвяры аднагараджэньня. Гэта сьвятая рэч.

2 На тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэлапаленьня, будуць забіваць ахвяру аднагараджэньня, і кроў яе выльюць вакол ахвярніка;

3 але ўвесь тлушч зь яе будзе складзены ў ахвяру: курдзюк, тлушч, пакрываючы нутро,

4 абедзьве ныркі, а тлушч на вантробе разам з ныркамі хай будзе аддзелены.

5 Спаліць гэта ўсё сьвятар на ахвярніку на мілы пах Госпаду. Такая вось ахвяра аднагараждэньня.

6 Кожны мужчына са сьвятарскага роду будзе спажываць гэтае мяса на сьвятым месцы. Бо гэта вялікая сьвятая рэч.

7 Для ахвяры за грэх і для ахвяры аднагараджэння закон адзін: Яна належыць сьвятару, каторы складаў гэтую ахвяру.

8 Сьвятар, каторы складае ахвяру цэлапаленьня, атрымоўвае скуру жывёлы, каторую склаў ў ахвяру.

9 Таксама кожная ахвяра зь яды, смажаная ў печы, у гаршчку або на патэльні, належыць сьвятару, каторым гэтая ахвяра складзена.

10 Але кожная ахвяра зь яды з алеем або сухая, належыць усім сынам Аарона, як адному, так і другому.

11 Вось закон адносна ахвяры прымірэньня, каторую складаюць Госпаду:

12 Калі хто складае гэтую ахвяру як падзяку, то хай далучыць да гэтай ахвяры падзякі таксама прэсныя аладкі з алеем, і прэсныя сухарыкі, запраўленыя алеем, і пшанічную муку з алеем.

13 Таксама хай прыносіць аладкі зь цеста квашанага пры ахвяры прымірэньня ў падзяку.

14 З усіх ахвяраў хай адна будзе ахвяраваная як асаблівы дар Госпаду. Яна будзе належаць сьвятару, каторы вылье кроў прымірэньня.

15 Мяса ахвяраў прымірэньня ў падзяку мусіць быць зьедзена ў той самы дзень, нельга нічога зь іх пакідаць да раніцы.

16 Калі хто складае ахвяру як шлюбаваньне або з добрай волі, то ахвяру яго трэба есьці ў дзень ахвяраваньня, але і на другі дзень можна есьці застаўшаеся.

17 Калі што застанецца на трэці дзень, тое трэба спаліць.

18 Калі хто зьесьць штосьці з ахвяры прымірэньня на трэці дзень, то такая ахвяра ня будзе прынятая; ня будзе яна залічана таму, хто яе склаў, бо гэта зьнявага; а той, хто будзе яе есьці, дапусьціцца грэху.

19 Мяса, каторае дакраналася чаго нячыстага, нельга есьці, але спальваецца яно на агні; а мяса чыстае можа есьці кожны чысты.

20 Калі аднак хто, будучы ў нячыстасьці, будзе есьці мяса ахвяры прымірэньня, каторая для Госпада, то будзе выключаны з народу свайго.

21 Калі хто дакранецца якойсьці нячыстасьці чалавечай, або нячыстасьці жывёлы, або нячыстага паўзуна, і будзе есьці мяса ахвяры прымірэньня, каторая для Госпада, той будзе выключаны з народу свайго».

22 Далей казаў Госпад Майсею:

23 «Скажы сынам Ізраэля: Нельга вам есьці тлушч цялят, авец і казлоў.

24 Можна карыстацца тлушчам зьвяроў мёртвых або разьдзёртых у кожнай патрэбе, але ня ешце яго;

25 калі хто будзе есьці тлушч жывёлаў, складаных на ахвяру цэлапаленьня для Госпада, той будзе выключаны з народу свайго.

26 Дзе толькі будзеце жыць, нельга вам есьці ніякай крыві, ані крыві птушак, ані крыві быдла.

27 Хто будзе есьці якую-колечы кроў, той будзе выключаны з народу свайго».

28 Далей казаў Госпад Майсею:

29 «Скажы сынам Ізраэля: Хто складае ахвяру прымірэньня для Госпада, хай прынясе свой дар Госпаду з ахвяры прымірэньня.

30 Сваімі рукамі хай прынясе ён ахвяру агнявую для Госпада: тлушч з грудзіны і грудзіну, каб трэсьці імі перад Госпадам.

31 Тлушч спаліць сьвятар на ахвярніку, а грудзіна належыць Аарону і сынам ягоным.

32 Таксама правую лапатку аддасьцё сьвятару як частку сьвятарскую з ахвяраў прымірэньня.

33 Каторы з сыноў Аарона складае ў ахвяру кроў і тлушч ахвяры прымірэньня, той як сваю частку атрымае правую лапатку,

34 бо грудзіну патрасаную і лапатку падыманую Я бяру ад сыноў Ізраэля зь іхніх ахвяраў прымірэньня і даю іх Аарону сьвятару і сынам ягоным як вечны закон ад усяго народа Ізраэльскага».

35 Гэта ёсьць частка з ахвяраў, паленых для Госпада, каторая належыцца Аарону і сынам ягоным ад дня пасьвячэньня іх на сьвятароў Госпадавых.

36 У дзень, калі іх Госпад памазаў, загадаў Ізраэлю даваць ім гэта. Гэта пастанова вечная ў пакаленьні іхнія.

37 Гэта вось закон адносна ахвяры цэлапаленьня, ахвяры зь яды, ахвяры за грэх, ахвяры аднагараджэньня, ахвяры пасьвячэньня і ахвяры прымірэньня.

38 Гэта загадаў Госпад Майсею на гары Сынай ў дзень, калі загадаў сынам Ізраэля складаць ахвяры Госпаду ў пустыні Сынайскай.

 

Разьдзел 8

 

1 Вось гэта сказаў Госпад Майсею:

2 «Вазьмі Аарона і сыноў ягоных, адзеньне, алей памазаньня, бычка на ахвяру за грэх, два бараны і кош прэсных хлябоў.

3 Пасьля зьбяры ўсю супольнасьць ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы».

4 Майсей зрабіў так, як яму Госпад загадаў, і супольнасьць сабралася ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы.

5 Сказаў ім Майсей: «Вось даручэньне, якое загадаў Госпад выканаць!»

6 І прывёў Майсей Аарона і сыноў ягоных, і абмыў вадой.

7 І ўсклаў на яго шату льняную, і падперазаў яго паясом, і адзеў на яго верхнюю шату, і наверх усклаў эфод, і апаясаў яго паясом эфоду, і прымацаваў на ім эфод.

8 І ўсклаў яму нагруднік, на якім разьмясьціў урым і тумім,

9 і ўсклаў яму на галаву кідар і на ім залатую бляху, сьвятую дыядэму, як загадаў Майсею Госпад.

10 Потым узяў Майсей алей памазаньня, і памазаў Скінію разам з усім, што ў ёй было, і пасьвяціў гэтыя рэчы.

11 І пакрапіў ён ахвярнік сем разоў, і памазаў ахвярнік разам зь яго прыналежнасьцямі, таксама ўмывальнік і яго падставу, каб пасьвяціць іх.

12 А потым паліў ім галаву Аарона, і памазаў яго, каб пасьвяціць яго.

13 Прывёў ён таксама сыноў Аарона і апрануў іх у шаты, падперазаў іх паясамі і ўсклаў на іх галовы мітры, як загадаў яму Госпад.

14 І прывёў (Майсей) бычка на ахвяру за грэх. Аарон і сыны ягоныя ўсклалі рукі свае на галаву ахвяры за грэх.

15 І Майсей забіў яго, ды, узяўшы крыві яго, пальцам памазаў рагі ахвярніка кругом, і такім чынам ачысьціў ахвярніка. Астатак крыві выліў на падставу ахвярніка і так пасьвяціў яго, ачышчаючы.

16 Пасьля ўзяў увесь тлушч, каторы на нутры, і тлушч на вантробе, і абедзьве ныркі разам з тлушчам, ды спаліў іх на ахвярніку,

17 а бычка і скуру яго, і мяса яго, і нячыстасьці ягоныя спаліў у агні па-за табарам, бо так загадаў Майсею Госпад.

18 Потым прывёў (Майсей) барана на ахвяру цэлапаленьня. Аарон і сыны ягоныя ўсклалі на галаву яго рукі свае.

19 Майсей забіў яго і пакрапіў кругом ахвярніка крывёю,

20 пасьля пасек барана на часткі і спаліў галаву, і кавалкі, і тлушч,

21 а нутро і ногі памыў вадой. І спаліў Майсей усяго барана ў агні на ахвярніку. Гэта цэлапаленьне на мілы пах, гэта ахвяра Госпаду, як загадаў Госпад Майсею.

22 Потым прывялі другога барана, барана пасьвячэньня сьвятароў. Аарон і сыны ягоныя ўсклалі свае рукі на галаву яго.

23 Майсей забіў яго і ўзяў крыху крыві ягонай, і памазаў ёю верх правага вуха Аарона, вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.

24 І прывёў Майсей сыноў Аарона, і памазаў крывёй верх правага вуха іхняга, і вялікі палец правай рукі іхняй, і вялікі палец правай нагі іхняй, і пакрапіў Майсей крывёю ахвярнік з усіх бакоў.

25 Потым узяў тлушч, хвост і ўвесь тлушч, каторы на нутры разам з тлушчам на вантробе, абедзьве ныркі і іхні тлушч, і правую лапатку,

26 і з каша праснакоў, каторы стаяў перад Госпадам, узяў адзін праснак, адну аладку на алеі і адзін сухарык, і палажыў на тлушч і на правую лапатку.

27 І палажыў усё гэта на рукі Аарона і сыноў яго, і патрос гэтым перад абліччам Госпада.

28 Пасьля ўзяў усё гэта Майсей з рук іхніх і спаліў на ахвярніку разам з цэлапаленьнем. Гэта была ахвяра пасьвячэньня на мілы пах, ахвяра агнявая для Госпада.

29 Потым Майсей узяў грудзіну і патрос яе перад Госпадам; гэта была частка Майсею з барана, ахвяры пасьвячэньня, як загадаў Госпад Майсею.

30 Потым Майсей узяў крыху алею памазаньня і крыху крыві з ахвярніка і пакрапіў Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іхнія. Гэтак пасьвяціў Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іхнія.

31 Па пасьвячэньні іх і шатаў іхніх Майсей загадаў ім: «Зварыце мяса ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы і там ешце яго з хлебам, каторы ў кашы пасьвячэньня, як мне было загадана: «Аарон і сыны яго будуць яго есьці,»

32 а што застанецца зь мяса і хлябоў, спаліце агнём.

33 Ад уваходу ў Палатку Сустрэчы не адыходзьцеся сем дзён, аж да дня заканчэньня пасьвячэньня вашага, бо сем дзён будзе працягвацца пасьвячэньне.

34 І што я зрабіў сягоньня, так загадаў Госпад рабіць, каб ачысьціць вас.

35 Ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы заставайцеся днём і ноччу сем дзён на варце Госпада, каб не паўміралі, бо гэтак мне было загадана».

36 І зрабілі Аарон і сыны ягоныя ўсё, што загадаў ім Госпад праз Майсея.

 

Разьдзел 9

 

1 Восьмага дня паклікаў Майсей Аарона, сыноў яго і старшыняў Ізраэля і сказаў Аарону:

2 «Вазьмі са статку бычка ў ахвяру за грэх і барана на ахвяру цэлапаленьня, абодвух без заганы, і прынясі перад аблічча Госпада.

3 А сынам Ізраэля скажы: «Вазьміце казла ў ахвяру за грэх, і цялё, і барана гадавога без заганы на ахвяру цэлапаленьня,

4 і вала, і барана ў ахвяру прымірэньня, каб ахвяраваць іх перад Госпадам, і ахвяру зь яды, запраўленую алеем, бо сёньня Госпад зьявіцца вам».

5 І прынесьлі ўсё тое, што загадаў ім Майсей, да ўваходу ў Палатку Сустрэчы, і прыйшла ўся супольнасьць, і стала перад Госпадам.

6 І сказаў ім Майсей: «Вось тое, што загадаў Госпад зрабіць, і аб'явіцца вам хвала Госпада!»

7 Дык сказаў Майсей Аарону: «Прыйдзі да ахвярніка, і складзі ахвяру за грэх і ахвяру цэлапаленьня, і ачысьці сябе і народ. І складзі ахвяру за народ, і ачысьці яго, як загадаў Госпад».

8 Тады Аарон прыступіўся да ахвярніка і забіў цялё за грэх свой.

9 Сыны яго далі яму кроў цяляці, і ён, памачыўшы палец ў крыві, памазаў ёю рагі ахвярніка, а астатак выліў на падставу ахвярніка.

10 Тлушч, ныркі і тлушч на вантробе з ахвяры за грэх спаліў ён на ахвярніку, як загадаў Госпад Майсею,

11 а мяса і скуру ягоную спаліў на агні за табарам.

12 Пасьля забіў ахвяру цэлапаленьня; сыны яго далі яму кроў, і ён выліў яе кругом ахвярніка.

13 Далі яму таксама ахвяру цэлапаленьня, падзеленую на часткі, разам з галавой, і ён спаліў гэта на ахвярніку.

14 Потым абмыў нутро і ногі і спаліў як цэлапаленьне на ахвярніку.

15 Потым склаў ён ахвяру за народ. Узяў казла, каторы быў прызначаны на ахвяру за грэх народу, і забіў яго, і ахвяраваў за грэх, як і першага.

16 Пасьля ўзяў ахвяру цэлапаленьня і ахвяраваў яе паводле пастановы.

17 І прынёс ён ахвяру зь яды, і напоўніў ёю руку сваю ды спаліў на ахвярніку, апрача ранішняй ахвяры цэлапаленьня.

18 Пасьля забіў вала і барана, ахвяры прымірэньня ад народу; сыны ж яго далі яму кроў, каторую выліў ён кругом ахвярніка.

19 Тлушч жа вала і хвост барана, і ныркі з лоем, і тлушч на вантробе

20 палажылі на грудзіну; і тлушч быў спалены на ахвярніку;

21 а грудзіна і правае плячо Аарон прынёс, патрасаючы перад Госпадам, як загадаў яму Майсей.

22 І падняў Аарон рукі ў бок народу і дабраславіў яго, і па заканчэньні ахвяраў за грэх, ахвяраў цэлапаленьня і ахвяраў прымірэньня зыйшоў уніз.

23 Потым Майсей і Аарон увайшлі ў Палатку Сустрэчы і, выйшаўшы адтуль, дабраславілі народ. У гэты час аб'явіліся хвала Госпада ўсяму народу.

24 І вось агонь выйшаў ад Госпада, і спаліў ахвяру цэлапаленьня разам з тлушчам, які быў на ахвярніку. Калі ўбачылі гэта людзі, узрадаваліся вельмі, падаючы тварам да зямлі.

 

Разьдзел 10

 

1 Сыны Аарона, Надаб і Абігу, узялі кожны сваю кадзільніцу і набралі ў іх агня, паклалі на яго кадзіла і ахвяравалі перад Госпадам іншы агонь, а ня той, што быў ім загаданы.

2 Тады выйшаў агонь ад Госпада і спаліў іх, і яны памерлі перад абліччам Госпада.

3 Дык сказаў Майсей Аарону: «Вось што сказаў Госпад: Я аб'яўлю Маю сьвятасьць тым, каторыя набліжаюцца да Мяне, і аб'яўлю хвалу перад усім народам «. Аарон, чуючы гэта, маўчаў.

4 Тады Майсей паклікаў Мішаэля і Эльцафана, сыноў Узіэля, дзядзькі Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце і забярыце братоў вашых, і вынясіце іх зь Месца Сьвятога за табар».

5 Яны зараз пайшлі і забралі іх, ляжачых у шатах сваіх, і вынесьлі за табар, як ім было загадана Майсеем.

6 Майсей сказаў тады Аарону ды Элеазару і Ітамару, сынам ягоным: «Не галіце валасоў вашых і не разьдзірайце адзеньня, каб часам не былі вы пакараныя сьмерцю, ды каб не ўзгарэўся гнеў Госпадаў на ўсю супольнасьць. Але браты вашыя і ўвесь дом Ізраэля можа плакаць дзеля тых, каторых спаліў Госпад.

7 Вы ж не выходзьце па-за Палатку Сустрэчы, бо пагінеце, бо алей памазаньня Госпада на вас». І яны зрабілі так, як Майсей ім загадаў.

8 І казаў Госпад Аарону:

9 «Калі маеце ісьці ў Палатку Сустрэчы, то ані ты, ані твае сыны ня піце віна, ані ўсяго таго, што можа п'яніць, каб не паўміралі. Гэта закон вечны на ўсе пакаленьні вашыя,

10 каб умелі адрозьніваць паміж сьвятым і паганым, чыстым і нячыстым,

11 каб навучылі вы сыноў Ізраэля ўсім прыказаньням Маім, якія аб'явіў Госпад ім праз Майсея».

12 Вось што сказаў Майсей Аарону і застаўшымся сынам ягоным, Элеазару і Ітамару: «Вазьміце ахвяру зь яды, застаўшуюся ад ахвяраў Госпадавых, і ешце яе прэсную каля ахвярніка, бо гэта сьвятая рэч.

13 Ешце яе ў сьвятым месцы, бо належыцца яна табе і сынам тваім з агнявых ахвяраў Госпадавых, бо так мне загадана.

14 Грудзіну патрасаную і лапатку падыманую маеце есьці на чыстым месцы, ты і сыны твае, і дочкі твае з табою; гэта бо пакінута табе і дзецям тваім з ахвяраў прымірэньня сыноў Ізраэля.

15 Лапатка падыманая і грудзіна патрасаная разам з часткамі тлустымі ахвяры цэлапаленьня, каторыя будуць трэсьці перад Госпадам, будуць належаць табе і сынам тваім як вечны закон, як загадаў Госпад».

16 Майсей шукаў казла ахвяры за грэх і даведаўся, што ён спалены. Дык разгневаўся ён на застаўшыхся сыноў Аарона, Элеазара і Ітамара і сказаў ім:

17 «Чаму ня зьелі вы ахвяры за грэх у сьвятым месцы? Гэта ж сьвятая рэч. Яна дадзена вам здымаць грахі з супольнасьці, каб ачысьціць яе перад Госпадам.

18 Вось жа кроў яго ня ўнесена ў Месца Сьвятое. Дык мусілі вы зьесьці яе ў Месцы Сьвятым, як загадана мне».

19 Аарон адказаў: «Вось складзеная сёньня імі ахвяра за грэх і цэлапаленьне перад Госпадам, і такое здарылася. Калі сягоньня зьем ахвяру за грэх, ці гэта ўспадабае Госпад?»

20 Майсей выслухаў гэта, і спадабалася яму.

 

Разьдзел 11

 

1 І сказаў Госпад Майсею і Аарону:

2 «Вось што кажыце сынам Ізраэля: Вось жывёлы з усіх жывёлаў зямных, каторыя можаце есьці:

3 кожную жывёліну, у каторай раздвоеныя капыты і на іх глыбокі разрэз, і каторая жуе жвайку, тую можаце есьці.

4 З маючых раздвоеныя капыты і што жуюць жвайку ня ешце такіх: вярблюда, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для цябе;

5 тушканчыка, каторы жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для цябе;

6 таксама зайца, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для цябе;

7 і сьвіню, каторая мае раздвоеныя капыты і на капытах разрэз глыбокі, але не жуе жвайку, нячыстая яна для цябе.

8 Іхнім мясам не карыстайцеся і падліны іхняй не дакранайцеся, бо яны нячыстыя для вас.

9 Вось гэтых жывуноў, што родзяцца ў вадзе, можна есьці: кожнага вадзянога жывуна, каторы мае плаўнік і луску, ці ён з мора, ці з ракі, ці з ручая, есьці можаце.

10 Каторы ж зь іх ня мае плаўніка і лускі, ці з мора, ці з ракі, усе, што, плаваюць у вадзе, і ўсе, каторыя жывуць у вадзе, яны паганыя для вас.

11 Яны будуць брыдотай для вас. Ня ешце мяса іх і высьцерагайцеся падліны іхняй.

12 Усе жывуны вадзяныя, ня маючыя плаўніка і лускі, будуць для вас нячыстымі.

13 З птушак гэтых павінны вы высьцерагацца і ня есьці: арла, грыфа і марскога арла,

14 каршука і сокала з родам яго,

15 усякіх гатункаў крумкачоў,

16 стравуса, савы, чайкі ды ястрабоў усякіх гатункаў,

17 пугача, рыбалова, ібіса,

18 лебедзя, пэлікана і сыча,

19 чаплі, буслоў усякіх гатункаў, удода і кажана.

20 Усе жывуны крылатыя, што на чатырох нагах, нячыстыя будуць для вас.

21 Спаміж лятаючых жужлаў будзеце есьці толькі тых, у каторых галені вышэй ног, каб маглі скакаць па зямлі.

22 Спаміж іх гэтых ешце: шаранчу ўсіх гатункаў, салам усіх гатункаў, харголь і хагаб усіх гатункаў.

23 Усе іншыя гатункі чатырохножных жужлаў будуць для вас нячыстыя.

24 Ад іх вы будзеце нячыстыя; хто дакранецца іхняй падліны, апаганіцца і будзе нячысты да вечара.

25 І калі б каму выпала несьці падліну іх, хай вымые адзеньне сваё і будзе нячысты да заходу сонца.

26 Кожная жывёла, каторая мае капыт раздвоены, але ня мае разрэзу ды не жуе жвайку, будзе нячыстая для вас; дык хто дакранецца яе, станецца нячыстым.

27 З усіх жывёлаў чатырохножных тыя, што ходзяць на лапах, нячыстыя для вас; кожны хто дакранецца падліны іхняй, нячысты будзе да вечара.

28 Дык кожны, хто нёс бы падліну іхнюю, хай вымые адзеньне сваё і будзе нячысты да вечара, бо ўсе яны нячыстыя для вас.

29 Спаміж малых жывёлін, каторыя рухаюцца па зямлі, нячыстыя гэтыя: крот, мыш ды ўсе гатункі яшчарак,

30 анака, хамэлеон, летаа, хамэт і тыншамэт.

31 Усе гэтыя жывёлы нячыстыя. Хто дакранецца іх падліны, будзе нячысты аж да вечара.

32 Калі з гэтых падлінаў упадзе што-колечы ці то на посуд драўляны, ці на адзеньне, ці на скуру, ці на мяшок, то ўсякая рэч, катораю карыстаюцца, будзе нячыстай. Трэба намачыць іх у вадзе, і будуць яны нячыстыя аж да вечара, а потым будуць чыстыя.

33 Посуд жа гліняны, у каторы штосьці з гэтага ўпала, будзе ўнутры нячысты, і яго трэба разьбіць.

34 Кожная страва, каторую ясьцё, калі б на яе пацякла вада з таго посуду, будзе нячыстай, і ўсякае пітво, каторае п'юць з такога посуду, нячыстае.

35 На што толькі нешта з гэтае падліны ўпадзе, тое будзе нячыстым; печ ці грубка маюць быць зьнішчаны, бо яны нячыстыя, і будуць нячыстыя для вас.

36 Толькі крыніцы і студні, дзе ёсьць вада, будуць чыстымі. Але той, хто дакранецца той падліны, будзе нячысты.

37 Калі што-колечы ад падліны ўпадзе на насеньне, не паганіць яго,

38 але калі б зерне было мокрае і такога дакранулася штосьці ад падліны, то яно будзе для вас нячыстым.

39 Калі здохне жывёла, каторую вам можна есьці, дык калі б хто дакрануўся яе, будзе нячысты да вечара.

40 Калі хто зьесьць такой падліны, то хай памые адзеньне і будзе нячысты да вечара. Таксама і той, хто будзе несьці такую падліну, хай вымые адзеньне і будзе нячысты да вечара.

41 Усякая жывёліна, каторая поўзае па зямлі - гэта брыдота, нельга яе есьці.

42 Што-колечы поўзае па зямлі на жываце і на чатырох нагах, або мае многа ног, або цягнецца па зямлі, ня ешце гэтага, бо гэта брыдота.

43 Не паганьце душаў вашых якімі-небудзь паўзунамі і не дакранайцеся да іх, каб ня сталіся нячыстымі.

44 Я - Госпад, Бог ваш. Асьвячайцеся ды будзьце сьвятымі, бо Я - Сьвяты! Не паганьце душаў вашых якім-колечы паўзуном, каторы поўзае па зямлі,

45 бо Я - Госпад, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай, каб быць вашым Богам. Будзьце сьвятымі, бо Я - Сьвяты!

46 Гэта вось закон адносна быдла і птушак ды ўсякага жывуна, каторы жыве ў вадзе і поўзае па зямлі,

47 каб адрозьнівалі, што чыстае, а што нячыстае, ды ведалі, што маеце есьці, а чым маеце брыдзіцца».

 

Разьдзел 12

 

1 Далей казаў Госпад Майсею:

2 «Кажы сынам Ізраэля і вучы іх: Калі жанчына пачне і народзіць сына, сем дзён застанецца нячыстай; як у дні месячніцы яна будзе нячыстай.

3 І ў восьмы дзень будзе абрэзаны (хлопец),

4 а яна трыццаць тры дні будзе ачышчацца ад крыві сваёй, ня будзе дакранацца нічога сьвятога, ня будзе хадзіць у сьвятыню, пакуль ня скончацца дні яе ачышчэньня.

5 Калі народзіць дачку, нячыстай будзе яна два тыдні як у дні месячніцы, і шэсьцьдзесят дзён будзе ачышчацца ад крыві сваёй.

6 Калі скончацца дні ачышчэньня ейнага дзеля нараджэньня сына або дачкі, прынясе яна да сьвятара да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы аднагадовага барана ў ахвяру цэлапаленьня і маладога галубка або турка ў ахвяру за грэх.

7 Ён складзе іх у ахвяру перад Госпадам і ачысьціць яе, і так ачысьціцца яна ад цячэньня крыві сваёй. Гэта закон адносна той, каторая нарадзіла сына або дачку.

8 Калі б яна не змагла ахвяраваць барана, то хай ахвяруе двух туркоў або два маладыя галубкі, аднаго ў ахвяру цэлапаленьня, а другога ў ахвяру за грэх. Гэтак ачысьціць яе сьвятар і яна будзе ачышчаная».

 

Разьдзел 13

 

1 Далей казаў Госпад Майсею і Аарону:

2 «Калі ў якога чалавека на скуры цела зьявіцца пухліна, або лішай, або белая пляма, што ёсьць прыкметай праказы, то хай прывядуць яго да Аарона, сьвятара, або да аднаго з сыноў яго, сьвятароў.

3 Сьвятар агледзіць пляму на скуры, і калі валасы на пляме зьменяцца на белыя ды пляма паглыбіцца на скуры цела, гэта хвароба праказы. Сьвятар праверыць яго і прызнае яго нячыстым.

4 Калі, аднак, пляма на скуры цела яго белая, але ня ўглыбіўшыся ў цела, і валасы не пабялелыя, то сьвятар адасобніць яго на сем дзён.

5 Сёмага дня сьвятар агледзіць яго. Калі сьвятар сьцьвердзіць, што пляма не павялічылася і не пашырылася на скуры, то адасобніць яго яшчэ на сем дзён.

6 Пасьля сямі дзён сьвятар зноў яго агледзіць. Калі пляма пацямнела і не пашырылася на скуры, то сьвятар прызнае яго чыстым; гэта лішай, дык хай ён вымые адзеньне сваё і будзе чысты

7 Калі, аднак, лішай пашырыўся па скуры пасьля таго, як ён стаў перад сьвятаром для праверкі, то ён другі раз павінен стаць перад сьвятаром.

8 Сьвятар агледзіць яго, і калі сьцьвердзіць, што лішай пашырыўся на скуры, прызнае яго тады нячыстым; гэта праказа.

9 Калі на якім чалавеку выявіцца праказа, хай прывядуць яго да сьвятара.

10 Калі сьвятар агледзіць яго і сьцьвердзіць, што на скуры ягонай ёсьць белая пухліна, паросшая белымі валасамі, і на пухліне жывое мяса,

11 гэта значыць, што на скуры цела яго застарэлая праказа. Сьвятар прызнае яго нячыстым і адасобніць яго, бо ён нячысты.

12 Калі ж праказа расьцьвіце на скуры і пакрые ўсю скуру хворага ад галавы да ног, на колькі могуць бачыць вочы сьвятара,

13 і ўбачыць сьвятар, што праказа пакрыла ўсё цела ягонае, то ён аб'явіць хворага чыстым, таму што ўсё (цела) перамянілася ў белае; ён чысты.

14 Калі выявіцца на ім жывое мяса, то ён нячысты.

15 Сьвятар, убачыўшы жывое мяса, прызнае яго нячыстым; бо жывое мяса нячыстае; гэта праказа.

16 Калі ж жывое мяса станецца зноў белым, хай ён прыйдзе да сьвятара.

17 Сьвятар яго агледзіць і сьцьвердзіць, што плямы сталіся белымі і прызнае яго чыстым; ён чысты.

18 Калі ў каго на скуры цела была скула і зажыла,

19 але на месцы скулы будзе белая пухліна, або белая пляма, або чырвоная, то ён павінен паказацца сьвятару.

20 Сьвятар агледзіць яго і сьцьвердзіць, што тая пляма паглыблена адносна скуры і што валасы на ёй пабялеўшыя, і прызнае тады яго нячыстым. Гэта хвароба праказы, каторая зацьвіла на скуле.

21 Калі, аднак, сьвятар сьцьвердзіць, што там няма белых валасоў, і што пляма не паглыблена адносна скуры, і што яна пацямнеўшы, то сьвятар адасобніць яго на сем дзён.

22 Калі ж яна пашырыцца на скуры, то сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта бо хвароба праказы.

23 Калі, аднак, пляма застанецца бязь зьмены і не пашырыцца, то гэта шнар на скуле, і сьвятар прызнае яго чыстым.

24 Калі хто мае на сваёй скуры апёк, і калі на той скуры паявіцца чырвоная або белая пляма,

25 дык сьвятар агледзіць яго. Калі сьцьвердзіць, што валасы на пляме пабялеўшы, і калі выглядае, што пляма паглыблена адносна акружаючай скуры, значыць, гэта праказа, каторая зацьвіла на апёку. Сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы.

26 Калі, аднак, сьвятар сьцьвердзіць, што на пляме няма белых валасоў і што яна не паглыблена адносна акружаючай скуры, ды што яна пацямнеўшы, дык сьвятар адасобніць яго на сем дзён.

27 Сёмага дня сьвятар зноў яго агледзіць. Калі пляма пашырылася на скуры, то сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы.

28 Калі, аднак, пляма не пашырыцца на скуры, але пацямнее, значыць, гэта шнар ад апёку. Сьвятар прызнае яго чыстым, бо гэта ёсьць шнар ад апёку.

29 Калі ў мужчыны або жанчыны на галаве або барадзе зьявіцца пляма,

30 хай агледзіць яе сьвятар, і калі сьцьвердзіць, што яна паглыблена адносна акружаючай скуры, і што валасы на ёй сталіся жоўтыя і тонкія, дык сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта паршывасьць, праказа галавы або барады.

31 Калі ж сьвятар агледзіць пляму, і яна не паглыблена адносна скуры, і валасы на ёй ня чорныя, дык адасобніць яго (чалавека) на сем дзён.

32 У сёмы дзень сьвятар агледзіць пляму, і калі сьцьвердзіць, што пляма не пашырылася, і што на ёй няма жоўтых валасоў, і калі пляма не паглыбілася адносна скуры,

33 то чалавек паголіцца, але не абголіць месца плямы, і сьвятар зноў адасобніць яго на сем дзён.

34 Сёмага дня, калі сьвятар убачыць, што пляма трымаецца свайго месца і не паглыбілася адносна скуры, то сьвятар прызнае яго чыстым. Памыўшы адзеньне, будзе ён чыстым.

35 А калі пасьля ачышчэньня зноў зьявіцца пляма на скуры,

36 дык сьвятар аглядзіць яго. Калі сьцьвердзіць, што пляма пашырылася на скуры яго, то ўжо не патрабуе шукаць жоўтых валасоў, бо ясна, што ён нячысты.

37 Калі ж пляма застаецца ў сваім выглядзе, ды ня бачна на ёй чорнага воласу, то хай ведае, што чалавек здаровы, і хай сьвятар сьмела заяўляе, што ён чысты.

38 Калі ў мужчыны або жанчыны паявіцца на скуры цела іхняга шмат плямаў белых,

39 хай агледзіць іх сьвятар. Калі сьцьвердзіць, што на іх скуры сьветлыя белыя плямы, дык гэта толькі крапіўка, каторая закрасавала на скуры. Ён чысты.

40 Калі з чыёй галавы выпадуць валасы, то ён лысы, і ён чысты.

41 Калі ў каго лоб палысее, ён лысы, і ён чысты.

42 Але калі на лысіне або лысеючым чале паявіцца пляма белая або чырвоная, значыць, гэта праказа, каторая закрасавала на лысіне або палыселым чале.

43 Дык калі сьвятар сьцьвердзіць, што ў яго пухліна белая або чырвоная на лысеючым чале, падобная да праказы на скуры цела,

44 гэта значыць чалавек пракажаны, нячысты. У яго на галаве праказа.

45 Пракажаны, крануты гэтай хваробай, будзе мець разадранае адзеньне, нячэсаныя валасы на галаве і бараду заслоненую і будзе крычаць: «Нячысты, нячысты!»

46 Увесь час сваёй хваробы ён будзе нячыстым. Будзе жыць асобна па-за табарам.

47 Калі на якімсьці адзеньні паявіцца праказа, ці на адзеньні ваўняным, ці на льняным,

48 ці на аснове, ці на ўтоку льняным, ці ваўняным, ці на скуры, ці на якім вырабе скураным,

49 і калі паявіцца пляма зелянявая або чырванявая на адзеньні або на скуры, на ўтоку або аснове, або на якім другім вырабе скураным, гэта хвароба праказы. Трэба паказаць гэта сьвятару.

50 Сьвятар агледзіць заражанае і замкне (заражанае) на сем дзён.

51 Сёмага дня агледзіць зноў пляму, і калі яна пашырылася на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на скуры, або на якім іншым вырабе, зробленым са скуры, то гэта праказа ліхая; усё, на чым яна знойдзена, - нячыстае.

52 І ён павінен спаліць гэтае адзеньне, ці аснову, ці ўток ільняны, ці ваўняны, ці выраб скураны, на якіх будзе гэтая зараза, бо гэта злаякасная праказа, яна павінна быць спалена агнём.

53 Калі, аднак, сьвятар сьцьвердзіць, што пляма не пашырылася на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на якім скураным вырабе,

54 то ў такім выпадку сьвятар загадае вымыць рэч, заражаную язвай, і замкне яе яшчэ на сем дзён.

55 Калі па вымыцьці сьвятар сьцьвердзіць, што пляма не зьмяніла свайго віду, то, значыць, гэта нячыстае, хоць пляма не пашырылася. Спаліш тое незалежна ад таго, ці рэч заражаная з аднога, ці з другога боку.

56 А калі сьвятар сьцьвердзіць па вымыцьці, што пляма сталася сьвятлейшай, то ён адарве гэтае месца ад адзеньня або скуры, або асновы, або ўтоку.

57 А калі пляма зноў зьявіцца на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на якім-колечы вырабе скураным, гэта красаваньне праказы; спаліш у агні тое, на чым ёсьць зараза.

58 Аднак тое адзеньне, або аснова, або ўток, або які іншы выраб скураны, каторы ты вымыў і з каторага зьнікла пляма, хай будзе вымыты паўторна, і будзе ён чысты.

59 Гэта вось закон адносна праказы на адзеньні ваўняным ці льняным, на аснове, або на ўтоку, або на якім скураным вырабе, каб прызнаць іх чыстымі ці нячыстымі».

 

Разьдзел 14

 

1 Далей казаў Госпад Майсею:

2 «Гэта закон адносна пракажанага ў дзень ягонага ачышчэньня: Няхай прывядуць яго да сьвятара,

3 і сьвятар выйдзе з табару, і калі (сьвятар) сьцьвердзіць, што праказа вылечаная,

4 загадае, каб за таго, каторы ачышчаны, узялі дзьве птушкі жывыя, чыстыя, і кедровага дрэва, і кармазыновыя ніткі, і гізоп.

5 Потым сьвятар загадае забіць адну птушку над гліняным начыньнем, напоўненым жывою вадой.

6 Пасьля возьме другую жывую птушку разам з кавалкам дрэва кедровага, зь ніткамі кармазыновымі, і гізоп, і ўмочыць іх і жывую птушку ў крыві (птушкі) забітай над жывою вадою,

7 і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, і аб'явіць яго чыстым. А жывую птушку выпусьціць у поле.

8 Ачышчаны памые адзеньне сваё, абголіць усе валасы на целе, і вымыецца ў вадзе, і будзе чысты. Пасьля ачышчаны ўвойдзе ў табар і будзе жыць сем дзён па-за сваёй палаткай.

9 Сёмага дня абголіць ён усе валасы, вымые адзеньне, абголіць галаву і бараду, і бровы, абмые ўсё цела вадой і будзе чысты.

10 Восьмага дня возьме ён двух баранчыкаў без заганы, адну гадавую авечку без заганы і тры дзесятыя часткі эфы пшанічнай мукі, зьмешанай з алеем, як ахвяру зь яды, і адзін лог алею.

11 Потым сьвятар, каторы ачышчае, паставіць чалавека ачышчанага з усім гэтым перад Госпадам ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы.

12 Пасьля сьвятар возьме аднаго баранчыка і складзе яго ў ахвяру за грэх, поруч лог алею, і прынясе ўсё гэта, патрасаючы перад Госпадам.

13 Далей заб'е гэтага баранчыка на месцы, на каторым забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэлапаленьня, на месцы сьвятым, бо ахвяра аднагараджэньня, як і ахвяра за грэх, належыць сьвятару; гэта сьвятая рэч.

14 Далей возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня і памажа ёю верх вуха чалавека ачышчанага, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.

15 Далей сьвятар возьме з лога алею і вылье яго на сваю левую далонь.

16 Потым сьвятар памочыць палец правай рукі ў алеі, каторы на яго левай далоні, і пакрапіць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад Госпадам.

17 Астаткам алею, каторы на яго далоні, сьвятар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі, над крывёй яго ахвяры аднагараджэньня.

18 А астатак алею на яго далоні вылье ён на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак ачысьціць яго перад Госпадам.

19 Пасьля сьвятар складзе ахвяру за грэх і ачысьціць таго, хто ачышчаецца, ад нячыстасьці яго. Далей складзе ахвяру цэлапаленьня,

20 і складзе гэтую ахвяру на ахвярніку разам з ахвярай зь яды. І так сьвятар ачысьціць таго чалавека, і будзе ён чысты.

21 Калі ж хто бедны ды жыве ў нястачы, то хай возьме аднаго барана ў ахвяру аднагараджэньня для патрасаньня, каб быць ачышчаным, а таксама дзесятую частку эфы мукі, запраўленай алеем, у ахвяру зь яды, і адзін лог алею,

22 і два туркі або двое маладых галубкоў, на што будзе здольная рука яго; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэлапаленьне.

23 І прынясе іх на восьмы дзень свайго ачышчэньня да сьвятара да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы перад Госпада.

24 Сьвятар возьме ягнё за грэх і лог алею ды разам патрасе перад Госпадам.

25 І заб'е барана ў ахвяру за грэх. Пасьля возьме сьвятар кроў ахвяры за грэх і памажа верх правага вуха ачышчанага чалавека, і вялікі палец яго правай рукі, і вялікі палец яго правай нагі.

26 Далей сьвятар налье алею на сваю левую далонь

27 і, памачыўшы ў ім палец правай рукі сваёй, пакрапіць сем разоў перад абліччам Госпада.

28 Далей сьвятар памажа алеем, які ў яго на далоні, верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі ў месцы крыві ахвяры аднагараджэньня.

29 Астатак жа алею, што застаўся на левай руцэ яго, вылье сьвятар на галаву таго, хто ачышчаецца, каб перапрасіць за яго Госпада.

30 Пасьля ахвяруе аднаго турка або маладога галубка, каторага прынясе рука таго, хто ачышчаецца,

31 і ахвяруе аднаго за грэх, а другога на цэлапаленьне разам з ахвярай зь яды, і так ачысьціць яго сьвятар перад Госпадам.

32 Такая вось ахвяра пракажанага, якому не стае (маёмасьці) ў часе ачышчэньня свайго».

33 Гэта вось казаў Госпад Майсею і Аарону:

34 «Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, каторую Я дам вам на ўласнасьць, і калі б зьявілася праказа на дамах пасяленьня вашага,

35 хай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць сьвятара: «Здаецца мне, што праказа завялася ў маім доме».

36 Сьвятар загадае, каб прынялі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб не запаганіла ўсяго, што ў доме. І ўвойдзе сьвятар, каб агледзець дом.

37 І калі б заўважыў на сьценах яго нібы ямінкі, цьвільлю пакрытыя, і зеленявыя, уеўшыся ў сьцяну,

38 тады выйдзе з дому да дзьвярэй і зараз жа зачыніць яго на сем дзён.

39 Сёмага дня, вярнуўшыся, агледзіць дом. І калі заўважыць, што язва пашырылася,

40 загадае тое каменьне заражанае вырваць ды выкінуць за горад на нячыстае месца.

41 Дом жа кругом унутры абскрабуць і абскрэбкі выкінуць на месца нячыстае за горадам.

42 Пасьля возьмуць іншыя каменьні і пакладуць на месца папярэдніх каменьняў, ды возьмуць іншую заправу і атынкуюць дом.

43 Калі ж пляма зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі каменьні, а дом абскрэблі і атынкавалі,

44 дык прыйдзе сьвятар і агледзіць яго. І калі сьцьвердзіць, што зараза ў доме пашырылася, значыць, гэта ліхая праказа, і дом нячысты.

45 Тады дом гэты зараз жа разьбяруць, а каменьне, і дрэва, і ўвесь попел дому таго выкінуць за горад у нячыстае месца.

46 Калі б хто ўвайшоў у дом, калі ён зачынены, будзе ён нячысты да вечара,

47 а калі б хто спаў у ім або еў штосьці, хай памые адзеньне сваё.

48 Калі вось сьвятар прыйдзе, і агледзіць яго, і сьцьвердзіць, што зараза не пашырылася ў гэтым доме па атынкаваньні, дык прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылекавана.

49 Каб ачысьціць дом, сьвятар возьме дзьве птушкі, кавалак дрэва кедровага, ніткі кармазыновыя і гізоп.

50 І заб'е адну птушку над пасудзінай глінянай над жывою вадою.

51 Пасьля возьме кедровага дрэва, гізоп, ніткі кармазыновыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў жывой вадзе, і пакрапіць сем разоў дом.

52 Такім чынам ачысьціць крывёй птушкі, і вадой жывой, і дрэвам кедровым, і ніткамі кармазыновымі, і гізопам.

53 А жывую птушку пусьціць за горадам на полі. Такім чынам ачысьціць дом, і ён будзе чыстым.

54 Гэта закон адносна ўсякай заразы, праказы і паршывасьці,

55 праказы адзеньня і дому, пухліны, скулаў і белых плямаў,

56 каб навучыць, калі што чыстае, а калі нячыстае. Гэта закон адносна праказы».

 

Разьдзел 15

 

1 Далей казаў Госпад Майсею і Аарону:

2 «Аб'явіце сынам Ізраэля і скажыце ім: Мужчына, каторы мае выцёкі, будзе нячысты.

3 Нячыстасьць яго палягае на тым, што ці цела яго дапускае выцёк, ці затрымоўвае яго, і гэта нячыстасьць ягоная.

4 Кожны ложак, на каторым ляжаў маючы выцёкі, будзе нячысты, а таксама ўсё, дзе ён сядзеў.

5 Кожны, хто дакранецца яго ложка, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

6 Той, хто сеў на рэчы, на каторых сядзеў маючы выцёкі, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

7 Той, хто дакранецца цела чалавека, маючага выцёкі, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

8 Калі маючы выцёкі плюне на чалавека чыстага, той няхай вымые адзеньне сваё, памыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

9 Кожнае сядло, на каторым сядзеў чалавек, маючы выцёкі, будзе нячыстае.

10 Кожны, хто дакранецца чаго-колечы, што маючы выцёкі меў пад сабою, будзе нячысты аж да вечара. Кожны, хто пераносіць такія рэчы, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

11 Таксама кожны, да каго дакранецца маючы выцёкі, не памыўшы перш рукі ў вадзе, хай вымые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

12 Кожны посуд гліняны, да каторага дакранаецца маючы выцёкі, хай будзе пабіты, а кожны пасуд драўляны хай будзе вымыты вадой.

13 Калі маючы выцёкі паздаравее ад выцёкаў, тады хай адлічыць сем дзён на сваё ачышчэньне, і, памыўшы адзеньне сваё і цела сваё ў жывой вадзе, будзе чысты.

14 У восьмы дзень возьме двух туркоў або маладых галубкоў, і пойдзе перад аблічча Госпада да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы, і аддасьць іх сьвятару.

15 Сьвятар складзе іх ахвяру: аднаго ў ахвяру за грэх, другога ў ахвяру цэлапаленьня, і такім чынам ачысьціць яго сьвятар перад Госпадам ад выцёкаў яго.

16 Калі ў каго выльецца насеньне, то ён хай абмые вадою ўсё цела сваё, і будзе нячысты да вечара.

17 І ўсякае адзеньне, і ўсякую скуру, на каторую выльецца насеньне, трэба вымыць вадою, і яны будуць нячыстыя да вечара.

18 Калі мужчына ляжа з жанчынаю, і ў яго выльецца насеньне, хай абодва абмыюцца вадою, і будуць нячыстыя да вечара.

19 Калі жанчына мае месячніцу, значыць, цячэньне крыві зь цела свайго, то хай яна адасобніцца на сем дзён. Кожны, хто яе дакранецца, будзе нячысты да вечара,

20 ды ўсё, на чым яна ляжала або сядзела ў дні адасабленьня, лічыцца нячыстым.

21 Хто дакранецца ложка ейнага, хай памые адзеньне сваё і сам абмыецца вадою, і будзе нячысты да вечара.

22 Кожны, хто дакранецца рэчаў, на якіх яна сядзела, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

23 Калі хто дакранецца чагосьці, што ляжала на яе ложку, або рэчаў, на якіх яна сядзела, будзе нячысты да вечара.

24 Калі які мужчына ляжа тады зь ёю, то нячыстасьць ейная пераходзіць на яго, і ён будзе нячысты сем дзён. Кожны ложак, на якім ён ляжаў, будзе нячысты.

25 Калі жанчына церпіць цячэньне крыві многія дні ды ня ў час месячніцы, або калі пасьля месячніцы кроў не спыняецца і цячэ, тады яна, як доўга будзе мець гэтую хваробу, будзе нячыстая як падчас месячніцы.

26 Кожны ложак, на каторым будзе спаць яна падчас хваробы сваёй, і рэчы, на каторых будзе сядзець, будуць нячыстымі, як нячыстыя падчас месячніцы яе.

27 Хто дакранецца іх, занячысьціцца, дык хай памые адзеньне сваё вадою і сам вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

28 Калі кроў затрымаецца і спыніцца цячы, хай адлічыць яна сем дзён, і потым будзе чыстая.

29 Восьмага дня возьме яна за сябе двух туркоў або двух маладых галубкоў і прынясе сьвятару да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы.

30 Сьвятар складзе аднаго ў ахвяру за грэх, а другога на цэлапаленьне. Гэта ачысьціць яе перад Госпадам ад цячэньня нячыстасьці яе.

31 Дык вучыце сыноў Ізраэля, каб высьцерагаліся нячыстасьці і каб не памерлі ў нячыстасьці сваёй, паганячы дом Мой, каторы ёсьць паміж іх.

32 Гэта закон адносна таго, хто мае выцёкі насеньня і стаецца нячыстым,

33 а таксама жанчыны, маючай месячніцу, ды агулам мужчыны і жанчыны, маючых выцёкі, таксама мужчыны, каторы ляжа з жанчынай нячыстай».

 

Разьдзел 16

 

1 Вось што сказаў Госпад Майсею па сьмерці двух сыноў Аарона, калі яны прыйшлі перад аблічча Госпада і былі забітыя,

2 і загадаў яму: «Скажы Аарону, брату твайму, каб ня ў кожны час уваходзіў у Месца Найсьвяцейшае за заслону перад накрыўкай, каторая на Каўчэгу, каб ён не памёр, калі Я буду аб'яўляцца ў воблаку над накрыўкай.

3 Вось такім спосабам будзе ён уваходзіць у Месца Найсьвяцейше - узяўшы маладое цялё ў ахвяру за грэх і барана ў ахвяру цэлапаленьня.

4 І хай адзенецца ён у шату сваю льняную, у споднія льняныя, перапаяшацца паясом ільняным, а на галаву ўскладзе льняны кідар - гэта сьвятыя шаты. Хай абмые цела сваё вадою і апране іх.

5 Ад супольнасьці сыноў Ізраэля возьме двух казлоў: аднаго ў ахвяру за грэх, а другога ў ахвяру цэлапаленьня.

6 Потым Аарон прывядзе цялё ў ахвяру за грэх за сябе і ачысьціць сябе і дом свой.

7 І возьме двух казлоў, і паставіць іх перад Госпадам перад уваходам у Палатку Сустрэчы.

8 Пасьля кіне Аарон жэрабя на гэтых казлоў: адно жэрабя для Госпада, а другое жэрабя для Азазэля.

9 Потым Аарон прывядзе таго казла, на каторага выпала жэрабя для Госпада, і складзе яго ў ахвяру за грэх,

10 а казла, на каторага выпала жэрабя для Азазэля, паставіць жывога перад Госпадам, каб даканаць ачышчэньне і каб выгнаць яго для Азазэля ў пустыню.

11 Потым Аарон прывядзе цялё ў ахвяру за грэх за сябе і на перамаленьне за сябе і за свой дом, і заб'е цялё ў ахвяру за грэх за сябе.

12 Пасьля возьме поўную кадзільніцу напаленых вуглёў з ахвярніка, каторы перад Госпадам, і поўныя жмені пахкага тоўчанага кадзіла і занясе за заслону;

13 і кіне кадзіла на агонь перад Госпадам. Воблака кадзіла закрые накрыўку, каторая над Каўчэгам Сьведчаньня, і так не памрэ.

14 Далей возьме крыві цяляці і пакрапіць пальцам сваім перад накрыўкай з усходу. Сем разоў пакрапіць перад накрыўкай пальцам, змочаным у крыві.

15 Потым заб'е казла за грэх народу, і ўнясе кроў яго за заслону, і зробіць з крывёй яго тое самае, што зрабіў з крывёй цяляці, і пакрапіць ёю накрыўку зьверху і сьпераду,

16 і ачысьціць Месца Сьвятое ад нячыстасьці сыноў Ізраэля і ад злачынстваў іх паводле ўсіх іхніх грахоў. Гэтак сама зробіць ён з Палаткаю Сустрэчы, якая знаходзіцца ў іх сярод іх нячыстасьці.

17 Ніводзін чалавек не павінен быць у Палатцы Сустрэчы ад хвіліны, калі Аарон увойдзе, каб даканаць ачышчэньне ў Месцы Найсьвяцейшым, аж пакуль ён ня выйдзе. Вось так ачысьціць ён сябе, дом свой ды ўсю супольнасьць Ізраэлеву.

18 Потым выйдзе да ахвярніка, каторы перад Госпадам, і ачысьціць яго. Возьме крыві бычка і крыві казла і памажа ёю рагі ахвярніка з усіх бакоў,

19 і пакрапіць сем разоў яго пальцам, умочаным у крыві. Такім чынам ачысьціць яго ад нячыстасьці сыноў Ізраэля і асьвяціць яго.

20 Калі ўжо скончыць ачышчэньне Месца Сьвятога, Палаткі Сустрэчы і ахвярніка, тады прывядзе жывога казла.

21 І ўскладзе Аарон абедзьве рукі на галаву жывога казла, і выкажа над ім усе правіны сыноў Ізраэля, усе іхнія злачынствы ды ўсе грахі іхнія, узложыць іх на галаву казла і выганіць яго праз прызначанага чалавека ў пустыню.

22 Такім спосабам казёл забярэ з сабой усе іхнія правіны ў зямлю бязьлюдную, і выганіць ён казла ў пустыню.

23 Тады Аарон увойдзе ў Палатку Сустрэчы, здыме шаты льняныя, каторыя надзеў, уваходзячы ў Месца Сьвятое, ды пакладзе іх там.

24 І абмые цела вадою ў сьвятым месцы, ускладзе шаты, і выйдзе, і складзе ахвяру цэлапаленьня за сябе і за народ, і ачысьціць сябе і народ.

25 Таксама тлушч ахвяры за грэх спаліць на ахвярніку.

26 А чалавек, каторы выгнаў казла для Азазэля, памые адзеньне, абмые цела вадою, а потым вернецца ў табар.

27 А бычка за грэх і казла за грэх, каторых кроў унесена была для ачышчэньня Месца Сьвятога, вынясуць за табар і спаляць разам са скураю, мясам і нячыстасьцю іхняй.

28 Той, хто спаліць іх, вымые адзеньне сваё і абмые цела сваё вадою, а пасьля вернецца ў табар.

29 Гэта будзе вам вечнай пастановай: у сёмы месяц, у дзесяты дзень месяца, прыгнятайце душы вашыя пакутаю, не выконвайце ніякай працы ані тутэйшы, ані прыбылец, каторы паселіцца паміж вамі.

30 У той дзень будзе перамаленьне вашае дзеля ачышчэньня ад усіх грахоў вашых, каб былі вы чыстымі перад абліччам Госпада.

31 Гэта для вас субота супачынку, прыгнятайце душы вашыя пакутаю. Гэта пастанова вечная.

32 Ачышчаць будзе сьвятар, каторы быў памазаны і пасьвячаны на сьвятарства на месца бацькі свайго. І ўскладзе ён на сябе льняныя шаты, адзеньне сьвятое,

33 і ачысьціць Месца Найсьвяцейшае і Палатку Сустрэчы, ахвярнік, а таксама сьвятароў і ўвесь народ супольнасьці.

34 Гэта будзе для вас пастанова вечная, каб раз у год ачышчаць сыноў Ізраэля ад усіх іхніх грахоў». І зрабіў ён, як загадаў Госпад Майсею.

 

Разьдзел 17

 

1 Далей сказаў Госпад Майсею:

2 «Абвясьці Аарону, і сынам яго, і ўсім сынам Ізраэля і скажы ім: Такі вось загад даў Госпад:

3 Калі хто з дому Ізраэля заб'е бычка, або авечку, або казу ў межах табару або па-за табарам

4 і не прынясе іх да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы ў ахвяру Госпаду перад скініяй Госпада, будзе вінен крыві. Ён праліў кроў і будзе вынішчаны спасярод народу свайго.

5 Дзеля таго сыны Ізраэля будуць прыводзіць ахвяры свае, каторыя дасюль складалі ў полі, да Госпада да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы, да сьвятара, і будуць складаць іх як ахвяры прымірэньня для Госпада.

6 І пакрапіць сьвятар крывёй ахвярнік Госпада пры ўваходзе ў Палатку Сустрэчы, а тлушч спаліць на мілы пах Госпаду.

7 Ужо ня будуць складаць ахвяраў дэманам, з каторымі распусьнічалі. Гэта будзе ім пастанова вечная для пакаленьняў іх.

8 Далей скажаш ім: Калі хто з дому Ізраэля або з прыбыльцаў, каторыя жывуць сярод вас, складае ахвяру цэлапаленьня або іншую

9 і не прывядзе яе да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы, каб ахвяраваць Госпаду, то будзе чалавек той выключаны з народу свайго.

10 Калі хто з дому Ізраэля або спасярод прыбыльцаў, каторыя пражываюць сярод вас, еў бы кроў, Я скірую аблічча Маё супраць такога чалавека ды вынішчу яго спаміж народу яго.

11 Бо жыцьцё цела ў крыві, і Я даў яе вам, каб на ахвярніку ачышчалі ёю душы вашыя, бо кроў гэтая ачышчае душу.

12 Дзеля таго даў Я загад сынам Ізраэля: Ніхто з вас ня будзе спажываць крыві. Таксама і прыбылец, каторы пасяліўся сярод вас, ня будзе спажываць крыві.

13 Калі хто з сыноў Ізраэля або з прыбыльцаў, каторыя пасяліліся сярод вас, зловіць дзікага зьвяра або птушку, якіх можна есьці, хай вылье зь іх кроў і закрые яе зямлёю.

14 Жыцьцё бо кожнага цела ў крыві ягонай; таму даў Я загад сынам Ізраэля: Не спажывайце крыві ніводнага цела, бо душа кожнага цела ў ягонай крыві. Кожны, хто будзе спажываць яе, загіне.

15 Кожны тутэйшы або прыбылец, каторы еў бы мяса падліны або разарванае жывёлы, хай памые адзеньне і вымыецца ў вадзе, і будзе ён нячысты да вечара, а пасьля станецца чыстым.

16 Калі ж хто не памые адзеньня ані цела свайго, будзе насіць правіну сваю».

 

Разьдзел 18

 

1 Далей казаў Госпад Майсею:

2 «Вучы сыноў Ізраэля і кажы ім: Я - Госпад, Бог ваш.

3 Не рабіце паводле звычаю зямлі Эгіпецкай, у каторай вы жылі. Таго, што робяць у зямлі Ханаан, у каторую Я ўвяду вас, не рабіце і не хадзіце паводле іхніх звычаяў.

4 Будзеце спаўняць закон Мой і прыказаньні Мае, і хадзіць паводле іх. Я - Госпад, Бог ваш.

5 Беражыце пастановы Мае і закон Мой. Спаўняючы іх, чалавек будзе жыць дзякуючы ім. Я - Госпад!

6 Ніхто ня можа набліжацца да сваяка, каб адкрыць голасьць ягоную. Я - Госпад.

7 Не адкрывай голасьці бацькі і маткі тваёй, бо гэта - маці твая, не адкрывай голасьць ейную.

8 Не адкрывай голасьці жонкі бацькі твайго, бо гэта голасьць бацькі твайго.

9 Не адкрывай голасьці сястры тваёй, дачкі бацькі твайго або дачкі маткі тваёй, нягледзячы на тое, ці яна нарадзілася ў доме, ці па-за домам. Не адкрывай голасьці іх.

10 Не адкрывай голасьці дачкі сына твайго або дачкі дачкі тваёй, бо гэта голасьць твая.

11 Не адкрывай голасьці дачкі жонкі бацькі твайго, народжанай ад бацькі твайго; гэта сястра твая, не адкрывай голасьці яе.

12 Не адкрывай голасьці сястры бацькі твайго, бо яна сваячка бацькі твайго.

13 Не набліжайся да сястры маткі тваёй, бо яна сваячка маткі тваёй.

14 Не адкрывай голасьці брата бацькі твайго, ня ўваходзь да жонкі ягонай, бо гэта цётка твая.

15 Не адкрывай голасьці нявесткі тваёй, бо яна жонка сына твайго, не набліжайся да яе.

16 Не адкрывай голасьці братавай тваёй, бо гэта голасьць брата твайго.

17 Не адкрывай голасьці жанчыны і дачкі яе. Не бяры дачкі сына ейнага ані дачкі ейнай дачкі, каб адкрыць голасьць яе, бо яны цела яе. Гэта беззаконьне.

18 Не бяры жанчыны разам зь яе сястрой, каб не зрабіць яе суперніцай, каб адкрыць яе голасьць за жыцьця гэтае.

19 Не набліжайся да жанчыны ў час месячніцы, каб адкрыць голасьць яе.

20 Не ўваходзь да жонкі бліжняга твайго, выліваючы насеньне; праз гэта станешся ты нячысты.

21 Не аддавай дзіцяці твайго на ахвяру Малоху, каб не спаганіць імя Бога твайго. Я - Госпад.

22 Не набліжайся да мужчыны так, як ляжаць з жанчынаю. Гэта агіда.

23 Не лажыся ні зь якою жывёлаю, бо праз гэта станешся нячысты. Таксама і жанчына ня будзе лажыцца з жывёлай, бо гэта злачынства.

24 Не паганьцеся ўсім гэтым, як апаганілі сябе ўсе народы, каторыя Я выганю перад вамі,

25 ды каторымі была спракуджана зямля, злачынствы каторай Я пакараў, і выкінула зь сябе жыхароў сваіх.

26 Дык вы пільнуйцеся пастановаў Маіх і законаў Маіх, і не дапускайцеся ўсіх гэтых брыдотаў, ані тутэйшыя, ані прыбыльцы, каторыя жывуць сярод вас,

27 бо ўсіх гэтых брыдотаў дапускаліся жыхары зямлі, каторыя былі перад вамі і каторыя апаганілі яе.

28 Дык сьцеражыцеся, каб і вас гэтая зямля ня выкінула, калі будзеце яе паганіць, як выкінула зь сябе народ, каторы быў перад вамі.

29 Бо кожны чалавек, каторы б дапускаўся адной з гэтых брыдотаў, будзе вынішчаны спасярод народу свайго.

30 Трымайцеся прыказаньняў Маіх. Не дапускайцеся брыдотных звычаяў, як дапускаліся тыя, што былі перад вамі, і не паганьцеся імі. Я - Госпад, Бог ваш».

 

Разьдзел 19

 

1 Далей казаў Госпад Майсею:

2 «Гавары ўсёй супольнасьці сыноў Ізраэля і кажы ім: Будзьце сьвятымі, бо сьвяты Я, Госпад, Бог ваш.

3 Хай кожны паважае матку і бацьку свайго. Сьвяткуйце суботы Мае. Я - Госпад, Бог ваш!

4 Не зьвяртайцеся да ідалаў і не вылівайце сабе багоў з мэталю. Я - Госпад, Бог ваш!

5 Калі будзеце складаць Госпаду ахвяру прымірэньня, дык складайце так, каб была яна Яму прыемнай.

6 Будзеце есьці яе ў сам дзень ахвяры вашай ды ў наступны дзень. Тое, што застанецца на трэці дзень, будзе спалена агнём.

7 Калі хто гэта будзе есьці на трэці дзень, паганым гэта будзе і ня будзе прыемным (Госпаду).

8 Хто будзе яе есьці, правініцца, бо спаганіў сьвятасьць Госпада, і зьнішчана будзе душа тая спасярод народу свайго.

9 Калі будзеце жаць збожжа зямлі вашай, не выжынай аж да канца поля ды не зьбірай застаўшыхся каласоў.

10 Не абірай вінаградніка твайго да рэшты і пападаўшых ягадаў у вінаградніку не падбірай; пакінь гэта бедным і прыбыльцам. Я - Госпад, Бог ваш!

11 Не крадзіце і не хлусьце. Не ашуквайце адзін аднаго.

12 Не прысягайце на імя Маё, і не зьневажай імя Бога твайго. Я - Госпад!

13 Не прыгнятай бліжняга твайго і ня крыўдзі яго. І хай не застаецца ў цябе плата найміта аж да раніцы.

14 Не праклінай глухога ды перад сьляпым не кладзі перашкоды, але бойся Бога твайго. Я - Госпад!

15 Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе. Не пагарджай бедным і не патурай багатаму. Справядліва судзі бліжняга свайго.

16 Ня будзь паклёпнікам і пляткаром у сваім народзе. Не цікуй на кроў бліжняга свайго. Я - Госпад!

17 Ня мей у сэрцы сваім нянавісьці да брата свайго; дакарай яго і ня будзеш мець грэху з прычыны яго.

18 Ня помсьці ды ня гневайся на сыноў народу свайго. Любі бліжняга свайго як самога сябе. Я - Госпад!

19 Спаўняй законы Мае. Жывёлы тваёй не лучы з жывёлай другой пароды; поля свайго не засявай двума гатункамі насеньня. Не апранай адзеньня з двух матэрыялаў.

20 Калі хто ўвойдзе да жанчыны, выліваючы насеньне, а яна ёсьць нявольніцай, прызначанай для іншага мужа, але яшчэ ня выкуплена і не надзелена свабодай, абодва будуць пакараныя, але не карай сьмерцю, бо не была яна свабоднай.

21 Дзеля таго складзе ён ахвяру Госпаду ля дзьвярэй Палаткі Сустрэчы за грэх свой, барана ў ахвяру аднагараджэньня.

22 І ачысьціць яго сьвятар бараном ахвяры аднагараджэньня ад грэху ягонага перад Госпадам, і будзе адпушчаны яму грэх, якім саграшыў.

23 Калі прыйдзеце вы ў зямлю і пасадзіце дрэвы пладовыя ўсякіх гатункаў, будзеце ўважаць іхнія плады за неабрэзаныя; тры гады будуць яны для вас нячыстыя як неабрэзаныя, і нельга іх есьці.

24 У чацьвёртым годзе ўсе іхнія плады будуць пасьвечаны як дар для Госпада.

25 У пяты год будзеце есьці плады іхнія, каб павялічыўся для вас ураджай зь іх. Я - Госпад, Бог ваш!

26 Ня ешце нічога з крывёй. Не варажыце і не займайцеся чарамі.

27 Не стрыжы валасоў кругом галавы, і не калечце край барады сваёй.

28 Не рабіце нарэзы на целе вашым на знак жалобы па памершых ды не накалывайце (надпісы) на скуры. Я - Госпад!

29 Не выдавай на ганьбу дачкі сваёй, робячы зь яе распусьніцу, каб не апаганілася зямля і не напоўнілася распустай.

30 Сьвяткуйце Мае суботы і паважайце Маё сьвятое месца. Я - Госпад!

31 Не зьвяртайцеся да выклікаючых духі памершых ані да варажбітоў, каб у іх раіцца, каб празь іх не апаганіліся. Я - Госпад, Бог ваш!

32 Перад сівой галавой устань, і шануй старога ды бойся Бога твайго. Я - Госпад.

33 Калі ў вашай зямлі паселіцца чужынец, ня крыўдзі яго,

34 але хай будзе ён пасярод вас як тутэйшы, і любі яго як самога сябе, бо і вы былі чужынцамі ў зямлі Эгіпецкай. Я - Госпад, Бог ваш!

35 Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе, у меры ды ў вагах.

36 Будзеце мець вагі справядлівыя, справядлівую эфу і справядлівы гін. Я - Госпад, Бог ваш, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай.

37 І вы будзеце захоўваць усе прыказаньні Мае і ўсе пастановы Мае, і выконваць іх. Я - Госпад».

 

Разьдзел 20

 

1 Далей казаў Госпад Майсею:

2 «Кажы сынам Ізраэля: Хто спасярод Ізраэля або спасярод прыбыльцаў, каторыя пасяліліся ў Ізраэлю, дасьць адно з сваіх дзяцей Малоху, будзе пакараны сьмерцю; землякі ягоныя ўкамянуюць яго.

3 І Я Сам зьвярну аблічча Маё супраць яго, і выкараню яго спаміж народу яго за тое, што ён даў патомства сваё Малоху, спаганіў сьвятыню Маю і зьняважыў сьвятое імя Маё.

4 Калі землякі ягоныя закрыюць вочы свае на такога чалавека, каторы аддаў адно зь дзяцей сваіх Малоху, ды не заб'юць яго,

5 то Я Сам зьвярну аблічча Маё супраць такога чалавека і супраць яго сям'і, і выкараню яго спасярод народу яго, а таксама ўсіх тых, каторыя насьлядуюць яго, каторыя распусьнічаюць з Малохам.

6 Таксама супраць кожнага, хто зьвернецца да выклікаючых духі памершых або да варажбітоў, каб распусьнічаць зь імі, Я зьвярну аблічча Маё, і выкараню яго спаміж яго народу.

7 Дык асьвяціцеся і будзьце сьвятымі, бо Я сьвяты, Я - Госпад, Бог ваш!

8 Захоўвайце прыказаньні Мае і выпаўняйце іх. Я - Госпад, Каторы асьвячае вас!

9 Хто праклінае бацьку і матку сваю, будзе пакараны сьмерцю; хто праклінаў бацьку або матку, той сьцягнуў сьмерць на сябе.

10 Калі хто будзе чужаложыць з чужою жонкай, будзе пакараны сьмерцю і чужаложнік, і чужаложніца.

11 Хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, той адкрывае голасьць бацькі; будуць пакараны сьмерцю абое, яны самі гэтую сьмерць сьцягнуць на сябе.

12 Хто ляжа зь нявесткай, будзе разам зь ёю пакараны сьмерцю. Яны дапусьціліся брыдоты, і самі гэтую сьмерць сьцягнулі на сябе.

13 Хто ляжа з мужчынам так, як з жанчынай, дапускаецца брыдоты. Абодва будуць пакараныя сьмерцю; яны самі на сябе гэтую сьмерць сьцягнулі.

14 Калі хто бярэ за жонку жанчыну і яе матку, дапускаецца распусты; ён і яна будуць спалены ў агні, каб не было распусты сярод вас.

15 Хто ляжа з жывёлай, выліваючы насеньне, будзе пакараны сьмерцю. Жывёлу таксама трэба забіць.

16 Калі жанчына наблізіцца да якой жывёлы, каб зь ёй легчы, заб'еш жанчыну і жывёлу. Абое будуць пакараныя сьмерцю; самі гэтую сьмерць на сябе сьцягнулі.

17 Калі хто возьме сваю сястру, дачку бацькі свайго або маткі сваёй, і будзе аглядаць яе голасьць, а яна будзе аглядаць яго голасьць, гэта сорам; хай будуць забітыя перад народам сваім; дзеля таго, што ён адкрыў голасьць сястры сваёй, грэху дапусьціўся ён.

18 Калі хто ляжа з жанчынай у час месячніцы і адкрые яе голасьць, то ён адкрывае крыніцу яе крыві, і яна таксама адкрывае крыніцу сваёй крыві; абодва вынішчаны будуць спасярод народу свайго.

19 Не аткрывай голасьці сястры маткі тваёй або сястры бацькі твайго, бо гэта было б тое самае, што адкрыць уласнае цела. Грэх свой яны панясуць самі.

20 Хто ляжа са сваёй цёткай, той адкрывае голасьць дзядзькі свайго. Самі яны панясуць грэх свой, памруць бязьдзетныя.

21 Хто бярэ жонку брата свайго, гэта паскудства. Адкрыў ён голасьць свайго брата, будуць яны бязьдзетныя.

22 Захоўвайце ўсе пастановы Мае і ўсе законы Мае і выконвайце іх, каб ня выкінула вас зямля, у каторую Я ўвяду вас, каб вы там жылі.

23 Не рабіце паводле звычаяў народу, каторы Я выганю перад вамі. Бо ўсяго гэтага дапускаліся яны, і таму сталіся для Мяне брыдкімі.

24 Вось жа сказаў Я вам: Вы возьмеце зямлю іхнюю, Я дам яе вам на ўласнасьць, зямлю, ацякаючую малаком і мёдам. Я Госпад, Бог ваш, Каторы аддзяліў вас ад іншых народаў.

25 Дык адрозьнівайце жывёлу чыстую ад нячыстай і птушку чыстую ад нячыстай, каб не апаганілі вы душаў вашых жывёлай, і птушкамі, ды ўсім другім, што рухаецца па зямлі, і што Я вылучыў вам як нячыстае.

26 Будзьце перад Мною сьвятымі, бо Я сьвяты, Я - Госпад, Каторы аддзяліў вас ад другіх народаў, каб вы былі Маімі.

27 Мужчына або жанчына, калі будуць яны выклікаць духаў памершых або варажыць, будуць пакараныя сьмерцю. Укамянуеце іх; яны самі заслужыліся на такую сьмерць».

 

Разьдзел 21

 

1 Далей казаў Госпад Майсею: «Гавары сьвятарам, сынам Аарона, і кажы ім: Хай не занечышчаецца сьвятар, дакранаючыся памёршага з народу свайго.

2 Хіба толькі да блізкіх сваякоў, да бацькі і маткі, сына і дачкі, а таксама брата свайго

3 і сястры сваёй, дзяўчыны, што жыве пры ім незамужняя, можна яму дакранацца і не занячысьціць сябе.

4 І хай не занячысьціць сябе сьвятар з прычыны сваякоў жонкі сваёй, бо было б гэта зьнявагаю.

5 Не павінны яны стрыгчы галавы і скраяў барады, і на целе сваім ня будуць рабіць нарэзаў.

6 Сьвятымі будуць яны перад Богам сваім і ня будуць паганіць імя Ягонае, бо яны складаюць ахвяры цэлапаленьня Госпаду і ахвяры зь яды, таму мусяць яны быць сьвятымі.

7 Ня возьмуць яны за жонку распусьніцы або зьняслаўленай; ня возьмуць жанчыны, выгнанай мужам, бо сьвятар пасьвечаны Богу.

8 Будзеш уважаць яго за сьвятара, бо ён складае хлеб Богу твайму. Дык хай будзе ён сьвяты для цябе, бо сьвяты Я, Госпад, Каторы асьвячае вас.

9 Калі дачка сьвятара паганіць сябе распустаю і няславіць імя бацькі свайго, будзе яна спалена ў агні.

10 Найвышэйшы сьвятар паміж братоў сваіх, каторага галава была памазана алеем, каторага рукі пасьвечаныя ў сьвятарства ды каторы адзеты ў сьвятыя шаты, ня будзе распускаць валасоў сваіх і разьдзіраць шатаў,

11 і ня будзе ён набліжацца да ніводнага памёршага, ня можа занячысьціцца нават з прычыны бацькі свайго і маткі.

12 Ня будзе ён выходзіць са сьвятыні і не апаганіць сьвятога месца Госпадавага, бо ён памазаны алеем памазаньня для Бога свайго. Я - Госпад.

13 За жонку возьме ён толькі дзяўчыну.

14 Ня возьме за жонку ані ўдавы, ані разьведзенай, ані зьняслаўленай, ані распусьніцы, ніводнай з такіх ня возьме, але возьме дзяўчыну спасярод сваякоў сваіх.

15 І не зьняславіць ён насеньня свайго сярод сваякоў сваіх, бо Я - Госпад, Каторы асьвячаю яго».

16 Далей казаў Госпад Майсею:

17 «Скажы Аарону: Ніхто з патомства твайго ў-ва ўсе пакаленьні іх, у каторага на целе будзе загана, не павінен прыступаць, каб складаць ахвяру Бога свайго.

18 Ніхто, у каго на целе недахоп, не павінен прыступаць, ані сьляпы, ані кульгавы, ані маючы скалечаны твар,

19 ані хто мае зламаную нагу або зламаную руку,

20 ані гарбаты, ані кволы, ані той, хто мае бяльмо на воку, ані каросьлівы, ані паршывы, ані той, хто мае пашкоджаныя яечкі.

21 Ніводзін чалавек з патомства Аарона сьвятара, у каторага на целе загана, не павінен прыступаць, каб складаць ахвяру агнявую Госпаду, Богу свайму; ён мае загану, не павінен ён прыступаць, каб складаць ахвяру Бога свайго

22 Але можа ён есьці хлеб Бога свайго як з (дароў) сьвятых, так і з найсьвяцейшых.

23 Толькі ня будзе ён падыходзіць да заслоны і ня будзе падыходзіць да ахвярніка, бо мае загану. Ня будзе ён паганіць сьвятыню Маю, бо Я - Госпад, Каторы асьвячаю іх».

24 Майсей сказаў гэта Аарону, сынам яго і ўсім сынам Ізраэля.

 

Разьдзел 22

 

1 Вось што сказаў далей Госпад Майсею:

2 «Скажы Аарону і сынам ягоным, каб яны паважалі сьвятыя дары сыноў Ізраэля і не зьнеслаўлялі сьвятое імя Маё ў тым, што яны Мне пасьвячаюць. Я - Госпад.

3 Скажы ім, каб ведалі аб гэтым будучыя пакаленьні: Калі хто з патомкаў вашых, будучы ў нячыстасьці, прыступіцца да рэчаў сьвятых, каторыя сыны Ізраэля пасьвячаюць Госпаду, то такі чалавек будзе вынішчаны на віду Маім. Я - Госпад.

4 Ніводзін патомак Аарона, каторы быў бы пракажаны або цярпеў бы на выцёкі, ня будзе магчы есьці рэчаў сьвятых, пакуль не паздаравее. І хто дакранецца да чаго нячыстага ад памёршага або ў каго здарыцца выцёк насеньня,

5 або хто дакранецца паўзуна, каторым занячысьціцца, або чалавека, каторы зрабіў бы яго нячыстым сваёю нячыстасьцю,

6 дык хто дакранецца такіх рэчаў, будзе нячысты аж да вечара і ня будзе есьці сьвятых рэчаў, пакуль не абмые сваё цела ў вадзе.

7 Па заходзе сонца будзе ён ачышчаны, і тады будзе есьці сьвятыя рэчы, бо яны ёсьць ядой ягонаю.

8 Ня будзе ён есьці падліны ані мяса разьдзёртых жывёлаў, бо праз гэта стаўся б нячысты. Я - Госпад.

9 Хай выконваюць Мае прыказаньні, каб ня мелі дзеля таго грэху ды каб з гэтай прычыны не памерлі, калі спаганяць іх. Я - Госпад, Які асьвячаю іх.

10 Ніводзін чужынец ня будзе есьці сьвятых рэчаў; ані пражываючы ў сьвятара або найміт ня будзе есьці гэтых рэчаў.

11 Калі ж сьвятар купіць нявольніка за грошы, той можа есьці сьвятое, таксама народжаныя ў доме яго могуць есьці хлеб ягоны.

12 Калі б дачка сьвятара выйшла замуж за чужога чалавека, то яна не павінна есьці гэтых сьвятых ахвяраваных дароў.

13 Аднак, калі дачка сьвятара аўдавела або была кінута і, ня маючы дзяцей, вярнулася ў дом бацькі свайго, як звычайная дзяўчына, будзе жывіцца стравай бацькі свайго. Ніхто аднак чужы ня мае права есьці яе.

14 Калі ж хто несьвядома зьесьць сьвятое, аднагародзіцца за гэта сьвятару, дадаючы яшчэ пятую частку яго (вартасьці).

15 Яны ж (сьвятары) ня будуць паганіць сьвятых дароў, каторыя сыны Ізраэля складаюць у ахвяру Госпаду,

16 і не павінны сьцягваць на сябе віну, калі будуць есьці сьвятыя рэчы. Я - Госпад, Каторы асьвячаю іх».

17 Далей казаў Госпад Майсею:

18 «Гавары Аарону, і сынам ягоным, і ўсім сынам Ізраэля ды кажы ім: Калі хто спасярод Ізраэля або спаміж прыбыльцаў, якія пражываюць у Ізраэлю, па шлюбаваньню якім або па добрай волі сваёй складае ахвяру сваю, каторую прыносіць Госпаду на цэлапаленьне,

19 то, каб была прынятаю, мусяць прынесьці цялятаў, бараноў або козаў без заганы мужчынскага роду.

20 Ніякай жывёлы, маючаю загану, не складайце ў ахвяру, бо ня будзе яна для вас спрыяльнай.

21 Калі хто захоча скласьці Госпаду ахвяру прымірэньня, каб выпаўніць шлюбаваньне або як дар дабравольны, ці гэта з валоў, ці з авец, то хай будзе яна без заганы, каб была прынятай.

22 Не складайце Госпаду ў ахвяру жывёлін сьляпых, скалечаных, кульгавых, апухлых, паршывых, у балячках. Ня будзеце такіх жывёлін складаць на ахвярніку ў ахвяру цэлапаленьня Госпаду.

23 Цялё або барана някшталтнага ці хворага можаш скласьці як ахвяру дабравольную, але як шлюбаваная ахвяра ня будзе прынятая.

24 Жывёлу, у каторай яечкі сьціснутыя, разьбітыя, вырваныя або выразаныя, не складайце ў ахвяру Госпаду. І ня будзеце такога рабіць у вашай зямлі,

25 ані з рук чужынцаў ня будзеце складаць такіх жывёлін у дар Богу вашаму, таму што гэты недахоп іхні ёсьць заганаю, і дзеля таго ня будуць яны для вас карыснымі».

26 Далей казаў Госпад Майсею:

27 «Калі народзіцца табе цялё, або ягнё, або казлянё, то будзе яно сем дзён пры матцы. Пачынаючы ад восьмага дня і далей будзе яно прыемнай ахвярай агнявой для Госпада.

28 Але ані каровы, ані авечкі не забівайце ў адзін дзень разам зь іх малым.

29 Калі складаеце Госпаду ахвяру падзякі, складайце яе так, каб была яна прыемнай;

30 у той самы дзень зьешце яе; хай не застаецца зь яе нічога да раніцы другога дня. Я - Госпад.

31 Беражыце прыказаньні Мае і спаўняйце іх. Я - Госпад.

32 Не паганьце імя Маё сьвятое, каб быў Я сьвятым паміж сыноў Ізраэля. Я - Госпад, Каторы асьвячае вас

33 і Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай, каб быць вашым Богам. Я - Госпад».

 

Разьдзел 23

 

1 Вось што казаў Госпад Майсею:

2 «Гавары сынам Ізраэля і кажы ім: Гэтыя вось дні сьвятыя ў Госпада, у каторыя вы будзеце склікаць сабраньні сьвятыя; гэтыя вось сьвяты Мае.

3 Шэсьць дзён будзеце працаваць, а сёмы дзень - субота супачынку, сход сьвяты, ня будзеце зусім працаваць, бо гэта субота - Госпадава ў-ва ўсіх месцах пражываньня вашага.

4 Вось сьвяты Госпадавы, сьвятыя сабраньні, каторыя павінны вы сьвяткаваць у свой час.

5 У першы месяц, чатырнаццатага дня месяца, вечарам выпадае Пасха Госпадава.

6 А пятнаццатага дня таго самага месяца выпадае ўрачыстасьць Праснакоў на хвалу Госпада. Сем дзён будзеце есьці толькі праснакі.

7 У першы дзень будзе ў вас сабраньне сьвятое; ня будзеце выконваць ніякай працы ў той дзень,

8 але сем дзён будзеце складаць Госпаду ахвяры агнявыя. У сёмы ж дзень будзе сабраньне сьвятое, ніякай работы ў той дзень ня будзеце рабіць».

9 Пасьля сказаў Госпад Майсею:

10 «Гавары сынам Ізраэля і кажы ім: Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, і будзеце жаць збожжа, то прынясіце сьвятару першы сноп жніва вашага.

11 Ён патрасе сноп перад Госпадам, каб Ён быў вам спрыяльным; у другі дзень пасьля суботы прынясе ён яго.

12 Таксама ў той дзень, у якім прынясяце сноп, складзіцё ахвяру цэлапаленьня Госпаду з гадавога ягнёнка без заганы,

13 і ахвяру зь яды з двух дзесятых эфы мукі, запраўленай алеем, як ахвяру агнявую на мілы пах Госпаду, а таксама ахвяру вадкую, чвэрць гіна віна.

14 Аж да гэтага дня ня будзеце есьці ані хлеба, ані сушанага зерня, ані сырога зерня, пакуль не складзеце ахвяру Богу вашаму. Гэта пастанова вечная ўсім пакаленьням вашым у-ва ўсіх месцах прабываньня вашага.

15 Адлічыце сабе ад другога дня пасьля суботы, ад дня, у каторы прынясецё снапы для патрасаньня, сем поўных тыдняў,

16 аж да дня па сёмай субоце адлічыце пяцьдзесят дзён, і тады складзіце новую ахвяру Госпаду.

17 Прынясіце з вашых месцаў пражываньня па два хлябы для патрасаньня, кожны з двух дзесятых эфы мукі квашанай, каторыя сьпячыце як пяршыны Госпаду.

18 Апрача хлеба складзіцё ў ахвяру сем бараноў без заганы, аднагадовых, аднаго маладога бычка і два бараны. Яны будуць ахвяраю цэлапаленьня Госпаду разам з ахвяраю зь яды і з вадкай ахвяраю. Будзе гэта ахвяра агнявая на мілы пах Госпаду.

19 Ахвяруйце таксама аднаго казла як ахвяру за грэх і два баранчыкі аднагадовыя як ахвяру прымірэньня.

20 Сьвятар патрасе іх перад Госпадам разам з хлябамі пяршынаў і разам з двума баранчыкамі; будзе гэта сьвятыняй Госпада на ўжытак сьвятара.

21 Таго самага дня склічце сабраньне, гэта будзе для вас сабраньне сьвятое. Ніякай работы ня будзеце рабіць у той дзень. Гэта вечная пастанова на ўсякім месцы пражываньня вашага, на ўсе пакаленьні вашыя.

22 Калі будзеце жаць на зямлі вашай, ня будзеце дажынаць да мяжы поля і ня будзеце зьбіраць да рэшты каласоў. Пакіньце іх убогім і прыбыльцам. Я - Госпад, Бог ваш».

23 Далей казаў Госпад Майсею:

24 «Скажы сынам Ізраэля: У першы дзень сёмага месяца будзеце адпачываць, і будзе ў вас сабраньне сьвятое пры гуку трубаў.

25 Ня будзеце рабіць аніякай работы ў той дзень, але будзеце складаць Госпаду ахвяру агнявую».

26 Далей казаў Госпад Майсею:

27 «Вось жа дзесятага дня гэтага самага сёмага месяца будзе дзень Ачышчэньня, і будзе ў вас сьвятое сабраньне. У той дзень будзеце пасьціць і будзеце складаць Госпаду ахвяры агнявыя.

28 Ня будзеце рабіць у той дзень ніякай работы, бо гэта дзень Ачышчэньня, дзеля ачышчэньня вашага перад Госпадам, Богам вашым.

29 Усякая душа, каторая ня будзе пасьціць ў той дзень, будзе вынішчана спасярод народу свайго.

30 І кожнага, хто б працаваў у той дзень, Я вынішчу спаміж народу ягонага.

31 Дык нічога ня будзеце рабіць у той дзень. Гэта вечная пастанова на ўсе пакаленьні вашыя на ўсіх месцах пражываньня вашага.

32 Гэта ўрачысты адпачынак ваш. Вы будзеце пасьціць зь вечара дзевятага дня месяца; зь вечара да вечара дзесятага дня месяца будзеце сьвяткаваць суботу вашую».

33 Зноў сказаў Госпад Майсею:

34 «Скажы сынам Ізраэля: У пятнаццаты дзень гэтага сёмага месяца прыпадае сьвята Палатак, сем дзён Госпадавых.

35 У першы дзень - сьвятое сабраньне; у той дзень не рабіце ніякай работы.

36 Усе сем дзён складайце ахвяры Госпаду. Восьмага дня будзе ў вас сьвятое сабраньне, і складзеце ахвяру Госпаду. Гэта ўрачыстае сабраньне, не рабіце ніякай работы.

37 Гэтыя вось сьвяты Госпадавы, у каторых будзеце склікаць сьвятыя сабраньні, у якіх будзеце складаць ахвяры Госпаду: цэлапаленьні, ахвяры зь яды, крывавыя ахвяры ды вадкія ахвяры - кожную ў свой дзень,

38 апрача суботаў Госпадавых і апрача дароў вашых, ды апрача ўсяго, што будзеце ахвяроўваць па шлюбаваньні або дабравольна Госпаду.

39 Дык вось, у пятнаццаты дзень сёмага месяца, калі сабярыцё ўсе плады зямлі, будзеце сьвяткаваць урачыстасьць Госпада сем дзён; у першы дзень і восьмы будзе адпачынак.

40 У першы дзень возьмеце сабе найпрыгажэйшыя плады дрэваў, лісты пальмавыя і галіны дрэваў густых і вербаў рачных, і будзеце весяліцца перад Госпадам, Богам вашым, сем дзён.

41 Будзеце сьвяткаваць гэтае сьвята штогод сем дзён. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых. У сёмы месяц будзеце сьвяткаваць гэтае сьвята.

42 Сем дзён будзеце жыць у намётах. Кожны, хто з роду Ізраэля, будзе жыць у намёце,

43 каб памяталі нашчадкі вашыя, што загадаў Я сынам Ізраэля жыць у шалашах, калі вывеў іх зь зямлі Эгіпецкай. Я - Госпад, Бог ваш!»

44 Так вось расказаў Майсей сынам Ізраэля пра ўрачыстасьці Госпадавы.

 

Разьдзел 24

 

1 Далей казаў Госпад Майсею:

2 «Загадай сынам Ізраэля, каб прынесьлі табе да сьвечніка найчысьцейшага алею, выціснутага з алівак, празрыстага, для пастаяннага гарэньня сьвечак сьвечніка.

3 Прыгатуе яго Аарон за заслонай сьведчаньня ў Палатцы Сустрэчы, каб заўсёды ад вечара аж да раніцы гарэў перад Госпадам. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых.

4 Прыгатуе ён тыя сьвечкі на чыстым сьвечніку, каб гарэлі заўсёды перад Госпадам.

5 Вазьмі таксама мукі і сьпячы зь яе дванаццаць хлябоў; у кожным хлебе павінна быць дзьве дзесятых эфы.

6 Пасьля пакладзеш іх у два рады, па шэсьць у кожным радзе, на чыстым стале перад Госпадам,

7 і пакладзеш на кожны рад найчысьцейшага кадзіла; гэта будзе памятная частка хлеба, ахвяра, паленая для Госпада.

8 У кожную суботу пастаянна будуць класьці іх перад Госпадам як дар ад сыноў Ізраэля; гэта запавет вечны.

9 Яны належацца Аарону і яго сынам, каб спажывалі іх у асьвечаным месцы, бо гэта сьвятыя рэчы, якія належаць яму спаміж ахвяраў агнявых для Госпада. Гэта пастанова вечная».

10 Між сынамі Ізраэля знаходзіўся сын адной Ізраэлькі, народжаны ад Эгіпцяніна. У табары ён павадзіўся з адным Ізраэльцам,

11 і сын Ізраэлькі зблюзьніў супраць імя (Госпада) і пракляў Яго. Прывялі яго да Майсея. Маці яго называлася Шэляміт, дачка Дыбры, з пакаленьня Дана.

12 Аддалі яго пад варту, пакуль ня высьветліцца прысуд ад Госпада.

13 І Госпад сказаў Майсею:

14 «Выведзі блюзьнерцу за табар, і ўсе, каторыя яго чулі, паложаць рукі свае на ягоную галаву, і ўвесь сход укамянуе яго.

15 А сынам Ізраэля скажы: Чалавек, каторы зблюзьніць супраць Бога свайго, адкажа за свой грэх.

16 І хто зблюзьніць супраць імя Госпада, будзе пакараны сьмерцю. Увесь сход укамянуе яго, ці ён будзе прыхадзень, ці тутэйшы. Хто блюзьніць на імя Госпада, той будзе пакараны сьмерцю.

17 Хто ўдарыць і заб'е чалавека, будзе пакараны сьмерцю.

18 Хто заб'е жывёлу, будзе абавязаны да звароту: жывёлу за жывёлу.

19 Хто скалечыць бліжняга, будзе пакараны; як ён зрабіў, так і яму зробяць.

20 Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб. У які спосаб ён скалечыў, такім чынам і ён будзе скалечаны.

21 Хто заб'е жывёлу, аддасьць іншую (жывёлу); хто заб'е чалавека, будзе пакараны сьмерцю.

22 Роўны суд хай будзе ў вас, ці прыхадзень саграшыць, ці тутэйшы. Бо Я - Госпад, Бог ваш!»

23 Потым загадаў Майсей сынам Ізраэля вывесьці блюзьнерцу за табар і закідаць каменьнямі. І сыны Ізраэля зрабілі так, як загадаў Госпад Майсею.

 

Разьдзел 25

 

1 Вось што сказаў Госпад Майсею на гары Сынай:

2 «Аб'яві сынам Ізраэля і скажы ім: Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, каторую Я дам вам, тады і зямля таксама павінна сьвяткаваць суботу Госпада.

3 Шэсьць гадоў будзеш засяваць поле сваё і шэсьць гадоў будзеш абразаць вінаграднік свой і зьбіраць зь іх плады,

4 але ў сёмы год хай будзе супачынак для зямлі, субота для Госпада. Ня будзеш засяваць поля свайго і падразаць вінаградніка свайго.

5 Што само вырасьце на полі, ня будзеш жаць таго, і ня будзеш зьбіраць вінаграду неабрэзанага. Бо гэта будзе год адпачынку для зямлі.

6 Што само вырасьце на зямлі, будзе вам служыць за яду, табе, слузе твайму, служанцы тваёй, парабку твайму і пасяленцу твайму, каторы жыве ў цябе,

7 і жывёле тваёй, і зьвярам, якія жывуць на зямлі тваёй, увесь ураджай будзе служыць вам за яду.

8 Палічы таксама сабе сем гадоў суботніх, значыць, сем разоў па сем гадоў так, што час сямі гадоў суботніх будзе налічваць сорак дзевяць гадоў.

9 У дзесяты дзень сёмага месяца затрубіш у трубу, у дзень Ачышчэньня, затрубіш у трубу па ўсёй зямлі.

10 І будзеце сьвяткаваць пяцідзесяты год, і аб'явіце свабоду на зямлі ўсім жыхарам ейным. Гэта будзе для вас юбілей. Кожны з вас вернецца да сваёй уласнасьці, і кожны вернецца ў сваю сям'ю.

11 Увесь гэты пяцідзесяты год будзе для вас годам юбілейным; ня будзеце сеяць, ня будзеце жаць таго, што вырасьце, і ня будзеце зьбіраць неабрэзанага вінаграду,

12 бо гэта будзе для вас юбілей, гэта будзе для вас сьвяты час. Будзеце есьці тое, што вырасьце на полі.

13 У гэты год юбілейны кожны з вас вернецца да сваёй уласнасьці.

14 Калі што будзеш прадаваць бліжняму або купляць ад яго, ня крыўдзіце адзін аднаго.

15 Паводле ліку гадоў пасьля юбілею ты павінен купляць у бліжняга свайго, і паводле ліку гадоў ураджаю ён павінен прадаваць табе.

16 Чым больш гадоў застаецца да юбілею, тым большую цану заплаціш; а чым менш гадоў застаецца, тым меншую цану заплаціш, бо колькасьць пладоў ён прадае табе.

17 Ня крыўдзіце адзін аднаго, але бойцеся Бога свайго, бо Я - Госпад, Бог ваш!

18 Спаўняйце прыказаньні Мае і законы, беражыце і выконвайце іх, каб маглі жыць на зямлі безь ніякага страху.

19 І будзе зямля даваць плод свой, і вы будзеце сытымі, і спакойна будзеце жыць на ёй.

20 А калі запытаеце: «Што мы будзем есьці ў сёмым годзе, калі ня будзем сеяць ані зьбіраць пладоў?»

21 Я спашлю на вас дабраславенства ў шостым годзе так, што хопіць вам ураджаю на тры гады.

22 У восьмым годзе будзеце сеяць і будзеце есьці з даўнейшых пладоў аж да дзевятага году, аж да новага ўраджаю будзеце есьці даўнія плады.

23 Зямлю не належыцца прадаваць назаўсёды, бо яна Мая, а вы - прыхадні і пасяленцы ў Мяне.

24 Таму ўся зямля, якая ў вашым валаданьні, будзе прадавацца вамі пад умовай выкупу.

25 Калі зьбяднее брат твой і прадасьць частку сваёй маёмасьці, дык хай прыйдзе блізкі яго сваяк і выкупіць маёмасьць, прададзеную братам.

26 Калі ж хто ня мае адкупіцеля, але сам будзе мець належныя сродкі на выкуп,

27 дык падлічыць ён гады ад часу продажу і зьверне рэшту таму, каму прадаў зямлю, і вернецца да сваёй маёмасьці.

28 Калі аднак не здабудзе належных сродкаў на выкуп, то маёмасьць застанецца ў валаданьні купіўшага аж да юбілейнага году. А ў юбілейны год зямля пяройдзе ў валаданьне ранейшага ўладальніка.

29 Калі хто прадасьць дом жылы ў горадзе, акружаным мурам, то будзе мець права выкупу аж да канца году продажу; закон выкупу будзе трываць год.

30 Калі дом ня выкупяць на працягу году, дык у такім выпадку дом у горадзе застанецца назаўсёды ўласнасьцю купіўшага і яго патомкаў. Ня выйдзе зь іх рук у юбілейны год.

31 Дамы на вёсках, каторыя не абведзеныя мурам, будуць лічыцца на роўні зь зямлёю; дык будуць яны падлягаць выкупу, а ў юбілейным годзе выйдуць з валаданьня купіўшага.

32 Што да гарадоў левітаў, дык яны заўсёды могуць выкупіць дамы свае.

33 Калі хто купіць ад левітаў дом у горадзе, то маёмасьць гэта выйдзе зь яго рук у годзе юбілейным, бо дамы левітаў лічацца іх маёмасьцю сярод сыноў Ізраэля.

34 Таксама і палёў вакол іхніх гарадоў нельга прадаваць, дзеля таго што гэта іх вечная маёмасьць.

35 Калі брат твой зьбяднее і аслабее рука яго, дык падтрымай яго, каб мог жыць з табою хаця б як прыбылец або пасяленец.

36 Не бяры ад яго адсоткаў ані ліхвы. Бойся Бога твайго, каб брат твой мог жыць у цябе.

37 Не давай яму грошы на адсоткі і не вымагай ад яго ліхвы за яду.

38 Я - Госпад, Бог ваш, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаан ды каб быць вашым Богам!

39 Калі брат твой з убогасьці змушаны будзе прадацца табе, не прыціскай яго работаю нявольнічай,

40 але будзеш зь ім абыходзіцца як з парабкам і пасяленцам. Будзе ён табе служыць толькі да году юбілейнага,

41 а тады разам са сваімі дзяцьмі вернецца ад цябе да сваёй радні, у валаданьне бацькоў сваіх.

42 Бо яны - Мае нявольнікі, Я іх вывеў зь зямлі Эгіпецкай; не павінны яны быць прадаваныя як нявольнікі.

43 Ня будзеш уціскаць іх сурова, але будзеш баяцца Бога.

44 Калі б патрэбен быў табе нявольнік або нявольніца, купляй іх у акружаючых цябе народаў.

45 Таксама купляйце дзяцей прыхадняў, пасяліўшыхся ў вас, і зь сем'яў іхніх, каторыя жывуць у вас, і каторыя нарадзіліся на вашай зямлі. Яны будуць вашай уласнасьцю,

46 і як спадчыну перадавайце іх сынам вашым, і мейце іх назаўсёды як нявольнікаў. Але братоў сваіх, сыноў Ізраэля, ня крыўдзіце.

47 Калі чужынец або пасяленец твой разбагацее, а брат твой зьбяднее і запрадасца чужынцу, што пасяліўся ў вас, або каму другому зь яго сям'і,

48 дык пасьля продажу можа ён быць выкуплены. Хай тады хто з братоў ягоных выкупіць яго:

49 ці дзяцька, ці сын ягоны, ці сваяк, ці хто блізкі. А нават сам сябе можа выкупіць, калі будзе ў стане.

50 І ён павінен разьлічыцца з купіўшым яго, пачынаючы з таго году, калі ён прадаў сябе, да году юбілейнага, і грошы, за якія ён прадаў сябе, належыцца аддаць яму па лічбе гадоў; як найміт ён павінен быць у яго.

51 Але калі да юбілейнага году застаецца многа гадоў, то адпаведна да лічбы іх павялічыць ён цану выкупу.

52 А калі застаецца нямнога гадоў да юбілейнага году, палічыць іх і, адпаведна ліку тых гадоў, заплаціць свой выкуп.

53 Ён будзе ў яго як найміт, з году на год. Хай не ўціскае яго строга ў сябе.

54 Калі ж такім чынам выкупіцца ня зможа, то ў годзе юбілейным асвабодзіцца разам зь дзецьмі сваімі.

55 Бо сыны Ізраэля - гэта Мае нявольнікі, каторых вывеў Я зь зямлі Эгіпецкай. Я - Госпад, Бог ваш!

 

Разьдзел 26

 

1 Не рабіце сабе ідалаў і выяваў і не стаўляйце слупоў, ані каменных фігураў не стаўляйце ў зямлі вашай, каб пакланяцца ім. Бо Я - Госпад, Бог ваш.

2 Сьвяткуйце суботы Мае і шануйце сьвятыню Маю. Я - Госпад!

3 Калі будзеце хадзіць паводле прыказаньняў Маіх, і берагчы загады Мае, і спаўняць іх,

4 Я дам вам дажджы ў патрэбны час, і зямля будзе даваць ураджай, і дрэвы напоўняцца пладамі.

5 І малацьба хлеба працягнецца да збору вінаграду, а зьбіраньне вінаграду працягнецца да сяўбы, і будзеце есьці хлеб ваш удосталь, і спакойна будзеце жыць на сваёй зямлі.

6 Я дам мір на межах вашых, і будзеце вы спаць, і ня будзе каму вас палохаць. Я прыму дзікіх зьвяроў, і меч ня пройдзе па зямлі вашай.

7 Вы будзеце гнаць ворагаў вашых, і будуць яны падаць ад мяча вашага.

8 Пяцёх з вас прагоняць сотню чужынцаў, і сотня з вас прагоніць дзесяць тысячаў. І будуць падаць ворагі вашыя ад мяча вашага.

9 Я прыхілюся да вас і дам вам плоднасьць, і вы размножыцеся; і заключу Я запавет Мой з вамі.

10 Вы будзеце есьці збожжа зь леташніх збораў, а калі прыйдуць новыя зборы, павыкідаеце старыя.

11 Я пастаўлю прыпынак Мой сярод вас, і ня будзе брыдзіцца вамі душа Мая.

12 Я буду жыць сярод вас і буду Богам вашым, а вы будзеце Маім народам.

13 Я - Госпад, Бог ваш, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай, каб вы не былі там нявольнікамі. Я зламаў пруты ярма вашага, каб хадзілі вы з паднятымі галовамі.

14 А калі ня будзеце Мяне слухаць і ня будзеце спаўняць усіх гэтых прыказаньняў Маіх,

15 калі ўзгардзіце пастановамі Маімі, і ня будзеце зважаць на законы Мае, і ня будзеце выконваць усяго, што Мною пастаноўлена, і будзеце парушаць Мой запавет,

16 тады Я так зраблю вам: наведаю вас жахам раптоўным, сухотамі і гарачкай, каторыя спрычыняюць сьлепату і нішчаць здароўе. Надарма будзеце сеяць насеньне, бо зьядуць яго ворагі.

17 Я павярну аблічча Маё на вас, і будзеце вы падаць ад ворагаў вашых, і будуць панаваць над вамі тыя, каторыя вас зьненавідзілі, і будзеце вы ўцякаць, хоць ніхто ня будзе гнацца за вамі.

18 А калі і тады ня будзеце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас дзеля грахоў вашых у сем разоў,

19 і сатру пыхлівасьць сілы вашай. Я зраблю для вас неба як жалеза, а зямлю як медзь.

20 Надарма будзе марнавацца праца ваша; зямля ня будзе даваць ураджаю, а дрэвы палявыя не дадуць пладоў.

21 Калі і далей будзеце Мне працівіцца і не захочаце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас за грахі вашыя ў сем разоў.

22 Я напушчу на вас зьвяроў палявых, каторыя пажаруць дзецей вашых і зьнішчаць жывёлу вашую, і зьменшаць колькасьць людзей; пустымі стануцца дарогі вашыя.

23 Калі і далей ня будзеце напраў ляцца і будзеце Мне працівіцца,

24 дык і Я пайду супраць вас і буду вас караць у сем разоў цяжэй за грахі вашыя.

25 Я навяду на вас меч, мсьціўцу за парушэньне запавету Майго. А калі паўцякаеце ў гарады вашыя, Я пашлю заразу на вас, і будзеце вы выдадзены ў рукі ворагаў.

26 Калі Я зьнішчу хлеб, вашу падпору жыцьця, тады пекчы будуць дзесяць жанчынаў хлеб сабе ў адной печцы і будуць выдаваць пад мерку, і вы будзеце есьці і не наясьцёся!

27 А калі і дзеля гэтых караў ня будзеце слухаць Мяне і будзеце хадзіць супраць Мяне,

28 дык Я выступлю супраць вас з гвалтоўнаю ярасьцю; Я пакараю вас сямікроць за грахі вашыя,

29 так што будзеце есьці целы сыноў і дачок вашых.

30 Я зруйную вашыя ўзгоркі, паб'ю вашыя слупы, і будзе брыдзіцца душа Мая вамі.

31 Гарады вашыя зраблю пустыняй, і спустошу сьвятыні вашыя, і не прыму больш паху ахвяраў вашых.

32 Я спустошу зямлю вашую, аж будуць дзівіцца ворагі вашыя, каторыя яе заселяць.

33 Вас жа расьцярушу між народамі і пушчу меч усьлед за вамі; і будзе зямля вашая пустая, а гарады будуць зруйнаваныя.

34 Тады зямля будзе адзначаць свае суботы ўсе дні свайго спусташэньня, а вы апынецеся ў зямлі ворагаў. Тады зямля адпачываць будзе і сьвяткаваць свае суботы.

35 Усе дні спусташэньня свайго будзе сьвяткаваць яна адпачынак, каторага не сьвяткавала ў гадах суботніх, калі вы ў ёй жылі.

36 А тым, каторыя з вас застануцца, Я напушчу страх у сэрцы іхнія ў зямлі ворагаў. Будзе палохаць іх шум лятучага ліста так, што будуць уцякаць, як ад мяча; і хоць ніхто ня будзе за імі гнацца, упадуць.

37 Будуць спатыкацца адзін аб другога, быццам ад мяча, хоць ніхто ня будзе гнацца за імі. Ня змогуць яны ўстаяць перад ворагам.

38 Вы загінеце паміж народамі, праглыне вас зямля варожая!

39 А тыя, хто з вас застануцца, будуць марнець у сваіх беззаконьнях з прычыны свайго злачынства ў землях сваіх ворагаў, дзеля грахоў бацькоў сваіх змарнеюць, як і яны.

40 Тады прызнаюцца яны да сваіх грахоў і да злачынства бацькоў сваіх, каторымі спаганіліся адносна Мяне і хадзілі супраць Мяне.

41 Таму Я выйшаў супраць іх ды ўвёў іх у зямлю варожую, каб упакарылася іхняе неабразанае сэрца, і каб яны панесьлі кару за свае беззаконьні.

42 Тады Я ўзгадаю запавет Мой, які заключыў зь Якубам, і Ізаакам, і Абрагамам. Тады вось узгадаю Я зямлю,

43 каторая была пакінутая імі; і будзе яна сплочваць свае суботы праз тое, што будзе спустошана па іх віне, а яны будуць несьці кару за свае правіны, бо адкінулі Мае законы і ўзгардзілі пастановамі Маімі.

44 Але і тады, калі яны будуць у зямлі ворагаў іхніх, не адкіну іх зусім і ня буду брыдзіцца імі так, каб цалкам іх зьнішчыць і зламаць Мой запавет зь імі, бо Я -Госпад, Бог іхні.

45 Дык прыгадаю Я ім запавет Мой з продкамі, каторых вывеў Я зь зямлі Эгіпецкай на віду ўсіх народаў, каб быць іх Богам. Я - Госпад!»

46 Гэта пастановы, прыказаньні і законы, якія даў Госпад на гары Сынай адносна Сябе і сыноў Ізраэля праз Майсея.

 

Разьдзел 27

 

1 Далей казаў Госпад Майсею:

2 «Кажы сынам Ізраэля і гавары ім: Калі які чалавек дае шлюбаваньне пасьвяціць душу Госпаду па ацаненьні тваім,

3 дык калі б гэта быў мужчына ад дваццаці да трыццаці гадоў, то будзе ён ацэнены на пяцьдзесят сыкляў серабром па вазе сьвятыні,

4 а калі жанчына, то будзе ацэнена на трыццаць сыкляў.

5 А ад пятага году да дваццатага будзе твая ацэнка мужчыны - дваццаць сыкляў серабра па мерцы сьвятыні, а жанчыны - дзесяць.

6 А ад аднаго месяца да пяці год даецца за мужчыну пяць сыкляў, а за жанчыну - тры сыклі.

7 Ад шасьцідзесяці год і вышэй за мужчыну даецца пятнаццаць сыкляў, а за жанчыну - дзесяць.

8 Калі б хто быў так бедны і ня мог бы заплаціць ацаненьня, то хай паставяць яго перад сьвятаром, а той ацэніць; і што ён можа даць, хай тое дасьць.

9 Калі гэта будзе быдла, каторае складаецца ў ахвяру Госпаду, дык усё, што шлюбаваў для Госпада, ёсьць рэччу сьвятою.

10 Нельга яго замяніць, ані лепшае - горшым, ані горшае - лепшым. Калі б жа хто замяніў, то і тое, што заменена, і на што заменена, будзе сьвятой рэччу для Госпада.

11 Калі б хто шлюбаваў жывёлу нячыстую, каторай ня можна складаць у ахвяру Госпаду, то прывядуць яе да сьвятара,

12 каторы ацэніць яе, ці яна добрая, ці благая, ды якую ўстановіць цану, такая і будзе.

13 Калі хто захоча выкупіць яе, то хай дадасьць пятую частку да яго ацэнкі.

14 Калі хто пасьвяціць дом свой Госпаду як сьвятую рэч, дык сьвятар ацэніць той дом паводле таго, ці ён добры, ці благі. Як сьвятар яго ацэніць, такая будзе ягоная вартасьць.

15 А калі той, хто яго ахвяраваў, захоча адкупіць яго, то дадасьць пятую частку кошту яго і будзе мець дом.

16 Калі хто пасьвяціць Госпаду частку ўласнага поля, то ацэнка твая павінна быць паводле засеву: за засеў гамэру ячменя - пяцьдзесят сыкляў серабра.

17 Калі хто пасьвяціць сваё поле ў год юбілейны, твая ацэнка будзе важная.

18 Калі ж хто пасьвяціць сваю зямлю па годзе юбілейным, то сьвятар палічыць суму грошаў па гадах, каторыя застаюцца да наступнага году юбілейнага, і належна абніжыць ацэнку.

19 Калі той, хто пасьвяціў зямлю, адкупіць яе, то дадасьць пятую частку вышэй ацэнкі і будзе мець яе.

20 А калі ён ня выкупіць зямлі, і калі гэтая зямля будзе прададзена каму іншаму, то ня можа быць выкупленая.

21 У такім выпадку, калі зямля ў юбілейным годзе станецца свабоднай, будзе яна належаць Госпаду як рэч сьвятая, як зямля пад клятвай. Станецца яна ўласнасьцю сьвятара.

22 А калі хто пасьвяціць Госпаду зямлю, купленую не з уласнасьці продкаў,

23 то сьвятар палічыць вялікасьць ацэнкі да юбілейнага году, і павінен ён аддаць яшчэ таго самага дня Госпаду суму ацаненьня як сьвятую рэч.

24 У год юбілейны зямля вернецца да таго, ад каго была куплена, чыёй была ўласнасьцю.

25 Кожная твая ацэнка павінна быць паводле сыклю сьвятыні. Адзін сыкль раўняецца дваццаці герам.

26 Ніхто ня можа пасьвяціць і шлюбаваць Госпаду першароднае з быдла, якое і так належыць Госпаду, ці то вол, ці то авечка, бо яны - Госпадавы.

27 Калі гэта жывёла нячыстая, то можна яе выкупіць за суму тваёй ацэнкі, дадаючы да яе адну пятую. Калі ня будзе выкуплена, то прадасца па суме тваёй ацэнкі.

28 Калі хто пасьвяціць штосьці з сваёй уласнасьці Госпаду як клятву: чалавека, жывёлу або частку ўласнай зямлі - то гэта рэч ня будзе ані прададзена, ані выкуплена. Кожная клятва - гэта рэч найсьвяцейшая для Госпада.

29 Ніводзін чалавек, каторы пасьвячаны Госпаду як клятва, ня можа быць выкуплены, павінен быць ён забіты.

30 Кожная дзесяціна зямлі з пасеву зямлі і з пладоў дрэваў ёсьць Госпадава, гэта сьвятая рэч для Госпада.

31 Калі б хто хацеў выкупіць частку сваёй дзесяціны, то дадасьць да яе адну пятую.

32 Кожная дзесяціна з валоў, авец, козаў, каторыя праходзяць пад палкай пастыра, ёсьць пасьвечаныя Госпаду.

33 Ня будзе адрознівацца, што добрае, а што благое, і ня будзе рабіцца ніякай замены. Калі хто, аднак, зробіць замену, то абедзьве жывёліны, і адна, і другая, будуць пасьвечаныя Госпаду. Ня могуць яны быць выкуплены».

34 Такія вось прыказаньні, якія даў Госпад Майсею і сынам Ізраэля на гары Сынай.

 

4. Кніга Лічбаў

 

Разьдзел 1

 

1 У першы дзень другога месяца, у другім годзе па выхадзе з Эгіпту ў гэтыя словы прамовіў Госпад да Майсея на пустыні Сынай у Палатцы Сустрэчы:

2 «Зрабі сьпіс усяе грамады сыноў Ізраэлевых па родах іх, па сем'ях іх, усіх мужчынаў па імёнах.

3 Ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою Ізраэльцаў, палічыце па дружынах іхніх ты і Аарон.

4 З кожнага пакаленьня павінен быць з вамі чалавек, князь роду бацькоў ягоных.

5 Вось імёны правадыроў пакаленьняў, якія будуць з вамі: для Рубэна - Эліцур, сын Шэдэура,

6 для Сымона - Шэлюміэль, сын Цурышадая,

7 для Юды - Нахшон, сын Амінадаба,

8 для Ісахара - Натанаэль, сын Цуара,

9 для Забулёна - Эліяб, сын Гэлёна,

10 для сыноў Язэпа: для Эфраіма - Элішама, сын Амігуда; для Манасы - Гамаліэль, сын Пэдагсура;

11 для Бэн'яміна - Абідан, сын Гідэоні,

12 для Дана - Ахіезэр, сын Амішадая,

13 для Асэра - Пагіэль, сын Акрана,

14 для Гада - Эліясаф, сын Дэўэля,

15 для Нэфталі - Ахіра, сын Энана».

16 Гэтыя пакліканыя з усёй супольнасьці, князі пакаленьняў бацькоў сваіх і начальнікі тысячаў Ізраэля.

17 Іх узяў Майсей і Аарон, тых, што былі паіменна названыя.

18 Першага дня другога месяца сабралі яны ўсю супольнасьць дзеля сьпісу іх паходжаньня па пакаленьнях іхніх, па сем'ях бацькоў іхніх і лічылі кожнага па імені ад дваццаці гадоў і вышэй.

19 Як загадаў Госпад Майсею, быў зроблены перапіс на пустыні Сынай.

20 Сыноў Рубэна, першароднага Ізраеля, па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іхніх, па ліку імёнаў усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,

21 тых, каторых палічылі з пакаленьня Рубэна, было сорак шэсьць тысячаў пяцьсот.

22 Сыноў Сымона па пакаленьнях іх, па племёнах іх і па сем'ях іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,

23 налічана з пакаленьня Сымонавага пяцьдзесят дзевяць тысячаў трыста.

24 Сыноў Гада па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,

25 налічана з пакаленьня Гадавага сорак пяць тысячаў шэсьцьсот пяцьдзесят.

26 Сыноў Юды па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,

27 налічана з пакаленьня Юды семдзесят чатыры тысячы шэсьцьсот.

28 Сыноў Ісахара па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,

29 налічана з пакаленьня Ісахара пяцьдзесят чатыры тысячы чатырыста.

30 Сыноў Забулёна па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,

31 налічана з пакаленьня Забулёна пяцьдзесят сем тысячаў чатырыста.

32 Сыноў Язэпа, сыноў Эфраіма па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,

33 налічана з пакаленьня Эфраіма сорак тысячаў пяцьсот.

34 Сыноў Манасы па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,

35 налічана з пакаленьня Манасы трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце.

36 Сыноў Бэн'яміна па пакаленьнях іх, па пямёнах іх, па сем'х іх, па ліку імёнаў, мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,

37 налічана з пакаленьня Бэн'яміна трыццаць пяць тысячаў чатырыста.

38 Сыноў Дана па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,

39 налічана з пакаленьня Дана шэсьцьдзесят дзьве тысячы семсот.

40 Сыноў Асэра па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,

41 налічана з пакаленьня Асэра сорак адна тысяча пяцьсот.

42 Сыноў Нэфталі па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,

43 налічана з пакаленьня Нэфталі пяцьдзесят тры тысячы чатырыста.

44 Гэта вось тыя, каторых палічылі Майсей і Аарон разам з начальнікамі Ізраэля - дванаццацю князямі, па аднаму з кожнага пакаленьня.

45 Поўны лік сыноў Ізраэля, здольных ваяваць, па іхніх сем'ях, ад дваццаці гадоў і вышэй,

46 складаў шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзесят.

47 Левіты не падпалі пад сьпіс паводле пакаленьняў сваіх.

48 Госпад бо сказаў Майсею:

49 «Не перапісвай пакаленьня Левія і не лічы іх разам з сынамі Ізраэльскімі,

50 але даручы левітам Скінію Сьведчаньня, усе яе прылады і ўсё, што да яе належыць. Яны будуць насіць Скінію і ўсе яе прыналежнасьці, будуць пры ёй служыць і навокал яе паставяць свае палаткі.

51 Калі трэба рушыць у дарогу, разьбяруць яе левіты, а калі трэба затрымацца, зноў яе паставяць. Калі хто чужы наблізіцца да яе, будзе пакараны сьмерцю.

52 Сыны вось Ізраэля паставяць свае палаткі, кожны на сваім месцы ў табары, кожны пад сваім сьцягам, пры сваіх дружынах.

53 А левіты разьмесьцяцца табарам вакол Скініі Сьведчаньня; тады кара не спадзе на грамаду сыноў Ізраэлевых. Левіты будуць сьцерагчы Скінію Сьведчаньня».

54 Сыны Ізраэля споўнілі і выпаўнілі ўсё, што Госпад загадаў Майсею.

 

Разьдзел 2

 

1 Далей казаў Госпад Майсею і Аарону:

2 «Хай сыны Ізраэля паставяць палаткі, кожны пад сваім сьцягам, пад знакамі бацькоў сваіх, навокал Палаткі Сустрэчы на адлегласьці.

3 З усходу паставіць Юда палаткі адпаведна дружынаў войска свайго, а князем сыноў Юды будзе Нахшон, сын Амінадаба.

4 Лічба войска ягонага, паводле падліку, мае семдзесят чатыры тысячы шэсьцьсот.

5 Побач іх разложыцца табар калена Ісахаравага, князем якога мае быць Натанаэль, сын Цуара.

6 Лічба войска ягонага, паводле падліку, мае пяцьдзесят чатыры тысячы чатырыста.

7 Потым пакаленьне Забулёна, а князем сыноў Забулёна будзе Эліяб, сын Гэлёна.

8 Лічба войска яго, паводле падліку, мае пяцьдзесят сем тысячаў чатырыста.

9 Усіх, палічаных у табары Юды па іх дружынах, сто восемдзесят шэсьць тысячаў чатырыста. Яны першыя будуць выходзіць.

10 Ад паўднёвага боку будзе сьцяг табару Рубэна з войскам яго, а князем у яго будзе Эліцур, сын Шэдэура.

11 Лічба войска яго, паводле падліку, мае сорак шэсьць тысячаў пяцьсот.

12 Побач іх разложыцца табар пакаленьня Сымона, а князем сыноў Сымона будзе Шэлюміэль, сын Цурышадая.

13 Лічба войска яго, паводле падліку, мае пяцьдзесят дзевяць тысячаў трыста.

14 Пасьля пакаленьне Гада. Князем пакаленьня Гада будзе Эліясаф, сын Дэўэля.

15 Лічба войска яго, паводле падліку, мае сорак пяць тысячаў шэсьцьсот пяцьдзесят.

16 Усіх, палічаных у табары Рубэна, - сто пяцьдзесят адна тысяча чатырыста пяцьдзесят. Яны другімі будуць выходзіць.

17 Пасля вырушыць Палатка Сустрэчы і табар левітаў у сярэдзіне другіх табараў, паводле таго, як расстаўлялі палаткі, так і выходзіць будуць, кожны на сваім месцы, пад сваім сьцягам.

18 Ад захаду будзе сцьяг табару Эфраіма, разьмешчанага па сваіх дружынах. Князем сыноў Эфраіма будзе Элішама, сын Амігуда.

19 Лічба войска ягонага, паводле падліку, мае сорак тысячаў пяцьсот.

20 Побач іх пакаленьне Манасы; князем сыноў Манасы будзе Гамаліэль, сын Пэдагсура.

21 Лічба войска яго, паводле падліку, мае трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце.

22 Наастатак пакаленьне Бэн'яміна; князем сыноў Бэн'яміна будзе Абідан, сын Гідэоні.

23 Лічба войска ягонага, паводле падліку, мае трыццаць пяць тысячаў чатырыста.

24 Усіх, палічаных у табары Эфраіма па іх дружынах, - сто восем тысячаў сто. Яны трэція будуць выходзіць.

25 З поўначы, адпаведна сваіх дружынаў, будзе сьцяг табару Дана з войскам ягоным. Князем сыноў Дана будзе Ахіезэр, сын Амішадая.

26 Лічба войска яго, паводле падліку, мае шэсьцьдзесят дзьве тысячы семсот.

27 Побач іх разложыцца табарам пакаленьне Асэра. Князем сыноў Асэра будзе Пагіэль, сын Акрана.

28 Лічба войска яго, паводле падліку, мае сорак адну тысячу пяцьсот.

29 Наастатак пакаленьне Нэфталі. Князем сыноў Нэфталі будзе Ахіра, сын Энана.

30 Лічба войска яго, паводле падліку, мае пяцьдзесят тры тысячы чатырыста.

31 Усіх, палічаных у табары Дана, - сто пяцьдзесят сем тысячаў шэсьцьсот. Яны як апошнія будуць выходзіць пад сваімі сьцягамі.

32 Гэта вось лічба сыноў Ізраэля, сьпісаных па сем'ях сваіх з войскам сваім, - шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзесят.

33 Як загадаў Госпад Майсею, левіты не былі перапісаны разам з сынамі Ізраэля.

34 Сыны Ізраэля споўнілі ўсё, што загадаў Госпад: раскладаліся табарам пад сваімі сьцягамі і выходзілі паводле пакаленьняў і сем'яў бацькоў сваіх.

 

Разьдзел 3

 

1 Вось такі радавод Аарона і Майсея, калі прамаўляў Госпад да Майсея на гары Сынай.

2 Вось гэтыя імёны сыноў Аарона: перашароднік Надаб, потым Абігу, і Элеазар, і Ітамар.

3 Вось гэта імёны сыноў Аарона, памазаных сьвятароў, пасьвечаных, каб спаўнялі сьвятарскую службу.

4 Але Надаб і Абігу памерлі перад абліччам Госпада ў пустыні Сынай, калі хацелі скласьці ў ахвяру чужы агонь, ды памерлі яны бязьдзетныя, дык спаўнялі сьвятарскую службу на віду бацькі свайго, Аарона, Элеазар і Ітамар.

5 Прамовіў зноў Госпад да Майсея, кажучы:

6 «Прывядзі пакаленьне Левія і пастаў яго на віду Аарона сьвятара, хай яны паслугуюць яму.

7 Хай рупяцца пра ўсё, што належыцца яму ды ўсёй супольнасьці адносна Палаткі Сустрэчы, каб выконваць службу пры Скініі,

8 і хай захоўваюць усе прыналежнасьці Палаткі Сустрэчы, спаўняючы абавязкі сыноў Ізраэля, каб выконваць службу пры Скініі.

9 Аддай левітаў Аарону і сынам ягоным, хай яны будуць дадзеныя яму з сыноў Ізраэля.

10 А Аарона і сыноў яго пастаў наглядчыкамі над службаю сьвятарскай. Калі б хто чужы прыступіў да службы, мае быць пакараны сьмерцю».

11 Далей казаў Госпад Майсею:

12 «Вось жа Я выдзяліў левітаў спасярод сыноў Ізраэльскіх на месца ўсіх першародных, народжаных з улоньня маткі, таму левіты будуць Маімі.

13 Мой бо кожны першародны. У той дзень, калі ў зямлі Эгіпецкай выбіў Я ўсё пешароднае, пасьвяціў Я Сабе ўсё першароднае ў Ізраэля, пачынаючы ад чалавека аж да жывёлы. Яны ўсе Мае! Я Госпад!»

14 Гаварыў далей Госпад Майсею на гары Сынай:

15 «Палічы сыноў Левія па сем'ях іх і плямёнах іх, усіх мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй».

16 Дык палічыў іх Майсей, як загадаў яму Госпад.

17 І вось імёны сыноў Левія: Гершон, Кегат і Мэрары.

18 А вось імёны сыноў Гершона па родах іх: Лібні і Шымэй.

19 Сыны Кегата па родах іх: Амрам, Іцгар, Геброн і Узіэль.

20 Сыны Мэрары па родах іх: Махлі і Мушы. Вось жа гэта роды Левія па сем'ях бацькоў іх.

21 Ад Гершона паходзяць сям'я Лібні і сям'я Шымэя.

22 Лічба сьпісаных мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй - сем тысячаў пяцьсот.

23 Яны будуць разьмяшчацца за Скініяй на захад.

24 Галавой роду Гершона быў Эліясаф, сын Ляэля.

25 Сынам Гершона ў Палатцы Сустрэчы была даручана сама Скінія, Палатка і яе пакрыцьцё, а таксама заслона пры ўваходзе ў Палатку Сустрэчы.

26 Далей заслоны панадворку, а таксама заслона пры выхадзе на панадворак, каторы акружае Скінію і ахвярнік, а наастатак вяроўкі, патрэбныя для службы.

27 Ад Кэгата паходзяць сем'і: Амрама і Іцгара, Геброна і Узіэля. Гэта вось сем'і Кегатавы.

28 Усіх мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй - восем тысячаў шэсьцьсот; яны мелі апекавацца Скініяй.

29 Сем'і Кегата раскладалі табар з паўднёвага боку Скініі.

30 Галавой роду Кегата быў Эліцафан, сын Узіэля.

31 Мелі яны рупіцца пра каўчэг, стол, сьвечнік, ахвярнікі, а таксама пра прылады Скініі, прызначаныя на службу Божую, наастатак пра заслоны і абслугу яе.

32 Начальнікам князёў сем'яў левітаў быў Элеазар, сын Аарона сьвятара. Ён наглядаў за тымі, што спаўнялі службы ў сьвятыні.

33 Ад Мэрары паходзяць сем'і Махлі і Мушы; гэта сем'і Мэрарыевыя.

34 Поўны лік сьпісаных мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй - шэсьць тысячаў дзьвесьце.

35 Галавой сем'яў Мэрары быў Цурыэль, сын Абігаіля. Яны ставілі табар з паўночнага боку Скініі.

36 Сынам Мэрары даручаны былі дошкі Скініі, іхнія папярочкі, слупкі разам з падставамі і ўсе рэчы, патрэбныя для ейнай абслугі,

37 і слупкі панадворку з усіх бакоў, і іхнія падставы, і колцы іх зь вяроўкамі.

38 А зь пярэдняга боку Скініі, на ўсход перад Палаткай Сустрэчы стаўлялі палаткі Майсей, і Аарон, і сыны яго, каторым даручана сьвятыня ад імя сыноў Ізраэля. Калі б хто наблізіўся чужы, меў быць пакараны сьмерцю.

39 Поўная лічба левітаў, сьпісаных Майсеем па загаду Госпада, мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй - дваццаць дзьве тысячы.

40 І загадаў Госпад Майсею: «Падлічы ўсіх першародных мужчынаў Ізраэльцаў у гадах ад аднаго месяца і вышэй, палічы іх паіменна,

41 і вазьмі левітаў для Мяне як замену ўсіх першародных з сыноў Ізраэлевых. Я - Госпад. Таксама вазьмі іхнюю жывёлу на замену ўсёй першароднай жывёлы спаміж жывёлы сыноў Ізраэлевых».

42 Дык палічыў Майсей на загад Госпада першародных Ізраэльцаў.

43 І было ўсіх першародных мужчынаў па ліку імёнаў, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце семдзесят тры.

44 Дык зноў загадаў Госпад Майсею:

45 «Вазьмі левітаў на месца ўсіх першародных Ізраэльцаў разам з жывёлай левітаў на замену іхняе жывёлы. Левіты будуць Маімі. Я - Госпад.

46 Як выкуп за гэтых дзьвесьце семдзесят трох, з першародных сыноў Ізраэлевых, што перавышаюць лік левітаў,

47 вазьмі па пяць сыкляў ад галавы, па вазе сыкля сьвятыні; сыкль мае дваццаць гераў.

48 Дасі сярэбранікі Аарону і яго сынам як выкуп за тых застаўшыхся».

49 І ўзяў Майсей выкуп ад тых, што перавышалі лік выкупленых левітамі.

50 Дык вось ад першародных сыноў Ізраэлевых дастаў сярэбранікаў тысячу трыста шэсьдзесят пяць (сыкляў) па вазе сыкля сьвятыні.

51 І аддаў Майсей серабро выкупу Аарону і сынам яго на загад Госпада, як сказаў яму Госпад.

 

Разьдзел 4

 

1 Пасля загадаў Госпад Майсею і Аарону:

2 «Аддзялі спаміж сыноў Левія сыноў Кегата, усю іх лічбу па радах іх і сем'ях іх

3 ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб выконвалі работу ў Палатцы Сустрэчы.

4 Гэткая вось служба сыноў Кегатавых у Палатцы Сустрэчы: (насіць) рэчы найсьвяцейшыя.

5 Калі табар будуць рыхтаваць у паход, тады Аарон і сыны яго ўвойдуць і здымуць заслону, што вісіць перад дзьвярыма, і накрыюць ёю Каўчэг Сьведчаньня.

6 Потым пакладуць накрыцьцё са скуры дэльфінавай, і над ім расьцягнуць тканіну, усю зь фіялетавага пурпуру, а потым укладуць насілы.

7 Таксама стол хлябоў пакладных накрыюць тканінаю зь фіялетавага пурпуру і паставяць на ім посуд, талеркі, чашы і кубкі на ахвяры вадкія; і хлябы будуць на ім заўсёды.

8 І пакладуць на іх тканіну кармазыновую, а потым накрыцьцё са скураў дэльфінаў, а пасьля ўкладуць насілы.

9 Потым возьмуць тканіну зь фіялетавага пурпуру і накрыюць ёй падставу сьвечніка разам зь лямпамі, нажніцамі, пасудзінамі на кнаты ды ўсімі пасудзінамі для алею, ужыванымі пры ім да запальваньня.

10 І ўсё гэтае накрыюць накрыцьцём са скуры дэльфінаў, і пакладуць на насілы.

11 І на залаты ахвярнік пакладуць тканіну зь фіялетавага пурпуру, і накрыюць яго накрыцьцём са скуры дэльфінаў, і ўкладуць насілы.

12 Потым возьмуць усе прыналежнасьці, патрэбныя да службы ў сьвятыні, і накрыюць іх тканінай зь фіялетавага пурпуру і накрыцьцём са скуры дэльфінаў, і пакладуць на насілы.

13 І ачысьцяць ахвярнік ад попелу, і накрыюць яго чырвоным пурпурам.

14 І пакладуць на ім увесь посуд, ужываны для службы пры ахвярніку: папяльніцы, вілкі, лапаткі, крапільнікі - усе гэтыя прыналежнасьці ахвярніка накрыюць скурай дэльфінаў і ўкладуць насілы.

15 Пры выхадзе ў дарогу, калі Аарон і сыны яго скончаць накрываць усе сьвятыя рэчы і ўсе прыналежнасьці іхнія, падыйдуць сыны Кегата, каб іх несьці. Нельга ім аднак дакранацца Каўчэга Сьведчаньня, каб не памерлі. Такія вось абавязкі сыноў Кегата ў Палатцы Сустрэчы.

16 Элеазар, сын Аарона сьвятара, будзе рупіцца пра алей на асьвятленьне, пра пахкія кадзілы, пра пастаянную ахвяру зь яды, і пра алей памазаньня, і што толькі патрэбнае для служэньня ў Скініі, і пра ўсе прыналежнасьці Скініі».

17 Зноў гаварыў Госпад да Майсея:

18 «Не дазвольце зьнікнуць сям'і Кегата сярод левітаў,

19 але старайцеся, каб жылі і не паміралі, калі будуць прыступацца да найсьвяцейшых рэчаў; Аарон і сыны яго хай прыйдуць і вызначаць кожнаму свой занятак і што хто мае несьці.

20 Але няхай самі не ўваходзяць у сьвятыню хоць на хвіліну, каб паглядзець, бо будуць пакараныя сьмерцю».

21 І далей гаварыў Госпад да Майсея:

22 «Палічы сыноў Гершона па родах іх і сем'ях іх.

23 Палічы ўсіх ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб выконвалі работу ў Палатцы Сустрэчы.

24 Вось такі абавязак сыноў Гершона, што яны будуць рабіць:

25 яны будуць насіць заслоны Скініі і саму Палатку Сустрэчы зь яе накрыцьцём, таксама накрыцьці са скураў дэльфінаў, заслону, што вісіць ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы,

26 заслоны панадворку і заслону ля ўваходу ў панадворак, каторая знаходзіцца вакол Скініі і ахвярніка, ды вяроўкі і ўсе прыналежнасьці, патрэбныя для служэньня.

27 На загад Аарона і сыноў ягоных павінны праходзіць ўсе службы сыноў Гершона пры пераносцы цяжараў і пры ўсякай іх рабоце. Даручы ім ўсё, што носяць яны.

28 Такі абавязак сыноў Гершона ў Палатцы Сустрэчы. Будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара.

29 Палічы таксама сыноў Мэрары па сем'ях іх і родах іх,

30 ад трыццаці да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб працаваць у Палатцы Сустрэчы.

31 Такія вось іхнія абавязкі: насіць дошкі Скініі і яе папярочкі, слупкі яе і іх падставы,

32 далей слупкі панадворку з усіх бакоў і іхнія падставы, калкі палаткі і вяроўкі, ды ўсе рэчы пры іх, і ўсе прыналежнасьці іхнія, і запішыце ўсе рэчы, каторыя яны павінны насіць.

33 Такі абавязак сыноў Мэрары і службаў іх у Палатцы Сустрэчы. Будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара».

34 Дык Майсей, і Аарон, і князі супольнасьці палічылі сыноў Кегата па іх сем'ях і родах іх,

35 ад трыццаці гадоў і аж да пяцідзесяці гадоў, усіх здатных да спаўненьня службы і працы ў Палатцы Сустрэчы.

36 Было налічана іх па сем'ях дзьве тысячы семсот пяцьдзесят.

37 Такая вось лічба сыноў Кегата, каторыя паслугуюць у Палатцы Сустрэчы і каторых палічыў Майсей і Аарон па загаду Госпада, дадзенага праз Майсея.

38 Палічаны таксама сыны Гершона па іх сем'ях і родах іх,

39 ад трыццаці гадоў і аж да пяцідзесяці гадоў, здатных да спаўненьня службы і да працаў у Палатцы Сустрэчы.

40 Налічана іх па сем'ях і родах дзьве тысячы шэсьцьсот трыццаць.

41 Гэта лічба сыноў Гэршона, усіх, спаўняючых службу ў Палатцы Сустрэчы, каторых палічыў Майсей і Аарон па загаду Госпада.

42 Палічана таксама сыноў Мэрары па іх сем'ях і родах іх,

43 ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здатных да службы ў Палатцы Сустрэчы.

44 І налічана іх па сем'ях тры тысячы дзьвесьце.

45 Гэта лічба сыноў Мэрары, якіх палічыў Майсей і Аарон па загаду Госпада, дадзенаму праз Майсея.

46 Так былі сьпісаны ўсе левіты, каторых палічылі Майсей, і Аарон, і князі Ізраэля па сем'ях іх і родах іх,

47 ад трыццаці гадоў і аж да пяцідзесяці, здатных да спаўненьня службы ў Скініі і да працаў у Палатцы Сустрэчы;

48 было налічана іх восем тысячаў пяцьсот восемдзесят.

49 Па загаду Госпада, дадзенага Майсею, прызначаны яны кожны да сваёй работы і сваіх працаў. І былі яны палічаны, як загадаў Госпад Майсею.

 

Разьдзел 5

 

1 І прамовіў зноў Госпад да Майсея:

2 «Загадай сынам Ізраэля выдаліць з табару ўсіх пракажаных, хворых на выцёкі і апаганеных ад нябожчыка.

3 Як мужчыну, так і жанчыну выдаліце з табару, каб не паганілі табару, дзе Я жыву паміж вамі».

4 Так і зрабілі сыны Ізраэля, і выдалілі іх па-за табар, як загадаў Госпад Майсею, так і зрабілі.

5 Далей загадаў Госпад Майсею, кажучы:

6 «Скажы сынам Ізраэля: Калі мужчына або жанчына дапусьціцца якога грэху адносна людзей, і парушыць загад Госпадаў, то будзе той чалавек вінаваты.

7 Дык няхай яны вызнаюць грэх свой і аддадуць тое, што забранае, з дадаткам пятай часткі таму, перад кім саграшылі.

8 Калі ў яго няма чалавека, катораму мог бы зьвярнуць, дык мусіць Госпаду пасьвяціць гэта, хай будзе гэта сьвятару, апрача барана, ахвяраванага на ўміласьціўленьне, каб ім ачысьціць яго.

9 Усе сьвятыя дары, якія прыносяць сьвятару сыны Ізраэля, яму належаць.

10 Сьвятыя дары кожнага Ізраэльца будуць належаць сьвятару. Усё, што хто дасьць сьвятару, яму належыць».

11 Сказаў зноў Госпад Майсею:

12 «Вось што скажы сынам Ізраэля: Муж, жонка каторага распусьнічала, ашукваючы мужа,

13 ды спала з чужым мужчынам, і муж яе пра гэтя ня ведае, і дапусьцілася яна нячыстасьці, але сьведкаў на пацьвярджэньне няма, каторыя злавілі б яе на распусьце,

14 і дух падазрэньня ахапіў мужа супраць сваёй жонкі, ці яна сапраўды спракудзілася, ці не,

15 дык хай прывядзе ён яе да сьвятара і складзе ў ахвяру за яе дзесятую частку эфы мукі ячменнай. Ня вылье аднак на яе алею ані не пакладзе кадзіла, бо гэта ахвяра падазрэньня, ахвяра выяўленьня, каторая мае выявіць віну.

16 Дык хай прывядзе яе сьвятар і паставіць перад Госпадам.

17 Хай возьме сьвятар пасьвенчанай вады ў гліняны посуд і хай возьме зямлі з падлогі Скініі і ўложыць у ваду.

18 І цяпер паставіць сьвятар жанчыну перад Госпадам, адкрые ёй валасы ды паложыць на яе рукі ахвяру выяўленьня або падазрэньня; ваду ж горкую, якая нясе праклён, сьвятар будзе трымаць у сваёй руцэ.

19 Тады запрысягне жанчыну і скажа ёй: «Калі сапраўды ніводзін мужчына не ляжаў з табой, і калі зь іншым не спаганілася ты што да мужа твайго, тады вада горычы і праклёну не прынясе табе шкоды,

20 калі аднак была ты нявернай свайму мужу ды сталася праз гэта нячыстая, бо іншы мужчына, а ня твой муж ляжаў з табой, выліваючы (насеньне),» -

21 тады сьвятар пракляне жанчыну прысягай праклёну і скажа ёй: «Хай аддасьць цябе Госпад праклёну і клятве ў народзе тваім, і хай счэзьне ўлоньне тваё і апухне жывот твой.

22 Хай вада праклёну пранікне ў нутро тваё, каб апух жывот твой ды апала ўлоньне тваё». Жанчына адкажа: «Амэн, амэн».

23 І напіша сьвятар на скрутку словы праклёну, а пасля змые іх вадою горычы

24 і дасьць выпіць жанчыне горкую ваду, якая нясе праклён, каб вада праклёну пранікла ў яе і спрычыніла горкі боль.

25 Потым возьме сьвятар з рук жанчыны ахвяру падазрэньня, і патрасе перад Госпадам, і складзе яе на ахвярніку.

26 Потым возьме зь яе поўнай жменяй частку яе як памятную частку і спаліць яе на ахвярніку, а затым дасьць жанчыне выпіць вады.

27 Калі вып'е жанчына ваду праклёну і калі сапраўды была яна нячыстай і нявернай мужу свайму, вада праклёну пранікне ў яе, выклікаючы горкі боль. Улоньне яе ападзе і жывот апухне, і станецца тая жанчына праклятаю ў народзе сваім.

28 Калі аднак тая жанчына не была нячыстай, але, наадварот, чыстай, то застанецца бяз шкоды і зноў будзе нараджаць дзяцей».

29 Такі вось закон адносна падазрэньня, калі жонка не стрымае вернасьці свайму мужу і праз гэта станецца нячыстай,

30 або калі муж ейны стане яе падазраваць, тады ён паставіць яе перад Госпадам, а сьвятар споўніць усё, што прадпісана.

31 Муж яе будзе безь віны, а тая жонка адкажа за грэх свой.

 

Разьдзел 6

 

1 І зноў сказаў Госпад Майсею:

2 «Аб'яві сынам Ізраэля і скажы ім: Калі нейкі мужчына або жанчына складуць шлюбаваньне назіру, каб пасьвяціцца Госпаду,

3 мусяць яны ўстрымацца ад віна і сікеры, ад ўсяго п'янкога, воцату зь віна ды ўсякага іншага піцьця, што выціскаецца зь вінаграду. Хай не ядуць таксама сьвежага вінаграду і сушанага.

4 Ва ўсе дні, у якія з шлюбаваньня пасьвяціліся Госпаду, ня будзе (такі чалавек) есьці нічога зь вінаграду, ад недасьпелага вінаграду аж да выцісканага.

5 Увесь час пасьвячэньня нажніцы не дакрануцца галавы. Аж да спыненьня часу, на які ён пасьвяціўся Госпаду, будзе ён сьвяты ды мае даць свабоду валасам расьці на галаве.

6 Увесь час пасьвячэньня Госпаду не павінен ён падыходзіць да нябожчыка.

7 Хай пры паховінах нават бацькі, маткі, брата або сястры не занячысьціцца, бо пасьвячэньне Богу ягонаму на галаве ягонай.

8 Ва ўсе дні пасьвячэньня свайго сьвятым будзе ён для Госпада.

9 А калі хто раптам пры ім памрэ, і ён занячысьціць галаву пасьвячэньня свайго, то астрыжэ галаву ў сёмы дзень, у дзень ачышчэньня свайго.

10 У восьмы ж дзень прынясе двух туркоў або двух маладых галубоў сьвятару да ўваходу ў Палатку Сустрэчы.

11 Аднаго складзе сьвятар у ахвяру за грэх, а другога ў ахвяру цэлапаленьня і ачысьціць яго, бо саграшыў ён дзеля нябожчыка, і ў той дзень пасьвяціць галаву яго.

12 Ды зноў пасьвяціць ён Госпаду дні пасьвячэньня свайго, складаючы ў ахвяру ягнё аднагадовае як аднагараджэньне. Дні папярэднія ня будуць залічаны яму, бо спаганіў сваё пасьвячэньне.

13 Такі вось закон пасьвячэньня. Калі дні, якія шлюбаваў, скончацца, прывядуць яго да ўваходу ў Палатку Сустрэчы,

14 а ён прынясе ў ахвяру Госпаду адно аднагадовае ягня без заганы ў ахвяру цэлапаленьня, і адну аднагадовую авечку без заганы ў ахвяру за грэх, і адно ягня без заганы ў ахвяру прымірэньня,

15 і кошык хлябоў прэсных з мукі пшанічнай, запраўленых алеем, і аладак прэсных, запраўленых алеем, поруч з належнай да іх ахвярай зь яды і ахвярай вадкай.

16 Сьвятар занясе ўсё гэта перад Госпада і складзе ахвяру за грэх і ахвяру цэлапаленьня.

17 Ягнёнка ж складзе Госпаду ў ахвяру прымірэньня разам з кошыкам праснакоў. Потым складзе сьвятар ахвяру зь яды і ахвяру вадкую.

18 Тады абстрыжэ назір ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы валасы свайго пасьвячэньня і кіне іх у агонь, у каторым гарыць ахвяра прымірэньня.

19 Потым возьме сьвятар звараную лапатку барана, хлеб прэсны з каша і прэсную аладку і складзе іх на рукі назіра пасьля таго, як пастрыжэ ён галаву свайго пасьвячэньня.

20 І сьвятар дары ахвярныя патрасе перад Госпадам; гэта бо дар сьвяты, які належыць сьвятару, апрача грудзіны патрасаньня і пляча, адкладзенага на ахвяру. Пасьля гэтага назір можа піць віно.

21 Такі вось закон адносна назіра, каторы шлюбаваў ахвяру сваю Госпаду за пасьвячэньне сваё апрача таго, што дазволіць яму дастатак ягоны. Паводле шлюбаваньня свайго, якое ён дасьць, павінен ён рабіць, паводле закону пасьвячэньня свайго».

22 І казаў яшчэ Госпад Майсею:

23 «Скажы Аарону і сынам ягоным: Гэтак вось маеце вы дабраславіць сынам Ізраэля і казаць ім:

24 Хай дабраславіць цябе Госпад і сьцеражэ цябе!

25 Хай спагадна гляне Госпад на цябе і пашкадуе цябе!

26 Хай зьверне Госпад аблічча Сваё на цябе і хай дасьць табе супакой!

27 Хай так прызываюць імя Маё на сыноў Ізраэля, і Я буду ім дабраславіць».

 

Разьдзел 7

 

1 Калі Майсей збудаваў Скінію і памазаў яе, і пасьвяціў яе і ўсе ейныя прыналежнасьці, і памазаў іх, і пасьвяціў іх,

2 тады прыйшлі князі Ізраэля, галовы паасобных іхніх родаў, начальнікі пакаленьняў, якія стаялі на чале перапісу,

3 і прынесьлі дары свае перад Госпада: шэсьць крытых вазоў і дванаццаць валоў, па адным возе ад двух начальнікаў і па аднаму валу ад кожнага, і паставілі гэта перад Скініяй.

4 І сказаў Госпад Майсею:

5 «Вазьмі гэта ад іх; хай будзе гэта на абслугу Палаткі Сустрэчы. Разьдзялі гэта паміж левітамі адпаведна да іх паслугі».

6 І ўзяў Майсей вазы і валы, і аддаў іх левітам.

7 Адпаведна да іх паслугі сынам Гершона даў два вазы і чатыры валы.

8 Восем валоў і чатыры вазы даў сынам Мэрары, адпаведна да іхняй паслугі, якую мелі спаўняць пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара.

9 А сынам Кегата ня даў нічога, бо яны мелі апякавацца рэчамі найсьвяцейшымі і насіць іх на сваіх плячах.

10 У дзень пасьвячэньня і памазаньня ахвярніка прынесьлі начальнікі свае дары перад ахвярнікам.

11 І сказаў Госпад Майсею: «Хай адзін з начальнікаў штодзень прыносіць свае дары на пасьвячэньне ахвярніка».

12 У першы дзень прынёс свой дар Нахшон, сын Амінадаба, з пакаленьня Юды.

13 Ягоным дарам ахвярным былі серабраная міса ў сто трыццаць сыкляў вагі, таксама серабраная чаша ў семдзесят сыкляў вагі, па вазе сьвятыні. Абедзьве напоўненыя былі пшанічнаю мукой, запраўленай алеем, на ахвяру зь яды,

14 залатая чаша ў дзесяць сыкляў залатой вагі, напоўненая кадзілам,

15 адзін бычок, баран і гадавое ягнё ў ахвяру цэлапаленьня,

16 казёл у ахвяру за грэх,

17 і наастатак у ахвяру прымірэньня два валы, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць аднагадовых ягнят. Гэта быў ахвярны дар Нахшона, сына Амінадаба.

18 У другі дзень прынёс дар ахвярны Натанаэль, сын Цуара, князь з пакаленьня Ісахара.

19 Ён прынёс місу серабраную ў сто трыццаць сыкляў вагі, серабраную чашу ў семдзесят сыкляў вагі, па вазе сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру зь яды,

20 залатую чашу ў дзесяць сыкляў вагі, напоўненую кадзілам;

21 аднаго бычка, барана і аднагадовае ягнё ў ахвяру цэлапаленьня,

22 казла ў ахвяру за грэх,

23 і ў ахвяру прымірэньня двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць аднагадовых ягнят. Гэта ахвяра Натанаэля, сына Цуара.

24 У трэці дзень (прынёс дар ахвярны) князь сыноў Забулёна Эліяб, сын Гэлёна.

25 Ён ахвяраваў місу серабраную ў сто трыццаць сыкляў вагі, чашу серабраную ў семдзесят сыкляў вагі, па вазе сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру зь яды,

26 залатую чашу ў дзесяць сыкляў вагі, напоўненую кадзілам,

27 маладога бычка, барана і аднагадовае ягнё ў ахвяру цэлапаленьня,

28 казла ў ахвяру за грэх,

29 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэньня. Гэта ахвяра Эліяба, сына Гэлёна.

30 У чацьвёрты дзень (прынёс дар ахвярны) князь Рубэна Эліцур, сын Шэдэура.

31 Ён ахвяраваў місу серабраную ў сто трыццаць сыкляў вагі, серабраную чашу ў семдзесят сыкляў вагі, па сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру зь яды,

32 залатую чашу ў дзесяць сыкляў вагі, напоўненую кадзілам,

33 аднаго бычка, барана і аднагадовае ягнё ў ахвяру цэлапаленьня,

34 казла ў ахвяру за грэх,

35 двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэньня. Гэта была ахвяра Эліцура, сына Шэдэура.

36 У пяты дзень (прынёс дар ахвярны) князь сыноў Сымона Шэлюміэль, сын Цурышадая.

37 Ён ахвяраваў місу серабраную ў сто трыццаць сыкляў вагі, серабраную чашу ў семдзесят сыкляў вагі, па вазе сьвятыні, абедзьве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру зь яды,

38 залатую чашу ў дзесяць сыкляў вагі, напоўненую кадзілам,

39 аднаго бычка, барана і аднагадовае ягнё ў ахвяру цэлапаленьня,

40 казла ў ахвяру за грэх,

41 двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэньня. Гэта была ахвяра Шэлюміэля, сына Цурышадая.

42 У шосты дзень (прынёс дар ахвярны) князь сыноў Гада Эліясаф, сын Дэўэля.

43 Ён ахвяраваў місу серабраную ў сто трыццаць сыкляў вагі, серабраную чашу ў семдзесят сыкляў вагі, па вазе сьвятыні, абедзьве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру зь яды,

44 залатую чашу ў дзесяць сыкляў вагі, напоўненую кадзілам,

45 аднаго бычка, барана і аднагадовае ягнё ў ахвяру цэлапаленьня,

46 казла ў ахвяру за грэх,

47 двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэньня. Гэта была ахвяра Эліясафа, сына Дэўэля.

48 У сёмы дзень (прынёс дар ахвярны) князь сыноў Эфраіма Элішама, сын Амігуда.

49 Ён ахвяраваў місу серабраную ў сто трыццаць сыкляў вагі, серабраную чашу ў семдзесят сыкляў вагі, па вазе сьвятыні, абедзьве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру зь яды,

50 залатую чашу ў дзесяць сыкляў вагі, напоўненую кадзілам,

51 аднаго бычка, барана і аднагадовае ягнё ў ахвяру цэлапаленьня,

52 казла ў ахвяру за грэх,

53 двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэньня. Гэта была ахвяра Элішамы, сына Амігуда.

54 У восьмы дзень (прынёс дар ахвярны) князь сыноў Манасы Гамаліэль, сын Пэдагсура.

55 Ён ахвяраваў місу серабраную ў сто трыццаць сыкляў вагі, серабраную чашу ў семдзесят сыкляў вагі, па вазе сьвятыні, абедзьве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру зь яды,

56 залатую чашу ў дзесяць сыкляў вагі, напоўненую кадзілам,

57 аднаго бычка, барана і аднагадовае ягнё ў ахвяру цэлапаленьня,

58 казла ў ахвяру за грэх,

59 двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэньня. Гэта была ахвяра Гамаліэля, сына Пэдагсура.

60 У дзевяты дзень (прынёс дар ахвярны) князь сыноў Бэн'яміна Абідан, сын Гідэоні.

61 Ён ахвяраваў місу серабраную ў сто трыццаць сыкляў вагі, серабраную чашу ў семдзесят сыкляў вагі, па вазе сьвятыні, абедзьве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру зь яды,

62 залатую чашу ў дзесяць сыкляў вагі, напоўненую кадзілам,

63 аднаго бычка, барана і аднагадовае ягнё ў ахвяру цэлапаленьня,

64 казла ў ахвяру за грэх,

65 двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэньня. Такая была ахвяра Абідана, сына Гідэоні.

66 У дзесяты дзень (прынёс дар ахвярны) князь сыноў Дана Ахіезэр, сын Амішадая.

67 Ён ахвяраваў місу серабраную ў сто трыццаць сыкляў вагі, серабраную чашу ў семдзесят сыкляў вагі, па вазе сьвятыні, абедзьве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру зь яды,

68 залатую чашу ў дзесяць сыкляў вагі, напоўненую кадзілам,

69 аднаго бычка, барана і аднагадовае ягнё ў ахвяру цэлапаленьня,

70 казла ў ахвяру за грэх,

71 двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэньня. Гэта была ахвяра Ахіезэра, сына Амішадая.

72 У адзінаццаты дзень (прынёс дар ахвярны) князь сыноў Асэра Пагіэль, сын Акрана.

73 Ён ахвяраваў місу серабраную ў сто трыццаць сыкляў вагі, серабраную чашу ў семдзесят сыкляў вагі, па вазе сьвятыні, абедзьве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру зь яды,

74 залатую чашу ў дзесяць сыкляў вагі, напоўненую кадзілам,

75 аднаго бычка, барана і аднагадовае ягнё ў ахвяру цэлапаленьня,

76 казла ў ахвяру за грэх,

77 двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэньня. Гэта была ахвяра Пагіэля, сына Акрана.

78 У дванаццаты дзень (прынёс дар ахвяры) князь сыноў Нэфталі Ахіра, сын Энана.

79 Ён ахвяраваў місу серабраную ў сто трыццаць сыкляў вагі, серабраную чашу ў семдзесят сыкляў вагі, па вазе сьвятыні, абедзьве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру зь яды,

80 залатую чашу ў дзесяць сыкляў вагі, напоўненую кадзілам,

81 аднаго бычка, барана і аднагадовае ягнё ў ахвяру цэлапаленьня,

82 казла ў ахвяру за грэх,

83 двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэньня. Гэта была ахвяра Ахіры,сына Энана.

84 Вось дары ад князёў Ізраэля пры пасьвячэньні ахвярніка, у дзень яго памазаньня: дванаццаць серабраных місаў, дванаццаць серабраных чашаў, дванаццаць залатых чашаў.

85 Кожная міса важыла сто трыццаць сыкляў серабра, а кожная чаша - семдзесят.

86 Чашаў залатых, напоўненых кадзілам, было дванаццаць; кожная чаша важыла дзесяць сыкляў, па вазе сьвятыні. Агульны цяжар золата чашаў складаў сто дваццаць сыкляў.

87 Агульная лічба жывёлы, прызначанай для цэлапаленьня, была: дванаццаць бычкоў, дванаццаць бараноў, дванаццаць аднагадовых ягнят, з дадаткам належных ахвяраў зь яды, і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх.

88 Агульная лічба быдла, прызначанага ў ахвяру прымірэньня, складала: дваццаць чатыры валы, шэсьцьдзесят бараноў, шэсьцьдзесят казлоў і шэсьцьдзесят аднагадовых ягнят. Гэта былі (дары) на пасьвяту ахвярніка, калі ён быў памазаны.

89 Калі Майсей уваходзіў у Палатку Сустрэчы, каб гаварыць з Госпадам, чуў ён голас, які гаварыў яму з-над накрыўкі, каторая была над Каўчэгам Сьведчаньня паміж двума хэрубімамі. Адтуль казаў Ён яму.

 

Разьдзел 8

 

1 Далей казаў Госпад Майсею:

2 «Аб'яві Аарону і скажы яму: Калі будзеш запальваць лямпы, то на пярэднім баку сьвечніка павінны гарэць сем лямпаў».

3 Аарон зрабіў гэтак і на пярэднім баку сьвечніка запаліў лямпы, як загадаў Госпад Майсею.

4 Такі вось быў выраб сьвечніка: куты ён быў з золата, ад падставы аж да кветак быў каваны. Быў ён зроблены паводле ўзору, які паказаў Госпад Майсею.

5 І сказаў зноў Госпад Майсею:

6 «Вазьмі левітаў спаміж сыноў Ізраэля і ачысьці іх.

7 Ачысьці іх так: пакрапі іх вадой ахвяры за грэх, і хай паголяць яны ўсе валасы на целе, і хай вымыюць адзеньне сваё, і будуць чыстымі.

8 Потым возьмуць цялё са статку і ахвяру з мукі, запраўленай алеем, а другое цялё са статку ты возьмеш у ахвяру за грэх.

9 Прывядзі левітаў перад Палатку Сустрэчы і зьбяры ўсю супольнасьць Ізраэля.

10 Калі левіты зьбяруцца перад Госпадам, хай сыны Ізраэля пакладуць на іх рукі свае.

11 Потым Аарон як патрасанае перад Госпадам ахвяруе левітаў ад сыноў Ізраэля, каб былі служыцелямі Ягонымі.

12 А левіты хай ускладуць рукі свае на галовы цялят, і ты аднаго зь іх складзеш у ахвяру за грэх, а другога - у ахвяру Госпаду на цэлапаленьне, каб ачысьціць іх.

13 Потым паставіш левітаў перад Ааронам і яго сынамі і ахвяруеш іх як патрасанае Госпаду.

14 Выдзелі левітаў спаміж сыноў Ізраэля, каб былі яны Маімі.

15 А потым хай прыходзяць і служаць у Палатцы Сустрэчы, калі ты іх ачысьціш і ахвяруеш іх як ахвяру пасьвячэньня.

16 Яны бо Мне аддадзены спасярод сыноў Ізраэля. Узяў Я іх замест першародных, якія родзяцца ў Ізраэля.

17 Мае бо ўсе першародныя з сыноў Ізраэля, як зь людзей, так і з жывёлы. Ад таго дня, у які Я выгубіў усё першароднае ў зямлі Эгіпецкай, Я іх пасьвяціў Сабе.

18 І ўзяў Я левітаў замест усіх першародных спаміж сыноў Ізраэля,

19 і даю іх Аарону і сынам ягоным спаміж сыноў Ізраэля, каб служылі Мне за ўсяго Ізраэля ў Палатцы Сустрэчы, каб перамаляць Госпада за іх, каб усьцерагчы ад кары народ, калі б асьмеліўся наблізіцца да Скініі».

20 Дык Майсей і Аарон і ўся супольнасьць сыноў Ізраэля зрабілі зь левітамі гэтак; як загадаў Госпад Майсею, так і зрабілі зь імі сыны Ізраэля.

21 Вось жа ачысьціліся левіты і памылі адзеньне сваё, а Аарон, патрасаючы, ахвяраваў іх Госпаду і ачысьціў іх, каб былі ачышчаныя.

22 Пасьля спаўнялі яны свае абавязкі ў Палатцы Сустрэчы ў прысутнасьці Аарона і сыноў ягоных. Як адносна Левітаў загадаў Госпад Майсею, так вось і сталася.

23 Далей казаў Госпад Майсею:

24 «Такі вось закон адносна левітаў: ад дваццаці пяці гадоў і вышэй хай прыходзяць яны і служаць ў Палатцы Сустрэчы;

25 а калі скончаць пяцідзесяты год жыцьця, хай ня служаць,

26 а будуць толькі дапамагаць братам сваім у Палатцы Сустрэчы, але абавязкаў ужо сваіх спаўняць ня будуць. Так зробіш зь левітамі адносна іх службы».

 

Разьдзел 9

 

1 У першы месяц другога году па выхадзе з Эгіпту сказаў Госпад Майсею ў пустыні Сынай:

2 «У вызначаны час Ізраэльцы павінны сьвяткаваць Пасху.

3 Будзеце яе сьвяткаваць чатырнаццатага дня гэтага месяца вечарам паводле ўсіх адносна яе законаў і звычаяў».

4 Загадаў вось Майсей сынам Ізраэля спраўляць Пасху.

5 Дык яны і спраўлялі Пасху ў свой час у чатырнаццаты дзень месяца вечарам у пустыні Сынай. Паводле ўсяго таго, што загадаў Госпад Майсею, рабілі сыны Ізраэля.

6 Вось жа знайшліся людзі, каторыя дзеля дакрананьня нябожчыка сталіся нячыстымі і не маглі ў той дзень спраўляць Пасху, дык прыйшлі яны да Майсея і Аарона,

7 і сказалі ім: «Мы нячыстыя дзеля дакрананьня нябожчыка, але дзеля чаго мы пазбаўлены таго, каб спаміж сыноў Ізраэля ў вызначаны час маглі скласьці ахвяры Госпаду?»

8 Майсей ім адказаў: «Пачакайце, даведаюся, што адносна вас загадае Госпад».

9 Адказаў Госпад Майсею гэтак:

10 «Скажы сынам Ізраэля: Чалавек з вас ці з патомкаў вашых, каторы стаўся нячыстым дзеля нябожчыка або дзеля далёкай дарогі, павінен спраўляць Пасху

11 ў чатырнаццаты дзень другога месяца вечарам; з прэсным хлебам і горкімі травамі хай яе спажываюць.

12 Хай не пакідаюць зь яе анічога да раніцы, таксама косткі яе ня будуць ламаць. Хай увесь парадак Пасхі дакладна захаваюць.

13 Калі ж хто чысты і не ў дарозе, а аднак Пасхі не спраўляе, вынішчана будзе душа тая з народу свайго, бо ён ня склаў ахвяры Госпаду ў свой час. Ён сам адкажа за грэх свой.

14 Падарожнік і прыбылец, калі б такія жылі б у вас, хай спраўляюць Пасху паводле закону і звычаяў Пасхі. Загад той самы будзе ў вас і чужынцу, і тутэйшаму».

15 У дзень, у каторы была пастаўлена Скінія, воблака накрыла Скінію разам з Палаткай Сьведчаньня, ды ад вечара да раніцы заставалася над Скініяй у выглядзе агня.

16 І так было заўсёды: днём пакрывала яе воблака, а ноччу - як бы бляск агню.

17 Калі воблака, каторае пакрывала Скінію, падымалася над Скініяй, тады сыны Ізраэля выходзілі ў паход, а на тым месцы, дзе затрымоўвалася, там раскладаліся табарам.

18 На загад Госпада выходзілі яны ў дарогу і на Ягоны загад раскладаліся табарам. Усе дні, у якія воблака стаяла над Скініяй, яны заставаліся ў тым самым месцы.

19 Вось жа здаралася, што воблака доўгі час трымалася над Скініяй, і сыны Ізраэля па волі Госпада не выходзілі ў дарогу.

20 Але здаралася таксама, што воблака кароткі час стаяла над Скініяй, і сыны Ізраэля па волі Госпада раскладаліся табарам і па тым жа загадзе рушылі ў дарогу.

21 Было і так, што воблака стаяла ад вечара да раніцы, а на раніцы падымалася, тады і яны зьбіраліся ў дарогу. Часам стаяла воблака дзень і ноч, і як толькі яно падымалася, яны зараз жа выходзілі ў дарогу.

22 Вось жа калі два дні, або месяц, або некалькі дзён стаяла воблака над Скініяй, то і сыны Ізраэля стаялі і не зьбіраліся ў дарогу.

23 Па волі Госпада раскладаліся табарам, і на слова Госпада выпраўляліся ў паход; трымаліся яны волі Госпада і загадаў, даваных праз Майсея.

 

Разьдзел 10

 

1 Вось што далей казаў Госпад Майсею:

2 «Зрабі сабе дзьве трубы серабраныя, кутыя, каторымі будзеш магчы склікаць усю супольнасьць, калі трэба будзе рыхтаваць табар у дарогу.

3 Калі затрубяць у трубы, зьбярэцца да цябе ўся супольнасьць да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы.

4 А калі толькі ў адну затрубяць, зьбяруцца да цябе толькі князі і начальнікі дружынаў Ізраэля.

5 Калі затрубіш працягла, падымуцца дружыны тыя, каторыя з усходняга боку.

6 Калі другі раз працягла затрубіш, падымуцца тыя дружыны, каторыя з паўднёвага боку. Знакам на вырушаньне табару будзе працяглае трубеньне.

7 На сабраньне супольнасьці будзе просты гук, а не працяглы.

8 Трубіць жа ў трубы будуць сыны Аарона, сьвятары. Будзе гэта вам і патомкам вашым закон вечны.

9 Калі будзеш ісьці на вайну ў зямлі вашай супраць ворага, каторы наступае на вас, будзеце працягла трубіць у трубы. Гэта будзе кліч ваш перад Госпадам, Богам вашым, і будзеце збаўлены з рук ворагаў вашых.

10 Калі будзеце мець балі ў сьвяты і ў маладзікі, пры вашых ахвярах цэлапаленьня і ахвярах прымірэньня, будзеце трубіць у трубы; яны будуць прыпамінаньнем перад Госпадам аб вас. Я - Госпад, Бог ваш!»

11 У другі год, у другі месяц, у дваццаты дзень месяца, паднялося воблака з-над Палаткі Сьведчаньня.

12 Дык выбраліся сыны Ізраэля ў дарогу сваю з пустыні Сынай і спынілася воблака ў пустыні Паран.

13 Першы раз па загаду Госпада, дадзенага праз Майсея, рушыў табар у паход.

14 Першым вырушыў сьцяг табару сыноў Юды са сваімі дружынамі, каторых князем быў Нахшон, сын Амінадаба.

15 Дружыны пакаленьня Ісахара ўзначальваў Натанаэль, сын Цуара.

16 А над дружынамі пакаленьня Забулёна быў князем Эліяб, сын Гэлёна.

17 Разабраную Скінію ў паходзе несьлі сыны Гершона і Мэрары.

18 Вырушыў у дарогу і сьцяг табару сыноў Рубэна зь яго дружынамі, а над грамадай гэтай князем быў Эліцур, сын Шэдэура.

19 А над дружынай пакаленьня Сымона князем быў Шэлюміэль, сын Цурышадая.

20 Над дружынай пакаленьня сыноў Гада князем быў Эліясаф, сын Дэўэля.

21 Рушылі ў дарогу і сыны Кегата, несучы найсьвяцейшыя рэчы. Пакуль яны прыбылі, Скінія была ўжо пастаўлена.

22 Падняўся сьцяг табару сыноў Эфраіма са сваімі дружынамі, якіх князем быў Элішама, сын Амігуда.

23 А над дружынай пакаленьня Манасы князем быў Гамаліэль, сын Пэдагсура.

24 А над дружынай сыноў Бэн'яміна начальнікам быў Абідан, сын Гідэоні.

25 Потым падняўся сьцяг табару сыноў Дана са сваімі дружынамі, каторых князем быў Ахіезэр, сын Амішадая.

26 А над дружынай пакаленьня сыноў Асэра князем быў Пагіэль, сын Акрана.

27 А над дружынай сыноў Нэфталі князем быў Ахіра, сын Энана.

28 Вось такі быў парадак паходу сыноў Ізраэля з дружынамі сваімі, калі выходзілі ў дарогу.

29 І сказаў Майсей Хабабу, сыну Рэгуэля, Мадыянца, свайго цесьця: «Выпраўляемся мы ў зямлю, якую абяцаў нам даць Госпад. Хадзі з намі, і будзе табе добра з намі, бо Госпад абяцаў дабро Ізраэлю».

30 Той адказаў яму: «Не пайду я з табой, але вярнуся ў зямлю маю, у якой я нарадзіўся».

31 І сказаў (Майсей): «Не пакідай нас, бо ты ведаеш, у якіх мясцовасьцях пустыні маем мы раскладацца табарам, дык будзеш нашымі вачыма.

32 Калі пойдзеш з намі, то што будзе найлепшае з багацьцяў, якія дасьць нам Госпад, дамо табе».

33 І выправіліся яны з гары Госпада, і ішлі на працягу трох дзён. Каўчэг запавету Госпадавага ішоў наперадзе іх на працягу трох дзён, выбіраючы месца на табар.

34 Воблака Госпадава ацяняла іх днём, калі яны выходзілі з табару.

35 Калі вырушаў Каўчэг у дарогу, Майсей казаў: «Паўстань, Госпадзе, і хай разьбягуцца ворагі Твае, і хай паўцякаюць тыя, што зьненавідзелі Цябе, перад абліччам Тваім».

36 А калі стаўлялі Каўчэг, казаў: «Вярніся, Госпадзе, да шматлікага войска Ізраэльскага!»

 

Разьдзел 11

 

1 І пачаў народ наракаць на Госпада, як бы стогнучы ад вялікага гора. Калі пачуў гэта Госпад, разгневаўся, і ўзгарэўся на іх, як агонь, гнеў Госпада і зьнішчыў крайнюю частку табара.

2 Тады народ стаў прызываць Майсея, і Майсей маліў Госпада, і агонь спыніўся.

3 І назвалі тое месца Табэра, таму што ўзгарэўся супраць іх агонь Госпадаў.

4 Іншапляменныя людзі, якія былі паміж імі, сталі адчуваць нястачу, і разам зь імі сыны Ізраэля, плакалі і наракалі: «Хто дасьць нам наесьціся мяса?

5 Мы памятаем, як у Эгіпце мы елі дарма рыбу. Памятаем агуркі, дыні, цыбулю і часнык.

6 Горла нашае ссохла, нічога іншага ня бачаць вочы нашыя, апрача манны».

7 Манна ж была падобная да насеньня каляндры і мела выгляд як бдалах.

8 Людзі выходзілі і зьбіралі яе, і малолі ў жорнах або таўклі ў ступе і варылі ў гаршчках, і рабілі зь яе аладкі; і смак іх быў падобны да аладак з алеем.

9 Калі ноччу раса ападала на табар, адначасова ападала і манна.

10 Вось жа Майсей чуў, як народ плача і наракае сем'ямі, кожны ля ўваходу ў палатку сваю. І вельмі ўзгарэўся гнеў Госпадаў, і гэта невыносным было Майсею.

11 Дык кажа Майсей Госпаду: «Чаму Ты мучыш слугу Свайго? Чаму не магу я знайсьці ласкі ў Цябе? Ды чаму Ты ўсклаў на мяне ўвесь цяжар народу гэтага?

12 Ці ж зь мяне пачаўся ўвесь гэты народ або зь мяне нарадзіўся, што Ты кажаш мне: «Насі яго ў сэрцы тваім, як носіць пястунка дзіцятка, ды занясі яго ў зямлю, якую запрысяг Ты бацькам нашым?»

13 Адкуль узяць мне мяса, каб даць усяму гэтаму народу? З плачам наракаюць на мяне, кажучы: «Дай нам мяса, каб маглі наесьціся!»

14 Не магу адзін насіць увесь гэты народ, бо ён зацяжкі для мяне.

15 Калі Ты такім чынам абыходзішся са мною, дык прашу, забі мяне, калі маю ласку ў вачах Тваіх, каб ня бачыў я болей няшчасьця майго!»

16 Тады сказаў Госпад Майсею: «Скліч Мне семдзесят чалавек спасярод старшыняў Ізраэля, аб якіх ты ведаеш, што яны людзі разважныя і ўмеюць кіраваць, і прывядзі іх у Палатку Сустрэчы; хай там стаяць разам з табой,

17 а Я зыйду і буду гаварыць з табою. Вазьму тады з духа твайго і перадам ім, каб яны разам з табою насілі цяжар народу, а ня толькі ты быў ім абцяжараны.

18 А народу скажы: «Ачысьцьцеся, заўтра будзеце есьці мяса, бо Я пачуў плач ваш: «Хто дасьць нам есьці мяса? Добра было нам у Эгіпце». Вось жа дасьць вам Госпад мяса, і будзеце есьці,

19 і не адзін дзень, ані два або пяць, або дзесяць, ані дваццаць нават,

20 але ўвесь месяц, аж пакуль вам ня выйдзе праз ноздры вашыя і не абрыдзіць вам, бо адвярнуліся вы ад Госпада, Каторы паміж вас, ды наракалі на Яго, кажучы: Чаму выходзілі мы з Эгіпту?»

21 І сказаў Майсей: «Шэсьцьсот тысячаў пешых у гэтым народзе, а Ты кажаш: «Я дам ім есьці мяса цэлы месяц?»

22 Ці ж усе авечкі і валы будуць забітыя, каб хапіла ім наесьціся? Або ці ўсе рыбы ў моры зьбяруцца ў адно, каб ім хапіла?»

23 Адказаў яму Госпад: «Ці ж рука Госпада скарацілася? Цяпер убачыш, ці слова Маё спаўняецца на дзеле, ці не».

24 Дык выйшаў Майсей і абвясьціў народу словы Госпада, і склікаў семдзесят старшыняў народу, і паставіў іх вакол Скініі.

25 А Госпад зыйшоў у воблаку і гаварыў зь ім, і ўзяў з духа, які быў на Майсею, і перадаў сямідзясяці мужам старэйшым. І калі дух супачыў на іх, праракавалі яны, а потым перасталі.

26 Двое чалавек засталіся ў табары, адзін зваўся Эльдад, а другі - Мэдад. На іх таксама зыйшоў дух, бо былі яны пакліканыя, толькі не пайшлі ў Палатку. Калі яны праракавалі ў табары,

27 прыбег юнак да Майсея і паведаміў яму: «Эльдад і Мэдад праракуюць у табары».

28 Ешуа, сын Нуна, каторы ад юнацтва свайго быў на паслузе ў Майсея, сказаў: «Гаспадару мой, Майсей, забарані ім!»

29 Але Майсей адказаў: «Ці не зайздросны ты замест мяне? О, каб увесь народ так праракаваў і каб даў ім Госпад Духа Свайго!»

30 Затым Майсей і старшыні Ізраэля вярнуліся ў табар.

31 Раптам падняўся вецер ад Госпада і прынёс ад мора перапёлак, і кінуў іх на табар з абодвух бакоў на дзень дарогі, і пакрылі яны зямлю на два локці вышыні.

32 Дык паўстаў народ і ўвесь той дзень ды ўсю ноч, і ўвесь наступны дзень зьбіралі перапёлак; хто мала сабраў, прынёс ня менш дзесяці гамэраў; і разлажылі іх навакол табару.

33 Яшчэ мяса было ў іхніх зубах і не было яшчэ зьедзена, калі зноў узгарэўся гнеў Госпадаў супраць народу і ўдарыў яго Госпад дужа вялікай плягаю.

34 Дзеля таго тое месца названа Кіброт-Гатава, бо там пахавалі прагавіты народ.

35 Выйшаўшы з Кіброт-Гатавы, прыбылі ў Гацэрот і там затрымаліся.

 

Разьдзел 12

 

1 Мірыям і Аарон блага гаварылі супраць Майсея з прычыны Кушыткі, каторую ўзяў ён за жонку.

2 І казалі: «Ці ж толькі праз аднаго Майсея гаварыў Госпад? Ці таксама і праз нас не гаварыў Ён?» І пачуў гэта Госпад.

3 Майсей жа быў найпакарнейшым з усіх людзей, каторыя жылі на зямлі.

4 І сказаў раптам Госпад да Майсея і да Аарона, і да Мірыям: «Толькі вы трох падыйдзіце да Палаткі Сустрэчы». І падыйшлі ўсе трое.

5 І Госпад зыйшоў у слупе воблачным і затрымаўся ля ўваходу, і паклікаў Аарона і Міріям, і ўвайшлі яны абое.

6 І сказаў Ён ім: «Слухайце словы Мае. Калі хто спаміж вас будзе прарок Госпадаў, Я аб'яўлюся яму ў зьяве, і ў снах буду казаць яму.

7 Але ня так са слугой Маім Майсеем, ён найвярнейшы ў-ва ўсім доме Маім!

8 Вуснамі ў вусны Я кажу яму, і адкрыта, а не праз бачаньні і зьявы, бачыць ён Госпада! Дык чаму асьмеліліся вы дакараць слугу Майго Майсея?»

9 І загневаўся на іх, і адыйшоў.

10 Воблака таксама зьнікла, а яно было над Скініяй. І вось Мірыям сталася ў момант белая, як сьнег, ад праказы. Калі Аарон павярнуўся да яе, спасьцярог, што яна пракажана.

11 Тады прасіў ён Майсея: «Прашу, гаспадару мой, не карай нас за грэх, каторага мы неразважна дапусьціліся.

12 Не дапусьці, каб сталася яна, як спарон, каторы напалову гнілы выходзіць з улоньня маці сваёй».

13 Дык прасіў Майсей Госпада: «Божа, прашу цябе, аздараві яе!»

14 І адказаў яму Госпад: «Калі б бацька яе плюнуў ёй у твар, ці ня мусіла б яна сем дзён сароміцца? Так мае яна на сем дзён быць па-за табарам, а потым можа зноў вярнуцца».

15 Дык выдалена была Мірыям па-за табар на сем дзён, а народ ня рухаўся з таго месца, пакуль Мірыям не вярнулася.

 

Разьдзел 13

 

1 Затым народ выйшаў з Гацэроту і разлажыўся табарам у пустыні Паран.

2 І сказаў Госпад Майсею:

3 «Пашлі людзей, каторыя выведалі б зямлю Ханаан, каторую Я маю даць сынам Ізраэля, па адным з кожнага пакаленьня іх бацькоў».

4 Што Госпад загадаў, тое і зрабіў Майсей; і паслаў іх Майсей з пустыні Паран, а ўсе яны князі ў сыноў Ізраэля.

5 Вось імёны іх: з пакаленьня Рубэна - Шамуа, сын Закура;

6 з пакаленьня Сымона - Шафат, сын Харэя;

7 з пакаленьня Юды - Калеб, сын Ефунны;

8 з пакаленьня Ісахара - Ігаль, сын Язэпа;

9 з пакаленьня Эфраіма - Ошэа, сын Нуна;

10 з пакаленьня Бэн'яміна - Пальцы, сын Рафу;

11 з пакаленьня Забулёна - Гадыэль, сын Соды,

12 з пакаленьня Язэпа, пакаленьня Манасы - Гады, сын Сусі,

13 з пакаленьня Дана - Аміэль, сын Гемальлі,

14 з пакаленьня Асэра - Сэтур, сын Мікаэля,

15 з пакаленьня Нэфталі - Нагбі, сын Вафшы,

16 з пакаленьня Гада - Геўэль, сын Махі.

17 Гэта вось імёны мужчынаў, пасланых Майсеем для выведваньня зямлі (Ханаан). Ошэа, сына Нуна, назваў Майсей потым Ешуам.

18 Пасылаючы іх дзеля выведваньня зямлі Ханаан, Майсей сказаў ім: «Ідзіце праз Нэгэб. Калі прыйдзеце ў горы,

19 разгледзьце зямлю, якая яна, і народ, жыхароў той зямлі, ці моцны ён, ці кволы, ці нямногія лікам, ці шматлікія?

20 І сама зямля ці добрая, ці ліхая? Якія гарады: ці абмураваныя, ці без муроў?

21 Ці глеба ўрадлівая, ці пустая, заросшая дрэвамі, ці бяз дрэваў. Будзьце адважнымі і прынясіце нам пладоў той зямлі». Быў жа час дасьпяваньня вінаграду.

22 Яны пайшлі і разьведалі зямлю ад пустыні Сін аж па Рэгоб паблізу Хамату.

23 І дайшлі да Нэгэбу, а адтуль прыйшлі ў Геброн, дзе жылі Ахіман, і Шэшай, і Тальмай, сыны Анака. А Геброн пабудаваны на сем гадоў раней, чым Цоан, горад Эгіпецкі.

24 Дайшлі яны аж да даліны Эшколь, там зрэзалі вінаградную галінку з гронкай вінаграду, якую несьлі на жэрдцы два мужчыны. Узялі таксама яблыкаў гранатавых і фігаў і несьлі з таго месца.

25 І назвалі яго далінай Эшколь, таму што адтуль сыны Ізраэля несьлі гронку вінаграду.

26 І вярнуліся выведчыкі зямлі па сарака днях, абыйшоўшы ўвесь тот край.

27 І прыйшлі да Майсея і Аарона, і ўсей супольнасьці сыноў Ізраэля ў пустыню Паран, у Кадэш. І расказвалі ім, і паказалі плады той зямлі ўсім сабраўшымся.

28 І так вось расказвалі: «Прыбылі мы ў зямлю, у якую паслаў ты нас, каторая сапраўды ацякае малаком і мёдам, як можаш пераканацца з гэтых пладоў.

29 Але жыхароў мае яна дужых і гарады вялікія і ўмацаваныя. Бачылі мы там таксама сыноў Анака.

30 Амалекцы жывуць у Нэгэбе; Гетыты, і Ебусэі, і Амарэйцы - у гарах, а Хананейцы жывуць каля мора і на берагах Ярдану».

31 Калеб супакойваў абурэньне народу супраць Майсея, кажучы: «Пойдзем і здабудзем зямлю, бо мы можам авалодаць ёю».

32 Іншыя ж, каторыя былі зь ім, казалі: «Ніякім чынам ня зможам ваяваць з тым народам, бо ён дужэйшы за нас».

33 І гаварылі ліхія весткі пра зямлю, якую аглядалі, паміж сыноў Ізраэля, кажучы: «Зямля, якую мы аглядалі, пажырае жыхароў сваіх, а народ, які мы бачылі, - высокага росту.

34 Бачылі мы там волатаў, сыноў Анака, з роду волатаўскага, і ў нашых вачах мы выглядалі як шаранча, і такімі ж мы былі ў іхніх вачах».

 

Разьдзел 14

 

1 Дык усё зграмаджэньне ў тую ноч плакала ў голас,

2 і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраэля, і казалі: «Лепш, каб мы былі паўміралі ў Эгіпце, або ў той бязьлюднай пустыні.

3 Навошта завёў нас Госпад у гэтую зямлю, каб мы загінулі ад мяча, а жонкі і дзеці нашыя пайшлі ў палон? Ці ня лепш нам вярнуцца ў Эгіпет?»

4 І казалі адзін аднаму: «Пастановім сабе правадыра і вернемся ў Эгіпет».

5 Пачуўшы гэта, Майсей і Аарон упалі ніцма на зямлю перад усёй супольнасьцю сыноў Ізраэля.

6 А Ешуа, сын Нуна, і Калеб, сын Ефунны, каторыя самі аглядалі зямлю, разьдзёрлі шаты свае

7 і казалі ўсяму сабраньню сыноў Ізраэля: «Зямля, якую мы абыйшлі, вельмі добрая.

8 Калі ласкавы будзе Госпад, то ўвядзе нас у яе і дасьць нам зямлю, ацякаючую малаком і мёдам.

9 Не бунтуйцеся супраць Госпада і не палохайцеся народу той зямлі, бо, як хлеб, мы іх праглынем. Яны ня маюць ніякай абароны, бо Госпад з намі; ня бойцеся іх».

10 Уся супольнасьць з абурэньнем гаманіла і хацела іх укаменаваць, калі над Палаткай Сустрэчы зьявілася хвала Госпада на віду ўсіх сыноў Ізраэля.

11 І прамовіў Госпад да Майсея: «Дакуль будзе зьневажаць Мяне народ гэты? Дакуль жа ня будзе ён верыць усім знакам, каторыя Я ўчыніў перад ім?

12 Я адведаю іх пошасьцю і зусім выгублю. Зь цябе ж Я зраблю вялікі народ, мацнейшы за іх».

13 Майсей жа сказаў Госпаду: «Вось жа пачуюць Эгіпцяне, ад каторых вывеў Ты народ гэты магутнасьцю Сваёй,

14 і будуць пра гэта казаць жыхарам той зямлі, каторыя чулі, што Ты, Госпадзе, даешся бачыць Сябе тварам у твар, і воблака Тваё стаіць над імі, і Ты ідзеш перад імі днём у слупе воблачным, а ноччу ў слупе вогненным.

15 Дык калі гэты народ выб'еш да апошняга чалавека, народы, каторыя пра гэта пачуюць, скажуць аб Табе:

16 «Госпад ня мог увесьці народ у зямлю, якую ім запрысяг, дзеля таго Ён выбіў іх у пустыні!»

17 Дык хай праславіцца моц Госпада, як Ты запрысяг, кажучы:

18 «Госпад цярплівы і бязьмежнага міласэрдзя, Які прабачае правіны і грахі і не пакідае без пакараньня, але карае беззаконьні бацькоў на сынах да трэцяга, а нават да чацьвёртага пакаленьня».

19 Дык даруй правіну народу гэтаму дзеля вялікай ласкавасьці Тваёй, як Ты прабачаў народу гэтаму ад Эгіпту аж дасюль».

20 І сказаў Госпад: «Вось жа Я прабачаю паводле слова твайго.

21 Але, як Я жывы, хвала Госпада напоўніць усю зямлю!

22 Усе людзі, каторыя бачылі славу Маю і знакі, каторыя чыніў Я ў Эгіпце і ў пустыні, а ўсё ж такі спакушалі Мяне ўжо дзесяць разоў, ды ня слухалі голасу Майго,

23 не пабачаць яны зямлі, якую запрысяг Я бацькам іхнім, і ніхто з тых, хто зьневажаў Мяне, ня будзе аглядаць яе.

24 Толькі слугу Майго Калеба, поўнага іншага духа, каторы ідзе за Мною, увяду Я ў тую зямлю, у каторую ён ўжо ўвайшоў, і патомства ягонае авалодае ёю.

25 Няхай Амалек і Хананейцы жывуць у далінах; заўтра падымеце табар і вернецеся ў пустыню ў накірунку Чырвонага мора».

26 І далей казаў Госпад Майсею і Аарону:

27 «Дакуль гэтая грамада ліхая будзе наракаць на Мяне? Чуў Я нараканьні сыноў Ізраэля.

28 Дык скажы ім: «Жыву Я, кажа Госпад. Як вы гаварылі, Я пачуў, і гэтак зраблю вам!

29 У гэтай пустыні пападаюць трупы вашыя! Усе, што наракалі на Мяне, ад дваццаці гадоў і вышэй, палічаны.

30 Ня ўвойдзеце вы ў зямлю, на каторай Я, падымаючы руку Маю, запрысяг пасяліць вас, апрача Калеба, сына Ефунны, і Ешуа, сына Нуна.

31 А дзяцей вашых, аб каторых вы казалі, што яны будуць здабычай ворагаў, Я ўвяду, каб аглядалі зямлю, якою вы ўзгардзілі.

32 Што да вас, то вашыя трупы будуць ляжаць у гэтай пустыні.

33 А сыны вашыя будуць блукаць у пустыні сорак гадоў і будуць цярпець за нявернасьць вашую, пакуль ня счэзнуць трупы вашыя ў пустыні.

34 Па ліку сарака дзён, на працягу якіх аглядалі вы зямлю, год будзе залічаны за дзень, значыць, сорак гадоў вы будзеце пакутаваць за грахі вашыя і даведаецеся, што такое, калі Я пакінуў вас.

35 Я, Госпад, сказаў і гэтак зраблю гэтаму ліхому зграмаджэньню, каторае бунтуецца супраць Мяне. У гэтай пустыні вы загінеце і памрэцё».

36 І вось усе тыя людзі, каторых паслаў Майсей на зьведаньне зямлі, і каторыя, вярнуўшыся, справакавалі ўсю супольнасьць да нараканьня, падаючы ліхія весткі аб зямлі,

37 тыя, што разносілі ліхія весткі аб зямлі той, памерлі раптоўна ў прысутнасьці Госпада.

38 Аднак Ешуа, сын Нуна, і Калеб, сын Ефунны, засталіся жывымі з усіх тых людзей, каторыя хадзілі выведваць зямлю.

39 Усе гэтыя словы пераказаў Майсей усім сынам Ізраэля, а народ вельмі засмуціўся.

40 Устаўшы назаўтра рана, узыйшлі яны на вяршыню гары і казалі: «Гатовыя мы пайсьці ў зямлю, пра каторую казаў Госпад, бо бачым, што мы саграшылі».

41 Майсей сказаў ім: «Чаму вы пераступаеце волю Госпада? Гэта ня будзе мець посьпеху.

42 Не ідзіце, бо няма Госпада з вамі, каб не пагінулі вы ад ворагаў вашых!

43 Амалек вось і Хананейцы перад вамі, ад іхняга мяча пагінеце, таму што вы адступіліся ад Госпада, і ня будзе з вамі Госпада».

44 Але яны вырашылі ўзыйсьці на вяршыню гары; Каўчэг жа Госпадавага запавету і Майсей ня выйшлі з табару.

45 Тады зыйшлі Амалекцы і Хананейцы, што пражывалі на гары, і разьбілі іх, і гналі іх аж да Хармы.

 

Разьдзел 15

 

1 Далей казаў Госпад Майсею:

2 «Паведамі сыноў Ізраэля і скажы ім: Калі ўвойдзеце ў зямлю пражываньня вашага, якую Я дам вам,

3 і будзеце складаць ахвяры Госпаду, цэлапаленьні або як спаўненьне шлюбаваньняў, або дабравольна прыносячы дары, або ва ўрачыстасьцях вашых, каб прынесьці мілы пах Госпаду з валоў ці авец,

4 тады той, хто прыносіць сваю ахвяру Госпаду, павенен прынесьці ў ахвяру зь яды дзесятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай адной трэцяй гіну алею.

5 Як ахвяру з вадкасьці павінен даць разам з ахвярай цэлапаленьня або з ахвярай прымірэньня чацьвёртую частку гіну віна на кожнае ягнё.

6 Разам з ахвярай зь ягняці складзеш дзьве трэці эфы пшанічнай мукі, запраўленай адной трэцяй гіну алею.

7 Поруч у ахвяру вадкую зь віна адну трэцюю гіну прынясеш на мілы пах Госпаду.

8 Калі складаеш у ахвяру цялё на цэлапаленьне або ў ахвяру ў спаўненьне шлюбаваньня, або ў ахвяру прымірэньня Госпаду,

9 дасі разам зь цялём у ахвяру зь яды тры дзесятыя часткі эфы пшанічнай мукі, запраўленай паловай гіну алею,

10 а ў ахвяру вадкую дасі палову гіну віна на мілы пах Госпаду.

11 Так трэба рабіць пры кожнай ахвяры зь цяляці або ягняці як з авечак, так і з козаў.

12 Паводле ліку ахвяраў, каторыя вы складаеце, так рабеце пры кожнай, паводле лічбы іх.

13 Кожны тутэйшы так павінен рабіць гэта, складаючы ахвяру ў мілы пах Госпаду.

14 Калі б вось які чужынец, які пражываючы ў вас, або каторы пасяліўся сярод вас, хацеў бы скласьці ахвяру ў мілы пах Госпаду, павінен складаць яе, як і вы.

15 Адна пастанова для вас і для прыбыльцаў ва ўсе пакаленьні вашыя; як вы, так і прыбылец будзе перад Госпадам.

16 Адзін закон і тая самая пастанова як для вас, так і для прыбыльцаў, якія прабываюць у вас».

17 Далей казаў Госпад Майсею:

18 «Аб'яві сынам Ізраэля і скажы ім: Калі вы прыйдзеце ў зямлю, каторую Я вам дам,

19 і калі будзеце есьці хлеб з той зямлі, то выдзяліце перш асаблівы дар Госпаду.

20 Ад першага цеста вашага бондачку прынясіце як асаблівы дар з току.

21 Будзеце складаць пяршыны цеста як асаблівы дар Госпаду ва ўсе пакаленьні вашыя.

22 Калі празь няведаньне вы ня споўніце ўсіх гэтых загадаў, каторыя перадаў Госпад праз Майсея,

23 таго ўсяго, што загадаў Госпад праз Майсея, ад дня, у каторым Госпад загадаў гэта, ды праз усе будучыя пакаленьні вашыя,

24 і забудзе зрабіць гэтае супольнасьць, то павінна ўся супольнасьць скласьці ў ахвяру цялё ў цэлапаленьне на мілы пах Госпаду; да таго адпаведную прадпісаньнем закону ахвяру зь яды і вадкасьці, і, наастатак, казла ў ахвяру за грэх.

25 Сьвятар ачысьціць усю супольнасьць сыноў Ізраэля і будзе ім адпушчана, бо было гэта зроблена па няведаньню, і яны склалі ахвяру цэлапаленьня і ахвяру за грэх на віду Госпада за сваю няўвагу.

26 Дык будзе ўсёй супольнасьці адпушчана, а таксама і чужынцам, якія пражываюць сярод іх, бо быў гэта грэх усяго народу па няведаньню.

27 Калі хто адзін саграшыць па няведаньню, то хай прынясе аднагадовую казу ў ахвяру за грэх.

28 І сьвятар ачысьціць душу, што па няведаньню саграшыла перад Госпадам, і будзе яна ачышчаная, і атрымае адпушчэньне.

29 Адзін закон для ўсіх, як для тутэйшых, так і для чужынцаў, для тых, хто саграшыць па няведаньню.

30 Калі б хто з тутэйшых або з прыбыльцоў зрабіў гэта сьвядома, то ён зьневажае Госпада, і будзе вынішчана душа тая спаміж народу свайго,

31 бо ён узгардзіў словам Госпада і парушыў прыказаньне Ягонае; такі будзе пакараны і панясе адказнасьць за грэх свой».

32 Здарылася, калі Ізраэльцы прабывалі ў пустыні, вось жа напаткалі яны чалавека, зьбіраючага дровы ў дзень суботы.

33 Дык прывялі яго да Майсея і Аарона, і да ўсёй супольнасьці.

34 Яны затрымалі яго пад вартай, ня ведаючы, што зь ім павінны зрабіць.

35 І Госпад сказаў Майсею: «Гэты чалавек павінен памерці; хай уся грамада ўкамянуе яго за табарам».

36 Дык вывелі яго за табар і ўкаменавалі яго, як загадаў Госпад, і памёр ён.

37 І зноў сказаў Госпад Майсею:

38 «Аб'яві сынам Ізраэля і скажы ім, каб зрабілі сабе фрэнзьлі на краях шатаў сваіх і ўклалі ў іх ніткі зь фіялетавага пурпуру.

39 Калі іх убачыце, узгадаеце ўсе прыказаньні Госпада, каб споўніць іх ды каб не ісьці вам за пажаданьнямі сэрца вашага і вачэй, каторыя валакуць вас у распуснасьць,

40 каб вы памяталі ўсе Мае прыказаньні і спаўнялі іх, ды так былі сьвятымі перад Богам вашым.

41 Я - Госпад, Бог ваш, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай, каб быць Богам вашым. Я - Госпад, Бог ваш!»

 

Разьдзел 16

 

1 Вось жа Карах, сын Іцгара, сына Кегата, сына Левія, а таксама Датан і Абірам, сыны Эліяба, і Он, сын Пэлета, з сыноў Рубэна,

2 паўсталі супраць Майсея разам зь іншымі сынамі Ізраэля, у лічбе двухсот пяцідзесяці чалавек, начальнікі супольнасьці, прадстаўнікі народу, людзі слаўныя.

3 Выступілі яны супраць Майсея і Аарона і сказалі: «Хопіць вам, бо ўся супольнасьць, усе - сьвятыя, і пасярод іх ёсьць Госпад; дык чаму вы ставіце сябе вышэй зграмаджэньня Госпадавага?»

4 Калі пачуў гэта Майсей, упаў вобліч.

5 І сказаў Караху ды ўсяму сабраньню: «Заўтра пакажа Госпад, хто да Яго належыць, і хто сьвяты, і сьвятых прытуліць да сябе; і каго Ён выбярэ, таго Ён наблізіць да Сябе.

6 Дык вось што зрабіце: Хай Карах і ўсе яго супольнікі возьмуць кадзільніцы свае,

7 і хай у іх укладуць агонь, і заўтра пакладуць у іх кадзіла перад Госпадам, і каго выбярэ Госпад, той сьвяты. Досыць вам, сыны Левія».

8 І сказаў Майсей Караху: «Слухайце, сыны Левія:

9 ці мала вам, што Бог Ізраэля аддзяліў вас спаміж усёй супольнасьці Ізраэля, і выбраў вас Сабе, каб вы служылі Яму ў Скініі Госпада, і каб стаялі перад народам, і паслугавалі за іх?

10 І Ён дапусьціў цябе да Сябе і ўсіх братоў тваіх, сыноў Левія, а вы дамагаецеся яшчэ сьвятарства,

11 і ўсё тваё зборышча выступае супраць Госпада? Хто ж такі Аарон, што вы наракаеце супраць яго?»

12 І паслаў Майсей паклікаць Датана і Абірама, сыноў Эліяба, але яны сказалі: «Ня пойдзем!

13 Ці мала табе, што ты вывеў нас зь зямлі, ацякаючай малаком і мёдам, каб выгубіць нас у пустыні, і яшчэ хочаш панаваць над намі?

14 На самой справе ня ўвёў ты нас у зямлю, ацякаючую малаком і мёдам, і ня даў нам на ўласнасьць палёў і вінаграднікаў! Хочаш вочы людзей засьляпіць? Ня пойдзем!»

15 Дык Майсей разгневаўся надта і сказаў Госпаду: «Не прымай іхняе ахвяры! Ніводнаму зь іх ня ўзяў я нават асла і нікога зь іх я ня скрыўдзіў».

16 Потым сказаў Майсей Караху: «Заўтра ты і ўсе супольнікі твае станьце перад Госпадам, ты і Аарон - асобна.

17 І возьмеце кожны сваю кадзільніцу і пакладзіцё ў іх кадзіла, і прынясіцё перад Госпада кожны сваю кадзільніцу, дзьвесьце пяцьдзесят кадзільніц; ты і Аарон будзеце трымаць кожны сваю кадзільніцу».

18 Дык кожны ўзяў сваю кадзільніцу, уклаў у яе агонь, насыпаў кадзіла, і станулі яны ля ўваходу Палаткі Сустрэчы, сталі таксама Майсей і Аарон.

19 І сабраў Карах супраць іх усё сабраньне ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы. І паказалася ўсім хвала Госпадава.

20 І Госпад сказаў Майсею і Аарону:

21 «Адлучыцеся ад гэтай грамады, Я іх зьнішчу ў момант».

22 Яны тады ўпалі вобліч і малілі: «Божа, Божа, ад Каторага залежыць жыцьцё ўсяго жывога, ці Сваім гневам хочаш усіх ахапіць, калі толькі адзін хто саграшыў?»

23 Дык сказаў Госпад Майсею:

24 «Загадай усяму народу адыйсьці ад жытлаў Караха, Датана і Абірама».

25 Тады ўстаў Майсей і пайшоў да Датана і Абірама, а старшыні Ізраэля пайшлі за ім.

26 І сказаў ён сабраўшымся: «Адыйдзіце ад палаткаў гэтых бязбожных людзей! І не дакранайцеся нічога, што да іх належыць, каб вы не пагінулі празь іх грахі!»

27 Дык адыйшліся ўсе ад месца пражываньня Караха, Датана і Абірама. Датан жа і Абірам выйшлі і станулі перад уваходам у свае палаткі разам са сваімі жонкамі, сынамі і малымі дзецьмі.

28 Тады сказаў Майсей: «З гэтага даведаецеся, што Госпад паслаў мяне, каб чыніў усё, што бачыце, і што гэта не ад мяне выйшла.

29 Калі гэтыя людзі памруць, як усе людзі паміраюць, ды калі іх лёс будзе такі, які і ў кожнага чалавека, то Госпад не паслаў мяне.

30 А калі Госпад даканае штосьці незвычайнае, што зямля разявіць пашчу сваю і праглыне іх і ўсё, што да іх належыць, і жывыя пападуць яны ў адхлань, то ведайце, што яны блявузгалі на Госпада».

31 І зараз жа, як перастаў гаварыць, расступілася зямля пад іхнімі нагамі;

32 і, раскрыўшы пашчу сваю, праглынула іх разам зь іх сем'ямі, ўсіх людзей Караха з усёй іх маёмасьцю.

33 І так жывыя папалі яны ў адхлань, і зямля накрыла іх, і былі вынішчаны спаміж супольнасьці.

34 Усе ж Ізраэльцы, каторыя стаялі навокал, на крык гінучых паўцякалі, кажучы: «Каб часам і нас зямля не праглынула».

35 Затым агонь выйшаў ад Госпада і спаліў дзьвесьце пяцьдзесят чалавек, каторыя ахвяроўвалі кадзіла.

36 І гаварыў зноў Госпад Майсею:

37 «Загадай Элеазару, сыну Аарона сьвятара, каб сабраў з пажарышча кадзільніцы, а агонь хай выкіне зь іх куды далей, бо яны пасьвячаны,

38 тыя кадзільніцы, сьмерцю грэшнікаў. Хай зь іх зробяць тонкія бляхі на пакрыцьцё ахвярніка, таму што іх прынесьлі Госпаду, і яны пасьвячаны, ды каб былі яны сынам Ізраэля перасьцярогай».

39 Дык прынёс Элеазар мядзяныя кадзільніцы, каторыя прынесьлі тыя, што былі спалены, і перарабілі іх на бляху на пакрыцьцё ахвярніка,

40 на памяць сынам Ізраэля, каб ніхто чужы, які не належыць да патомства Аарона, не прыносіў кадзіла перад Госпада ды не сталася зь ім тое, што з Карахам і супольнікамі ягонымі, як казаў яму Госпад праз Майсея.

41 Назаўтра ўся супольнасьць сыноў Ізраэля наракала на Майсея і Аарона, кажучы: «Вы выгубілі народ Госпадаў».

42 І калі сабралася ўся супольнасьць супраць Майсея і Аарона, яны накіраваліся да Палаткі Сустрэчы. У той час воблака ахутала Палатку і зьявілася хвала Госпада.

43 Майсей і Аарон прыйшлі перад Палатку Сустрэчы.

44 І сказаў Госпад Майсею:

45 «Адыйдзіцеся ад гэтай грамады, бо хачу іх выгубіць у момант». Яны тады ўпалі вобліч.

46 І сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі кадзільніцу і, узяўшы агня з ахвярніка, улажы кадзіла на верх, і пасьпяшай жвава да народу, каб заступіцца за яго, бо ўзгарэўся гнеў Госпада, і пачалася кара».

47 Калі гэта зрабіў Аарон і прыбег да грамады, ужо пачалася зараза, і ён палажыў кадзіла і заступіўся за народ.

48 Ён стаў паміж памёршымі і жывымі, і пляга спынілася.

49 А тых, што згінула, было чатырнаццаць тысячаў семсот, апрача памёршых з прычыны Караха.

50 Потым вярнуўся Аарон да Майсея да ўваходу ў Палатку Сустрэчы, і спынілася пляга.

 

Разьдзел 17

 

1 Сказаў зноў Госпад Майсею:

2 «Скажы сынам Ізраэля і вазьмі ад іх па кію ад кожнага пакаленьня, ад усіх князёў пакаленьняў, дванаццаць кіёў. Напішы імя кожнага на кіі.

3 А на кіі левітаў напішы імя Аарона. Будзе па адным кіі на князя кожнага пакаленьня.

4 І палажы іх у Палатцы Сустрэчы перад Каўчэгам Сьведчаньня, дзе Я з табою сустракаюся.

5 Каго зь іх Я выбяру, таго кій закрасуе, і гэтак спыню Я нараканьні сыноў Ізраэля, каторымі яны наракаюць на вас».

6 Загадаў вось Майсей сынам Ізраэля, і далі яму ўсе князі кіі ад кожнага пакаленьня. Было дванаццаць кіёў, і кій Аарона паміж іх.

7 Гэтыя кіі палажыў Майсей перад Госпадам у Палатцы Сустрэчы.

8 Калі на другі дзень увайшоў Майсей у Палатку Сустрэчы, убачыў, што закрасаваў кій Аарона з пакаленьня Левія, выпусьціў пупышкі, закрасаваў і зрадзіў сьпелыя мігдалы.

9 Дык вынес Майсей ад аблічча Госпада ўсе кіі да ўсіх сыноў Ізраэля. Яны ўбачылі, і кожны ўзяў свой кій.

10 І Госпад сказаў Майсею: «Кій Аарона палажы назад перад Каўчэгам Сьведчаньня, каб захаваўся як знак супраць збунтаваных. Спыні такім чынам нараканьні іх перада Мною, каб не загінулі».

11 І Майсей зрабіў, як загадаў яму Госпад.

12 Дык сказалі сыны Ізраэля Майсею: «Мы прападаем, гінем, усе паміраем!

13 Хто толькі прыступіцца да Скініі Госпада, памірае. Ці ўсе мы да апошняга будзем вынішчаны?»

 

Разьдзел 18

 

1 Дык сказаў тады Госпад Аарону: «Ты і сыны твае, і дом бацькі твайго з табой будзеце адказныя за праступкі, дапушчаныя ў Скініі. Ты і сыны твае будзеце адказныя за грахі вашага сьвятарства.

2 Вазьмі сабе таксама братоў тваіх, пакаленьне Левія, племя бацькі твайго, хай будуць яны пры табе і дапамагаюць табе; а ты і сыны твае з табою будзеце пры Палатцы Сустрэчы.

3 Хай рупяцца яны пра тое, што патрэбнае для цябе і для Скініі. Але да сьвятых рэчаў і да ахвярніка ня могуць яны прыступацца, каб не памерлі і яны, і вы разам зь імі.

4 Хай будуць яны пры табе і хай рупяцца пра ўсё адносна Палаткі Сустрэчы, пра ўсю службу ў Скініі. Але ніводзін чужынец ня можа набліжацца да вас.

5 Вы рупцеся пра абслугу Скініі ды пра абслугу ахвярніка, каб не ўзгарэўся зноў гнеў на сыноў Ізраэля.

6 Вось жа ўзяў Я братоў вашых, левітаў, спасярод сыноў Ізраэля і даў іх як дар Госпаду, каб спаўнялі службу ў Палатцы Сустрэчы.

7 І ты і сыны твае беражыце сьвятарства вашае і ўсё, што належыць да абслугі ахвярніка і месца за заслонай. Даю Я вам дар службы сьвятарства, а хто чужы прыступіцца, пакараны будзе сьмерцю».

8 Далей казаў Госпад Аарону: «Я даручаю табе нагляд за дарамі Маімі. Усе дары, каторыя пасьвячаюцца сынамі Ізраэля, Я перадаю табе і сынам тваім за служэньне сьвятарскае як закон вечны.

9 З дароў найсьвяцейшых, за выключэньнем тога, што будзе спалена, возьмеш сабе кожны дар і ахвяру за грэх, ахвяру зь яды і ахвяру аднагараджэньня, якія Мне прыносяць; як рэчы найсьвяцейшыя будуць яны належаць табе і сынам тваім.

10 У месцы найсьвяцейшым будзеш іх есьці; толькі мужчыны могуць есьці гэта, бо гэта сьвятыня для цябе.

11 Дары ахвярныя, патрасаныя парад Госпадам, якія складаюць сыны Ізраэля, Я даю табе, і сынам тваім, і дочкам тваім як закон вечны; кожны чысты ў доме тваім хай спажывае іх.

12 Табе Я даю ўсё, што найлепшае з алею, усё, што найлепшае зь віна і збожжа, каторае сыны Ізраэля прыносяць Госпаду як першыя плады.

13 І пяршыны, каторыя яны прыносяць Госпаду з усёй іхняй зямлі, належаць табе. Кожны, хто чысты спаміж тваёй сям'і, можа іх спажываць.

14 Усё, што заклятае ў Ізраэлю, тваім будзе.

15 Усе першародныя ўлоньня маткі, каторыя прыносяцца ў ахвяру Госпаду, ці зь людзей, ці з жывёлы, тваімі будуць. Што да людзей першародных і кожнай жывёлы, каторая нячыстая, іх трэба выкупіць.

16 Выкуп бярэцца празь месяц па нараджэньні ў пяць сыкляў серабра па вазе сьвятыні; сыкль мае дваццаць гераў.

17 Першародных кароваў, авец і козаў ня будзеш выкупляць, бо яны пасьвячаны Госпаду. Іхнюю толькі кроў выльеш на ахвярнік, а тлушч іх спаліш у агні на мілы пах Госпаду.

18 Мяса ж іхняе табе належыць, грудзіна патрасаная і правая лапатка будуць тваімі.

19 Усе дары сьвятыя, якія ахвяроўваюць сыны Ізраэля Госпаду, Я даю табе, і сынам, і дочкам тваім як закон вечны. Гэта вечны закон солі перад Госпадам для цябе і сыноў тваіх».

20 Далей казаў Госпад Аарону: «У зямлі іхняй ня будзеш мець ніякай уласнасьці і ня будзеш мець між імі часткі зямлі. Я - частка твая і спадчына твая між сынамі Ізраэля.

21 Вось жа сынам Левія даю Я як спадчыну ўсе дзесяціны, складаныя сынамі Ізраэля, за служэньне, якое яны выконваюць для Мяне ў Палатцы Сустрэчы.

22 Сыны ж Ізраэля не павінны прыступаць да Палаткі Сустрэчы, каб не дапусьціліся грэху ды не памерлі.

23 Адны толькі левіты могуць выконваць служэньне ў Палатцы Сустрэчы і несьці на сабе грэх іхні. Гэта закон вечны для нашчадкаў вашых. Левіты ня будуць мець спадчыны між сынамі Ізраэля,

24 бо Я даў левітам у спадчыну дзесяціны, якія сыны Ізраэля ахвяроўваюць Госпаду. Дзеля таго сказаў Я ім: Між сыноў Ізраэля ня будзеце вы мець спадчыны».

25 Пасьля гаварыў Госпад Майсею:

26 «Аб'яві левітам і скажы ім: Калі вы атрымаеце дзесяціны ад сыноў Ізраэля, каторыя Я даў вам у спадчыну, то дзесятую частку маеце адкласьці Госпаду.

27 Гэта будзе вам залічана як ахвяра ад збожжа з току або ад тога, што напаўняе тоўчню.

28 І вы таксама павінны складаць Госпаду ахвяры зь дзесяцінаў, каторыя атрымоўваеце ад сыноў Ізраэля; прынясіце Госпаду і дайце сьвятару Аарону.

29 З усяго, што атрымліваеце зь дзесяцін, выдзеліце дары Госпаду, і хай будуць яны найлепшыя і адборныя.

30 І скажы ім: Калі вы зложыце ў ахвяру зь дзесяцінаў што адборнае і найлепшае, то гэта будзе вам залічана як ахвяра з току і з тоўчні.

31 Можаце гэта есьці на кожным месцы разам з усімі, хто належыць да вашых сем'яў. Гэта бо плата за вашую службу ў Палатцы Сустрэчы.

32 Калі адберыцё тое, што найлепшае, не саграшыце, і не зьняважыце сьвятых дароў Ізраэля, і не памрыцё».

 

Разьдзел 19

 

1 Казаў Госпад далей Майсею і Аарону:

2 «Вось пастанова Закону, устаноўленая Госпадам. Скажы сынам Ізраэля, хай прывядуць табе рыжую карову без заганы, на каторую яшчэ не ўскладана ярмо.

3 Аддасьцё яе сьвятару Элеазару, каторы загадае вывесьці яе за табар, і заб'іцё яе ў яго прысутнасьці.

4 Потым Элеазар памочыць палец у ейнай крыві і пакропіць сем разоў дзьверы Палаткі Сустрэчы.

5 І хай спаляць цела яе ў яго прысутнасьці, а таксама скуру, кроў і нячыстасьць яе спаляць агнём.

6 І хай возьме сьвятар дровы кедровыя, гізоп разам зь ніткамі кармазыновымі і кіне ў агонь, у каторым гарыць карова.

7 Тады вось, памыўшы шаты свае і цела сваё, увойдзе ён у табар, але нячысты будзе ён аж да вечара.

8 .....

9 Потым чалавек чысты зьбярэ попел каровы і высыпе за табарам у месцы чыстым, каб для супольнасьці Ізраэля быў захаваны для прыгатаваньня вады ачышчэньня. Гэта ахвяра за грэх.

10 Той, хто зьбіраў попел каровы, павінен вымыць сваё адзеньне і будзе нячысты аж да вечара. Гэта пастанова вечная як для Ізраэльцаў, так і для чужынцаў, каторыя ў іх прабываюць.

11 Хто дакранецца нябожчыка, будзе дзеля таго сем дзён нячысты.

12 Павінен ён (вадой з попелу каровы) ачысьціцца ў трэці і сёмы дзень, і тады будзе чысты. Калі ў трэці дзень і ў сёмы дзень ня будзе ачышчаны, ня будзе чысты.

13 Кожны, хто дакрануўся мёртвага цела нейкага чалавека памёршага і не ачысьціўся, зьневажае Скінію Госпада; будзе вынішчана душа тая зь Ізраэля. Ён не акрапіў сябе вадою ачышчэньня, дык нячысты ён будзе і яго нячыстасьць застанецца на ім.

14 Гэткі вось закон адносна чалавека, каторы памёр у палатцы: кожны, хто ўвойдзе ў гэтую палатку, і хто ў ёй прабывае, будзе нячысты сем дзён.

15 Таксама кожная пасудзіна адкрытая, якая ня мае накрыўкі, прымацаванай на шнурку, будзе нячыстай.

16 Падобна будзе нячыстым сем дзён той, хто на адкрытым полі дакранецца або забітага мячом, або памёршага, або касьцей людзкіх або магілы.

17 Для нячыстага хай возьмуць попелу той спаленай ахвяры за грэх і хай нальюць на яго жывой вады ў посуд.

18 Хай чалавек чысты возьме гізоп, памочыць яго ў вадзе і пакропіць палатку, і ўвесь посуд, і людзей, каторыя знаходзяцца ў ёй, наастатак таго, хто дакрануўся касьцей, або забітага, або памёршага, або магілы.

19 І пакропіць чалавек чысты таго, хто нячысты, у трэці і сёмы дзень, і так ачысьціць яго ў сёмы дзень. Ён (нячысты) памые сябе і сваё адзеньне вадой і вечарам будзе чысты.

20 Але калі хто ў гэты спосаб ня быў ачышчаны, то будзе зьнішчана душа яго спаміж супольнасьці, бо ён апаганіў Скінію Госпадаву; вадою ачышчэньня ён не абмыты, ён нячысты.

21 Гэта будзе вам законам у-ва ўсе вякі. Той, хто кропіць вадой ачышчэньня, таксама павінен вымыць адзеньне сваё; кожны, хто дакранецца вады ачышчэньня, нячысты будзе да вечара.

22 Чаго толькі дакранецца нячысты, а таксама асоба, якая яго дакранецца, будуць нячыстымі да вечара».

 

Разьдзел 20

 

1 У першы месяц сыны Ізраэля, уся супольнасьць, прыбылі ў пустыню Сін, і затрымаўся народ у Кадэшы. Там памерла Мірыям, і была пахавана ў тым самым месцы.

2 Калі не хапіла народу вады, выступілі яны супраць Майсея і Аарона.

3 І ўсхваляваліся яны, і казалі: «Лепш, каб мы пагінулі разам з братамі нашымі на віду Госпада!

4 Навошта вывелі вы супольнасьць Госпадаву ў пустыню, каб мы разам з нашай жывёлай пагінулі?

5 Навошта вы нас вывелі з Эгіпту і завялі нас у гэтае месца ліхое, дзе сеяць нельга, дзе фіговае дрэва не расьце, ані вінаград, ані дрэвы гранатавыя, і нават вады няма для піцьця?»

6 Майсей і Аарон адыйшлі ад натоўпу, і прыйшлі да ўваходу ў Палатку Сустрэчы, і ўпалі вобліч на зямлю. І вось паказалася хвала Госпада над імі.

7 І сказаў Госпад Майсею:

8 «Вазьмі кій, і ты і Аарон, брат твой, зьбярыце народ і скажыце скале, што перад вамі, а яна дасьць ваду. І як вывядзеш ваду са скалы, напоіш народ і яго жывёлу».

9 Дык Майсей па загаду Госпада ўзяў кій спрад аблічча Госпадавага.

10 І Майсей і Аарон, сабраўшы народ перад скалою, сказалі яму: «Слухайце, бунтаўнікі! Ці зможам мы з гэтай скалы вывесьці ваду для вас?»

11 Пасьля падняў Майсей руку і ўдарыў кіем два разы ў скалу. І выцякла многа вады, так што напіўся і народ, і жывёла.

12 Сказаў зноў Госпад Майсею і Аарону: «За тое, што не паверылі вы Мне, каб выявіць Маю сьвятасьць перад сынамі Ізраэля, не ўвядзіцё гэтых людзей у зямлю, якую Я даў ім».

13 Гэта вось вада Мэрыбы, дзе збунтаваліся сыны Ізраэля супраць Госпада і дзе Ён выявіў Сваю сьвятасьць перад імі.

14 З Кадэшу паслаў Майсей паслоў да караля Эдому, каб яны сказалі: «Так кажа брат твой, Ізраэль: Ты ведаеш усе беды, якія ахапілі нас,

15 як перабраліся бацькі нашыя ў Эгіпет і пражылі там многа часу і як Эгіпцяне крыўдзілі нас і бацькоў нашых,

16 ды як мы прызывалі Госпада, і выслухаў Ён нас, і паслаў Анёла Сьвятога Свайго, Каторы вывеў нас з Эгіпту. Вось жа мы ў горадзе Кадэшы, на мяжы тваёй.

17 Дык просім, дазволь прайсьці празь зямлю тваю. Ня пойдзем мы праз палі і вінаграднікі і ня будзем піць вады са студняў тваіх. Але пойдзем дарогай каралеўскай, не адхіляючыся ані направа, ані налева, пакуль не мінем межаў тваіх».

18 Адказаў ім Эдом: «Не ідзі празь мяне, бо перайму цябе са зброяй».

19 Сказалі тады сыны Ізраэля: «Мы пойдзем бітаю дарогай, а калі будзем піць ваду, мы і жывёла наша, заплацім, што належыцца. Ня будзе цяжкасьці з платай. Мы хутка пройдзем».

20 Але Эдом адказаў: «Ня пройдзеце!» І выйшаў Эдом супраць іх з многім войскам і добра ўзброены.

21 І забараніў Эдом Ізраэлю пераходзіць межы свае, дык Ізраэль адыйшоў у бок ад яго.

22 І вырушылі сыны Ізраэля з Кадэшу, і прыбылі пад гару Гор.

23 Сказаў Госпад Майсею і Аарону там, на гары Гор, каторая знаходзіцца на мяжы Эдому:

24 «Аарон будзе далучаны да народу свайго, бо ён ня ўвойдзе ў зямлю, каторую Я дам сынам Ізраэля, таму што супрацівіліся вы волі Маёй ля водаў Мэрыбы.

25 Вазьмі Аарона і сына яго Элеазара і завядзі іх на гару Гор.

26 Там здымеш з бацькі адзеньне ягонае, і апранеш у яго Элеазара, сына ягонага. Аарон хай адыйдзе і там памрэ».

27 Майсей зрабіў, як яму Госпад загадаў. І ўзыйшлі яны на гару Гор у прысутнасьці ўсёй супольнасьці.

28 Аарон скінуў шаты свае, і адзеў у іх Элеазара, сына свайго. І памёр Аарон на вяршыні гары, а Майсей з Элеазарам зыйшлі на ніз.

29 А калі ўся супольнасьць Ізраэля ўбачыла, што памёр Аарон, плакаў увесь дом Ізраэля трыццаць дзён.

 

Разьдзел 21

 

1 Кароль Араду, Хананеец, пражываючы ў Нэгэбе, даведаўся, што Ізраэльцы надыходзяць дарогай ад Атарыму, і напаў ён на Ізраэля, і ўзяў палоньнікаў.

2 Тады Ізраэль шлюбаваў Госпаду ў гэтыя словы: «Калі Ты выдасі народ гэты ў нашыя рукі, то мы збурым гарады ягоныя».

3 І выслухаў Госпад малітву Ізраэля, і даў яму Хананейцаў, каторых яны выбілі, і збурылі гарады іхнія, і назвалі месца тое Харма.

4 З гары Гор ішлі яны ў напрамку Чырвонага мора, каб абыйсьці зямлю Эдому. І ў час дарогі народ страціў цярплівасьць.

5 І пачалі яны наракаць на Бога і Майсея, і казалі: «Навошта вы вывелі нас з Эгіпту, каб мы памерлі ў пустыні? Няма хлеба, няма вады. Абрыдла ўжо нам гэтая марная яда».

6 Таму паслаў Госпад на народ ядавітых зьмеяў, каторыя кусалі народ, і памерла многа народу зь Ізраэля.

7 Дык прыйшоў народ да Майсея і жаліўся: «Саграшылі мы, бо блявузгалі супраць Госпада і супраць цябе. Маліся да Госпада, каб забраў Ён ад нас гэтых зьмеяў». Дык маліўся Майсей за народ.

8 І сказаў Госпад яму: «Зрабі мядзянага зьмея і падымі яго на жэрдцы. Калі хто ўкушаны гляне на яго, будзе жыць».

9 І зрабіў Майсей мядзянага зьмея, і памясьціў яго на жэрдцы, і хто быў укушаны зьмеямі, глянуўшы на мядзянага зьмея, здаравеў.

10 Адтуль выйшлі сыны Ізраэля і расклаліся табарам у Абоце.

11 З Аботу накіраваліся далей і расклаліся табарам пад Іе-Гаабарымам у пустыні на ўсход ад Маабу.

12 Адтуль пайшлі далей і затрымаліся ў лагчыне ручая Зарэд.

13 Пакінуўшы яго, расклаліся табарам за ракою Арнон, каторая цячэ праз пустыню, пачынаючыся зь зямлі Амарэйцаў. Арнон бо творыць мяжу між Маабцамі і Амарэйцамі.

14 Таму вось сказана ў Кнізе войнаў Госпада: «Вагэб каля Суфа і ручаёў Арнону.

15 Схіл ручаёў сягае аж да мясцовасьці Ар і прылягае аж да межаў Маабу».

16 Адгэтуль рушылі ў Бээр. Гэта тая студня, аб каторай сказаў Госпад Майсею: «Зьбяры народ, і Я дам ім вады».

17 Тады засьпявалі Ізраэльцы гэтую песьню: «Напаўняйся, студня, сьпявайце аб ёй!

18 Студня, якую выкапалі князі ды начальнікі народу, выразалі скіперам і кіямі сваімі». З пустыні яны вырушылі ў Матану,

19 з Матаны ў Нааліэль, з Нааліэля ў Бамот,

20 з Бамоту ў лагчыну, каторая ў зямлі Маабу, каля вяршыні гары Пісга, што ўзвышаецца над пустыняй.

21 Вось жа паслаў Ізраэль паслоў да Сыгона, караля Амарэйцаў, каб яму сказаць:

22 «Прашу, дазволь мне прайсьці празь зямлю тваю; ня збочым мы на палі і на вінаграднікі, ня будзем піць са студняў, пакуль ня пройдзем твае межы».

23 Але Сыгон не дазволіў Ізраэлю прайсьці праз свае межы. Ён сабраў усё сваё войска і пераняў іх у пустыні, прыйшоў у Ягцу і напаў на Ізраэля.

24 Паканаў аднак яго Ізраэль мячом і заняў зямлю яго ад Арнону аж да Ябоку, аж да (зямлі) сыноў Амона, бо моцнай абаронай былі заагледжаны межы сыноў Амона.

25 І авалодаў Ізраэль усімі тымі гарадамі, і абжыўся ў гарадах Амарэйцаў, у Хешбоне і ў-ва ўсіх ваколіцах.

26 Хешбон быў сталіцай Сыгона, караля Амарэйцаў, каторы ваяваў з папярэднім каралём Маабу і заваяваў у яго ўсю зямлю аж да Арнону.

27 Таму гаворыцца ў прыказцы: «Ідзіце ў Хешбон! Няхай будзе адбудаваны і ўмацаваны горад Сыгона!

28 Вось, агонь шугануў з Хешбону, полымя з гораду Сыгона, і спаліў Ар-Мааб і праглынуў узгорышчы Арнона.

29 Гора табе, Мааб; прапаў ты, народ Хамоша! Змусіў ён сыноў тваіх да ўцёкаў, а дачок тваіх (даў) у палон Сыгону, каралю Амарэйцаў.

30 Пусьцілі мы стрэлы ў іх, загінуў Хешбон аж да Дыбону. Зьнішчылі мы ўсё аж да Нофы ды аж да Мэдэбы».

31 Так абжыўся Ізраэль у зямлі Амарэйцаў.

32 Пасьля паслаў Майсей выведчыкаў, каб агледзелі Язэр. І яны здабылі яго разам з вакалічнымі мясцовасьцямі, а Амарэйцаў, каторыя былі там, выгналі.

33 Далей павярнуліся і пайшлі ў бок Башану. Пераняў іх Ог, кароль Башану, з усім сваім народам у Эдрэі, каб ваяваць зь імі.

34 Госпад сказаў Майсею: «Ня бойся яго, бо аддаў Я яго ў твае рукі, яго і ўвесь народ, і зямлю ягоную, і ты зробіш зь ім так, як зрабіў з Сыгонам, каралём Амарэйцаў, што сядзеў у Хешбоне».

35 Дык пабілі яны яго і сыноў ягоных, ды ўвесь народ ягоны, аж нікога не засталося зь іх, і завалодалі зямлёй ягонай.

 

Разьдзел 22

 

1 Потым сыны Ізраэля пайшлі далей і расклаліся табарам на раўнінах Маабу на другім баку Ярдану, насупраць Ерыхону.

2 Балак, сын Цыпора, бачыў усё, што зрабіў Ізраэль Амарэйцам.

3 Дык Мааб дужа баяўся гэтага народу, бо ён быў шматлікі, і баяўся Мааб сыноў Ізраэля.

4 І сказаў Мааб старшыням спаміж Мадыянцаў: «Цяпер гэта мноства паесьць усё кругом, як вол саскубае траву на полі». Тады каралём Маабу быў Балак, сын Цыпора.

5 І паслаў ён пасланцоў да Білеама, сына Бэора, у Пэтор над Ракой Эўфрат у зямлі Амавітаў, каб паклікаць яго і сказаць яму: «Вось, выйшаў народ з Эгіпту і пакрыў паверх зямлі, і пасяліўся насупраць мяне.

6 Дык прыдзі, прашу, і пракляні мне народ гэты, бо ён дужэйшы за мяне. Можа, я здолею перамагчы яго і выгнаць зь зямлі, бо ведаю, што каго ты дабраславіш, будзе дабраслаўлены, а каго ты праклянеш, будзе пракляты».

7 І вось выбраліся старшыні Маабцаў са старшынямі Мадыянцаў у дарогу, заагледжаныя ў падарункі для вяшчуна, і прыбылі да Білеама, і перадалі яму словы Балака.

8 Ён жа ім адказаў: «Пераначуйце тут ноч, і я адкажу вам тады, як скажа мне Госпад». Дык асталіся старшыні Маабцаў у Білеама.

9 І прыйшоў Бог да Білеама, і сказаў: «Што гэта за людзі ў цябе?»

10 Білеам адказаў Богу: «Балак, сын Цыпора, кароль Маабцаў, прыслаў да мяне

11 сказаць: Гэты вось народ, каторы выйшаў з Эгіпту, пакрыў паверх зямлі. Прыйдзі і пракляні мне яго, каб мог я зь ім ваяваць і выгнаць яго».

12 На тое сказаў Бог Білеаму: «Ня можаш ты ісьці зь імі, нельга табе праклінаць народ, бо ён дабраслаўлены».

13 На раніцы ўстаў ён і сказаў князям Балака: «Варочайцеся ў сваю зямлю, бо Госпад не дазволіў мне ісьці з вамі».

14 Усталі тады князі Маабу, і прыйшлі да Балака, і сказалі яму: «Білеам на захацеў ісьці з намі».

15 Дык Балак паслаў яшчэ больш князёў, і болей дастойных, чым тыя.

16 Як толькі прыбылі яны да Білеама, сказалі яму: «Так кажа Балак, сын Цыпора: Не адмаўляйся прыйсьці да мяне.

17 Я гатовы табе выказаць вялікую пашану, і, што захочаш, дам табе. Прыйдзі і пракляні мне народ гэты».

18 Білеам адказаў: «Калі б даваў мне Балак поўны дом свой серабра і золата, то не магу пераступіць волі Госпада, Бога майго, як у малых рэчах, так і ў вялікіх.

19 Прашу, застаньцеся таксама ў гэтую ноч, а я даведаюся, што скажа мне зноў Госпад».

20 Прыйшоў вось Бог да Білеама ноччу і кажа яму: «Калі прыйшлі гэтыя людзі паклікаць цябе, то ўстань і ідзі зь імі, але зробіш толькі тое, што Я табе скажу».

21 Дык устаў Білеам, асядлаў сваю асьліцу і вырушыў разам зь імі.

22 І ўзгарэўся гнеў Бога, што ён паехаў. І станў анёл Госпадаў на дарозе супраць яго, каб затрымаць яго. Ён жа ў таварыстве двух слугаў сваіх ехаў на сваёй асьліцы.

23 Калі асьліца заўважыла анёла Госпадава, які стаяў на дарозе з выцягнутым мячом, зыйшла з дарогі і пайшла ў поле. Білеам ударыў яе, хочучы завярнуць яе на дарогу.

24 Тады анёл Госпадаў стаў на цеснай дарозе паміж вінаграднікамі, і мур быў з тога і з гэтага боку.

25 Калі асьліца ўбачыла анёла Госпадава, дык прыціснулася да муру. Ён жа пачаў яе біць нанова.

26 Анёл Госпадаў перайшоў у месца так цеснае, што ані з правага, ані зь левага боку ніяк ня можна было яго абмінуць, і закрыў дарогу.

27 Калі асьліца ўбачыла анёла Госпадавага зноў, лягла пад ногі Білеама. Ён, узлаваны, яшчэ мацней біў яе палкаю.

28 Тады адкрыў Госпад вусны асьліцы, і яна сказала Білеаму: «Што я табе зрабіла? Чаму б'еш мяне трэці раз?»

29 Білеам сказаў: «Бо ты працівілася мне. Каб меў я меч у руцэ, забіў бы цябе!»

30 Асьліца сказала: «Ці ж я не твая асьліца, на каторай езьдзіш ад пачатку да сёньняшняга дня? Ці ж я мела звычку так чыніць з табой?» А ён кажа: «Ніколі».

31 Раптам адкрыў Госпад вочы Білеама, і ён угледзеў анёла Госпадава, што стаяў на дарозе з выцягнутым мячом. Пакланіўся ён тады анёлу да зямлі.

32 Сказаў яму анёл Госпадаў: «Навошта трэці раз біў ты асьліцу сваю? Я прыбыў і заступіў табе дарогу, бо нядобрая твая дарога.

33 Бачачы мяне, асьліца тры разы ўхілялася ад мяне, і каб не ўхілялася, я забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывую».

34 Білеам сказаў: «Саграшыў я, бо ня ведаў, што ты заступіў мне дарогу; а цяпер вось, калі табе не падабаецца, вярнуся назад».

35 Але анёл Госпадаў сказаў Білеаму: «Ідзі з тымі людзьмі, але сьцеражыся, не гавары чаго іншага, толькі тое, што я табе загадаю». І пайшоў Білеам з князямі Балака.

36 Калі пачуў Балак, што Білеам ідзе, выйшаў яму на спатканьне аж да Ір-Маабу, гораду, каторы на мяжы пры Арноне.

37 Ён сказаў Білеаму: «Ці ж не пасылаў я да цябе пасланцоў, каб паклікалі цябе? Чаму не адразу прыбыў ты да мяне? Няўжо я не магу ўшанаваць цябе?»

38 Білеам яму адказаў: «Вось, я прыбыў да цябе. Ці ж магу што другое гаварыць, апрача таго, што мне ў вусны Бог улажыў?»

39 Дык пайшлі Балак разам з Білеамам і прыбылі ў Кірыят-Хуцот.

40 Балак пазабіваў валоў і авечак і паслаў Білеаму і князям, каторыя зь ім былі.

41 З настаньнем раніцы Балак завёў Білеама на высоты Баала, каб адтуль убачыў ён частку Ізраэльскага народу.

 

Разьдзел 23

 

1 Тады сказаў Білеам Балаку: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і прыгатуй мне столькі сама бычкоў і столькі сама бараноў».

2 Балак зрабіў так, як яму сказаў Білеам, і паклалі яны па бычку і барану на кожны ахвярнік.

3 Тады сказаў Білеам Балаку: «Пастой каля цэлапаленьня твайго, а я пайду, можа, мяне спаткае Госпад, і што мне загадае, скажу табе». Калі ён узыйшоў на лысы ўзгорак,

4 пераняў яго Бог, і сказаў Яму Білеам: «Паставіў я сем ахвярнікаў, і на кожны ахвярнік палажылі бычка і барана».

5 Тады Госпад уклаў словы ў вусны Білеама і сказаў яму: «Вярніся да Балака і гэта вось скажы».

6 Дык вярнуўся Білеам і знайшоў Балака, які стаяў каля цэлапаленьня свайго, і ўсіх князёў Маабскіх.

7 Тады сказаў ён сваё прароцтва, кажучы: «З Араму прывёў мяне Балак, з гор усходніх кароль Маабу: «Прыйдзі, кажа, і пракляні мне Якуба! Пасьпяшай і навядзі няшчасьце на Ізраэля!»

8 Як магу я праклінаць таго, каго не праклінае Бог? Як жа магу хацець каму зла, калі Бог ня хоча?

9 Я бачу яго зь вяршыні скалаў і з узгорышчаў гляджу на яго. Вось народ, каторы жыве асобна, і сярод народаў ня лічыцца.

10 Хто ж можа зьлічыць пыл Якуба, і хто палічыць пясок Ізраэля? Хай памрэ душа мая сьмерцю справядлівых ды хай будзе мой канец падобны іхняму».

11 Сказаў тады Балак Білеаму: «Што гэта, што ты робіш? Я цябе паклікаў праклінаць ворагаў маіх, а ты, наадварот, дабраславіш іх!»

12 І адказаў яму Білеам: «Ці магу я што іншае казаць? Хіба ня тое, што загадаў мне Госпад?»

13 Дык сказаў Балак: «Хадзі са мной на другое месца, адтуль толькі частку Ізраэля ўбачыш, а ўсяго ня будзеш магчы бачыць. Адтуль будзеш яго праклінаць».

14 І завёў ён яго на Поле Старажоў, на вяршыню Пісгі, і паставіў там сем ахвярнікаў, і паклаў на кожны па цяляці і барану.

15 Тады сказаў Білеам Балаку: «Пастой тут каля твайго цэлапаленьня, а я адыйдуся далей на спатканьне (з Госпадам)».

16 Калі яго пераняў Госпад, уклаў словы ў вусны ягоныя і сказаў: «Вяртайся да Балака і вось гэта скажаш яму».

17 Вярнуўшыся, знайшоў Балака, які стаяў ля цэлапаленьня свайго, і князёў Маабу зь ім, і зьвярнуўся да яго Балак: «Што гаварыў табе Госпад?»

18 А ён аб'явіў сваё прароцтва, кажучы: «Устань, Балак, і настаў вуха. Слухай, сыне Цыпора!

19 Бог - гэта не чалавек, каб ён падманваў, і ня сын чалавечы, каб памыляўся. Ці ж Ён скажа і ня зьдзейсьніць?

20 Дабраславіць прывёў Ён мяне, і ўстрымацца не магу, каб не дабраславіць.

21 Ня бачна няшчасьця ў Якуба ды не бачыцца гора ў Ізраэля. Госпад, Бог яго, зь ім, ды гоман ў яго (на славу) караля.

22 Бог вывеў яго з Эгіпту. Ён для іх як рог буйвала.

23 Няма варажбы ў Якуба, ані прадказаньняў у Ізраэля. У свой час будзе сказана Якубу і Ізраэлю, што даканае Бог.

24 Вось народ як ільвіца падымаецца ды як леў становіцца; ён ня ляжа, пакуль ня зьесьць здабычы і пакуль не нап'ецца крыві забітых».

25 Тады сказаў Балак Білеаму: «Калі ты ня можаш праклінаць яго, то, прынамсі, не дабраслаў яго!»

26 А Білеам кажа: «Ці ж я табе не казаў: тое, што мне Госпад загадае, я мушу рабіць?»

27 Дык кажа Балак яму: «Хадзі, я завяду цябе на іншае месца; можа, спадабаецца Богу, што адтуль праклянеш яго?»

28 І завёў яго на вяршыню гары Пэор, што зьвернута ў бок пустыні.

29 Сказаў яму Білеам: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і прыгатуй столькі ж цялят і бараноў».

30 І зрабіў Балак, як яму быў сказаўшы Білеам, і паклаў бычкоў і бараноў на кожны асобны ахвярнік.

 

Разьдзел 24

 

1 Калі Білеам пераканаўся, што Госпаду падабаецца, каб ён дабраславіў Ізраэля, дык не пайшоў, як раней хадзіў, каб варажыць, але павярнуў ён аблічча сваё на пустыню.

2 Калі падняў ён вочы і ўбачыў Ізраэля, што стаяў табарам па сваіх пакаленьнях, агарнуў яго Дух Божы,

3 і абвясьціў ён прароцтва сваё, кажучы: «Кажа Білеам, сын Бэора, кажа чалавек, у каторага адкрытыя вочы,

4 кажа той, хто чуе слова Божае, той, хто бачыць бачаньні Ўсемагутнага, той, хто падае, але вочы адкрытыя ў яго.

5 О як прыгожыя палаткі твае, Якубе, і паселішчы твае, Ізраэлю!

6 Раскінуліся яны як даліны рэкаў, як сады на беразе ручая, як дрэвы алёэ, каторыя Госпад пасадзіў, як кедры між водамі.

7 Цячэ вада зь нетраў ягоных, і зерне яго мае ўдосталь вільгаці. Кароль яго мацнейшы, чым Агаг, і ўзвышаецца каралеўства ягонае.

8 Бог вывеў яго з Эгіпту, Ён для яго як рог буйвала. Праглыне ён народы, ворагаў сваіх, косьці іхнія паломіць і струшчыць стрэламі сваімі.

9 Ён прыхіліўся, лёг як леў ды як ільвіца, хто адважыцца падняць яго? Хто дабраславіць цябе, сам будзе дабраслаўлены; хто пракляне цябе, сам будзе пракляты!»

10 І разгневаўся на Білеама Балак, і, пляснуўшы рукамі, кажа: «На праклён ворагаў маіх паклікаў я цябе. А іх ты ўжо трэці раз дабраславіш!

11 Уцякай хутчэй да свайго дому! Хацеў я цябе багата аднагарадзіць, але Госпад пазбавіў цябе прыгатаванай нагароды».

12 Білеам адказаў Балаку: «Ці ж ужо тваім пасланцам, пасланым табою да мяне, не казаў я:

13 Хоць бы Балак даваў мне поўны свой дом серабра або золата, не магу працівіцца слову Госпада. Ці што добрае, ці што ліхое ня выкажу з сэрца майго, але толькі тое, што Госпад скажа, тое і я скажу.

14 Дык вось, я вярнуся да народу майго, але падыйдзі, я скажу табе, што зробіць народ гэты з народам тваім у апошнія часы».

15 І выказаў ён прароцтва, кажучы: «Кажа Білеам, сын Бэора, кажа чалавек, каторы мае адкрытыя вочы,

16 кажа той, хто чуе словы Божыя, каторы ведае думку Ўзвышняга і бачыць бачаньні Ўсемагутнага, каторы, падаючы, мае адкрытыя вочы.

17 Бачу яго, але яшчэ не цяпер, аглядаю яго, але ня зблізка. Узыходзіць зорка зь Якуба, паўстае скіпер зь Ізраэля; і ён струшчыць скроні Маабу і чарапы ўсіх сыноў Сэта.

18 Эдом станецца ўласнасьцю ягонай, і Сэір стане спадчынай ворагаў. Ізраэль будзе рабіць вялікія справы.

19 Ад Якуба будзе валадар, і зьнішчыць ён астаткі гораду».

20 Калі ўбачыў ён Амалека, абвясьціў прароцтва сваё і сказаў: «Амалек - першы з народаў, але да рэшты ён будзе зьнішчаны».

21 Угледзеў таксама Кенэяў, і абвясьціў прароцтва сваё, і сказаў: «Моцнае жытло тваё, і на скале пабудаванае тваё гняздо;

22 але і яно прызначанае на зьнішчэньне, калі Асур зьняволіць цябе».

23 І абвясьціў ён прароцтва сваё, і зноў сказаў ён: «Хто будзе жыць, калі Бог зробіць гэта?

24 Прыплывуць караблі з Кітыму, і перамогуць Асура, і паканаюць Эбэра, але ўрэшце і самі загінуць».

25 І ўстаў Білеам, і вярнуўся ў сваё месца, а Балак таксама пайшоў дарогай сваёй.

 

Разьдзел 25

 

1 Пражываў тады Ізраэль у Шыттыме і стаў распуставаць з дочкамі Маабу,

2 каторыя запрашалі народ на ахвяры багам сваім. Разам яны елі і пакланяліся ідалам іхнім.

3 Так прыляпіўся Ізраэль да Баал-Пэора, і ўзгарэўся гнеў Госпада.

4 І сказаў Ён Майсею: «Зьбяры ўсіх (вінаватых) начальнікаў народу і павесь іх на віду Госпада на сонцы, каб гэтак адвярнуўся гнеў Мой ад Ізраэля».

5 Дык сказаў Майсей судзьдзям Ізраэля: «Хай кожны з вас заб'е тых людзей вашых, каторыя прыляпіліся да Баал-Пэора».

6 І вось адзін з сыноў Ізраэля прыйшоў і прывёў да братоў сваіх Мадыянку на вачах Майсея і вялікай грамады сыноў Ізраэля, каторыя лямантавалі перад дзьвярыма Палаткі Сустрэчы.

7 Калі гэта ўбачыў Пінхас, сын Элеазара, сына Аарона сьвятара, выбег спаміж супольнасьці, схапіўшы дзіду,

8 і пайшоў за мужчынам Ізраэльцам у палатку, і прабіў іх дзідаю абодвух: мужчыну і жанчыну праз улоньні. Так спынілася кара на сыноў Ізраэля.

9 А загінула ўжо дваццаць чатыры тысячы чалавек.

10 Дык сказаў Госпад Майсею:

11 «Пінхас, сын Элеазара, сына Аарона сьвятара, адвярнуў гнеў Мой ад сыноў Ізраэля, бо загарэўся руплівасьцю Маёю сярод іх, і каб ня ён, зьнішчыў бы Я сыноў Ізраэля ў зайздрасьці Сваёй.

12 Дзеля таго скажы яму: Вось жа Я заключаю зь ім запавет супакою.

13 І будзе гэта яму і патомству ягонаму запаветам вечнага сьвятарства, бо рупіўся ён пра Бога свайго і адкупіў злачынствы сыноў Ізраэля».

14 А імя таго мужчыны Ізраэльца, забітага разам з Мадыянкай, было Зімры, сын Салю, князь аднаго з родаў пакаленьня Сымона.

15 Забітая жанчына Мадыянка называлася Казбі, была яна дачкой Цура, начальніка аднаго з пакаленьняў Мадыянскіх.

16 Дык сказаў Госпад Майсею:

17 «Ваюйце супраць Мадыянцаў і выбіце іх,

18 бо яны варожа паставіліся да вас і ашуквалі вас празь ідала Пэора і праз распусту Казбі, дачкі начальніка Мадыянскага, іхняй сястры, забітай у дзень кары за Пэора».

 

Разьдзел 26

 

1 Пасьля гэтай плягі сказаў Госпад Майсею і Элеазару, сыну Аарона сьвятара:

2 «Палічыце лічбу ўсяе супольнасьці сыноў Ізраэля ад дваццаці гадоў і вышэй па родах, усіх, здольных ваяваць».

3 Дык Майсей і сьвятар Элеазар так пастанавілі на раўнінах Маабу, насупраць Ерыхону, над Ярданам:

4 «Палічыць усіх ад дваццаці гадоў і вышэй, як Госпад загадаў Майсею і Ізраэльцам пры выхадзе з Эгіпту». Вось лічба сыноў Ізраэля, каторыя выйшлі зь зямлі Эгіпецкай:

5 Рубэн, першародны Ізраэля. Сыны Рубэна: Ханох, ад каторага род Ханоха, і Пальлю, ад каторага род Пальлю,

6 і Хецрон, ад якога род Хецрона, і Кармі, ад якога род Кармі.

7 Гэтыя вось роды з пакаленьня Рубэна, каторых лічба дасягае сорак тры тысячы семсот трыццаць.

8 Сыны Пальлю: Эліяб

9 і ягоныя сыны: Нэмуэль, Датан і Абірам. Датан і Абірам - гэта тыя князі народу, каторыя збунтаваліся супраць Майсея і Аарона разам з Карахам, калі яны паднялі бунт супраць Госпада,

10 і зямля разьзявіла вусны свае і праглынула іх і Караха, і паўміралі многія, калі агонь спаліў дзьвесьце пяцьдзесят чалавек, і сталіся яны знакам (перасьцярогі).

11 Але сыны Караха не загінулі.

12 Сыны Сымона па іх пакаленьнях: ад Нэмуэля паходзіць род Нэмуэля; ад Яміна - род Яміна; ад Яхіна - род Яхіна,

13 ад Зэраха - род Зэраха; ад Шаўля - род Шаўля.

14 Такія вось роды з пакаленьня Сымона, каторых агульная лічба была дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце.

15 Сыны Гада па сваіх родах: Цэфон, ад яго род Цэфона; Хаггі, ад яго род Хаггі; Шуні, ад яго род Шуні,

16 Озьні, ад яго род Озьні; Эры, ад яго род Эры,

17 Арод, ад яго род Арода; Арыэль, ад яго род Арыэля.

18 Гэта вось роды Гада, каторых агульная лічба была сорак тысячаў пяцьсот.

19 Сыны Юды: Гер і Янан, яны абодва памерлі ў зямлі Ханаан.

20 Вось сыны Юды па іхніх родах: Шэля, ад якога род Шэлі; Пэрэс, ад якога род Пэрэса; Зэрах, ад якога род Зэраха.

21 А вось сыны Пэрэса: Хецрон, ад якога род Хецрона, і Хамуль, ад якога род Хамуля.

22 Гэтыя вось роды Юды, каторых агульная лічба была семдзесят шэсьць тысячаў пяцьсот.

23 Сыны Ісахара па родах сваіх: Таля, ад якога род Талі; Пува, ад якога род Пувы;

24 Яшуб, ад якога род Яшуба; Шымрон, ад якога род Шымрона.

25 Такія вось роды Ісахара, каторых агульная лічба была шэсьцьдзесят чатыры тысячы трыста.

26 Сыны Забулёна па іх родах: Сэрэд, ад якога род Сэрэда; Элён, ад якога род Элёна; Яхлеэль, ад якога род Яхлеэля.

27 Гэта роды Забулёна, каторых агульная лічба была шэсьцьдзесят тысячаў пяцьсот.

28 Сыны Язэпа па іх родах: Манаса і Эфраім.

29 З Манасы нарадзіўся Махір, ад якога род Махіра; Махір быў бацькам Гілеаду, ад якога род Гілеада.

30 Гілеад меў сыноў: Езэра, ад якога род Езэра; і Гэлека, ад якога род Гэлека;

31 і Асрыэля, ад якога род Асрыэляў; і Мэхема, ад якога род Мэхема,

32 і Шэміду, ад якога род Шэміды; і Хэфэра, ад якога род Хэфэра.

33 Хэфэр быў бацькам Цэлафхада, каторы ня меў сыноў, а толькі дочкі, каторых імёны: Махля, Ноа, Хогля, Мілька і Тырца.

34 Такія вось роды Манасы, і лічба іх пяцьдзесят дзьве тысячы семсот.

35 Эфраіма сыны па іх родах: Шутэлях, ад якога род Шутэляха; Бэхэр, ад якога род Бэхэра; Тахан, ад якога род Тахана.

36 Далей сынам Шэтэляха быў Эран, ад якога род Эрана.

37 Такія вось роды сыноў Эфраіма, каторых лічба была трыццаць дзьве тысячы пяцьсот. Яны - патомкі Язэпа па родах сваіх.

38 Сыны Бэн'яміна па родах сваіх: Бэля, ад якога род Бэлі; Ашбэль, ад якога род Ашбэля; Ахірам, ад якога род Ахірама;

39 Шэфуфам, ад якога род Шэфуфама; Хуфам ад якога род Хуфама.

40 Сыны Бэлі: Ард і Нааман; ад Арда паходзіць род Арда, ад Наамана - род Наамана.

41 Такія вось сыны Бэн'яміна па родах сваіх, лічба іх была сорак пяць тысячаў шэсьцьсот.

42 Сыны Дана па сваіх родах: Шухам, ад якога род Шухама. Такія вось сыны Дана па сваіх родах:

43 усе былі сыны Шухама, лічба іх шэсьцьдзесят чатыры тысячы чатырыста.

44 Сыны Асэра па родах іх: Імна, ад якога род Імны; Ішві, ад якога род Ішві; Бэрыя, ад якога род Бэрыі.

45 Сыны Бэрыі: Гебэр, ад якога род Гебэра; і Малькіэль, ад якога род Малькіэля.

46 Дачкі Асэра імя было Сэраха.

47 Такія вось роды сыноў Асэра, лічба іх пяцьдзесят тры тысячы чатырыста.

48 Сыны Нэфталі па іх родах: Яхцэль, ад якога род Яхцэля; Гуні, ад якога род Гуні;

49 Ецэр, ад якога род Ецэра; Шылем, ад якога род Шылема.

50 Такія вось роды сыноў Нэфталі па сваіх родах, лічба іх сорак пяць тысячаў чатырыста.

51 Агульная лічба сыноў Ізраэля паводле сьпіса: шэсьцьсот адна тысяча семсот трыццаць.

52 Потым сказаў Госпад Майсею:

53 «Паміж імі будзе падзелена зямля на ўласнасьць паводле лічбы імёнаў.

54 Больш шматлікім большую частку дасі; меньш шматлікім - меншую; кожнаму асобна, па сьпісу, будзе дадзена спадчына.

55 Зямля павінна быць падзелена жэрабем, а спадчыну маюць атрымаць паводле лічбы імёнаў у родах.

56 Жэрабем трэба падзяліць спадчыну між вялікімі і малымі родамі.

57 Такая вось лічба сыноў Левія па іх родах: Гершон, ад якога род Гершона; Кегат, ад якога род Кегата; і Мэрары, ад якога род Мэрары.

58 Такія вось роды Левія: род Лібні, род Геброна, род Махлі, род Мушы, род Караха. Кегат жа быў бацькам Амрама,

59 каторы меў жонку Ёкэбэд, дачку Левія, каторя нарадзілася яму ў Эгіпце. Яна нарадзіла Амраму, мужу свайму, Аарона і Майсея, поруч сястру іхнюю Мірыям.

60 Аарон меў сыноў: Надаба, Абігу, Элеазара і Ітамара,

61 з каторых Надаб і Абігу памерлі, калі прынесьлі чужы агонь перад аблічча Госпада.

62 Усіх па сьпісе было дзьвесьце тры тысячы мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй. Яны бо ня ўпісаныя ў лічбу сыноў Ізраэля, бо ня дадзена ім спадчына сярод сыноў Ізраэля.

63 Такая вось лічба сыноў Ізраэля, сьпісаных Майсеем і Элеазарам сьвятаром на раўнінах Маабу над Ярданам насупраць Ерыхону.

64 Між імі не было нікога з тых, каторых Майсей і Аарон лічылі, калі сьпісвалі сыноў Ізраэля ў пустыні Сынай,

65 бо прадказаў ім Госпад, што ўсе яны вымруць у пустыні, і не застанецца зь іх ніводнага, апрача Калеба, сына Ефунны, і Ешуа, сына Нуна.

 

Разьдзел 27

 

1 Прыйшлі вось дочкі Цэлафхада, сына Хэфэра, сына Гілеада, сына Махіра, сына Манасы, з роду Манасы, сына Язэпа, а імёны іх: Махля, Ноа, Хогля, Мілька і Тырца.

2 І сталі яны перад Майсеем і Элеазарам сьвятаром, і князямі, і перад ўсёю супольнасьцю ля дзьвярэй Палаткі Сустрэчы і сказалі:

3 «Бацька наш памёр у пустыні, і ня ўдзельнічаў у бунце Караха супраць Госпада, але памёр у сваім граху. Ён ня меў сыноў.

4 Ці ж можа счэзнуць імя яго з роду ягонага, бо ня меў ён сына? Дайце нам спадчыну паміж братоў бацькі нашага».

5 І прынёс Майсей справу іхнюю на суд Госпада.

6 І Госпад сказаў яму:

7 «Справядліва дамагаюцца дочкі Цэлафхада. Дай ім уласнасьць між братоў бацькі іхняга, і хай яны маюць спадчыну.

8 Сынам жа Ізраэля скажы так: Калі чалавек памрэ бяз сына, яго спадчына пераходзіць на дачку.

9 Калі б ня меў дачкі, спадкаемцамі сталі б браты яго.

10 Калі б і братоў не было, аддасьцё спадчыну братам бацькі яго.

11 Калі б і братоў у бацькі не было, тады яго спадчына пераходзіць найбліжэйшаму сваяку ў яго родзе, і ён возьме спадчыну. Як загадаў Госпад Майсею, такі будзе сынам Ізраэля сьвяты і вечны закон».

12 Пасьля сказаў Госпад Майсею: «Узыйдзі на гэту гару Абарым і паглядзі адтуль на зямлю, якую Я дам сынам Ізраэля.

13 Калі агледзіш яе, ты пойдзеш да народу свайго, як пайшоў брат твой, Аарон,

14 бо вы зьняважылі Мяне ў пустыні Сін падчас бунту супольнасьці, бо не захацелі аб̀явіць сьвятасьці Маёй перад імі, (даючы ім) вады». Гэта вада Мэрыбы каля Кадэшу ў пустыні Сін.

15 Майсей сказаў Госпаду:

16 «Хай прызначыць Госпад, Бог духаў і кожнага цела, чалавека, каторы кіраваў бы гэтым зграмаджэньнем,

17 і мог бы выступіць перад імі, выводзіць іх і ўводзіць, каб ня стаўся народ Госпадаў як авечкі без пастуха».

18 Дык сказаў яму Госпад: «Вазьмі Ешуа, сына Нуна, чалавека, на якім прабывае Дух; і ўскладзі рукі твае на яго.

19 І пастаў яго перад Элеазарам сьвятаром і ўсёй супольнасьцю, і на віду ўсіх дай яму даручэньні.

20 І сваёй уладай падтрымай яго, каб слухала яго ўся супольнасьць сыноў Ізраэля.

21 Стане ён перад Элеазарам сьвятаром, а ён пра яго параіцца з Госпадам праз суд урыму. Паводле яго загаду будзе выходзіць і ўваходзіць сам, і ўсе сыны Ізраэля зь ім, і ўся супольнасьць».

22 Майсей зрабіў так, як яму загадаў Госпад. Паклікаў Ешуа, паставіў яго перад сьвятаром Элеазарам і ўсім прысутным народам,

23 і, усклаўшы на галаву яго рукі, паставіў яго правадыром, як загадаў Госпад праз Майсея.

 

Разьдзел 28

 

1 І сказаў далей Госпад Майсею:

2 «Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: Хай у свой час складаюць ахвяру Мне і хлеб Мой, ахвяру цэлапаленьня ў мілы пах Мне.

3 Такая вось агнявая ахвяра, якую вы павінны складаць: два гадавыя ягняткі штодзень у ахвяру цэлапаленьня.

4 Адно ягнё складзіцё на раніцы ў ахвяру цэлапаленьня, а другое - вечарам.

5 І як ахвяру зь яды дасьцё дзесятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай чацьвёртай часткай гіну найчысьцейшага алею.

6 Гэта цэлапаленьне пастаяннае, якое склалі вы на гары Сынай на мілы пах Госпаду як ахвяру агня.

7 І ахвяру вадкую зь віна; чацьвёртую частку гіну выльеце на кожнае ягнё. На сьвятым месцы вылівайце п'янкое віно Госпаду.

8 У такі самы спосаб складзіце другое ягнё вечарам паводле парадку ранішняй ахвяры: гэта ахвяра агнявая на мілы пах Госпаду.

9 У дзень жа суботы складзіцё ў ахвяру двух беззаганных аднагадовых ягнятаў і дзьве дзесятыя эфы мукі, запраўленай алеем, як ахвяру зь яды.

10 Гэта суботняя ахвяра цэлапаленьня на кожную суботу, апрача штодзённай ахвяры цэлапаленьня і вадкай ахвяры.

11 У кожны першы дзень вашага месяца складайце Госпаду ахвяру цэлапаленьня: два бычкі, барана і сем аднагадовых ягнят без заганы.

12 На кожнага бычка палажыце тры дзесятыя эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем, як ахвяру зь яды, і на кожнага барана - дзьве дзесятыя эфы мукі, запраўленай алеем, як ахвяру зь яды,

13 і на кожнае ягнё як ахвяру зь яды палажыце дзесятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем; усё гэта як цэлапаленьне на мілы пах Госпаду.

14 Вадкія ахвяры іхнія будуць такія: палова гіну віна на кожнага бычка, адна трэцяя гіну на барана і адна чацьвёртая гіну на ягнё. Гэта цэлапаленьне ў кожны першы дзень месяца на ўсе месяцы году.

15 Таксама казёл будзе складзены Госпаду ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэлапаленьня і належачай да яе вадкай ахвяры.

16 У чатырнаццаты дзень першага месяца - Пасха Госпада.

17 Пятнаццатага ж дня таго месяца будзе сьвята. Сем дзён будзеце есьці толькі праснакі.

18 У першы дзень будзе сьвятое сабраньне, нельга ў той дзень працаваць.

19 І складзіцё ахвяру агнявую, цэлапаленьне Госпаду: два бычкі, аднаго барана і сем беззаганных аднагадовых ягнят;

20 пры іх ахвяру зь яды, з пшанічнай мукі, запраўленай алеем: тры дзесятыя (эфы) на кожнага бычка, дзьве дзесятыя на аднаго барана,

21 і адна дзесятая на кожнага зь сямі ягнят.

22 Наастатак аднаго казла ў ахвяру за грэх, для ачышчэньня вашага.

23 Апрача ранішняга цэлапаленьня, каторае ёсьць цэлапаленьнем пастаянным, складайце гэтыя ахвяры.

24 Такія ахвяры складайце штодзень сем дзён, як цэлапаленьне, як мілы пах Госпаду. Апрача штодзённай ахвяры цэлапаленьня і ахвяры зь яды павінны быць складаныя гэтыя ахвяры.

25 Дзень сёмы будзе для вас сьвятым сабраньнем, не выконвайце ў той дзень ніякай працы.

26 У дзень пяршынаў, калі складаеце Госпаду ахвяру з новага збожжа ў сьвята тыдняў, таксама зьбярыце сьвятое сабраньне, і ў той дзень ня будзеце рабіць ніякай работы.

27 Складзіцё тады ў ахвяру цэлапаленьня як мілы пах Госпаду двух бычкоў, барана і сем аднагадовых ягнят без заганы.

28 І дадасьцё ахвяру зь яды: пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзесятыя (эфы) на аднаго бычка,

29 дзьве дзесятыя на барана і па адной дзесятай на кожнае зь сямі ягнят.

30 Наастатак казла (у ахвяру за грэх) для ачышчэньня вашага.

31 Апрача штодзённай ахвяры цэлапаленьня, і ахвяры зь яды, і ахвяры вадкай, складайце ўсё гэта ў ахвяру; павінны яны быць без заганы.

 

Разьдзел 29

 

1 У першы дзень сёмага месяца хай будзе ў вас сьвятое сабраньне; у той дзень не рабіце ніякай работы, бо дзень гэты - дзень трубнага гуку.

2 Складзіцё ахвяру цэлапаленьня на мілы пах Госпаду: аднаго бычка, барана і сем ягнят аднагадовых безь ніякай заганы,

3 а таксама ахвяру зь яды: пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзесятыя (эфы) на аднаго бычка, дзьве дзесятыя на барана,

4 і адну дзесятую на кожнае ягнё.

5 Наастатак казла як ахвяру за грэх, для ачышчэньня вашага.

6 Апрача ахвяры цэлапаленьня на пачатак месяца разам з ахвяраю зь яды і апрача штодзённай ахвяры цэлапаленьня, лучна з ахвяраю зь яды і вадкасьці, складайце іх на мілы пах Госпаду.

7 У дзесяты дзень таго сёмага месяца адбудзецца сьвятое сабраньне і пост; нельга рабіць у той дзень ніякай работы.

8 У ахвяру цэлапаленьня на мілы пах Госпаду складзіцё бычка, барана і сем гадавых ягнят без заганы,

9 у дадатак ахвяру зь яды: пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзесятыя (эфы) на бычка, дзьве дзесятыя на барана,

10 і адну дзесятую на кожнае зь сямі ягнят.

11 Таксама разам казла ў ахвяру за грэх, апрача таго, што ахвяроўваюць за праступак дзеля ачышчэньня і штодзённага цэлапаленьня разам з ахвярамі зь яды і вадкасьці, на мілы пах Госпаду.

12 У пятнаццаты дзень сёмага месяца адбудзецца сьвятое сабраньне. Нельга ў той дзень рабіць ніякай работы. Будзеце сьвяткаваць сем дзён сьвята Госпада.

13 У ахвяру цэлапаленьня складзіцё на мілы пах Госпаду трынаццаць бычкоў, два бараны, чатырнаццаць ягнят гадавых без заганы.

14 У дадатак ахвяру зь яды: пшанічную муку, запраўленую алеем, тры дзесятыя (эфы) на кожнага бычка; дзьве дзесятыя на кожнага барана,

15 і па адной дзесятай на кожнае з чатырнаццаці ягнят.

16 І казла ў ахвяру за грэх, ня лічачы штодзённай ахвяры цэлапаленьня і ахвяраў зь яды і вадкасьці.

17 У другі дзень (прынесіцё) дванаццаць бычкоў, два бараны і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без заганы.

18 У дадатак ахвяру зь яды і вадкасьці, лучна з ахвярай з бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна да іх лічбы, паводле пастановы.

19 Таксама казла ў ахвяру за грэх, ня лічачы штодзённай ахвяры цэлапаленьня, ахвяраў зь яды і вадкасьці.

20 У трэці дзень: адзінаццаць бычкоў, два бараны і чатырнаццаць гадавых ягнят без заганы.

21 У дадатак ахвяру зь яды і ахвяры вадкія, лучна з ахвярамі з бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна да іх лічбы, паводле пастановы.

22 Таксама казла ў ахвяру за грэх, ня лічачы пастаяннай ахвяры цэлапаленьня і ахвяраў зь яды і з вадкасьцяў.

23 У чацьвёрты дзень: дзесяць бычкоў, два бараны і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без заганы.

24 У дадатак ахвяру зь яды і ахвяры вадкія, лучна з ахвярамі з бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна да іх лічбы, паводле пастановы.

25 Таксама казла ў ахвяру за грэх, ня лічачы штодзённай ахвяры цэлапаленьня і ахвяраў зь яды і з вадкасьцяў.

26 У пяты дзень: дзевяць бычкоў, два бараны і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без заганы.

27 У дадатак ахвяру зь яды і ахвяры вадкія, лучна з ахвярамі з бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна лічбы, паводле пастановы.

28 Таксама казла ў ахвяру за грэх, ня лічачы пастаяннай ахвяры цэлапаленьня і ахвяраў зь яды і з вадкасьцяў.

29 У шосты дзень: восем бычкоў, два бараны і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без заганы.

30 У дадатак ахвяру зь яды і ахвяры вадкія, лучна з ахвярамі з бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна да іх лічбы, паводле пастановы.

31 Таксама казла ў ахвяру за грэх, ня лічачы пастаяннай ахвяры цэлапаленьня і ахвяраў зь яды і з вадкасьцяў.

32 У сёмы дзень: сем бычкоў, два бараны і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без заганы.

33 У дадатак ахвяру зь яды і ахвяры вадкія, лучна з ахвярамі з бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна да іх лічбы, паводле пастановы.

34 Таксама казла ў ахвяру за грэх, ня лічачы пастаяннай ахвяры цэлапаленьня і ахвяраў зь яды і з вадкасьцяў.

35 У восьмы дзень адбудзецца сьвятое сабраньне; ня будзеце ніякай работы рабіць у той дзень.

36 І складзіцё цэлапаленьне на мілы пах Госпаду: аднаго бычка, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без заганы.

37 У дадатак ахвяру зь яды і ахвяры вадкія, лучна з ахвярамі з бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна да іх лічбы, паводле пастановы.

38 Таксама казла ў ахвяру за грэх, ня лічачы пастаяннай ахвяры цэлапаленьня і ахвяраў зь яды і з вадкасьцяў.

39 Гэтыя ахвяры маеце складаць Госпаду пад час вашых сьвятаў, незалежна ад таго, што ахвяруеце паводле вашых шлюбаваньняў, або як дабравольныя дары на ахвяры цэлапаленьня, на ахвяры зь яды, з вадкасьцяў, поруч на ахвяры прымірэньня».

 

Разьдзел 30

 

1 І Майсей расказаў усё сынам Ізраэля, што яму Госпад загадаў.

2 І сказаў Майсей правадырам пакаленьняў Ізраэльскіх: «Вось што загадаў Госпад:

3 Калі хто (з мужчынаў) пашлюбуе што Госпаду або зьвяжа сябе прысягай, няхай не парушыць словы свае, але ўсё, што абяцаў, выпаўніць.

4 Калі жанчына шлюбавала штосьці Госпаду, або зьвязала сябе прысягай, і яна яшчэ ў доме бацькі свайго і маладых гадоў,

5 то калі б бацька даведаўся аб шлюбаваньні, што яна абяцала, або аб прысязе, якой яна зьвязала сябе, і ён прамаўчаў, яна зьвязаная шлюбаваньнем. Што яна шлюбавала або прысягала, хай споўніць на дзеле.

6 Калі ў той дзень, калі пачуе бацька яе, ён забароніць ёй гэтак, дык шлюбаваньні яе і прысягі будуць няважныя. Міласьцівы будзе ёй Госпад таму, што бацька запярэчыў.

7 Калі, аднак, выйдзе яна замуж, але зьвязана яна шлюбаваньнем або прысягай вуснаў сваіх, зьвязала яна душу сваю,

8 і калі пачуе муж яе і, пачуўшы, не запярэчыць, - то яна зьвязаная шлюбаваньнем і павінна споўніць, што прыракала.

9 А калі пачуў бы муж і запярэчыў у той жа дзень, то шлюбаваньні яе, якія дала, і словы, каторымі зьвязала душу сваю, няважныя; хай будзе ёй міласьцівы Госпад.

10 Што прыракалі б удовы або разьведзеныя - важнае, хай споўняць.

11 Калі жонка ў доме мужа зьвязалася шлюбаваньнем або прысягаю,

12 і калі аб гэтым даведаўся муж, і маўчаў, і не пярэчыў шлюбаваньню, то няхай яна споўніць тое, што абяцала.

13 А калі б ён запярэчыў, то яна не зьвязаная прысягай, бо муж супрацівіўся. Хай Госпад будзе ёй міласьцівы.

14 Калі б яна шлюбавала або прысягай зьвязала сябе, ад волі мужа залежыць, ці споўніць яна гэта, ці не.

15 Калі б жа муж ведаў, але маўчаў, ды з дня на дзень адкладаў бы свой прысуд, то што яна прыракала або запрысягла, павінна споўніць, бо муж ведаў, але маўчаў.

16 Калі б жа ён запярэчыў празь нейкі час пасьля таго, як даведаўся, адказны будзе ён за сваю правіну».

17 Такія вось законы, каторыя перадаў Госпад Майсею адносна мужа і жонкі, бацькі і дачкі, калі яна яшчэ ў юнацтве жыве ў доме бацькоў.

 

Разьдзел 31

 

1 І сказаў Госпад Майсею:

2 «Адпомсьці за сыноў Ізраэля Мадыянцам, а потым далучыся да народу свайго».

3 Дык зараз жа загадаў Майсей: «Узбройце спаміж сябе мужчынаў на вайну, каб яны маглі даканаць помсту Госпада над Мадыянцамі.

4 Выбярыце па тысячы мужчынаў з кожнага пакаленьня Ізраэля і пашліце іх на вайну».

5 І выдзелена было па тысячы з кожнага пакаленьня, значыць, дванаццаць тысячаў здольных да бою.

6 Іх выправіў Майсей зь Пінхасам, сынам Элеазара сьвятара. Даў ім такжа посуд сьвяты і трубы, каб у трывозе трубіць.

7 Калі па загаду Госпада ваявалі яны супраць Мадыянцаў, выбілі яны ўсіх мужчынаў

8 і каралёў іхніх: Эвія, Рэкема, Цура, Хура, Рэбу, пяць каралёў гэтага народу, а таксама Білеама, сына Бэора, забілі мячом.

9 І ўзялі яны ў палон жанчынаў іхніх і дзяцей, і як здабычу ўзялі ўсю жывёлу іхнюю і ўсю маёмасьць,

10 а гарады, пасяленьні і табары іхнія спалілі агнём.

11 І забралі яны здабычу сваю, як людзей, так і жывёлу.

12 І прывялі яны палонных, і здабычу, і нарабаванае да Майсея і Элеазара сьвятара, і да ўсяе супольнасьці сыноў Ізраэля ў табар на раўнінах Маабу над Ярданам насупраць Ерыхону.

13 Майсей, сьвятар Элеазар і ўсе князі супольнасьці выйшлі з табару на сустрэчу ім.

14 І загневаўся Майсей на начальнікаў войска, на тысячнікаў і сотнікаў, каторыя вярталіся з вайны.

15 І ён сказаў ім: «Чаму вы захавалі ўсіх жанчынаў?

16 Ці ж не яны за намовай Білеама паганілі сыноў Ізраэля і нявернымі зрабілі вас перад Госпадам праз Пэора,таму і нішчаны быў народ Госпадаў?

17 Дык забіце ўсіх дзяцей мужчынскага роду і ўсіх жанчынаў, каторыя жылі з мужчынамі.

18 Дзяўчат жа і ўсіх жанчынаў, ня жыўшых з мужчынамі, пакіньце сабе.

19 І вы будзьце па-за табарам сем дзён. Хто забіў чалавека або дакрануўся да забітага, мусіць ачысьціцца трэцяга і сёмага дня, як вы, так і вашыя палонныя.

20 Таксама адзеньне і ўсе вырабы са скуры, і што зроблена з воўны казінай, і ўсе драўляныя рэчы павінны быць ачышчаны».

21 Так вось сказаў Элеазар сьвятар ваярам, каторыя былі на вайне: «Такое прыказаньне закону, якое загадаў Госпад Майсею:

22 Золата, серабро, медзь, жалеза, цына, волава

23 і агулам усё, што можа прайсьці праз агонь, хай агнём будзе ачышчана. Што не пераносіць агня, хай будзе асьвечана вадой ачышчэньня.

24 Сёмага дня памыеце адзеньне вашае і, ужо ачышчаныя, увойдзеце ў табар».

25 Потым гэтак сказаў Госпад Майсею:

26 «Палічыце ўсё, што здабыта, ад чалавека да жывёлы, ты і Элеазар сьвятар, і начальнікі родаў.

27 І падзеліш здабычу папалам паміж тымі, што ваявалі і выйшлі на вайну, і паміж ўсёй грамадой.

28 І выдзеліш частку Госпаду ад тых, што ваявалі, і каторыя былі на вайне - адно жывое на пяцьсот, як зь людзей, так і з валоў, аслоў і авец.

29 І дасі гэта Элеазару сьвятару як ахвяру Госпаду.

30 А з паловы сыноў Ізраэля вазьмі адну частку зь пяцідзесяці: зь людзей, валоў, аслоў і авец, з усяго жывога, і дасі гэта левітам, каторыя служаць пры Скініі Госпада».

31 Майсей і сьвятар Элеазар усё выканалі, як ім загадаў Госпад.

32 А здабыча, якую ваяры здабылі, лічыла шэсьцьсот семдзесят пяць тысячаў авец,

33 семдзесят дзьве тысячы валоў,

34 шэсьцьдзесят адну тысячу аслоў,

35 а людзей, значыць дзяўчат, каторыя яшчэ не жылі з мужчынамі, было разам трыццаць дзьве тысячы.

36 Палова дадзена была тым, што былі на вайне: трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авец,

37 і з гэтага Госпаду далі шэсьцьсот семдзесят пяць авец,

38 трыццаць шэсьць тысячаў валоў, з чаго Госпаду далі семдзесят два,

39 аслоў трыццаць тысяч пяцьсот, зь іх Госпаду далі семдзесят два.

40 Наастатак шаснаццаць тысячаў дзяўчат, зь якіх Госпаду далі трыццаць дьзве асобы.

41 Вось жа аддаў Майсей сьвятару Элеазару дары, прызначаныя ў ахвяру Госпаду, па загаду, дадзеным Госпадам Майсею.

42 А палова для сыноў Ізраэля, каторую ўзяў Майсей у быўшых на вайне, складала:

43 трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авец,

44 трыццаць шэсьць тысячаў валоў,

45 трыццаць тысячаў пяцьсот аслоў

46 і шаснаццаць тысячаў дзяўчат.

47 З гэтае часткі, належнай сынам Ізраэля, узяў Майсей адну пяцідзесятую частку зь людзей і жывёлы і аддаў яе левітам, якія служылі пры Скініі Госпада, як загадаў Госпад Майсею.

48 І вось прыйшлі да Майсея ваяры, начальнікі дружынаў войска, тысячнікі і сотнікі,

49 і сказалі Майсею: «Мы, слугі твае, праверылі лічбу ваяроў, каторых мы мелі пад сваёй рукой, і высьвятлілася, што ні адзін не загінуў.

50 Дзеля гэтае прычыны прынесьлі мы ў ахвяру Госпаду ўсе знойдзеныя вырабы з золата: бранзалеты, наплечнікі, пярсьцёнкі, кольцы і нашыйнікі - для ачышчэньня душаў нашых перад Госпадам».

51 Дык узялі тады Майсей і сьвятар Элеазар золата і ўсе каштоўнасьці.

52 Золата ж, аддадзенага тысячнікамі і сотнікамі ў ахвяру Госпаду, было шаснаццаць тысячаў семсот пяцьдзесят сыкляў.

53 А кожны з ваяроў меў яшчэ свой здабытак.

54 Дык Майсей і сьвятар Элеазар узялі золата ад тысячнікаў і занесьлі ў Палатку Сустрэчы як памятны дар сыноў Ізраэля для Госпада.

 

Разьдзел 32

 

1 Сыны Рубэна і Гада мелі дужа многа жывёлы. Калі яны ўбачылі зямлю Язэр і Гілеад, прыдатныя на гадоўлю быдла,

2 прыйшлі яны да Майсея, і Элеазара, і начальнікаў супольнасьці і сказалі ім:

3 «Вось жа Атарот, Дыбон, Язэр, Німра, Хешбон, Элеале, Сэбам, Нэбо і Бэон,

4 зямля, якую Госпад даў супольнасьці Ізраэля, край ураджайны, прыдатны для гадоўлі быдла, і вось мы, слугі твае, маем многа жывёлы».

5 І далей казалі: «Калі мы знайшлі ласку ў цябе, дай гэтую зямлю слугам тваім на ўласнасьць, не пераводзь нас за Ярдан».

6 Адказаў ім Майсей: «Няўжо калі браты вашыя пойдуць ваяваць, вы тут будзеце сядзець?

7 Чаму вы стрымліваеце сэрца сыноў Ізраэля, каб ня мелі яны адвагі перайсьці ў зямлю, якую ім мае даць Госпад?

8 Ці ня так зрабілі бацькі вашыя, калі паслаў я іх з Кадэш-Барнэа выведаць зямлю?

9 Калі дайшлі яны аж да даліны Эшколь, выведаўшы ўвесь той край, збунтавалі яны сэрцы сыноў Ізраэля, каб не ішлі ў зямлю, якую прызначыў ім Госпад.

10 І Госпад узгарэўся гневам і сказаў:

11 «Ня ўбачаць гэтыя людзі, выйшаўшыя з Эгіпту ў дваццаць гадоў і вышэй, тае зямлі, якую Госпад пад прысягай абяцаў Абрагаму, Ізааку і Якубу, бо не захацелі Мяне слухаць,

12 за выняткам Калеба, сына Ефунны, Кенезеяніна, і Ешуа, сына Нуна, бо яны слухалі Госпада!»

13 І гневаўся Госпад на Ізраэля, і вадзіў яго па пустыні сорак гадоў, пакуль ня вымерла ўсё пакаленьне, якое рабіла зло на віду Госпада.

14 Так і вы, род ліхіх людзей, як і бацькі вашыя, збунтаваліся, каб павялічыць лютасьць гневу Госпадавага на Ізраэля.

15 Калі зноў не захочаце слухаць Яго, зноў будзе Ён вадзіць вас па пустыні вакол, і вы будзеце прычынай гібелі ўсіх».

16 Яны падыйшлі бліжэй да яго і сказалі: «Мы пабудуем загоны для статкаў нашых і гарады для дзяцей нашых,

17 а самі, узброеныя і прыгатаваныя, пойдзем ваяваць перад сынамі Ізраэля, пакуль не ўвядзём іх у іхнія месцы. Дзеці нашыя будуць жыць у гарадах абмураваных дзеля небясьпекі ад жыхароў зямлі гэтай.

18 Ня вернемся мы ў дамы нашыя, пакуль не авалодаюць сыны Ізраэля сваёй ўласнасьцю.

19 Мы ня будзем шукаць уласнасьці за Ярданам або далей, бо ўжо маем сваю спадчыну на ўсходнім беразе Ярдана».

20 Майсей адказаў ім: «Калі ўчыніце так, як вы сказалі, калі будзеце дзеля Госпада гатовыя да бою,

21 і калі кожны з вас, узброены, пяройдзе Ярдан, аж пакуль Госпад ня выганіць ворагаў Сваіх перад Сабою,

22 і, па авалоданьні ўсёй зямлёй, вернецеся ў гэтую зямлю, тады ня будзеце вінаватыя перад Госпадам і перад Ізраэлем і возьмеце гэтую зямлю на ўласнасьць перад Госпадам.

23 А калі тое, што кажаце, ня споўніце, вы дапусьціцеся грэху перад Госпадам, і ведайце, што грэх ваш знойдзе вас.

24 Дык будуйце гарады дзецям вашым і загоны авечкам вашым, але тое, што прыраклі, споўніце».

25 Сыны Гада і Рубэна сказалі Майсею: «Мы, слугі твае, зробім усё, што загадвае гаспадар наш.

26 Нашыя дзеці, жанчыны, жывёлы і стады застануцца ў гарадах Гілеадзкіх,

27 а слугі твае, усе ўзброеныя, пойдуць перад абліччам Госпада на вайну, як загадаў гаспадар наш».

28 Дык Майсей загадаў сьвятару Элеазару, і Ешуа, сыну Нуна, і начальнікам родаў усіх пакаленьняў Ізраэля,

29 і сказаў ён ім: «Калі сыны Гада і сыны Рубэна разам з вамі пяройдуць раку Ярдан, усе ўзброеныя, каб па волі Госпада ваяваць, і вы завалодаеце зямлёю, дайце ім Гілеад на ўласнасьць.

30 А калі не захочуць разам з вамі, узброеныя, ісьці ў зямлю Ханаан, атрымаюць пасяленьні паміж вас».

31 Дык сыны Гада і сыны Рубэна адказалі: «Як загадаў Госпад слугам Сваім, так і зробім.

32 Узброеныя, самі пойдзем перад абліччам Госпада ў зямлю Ханаан, і возьмем спадчыну нашую за Ярданам».

33 І даў Майсей сынам Гада і Рубэна і палове пакаленьня Манасы, сына Язэпа, каралеўства Сыгона, караля Амарэйцаў, і каралеўства Ога, караля Башану, зямлю з гарадамі і гарады ваколічныя.

34 І збудавалі сыны Гада Дыбон, Атарот, Араэр,

35 Атрот-Шафан, Язэр і Ёгбэгу,

36 і Бэт-Німру і Бэт-Гаран, абмураваныя гарады і загоны для сваіх стадаў.

37 Сыны ж Рубэна збудавалі Хешбон, Элеале і Кірыятаім,

38 Нэбо, Бааль-Мэон, зьмяніўшы іх назвы, Сібму, і далі назвы гарадам, каторыя адбудавалі.

39 Сыны Махіра, сына Манасы, пайшлі ў Гілеад і занялі яго, выгнаўшы Амарэйцаў, што жылі ў ім.

40 Дык даў Майсей Гілеад Махіру, сыну Манасы, каторы і абжыўся ў ім.

41 Яір жа, сын Манасы, пайшоў і заняў мястэчкі Амарэйцаў, каторыя назваў Хават-Яір.

42 Нобах таксама вырушыў, і захапіў Кенат зь яго ваколіцамі, і назваў яго сваім імем, Нобах.

 

Разьдзел 33

 

1 Гэтыя вось месцы прыпынку сыноў Ізраэля, выйшаўшых з Эгіпту дружынамі на чале з Майсеем і Ааронам.

2 Майсей запісаў падарожжа іх па месцы табараў, з каторых яны па загаду Госпада выходзілі. Вось гэтыя месцы:

3 Вось жа ў першы месяц пятнаццатага дня першага месяца вырушылі сыны Ізраэля з Рамсэсу, у другі дзень Пасхі, ведзеныя рукой Узвышняга на вачах усіх Эгіпцянаў.

4 Эгіпцяне ў той час хавалі ўсіх сваіх першародных, забітых Госпадам, калі Ён учыніў суд над іхнімі ідаламі.

5 Дык вырушылі Ізраэльцы з Рамсэсу і расклаліся табарам у Сукоце.

6 З Сукоту прыбылі яны ў Этам, што на мяжы пустыні.

7 Адсюль, вырушыўшы, прыбылі ў Пі-Гахірот, што каля Баал-Цэфону, ды расклаліся табарам перад Мігдолам.

8 Выйшаўшы з Пі-Гахіроту, перайшлі яны сярэдзінай мора ў пустыню, і тры дні ішлі пустыняй, і расклаліся табарам у Мары.

9 Выйшаўшы з Мары, прыбылі ў Элім, дзе было дванаццаць крыніцаў водных і семдзесят пальмаў, і там расклаліся табарам.

10 Выйшаўшы з Эліму, разлажыліся табарам каля Чырвонага мора.

11 І выйшлі ад Чырвонага мора, і разлажыліся табарам у пустыні Сін.

12 Адтуль выйшлі і прыбылі ў Дафку.

13 Выйшаўшы з Дафкі, разлажыліся табарам у Алушы.

14 Выйшаўшы з Алушы, паставілі палаткі ў Рэфідыме, дзе не было вады для піцьця.

15 Вырушыўшы з Рэфідыму, разлажыліся табарам у пустыні Сынай.

16 Вырушылі з пустыні Сынай і прыбылі ў Кібрат-Гатаву.

17 Вырушыўшы з Кібрат-Гатавы, разлажыліся табарам у Хацэроце.

18 А з Хацэроту прыбылі ў Рытму.

19 Выйшлі з Рытмы і зрабілі табар ў Рымон-Пэрэсе.

20 Выйшлі з Рымон-Пэрэса і разлажыліся табарам у Лібне.

21 Зь Лібны выйшлі і зрабілі табар ў Рысе.

22 З Рысы выйшлі і разлажыліся табарам у Кэгеляце.

23 Выйшаўшы з Кэгеляты, паставілі палаткі на гары Шэфэр.

24 Затым, зыйшоўшы з гары Шэфэр, разлажыліся табарам у Харадзе.

25 Адтуль выйшаўшы, зрабілі табар у Макэлёце.

26 Выйшаўшы з Макэлёту, разлажыліся табарам у Тахаце.

27 Выйшаўшы з Тахату, паставілі палаткі ў Тэраху.

28 Выйшлі з Тэраху і разлажыліся табарам у Мітцы.

29 А выбраўшыся зь Міткі, зрабілі табар у Хашмоне.

30 Выбраўшыся з Хашмону, прыбылі ў Масэрот.

31 Выйшаўшы з Масэроту, разлажыліся табарам у Бэнэ-Яакане.

32 З Бэнэ-Яакану прыбылі да Хар-Гагідгаду.

33 Адсюль выбраўшыся, паставілі палаткі ў Ётбаце.

34 Зь Ётбаты прыбылі ў Аброну.

35 Выйшаўшы з Аброны, разлажыліся табарам у Ецыён-Гебэру.

36 Адсюль выбраўшыся, прыбылі ў пустыню Сін, або Кадэш.

37 Выбраўшыся з Кадэшу, паставілі палаткі на гары Гор, на мяжы зямлі Эдому.

38 Па загаду Госпада Аарон сьвятар узыйшоў на гару Гор і там памёр у саракавым годзе па выхадзе сыноў Ізраэля, у першы дзень пятага месяца.

39 Меў ён сто дваццаць тры гады, калі памёр на гары Гор.

40 Кароль Араду, Хананеец, каторы жыў у Нэгэбе ў зямлі Ханаан, пачуў у той час, што надыходзяць сыны Ізраэля.

41 Яны зыйшлі з гары Гор і зрабілі табар у Цальмоне.

42 Адтуль вырушылі ў Пунон.

43 З Пунону выйшлі і прыбылі ў Абот.

44 З Аботу прыбылі ў Іе-Абарым, што на мяжы Маабу.

45 Выбраўшыся зь Іе-Абарыму, разлажыліся табарам у Дыбон-Гадзе.

46 Адтуль выйшаўшы, паставілі палаткі ў Альмон-Дыблатаіме.

47 Выйшаўшы з Альмон-Дэблатаіму, прыбылі пад гару Абарым, насупраць Нэбо.

48 Выйшаўшы з гары Абарым, прыйшлі на раўніны Маабу над Ярдан насупраць Ерыхону.

49 Там расклаліся табарам паміж Бэт-Гаешымотам і Абэль-Шытымам на раўнінах Маабу.

50 Там вось сказаў Госпад Майсею:

51 «Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: Калі пяройдзеце раку Ярдан і ўвойдзеце ў зямлю Ханаан,

52 выганіце перад сабою ўсіх жыхароў той зямлі, паламіце ўсе іхнія выявы ды разьбіце ўсіх ідалаў, і ўсе ўзгоркі спусташыце.

53 Завалодайце зямлёй і абжывайцеся на ёй, бо Я даў вам яе на ўласнасьць.

54 Падзяліце яе паміж вашымі пакаленьнямі, большаму пакаленьню - большую частку, меншаму - меншую. Як жэрабе выпадзе, так будзе падзелена спадчына. Па пакаленьнях і родах будзе яна падзелена.

55 Калі ж не захочаце выгнаць жыхароў зямлі гэтай, і калі яны застануцца, будуць яны вам як церні ў вачах вашых і калючкамі ў баках вашых, будуць яны ўціскаць вас у зямлі пражываньня вашага.

56 І тады, што Я маніўся ім зрабіць, вам зраблю».

 

Разьдзел 34

 

1 Далей казаў Госпад Майсею:

2 «Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, тады абшар, каторы вы жэрабем падзеліце на ўласнасьць, будзе ў гэтых межах.

3 Паўдзённая мяжа будзе ад пустыні Сін, уздоўж Эдому, і будзе ісьці на ўсходзе Мора Салёнага.

4 Потым зьверне на поўдзень да ўзвышша Акраббім, і далей пойдзе празь Сін на поўдзень ад Кадэш-Барнэа. Адтуль пойдзе да Хацар-Адару і далей да Ацмону.

5 Ад Ацмону паверне мяжа да ручаю Эгіпецкага і спыніцца на беразе Вялікага Мора.

6 Вашай мяжой заходняй будзе для вас Вялікае Мора, гэта будзе ваша заходняя мяжа.

7 На поўначы будзе ў вас мяжа ад Вялікага Мора пачынаючы і аж да гары Гор,

8 і ад гары Гор павядзіце мяжу да Хамату і далей, да мяжы Цэдаду.

9 Потым пойдзе мяжа да Зіфрону і Гацар-Энану. Такая будзе мяжа з поўначы.

10 Усходнюю мяжу правядзіце ад Гацар-Энану да Шэфама,

11 і ад Шэфама пойдзе мяжа ў напрамку Гарбэль на ўсход ад Аіну. Адтуль пойдзе далей праз горы на ўсход ад мора Кінэрэт,

12 потым уздоўж Ярдану і спыніцца пры Моры Салёным. Гэта будзе зямля вашая зь межамі сваімі».

13 Тады вось загадаў Майсей сынам Ізраэля: «Гэта вось зямля, каторую маеце падзяліць жэрабем, і каторую загадаў Госпад даць дзевяці пакаленьням і палове пакаленьня.

14 Пакаленьне бо сыноў Рубэна па сем'ях сваіх, і пакаленьне сыноў Гада па сем'ях, і палова пакаленьня Манасы атрымалі ўжо сваю спадчыну.

15 Гэтыя два і палова пакаленьня ўзялі сваю спадчыну з тога боку Ярдану насупраць Ерыхону на ўсход».

16 І сказаў Госпад Майсею:

17 «Вось гэта імёны людзей, каторыя падзеляць вам зямлю: Элеазар сьвятар і Ешуа, сын Нуна.

18 І возьмеце па адному князю з кожнага пакаленьня, каб падзяліць зямлю на ўласнасьць.

19 Вось імёны тых людзей: з пакаленьня Юды - Калеб, сын Ефунны,

20 з пакаленьня Сымона - Шэлюміэль, сын Амігуда,

21 з пакаленьня Бэн'яміна - Элідад, сын Кісьлёна,

22 з пакаленьня Дана - Букі, сын Ёглі,

23 з сыноў Язэпа, з пакаленьня Манасы - Ханіэль, сын Эфода,

24 з пакаленьня Эфраіма - Камуэль, сын Шыфтана,

25 з пакаленьня Забулёна - Эліцафан, сын Парнаха,

26 з пакаленьня Ісахара - Пальтыэль, сын Азана,

27 з пакаленьня Асэра - Ахігуд, сын Шэломіі,

28 з пакаленьня Нэфталі - Пэдагель, сын Амігуда.»

29 Гэта вось тыя, каторым загадаў Госпад падзяліць зямлю Ханаан між сыноў Ізраэля.

 

Разьдзел 35

 

1 Вось што сказаў Госпад Майсею на раўнінах Маабу каля Ярдану насупраць Ерыхону:

2 «Загадай сынам Ізраэля, каб далі левітам у спадчыну гарады, у каторых яны б жылі, і палі кругом гарадоў.

3 У гарадах будуць жыць, а ваколіцы будуць пашай для жывёлы і для ўсяго быдла іхняга.

4 Ад муроў гарадзкіх яны маюць цягнуцца на тысячу локцяў ушыркі.

5 Адмерайце за горадам дзьве тысячы локцяў з боку ўсходняга, дзьве тысячы локцяў з боку паўдзённага, дзьве тысячы локцяў з боку заходняга і дзьве тысячы локцяў з боку паўночнага, каб сам горад быў пасярэдзіне; гэта будуць палі вакол тых гарадоў.

6 Гарады, каторыя аддасьцё левітам, будуць шэсьць гарадоў прыбежышча, каб забойца мог у іх схавацца, і апрача іх яшчэ сорак два гарады.

7 Лічба гарадоў, каторыя разам з палямі будуць належаць левітам, будзе сорак восем.

8 Пры выбары гарадоў, каторые аддасьцё са спадчыны сыноў Ізраэля, так будзеце вырашаць: ад большага пакаленьня - большую іх лічбу, ад меншага - меншую. Кожнае пакаленьне павінна аддаць левітам па вялікасьці атрыманае спадчыны адпаведную лічбу гарадоў».

9 Далей сказаў Госпад Майсею:

10 «Аб'яві сынам Ізраэля і скажы ім: Калі пяройдзеце празь Ярдан у зямлю Ханаан,

11 выбярыце сабе гарады, каторыя маюць быць прыбежышчам уцекачам, каторыя, ня хочучы, пралілі кроў.

12 Гэтыя гарады будуць вам гарадамі-прыбежышчамі ад мсьціўцаў, і забойца захавае жыцьцё, дакуль не стане перад судом супольнасьці.

13 Што да гарадоў, каторыя маеце зрабіць гарадамі прыбежышча, павінна быць іх шэсьць.

14 Тры будуць за Ярданам, а тры - у зямлі Ханаан як гарады прыбежышча.

15 Іх будзе шэсьць, каб маглі да іх уцякаць тыя, што ненаўмысна пралілі кроў: як сыны Ізраэля, так і прыбыльцы або падарожнікі.

16 Калі, аднак, хто ўдарыць каго жалезам, што той памрэ, дык той, хто ўдарыў, - забойца, ён павінен памерці.

17 Калі хто каго каменем ударыў, каторым можна забіць, і забіў, падобна будзе пакараны.

18 Калі хто каго паленам так ударыў, што той памёр, - ён забойца. І будзе ён пакараны сьмерцю.

19 Мсьціўца крыві заб'е забойцу; дзе толькі зловіць яго, можа яго забіць.

20 Калі хто зь нянавісьці напаў на чалавека, або кінуў у яго штосьці з намерам забіць, так, што той памёр,

21 або калі хто ў злосьці ўдарыў кулаком, што той памёр, тады той, хто ўдарыў, мусіць быць пакараны сьмерцю, бо ён забойца; і мсьціўца крыві можа яго забіць, калі сустрэне.

22 Калі ж хто прыпадкам і безь нянавісьці ўдарыў каго або кінуў у яго чым-колечы ненаўмысна,

23 або, не бачачы яго, пусьціў у яго каменем, каторы можа забіць, і ўдарыў яго так, што той памёр, але ён ня быў яго ворагам ды не хацеў яму зла,

24 то грамада павінна судзіць забойцу і мсьціўца за кроў на гэтай аснове.

25 Грамада павінна выратаваць забойцу ад рукі мсьціўца за кроў і павінна вярнуць яго ў горад прыбежышча яго, куды ён уцёк, каб ён там жыў да сьмерці першасьвятара, каторы памазаны сьвятым алеем.

26 Калі ж забойца выйдзе за межы гораду-прыбежышча, у каторы схаваўся,

27 і калі мсьціўца крыві сустрэне яго па-за межамі гораду-прыбежышча, тады мсьціўца крыві не вінаваты, калі заб'е забойцу.

28 Да сьмерці бо першасьвятара павінен забойца прабываць у горадзе прыбежышча свайго. Па сьмерці ж першасьвятара можа ён вярнуцца да сваёй спадчыны.

29 Хай гэта будзе вам законам ва ўсе пакаленьні вашыя і ва ўсіх месцах пражываньня вашага.

30 Забойцу на падставе словаў сьведкаў караюць сьмерцю. На падставе аднаго сьведкі ніхто на сьмерць не асуджаецца.

31 Нельга прымаць выкупу за душу забойцы, каторы варты сьмерці, павінен ён быць пакараны сьмерцю.

32 Не бярыце выкупу і за ўцёкшага ў горад прыбежышча, каб яму дазволіць жыць у сваёй зямлі перад сьмерцю першасьвятара.

33 Не паганьце зямлі прабываньня вашага, бо кроў пляміць зямлю, і ніяк яна ня можа быць ачышчаная, як толькі праз кроў таго, хто праліў яе.

34 Не паганьце зямлі, на якой будзеце жыць, бо Я буду жыць з вамі. Бо Я - Госпад, Каторы жыву пасярод сыноў Ізраэля».

 

Разьдзел 36

 

1 І прыйшлі начальнікі сем'яў пакаленьня сыноў Гілеада, сына Махіра, сына Манасы, з роду сыноў Язэпа, і расказалі Майсею, і князям, і начальнікам пакаленьняў Ізраэля

2 такую справу: «Табе, гаспадар наш, загадаў Госпад жэрабем падзяліць зямлю паміж сынамі Ізраэля і таксама даць спадчыну дочкам Цэлафхада, брата нашага.

3 Дык калі яны будуць жонкамі якога з сыноў другога нейкага пакаленьня сыноў Ізраэля, то спадчына іх адымецца ад спадчыны бацькоў нашых і далучыцца да таго пакаленьня, у каторым яны будуць жыць, дык наша частка, атрыманая жэрабем, змалее.

4 І калі для Ізраэля настане год юбілейны, тады іх спадчына будзе назаўсёды належаць да пакаленьня, да каторага яны ўвайшлі, а спадчына пакаленьня нашых бацькоў паменшыцца на іх спадчыну».

5 Тады сказаў Майсей сынам Ізраэля па загаду Госпада: «Справядліва сказала пакаленьне сыноў Язэпа.

6 Вось як пастанавіў Госпад у справе дачок Цэлафхада: Яны могуць ісьці замуж за каго захочуць, але за мужчынаў свайго пакаленьня.

7 Хай не пераходзіць спадчына сыноў Ізраэля з аднаго пакаленьня ў другое пакаленьне. Хай сыны Ізраэля трымаюцца спадчыны пакаленьня бацькоў сваіх.

8 Кожная дзяўчына, каторая атрымае спадчыну ў якімсьці пакаленьні, стане жонкаю аднаго з мужчынаў свайго пакаленьня, каб Ізраэльцы захавалі спадчыну сваіх бацькоў,

9 і каб спадчынная маёмасьць не пераходзіла з аднаго пакаленьня ў другое. Пакаленьні сыноў Ізраэля павінны трымацца сваіх спадчынных паселасьцяў».

10 Дочкі Цэлафхада зрабілі так, як загадаў Госпад Майсею

11 і выйшлі замуж Махля, Тырца, Хогля, Мілька і Ноа за сыноў дзядзькоў сваіх.

12 Пайшлі яны замуж за людзей з пакаленьня Манасы, сына Язэпа, і так іхняя спадчына засталася пры пакаленьні, да каторага належаў род бацькі іхняга.

13 Гэта прыказаньні і пастановы, каторыя даў Госпад праз Майсея сынам Ізраэля на раўнінах Маабу каля Ярдану насупраць Ерыхону.

 

5. Кніга Паўторанага Закону

 

Разьдзел 1

 

1 Гэтымі словамі прамаўляў Майсей да ўсяго Ізраэля за Ярданам у пустыні, у Арабе насупраць Суфу, паміж Паранам, Тафелем, Лябанам, Хацэротам і Дызагабам,

2 на адлегласьці ў адзінаццаць дзён дарогі ад Гарэбу да Кадэш-Барнэа праз горы Сэір.

3 У саракавым годзе, у адзінаццатым месяцы, у першы дзень месяца сказаў Майсей сынам Ізраэля ўсё, што яму Госпад даручыў сказаць ім.

4 Па перамозе над Сыгонам, каралём Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне, і Огам, каралём Башану, каторы пражываў у Аштароце ў Эдрэі,

5 за Ярданам, у зямлі Маабу, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты і казаць:

6 «Госпад, Бог наш, гаварыў да нас на Гарэбе, кажучы: Досыць ужо вам быць на гэтай гары.

7 Завярніцеся і вырушыце, і ідзіце на гару Амарэйцаў і да ўсіх суседзяў іхніх, у Арабу, у горы і ў даліны, і ў Нэгэб, і на бераг мора, і ў зямлю Хананейцаў, і ў Лібан, аж да вялікай ракі Эўфрат.

8 Глядзіце, вось Я даю вам гэтую зямлю. Ідзіце, вазьміце яе на ўласнасьць, бо яе запрысяг Госпад аддаць Абрагаму, Ізааку і Якубу, і патомству іхняму па іх».

9 Вось жа сказаў я вам ў той час: «Не магу я адзін весьці вас;

10 Госпад, Бог ваш, памножыў вас, і сягоньня вас так многа, як зорак у небе.

11 Дык хай Госпад, Бог бацькоў вашых, дадасьць да гэтай лічбы ў тысячу разоў і дабраславіць вас, як Ён абяцаў вам.

12 Не магу я адзін забясьпечыць вашыя патрэбы, пераносіць вашыя цяжары і спрэчкі.

13 Выбярыце сабе ў пакаленьнях вашых людзей мудрых, разумных і выспрабаваных, і я пастаўлю іх начальнікамі вашымі».

14 Тады адказалі вы мне: «Добрае гэта, што ты хочаш зрабіць».

15 Дык выбраў я тады з вашых пакаленьняў начальнікаў, мужоў справядлівых і паважаных, і паставіў іх начальнікамі над вамі: тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзесятнікамі, дзесятнікамі і загадчыкамі працы для пакаленьняў вашых.

16 У той час загадаў я судзьдзям вашым: «Слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва як брата, так і чужынца.

17 Не глядзіце на асобу на судзе: выслухайце як вялікага, так і малога, ня бойцеся анікога, бо гэта суд Божы. А калі б якая справа была вам цяжкай, скіроўвайце яе да мяне, і я выслухаю яе».

18 У той час сказаў я вам усё, што вы маеце рабіць.

19 Потым пакінулі мы Гарэб і прайшлі ўсю тую вялікую і страшную пустыню, каторую вы бачылі, у напрамку гор Амарэйскіх, як загадаў нам Госпад, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэш-Барнэа.

20 І сказаў я вам: «Вы прыйшлі да гор Амарэйскіх, каторыя мае нам даць Госпад, Бог наш.

21 Агледзь зямлю, якую дае табе Госпад, Бог наш, увайдзі і вазьмі яе ва ўладаньне, як сказаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх; ня бойся і нічога не палохайся».

22 Прыступілі тады вы ўсе да мяне і сказалі: «Пашлём людзей перад намі, каб агледзелі зямлю і паведамілі пра дарогу, якою маем ісьці, і пра гарады, у якія маем увайсьці».

23 Слова гэтае мне спадабалася, і я выбраў спаміж вас дванаццаць мужчынаў, па адным з кожнага пакаленьня.

24 Яны выйшлі і скіраваліся ў горы, і дайшлі аж да даліны Эшколь, і агледзелі яе.

25 І ўзялі яны ў рукі свае плады тае зямлі, і прынесьлі нам, і сказалі: «Добрая тая зямля, якую дае нам Госпад, Бог наш».

26 Але вы не хацелі ісьці і не паслухалі слова Госпада, Бога нашага.

27 І наракалі ў палатках сваіх, кажучы: «Зь нянавісьці да нас вывеў нас Госпад зь зямлі Эгіпецкай, каб выдаць нас у рукі Амарэйцаў на загубу.

28 Куды пойдзем? Нашыя браты напалохалі сэрцы нашыя, кажучы: Народ той шматлікі і перавышае нас ростам, гарады там вялікія і аж у неба ўмацаваныя; бачылі мы нават там сыноў Анака».

29 Дык сказаў я вам: «Не дрыжыце і ня бойцеся іх.

30 Госпад, Бог наш, Каторы ідзе перад намі, будзе за нас ваяваць, як зрабіў у Эгіпце на вачах нашых.

31 Бачыў ты таксама на пустыні, як Госпад насіў цябе, як звычайна носіць бацька свайго сына малога, ва ўсякай дарозе, якой вы ішлі, аж пакуль не прыйшлі вы ў гэтае месца.

32 Але вы так і не паверылі Госпаду, Богу вашаму,

33 Каторы ідзе перад вамі ў дарозе, каб шукаць вам месца, дзе маглі б паставіць палаткі - ноччу ў агні, каб асьвятляць вам дарогу, а ўдзень - у воблаку».

34 Калі Госпад пачуў голас словаў вашых, Ён разгневаўся і прысягнуў, кажучы:

35 «Ня ўбачыць ніводзін чалавек з гэтага пакаленьня ліхога тую добрую зямлю, якую Я пад прысягай абяцаў бацькам вашым,

36 за выняткам Калеба, сына Ефунны. Ён яе ўбачыць, яму і сынам яго дам Я гэтую зямлю, па якой ён хадзіў, бо ён быў паслухмяны Госпаду».

37 Праз вас і на мяне загневаўся Госпад і сказаў: «І ты туды ня ўвойдзеш.

38 Ешуа, сын Нуна, твой слуга, ён туды ўвойдзе. Яго падбадзёрвай, бо ён увядзе Ізраэля ў валаданьне (зямлёю).

39 Дзеці вашыя, пра якіх гаварылі вы, што павядуць іх у палон, і сыны вашыя, каторыя сёньня не разумеюць, што добрае, а што ліхое, яны ўвойдуць; ім дам Я зямлю гэтую, і яны завалодаюць ёю.

40 А вы павярніце і ідзіце праз пустыню ў напрамку мора Чырвонага».

41 Адказалі вы мне: «Саграшылі мы перад Госпадам, мы пойдзем і будзем ваяваць, як загадаў нам Госпад, Бог наш». І вы перапаясаліся зброяй баявой і адважыліся пайсьці на гару.

42 Госпад сказаў мне: «Скажы ім: Не ўзыходзьце і не ваюйце, бо Я ня з вамі, каб не пабілі вас ворагі вашыя».

43 Перасьцерагаў я вас, але вы не хацелі слухаць, і супрацівіліся загаду Госпадаваму і, гнаныя пыхаю, узыйшлі на гару.

44 Дык выйшлі супраць вас Амарэйцы, якія пражывалі на той гары, і пагналі вас, як звычайна робяць пчолы, і білі вас ад Сэіру аж да Хармы.

45 І вярнуліся вы, і плакалі перад Госпадам, але Госпад ня выслухаў вашага голасу і не зьвярнуў на вас увагі.

46 І прабылі вы ў Кадэшы шмат часу, столькі дзён, колькі там заставаліся.

 

Разьдзел 2

 

1 Тады, павярнуўшы, накіраваліся мы праз пустыню ў бок Чырвонага мора, як мне сказаў Госпад, і шмат часу абыходзілі наўкола гару Сэір.

2 І Госпад сказаў мне:

3 «Досыць вам хадзіць кругом гэтае гары, зьвярніце на поўнач.

4 Вось жа загадай народу і скажы: Вы будзеце праходзіць праз пасяленьні братоў вашых, сыноў Эзава, што жывуць у Сэіры, яны баяцца вас, але і вы будзьце ўважлівымі,

5 не чапайце іх, бо Я ня дам вам зямлі іхняй ні на стапу нагі дзеля таго, што гару Сэір Я даў у валаданьне Эзаву.

6 Яду купляйце ў іх за серабро і ешце; таксама і ваду купляйце ў іх за серабро і піце.

7 Бо Госпад, Бог твой, Каторы дабраславіў цябе ў кожнай справе рук тваіх, суправаджаў цябе, як ты сорак гадоў праходзіў гэтую вялікую пустыню; Госпад, Бог твой, у гэтыя сорак год прабываў з табой, і нічога табе не бракавала».

8 Дык абмінулі мы братоў нашых, сыноў Эзава, каторыя пражывалі ў Сэіры, дарогай на Арабу, Элят і Эцыён-Гэбэр, і завярнулі, і пайшлі дарогай, каторая вядзе ў пустыню Мааб.

9 Тады сказаў мне Госпад: «Не варагуй супраць Маабу і не пачынай зь імі вайны, Я ня дам нічога ва ўладаньне табе зь іх зямлі, бо Я аддаў Ар у валаданьне сынам Лёта».

10 Першымі пасяленцамі яе былі Эмімы, народ вялікі, шматлікі і такі ж высокі, як сыны Акама.

11 Залічалі іх да Рэфаімаў, як і сыноў Анама. Але Маабцы называюць іх Эмімамі.

12 У Сэіры жылі раней Харэі, але сыны Эзава выгналі іх і выгубілі, каб пасяліцца на іх месцы, як зрабіў Ізраэль у зямлі, каторую даў яму Госпад у валаданьне.

13 «Дык уставайце і перайдзіце праз рэчку Зарэд.» І перайшлі мы рэчку Зарэд.

14 Час жа, які мы ішлі з Кэдэш-Барнэа да рэчкі Зарэд, трываў трыццаць восем гадоў, аж пакуль не выгінула ў табары ўсё тое пакаленьне людзей, здатных да бою, як ім гэта запрысяг Госпад.

15 Таксама рука Госпада была супраць іх, каб зьнішчыць іх.

16 Калі згінулі ўсе, здатныя да вайны, і перавяліся ў табары,

17 сказаў мне Госпад:

18 «Ты сёньня пяройдзеш Ар, мяжу Маабу,

19 і падойдзеш блізка да сыноў Амона. Высьцерагайся, не ваюй зь імі і не пачынай бою, бо Я ня дам табе нічога зь зямлі сыноў Амона, бо аддаў яе ў валаданьне сынам Лёта».

20 І яна лічылася зямлёй Рэфаімаў, калісьці жылі ў ёй Рэфаімы, каторых сыны Амона завуць Замзумімамі.

21 Народ гэта вялікі, шматлікі і высокі ростам, як сыны Анака, але зьнішчыў іх Госпад перад сынамі Амону, каторыя іх выгналі і пасяліліся на іхнім месцы.

22 Таксама зрабіў Госпад з сынамі Эзава, што жывуць у Сэіры, вынішчаючы перад імі Харэяў, каторых яны выгналі, і самі жывуць у іх мясьцінах аж да гэтага часу.

23 У той спосаб і Авімаў, пражываючых у мясцовасьці аж да Газы, выгубілі Кафтарымы, каторыя прыбылі з Кафтору, каб пасяліцца на іх месцы.

24 «Уставайце, вырушце ў дарогу, пераходзьце рэчку Арнон: вось жа Я аддаў у рукі твае Сыгона, караля Хешбону, Амарэйца; бяры на ўласнасьць ягоную зямлю, і пачынай вайну супраць яго.

25 Сёньня ж Я пачну распаўсюджваць страх і жах перад табою на народы пад усім небам, каб пачуўшы імя тваё, яны баяліся і дрыжэлі перад табою».

26 Дык паслаў я паслоў з пустыні Кэдэмот да Сыгона, караля Хешбону, са словамі мірнымі:

27 «Дазволь мне прайсьці праз тваю зямлю. Я пайду гасьцінцам, проста, ня збочваючы ані направа, ані налева.

28 Жыўнасьць прадавай мне за плату, каб меў я што есьці. Таксама ваду прадавай мне за грошы, каб я меў што піць. Дазволь мне толькі прайсьці пехатою,

29 як дазволілі мне сыны Эзава, што пражываюць у Сэіры, і Маабцы, якія пражываюць у Ары, аж пакуль я дайду да Ярдану і перайду ў зямлю, якую мае даць нам Госпад, Бог наш».

30 Але кароль Хешбону Сыгон не захацеў дазволіць нам прайсьці празь яго зямлю, бо закамяніў яму дух Госпад, Бог наш, і сэрца яго зрабіў упорыстым, каб быў ён аддадзены ў рукі твае, як гэта і сталася.

31 Госпад сказаў мне: «Вось Я пачынаю аддаваць табе Сыгона і зямлю ягоную. Пачынай займаць яе!»

32 І выйшаў супраць нас Сыгон з усім народам сваім на вайну каля Ягацу.

33 І выдаў яго нам Госпад, Бог наш; і пабілі мы яго, і сыноў ягоных, і ўвесь народ ягоны.

34 У той час узялі мы ўсе гарады ягоныя і палажылі клятву на кожны горад, мужчынаў і жанчынаў і дзяцей, нікога зь іх не астаўляючы ў жывых,

35 апроч жывёлы, каторую сабе пазабіралі як здабычу з гарадоў, занятых намі.

36 Ад Араэру, што на беразе рэчкі Арнон, і ад гораду ў даліне, аж да Гілеаду, не было для нас гораду недаступнага; усё аддаў нам Госпад, Бог наш,

37 за выняткам зямлі сыноў Амона, да зямлі каторага ты не набліжаўся, і мясцовасьцяў вакол рэчкі Ябок, гарадоў ў горах, іншага месца, да каторага забараніў табе ісьці Госпад, Бог наш.

 

Разьдзел 3

 

1 Потым мы зьвярнулі і пайшлі дарогай на Башан; і выступіў Ог, кароль Башану, супраць нас з усім сваім народам ваяваць каля Эрдэі.

2 Госпад сказаў мне: «Ня бойся яго, Я выдаў яго ў рукі твае з усім народам і зямлёй ягонай; зробіш ты яму тое, што зрабіў Сыгону, каралю Амарэйцаў, каторы жыў у Хешбоне».

3 І аддаў Госпад, Бог наш, у рукі нашыя Ога, караля Башану, і ўвесь народ ягоны, і вынішчылі мы яго так, што ніхто не ацалеў.

4 У той час здабылі мы ўсе ягоныя гарады, і не засталося гораду незанятага: шэсьцьдзесят гарадоў ды ўвесь абшар Аргоб, каралеўства Ога ў Башане.

5 Усе гэтыя гарады былі ўмацаваныя высокімі мурамі, і брамамі, і заваламі, ня лічачы многіх гарадоў адкрытых.

6 І палажылі мы клятву на іх, як зрабілі Сыгону, каралю Хешбону, зьнішчаючы кожны горад, мужчынаў, і жанчынаў, і дзяцей,

7 а жывёлу і здабычу з гарадоў пакідалі сабе.

8 У той час узялі мы зямлю з рук двух каралёў Амарэйскіх, каторыя жылі за Ярданам, ад рэчкі Арнон аж па горы Гермону.

9 Сідонцы называюць Гермон Сырыёнам, а Амарэйцы - Сэнірам.

10 Усе гарады на раўніне, увесь Гілеад і Башан аж да Сальхі і Эдрэі, гарадоў каралеўства Ога ў Башане,

11 бо Ог, кароль Башану, быў апошні з Рэфаімаў. Яго жалезная дамовіна знаходзіцца ў Раббе, у сыноў Амона: дзевяць локцяў даўжыні, і чатыры локці шырыні меркаю локця чалавечага.

12 І ўзялі мы на ўласнасьць тады ўсю гэтую зямлю. Ад Араэру над рэчкаю Арнон і палову гары Гілеад зь іхнімі гарадамі аддаў я людзям з пакаленьня Рубэна і Гада.

13 Астатак Гілеаду і ўвесь Башан, каралеўства Ога, даў я палове пакаленьня Манасы, увесь абшар Аргоб; увесь гэты прастор Башану называўся зямлёю Рэфаімаў.

14 Яір, сын Манасы, здабыў увесь прастор Аргоб аж да мяжы Гешура і Мааха, і назваў яго сваім імем. І да сягоньня называюць гэтую частку Башану «Паселішча Яіра».

15 Махіру я даў Гілеад,

16 а пакаленьнямі Рубэна і Гада даў частку зямлі Гілеад аж да рэчкі Арнон і да рэчкі Ябок, каторая ёсьць мяжою сыноў Амона,

17 і яшчэ Арабу зь Ярданам як мяжою ад Кінэрэту да мора Арабы, мора Салонага ля падножжа гары Пісга на ўсход.

18 У гэты час даў я вам гэткі загад: «Госпад, Бог ваш, даў вам гэтую зямлю ў спадчыну; дык вы ўсе, здатныя да бою, пойдзеце ўзброеныя наперадзе братоў вашых, сыноў Ізраэля.

19 Толькі вашыя жонкі, дзеці і статкі, ведаю вось, што маеце вялікія статкі, застануцца ў вашых гарадах, каторыя я даў вам,

20 аж пакуль Госпад дасьць супачынак братам вашым, як даў вам, каб і яны займелі зямлю, якую Госпад, Бог ваш, мае даць за Ярданам; тады кожны вернецца да ўласнасьці сваёй, якую я даў вам».

21 У той час я сказаў да Ешуа, кажучы: «Твае вочы бачылі ўсё, што зрабіў Госпад, Бог ваш, двум гэтым каралям; так зробіць Госпад усім каралеўствам, да каторых ты прыйдзеш.

22 Ня бойся іх, бо Госпад, Бог ваш, будзе ваяваць за вас».

23 Маліў я ў той час Госпада ў гэтыя словы:

24 «Госпадзе Божа, Ты пачаў Свайму слузе аб'яўляць Сваю веліч і руку магутную. Які ж бог на небе або на зямлі даканаў такіх справаў і чыноў магутных, як Ты?

25 Дык дазволь мне прайсьці і ўбачыць тую добрую зямлю за Ярданам, тыя прыгожыя горы і Лібан».

26 Але разгневаўся Госпад на мяне з-за вас і ня выслухаў мяне. Ён сказаў мне: «Хопіць, больш ніколі не гавары Мне пра гэта.

27 Узыйдзі на вяршыню Пісга і паглядзі вачыма сваімі на захад і поўнач, поўдзень і ўсход, і агледзь усё, бо гэтага вось Ярдану ты не пяройдзеш.

28 Загадай Ешуа і падбадзёр яго, і падтрымай, бо ён пойдзе наперадзе гэтага народу і дасьць Ізраэлю ва ўладаньне тую зямлю, што ты бачыш».

29 Так былі мы ў даліне насупраць Бэт-Пэору.

 

Разьдзел 4

 

1 А цяпер, Ізраэль, слухай прыказаньні і законы, каторым я вучу вас, каб, выпаўняючы іх, вы жылі, і ўвайшлі, і завалодалі зямлёю, каторую дае вам Госпад, Бог бацькоў вашых.

2 Не дадавайце нічога да таго, што я вам кажу, ані адымайце ад яго, выконваючы прыказаньні Госпада, Бога вашага, якія я вам даручаю.

3 Вочы вашыя бачылі ўсё, што зрабіў Госпад у Баал-Пэоры, як Госпад вынішчыў сярод вас усіх, што пайшлі за Баалам.

4 А вы ўсе, каторыя засталіся вернымі Госпаду, Богу вашаму, жывіцё аж па сёньняшні дзень.

5 Вось жа я навучыў вас прыказаньням і закону, як загадаў мне Госпад, Бог мой, каб вы так рабілі ў той зямлі, у якую ўваходзіце, каб атрымаць яе ва ўладаньне.

6 Беражыце і выконвайце іх, бо ў гэтым мудрасьць вашая і разумнасьць перад народамі, каторыя, чуючы аб усіх прыказаньнях гэтых, будуць казаць: «Вось народ мудры і разумны, племя гэтае вялікае!»

7 Бо дзе ж ёсьць такі народ вялікі, каторы б меў так блізкіх сабе багоў, як Госпад, Бог наш, калі мы Яго прызываем?

8 І які ж другі народ так вялікі, які б меў прыказаньні і справядлівыя законы, як ўвесь гэты закон, які я сёньня даю вам?

9 Дык сьцеражыся і пільна беражы душу сваю, і не забудзь усіх падзей, якія бачылі вочы твае, і хай захаваюцца яны ў сэрцы тваім ва ўсе дні жыцьця твайго, і ты навучыш гэтаму дзяцей і ўнукаў тваіх.

10 Памятай той дзень, калі ты стаяў у прысутнасьці Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, калі Госпад сказаў мне: «Зьбяры да Мяне народ, хай пачуюць словы Мае, каб навучыліся баяцца Мяне ва ўсе дні жыцьця на зямлі і навучылі гэтаму сыноў сваіх».

11 Тады вы наблізіліся і стаялі ля падножжа гары, а гара палала аж пад неба, схаваная ў цемры, хмарах і змроку.

12 І прамовіў Госпад да вас зь сярэдзіны агню; і гук словаў вы чулі, але па-за голасам нічога ня бачылі.

13 Ён аб'явіў вам запавет Свой, калі загадаў вам спаўняць Дзесяць прыказаньняў, і напісаў іх на дзьвёх каменных табліцах.

14 У гэты час загадаў мне Госпад вучыць вас прыказаньням і законам, каторыя павінны вы спаўняць на зямлі, каторую маеце атрымаць на ўласнасьць.

15 Дык сьцеражыцеся і рупцеся пра душы вашыя, бо ня бачылі вы ў той дзень ніякага вобразу, калі гаварыў да вас Госпад на гары Гарэб спасярод агню,

16 каб вы не сапсуліся і не зрабілі сабе ідала, вырабляючы яго на падабенства мужчыны або жанчыны,

17 або выяву якой-небудзь жывёліны, каторая знаходзіцца на зямлі, або птушкі, што лётае ў небе,

18 або (выяву) паўзуноў, якія рухаюцца па зямлі, або рыб, каторыя плаваюць у вадзе ніжей зямлі;

19 і каб часам, калі падымеш вочы ў неба і ўбачыш сонца і месяц, і зоркі, і ўсё нябеснае войска, не спалохаўся і не пачаў пакланяцца ім і служыць ім, бо Госпад, Бог твой, прызначыў іх усім народам пад небам.

20 А вас выбраў Госпад і вывеў вас з жалезнай печы Эгіпецкай, каб вы сталіся Яго народам, уласнасьцю Яго, як гэта ёсьць сёньня.

21 Дзеля вашай гаворкі разгневаўся Госпад на мяне і прысяг, што я не перайду Ярдану і не ўвайду ў добрую зямлю, якую дасьць табе ў спадчыну Госпад, Бог твой.

22 Вось жа я памру на гэтай зямлі, і не перайду празь Ярдан, але вы пяройдзеце празь яго і паселіцеся ў гэтай прыгожай зямлі.

23 Дык сьцеражыцеся, каб не забыліся вы пра запавет Госпада, Бога вашага, які заключыў Ён з вамі, і каб не рабілі вы сабе выяваў усяго, што забараніў Госпад, Бог твой,

24 бо Госпад, Бог твой, ёсьць агонь зьнішчаючы, Бог зайздросны.

25 Калі вы народзіце сыноў і ўнукаў і дажывяцё старасьці на гэтай зямлі, і спаганіцеся, і зробіце сабе статуі, выяўляючыя што-небудзь, робячы тое, што ліхім ёсьць у вачах Госпада, Бога вашага, і загнявіцё Яго,

26 дык бяру сёньня неба і зямлю за сьведкаў супраць вас, што хутка будзеце вы выгубленыя з паверху зямлі, да каторай вы ідзіцё празь Ярдан, каб атрымаць яе. Ня доўга будзеце жыць на ёй, бо зьнішчыць вас Госпад

27 І расьцярушыць вас Госпад сярод народаў, і нямногія з вас застануцца сярод чужых народаў, да каторых высяліць вас Госпад.

28 Там будзеце служыць багам, зробленым рукамі людзей, дрэву і каменю, каторыя ня бачаць і ня чуюць, не ядуць і ня чуюць паху.

29 І там, калі будзеш шукаць Госпада, Бога твайго, знойдзеш Яго, калі толькі будзеш шукаць Яго ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй.

30 Калі ў горы тваім прыйдзе да цябе ў апошнія дні ўсё, што прадказана, то ты вернешся да Госпада, Бога твайго, і пачуеш голас Ягоны,

31 бо Госпад, Бог твой, -Бог міласэрдны, Ён не пакіне цябе, ня зьнішчыць усяго і не забудзе запавету і таго, што ў ім запрысяг бацькам вашым.

32 Папытайся ў даўніх часоў, якія былі перад табой ад дня, калі стварыў Бог чалавека на зямлі, і ад края неба да края неба, ці было што-колечы такое, як гэтая вялікая справа, і ці было чутно пра штосьці падобнае?

33 Ці які народ чуў голас Божы зь сярэдзіны агню, каторы ты чуў і застаўся жывым?

34 Або ці спрабаваў які бог прыйсьці і выбраць сабе народ спасярод другіх народаў праз выпрабаваньні, знакі і цуды, і войны ды рукою дужаю і плячом узьнятым праз жахі страшныя, як гэтае ўсё, што зрабіў вам Госпад, Бог ваш, у Эгіпце на вачах тваіх?

35 Ты бачыў усё гэта, каб пераканацца, што Госпад ёсьць Бог, і апроч Яго няма іншага.

36 Ён даў табе зь неба чуць голас Свой, каб навучыць цябе; на зямлі даў табе ўбачыць агонь велізарны і чуць Свае словы зь сярэдзіны агню.

37 Калі вось палюбіў Ён бацькоў тваіх, дык выбраў патомства іх і вывеў цябе з Эгіпту Сваёю сілаю вялікаю,

38 каб выгнаць перад табой народы большыя і мацнейшыя за цябе і каб увесьці цябе ў іх зямлю і даць табе яе ў спадчыну, як ты гэта сёньня бачыш.

39 Дык пераканайся сёньня і разваж у сэрцы сваім, што толькі Госпад ёсьць Бог, і на небе высока і на зямлі нізка няма іншага.

40 Захоўвай прыказаньні Яго і закон, каторы я сёньня даручаю табе спаўняць, каб добра было табе і дзецям тваім па табе і каб ты жыў доўгі час на зямлі, якую Госпад, Бог твой, мае даць табе».

41 Потым вызначыў Майсей тры гарады за Ярданам на ўсход сонца,

42 каб туды мог уцячы забойца, каторы забіў бліжняга міма волі, ня маючы яго перад тым у нянавісьці, і каб схаваўшыся ў адзін з гэтых гарадоў, мог захаваць жыцьцё.

43 Гэта Бэцэр у пустыні на раўніне для сыноў Рубэна; Рамот у Гілеадзе для сыноў Гада і Галян у Башане для сыноў Манасы.

44 Такі вось закон даў Майсей сынам Ізраэля;

45 вось такія прыказаньні і законы, якія абвясьціў ён сынам Ізраэля, калі выйшлі яны з Эгіпту,

46 за Ярданам на лагчыне насупраць Бэт-Пэору, у зямлі Сыгона, караля Аммарэйцаў, які жыў у Хешбоне, каторага зьнішчыў Майсей і сыны Ізраэля па выхадзе з Эгіпту.

47 І завалодалі яны зямлёю Ога, караля Башану, двух каралёў Амарэйцаў, каторыя жылі за Ярданам на ўсход сонца;

48 ад Араэру на беразе ручая Арнон аж да гары Сырыён, значыць Гермон,

49 і ўсю Арабу за Ярданам на ўсходзе, аж да Мора Арабы ля падножжа Пісгі.

 

Разьдзел 5

 

1 І склікаў Майсей усяго Ізраэля, і сказаў ім: «Слухай, Ізраэль, прыказаньні, а таксама законы, якія я сёньня скажу вам; навучыцеся ім і выпаўняйце іх на дзеле.

2 Госпад, Бог ваш, заключыў запавет з намі на гары Гарэб.

3 Не з бацькамі нашымі заключыў Ён гэтую ўгоду, але з намі, каторыя тут сёньня ўсе жывём.

4 Тварам у твар гаварыў з вамі Госпад на гары зь сярэдзіны агню.

5 У той час я стаяў між Госпадам і вамі, каб вам абвесьціць словы Госпада, бо вы баяліся агню і не ўзыйшлі на гару, калі Ён казаў:

6 «Я - Госпад, Бог твой, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпту, з дому няволі.

7 Ня мей другіх багоў, апроч Мяне.

8 Не рабі сабе статуі і ніякай выявы таго, што на небе высока або на зямлі нізка, або ў вадзе ніжэй зямлі.

9 Не пакланяйся ім і не служы ім, бо Я - Госпад, Бог твой, Бог зайздросны, Каторы карае ліхоту бацькоў на дзецях да трэцяга і чацьвёртага пакаленьня тых, што ненавідзяць Мяне,

10 і аказвае міласэрдзе на тысячы (пакаленьняў) тым, што любяць Мяне і спаўняюць прыказаньні Мае.

11 Не гавары імя Госпада, Бога твайго, надарэмна, бо Ён не пакіне непакараным таго, хто гаворыць імя Ягонае без пашаны.

12 Беражы дзень суботні, каб ты сьвяткаваў яго, як загадаў табе Госпад, Бог твой.

13 Шэсьць дзён ты будзеш працаваць і выпаўняць усякую працу сваю,

14 а ў сёмым дні - субота Госпада, Бога твайго. Не рабі ў ім аніякай працы ты і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служанка твая, і вол твой, і чужынец, каторы прабывае ў брамах тваіх; хай адпачывае твой нявольнік і твая нявольніца, як і ты.

15 Памятай няволю ў Эгіпце, і што вывеў цябе адтуль Госпад, Бог твой, дужай рукою і ўзьнятым плячом, таму і загадаў Ён табе сьвяткаваць дзень суботы.

16 Паважай бацьку свайго і матку, як загадаў табе Госпад, Бог твой, каб быў ты даўгавечны і добра табе было на зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой.

17 Не забівай.

18 Не чужалож.

19 Не крадзі.

20 Ня сьведчы фальшыва супраць бліжняга свайго.

21 Не пажадай жонкі бліжняга свайго, і не жадай дому бліжняга свайго, ані поля ягонага, ані служанкі яго, ані вала яго, ані асла яго і нічога, што ягонае».

22 Гэта гаварыў Госпад да ўсіх вас на гары, зь сярэдзіны агню і хмары, і змроку моцным голасам, і нічога болей не гаварыў; і напісаў гэта на дзьвюх табліцах каменных, якія перадаў мне.

23 І вось, калі пачулі вы голас спасярод цемры і калі ўбачылі гару, якая гарэла агнём, прыступілі да мяне ўсе князі пакаленьняў і старшыні,

24 і казалі мне: «Вось жа аб'явіў нам Госпад, Бог наш, веліч Сваю і магутнасьць; мы чулі голас Ягоны зь сярэдзіны агню і пераканаліся сёньня, што калі Бог будзе гаварыць з чалавекам, чалавек не застанецца жывы.

25 Цяпер жа пашто мы маем паміраць? Бо праглыне нас гэты вялікі агонь; калі мы яшчэ пачуем голас Госпада, Бога нашага, паўміраем.

26 Бо хто з тых, каторыя б пачулі голас Бога жывога, які прамаўляе зь сярэдзіны агню, як мы, застаўся б жывым?

27 Ты сам прыступіся і выслухай усё, што скажа Госпад, Бог наш, і ты перакажаш нам усё, што скажа табе Госпад, Бог наш, і мы, выслухаўшы, зробім гэта».

28 Калі пачуў гэта Госпад, дык сказаў мне: «Чуў Я голас словаў гэтага народу, што яны казалі табе. Усё добра яны казалі.

29 Хто дасьць ім такую памяць, каб яны баяліся Мяне і бераглі ўсе загады Мае ўвесь час, каб добра ім было і дзецям іхнім на вякі?

30 Ідзі і скажы ім: Вярніцеся ў палаткі вашыя.

31 Ты ж застанься тут са Мною, і Я скажу табе ўсе загады і прыказаньні, і закон, якім навучыш іх, каб спаўнялі іх на зямлі, якую дам ім на ўласнасьць».

32 Дык беражыце і спаўняйце, што загадаў вам Госпад, Бог ваш, не адхіляючыся ані ў права, ані ў лева.

33 Ва ўсім ідзіце дакладна тою дарогаю, якую вызначыў вам Госпад, Бог ваш, каб жылі і былі шчасьлівыя, і каб доўга прабывалі на зямлі, якую атрымаеце.

 

Разьдзел 6

 

1 Такія вось загады, і прыказаньні, і законы, якія даў Госпад, Бог ваш, каб навучыць вас, каб вы спаўнялі іх на зямлі, каторую ідзіцё ўзяць на ўласнасьць.

2 Дык бойся Госпада, Бога твайго, і захоўвай ўсе прыказаньні і загады Ягоныя, якія даручаю табе, сынам і сынам сыноў тваіх на ўсе дні жыцця, каб даўгавечныя былі дні твае.

3 Слухай, Ізраэль, і захоўвай, і спаўняй іх, каб добра табе было, і ўзрос лікам сваім, як абяцаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх, у зямлі, што ацякае малаком і мёдам.

4 Слухай, Ізраэль: Госпад, Бог наш,- Госпад адзіны.

5 Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй і ўсёй моцай тваёю.

6 Гэтыя словы, каторыя я даручаю табе сёньня, хай будуць у сэрцы тваім.

7 Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх, седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, калі засынаеш і калі прачынаешся.

8 Прывяжы іх як знак да рукі сваёй, хай будуць яны павязкаю над вачыма тваімі.

9 Выпішы іх сабе на дзьвярах тваіх і на брамах тваіх.

10 Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, якую запрысяг бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, калі дасьць табе гарады вялікія і багатыя, каторых ты не будаваў,

11 дамы, поўныя ўсякіх багацьцяў, каторых ты не зьбіраў, выкапаныя студні, каторых ты не капаў, вінаграднікі і аліўкавыя сады, каторых ты не садзіў, калі будзеш есьці і наясіся,

12 сьцеражыся, каб не забыўся ты пра Госпада, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.

13 Госпада, Бога твайго, бойся, і Яму служы, і Ягоным імем прысягай.

14 Не ідзі за багамі чужымі, за багамі акружаючых цябе народаў,

15 бо Госпад, Бог твой, Які ёсьць пасярод цябе, - Бог зайздросны, каб не ўзгарэўся гнеў Госпада, Бога твайго, на цябе і каб ня сьцёр Ён цябе з паверху зямлі.

16 Не выстаўляйце Госпада, Бога вашага, на выпрабаваньне, як вы спакушалі ў Масе.

17 Захоўвайце загады Госпада, Бога вашага, і сьведчаньні, і прыказаньні, якія даў Ён вам;

18 і рабі, што належыцца і што добрае на віду ў Госпада, каб быў ты шчасьлівы і ўвайшоў у зямлю добрую, якую запрысяг Госпад бацькам тваім,

19 каб выгнаў Ён усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім.

20 Калі спытаецца цябе ў будучыні сын твой: «Што за сэнс гэтых сьведчаньняў, прыказаньняў і законаў, якія загадваў вам Госпад, Бог ваш?»,

21 ты скажаш яму: «Былі мы нявольнікамі ў фараона ў Эгіпце, але вывеў нас Госпад з Эгіпту рукою дужаю,

22 і чыніў цуды і знакі вялікія і жудасныя ў Эгіпце супраць фараона і ўсяго дому ягонага ў прысутнасьці нашай,

23 і вывеў нас адтуль, каб увесьці нас у зямлю, якую запрысяг бацькам нашым даць нам.

24 І загадаў нам Госпад, каб спаўнялі мы ўсе гэтыя прыказаньні і баяліся Госпада, Бога нашага, і каб добра нам было ўсе дні жыцьця нашага, як і сёньня жывём.

25 І будзе нам справядлівасьць, калі мы будзем берагчы і спаўняць усе загады гэтыя на віду ў Госпада, Бога нашага, як Ён нам гэта загадаў».

 

Разьдзел 7

 

1 Калі Госпад, Бог твой, увядзе цябе ў зямлю, да каторай ідзеш, каб завалодаць ёю, выганіць Ён перад табой многія народы, Гетытаў і Гіргашэяў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзеяў, Гівеяў і Ебусеяў, сем народаў большых і дужэйшых за цябе.

2 Госпад, Бог твой, аддасьць іх табе, а ты выгубіш іх, і пакладзеш на іх клятву, і не заключыш зь імі ўгоду, і ня выявіш да іх літасьці.

3 Ня будзеш зь імі мець сужонстваў: іхнім сынам не аддасі за жонку дачкі сваёй і ня возьмеш ад іх дачкі для сына свайго,

4 бо адыдуць твае сыны ад Мяне, каб служыць багам чужым. Тады ўзгарыцца гнеў Госпада на вас, і Ён хутка вас зьнішчыць.

5 Але вось так маеце зрабіць зь імі: ахвярнікі іхнія разбурыце, слупы іх паламіце, сьвятыя гаі выражце, а статуі спаліце агнём.

6 Ты - народ, пасьвячаны Госпаду, Богу твайму. Цябе выбраў Госпад, Бог твой, каб быў ты яго выбраным народам з усіх народаў, якія пражываюць на зямлі.

7 Госпад выбраў вас і ўпадабаў вас не таму, што вы перавышаеце лікам ўсе народы, бо з усіх народаў вы найменшыя,

8 але дзеля таго, што Госпад любіць вас і захаваў запавет, які заключыў з бацькамі вашымі, вывеў Ён вас рукою дужаю і выкупіў вас з дому няволі, з рукі фараона, караля Эгіпецкага.

9 І ведай, што Госпад, Бог твой, ёсьць Бог адзіны, Бог верны, каторы зьберагае запавет і аказвае міласэрдзе тым, што любяць Яго, і тым, што спаўняюць загады Ягоныя, на тысячы пакаленьняў,

10 і адгаджае ненавісьнікам Сваім так, каб зьнішчыць іх, і безадкладна аддае ім тое, на што заслужыліся.

11 Дык спаўняй загады, і прыказаньні, і законы, каторыя Я сёньня даю табе, каб ты спаўняў.

12 Калі вы будзеце слухаць гэтых загадаў, і выпаўняць іх, і берагчы іх, дык Госпад, Бог твой, зьберажэ запавет для цябе і акажа міласэрдзе, што запрысяг бацькам тваім,

13 і будзе любіць цябе, і дабраславіць плод жывата твайго, і плод зямлі тваёй, і збожжа тваё, таксама збор вінаграду і алею твайго, і раджэньне жывёлы тваёй, рост авец тваіх на зямлі, як запрысяг бацькам тваім, што дасьць гэта табе.

14 Дабраслаўлены будзеш ты больш за ўсе народы. Ня будзе ў цябе бясплоднага і бясплоднай, як у людзей, так і ў статку тваім.

15 Ухіліць ад цябе Госпад усякую немач, і страшныя хваробы Эгіпецкія, якія ты ведаў, не нашле на цябе, але на ўсіх ворагаў тваіх.

16 Ты выгубіш усе народы, каторыя дасьць табе Госпад, Бог твой. Хай не пашкадуе іх вока тваё, і ня будзешь служыць багам іхнім, каб ня сталіся яны табе на загубу.

17 Калі падумаеш у сэрцы сваім: «Народы ж гэтыя большыя лікам за мяне, не змагу іх выгубіць»,

18 ня бойся іх, але памятай, што зрабіў Госпад, Бог твой, фараону і ўсім Эгіпцянам:

19 вялікія кары, якія бачылі вочы твае, і знакі, а таксама цуды, руку дужую і ўзьнятае плячо, якімі вывеў цябе Госпад, Бог твой: так зробіць Ён усім народам, каторых ты баішся.

20 І спашле на іх Госпад, Бог твой, шэршняў, пакуль не пагінуць тыя, што засталіся, што хаваліся перад табой.

21 Дык ня бойся іх, бо Госпад, Бог твой, пасярод цябе, Бог магутны і страшны.

22 Ён будзе зьнішчаць гэтыя народы перад табою памалу. Ня будзеш іх нішчыць хутка, каб не разьвяліся супраць цябе зьвяры зямныя.

23 Выдасьць іх табе Госпад, Бог твой, і будзе іх трывожыць вялікай трывогай, аж пакуль не прападуць зусім.

24 У рукі твае аддасьць Ён каралёў іхніх, і ты сатрэш імёны іхнія з-пад неба; ніхто не супрацівіцца табе, пакуль ня выгубіш іх.

25 Ідалаў іхніх спаліш агнём; і ня квапся на серабро і золата, якімі яны прыбраныя, анічога ня возьмеш зь іх сабе, каб не зьвяло цябе, бо гэта брыдота ў Госпада, Бога твайго.

26 Нічога паганага не ўнясеш у дом твой, каб ня стаў ты клятвай, як і яно. Гэта будзеш уважаць за рэч гадкую і паганую, будзеш брыдзіцца гэтым, бо праклятае яно.

 

Разьдзел 8

 

1 Кожны загад, каторы я вам сягоньня даю, пільна беражыце і выпаўняйце, каб маглі вы жыць і множыцца, і ўвайшлі, і авалодалі зямлёю, якую запрысяг Госпад бацькам вашым.

2 І памятай усю дарогу, катораю вёў цябе Госпад, Бог твой, сорак гадоў праз пустыню, каб зьмяніць цябе і выспрабаваць цябе, і даведацца, што ў душы тваёй, ці будзеш ты спаўняць прыказаньні Ягоныя, ці не.

3 Ён мучыў цябе голадам і даваў табе манну, якой ня ведаў ты і бацькі твае, каб паказаць табе, што ня толькі хлебам жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Госпада.

4 Ня меў ты недахопу ў адзеньні, якім адзяваўся, і ня пухла нага твая праз усе гэтыя сорак гадоў.

5 Дык разважай у сэрцы сваім, што як бацька гадуе сына свайго, так Госпад, Бог твой, гадаваў цябе,

6 каб спаўняў ты загады Госпада, Бога твайго, ішоў дарогай Ягонаю і меў страх перад Ім.

7 Бо Госпад, Бог твой, завядзе цябе ў зямлю добрую, зямлю рэк і крыніцаў, што выбіваюцца на палях і гарах,

8 у зямлю пшаніцы і ячменю, вінаграду і дрэваў фіговых, і гранату, у зямлю алівак і мёду,

9 у зямлю, дзе безь ніякага недахопу будзеш есьці хлеб свой і будзеш цешыцца шчодрасьцю ўсякіх даброцьцяў; каменьні яе - жалеза, а з гор медзь здабываць будзеш.

10 Вось, калі будзеш ты есьці і наясіся, дабраслаў Госпада, Бога твайго, за зямлю добрую, якую Ён даў табе.

11 Сьцеражыся, каб часам не забыўся ты пра Госпада, Бога твайго, і каб не занядбаў загады Ягоныя, і закон, і прыказаньні, якія я даручаю табе сягоньня.

12 Калі наясіся і насыцішся, пабудуеш сабе прыгожыя дамы і ў іх абжывешся,

13 і калі табе намножыцца жывёла і авечкі, і багаты ты будзеш ў серабро і золата, і ўсякі дастатак,

14 тады ўзганарыцца сэрца тваё і забудзешся ты пра Госпада, Бога твайго, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.

15 Ён правёў цябе праз пустыню вялікую і страшную, у якой былі зьмеі і скарпіёны, зямля сухая і бязводзьдзе. І Ён вывеў табе ручаі са скалы цьвёрдай,

16 і карміў цябе маннай на пустыні, якой ня ведалі бацькі твае, і калі Ён цябе загартаваў і выспрабаваў, наастатак пашкадаваў цябе.

17 Дык не кажы ў сэрцы сваім: «Сіла мая і моц рукі маёй усё запрацавалі для мяне»,

18 але памятай на Госпада, Бога твайго, што Ён даў табе сілы, каб асягнуў ты посьпех, што споўніў запавет Свой, які запрысяг бацькам тваім, як і паказвае сёньняшні дзень.

19 А калі забудзеш ты пра Госпада, Бога твайго, і пойдзеш за багамі чужымі, і будзеш ім служыць і пакланяцца, вось жа заручаю вам, што зусім папрападаеце.

20 Як тыя народы, каторыя Госпад зьнішчыў перад абліччам вашым, так і вы загінеце, калі ня будзеце паслухмяныя голасу Госпада, Бога вашага.

 

Разьдзел 9

 

1 Слухай, Ізраэль, ты сёньня маеш перайсьці празь Ярдан, каб завалодаць народамі большымі і мацнейшымі за цябе, гарадамі велізарнымі і ўмацаванымі аж пад неба,

2 народам вялікім і высокім, сынамі Анака, вядомымі табе, аб якіх ты чуў, што ім ніхто ня можа супрацівіцца.

3 Дык ведай, што сёньня Госпад, Бог твой, пяройдзе перад табой, як агонь палючы. Ён зьнішчыць іх і аддасьць іх табе, каб ты хутка выгнаў і зьнішчыў іх, як Госпад сказаў табе.

4 Дык не кажы ў сэрцы сваім, калі Госпад, Бог твой, выганіць іх перад воблікам тваім: «Дзеля справядлівасьці маёй увёў мяне Госпад, каб завалодаў я гэтаю зямлёю», бо дзеля злачынства народаў гэтых выганяе іх Госпад перад табою.

5 Бо вось не дзеля справядлівасьці тваёй і праваты сэрца твайго ўваходзіш ты, каб завалодаць зямлёю іхняй, але за тое, што яны жылі бязбожна, па прыходзе тваім Госпад, Бог твой, выганяе іх перад табою, каб споўніць слова Сваё, якое пад прысягай абяцаў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.

6 Дык ведай, што не дзеля справядлівасьці тваёй Госпад, Бог твой, даў табе гэтую добрую зямлю на пасяленьне, хоць ты - народ цьвёрдага карку.

7 Памятай і не забывайся, як вымусіў ты Госпада, Бога твайго, да гневу на пустыні; з таго дня, як выйшаў ты з Эгіпту і аж пакуль прыйшлі ў гэтае месца, працівіліся вы Госпаду.

8 Бо і на Гарэбе гневалі вы Яго і, разгневаны, хацеў Ён зьнішчыць вас,

9 і калі я ўзыйшоў на гару атрымаць каменныя табліцы, табліцы запавету, які заключыў Госпад з вамі, і быў я на гары сорак дзён і начэй, ня еў хлеба і ня піў вады.

10 І даў мне Госпад дзьве каменныя табліцы, запісаныя пальцам Бога, на якіх былі ўсе словы, каторыя вам сказаў Госпад на гары зь сярэдзіны агню ў дзень сабраньня.

11 Калі мінула сорак дзён і столькі ж начэй, даў мне Госпад дзьве каменныя табліцы, табліцы запавету,

12 і сказаў мне: «Устань і зыйдзі адсюль хутка, бо саграшыў народ твой, каторы вывеў ты з Эгіпту; скора зыйшлі з дарогі, каторую загадаў Я ім, і зрабілі сабе ідала з мэталю».

13 І зноў сказаў Госпад мне: «Бачу, што гэты народ ёсьць народам цьвёрдага карку.

14 Дазволь Мне, каб Я зьнішчыў іх і сьцёр іхняе імя з-пад неба, а зь цябе Я зраблю народ дужэйшы і большы за гэты».

15 І я павярнуўся, і зыйшоў з палаючай гары, трымаючы аберуч дьзве каменныя табліцы.

16 І калі я ўбачыў, што вы саграшылі супраць Госпада, Бога вашага, і што зрабілі сабе літае цялё ды што хутка зыйшлі з дарогі, каторую Госпад вам загадаў,

17 схапіў я абедзьве табліцы і кінуў іх, і разьбіў іх у вашай прысутнасьці;

18 і ўпаў, і ляжаў я перад Госпадам як раней, сорак дзён і начэй, ня еў хлеба і ня піў вады дзеля ўсіх грахоў вашых, каторых вы дапусьціліся супраць Госпада і змусілі Яго да гневу,

19 бо баяўся я ярасьці і гневу Ягонага, у якім, на вас разгневаны, Ён хацеў вас зьнішчыць.

20 Таксама быў Ён надта разгневаны на Аарона і хацеў яго забіць, але і за яго тады я маліўся.

21 А прычыну грэху вашага, значыць цялё літае, каторае вы зрабілі, я, схапіўшы, спаліў агнём, і разьбіў, і сьцёр на попел, і кінуў у ручай, які сьцякаў з гары.

22 І ў Табэры, у Масе і ў Кіброт-Гаттаве яшчэ спакушалі вы Госпада.

23 І калі пасылаў вас Госпад з Кадэш-Барнэа, кажучы: «Ідзіце і авалодайце зямлёй, якую даў Я вам», то вы супрацівіліся волі Госпада, Бога вашага, і не паверылі Яму, і не паслухалі голасу Яго;

24 вы заўсёды працівіліся Госпаду, ад дня, як стаў я вас ведаць.

25 Сорак дзён і начэй ляжаў я перад Госпадам і пакорна маліў Яго, каб ня нішчыў Ён вас, як сказаў.

26 І ў малітве прасіў: «Госпадзе Божа, не губі народ Твой і спадчыну Тваю, якую адкупіў Ты веліччу Сваёй, якую Ты вывеў з Эгіпту дужаю рукою.

27 Памятай слугаў Тваіх, Абрагама, Ізаака і Якуба; і не глядзі на закамянеласьць народу гэтага і на бязбогасьць, а таксама грахі,

28 каб часам жыхары зямлі, з каторай Ты вывеў нас, не сказалі: «Ня мог Госпад увесьці іх у зямлю, каторую абяцаў ім. Зь нянавісьці да іх вывеў Ён іх, каб памерлі на пустыні».

29 А яны ж Твой народ і спадчына Твая, тыя, каторых Ты вывеў Сваёй вялікаю сілаю і ўзнятым плячом Сваім».

 

Разьдзел 10

 

1 У гэты час сказаў мне Госпад: «Вычашы сабе дзьве каменныя табліцы, падобныя да першых, і ўзыйдзі да Мяне на гару. Зрабі таксама каўчэг з дрэва.

2 Я напішу на табліцах прыказаньні, каторыя былі на першых табліцах, пабітых табою, і ты ўложыш іх у каўчэг».

3 Дык зрабіў я каўчэг з дрэва акацыі і вычасаў дзьве каменныя табліцы, падобныя да першых, і ўзыйшоў на гару, маючы ў руках абедзьве табліцы.

4 І напісаў Ён (Госпад) на табліцах падобна, як быў раней напісаўшы, Дзесяць Прыказаньняў, якія абвясьціў вам Госпад на гары зь сярэдзіны агню пры сабраным народзе. І даў мне іх Госпад.

5 Я разьвярнуўся і зыйшоў з гары, і палажыў табліцы ў каўчэг, які зрабіў; і там засталіся яны, як мне загадаў Госпад.

6 А сыны Ізраэля выйшлі з Бээроту сыноў Яакана ў Масэру. Там памёр і быў пахаваны Аарон, а сын яго, Элеазар, стаў сьвятаром на месца яго.

7 Адтуль прыбылі ў Гудгоду, а з Гудгоды ў Ётбату, у зямлю, шчодрую ручаямі.

8 У гэты час Госпад выбраў пакаленьне Левія, каб насілі Каўчэг Запавету Госпада і каб яны стаялі пры Госпадзе і служылі Яму, і дабраслаўлялі ў імя Яго па сёньняшні дзень.

9 Дзеля таго Леві ня мае часткі (зямлі) ані спадчыны паміж братоў сваіх, бо спадчына яго - Госпад, як абяцаў яму Госпад, Бог твой.

10 І я стаяў на гары, як раней, сорак дзён і начэй, і ў гэты раз выслухаў мяне Госпад і не захацеў выгубіць цябе.

11 І сказаў Ён мне: «Устань і ідзі, і ачольвай народ, каб ішоў і завалодаў зямлёй, якую Я запрысяг бацькам іхнім, каб даць ім».

12 А цяпер, Ізраэль, чаго жадае ад цябе Госпад, Бог твой? Толькі таго, каб ты баяўся Госпада, Бога твайго, і хадзіў дарогамі Ягонымі, любіў Яго і служыў Госпаду, Богу твайму, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй,

13 каб выконваў ты загады Госпада і прыказаньні Ягоныя, каторыя я сягоньня загадваю табе, каб добра жылося табе.

14 Госпаду, Богу твайму, належыць неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй.

15 Толькі да тваіх бацькоў прыхінуўся Госпад і ўзьлюбіў іх, і выбраў патомства іхняе па іх, значыць, вас выбраў з усіх народаў, як сёньня гэта пацьвярджаецца.

16 Дык абрэжце сэрца вашае і цьвёрдасьць карку вашага, каб больш не рабілі яго цьвёрдым,

17 бо Госпад, Бог ваш, - адзіны Бог над багамі і Валадар над валадарамі, Бог вялікі і страшны, Каторы не глядзіць на асобу ані на падарункі.

18 Ён дае справядлівасьць сіраце і ўдаве, любіць чужынца, даючы яму ежу і адзеньне.

19 Дык і вы любіце чужынцаў, бо і вы былі чужынцамі ў зямлі Эгіпецкай.

20 Госпада, Бога твайго, бойся, Яму служы, да Яго туліся і на імя Ягонае прысягай.

21 Ён - слава твая і Бог твой, Ён творыць дзеля цябе вялікія і жудасныя рэчы, якія бачылі вочы твае.

22 У семдзесят душ перасяліліся бацькі твае ў Эгіпет, а вось цяпер памножыў цябе Госпад, Бог твой, як зоркі на небе.

 

Разьдзел 11

 

1 Дык любі Госпада, Бога твайго, і захоўвай Ягоныя прыказаньні, і законы, і загады ўвесь час.

2 І вы даведаецеся сягоньня тое, чаго ня ведаюць дзеці вашыя, каторыя ня бачылі караньня Госпада, Бога вашага, вялікіх чынаў Ягоных, і дужай рукі, і ўзьнятага пляча,

3 знакаў і даконаў Ягоных, якіх даканаў Ён ў Эгіпце перад фараонам і ўсёй зямлёй ягонай,

4 усім войскам Эгіпецкім, конямі і калясьніцамі; калі нахлынулі на іх воды Чырвонага мора, калі гналіся за вамі, і зьнішчыў іх Госпад, і так ёсьць да сягоньняшняга дня,

5 і што зрабіў Ён вам на пустыні, пакуль вы не прыйшлі на гэтае месца,

6 і што зрабіў Ён Датану і Абіраму, сынам Эліяба, каторы быў сынам Рубэна, каторых праглынула зямля, адкрыўшы сваю пашчу, іхнія дамы і палаткі, і ўсю іхнюю маёмасьць, якую мелі сярод Ізраэля.

7 Вочы вашыя бачылі ўсе вялікія чыны Госпада, каторых Ён даканаў,

8 каб вы выконвалі ўсе загады, каторыя сёньня я загадваю вам, каб набраліся вы сілы і ўвайшлі, і ўзялі зямлю, у каторую ўваходзіце,

9 каб доўга жылі вы ў той зямлі, каторую з прысягай абяцаў Госпад бацькам вашым і патомству іхняму, у зямлі, ацякаючай малаком і мёдам.

10 Бо зямля, каторую ты ідзеш заняць, ня ёсьць такою, як зямля Эгіпецкая, з каторай ты выйшаў, у каторай, укінуўшы зерне, як у агародзе, паліваў працаю ног сваіх.

11 Зямля тая, якую ідзеш заняць, - гарыстая і лагчынная, патрабуючая дажджу,

12 зямля, якою Госпад, Бог твой, апякуецца, і вочы Ягоныя зьвернуты на яе адпачатку году аж да канца.

13 Дык калі ты будзеш слухаць загадаў Маіх, каторыя сёньня Я даю вам, каб любілі Госпада, Бога вашага, і служылі Яму ўсім сэрцам вашым ды ўсёю душой вашай,

14 Я дам зямлі вашай дождж раньні і позьні ў свой час, каб мог ты сабраць збожжа, і віно, і аліву.

15 Таксама дам Я траву з палёў на кармленьне жывёлы тваёй, каб ты сам еў і наеўся.

16 Сьцеражыцеся, каб не ашукалася сэрца вашае, каб не адыйшлі вы ад Госпада і не служылі чужым багам ды не пакланяліся ім,

17 бо разгневаецца Госпад на вас, і зачыніць Ён неба, і ня будзе дажджу, і зямля ня ўродзіць, і пагінеце вы хутка на добрай зямлі, якую дасьць вам Госпад.

18 Дык захавайце гэтыя словы Мае ў сэрцы і ў душы вашай. Прывяжыце іх на знак на руках вашых і зрабіце іх павязкаю над вачыма вашымі.

19 Навучыце ім дзяцей вашых, паўтараючы іх ім, калі сядзіцё дома, калі ідзіцё дарогаю, калі кладзіцёся і ўстаецё.

20 І напішы іх над дзьвярыма дому свайго і над брамамі сваімі,

21 каб дні твае і дзяцей тваіх на зямлі, каторую прысягнуў Госпад бацькам тваім, памножыліся на столькі, колькі днёў неба будзе над зямлёй.

22 Калі вось будзеце берагчы ўсе загады гэтыя, якія я загадваю вам, і будзеце спаўняць іх, і будзеце любіць Госпада, Бога вашага, і будзеце хадзіць ўсімі дарогамі Ягонымі і будзеце туліцца да Яго,

23 то Госпад прагоніць перад вамі ўсе гэтыя народы, і вы запануеце над імі, хоць яны большыя і дужэйшыя за вас.

24 Кожнае месца, на каторае стане нага вашая, будзе вашым: ад пустыні і да Лібана, ад вялікай ракі Эўфрат аж да заходняга мора будуць межы вашыя.

25 Ніхто не ўстаіць супраць вас, бо Госпад, Бог ваш, навядзе страх перад вамі на ўсякую зямлю, на каторую вы ступіце, як Ён вам казаў.

26 Дык вось прапаную вам сягоньня дабраславенства і праклён:

27 дабраславенства, калі паслухаеце загадаў Госпада, Бога вашага, каторыя я вам сягоньня абвяшчаю,

28 і праклён, калі не паслухаеце загадаў Госпада, Бога вашага, але зыйдзеце з дарогі, каторую я вам сягоньня паказваю, і пойдзеце за багамі чужымі, каторых ня ведаеце.

29 Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, каторую ты ідзеш атрымаць, тады абвясьці дабраславенства на гары Гарызім, а праклён - на гары Гэбаль.

30 Горы гэтыя за Ярданам, за заходняй дарогай у зямлі Хананейцаў, якія пражываюць у Арабе, насупраць Гільгалу, каля дубоў Марэ.

31 Вы бо пяройдзеце празь Ярдан, каб завалодаць зямлёю, каторую Госпад, Бог ваш, дасьць вам, і будзеце жыць на ёй.

32 Дык глядзіце, каб спаўнялі ўсе прыказаньні і законы, каторыя я даю вам сягоньня.

 

Разьдзел 12

 

1 Такія вось прыказаньні і законы, якія вы павінны спаўняць у зямлі, якую Госпад, Бог бацькоў вашых, дасьць вам, каб валодалі ёю ва ўсе дні жыцьця вашага на зямлі.

2 Зьнішчыце ўсе месцы, дзе народы, каторых вы пазбавіце спадчыны, служылі багам сваім на горах, на ўзгорках і пад кожным зялёным дрэвам.

3 Разваліце ахвярнікі, пабіце слупы іхнія, агнём спаліце гаі іх, і ідалаў паразьбівайце, і сатрыце імёны іх з гэтага месца.

4 Не рабіце так Госпаду, Богу вашаму,

5 але прыходзьце на месца, каторае сам Госпад, Бог ваш, выбярэ з усіх пакаленьняў вашых, каб там памясьціць імя Сваё і на ім жыць,

6 і ў гэтым месцы складайце цэлапаленьні, крывавыя ахвяры, дзесяціны і дары рук вашых, і тое, што шлюбавалі, і дабравольныя ахвяры вашыя, і першародных валоў і авечак.

7 Там, на віду Госпада, Бога вашага, ешце вы і сем'і вашыя і весяліцеся з усяго, што зрабілі рукі вашыя, у чым дабраславіў вам Госпад, Бог ваш.

8 Ня будзеце там рабіць таго, што мы тут робім сягоньня, кожны, што яму здаецца добрым,

9 бо вы яшчэ не прыйшлі ў месца супакою і да ўласнасьці, якую дае вам Госпад, Бог ваш.

10 Калі вы пяройдзеце Ярдан і абжывіцёся на зямлі, якую дае вам Госпад, Бог ваш, каб жылі ў супакоі ад ўсіх ворагаў навокал ды жылі бязь ніякага страху,

11 тады ў месцы, каторае выбраў Госпад, Бог ваш, каб у ім прабывала імя Яго, туды прыносьце ўсё, што я вам сёньня загадваю: цэлапаленьні, крывавыя ахвяры, дзесяціны, дары рук вашых і што шлюбавалі вы для Госпада.

12 Там перад Госпадам, Богам вашым, цешцеся вы, і сыны, і дочкі вашыя, слугі і служанкі, а таксама левіт, каторы ў брамах вашых прабывае; бо ня мае ён часткі, ані спадчыны паміж вамі.

13 Сьцеражыцеся, каб не складаць сваіх ахвяраў цэлапальных на кожным месцы, якое ўбачыш,

14 але на тое месца, якое выбярэ Госпад у адным з пакаленьняў тваіх, занясеш усё, што я табе загадваю.

15 Аднак калі захочаш есьці, забі жывёлу і еш мяса яе ў кожным з тваіх гарадоў па дабраславенству Госпада, Бога твайго: чысты і нячысты можа есьці яго, як сарну і аленя,

16 за выняткам крыві, каторую выльеш на зямлю, як ваду.

17 Не можаш есьці ў гарадах тваіх дзесяціны са збожжа твайго, віна і алівы тваёй, першародных жывёлаў у статку, ані ўсяго таго, што шлюбаваў Госпаду, Богу твайму, ані ахвяраў дабравольных, ані дароў з тваёй рукі.

18 Але будзеш есьці іх на віду Госпада, Бога твайго, ў месцы, якое выбярэ Госпад, Бог твой, ты і сын твой, і дачка твая, слуга і служанка, таксама левіт, які прабывае ў брамах тваіх; і будзеш цешыцца перад Госпадам, Богам тваім, з усяго, да чаго прылажыў руку тваю.

19 Уважай, каб не пакідаў ты левіта ўвесь час, калі будзеш жыць у зямлі тваёй.

20 Калі пашырыць Госпад, Бог твой, межы твае, як сказаў Ён табе, і ты захочаш есьці мяса, якога жадае душа твая, тады еш мяса паводле прагненьня душы тваёй.

21 Калі б месца, каторае выбраў Госпад, Бог твой, каб там памясьціць імя Сваё, будзе далёка ад цябе, то забі з жывёлы і статку, якія даў табе Госпад, і як загадаў я табе, і спажывай у брамах тваіх паводле жаданьня душы тваёй.

22 Як ясьцё сарну і аленя, так іх еш; як чысты, так і нячысты нароўні могуць гэта спажываць.

23 Адно толькі высьцерагайся спажываць крыві; бо кроў ёсьць душа іхняя, і таму не павінен ты есьці душу разам зь мясам.

24 Не спажывай яе, але вылі на зямлю, як ваду.

25 Не спажывай яе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе, калі будзеш рабіць тое, што падабаецца Госпаду.

26 Але тое, што пасьвяціў ты і шлюбаваў Госпаду, вазьмі і занясі на тое месца, якое выбраў Госпад, каб было прызывана там імя Яго,

27 і ахвяруеш цэлапаленьні свае, мяса і кроў, на ахвярніку Госпада, Бога твайго; кроў ахвяраў выльеш на ахвярніку, а мяса сам з'ясі.

28 Уважліва слухай і выконвай ўсё, што я загадваю табе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе на вякі, калі споўніш, што добрае і што мілае на віду Госпада, Бога твайго.

29 Калі Госпад, Бог твой, выганіць перад табою народы, да каторых ты ідзеш, каб завалодаць імі, і ты завалодаеш імі, і абжывешся на іх зямлі,

30 сьцеражыся, каб не пайсьці ў іх сьляды, калі яны будуць выгубленыя, і не шукаць багоў іхніх, кажучы: «Як служылі гэтыя народы сваім багам, так і я буду ім служыць».

31 Не рабі гэтак Госпаду, Богу твайму, бо ўсё, чым брыдзіцца Госпад і што ненавідзіць, яны багам сваім рабілі, нават сваіх сыноў і дачок у агні палілі для сваіх багоў.

32 Што я загадваю вам, тое беражыце і рабеце, нічога не дадаючы і не адымаючы.

 

Разьдзел 13

 

1 Калі паўстане сярод цябе прарок або выясьніцель сноў і пакажа табе знак або цуд,

2 і споўніцца той цуд, што ён прадказаў, і скажа табе снавідзец: «Пойдзем за іншымі багамі, каторых ты ня ведаеш, і будзем ім служыць»,

3 то ня слухай словаў такога прарока або выясьніцеля, бо выспрабоўвае вас Госпад, Бог ваш, каб даведацца, ці любіш ты Яго ўсім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй, ці не.

4 За Госпадам, Богам вашым, ідзіце і Яго бойцеся, і загады Яго спаўняйце, і слухайце голасу Ягонага, Яму служыце і да Яго туліцеся.

5 Прарок жа той або выясьніцель хай будзе забіты, бо гаварыў, каб адвярнуць вас ад Госпада, Бога вашага, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай і вызваліў цябе з дому няволі, каб зьвесьці цябе з той дарогі, каторую табе загадаў Госпад, Бог твой, дык выкарані зло з асяродзьдзя твайго.

6 Калі б хацеў угаварыць цябе брат твой, сын маці тваёй, або сын твой, або дачка, або жонка, каторая туліцца да цябе, або прыяцель, каторага любіш, як душу сваю, таемна кажучы: «Хадзем і будзем служыць багам чужым», каторых ані ты ня ведаеш, ані бацькі твае,

7 багам тых народаў, якія вакол цябе, блізкіх ці то далёкіх ад цябе ад аднаго канца зямлі да другога.

8 Ня слухай яго і не згаджайся зь ім, і не глядзі на яго зь літасьцю, ня мей міласэрдзя, і не хавай яго злачынства,

9 але забі яго; ты першы падымі руку, каб забіць яго, а потым увесь народ.

10 Укамянуй яго на сьмерць, бо хацеў адцягнуць цябе ад Госпада, Бога твайго, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.

11 Дык увесь Ізраэль, чуючы гэта, спалохаецца і перастане рабіць гэтую ліхоту ў асяродзьдзі сваім.

12 Калі пачуеш у адным з гарадоў тваіх, якія Госпад, Бог твой, дае табе на пражываньне, як нехта кажа,

13 што выйшлі з асяродзьдзя твайго сыны Бэліяла, каторыя адварочваюць жыхароў горада свайго, кажучы: «Хадзем і будзем служыць чужым багам, якіх ты ня ведаеш», -

14 то распытай пільна і старанна і правер праўдзівасьць справы, і калі даведаешся, што праўду гавораць і што такую брыдоту робяць у асяродзьдзі тваім,

15 то жыхароў гэтага горада выбі мячом і аддай клятве яго і ўсё, што ў ім, разам з жывёлаю.

16 Усю ж здабычу зь яго сабяры на сярэдзіну плошчы горада і спалі горад разам са здабычаю на цэлапаленьне Госпаду, Богу твайму, і застанецца ён у руінах, і не адбудуецца болей.

17 І няхай не прыліпне да рукі тваёй нічога з праклятага, каб Госпад адвярнуў ярасьць гневу Свайго, і зжаліўся над табой, і памножыў цябе, як Ён прысягнуў бацькам тваім,

18 калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, спаўняючы ўсе загады Яго, якія я даю табе сягоньня, каб рабіць, што падабаецца Госпаду, Богу твайму.

 

Разьдзел 14

 

1 Вы - дзеці Госпада, Бога вашага; ня будзеце наразаць скуры, выстрыгаць валасоў над вачыма вашымі па памёршых,

2 бо ты - народ сьвяты Госпаду, Богу твайму, цябе Ён выбраў, каб стаўся ты асабліваю ўласнасьцю Ягонай спасярод усіх народаў на зямлі.

3 Ня еш нічога паганага.

4 Вось зьвяры, якія вы можаце есьці: вол, баран, каза,

5 алень, сарна, буйвал, лань, казуля, антылёпа, горны казёл.

6 Можаце есьці кожную жывёлу, якая мае разьдзеленыя капыты і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і тую жывёлу, якая жуе жвайку, можаце есьці.

7 Але некаторых, каторыя жуюць жвайку і маюць разьдзеленыя капыты з глыбокім разрэзам, такіх як вярблюд, заяц і тушканчык, ня ешьце, таму што хоць яны жуюць жвайку, але капыты ў іх не разьдзелены, яны для вас нячыстыя.

8 Сьвіньня таксама, хоць капыты ў яе разьдзеленыя, але не жуе жвайку, будзе для вас нячыстай; мяса яе ня ешьце і падліны не датыкайцеся.

9 З усіх жывёлаў, каторыя ў вадзе, ешьце ўсіх, каторыя маюць плаўнікі і луску.

10 А тых, што без плаўніка і лускі, ня ешьце, бо яны для вас нячыстыя.

11 Усе чыстыя птушкі - ешьце.

12 Спасярод птушак ня будзеце есьці: арла, грыфа і марскога арла,

13 каршука і сокала паводле роду іх,

14 і ўсякага крука паводле роду яго,

15 стравуса, саву, чайкі і ястраба з гатункамі яго,

16 пугача, ібіса і лебедзя,

17 і пэлікана, і сіпа, і рыбалова,

18 чаплі і бусла з гатункамі яго, і ўдода, і кажана.

19 Кожная жужла крылатая для вас нячыстая, ня будзеце яе есьці.

20 Усякія птушкі чыстыя можаце есьці.

21 Ня будзеце есьці ніякай падліны. Дасі яе чужынцу, які здарыцца ў тваёй мясцовасьці, або прадасі чужому: бо ты - народ сьвяты Госпаду, Богу твайму. Не вары казьляці ў малаку маткі ягонай.

22 Выдзяляй дзесятую частку з усіх пладоў насеньня, з таго, што зямля штогод родзіць,

23 і еш перад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, каторае Ён выбярэ, каб прабывала там імя Яго, дзесяціну збожжа твайго, і віна, і алівы, і першароднай жывёлы, і авец тваіх, каб навучыўся ты ва ўсе дні баяцца Госпада, Бога твайго.

24 Калі ж далёкай будзе дарога твая і ня зможаш гэта прынесьці на месца, каторае выбярэ Госпад, Бог твой, каб там памясьціць імя Сваё, і калі Госпад, Бог твой, дабраславіў цябе,

25 то памяняй гэта на серабро, і вазьмі серабро ў руку тваю, і ідзі на месца, каторае выбярэ Госпад, Бог твой,

26 і купляй там за гэта серабро ўсё, чаго жадае душа твая: ці з жывёлы, ці з авец, таксама віно і сікеру, ды ўсё, чаго жадае душа твая; і будзеш есьці там перад Госпадам, Богам тваім, і будзеш весяліцца ты і ўся сям'я твая.

27 І не пакідай левіта, каторы ў брамах тваіх, бо ён ня мае часткі ані спадчыны з табою.

28 Пад канец трэцяга году адлажы ўсе дзесяціны з пладоў трэцяга году і пакінь у сьценах свайго жытла.

29 Вось жа прыйдзе левіт, бо ён ня мае часткі і спадчыны з табой, прыйдзе чужынец, сірата або ўдава, каторыя знаходзяцца ў брамах тваіх, будуць яны есьці і наядуцца, каб дабраславіў табе Госпад, Бог твой, у кожнай працы рукі тваёй, што будзеш рабіць.

 

Разьдзел 15

 

1 У канцы сёмага году даруй даўгі.

2 Дараваньне даўгоў палягае на тым, што кожны пазыкадавец, каторы пазычыў бліжняму або брату свайму, даруе пазычаўшаму і ня будзе вымагаць звароту ад бліжняга або брата свайго, бо абвешчаны год дараваньня на ўшанаваньне Госпада.

3 Ад чужога можаш вымагаць звароту доўга, але што будзе ў брата твайго, даруе рука твая.

4 Але жабрака не павінна быць у цябе, бо Госпад, Бог твой, будзе дабраславіць табе ў зямлі, якую дасьць на ўласнасьць, каб ты ўзяў яе ў спадчыну,

5 калі толькі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і выконваць кожны загад гэты, якія сёньня я табе загадваю.

6 Бо Госпад, Бог твой, будзе дабраславіць табе, як табе абяцаў. Будзеш пазычаць многім народам, а сам ня будзеш браць пазыкі; будзеш валадарыць над многімі народамі, а над табою ніхто ня будзе панаваць.

7 Калі адзін з братоў тваіх, каторы пражывае ў адным з гарадоў тваіх, у зямлі, каторую дасьць табе Госпад, Бог твой, дайшоў да ўбогасьці, не зацьвярдзі сэрца свайго адносна яго і не сашчамі рукі сваёй перад убогім братам тваім,

8 але адкрый яму руку сваю і шчодра дай яму пазыку, на колькі яму будзе патрэбная.

9 Сьцеражыся, каб не зьявілася ў сэрцы тваім нягодная думка: «Блізка сёмы год, год дараваньня», каб ліхім вокам не глядзеў ты на ўбогага брата твайго і ня даў яму дапамогі, бо ён будзе прызываць Госпада супраць цябе, і ты абцяжарышся грэхам.

10 Але дай яму, колькі ён просіць, і хай не сумуе сэрца тваё, што даеш, бо за тое будзе дабраславіць табе Госпад, Бог твой, у кожнай справе і ў кожнай працы рук тваіх.

11 Будуць убогія ў зямлі пражываньня твайго, дзеля таго я загадваю табе: Адкрывай руку сваю патрабуючаму і ўбогаму, які жыве з табою на зямлі.

12 Калі табе будзе прададзены брат твой, Гебрай або Гебрайка, хай будзе нявольнікам шэсьць гадоў. У сёмы год выпусьціш яго вольным ад сябе.

13 Вызваляючы, не дасі яму адыйсьці з пустымі рукамі.

14 Падаруеш яму штосьці з жывёлы тваёй, току твайго і тоўчні тваёй, якімі дабраславіў цябе Госпад, Бог твой.

15 Прыпомні сабе, што і ты сам быў нявольнікам у зямлі Эгіпецкай, і высвабадзіў цябе Госпад, Бог твой; таму вось я цяпер загадваю табе гэта.

16 А ён можа скажа: «Я не хачу адыходзіць, таму што люблю цябе і дом твой», бо добра яму ў цябе.

17 Тады возьмеш шыла і праколеш вуха яму пры дзьвярах дому твайго, і будзе ён табе служыць заўсёды. Падобна зробіш і зь нявольніцай.

18 Хай ня будзе табе прыкрым у вачах тваіх, што пускаеш яго свабодна ад цябе, бо служачы табе шэсьць гадоў, зрабіў табе падвойную плату найміта, а Госпад, Бог твой, будзе дабраславіць табе ва ўсім, што робіш.

19 Першародныя мужчынскага роду, каторыя родзяцца ў жывёлы і авец тваіх, маеш пасьвяціць Госпаду, Богу твайму, ня будзеш карыстацца ў працы першародным валом тваім і не стрыжы першароднага з авец.

20 Штогод на віду Госпада, Бога твайго, у месцы, якое выбярэ сабе Госпад, Бог твой, будзеш спажываць іх ты і сям'я твая.

21 Калі б мела яно якую загану, будзе сьляпое, кульгавае або зь іншай якой спракудай, ня зложыш такога ў ахвяру Госпаду, Богу твайму,

22 а ў брамах тваіх спажывеш іх. Чысты і нячысты чалавек можа есьці яго, як сарну або аленя.

23 Толькі крыві іхняй ня еш, але, як ваду, вылі на зямлю.

 

Разьдзел 16

 

1 Захоўвай месяц Абіб і сьвяткаваньне Пасхі на ўшанаваньне Госпада, Бога твайго, бо ў гэтым месяцы Абіб вывеў цябе Госпад, Бог твой, з Эгіпту ноччу.

2 Складзеш ахвяру пасхальную Госпаду, Богу твайму, з авец і цялят у месцы, якое Сам Госпад, Бог твой, выбярэ, каб было там імя Яго.

3 Ня еш зь ёю хлеба квашанага. Сем дзён будзеш есьці з гэтымі ахвярамі праснакі, хлеб бедаваньня, бо пасьпешна выйшаў ты зь зямлі Эгіпецкай, каб ты памятаў пра дзень выхаду зь зямлі Эгіпецкай усе дні жыцьця свайго.

4 Не павінна быць у цябе нічога кваснага ва ўсіх межах тваіх на працягу сямі дзён; зь мяса, якое будзе складзена ў ахвяру вечарам, у першы дзень, нічога хай не застанецца праз ноч да раніцы.

5 Ня можаш ты складаць ахвяру Пасхі ў якім-колечы з гарадоў сваіх, якія дасьць табе Госпад, Бог твой,

6 але толькі ў тым месцы, якое выбярэ Госпад, Бог твой, каб прабывала там імя Яго, складзеш ахвяру Пасхі вечарам пры захадзе сонца ў той самы час, калі выйшаў ты з Эгіпту.

7 Сьпячы і зьеш на тым месцы, якое выбярэ Госпад, Бог твой; на раніцы ўстанеш і вернешся ў палаткі свае.

8 Шэсьць дзён будзеш есьці праснакі, а на сёмы дзень будзе ўрачыстае сабраньне на ўшанаваньне Госпада, Бога твайго, не працуй (у гэты дзень).

9 Адлічыш сабе сем тыдняў ад таго дня, у каторым серп пачне жаць збожжа,

10 і будзеш сьвяткаваць сьвята Тыдняў на ўшанаваньне Госпада, Бога твайго, з ахвярай паводле шчодрасьці рукі тваёй, складзенай згодна з тым, як падабраславіць табе Госпад, Бог твой.

11 Весяліся перад Госпадам, Богам тваім, і ты, і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служанка твая, і левіт, прысутны ў вас, і прыбылец, і сірата, і ўдава, якая прабывае з табой у месцы, якое выбярэ Госпад, Бог твой, каб там прабывала імя Яго.

12 І прыпомніш сабе, што ты быў нявольнікам у Эгіпце, таму будзеш берагчы і чыніць тое, што загадана табе.

13 Будзеш сьвяткаваць сьвята Палаткаў сем дзён пасьля збору пладоў з твайго току і тоўчні (вінаграду).

14 У гэта сьвята будзеш банкетаваць ты, і сын твой, і дачка твая, слуга твой і служанка, таксама левіт, чужынец, сірата і ўдава, каторыя жывуць у брамах тваіх.

15 Сем дзён будзеш сьвяткаваць сьвяты Госпаду, Богу твайму, у месцы, якое выбярэ Сам Госпад; бо дабраславіць табе будзе Госпад, Бог твой, ва ўсіх пладах тваіх і ва ўсякай працы рук тваіх, і будзеш поўны радасьці.

16 Тры разы ў год хай пакажацца кожны мужчына на від Госпада, Бога твайго, у месцы, якое Ён выбярэ Сабе: на сьвята Праснакоў, на сьвята Тыдняў і на сьвята Палаткаў. І ніхто хай не прыходзіць да Госпада з пустымі рукамі.

17 І кожны хай ахвяруе паводле таго, што будзе мець, паводле дабраславенства Госпада, Бога твайго, якое Ён табе дасьць.

18 Ва ўсіх гарадах тваіх, каторыя дасьць табе Госпад, Бог твой, установіш судзьдзяў і загадчыкаў працы на ўсе пакаленьні, каб судзілі людзей справядлівым судом.

19 Не крыві закону. Не глядзі на асобу і на падарункі, каторыя засьляпляюць вочы мудрым і перакручваюць справы справядлівых.

20 Справядлівасьць спаганяй, каб ты жыў і атрымаў зямлю, якую дасьць табе Госпад, Бог твой.

21 Не садзі сабе гаёў зь якіх-колечы дрэваў каля ахвярніка Госпада, Бога твайго, які збудуеш сабе.

22 Ня стаў сабе слупы, бо гэта ненавідзіць Госпад, Бог твой.

 

Разьдзел 17

 

1 Не складай у ахвяру Госпаду, Богу твайму, авечку і вала, калі б мелі загану або які-колечы брак, бо брыдзіцца гэтым Госпад, Бог твой.

2 Калі знойдзецца ў асяродзьдзі тваім, у адным з гарадоў тваіх, якія дасьць табе Госпад, Бог твой, мужчына або жанчына, каторыя зробяць тое, што ліхім будзе перад Госпадам, Богам тваім, і парушаць запавет Яго,

3 і пойдуць служыць чужым багам і пакланяцца ім ці сонцу, месяцу або ўсяму войску нябеснаму, што я табе забараніў,

4 і аб гэтым паведамяць табе, ты выслухаеш і старанна дасьледуеш справу, і калі акажацца праўдаю, што такой брыдоты дапусьціліся ў Ізраэлю,

5 завядзеш таго мужчыну або жанчыну, каторыя дапусьціліся гэтай агіднай рэчы ў Ізраэлю, да брамы горада твайго і ўкамянуеш.

6 Паводле словаў двух або трох сьведкаў асудзіцца вінаваты на сьмерць, нельга асуджаць па словах аднаго сьведкі.

7 Рука сьведкаў будзе першай, каб забіць асуджанага, а потым рука ўсяго народу, каб вынішчыць зло з асяродзьдзя твайго.

8 Калі па якой справе цяжка будзе табе вырашыць паміж крывёй і крывёй, паміж спрэчкай і спрэчкай, між бойкай і бойкай, і будуць нязгодныя рашэньні ў брамах тваіх, то ўстань і пайдзі на месца, каторае выбярэ Госпад, Бог твой,

9 і прыйдзі да сьвятароў левітаў і да судзьдзі, каторы будзе ў гэтыя дні чыніць суд, і папытайся ў іх, і яны скажуць табе, як прысудзіць.

10 І зрабі, як яны скажуць табе ў месцы, якое выбраў Госпад, і пільнуйся выпаўніць усё так, як яны навучаць цябе,

11 па загаду, які яны загадаюць, і па рашэньню, якое табе скажуць. Не адхіляйся ані на права, ані на лева.

12 Хто з пыхлівасьці не хацеў бы паслухаць волі сьвятара, каторы ў той час спаўняе службу Госпаду, Богу твайму, або рашэньне судзьдзі, будзе пакараны сьмерцю той чалавек, каб вынішчыць зло зь Ізраэля.

13 А ўвесь народ, чуючы гэта, будзе баяцца і ўжо болей ня будзе пыхлівы.

14 Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую дасьць табе Госпад, Бог твой, і завалодаеш ёю, і абжывешся на ёй, і скажаш: «Пастаўлю я над сабою караля, як маюць усе акружаючыя нас народы»,

15 таго толькі паставіш над сабой каралём, каго Госпад, Бог твой, выбярэ з-пасярод братоў тваіх, ня можа быць каралём над табой іншаземец, які ня ёсьць тваім братам.

16 Толькі хай не набывае ён сабе многа коней і не вяртае народ у Эгіпет, каб мець шмат коней, бо Госпад сказаў вам: «Ніколі больш гэтаю дарогаю ня вернецеся».

17 Хай ня будзе мець ён шмат жонак, каб не адвярнулася сэрца ягонае, і не зьбірае лішня серабра і золата.

18 Калі сядзе ён на каралеўскім троне, няхай перапіша сабе на скрутку сьпіс гэтага Закону з кнігі, што ў сьвятароў левітаў,

19 і мае яго пры сабе, і чытае яго ўсе дні жыцьця свайго, каб навучыўся баяцца Госпада, Бога свайго, і захоўваць словы гэтага Закону і гэтыя прыказаньні, каб выконваць іх,

20 каб не падымалася сэрца яго над братамі яго, і каб не адхіляўся ён ад загадаў ані ў права, ані ў лева, каб доўга караляваў сам і дзеці ягоныя ў Ізраэлю.

 

Разьдзел 18

 

1 Сьвятары левіты, усё пакаленьне Левія, ня будуць мець часткі ані спадчыны ў Ізраэлі. Будуць харчавацца з ахвяраў, паленых на ўшанаваньне Госпада і спадчыны Яго.

2 Не атрымаюць яны спадчыны сярод братоў сваіх, бо Госпад - спадчына іх, як Ён гэта сказаў ім.

3 Вось што належыць сьвятару з таго, што народ складае ў ахвяру: каторыя складаюць у ахвяру вала або авечку, даюць сьвятару лапатку, пашчэмку і страўнік.

4 Аддаюць яму пяршыны збожжа свайго, віна, алею і пяршыны воўны ад стрыжкі авец.

5 Бо іх выбраў Госпад, Бог твой, з усіх пакаленьняў тваіх, каб яны прабывалі на віду Госпада, Бога твайго, служылі і дабраслаўлялі ў імя Госпада, яны і сыны іх у-ва ўсе дні.

6 Калі левіт, які пражывае ў адным з гарадоў усяго Ізраэля, захоча калі-небудзь пайсьці па жаданьню душы сваёй у месца, выбранае Госпадам,

7 і будзе служыць у імя Госпада, Бога свайго, як усе яго браты левіты, каторыя прабываюць там на службе ў прысутнасьці Госпада,

8 хай атрымлівае для свайго пражываньня частку, роўную зь іншымі, незалежна ад прыбытку з свайго продажу бацькоўскага дому.

9 Калі ты ўвойдзеш у зямлю, каторую дае табе Госпад, Бог твой, сьцеражыся, каб не захацеў ты насьледаваць брыдотаў гэтых народаў.

10 Хай ня знойдзецца ў цябе той, хто б сына свайго або дачку праводзіў праз агонь, або займаўся варажбой ці чарадзействам,

11 ці займаўся закляцьцямі, пытаўся ў духаў або выклікаў памёршых.

12 Брыдкі перад Госпадам кожны, хто гэтак робіць. Дзеля гэтых брыдотаў выганяе іх Госпад ад твайго аблічча.

13 Верным будзь і беззаганным перад Госпадам, Богам тваім.

14 Тыя вось народы, у зямлю каторых ты ўваходзіш, слухаюць варажбітоў і выклікаючых духаў, гэтага не дазваляе табе Госпад, Бог твой.

15 Прарока як мяне ўзьніме табе з народу твайго і з братоў тваіх Госпад, Бог твой; Яго (прарока) слухайце.

16 Прасіў ты пра гэта ў Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, у дзень сабраньня, калі казаў ты: «Не магу болей слухаць голас Госпада, Бога майго, і глядзець болей на агонь гэты вялікі, каб не памерці».

17 І сказаў мне Госпад: «Слушна тое, што яны сказалі табе.

18 Я пастаўлю ім спаміж братоў іхніх Прарока, падобнага табе, і ўкладу словы Мае ў Ягоныя вусны, Ён скажа ім усё, што Я Яму загадаю.

19 Хто ж словаў Маіх, каторыя будзе вясьціць Прарок той у імя Маё не захоча слухаць, Я пакараю таго.

20 А прарок, каторы адважыцца гаварыць у імя Маё таго, чаго Я не загадаў, або ў імя чужых багоў, такі прарок павінен памерці.

21 А калі ты падумаеш у сэрцы сваім: «Як я магу пазнаць словы, якія Госпад не гаварыў?»

22 Гэтакі будзеш мець знак: калі прарок прадказаў у імя Госпада, а ня споўнілася, значыцца Госпад гэтага не казаў, але ў сваёй пыхлівасьці гэта сам прарок прыдумаў, таму ня бойся яго.

 

Разьдзел 19

 

1 Калі Госпад, Бог твой, зьнішчыць народы, зямлю каторых дае табе, і завалодаеш ёю і абжывешся ў гарадах і дамах іхніх,

2 тады выдзелі сабе тры гарады з усёй зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой, на ўласнасьць,

3 і прыгатуй дарогу старанна; і падзялі на тры роўныя часткі ўсю зямлю сваю, каб забойца знайшоў там прыбежышча.

4 Такі закон забойцы-ўцекача, каторага жыцьцё мае быць захаванае: калі ён забіў бліжняга без намеру і калі супраць яго ані ўчора, ані раней ня меў нянавісьці, і гэта будзе даведзена,

5 калі пайшоў хто з бліжнім сваім у лес сьсякаць дрэвы і, схапіўшы сякеру, размахнулася рука яго зь сякерай, каб сьсекчы дрэва, і саскочыла жалеза з тапарышча і ўдарыла бліжняга, такі можа схавацца ў адным з гарадоў гэтых, каб ратаваць жыцьцё,

6 каб мсьцівец за кроў у гарачнасьці сэрца свайго не пагнаўся за забойцам і не дагнаў яго, калі далёкая дарога, і не забіў яго, бо ён ня вінен сьмерці, бо ня меў нянавісьці да забітага ні ўчора, ні трэцяга дня.

7 Таму я загадваю табе: Выдзялі сабе тры гарады.

8 Калі Госпад, Бог твой, пашырыць межы твае, як гэта запрысяг тваім бацькам, і аддасьць табе ўсю зямлю, каторую запрысяг даць бацькам тваім,

9 калі ты будзеш пільна выконваць гэты закон, каторы я табе сягоньня прадстаўляю, любячы Госпада, Бога свайго, ходзячы Яго дарогамі ўсе дні, тады дадасі да гэтых гарадоў яшчэ тры далейшыя гарады,

10 каб не праліваць нявіннай крыві ў гэтай зямлі, каторую дасьць табе Госпад, Бог твой на ўласнасьць, каб не было на табе віны крыві.

11 Калі аднак чалавек зь нянавісьці да свайго бліжняга цікаваў на яго, паўстаў супраць яго, і забіў яго, і ўцячэ ў адзін з гэтых гарадоў,

12 то старшыні гэтага гораду пашлюць па яго, забяруць яго адтуль і аддадуць у рукі мсьціўца за кроў, і ён памрэ.

13 Хай не пашкадуе яго вока тваё, і ты змыеш нявінную кроў зь Ізраэля, каб добра табе было.

14 Не парушай мяжы бліжняга твайго, каторую вызначылі папярэднікі твае ў частцы тваёй, атрыманай у зямлі, якую дасьць табе на ўласнасьць Госпад, Бог твой.

15 Не хапае слова аднаго сьведкі супраць каго-небудзь у якой-колечы віне, і ў якім-колечы праступку, і ў якім-колечы граху, якім ён саграшыў, але паводле словаў двух або трох сьведкаў выносіцца рашэньне.

16 Калі выступіць сьведка фальшыва супраць якога чалавека, вінавацячы яго ў злачынстве,

17 то хай стануць абодва чалавекі, што маюць спрэчку, перад Госпадам, перад сьвятарамі і судзьдзямі, каторыя будуць у тыя дні.

18 Судзьдзі павінны пільна праверыць, і калі сьведка той - сьведка фальшывы і фальшыва гаварыў на брата свайго,

19 то зрабіце яму тое, што ён меў намер зрабіць брату свайму, і так вынішчы зло з асяродзьдзя свайго.

20 А другія, пачуўшы, будуць баяцца і ніколі больш у асяродзьдзі тваім такіх рэчаў не адважацца рабіць.

21 Не шкадуй такога, але душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу запатрабуеш.

 

Разьдзел 20

 

1 Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў сваіх і ўбачыш, што там і коней, і калясьніцаў, і людзей болей, чым у цябе, ня бойся іх, бо з табой Госпад, Бог твой, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай.

2 Перад распачацьцем бою хай выступіць сьвятар, і прамовіць да народу, і скажа яму:

3 «Слухай, Ізраэль! Пачынаеце вы сёньня супраць ворагаў вашых бой, хай не палохаецца сэрца вашае, ня бойцеся, не пужайцеся і не трывожцеся,

4 бо Госпад, Бог ваш, ідзе з вамі, каб ваяваць за вас з ворагамі вашымі і каб выратаваць вас зь небясьпекі».

5 Начальнікі хай аб'явяць народу, кажучы: «Хто з вас пабудаваў новы дом, а яшчэ яго не пасьвяціў, хай ідзе і варочаецца дамоў, каб часам не загінуў у баі і хто іншы яго не пасьвяціў.

6 Хто з вас завёў вінаграднік і не сабраў яго пладоў, хай варочаецца дамоў, бо мог бы загінуць на вайне, а хто іншы сабраў бы плады.

7 Хто заручыўся з жонкаю, але не перавёў яе яшчэ да сябе, хай варочаецца дамоў, бо мог бы загінуць на вайне, а хто іншы завёў бы яе да сябе».

8 Хай яшчэ начальнікі запытаюцца ў людзей: «Хто баіцца і чыё сэрца дрыжыць, хай выступіць і ідзе дамоў, каб не напалохаў сэрцы братоў сваіх, як сам ён напалоханы»,

9 Як начальнікі скажуць усё гэта народу, тады вы павінны паставіць ваенных начальнікаў на чале народу.

10 Калі ты падыйдзеш пад горад, каб яго зваяваць, перш прапануй яму мір.

11 Калі ён згодзіцца на мір і адчыніць табе брамы, хай увесь народ, які ў ім ёсьць, будзе плаціць табе даніну і служыць табе.

12 А калі ён не захоча быць у міры з табою і пачне супраць цябе вайну, то аблажы яго.

13 І калі Госпад, Бог твой, аддасьць яго ў рукі твае, выб'еш усіх мужчынаў мячом,

14 за выключэньнем жанчын і дзяцей, жывёлы і ўсяго іншага, што ў ім знаходзіцца. Усю здабычу яго сабе возьмеш і будзеш есьці здабычу ворагаў тваіх, якую даў табе Госпад, Бог твой.

15 Так зрабі з усімі гарадамі, каторыя ад цябе вельмі далёка, якія ня ёсьць уласнасьцю гэтых народаў.

16 Толькі ў тых гарадах, каторыя даюцца табе, не пакінеш нікога жывым,

17 але выб'еш мячом Гетытаў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзэяў, Гівеяў і Ебусеяў, як загадаў табе Госпад, Бог твой,

18 каб часам не навучылі яны вас усякім брыдотам, якія рабілі яны багам сваім, і каб вы не грашылі перад Госпадам, Богам сваім.

19 Калі доўгі час будзеш аблягаць горад, каб заваяваць яго, не сьсякай дрэваў яго, з каторых можаш жывіцца, плады яго можаш есьці, а яго самога не сьсякай. Ці ж дрэва гэта чалавек, каб яго аблягаць?

20 Калі ж дрэва не надаецца на ежу, сьсячы яго і пабудуй махіны, пакуль не здабудзеш гораду, каторы з табой ваюе.

 

Разьдзел 21

 

1 Калі ў зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой, будзе знойдзены труп чалавека забітага, і невядомы будзе забойца,

2 то хай выйдуць старэйшыя родам і судзьдзі твае і адмераюць далёкасьць трупа ад гарадоў акружаючых.

3 Дык старшыні гораду, каторы будзе найбліжэй забітага, возьмуць цялушку, каторая яшчэ не працавала і не насіла ярма,

4 і цялушку гэту прывядуць старшыні да ракі невысыхаючай і на месца неаранае і неабсеянае, і зломяць ёй карак каля рэчкі,

5 і тады прыйдуць сьвятары, сыны Левія, каторых выбраў Госпад, Бог твой, каб служылі Яму і дабраславілі ў імя Яго, і па іхнім слове павінна вырашацца ўсякая спрэчная справа і справа скалячэньня.

6 Усе старшыні гораду, каторы найбліжэй забітага, будуць мыць рукі свае над цялушкай, каторай карак зламалі ля рэчкі,

7 і скажуць яны: «Нашыя рукі ня вылілі гэтае крыві і вочы нашыя ня бачылі нічога.

8 Міласьцівы будзь народу Твайму, Ізраэлю, каторы адкупіў Ты, Госпадзе, і не палічы гэтае крыві нявіннай народу Твайму, Ізраэлю». І адпушчана будзе ім гэтая кроў.

9 Такім чынам змыеш нявінную кроў спаміж сябе і зробіш тое, што ёсьць справядлівым у вачах Госпада.

10 Калі выступіш на вайну супраць ворагаў тваіх, і аддасьць іх Госпад, Бог твой, у рукі твае, і возьмеш палонных,

11 і ўбачыш між палоннымі прыгожую жанчыну, і закахаешся ў яе, і захочаш зь ёю ажаніцца,

12 то ўвядзеш яе ў дом свой, яна абстрыжэ галаву і абрэжа пазногці свае,

13 і скіне зь сябе адзеньне палоннай, і седзячы ў доме тваім будзе аплакваць бацьку і матку сваю адзін месяц. Потым увойдзеш да яе, і будзеш яе мужам, а яна будзе жонкай тваёй.

14 Калі яна табе перастане падабацца, адпусьціш яе куды захоча, не прадасі яе за серабро і ня ўчыніш зь ёй як зь нявольніцай, бо ты ўвайшоў да яе.

15 Калі які муж будзе мець дзьве жонкі, адну любімую, а другую нелюбімую, і яны народзяць яму сыноў, любімая і нелюбімая, і першародны будзе сын нелюбімай,

16 то калі хацеў бы падзяліць спадчыну паміж сыноў сваіх, ня можа сына любімай зрабіць першародным, вывышаючы яго над сына нелюбімай,

17 але сына нелюбімай прызнае першародным і дасьць яму з усяго, што мае, падвойную частку, бо ён ёсьць пачатак сілы ягонай, і яму належыцца права першародзтва.

18 Калі хто будзе мець сына непаслухмянага і ўпорыстага, які ня слухаў бы волі бацькі ані маткі сваёй, і хоць караны быў, але працівіўся ім,

19 дык хай возьмуць яго і прывядуць да старшыняў гораду свайго і да брамы гораду,

20 і скажуць ім: «Сын наш гэты непаслухмяны і ўпорысты, ня хоча ён слухаць нашых напамінаў, гардзіць імі, аддаецца распусьце і п'янству».

21 Тады мужчыны гораду ўкамянуюць яго да сьмерці, каб вынішчыць зло з асяродзьдзя вашага. І ўвесь Ізраэль, чуючы гэта, будзе баяцца.

22 Калі хто дапусьціцца злачынства, каранага сьмерцю, і будзе ён забіты і павешаны на дрэве,

23 дык труп ягоны ня будзе вісець на дрэве, але ў той самы дзень няхай будзе пахаваны, бо пракляты Богам кожны, хто вісіць на дрэве. Ніколі не пагань зямлю сваю, якую даў табе на ўласнасьць Госпад, Бог твой.

 

Разьдзел 22

 

1 Калі ўбачыш вала брата свайго або авечку яго заблудзіўшую, не пакідай іх, але вярні іх брату твайму.

2 Калі ж брат твой ня блізка ад цябе, або калі яго ня ведаеш, завядзі іх у дом свой і хай будуць у цябе, аж прыйдзе іх шукаць брат твой, і тады аддасі іх яму.

3 Так зробіш зь яго аслом, так зробіш зь яго плашчом, так зробіш з кожнаю згубленаю рэччу брата свайго, з усім, што ў яго згінула, а ты знайшоў; нельга табе ўхіліцца ад гэтага.

4 Калі ўбачыш асла брата свайго або вала яго, упаўшых на дарозе, не пакідай іх, але падымі зь ім разам.

5 Хай не адзяецца жанчына ў мужчынскае адзеньне, а мужчына хай не апранае адзеньня жаночага; бо агідны Госпаду, Богу твайму, кожны, хто гэтае робіць.

6 Калі, ідучы дарогай, знойдзеш на дрэве або на зямлі птушынае гняздо з маткай і птушанятамі або з маткаю, якая выседжвае яйкі, то не бяры маткі з птушанятамі.

7 Матку пусьці, а дзяцей вазьмі сабе, каб табе добра было і каб доўгімі былі дні твае.

8 Калі збудуеш новы дом, дык зрабі на даху кругом агароджу, каб не навесьці крыві на дом свой, калі хто-колечы зваліцца зь яго.

9 Не засявай вінаградніку свайго двума гатункамі насеньня, каб не зрабіць табе заклятым і збор насеньня, каторае ты пасееш, і плады вінаградніку свайго.

10 Не ары на вале і асьле разам.

11 Не адзявай адзеньня, сатканага з воўны і лёну разам.

12 Зрабі сабе фрэнзьлі на чатырох рагах плашчу, якім акрываешся.

13 Калі хто возьме жонку і ўвойдзе да яе, а потым зьненавідзіць яе,

14 і, закідаючы ёй ліхія ўчынкі, зьняславіць яе, кажучы: «Узяў я гэтую жанчыну, але, увайшоўшы да яе, не знайшоў у яе дзявоцтва»,

15 тады бацька і маці ейныя занясуць знакі дзявоцтва ейнага да старшыняў гораду і да брамы, дзе яны сядзяць,

16 і бацька скажа: «Даў я сваю дачку гэтаму чалавеку за жонку, а ён яе зьненавідзеў.

17 Ён зьняслаўляе яе імя, кажучы: «Не знайшоў я ў дачкі тваёй азнак дзявоцтва». Але вось доказы дзявоцтва маёй дачкі», - і раскладзе адзеньне перад старшынямі гораду.

18 Тады старшыні гораду возьмуць мужчыну таго і пакараюць яго,

19 І накладуць на яго сто сыкляў серабра, і аддадуць іх бацьку тае жанчыны, бо зьняславіў ён імя дзяўчыны Ізраэля; яна застаецца яго жонкай, і ня будзе ён магчы кінуць яе ўсё жыцьцё.

20 Але калі абвінавачваньне акажацца праўдзівым, бо не знайшліся доказы дзявоцтва тае жанчыны,

21 то завядуць маладзіцу тую да дзьвярэй дому бацькі яе і каменаваць яе будуць мужчыны гэтага гораду аж да сьмерці, бо прынесла яна ганьбу Ізраэлю, распуствуючы ў доме бацькі свайго; так вынішчыш зло з асяродзьдзя свайго.

22 Калі знойдзены будзе мужчына, што ляжыць з чужою жонкай, абое хай памруць: чужаложнік і чужаложніца, каб вынішчыць ліхоцьце зь Ізраэля.

23 Калі будзе дзяўчына пашлюбавана мужу, а хто-колечы спаткаецца зь ёю ў горадзе і ляжа зь ёю,

24 то абаіх прывядзіце да брамы гораду таго і ўкамянуйце да сьмерці: дзяўчыну за тое, што не крычала, будучы ў горадзе, а таго мужчыну за тое, што згвалтаваў жонку бліжняга, і так вынішчыш зло спаміж сябе.

25 Калі аднак мужчына знайшоў на полі заручаную дзяўчыну і згвалтаваў яе, ён адзін памрэ,

26 а той дзяўчыне нічога не рабіце, бо яна не дапусьцілася праступку, вартага сьмерці, бо гэта падобна на тое, калі хто выступае супраць бліжняга свайго і адбірае яму жыцьцё.

27 Бо яе знайшоў ён на полі, і дзяўчына заручаная крычала, але ніхто не прыйшоў ёй з дапамогаю.

28 Калі б мужчына напаткаў дзяўчыну не заручаную, схапіў яе і лёг зь ёю, і справа гэтая выявіцца,

29 той мужчына, каторы лёг зь ёю, дасьць бацьку дзяўчыны той пяцьдзесят сыкляў серабра, і яна будзе магчы стаць яго жонкай, таму што ён згвалтаваў яе, і ня будзе ён магчы кінуць яе ўсё жыцьцё.

30 Ніхто не павінен браць жонкі бацькі свайго і адкрываць крысо адзеньня бацькі свайго.

 

Разьдзел 23

 

1 Ніхто, хто мае струшчаныя яечкі або адрэзаны чэляс, ня ўвойдзе ў супольнасьць Госпадаву.

2 Ня ўвойдзе байструк да супольнасьці Госпадавай, нават у дзесятым пакаленьні ня ўвойдзе ён у супольнасьць Госпада.

3 Ня ўвойдзе сын Амона і Маабец у супольнасьць Госпада нават у дзесятым пакаленьні; ня ўвойдзе ён ў супольнасьць Госпада навекі,

4 таму што ня выйшлі яны нам на дарогу з хлебам і вадой, калі мы ішлі з Эгіпту, ды аплацілі супраць цябе Білеама, сына Бэора, з Пэтору, што ў Арам-Нагараіме, каб цябе праклінаў.

5 Але Госпад, Бог твой, не хацеў слухаць Білеама, і Госпад, Бог твой, замяніў праклён адносна цябе на дабраславенства, бо Госпад, Бог твой, узьлюбіў цябе.

6 Ня будзеш жадаць для іх міру і дабра ва ўсе дні свае і навекі.

7 Ня будзеш брыдзіцца Эдомцам, бо ён - твой брат, ані Эгіпціянінам, бо прыбыльцам быў ты ў зямлі яго.

8 У трэцім пакаленьні іх нашчадкі іх могуць быць дапушчаны ў супольнасьць Госпадаву.

9 Калі выступіш супраць ворагаў тваіх у бой, сьцеражыся ад усякай ліхой рэчы.

10 Калі знойдзецца ў цябе чалавек нячысты дзеля начнога выпадку, дык хай выйдзе ён з табару і ў табар ня вернецца.

11 Пад вечар няхай памыецца, а пасьля заходу сонца можа вярнуцца ў табар.

12 Будзеш мець месца па-за табарам, у якое будзеш хадзіць па патрэбе.

13 Заагледзішся ў колік, і калі выйдзеш навонкі, прыгатуеш ямку, а вяртаючыся, пакрыеш зямлёю нячыстасьць сваю.

14 Бо Госпад, Бог твой, ходзіць пасярод табару твайго, каб берагчы цябе ад ворагаў тваіх і выдаваць табе непрыяцеляў тваіх; хай табар твой будзе сьвяты, і нічога ў ім ня мае быць паганага, каб Ён не пакінуў цябе.

15 Ня выдавай нявольніка, каторы да цябе ўцёк, пану ягонаму.

16 Будзе ён жыць з табою, у месцы, якое ён выбраў бы ў адным з гарадоў тваіх, які спадабаўся б яму, і ты не засмучай яго.

17 Ня будзе распусьніцы сярод дачок Ізраэля, ані мужчыны распусьніка сярод сыноў Ізраэля.

18 Не занясеш у дом Госпада, Бога твайго, заробку распусьніцы і грошы распусьніка, як шлюбаваныя, бо Госпад, Бог твой, брыдзіцца адным і другім.

19 Не вымагай ад брата свайго адсоткаў з грошаў, ці з харчаваньня, ці з чаго другога, што пазычаецца на адсоткі.

20 Ад чужога можаш вымагаць, але ад брата ня будзеш вымагаць адсоткаў, каб Госпад, Бог твой, дабраславіў табе ва ўсім, да чаго прыкладзеш ты руку сваю ў зямлі, якою ідзеш авалодаць.

21 Калі складзеш шлюбаваньне Госпаду, Богу твайму, не марудзь выпаўніць яго, бо Госпад, Бог твой, патрабуе гэтага ад цябе і залічыць гэта табе за грэх.

22 Калі ўстрымаешся ад шлюбаваньня, будзеш бяз грэху.

23 А што выйшла з вуснаў тваіх, тое захоўвай і рабі, як абяцаў ты Госпаду, Богу твайму; з уласнай волі і вуснамі сваімі ты гэта абяцаў.

24 Калі ўвойдзеш у вінаграднік бліжняга свайго, еш вінаград, колькі табе падабаецца, але ў кошыку не вынось з сабой.

25 І калі ўвойдзеш у збожжа бліжняга свайго, рві каласы рукою, а сярпом ня жні.

 

Разьдзел 24

 

1 Калі чалавек возьме жонку і станецца яе мужам, і яна ня знойдзе ласкі ў вачах ягоных дзеля нейкай брыдкасьці, то хай напіша ён ёй пасьведчаньне разводнае, падасьць у рукі яе і адашле ў дом ейны.

2 А калі тая, выйшаўшы, стане жонкаю іншага,

3 а той таксама зьненавідзіць яе, і дасьць ёй пасьведчаньне аб разводзе, і адашле ў дом ейны або калі б ён памёр,

4 то першы яе муж ня можа ўзяць яе за жонку, бо яна ўжо спаганена; гэта было б абрыдай перад Госпадам. Дык не пагань зямлі тваёй, якую табе дае на валаданьне Госпад, Бог твой.

5 Калі які чалавек нядаўна ўзяў жонку, то хай не ідзе на вайну і хай не даручаецца яму абавязак грамадзкі, але хай застаецца свабодны дома і хай адзін год цешыцца з жонкаю сваёй.

6 Нельга браць у заклад каменя млыновага, верхняга ці сподняга, бо бралася б гэтым само жыцьцё ў заклад.

7 Калі будзе злоўлены чалавек, каторы зьневаляў каго з братоў сваіх, сыноў Ізраэля, і, прадаўшы яго, браў плату, хай будзе забіты. Так вынішчыш зло спасярод сябе.

8 Глядзі пільна, калі выбухне праказа, чаму вучаць вас сьвятары левіты, і што я загадаў ім, тое спаўняйце старанна.

9 Памятай, што зрабіў Госпад, Бог твой, Мірыям у дарозе, калі выйшлі вы з Эгіпту.

10 Калі бліжняму свайму дасі якую рэч у пазыку, ня ўвойдзеш у дом ягоны, каб узяць што ў заклад,

11 але пастаіш на двары, і ён прынясе табе заклад, які будзе мець.

12 Калі б гэта быў чалавек бедны, хай не начуе ў цябе заклад гэты,

13 але зараз жа аддасі яму да заходу сонца, каб спаў ён у адзетку сваім і дабраславіў табе, і каб меў ты справядлівасьць на віду Госпада, Бога свайго.

14 Не адмаўляй платы патрабуючаму і ўбогаму з братоў сваіх ці прыбыльцаў, каторыя жывуць з табой у зямлі тваёй і ў брамах тваіх,

15 але таго самага дня аддай яму плату за працу ягоную перад заходам сонца, бо ён бедны і платы патрабуе жыцьцё ягонае, каб не прызываў ён супраць цябе Госпада і не было залічана гэта табе за грэх.

16 Хай ня будуць забіваныя бацькі за сыноў, і сыны за бацькоў, але хай кожны памірае за свой грэх.

17 Не судзі крывадушна чужынца і сіраты, і ад ўдавы не бяры адзеньня ў заклад.

18 Памятай, што ты быў нявольнікам у Эгіпце і выбавіў цябе адтуль Госпад, Бог твой; дзеля таго і я табе загадваю рабіць гэта.

19 Калі будзеш жаць жніво на полі сваім і забудзешся снапа на полі, не вяртайся забраць яго, але хай застаецца ён для чужынца, сіраты і ўдавы, каб дабраславіў табе Госпад, Бог твой, ва ўсім, што будуць рабіць рукі твае.

20 Калі будзеш зьбіраць аліўкі, і застанецца некалькі на дрэве, не варочайся забраць іх, але хай застануцца яны для чужынца, сіраты і ўдавы.

21 Калі будзеш зьбіраць вінаград, не зьбірай застаўшыхся гронак, але пакінь іх на долю чужынца, сіраты і ўдавы.

22 Памятай, што і ты быў нявольнікам у Эгіпце, таму я загадваю табе рабіць гэтак.

 

Разьдзел 25

 

1 Калі ўзьнікне звадка паміж людзьмі, то хай прывядуць іх у суд і судзяць іх, і за справядлівага прызнаюць нявіннага, а вінаватага пакараюць.

2 Калі вось судзьдзя таго, хто дапусьціўся праступку, прызнае вартым пакараньня, дык паложаць таго на зямлі і ў яго прысутнасьці будуць біць, гледзячы на вялікасьць праступку.

3 Але не атрымае ён больш як сорак удараў, каб праз павелічэньне ўдараў над гэтую лічбу біцьцё не было над меру, і ня быў спаганены брат твой у вачах тваіх.

4 Не завязвай пысы валу малоцячаму.

5 Калі браты будуць жыць сумесна і адзін зь іх памрэ, і ня будзе мець сына, то ня выйдзе жонка памёршага замуж за каго іншага па-за сям'ёй, але швагер яе павінен узяць яе за жонку сабе і аднавіць патомства брата свайго.

6 І найстарэйшаму сыну, каторага народзіць яна, дадуць імя памёршага брата, каб не загінула імя яго ў Ізраэлі.

7 Калі б той мужчына не хацеў узяць сваёй братавай за жонку, пойдзе братавая ў браму гораду да старшыняў і скажа: «Швагер мой адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраэлю, ня хоча жаніцца са мною».

8 Старшыні гэтага гораду паклічуць яго і запытаюцца ў яго. Калі адкажа: «Не хачу яе браць за жонку»,

9 дык тады братавая падыйдзе да яго і на вачах старшыняў здыме яму сандал з нагі, плюне яму ў твар і скажа: «Так робяць з чалавекам, каторы ня хоча адбудаваць дому брата свайго».

10 І будзе названа імя яго ў Ізраэлю: «Дом разутага».

11 Калі будуць біцца паміж сабою мужчыны, адзін супраць другога, а жонка аднаго зь іх, хочучы вырваць мужа з рук б'ючага, выцягне руку і схопіць яго за сорам ягоны,

12 адрэжаш ёй рукі, ня будзеш мець літасьці над ёй.

13 Ня май ў мяшку тваім двух гатункаў вагаў, большых і меншых.

14 Ня будзе ў доме тваім эфы большай і меншай.

15 Вага ў цябе павінна быць справядлівая і праўдзівая; і эфа хай будзе ў цябе справядлівая і праўдзівая, каб доўга ты жыў на зямлі, каторую дасьць табе Госпад, Бог твой.

16 Бо брыдзіцца Госпад, Бог твой, кожным, хто так робіць, кожным, хто паступае несправядліва.

17 Памятай, што зрабіў табе ў дарозе Амалек, калі выйшаў ты з Эгіпту.

18 Заступіў ён табе дарогу і напаў на ўсіх змучаных голадам, на ўсе апошнія шэрагі твае, калі ты быў змораны і зьняможаны, і ён не баяўся Бога.

19 Дык калі Госпад, Бог твой, дасьць табе супакой ад усіх ворагаў тваіх, акружаючых цябе, у зямлі, якую дасьць табе, ты сатрэш імя Амалека спад неба. Глядзі, не забудзься.

 

Разьдзел 26

 

1 Калі ўвойдзеш у зямлю, каторую дасьць табе Госпад, Бог твой, на ўласнасьць, і завалодаеш ёю, і абжывешся ў ёй,

2 возьмеш пяршыны з усіх пладоў зямлі, якія зьбярэш зь зямлі тваёй, якую дасьць табе Госпад, Бог твой. Уложыш іх у кошык і пойдзеш на тое месца, каторае Госпад, Бог твой, выбярэ, каб прабывала там імя Яго,

3 і прыйдзеш да сьвятара, які будзе ў тыя дні, і скажаш яму: «Абвяшчаю сёньня перад Госпадам, Богам тваім, што я ўвайшоў у тую зямлю, якую Госпад запрысяг бацькам нашым, што дасьць Ён яе нам».

4 І вось возьме сьвятар кошык з рукі тваёй і паставіць на ахвярнік Госпада, Бога твайго,

5 а ты скажаш тады ў прысутнасьці Госпада, Бога твайго: «Бацька мой, вандроўны Арамеец, прыйшоў аж ў Эгіпет, а завандраваў туды малой грамадкай, і разросься ў вялікі народ, дужы і шматлікі.

6 І прыгняталі нас Эгіпцяне, і перасьледавалі нас, накладаючы найцяжэйшыя работы.

7 Дык мы клікалі да Госпада, Бога бацькоў нашых. І Ён выслухаў нас, і глянуў на ўпакарэньне нашае, і работу, і зьдзек.

8 І вывеў Ён нас рукою магутнаю і плячом узьнятым сярод вялікага страху, знакаў і цудаў.

9 І прывёў нас у гэтае месца, і даў нам зямлю, аплываючую ў малако і мёд.

10 Вось таму прнёс я пяршыны пладоў зямлі, якую даў мне Госпад». І паложыш іх на від Госпада, Бога твайго, і паклонішся Госпаду, Богу твайму.

11 І будзеш цешыцца ва ўсіх даброцьцях, каторыя даў Госпад, Бог твой, табе і дому твайму, ты, і левіт, і чужынец, каторы пражывае ў цябе.

12 Калі ў трэцім годзе, годзе дзесяціны, аддзеліш ўсе дзесяціны з усіх пладоў тваіх і аддасі іх левіту, чужынцу, сіраце і ўдаве, каб елі і насычаліся ўдосталь у брамах тваіх,

13 тады скажаш на віду Госпада, Бога твайго: «Узяў я з дому свайго тое, што было пасьвячана, і даў левіту, чужынцу, сіраце і ўдаве, як Ты загадаў мне; я не парушыў загадаў Тваіх і не забыўся на волю Тваю.

14 Не спажываў я іх у дзень жалобы сваёй, ня ўзяў нічога зь іх, калі быў нячысты, не даваў зь іх нічога памёршаму, я слухаў голас Госпада, Бога майго, і зрабіў усё, што загадаў Ты мне.

15 Дык глянь са сьвятога прыстанішча Свайго, зь нябёсаў, і дабраслаў народ твой, Ізраэля, і зямлю, якую Ты даў нам, як запрысяг бацькам нашым, зямлю, аплываючую ў малако і мёд».

16 Сёньня загадвае табе Госпад, Бог твой, каб ты спаўняў прыказаньні гэтыя, а таксама закон і пільнаваўся гэтага ўсім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй.

17 Выбраў ты сёньня Госпада, каб быў Ён табе Богам, і каб ты хадзіў дарогамі Ягонымі і трымаўся Яго пастановаў, прыказаньняў і закону ды быў паслухмяным волі Яго.

18 І Госпад выбраў цябе сёньня, каб ты быў Яму народам выбраным, як Ён казаў табе, і каб ты спаўняў усе прыказаньні Ягоныя.

19 І тады Ён ўзвысіць цябе ў пашане і славе над другімі народамі, якія Ён паклікаў да жыцьця, каб ты быў для Госпада, Бога твайго, народам сьвятым, як Ён казаў табе».

 

Разьдзел 27

 

1 Загадаў вось Майсей разам са старэйшымі Ізраэля ўсяму народу, кажучы: «Захавайце ўсякі загад, які я вам сёньня абвяшчаю.

2 Калі пяройдзеш Ярдан і ўвойдзеш у зямлю, якую табе дасьць Госпад, Бог твой, пастаў велізарныя каменьні і абмаж іх вапнай,

3 каб мог напісаць на іх усе словы гэтага закону, калі пяройдзеш Ярдан, каб увайсьці ў зямлю, якую дасьць табе Госпад, Бог твой, у зямлю, якая аплывае ў малако і мёд, як сказаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх.

4 Калі пяройдзеце Ярдан, пастаўце гэтыя каменьні, як я вам сёньня загадваю, на гары Гэбаль і абмажце іх вапнай.

5 І пабудуй там ахвярнік Госпаду, Богу твайму, з каменьняў, каторых не кранула жалеза,

6 з каменьняў нячэсаных, і злажы на ім ахвяру цэлапаленьня Госпаду, Богу твайму.

7 І складзі ахвяру прымірэньня, і еш там, і цешся на віду Госпада, Бога твайго;

8 і напішы на каменьнях усе словы Закону гэтага выразна і ясна».

9 Потым Майсей і сьвятары левіты прамовілі да ўсяго Ізраэля: «Маўчы, Ізраэль, і слухай. У дзень сягоньняшні стаўся ты народам Госпада, Бога твайго.

10 Будзеш слухаць голас Яго і спаўняць загады і прыказаньні Ягоныя, якія я загадваю табе».

11 У той дзень загадаў Майсей народу, кажучы:

12 «Калі пяройдзеце Ярдан, стануць на гары Гарызім, каб дабраславіць народ, вось гэтыя: Сымон, Леві, Юда, Ісахар, Язэп і Бэн'ямін.

13 На гары ж Гэбаль для праклінаньня будуць стаяць вось гэтыя: Рубэн, Гад, Асэр, Забулён, Дан і Нэфталі.

14 І пачнуць левіты, і загамоняць гучным голасам да ўсяго Ізраэля:

15 «Пракляты чалавек, каторы зробіць статую або літога ідала, брыдоту перад Госпадам, твор рук рамесьніка і паставіць яго ў месцы схаваным!» І ўвесь народ адкажа: «Амэн».

16 «Пракляты той, хто пагарджае бацькам сваім і маткай». І ўвесь народ адкажа: «Амэн».

17 «Пракляты той, хто перасоўвае мяжу бліжняга свайго». І ўвесь народ адкажа: «Амэн».

18 «Пракляты той, хто падманвае сьляпога ў дарозе». І ўвесь народ адкажа: «Амэн».

19 «Пракляты той, хто крыўдзіць чужынца, сірату і ўдаву». І ўвесь народ адкажа: «Амэн».

20 «Пракляты той, хто лажыцца з жонкай бацькі свайго, бо ён адкрывае крысо плашча ягонага». І ўвесь народ адкажа: «Амэн».

21 «Пракляты той, хто лажыцца з усялякай жывёлаю». І ўвесь народ адкажа: «Амэн».

22 «Пракляты той, хто лажыцца зь сястрой сваёй, з дочкай бацькі свайго або маткі сваёй». І ўвесь народ адкажа: «Амэн».

23 «Пракляты той, хто лажыцца зь цешчай сваёй». І ўвесь народ адкажа: «Амэн.»

24 «Пракляты той, хто тайна забівае бліжняга свайго». І ўвесь народ адкажа: «Амэн.»

25 «Пракляты той, хто бярэ хабар, каб праліць кроў нявінную». І ўвесь народ адкажа: «Амэн»

26 «Пракляты той, хто не трымаецца словаў гэтага Закону, і не спаўняе іх на дзеле». І ўвесь народ адкажа: «Амэн.»

 

Разьдзел 28

 

1 «Дык калі будзеш ты слухаць голас Госпада, Бога твайго, і спаўняць, і захоўваць ўсе загады Ягоныя, каторыя я загадваю табе сягоньня, то Госпад, Бог твой, узвысіць цябе над усе народы, якія пражываюць на зямлі,

2 і сплывуць на цябе ўсе гэтыя дабраславенствы, і споўняцца на табе, калі толькі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго.

3 Дабраслаўлены ты ў горадзе і дабраслаўлены ў полі.

4 дабраслаўлены плод ўлоньня твайго і плод зямлі тваёй, плод жывёлы тваёй, і прыплод валоў тваіх і авец тваіх.

5 дабраслаўлен кош твой і жорны твае.

6 дабраслаўлены ты ўваходзячы і дабраслаўлены выходзячы.

7 Дасьць табе Госпад, што ворагі твае, каторыя паўстаюць супраць цябе, будуць пабітыя на віду ў цябе. Адной дарогай яны пойдуць супраць цябе, а сямёма шляхамі ўцякуць ад цябе.

8 Спашле Госпад дабраславенства на сьвірны твае і на ўсякую працу рук тваіх; і будзе дабраславіць табе на зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой.

9 І паставіць цябе Госпад як народ сьвяты, як запрысяг табе, калі будзеш захоўваць прыказаньні Госпада, Бога твайго, і хадзіць дарогамі Ягонымі.

10 І ўбачаць усе народы на зямлі, што імя Госпада прызывана вамі, і будуць баяцца вас.

11 І дасьць табе Госпад дастатак усякіх даброцьцяў; і плод ўлоньню твайму, прыплод жывёле тваёй, плён зямлі тваёй, якую запрысяг Госпад бацькам тваім, што дасьць табе.

12 Адкрые табе Госпад багатыя скарбы нябесныя, каб даць у свой час дождж зямлі тваёй і дабраславенства ўсім працам рук тваіх; ты будзеш пазычаць многім народам, а сам ні ад каго пазычаць ня будзеш.

13 І зробіць цябе Госпад галавою, а не хвастом, і будзеш ты заўсёды на версе, а не ў нізе, калі будзеш слухаць загады Госпада, Бога твайго, каторыя сёньня я загадваю табе, каб ты захоўваў і спаўняў іх,

14 і не адступай ад словаў, каторыя даручаю табе сягоньня, ані ўправа, ані ўлева, і не ідзі за багамі чужымі, і не пакланяйся ім.

15 А калі не захочаш слухаць голас Госпада, Бога твайго, захоўваць і спаўняць усе загады Яго і прыказаньні, каторыя я сягоньня загадваю табе, то прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і споўняцца на табе.

16 Пракляты ты ў горадзе і пракляты на полі.

17 Пракляты кош твой і кладоўка твая.

18 Пракляты плод улоньня твайго і плён зямлі тваёй, плод жывёлы тваёй і прыплод авец тваіх.

19 Пракляты ты пры ўваходзе тваім і пры выхадзе тваім.

20 Спашле на цябе Госпада праклён, і трывогу, і няшчасьце ва ўсіх працах тваіх, што будзеш рабіць, пакуль ня зьнішчыць цябе і не прападзеш ты хутка дзеля ліхіх учынкаў сваіх, дзеля якіх пакінуў ты Мяне.

21 Спашле на цябе Госпад пошасьць, пакуль ня выкараніць цябе зь зямлі, у каторую ты ўвойдзеш на пражываньне.

22 Дакране цябе Госпад сухотамі, гарачкаю, трасцай, сьпякотаю, засухаю, палючым ветрам і іржою, яны будуць мучыць цябе, пакуль ты ня будзеш зьнішчаны.

23 І неба, каторае над галавой тваёй, зробіцца медзьдзю, а зямля пад табою - жалезам.

24 Заменіць Госпад дождж на зямлі тваёй у пыл, а зь неба будзе падаць на цябе попел, пакуль ня зьнішчыць цябе.

25 І аддасьць цябе Госпад на паражэньне ворагам тваім; адной дарогай будзеш ісьці на іх, а сямю дарогамі будзеш уцякаць ад іх, і станеш ты страхоцьцем для ўсіх каралеўстваў зямлі.

26 Труп твой будзе пажываю ўсім птушкам паднебным і зьвярам зямным, і ніхто ня будзе адганяць іх.

27 Дакране цябе Госпад праказай Эгіпецкай і балячкамі, каростаю і скуламі, каторых ня зможаш вылячыць.

28 Пакарае цябе Госпад вар'яцтвам, сьлепатою і неспакоем сэрца.

29 У поўдзень будзеш хадзіць навобмацак, як сьляпы навобмацак ходзіць у поцемках, і ва ўсіх справах тваіх ня будзеш мець посьпеху. Увесь час будзеш крыўджаны і рабаваны, і ня будзе каму ратаваць цябе.

30 Заручышся з жонкай, а другі хто будзе спаць зь ёй. Будзеш будаваць дом, але ня будзеш жыць у ім, пасадзіш вінаграднік, але не зьбярэш пладоў яго.

31 Вол твой будзе забіты на вачах у цябе і не пакаштуеш яго. Асёл твой будзе забраны і ня вернецца да цябе; авечкі твае будуць аддадзены ворагам тваім, і ня будзе каму дапамагчы табе.

32 Сыны твае і дочкі твае будуць аддадзены іншаму народу на вачах тваіх, і ўвесь дзень будзеш, плачучы, выглядаць іх дарма, і ня будзе сілы ў руках тваіх.

33 Плады зямлі тваёй і ўсю працу тваю зьесьць народ, якога ня ведаеш, і будзеш ты заўсёды крыўджаны і прыгнечаны ўвесь час.

34 І звар'яцееш, бачачы тое, што пабачаць вочы твае.

35 Дакране цябе Госпад балючымі скуламі на каленях і нагах, і ня зможаш вылечыцца, і пакрыюць цябе ад стопаў аж да чубу галавы.

36 Цябе і караля твайго, каторага выбярэш, завядзе Госпад да народу, якога ня ведаў ты і бацькі твае, і будзеш служыць там багам чужым, дрэву і каменю,

37 і будзеш страхоцьцем, і прыказкай, і пасьмешышчам усім народам, да якіх высяліць цябе Госпад.

38 Насеньня многа кінеш у зямлю, а зьбярэш мала, бо шаранча паесьць усё.

39 Вінаграднікі засадзіш, будзеш даглядаць, а віна піць ня будзеш, ды нічога зь іх не зьбярэш, бо будуць паедзены чарвякамі.

40 Аліўкі будзеш мець на ўсіх межах сваіх, але ня выцісьнеш алею, бо змарнеюць і прападуць.

41 Народзіш сыноў і дачок, але не пацешышся зь іх, бо павядуць іх у няволю.

42 Усе дрэвы твае і плод зямлі тваёй паядуць жужлы.

43 Чужынец, які жыве з табой на зямлі, падымецца па-над цябе і стане высокім, а ты зыйдзеш і будзеш нізкім.

44 Ён будзе пазычаць табе, а ты не пазычыш яму; ён будзе галавой, а ты будзеш хвастом.

45 І прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны, і будуць цябе перасьледваць, і зьдзеквацца над табой, пакуль не прападзеш, бо ня слухаў ты Госпада, Бога твайго, і не выконваў загадаў Ягоных і прыказаньняў, якія Ён даў табе.

46 Яны будуць знакам і довадам табе і патомству тваёму навек.

47 За тое, што ты не служыў Госпаду, Богу твайму, зь вясёласьцю і радасьцю сэрца твайго ў дастатку тваім,

48 будзеш служыць ворагу твайму, каторага Госпад навядзе на цябе, у голадзе і смазе, у чаласьці і недастачы ўсяго, і ён павесіць ярмо жалезнае на карку тваім, пакуль ня вынішчыць цябе.

49 Навядзе на цябе Госпад народ далёкі, з канца зямлі, як арол, наляціць народ гэты, мовы каторага ты не разумееш,

50 народ жудасны, які не ўшануе старога і не пашкадуе дзіцяці.

51 І ён зжарэ плод тваёй жывёлы і зборы зямлі тваёй, пакуль цябе ня выгубіць; і не пакіне табе пшаніцы, віна і алею, прыплоду жывёлы і прыплоду авец, пакуль цябе ня зьнішчыць.

52 І возьме ён у аблогу цябе ва ўсіх гарадах тваіх, пакуль не разваліць муры твае моцныя і высокія, у якіх ты пакладаў надзею, ва ўсёй зямлі тваёй. І будзе трымаць цябе ў аблозе ва ўсіх гарадах, на ўсёй зямлі, якую даў табе Госпад, Бог твой.

53 Будзеш ты есьці плод улоньня твайго, целы сыноў тваіх і дачок тваіх, якія даў табе Госпад, Бог твой, у аблозе ды ў бядзе, якімі прыцісьне цябе вораг твой.

54 У цябе чалавек чульлівы і вельмі далікатны будзе ненавідзець брата свайго і жонку, якая туліцца да яго, і рэшту дзяцей сваіх, каторыя засталіся ў яго.

55 Ня дасьць нікому ён целы сыноў сваіх, каторыя будзе есьці, бо ён ня будзе ўжо больш нічога мець дзеля аблогі і бяды, якімі вораг твой прыцісьне цябе ва ўсіх брамах тваіх.

56 Жанчына ў цябе, вельмі чульлівая і далікатная, і так расьпешчаная, што не хацела нагі паставіць на зямлю дзеля далікатнасьці і расьпешчанасьці, цяпер ліхім вокам гляне на мужа ўлоньня свайго, на сына свайго і дачку сваю

57 і ня дасьць ім ложышча, якое выйшла зь яе ўлоньня, і дзяцей, ёю народжаных, бо есьці іх будзе таемна дзеля нястачы ўсяго ў час аблогі і гора, якімі прыцісьне цябе вораг ва ўсіх брамах тваіх.

58 Калі ня будзеш берагчы і выпаўняць усіх словаў гэтага Закону, якія напісаныя на гэтым скрутку, і ня будзеш баяцца гэтага слаўнага і страшнага імя Госпада, Бога твайго,

59 то многа больш павялічыць Госпад плягі твае і плягі на патомства тваё, і кары цяжкія і доўгатрывалыя,

60 і навядзе на цябе ўсе плягі Эгіпецкія, каторых ты баяўся, і нахлынуць яны на цябе.

61 І ўсе хваробы і плягі, не запісаныя ў гэтым скрутку Закону, напусьціць Госпад на цябе, пакуль цябе ня выгубіць.

62 І застанецёся вы ў малой лічбе, тады як раней вы былі, як зоркі на небе, у колькасьці сваёй, бо ня слухаў ты голас Госпада, Бога твайго.

63 Як перад тым цешыўся Госпад з вас, добра вам робячы і памнажаючы вас, так будзе цешыцца з вас, нішчачы вас і сьціраючы з паверху зямлі, у якую ідзіцё, каб завалодаць.

64 Госпад расьцярушыць вас сярод усіх народаў, ад канца да канца зямлі, і там будзеш ты служыць чужым багам, каторых ня ведаў ты і бацькі твае, дрэвам і каменьням.

65 І ня будзеш ты мець супакою ў гэтых народаў, стапа тваёй нагі не супачыне. І дасьць там табе Госпад сэрца, дрыжачае ад страху, вочы, заплаканыя з тугі, і душу збалелую.

66 Жыцьцё тваё будзе вісець перад табою; будзеш баяцца ноччу і днём, і ня будзеш пэўны жыцьця свайго.

67 Нараніцы ты скажаш: «Хто дасьць мне дачакацца вечара?», а ўвечары: «Хто мне дасьць дачакацца раніцы?» дзеля страху сэрца свайго, якое будзе баяцца дзеля ўсяго таго, што ўбачаць вочы твае.

68 І верне цябе Госпад у Эгіпет на караблях тою дарогаю, пра якую Ён казаў табе, што ты яе больш не пабачыш; там будзеце вы прададзеныя ворагам вашым як нявольнікі і нявольніцы ды ня будзе каму купляць».

 

Разьдзел 29

 

1 Гэткія вось словы запавету, які загадаў Госпад Майсею заключыць з сынамі Ізраэля ў зямлі Маабу, апрача запавету, які заключыў зь імі на Гарэбе.

2 І склікаў Майсей увесь Ізраэль, і сказаў ім: «Вы бачылі ўсё, што ў зямлі Эгіпецкай на вашых вачах зрабіў Госпад фараону і ўсім слугам ягоным, і ўсёй зямлі,

3 тыя вялікія плягі, якія бачылі вочы вашыя, знакі і цуды вялікія,

4 ды ня даў вам Госпад сэрца разумеючага, вачэй бачачых і вушэй, каторыя маглі б чуць, аж да сягоньняшняга дня.

5 І вёў я вас сорак гадоў праз пустыню; ня сьцёрліся адзеньні вашыя, сандалы на нагах вашых ад старасьці не знасіліся.

6 Хлеба вы ня елі, віна і сікеры не пілі, каб вы ведалі, што Я - Госпад, Бог ваш.

7 І прыйшлі вы потым на гэтае месца, і Сыгон, кароль Хешбону, і Ог, кароль Башану, выступілі супраць вас вайною, і мы іх пабілі.

8 І забралі мы іхнюю зямлю, і аддалі яе на ўласнасьць пакаленьням Рубэна і Гада і палове пакаленьня Манасы.

9 Дык захоўвавайце словы гэтага запавету і спаўняйце іх, каб мелі вы посьпех ва ўсім, што робіце.

10 Вы стаіцё сёньня ўсе ў прысутнасьці Госпада, Бога вашага; князі вашыя, начальнікі пакаленьняў вашых, старшыні вашыя, судзьдзі, таксама кожны Ізраэлец,

11 дзеці і жонкі вашыя, і чужаземец твой, каторы з табой прабывае ў табары, пачынаючы ад дрывасекаў аж да тых, каторыя чэрпаюць ваду,

12 каб увайшоў ты ў запавет Госпада, Бога твайго, і прысягай запячтаў тое, што сёньня Госпад, Бог твой, заключыў з табою,

13 каб зрабіць цябе сягоньня Сваім народам, і каб Ён быў тваім Богам, як прырок табе і як запрысяг Ён бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.

14 Ня толькі з вамі аднымі заключаю я гэты запавет і зацьвярджаю яго прысягай,

15 але з усімі тут прысутнымі перад Госпадам, Богам нашым, і з тымі, каго сёньня тут няма.

16 Вы ж ведаеце, як мы жылі ў зямлі Эгіпцкай і як ішлі між народамі, празь якія вы прайшлі.

17 Бачылі вы брыдоты і ідалы іхнія, дрэвы і камяні, серабро і золата, якім яны пакланяліся.

18 Хай ня будзе часам паміж вас мужчыны або жанчыны, сям'і або пакаленьня, каторага сэрца было б адвярнуўшыся ад Госпада, Бога вашага, каб ісьці і служыць багам гэтых народаў, ды каб гэтак не знайшоўся паміж вас корань, родзячы атруту і палын.

19 Калі б хто чуў словы гэтага праклёну і патураў сабе ў сэрцы сваім, думаючы: «Супакой душы мець буду, хоць буду жыць у крывадушнасьці сэрца свайго,» той сьцягвае загубу на зямлю як наводненую, так і сухую.

20 Госпад не даруе яму, але тады тым больш узгарыцца гнеў Ягоны і лютасьць супраць таго чалавека, і прыйдуць на яго ўсе праклёны, запісаныя ў гэтым скрутку, і выкрасьліць Госпад імя яго спад неба,

21 і аддзеліць яго на загубу з усіх пакаленьняў Ізраэля, паводле ўсіх праклёнаў запавету, запісаных ў гэтай кнізе Закону.

22 Тады будучыя пакаленьні, сыны вашыя, каторыя народзяцца пасьля вас, і здалёка прыйшоўшы чужынец убачаць плягі гэтае зямлі і немачы, якімі будзе караць яго Госпад, і скажуць:

23 «Серка і соль, і пажарышча - уся яго зямля, так што ня будзе яна больш засяваная і не зазелянее яна, як пасьля загубы Садомы і Гаморы, Адмы і Цэбоіма, каторыя Госпад зьнішчыў у гневе Сваім і ярасьці».

24 Тады скажуць усе народы: «Чаму Госпад зрабіў так зямлі гэтай? Чаму так страшна ўзгарэўся Яго гнеў?»

25 І адкажуць: «Бо пакінулі яны запавет Госпада, Бога бацькоў іхніх, які заключыў Ён зь імі, калі вывеў іх зь зямлі Эгіпецкай,

26 і пайшлі, і служылі багам чужым, і пакланяліся ім, тым, каторых ня ведалі, і якіх Ён ім не прызначыў,

27 таму ўзгарэўся гнеў Госпада супраць гэтай зямлі, і навёў Ён на яе ўсе праклёны, запісаныя ў гэтым скрутку.

28 І выгнаў Ён іх зь зямлі іхняй у гневе, ярасьці і абурэньні страшным, і выгнаў іх у зямлю чужую, як гэта ёсьць сёньня».

29 Скрытае належыць Госпаду, Богу нашаму, а адкрытае - нам і сынам нашым аж навек, каб спаўнялі мы ўсе словы гэтага Закону.

 

Разьдзел 30

 

1 Калі споўняцца на табе ўсе гэтыя словы дабраславенства і праклёну, каторыя я абвясьціў табе, і ты прымеш іх у сэрца сваё сярод усялякіх народаў, у якія выгнаў цябе Госпад, Бог твой,

2 і вернешся да Яго, і будзеш слухаць Яго голас ва ўсім, што я сягоньня табе загадваю, ты і сыны твае, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй,

3 тады адменіць Госпад, Бог твой, няволю тваю і пашкадуе цябе, і зноў сабярэ цябе з усіх народаў, у каторыя цябе перад тым выгнаў.

4 Хоць бы ты быў выгнаны на канец неба, адтуль сьцягне і адтуль зьбярэ цябе Госпад, Бог твой, і возьме цябе,

5 і ўвядзе ў зямлю, якую мелі бацькі твае, і атрымаеш яе ва ўладаньне, і дабраславіць, і павялічыць цябе больш за бацькоў тваіх.

6 Госпад, Бог твой, абрэжа сэрца тваё і сэрца патомства твайго, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй, каб жыў ты.

7 Тады зьверне Госпад, Бог твой, усе гэтыя праклёны на ворагаў тваіх і на тых, каторыя ненавідзяць цябе і крыўдзяць цябе.

8 Ты вось навернешся, і будзеш слухаць голас Госпада, і выканаеш усе прыказаньні, якія я загадваю табе сягоньня.

9 Госпад, Бог твой, дасьць табе посьпех ва ўсіх працах рук тваіх, у пладах улоньня твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ўрадлівасьці зямлі тваёй табе на дабро. Уласкавіцца бо Госпад, каб цешыцца зь цябе, даючы ўсякія даброцьці, як цешыўся Ён з бацькоў тваіх,

10 калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і берагчы будзеш загады Ягоныя і прыказаньні, якія запісаны ў гэтым Законе, і навернешся да Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй.

11 Загад гэты, які я табе сягоньня даю, ня ёсьць невыканальны для цябе, па-над магчымасьць тваю.

12 Ня ў небе ён памешчаны, каб мог ты жаліцца: «Хто з нас будзе магчы ўзыйсьці ў неба і прынесьці яго нам, каб маглі мы пачуць і выканаць яго?»

13 І не за морам ён, каб мог ты жаліцца і казаць: «Хто з нас можа пераплысьці мора і прынесьці яго да нас, каб мы маглі пачуць і выканаць тое, што загадана?»

14 Але ж слова гэтае блізка каля цябе, яно ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб мог ты яго споўніць.

15 Глядзі, я прапаную табе сягоньня жыцьцё і шчасьце, сьмерць і няшчасьце.

16 Калі будзеш выконваць загады Госпада, Бога твайго, якія я загадваю табе сёньня, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, і хадзіў Яго дарогамі, і захоўваў Яго загады, і прыказаньні, і законы, будзеш жыць, і памножыць Ён цябе, і будзе дабраславіць табе ў зямлі, якую ідзеш атрымаць на ўласнасьць.

17 А калі адвернецца сэрца тваё і не захочаш слухаць, і, зьведзены, паклонішся багам чужым, і будзеш ім служыць,

18 то я прадказваю вам сягоньня, што прападзецё і за кароткі час пагінеце на зямлі за Ярданам, якую ідзеш атрымаць на ўласнасьць.

19 За сьведкаў клічу неба і зямлю, што прапаную вам жыцьцё і сьмерць, дабраславенства і праклён. Дык выбірай жыцьцё, каб жыў ты і патомства тваё,

20 і любі Госпада, Бога твайго, і слухай голас Яго, і туліся да Яго, Ён бо жыцьцё тваё і даўгавечнасьць твая, каб жыў ты на зямлі, якую абяцаў Госпад бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, што дасьць ім яе».

 

Разьдзел 31

 

1 Гэтымі яшчэ словамі прамовіў Майсей да ўсяго Ізраэля:

2 «Маю ўжо сёньня сто дваццаць гадоў. Не магу больш хадзіць, і Госпад сказаў мне: «Не пяройдзеш ты Ярдан гэты».

3 Госпад, Бог твой, Сам пойдзе перад табою; Ён зьнішчыць гэтыя народы на віду ў цябе, і ты завалодаеш імі, і Ешуа пойдзе перад табою, як сказаў Госпад.

4 І зробіць ім Госпад, як зрабіў Сыгону і Огу, каралям Амарэйцаў, і зямлі іхняй, зьнішчыўшы іх.

5 І выдасьць Госпад іх вам, і зробіце вы зь імі паводле ўсіх прыказаньняў, якія я загадаў вам.

6 Дзейнічайце мужна і будзьце адважнымі, ня бойцеся і не палохайцеся іх, бо Госпад, Бог твой, ёсьць правадыром тваім, Ён не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе».

7 Потым паклікаў Майсей Ешуа і сказаў яму перад усім Ізраэлем: «Будзь мужным і моцным, бо ты ўвядзеш народ гэты ў зямлю, якую запрысяг Госпад бацькам іхнім даць яе, і ты яе падзеліш жэрабем.

8 А Госпад, Які ёсьць правадыром тваім, Сам будзе з табою, не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе, дык ня бойся і не трывожся».

9 І напісаў Майсей Закон гэты і перадаў яго сьвятарам, сынам Левія, каторыя насілі каўчэг запавету Госпада, і ўсім старшыням Ізраэля.

10 І загадаў ім Майсей, кажучы: «Па сямі гадах, у год адпушчэньня даўгоў, у сьвята Палатак,

11 калі ўвесь Ізраэль прыйдзе на від Госпада, Бога твайго, у месцы, якое выбярэ Госпад, перачытаеш словы гэтага Закону ўголас перад усім Ізраэлем, каб чулі ўсе.

12 Зьбяры ўвесь народ, мужчынаў і жанчынаў, дзяцей і чужынцаў, каторыя пражываюць з табой, каб яны шукалі і вучыліся баяцца Госпада, Бога вашага, і бераглі, і спаўнялі ўсе словы гэтага Закону.

13 Таксама сыны іхнія, каторыя яшчэ ня ведаюць гэтага, хай слухаюць і вучацца баяцца Госпада, Бога вашага, усе дні, як доўга будзеце жыць на зямлі, якую вы, перайшоўшы Ярдан, ідзіцё атрымаць на ўласнасьць».

14 І сказаў Госпад Майсею: «Вось жа набліжаецца дзень сьмерці тваёй. Пакліч Ешуа і станьце ў Палатцы Сустрэчы, і Я дам яму даручэньні». Дык Майсей і Ешуа пайшлі і сталі ў Палатцы Сустрэчы.

15 І Госпад аб'явіўся там у воблачным стаўбе, які стаяў ля ўваходу ў палатку.

16 І сказаў Госпад Майсею: «Вось жа ты засьнеш з бацькамі сваімі, а народ гэты паўстане, каб распуставаць з чужымі багамі гэтай зямлі, у каторую ўвойдзе; і пакінуць яны Мяне, і парушаць запавет, які Я заключыў зь імі.

17 І ўзгарыцца гнеў Мой супраць яго ў той дзень, і пакіну Я іх, і схаваю аблічча Маё ад іх, і будзе ён на загубу; прыйдуць на яго многія беды і ўціскі, так што скажа ён у той дзень: «За тое, што няма Бога са мной, нахлынулі гэтыя беды на мяне».

18 Я вось схаваю і не пакажу аблічча Майго ў той дзень дзеля ўсіх злачынстваў, якіх ён дапусьціўся, бо пайшоў ён за багамі чужымі.

19 Запішыце цяпер сабе гэты гімн. Навучы яму сыноў Ізраэля, каб быў ён на вуснах іх, і гэтая песьня будзе Мне сьведкаю супраць сыноў Ізраэля.

20 Бо Я ўвяду яго ў зямлю, якую запрысяг Я бацькам яго, аплываючую ў малако і мёд. І будзе ён есьці, і наесца да сытасьці, у сытасьці павернецца да чужых багоў, і будзе служыць ім, а Мною ўзгардзіць і разарве запавет Мой.

21 А калі наведаюць яго многія беды і крыўды, гэтая песьня будзе сьведчыць супраць яго, бо вусны патомкаў яго яе не забудуцца. Я бо ведаю думкі ягоныя, што ён робіць сягоньня, перш, чым увяду яго ў зямлю, каторую абяцаў яму».

22 Дык запісаў Майсей гэтую песьню ў той дзень і навучыў яе сыноў Ізраэля.

23 А Госпад загадаў Ешуу, сыну Нуна, кажучы: «Будзь мужным і моцным, бо ты ўвядзеш сыноў Ізраэля ў зямлю, якую Я абяцаў ім, а Я буду з табою».

24 Дык калі Майсей закончыў пісаць словы гэтага Закону ў кнізе,

25 то загадаў левітам, каторыя насілі каўчэг запавету Госпада, кажучы:

26 «Вазьміце гэтую кнігу Закону і ўлажыце яе побач каўчэгу запавету Госпада, Бога вашага, каб была яна сьведкам супраць цябе.

27 Я вось знаю ўпартасьць тваю і цьвёрды твой карак. Вось і зараз, калі жыву з вамі, заўсёды вы былі ўпартыя адносна Госпада, а тым больш па сьмерці маёй.

28 Зьбярыце да мяне ўсіх старшыняў пакаленьняў вашых, а таксама начальнікаў вашых, каб сказаць мне ў вушы іхнія словы гэтыя і паклікаць супраць іх неба і зямлю на сьведкаў.

29 Бо я ведаю, што пасьля маёй сьмерці ліхоту чыніць будзеце і адвернецеся ад дарогі, якую я вам загадаў, і напаткаюць вас у апошнія часы няшчасьці, калі дапусьціцеся ліхоцьця на віду Госпада і разгневаеце Яго ўчынкамі рук вашых».

30 Дык прамаўляў Майсей да ўсяго сабраўшагася Ізраэля словы гэтай песьні аж да канца:

 

Разьдзел 32

 

1 «Слухайце, нябёсы, што я гавару, і хай чуе зямля словы вуснаў маіх!

2 Хай цячэ, як дождж, навука мая, хай падае, як раса, мова мая, як імгла, хай імжыць на траву ды, як кроплі, капае на зямлю.

3 Бо прызываць я буду імя Госпада, дык дайце хвалу Богу нашаму!

4 Ён - скала, і дасканалыя творы Яго, бо ўсе шляхі Яго справядлівыя. Бог верны, і няма ў Ім няпраўды, Ён беззаганны і справядлівы.

5 Саграшылі супраць Яго, не Яго гэта дзеці, пакаленьне паганае і ліхое.

6 Чым аднагараджаеце Госпаду, народ дурны і сапсуты? Ці ж Ён ня Бацька твой? Ён стварыў цябе і трымае пры жыцьці цябе.

7 Памятай аб днях даўнейшых, разважай пра паасобныя пакаленьні; папытайся бацькі свайго, і ён скажа табе, старшынь тваіх, і яны раскажуць табе.

8 Калі надзяляў Узвышні народы, калі разьдзяляў сыноў Адама, Ён вызначыў межы народам паводле лічбы сыноў Ізраэля.

9 Уласнасьць Госпада - народ Ягоны. Якуб - удзел спадчыны Ягонай.

10 Ён знайшоў яго на зямлі пустыннай, у месцы жаху, Ён хадзіў за ім і глядзеў, і сьцярог яго, як зрэнку вока Свайго.

11 Як арол прынукае лятаць птушанятаў сваіх і над імі кружляе, раскінуўшы крылы свае, і бярэ іх ды нясе на крылах сваіх,

12 так Госпад Сам вадзіў яго, і не было зь ім бога чужога.

13 І паставіў яго на высокай зямлі, каб спажываў плады палёў, каб піў мёд са скалы і алей зь цьвёрдага каменя,

14 масла кароў і малако авец, лой бараноў і ягнятаў Башану, і казлоў разам з найчысьцейшай пшаніцай, і каб піў кроў вінаграду адборнага.

15 Насыціўся Ешурун і стаўся брыклівы, стаў сыты, тлусты і гладкі, і пакінуў Бога, Творцу свайго, і зьняважыў скалу збаўленьня свайго.

16 І гневалі яны Яго багамі чужымі ды брыдотамі прынукалі да гневу.

17 Ахвяры складалі яны дэманам, а ня Богу, багам, каторых ня ведалі; новым, каторыя нядаўна зьявіліся, каторым не пакланяліся бацькі іхнія.

18 Заступніка, каторы цябе нарадзіў, пакінуў ты, не памятаў ты Госпада, Творцу свайго.

19 Убачыў гэта Госпад і абурыўся, бо гнявілі Яго сыны Ягоныя і дочкі.

20 Дык сказаў: «Схаваю аблічча Маё ад іх і пабачу будучыню іхнюю, бо пакаленьне гэта ліхое, сыны няверныя.

21 Яны ўгнявілі Мяне тым, што ня богі, неразумнасьцю сваёй раздражнілі Мяне; а Я ўгняўлю іх тым, што не народ, народам дурным раздражню іх.

22 Узгарэўся агонь ярасьці Маёй і будзе гарэць аж да найглыбейшага пекла, і спаліць зямлю з расьліннасьцю яе, і спапяліць падваліны гор.

23 Я зьбяру на іх няшчасьці, пушчу на іх стрэлы Мае.

24 Будуць мораны яны голадам, паляны трасцаю і лютай пошасьцю, і пашлю Я на іх зубы зьвяроў і атруту поўзаючых у пыле зьмеяў.

25 На двары будзе нішчыць іх меч, а ў дамах - жах, юнака разам зь дзяўчынаю, немаўля разам са старым чалавекам.

26 Я сказаў: Вынішчу іх і спыню ў людзей памяць пра іх.

27 Але спыніў гэта дзеля пыхлівасьці ворагаў, каб ворагі іхнія не вывышаліся і не казаліі: «Рука нашая ўзьнятая, а ня Госпад зрабіў усё гэта!»

28 Народ бо гэта бязрадны і неразважны.

29 Ці ж разважаюць яны, і ці зразумеюць гэта, і ці змогуць прадбачыць будучыню сваю!

30 Ці мог бы адзін гнаць тысячу, а дваіх адганяць дзесяць тысячаў, калі б Заступнік іх не пакінуў іх, і Госпад ня выдаў іх?

31 Бо іхні заступнік не такі, як наш Заступнік; і ворагі нашыя сьведкі ў гэтым.

32 Бо вінаград іх ад вінаграднага ўшчэпу Садомскага і з палёў Гаморскіх. Ягады іхнія атрутныя і гронкі - як палын.

33 Віно іхняе - атрута зьмяіная і сьмяротная атрута гадзючая.

34 Ці ж гэта не схавана ў-ва Мне і не заагледжана пячацьцю ў скарбніцах Маіх?

35 У свой час Мая помста і аднагарода ў час, калі пахісьнецца нага іхняя! Блізка ўжо дзень загубы і надыходзіць рашэньне лёсу іхняга.

36 І будзе судзіць Госпад народ Свой, і пашкадуе Ён слугаў Сваіх; калі ўбачыць, што рука іх аслабла і што няма ні нявольнікаў, ні вольных.

37 І скажа: «Дзе ж багі іхнія, скала, у якой яны пакладалі надзею,

38 што елі тлустасьць ахвяраў, і пілі віно іх вадкіх ахвяраў? Хай устануць і дапамогуць вам, і хай у бядзе абароняць вас!

39 Паглядзіце цяпер, што Я - адзіны, і няма Бога апрача Мяне, Я забіваю і Я даю жыць, Я калечу і аздараўляю, і няма такога, хто б з Маёй рукі мог вырвацца.

40 Падыму Я аж да неба руку Маю і скажу: «Жыву вечна!»

41 Калі Я вывастру Мой меч бліскучы і рука Мая выканае прысуд, адпомшчу Я ворагам Маім, і тым, што ненавідзяць Мяне, аднагараджуся.

42 Насычу кроўю стрэлы Мае і меч Мой насыціцца мясам, крывёй забітых і палонных, галовамі варожых правадыроў!»

43 Хваліце, народы, народ Ягоны, бо адпомсьціць Ён кроў слугаў Сваіх і міласьцівы будзе да зямлі народу Свайго».

44 Дык пайшоў Майсей зь Ешуа, сынам Нуна, і пераказаў усе словы гэтае песьні ў вушы народу.

45 Калі Майсей скончыў пераказваць усе гэтыя словы ўсяму Ізраэлю,

46 сказаў ім: «Захавайце ў сэрцы вашым ўсе словы, якія я вам сёньня аб'яўляю, і загадайце вашым дзецям берагчы іх, і спаўняць усе словы гэтага Закону.

47 Бо слова гэтае ня ёсьць для вас малаважнае, але гэта жыцьцё вашае; і ў слове гэтым доўга жыць будзеце на зямлі, у якую, перайшоўшы Ярдан, увойдзеце, каб завалодаць ёю».

48 У той самы дзень сказаў Госпад Майсею:

49 «Узыйдзі на гэтую гару Абарым, на гару Нэбо, якая ў зямлі Маабу супраць Ерыхону, і паглядзі на зямлю Ханаан, якую Я дам сынам Ізраэля на ўласнасьць.

50 І памрэш ты на гары, на каторую ты ўзыйдзеш, і далучыўся да народу свайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Гор і далучыўся да народу свайго.

51 Бо саграшылі вы адносна Мяне між сынамі Ізраэля пры водах Мэрыбы каля Кадэшу, на пустыні Цын, бо ня выявілі пашаны да Мяне сярод сыноў Ізраэля.

52 Таму толькі здалёк убачыш тую зямлю, але ты сам ня ўвойдзеш у тую зямлю, каторую Я даю сынам Ізраэля».

 

Разьдзел 33

 

1 Вось гэта дабраславенства, якім дабраславіў Майсей, чалавек Божы, сыноў Ізраэля перад сваёй сьмерцю.

2 Ён сказаў: «Госпад прыйшоў з Сынаю і з Сэіру зьявіўся ім; зьявіўся з гары Паран і прыбывае з Мэрыбы пад Кадэш, зь Яго правіцы агонь палае.

3 Сапраўды Ён любіць народы, усе сьвятыя Яго ў руцэ Ягонай, і тыя, каторыя туляцца да ног Тваіх, слухаюць мудрасьць з навукі Тваёй.

4 Закон даў нам Майсей, спадчыну супольнасьці Якуба.

5 І быў выбраны ў Ешуруна кароль на сабраньні князёў народу разам з пакаленьнямі Ізраэля.

6 Хай жыве Рубэн і хай не ўмірае, хоць ён невялікі лікам.

7 Гэткае дабраславенства Юды: «Выслухай, Госпадзе, голас Юды і прывядзі яго да народу Свайго. Рука ягоная ваяваць будзе за яго, а Ты ўспаможаш яго супраць ворагаў ягоных».

8 Да Левія таксама сказаў: «Твае тумім і ўрым дай чалавеку сьвятому Твайму, якога выставіў Ты на выпрабаваньне ў Масе і з каторым спрачаўся ля водаў Мэрыбы.

9 Ён аб бацьку сваім і маці сваёй сказаў: «Ня ведаю вас». І ня ведае братоў сваіх і дзяцей сваіх. Так берагуць яны словы Твае і запавет Твой захоўваюць.

10 Вучаць яны пастановам Тваім Якуба і Закону Твайму Ізраэля; і паляць кадзіла перад Табою і цэлапаленьні на ахвярніку Тваім.

11 Дабраслаў, Госпадзе, моц ягоную і прымі творы рук ягоных. Стаўчы сьцёгны непрыяцелям ягоным, і тыя, што зьненавідзелі яго, хай не падымуцца».

12 Аб Бэн'яміне сказаў: «Умілаваны Госпадам будзе пражываць упэўнена зь Ім, Узвышні будзе апекавацца ім увесь дзень, і супачыне ён на руках Яго».

13 Аб Язэпе таксама сказаў: «Дабраслаўлена Госпадам зямля ягоная дарамі неба, расою, а таксама крыніцамі бездані падземнай,

14 дарамі сонца і пладамі месяцаў,

15 багацьцем гор адвечных і дарамі ўзгоркаў векавых,

16 пладамі зямлі і багацьцем яе. Дабраславенствы Таго, Хто аб'явіўся ў кусьце, сплывуць на галаву Язэпа і на галаву пасьвячонага пасярод братоў сваіх.

17 Прыгажосьць яго - як першароднага быка, і рогі яго - як рогі буйвала, імі збадае народы аж да канца зямлі. Такая шматлікасьць Эфраіма, і такія тысячы Манасы».

18 Аб Забулёне сказаў: «Цешся, Забулён, у выхадзе тваім, а ты, Ісахар, у палатках тваіх!

19 Паклічуць народы на гару, там будуць складаць ахвяры справядлівасьці. Яны будуць карыстацца шчодрасьцю мора і багацьцямі, схаванымі ў пяску».

20 Аб Гадзе вось што сказаў: «Дабраслаўлены, хто пашырае Гада! Як леў будзе ён адпачываць, разарве ён плячо і галаву.

21 І ён убачыць найлепшае для сябе, бо там памешчана частка правадыра, і быў ён з князямі народу, і рабіў справядлівае перад Госпадам і прысуды Ягоныя адносна Ізраэля».

22 Пра Дана гэтак сказаў: «Дан - ільвянятка, каторае выскоквае часта з Башану».

23 Пра Нэфталі сказаў: «Нэфталі перапоўнены спагаднасьцю і поўны будзе дабраславенства Госпадавага; завалодае морам і поўднем».

24 Аб Асэры вось што сказаў: «Дабраслаўлены Асэр між сынамі! Ён будзе падабацца братам сваім і будзе мачыць у алею нагу сваю.

25 З жалеза і медзі засаўкі твае, як дні твае, трывае сіла твая».

26 Няма другога такога, як Бог Ешуруна, Каторы ідзе па небе на дапамогу табе ды ў славе Сваёй па воблаках.

27 Прыбежышча тваё - Бог адвечны, абарона твая - рукі вечныя. Ён выганіць перад табою ворага і скажа: «Зьнішчы».

28 Ізраэль будзе жыць бясьпечна, вочы Якуба бачаць перад сабою зямлю, багатую хлебам і віном, і нябёсы яго сыплюць расу.

29 Шчасьлівы ты, Ізраэль, хто ж падобны табе? Народ, беражоны Госпадам, Ён - шчыт абароны тваёй і меч славы тваёй. Ворагі твае скараюцца перад табой, і ты будзеш таптаць іх каркі».

 

Разьдзел 34

 

1 Дык Майсей з раўніны Маабу ўзыйшоў на гару Нэбо, на вяршыню Пісга насупраць Ерыхону. І паказаў яму Госпад усю зямлю Гілеад аж да Дану,

2 і ўсю зямлю Нэфталі, зямлю Эфраіма і Манасы, і ўсю зямлю Юды аж па заходняе мора,

3 Нэгэб і абшар раўніны Ерыхону, гораду пальмаў, аж да Цоару.

4 І сказаў Госпад яму: «Гэта ёсьць тая зямля, якую Я запрысяг Абрагаму, Ізааку і Якубу, кажучы: «Я дам яе патомству твайму». Бачыў ты яе вачыма сваімі, але ня ўвойдзеш у яе».

5 Там, у зямлі Маабу, з волі Госпада памёр Майсей, слуга Божы.

6 І пахавалі яго ў даліне ў зямлі Маабу насупраць Бэт-Пэору. І ніхто зь людзей ня ведае магілы ягонай па сёньняшні дзень.

7 Майсей меў сто дваццаць гадоў, калі памёр, але вочы яго не прыцьміліся, і быў ён поўны сілы.

8 Плакалі дзеля сьмерці Майсея сыны Ізраэля трыццаць дзён на раўніне Маабу. Пасьля скончыліся дні жалобы па Майсею.

9 Ешуа, сын Нуна, на каторага Майсей усклаў рукі, быў поўны духа мудрасьці. І слухалі яго сыны Ізраэля, і рабілі ўсё, як загадаў Госпад праз Майсея.

10 І не знайшоўся больш у Ізраэлю прарок такі, як Майсей, каторага ведаў бы Госпад тварам у твар

11 і каторага б паслаў чыніць у зямлі Эгіпецкай перад фараонам і перад слугамі яго, і перад усёй зямлёй яго

12 такія знакі і цуды, якія чыніў Майсей на вачах усяго Ізраэля.

 



Пераклад: Уладзіслаў Чарняўскі
Тэкст падаецца паводле выдання: Пяцікніжжа Майсея / Пераклад кс. Ўладзіслава Чарняўскага : Раздатачны матэрыял да дакладу І. Акінчыца "Праблемы распрацоўкі рэлігіязнаўчай тэрміналогіі" // Першая нацыянальная канфэрэнцыя "Праблемы Беларускай Навуковай Тэрміналогіі" (Менск, 4-6 траўня 1994). – Мн.: ТБМ, 1994. - 200 с
Крыніца: невядомая