epub
 
падключыць
слоўнікі

Чатыры Эванэліі і Апостальскія Дзеі

Поўны сьпіс выданьняў

- Čatyry Evangelii i Apostalskija Dzei | Рeralažyu i padau wyjasnienni ks. mhr Vincent Hadleuski. – Wilnia, 1939. – 417 s.

- Нядзельныя Эвангеліі. Другое выданьне без зьмен. – Лёндан, 1948.

- Чатыры Эванэліі/Пераклад кс. В. Гадлеўскага. – Гродна: Гродзенская Рымска–Каталіцкая Дыяцэзія, 1998. – 120 с.

Дадатковая інфармацыя пра пераклад і перакладчыка:

- Ул. Конан - Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі: Філасофскае абгрунтаванне беларускай ідэі

- С. Ёрш - Рыцар Свабоды (Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, 1888-1942)

- Біяграфія кс. Вінцэнта Гадлеўскага (Вікіпэдыя)

Кароткая біяграфія

Ві́нцэнт Гадле́ўскі (16.11.1898, в. Шурычы Ваўкавыскага павету – 24 сьнежня 1942, лагер Трасьцянец) — каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзеяч, публіцыст.

Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную сэмінарыю і Пецярбурскую каталіцкую духоўную акадэмію. Адзін зь першых пачаў служыць у касьцёле па-беларуску. Пасьля абвяшчэньня БНР уваходзіў у склад Рады.

Гадлеўскі — сярод заснавальнікаў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, рэдактар газэты «Крыніца». Калі Заходняя Беларусь апынулася пад Польшчай, ксёндз Гадлеўскі выкладаў у Нясьвіскай беларускай сэмінарыі, быў пробашчам у Жодзішках Сьвянцянскага павету. За беларушчыну палякі засудзілі яго на два гады турмы. Пасьля гэтага ён жыў у Вільні і пераклаў па-беларуску Новы запавет.

У 1939–1940 Гадлеўскі выдаваў часопіс «Беларускі Фронт» і заснаўваў Беларускую незалежніцкую партыю.У чэрвені 1940 выехаў зь Вільні ў Варшаву, працаваў у Беларускім камітэце, у кастрычніку 1941 прызначаны галоўным школьным інспэктарам у Менску, кіраваў працай па падрыхтоўцы праграмаў навучаньня для беларускіх пачатковых школ, адначасова сябра Цэнтралі Беларускай народнай самапомачы (БНС). 24 сьнежня 1942 арыштаваны нямецкай паліцыяй у Менску, неўзабаве закатаваны ў Трасьцянцы (пад Менскам).

Ідэалёгія Гадлеўскага — гэта беларускі кансэрватызм, угрунтаваны на гістарычнай памяці, мове, культуры, традыцыях. У ролі нацыянальнай эліты, здольнай скансалідаваць і павесьці за сабой нацыю, Гадлеўскі бачыў інтэлігенцыю. Кансэрватыўны падыход гарманічна злучаўся ў яго з хрысьціянскім пэрсаналізмам — увагай да асобы.

Тэкст падаецца паводле выданьня "Чатыры Эвангеліі і Апостальскія Дзеі. Вільня, 1939"

Пераклад: 1930-1939

Новы Запавет
  Слова перакладчыка і Уступ да Эванэліяў
  Сьвятая Эванэлія паводле Матэуша
    Раздзел 1
    Раздзел 2
    Раздзел 3
    Раздзел 4
    Раздзел 5
    Раздзел 6
    Раздзел 7
    Раздзел 8
    Раздзел 9
    Раздзел 10
    Раздзел 11
    Раздзел 12
    Раздзел 13
    Раздзел 14
    Раздзел 15
    Раздзел 16
    Раздзел 17
    Раздзел 18
    Раздзел 19
    Раздзел 20
    Раздзел 21
    Раздзел 22
    Раздзел 23
    Раздзел 24
    Раздзел 25
    Раздзел 26
    Раздзел 27
    Раздзел 28
  Сьвятая Эванэлія паводле Марка
    Разьдзел 1
    Разьдзел 2
    Разьдзел 3
    Разьдзел 4
    Разьдзел 5
    Разьдзел 6
    Разьдзел 7
    Разьдзел 8
    Разьдзел 9
    Разьдзел 10
    Разьдзел 11
    Разьдзел 12
    Разьдзел 13
    Разьдзел 14
    Разьдзел 15
    Разьдзел 16
  Сьвятая Эванэлія паводле Лукаша
    Разьдзел 1
    Разьдзел 2
    Разьдзел 3
    Разьдзел 4
    Разьдзел 5
    Разьдзел 6
    Разьдзел 7
    Разьдзел 8
    Разьдзел 9
    Разьдзел 10
    Разьдзел 11
    Разьдзел 12
    Разьдзел 13
    Разьдзел 14
    Разьдзел 15
    Разьдзел 16
    Разьдзел 17
    Разьдзел 18
    Разьдзел 19
    Разьдзел 20
    Разьдзел 21
    Разьдзел 22
    Разьдзел 23
    Разьдзел 24
  Сьвятая Эванэлія паводле Яна
    Разьдзел 1
    Разьдзел 2
    Разьдзел 3
    Разьдзел 4
    Разьдзел 5
    Разьдзел 6
    Разьдзел 7
    Разьдзел 8
    Разьдзел 9
    Разьдзел 10
    Разьдзел 11
    Разьдзел 12
    Разьдзел 13
    Разьдзел 14
    Разьдзел 15
    Разьдзел 16
    Разьдзел 17
    Разьдзел 18
    Разьдзел 19
    Разьдзел 20
    Разьдзел 21
  Апостальскія Дзеі
    Разьдзел 1
    Разьдзел 2
    Разьдзел 3
    Разьдзел 4
    Разьдзел 5
    Разьдзел 6
    Разьдзел 7
    Разьдзел 8
    Разьдзел 9
    Разьдзел 10
    Разьдзел 11
    Разьдзел 12
    Разьдзел 13
    Разьдзел 14
    Разьдзел 15
    Разьдзел 16
    Разьдзел 17
    Разьдзел 18
    Разьдзел 19
    Разьдзел 20
    Разьдзел 21
    Разьдзел 22
    Разьдзел 23
    Разьдзел 24
    Разьдзел 25
    Разьдзел 26
    Разьдзел 27
    Разьдзел 28


Новы Запавет

 

 

 

Слова перакладчыка і Уступ да Эванэліяў

 

APPROBATUR
Wilnae die 27 mensis lanuarii 1938 anno
R. JAŁRZYKOWSKI
Archiepiscopus-Metropolita Wilnensis
N. R. 23/28.
(L. S.)
J. Ostreyko
АД ПЕРАКЛАДЧЫКА

Ужо здаўных адчувалася патрэба перакладу Сьвятога Пісаньня на беларускую мову. Гэтая патрэба адчувалася галоўна з тае прычыны, што Беларускі народ, адраджаючыся, хоча і павінен мець Сьв. Пісаньне, у сваей роднай мове, а такжа і дзеля таго, што трэба даць яму ў яго адраджэнскай падарожы лепшае пазнаньне навукі Божай. Старадаўныя пераклады з 16 стагодзьдзя (Фр. Скарыны, В. Цяпінскага) дзеля многіх прычын ня могуць здаволіць гэтай патрэбы, дый урэшце яны былі зроблены ў старадаўнай беларускай мове, якая цяпер ня ўсім будзе зразумела. Новыя-ж пераклады, якія зьяўляюцца апошнім часам, выдаюцца сэктантамі, якія маюць свае мэты ў разьбіваньні еднасьці Касьцёла Хрыстовага і разьяднаньні душы Беларускага народу. Дык цяпер, як ніколі, насьпела патрэба перакладу Сьв. Пісаньня на жывую беларускую мову.

Перакладаючы з Новага Закону тымчасам толькі 4 Эваэліі і Апостальскія Дзеі і даючы да іх адпаведныя выясьненьні, я стараўся даць свайму народу як пазнаньне так і зразуменьне навукі Хрыста. Рабіў я гэты пераклад з афіцыальнага, ужыванага ў Каталіцкім Касьцёле, лацінскага тэксту "Vulgaty", стараючыся перакладаць даслоўна, маючы перадусім на мэце даць простай і струджанай душы верны пераклад Слова Божага. Апроч гэтага хацеў я даць магчымасьць тым духоўным, якія працуюць пасярод Беларускага народу, абвяшчаць Эванэлію Хрыстову ў роднай мове гэтага народу.

З грэцкага тэксту ў сваім перакладзе карыстаўся я мала, адно там, дзе "Vulgata" перадае няясна і дзе гэтага карыстаньня была канечная патрэба.

Пры апрацаваньні гэтага перакладу я карыстаўся ня толькі з "Vulgaty", але і з іншых перакладаў, якія былі зроблены з "Vulgaty", а перадусім з гэтакіх:

Das Neue Testament unseres Herrn Jesus Christus. Übersetzt und erklärt von Augustin Arndt S. J. Mit Approbation des Heil. Apostolischen Stuhles. 3 Auflage, 1911. Druck und Verlag von Fr. Pustet.

Le Nouveau Testament, traduction annoteé par. L. Cl. Fillion, Professeur d' Ecriture Sainte à l' institut catholique de Paris, 1924.

Ewangelie i Dzieje Apostolskie, przełożył i objaśnił Ks. Władysław Szczepański T. J. Prof. Papieskiego Instytutu Bibl. Przekład zatwierdzony i polecony przez Stolicę Apostolską. Kraków, 1917.

Nowy Testament. Tom I. Cztery Ewangelie i Dzieje Apostolskie w opracowaniu X. Prof. W. Szczepańskiego T. J. I X. Prof. Prokulskiego T. J. Wydane nakładem Księgarni Św. Wojciecha, 1932.

З гэтых кніг я карыстаўся такжа, пішучы кароткія выясьненьні да труднейшых мясцоў Эванэліяў і Апостальскіх дзеяў. Апроч вышэй успомненых кніг меў яшчэ перад сабою іншыя пераклады, як з лацінскага тэксту так і грэцкага.

Пры гэтым выражаю сваю глыбокую падзяку высокапаважаным Прафэсаром Віленскага Унівэрсытэту: Кс. Дзекану І. Сьвірскаму, Кс. Праф. Л. Пуцяце і Кс. Праф. Ціхонскаму, сябром адумысловай Камісіі, вызначанай Я. Э. Віленскім Арцыбіскупам - Мітрапалітам Р. Ялбжыкоўскім дзеля ацэнзураваньня майго перакладу, за іх рачовыя ўвагі.

ПЕРАКЛАДЧЫК

УСТУП
КНІГІ СЬВ. ПІСАНЬНЯ НОВАГА ЗАКОНУ

Словам "Новы Закон" або "Новы Тэстамэнт" мы называем тую сувязь чалавека з Богам і той парадак збаўленьня, які нам падаў Езус Хрыстус; тады калі "Стары Закон" або "Стары Тэстамэнт" - гэта была тая сувязь і той парадак збаўленьня, які быў пададзены праз Майсея. Як адзін так і другі Закон завецца яшчэ "Умовай" паміж Богам і чалавекам, бо гэтая Умова накладае ўзаемныя абавязкі паміж Богам і чалавекам. Чалавек павінен споўніць свае абавязкі перад Богам, а Бог - аддаць чалавеку нагароду або кару паводле заслугаў чалавека і паводле свайго абяцаньня.

Словы "Стары" і "Новы" Закон былі перанесены так-жа і на кнігі Сьв. Пісаньня, у каторых былі сьпісаны словы Божыя, датычачыя Ўмовы з чалавекам. Кнігі, у якіх была, з натхненьня Божага, сьпісана Умова Бога з народам Ізраільскім - называюцца кнігамі Старога Закону і ёсьць іх 45; а кнігі, у якіх сьпісана Ўмова Бога, якую зрабіў з людзьмі Бог пры пасярэдніцтве свайго Сына, Езуса Хрыста - завуцца кнігамі Новага Закону і ёсьць іх 27.

Езус Хрыстус не аставіў па сабе ніякіх кніг, ён навучаў вусна, гэтаксама навучалі апосталы, пераказваючы людзям усё тое, што янычулі ад свайго Вучыцеля. Дыу вуснае навучаньне было напачатку звычайным спосабам пашыраньня навукі Хрыста. Аднак скора выявілася патрэба апісаць жыцьцё, цуды, мучэньні і сьмерць Хрыстову, каб пэўныя ведамасьці аб гэтым пашыраць і пераказваць ня толькі словам, але і на пісьме.

Гэтае апісаньне жыцьця і навукі Хрыста мела на мэце ня так апісаньне ўсяго, што Хрыстус чыніў і навучаў, як паўтарэньне і зсумаваньне таго, што было сказана аб Хрысьце ў вусным навучаньні. Дзеля гэтага ў апісаньні аб Хрысьце, якое мы бачым у кнігах Новага Закону, трудна дасьледзіць нейкай добра абдуманай сыстэмы або сьцялага (?) хронологічнага парадку, а перадаюцца коратка падзеі, якія для тагачасных слухачоў ужо былі ведамы з вуснага навучаньня апосталаў.

Такім парадкам паўсталі чатыры Эванэліі і іншыя кнігі Новага Закону. Кнігі гэтыя дзеляцца такім парадкам: 5 кніг гістарычных (4 Эванэліі і Апостальскія Дзеі), 21 кніга навучальная (14 пісьмаў сьв. Паўла і 7 пісьмаў іншых апосталаў) і 1 кніга прароцкая (Апокаліпса або Аб'яўленьне сьв. Яна апостала).

Эванэліі - гэта гістарычныя кнігі, у якіх апісваецца жыцьцё і навука Е. Хрыста Ўшэсьця ў неба. Слова "эванэлія" выводзіцца ад грэцкіх слоў "eu-angelion", што значыць "добрая вестка", а гэта затым, што для ўсіх людзей, прагнучых праўды, справядлівасьці і адраджэньня, навука Хрыстуса была і ёсьць Добрай весткай.

Чатыры чалавекі апісалі жыцьцё і навуку Хрыста: Матэуш, Марак, Лукаш і Ян. Двох з іх былі апосталамі (Матэуш і Ян), а двох - апостальскімі вучнямі (Марак і Лукаш). Першыя апісвалі тое, што яны самі бачылі і чулі, а другія два - што даведаліся ад апосталаў. І хоць чатыры чалавекі апісвалі жыцьцё і навуку Хрыста, аднак відзім у іх апісаньні вялікае падабенства. І нічога дзіўнага: яны апісвалі аднаго Хрыста і адну навуку яго. Дзеля гэтага падабенства сьвятыя Айцы Касьцёла часта гавораць аб аднэй эванэліі. І сапраўды - адна ёсьць Добрая вестка або Эванэлія, хоць сьпісаная чатырма рознымі пісьменьнікамі, якія дзеля гэтага завуцца эванэлістымі.

Эванэліі ў Сьв. Пісаньні разьмешчаны ў такім парадку, у якім яны паўставалі, значыць: эванэлія сьв. Матэуша, як найстарэйшая, займае першае месца, на другім месцы - сьв. Марка, на трэцім - сьв. Лукаша, на чацьвертым найпазьнейшая - сьв. Яна, напісаная каля 95 году пасьля Нараджэньня Хрыста. Тры першыя Эванэліі паўсталі перад 63 годам нашай эры і апісваюць дзейнасьць Е. Хрыста пераважна ў Галілеі, а чацьвертая - дзейнасьць у Юдэі. Усе эванэліі былі напісаны ў мове грэцкай, апроч толькі першай, якую сьв. Матэуш напісаў паарамайску для палестынскіх жыдоў. Аднак эванэлія яго, пісаная паарамайску, да нас не дайшла; мы маем толькі пераклад грэцкі.

Дзеля вялікай важнасьці эванэлічных кніг, праз каторыя да вернах хрысьціян прамаўляў сам Хрыстус, гэтыя кнігі памешчаны на самым пачатку кніг Новага Закону. Потым ідуць іншыя кнігі ў такім парадку: Апостальскія Дзеі, у якіх апісваецца дзейнасьць апосталаў; апостальскія пісьмы, у якіх падаюцца навукі апосталаў; і ўканцы Апокаліпса сьв. Яна, у якой апісваюцца далейшыя дзеі Касьцёла.

Апостальскія Дзеі падаюць нам аб Ушэсьці ў неба Е. Хрыста, аб сасланьні Духа сьв. І аб дзейнасьці апосталаў, а прадусім сьвятых Пятра і Паўла. Апостальскія дзеі апісваюць нам так-жа жыцьцё першых хрысьціян. Напісаў гэту кнігу сьв. Лукаш.

Апостальскія пісьмы. Апроч Эванэліяў і Апост. Дзеяў дайшлі да нас яшчэ пісьмы апосталаў, якія яны высылалі да веруючых хрысьціян, выкладаючы ім Хрыстову навуку і даючы розныя напамінаньні. Усіх апостальскіх пісьмаў маем 21; найболей напісаў сьв. Павал, бо 14, сьв. Ян - 3, сьв. Пётр - 2, сьв. Якуб (Малодшы) і сьв. Юда Тадэуш - па аднаму.

Апокаліпса, як мы ўжо казалі, зьмяшчае аб'яўленьне, дадзенае сьв. Яну аб будучыні Касьцёла і аб перамозе Е. Хрыста над злом гэтага сьвету. Апокаліпсу напісаў сьв. Ян, будучы сасланым рымскімі ўладамі на выспу Патмос.

Вось і будзе агульны пагляд на ўсе кнігі Новага Закону. Падрабязна аб кожнай кнізе будзе гутарка перад кожнай кнігай, як уступ да яе.

 

 

Сьвятая Эванэлія паводле Матэуша

 

АБ ЭВАНЭЛІІ СЬВ. МАТЭУША

Аўтар першай Эванэліі, Матэуш (гэбр. Маттай або Maттэнай) меў яшчэ другое імя Леві і перад пакліканьнем на апостала быў мытнікам або зьбіральнікам падаткаў (мыта) у горадзе Капарнаум. Пасьля сьмерці і ўшэсьця Хрыста праз якія 15 гадоў пашыраў навуку свайго Вучыцеля пасярод жыдоўскага нарду ў Палестыне, а потым зьвярнуўся са славамі Эванэліі да паганаў. Дзе ён працаваў, дзе і якою сьмерцяй памёр - няма дакладных вестак. Паводле некаторых пазьнейшых даных памёр мучаніцкай сьмерцяй.

Напісаў сваю эванэлію сьв. Матэуш у мове арамайскай, якая была разгаворнай (простай) мовай тагачасных жыдоў у Палестыне. Напісаў ён яе каля 42 - 50 году пасьля Нарадж. Хрыста і зараз потым (перад 70 годам па Хрысьце) гэта эванэлія была пераложана няведамым перакладчыкам на мову грэцкую і ў гэтым перакладзе дайшла да нас. Арыгінальны тэкст арамайскі, ведамы яшчэ ў ІІ і ІІІ стагодзьдзях, загінуў.

Мэта. Паводле старадаўных вестак сьв. Матэуш пісаў сваю эванэлію для хрысьціян, наверненых з палестынскіх і ваколічных жыдоў. Сьв. Матэуш, пішучы сваю эванэлію, мае ўсьцяж на воку гэтых сваіх жыдоўскіх чытачоў, каторым выказвае, што Езус з Назарэту ёсьць сапраўдным Мэсыяшам, пасланым ад Бога; што заложаны ім Касьцёл ёсьць каралеўствам (валадарствам) Божым, аб каторым гаварылі прарокі ў Старым Законе; што ўсе прароцтвы Ст. Закону споўніліся на Езусе - дзеля гэтага знаходзім у эванэліі сьв. Матэуша такі вялікі лік падаваных прароцтваў з Ст. Закону (больш як 70 разоў на працягу ўсяе эванэліі).

На аснове гэтых прароцтваў выказваецца, што Езус ёсьць сапраўдным Мэсышам. Аднак гэтага Мэсыяша прызнала толькі малая частка жыдоў на чале з духоўнымі, фарызэямі і старшымі народу адкінула і нават асудзіла яго на сьмерць. Сталася гэта дзеля памылковых паглядаў тагачасных вучоных (кніжнікаў) жыдоўскіх на характар Мэсыяша і Мэсыянскага каралеўства (валадарства). Жыды выглядалі гэтага валадарства, як валадарства зямнога і матар'яльнага, у каторым Хрыстус - Мэсыяш будзе вялікім пануючым - валадарам і здабудзе для Ізраіля пануючае палажэньне на ўсім сьвеце. Езуса ўбогага жыдоўскі народ не прызнаў. І Езус, скончыўшы сваё пасланства да жыдоўскага народу, загадаў апосталам абвяшчаць эванэлію для ўсіх народаў, каб іх пацягнуць да свайго сусьветнага валадарства.

Сьв. Матэуш, маючы на мэце выказаць жыдом, што Езус ёсьць праўдзівым Мэсыяшам, групуе і парадкуе свой матар'ял аб Хрысьце ў парадку хронологічным, а сыстэматычным, адказваючым гэтай мэце і паводле плану, які сабе вызначыў. І так, на пачатку сьв. Матэуш гаворыць, што Езус ёсьць сынам Абрагама і сынам Давіда (г. зн. Мэсыяшам), далей падае некаторыя весткі аб дзіцячых гадох Езуса і аб яго публічным выступленьні. Потым падае навуку Хрыстову ў такім парадку: наўперад якое мае быць каралеўства Божае (разьдзелы 5 - 7), потым цуды Хрыста (р. 8 - 9), навуку для апосталаў (р. 10), прыповесьці (р. 13), апошнія рэчы (р. 24 - 25). З гэтага бачым, што сьв. Матэуш меў на воку прадставіць ня так хронологічны нарыс жыцьця Езуса, як сыстэматычнае выказваньне, што Ён ёсьць сапраўдным Мэсыяшам.

Значэньне і характэрыстыка эванэліі. Эванэлія сьв. Матэуша ад самга пачатку мела вялікае значэньне. Яна выказвала Мэсыянскую годнасьць Езуса ня толькі жыдом, але, пасьля перакладу на грэцкую мову, так-жа і паганам. Дзеля таго што эванэлія сьв. Матэуша многа гаварыла аб каралеўстве Божым, яна была ўлюбёнай эванэліяй Айцоў Касьцёла, якая выказвала паўсюднасьць (каталіцкасьць) гэнага Божага каралеўства, Касьцёла Хрыстовага. І сапраўды, у гэтай эванэліі, болей чым у сьв. Марка або сьв. Лукаша маем азначаныя галоўныя асновы каталіцкасьці: паняцьце Касьцёла як паўсюднага каралеўства Божага на зямлі, абаснаваньне пяршынства сьв. Пятра і гэтым самым яго наступнікаў, загад Хрыста абвяшчаць эванэлію ўсім народам па ўсім сьвеце. Гэты загад з хрысьціянства робіць рэлігію ня толькі аднаго народу, але ўсіх народаў, або інакш кажучы, рэлігію каталіцкую. Дзеля гэтага Касьцёл Каталіцкі заўсёды ўважаў эванэлію сьв. Матэуша (побач з эванэліяй сьв. Яна) за жарало найважнейшых дагматаў веры.

СЬВЯТАЯ ЭВАНЭЛІЯ ЕЗУСА ХРЫСТА ПАВОДЛЕ МАТЭУША

 

Раздзел 1
УСТУП. РАДАВОД ЕЗУСА ХРЫСТА
Езус - сын Давіда, сын Абрагама

1 Кніга роду Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.

2 Абрагам радзіў Ізаака, а Ізаак радзіў Якуба, а Якуб радзіў Юду і братоў яго, 3 а Юда радзіў Фарэса і Зарама ад Тамары,а Фарэс радзіў Эзрона, а Эзрон радзіў Арама, 4 а Арам радзіў Амінадаба, а Амнадаб радзіў Наассона, а Наассон радзіў Саламона, 5 а Саламон радзіў Бооза з Рагабы, а Бооз радзіў Обэда з Руты, а Обэд радзіў Ессу, а Есса радзіў Давіда караля, 6 а кароль Давід радзіў Саламона з тае, што была Урыевай, 7 а Саламон радзіў Робоама, а Робоам радзіў Абія, а Абій радзіў Асу, 8 а Абій радзіў Ёзафата, а Ёзафат радзіў Ёрама, а Ёрам радзіў Озія, 9 а Озій радзіў Ёатама, а Ёатам радзіў Ахаза, а Ахаз радзіў Эзэхія, 10 а Эзэхій радзіў Манассу, а Манасса радзіў Амона, а Амон радзіў Ёзія, 11 а Ёзій радзіў Ехонія і братоў яго ў перасяленьні бабілонскім, 12 а пасьля перасяленьня бабілонскага Ехоній радзіў Салацыеля, а Салацыель радзіў Зоробабеля, 13 а Зоробабель радзіў Абіюда, а Абіюд радзіў Эліякіма, а Эліякім радзіў Азора, 13 а Азор радзіў Садока, а Садок радзіў Ахіма, а Ахім радзіў Эліюда, 15 а Эліюд радзіў Элеазара, а Элеазар радзіў Матана, а Матан радзіў Якуба, 16 а Якуб радзіў Язэпа, мужа Марыі, з каторай нарадзіўся Езус, што завецца Хрыстус.

17 І так усіх пакаленьняў: ад Абрагама аж да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў, і ад Давіда аж да перасяленьня бабілонскага чатырнаццаць пакаленьняў, і ад перасяленьня бабілонскага аж да Хрыстуса чатырнаццаць пакаленьняў.

1 ЧАСЬЦЬ. НАРАДЖЭНЬНЕ І ЎКРЫТАЕ ЖЫЦЬЦЁ ЕЗУСА ХРЫСТА
Зачацьце і нараджэньне Езуса Хрыста

18 А нараджэньне Хрысуса гэтак было: Калі матка яго Марыя была пашлюбавана з Язэпам, то перад тым як яны зыйшліся, выявілася, што мае ў лоне ад Духа сьвятога. 19 Язэп-жа, муж яе, будучы справядлівым і ня хочучы яе зьняславіць, хацеў тайком пакінуць яе. 20 А калі ён гэта думаў, вось анёл Панскі зьявіўся яму ў сьне, кажучы: Язэпе, сыне Давіда, ня бойся прыняць жонкі сваей Марыі, бо што ў ёй зачалося, ёсьць ад Духа сьвятога. 21 І народзіць сына і дасі яму імя Езус, бо ён збавіць народ свой ад грахоў яго. 22 А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася, што было сказана Панам праз прарока, кажучага (Із. 7, 14): 23 "Вось дзева ў лоне мець будзе і народзіць сына, і дадуць яму імя Эмануэль, што значыць: Бог з намі.

24 А Язэп, устаўшы зо сну, зрабіў так, як загадаў яму анёл Панскі і прыняў жонку сваю. 25 І ня знаў яе, аж радзіла сына свайго первароднага, і даў яму імя Езус.

1 Слова "Хрыстус", пагэбрайску Машыаг, азначае тое самае што Памазанец або Намашчэнец, а намамшчэньне ў Старым Законе было знакам наданьня ўлады каралеўскай, сьвятарскай і прароцкай.

Мэсыяш, паводле старазаконных прароцтваў, меў быць сынам Абрагама г. зн. выходзіць з жыдоўскага народу і сынам Давіда г. зн. выходзіць з роду Давіда. Дзеля гэтага сьв. Матэуш і кладзе ў радаводзе Е. Хрыста націск на гэтыя дзьве асобы Ст. Закону: Абрагама і Давіда. Прарокі і наагул увесь народ жыдоўскі чакаў Мэсыяша як сына г. зн. патомка Давіда і дзеля гэтага Езус Хрыстус часта завецца ў сьв. Пісаньні сынам Давіда.

6 Рагаба і Рут успамнаюцца як чужынкі, якія не належалі да жыдоўскага народу. Рагаба была канаанкай і належала да даўнейшага насельніцтва Палестыны, якое заваявалі Ізраэліты, а Рут была Моабіткай г. зн. належала да суседняга сэміцкага народу Моабітаў. Згэтуль бачым, што Хрыстус поводле свайго паходжаньня, як чалавек, меў у сабе ня толькі жыдоўскую, але канаанскую і моабіцкую кроў.

6 Маці Саламона, Бэтсабэа, была Урыевай жонкай; яе, па сьмерці Урыя, узяў сабе за жонку Давід.

11 Гутарка тут аб першым перасяленьні жыдоў да Бабілону (год 602 перад Нарадж. Хрыста).

16 Сьв. Матэуш падае радавод Язэпа, які быў праўным айцом Езуса, а не прыродным. Падае-ж радавод Язэпа, а не Марыі, прыроднай маткі Е. Хрыста дзеля таго, што іменьні жанчын ня лічыліся ў даўнейшых радаводах, а толькі мужчын. Сьв. Язэп паходзіў з роду Давіда. Найсьв. Дзева Марыя была так-жа з роду Давіда, так што гэты радавод быў так-жа радаводам Марыі і Хрыстуса. Радаводныя сьпісы пераховываліся ў жыдоў пры сьвятыні і мелі тады вялікае значэньне.

18 Шлюб у жыдоў складаўся з умовы, зробленай паміж маладымі ў прысутнасьці сьведкаў. Ад гэтай шлюбнай цэрэмоніі маладыя ўжо лічыліся мужам і жонкай. Пасьля шлюбу адбываліся пераносіны маладое ў дом маладога (вясельле) і ад гэтага часу яны жылі разам. Сьв. Язэп, праканаўшыся аб цяжарнасьці Марыі, не хацеў яе прыняць г. зн. не хацеў рабіць пераносін і разам з гэтым уводзін у свой дом. Сьв. Язэп спачатку нікога ня ведаў аб мацярынстве Н. Дзевы Марыі з моцы Духа сьв., пакуль яму анёл Божы гэтага не аб'явіў.

20 З многіх прычын Бог хацеў, каб Ягоны Сын нарадзіўся з Дзевы, маючай аднак мужа. Гэтакім чынам тайніца ўчалавечаньня Сына Божага не адразу сталася яўнай; Н. Дзева Марыя была вольнай ад усякіх падазрэньняў і няславы; дзіця Езус мела ў асобе Язэпа свайго апякуна, а Марыя - абарону і помач у розных прыгодах жыцьця.

21 Слова Езус (ад гэбрайскага Ешуаг, што значыць "збаўленьне Ягвы") азначае тое самае што панашаму Збаўца або Спас.

23 Імя Эмануэль, што зн. "Бог з намі" даецца тут Хрысту ў тым значэньні, што Хрыстус зьяднаў нас з Богам.

25 Сьв. Язэп, чалавек справядлівы, ведаючы ўжо з Божага аб'яўленьня, што Н. Дзева Марыя ёсьць маткай Сына Божага і Дзевай, ушанаваў яе дзявоцтва ня толькі перад нараджэньнем Хрыста, але і пасьля нараджэньня. Затым Марыя і завецца заўсёды Дзева і навука аб гэтым дзявоцтве Марыі ёсьць догматам каталіцкай веры.

Першы сын заўсёды называўся первародны, хоць бы ён быў у маткі адзіны.

 

Раздзел 2
Паклон мудрацоў і уцекі ў Эгіпет

1 Дык калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім, у дні караля Гэрада, вось мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерузалім 2 кажучы: Дзе ёсьць што нарадзіўся кароль Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку ягону на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца яму. 3 А пачуўшы кароль Гэрад стрывожыўся і з ім увесь Ерузалім. 4 І сабраўшы ўсіх старшых сьвятараў і кніжнікаў народу даведываўся ад іх, дзе меў Хрыстус нарадзіцца. 5 А яны сказалі яму: У Бэтлееме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока (Міх. 5, 2): 6 "І ты, Бэтлееме, зямля Юдэйская, нічым ты ня меншая ад спаміж сталіцаў Юдэйскіх, бо з цябе выйдзе павадыр, каторы будзе кіраваць народам маім Ізраільскім". 7 Тады Гэрад, тайком паклікаўшы мудрацоў, старанна выведаў ад іх час зоркі, якая ім зьявілася. 8 І пасылаючы іх у Бэтлеем, сказаў: Ідзеце і дакладна распытайце аб дзіцяці, і калі знойдзеце, дайце мне знаць, каб і я пайшоўшы, пакланіўся яму.

9 Яны выслухаўшы караля, адыйшлі. І вось зорка, якую яны бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, аж пакуль прыйшоўшы, стала над месцам, дзе было дзіця. 10 А ўбачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся надта вялікай радасьцяй. 11 І ўвайшоўшы ў дом, знайшлі дзіця з ягонай маткай Марыяй і ўпаўшы, пакланіліся яму; і адчыніўшы скарбы свае, ахвяравалі яму дары: золата, кадзіла і міру. 12 І атрымаўшы наказ у сьне, каб не варочаліся да Гэрада, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.

13 Калі яны ад'ехалі, вось анёл Панскі зьявіўся ў сьне Язэпу, кажучы: "Устань, вазьмі дзіця і матку яго і ўцякай у Эгіпет і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Гэрад будзе шукаць дзіцяці, каб загубіць яго. 14 Ён, устаўшы, узяў уначы дзіця і матку яго і адыйшоў у Эгіпет. 15 І быў там аж да Гэрадавай сьмерці, каб споўнілася, што было сказана Панам праз прарока, кажучага (Оз. 11, 1): "З Эгіпту я паклікаў сына майго".

16 Тады Гэрад, бачачы, што яго зьвялі мудрацы, вельмі разгневаўся і, паслаўшы, выбіў усіх дзяцей, якія былі ў Бэтлееме і ў усіх ваколіцах яго ад двух гадоў і ніжэй, згодна з часам, аб якім быў дапытаўшыся ад мудрацоў. 17 Тады споўнілася, што было сказана праз прарока Ерэмія (31-15), кажучага: 18 "Голас быў чутны ў Раме, плач і галасьба вялікая; Рахеля плачучая па дзецях сваіх і не хацела супакоіцца, бо іх нямашака".

19 А калі памёр Гэрад, вось анёл Панскі зьявіўся ў сьне Язэпу ў Эгіпце 20 кажучы: Устань, вазьмі дзіця і матку яго і ідзіў зямлю Ізраілаву, бо памёрлі тыя, што шукалі душы дзіцяці. 21 Ён устаўшы, узяў дзіця і матку ягону і прыйшоў у зямлю Ізраілаву. 22 Але пачуўшы, што ў Юдэі панаваў Архелауш на месца бацькі свайго Гэрада, пабаяўся туды ісьці, але павучаны ў сьне, адыйшоў у староны Галілейскія. 23 І прыйшоўшы, асеў у месьце Назарэт, каб споўнілася, што было сказана праз прарокаў: што будзе звацца Назарэем.

1 Назоў "мудрацы" насілі пэрсідзкія і бабілонскія вучоныя, якія рабілі досьледы над прыродай наагул і над бегам зор у асобнасьці. Сколькі іх прыехала пакланіцца Хрысту - эванэлія не падае, таксама няведамыя нам іх імёны; аднак на аснове старадаўнага вуснага пераказу прынята ў хрысьціянстве, што іх было трох і называліся яны: Каспар, Мэльхіяр і Бальтазар. Называем іх так-жа каралямі, хоць яны ня былі каралямі ў поўным значэньні гэтага слова, а магчыма што былі толькі начальнікамі сваіх родаў або плямёнаў.

2 Ці зорка была на ўсходзе сонца - няма ведама, бо мудрацы ехалі не на ўсход сонца, а на захад - у Палестыну. Слова "на ўсходзе" тут трэба разумець у тым сэнсе, што зорка "ўсходзіла" , была "на ўсходзе". Чаканьне Мэсыяша было пашырана ў той час ня толькі пасярод жыдоўскага народу, але і пасярод народаў паганскіх, якія чулі і аб прароцтве Балаама (Лічб. 24, 17), што "паўстане зорка з Якуба", дык як толькі мудрацы ўбачылі ўсходзячую зорку, скіраваліся ў той край, дзе жылі патомкі Якуба, у Палестыну. Тады людзі былі пракананы, што зоры маюць вялікі ўплыў на людзей і наагул на чалавецтва. Вучоныя думаюць, што гэная зорка была цудоўнай зьявай нябеснага сьвятла, падобнай да зоркі.

3 Гэрад стрывожыўся, бо нарадзіны новага караля пагражалі яму і ягонай дынастыі, а Ерузалім стрывожыўся, бо баяўся новых тыранстваў з боку Гэрада. Гэрад, званы Вялікім, панаваў ад 40 г. перад Хрыстом да 1 г. пасьля Нар. Хрыста.

9 Зорка ішла перад імі, або, інакш кажучы, "папярэдзіла іх", г. зн. зьявілася над Бэтлеемам раней, чым яны туды прыйшлі.

11 Мудрацы ўвайшлі ў дом, у якім жыла Сьв. Сям'я ўжо ў Бэтлееме. Сьв. Язэп спачатку пайшоў у Ерузалім, каб там у сьвятыні ахвяраваць Езуса Богу, а потым вярнуўся ў Бэтлеем, наняў там дом і думаў там асесьці назаўсёды. Аднак Бог пакіраваў інакш.

Мудрацы ахвяравалі Езусу золата як каралю - валадару, кадзіла як сьвятару, а мірру як чалавеку. На ўсходзе быў звычай, што ніхто не зьяўляецца перад валадаром бяз дараў. Мірра - гэта пахнучая, горка плынь, якая выцякае з бальзамовага дзерава, так як нашая жывіца. Ужывалася на ўсходзе да бальзамаваньня цела.

12 Сьв. Сям'я жыла ў Эгіпце пасярод тамашняй жыдоўскай калоніі нядоўга, бо толькі якія пару гадоў.

16 Ад першага зьяўленьня зоркі не прайшло болей як два гады, дык Гэрад, выдаючы загад пазабіваць дзяцей у Бэтлееме ад двух гадоў і ніжэй, быў пэўны, што загубіць і Езуса.

18 Рахеля была жонкай патрыярха Якуба (Ізраіля) і праз гэта якбы маткай усіх Ізраэлітаў. Яна была пахавана блізка Бэтлеему. Забіваньне дзяцей, так як даўней выганяньне ў Бабілонскую няволю, было вялікім болем для маткі Ізраільскага народу. Рама - места ў Юдэі, праз якое жыды праходзілі, гнаныя ў Бабілонскую няволю.

 

Раздзел 3
ІІ ЧАСЬЦЬ. ПУБЛІЧНАЕ ЖЫЦЬЦЁ ЕЗУСА ХРЫСТА

Выступленьне Яна Хрысьціцеля

1 А ў гэтыя дні прыйшоў Ян Хрысьціцель, навучаючы ў пустыні Юдэйскай 2 і кажучы: Пакутуйце, бо прыблізілася каралеўства Нябеснае.

3 Бо гэта той, аб каторым гаварыў прарок Ізаій (40, 3), кажучы: "Голас клічучага ў пустыні: Праўце дарогу Пана, простымі робеце сьцежкі Яго" 4 А той Ян меў адзежу з вярблюдавай шэрсьці і раменны пояс каля паясьніцы сваей, а ядой яго была саранча і лясны мёд.

5 Тады выходзіў да яго Ерузалім, і ўся Юдэя, і ўвесь край каля Ярдану, спавядаючыся з грахоў сваіх. 7 А бачачы многа фарызэяў і садукеяў, якія ішлі да яго хросту, казаў: Родзе гадавы, хто вам паказаў уцякаць ад надыходзячага гневу? 8 Дык чынеце плод, дастойны пакуты. 9 І ня важцеся гаварыць самі ў сабе: "Айца маем Абрагама", бо я вам кажу, што Бог можа з гэтых каменьняў можа падняць сыноў Абрагаму. 10 Бо ўжо сякера ля карэньня дзераваў паложана: дык кожнае дзерава, якое не дае добрага плоду, будзе сьцята і кінута ў вагонь. 12 Я то хрышчу вас вадою на пакуту, але той, каторы па мне прыйдзе, ёсьць мацнейшы за мяне і я ня варт нясьці абутак яго. Ён вас будзе хрысьціць Духам сьвятым і агнём. 12 Веялка яго ў руцэ ягонай і Ён ачысьціць свой ток, і зьбярэ пшаніцу сваю ў сьвіран, а мякіну спаліць агнём няўгасным.

Хрост і кушэньне Езуса Хрыста

13 Тады прыйшоў Езус з Галілеі на Ярдан, да Яна, каб ім быць ахрышчаным. 14 Але Ян не дапускаў яго, кажучы: Я павінен быць ахрышчаны табою, а ты прыходзіш да мяне? 15 Але Езус, адказваючы, сказаў яму: Пазволь цяпер, бо гэтак нам выпадае споўніць усю справядлівасьць. Тады дапусьціў яго 16 Каліж Езус быў ахрышчаны, зараз выйшаў з вады ім - і вось адчынілася яму неба і ўвідзеў Духа Божага, каторы спускаўся, як галуб, і зыходзіў на яго. 17 І вось голас з неба адазваўся: Гэта ёсьць сын мой мілы, у каторым мне да ўспадобы.

1 "У гэтыя дні" г. зн. тады, калі Езус яшчэ прабываў у Назарэце, выступіў Ян Хрысьціцель.

2 Каралеўства нябеснае азначае тут духоўнае валадарства, якое Хрыстус залажыў на зямлі і якое мы называем Касьцёлам Каталіцкім. Пакута адчыняе дзьверы ў гэтае валадарства.

4 Саранчу на ўсходзе бедныя людзі ловяць, сушаць яе на сонцы або прыпякаюць на агні і ядуць. А лясны мёд - гэта мёд дзікіх пчолаў або сок, які выцякае з дрэваў і іншых расьлінаў.

5 Хрост Яна Хрысьціцеля ня быў звычайным жыдоўскім рытуальным абмываньнем, якое мы так часта бачым у тагачасных жыдоў, але ня быў таксама і сакрамэнтам, адпаскаючым грахі, які мы бачым у хрысьціянстве, а быў толькі зьверхняй формай каяньня і пакуты за грахі. Гэты хрост прыгатаўляў на прыняцьце Збаўцы і ягонага хросту з Духа сьв. і агню, які адпускае грахі і дае агонь усьвячаючай ласкі Божай.

7 Фарызэі - гэта была жыдоўская рэлігійна-народная партыя, якая мела на мэце абарону Закону Майсея і жыдоўскага народу ад чужацкіх уплываў. Фарызэі стараліся спаўняць рэлігійныя практыкі вельмі акуратна і дзеля гэтай зьверхняй набожнасьці мелі вялікую пашану ў народзе. Аднак іх рэлігійнасьць была толькі павярхоўнай, не абыймаючай глыбіні душы і сэрца чалавека. Слова "фарызэі" значыць тое самае што "выдзеленыя".

Садукеі былі жыдоўскай матэр'ялістычнай сэктай, якая адкідала ўскрашэньне цела, загробнае жыцьцё, існаваньне душаў і Агляд Божы над сьветам. Садукеі былі прыхільнікам грэцкай культуры і ўважалі сябе за паступоўцаў. Сябрамі гэтай сэкты былі прадстаўнікі вышэйшых класаў. Садукеі назоў свой узялі ад архісьвятара Саддука.

9 Жыды былі пракананы, што ўжо само паходженьне ад Абрагама дае ім права да будучага валадарства Божага і да збаўленьня.

10 "Сякера да карэньня дзераваў" азначае тут блізкую небясьпеку суду і кары Божай (рымскі меч).

11 "Будзе хрысьціць Духам сьвятым і агнём" - г. зн. агнём любові Божай, каторай крыніцай і давальнікам ёсьць Дух сьв. Агонь тут ёсьць знакам ласкі Духа сьв.

13 Езус, прыймаючы хроста ад Яна, даў прыклад пакоры і паказаў, што бярэ на сябе цяжар нашых грахоў. Пры гэтым Езус аб'яўляецца народу як Мэсыяш.

16 Ян Хрысьціцель відзеў Духа сьв. як галубка і чуў голас Божы. У Старым Законе Бог пераважна зьяўляецца людзям пад відам агню, маланак і бур, крышачым скалы, а ў Новым Законе Дух сьв. зьяўляецца ўжо пад відам лагоднага галубка. Бога-ж як духа ніхто ніколі ня бачыў, бо духовыя істоты не падпадаюць пад наш зрок.

17 Бог Айцец сьцьвярджае тутака, што Езус ёсьць Ягоным Сынам. Гэто было першае відомае сьцьвярджэньне існаваньня Сьв. Тройцы: Бог Айцец аб'явіўся ў голасе, Бог Сын - у людзкім целе, а Дух сьв. у форме галубка.

 

Раздзел 4

1 Тады Езус быў заведзены Духам у пустыню, каб быў спакушваны д'яблам. 2 А калі прапасьціў сорак дзён і сорак ночаў, потым пачуў голад. 3 І прыступіўшы спакусьнік сказаў яму: Калі ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні сталіся хлебам. 4 Ён, адказваючы, сказаў: Напісана ёсьць: "Не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Божых" (Пт. Пр. 8, 3). 5 Тады ўзяў яго д'ябал у сьвяты горад і паставіў яго на крыле сьвятыні 6 і сказаў яму: Калі ты Сын Божы, кінься ўніз; бо ёсьць напісана: "Што анёлам сваім загадаў аб табе і на руках панясуць цябе, каб часам ня ўдарыў аб камень нагі сваей" (Пс. 90, 11-12). 7 Сказаў яму Езус: Такжа напісана ёсьць: "Не спакушай Пана Бога твайго" (Пт. Пр. 6, 16). 8 Ізноў узяў яго д'ябал на гару вельмі высокую і паказаў яму ўсе каралеўствы сьвету і іх славу 9 і сказаў яму: Усё гэтае дам табе, калі ўпаўшы паклонісься мне. 19 Тады сказаў яму Езус: Адыйдзі шатане! Бо ёсьць напісана: "Пану Богу твайму кланяйся і яму аднаму служы" (Пт. Пр. 6, 13). Тады пакінуў яго д'ябал - і вось анёлы прыступілі і паслугавалі яму.

Езус ідзе ў Галілею і жыве ў Капарнаум

12 Калі-ж Езус пачуў, што Ян быў выданы, адыйшоў у Галілею 13 і, пакінуўшы места Назарэт, прыйшоў і асеў у Капарнауме прыморскім, у граніцах Забулон і Нэфталім, 14 каб споўнілася, што было сказана праз Ізаія прарока (9, 1-2): 15 "Зямля Забулон і зямля Нэфталім, дарога прыморская за Ярданам, Галілея паганская і 16 Народ, каторы сядзеў у цемры, угледзеў сьвятло вялікае і тым, што сядзелі ў краіне ценю сьмерці, узыйшла яснасьць". 17 З таго часу пачаў Езус абвяшчаць і казаць: пакутуйце, бо прыблізілася каралеўства нябеснае.

Пакліканьне першых апосталаў

18 А праходзячы каля мора Галілейскага, Езус убачыў двух братоў: Сымона, каторага завуць Пятром, і Андрэя, ягонага брата, закідаючых сеці ў мора, бо былі рыбакамі 19 і сказаў ім: Ідзеце за мной і я зраблю вас рыбакамі людзей. 20 І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім. 21 А ідучы адтуль далей, убачыў двух другіх братоў: Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, з Зэбэдэям іхным бацькам у лодцы правячых свае сеці, і паклікаў іх. 22 А яны зараз-жа, пакінуўшы сеці і бацьку, пайшлі за ім. 23 І абходзіў Езус усю Галілею, навучаючы ў іхных бажніцах і абвяшчаючы эванэлію каралеўства і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе. 24 І разыйшлася вестка аб ім па ўсей Сырыі і прыносілі да яго ўсіх нядужых, апанаваных рознымі хваробамі і болямі, і маючых нячыстых, і лунатыкаў, і спаралізаваных і аздаравіў іх. 25 І ішлі за ім вялікія грамады з Галілеі, і Дэкаполу, і з Ерузаліму, і з Юдэі, і з-за Ярдану.

1 Пустыня гэтая, паводле старадаўных пераказаў, ляжыць паміж Ерыхонам і Ерузалімам, дзе шмат ёсьць бязьлюдных горных верхавін.

Хрыстус быў заведзены туды Духам сьв., які быў зьявіўшыся ў часе хросту. Д'ябал прыступіў да Езуса ў выглядзе чалавечым.

Праз кушэньне ад д'ябла Хрыстус хацеў нас павучыць, як мы маем перамагаць пакусы, бо ніхто ня ёсьць вольны ад спакушэньня. Разам з гэтым Хрыстус паказаў, што ён вышэйшы за ўсе д'ябэльскія спакушэньні.

2 Хрыстус праз 40 дзён і 40 начэй, будучы ў захопленьні і малітве, не адчуваў голаду, потым аднак людзкая натура Хрыста захацела есьці, а як была аслабеўшы, дала аказію д'яблу да спакушаньня яе праз найчасьцейшыя пажаданьні людзкія: ежы, славы і ўлады.

3-4 Д'ябал хацеў даведацца, ці Езус ёсьць сапраўды Мэсыяш і Сын Божы. Да кушэньня д'ябал падходзіць умела: галоднаму спачатку гаворыць аб хлебе. - Але Езус адказвае яму, што чалавеку патрэбен да жыцьця ня толькі хлеб, але і слова Божае.

5 Сьвятым горадам тут называецца Еразулім.

6 Д'ябал спакушае Езуса славай перад людзьмі: калі ён скочыць з вярху сьвятыні і нічога яму ня станецца, то народ адразу можа прызнаць яго за Мэсыяша. Бо жыды прадстаўлялі Мэсыша як магутнага валадара, каторы прыйдзе проста з неба, несены на руках анёлаў. Аднак Хрыстус адкідае і гэту пакусу, каб не пацьвярджаць памылковага пагляду народу на Мэсыяша.

12 Завідлівыя фарызэі выдалі сьв. Яна ў рукі Гэрада Антыпы (сына Гэрада В., які забіваў дзеткі ў Бэтлееме). Гэрад Антыпа панаваў над Галілеяй і Пэрэяй.

14 У Назарэце Езуса не прынялі, а навет хацелі яму сьмерць зрабіць, дзеля гэтага Езус выбірае сябе на сялібу горад Капарнаум. У Капарнауме, як у большым горадзе, зыходзіліся дарогі з усяго краю і была лепшая магчымасьць пашыраць навуку аб валадарстве Божым.

15 У Галілеі жыло тады шмат паганаў г. зн. людзей, якія не належалі да Ізраільскага народу.

19 "Зраблю вас рыбакамі людзей" г. зн. будзеце лавіць (наварочваць) людзей да каралеўства Божага.

 

Раздзел 5
Нагорная навука
1) Восем багаславенстваў

1 А бачачы грамады, Езус узыйшоў на гару і, калі сеў, падыйшлі да яго вучні ягоны 2 і ён, адчыніўшы вусны свае, навучаў іх, кажучы:

3 Багаслаўлены ўбогія духам, бо іх ёсьць каралеўства нябеснае.

4 Багаслаўлены ціхія, бо яны заўладаюць зямлёю.

5 Багаслаўлены, каторыя плачуць, бо яны будуць пацешаны.

6 Багаслаўлены, каторыя прагнуць і смагнуць справядлівасьці, бо яны будуць насычаны.

7 Багаслаўлены міласэрныя, бо яны міласэрдзе атрымаюць.

8 Багаслаўлены чыстыя сэрцам, бо Яны Бога будуць відзець.

9 Багаслаўлены супакой чынячыя, бо яны будуць названы сынамі Божымі.

10 Багаслаўлены, каторыя церпяць прасьлед дзеля справядлівасьці, бо іх ёсьць каралеўства нябеснае.

11 Багаслаўлены вы, калі вас будуць лаяць, і прасьледаваць, і ўсякае зло проціў вас гаварыць, лгучы дзеля мяне: 12 цешцеся і весялецеся, бо нагарода вашая вялікая ў небе; бо так прасьледавалі прарокаў, якія былі перад вамі.

13 Вы ёсьць соль зямлі, калі-ж соль зьвятрэе, то чым яе зрабіць салёнай? Яна нікуды болей ня варта, як толькі выкінуць яе вон і каб яе патапталі людзі. 14 Вы ёсьць сьветласьць сьвету; ня можа скрыцца горад паложаны на гарэ. 15 І не запальваюць сьвечку, і ня ставяць яе пад пасудзінай, але на ліхтар, каб сьвяціла ўсім, што ёсьць у доме. 16 Так няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя чыны і славілі Айца вашага, каторы ёсьць у небе.

2) Стары і Новы Закон

17 Ня думайце, што я прыйшоў скасаваць Закон або прарокаў; ня прыйшоў я касаваць, але дапоўніць. 18 Сапраўды-ж кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, не загіне аніводная ёта, аніводная рыска з Закону, аж пакуль усё станецца. 19 Дык хто-б скасаваў адно з гэтых найменшых прыказаньняў і так-бы навучаў людзей, будзе названы найменшым у каралеўстве нябесным; а хто-б чыніў і навучаў, той будзе названы вялікім у каралеўстве нябесным.

29 Бо кажу вам, што калі ваша справядлівасьць ня будзе буйнейшай, як кніжнікаў і фарызэяў, ня ўвойдзеце ў каралеўства нябеснае.

21 Вы чулі, што сказана старадаўным: "Не забівай, а хто-б забіў, будзе падлеглы суду" (Выхад. 20, 13). 22 А я вам кажу, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, будзе падлеглы суду, а хто-б сказаў на брата свайго "нягоднік", будзе падлеглы суду найвышэйшаму, а хто-б сказаў "бязбожнік", будзе падлеглы пякельнаму агню. 23 Дык калі ты ахвяруеш дар свой да аўтара і там прыпомніш, што брат твой мае нешта проціў цябе, 24 пакінь там перад аўтаром свой дар і ідзі перш пагадзіся з братам сваім, а тады вярнуўшыся ахвяруеш дар свой. 25 Гадзіся з сваім праціўнікам скора, пакуль яшчэ ў дарозе з ім, каб часам праціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе і каб не пасадзілі цябе ў вастрог. 26 Сапраўды кажу табе: ня выйдзеш датуль, пакуль не аддасі апошняга грошыка.

27 Вы чулі, што сказана старадаўным: "Не чужалож" (Вых. 20, 14), 28 а я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну, ужо саграшыў з ею ў сэрцы сваім. 29 Калі-ж правае вока тваё ўводзіць цябе ў грэх, вырві яго і кінь ад сябе, бо лепш для цябе, каб згінуў адзін з тваіх членаў, чымся ўсё цела тваё мела быць кінутым у пекла. 30 І калі правая рука твая ўводзіць цябе ў грэх, адсячы яе і кінь ад сябе, бо лепш для цябе, каб згінуў адзін з тваіх членаў, чымся ўсё цела тваё мела ісьці ў пекла.

31 І сказана так так-жа: "Хто-б пакідаў сваю жонку, няхай дасьць ёй разводны ліст" (Паўл. Пр. 24, І), 32 а я вам кажу: што кожны, хто-б пакінуў сваю жонку, акрамя прычыны чужаложства, прыводзіць яе да чужаложства, а хто-б ажаніўся з пакіненай, чужаложыць.

33 Вы чулі яшчэ, што сказана старадаўным: "Не прысягай на няпраўду, але спаўняе перад Богам прысягі твае" (Лэвіт. 19, 12). 34 А я вам кажу: аніяк не прысягайце - ані на неба, бо яно трон Божы, 36 ані на зямлю, бо яна падножжам ног ягоных, ані на Ерузалім, бо ён горад вялікага караля. 36 І не прысягай на галаву сваю, бо ня можаш зрабіць ніводнага воласа белым або чорным. 37 Але няхай будзе мова вашая: "так, так", "не, не", а што болей за гэтае, ад злога ёсьць.

38 Вы чулі, што сказана: Вока за вока і зуб за зуб" (Выхад. 21, 24). 39 А я вам кажу: не супраціўляйцеся злому, але хто калі ўдарыць цябе ў правую шчаку, настаў яму і другую, 40 а таму, хто хоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку тваю, аддай яму і вопратку, 41 і хто-б прымушаў цябе ісьці тысячу крокаў, дзі з ім і другія дзьве. 42 Просіць хто ў цябе, дай яму, а хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся. 43 Вы чулі, што сказана: "Любі бліжняга твайго і мей у ненавісьці ворага твайго" (Лэвіт, 19, 18). 44 А я вам кажу: Любеце ворагаў вашых, добра чынеце тым, каторыя прасьледуюць і чэрняць вас, 45 каб вы былі сынамі Айца вашага, каторы ёсьць у небе, каторы загадывае сонцу свайму усхадзіць над добрымі і благімі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. 46 Бо калі вы любіце тых, што вас любяць, якую-ж нагароду мець будзеце? Ці-ж ня робяць гэтага і мытнікі? 47 І калі вы вітаецеся толькі з братамі сваімі, што-ж асабліўшае робіце? Ці-ж і пагане гэтага ня робяць? 48 Дык будзьце дасканальны, як і Айцец ваш нябесны дасканальны ёсьць.

1 У Нагорнай навуцы Езус разьвівае сваю навуку аб каралеўстве або валадарстве Божым: наўперад падае, хто можа да яго належаць, потым які будзе характар гэтага валадарства і якія яго асновы; побач з гэтым Езус абвяшчае рэлігійна-этычную праграму Новага Закону.

3 Убогія духам - гэта тыя людзі, каторыя ня прывязаны да багацьця гэтага сьвету і якія імкнуцца да ўбогасьці ў душы і сэрца свайго.

4 Пад словам зямля тут трэба разумець "шчасьце", якое Бог прыгатовіў для сваіх слугаў, а гэтым шчасьцем ёсьць каралеўства Божае. Наагул у кожным багаславенстве Хрыстус абяцае гэтае каралеўства, толькі кожны раз пад іншым вобразам і ў іншай форме (тут у форме "зямля").

5 Плач тутака азначае боль душы з прычыны сваіх уласных грахоў або дзеля цярпеньняў, якія Бог дае людзям. Жыды ў той час думалі, што разам з каралеўствам Мэсыяша настане заўсёдная радасьць і ўцеха, а Езус Хрыстус кажа, што будзе і плач, але гэты плач будзе ўцешаны.

6 Як галодны хоча есьці і ўсьмягшы піць, так сапраўдныя вучні Хрыстовы павінны імкнуцца да справядлівасьці і яны гэтай справядлівасьцяй будуць насычаны ў каралеўстве Божым.

10 Жыды думалі, што ў каралеўстве Хрыстовым будзе толькі панаваньне і ня будзе ніякага прасьледу і цярпеньня. Хрыстус прастуе гэты памылковы пагляд і кажа, што прасьлед будзе і то нават дзеля Яго і ягонай навукі. Але толькі прасьлед дзеля справядлівасьці і Хрыста будзе мець нагароду ў каралеўстве нябесным.

13 Як соль бароніць ад гніцьця і папраўляе ежу, таксама і вучні Хрыста павінны сваім жыцьцём і навукай бараніць людзей ад сапсуцьця. Калі-ж соль страціць сваю сілу ("зьвятрэе"), то ўжо няма чым яе насаліць. Гэтаксама, калі вучні Хрыстовы сапсуюцца, то хто іх паправіць?

14 Вучань Хрыстуса павінен быць сьвятлом, навукай і цяплынёй для іншых людзей.

16 Як ня можа скрыцца горад, паложаны на гарэ, таксама ня можа скрыцца чалавек, пастаўлены на высокім становішчы. Яго жыцьцё і чыны заўсёды будуць на вачах у людзей і затым чыны ягоны павінны быць заўсёды добрыя.

19 Будзе найменшым г. зн. займе адно з апошніх мясцоў у небе, але ня будзе асуджаны на вечную кару ў пекле, бо справа датычыць малога прадпісаньня.

20 Адно толькі зьверхняе выпаўненьне Закону, так як гэта было ў кніжнікаў і фарызэяў, ня будзе мець у Бога ніякага значэньня. Бог вымагае рэлігіі душы і сэрца.

22 Не аб гневе прыпадковым і пераходным гаворыць тут Хрыстус, але аб вялікім і трывалым, які пераходзіць у ненавісьць і ёсьць прычынай розных грахоў, як забойства, фальшывае сьведчаньне і іншых. Забараняючы такога гневу, Езус ставіць перашкоды і іншым грахом, якія выплываюць з гневу.

Пад словам "нягоднік" трэба разумець зьнявагу абдуманую, выплываючую з гневу і ненавісьці.

Слова "бязбожнік" азначае тут найгоршага чалавека, які паўстае проціў Бога і ягоных правоў. Палічыць свайго бліжняга за найгоршага мы ня маем права і дзеля гэтага Хрыстус гразіць такой вялікай карай.

25 У Ст. Законе праціўнік, г. зн. чалавек несправядліва пакрыўджаны, мог зьвярнуцца ў суд і пакараць крыўдзіцеля, дзеля гэтага было рэчай карыснай ужо ў дарозе ў суд пагадзіцца з ім. Дарога азначае тут нашае зямное жыцьцё. Судзьдзёю ёсьць Бог.

29 Хрыстус тут павучае, што трэба адкінуць усялякаю рэч ці асобу ад сябе, калі тая рэч ці асоба ўводзіць чалавека ў грэх, горшыць, хоць-бы яна была для чалавека такая дарагая, як вока або рука. Ня вучыць тут Хрыстус, каб мы сапраўды адсякалі сабе руку або вырывалі вока, бо калечыць сябе ня можна.

31 Стары Закон дазваляў у некаторых выпадках на поўны развод, але Хрыстус забараняе гэтага. У выпадку чужалоства з боку аднаго з пажэненых, Хрыстус дазваляе на разлучэньне г. зн. на разыход і аддзельнае жыцьцё чужаложных: жонкі або мужа. Для будучых у разлучэньні (сэпарацыі) другое жанімства забаронена.

32 У гэтым радку Хрыстус уважае чужалоства жонкі за прычыну да разлучэньня, а не разводу, гэта відаць ясна, раўнуючы гэты тэкст з Мк. 10, 11; Лк. 16, 18; 1 Кар. 7, 10 - 11; Рымл. 7, 23.

34 Хрыстус забараняе прысягаць бяз важнай прычыны; калі-ж важныя прычыны вымагаюць сьцьверджаньня праўды (напр. у судзе), то тады прысяга дазволена. Прысяга - гэта ёсьць пакліканьне Бога на сьведку, што мы гаворым праўду.

37 Мова нашая павінна быць справядлівая бяз лішніх слоў, прысяганьня або бажбы.

38 Гэтыя словы Старога Закону (Выхаду 21, 24) былі пададзены не як правіла паступаньня для ўсіх людзей, але як правіла для народных судзьдзяў, якія паводле гэтага правіла мелі судзіць і аддаваць "вока за вока і зуб за зуб". Хрыстус касуе гэтае правіла і ў далейшых радкох вобразна прадстаўляе спосабы паступаньня кожнаго хрысьціяніна, які павінен высьцерагацца гэтага старазаконнага правіла, вядучага да помсты.

39 Хрыстус не забараняе змагацца са злом, але забараняе спрачацца з злым чалавекам і спаганяць на ім злосьць або, інакш кажучы, шукаць аказіі да старазаконнай помсты. Наадварот, хрысьціяне павінны быць справядлівымі да ўсіх і нават адплачваць дабром за зло. У гэтым значэньні і трэба тут разумець настаўляньне другое шчакі. Бо і Хрыстус, калі перад Аннашам быў удэраны па шчацэ (Ян 18, 23) то спытаўся "нашто мяне б'еш?" Гэтак рабіў і сьв. Павал (Ап. Дз. 23, 3).

40 Дзеля згоды і супакою Хрыстус загадывае ўступаць бліжнім з сваіх правоў, аднак не забараняе цалком дахадзіць гэтых правоў перад судом. Забараняе толькі старазаконнае помсты, якая вяла нават да праліцьця крыві і непатрэбнай цяганіны па судох.

41 Тут гутарка аб ведамых тагачасных урадавых ганцох, якіх высылалі пэрсідзкія і рымскія ўлады і якія прымушалі ісьці з імі і спаўняць розныя загады.

43 Загад, каб ненавідзець ворага, увялі рабіны, апіраючыся на тых мясцох Ст. Закону, у каторых гаворыцца аб іншых адносінах да жыда, а іншых да чужынца.

 

Раздзел 6
3) Аб дарэньні ўбогіх, малітве і пасьце

1 Глядзеце, каб справядлівасьці вашай ня чыніць перад людзьмі, каб яны бачылі вас, бо інакш ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, каторы ёсьць у небе. 2 Дык ты, калі робіш дарэньне, ня трубі перад сабою, як гэта робяць крывадушнікі ў бажніцах і на вуліцах, каб іх хвалілі людзі: сапраўды кажу вам, яны атрымалі сваю нагароду. 3 А ты калі робіш дарэньне, няхай левая рука твая ня ведае, што робіць твая правая, 4 каб дарэньне тваё было ў скрытнасьці, а Айцец твой, каторы відзіць у скрытнасьці, аддасьць табе.

5 І калі вы моліцеся, ня будзьце, як крывадушнікі, каторыя любяць у бажніцах і на вуглох вуліц стоячы маліцца, каб іх бачылі людзі, сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю нагароду. 6 А ты калі молісься, увайдзі ў сьвятліцу сваю і, зачыніўшы дзьверы, маліся да Айца твайго ў скрытнасьці, а Айцец твой, каторы відзіць у скрытнасьці, аддасьць табе. 7 А молячыся не гаварэце многа, як пагане, бо яны думаюць, што ў многаслоўі сваім будуць выслуханы. 8 Дык ня будзьце падобны да іх, бо ведае Айцец вас, чаго вам трэба, перш, чым папросіце ў яго. 9 Вы-ж малецеся гэтак: Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, 10 прыйдзі каралеўства Тваё, будзь воля Твая, як на небе так і на зямлі, 11 Хлеба нашага штодзёнанага дай нам сяньня 12 і адпусьці нам віны нашы, так і мы адпускаем вінаватым нашым 13 і не ўвадзі нас у пакусу, але збаў нас ад злога. Амэн. 14 Бо калі вы адпусьціце людзям грахі іх, бо і вам адпусьціць Айцец ваш нябесны праступкі вашы. 15 А калі вы не адпусьціце людзям, то і Айцец ваш не адпусьціць вам грахоў вашых.

16 Калі-ж вы посьціце, ня будзьце, як крывадушнікі, сумныя, бо яны нішчаць твары свае, каб паказацца перад людзьмі, што яны посьцяць. Сапраўды кажу вам, што яны атрымалі нагароду сваю. 17 А ты, калі посьціш, намасьць галаву сваю і абмый твар свой, 18 каб ня людзям паказацца, што ты посьціш, але Айцу свайму, каторы ёсьць у скрытнасьці, а Айцец твой, каторы ёсьць у скрытнасьці, аддасьць табе. 19 Не зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе іржа і моль зьядае, і дзе зладзеі выкопваюць і крадуць, 20 але зьбірайце скарбы ў небе, дзе ані іржа, ані моль не зьядае і дзе зладзеі не выкопваюць і не крадуць. 21 Бо дзе твой скарб, там і сэрца тваё.

22 Сьветачам цела твайго ёсьць вока тваё. Калі вока тваё будзе шчырае, то ўсё цела тваё будзе сьветлае. 23 А калі вока тваё будзе нягоднае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Дык калі сьвятло, што ў табе, цемрай ёсьць, то якая вялікая будзе сама цемра?

24 Ніхто ня можа служыць двом паном, бо або аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, або да аднаго прыхінецца, а другім пагардзіць. Ня можаце Богу служыць і мамоне. 25 Дзеля таго кажу вам: не клапацецеся аб жыцьці вашым, што будзеце есьці, ані аб целе вашым, у што будзеце адзявацца. Ці-ж жыцьцё не важнейшае за ежу, а цела не важнейшае за адзеньне? 26 Паглядзеце на птушкі нябесныя, што ня сеюць, ані жнуць, ані зьбіраюць у гумны і Айцец ваш корміць іх. Ці-ж вы ня варты многа болей за іх? А хто з вас можа клапацячыся дадаць да свайго ўзросту адзін локаць? 28 А аб адзеньні чаго клапаціцёся? Паглядзеце на лілеі палявыя, як яны растуць: не працуюць і ня жнуць; 29 а я вам кажу, што і Саламон ва ўсей сваей славе ня быў адзеты так, як адна з іх. 30 Калі-ж палявую траву, якая сяньня ёсьць, а заўтра кідаецца ў печ, Бог гэтак адзяе, то куды болей вас, малаверных? 31 Дык не клапацецеся, кажучы: "Што будзем есьці, або што будзем піць, або ў што будзем адзявацца?" 32 бо ўсяго гэтага пагане шукаюць. Бо Айцец вас ведае, што ўсяго гэтага вам патрэба. 33 Дык шукайце перш каралеўства Божага і справядлівасьці яго , а гэтае ўсё будзе вам дадзена. 34 Дык не клапацецеся аб заўтрашняе, бо заўтрашні дзень будзе клапаціцца сам аб сабе. Хваціць на кожан дзень свае бяды.

1 Справядлівасьць азначае тут усе нашыя добрыя чыны. Спаўняць добрыя чыны толькі дзеля людзкога вока Хрыстус забараняе, жадаючы вышэйшай мэты і аднясеньня да Бога. Бог дае нагароду ў небе толькі за ўчынкі споўненыя для Бога і жыцьця надпрыроднага.

2 Атрымалі сваю нагароду г. зн. атрымалі тое, да чаго імкнуліся. Хацелі розгаласу і славы перад людзьмі, атрымалі іх, ад Бога ім ужо нічога не належыцца.

3 Хрыстус ня ганіць тут малітвы па сьвятынях і малітвы супольна, а толькі забараняе малітвы на паказ, для вока людзкога.

9 "Ойча наш" у хрысьціянстве ёсьць першая і найважнейшая малітва. Затым што навучыў яе сам Пан Езус, завецца малітва "Панская" або "Хрыстусавая". Складаецца яна з звароту да Айца нябеснага і 7-мі просьбаў.

11 Слова "хлеб" у сьв. Пісаньні ужываецца часта на азначэньне ўсякай ежы і просячы штодзённага хлеба, мы просім Бога, каб даў нам усяго патрэбнага да жыцьця на кожны дзень.

13 Пакусай ёсьць усё тое, што нас можа прывесьці да грэху, навет проба, якую Бог часам на людзей засылае. Дзеля гэтага, просім тут, каб Бог бараніў нас ад пакусаў, а калі ўжо яны канечне мусяць да нас прыйсьці, то каб Бог ласкай сваей узмацаваў нас і ня даў нам упасьці ў грэх.

16 Фарызэі падчас посту "нішчылі" свой твар, бо ня мыліся, ня часаліся, а нават мазаліся попелам, каб толькі зьвярнуць на сябе ўвагу, што яны посьцяць.

24 Мамона (грошы, багацьце) азначае тут усё тое, што супраціўляецца Богу, а прадусім багацьце, якому кланяюцца людзі як бажку, забываючыся аб Богу. Мамона ўжытая тут у форме асобы, якая супраціўляецца Богу.

30 У Палестыне дзеля нястачы дроў паляць у печы сухою травою, саломаю і г. п.

33 Хрыстус не забараняе тутака старацца і дбаць аб усё зямное, а толькі загадывае, каб на першым месцы ў людзей стаяла Божая справа і справядлівае жыцьцё, а калі гэта будзе, то ўсё іншае, патрэбнае да гэтага жыцьця, будзе Богам дадзена.

34 Кожны дзень мае свае клопаты і турботы, дык неразумна было-б да гэтых што дзённых клопатаў дадаваць яшчэ лішнія і непатрэбныя думкі аб будучыні, тымболей што будучыня, таксама як і цяперашыня, у руках Бога.

 

Раздзел 7
4) Розныя прыказаньні і заканчэньне нагорнае навукі

1 Ня судзеце, каб вас ня судзілі. 2 Бо якім судом вы асудзіце, такім і вас будуць судзіць, і якой меркай вы адмерыце, такой і вам адмераць. 3 Чаму ты бачыш трэсачку ў воку брата твайго, а палена ў воку сваім ня відзіш? 4 Або як ты скажаш свайму брату: "Дай, я выйму трэсачку з вока твайго", а вось палена ёсьць у воку тваім? 5 Крывадушнік, выкінь перш палена з вока твайго, а тады пабачыш, як дастаць трэсачку з вока брата твайго.

6 Не давайце таго, што сьвятое, сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб часам не патапталі іх сваімі нагамі і, адвярнуўшыся, не разарвалі вас.

7 Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і будзе вам адчынена. 8 Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць; і таму, хто стукае, адчыняць. 9 Або ці ёсьць паміж вамі такі чалавек, каторы даўбы свайму сыну камень, каліб ён папрасіў у яго хлеба? 10 Або каліб папрасіў рыбы, то няўжо даўбы яму зьмяю? 11 Дык калі вы, будучы благімі, умееце даваць добрыя дары сваім дзецям, наколькі болей Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, дасьць добрае просячым у Яго! 12 Дыу усё, што толькі вы хочаце, каб вам людзі рабілі і вы ім рабеце. Бо гэта ёсьць закон і прарокі.

13 Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторная ёсьць дарога, якая вядзе на загубу і шмат ёсьць, што ўваходзяць праз яе: 14 Як-жа цесная брама і вузкая ёсьць дарога, якая вядзе да жыцьця і мала такіх, што знаходзяць яе!

15 Сьцеражэцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай шкуры, а ўнтры яны ваўкі рвучыя. 16 Па іхных пладох пазнаеце іх. Ці-ж зьбіраюць з церняў вінаград, або з асату фігі? 17 Гэтак усякае добрае дзерава дае добрыя плады, а благое дзерава дае благія плады. 18 Ня можа добрае дзерава даваць благіх пладоў, ані благое дзерава даваць добрых пладоў. 19 Усяе дзерава, што не даець добрага плоду, будзе зрубана і кінута ў вагонь. 20 Дык па іхных пладох пазнаеце іх.

21 Ня ўсякі, хто мне кажа: "Пане, Пане", увойдзе ў каралеўства нябеснае, але хто спаўняе волю Айца майго, каторы ёсьць у небе, той увойдзе ў каралеўства нябеснае. 22 Многія скажуць мне ў той дзень: ""Пане, Пане, ці-ж не тваім іменем мы прарочылі, ці-ж не тваім іменем выганялі д'яблаў, ці-ж не тваім іменем чынілі многа цудаў?" 23 І тады заяўлю ім: Што я ніколі ня знаў вас, адыйдзеце ад мяне вы, што чыніцё нягоднасьць.

24 Дык кожны, хто слухае гэтых слоў маіх і выпаўняе іх, будзе падобны да мудрага чалавека, каторы збудаваў дом свой на камені. 25 І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падулі вятры і рынулі на гэны дом - і ня ўпаў ён, бо быў пастаўлены на камені. 26 А ўсякі, хто слухае гэтых слоў маіх і не выпаўняе іх, будзе падобны да неразумнага чалавека, які збудаваў дом свой на пяску. 27 І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падулі вятры і рынулі на гэны дом - і заваліўся ён, і вялікая была яго руіна.

28 І сталася, калі Езус скончыў гэтыя словы, дзівіліся грамады з яго навукі. 29 Бо ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, а не як іхныя кніжнікі і фарызэі.

1 Хрыстус забараняе судзіць бліжняга бяз прычыны і бяспраўна. Тут ідзе гутарка аб суджэньні прыватным, а не публічна - праўным.

3 Міласьць да самых сябе не пазваляе нам часта бачыць сваіх уласных грахоў і пахібаў, нават цяжкіх, тады калі мы бачым найменшыя праступкі ў сваіх бліжніх і асуджаем іх. Той чалавек, каторы мае цяжкія правіны, не павінен асуджаць свайго бліжняга.

5 Напамінаньне бліжняга, з шчырай і добрай думкай дакананае, можа прынесьці вялікую карысьць, калі толькі было зроблена разважна і ў добрую пару.

6 Бязстыдным і нягодным людзям ня варта і казаць нічога, бо яны ня толькі не паправяцца, але яшчэ будуць як сабакі брахаць на праўду. Пэрлы азначаюць тут добрыя і сьвятыя словы, а сьвіньні - людзей, жывучых у гразі ўсялякага грэху.

13 Цесная брама - гэта цяжкія абавязкі хрысьціянскага жыцьця і сумленьня, а шырокая і прасторная дарога - гэта свабоднае жыцьцё, у каторым чалавек на ўсё сабе пазваляе. Мала ёсьць такіх людзей, якія ідуць цяжкою дарогаю сваіх абавязкаў.

21 Адной малітвы да збаўленьня мала, трэба яшчэ і добрых чынаў і спаўненьня волі Божай, якая выражана ў прыказаньнях.

25 Ніякія перашкоды: ані прасьлед, ані спакушэньні, ані сумнівы ня здолеюць перамагчы добрага хрысьціяніна, угрунтаваўшага сваё жыцьцё на камені навукі Хрыстовай.

27 Адно толькі слуханьне навукі Хрыстовай, бяз моцнага фундамэнту хрысьціянскага жыцьця і глыбокага пракананьня, ня ёсьць трывалкім і моцным, яно падае пад націскам жыцьцёвых бураў.

 

Раздзел 8
Некаторыя цуды Е. Хрыста

1 Калі-ж зыйшоў з гары, пайшлі за ім вялікія грамады. 2 І вось пракажаны, падыйшоўшы, кланяўся яму, кажучы: Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысьціць. 3 І Езус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго, кажучы: Хачу, будзь ачышчаны. І зараз-жа была ачышчана ягоная праказа. 4 І сказаў яму Езус: Глядзі, нікому не кажы, але ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй дар, які загадаў Майсей, гэным на пасьведчаньне.

5 Калі-ж увайшоў у Капарнаум, падыйшоў да яго сотнік, просячы яго, 6 і кажучы: Пане, слуга мой ляжыць дома спаралізаваны і цяжка мучыцца. 7 І сказаў яму Езус: Я прыйду і аздараўлю яго. 8 А сотнік, адказваючы, прамовіў: Пане, я ня варт, каб ты увайшоў пад дах мой, але скажу толькі словам і аздаравее слуга мой. 9 Бо і я ёсьць чалавек пастаўлены пад уладай, маючы пад сабой жаўнераў, і кажу гэтаму: "Ідзі" - і ён ідзе, другому: "Прыйдзі" - і ён прыходзіць, а слузе майму: "Рабі гэта" - і ён робіць. 10 А пачуўшы, Езус зьдзівіўся і сказаў да тых, што ішлі за ім: Сапраўды кажу вам, не знайшоў я такой вялікай веры ў Ізраілю. 11 А кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і засядуць з Абрагамам, Ізаакам і Якубам у каралеўстве нябесным, 12 а сыны каралеўства будуць выкінуты ў цемру надворную, там будзе плач і скрыгот зубоў. 13 І сказаў Езус сотніку: Ідзі, і як ты ўверыў, няхай табе станецца. І аздаравеў слуга ў тую гадзіну.

14 І калі Езус прыйшоў у дом Пятра, убачыў цешчу ягоную, ляжачую ў гарачцы, 15 і дакранаўся да яе рукі, і пакінула яе гарачка, і яна ўстала і паслугавала ім. 16 Калі-ж надыйшоў вечар, прывялі да яго многіх, маючых злых духаў. І выганяў духаў словам і аздаравіў усіх хвлрых, 17 каб споўнілася, што было сказана праз Ізраіля прарока, які кажа: "Ён прыняў нашыя немачы і нсіў нашыя хваробы". (53, 4).

18 Відзячы-ж навакол сябе многія грамады, Езус загадаў пераплыць на другі бок мора. 19 І падыйшоўшы адзін кніжнік, сказаў яму: Вучыцель, я пайду за табою, дзе толькі ты пойдзеш. 20 А Езус сказаў яму: Лісіцы маюць норы і птушкі нябесныя гнёзды, а Сын чалавечы ня мае дзе скланіць галаву. 21 Другі-ж з вучняў ягоных сказаў яму: Пане, дазволь мне перш пайсьці і пахаваць бацьку майго. 22 А Езус сказаў яму: Ідзі за мною і пакінь умерлым хаваць сваіх нябожчыкаў.

32 І калі ён увайшоў у лодку, увайшлі за ім ягоны вучні. 24 І вось узьнялася вялікая бура на моры, так што хвалі залівалі лодку, а ён спаў. 25 І прыступілі да яго вучні ягоны, кажучы: Пане, ратуй нас, гінем. 26 А Езус адказаў ім: Чаго вы баіцёся, малаверныя? Тады ўстаўшы, загадаў вятром і мору і зрабілася цішыня вялікая. 27 А людзі дзівіліся, кажучы: Хто-ж гэта такі, што вятры і мора слухаюць яго?

28 І калі прыбыў на той бераг у краіну Гэразэнаў, перанялі яго два маючыя д'ябэльства, якія выходзілі з грабоў, вельмі злыя, так што ніхто ня мог прайсьці гэнай дарогай 29 І вось яны закрычалі, кажучы: што табе да нас, Езусе, Сыне Божы? Прыйшоў ты сюды перад часам нас мучыць? 30 А была недалёка ад іх пасучыся вялікая стада сьвіней. 31 Д'яблы-ж, прасілі яго, кажучы: Калі нас выганяеш згэтуль, пашлі нас у стада сьвіней. 32 І сказаў ім: Ідзеце. Яны-ж выйшаўшы, увайшлі ў сьвіні. І вось уся стада кінулася стрымгалоў у мора і пагінула ў вадзе. 33 А пастухі ўцяклі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі аб усім і аб тых, што мелі д'ябэльства. 34 І вось увесь горад выйшаў насустрэч Езусу і, убачыўшы яго, прасілі, каб адыйшоў ад іхных граніц.

2 Праказа ў Палестыне і наагул на ўсходзе здараецца даволі часта. Найчасьцей пачынаецца яна з таго, што цела чалавека пакрываецца цёмнымі плямамі, потым пачынаюць зьяўляцца пухліны і гнойныя скулы, асабліва на твару, руках і нагах, а ўрэшце гніюць і адпадаюць канцы рук, ног, а так-жа нос, вушы і вусны. Пракажаны чалавек, паволі гніючы, кончыць сваё жыцьцё па якіх 8 - 10 гадох мучэньня. Пракажаных выганялі з сяліб, каб яны не заразілі здаровых і дзеля гэтага пракажаныя прабывалі ў мясцох пустынных, воддаль ад людзей.

4 Хрыстус забараняе гаварыць аб сваіх цудах, бо яшчэ ня ўсе зразумелі характар ягонага каралеўства, якое мела быць не палітычнае і зямное, як спадзяваліся людзі, а духовае і нябеснае. Народ, пачуўшы аб вялікім цудатворцы, мог-бы падумаць, што ўжо настаў час палітычнага вызваленьня з-пад рымскага ярма і мог-бы дапусьціцца неарзважных выступленьняў.

Сьвятары тады зналіся на мэдыцыне і іх пасьведчаньне давала права пракажанаму вярнуцца да людзей. За гэтае пасьведчаньне трэба было ахвяраваць дар. Выймаць такое пасьведчаньне загадывала права Майсея.

9 Сотнік выражае тут сваю веру ў Боскую моц Езуса павясковаму, так як умее. Ён кажа: я загадаю жаўнерам і яны слухаюць кожнага майго слова, таксама і Табе, Пане, паслушны хваробы, даволі будзе аднаго слова, каб аздаравіць майго слугу.

12 Жыды думалі, што яны, як патомкі Абрагама, увойдуць у каралеўства Мэсыяша, а тымчасам Хрыстус кажа, што яны за сваё нягоднае жыцьцё і адкіданьне Хрыстуса самі будуць адкінены, а на іх месца прыйдуць народы паганскія з усходу і захаду.

16 Вельмі рэдка Бог пазваляў д'яблу ўваходзіць у чалавека і карыстацца ім дзеля сваіх мэтаў. Магчыма, што за часоў Хрыста, Бог часьцей дапускаў такое апанаваньне чалавека д'яблам, каб выказаць, што Хрыстус мае моц і над д'яблам, якога выганяе адным сваім словам.

19 Кніжнік гэты хацеў ісьці за Езусам, але рабіў гэта, як відаць з адказу Езуса, з прычын матар'яльных.

20 Хрыстус вельмі часта называе сябе Сынам чалавечым, г. зн. Мэсыяшам, каторы як "Сын чалавечы" мае прыйсьці ў воблакох на гэты сьвет паводле прароцтва Данілы (7-13).

21 - 22 Гэты вучань хоча пахаваць (г. зн. дадзяржаць да сьмерці) свайго бацьку, а потым ужо прыйсьці да Езуса на заўсёды, але Езус загадывае яму зрабіць гэтае неадкладаючы, бо справы душы і каралеўства Божага важнейшыя за справы цела.

28 Грабы даўней былі высяканыя ў скале і выглядалі як пячэры. У гэтых пячэрах часам жылі апанаваныя д'яблам, а нават і пракажаныя, якім быў забаронены доступ да людзей. Такія грабы, так як і ў нас магільнікі, былі найчасьцей каля вёсак і мястэчкаў.

34 Хрыстус пазволіў д'яблам увайсьці ў стада сьвіней, якія патанулі ў возеру. Гэтым, ня гледзячы на зробленую шкоду, хацеў Хрыстус, як пан усякага стварэньня, павучыць тамашніх людзей, што ён прыйшоў зьнішчыць панаваньне д'яблаў над людзьмі. Людзі ў той краіне былі паганцамі.

 

Раздзел 9
Далейшыя цуды Езуса Хрыста. Пакліканьне Матэуша

1 І ўвайшоў у лодку, пераплыў на другі бок і прыйшоў у свой горад. 2 І вось прынясьлі да яго спаралізаванага, ляжачага на пасьцелі. І Езус, бачачы веру іх, сказаў спаралізаванаму: Надзейся, сыне, адпушчаюцца табе грахі твае. 3 І вось некаторыя з кніжнікаў сказалі самі ў сабе: Ён блюзьніць. 4 Езус-жа, бачачы іхныя думкі, сказаў: Нашто вы думаеце благое ў сярцох вашых? 5 Што лягчэй сказаць: "Адпушчаюцца табе грахі твае", ці сказаць: "Устань і хадзі"? 6 Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі - тады кажа спаралізаванаму: Устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой. 7 І ўстаў і пайшоў у дом свой. 8 Грамады-ж, бачачы гэтае, праняліся страхам і славілі Бога, каторы даў такую ўладу людзям. 9 І калі Езус пайшоў адтуль, убачыў чалавека, сядзячага ля мытніцы, іменем Матэуш. І сказаў яму: Ідзі за мною І ён ўстаўшы, пайшоў за ім.

10 І здарылася, калі ён у доме сядзеў за сталом, вось многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і паселі за стол з Езусам і вучнямі яго. 11 І ўбачыўшы фарызэі казалі вучням ягоным: Чаму ваш вучыцель есьць з мытнікамі і грэшнікамі? 12 А Езус, пачуўшы, сказаў: Ня трэба здаровым лекара, але хворым. 13 Ідзеце-ж і навучэцеся, што значыць: "Міласэрдзя хачу, а не ахвяры". Бо я не прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшных.

14 Тады падыйшлі да яго вучні Яна, кажучы: Чаму мы і фарызэі посьцім часта, а твае вучні ня посьцяць? 15 І сказаў ім Езус: Ці-ж могуць сумаваць прыяцелі маладога, пакуль з імі ёсьць малады? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога - і тады будуць пасьціць. 16 І ніхто на старую вопратку не кладзе латкі з старога сукна, бо яна рве вопратку і робіцца горшая дзіра. 17 І не ўліваюць новага віна ў старыя мяхі, бо інакш разрываюцца мяхі, і віно разьліваецца, і мяхі прападаюць. Але новае віно ўліваюць у новыя мяхі - і адно і другое астаюцца цэлымі.

18 Калі ён гэтае да іх гаварыў, вось падыйшоў адзін старшы і кланяўся яму, кажучы: Пане, дачка мая толькі-што памярла, але прыйдзі, улажы на яе руку тваю і будзе жыць. 19 І ўстаўшы, пайшоў за ім Езус і вучні яго. 20 І вось жанчына, якая дванаццаць гадоў хварэла на цеч крыві, падыйшла ззаду і дакранулася да краю вопраткі ягонай. 21 Бо яна казала сама ў сабе: Калі толькі дакрануцца да вопраткі яго, буду здарова. 22 А Езус, абярнуўшыся і ўгледзеўшы яе, сказаў: Надзейся, дачка, вера твая цябе аздаравіла. І жанчына стала здаровай ад гэнай гадзіны.

32 І калі прыйшоў Езус у дом старшага, і ўгледзеў жалейнікаў і шумячую грамаду, сказаў: 24 Адступецеся, бо дзяўчынка не ўмярла, але сьпіць. І насьмяхаліся з яго. 25 Калі-ж выправілі народ, ён увайшоў і ўзяў яе за руку - і дзяўчынка ўстала. 26 І разыйшлася гэтая вестка па ўсей гэнай краіне.

27 І калі Езус ішоў аддтуль, пайшлі за ім два сьляпыя, каторыя крычалі, кажучы: Зжалься над намі, Сыне Давіда! 28 Калі-ж прыйшоў у дом, прыступілі да яго сьляпыя. І кажа ім Езус: Ці вы верыце, што я вам магу гэтае зрабіць? Кажуць яму: Так, Пане. 29 Тады ён дакрануўся да вачэй іх, кажучы: Глядзеце, каб ніхто ня ведаў. 31 Яны-ж, выйшаўшы, абвясьцілі аб ім па ўсей гэнай краіне.

32 Калі-ж яны выйшлі, вось прывялі да яго чалавека нямога, маючага д'ябэльства. 33 І калі быў выгнаны д'ябал, прагаварыў нямы, а грамады дзівіліся, кажучы: Ніколі ня бывала гэтак у Ізраілю. 34 А фарызэі гаварылі: Ён выганяе д'ябла сілай д'ябэльскага князя.

35 І хадзіў Езус па ўсіх гарадох і вёсках, вучачы ў іхных бажніцах і абвяшчаючы эванэлію каралеўства і аздараўляючы ўсякую хворасьць і ўсякую немач. 36 Гледзячы-ж на грамаду, шкадаваў іх, што былі зьняможаны і ляжалі, як авечкі, ня маючыя пастыра. 37 Тады казаў сваім вучням: Жніво-то вялікае, але работнікаў мала, 38 дык прасеце Пана жніва, каб паслаў работнікаў на сваё жніво.

1 "Свой горад" - гэта Капарнаум, дзе Езус найбольш прабываў.

9 Пры дарогах, кудою правазілі тавары, стаялі будынкі, дзе накладалі на правожаны тавар падатак або мыта. Гэта былі мытніцы. Там урадаўцы (мытнікі) накладалі мыта паводле сталай таксы, або паводле звычаёвага права. Мытнікі (зьбіральнікі падаткаў) абкладалі тавар часам праз меру і дзёрлі з людзей на сваю карысьць або для рымскага ўраду. Дзеля гэтага была ў жыдоў такая вялікая ненавісьць ды мытнікаў. Мытнік стаўся для жыдоў тыповым грэшнікам.

10 Грэшнікамі жыды называлі людзей, якія заводзілі дружбу з паганцамі, не спаўнялі сьцісла ўсіх установаў і прадпісаньняў жыдоўскіх, вялі свабодны спосаб жыцьця і ня слухалі кніжнікаў і фарызэяў. Езус тады быў у дому Матэуша.

13 У гэтых славах Хрыстус павучае, што ў Бога болей варты міласэрдзе і літасьць, чым ахвяры з зьвярат або грашэй.

15 Пост у жыдоў быў перш-наперш знакам смутку.

16 Сырое, яшчэ не вырабленае сукно на макраце сьцягваецца і калі яго прышыць да старой вопраткі, то яно, сьцягваючыся, прарывае яшчэ большую дзіру.

17 На ўсходзе віно, таксама як і ваду, лілі ў скураныя мяхі, у каторых яно перахоўвывалася. Маладое віно, якое было яшчэ не сфэрмэнтаваўшыся, бушуючы, рвала мяхі. Праз гэтыя падабенствы хацеў Хрыстус павучыць, што ня ўсе старазаконныя рэлігійныя практыкі прыгодны для Новага Закону.

18 Быў ён старшы над бажніцаю (над жыдоўскаю школаю) і называўся Яір.

23 Жалейнікі гралі на жалейках.

24 Дзяўчынка сьпіць - гэта значыць, што ня ўмярла сьмерцяй, з каторай ужо няма павароту, але ўстане, як зо сну.

27 Сын (патомак) Давіда - гэта ў жыдоў тое самае, што Хрыстус (Мэсыяш).

37 Жніво азначае тут сэрцы людзкія, якія дасьпелі ўжо, каб пачуць слова Божае.

38 Пан Жніва, гэта Бог - Айцец.

 

Раздзел 10
Выбар і разасланьне 12 апосталаў. Навукі для іх

1 І склікаўшы дванаццаць сваіх вучняў, даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лячыць усякую хваробу і ўсякую немач. 2 А дванаццацёх апосталаў імёны ёсьць гэтакія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, 3 Якуб Зэбэдэяў, і Ян, брат яго, Філіп і Баўтрамей, Тамаш і Матэуш мытнік, Якуб Альфэяў і Тадэуш, 4 Сымон Кананэец і Юдаш Іскарыёт, каторы яго і выдаў.

5 Гэтых дванаццацёх паслаў Езус, загадваючы ім, кажучы: На дарогу паганаў ня ўзыходзьце і ў гарады самаранаў не заходзьце, 6 але ідзеце лепш да загінуўшых авец з дому Ізраілявага. 7 А ідучы, абвяшчайце, кажучы, што прыблізілася каралеўства нябеснае. 8 Аздараўляйце хворых, ускрашайце ўмерлых, ачышчайце пракажаных, выганяйце д'яблаў. Дарма вы атрымалі, дарма давайце. 9 Ня мейце золата, ані серабра, ані грашэй у паясох вашых. 10 ані торбы ў дарозе, ані дзьвёх адзежын, ані абутку, ані кія; бо работнік варт сваей ежы. 11 А ў які-б горад або сяло вы не ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім ёсьць дастойны - і там аставайцеся, аж пакуль ня выйдзеце. 12 А ўваходзячы ў дом, прывітайце яго, кажучы: Супакой гэтаму дому. 13 І калі той дом будзе варт, супакой ваш зыйдзе на яго, а калі ня будзе варт, супакой ваш вернецца да вас. 14 А калі-б хто ня прыняў вас і ня слухаў слоў вашых, выходзячы з дому або гораду, абтрасеце пыл з ног вашых. 15 Сапраўды кажу вам: Лягчэй будзе зямлі Садомскай у дзень суду, чым таму гораду.

16 Вось я пасылаю вас, як авец пасярод ваўкоў: дык будзьце мудрыя, як зьмеі і простыя, як галубы. 17 А сьцеражэцеся людзей, бо яны будуць аддаваць вас у суды і будуць бічаваць вас у сваіх бажніцах, 18 і павядуць вас да начальнікаў і каралёў дзеля мяне, на пасьведчаньне ім і паганам. 19 Калі-ж аддадуць вас, не клапацецеся, як або што маеце гаварыць, бо ў тую часіну будзе вам дадзена, што маеце гаварыць. 20 Бо ня вы тыя, што гаворыце, але Дух Айца вашага, каторы гаворыць у вас. 21 І выдасьць брат брата на смерць, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў і зробяць ім сьмерць. 22 І будуць вас ненавідзець усе дзеля імені майго, але хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены. 23 Калі-ж будуць прасьледаваць вас у гэтым горадзе, уцякайце ў другі; сапраўды кажу вам: ня скончыце гарадоў Ізраіля, аж прыйдзе Сын чалавечы.

24 Вучань ня ёсьць вышэй за вучыцеля, і слуга ня вышэй за пана свайго. 25 Даволі для вучня, каб ён быў, як вучыцель яго, і для слугі - як пан ягоны. Калі гаспадара назвалі Бэльзэбубам, куды болей хатніх ягоных! 26 Дык ня бойцецся іх; бо няма нічога скрытнага, што-б ня сталася вядомым. 27 Што я вам кажу ў цемры, кажэце пры сьвятле, і што на вуха чуеце, абвяшчайце па дахах. 28 І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы забіць ня могуць, але бойцеся найболей таго, хто можа і душу і цела загубіць у пекле. 29 Ці-ж не прадаюць двух вераб'ёў за аднаго медзяка? І ніводзен з іх не ўпадзе на зямлю без Айца вашага. 30 Вашыя-ж валасы на галаве ўсе палічаныны. 31 Дык ня бойцеся: вы лепшыя за многіх вераб'ёў. 32 Вось-жа кожны, хто мяне прызнае перад людзьмі, і я яго прызнаю перад Айцом маім, каторы ёсьць у небе.

34 Ня думайце, што я прыйшоў прынесьці супакой ня зямлю, ня прыйшоў я прынесьці супакой, але меч. 35 Бо я прыйшоў разлучыць чалавека з бацькам яго і дачку з маткаю яе і нявестку з сьвякроўю яе; 36 і ворагі чалавеку хатнія яго. 37 Хто любіць бацьку або матку болей за мяне, ня варт мяне. 38 І хто не бярэ крыжа свайго і ня ідзе за мною, ня варт мяне. 39 Хто знойдзе жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне, знойдзе яго. 40 Хто прыймае вас, мяне прыймае, а хто мяне прыймае, прыймае таго, хто паслаў мяне. 41 Хто прыймае прарока ў імя прарока, атрымае нагароду прарока, а хто прыймае справядлівага ў імя справядлівага, атрымае нагароду справядлівага. 42 А хто-б даў напіцца аднаму з гэтых найменшых толькі кубак халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, ён ня страціць свае нагароды.

2 Сымон-Пётр, сын Яна, быў родам з Бэтсайды, што над Галіліейскім возерам. Жыў аднак у Капарнауме і займаўся рыбалоўствам. Быў вельмі жывога характару і моцна прывязаўся да свайго Вучыцеля. Хрыстус даў яму імя Пётр (паарамайску Кэфа) што значыць скала, бо Пётр быў скалой, на каторай Хрыстус збудаваў свой Касьцёл. Сьв. Матэуш тутака падае яго першым спасярод усіх апосталаў, хоць сьв. Пётр ня быў ані найстарэйшым гадамі, ані найперш пакліканым апосталам. Гэта сьведчыць аб першынстве сьв. Пятра між апосталамі.

5 Пагане жылі тады навакол Палестыны і часткова ў самой Палестыне, асабліва на ўзьбярэжжы Міжземнага мора, а нават у Галілеі і Пэрэі. Да паганаў і самаранаў Езус цяпер не пасылае сваіх вучняў, бо вучні ня былі яшчэ прыгатаваны да місыйнай працы пасярод чужых ім народаў.

6 У першую чаргу трэба было апавяшчаць эванэлію Ізраільскаму народу.

9 Жыды даўней насілі грошы ў шырокіх паясох, якімі падпяразваліся.

10 Хрыстус не забараняе тут насіць абутку або кія. Як бачым у сьв. Марка (6 - 9) Хрыстус нават загадывае насіць абутак, а кія на Усходзе ў падарожы заўсёды ўжываюць; тут-жа Хрыстус забараняе браць гэтыя рэчы на запас. Пільнага і сумленанага працаўніка людзі ўспамогуць і накормяць.

11 Хрыстус загадывае затрымацца ў людзей дастойных, бо недастойныя маглі-б сьцягнуць няславу і на апосталаў.

12 Да гэтага прывітаньня прывязана багаславенства Божае.

14 Абтрасаць свае ногі, выходзячы з паганскага краю ці гораду, было прынята ў жыдоў. Яны ўважалі ўсё паганскае за нячыстае.

15 Садома і Гамора былі грэшнымі і свае грахі былі зьнішчаны Богам, але яны на апошнім судзе могуць сказаць, што ня бачылі і ня чулі Хрыста, а жыды і бачылі і чулі, затым і суд для іх будзе цяжэйшым.

16 Апосталы павінны быць мудрымі г. зн. не павінны даваць ніякай сапраўднай прычыны да пасьледу, не павінны ўмешвацца ў рэчы непатрэбныя, каб гэтым не выклікаць варожасьці да сябе. З другога боку павінны быць простымі г. зн. бяз хітрасьці, подступу і здрады і не насіць помсты ў сэрцы.

21 Міласьць з аднаго боку, а з другога ненавісьць да Хрыстуса будзе так моцная, што парве нават сямейныя сувязі.

27 Дахі ў Палестыне роўныя, а не такія як у нас і там вечарамі людзі зьбіраюцца на гутаркі, прыймаюць гасьцей і г. д.34 Не супакой г. зн. не супакойнае і выгоднае жыцьцё прыйшоў вясьціць Хрыстус, але поўнае трудоў і змаганьня.

35 Змагацца павінен чалавек, якбы мячом, і сам з сабою, і з благімі людзьмі, і з сапсутым сьветам.

38 Крыж - гэта штодзённыя цяжары і труды чалавека.

39 Хто забываецца аб Богу, а дбае толькі аб гэтае жыцьцё, можа загубіць яго на векі, а той, хто для справы Божай траціць гэтае жыцьцё, здабывае яго ў вечнасьці.

41 - 42 "У імя прарока", "у імя вучня" - г. зн. дзеля таго што ёсьць прарокам, вучнем.

 

Раздзел 11
Пасольства ад Яна Хрысьціцеля і закамянеласьць народу

1 І сталася, як скончыў Езус загадываць дванаццацём сваім вучням, пайшоў аддуль, каб вучыць і абвяшчаць у іншых гарадох. 2 А Ян, калі пачуў у вязьніцы аб чынах Хрыстовых, паслаўшы двух з вучняў сваіх, 3 сказаў яму: Ці ты той, хто мае прыйсьці, ці чакаць нам другога? 4 І адказваючы Езус сказаў ім: Пайшоўшы, раскажэце Яну, што вы чулі і бачылі: 5 Сьляпыя відзяць, кульгавя ходзяць, пракажаныя робяцца чыстымі, глухія чуюць, умерлыя ўскрасаюць, убогім абвяшчаецца эванэлія. 6 І багаслаўлены, хто ня будзе горшыца з мяне.

7 Калі-ж яны адыйшлі, пачаў Езус гаварыць да грамадаў аб Яне: Што вы выйшлі ў пустыню ўбачыць? Трысьціну, што хістаецца ад ветру? 8 Што-ж вы выйшлі ўбачыць? Чалавека адзетага ў мяккае адзеньне? Вось тыя, што адзяюцца ў мяккае адзеньне, прабываюць у каралеўскіх дамох. 9 Што-ж вы выйшлі ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і болей чым прарока. 10 Бо гэта той, аб каторым напісана: "Вось я пасылаю анёла майго перад воблікам тваім, які прыгатуе шлях твой перад табою" (Малах. 3, 1). Сапраўды кажу вам: паміж роджаных жанчынамі не паўстаў большы за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў каралеўстве нябесным ёсьць большым за яго. 12 Ад дзён-ж яна Хрысьціцеля аж да цяпер каралеўства нябеснае гвалт церпіць і гвалтаўнікі вырываюць яго. 13 Бо ўсе прарокі і закон прарочылі ад да Яна; 14 і калі хочаце прыняць, ён ёсьць Гальяш, каторы мае прыйсьці. 15 Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

16 Да каго-ж я прыраўную гэты род? Ён падобны да хлапчанят, што седзячы на рынку, крычаць да сваіх равесьнікаў, 17 кажучы: "Мы ігралі вам, а вы не скакалі; мы галасілі, а вы не плакалі". 18 Бо прыйшоў Ян, каторы ня еў і ня піў, а яны кажуць: "Д'ябла мае". 19 Прыйшоў Сын чалавечы, як есьць і п'е, а яны кажуць: "Вось чалавек, які любіць есьці і піць віно, друг мытнікаў і грэшнікаў". І апраўдана мудрасьць сынамі яе.

20 Тады пачаў дакараць гарадом, у якіх сталася найболей ягоных цудаў, за тое, што не пакутавалі. 21 Гора табе, Корозаім, гора табе, Бэтсайда! Бо калі-б у Тыры і Сыдоне дзеяліся цуды, якія ў вас дзеяліся, то даўно ў зрэбніцы і попеле пакутавалі б. 22 Аднак-жа кажу вам: Тыру і Сыдону лягчэй будзе ў судны дзень, як вам. 23 І ты Капарнауме, ці-ж ты ад да неба ўзьнясесься? Ажно да пекла ўпадзеш; бо калі-б у Садоме дзеяліся цуды, якія ў табе дзеяліся, то можэ-б яна асталася аж па гэты дзень. 24 Але кажу вам, што зямлі Садомскай будзе лягчэй у судны дзень, як табе.

25 У гэты час Езус адазваўшыся прамовіў: Слаўлю цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што ты скрыў гэтае ад мудрых і разумных, а аб'явіў гэтае малым. 26 Так, Ойча, бо гэтак спадабалася табе. 27 Усё мне перадана Айцом маім. І ніхто ня знае Сына, апрача Айца, і Айца ніхто ня знае, апрача Сына, і каму Сын захоча аб'явіць. 28 Прыйдзеце да мяне ўсе працуючыя і абцяжаныя і я вас узмацую. 29 Вазьмеце ярмо маё на сябе і навучэцеся ад мяне, што я ціхі і пакорны сэрцам і знойдзеце спакой душам вашым. 30 Бо ярмо маё прыемнае, а цяжар мой лёгкі.

3 Славамі "Той, хто мае прыйсьці" азначалі тады Мэсыяша. Сьв. Ян яшчэ раз перад сваей сьмерцяй хацеў сьцьвердзіць перад сваімі вучнямі Божае пасланства Езуса і скіраваць іх да яго.

5 Езус адказвае прароцтвам Ізраіля прарока, каторы прарочыў, што як прыйдзе Мэсыяш, то будуць дзеяцца ўсе гэтыя цуды, аб каторых тут гутарка. Паказваючы на свае цуды, Езус сьцьвярджае сваё Мэсыянства (Із. 35, 5-6).

6 Ня будзе горшыцца, бачачы ў будучыне муку і сьмерць ягону.

7 У грамадзе, якая слухала Хрыстуса, было многа вучняў Яна Хрысьціцеля. Да гэтых вучняў прамаўляе Хрыстус.

10 Анела - гэта значыць пасланца.

11 Вялікая была годнасьць Ян Хр., каторы быў прарокам і папярэднікам Е. Хрыста; аднак ягоная годнасьць меншая за годнасьць найменшага з дзяцей Божых, якія маюць усе ласкі, спадчыну і грамадзянства ў каралеўстве Хрыстовым.

12 Гэты радок розна разумеюць. Старадаўныя выкладчыкі сьв. Пісаньня разумелі яго ў тым сэнсе, што веруючыя праз змаганьне са злом здабываюць каралеўства Божае, а цяперашнія тлумачаць яго так, што каралеўства Божае церпіць прасьлед (гвалт) і прасьледуючыя (гвалтаўнікі) хочуць вырваць гэтае каралеўства ад веруючых і зьніштожыць.

14 Гальяш (Ільля) мае прыйсьці перад другім прыходам Езуса Хрыста на апошні суд. Вось-жа Ян Хрысьціцель, каторы папярэдзіў Е. Хрыста перад ягоным першым прыходам, быў як-бы падабенствам Гальяша.

17 Іншымі славамі: усё тое, што мы рабілі, вам не падабалася, усё вы крытыкавалі.

19 Ані суровае жыцьцё Яна Хрысьціцеля, ані лагоднае жыцьцё Езуса Хрыста не падабалася фарызэям, закамянелым у сваіх рэлігійных практыках. Чалавек, які ня хоча жыць так як трэба, заўсёды шукае для сябе прычын самаапраўданьня. Дзеля гэтага людзі (сыны) з гэтакай жыцьцёвай мудрасьцяй стараюцца самі сябе апраўдаць і разам з гэтым апраўдаць сваю фальшывую мудрасьць.

21 Корозаім і Бэтсайда - мястэчкі ў Галілеі, недалёка ад возера Гэнэзарэт. А Тыр і Сыдон - гэта вялікія даўнейшыя фэніцыйскія гарады, слаўныя з свайго гандлю і багацьця і ведамыя з сваей распусты.

23 "Ажно да пекла ўпадзеш" - г. зн. завалісься як-бы ў пропасьць і згінеш у вобліку зямлі. І сапраўды, толькі нядаўна адкапалі некаторыя астаткі гораду разам з мурамі старой бажніцы.

25 Гэта было ў той час, калі вучні Хрыстовы вярнуліся з сваей місыйнай падарожы і з радасьцяй расказалі аб вялікіх рэзультатах сваей працы. "Мудрыя і разумныя" фарызэі не хацелі прыняць Езуса, затое прыймалі яго людзі простага і несапсутага сэрца.

27 Бога ніхто з людзей цалком і дасканальна не пазнаў, бо Ён у сваей натуры незразумелы. Толькі Сын Божы, як другая асоба сьв. Тройцы, знае свайго Айца (і Духа Сьв.) і дае гэтае пазнаньне людзям.

29 Ярмо Хрыстовае - гэта правы і прыказаньні Новага Закону.

 

Раздзел 12
Езус і фарызэі

1 У той час Езус праходзіў паміж збожа ў суботу, а вучні ягоны, будучы галоднымі, пачалі зрываць каласы і есьці. 2 А фарызэі, угледеўшы, сказалі яму: Вось вучні твае робяць, чаго ня можна рабіць у суботу. 3 Але ён сказаў ім: Ці вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі захацеў есьці і тыя, што з ім былі? 4 Як ён увайшоў у дом Божы і еў ахвярныя хлябы, якіх ня можна было есьці ані яму, ані тым, што з ім былі, а толькі сьвятарам? 5 Або ці вы ня чыталі ў законе, што ў суботу сьвятары ў сьвятыні ломяць суботу і астаюцца бяз віны? 6 А я вам кажу, што тут ёсьць большы за сьвятыню. 7 А калі-б вы ведалі, што значыць: "Міласэрдзя хачу, а не ахвяры" (Оз. 6, 6), то ніколі не асудзілі-б бязвінных. 8 Бо Сын чалавечы ёсьць Панам і суботы.

9 І калі адыйшоў адтуль, прыйшоў у іхную бажніцу. 10 І вось чалавек, які меў сухую руку. І каб яго абвінаваціць, спыталіся ў яго, кажучы: Ці можна ў суботу аздараўляць? 11 Ён-жа сказаў ім: Ці ёсьць спаміж вас такі чалавек, каторы, маючы адну авечку, ня ўзяў-бы і ня выцягнуў-бы яе, калі-б яна ў суботу ўвалілася ў яму? 12 Наколькі-ж лепшы чалавек за аўцу? Дзеля гэтага можна ў суботу рабіць дабро. 13 Тады сказаў чалавеку: Выцягні руку тваю! І выцягнуў - і стала яна здарова, як і другая.

14 А фарызэі, выйшаўшы, зрабілі нараду проціў яго, як-бы яго загубіць. 15 Але Езус, ведаючы, адыйшоў адтуль, і пайшлі за ім многія і аздаравіў іх усіх. 16 І загадаў ім, каб не выяўлялі яго; 17 каб споўнілася тое, што было сказана праз Ізраіля прарока (42, 1-4), які кажа: 18 "Вось слуга мой, каторага я выбраў; узлюблены мой, каторага вельмі спадабала душа мая. Узлажу на яго духа майго і будзе абвяшчаць суд народам. 19 Ня будзе спорыць і ня будзе крычаць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу яго. 20 Трысьціны надломленае не пераломіць і лону тлеючага не пагасіць, пакуль не давядзе суду да перамогі. 21 І ў імя яго будуць надзеяцца народы.

22 Тады прыявялі да яго чалавека, які меў д'ябэльства, сьляпога і нямога, і аздаравіў яго, так што гаварыў і відзеў. 23 І стаўпянелі ўсе грамады і казалі: Ці гэта ня Сын Давіда? 24 А фарызэі, пачуўшы, сказалі: Ён выганяе д'яблаў ня інакш, як праз Бэльзэбуба, д'ябэльскага князя. 25 Але Езус, знаючы іх думкі, сказаў ім: Усякае каралеўства, разьдзяліўшыся проціў сябе, апусьцее, і ўсякі горад або дом, разьдзяліўшыся проціў сябе, не ўстаіць. 26 А калі д'ябал д'ябла выганяе, то ён разьдзяліўшыся проціў сябе, дык як устаіць ягонае каралеўства? 27 І калі я праз Бэльзэбуба выганяю д'яблаў, то вашыя сыны праз каго выганяюць? Дзеля гэтага яны будуць вашымі судзьдзямі. 28 Але калі я Духам Божым выганяю д'яблаў, дык прыйшло да вас каралеўства Божае. 29 Або як можа ўвайсьці хто ў дом дужага і разграбіць яго рэчы, калі перш ня зьвяжага дужага? І тады разграбіць дом ягоны. 30 Хто не са мной, той проціў мяне, і хто не зьбірае са мной, раскідае. 31 Дзеля таго кажу вам: Усякі грэх і блюзьнерства будзе адпушчана людзям, але блюзьнерства проціў Духа ня будзе адпушчана. 32 І хто-б сказаў слова проціў Сына чалавечага, будзе яму адпушчана, але хто-б сказаў проціў Духа Сьвятога, ня будзе яму адпушчана ані ў гэтым ані ў будучым веку. 33 Або прызнайце дзерава добрым і плод яго добрым, або прызнайце дзерава благім і плод яго благім, бо-ж дзерава пазнаецца з плоду. 34 Родзе гадавы! як вы можаце гаврыць добрае, калі вы благія? Бо з паўнаты сэрца вусны гавораць. 35 Добры чалавек з добрага скарбу выносіць добрае, а благі чалавек з благога скарбу выносіць благое. 36 Але я ваму кажу, з кожнага пустога слова, якое скажуць людзі, дадуць адказ у судны дзень. 37 Бо са слоў сваіх ты будзеш асуджаны.

38 Тады адказалі яму некаторыя з кніжнікаў і фарызэяў, кажучы: Вучыцель, мы хочам ад цябе знак убачыць. 39 Ён, адказаўшы, сказаў ім: Род злы і чужаложны знаку шукае, але знак яму ня будзе дадзены, апрача знаку Ёны прарока. 40 Бо як Ёна быў унутры рыбы тры дні і тры ночы, так будзе Сын чалавечы ўнутры зямлі тры дні і тры ночы. 41 Мужы Нінівійскія стануць на судзе з гэтым родам і асудзяць яго, бо яны пакутавалі на абвяшчаньне Ёнава, а вось тут большы за Ёну. 42 Каралева з Поўдня стане на судзе з гэтым родам і асудзіць яго, бо яна прыйшла з канцоў зямлі, каб паслухаць Саламонавай мудрасьці, а вось тут большы за Саламона.

43 А калі дух нячысты выйдзе з чалавека, блукаецца па бязводных мясцох, шукаючы супачынку, і не знаходзіць. 44 Тады кажа: "Вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў". І, прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, вымеценым і прыбраным. 45 Тады ідзе і бярэ з сабою сем другіх духаў, горшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там і бываюць апошнія справы гэтага чалавека горшыя за першыя. Так будзе і з гэтым родам ліхім.

46 Калі-ж ён яшчэ гаварыў да грамадаў, вось маці яго і браты стаялі на дварэ, хочучы з ім гаварыць. 47 Нехта-ж сказаў яму: Вось маці твая і браты твае стаяць на дварэ, шукаючы цябе. 48 Але ён, адказаўшы таму, што гаварыў да яго, сказаў: Хто-ж мая матка і хто мае браты? 49 І, паказваючы рукою на вучняў сваіх, сказаў: Вось матка мая і браты мае. 50 Бо хто-б спаўняў волю Айца майго, каторы ёсьць у небе, той мне брат і сястра і матка.

1 Закон Майсеяў пазваляў бедным людзям зрываць каласы на чужым полі і есьці.

5 У соботы жыдоўскія сьвятары (капланы) прыгатаўлялі ўсё патрэбнае да ахвяраў, прыгэтым цяжка працуючы, аднак праз гэта не ламалі суботы.

7 Бог ня хоча вонкавай ахвяры, калі разам з ёю няма рэлігійнага пачуцьця і любові.

12 Калі можна жывёліне памагчы ў суботу, то чаму ня можна чалавеку? Гэтым прыраўнаньнем Хрыстус выказвае крывізну суботніх практык фарызэяў.

20 У гэтых славах, узятых з прарока Ізаія, прадстаўляецца ціхасьць і дабрата Езуса.

27 Езус гаворыць тут аб эгзарцыстах жыдоўскіх, якія, пры помачы Бога, выганялі д'яблаў. Хрыстус кажа: калі гэныя вашы эгзарцысты выганяюць д'яблаў і кажуць, што яны гэта робяць моцай Бога, то вы ім верыце, а калі я гэтае самае раблю, то вы кажаце, што раблю моцай Бэльзэбуба. Дзе-ж у вас праўда?

30 У адносінах да справы Божай чалавек ня можа быць роўнадушным. Калі чалавек не працуе для справы Божай, робіцца праціўнікам Божым.

31 Блюзьнерства проціў Духа Сьв. будзе тады, кали нехта вочавидныя справы Божыя, якия адносяцца да людзкога збаўленьня, адкідае або зьневажае, напр. прыпісваючы іх дзейнасьці духа злога. Бог прадбачыў такую злую волю ў чалавека, якая ўжо згары і наперад выключае ўсялякі паварот да Бога і пакуту і дзеля гэтага пастанавіў ня даць такому чалавеку патрэбнай і ў гэтым выпадку канечнай ласкі да паправы. Гэтак Богам часам карае злых і нягодных людзей. Аднак усе людзі атрымоўваюць ласкі выстарчаючыя да збаўленьня.

32 Калі людзі бачыць Сына Божага ў беднаце і пагардзе, зьненавіджанага вучонымі гэтага сьвету, то прынамся будуць магчы адгаварывацца, што ня ведалі, каму верыць; але калі чалавек ведае і разам блюзьніць, то гэта ўжо будзе грэх проціў Духа Сьв. і ня будзе адпушчаны, як ужо было сказана.

33 Як добры плод ня можа паходзіць ад дрэннага дзерава, так і добрыя чыны Езуса ня могуць ісьці ад благое асобы або д'ябла.

34 Калі сэрца поўнае добрага, то добрае будзе і на вуснах чалавека, а калі благое на сэрцы, то благое будуць гаварыць і вусны. У далейшых радкох сэрца чалавека прыраўнавана да скарбу.

42 Каралева з поўдня - гэта каралева Саба з паўдзённай Арабіі.

43 "Бязводныя мясцы" азначаюць тут пустыню, дзе няма душы людзкой.

44 - 45 Сэрца, незанятае Богам і добрымі справамі, падпадае пад уплывы злога духа. Сем духаў - гэта паводле многіх - сем галоўных благіх нахілаў людзкога сэрца (сем галоўнх грахоў). "Першыя справы" жыдоўскага народу - гэта адпаданьне яго да балвахвальства, а "апошнія" - забойства Мэсыяша, Сына Божага.

46 Гэта былі стрэчныя браты Езуса, сыны Марыі Клеофасавай, якая прыходзілася сваячкай для Маткі Хрыстуса. Два такія браты Езуса (Якуб Малодшы і Юда Тадэуш) належалі да вучняў Езуса, а другія прыйшлі, каб яго ўзяць з сабою ў Назарэт, бо і яны ня верылі ў Божае і мэсыянскае пасланства Езуса.

На ўсходзе ўсіх, нават далейшых сваякоў завуць братамі і сёстрамі.

50 Асобы, слухаючыя навукі Хрыстовай і спаўняючыя ягону волю, ёсьць для яго найдаражэйшыя.

 

Раздзел 13
Падабенствы аб каралеўстве Божым

1 У той дзень Езус, выйшаўшы з дому, сядзеў каля мора. 21 І зьявіліся да яго вялікія грамады, так што ён, увайшоўшы ў лодку, сеў, а ўся грамада стаяла на беразе. 3 І гаварыў ім многа ў прыповесьцях, кажучы: Вось выйшаў, што сее, сеяць. 4 І калі ён сеяў, адны ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі нябесныя і падзяўблі іх. 5 А іншыя ўпалі на месца камяністае, дзе ня мелі многа зямлі; і зараз узышлі, бо зямля была неглыбокай. 6 Калі-ж узыйшло сонца, яны павялі і, таму што ня мелі кораня, пасохлі. 7 А іншыя ўпалі ў церні, і ўзрасьлі церні і заглушылі іх. 8 Іншыя-ж упалі на добрую зямлю і далі плод: адно соты, другое шэсьцьдзесяты, іншае трыццаты. 9 Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

10 І прыступіўшыся, вучні сказалі яму: Чаму гаворыш ім у прыповесьцях? 11 Ён, адказаўшы сказаў ім: Затым, што ва дадзена пазнаць тайніцы каралеўства нябеснага, а ім ня дадзена. 12 Бо хто мае, таму будзе дадзена і будзе мець дастатак, а хто мае, у таго будзе аднята і тое, што мае. 13 Дзеля таго гавару ім у прыповесьцях, што гледзячы ня бачаць і слухаючы ня чуюць і не разумеюць. 14 І спаўняецца на іх прароцтва Ізаія (6, 9-10), каторы кажа: "Слухам будзеце слухаць і не зразумееце, і зрокам будзеце глядзець і ня ўбачыце. 15 Бо агрубела сэрца гэтага народу і вушамі трудна чулі і заплюшчылі вочы свае, каб часам ня ўбачыць вачыма, і не пачуць вушыма, і не зразумець сэрцам, і не навярнуцца, і каб я не аздаравіў іх". 16 Вашыя-ж багаслаўлены вочы, бо бачаць і вушы вашыя, бо чуюць. 17 Бо сапраўды кажу вам, што многія прарокі і справядліўцы жадалі бачыць, што вы бачыце і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце і ня чулі.

18 Дык вы паслухайце прыповесьці пра сяйбіта. 19 Да ўсякага, хто слухае слова каралеўства і не разумее, прыходзіць Злы і вырывае, што пасеяна ў ягоным сэрцы: гэта той, каторы пасеяны пры дарозе. 20 А хто пасеены на месцы камяністым, гэта той, каторы слухае слова і зараз-жа з радасьцяй прыймае яго, 21 але ён ня мае кораня ў сабе, але ёсьць часовы, калі-ж настане ўціск і прасьлед дзеля слова, зараз горшыцца. 22 А хто пасеены ў церні, гэта той, каторы слухае слова, але клапоты гэтага сьвету і мана багацьцяў заглушае слова і яно застаецца бяз плоду. 32 А хто пасеены на добрай зямлі, гэта той, каторы слухае слова і разумее і прыносіць плод - і дае адно соты, а другое шэсьць дзесяты, а іншае трыццаты.

24 Другую прыповесьць падаў ім, кажучы: каралеўства нябеснае сталася падобным да чалавека, каторы пасеяў добрае насеньне на сваім полі. 25 Калі-ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны, насеяў кукалю між пшаніцаў і пайшоў. 26 Калі-ж узрасло збожа і прынясло плод, тады паказаўся і куколь. 27 Прыйшоўшы-ж слугі гаспадара сказалі яму: Пане, ці-ж ты ня добрае насеньне пасеяў на сваім полі? Адкуль-жа ўзяўся куколь? 28 А ён сказаў ім: Варожы чалавек гэта зрабіў. Слугі-ж сказалі яму: Хочаш, пойдзем і зьбяром яго. 29 Але ён сказаў: Не, каб часам зьбіраючы куколь, вы ня вырвалі разам з ім і пшаніцы. 30 Пакіньце расьці абое аж да жніва, а ў часе жніва скажу жанком: Зьбярэце перш куколь і зьвяжэце яго ў снапкі, каб спаліць, а пшаніцу зьбярэце ў гумно маё.

31 Іншую прыповесьць падаў ім, кажучы: каралеўства нябеснае ёсьць падобнае да каралеўства зярняці, якое чалавек узяўшы пасяў на сваім полі. 32 Яно, праўда, найменшае з усяго насеньня, але калі ўзрасьце, бывае большым за ўсе гародніны і робіцца дзеравам, так што птушкі нябесныя прылятаюць і жывуць у галінах яго.

33 Іншую прыповесьць сказаў ім: каралеўства нябеснае ёсьць падобнае да квасу, які жанчына ўзяўшы палажыла ў тры меркі мукі, пакуль усё ня ўкісла.

34 Усё гэтае гаварыў Езус да грамадаў у прыповесьцях, і бяз прыповесьцяў не гаварыў да іх, 35 каб споўнілася, што было сказана праз прарока, які кажа: "Адчыню ў прыповесьцях вусны мае, выкажу скрытае ад стварэньня сьвету" (Пс. 77, 2).

36 Тады, адправіўшы грамады, увайшоў у дом. І прыступілі да яго вучні ягоны, кажучы: Растлумач нам прыповесьць аб кукалю на полі. 37 Ён адказваючы сказаў ім: Той, хто сее добрае насеньне - гэта сыны каралеўства, а куколь - гэта сыны нягодныя. 39 А вораг, што пасеяў яго, ёсьць д'ябал, а жніво - гэта сканчэньне сьвету, а жанца - гэта анёлы. 40 Дык як зьбіраюць куколь і паляць агнём, так будзе пры сканчэньні сьвету. 41 Пашле Сын чалавечы сваіх анёлаў і зьбяруць з кралеўства ягонага ўсе згаршэньні і тых, што робяць нягоднасьць, 42 і ўкінуць іх у печ агню, там будзе плач і скрыгот зубоў. 43 Тады справядлівыя заясьнеюць, як сонца, у каралеўстве Айца іх. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

44 Падобнае каралеўства нябеснае да скарбу, схаванага ў полі. Чалавек, які яго знойдзе, прыкрывае і з радасьці ад гэтага ідзе і прадае яго ўсё, што мае і купляе гэнае поле.

45 Яшчэ падобнае каралеўства нябеснае да чалавека купца, які шукае добрых пэрлаў. 46 Знайшоўшы-ж адну дарагую пэрлу, пайшоў і прадаў усё, што меў і купіў яе.

47 Яшчэ падобнае каралеўства нябеснае да невада, закіненага ў мора і загарнуўшага ўсякага роду рыбу; 48 калі ён быў поўны, выцягнулі яго, і пасеўшы на беразе, выбралі добрую ў пасудзіну, а дрэнную выкінулі вон. 49 Так будзе пры сканчэньні сьвету: выйдуць анёлы і выдзяляць благіх спасярод справядлівых 50 і ўкінуць іх у печ агню; там будзе плач і скрыгот зубоў.

51 Ці вы зразумелі ўсё гэта? Кажуць яму: Так. 52 Дзеля таго кожны кніжнік, навучаны аб каралеўстве нябесным, ёсьць падобны да чалавека гаспадара, каторы дастае з свае скарбніцы новае і старое.

53 І сталася, калі Езус скончыў гэтыя прыповесьці, пайшоў адтуль. 54 І прыйшоўшы ў сваю бацькаўшчыну, вучыў іх у іншых бажніцах, так што дзівіліся і казалі: Адкуль у яго гэтая мудрасьць і цуды? 55 Ці-ж ён ня сын цесьляра? Ці-ж матка ягона не завецца Марыя і браты яго: Якуб і Язэп і Сымон і Юда? 56 І сёстры ягоныя ці-ж ня ўсе ў нас? Дык адкуль у яго ўсё гэта? 57 І горшыліся з яго. А Езус сказаў ім: прарок ня бывае без пашаны, апрача ў бацькаўшчыне сваей і ў доме сваім. 58 І ня ўчыніў там многа цудаў дзеля іхнай няверы.

І Езус выйшаў з дому Пятра і сядзеў над возерам (морам) Гэнэзарэт.

3 Прыповесьць або падабенства - гэта выдуманы або ўзяты з жыцьця расказ, які нам выясьняе нейкую праўду. Хрыстус ужываў прыповесьцяў, каб лепш прадставіць і выясьніць сваю навуку. Чытаючы прыповесьць, тэба найбольш зварочваць увагу на мэту яе, а менш на розную дробязь і другарадныя рэчы, бо той, хто хацеў-бы дайсьці зразуменьня усіх драбніц у прыповесьці, мог-бы згубіць самую мэту прыповесьці і яе значэньне.

8 У Палестыне, хоць рэдка, але бывае соты ўраджай г. зн. адно зерне прыносіць сто зярнят.

9 Інакш кажучы: хто мае жаданьне і ахвоту слухаць, няхай слухае.

12 Гэта праяўляецца як у гэтым прыродным жыцьці, так і надпрыродным. Калі чалавек мае ласку Божую і з ёю супрацоўнічае, даходзіць да вялікіх здабыткаў духоўных, а калі ня хоча супрацоўнічаць, то траціць і тую ласку, якую ён меў.

13 Хрыстус навучаў у прыповесьцях між і іншым і дзеля жыдоўскага недаверства.

15 Цяжкая і заслужаная кара на тых, што доўгі час не зварочваюць увагі на Божыя напамінаньні; Бог пакідае такіх людзей сьляпымі, так як яны хацелі, а так-жа закамянелымі ў грахох і гэтым трацяць яны магчымасьць навярнуцца.

19 "Не разумее" - тут у значэньні "ня хоча зразумець"

21 Ня мае кораня г. зн. ня мае вытрываласьці і малітвы, якая даводзіць да душы ажыўляючы сок ласкі Божай.

23 Розны плод паводле рознага супрацоўніцтва чалавека з ласкай Божай.

25 Сеяць куколь у чужую пшаніцу было на Ўсходзе актам помсты.

30 Добрыя і благія людзі будуць аж да жніва г. зн. да сканчэньня сьвету і да апошняга суду.

32 Гарчычнае зерне спасярод варыўнога насеньня ёсьць найменшае. Каралеўства Хрыстовае на пачатку сапраўды было малое, але потым яно разраслося ў вялікае дзерава, пад каторае прыходзяць розныя народы і жывуць там.

33 Як хлебная закісь не адразу робіць усё цеста кіслым, так і навука Хрыстова не адразу абыймае ўвесь сьвет і ўсе народы, але паступова, рэфармуючы жыцьцё адзінак і народаў.

44 Вялікае значэньне і вартасьць для чалавека маюць скарбы навукі Хрыстовай, так што дзеля здабыцьця гэтых скарбаў можна ўсё аддаць.

49 - 50 З гэтага ясна бачым, што ў Касьцёле Хрыстовым на зямлі будуць аж да сканчэньня сьвету і добрыя і благія людзі (пшаніца і куколь, добрая і дрэнная рыба) і што толькі апошні суд аддзеліць добрых ад благіх.

52 Кожны вучыцель народу, так як і гаспадар, павінен чэрпаць з скарбніцы праўды Божай усё тое, што служыць навучаньню народу.

54 "У сваю бацькаўшчыну" г. зн. у Назарэт.

56 Браты і сёстры - гэта былі стрэчныя (па Матцы) сваякі Езуса. У Назарэце не маглі зразумець, каб той Езус, каторага яны так доўга зналі і на каторага прывыклі глядзець, як на простага работніка, ды быў Мэсыяшам.

 

Раздзел 14
Сьмерць Яна Хрысьціцеля. Далейшыя цуды Е. Хрыста

1 У той час пачуў тэтрарха Гэрад аб славе Езуса 2 і сказаў да сваіх слуг: Гэта Ян Хрысьціцель; ён устаў з умерлых і дзеля гэтага цуды дзеюцца праз яго. 3 Бо Гэрад узяў быў Яна, і закаваў яго, і пасадзіў у вастрог дзеля Гэрадыяды, жонкі брата свайго. 4 Бо Ян казаў яму: Ня можна табе трымаць яе. 5 І хацеў яго забіць, але баяўся народу, бо яго мелі за прарока. 6 У дзень-жа нарадзін Гэрада дачка Гэрадыяды скакала пасярод і спадабалася Гэраду. 7 Затым пад прысягай абяцаўся ей даць чаго толькі яна зажадае ад яго. 8 А яна, навучаная сваей маткай, сказала: Дай мне тут на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля. 9 І засмуціўся кароль, але дзеля прысягі і дзеля тых, што разам сядзелі, загадаў даць. 10 І паслухаўшы адсек галаву Яну ў вастрозе. 11 І прынясьлі галаву яго на талерцы і далі дзяўчыне, а яна занясла сваей матцы. 12 І прыйшлі вучні ягоны, узялі ягонае цела і пахавалі яго, і прыйшоўшы, паведамілі Езуса.

13 Езус, пачуўшы аб гэтым, адплыў адтуль у лодцы на месца пустыннае, аддзельна; калі-ж пачулі грамады, пайшлі за ім з гарадоў пехатою 14 І выйшаўшы, убачыў вялікую грамаду, і зжаліўся над імі і аздаравіў іхных хворых. 15 Калі-ж настаў вечар, падыйшлі да яго вучні ягоны, кажучы: Пустыннае месца і час ужо позны, пусьці грамаду, каб яны, пайшоўшы ў сёлы купілі сабе ежы. 16 Але Езус сказаў ім: Не канечне маюць ісьці, вы дайце ім есьці. 17 Адказалі яму: Мы маем тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы. 18 Ён сказаў ім: Прынясеце мне іх сюды. 19 І загадаўшы народу пасесьці на траве, узяў пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуў у неба, пабагаславіў, і ламаў, і даваў вучням хлябы, а вучні народу 20 І елі ўсе і наеліся. І назьбіралі, што асталося, дванаццаць поўных кашоў кавалкаў 21 А тых, што елі, было ня лік пяць тысяч мужчын, апрача жанчын і дзяцей.

22 І зараз прымусіў Езус вучняў увайсьці ў лодку і плыць перад ім на другі бок мора, пакуль ён адпусьціць грамады 23 І адпусьціўшы грамаду, ён адзін узыйшоў на гару памаліцца; і калі настаў вечар, быў там адзін.24 А лодка пасярод мора была кідана хвалямі, бо быў праціўны вецер. 25 А ў чацьвёртую варту ночы прыйшоў да іх, ідучы па моры. 26 І ўгледзеўшы яго ідучага па моры, спалохаліся і казалі: Гэта здань. І ад страху закрычалі. 27 Але Езус зараз адазваўся да іх, кажучы: Надзейцеся, гэта я, ня бойцеся 28 А Пётр, адказваючы, сказаў: Пане, калі гэта ты, загадай мне прыйсьці да цябе па вадзе. 29 А ён сказаў: Прыйдзі. І Пётр, выйшаўшы з лодкі, пайшоў па вадзе, каб падыйсьці да Езуса. 30 Але бачачы моцны вецер, спужаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў кажучы: Пане, ратуй мяне! 31 І зараз-жа Езус, працягнуўшы руку, падхапіў яго і сказаў яму: Малаверны, чаго ўсумніўся? 32 І калі ўвайшлі ў лодку, перастаў вецер. 33 А тыя, што былі ў лодцы, падыйшлі і пакланіліся яму, кажучы: Сапраўды ты ёсьць Сын Божы.

34 І калі пераплылі, прыйшлі ў зямлю Гэнэзарскую. 35 А людзі яе ваколіцы, пазнаўшы яго, далі знаць па ўсей тэй краіне і прынясьлі да яго ўсіх хворых 36 і прасілі яго, каб хоць дакрануцца да краю адежы ягонай. І каторыя толькі дакрануліся, сталі здаровы.

1 Гэрад Антыпа, сын Гэрада В., валадар Галілеі і Пэрэі (ад 4 г. перад Нарадж. Хр. да 37 г. па Нарадж. Хр.) быў падобны ў сваім жыцьці і паступках да свайго бацькі. Ня быў толькі ён такім срогім, але чалавекам слабавольным, без характару.

4 Гэрадыяда, унучка Гэрада В. была выйшаўшы замуж за сваяка свайго Гэрада Філіпа, а як гэты яе муж ня меў ніякай валадарскай годнасьці, то амбітная жанчына, хочучы быць каралевай, кінула свайго мужа і выйшла замуж за Гэрада Антыпу, брата Гэрада Філіпа. Проціў гэтай грэшнай, забароненай законам сувязі, выступаў сьв. Ян Хрысьціцель і гэтым сьцягнуў на сябе ненавісьць Гэрадыяды.

6 Дачка Гэрадыяды з яе першага замужжа з Гэрадам Філіпам, звалася Саломэ; яна магла мець тады каля 15 гадоў. Балі тады былі злучаныя з даволі распуснымі скокамі.

9 Прысяга Гэрада была грэшнай і не абавязывала яго, бо ані прысягаць на грэх, ані спаўняць такой прысягі ня можна. Але, як бачым, адзін грэх цягне за сабою другі, яшчэ большы.

11 Бог ужо на гэтым сьвеце пакараў Гэрадыяду, бо была выгнана з краю і памёрла ў далёкай Галіі (сяньняшняй Францыі).

19 Хлябы яшчэ і цяпер у Палестыне маюць форму круглых перапечак або куханаў (падобных да сяньняшняй мацы, толькі грубейшыя), і іх можна было лёгка ламаць.

25 Каля 4 гадзіны нараніцы. Ноч у жыдоў дзялілася на 4 варты па 3 гадзіны ў кожнай варце; першая варта пачыналася ў 6 гадзіне вечарам, а апошняя кончылася ў 6 гадз. нараніцы.

 

Раздзел 15
Хрыстус ганіць фарызэяў. Канаанская жанчына. Другое размнажэньне хлеба.

1 Тады прыйшлі да яго кніжнікі і фарызэі з Ерузаліму, кажучы: 2 Чаму твае вучні пераступаюць установу старшых? Бо не абмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб. 3 Ён-жа адказваючы сказаў ім: Чаму і вы пераступаеце прыказаньне Божае дзеля вашай установы? Бо сказаў Бог: 4 "Паважай бацьку і матку" (Выхад. 20, 12), і: "Хто-б наругаўся бацьку або матцы, няхай сьмерцяй памрэ" (Выхад. 21, 17). А вы кажаце: Хто-б сказаў бацьку або матцы: "ахвярай ёсьць тое, што табе ад мяне належыцца", 6 той ня будзе паважаць бацьку свайго або маткі сваей. І скасавалі вы прыказаньне Божае дзеля вашай установы. 7 Крывадушнікі, добра прарочыў аб вас Ізаій (29, 13), кажучы: 8 "Народ гэты паважае мяне вуснамі, але сэрца іх далёка ад мяне; 9 дарэмна-ж яны пакланяюцца мне, вучачы навук і чалавечых прыказаньняў". 10 І паклікаўшы да сябе грамады, сказаў ім: Слухайце і зразумейце. 11 Ня тое апаганьвае чалавека, што ўваходзіць у рот, але тое апаганьвае чалавека, што з рота выходзіць. 12 Тады вучні ягоны, падыйшоўшы, сказалі яму: Ці ведаеш, што фарызэі, пачуўшы гэтае слова, згоршыліся? 13 Ён-жа, адказаўшы, сказаў: Усякая расьліна, якую не пасадзіў Айцец мой нябесны, будзе вырвана з коранем. 14 Пакіньце іх! Яны сьляпыя і павадыры сьляпых. Калі-ж сьляпы сьляпога вядзе, то абодва ўваляцца ў яму. 15 А Пётр, адазваўшыся, сказаў яму: Растлумач нам гэтую прыповесьць. 16 Ён-жа сказаў: Няўжо і вы яшчэ без зразуменьня? 17 Ці-ж вы не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у рот, ідзе ў жывот і выкідаецца вон? 18 А тое, што выходзіць з рота, з сэрца ідзе - і гэта апаганьвае чалавека. 19 Бо з сэрца ідуць благія думкі, забойствы, чужалоствы, распуствы, зладзействы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы. 29 Вось гэта апаганьвае чалавека, але есьці неабмытымі рукамі не апаганьвае чалавека.

21 І Езус, выйшаўшы адтуль, пайшоў у староны Тыру і Сыдону. 22 І вось жанчына Канаанская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала, кажучы яму: Зжалься нада мною, Пане, Сыне Давіда! Дачку маю цяжка мучыць нячысты! 23 Ён не адказаў ёй ні слова. І падыйшоўшы вучні ягоны прасілі яго: Адпусьці яе, бо крычыць за намі. 24 Ён-жа, адказаўшы, сказаў: Я пасланы толькі да авец, якія згінулі з дому Ізраіля. 25 Але яна прыйшла і пакланілася яму, кажучы: Пане, памажы мне. 26 Ён адказаўшы сказаў: Ня добра браць хлеб дзяцей і кідаць сабакам. 27 Але яна сказала: Так, Пане! Але і шчаняты ядуць з крошак, якія падаюць з стала іхных гаспадароў. 28 Тады Езус у адказ сказаў ей: О жанчына, вялікая твая вера, няхай табе станецца, як ты хочаш! І аздаравела дачка яе ад тае гадзіны.

29 І калі Езус адыйшоў адтуль, прыйшоў да Галілейскага мора і , узыйшоўшы на гару, сядзеў там. 30 І падыйшло да яго многа грамадаў, маючы з сабой нямых, сьляпых, кульгавых, калекіх і многа іншых; і клалі іх ля ног ягоных і аздаравіў іх, 31 так што дзівіліся грамады, бачачы нямых гаворачы, кульгавых ходзячы, сьляпых відзячы і вялічалі Бога Ізраільскага. 32 Езус-жа, паклікаўшы сваіх вучняў, сказаў: Шкада мне грамады, бо ўжо тры дні трываюць пры мне і ня маюць чаго есьці, а не хачу іх адпусьціць галодных, каб не аслабелі ў дарозе. 33 І сказалі яму вучні: Скуль-жа нам узяць у пустыні гэтулькі хлеба, каб накарміць такую вялікую грамаду? 34 І сказаў ім Езус: Колькі маеце хлябоў? Яны-ж адказалі: Сем і некалькі рыбак. 35 І загадаў грамадзе пасесьці на зямлі. 36 І ўзяўы сем хлябоў і рыбы і ўчыніўшы падзяку, ламаў і даваў сваім вучням, а вучні давалі народу. 37 І елі ўсе і наеліся. А што асталося з кавалкаў, набралі сем поўных кашоў. 38 Было-ж тых, што елі, чатыры тысячы чалавек, апрача дзяцей і жанчын. 39 І адпусьціўшы грамаду, увайшоў у лодку і прыбыў у ваколіцы Мэгэдану.

1 Прыйшлі яны аж з Ерузаліму, каб слядзіць за Езусам і зьбіраць матар'ял для абвінавачаньня.

2 Такога абмываньня рук не загадываў Майсей, а ўвялі яго, як рэлігійную цэрэмонію, жыдоўскія вучыцялі (рабіны) і кніжнікі (вучоныя ў законе). Хто не заховываў гэтай цэрэмоніі, падпадаў, паводле навукі кіжнікаў, пад пракляцьце.

3 Фарызэі і кніжнікі нават ясныя загады Божыя перакручвалі і падстасоўвалі іх пад свае навукі і ўстановы. Было даўшоўшы да таго, што загады слаўных рабінаў паважалі, як словы самых прарокаў. Дзеля гэтага Хрыстус выступае часам вельмі востра проціў гэтых фарызэйскіх практык, становячыся ў абароне чысьціні прароцкай рэлігіі і гэтым сьцягвае на сябе вялікі гнеў і фарызэяў і кніжнікаў. Яны ад гэтага часу ўжо заўсёды сочаць за Хрыстусам.

5 У жыдоў тады быў такі звычай, што яны некаторыя свае рэчы аддавалі на сьвятыню, як ахвяру. Такая ахвяра звалася пажыдоўску "корбан". Калі жыд аддаў, або толькі абяцаўся аддаць, якую рэч на сьвятыню, то тая рэч ужо ўважалася за пасьвячоную Богу і ня можна было ею карыстацца тым асобам, адносна каторых была зроблена засьцярога. Калі напр. сын сказаў бацьку або матцы: усё, што вам ад мяне належыцца, ёсьць корбан (ахвяра), то бацькі ўжо не маглі крануць гэтых рэчаў, хоць бы цярпелі няведама якую бяду, а тымчасам іншыя асобы, а так-жа сын, маглі гэтымі рэчамі карыстацца. Вось гэты прыклад перакручваньняў прыказаньняў Божых Хрыстус выкідае фарызэям і кніжнікам.

11 "Апаганьвае" - значыць, рабіць чалавека рытуальна нячыстым і паводле практык рабінаў, такі апаганены чалавек вымагае абмываньня.

19 Паводле навукі Хрыстуса жаралом усякага грэху ёсьць благая воля чалавека. Ніякая ежа сама па сабе ня ёсьць маральна благая і грэшная, а можа стацца такою праз непаслухмянасьць Божаму праву. Ужо ў Старым Законе Бог забараняе есьці некаторыя ядоміны, забаранялі таксама апосталы (гл. Ап. Дзеі 15, 23 - 29), забараняе цяпер і Касьцёл Каталіцкі, устанаўляючы для нашага духовага і цялеснага здароўя у некаторыя дні пасты.

24 Хрыстус хацеў выпрабаваць веру і пакорнасьць тае жанчыны. Жанчына аказалася годнай ласкі Хрыстовай.

Хрыстус прыйшоў на гэты сьвет, каб збавіць усіх людзей, але жывучы тут на зямлі, меў з волі Божай агранічыць сваю дзейнасьць толькі да жыдоўскага народу, як абяцаны яму Мэсыяш.

26 Гэтых прыкрых слоў Хрыстус ужывае, каб далей выпрабаваць веру і пакору жанчыны. Хлеб (г. зн. цуды) Хрыстус празначаў для свайго народу (сыноў), а адмаўляў паганам (сабакам). Аднак жанчына патрапіла гэтае прыраўнаньне абярнуць на сваю карысьць.

27 Інакш кажучы, жыды ня будуць скрыўджаны, калі крошкі з іх стала дастануцца паганам.

 

Раздзел 16
Фарызэі жадаюць знаку з неба. Аб фарызэйскай кісьлі

1 І прыступілі да яго фарызэі і садукеі і, спакушаючы, прасілі яго, каб паказаў ім знак з неба. 2 Але ён, адказаўшы, сказаў ім: Калі настане вечар, вы кажаце: "Пагода будзе, бо неба чырвонае". Дык воблік неба вы ўмееце пазнаваць, а знакаў часу пазнаць ня можаце? 4 Род нягодны і чужаложны знаку шукае, а знак яму ня будзе дадзены, апрача знаку Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адыйшоў.

5 Калі-ж вучні ягоны пераплылі на той бок мора, забыліся ўзяць хлеба. 6 Ён сказаў ім: Глядзеце, сьцеражэцеся кісьлі фарызэяў і садукеяў. 7 Яны-ж разважалі ў сабе, кажучы: Гэта таму, што мы ня ўзялі хлеба. 8 А Езус, ведаючы, сказаў: Чаму-ж вы разважаеце ў сабе, малаверныя, што ня маеце хлеба? 9 Ці яшчэ не разумееце і ня помніце аб пяці хлябох на пяць тысяч чалавек і колькі кашоў вы набралі? 10 Ані аб сямі хлябох на чатыры тысячы чалавек і колькі кашоў вы набралі? 11 Як-жа ж вы не разумееце, што не аб хлебе я вам казаў: Сьцеражэцеся кісьлі фарызэяў і садукеяў? 12 Тады зразумелі, што ён гаварыў сьцерагчыся ня кісьлі хлебнае, але навукі фарызэяў і садукеяў.

Пётр - скалою Касьцёла

13 Езус-жа прыйшоў у староны Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў сваіх вучняў, кажучы: За каго людзі маюць Сына чалавечага? 14 А яны сказалі: Адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Гальяша, іншыя-ж за Ярэмія або за аднаго з прарокаў. 15 Сказаў ім Езус: А вы за каго мяне маеце? 16 Адказваючы Сымон Пётр сказаў: Ты ёсьць Хрыстус, Сын Бога жывога. 17 А Езус адказваючы, сказаў яму: Багаслаўлены ты, Сымоне, сыне Ёны, бо цела і кроў не аб'явіла табе, але Айцец мой, каторы ёсьць у небе. 18 І я табе кажу, што ты ёсьць Пётр (скала), і на гэтай скале збудую касьцёл мой і брамы пекла не перамогуць яго. 20 Тады загадаў сваім вучням, каб нікому не казалі, што ён ёсьць Езус Хрыстус.

Хрыстус прадказвае сваю навуку

21 Ад таго часу пачаў Езус адкрываць сваім вучням, што трэба яму ісьці ў Ерузалім і многа цярпець ад старшых, і кніжнікаў, і старшых сьвятараў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. 22 А Пётр, узяўшы яго, пачаў дакараць яму, кажучы: Пашкадуй сябе, Пане, ня будзе з табой гэтага! 23 Ён-жа, абярнуўшыся, сказаў Пятру: Адыйдзі ад мяне, шатане! Ты для мяне пакуса, бо не разумееш таго, што Божае, але што чалавечае.

24 Тады Езус сказаў сваім вучням: Калі хто хоча ісьці за мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за мною. 25 Бо хто-б хацеў зьберагчы жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне, знойдзе яго. 26 Бо якая карысьць чалавеку, калі-б ён увесь сьвет здабыў, а душы сваей пашкодзіў? Або якую замену дасьць чалавек за душу сваю? 27 Бо Сын чалавечы прыйдзе ў славе Айца свайго з анёламі сваімі і тады аддасьць кожнаму паводле яго чынаў. 28 Сапраўды кажу вам: Ёсьць некаторыя з стаячых тут, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў каралеўстве сваім.

1 Фарызэі, ня гледзячы на столькі цудаў Хрыстуса, яшчэ дамагаюцца новых цудаў, нейкага знаку з неба, якім-бы Езус даказаў сваё Боскае пасланства.

4 Знакі часу - гэта прароцтвы, сьведчаньні Яна Хр. і цуды Хрыстуса. Фарызэі ўсяго гэтага не разумеюць.

13 Пытаўся Езус ня дзеля таго, каб даведацца, але каб павучыць сваіх вучняў і даць аказію Пятру вызнаць сваю веру ў Сына Божага.

17 Не сваімі сіламі і розумам дайшоў Пётр да гэтага пракананьня, але пры помачы ласкі і аб'явы Божай.

18 Паарамайску "Кефа", а палацінску "пэтра", значыць скала. Пётр, паводле гэтых слоў Хрыстуса, меў быць скалою, фундамэнтам і асновай для Касьцёла.

19 Ключы, як даўней так і цяпер, азначаюць уладу. Дык апроч годнасьці быць фундамэнтам Касьцёла, Хрысту абяцае даць яшчэ Пятру паўнату ўлады ў гэтым Касьцёле, бо што-толькі Пётр пастановіць (зьвяжа або разьвяжа) на зямлі, будзе правамоцным і ў небе.

20 Жыды да таго часу не пазбыліся яшчэ памылковых пракананьняў аб зямным характары мэсыянскага каралеўства, дык пашыраньне вестак аб прыходзе Мэсыяша магло-б выклікаць у народзе неспакой і бунт проціў рымлян.

22 Пётр і другія апосталы не маглі зразумець, каб Мэсыяш ды мог цярпець і ўмерці. Апосталы, так як і ўвесь жыдоўскі народ, былі пракананы, што Мэсыяш у сваім зямным каралеўстве будзе панаваць на векі, затым Пётр хоча ўгаварыць Езусу, што з ім гэтага цярпеньня ня будзе.

23 Шатан (паарамайску "сатана" значыць вораг, праціўнік, спакусьнік. Пётр сапраўды быў тады спакусьнікам для Хрыста, бо адгаварываў ад мукі і разам з гэтым ад адкупленьня чалавецтва.

28 Некаторыя думаюць, што гэты прыход азначае суд Хрыстовы над Ерузалімам у 70 г. па Нар. Хр., калі быў збураны Ерузалім. Валадарства Хрыстова (Касьцёл) тады было ўжо моцна пашырыўшыся і разам з гэтым жылі яшчэ некаторыя з апосталаў і вучняў Хрыстовых.

 

Раздзел 17
Перамяненьне Хрыста. Аздараўленьне лунатыка.

1 А пасьля шасьці дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, ягонага брата і завёў іх аддзельна на высокую гару. 2 І перамяніўся перад імі: і заясьнеў воблік ягоны як сонца, а адзеньне ягонае зрабілася белае, як сьнег. 3 І вось зьявіліся ім Майсей і Гальяш, гаворачы з ім. 4 А Пётр, азваўшыся, сказаў да Езуса: Пане, добра нам тут быць, калі хочаш, зробім тут тры палаткі: табе адну, Майсею адну і Гальяшу адну. 5 Калі ён яшчэ гаварыў, вось воблак ясны ацяніў іх, і вось голас з воблаку, кажучы: "Гэты Сын мой мілы, у каторым мне да ўспадобы, яго слухайце". 6 А вучні, пачуўшы, упалі на твар свой і вельмі спалохаліся. 7 І прыступіў Езус і дакрануўся да іх і сказаў ім: Устаньце і ня бойцеся. 8 Яны-ж, падняшы вочы свае, нікога ня ўбачылі, апрача аднаго Езуса.

9 І калі яны зыходзілі з гары, загадаў ім Езус, кажучы: Нікому не кажэце аб відзеньні, пакуль Сын чалавечы ня ўстане з умерлых. 10 І спыталіся ў яго вучні, кажучы: Дык чаму ж кніжнікі гавораць, што перш павінен прыйсьці Гальяш? 11 Ён-жа, адказаўшы, сказаў ім: Гальяш-то прыйдзе і направіць усё. 12 Але я вам кажу, што Гальяш ужо прыйшоў і не пазналі яго, але зрабілі з ім, што хацелі. Так і Сын чалавечы будзе цярпець ад іх. 13 Тады зразумелі вучні, што гаварыў ім аб Яне Хрысьціцелю.

14 І калі прыйшоў да грамады, прыступіў да яго чалавек і ўпаўшы перад ім на калені, казаў: 15 Пане, зжалься над сынам маім, бо ён лунатык і цяжка мучаецца: бо часта падае ў вагонь і часта ў ваду. 16 І я прывёў яго да тваіх вучняў і не маглі яго аздаравіць. 17 Езус-жа адказаўшы, сказаў: О родзе няверны і сапсуты! Дакуль-жа я буду з вамі? Дакуль-жа я буду цярпець вас? Прывядзеце яго сюды да мяне. 18 І насварыўся на яго Езус і выйшаў з яго нячысты і аздаравеў хлапец ад тае гадзіны. 19 Тады прыступілі да Езуса вучні асобна і сказалі: Чаму мы не маглі яго выгнаць? 20 Сказаў ім Езус: Дзеля няверы вашае. Бо сапраўды кажу вам, калі вы будзеце мець веру, як гарчычнае зерне, скажаце гэтай гарэ: "Перайдзі адгэтуль туды", пяройдзе, і нічога для вас ня будзе немагчымага. 21 Бо гэты род не выганяецца інакш, як толькі малітваю і постам.

22 Калі-ж яны прабывалі ў Галілеі, сказаў ім Езус: Сын чалавечы мае быць выданы ў рукі людзей, 23 і заб'юць яго і на трэці дзень уваскрэсьне. І яны засмуціліся моцна.

24 І калі прыйшлі ў Капарнаум, падыйшлі да Пятра тыя, што бралі дыдрахмы і сказалі яму: Ці ваш вучыцель ня плаціць дыдрахмы? 25 Ён сказаў: Аякжа. І калі ўвайшоў у дом, Езус папярэдзіў яго, кажучы: Як табе здаецца, Сымоне? Каралі зямныя з каго бяруць даніну або падатак, з сваіх сыноў ці з чужых? 26 Ён-жа сказаў: з чужых. Сказаў яму Езус: Дык сыны вольныя. 27 Але каб нам іх ня згоршыць, ідзі на мора і закінь вуду і тую рыбу, якая пападзе першая, вазьмі і, адчыніўшы яе рот, знойдзеш статэра; узяшы яго, дай ім за мяне і за сябе.

1 Калі Езус адкрыў сваім апосталам, што трэба яму цярпець і ўмерці, дык хоча адагнаць ад іх усялякія сумнівы аб сваім бостве, дзеля гэтага Езус пераменьваецца, каб аказаць ім сваю хвалу.

3 Майсей зьявіўся як правадаўца Ст. Закону, а Гальяш - як прадстаўнік прарокаў. Сваей прысутнасьцяй яны далі пасьведчаньне, што Езус ёсьць мэтай Стар. Закону і ўсіх прароцтваў.

5 Воблак, так як і ў Ст. Законе, ёсьць знакам прысутнасьці Божай.

9 Бо пасьля такой хвалы некаторыя маглі-б згоршыцца, бачучы Езуса ў ганьбе на крыжы. (Гэтак сьв. Гіеранім і сьв. Е. Хрызостам).

13 Ян Хр. быў папярэднікам першага прыходу Езуса, а Гальяш мае папярэдзіць Езуса перад ягоным другім прыходам.

19 Хоць вера і невялікая, як гарчычнае зерне, але шчырая і моцная, мае вялікае значэньне ў жыцьці людзкім.

Слова "гара" часта азначала ў жыдоў усякую вялікую перашкоду.

20 Бо малітва лучыць нас з Богам, які ёсьць жаралом сілы і магутнасьці, а пост адрывае нашую душу ад спраў матар'яльных і памагае маліцца.

23 Кожны жыд павінен быў плаціць, пачынаючы ад 20-га году жыцьця, на сьвятыню падатак у суме ½ сыкля серабра ці інакш 2 драхмы (каля 2 зал.). Зьбіральнікі падатку, думаючы, што і Езус абавязаны даваць падатак, звярнуліся ў гэтай справе да Пятра.

25 Гэтым прыраўнаньнем да карлеўскіх сыноў Езус павучае Пятра, што Ён, як Сын Божы, ёсьць вольны ад падатку, бо і каралі зямныя не бяруць падатку ад сваіх сыноў.

26 Народ і зьбіральнікі падатку ня ведалі, што Езус ёсьць Сынам Божым і маглі-б згоршыцца, калі-б Езус адказаўся плаціць. Дзеля гэтага Езус загадывае заплпціць за сябе і за Пятра.

Статэр - гэта чатыры драхмы, значыць, хваціла якраз за двух.

 

Раздзел 18
Хто большы ў каралеўстве нябесным? Аб згаршэньні і пакоры

1 У тую часіну вучні прыступілі да Езуса, кажучы: Хто, думае, ёсьць большым у каралеўстве нябесным? 2 А Езус, паклікаўшы дзіця, паставіў пасярод іх 3 і сказаў: Сапраўды кажу вам, калі вы не навернецеся і ня станеце як дзеці, ня ўвойдзеце ў каралеўства нябеснае. 4 Дык хто-б паніжыў сябе, як гэтае дзіця, той большы ў каралеўстве нябесным. 5 І хто-б прыняў адно гэтакае дзіця ў імя маё, мяне прыймае. 6 А хто-б згоршыў аднаго з гэтых малых, каторыя ў мяне вераць, лепш яму, каб млынавы камень зачапіць яму за шыю і ўтапіць у глыбіні мора. 7 Гора сьвету дзеля згаршэньняў. Бо хоць трэба, каб прыйшлі згаршэньні, аднак-жа гора таму чалавеку, праз каторага прыходзіць згаршэньне. 8 Калі-ж рука твая або нага твая горшыць цябе, адатні яе і адкінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё калекім або кульгавым, чым маючы абедзьве рукі або кульгавым, чым маючы абедзьве рукі або абедзьве нагі быць укінутым у вагонь вечны. 9 І калі вока тваё горшыць цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепш табе з адным вокам увайсьці ў жыцьцё, чым маючы двое вачэй быць укінутым у пекла агню. 10 Глядзеце, каб не пагарджаць ніводным з гэтых малых, бо я вам кажу, што анёлы іх у небе заўсёды бачаць воблік Айца майго, каторы ёсьць у небе. 11 Бо Сын чалавечы прыйшоў збавіць, што было згінуўшы.

12 Як вам здаецца? Калі-б у каго было сто авец і адна з іх заблудзіла, то ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзевяць у горах і ня пойдзе шукаць тае, што заблудзіла? 13 І калі ўдасца яму знайсьці яе, сапраўды кажу вам, што ён больш цешыцца з яе, чым з дзевяцьдзесят дзевяці, якія не заблудзілі. 14 Так ня ёсьць воля Айца вашага, каторы ёсьць у небе, каб згінуў адзін з гэтых малых.

15 А калі-б саграшыў проціў цябе брат твой, ідзі і напамінай яго паміж табою і ім адным; калі паслухае цябе, здабудзеш брата твайго. 16 А калі не паслухае цябе, вазьмі з сабою яшчэ аднаго або двух, каб вуснамі двух або трох сьведкаў сьцьвердзілася кожнае слова. 17 Калі-б іх не паслухаў, скажы Каьсцёлу, а калі-б Касьцёла не паслухаў, няхай будзе для цябе як паганін і мытнік. 18 Сапраўды кажу вам, што-толькі зьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана і ў небе.

19 Яшчэ кажу вам, што калі-б двух з вас згадзіліся на зямлі адносна кожнай рэчы, якую-толькі папросяць, станецца ім ад Айца майго, каторы ёсьць у небе. 20 Бо дзе двух або трох ёсьць сабраўшыся ў імя тваё, там я ёсьць пасярод іх.

21 Тады Пётр, прыступіўшы да яго, сказаў: Пане, сколькі разоў саграшыць проціў мяне брат мой і я маю яму дараваць? Ці аж да сямі разоў? 22 Сказаў яму Езус: Не кажу табе: аж да сямі разоў, але аж да сямідзесці сямі разоў.

23 Дзеля гэтага каралеўства нябеснае падобнае ёсьць да чалавека караля, які хацеў зрабіць рахунак са сваімі слугамі. 24 І калі пачаў рабіць рахунак, прывялі яму аднаго, каторы быў яму вінен дзесяць тысяч талентаў. 25 Калі-ж ён ня меў скуль аддаць, загадаў пан ягоны прадаць яго, і жонку ягону, і дзяцей, і ўсё, што меў і аддаць. 26 А гэны слуга, упаўшы, маліў яго, кажучы: Будзь цярплівы да мяне і я ўсё табе аддам. 27 І зжаліўся пан над гэным слугою, адпусьціў яго і дараваў яму доўг. 28 Гэны-ж слуга, выйшаўшы, спаткаў аднаго з сваіх таварышаў, каторы быў яму вінен сто дынараў, і схапіўшы, душыў яго, кажучы: аддай, што вінават. 29 І ўпаўшы таварыш ягоны, маліў яго, кажучы: Будзь цярплівы да мяне і я ўсё табе аддам. 30 Аднак той не захацеў, але пайшоў і пасадзіў яго ў вастрог, аж пакуль не аддасьць доўгу. 31 А таварышы ягоны, увідзеўшы, што сталася, засмуціліся вельмі і прыйшлі і расказалі свайму пану ўсё, што было сталася. 32 Тады ягоны пан паклікаў яго і сказаў яму: Слуга нягодны! Я табе ўвесь доўг дараваў, затым што ты прасіў мяне, 33 дык ці-ж ня трэба было і табе пажалець свайго таварыша, так як я пажалеў цябе. 34 І загневаўся пан ягоны аддаў яго катам, пакуль ня верне ўсяго доўгу. 35 Так і Айцец мой нябесны зробіць вам, калі не адпусьціце кожны брату свайму з сэрцаў вашых.

1 Апосталы перад зыходам Сьв. Духа былі падлеглы ўсім людзкім слабасьцям і дзеля гэтага падымалі часам пытаньне, хто з іх старшы.

3 Хрыстус вымагае, каб сталіся падобнымі да дзяцей у пакоры і скромнасьці.

5 "Хто-б прыняў" - гэта значыць, хто-б аказаў ім якую ўслугу або прыязьлівасьць, той атрымае нагароду, як-бы зрабіў гэта самому Хрыстусу.

6 Падаючы такую вялікую кару, Хрыстус зварочвае ўвагу слухачоў на вялікасьць грэху згаршэньня; г. зн. калі хто навучыць або прывядзе да грэху дзіця, або справядлівага, веручага ў Хрыста, чалавека.

7 Мусяць прыйсьці згаршэньні, бо на сьвеце ёсьць побач з добрымі і благія людзі, а яшчэ дзеля таго, што чалавек мае вольную волю і можа пахіліцца ў добры бок або ў дрэнны.

9 Нават найдаражэйшыя асобы або рэчы трэба адкінуць ад сябе, калі яны вядуць да граху.

У пекле, апроч кары асуджэньня, пазбаўляючай агляданьня Бога, ёсьць яшчэ кара агню. Які гэта агонь - мы ня ведаем, але мусіць іншы чым тут на зямлі.

10 Як д'яблы носяць заўсёды з сабою свае мукі, так і анёлы маюць заўсёды з сабою сваё нябеснае шчасьце агляданьня Бога. З гэтага радка відаць так-жа, што чалавек мае свайго анёла-стража і дзеля гэтага заслугоўвае на пашану.

12 Такою блуднаю авечкаю ёсьць кожны грэшнік.

13 Заўсёды чалавек болей цешыцца з таго, што быў згубіў і знайшоў, чым з таго, што мае, хоць тое, што мае, ёсьць шмат даражэйшым за знойдзенае.

15 Братняе, спагаднае і ўмелае напамінаньне мае ў жыцьці вялікае значэньне.

18 Хоць апосталам даў Хрыстус уладу над вернымі, то аднаму толькі Пятру даў ключы каралеўства нябеснага і сказаў "пасі баранкі мае, пасі авечкі мае".

19 "Двух згадзіліся" г. зн. прасілі Бога ў імя Езуса Хрыста.

20 Там і Хрыстус ёсьць з сваею ласкаю і заступніцтвам, а дзе Хрыстус заступаецца, там малітва будзе выслухана.

22 Вучыцялі (рабіны) і кніжнікі загадывалі дараваць 3 разы, дык Пётр, падаючы 7 разоў, думаў, што падаў найбольшую лічбу, аднак Хрыстус загадыве дароўваць бліжняму аж да сямідзесяці сямі разоў, гэта значыць, без канца.

24 Десяць тысяч талентаў - гэта аграмадная сума: каля 12 мільёнаў даляраў. Гэтакая вялікая сума азначае вялікасьць і многасьць нашых він перад Богам.

25 Даўнейшае права Рымскае дазваляла прадаць даўжніка як нявольніка; гэты звычай існаваў і ў жыдоў.

28 Дынар - каля 2 зал., звычайная штодзённая плата работніку ў тагачаснай Палестыне.

 

Раздзел 19
Аб жанімстве і бязжэнстве

1 І сталася, калі Езус скончыў гэтыя мовы, выйшаў з Галілеі і прыйшоў у граніцы Юдэі па той бок Ярдану 2 І пайшлі за ім вялікія грамады і ён іх аздаравіў там. 3 І прыступілі да яго фарызэі і прабуючы яго, сказалі: Ці можна чалавеку дзеля якой-колечы прычыны пакінуць сваю жонку? 4 Ён, адказваючы, сказаў ім: Ці вы ня чыталі, што Той, каторы стварыў чалавека на пачатку, стварыў іх мужчынай і жанчынай? І сказаў: 5 "Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку і матку і прыстане да жонкі сваей і будуць двое ў вадным целе" (Гэн. 2, 24). 6 І так яны ўжо ня двое, але адно цела. Дык што Бог злучыў, няхай чалавек не разлучае. 7 Кажуць яму: Дыу чаму-ж Майсей загадаў даць разводны ліст і пакінуць? 8 Сказаў ім: Бо Майсей дзеля закамянеласьці сэрца вашага пазволіў вам кідаць вашыя жанкі, але ад пачатку ня было гэтак. 9 А я вам кажу, што хто-б пакінуў сваю жонку, акрамя дзеля чужалоства, і ўзяў другую, чужаложыць; і хто-б узяў пакіненую, чужаложыць. 10 Кажуць яму вучні ягоны: Калі так стаіць справа чалавека з жонкай, ня варта жаніцца. 11 Ён сказаў ім: Ня ўсе разумеюць гэтае слова, але каму дадзена. 12 Бо ёсьць еўнухі, каторыя нрадзіліся такімі з лона маткі, і ёсьць еўнухі, каторых людзі гэтак зрабілі еўнухамі дзеля каралеўства нябеснага. Хто можа паняць, няхай пайме.

Езус багаславіць дзетак. Багаты дзяцюк

13 Тады прыняслі да яго дзетак, каб узлажыў на іх рукі і памаліўся, а вучні сварыліся на іх. 14 Але Езус сказаў ім: Пусцеце дзетак і не перашкаджайце ім прыходзіць да мяне, бо гэтакіх ёсьць каралеўства нябеснае. 15 І калі ўзлажыў на іх рукі, адыйшоў адтуль.

16 І вось адзін, прыступіўшы, сказаў яму: Вучыцель добры! Што я маю чыніць добрага, каб мець жыцьцё вечнае? 17 Ён-жа сказаў яму: Чаму ты пытаеш мяне аб добрым? Адзін ёсьць добры, Бог. Калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, захавай прыказаньні. 18 Сказаў яму: Якія? А Езус сказаў: Не забівай, не чужалож, ня сьведч фальшыва, 19 паважай бацьку твайго і матку тваю, і любі бліжняга свайго, як самога сябе. 20 Кажа яму дзяцюк: Усяго гэтага я пільнаваўся ад моладасьці маей, чаго мне яшчэ не стае? 21 Сказаў яму Езус: Калі хочаш быць дасканальным, ідзі, прадай, што маеш і дай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь і ідзі за мною. 22 Калі-ж пачуў дзяцюк слова, адыйшоў сумны, бо меў ён вялікія маемасьці. 23 А Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды кажу вам, што багатаму трудна ўвайсьці ў каралеўства нябеснае. 24 І яшчэ кажу вам: Лягчэй вярблюду прайсьці праз вуха ігольнае, чымся багатаму ўвайсьці ў каралеўства нябеснае. 25 Пачуўшы-ж гэтае, вучні многа дзівіліся, кажучы: Дык хто можа быць збаўлены? 26 А Езус, спаглянуўшы, сказаў ім: У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма. 27 Тады Пётр, адазваўшыся, сказаў яму: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за табою, што-ж будзе нам? 28 А Езус сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што вы, каторыя пайшлі за мною, у адраджэньні, калі Сын чалавечы засядзе на троне сваей славы, і вы будзеце сядзець на дванаццаці тронах, судзячы дванаццаць пакаленьняў Ізраіля. 29 І кожны, хто-б пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або матку, або жонку, або дзяцей, або поле дзеля імені майго, устораз атрымае і здабудзе жыцьцё вечнае. 30 Многія-ж першыя будуць апошнімі, а апошнія першымі.

3 У жыдоў тады была вялікая свабода ў справе разводаў. Фарызэі падымаюць гэту справу перад Езусам, прабуючы яго.

5 Іншымі славамі: як ня можна разьдзяляць аднаго цела на часьці, так ня можна развадзіць мужа з жонкай.

6 Значыць, неразрыўнасьць жанімства паходзіць з волі Божай.

7 Стары Закон пазваляў даваць развод у выпадку чужалоства, загадваючы пры гэтым даваць разводны ліст. Хрыстус зносіць гэтае права і вяртае жанімству яго неразрыўнасьць, так як гэта было на пачатку існаваньня роду людзкога.

Дзеля гэтага Касьцёл Каталіцкі стаіць цьвёрда на грунце неразрыўнасьці сакрамэнту жанімства, а калі дазваляе ў некаторых выпадках дык толькі на разлуку (сэпарацыю), падчас каторай муж і жонка жывуць аддзельна, але ня маюць права ўступаць у новую жанімскую сувязь, пакуль адно з іх жыве.

12 Да бязжэнства ня кожны здольны: адны няздольны, бо такімі ўжо нарадзіліся (калекімі на целе або на душы), другія прымушаны людзьмі - моральна ці фізычна - жыць бязжэннымі, а іншыя самі забавязаліся жыць у стане бязжэнным.

13 Вучні сварыліся на тых, што прыносілі дзяцей, каб лішне не ўтруджалі Езуса.

17 Бог ёсьць крыніцай усякага дабра і дзеля гэтага да Яго трэба адносіць усякае дабро, якое існуе на сьвеце.

24 Здаецца, што гэта ёсьць старадаўная жыдоўская прыказка, якою адзначалі рэч немагчымую. Гэтую прыказку і Хрыстус тут падае. Бо як з папярэдняга і далейшага радка відаць, багаты можа збавіцца, але з трудом. Патрэба тут вялікай ласкі Божай, каторай павінны багатыя людзі прасіць у Бога.

30 Гэты сказ Хрыстус пашырыць і выясьніць у прыповесьці аб работніках у вінаградніку.

 

Раздзел 20
Прыповесьць аб работніках у вінаградніку

1 Падобнае ёсьць каралеўства нябеснае да чалавека гаспадара, каторы выйшаў вельмі рана наймаць работнікаў у свой вінаграднік.2 І зрабіўшы ўмову з работнікамі па дынары ў дзень, паслаў іх у свой вінаграднік. 3 І выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў другіх, што стаялі без работы на рынку 4 і сказаў: Ідзеце і вы ў мой вінаграднік і што будзе належыцца, дам вам. 5 Яны-ж пайшлі. Ізноў-жа выйшаў каля гадзіны шостай і дзевятай і зрабіў таксама. 6 І каля адзінаццатай выйшаў і знайшоў іншых стаячых і сказаў ім: Што вы тут стаіцё цэлы дзень без работы? 7 Кажуць яму: Бо нас ніхто не наняў. Кажа ім: ідзеце і вы ў мой вінаграднік. 8 Калі-ж надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніка свайму эканому: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы ад апошніх аж да першых. 9 Дык калі падыйшлі тыя, што былі прыйшоўшы каля гадзіны адзінаццатай, атрымалі па дынары. 10 А першыя, падыйшоўшы, думалі, што атрымаюць болей, але і яны атрымалі па дынары. 11 І ўзяўшы, наракалі на гаспадара, 12 кажучы: Гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, а ты зраўняў іх з намі, каторыя перанеслі цяжар дня і сьпеку. 13 А ён адказваючы аднаму з іх, сказаў: Дружа! я не рабіў табе крыўды, ці-ж не за дынар ты са мною ўмовіўся? 14 Вазьмі, што тваё і ідзі, а я хачу і гэтаму апошняму даць як і табе. 15 Ці-ж ня можна мне зрабіць, што хачу? Ці-ж вока тваё злоснае, што я добры? 16 Так апошнія будуць першымі, а першыя апошнімі. Бо многа пакліканых, але мала выбраных.

Езус трэці раз прадказвае сваю муку

17 А ідучы ў Ерузалім, Езус узяў дванаццаць вучняў асобна і сказаў ім: 18 Вось ідзём у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы старшым сьвятарам і кніжнікам і асудзяць яго на сьмерць, 19 і выдадуць яго паганам на зьдзек і бічаваньне і ўкрыжаваньне, і на трэці дзень уваскрэсьне.

Просьба маткі сыноў Зэбэдэявых

20 Тады прыступіла да яго маці сыноў Зэбэдэявых з сынамі сваімі, кланяючыся і нечага просячы ў яго. 21 Ён сказаў ёй: Чаго хочаш? Яна сказала: Скажы, каб гэтыя два сыны мае сядзелі адзін з правага боку твайго, а другі з левага ў каралеўстве тваім. 22 А Езус, адказаўшы, сказаў: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чару, якую я буду піць? Кажуць яму: Можам. 23 Сказаў ім: Чару-то маю піць будзеце, але сядзець з правага майго боку або з левага гэта не мая рэч даць вам, але каму прыгатавана Айцом маім.

24 А дзесяць, пачуўшы, абурыліся на двух братоў. 25 Езус-жа паклікаў іх да сябе і сказаў: Вы ведаеце, што павадыры народаў пануюць над імі і тыя, каторыя большыя ёсьць, выконываюць над імі ўладу. 26 Ня так будзе паміж вамі, але хто-б хацеў між вамі быць большым, няхай будзе вашым прыслужнікам, 27 і хто-б хацеў між вамі быць першым, будзе вашым слугою. 28 Так як Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, але каб служыць і даць жыцьцё сваё за выкуп за многіх.

Аздараўленьне двух сьляпых

29 І калі яны выходзілі з Ерыхону, ішла за ім вялікая грамады, 30 і вось два сьляпыя, седзячы ля дарогі, пачулі, што Езус ідзе міма, і закрычалі, кажучы: Пане, зжалься над намі, сыне Давіда! 31 А грамада сварылася на іх, каб замоўклі. Але яны яшчэ мацней крычалі, кажучы: Пане, зжалься над намі, сыне Давіда. 32 І стаў Езус і паклікаў іх і сказаў: Што вы хочаце, каб я вам зрабіў? 33 Кажуць яму: Пане, каб адчыніліся вочы нашыя! 34 А Езус зжаліўся над імі, дакрануўся да вачэй іх і зараз жа сталі відзець і пайшлі за ім.

3 Гадзіна трэцяя ў Палестыне - гэта нашая 9 нараніцы.

6 Гадзіна адзінаццатая - гэта нашая 5 пад вечар.

8 Паводле закону Майсея плату работнікам трэба было выплаціць таго самага дня вечарам.

12 Скарга была-б зусім зразумелая, калі-б яны не былі згоджаны па дынары і калі-б ня браць пад увагу дабрату гаспадара.

16 Да жыцьця хрысьціянскага многа пакліканых, а да вялікай сьвятасьці мала выбраных.

Як тут на зямлі ў прыповесьці, так на тым сьвеце нагарода справядлівых сама па сабе будзе роўная для ўсіх і гэту нагароду мы называем "небам"; аднак у дробязі і паасобку бяручы, яна будзе рознай, залежнай - з аднаго боку - ад вартасьці заслуг сьвятых, з другога боку - ад дабраты і ласк Божых, каторыя Бог дае людзям паводле сваеё волі.

Гэтакім чынам справядлівасьць Божая выяўляецца ў вялікай колькасьці людзей збаўленых, а ласка Божая ясьнее ў малым ліку вялікіх Сьвятых.

21 Сядзець з првага і левага боку караля заўсёды ўважалася за знак улады і паважаньня. Вучні, пачуўшы аб скорым прыходзе каралеўства Хрыстовага, а разумеючы гэтае каралеўства ўсё яшчэ пазямному, хацелі заняць там першыя мясцы. Гэтага самага хацела і матка сыноў Зэбэдэявых.

22 Чарай завець тут Хрыстус сваю муку.

23 Гэтае прароцтва Хрыстова споўнілася: старшы сын Зэбэдэя - Якуб быў сьцяты мячом каля 44 году па Нар. Хр., а малодшы - Ян быў бічаваны, укінены ў кацёл з кіпучай алівай, а потым выгнаны на выспу Патмос.

Апроч гэтага Хрыстус адзначае тут, што ён, як Мэсыяш, не пакліканы выдаваць або зьмяняць Божыя пастановы адносна жыцьця сьвятых у небе. Гэтыя пастановы ўжо былі выданы спрадвякоў Айцом разам з Сынам і Духам Сьв.

24 Абурыліся апосталы з прычыны ўласнай амбіцыі і дзеля гэтага Хрыстус дае ўсім навуку пакоры. Пакорныя ўслугі бліжнім найболей цэняцца ў каралеўстве Хрыстовым, бо і Хрыстус сам прыйшоў, каб служыць.

28 Хрыстус аддаў жыцьцё сваё за ўсё чалавецтва, але таму што ня ўсе хочуць карыстаць з гэтага адкупленьня, Хрыстус кажа, што аддаў сваё жыцьцё за многіх.

30 Называючы Езуса Сынам Давіда, сьляпыя прызнаюць яго за Мэсыяша.

 

Раздзел 21
ІІІ ЧАСЬЦЬ. АПОШНІЯ ДНІ Е. ХРЫСТА НА ЗЯМЛІ, ЯГО МУКА, СЬМЕРЦЬ І ЎСКРАШЭНЬНЕ
Трыумфальны ўезд Е. Хрыста ў Ерузалім

1 І калі прыбліжаліся да Ерузаліму і прыйшлі да Бэтфагэ пры Аліўнай гарэ, тады езус паслаў двух вучняў, 2 кажучы ім: Ідзеце ў сяло, якое напроць вас, і зараз знойдзеце прывязаную асьліцу і з ёй асьлянё: адвяжэце і прывядзеце да мяне. 3 А калі-б вам хто што гаварыў, скажэце, што яны патрэбны Пану і ён зараз пусьціць іх. 4 А гэта ўсё сталася, каб споўнілася сказанае праз прарока (Захар, 9-9), які кажа: 5 Скажэце дачцэ Сыёнскай: "Вось кароль твой ідзе да цябе ціхі, седзячы на асьліцы і асьляці, сыне пад'ярэмнай". 6 Вучні-ж, пайшоўшы, зрабілі так, як ім загадаў Езус. 7 І прывялі асьліцу і асьлянё, і ўзлажылі на іх свае вопраткі і пасадзілі яго на верх. 8 А вялізарная грамада слала свае вопраткі на дарозе, другія-ж зразалі галінкі з дзераваў і слалі іх на дарозе. 9 А грамады, каторыя ішлі наперадзе і ішлі ззаду, крычалі, кажучы: Госанна сыну Давіда, багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана! Госанна на вышынах!

10 І калі ўехаў у Ерузалім, парушыўся ўвесь горад, кажучы: Хто гэта такі? 11 Народ-жа адказаў: гэта Езус, прарок з Назарэту Галілейскага.

12 І ўвайшоў Езус у сьвятыню Божую і выгнаў усіх прадаючых і купляючых у сьвятыні і абярнуў сталы мяняльнікаў і столікі прадаючых галубы; 23 і сказаў ім: Ёсьць напісана: "дом мой будзе названы домам малітвы, а вы яго зрабілі пячэрай разбойнікаў" (Із. 56, 7; Ер. 7, 11).

14 І прыступілі да яго сьляпыя і кульгавыя ў сьвятыні і ён аздаравіў іх. 15 А старшыя сьвятары і кніжнікі, бачучы дзівы, якія чыніў, і дзяцей, выкрыківаючых у сьвятыні і кажучых: "Госанна сыну Давіда"! - абурыліся 16 і сказалі яму: Ці чуеш, што яны кажуць? Езус-жа сказаў ім: Так. Ці-ж вы ніколі ня чыталі, што "з вуснаў дзетак і сысункоў Ты ўчыніў хвалу"? (Пс. 8, 3). 17 І пакінуўшы іх, выйшаў проч з гораду да Бэтаніі і там астаўся.

18 А нараніцы, варочаючыся ў горад, захацеў есьці. 19 І ўгледзеўшы пры дарозе адно фігавае дрэва, падыйшоў да яго і, нічога не знайшоўшы на ім апроч толькі лісьця, сказаў да яго: Няхай-жа з цябе ніколі ня родзіцца плод на векі! І зсохла зараз-жа фіга. 20 А вучні, убачыўшы, дзівіліся, кажучы: Як яна зараз-жа зсохла! 21 А Езус, адказваючы, сказаў ім: Сапраўды кажу вам: калі б вы мелі веру і не сумневаліся, ня толькі зробіце з фігавым дрэвам, але калі-б і гэтай гарэ сказалі: "Узьніміся і кінься ў мора", станецца. 22 І ўсё, чаго толькі будзеце прасіць у малітве веручы, атрымаеце.

Спрэчкі з прадстаўнікамі Сангэдрыну. Тры прыповесьці

23 І калі прыйшоў у сьвятыню, прыступілі да яго, калі ён навучаў, вышэйшыя сьвятары і старшыя народу, кажучы: Якою ўладаю ты гэта робіш? І хто табе даў гэтую ўладу? 24 Адказваючы, Езус сказаў ім: Спытаюся і я ў вас аднаго слова, калі вы мне яго скажаце, то і я вам скажу, якою ўладаю я гэта раблю. 25 Хрост Яна скуль быў, з неба ці з людзей? Яны-ж разважалі паміж саюою, кажучы: 26 Калі скажам: "З неба", то ён нам скажа: Чаму-ж вы не паверылі яму? Калі-ж скажам: "З людзей", баімося грамады, бо ўсе мелі Яна за прарока. 27 І адказваючы Езусу, сказалі: Ня ведаем. Сказаў ім так-жа ён: І я вам не скажу, якою ўладаю я гэта раблю.

28 А як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў і, падыйшоўшы да першага, сказаў: Сыне, ідзі сягоньня, папрацуй у маім вінаградніку. 29 Але той, адказваючы, сказаў: Не хачу. Потым аднак, раскаяўшыся, пайшоў. 30 І падыйшоўшы да другога, сказаў таксама. Гэты-ж адказваючы, сказаў: Іду, пане - і не пайшоў. 31 Каторы з двух споўніў волю айца? Кажуць яму: Першы. Сказаў ім Езус. Сапраўды кажу вам, што мытнікі і блудніцы пойдуць перад вамі ў каралеўства Божае. 32 Бо прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасьці і вы не паверылі яму; вы-ж бачачы, ані ня мелі жалю пасьля, каб паверыць яму.

33 Паслухайце другое прыповесьці: Быў чалавек гаспадар, каторы засадзіў вінаграднік, абгарадзіў яго плотам, выкапаў у ім вінатоку, пабудаваў вежу, аддаў яго ў арэнду земляробам і выехаў. 34 Калі-ж надыйшоў час пладоў, паслаў сваіх слуг да земляробаў, каб атрымаць свае плады. 35 Але земляробы, схапіўшы ягоных слуг, іншага пабілі, іншага забілі, а іншага закаменавалі. 36 Ізноў паслаў іншых слуг, болей чым першых, і з імі зрабілі таксама. 37 Уканцы-ж паслаў да іх сына свайго, кажучы: Ушануюць сына майго. 38 Але земляробы, убачыўшы сына, гаварылі паміж сабою: Гэта насьледнік, пойдзем, заб'ём яго і будзем мець ягону спадчыну. 39 І схапіўшы яго, выкінулі вон з вінаградніка і забілі. 40 Дык калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што зробіць з тымі земляробамі? 41 Кажуць яму. Злыдняў пазлому выгубіць, а вінаграднік свой аддасьць у арэнду іншым земляробам, каторыя будуць аддаваць яму плод у сваім часе. 42 Сказаў ім Езус: Ці-ж вы ніколі ня чыталі ў Пісаньні (Пс. 117, 22): "Камень, які адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою вугла? Ад Пана гэта сталася і ёсьць дзіўным у вачох нашых". 43 Дзеля гэтага кажу вам, што будзе аднята ад вас каралеўства Божае і будзе дадзена народу, які творыць плады яго. 44 А хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, сатрэ яго.

45 І калі пачулі яго прыповесьці старшыя сьвятары і фарызэі, зразумелі, што аб іх гаварыў. 46 І хочучы яго ўзяць, баяліся грамадаў, бо яны мелі яго за прарока.

1 Бэтфагэ - сяло пры Аліўнай гарэ, недалёка ад Ерузаліму, за ручаём Цэдрон. У гэтае сяло паслаў Езус двух вучняў.

5 Словы "Дачцэ Сыёнскай" значаць тое самае, што "жыхаром Ерузаліму".

Прарок Захар падае ў гэтых славах розьніцу паміж трыумфальным уездам Хрыста і зямных валадараў.

7 Езус ехаў на маладым асьле, а асьліца ішла побач, каб жарабё было спакайнейшае.

8 Высьцілаюць дарогу на знак пашаны.

9 "Госанна" - слова гэбрайскае, азначае тое самае, што "слава" або "чэсьць".

12 Са згоды старшых над сьвятынямі прадаўцы завялі гандаль у дварышчы сьвятыні (выглядала-б у нас як на цьмінтары каля касьцёла), прадаючы ўсё, што было патрэбнае да ахвяраў (валы, авечкі, галубы, віно, аліву і г. д.), а мяняльнікі, седзячы пры сталох, мянялі чужыя горшы на жыдоўскія, бо толькі жыдоўскім грашмі можна было даваць ахвяру на сьвятыню.

13 Гандляры пры гэтым ашуквалі рознымі нягоднымі спосабамі набожных людзей, якія прыходзілі ў сьвятыню і куплялі ў іх.

Выганяў Езус гандляроў з сьвятыні ў панядзелак.

19 Пракляцьце фігі мела сваё асобнае, сымболічнае значэньне. Пад гэтым дзеравам трэба разумець жыдоўскі народ. Лісьце буйнае - гэта ўсе дары, якімі так шчодра абдарыў Бог гэты народ. Ня гледзячы аднак на ўсе дары, жыдоўскі народ ня даў належных пладоў і нават, калі прыйшоў Мэсыяш, адкінуў яго і выдаў на сьмерць. Дзеля гэтага, так як фігу, спаткала яго належная кара.

25 Хрыстус пытаецца: чаму вы не паверылі тады, калі Ян Хрысьціцель паказываў на мяне, як на Баранка Божага і Мэсыяша?

27 Фарызэйская крывадушнасьць не заслужыла на просты адказ, бо яны прыйшлі, каб Езуса злавіць на слове, і потым абвінаваціць. Дык Езус адказаў ім укосна, падаючы прыповесьць ад двух сынох.

32 Бог мае ў Ізраілю дваякага роду сыноў. Першы, каторы нібы слухае Бога і кажа "пайду і зраблю", але ня робіць - гэта фарызэі і старшыя жыдоўскія; а другі, каторы хоць і кажа, што "не пайду", аднак потым, раскаяўшыся, ідзе і робіць - гэта грэшнікі, якія спачатку супраціўляюцца волі Божай, але потым жалеюць за свае чыны і наварочваюцца да Бога. Гэтыя ўвойдуць у каралеўства Божае, а тыя будуць адкінуты.

33 Вінатокі ў Палестыне высякаюцца ў скале ў форме чатырохкутнай ямы, у якую сыплюць вінаградныя ягады і топчуць іх нагамі. Выціснуты сок сплывае ўніз вінатокі і аддтуль праз дзірку і каналік цячэ ў пасудзіну. Вежу будавалі, каб бараніцца ад зладзеяў і каб сьцерагчы вінаградніка.

34 У Палестыне арэндатары - земляробы аддаюць яшчэ і цяпер трэцюю часьць або палавіну ўраджаю з вінаградніка гаспадаром

41 Значэньне гэтай прыповесьці такое: Вінаграднік - гэта зямля Ізраілява, земляробы - ізраэліты, а гаспадар - Бог. Ад ізраэлітаў вымагаў Бог спаўняньня сваіх прыказаньняў і дзеля гэтага пасылаў да іх прарокаў, а ўканцы свайго Сына. Аднак Ізраэліты прарокаў ня слухалі, а часам нават забівалі іх і гэтак няўбаве яны паступяць і Сынам Божым. Дык Богу ўжо нічога не астаецца, як толькі пакараць гэты народ.

42 Гэтым каменем, які адкінулі будаўнічыя (старшыя жыдоўскага народу), ёсьць Хрыстус. Ён пасланы Богам, каб будаваў каралеўства Божае і быў тым каменем, на каторым дзяржыцца ўся будова.

44 Хрыстус будзе срогім судзьдзёю для тых, хто сьведама яго адкінуў. Той, хто адкідае ягону навуку, "разаб'ецца", або інакш кажучы, згіне.

 

Раздзел 22

1 І адказваючы Езус гаварыў ім ізноў у прыповесьцях, кажучы: 2 Падобным сталася каралеўства нябеснае да чалавека караля, каторы справіў вясельле свайму сыну. 3 І паслаў слуг сваіх клікаць запрошаных на вясельле, і не хацелі прыйсьці. 4 Ізноў паслаў іншых слуг, кажучы: Скажэце запрошаным: "Вось я прыгатовіў абед мой, валы мае і кормнікі пабіты і ўсё гатова; прыходзьце на вясельле". 5 Але яны ня дбалі і пайшлі, хто да свае сялібы, а хто да свайго гандлю, 6 другія-ж схапілі слуг ягоных і назьдзкаваўшыся, пазабівалі. 7 Калі-ж пачуў кароль, загневаўся і паслаўшы сваё войска, выгубіў гэных забойцаў і спаліў іхны горад. 8 Тады сказаў сваім слугам: Вясельле-то гатова, але прошаныя ня былі дастойны. 9 Дык ідзеце на скрыжаваньні дарог і каго-толькі спаткаеце, клічце на вясельле. 10 І слугі ягоны, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі, благіх і добрых - і вясельле было поўнае гасьцей. 11 А кароль увайшоў, каб паглядзець на гасьцей, і ўбачыў там чалавека неадзетага ў вясельную вопртаку. 12 І сказаў яму: Дружа, як ты сюды ўвайшоў, ня маючы вясельнай вопраткі? Але той маўчаў. 13 Тады сказаў кароль слугам: Зьвязаўшы рукі і ногі яго, кіньце яго ў вонкавую цемру, там будзе плач і скрыгот зубоў. 14 Бо многа пакліканых, але мала выбраных.

Хрыстус - сын Давіда.

15 Тады фарызэі, адыйшоўшы, зрабілі нараду, як-бы яго злавіць у мове. 16 І паслалі да яго сваіх вучняў з Гэрадыянамі, кажучы: Вучыцель, мы ведаем, што ты праўдамоўны і дарогі Божай папраўдзе навучаеш і не зважаеш на нікога, бо не аглядаесься на асобу людзкую, 17 дык скажы нам, як табе здаецца, можна даваць падатак цэзару, ці не? 18 А Езус, пазнаўшы іхную нягоднасьць, сказаў: Чаму спакушаеце мяне, крывадушнікі? 19 Пакажэце мне падатковую манэту. Яны-ж прыняслі яму дынара. 20 І сказаў ім Езус: Чый гэта воблік і надпіс? 21 Кажуць яму: Цэзараў. Тады сказаў ім: Дык аддайце што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу. 22 І пачуўшы, яны зьдзівіліся і пакінуўшы яго, адыйшлі.

23 У той дзень прыступілі да яго садукеі, каторыя кажуць, што няма ўскрашэньня, і спыталіся ў яго, 24 кажучы: Вучыцель, Майсей сказаў: "Каліб хто памёр, ня маючы сына, то брат ягоны возьме яго жонку і ўскрасіць патомства брату свайму" (Паўл. Пр. 25, 5). 25 Было-ж у нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы патомства, пакінуў жонку сваю брату свайму. 26 Таксама другі і трэці аж да сёмага. 27 А ўканцы пасьля ўсіх памярла і жонка. 28 Дыу у ўскрашеньні чыёй з сямёх будзе яна жонкай? Бо ўсе мелі яе. 29 А Езус, адказваючы, сказаў ім: Вы мыляецеся, ня ведаючы Пісаньняў ані моцы Божай. 30 Бо ў ускрашэньні ані жэняцца, ані ідуць замуж, але будуць як анёлы Божыя ў небе. 31 А аб ускрашэньні ўмерлых ці вы ня чыталі, што было сказана Богам, каторы вам кажа: 32 "Я ёсьць Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба"? (Вых. 3, 6). Ня ёсьць-жа Бог умерлых, але жывых.

34 А фарызэі, пачуўшы, што прымусіў садукеяў замаўчаць, сабраліся разам 35 і спытаўся яго адзін з іх, вучоны ў законе, прабуючы яго: 36 Вучыцель, якое ёсьць вялікае прыказаньне ў законе? 37 Сказаў яму Езус: "Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам сваім, і ўсей душою тваею, і ўсей мысьляй тваею" (Паўл. Пр. 6, 5). 38 Гэта ёсьць найбольшае і першае прыказаньне. 39 Другое-ж ёсьць гэтаму падобнае: "Любі бліжняга свайго, як самога сябе" (Лев. 19, 18). 40 На гэтых двух прыказаньнях апіраецца ўвесь закон і прарокі.

41 Калі-ж сабраліся фарызэі, спытаўся ў іх Езус, 42 кажучы: Што вы думаеце аб Хрыстусе? Чый ён сын? Кажуць яму: Давідаў. 43 Дык як-жа Давід у духу заве яго Панам, кажучы: 44 "Сказаў Пан Пану майму, сядзі праваруч мяне, пакуль палажу воргаў тваіх падножжам ног тваіх?" (Пс. 109, 1). 45 Дык калі Давід заве яго Панам, як-жа ёсьць сынам ягоным? 46 І ніхто ня мог адказаць яму слова і ніхто ня сьмеў ад таго дня болей у яго пытацца.

4 Даўней у грэкаў, рымлян і жыдоў два разы прасілі на вясельле ці на абед: адзін раз на некулькі дзён перад абедам, а другі раз зараз перад абедам.

6 Няпрыход на вясельле і нават забойства каралеўскіх слуг было яўным бунтам проціў караля і ягонага сына.

7 Гэтакая срогая кара ёсьць звычайнай на ўсходзе, дзе валадары за віну адзінак караюць увесь горад ці грамаду.

11 На ўсходзе вясельную вопратку мусіў мець кожны, хто прыходзіў на вясельле. У каго яе ня было, таму давалі гаспадары, а хто пагарджаў гэтым абычаем і ўваходзіў бяз вопраткі, той пагарджаў і гаспадаром.

Вясельная вопратка азначае тут Усьвячаючую ласку Божую.

12 Той чалавек нічога ня мог сказаць на сваё апраўданьне і яго спаткала кара.

13 Чалавека, які ня споўніў усіх вясельных абычаяў, выкідалі з цёплага і асьветленага памяшканьня на двор, дзе ўначы была цемра і холад і дзе сапраўды быў плач і скрыгот зубоў. Гэты плач і скрыгот зубоў, цемра, ланцугі на руках і нагах, ёсьць азнакамі цяжкіх кар і вечным асуджэньні.

14 Многа было пакліканых з Ізраільскага народу, але выбраных мала.

15 Сьмерць Хрыста ўжо была пастаноўлена, толькі фарызэі і старшыя жыдоўскія імкнуцца да таго, каб асудзіў яго на сьмерць сам намесьнік цэзара, Пілат.

16 Фарызэі жылі ў нязгодзе з Гэрадыянамі (прыхільнікамі дынастыі Гэрада В.), тут аднак лучацца ў супольнай ненавісьці да Хрыста.

17 Хрыстус, калі-б сказаў не плаціць падаткаў, сьцягнуў-бы на сябе гнеў рымскіх уладаў, а калі-б сказаў плаціць, то адвярнуў-бы ад сябе народ, каторы не хацеў паганам плаціць падаткаў. І так дрэнна і так нядобра, у кожным выпадку фарызэі маглі-б абвінаваціць Езуса. Езус аднак загадаў плаціць падатак і дзяржаўнай уладзе і духоўнай.

21 Хрыстус дзеліць уладу на сьвецкую або дзяржаўную і духоўную, Божую. Уладзе дзяржаўнай належыцца падатак і Хрыстус не забараняе яго даваць, не гаворачы нічога аб справядлівасьці або несправядлівасьці таго ці іншага падатку. Побач з уладай дзяржаўнай Хрыстус ставіць і ўладу Божую, касьцельную, каторай таксама трэба аддаць тое, што ёй справядліва належыцца.

28 Садукеі адкідалі ўскрашэньне ўмерлых і дзеля гэтага падаюць малападобную да праўды гісторыю аб жонцы і сямі яе мужох, хочучы гэтым паставіць Хрыстуса ў труднае палажэньне.

32 Іншымі славамі Абрагам, Ізаак і Якуб жывуць і то жывуць ня целам, але душою, а калі яны жывуць па сьмерці, то гэта значыць, што душа несьмяротная, а калі несьмяротная, то яна можа некалі ізноў злучыцца з целам - і такім парадкам наступіць ускрашэньне з умерлых.

36 Жыдоўскія вучыцялі і кніжнікі згодна дзялілі ўсе прыказаньні і забароны (а было іх аж 613!) на вялікія і малыя; але не маглі згадзіцца, якія з гэтых прыказаньняў былі большыя, а якія меншыя, дык гэтае пытаньне мела ў той час вялікае значэньне.

40 Прыказаньні любові Бога і бліжняга ёсьць зьместам усіх іншых прыказаньняў.

44 "Пан" г. зн. Бог Айцец, Ягвэ; "Пану майму" г. зн. Мэсыяшу. Жыды прызнавалі Мэсыяша за сына Давіда, але не прызнавалі яго за сына Божага, тымчасам Давід у сваім псальме (109) называе Мэсыяша сваім Панам, а сына ніхто не называе сваім панам, значыць Давід прызнаваў Мэсыяша за Сына Божага.

 

Раздзел 23
Езус напамінае фарызэяў і кніжнікаў

1 Тады Езус прамовіў да грамадаў і да сваіх вучняў, 2 кажучы: На Майсеявым пасадзе селі кніжнікі і фарызэі, 3 дык усё, што-толькі вам скажуць, захавайце і чынеце, але не чынеце паводле ўчынкаў іх, бо яны кажуць, а ня чыняць. 4 Бо яны вяжуць бярэмі цяжкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі пальцам ня хочуць іх крануць. 5 Усе-ж учынкі свае чыняць, каб іх бачылі людзі: бо пашыраюць свае філактэры і павялічваюць фрэнзлі. 6 І любяць першыя мясцы на банкетах і першыя лаўкі ў бажніцах, 7 і прывітаньні на рынку і каб людзі называлі іх "вучыцель". 8 А вы не называецеся "вучыцелямі", бо адзін ваш Вучыцель, а вы ўсе браты. 9 І "айцом" не называйце сябе на зямлі, бо адзін ёсьць ваш Айцец, каторы ёсьць у небе. 10 І не называйцеся вучыцелямі, бо Вучыцель ваш адзін - Хрыстус. 11 Хто з вас большы, той будзе вашым слугою. 12 А хто сябе павышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе павышаны.

13 Гора вам, кніжнікі і фарызэі крывадушнікі, што аб'ядаеце дамы ўдоваў, адмаўляючы доўгія малітвы; дзеля гэтага дастанеце цяжэйшы прысуд.

15 Гора вам, кніжнікі і фарызэі крывадушнікі, што абходзіце мора і сушу, каб здабыць аднаго прозэліта, а калі здабудзеце, робіце яго сынам пекла ўдвае горшым за вас.

16 Гора вам, сьляпыя павадыры, якія кажаце: "Хто-б прысягнуў на сьвятыню, гэта нічога; але хто-б прысягнуў на золата ў сьвятыні, той забавязаны". 17 Неразумныя і сьляпыя! Што-ж важней: золата ці сьвятыня, якая пасьвячае золата? 19 І "хто-б прысягнуў на аўтар, гэта нічога; але хто-б прысягнуў на ахвяру, якая ёсьць на ім, то забавязаны". 19 Сьляпыя! Што-ж важнейшае: ахвяра ці аўтар, які пасьвячае ахвяру? 20 Дык хто прысягае на аўтар, прысягае на яго і на ўсё, што на ім ёсьць. 21 І хто-б прысягнуў на сьвятыню, прысягае на яе і на Таго, хто ў ёй жыве. 22 І хто прысягае на неба, прысягае на трон Божы і на Таго, хто сядзіць на ім.

23 Гора вам кніжнікі і фарызэі крывадушнікі, што даецё дзесяціну з мяты, аныжу і кміну, а пакінулі, што ёсьць важнейшае ў законе; суд, міласэрдзе і веру. Гэтае трэба было чыніць і таго не прапускаць. 24 Павадыры сьляпыя, што камара працэджваеце, а вярблюда глытаеце! 25 Гора вам, кніжнікі і фарызэі крывадушнікі, што ачышчаеце тое, што ёсьць зверху кубка і місы, а ўнутры вы поўны зьдзерства і бруду. 26 Фарызэю сьляпы! Ачысьць перш, што ўнутры ёсьць кубка і місы, каб чыстым сталася тое, што ёсьць зьверху.

27 Гора вам, кніжнікі і фарызэі крывадушнікі, што падобныя вы да пабеляных грабоў, каторыя зьверху падаюцца людзям прыгожыя, а ўнутры поўны касьцей мерцьвякоў і ўсялякай брыды. 28 Гэтак і вы зьверху здаецёся людзям справядлівымі, а ўнутры вы поўны крывадушнасьці і нягоднасьці.

29 Гора вам, кніжнікі і фарызэі крывадушнікі, што будуеце грабы прарокаў і ўпрыгожваеце памятнікі справядлівых, 30 і кажаце: "Калі-б мы былі ў дні айцоў нашых, мы ня былі-б іх супольнікамі ў крыві прарокаў". 31 Гэтак вы самі проціў сябе сьведчыце, што вы сыны тых, каторыя забівалі пророкаў. 32 Дапаўняйце-ж і вы меру айцоў вашых.

33 Вужы, родзе гадавы! Як-жа вы ўцечацё ад суду пекла? 34 Вось дзеля таго я пасылаю да вас прарокаў і мудрацоў і кніжнікаў, а вы спаміж іх заб'ецё і ўкрыжуеце, і спаміж іх убічуеце ў бажніцах вашых і будзеце прасьледаваць з гораду ў горад, 35 каб каб прыйшла на вас уся кроў справядлівая, якая была праліта на зямлі, ад крыві Абэля справядлівага, аж да крыві Захара, сына Барахіявага, каторага вы забілі між сьвятыняў і аўтаром. 36 Сапраўды кажу вам, усё гэнае прыйдзе на гэны род.

37 Ерузалім, Ерузалім, што забіваеш прарокаў і камянуеш тых, каторыя да цябе былі пасланы, столькі разоў я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як курыца зьбірае пад крыльля куранят сваіх, а ты не хацеў! 38 Вось-жа астанецца дом ваш для вас пустым. 39 Бо кажу вам: Адцяпер ня ўбачыце мяне, пакуль ня скажаце: "Багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана".

Калі ўсе навукі і напамінаньні Езуса адносна кніжнікаў і фарызэяў не прывялі да пажаданага рэзультату, Езус выказвае перад народам усю іх нягоднасьць і крывадушнасьць і кажа ім: "Гора вам, кніжнікі і фарызэі".

4 Накладаюць на людзей шмат розных прадпісаньняў, а самі іх не спаўняюць.

5 Філактэры - гэта чатырохкантовыя скрыначкі са скуры, у якія жыды ўкладалі (і цяпер укладаюць) выпіскі з сьв. Пісаньня. Гэтыя філактэры жыды на малітву првязвалі раменнымі паяскамі да галавы і да левай рукі. Робячы гэтак, яны апіраліся на даслоўным разуменьні слоў сьв. Пісаньня: "Словы мае... павесьце як знак на руках і памясьцеце паміж вачамі вашымі" (Паўтор. Пр. 11, 18). Фарызэі, каб паказацца перад народам пабажнейшымі, рабілі сабе большыя філактэры, чым у іншых. (Пасярод нашага народу філактэры завуцца "багамольле").

Апроч філактэраў закон Майсея загадываў жыдом накладаць на малітву асобнае багамольнае адзеньне - паскаватую хустку з фрэнзлямі (талес), каторую яны і цяпер накладаюць, а гэта затым, каб прыпамінаць сабе прыказаньні Божыя. Фарызэі і кніжнікі рабілі для сябе фрэнзлі пры гэтай хустцы даўжэйшыя, чым у другіх людзей, каб паказацца пабажнейшымі.

9 Кніжнікі загадывалі сваім вучням называць сябе айцамі і ставілі сябе вышэй за бацькоў сваіх вучняў. У гэтым праяўлялася фарызэйская пыха. Езус ганіць гэтыя вымаганьні.

10 "Вучыцель" тутака ў значэньні "павадыр". Кніжнікі тады ўважалі сябе за павадыроў народу, прыгэтым ставілі сябе побач з Майсеем і прарокамі, кажучы, што яны іх наступнікі.

12 Будзе павышаны ў вачах Бога і на Божым судзе; аднак не заўсёды ўжо на гэтым сьвеце.

14 Сваею нібы пабожнасьцяй фарызэі здабывалі прыхільнасьць удоваў і потым з гэтай прыхільнасьці цягнулі для сябе карысьць, з крыўдай як удоваў так і сірот.

15 Наварочваючы паганца на жыдоўскую веру фарызэі давалі наверненаму (прозэліту), яшчэ сваю нягоднасьць і крывадушнасьць.

16 "Той абавязаны" г. зн. споўніць сваю прысягу.

17 Золата ў сьвятыні - гэта залатыя пасудзіны, якія былі ў сьвятыні.

23 Закон Майсея загадываў аддаваць дзесяціну (дзесятую часьць) толькі з авжнейшых пладоў зямных, а фарызэі даводзілі сваю рупнсьць і спаўняньні гэтага загаду да таго, што давалі дзесяціну нават з зёлак: мяты, аныжу і кміну.

24 Каб не праглынуць часам камара або муху, бо гэтыя стварэньні ўважаліся за нячыстыя, фарызэі працэджвалі перад піцьцём віно або малако. Дбаючы аб дробныя рэчы, фарызэі не зварочвалі ўвагі на вялікія прыказаньні ў Законе Божым.

26 Кубак тут азначае чалавека, а нутро кубка - азначае сэрца і душу людзкую. Фарызэі стараліся паказацца добрымі і справядлівымі толькі зьверху, для вока людзкога, а аб душы ня дбалі. Тымчасам нутраная справядлівасьць усьвячае і зьверхняе жыцьцё чалавека.

27 Жыды бялілі свае грабы, каб іх відаць было нават уначы, бо калі жыд прыпадкам дакрануўся да гробу, то станавіўся рытуальна нячыстым на цэлы тыдзень.

32 Айцы забівалі прарокаў, а патомкі заб'юць Сына Божага.

35 Жыды забілі Захара на дварышчы паміж брамаю і аўтаром, на каторым складаліся целапальныя ахвяры, у той час, калі Захар заклікаў народ да пакуты і вырачэньня балвахвальства.

38 "Дом ваш" - г. зн. горад і бацькаўшчына ваша.

39 Пакуль ня прызнаеце Хрыстуса за Мэсыяша, што мае стацца пры сканчэньні сьвету.

 

Раздзел 24
Прароцтвы Е. Хрыста аб збурэньні Ерузаліму і канцы сьвету

1 І Езус, выйшаўшы з сьвятыні, ішоў. І прыступілі вучні ягоны, каб паказаць будоўлі сьвятыні. 2 Ён-жа, адказваючы, сказаў ім: Ці бачыце ўсё гэтае? Сапраўды кажу вам, не астанецца тут камень на камені, якога-б не зруйнавалі. 3 А калі ён сядзеў на Аліўнай гарэ, прыступілі да яго вучні асобна, кажучы: Скажы нам, калі гэтае будзе, і які знак твайго прыходу і сканчэньня сьвету?

4 І адказваючы, Езус сказаў ім: Глядзеце, каб вас ніхто ня зьвёў. 5 Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы: "Я ёсьць Хрыстус", і многіх зьвядуць. 6 Бо пачуеце аб войнах і весьцях ваенных; глядзеце, каб ня трывожыцца, бо трэба, каб гэтае сталася, але яшчэ не канец. 7 Бо паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства, і будуць паморы і галады і землетрасеньні па мясцох. 8 А гэтае ўсё - пачатак гора.

9 Тады будуць выдаваць вас на мучэньне, і будуць забіваць вас, і будзеце ў ненавісьці ў усіх народаў дзеля імені майго. 10 І тады згоршацца многія, і будуць мець у ненавісьці адзін другога. 11 І паўстане многа фальшывых прарокаў і многіх зьвядуць. 12 І дзеля таго што пашырыцца нягоднасьць, астыне міласьць у многіх. 13 Хто-ж вытрывае да канца, той будзе збаўлены. 14 І будуць абвяшчаць гэтую эванэлію каралеўства па ўсім сьвеце на пасьведчаньне ўсім народам. І тады прыйдзе канец.

15 Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, аб якой казаў прарок Даніла, стаяючую на месцы сьвятым - хто чытае, няхай разумее - 16 тады тыя, што ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы, 17 а каторыя на даху, няхай ня зыходзяць узяць што-небудзь з свайго дому, 18 а каторыя на полі, няхай не варочаюцца, каб узяць сваю вопратку. 19 А гора цяжарным і кормячым у гэтыя дні. 20 Прасеце-ж, каб уцяканьне вашае ня было зімою або ў суботу.

21 Бо будзе тады вялікае ўцісьненьне, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль і ня будзе. 22 І калі-б ня былі скарочаны гэныя дні, ня захавалася-б ніводнае цела, але дзеля выбраных будуць скарочаны гэныя дні. 23 Тады, калі-б вам хто сказаў: Вось тут ёсьць Хрыстус, або там - ня верце. 24 Бо паўстануць фальшывыя Хрыстусы і фальшывыя прарокі і будуць рабіць вялікія знакі і цуды, так каб былі ўведзены ў блуд - калі магчыма - нават выбраныя. 25 Вось я наперад сказаў вам. 26 Дык калі-б вам сказалі: "Вось у пустыні ёсьць" - ня выходзьце; "вось у таёмных мясцох" - ня верце. 27 Бо як маланка выходзіць з усходу і зьяўляецца аж на захадзе, так будзе і прыход Сына чалавечага. 28 Дзе-б толькі было цела, там і арлы зьбяруцца.

29 А зараз-жа пасьля ўцішненьня гэных дзён сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць свайго сьвятла, і зоры будуць падаць з неба, і сілы нябесныя будуць зрушаны. 30 І тады зьявіцца на небе знак Сына чалавечага, і тады загалосяць усе пакаленьні зямлі, і ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў воблаках нябесных з вялікай моцай і славай. 31 І пашле анёлаў сваіх з трубою і вялікім голасам, і зьбяруць выбраных ягоных з чатырох вятроў, ад краю аж да краю неба.

32 А ад фіговага дзерава вучэцеся падабенства: калі ўжо ягоная галіна робіцца мяккай і пускае лісьце, вы ведаеце, што блізка лета. 33 Так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка ёсьць, у дзьвярах. 34 Сапраўды кажу вам, што не праміне гэты род, як усё гэта станецца. 35 Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.

36 Аб дні-ж тым і гадзіне ніхто ня ведае, ані анёлы нябесныя, адзін толькі Айцец. 37 А як было ў дні Ноя, так будзе і прыход Сына чалавечага. 38 Бо як у дні перад патопам елі і пілі, жаніліся і замуж выдавалі, аж да таго дня, у каторы Ной увайшоў у карабель, 39 і ня ведалі, пакуль ня прыйшоў патоп і не панёс усіх, - так будзе і прыход Сына чалавечага. 40 Тады двух будзе на полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінены, 41 дзьве мелючыя ў жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінена.

42 Дык чуйце, бо ня ведаеце, у якой гадзіне Пан ваш прыйдзе. 43 А тое ведайце, што калі-б гаспадар ведаў, у якую гадзіну злодзей мае прыйсьці, дык ня спаў-бы і не дапусьціў-бы падкапаць свайго дому. 44 Дзеля гэтага і вы будзьце гатовы, бо Сын чалавечы прыйдзе ў гадзіну, каторай ня ведаеце.

45 Хто, думаеш, ёсьць верны і разумны слуга, каторага паставіў пан ягоны над сваімі людзьмі, каб даваць ім у пару ежу? 46 Багаслаўлены гэны слуга, каторага пан ягоны, калі прыйдзе, застане гэтак робячы. 47 Сапраўды кажу вам, што над усім сваім дабром паставіць яго. 48 А калі-б гэны слуга быў благі і сказаў у сэрцы сваім: "Пан мой пазьніцца прыйсьці" 49 і пачаў-бы біць сваіх таварышаў, еў-б і піў-бы з п'яніцамі, 50 прыйдзе пан гэнага слугі ў дзень, у які ён не спадзяецца, і ў гадзіне, якой ня ведае, 51 і разьдзеліць яго і паложыць ягону часьць з крывадушнікамі. Там будзе плач і скрыгот зубоў.

2 І сапраўды - з сьвятыні не засталося каменя на камені, бо яна згарэла ў 70 годзе па Н. Хр. падчас штурму Ерузаліму рымлянамі, а потым была зусім зруйнавана.

3 Вучні ставяць свайму Вучыцелю два пытаньні: 1) Калі будзе зруйнаваны Ерузалім ("калі гэтае будзе") і 2) па якіх знаках можна будзе пазнаць прыход Езуса на апошні суд і сканчэньне сьвету? Адказваючы на гэтыя пытаньні, Хрыстус не падае дакладнага часу, калі гэтае станецца, бо для дабра душ людзкіх гэта, відаць, некарысна, а толькі падае знакі, па якіх можна будзе пазнаць і блізкае зруйнаваньне Ерузаліму і блізкі канец сьвету. Вучні гэтыя два факты лучылі адзін з адным і думалі, што разам з зруйнаваньнем Ерузаліму наступіць і канец сьвету.

9 Толькі дзеля таго, што будзеце хрысьціянамі і будзеце прызнавацца да Хрыста.

10 "Згоршацца" г. зн. дзеля вялікага прасьледу адпадуць многія ад хрысьціянскай рэлігіі.

12 Міласьць да Бога і людзей стыне, калі пашыраецца грэх і сапсуцьце.

22 Прасьлед будзе такі страшны, што ніхто-б ня вытрываў-бы, каб ён патрываў далей. "Ніводнае цела" - тут тое самае, што "ніводзен чалавек".

27 Як маланку ўсе бачаць адразу, так убачаць людзі і Сына чалавечага, каторы зьявіцца як бліск маланкі.

28 Прыраўнаньне ўзятае з палестынскага жыцьця. Там за вёскі і мястэчкі выкідаюць усякую брыду і дохлую жывёлу, на каторую адразу і адусюль зьлятаюцца драпежныя птушкі. Таксама пры канцы сьвету і людзі, ведзеныя як-бы прыродным інстынктам, зьбяруцца ў вадно месца, вызначанае Богам. Гэтае прыраўнаньне павучае нас аб раптоўным надыходзе Апошняга суду.

29 Пасьля прасьледу, узьнятага Антыхрыстам, наступіць нейкая нябесная катастрофа, у якой магчыма згтне і нашая зямля. Антыхрыст - гэта кожны праціўнік Хрыста.

30 Знакам, які тады пакажацца, будзе крыж.

31 Выкладчыкі сьв. Пісаньня не падаюць згодна, у якім значэньні тут ужываецца слова "труба", пераносным ці сапраўдным.

32 У Палестыне ўжо ў лютым, а найпазьней у сакавіку, кара на фігавых дрэвах робіцца мяккай, сьвежай і выпушчае лісьце. Вясны там бадай што ня бывае, бо ўжо ў красавіку пачынаецца гарачыня, так што ў Палестыне адрозьніваюць толькі зіму і лета.

34 Пад словам "род" трэба разумець увесь народ жыдоўскі.

40 Адзін будзе ўзяты г. зн. да неба, а другі пакінены г. зн. на вечныя мукі ў пекле.

51 "Разьдзеліць яго" - г. зн. разьсячэ яго па ўсходняму звычаю папалам. Кара разьсяканьня на часьці на Ўсходзе была агульна прынятай.

 

Раздзел 25
Езус заахвочвае да чуйнасьці. Прыповесьць аб дзесяці дзяўчатах

1 Тады падобнае будзе каралеўства нябеснае да дзесяці дзяўчат, якія, узяўшы свае сьветачы, выйшлі насустрэч маладому і маладой. 2 Пяць-жа з іх было неарзумных, а пяць разумных. 3 Але пяць неарзумных, узяўшы сьветачы, не ўзялі з сабою алівы, 4 а разумныя ўзялі алівы ў пасудзіны свае з сьветачамі. 5 Калі-ж малады замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі. 6 Але ўпоўнач узьняўся крык: вось малады ідзе, выходзьце насустрач яму! 7 Тады ўсталі гэныя ўсе дзўчаты і наладзілі свае сьветачы. 8 Неразумныя-ж сказалі мудрым: Дайце нам вашай алівы, бо сьветачы нашыя гаснуць. 9 Адказалі разумныя, кажучы: Каб часам не хваціла нам і вам, ідзеце лепш да прадаўцоў і купеце сабе. 10 Калі-ж яны пайшлі купляць, прыйшоў малады, і каторыя былі гатовыя, увайшлі з ім на вясельле і былі зачынены дзьверы. 11 Уканцы-ж прыйшлі і другія дзяўчаты, кажучы: Пане, Пане, адчыні нам! 12 Але ён, адказваючы, сказаў: Сапраўды кажу вам, я ня знаю вас.

13 Дык чуйце, бо ня ведаеце дня ані гадзіны.

Прыповесьць аб дзесяці талентах

14 Бо так як чалавек, ад'язджаючы, паклікаў сваіх слуг і перадаў ім сваё дабро. 15 І даў аднаму пяць талентаў, другому-ж два, а іншаму адзін, кожнаму паводле яго сілы, і зараз ад'ехаў. 16 Той-жа, што дастаў пяць талентаў, пайшоў, зарабляў на іх і здабыў яшчэ пяць. 18 А той, што дастаў адзін, пайшоўшы, закапаў у зямлю і схаваў грошы пана свайго. 19 Пасьля-ж доўгага часу вярнуўся пан гэных слуг і зрабіў з імі разрахунак. 20 І прыступіўшы, каторы быў дастаў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: Пане, ты мне даў пяць талентаў, вось я здабыў другія пяць. 21 Сказаў яму пан ягоны: Добра, слуга добры і верны, таму што ты быў верны над малым, над многім цябе пастаўлю, увайдзі ў радасьць пана твайго. 22 Прыступіў-жа і той, што дастаў два таленты і сказаў: Пане, ты мне даў два таленты, вось я здабыў яшчэ два. 23 Сказаў яму пан ягоны: Добра, слуга добры і верны, таму што ты быў верны над малым, над многім цябе пастаўлю, увайдзі ў радасьць пана твайго. 34 А прыступіўшы і той, што дастаў адзін талент, сказаў: Пане, я ведаю, что ты чалавек срогі: жнеш, дзе не пасеяў і зьбіраеш, дзе не разсыпаў. 25 І я, баючыся, пайшоў і схаваў талент твой у зямлю, вось маеш, што тваё. 26 Адказваючы-ж пан ягоны сказаў яму: Слуга благі і лянівы! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не разсыпаў. 27 Дык трэба было табе аддаць мае грошы банкірам і я, вярнуўшыся, узяў-бы што маё з прыбыткам. 28 Дык вазьмеце ад яго талент і дайце таму, што мае дзесяць талентаў. 29 Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і будзе мець дастатак, а ў таго, хто ня мае, будзе аднята ў яго і тое, што ён, здаецца, мае. 30 А некарыснага слугу выкіньце ў вонкавую цемру, там будзе плач і скрыгот зубоў.

Апісаньне Апошняга суду

31 Калі-ж прыйдзе Сын чалавечы ў славе сваей і ўсе анёлы з ім, тады сядзе на пасадзе славы сваей, 32 і зьбяруцца перад ім усе народы, і аддзеліць іх адных ад другіх, як пастыр аддзяляе авец ад казлоў, 33 і паставіць авец-то па правай руцэ сваей, а казлоў па левай.

34 Тады скажа Кароль тым, што направа ад яго будуць: Прыйдзеце, багаслаўленыя Айца майго, атрымаеце каралеўства, прыгатаванае вам ад закладзін сьвету. 35 Бо я быў галодны і вы далі мне есьці; быў засьмягшы і вы далі мне піць; быў гасьцём і вы прынялі мяне; 36 нагім і вы прыадзелі мяне; хворым і вы адведалі мяне; быў у вастрозе і вы прыйшлі да мяне. 37 Тады адкажуць яму справядлівыя, кажучы: Пане, калі мы бачылі цябе галодным і накармілі цябе, засьмягшы і далі табе піць? 38 Калі-ж мы бачылі цябе гасьцём і прынялі цябе, нагім і прыадзелі цябе? 39 Або калі мы бачылі цябе хворым, або ў вастрозе і прыйшлі да цябе? 40 І адказваючы Кароль скажа ім: Сапраўды кажу вам, сколькі вы зрабілі аднаму з гэтых братоў маіх найменшых, мне зрабілі.

41 Тады скажа і тым, што налева будуць: Ідзеце ад мяне праклятыя ў вагонь вечны, каторы ёсьць прыгатаваны д'яблу і анёлам яго. 42 Бо я быў галодны і вы не далі мне есьці, быў засьмягшы і вы не далі мне піць, 43 быў гасьцём і вы не прынялі мяне, хворым і ў вастрозе і вы не адведалі мяне. 44 Тады адкажуць яму і тыя, кажучы: Пане, калі мы цябе бачылі галодным, або засьмягшым, або гасьцём, або нагім, або хворым, або ў вастрозе і не паслухалі цябе? 45 Тады адкажа ім, кажучы: Сапраўды кажу вам, сколькі разоў вы ня ўчынілі аднаму з гэтых найменшых, вы і мне ня ўчынілі. 46 І пойдуць гэтыя на муку вечную, а справядлівыя ў жыцьцё вечнае.

1 Шлюб у жыдоў складаўся з умовы, зробленай паміж маладым і маладой у прысутнасьці сьведак. Ад гэтай умовы яны ўжо былі мужам і жонкай. Аднак праз нейкі час маладая аставлася ў доме сваіх бацькоў, адкуль забіраў яе малады з асбліваю цэрэмоніяй і пераводзіў яе ў свой дом. Калі вясельле ўжо прыбліжалася да вёскі маладога, дзяўчаты з тае вёскі выходзілі з сьветачамі (калі гэта было вечарам) на спатканьне маладой пары і былі прошаны разам з усімі на вясельле. Гэты вясельны абрад Хрыстус прадстаўляе ў прыповесьці.

3 Сьветачы гэныя мелі форму лодачкі з накрыўкай. У лодачку налівалі алівы, упраўлялі з аднаго канца кноцік, а за другі дзяржалі і гэтак сьвяцілі.

13 Маладым тут ёсьць Хрыстус, а маладою - Касьцёл ягоны, дзесяць дзяўчат - гэта хрысьціяне, а вясельле - радасьць у небе. Каб папасьці на гэтае вясельле, трэба чуйнасьці і добрых чынаў ("алівы"), хто гэтага ня мае, будзе адкінуты.

29 Хто верна служыць Богу, той атрымлівае ад яго ўсё новыя ласкі, а хто жыве ў ляніўстве і нядбаласьці, той траціць памалу ласкі Божыя, а часам заслужыць і на гнеў Божы.

31 Гэтым пасадам (тронам) магчыма будзе воблак.

34 Кароль - гэта Хрыстус.

35 Хрыстус вымагае ад людзей добрых учынкаў, бо ад гэтых учынкаў залежыць нагарода ў небе. На гэтым месцы Хрыстус дзеля прыкладу падае цэлы рад добрых учынкаў, прадусім тых, каторыя адносяцца да міласэрдзя і любові бліжняга, бо ў любові бліжняга (практычна бяручы), зьмяшчаюцца ўсе прыказаньні Божыя.

41 Хрыстус падае тут і кару пекла: утрату Бога і кару агню, хоць не такога як тут на зямлі. Агонь будзе мучыць душы праз нейкую сувязь з душою (так як і цяпер калі цярпіць цела, то цярпіць і злучаная з целам душа. Так і агонь будзе злучаны з душою, асуджанай на кару пекла).

Анёлы тутака - гэта ўсе пасланцы і слугі д'ябла.

45 Калі за адно занядбаньне добрых чынаў Хрыстус будзе гэтак моцна караць, то што гаварыць аб дакананьні злых чынаў!

Хрыстус прадстаўляе тутака апошні суд у форме гутаркі, якая будзе адбывацца паміж судзьдзёю і абвінавачанымі. Сапраўды-ж гэты суд адбудзецца спосабам болей духовым: Хрыстус пры помачы надпрыроднага сьвятла асьвеціць розум кожнага чалавека, так што кожны пазнае ўміг усе свае грахі, дакананыя думкай, словам і чынам і разам з гэтым пазнае, на што ён заслужыў.

46 Хто можа памагчы бліжняму у цяжкім палажэньні і ня хоча, той цяжка абражае Бога і заслужвае на вечнае асуджэньне ў пекле.

 

Раздзел 26
Намашчэньне Езуса ў Бэтаніі. Апошняя вячэра

1 І сталася, калі скончыў Езус усе гэтыя мовы, сказаў сваім вучням: 2 Вы ведаеце, што за два дні будзе Пасха, і Сын чалавечы будзе выданы, каб быць укрыжаваным.

3 Тады сабраліся вышэйшыя сьвятары і старшыя народу ў двор архісьвятара, які зваўся Каіфаш, 4 і зрабілі нараду, каб Езуса ўзяць хітрасьцяй і забіць. 5 Але казалі: Ня ў дзень сьвяточны, каб часам забурэньня ня было ў народзе.

6 Калі-ж Езус быў у Бэтаніі ў доме Сымона Пракажанага, 7 прыступіла да яго жанчына, маючы алябастравую пасудзіну з дарагім алейкам і выліла на галаву яго, калі сядзеў за сталом. 8 Вучні-ж, бачачы, загневаліся і казалі: Нашто гэтае марнатраўства? 9 Бо можна было гэтае прадаць за дарагую цану і даць убогім. 10 А Езус ведаючы, сказаў ім: Нашто робіце прыкрасьць гэтай жанчыне? Яна-ж добры ўчынак учыніла для мяне. 11 Убогіх вы заўсёды маеце з сабою, а мяне не заўсёды маеце. 12 Бо яна, выліўшы гэты алеяк на маё цела, учыніла на пахаваньне маё. 13 Сапраўды кажу вам, дзе-толькі будзе абвяшчацца гэта эванэлія па ўсім сьвеце, і што яна ўчыніла, будзе сказана на памяць аб ёй.

14 Тады пайшоў адзін з дванаццацёх, каторы называўся Юдаш Іскарыёт да старшых сьвятараў 15 і сказаў ім: Што хочаце мне даць і я яго вам выдам? Яны-ж назначылі яму трыццаць сярэбранікаў. 16 І ад тае пары шукаў зручнае часіны, каб яго выдаць.

17 У першы-ж дзень Праснакоў прыступілі вучні да Езуса, кажучы: Дзе хочаш прыгатаваць табе есьці Пасху? 18 Езус-жа сказаў: Ідзеце ў горад да аднаго чалавека і скажэце яму: "Вучыцель кажа: час мой блізкі, у цябе раблю Пасху з вучнямі маімі". 19 І вучні зрабілі так, як ім загадаў Езус і прыгатавалі Пасху.

20 Калі-ж настаў вечар, ён сядзеў з дванацацьма сваімі вучнямі. 21 І калі яны елі, сказаў: Сапраўды кажу вам, што адзін з вас мяне выдасьць. 22 І моцна пасмутнеўшы, яны кожны адзін пачалі гаварыць: Ці гэта я, Пане? 23 Ён-жа, адказваючы, сказаў: Хто мачае са мною руку ў місу, той мяне выдасьць. 24 Сын-то чалавечы ідзе, як напісана аб ім, але гора таму чалавеку, праз каторага Сын чалавечы будзе выданы, лепш было-б яму, каб не нарадзіўся той чалавек. 25 Адказваючы-ж Юдаш, каторы яго выдаў, сказаў: Ці гэта я, вучыцель? Кажа яму: Ты сказаў.

26 А калі яны вячэралі, Езус узяў хлеб, і багаславіў, і ламаў, і даў вучням сваім, і сказаў: Бярэце і ешце: гэтае ёсьць цела маё. 27 І ўзяўшы келіх, учыніў падзяку і даў ім, кажучы: Пеце з гэтага ўсе; 28 бо гэтая ёсьць кроў мая новага закону, якая за многіх будзе праліта на адпушчэньне грахоў. 29 Кажу-ж вам: Ня буду піць ад гэтай пары з гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі яго буду піць з вамі новы ў каралеўстве Айца майго.

Езус у садзе Аліўным

30 І адправіўшы гімн, выйшлі на гару Аліўную. 31 Тады сказаў ім Езус: Усе вы згоршыцеся з мяне ў гэту ноч. Бо ёсьць напісана: "Удэру пастыра і разсеюцца авечкі стады". 32 Але потым як уваскрэсну, пайду перад вамі ў Галілею. 33 Адказваючы-ж Пётр сказаў яму: І калі-б усе згоршыліся з цябе, я ніколі ня згоршуся. 34 Сказаў яму Езус: Сапраўды кажу табе, што ў гэту ноч, перш чым запяе певень, ты трэйчы адрачэсься ад мяне. 35 Сказаў яму Пётр: Калі-б нават мне трэба было памерці з табою, я ад цябе не адракуся. Таксама гаварылі і ўсе вучні.

36 Тады прыйшоў Езус з імі да сялібы, якая завецца Гэтсэмані і сказаў сваім вучням: Пасядзеце тут, пакуль я пайду туды і памалюся. 37 І ўзяшы Пятра і двух сыноў Зэбэдэявых, пачаў сумаваць і тужыць. 38 Тады сказаў ім: Сумная душа мая аж да сьмерці. Пабудзьце тут і чуйце за мною.

39 І адыйшоўшы трохі, упаў на твар свой і маліўся, кажучы: Ойча мой! Калі магчыма, няхай адыйдзе ад мяне гэты келіх, аднак-ж не як я хачу, але як Ты. 40 І прыйшоў да сваіх вучняў і знайшоў іх сплючых. І сказаў Пятру: Так вы не маглі аднэй гадзіны чуць за мною? 41 Чуйце і малецеся, каб ня ўпасьці ў пакусу. Дух-то ахвочы, але цела нядужае. 42 Ізноў другі раз адыйшоў і маліўся, кажучы: Ойча мой! Калі ня можа гэты келіх прайсьці, каб мне яго ня піць, няхай станецца воля твая. 43 І прыйшоў ізноў і знайшоў іх сплючых, бо вочы іх былі абцяжэўшы. 44 І пакінуўшы іх, ізноў адыйшоў і трэці раз маліўся, кажучы тыя самыя словы. 45 Тады прыйшоў да вучняў сваіх і сказаў ім: Спеце ўжо і адпачывайце! Вось надыйшла часіна і Сын чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў. 46 Устаньце, пойдзем, вось прыбліжыўся той, што мяне выдасьць.

47 Калі ён яшчэ гаварыў, вось Юдаш, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, і з ім вялікая грамада з мяхамі і кіямі, пасланыя архісьвятарамі і старшымі народу. 48 А той, што выдаў яго, даў ім знак, кажучы: Каго я пацалую, гэта ён, бярэце яго. 49 І зараз падыйшоўшы да Езуса, сказаў: Прывітаны будзь, вучыцель! І пацалаваў яго. 50 А Езус сказаў яму: Дружа, пашто ты прыйшоў? Тады прыступілі і налажылі рукі на Езуса і ўзялі яго. 51 І вось адзін, што былі з Езусам, працягнуўшы руку, выняў меч свій і , ўдарыўшы слугу архісьвятара, адсек яму вуха. 52 Тады сказаў яму Езус: Вярні твой меч за сваё месца, бо ўсе, што бяруць меч, ад мяча пагінуць. 53 Няўжо думаеш, што я не магу папрасіць Айца майго і ён даў-бы мне цяпер болей як дванаццаць легіёнаў анёлаў? 54 Ды як-жа споўняцца Пісаньні, што гэтак мусіць стацца? 55 У тую часіну сказаў Езус грамадам: Так як на разбойніка вы выйшлі з мячамі і кіямі ўзяць мяне. 56 Гэтае-ж усё сталася, каб споўніліся Пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы яго, паўцекалі.

Езус прад Каіфашам. Адрачэньне Пятра

57 Яны-ж, узяўшы Езуса, павялі да Каіфаша, архісьвятара, дзе былі сабраўшыся кніжнікі і старшыя.

58 А Пётр ішоў за ім здалёк аж да двара архісьвятара і, увайшоўшы ў сярэдзіну, сядзеў за слугамі, каб бачыць канец. 59 А архісьвятар і ўся Рада шукалі фальшывыя сьведчаньні проціў Езуса, каб яму сьмерць зрабіць, 60 і не знайшлі, хоць многа прыходзіла фальшывых сьведкаў. Уканцы-ж прыйшлі два фальшывыя сьведкі 61 і сказалі: Гэты казаў: "Я магу зруйнаваць сьвятыню Божую і пасьля трох дзён яе адбудаваць". 62 І ўстаўшы, архісьвятар сказаў яму: Нічога не адказваеш на тое, што гэтыя проціў цябе сьведчаць? 63 Але Езус маўчаў. І архісьвятар сказаў яму: Запрысягаю цябе Богам жывым, каб ты нам сказаў, ці ты ёсьць Хрыстус, Сын Божы? 64 Кажа яму Езус: Ты сказаў. Аднака-ж кажу вам: адцяпер убачыце Сына чалавечага, сядзячага праваруч моцы Божай і прыходзячага ў воблаках нябесных. 65 Тады архісьвятар разарваў адзеньне сваё, кажучы: Ён зблюзьніў! Нашто нам яшчэ патрэбны сьведкі? Вось цяпер вы чулі блюзьнерства. 66 Што вам здаецца? Яны-ж адказваючы, сказалі: Ён падлеглы сьмерці. 67 Тады плявалі на твар ягоны і білі яго кулакамі, другія-ж білі яго па шчоках, кажучы: 68 Прароч нам Хрысце, хто гэта цябе ўдарыў?

69 А Пётр сядзеў вонках на дварэ. І прыступіла да яго адна служка, кажучы: І ты быў з Езусам Галілейскім. 70 Але ён адрокся перад усімі, кажучы: Ня ведаю, што ты гаворыш. 71 Калі-ж ён выходзіў за дзьверы, убачыла яго другая служка і сказала тым, што там былі: І гэты быў з Езусам Назарэйскім. 72 І ўзноў адрокся пад прысягай: Што ня знаю чалавека. 73 І крыху потым падыйшлі тыя, што стаялі і сказалі Пятру: Сапраўды і ты з іх, бо і гаворка твая цябе выдае. 74 Тады пачаў клясьціся і прысягаць, што ня знае чалавека. І зараз-жа запяяў певень. 75 І прыпомніў Пётр слова Езуса, якое быў сказаўшы: "Перш чым запяе певень, ты трэйчы адрачэсься ад мяне". І выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.

Пасху жыды абходзілі дня 14 месяца Нізан (панашаму другая палавіна сакавіка і першая палавіна красавіка) на памятку выбаўленьня з Эгіпту. Галоўнай урачыстасьцяй Пасхі была вячэра, у час каторай елі вялікоднага баранчыка і праснакі (прэсныя хлябы, - званыя "маццот" - згэтуль "маца"). На другі дзень, 15 Нізан, было асобнае сьвята "Праснакоў", каторыя жыды павінны былі есьці праз 7 дзён, высьцерагаючыся ўсяго квашанага. Пасхай называлі часта ня толькі вячэру, але і сьвята "Праснакоў".

Пасха ў тым годзе была перанесена на суботу, 16 Нізан.

3 Прычынай скліканьня надзвычайнага паседжаньня Рады быў, відаць, тыумфальны ўезд Езуса ў Ерузалім.

6 Бэтанія ляжала каля 3 кіломэтраў на ўсход ад Ерузаліму.

7 Гэта была Марыя, сястра Марты і Лазара. Тады быў такі звычай, што гасьцям крапілі або памазвалі галаву пахнючым алейкам і чым дастойнейшы быў госьць, тым шчадрэйшае было памазаньне або крапленьне.

9 Апосталы, апроч Юдаша, шчыра думалі аб убогіх. Яны бачылі, што Езус вядзе жыцьцё ўбогае, загадывае даваць на ўбогіх і думалі, што гэтае "марнатраўства" - як яны казалі - Хрыстусу не падабаецца. Аднак Хрыстус прастуе іхны памылковы пагляд і бярэ пад сваю абарону жанчыну і яе добры ўчынак.

14 Юдаш быў родам з сяла Карыёту, якое ляжыць у Юдэі, дзеля гэтага і завецца Іскарыётам.

15 Юдаш добра ведаў, што старшыя толькі шукаюць аказіі, каб узяць Езуса, дык сам ідзе да іх і абяцае ім за грошы выдаць Сына Божага і свайго Вучыцеля. Прагавітасьць на грошы робіць з яго найбольшага здрадніка спаміж людзей.

Сярэбранік жыдоўскі (шэкель) быў варт каля 8 зал.

21 Хрыстус хацеў паказаць праз гэтыя словы, што ўсё ведае і гэтым самым хоча напомніць Юдаша, каб ён пакаяўся і навярнуўся, а вучняў сваіх хоча павучыць, каб не падалі духам, бо нічога не даецца без яго веды і волі.

24 "Мачае са мною руку ў місу" - значыць, блізкі, хатні прыяцель і субяседнік.

28 Хоць Езус праліў сваю кроў за ўсіх людзей, то ня ўсе людзі з яе карыстаюцца, але многія.

29 Новы "келіх" радасьці будзе піць Хрыстус у каралеўстве Айца свайго.

30 Было гэта каля гадзіны 9 увечары. У апошніх днях свайго жыцьця Езус часта прабаваў на Аліўнай гарэ. Юдаш ведаў аб гэтым.

33 У той час Пётр сапраўды гатоў быў ісьці нават на сьмерць за сваім Вучыцелем, але ня браў ён тады пад увагу зьменнасьці людзкое натуры. Дык прыраканьне ягонае было неразважнае і лёгкадумнае.

39 Келіх часта азначаў у сьв. Пісаньні цярпеньні і муку. Хрыстус, молячыся, даў нам прыклад, як мы маем маліцца, здаючыся на волю Бога.

48 Рымскія жаўнеры ня зналі Хрыстуса, дык Юдаш умаўляецца з імі, што гэта будзе той, каторага ён пацалуе. Цалаваньне сваіх вучыцялёў на знак пашаны было прынятым у жыдоў. Апроч рымскіх жаўнеараў былі яшчэ жыдоўскія і слугі архісьвятараў, узброеныя ў мячы і кіі.

51 Стаў у абароне Хрыстуса Сымон-Пётр.

61 Паводле Майсеявага Закону да правамочнасьці прысуду трэба было прынамся двох сьведкаў, якія-б згодна пасьвечылі проціў абвінавачанага ў дакананым паступку.

Хрыстус не казаў гэтых слоў аб сьвятыні ерузалімскай, толькі аб сьвятыні цела свайго (гл. Ян. 2, 19-21).

64 "Ты сказаў" - гэта ёсьць урачысты жыдоўскі спосаб пацьвярджэньня таго, што пыталася. Хрыстус дагэтуль маўчаў, бо ведаў, што ягона сьмерць ужо пастаноўлена, а толькі шукаюць прычыны. Цяпер-жа, калі Каіфаш зьвярнуўся да яго з пытаньнем, вымагаючы, каб пад прысягай сказаў, ці ён ёсьць Хрыстус (Мэсыяш), Сын Божы, Хрыстус прарывае сваё маўчаньне і прад усім Сангэдрынам сьцьвярджае, што ён ёсьць Хрыстус, Сын Божы.

Воблак у Ст. Законе азначаў трон Божы.

65 Разьдзіраньне адзежы ў жыдоў было знакам гневу, жалю або вялікага болю. Адзежу разьдіралі каля шыі на грудзёх згары ўніз на якую пядзю.

67 Пляваньне на твар было знакам найгоршай пагарды. Відаць, што некаторыя сябры Сангэдрыну самі плявалі на твар Хрыстовы, ужо не гаворачы аб слугах і жаўнерах.

73 Гаворка ў Галілеі была іншай, чым у Ерузаліме.

74 Было гэта другое пяяньне пеўня, значыць каля гадзіны 3 нараніцы.

75 І сапраўды, была прычына да плачу. Бо хоць Пётр адрокся ад Хрыста са страху перад асуджэньням і сьмерцяй, то ўсёжтакі адрачэньне ад знаёмства з Хрыстом дый яшчэ пад прысягай, было вялікім грэхам. Аднак Пётр ня страціў веры і любові да свайго Вучыцеля - і гэта вера і любоў прывядзець яго праз слёзы і пакуту ізноў да Хрыста.

 

Раздзел 27
Другое паседжаньне Сагэдрыну. Канец Юдаша

1 Калі-ж настала раніца, усе архісьвятары і старшыя народу зрабілі нараду проціў Езуса, каб зрабіць яму сьмерць. 2 І зьвязаўшы, завялі яго і аддалі Понцыю Пілату, начальніку.

3 Тады Юдаш, які выдаў яго, бачачы, што ён быў засуджаны, праняты жалем, аднёс трыццаць сярэбранікаў вышэйшым сьвятарам і старшым, 4 кажучы: Саграшыў я, выдаючы нявінную кроў. А яны сказалі: Што нам? Ты сябе глядзі. 5 І кінуўшы сярэбранікі ў сьвятыні, выйшаў і, пайшоўшы, павесіўся. 6 А вышэйшыя сьвятары, узяўшы сярэбранікі, сказалі: Нельга іх класьці ў скарбону, бо гэта заплата за кроў. 7 І зрабіўшы нараду, купілі за іх поле ганчара, на хаваньне падарожных. 8 Дзеля гэтага тое поле завецца Гацэльдама, што значыць: Поле крыві, аж па сяньняшні дзень. 9 Тады споўнілася, што было сказана праз Ерэмія прарока, (32, 8), кажучага: "І ўзялі трыццаць сярэбранікаў, заплату Ацененага, якога ацянілі сыны Ізраіля, 10 і далі іх за ганчарова поле, як пастанавіў мне Пан".

Езус прад Пілатам

11 Езус-жа стануў перад начальнікам. І спытаўся ў яго начальнік, кажучы: Ты кароль Юдэйскі? Сказаў яму Езус: Ты кажаш. 12 І калі вінавацілі яго вышэйшыя сьвятары і старшыя, нічога не адказваў. 13 Тады сказаў яму Пілат: Ня чуеш, як многа сьведчаць проціў цябе? 14 І не адказаў яму на ніводнае слова, так што начальнік моцна дзівіўся.

15 На дзень жа сьвяточны начальнік меў звычай выпушчаць народу аднаго вязня, якога-б яны захацелі. 16 А меў ён тады выдатнага вязня, каторы называўся Барабба. 17 Дык калі яны сабраліся, сказаў Пілат: Каго хочаце, каб вам пусьціць: Бараббу, ці Езуса, каторы завецца Хрыстус: 18 Бо ведаю, што выдалі яго праз завісьць.

19 Калі-ж ён сядзеў у судовішчы, паслала да яго жонка ягона, кажучы: Ня рабі нічога гэтаму справядліваму, бо я сягоньня праз сон многа цярпела дзеля яго.

20 А вышэйшыя сьвятары і старшыя нагаварылі народ, каб прасілі Бараббу, а Езуса загубілі. 21 І адазваўшыся, начальнік сказаў ім: Каго з двух хочаце, каб вам пусьціць? Яны-ж сказалі: Бараббу. 22 Сказаў ім Пілат: Што-ж я зраблю з Езусам, каторы завецца Хрыстус? 23 Сказалі ўсе: Няхай будзе ўкрыжаваны! 24 Пілат-жа, бачачы, што нічога не памагае, але робіцца яшчэ большае забурэньне, узяўшы вады, адмыў рукі перад народам, кажучы: Невінаваты я ў крыві гэтага справядлівага; вы глядзеце. 25 І адказваючы ўвесь народ сказаў: Кроў яго на нас і на дзяцей нашых! 26 Тады пусьціў ім Бараббу, а Езуса ўбічаванага выдаў ім, каб быў укрыжаваны.

27 Тады жаўнеры начальніка, узяўшы Езуса ў дварышча суду, сабралі да яго ўсю роту. 28 І разьдзеўшы яго, апранулі яго ў чырвоны плашч; 29 і сплёўшы вянок з церняў, узлажылі яму на галаву, і трысьціну ў правую руку яго. І зьгінаючы перад ім калені, насьмяхаліся з яго, кажучы: Будзь прывітаны, кароль Юдэйскі. 30 І плюючы на яго, бралі трысьціну і білі яго па галаве.

Укрыжаваньне Езуса Хрыста. Яго сьмерць і пахаваньне

31 І потым як і насьмяяліся з яго, зьнялі з яго плашч і адзелі яго ў ягонае адзеньне, і павялі яго, каб укрыжаваць. 32 Выходзячы-ж спаткалі чалавека Кірэнэйца, на імя Сымон; гэтага прымусілі, каб нёс крыж ягоны. 33 І прыйшлі на месца, якое завецца Голгота, што значыць: месца Трупнога Чэрапу. 34 І далі яму піць віно, зьмешанае з жоўцяй; і калі пакаштаваў, не хацеў піць. 35 А калі ўкрыжавалі яго, падзялілі ягонае адзеньне, кідаючы лёс, каб споўнілася, што было сказана праз прарока, кажучага: "Падзялілі сабе адзеньне маё, а над сукняй маею кідалі лёс". 36 І сеўшы, пільнавалі яго 37 І памясьцілі над галавою яго напісаную віну яго: Гэта Езус, кароль Юдэйскі.

38 Тады былі ўкрыжаваны з ім два разбойнікі: адзін па правай руцэ, а другі па левай.

39 А праходзячыя міма блюзьнілі яму, ківаючы галавамі сваімі 40 і кажучы: Гэй, што руйнуеш сьвятыню Божую і ў тры дні яе адбудоўваеш, ратуй самога сябе; калі ты Сын Божы, зыйдзі з крыжа! 41 Таксама і вышэйшыя сьвятары з кніжнікамі і старшымі, насьміхаючыся, казалі: 42 Другіх ратаваў, сябе самога ня можа паратаваць! Калі ён кароль Ізраільскі, няхай цяпер зыйдзе з крыжа і мы паверым яму. 43 Спадзяваўшыся на Бога; няхай цяпер выбавіць яго, калі хоча; бо казаў: "Што я ёсьць Сын Божы". 44 Таксама і разбойнікі, што былі ўкрыжаваны з ім, зьневажалі яго.

45 Ад шостае гадзіны настала цемра па ўсей зямлі аж да гадзіны дзевятай. 46 І каля гадзіны дзевятай закрычаў Езус вялікім голасам, кажучы: "Елі, Елі, ламма сабактгані", што значыць: Божа мой, чаму-ж Ты мяне пакінуў? А некаторыя там стоячы і чуючы, казалі: Гэты кліча Гальяша. 48 І зараз-жа адзін з іх, пабегшы, узяў губку, насадзіў на трысьціну і даў яму піць. 49 А другія казалі: Чакай, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш ратаваць яго. 50 Езус-жа, ізноў закрычаўшы вялікім голасам, аддаў душу. 51 І вось заслона сьвятыні разьдзёрлася на дзьве часьці ад верху аж да нізу; і зямля затраслася, і скалы патрэскаліся. 52 І адчыніліся грабы і многа целаў сьвятых, што паснулі, устала; 53 і выйшаўшы з грабоў пасьля ягонага ўскрашэньня, увайшлі ў сьвяты горад і паказаліся многім.

54 Сотнік-жа і тыя, што з ім былі, сьцерагучы Езуса, угледзеўшы землетрасеньне і тое, што сталася, спалохаліся моцна і казалі: Сапраўды гэты быў Сынам Божым. 55 Было-ж там многа жанчын здалёк, якія былі пайшоўшы за Езусам ад Галілеі, служачы яму; 56 між каторымі была Марыя Магдалена, і Марыя, матка Якуба і Язэпа, і матка сыноў Зэбэдэявых.

57 Калі-ж настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, каторы і сам быў вучнем Езуса. 58 Гэты прыйшоў да Пілата і прасіў цела Езуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела. 59 І ўзяўшы цела, Язэп завярцеў яго ў чыстае палатно 60 і палажыў яго ў сваім новым гробе, які быў высекшы ў скале; і прываліў вялікі камень да ўваходу ў гроб, і адыйшоў. 61 Была-ж там Марыя Магдалена і другая Марыя, седзячы насупроць гробу.

62 А на заўтрашні дзень, што ёсьць пасьля Прыгатаваньня, сабраліся вышэйшыя сьвятары і фарызэі да Пілата, 63 кажучы: Пане, мы прыпомнілі, што гэны зводнік яшчэ жывучы сказаў: "Цераз тры дні я ўваскрэсну". 64 Дык загадалі пільнаваць гроб аж да трэцяга дня, каб часам ня прыйшлі вучні ягоны, ня ўкралі яго, і не сказалі народу: Устаў з умерлых - і будзе апошняя памылка горшая за першую. 65 Сказаў ім Пілат: Маеце стражу, ідзеце, пільнуйце, як умееце. 66 Яны-ж, пайшоўшы, абясьпечылі гроб стражай, апячатаўшы камень.

І Сангэдрын зьбіраецца на другое паседжаньне днём, бо ўначы ня можна было выдаваць прысудаў сьмерці.

2 Намесьнікам рымскага цэзара ў Юдэі і Самарыі быў Понцый Пілат, які ўрадаваў ад 26 да 37 году па Нарадж. Хрыста. Ведамы быў з сваей срогасьці, упорыстасьці і разам слабавольнасьці.

3 Юдаш мусіць не спадзяваўся, што жыды выдадуць Хрыстуса на сьмерць.

5 Гэтакі быў канец здрадніка, якога нават выракліся тыя, каторыя давалі яму грошы. Жаль яго быў няпоўны, бо не аднасіўся да Бога, але да спраў людзкіх, дый Юдаш ня меў надзеі на адпушчэньне, ня меў веры і любові, а дзеля гэтага папаў у роспач і кончыў самагубствам.

Пілат жыў у Цэзарэі над Міжземным морам, а толькі на сьвята прыязджаў у Ерузалім, каб асабіста даглядзець парадку ў гэтым неспакойным горадзе.

11 З гэтага відаць, што галоўным закідам проціў Езуса было тое, што ён называў сябе жыдоўскім каралём. Перад Пілатам жыды не вінавацяць Езуса у справах рэлігійных, якія для Пілата, як рымляніна, ня мелі ніякага значэньня, а вінавацяць у справах палітычных, прадстаўляюць Езуса як палітычнага праступніка.

14 Хрыстус маўчаў, бо ведаў, што ўсе скаргі і закіды жыдоўскія выплывалі з ненавісьці і злой волі і што не было ў гэтых закідах і крошкі праўды. Баронячыся Хрыстус усё адно жыдоў не праканаў-бы ў сваей нявіннасьці, а Пілат і так быў пракананы, што Хрыстус нявінны.

15 Жыды абходзілі Пасху на памятку выбаўленьня з эгіпецкай няволі і з гэтай прычыны ўвялі звычай выпушчаць на кожную Пасху аднаго вязня. Гэты звычай прасьцярагалі ў Юдэі і рымляне.

17 Барабба быў забойцам. Ужо само зраўнаньне нявіннга Езуса з Бараббам было ннесправядлівым і для Езуса вельмі крыўдным.

24 Праз цэрэмонію абмыцьця рук хацеў Пілат паказаць, што ён не вінаваты ў праліцьці крыві Хрыстовай. Пілат, будучы пракананы аб нявінасьці Хрыста і разам з гэтым падпісваючы сьмяротны прысуд, выдаў прысуд і на самога сябе.

25 Адказнасьць за кроў Хрыстову жыды ўзялі на сябе і на сваё патомства. Гісторыя сьведчыць, што кроў Хрыста зацяжыла на гэтым народзе.

26 Бічаваньне было страшнай караю, якую тады дапускала права рымскае. Чалавека, адданага на бічаваньне, разьдзявалі, прывязвалі да стаўпа і білі бічамі, маючымі алавяныя або жалезнвя кулькі. Зараз пасьля першых удараў прабівалася на чалавеку скура і лілася кроў. Такія бічы ня толькі калечылі цела, але даставалі да касьці і пасьля такога бічаваньня чалавек быў зусім зьняможаны. Праз бічаваньне Пілат хацеў дагадзіць жыдом.

28 У чырвоных плашчох хадзілі даўней каралі. Хрыста на зьдзекі і пагарду адзелі ў гэтакі стары плашч.

32 Паводле рымскага права асуджаныя на крыжавую сьмерць муселі самі для сябе нясьці крыж. Хрыстус, змучаны бічаваньнем, ня мог несьці і дзеля гэтага прымусілі да гэтага аднаго чалавека, Сымона з гораду Кірэны.

Сьмяротны паход адбываўся ў такім парадку: наперадзе ішоў вестаўнічы, які абвяшчаў народу імя, паходжаньне і віну асуджаных, потым ішлі прадстаўнікі Сангэдрыну, якія выдалі Езуса на сьмерць, а за імі Хрыстус разам з двама разбойнікамі. Асуджаныя былі акружаны чатырма рымскімі жаўнерамі, якія спаўнялі ролю катаў. Уканцы ішоў канвой, зложаны з цэлай сотні рымскіх жаўнераў з сотнікам на чале. Па боках і ззаду ішла грамада цікавых і спагадаючых.

33 Кальварыя або Галгота была туж за горадам. Быў гэта невялікі ўзгорак, падобны з выгляду да трупнога чэрапа. Там звычайна было месца казьні для ўсіх праступнікаў.

34 Віно з жоўцяй, або, інакш кажучы, з горкай міррай. Гэты напітак адбіраў часткова ад чалавека сьведамасьць і рабіў нячулым на боль. Права рымскае дазваляла на даваньне асуджанаму гэтага напітку. Езус піць не хацеў, каб памерці з поўнай сьведамасьцяй.

35 Крыж меў каля 3 мэтраў вышыні. Крыжаваньне адбывалася звычайна дваякім спосабам: або прыбівалі ці прывязвалі асуджанага да крыжа і потым крыж паднімалі і ставілі ў прыгатаваную яму, або спачатку ставілі крыж у яму, а потым на крыж усьцягівалі асуджанага і прывязывалі або прыбівалі яго ногі і рукі да крыжа гваздамі. Каб прыбіты да крыжа пад цяжарам свайго цела не сарваўся, былі ўстроены дзьве падстаўкі, на аднэй з іх асуджаны мог прысесьці, а на другой абапёрці свае ногі. Ногі Хрыста былі прыбіты праўдападобна па аднэй, адна каля другой. Перад укрыжаваньнем асуджанага разьдзявалі і адзежа пераходзіла на ўласнасьць тых чатырох жаўнераў, якія крыжавалі. Над адзежай кідалі лёс (жэраб), каму якая часьць мае дастацца.

37 Напіс віны няслі перад асуджаным, каб усе ведалі, у чым ён правініўся, а потым гэты напіс прыбівалі да крыжа над яго галавою. Была гэта невялікая, белая таблічка.

38 Пасярэдзіне памясьцілі Езуса, як-бы найбольшага злачынца.

39 Кальварыя ляжала блізка дарогі, так што праходзячыя тудою людзі заходзілі на Кальварыю, каб насьмяхацца з Езуса.

44 Паводле старадаўнага пераказу, разбойнік, які вісеў па правай руцэ Езуса, называўся Дызма, гэта ён перастаў блюзьніць і навярнуўся.

45 Панашаму - ад гадзіны 12 да гадзіны 3 па паўдні. Гэта было не астранамічнае (прыроднае) зацьменьне сонца, а цудоўнае, якое магло быць толькі ў адным краі (Юдэі) або ў адным горадзе (Ерузаліме).

46 Слова "пакінуў" азнача тут ня толькі пакіданьне Хрыста, Сына Божага, на такую страшную муку і зьдзекі, але так-жа апусьценьне духовае, якое Хрыстус адчуў у Садзе Аліўным і цяпер на крыжы. Хрыстус, як чалавек, не адчуваў тады тэй радасьці, якую адчуваў заўсёды праз агляданьне Бога, выплываючае з злучэньня натуры чалавечай Хрыста з натурай Божай у асобе Слова - Сына Божага. Бог Айцец дапусьціў гэтае, каб Сын Ягоны праз цярпеньне і мукі свайго цела і душы адпакутаваў за грахі ўсяго чалавецтва.

47 Жыды перакруцілі словы Хрыстуса "Элі" на "Эліа", а Гальляша (Ільлю) тады прызывалі ў розных няшчасьцях.

50 Хрыстус аддаў сваю людзкую душу Богу болей як па трох гадзінах вісеньня і мукі на крыжы (памёр каля гадзіны 3 па пал.).

Уміраючы, Хрыстус даў доказ, што ён, як Бог-чалавек, ёсьць панам сваей сьмерці, бо ўмірае ня з фізычнага бязсільля, але па сваей волі, калі хоча. Гэтага доказам, паводле сьв. Айцоў, ёсьць сільны голас, якім закрычаў Езус прад скананьнем. На гэта зьвярнуў увагу нават сотнік.

51 Заслона гэта дзяліла месца Сьвятое ад Сьвятога сьвятых у Ерузалімскай сьвятыні. Гэта мела значыць, што разам з сьмерцяй Хрыстуса доступ у нябеснае Сьвятое сьвятых ужо быў адчынены.

52 Грабы ў Палестыне зачыняліся вялікімі і круглымі (падобнымі да млынавых) каменьнямі, якія прыкочвалі да ўходу ў гроб. Гэтыя каменьні з прычыны трасеньня зямлі адсунуліся і дзеля гэтага адчыніліся грабы.

54 Сотнік быў паганцам, але бачачы цуды, якія дзеяліся пры сьмерці Хрыста, уверыў, аднак ня ўверылі прадстаўнікі Сангэдрыну.

56 Марыя называлася Магдаленай з тэй прычыны, што паходзіла з мястэчка Магдалі, што ляжыць над Галілейскім возерам.

57 Язэп быў родам з Арыматэі, але жыў у Ерузаліме, дзе меў нават свой гроб. Быў ён сябрам Сангэдрыну, але быў проціў асуджэньня Езуса на сьмерць. Права рымскае дазваляла аддаваць целы казненых знаёмым або сваяком дзеля паховін.

60 Было гэта яшчэ перад захадам сонца. Грабы ў жыдоў былі высяканыя ў скале і мелі нізкі ўваход, да якога прывальвалі круглы, цяжкі камень, каб часам які зьвер ня ўлез у гроб і не нарушыў цела.

62-63 Прыгатаваньне было ў пятніцу, дык "на заўтрашні дзень" значыць у суботу. Праз усю пятніцу старшыя жыдоўскія былі заняты асуджэньнем Хрыста на сьмерць, а ў суботу прыпамінаюць яшчэ і гэтую справу, зьвязаную са славамі Хрыстуса.

Хрыстус ускрос на трэці дзень пасьля сваей сьмерці і паховін г. зн. ляжаў у гробе канец пятніцы, усю суботу і пачатак нядзелі, бо ўскрос перад сьветам.

 

Раздзел 28
Ускрасеньне і апошнія дні Хрыста на зямлі

1 А пасьля суботы, на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець гробу. 2 І вось зрабілася вялікае землетрасеньне, анёл Панскі зыйшоў з неба і прыступіўшы, адваліў камень і сеў на ім. 3 А быў выгляд ягоны, як маланка і адзеньне ягонае, як сьнег. 4 І ад страху перад ім перапужаліся вартаўнікі і зрабіліся як няжывыя. 5 Адазваўшыся-ж анёл сказаў жанчынам: Ня бойцеся вы, бо ведаю, што шукаеце Езуса, каторы быў укрыжаваны. 6 Няма яго тут, бо ўскрос, як сказаў. Хадзеце і паглядзеце месца, дзе быў паложаны Пан. 7 І скора пайшоўшы, скажэце вучням ягоным, што ўскрос; і вось ідзе перад вамі ў Галілею, там яго пабачыце. Вось я вам сказаў наперад.

8 І выйшлі скора з гробу, са страхам і вялікай радасьцяй бягучы, каб паведаміць вучняў ягоных. 9 І вось Езус спаткаў іх, кажучы: Будзьце прывітаныя! Яны-ж прыступілі, і абнялі ногі яго, і пакланіліся яму. 10 Тады сказаў ім Езус: Ня бойцеся! Ідзеце, паведамце братоў маіх, каб ішлі ў Галілею; там мяне ўбачаць.

11 Калі яны адыйшлі, вось некаторыя з вартаўнікоў прыйшлі у горад і паведамілі вашэйшых сьвятараў аб усім, што было сталася. 12 І яны, сабраўшыся з старшымі і зрабіўшы нараду, далі жаўнерам многа грошай, 13 кажучы: Кажэце, што вучні ягоны ўначы прыйшлі і ўкралі яго, калі мы спалі. 14 А калі гэтае дойдзе да начальніка, мы ўгаворым яго і зробім вас бясьпечнымі. 15 Яны-ж, узяўшы грошы, зрабілі так, як былі навучаны. І разыйшлося гэтае слова паміж жыдамі аж па сягоньняшні дзень.

16 А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, дзе ім быў назначыў Езус. 17 І ўбачыўшы яго, пакланіліся; некаторыя-ж сумневаліся. 18 І прыступіўшы Езус прамовіў да іх, кажучы: Дадзена мне ўся ўлада на небе і на зямлі. 19 Дык ідучы, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Духа Сьвятога, 20 навучаючы іх захоўваць усё, што-толькі я загадаў вам. І вось я з вамі праз усе дні, аж да сканчэньня сьвету.

1 Першага дня тыдня г. зн. у нядзелю. Жанчыны выйшлі з дому яшчэ перад усходам сонца, а прыйшлі да гробу самым усходам або зараз пасьля ўсходу. Яны хацелі намасьціць цела Езуса дарагімі масьцямі, якія баранілі цела ад гніцьця.

2 Хрыстус паўстаў з умерлых і выйшаў з гробу, не нарушаючы пячацяў і не адвальваючы каменя, бо цела ягонае было ўжо прастаўленае і магло праходзіць праз матар'яльныя перашкоды, як скалы, дзьверы і г. п.

10 Анёл, а потым сам Хрыстус, загадывае сваім вучням ісьці ў Галілею. Вучні потым застасаваліся да гэтага загаду Хрыста і скіраваліся ў Галілею.

13 У гэтых славах старшых жыдоўскіх і жаўнераў была супярэчнасьць: бо калі спалі, то як маглі бачыць, што вучні прыйшлі і ўкралі цела Езуса, а калі бачылі, то нашто пазволілі?

17 Гэтае зьяўленьне Хрыстуса ў Галілеі было ня першым, а ўжо восьмым, бо перад гэтым Хрыстус зьяўляўся сваім вучням у Юдэі. Было яшчэ і болей зьяўленьняў Е. Хрыста, аб каторых расказвае сьв. Пісаньне па іншых мясцох.

19 Ужо прарокі ў Ст. Законе вясьцілі паўсюднасьць каралеўства Божага, якое мела абыймаць усе народы і ўсе краі і трываць праз усе часы. Цяпер-жа гэтае каралеўства закладае Хрыстус і пасылае сваіх вучняў вясьціць эванэлію усім народам.

Хрост у імя Сьв. Тройцы ёсьць першым і канешным варункам прыналежнасьці да каралеўства Хрыстовага. Праз хрост мы належым да Хрыстуса і да Бога.

29 Другім варункам прыналежнасьці да каралеўства Хрыстовага ёсьць захаваньне ягоных прыказаньняў. Хрыстус абяцае сваю прысутнасьць у гэтым каралеўстве (Касьцёле Каталіцкім) аж да сканчэньня сьвету. З гэтых слоў бачым, што Касьцёл Хрыстовы будзе існаваць ня гледзячы на прасьледы, да канца сьвету.

 

 

Сьвятая Эванэлія паводле Марка

 

АБ ЭВАНЭЛІІ СЬВ. МАРКА

Аўтар. Напісаў гэту эванэлію Ян-Марак, быў ён родам з Ерузаліму. Ад маладых гадоў далучыўся ён да апостала Паўла, з каторым адбыў першую падарожу на Цыпр. Потым далучыўся да сьв. Пятра і разам з ім рушыў у горад Рым, дзе абвяшчаў эванэлію пад яго кіраўніцтвам. Паводле старадаўных пераказаў сьв. Марак быў так-жа ў горадзе Александрыі (ў Эгіпце), дзе залажыў касьцёл. Дзе і калі памёр сьв. Марак, ня маем пэўных вестак.

Прабываючы ў Рыме, сьв. Марак напісаў паміж 52 і 62 годам (па Нарадж. Хр.) сваю эванэлію Пісаў паводле таго, што чуў ад сьв. Пятра, бо сам ня знаў Е. Хрыста. Сьв. Марак у сваей эванэліі прапускае ўсё тое, што добра сьведчыла аб сьв. Пётры і славіла яго імя, а апісвае тое, што некарысна сьведчыла аб яго настаўніку (адрачэньне ад Хрыста, сумнівы ў бостве Хрыста і г. д.). Згэтуль вывад, што Марак пісаў сваю эванэлію пад кіраўніцтвам сьв. Пятра, які ў пакоры прызнаваўся да ўсіх сваіх слабасьцяў і ўпадкаў.

Мэта. Сьв. Марак, пішучы сваю эванэлію, хацеў прадусім выказаць боства Е. Хрыста, затым і пачынае ад слоў: "Эванэлія Е. Хрыста, Сына Божага". Каб дайсьці да гэтай мэты, Марак зварочвае ўвагу перш за ўсё на цуды Е. Хрыста і выказвае, што яму паслушны ня толькі сілы прыроды, але і злыя духі. Выказваючы боства Е. Хрыста, Марак хоча гэтым пацягнуць рымлян (бо для іх пісаў сваю эванэлію) да веры Хрыстовай, хоча, каб яны прызналі Езуса Хрыста за Бога і навярнуліся да яго. Хоча ён так-жа ўцьвярдзіць у веры тых, каторыя ўжо навярнуліся з паганства і прынялі хрысьціянскую веру. Што сьв. Марак пісаш сваю эванэлію не для жыдоў, а для паганаў, відаць з таго, што ён тлумачыць жыдоўскія (гэбрайскія) словы і жыдоўскія звычаі, якія былі незразумелы для паганаў, напр.: 3, 17 і 22; 5, 41; 7, 11, 13 і 34; 12, 42; 14, 12; 15, 22, 34, 42.

Мова. Эванэлія сьв. Марка была напісана ў грэцкай мове, бо ў тым часе грэцкая мова ў Рыме мела вялікае значэньне, дый хрысьціянская грамада ў Рыме складалася ня толькі з рымлян, але і з грэкаў, якія прабывалі ў Рыме.

СЬВЯТАЯ ЭВАНЭЛІЯ ЕЗУСА ХРЫСТА ПАВОДЛЕ МАРКА

 

Разьдзел 1
1 ЧАСЬЦЬ. ПУБЛІЧНАЕ ЖЫЦЬЦЁ ЕЗУСА ХРЫСТА
Ян Хрысьціцель - папярэднік Езуса Хрыста. Хрост і кушэньне Езуса

1 Пачатак эванэліі Езуса Хрыста, Сына Божага. 2 Як напісана ў Ізраіля прарока (40, 3): "Вось я пасылаю анела майго перад воблікам тваім, каторы прыгатовіць дарогу тваю перад табою. 3 Голас клічучага ў пустыні: Праўце дарогу Пана, простымі рабеце сьцежкі яго". 4 Быў Ян у пустыні, хрысьцячы і абвяшчаючы хрост пакуты на адпушчэньне грахоў. 5 І выходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерузалімцы і былі хрышчаны ім у рацэ Ярдане, спавядаючыся з грахоў сваіх. 6 І быў Ян адзеты ў вярблюдаву шэрсьць і скураны пояс каля паясьніцы ягонай, і еў саранчу і лясны мёд. І вясьціў, кажучы: 7 Ідзе за мною мацнейшы за мяне, катораму я ня варт схіліўшыся разьвязаць рамень абутку яго. 8 Я вас хрысьціў вадою, але ён будзе вас хрысьціць Духам Сьвятым.

9 І сталася, у тыя дні прыйшоў Езус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. 10 І зараз выйшаўшы з вады, убачыў адчыненае неба і Духа, як галуба, зыходзячага і прабываючага на ім. 11 І стаўся голас з неба: Ты ёсьць Сын мой мілы, у табе мне да ўспадобы.

12 І зараз Дух вывеў яго ў пустыню. 13 І быў у пустыні сорак дзён і сорак начэй, і быў спакушваны д'яблам і быў з зьвярамі, і анёлы паслугавалі яму.

Езус пачынае навучаць. Пакліканьне першых вучняў. Некаторыя цуды Е. Хрыста.

14 Пасьля-ж таго, як быў выданы Ян, прыйшоў Езус у Галілею, абвяшчаючы эванэлію каралеўства Божага 15 і кажучы, што споўніўся час і прыбліжылася каралеўства Божае, пакутуйце і верце эванэліі.

16 І праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, бо былі рыбакамі. 17 І сказаў ім Езус: Ідзеце за мною і зраблю вас, што вы станецеся рыбакамі людзей. 18 І яны, зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім. 19 І адыйшоўшы трохі аддтуль, убачыў Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, яны-ж парадкавалі сеці ў лодцы, 20 і зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў лодцы з наймітамі, пайшлі за ім.

21 І ўвайшлі ў Капарнаум: і зараз-жа ў суботу ўвайшоўшы ў бажніцу, навучаў іх. 22 І дзівіліся з навукі яго, бо ён вучыў іх, як маючы ўладу, а не як кніжнікі. 23 У быў у іхнай бажніцы чалавек, у каторым быў нячысты дух, і закрычаў, 24 кажучы: Што табе да нас, Езусе Назарэнскі? Прыйшоў ты згубіць нас? Ведаю, хто ты ёсьць, Сьвяты Божы! 25 І прыгразіў яму Езус, кажучы: Замоўкні і выйдзі з чалавека! 26 І страсануўшы яго і закрычаўшы вялікім голасам, дух нячысты выйшаў з яго. 27 І зьдзівіліся ўсе, так што пыталіся паміж сабою, кажучы: Што гэта такое? Што гэта за навука новая, што ён з уладай нават духам нячыстым загадывае і слухаюць яго? 28 І зараз разыйшлася слава аб ім па ўсей краіне Галілейскай.

29 І зараз, выйшаўшы з бажніцы, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя з Якубам 30 А цешча Сымонава ляжала ў гарачцы і зараз кажуць яму аб ей. 31 І падыйшоўшы, падняў яе, узяўшы яе за руку, і зараз-жа пакінула яе гарачка, і паслугавала ім.

32 Калі-ж настаў вечар, як зайшло сонца, прыносілі да яго ўсіх нядужых і маючых д'ябэльства, 33 і быў сабраўшыся ўвесь горад каля дзьвярэй. 34 І аздаравіў многіх, каторыя былі мучаны рознымі хваробамі, і выганяў многа д'яблаў, і не пазваляў ім гаварыць, бо яны яго зналі.

35 І вельмі рана ўстаўшы, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. 36 І пайшоў за ім Сымон і тыя, што з ім былі. 37 І калі знайшлі яго, сказалі яму "што ўсе цябе шукаюць". 38 І сказаў ім: Пойдзем у блізкія вёскі і гарады, каб і там мне навучаць, бо я на гэтае прыйшоў. 39 І быў навучаючы ў іхных бажніцах і ва ўсей Галілеі і выганяў д'яблаў.

40 І прыйшоў да яго пракажаны, просячы яго, і ўпаўшы на калені сказаў яму: Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць. 41 Езус-жа, зжаліўся над ім, працягнуў руку сваю і, дакрануўшыся да яго, сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны. 42 І калі сказаў, зараз-жа адыйшла ад яго праказа і быў ачышчаны. 43 І прыгразіў яму і зараз-жа адправіў яго 44 і сказаў яму: Глядзі, нікому не кажы, але ідзі пакажыся старшаму сьвятару і ахвяруй за сваё ачышчэньне, што загадаў Майсей на пасьведчаньне ім. 45 Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і пашыраць вестку, так што ўжо ня мог увайсьці ў горад, але прабываў на старане ў пустынных мясцох, і сходзіліся да яго адусюль.

1 Зараз на пачатку сваей эванэліі (добрай весткі) сьв. Марак выразна кажа, што ідзе гутарка аб Езусе Хрысьце, сапраўдным Сыне Божым. Сапраўднасьць Боства Е. Хрыста сьв. Марак выказвае на падставе многіх цудаў.

10 Магчыма, што ў вышэйшых сфэрах паветра сталіся нейкія зьмены і зьявы, дакананыя моцай Божай, каторыя рабілі выгляд адчыненьня неба, адкуль дахадзіў голас Божы.

12 На пустыню вядзе Езуса гэты самы Дух сьв., які зьявіўся над ім у часе хросту.

13 Пустыня гэта настолькі дзікая, што ня толькі тады, але і цяпер там водзіцца шмат розных зьвяроў, як лісіцы, ваўкі і гіены.

Пасьля спакушэньня прыступілі да Хрыста анёлы, каб яму аддаць чэсьць і быць на ягоных услугах.

22 У бажніцах кожную суботу вучыцялі Закону чыталі сьв. Пісаньне і зараз тлумачылі яго. Тлумачачы, яны ніколі не гаварылі ад уласнага імені, але паклікаліся на Майсея і прарокаў, або на слаўных вучоных у Законе. Езус-жа вучыў сваей уласнай павагай і ад свайго імені, як маючы ўладу, таксама ад уласнага імені даваў розныя загады.

25 Езус не хацеў пасьведчаньня ад д'яблаў аб сваім бостве і дзеля гэтага загадывае ім маўчаць.

32 Прынасілі хворых па захадзе сонца дзеля таго, што тады ўжо быў адыйшоўшы шабат і можна было насіць ношы.

33 Сьв. Марак часта ўспамінае аб выганяньні д'яблаў, каб гэтым падчыркнуць боскую моц Е. Хрыста.

40 Аб праказе гл. Мт. 8, 2.

43 Прыгразіў Езус пракажанаму, бо той не злажыў яшчэ ахвяры паводле Майсеявага Закону (Лев. 14. 1-32) і пакрыты праказаю, увайшоў у горад, што было забаронена.

45 Езус ня мог увайсьці адкрыта ў горад (г. зн. Капарнаум), бо адразу рабілася зборышча народу.

 

Разьдзел 2
Далейшыя цуды Езуса Хрыста. Першыя спрэчкі з фарызэямі

1 І па днях ён ізноў увайшоў у Капарнаум, і пачулі, што ён ёсьць у доме. 2 І зыйшлося многа, так што не хватала месца нават каля дзьвярэй, і ён гаварыў да іх слова.

3 І прыйшлі да яго, нясучы спаралізаванага, якога нясьлі чатырох. 4 І ня могучы яго палажыць перад ім дзеля грамады, разабралі дах, дзе ён быў і зрабіўшы дзіру, спусьцілі ложа, на каторым ляжаў спаралізаваны. 5 Калі-ж Езус убачыў іх веру, сказаў спаралізаванаму: Сыне, адпушчаюцца табе грахі твае. 6 Былі-ж там некаторыя з кніжнікаў, седзячы і думаючы ў сэрцах сваіх: 7 Што гэта ён гаворыць? Ён блюзьніць. Хто можа адпусьціць грахі, апрача аднаго Бога? 8 Езус, зараз пазнаўшы гэтае духам сваім, што яны гэтак у сабе, сказаў ім: Нашто вы гэта думаеце ў сэрцах вашых? 9 Што лягчэй сказаць спаралізаванаму: "Адпушчаюцца табе грахі", ці сказаць: "Устань, вазьмі ложа тваё і хадзі". 10 Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі - сказаў спаралізаванаму: 11 Табе кажу: Устань, вазьмі ложа тваё і ідзі ў дом твой. 12 І той зараз-жа ўстаў, і падняўшы ложа, пайшоў перад усімі, так што дзівіліся ўсе і славілі Бога, кажучы: Што ніколі мы гэтак ня бачылі.

13 І выйшаў ізноў да мора, а ўся грамада прыходзіла да яго і ён вучыў іх. 14 І праходзячы, угледзеў Левія Альфэявага, сядзячага пры мытніцы і сказаў яму: Ідзі за мною. І ён устаўшы, пайшоў за ім.

15 І сталася, калі сядзеў за сталом у ягоным доме, многа мытнікаў і грэшнікаў сядзела разам з Езусам і вучнямі яго, бо іх многа было, што ішлі за ім. 16 А кніжнікі і фарызэі, бачачы, што ён еў з мытнікамі і грэшнікамі, казалі ягоным вучням: Чаму з мытнікамі і грэшнікамі есьць і п'е ваш вучыцель? 17 Езус, пачуўшы гэтае, сказаў ім: Здаровым ня трэба лекара, але хворым, бо я ня прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшных.

18 А вучні Яна і фарызэі пасьцілі. І прыйшлі і сказалі яму: Чаму вучні Янавы і фарызэявы посьцяць, а твае вучні ня посьцяць? 19 І сказаў ім Езус: Ці-ж могуць вясельныя госьці пасьціць, пакуль з імі ёсьць малады? Пакуль яны маюць з сабою маладога, ня могуць пасьціць. 20 Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога і тады будуць пасьціць у гэныя дні.

21 Ніхто не прышывае латы з сырога сукна да старое адзежы, бо інакш новая лата адрывае ад старога і робіцца большая дзіра. 22 І ніхто ня лье новага віна ў старыя мяхі, бо інакш віно разарве мяхі, і віно разальецца, і мяхі прападуць. Але новае віно трэба ліць у новыя мяхі.

23 І ізноў сталася, калі Пан праходзіў у суботу праз збожа і вучні ягоны пачалі ісьці і рваць каласы. 24 А фарызэі казалі яму: Вось што яны робяць у суботу, чаго ня можна. 25 І сказаў ім: Ці-ж вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і захацеў есьці сам і тыя, што з ім былі? 26 Як ён увайшоў у дом Божы за Абіятара, архісьвятара і еў ахвярныя хлябы, якіх ня можна было есьці, як толькі сьвятарам, і даў тым, што з ім былі? 27 І сказаў ім: Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы. 28 І так Сын чалавечы ёсьць панам так-жа і суботы.

4 "Разабралі дах" гэта знача разабралі сталаваньне. Трэба ведаць, што ў Палестыне будавалі (і цяпер будуюць) дамы з роўным дахам, на гэты "дах" вядуць сходы, прыладжаныя звонку каля сьцяны дому; вось па гэтых сходах людзі ўзыйшлі на дах, разабралі сталаваньне з каменных пліт і паміж бэлькамі спусьцілі спаралізаванага проста да ног Езуса.

9 І адпусьціць грахі, і аздаравіць хворага - рэч трудная і магчымая толькі для Бога. Хрыстус робіць і адно і другое і гэтым паказвае, што ёсьць Богам.

10 Што значыць "Сын чалавечы" гл. Мт. 8, 20.

14 Левій зваўся яшчэ Матэуш. Два імёны ў жыдоў здараліся даволі часта.

15 Аб грэшніках глядзі Мт. 9, 10. Мытнікі і грэшнікі ішлі за Езусам, бо ён для іх быў добры і хацеў іх пацягнуць у каралеўства Божае.

21 Гл. Мт. 9, 17.

23 Гл. Мт. 12, 1. Права Майсея забараняла ў суботу сеяць і жаць, а фарызэі ў сваей рупнасьці ішлі яшчэ далей: яны забаранялі нават зрываць каласы. Хрыстус выказвае на прыкладзе Давіда, як трэба разумець сьвяткаваньне суботы.

27 Шабат устаноўлены для добра людзей, каб людзі маглі лепш і свабадней аддаць у гэты дзень чэсьць Богу.

26 Панам суботы быў Бог (Ягвэ), дык Хрыстус, кажучы, што ён ёсьць панам суботы, адзначае, што ён Сын Божы, роўны Богу. Аб належным сьвяткаваньні суботы Хрыстус часта вядзе гутаркі з фарызэямі і кніжнікамі, выказваючы іхныя памылковыя разуменьні сьвяткаваньня суботы.

 

Разьдзел 3
Далейшыя спрэчкі з фарызэямі. Аздараўленьне сухарукага. Выбар апосталаў.

1 І ён увайшоў ізноз у бажніцу, і быў там чалавек, які меў сухую руку. 2 І наглядалі за ім, ці будзе аздараўляць у суботу, каб абвінаваціць яго. 3 І сказаў чалавеку, маючаму сухую руку: Стань пасярэдзіне. 4 І сказаў ім: Ці дазволена ў суботу рабіць дабро, ці зло? Жыцьцё ратаваць, ці загубіць? А яны маўчалі. 5 І спаглянуўшы на іх з гневам, засмуціўшыся дзеля сьлепаты іхнага сэрца, сказаў чалавеку: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і была вернена рука яму. 6 А фарызэі, выйшаўшы, зараз зрабілі нараду з гэрадыянамі проціў яго, як-бы яго загубіць.

7 Езус-жа з сваімі вучнямі адыйшоў да мора і пайшла за ім вялікая грамада з Галілеі і Юдэі, 8 і з Ерузаліму, і з Ідумэі, і з-за Ярдану, і тыя што каля Тыру і Сыдону, вялікае мноства, пачуўшы, што чыніў, прыйшлі да яго. 9 І сказаў вучням сваім, каб для яго была прыгатавана лодка, дзеля грамады, каб ня ціснулі яго. 10 Бо многіх аздаравіў, так што напіралі на яго, хто-толькі меў хваробу, каб дакрануцца да яго. 11 І духі нячыстыя, бачачы яго, падалі перад ім і крычалі, кажучы: 12 Ты ёсьць Сын Божы. І многа ім гразіў, каб не выяўлялі яго.

13 І ўзыйшоўшы на гару, паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў і прыйшлі да яго. 14 І пастанавіў, каб дванаццацёх былі з ім і каб паслаць іх на навучаньне. 15 І даў ім уладу аздараўляць немачы і выганяць д'яблаў. 16 І даў Сымону імя Пётр; 17 і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якуба, і даў ім імёны Боанэргэз, што значыць: Сыны грому; 18 і Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Матэуша, і Тамаша, і Якуба Альфэявага, і Тадэуша, і Сымона Канаанца, 19 і Юдаша Іскарыёта, каторы і выдаў яго.

20 І прыйшлі ў дом. І зыйшлася ізноў грамада, так што не маглі ані хлеба паесьці. 21 А калі пачулі сваякі, выйшлі, каб узяць яго, бо казалі, што ашалеў. 22 А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузаліму, казалі, што мае Бэльзэбуба і што ўладай д'ябэльскага князя выганяе д'яблаў. 23 І паклікаўшы іх, гаварыў да іх у прыповесьцях: Як-жа можа д'ябал д'ябла выганяць? 24 І калі каралеўства само ў сабе разьдзеліцца, ня можа ўстаяць тое каралеўства. 25 І калі дом проціў сябе разьдзеліцца, ня можа ўстаяць гэны дом. 26 А калі д'ябал паўстане сам проціў сябе, ён ёсьць разьдзяліўшыся, і ня зможа ўстаяць, але канец яму. 27 Ніхто ня можа, увайшоўшы ў дом дужага, разграбіць рэчы дужага, калі перш ня зьвяжа дужага і тады разграбіць ягоны дом. 28 Сапраўды кажу вам, што ўсе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым, і блюзьнерствы, якімі-б яны блюзьнілі, 29 але хто-б блюзьніў проціў Духа Сьвятога, ня будзе мець адпушчэньня на векі, але будзе падлеглы вечнаму граху. 30 Затым што казалі: Ён мае нячыстага духа.

31 І прыйшлі матка ягона і браты, і стоячы на дварэ, паслалі да яго паклікаць яго. 32 А грамада сядзела каля яго. І сказалі яму: Вось матка твая і браты твае на дварэ шукаюць цябе. 33 І адказваючы ім, сказаў: Хто-ж мая матка і браты мае? 34 І спаглянуўшы на тых, што навакол яго сядзелі, сказаў: Вось матка мая і браты мае. 35 Бо хто-б чыніў волю Божую, той брат мой, і сястра мая, і матка мая.

4 Фарызэі не маглі заперачыць, што навука Хрыста аб сьвяткаваньні суботы правільная, але так-жа не хацелі прызнацца да сваіх памылак і затым маўчалі. Гл. Мт. 12, 12.

6 Гэрадыяны - гэта былі прыхільнікі дынастыі Гэрада В. і мелі вялікія ўплывы ў караля Галілеі, Гэрада Антыпы. Фарызэі ненавідзелі гэрадыян, але каб згубіць Езуса, уваходзяць у змову нават з сваімі ворагамі. Езус паходзіў з Назарэту, які быў пад уладай Гэрада Антыпы.

7 Мора Галілейскае г. зн. возера Гэнэзарэт.

12 Хрыстус забараняў духам нячыстым выяўляць яго перадчасам як Мэсыяша, каб гэтым не дражніць і не сьцягваць на сябе гневу ворагаў. Хрыстус не хацеў мець нічога супольнага з нячыстымі духамі і ня мог пазволіць, каб д'ябал, бацька ўсялякай ілжы, быў у ролі апостала і даваў пасьведчаньні аб ім.

14 Хрыстус вызначыў дванаццаць апосталаў, каб заўсёды з ім прабывалі, бо дагэтуль апосталы не заўсёды былі пры Езусе, але адыходзілі да сваіх заняткаў.

21 Ворагі Хрыста распушчалі аб ім розныя весткі, так што нават сваякі Хрыстовы прыйшлі, каб узяць яго і завясьці назад у Назарэт і гэтым выратаваць ад прасьледу фарызэяў.

22 Тут выступаюць ужо і кніжнікі, якія прыйшлі аж з Ерузаліму, каб сьлядзіць за Езусам, а так-жа, каб паніжаць яго ў вачах народу.

27 Хрыстус паказвае тут, што ён перамог д'ябла, бо выганяе яго, пустошыць ягоны дом і ягонае каралеўства.

29 Гл. Мт. 12, 31.

30 Падаецца тут прыклад граху проціў Духа Сьвятога: фарызэі і кніжнікі ведалі, што д'ябал д'ябла не выганяе, аднак-жа гаварылі гэтак проціў усякай вачавіднасьці і свайму пракананьню. Дык грэх проціў Духа Сьв. - гэта сьведамае запярэчаньне ясна пазнанай праўды.

31 Аб "братох" Хрыстуса гл. Мат. 12. 12, 46. Дзеля натаўпу яны не маглі ўвайсьці ў дом, але стаялі на дварэ.

 

Разьдзел 4
Прыповесьць аб сяйбіце і іншыя падабенствы аб каралеўстве Божым

1 Ізноў пачаў навучаць каля мора. І сабралася да яго вялікая грамада, так што ўвайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўся грамада была на зямлі каля мора. 2 І навучаў іх многа ў прыповесьцях і казаў ім у сваей навуцы: 3 Слухайце! Вось выйшаў сяйбіт сеяць. 4 І калі ён сеяў, адно ўпала каля дарогі і прыляцелі птушкі нябесныя і зьелі яго. 5 А другое ўпала на месца камяністае, дзе ня мела многа зямлі, і зараз узыйшло, бо зямля была няглыбокая; 6 і калі ўзыйшло сонца, завяла, і дзеля таго што ня мела кораня, зсохла. 7 А іншае ўпала ў церні, і ўзыйшлі церні і заглушылі яго і не дало плоду. 8 А іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод, каторы ўзыйшоў і рос - і адно прынясло трыццаць, другое шэсьцьдзесят, а іншае сто 9 І казаў: Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

10 І калі быў адзін, спыталіся ў яго тыя дванаццацёх, ўто з ім былі, аб прыповесьці. 11 І казаў ім: Вам дадзена пазнаць тайніцу каралеўства Божага, а для тых, каторыя ўвонках, усё адбываецца ў прыповесьцях, 12 каб "гледзячы глядзелі і ня бачылі, слухаючы слухалі і не разумелі; каб часам не навярнуліся і ня былі ім адпушчаны грахі" (Із. 6, 9-10).

13 І сказаў ім: Не разумееце гэтай прыповесьці? А якжа-ж вы зразумееце ўсе прыповесьці? 14 Той, хто сее, слова сее. 15 А тыя, што каля дарогі, дзе сеецца слова, гэта тыя, да каторых, як прачуюць, зараз прыходзіць д'ябал і забірае слова, якое было пасеена ў сэрцах іх. 16 І таксама і тыя, каторыя на месцы камяністым, яны як пачуюць слова, зараз-жа з радасьцяй прыймаюць яго, 17 але, ня маючы кораня ў сабе, яны ёсьць часовыя, потым, як падымецца ўцісьненьне і прасьлед дзеля слова, зараз горшацца. 18 І іншыя ёсьць, каторыя сеюцца ў цернях, гэта тыя, каторыя слухаюць слова, 19 але турботы сьвету і мана багацьця і іншыя пажаданьні, увайшоўшы, глушаць слова і стаецца бяз плоду. 20 А каторыя на добрай зямлі пасеяны, гэта тыя, каторыя слухаюць слова, і прыймаюць, і прыносяць плод, адно трыццаць, другое шэсьцьдзесят, а іншае сто.

21 І казаў ім: Ці-ж прыносяць сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Ці-ж не на тое, каб паставіць яе на ліхтар? 22 Бо няма нічога скрытага, што-б ня выявілася, і нічога ня дзеецца тайнага, але каб выйшла наверх. 23 Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

24 І казаў ім: Глядзеце, чаго слухаеце! Якою меркаю вы адмерыце, такою і вам будзе адмерана і будзе вам дадзена. 25 Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, у таго будзе аднята і тое, што ён мае.

26 І казаў: Гэтак ёсьць з каралеўствам Божым, як калі-б чалавек укінуў насеньне ў зямлю, 27 ён і сьпіць і ўстае, уначы і ўдзень, а насеньне ўсходзіць і расьце, калі ён ня ведае. 28 Бо зямля сама з сябе прыносіць плод: спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. 29 А калі дасьпее плод, зараз пушчае серп, бо прыйшло жніво.

30 І казаў: Да чаго ўпадобнім каралеўства Божае, або да якое прыповесьці прыраўнаем яго? 31 Як гарчычнае зерне, каторае, калі сеецца ў зямлю, ёсьць меншае за ўсякае насеньне, якое ёсьць на зямлі. 32 А калі пасеецца, узрастае і робіцца большым за ўсе гародніны і пускае вялікія галіны, так што пад ценем яго могуць жыць птушкі нябесныя.

33 І многімі такімі прыповесьцямі гаварыў да іх слова, наколькі яны маглі слухаць, 34 а бяз прыповесьці не гаварыў да іх. Асобна-ж вучням сваім выясьняў усё.

35 І ў той дзень, калі зрабілася позна, сказаў ім: Пераплывем на той бок. 36 І яны, адпрвіўшы народ узялі яго, так як быў, у лодцы; і былі з ім другія лодкі. 37 І ўзьнялася вялікая бура ветру і гнала хвалі на лодку, так што напаўнялася лодка. 38 А ён быў на задзе лодкі сплючы на падушцы. І збудзілі яго і кажуць яму: Вучыцель, ці-ж табе ня рупіць, што мы гінем? 39 І ўстаўшы, прыгразіў ветру і сказаў мору: Маўчы, сьціхні! І перастаў вецер і зрабілася вялікая цішыня. 40 І сказаў ім: Чаму вы баязьлівыя? І яшчэ ня маеце веры? І зьняў іх вялікі страх і гаварылі адзін да другога: Хто-ж гэта такі, што вецер і мора слухаюць яго?

Тут гутарка аб "моры" (возеры) Галілейскім або Гэнэзарэт.

2 "Каторыя ўвонках" г. зн. каторыя па-за апосталамі. Гутарка тут аб жыдоўстве, якое асталося далёка ад навукі Хрыстовай. Для яго ўсё ў прыповесьцях, бо на болей не заслужылі.

12 Гл. выясьненьні Мт. 13, 15.

17 "Яны часовыя" г. зн. трываюць у добрым толькі да часу. "Горшацца" - тут у значэньні адпадаюць.

21 Гэтай сьвечкай тут ёсьць навука аб каралеўстве Божым, вылажаная ў прыповесьці аб сяйбіце.

22 Прынамся па сьмерці, у загробным жыцьці, усё таёмнае выявіцца.

24 Хто слухае і стараецца зразумець Божую навуку, той даходзіць да вялікіх ласкаў у Бога і Бог яму яшчэ з дабраты сваей дае болей, чым ён стараўся.

25 Гл. Мт. 13, 12.

29 У гэтай прыповесьці Езус рысуе пачатак, узрост і падзеі свайго Касьцёла, каторы не адразу зьяўляецца, але расьце, так як зерне, сілай моцы Божай.

32 Гл. Мт. 13, 32.

34 Аб іншых справах Хрыстус гаварыў адкрыта, ня ўжываючы прыповесьці, але аб каралеўстве Божым гаварыў у прыповесьцях, каб памалу прыгатаваць жыдоў да зразуменьня гэтага, якое яны разумелі ў сэнсе народна-палітычным, а не духовым.

38 Лодкі даўней, таксама як і цяпер, мелі часам лавачкі з падушкамі для лепшых гасьцей.

 

Разьдзел 5
Езус аздараўляе апанаванага злым духам; жанчыну, якая цярпела на цеч крыві і ўскрашае дачку Яіра

1 І прыбылі на другі бок мора ў краіну Гэразэнаў. 2 І калі ён выходзіў з лодкі, зараз-жа яго пераняў чалавек з грабоў, каторы меў нячыстага духа. 3 Ён меў памешканьне у грабох і ўжо ані ланцугамі ніхто ня мог яго зьвязаць, 4 бо часта будучы зьвязаны путамі і ланцугамі, рваў ланцугі і разьбіваў путы і ніхто ня мог супакоіць яго. 5 І заўсёды ўдзень і ўначы быў у грабох і горах, крычачы і б'ючы сябе каменьнямі. 6 Угледзеўшы-ж Езуса здалёк, прыбег, пакланіўся яму, 7 і крычачы вялікім голасам, сказаў: Што да табе да мяне Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Запрысягаю цябе Богам, каб ты мяне ня мучыў. 8 Бо ён яму казаў: Выйдзі, духу нячысты, з чалавека. 9 І пытаўся ў яго: Як тваё імя? І сказаў яму: Маё імя Легіён, бо нас многа. 10 І вельмі прасіў, каб іх не выганяў з краіны. 11 А была там каля гары пасучыся вялікая стада сьвіней. 12 І прасілі таго духі, кажучы: Пусьці нас у сьвіньні, каб мы ў іх ўвайшлі. 13 І Езус зараз-жа дазволіў ім. І выйшаўшы нячыстыя духі ўвайшлі у сьвіньні і стада з вялікім разгонам кінулася з круцізны ў мора, каля дзьвюх тысяч, і патанулі ў моры. 14 А тыя, што пасьвілі іх, уцяклі і далі знаць у горад і па палёх. І выйшлі, каб паглядзець, што сталася. 15 І прыйшлі да Езуса і ўбачылі гэнага, што быў апанаваны д'яблам, сядзячага, адзетага і пры здаровым розуме - і спалохаліся. 16 А тыя, што бачылі, расказалі ім, як сталася з тым, што меў д'ябэльства, і аб сьвіньнях. 17 І пачалі прасіць яго, каб адыйшоў з іх граніц.

18 Калі-ж уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны д'яблам, каб быць пры ім. 19 І не дапусьціў яго, але сказаў яму: Ідзі ў свой дом, да сваіх і паведамі іх, якія вялікія рэчы табе ўчыніў Пан і зжаліўся над табою. 20 І пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкаполі, якія вялікія рэчы ўчыніў яму Езус - і ўсе дзівіліся.

21 А калі Езус пераплыў на лодцы ізноў на другі бераг, зыйшлася да яго вялікая грамада; і быў ён каля мора. 22 І прыйшоў адзін з старшых над бажніцай, на імя Яір і, убачыўшы яго, упаў да ягоных ног, 23 і вельмі прасіў яго, кажучы: што дачка мая канае, прыйдзі, узлажы руку на яе, каб аздаравела і жыла. 24 І пайшоў з ім. І ішла за ім вялікая грамада і ціснулі яго.

25 А жанчына, каторая дванаццаць гадоў мела цеч крыві 26 і шмат перацярпела ад многіх дахтароў і ўсё сваё выдала і нічога её не памагло, але мелася яшчэ горай, 27 калі пачула аб Езусе, падыйшла ў грамадзе ззаду і дакранулася да адзежы ягонай; 28 бо казала: што калі толькі да адзежы ягонай дакрануся, буду здарова. 29 І зараз-жа высахла ў яе жарало крыві і пачула на целе, што аздаравела ад хваробы. 30 І зараз-жа Езус, пазнаўшы ў сабе моц, якая з яго выйшла, зьвярнуўшыся да народу, сказаў: Хто дакрануўся да маей адзежы? 31 І казалі яму ягоныя вучні: Відзіш грамаду, якая цісьне цябе і кажаш: "Хто да мяне дакрануўся?" 32 І паглядзеў навакол, каб пабачыць тую, што гэта зрабіла. 33 Жанчына-ж, спалохаўшыся і дрыжачы, ведаючы, што з ею сталася, прыйшла і ўпала перад ім і сказала ўсю праўду. 34 Ён-жа сказаў ей: Дачка, вера твая аздаравіла цябе, ідзі ў супакоі і будзь здарова ад хваробы тваей.

35 Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад старшага над бажніцай, кажучы: Што дачка твая памярла, нашто яшчэ турбуеш Вучыцеля? 36 Езус-жа, пачуўшы слова, якое было сказана, прамовіў да старшага над бажніцай: Ня бойся, толькі вер. 37 І не дапусьціў нікога ісьці з сабою, апроч Пятра, Якуба і Яна, Якубавага брата. 38 І прыйшлі ў дом старшага над бажніцай. І ўбачыў трывогу, і плачучых і галосячых моцна. 39 І ўвайшоўшы, сказаў ім: Чаго трывожыцеся і плачаце? Дзяўчына не ўмярла, але сьпіць. 40 І насьмяхаліся з яго. Ён-жа, выправіўшы ўсіх, узяў бацьку і матку дзяўчыны, і тых, што з ім былі, і ўвайшоў, дзе ляжала дзяўчына. 41 І ўзяўшы руку дзяўчыны, сказаў ей: Таліта кумі, што значыць: Дзяўчына - табе кажу - устань. 42 І зараз-жа дзяўчына ўстала і хадзіла, а было ей дванаццаць гадоў. І астаўпянелі з вялікага дзіва. 43 І загадаў ім моцна, каб ніхто ня ведаў аб гэтым; і сказаў даць ёй есьці.

2 Марак (5, 1 - 20) і Лукаш (8, 26 - 39) расказваюць аб адным, апанаваным праз д'ябла, а Матэуш (8, 28 - 34) аб двух. У сапраўднасьці было іх двух, але толькі адзін потым хацеў далучыцца да Езуса.

12 - 13 Гл. выясьненьні Мт. 8, 34.

29 "Высахла ў яе жарало крыві" - г. зн. загаілася рана, адкуль ішла кроў.

30 Езус ставіць гэтае пытаньне, каб паказаць перад людзьмі веру гэтай жанчыны.

39 Гл. Мт. 9, 24.

43 Езус не хацеў, каб разглашалі гэты цуд, бо ўскрасеньне ўмерлых у вялікай колькасьці ня было мэтай прыходу Езуса на гэты сьвет. Не хацеў так-жа Езус дражніць сваіх ворагаў. Узяў аднак з сабою трох сваіх вучняў, каб праз іх пераказаць гэты цуд наступным пакаленьням.

 

Разьдзел 6
Езус непрыняты ў Назарэце

1 І выйшаўшы адтуль, пайшоў у сваю бацькаўшчыну, і ішлі за ім ягоныя вучні. 2 І калі настала субота, пачаў вучыць у бажніцы, многія-ж, слухаючы, дзівіліся з ягонай навкі, кажучы: Адкуль у яго ўсё гэтае? І што гэта за мудрасьць, якая яму дадзена, і такія цуды, якія дзеюцца праз ягоны рукі? 3 Ціж ён не рамесьнік, сын Марыі, брат Якуба, і Язэпа, і Юды, і Сымона? Ці-ж ня тут між намі і сёстры ягоныя? І горшыліся з яго. 4 І казаў ім Езус: Што прарок ня бывае без пашаны, апрача ў бацькаўшчыне сваей, і ўдоме сваім, і ў радні сваей. 5 І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі аздаравіў некалькіх хворых, узлажыўшы рукі. 6 І дзівіўся з недаверства іх. І хадзіў навакол па сёлах, навучаючы.

Разасланьне апосталаў

7 І паклікаў дванаццацёх і пачаў іх разсылаць па двух і даў ім уладу над нячыстымі духамі. 8 І загадаў ім, каб нічога не бралі ў дарогу, апрача толькі кія: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у паясе, 9 але каб былі абуўшыся ў сандалы, і каб не адзяваліся ў дзьве вопраткі. 10 І казаў ім: Дзе-колечы ўвойдзеце ў дом, там аставайцеся, пакуль ня выйдзяце адтуль. 11 І каторыя-б вас не прынялі, і ня слухалі вас, вы, выходзячы адтуль, абтрасеце пыл з вашых ног на пасьведчаньне ім. 12 І выйшаўшы, абвяшчалі, каб пакутавалі; 13 і выганялі многа д'яблаў, і многіх хворых памазвалі аліваю і аздараўлялі.

Сьмерць Яна Хрысьціцеля

14 І пачуў кароль Гэрад - бо імя ягонае сталася ведамае - і казаў: Што Ян Хрысьціцель устаў з умерлых і дзеля гэтага ў ім дзеюцца цуды. 15 Другія-ж казалі: Што гэта Гальяш. А іншыя казалі: Што гэта прарок, як-бы адзін з прарокаў. 16 Гэрад, пачуўшы аб гэтым, сказаў: Гэта Ян, катораму я адсек галаву, ён устаў з умерлых.

17 Бо гэты Гэрад паслаў і ўзяў Яна і зьвязаў яго ў вастрозе дзеля Гэрадыяды, жонкі свайго брата Філіпа, таму што быў узяўшы яе за жонку. 18 Бо Ян казаў Гэраду: Ня можна табе мець жонку брата твайго. 19 А Гэрадыяда рабіла подступы проціў яго і хацела яго забіць, але не магла, 20 бо Гэрад баяўся Яна, знаючы яго, як чалавека справядлівага і сьвятога, і сьцярог яго, дый слухаючы яго, шмат рабіў, і ахвотна слухаў яго.

21 І калі надарыўся адпаведны дзень, Гэрад з прычыны сваіх нарадзін справіў банкет вяльможам, тысячнікам і паном Галілеі. 22 І калі ўвайшла дачка гэнай Гэрадыяды і танцавала, і спадабалася Гэраду і тым, што разам сядзелі, кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне чаго хочаш, і дам табе. 23 І прысягнуў ей: Што чаго-толькі папросіш, дам табе, хоць-бы палавіну каралеўства майго. 24 Тая, выйшаўшы, сказала матцы сваей: Чаго мне прасіць? А яна сказала: Галаву Яна Хрысьціцеля. 25 І калі зараз-жа ўвайшла з пасьпехам да караля, прасіла, кажучы: Хачу, каб ты мне зараз даў на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля. 29 І засмуціўся кароль; дзеля прысягі і дзеля тых, што разам сядзелі, не хацеў яе засмуціць, 27 але паслаўшы ката, загадаў прынясьці галаву яго на талерцы. 28 І сьцяў яго ў вастрозе, і прынёс галаву яго на талерцы, і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала сваей матцы. 29 Пачуўшы аб гэтым, вучні ягоны прыйшлі і ўзялі цела ягона і палажылі яго ў гробе.

Цудоўнае размнажэньне хлеба

30 І апосталы, зыйшоўшыся да Езуса, расказалі яму ўсё, што яны рабілі і чаго навучалі. 31 І сказаў ім: ідзеце асобна ў пустыннае месца і адпачыньце крыху. Бо многа было, што прыходзілі і адыходзілі, і ня мелі часу зьесьці. 32 І ўвайшоўшы ў лодку, адплылі асобна ў пустыннае месца. 33 І бачылі іх адплываючых і пазналі многія, і зьбегліся туды пехатою з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. 34 І выйшаўшы, Езус убачыў вялікую грамаду і зжаліўся над імі, бо былі як авечкі, ня маючыя пастыра. І пачаў іх навучаць многага.

35 І калі была ўжо позная гадзіна, падыйшлі вучні ягоны, кажучы: Пустыннае гэта месца і час ужо сходзіць, 36 пусьці іх, каб пайшоўшы ў найбліжэйшыя сялібы і вёскі, купілі сабе ежы, каб зьесьці. 37 І адказваючы, сказаў ім: Дайце вы ім есьці. І сказалі яму: Пайшоўшы купім за дзьвесьце дынараў хлеба і дамо ім есьці. 38 І сказаў ім: Сколькі маеце хлябоў? Ідзеце і паглядзеце. І калі даведаліся, сказалі: Пяць і дзьве рыбы. 39 І загадаў ім, каб разсадзілі ўсіх грамадамі на зялёнай траве. 40 І паселі радамі па сто і па пяцьдзесят. 41 І ўзяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуўшы ў неба, багаславіў і ламаў хлябы і даваў вучням сваім, каб клалі перад імі; і дзьве рыбы падзяліў усім. 42 І елі ўсе і наеліся. 43 І набралі, што асталося ад кускоў і ад рыб дванаццаць поўных кашоў. 44 А тых, што елі, было пяць тысяч мужчын.

Езус ходзіць па моры

45 І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў лодку, каб паплыць перад ім на той бераг да Бэтсайды, пакуль ён адправіць народ. 46 І калі адправіў іх, пайшоў на гару маліцца. 47 І калі было позна, была лодка пасярэдзіне мора, а ён адзін на зямлі. 48 І бачачы іх, як яны працавалі вёсламі, (бо быў ім праціўны вецер), каля чацьвертай начной варты прыйшрў да іх, ідучы па моры - і хацеў іх мінуць. 49 Яны-ж, як убачылі яго ідучага па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі. 50 Бо ўсе бачылі яго і стрывожыліся. І зараз-жа загаварыў да іх і сказаў ім: Будзьце адважны, гэта я, ня бойцеся. 51 І ўвайшоў да іх у лодку, і перастаў вецер. І яшчэ болей дзівіліся ў сабе, 52 бо не зарзумелі аб хлябох, затым што сэрца іх было закамянелае.

53 І калі пераплылі, прыбылі ў зямлю Гэнэзарэцкую і прысталі да берагу. 54 Калі-ж выйшлі з лодкі, зараз-жа пазналі яго; 55 і абягаючы ўсю тую краіну, пачалі зносіць на ложах тых, што дрэнна меліся, туды, дзе чулі, што ён ёсьць. 56 І куды-толькі ўваходзіў, у сёлы, ці ў мястэчкі, ці ў гарады, клалі хворых на вуліцах і прасілі яго, каб дакрануцца хоць краю адзежы ягонай. І сколькі дакранулася да яго, былі здаровы.

1 "У сваю бацькаўшчыну" - г. зн. у Назарэт.

3 Гл. Мт. 13, 56.

5 "Ня мог" - гэта значыць не знайшоў там патрэбных варункаў у людзей, а перш за ўсё веры.

8 Кій на ўсходзе ёсьць заўсёдным таварышам у падарожы. Бяз кія ў даўжэйшую дарогу там ня выходзяць.

9 Сандалы былі абуткам людзей небагатых.

11 Што ласкай Бога і навукай яго ўзгардзілі.

20 Гэрад, будучы слабавольным, сам ад сябе не хацеў нічога дрэннага зрабіць Яну Хрысьціцелю, а нават яго паважаў.

26 Гл. Мт. 14, 9.

33 Пазналі па кірунку лодкі, куды Езус паплыў. Па сушы маглі скарэй дайсьці - "апярэдзіць", калі на возеры быў праціўны вецер.

37 Хрыстус хоча выпрабаваць веру апосталаў. 200 дынараў - гэта каля 400 зл.

48 "Каля чацьвертай начной варты" - г. зн. каля чацьвертай гадзіны нараніцы. Гл. Мт. 14, 25.

52 Апосталы не зарзумелі цудоўнага размнажэньня хлеба, як прыгатаваньня да ўстанаўленьня сьв. Эўхарыстыі. Яны хоць і глядзелі на цуды, але не разумелі іх значэньня.

 

Разьдзел 7
Езус напамінае фарызэяў

1 І зыйшліся да яго фарызэі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Ерузаліму. 2 І калі ўгледзелі, што некатрыя з ягоных вучняў ядзяць хлеб звычайнымі, гэта значыць, нямытымі рукамі, зганілі. 3 Бо фарызэі і ўсе жыды, калі часта не памыюць рук, не ядзяць, трымаючыся ўстановы старшых. 4 І з рынку, калі не памыюцца, не ядзяць; і шмат чаго іншага ёсьць, што ім перададзена, каб трымацца: абмываньне кубкаў, і збанкоў, і мядзянай пасуды, і ложкаў. 5 І пыталіся ў яго фарызэі і кніжнікі: Чаму вучні твае не паступаюць паводле ўстановы старшых, але звычайнымі рукамі ядзяць хлеб? 6 А ён, адказваючы, сказаў ім: Добра прарочыў аб вас, крывадушных, Ізаій (29, 13), як напісана ёсьць: "Гэты народ паважае мяне вуснамі, але сэрца іх далёка ад мяне; 7 але дарма яны пакланяюцца мне, вучачы навук і прыказаньняў чалавечых". 8 Бо вы, пакідаючы прыказаньне Божае, трымаецеся ўстановы чалавечай, абмываньня збанкоў і кубкаў, і робіце шмат чаго іншага, падобнага да гэтага. 9 І казаў ім: Добра вы касуеце прыказаньне Божае, каб захаваць вашую ўстанову! 10 Бо Майсей сказаў: "Паважай бацьку твайго і матку тваю" і "Хто-б наругаўся бацьку або матцы, няхай сьмерцяй памрэ". 11 А вы кажаце: Калі-б чалавек сказаў бацьку або матцы: "Корбан (гэта значыць ахвяра) ёсьць тое, што табе ад мяне належыцца" - 12 і ўжо не дапускаеце таму што-колечы рабіць для свайго бацькі або маткі, 13 касуючы слова Божае праз вашую ўстанову, якую вы ўстанавілі. І шмат падобнага да гэтага вы робіце.

14 І паклікаўшы ізноў грамаду, казаў ім: Паслухайце мяне ўсе і зразумейце. 15 Няма нічога звонку чалавека, што-б уваходзячы ў яго, магло яго зрабіць нячыстым; але тое, што з чалавека выходзіць, гэта ёсьць, што робіць чалавека нячыстым. 16 Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

17 І калі ад грамады ўвайшоў у дом, пыталіся ў яго вучні ягоны аб прыповесьці. 18 І сказаў ім: Так і вы неарзумныя? Ці-ж не разумееце, што ўсё ўваходзячае ў чалавека звонку, ня можа яго зрабіць нячыстым? 19 Бо не ўваходзіць у ягонае сэрца, але ідзе ў жывот і выходзіць вон, ачышчаючы ўсякую ежу. 20 І казаў, што тое, што з чалавека выходзіць, тое робіць чалавека нячыстым. 21 Бо з нутра, з чалавечага сэрцы выходзяць благія думкі, чужалоствы, распуста, забойствы, 22 зладзействы, прагавітасьці, злосьці, здрада, бязстыднасьці, злое ока, блюзьнерства, гордасьць, дурнота. 23 Усё гэтае благое з нутра выходзіць і робіць чалавека нячыстым.

Езус і канаанская жанчына

24 І ўстаўшы, пайшоў адтуль у граніцы Тыру і Сыдону. І ўвайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто ня ведаў, ды ня мог утаіцца. 25 Бо зараз-жа жанчына, якое дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб ім, прыйшла і ўпала да ягоных ног, 26 бо была яна жанчына паганская, радам Сырафэнікіянка, і прасіла яго, каб выгнаў д'ябла з дачкі яе. 27 Ён сказаў ей: Дай перш наесьціся дзецям, бо ня добра браць хлеб дзяцей і кідаць сабакам. 28 А яна адказала і сказала яму: Так, Пане, але-ж і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей. 29 І сказаў ей: Дзеля гэтых слоў ідзі, выйшаў д'ябал з тваей дачкі. 30 І калі яна прыйшла ў свой дом, знайшла дзяўчыну ляжачую на ложку і што д'ябал выйшаў.

Аздараўленьне глуханямога

31 І выйшаўшы ізноў з граніц Тыру, прыйшоў праз Сыдон да Галілейскага мора пасярод граніцаў Дэкапольскіх. 32 І прывялі да яго глухога і нямога, і прасілі яго, каб узлажыў на яго руку. 33 І ўзяўшы яго на бок ад грамады, узлажыў пальцы свае ў ягоныя вусны і, плюнуўшы, дакрануўся да языка яго, 34 і ўзглянуўшы ў неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффэта, што значыць: адчыніся. 35 І зараз-жа адчыніліся вушы ягоны, і разьвязалася вязь языка ягонага і гаварыў добра. 36 І загадаў ім, каб нікому не казалі. Але чым болей ён ім загадываў, тым болей славілі 37 і тым болей дзівіліся, кажучы: Добра ўсё зрабіў: і глухіхі зрабіў, што чуюць, і нямых, што гавораць.

2 Гл. Мт. 15, 2. Жыды перад ядою рабілі рытуальнае абмываньне, чаго не рабілі вучні Хрыстовы.

4 "Вярнуўшыся з рынку", жыды без рытуальнага абмыцьця ня елі.

9 "Добра касуеце" тут у значэньні "добра абмінаеце", "добра зносіце". Гл. Мт. 15, 3.

22 "Злое вока" тут азначае завіднасьць; "неразумнасьць" азначае бязбожную дурнату, якою азначалі ў Ст. Законе людзей сапсутых, якія жывуць бяз Бога ў сэрцы.

24 Хрыстус пайшоў туды ня дзеля абвяшчаньня слова Божага і затым не хацеў выяўляцца, але слава аб ім ужо прыйшла і туды.

27 Езус не адкідае цалком яе просьбы, але толькі адзначае, што трэба даць наесьціся сьпярша дзецям г. зн. жыдом, а потым ужо паганам. Гл. Мт. 15, 24 - 26.

33 Узяў яго на бок ад грамады мусіць дзеля таго, каб ня было лішняга розгаласу. Так Езус рабіў і ў іншых выпадках. (Гл. Мк. 5, 27; 8, 23).

34 Гэтыя знакі мелі прабудзіць і павялічыць веру ў таго чалавека. І цяпер пры хросьце сьвятар выгаварвае гэтыя словы Хрыстуса "Эффэта".

 

Разьдзел 8
Другое размнажэньне хлеба

1 У тыя дні ізноў, як была вялікая грамада, і ня мелі чаго есьці, паклікаўшы вучняў сваіх, сказаў ім: 2 Шкада мне грамады, бо вось ужо тры дні трываюць пры мне і не маюць чаго есьці. 3 І калі пушчу іх галодных дамоў, аслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх здалёку прыйшлі. 4 І адказалі яму ягоныя вучні: Скуль мог-бы хто накарміць іх хлебам тут у пустыні? 5 І спытаўся ў іх: Колькі хлябоў маеце? Яны сказалі: Сем. 6 І загадаў грамадзе пасесьці на зямлі. І ўзяўшы сем хлябоў, учыніўшы падзяку, ламаў, і даваў вучням сваім, каб раздавалі, і раздавалі грамадзе. 7 І мелі некалькі рыбак, і іх багаславіў і загадаў раздаць. 8 І елі, і наеліся, і набралі, што асталося з кавалкаў, сем кашоў. 9 А тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх.

Езус прасьцерагае праз кісьляй фарызэяў

10 І зараз увайшоўшы ў лодку са сваімі вучнямі, прыбыў у староны Дальмануцкія. 11 І выйшлі фарызэі і пачалі з ім спрачацца, дамагаючыся ад яго знаку з неба, спакушаючы яго. 12 І ўздыхнуўшы ў душы, сказаў: Нашто гэты род дамагаецца знаку? Сапраўды кажу вам, ня будзе дадзены знак гэтаму роду.

13 І адправіўшы іх, увайшоў ізноў у лодку і палыў на другі бок. 14 І забыліся ўзяць хлеба, і ня мелі з сабой у лодцы, апрача аднэй булкі хлеба. 15 І загадаў ім, кажучы: Глядзеце ды сьцеражэцеся кісьлі фарызэяў і кісьлі Гэрада. 16 І разважалі паміж сабою, кажучы: Што ня маем хлеба. 17 Пазнаўшы гэтае, Езус сказаў ім: Што вы думаеце, што хлеба ня маеце? Ці-ж яшчэ ня ведаеце і не разумееце? Ці яшчэ маеце закамянелае сэрца вашае? 18 Маючы вочы, ня бачыце і маючы вушы, ня чуеце? І ня помнеце, 19 калі я пяць хлябоў паламаў на пяць тысячаў, колькі вы поўных кашоў набралі кавалкаў? Кажуць яму: Дванаццаць. 20 А калі сем хлябоў на чатары тысячы, колькі кашоў кавалкаў вы набралі? І кажуць яму: Сем. 21 І сказаў ім: Якжа-ж яшчэ не разумееце?

Аздараўленьне сьляпога

22 І прыйшлі ў Бэтсайду. І прывялі да яго сьляпога і прасілі яго, каб дакрануўся да яго. 23 І ўзяўшы за руку сьляпога, вывеў яго за сяло і, плюнуўшы на вочы ягоныя, узлажыўшы свае рукі, пытаўся ў яго, ці што бачыць? 24 А ён, гледзячы, сказаў: Бачу людзей, што як дрэвы ходзяць. 25 Потым ізноў узлажыў рукі на вочы ягоны і ён пачаў відзець. І аздароўлены быў так, што бачыў усё ясна. 26 І паслаў яго ў ягоны дом, кажучы: Ідзі ў дом твой, і калі ўвойдзеш у сяло, нікому не кажы.

Пётр прызнае Езуса за Мэсыяша. Езус прадказвае сваю муку

27 І пайшоў Езус і вучні ягоны ў сёлы Цэзарэі Філіпавай. І ў дарозе пытаўся ў сваіх вучняў, кажучы ім: За каго мяне маюць людзі? 28 Яны адказалі яму, кажучы: За Яна Хрысьціцеля, другія за Гальяша, а іншыя як за аднаго з прарокаў. 29 Тады сказаў ім: А вы за каго мяне маеце? Адказваючы Пётр сказаў яму: Ты ёсьць Хрыстус. 30 І прыгразіў ім, каб нікому не казалі аб ім.

31 І пачаў іх навучаць, што трэба, каб Сын чалавечы многа цярпеў і быў адкінуты старшымі і кніжнікамі і архісьвятарамі і кніжнікамі і быў забіты і пасьля трох дзён уваскрэснуў. 32 І гаварыў слова адкрыта. І ўзяўшы яго Пётр, пачаў дакараць яму. 33 А ён абярнуўшыся і бачачы вучняў сваіх, прыгразіў Пятру, кажучы: Адыйдзі ад мяне, шатане, бо не разумееш, што ёсьць Божае, але што чалавечае.

34 І паклікаўшы грамаду, разам з сваімі вучнямі, сказаў ім: Калі хто хоча ісьці за мною, няхай адрачэцц ад самога сябе, і няхай возьме крыж свой і ідзе за мною. 35 Бо хто-б хацеў зьберагчы жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-ю загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне і эванэліі, зьберажэ яго. 36 Бо якая карысьць чалавеку, калі-б ён увесь сьвет здабыў, а душы сваей пашкодзіў? 37 Або што дасьць чалавек узамен за душу сваю? 38 Бо хто-б паўстыдаўся і слоў маіх паміж гэтым распусным і грэшным народам, паўстыдаецца яго і Сын чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца свайго з анеламі сваімі. 39 І казаў ім: Сапраўды кажу вам, што ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць каралеўства Божага, прыходзячага ў моцы.

12 "Род" азначае тут фарызэяў.

15 Кісьля фарызэяў - гэта іх крывадушная і нездаровая для душы навука, а кісьля Гэрада - гэта дух гэтага сьвету, які загадывае быць пышным, карысталюбівым, срогім і няміласэрным.

23 І тут Езус выводзіць сьляпога за сяло, бо ня хоча розгаласу. Езус чыніў цуды ня дзеля сваей славы, але каб прабудзіць у людзях веру, а хворым аказаць помач.

30 Гл. Мт. 16, 20. 32 Гл. Мт. 16, 22 - 23.

34 Крыж г. зн. усе цярпеньні, якія Бог зсылае на чалавека.

39 Гл. Мт. 16, 28.

 

Разьдзел 9
Перамяненьне Езуса Хрыста

1 І пасьля шасьці дзён узяў Езус Пятра, і Якуба, і Яна і завёў іх адных на высокую гару асобна. І перамяніўся перад імі. 2 І зрабілася адзежа ягоная ясная і вельмі белая, як сьнег, якое бялільнік на зямлі ня можа выбяліць. 3 І зьявіўся ім Гальяш з Майсеем, і гаварылі з Езусам. 4 І азваўшыся Пётр сказаў Езусу: Вучыцель, добра нам тут быць, і зрабем тры палаткі: табе адну, і Майсею адну, і Гальяшу адну. 5 Бо ён ня ведаў, што гаварыў, таму што былі перапужаўшыся са страху. 6 І паўстаў воблак, каторы іх ахінуў, і выйшаў голас з воблака, кажучы: Гэта Сын мой наймілейшы, яго слухайце. 7 І зараз, аглянуўшыся кругом, нікога больш ня ўбачылі, апроч толькі Езуса з сабою. 8 І калі яны зыходзілі з гары, загадаў ім, каб нікому не расказвалі, што яны бачылі, аж пакуль Сын чалавечы не ўваскрэсьне з умерлых. 9 І затрымалі слова пры сабе, пытаючыся паміж сабою, што значыць: "Калі ўваскрэсьне з умерлых". 10 І пыталіся ў яго, кажучы: Дык што-ж фарызэі і кніжнікі кажуць, што перш павінен прыйсьці Гальяш? 11 Ён адказваючы, сказаў ім: Гальяш, прыйшоўшы перш, наладзіць усё; а як-жа напісана ёсьць аб Сыне чалавечым, каб многа перацярпеў і быў узгарджаны? 12 Але кажу вам, што прыйшоў і Гальяш, і зрабілі яму, што хацелі, так як напісана аб ім.

Аздараўленьне лунатыка

13 І прыйшоўшы да вучняў сваіх, убачыў вялікую грамаду каля іх і кніжнікаў, спорачых з імі. 14 І зараз увесь народ, угледзеўшы Езуса, зьдзівіўся, і спужаліся, і прыбегшы, віталі яго. 15 І спытаўся ў іх: Аб чым вы паміж сабою спорыце? 16 І адказваючы адзін з грамады сказаў: Вучыцель, я прывёў да цябе майго сына, які мае нямога духа, 17 каторы дзе ня схопіць яго, б'е яго аб зямлю, і пеніцца, і скрыгоча зубамі, і сохне. І я казаў тваім вучням, каб выгналі яго, і не маглі. 18 Ён, адказваючы ім, сказаў: О народзе няверны, дакуль-жа я буду ў вас? Дакуль буду вас цярпець? Прывядзеце яго да мяне.

19 І прывялі яго. І калі ўбачыў яго, зараз-жа дух затрос яго і ўпаўшы на зямлю, качаўся, панячыся. 20 І спытаўся ў ягоанаг бацькі: Сколькі часу, як гэта з ім здарылася? А ён сказаў: Ад дзяцінства, 21 і часта кідаў яго ў вагонь і ў ваду, каб яго загубіць; але калі што можаш, памажы нам, зжаліўшыся над намі. 22 Езус-жа сказаў яму: Калі можаш верыць усё магчыма для веручага. 23 І зараз ускрыкнуўшы бацька хлопца сказаў са слязьмі: Веру, Пане, памажы маей няверы! 24 І калі ўбачыў Езус грамаду, што зьбяглася, прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: Глухі і нямы духу, я загадываю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго! 25 І закрычаўшы і моцна яго страсануўшы, выйшаў з яго; і зрабіўся як нежывы, так што многія гаварылі: Што памёр. 26 Езус-жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў. 27 І калі ўвайшоў у дом, вучні ягоны пыталіся ў яго асобна: Чаму мы не маглі выгнаць яго? 28 І сказаў ім: Гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі праз малітву і пост.

Езус другі раз прадказвае сваю муку. Навукі адносна пакоры, памяркоўнасьці. Прасьцярога прад згаршэньнем.

29 І выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і не хацеў, каб хто ведаў. 30 А навучаў вучняў сваіх і казаў ім: Што Сын чалавечы будзе выданы ў рукі людзей, і заб'юць яго, і забіты на трэці дзень уваскрэсьне. 31 Але яны не разумелі слова і баяліся ў яго пытацца.

32 І прыйшлі ў Капарнаум. Калі яны былі ў доме, спытаўся ў іх: Аб чым вы ў дарозе гаварылі? 33 Але яны маўчалі, бо ў дарозе яны паміж сабою спрачаліся, хто з іх большы? 34 І сеўшы паклікаў дванаццацёх і сказаў ім: Калі хто хочы быць першым, будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх.35 І ўзяўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх і абняўшы яго, сказаў ім: 36 Хто прыйме аднаго з гэтакіх дзяцей у імя маё, не мяне прыймае, але таго, хто паслаў мяне.

37 Адказаў яму Ян, кажучы: Вучыцель, мы бачылі нейкага, што ў імя тваё выгяняў д'яблаў, ён ня ходзіць за намі і мы яму забаранілі. 38 Езус-жа сказаў: Не забараняйце яму; бо няма нікога, хто-б чыніў у імя маё цуды і мог-бы зараз дрэнна аба мне гаврыць. 39 Бо хто ня проціў вас, той за вас. 40 Бо хто-б даў вам напіцца кубак вады ў імя маё, затым што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць сваей нагароды. 41 А хто-б згоршыў аднаго з гэтых малых, якія вераць у мяне, лепш яму было-б, каб прывязалі млынавы камень за шыю яго і кінулі ў мора. 42 І калі горшыць цябе рука твая, адсячы яе; лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё калекім, чым маючы дзьве рукі ісьці ў пекла, у вагонь неўгасаючы, 43 дзе дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае. 44 І калі нага твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе кульгаваму ўвайсьці ў жыцьцё вечнае, чым маючы дзьве нагі быць укінутым у пекла няўгаснага агню, дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае. 46 Калі-ж вока тваё горшыць цябе, вырві яго; лепш табе аднавокім увайсьці ў каралеўства Божае, чым маючы двое вачэй быць кінутым у пекла вагню, 47 дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае. 48 Бо кожны будзе агнём пасолены, кожная ахвяра будзе сольлю пасолена. 49 Соль добрая рэч; але калі соль будзе несалёная, чым яе прыправіце? Мейце ў сабе соль і супакой мейце паміж сабою.

12 І Гальяш дзеля справы Божай многа пацярпеў, так як і Ян Хрысьціцель.

14 Народ сьпярша спужаўся, што езус так неспадзявана зьявіўся, быццам пакліканы некім, але потым з радасьцяй вітае Езуса.

23 З гэтага відаць, што бацька ня меў сільнае веры, але адчуваў гэтае і прасіў, каб Езус памог яму сваей ласкай.

28 Паводле многіх Айцоў Касьцёла і пісьменьнікаў, д'яблы розьняцца паміж сабою злосьцяй. Вось гэты род д'яблаў найгоршых ня можа быць выгнаны інакш, як толькі малітваю і постам.

29 Хрыстус ня хоча, каб хто ведаў, дзе ён ёсьць і скрываецца ўжо перад фарызэямі і гэрадыянамі, якія хочуць яго забіць. Гэты час пасьвячае навучаньню сваіх апосталаў.

31 Вучні баяліся яго пытацца, бо людзі наагул ня хочуць глядзець праўдзе ў вочы, асабліва калі гэта праўда няпрыемная і ня хочуць верыць, што прыйдзе няшчасьце.

34 Хрыстус не адкідае тут гіерахіі і старшынства, толькі самой аснове старшынства хоча даць іншага духа. Старшы павінен працаваць для ўсіх, якія знаходзіцца пад яго ўладай.

39 Словы гэтыя адносяцца да таго часу, калі фарызэі і кніжнікі пачалі выступаць проціў Езуса. У той час, хто не выступаў проціў Езуса, мог быць уважаны за прыяцеля. Другім разам і ў іншых абставінах Езус сказаў зусім інакш: "Хто не са мною, той проціў мяне" (Мт. 12, 30; Лук. 11, 23), але ў сапраўднасьці як там так і тут выражана адна думка, толькі ў іншай форме: чалавек, каторы не працуе для справы Божай, робіцца праціўнікам Божым.

40 Ніводзен, нават дробны добры ўчынак, зроблены дзеля Хрыста, не астанецца без нагароды.

42 Гл. Мт. 5, 29.

43 Чарвяк, які точыць душы асуджаных на пякельны агонь, азначае тут згрызоты сумленьня, якія не даюць спакою ў пекле.

48 Кожны чалавек будзе праняты, як-бы пасолены агнём цярпеньня і болю, каб быць прыемным Богу.

У Ст. Законе (Лев. 2, 23) быў загад саліць кожную ахвяру, якую складалі Богу, бо соль ёсьць знакам трывалкасьці і несапсутасьці. Такая "соленая" ахвяра ўважалася за мілую Богу. Таксама і чалавек, каб стацца мілым Богу, повінен быць "пасолены" цярпеньнем і самахвярай.

49 І да згоднага жыцьця патрэбна "соль" самаадрачэньня і любові бліжняга.

 

Разьдзел 10
Неразрыўнасьць жанімства

1 І адтуль, устаўшы, прыйшоў за Ярданам у граніцы Юдэі. І зыйшліся ізноў да яго грамады, і ён, як меў звычай, ізноў навучаў іх. 2 І прыступіўшы фарызэі пыталіся ў яго, прабуючы яго: Ці можна мужу пакінуць жонку? 3 А ён адказваючы, сказаў ім: Што вам загадаў Майсей? 4 Яны сказалі: Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць. 5 Езус, адказваючы ім, сказаў: Дзеля закамянеласьці сэрца вашага напісаў ён вам гэты загад; 6 але на пачатку стварэньня Бог учыніў іх мужчынай і жанчынай. 7 "Дзеля гэтага чалавек пакіне бацьку свайго і матку і прыстане да жонкі сваей; 8 і будуць двое ў вадным целе. І так ужо ня два, але адно цела" (Гэн. 2, 24). 9 Дык што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае. 10 І ў доме ізноў спыталіся ў яго вучні ягоны аб гэтым-жа. 11 І сказаў ім: Хто-б пакінуў жонку сваю і ўзяў другую, дапускаецца чужалоства адносна яе. 12 І калі-б жонка пакінула свайго мужа і выйшла за другога, чужаложыць.

Езус багаславіць дзяцей. Багаты дзяцюк

13 І прыносілі да яго дзяцей, каб ён дакрануўся да іх, а вучні сварыліся на іх, што прыносілі. 14 Калі ўгледзеў іх Езус, неахвотна знёс і сказаў ім: Дазвольце дзеткам прыходзіць да мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць каралеўства Божае. 15 Сапраўды кажу вам: Хто-б ня прыняў каралеўства Божага, ня ўвойдзе ў яго. 16 І абыймаючы іх і кладучы на іх рукі, багаславіў іх.

17 І калі выйшоў у дарогу, нехта прыбегшы і ўпаўшы перад ім на калені, пытаўся ў яго: Вучыцелю добры, што мне рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае? 18 Езус-жа сказаў яму: Што ты завеш мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог. 19 Ведаеш прыказаньні: Не чужалож, не забівай, не крадзі, не гавары фальшывага сьведчаньня, не рабі ашуканства, паважай твайго і матку. 20 А ён адказваючы сказаў яму: Вучыцель, гэтага ўсяго я пільнаваўся ад моладасьці маей. 21 Езус-жа, паглядзеўшы на яго, узлюбіў яго і сказаў яму: Аднаго табе не стае: ідзі, прадай, што маеш і дай убогім і будзеш мець скарб у небе, ды прыходзь, ідзі за мною. 22 Той, засьмуціўшыся дзеля слова, адыйшоў сумны, бо меў вялікія маемасьці. 23 І глянуўшы навакол, Езус сказаў сваім вучням: Як цяжка будзе тым, што маюць грошы, увайсьці ў каралеўства Божае! 24 Вучні-ж вельмі зьдзівіліся са слоў яго. Але Езус ізноў адказваючы сказаў ім: Дзеткі, як цяжка тым, што маюць надзею ў грашах, увайсьці ў каралеўства Божае. 25 Лягчэй вярблюду прайсьці праз вуха ігольнае, чым багатаму ўвайсьці ў каралеўства Божае. 26 Яны тым болей дзівіліся, гаворачы самі да сябе: І хто-ж можа збавіцца? 27 А Езус, паглядзеўшы на іх, сказаў: Немагчыма ў людзей, але ня ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма. 28 І пачаў яму Пётр гаварыць: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за табою. 29 Езус адказваючы сказаў: Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто-б пакінуў дом, або сёстраў, або бацьку, або матку, або дзяцей, або поле дзеля мяне і дзеля эванэліі, 30 які-б не атрымаў у сто раз столькі цяпер, у гэтым часе, дамоў, і братоў, і сёстраў, і матак, і дзяцей, і палёў з прасьледамі, а ў будучым веку жыцьцё вечнае. 31 А многа першых будуць апошнімі, а апошніх першымі.

Езус трэці раз прадказвае сваю муку. Просьба сыноў Зэбэдэявых. Аздараўленьне сьляпога Бартымея

32 Былі-ж яны ў дарозе, ідучы ў Ерузалім. І Езус ішоў перад імі, а яны вельмі дзівіліся і, ідучы ззаду, баяліся. І ўзяўшы ізноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць, што з ім мела стацца. 33 Што вось ідзём у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы архісьвятарам і кніжнікам і старшым, і асудзяць яго на сьмерць, і выдадуць яго паганам; 34 і будуць зьдзекавацца над ім, і будуць пляваць на яго, і будуць бічаваць яго, і заб'юць яго, і на трэці дзень уваскрэсьне.

35 І прыступілі да яго Якуб і Ян, сыны Зэбэдэявы, кажучы: Вучыцель, мы хочам, каб што-колечы будзем прасіць, ты зрабіў нам. 36 А ён сказаў ім: Што вы хочаце, каб я вам зрабіў? 37 І сказалі: Дай нам, каб мы сядзелі адзін па тваей правай, а другі па тваей левай руцэ ў славе тваей. 38 Езус-жа сказаў ім: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці вы можаце піць келіх, які я піў, або быць ахрышчанымі хростам, якім я хрысьціўся. 39 Яны-ж сказалі яму: Можам. А Езус сказаў ім: Келіх, які я піў, то вы піць будзеце, і хростам, якім я хрысьціўся, будзеце ахрышчаны; 40 але сядзець па правай руцэ маей або па левай не мая справа даць вам, але каму прыгатавана.

41 І пачуўшы дзесяцёх пачалі абурацца на Якуба і Яна. 42 Езус-жа, пакілкаўшы іх, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, якія лічацца валадарамі народаў, пануюць над імі, і іх князі маюць над імі ўладу. 43 А паміж вамі ня так; але хто-б хацеў быць большым, будзе вашым слугою; 44 і хто-б хацеў быць першым між вамі, будзе слугою ўсіх. 45 Бо і Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, але каб служыць і даць жыцьцё сваё на выкуп за многіх.

46 І прыйшлі ў Ерыхон. І калі ён выходзіў з Ерыхону і ягоныя вучні і вялікая грамада, сядзеў каля дарогі жабруючы сьляпы Бартымэй, сын Тымэя. 47 Ён, калі пачуў, што ёсьць Езус Назарэнскі, пачаў крычаць і казаць: Езусе, сыне Давіда, зжалься нада мною! 49 І Езус стаўшы загадаў паклікаць яго. І клікнулі яго, кажучы яму: Надзейся, устань, кліча цябе. 50 Ён, пакінуўшы сваю вопратку ускочыўшы, прыйшоў да яго. 51 І адказваючы Езус сказаў яму: Што хочаш, каб я табе зрабіў? А сьляпы сказаў яму: Вучыцель, каб мне відзець. 52 Езус-жа сказаў яму: ідзі, вера твая зрабіла цябе здаровым. І зараз-жа відзеў і пайшоў за ім дарогаю.

32 Вучні ведалі, якая ненавісьць з боку фарызэяў і кніжнікаў чакала на Езуса ў Ерузаліме і дзеля гэтага дзівіліся, што Езус ішоў у Ерузалім і баяліся.

9 Гл. Мт. 19, 7.

12 Разыход мужа і жонкі ў выпадку чужалоства і цяпер дазволены (сэпарацыя), толькі новай сувязі яны рабіць ня маюць права, бо тады чужаложаць. Хрыстус тут моцна падчырківае гэтае права Нов. Закону.

17 Гэта быў багаты дзяцюк, аб каторым у Мт. 19, 16 - 30.

21 Гэты ласкавы пагляд Езуса на таго дзяцюка быў доказам, што дзяцюк праўдк казаў і сапраўды вёў добрае і справядлівае жыцьцё.

24 Ня так грошы, як прывязаннасьць да іх ёсьць перашкодай на дарозе да неба.

25 Гл. Мт. 19, 24.

30 "Устораз столькі" - азначае тут, што Бог нагародзіць чалавека шмат цэньнейшымі дарамі за ўсе ахвяры, якія ён зрабіў для Бога. Нават каліб здарыліся і прасьледы, то ўсёжтакі дары Божыя будуць бальшымі за ахвяры людзкія.

31 Многа "першых" г. зн. жыдоў, якія першыя былі пакліканы да каралеўства Божага, будуць апошнімі, а пагане - першымі.

38 Келіхам і хростам заве Езус тут сваю муку. Гл. Мт. 20, 21 і наступн.

 

Разьдзел 11
ІІ ЧАСЬЦЬ. АПОШНІЯ ДНІ І МУКА ЕЗУСА ХРЫСТА
Трыумфальны ўезд у Ерузалім

1 І калі прыбліжаліся да Ерузаліму і Бэтаніі, каля Аліўнай гары, паслаў двух сваіх вучняў 2 і сказаў ім: Ідзеце ў сяло, што перад вамі, і зараз уваходзячы туды, знойдзеце прывязанае асьлянё, на каторым ніхто з людзей яшчэ не сядзеў: адвяжэце яго і прывядзеце. 3 А калі-б вам хто сказаў: Што робіце? - скажэце, што яно патрэбнае Пану, і зараз пусьціць яго сюды. 4 І пайшоўшы знайшлі асьлянё, прывязанае перад варотамі на вуліцы, пры скрыжаваньні дарог, і адвязалі яго. 5 А некаторыя з стаячых тамака сказалі ім: Што вы робіце, адвязваючы асьлянё? 6 Яны сказалі ім, як ім быў загадаў Езус, і пусьцілі ім. 7 І прывялі асьлянё да Езуса, і ўзлажылі на яго сваё адзеньне, і сеў на яго. 8 Многія-ж слалі сваё адзеньне на дарозе, а іншыя зрэзвалі галіны з дрэваў і слалі на дарозе. 9 І каторыя ішлі наперадзе і каторыя ішлі ззаду, крычалі, кажучы: Госанна! 10 Багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана! Багаслаўленае, што надыходзіць, каралеўства айца нашага Давіда! Госанна на вышынах!

11 І ўвайшоў у Ерузалім у сьвятыню, і агледзеўшы ўсё, калі ўжо была позная гадзіна, выйшаў у Бэтанію з дванаццацьма.

Пракляцьце фігавага дзерава (Вялікі панядзелак)

12 А на другі дзень, калі выйшлі з Бэтаніі, захацеў есьці. 13 І калі ўгледзеў здалёк фігу, маючую лісьце, падыйшоў, мо часам што знойдзе на ей. І калі падыйшоў да яе, нічога не знайшоў, апроч лісьця, бо ня час быў на фігі. 17 І адазваўшыся сказаў ей: Няхай ужо болей ніхто ня есьць з цябе плоду навекі! І чулі вучні ягоны.

15 І прыйшлі ў Ерузалім. І калі ўвайшоў у сьвятыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у сьвятыні, і абярнуў сталы мяняльнікаў і столікі тых, што прадавалі галубы; 16 і не пазваляў, каб хто насіў праз сьвятыню (якую) рэч. 17 І навучаў, кажучы ім: Ці не напісана, што "дом мой будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў". А вы зрабілі яго пячэрай разбойнікаў. 18 Пачуўшы гэтае, архісьвятары і кніжнікі шукалі, як-бы загубіць яго, бо яны баяліся яго, таму што ўся грамада дзівілася з навукі ягонай.

19 І калі настаў вечар, выходзіў з гораду.

20 І калі раніцай праходзілі міма, убачылі фігу зсохшую ад карэньня. 21 І ўспомніўшы Пётр сказаў яму: Вучыцель, вось фіга, каторую ты пракляў, зсохла. 22 І адказваючы Езус сказаў яму: Мейце веру Божую. 23 Сапраўды кажу вам, што хто-б сказаў гэтай гарэ: "Узьніміся і кінься ў мора", і не сумневаўся-б у сэрцы сваім, але верыў, што станецца, што-толькі ён скажа, станецца яму. 24 Дзеля гэтага кажу вам: усё, чаго-толькі молячыся просіце, верце, што атрымаеце і збудзецца вам. 25 І калі станеце на малітву, адпусьцеце, калі што маеце проціў каго, каб і Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, адпусьціў вам грахі вашы. 26 Калі-ж вы не адпусьціце, і Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, не адпусьціць вам грахоў вашых.

27 І прыйшлі ізноў у Ерузалім. І калі хадзіў у сьвятыні, прыступілі да яго архісьвятары і кніжнікі і старшыя, 28 і казалі яму: Якою ўладаю ты гэта робіш? І хто табе даў гэтую ўладу, каб ты рабіў гэтае? 29 Езус-жа адказваючы сказаў ім: Спытаю ў вас і я аднаго слова, і адкажэце мне, то і я вам скажу, якою ўладаю я гэта раблю. 30 Хрост Янаў з неба быў, ці з людзей? Адкажэце мне. 31 Яны-ж разважалі ў сабе, кажучы: Калі скажам "з неба", то скажа: Дык чаму-ж вы яму не паверылі? 32 Калі скажам "з людзей", то баімся народу, бо ўсе лічылі Яна, што ён быў сапраўды прарок. 33 І адказваючы сказалі Езусу: Ня ведаем. І Езус адказваючы сказаў ім: І я вам не скажу, якою ўладаю я гэтае раблю.

2 Сяло называлася Бэтфагэ. Жывёла, на якой яшчэ ніхто не сядзеў, была ўважана ў жыдоў за ненарушаную і дзеля гэтага прыдатнаю да рытуальнай (абрадавай) цэрэмоніі.

13 Фігі ў Палестыне дасьпяваюць у чэрвені (а гэта было ўканцы сакавіка ці ў пачатку красавіка) і дзеля гэтага не магло быць на гэтым дрэве плоду. Аб значэньні пракляцьця гл. Мт. 21, 19.

16 Каб скараціць дарогу, людзілі хадзілі і насілі розныя рэчы праз дварышча сьвятыні. Езус забараняе гэтага.

19 Езус дзеля ворагаў выходзіў з Ерузаліму ў Бэтанію, дзе затрымоўваўся ў Лазара і ягоных сёстраў. Гэтак было і праз наступныя два дні.

20 Рана ў вялікі уўторак.

32 Гл. Мт. 21, 25 і наступн.

 

Разьдзел 12
Прыповесьць аб земляробах у вінаградніку

1 І пачаў ім гаварыць у прыповесьцях:

Чалавек засадзіў вінаграднік, і абгарадзіў плотам, і выкапаў вінатоку, і збудаваў вежу, і аддаў яго ў арэнду земляробам і выехаў. 2 І ў час паслаў да земляробаў слугу, каб узяць ад земляробаў з плоду вінаградніка. 3 Яны, схапіўшы яго, збілі і адаслалі бяз нічога. 4 І зноў паслаў да іх другога слугу, і таго ранілі ў галаву і зьняважылі. 5 І ізноў паслаў другога, а таго забілі; і шмат іншых, адных б'ючы, а другіх забіваючы. 6 Дык яшчэ маючы аднаго сына найдаражэйшага, і таго паслаў уканцы да іх, кажучы: Што ўшануюць сына майго. 7 Але земляробы сказалі паміж сабою: Гэта насьледнік; пойдзем, заб'ём яго, і наша будзе спадчына. 8 І схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку. 9 Дык што зробіць гаспадар вінагардніка?Прыйдзе і выгубіць земляробаў, а вінаграднік аддасьць іншым. 10 І ці вы ня чыталі гэтага пісаньня: "Той камень, каторы адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою вугла. 11 Ад Пана гэта сталася і ёсьць дзіўным у вачох нашых?" (Пс. 117, 22).

12 І стараліся яго ўзяць, ды баяліся грамады, бо зразумелі, што да іх сказаў гэтую прыповесьць. І пакінуўшы яго, адыйшлі.

Аб падатку, ускрасеньні і найбольшым прыказаньні

13 І паслалі да яго некаторых з фарызэяў і гэрадыянаў, каб злавіць яго на слове. 14 Яны прыйшоўшы сказалі яму: Вучыцель, мы ведаем, што ты праўдамоўны і не зважаеш на нікога, бо не глядзіш на асобу людзкую, але папраўдзе навучаеш дарогі Божай. Ці можна даваць падатак цэзару, ці не даваць? 15 Ён, ведаючы іхную хітрасьць, сказаў ім: Што вы мяне спакушаеце? Прынясеце мне дынар, каб я пабачыў. 16 Яны-ж прыняслі яму. І сказаў ім: Чый гэта воблік і надпіс? Кажуць яму: Цэзараў. 17 Езус-жа адказваючы сказаў ім: Дык аддайце, што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу. І дзівіліся з гэтага.

18 І прыйшлі да яго садукеі, каторыя кажуць, што няма ўкрасеньня, і пыталіся ў яго, кажучы: 19 Вучыцель, Майсей нам напісаў, што калі-б у каго памёр брат і пакінуў жонку ды не аставіў дзяцей, то няхай брат ягоны возьме ягону жонку і ўскрасіць патомства брату свайму. 20 Было-ж сем братоў, і першы ўзяў жонку і памёр, не аставіўшы патомства. 21 І ўзяў яе другі, і памёр, і ані гэты не аставіў патомства. І трэці таксама. 22 І бралі яе гэтаксама сямёх, і не аставілі патомства. Апошняй з усіх памярла і жанчына. 23 Дык ва ўскрасеньні, калі ўскрэснуць, каторага з іх яна будзе жаною? Бо сямёх мелі яе за жонку. 24 І адказваючы Езус сказаў ім: Ці ня дзеля таго вы мыляецеся, што ня ведаеце Пісаньняў ані моцы Божай? 25 Бо калі ўваскрэснуць з умерлых, ня будуць ані жаніцца, ані выхадзіць замуж, але будуць як анёлы ў небе. 26 А аб умерлых, што яны ўваскрэснуць, ці вы ня чыталі ў кнізе Майсея, як Бог ля куста сказаў яму, гаворачы: Я ёсьць Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба? (Вых. 3, 6). 27 Ня ёсьць Бог умерлых, але жывых. Дык вы дужа мыляецеся.

28 І прыступіў адзін з кніжнікаў, каторы чуў, як яны спрачаліся і бачачы, што ім добра адказаў, спытаўся ў яго: Якое ёсьць першае з усіх прыказаньне? 29 Езус-жа адказаў яму: Што першае з усіх прыказаньне ёсьць: "Слухай, Ізраіль! Пан Бог твой ёсьць адзін Бог; 30 і любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсею душою тваею, і ўсей думкай тваею, і ўсей сілай тваею" (Паўл. Пр. 6, 45). Гэта ёсьць першае прыказаньне. 31 А другое ёсьць падобнае да яго: "Любі бліжняга твайго як самога сябе" (Лев. 19, 18). Іншага прыказаньня, большага за гэтыя, няма. 32 І сказаў яму кніжнік: Добра, Вучыцель, ты праўду сказаў, што ёсьць адзін Бог і няма іншага апрача яго; 33 і каб любіць яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсею сілаю, і любіць бліжняга як самога сябе - гэты болей за ўсе жэртвы і ахвяры. 34 Езус-жа, бачачы, што разумна адказаў, сказаў яму: Ты недалёка ад каралеўства Божага. І ніхто ўжо ня сьмеў пытаць у яго.

Апошняя мова Езуса ў сьвятыні

35 І азваўшыся казаў Езус, навучаючы ў сьвятыні: Як-жа кажуць кніжнікі, што Хрыстус ёсьць Сын Давіда? 36 Бо сам Давід кажа ў Духу сьвятым: "Сказаў Пан Пану майму: сядзь праваруч мяне, пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх" (Пс. 109, 1). 37 Дык сам Давід заве яго Панам, і скуль-жа ён сын ягоны?

І вялікая грамада ахвотна яго слухала. 38 І казаў ім у сваей навуцы: Сьцеражэцеся кніжнікаў, якія хочуць хадзіць у даўгіх вопратках, і быць вітанымі на рынку, 39 і сядзець на першых лавах у бажніцах, і першыя месцы на вячэрах; 40 якія аб'ядаюць дамы ўдоваў пад прыкрыўкай доўгай малітвы. Гэтыя атрымаюць цяжэйшы прысуд.

41 І седзячы насупроць скарбоны, Езус глядзеў, як грамада кідала грошы ў скарбону; і многа багатых кідала шмат. 42 Калі-ж прыйшла адна бедная ўдава, яна палажыла дзьве манэткі, што выносіць грош. 43 І паклікаўшы сваіх вучняў, сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што гэта беданая ўдава палажыла болей за ўсіх, што клалі ў скарбону. 44 Бо ўсе клалі з таго, што для іх было лішнім, а гэтая палажыла з недастатку свайго ўсё, што мела, увесь свой пражытак.

10 Гл. Мт. 21, 42.

13 Гл. Мт. 22, 16. 15 Гл. Мт. 22, 17.

23 Гл. Мт. 22, 28. 27 Гл. Мт. 22, 32.

34 Адказ Езуса на пытаньне: "Якое ёсьць першае з усіх прыказаньне" спадабаўся нават таму кніжніку і пасьля гэтага фарызэі перасталі пытацца ў Езуса, бо праканаліся, што ім ня ўдасца злавіць яго ў славах.

37 Гл. Мт. 22, 44.

38 Народ пры рабоце насіў кароткае адзеньне, а фарызэі і кніжнікі, каб дадаць сабе болей павагі, насілі доўгае адзеньне, па самыя косткі.

40 Гл. Мт. 23, 14.

44 Езус, каторы глядзіць на сэрца чалавека, вышэй ставіць гэту дробную ахвяру ўдавы, чым багатыя дары ўсіх іншых разам узятых.

 

Разьдзел 13
Прароцтвы аб збурэньні Ерузаліму і канцы сьвету. Напамінаньні аб чуйнасьці

1 І калі выходзілі з сьвятыні, сказаў яму адзін з ягоных вучняў: Вучыцель, паглядзі, якія каменьні і якія будынкі! 2 І адказваючы Езус сказаў яму: Бачыш усе гэтыя вялікія будынкі? Не астанецца камень на камені, які-б ня быў збураны.

3 І калі сядзеў на гарэ Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў яго асобна Пётр і Якуб, і Ян, і Андрэй: 4 Скажы нам, калі гэтае станецца, і які знак будзе, калі гэтае ўсё пачне спаўняцца? 5 І адказваючы Езус пачаў ім гаварыць: Глядзеце, каб вас хто ня зьвёў. 6 Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы: "Што гэта я ёсьць", і многіх зьвядуць. 7 Калі-ж пачуеце аб войнах і ваенных вестках, ня бойцеся, бо трэба, каб гэтае сталася, але яшчэ не канец. 8 Бо паўстане народ проціў народу і каралеўства на каралеўства; і будуць мясцамі зямлетрасеньні і галады. Гэта пачатак болю.

9 А вы глядзеце самі сябе. Бо будуць вас аддаваць у суды, і біць па бажніцах, і будзеце станавіцца перад начальнікамі і каралямі дзеля мяне, на пасьведчаньне ім. 10 І трэба, каб перш была абвяшчаная эванэлія усім народам. 11 І калі вас будуць вадзіць выдаючы, ня думайце наперад, што маеце гаварыць; але што будзе вам дадзена ў гэную часіну, тое гаварэце. Бо ня вы тыя, што гаворыце, але Дух сьвяты. 12 А выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў і сьмерць ім зробяць. 13 І будзеце ў ненавісьці ў усіх дзеля імені майго. Хто-ж вытрывае да канца, той будзе збаўлены.

14 А калі ўгледзіце агіду спусташэньня, стаячую там, дзе не павінна - хто чытае, няхай разумее - тады каторыя ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы; 15 а каторы на даху, няхай ня зыходзіць у дом і няхай не ўваходзіць, каб узяць што з дому свайго; 16 а каторы будзе на полі, няхай не варочаецца назад узяць адзежу сваю. 17 Гора-ж цяжарным і кормячым у гэтыя дні! 18 Малецеся-ж, каб ня сталася зімою.

19 Бо тыя дні будуць такім уцісьненьнем, якога ня было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе. 20 І калі-б Пан не скараціў дзён, ня збавілася-б ніводнае цела; але дзеля выбраных, каторых выбраў, скараціў дні. 21 І тады калі-б вам хто сказаў: Вось тут ёсьць Хрыстус, вось там - ня верце. 22 Бо паўстануць фальшывыя хрыстусы і фальшывыя прарокі, і будуць паказваць знакі і дзівы, каб зьвясьці, калі магчыма, нават выбраных. 23 Вы-ж глядзеце, вось я сказаў вам наперад усё.

24 Але ў тыя дні пасьля гэнага ўцісьненьня зацьміцца сонца, і месяц ня дасьць сваей яснасьці, 25 і зоры нябесныя будуць падаць, і сілы, каторыя ёсьць на небе, зрушацца. 26 І тады ўгледзяць Сына чалавечага, прыходзячага ў воблаках, з сілай вялікай і славай. 27 І тады пашле анёлаў сваіх і зьбярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі аж да краю неба.

28 А ад фіговага дрэва вучэцеся падабенства: калі ўжо галіна яго зробіцца мяккай і пускае лісьце, вы ведаеце, што блізка лета. 29 Так і вы, калі ўгледзеце, што гэта дзеіцца, ведайце, што блізка ёсьць, у дзьвярах. 30 Сапраўды кажу вам, што не праміне гэты род, як усё гэтае станецца. 31 Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.

32 Аб дні-ж тым або гадзіне ніхто ня ведае, ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец. 33 Глядзеце, чуйце і малецеся, бо ня ведаеце, калі час будзе. 34 Як чалавек, што ад'яжджаючы, аставіў свой дом і даў слугам сваім уладу ў кожнай справе і загадаў прыдзьверніку, каб быў чуткім. 35 Дык чуйце, што ня ведаеце, калі гаспадар дому прыйдзе: увечары, ці серад ночы, ці як пеўні запяюць, ці нараніцы: 36 каб прыйшоўшы раптам, не застаў вас сплючых. 37 А што вам кажу, усім кажу: Чуйце.

9 Гл. Мт. 24, 3.

9 Хрыстус напамінае апосталаў, каб яны глядзелі самі сябе г. зн. каб сваімі паступкамі не давалі людзям прычын да прасьледу іх.

"На пасьведчаньне ім" г. зн. каб жыды і пагане былі сьведкамі веры апосталаў.

12 Ненавісьць да Хрыста парве тады нават прыродныя сувязі, як сваяцтва крыві.

13 Гл. Мт. 24, 9 і наст.

14 Агіда спусташэньня стане нават там, дзе быць не повінна, г. зн. у сьвятыні Ерузалімскай.

15 Жыхары Палестыны вялікую часьць дня прабываюць на роўных дахах сваіх дамоў, асабліва рана і вечарам, калі няма гарачыні. Да "людзей на даху" прыходзяць першыя весткі, што робіцца ў суседзтве.

32 Словы: "ня ведае... ані Сын" тут сказаны ў тым значэньні, што Хрыстус быў пасланы не на тое, каб адкрыць людзям дзень або гадзіну сканчэньня сьвету і апошняга суду, але на тое, каб людзей збавіць, і хоць аб гэтым дні ведаў, то адкрыцьцё гэтага дня або гадзіны ня было ў намерах Божых.

33 Час зьяўленьня Сына Божага на суд ёсьць няведамы, дзеля гэтага Хрыстус у далейшай прыповесьці напамінае да чуйнасьці.

36 Чалавек, каторы ад'яжджае - гэта Хрыстус узыходзячы ў неба; слугі ягоны - гэта ўсе верныя; прыдзьвернік - гэта душа і знадворныя пачуцьці кожнага; а поры начы - гэта леты чалавека: маладыя, сталыя і старэйшыя; дык трэба, быць чуйнымі, бо часіна сьмерці і суду няведамы.

 

Разьдзел 14
Змова проціў Езуса. Намашчэньне ў Бэтаніі. Здрада Юдаша.

1 Была-ж за два дні Пасха і Праснакі. І шукалі архісьвятары і кніжнікі, як узяць яго хітрасьцяй і забіць. 2 Але казалі: Ня ў дзень сьвяточны, каб часам не паўстала забурэньне ў народзе.

3 І калі быў у Бэтаніі ў доме Сымона Пракажанага і сядзеў за сталом, прыйшла жанчына, маючы алябастар дарагога шпіканардовага алейку, і разьбіўшы алябастар, выліла на галаву яго. 4 Былі-ж некаторыя, што гневаліся ў сабе і казалі: Нашто было рабіць гэтае марнатраўства алейку? 5 Бо можна было гэты алеяк прадаць болей, як за трыста дынараў і раздаць убогім. І наракалі на яе. 6 А Езус сказаў: Пакіньце яе. Нашто вы робіце ей прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла адносна мяне. 7 Бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою, і калі захочаце, можаце ім рабіць дабро; але мяне не заўсёды маеце. 8 Яна, што мела, зрабіла: наперад намасьціла маё цела на пахаваньне. 9 Сапраўды кажу вам, дзе- толькі будзе абвяшчацца гэта эванэлія па ўсім сьвеце, і што яна ўчыніла, будзе сказана на памяць аб ёй.

10 А Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятараў, каб ім яго выдаць. 11 Яны пачуўшы ўсьцешыліся і абяцалі даць яму грошай. І ён шукаў, як бы зручнай часінай яго выдаць.

Апошняя вячэра

12 І на першы дзень Праснакоў, калі ахвяроўвалі Пасху, сказалі яму вучні: Куды хочаш, каб мы пайшлі і прыгатовілі табе есьці Пасху? 13 І паслаў двух з сваіх вучняў і сказаў ім: Ідзеце ў горад, і спаткае вас чалавек, нясучы збан вады. Ідзеце за ім; 14 і куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дому, што Вучыцель кажа: "Дзе ёсьць мая сьвятліца, дзе-б мне спажываць Пасху з вучнямі маімі?" 15 І ён вам пакажа вялікі пакой, засланы, і там прыгатуеце нам. 16 І пайшлі вучні ягоны, і прыйшлі ў горад, і знайшлі так як ім сказаў, і прыгатовілі Пасху.

17 Калі-ж настаў вечар, прыйшоў з дванаццацьма. 18 І калі яны сядзелі і елі, сказаў Езус: Сапраўды кажу вам, што адзін з вас, каторы есьць са мною, выдасьць мяне. 19 Яны-ж пачалі смуціцца і казаць яму паасобку: Ці гэта я? 20 Ён сказаў ім: Адзін з дванаццацёх, што маеце са мною руку ў місе. 21 І Сын чалавечы, праўда, ідзе, як аб ім напісана, але гора таму чалавеку, праз каторага Сын чалавечы будзе выданы. Лепш яму было-б, каб не нарадзіўся гэны чалавек.

22 І калі яны елі, узяў Езус хлеб, і багаславячы ламаў, і даў ім, і сказаў: Бярэце, гэтае ёсьць цела маё. 23 І ўзяўшы келіх, учыніўшы падзяку, даў ім, і пілі з яго ўсе. 24 І сказаў ім: Гэтая ёсьць кроў мая новага закону, каторая за многіх будзе праліта. 25 Сапраўды кажу вам што ўжо ня буду піць з гэтага вінаграднага плоду, аж да таго дня, калі буду яго піць новы ў каралеўстве Божым.

Езус у садзе Аліўным

26 І адправіўшы гімн, выйшлі на гару Аліўную. 27 І сказаў ім Езус: Усе вы згоршыцеся з мяне ў гэту ноч, бо ёсьць напісана: "Удэру пастыра і разсеюцца авечкі". 28 Але потым, як уваскрэсну, пайду перад вамі ў Галілею. 29 А Пётр сказаў яму: І калі-б усе згоршыліся з цябе, але ня я. 30 І сказаў яму Езус: Сапраўды кажу табе, што ты сягоньня, у гэтую ноч, перш чым певень два разы падасьць голас, тры разы адрачэсься ад мяне. 31 Але ён яшчэ болей гаварыў: І калі-б мне трэба было разам умерці з табою, я не адракуся ад цябе. Гэтаксама-ж казалі і ўсе.

32 І прыйшлі да сялібы, якой імя Гэтсэмані. І сказаў сваім вучням: Сядзеце тут, пакуль я памалюся. 33 І ўзяў з сабою Пятра, і Якуба, і Яна, і пачаў баяцца і тужыць. 34 І сказаў ім: Сумная душа мая аж да сьмерці; астаньцеся тут і чуйце. 35 І адыйшоўшы трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, адыйшла ад яго часіна. 36 І казаў: Абба, Ойча! Усё для цябе магчымае, аднясі ад мяне гэтую кару. Але ня што я хачу, але што ты. 37 І прыйшоў і знайшоў іх сплючых. І сказаў Пятру: Сымоне, ты сьпіш? Ты ня мог чуць аднэй гадзіны? 38 Чуйце і малецеся, каб ня ўпасьці ў пакусу. Дух-то ахвочы, але цела нядужае. 39 І ізноў адыйшоўшы маліўся, кажучы тыя самыя словы. 40 І вярнуўшыся, знайшоў іх ізноў сплючых, бо вочы іх былі абцяжэўшы, і ня ведалі, што яму адказаць. 41 І прыйшоў трэці раз і сказаў ім: Сьпеце ўжо і адпачываеце. Годзі. Прыйшла гадзіна, вось Сын чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў. 42 Устаньце, пойдзем! Вось той, каторы мяне выдасьць, блізка ёсьць.

43 І калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, і з ім вялікая грамада з мячамі і кіямі, ад архісьвятараў і кніжнікаў і старшых. 44 Даў-жа быў здраднік ягоны ім знак, кажучы: Каго я пацалую, гэта ён, бярэце яго і вядзеце асьцярожна. 45 І калі прыйшоў, зараз прыступіўшы да яго, сказаў: Будзь прывітаны, Вучыцель! І пацалаваў яго. 46 яны-ж налажылі на яго рукі і ўзялі яго. 47 Адзін-жа, нехта з тых, што там стаялі, выняўшы меч, ударыў слугу архісьвятаравага і адсек яму вуха. 48 І адказваючы Езус сказаў яму: Так як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і кіямі злавіць мяне? 49 Штодня быў я ў вас у сьвятыні вучачы, і вы ня ўзялі мяне. Але каб споўніліся Пісаньні. 50 Тады вучні ягоны, пакінуўшы яго, усе паўцекалі.

51 Нейкі-ж дзяцюк ішоў за ім, накінуўшы пасьцілку на голае цела і ўзялі яго, 52 але ён, пакінуўшы пасьцілку, голы ўцёк ад іх.

Езус прад Сангэдрынам. Адрачэньне Пятра

53 І прывялі Езуса да архісьвятара, і зыйшліся ўсе сьвятары і кніжнікі і старшыя. 54 Пётр-жа здалёку ішоў за ім аж у сярэдзіну ў двор архісьвятара, і сядзеў з слугамі каля агню і грэўся.

55 А архісьвятары і ўся Рада шукалі прціў Езуса пасьведчаньня, каб яго выдаць на сьмерць, і не знаходзілі. 56 Бо многія казалі фальшывае пасьведчаньне проціў яго, але ня былі згодныя пасьведчаньнямі 57 А некаторыя ўстаўшы, фальшыва сьведчылі проціў яго, кажучы: 58 Што мы чулі, як ён казаў: "Я развалю гэтую сьвятыню, збудаваную рукою, і за тры дні іншую, незбудаваную рукою, пастаўлю". 59 І ня было згоднае іх пасьведчаньне.

60 І ўстаўшы архісьвятар пасярэдзіне, спытўся ў Езуса, кажучы: Не адказваеш нічога на тое, што табе гэтыя закідаюць? 61 Але ён маўчаў і нічога не адказваў. Ізноў архісьвятар спытаўся ў яго і сказаў яму: Ці Ты ёсьць Хрыстус, Сын Бога багаслаўленага? 62 Езус-жа сказаў яму: Я ёсьць, і ўбачыце Сына чалавечага, сядзячага праваруч моцы Божай і прыходзячага з воблакамі нябеснымі. 63 А архісьвятар, разрываючы адзеньне сваё, сказаў: Што-ж, нам яшчэ патрэбны сьведкі? 64 Вы чулі блюзьнерства; што вам здаецца? Яны ўсе асудзілі, што ён падлеглы сьмерці. 65 І пачалі некаторыя пляваць на яго, і закрываць твар ягоны, і біць яго кулакамі, і казаць яму: Прароч! А слугі білі яго па шчоках.

66 І калі Пётр быў унізе на дварэ, прыйшла адна з служак архісьвятара, 67 і калі ўбачыла, што Пётр грэецца, глянуўшы на яго, сказала: І ты быў з Езусам Назарэнскім. 68 Але ён адрокся, кажучы: І ня ведаю, і не разумею, што ты гаворыш. І выйшаў вон прад сені, і запяяў певень. 69 Ізноў-жа як убачыла яго служка, пачала казаць тым, што навакол стаялі: Што гэты ёсьць з іх. 70 Але ён другі раз адрокся. І крыху потым тыя, што там стаялі, ізноў сказалі Пятру: Сапраўды ты з іх, бо ты і Галілеец. 71 Але ён пачаў клясьціся і прысягаць: Што ня знаю гэтага чалавека, аб каторым вы гаворыце. 72 І зараз запяяў певень другі раз. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Езус: Перш чым певень два разы запяе, ты тры разы ад мяне адрачэсься. І пачаў плакаць.

1 Гл. Мт. 26, 2 і наст.

2 Жыдоўская Рада пастанавіла забіць Езуса па Вялікадні, але здрада Юдаша прычынілася да зьмены гэтай пастановы.

3 Гэта была Марыя, сястра Марты і Лазара (гл. Ян 12, 3). Аб намашчэньні гл. Мт. 26, 7.

32 Калі прыйшлі ў Гэтсэмані, магчыма, што была гадзіна 9 вечарам.

36 "Абба" - слова арамайскае, значыць "Ойча".

51 Дзяцюк гэты, паводле многіх пісьменьнікаў, гэта быў Марак, які потым напісаў гэту эванэлію. Магчыма, што ён спаў у Гэтсэмані, якое належала да яго бацькі і пачуўшы шум, выйшаў, каб паглядзець, што сталася.

54 Было гэта ў пачатку красавіка, дык ночы ў Палестыне гэтым часам даволі зімныя і была патрэба разлажыць агонь.

59 Дзеля нязгоднасьці іншыя пасьведчаньні ня мелі праўнай сілы і трэба было здабыць ад самога абвінавачанага прызнаньне ў віне, на якім можна было-б абапёрці сьмяротны прысуд.

64 Сангэдрын уважаў за блюзьнерства словы Хрыстуса, што ён ёсьць Сын Божы і на падставе гэтых слоў асудзіў Хрыста на сьмерць, бо за блюзьнерства Закон Майсея (Лев. 24, 15 - 16) загадываў караць сьмерцяй.

65 Гл. Мт. 26, 67 і наступн.

 

Разьдзел 15
Езус прад Пілатам

1 І зараз нараніцы, зрабіўшы нараду, архісьвятары з старшымі і кніжнікамі і ўсей Радай, зьвязаўшы Езуса, павялі і перадалі Пілату.

2 І спытаўся ў яго Пілат: Ты ёсьць кароль Юдэйскі? Ён-жа адказваючы сказаў яму: Ты кажаш. 3 І вінавацілі яго архісьвятары ў многім. 4 Пілат-жа ізноў спытаўся ў яго, кажучы: Не адказваеш нічога? Глядзі, у якіх вялікіх справах цябе вінавацяць! 5 Езус-жа болей не адказаў нічога, так што дзівіўся Пілат.

6 А на дзень сьвяточны меў звычай выпушчаць ім аднаго з вязьняў, каго-б загадалі. 7 Быў-жа, каторы называўся Барабба, каторы з бунтаўнікамі быў у вязьніцы, каторы ў бунце ўчыніў забойства. 8 І калі прыйшла грамада, пачала прасіць, каб учыніў ім, як заўсёды. 9 Пілат-жа адказаў ім і сказаў: Хочаце, выпушчу вам караля Юдэйскага? 10 Бо ведаў, што архісьвятары выдалі яго дзеля завісьці. 11 Але архісьвятары падбурылі грамаду, каб лепш пусьціў ім Бараббу. 12 Пілат-жа адказваючы ізноў сказаў ім: Што-ж хочаце, каб я зрабіў каралю Юдэйскаму? 13 А яны ізноў закрычылі: Укрыжуй яго! 14 Пілат-жа сказаў ім: Што-ж ён зрабіў благое? Але яны тым болей крычалі: Укрыжуй яго! 15 І Пілат, хочучы дагадзіць народу, пусьціў ім Бараббу, а Езуса ўбічаванага аддаў, каб быў укрыжаваны.

16 А жаўнеры завялі яго ў дварышча суду і сабралі ўсю роту. 17 І апранулі яго ў пурпур, і сплёўшы цярновы вянок узлажылі на яго. 18 І пачалі вітаць яго: Будзь прывітаны, кароль Юдэйскі! 19 І білі яго па галаве трысьцінаю, і плявалі на яго, і станавячыся на калені, кланяліся яму.

Укрыжаваньне Езуса Хрыста, яго сьмерць і пахаваньне

20 І калі насьмяяліся з яго, зьнялі з яго пурпур і апранулі яго ў ягонае адзеньне і вывелі яго, каб яго ўкрыжаваць. 21 І прымусілі нейкага праходзячага міма, Сымона Кірэнэйца, які ішоў з вёскі, бацьку Александра і Руфа, каб нёс крыж ягоны. 22 І прывялі яго на месца Голгота, што значыць месца Трупнога Чэрапу. 23 І давалі яму піць віно зьмяшанае з міррай, але ён ня прыняў. 24 І ўкрыжаваўшы яго, падзялілі адзеньне ягонае, кідаючы жэраб над ім, хто што меў узяць. 25 Была-ж трэцяя гадзіна; і ўкрыжавалі яго. 26 І быў надпіс віны яго напісаны: Кароль Юдэйскі. 27 І з ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго па правай, а другога па левай руцэ яго. 28 І споўнілася Пісаньне, каторае кажа: "І з злачынцамі ён палічаны" (Із. 53, 12).

29 А праходзячыя міма блюзьнілі яму, ківаючы галавамі сваімі і кажучы: Во, што развальваеш сьвятыню Божую і ў тры дні адбудоўваеш, 30 ратуй самога сябе, зыходзячы з крыжа. 31 Таксама і архісьвятары, насьміхаючыся, адзін да другога з кніжнікамі гаварылі: Другіх ратаваў, а сябе самога ня можа паратаваць. 32 Няхай-жа цяпер Хрыстус, кароль Ізраільскі, зыйдзе з крыжа, каб мы бачылі і паверылі. І тыя, што былі з ім укрыжаваныя, наругаліся з яго.

33 І калі настала шостая гадзіна, зрабілася цемра па ўсей зямлі аж да гадзіны дзевятай. 34 А ў дзевятай гадзіне закрычаў Езус вялікім голасам, кажучы: "Елоі, Елоі, ламма сабахтані"? што значыць: Божа мой, Божа мой, чаму-ж Ты мяне пакінуў? 35 А некаторыя з тых, што стаялі навакол, чуючы гаварылі: Вось Гальяша кліча. 36 Адзін-жа, пабегшы і напоўніўшы губку воцтам і насадзіўшы на трысьціну, даваў яму піць, кажучы: Чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш, каб зьняць яго. 37 Езус-жа, закрычаўшы вялікім голасам, сканаў.

38 І заслона сьвятыні разьдзёрлася надвое ад верху аж да нізу. 39 А сотнік, каторы стаяў напроціў, бачачы, што гэтак крычачы, сканаў, сказаў: Сапраўды гэты чалавек быў Сынам Божым. 40 Былі-ж і жанчыны, углядаючыся здалёку, паміж каторымі была Марыя Магдалена, і Марыя, матка Якуба Малодшага і Язэпа, і Саламея; 41 і калі быў у Галілеі, хадзілі за ім і служылі яму, і многа іншых, каторыя разам з ім былі прыйшоўшы у Ерузалім.

42 І калі ўжо настаў вечар, (бо быў дзень Прыгатаўленьня, які бывае перад суботай), 43 прыйшоў Язэп з Арыматэі, выдатны радны, каторы і сам чакаў каралеўства Божага, і сьмела ўвайшоў да Пілата, і прасіў цела Езуса, 44 а Пілат зьдзівіўся, ці ўжо памёр. І клікнуўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці ўжо памёр. 45 І калі даведаўся ад сотніка, дараваў цела Язэпу. 46 Язэп-жа, купіўшы палатно і зьняўшы яго, завярцеў у палатно і палажыў яго ў гробе, які быў высечаны з скалы, і прываліў камень да ўваходу ў гроб. 47 Марыя Магдалена і Марыя Язэпава глядзелі, дзе яго палажылі.

1 Гл. Мт. 27, 1 і наст.

21 Гэты Сымон, як перадаюць старадаўныя пісьменьнікі, навярнуўся, быў біскупам у Заярданьні і памёр мучаніцкаю сьмерцяй.

23 Гл. Мт. 27, 34 і наст.

25 Трэцяя гадзіна ў тагачасных жыдоў - гэта быў час паміж нашай 9 і 12 дня. Магчыма, што Езуса ўкрыжавалі зараз перад нашай 12-ай.

33 Гадзіна 6 - 9 гэта наша 12 - 3 па палудні. Гл. Мт. 27, 45.

44 Сябры Сангэдрыну былі ў Пілата і прасілі, каб паламаць галені ўкрыжаваным, каб прысьпешыць сьмерць. Гэта было ў тую-ж пятніцу 3 па паўдні. Калі зараз потым зьявіўся Язэп з Арыматэі, просячы цела Езуса, Пілат зьдзівіўся, ці Езус ужо памёр і паклікаўшы сотніка, які быў пры сьмерці Езуса і які пасьля паламаньня галеняў вярнуўся на замак, выслухаў ад яго афіцыяльнай справаздачы аб сьмерці Езуса. Упэўніўшыся, што езус памёр, Пілат пазволіў зьняць цела Езуса з крыжа і пахаваць. Гл. Мт. 27, 57.

 

Разьдзел 16
Ускрасеньне і апошнія дні Хрыста на зямлі

1 І калі прайшла субота, Марыя Магдалена і Марыя Якубава і Саламея купілі пахнідлаў, каб пайшоўшы намасьціць Езуса. 2 І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыйшлі да гробу ўжо па ўсходзе сонца. 3 І гаварылі паміж сабою: Хто нам адваліць камень ад уваходу ў гроб? 4 І глянуўшы, убачылі адвалены камень; бо быў ён надта вялікі. 5 І ўвайшоўшы ў гроб, увідзелі маладзяна, сядзячага па правай старане, адзетага ў белую вопратку і астаўпянелі. 6 Ён сказаў ім: Ня бойцеся. Вы шукаеце Езуса Назарэнскага, укрыжаванага; ён ускрос, няма яго тут. Вось мейсца, дзе яго палажылі! 7 Але ідзеце, скажэце вучням ягоным і Пятру, што ідзе перад вамі ў Галілею; там яго ўбачыце, як сказаў вам. 8 Яны-ж выйшаўшы, уцяклі ад гробу, бо напала на іх дрыжаньне і страх; і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.

9 А ўскросшы рана ў першы дзень тыдня, зьявіўся сьпярша Марыі Магдалене, з каторай выгнаў сем д'яблаў. 10 Яна пайшоўшы, паведаміла тых, што з ім былі, сумных і плачучых. 11 Яны-ж, пачуўшы, што жыве і быў бачаны ёю, не паверылі. 12 Пасьля-ж гэтага паказаўся ў іншым выглядзе двум з іх ідучым, калі яны ішлі ў сяло. 13 А яны, прыйшоўшы, паведамілі другіх, і ім не паверылі. 14 Урэшце, зьявіўся гэным адзінаццацём, як сядзелі за сталом і выгаварваў недаверства іх і закамянеласьць сэрца, што ня верылі тым, каторыя відзелі яго ўскросшым.

15 І сказаў ім: Ідучы на ўвесь сьвет абвяшчайце эванэлію ўсяму стварэньню. 16 Хто ўверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлены, а хто ня ўверыць, будзе асуджаны. 17 А за тымі, што ўвераць, будуць ісьці такія знакі: У імя маё будуць выганяць д'яблаў, будуць гаварыць новымі мовамі: 18 вужоў будуць браць і хоць-бы што сьмяротнае пілі, не пашкодзіць ім; на хворых рукі ўзложаць, і будуць мецца добра.

19 А Пан Езус, пасьля таго як гаварыў да іх, узяты ёсьць у неба і сядзіць праваруч Бога. 20 Яны-ж пайшоўшы абвяшчалі ўсюды, а Пан памагаў і ўцьвярджаў мову знакамі, якія ішлі ўсьлед за імі.

1 У пятніцу яны ня мелі часу накупіць пахнідлаў, дык робяць гэта ў суботу вечарам, як адыйшоў шабат.

2 "У першы дзень тыдня" г. зн. у нядзелю, калі ледзь пачынала сьвітаць.

8 Убачыўшы анела і пусты гроб, жанчыны спужаліся, бо гэта ўжо было для іх незразумелым. Яны спачатку баяліся гаварыць каму аб гэтым, што бачылі.

15 "Усяму стварэньню" г. зн. стварэньню разумнаму, людзям.

16 З волі Хрыста ўсе людзі павінны прызнаць яго навуку. Вера і хрост ёсьць першым канечным варункам збаўленьня, а другім - жыцьцё паводле загадаў Хрыстовых, як аб гэтым сказаў выразна сам Хрыстус (Мт. 28, 20). Да збаўленьня патрэба споўніць усё, што загадаў Хрыстус, а да асуджэньня даволі адсутнасьці аднэй рэчы: веры, бо хто ня верыць, ужо асуджаны (Ян 3, 18).

17 Гэтых слоў ня трэба разумець так, што кожны, хто верыць у Хрыста, будзе чыніць цуды. Тут Хрыстус толькі прадказвае, што ў ягоным Касьцёле будуць дзеяцца цуды, калі яны будуць патрэбны дзеля пашырэньня і ўцьвярджэньня веры хрысьціянскай, дзеля карысьці Касьцёла або дзеля якіх іншых вышэйшых мэтаў. Дзеля гэтых мэтаў і цяпер дзеюцца цуды (напр. у Лурд).

19 Чалавецтва Хрыста не сваей моцай узыйшло ўнеба, але было ўзьнятае моцай Божай, як злучанае з Асобай Слова - з Сынам Божым.

Сядзець праваруч Бога значыць: уладаць разам з Богам Айцом усім сьветам.

 

 

Сьвятая Эванэлія паводле Лукаша

 

АБ ЭВАНЭЛІІ СЬВ. ЛУКАША

Аўтар. Сьв. Лукаш, аўтар трэцяй Эванэліі, быў лекарам. Быў ён родам з грэцкай паганскай сям'і з гораду Антыохіі (у Сырыі). Прыняўшы хрысьціянства, стаўся верным таварышам сьв. Паўла. З гэтым апосталам адбыў другую місыйную падарожу аж да Македоніі, дзе астаўся працаваць пасярод нованаверненых хрысьціянаў. Па сямі гадох ізноў далучыўся да сьв. Паўла і быў ягоным таварышам і супрацоўнікам аж да сьмерці гэтага апостала. Аб апошніх гадох і сьмерці сьв. Лукаша ня маем пэўных даных.

Што сьв. Лукаш ёсьць аўтарам трэцяй эванэліі і Апостал. Дзеяў, аб гэтым згодна сьведчаць сьв. Айцы і пісьменьнікі старадаўнага Касьцёла. Дзеля таго што сам сьв. Лукаш ня відзяў Хрыста, ён пісаў сваю эванэлію з таго, што чуў ад сьв. сьв. Паўла, Пятра, Якуба і іншых асоб, якіх пазнаў у Ерузаліме, а асабліва ад маткі Езуса Хрыста. У прадмове да эванэліі ён выразна кажа, што сам усяго пільна дайшоўшы, апісаў папарадку ўсё, што чуў. У апісаньні падзеяў сьв. Лукаш дзяржаўся хронологічна-географічнага парадку, гэта значыць, апісаў спачатку дзейнасьць Е. Хрыста ў Галілеі, потым у дарозе да Юдэі (праз Самарыю і Пэрэю), потым ізноў у Галілеі, у Юдэі і Ерузаліме.

Мэта. Эванэлія сьв. Лукаша была напісана каля 62 году па Нарадж. Хрыста. Яна напісана добрай грэцкай мовай і мела на мэце абслужыць касьцёлы, заложаныя сьв. Паўлам у М. Азіі і Грэцыі. Касьцёлы гэтыя складаліся з паганаў (грэкаў) і жыдоў. Аднак большасьць была паганаў і затым сьв. Лукаш падчырківае паўсюднасьць Хрыстовага Касьцёла, які бяз ніякай розьніцы павінен абняць сабою і жыдоў і паганаў. Жыды, хоць мелі быць першымі ў Валадарстве Хрыстовым, то адкінуўшы ягону навуку і выдаўшы яго на сьмерць, самі выракліся гэтай ласкі. Аднак і для іх дарога да збаўленьня не зачыненя, трэба толькі пакаяньня і навароту да Хрыста (13, 3 - 8; 21, 24).

Гэтакая асноўная ідэя эванэліі сьв. Лукаша. У спосабе перадаваньня розных падзеяў, сьв. Лукаш згодны з сваім вучыцелем сьв. Паўлам.

СЬВЯТАЯ ЭВАНЭЛІЯ ЕЗУСА
ХРЫСТА ПАВОДЛЕ ЛУКАША

 

Разьдзел 1
ПРАДМОВА

1 Бо як многія браліся ўлажыць расказ аб падзеях, якія ў нас адбыліся, 2 так як перадалі нам тыя, каторыя ад пачатку самі бачылі і былі слугамі слова, 3 то прыйшло на думку і мне, пільна ад пачатку ўсяго дайшоўшы, апісаць папарадку табе, дастойны Тэафілю, 4 каб ты пазнаў праўду тых слоў, якіх цябе навучылі.

І ЧАСЬЦЬ. УКРЫТАЕ ЖЫЦЬЦЁ ЕЗУСА ХРЫСТА
Прыход на сьвет Яна Хрысьціцеля

5 Быў у дні Гэрада, караля Юдэі, адзін сьвятар са зьмены Абія, на імя Захар, і жонка яго з дачок Ааронавых і імя яе Альжбета. 6 Былі-ж яны абое справядлівыя перад Богам, паступаючы без заганаў ва ўсіх прыказаньнях і законах Пана, 7 і ня было ў іх сына, таму што Альжбета была няплодная, і былі яны абое пажылыя ў днях сваіх.

8 Сталася-ж, калі ён у парадку сваей зьмены адбываў сьвятарскую службу перад Богам, 9 паводле звычаю сьвятарскай службы выпала лёсам, каб увайшоўшы ў сьвятыню Пана, ахвяраваў кадзіла; 10 а ўсё мноства народу было на дварэ, молячыся ў часе каджэньня. 11 І зьявіўся яму анел Панскі, стоячы па правай старане кадзільнага аўтара. 12 І ўгледзеўшы Захар стрывожыўся і напаў на яго страх. 13 Анел-жа сказаў да яго: Ня бойся Захар, бо выслухана просьба твая і жонка твая Альжбета родзіць табе сына і назавеш імя яго Ян. 14 І будзе табе радасьць і ўцеха і многія будуць радавацца з нараджэньня яго. 15 Бо ён будзе вялікі перад Панам, ня будзе піць віна і сіцэры і будзе напоўнены Духам сьвятым яшчэ ў лоне маткі сваей. 16 І наверне многіх сыноў Ізраіля да Пана Бога іх, 17 і сам ён пойдзе перад ім у духу і сіле Гальяша, каб зьвярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей і няверуючых да разважнасьці справядлівых, каб прыгатовіць Пану народ дасканальны.

18 І сказаў Захар да анела: Адкуль я пазнаю гэтае? Бо я стары і жонка мая пажылая ў днях сваіх. 19 І адказваючы анел сказаў яму: Я ёсьць Габрыель, што перад Богам стаў і пасланы ёсьць гаварыць да цябе і абвясьціць табе гэтую добрую вестку. 20 І вось будзеш маўчаць і ня будзеш магчы гаварыць аж да дня, у каторым гэтае станецца, за тое што не паверыў славам маім, якія збудуцца ў сваім часе. 21 А народ чакаў на Захара, і дзівіліся, што ён марудзіў у сьвятыні. 22 Калі-ж выйшаў, ня мог да іх гаварыць; і пазналі, што бачыў зьяву ў сьвятыні; а ён ківаў ім і астаўся нямы.

23 І сталася, калі скончыліся дні ягонай службы, адыйшоў у свой дом. 24 Пасьля-ж гэтых дзён зачала Альжбета, жонка яго, і таілася праз пяць месяцаў, кажучы: 25 Што гэтак учыніў мне Пан у днях, у каторых узглянуў, каб зьняць ганьбу маю паміж людзей.

Учалавечаньне Сына Божага

26 А ў шосты месяц пасланы быў анел Габрыель ад Бога ў Галілейскае места, катораму імя Назарэт, 27 да дзевы, пашлюбаванай з мужам, катораму было імя Язэп, з дому Давіда, а імя дзевы Марыя. 28 І ўвайшоўшы да яе анел, сказаў: Прывітана будзь, поўная ласкі, Пан з табою, багаслаўлена ты між жанчынаў. 29 Яна, як пачула, стрывожылася ад мовы ягонай і думала, якое-б гэта было прывітаньне. 30 І сказаў ёй анел: Ня бойся, Марыя, бо ты знайшла ласку ў Бога; 31 вось зачнеш у лоне і родзіш сына і назавеш імя яго Езус. 32 Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага; і дасьць яму Пан Бог пасад Давіда, бацькі яго; і будзе валадарыць у доме Якуба навекі 33 і валадарства яго ня будзе канца. 34 А Марыя сказала да анела: Як-жа гэта станецца, калі я мужа ня знаю? 35 І адказваючы анел сказаў ей: Дух сьвяты найдзе на цябе і сіла Найвышэйшая ацяніць цябе, затым і што народзіцца з цябе Сьвятое, будзе названае Сынам Божым. 36 І вось Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасьці сваей і гэты шосты месяц у тае, каторую завуць няплоднай. 37 Бо ў Бога ня будзе немагчымым ніводнае слова. 38 І сказала Марыя: Вось слуга Пана, няхай мне станецца паводле твайго слова І адыйшоў ад яе анел.

Марыя адведвае Альжбету

39 А ўстаўшы Марыя ў гэныя дні, пайшла з пасьпехам у горы, у юдэйскае места, 40 і ўвайшла ў дом Захара і прывітала Альжбету. 41 І сталася, як пачула Альжбета прывітаньне Марыі, ускочыла дзіця ў яе лоне і была напоўнена Духам сьвятым Альжбета, 42 і ўскрыкнула вялікім голасам і сказала: Багаслаўлена ты між жанчынаў і багаслаўлены плод улоньня твайго. 43 І скуль-жаж мне гэта, што матка Пана майго прыходзіць да мяне? 44 Бо вось, як голас прывітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, ускочыла з радасьці дзіця ў лоне маім. 45 І багаслаўлена ты, каторая паверыла, бо споўніцца тое, што было табе сказана ад Бога.

46 І сказала Марыя:

Вялічае душа мая Пана

47 і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцы маім,

48 што ўзглянуў на нізкасьць служкі сваей.

Бо вось адгэтуль багаслаўленай будуць называць мяне усе народы:

49 бо ўчыніў мне вялікія рэчы,

каторы магутны ёсьць, і сьвятое імя яго;

50 і міласэрдзе ягона з пакаленьня ў пакаленьні

для тых, што баяцца яго.

51 Учыніў магутнасьць рукою сваею,

разсеяў гордых думкай сэрца іхнага

52 Скінуў магутных з пасаду,

а ўзвысіў нізкіх.

53 Галодных здаволіў дабром,

а багатых з нічым адправіў.

54 Прыняў Ізраіля, слугу свайго,

успомніўшы аб міласэрдзі сваім.

55 Як гаварыў да айцоў нашых,

да Абрагама і патомства яго на векі.

56 І правяла Марыя з ею каля трох месяцаў і вярнулася ў свой дом.

Нарадзіны Яна Хрысьціцеля

57 Альжбеце-ж настаў час радзіць і радзіла сына. 58 І пачулі суседзі і сваякі яе, што ўзвялічыў Пан міласэрдзе сваё над ёю - і цешыліся з ёю. 59 І сталася ў восьмы дзень, прыйшлі абрэзаць дзіця і называлі яго іменем бацькі яго Захар. 60 І адказваючы маці ягона сказала: Ня так, але будзе называцца Ян. 61 І сказалі да яе: Што няма нікога ў тваей радні, хто-б называўся гэтым іменем. 62 І давалі знакі бацьку яго, як-бы хацеў назваць яго. 63 І зажадаўшы таблічку, напісаў кажучы: Ян ёсьць імя ягонае. І дзівіліся ўсе. 64 І адчыніліся зараз-жа вусны яго і язык ягоны, і гаварыў, багаславячы Бога. 65 І зьняў страх усіх суседзяў іхных і разыходзіліся ўсе гэтыя словы па ўсіх горах Юдэі; 66 а ўсе, што чулі, бралі да сэрца свайго, кажучы: Што, думаеш, будзе з гэтага дзіцяці? Бо рука Пана была з ім.

67 А Захар, бацька яго, напоўнены быў Духам сьвятым, і прарочыў, кажучы:

68 Багаслаўлены Пан, Бог Ізраіляў,

што адведаў і ўчыніў адкупленьне народу свайго;

69 і падняў для нас рог збаўленьня

у доме Давіда, слугі свайго.

70 Як гаварыў праз вусны сьвятых,

каторыя ад веку ёсьць, прарокаў сваіх:

71 Выбаўленьне ад ворагаў нашых

і з рукі ўсіх, што нас ненавідзяць,

72 каб учыніць міласэрдзе з айцамі нашымі

і ўспомніць свой сьвяты тэстамэнт,

73 што прысягу, якую прысягаў Абрагаму,

айцу нашаму, дасьць нам,

74 каб выбаўленыя з рукі ворагаў нашых

мы бяз страху служылі яму

75 у сьвятасьці і справядлівасьці перад ім

праз усе дні нашыя.

76 А ты, дзіця, будзеш названае прарокам

Найвышэйшага,

бо пойдзеш перад воблікам Пана правіць

дарогі ягоны.

77 каб даць народу яго пазнаньне збаўленьня

на адпушчэньне грахоў іх.

78 дзеля нутранога міласэрдзя Бога нашага,

праз якое адведаў нас усход з вышыні,

79 каб сьвяціць тым, каторыя сядзяць у цемры

і ў ценю сьмерці,

каб пакіраваць ногі нашыя на дарогу супакою.

80 А дзіця расло і ўмацоўвалася духам і было ў пустынях аж да дня свайго зьяўленьня перад Ізраілям.

1 З гэтых "многіх", якія перад Лукашам браліся ўлажыць расказ аб жыцьці і дзейнасьці Е. Хрыста, да нас дайшлі толькі натхнёныя Богам эванэліі Матэуша і Марка.

2 Слугамі "слова", г. зн. слугамі "эванэліі", былі апосталы і вучні Хрыстовы, каторыя бачылі і чулі Хрыста і былі з ім.

3 Няма ведама, хто гэта быў той дастойны Тэафіль, для каторага сьв. Лукаш напісаў сваю эванэлію і Апост. Дзеі. Некаторыя думаюць, што гэта быў адзін выдатны нованавернены хрысьціянін.

5 Гэрад (Вялікі) быў уладаром ня толькі Юдэі, але ўсяе бадай Палестыны.

7 Бяздзетнасьць уважалася ў жыдоў за ганьбу і як бы за кару Божую, дзеля гэтага муж і жонка маліліся да Бога, каб адхіліў ад іх гэту кару і абдарыў іх патомствам.

10 Народ ня мог уваходзіць у самую сьвятыню, але аставаўся на дварышчы (так як у нас на цьмінтары каля касьцёла), а ўваходзіў толькі сьвятар, які адпраўляў службу Божую. Аб парадку службы Божай і аб тым, што дзеялася ў сьвятыні, народ паведамлялі голасам трубы.

11 Кадзільны аўтар стаяў каля самага занавесу, аддзяляючага месца Сьвятое ад Найсьвяцейшага (Сьвятога Сьвятых).

15 "Сіцэра" - гэта быў моцны напітак, які прыгатаўлялі з пладоў, збожа або мёду.

17 Сьв. Ян Хрысьціцель быў папярэднікам першага прыходу Езуса, так як Гальяш будзе папярэднікам другога прыходу - на апошні суд.

21 Штодзённы абрад каджэньня ня трываў доўга, тымчасам народ чакаў на багаславенства, якое па выхадзе з сьвятыні даваў сьвятар, які спаўняў абрад каджэньня. Дзеля гэтага было зьдзіўленьне ў народзе, што Захар гэтак доўга замарудзіў у сьвятыні. Яшчэ большае было зьдзіўленьне, калі аказалася, што ён ня мог гаварыць.

25 Гл. Як вышэй р. 7.

26 "У шосты месяц" лічучы ад зачацьця Яна Хрысьціцеля. Назарэт - сяньня горад, які лічыць каля 20 тысяч насельніцтва, а даўней, за часоў Хрыста, гэта было малое мястэчка.

28 Паўнату ўсьвячаючай ласкі Божай атрымала Марыя ўжо ў першай хвіліне свайго Непавіннага Зачацьця, а гэта дзеля таго, што мела стацца маткай Сына Божага. Затым і названа "ласкі поўнай".

31 Імя Езус (ад гэбрайскага слова Егошуа або Ешуа) значыць збаўленьне ад Ягвы, Збаўца, (Гл. Мт. 1, 21)

32 Давід быў бацькам г. зн. продкам Езуса паводле цела, бо Езус выходзіў з роду Давіда. "Сын Давіда" ў сьв. Пісаньні азначае Мэсыяша.

34 Марыя шлюбавла Богу дзявоцтва і берагла яго нават у жанімстве, затым і кажа, што мужа ня знае.

35 Анел кажа, што Марыя станецца маткай бяз учасьніцтва мужа, а гэта такім спосабам, што моц Божая зыйдзе як воблак на Марыю і як ценем яе акрые, гэта моц пройме яе і з яе цела і крыві створыць цела Хрыстова. Гэта ўсё станецца без нарушэньня яе дзявоцтва.

38 Марыя заве сябе служкай Пана і згаджаецца быць маткай Сына Божага. У тую хвіліну даканалася вялікая тайніца ў чалавечаньня Сына Божага. Дух сьв. у лоне Дзевы Марыі ўтварыў цела Хрыста, злучыў яго з створанаю тады-ж людзкою душою і гэтая натура людзкая была злучана з Божай Асобай Слова. Бог чалавек пачаў існаваць, а Марыя сталася маткай Бога.

40 Марыя, даведаўшыся ад анела, што яе сваячка сьв. Альжбета будзе маткай, пасьпяшыла ў Юдэю, каб яе адведаць. Дарога з Назарэту ў Юдэю магла трываць 3 - 4 дні.

46 Натхнёная Духам сьв. Марыя выказала ў прыгожай песьні "Вялічае душа мая Пана" (Магніфікат) ня толькі ўсю сваю радасьць, але хвалу і падзяку Богу за такую вялікую ласку.

56 Марыя была ў Альжбеты да нарадзінаў Яна, а па нарадзінах вярнулася ў Назарэт.

59 Абразаньне адбывалася ў Ст. Законе на восьмы дзень па нарадзінах і мела вялікае значэньне. Праз абразаньне дзіця атрымлівала ачышчэньне ад первароднага грэху і станавілася ўчасьнікам багаславенстваў і абяцаньняў, дадзеных Богам патрыярхам. Пры абразаньні давалі дзіцяці імя.

61 Імёны ў сем'ях жыдоўскіх часта пераходзілі з пакаленьня ў пакаленьне.

69 "Рог" у гэбрайскай паэзіі азначае сілу і магутнасьць. Тут "рог збаўленьня" азначае тое самае, што "магутнасьць Збаўцы".

78 Усходам у вышыні або сьвятлом сьв. Пісаньне часта заве Мэсыяша, ад каторага ўвесь духовы сьвет бярэ сьвятло, цяплыню і жыцьцё.

80 Ян ад маладых гадоў быў у пустыні (каля ўтокаў Ярдану ў Мертвае мора), дзе праз пост і малітву прыгатаўляўся да свайго высокага пазваньня.

 

Разьдзел 2
Нараджэньне Езуса Хрыста

1 І сталася ў тыя дні, выйшаў загад ад цэзара Аўгуста, каб сьпісаць увесь сьвет. 2 Гэты першы сьпіс быў зроблены начальнікам Сырыі Цырынам. 3 І ішлі ўсе, каб запісацца, кожны ў сваё места. 4 Пайшоў-жа і Язэп з Галілеі, з места Назарэту, у Юдэю, у места Давіда, якое завецца Бэтлеем, затым што быў з дому і роду Давіда, 5 каб запісацца з Марыяй, пашлюбаванай з ім жонкай, якая была ўцяжку.

6 Сталася-ж, калі яны там былі, выпаўніліся дні, каб радзіла. 7 І нарадзіла сына свайго первароднага, і спавіла яго ў пялёнкі і палажыла яго ў жолабе, бо ня было ім месца ў заезьдзе.

8 І былі ў тэй-жа ваколіцы пастухі, якія ня спалі, адбываючы начныя варты каля сваей стады. 9 І вось анел Пана стаў каля іх і яснасьць Божая адусюль іх асьвяціла і агарнуў іх вялікі страх. 10 І сказаў ім анел: Ня бойцеся, бо вось абвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе для ўсяго народу, 11 што вам сяньня ў месьце Давіда нарадзіўся Збаўца, каторы ёсьць Хрыстус Пан. 12 І гэты вам знак: Знойдзеце дзіця, спавітае ў пялёнкі і паложанае ў жолабе. 13 І зараз зьявілася з анелам мноства войска нябеснага, хвалячых Бога і кажучых: 14 Слава на вышыні Богу, і на зямлі супакой людзям добрае волі.

15 І сталася, калі анелы адыйшлі ад іх да неба, пастухі гаварылі адзін да другога: Пойдзем аж у Бэтлеем і паглядзім таго слова, якое сталася, якое паказаў нам Пан. 16 І прыйшлі сьпяшаючы, і знайшлі Марыю і Язэпа і дзіця паложанае ў жолабе. 17 А ўбачыўшы, расказвалі аб слове, якое было ім сказана аб гэтым дзіцяці. 18 І ўсе, што чулі, дзівіліся з таго, што да іх пастухі гаварылі. 19 А Марыя перахоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім. 20 І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.

21 І калі мінула восем дзён, каб было абрэзана дзіця, далі яму імя Езус, якое было названа анелам перш, чым ён зачаўся ў лоне.

Ахвяраваньне Езуса ў сьвятыні.

22 І калі выпаўніліся дні ачышчэньня яе паводле закону Майсея, занясьлі яго ў Ерузалім, каб ставіць яго Пану, 23 як напісана ёсьць у законе Пана: Што "кожны первародны мужчынскага роду будзе названы сьвятым Пану" (Вых. 13, 2), 24 і каб даць ахвяру, паводле таго, што сказана ў законе Пана, пару туркоў або два галубкі.

25 І вось быў у Ерузаліме чалавек, якому на імя Сымон, а чалавек гэты справядлівы і багабойны, чакаючы пацехі Ізраіля, і Дух сьвяты быў у ім. 26 І атрымаў ён аб'яву ад Духа сьвятога, што ня ўбачыць сьмерці, калі перш ня ўгледзіць Хрыстуса Панскага. 27 І прыйшоў у Духу ў сьвятыню. І калі ўносілі дзіця Езус бацькі ягоны, каб учыніць за яго паводле звычаю закону, 28 узяў і ён яго на рукі свае, і багаславіў Бога і сказаў:

29 Цяпер адпускаеш слугу твайго, Пане,

паводле слова твайго, у супакою,

30 бо вочы мае ўбачылі збаўленьне тваё,

31 якое прыгатовіў ты перад воблікам усіх

народаў:

32 Сьвятло на асьвячэньне паганаў

і славу народу твайго Ізраільскага.

33 А бацька ягоны і матка дзівіліся з таго, што гаварылася аб ім. 34 І багаславіў іх Сымон і сказаў да Марыі, маткі ягонай: Вось гэты паложаны ёсьць на ўпадак і на паўстаньне многіх у Ізраілю, і на знак, якому працівіцца будуць; 35 і праз тваю ўласную душу пройдзе меч, каб былі выяўлены думкі з многіх сэрцаў.

36 І была Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з пакаленьня Асэра. Яна была пажылая ў днях сваіх, і жыла з сваім мужам сем гадоў ад свайго дзявоцтва, 37 а была яна ўдавою аж да восемдзесят чатырох гадоў. Яна не адыходзіла ад сьвятыні, постамі і малітвамі служачы і ўдзень і ўначы. 38 І яна, у гэту самую гадзіну надыйшоўшы, славіла Пана і гаварыла аб ім усім, якія чакалі адкупленьня Ізраіля.

39 І калі споўнілі ўсё паводле закону Пана, вярнуліся ў Галілею, у сваё места Назарэт. 40 А дзіця расло і набірала сілы, поўнае мудрасьці, і ласка Божая была ў ім.

Дванаццацігадовы Езус у сьвятыні

41 І хадзілі бацькі ягоны праз усе гады ў Ерузалім на ўрачысты дзень Пасхі. 42 І калі яму было дванаццаць гадоў, яны прйшлі ў Ерузалім паводле звычаю сьвяточнага дня, 43 і скончыўшы дні, калі варочаліся, асталося дзіця Езус у Ерузаліме, і ня ведалі бацькі ягоны. 44 А думаючы, што ён ёсьць у дружыне, увайшлі дзень дарогі і шукалі яго між сваякамі і знаёмымі. 45 І не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы яго.

46 І сталася, пасьля трох дзён знайшлі яго ў сьвятыні, як сядзеў пасярод вучоных, слухаючы іх і пытаючыся ў іх. 47 Усе-ж, каторыя слухалі яго, дзівіліся з розуму і адказаў ягоных. 48 І ўбачыўшы зьдзівіліся; і сказала да яго матка ягона: Сыне, нашто ты нам зрабіў гэтак? Вось айцец твой і я гаротныя шукалі цябе. 49 І сказаў ім: Чаго-ж вы мяне шукалі? Ці вы ня ведалі, што трэба мне быць у тых справах, якія ёсьць Айца майго? 50 А яны не разумелі слова, якое сказаў ім.

51 І пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў ім падданы. А матка ягона ўсе гэтыя словы перахоўвала ў сэрцы сваім. 52 А Езус рос у мудрасьці, і ў гадох, і ў ласцы ў Бога і ў людзей.

1 "Увесь сьвет" - гэта "сьвет рымскі", рымская дзяржава.

4 Бэтлеем (сягоньня Бэйт-Лагм) ляжыць 8 клм. на поўдзень ад Ерузаліму. З Назарэту ў Бэтлеем было каля 140 клм. дарогі.

7 Не знайшоўшы для сябе месца ў бэтлеемскім заезьдзе, дзеля вялікага зборышча людзей, Н. Дзева Марыя з сьв. Язэпам выйшлі за горад і памясьціліся ў аднэй з пячэраў. У такіх пячэрах жылі бяднейшыя людзі, туды-ж заганялі пастухі быдла. У ваднэй з такіх пячэраў знайшлі сабе прыпынішча Н. Дзева і сьв. Язэп. Над гэнай пячэрай цяпер збудована базыліка.

Паводле навукі Касьцёла Н. Дзева Марыя радзіла свайго сына без нарушэньня свайго дзявоцтва, астаючыся заўсёды Дзевай. (Гл. Мт. 1, 25).

8 У Палестыне авечкі нанач заганяюць у загараду, зробленую з каменьня ў полі пад чыстым небам. Пастухі па чарзе вартуюць каля сваіх стадаў.

13 Войска нябеснае - гэта анелы, нябесныя духі.

21 Хрыстус хацеў паддацца праву абразаньня, каб даць довад свайго праўдзівага чалавецтва, каб даць нам прыклад послуху для права, каб сьцьвердзіць, што ён належыць да патомства Абрагама і гэтым самым мець доступ да жыдоўскага народу, да каторага прадусім быў пасланы.

22 Первародны сын кожнай маткі, паводле Старога закону (Быц. 13, 2 - 15; 22, 29) павінен быў пасьвяціцца на службу Божую і быць сьвятарам, калі-ж аднак потым да адпраўляньня службы Божай было вызначана адно пакаленьне Леві, первародных сыноў звальнялі ад гэтага абавязку, а толькі трэба было даць за іх выкуп - ахвяру з 5 сыкляў серабра. Ахвяроўваньне первародных сыноў адбывалася ў сьвятыні на дварышчы, празначаным для жанчын.

Хоць пастановы Закону адносна ахвяроўваньня первародных сыноў і ачышчэньня матак пасьля радзін не абавязывалі ані Е. Хрыста, як правадаўцы, ані Н. Дзевы Марыі, якая заўсёды асталася чыстаю, то аднак і Хрыстус і Марыя спаўняюць гэты старазаконны загад, каб даць нам прыклад послуху перад правам.

34 Езус "ёсьць паложаны" на ўпадак г. зн. на асуджэньне тых, каторыя ня вераць у яго, а на паўстаньне духовае (збаўленьне) тых, каторыя пойдуць за ім.

39 На гэты раз сьв. Сям'я ў Назарэце ня была доўга, бо сьв. Язэп зараз перанёсься ў Бэтлеем, тут наняў сабе дамок і жыў з працы рук каля аднаго году. У гэтым часе сюды прыбылі мудрацы з ўсходу, каб аддаць паклон Е. Хрысту і згэтуль скора наступілі ўцекі ў Эгіпет (гл. Мт. 2, 11).

42 Калі хлапец у жыдоўскім народзе дахадзіў да 12 гадоў, ён станавіўся "сынам Закону", г. зн. падлягаў пастановам Закону.

44 Багамольнікі, варочаючыся да хаты, ішлі звычайна грамадкамі і групамі, мужчыны аддзельна, жанчыны аддзельна, дык Н. Дз. Марыя і сьв. Язэп думалі, што Езус ідзе разам з адною з такіх групаў. Аднак, калі вечарам затрымаліся на начлег, спасьцераглі, што Езуса няма пры ніводнай групе і вярнуліся назад у Ерузалім.

46 У сьвятыні кніжнікі (рабіны) вучылі народ і сваіх вучняў. Там быў і Езус.

52 Мала вестак пераказалі нам эванэліі аб жыцьці Езуса ў Назарэце ад 12-ці ягоных гадоў аж да 30-ці, г. зн. аж да ягонага выступленьня на публічнае навучаньне. Можна дапусьціць, што сьв. Язэп памёр перад выступленьнем Езуса на публічнае навучаньне і што Езус працаваў як рамесьнік.

 

Разьдзел 3
ІІ ЧАСЬЦЬ. ПУБЛІЧНАЕ ЖЫЦЬЦЁ ЕЗУСА ХРЫСТА
Дзейнасьць Яна Хрысьціцеля. Хрост Езуса

А ў пятнаццатым годзе панаваньня Тыбэрыя цэзара, калі Понцый Пілат правіў Юдэяй, а Гэрад быў тэтрархай Галілеі і Траханіцкай краіны, і Лізаній тэтрархай Абілены, 2 за архісьвятараў Аннаша і Кайфаша сталася слова да Яна, сына Захара, у пустыні. 3 І прыйшоў ён да ўсяе краіны Ярдану, абвяшчаючы хрост пакуты на адпушчэньне грахоў, 4 як напісана ёсьць у кнізе моваў Ізраіля прарока (40, 2-5): "Голас клічучага ў пустыні: Праўце дарогу Пана, простымі рабеце сьцежкі яго. 5 Усякі дол будзе напоўнены, і ўсякая гара і ўзгорак будуць паніжаны, і крывыя будуць простымі, і няроўныя гладкімі дарогамі. 6 І ўбачыць кожнае цела збаўленьне Божае".

7 Дык гаварыў ён да грамадаў, якія выходзілі, каб ім быць ахрышчанымі: Родзе гадавы, хто вам паказаў уцякаць ад надыходзячага гневу? 8 Дык чынеце плады годныя пакуты. І не пачынайце гаварыць: "Айца маем Абрагама", бо я вам кажу, што Бог можа з гэтых каменьняў падняць сыноў Абрагаму. 9 Бо ўжо сякера да кораня дзераваў прыложана. Дык усякае дзерава, якое не прыносіць добрага плоду, будзе сьцята і кінута ў вагонь.

10 І пыталіся ў яго грамады, кажучы: Дык што нам рабіць? 11 Ён-жа адказваючы, казаў ім: Хто мае дзьве вопраткі, няхай дасьць таму, хто ня мае, а хто мае ежу, няхай робіць гэтаксама. 12 Прыйшлі-ж і мытнікі, каб ахрысьціцца і сказалі яму: Вучыцель, што нам рабіць? 13 Ён-жа сказаў ім: Нічога болей не рабеце, як тое, што вам ўстаноўлена. 14 Пыталіся-ж у яго і жаўнеры, кажучы: Што рабіць і нам? І сказаў ім: Нікога ня беце і не ўдавайце, але будзьце здаволены вашаю платаю.

15 Калі-ж народ дагадываўся і ўсе думалі ў сэрцах сваіх аб Яне, ці часам ён ня ёсьць Хрыстус, 16 адказаў Ян, кажучы ўсім: Я-то вас хрышчу вадою, але прыйдзе мацнейшы за мяне, у каторага я ня годзен разьвязаць рамень абутку ягонага. Ён вас будзе хрысьціць Духам сьвятым і агнём. 17 Веялка яго ў руцэ ягонай, і зьбярэ пшаніцу ў свой сьвіран, а мякіну спаліць агнём няўгасным.

18 Многа-ж і іншага, напамінаючы, абвяшчаў ён народу.

19 Гэрад-жа тэтрарха, калі быў дакараны ім за Гэрадыяду, жонку ягонага брата, і за ўсё зло, якое ўчыніў Гэрад, 20 дадаў да ўсяго і гэтае, што замкнуў Яна ў вастрозе.

21 Сталася-ж, калі хрысьціўся ўвесь народ і калі Езус быў ахрышчаны і маліўся, адчынілася неба, 22 і Дух сьвяты зыйшоў на яго ў цялесным выглядзе, як галубок, і адазваўся голас з неба: Ты ёсьць Сын мой мілы, у табе мне да ўспадобы.

Радавод Езуса Хрыста

23 А сам Езус, пачынаючы, меў гадоў каля трыццаці, як думалі, сын Язэпаў, каторы быў Геліяў, каторы быў Мататаў, 24 каторы быў Левіяў, каторы быў Мэльхіяў, каторы быў Яннэяў, каторы быў Язэпаў, 25 каторы быў Мататіяў, каторы быў Амосаў, каторы быў Наумаў, каторы быў Есьлеяў, каторы быў Нагеяў, 26 каторы быў Магатаў, каторы быў Мататіяў, каторы быў Самэяў, каторы быў Язэпаў, каторы быў Юдаў, 27 каторы быў Янаў, каторы быў Рэзаў, каторы быў Зоробабэляў, каторы быў Саляцыеляў, каторы быў Нэраў, 28 каторы быў Мэльхіяў, каторы быў Аддіяў, каторы быў Козанаў, каторы быў Эльмадамаў, каторы быў Гэраў, 29 каторы быў Езусаў, каторы быў Эліязараў, каторы быў Ёрымаў, каторы быў Мататаў, каторы быў Левіяў, 30 каторы быў Сымонаў, каторы быў Юдаў, каторы быў Язэпаў, каторы быў Ёнаў, каторыў быў Эліякімаў, 31 каторы быў Мэлеяў, каторы быў Мэннаў, каторы быў Мататаў, каторы быў Натанаў, каторы быў Давідаў, 32 каторы быў Ессаў, каторы быў Обэдаў, каторы быў Боозаў, каторы быў Сальмонаў, каторы быў Наассонаў, 33 каторы быў Амінадабаў, каторы быў Арамаў, каторы быў Эзронаў, каторы быў Фарэсаў, каторы быў Юдаў, 34 каторы быў Якубаў, каторы быў Ізаакаў, каторы быў Абрагамаў, каторы быў Тарыяў, каторы быў Нахораў, 35 каторы быў Саругаў, каторы быў Рагаваў, каторы быў Фалекаў, каторы быў Гэбэраў, каторы быў Саліяў, 36 каторы быў Каінаў, каторы быў Арфаксадаў, каторы быў Сэмаў, каторы быў Нояў, каторы быў Ламехаў, 37 каторы быў Матузалаў, каторы быў Гэнохаў, каторы быў Ярэдаў, каторыў быў Малалеляў, каторы быў Каінаў, 38 каторы быў Гэносаў, каторы быў Сэтаў, каторы быў Адамаў, каторы быў Божы.

1 Понцый Пілат правіў Юдэяй і Самарыяй ад 26 да 36 году па Нарадж. Хрыста з тытулам пракуратара, а Гэрад Антыпа - Галілеяй і Пэрэяй з тытулам тэтрарха.

2 Сьцісла бяручы, архісьвятарам быў тады (ад 18 да 36 г. па Нар. Хр.) Кайфаш (Каяфа), зяць Аннаша, як былы архісьвятар і цесьць Каіфаша, умешваўся да спраў, сьв. Лукаш падае тут і яго. У гэты час сталася "слова" (загад) Бога да Яна, каб ішоў абвяшчаць народу пакуту.

7 У грамадах людзей, якія прыхадзілі да сьв. Яна, былі фарызэі, садукеі і многа грэшных, затым сьв. Ян выражаецца гэтак востра.

9 Гл. Мт. 3, 9 -10.

11 Каб усьцерагчыся гневу Божага, Ян падае тут спосабы: дарэньне ўбогіх і наагул добрыя чыны адносна бліжняга.

 

Разьдзел 4
Хрост і кушэньне Езуса Хрыста

1 А Езус, поўны Духа сьвятога, вярнуўся ад Ярдану і быў ведзены Духам у пустыню, 2 праз сорак дзён, і быў спакушваны д'яблам. І нічога ня еў у гэтыя дні, а калі яны скончыліся, пачаў голад. 3 І сказаў яму д'ябал: Калі ты Сын Божы, скажы гэтаму каменю, каб ён стаўся хлебам. 4 І адказаў яму Езус: Напісана ёсьць, што "не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам Божым" (Паўл. Пр. 8, 3). 5 І завйў яго д'ябал на гару высокую і паказаў яму ўсе каралеўствы сьвету ў момант часу, 6 і сказаў яму: Табе аддам усю гэтую ўладу і славу іх, бо яны мне адданы, і каму хачу, даю іх. 7 Дык ты, калі паклонісься мне, усё тваё будзе. 8 І адказваючы Езус сказаў яму: Напісана ёсьць: "Пану Богу твайму кланяйся і яму аднаму служы" (Паўл. Пр. 6, 13). 9 І завёў яго ў Ерузалім, і паставіў яго на крыле сьвятыні, і сказаў яму: Калі ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз. 10 Бо ёсьць напісана: што "анелам сваім загадаў аб табе, каб сьцераглі цябе", 11 і "што на руках панясуць цябе, каб часам ня ўдарыў аб камень нагі сваей" (Пс. 90, 11-12). 12 І адказваючы Езус сказаў яму: Сказана ёсьць: "не спакушай Пана Бога твайго" (Паўл. Пр. 6, 16).

13 І скончыўшы ўсё кушэньне, д'ябал адыйшоў ад яго аж да часу.

Езус варочаецца ў Галілею і пачынае абвяшчаць эванэлію

14 І вярнуўся Езус у моцы Духа ў Галілею і разыйшлася весьць аб ім па ўсей краіне. 15 А ён навучаў па іхных бажніцах і ўсімі быў слаўлены.

16 І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны. І ўвайшоў паводле свайго звычаю ў дзень суботні ў бажніцу, і ўстаў, каб чытаць. 17 І падалі яму кнігу Ізаія прарока. І адчыніўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана: 18 "Дух Пана нада мною, дзеля гэтага намасьціў мяне, каб абвяшчаць эванэлію ўбогім. Паслаў мяне аздараўляць скрышаных сэрцам, 19 абвяшчаць вязьням збаўленьне і сьляпым зрок, выпусьціць на волю прыгнечаных, абвясьціць год Пана прыемны і дзень адплаты" (Із. 61 , 1 - 2).

20 І зачыніўшы кнігу, аддаў слузе і сеў. А вочы ўсіх у бажніцы былі зьвернены на яго. 21 Ён-жа пачаў гаварыць да іх: Што сяньня споўнілася гэтае пісаньне ў вушах вашых. 22 І ўсе давалі яму пасьведчаньне і дзівіліся з стройнасьці слоў, якія выходзілі з ягоных вуснаў і казалі: Ці ж ён ня сын Язэпаў?

23 І сказаў ім: Вы пэўне скажаце мне гэтае падабенства: "Лекару, вылячы самога сябе. Якія вялікія рэчы, мы чулі, дакананы ў Капарнауме, зрабі і тут у бацькаўшчыне тваей". 24 І сказаў: Сапраўды кажу вам, што ніякі прарок ня ёсьць прыняты ў бацькаўшчыне сваей. 25 Папраўдзе вам кажу: Многа было ўдоваў у Ізраілю ў дні Гальяша, калі неба было зачынена праз тры гады і шэсьць месяцаў, калі настаў вялікі голад па ўсей зямлі; 26 і да ніводнай з іх ня быў пасланы Гальяш, адно толькі ў Сарэпту сыдонскую, да жанчыны ўдавы. 27 І было многа пракажаных у Ізраілю за Елісея прарока, і ніхто з іх ня быў ачышчаны, апрача Наамана Сырыйца.

28 А чуючы гэтае, усе ў бажніцы былі поўны гневу. 29 І ўсталі, і выкінулі яго за места, і завялі яго аж на верх гары, на каторай было пабудованае іхнае места, каб скінуць яго. 30 Ён-жа, прайшоўшы пасярод іх, адыйшоў.

Езус навучае ў Капарнаум

31 І прыйшоў у Капарнаум, места галілейскае, і там навучаў іх суботамі. 32 І вельмі дзівіліся з навукі ягонай, бо з уладаю была мова яго.

33 А ў бажніцы быў чалавек, маючы нячыстага духа, і закрычаў вялікім голасам, 34 кажучы: Пакінь, што табе да нас, Езусе Назарэнскі? Прыйшоў ты згубіць нас? Знаю цябе, хто ты ёсьць, Сьвяты Божы. 35 І насварыўся на яго Езус, кажучы: Замоўкні і выйдзі з яго. І д'ябал, кінуўшы яго пасярод, выйшаў з яго і нічога яму не пашкодзіў. 36 І агарнуў усіх страх, і гаварылі паміж сабою, кажучы: Што гэта за слова такое, што з уладаю і сілаю загадывае нячыстым духам і выходзяць? 37 І разыходзілася слава аб ім па ўсякім месцы краіны.

38 Езус-жа, устаўшы з бажніцы, увайшоў у дом Сымона. А цешча Сымонава была ў вялікай гарачцы, і прасілі яго за яе. 39 І стаўшы над ёю, загадаў гарачцы, і пакінула яе. І зараз-жа ўстаўшы, паслугавала ім.

40 А калі зайшло сонца, усе, што мелі хварэючых на розныя хваробы, прыводзілі іх да яго. Ён-жа, кладучы на кожнага рукі, аздараўляў іх. 41 А выходзілі з многіх д'яблы, крычачы і кажучы: Што ты ёсьць Сын Божы. І насварыўшыся, не пазваляў ім гаврыць, бо ведалі, што ён ёсьць Хрыстус.

42 А калі настаў дзень, ён, выйшаўшы, пайшоў у пустыннае месца. А грамады шукалі яго, і прыйшлі аж да яго, і затрымоўвалі яго, каб не адыходзіў ад іх. 43 Ён сказаў ім: Што трэба мне і іншым местам абвяшчаць каралеўства Божае, бо на гэта я пасланы.

44 І навучаў па бажніцах Галілеі.

1 Гл. Мт. 4, 1 і наступн.

22 "Давалі пасьведчаньне" г. зн. прызнавалі ў Езусе добрага прамоўцу. Але разам з гэтым назарэтчане не маглі зразумець, каб Езус, на каторага яны прывыклі глядзець, як на сына Язэпа, быў нечым вышэйшым за іх.

26 Гальяш і Елісей былі Ізраэліты, аднак паміма розных бед, якія былі ў Ізраілю, Бог пасылае іх памагаць паганам, а гэта дзеля таго, што Бог у даваньні сваей ласкі ня кіруецца ўзглядамі на народнасьць або паходжаньне чалавека. Назарэтчане былі з роду Абрагама, аднак яны, адкідаючы навуку Хрыста, так як і іншыя жыды, самі былі адкінуты, а на іх месца прыйшлі пагане. Зразумелі гэта назарэтчане і згэтуль іх гнеў.

30 Яшчэ не надыйшла часіна мукі Хрыстуса і ён выходзіць цудоўным спосабам з рук сваіх суродзічаў. Гэтым самым учыніў і тутака Езус цуд, толькі не такі, якога хацелі назарэтчане.

 

Разьдзел 5
Езус у лодцы Пятра. Цудоўная лоўля рыбы

1 І сталася, калі грамады напіралі на яго, каб паслухаць слова Божага, а ён стаяў каля возера Гэнэзарэт. 2 І ўбачыў дзьве лодкі, стаячыя на возеры, а рыбакі былі выйшаўшы і паласкалі сеці. 3 І ўвайшоўшы ў вадну лодку, што была Сымонава, прасіў яго ад'ехаць трохі ад зямлі. І сеўшы, вучыў грамады з лодкі.

4 Калі-ж перастаў гаварыць, сказаў да Сымона: Едзь на глыбіню і закіньце сеці вашыя на лоў. 5 І адказваючы Сымон сказаў яму: Вучыцель, праз усю ноч працуючы, мы нічога не злавілі, але на слова тваё закіну сець. 6 І калі гэта зрабілі, загарнулі вялікае мноства рыб, і рвалася іх сець. 7 І далі знак таварышам, каторыя былі ў другой лодцы, каб прыбылі і памаглі ім. І прыбылі, і напоўнілі абедзьве лодкі, так што ледзь не танулі. 8 Бачачы гэтае, Сымон Пётр упаў да кален Езуса, кажучы: Выйдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны. 9 Бо агарнула яго вялікае зьдзіўленьне і ўсіх, што з ім былі, з ўлову рыб, які злавілі; а так-жа Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэявых, каторыя былі таварышамі Сымона. І сказаў Езус да Сымона: Ня бойся, адгэтуль ужо людзей лавіць будзеш. 11 І выцягнуўшы лодкі на зямлю, пакінуўшы ўсё, пайшлі за ім.

Аздараўленьне пракажанага і спаралізаванага

12 І сталася, калі быў у вадным месьце, і вось чалавек поўны праказы; і ўбачыўшы Езуса і ўпаўшы на твар, прасіў яго, кажучы: Пане калі хочаш можаш мяне ачысьціць. 13 І працягнуўшы руку, дакрануўся да яго, кажучы: Хачу, будзь ачышчаны. І зараз-жа праказа адыйшла ад яго. 14 А ён загадаў яму, каб нікому не казаў, але: Ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй за ачышчэньне тваё, як загадаў Майсей, на пасьведчаньне ім.

15 І болей разыходзілася гутарка аб ім; і зыходзіліся вялікія грамады, каб паслухаць і быць аздароўленымі ад сваіх немачаў. 16 Ён-жа адыходзіў на пустыню і маліўся.

17 І сталася аднаго дня, і ён сядзеў навучаючы, і сядзелі фарызэі і вучыцялі закону, якія былі прыйшоўшы з усіх мястэчак Галілеі і Юдэі і з Ерузаліму. А моц Пана была да аздараўленьня іх. 18 І вось людзі, што нясьлі на пасьцелі чалавека, які быў спаралізаваны, і стараліся ўнясьці яго і палажыць перад ім. 19 І дзеля народу, не знайшоўшы, кудою-б яго ўнясьці, узыйшлі на дах і праз сталаваньне спусьцілі яго з пасьцеллю ў сярэдзіну, перад Езусам. 20 Ён, бачачы іх веру, сказаў: Чалавеча, адпушчаюцца табе грахі твае. 21 І пачалі думаць кніжнікі і фарызэі, кажучы: Хто ён такі, што гаворыць блюзьнерствы? Хто можа адпушчаць грахі, апроч аднаго Бога? 22 А Езус, пазнаўшы думкі іх, адказваючы сказаў ім: Што вы думаеце ў сэрцах вашых? 23 Што лягчэй: сказаць "Адпушчаюцца табе грахі", ці сказаць "Устань і хадзі"? 24 Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі - сказаў спаралізаванаму: Табе кажу, устань, вазьмі тваю пасьцель і ідзі ў дом твой. 25 І ён, зараз-жа ўстаўшы перад імі, узяў пасьцель, на каторай ляжаў, і пайшоў у свой дом, славячы Бога. 26 І агарнула ўсіх вялікае зьдзіўленьне, і славілі Бога, і напоўнены былі страхам, кажучы: Што мы відзелі сяньня дзіўныя рэчы.

Пакліканьне Левія (Матэуша)

27 І пасьля гэтага выйшаў і ўбачыў мытніка, на імя Левія, сядзячага пры мытніцы, і сказаў яму: Ідзі за мною. 28 І ён пакінуўшы ўсё, устаўшы, пайшоў за ім. 29 І зрабіў яму Левій вялікі пачастунак у сваім доме; і была вялікая грамада мытнікаў і іншых, якія з імі сядзелі. 30 І наракалі фарызэі і кніжнікі іх, кажучы да вучняў ягоных: Чаму вы з мытнікамі ясьцё і п'яцё? 31 І адказваючы Езус сказаў да іх: Не патрабуюць лекара здаровыя, але тыя, што дрэнна маюцца. 32 Ня прыйшоў я клікаць справядлівых, але грэшных да пакуты.

33 А яны сказалі яму: Чаму вучні Янавы часта посьцяць і адпраўляюць малітвы, таксама і фарызэявы, а твае ядуць і п'юць? 34 Ён сказаў ім: Ці можаце зрабіць, каб госьці маладога пасьцілі, пакуль з імі ёсьць малады? 35 Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога, тады будуць пасьціць у тыя дні.

36 А казаў да іх і падабенства: Што ніхто не кладзе латы ад новае вопраткі да старое вопраткі, бо інакш і новае рве, і да старога не падходзіць лата з новага. 37 І ніхто ня лье новага віна ў старыя мяхі, бо інакш новае віно разарве мяхі, і віно разальецца, і мяхі прападуць. 38 Але новае віно трэба ліць у новыя мяхі, і адно і другое астаюцца цэлымі: 39 і ніхто, п'ючы старое, не адразу хоча новага, бо кажа: Старое лепшае.

3 Сьвятыя Айцы Касьцёла зварочваюць тут увагу, што не ў чыю іншую лодку ўвайшоў Езус, а ў лодку Сымона-Пятра, хочучы гэтым паказаць, што лодка духовая Пятра будзе лодкай усяго Касьцёла.

8 Пётр, сам будучы рыбаком, адразу зразумеў, што стаўся цуд і ў гарачыні сваей душы прасіць Езуса, каб выйшаў і пакінуў яго грэшнага, бо ён ня варты быць блізка Езуса.

10 Езус на просьбу Пятра адказвае, што ён, Пётр, будзе лавіць г. зн. наварочваць людзей да Хрыста і валадарства Божага.

14 Гл. Мт. 8, 4.

17 Моц Божая была гатова навярнуць нават іх сэрцы, калі-б яны гэтага хацелі.

19 Гл. Мк. 2, 4.

23 Гл. Мк. 2, 9.

27 Зваўся ён так-жа Матэуш. У жыдоў два імёны здараліся даволі часта.

37 Гл. Мт. 9, 17.

39 Гэтай прыказкай Езус хоча павучыць, што людзі часам так прывыкаюць да сваіх старадаўных практык і спосабу жыцьця, што ім трудна ацаніць новую навуку, якую вясьціў Хрыстус. Яны так прывыклі да старога, што ня хочуць нават папробаваць новага.

 

Разьдзел 6
Езус бароніць сваіх вучняў і аздараўляе ў суботу

1 І сталася ў друга-першую суботу, калі ён ішоў паміж збожа, вучні ягоны зрывалі каласы і елі, расьціраючы рукамі. 2 Некаторыя-ж з фарызэяў казалі ім: Што вы робіце, чаго ня можна ў суботу? 3 А Езус адказваючы сказаў ім: Ці вы і гэтага ня чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі? 4 Як увайшоў у дом Божы і ўзяў ахвярныя хлябы, і еў, і даў тым, што з ім былі; каторых ня можна есьці, апроч толькі сьвятарам? 5 І казаў ім: Што Сын чалавечы ёсьць панам нават суботы.

6 А сталася і ў другую суботу, што ўвайшоў у бажніцу і вучыў. І быў там чалавек, і правая рука ў яго была сухая. 7 А кніжнікі і фарызэі наглядалі, ці будзе аздараўляць у суботу, каб знайсьці, за што-б яго абвінаваціць. 8 Ён-жа ведаў думкі іх; і сказаў чалавеку, які меў сухую руку: Устань і стань пасярэдзіне. І ўстаўшы стаў. 9 Езус-жа сказаў ім: Пытаюся ў вас, ці можна ў суботу рабіць дабро ці зло; жыцьцё ратаваць ці загубіць? 10 І паглядзеўшы на ўсіх навакол, сказаў чалавеку: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і вернена была рука яго. 11 Яны-ж парабіліся як шалёныя і гаварылі паміж сабою, што-б зрабіць Езусу.

Выбар дванаццацёх апосталаў

12 І сталася ў тыя дні, выйшаў на гару маліцца і быў праз ноч на малітве Божай. 13 І калі настаў дзень, паклікаў вучняў сваіх і выбраў з іх дванаццацёх, каторых і назваў апосталамі, 14 Сымона, каторага назваў Пятром, і Андрэя, ягонага брата, Якуба і Яна, Філіпа і Баўтрамея. 15 Матэуша і Тамаша, Якуба Альфэявага і Сымона, каторы завецца Зэлот, 16 і Юду Якубавага, і Юду Іскарыёта, каторы быў здраднікам.

17 І зыйшоўшы з імі, стаў у полі, і грамада вучняў ягоных, і вялікае мноства народу з усяе Юдэі і Ерузаліму, і з-над мора і Тыру і Сыноду, 18 якія прыйшлі, каб слухаць яго і быць аздароўленымі ад хворасьцяў сваіх. І каторыя былі мучаны праз духаў нячыстых, здаравелі. 19 І ўся грамада старалася дакрануцца да яго, бо сіла выходзіла ад яго і аздараўляла ўсіх.

Нагорная навука

20 І ён, падняўшы вочы на вучняў сваіх, казаў:

1) Багаславенствы і грозьбы

Багаслаўлены ўбогія, бо вашае ёсьць каралеўства Божае.

21 Багаслаўлены, каторыя цяпер галадаеце, бо будзеце насычаны.

Багаслаўлены, каторыя цяпер плачаце, бо будзеце сьмяяцца.

22 Багаслаўлены будзеце, калі будуць вас ненавідзець людзі, і калі вылучаць вас і будуць зьдзекавацца, і будуць выкідаць імя вашае як злое, дзеля Сына чалавечага. 23 Цешцеся ў той дзень і весялецеся, бо вось нагарода вашая вялікая ў небе. Бо гэтаксама айцы іх рабілі прарокам.

24 Але гора вам багатым, бо вы маеце пацеху вашую.

25 Гора вам, каторыя насычаны, бо будзеце галадаць.

Гора вам, каторыя сьмяецёся цяпер, бо будзеце галасіць і плакаць.

26 Гора, калі людзі аб вас будуць добра гаварыць, бо гэтаксама рабілі фальшывым прарокам айцы іх.

2) Любоў да ворагаў

27 Але я кажу вам, каторыя слухаеце: любеце ворагаў вашых, дабро рабеце тым, каторыя вас ненавідзяць; 28 багаслаўляйце тых, каторыя вас праклінаюць і малецеся за тых, каторыя вас чэрняць. 29 І таму, каторы б'е цябе па шчацэ, настаў і другую; а таму, каторы забірае ад цябе адзежу, не забараняй нават сарочкі. 30 А кожнаму, каторы просіць у цябе, дай, а ад таго, каторы забірае ад цябе, што тваё, не спаганяй. 31 І як вы хочаце, каб вам рабілі людзі, таксама і вы ім рабеце. 32 І калі вы любіце тых, каторыя вас любяць, якая ў вас заслуга? Бо і грэшнікі гэта робяць. 34 І калі пазычаеце тым, ад каторых спадзяецёся атрымаць назад, якая ў вас заслуга? Бо і грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб атрымаць назад столькі-ж. 35 Але вы любеце ворагаў вашых, дабро чынеце, і пазычайце, нічога адтуль не спадзяючыся, і будзе вялікая нагарода вашая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо ён добры ёсьць да няўдзячных і злых. 36 Дык будзьце міласэрны, як і Айцец ваш міласэрны ёсьць.

3) Адносіны да бліжніх

37 Ня судзеце, і ня будзеце суджаны; не асуджайце, і ня будзеце асуджаны, адпушчайце, і будзе вам адпушчана. 38 Давайце, і будзе вам дадзена: меру добрую, націсьненую, і ўтрэсеную, і з вярхом дадуць на ўлоньне вашае. Бо якою мераю вы будзеце мерыць, такою-ж і вам адмерыцца.

39 Казаў-жа да іх і падабенства: Ці можа сьляпы вясьці сьляпога? Ці-ж абодва не ўпадуць у яму? 40 Вучань ня ёсьць вышэй за вучыцеля, але кожны будзе дасканальны, калі будзе як яго вучыцель. 41 Што-ж ты бачыш трэсачку ў воку брата твайго, а палена, каторае ёсьць у воку тваім, не спасьцерагаеш? 42 Або як можаш сказаць брату твайму: "Браце, дай я выкіну трэсачку з вока твайго", сам ня бачачы палена ў воку сваім? Крывадушнік, выкінь перш палена з вока твайго, і тады праглянеш, каб выняць трэсачку з вока брата твайго.

43 Бо ня ёсьць дрэва добрае, якое прыносіць благія плады; ані дрэва благое, якое прыносіць добры плод. 44 Бо кожнае дрэва пазнаецца па сваім плодзе; бо ані з церняў ня зьбіраюць фігаў, ані з шыпшыньніка ня зьбіраюць вінаграду. 45 Добры чалавек з добрага скарбу свайго сэрца выносіць добрае, а благі чалавек з благога скарбу выносіць благое. Бо з поўнаты сэрца вусны гавораць. 46 Чаму-ж вы завецё мяне: "Пане, Пане", а ня робіце, што я кажу?

4) Заканчэньне навукі

47 Кожны, хто прыходзіць да мяне, і слухае моваў маіх, і спаўняе іх, пакажу вам, да каго ён падобны: 48 Падобны ён да чалавека, каторы будуе дом: каторы выкапаў глыбока і залажыў фундамэнт на скале. Калі-ж настала паводка, рака рынула на той дом, і не магла яго зрушыць, бо быў заложаны на скале. 49 А хто слухае і не спаўняе, падобны да чалавека, каторы будуе дом свой на зямлі без фундамэнту; на каторы рынула рака, і зараз-жа ўпаў, і сталася руіна дому гэтага вялікая.

1 Гл. Мт. 12-1 і наступныя. "Друга-першая" субота - гэта была субота пасьля Пасхі.

13 "Апостал" - слова грэцкае, па-нашаму значыць "пасол", "пасланец".

20 Гл. Мт. 5, 3.

24 Хрыстус ганіць тут багачоў, якія за ўсё сваё шчасьце на гэтым сьвеце ўважаюць багацьце, забываючыся аб вышэйшых справах, асабліва аб справах рэлігіі.

25 Будуць цярпець голад г. зн. у будучым жыцьці будуць жадаць таго шчасьця, якое беспаваротна страцілі.

26 Ня трэба разумець, што сюды адносіцца кожная людзкая пахвала або добрая гутарка аб нас, але толькі тая, якую мы здабываем сабе праз крывадушныя свае стараньні.

29 Гл. Мт. 5, 39.

35 Спагаднасьць і дабрата, якая нясе дабро людзям і за якую чалавек не спадзяецца для сябе ніякай нагароды, найбольш варта нагароды ў Бога. Праз такую дабрату чалавек прыбліжаецца да Бога ("будзеце сынамі Найвышэйшага"), такіх людзей нагароджвае сам Бог.

37 Гл. Мт. 7, 1.

 

Разьдзел 7
Аздараўленьне слугі сотніка

1 Калі-ж скончыў усе свае словы да вушэй народу, увайшоў у Капарнаум. 2 Аднаго-ж сотніка слуга, каторы для яго быў дарагі, дрэнна маючыся, быў пры сьмерці. 3 І калі пачуў аб Езусе, паслаў да яго старшых жыдоўскіх, просячы яго, каб прыйшоў і аздаравіў яго слугу. 4 Яны-ж, прыйшоўшы да Езуса, прасілі яго моцна, кажучы яму: Што ён варт, каб ты яму гэтае зрабіў, 5 бо ён любіць наша народ і ён збудаваў для нас бажніцу. 6 Езус-жа пайшоў з імі. І калі ўжо быў недалёка ад дому, сотнік прыслаў да яго прыяцеляў, кажучы: Пане, не трудзіся, бо я ня варт, каб ты ўвайшоў пад дах мой. 7 Дзеля гэтага і сябе самога я ўважаў, што ня варт, каб прыйсьці да цябе. Але скажы словам і аздаравее слуга мой. 8 Бо і я чалавек пастаўлены пад уладай, маючы пад сабою жаўнераў; і кажу гэтаму: "Ідзі" - і ён ідзе, а другому: "Прыйдзі" - і ён прыходзіць, а слузе майму: "Рабі гэтае" - і ён робіць. 9 Пачуўшы гэтае, Езус зьдзівіўся і, абярнуўшыся, сказаў да ідучых за ім грамадаў: Сапраўды кажу вам, і ў Ізраілю я не знайшоў такой вялікай веры. 10 І вярнуўшыся дамоў тыя, каторыя былі пасланы, знайшлі слугу, каторы хварэў, здаровым.

Ускрашэньне хлапца з Наім

11 І сталася потым, ён ішоў у места, якое завецца Наім, і ішлі з ім вучні ягоны і вялікая грамада. 12 Калі-ж прыбліжаўся да брамы места, вось выносілі нябошчыка, адзінага сына ягонай маткі, а гэтая была ўдавою; і з ею вялікая грамада з места. 13 Калі ўбачыў яе Пан, зьміласердзіўшыся над ею, сказаў ей: Ня плач. 14 І падыйшоў, і дакрануўшыся да мараў, а тыя, што нясьлі, сталі. І сказаў: Хлопча, табе кажу, устань. 15 І сеў, каторы быў памёршы, і пачаў гаварыць. І аддаў яго матцы ягонай. 16 І зьняў усіх страх, і славілі Бога, кажучы: Што прарок вялікі паўстаў паміж нас, і што Бог адведаў народ свой. 17 І разыйшлася гэтая мова аб ім па ўсей Юдэі і кругом па ўсей ваколіцы.

Пасольства ад Яна Хрысьціцеля

18 І далі знаць Яну вучні ягоны аб усім гэтым. 19 І Ян паклікаў двух з сваіх вучняў і паслаў да Езуса, кажучы: Ці ты той, каторы маеш прыйсьці, ці чакаць нам другога? 20 Калі-ж прыйшлі да яго мужы, сказалі: Ян Хрысьціцель паслаў нас да цябе, кажучы: "Ці ты той, каторы маеш прыйсьці, ці чакаць нам другога?" 21 А ў тую часіну ён многіх аздаравіў ад хваробаў і цярпеньняў і злых духаў, і многіх сьляпых абдарыў зрокам. 22 І адказваючы сказаў ім: Пайшоўшы перакажэце Яну, што вы чулі і бачылі: Што "сьляпыя відзяць, кульгавыя ходзяць, пракажаныя робяцца чыстымі, глухія чуюць, умерлыя ўскрасаюць, убогім абвяшчаецца эванэлія". 23 І багаслаўлены, хто ня згоршыцца з мяне.

24 Калі-ж адыйшлі паслы Янавы, пачаў гаварыць да грамадаў аб Яне: Што вы выйшлі ў пустыню пабачыць? Трысьціну, што хістаецца ад ветру? 25 Але што вы выйшлі пабачыць? Чалавека адзетага ў мяккую адзежу? Вось тыя, што ў дарагім адзеньні і ў роскашах, ёсьць у каралеўскіх дамох. 26 Але што вы выйшлі пабачыць? Прарока? Сапраўды кажу вам, і больш чым прарока. 27 Гэта той, аб каторым напісана (Малах. 3, 1): "Вось я паслаў анела майго перад воблікам тваім, які прыгатуе шлях твой перад табою". 28 Бо я вам кажу: Спаміж роджаных жанчынамі ніводзен прарок ня ёсьць большы за Яна Хрысьціцеля. Але той, каторы ёсьць меншы ў каралеўстве Божым, ёсьць большы за яго. 29 І чуючы ўвесь народ і мытнікі, прызналі Божую справядлівасьць, ахрысьціўшыся хростам Яна; 30 але фарызэі і законазнаўцы адкінулі намер Божы адносна іх, не ахрысьціўшыся ў яго.

31 І сказаў Пан: Дык да каго падобнымі назваў я людзей гэтага роду? І да каго яны падобны? 32 Яны падобны да хлопчыкаў, сядзячых на рынку і гаворачых адзін да другога і кажучых: "Мы ігралі вам на дудках, а вы не скакалі; мы галасілі, а вы ня плакалі". 33 Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, каторы ня еў хлеба і ня піў віна, а вы кажаце: Д'ябэльства мае. 34 Прыйшоў Сын чалавечы, каторы есьць і п'е, а вы кажаце: Вось чалавек, каторы любіць есьці і піць віно, друг мытнікаў і грэшнікаў. 35 І апраўдана мудрасьць усімі сынамі яе.

Езус у гасьціне ў Сымона фарызэя

36 Прасіў-жа яго адзін з фарызэяў, каб еў з ім. І ўвайшоўшы ў дом фарызэя, сеў за стол. 37 І вось жанчына, якая была грэшніца ў месьце, як даведалася, што сядзеў за сталом у доме фарызэя, прынясла алябастар алейку, 38 і стаўшы ззаду каля ног ягоных, пачала слязьмі абліваць ногі яго, і мазала алейкам. 39 А бачачы фарызэй, каторы быў яго паклікаў, сказаў у сабе, кажучы: Калі-б ён быў прарокам, то пэўне ведаў бы, хто і якая гэта жанчына, што дакранаецца да яго, бо яна грэшніца. 40 І адказваючы Езус сказаў да яго: Сымон, маю табе нешта сказаць. Ён-жа сказаў: Вучыцель, скажы. 41 У ваднаго крэдытара было двух даўжнікоў: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзесят. 42 Калі яны ня мелі скуль аддаць, дараваў абодвым. Дык каторы яго болей любіць? 43 Адказваючы Сымон сказаў: Думаю, што той, катораму больш дараваў. Ён-жа сказаў яму: Справядліва ты разсудзіў. 44 І зьвярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: Бачыш гэтую жанчыну? Я ўвайшоў у твой дом, ты ня даў вады на ногі мае, а яна слязьмі абліла ногі мае і валасамі сваімі выцерла. 45 Ты не даў мне цалунку, а яна як толькі ўвайшла, не перастала цалаваць ног маіх. 46 Ты не памазаў алівай галавы маей, а яна алейкам памазала ногі мае. 47 Дзеля гэтага кажу табе: Адпушчаецца её многа грахоў, бо многа ўзлюбіла. Каму-ж мней адпушчаецца, той меней любіць. 48 І сказаў да яе: Адпушчаюцца табе грахі. 49 І пачалі тыя, што разам сядзелі, казаць самі ў сабе: Хто гэта такі, што нават грахі адпушчае? 50 Ён-жа сказаў да жанчыны: Вера твая збавіла цябе, ідзі ў супакоі.

14 Жыды не хавалі сваіх умерлых у труне, але ўкручвалі іх у палотны, абвязвалі іх тасьмамі і выносілі іх на марах на магільнік, дзе хавалі іх у высечаных у скалах грабох.

17 Гэта было першае ўскрашэньне ўмерлага, аб якім гаворыць эванэлія.

19 Ян паслаў сваіх вучняў да Езуса, ужо будучы ў вастрозе

20 Гл. Мт. 11, 3 і наст.

35 Гл. Мт. 11, 19.

37 Жанчына гэта праўдападобна ня была сястрой Марты і Лазара з Бэтаніі, але нейкая іншая.

44 Гасьця на ўсходзе прыймалі з вялікай пашанай. Гаспадар, вітаючы, цалаваў яго; даваў яму вады на абмыцьцё запыленых ног, галаву спырсківаў пахнучым алейкам. Гэтага ўсяго Сымон не зрабіў адносна Езуса і ня споўніў правілі гасьціннасьці.

47 Словы: "каму-ж меней адпушчаецца, той меней любіць" адносяцца да Сымона і маюць такое значэньне: Ты, Сымоне, думаеш, што мала маеш вінаў перад Богам, а думаеш так затым, што мала яго любіш. А як мала любіш, то мала табе і адпушчаецца.

50 Супакой - гэта адзін з тых дараў, якія Хрыстус прынёс з сабою на зямлю для адзінак і ўсяго чалавецтва.

 

Разьдзел 8
Езус абходзіць Галілею

1 І сталася потым, і хадзіў ён па местах і сёлах, навучаючы і абвяшчаючы каралеўства Божае, і дванаццацёх з ім. 2 і некаторыя жанчыны, што былі аздароўлены ад злых духаў і немачаў: Марыя, якая завецца Магдалена, з якой выйшла сем д'яблаў, 3 і Ёанна, жонка Хузы, Гэрадавага эканома, і Зузанна, і многа другіх, якія служылі яму з сваей маемасьці.

Прыповесьць аб сяйбіце

4 Калі-ж зыходзілася вялікая грамада і з местаў сьпяшылі да яго, сказаў праз падабенства: 5 Выйшаў што сее, сеяць сваё насеньне. І калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго. 6 А другое ўпала на скалу і ўзыйшоўшы зсохла, бо ня мела вільгаці. 7 А іншае ўпала паміж церняў, і разам узыйшоўшы, церні заглушылі яго. 8 А іншае ўпала на добрую зямлю, і ўзыйшоўшы, прынясло плод у-сто-раз. Кажучы гэтае заклікаў: Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае!

9 І пыталіся ў яго вучні ягоны, што знача гэтая прыповесьць. 10 Ён сказаў ім: Вам дадзена знаць тайніцу каралеўства Божага, але другім у прыповесьцях, каб гледзячы ня бачылі, і слухаючы, не разумелі. 11 А прыповесьць знача гэтае: Насеньне - гэта слова Божае. 12 А што пры дарозе - гэта тыя, каторыя слухаюць, потым прыходзіць д'ябал і забірае слова з іхнага сэрца, каб уверыўшы ня збавіліся. 13 Бо што на скале - гэта тыя, каторыя як пачуюць, з радасьцяй прыймаюць слова, але яны ня маюць карэньняў; яны вераць да часу, а ў час спакушэньня адступаюць. 14 А што ўапала ў церні - гэта тыя, каторыя слухалі і, адыйшоўшы, бываюць заглушаны клапотамі, багацьцем і ўцехамі жыцьця і ня прыносяць плоду. 15 А што на добрую зямлю - гэта тыя, каторыя пачуўшы слова ў добрым і шчырым сэрцы затрымоўваюць і прыносяць плод у цярплівасьці.

16 Ніхто-ж, запаліўшы сьвечку, не прыкрывае яе пасудзінай або ставіць пад ложак, але ставіць на ліхтар, каб уваходзячыя бачылі сьвятло. 17 Бо няма тайнага, што-б ня выявілася, ані скрытага, што-б ня сталася ведамым і ня выйшла наверх. 18 Дык глядзеце, як маеце слухаць. Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто-колечы ня мае, у таго будзе аднята і тое, што, як яму здаецца, ён мае.

19 І прыйшлі да яго маці і браты ягоны, і не маглі падыйсьці да яго дзеля грамады. 20 І далі яму знаць: Маці твая і браты твае стаяць на дварэ, хочучы цябе бачыць. 21 Ён, адказваючы, сказаў да іх: Маці мая і браты мае - гэта тыя, каторыя слухаюць слова Божага і выпаўняюць.

Некаторыя цуды Езуса Хрыста

22 І сталася аднаго дня, і ён увайшоў у лодку і вучні ягоны, і сказаў да іх: Пераплывем на той бок возера. І паплылі. 23 І калі яны плылі, ён заснуў. І надыйшоў на возера бурны вецер, і заліваліся, і былі ў небясьпецы. 24 Прыступіўшы-ж, збудзілі яго, кажучы: Вучыцель, гінем! А ён устаўшы, прыгразіў ветру і ўзбурэньню вады, і перастала, і зрабілася ціша. 25 І сказаў ім: Дзе-ж вера вашая? Яны, спалохаўшыся, дзівіліся, адзін да другога кажучы: Хто, думаеш, ён ёсьць, што загадывае і вятром і мору, і слухаюць яго?

26 І прыплылі да краіны Гэразэнаў, што ёсьць наўпроць Галілеі. 27 І калі выйшаў на зямлю, пераняў яго адзін чалавек, каторы меў д'ябэльства ўжо з даўных часоў; і не накладаў ён адзеньня, і ня жыў у доме, але ў грабох. 28 Ён, як убачыў Езуса, упаў перад ім, і закрычаўшы вялікім голасам, сказаў: Што табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Малю цябе, ня муч мяне! 29 Бо загадываў духу нячыстаму, каб выйшаў з чалавека. Бо з даўных часоў хватаў яго, і быў зьвязваны ланцугамі і сьцеражоны ў кайданах, і парваўшы вязі, быў гнаны д'яблам у пустыню. 30 Пытаўся-ж у яго Езус, кажучы: Якое ў цябе імя? А ён сказаў "Легіён", бо многа д'яблаў было ўвайшоўшы ў яго. 31 І прасілі яго, каб не загадываў ім ісьці ў бяздоньне.

32 Была-ж там вялікая стада сьвіней, пасучыся на гарэ. І прасілі яго, каб пазволіў ім увайсьці ў іх. І пазволіў ім. 33 Дык выйшлі д'яблы з чалавека і ўвайшлі ў сьвіньні. І з разгонам кінулася стада з круцізны ў возера і патанула. 34 Як убачылі, што сталася, тыя што пасьвілі, уцяклі і далі знаць у горад і ў сёлы. 35 І выйшлі паглядзець, што сталася; і прыйшлі да Езуса, і знайшлі чалавека, сядзячага каля ног ягоных, адзетага і прыздаровым розуме, і спалохаліся. 36 А расказалі ім тыя, што бачылі, як ён стаў здаровым ад "Легіёну". 37 І прасіла яго ўсё мноства краіны Гэразэнаў, каб адыйшоў ад іх, бо зьняў іх вялікі страх. Ён-жа ўвайшоўшы ў лодку, вярнуўся. 38 І прасіў у яго чалавек, з каторага былі выйшаўшы д'яблы, каб быць пры ім. Але Езус адправіў яго, кажучы: 39 Вярніся ў дом твой і раскажы, якія вялікія рэчы табе ўчыніў Бог. І пайшоў ён, па ўсім горадзе расказваючы, якія вялікія рэчы ўчыніў яму Езус.

40 І сталася, калі вярнуўся Езус, спаткала яго грамада, бо ўсе чакалі яго. 41 І вось прыйшоў чалавек, на імя Яір, а ён быў старшым над бажніцаю; і ўпаў да ног Езуса, просячы яго, каб увайшоў у дом ягоны, 42 бо ў яго была адзіная дачка каля дванаццаці гадоў і тая ўмірала. І здарылася, калі ён ішоў, грамады сьціскалі яго.

43 І адна жанчына, каторая ад дванаццаці гадоў была ў крывацечы, каторая выдала на лекараў ўсю сваю маемасьць і ў ніводнага не магла вылячыцца; 44 падыйшла ззаду і дакранулася да краю ягонай адзежы, і зараз-жа спынілася яе крывацеча. 45 І сказаў Езус: Хто гэта дакрануўся да мяне? Калі-ж усе адпіраліся, сказаў Пётр і тыя, што з ім былі: Вучыцель, грамады ціснуць цябе і душаць, а ты кажаш: "Хто да мяне дакрануўся"? 46 І сказаў Езус: Дакрануўся да мяне нехта, бо я пазнаў, што сіла выйшла з мяне. 47 А жанчына, бачачы, што не ўтаілася, дрыжучы падыйшла і ўпала да ног ягоных; і аб'явіла перад усім народам, дзеля якое прычыны дакранулася да яго і як зараз аздаравела. 48 А ён сказаў ей: Дачка, вера твая зрабіла цябе здаровай, ідзі ў супакою.

49 Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў нехта да старшага над бажніцаю, кажучы яму: Што памерла твая дачка, ня турбуй яго. 50 А Езус, пачуўшы гэтае слова, адказаў бацьку дзяўчыны: Ня бойся, вер толькі і будзе здарова. 51 І калі прыйшоў у дом, не пазволіў увайсьці з сабою нікому, апрача Пятра, Якуба, Яна і бацькі і маткі дзяўчыны. 52 Усе-ж плакалі і галасілі па ей. Але ён сказаў: Ня плачце, дзяўчына не ўмярла, але сьпіць. 53 І сьмяяліся з яго, ведаючы, што яна памярла. 54 Ён-жа, узяўшы яе за руку, ускрыкнуў, кажучы: Дзяўчына, устань! 55 І вярнуўся дух яе, і зараз-жа ўстала. І загадаў даць ей есьці. 56 І астаўпянелі бацькі яе; ён ім прыказаў, каб нікому не гаварылі, што было сталася.

2 З гэтых слоў відаць, што Марыя Магдалена была апанавана злымі духамі. Але як апанаваньне злымі духамі было не заўсёды карай за грахі (Мт. 8, 16), то некаторыя пісьменьнікі думаюць, што Марыя Магдалена не канечне была вялікай грэшніцай, тымболей што з эванэліі ня можна напэўна сьцьвердзіць, што грэшніца, аб якой расказвае сьв. Лукаш (7, 36 - 50), была напэўна Марыя Магдалена.

3 З гэтых слоў робяць вывад, што Хуза, эканом Гэрада, спрыяў Езусу, калі пазваляў сваей жонцы паслугаваць і памагаць Езусу.

5 Гл. Мт. 13, 3 і наст.

16 Так і Бог сваіх пасланцоў паставіць ня ў скрытнасьці, але на ліхтар жыцьця, каб як сьветачы сьвяцілі людзям.

17 Гл. Мк. 4, 22.

19 Гл. Мт. 12, 46 і наст.

28 Гл. Мт. 8, 28 і наст.

 

Разьдзел 9
Разасланьне апосталаў на навучаньне

1 Склікаўшы-ж дванаццацёх апосталаў, даў ім моц і ўладу над усімі д'ябламі і каб аздараўляць хваробы. 2 І паслаў іх абвяшчаць каралеўства Божае і аздараўляць хворых. 3 І сказаў да іх: Нічога не бярэце ў дарогу, нікія, ні торбы, ні хлеба, ні грашэй, і ня мейце па дзьве вопраткі. 4 І які-колечы дом увойдзеце, там аставайцеся і адтуль ня выходзьце. 5 А каторыя-б не прынялі вас, выходзячы з гэнага гораду, абтрасеце нават пыл з вашых ног на пасьведчаньне проціў іх.

6 Яны-ж выйшаўшы, абходзілі па мястэчках, абвяшчаючы эванэлію і аздараўляючы ўсюды.

7 Пачуў-жа Гэрад тэтрарха аб усім, што дзеялася праз яго і сумневаўся, таму што некаторыя гаварылі, што Ян устаў з умерлых, 8 а некаторыя, што Гальяш зьявіўся, іншыя-ж, што прарок адзін з старадаўных устаў. 9 І сказаў Гэрад: Яна я сьцяў, хто-ж ёсьць гэты, аб каторым я такое чую? І стараўся пабачыць яго.

Паварот апосталаў. Езус корміць пяцітысячную грамаду

10 І вярнуўшыся апосталы расказалі яму, што-колечы яны зрабілі. І ўзяўшы іх, адыйшоў асобна на пустыннае месца, каторае ёсьць каля Бэтсайды.11 Калі аб гэтым даведаліся грамады, пайшлі за ім. І прыняў іх, і гаварыў ім аб каралеўстве Божым, а тых, каторыя патрабавалі лячэньня, аздараўляў. 12 Дзень-жа пачаў заходзіць. І прыступіўшы, дванаццацёх, сказалі яму: Адпраў грамады, каб яны пайшоўшы ў мястэчкі і сялібы, каторыя ёсьць навакол, закватэраваліся і знайшлі ежу, бо мы тут у месцы пустынным. 13 Ён-жа сказаў да іх: Вы дайце ім есьці. А яны сказалі: У нас няма болей як пяць хлябоў і дзьве рыбы; хіба нам пайсьці і купіць ежы на ўсю гэтую грамаду. 14 Было-ж мужчын каля пяцёх тысяч. І сказаў да сваіх вучняў: Разсадзеце іх радамі па пяцьдзесят. 15 І зрабілі так, і разсадзілі ўсіх. 16 Узяўшы-ж пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуў у неба, і багаславіў іх, і ламаў, і раздаваў вучням сваім, каб клалі перад грамадамі. 17 І елі ўсе, і наеліся. І набралі, што асталося пасьля іх, дванаццаць кашоў кавалкаў.

Пётр прызнае Езуса за Мэсыяша. Езус прадказвае сваю муку

18 І сталася, калі ён быў адзін молячыся, былі з ім і вучні. І спытаўся ў іх, кажучы: За каго мяне маюць грамады? 19 А яны адказалі і сказалі: За Яна Хрысьціцеля, іншыя-ж за Гальяша, а іншыя, што прарок адзін з першых устаў. 20 Ён-жа сказаў ім: А вы за каго мяне маеце? Адказваючы Сымон Пётр сказаў: За Хрыстуса Божага. 21 А ён пагразіўшы ім, загадаў, каб нікому не гаварылі гэтага, 22 кажучы: Што трэба Сыну чалавечаму многа цярпець, і быць узгарджаным старшымі, і архісьвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і трэцяга дня ускрэснуць.

23 І гаварыў да ўсіх: Калі хто хочы ісьці за мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і возьме крыж свой на штодзень, і няхай ідзе за мною. 24 Бо хто-б хацеў захаваць жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне, захавае яго. 25 Бо якую карысьць мае чалавек, калі-б ён увесь сьвет здабыў, а сябе самога загубіў, і сабе шкоду зрабіў? 26 Бо хто паўстыдаецца мяне і маіх слоў, таго паўстыдаецца Сын чалавечы, калі прыйдзе ў славе сваей і Айца і сьвятых анёлаў. 27 Кажу-ж вам сапраўды: Ёсьць некаторыя з стаячых тут, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць каралеўства Божага.

Перамяненьне Езуса Хрыста. Аздараўленьне лунатыка

28 Сталася-ж пасьля гэтых слоў каля васьмі дзён, і ўзяў Пятра і Якуба і Яна, і ўзыйшоў на гару, каб памаліцца. 29 І калі ён маліўся, выгляд твару ягонага стаўся іншым, і адзеньне ягона белае і бліскучае. 30 І вось два мужы гаварылі з ім; а былі Майсей і Гальяш, 31 зьявіўшыся ў славе; і гаварылі аб адыходзе ягоным, якога ён меў даканаць у Ерузаліме. 32 Пётр-жа і тыя, што былі з ім, былі абцяжаны сном. І прачнуўшыся, яны ўбачылі славу яго і двух мужоў, якія стаялі з ім. 33 І сталася, калі адыходзілі ад яго, сказаў Пётр да Езуса: Вучыцель, добра нам тут быць; і зрабем тры палаткі, адну табе, і адну Майсею, і адну Гальяшу, - ня ведаючы, што гаварыў. 34 Калі-ж ён гэтае гаварыў, стаўся воблак і ахінуў іх, і збаяліся, калі тыя ўваходзілі ў воблак. 35 І стаўся голас з воблаку, кажучы: Гэта Сын мой мілы, яго слухайце. 36 А калі стаўся голас, знойдзены быў Езус адзін. А яны маўчалі, і нікому нічога не гаварылі ў гэныя дні аб тым, што бачылі.

37 Сталася-ж у наступны дзень, калі яны зыходзілі з гары, пераняла іх вялікая грамада. 38 І вось чалавек з грамады закрычаў, кажучы: Вучыцель, малю цябе, узглянь на сына майго, бо ён адзін у мяне. 39 І вось дух хватае яго, і раптам крычыць, і кідае і торгае яго, і ледзь адыходзіць, змучаўшы яго. 40 І прасіў я вучняў тваіх, каб выгналі яго, і не маглі. 41 Адказваючы-ж Езус сказаў: О родзе няверны і сапсуты, дакуль жа я буду ў вас і буду цярпець вас? Прывядзі сюды сына твайго. 42 А калі падыходзіў, д'ябал кінуў яго і заторгаў. 43 І прыгразіў Езус духу нячыстаму і аздаравіў хлопца, і аддаў яго бацьку ягонаму. 44 І астаўпянелі ўсе дзеля вялікасьці Божай.

Езус прадказвае другі раз сваю муку і навучае апосталаў пакоры

Калі-ж усе дзівіліся з усяго, што чыніў, сказаў сваім вучням: Кладзеце вы ў сарцох вашых гэтыя словы: бо прыйдзе час, што Сын чалавечы будзе выданы ў рукі людзей. 45 Але яны не зразумелі гэтага слова, і было закрытае прад імі, так што не панялі яго; і баяліся пытацца ў яго аб гэтым слове.

46 І ўвайшла ў іх думка, хто з іх большы. 47 А Езус, бачачы думкі сэрца іх, узяў дзіця і паставіў яго каля сябе 48 і сказаў ім: Хто-б прыняў гэтае дзіця ў імя маё, мяне прыймае, а хто-б мяне прыняў, прыймае таго, хто паслаў мяне. Бо хто ёсьць меншы спаміж вас усіх, той большы ёсьць.

49 Адказваючы-ж Ян сказаў: Вучыцель, мы бачылі нейкага ў імя тваё выганяючага д'яблаў і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі. 50 І сказаў да яго Езус: Не забараняйце, бо хто ня ёсьць проціў вас, за вас ёсьць.

44 Хрыстус загадывае сваім вучням "класьці ў сэрца" г. зн. задзяржаць у памяці словы народу, які дзівіўся з чынаў Езуса і славіў яго. Калі прыйдзе час мукі, каб вучні помнілі аб гэтых цудах і ня трацілі веры ў Хрыста, як Мэсыяша.

Езус ідзе праз Самарыю. Якіх вучняў жадае мець Езус

51 І сталася, калі выпаўняліся дні ўзяцьця яго, і ён уцьвярдзіў свой твар, каб ісьці ў Ерузалім. 52 І паслаў пасланцоў прад воблікам сваім; і ідучы яны ўвайшлі ў горад самаранаў, каб яму прыгатовіць. 53 І не прынялі яго, бо твар ягоны быў ідучага ў Ерузалім. 54 Калі-ж увідзелі вучні ягоны, Якуб і Ян, сказалі: Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь зыйшоў з неба і спаліў іх? 55 А ён зьвярнуўшыся, насварыўся на іх, кажучы: Вы ня ведаеце, чыйго вы духа. 56 Сын чалавечы ня прыйшоў губіць душаў, але збаўляць. І адыйшлі ў іншае мястэчка.

57 Сталася-ж, калі яны ішлі, у дарозе сказаў нейкі да яго: Пайду за табою, дзе толькі пойдзеш. 58 Сказаў яму Езус: Лісіцы маюць норы, і птушкі нябесныя гнёзды, а Сын чалавечы ня мае дзе галавы скланіць.

59 І сказаў да другога: Ідзі за мною. А той сказаў: Пане, пазволь мне перш апйсьці і пахаваць бацьку майго. 60 І сказаў яму Езус: Пакінь, няхай умерлыя хаваюць сваіх умерлых, а ты ідзі і абвяшчай каралеўства Божае.

61 І сказаў другі: Пайду за табою, Пане, але пазволь мне перш разстацца з тымі, хто дома ёсьць. 62 Сказаў да яго Езус: Ніводзен, хто кладзе руку сваю на плуг і аглядаецца назад, ня прыдатны да каралеўства Божага.

3 Гл. Мт. 10, 10 і Мк. 6, 8.

18 Гл. Мт. 16, 13 і наст.

30 Гл. Мт. 17, 1 і наст.

31 "Гаварылі аб адыходзе" г. зн. аб сьмерці Е. Хрыста. Такім чынам Бог праз вусны двух найбольшых мужоў Ст. Закону сьцьвярджае, што трэба, каб Мэсыяш цярпеў і памёр, а ў гэта вучні так не хацелі верыць.

34 Ацяніў і х г. зн. Езуса, Майсея і Гальяша.

45 Гл. Мк. 9, 31.

50 Гл. Мк. 9, 39.

51 "Уцьвярдзіў свой твар" - спосаб выражэньня гэбрайскі і азначае моцную і цьвёрдую пастанову скіравацца куды або зрабіць нешта.

53 Хрыста, як ідучага ў Ерузалім, самаране не прынялі, бо паміж жыдамі і самаранамі трывала адвечная спрэчка ў справе, дзе трэба пакланяцца Богу: у Ерузаліме, ці на гарэ Гарызім.

54 Гэтае няпрыняцьце Хрыста самаранамі так абурыла гарачых сыноў Зэбэдэя, што яны зажадалі помсты Божай - пяруноў на гэты горад, але Езус не пахваліў гэтага. У Марка (3, 17) абодва браты завуцца "сынамі грому".

62 Хто, пайшоўшы за Хрыстом, зварочваецца з думках сваіх да асоб або прадметаў, якія аставіў у сьвеце, той ня прыдатны для працы на ніве Божага валадарства. Хрыстус хоча мець людзей шчырых і суцэльна яму адданых.

 

Разьдзел 10
Разасланьне і паварот 72 вучняў

1 Пасьля-ж гэтага вызначыў Пан і другіх семдзесяцёх двух, і паслаў па двух перад воблікам сваім і ўсякі горад і месца, куды сам меўся прыйсьці. 2 І казаў ім: Жніво-то вялікае, але работнікаў мала; дык прасеце пана жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё. 3 Ідзеце! Вось я пасылаю вас як ягнят паміж ваўкоў. 4 Не нясеце мяшка, ані торбы, ані абутку, і нікога ў дарозе ня вітайце. 5 У які-колечы дом увойдзеце, перш скажэце: Супакой гэтаму дому. 6 І калі там будзе сын супакою, супачыне на ім супакой ваш; калі-ж не, да вас вернецца. 7 У тым-жа доме аставайцеся, ядучы і п'ючы тое, што ў іх ёсьць; бо варт работнік нагароды сваей. Не пераходзьце з дому ў дом.

8 І ў які-колечы горад увойдзеце, і прыймуць вас, ешце, што паложаць перад вамі; 9 і аздараўляйце хворых, якія ў ім ёсьць і кажэце ім: Прыблізілася да вас каралеўства Божае. 10 І ў які-колечы горад увойдзеце і ня прыймуць вас, выйшаўшы на вуліцы яго, скажэце: 11 "Нават пыл, які прыстаў да нас з вашага гораду, абтрасаем на вас. Аднак ведайце тое, што прыблізілася каралеўства Божае". 12 Кажу вам, што Садоме ў той дзень будзе лягчэй, чым гэнаму гораду. 13 Гора табе, Корозаін, гора табе, Бэтсайда! Бо каб у Тыры і Сыдоне дзеяліся такія цуды, якія дзеяліся ў вас, даўно-бы, седзячы ў валасяніцы і попелі, пакутавалі. 14 Аднака-ж Тыру і Сыдону лягчэй будзе на судзе, чым вам. 15 І ты, Капарнауме, аж да неба ўзьнесенае, аж да пекла будзеш апушчана.

16 Хто вас слухае, мяне слухае; і хто вамі пагарджае, мною пагарджае. А хто мною пагарджае, пагарджае тым, каторы паслаў мяне.

17 І вярнуліся семдзесяцёх двух з радасьцяй, кажучы: Пане, нават д'яблы паддаюцца нам у імя тваё. 18 І сказаў ім: Я відзеў д'ябла, падаючага з неба як маланка. 19 Вось я даў вам уладу ступаць па зьмеях і скарпіёнах, і па ўсей сіле ворага, і нічога вам не пашкодзіць. 20 Аднака-ж не радуйцеся з таго, што духі вам паддаюцца, але радуйцеся, што імёны вашыя запісаны ў небе.

21 У тую часіну ўзрадаваўся Духам сьвятым і сказаў: Слаўлю цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што закрыў гэтае перад мудрымі і разумнымі, а аб'явіў гэтае маленькім. Так, Ойча, бо гэтак спадабалася табе. 22 Усё мне ададана Айцом маім. І ніхто ня ведае, хто ёсьць Сын, толькі Айцец; і хто ёсьць Айцец, толькі Сын і каму-б Сын захацеў аб'явіць.

Дзейная любоў Бога і бліжняга. Прыповесьць аб міласэрным самараніне

25 І вось нейкі вучоны ў законе ўстаў, прабуючы яго і кажучы: Вучыцель, што робячы здабуду я жыцьцё вечнае? 26 А ён сказаў да яго: У законе што напісана, як чытаеш? 27 Ён адказваючы сказаў: "Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсею душою тваею, і ўсімі сіламі тваімі, і ўсей мысьляй тваею, а бліжняга твайго як самога сябе" (Паўл. Пр. 6, 5; Лев. 19, 18). 28 І сказаў яму: Добра ты адказаў, гэтае рабі і будзеш жыць. 29 А ён, хочучы сам сябе апраўдаць, сказаў да Езуса: А хто мой бліжні? 30 Езус-жа адказваючы сказаў: Нейкі чалавек ішоў з Ерузаліму ў Ерыхон і трапіў на разбойнікаў, якія яго і аграбілі, і нарабіўшы ранаў адыйшлі, пакінуўшы ледзь жывога. 31 І здарылася, што гэтай самай дарогай ішоў нейкі сьвятар і, угледзеўшы яго, прайшоў міма. 32 Таксама і левіт, будучы каля месца і бачачы яго, прайшоў. 33 Нейкі-ж самаранін, адбываючы падарожу, праходзіў каля яго, і ўгледзеўшы яго, зьлітаваўся. 34 І прыблізіўшыся, абвязаў раны яго, наліўшы алівы і віна; і ўзлажыўшы яго на жывёлу сваю, завёз у заезд і заапекаваўся ім. 35 А надругі дзень выняў два дынары і даў гаспадару заезду і сказаў: Мей яго ў апецы, і што-толькі выдасі болей, я, калі вярнуся, аддам табе. 36 Каторы з гэтых трох, здаецца табе, быў бліжнім таму, хто трапіў на разбойнікаў? 37 А ён сказаў: Той, хто ўчыніў над ім міласэрдзе. І сказаў яму Езус: Ідзі, і ты рабі таксама.

Езус у Бэтаніі

38 Сталася-ж, калі яны ішлі, і ён увайшоў у вадно мястэчка, і адна жанчына, на імя Марта, прыняла яго ў свой дом. 39 А ў яе была сястра на імя Марыя, і яна седзячы каля ног Пана, слухала слова яго.40 А Марта старалася каля рознай паслугі. Яна стала і сказала: Пане, ці ты ня дбаеш, што сястра мая пакінула мяне адну паслугаваць? Дык скажы ей, каб мне памагла. 41 І адказваючы сказаў ей Пан: Марта, Марта, ты клапоцісься аб вельмі многім, 42 а адно патрэбнае. 43 Марыя найлепшую часьць выбрала, якая ня будзе аднята ад яе.

4 Гэтымі славамі Хрыстус загадывае сваім вучням весьці жыцьцё ўбогае і ў дарозе не марнаваць часу на прывітаньні, якія па ўсходняму абычаю былі вельмі даўгія і не займацца ў бескарысныя гутаркі.

6 "Сын супакою" - гэта значыць: чалавек, які варт супакою, чалавек з добраю воляю, спакойны і згодны. З далейшых слоў Хрыста відаць, што ня ўсюды словы вучняў будуць прыняты, гэтыя словы часам вернуцца да іх без пажаданага рэзультату.

8 Хрыстус загадывае тут сваім вучням ня быць вымагаючымі і капрызнымі ў ядзе.

30 Дарога паміж Ерузалімам і Ерыхонам была пустынная і там часта нападалі разбойнікі.

34 Старадаўныя ўжывалі часта алівы і віна пры лекаваньні ранаў.

35 Два дынары - гэта плата за два дні наперад, бо штодзеннае ўтрыманьне каштавала дынара.

37 Хрыстус загадывае тут памагаць з любові усім людзям, бяз розьніцы веры і народнасьці, бо ўсе людзі - нашы бліжнія.

 

Разьдзел 11
Езус вучыць сваіх вучняў маліцца

1 І сталася, калі ён быў у вадным месцы молячыся, калі перастаў, сказаў адзін з вучняў ягоных да яго: Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў. 2 І сказаў ім: Калі моліцеся, кажэце: Ойча, сьвяціся імя тваё. Прыйдзі каралеўства тваё. 3 Хлеба нашага штодзённага дай нам сяньня. 4 І адпусьці нам грахі нашы, бо і мы адпускаем кожнаму вінаватаму нам. І не ўвядзі нас у пакусу.

5 І сказаў да іх: Хто з вас будзе мець прыяцеля і пойдзе да яго ў поўначы і скажа яму: "Дружа, пазыч мне тры хлябы, 6 бо прыяцель мой прыйшоў з дарогі да мяне і ня маю што палажыць перад ім". 7 А ён ізнутра адказваючы, сказаў-бы: "Не дакучай мне, ужо дзьверы замкнёны, і дзеці мае са мною ў ложку; не маю ўстаць і даць табе". 8 І калі ён не перастане стукаць, кажу вам: хаця ўстаўшы ня дасьць яму затым што ёсьць прыяцелем ягоным, то дзеля дакучлівасьці ягонай устане і дасьць яму, сколькі яму патрэба.

9 І я вам кажу: Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце і знойдзеце; стукайце, і будзе вам адчынена. 10 Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і стукаючаму будзе адчынена. 11 А хто з вас просіць у бацькі хлеба, няўжо дасьць яму камень? Або рыбы, няўжо дасьць яму замест рыбы зьмяю? 12 Або калі папросіць яйца, няўжо падасьць яму скарпіёна? 13 Дык калі вы, будучы благімі, умееце даваць добрыя дарэньні дзецям вашым, куды болей Айцец ваш з неба дасьць Духа добрага тым, што просяць у яго!

Фарызэі выступаюць проціў Езуса

14 І выганяў д'ябла, а ён быў нямы. І калі выгнаў д'ябла, прагаварыў нямы, і дзівіліся грамады. 15 А некаторыя з іх казалі: Ён праз Бэльзэбуба, д'ябэльскага князя, выганяе д'яблаў. 16 А іншыя спакушваючы дамагаліся ад яго знаку з неба.

17 Ён-жа, як убачыў думкі іх, сказаў ім: Усякае каралеўства, разьдзеленае проціў сябе, будзе спустошана, і дом на дом упадзе. 18 А калі і д'ябал ёсьць разьдзяліўшыся проціў сябе, то як устаіць ягонае каралеўства? Бо вы кажэце, што я праз Бэльзэбуба выганяю д'яблаў. 19 А калі я праз Бэльзэбуба выганяю д'яблаў, то сыны вашыя праз каго выганяюць? Дзеля гэтага яны будуць вашымі судзьдзямі. 20 Але калі я пальцам Божым выганяю д'яблаў, сапраўды прыйшло да вас каралеўства Божае. 21 Калі асілак уваружаны сьцеражэ свайго дому, у супакоі ёсьць усё, што ён мае. 22 Але калі сільнейшы за яго, надыйшоўшы, пераможа яго, забярэ ўсё ягонае аружжа, на каторае ёе спадзяваўся і раздасьць ягоны дабытак.

23 Хто не са мною, той проціў мяне; а хто ня зьбірае са мною, той раскідае.

24 Калі дух нячысты выйдзе з чалавека, ходзіць па бязводных мясцох, шукаючы супакою. А не знаходзячы, кажа: Вярнуся ў дом свой, адкуль я выйшаў. 25 І прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным. 26 Тады ідзе і бярэ з сабою сем другіх духаў, горшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там. І бываюць апошнія рэчы гэнага чалавека горшымі за першыя.

27 Сталася-ж, калі ён гэтае гаварыў, нейкая жанчына з грамады, падняўшы голас, сказала яму: Багаслаўленае лона, каторае цябе насіла, і грудзі, каторыя ты ссаў. 28 А ён сказаў: Так, багаслаўленыя, каторыя слухаюць слова Божага і берагуць яго.

Ёна падабенствам Хрыстуса

29 Калі-ж зьбегліся грамады, пачаў гаварыць: Гэты род ёсьць родам нягодным: ён шукае знаку, а знаку яму ня будзе дадзена, апрача знаку Ёны прарока. 30 Бо як Ёна быў знакам для Нінівітаў, так будзе і Сын чалавечы для гэтага роду. 31 Каралева з поўдня ўстане на судзе з мужамі гэтага роду і асудзіць іх, бо яна прыйшла з канцоў зямлі паслухаць мудрасьці Саламона, а вось тут болей як Саламон. 32 Мужы Нінівейскія ўстануць на судзе з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакуту чынілі на Ёнава навучаньне, а вось тут болей як Ёна.

33 Ніхто не запальвае сьвятла і не ставіць у скрытым месцы, ані пад пасудзінай, але на ліхтар, каб тыя, каторыя ўваходзяць, бачылі сьвятло. 34 Сьветачам цела твайго ёсьць вока тваё. Калі вока тваё будзе шчырае, усё сэрца тваё будзе сьветлае; калі-ж будзе нягоднае, то і цела тваё цёмнае будзе. 35 Дык глядзі, каб сьвятло, каторае ў табе, ня было цемрай! 36 Дык калі ўсё цела тваё будзе сьветлае, ня маючае ніякай часткі цемры, то будзе ўсё сьветлае, і як сьветач яснасьці асьвеціць цябе.

Езус ганіць крывадушнасьць фарызэяў

37 А калі гаварыў, прасіў яго нейкі фарызэй, каб паабедаў ў яго. І прыйшоўшы, сеў за стол. 38 А фарызэй пачаў, сам у сабе думаючы, казаць: Чаму ён не абмыўся перад абедам? 39 І сказаў Пан да яго: Цяпер вы, фарызэі, ачышчаеце што ёсьць зьверху кубка і місы, але што ўнутры вас ёсьць, яно поўнае грабества і нягоднасьці. 40 Безразумныя, ці-ж той, каторы ўчыніў тое, што ёсьць зьверху, ня ўчыніў так-жа таго, што ёсьць унутры? 41 Але што лішняе, аддайце на дарэньне, і вось усё для вас чыстае.

42 Але гора вам, фарызэям, што даецё дзясятую часьць з мяты і руты і ўсякай гародніны, а памінаеце суд і міласьць Божую. Бо гэтае трэба было рабіць, і таго не прапускаць. 43 Гора вам, фарызэям, што любіце першыя лаўкі ў бажніцах і прывітаньні на рынку. 44 Гора вам, бо вы як магілы, каторых ня відаць, і людзі, каторыя ходзяць зьверху, ня ведаюць.

45 Адказваючы-ж нейкі вучоны ў законе, сказаў яму: Вучыцель, гэтае гаворачы, ты робіш і нам ганьбу. 46 А ён сказаў: І вам, вучоным у законе, гора! Бо вы накладаеце на людзей цяжары, якіх яны насіць ня могуць, а самі вы адным пальцам вашым не кранецё цяжараў.

47 Гора вам, каторыя будуеце грабы прарокам, бацькі-ж вашыя забівалі іх. 48 Сапраўды вы сьведчыце, што згаджаецеся з учынкамі айцоў вашых; бо яны-то іх забівалі, а вы будуеце іхныя грабы. 49 Дзеля гэтага і мудрасьць Божая сказала: Пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і з іх заб'юць і будуць прасьледаваць; 50 каб была спагнана ад гэтага роду кроў усіх прарокаў, якая была праліта ад закладзін сьвету, 51 ад крыві Абэля аж да крыві Захара, які згінуў між аўтаром і сьвятыняй. Сапраўды кажу вам, будзе спагнана ад гэтага роду.

52 Гора вам, вучоным у законе, бо вы ўзялі ключ разуменьня; вы самі не ўвайшлі, і перашкаджалі тым, каторыя ўваходзілі.

53 Калі-ж ён гэтае да іх гаварыў, фарызэі і вучоныя ў законе пачалі моцна прыставаць і засыпаць яго многімі пытаньнямі, цікуючы на яго і стараючыся злавіць нешта з вуснаў ягоных, каб абвінаваціць яго.

2 Гл. Мт. 6, 9 і наст. Тут сьв. Лукаш падае "Ойча наш" у трохі карацейшай форме, чым сьв. Матэуш. Магчыма, што Е. Хрыстус гэтыя дзьве формы ў розных часах і абставінах.

11 "Быў нямы" г. зн. быў прычынаю нематы.

27 Гэта жанчына ў прастаце свайго сэрца, ня ўмеючы інакш выразіць сваей чэсьці для Хрыста і яго навукі, славіць яго матку, як багаслаўленую.

28 Хрыстус пацьвярджае словы жанчыны, але дадае, што багаслаўлены і тыя, што слухаць слова Божага і спаўняюць яго.

29 Пад славамі "гэты род" трэба разумець кніжнікаў і фарызэяў.

31 Гл. Мт. 12, 42.

35 Інакш кажучы: Глядзі, каб не зацямніць розуму і жыцьця свайго благімі паступкамі.

38 Гл. Мт. 15, 2.

41 Хрыстус загадывае скупым і прагавітым фарызэям даваць дарэньні ўбогім і гэтая дзейная любоў адносна бліжніх заступіць перад Богам усе іншыя рытуальныя абмываньні.

42 З мяты ня трэба было даваць дзясятай часьці, але рупныя фарызэі і гэта рабілі, прапушчаючы важнейшыя рэчы (гл. Мт. 23, 23).

46 Хрыстус тут вінаваціць кніжнікаў і вучоных у законе, што яны, тлумачачы людзям закон Майсея, накладаюць на іх цяжары, якіх трудна споўніць, а самі для сябе былі вельмі лагодныя.

53 Гэтыя словы Хрыста выклікалі ў фарызэяў і кніжнікаў вялікую ненавісьць да яго. Гэта было на якія 4 - 5 месяцаў перад сьмерцяй Хрыста.

 

Разьдзел 12
Напамінаньні аб вытрываласьці ў прасьледзе

1 Калі-ж стаялі навакол вялікія грамады, так што адны другіх тапталі, пачаў гаварыць да сваіх вучняў: Сьцеражэцеся фарызэйскае кісьлі, якою ёсьць крывадушнасьць. 2 А няма нічога скрытага, што-б ня выявілася, ані таёмнага, што-б ня сталася ведамым. 3 Бо што вы гаварылі ў цемры, будзе гаворана пры сьвятле, а што гаварылі на вуха ў сьвятліцах, будзе абвешчана на дахах.

4 Кажу-ж вам, прыяцелям маім, каторыя забіваюць цела, а пасьля гэтага ня маюць болей чаго рабіць. 5 Але я вам пакажу, каго маеце баяцца: бойцеся таго, каторы, потым як заб'е, мае ўладу кінуць у пекла. Так, кажу вам, гэтага бойцеся. 6 Ці-ж не прадаюць пяці вераб'ёў за два медзякі? А ніводзен з іх ня ёсьць забыты ў Бога. 7 Але і валасы на галаве вашай усе палічаны. Дык ня бойцеся, вы болей варты за многа вераб'ёў.

8 А кажу вам: кожны, хто-толькі прызнае мяне перад людзьмі, таго прызнае і Сын чалавечы перад анёламі Божымі. 9 А хто адрачэцца ад мяне перад людзьмі, будзе адрачоны перад анёламі Божымі. 10 І кожны, хто кжа слова проціў Сына чалавечага, будзе яму адпушчана, а таму, хто блюзьніць проціў Духа сьвятога, ня будзе адпушчана. 11 А калі вас будуць вадзіць да бажніцаў, і да ўрадаў, і да ўладаў, не клапацецеся, як або што маеце адказаць. 12 Бо Дух Сьвяты навучыць вас у тую гадзіну, што вам трэба гаварыць.

Езус ня хоча быць судзьдзёю ў справах спадчыны

13 І сказаў яму нехта з грамады: Вучыцель, скажы майму брату, каб падзяліўся са мною спадчынай. 14 А ён сказаў яму: Чалавеча, хто мяне паставіў судзьдзёю або дзяльніком над вамі?

15 І сказаў да іх: Глядзеце і сьцеражэцеся ўсякай прагавітасьці, бо жыцьцё каго-небудзь залежыць не ад ягоных дастаткаў, якія мае. 16 А сказаў падабенства да іх, кажучы: У аднаго багатага чалавека поле дало буйны ўраджай. 17 І разважаў сам у сабе: Што мне рабіць, бо ня маю дзе злажыць майго ўраджаю? 18 І сказаў: Гэтае зраблю: развалю мае гумны і пабудую большыя, і туды зьбяру ўсё, што мне ўрадзіла, і маё дабро; 19 і скажу душы маей: Душа, мае многа дабра, зложанага на доўгія гады; адпачывай, еш, пі, банкетуй. 20 І сказаў яму Бог: Безразумны, у гэту ноч зажадаюць ад цябе душы тваей, а тое, што ты прыгатовіў, чыё будзе? 21 гэтак бывае з тым, каторы зьбірае скарбы для сябе, а перад Богам ня ёсьць багаты.

Трэба высьцерагацца лішняй клапатлівасьці ў дачасных справах

22 І сказаў да сваіх вучняў: Дзеля гэтага кажу вам: Не клапацецеся аб жыцьці сваім, што будзеце есьці; ані аб целе, у што будзеце адзявацца. 23 Жыцьцё ёсьць важней чым ежа, а цела важней чым адзеньне. 24 Паглядзеце на крумкачоў, што ня сеюць ані жнуць, у каторых няма кладоўкі ані гумна, і Бог корміць іх. Наколькі болей вы даражэйшыя за іх! 25 Хто-ж вас клапацячыся можа дадаць да свайго ўзросту адзін локаць? 26 Дык калі таго, што найменшае, ня можаце, то нашто клапаціцёся аб іншым? 27 Паглядзеце на лілеі, як яны растуць: не працуюць, ані прадуць; а я вам кажу, ані Саламон ва ўсей сваей славе не адзяваўся як адна з іх. 28 Калі-ж траву, каторая сягоньня на полі, а заўтра ў печ кідаецца, Бог так адзяе, насколькі болей вас, малаверных! 29 І вы ня пытайцеся, што будзе есьці або што будзеце піць, і ня ўзносьцеся высока. 30 Бо гэтага ўсяго народы сьвету шукаюць, а Айцец ваш ведае, што гэтага патрабуеце. 31 Але шукайце перш каралеўства Божага і справядлівасьці яго, а гэтае ўсё будзе вам дадзена.

32 Ня бойцеся, малая стада, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам каралеўства. 33 Прадайце, што маеце, і дайце дарэньне. Рабеце для сябе мяшкі, якія не стрэюць, скарб, які ня ўбывае ў небе, куды злодзей не дабярэцца і моль ня псуе. 34 Бо дзе ваш скарб, там будзе і сэрца вашае.

Прыповесьць аб слугах, чакаючых на свайго пана. Патрэба чуйнасьці

35 Няхай будуць апаясаны паясьніцы вашыя і сьветачы гаручыя ў руках вашых; 36 а вы падобныя да людзей, якія чакаюць на пана свайго, калі будзе варочацца з вясельля, каб, калі прыйдзе і застукае, зараз-жа адчыніць яму. 37 Багаслаўленыя тыя слугі, каторых прыйшоўшы пан знойдзе чуючых. Сапраўды кажу вам, што ён апаяша сябе, і пасадзіць іх за стол, і абходзячы будзе служыць ім. 38 І калі-б прыйшоў у другую варту, і калі-б у трэцюю варту прыйшоў і так-бы знайшоў, багаслаўленыя тыя слугі. 39 Ведайце-ж гэта, што калі-б гаспадар ведаў, у якой гадзіне злодзей прыйдзе, чуў-бы пэўне і не дапусьціў-бы падкапаць дому свайго. 40 І вы будзьце гатовы, бо ў якой гадзіне ня думаеце, Сын чалавечы прыйдзе.

41 І сказаў яму Пётр: Пане, ты да нас кажаш гэтую прыповесьць, ці і да ўсіх? 42 А Пан сказаў: Хто, думаеш, ёсьць верным і разумным эканомам, каторага паставіў пан над сваею чэлядзьдзю, каб даваў ім у час меру пшаніцы? 43 Багаслаўлены той слуга, каторага пан прыйшоўшы, знойдзе гэтак чынячага. 44 Сапраўды кажу вам, што над усім, што мае, паставіць яго. 45 А калі-б той слуга сказаў у сэрцы сваім: "Пан мой пазьніцца прыйсьці", і пачаў-бы біць слугаў і служак, і есьці і піць і ўпівацца, 46 прыйдзе пан слугі таго ў дзень, у каторы ён не спадзяецца, і ў гадзіне, каторай ня ведае; і аддзеліць яго, і часьць ягону паложыць з нявернымі. 47 Той-жа слуга, каторы пазнаў волю пана свайго, і не прыгатовіў, не зрабіў паводле волі ягонай, будзе моцна караны; 48 а каторы ня ведаў і зрабіў нешта годнае кары, будзе мала караны. Ад кожнага-ж, каму многа дадзена, ад таго будуць многа вымагаць; а каму многа даручылі, болей будуць хацець ад яго.

Каб ісьці ўсьлед за Хрыстом, трэба ахвяры

49 Я прыйшоў кінуць агонь на зямлю, і чаго хачу, адно каб ён загарэўшыся? 50 Але я маю быць ахрышчаны хростам, і як-жа я сьціснуты, аж пакуль не даканаецца!

51 Вы думаеце, што я прыйшоў даць супакой на зямлю? Не, кажу вам, але разлучэньне. 52 Бо адгэтуль будуць пяцёх у вадным доме разьдзяліўшыся, трох проціў двух, і двух проціў трох. 53 Разьдзеляцца бацька проціў сына, а сын проціў свайго бацькі; матка проціў дачкі, а дачка проціў маткі; сьвёкра проціў сваей нявесткі, а нявестка проціў сваей сьвёкры.

Знакі часу напамінаюць аб патрэбе пакуты

54 Казаў-жа і да грамадаў: Калі бачыце хмару, якая падымаецца з захаду, зараз кажаце: "Будзе дождж" - і гэтак бывае; 55 а калі дзьме паўдзённы вецер, кажаце: што "будзе гарачыня" - і бывае. 56 Крывадушнікі, воблік неба і зямлі вы ўмееце пазнаваць, а як-жа вы не пазнаецё гэтага часу? 57 Чаму-ж вы і самі з сябе ня судзіце, што справядлівае? 58 Калі-ж ты ідзеш з сваім праціўнікам да начальніка, у дарозе старайся звольніцца ад яго, каб часам не пацягнуў цябе да судзьдзі; а судзьдзя не аддаў цябе выканаўцы; а выканаўца ня кінуў цябе ў вастрог. 59 Кажу табе, ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі нават апошняга грошыка.

10 Гл. Мт. 12, 31.

12 Дух Сьв., ад каторага ідзе ўсялякае Божае натхненьне і сіла рэлігійнага пракананьня, паддасьць тады апосталам, што яны маюць гаварыць.

13 Жыдоўскія рабіны былі тады так-жа судзьдзямі ў спорах за спадчыну. Вось-жа адзін чалавек, пакрыўджаны сваім братам, просіць Езуса, каб загадаў ягонаму брату падзяліцца з ім спадчынай.

14 Хрыстус ня хоча быць дзяльніком у справах спадчыны, бо такія справы належаць да судоў сьвецкіх. Хрыстус-жа прыйшоў навучыць людзей, як яны маюць жыць і прыйшоў адкупіць іх ад няволі грэху.

15 Шчасьце жыцьця людзкога не залежыць ад дастаткаў, якія скора прамінаюць, але ад чыстага сумленьня перад Богам.

22 Не забараняе тут Хрыстус старацца добрым спосабам, каб здабыць сабе патрэбныя рэчы да жыцьця, а толькі забараняе займацца праз меру зямнымі справамі з крыўдай для душы. Дый урэшце не ад чалавека залежыць ягонае жыцьцё, але ад Бога (Гл. Лук. 12, 16-21).

31 Гл. Мт. 6, 33.

35 Апаясацца - г. зн. быць гатовым. У Палестыне, дзе насілі і цяпер носяць доўгае адзеньне, такое апаясваньне або падпяразваньне было канечнае пры працы і ўсякіх рухах.

36 Вясельле на ўсходзе адбывалася вечарам і кончылася позна ўначы.

38 Ноч у жыдоў дзялілася на 4 варты: першая варта - ад захаду сонца да нашай гадзіны 9-тай; другая - ад 9 да поўначы; трэцяя - ад поўначы да гадзіны 3; чацьвертая - ад 3 да ўсходу сонца.

46 "Часьць ягону паложыць з нявернымі" г. зн. асудзіць яго на вечнае мучэньне.

49 Хрыстус прыйшоў на зямлю, каб агнём сваей навукі і любові запаліць людзей да добрых чынаў і хоча, каб гэтакі агонь гарэў на ўсей зямлі.

50 Хростам Езус называе тут сваю муку (гл. Мк. 10, 38). І хоць ягона сэрца сьціскаецца болем, аднак жадае, каб гэта часіна настала чымхутчэй.

57 Іншымі славамі, Хрыстус пытаецца: Чаму вы ідзецё да судоў, а не вырашаеце самі паміж сабою вашых спораў справядліва?

59 У гэтай прыповесьці Езус вучыць нас, што трэба зьяднацца з Богам яшчэ на гэтым сьвеце, бо па сьмерці нясплачаныя даўгі жыцьця нашага прымушаны будзем адпакутаваць у чысцы, калі не заслужым на вечную кару.

 

Разьдзел 13
Канечнасьць пакуты

1 А ў гэтым часе прыйшлі некаторыя, паведамляючы яго аб галілеянах, якіх кроў Пілат зьмяшаў з іх ахвярамі. 2 І адказваючы сказаў ім: Вы думаеце, што гэтыя галілеяне былі болей грэшныя за ўсіх галілеян, што яны гэтак пацярпелі? 3 Не, кажу вам, але калі ня будзеце мець пакуты, усе таксама пагінеце. 4 Так як тыя васемнаццацёх, на каторых упала вежа ў Сілоэ і забіла іх, вы думаеце, што і яны былі болей вінаватымі за ўсіх людзей, жывучых у Ерузаліме? 5 Не, кажу вам, але калі пакуты ня будзеце чыніць, усе таксама пагінеце.

6 Сказаў-жа і гэтае падабенства: Нехта меў фіговае дзерава, пасаджанае ў сваім вінаградніку; і прыйшоў, шукаючы плоду на ім, і не знайшоў. 7 І сказаў да вінаградара: Вось тры гады, як я прыходжу, шукаючы плоду на гэтай фізе, і не знаходжу. Дык зрубаў яе, нашто яна і зямлю займае? 8 А ён адказваючы сказаў яму: Пане, пакінь яе і на гэты год, аж пакуль яе не акапаю і аблажу гноем, 9 а можэ яна прынясе плод; а калі не, то потым яе зрубаеш.

Аздараўленьне хворай жанчыны

10 І быў навучаючы ў іхнай бажніцы ў суботу. 11 І вось жанчына, якая мела духа немачы праз васемнаццаць гадоў, і была яна скорчыўшыся і зусім не магла ўзглянуць уверх. 12 Калі Езус увідзеў яе, паклікаў яе да сябе і сказаў ей: Жанчына, ты звольнена ад немачы тваей! 13 І ўзлажыў на яе рукі, і зараз-жа выпраставалася і славіла Бога. 14 А старшы над бажніцаю, загневаўшыся, што езус аздараўляў у суботу, адазваўшыся, сказаў да грамады: Ёсьць шэсьць дзён, у каторых трэба працаваць, дык у гэтыя прыходзьце і лячэцеся, а не ў дзень суботні. 15 Адказваючы-ж яму Пан сказаў: Крывадушнікі, ці-ж кожны з вас не адвязвае ў суботу свайго вала або асла ад жолабу і не вядзе напаіць? 16 А гэтаю дачку Абрагама, якую д'ябал быў зьвязаўшы вось васемнаццаць гадоў, ці-ж ня трэба было разьвязаць ад гэтай вязі ў дзень суботні? 17 І калі гэтае гаварыў, устыдаліся ўсе праціўнікі яго, а ўвесь народ радаваўся з усяго, што слаўна дзеялася праз яго.

Прыповесьць аб гарчычным зярняці і квасе

18 Дык гаварыў: Да чаго падобнае каралеўства Божае і да чаго падобным палічу яго? 19 Яно падобнае да гарчычнага зярняці, якое ўзяўшы чалавек кінуў у свой гарод; і вырасла, і сталася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя адпачывалі на галінах ягоных.

20 І ізноў сказаў: Да чаго падобным палічу каралеўства Божае? 21 Яно падобнае да квасу, які ўзяўшы жанчына палажыла ў тры меркі мукі, пакуль усё ня ўкісла.

Хто ўвойдзе ў кралеўства Божае? Грозьбы Гэрада Антыпы

22 І ішоў праз гарады і мястэчкі, навучаючы, і адбываючы падарожу ў Ерузалім.

23 А нехта сказаў яму: Пане, ці мала такіх, што будуць збаўлены? Ён-жа сказаў да іх: 24 Старайцеся ўвайсьці праз цесную браму. Бо кажу вам, што многія будуць хацець увайсьці, і ня змогуць. 25 А калі гаспадар увойдзе і замкне дзьверы, вы пачнецё стаяць на дварэ і стукаць у дзьверы, кажучы: Пане, адчыні нам. А ён адказваючы скажа вам: Ня знаю вас, адкуль вы. 26 Тады пачнецё гаварыць: Мы елі перад табою і пілі, і ты на вуліцах нашых навучаў. 27 І скажа вам: Ня знаю вас, адкуль вы. Адыйдзеце ад мяне ўсе чынячыя нягоднасьць. 28 Там будзе плач і скрыгот зубоў, калі ўбачыце Абрагама, і Ізаака, і Якуба, і ўсіх прарокаў у каралеўстве Божым, а вас проч выкінутых. 29 І прыйдуць з усходу і заходу, і з поўначы і поўдня, і засядуць у каралеўстве Божым. 30 І вось апошнімі ёсьць тыя, каторыя будуць першымі, і першыя ёсьць, каторыя будуць апошнімі.

31 У той-жа дзень падыйшлі некаторыя з фарызэяў, кажучы яму: Выйдзі і ідзі адгэтуль, бо гэрад хоча цябе забіць. 32 І сказаў ім: Ідзеце і скажэце гэтай лісіцы: вось я выганяю д'яблаў і чыніў аздараўленьні сягоньня, і заўтра, а на трэці дзень для мяне канец. 33 аднак-жа трэба мне сягоньня і заўтра і пазаўтра ісьці, бо ня можа быць, каб прарок згінуў па-за Ерузалімам.

34 Ерузалім, Ерузалім, што забівае прарокаў і камянуеш тых, што пасланы да цябе; сколькі разоў хацеў я сабраць дзяцей тваіх, так як птушка гняздо сваё пад крыльлі, а ты не хацеў! 35 Вось астанецца для вас дом ваш пустым. А кажу вам, што ня ўгледзеце мяне, пакуль ня прыйдзе, калі скажаце: "Багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана".

1 Паводле старадаўнага гісторыка Язэпа Флавія галілеяне разам з жыхарамі Юдэі рабілі часам забурэньні на дварышчы сьвятыні пры складаньні ахвяр, пратэстуючы проціў рымскай улады. У гэтым выпадку, аб каторым піша сьв. Лукаш, забурэньні былі настолькі вялікія, што Пілат загадаў сваім жаўнерам выступіць з аружжам у руках проціў гэных неспакойных галілеян і кроў іх была зьмяшана з крывёю ахвяраў.

4 Гэта была адна з абаронных вежаў гораду Ерузаліму блізка саджалкі Сілоэ; вось-жа гэтая вежа завалілася.

5 Кара гэта спаткала жыдоў каля 40 гадоў пасьля гэтага прароцтва (у 70 годзе па Нар. Хрыста) пры ўзяцьці Ерузаліму рымлянамі. Тады згінула многа жыдоў.

7 Фігавае дрэва прыносіць плод ужо на трэцяе лета, а калі не, дык уважаецца за няплоднае і высякаецца.

9 Уласьнікам вінаградніка ёсьць Бог, фігавае дрэва - гэта жыдоўскі народ, а вінаградар - Хрыстус. Бог згаджаецца на просьбу Хрыста, каб даць жыдоўскаму народу яшчэ каля 40 гадоў на паправу (да збурэньня Ерузаліму рымлянамі ў 70 г. па Нар. Хр.).

19 Гл. Мт. 13, 32. Гарчыца ў Палестыне расьце на 3 - 4 мэтры вышыні.

21 Гл. Мт. 13, 33.

23 Пытаньне гэтае, як відаць з далейшых слоў, датычыла ліку тых, што будуць збаўлены з народу жыдоўскага.

25 Гаспадар у гэтай прыповесьці - гэта Хрыстус, зачыненьне дзьвярэй - сьмерць.

26 "Мы елі перад табою і пілі" - значыць: былі з табою разам.

27 Значыць, да збаўленьня мала слухаць навукі Хрыста, але трэба яшчэ добрых чынаў.

30 Гэтыя словы значаць, што пагане, якія будуць пакліканы да валадарства Божага па жыдох, будуць першымі: а жыды будуць апошнімі.

32 Гэраду Антыпе не спадабалася, што Хрыстус навучаў у яго каралеўстве і хацеў Хрыста пазбыцца. Але як? Узяць сілаю баяўся, бо народ стаяў за Хрыста, дык пасылае да яго сваіх людзей, каб яны пастрашылі Хрыста, што Гэрад проціў яго нешта мае. Езус называе такога хітрага чалавека проста лісіцай і кажа, што будзе спаўняць сваё пасланства праз усе дні аж да падарожы ў Ерузалім і сваей сьмерці.

35 Гл. Мт. 23, 38-39.

 

Разьдзел 14
Езус на пачастунку ў доме фарызэя

1 І сталася, калі Езус увайшоў у дом нейкага старшага фарызэя ў суботу есьці хлеб, а яны наглядалі за ім. 2 І вось нейкі апухлы чалавек быў перад ім: 3 І адказваючы Езус сказаў да вучоных у законе і фарызэяў, кажучы: Ці дазволена аздараўляць у суботу? 4 А яны маўчалі. Ён-жа ўзяўшы аздаравіў яго і адправіў. 5 І адказваючы сказаў да іх: У каго з вас асёл або вол уваліцца ў студню, то ці ня зараз-жа выцягне яго ў дзень суботні? 6 І не маглі яму на гэтае адказаць.

7 Казаў-жа прыповесьць і да запрошаных, угледаючыся, як яны выбіралі першыя мясцы, кажучы да іх: 8 Калі ты будзеш запрошаны на вясельле, не садзіся на першым месцы, каб часам ня быў запрошаны ім паважнейшы за цябе, 9 і каб прыйшоўшы той, каторы цябе і яго паклікаў, сказаў табе: Дай гэтаму месца, і тады са стыдам пачаў-бы ты займаць апошняе месца. 10 Але калі ты будзеш пакліканы, ідзі, сядзь на апошнім месцы, каб прыйшоўшы той, каторы паклікаў цябе, сказаў табе: Дружа, узыйдзі вышэй. Тады будзе табе слава перад разам сядзячымі. 11 Бо кожны, хто сябе павышае, будзе паніжаны; а хто сябе паніжае, будзе павышаны.

12 Казаў і да таго, хто яго паклікаў: Калі ты даеш абед або вячэру, ня кліч прыяцеляў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў, ані багатых суседзяў, каб часам і яны цябе не паклікалі, і каб ня было для цябе нагароды. 13 Але калі робіш пачастунак, пакліч убогіх, калекіх, кульгавых і сьляпых, 14 і будзеў багаслаўлены затым што ня могуць нагарадзіць табе. Бо будзе нагароджана табе ва ўскрашэньні справядлівых.

15 Калі пачуў гэтае нехта з тых, што разам сядзелі, сказаў яму: Багаслаўлены, хто будзе есьці хлеб у каралеўстве Божым. 16 А ён сказаў яму: Адзін чалавек справіў вялікую вячэру і паклікаў многіх. 17 І паслаў слугу свайго ў гадзіну вячэры сказаць запрошаным, каб прыходзілі, бо ўсё ўжо гатова. 18 І пачалі ўсе разам апраўдывацца. Першы сказаў яму: Я купіў сялібу і трэба мне пайсьці і паглядзець яе, прашу цябе, мей мяне за апраўданага. 18 А другі сказаў: Я купіў пяць пар валоў і іду пробаваць іх, прашу цябе, мей мяне за апраўданага. 20 А іншы сказаў: Я жонку ўзяў, і дзеля гэтага не магу прыйсьці. 21 І вярнуўшыся слуга паведаміў аб гэтым пана свайго. Тады пан, загневаўшыся, сказаў слузе свайму: Выйдзі скора на вуліцы і вулачкі гораду, і прывядзі сюды ўбогіх і калекіх і сьляпых і кульгавых. 22 І сказаў слуга: Пане, сталася, як ты загадаў, але яшчэ ёсьць месца. 23 І сказаў пан слузе: Выйдзі на дарогі і засьценкі і прымусь увайсьці, каб дом мой быў поўны. 24 А кажу вам, што ніводзен з тых мужоў, якія былі пакліканы, не пакаштуе вячэры маей.

Патрэба адрачыся ад зямных спраў

25 І ішлі вялікія грамады. І абярнуўшыся, сказаў ім: 26 Калі хто ідзе да мяне і ня мае ў ненавісьці бацькі свайго, і маткі, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясьцёр, а яшчэ і жыцьця свайго, ня можа быць маім вучнем. 27 І хто не нясе крыжа свайго і ня ідзе за мною, ня можа быць маім вучнем.

28 Бо хто з вас, хочучы збудаваць вежу, ці-ж уперад сеўшы не аблічыць коштаў, якіх патрэба, ці мае, каб скончыць? 29 Каб пасьля, як залажыў фундамэнт і ня мог скончыць, усе гледзячы не пачалі сьмяяцца з яго, 30 кажучы: Што гэты чалавек пачаў будуваць і ня мог скончыць? 31 Або які кароль, каторы мае ісьці проціў другога караля, сеўшы ўперад не падумае, ці зможа з дзесяцьма тысячамі пераняць таго, каторы ідзе на яго з дваццацьма тысячамі? 32 Бо інакш, пакуль той яшчэ далёка, вышле пасольства, просячы адносна міру. 33 Так-то кожны з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць маім вучнем. 34 соль добрая, але калі соль зьвятрэе, то чым яе прыправіць? 35 Яна не надаецца ані ў зямлю, ані ў гной, але вон будзе выкінута. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае!

1 "Есьці хлеб" азначала ў жыдоў усякую яду ці пачастунак, а "есьці ў суботу" - урачыстае прыняцьце.

5 Гл. Мт. 12, 12.

10 Езус тут не пахваляе крывадушнага і фальшывага паніжаньня самога сябе, але пахваляе шчырае і сапраўднае. Той чалавек, каторы сябе шчыра паніжае, заўсёды будзе повышаны, калі не на гэтым, то на тым сьвеце.

11 Гл. Мт. 23, 11.

12 Езус тут не забараняе склікаць сваякоў або прыяцеляў на пачастунак, але кажа, што толькі такое скліканьне будзе мець нагароду ў Бога, якое было роблена ня дзеля людзкога вырахаваньня, але дзеля Бога.

14 На судзе Божым, па ўскрашэньні цела, Бог нагародзіць за ўсе добрыя чыны, дакананыя дзеля Бога.

15 Валадарства Божае (неба) жыды прадстаўлялі як вялікі пачастунак - вячэру.

24 Значэньне гэтай прыповесьці такое: Вячэра - гэта валадарства нябеснае, куды можна ўвайсьці праз Касьцёл Хрыстовы; гаспадар - гэта Бог: запрошаныя наўперад - гэта сьвятары і кніжнікі, якія ад вячэры адказаліся; убогія, калекія, сьляпыя і кульгавыя - гэта ўвесь Ізраільскі народ; запрошаныя ўканцы з дарог і засьценкаў - гэта пагане, а слугі - гэта анелы.

26 "Мець у ненавісьці" значыць тут: не цаніць гэтых асоб і сябе самога вышэй за Бога. Нашая любоў да Бога павінна перавышаць любоў да стварэньня (Мат. 10, 37), а калі хто цэніць сябе або бліжніх болей за Бога, той ня можа быць вучнем Хрыстовым.

28 Вежы будаваліся даўней ня толькі на гарадзкіх сьценах, дзеля абароны ад ворага, але так-жа ў вінаградніках, каб пільнаваць ураджаю ад зладзеяў.

32 Думка тут такая, што перад кожнай паважнай справай трэба добра прызадумацца, ці чалавек даканае яе, асабліва калі хто хоча пасьвяціць сябе на службу Божую і пайсьці за Хрыстом.

 

Разьдзел 15
Тры прыповесьці аб міласэрдзі Божым над грэшнікам

1 І прыбліжаліся да яго мытнікі і грэшнікі, каб слухаць яго. 2 А фарызэі і кніжнікі наракалі, кажучы: Што ён прыймае грэшнікаў і есьць з імі.

2 І сказаў да іх гэтакую прыповесьць, кажучы: 4 Каторы з вас чалавек, маючы сто авечак, і згубіўшы адну з іх, ці не пакідае дзевяць дзесяць у пустыні і ня ідзе за згубленымі, аж пакуль ня знойдзе яе? 5 А знайшоўшы яе, кладзе на плечы свае, радуючыся; 6 і прыйшоўшы дамоў, склікае прыяцеляў і суседзяў, кажучы ім: Цешцеся са мною, бо я знайшоў авечку маю, каторая была згінуўшы. 7 Кажу вам, што так будзе радасьць у небе з аднаго грэшніка, чынячага пакуту, чым з дзевяцьдзесят дзевяцёх справядлівых, якія не патрабуюць пакуты.

8 Або якая жанчына, маючая дзесяць драхмаў, калі-б згубіла адну драхму, ці не запальвае сьветача і выметае дом і шукае пільна, пакуль ня знойдзе? 9 А знайшоўшы, склікае прыяцеляк і суседак, кажучы: Цешцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую была згубіўшы. 10 Так, кажу вам, будзе радасьць у анёлаў Божых з аднаго грэшніка, чынячага пакуту.

11 І сказаў: Нейкі чалавек меў двух сыноў. 12 І сказаў малодшы з іх бацьку: Ойча, дай мне часьць маемасьці, якая на мяне прыпадае. І падзяліў ім маемасьць. 13 І пасьля нямногіх дзён, сабраўшы ўсё, малодшы сын ад'ехаў у далёкі край і там, распусна жывучы, пусьціў сваю маемасьць. 14 Калі-ж пражыў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён пачаў гараваць. 15 І пайшоў і прыстаў да аднаго з грамадзян таго краю. І паслаў яго ў сваю сялібу пасьвіць сьвіней. 16 І рад-бы быў напоўніць свой жывот струччом, якое елі сьвіньні, але ніхто яму не даваў. 17 І ўвайшоўшы ў сябе, сказаў: Сколькі наймітаў у доме бацькі майго маюць удоваль хлеба, а я тут з голаду гіну! 18 Устану і пайду да бацькі майго, і скажу яму: Ойча, саграшыў я проціў неба і перад табою; 19 ужо я ня варт называцца сынам тваім; зрабі мяне, як аднаго з наймітаў тваіх. 20 І ўстаўшы пайшоў да бацькі свайго. Калі-ж быў яшчэ далёка, угледзеў яго бацька ягоны і зьлітаваўся, і прыбегшы, кінуўся яму на шыю і пацалаваў яго. 21 І сказаў яму сын: Ойча, саграшыў я проціў неба і перад табою, ужо я ня варт называцца сынам тваім. 22 І сказаў бацька да сваіх слугаў: Скора прынясеце першую адзежу і адзеньце яго; і дайце персьцень на руку ягону і абутак на ногі ягоны. 23 І прывядзеце кормнае цялё і забеце, і будзем есьці і весяліцца, 24 бо гэты сын мой быў памёр і ажыў, быў згінуў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.

25 А старшы сын ягоны быў у полі. І калі ідучы прыбліжаўся да дому, пачуў музыку і скокі, 26 і паклікаў аднаго са слуг і спытаўся, што-б гэта было? 27 Той-жа сказаў яму: Брат твой прыйшоў; і забіў бацька твой кормнае цялё, што здаровым яго дастаў. 28 І загневаўся, і не хацеў увайсьці. Дык бацька ягоны, выйшаўшы, пачаў прасіць яго. 29 Але ён адказваючы сказаў свайму бацьку: Вось я толькі гадоў служу табе і ніколі не перступіў твайго прыказаньня, а ты ніколі не даў мне казьляці, каб я павесяліўся з прыяцелямі маімі. 30 Але калі прыйшоў гэты сын твой, каторы праеў сваю маемасьць з блудніцамі, ты забіў для яго кормнае цялё. 31 А ён сказаў яму: Сыне, ты заўсёды са мною, і ўсё маё тваё ёсьць. 32 А весяліцца і радавацца трэба было, што гэты брат твой быў памёр і ажыў, быў згінуў і знайшоўся.

2 Закід, што Езус прабывае з мытнікамі і грэшнікамі, быў даволі часты з боку фарызэяў і кніжнікаў, дзеля гэтага Езус падае тры стройныя прыповесьці аб міласэрдзі Божым.

7 Радасьць будзе ня дзеля таго, што адзін навернены грэшнік болей варт як 99 справядлівых (бо 99 справядлівых становяць большую вартасьць за аднаго каючагася грэшніка), але дзеля таго, што грэшны навярнуўся да Бога і ня згінуў.

9 Звычайна чалавек болей цешыцца з аднэй драхмы, якую быў згубіў, а потым знайшоў, чым з 9, якіх ня згубіў. Але гэта ня значыць, што адна драхма болей варта за 9 драхм. (Драхма, сярэбраная грэцкая манэта, варта каля 2 зал.).

10 Анелы любяць людзей і затым яны цешацца з наверненага грэшніка.

15 Найніжэйшы і пагарджаны занятак ня толькі ў нас, але і ў Палестыне, асабліва ў жыдоў.

16 Струччо гэтае ў Палестыне расьце на дрэвах (Ceratonia siliqua) і ў галодныя часы служыць пажывай людзям і жывёле.

32 Прыповесьць гэта ў стройных малюнках рысуе перад намі вялікасьць міласэрдзя Божага. Бацька - гэта Бог; блудны сын - гэта грэшны, а добры - гэта чалавек справядлівы. Бяда прымушае блуднога сына прызадумацца, якое ён страціў шчасьце, адыходзячы ад Айца свайго. Для Айца (Бога) хватае ўжо жалю грэшніка, каб выйсьці яму на спатканьне і прыняць яго ізноў за сына. Сын прызнаецца да сваіх правінаў і Айцец спраўляе яму нават пачастунак (эўхарыстычны ў Камуніі сьв.) на знак з'яднаньня і радасьці.

 

Разьдзел 16
Прыповесьць аб несправядлівым гаспадары

1 Казаў-жа і да вучняў сваіх: Быў адзін багаты чалавек, каторы меў гаспадара, і на яго данясьлі яму, быццам распушчае ягонае дабро. 2 І паклікаў яго і сказаў яму: Што гэта я чую аб табе? Здай рахунак з твайго гаспадараваньня, бо ўжо ня будзеш магчы гаспадарыць. 3 І гаварыў гаспадар сам у сабе: Што я зраблю, бо пан мой адымае ад мяне гаспадараваньне? Капаць ня маю сілы, жабраваць устыдаюся. 4 Ведаю што зраблю, каб, калі буду адсунуты ад гаспадараваньня, прынялі мяне ў свае дамы. 5 Дык паклікаўшы паасобку даўжнікоў свайго пана, сказаў першаму: Сколькі ты вінен майму пану? 6 А той сказаў : сто мер алівы. І сказаў яму: Вазьмі расьпіску тваю і сеўшы зараз напішы пяцьдзесят. 7 Потым сказаў другому: А ты сколькі вінен? Той адказаў: Сто мер пшаніцы. Сказаў яму: Вазьмі тваю расьпіску і напішы восемдзесят. 8 І пахваліў пан несправядлівага гаспадара, што дагадліва паступіў, бо сыны гэтага сьвету больш дагадлівыя за сыноў сьвятла ў родзе сваім. 9 А я вам кажу: Рабеце сабе прыяцеляў з мамоны несправядлівасьці, каб, калі прыстанеце, прынялі вас у вечныя сялібы. 10 Хто верны ў наймнешым, той і ў большым верны; а хто ў малым несправядлівы, той і ў большым несправядлівы. 11 Дык калі вы ня былі вернымі ў несправядлівай мамоне, то тую, што праведная, хто вам даверыць? 12 І калі вы ня былі вернымі ў чужым, то тое, што вашае, хто вам дасьць? 13 Ніводзен слуга ня можа служыць двум паном; бо або аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; або да аднаго прыхінецца, а другім узгардзіць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.

Прыповесьць аб багачу і Лазару

14 І слухалі гэтага ўсяго фарызэі, каторыя былі прагавітымі, і сьмяяліся з яго. 15 І сказаў ім: Гэта вы, што чыніце самі сябе справядлівымі перад людзьмі, але Бог знае сэрцы вашыя; бо што ў людзей высокае, тое агідай перад Богам. 16 Закон і прарокі аж да Яна; адгэтуль абвяшчаецца каралеўства Божае, і кожны гвалт яму робіць. 17 Але лягчэй небу і зямлі прамінуць, чым упасьці аднэй рысцы з закону.

18 Кожны, хто пакідае жонку сваю і другую бярэ, чужаложыць, і хто бярэ пакіненую мужам, чужаложыць.

19 Быў адзін багаты чалавек, каторы адзяваўся ў пурпур і саеты і штодня раскошна весяліўся. 20 І быў адзін жабрак, на імя Лазар, каторы ляжаў каля варот ягоных, увесь у скулах, 21 хочучы наесьціся з крошак, якія падалі з стала багача, і ніхто яму не даваў; але і сабакі прыходзілі і лізалі скулы яго. 22 І сталася, што памёр жабрак і быў занесены анёламі на лона Абрагама. Памёр-жа і багач і быў пахаваны ў пекле. 23 І падняўшы вочы свае, калі быў у муках, убачыў Абрагама здалёк, і Лазара на лоне ягоным. 24 І ён галосячы сказаў: Ойча Абрагаме, зжалься нада мною і пашлі Лазара, каб ён абмакнуў канец пальца свайго ў ваду, каб асьвяжыў язык мой, бо я мучаюся ў гэтым полымі. 25 І сказаў яму Абрагам: Сыне, успомні, што ты за жыцьця свайго атрымаў дабро, а Лазар ізноў благое; цяпер-жа ён цешыцца, а ты мучысься. 26 А пры гэтым усім паміж намі і вамі ўцьверджана вялікая пропасьць, каб тыя, каторыя адгэтуль хочуць перайсьці да вас, не маглі, ані адтуль сюды перайсьці. 27 І сказаў: Дык прашу цябе, Ойча, каб ты паслаў яго ў дом бацькі майго; 28 бо маю пяць братоў, каб ён пасьведчыў ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае месца мучэньняў. 29 І сказаў яму Абрагам: Маюць Майсея і прарокаў, нахай слухаюць іх. 30 А ён сказаў: Не, ойча Абрагаме, але каб хто з умерлых прыйшоў да іх, яны пакаяліся-б. 31 І сказаў яму: Калі Майсея і прарокаў ня слухаюць, то і калі-б хто з памёршых ускрос, не павераць.

8 Пахваліў пан несправядлівага гаспадара не за яго несправядлівасьць, на каторай многа страціў, але за ягоную хітрасьць і спрыт. І хоць з такіх "спрытных" зладзеяў людзі часам дзівяцца, што хітра ўкралі, але за іхную хітрасьць караюць іх яшчэ мацней.

"Сыны гэтага сьвету" (людзі грэшныя, якія жывуць паводле правіл сьвету) ёсьць наагул болей дагадлівыя і старанлівыя ў сваіх справах, чым "сыны сьвятла" (людзі справядлівыя ў справах збаўленьня).

9 Хрыстус заахвочвае тут рабіць сабе прыяцеляў з анёлаў і сьвятых, каб яны прынялі нас у вечныя сялібы, калі скончыцца жыцьцё. Гэта зразумела. Але чаму маем рабіць іх "з мамоны несправядлівасьці"?

Мамона ў арамайскай мове азначае багацьце, грошы і ўсякае дабро. Вось-жа мамона часта здабываецца несправядліва, з крыўдаю другіх, а так-жа дае аказію да грэху, затым і завецца тут "мамона несправядлівасьці". Мамона наагул ня прыводзіць чалавека да справядлівасьці, але скарэй да несправядлівасьці. Аднак і з гэтай мамоны можна карыстацца для добрых мэтаў, як дарэньне ўбогіх, успамога для рэлігійных выдавецтваў і каталіцкіх місыяў, дабрадзейная грамадзкая акцыя і г. д., гэтакім парадкам можна здабыць пры помачы мамоны прыязьнь сьвятых у небе, каб яны прынялі ў вечныя сялібы.

13 Гэтакім двум супярэчным паном, як Богу і мамоне, адначасна служыць немагчыма, бо загады іх і мэты зусім праціўныя. Гл. Мт. 6, 24.

15 Дзейнасьць чалавека часам выглядае перад людзьмі высокая і добрая, а перад Богам яна агідная, бо мэта і інтэнцыя дзеючага благія.

16 Стары Закон і прарокі трывалі аж да Яна Хрысьціцеля, далей гл. Мт. 11, 12.

18 Гл. Мт. 19, 5 і наст.

22 Сьмерць у пракананьні жыдоў - гэта быў пераход да сваіх прабацькоў, а як прабацькам жыдоў быў Абрагам, то гаварылася "на лона Абрагама". "Лона" (тут у значэньні "блізкасьці" да Абрагама) ужвалася на азначэньне загробнага шчасьця.

31 Прыповесьць гэтая ганіць раскошнае жыцьцё фарызэяў і багачоў і гразіць ім карай па сьмерці. Такія людзі, якія выракліся Бога і сумленьня, не павераць і ня зьменяць свайго жыцьця, калі-б да іх прыйшоў нават умерлы.

 

Разьдзел 17
Навукі для вучняў

1 І сказаў да сваіх вучняў: Немагчыма, каб ня прыйшлі згаршэньні, але гора таму, праз каго яны прыходзяць. 2 Карысьней яму было-б, каб млынавы камень павесіць яму за шыю і ўкінуць яго ў мора, чым каб ён згоршыў аднаго з гэтых малых

3 Зьвярнеце ўвагу на сябе. Калі-б саграшыў проціў цябе брат твой, напамінай яго; а калі-б пакаяўся, адпусьці яму. 4 І калі-б сем разоў у дзень саграшыў проціў цябе і сем разоў у дзень зьвярнуўся да цябе, кажучы: "Каюся", адпусьці яму.

5 І сказалі апосталы Пану: Павяліч нам веру. 6 І сказаў Пан: Калі-б вы мелі веру, як гарчычнае зерне, сказалі-б гэтаму марвоваму дзераву: "Выкараніся і перасадзіся ў мора", і паслухае вас.

7 А хто з вас, маючы аручага або пасучага слугу, сказаў-бы яму, калі ён вярнуўся з поля: "Ідзі зараз, садзіся за стол"; 8 а не сказаў-бы яму: "Прыгатуй мне вячэраць, і апаяшыся, і паслугуй мне, пакуль я зьем і вып'ю, а потым ты будзеш есьці і піць"? 9 Ці-ж дзякуе ён слузе гэнаму, што зрабіў тое, што яму быў загадаў? Ня думаю. 10 Так і вы, калі зробіце ўсё, што вам было загадана, кажэце: "Мы слугі бязвартасныя, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць".

Аздараўленьне дзесяцёх пракажаных

11 І сталася, калі ішоў у Ерузалім, праходзіў пасярод Самарыі і Галілеі. 12 І калі ўваходзіў у вадно мястэчка, перанялі яго дзесяць пракажаных чалавек, каторыя сталі здалёку 13 і паднялі голас, кажучы: Езусе, Вучыцель, зжалься над намі! 14 Убачыўшы іх сказаў: Ідзеце, пакажэцеся сьвятарам. І сталася, калі яны ішлі, былі ачышчаны. 15 Адзін-жа з іх, як убачыў, што быў ачышчаны, вярнуўся, вялікім голасам славячы Бога: 16 і ўпаў на твар ля ног ягоных, дзякуючы; а гэта быў самаранін. 17 І адказваючы Езус сказаў: Ці-ж ня дзесяць ачышчаных, а дзе ёсьць дзевяць? 18 Не знайшоўся, хто-б вярнуўся і аддаў хвалу Богу, апроч гэтага чужынца. 19 І сказаў яму: Устань, ідзі, бо вера твая цябе аздаравіла.

Аб каралеўстве Божым і прыходзе Сына чалавечага

20 Спытаны-ж фарызэямі, калі прыйдзе каралеўства Божае, адказваючы ім, сказаў: Ня прыходзіць каралеўства Божае з відавочнасьцяй, 21 і ня скажуць: "вось тут", або "вось там". Бо вось каралеўства Божае паміж вас ёсьць.

22 І сказаў да сваіх вучняў: Прыйдуць дні, калі будзеце жадаць відзець адзін дзень Сына чалавечага, і ня ўвідзіце. 23 І будуць вам казаць: "Вось тут" і "вось там". Ня ідзеце і не прыставайце да іх. 24 Бо як маланка, бліснуўшы з-пад неба, асьвячае тое, што пад небам ёсьць, так будзе Сын чалавечы ў дзень свой. 25 Але перш тэба яму многа цярпець і быць узгарджаным ад гэтага роду.

26 А як сталася ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына чалавечага: 27 елі і пілі, жанкі бралі і замуж выдавалі аж да дня, калі Ной увайшоў у карабель; і прыйшоў патоп і загубіў усіх. 28 Таксама як сталася ў дні Лота: елі і пілі, куплялі і прадавалі, садзілі і будаваліся; 29 а ў день, у каторы Лот выйшаў з Садому, лінуў з неба агонь і серка і выгубіў усіх. 30 Паводле гэтага будзе ў дзень, у каторы аб'явіцца Сын чалавечы.

31 У тую часіну хто будзе на даху, а рэчы яго ў доме, няхай ня зыходзіць узяць іх; а хто на полі, няхай таксама не варочаецца назад. 32 Помніце аб жонцы Лота. 33 Хто-б стараўся захаваць жыцьцё сваё, загубіць яго; а хто-б загубіў яго, ажывіць яго. 34 Кажу вам, у тую ноч будзе двох на аднэ пасьцелі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінены; 35 дзьве будуць мелючы разам: адна будзе ўзята, а другая пакінена; двух на полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінены. 36 Адказваючы сказалі яму: Дзе, Пане? 37 Ён сказаў ім: Дзе-колечы будзе цела, там зьбяруцца і арлы.

1 Людзкая слабасьць, абставіны жыцьця, дрэнны прыклад, спакушэньні ад злога духа - гэта ёсьць прычыны, дзеля каторых згаршэньні на гэтым сьвеце мусяць прыйсьці, аднак гора тым, хто ёсьць прычынай згаршэньня. Гл. Мт. 18, 7.

9 Абавязкам слугі ёсьць служыць свайму пану да канца і ўсюды - і за гэтае звычайнае служэньне не належыцца яму ніякая асаблівая нагарода.

10 Панам нашым ёсьць Бог, а мы слугі, і калі мы споўнім нашы абавязкі перад Богам, мы ня зробім нічога надзвычайнага, а зробім тое, што павінны былі зрабіць. Служба Богу ёсьць большым абавязкам, чым служба чалавеку.

11 Гэта была ўжо апошняя падарожа Езуса ў Ерузалім перад ягонай сьмерцяй.

12 Пракажаныя сталі здалёк, бо права забараняла пракажаным прыбліжацца да здаровых. Аб праказе гл. Мт. 8, 2.

18 Прыйшоў падзякаваць Хрысту толькі пагарджаны самаранін, а жыды аздароўленыя ня прыйшлі. Хрыстус выгаварвае гэту няўдзячнасьць людзкую.

21 "Паміж вас ёсьць" значыць, што Хрыстус і апосталы, як відомае каралеўства Божае, былі паміж жыдоў, а паміма гэтага жыды гэтага каралеўства не заўважылі.

22 "Адзін дзень" г. зн. той дзень, калі Сын чалавечы прыйдзе судзіць жывых і ўмерлых. Хоць апосталы і вучні ў часе прасьледу будуць жадаць прыходу Сына чалавечага, то гэтае жаданьне не станецца, бо ў Бога іншыя намеры.

24 Прыход Сына чалавечага на апошні суд будзе раптоўны і неспадзяваны, як блыск маланкі.

26 "У дні Сына чалавечага" - гэта значыць, у дні суду.

31 Тады непатрэбная ўжо будзе ніякая рэч.

32 Жонка Лота, выходзячы з Садому, аглянулася, каб паглядзець на гінучы горад і сама згінула.

34 З аднэй сям'і адзін будзе "ўзяты" г. зн. збаўлены, а другі "пакінены" г. зн. асуджаны на вечнае мучэньне.

36 Вучні не зразумелі гэтых слоў, дык пытаюцца: дзе будзе пакінены, куды ўзяты?

37 Гл. Мт. 24, 28.

 

Разьдзел 18
Малітва павінна быць вытрывалай і пакорнай

1 Сказаў да іх і прыповесьць, што трэба заўсёды маліцца і не пераставаць, 2 кажучы: У вадным горадзе быў нейкі судзьдзя, каторы Бога не баяўся і чалавека ня стыдаўся. 3 А ў тым горадзе была адна ўдава, і хадзіла да яго, кажучы: Абарані мяне ад праціўніка майго. 4 І не хацеў праз доўгі час. Пасьля-ж сказаў сам у сабе: Хоць я Бога не баюся і чалавека ня ўстыдаюся, 5 аднак-жа, таму што гэтая ўдава мне дакучае, абараню яе, каб урэшце прыйшоўшы не зьняважыла мяне. 6 І сказаў Пан: Чуеце, што кажа несправядлівы судзьдзя? 7 Ці-ж Бог не абароніць выбраных сваіх, галосячых да яго дзень і ноч і ці-ж будзе цярплівым адносна іх? 8 Кажу вам, што скора абароніць іх. Аднак-жа Сын чалавечы, прыйшоўшы, думаеш, знойдзе веру на зямлі?

9 Казаў-жа і да некаторых, што ў сабе пэўныя былі, быццам справядлівыя і пагарджалі іншымі, гэту прыповесьць: 10 Два чалавекі ўвайшлі ў сьвятыню, каб памаліцца, адзін фарызэй, а другі мытнік. 11 Фарызэй стоячы, гэтак сам у сабе маліўся: Божа, дзякую табе, што я не такі, як іншыя людзі, зьдзерцы, несправядліўцы, чужаложнікі, як і гэты мытнік. 12 Пашчу два разы ў тыдзень, даю дзесятую часьць з усяго, што маю. 13 А мытнік, стоячы здалёк, не хацеў і вачэй падняць у неба, але біўся ў грудзі свае, кажучы: Божа, будзь міласьцівы мне грэшнаму. 14 Кажу вам, адыйшоў гэты апраўданым у дом свой, а ня той. Бо кожны, хто сябе павышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе павышаны.

Езус багаславіць дзетак

15 Прыносілі-ж да яго і дзетак, каб да іх дакрануўся. Калі гэтае ўбачылі вучні, сварыліся на іх. 16 Езус-жа клічучы іх, сказаў: Пусьцеце дзетак прыходзіць да мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць каралеўства Божае. 17 Сапраўды кажу вам: Хто-б ня прыняў каралеўства Божага як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.

Багаты дзяцюк і рада дабравольнай убогасьці

18 І спытаўся ў яго адзін начальнік, кажучы: Вучыцель добры, што робячы я здабуду жыцьцё вечнае? 19 Сказаў-жа яму Езус: Чаму ты завеш мяне добрым? Ніхто ня ёсьць добры, толькі адзін Бог. 20 Ведаеш прыказаньні: "Не забівай, не чужалож, не крадзі, ня сьведч фальшыва, паважай бацьку твайго і матку" (Вых. 20, 12-16). 21 Ён сказаў: Гэтага ўсяго я пільнаваўся ад молдасьці маей. 22 Пачуўшы гэтае, Езус сказаў яму: Яшчэ аднаго табе не стае: прадай усё, што маеш і дай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за мною. 23 Пачуўшы гэтае, ён засмуціўся, бо быў вельмі багаты.

24 Езус-жа, бачачы, што ён зрабіўся смутным, сказаў: Як трудна будзе тым, што маюць грошы, увайсьці ў каралеўства Божае! 25 Бо лягчэй вярблюду прайсьці праз дзірку ад іголкі, чымся багатаму ўвайсьці ў каралеўства Божае. 26 І сказалі тыя, што слухалі: І хто-ж можа быць збаўлены? 27 Сказаў ім: Што немагчымае ў людзей, тое магчымае ў Бога. 28 Пётр-жа сказаў: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за табою. 29 Ён сказаў ім: Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто-б пакінуў дом, або бацькоў, або братоў, або жонку, або дзяцей дзеля каралеўства Божага 30 і не атрымаў многа болей у гэтым часе, а ў прышлым веку жыцьцё вечнае.

Езус прадказвае сваю муку і аздараўляе сьляпога

31 І ўзяў Езус дванаццацёх і сказаў ім: Вось ідзём у Ерузалім, і скончыцца ўсё, што напісана праз прарокаў аб Сыне чалавечым. 32 Бо будзе выданы паганам, і будзе абсьмяяны і ўбічаваны і апляваны, 33 а ўбічаваўшы, заб'юць яго, і на трэці дзень уваскрэсьне. 34 А яны нічога з гэтага не зразумелі, і было гэтае слова закрытае ад іх, і не разумелі, што гаварылася.

35 Сталася-ж, калі прыбліжаўся да Ерыхону, адзін сьляпы сядзеў ля дарогі, жабруючы. 36 І калі пачуў праходзячую міма грамаду, спытаўся, што гэта такое? 37 І сказалі яму: Што Езус Назарэнскі праходзіць. 38 І закрычаў, кажучы: Езусе, Сыне Давіда, зжалься нада мною! 39 А каторыя ішлі наперадзе сварыліся на яго, каб маўчаў; але ён тым болей крычаў: Сыне Давіда, зжалься нада мною!

40 Езус-жа стаўшы, загадаў яго прывесьці да сябе. І калі прыбліжыўся, спытаў яго, 41 кажучы: Што хочаш, каб я табе зрабіў? А ён сказаў: Пане, каб мне відзець! 42 І сказаў яму Езус: Праглянь, вера твая цябе аздаравіла. 43 І зараз-жа відзеў і ішоў за ім, славячы Бога. А ўвесь народ убачыўшы, аддаў хвалу Богу.

8 Прыйшоўшы на апошні суд, Хрыстус ня знойдзе вялікай веры ў людзей.

9 Фарызэі ўважалі сябе за справядлівых перад Богам, калі спаўнялі ўсе зьверхнія рэлігійныя практыкі.

10 Аб мытніках гл. Мт. 9, 9.

11 "Малітва" фарызэя нават ня была малітвай, гэта была хвальба сябе і пагарда для мытніка і іншых людзей.

12 Фарызэі пасьцілі ў панядзелкі і чацьвяргі, бо паводле іх навукі ў чацьвер Майсей узыйшоў на гару Сынай, а ў панядзелак адтуль вярнуўся.

14 Гл. Мт. 23, 12.

15 Гл. Мт. 19, 13.

18 "Начальнік" - тут наагул чалавек, які стаіць "на чале" грамадзянства. Як ведаем з Матэуша (19, 20), ён быў яшчэ маладым дзяцюком.

19 Гл. Мт. 19, 17.

25 Гл. Мт. 19, 24.

31 Мука Хрыста была прадвешчана ўжо прарокамі ў Старым Законе.

 

Разьдзел 19
Езус заходзіць да Захея. Прыповесьць аб дзесяці грыўнях

1 І ўвайшоўшы, паходзіў праз Ерыхон. 2 І вось чалавек, на імя Захей, каторы быў старшым над мытнікамі і быў багаты. 3 І стараўся ўбачыць Езуса, хто ён такі, але ня мог за грамадою, бо быў малога росту. 4 І забегшы наперад, улез на дрэва дзікай фігі, каб убачыць яго, бо тудою меў прахадзіць. 5 І калі Езус прыйшоў да месца, узглянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: Захей, зыйдзі пасьпешна, бо сягоньня трэба мне быць у тваім доме. 6 І пасьпешна зыйшоў і прыняў яго з радасьцяй. 7 А як убачылі ўсе, наракалі, кажучы, што зайшоў да грэшнага чалавека.

8 А Захей стаўшы, сказаў да Пана: Вось, Пане, палавіну маей маемасьці даю на ўбогіх, а калі каго ў чым ашукаў, аддаю ўчэцьвера. 9 Сказаў да яго Езус: Што сягоньня для гэтага дому сталася збаўленьне, бо і ён ёсьць сын Абрагама. 10 Бо Сын чалавечы прыйшоў шукаць і збаўляць тое, што было згінула.

11 Калі яны гэтае слухалі, дадаючы сказаў прыповесьць: бо быў ён блізка Ерузаліму, і яны думалі, што зараз мела зьявіцца каралеўства Божае. 12 Дык сказаў:

Адзін чалавек высокага роду ад'яжджаў у далёкі край, каб атрымаць для сябе каралеўства і вярнуцца. 13 І паклікаўшы дзесяцёх сваіх слугаў, даў ім дзесяць грыўняў і сказаў да іх: Гандлюйце, пакуль ня прыеду. 14 Але ягоныя грамадзяне ненавідзелі яго і выслалі за ім пасольства, кажучы: Ня хочам, каб гэты панаваў над намі.

15 І сталася, што ён вярнуўся, атрымаўшы каралеўства, і загадаў паклікаць слуг, каторым даў грошы, каб ведаць, сколькі кожны зарабіў. 16 І прыйшоў першы, кажучы: Пане, твая грыўня прынясла дзесяць грыўняў. 19 І сказаў гэтаму: Добра, слуга добры, таму што ты быў верны ў малым, будзеш мець уладу над дзесяцьма гарадамі. 18 Прыйшоў і другі, кажучы: Пане, твая грыўня прынясла пяць грыўняў. 19 І сказаў гэтаму: І ты будзь над пяцьма гарадамі. 20 Прыйшоў і іншы, кажучы: Пане, вось твая грыўня, якую я меў схаваную ў хустцы; 21 бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек срогі: бярэш, чаго не палажыў, і жнеш, чаго ня сеяў. 22 Сказаў яму: Вуснамі тваімі суджу цябе, нягодны слуга. Ты ведаў, што я чалавек срогі, бяру, чаго не палажыў і жну, чаго ня сеяў; 23 чаму-ж ты не аддаў маіх грашэй у банк, каб я, прыхаўшы, дастаў іх з працэнтам? 24 І сказаў тым, што там стаялі: Вазьмеце ад яго грыўню і дайце таму, каторы мае дзесяць грыўняў. 26 А я вам кажу, што кожнаму, хто мае, будзе дадзена і будзе мець дастатак, а ад таго, хто ня мае, будзе аднята ад яго і тое, што ён мае. 27 Аднак-жа ворагаў маіх, тых, што не хацелі, каб я панаваў над імі, прывядзеце сюды пазабівайце перада мною.

28 І сказаўшы гэтае, ішоў наперад, ідучы ў Ерузалім.

ІІІ ЧАСЬЦЬ. АПОШНІЯ ДНІ Е. ХРЫСТА НА ЗЯМЛІ. ЯГО МУКА, СЬМЕРЦЬ І ЎСКРАСЕНЬНЕ
Трыумфальны ўезд Е. Хрыста ў Ерузалім

29 І сталася, калі прыбліжаўся да Бэтфагі і Бэтаніі пры гары, якая завецца Аліўнай, паслаў двух вучняў сваіх, 30 кажучы: Ідзеце ў сяло, якое наўпроць; уваходзячы ў яго знойдзеце прывязанае жэрабё асьліцы, на каторым ніхто з людзей ніколі не сядзеў; адвяжэце яго і прывядзеце. 31 І калі-б у вас хто спытаўся: "Нашто адвязваеце"? так таму скажэце: "што Пан жадае ягонай паслугі".

32 І пайшлі тыя, што былі пасланы, і знайшлі, так як сказаў ім, стаячае асьлянё. 33 Калі-ж яны адвязалі асьлянё, сказалі да іх гаспадары яго: Нашто адвязваеце асьлянё? 34 А яны сказалі: Што Пану яго патрэба. 35 І прывялі яго да Езуса, і ўскінуўшы адзеньне сваё на асьлянё, пасадзілі Езуса. 36 Калі-ж ён ехаў, слалі адзеньне сваё на дарозе. 37 І калі ўжо прыбліжаўся да спуску з Аліўнай гары, пачалі ўсе грамады вучняў, радуючыся, хваліць Бога вялікім голасам за ўсе цуды, якія яны бачылі, 38 кажучы: Багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана; супакой на небе, і слава на вышынах! 39 А некаторыя фарызэі з грамадаў сказалі да яго: Вучыцель, насварыся на сваіх вучняў! 40 Ён сказаў ім: Кажу вам, што калі-б яны маўчалі, каменьні будуць галасіць.

41 І калі прыбліжыўся, убачыўшы горад, заплакаў над ім, кажучы: 42 Што каб пазнаў і ты, і ў гэты дзень твой, што для супакою твайго! Цяпер-жа закрыта ад вачэй тваіх. 43 Бо прыйдуць на цябе дні, і абвядуць цябе ворагі твае акопам, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль, 44 і паваляць цябе на зямлю і сыноў тваіх, каторыя ў табе; і не пакінуць у табе каменя на камені, таму што ты не пазнаў часу адведзінаў тваіх.

45 І ўвайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць прадаючых у ёй і купляючых, 46 кажучы ім: Напісана ёсьць, што "дом мой ёсьць домам малітвы" (Із. 56, 7), а вы зрабілі яго пячэрай разбойнікаў (Яр. 7, 11).

47 І вучыў штодня ў сьвятыні. А архісьвятары і кніжнікі і старшыя з народу шукалі загубіць яго, 48 і не знаходзілі, што-б зрабіць яму, бо ўвесь народ быў прывязаўшыся, слухаючы яго.

11 Народ і вучні думалі, што Хрыстус адбудуе зямное жыдоўскае валадарства, і зараз пасьля свайго прыходу ў Ерузалім абвесьціць сябе валадаром. Хрыстус ведаючы аб гэтым пракананьні, сказаў прыповесьць, у якой павучае не аб закладзінах зямнога валадарства, але аб павіннасьцях і абавязках кожнага чалавека перад Богам.

12 Людзі высокага роду (князі і каралі), хочучы здабыць для сябе каралеўствы ад рымскага ўраду, езьдзілі тады ў Рым. Туды-ж часта езьділі і прадстаўнікі грамадзянства з пратэстам, каб нявыгоднага для сябе кандыдата не дапусьціць да ўлады. Сваю прыповесьць Езус апірае на гэтых ведамых фактах.

13 "Грыўня" серабра (пагрэцку "мна") - гэта каля 185 зл.

26 Гл. Мт. 13, 12.

27 Чалавек, які адяжджае ў далёкі край - гэта Хрыстус; слугі - гэта людзі, якія атрымалі ад Хрыста розныя дары, каб зарабіць імі на неба; варожыя грамадзяне - гэта тыя, што ня хочуць валадарства Хрыстовага; час парахунку з слугамі - гэта час сьмерці; тады верныя і працавітыя слугі атрымаюць нагароду, а нягодныя і ворагі Хрыста будуць асуджаны на вечную сьмерць (кару ў пекле).

30 Гл. Мк. 11, 12.

44 Гэта споўнілася ў 70 годзе па Нар. Хрыста, калі рымляне абляглі Ерузалім і здабылі яго.

46 Гл. Мт. 21, 12 і наст.

 

Разьдзел 20
Спрэчка з прадстаўнікамі Сангэдрыну

1 І сталася аднаго дня, калі ён навучаў у сьвятыні і абвяшчаў эванэлію, зыйшліся архісьвятары і кніжнікі з старшымі 2 і сказалі да яго, кажучы: Скажы нам, якою ўладай ты гэта робіш, або хто такі, хто даў табе гэтую ўладу? 3 Езус-жа адказваючы сказаў да іх: Спытаюся і я ў вас аднаго слова; адкажэце мне: 4 хрост Яна быў з неба ці з людзей? 5 А яны думалі самі ў сабе, кажучы: Што калі мы скажам "з неба", то ён скажа: "Дык чаму-ж вы яму не паверылі"? 6 Калі-ж скажам "з людзей", то ўвесь народ закамянуе нас, бо яны пэўныя, што Ян ёсьць прарок. 7 І адказалі, што яны ня ведаюць, адкуль ён. 8 А Езус сказаў ім: І я вам не скажу, якою ўладаю я гэта раблю.

Прыповесьць аб работніках у вінаградніку

9 І пачаў гаварыць да народу гэтую прыповесьць:

Чалавек засадзіў вінаграднік і аддаў яго ў арэнду земляробам, а сам ад'ехаў на доўгі час. 10 І ў час паслаў да земляробаў слугу, каб яны далі яму з плоду вінаградніка. Яны, пабіўшы, адправілі яго з нічым. 11 І ізноў паслаў другога слугу, але яны і гэтага пабіўшы і зьняважыўшы, адправілі з нічым. 12 І паслаў яшчэ трэцяга, і гэтага яны параніўшы выкінулі. 13 І сказаў гаспадар вінаградніка: Што я зраблю? Пашлю сына майго дарагога, можа, угледзеўшы яго, пабаяцца. 14 Калі ўгледзелі яго земляробы, думалі самі ў сабе, кажучы: Гэта-ж насьледнік, заб'ём яго, каб нашай была спадчына. 15 І выкінуўшы яго за вінаграднік, забілі. Дык што зробіць ім гаспадар вінаградніка? 16 Прыйдзе і выгубіць тых земляробаў, а вінаграднік здасьць іншым.

Пачуўшы гэтае, сказалі яму: Няхай Бог крые! 17 А ён спаглянуўшы на іх, сказаў: Дык што значыць гэтае, што напісана ёсьць: "Той камень, каторы адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою вугла"? (Пс. 117, 22). 18 Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца; а на каго-б ён упаў, сатрэ яго.

19 І стараліся архісьвятары і кніжнікі налажыць на яго рукі ў тую часіну, але баяліся народу; бо пазналі, што на іх сказаў гэтае падабенства.

Ці трэба плаціць падатак цэзару?

20 І сьледзячы паслалі здраднікаў, каб яны, удаючы справядлівых, падлавілі яго ў мове, каб выдаць яго старшынству і ўладзе начальніка. 21 І спыталіся ў яго, кажучы: Вучыцель, мы ведаем, што ты правільна гаворыш і вучыш і не ўглядаесься на асобу, але дарогі Божай папраўдзе навучаеш. 22 Ці можна нам даваць падатак цэзару, ці не? 23 Ён-жа, пазнаўшы іхную хітрасьць, сказаў да іх: Што вы мяне спакушваеце? 24 Пакажэце мне дынара. Чый мае ён воблік і надпіс? Адказваючы сказалі яму: Цэзараў. 25 І сказаў ім: Дык аддайце, што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу. 26 І не маглі слова ягонага зганіць перад народам, і зьдзіўленыя з ягонага адказу, замоўклі.

Садукеі і ўскрашэньне цел

27 І падыйшлі некаторыя з садукеяў, якія цьвярдзяць, што няма ўскрашэньня і спыталіся ў яго, 28 кажучы: Вучыцель, Майсей напісаў нам: "Калі-б у каго брат, маючы жонку, памёр і ня было ў яго дзяцей, то каб брат ягоны ўзяў жонку яго і ўскрасіў патомства брату свайму" (Паўл. Пр. 25, 5). 29 Дык было сем братоў. І першы ўзяў жонку і памёр без дзяцей; 30 і ўзяў яе другі, і гэты памёр бяз сына; 31 і трэці ўзяў яе; гэтаксама і ўсё сямёх, і не аставіўшы патомства, паўміралі. 32 Наканец па ўсіх памярла і жанчына. 33 Дык ва ўскрашэньні каторага з іх будзе яна жонкай? Бо-ж сямёх яе мелі за жонку. 34 І сказаў ім Езус: Сыны гэтага сьвету жэняцца і выходзяць замуж. 35 Але тыя, каторыя будуць прызнаны годнымі таго сьвету і ўскрашэньня з умерлых, ані замуж ня пойдуць, ані жанок браць ня будуць, 36 бо яны ня будуць магчы болей уміраць, таму што яны ёсьць роўныя з анёламі і ёсьць сынамі Божымі, будучы сынамі ўскрашэньня. 37 А што ўмерлыя ўваскрэснуць, то і Майсей паказаў "каля куста", называючы Пана "Богам Абрагама, і Богам Ізаака, І Богам Якуба" (Вых. 3, 6). 38 Бог-жа ня ёсьць умерлых, але жывых; бо для яго ўсе жывуць. 39 А некаторыя з кніжнікаў адказваючы, сказалі яму: Вучыцель, добра ты сказаў. 40 І болей ня сьмелі аб чым-колечы пытацца ў яго.

Хрысус - сын і Пан Давідаў. Езус напамінае кніжнікаў. Ахвяра ўдавы

41 І сказаў да іх: Як-жа кажуць, што Хрысус ёсьць сынам Давіда? 42 А сам Давід кажа ў кнізе псальмаў (109, 1): "Сказаў Пан Пану майму, сядзь праваруч мяне, 43 пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх"? 44 Дык Давід заве яго Панам, то як-жа ёсьць сынам ягоным?

45 Калі-ж слухаў увесь народ, сказаў сваім вучням: 46 Сьцеражэцеся кніжнікаў, каторыя хочуць хадзіць у доўгім адзеньні, і любяць прывітаньні на рынку, і першыя лаўкі ў бажніцах, і першыя мясцы на бяседах; 47 каторыя аб'ядаюць дамы ўдоваў, прыкрываючыся доўгай малітвай, яны атрымаюць большае асуджэньне.

1 Гэна было ў аўторак па Вербнай нядзелі.

5 Гл. Мт. 21, 25.

17 Гл. Мт. 21, 42.

27 Гл. Мт. 22, 28.

42 Гл. Мт. 22, 44.

46 Гл. Мк. 12, 38.

47 Гл. Мт. 23, 14.

 

Разьдзел 21

1 І ўзглянуўшы, убачыў тых багатых, якія клалі свае дары ў скарбону, 2 і ўбачыў так-жа нейкую бедненькую ўдаву, якая клала дзьве малыя манэткі. 3 І сказаў: Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава палажыла болей за ўсіх. 4 Бо ўсе тыя клалі на дары Божыя з таго, што для іх было лішняе, а гэтыя з недастатку свайго, палажыла ўвесь свой пражытак, які мела.

Прароцтвы аб зруйнаваньні Ерузаліму і аб сканчэньні сьвету

5 А калі некаторыя гаварылі аб сьвятыні, што яна ўпрыгожана стройнымі каменьнямі, сказаў: 6 Прыйдуць дні, у каторых з гэтага, што вы бачыце, не астанецца камень на камені, каторы-б ня быў звалены. 7 І спыталіся ў яго, кажучы: Вучыцель, калі гэтае будзе, і які знак, калі яно пачне дзеяцца?

8 Ён сказаў: Глядзеце, каб вас не зьвялі. Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы, што "гэта я" і "час прыбліжыўся", дык вы ня ідзеце за імі. 9 Калі-ж пачуеце аб войнах і бунтах, ня бойцеся; трэба, каб перш гэтае сталася, але яшчэ ня зараз канец.

10 Тады казаў ім: Паўстане народ проціў народу, і каралеўства проціў каралеўства, 11 і будуць вялікія землятрасеньні па мясцох, і паморы, і галады, і страхі з неба, і знакі вялікія будуць. 12 Але перад усім гэтым наложаць на вас рукі свае, і будуць прасьледаваць, выдаючы ў бажніцы і вастрогі, цягаючы да каралёў і начальнікаў дзеля імені майго, 13 яно-ж прыдасца вам на пасьведчаньне. 14 Дык вазьмеце ў сэрцы вашыя не абдумываць наперад, як вы маеце адказваць. 15 Бо я вам дам вусны і мудрасьць, каторай ня змогаць супрацівіцца і запярэчыць усе праціўнікі вашы.

16 І будзеце выдаваны бацькамі, і братамі, і сваякамі, і прыяцелямі, і некаторым з вас сьмерць зробяць. 17 І будзеце зьненавіджаны ўсімі дзеля імені майго; 18 а волас з галавы вашай ня згіне. 19 Праз цярплівасьць вашу здабудзеце душы вашыя.

20 Калі-ж убачыце Ерузалім, акружаны войскам, тады ведайце, што прыблізілася спусташэньне яго.

21 Тады тыя, што ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы; а тыя, што ўнутры яго, няхай выходзяць; а тыя, што ў ваколіцах, няхай ня ўходзяць у яго. 22 Бо гэта дні помсты, каб споўнілася ўсё, што напісана.

23 А гора цяжарным і кормячым у тыя дні! Бо будзе вялікае ўцісьненьне на зямлі і гнеў на гэты народ. 24 І лягуць ад вастрыя мяча, і будуць заведзены ў няволю да ўсіх народаў, а Ерузалім будуць таптаць пагане, пакуль ня споўняцца часы народаў. 25 І будуць знакі на сонцы і месяцы і зорах, а на зямлі ўцісьненьне народаў дзеля зьмяшаньня марскога шуму і навальніцы; 26 калі людзі будуць сохнуць ад страху і чаканьня таго, што прыйдзе на цэлы сьвет, бо сілы нябесныя будуць зрушаны. 27 І тады ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў воблаку з уладай вялікай і славаю. 28 А калі гэтае пачне тварыцца, узгляньце і падымеце галовы вашыя, бо прыбліжаецца вашае адкупленьне.

29 І сказаў ім падабенства: Гляньце на фігу і ўсе дрэвы: 30 Калі яны з сябе ўжо выдаюць плод, вы ведаеце, што блізка лета. 31 Так і вы, калі ўгледзіце, што гэтае творыцца, ведайце, што блізка каралеўства Божае. 32 Сапраўды кажу вам, што не праміне гэты род, як усё станецца. 33 Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.

34 Зьвярнеце-ж увагу на сябе, каб часам ня былі абцяжаны сэрцы вашыя абжорствам і п'янствам і клапотамі гэтага жыцьця; і каб дзень той не надыйшоў на вас раптоўна; 35 бо так як сіло ўпадзе на ўсіх, што сядзяць на вобліку ўсяе зямлі. 36 Дык чуйце, молячыся ў кожны час, каб быць годнымі ўсьцерагчыся ад гэтага ўсяго, што мае прыйсьці, і стаць перад Сынам чалавечым.

37 І навучаў днямі ў сьвятыні, а начамі выходзячы, прабаваў на гары, якая завецца Аліўнаю. 38 А ўвесь народ ад рана зыходзіўся да яго, ў сьвятыні каб слухаць яго.

3 Гл. Мк. 12, 44.

7 Гл. Мт. 24, 3.

12 Гл. Мт. 24, 9 і наст.

13 Тыя ўсе цярпеньні, якія хрысьціяне будуць перанасіць дзеля імені Хрыстовага, дадуць ім аказію сьведчыць аб праўдзівасьці верыў Хрыста.

18 Хто мае надзею на Бога і цярпіць для Яго, той знаходзіцца пад асабліўшай апекай Бога, бяз волі і веды каторага нічога стацца ня можа.

24 Гэтыя словы Хрыста споўніліся ў часе аблогі і ўзяцьця Ерузаліму рымлянамі (у 70 г. па Нар. Хр.). Тады згінула болей мільёна жыдоў, узята ў няволю 97 тысяч, маладзяж ніжэй 17 гадоў прадавалі ў няволю амаль што за дарма.

26 Гл. Мт. 24, 29.

37 Першую і другую ноч пасьля ўезду ў Ерузалім Езус прабыў у Бэтаніі, а ночы з аўторка на сераду і з серады на чацьвер - на гарэ Аліўнай. У начы з чацьвярга на пятніцу Езус быў узяты на гэтай-жа гарэ.

38 Народ, які быў зыйшоўшыся на Пасху ў Ерузалім, гарнуўся да Езуса, але старшыя жыдоўскія былі ўжо пастанавіўшы забіць Езуса, а цяпер толькі шукалі зручнае часіны, каб яго ўзяць.

 

Разьдзел 22
Апошняя вячэра

1 І прыбліжаўся дзень сьвяточны Праснакоў, які завецца Пасха. 2 І шукалі архісьвятары і кніжнікі, як-бы Езуса забіць, але баяліся народу.

3 І ўвайшоў д'ябал у Юдаша, называнага Іскарыётам, аднаго з дванаццацёх. 4 І пайшоў ён і гаварыў з архісьвятарамі і ўладамі, як-бы яго ім выдаць. 5 І ўзрадаваліся, і ўмовіліся даць яму грошай. 6 І абяцаўся, і шукаў зручнае часіны, каб выдаць яго без грамадаў.

7 І надыйшоў дзень Праснакоў, у каторы трэба было забіць Пасху. 8 І паслаў Пятра і Яна, кажучы: Пайшоўшы, прыгатуйце нам есьці Пасху. 9 А яны сказалі: Дзе хочаш, каб мы прыгатовілі? 10 І сказаў да іх: Вось, калі вы ўвойдзеце ў горад, спаткае вас адзін чалавек, нясучы збан вады; ідзеце за ім у дом, у каторы ён увойдзе, 11 і скажаце гаспадару дому: Вучыцель кажа табе: Дзе ёсьць сьвятліца, дзе-б мне есьці Пасху з вучнямі маімі"? 12 І ён пакажа вам вялікі пакой, засланы, і там прыгатуеце. 13 І пайшоўшы, знайшлі так, як ім сказаў, і прыгатовілі Пасху.

14 Калі-ж надыйшла часіна, сеў за стол, і з ім дванаццацёх апосталаў. 15 І сказаў ім: Вельмі-ж я жадаў есьці з вамі гэтую Пасху, перад тым як цярпець. 16 Бо кажу вам, што адгэтуль ня буду есьці яе, пакуль ня споўніцца ў кралеўстве Божым. 17 І ўзяўшы келіх, учыніў падзяку і сказаў: Вазьмеце, і падзялеце паміж сабою. 18 Бо кажу вам, што ня буду піць з плоду вінаграднага ўшчэпу, пакуль ня прыйдзе каралеўства Божае.

19 І ўзяўшы хлеб, учыніў падзяку, і ламаў, і даў ім, кажучы: Гэтае ёсьць цела маё, каторае за вас даецца; гэта чынеце на мой успамін. 20 Таксама і келіх, пасьля вячэры, кажучы: Гэты келіх ёсьць новым тэстамэнтам у крыві маей, каторая за вас будзе праліта.

21 Аднак-жа вось рука таго, што выдае мяне, ёсьць са мною на стале. 22 Яно-ж Сын чалавечы ідзе паводле таго, што пастаноўлена, аднак-жа гора таму чалавеку, праз якога ён будзе выданы. 23 А яны пачалі паміж сабою пытацца, хто гэта з іх, што гэтае меўся зрабіць.

24 А ўзьнялася і спрэчка паміж імі, хто-б з іх выдаваўся большым. 25 Ён-жа сказаў ім: Каралі народаў пануюць над імі, а каторыя маюць уладу над імі, завуцца дабрадзеямі. 26 Але вы ня так. Але хто паміж вамі большы, няхай будзе як меншы, а хто павадыр, як слуга. 27 Бо хто большы: той, хто сядзіць за сталом, ці той, хто паслугуе? Ці ня той, хто сядзіць? Я-ж пасярод вас як той, хто паслугуе. 28 А вы ёсьць тыя, хто каторыя вытрывалі са мною ў спакушэньнях маіх. 29 І я вам перадаю каралеўства, як перадаў мне Айцец мой, 30 каб вы елі і пілі за сталом маім ў каралеўстве маім, і сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць пакаленьняў Ізраіля.

31 І сказаў Пан: Сымон, Сымон, вось д'ябал дамагаўся вас, каб прасеяць як пшаніцу. 32 Але я прасіў за цябе, каб не пераставала вера твая, а ты некалі навярнуўшыся, уцьвярдзіў братоў тваіх. 33 Ён сказаў ім: Пане, з табою я гатоў ісьці і ў вастрог і на сьмерць. 34 Але Ён сказаў: Кажу табе, Пётр, не запяе сягоньня певень, пакуль ты тры разы не адрачэсься, што знаеш мяне.

35 І сказаў ім: Калі я вас паслаў без мяшка і торбы і абутку, ці-ж вам чаго неставала? 36 А яны сказалі: Нічога. Дык сказаў ім: Але цяпер хто мае мяшок, няхай бярэ так-жа і торбу; а хто ня мае, няхай прадасьць сваю вопратку і купіць меч. 37 Бо кажу вам, што яшчэ трэба, каб споўнілася на мне тое, што напісана: "І з злачынцамі ён палічаны" (Із. 53, 12). Бо тое, што датычыць мяне, прыходзіць да канца. 38 А яны сказалі: Пане, вось тут два мячы. А ён сказаў ім: Даволі.

Малітва ў Аліўным садзе. Узяцьце Е. Хрыста

39 І выйшаўшы, ішоў паводле звычаю на гару Аліўную; а за ім ішлі і вучні. 40 І калі прыйшоў на месца, сказаў ім: Малецеся, каб не ўвайсьці ў спакушэньне. 41 А сам адыйшоў ад іх, як кінуць камень, і ўпаўшы на калені, маліўся, 42 кажучы: Ойча, калі хочаш, аднясі ад мяне гэты келіх; аднак-жа не мая воля, але твая няхай станецца. 43 І зьявіўся яму анел з неба, узмацняючы яго. А будучы ў сьмяротным змаганьні, даўжэй маліўся; 44 і стаўся пот ягоны як каплі крыві, зьбягаючай на зямлю. 45 А калі ўстаў ад малітвы і прыйшоў да сваіх вучняў, знайшоў іх сплючымі ад смутку. 46 І сказаў ім: Чаму вы сьпіцё? Устаньце, малецеся, каб не ўвайсьці ў спакушэньне.

47 Калі ён яшчэ гаварыў, вось грамада, і той, што называўся Юдаш, адзін з дванаццацёх, ішоў наперадзе іх. І прыбліжыўся да Езуса, каб пацалаваць яго. 48 Езус-жа сказаў яму: Юда, ты цалункам выдае Сына чалавечага? 49 А тыя, што пры ім былі, бачачы, што мае быць, сказалі яму: Пане, ці ня ўдарыць нам мячом? 50 І ўдарыў адзін з іх слугу архісьвятара і адсек яму правае вуха. 51 А Езус адказваючы, сказаў: Пакіньце, даволі. І дакрануўшыся да вуха ягонага, аздаравіў яго. 52 І сказаў Езус да тых, што прыйшлі да яго, да архісьвятараў і ўладаў над сьвятыняй і старшых: Вы як на разбойніка выйшлі з мячамі і кіямі? 53 Калі я штодня быў з вамі ў сьвятыні, вы не паднялі рук на мяне; але гэта ёсьць вашая часіна і ўлада цемры.

Адрачэньне Пятра. Езус прад Сангэдрынам

54 І ўзяўшы яго, павялі ў дом архісьвятара. Пётр-жа ішоў ўсьлед здалёку. 55 І калі яны, распаліўшы агонь пасярод сяней, паселі навакол, быў Пётр паміж імі. 56 Адна служка, убачыўшы яго, сядзячага пры сьвятле, і прыгледзеўшыся да яго, сказала: І гэты быў з ім. 57 Але ён адрокся ад яго, кажучы: Жанчына, я ня знаю яго. 58 І зараз потым другі, убачыўшы яго, сказаў: І ты з іх. А Пётр сказаў: А чалавеча, я не. 59 І калі прайшло з гадзіну часу, нехта іншы цьвярдзіў, кажучы: Сапраўды і гэты быў з ім, бо ён і галілеянін. 60 І сказаў Пётр: Чалавеча, я ня ведаю, што ты гаворыш. І зараз-жа, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень. 61 І абярнуўшыся Пан, узглянуў на Пятра. І ўспомніў Пётр слова Пана, як быў сказаўшы: Што перш чым певень запяе, ты трэйчы ад мяне адрачэсься.

62 І выйшаўшы проч, Пётр горка заплакаў.

63 А мужы, каторыя яго трымалі, зьдзекаваліся над ім, б'ючы. 64 І накрылі яго, і білі па твару ягоным, і пыталіся ў яго, кажучы: Прароч, хто гэта, што цябе ўдарыў? 65 І многа чаго іншага, блюзьнячы, гаварылі на яго.

66 А калі настаў дзень, зыйшліся старшыя з народу і архісьвятары і кніжнікі, і прывялі яго ў сваю Раду, кажучы: Калі ты ёсьць Хрыстус, скажы нам. 67 І сказаў ім: Калі я вам скажу, не паверыце мне; 68 а калі і спытаюся, не адкажаце мне і ня пусьціце. 69 Але адгэтуль Сын чалавечы будзе сядзець праваруч сілы Божай. 70 І сказалі ўсе: Дык ты ёсьць Сын Божы? Ён сказаў: Вы кажаце, што я ёсьць. 71 А яны сказалі: Нашто яшчэ нам патрэбнае сьведчаньне? То-ж мы самі чулі з вуснаў ягоных.

1 Што такое Пасха - гл. Мт. 26, 22.

4 Юдаш дагаварыўся з старшымі жыдоўскімі праўдападобна ў сераду.

5 Гл. Мт. 26, 15.

7 "Забіць Пасху" г. зн. вялікоднага баранка. У той дзень (14 нізан) трэба было забіць баранка, але таго году Пасха была праўдападобна з пятніцы на суботу.

16 Інакш кажучы "калі гэтае каралеўства Божае прыйдзе, буду з вамі есьці іншую Пасху ў небе, дзе ёсьць дасканальная радасьць". Паясьненьне гэтых слоў знаходзім ніжэй у 29 - 30 радкох, дзе Хрыстус кажа: "І я вам перадаю каралеўства, як перадаў мне Айцец мой, каб вы елі і пілі за сталом маім у каралеўстве маім".

19 Хрыстус дае апосталам і іх наступнікам сьвятарскую ўладу і разам з гэтым перамяняць хлеб і віно ў Цела і Кроў сваю, а гэта на памятку яго ахвяры ў вечарніку і мукі на крыжы, праз якую адкупіў чалавецтва з няволі грэху.

24 Апосталы ўсё яшчэ думалі аб зямным каралеўстве Хрыстовым, дык яшчэ цяпер узьнімаецца ў іх спрэчка, хто з іх большы.

27 Уся дзейнасьць Хрыста была служэньнем для дабра людзей.

30 Гл. вышэй радок 16.

31 "Прасеяць як пшаніцу" г. зн. праз розныя спакушэньні давясьці вас да ўтраты веры.

32 Сымон-Пётр з волі Хрыста мае ўцьвярджаць братоў сваіх у веры, а каб уцьвярджаць, трэба быць непамыльным у навучаньні. Дар непамыльнасьці меў сьв. Пётр і маюць ягоны наступнікі на рымскім пасадзе.

36 Хрыстус гэтымі славамі сваімі напамінае апосталаў, што яны самі павінны ўжо старацца пра ўсе патрэбныя рэчы, бо людзі не пакажуць ім сваей прыхільнасьці, дый настануць такія прасьледы, што меч будзе здавацца болей патрэбным за адзеньне.

38 Вучні не зразумелі думкі Хрыста, выражанай у папярэдніх славах. Тут Хрыстус кажа, што даволі не мячоў, але даволі ўжо аб гэтым гаварыць.

42 Гл. Мт. 26, 39.

44 Крывавы пот Хрыста сьведчыць аб вялічыні ягонага цярпеньня ў змаганьні з сабою. Гэты пот быў вельмі буйны, бо аж сплываў на зямлю.

51 Хрыстус забараняе вучням выступаць з аружжам; ён нагараджае шкоду, зробленую Пятром, аздараўляючы вуха слугі.

55 Гэта дзеялася ў першых днях красавіка і ночы палестынскія ў гэту пару бываюць зімныя.

59 Пазнаў Пятра па ягонай галілейскай гаворцы.

61 Гэта было па поўначы, каля гадзіны 3, калі Езуса вялі з Сангэдрыну ў цямніцу. Поўны міласэрдзя і дабраты ўзгляд Езуса навярнуў Пятра.

70 Гл. Мт. 26, 64 і наст. Паміма іх недавернасьці і пагрозы сьмерці, Хрыстус яшчэ раз сьцьвярджае, што ёсьць Сынам Божым.

 

Разьдзел 23
Езус перад Пілатам першы раз

1 І ўзяўшы ўсё мноства іх, павялі яго да Пілата. 2 І пачалі вінаваціць яго, кажучы: Мы яго знайшлі, што ён бунтуе наш народ, і забараняе даваць падаткі цэзару, і кажа, што ён ёсьць Хрыстус кароль. 3 Пілат-жа спытаўся ў яго, кажучы. Ты кароль Юдэйскі? А ён адказваючы сказаў: Ты кажаш. 4 І сказаў Пілат да архісьвятараў і грамадаў: я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку. 5 Але яны намагалі, кажучы: Ён узбурвае народ, вучачы па ўсей Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж сюды. 6 Пілат-жа, пачуўшы аб Галілеі, спытаўся, ці ён чалавек галілейскі. 7 А калі даведаўся, што ён з-пад улады Гэрада, адаслаў яго да Гэрада, каторы так-жа быў у Ерузаліме ў гэныя дні.

Езус прад Гэрадам Антыпай

8 А Гэрад, убачыўшы Езуса, вельмі ўзрадаваўся. Бо ад доўгага часу хацеў бачыць яго, затым што многа чуў аб ім, і спадзяваўся, што пабачыць нейкі знак, учынены ім. 9 І пытаўся ў яго многімі славамі, але ён нічога яму не адказваў. 10 А архісьвятары і кніжнікі стаялі, заўзята абвінавачваючы яго. 11 І ўзгардзіў ім Гэрад з войскам сваім, і высьмеяў, адзеўшы ў белую вопратку, і адаслаў да Пілата. 12 І сталіся прыяцелямі Гэрад і Пілат у той дзень, бо перад тым былі для сябе непрыяцелямі.

11 У белай вопратцы хадзілі тады валадары, а ў Рыме кандыдаты на розныя дзяржаўныя становішчы (Кандідус - па нашаму: белы, сьветлы). Загадваючы адзець Хрыста ў белую вопратку, Гэрад хацеў выставіць яго на сьмех, як кандыдата да каралеўскай улады.

12 Гэта была палітычная прыязьнь.

Езус другі раз прад Пілатам. Асуджэньне на сьмерць

13 Пілат-жа склікаўшы вышэйшых духоўных і ўлады і народ, 14 сказаў да іх: Вы прывялі мне гэтага чалавека, быццам зводзячага народ, і вось я, перад вамі пытаючыся, не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны з тых, у каторых вы яго вінаваціце. 15 Але і Гэрад не, бо я адаслаў вас да яго; і вось нічога годнага сьмерці не даказана яму. 16 Дык я, пакараўшы яго, пушчу.

17 А трэба было яму пусьціць ім на сьвяточны дзень аднаго. 18 І закрычала разам уся грамада, кажучы: Вазьмі гэтага, а пусьці нам Бараббу, 19 каторы быў пасаджаны ў вастрог за нейкі бунт, дакананы ў горадзе і за забойства.

20 І ізноў Пілат гаварыў да іх, хочучы звольніць Езуса. 21 Але яны крычалі, кажучы: Укрыжуй, укрыжуй яго! 22 Ён-жа трэці раз сказаў ім: Што-ж благога ён зрабіў? Ніякай прычыны сьмерці я ў ім не знайшоў, дык пакараю яго і звольню. 23 Але яны наставалі моцнымі галасамі, дамагаючыся, каб быў укрыжаваны; і набіралі сілы іхныя галасы. 24 І Пілат прысудзіў, каб сталася іхнае жаданьне. 25 І пусьціў ім таго, каторы за забойства і бунт быў пасаджаны ў вастрог, каторага яны прасілі; а Езуса выдаў на іх волю.

Дарога на Кальварыю, укрыжаваньне і сьмерць Езуса Хрыста

26 Калі-ж вялі яго, узялі нейкага Сымона Кірэнэйца, каторы ішоў з вёскі, і ўзлажылі на яго крыж, каб нёс за Езусам. 27 І шла за ім вялікая грамада народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па ім. 28 А Езус, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: Дочкі ерузалімскія, ня плачце нада мною, але самі над сабою плачце і над сынамі вашымі. 29 Бо вось прыйдуць дні, у каторых будуць казаць: "Шчасьлівыя бясплодныя, і лоны, якія не радзілі, і грудзі, якія не саілі". 30 Тады пачнуць гаварыць да гораў: "Упадзеце на нас", і да ўзгоркаў: "Прыкрыйце нас". 31 Бо калі-ж з зялёным дзеравам гэтае робяць, то што будзе з сухім?

32 І вялі з ім так-жа двух іншых злачынцаў, каб ім зрабіць сьмерць.

33 І калі прыйшлі на месца, званае Трупнога Чэрапу, там укрыжавалі яго, і разбойнікаў, аднаго па правай старане, а другога па левай. 34 А Езус казаў: Ойча, адпусьці ім, бо ня ведаюць, што робяць. А дзелячыся ягоным адзеньнем, кінулі лёс.

35 І стаяў народ угледаючыся. І з імі насьмяхаліся з яго старшыя, кажучы: Другіх ратаваў, няхай-жа сябе паратуе, калі ён Хрыстус Божы, выбраны. 36 Зьдзекаваліся-ж з яго і жаўнеры, падыходзячы і падаючы яму воцат, 37 і кажучы: Калі ты кароль жыдоўскі, ратуй самога сябе.

38 Быў-жа над ім і надпіс, напісаны літарамі грэцкімі, лацінскімі і гэбрайскімі: "Гэта ёсьць кароь жыдоўскі".

39 Адзін-жа з тых разбойнікаў, што віселі, блюзьніў проціў яго, кажучы: Калі ты Хрысус, паратуй самога сябе і нас. 40 А адказваючы другі сварыўся на яго, кажучы: Ты і Бога не баісься, хоць знаходзісься ў тэй самай казьні. 41 Мы-то справядліва, бо атрымоўваем належнае за ўчынкі, але гэты нічога благога не зрабіў. 42 І казаў да Езуса: Пане, помні аба мне, калі прыйдзеш у каралеўства сваё. 43 І сказаў яму Езус: Сапраўды кажу табе, сяньня будзеш са мною ў раі.

44 Была-ж блізу гадзіна шостая, і сталася цемра па ўсей зямлі аж да гадзіны дзевятай. 45 І зацьмілася сонца, і заслона сьвятыні разьдзёрлася папалам. 46 І закрычаўшы вялікім голасам, Езус сказаў: Ойча, у рукі твае аддаю духа майго. І гэта сказаўшы, сканаў.

47 А сотнік, відзячы, што дзеялася, славіў Бога, кажучы: Сапраўды гэты чалавек быў справядлівы. 48 І ўся грамада тых, што былі разам на гэтым відовішчы і бачылі, што дзеялася, варочаліся, б'ючыся ў грудзі свае. 49 Стаялі-ж здалёку ўсе знаёмыя яго, і жанчыны, якія былі прыйшоўшы за ім з Галілеі, угледаючыся на гэтае.

Зьняцьце з крыжа і паховіны

50 І вось чалавек, на імя Язэп, каторы быў радным, чалавек добры і справядлівы, 51 з юдэйскага гораду Арыматэі; ён быў не згадзіўшыся з Радай і ўчынкамі іх, і ён сам чакаў каралеўства Божага; 52 ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Езуса. 53 І зьняўшы, увярнуў у палатно і палажыў яго ў высечаным гробе, у каторым яшчэ ніхто ня быў паложаны.

54 А быў дзень прыгатаўленьня і надыходзіла субота. 55 А падыйшоўшы жанчыны, каторыя прыйшлі з ім з Галілеі, бачылі гроб і як было паложана ягонае цела. 56 І вярнуўшыся, прыгатовілі пахнучыя рэчы і алейкі. А ў суботу-ж супачывалі паводле прыказаньня.

2 Тры закіды паставілі жыды Хрыстусу: бунтуе народ, забараняе даваць падаткі цэзару і чыніцца каралём жыдоўскім.

7 Езус жыў у Назарэце і дзеля гэтага быў падданым Гэрада. Пілат, пазнаўшы, што жыды прывялі да яго Езуса з нейкай злосьці ці завіднасьці, хоча пазбыцца гэтай прыкрай справы і адсылае да Гэрада Антыпы, які быў прыехаўшы на Пасху ў Ерузалім.

17 Гл. Мт. 27, 15 і наст.

21 Гэтага дня мелі ўкрыжаваць двух праступнікаў, дык натоўп крычыць, каб і Езуса ўкрыжаваць.

28 Езус кажа жанчынам ерузалімскім плакаць над сынамі сваімі, бо іх спаткае горкая доля пры збурыньні Ерузаліму.

29 Падчас аблогі Ерузаліму рымлянамі быў такі голад у гэтым горадзе, што маткі елі сваіх дзяцей.

31 Зялёнае дзерава ў сьв. Пісаньні азначае справядлівага, дык словы Хрыстуса трэба разумець так: калі я нявінны гэтак цярплю, то што будзе з грэшным чалавекам?

33 Гл. Мт. 27, 33 і наст.

45 Гл. Мт. 27, 45 і 51.

47 Гл. Мт. 27, 54.

54 Было гэта ў пятніцу каля 5 гадзіны вечарам.

 

Разьдзел 24
Жанчыны пры гробе ўскросшага Хрыста

1 А ўпершы дзень тыдня, вельмі рана, прыйшлі яны да гробу, нясучы пахнучыя рэчы, якія былі прыгатовілі. 2 І знайшлі камень адвалены ад гробу. 3 І ўвайшоўшы, не знайшлі цела Пана Езуса. 4 І сталася, калі яны былі ад гэтага стрывожаны ў душы, вось два чалавекі сталі каля іх у бліскучым адзеньні. 5 Калі-ж яны баяліся і пахілілі твар да зямлі, сказалі да іх: Што вы шукаеце жывучага паміж умерлымі? 6 Няма яго тут, але ускрос. Успомніце, як вам гаварыў, калі яшчэ быў у Галілеі, 7 кажучы: "Што трэба, каб Сын чалавечы быў выданы ў рукі людзей грэшных, і быў укрыжаваны, і на трэці дзень уваскрэснуў". 8 І ўспомнілі словы ягоны.

9 А вярнуўшыся ад гробу, паведамілі аб гэтым усім тых адзінаццацёх і ўсіх іншых. 10 Была-ж Марыя Магдалена, і Ёанна, і Марыя Якубава, і іншыя, што з імі былі, каторыя гаварылі аб гэтым апосталам. 11 І здаліся ім гэтыя словы, як выдумкі, і не паверылі ім. 12 Пётр-жа, устаўшы, пабег да гробу, і нахіліўшыся, угледзеў адны зложаныя палотны. І адыйшоў, дзівячыся ў сабе з таго, што сталася.

Езус і два вучні, ідучыя ў Эмаус

13 І вось двух з іх ішлі таго самага дня ў мястэчка, якое было ў адлегласьці шасьцідзесяці стадыяў ад Ерузаліму, на імя Эмаус. 14 І яны гаварылі паміж сабою аб усіх гэтых здарэньнях. 15 І сталася, калі яны гаварылі і давалі сабе пытаньні, і сам Езус, прыбліжыўшыся, ішоў з імі; 16 але вочы іх былі ўстрыманы, каб не пазналі яго. 17 І сказаў да іх: Што гэта за гутаркі, якія вы вядзецё паміж сабою ідучы, і чаму вы сумныя? 18 І адказваючы адзін, катораму на імя Клеофа, сказаў яму: Ты адзіны падарожны ў Ерузаліме і ня ведаеш, што ў ім у гэтыя дні сталася? 19 Ён сказаў ім: Што? А яны сказалі: Аб Езусе Назарэнскім, каторы быў прарокам магутным ў дзеле і слове перад Богам і ўсім народам; 20 і як яго выдалі архісьвятары і нашы старшыя на сьмяротную казьнь і ўкрыжавалі яго. 21 А мы спадзяваліся, што ён меў адкупіць Ізраіля. А цяпер, да ўсяго гэтага, сягоньня трэці дзень, як гэтае сталася. 22 Але і некаторыя жанчыны з нашых перапужалі нас, каторыя былі перад сьветам каля гробу, 23 і не знайшоўшы цела ягонага, прыйшлі, кажучы, што яны бачылі так-жа зьяўленьне анёлаў, якія кажуць, што ён жыве, 24 і пайшлі некаторыя з нашых да гробу, і знайшлі так, як казалі жанчыны, але самога не знайшлі.

25 А ён сказаў ім: О безразумныя і лянівыя сэрцам, каб уверыць ва ўсё, што сказалі прарокі! 26 Ці-ж ня трэба было Хрысту гэтага перацярпець і так увайсьці ў славу сваю? 27 І пачаўшы ад Майсея і ўсіх прарокаў, даваў ім выясьненьні ва ўсіх Пісаньнях, якія аб ім былі. 28 І прыбліжыліся да мястэчка, да каторага ішлі, а ён рабіў выгляд, што далей ідзе. 29 І прымусілі яго, кажучы: Астанься з намі, бо вечарэе і ўжо дзень пахіліўшыся. І ўвайшоў з імі.

30 І сталася, калі ён сядзеў з імі за сталом, узўя хлеб, і багаславіў, і ламаў, і падаваў ім. 31 І адкрыліся вочы іх, і пазналі яго; але ён зьнік з вачэй іх. 32 І гаварылі паміж сабою: Ці-ж не гарэла нашае сэрца ў нас, калі гаварыў у дарозе і адкрываў нам Пісаньні? 33 І ўстаўшы ў тую-ж часіну, вярнуліся ў Ерузалім, і знайшлі сабраўшыхся адзінаццацёх і тых, што былі з імі, 34 кажучых: Што сапраўды Пан ускрос і зьявіўся Сымону. 35 А яны расказвалі, што дзеялася ў дарозе, і як пазналі яго ў ламаньні хлеба.

Езус зьяўляецца апосталам

36 Калі-ж яны гэтае гаварылі, стаў Езус пасярод іх і сказаў ім: Супакой вам! Гэта я, ня бойцеся! 37 А яны, стрывожаныя і перапалоханыя, думалі, што бачаць духа. 38 І сказаў ім: Чаго вы стрывожыліся і чаго думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя? 39 Глядзеце на рукі мае і ногі, што гэта я сам; датыкайцеся і паглядзеце, бо дух ня мае цела і касьцей, як бачыце, што я маю. 40 І сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і ногі. 41 Калі-ж яны яшчэ ня верылі і дзівіліся ад радасьці, сказаў: Маеце тут што есьці? 42 А яны падалі яму часьць печанай рыбы і пластар мёду. 43 І калі зьеў перад імі, узяўшы астаткі, аддаў ім.

Узыход у неба Езуса Хрыста

44 І сказаў да іх: гэта ёсьць словы, каторыя я да вас гаварыў, калі яшчэ быў з вамі: што трэба каб выпаўнілася ўсё, што напісана аба мне ў законе Майсея і Прарокаў і ў Псальмах. 45 Тады адкрыў ім змысл, каб разумелі Пісаньні. 46 І сказаў ім: што так напісана і так трэба было, каб Хрыстус цярпеў і на трэці дзень устаў з умерлых, 47 і каб была апавяшчаная ў імя яго пакута і адпушчэньне грахоў па ўсіх народах, пачынаючы ад Ерузаліму. 48 Вы-ж сьведкі гэтага. 49 А я пасылаю на вас Абяцаньне Айца майго; вы-ж сядзеце ў горадзе, пакуль ня будзеце адзеты сілаю з вышыні.

50 І вывеў іх з гораду ў Бэтанію, і падняўшы рукі свае, багаславіў іх. 51 І сталася, калі багаславіў іх, адыйшоў ад іх і ўзнасіўся ў неба. 52 Яны-ж, пакланіўшыся, вярнуліся ў Ерузалім з вялікай радасьцяй. 53 І былі заўсёды ў сьвятыні, хвалячы і багаславячы Бога. Амэн.

1 Першы дзень тыдня - гэта нядзеля.

4 Устрывожыліся жанчыны, бо ня ведалі, што сталася з целам Езуса, а аб ускрасеньні яшчэ ня ведалі.

11 Тыя апосталы, якія сьпярша ня верылі ў ускрасеньне Хрыста, потым, праканаўшыся аб гэтым, аддаюць сваё жыцьцё на пацьверджаньне гэтай праўды.

13 60 стадыяў - гэта прыблізна 12 кіламэтраў.

19 Хрыстус пытаецца вучняў затым, каб даць ім аказію да выражэньня сваіх сумніваў.

21 Яны не маглі зразумець, каб Мэсыяш ды цярпеў! Паводле тагачасных жыдоўскіх пракананьняў Мэсыяш меў панаваць, а не цярпець.

25 Хрыстус ганіць іх за няверу.

28 Хрыстус хацеў іх выпрабаваць і пайшоў-бы далей, каб вучні не затрымалі яго.

30 Магчыма, што Хрыстус падаў сьв. Эўхарыстыю, а вучні, ведаючы ўжо ад апосталаў аб устанаўленьні гэтай сьвятой тайніцы, пад дзеяньнем ласкі Божай, пазналі па гэтым Хрыстуса.

48 Апосталы былі сьведкамі дзейнасьці, мукі, сьмерці і ўскросу Хрыстовага.

50 Было гэта ў чацьвер на саракавы дзень пасьля ўскросу.

51 Гл. Мк. 16, 19.

 

 

Сьвятая Эванэлія паводле Яна

 

АБ ЭВАНЭЛІІ СЬВ. ЯНА

Аўтар. Аўтарам чацьвертай эванэліі ёсьць сьв. Ян апостал, сын Зэбэдэя і брат Якуба (старшага). Быў ён родам з Бэтсайды, што над возерам Генэзарэт у Галілеі. Яго бацька, Зэбэдэй, вёў рыбалоўства ў значным разьмеры з нанятымі слугамі, а матка (Саломэ) належала да ліку тых жанчын, што памагалі Езусу і яго вучням.

Сьв. Ян быў спачатку вучнем Яна Хрысьціцеля, потым пайшоў за Езусам і разам з сваім братам Якубам быў пакліканы на апостала. Езус назваў абодвых братоў "Боанэргэс" - снымі грому за іх гарачы, агністы характар (гл. Мк. 13, 7 і Лук. 9, 54). Ян, побач з Пятром і Якубам, належаў да бліжэйшых вучняў Езуса, да тых трох, якія былі пры ўскрашэньні дачкі Яіра, пры перамяненьні на гары Табар і пры ягоным мучэньні ў Садзе Аліўным. Сьв. Ян быў тым вучнем, каторага любіў Езус і катораму з крыжа аддаў пад апеку сваю матку.

Па ўшэсьці Хрыста ў неба сьв. Ян жыў праз нейкі час у Ерузаліме, а потым (каля 70 г. па Нар. Хрыста) перанёсься ў Эфэз, у Малой Азіі. Цэзар (Даміцыян) выслаў яго на востраў Патмос, дзе меў відзеньні аб будучых падзеях Касьцёла і апісаў гэта ў кнізе Аб'яваў (Апокаліпсе), потым вярнуўся ізноў у Эфэз, тут дажыў глыбокай старасьці, тут напісаў сваю эванэлію (каля 95 г. па Нар. Хр.) і свае тры пісьмы да ўсіх хрысьціянаў. Памёр каля 100 году по Нар. Хрыста.

Аб тым, што чацьвертую эванэлію напісаў Ян апостал, сьведчыць усё старадаўнае хрысьціянства.

Мэта. Напісаў сьв. Ян сваю эванэлію ў грэцкай мове для касьцёлаў у Малой Азіі, каб іх усьцерагчы ад гэратыцкай навукі, якая не прызнавала боства Хрыстуса. Сам Ян аб гэтай мэце так піша: "Гэтыя-ж (цуды) запісаны, каб вы верылі, што Езус ёсьць Хрыстус, Сын Божы, і каб верачы, мелі жыцьцё ў імя яго" (Ян 20, 31). Дзеля гэтай мэты ўсё ў гэтай эванэліі ўложана так, каб выказаць боства Езуса Хрыста: глыбокі і магутны ўступ, у каторым сьв. Ян апісвае спрадвечнае паходжаньне Сына ад Бога Айца; пададзены цэлы рад моваў Езуса, у каторых ясна выказваецца яго Боскае пасланства з неба, яго прадвечнае існаваньне, роўнасьць з Богам Айцом. Апроч гэтага ў эванэліі падчырківаецца канечнасьць веры, што езус ёсьць Сынам Божым, каторы зыйшоў з неба і стаўся чалавекам. Хто мае гэтую веру, той мае ў сабе пачатак жыцьця вечнага, а хто ня мае, той ужо асуджаны, бо над ім гнеў Божы. Прыгэтым усе цуды (знакі), якія падае сьв. Ян, выказваюць боства Хрыста.

Сьв. Ян у сваёй эванэліі бадай што не падае тых фактаў з жыцьця Езуса і тых цудаў, якія ўжо былі апісаны ў папярэдніх эванэліях (апроч мукаў і сьмерці Хрыста), бо гэныя факты былі ўжо ведамы з тых трох эванэліяў.

Сьв. Ян апісвае дзейнасьць Езуса галоўным чынам у Юдэі і дзеля гэтага характар моваў і навукаў Хрыста мае ў сьв. Яна іншы характар, чым у папярэдніх эванэліяў: гэтыя навукі болей адарванага, тэлогічнага зьместу, яны болей датасаваны да вышэйшых рэлігійных паняцьцяў жыдоўскіх. І гэта зразумела: у Галілеі Езус прамаўляў да простага народу, а ў Юдэі (Ерузаліме) Езус прамаўляе да вучоных у Законе.

Першыя тры эванэліі хоць і рысуюць перад намі асобу Хрыста, як Бога, то шмат увагі яны зварочваюць на Хрыста-чалавека, а эванэлія сьв. Яна рысуе перад намі абраз Хрыста-Бога. Сьв. Ян кажа, што Езус Хрыстус - гэта Слова Божае, якое сталася целам і прабывала паміж намі. Дык усе эванэліі, разам узятыя, даюць нам поўны і суцэльны абраз Езуса Хрыста, Бога і чалавека.

СЬВЯТАЯ ЭВАНЭЛІЯ
ЕЗУСА ХРЫСТА ПАВОДЛЕ ЯНА

 

Разьдзел 1
УСТУП
Езус Хрыстус ёсьць спрадвечным Сынам Бога Айца

1 На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. 2 Яно было напачатку ў Бога. 3 Усё праз яго сталася, і без яго ня сталася нічога, што сталася. 4 У ім было жыцьцё, а жыцьцё было сьвятлом людзей; 5 а сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра яго не агарнула.

6 Быў пасланы Богам чалавек, катораму імя было Ян. 7 Ён прыйшоў на пасьведчаньне, каб даць пасьведчаньне аб сьвятле, каб усе верылі праз яго. 8 Ня быў ён сьвятлом, але каб пасьведчаньне даў аб сьвятле.

9 Было праўдзівае сьвятло, каторае асьвячае кожнага чалавека, прыходзячага на гэты сьвет. 10 На сьвеце быў і сьвет праз яго стаўся, але сьвет яго не пазнаў. 11 Прыйшоў да ўласнасьці, а свае яго не прынялі. 12 А каторыя-толькі прынялі яго, даў ім моц стацца сынамі Божымі, тым, што вераць у імя яго, 13 каторыя ня з крыві, ані з волі цела, ані з волі мужа, але з Бога нарадзіліся. 14 І Слова сталася целам і пабывала паміж намі - і мы бачылі славу ягону, славу як адзінароднага ад Айца - поўнае ласкі і праўды.

15 Ян дае пасьведчаньне аб ім і заклікае, кажучы: Гэта той быў, аб каторым я казаў: "Каторы па мне мае прыйсьці, ён перада мню стаўся, бо перш за мяне быў". 16 І з поўнаты яго мы ўсе ўзялі, і ласку за ласкай. 17 Бо закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. 18 Бога ніхто ніколі ня бачыў; адзінародны Сын, каторы ёсьць у ўлоньні Айца, ён сам расказаў.

1 ЧАСЬЦЬ. ПУБЛІЧНАЕ ЖЫЦЬЦЁ ЕЗУСА ХРЫСТА,
ЯГОНЫ ЦУДЫ І НАВУКА
Ян Хрысьціцель дае пасьведчаньне Езусу Хрысту

19 А гэта ёсьць пасьведчаньне Яна, калі жыды з Ерузаліму паслалі да яго сьвятароў і левітаў, каб спытаць у яго: Хто ты ёсьць? 20 І заявіў, і не адрокся; і заявіў: Што я ня ёсьць Хрыстус. 21 І спыталіся ў яго: Дык што-ж? Ты ёсьць Гальяш? І сказаў: Я ня ёсьць. Ты ёсьць прарок? І адказаў: Не. 22 Дык сказалі яму, каб нам даць адказ тым, каторыя нас паслалі? Што кажаш аб сабе самым? 23 Ён сказаў: Я голас клічучага ў пустыні: "Прастуйце дарогі Пана", як сказаў Ізаій прарок (40, 3). 24 А тыя, што былі пасланы, былі з фарызэяў. 25 І пыталіся ў яго і казалі яму: Дык нашто ты хрысьціш, калі ты ня ёсьць Хрыстус, ані Гальяш, ані прарок? 26 Адказаў ім Ян, кажучы: Я хрышчу вадою, але пасярод вас стаў, каго вы ня знаеце. 27 Гэта той, каторы па мне мае прыйсьці, каторы перада мною стаўся, каторага я ня варт, каб разьвязаць рамень абутку ягонага. 28 Гэта дзеялася ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысьціў.

29 На другі дзень Ян убачыў Езуса, ідучага да яго і сказаў: Вось Баранак Божы, вось, каторы зносіць грэх сьвету. 30 Гэта той, аб каторым я казаў: За мною ідзе муж, каторы перада мною стаўся, бо перш за мяне быў. 31 І я ня знаю яго, але каб ён аб'явіўся ў Ізраілю, дзеля гэтага я прыйшоў, хрысьцячы вадою. 32 І даў пасьведчаньне Ян, кажучы: Што відаў Духа, каторы зыходзіў як галуб з неба і астаўся на ім. 33 І я ня знаў яго; але каторы паслаў мяне хрысьціць вадою, той сказаў мне: "На каго ўбачыш, што зыходзіць Дух і на ім астаецца, гэта той, каторы хрысьціць Духам сьвятым". 34 І я відзеў і даў пасьведчаньне, што ён ёсьць Сын Божы.

Першыя вучні Хрыстовы

35 На другі дзень ізноў стаяў Ян і два з вучняў ягоных. 36 І ўгледзеўшы Езуса ідучага, сказаў: вось Баранак Божы. 37 І пачулі яго кажучага два вучні і пайшлі за Езусам. 38 Езус-жа, абярнуўшыся і ўвідзеўшы іх ідучых за сабою, сказаў ім: Чаго шукаеце? Яны сказалі яму: Раббі (што пераложанае значыць: Вучыцель), дзе жывеш? 39 Сказаў ім: ідзеце і паглядзеце. Пайшлі і паглядзелі, дзе жыў і асталіся ў яго той дзень; было-ж каля дзесятай гадзіны.

40 А быў Андрэй, брат Сымона Пятра, адзін з двух, якія чулі ад Яна і пайшлі за ім. 41 гэты знайшоў найперш брата свайго Сымона і сказаў яму: Мы знайшлі Мэсыяша (што пераложанае значыць: Хрыстус). 42 І прывёў яго да Езуса. А спаглянуўшы на яго, езкс сказаў: Ты ёсьць Сымон, сын Ёны; ты будзеш названы Кефа (што значыць Пётр).

43 Назаўтры хацеў выйсьці ў Галілею. І знайшоў Філіпа, і сказаў яму Езус: Ідзі за мною. 44 А быў Філіп з Бэтсайды, гораду Андрэя і Пятра. 45 Знайшоў Філіп Натанаэля і сказаў яму: Мы знайшлі Езуса, аб каторым напісаў Майсей у законе і прарокі, сына Язэпа з Назарэту. 46 І сказаў яму Натанаэль: Ці можа быць што добрае з Назарэту? Сказаў яму Філіп: Ідзі і паглядзі. 47 Убачыў Езус ідучага да сябе Натанаэля і сказаў аб ім: Вось сапраўды Ізраэліт, у каторым няма хітрасьці. 48 Сказаў яму Натанаэль: Адкуль мяне знаеш? Адказаў Езус і сказаў яму: Перш чым Філіп паклікаў цябе, калі ты быў пад фігаю, я бачыў цябе. 49 Адказаў яму Натанаэль і сказаў: Раббі, ты ёсьць Сын Божы, ты ёсьць кароль ізраільскі! 50 Адказаў Езус і сказаў яму: Ты верыш затым, што я табе сказаў: "Я бачыў цябе пад фігай" - большае за гэта ўбачыш. 51 І сказаў яму: Сапраўды, сапраўды кажу вам, убачыце неба адчыненае і анёлаў Божых усходзячых і зыходзячых на Сына чалавечага.

"На пачатку" г. зн. на пачатку ўсіх часаў, перад усім стварэньнем, інакш кажучы, "ў спрадвечнасьці", бо Слова Божае было ў Бога спрадвеку. "Слова" (па-грэцку Логос, па-лац. Вэрбум) азначае другую Асобу Найсьв. Тройцы, Сына Божага. Значыць, замест "слова" можна былоб сказаць: "На пачатку быў Сын Божы" і г. д. З гэтых і далейшых слоў відаць, што Сын Божы быў Богам, а не стварэньнем.

3 Хоць стварэньне сьвету было творам усіх Асобаў Божых, то асабліўшым спосабам прыпісваецца Слову Божаму.

4 Бог ня толькі стварыў усё праз Слова, але праз яго даў людзям жыцьцё духовае, надпрыроднае, вечнае, а праз веру асьвяціў іх сьвятлом надпрыродным.

5 "Цемра" азначае тут людзей злосных і грэшных, якія ня хочуць прыняць сьвятла Божага. Але гэтыя людзі ня могуць яго пагасіць ("цемра яго не агарнула").

6 - 7 Гутарка тут аб Яне Хрысьціцелю, каторы даў пасьведчаньне аб Хрыстусе.

9 "Праўдзівае сьвятло" гэта значыць Сын Божы, Слова. Гэтае сьвятло асьвячае кожнага чалавека праз ласку і навуку Божую.

11 "Да ўласнасьці" г. зн. да жыдоўскага народу, які ў сьв. Пісаньні часта завецца спадчынай Божай.

12 "Даў ім моц" г. зн. права, магчымасць стацца сынамі Божымі праз ласку і веру, а не праз паходжаньне ад Абрагама, як цьвярдзілі жыды.

13 Прынятым Сынам Божым чалавек стаецца (родзіцца) праз ласку ўсьвячаючую, а не праз чалавечае зьмяшаньне крыві і плоці.

14 "Слова сталася Целам" г. зн. адвечна існуючы Сын Божы ў часе прыняў навуку людзкую (якая ў сьв. Пісаньні завецца "целам"), стаўся чалавекам і жыў паміж людзей. Значыць, Хрыстус меў у сабе дзьве натуры: боскую і людзкую, якія былі злучаны ў аднэй Асобе Слова.

15 Гутарка тут аб Яне Хрысьціцелю, які сьведчыў, што Хрыстус, як Бог, існаваў раней за яго, бо ёсьць спрадвечны; аднак-жа як чалавек Хрыстус нарадзіўся па Яне і па Яне выступіў на публічнае навучаньне.

16 Хрыстус дае кожнаму чалавеку "ласку за ласкай" г. зн. цэлы чарод ласкаў і дараў; корміць яго сваей ласкай так, як вінаградны ўшчэп корміць сваім сокам галінкі.

17 Стары Закон ня меў сам з сябе ўсьвячаючай ласкі; такую ласку прынёс Хрыстус у Нов. Законе.

18 Ніводзін чалавек ня можа вачамі свайго цела аглядаць Бога, затым што Бог ёсьць істота духовая і не падпадае пад людзкі зрок.

"У ўлоньні Айца" гэта зн. што Сын Божы ёсьць у дасканальнай лучнасьці з Богам Айцом; дзеля гэтай лучнасьці ён нам выказаў тайніцы Божыя.

19 Жыды думалі, што Ян ёсьць Мэсыяшам, прадказаным прарокамі і дзеля гэтага паслалі да яго спытацца, хто ён?

21 Кніжнікі былі пракананы, што перад прыходам Хрыста зьявіцца Гальяш або нейкі прарок, затым і пытаюцца ў Яна, ці ён ня ёсьць Гальяш, або той прадказаны прарок. Сьв. Ян Хрысьц. ня кажа, што ён не прарок, а толькі кажа, што ён ня той прадказаны прарок.

25 Што ў часы Мэсыяша будзе хрост вадою на адпушчэньне грахоў, аб гэтым прадказвалі прарокі (Эз. 36, 25; Захар 13, 1).

26 Аб хросьце Яна гл. Мт. 3, 6.

28 Бэтанія за Ярданам іншая ад Бэтаніі за Ерузалімам.

29 Сьв. Ян Хрысьц. паказаў Езуса народу ўжо пасьля хросту Езуса ў Ярдане і пасьля спакушаньня Езуса ад злога духа ў пустыні. Сьв. Ян называе яго Баранкам (баранчыкам) г. зн. ахвярай за грахі чалавецтва.

33 "Будзе хрысьціць Духам сьвятым" г. зн. моцай любові Божай, каторай крыніцай і давальнікам ёсьць Дух сьв. Гл. Мт. 3, 11.

37 Гэты быў Андрэй і брат ягоны Ян, пазьнейшы эванэліст.

39 Дзесятая гадзіна - гэта наша чацьвертая па паўдні.

45 Філіп думаў, так як і іншыя людзі, што Езус ёсьць сынам Язэпа. Натанаэль (або інакш Баўтрамей) быў родам з Каны Галілейскай, блізка Назарэту.

48 У гэтых славах Езус выявіў Натанаэлю сваю боскую ўсёведу, бо прыпомніў яму нейкае таёмнае здарэньне, якое было ведамае толькі Натанаэлю і Богу.

51 Сынам чалавечым Хрыстус часта называў сябе, паказваючы гэтым, што ён ёсьць Мэсыяш, бо гэтак называў Мэсыяша прарок Даніла (Дан. 7 - 13-14).

 

Разьдзел 2
Вясельле ў Кане Галілейскай

1 А на трэці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і была там матка Езуса. 2 Быў-жа запрошаны Езус і вучні ягоны на вясельле. 3 Калі-ж не хваціла віна, сказала матка Езуса да яго: Віна ня маюць. 4 І сказаў ей Езус: Што мне і табе жанчына? Яшчэ ня прыйшла мая часіна. 5 Сказала матка ягона слугам: Што-толькі вам скажа, рабеце.

6 А было там шэсьць каменных стаўбуноў, пастаўленых дзеля жыдоўскага ачышчэньня, зьмяшчаючых кожны па два або тры вядры. 7 Сказаў ім Езус: Чарпайце цяпер і занясеце маршалку. І занясьлі. 9 А як пакаштаваў маршалак вады, што сталася віном, і ня ведаў, адкуль яно, а слугі, якія чарпалі ваду, ведалі, паклікаў маршалак маладога 10 і сказаў яму: Кожны чалавек перш ставіць добрае віно, а калі нап'юцца, тады горшае, а ты добрае віно захаваў аж дагэтуль! 11 Гэты пачатак цудаў зрабіў Езус у Кане Галілейскай і аб'явіў сваю славу; і ўверылі ў яго вучні ягоны.

12 Пасьля гэтага прыйшоў у Капарнаум, ён і матка ягона, і браты яго, і вучні яго, і там аставаліся нямнога дзён.

Езус ідзе на Пасху ў Ерузалім

13 І была блізка жыдоўская Пасха, і ўвайшоў Езус у Ерузалім. 14 І знайшоў у сьвятыні прадаючых валы і авечкі і галубы, і сядзячых мяняльнікаў. 15 І зрабіўшы як-бы біч з вяровак, выгнаў з сьвятыні ўсіх, так-жа авец і валоў, а грошы мяняльнікаў разсыпаў і абярнуў сталы. 16 А тым, што прадавалі галубы, сказаў: Вынясьце гэтае адсюль, і не рабеце дому Айца майго домам гандлярства. 17 І ўспомнілі вучні ягоны, што ёсьць напісана: "Рупнасьць аб дом твой зьела мяне" (Пс. 68, 2). 18 Дык адказалі жыды і сказалі яму: Які знак пакажаш нам, што гэтае робіш? 19 Адказаў Езус і сказаў ім: Развалеце гэту сьвятыню, і я ў тры дні пастаўлю яе. 20 А жыды сказалі: Сорак шэсьць гадоў будавалі гэту сьвятыню, і ты ў тры дні яе паставіш? 21 А ён гаварыў аб сьвятыні цела свайго. 22 Дык калі ўстаў з умерлых, успомнілі вучні ягоны, што ён гэтае гаварыў, і паверылі Пісаньню і мове, якую сказаў Езус.

23 калі-ж ён быў у Ерузаліме на Пасху, на сьвяточны дзень, многія ўверылі ў імя яго, бачачы знакі яго, якія чыніў. 24 Сам-жа Езус не давяраў ім самога сябе, затым што ён знаў усіх, 25 і што ня трэба было яму, каб хто даваў пасьведчаньне аб чалавеку, бо ён ведаў, што было ў чалавеку.

1 "На трэці дзень" пасьля прыходу Езуса ў Галілею. Гэта Кана завецца Галілейскай, бо была яшчэ другая Кана блізка гораду Тыру. Ад Назарэту да Каны Галілейскай - каля 6 клм.

4 Зварот "што мне і табе жанчына" меў у жыдоўскай мове рознае значаньне, залежна ад тону і абставін. Магло значыць: "Гэта цябе і мяне не абходзіць", а магло так-жа значыць: "Гэта мне пакінь". Відаць, што тут мела гэтае другое значэньне, бо Хрыстус далей як-бы пытаецца, ці-ж яшчэ не надыйшла яго часіна, каб чыніць цуды? Відаць, што гэтак і Марыя зразумела тыя словы і загадала слугам рабіць тое, што Езус скажа.

6 Стаўбуны - гэта высячаныя з каменя пасудзіны, у якіх стаяла вада дзеля жыдоўскіх рытуальных (абрадавых) абмываньняў. А як абмываньні рук рабілі перад ядою і пасьля яды, дык стаўбуны былі ўжо парожнія.

8 Маршалак - нешта падобнае, як у нас сват, які дбае, каб на вясельлі ўсё было ў парадку.

12 Аб братох Езуса гл. Мт. 12, 46.

14 Гл. Мт. 21, 12 і наст.

19 На той знак, што мае права выганяць гандляроў з сьвятыні, Езус абяцае жыдом адбудаваць сьвятыню свайго цела, г. зн. ускрэснуць.

24 Езус не давяраў жыдом, бо чытаў у іх сэрцах таёмныя думкі.

 

Разьдзел 3
Гутарка з Мікодымам

1 Быў-жа чалавек з фарызэязў, на імя Мікодым, старшы жыдоўскі. 2 Ён прыйшоў да Езуса ўначы і сказаў яму: Раббі, мы ведаем, што прыйшоў ад Бога вучыцелем, бо ніхто ня можа гэтых знакаў чыніць, якія ты чыніш, калі-б Бог ня быў з ім. 3 Адказаў Езус і сказаў яму: Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не адродзіцца нанова, ня можа бачыць каралеўства Божага. 4 Сказаў да яго Мікодым: Як-жа можа чалавек нарадзіцца, будучы старым? Цм-ж можа другі раз увайсьці ў лона маткі сваей і адрадзіцца? 5 Адказаў Езус: Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не адродзіцца з вады і Духа сьвятога, ня можа ўвайсьці ў каралеўства Божае. 6 Што нарадзілася з цела, целам ёсьць; а што нарадзілася з духа, духам ёсьць.

7 Ня дзівіся, што я табе сказаў: "Трэба вам нардзіцца ізноў". 8 Вецер вее, дзе хоча, і голас ягоны чуеш, але ня ведаеш, адкуль прыходзіць або куды ідзе. Так ёсьць з кожным, хто нарадзіўся з Духа. 9 Адказаў Мікодым і сказаў яму: Як-жа гэтае можа быць? 10 Адказаў Езус і сказаў яму: Ты ёсьць вучыцелем у Ізраілю і гэтага ня ведаеш? 11 Сапраўды, сапраўды кажу табе, што мы тое, што ведаем, гаорым, і што мы відзелі, сьведчым, а вы сьведчаньня нашага ня прымаеце.

12 Калі я сказаў вам аб зямным і ня верыце, як-жа будзеце верыць, калі вам буду гаварыць аб нябесным? 13 І ніхто ня ўзыйшоў у неба, адно каторы зыйшоў з неба, Сын чалавечы, каторы ёсьць у небе. 14 І як Майсей падняў вужа на пустыні, так трэба, каб быў падняты Сын чалавечы, 15 каб кожны, хто верыць у яго, ня згінуў, але меў жыцьцё вечнае.

16 Бо як Бог узьлюбіў сьвет, што даў Сына свайго адзінароднага, каб кожны, хто верыць у яго, ня згінуў, але меў жыцьцё вечнае. 17 Бо не паслаў Бог Сына свайго на сьвет, каб ён судзіў сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз яго. 18 Хто верыць у яго, той не бывае суджаны; а хто ня верыць, той ужо асуджаны, бо ня верыць у імя адзінароднага Сына Божага. 19 А гэтакі ёсьць суд: што Сьвятло прыйшло на сьвет, а людзі болей узлюбілі цемру, чым сьвятло, бо былі дрэнныя іх учынкі. 20 Бо кожны, хто дрэнна паступае, ненавідзіць сьвятла і ня ідзе да сьвятла, каб ня былі даказаны ягоныя ўчынкі. 21 А хто чыніць праўду, прыходзіць да сьвятла, каб выявіліся ўчынкі яго, бо яны ў Богу ўчынены.

Апошняе пасьведчаньне Яна Хрысьціцеля аб Хрысьце

22 Пасьля гэтага прыйшоў Езус і вучні ягоны ў Юдэйскую зямлю і там прабываў з імі і хрысьціў. 23 Быў-жа і Ян хрысьцячы ў Эноне, каля Саліму, бо там было многа вады; і прыходзілі, і хрысьціліся. 24 Бо яшчэ Ян ня быў пасаджаны ў вязьніцу. 25 І паўстала спрэчка ў вучняў Яна з жыдамі аб ачышчэньні. 26 І прыйшлі да Яна і сказалі яму: Раббі, той каторы быў з табою за Ярданам, катораму ты даў пасьведчаньне, вось ён хрысьціць і ўсе ідуць да яго. 27 Адказаў Ян і сказаў: Ня можа чалавек нічога ўзяць, калі яму ня будзе дадзена з неба. 28 Вы самі для мяне сьведкі, што я сказаў: "Я ня ёсьць Хрыстус, але што я пасланы перад ім". 29 Хто мае заручаную, той жаніх; а прыяцель жаніха, што стаіць і слухае яго, радасьцяй радуецца з голасу жаніха. Дык гэтая радасьць мая споўнілася. 30 Яму трэба расьці, а мне малець.

31 Хто звыш прыходзіць, той над усімі. Хто з зямлі, той з зямлі ёсьць і з зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзіць, той над усімі, 32 і што відзеў і чуў, тое сьведчыць, а пасьведчаньня яго ніхто ня прымае. 33 Хто прыняў яго пасьведчаньне, той сьцьвердзіў, што Бог ёсьць праўдзівы. 34 Бо каго паслаў Бог, той гаворыць словы Божыя, бо ня мераю дае Бог духа. 35 Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у рукі яго. 36 Хто верыць у Сына, той мае жыцьцё вечнае; а хто ня верыць Сыну, ня ўбачыць жыцьця, але гнеў Божы астаецца над ім.

1 Мікодым быў сябрам Вялікай Жыдоўскай Рады або Сангэдрыну.

2 Мікодым прыйшоў уначы дзеля страху перад жыдамі.

5 Жыды былі пракананы, што толькі патомкі Абрагама ўвойдуць у валадарства Божае, а Езус кажа, што каб увайсьці ў валадарства Божае, трэба адрадзіцца на душы з вады і Духа сьв.

8 Дух сьв. надзяляе людзей сваей ласкай як хоча і каго хоча. Гэтага дыханьня ласкі чалавек ня бачыць, так як ня бачыць веяньня ветру.

10 Адраджэньне на душы было прадвешчана ўжо ў Ст. Законе і Мікодым павінен быў аб гэтым ведаць.

13 Ніхто не аглядаў у небе тайніцаў Божых, апроч Сына Божага, для каторага адкрыты ўсе тайніцы. Сын Божы, хоць прабывае на зямлі як Сын чалавечы, аднак ён, як Бог, ёсьць і ў небе.

14 - 15 На жыдоў у пустыні за іх няверу Бог паслаў ядавітых вужоў. Калі Жыды пакаяліся, Бог загадаў Майсею адліць мядзянага вужа і памясьціць на высокім стаўпе. Укушаны чалавек, калі ўзглянуў на таго вужа, быў здаровы. Вуж гэты быў знакам і падабенствам Е. Хрыста, прыбітага да крыжа. Хто з верай глядзіць на ўкрыжаванага Хрыста і спаўняе яго загады, той будзе збаўлены.

16 Вера ў Сына Божага ёсьць пачаткам, асновай і коранем праведнасьці перад Богам.

17 Гэта значыць цяпер ня прыйшоў судзіць.

18 Благія людзі ўжо самі сябе асудзілі, бо ня вераць у Сына Божага.

19 Прычынай асуджэньня благіх людзей будзе тое, што паміма прыходу на сьвет Сьвятла (Хрыста), яны аднак за гэтым сьвятлом не пайшлі з сваей віны.

21 Добрыя людзі не патрабуюць крыцца з сваімі добрымі ўчынкамі.

22 Далей (Ян 4, 2) гаворыцца, што Езус ня сам хрысьціў, але вучні ягоны.

25 "Аб ачышчэньні" - тут трэба разумець не аб звычайным абрадавым ачышчэньні, але аб хросьце. Відаць, што жыды хрост вучняў Езуса ставілі вышэй за хрост Яна, затым вучні Яна і з жалем пайшлі да свайго вучыцеля.

 

Разьдзел 4
Езус пакідае Юдэю і ідзе праз Самарыю

1 Дык калі Езус пазнаў, што фарызэі пачулі, што езус болей вучняў здабывае, чым Ян, 2 (хоць Езус ня хрысьціў, але вучні ягоны) - 3 пакінуў Юдэю і пайшоў ізноў у Галілею.

4 А трэба было яму прайсьці праз Самарыю. 5 Дык прыйшоў у горад самаранскі, які завецца Сыхар, каля хутару, які даў Якуб сыну свайму Язэпу. 6 Была-ж там студня Якуба. Дык Езус, змучыўшыся з дарогі, сядзеў так над студняю. Было каля гадзіны шостае.

7 Прыйшла жанчына з Самарыі зачэрпуць вады. Сказаў ей Езус: Дай мне піць. 8 (Бо вучні ягоны былі пайшоўшы ў горад, каб купіць ежы). 9 Дык сказала яму тая самаранская жанчына: Як-жа ты, будучы жыдам, просіш у мяне піць, я-ж самаранская жанчына? Бо жыды ня маюць зносін з самаранамі. 10 Адказаў Езус і сказаў ей: Калі-б ты ведала дар Божы і хто ёсьць, што кажа табе: "Дай мне піць", ты можа прасіла-б ў яго і ён даў-бы табе жывое вады. 11 Сказала яму жанчына: Пане, нават ня маеш чым зачэрпнуць, ды студня глыбокая, дык адкуль маеш жывую ваду? 12 Ці-ж ты большы за нашага айца Якуба, каторы даў нам студню і сам з яе піў, і сыны ягоны, і жывёла ягона? 13 Адказаў Езус і сказаў ей: Кожны, хто п'е з гэтай вады, ізноў захоча піць; але хто-б піў з вады, якую я яму дам, не захоча піць навекі; 14 а вада, якую я яму дам, станецца ў ім крыніцаю вады, б'ючай на жыцьцё вечнае. 15 Сказала да яго жанчына: Пане, дай мне гэтай вады, каб мне не хацелася піць і не хадзіць сюды чарпаць.

16 Сказаў ей Езус: Ідзі, пакліч свайго мужа і прыйдзі сюды. 17 Адказала жанчына і сказала: Я ня маю мужа. Сказаў ей Езус: Добра ты сказала, што "ня маю мужа"; 18 бо пяцёх мужоў ты мела, і каторга цяпер маеш, ня ёсьць твой муж. Гэта ты праўдзіва сказала. 19 Жанчына сказала яму: Пане, віджу, што ты прарок. 20 Айцы нашыя пакланяліся на гэтай гарэ, а вы кажаце, што ў Ерузаліме месца, дзе трэба пакланяцца. 21 Сказаў ей Езус: Жанчына, вер мне, што прыходзіць часіна, калі ані на гэтай гарэ, ані ў Ерузаліме ня будзеце пакланяцца Айцу. 22 Вы пакланяецеся таму, чаго ня знаеце; мы знаем, чаму пакланяемся; бо збаўленьне з жыдоў. 23 Але прыходзіць часіна, дый цяпер ёсьць, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе. Бо і Айцец такіх шукае, каторыя-б пакланяліся яму. 24 Духам ёсьць Бог, і тыя, каторыя пакланяюцца яму, трэба, каб пакланяліся ў духу і праўдзе. 25 Сказала яму жанчына: Ведаю, што прыйдзе Мэсыяш (каторы завецца Хрыстус), дык калі ён прыйдзе, абвесьціць нам усё. 26 Сказаў ей Езус: Гэта я, каторы гавару з табою.

27 І зараз прыйшлі вучні ягоны і дзівіліся, што гаварыў з жанчынай. Аднак ніводзен не сказаў: Чаго жадаеш або аб чым з ею гаворыш? 28 Дык жанчына пакінула сваё вядро і пайшла ў горад і казала гэным людзям: 29 Пайдзеце і паглядзеце чалавека, каторы сказаў мне ўсё, што-колечы я ўчыніла; ці ня ён ёсьць Хрыстус? 30 Дык выйшлі з гораду і пайшлі да яго.

31 Тымчасам вучні прасілі яго, кажучы: Раббі, еш. 32 Ён-жа сказаў ім: Я маю ежу, каб есьці, аб якой вы ня ведаеце. 33 Дык гаварылі вучні паміж сабою: Няўжо яму хто прынёс есьці? 34 Сказаў ім Езус: Ежай маей ёсьць, каб чыніць волю Таго, хто паслаў мяне і каб даканаць справы ягонай. 35 Ці-ж вы не гаворыце, што яшчэ чатыры месяцы і прыйдзе жніво? Вось я кажу вам: Падымеце вочы вашыя і пагляньце на ваколіцы, што ўжо белыя да жніва. 36 А хто жне, той бярэ плату і зьбірае плод на жыцьцё вечнае, каб і той, хто сее, разам цешыўся, і той, хто жне. 37 Бо ў гэтым ёсьць слова праўдзівае: што іншы сее, а хто іншы жне. 38 Я паслаў вас жаць, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў іх працы.

39 З таго-ж гораду многія з самаранаў уверылі ў яго дзеля слова жанчыны, якая давала пасьведчаньне: Што сказаў мне ўсё, што-колечы я ўчыніла. 40 Дык калі прыйшлі да яго самаране, прасілі яго, каб астаўся там. І аставаўся там праз два дні. 41 І яшчэ болей іх уверыла ў яго дзеля ягонай мовы. 42 А жанчыне казалі: што ўжо ня дзеля тваей гутаркі мы верым, бо мы самі чулі і ведаем, што гэта ёсьць сапраўды Збаўца сьвету.

Езус варочаецца ў Галілею. Аздараўленьне князевага сына

43 Пасьля-ж двух дзён ён выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею. 44 Бо сам Езус даў пасьведчаньне, што прарок у сваей бацькаўшчыне ня мае пашаны. 45 Дык калі прыйшоў у Галілею, прынялі яго галілеяне, пабачаўшы ўсё, што быў учыніў у Ерузаліме ў дзень сьвяточны, бо і яны былі прыйшоўшы на дзень сьвяточны.

46 Дык прыйшоў ізноў у Кану Галілейскую, дзе ваду зрабіў віном. І быў адзін князь, каторага сын хварэў у Капарнауме. 47 Ён, калі пачуў, што Езус прыйшоў з Юдэі ў Галілею, пайшоў да яго і прасіў яго, каб прыйшоў і аздаравіў Сына ягонага, бо пачынаў уміраць. 48 Езус-жа сказаў да яго: Калі знакаў і цудаў ня ўбачыце, ня верыце. 49 Сказаў да яго князь: Пане, прыйдзі перш, чым памрэ сын мой. 50 Сказаў яму Езус: Ідзі, сын твой жыве. Паверыў чалавек мове, якую сказаў яму Езус і пайшоў. 51 Калі-ж ён ужо прыходзіў, перанялі яго слугі і паведамілі, кажучы, што сын ягоны жыве. 52 Дык пытаўся ў іх гадзіны, у якою яму палепшала? І сказалі яму: Што ўчоры ў гадзіне сёмай пакінула яго гарачка. 53 Дык пазнаў бацька, што была тая гадзіна, у каторай сказаў яму Езус: Сын твой жыве. І ўверыў сам і ўвесь дом ягоны.

54 Гэта ізноў другі знак учыніў Езус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.

44 Жыды ў Юдэі не хацелі прыняць навукі Езуса. Магчыма так-жа, што Езус цяпер не зайшоў у свой горад (Назарэт), хоць дарога з Самарыі ў Галілею праходзіла каля гэтага гораду.

46 Гэта быў урадавец Гэрада Антыпы, валадара Галілеі.

54 Першым цудам у Галілеі было перамяненьне вады ў віно ў Кане Галілейскай.

4 З Юдэі ў Галілею ісьці праз Самарыю было бліжэй.

9 Самаране прызнавалі толькі закон Майсея, а адкідалі прарокаў і розныя жыдоўскія рэлігійныя практыкі. Каб не хадзіць у Ерузалім, самаране збудавалі сабе сьвятыню на гарэ Гарызім, але жыды яе збурылі, чым выклікалі ў самаранаў яшчэ большую ненавісьць да сябе. Дзеля гэтай ненавісьці, жыды абміналі Самарыю і з самаранамі ня мелі ніякіх зносін. Затым і зьдзівілася самаранка, калі Езус папрасіў у яе піць.

10 У гутарцы з самаранкай Езус далей разьвівае важнасьць адраджэньня душы людзкое, аб чым ужо гаварыў з Мікодымам. Навука Хрыста і ласка Божая падобны да жывой, крынічнай вады: як крынічная вада адсьвяжае арганізм чалавечы і дае яму новыя сілы, так і навука Хрыста дае новую, Божую моц душы людзкой.

11 У Палестыне крынічную ваду, якая б'е з зямлі, называлі часта жывою вадою, адрозьніваючы яе ад дажджавой (стаячай) вады. Студня Якуба існуе і цяпер і мае 23 мэтры глыбіні.

12 Самаране, таксама як і жыды, уважалі сябе за патомкаў Якуба (Ізраіля) праз ягонага сына Язэпа. У сапраўднасьці былі яны народам мяшаным, паўсталым з астаткаў жыдоў і з насланых з Ассырыі паганаў.

17 Хрыстус загадывае самаранцы прывясьці мужа і адкрывае тайніцы яе душы.

20 Гара Гарызім была туж каля студні Якуба. Пазнаўшы ў Хрысьце прарока, самаранка хоча разьвязаць важнае жыцьцёвае пытаньне, дзе трэба пакланяцца Богу, у Ерузаліме, ці на гары Гарызім?

21 Хрыстус прадвяшчае паўсюдную чэсьць для Бога, ня прывязаную толькі да аднаго месца, як гэта было ў жыдоў ці самаранаў. Разам з гэтым езус прадказвае скасаваньне як жыдоўскага так і самаранскага культу.

23 У Новым Законе будуць скасаваны ахвяры з зьвярат, а новая ахвяра ня будзе прывязана да аднаго месца. Праўдзівыя паклоньнікі будуць славіць Бога пад тхненьнем Духа сьв. і праўды Божай, якую абвясьціў Хрыстус. Але гэтае слаўленьне Бога ў духу і праўдзе не выключае зьверхняй, вонкавай формы службы Божай як абраду і сьвятыні, бо і Хрыстус ужываў вонкавых формаў пры малітве (падаў на калені, загадываў маліцца супольна, устанавіў сакрамэнты і імшу сьв.). Словы "ў духу і праўдзе" Хрыстус проціўставіць абрадам і ахвярам жыдоўскім.

27 Вучні зьдзівіліся ня толькі дзеля таго, што Хрыстус гаварыў з чужой для іх самаранкай, але і дзеля таго, што вучыцелі Закону (раббі) пагарджалі жанчынамі і нават не гаварылі з імі публічна, а аб нейкім навучаньні жанчын і гутаркі ня было.

34 Як для кожнага чалавека яда ёсьць канечная і мілая, так для Хрыста міла навучаць і навярнуць людзей да Бога.

35 Хрыстус паказвае тут на жніво сэрцаў людзкіх, якія не дасьпелі на прыняцьце яго навукі нават паміж самаранаў.

36 Той, хто сее (Хрыстус), хоць і ня мае пацехі ў часе сяўбы, адно труды, аднак будзе цешыцца ў часе жніва з вучнямі сваімі, каторыя потым жалі плады навукі ягонай нават у Самарыі (Ап. Дз. 8, 4 -25).

38 Хрыстус працаваў, навучаючы жыдоў, а апосталы будуць хрысьціць тых, якія навернуцца праз навуку Хрыста.

42 Цяпер самаране прызналі, што Езус ёсьць збаўца сьвету, але другім разам яны яго не прынялі (гл. Лк. 9, 51 і наст.).

 

Разьдзел 5
Аздараўленьне хворага пры саджалцы Бэтэсда

1 Пасьля гэтага быў сьвяточны дзень жыдоўскі і Езус пайшоў у Ерузалім. 2 Ёсьць-жа ў Ерузаліме авечая саджалка, якая завецца па-гэбрайску Бэтэсда, маючая пяць прысенкаў. 3 У усіх ляжала вялікае мноства хворых, сьляпых, кульгавых, зсохлых, якія выглядалі парушэньня вады. 4 Бо анел Панскі зыходзіў час ад часу ў саджалку і варушылася вада; і хто першы ўходзіў у саджалку пасьля парушэньня вады, быў здаровы, на якую-б хваробу ён не хварэў. 5 Быў-жа там чалавек, які трыццаць восем гадоў быў у сваей хваробе. 6 Калі Езус убачыў яго ляжачага і пазнаў, што ён ужо многа часу хварэе, сказаў яму: Хочаш быць здаровым? 7 Адказаў яму хворы: Пане, я ня маю чалавека, каб ён, калі ўзварухнецца вада, апусьціў мяне ў саджалку; бо пакуль я дайду, іншы ўвойдзе перада мною. 8 Сказаў яму Езус: Устань, вазьмі ложа тваё і хадзі. 9 І зараз-жа стаў здаровым той чалавек, і ўзяў ложа сваё, і хадзіў.

А ў той дзень была субота. 10 Дык жыды казалі таму, што быў аздароўлены: Гэта-ж субота, ня можна табе насіць твайго ложа. 11 Адказаў ім: Хто мяне здаровым зрабіў, той мне сказаў: "Вазьмі ложа тваё і хадзі". 12 Дык спыталіся ў яго: Хто гэта той чалавек, каторы табе сказаў: "Вазьмі ложа тваё і хадзі"? 13 Той-жа, што стаў здаровым, ня ведаў, хто гэты быў, бо Езус адхіліўся ад грамады, якая была на месцы. 14 Потым знайшоў яго Езус у сьвятыні і сказаў яму: Вось ты стаў здаровым; ужо не грашы, каб ня здарылася з табою што горшае. 15 Пайшоў той чалавек і абвесьціў жыдом, што гэта быў Езус, каторы зрабіў яго здаровым. 16 Дзеля гэтага жыды прасьледавалі Езуса, што гэтае рабіў у суботу. 17 Езус-жа адказаў ім: Айцец мой аж дагэтуль дзеіць і я дзею. 18 Дык дзеля гэтага жыды яшчэ болей шукалі забіць яго, што ня толькі ламаў суботу, але і Бога называў сваім Айцом, чынячы сябе роўным Богу.

Езус выказвае сваё боства

Дык адказаў Езус і сказаў ім: 19 Сапраўды, сапраўды кажу вам, ня можа Сын ад сябе нічога чыніць, акрамя таго, што ўбачыць Айца чынячага; бо што-колечы ён чыніць, тое і Сын таксама чыніць. 20 Бо Айцец любіць Сына і паказвае яму ўсё, што сам чыніць; і большыя за гэтыя пакажа яму чыны, каб вы дзівіліся. 21 Бо як Айцец ускрашае ўмерлых і ажыўляе, так і Сын, каго хоча, ажыўляе. 22 Бо Айцец ня судзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну, 23 каб усе паважалі Сына, як паважаюць Айца. Хто не паважае Сына, той не паважае Айца, каторы паслаў яго.

24 Сапраўды, сапраўды кажу вам, што хто слухае слова майго і верыць таму, каторы паслаў мяне, той мае жыцьцё вечнае і ня прыйдзе на суд, але перайшоў ад сьмерці да жыцьця. 25 Сапраўды, сапраўды кажу вам, што прыходзіць часіна, дый цяпер ёсьць, калі ўмерлыя пачуюць голас Сына Божага, і каторыя пачуюць, будуць жыць. 26 Бо як Айцец мае жыцьцё ў сабе самым, так даў і Сыну мець жыцьцё ў сабе самым; 27 і даў яму ўладу чыніць суд, бо ён ёсьць Сын чалавечы. 28 Ня дзівецеся з гэтага, бо прыходзіць часіна, у каторай усе, што ёсьць у магілах, пачуюць голас Сына Божага, 29 і выйдуць тыя, што добра чынілі, на ўскрашэньне жыцьця, а тыя, што дрэнна паступалі, на ўскрашэньне суду. 30 Не магу я сам ад сябе нічога чыніць. Як чую, так суджу, і суд мой ёсьць справядлівы, бо ня шукаю маей волі, але волі таго, хто паслаў мяне.

31 Калі я пасьведчаньне даю вам сам ад сабе, пасьведчаньне маё ня ёсьць праўдзівае. 32 Іншы ёсьць, хто дае пасьведчаньне аба мне, і я ведаю, што праўдзівае ёсьць пасьведчаньне, якое ён дае аба мне. 33 Вы пасылалі да Яна, і ён даў пасьведчаньне праўдзе. 34 Я-ж не ад чалавека бяру пасьведчаньне, але кажу гэтае, каб вы былі збаўлены.35 Ён быў сьветачам, што гарэў і сьвяціў, а вы хацелі да часу пацешыцца ў ягоным сьвятле.

36 Але я маю пасьведчаньне большае за Янава; бо чыны, якія даў мне Айцец, каб даканаць іх, самыя чыны, якія я чыню, яны даюць пасьведчаньне аба мне, што Айцец паслаў мяне. 37 А Айцец, каторы паслаў мяне, ён сам даў сьведчаньне аба мне. І вы ані голасу яго ніколі ня чулі, ані вобліку яго ня бачылі; 38 і ня маеце слова яго ў вас прабываючага, бо таму, каторага ён паслаў, вы ня верыце. 39 Вы дасьледжваеце Пісаньні, бо думаеце ў іх мець жыцьцё вечнае, а гэта-ж яны даюць пасьведчаньне аба мне, 40 а вы ня хочаце прыйсьці да мяне, каб мець жыцьцё.

41 Славы ад людзей я не прымаю; 42 але я пазнаў вас, што міласьці Божай ня маеце ў сабе. 43 Я прыйшоў у імя Айца майго, а вы ня прымаеце мяне; калі другі прыйдзе ў імя сваё, вы таго прымеце. 44 Як-жа можаце верыць вы, каторыя прымаеце славу адзін ад другога, а славы, каторая ёсьць ад адзінага Бога, ня шукаеце? 45 Ня думайце, што я вас буду вінаваціць перад Айцом; ёсьць хто вас вінаваціць - Майсей, на каторага вы спадзеяцёся. 46 Бо калі-б вы верылі Майсею, пэўне-ж верылі і мне, бо аба мне ён пісаў. 47 Калі-ж вы ягоным пісаньням ня верыце, то як-жа паверыце маім славам?

1 "Сьвяточны дзень" - гэта была Пасха.

2 У гэтай саджалцы купалі авечкі, празначаныя на ахвяру.

14 З гэтых слоў відаць, што тая доўгая хвароба была карай за грахі.

17 Бог дзеіць без перарыву, нават у дзень суботні, удзержываючы ўвесь сьвет у бытаваньні, ён-жа аздараўляе спосабам цудоўным і хворых. Разам з Айцом дзеіць і Сын, бо ён аднэй натуры з Айцом.

19 Сын Божы ня можа нічога чыніць без Айца (і Духа сьв.), таксама як Айцец (і Дух сьв.) ня могуць нічога чыніць бяз Сына, бо маюць адну супольную натуру, якая ёсьць жаралом іх дзеяньня.

22 Суд нявідомы над сьветам выконвае ўся сьв. Тройца, а суд відомы выконывае толькі Сын - як Бог і чалавек, вызначаны да гэтага сьв. Тройцай, як відомы судзьдзя ўсесьвету.

24 Хто верыць у Хрыста і жыве паводле ягоных прыказаньняў, той стане перад Хрыстом не як перад срогім судзьдзёю, але як перад міласьцівым Панам, каторы раздае нагароды.

25 Гутарка тут аб умерлых на душы праз сьмяротны грэх. Гэтыя ўмерлыя паўстануць да жыцьця пад дзеяньнем навукі і ласкі Божай. (У далейшых радкох (28 і 29) гутарка аб умерлых на целе).

27 "Сын чалавечы" значыць Мэсыяш.

30 Сам ад сябе Сын Божы нічога ня можа чыніць, але толькі разам з Айцом і Духам сьвятым.

32 Айцец нябесны даў пасьведчаньне праз голас з неба: "Гэта Сын мой мілы" і праз вусны Яна Хрысьціцеля.

33 Гл. Ян 1, 19 і наст.

35 Фарызэі выдалі сьв. Яна Хрысьц. у рукі Гэрада Антыпы, бо пачаў вытыкаць ім іхную крывадушнасьць і нягоднасьць.

43 Фальшывых прарокаў жыды ня раз прыймалі, а праўдзівых прасьледавалі.

45 Хрыстус будзе іх судзьдзёю, а не абвініцелем.

 

Разьдзел 6
Езус корміць 5000 грамаду пяцьма хлябамі і ходзіць па моры

1 Пасьля гэтага Езус адыйшоў на той бок Галілейскага мора, або Тыбэрыядзкага. 2 І ішло за ім вялікае мноства, бо відзелі знакі, якія чыніў над тымі, што хварэлі. 3 Дык узыйшоў Езус на гару і сядзеў там з сваімі вучнямі. 4 Была-ж блізка Пасха, дзень сьвяточны жыдоўскі.

5 Дык калі Езус падняў вочы і ўбачыў, што вялізарнае мноства ідзе да яго, сказаў да Філіпа: Адкуль мы купім хлеба, каб яны мелі есьці? 6 А гэта казаў, прабуючы яго, бо сам ведаў, што меў зрабіць. 7 Адказаў яму Філіп: За дзьвесьце дынараў ня хваціць ім хлеба, каб кожны атрымаў па троху. 8 Сказаў яму адзін з вучняў ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра: 9 Ёсьць тут адзін хлапец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзьве рыбы, але што гэта на гэтулькіх? 10 І сказаў Езус: Загадайце людзям сесьці. Было-ж многа травы на месцы. Дык паселі мужчыны лікам каля пяці тысяч. 11 І ўзяў Езус хлябы і ўчыніўшы падзяку, раздаў сядзячым; таксама і з рыбаў, сколькі хацелі. 12 А калі наеліся, сказаў вучням сваім: Зьбярэце кавалкі, што асталіся, каб ня згінулі. 13 Дык сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкаў з пяцёх ячменных хлябоў, якія асталісяў тых, што елі.

14 Дык тыя людзі, убачыўшы цуд, які ўчыніў Езус, казалі: Што гэта ёсьць сапраўды прарок, каторы мае прыйсьці на сьвет. 15 Езус-жа пазнаўшы, што маюць прыйсьці, каб узяць яго і зрабіць яго каралём, аддаліўся ізноў сам адзін на гару.

16 Калі-ж настаў вечар, прыйшлі вучні ягоны да мора 17 і ўвайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капарнаум. І было ўжо сьцямнеўшы, а Езус да іх ня прыходзіў. 18 А мора, ад дуючага вялікага ветру, уздымалася. 19 Дык калі праплылі нешта дваццаць ці трыццаць стадыяў, убачылі Езуса ходзячага па моры і прбліжаючагася да лодкі - і спалохаліся. 20 Ён-жа сказаў ім: Гэта я, ня бойцеся. 21 Дык захацелі ўзяць яго ў лодку, і зараз лодка была пры зямлі, да каторай плылі.

Езус абяцае ўстанавіць Найсьвяцейшы Сакрамэнт

22 На другі дзень грамада, якая стаяла на тым баку мора, убачыла, што там ня было другой лодкі, толькі адна, і што Езус не ўвайшоўшы быў са сваімі вучнямі ў лодку, але вучні ягоны адны адплылі; 23 а другія лодкі надплылі з Тэбэрыяды, блізка месца, дзе елі хлеб за падзякай Панскай. 24 Дык калі ўбачыла грамада, што там ня было Езуса ані вучняў ягоных, увайшлі ў лодку і прыплылі ў Капарнаум, шукаючы Езуса.

25 І калі знайшлі яго на тым баку мора, сказалі яму: Вучыцель, калі ты сюды прыбыў? 26 Адказаў ім Езус і сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам, вы шукаеце мяне не затым што відзелі цуды, але затым што елі хлеб і наеліся. 27 Здабывайце ня ежу, каторая гіне, але каторая трывае на жыцьцё вечнае, якую дасьць вам Сын чалавечы, бо яго Айцец азначыў, Бог. 28 Дык сказалі яму: Што мы маем рабіць, каб чыніць справы Божыя? 29 Адказаў Езус і сказаў ім: Гэта ёсьць справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго ён паслаў. 30 Дык сказалі яму: Які-ж ты знак чыніш, каб мы ўбачылі і верылі табе? Што ты дзеіш? 31 Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як ёсьць напісана: "Хлеб з неба даў есьці" (Пс. 77, 24). Дык сказаў ім Езус: Сапраўды, сапраўды кажу вам, не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец мой дае вам праўдзівы хлеб з неба. 33 Бо хлеб ёсьць Божы, каторы з неба зыходзіць і дае жыцьцё сьвету.

34 Дык сказалі яму: Пане, дай нам заўсёды гэтага хлеба.

35 А Езус сказаў ім: Я ёсьць хлеб жыцьця; хто прыходзіць да мяне, той не захоча есьці, а хто верыць у мяне, не захоча піць ніколі. 36 Але я вам кажу, што вы і бачылі мяне і ня верыце. 37 Усё, што дае мне Айцец, да мяне прыйдзе, і таго, хто да мяне прыходзіць, ня выкіну проч; 38 бо я зыйшоў з неба ня дзеля таго, каб чыніць маю волю, але волю таго, каторы паслаў мяне, Айца, каб нічога ня згубіў з усяго таго, што ён мне даў, але каб ускрасіў тое ў апошні дзень. 40 Гэтая-ж ёсьць воля Айца майго, каторы паслаў мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у яго, меў жыцьцё вечнае і я яго ўскрашу ў апошні дзень.

41 Дык жыды наракалі на яго, што быў сказаўшы: "Я ёсьць жывы хлеб, што з неба зыйшоў" 42 і казалі: Ці-ж гэта ня Езус, сын Язэпа, каторага мы знаем бацьку і матку? Дык як-жа ён гаворыць: "Што я з неба зыйшоў"? 43 Дык адказаў Езус і сказаў ім: Не наракайце паміж сабою. 44 Ніхто ня можа прыйсьці да мяне, калі Айцец, каторы паслаў мяне, не пацягне яго, і я яго ўскрашу ў апошні дзень. 45 Ёсьць напісана ў прароках: "І будуць усе вучнямі Бога" (Із. 54, 13). Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да мяне. 46 Не затым што Айца хто-колечы відзеў, адно той, хто ад Бога ёсьць, той відзеў Айца. 47 Сапраўды, сапраўды кажу вам, хто верыць у мяне, мае жыцьцё вечнае. 48 Я ёсьць хлеб жыцьця. 49 Бацькі вашыя елі манну ў пустыні і паўміралі. 50 Гэты ёсьць хлеб, што з неба зыходзіць, каб той, хто спажываў-бы яго, не памёр.

51 Я ёсьць хлеб жывы, каторы з неба зыйшоў. 52 Калі-б хто еў гэты хлеб, будзе жыць на векі; а хлеб, каторы я дам, ёсьць цела маё за жыцьцё сьвету. 53 Дык спрачаліся жыды паміж сабою, кажучы: Як-жа ён можа даць сваё цела да яды? 54 І сказаў ім Езус: Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі-б вы ня елі цела Сына чалавечага і ня пілі крыві ягонай, ня будзеце мець жыцьця ў сабе. 55 Хто есьць цела маё і п'е кроў маю, ува мне прабывае, а я ў ім. 58 Як паслаў мяне жывы Айцец, і я жыву праз Айца, а хто мяне спажывае, і той будзе жыць праз мяне. 59 Гэты ёсьць хлеб, каторы з неба зыйшоў. Ня так як бацькі вашыя елі манну і паўміралі; хто есьць гэты хлеб, жыць будзе на векі.

60 Гэтае гаварыў вучачы ў бажніцы, у Капарнаум.

61 Дык многія з вучняў ягоных чуючы казалі: Жорсткая гэта мова, і хто яе можа слухаць? 62 Езус-жа, ведаючы сам у сабе, што на гэта нараклі вучні ягоны, сказаў ім: Гэта вас горшыць? 63 А калі ўбачыце Сына чалавечага, узыходзячага туды, дзе быў раней? 64 Гэта дух, што ажыўляе; цела не памагае нічога. Словы, якія я вам сказаў, ёсьць дух і жыцьцё. 65 Але ёсьць неекаторыя з вас, што ня вераць. Бо Езус ад пачатку ведаў, каторыя былі няверуючыя, і хто яго меў выдаць. 66 І казаў: Дзеля таго я вам сказаў, што ніхто ня можа прыйсьці да мяне, калі-б яму ня было дадзена Айцом маім.

67 Ад гэтага часу многія з вучняў ягоных пайшлі назад і ўжо з ім не хадзілі. 68 Дык сказаў Езус да дванаццацёх: Ці і вы хочаце адыйсьці? 69 І адказаў яму Сымон Пётр: Пане, да каго мы пойдзем? Ты мае словы жыцьця вечнага; 70 і мы ўверылі і пазналі, што ты ёсьць Хрыстус, Сын Божы. 71 Адказаў яму Езус: Ці-ж не дванаццацёх вас выбраў? А адзін з вас ёсьць д'ябал. 72 Казаў-жа аб Юдзе Сымонавым, Іскарыёце; бо гэты, будучы адным з дванаццацёх, меў яго выдаць.

4 Гэта Пасха была ўжо трэцяй у публічным навучаньні Езуса.

7 Гл. Мк. 6, 37.

11 Гл. Мт. 14, 19.

15 Народ жыдоўскі быў пракананы, што Мэсыяш так-жа будзе зямным валадаром і адбудуе валадарства Давіда, а як зямны валадар накорміць жыдоў цудоўным спосабам, як Майсей у пустыні. Хрыстус аднак адыйшоў на гару, каб там памаліцца (Мк. 6, 46).

19 25 - 30 стадыяў - гэта каля 5 клм. Вучні спалохаліся, бо думалі, што гэта нейкая здань (Мт. 14, 26; Мк. 6, 49).

25 Людзі ня ведалі, што Езус пайшоў па моры.

27 Бог Айцец азначыў свайго Сына як-бы пячацяй цудаў і ласкаў, якія праз яго дзеяліся і гэтым самым паказаў, што ён - Сын Ягоны.

30 - 31 Тут жыды кажуць так: "Мы паверылі Майсею і ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо Майсей свай пасланства ад Бога даказаў цудамі, а ты цьвярдзіш, што дасі нам хлеб на жыцьцё вечнае, болей абяцаеш, чым Майсей, дык ты павінен нейкім нязвычайным цудам сьцьвердзіць праўдзівасьць сваіх слоў".

36 Жыды бачылі, як Езус чыніў цуды, аднак-жа ня ўверылі.

37 Бог Айцец ласкай сваею сам прыводзіць праўдзівых вучняў да Езуса і такія вучні не адыйдуць ад яго.

42 Што Езус прыйшоў з неба, жыды ніяк не маглі зразумець. У іх пракананьні Езус - гэта сын Язэпа і Марыі.

44 Ніхто ня можа прыйсьці да Езуса, калі яго Бог не пацягне ласкай сваею.

52 Хрыстус выразна абяцае даць хлеб жыцьця вечнага, а гэтым хлебам ёсьць цела яго, выданае за жыцьцё сьвету.

54 Гэты загад Хрыстовы спажываць ягонае цела абавязвае ўсіх хрысьціян-каталікоў, дайшоўшых да розуму. Загад гэты выражаны ў чацьвертым прыказаньні касьцельным.

55 Той мае жыцьцё вечнае, хто годна прымае Цела і Кроў Хрыстову ў сьв. Эўхарыстыі, але хто нягодна прыймае, той есьць і п'е для сябе асуджэньне, бо не адрозьнівае Цела Пана ад звычайнай ежы, як аб гэтым кажа сьв. Павал (1 Кар. 11, 29).

61 Гэта ня былі апосталы, але іншыя вучні. Для іх навука аб Эўхарыстыі была жорсткая і незразумелая. Яны думалі, што Хрыстус гаворыць аб сваім целе, пакроеным на кусочкі.

63 Гэтымі славамі Хрыстус як-бы пытаецца: "Штож будзе, калі Сын чалавечы ўзыйдзе ў неба? Ці і тады будзеце думаць аб целе, пакроеным на кусочкі? Калі Сын чалавечы можа сваё цела ўзьняць да неба і праславіць, то ці ня можа даць яго людзям на спажыву"?

64 Цела бяз душы ня можа выканаць ніякай сьцісла-людзкой чыннасьці, бо чалавек складаецца з цела і душы; так і тут Хрыстус дасьць вучням сваё цела, ажыўленае духам і злучанае з боствам.

Словы, сказаныя Хрыстусам, маюць творчую, жыцьцёвую сілу.

67 Хоць многія з вучняў Хрыстовых адыйшлі ад яго, аднак Хрыстус не бярэ назад свайго абяцаньня аб устанаўленьні сьв. Эўхарыстыі.

71 Д'ябал тут азначае грэшніка, паводле слоў: "Хто чыніць грэх, з д'ябла ёсьць" (Ян 3, 8).

 

Разьдзел 7
Езус ідзе ў Ерузалім на сьвята Шатроў (Кучак)

1 Пасьля-ж гэтага хадзіў Езус па Галілеі, бо не хацеў хадзіць у Юдэю, таму што жыды шукалі яго забіць.

2 Быў-жа блізка сьвяточны дзень жыдоўскі Шатроў. 3 Дык браты ягоны сказалі да яго: Адыйдзі адгэтуль і ідзі ў Юдэю, каб і вучні твае бачылі чыны твае, якія ты чыніш. 4 Бо ніхто нічога ня чыніць у скрытнасьці, але сам хоча быць наяве. Калі ты гэтае чыніш, пакажы сябе самога сьвету. 5 Бо і браты ягоны ня верылі ў яго. 6 Дык сказаў ім Езус: час мой яшчэ ня прыйшоў, а ваш час заўсёды гатовы. 7 Ня можа сьвет ненавідзець вас, мяне-ж ён ненавідзіць, бо я пасьведчаньне даю аб ім, што чыны ягоны ёсьць благія. 8 Вы ідзеце на гэты дзень сьвяточны, бо час мой яшчэ ня выпаўніўся. 9 Сказаўшы гэтае, сам астаўся ў Галілеі.

10 Калі-ж пайшлі браты ягоны, тады і ён пайшоў на сьвяточны дзень, ня яўна, але якбыццам у скрытнасьці. 11 Дык жыды шукалі яго ў дзень сьвяточны і казалі: Дзе ён? 12 І было вялікае нараканьне на яго ў грамадзе, бо некаторыя казалі: Што ён добры, а другія казалі: Не, але ён зводзіць грамады. 13 Ніхто аднак яўна не гаварыў аб ім, дзеля страху перад жыдамі.

14 Калі-ж была ўжо палавіна сьвята, Езус увайшоў у сьвятыню і навучаў. 15 І дзівіліся жыды, кажучы: Як-жа ён знае Пісаньні, калі ён ня вучыўся? 16 Адказаў ім Езус і сказаў: Мая навука ня ёсьць маею, але таго, каторы паслаў мяне. 17 Калі хто захоча чыніць волю ягону, даведаецца аб навуцы, ці яна з Бога, ці я сам ад сябе гавару. 18 Хто гаворыць сам ад сябе, той уласнае славы шукае; а хто шукае славы таго, каторы паслаў яго, той праўдамоўны і няма ў ім несправядлівасьці.

19 Ці-ж вам Майсей ня даў закону? І ніхто з вас ня чыніць закону. 20 Нашто вы мяне шукаеце забіць? Адказала грамада і сказала: Ты д'ябэльства маеш! Хто цябе шукае забіць? 21 Адказаў Езус і сказаў ім: Я адзін чын учыніў, і вы ўсе дзівіцёся. 22 Дзеля таго Майсей даў вам абразаньне (не затым, што яно з Майсея, але з айцоў) і вы ў суботу абразаеце чалавека. 23 Калі чалавек атрымлівае абразаньне ў суботу, без таго каб быў нарушаны закон Майсея, вы на мяне гневаецеся, што я ўсяго чалавека аздаравіў у суботу? 24 Ня судзеце паводле выгляду, але судзеце судом справядлівым.

25 Дык казалі некаторыя з Ерузалімцаў: Ці-ж гэта ня той, каторага шукаюць забіць? 26 А ён вось яўна гаворыць і нічога яму ня кажуць. Ці-ж сапраўды старшыя пазналі, што ён ёсьць Хрыстус? 27 Але яго мы знаем, адкуль ён: калі-ж Хрыстус прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, адкуль ён. 28 Дык Езус заклікаў у сьвятыні вучачы і кажучы: І мяне знаеце, і адкуль я ёсьць, знаеце; і ня прыйшоў я сам ад сябе, але ёсьць праўдзівы, каторы паслаў мяне, каторага вы ня знаеце. 29 Я знаю яго, бо я ад яго ёсьць, і ён паслаў мяне. 30 Дык хацелі яго ўзяць, і ніхто не палажыў на яго рукі, бо яшчэ ня прыйшла ягона гадзіна.

31 З грамады-ж многія ўверылі ў яго і казалі: Калі прыйдзе Хрыстус, то ці-ж учыніць болей знакаў за тыя, каторыя ён чыніць? 32 Пачулі фарызэі, што грамада аб ім гэтае гаворыць: і паслалі старшыя і фарызэі слугаў, каб яго ўзяць. 33 Дык сказаў ім Езус: Яшчэ мала часу я з вамі, і іду да таго, каторы паслаў мяне. 34 Будзеце шукаць мяне і ня знойдзеце, і дзе я ёсьць, вы ня можаце прыйсьці. 35 Дык гаварылі жыды паміж сабою: Куды-ж ён мае ісьці, што мы яго ня знойдзем? Ці мае ісьці да разсяленьня паганскага і навучаць паганаў? 36 Што гэта за мова, якую ён сказаў: "Будзеце шукаць мяне і ня знойдзеце, і дзе я ёсьць, вы ня можаце прыйсьці"?

37 У апошні-ж вялікі дзень сьвята Езус стаяў і заклікаў, кажучы: Калі хто хоча піць, няхай прыходзіць да мяне і п'е! 38 Хто верыць у мяне, як кажа Пісаньне, з нутра яго пацякуць рэкі жывое вады. 39 А гэта ён сказаў аб Духу, каторага мелі атрымаць веруючыя ў яго. Бо яшчэ ня быў даны Дух, бо Езус яшчэ ня быў услаўлены. 40 Дык калі з грамады пачулі гэтыя мовы ягоны, казалі: Ён ёсьць сапраўды прарок. 41 Другія казалі: Ён ёсьць Хрыстус. Некаторыя-ж казалі: Ці-ж Хрыстус прыйдзе з Галілеі? 42 Ці-ж Пісаньне ня кажа: Што з патомства Давіда і з мястэчка Бэтлеем, дзе быў Давід, прыйдзе Хрыстус? 43 І так зрабілася спрэчка ў грамадзе дзеля яго. 44 Некаторыя-ж з іх хацелі яго ўзяць, але ніхто не палажыў на яго рукі.

45 Дык прыйшлі слугі да архісьвятараў і фарызэяў, а яны ім сказалі: чаму вы яго не прывялі? 46 адказалі ім слугі: Ніколі так чалавек не гаварыў, як гэты чалавек. 47 Дык адказалі ім фарызэі: Няўжо і вы зьведзеныя? 48 Ці хто з старшых або фарызэяў уверыў у яго? 49 Але гэтая грамада, што ня знае закону, праклятая яна.

50 Сказаў да іх Мікодым, той, каторы прыходзіў да яго ўначы, каторы быў адным з іх: 51 Ці-ж наш закон судзіць чалавека, калі перад тым не пачуе ад яго і не дазнае, што ён робіць? 52 Адказалі і сказалі яму: Ці і ты галілеянін? Перагледзь Пісаньні і пабач, што з Галілеі прарок не паўстае?

1 Яшчэ час мукі ня прыйшоў, дзеля гэтага Езус высьцерагаецца ворагаў, якія хацелі яго забіць.

2 Сьвята Шатроў (Кучак) жыды абходзілі на памятку прабываньня ў пустыні пасьля выхаду з Эгіпту і апекі Божай над імі ў той час.

3 Гэта былі стрэчныя браты па матцы Езуса (Гл. Мт. 12, 46). Тут гутарка аб тых вучнях, што былі ў Юдэі і Ерузаліме.

5 "Браты" Езуса ня верылі ў яго, бо і яны думалі аб зямным і магутным валадарстве Мэсыяша, а гэтай магутнасьці і пышнасьці зямнога валадара яны ў Хрысьце ня бачылі.

6 "Часам сваім" (або "сваей часінай") Хрыстус называе часта сваю муку і сьмерць, праз якую ўзыйшоў да сваей хвалы. А "час" ягоных братоў быў заўсёды гатовы, бо яны ня патрабавалі баяцца мукаў і прасьледу з боку гэтага сьвету, бо мелі такія самыя зямныя паняцьці аб Мэсыяшу, як і сьвет.

8 Яўна Езус не пайшоў тады, але, як гэта відаць з 10 радка, пайшоў потым "якбыццам у скрытнасьці", неафіцыяльна.

11 Ворагі шукаюць Хрыста, хочучы яго ўзяць. Але Хрыстус, астаўшыся ў Галілеі на нейкі час, у першы дзень Шатроў яшчэ ня быў у Ерузаліме.

14 Значыць, прайшло ўжо ад пачатку сьвят якія 3 - 4 дні.

17 Значыць, трэба жыць добра, паводле прыказаньняў Божых, а тады чалавек можа лёгка праканацца, ці навука Езуса ёсьць Божая.

18 Хто прыносіць і пашырае сваю навуку, той шукае сваей карысьці і славы, а наадварот, хто шукае славы Божае (як Езус), той дае доказ, што Бог яго паслаў.

19 Хрыстус ганіць тут фарызэяў, якія ўмелі абыходзіць і пераіначваць права Майсея (Гл. Мт. 15, 3 - 9), пры гэтым прыпамінае ім 5 прыказаньне Закону: "Не забівай".

20 Народ нічога ня ведаў аб намеры старшых забіць Езуса.

21 Хрыстус прыпамінае тут аздараўленьне спаралізаванага пры саджалцы Бэтэзда (Ян 5, 2 - 18), якое адбылося ў суботу і выклікала вялікі гнеў у кніжнікаў і старшых жыдоўскіх. Хрыстус у далейшых славах бароніцца ад закідаў ламаньня суботы, паклікаючыся на факт абразаньня, якое жыды выконвалі і ў суботу.

27 Рабіны навучалі, што Мэсыяш зьявіцца раптам і ягонае паходжаньне будзе няведамае; дык народ, ведаючы, што Езус паходзіць з Назарэту, сумневаўся ў яго Божым пасланстве.

31 Просты народ, да якога памылковыя паняцьці рабінаў мала даходзілі, верыць у Хрыста, гледзячы на яго многія цуды.

32 Старшыя хацелі ўзяць Езуса без народу і чакалі зручнай часіны, дзеля гэтага Езус мог яшчэ праз нейкі час свабодна навучаць.

34 Езус, ведаючы аб загадзе старшых узяць яго, адказвае, што па яго сьмерці жыды будуць хацець Мэсыяша, але ён будзе ў Айца свайго ў небе, куды дайсьці яны ня змогуць, бо адкінулі Хрыста.

35 Тут жыды насьмяхаюцца з Хрыста, бо яны былі пракананы, што не Мэсыяш пойдзе да паганаў, але паганы прыйдуць да яго. Значыць, паводле жыдоў, калі Езус пойдзе да паганаў, дык ён не праўдзівы Мэсыяш!

37 Езус кажа, што ён ёсьць крыніцай жыцьця.

38 "З нутра" г. зн. з душы і сэрца чалавека. Хто верыць у Хрыста, той заспакоіць ня толькі свае жаданьні духовага шчасьця, але станецца яшчэ для іншых крыніцай ласкі, шчасьця і багаславенства.

39 Праз прыняцьце Духа Сьв. апосталы і вучні Хрыстовы сталіся для іншых рэкамі жывое вады г. зн. ласкаў Божых.

42 Аб тым, што езус паходзіў з роду Давіда, жыды ня ведалі.

52 Гэтыя словы жыдоў былі нязгодны з праўдай, бо ведаем, што прарок Ёна паходзіў з Галілеі.

 

Разьдзел 8
Езус і чужаложная жанчына

1 Езус-жа пайшоў на гару Аліўную. 2 І на сьвітаньні ізноў прыйшоў у сьвятыню і ўвесь народ прыйшоў да яго; а ён сеўшы вучыў іх.

3 А кніжнікі і фарызэі прывялі жанчыну, злоўленую на чужалостве, і паставілі яе пасярэдзіне, 4 і сказалі яму: Вучыцель, гэтая жанчына толькі-што злоўленая на чужалостве. 5 А ў законе Майсей загадаў нам гэтакіх каменаваць. Ты-ж што скажаш? 6 А гэтае яны гаварылі, прабуючы яго, каб магчы яго абвінаваціць. Езус-жа, нагнуўшыся нізка, пісаў пальцам па зямлі. 7 Калі-ж не пераставалі пытацца ў яго, выпраставаўся і сказаў ім: Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень. 8 І ізноў нагнуўшыся, пісаў на зямлі. 9 Яны-ж, пачуўшы, адзін за другім выходзілі, пачынаючы ад старшых; а астаўся адзін Езус і жанчына, стоячы пасярэдзіне. 10 І выпраставаўшыся Езус сказаў ей: жанчына, дзе тыя, што цябе вінавацілі? Ніхто цябе не асудзіў? 11 Яна сказала: Ніхто, Пане. Езус-жа сказаў: І я цябе не асуджу; ідзі і ўжо болей не грашы.

Езус - сьвятло сьвету і спрадвечны Сын Божы

12 Ізноў-жа гаварыў ім Езус, кажучы: Я ёсьць сьвятло сьвету, хто ідзе за мною, той ня ходзіць у цемры, але будзе мець сьветласьць жыцьця. 13 Дык сказалі яму фарызэі: Ты даеш пасьведчаньне сам аб сабе; пасьведчаньне тваё ня ёсьць праўдзівае. 14 Адказаў Езус і сказаў ім: Калі я і даю пасьведчаньне сам аб сабе, то праўдзівае маё пасьведчаньне, бо я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль я прыходжу, або куды іду. 15 Вы судзіце паводле цела, я нікога ня суджу. 16 А калі я суджу, то суд мой праўдзівы, бо я ёсьць не адзін, але я і Айцец, каторы паслаў мяне. 17 І ў законе вашым ёсьць напісана, што пасьведчаньне двух чалавек ёсьць праўдзівае. 18 Я ёсьць, што пасьведчаньне даю сам аб сабе, і дае пасьведчаньне аба мне Айцец, каторы паслаў мяне. 19 Дык казалі яму: Дзе твой Айцец? Адказаў ім Езус: Вы ня знаеце ані мяне, ані Айца майго; калі-б вы мяне зналі, то хіба-ж зналі-б і Айца майго. 20 Гэтыя словы гаварыў Езус каля скарбоны, вучачы ў сьвятыні. І ніхто ня ўзяў яго, бо яшчэ ня прыйшла яго часіна.

21 Дык сказаў ім ізноў Езус: Я іду, і будзеце шукаць мяне, і ў граху вашым памрэцё; куды я іду, вы ня можаце прыйсьці. 22 Дк казалі жыды: Ці-ж ён заб'е самога сябе, бо сказаў: "Куды я іду, вы ня можаце прыйсьці"? 23 І казаў ім: Вы ёсьць зьнізу, я з вышыні; вы ёсьць з гэтага сьвету, я ня з гэтага сьвету. 24 Дык я сказаў вам, што памрэцё у грахох вашых; бо калі ня ўверыце, што я ёсьць, памрэцё ў граху вашым. 25 Дык казалі яму: Хто ты ёсьць? Сказаў ім Езус: Пачатак, каторы і гавару вам. 26 Многа маю аб вас гаварыць і судзіць. Але той, каторы паслаў мяне, праўдамоўны ёсьць, і я, што пачуў ад яго, тое гавару на сьвеце. 27 І не зразумелі, што Айцом сваім называў Бога.

28 Дык сказаў ім Езус: Калі ўзьнімеце Сына чалавечага, тады пазнаеце, што я ёсьць, і я сам ад сябе нічога ня чыніў, але як навучыш мяне Айцец, тое гавару. 29 І той, каторы мяне паслаў, са мною ёсьць, і не аставіў мяне аднаго, бо я, што яму падабаецца, заўсёды чыніў. 30 Калі ён гэтае гаварыў, многія ўверылі ў яго.

31 Дык казаў Езус да тых жыдоў, каторыя ўверылі ў яго: Калі вы вытрываеце ў мове маей, сапраўды будзеце маімі вучнямі, 32 і пазнаеце праўду, а праўда вас зробіць вольнымі. 33 Адказалі яму: Мы патомтсва Абрагама і нікому ніколі ня служылі; як-жа ты кажаш: "Будзеце вольнымі"? 34 Адказаў ім Езус: Сапраўды, сапраўды кажу вам, што кожны, хто чыніць грэх, ёсьць слугою грэху. 35 Слуга-ж не астаецца ў доме навекі, а сын астаецца навекі. 36 Дык калі вас Сын зробіць вольнымі, будзеце сапраўды вольнымі.

37 я ведаў, што вы сыны Абрагама; але вы шукаеце мяне забіць, бо мова мая ня прымаецца ў вас. 38 Я гавару, што відзеў у Айца майго, а вы робіце, што відзелі ў айца вашага. 39 Адказалі і сказалі яму: Айцец наш ёсьць Абрагам. Сказаў ім езус: калі вы сыны Абрагама, чынеце ўчынкі Абрагамавы. 40 Цяпер-жа вы шукаеце забіць мяне, чалавека, каторы сказаў вам праўду, якую пачуў ад Бога; гэтага Абрагам ня чыніў.

41 Вы чыніцё ўчынкі Айца вашага. Яны-ж сказалі яму: Мы з чужалоства не радзіліся; мы аднаго айца маем, Бога. 42 Дык сказаў ім Езус: Калі-б Бог быў вашым Айцом, вы любілі-б мяне. Бо я з Бога выйшаў і прыйшоў; бо я не ад сябе самога прыйшоў, але ён мяне паслаў. 43 Чаму вы не разумееце маей гутаркі? Бо вы ня можаце слухаць мовы маей.

44 Вы ёсьць з айца д'ябла і хочаце чыніць пажаданьні айца вашага. Ён чалавекалюбцам быў ад пачатку і не ўстаяў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі гаворыць ілжу, з уласнага гаворыць, бо ён лгун і айцец яе. 45 Калі-ж я кажу праўду, вы ня верыце мне. 46 Хто з дакажа ў-ва мне грэх? Калі я вам праўду кажу, чаму вы мне ня верыце? 47 Хто ёсьць з Бога, слухае слоў Божых. Дзеля таго вы ня слухаеце, што вы ня ёсьць з Бога.

48 Дык адказалі жыды і сказалі яму: Ці-ж мы ня добра кажам, што ты самаранін і д'ябла маеш? 49 Адказаў Езус: Я д'ябла ня маю, але паважаю Айца майго, а вы мяне зьневажаеце. 50 Але я ня шукаю сваей славы; ёсьць, хто шукае і судзіць. 51 Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі хто захавае мову маю, сьмерці ня ўбача навекі. 52 Дык сказалі жыды: Цяпер мы пазналі, што ты д'ябла маеш. Абрагам памёр і прарокі, а ты кажаш: "Калі хто захавае мову маю, не пакаштуе сьмерці навекі". 53 Няўжо ты большы за айца нашага Абарагма, каторы памёр? І прарокі паўміралі; кім ты сам сябе робіш?

54 адказаў езус: калі я сам сябе слаўлю, слава мая нішто. Ёсьць Айцец мой, каторы славіць мяне, аб каторым вы кажаце, што ён Бог ваш, 55 і вы ня пазналі яго. Але я яго знаю, і калі-б я сказаў, што яго ня знаю, буду падобным да вас лгуном. Але я знаю яго, і мову ягону захоўваю. 56 Абрагам, айцец ваш, рад быў, каб убачыць дзень мой; ён убачыў і ўсьцешыўся. 57 Дык сказалі да яго жыды: Пяцьдзесят гадоў яшчэ ня маеш і ты Абрагама бачыў? 58 Сказаў ім Езус: Сапраўды, сапраўды кажу вам, перш чым Абрагам стаўся, я ёсьць. 59 Дык хвацілі каменьні, каб кідаць у яго, Езус-жа скрыўся і выйшаў з сьвятыні.

6 Калі-б Езус сказаў: "пусьцеце яе" - то нарушыў-бы права Майсея, якое загадывала каменаваць чужаложніц; калі-б сказаў: "Закамянуйце" - то нарушыў-бы права рымскае, якое забараняла караць сьмерцяй бяз згоды прадстаўніка рымскай улады (Понцыя Пілата).

7 Паводле права, запрысягнутыя сьведкі, якія сьведчылі проціў асуджанага, павінны былі першыя кінуць каменьні ў яго.

9 Адказ Езуса папсуў усе планы старшых і яны першыя пачынаюць уцякаць, маючы, відаць, нячыстае сумленьне. Сваім адказам езус не нарушыў ані права Майсея, ані права рымскага.

11 Хрыстус не асуджае асобы грэшніцы, якая, відаць, жалела за свой грэх, але загадывае ей болей не грашыць і асуджае яе грэх.

12 Езус ёсьць сьвятлом сьвету праз сваё боства, ласку і навуку. Жыды на сьвята Шатроў ладзілі асьвятляньне сьвятыні і паходы са сьветачамі. Езус сваю навуку аб сьвятле навязвае да гэтай цэрэмоніі.

13 Жыды, выступаючы проціў Езуса, паклікаюцца часта на праўную падставу Ст. Закону (Дт. 17, 6 і 19, 15), што толькі пасьведчаньне двух або трох сьведак заслугоўвае на веру, дык калі Езус адзін гаворыць (сьведчыць) сам аб сабе, ягоныя словы не заслугоўваюць на веру. Езус аднак ужо раней гаварыў, што аб ім сьведчыць Айцец нябесны і Ян Хрысьціцель (Ян 5, 33, 36).

14 Езус, як Сын Божы, каторы выйшаў ад Айца, заслугоўвае на веру.

15 "Паводле цела" г. зн. паводле вонкавага, зьверхняга выгляду. Хрыстус нікога ня судзіць паводле вонкавага выгляду дый цяпер ён ня прыйшоў, каб судзіць сьвет, але каб збавіць яго (Ян 3, 17).

16 "Калі-ж я суджу" г. зн. у вынятковых выпадках ужо цяпер.

18 Айцец дае пасьведчаньне так-жа пры помачы цудаў, якія чыніў Езус.

21 Тут Хрыстус кажа, што ідзе на муку, а потым да неба (гл. Ян 7, 34).

22 У гэтых славах выяўляецца ўся злосьць і ненавісьць жыдоў да Хрыста.

23 "Вы знізу" г. зн. вы з зямлі і разумееце пазямному і дзеля гэтага ня можаце ўзыйсьці да неба нават думкай.

24 Па славах: "што я ёсьць" трэба дадаць: Мэсыяш, Сын Божы.

25 "Пачатак" г. зн. спрадвеку існуючы Сын Божы, той, ад каторага ўсё паходзіць.

28 "Калі ўзьнімеце" на крыжы, тады пазнаеце, што я ёсьць Мэсыяш, Сын Божы.

30 Многія ўверылі ў яго, але толькі часова.

32 Езус кажа, што "праўда зробіць вольнымі" ад грахоў, а жыды гэтыя словы датасавалі да няволі народна-палітычнай.

33 Гэта была няпраўда, бо жыды служылі іншым народам і былі пад ярмом эгіпцыянаў, ассырыйцаў, бабілонцаў, грэкаў і ў той час рымлян.

35 Нявольнік ня мае права да спадчыны, а сын мае.

38 Духовым айцом жыдоў ёсьць д'ябал, як гэта відаць ніжэй з радка 44.

44 Д'ябал ня вытрываў у праўдзе, але адпаў ад Бога і ёсьць Айцом усялякага грэху, няпраўды і ілжы, бо ўсё гэта ад яго паходзіць.

46 Даказаць у Хрысце грэх ніхто ня мог, нават, як пабачым далей, на судзе.

48 гэта былі словы поўныя злосьці і зьнявагі для Езуса.

50 Хрыстус ня шукае славы для сябе, ён гатоў цярпець і зьнявагі. Бог Айцец сам дбае аб славу свайго Сына і судзіць тых, што яго зьневажаюць.

51 "Сьмерці" духовае праз асуджэньне вечнае.

52 Жыды зразумелі аб сьмерці фізычнай.

56 Абрагам у адхланьні з аб'явы Божай убачыў дзень ("час") Мэсыяша і ўсьцешыўся і дык і вы павінны цешыцца.

57 Абрагам памёр блізу 2 тысячы гадоў перад Нар. Хрыста.

58 Трэба тут зьвярнуць уавагу на словы: "стаўся" і "ёсьць". Абрагам стаўся, г. зн. меў пачатак, а Хрыстус заўсёды ёсьць, бо існаваньне ягонае заўсёды цяперашняе, вечнае, без пачатку і канца. Слоў "я ёсьць, каторы ёсьць" ужывае і Бог Айцец, калі зьяўляецца Майсею ў гаручым кусьце на пустыні (Экс. 3, 14).

 

Разьдзел 9
Аздараўленьне сьляпога ад нараджэньня

1 І праходзячы Езус угледзеў чалавека сьляпога ад нараджэньня. 2 І спыталіся ў яго вучні ягоны: Раббі, хто саграшыў, ён, ці бацькі ягоны, што сьляпым нарадзіўся? 3 Адказаў Езус: Ані ён не саграшыў, ані бацькі ягоны, але каб выявіліся ў ім чыны Божыя. 4 Мне трэба чыніць чыны таго, каторы паслаў мяне, пакуль дзень; надыходзіць ноч, калі ніхто ня можа чыніць. 5 Пакуль я на сьвеце, я ёсьць сьвятло сьвету. 6 Сказаўшы гэтае, ён плюнуў на зямлю і зрабіў з сьліны балота і памазаў балотам вочы ягоны 7 і сказаў яму: ідзі, умыйся ў саджалцы Сілоэ (што тлумачыцца "Пасланы"). Дык ёе пайшоў і ўмыўся, і прыйшоў відзючы.

8 Дык суседзі і тыя, што яго перад тым бачылі, што быў жабраком, казалі: Ці ня той гэта, што сядзеў і жабраваў? Адны казалі: Што гэта той; 9 а другія: Не, але да яго падобны. Ён-жа казаў: што гэта я. 10 Дык казалі яму: як-жа адчыніліся табе вочы? 11 Ён адказаў: Той чалавек, каторы завецца Езус, зрабіў балота і памазаў мае вочы і сказаў мне: "ідзі да саджалкі Сілоэ і ўмыйся". І я пайшоў, і ўмыўся, і віджу. 12 І сказалі яму: Дзе ён? Сказаў: ня ведаю.

13 Прывялі таго, што быў сьляпым, да фарызэяў. 14 А была субота, калі Езус зрабіў балота і адчыніў вочы ягоны. 15 Дык ізноў пыталіся ў яго фарызэі, як стаў відзець? Ён-жа сказаў ім: Балота палажыў мне на вочы, і я ўмыўся, і віджу. 16 Дык казалі некаторыя з фарызэяў: Не ад Бога гэты чалавек, што не захоўвае суботы. Другія-ж казалі: Як можа чалавек грэшны чыніць гэтыя знакі? І была спрэчка паміж імі. 17 Дык сказалі ізноў сьляпому: Ты што кажаш аб тым, што адчыніў твае вочы? Ён-жа сказаў: Што гэта прарок.

18 Дык ня верылі жыды аб ім, што ён быў сьляпы і стаў відзець, пакуль не паклікалі бацькоў таго, што стаў відзець, 19 і спыталіся ў іх, кажучы: Гэта ваш сын, аб каторым вы кажаце, што сьляпым нарадзіўся? Дык як-жа цяпер відзіць? 20 Адказалі ім бацькі ягоны і сказалі: Мы ведаем, што гэта наш сын і што сьляпым нарадзіўся; 21 але як цяпер відзець, ня ведаем; або хто адчыніў вочы ягоны, мы ня ведаем. У самога пытайце, ён мае гады, няхай сам аб сабе гаворыць. 22 Гэта сказалі бацькі ягоны, бо баяліся жыдоў; бо жыды ўжо былі змовіўшыся, што калі-б хто прызнаў яго за Хрыста, каб быў вылучаны з бажніцы. 23 Дзеля гэтага бацькі ягоны сказалі: што мае гады, у самога пытайце.

24 Дык паклікалі ізноў таго чалавека, што быў сьляпым, і сказалі яму: Дай славу Богу. Мы ведаем, што той чалавек ёсьць грэшны. 25 Ён-жа сказаў ім: Ці ён грэшны, ня ведаю; адно ведаю, што я быў сьляпы, цяпер віджу. 26 Дык сказалі яму: Што ён табе зрабіў? Як адчыніў табе вочы? 27 Адказаў ім: Я вам ужо сказаў і вы чулі, нашто ізноў хочаце чуць? Ці і вы хочаце стацца ягонымі вучнямі? 28 Яны-ж злаялі яго і сказалі: Ты будзь ягоным вучнем, а мы вучні Майсея. 29 Мы ведаем, што да Майсея гаварыў Бог, а гэтага ня ведаем, адкуль ён. 30 Адказаў той чалавек і сказаў ім: Гэта бо дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль ён, а ён адчыніў вочы мае. 31 А мы ведаем, што грэшных Бог ня слухае; але калі хто ёсьць паклоньнікам Божым і чыніць ягону волю, таго выслухоўвае. 32 Ад веку ня чуваць было, каб хто адчыніў вочы сьлепанароджанага. 33 Калі-б ён ня быў ад Бога, ня мог-бы нічога ўчыніць. 34 Яны адказалі і сказалі яму: У грахох ты ўвесь нарадзіўся і ты нас вучыш? І выкінулі яго проч.

35 Пачуў езус, што яго выкінулі проч, і знайшоўшы яго, сказаў яму: Ты верыш у Сына Божага? 36 адказаў той і сказаў: Хто ён, Пане, каб мне верыць у яго? 37 І сказаў яму Езус: І бачыў ты таго, і той, што гаворыць з табою, гэта ён. 38 Ён-жа сказаў: Веру, Пане. І ўпаўшы, пакланіўся яму.

39 І сказаў Езус: На суд я прыйшоў на гэты сьвет, каб тыя, што ня відзяць, відзелі, а тыя, што відзяць, сталіся сьляпымі. 40 І пачулі некаторыя з фарызэяў, якія былі з ім, і сказалі яму: Няўжо і мы сьляпыя? 41 Сказаў ім Езус: Калі-б вы былі сьляпыя, то ня мелі-б граху, але цяпер вы кажаце: "што відзім". Грэх ваш астаецца.

2 Пракананьні тагачасных жыдоў кожнае няшчасьце спатыкала чалавека за ягоны грахі або за грахі бацькоў.

4 Тут "дзень" Хрыстовага зямнога жыцьця, а "ноч" ягонай мукі і сьмерці.

12 У жыдоў за праступак вылучалі з бажніцы на 30-60 дзён - і гэта быў праклён малы (ніддуй), а калі гэта не памагала, дык на праступніка кідалі праклён вялікі (хэрэм) на цэлае жыцьцё.

24 "Дай славу Богу" значыць: Дзеля Бога скажы праўду. Але жыды тут-жа падсоўваюць думку, што Хрыстус ёсьць грэшнікам, значыць, нягодным чалавекам.

30 Калі адчыніў вочы, значыць, ён ад Бога.

36 Грэшных Бог не выслухоўвае, але ці заўсёды? Вось-жа выслухоўвае тады, калі чалавек грэшны моліцца за свой наварот, але калі Бог прадбачыць, што дадзеная ім ласка пацягне грэшнага да добрага жыцьця.

38 Добры Езус адняў ад яго ня толькі сьлепату цела, але і душы і абдарыў яго верай.

39 Хрыстус прыйшоў "на суд", г. зн. каб падаць людзям дзіўныя суджэньні і пастановы Божыя, якія выяўляюцца ў тым, што сьляпыя (няверныя і пагане) відзяць г. зн. становяцца веруючымі, а веруючыя (жыды) стаюцца сьляпымі і нявернымі.

41 Калі-б жыды ня ведалі нічога аб Хрысьце ("былі сьляпымі"), яны ня меліб граху, але калі яны мелі столькі прароцтваў і цудаў, не астаюцца без граху.

 

Разьдзел 10
Езус - добры пастыр

1 Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто не ўваходзіць праз дзьверы ў аўчарню авечак, але ўлазіць кудоюсь, той злодзей і разбойнік; 2 а хто ўваходзіць праз дзьверы, ёсьць пастырам авечак. 3 Яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі слухаюць ягонага голасу, і ён заве свае авечкі паіменна і выводзіць іх. 4 І выпушчаючы свае авечкі, ідзе перад імі, а авечкі ідуць за ім, бо знаюць голас ягоны. 5 За чужым ня ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо ня знаюць голасу чужых.

6 гэтую прыповесьць сказаў ім Езус. Яны-ж не зразумелі, што ім гаварыў. 7 Дык ізноў сказаў ім Езус: Сапраўды, сапраўды кажу вам, што я ёсьць дзьверы авечак. 8 Усе, сколькі іх прыходзіла, ёсьць зладзеі і разбойнікі; і ня слухалі іх авечкі. 9 Я ёсьць дзьверы. Калі хто праз мяне ўвойдзе, будзе збаўлены; і ўвойдзе і выйдзе і знойдзе пашу.

10 Злодзей прыходзіць адно толькі, каб красьці, і забіваць, і губіць. Я прыйшоў, каб мелі жыцьцё і дастатней мелі. 11 Я ёсьць добры пастыр. Добры пастыр жыцьцё дае за авечкі свае. 12 А найміт і той, што ня ёсьць пастырам, каторага авечкі не свае, бачыць надыходзячага ваўка, і кідае авечкі і ўцякае, а воўк хватае і разганяе авечкі. 13 Найміт-жа ўцякае, бо ён найміт і ён ня рупіцца аб авечках. 14 Я ёсьць пастыр добры, і знаю мае, і мае мяне знаюць; 15 як знае мяне Айцец, і я знаю Айца. І я жыцьцё маё кладу за авечкі мае. 16 І іншыя авечкі маю, якія ня ёсьць з гэтай аўчарні; і тыя трэба мне прывесьці, і будуць слухаць голасу майго, і станецца адна аўчарня і адзін пастыр.

17 Дзеля таго любіць мяне Айцец, што я кладу жыцьцё маё, каб ізноў яго ўзяць. 18 Ніхто яго не адыймае ад мяне, але я сам ад сябе кладу яго. І маю ўладу палажыць яго, і маю ўладу ізноў ўзяць яго; гэты загад атрымаў я ад Айца майго.

19 Паўстаў ізноў спор паміж жыдамі дзеля гэтых моваў. 20 Многія-ж з іх казалі: Ён д'ябэльства мае і шалее, што вы слухаеце яго? 21 Другія казалі: Гэтыя словы ня ёсьць таго, хто мае д'ябэльства; ці-ж д'ябал можа адчыняць вочы сьляпых?

Езус выяўляе сваё боства і адыходзіць за Ярдан

22 І надыйшло пасьвячэньне сьвятыні ў Ерузаліме, і была зіма. 23 І хадзіў Езус у сьвятыні, у прысенку Саламона. 24 Дык абступілі яго жыды і казалі яму: Дакуль-жа будзеш мучыць душу нашу? Калі ты Хрыстус, скажы нам адкрыта. 25 Адказаў ім Езус: Я гавару вам, а вы ня верыце. Чыны, якія я чыню ў імя Айца майго, яны даюць пасьведчаньне аба мне; 26 але вы ня верыце, бо вы не з маіх авечак. 27 Маі авечкі слухаюць голасу майго, і я знаю іх, і яны ідуць за мною. 28 І я даю ім жыцьцё вечнае, і ня згінуць навекі, і ніхто іх ня вырве з рукі маей. 29 Тое, што даў мне Айцец мой, ёсьць большае за ўсё, і ніхто ня можа вырваць з рукі Айца майго. 30 Я і Айцец адно ёсьць.

31 Дык жыды хвацілі каменьні, каб закаменаваць яго. 32 Адказаў ім Езус: Многа добрых чынаў паказаў я вам з Айца майго, дзеля якога з гэтых чынаў вы мяне камянуеце? 33 Адказалі яму жыды: Ці-ж у вашым законе не напісана: "што я сказаў: вы ёсьць багі"? (Пс. 81, 60). 35 Калі тых назваў багамі, да каторых была скіравана мова Божая - а Пісаньне ня можа быць нарушана 36 то каторага Айцец пасьвяціў і паслаў на сьвет, вы кажаце: "Што ты блюзьніш", затым што я сказаў: Я ёсьць Сын Божы? 37 Калі я ня чыніў чынаў Айца майго, ня верце мне; 38 а калі чыніў, то калі-б мне вы не хацелі верыць, верце чынам, каб вы пазналі і верылі, што Айцец у мне ёсьць, а я ў Айцу.

39 Дык стараліся ўзяць яго, і выйшаў з рук іх.

40 І адыйшоў ізноў за Ярдан на тое месца, дзе перш Ян хрысьціў, і там астаўся. 41 І многія прыходзілі да яго, і казалі: Што Ян-то ня ўчыніў ніводнага знаку, 42 але ўсё, што Ян сказаў аб ім, была праўда. І многія ўверылі ў яго.

3 У Палестыне і цяпер авечкам даюць "імёны", так як у нас большай жывёле.

4 У Палестыне і наагул на ўсходзе пастыр ідзе перад авечкамі, а не ззаду (як у нас). Авечкі тамака знаюць голас пастыра і бягуць за ім. Гэта сапраўды абраз добрага пастыра!

6 Значэньне гэтай прыповесьці такое: фарызэі, якія вылучылі з бажніцы таго аздароўленага сьляпога - гэта тыя зладзеі і разбойнікі, якія ўлезьлі ў аўчарню Божую, каб грабіць і нішчыць, а Хрыстус ёсьць тым добрым пастырам, за якім ідуць авечкі.

7 Хрыстус ёсьць дзьвярамі, праз якія ўваходзіцца да авец.

8 Усе фарызэі і кніжнікі былі гэтымі зладзеямі і разбойнікамі, якія сябе толькі шукалі і ня дбалі пра авечкі, а нават шкодзілі ім, удзержываючы іх ад валадарства Божага.

13 Хрыстус ёсьць добры пастыр, а фарызэі - гэта найміты, якія шукаюць толькі свайго дабра, а ня дбаюць ад народ (авечкі), а ваўкі - гэта тыя, што нападаюць на духовае дабро бліжніх (вера, абычайнасьць).

16 Гэтай аўчарняй быў сьпярша Ізраільскі народ, спасярод каторага Езус выбраў першыя авечкі да сваей стады; але апроч гэтай аўчарні ёсьць многа іншых народаў, якія трэба прывесьці да адзінай аўчарні Хрыстовай праз веру і ласку. Гэтай адзінай аўчарняй Хрыстовай ёсьць Касьцёл Каталіцкі.

Хрыстус у гэтых славах: " і станецца адна аўчарня і адзін пастыр" ня вучыць, што некалі, пры канцы сьвету, усе людзі навернуцца да яго, а толькі вучыць, што гэты праўдзівы ягоны Касьцёл (аўчарня) будзе адзін, паўсюдны і даступны для ўсіх народаў. Хрыстус на іншым месцы кажа, што пры канцы сьвету будуць вялікія прасьледы (Мт. 24, 21 - 22; Мк. 13, 19 - 20).

22 Жыды штогод у сьнежні абходзілі памяць пасьвячэньня новай сьвятыні, збудаванай у 165 г. перад Нар. Хрыста. Абходзілі праз 8 дзён, як і сьвята Шатроў.

23 Сьвятыня, а лепш кажучы, яе дварышчы, былі акружаны будынінай на стаўпах (калюмнах), тая будыніна (калюмнада) дзялілася на часьці, званыя прысенкамі.

25 Хрыстус ужо аб гэтым казаў (гл. Ян 5, 32 - 33; 7, 38).

29 Хрыстус кажа тут аб сваей натуры Божай, якую атрымаў ад Айца. Рэч гэтая ёсьць сапраўды большая за ўсё.

30 Бог Айцец і Сын Божы маюць адну натуру, хоць розьняцца асобамі. Гэта было выразнае выяўленьне Хрыстом свайго боства, гэтак зразумелі і жыды і затым хвацілі каменьні, каб закаменаваць яго.

34 Дзеля таго, што жыды хацелі закаменаваць Хрыста нібы за блюзьнерства ("што ты, будучы чалавекам, чыніш сябе самога Богам"). Хрыстус адказвае, што ён не падлягае гэтай кары, бо ў псальме (81, 6) Бог называе багамі судзьдзяў, каторым прадказвае кару за іх грахі.

36 Хрыстус тут кажа: калі судзьдзі завуцца ў сьв. Пісаньні багамі, затым што заступаюць Бога на судзьдзёўскім пасадзе, то тымболей ён можа назваць сябе Сынам Божым, бо "Айцец ёсьць у ім, а ён у Айцу".

39 Езус выйшаў з рук іх, бо яшчэ не надыйшла часіна ягонай сьмерці.

 

Разьдзел 11
Езус за Ярданам. Хвароба і сьмерць Лазара

1 Быў-жа адзін хворы Лазар з Бэтаніі, з мястэчка Марыі і ейнай сястры Марты. 2 (А Марыя была тая, што намасьціла Пана алейкам і выцерла ногі яго сваімі валасамі, каторы брат Лазар хварэў). 3 Дык паслалі сёстры ягоны да яго, кажучы: Пане, вось той, каго ты любіш, хварэе. 4 А Езус пачуўшы, сказаў ім: Хвароба гэта ня ёсьць на сьмерць, але на славу Божую, каб быў праслаўлены праз яе Сын Божы. 5 Езус-жа любіў Марту і ейную сястру Марыю і Лазара. 6 Дык калі пачуў, што хварэе, тады-то прабыў у тым-жа месцы два дні, 7 і пасьля гэтага сказаў вучням сваім: ідзём ізноў у Юдэю. 8 Сказалі яму вучні: Раббі, цяпер шукалі цябе жыды, каб закаменаваць, а ты ізноў туды ідзеш? 9 Адказаў Езус: Ці-ж не дванаццаць гадзін дня? Калі хто ходзіць удзень, ня ўдарыцца, бо відзіць сьвятло гэтага сьвету; 10 калі-ж ходзіць уначы, ударыцца, бо няма ў ім сьвятла.

11 Сказаў гэтае і потым прамовіў да іх: Лазар, наш прыяцель, сьпіць, але я іду, каб збудзіць яго зо сну. 12 Дык сказалі ягоны вучні: Пане, калі сьпіць, будзе здароў. 13 Казаў-жа Езус аб сьмерці ягонай, а яны думалі, што казаў аб спаньні сном. 14 Дык тады езус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр; 15 і я рад дзеля вас, затым што там ня быў, каб вы верылі. Але ідзём да яго. 16 І сказаў Тамаш, каторы завецца Дыдымус, да вучняў: Ідзём і мы, каб памерці з ім.

Ускрашэньне Лазара

17 Дык прыйшоў Езус і знайшоў яго ўжо чатыры дні ляжачым у гробе. 18 (Была-ж Бэтанія блізка Ерузаліму, адлегла каля пятнаццаці стадыяў). 19 А многія з жыдоў былі прыйшоўшы да Марты і Марыі, каб іх пацяшаць па іхным браце.

20 Дык Марта, як пачула, што ідзе Езус, пераняла яго, а Марыя сядзела дома. 21 І сказала Марта да Езуса: Пане, калі-б ты быў тут, не памёр-бы брат мой; 22 але і цяпер я ведаю, што чаго-толькі папросіш у Бога, дасьць табе Бог. 23 Сказаў ей Езус: Я ёсьць ўскрашэньне і жыцьцё: хто верыць у мяне, калі-б і памёр, жыць будзе; 26 а кожны, хто жыве і верыць у мяне, не памрэ навекі. Верыш у гэтае? 27 Сказала яму: Так, Пане, я ўверыла, што ты ёсьць Хрыстус, Сын Бога жывога, каторы прыйшоў на гэты сьвет.

28 І сказаўшы гэтае пайшла і цішком паклікала сваю сястру Марыю, кажучы: Вучыцель ёсьць тут і кліча цябе. 29 Яна, як пачула, скоранька ўстала і прыйшла да яго. 30 Бо Езус яшчэ быў ня прыйшоўшы ў мястэчка, але быў яшчэ на тым месцы, дзе яго пераняла Марта. 31 Дык жыды, якія былі з ёю ў доме і пацешалі яе, калі ўбачылі Марыю, што яна скоранька ўстала і выйшла, пайшлі за ею, кажучы: што ідзе да гробу, каб там плакаць. 32 А Марыя, калі прыйшла, дзе быў Езус, убачыўшы яго, упала да ног ягоных і сказала яму: Пане, калі-б ты быў тут, не памёр-бы брат мой. 33 Езус-жа, як убачыў яе плачучую і жыдоў, якія прыйшлі з ёю, плачучых, раззлаваўся ў душы і парушыўся сам у сабе, 34 і сказаў: Дзе вы яго палажылі? Сказалі яму: Пане, пайдзі і паглядзі. 35 І заплакаў Езус. 36 А жыды сказалі: Вось як любіў яго! 37 Некаторыя-ж з іх сказалі: Ці ня мог-бы ён, што адчыніў вочы сьлепанароджанага, зрабіць, каб не памёр гэты?

38 А Езус, раззлаваўшыся ізноў сам у сабе, прыйшоў да магілы; была-ж пячэра і быў на ей паложаны камень. 39 Сказаў Езус: Адыймеце камень. Сказала яму Марта, сястра таго, што быў памёршы: Пане, ужо чуць ад яго, бо яму чацьверты дзень. 40 Сказаў ей Езус: Ці-ж я табе не казаў, што калі будзеш верыць, убачыш славу Божую? 41 Дык аднялі камень. А Езус, узьняўшы ўгару вочы, сказаў: Ойча, дзякую табе, што ты пачуў мяне. 42 Я-ж ведаю, што ты заўсёды выслухоўваеш мяне, але я сказаў дзеля народу, каторы навакол стаіць, каб верылі, што ты мяне паслаў. 43 Сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: Лазар, выйдзі з гробу! 44 І зараз выйшаў, каторы быў памёршы, зьвязаны па руках і нагах палотнамі, а твар ягоны быў абвязаны хустаю. Сказаў ім Езус: Разьвяжэце яго і пусьцеце ісьці.

45 Дык многія з жыдоў, што былі прыйшоўшы да Марыі і Марты і ўбачыўшы, што ўчыніў Езус, уверылі ў яго. 46 Некаторыя-ж з іх пайшлі да фарызэяў і сказалі ім, што ўчыніў Езус.

Сангэдрын пастанаўляе забіць Езуса

47 Дык сабралі архісьвятары і фарызэі Раду і казалі: што нам рабіць, бо гэты чалавек многа знакаў чыніць. 48 Калі яго пакінем так, усе ўвераць у яго; і прыйдуць рымляне і забяруць наша месца і народ. 49 А адзін з іх, на імя Каіфаш, будучы архісьвятарам таго году, сказаў ім: Вы нічога ня ведаеце 50 і не разумееце, што лепш для вас, каб адзін чалавек памёр за народ і каб увесь народ ня згінуў. 51 Гэтае-ж ён не сказаў сам ад сабе, але будучы архісьвятарам таго году, прарочыў, што Езус мае памерці за народ; 52 і ня толькі за народ, але каб сыноў Божых, якія былі параскіданыя, сабраць у вадно. 53 Дык ад гэтага дня надумаліся забіць яго.

54 Дык Езус ужо не хадзіў яўна паміж жыдоў, але пайшоў у край блізка пустыні, у горад, які завецца Эфрэм, і там прабываў з сваімі вучнямі.

55 Была-ж блізка жыдоўская Пасха. І прыйшлі многія з краю ў Ерузалім перад Пасхай, каб пасьвяціць сябе самых. 56 Дык шукалі Езуса і гаварылі паміж сабою, стоючы ў сьвятыні: што вы думаеце, што ён ня прыйшоў на сьвяточны дзень?

57 А архісьвятары і фарызэі выдалі загад, калі-б хто даведаўся, дзе ён ёсьць, каб даў знаць - каб узяць яго.

48 Сябры Сангэдрыну баяцца тут, каб народ не абвясьціў Хрыстуса сваім валадаром, з чаго скарысталіб рымляне і накінуліб народу яшчэ большую няволю. Але гэта баязьнь Сангэдрыну была крывадушная, бо Езус ня імкнуўся да стварэньня зямное дзяржавы, урэшце фарызэі самі ненавідзелі рымлян і хацелі скінуць іх ярмо.

49 Каіфаш быў архісьвятарам праз 17 гадоў (ад 18 да 36 па Нар. Хр.) і як архісьвятар, кіраваў нарадамі Сангэдрыну. Належаў ён да сэкты садукеяў. Слоў "таго году" ня трэба разумець, што Каіфаш толькі ў тым годзе быў архісьвятарам, але таго году, калі Езус быў замучаны.

55 "Каб пасьвяціць сябе самых" г. зн. каб рытуальна ачысьціцца, бо толькі такім "чыстым", неапаганеным жыдом можна было браць учасьце ў сьвяткаваньні Пасхі. А як некаторыя ачышчэньні вымагалі даўжэйшага часу, дык некаторыя жыды прыходзілі ў Ерузалім за тыдзень або і болей наперад.

2 Гл. Лк. 10, 39.

9 - 10 Гэтымі славамі Хрыстус дае пазнаць сваім вучням, што для яго яшчэ сьвеціць дзень жыцьця і ноч сьмерці яшчэ не надыйшла, затым можа, не ўдарыўшыся аб жыдоўскую злосьць, ісьці ў Юдэю.

15 На просьбу сёстраў трэба было-б Лазара аздаравіць, а тады цуд ня быў-бы такі нязвычайны і відавочны для ўсіх.

18 15 стадыяў - гэта каля 3 клм.

24 Жыды верылі ў ускрасеньне ўмерлых (Гіёб 19, 25; Эз. 37; Дн. 12, 2).

26 Хто верыць у Хрыста і паводле гэтай веры жыве, той не спазнае вечнае сьмерці ў пекле. Гэтай веры жадае Хрыстус ад Марты.

35 Плакаў Езус, паводле эванэліяў, два разы: над Ерузалімам і над гробам свайго прыяцеля Лазара.

38 Пячэра гэтая, дзе быў гроб Лазара, існуе па сяньняшні дзень каля Бэтаніі (цяпер "эль'Азарійэ").

42 З гэтых слоў відаць, што Езус хацеў, каб гэты цуд быў доказам ягонага боскага пасланства.

44 У жыдоў хавалі бяз труны, а толькі ўкручвалі нябожчыка ў палотны і абвязвалі шырокімі тасьмамі.

 

Разьдзел 12
Намашчэньне Езуса ў Бэтаніі

1 Дык Езус на шэсьць дзён перад Пасхай прыйшоў у Бэтанію, дзе быў памёршы Лазар, каторага ўскрасіў Езус. 2 І там нагатовілі яму вячэру і Марта паслугавала, а Лазар быў адным з сядзячых з ім за сталом. 3 Марыя-ж узяла фунт дарагога шпіканардовага алейку і намасьціла ногі Езуса, і выцерла ногі яго сваімі валасамі; і напоўнўся дом пахам алейку.

4 Дык сказаў адзін з вучняў ягоных, Юдаш Іскарыёт, каторы меў яго выдаць: 5 чаму гэтага алейку не прадалі за трыста дынараў і не далі ўбогім? 6 Ён-жа сказаў гэта не затым, што яму рупіла аб убогіх, але што быў злодзей і, маючы скарбонку, насіў тое, што кідалі. 7 Езус-жа сказаў: Астаў яе, каб яна захавала гэтае на дзень маіх паховін. 8 Бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою, а мяне не заўсёды маеце.

9 Дык даведалася вялікая грамада з жыдоў, што ён там ёсьць, і прыйшлі, ня толькі дзеля Езуса, але каб пабачыць Лазара, каторага ён ускрасіў з умерлых. 10 І надумаліся старшыя духоўныя, каб і Лазара забіць, 11 бо многія з жыдоў дзеля яго адыходзілі і верылі ў Езуса.

Трыумфальны ўезд Езуса ў Ерузалім

12 На заўтры-ж вялікая грамада, якая была прыйшоўшы на сьвяточны дзень, пачуўшы, што Езус прыйшоў у Ерузалім, 13 набралі пальмовых галінак і выйшлі насустрач яму і крычалі: Госанна, багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана, кароль Ізраіля! 14 І знайшоў Езус осьліка, і сеў на яго, як ёсьць напісана: 15 "Ня бойся, дачка Сыёнская! Вось кароль твой едзе, седзячы на жэрабяці асьліцы".

16 Вучні ягоны сьпярша не разумелі гэтага, але калі Езус быў праслаўлены, тады успомнілі яны, што гэта было напісана аб ім і што яны гэта зрабілі яму. 17 А грамада, якая была з ім, калі ён выклікаў Лазара з гробу і ўскрасіў яго з умерлых, давала пасьведчаньне; 18 затым і выйшла яму насустрэч грамада, што ён учыніў гэты знак. 19 Дык фарызэі гаварылі паміж сабою: Бачыце, што мы нічога не парадзім. Вось увесь сьвет пайшоў за ім.

Пагане хочуць убачыць Езуса. Голас з неба. Недавер жыдоў

20 Былі-ж некаторыя пагане з тых, што былі прыйшоўшы, каб аддаць паклон у дзень сьвяточны. 21 Дык яны падыйшлі да Філіпа, каторы быў з Бэтсайды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: Прыйшла часіна, каб праслаўлены Сын чалавечы. 24 Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не замрэ, яно само астанецца; а калі замрэ, прыносіць вялікі плод. 25 Хто любіць сваё жыцьцё, загубіць яго, а хто ненавідзіць жыцьцё сывё на гэтым сьвеце, той беражэ яго на жыцьцё вечнае. 26 Калі хто мне служыць, няхай ідзе за мною і дзе я ёсьць, там і слуга мой будзе; калі хто мне будзе служыць, таго ўшануе Айцец мой.

27 Цяпер душа мая ўстрывожана, і што мне сказаць? Ойчы, збаў мяне ад гэтай часіны! Але дзеля гэтага я прыйшоў на гэтую часіну. 28 Ойча, праслаў імя тваё! І прыйшоў з неба голас: І праславіў, і яшчэ праславіў. 29 Дык грамада, якая стаяла і чула, казала, што загрымела; другія казалі: Анел гаварыў да яго. 30 Адказаў Езус і сказаў: Ня дзеля мяне прыйшоў гэты голас, але дзеля вас. 31 Цяпер ёсьць суд сьвету; цяпер князь гэтага сьвету будзе выкінуты проч. 32 А я, калі буду падняты ад зямлі, усё пацягну да сябе. 33 Гэтае-ж ён казаў, паказваючы, якою сьмерцяй меў памерці.

34 Адказала яму грамада: Мы чулі з закону, што Хрыстус трывае навекі, якжа-ж ты кажаш: "Трэба, каб быў падняты Сын чалавечы?" Хто гэты Сын чалавечы? 35 І сказаў езус: яшчэ на кароткі час ёсьць сьвятло паміж вамі. Хадзеце, пакуль маеце сьвятло, каб вас цемра не агарнула; а хто ходзіць у цемры, ня ведае, куды ідзе. 36 Пакуль маеце сьвятло, верце ў сьвятло, каб вы былі сынамі сьвятла.

Гэтае сказаў Езус і адыйшоў і скрыўся ад іх.

37 Хоць-жа гэтулькі ўчыніў перад імі знакаў, яны ня верылі ў яго; 38 каб споўнілася воля Ізаія, прарока (53, 1), якую ён сказаў: "Пане, хто паверыў чутаму ад нас і рука Пана, каму яна аб'яўлена? 39 Дзеля таго не маглі верыць, што яшчэ сказаў Ізаій (6, 9 - 10): 40 "Асьляпіў вочы іх і зрабіў цьвёрдым сэрца іх, каб ня відзелі вачыма і не разумелі сэрцам, і навярнуліся, і я аздаравіў-бы іх". 41 Гэтае сказаў Ізаій, калі відзеў славу яго і гаварыў аб ім. 42 Аднак-жа і з старшых многія ўверылі ў яго, але дзеля фарызэяў не прызнаваліся, каб ня быць выкінутымі з бажніцы. 43 Бо ўзьлюбілі славу людзкую болей, чым славу Божую.

44 Езус-жа заклікаў і казаў: Хто верыць у мяне, ён ня ў мяне верыць, але ў таго, каторы паслаў мяне, 45 і хто мяне бачыць, бачыць таго, каторы паслаў мяне. 46 Я, сьвятло, прыйшоў на сьвет, каб кожны, хто верыць у мяне, не прабываў у цемры. 47 І калі-б хто прабываў у цемры. 47 І калі-б хто пачуў словы мае і не бярог, я ня суджу яго; бо я ня прыйшоў, каб судзіць сьвет, але каб збавіць сьвет. 48 Хто пагарджае мною і ня прыймае слоў маіх, хто-б яго судзіў: мова, якую я гаварыў, яна будзе судзіць яго ў апошні дзень. 49 Бо я не з самога сябе гаварыў, але Айцец, каторы паслаў мяне, ён мне даў загад, што я маю казаць і што гаварыць. 50 І я ведаю, што загад ягоны ёсьць жыцьцё вечнае. Дык тое, што я гавару, гавару так, як сказаў мне Айцец.

2 Нагатовілі вячэру ў доме Сымона Пракажанага (Мт. 26, 6).

6 Юдаш насіў ахвяры, якія людзі давалі для Езуса і ягоных вучняў. З гэтых ахвяр Юдаш браў для сябе.

13 Гл. Мт. 21, 9.

20 Паганамі называліся ў сьв. Пісаньні такжа людзі, якія не паходзілі з Ізраільскага народу, але прынялі Майсеевы Закон - або цалком (прозэліты), або часткова. Такія людзі прыходзілі ў Ерузалім, каб разам з жыдамі сьвяткаваць Пасху і іншыя сьвята.

24 Адно зерне, кінутае ў ральлю, прыносіць многа зярнят, таксама і Езус праз сьмерць сваю прынёс для ўсіх вялікі плод збаўленьня.

25 Гл. Мт. 10, 39.

35 Хрыстус называе тут сябе сьвятлом і кажа, што ўжо коратка будзе паміж людзьмі. Цемра азначае тут крывадушнасьць людзкую і грэх.

36 Ведаючы аб намерах старшых, каб узяць яго, Езус нанач выходзіць з Ерузаліму і начуе або ў Бэтаніі, або на Аліўнай гарэ, бо часіна мукі ягонай яшчэ ня прыйшла.

47 Першы раз прыйшоўшы на гэты сьвет, Хрыстус ня судзіў сьвету, але збавіў яго. На суд прыйдзе другі раз, пры канцы сьвету.

 

Разьдзел 13
ІІ ЧАСЬЦЬ. АПОШНІЯ ДНІ ЕЗУСА ХРЫСТА НА
ЗЯМЛІ, ЯГОНЫ МУКІ, СЬМЕРЦЬ І ЎСКРАСЕНЬНЕ
Апошняя вячера. Абмыцьцё ног апосталам. Выяўленьне здрадніка

1 Перад сьвяточным днём Пасхі, Езус, ведаючы, што прыйшла яго часіна, каб перайсьці з гэтага сьвету да Айца, узьлюбіўшы сваіх, якія былі на сьвеце, да канца іх узьлюбіў. 2 І павячэраўшы, калі ўжо д'ябал улажыў у сэрца Юдаша Сымонавага Іскарыёта, каб выдаць яго, 3 ён, ведаючы, што ўсё аддаў яму Айцец у рукі, і што ад Бога выйшаў і да Бога ідзе, 4 устаў ад вячэры, зьняў сваю вопратку, і ўзяўшы ручнік, падперазаўся. 5 Потым наліў вады ў місу і пачаў мыць ногі вучняў і выціраць ручніком, якім быў падперазаўшыся.

6 Дык прыйшоў да Сымона Пятра. І сказаў яму Пётр: Пане, ты мне ногі мыеш? 7 Адказаў Езус і сказаў яму: Што я раблю, ты цяпер ня ведаеш, але даведаесься потым. 8 Сказаў яму Пётр: Ня будзеш мыць мне ног навекі. Адказаў яму Езус: Калі не абмыю цябе, ня будзеш мець часьці са мною. 9 Сказаў яму Сымон Пётр: ня толькі ногі мае, але і рукі, і галаву. 10 Сказаў яму Езус: Хто абмыты, той не патрабуе, адно толькі каб ногі абмыць, але ён увесь чысты. І вы чыстыя, але ня ўсе. 11 Бо ён ведаў, хто гэта быў, хто яго меў выдаць; дзеля таго сказаў: Вы ня ўсе чыстыя.

12 Дык пасьля таго, як абмыў ногі іх і ўзлажыў сваю вопратку, ён, сеўшы ізноў за стол, сказаў: Ведаеце, што я вам зрабіў? 13 Вы мяне завецё: "Вучыцель" і "Пане", і добра кажаце, бо я ёсьць. 14 Дык калі я, Пан і Вучыцель, абмыю ногі вашыя, і вы павінны адзін другоа абмываць ногі. 15 Бо я даў вам прыклад, каб, як я вам зрабіў, так і вы рабілі. 16 Сапраўды, сапраўды кажу вам, слуга ня ёсьць большы за пана свайго, ані пасланец ня ёсьць большы за таго, хто паслаў яго. 17 Калі гэта ведаеце, багаслаўлены будзеце, калі гэтае будзеце рабіць.

18 Не аб усіх вас кажу. Я ведаю, каго я выбраў, але каб споўнілася Пісаньне: "Хто есьць са мною хлеб, падыме проціў мяне пяту сваю" (Пс. 40, 10). 19 Кажу вам цяпер, перш чым станецца, каб, калі станецца, вы верылі, што я ёсьць. 20 Сапраўды, сапраўды кажу вам, хто прыймае, калі-б я паслаў каго, мяне прыймае; а хто мяне прыймае, прыймае таго, хто паслаў мяне.

21 Сказаўшы гэтае, Езус устрывожыўся духам і пасьведчыў і сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць мяне. 22 Дык спаглянулі вучні адзін на другога, няпэўныя, аб кім гаворыць. 23 А быў адзін з ягоных вучняў, каторага любіў езус, абапёршыся на ўлоньні Езуса. 24 Дык гэтаму кіўнуў Сымон Пётр і сказаў яму: Хто гэта, аб каторым ён гаворыць? 25 І той, абапёршыся на грудзях Езуса, сказаў яму: Пане, хто гэта? 26 Адказаў Езус: Гэта той, каму я падам памочаны хлеб. І памачыўшы хлеб, даў Юдзе Сымонаваму Іскарыёту. 27 І пасьля куска ўвайшоў у яго д'ябал. І сказаў яму Езус: што робіш, рабі хутчэй. 28 А гэтага ніхто з сядзячых не зразумеў, да каго сказаў яму. 29 Бо некаторыя думалі дзеля таго, што Юда меў скарбонку, што Езус сказаў яму: Купі таго, чаго нам патрэба на дзень сьвяточны; або, каб даў нешта ўбогім. 30 Дык ён, узяўшы кусок, зараз-жа выйшаў. А была ноч.

31 калі-ж ён выйшаў, сказаў Езус: Цяпер праслаўлены ёсьць Сын чалавечы і Бог ёсьць праслаўлены ў ім. 32 Калі Бог ёсьць праслаўлены ў ім, то і Бог праславіць яго ў сабе самым, і зараз-жа праславіць яго.

33 Сыночкі, яшчэ крыху я ёсьць з вамі; будзеце шукаць мяне, і як я сказаў жыдом: "Куды я іду, вы ня можаце прыйсьці", і вам цяпер кажу.

34 Прыказаньне новае даю вам, каб вы любілі адзін другога; так як я вас узлюбіў, каб і вы любілі адзін другога. 35 Па гэтым пазнаюць усе, што вы мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да другога.

36 Сказаў яму Сымон Пётр: Пане, куды ты ідзеш? Адказаў Езус: Куды я іду, ты цяпер ня можаш ісьці за мною, але пойдзеш потым. 37 Сказаў яму Пётр: чаму не магу ісьці за табою цяпер? Я жыцьцё сваё палажу за цябе. 38 Адказаў яму Езус: Ты жыцьцё сваё за мяне паложыш? Сапраўды кажу табе, не запяе певень, як ты трэйчы адрачэсься ад мяне.

1 "Да канца ўзьлюбіў" г. зн. да канца свайго зямнога жыцьця і да апошніх граніц сваей любові.

8 "Ня будзеш мець часьці са мною" г. зн. ня будзеш учасьнікам маей ласкі і майго валадарства, ня будзеш належаць да мяне.

10 Перад пасхальнай вячэрай учасьнікі вячэры мыліся, дык апосталы былі чыстыя і ім трэба было толькі ногі памыць, бо прыйшлі босымі. Хрыстус гэтаму абраду прыдае духовае значэньне: апосталы мелі ласку ўсьвячаючую ўсе (былі чыстымі), апроч Юдаша, каторы праз здраду Бога-чалавека гэту ласку страціў.

14 Абмыцьцём ног Езус навучыў нас пакоры і заахвоціў да ўслугі бліжнім.

19 Гэта значыць, каб паверылі, "што я ёсьць" Мэсыяш.

23 Гэта быў Ян апостал, аўтар гэтай эванэліі.

26 Паданьне хлеба, памочанага ў якой страве, было знакам ласкі і прыхільнасьці. Аднак Юдаш і гэту ласку адкідае.

30 З гэтых слоў сьв. Яна выглядае, што Юдаш ня быў пры ўстанаўленьні сьв. Эўхарыстыі і камуніі не прыняў.

31 Мука была для Е. Хрыста дарогай да праслаўленьня, а праз Хрыста і для Бога самога.

34 Прыказаньне любові было і ў Ст. Законе (Лев. 19, 18), але яно аднасілася толькі для прыяцеляў і блізкіх па веры і народнасьці, а Хрыстус загадывае любіць усіх, нават ворагаў. Гэта ўжо было новае прыказаньне. Гэтая любоў да ўсіх людзей павінна быць у кожнага сапраўднага хрысьціяніна, кожнага вучня Хрыста.

36 Хрыстус тут прадказвае Пятру ў агульных рысах мучаніцкую сьмерць.

 

Разьдзел 14
Разьвітаньне Езуса з апосталамі
1) Езус пацяшае апосталаў

1 Няхай ня трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў мяне верце. 2 У доме Айца майго памяшканьняў многа. Калі-б інакш, то я сказаў-бы вам, бо іду прыгатовіць вам месца. 3 А калі адыйду і прыгатую вам месца, ізноў прыйду і вазьму вас да сябе, каб, дзе я, там і вы былі.

4 І куды я іду, ведаеце, і дарогу ведаеце. 5 Сказаў яму Тамаш: Пане, мы ня ведаем, куды ты ідзеш, і як-жа можам ведаць дарогу? 6 Сказаў яму Езус: Я ёсьць дарога і праўда і жыцьцё; ніхто ня прыходзіць да Айца, як толькі праз мяне. 7 Калі б вы мяне пазналі, паўнейж пазналі-б і Айца майго; і ад гэтага часу вы пазнаеце яго і вы бачылі яго.

8 Сказаў яму Філіп: Пане, пакажы нам Айца і хваціць нам. 9 Сказаў яму Езус: Гэтулькі часу я з вамі і вы не пазналі мяне? Філіпе, хто бачыць мяне, той бачыць і Айца. Як-жа ты кажаш: "Пакажы нам Айца"? 10 Ці ня верыце, што я ў Айцу, а Айцец у-ва мне ёсьць? Словы, якія я вам гавару, не ад самога сябе гавару, але Айцец, каторы у-ва мне прабывае, ён чыніць чыны. 11 Ці ня верыце, што я ў Айцу, а Айцец ёсьць у-ва мне? Прынамся дзеля самых чынаў верце.

12 Сапраўды, сапраўды кажу вам, хто верыць у мяне, чыны, якія я чыніў, і ён будзе чыніць, і большыя за гэтыя будзе чыніць, бо я іду да Айца. 13 І чаго-колечы будзеце прасіць Айца ў імя маё, тое ўчыню, каб быў праслаўлены Айцец у Сыне. 14 Калі чаго будзеце прасіць мяне ў імя маё, тое ўчыню.

15 Калі вы мяне любіце, захоўвайце мае прыказаньні; 16 а я буду прасіць Айца, і ён дасьць вам іншага Пацяшыцеля, каб прабываў з вамі навекі - 17 Духа праўды, каторага сьвет ня можа прыняць, бо ня відзіць яго і ня знае яго. Але вы пазнаеце яго, бо ён з вамі будзе прабываць і ў вас будзе.

18 Не пакіну вас сіратамі, прыйду да вас. 19 Яшчэ крыху і сьвет ужо ня ўбачыць мяне; а вы мяне будзеце бачыць, бо я жыву і вы будзеце жыць. 20 У той дзень вы пазнаеце, што я ёсьць у Айцу маім, а вы ў мне, і я ў вас. 21 Хто мае маё прыказаньне і захоўвае яго, гэта той, хто любіць мяне. А хто мяне любіць, будзе ўзлюблены Айцом маім, і я буду любіць яго і аб'ялю яму самога сябе. 22 Сказаў яму Юда, ня той Іскарыёт: Пане, што сталася, што ты маеш аб'явіцца нам, а ня сьвету? 23 Адказаў Езус і сказаў яму: Калі хто любіць мяне, будзе захоўваць мову маю, і Айцец мой узлюбіць яго, і прыйдзем да яго і зробім у яго памешканьне. 24 Хто ня любіць мяне, не захоўвае моваў маіх. А мова, якую вы чулі, ня ёсьць мая, але таго, хто паслаў мяне, Айца.

25 Гэтае я вам сказаў, прабываючы ў вас. 26 Пацяшыцель-жа, Дух сьвяты, каторага пашле Айцец у імя маё, ён вас навучыць усяго і прыпомніць вам усё, што-колечы я вам сказаў.

27 Супакой пакідаю вам, супакой мой даю вам; ня так як сьвет дае, я вам даю. Няхай ня трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. 28 Вы чулі, што я вам сказаў: "Адыходжу і прыходжу да вас". Калі-б вы любілі мяне, пэўне цешыліся-б, што іду да Айца, бо Айцец большы за мяне. 29 І цяпер я сказаў вам перш чым станецца, каб, калі станецца, вы верылі. 30 Ужо нямнога буду з вамі гаварыць, бо ідзе князь гэтага сьвету, а ў мне ён нічога ня мае, 31 але каб сьвет пазнаў, што я люблю Айца і як мне даў загад Айцец, так чыніў. Устаньце, пойдзем адгэтуль.

4 Дарогай да хвалы нябеснай была для Хрыста мука, а дарогай для вучняў - прыклад ягоны.

6 Хрыстус ёсьць дарогай да Айца нябеснага праз навуку, ласку і спосабы збаўленьня (сакрамэнты); Хрыстус ёсьць праўдай, бо ён Бог праўдзівы, жарало ўсякай праўды; Хрыстус ёсьць жыцьцём, бо дае людзям жыцьцё прыроднае і надпрыроднае.

7 Вучні, знаючы Сына, знаюць і аглядаюць Айца, бо Айцец ёсьць у Сыне, а Сын у Айцы.

10 Сын Божы і Айцец (і Дух сьв.) становяць адно ў сваей натуры, але розьняцца паміж сабою асобамі. Дзеля супольнасьці натуры Божай усе тры асобы прабываюць узаемна ў сабе.

12 Вучні Хрыстуса будуць чыніць вонкава яшчэ большыя цуды, чым дагэтуль сам Хрыстус, а гэта моцай, дадзенай ім Хрыстом.

16 - 17 Пацяшыцель - гэта Дух сьв. Ён, як Дух, будзе прабываць нявідома з вучнямі Хрыста; ён, як Дух праўды, усьцеражэ вучняў ад усякіх памылак у справе веры.

20 "У той дзень" - гэта зн. пасьля ўскрасеньня Хрыста і Зыходу Духа сьв.

22 Гэта быў Юда Тадэуш, брат Якуба Меншага.

23 Душа міласьніка Божага ёсьць сялібай усяя Тройцы сьв.: Айца і Сына і Духа сьв.

27 "Супакой" азначае тут паўнату ўсялякага духовага дабра і ласкаў Божых, а так-жа спакойнасьць душы ва ўсякіх жыцьцёвых праціўнасьцях і спакушэньнях.

28 Бог Айцец ёсьць большы за Хрыста, як чалавека - і аб гэтай натуры чалавечай Хрыстус гаворыць, калі кажа, што адыйдзе да Айца.

30 "Князь гэтага сьвету" - гэта д'ябал, які надыходзіць, паміж іншым, і ў асобе Юдаша Іскарыёта, душу каторага апанаваў.

"У мне ён нічога ня мае" - г. зн. д'ябал ня мае ніякага права да Хрыста. Д'ябал мае, з дапушчэньня Божага, права толькі да людзей грэшных.

31 Хрыстус заклікае апосталаў прыгатавацца да выхаду з вячэрніка, але вядзе з імі яшчэ доўгую гутарку, як гэта звычайна бывае пры раставаньні з дарагімі асобамі.

 

Разьдзел 15
2) Езус навучае апосталаў

1 Я ёсьць праўдзівы вінаградны ўшчэп, а Айцец мой земляроб. 2 Усякую галінку, якая не прыносіць у мне плоду, ён адсячэ яе; усякую, якая прыносіць плод, ён ачысьціць яе, каб больш прынясла плоду. 3 Вы ўжо чыстыя дзеля мовы, якую я гаварыў вам. 4 Прабывайце ў мне, а я ў вас. Як галінка ня можа прынесьці плоду сама з сябе, калі ня будзе прабываць у вінаградным ушчэпе, так і вы, калі ня будзеце прабываць у мне.

5 Я ёсьць вінаградны ўшчэп, а вы галінкі. Хто прабывае ў мне, а я ў ім, той прыносіць многа плоду, бо без мяне нічога ня можаце чыніць. 6 Калі-б хто не прабываў у мне, будзе выкінуты проч як галінка; і зсохне, і падбяруць яе, і кінуць у вагонь, і згарыць. 7 Калі будзеце прабываць у мне і словы мае будуць у вас прабываць, чаго-колечы захочаце, папросіце, і станецца вам. 8 У гэтым ёсьць праслаўлены Айцец мой, каб вы прыносілі найболей плоду і сталіся маімі вучнямі.

9 Як мяне ўзлюбіў Айцец, і я вас узлюбіў. Прабывайце ў любові маей. 10 Калі будзеце захоўваць мае прыказаньні, будзеце прабываць у маей любові; так як і я захаваў прыказаньні Айца майго і прабываю ў яго любові. 11 гэтае я вам сказаў, каб радасьць мая была ў вас і радасьць вашая была поўная.

12 Гэтае ёсьць маё прыказаньне, каб вы любілі адзін другога, так як я вас узлюбіў. 13 Ніхто ня мае большай любові за тую, калі хто кладзе жыцьцё сваё за прыяцеляў сваіх. 14 Вы ёсьць мае прыяцелі, калі будзеце чыніць тое, што я вам загадываю. 15 Я ўжо ня буду называць вас слугамі, бо слуга ня ведае, што чыніць пан ягоны; а я назваў вас прыяцелямі, бо ўсё, што-колечы чуў ад Айца майго, абвясьціў вам. 16 Ня вы мяне выбралі, але я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прыняслі плод, і каб плод ваш прабываў; каб, чаго-колечы вы папросіце Айца ў імя маё, даў вам. 17 гэта загадываю вам, каб вы любілі адзін другога.

18 Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што мяне перш за вас меў у ненавісьці. 19 Калі-б вы былі з сьвету, сьвет любіў-бы, што было ягонае; а як вы ня ёсьць з сьвету, але я вас выбраў з сьвету, дзеля гэтага сьвет вас ненавідзіць. 20 Помніце мову маю, якую я вам сказаў: "Слуга ня ёсьць большы за пана свайго". Калі мяне прасьледавалі, і вас будуць прасьледаваць; калі захавалі маю мову, і вашу будуць захоўваць. 21 Але ўсё гэтае яны будуць рабіць вам дзеля імені майго, бо ня знаюць таго, хто паслаў мяне. 22 Калі-б я ня прыйшоў і не гаварыў ім, яны ня мелі-б граху; але цяпер ня маюць апраўданьня з свайго гарху. 23 Хто мяне ненавідзіць, той і Айца майго ненавідзіць. 24 Калі-б я ў іх ня ўчыніў чынаў, якіх ніхто іншы ня ўчыніў, яны ня мелі-б граху; але цяпер і бачылі і зьненавідзелі і мяне і Айца майго. 25 Але каб споўнілася мова, якая ёсьць напісана ў законе іх: што яны мелі ў ненавісьці мяне бяз прычыны (Пс. 68, 5).

26 Калі-ж прыйдзе Пацяшыцель, каторага я пашлю вам ад Айца, Духа праўды, каторы ад Айца паходзіць, ён будзе даваць пасьведчаньне аба мне. 27 І вы будзеце даваць пасьведчаньне, бо вы са мною ёсьць ад пачатку.

1 У гэтай прамове Хрыста можна адрозьніць тры часткі: 1) патрэба цясьнейшай лучнасьці з Хрыстом (р. 1 - 8); 2) гэта лучнасьць навязваецца праз любоў (р. 9 - 17); 3) сьвет будзе прасьледаваць вучняў Хрыста (р. 18 і наст.).

Як земляроб кладзе свае стараньні каля расьлін, так Бог каля людзей.

2 Хто ня прыносіць пладоў (добрых чынаў), ад таго за кару Бог аднімае ласку ўсьвячэньня і лучнасьць з Хрыстом; а хто карыстае з ласкаў учынковых, таго Бог ачышчае ад дробных праступкаў, каб прынёс яшчэ большы плод сьвятасьці.

4 Тут і ў далейшых радкох ідзе гутарка аб прабываньні Хрыста ў душы чалавека праз ласку і любоў.

Як вінаградны ўшчэп дае жыцьцё, сок і плоднасьць усім галінкам, так і Хрыстус дае гэтакую моц сваім вучням і насьлядоўнікам.

5 Без супрацоўніцтва Божага чалавек нічога ня можа зрабіць ані ў прыродным парадку жыцьця, ані ў надпрыродным. Уся яго праца і дзейнасьць залежыць ад супрацоўніцтва з ім Бога.

12 Прыказаньне любові ёсьць зьместам усіх іншых прыказаньняў.

26 Дух сьв. паходзіць ад Айца як ад супольнага пачатку (жарала) сьв. Тройцы, але паходзіць ён так-жа і ад Сына, бо Сын пасылае яго ад Айца (Ян 15, 26), а Айцец пасылае яго ў імя Сына (Ян 14, 26).

 

Разьдзел 16

1 Гэтае я вам сказаў, каб вы ня горшыліся. 2 Вылучаць вас з бажніцаў; але прыходзіць часіна, што кожны, хто вас забівае, будзе думаць, што ён прыслужыўся Богу. 3 І гэтае будуць рабіць вам, затым што не пазналі Айца ані мяне. 4 Але гэтае я вам сказаў, каб, калі прыйдзе іх часіна, вы ўспомнілі, што я вам сказаў. 5 А гэтага спачатку я вам не гаварыў, бо быў з вамі.

3) Езус узмацняе апосталаў

А цяпер іду да таго, каторы паслаў мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў мяне: "Куды ідзеш"? 6 Але затым, што я вам гэтае сказаў, смутак напоўніў сэрца вашае. 7 Але я вам праўду кажу: Карысна для вас, каб я адыйшоў. Бо калі не адыйду, Пацяшыцель ня прыйдзе да вас, калі-ж адыйду, пашлю яго да вас. 8 А калі ён прыйдзе, дакажа сьвету грэх і справядлівасьць і суд. 9 Грэх-то, бо ня ўверылі ў мяне; 10 а справядлівасьць, бо я іду да Айца і ўжо ня ўбачыце мяне; 11 суд-жа, бо князь гэтага сьвету ўжо асуджаны.

12 Яшчэ многа маю вам гаварыць, але цяпер ня можаце зьнесьці. 13 Калі-ж прыйдзе ён, Дух праўды, навучыць вас усякае праўды; бо ня будзе гаварыць сам ад сябе, але будзе гаварыць што-колечы пачуе, і што мае прыйсьці, абвесьціць вам. 14 Ён праславіць мяне, бо з майго возьме і вам абвесьціць. 15 Усё, што-колечы мае Айцец, маё ёсьць; дзеля гэтага я сказаў, што ў майго возьме і вам абвесьціць.

16 Крыху і ўжо ня ўбачыце мяне, і ізноў крыху і ўбачыце мяне, што я іду да Айца. 17 Дык гаварылі з вучняў ягоных адзін да другога: Што гэта такое, што ён нам кажа: "крыху і ня ўбачыце мяне" і "што я іду да Айца"? 18 І гаварылі: Што гэта такое, што кажа: "Крыху"? Ня ведаем, што гаворыць.

19 А Езус пазнаў, што хацелі ў яго пытацца і сказаў ім: "Крыху, і ня ўбачыце мяне, і ізноў крыху і ўбачыце мяне". 20 Сапраўды, сапраўды кажу вам, што будзеце плакаць і галасіць вы, а сьвет будзе цешыцца; вы-ж будзеце смуціцца, але смутак ваш у радасьць зьменіцца. 21 Жанчына, калі родзіць, смутак мае, што прыйшла яе часіна; але калі народзіць дзіця, ужо ня помніць уцісьненьня дзеля радасьці, што чалавек на сьвет нарадзіўся. 22 Так і вы цяпер-то смутак маеце, але я ізноў убачу вас, і будзе радавацца сэрца вашае, і радасьці вашае ніхто ад вас не адыме. 23 І ў той дзень ня будзеце ў мяне нічога пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі чаго будзеце прасіць Айца ў імя маё, дасьць вам. 24 Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя маё. Прасеце і атрымаеце, каб радасьць вашая была поўная.

25 Гэтае я вам гаварыў у прыповесьцях. Надыходзіць часіна, калі ўжо ня ў прыповесьцях буду гаварыць вам, але яўна аб Айцу абвешчу вам. 26 У той дзень будзеце прасіць у імя маё, і не кажу вам, што я буду прасіць Айца за вас, 27 бо сам Айцец любіць вас, затым што вы ўзлюбілі мяне і ўверылі, што я ад Бога выйшаў. 28 Выйшаў я ад Айца і прыйшоў на сьвет; ізноў пакідаю сьвет і іду да Айца.

29 Сказалі яму вучні ягоны: Вось цяпер яўна гаворыш і ня кажаш ніякай прыповесьці. 30 Цяпер мы знаем, што ты ведаеш усё і ня трэба табе, каб хто пытаўся ў цябе; дзеля гэтага верым, што ты ад Бога выйшаў. 31 Адказаў ім Езус: Вы цяпер верыце? 32 Вось надыходзіць часіна, і ўжо надыйшла, каб вы разсеяліся кожны да свайго, а мяне самога пакінулі; а я не адзін, бо са мною ёсьць Айцец. 33 Гэта я вам сказаў, каб вы мелі супакой у мне. На сьвеце будзеце мець уцісьненьне, але будзьце адважны, я перамог сьвет.

5 У далейшых радкох Езус гаворыць: 1) што адыход ягоны ёсьць патрэбны, каб Дух сьв. мог разьвіць сваю дзейнасьць (р. 5 - 15); 2) гэты адыход Хрыста будзе кароткі (р. 16 - 24); 3) апосталы будуць уцьверджаны ў веры, што Хрыстус паходзіць ад Айца (р. 25 - 33).

8 - 11 Дух сьв. дакажа сьвету, што па сьвету ёсьць грэх (бо ня ўверылі ў Хрыста); па старане Хрыста ёсьць справядлівасьць (справядлівы Хрыстус адыходзіць да Айца ў неба); што суд спадзе на д'ябла і яго прыхільнікаў (князь гэтага сьвету ўжо асуджаны).

13 Дух сьв. гаворыць тое, што пачуе ад Айца і Сына, ад каторых паходзіць, а гэта затым што натура Божая ёсьць адна і супольная ўсім тром асобам.

14 "З майго возьме" гэтымі славамі Хрыстус яшчэ раз адкрывае, што Дух сьв. паходзіць і ад Сына (гл. Ян 14, 26). Паходжаньне Духа сьв. ад Айца Езус аб'яўляе вышэй (Ян 15, 26).

15 Усё тое, што Айцец мае, гэта значыць, уся натура Божая, ёсьць уласнасьцяй так-жа Сына, а з таго, што ёсьць уласнасьцяй Сына, бярэ Дух сьв. Гэта яшчэ адзін доказ, што Дух сьв. паходзіць і ад Сына.

16 - 18 Хрыстус гаворыць тут аб сваей сьмерці ("крыху і ня ўбачыце мяне") і аб сваім ускрасеньні і ўшэсьці ("і ізноў крыху і ўбачыце мяне, што іду да Айца").

20 Сьвет будзе весяліцца з прычыны сьмерці Езуса, а вучні ўцешацца пасьля ўскрасеньня Езуса. Слова "сьвет" азначае тут усё тое, што працівіцца Богу і жадае адвясьці людзей ад Бога.

23 "Ня будзеце нічога пытацца" ў справах, зьвязаных з "крыху".

31 - 32 Хрыстус ведае, што незадоўга іх вера акажацца слабою.

 

Разьдзел 17
4) Архісьвятарская малітва Хрыстуса

1 Гэтае гаварыў Езус, і падняўшы вочы ў неба, сказаў: Ойча, прыйшла часіна, праслаў Сын твайго, каб Сын твой праславіў цябе; 2 як ты даў яму ўладу над усякім целам, каб ён усім, каго ты даў яму даў жыцьцё вечнае. 3 А гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб пазналі цябе, аднаго Бога праўдзівага, і каторага ты паслаў, Езуса Хрыста. 4 Я ўславіў цябе на зямлі, даканаў справу, якую ты мне даручыў зрабіць. 5 А цяпер услаў мяне ты, Ойча, у самога сябе славаю, якую я меў у цябе перш, чым сьвет быў.

6 Я абвясьціў імя тваё людзям, каторых ты мне даў са сьвету. Яны былі твае, і ты мне даў іх, і яны захавалі мову тваю. 7 Цяпер яны пазналі, што ўсё, што ты мне даў, ад цябе ёсьць. 8 Бо словы, каторыя ты мне даў, я даў ім, і яны прынялі і пазналі сапраўды, што я ад цябе выйшаў, і ўверылі, што ты мяне паслаў. 9 Я за іх прашу; не за сьвет прашу, але за тых, каторых ты мне даў, бо яны твае; 10 і ўсё маё - тваё ёсьць, а тваё - маё ёсьць, і я ўслаўлены ў іх. 11 І я ўжо не на сьвеце, а я да цябе іду.

Ойча сьвяты, захавай у імя тваё тых, каторых ты мне даў, каб яны былі адно, як і мы. 12 Калі я быў з імі, я захоўваў іх у імя тваё; тых што ты мне даў, я зьбярог і ніхто з іх ня згінуў, адно сын згіненьня, каб споўнілася Пісаньне. 13 Цяпер-жа да цябе іду, а гавару гэтае на сьвеце, каб яны мелі радасьць сваю споўненую ў сабе самых. 14 Я ім даў мову тваю, і сьвет меў іх у ненавісьці, бо яны ня ёсьць са сьвету, так як і я ня ёсьць са сьвету. 15 Не прашу, каб ты ўзяў іх са сьвету, але каб захаваў іх ад злога. 16 Яны ня ёсьць са сьвету, так як і я ня ёсьць са сьвету. 17 Пасьвяці іх у праўдзе; мова твая ёсьць праўда. 18 Так як ты мяне паслаў на сьвет, і я іх паслаў на сьвет. 19 І за іх я пасьвячаю самога сябе, каб і яны былі пасьвячоны ў праўдзе.

20 А ня толькі за іх я прашу, але і за тых, каторыя праз іх слова ўвераць у мяне; 21 каб усе былі адно, так як ты, Ойча, у мне, а я ў табе, каб і яны ў нас адно былі, каб уверыў сьвет, што ты мяне паслаў. 22 А я даў ім славу, каторую ты мне даў, каб яны былі адно, так як і мы ёсьць адно; 23 я ў іх, а ты ў мне, каб яны былі дасканальнымі ў еднасьці, і каб пазнаў сьвет, што ты мяне паслаў і ўзлюбіў іх, так як і мяне ўзлюбіў.

24 Ойча, хачу, каб дзе я ёсьць, былі са мною і тыя, каторых ты мне даў, каб яны відзелі славу маю, якую ты мне даў, бо ты ўзлюбіў мяне перад заснаваньнем сьвету. 25 Ойча справядлівы, сьвет цябе не пазнаў, а я пазнаў цябе, і гэтыя пазналі, што ты мяне паслаў. 26 І я абвясьціў ім імя тваё, і абвясьціў, каб любоў, якою ты ўзлюбіў мяне, у іх была, а я ў іх.

У гэтай сваей архісьвятарскай малітве Хрыстус, Бог і чалавек, зварочваецца ў глыбокіх і простых славах да Айца нябеснага і просіць: 1) для сябе, як чалавека, тае славы, якую мае Бог (1 - 5); 2) для апосталаў - усьвячэньня і еднасьці ў праўдзе і навуцы Хрыстовай (6 - 19); 3) для ўсіх хрысьціян - злучнасьці паміж сабою і з Богам (20 - 23). Кончыць малітву зваротам да Айца, каб даў усім выбраным жыцьцё вечнае.

1 "Прыйшла часіна" мукі, якою Езус мае праславіць імя Божае на зямлі.

2 "Над усякім целам" г. зн. над усім чалавецтвам.

5 Хрыстус просіць тут Айца свайго, каб ягону натуру людзкую падняў да ўчасьніцтва ў хвале, якую ён, ён Сын Божы, меў у Айца спрадвеку.

11 У гэтых славах Хрыстус просіць еднасьці для хрысьціян, дык усе добрыя хрысьціяне павінны імкнуцца да гэтай еднасьці.

12 "Сын згіненьня" - гэта Юдаш.

15 Бо на сьвеце вучні патрэбныя дзеля пашырэньня эванэліі і валадарства Божага.

21 Праз веру, надзею і любоў людзі лучацца моцнай сувязяй паміж сабою і Богам.

 

Разьдзел 18
Езус у садзе Аліўным

1 Сказаўшы гэтае, Езус выйшаў са сваімі вучнямі за ручай Цэдрон, дзе быў сад, у каторы ўвайшоў сам і вучні яго. 2 Ведаў-жа і Юдаш, каторы выдаваў яго, месца, бо там часта Езус зьбіраўся са сваімі вучнямі. 3 Дык Юдаш, узяўшы роту і слуг ад архісьвятараў і фарызэяў, прыйшоў туды з латарнямі і сьветачамі і аружжам. 4 Езус-жа, ведаючы ўсё, што мела на яго прыйсьці, выйшаў і сказаў ім: Каго шукаеце? 5 Адказалі яму: Езуса Назарэнскага. Сказаў ім Езус: Гэта я. Стаяў-жа з імі і Юдаш, каторы яго выдаваў. 6 Дык калі сказаў ім: "Гэта я", яны адступілі назад і ўпалі на зямлю. 7 Дык спытаўся ў іх ізноў: Каго шукаеце? Яны-ж сказалі: Езуса Назарэнскага. 8 Адказаў Езус: Я сказаў вам, што гэта я; дык калі мяне шукаеце, пазвольце гэтым адыйсьці. 9 Каб споўнілася мова, якую сказаў: што тых, каторых ты мне даў, не загубіў з іх ніводнага.

10 Дык Сымон Пётр, маючы меч, выняў яго і ўдарыў слугу архісьвятара і адсек яму правае вуха. А імя слугі было Мальхус. 11 І сказаў Езус Пятру: Улажы меч твой у похву. Ці-ж я ня буду піць тае чары, якую даў мне Айцец?

Езус прад Аннашам. Адрачэньне Пятра

12 Дык рота і ротны і слугі жыдоўскія ўзялі Езуса і зьвязалі яго. 13 І прывялі яго перш да Аннаша, бо ён быў цесьцем Каіфаша, які быў архісьвятарам таго году. 14 А гэта быў Каіфаш, каторы даў быў раду жыдом: Што лепш, каб адзін чалавек памёр за народ.

15 А ішоў за Езусам Сымон Пётр і другі вучань. Той-жа вучань быў знаёмы для архісьвятара і ён увайшоў з Езусам у дварышча архісьвятара; 16 а Пётр стаяў ля дзьвярэй, вонкі. Дык выйшаў другі вучань, каторы быў знаёмы для архісьвятара, і сказаў прыдзьверніцы і ўвёў Пятра. 17 Дык сказала Пятру прыдзьверная слуга: Ці і ты ня з вучняў гэтага чалавека? Ён сказаў: Я не. 18 А стаялі нявольнікі і слугі каля вуглёў, бо быў холад, і грэліся; быў-жа з імі і Пётр, каторы стаяў і грэўся.

19 Дык архісьвятар спытаўся ў Езуса аб ягоных вучнях і аб ягонай навуцы. 20 Адказаў яму Езус: Я яўна гаварыў сьвету, я заўсёды навучаў у бажніцы і ў сьвятыні, дзе зьбіраюцца ўсе жыды, і ў скрытнасьці не гаварыў нічога. 21 Што мяне пытаеш? Спытайся ў тых, каторыя чулі, што я ім гаварыў. 22 Калі-ж ён сказаў гэтае, адзін з слугаў, які там стаяў, даў Езусу на шчацэ, кажучы: Ты гэтак адказваеш архісьвятару? 23 Адказаў яму Езус: Калі я блага сказаў, дай пасьведчаньне аб благім, а калі добра, то нашто мяне б'еш? 24 І паслаў яго Аннаш зьвязанага да Каіфаша, архісьвятара.

25 А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Дык сказалі яму: Ці і ты ня з ягоных вучняў? Ён адрокся і сказаў: Я не. 26 Сказаў яму адзін з слугаў архісьвятара, сваяк таго, якому Пётр адсек вуха: Ці-ж я ня бачыў цябе ў садзе з ім? 27 Дык ізноў адрокся Пётр. І зараз-жа запяяў певень.

Езус прад Пілатам

28 Дык прывялі Езуса ад Каіфаша ў прэторыю. Была-ж раніца. І самі яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не занячысьціцца, але каб маглі есьці Пасху. 29 Дык Пілат выйшаў да іх вонкі і сказаў: Якое абвінавачаньне прыносіце на гэтага чалавека? 30 Яны адказалі і сказалі яму: Калі-б ён ня быў злачынца, мы ня выдалі-б яго табе. 31 Дык сказаў ім Пілат: Вазьмеце яго вы і паводле вашага закону асудзеце яго. А жыды сказалі яму: Нам ня можна нікога забіваць. 32 Каб споўнілася мова Езуса, якую ён сказаў, азначаючы, якою сьмерцяй меў памерці.

33 Дык Пілат увайшоў ізноў у прэторыю і паклікаў Езуса і сказаў яму: Ты кароль жыдоўскі? 34 Адказаў Езус: Ты гэтае гаворыш ад самога сябе, ці другія табе сказалі аба мне? 35 Адказаў Пілат: Ці я жыд? Твой народ і архісьвятары выдалі цябе мне; што ты зрабіў? 36 Адказаў Езус: Каралеўства маё ня ёсьць з гэтага сьвету. Калі-б каралеўства маё было з гэтага сьвету, то слугі мае пэўне-ж біліся-б, каб я ня быў выданы жыдом. Цяпер-жа каралеўства маё ня ёсьць адгэтуль. 37 І сказаў яму Пілат: Дык ты кароль? Адказаў Езус: Ты кажаш, што я кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў на сьвет, каб даў пасьведчаньне праўдзе. Кожны, хто ёсьць з праўды, слухае голасу майго. 38 Сказаў яму Пілат: Што гэта праўда?

І сказаўшы гэтае, выйшаў ізноў да жыдоў і сказаў ім: Я не знаходжу ў ім ніякае віны. 39 Ёсьць-жа ў вас звычай, каб я аднаго пушчаў вам на Пасху: дык хочаце, пушчу вам караля жыдоўскага? 40 Але закрычалі ізноў усе, кажучы: Не яго, але Бараббу. А Барабба быў разбойнік.

3 Гл. Мт. 26, 47.

6 Езус гэтым цудам паказаў, што дабравольна ідзе на мукі, бо мог-бы адыйсьці ад іх.

8 "Пазвольце гэтым" г. зн. апосталам адыйсьці. Магчыма, што старшыя жыдоўскія мелі намер і вучняў узяць.

13 Аннаш быў архісьвятарам од 6 да 15 г. па Нар. Хр., а Каіфаш ад 18 да 36 па Нар. Хр. Каіфаш быў архісьвятарам таго году, у каторым замучылі Хрыста.

16 Гэты вучань, паводле многіх, быў сам Ян эванэлісты.

19 Гэта быў Аннаш. Ён хоць цяпер і ня быў архісьвятарам, але насіў архісьвятарскі тытул і меў вялікія ўплывы ў Сангэдрыне. Допыты робіць ён умела, бо пытаецца, сколькі Хрыстус мае вучняў (ці вялікая арганізацыя) і чаго навучае.

21 Падсудны ня мае абавязку сябе вінаваціць, а адклікацца да сьведак на судзе кожнаму можна.

22 Слуга ня меў права біць Езуса бяз прысуду.

23 "Дай пасьведчаньне аб благім" г. зн. дакажы, што я блага адказаў.

28 Прэторыя - палац, дзе жылі намесьнікі (пракуратары) цэзара ў Ерузаліме. Суды ў рымлян пачыналіся даволі рана, а тады якраз Пілат меў яшчэ іншыя судовыя справы. Калі прывялі Езуса, было каля 6 гадз. нараніцы (у пятніцу).

Дамы, дзе жылі пагане, жыды ўважалі за рытуальна нячыстыя і дзеля таго жыд, калі ўвайшоў у дом паганіна, быў "нячыстым" праз цэлы дзень. А Пасху есьці маглі толькі рытуальна чыстыя.

29 Пілат гэтым дае зразумець жыдом, што без працэсу ня хоча выдаць на Езуса прысуду сьмерці.

31 Значыць, пакарайце яго так, як дазваляюць вашыя законы. Сангэдрын меў права выдаваць прысуды сьмерці, але пацьверджаньне гэтага прысуду і выкананьне залежала ад рымскіх уладаў.

32 Закон Майсея (Лев. 24, 14) загадываў за блюзьнерства каменаваць, а не крыжаваць, але Езус быў прадказаўшы, што жыды выдадуць яго на ўкрыжаваньне.

33 Усе абвінавачаньні проціў Езуса можна было зьмясьціць у гэтым адным, што Хрыстус хоча быць каралём жыдоўскім, дык Пілат прыступае да гэтага галоўнага пункту.

35 Пілат укосна сьцьвярджае тут, што пытаньне, ці Хрыстус ёсьць кароль жыдоўскі, паходзіць ад прадстаўнікоў Сангэдрыну.

36 Адказ Хрыста мае вялікае значэньне. Ён сьцьвярджае, што валадарства ягонае ёсьць валадарствам нябесным, бо закладчыкам яго ёсьць Сын Божы, які зыйшоў з неба і што ягона валадарства будуецца на іншых асновах, чым зямныя валадарствы.

37 "Ты кажаш" гл. Мт. 26, 64.

38 Пілат, ня хочучы дахадзіць зьместу праўды Божай, а можа ўсумніўшыся наагул аб існаваньні праўды, прарывае допыты, думаючы, што мае прад сабою нейкага няшкоднага філозафа-мысьліцеля і пастанаўляе ў душы звольніць Хрыста.

39 Гл. Мт. 27, 15.

 

Разьдзел 19

1 Дык тады Пілат узяў Езуса і ўбічаваў. 2 А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, узлажылі яму на галаву і апранулі яго ў чырвонае адзеньне. 3 І падыходзілі да яго і казалі: Будзь прывітаны, кароль жыдоўскі! І давалі яму па шчоках.

4 Дык Пілат ізноў выйшаў вонкі і сказаў ім: Вось я выводжу яго вам вонкі, каб вы пазналі, што я не знаходжу ў ім ніякае віны. 5 І выйшаў Езус, несучы цярновы вянок і чырвоную вопратку. І сказаў ім: Во чалавек! 6 Дык калі ўбачылі яго архісьвятары і слугі, крычалі, кажучы: Укрыжуй яго! Сказаў ім Пілат: Вазьмеце вы яго і ўкрыжуйце, бо я ў ім не знаходжу віны. 7 Адказалі яму жыды: Мы маем закон, а паводле закону ён павінен памерці, бо зрабіў сябе Сынам Божым.

8 Калі-ж Пілат пачуў гэтую мову, яшчэ болей збаяўся. 9 І ўвайшоў ізноў у прэторыю і сказаў да Езуса: Адкуль ты? Але Езус ня даў яму адказу. 10 Дык сказаў яму Пілат: Са мною не гаворыш? Ня ведаеш, што я маю ўладу ўкрыжаваць цябе і маю ўладу пусьціць цябе? 11 Адказаў Езус: Ня меў-бы ты нада мною ніякае ўлады, калі-б табе ня было дадзена згары. Дзеля гэтага той, хто мяне выдаў табе, мае большы грэх.

12 І ад таго часу стараўся Пілат пусьціць яго. Але жыды крычалі, кажучы: Калі гэтага пусьціш, ты ня друг цэзару, бо кожны, хто сябе робіць каралём, супраціўляецца цэзару. 13 А Пілат, пачуўшы гэтыя мовы, вывеў Езуса вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, якое завецца Літостротос, а па-жыдоўску Габбата. 14 Быў-жа дзень прыгатаваньня Пасхі, гадзіна як-бы шостая. І сказаў жыдом: Вось ваш кароль! 15 Але яны крычалі: Вазьмі, вазьмі, укрыжуй яго! Сказаў ім Пілат: Караля вашага ўкрыжую? Адказалі архісьвятары: Мы ня маем караля, апроч цэзара. 16 Дык тады выдаў ім яго, каб быў укрыжаваны.

Укрыжаваньне Езуса Хрыста

І ўзялі Езуса і вывелі. 17 А нясучы крыж для сябе, выйшаў на тое месца, якое завецца Трупнога Чэрапу, а па-жыдоўску Голгота, 18 дзе яго ўкрыжавалі; а з ім другіх двух з аднаго боку і з другога, а Езус пасярэдзіне. 19 Напісаў-жа Пілат і надпіс і памясьціў на крыжы. А было напісана: Езус Назарэнскі, кароль жыдоўскі. 20 Дык гэты надпіс чыталі многія з жыдоў, бо месца, дзе быў укрыжаваны Езус, было блізка гораду. Было-ж напісана па-жыдоўску, па-грэцку і па-лацінску. 21 Дык жыдоўскія архісьвятары казалі Пілату: Ня пішы: "Кароль жыдоўскі", але што ён казаў: "Я ёсьць кароль жыдоўскі". 22 Адказаў Пілат: што я напісаў, то напісаў.

23 А жаўнеры, укрыжаваўшы яго, узялі ягонае адзеньне і зрабілі чатыры часьці, і сукню. А сукня была нязшываная, ад верху ўся тканая. 24 Дык сказалі адзін да другога: Ня рэжма яе, але кіньма аб яе лёс, чыя будзе. Каб споўнілася пісаньне, якое кажа: "Падзялілі між сабою адзеньне маё, а аб сукню маю кінулі лёс" (Пс. 22, 19). Дык жаўнеры гэтае і зрабілі.

Апошнія словы, сьмерць і пахаваньне Езуса

25 Стаялі-ж каля крыжа Езусава матка ягона, і сястра маткі ягонай, Марыя Клеофава, і Марыя Магдалена. 26 Дык калі-ж убачыў Езус матку і вучня стаячага, каторага любіў, сказаў сваей матцы: Жанчына, вось сын твой. 27 Потым сказаў вучню: Вось матка твая. І ад тае часіны ўзяў яе вучань да сябе.

28 Пасьля Езус, ведаючы, што ўсё даканалася, каб даканалася Пісаньне, сказаў: Смагну. 29 Была-ж пастанаўленая пасудзіна, поўная воцту. І яны губку, поўную воцту, узьдзеўшы на трысьціну, падалі да ягоных вуснаў. 30 Дык калі Езус прыняў воцат, сказаў: Даканалася. І схіліўшы галаву, выдаў дух.

31 Дык жыды, затым што быў дзень Прыгатаваньня, каб не асталіся целы на крыжы ў суботу, бо быў вялікі той дзень суботы, прасілі Пілата, каб паламаць ім галені і зьняць. 32 Дык прыйшлі жаўнеры, і першаму паламалі галені, і другому, што быў з ім укрыжаваны. 33 Але прыйшоўшы да Езуса, як убачылі яго ўжо памёршага, не ламалі яму галеняў, 34 але адзін з жаўнераў адчыніў ягоны бок пікаю, і зараз-жа выйшла кроў і вада.

35 А той, хто відзеў, даў пасьведчаньне, і праўдзівае ёсьць ягонае пасьведчаньне; і ён ведае, што праўду кажа, каб і вы верылі. 36 Бо гэтае сталася, каб споўнілася Пісаньне: "Касьці яго не паломіце" (Вых. 12, 46). І ізноў другое Пісаньне кажа: "Убачаць, каго прабілі" (Захар. 12, 10).

38 Пасьля-ж гэтага прасіў Пілата Язэп з Арыматэі - таму што ён быў вучнем Езуса, але тайным дзеля страху перад жыдамі - каб зьняць цела Езуса. І Пілат пазволіў. Дык прыйшоў і зьняў цела Езуса. 39 Прыйшоў і Мікодым, які прыходзіў да Езуса перш уначы, нясучы мешаніну мірры і алоэсу каля ста фунтаў. 40 І ўзялі цела Езуса і абвязалі яго палотнамі разам з пахнідламі, так як ёсьць звычай у жыдоў хаваць.

41 А на месцы, дзе ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе новы гроб, у каторым яшчэ ніхто ня быў паложаны. 42 Дык там, дзеля Прыгатаваньня жыдоўскага, таму што гроб быў блізка, палажылі Езуса.

26 Вучань, каторага любіў Езус - гэта быў Ян апостал, аўтар гэтай эванэліі. Яму ў апеку аддаў Езус сваю матку.

27 "Вось матка твая" - значыць: паважай яе, любі і апякуйся, як роднай маткай. У асобе сьв. Яна Езус аддаў сваю матку ўсяму хрысьціянству, бо ўсе хрысьціяне - гэта дзеці Божыя (Ян 1, 12 - 13) і браты Хрыстовы (Ян 20, 17) а затым матка Хрыста ёсьць і іх маткай.

28 Смага была вялікай мукай укрыжаванага. Хрыстус тут смагне ня толькі на целе, але і на душы.

30 "Даканалася" ўсё, што было напісана прарокамі і што датычыла збаўленьня роду людзкога.

31 Дзеля таго што надыходзіла Пасха, якая прыпадала ў тым годзе якраз у суботу (затым "быў вялікі той дзень суботы"), жыды хацелі прысьпяшыць сьмерць укрыжаваным, каб у часе Пасхі асуджаныя ня мучыліся на крыжох, і каб магчы зьняць з крыжоў іх целы яшчэ перад захадам сонца, пакуль ня зойдуць сьвята і пахаваць. Закон (Дэут. 21, 23) загадываў хаваць асуджанага ў дзень яго сьмерці.

Ламаньне галеняў (часьці ног ад костак да кален) было асобнай рымскай карай, якою каралі злачынцаў. Асуджаным на гэтую кару даўбешкай ламалі галені.

32 Укрыжаваныя разбойнікі яшчэ жылі.

34 "Выйшла кроў і вада" на знак сьмерці Езуса.

35 "А той, хто відзеў" - гэта быў Ян апостал.

38 Язэп з Арыматэі баяўся, каб яго ня вылучылі з бажніцы.

39 Жыды пры паховінах дастойных асоб часьць пахнідлаў клалі пры целе нябошчыка, а часьць разсыпалі ў гробе або палілі.

40 Умерлага абмывалі і ўкручвалі ў чыстае палатно, галаву абвязвалі хустаю, рукі і ногі зьвязвалі шырокімі тасьмамі, палатно аблівалі пахнучым алейкам, а паміж палатном і целам клалі пахнідлы. Гэта ўсё рабілі дзеля таго, каб цела ўсьцерагчы ад гніцьця. Целы паважаных асоб намашчалі яшчэ пахнучымі алейкамі. Надыходзячая ноч і шабат не пазволілі зрабіць намашчэньня цела Езуса, дык набожныя жанчыны пастанавілі гэта зрабіць у нядзелю рана. Але Езус ужо ўскрос.

1 Гл. Мт. 27, 26 і наст.

4 Пілат выйшаў вонкі, гэта зн. прад Прэторыю, дзе на пляцы былі сабраўшыся жыдоўскія грамады.

5 Выгляд зьбічаванага Хрыста зрабіў нават на прывыклым да розных караў Пілаце вялікае ўражаньне. Дык славамі: "Во чалавек" Пілат хацеў сказаць: Глядзеце, як страшна выглядае гэты чалавек!

7 - 8 Прадстаўнікі Сангэдрыну паклікаюцца і на рэлігійныя матывы, што на забабоннага Пілата дзеіць яшчэ болей.

9 Езус маўчаў, бо ўжо ў першых допытах (Ян 18, 36 - 37) даў Пілату высьненьні аб сваей асобе і характары свайго валадарства.

11 "Згары" г. зн. з неба. Не ад цэзара, але ад Бога Айца, які дапусьціў, што Пілат можа зрабіць з Хрыстом, што хоча. Большы грэх мае Каіфаш і старшыя жыдоўскія, якія не прынялі Божага пасла - Мэсыяша і выдалі на сьмерць.

12 Словы, што Пілат, калі выпусьціць Езуса, ня ёсьць другам цэзару, зрабілі на Пілата вялікае ўражаньне. Ён зразумеў, што жыды могуць данесьці цэзару, што ён патурае розным бунтаўнікам і гэтым здраджае цэзара.

14 "Літостротос" - месца перад Прэторыяй, вылажанае мармурам і дарагім каменьнем - мозаікай. (Пажыдоўску "Габбата" значыць "узвышэньне"); там адбываліся суды і выносіліся судовыя прыгаворы.

15 Славамі: "мы ня маем караля, апроч цэзара" прадстаўнікі жыдоўскага народу адракліся ад свайго Мэсыяша і прызналі ўладу рымскага цэзара.

18 Аб укрыжаваньні гл. Мт. 27, 32 і наст.

21 Жыды адчулі дакор і паніжэньне для сябе ў гэтым надпісе і жадаюць зьмены яго.

23 - 24 "Сукня" - гэта часьць адзежы, якая была на самым целе, або туніка (як у нас сарочка, толькі доўгая, ад шыі аж да костак).

 

Разьдзел 20
Езус зьяўляецца пасьля свайго ўскрасеньня

1 Першага-ж дня тыдня Марыя Магдалена прыйшла рана, калі яшчэ была цемра, да гробу і ўбачыла камень адвалены ад гробу. 2 Дык пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Узялі Пана з гробу і ня ведаем, дзе яго палажылі. 3 Дык выйшаў Пётр і той другі вучань і прыйшлі да гробу. 4 Беглі-ж яны абодва разам, і той другі вучань дабег скарэй за Пятра і першы прыйшоў да гробу. 5 І нахіліўшыся, убачыў ляжачыя палотны, аднак не ўвайшоў. 6 Дык прыйшоў Сымон Пётр, ідучы за ім, і ўвайшоў у гроб, і ўбачыў ляжачыя палотны, 7 і хусту, якая была на галаве яго, ляжачую не з палотнамі, але аддзельна скручаную ў вадно месца. 8 Дык тады ўвайшоў і той вучань, які першы прыйшоў да гробу, і ўбачыў, і ўверыў. 9 Бо яны яшчэ ня зналі Пісаньня, што трэба было, каб ён устаў з умерлых.

11 А Марыя стаяла ля гробу вонкі, плачучы. Калі-ж плакала, яна нахілілася і заглянула ў гроб; 12 і ўбачыла двух анелаў у белым, сядзячых, аднаго ўгаловах, а другога ўнагах, дзе было паложана цела Езуса. 13 Яны ей сказалі: Жанчына, чаго плачаш? Сказала ім: Бо ўзялі майго Пана і ня ведаю, дзе яго палажылі. 14 Сказаўшы гэтае, яна абярнулася назад і ўбачыла Езуса стаячага, і ня ведала, што гэта Езус. 15 Сказаў ей Езус: Жанчына, чаго плачаш? Каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, сказала яму: Пане, калі ты яго ўзяў, скажы мне, дзе яго палажыў і я яго вазьму. 16 Сказаў ей Езус: Марыя! Яна, абярнуўшыся, сказала яму: Раббоні! што значыць: Вучыцель. 17 Сказаў ей Езус: Не датыкайся да мяне, бо я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца майго, але ідзі да братоў маіх і скажы ім: "Узыходжу да Айца майго і Айца вашага, Бога майго і Бога вашага". 18 Прыйшла Марыя Магдалена, абвяшчаючы вучням: Што я бачыла Пана і гэтае мне сказаў.

19 Дык калі быў вечар у той дзень, першы тыдня, і дзьверы былі замкнёныя, дзе былі сабраўшыся вучні дзеля страху перад жыдамі, прыйшоў Езус, і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Супакой вам! 20 І сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і бок. Дык узрадаваліся вучні, увідзеўшы Пана. 21 І сказаў ім ізноў: Супакой вам! Як мяне паслаў Айцец, і я вас пасылаю. 22 Сказаўшы гэтае, дыхнуў на іх і сказаў ім: Вазьмеце Духа сьвятога, 23 каторых адпусьціце грахі, ёсьць ім адпушчаны, а каторых затрымаеце, ёсьць затрыманы.

24 А Тамаш, адзін з дванаццацёх, каторы завецца Дыдымус, ня быў з імі, калі прыходзіў Езус. 25 Дык другія вучні сказалі яму: Мы відзелі Пана. Ён-жа сказаў ім: Калі я ня ўбачу ў руках ягоных прабоіны ад цьвікоў, і не ўлажу пальца майго ў месца цьвікоў, і не ўлажу рукі маей у бок ягоны, ня ўверу.

26 А восем дзён пасьля былі ізноў вучні ягоны ў доме і Тамаш з імі. Прыйшоў Езус пры замкнёных дзьвярох і стаў пасярэдзіне і сказаў: Супакой вам! 27 Потым сказаў Тамашу: улажы палец твой сюды і паглядзі рукі мае, і падыймі руку тваю і ўлажы ў бок мой, і ня будзь няверным, але верным. 28 Адказаў Тамаш і сказаў яму: Пан мой і Бог мой! 29 Сказаў яму Езус: Затым што ты мяне ўбачыў, Тамашу, ты ўверыў: багаслаўленыя, каторыя ня ўбачылі і ўверылі.

30 Многа-ж і іншых знакаў учыніў Езус на вачох сваіх вучняў, якія не запісаны ў гэтай кнізе. 31 Гэтыя-ж запісаны, каб вы верылі, што Езус ёсьць Хрыстус, Сын Божы, і каб верачы, мелі жыцьцё ў імя ягонае.

1 "Першага дня тыдня" г. зн. у нядзелю.

4 Сьв. Ян Апостал, як маладзейшы і сільнейшы, хутчэй за Пятра дабег, але можа з страху, а можа дзеля пашаны перад Пятром, не адважыўся першы ўвайсьці ў гроб.

7 Гэтыя палотны ляжачыя і хустка, скручаная і паложаная ў адно месца сьведчаць, што цела Езуса ня ўкралі, як гэта жыды навучалі казаць стражаў, але Езус сапраўды ўскрос. Зладзеі па сабе парадкаў ня робяць.

9 Вучні, бягучы да гробу, яшчэ не разумелі, што Езус павінен ускрэснуць. Калі Ян апостал уверыў (гл. радок 8), то Пётр яшчэ хістаўся (гл. Лук. 24, 12).

11 "Нахілілася", бо ўваход у гроб быў звычайна нізкі і каб заглянуць у гроб, трэба было нахіліцца.

17 Гэта ня знача, што Езус забараніў зусім ей датыкацца да сябе, а толькі загадаў, каб яна не задзержывала яго тут на зямлі, бо ён мае яшчэ ўзыйсьці ў неба.

19 "У той дзень, першы тыдня" г. зн. у той дзень, калі Езус ускрос (у нядзелю).

23 Ужо першага дня свайго ўскросу Езус дае апосталам і іх наступнікам уладу адпушчэньня грахоў, чым устанаўляе вялікае жарало ласкаў і супакою для грэшнага чалавецтва. Бяз гэтай улады Касьцёл ня мог-бы належна спаўняць свайго заданьня, бо пасьля грэху ня было-б магчымасьці зьяднаньня грэшніка з Богам.

Адпушчэньне грахоў адбываецца ў сакрамэнце пакуты праз вонкавы акт гэтай улады, які мы называем разграшэньнем, і праз нутраны, які завём уліцьцём у душу чалавека ўсьвячаючай ласкі г. зн. надпрыроднай любові Бога.

Каб пазнаць, ці грахі можна адпусьціць і ці чалавек варт разграшэньня, сьвятар мусіць ведаць грахі, а згэтуль выплывае патрэба споведзі.

24 Дыдымус - тое самае, што панашаму Блізьнюк.

27 Усёведаючы Хрыстус, прамаўляючы да Тамаша, ужывае такіх самых слоў, якіх ужываў Тамаш, выказваючы сваю няверу.

29 Хрыстус багаславіць тых, што ня бачылі Хрыста, а ўверылі, бо тыя, што ня бачылі Хрыста, а вераць, маюць большую заслугу перад Богам.

 

Разьдзел 21
Езус зьяўляецца апосталам над возерам Гэнэзарэт

1 Пасьля ізноў зьявіўся Езус вучням каля Тыбэрыядзкага мора. А зьявіўся так: 2 Былі разам Сымон Пётр і Тамаш, каторы завецца Дыдымус, і Натанаэль, каторы быў з Каны Галілейскай, і сыны Зэбэдэя, і другія два з ягоных вучняў. 3 Сказаў ім Сымон Пётр: Іду лавіць рыбу. Сказалі яму: Ідзём і мы з табою. І выйшлі, і селі ў лодку, і ў тую ноч не злавілі нічога. 4 Калі-ж настала раніца, стаў Езус на беразе: аднак вучні не пазналі, што гэта Езус. 5 Дык Езус сказаў ім: Дзеці, ці маеце што есьці? Адказалі яму: Не. 6 Сказаў ім: Закіньце сець на правы бок лодкі і знойдзеце. Дык закінулі, і ўжо не маглі яе цягнуць дзеля мноства рыбы. 7 Дык сказаў вучань, каторага любіў Езус, Пятру: гэта Пан. Сымон Пётр, як пачуў, што гэта Пан, апаясаўся сукняй, бо быў голы, і кінуўся ў мора. 8 Другія-ж вучні прыплылі ў лодцы (бо недалёка былі ад зямлі, але так на дзьвесьце локцяў), цягнучы сець рыбы.

9 А як выйшлі на зямлю, убачылі разложаныя вуглі і рыбу на іх паложаную, і хлеб. 10 Сказаў ім Езус: Прынясеце рыбы, якое вы цяпер налавілі. 11 Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на зямлю сець, поўную вялікіх рыбаў, што пяцьдзесят тры. І хоць гэтулькі было, сець не парвалася. 12 Сказаў ім Езус: Ідзеце, абедайце. І ніхто з сядзячых пры ядзе не адважыўся спытацца ў яго: Хто ты? - ведаючы, што гэта Пан. 13 І падыйшоў Езус, і ўзяў хлеб, і даваў ім, таксама і рыбы. 14 Гэта ўжо трэці раз зьявіўся Езус сваім вучням, пасьля таго як устаў з умерлых.

15 Калі-ж паабедалі, сказаў Езус Сымону Пятру: Сымоне Янаў, ці ты любіш мяне болей, чым гэтыя? Сказаў яму: Так, Пане, ты ведаеш, што я цябе люблю. Сказаў яму: Пасі баранкі мае. 16 Сказаў яму ізноў: Сымоне Янаў, ці ты любіш мяне? Сказаў яму: Так, Пане, ты ведае, што я цябе люблю. Сказаў яму: Пасі баранкі мае. 17 Сказаў яму трэці раз: Сымон Пётр, ці ты любіш мяне? Засмуціўся Пётр, што сказаў яму трэці раз: "Ці ты любіш мяне"? і сказаў яму: Пане, ты ўсё ведаеш, ты ведаеш, што я люблю цябе. Сказаў яму: Пасі авечкі мае.

18 Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі ты быў маладзейшы, ты падпяразваўся і хадзіў, куды хацеў. Але калі пастарэеш, выцягнеш рукі твае і другі цябе падпяража і павядзе, куды ты ня хочаш. 19 Гэтае-ж сказаў, азначаючы, якою сьмерцяй ён меў уславіць Бога. І сказаўшы гэтае, сказаў яму: Ідзі за мною.

20 Пётр, абярнуўшыся, убачыў таго вучня, каторага любіў Езус, ідучага за ім, каторы на вячэры і абапёрся на грудзях ягоных і сказаў: "Пане, хто гэта, што цябе выдасьць"? 21 Дык яго калі ўбачыў Пётр, сказаў Езусу: Пане, а ён хто? 22 Сказаў яму Езус: Калі-б я хацеў, каб ён так астаўся, пакуль я прыйду, табе што да гэтага? Ты ідзі за мною. 23 Дык разыйшлася гэтая мова між братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Езус: "Не памрэ", але "Калі-б я хацеў, каб ён так астаўся, пакуль я прыйду, што табе да гэтага"?

Заканчэньне эванэліі

24 Гэта ёсьць той вучань, каторы дае пасьведчаньне аб гэтым і гэтае напісаў, і мы ведаем, што пасьведчаньне ягонае ёсьць праўдзівае. 25 Ёсьць-жа і многа другога, што ўчыніў Езус, што калі-б апісываць паасобку, думаю, што і сам сьвет ня мог-бы зьмясьціць тых кніг, якія трэба было-б напісаць.

24 Увесь касьцёл у Эфэзе, дзе жыў сьв. Ян, ведаў, што гэтае ўсё апісаў Ян апостал і што напісанае ёсьць шчырая праўда.

25 Гэта значыць, што трэба было-б вельмі многа напісаць кніг, каб падрабязна апісаць усё, што чыніў Езус.

1 Тыбэрыядзкая мора - гэта возера Гэнэзарэт.

2 Натанаэль - інакш Баўтрамей.

3 Некаторыя апосталы перад пакліканьнем іх да апостальства займаліся рыбалоўствам.

7 Сьв. Ян, улюбёны вучань Хрыста, дзеля нявіннасьці і чыстаты свайго сэрца, найскарэй пазнае свайго Вучыцеля.

9 Хрыстус у сваей дабраце прыгатовіў для іх снеданьне.

15 З прычыны патройнага адрачэньня Пятра Хрыстус трэйчы жадае ад яго выражэньня любові, бо найвышэйшы ўрад пастыраваньня вымагае яшчэ большай любові.

17 Славамі: "Пасі баранкі мае", "пасі авечкі мае" Хрыстус дае Пятру пастырскую ўладу над усім касьцёлам: і над старшымі (апосталамі, біскупамі - сьвятарамі) і над вернымі.

18 "Хадзіў, куды хацеў" - значыць, быў вольны ў сваім жыцьці. У гэтым радку Хрыстус прадказвае Пятру мучаніцкую сьмерць на крыжы.

19 З слоў "ідзі за мною" і далейшых відаць, што Езус пры гэтых славах быў устаў і пайшоў наперад, клічучы Пятра, каб ішоў за ім.

21 Пётр, пачуўшы аб сабе, пытаецца, што з Янам будзе?

22 - 23 Вучні зразумелі словы "пакуль я прыйду" у тым сэнсе, што Ян не памрэ і будзе жыць да другога прыходу Езуса. Але ўжо ў другім радку сам сьв. Ян пярэчыць гэтакаму разуменьню. З усяго відаць, што Езус прадказаў Яну ня мучаніцкую сьмерць, а натуральную.

 

 

Апостальскія Дзеі

 

АБ АПОСТАЛЬСКІХ ДЗЕЯХ

Назоў. Сам назоў кнігі паказвае, што ў ёй ідзе гутарка аб дзеях апосталаў: у гэтай кнізе апісваюцца падзеі Хрыстовага Касьцёла, калі яшчэ жылі апосталы Пётр і Павал. Рэч зразумелая, што на дзейнасьць гэтых апосталаў і зьвернена найбольшая ўвага.

Аўтар. Аўтарам гэтай кнігі ёсьць сьв. Лукаш, той самы што напісаў трэцюю эванэлію. Кнігу сваю ён ахвяраваў, як гэта відаць з прадмовы, нейкаму бліжэй няведамаму Тэафілю. Аб тым, што сьв. Лукаш напісаў Апостальскія Дзеі, сьведчыць уся хрысьціянская старадаўнасьць, а так-жа зьмест самой кнігі, у якой знаходзім такі-самы стыль, як і ў трэцяй эванэліі і такія самыя выражэньні; апроч гэтага там знаходзім некаторыя словы і паняцьці, узятыя з тагачаснай мэдыцыны. А як ведаем, сьв. Лукаш быў лекарам.

Мэта. Сьв. Лукаш у гэтай кнізе апісвае пачатак хрысьціянства ў жыдоў і паганаў і гэтым самым дае нам гісторыю першапачаткавага Касьцёла. Свае "Дзеі" ён канцэнтруе каля дзейнасьці двух апосталаў: Пятра (разьдзелы 1 - 12) і Паўла (р. 13 - 28); часам толькі ўспамінае аб апостале Яне і Якубе Меншым. Відаць, сьв. Лукаш ня меў на мэце даць апісаньне дзейнасьці ўсіх апосталаў, а толькі хацеў на аснове галаўнейшых падзеяў апосталаў Пятра і Паўла даць адказ разьвіцьця і арганізаваньня Касьцёла пасьля Ушэсьця Езуса Хрыста. Бо эванэліі падаюць нам дзейнасьць Езуса Хрыста відомага, а "Дзеі" - дзейнасьць Езуса Хрыста невідомага, узятага ў неба, які аднак праз Духа сьв. далей кіруе сваім Касьцёлам і наварачвае як жыдоў так і паганаў. "Апостальскія Дзеі" падаюць так-жа прароцтва Езуса Хрыста, якія ўжо споўніліся і гэтым самым сьведчаць аб ягоным бостве.

Апроч гэтага сьв. Лукаш меў на ўвазе, як гэта відаць з зьместу кнігі, абарону хрысьціянства перад жыдамі і паганамі. Жыды і пагане ставілі тады хрысьціянству розныя закіды (што хрысьціянства бурыць грамадзкі лад, што не падымае чалавека на большую моральную вышыню і г. д. - вось-жа сьв. Лукаш у гэтай кнізе хоча паказаць усім, нават цікаваму паганскаму чытачу, што хрысьціянства мае ў сабе вялікія грамадзкія вартасьці і падымае людзкую адзінку на высокую ступеню абычайнасьці.

Час напісаньня. Сьв. Лукаш напісаў "Дзеі" зараз пасьля напісаньня сваей эванэліі. Закончаны "Дзеі" расказам аб увязьненьні сьв. Паўла ў Рыме, але яшчэ нічога не гаворыцца аб яго звальненьні ані аб ягонай сьмерці; не гаворыцца так-жа аб прасьледзе Касьцёла за Нэрана - дык з гэтага трэба зрабіць вывад, што "Дзеі" напісаны перад 63 годам па Нар. Хрыста (у 63 годзе сьв. Павал быў звольнены) і былі напісаны ў Рыме, куды сьв. Лукаш прыбыў разам з сьв. Паўлам.

Значэньне. З таго падрабязнага апісаньня некаторых падзеяў, абставін і мясцоў, якое бачым у гэтай кнізе, відаць, што сьв. Лукаш быў сам навочным сьведкай гэтых падзеяў. Апроч гэтага ён пільна даведываўся аб тых падзеях, якіх сам ня бачыў, ад навочных сьведкаў, як апосталы: Пётр, Павал, Якуб Меншы, дыякан Філіп і іншых. Гэта ўсё складаецца на тое, што "Дзеі" прадстаўляюць вялікую гістарычную вартасьць і даюць многа матар'ялу для вывучэньня жыцьця першапачатковага Касьцёла.

АПОСТАЛЬСКІЯ ДЗЕІ

 

Разьдзел 1
УСТУП

1 Першую-то мову я ўчыніў, Тэафілю, аб усім, што Езус пачаў чыніць і навучаць 2 аж да дня, у каторым загадаўшы апосталам праз Духа сьвятога, каторых выбраў, быў узяты; 3 дый каторым пасьля сваей мукі прадставіў сябе самога жывым у многіх доказах, праз сорак дзён зьяўляючыся ім і гаворачы аб каралеўстве Божым.

Ушэсьце ў неба Езуса Хрыста

4 І з імі ядучы, загадаў ім, каб не адыходзілі з Ерузаліму, але чакалі на абяцаньне Айца, якое, кажа, вы чулі з маіх вуснаў. 5 Бо Ян то хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам сьвятым па нямногіх гэтых днях.

6 Дык тыя, што былі зыйшоўшыся, пыталіся ў яго, кажучы: Пане, ці ў гэтым часе адбудуеш каралеўства Ізраілю? 7 Ён-жа сказаў ім: Ня вам ведаць часы або хвіліны, якія Айцец пастанавіў у сваей уладзе. 8 Але вы атрымаеце моц зыходзячага на вас Духа сьвятога, і будзеце мне сьведкамі ў Ерузаліме, і ва ўсей Юдэі, і Самарыі, і аж па край зямлі.

9 І сказаўшы гэтае, калі яны глядзелі, ён быў узьнесены і воблак узяў яго з вачэй іх. 10 Калі-ж яны ўглядаліся на яго, ідучага ў неба, вось два мужы сталі каля іх у белых вопратках, 11 якія і сказалі: Мужы галілейскія, што вы стаіцё, углядаючыся ў неба? Гэты Езус, каторы ёсьць узяты ад вас у неба, так прыйдзе, як вы яго відзелі ідучага ў неба.

Апосталы ў Ерузаліме. Выбар Мацея на апостала

12 Тады вярнуліся ў Ерузалім з гары, якая завецца Аліўная, якая ёсьць блізка Ерузаліму, маючая суботнюю дарогу. 13 І ўвайшоўшы ўзыйшлі ў сьвятліцу, дзе прабывалі Пётр і Ян, Якуб і Андрэй, Філіп і Тамаш, Баўтрамей і Матэуш, Якуб Альфэяў і Сымон Зэлот і Юда Якубаў. 14 Гэтыя ўсе былі трываючы аднадушна на малітве з жанчынамі і з Марыяй, маткай Езуса, і з братамі яго.

15 У гэныя дні ўстаўшы Пётр пасярод братоў, сказаў - а была грамада людзей разам каля ста дваццацёх: 16 - Мужы браты, трэба, каб споўнілася Пісаньне, якое прадказаў Дух сьвяты праз вусны Давіда аб Юдашу, каторы быў павадыром тых, што ўзялі Езуса. 17 Ён быў палічаны з намі і дастаў частку гэтага служэньня. 18 І гэты-то атрымаў поле заплаты нягоднасьці, і павесіўшыся, лопнуў папалам і выплылі ўсе ягоныя чэравы. 19 І сталася ведамым для ўсіх жывучых у Ерузаліме, так што было названа гэнае поле ў іхнай мове: Гакэльдама, што значыць Поле Крыві. 20 Бо ёсьць напісана ў кнізе псальмаў (68, 26): "Памешканьне іх няхай станецца пустым, і няхай ня будзе хто-б жыў у ім" і "Бісупства ягонае няхай возьме другі" (пс. 108, 8). 21 Дык трэба з гэтых мужоў, якія зьбіраліся з намі праз увесь час, у каторы Пан Езус увайшоў і выйшаў паміж нас, 22 пачаўшы ад Янавага хросту аж да дня, у каторым быў узяты ад нас, каб адзін з гэтых быў з намі сьведкай ягонага ўскрасеньня.

23 І паставілі двух: Язэпа, каторы зваўся Барсаба і каторы быў празываны Справядлівым, і Мацея. 24 І молячыся, казалі: Ты Пане, што знаеш сэрцы ўсіх, пакажы, каторага Ты выбраў з гэтых двух аднаго, 25 каб ён атрымаў месца служэньня гэтага і апостальства, ад якога адпаў Юдаш, каб адыйсьці на сваё месца. 26 І далі ім лёсы, і выпаў лёс на Мацея, і быў далічаны да адзінаццаці апосталаў.

1 "Першая мова" - гэта ёсьць эванэлія сьв. Лукаша, якая была, таксама як і "Ап. Дзеі", ахвяравана "дастойнаму Тэафілю".

2 Чалавецтва Хрыста як ня ўскросла сваімі сіламі, так і не ўзыйшло ў неба, але было ўзята моцай Божай.

5 Хрост Яна Хрысьціцеля быў толькі зьверхнім знакам каяньня за грахі і сам праз сябе не даваў ласкі ўсьвячэньня, а на апосталаў сплывуць, як вада, нутраныя ласкі Духа сьв.

Пасьля гэтых слоў Езус вывеў апосталаў з Ерузаліму на Аліўную гару.

6 З гэтага бачым, што апосталы яшчэ і цяпер думаюць аб зямным валадарстве Ізраіля і Хрыста, толькі пасьля зыходу Духа сьв. зьменьваюцца іх пагляды.

8 Апосталы будуць сьведкамі Хрыстовымі, г .зн. будуць сьведчыць аб ягоных цудах, навуцы, сьмерці і ўскрасеньні. Гэтае сьведчаньне апосталы маюць даваць найперш жыдом у Палестыне, а потым паганам на ўсім сьвеце.

9 "Быў узнесены" гл. вышэй радок 2, а так-жа Мк. 16 - 19. Хоць чалавечая натура Хрыста была ўзьнесена ў неба, то аднак мы гаворым, што Езус узыйшоў у неба, бо як Бог узыйшоў сваей моцай, бяручы з сабою чалавецтва.

10 Два мужы - гэта былі два анёлы ў выглядзе людзей.

12 Да гары Аліўнай і Ерузаліму была "суботняя дарога" г. зн. 2000 локцяў (880 мэтраў) бо столькі дазвалялася жыдом ісьці ў суботу.

13 Гэта была тая сьвятліца, дзе адбывалася Апошняя вячэра і дзе была ўстаноўлена сьв. Эўхарыстыя. І на гэтым месцы сьв. Пісаньня Пётр пастаўлены на першым месцы, як галава Касьцёла.

14 З гэтага відаць, што ў малітвах і сабраньнях апосталаў брала ўдзел і Матка Хрыстова. "Браты" - гэта сваякі Хрыстовы (Гл. Мт. 12, 46).

15 Пётр, як галава апосталаў і ўсяго Касьцёла, адкрывае сабраньне.

20 "Біскупства" азначае тут апостальскі ўрад, пасланства.

21 Езус "увайшоў і выйшаў" - жыдоўскі спосаб выражаньня, значыць тое самае, што жыў, прабываў.

22 Апосталам у сьціслым гэтага слова значэньні мог быць навочны сьведка жыцьця Хрыстуса, а галоўнае - яго ўскрасеньня.

26 Кіданьне лёсаў было ў жыдоў прынята, так напр. служба Божая пры сьвятыні разьдзялялася паміж сьвятараў лёсамі.

 

Разьдзел 2
І ЧАСЬЦЬ - КАСЬЦЁЛ ПАСЯРОД ЖЫДОЎ
Пачаткі Касьцёла ў Ерузаліме. Зыход Духа сьв.

1 І калі спаўняліся дні Сёмухі, былі яны ўсе разам на тым-жа месцы. 2 І стаўся раптам з неба шум, як-бы надыходзячага сільнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі. 3 І паказаліся ім паразьдзяляныя языкі як-бы агню, і сеў на кожным адным з іх. 4 І былі напоўнены ўсе Духам сьвятым, і пачалі гаварыць рознымі мовамі, так як Дух сьвяты даваў ім вымаўляць.

5 Былі-ж у Ерузаліме прабываючыя жыды, мужы набожныя, з усякага народу, што ёсьць пад небам. 6 Калі-ж стаўся гэты голас, зьбеглася мноства і ўстрывожылася ў мысьлі, бо кожны чуў іх гаворачых сваей мовай. 7 Астаўпянелі-ж усе і дзівіліся, кажучы: Ці-ж вось гэтыя ўсе, што гавораць, ня ёсьць галілеяне? 8 І як-жа мы кожны чулі сваю мову, у якой нарадзіліся? 9 Парты і мэды, і эламіты, і жыхары Мэзапотаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понту і Азіі, 10 Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і старон Лібіі, каторая ёсьць каля Цырэны, і прыходжыя рымскія, 11 жыды і наверненыя, крыцяне і арабы, мы чулі іх гаворачымі нашымі мовамі вялікасьці Божыя. 12 І стаўпянелі ўсе і дзівіліся, кажучы адзін да другога: што гэта мае быць? 13 А іншыя, насьмяхаючыся, казалі: што яны напіліся маладога віна.

Прамова сьвятога Пятра. Наварот жыдоў

14 Стаўшы-ж Пётр з адзінаццацьма падняў голас свой і гаварыў ім: Мужы жыдоўскія і ўсе, што жывецё ў Ерузаліме, гэта няхай будзе вам ведама і прыймеце да вушэй словы мае. 15 Бо ня ёсьць гэтыя п'яныя, як вы думаеце, бо ёсьць трэцяя гадзіна дня; але ёсьць тое, што сказана праз прарока Ёэля (2, 28 - 32): 17 "І будзе ў апошнія дні (кажа Пан) вылю з Духа майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя, а маладзяны вашыя будуць бачыць зьявы, а старцы вашыя сны будуць сьніць. 18 І на слуг-то маіх і на служкі мае ў гэныя дні вылю з Духа майго і будуць прарочыць. 19 І дам цуды на небе ўгары і знакі на зямлі ўнізе; кроў і агонь і курава дыму. 20 Сонца абернецца ў цемру і месяц у кроў, перш чым прыйдзе дзень Пана вялікі і яўны. 21 І будзе: усякі хто-толькі прызаве імя Пана, збаўлены будзе".

22 Мужы ізраільскія, паслухайце слоў гэтых! Езуса Назарэнскага, мужа пацьверджанага між вамі ад Бога моцамі і цудамі і знакамі, якія ўчыніў Бог праз яго пасярод вас, як і вы ведаеце, 23 гэтага азначанай радай і празорам Божым выданага, вы рукамі нягодных замучыўшы загубілі. 24 Яго ўскрасіў Бог, разьвязаўшы болі пекла, дзеля таго што немагчыма было яму ўдзяржаць яго. 25 Бо Давід кажа аб ім: "Відзеў я Пана прад вачамі маімі заўсёды, бо ён праваруч мяне, каб я не захістаўся. 26 Дзеля гэтага ўзрадавалася сэрца маё і разьвесяліўся язык мой; дагэтага і цела маё супачыне ў надзеі. 27 Бо не пакінеш душы маей у пекле, і не дасі сьвятому твайму ўбачыць гніцьця. 28 Учыніў ты мне ведамымі дарогі жыцьця і напоўніш мяне радасьцяй перад воблікам тваім" (Пс. 15, 8-11).

29 Мужы браты, няхай-жа можна будзе сьмела сказаць да вас аб патрыярху Давідзе, што ён памёр і пахаваны, і гроб ягоны ёсьць у нас аж па сяньняшні дзень. 30 Дык ён, будучы прарокам і ведаючы, што яму Бог прысягай прысягнуў, што з плоду паясьніцы ягонай будзе сядзець на пасадзе яго, 31 прадбачыўшы сказаў аб ускрасеньні Хрыста, што ён ані пакінены ёсьць у пекле, ані цела ягонае ня бачыла гніцьця. 32 Гэтага Езуса ўскрасіў Бог, чаго мы ўсе ёсьць сьведкі. 33 Дык узвышаны правіцаю Божаю і атрымаўшы ад Айца абяцаньне Духа сьвятога, ён выліў таго, каго вы бачыце і чуеце. 34 Бо Давід ня ўзыйшоў у неба, але сам кажа: "Сказаў Пан Пану майму, сядзь праваруч мяне, 35 пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх" (Пс. 109, 1). 36 Дык няхай напэўна ведае ўвесь дом Ізраіля, што Бог учыніў яго і Панам і Хрыстом, гэтага Езуса, каторага вы ўкрыжавалі.

37 Пачуўшы-ж гэтае, скрышыліся сэрцам і сказалі да Пятра і да іншых апосталаў: што нам рабіць, мужы браты? 38 А Пётр да іх: Пакутуйце (кажа) і няхай кожны з вас ахрысьціцца ў імя Езуса Хрыста на адпушчэньне грахоў вашых, і вы атрымаеце дар Духа сьвятога. 39 Бо для вас ёсьць абяцаньне і для дзяцей вашых, і для ўсіх, хто ёсьць далёка, каго-толькі пакліча Пан Бог наш. 40 Яшчэ многімі іншымі славамі сьведчыў і напамінаў іх, кажучы: Ратуйцеся ад гэтага нягоднага роду. 41 Дык тыя, што прынялі мову яго, былі ахрышчаны. І далучылася ў той дзень каля трох тысяч душ.

Жыцьцё першых хрысьціян

42 І трывалі ў навуцы апосталаў і ў супольніцтве ламаньня хлеба і ў малітвах. 43 І быў у кожнай душы страх; многа так-жа цудаў і знакаў дзеялася праз апосталаў у Ерузаліме, і вялікая баязьнь была ва ўсіх. 44 Так-жа ўсе, што верылі, былі разам і мелі ўсё супольнае. 45 Маемасьць і дабро прадавалі і дзялілі іх усім, як кожнаму трэба было. 46 Штодня так-жа аднадушна трываючы ў сьвятыні; і ламаючы хлеб па дамох, спажывлі ежу з радасьцяй і прастатой сэрца, 47 хвалячы Бога і маючы ласку ў усяго народу. Пан-жа штодня дабаўляў да супольнасьці тых, што мелі быць збаўлены.

1 Сёмуху жыды абходзілі на 50-ты дзень пасьля Пасхі на падзяку Богу за ўраджай.

"На тым-жа месцы" г. зн. у вячэрнай сьвятліцы, там, дзе была Апошняя вячэра.

3 Агонь у гэты час быў знакам прысутнасьці Духа сьв., які асьвячае, ачышчае і сагравае душу. Дух сьв. зыйшоў на апосталаў у форме языкоў, бо ў сваей апостальскай дзейнасьці яны мовамі мелі наварачваць сьвет.

8 На важнейшыя сьвята зьбіраліся ў Ерузалім жыды з розных краін; яны зналі мову таго краю, дзе яны радзіліся і дзеля гэтага вельмі дзівіліся, чуючы, як апосталы гавораць мовамі іншых краёў.

15 Трэцяя гадзіна - гэта нашая дзевятая рана, а ў гэты час людзі, асабліва жыды, ня п'юць ап'яняючых напіткаў.

17 "У апошнія дні" г. зн. у дні Мэсыяша, калі аб'яўленьне Божае будзе споўнена. "На ўсякае цела" г. зн. на ўсё чалавецтва. "Будуць прарочыць" г. зн. будуць выказваць дадзеныя ад Бога аб'явы.

20 Прарок Ёэль гаворыць ня толькі аб першым прыходзе Езуса, але і аб другім - на апошні суд. Перад другім прыходам будуць гэтыя знакі.

21 Хто прызнае Езуса за Мэсыяша і споўніць ягону волю, той будзе збаўлены.

24 "Разьвязаўшы болі пекла" або атхані (па-гэбр. "шэоль"), куды ішлі душы памёршых справядлівых людзей, і куды зыйшоў Хрыстус. Тут пекла азначае яшчэ сьмерць, якая хоць і ўзяла Езуса пад сваю ўладу, аднак не магла ўдзяржаць яго назаўсёды.

27 "Ня ўбачыць гніцьця" - Бог ня можа пазволіць, каб цела сьвятое Сына ягонага мела згніць, так як гніе кожнае цела.

34 Гл. Мт. 22, 44.

42 "Ламаньне хлеба" тут азначае братнія вячэры (агапы), якія ладзілі першыя хрысьціяне, а так-жа пасьвячэньне сьв. Эўхарыстыі і Камунію (імшу сьв.).

44 - 45 Супольнасьць маемасьці, якая была ў першых хрысьціян у Ерузаліме, была дабравольная і выплывала з любові і спагаднасьці да бедных, якіх абдзялялі ўсім патрэбным, дык гэтай супольнасьці ня трэба разумець у сяньняшнім, камуністычным значэньні.

46 Першыя хрысьціяне ў Ерузаліме, каб ня горшыць жыдоў і ня зражваць іх да хрысьціянства, хадзілі пакуль-што на набажэнствы жыдоўскія ў сьвятыню; потым аднак, калі разьвіўся хрысьціянскі культ, яны адыходзяць ад жыдоўскіх набажэнстваў, рвучы гэтым літургічную лучнасьць з вызнавальнікамі Майсеявага Закону.

 

Разьдзел 3
Аздараўленьне кульгавага каля сьвятыні

1 Пётр-жа і Ян ішлі на гадзіну ў сьвятыню дзевятаю малітвы. 2 І нясьлі аднаго чалавека, каторы быў кульгавы з лона маткі сваей; яго штодня клалі каля сьвятыні брамы, што завецца Прыгожай, каб прасіў дарэньня ад уваходзячых у сьвятыню. 3 Той, як убачыў Пятра і Яна, пачынаючых уваходзіць у сьвятыню, прасіў, каб атрымаць дарэньне. 4 А ўглядаючыся на яго Пётр з Янам, сказаў: Паглянь на нас. 5 Ён-жа ўзіраўся на іх, спадзяючыся нешта ад іх атрымаць. 6 А Пётр сказаў: Серабра і золата ў мяне няма, але што маю, тое табе даю: У імя Езуса Хрыста Назарэнскага ўстань і хадзі. 7 І ўзяўшы яго за правую руку, падняў яго, і зараз-жа акрэплі ногі і ступені ягоны. 8 І ўскочыўшы стаў і хадзіў; і ўвайшоў з імі ў сьвятыню, ходзячы і падскаківаючы і хвалячы Бога. 9 І відзеў яго ўвесь народ ходзячага і хвалячага Бога. 10 І пазнавалі яго, што гэта быў той, каторы дзеля дарэньня садзіўся каля Прыгожай брамы сьвятыні; і былі напоўнены здумленьнем і захопленьнем дзеля таго, што было яму сталася. 11 А калі ён дзяражаўся Пятра і Яна, зьбегся да іх увесь народ у прысенак, што завецца Саламонавым, здумлеваючыся.

Другая прамова Пятра

12 А відзячы Пётр адазваўся да народу: Мужы Ізраільскія, што вы дзівіцёся з гэтага, або што вы ўгледаецеся на нас, быццам мы нашай моцай або ўладай зрабілі, што гэты ходзіць? 13 Бог Абрагама і Бог Ізаака і Бог Якуба, Бог айцоў нашых уславіў Сына свайго Езуса, каторага вы-то выдаля і адракліся перад Пілатам; калі той судзіў, каб быў звольнены. 14 Вы-ж адракліся ад сьвятога і справядлівага, і прасілі, каб вам падарыў мужа забойцу, 15 а спраўцу жыцьця вы забілі; каторага Бог падняў з умерлых, чаго мы ёсьць сьведкі. 16 І дзеля веры ў імя яго ўзмацавала імя ягонае гэтага, каторага вы бачыце і знаеце, і вера, каторая праз яго ёсьць, дала поўнае гэтае аздараўленьне на вачах вас усіх.

17 А цяпер, браты, ведаю, што зрабілі вы праз нясьведамасьць, так як і вашыя старшыя. 18 Бог-жа гэтак споўніў тое, што прадказаў праз вусны ўсіх прарокаў, што Хрыстус ягоны мае цярпець.

19 Дык пакутуйце і навярнецеся, каб былі зьніштожаны грахі вашы, 20 каб, калі прыйдуць часы ахалоды ад вобліку Пана, ды ён паслаў таго, каторы ёсьць абвешчаны вам, Езуса Хрыста. 21 Яго-то трэба, каб прыняло неба аж да часаў направы ўсяго, аб чым гаварыў Бог праз вусны сваіх сьвятых ад веку прарокаў. 22 Майсей-то сказаў: "што прарока падыйме вам Пан Бог ваш з братоў вашых, так як мяне; яго будзеце слухаць ва ўсім, што-колечы будзе вам гаварыць (Дл. 18, 15, 18). 23 І будзе, што ўсякая душа, якая не паслухае гэнага прарока, будзе выкаранена з народу" (Лев. 23, 29). 24 І ўсе прарокі ад Самуэля і потым, каторыя гаварылі, абвяшчалі гэтыя дні. 25 Вы ёсьць сыны прарокаў і ўмовы, якую ўстанавіў Бог з нашымі айцамі, кажучы да Абрагама: "І ў патомстве тваім будуць багаслаўлены ўсе народы зямлі" (Ген. 22, 18). 26 Вам найперш Бог, падняўшы Сына свайго, паслаў багаславіць вам, каб кожны навярнуўся ад нягоднасьці сваей.

1 "На гадзіну дзевятую" г. зн. на нашу трэцюю па палудні.

2 Брама, якая звалася Прыгожай, была паміж панадворкам жанчын і панадворкам сьвятараў.

11 Панадворкі сьвятыні былі акружаны будынкамі на калюмнах; будынкі гэтыя дзяліліся на часткі, званыя прысенкамі.

17 Народ жыдоўскі, жадаючы сьмерці для Хрыста, рабіў гэта праз нясьведамасьць, не здаючы сабе справы, што забівае Хрыста-Мэсыяша.

19 - 21 Думка ў гэтых радкох такая, што Езус узыйшоў у неба і будзе там аж да свайго другога прыходу на апошні суд. Тады наступяць часы поўнага шчасьця і абновы ўсіх рэчаў. Наварот людзей і пакаяньне многіх гэты час прысьпяшыць. З гэтага відаць, што першыя хрысьціяне, хоць і спадзяваліся хуткага прыходу Езуса Хрыста і канца сьвету, то гэты прыход зьвязвалі з наваротам і пакаяньнем людзей.

23 "Выкараненьня з народу" - значыць, вылучэньня з валадарства Хрыстовага.

25 Жыды ў спадчыне атрымалі прароцтвы і ўмову, якая была зроблена паміж Богам і Абрагамам і да іх у першую чаргу належаць прароцтвы і абяцаньні мэсыянскія.

26 Сын Божы ўчалавечыўся для збаўленьня ўсіх людзей, але жыды былі першыя пакліканы да валадарства Божага.

 

Разьдзел 4
Прасьлед апосталаў і малітва Касьцёла.

1 Калі-ж яны гаварылі да народу, надыйшлі сьвятары і начальнік сьвятыні і садукеі, 2 абураныя, што яны вучылі народ і абвяшчалі ў Езусе ўскрасеньне з умерлых. 3 І налажылі на іх рукі і пасадзілі іх у вастрог да заўтра, бо быў ужо вечар. 4 Многія-ж з тых, што слухалі слова, уверылі; і было лікам мужоў пяць тысяч.

5 І сталася назаўтра, што сабраліся павадары іх і старшыя і кніжнікі ў Ерузалім, 6 і Аннаш, архісьвятар, і Каіфаш, і Ян, і Аляксандар, і сколькі іх было з сьвятарскага роду. 7 І паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталі: Якою моцай ці якім імянем вы гэтае ўчынілі?

8 Тады Пётр, напоўнены Духам сьвятым, сказаў да іх: Павадыры народу і старшыя, слухайце! 9 Калі мы сягоньні ёсьць суджаны за дабрадзейства для нядужага чалавека, праз якое гэты быў аздароўлены, 10 няхай будзе ведама вам усім і ўсяму народу Ізраільскаму, што іменем Пана нашага Езуса Хрыста Назарэнскага, каторага вы ўкрыжавалі, каторага Бог падняў з умерлых, праз яго гэты стаіць здаровы перад вамі. 11 Гэта камень адкінуты вамі будаўнічымі, каторы стаўся галавою вугла (Пс. 117, 22), 12 і няма ў нікім іншым збаўленьня. Бо няма іншага імені пад небам, дадзенага людзям, у якім трэба было-б нам збаўляцца.

13 Бачучы-ж стойкасьць Пятра і Яна, зразумеўшы, што яны людзі без навукі і простыя, дзівіліся; і пазналі іх, што былі з Езусам. 14 Бачучы так-жа чалавека, стаячага з імі, каторы быў аздароўлены, нічога не маглі сказаць проціў. 15 І загадалі ім выйсьці проч з Рады і нараджаліся паміж сабою, 16 кажучы: што нам рабіць з гэтымі людзьмі? Бо-ж ведамы цуд учынены ёсьць праз іх, яўны для ўсіх жывучых у Ерузаліме, і мы ня можам запярэчыць. 17 Але каб болей не разыходзілася ў народзе, пагрозім ім, каб болей не гаварылі ў гэтае імя нікому з людзей. 18 І паклікаўшы іх, загадалі, каб яны зусім не гаварылі і не навучалі ў імя Езуса. 19 Пётр-жа і Ян адказваючы сказалі да іх: Ці справядліва гэта перад вачамі Бога вас болей слухаць, чым Бога, разсудзеце. 20 Бо мы ня можам не гаварыць, што мы бачылі і чулі. 21 Яны-ж пагразіўшы пусьцілі іх, не знаходзячы, як-бы пакараць іх, дзеля народу, бо ўсе славілі тое, што было сталася ў гэтым здарэньні. 22 Гадоў-жа было болей сарака чалавеку, з каторым стаўся гэты цуд аздараўленьня.

23 Калі-ж іх пусьцілі, яны прыйшлі да сваіх і абвясьцілі, што да іх гаварылі архісьвятары і старшыя. 24 Яны пачуўшы, аднадушна паднялі голас да Бога і казалі: Пане, гэта Ты, каторы стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх ёсьць; 25 каторы Духам сьвятым праз вусны айца нашага Давіда, слугі твайго, сказаў: чаму ўзбурыліся пагане і народы памышлялі пустое? 26 Паўсталі валадары зямлі і павадыры зыйшліся ў вадно проціў Пана і проціў Хрыстуса ягонага"? (Пс. 2, 1-2). 27 Бо сапраўды зыйшліся ў гэтым горадзе проціў сьвятога Сына твайго Езуса, каторага Ты намасьціў, Гэрад і Понцый Пілат з паганамі і народамі Ізраіля, 28 каб учыніць тое, што рука твая і рада твая пастанавілі, каб сталася. 29 А цяпер, Пане, узглянь на пагрозы іх і дай слугам тваім з усей адвагай гаварыць слова тваё, 30 праз тое, што працягнеш руку тваю на аздараўленьні, і каб знакі і цуды дзеяліся праз імя сьвятога Сына твайго, Езуса. 31 І калі яны маліліся, задрыжала месца, на якім яны былі сабраўшыся; і напоўнеы былі ўсе Духам сьвятым, і гаварылі слова Божае з адвагай.

Еднасьць і любоў паміж першых хрысьціянаў

32 А ў мноства веручых было адно сэрца і адна душа; і ніхто з таго, што меў, нічога не называў сваім, але было ў іх усё супольнае. 33 І з вялікай моцай давалі апосталы пасьведчаньне аб ускрасеньні Езуса Хрыста, Пана нашага; і вялікая ласка была ва ўсіх іх. 34 І ня было паміж імі нікога церпячага недастатак, бо каторыя толькі-мелі палі або дамы, прадаўшы, прыносілі заплату за тое, што прадавалі 35 і клалі ля ног апосталаў. А дзялілася кажнаму, як яму трэба было. 36 І Язэп, названы апосталамі Барнаба (што значыць: Сын пацяшэньня), левіт, родам з Цыпру, 37 маючы поле, прадаў яго і прынёс заплату і палажыў ля ног апосталаў.

1 "Начальнік сьвятыні", або начальнік стражы, якая пільнавала парадку ў сьвятыні, меў вялікае значэньне: ён быў першы па архісьвятары.

4 Пяць тысяч хрысьціян - гэта была першапачаткавая хрысьціянская грамада (гміна).

6 Аб Аннашы і Каіфашы гл. Ян 18, 13 - 19.

11 Гл. Мт. 21, 42.

24 Маем тут прыгожы прыклад супольнай малітвы хрысьціян, якую яны, магчыма, паўтаралі за адным адмаўляючым або, паводле жыдоўскага звычаю, на канцы малітвы пацьвярджалі словам: Амэн (няхай станецца).

31 Бог гэтакім адчувальным спосабам дае пазнаць, што выслухаў малітву Касьцёла і зсылае на іх Духа сьв., каб з адвагай абвяшчалі слова Божае.

32 Супольнасьць маемасьці выплывае з хрысьціянскай любові бліжняга: "Было адно сэрца і адна душа". Гл. вышэй 2, 44 - 45.

 

Разьдзел 5
Ананій і Сафіра

1 Адзін-жа муж, на імя Ананій, з жонкай сваею Сафірай, прадаў поле, 2 і адлажыў з заплаты за поле, з ведама сваей жонкі, і прынёсшы нейкую часьць, палажыў ля ног апосталаў. 3 І сказаў Пётр: Ананій, чаму д'ябал скусіў тваё сэрца, каб ты лгаў Духу сьвятому і адлажыў з заплаты за поле? 4 Ці-ж астаючыся яно не пры табе аставалася, а прададзенае ці-ж ня ў тваей было моцы? Чаму-ж ты пастанавіў у сэрцы сваім гэтую рэч? Ты не салгаў людзям, але Богу. 5 А пачуўшы гэтыя словы, Ананій упаў і сканаў. І зьняў вялікі страх усіх, каторыя чулі. 6 А ўстаўшы, дзяцюкі прынялі яго і вынесшы, пахавалі.

7 Прайшло-ж каля трох гадзін часу, і жонка ягона, ня ведаючы, што стала, увайшла. 8 І сказаў ей Пётр: Скажы мне жанчына, ці вы за столькі прадалі поле? Яна-ж сказала: Так за столькі. 9 Пётр-жа да яе: што гэта вы змовіліся, каб спакушваць Духа Панскага? Вось ногі тых, што пахавалі твайго мужа, ля дзьвярэй, і цябе вынясуць. 10 Яна зараз-жа ўпала ля ног ягоных і сканала. Увайшоўшы-ж дзяцюкі, знайшлі яе памёршаю і вынесьлі і пахавалі каля яе мужа. 11 І зьняў вялікі страх увесь касьцёл і ўсіх, што чулі аб гэтым.

Цуды апосталаў і ўзрост Касьцёла

12 Праз рукі-ж апосталаў дзеяліся многія знакі і цуды ў народзе. І былі ўсе аднадушна ў прысенку Саламона, 13 а з іншых ніхто не адважаваўся да іх далучыцца; але народ іх славіў 14 і болей павялічвалася мноства мужоў і жанок, веручых у Пану, 15 так што на вуліцы выносілі хворых і клалі на ложах і насілках, каб пры праходзе Пятра прынамся цень ягоны ацяніў каго-колечы з іх і каб былі звольнены ад сваіх хваробаў. 16 Зьбіралася-ж так-жа мноства з суседніх гарадоў да Ерузаліму, прыносячы хворых і мучаных духамі нячыстымі; усе яны былі аздароўлены.

Новы прасьлед апосталаў. Рада Гамаліеля

17 І паўстаўшы архісьвятар і ўсе, што з ім былі (гэта ёсьць гэрэзыя садукеяў), былі напоўнены зайздрасьцяй, 18 і налажылі рукі на апосталаў і пасадзілі іх у вагульны вастрог. 19 Але анел Панскі, уначы адчыніўшы дзьверы вастрогу і вывеўшы іх, сказаў: 20 Ідзеце, і стаўшы гаварэце народу ў сьвятыні ўсе словы гэтага жыцьця. 21 Яны, пачуўшы, увайшлі нараніцы ў сьвятыню і навучалі. А прыйшоўшы архісьвятар і тыя, што з ім былі, склікалі Раду і ўсіх старшых з сыноў Ізраіля, і паслалі ў вастрог, каб іх прывесьці. 22 Калі-ж прыйшлі слугі, і адчыніўшы вастрог, не знайшлі іх, вярнуўшыся, абвесьцілі, 23 кажучы: Вастрог-то мы знайшлі замкнёны з усей стараннасьцяй, і стражнікаў стаячых перад дзьвярамі, але адчыніўшы, мы ўнутры нікога не знайшлі. 24 Калі-ж пачулі гэтыя словы, начальнік сьвятыні і архісьвятары сумневаліся аб іх, што-б гэта сталася? 25 Прыйшоўшы-ж нехта, сказаў ім: што вось мужы, каторых вы пасадзілі ў вастрог, ёсьць у сьвятыні, стаяць і вучаць народ. 26 Тады пайшоў начальнік з слугамі і прывёў іх бяз гвалту, бо баяліся народу, каб не закаменаваў іх. 27 І прывёўшы іх, паставілі перад Радай. І спытаўся ў іх архісьвятар, 28 кажучы: Мы вам забаронай забаранілі, каб вы ня вучылі ў гэтае імя, а вы вось напоўнілі Ерузалім вашаю навукаю і хочаце на нас узьвесьці кроў гэтага чалавека. 29 Адказваючы-ж Пётр і апосталы сказалі: Болей трэба слухаць Бога, чым людзей. 30 Бог айцоў нашых падняў Езуса, каторага вы забілі, павесіўшы на дрэве. 31 Гэтага павадыра і збаўцу ўзвысіў Бог правіцаю сваею, каб даць пакутаваньне Ізраілю і адпушчэньне грахоў. 32 І мы ёсьць сьведкі гэтых слоў і Дух сьвяты, каторага даў Бог усім паслушным яму. 33 Пачуўшы гэтае надрываліся і думалі іх забіць.

34 Устаўшы-ж у Радзе адзін фарызэй, на імя Гамаліель, вучыцель закону, паважаны ўсім народам, загадаў людзям накоратка выйсьці 35 і сказаў да іх: Мужы ізраільскія, уважайце на сябе адносна гэтых людзей, што маеце рабіць. 36 Бо прад гэтымі днямі паўстаў Тэод, кажучы, што ён ёсьць нехта; да яго прыстала лікам каля чатырохсот мужоў; ён быў забіты і ўсе, што верылі яму, былі разсеены і абернуты ў нішто. 37 Пасьля гэтага паўстаў Юда Галілеец у дні перапісу і пацягнуў за сабою народ; і ён загінуў, і ўсе, каторыя - толькі прысталі да яго, разсыпаліся. 38 Дык і цяпер кажу вам, адступеце ад гэтых людзей і пакіньце іх. Бо калі гэта рада ці справа ад людзей, яна раскідаецца; 39 але калі яна з Бога, ня зможаце яе раскінуць, каб часам вам ня прыйшлося змагацца і з Богам. І згадзіліся з ім.

40 І паклікаўшы апосталаў, набіўшы іх, загадалі, каб яны зусім не гаварылі ў імя Езуса, і пусьцілі іх. 41 А яны ішлі ад вобліку Рады, цешачыся, што сталіся годнымі цярпець зьнявагу за імя Езус. 42 І не пераставалі кожны дзень у сьвятыні і па дамох навучаць і апавяшчаць Езуса Хрыста.

4 З гэтага бачым, што хрысьціяне ня мелі абавязку прадаваць сваей маемасьці, а калі і прадавалі, то маглі грошы аставіць на свае патрэбы.

11 Суровая кара, якая спаткала Ананія і Сафіру, была патрэбнай у першапачаткавай грамадзе, каб забясьпечыць разьвіцьцё яе на асновах праўды і справядлівасьці, паступак-жа Ананія і Сафіры быў супярэчны з гэтымі асновамі. У паступку гэтых людзей была грамадзкая крыўда, бо аддаўшы часьць грашэй у агульную касу, яны маглі-б дамагацца ад гэтай касы ўтрыманьня і разам з гэтым мелі-б славу сьвятых і справядлівых людзей. Пакараньне іх было страхам для іншых.

13 Тут гутарка аб апосталах, да каторых ніхто не адважваўся далучыцца і самавольна браць на сябе ўрад апостала. Народ славіў апосталаў за цуды, якія яны ўчынілі.

17 Садукеі, тагачасныя лібэралы і вольнадумцы, ненавідзелі хрысьціян ня столькі з прычын рэлігійных (як фарызэі), сколькі дзеля ўплыву, які мелі апосталы на народ. Злавала іх так-жа вялікая духоўнасьць (спірытуалізм) хрысьціянскай навукі і вера ў ускрасеньне ўмерлых.

20 "У сьвятыні" г. зн. на панадворках і прысенках, якімі была акружана сьвятыня.

24 "Сумняваліся" г. зн. не маглі зразумець, што было сталася.

28 Старшыя баяцца крыві Хрыстовай г. зн. каб народ не палічыў іх адказнымі за кроў і сьмерць Хрыста.

34 Гамаліель, вучыцель Саўла (Паўла), быў чалавек разважны і прызнаваў агляд Божы ў падзеях народаў.

36 Тэод, званы яшчэ Матыясам, быў, як дапускаюць, паўстанцам проціў рымскай улады, вучні ягоны пад канец панаваньня Гэрада В. скінулі рымскага арла з вялікай брамы сьвятыні.

37 Юда з Галілеі падняў бунт у часе народнага перапісу, які рабіла рымская ўлада ў мэтах падатковых. Юда казаў, што даваць падатак рымлянам - гэта ламаць вернасьць Богу, які ёсьць валадарам Ізраіля.

39 Справа Божая ня можа быць раскідана людзьмі, а праўда заўсёды перамагае.

40 Білі апосталаў за праступленьне забароны Сангэдрыну, які забараніў абвяшчаць Хрыста (гл. Ап. Дз. 4, 18).

41 Якая вялікая зьмена настала ў апосталаў пасьля зыходу Духа Сьв.! З баязьлівых і млаверных яны зрабіліся стойкімі вяшчунамі навукі Хрыстовай і гатовы цярпець за яе.

 

Разьдзел 6
Выбар дыяканаў

1 У гэныя-ж дні, калі ўзрастаў лік вучняў, паднялося нараканьне грэкаў проціў жыдоў, таму што ў штодзённым паслугаваньні былі крыўджаныя іхныя ўдовы. 2 Дык дванаццацёх, склікаўшы грамаду вучняў, сказалі: Гэта ня добра, каб мы пакідалі слова Божае, а служылі для сталоў. 3 Дык нагледзьце, браты, спасярод вас, сем мужоў з добрым пасьведчаньнем, поўных Духа сьвятога і мудрасьці, каторых-бы нам паставіць над гэтай справай. 4 А мы будзем пільнавацца малітвы і паслугаваньня слова. 5 І спадабалася мова перад усей грамадой. І выбралі Сьцяпана, мужа поўнага веры і Духа сьвятога, і Філіпа, і Прахора, і Ніканора, і Тымона, і Пармэна і Мікалая Антыохійца, прозэліта. 6 Гэты паставілі перад воблікам апосталаў і памаліўшыся, узлажылі на іх рукі.

7 А слова Пана расло, і лік вучняў у Ерузаліме множыўся вельмі; вялікая так-жа грамада сьвятараў была паслушна веры.

Сьвяты Сьцяпан - першы мучанік

8 Сьцяпан-жа, поўны ласкі і моцы, чыніў цуды і вялікія знакі ў народзе. 9 І паўсталі некаторыя з бажніцы, якая завецца лібэртынаў і Цырэнэяў, і Александрыйцаў, і тых, што былі з Цыліцыі і з Азіі, спрачаючыся з Сьцяпанам. 10 І не маглі устаяць супроць мудрасьці і Духа, каторы гаварыў. 11 Тады падаслалі мужоў, каб яны казалі, што чулі яго гаворачы словы блюзьнерства на Майсея і на Бога. 12 І так падбурылі народ і старшых і кніжнікаў, і зьбегшыся, хвацілі яго і прывялі ў Раду. 13 І паставілі фальшывых сьведкаў, каторыя казалі: Гэта чалавек не перастае гаварыць словы проціў месца сьвятога і закону. 14 Бо мы чулі, як ён казаў: што Езус Назарэнскі гэты зруйнуе гэтае месца і зьменіць звычаі, якія нам перадаў Майсей.

15 І ўглядаючыся на яго ўсе, што былі ў Радзе, бачылі твар ягоны, як твар анела.

1 "Грэкі" - гэта былі хрысьціяне з жыдоў, гаворачых па-грэцку, або хрысьціяне з паганаў, прыняўшых закон Майсея (прозэлітаў). Удовы іх пачуліся пакрыўджанымі перад удовамі палестынскіх жыдоў.

2 "Служылі для сталоў" г. зн. займаліся раздаваньнем штодзеннай ежы для ўдоў і бедных.

4 "Малітвы" - г. зн. набажэнства, якое разьвівалася ў хрысьціянскай грамадзе, адменнае ад набажэнства Майсеявага Закону. "Паслугаваньне слова" г. зн. абвяшчаньне эванэліі.

5 Усе гэтыя імёны грэцкія; хрысьціян з грэцкіх жыдоў выбралі на дыяканаў мусіць затым, каб "грэцкай" часьці хрысьціян ня даць прычын да скаргі. Апошні з іх быў нават нованаверненым жыдам з паганаў (прозэлітам).

6 Праз ускладаньне рук апосталы далі ім часьць сваей улады і павагі. Дыяканы займаліся ня толькі раздаваньнем дараў, але памагалі апосталам у абвяшчаньні эванэліі і хрышчэньні людзей.

7 З гэтых слоў бачым, што і старазаконныя сьвятары прыймалі навуку Хрыста.

9 Жыды з паза-палестынскіх краёў ( з разсяленьня) мелі ў Ерузаліме свае арганізацыі і бажніцы. Лібэртыны - гэта былі жыды, якія рымскай уладай былі праданы ў няволю, але потым з яе выкупіліся і жылі ў Ерузаліме. Іншыя жыды, якія паўсталі проціў сьв. Сьцяпана, былі таксама з за-палестынскіх краёў.

14 Езус не казаў, што сам зруйнуе сьвятыню, а толькі прадказаў яе руіну. Прадпісаньні Майсеявага закону, як з гэтага месца відаць, ужо не заўсёды берагліся першымі хрысьціянамі і потым былі зьменены цалком (напр. абразаньне).

 

Разьдзел 7
Прамова сьв. Сьцяпана

1 І сказаў архісьвятар: Ці гэта так маецца? 2 Ён сказаў: Мужы браты і айцы, слухайце. Бог славы зьявіўся айцу нашаму Абрагаму, калі ён быў у Мэзопотаміі, перш чым пасяліўся ў Гаране, 3 і сказаў да яго: Выйдзі з зямлі тваей і з радні тваей, , і ідзі ў зямлю, якую я пакажу табе (Ген. 12, 1). 4 Тады выйшаў з зямлі Хальдэйскай і жыў у Гаране. І стуль, потым як памёр ягоны бацька, перанёс яго ў гэтую зямлю, у каторай вы цяпер жывецё. 5 І ня даў яму ў ей спадчыны ані на крок нагі, але абяцаўся даць яму яе ў уладаньне і патомству ягонаму пасьля яго, хоць ён ня меў сына. 6 І гаварыў яму Бог, што патомства ягонае будзе прышлым у чужой зямлі, і паддадуць іх у няволю, і будуць дрэнна з імі абходзіцца праз чатырыста гадоў. 7 А народ, катораму яны будуць служыць, я буду судзіць, сказаў Пан; а пасьля гэтага яны выйдуць і будуць служыць мне на гэтым месцы. 8 І даў яму ўмову абразаньня. І так радзіў Ізаака, і абрэзаў яго на восьмы дзень, а Ізаак Якуба, а Якуб дванаццаць патрыярхаў.

9 А патрыярхі завідуючы, прадалі Якуба ў Эгіпет. І Бог быў з ім, 10 і вырваў яго з усіх уцісьненьняў ягоных; і даў яму ласку і мудрасьць прад вачамі фараона, караля эгіпскага; і паставіў яго начальнікам над Эгіптам і над усім домам сваім. 11 І прыйшоў голад на ўвесь Эгіпет і Ханаан і вялікае ўцісьненьне і не знаходзілі ежы айцы нашыя. 12 Калі-ж пачуў Якуб, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, паслаў айцоў нашых першы раз. 13 А за другім разам пазнаны быў Язэп братамі сваімі і выяўлены фараону род ягоны. 14 Язэп-жа, паслаўшы, паклікаў Якуба, бацьку свайго і ўсю радню сваю, семдзесят пяць душ. 25 І перайшоў Якуб у Эгіпет. І памёр ён і айцы нашы, 16 і перанесены яны ў Сыхем і паложаны ў гробе, які купіў Абрагам за цану серабра ў сыноў Гэмора, Сыхемавага сына.

17 Калі-ж прыбліжыўся час абяцаньня, якое выказаў Бог Абрагаму, узрос народ і размножыўся ў Эгіпце, каторы ня знаў Язэпа, 18 пакуль не настаў іншы кароль у Эгіпце, каторы ня знаў Язэпа. 19 Гэты, хітра выступаючы проціў нашага народу, прыціскаў айцоў нашых, каб выкідалі сваіх дзяцей, каб яны ня жылі. 20 У тым-жа часе радзіўся Майсей і быў ён мілы Богу. Праз тры месяцы быў ён гадаваны ў доме бацькі свайго, 21 а калі быў выкінуты, узяла яго дачка фараона і выгадавала яго сабе за сына. 22 І быў Майсей навучаны ўсей мудрасьці эгіпскей і быў магутны ў славах і ў чынах сваіх. 23 Калі-ж споўнілася яму сорак гадоў веку, прыйшло яму ў сэрца адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраіля. 24 І калі ўбачыў аднаго церпячага крыўду, заступіўся за яго і памсьціўся за пакрыўджанага, забіўшы эгіпцяніна. 25 Думаў-жа ён, што браты зразумеюць, што Бог ягонай рукой даець ім выбаўленьне; але яны не зразумелі. 26 А на другі дзень зьявіўся, калі яны в'адзіліся і гадзіў іх у супакою кажучы: Мужы, вы-ж браты, нашто вы адзін другога крыўдзіце? 27 Але той, каторы рабіў крыўду бліжняму, адпіхнуў яго, кажучы: Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю над намі? 28 Ці хочаш забіць мяне, так як учора забіў эгіпцяніна? 29 І ўцёк Майсей на гэтае слова і стаўся пасяленцам у Мадыянскай зямлі, дзе радзіў двух сыноў.

30 Калі-ж мінула сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні Сынайскай гары Анел у полымі гаручага куста. 31 Майсей-жа, убачыўшы, дзівіўся з бачанага. І калі ён падыходзіў, каб паглядзець, стаўся да яго голас Панскі, кажучы: 32 Я ёсьць Бог айцоў тваіх, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба. І задрыжаўшы Майсей, не адважваўся глядзець. 33 Пан-жа сказаў яму: Ззуй абутак ног тваіх, бо месца, на каторым стаіш, ёсьць зямля сьвятая. 34 Я відзячы відзеў уцісьненьне народу майго, што ёсьць у Эгіпце, і пачуў стагананьне іх, і зыйшоў вызваліць іх. А цяпер хадзі і пашлю цябе ў Эгіпет. 35 Гэтага Майсея, якога яны адракліся, кажучы: "Хто цябе паставіў за начальніка і судзьдзю", гэтага Бог паслаў за начальніка і выбаўцу, з рукою Анела, каторы яму зьявіўся ў кусьце. 36 Гэты іх вывеў, учыніўшы цуды і знакі ў зямлі Эгіпскай і ў Чырвоным моры і ў пустыні праз сорак гадоў. 37 Гэта Майсей, каторы сказаў сыном Ізраіля: Прарока падыме вам Бог з братоў вашых, так як мяне, яго будзеце слухаць (Дт. 18, 15). 38 Гэта ён, каторы быў на сабраньні ў пустыні з Анелам, які гаварыў яму на гарэ Сынай і з айцамі нашымі; каторы атрымаў словы жыцьця, каб даць нам. 39 Каторага не хацелі слухацца айцы нашыя, але адкінулі і адвярнуліся сэрцам сваім да Эгіпту, 40 кажучы да Аарона: Зрабі нам багоў, якія-б ішлі перад намі, бо Майсей гэты, каторы нас вывеў з зямлі Эгіпскай, мы ня ведаем, што з ім сталася. 41 І зрабілі ў тыя дні цялё, і ахвяравалі балвану ахвяру, і цешыліся з учынкаў рук сваіх. 42 І адвярнуўся Бог і аддаў іх служыць войску нябеснаму, як ёсьць напісана ў кнізе прарокаў (Амос 5, 25-27): "Ці вы ахвяравалі мне ахвяры і жэртвы праз сорак гадоў у пустыні, доме Ізраіляў? 43 І вы прынялі палатку Молоха і зорку бога вашага Рэмфана, фігуры, каторыя вы ўчынілі, каб ім кланяцца. І перанясу вас за Бабілон".

44 Палатка пасьведчаньня была з айцамі нашымі ў пустыні, як загадаў ім Бог, гаворачы да Майсея, каб зрабіў яе паводле формы, якую бачыў. 45 Яе прыняўшы айцы нашыя і ўвялі ў Ёзуэм у дзіржаву паганаў, каторых прагнаў Бог ад вобліку айцоў нашых, аж да дзён Давіда. 46 Ён знайшоў ласку ў Бога, і прасіў, каб знайсьці палатку Богу Якуба. 47 Саламон-жа збудаваў яму дом. 48 Але Найвышэйшы ня ў твораных рукамі жыве, як кажа прарок (Із. 66, 1-2): 49 "Неба для мяне пасад, а зямля падножжа ног маіх. Які дом вы для мяне збудуеце, кажа Пан, або якое мнсца майго спачынку? 50 Ці-ж не мая рука ўчыніла ўсё гэтае?"

51 Вы цьвёрдага карку і неабрэзаных сэрцаў і вушэй, вы заўсёды працівіцёся Духу сьвятому; як айцы вашыя, так і вы. 52 Каторага з прарокаў не прасьледавалі айцы вашыя? І забылі тых, каторыя прадвяшчалі прыход Справядлівага, якога вы цяпер былі здраднікамі і забойцамі; 53 вы, каторыя атрымалі закон пры распарадку анелаў, і не бераглі.

Сьмерць сьв. Сьцяпана і агульны прасьлед Касьцёла

54 Слухаючы-ж гэтага, надрываліся сэрцы іх і скрыгаталі на яго зубамі. 55 А ён, будучы поўны Духа сьвятога, углядаючыся ў неба, убачыў славу Божую і Езуса, стаячага праваруч Бога. І сказаў: Вось бачу неба адчыненае і Сына чалавечага, стаячага праваруч Бога. 56 Яны-ж, закрычаўшы вялікім голасам, заткнулі свае вушы і аднадушна кінуліся на яго. 57 І выкінуўшы яго за горад, камянавалі, а сьведкі палажылі сваё адзеньне каля ног дзяцюка, каторы называўся Шавал. 58 І камянавалі Сьцяпана, усклікаючага і кажучага: Пане Езу, прыймі духа майго! 59 А стаўшы на калені, закрычаў вялікім голасам, кажучы: Пане, не палічы ім гэтага граху. І сказаўшы гэтае, заснуў у Пану. Шавал-жа быў згодны на ягону сьмерць.

2 Прамова сьв. Сьцяпана складаецца з 4 частак: першая (р. 2 - 16) прадстаўляе эпоху патрыярхаў, другая (р. 17 - 43) - эпоху Майсея; трэцяя (р. 44 - 50) - эпоху Давіда і Саламона; чацьвертая (р. 51 - 53) ёсьць заканчэньнем, у каторым сьв. Сьцяпан сьцьвярджае, што Езус ёсьць тым Справядлівым, абяцаным праз прарокаў Мэсыяшам, а жыды - ягоныя забойцы.

5 "Ані на крок нагі" - і сапраўды Абрагам у Канаане (Абяцанай зямлі) мусіў купіць за грошы кавалак зямлі на сямейны гроб.

6 "У чужой зямлі" - у Эгіпце.

8 Абразаньне было відомым знакам умовы паміж Богам і жыдоўскім народам.

9 Сьв. Сьцяпан даўжэй гаворыць аб Язэпе, бо ён быў падабенствам Езуса Хрыста. І Язэп быў зьненавіджаны і прасьледаваны сваімі, аднак стаўся збаўцам усей сваей радні.

30 Бог прамаўляў да Майсея праз Анела, але дзеля таго што анел гаварыў ад імя Бога, Сьцяпан называе яго ніжэй Панам г. зн. Богам.

34 "Відзячы відзеў" - зварот гэбрайскі, значыць: добра відзеў, прыгледзеўся.

35 Сьв. Сьцяпан праводзіць тут што-раз выразьнейшае падабенства паміж Майсеям і Хрыстусам.

38 Майсей у часе сабраньня жыдоў на пустыні каля гары Сынай прабываў з анелам, каторы ад імя Бога гаварыў да яго. Майсей быў пасярэднікам паміж Богам і людзьмі, так як і Хрыстус.

41 Жыды на пустыні адлілі з золата цялё на падабенства эгіпскага быка Апіса, кляняліся гэтаму цяляці і цешыліся з гэтага ўчынку рук сваіх.

42 "Войска нябеснае" ў сьв. Пісаньні азначае анелаў або зоры. Тут у значэньні "зоры". Бог адвярнуўся ад балвахвальства народу і дапусьціў, каб жыды, упадаючы што-раз ніжэй, каланяліся целам нябесным.

43 Жыды былі прыняўшы палатку (шацёр) Молаха, канаанскага бога агню і сонца і кланяліся Рэмфану (Сатурну), якога выабражалі ў форме зоркі. За кару жыды былі потым выселены ў бабілонскую зямлю.

44 - 47 Спачатку жыды аддавалі чэсьць праўдзіваму Богу ў палатцы, а потым за Саламона збудавалі сьвятыню.

48 Бог жыве ня толькі ў створаных рукамі людзкімі сьвятынях, але ўсюды. Калі Яго ня можа агарнуць неба і зямля, то як можа агарнуць збудаваная рукамі людзей Ерузалімская сьвятыня? Дзеля гэтага чэсьць Блгу ня можа быць агранічана толькі да Ерузаліму і сьвятыні.

51 "Неабрэзаных сэрцаў і вушэй" - значыць: недаступных для праўды Божай.

53 "Пры распарадку анелаў" - пры паслугаваньні, пры помачы анелаў. Паводле жыдоўскага пераказу, Бог даў Закон на гарэ Сынай пры пасярэдніцтве анелаў.

57 Сьведкі, якія сьведчылі проціў асуджанага, першыя кідалі каменьні. Каб зручней было кідаць, яны зьнімалі зьверхняе адзеньне.

58 Жыды, камянуючы сьв. Сьцяпана, або абінулі рымскае права, якое забараняла Сангэдрыну выконываць прысуды сьмерці, або павадыры таго-ж Сангэдрыну ўжо загадзя здабылі дазвол на ўкаменаваньне сьв. Сьцяпана.

59 Шавал духам і воляй сваей браў удзел у каменаваньні сьв. Сьцяпана. Потым навярнуўся і стаў Паўлам.

 

Разьдзел 8

1 Стаўся-ж у той дзень вялікі прасьлед Касьцёла, які быў у Ерузаліме. І разсыпаліся ўсе па краінах Юдэі І Самарыі, апроч апосталаў. 2 І пахавалі Сьцяпана багабойнага людзі і ўчынілі над ім вялікі плач. 3 Шавал-жа пустошыў Касьцёл; уваходзячы ў дамы і цягнучы мужоў і жанчын, ён аддаваў у вастрог.

Дыякан Філіп у Самарыі. Сымон чараўнік

4 Дык каторыя былі разсыпаўшыся, хадзілі, абвяшчаючы слова Божае. 5 Філіп-жа, зайшоўшы ў горад Самарыі, абвяшчаў ім Хрыстуса. 6 А грамады ўважалі на тое, што казаў Філіп, аднадушна слухаючы і відзячы знакі, якія чыніў. 7 Бо з многіх тых, якія мелі духаў нячыстых, выходзілі яны, крычачы вялікім голасам; і многа спаралізаваных і кульгавых было аздароўленых. 8 Дык сталася вялікая радасьць у гэтым горадзе.

9 Адзін-жа муж, на імя Сымон, каторы быў перад гэтым у горадзе чараўніком, зводзячы народ Самарыі, кажучы, што ён ёсьць нешта вялікае. 10 Яго слухалі ўсе ад найменшага аж да найбольшага, кажучы: Ён ёсьць моц Божая, што завецца вялікая. 11 А ўважалі яго затым, што праз многа часу сваімі чарамі чмуціў іх. 12 Калі-ж уверылі Філіпу, абвяшчаючаму аб каралеўстве Божым, хрысьціліся ў імя Езуса Хрыста мужы і жанкі. 13 Тады і сам Сымон уверыў, і калі быў ахрышчаны, прыстаў да Філіпа. Бачачы так-жа, што дзеяліся дужа вялікія знакі і цуды, ён аслупянеўшы дзівіўся.

14 Калі-ж пачулі апосталы, каторыя былі ў Ерузаліме, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна. 15 Яны прыйшоўшы, маліліся за іх, каб атрымалі Духа сьвятога; 16 бо яшчэ ня прыйшоў на нікога з іх, але былі толькі ахрышчаны ў імя Пана Езуса. 17 Тады клалі на іх рукі і атрымоўвалі Духа сьвятога.

18 Калі-ж убачыў Сымон, што праз ускладаньне рук апосталаў даецца Дух сьвяты, прынёс ім грошы, 19 кажучы: Дайце і мне гэту ўладу, каб на каго-колечы я ўзлажу рукі, атрымаў ён Духа сьвятога. А Пётр сказаў да яго: 20 Грошы твае няхай будуць з табою на згубу, бо ты думаў, што дар Божы здабываецца за грошы. 21 Няма для цябе часьці ані долі у мове гэтай, бо сэрца тваё ня ёсьць простае перад Богам. 22 Дык кайся ў гэтай нягоднасьці тваей і прасі Бога, а можа будзе адпушчана табе гэтая думка сэрца твайго. Бо я бачу, што ты ёсьць у жоўці гарчыні і ў зьвязе нягоднасьці. 24 Адказваючы-ж Сымон сказаў: Малецеся вы за мяне да Пана, каб ня прыйшло на мяне нічога з таго, што вы сказалі.

25 Яны-ж пасьведчыўшы і расказаўшы слова Пана, варочаліся ў Ерузалім, і абвяшчалі эванэлію ў многіх краінах самаранаў.

Ахрышчэньне этыопца

26 Анел-жа Панскі сказаў да Філіпа, кажучы: Устань і ідзі на поўдзень на дарогу, якая з Ерузаліму ідзе ў Газу, яна пустая. 27 І ўстаўшы пайшоў. І вось муж этыопец, еўнух, вяльможа Кандакі, каралевы этыопскай, каторы быў над усімі яе скарбамі, быў прыйшоўшы у Ерузалім пакланіцца. 28 І варочаўся, седзячы на возе сваім і чытаючы Ізаія прарока. 29 І сказаў Дух Філіпу: Падыйдзі і далучыся да гэтага возу. 30 Прыбегшы-ж Філіп пачуў яго чытаючы Ізаія прарока і сказаў: Думаеш, разумеш, што чытаеш? 31 Ён сказаў: І як-жа я здолею, калі мне хто не пакажа? І прасіў Філіпа, каб узьлез і сеў з ім. 32 Месца-ж Пісаньня, якое чытаў, было гэтае (Із. 53, 7-8): "Як авечка на забіцьцё быў ведзены, і як баранчык бяз голасу перад стрыгучым яго, так ён не адчыніў вуснаў сваіх. 33 У паніжэньні суд ягоны быў зьнесены; род ягоны хто выкажа? Бо ўзятае будзе з зямлі жыцьцё ягонае". 34 І адказваючы еўнух Філіпу, сказаў: Прашу цябе, аб кім прарок кажа гэта, аб сабе ці аб кім іншым? 35 А Філіп, адчыніўшы вусны свае і пачаўшы ад гэтага Пісаньня, абвяшчаў яму Езуса.

36 А калі яны ехалі дарогаю, прыехалі да нейкае вады. І сказаў еўнух: Вось вада, што мне перашкаджае ахрысьціцца? 37 Філіп-жа сказаў: Калі верыш з усяго сэрца, можна. І адказваючы сказаў: Веру, што Езус Хрыстус ёсьць Сын Божы. 38 І загадаў затрымаць воз, і ўвайшлі абодва ў ваду, Філіп і еўнух, і ахрысьціў яго. 39 А калі выйшлі з вады, Дух сьвяты хваціў Філіпа, і болей ня бачыў таго еўнух, але ехаў дарогаю сваею, радуючыся. 40 А Філіп знайшоўся ў Азоце, і праходзячы абвяшчаў эванэлію усім народам, пакуль ня прыйшоў у Цэзарэю.

1 Сьмерць сьв. Сьцяпана выклікала далейшы прасьлед хрысьціян з боку жыдоў. Прасьлед накіраваўся прадусім проціў хрысьціян з грэцкіх жыдоў (гэлленістаў), якія, жывучы ў Ерузаліме, прынялі хрысьціянства.

3 Шавал меў на гэта паўнамоцтвы Сангэдрыну.

5 Філіп, адзін з сямёх дыяканаў, пасьля сьмерці сьв. Сьцяпана займае пасярод іх першае месца ў пашыраньні эванэліі.

9 Чараўніцтва або магія было тады вельмі пашырана на Ўсходзе.

13 Хрост Сымона ня быў шчыры. Відаць, ён уважаў Філіпа таксама за чараўніка, толькі большага за сябе. Прыймаючы хрост і далучаючыся да Філіпа, ён хацеў здабыць для сябе новую цудатворчую сілу.

14 "Паслалі Пятра і Яна" г. зн. урадзілі, каб пайшлі Пётр і Ян.

15 Сакрамэнту крыжмаваньня Філіп ня мог даць, затым пайшлі туды апосталы.

18 Прысутнасьць Духа сьв. праяўлялася навонкі ў розных дарах, як дар моваў, прарочаньня і г. д. Сымон хацеў здабыць уладу даваньня Духа сьв.

27 Этыопія - гэта сяньняшняя Абісынія з ваколічнымі краямі. Той этыёпец, відаць, быў прыняўшы жыдоўскую веру і яшчэ не разумеў добра прароцтваў. Чытаў ён, паводле ўсходняга звычаю, уголас.

32 Этыёпец чытаў месца з Ізаія прарока, дзе апісваецца цярплівасьць Мэсыяша, яго паніжэньне і сьмерць.

33 Суд над Хрыстом прычыніўся не да паніжэньня яго, але да ўзвышэньня.

 

Разьдзел 9
Наварот Шаўла

1 А Шавал, душучы яшчэ пагрозамі і забойствам проціў вучняў Пана, прыйшоў да архісьвятара 2 і прасіў у яго пісьмаў у Дамашак да бажніц, каб есьлі-б каго знайшоў гэтага шляху мужоў і жанчын, зьвязаных прывёў у Ерузалім.

3 А калі быў у дарозе, сталася, што прыбліжаўся да Дамашку. І раптам асьвяціла яго навокал сьветласьць з неба; 4 і ўпаўшы на зямлю, пачуў голас да яго кажучы: Шавал, Шавал, чаму ты мяне прасьледуеш? 5 Ён сказаў: Хто ты ёсьць Пане? А той: Я ёсьць Езус, каторага ты прасьледуеш. Трудна табе проціў ражна брыкаць. 6 А дрыжачы і аслупянеўшы, ён сказаў: Пане, што хочаш, каб я рабіў? 7 А Пан да яго: Устань і ўвайдзі ў горад, і там скажуць табе, што трэба табе рабіць. Тыя-ж мужы, што з ім падарожнічалі, стаялі аслупянеўшы, чуючы, праўда, голас, але нікога ня бачачы. 8 І ўстаў Шавал з зямлі, і адчыніўшы вочы, нікога ня відзеў. І вядучы яго за рукі, увялі ў Дамашак. 9 І быў там праз тры дні ня відзячы, і ня еў і ня піў.

10 Быў-жа адзін вучань у Дамашку, на імя Ананій. І сказаў да яго Пан у відзеньні: Ананій! Ён-жа сказаў: Вось я, Пане. 11 А Пан да яго: Устань і ідзі на вуліцу, што завецца простая і шукай у доме Юды Шаўла па імяні, Тарсяніна, бо вось ён моліцца. 12 (А відзеў ён мужа, на імя Ананія, уваходзячага і ўкладаючага на яго рукі, каб атрымаў зрок). 13 Ананій-жа адказаў: Пане, я чуў ад многіх аб гэтым мужу, сколькі благога ён зрабіў сьвятым тваім у Ерузаліме; 14 і тут ён мае ўладу ад архісьвятараў вязаць усіх, каторыя прызываюць імя тваё. 15 А Пан сказаў да яго: Ідзі, бо ён ёсьць для мяне выбраная пасудзіна, каб насіў імя маё перад народамі і каралямі і сынамі Ізраіля; 16 бо я яму пакажу, сколькі трэба яму цярпець за імя маё.

17 І прыйшоў Ананій, і ўвайшоў у дом, і ўзлажыўшы яму рукі, сказаў: Шаўле, браце, Пан Езус, каторы зьявіўся табе ў дарозе, каторай ты ішоў, паслаў мяне, каб ты відзеў і быў напоўнены Духам сьвятым. 18 І зараз-жа апалі з вачэй ягоных быццам лускі і атрымаў зрок; і ўстаўшы, быў ахрышчаны. 19 І прыняўшы ежу, памацнеў.

І быў з вучнямі, якія былі ў Дамашку, праз некалькі дзён. 20 І зараз абвяшчаў у бажніцах Езуса, што ён ёсьць Сын Божы. 21 Стаўпянелі-ж усе, каторыя слухалі, і казалі: Ці-ж гэта ня той, што ў Ерузаліме выгубляў тых, каторыя прызывалі імя гэтае. І сюды патое прыйшоў, каб іх зьвязаных весьці да архісьвятараў? 22 А Шавал штораз болей мацнеў і бянтэжыў жыдоў, каторыя жылі ў Дамашку, цьвердзячы, што гэты ёсьць Хрыстус.

23 Калі-ж прайшло многа дзён, жыды зрабілі разам нараду, каб яго забіць; 27 але сталі ведамымі Шаўлу іх подступы. Яны-ж пільнавалі і брамаў і дзень і ноч, каб яго забіць. 25 Але вучні, узяўшы яго ўначы, выпусьцілі яго праз мур, спускаючы ў кашы.

26 Калі-ж прыйшоў у Ерузалім, стараўся далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго, ня веручы, каб ён быў вучнем. 27 Але Барнаба, узяўшы яго, прывёў да апосталаў і расказаў ім, як ён у дарозе відзеў Пана і што гаварыў яму, і як у Дамашку сьмела выступаў у імя Езуса. 28 І прабываў з імі ў Ерузаліме, уваходзячы і выходзячы, і сьмела выступаючы ў імя Пана. 29 Гаварыў так-жа з паганамі і спорыў з грэкамі, але яны хацелі яго забіць. 30 Браты, даведаўшыся аб гэтым, адвялі яго ў Цэзарэю і адаслалі ў Тарс.

Дзейнасьць сьв. Пятра. Аздараўленьне Энэя і ўскрасеньне Табіты.

31 А Касьцёл па ўсей Юдэі і Галілеі і Самарыі меў супакой, і будаваўся, ходзячы ў страху Пана, і напўняўся пацяшэньнем Духа сьвятога.

32 І сталася, што Пётр, калі абходзіў усіх, прыйшоў да сваіх, што жылі ў Лідзьдзе. 33 Знайшоў-жа там аднаго чалавека, на імя Энэй, ад васьмі гадоў ляжачага на ложы, каторы быў спаралізаваны. 34 І сказаў яму Пётр: Энэй, аздараўляе цябе Пан Езус Хрыстус, устань і пасьцялі сабе. І ён зараз-жа ўстаў. 35 І бычылі яго ўсе, што жылі ў Лідзьдзе і ў Сароне; яны навярнуліся да Пана.

36 А была ў Ёппе адна вучаніца, на імя Табіта, што пераложанае значыць Сарна. Яна была поўная добрых чынаў і дарэньняў, якія чыніла. 37 І сталася ў тыя дні, што захварэўшы памярла. Абмыўшы яе, палажылі яе ў сьвятліцы. 38 А як Лідда блізка была ад Ёппы, вучні пачуўшы, што ў ёй ёсьць Пётр, паслалі да яго двух мужоў, просячы: Не марудзь прыйсьці да нас. 39 І ўстаўшы Пётр, пайшоў з імі. І калі прыйшоў, завялі яго ў сьвятліцу; і абступілі яго ўсе ўдовы, плачучы і паказваючы яму сукні і вопраткі, якія рабіла для іх Сарна. 40 Выправіўшы-ж усіх проч, Пётр стаўшы на калені маліўся; і зьвярнуўшыся да цела, сказаў: Табіта, устань. А яна адчыніла вочы свае і ўбачыўшы Пятра села. 41 І даўшы ей руку, падняў яе. І паклікаўшы сьвятых і ўдовы, аддаў яе жывую. 42 І стала ведама па ўсей Ёппе, і многія ўверылі ў Пана.

43 І сталася, што праз многа дзён прабываў у Ёппе, у нейкага Сымона, гарбара.

1 - 2 "Гэтага шляху" - значыць: хрысьціянскай рэлігіі. У Дамашку была вялікая жыдоўская калонія і пасярод яе многа хрысьціян. У той час да Касьцёла наварочваліся пераважна жыды, асабліва з грэцкай культурай (гэлленісты). Шавал, малады фарызэй, ішоў у Дамашак, маючы паўнамоцтвы ад архісьвятара, якому ў справах рэлігійных былі падуладны жыды нават паза Палестынай.

4 З гэтых слоў відаць, што хто прасьледуе Касьцёл, той прасьледуе самога Хрыста.

5 "Трудна табе проціў ражна брыкаць" - значыць: трудна табе змагацца з воляй Божай. На Ўсходзе паганяюць жывёлу завостарным кіём; жывёла, брыкаючы і ня хочучы ісьці, толькі раніцца аб гэтакі ражон.

9 З гэтага відаць, якое вялікае ўражаньне зрабіла на Шаўла тое відзеньне і якая вялікая перамена адбылася ў ягонай душы!

12 Разам з Ананіяй і Павал меў відзеньне.

26 Шавал прыбыў у Ерузалім пасьля трох гадоў ад свайго навароту. Праз тры гады ён быў у Арабіі, дзе з аб'яваў Божых пазнаваў хрысьціянскую веру. У Ерузаліме ён хацеў пабачыцца з Пятром. Хрысьціяне, хоць ведалі аб ягоным навароце, ня верылі ў яго шчырасьць.

28 "Уваходзячы і выходзячы" - значыць: стала прабываючы, жывучы.

29 "З грэкамі" г. зн. з жыдамі, прыняўшымі грэцкую культуру.

32 Карыстаючыся з наступіўшага супакою, Пётр адведывае хрысьціянскія грамады па іншых гарадох Палестыны.

Сьвятым і называліся тады хрысьціяне, бо яны былі выдзелены з сапсутага сьвету і пасьвячоны Богу і ягонай службе.

36 Ёппа - сяньняшняя Яффа, порт над міжземным морам.

 

Разьдзел 10
Пётр хрысьціць Карнэля, рымскага сотніка

1 Быў-жа ў Цэзарыі адзін муж, на імя Карнэль, сотнік роты, якая завецца Італійскай, 2 набожны і багабойны з усім домам сваім, робячы вялікае дарэньне для народу і молячыся заўсёды Богу. 3 Ён відзеў яўна ў відзеньні, каля дзевятае гадзіны дня, анела Божага ўваходзячага да яго і кажучага яму: Карнэль! 4 А ён, углядаючыся на, зьняты страхам, сказаў: Што, Пане? Ён-жа сказаў яму: Малітвы твае і дарэньні твае ўзыйшлі на памяць перад вачыма Божымі. 5 А цяпер пашлі мужоў у Ёппу і пакліч нейкага Сымона, каторы завецца Пятром, 6 ён гасьціць у нейкага Сымона гарбара, каторага дом пры моры: ён табе скажа, што табе трэба рабіць. 7 І калі адыйшоў анел, каторы гаварыў яму, ён паклікаў двух сваіх слуг і багабойнага жаўнера, з тых, што былі яму падданы. 8 Расказаўшы ім усё, ён паслаў іх у Ёппу.

9 А на заўтрашні дзень, калі яны былі ў дарозе і прыбліжаліся да гораду, узыйшоў Пётр на паверх, каб памаліцца каля гадзіны шостае. 10 І калі прагаладаўся, захацеў есьці. А калі яны гатовілі, прыйшло на яго захапленьне. 11 І ўбачыў адчыненае неба і зыходзячую нейкуб пасудзіну, як-бы вялікі настольнік, за чатары канцы спусканы з неба на зямлю, 12 у каторым былі ўсе чацьвёраногія і паўзуны і птахі нябесныя. 13 І стаўся голас да яго: Устань, Пётра, забівай і еш. 14 А Пётр сказаў: Ня дай таго, Пане, бо ніколі я ня еў нічога паганага і нячыстага. 15 А голас ізноў другі раз да яго: Што Бог ачысьціў, таго не называй паганым. 16 І сталася гэтае праз тры разы, і зараз пасудзіна была ўзятая ў неба.

17 І калі Пётр сам у сабе сумняваўся, што-б гэта было за відзеньне, якое ён бачыў, вось мужы, каторыя былі пасланы Карнэлям, пытаючыся пра дом Сымонаў, сталі ля дзьвярэй. 18 І паклікаўшы, пыталіся, ці Сымон, каторы завецца Пётр, тут мае гасьціну. 19 А калі Пётр думаў ад відзеньні, сказаў яму Дух: Вось тры мужы шукаюць цябе. 20 Дык устань, зыйдзі і ідзі з імі, нічога не сумневаючыся, бо я іх паслаў. 21 І Пётр, зыйшоўшы да мужоў, сказаў: Вось я ёсьць, каторага вы шукаеце; што за прычына, дзеля якой вы прыйшлі? 22 Яны сказалі: Карнэль сотнік, муж справядлівы і багабойны, і маючы пасьведчаньне ад усяго жыдоўскага народу, атрымаў загад ад анела сьвятога паклікаць цябе ў свой дом і пачуць ад цябе словы. 23 Дык увёўшы іх, прыняў у гасьціну.

А назаўтра, устаўшы, пайшоў з імі; і некаторыя з братоў з Ёппы ішлі з ім. 24 На другіх дзень увайшоў у Цэзарэю. Карнэль-жа чакаў іх, склікаўшы сваіх сваякоў і блізкіях прыяцеляў. 25 І сталася, калі ўвайшоў Пётр, выйшаў насустрач яму Карнэль і ўпаўшы да ног яго, пакланіўся. 26 Але Пётр падняў яго, кажучы: Устань, і я сам ёсьць чалавек. 27 І гаворачы з ім, увайшоў і знайшоў многіх, што былі зыйшоўшыся, 28 і сказаў да іх: Вы ведаеце, як праціўна мужу-жыду лучыцца або прыходзіць да чужынца. Але мне паказаў Бог не называць ніводнага чалавека паганым або нячыстым. 29 Дзеля гэтага бяз сумніву прыйшоў пакліканы. Дык пытаюся, дзеля якой прычыны вы паклікалі мяне? 30 А Карнэль сказаў: Чатыры дні таму ў гэтай гадзіне маліўся я на гадзіну дзевятую ў маім доме, і вось муж стаў перада мною ў ясным адзеньні і сказаў: 31 "Карнэль, выслухана ёсьць малітва твая і дарэньні твае ўспомнены перад вачыма Божымі. 32 Дык пашлі ў Ёппу і пакліч Сымона, каторы завецца Пётр, ён гасьціць у доме Сымона гарбара каля мора". 33 Дык зараз-жа я паслаў да цябе; і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Дык цяпер мы ўсе ёсьць прад вачамі тваімі, каб пачуць усё, што-колечы загадана табе ад Пана.

34 Пётр-жа, адчыніўшы вусны свае, сказаў: Я папраўдзе пазнаў, што Бог не глядзіць на асобы, 35 але ў кожным народзе той, хто баіцца яго і чыніць справядлівасьць, ёсьць прыемны для яго. 36 Слова паслаў Бог для сыноў Ізраіля, абвяшчаючы супакой праз Езуса Хрыста - ён ёсьць панам усіх. 37 Вы ведаеце, якое сталася слова па ўсей Юдэі, бо пачаўшы ад Галілеі, па хросьце, які абвясьціў Ян, 38 аб Езусе з Назарэту, як яго намасьціў Бог Духам сьвятым і моцай, каторы прыйшоў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных д'яблам, бо з ім быў Бог. 39 І мы сьведкі ўсяго, што ўчыніў у краіне Юдэйскай і Ерузаліме; яго забілі, павесіўшы на дрэве. 40 Яго Бог ускрасіў на трэці дзень і даў, што ён стаўся яўным, 41 не ўсяму народу, але сьведкам, выбраным наперад ад Бога, нам, каторыя елі і пілі з ім, пасьля таго як ускрос з умерлых. 42 І загадаў нам абвяшчаць народу і сьведчыць, што гэта ён ёсьць, каторы пастаўлены Богам судзьдзёю жывых і ўмерлых. 43 Яму ўсе прарокі даюць пасьведчаньне, што адпушчэньне грахоў атрымоўваюць праз імя яго ўсе, каторыя вераць у яго.

44 Калі Пётр яшчэ гаварыў гэтыя словы, паў Дух сьвяты на ўсіх, каторыя слухалі слова. 45 І астаўпянелі верныя з абразаньня, каторыя былі прыйшоўшы з Пятром, што і на паганаў была выліта ласка Духа сьвятога. 46 Бо чулі іх гаворачых мовамі і славячых Бога. 47 Тады адказаў Пётр: Ці-ж можа хто забараніць вады, каб ня былі ахрышчаныя гэтыя, каторыя атрымалі Духа сьвятога, так як і мы? 48 І загадаў іх ахрысьціць у імя Пана Езуса Хрыста. Тады прасілі яго, каб астаўся ў іх на некалькі дзён.

1 У Цэзарэі быў рымскі адміністрацыйны цэнтр, дзе прабывалі рымскія ўлады і стаяла большая колькасьць войска.

9 Гадзіна шостая - нашая дванаццатая дня. Жыды мелі звычай маліцца некалькі разоў удзень і на малітву часта ўзыходзілі на роўны паверх дому, там была цішыня і супакой.

14 Спажываньне мяса з некаторых зьвярат жыдом было забаронена.

16 Праз гэтае відзеньне Бог павучыў Пятра ня толькі аб тым, што прадпісаньні Ст. Закону аб чыстых і нячыстых зьвяратах ужо не абавязваюць, але і аб тым, што Бог праз смерць Сына свайго зьняў з паганаў законную нячыстату і паклікаў іх разам з жыдамі да валадарства Божага.

17 Пётр зразу не зразумеў відзеньня, але зразумеў яго потым (гл. р. 28).

28 Лучыцца з чужынцамі забараняла жыдом ня права Божае, але "правы людзкія" (прадпісаньні фарызэяў).

35 Гэта новае паняцьце, для жыдоў дагэтуль няведамае. Жыды думалі, што падабацца Богу можа толькі чалавек з жыдоўскага народу.

45 "Верныя з абразаньня" г. зн. хрысьціяне з жыдоў.

48 Толькі праз хрост чалавек стаецца сябрам Касьцёла і членам містычнага цела Хрыстовага.

Хрост Карнэля меў вялікае значэньне для каталіцкасьці Касьцёла. Дагэтуль да Касьцёла належалі толькі жыды ("верныя з абразаньня"), а ад гэтага часу пачынаюць далучацца і пагане, чым фактычна касьцёл стаецца каталіцкі (паўсюдны), абыймаючы і жыдоў і паганаў. Першым паганінам, прыняўшым хрост, быў Карнэль. Сталася гэта каля 40 году па Н. Хрыста.

 

Разьдзел 11
Значэньне хросту Карнэля

1 І пачулі апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, што і пагане прынялі слова Божае. 2 Калі-ж прыйшоў Пётр у Ерузалім, спрачаліся з ім тыя, што былі з абразаньня, 3 кажучы: Чаму ты ўвайшоў да мужоў, маючых адрэзак і еў з імі?

4 А Пётр, пачаўшы, выкладаў ім папарадку, кажучы: 5 Я быў у горадзе Ёппе, молячыся, і бачыў у захопленьні відзеньне, зыходзячую нейкую пасудзіну, як-бы вялікі настольнік, за чатары канцы спусканы з неба, і прыйшоў аж да мяне. 6 Углядаючыся на яго, я прыглядаўся і ўбачыў чацьвёраногіх зямлі, і зьвяроў, і паўзуноў, і птахаў нябесных. 7 Пачуў-жа я і голас, кажучы мне: "Устань, Пётра, забівай і еш". 8 Я-ж сказаў: О не, Пане, бо паганае або нячыстае ніколі не ўваходзіла ў вусны мае. 9 І адказаў голас другі раз з неба: "Што Бог ачысьціў, ты не называй паганым". 10 А гэтае сталася праз тры разы, і ізноў усё было ўзята ў неба.

11 І вось зараз-жа тры мужы сталі ў доме, у каторым я быў, пасланыя з Цэзарэі да мяне. 12 А Дух сказаў мне, каб я ішоў з імі, нічога не сумневаючыся. Пайшлі-ж са мною і гэтыя шэсьць братоў, і ўвайшлі мы ў дом мужа. 13 А ён расказаў нам, як відзеў анела ў сваім доме, стаячага і кажучага яму: "Пашлі ў Ёппу і паклч Сымона, каторы завецца Пётр, 14 ён скажа табе словы, праз каторыя будзеш збаўлены ты і ўвесь твой дом". 15 А калі я пачаў гаварыць, паў Дух сьвяты на іх, так як і на нас напачатку. 16 І прыпомніў я слова Пана, як ён казаў: "Ян-то хрысьціў вадою, але вы будзеце хрышчаны Духам сьвятым" (Ап. Дз. 1, 5). 17 Дык калі ім даў Бог такую-ж ласку, як і нам, каторыя верым у Пана Езуса Хрыста, хто я, што мог-бы забараніць Богу? 18 Пачуўшы гэтае, замоўклі і славілі Бога, кажучы: Дык і паганам даў Бог пакуту да жыцьця.

Пачатак і разьвіцьцё Касьцёла ў Антыохіі

19 А тыя-ж, каторыя былі разьсеяны дзеля ўцісьненьня, якое сталася за Сьцяпана, перайшлі аж да Фэніцыі і Цыпру і Антыохіі, нікому ня кажучы слова, апроч толькі жыдом. 20 Былі-ж некаторыя з іх мужы Цыпрыйцы, якія, калі ўвайшлі ў Антыохію, гаварылі і да грэкаў, абвяшчаючы Пана Езуса. 21 І была рука Пана з імі, і вялікі лік веруючых навярнуўся да Пана.

22 І дайшла аб іх мова да вушэй Касьцёла, які быў у Ерузаліме, і паслалі Барнабу аж да Антыохіі. 23 Ён, прыйшоўшы і ўбачыўшы ласку Божую, узрадаваўся і напамінаў усіх, каб пры пастанове сэрца трывалі ў Пану; 24 бо быў ён муж добры і поўны Духа сьвятога і веры. І вялікая грамада прыхінулася да Пана. 25 І рушыў Барнаба ў Тарс, каб пашукаць Шаўла; знайшоўшы яго, прывёў у Антыохію. 26 І цэлы год яны прабылі там у Касьцеле і навучалі вялікую грамаду, так што вучні найперш у Антыохіі былі названы хрысьціянамі.

27 У гэтыя-ж дні надыйшлі парокі з Ерузаліму ў Антыохію. 28 І ўстаўшы адзін з іх, на імя Агаб, абвяшчаў праз Духа, што мае быць па ўсім сьвеце вялікі голад; які настаў за Клаўдыя. 29 А вучні, як хто меў, пастанавілі кожны паслаць на ўслужэньне братом, жывучым у Юдэі. 30 Што і зрабілі, паслаўшы да старшых праз рукі Барнабы і Шаўла.

3 - 10 Хрысьціяне з жыдоў ніяк не маглі зразумець, што і пагане могуць быць пакліканы да валадарства Божага і затым ставяць такія закіды Пятру. Пётр баронячыся, расказвае аб сваім відзеньні. Трэба ведаць, што жыду ня можна было захадзіць у дом паганаў і гасьціць там.

12 Тых шасьцёх братоў (хрысьціян), якіх Пётр быў узяўшы з сабою, ідучы з Ёппы да Карнэля, прывёў з сабою ў Ерузалім, каб перад ерузалімскаю грамадою былі сьведкамі ўсяго, што сталася з наваротам Карнэля.

18 Хрысьціяне з жыдоў ужо пачынаюць праконывацца, што прыняцьце хрысьціянства не накладае абавязку спаўняньня рытуальных практык Майсеявага закону, бо Карнэль ня быў прымушаны да абразаньня.

19 Гэтыя падзеі прыпадаюць на гады 36 - 45 па Н. Хр.

20 Антыохія была сталіцай Сырыі і налічвала тады каля паўмільёна насельніцтва. Пасьля Рыму і Александрыі была яна трэцім горадам у рымскай дзяржаве. Там у хуткім часе зарганізавалася вялікая і моцная хрысьціянская грамада.

26 Назоў: хрысьціяне, значыць - прыхільнікі, вызнавальнікі Хрыста. Гэтага назову не далі вызнавальнікам Хрыста жыды, бо яны гэтага імені ня любілі і называлі хрысьціян галілеянамі або назарэнамі, а далі праўдападобна пагане, каб адрозьніць вызнавальнікаў Хрыста ад вызнавальнікаў Майсеявага закону.

Хрысьціяне паміж сабою дагэтуль называліся вучнямі, выбранымі, сьвятымі, вернымі, братамі, касьцёлам Божым. Потым, калі ў самым хрысьціянстве пачалі ўзрастаць гэрэзыі і сэкты, праўдзівыя хрысьціяне сталі называць сябе каталікамі, г. зн. не вызнавальнікамі ніякай сэкты, але сябрамі агульнага, паўсёднага касьцёла. (Па-грэцку katholike ekklesia тое самае што паўсюдны касьцёл).

30 "Паслаўшы да старшых". Старшымі (грэцк. "presbiteroi") тут завуцца ня людзі пажылых гадоў, але маючыя пэўныя правы і абавязкі ў хрысьціянскай грамадзе. Яны станавілі раду апосталаў, яны памагалі ім у кіраваньні грамадою і былі іх заступнікамі. Павал і Барнаба ўстанаўлялі такіх старшых над новазаложанымі грамадамі (касьцёламі); Павал называе нават такіх старшых біскупамі (episkopoi Ап. Дз. 20, 28), хоць яны ня былі біскупамі ў сяньняшнім значэньні. (Слова грэцкае episkopos значыць нагляднік, даглядач).

 

Разьдзел 12
Новы прасьлед Касьцёла. Мучаніцкая сьмерць Якуба і цудоўнае звальненьне з вастрогу Пятра

1 А ў тым-жа часе прылажыў кароль Гэрад рукі, каб замучыць некаторых з Касьцёла. 2 І забіў Якуба, брата Янавага, мячом. 3 А бачачы, што спадабалася жыдом, дабавіў, каб узяць і Пятра. Былі-ж дні Прэснакоў. 4 Калі яго ўзяў, пасадзіў у вастрог, аддаючы чатыром чацьвёркам жаўнераў пад стражу, хочучы пасьля Пасхі вывесьці яго прад народ. 5 І трымалі Пятра ў вастрозе. А малітва бяз упынку адбывалася Касьцёлам за яго да Бога.

6 А калі Гэрад меў вывесьці яго, у тую ноч Пётр спаў паміж двух жаўнераў, зьвязаны двама ланцугамі, і стражнікі перад дзьвярыма сьцераглі вастрогу. 7 І вось анел Панскі стаў побач і яснасьць засьвяціла ў памяшканьні, і ўдарыўшы ў бок Пятра, збудзіў яго, кажучы: Устань скоранька. І апалі ланцугі з рук ягоных. 8 І сказаў да яго анел: Апаяшыся і ўзлажы абутак твой. І зрабіў так. І сказаў яму: Надзень на сябе сваю вопратку і ідзі за мною. 9 І выйшаўшы, ішоў за ім і ня ведаў, што гэта праўда, што дзеялася праз анела, але думаў, што відзеньне відзеў. 10 Прайшоўшы-ж першую і другую стражу, яны прыйшлі да жалезнай брамы, каторая вядзе ў горад, яна ім сама адчынілася. І выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу, і зараз адыйшоў ад яго анел.

11 А Пётр, прыйшоўшы да сябе, сказаў: Цяпер ведаю сапраўды, што паслаў Пан свайго анела і вырваў мяне з рукі Гэрада і з усяго чаканьня жыдоўскага народу. 12 І разважыўшы прыйшоў да дому Марыі, маткі Яна, каторы зваўся Марак, дзе былі сабраўшыся многія і маліліся. 13 Калі-ж ён стукаў у дзьверцы брамы, выйшла паслухаць дзяўчына, на імя Родэ. 14 І пазнаўшы голас Пятра, з радасьці не адчыніла брамы, але ўбегшы абвясьціла, што Пётр стаіць перад брамай. 15 А яны сказалі да яе: Ты шалееш. Але яна цьвярдзіла, што гэта так. Яны-ж гаварылі: Гэта анел ягоны. 16 А Пётр не пераставаў стукаць. Калі-ж адчынілі, убачылі яго і астаўпянелі. 17 Даўшы-ж знак ім рукою, каб маўчалі, ён расказаў, як Пан вывеў яго з вастрогу, і сказаў: Паведамце Якуба і братоў адб гэтым. І выйшаўшы, пайшоў у другое месца.

Сьмерць Гэрада. Узрост Касьцёла

18 Калі-ж настаў дзень, была немалая трывога паміж жаўнераў, што-б сталася з Пятром. 19 А Гэрад, спытаўшыся аб ім і не знайшоўшы, зрабіўшы сьледзтва над стражнікамі, загадаў іх весьці; і выехаўшы з Юдэі ў Цэзарэю, там прабываў.

20 Быў-жа ён разгневаўшыся на Тырыйцаў. А яны аднадушна прыйшлі да яго, і праканаўшы Бласта, каторы быў над спальняю караля, прасілі супакою, таму што іншыя краіны жывіліся ад яго. 21 А ў назначаны дзень Гэрад, адзеты ў каралеўскую адзежу, сеў на пасадзе і прамаўляў да іх. 22 Народ-жа крычаў: Галасы Бога, а не чалавека. 23 А зараз-жа ўдарыў яго анел Панскі, таму што не аддаў хвалу Богу, і сточаны чарвякамі, сканаў.

24 А слова Пана расло і множылася. 25 Барнаба-ж і Шавал, споўніўшы ўслужэньне, узяўшы Яна, каторы зваўся Марак, вярнуліся з Ерузаліму.

1 Гэта быў Гэрад Антыпа І, унук Гэрада В. Ён гадаваўся ў Рыме разам з цэзарам Калігулай і быў да яго падобны ў распусным жыцьці. Прасьледуючы хрысьціян, Гэрад хацеў здабыць для сябе прыхільнасьць жыдоўскага народу.

4 Гэтыя чацьвёркі жаўнераў пачарзе пільнавалі Пятра, зьмяняючыся кожныя 6 гадзін. Прыгэтым двух было побач з Пятром, адзін перад дзьвярамі памешканьня, а адзін перад брамаю.

5 Супольная малітва Касьцёла мае вялікае значэньне і дзеля гэтага кожны верны павінен браць у ёй удзел.

6 Пётр быў прыкуты адным ланцугом да аднага жаўнера, а другім да другога.

9 Пётр спачатку думаў, што гэта сон.

17 Якуб, званы Меншым, быў біскупам Ерузаліму і сваяком Езуса Хрыста, затым часта завецца братам Пана.

22 Народ у Цэзарэі быў у большасьці паганскі і гэта ня жыды, але пагане гэтак хвалілі мову Гэрада, жыды не сказалі-б ніколі "галасы Бога, а не чалавека".

23 Гэрад не запярэчыў словам народу і пазволіў на такое блюзьнерства.

 

Разьдзел 13
ІІ ЧАСЬЦЬ. КАСЬЦЁЛ ПАСЯРОД ПАГАНАЎ
Першая падарожа сьв. Паўла. Павал і Барнаба на Цыпры

1 Былі-ж у Касьцеле, што быў у Антыохіі, прарокі і вучыцялі, паміж імі Барнаба і Сымон, каторы зваўся Чорны, і Луцый Цырэнэец, і Манаген, каторы быў выгадаваны разам з Гэрадам тэтрархай, і Шавал. 2 А калі яны адпрўлялі службу Пану і пасьцілі, сказаў ім Дух сьвяты: Адлучэце мне Шаўла і Барнабу на справу, да якое я іх узяў. 3 Тады посьцячы і молячыся, і ўзлажыўшы на іх рукі, адправілі іх.

4 І яны-то, пасланыя Духам сьвятым, пайшлі ў Сэлеўцыю, а адтуль паплылі ў Цыпр. 5 І калі прыбылі ў Саламіну, абвяшчалі слова Божае ў бажніцах жыдоўскіх. А мелі яны і Яна на ўслужэньні. 6 А перайшоўшы ўсю выспу аж да Пафы, знайшлі аднаго мужа чараўніка, фальшывага прарока, жыда, катораму на імя было Бар'езу, 7 каторы быў пры старасьце Сяргею Паўле, разумным мужу. Гэты, паклікаўшы Барнабу і Шаўла, жадаў слухаць слова Божае. 8 Супраціўляўся-ж ім Элімас чараўнік (бо гэтак тлумачыцца імя ягонае), стараючыся адвярнуць старасту ад веры. 9 А Шавал, ён-жа і Павал, напоўнены Духам сьвятым, углядаючыся на яго, 10 сказаў: О поўны ўсякай здрады і ўсякай крывадушнасьці сыне д'ябла, ворагу ўсякай справядлівасьці, ты не перастаеш выварачываць простыя дарогі Пана. 11 І вось цяпер рука Пана над табою, і будзеш сьляпы, ня відзячы сонца аж да часу. І зараз-жа паў на яго змрок і цемра, і ходзячы навакол, шукаў, хто-б яму падаў руку. 12 Тады стараста, увідзеўшы, што сталася, уверыў, дзівячыся над навукай Пана.

Павал і Барнаба ў Антыохіі Пізыдзкай. Прамова Паўла

13 Калі-ж Павал і тыя, што з ім былі, адплылі з Пафы, прыбылі ў Пэргу, у Памфіліі. Ян-жа, адыйшоўшы ад іх, вярнуўся ў Ерузалім. 14 А яны, прайшоўшы Пэргу, прыйшлі ў Антыохію Пізыдзкую, і ўвайшоўшы ў бажніцу ў дзень суботні, селі. 15 Пасьля-ж прачытаньня закону і прарокаў паслалі старшыя над бажніцай да іх, кажучы: Мужы браты, калі ёсьць у вас якая мова напамінаньня да народу, кажэце.

16 Устаўшы-ж Павал і рукою наказаўшы маўчаньне, сказаў: Мужы Ізраільскія і каторыя баіцёся Бога, слухайце. 17 Бог народу Ізраільскага выбраў айцоў нашых і ўзвысіў народ, калі былі жыхарамі ў зямлі Эгіпскай, і вывеў іх вышняю рукою з яе, 18 і праз сорак гадоў часу перанасіў іх абычаі ў пустыні. 19 І зьніштожыўшы сем народаў у зямлі Канаанскай, лёсам падзяліў ім зямлю іх, 20 каля чатырохсот пяцідзесяці гадоў потым; а пасьля гэтага даў судзьдзяў аж да Самуэля прарока. 21 І ад таго часу прасілі аб караля, і даў ім Бог Саула, сына Ціса, мужа з пакаленьня Бэн'яміна, сарака гадоў. 22 І адкінуўшы яго, падняў ім Давіда караля, катораму даючы пасьведчаньне, сказаў: "Знайшоў я Давіда, сына Ессага, мужа паводле сэрца майго, каторы будзе чыніць усе заданьні мае" (І Карал. 13, 14). 23 З яго патомства Бог, паводле абяцаньня, вывеў для Ізраіля Збаўцу Езуса, 24 калі Ян перад воблікам прыходу ягонага абвяшчаў хрост пакуты ўсяму народу Ізарільскаму. 25 Калі-ж Ян споўніў свой бег, казаў: "За каго вы мяне ўважаеце, я ня ёсьць; але вось ідзе за мною, каторага я ня годзен разьвязаць абутак з ног".

26 Мужы браты, сыны роду Абрагама і каторыя паміж вас баяцца Бога, вам паслана слова гэтага збаўленьня. 27 Бо каторыя жылі ў Ерузаліме і павадары ягоныя, не пазнаўшы яго і асудзіўшы, выпаўнілі прарочыя галасы, якія чытаюцца кожную суботу, 28 і не занайшоўшы з ім ніякай прычыны сьмерці, прасілі ў Пілата, каб яго забіць. 29 А калі даканалі ўсё, што аб ім было напісана, зьняўшы яго з дрэва, палажылі яго ў гробе. 30 Але Бог падняў яго з умерлых трэцяга дня. Яго бачылі праз многія дні тыя, 31 каторыя разам з ім прыйшлі з Галілеі ў Ерузалім, каторыя аж дагэтуль ёсьць сьведкамі яго перад народам. 32 І мы вам абвяшчаем тое абяцаньне, якое сталася да айцоў нашых, 33 што Бог выпаўніў яго дзецям нашым, падняўшы Езуса, як і напісана ёсьць у другім псальме: "Ты ёсьць Сын мой, я сягоньня радзіў цябе". 34 А што падняў яго з умерлых, каб болей ужо не варочаўся да гніцьця, так сказаў: Што "дам вам сьвятое Давідава вернае" (Із. 55, 3). 35 Дзеля таго і ў другім месцы кажа: "Ня дасі сьвятому твайму ўбачыць гніцьця" (Пс. 16, 10). 36 Бо Давід, на вяку сваім паслужыўшы волі Божай, заснуў і далучаны ёсьць да айцоў сваіх і ўбачыў гніцьцё. 37 Але каго Бог ускрасіў з умерлых, той ня бачыў гніцьця.

38 Няхай-жа будзе вам ведама, мужы браты, што праз яго абвяшчаецца вам адпушчэньне грахоў; і ад усяго, ад чаго вы не маглі быць апраўданымі праз закон Майсея, 39 праз яго кожны, хто верыць, бывае апраўданы. 40 Дык глядзеце, каб ня прыйшло на вас, што сказана ў прарокаў: 41 "Убачце, пагарднікі, і дзівецеся, і згіньце, бо чыню справу ў дні вашыя, справу, якой вы не паверыце, калі-б хто расказаў вам" (Аввак. 1, 5).

42 А калі яны выходзілі, прасілі, каб у наступную суботу гаварылі да іх гэтыя словы. 43 Калі-ж была распушчана бажніца, многа жыдоў і набожных нованаверненых пайшло за Паўлам і Барнабай, каторыя гаворачы радзілі ім трываць у ласцы Божай.

44 А ў наступную суботу блізу ўвесь горад зыйшоўся слухаць слова Божага. 45 Але жыды, убачыўшы грамады, напоўніліся зайздрасьцяй і блюзьнячы пярэчылі таму, што гаварыў Павал. 46 Тады Павал і Барнаба цьвёрда сказалі: Для вас трэба было наўперад гаварыць слова Божае, але затым што вы адкідаеце яго і прызнаецё сябе нягоднымі жыцьця вечнага, вось іы зварочваемся да паганаў. 47 Бо гэтак загадаў нам Пан: "Паставіў цябе на сьветласьць паганаў, каб быў на збаўленьне аж край зямлі" (Із. 49, 6). 48 Пагане-ж пачуўшы, узрадаваліся і славілі слова Пана; і ўверылі каторыя-толькі былі прызначаны да жыцьця вечнага.

49 І разсявалася слова Пана па ўсей краіне. 50 Але жыды падбурылі набожных і паважаных жанчын і першых у горадзе, і паднялі прасьлед проці Паўла і Барнабы, і выкінулі іх з сваіх граніц. 51 Яны-ж, абтросшы на іх пыл з ног, прыйшлі ў Іконію. 52 Вучні так-жа напаўняліся радасьцяй і Духам сьвятым.

1 "Прарокі" мелі дар выказваньня аб'яваў Духа сьв. а "вучыцялі" - мелі дар навучаньня эванэліі. Яны мелі ў першапачатковым касьцёле вялікае значэньне.

2 "Адпраўлялі службу" г. зн. набажэнства. Служба Божая складалася тады з малітваў, навукі, прарочаньня і сьв. Эўхарыстыі.

3 Прарокі і вучыцялі антыохскія праз узлажэньне рук не далі Паўлу і Барнабе дару апостальства, бо Павал быў пакліканы самым Хрыстом, а Барнаба - апосталамі, а далі ім багаславенства і паўнамоцтва ад касьцёла ў Антыохіі на іх працу.

5 Саламіна - порт на Цыпры. Павал і Барнаба зварочваюцца найперш да жыдоў, бо да іх першых трэба было зварочвацца паводле загаду Хрыстовага (Мт. 10, 6; 15, 24), апроч гэтага ў жыдоўскія бажніцы прыходзілі ня толькі жыды, але і прозэліты, якія шукалі праўды Божай. Пасярод гэтых апошніх было многа прыхільнікаў навукі Хрыстовай.

7 Стараста Сяргей, відаць, належаў да тых знатных рымлян, якія любілі мець на сваім двары вучоных і чараўнікоў, знаючых таёмныя сілы прыроды і паказваючых розныя дзівы. Сяргей, пачуўшы аб Паўле і Барнабе, хацеў і іх паслухаць, што было непрыемным для таго чараўніка-мага.

9 Шавал (Саул) зьмяніў сваё жыдоўскае імя на рымскае Павал (Паўлус), каб мець доступ да рымлян і грэкаў.

11 "Да часу" значыць: пакуль не навернесься.

13 Памфілія - правінцыя ў Малой Азіі. Тут Ян Марак пакінуў апосталаў і вярнуўся ў Ерузалім, чым адхіліў ад сябе Паўла.

14 Гэта была другая Антыохія, якая ляжала пасярэдзіне М. Азіі на гандлёвым шляху з Эзэфу на Усход. Насельніцтва складалася з фрыгійцаў, грэкаў, рымлян і жыдоў.

16 "Каторыя баіцёся Бога" - гэта зварот адносіўся да паганаў, наверненых на жыдоўскую веру (прозэлітаў).

25 "Ян споўніў свой бег" - зн. скончыў сваё пасланства.

27 "Выпаўнілі прарочыя галасы" г. зн. споўнілі тое, што было напісана прарокамі аб Хрысьце.

30 - 31 Праўда аб ускрасеньні Хрыстовым заўсёды вясьцілася апосталамі, як галоўная праўда хрысьціянства. Сьведкамі ўскросу Хрыстовага былі тыя, якія яго відзелі ўскросшым, прабывалі з ім і датыкаліся да яго.

35 - 37 Словы : "Не дасі Сьвятому твайму ўбачыць гніцьця" ня могуць адносіцца да Давіда, бо ён памёр і быў падлеглы гніцьцю, значыць, ён ёсьць Мэсыяш, бо на ім споўніліся гэтыя прарочыя словы.

44 Прыйшлі ў бажніцу і прозэліты, каб слухаць Паўла і гэта вельмі абурыла жыдоў.

51 "Абтросшы пыл" гл. Мт. 10, 14.

 

Разьдзел 14
Павал і Барнаба ў Іконіі

1 І сталася ў Іконіі, што ўвайшлі яны разам у жыдоўскую бажніцу і гаварылі так, што ўверыла вялікае мноства жыдоў і грэкаў. 2 Тыя-ж жыды, што былі нявернымі, паднялі і падбурылі да гневу душы паганаў проціў братоў. 3 Дык многа часу правялі, адважна выступаючы ў Пану, каторы даваў слову пасьведчаньне сваей ласкі і чыніў, што знакі і цуды дзеяліся праз рукі іх. 4 І падзялілася мноства гораду: і былі адны з жыдамі, а другія з апосталамі. 5 Калі-ж стаўся націск паганаў і жыдоў з іншымі павадырамі, каб іх зьняважыць і закаменаваць, 6 яны, даведаўшыся, уцяклі ў лікаонскія гарады, Лістру і Дэрбу, і ўсю навакол краіну, і там абвяшчалі эванэлію.

Павал і Барнаба ў Лістры і Дэрбе

7 І сядзеў у Лістры адзін муж хворы на ногі, кульгавы з лона маткі сваей, каторы ніколі не хадзіў. 8 Ён слухаў гаворачага Паўла. Гэты, глянуўшы на яго і бачучы, што мае веру, каб стацца здаровым, 9 сказаў вялікім голасам: Устань на твае ногі проста! І выскачыў і хадзіў.

10 Грамады-ж, калі ўбачылі, што ўчыніў Павал, паднялі свой голас, па-лікаонску кажучы: Багі, стаўшыся падобнымі да людзей,зыйшлі да нас. 11 І называлі Барнабу Юпітэрам, а Паўла Мэркурым, бо ён быў павадыром у слове. 12 Сьвятар так-жа Юпітэра, быўшага перад горадам, даставіўшы валы і вянкі да брамаў, хацеў з народам складаць ахвяру. 13 Калі аб гэтым пачулі апосталы Барнаба і Павал, разьдзёршы адзежу сваю, яны скочылі ў грамады, крычачы 14 і кажучы: Мужы, што вы гэта робіце? І мы ёсьць сьмяротныя, падобныя да вас людзі; мы абвяшчаем вам, каб вы ад гэтых марнотаў навярнуліся да Бога жывога, каторы ўчыніў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх ёсьць; 15 каторы ў мілулых вякох дапусьціў усім паганам ісьці сваімі дарогамі. 16 Аднака-ж не пакінуў самога сябе без пасьведчаньня, чынячы дабро з неба, даючы дажджы і ўраджайныя часы, напаўняючы ежай і радасьцяй сэрцы нашыя. 17 І гэта кажучы, ледзь успакоілі грамады, каб ім не ахвяравалі.

18 А надыйшлі некаторыя жыды з Антыохіі і Іконіі і нагаварыўшы грамады ды ўкаменаваўшы Паўла, вывалаклі за горад, думаючы, што ён памёр. 19 Але калі яго абступілі вучні, ён устаўшы, увайшоў у горад і на другі дзень рушыў з Барнабай у Дэрбу.

Паварот у Антыохію сырыйскую

20 Калі-ж абвесьцілі эванэлію гэнаму гораду і многіх навучылі, вярнуліся ў Лістру, і ў Іконію, і ў Антыохію, 21 уцьвярджаючы душы вучняў і напамінаючы, каб трывалі ў веры, ды што праз многа ўцісьненьняў трэба нам увайсьці ў каралеўства Божае. 22 І калі паставілі ім сьвятараў у кожным касьцеле і памаліліся з пастамі, паручылі іх Пану, у каторага ўверылі. 23 А прайшоўшы Пізыдыю, прыйшлі ў Памфілію, 24 і сказаўшы слова Пана ў Пэрзе, пайшлі ў Атлію, 25 а адтуль адплылі ў Антыохію, адкуль былі аддадзены ласцы Божай на справу, якую споўнілі.

26 А прыйшоўшы і сабраўшы касьцёл, расказалі, сколькі ўчыніў з імі Бог і што адчыніў паганам дзьверы веры. 27 І прабылі немалы час з вучнямі.

11 Барнаба быў большага ўзросту, дык яго прыймалі за Юпітэра (Зэуса), а гаваркога Паўла за Мэркурага, пасланца багоў.

12 Сьвятыня Юпітэра была за гарадзкімі сьценамі, дык і называлася "Зэус перад горадам". Сьвятар прывёў валы да брамаў дому, дзе жылі апосталы.

13 "Разьдзёршы адзежу сваю" - паводле тагачаснага звычаю на знак жалю і смутку.

15 Паганамі Бог не апекаваўся так, як жыдамі, каторым даў Закон.

16 Аднака-ж і пагане маглі пазнаць Бога з Ягоных дабрадзействаў і дамэтнасьці ў прыродзе.

18 Як бачым, народ у сваей масе ёсьць заўсёды зьменлівы і ідзе за тым, хто ўмее выкарыстаць ягоныя слабасьці і часовыя настроі.

25 Вярнуліся да Антыохіі Сырыйскай каля 48 г. пасьля Нар. Хрыста.

 

Разьдзел 15
Апостальскі сабор у Ерузаліме
1) Прычыны скліканьня сабору

1 А некаторыя, прыйшоўшы з Юдэі, навучалі братоў: Што калі вы не абрэжацеся паводле Майсеявага абычаю, ня можаце збавіцца. 2 Дык калі паўстаў немалы спор у Паўла і Барнабы проціў іх, пастанавілі, каб Павал і Барнаба і некаторыя другія спаміж іншых пайшлі ў гэтай справе до апосталаў і старшых у Ерузалім. 3 Дык яны, праведзеныя касьцёлам, праходзілі Фэніцыю і Самарыю, расказваючы аб навароце паганаў, і рабілі вялікую радасьць усім братом.

2) Нарады сабору і пастанова

4 Калі-ж прыйшлі ў Ерузалім, былі прыняты Касьцёлам і апосталамі і старшымі, абвяшчаючы, сколькі з імі ўчыніў Бог. 5 А паўсталі некаторыя з сэкты фарызэяў, каторыя ўверылі, кажучы: Што трэба іх абрэзаць і загадаць, каб захоўвалі закон Майсея.

6 І сабраліся апосталы і старшыя, каб разглядзець гэтае слова. 7 Калі-ж паўстала вялікая спрэчка, устаўшы Пётр, сказаў да іх: Мужы браты, вы ведаеце, што з даўных дзён Бог выбраў спаміж нас, каб праз мае вусны пагане слухалі слова эванэліі і верылі. 8 І Бог, каторы знае сэрцы, даў пасьведчаньне, даючы ім Духа сьвятога так як і нам, 9 і нічога не адрозьніў паміж намі і імі, верай ачышчаючы сэрцы іх. 10 Дык цяпер нашто спакушваеце Бога, каб узлажыць на шыі вучняў ярмо, якога не маглі насіць ані айцы нашы, ані мы? 11 Але праз ласку Пана Езуса Хрыста мы верым, што збавімся, так як і яны.

12 І замоўкла ўсё мноства, і слухалі Барнабу і Паўла, расказваючых, якія вялікія знакі і цуды ўчыніў Бог паміж паганаў праз іх.

13 А калі замоўклі, адказаў Якуб, кажучы: Мужы браты, паслухайце мяне! 14 Сымон расказаў, як перш Бог адведаў, каб з паганаў узяць народ для іменьня свайго. 15 І з гэтым згаджаюцца словы прарокаў (Ам. 9, 11-12), як ёсьць напісана: 16 "Пасьля гэтага вярнуся і адбудую палатку Давіда, каторая ўпала, і руіны яе адбудую і папраўлю яе, 17 каб другія людзі шукалі Пана і ўсе народы, над каторымі прызвана імя маё, кажа Пан, які чыніць гэта". 18 Ведамая ёсьць Пану ад веку справа ягона. 19 Дзеля гэтага я ўважаю, не беспакоіць тых, каторыя з паганаў наварачваюцца да Бога, 20 але напісаць да іх, каб устрымоўваліся ад брыдотаў балванаў, і блуду, і душанага, і крыві. 21 Бо Майсей з даўных часоў мае ў кожным горадзе тых, што яго абвяшчаюць у бажніцах, дзе ў кожную суботу чытаецца.

22 Тады спадабалася апосталам і старшым з усім касьцёлам, каб выбраць спасярод сябе мужоў і паслаць у Антыохію з Паўлам і Барнабай: Юду, каторы называўся Барсаба, і Сылу, мужоў першых паміж братамі, 23 напісаўшы праз іх рукі: Апосталы і старшыя браты, тым, каторыя ёсьць ў Антыохіі і ў Сырыі і ў Цыліцыі, братом з паганаў, прывет. 24 Дзеля таго што мы чулі, што некаторыя з нас выйшаўшы, устрывожылі вас славамі, адварочваючы душы вашы, каторым мы не загадалі, 25 спадабаліся нам, сабраўшымся ў вадно, выбраць мужоў і паслаць да вас з найдаражэйшымі нашымі Барнабай і Паўлам, каторыя выдалі душы свае за імя Пана нашага Езуса Хрыста. 27 Дык паслалі мы Юду і Сылу, каторыя так-жа самі перакажуць вам славамі гэтае ж. 28 Бо здалося Духу сьвятому і нам не накладаць на вас болей ніякага цяжару, апроч гэтых канечных: 29 каб вы ўстрымаліся ад ахвяраваньня балваном, і крыві, і душанага, і блуду; чаго вы сьцерагучыся, добра зробіце. Бывайце здаровы.

3) Абвяшчэньне пастановы сабору ў Антыохіі

30 Дык тыя выпраўленыя прыйшлі ў Антыохію і сабраўшы мноства, перадалі пісьмо. 31 Прачытаўшы яго, яны ўзрадаваліся з пацяшэньня. 32 А Юда і Сыла, будучы і самі прарокамі, многім словам пацяшалі братоў і ўцьвярджалі. 33 А прабыўшы там нейкі час, яны былі з супакоем выпраўлены братамі да тых, каторыя іх прыслалі. 34 Здалося-ж Сылу там астацца, а Юда адзін пайшоў у Ерузалім. 35 Павал-жа і Барнаба прабывалі ў Антыохіі, навучаючы і абвяшчаючы з многімі другімі слова Божае.

Другая падарожа сьв. Паўла. Разлучэньне з Барнабай

36 Пасьля-ж некалькіх дзён сказаў Павал да Барнабы: Вярнуўшыся адведайма братоў па ўсіх гарадох, у каторых мы абвяшчалі слова Пана, як яны маюцца. 37 А Барнаба хацеў узяць з сабою і Яна, каторы называўся Марак. 38 Але Павал прасіў, каб ён, як той, каторы адстаў ад іх ад Памфіліі і не хадзіў з імі на справу, ня быў прыняты. 39 Дык сталася нязгода, так што яны адыйшлі адзін ад другога, а Барнаба-то, узяўшы Марка, адплыў на Цыпр.

Падарожа сьв. Паўла ў Македонію

40 Павал-жа, выбраўшы Сылу, рушыў, паручаны братамі ласцы Божай. 41 І абходзіў Сырыю і Цыліцыю, уцьвярджаючы касьцёлы, загадваючы берагчы загады апосталаў і старшых.

1 Некаторыя спасярод жыдоў, прыняўшых хрысьціянства, упорыста цьвярдзілі, што пагане, прыймаючы хрост, павінны паддацца старазаконнаму абразаньню і спаўняць рэлігійныя практыкі Ст. Закону. Гэтыя хрысьціяне неабрэзаных уважалі за нячыстых і не хацелі з імі лучыцца ані пры сталох (агапах), ані пры малітве. Гэтыя-то, ня могучы нічога зрабіць у Ерузаліме, прыйшлі ў Антыохію, каб тут пашыраць свае пагляды.

7 "З даўных дзён" г. зн. ад навароту Карнэля, якое адбылося калі 10 гадоў таму.

9 Вера, хрост і Дух сьв. ачысьцілі сэрцы паганаў, дык ня можна іх уважаць за нячыстых.

19 Ярма шматлікіх прадпісаньняў Ст. Закону не маглі насіць (споўніць) нават прававерныя жыды.

13-19 Якуб, званы меншым, сваяк Езуса, біскуп Ерузаліму, быў агульна паважаны нават у жыдоў за сваю справядлівасьць і сьціслае выпаўненьне Закону. І ён прыхіляецца да слоў Пятра, каб не накладаць лішняга цяжару на тых, што наварачваюцца з паганства да веры Хрыстовай.

20 Якуб аднак уважае патрэбным забараніць хрысьціянам, наверненым з паганства, есьці мяса, ахвяраванае балваном ("брыдотаў балванаў"); высьцерагацца блуду г. зн. жаніцца з кроўнымі і сваякамі, а такжа прымаць удзел у распусных ігрышчах, якія адбываліся пры паганскіх рэлігійных цэрэмоніях, есьці мяса з задушанай жывёлы, бо там была кроў, бо паводле тагачасных паняцьцяў, душа (г. зн. жыцьцё цела) ёсьць у крыві.

28 "Здалося Духу сьв. і нам" - гэтымі славамі апосталы выказваюць, што гэта пастанова ёсьць ад Духа сьв., якому пярэчыць ня можна.

"Апостальскі сабор" адбыўся каля 50 году пасьля Нар. Хр.

39 Гэты разыход быў, відаць, у намерах Божых, бо Банаба, прыбыўшы на Цыпр, сваей працай пакрыў гэты востраў касьцёламі, а Павал таксама Малую Азію і Грэцыю.

40 Сыла быў блізкім да апосталаў і старшых у Ерузаліме і, так як Павал, быў рымскім грамадзянінам (гл. Ап. Дз. 15, 22 - 27 і 16, 37).

 

Разьдзел 16

1 І прыйшоў у Дэрбу і ў Лістру. І вось быў там адзін вучань, на імя Цімафей, сын жанчыны жыдоўкі, вернай, бацькі паганіна. 2 Гэтаму давалі добрае пасьведчаньне браты, каторыя былі ў Лістры і Іконіі. 3 Павал хацеў, каб ён з імі рушыў, і ўзяўшы абрэзаў яго дзеля жыдоў, якія былі ў тых мясцох. Бо ўсе ведалі, што бацька ягоны быў паганін. 4 А калі яны праходзілі гарады, перадавалі ім берагчы ўставы, якія былі пастаноўлены апосталамі, каторыя былі ў Ерузаліме. 5 А касьцёлы-то ўцьвярджаліся ў веры і ўзрасталі лікам штодня.

6 А калі перайшлі Фрыгію і краіну Галацкую, забарніў ім Дух сьвяты гаварыць слова Божае ў Азіі. 7 І прайшоўшы ў Мізію, маніліся ісьці ў Бітынію, і не дазволіў ім Дух Езуса.

8 Калі-ж перайшлі Мізію, прыйшлі ў Троаду. 9 І паказалася Паўлу ўначы відзеньне: Адзін муж Македонец стаў і прасіў яго і казаў: Перайшоўшы ў Македонію, памажы нам. 10 І як убачыў відзеньне, зараз пастараліся мы рушыць у Македонію, будучы пэўнымі, што Бог нас паклікаў абвяшчаць ім эванэлію.

Сьвяты Павал у Філіппах

11 І плывучы з Троады, мы ў простым кірунку прыбылі ў Самотракію, а ў наступны дзень у Нэапаль; 12 а адтуль у Філіппы, каторыя ёсьць першым горадам тае часьці Македоніі, калонія. І былі мы ў гэтым горадзе некалькі дзён, гутаручы.

13 А ўдень суботні мы выйшлі за браму да ракі, дзе, здавалася, была малітва, і сеўшы гаварылі да жанчын, якія былі зыйшоўшыся. 14 Слухала-ж адна жанчына, на імя Лідыя, з гораду Тыатыру, якая гандлявала пурпурай, паклоньніца Божая; адчыніў Пан яе сэрца, каб зважаць на тое, што гаварыў Павал. 15 Калі-ж яна была ахрышчана і дом яе, прасіла, кажучы: Калі вы судзіце, што я верная Пану, увайдзеце ў мой дом і жывеце. І прымусіла нас.

16 І сталася, калі мы ішлі на малітву, спаткалася з намі адна дзяўчына, каторага мела вешчага духа і каторая варожучы, давала сваім гаспадаром вялікі даход. 17 Яна, ідучы за Паўлам і за намі, крычала, кажучы: Гэтыя людзі ёсьць слугі найвышэйшага Бога, яны абвяшчаюць вам дарогу збаўленьня. 18 Гэтае-ж яна рабіла праз многа дзён. Але Павал, праняты болем і зьвярнуўшыся, сказаў духу: Загадываю табе ў імя Езуса Хрыста выйсьці з яе. І выйшаў у тую-ж часіну.

19 Гаспадары-ж яе, бачучы, што выйшла надзея іхнага даходу, схапіўшы Паўла і Сылу, завялі на рынак да начальнікаў, 20 і аддаючы іх уладам, сказалі: Гэтыя людзі трывожаць горад наш, бо яны жыды 21 і абвяшчаюць абычай, каторага нам ня можна прыняць ані чыніць, бо мы рымляне. 22 І зьбегся народ проціў іх, а ўлады, парваўшы іхныя вопраткі, прыказалі біць іх розгамі. 23 І даўшы ім многа ўдараў, пасадзілі іх у вастрог, загадваючы сторажу, каб пільна іх сьцярог. 24 Ён, атрымаўшы такі загад, пасадзіў іх у нутраны вастрог, а ногі іх замкнуў у калоду.

25 А ўпоўначы Павал і Сыла молячыся хвалілі Бога. І слухалі іх тыя, што былі ў вастрозе. 26 А раптам сталася вялікае зямлетрасеньне, так што зрушыліся фундамэнты вастрогу. І зараз-жа адчыніліся ўсе дзьверы, і разьвязаліся путы ўсіх. 27 А стораж вастрогу, прачнуўшыся і ўбачыўшы адчыненыя дзьверы вастрогу, выцягнуўшы меч, хацеў забіць сябе, думаючы, што вязьні паўцякалі. 28 Але Павал закрычаў вялікім голасам, кажучы: Не рабі сабе нічога дрэннага, бо мы ўсе тут. 29 І зажадаўшы сьвятла, увайшоў і дрыжучы ўпаў да ног Паўлу і Сылі. 30 І вывеўшы іх вонкі, сказаў: Паны, што мне трэба рабіць, каб збавіцца? 31 А яны сказалі: Вер у Пана Езуса і будзеш збаўлены ты і твой дом. 32 І гаварылі слова Пана яму і ўсім, каторыя былі ў яго доме. 33 І ўзяўшы іх у тую часіну ночы, абмыў раны іх; і быў ахрышчаны ён сам і ўвесь дом ягоны безадкладна. 34 І завёўшы іх у свой дом, заставіў ім стол і цешыўся з усім домам сваім, уверыўшы ў Бога.

35 Калі-ж настаў дзень, паслалі ўлады ліктараў, кажучы: Пусьці гэтых людзей. 36 І стораж вастрогу пераказаў гэтыя словы Паўлу: Што ўлады паслалі, каб вы былі выпушчаны. Дык цяпер выйшаўшы, ідзеце ў супакою. 37 Павал-жа сказаў ім: Абабіўшы публічна нас незасуджаных, людзей рымлян, пасадзілі ў вастрог, а цяпер патайком нас выкідаюць? Ня так, але няхай прыйдуць 38 і самі нас выкінуць. І збаяліся, пачуўшы, што яны рымляне. 39 І прыйшоўшы, перапрасілі іх і вывеўшы, прасілі, каб выйшлі з гораду. 40 Выйшаўшы-ж з вастрогу, зайшлі да Лідыі, і пабачыўшы братоў, пацешылі іх і вырушылі.

1 Маці Цімафея была ахрышчанай жыдоўкай.

8 У Троадзе да Паўла далучыўся эванэліст Лукаш і затым у далейшых радкох расказ ідзе ў першай асобе множнага ліку (мы пастараліся, мы прыбылі і г. д.) і гэта доказ, што аўтарам Ап. Дзеяў ёсьць сьв. Лукаш.

13 Жыды ставілі бажніцы і зьбіраліся на малітву блізка плывучай вады, а гэта дзеля сваіх рытуальных абмываньняў.

14 "Паклоньніца Божая" г. зн. наверненая з паганаў да жыдоўскай веры (прозэлітка).

16 Дзўчына тая была нявольніцай і даход з ейнай варажбы забіралі яе гаспадары.

18 Павал, выганяючы злога духа, хацеў адхіліць ад сябе ўсякія людзкія падазрэньні ў лучнасьці з гэтым духам.

21 Жыхары Філіппаў мелі іх за вызнавальнікаўжыдоўскага закону, а гэтым законам рымляне пагарджалі.

27 Калі вязень уцёк, то рымскае права карала стоража такою самаю караю, на якую заслужыў вязень.

33 Пад уплывам хрысьціянскай, апостальскай любові ў душы паганіна родзяцца добрыя пачуцьці, якія прыводзяць яго да хрысьціянства.

37 Рымскае права забараняла біць розгамі рымскіх грамадзян. Апосталы, даходзячы свайго права, бароняць ня толькі сябе, але і самой справы, якая магла-б пацярпець, калі-б людзі пачалі ўважаць апосталаў за нейкіх злачынцаў.

40 Тут ізноў расказ вядзецца ў трэцяй асобе множнага ліку, з чаго можна зрабіць вывад, што Лукаш астаўся ў Філіппах.

 

Разьдзел 17
Павал у Тэссалоніцы і Бэрэі

1 А калі яны прайшлі Амфіпал і Апалонію, прыйшлі ў Тэссалоніку, дзе была жыдоўская бажніца. 2 І паводле звычаю Павал увайшоў да іх і праз тры суботы гаварыў ім з Пісаньняў, 3 адкрываючы і выводзячы, што трэбы было, каб Хрыстус цярпеў і ўстаў з умерлых, і што гэты Езус ёсьць Хрыстусам, каторага я вам абвяшчаю. 4 І некаторыя з іх уверылі і далучыліся да Паўла і Сылі; і з набожных, і з паганаў вялікае мноства, і нямала знатных жанчын.

5 Але жыды, зайзруючы, і набраўшы з чэрні некатрых благіх людзей, і зрабіўшы грамаду, узбурылі горад; і напаўшы на дом Язона, шукалі іх, каб вывесьці да народу. 6 І не знайшоўшы іх, цягнулі Язона і некаторых братоў да начальнікаў гораду, крычучы: Што тыя, каторыя ўзбурваюць горад, і сюды прыйшлі, 7 іх прыняў Язон, а яны ўсе паступаюць проціў уставаў цэзара, што ёсьць іншы кароль, Езус. 8 І ўзбурылі народ і начальнікаў гораду, каторыя гэтае слухалі. 9 І ўзяўшы паруку ад Язона і ад іншых, пусьцілі іх.

10 А браты зараз-жа ўначы выправілі Паўла і Сылу ў Бэрэю. Яны, прыйшоўшы, увайшлі ў жыдоўскую бажніцу. 11 Гэтыя-ж былі шляхетнейшыя за тых, што ёсьць у Тэссалоніцы, яны прнялі слова з усей ахвотай, штодня разьбіраючы Пісаньні, ці гэта так маецца. 12 І многа-ж з іх уверыла, і жанчын паважаных і нямала мужоў. 13 Калі-ж даведаліся жыды ў Тэссалоніцы, што і ў Бэрэі Павал абвяшчае слова Божае, прыйшлі і туды, узварушваючы і падбурваючы мноства. 14 І тады зараз-жа браты выправілі Паўла, каб ішоў аж да мора, а Сыла і Цімафей асталіся там.

Павал у Атэнах

15 А тыя, што праводзілі Паўла, завялі яго аж у Атэны, і атрымаўшы ад яго загад да Сылі і Цімафея, каб чым-хутчэй прыйшлі да яго, вырушылі.

16 Калі-ж Павал чакаў на іх у Атэнах, бурыўся ў ім дух ягоны, бачучы горад аддадзены балвахвальству. 17 Дык гаварыў у бажніцы з жыдамі і з набожнымі, і на рынку праз усе дні да тых, што там былі. 18 Некаторыя-ж эпікурэйцы і стоікі філозафы спорылі з ім. І некаторыя казалі: што хоча сказаць гэты гаварун? А другія: Здаецца, ён ёсьць вяшчуном новых багоў; бо ён абвяшчаў ім Езуса і ўскрашеньне.

19 І ўзяўшы яго, завялі ў Арэопаг, кажучы: Ці можам ведаць, якая ёсьць гэта новая навука, якую ты кажаш? 20 Бо нешта новае ты прыносіш для нашых вушэй, дык хочам ведаць, што гэта мае быць. 21 (А ўсе атэнцы і прышлыя госьці нічым іншым не займаліся, як толькі каб або пагаварыць або паслухаць нешта новае).

22 Павал-жа, стаўшы пасярод Арэопагу, сказаў: Мужы атэнскія, з усяго я бачу, што вы як-бы надта набожныя. 23 Бо праходзячы і ўглядаючыся на вашы сьвятасьці, я знайшоў і аўтар, на каторым было напісана: Няведамаму Богу. Дык тое, чаму вы ня ведаючы пакланяецеся, я вам абвяшчаю. 24 Бог, каторы стварыў сьвет і ўсё, што ў ім ёсьць, ён, будучы Панам неба і зямлі, жыве не ў сьвятынях збудаваных рукамі, 25 і ня бывае слаўлены рукамі чалавечымі, патрабуючы нечага, бо сам дае ўсім жыцьцё, і дыханьне, і ўсё. 26 І ўчыніў з аднаго ўвесь род чалавечы, каб жылі па ўсім вобліку зямлі, абазначаючы пастаноўленыя часы і граніцы іхнага аселішча, 27 каб шукалі Бога, можа часам дакрануцца да яго або знойдуць, хоць ён недалёка ад кожнага з нас. 28 Бо ў ім мы жывём і рухаемся і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў сказалі: "Бо мы і род ягоны". 29 Дык калі мы род Божы, не павінны думаць, што Боства падобнае да золата, або серабра, або каменьня, да рэзьбы рамясла і выдумкі чалавечай. 30 І не зважаючы на часы гэтага няведаньня, Бог цяпер абвяшчае людзям, каб усе ўсюды пакутывалі, 31 таму што пастанавіў дзень, у каторы мае судзіць сьвет у справядлівасьці праз Мужа, каторага пастанавіў, падаючы веру ўсім, ускрасіўшы яго з умерлых.

32 Калі- ж яны пачулі аб ускрасеньні ўмерлых, то некаторыя насьмяхаліся, а некаторыя сказалі: Аб гэтым паслухаем цябе другім разам. 33 Так Павал выйшаў спасярод іх. 34 А некаторыя мужы, прыстаўшы да яго, уверылі, паміж імі і Дзіаніс Арэопагіт, і жанчына на імя Дамара, і ішыя з імі.

1 Тэссалоніка - сяньня Салонікі.

7 Абвінавачваньні падобны да тых, якія жыды падымалі проціў Езуса перад Пілатам.

11 Жыды разьбіралі Пісаньні, хочучы праканацца, ці Павал кажа праўду.

15 Атэны былі тады горадам навукі, культуры і мастацтва, але рзам з гэтым і балвахвальства.

18 Эпікурэйцы былі матэр'ялістамі. Паводле іх усё, нават душа, складаецца з частак матэрыі; адкідалі яны загробнае жыцьцё і цьвярдзілі, што мэтай чалавека ёсьць шчасьце тут на зямлі.

Стоікі навучалі, што ўсё на сьвеце падлягае нейкай канечнасьці (фатум); чалавек павінен жыць паводле правоў натуры і розуму, павінен вырабляць у сабе цноты і быць нячулым на непрыемнасьць і боль.

19 Арэопаг - гэта быў узгорак у Атэнах, на каторым мясьціўся Найвышэйшы суд, званы таксама арэопагам і дзе філозафы і грамадзкія дзеячы любілі зьбірацца на навуковыя дыскусіі.

23 Атэны будавалі аўтары няведамаму богу, калі ня ведалі, якому богу маюць дзякаваць за атрыманую ласку.

25 Павал выказвае тут духоўнасьць Бога і Яго незалежнасьць ад стварэньня, тады калі пагане верылі, што багі патрабуюць людзкой помачы і чэсьці.

27 Кожны чалавек, уважна абсэрвуючы гэты сьвет, можа пры помачы свайго розуму дайсьці да пазнаньня Бога, Тварца ўсесьвету.

28 Праз сваю ўсюдыбытнасьць Бог ёсьць усюды, так-жа і ў нас, а мы жывём як-бы затануўшы ў ім. Праз Яго мы існуем і Ён судзейнічае з нашым жыцьцём і з кожным нашым парушэньнем.

 

Разьдзел 18
Павал у Карынце

1 Пасьля гэтага выйшаўшы з Атэнаў, прыйшоў у Карынт. 2 І знайшоўшы аднаго жыда, на імя Аквілу, родам з Понту, каторы нядаўна быў прыйшоўшы з Італіі, і Прысцыллу жонку ягону, (таму што Клаўдый быў загадаўшы, каб усе жыды выйшлі з Рыму), паступіў да іх. 3 А таму што быў таго-ж самага рамясла, аставаўся ў іх і працаваў: былі-ж яны палатка-вытворчага рамясла. 4 І гаварыў у бажніцы кожную суботу, успамінаючы імя Пана Езуса і пераконываў жыдоў і грэкаў.

5 Калі-ж прыйшлі з Македоніі Сыла і Цімафей, Павал наставаў словам, сьведчучы жыдом, што Езус ёсьць Хрыстус. 6 Але калі яны пярэчылі і блюзьнілі, абтросшы сваё адзеньне, сказаў да іх: Кроў ваша на галаву вашу. Я чысты: адцяпер пайду да паганаў. 7 І перанёсшыся адтуль, увайшоў у дом аднаго, на імя Ціта Юста, паклоньніка Божага, каторага дом быў побач з бажніцай. 8 А Крысп, старшы над бажніцай, уверыў у Пана з усім домам сваім; і многія з карынцян слухаючы верылі і былі хрышчаны. 9 І сказаў Пан Паўлу ўначы праз відзеньне: Ня бойся, але гавары і не маўчы, 10 дзеля таго што я з табою, і ніхто не кране цябе, каб табе пашкодзіць, бо многа для мяне ёсьць народу ў гэтым горадзе. 11 І сядзеў там год і шэсьць месяцаў, навучаючы ў іх слова Божага.

12 Калі-ж Галліён быў старастай у Ахаі, паўсталі жыды аднадушна проціў Паўла і прывялі яго ў суд, 13 кажучы: што гэты нагаварвае людзей пакланяцца Богу проціў закону. 14 Калі-ж Павал пачынаў адчыняць вусны, сказаў Галліён да жыдоў: Калі-б было нешта нягоднае або вельмі благі паступак, я прыняў-бы вас, як трэба, мужы жыдоўскія. 15 Але калі спрэчкі ёсьць аб слове і імёнах і законе вашым, самі сябе глядзеце, я не хачу быць гэтага судзьдзёю. 16 І праганў іх ад суду. 17 І схапіўшы ўсе Састэна, старшага над бажніцай, білі яго перад судом, а Галліён зусім аб гэтым не клапаціўся.

Паварот Паўла да Антыохіі

18 Павал-жа, прабыўшы яшчэ многа дзён, разьвітаўшыся з братамі, адплыў (і з ім Прысцылла і Аквіла); ён астрыг сабе галаву ў Кенхры, бо меў шлюбаваньне. 19 І прыбыў у Эфэз і там іх пакінуў. А сам, увайшоўшы ў бажніцу, гаварыў з жыдамі. 20 Калі-ж яны прасілі, каб астаўся на даўжэйшы час, не згадзіўся, 21 але разьвітаўшыся і сказаўшы: Ізноў, вярнуся да вас, калі Бог захочы, рушыў з Эфэзу. 22 І прыбыўшы ў Цэзарэю, пайшоў і прывітаў касьцёл і пайшоў у Антыохію.

Трэцяя падарожа сьв. Паўла

23 І прабыўшы там нейкі час, рушыў, праходзячы папарадку Галацкую краіну і Фрыгію, уцьвярджаючы ўсіх вучняў. 24 А адзін жыд, на імя Аполло, родам з Александрыі, муж вымоўны, магутны ў Пісаньнях, прыбыў у Эфэз. 25 Быў ён навучаны шляху Пана і гаручы духам гаварыў і навучаў пільна таго, што датыча Езуса, ведаючы толькі хрост Яна. 26 Дык гэты пачаў адважна выступаць у бажніцы. Калі яго пачулі Прысцыла і Аквіла, узялі яго і пільней вылажылі яму шлях Пана. 27 А калі ён хацеў ісьці ў Ахаю, браты напісалі вучням, заахвочваючы, каб прынялі яго. Ён, прыйшоўшы, многа памог тым, каторыя ўверылі. 28 Бо ён многа пераконываў жыдоў, яўна паказваючы з Пісаньняў, што Езус ёсьць Хрыстус.

1 Карынт - гэта быў даволі вялікі гандлёвы горад у Грэцыі, населены грэкамі, рымлянамі, сырыйцамі, эгіпцянамі і жыдамі. Ведамы быў з гандлю і распуснага жыцьця. Але і праўдзівых паклоньнікаў Бога было там нямала.

3 Павал у маладых гадох навучаўся рабіць палатно на палатку, дык цяпер, каб ня быць цяжарам для нованаверненых хрысьціян, жыў з працы рук сваіх, займаючыся палатка-вытворчым рамяслом.

7 Павал адыйшоў ад бажніцы, перанёсшыся ў дом аднаго прозэліта.

9 Павал баяўся жыдоў, бо што-раз болей прозэлітаў адыходзіла ад бажніцы і далучалася да Паўла.

11 Было гэта каля 50 - 52 г. пасьля Н. Хр.

15 Дзеля таго што пасярод жыдоў было заўсёды многа спрэчак і калатні, Галліён не хацеў нават слухаць, не разумеючы іхнага закону. Гэты Галліён быў братам слаўнага філозафа Сэнэкі.

18 Павал, як відаць, зрабіў шлюбаваньне назарэйства, пры каторым ня пілі віна і ня стрыглі валасоў, пакуль ня споўнілася прошанае ў Бога. Шлюбаваньне такое найчасьцей рабілі на 30 дзён.

22 З Цэзарэі пайшоў пехатою ў Ерузалім і там прывітаў Касьцёл, а потым рушыў у Антыохію (Сырыйскую).

23 У трэцюю місыйную падарожу Павал вырушыў зімою з 52 на 53 год і прабыў да 58 году.

 

Разьдзел 19
Павал у Эфэзе

1 І сталася, калі Аполло быў у Карынце, то Павал, абыйшоўшы горныя староны, прыйшоў у Эфэз. І знайшоў некаторых вучняў 2 і сказаў да іх: Ці ўверыўшы вы атрымалі Духа сьвятога? А яны сказалі да яго: Але мы і ня чулі, ці ёсьць Дух сьвяты. 3 Ён-жа сказаў: Дык у чым вы хрышчаны? Яны сказалі: У хросьце Яна. 4 Павал-жа сказаў: Ян хрысьціў народ хростам пакуты, кажучы, каб уверылі ў таго, каторы па ім мае прыйсьці, гэта значыць, у Езуса. 5 Пачуўшы гэтае, былі ахрышчаны ў імя Пана Езуса. 6 І калі Павал узлажыў на іх рукі, прыйшоў на іх Дух сьвяты, і гаварылі мовамі, і прарочылі. 7 Было-ж усіх мужоў каля дванаццацёх.

8 А ўвайшоўшы ў бажніцу, гаварыў з адвагай праз тры месяцы, гутаручы і пераконываючы аб каралеўстве Божым. 9 Калі-ж некаторыя ўпіраліся і ня верылі, наругаючыся з шляху Пана перад мноствам, адыйшоўшы ад іх, адлучыў вучняў, штодня гутаручы ў школе нейкага Тыранна. 10 Дзеялася-ж гэтае праз два гады, так што ўсе, каторы жылі ў Азіі, слухалі слова Пана, жыды і пагане. 11 І не абыякія цуды чыніў Бог рукою Паўла, 12 так што нават хусткі і паясы ад ягонага цела заносілі на хворых, і адыходзілі ад іх хваробы, і выходзілі злыя духі.

13 Прабавалі-ж некаторыя і з вандроўных жыдўскіх экзарцыстаў прызываць імя Пана Езуса над тымі, што мелі злых духаў, кажучы: Заклінаю вас праз Езуса, каторага абвяшчае Павал. 14 Было-ж нейкіх сем сыноў жыда Скевы, старшага сьвятара, каторыя гэтак рабілі. 15 А злы дух адказваючы сказаў ім: Езуса знаю і Паўла ведаю, але вы хто такія? 16 І ўскочыўшы на іх чалавек, у каторым быў вельмі злы дух, і абдолеўшы абодвух, паказаў над імі такую сілу, што яны голыя і параненыя ўцяклі з таго дому. 17 І гэта сталася ведамым усім жыдом і паганам, каторыя жылі ў Эфэзе; і паў на іх усіх страх, і было слаўлена імя Пана Езуса.

18 І многія з веруючых прыходзілі, спавядаючыся і выказваючы свае ўчынкі. 19 Многія-ж з тых, што займаліся чарамі, знайшлі кнігі і спалілі перад усімі. А зьлічыўшы цэны іх, знайшлі на грошы пяцьдзесят тысяч дынараў. 20 Так сільна расло слова Божае і ўмацоўвалася.

21 А споўніўшы гэта, павал намерыўся ў духу, прайшоўшы Македонію і Ахаю, ісьці ў Ерузалім, кажучы: што пасьля таго як там буду, трэба мне і Рым відзець. 22 І паслаўшы ў Македонію двух з паслугаваўшых яму, Цімафея і Эраста, сам да часу астаўся ў Азіі.

23 А ў той час сталася не малое забурэньне дзеля шляху Пана. Бо адзін сераброўнік, на імя Дзімітры, каторы вырабляў сярэбраныя сьвятынкі Дыяны, даваў рамесьнікам не малы заработак. 25 Ён, склікаўшы іх і тых, каторыя былі гэтага роду працаўнікамі, сказаў: Мужы, вы ведаеце, што з гэтага рамясла ёсьць наш даход. 26 А вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эфэзе, але амаль ва ўсей Азіі гэты Павал, нагаварваючы, адвярнуў вялікую грамаду, кажучы: што гэта не багі, каторыя робяцца рукамі. 27 І гэта ня толькі пагражае нашаму рамяслу, каб яно ня прыйшло ў пагарду, але і сьвятыня вялікай Дыяны будзе лічыцца за нішто, але і пачне ніштожыцца вялікасьць тае, каторай пакланяецца ўся Азія і сьвет. 28 Пачуўшы гэтае, яны напоўніліся гневам і закрычалі, кажучы: Вялікая Дыяна Эфэская.

29 І напоўніўся горад узбурэньнем, і зрабілі аднадушна напад на тэатр, хватаючы Гая і Арыстарха, македонцаў, таварышаў Паўла. 30 А калі Павал хацеў выйсьці да народу, вучні не пазволілі. 31 Некаторыя-ж і з начальнікаў Азіі, будучы яго прыяцелямі, паслалі да яго, просячы, каб не ўваходзіў у тэатр. 32 А іншыя другое крычалі. Бо было сабраньне бурнае і большасьць ня ведалі, дзеля чаго сабраліся. 33 А з грамады выцягнулі Александра, каторага выпіхалі жыды. Аляксандар-жа, зажадаўшы рукою цішыні, хацеў здаць справу перад народам. 34 Калі яго пазналі, што ён жыд, узьняўся адзін голас усіх, крычачых каля дзьвюх гадзін: Вялікая Дыяна Эфэская.

35 А пісар, успакоіўшы грамады, сказаў: Мужы эфэскія, і хто-б з людзей ня ведаў, што горад Эфэз ёсьць паклоньнікам вялікай Дыяны, дочкі Юпітэра? 36 Дык калі гэтаму пярэчыць ня можна, трэба вам успакоіцца і нічога неразважнага не рабіць. 37 Бо вы прыявялі гэтых людзей, ані сьвятазьняважнікаў, ані блюзьнячых проціў вашае багіні. 38 А калі Дзімітры і тыя, што з ім ёсьць, рамесьнікі, маюць справу проціў каго, то адбываюцца на рынку суды, і ёсьць старасты, няхай адны другіх вінавацяць. 39 Калі-ж даходзіце іншае рэчы, то можа быць вырашана на законным сабраньні. 40 Бо і пагражае нам, каб мы нябылі абвінавачаны ў сяньняшнім бунце, бо няма нікога вінаватага (аб каторым не маглі-б здаць справу) гэтага зборышча. І сказаўшы гэтае, распусьціў сабраньне.

1 Эфэз быў тады вялікім гандлёвым горадам і налічваў да 200 тысяч насельніцтва. Тут адбываўся абмен таварамі паміж Усходам І Заходам. Была ў Эфэзе слаўная сьвятыня Дыяны, багіні плоднасьці, да каторай ішлі пілігрымы з усей Рымскай дзяржавы; сяньня на месцы Эфэзу малая турэцкая вёска.

9 Тыранн быў вучыцелем красамоўства і, відаць, палічыў Паўла за вандруючага філозафа і адступаў яму ў вольных гадзінах сваю школу.

11 У Эфезе была процьма розных чараўнікоў і цудадзеяў, затым тут праўдзівыя цуды былі патрэбны, каб даказаць праўдзівасьць хрысьціянскай рэлігіію

13 Было тады многа знахараў, якія стараліся выганяць злога духа рознымі таёмнымі замовамі. Бачучы, што Павл кліча імя Езус, яны пачалі рабіць тое самае.

18 "Выказваючы свае ўчынкі" - г. зн. свае чары і замовы, якіх яны ўжывалі.

19 У тых кнігах былі розныя чарадзейскія замовы.

23 "Дзеля шляху Пана" значыць: дзеля Хрыстовай навукі.

24 Дзімітры, відаць, меў варштаты, дзе вырабляліся маленькі сьвятынкі Дыяны і яе фігуркі. Гэтыя сьвятынкі і фігуркі куплялі пілігрымы сабе на памятку або як талізманы (рэчы, якія быццам берагуць ад няшчасьця).

33 Жыды, баючыся, каб народ ня выступіў проціў іх, выпхнулі нейкага Александра, каб ён перад народам выясьніў, што жыды ня маюць нічога супольнага з хрысьціянамі. Аднак яму не далі гаварыць.

35 Пісар - гэта сэкратар управы гораду (магістрату), асоба ў той час з вялікім значэньнем. Ён звычайна вёў гарадзкія вечы і цяпер сказаў, як убачым ніжэй, вельмі дыпломатычную прамову.

 

Разьдзел 20
Падарожа сьв. Паўла ў Грэцыю
1) Павал пакідае Эфэз і едзе ў Троаду

1 А пасьля таго, як перастала разруха, Павал, склікаўшы вучняў і напомніўшы іх, разьвітаўся і рушыў, каб ісьці ў Македонію. 2 Калі-ж прайшоў гэныя староны і напомніў іх многай мовай, прыйшоў у Грэцыю. 3 Дзе калі прабыў тры месяцы, жыды зрабілі яму подступы, калі меўся адплыць у Сырыю; і пастанавіў вярнуцца праз Македонію.

4 А падарожнічаў з ім Соапатэр Пырраў, Бэроанін, а з Тэссалонічан Арыстарх і Сэкунд, І Гай Дэрбеец і Цімафей, а Азійцы Тыхік і Трахім. 5 Яны, пайшоўшы наперад, чакалі на нас у Троадзе. 6 А мы адплылі з Філіппаў па днях Праснакоў і прыбылі да іх у Троаду цераз пяць дзён, дзе прабылі сем дзён.

7 А ў першы дзень па субоце, калі мы былі сабраўшыся на ламаньне хлеба, Павал гаварыў з імі, маючы вырушыць назаўтра і зацягнуў мову аж да поўначы. 8 А было многа ламп у сьвятліцы, дзе мы былі сабраўшыся. 9 Седзячы-ж на вакне адзін дзяцюк, на імя Эўтых, папаўшы ў глыбокі сон, калі Павал доўга гаварыў, кіўнуўшыся ў сьне, ўпаў з трэцяга паверху ўніз, і падняты быў умерлы. 10 Калі Павал зыйшоў да яго, кінуўся на яго і абняўшы, сказаў: Не трывожцеся, бо душа ягона ў ім. 11 І ўзыйшоў і ламаў хлеб і еў і даволі нагаварыўшы аж да сьвету, так вырушыў. 12 А хлапца прывялі жывога і ўцешыліся немала.

2) Павал у Мілеце. Разьвітаньне

13 А мы, узыйшоўшы на карабель, паплылі ў Ассон, маючы адтуль забраць Паўла; бо гэтак быў пастанавіўшы сам, маючы адбыць дарогу зямлёю. 14 Калі-ж ён зыйшоўся з намі ў Ассоне, мы, забраўшы яго, прыбылі ў Мітылену. 15 І адплыўшы адтуль, мы на другі дзень прыбылі супроць Хіосу, а назаўтра мы прысталі да Самосу, а на другі дзень прыбылі ў Мілет. 16 Бо Павал быў пастанавіўшы абмінуць Эфэз, каб ня сталася яму якое спазьненьне ў Азіі. Бо сьпяшаўся, калі-б было яму магчыма, каб дзень Сёмухі абходзіць у Ерузаліме.

17 А з Мілету паслаўшы ў Эфэз, паклікаў старшых касьцёла. 17 Калі яны прыйшлі да яго і былі разам, сказаў ім: Вы ведаеце ад першага дня, у каторы я ўвайшоў у Азію, як я быў з вамі праз увесь час, 19 служачы Пану з ўсей пакорай і сьлязамі і спакушэньнямі, якія прыходзілі на мяне ад подступаў жыдоўскіх. 20 Як я нічога не прапусьціў карыснага, каб вам не абвясьціць і навучыць вас публічна і па дамох, 21 сьведчучы перад жыдамі і паганамі аб пакуце перад Богам і аб веры ў Пана нашага Езуса Хрыста.

22 І цяпер вось я зьвязаны духам іду ў Ерузалім, ня ведаючы, што ў ім мае прыйсьці на мяне; 23 адно што Дух сьвяты па ўсіх гарадох сьведчыць мне, кажучы, што чакаюць мяне ў Ерузаліме путы і ўцісьненьні. 24 Але я нічога гэтага не баюся і не раблю жыцьця майго даражэйшым за сябе, каб толькі закончыць бег мой і служэньне слова, якое я атрымаў ад Пана Езуса, каб сьведчыць аб эванэліі ласкі Божай.

25 І цяпер вось я ведаю, што болей ня ўгледзіце вобліку майго вы ўсе, праз каторых я прыйшоў, абвяшчаючы каралеўства Божае.

26 Дзеля гэтага сьведчу вам у сягоньняшні дзень, што я чысты ад крыві ўсіх, 27 бо ня ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.

28 Уважайце на сябе і на ўсю стаду, у якой Дух сьвяты паставіў вас біскупамі, каб кіраваць Касьцёлам Божым, каторы ён здабыў крывёю сваею. 29 Я ведаю, што пасьля майго адыходу ўвойдуць між вас ваўкі рвучыя, не ашчаджаючыя стады. 30 І з вас самых паўстануць мужы, гаворачыя круцельствы, каб адвясьці за сабою вучняў. 31 Дзеля гэтага чуйце, памятаючы, што я праз тры гады ўначы і ўдзень не пераставаў напамінаць са сьлязьмі кожнага з вас. 32 І цяпер паручаю вас Богу і слову ласкі ягонай, каторы мае моц збудаваць і даць спадчыну і даць спадчыну між усіх пасьвячоных. 33 Серабра і золата або адзежы я ў нікога не пажадаў, як 34 самі ведаеце, што на мае патрэбы і тых, каторыя ёсьць са мною, служылі гэтыя рукі. 35 Усё вам паказаў, што так працуючы трэба падтрымліваць слабых і помніць слова Пана Езуса, што ён сказаў: шчасьлівей даваць, чым браць.

36 І калі гэтае сказаў, стаўшы на калені свае, маліўся з імі ўсімі. 37 І ўзьняўся вялікі плач усіх, і кідаючыся на шыю Паўла, цалавалі яго, 38 адчуваючы жаль найболей з таго слова, якое ён сказаў, што болей ня ўгледзяць вобліку ягонага. І праводзілі яго да карабля.

6 "А мы адплылі" - Лукаш у Філіппах ізноў далучыўся да Паўла.

7 "У першы дзень па субоце", гэта значыць, у нядзелю. Як бачым, ужо тады хрысьціяне сьвяткавалі нядзелю і зыходзіліся ў гэты дзень на ламаньне хлеба (імшу сьв.).

11 "Нагаварыўшы" - доўгі час гаварыў навуку.

17 З Мілету ў Эфэз было каля 46 клм.

22 "Зьвязаны духам" г. зн. сваім нутраным пракананьнем, падлягаючы нейкай сіле духа.

23 Дух сьвяты сьведчыў праз вусны прарокаў, або інакш кажучы, вучняў, гаворачых з натхненьня Духа сьв.

26 "Чысты ад крыві ўсіх" г. зн. ня Паўлава віна, калі ня збавяцца ўсе тыя, каторым ён абвяшчаў эванэлію, бо ён зрабіў усё, што ад яго залежала.

28 Дух сьв. пастанавіў іх біскупамі праз апосталаў. Слова "біскуп" (з грэцкага "эпіскопос") значыць нагляднік, даглядач, старшы над грамадой. Дзеля таго што на чале хрысьціянскіх грамад стаялі старшыя (прэзбітэры), іх таксама часта называлі біскупамі. Толькі ў другім стагодзьдзі слова "біскуп" азначае ўжо заўсёды вышэйшы чын у касьцёльнай гіерархіі, а "прэзбітэр" - ніжэйшы.

32 "Слова ласкі" значыць слова эванэліі, якая нам дала ласку і праўду.

34 Сваімі рукамі Павал зарабляў сабе на пражыцьцё (гл. Ап. Дз. 18, 3). Жыды нават вучаныя і багатыя звычайна муселі знаць нейкае рамясло.

35 Ня толькі дзеля таго, што даваньне ёсьць знакам заможнасьці і незалежнасьці, але праз даваньне можам зарабіць сабе на жыцьцё вечнае.

 

Разьдзел 21
3) З Мілету ў Ерузалім

1 Калі-ж сталася, што мы адплылі, растаўшыся з імі, мы напрасткі прыбылі ў Кос, а на другі дзень у Родос, а адтуль у Патару. 2 І калі знайшлі карабель, які адплываў у Фэніцыю, мы ўзыйшоўшы адплылі. 3 Калі-ж мы паказаліся перад Цыпрам, пакінуўшы яго налева, паплылі ў Сырыю. І прыбылі ў Тыр, бо там карабель меў выгрузіць цяжар. 4 А знайшоўшы вучняў, мы прабылі там сем дзён; яны казалі Паўлу праз Духа, каб ня ішоў у Ерузалім. 5 Калі- ж скончыліся дні, мы вырушыўшы ішлі. Усе праводзілі нас з жонкамі і дзяцьмі аж за горад, і стаўшы на калені на беразе, мы маліліся. 6 І разьвітаўшыся адны з другімі, мы ўзыйшлі на карабель, а яны вярнуліся да сябе.

7 А мы, скончыўшы плаваньне, з Тыру прыбылі ў Птолэмаіду, і прывітаўшыся з братамі, прабылі ў іх адзін дзень. 8 А на другі дзень вырушыўшы, прыбылі ў Цэзарэю. І ўвайшоўшы ў дом Філіпа эванэліста, каторы быў адным з сямёх, затрымаліся ў яго. 9 У яго-ж былі чатыры дочкі дзяўчаты, якія прарочылі.

10 І калі мы прабылі некалькі дзён, надыйшоў з Юдэі адзін прарок, на імя Агаб. 11 Ён, прыйшоўшы да нас, узяў пояс Паўла, і зьвязаўшы сабе ногі і рукі, сказаў: Гэтае кажа Дух сьвяты: "Мужа, да каторага належыць гэты пояс, так зьвяжуць у Ерузаліме жыды і аддадуць у рукі паганаў". 12 Пачуўшы гэтае, прасілі мы і тыя, што былі з таго месца, каб ня ішоў у Ерузалім. 13 Тады адказаў Павал і сказаў: што вы робіце, плачучы і надрываючы маё сэрца? Бо я ня толькі быць зьвязаным, але і памёрці ў Ерузаліме гатоў дзеля імені Пана Езуса. 14 А калі мы яго не маглі пераканаць, мы супакоіліся, кажучы: Няхай станецца воля Пана.

15 Пасьля-ж гэтых дзён прыгатовіўшыся, мы ішлі ў Ерузалім. 16 Ішлі-ж з намі і вучні з Цэзарэі, вядучы з сабою аднаго цыпрыйца Мнасона, даўняга вучня, у каторага мы мелі гасьціць.

Павал у Ерузаліме

17 І калі мы прыйшлі ў Ерузалім, браты прынялі нас ахвотна. 18 А на другі дзень увайшоў Павал з намі да Якуба і сабраліся ўсе старшыя. 19 Прывітаўшы іх, расказваў падрабязна, што Бог учыніў сярод паганаў праз ягонае служэньне. 20 яны-ж выслухаўшы, славілі Бога і сказалі яму: Відзіш, браце, сколькі ёсьць тысячаў пасярод жыдоў, каторыя ўверылі, а ўсе яны рупныя слугі закону. 21 А пачулі яны аб табе, што вучыш адступніцтва ад Майсея тых жыдоў, якія ёсьць пасярод паганаў, кажучы, што яны не павінны абразаць сыноў сваіх і паступаць паводле звычаю. 22 Дык што-ж? Пэўне-ж трэба, каб сабраўся народ, бо пачуюць, што ты прыйшоў. 23 Дык зрабі гэтае, што мы табе кажам: Ёсьць у нас чатыры мужы, каторыя маюць на сабе шлюбаваньне. 24 Узяўшы іх, асьвяціся з імі і заплаці за іх, каб яны астрыглі галовы; і пазанаюць усе, што тое, што аб табе чулі, ёсьць фальш, але што і сам берагучы закон ходзіш. 25 Аб тых-жа, каторыя ўверылі з паганаў, мы напісалі, пастанаўляючы: каб яны ўстрымаліся ад ахвяраванага балваном, і крыві, і душанага, і блуду. 26 Тады Павал, узяшы мужоў, на заўтрашні дзень, будучы ачышчаны з імі, уавайшоў у сьвятыню, абвяшчаючы заканчэньне дзён ачышчэньня, як за кожнага з іх будзе зложана ахвяра.

Паўстаньне проціў сьв. Паўла і ўзяцьце яго ў Ерузаліме

27 Калі-ж кончыліся сем дзён, тыя жыды, што былі з Азіі, убачыўшы яго ў сьвятыні, падбурылі ўвесь народ і налажылі на яго рукі, крычачы: 28 Мужы ізраільскія, памажэце! Гэта той чалавек, каторы проціў народу і гэтага месца ўсюды усіх вучачы, яшчэ і паганаў увёў у сьвятыню і зьняважыў гэтае месца сьвятое. 29 Бо яны бачылі з ім у горадзе Трахіма Эфэзца, каторага, думалі, Павал увёў у сьвятыню.

30 І парушыўся ўвесь горад, і зрабілася зборышча народу. І ўзяўшы Паўла, цягнулі яго за сьвятыню, і зараз-жа дзьверы былі зачынены. 31 Калі-ж яны хацелі яго забіць, дана знаць тысячніку, што ўзбурыўся ўвесь Ерузалім. 32 Ён зараз-жа ўзяўшы жаўнераў і сотнікаў, прыбег да іх. Яны ўбачыўшы тысячніка і жаўнераў, перасталі біць Паўла. 33 Тады тыясчнік прыступіўшы, узяў яго і прыказаў яго зьвязаць двама ланцугамі, і пытаўся, хто ён і што зрабіў. 34 А кожны ў грамадзе крычаў што іншае. І ня могучы чаго пэўнага даведацца дзеля разрухі, прыказаў весьці яго ў лагер. 35 А калі прыйшоў да сходаў, прыйшлося жаўнерам несьці яго дзеля напору народу. 36 Бо ішло ўсьлед мноства народу, крычачы: Казьні яго!

37 І калі пачыналі ўвадзіць Паўла ў лагер, ён сказаў тысячніку: Ці можна мне нешта сказаць? Ён сказаў: Умееш па-грэцку? 38 Ці ты не эгіпцянін, што перад гэтымі днямі падняў разруху і вывеў у пустыню чатыры тысячы мужоў разбойнікаў? 39 І сказаў да яго Павал: Я-то чалавек жыд з Тарсу ў Цыліцыі, грамадзянін ведамага гораду, і прашу цябе, пазволь мне прагаварыць да народу. 40 І калі той пазволіў, Павал, стоячы на сходах, даў знак рукою народу і калі зрабілася вялікая ціш, прагаварыў у жыдоўскай мове, кажучы:

7-8 Птолемаіда - сёньня Акко, порт над Міжземным морам. Дарогу з Птолемаіды ў Цэзарэю (58 клм.) Павал адбыў пехатою.

Філіп - адзін з сямёх дыяканаў. Лукаш на гэтым месцы заве яго эванэлістам, бо ён абвяшчаў з вялікай стараннасьцяй эванэлію (гл. Ап. Дз. 8, 5).

10-11 Агаб прадказвае Паўлу так, як прадказвалі даўней прарокі Ізаій, Ерэмій і Эзэхій, ужываючы сымболічных знакаў.

18 Апроч Якуба (Меншага) ня было нікога з апосталаў у Ерузаліме.

20 Наверненыя да хрысьціянства ерузалімскія жыды дзяржаліся яшчэ старазаконных практык.

23 Гэтыя мужы мелі шлюбаваньне назарэйства, якое трывала найменш 30 дзён. Пасьля трэба было злажыць прадпісаныя ахвяры, якія за бедных мог злажыць хто іншы. Шлюбаваньне такое ўважалася ў жыдоў за рэч вельмі набожную.

24 Кожны жыд, які варочаўся з чужыны, быў уважаны за нячыстага і мусіў ачысьціцца ("асьвяціцца") праз акрапленьне ачышчальнай вадою на трэці і сёмы дзень абраду ачышчэньня. Тады толькі мог злажыць ахвяру ў сьвятыні.

26 "Абвяшчаючы" сьвятару, які быў пры сьвятыні і прымаў ахвяры ад назарэяў.

29 Трахім быў хрысьціянін з паганаў, але ён у сьвятыні ня быў.

32 Замак быў побач з сьвятыняй і з замку было відаць, што дзеецца на дварышчы сьвятыні. З прычыны сьвят жаўнеры былі ў замку напагатове і затым тысячнік мог гэтак скора прыбегчы.

34 "У лагер" - значыць: у замак.

38 За ўрадаваньня старасты Фэлікса (58 - 60 г.) адзін эгіпцянін выступіў у Ерузаліме, як Мэсыяш і пацягнуў за сабою многа народу. Да яго далучылася каля 4 тысяч чалавек, якія ўважалі палітычнае забойства за дазволенае. Рымляне здушылі гэты рух, прыгэтым было многа ахвяр спасярод жыдоў, але сам павадыр уцёк.

39 Павал кажа, што ён з Тарсу, дык зусім іншы ад таго эгіпцяніна. Тарс быў тады ведамым горадам.

 

Разьдзел 22
Прамова сьв. Паўла

1 Мужы браты і айцы, паслухайце, якую я цяпер здаю вам справу. 2 Калі-ж пачулі, што ў жыдоўскай мове гаварыў да іх, учынілі яшчэ большую цішыню. 3 І сказаў: Я ёсьць муж жыд, радзіўшыся ў Тарсе ў Цыліцыі, а ўзгадаваны ў гэтым горадзе, ля ног Гамалійэля навучаны паводле праўды айцоўскага закону, рупны слуга закону, так як і вы ўсе сягоньня; 4 я прасьледаваў гэты шлях аж да сьмерці, вяжучы і перадаючы ў вастрог мужоў і жанчын. 5 Як архісьвятар дае мне пасьведчаньне і ўсе старшыя, ад каторых атрымаўшы і пісьмы ад братоў, я ішоў у Дамашак, каб прывесьці адтуль зьвязаных у Ерузалім, каб іх пакараць.

6 І сталася, калі я ішоў і прыбліжаўся да Дамашку ў поўдзень, раптам асьвяціла мяне навакол вялікая сьветласьць з неба. 7 І ўпаўшы на зямлю, пачуў я голас, кажучы мне: "Шавал, Шавал, чаму ты мяне прасьледуеш"? 8 А я адказаў: Хто ты ёсьць, Пане? І сказаў да мяне: "Я ёсьць Езус Назарэнскі, каторага ты прасьледуеш". 9 А тыя, што былі са мною, сьветласьць то бачылі, але голасу ня чулі таго, хто са мною гаварыў. 10 І я сказаў: Што мне рабіць, Пане? А Пан сказаў да мяне: "Устаўшы ідзі ў Дамашак, а там скажуць табе аб усім, што табе трэба рабіць". 11 А калі я ня відзеў дзеля яснасьці таго сьвятла, ведзены за руку таварышамі, прыйшоў я ў Дамашак. 12 Адзін-жа Ананій, муж паводле закону, маючы пасьведчаньне ад усіх разам жывучых жыдоў, 13 прыйшоўшы да мяне, сказаў мне: "Шаўле, браце, праглянь". І я ў тую-ж часіну глянуў на яго. 14 А ён сказаў: "Бог айцоў нашых празначыў цябе, каб ты пазнаў волю яго, і ўбачыў Справядлівага, і пачуў голас з вуснаў ягоных. 15 Бо будзеш сьведкай ягоным перад усімі людзьмі таго, што ты бачыў і чуў. 16 І цяпер чаго марудзіш? Устань, і ахрысьціся, і змый грахі твае, прызваўшы імя ягонае".

17 А сталася, калі я вярнуўся ў Ерузалім і маліўся ў сьвятыні, я папаў у захапленьне. 18 І відзеў яго, кажучага мне: "Сьпяшайся і выйдзі скора з Ерузаліму, бо ня прыймуць твайго пасьведчаньня аба мне". 19 А я сказаў: Пане, яны ведаюць, што я саджаў у вастрог і біў тых, што верылі ў цябе. 20 І калі лілася кроў Сьцяпана, твайго сьведкі, я стаяў там і згаджаўся і сьцярог вопратак тых, што забівалі яго. 21 І сказаў да мяне: "Ідзі, бо я да паганаў далёка пашлю цябе".

22 І слухалі яго аж да гэтага слова, і паднялі голас свой, кажучы: зьніштож з зямлі гэтага, бо нельга, каб ён жыў! 23 А калі яны крычалі і кідалі вопраткі свае і шпурлялі пыл у паветра, 24 тысячнік загадаў увесьці яго ў лагер і біць бічамі і катаваць яго, каб даведацца, дзеля якой прычыны так на яго крычалі. 25 Калі-ж зьвязалі яго рамнямі, Павал сказаў да стаяўшага каля яго сотніка: Ці чалавека рымляніна і незасуджанага можна вам бічаваць? 26 Пачуўшы гэтае, сотнік падыйшоў да тысячніка і абвясьціў яму, кажучы: што хочаш рабіць? Бо гэты чалавек ёсьць рымскі грамадзянін. 27 І падыйшоўшы тысячнік сказаў яму: Скажы мне, ці ты рымлянін? А ён сказаў: Так. 28 І адказаў тысячнік: Я за вялікую суму здабыў гэтае грамадзянства. А Павал сказаў: А я і ўрадзіўся. 29 Дык зараз адступілі ад яго тыя, што мелі яго катаваць. Тысячнік так-жа спалохаўся, як даведаўся, што ён рымскі грамадзянін і што зьвязаў яго.

30 На другі-ж дзень, хочучы дакладней даведацца, з якой прычыны быў вінавачаны жыдамі, разьвязаў яго, і загадаў зыйсьціся сьвятарам і ўсей Радзе, і вывеўшы Паўла, паставіў паміж іх.

"У ног Гамалійэля" трэба разумець даслоўна, бо ў жыдоў вучыцель (раббі) сядзеў звычайна на столку, а вучні на зямлі ля ягоных ног.

5 "Да братоў" - значыць: да жыдоў у Дамашку.

14 "Убачыў Справядлівага" г. зн. Мэсыяша.

18 У захапленьні Павал відзеў Хрыстуса, які загадаў яму выйсьці з Ерузаліму, бо праца ягоная ў гэтым горадзе была-б бясплодная. З гэтага відаць, што Павал пасьля свайго навароту думаў працаваць у Ерузаліме.

22 Калі Павал успомніў аб паганах, злосьць у жыдоў узьнялася нанова.

24 Тысячнік, не разумеючы жыдоўскай (арамайскай) мовы, з крыку і шалу жыдоў зрабіў вывад, што мае прад сабою нейкага праступніка і хацеў праз катаваньне даведацца ад Паўла ўсей праўды.

30 Тысячнік склікаў Сангэдрын, каб даведацца, у чым жыды вінавацяць Паўла.

 

Разьдзел 23
Павал перад Сангэдрынам

1 Углядаючыся-ж на Раду, Павал сказаў: Мужы браты, ва ўсякім добрым сумленьні прабываў я перад Богам аж па сяньняшні дзень. 2 А архісьвятар Ананій загадаў тым, што стаялі каля яго, біць яго ў вусны. 3 Тады Павал сказаў да яго: Ударыць цябе Бог, сьцяна пабеленая. Ты-ж седзячы судзіш мяне паводле закону, а загадываеш мяне біць супроць закону? 4 А тыя, што стаялі пры ім, сказалі: Архісьвятару Божаму ты наругаесься? 5 А Павал сказаў: Ня ведаў я, браты, што ён архісьвятар. Бо ёсьць напісана: "Павадыру народу твайго не наругайся". (Вых. 22, 28).

6 Павал-жа, ведаючы, што адна часьць была садукеяў, а другая фарызэяў, ускрыкнуў у Радзе: Мужы браты, я ёсьць фарызэй, сын фарызэяў; мяне судзяць за надзею і ўскрашэньне ўмерлых. 7 А калі гэтае сказаў, сталася спрэчка паміж фарызэямі і садукеямі і разарвалася сабраньне. 8 Бо садукеі кажуць, што няма ўскрашэньня, ані анёла, ані духа, а фарызэі прызнаюць і адно і другое. 9 І стаўся вялікі крык. А ўстаўшы некаторыя з фарызэяў, змагаліся, кажучы: Мы нічога благога не знаходзім у гэтым чалавеку. А можа з ім гаварыў дух або анёл? 10 І калі стаўся вялікі спор, тысячнік баючыся, каб яны Паўла не разарвалі, загадаў жаўнерам ісьці і вырваць яго спасярод іх і завясьці яго ў лагер.

11 А ў наступную ноч Пан, стаўшы пры ім, сказаў: Будзь стойкі, бо як ты сьведчыў аба мне ў Ерузаліме, так трэба, каб ты сьведчыў і ў Рыме.

Змова на жыцьцё Паўла

12 Калі-ж настаў дзень, сабраліся некаторыя з жыдоў і пакаяліся сабе, кажучы, што ня будуць есьці ані піць, пакуль не заб'юць Паўла. 13 Было-ж болей як сорак мужоў, каторыя зрабілі гэту змову. 14 Яны прыйшлі да архісьвятараў і старшых і сказалі: Мы кляцьбою пакляліся, што не пакаштуем нічога, пакуль не заб'ём Паўла. 15 Дык вы цяпер паведамце тысячніка з Радаю, каб прывёў яго да вас, быццам вы маеце нешта пэнейшае даведацца аб ім. А мы, перш чым ён прыбліжыцца, прагатовіліся яго забіць.

16 Калі-ж пачуў сын Паўлавай сястры аб подступах, прыйшоў і ўвайшоў у лагер, і паведаміў Паўла. 17 Павал-жа, паклікаўшы да сябе аднаго з сотнікаў, сказаў: Гэтага дзяцюка завядзі да тысячніка, бо мае яму нешта далажыць. 18 І гэны-то ўзяўшы яго, завёў да тысячніка і сказаў: Вязень Павал прасіў мяне завясьці гэтага дзяцюка да цябе, ён мае табе нешта сказаць. 19 А тысячнік, узяўшы яго за руку, адыйшоў з ім набок і спытаўся ў яго: што такое, што ты маеш мне далажыць? 20 Ён-жа сказаў: жыды змовіліся прасіць цябе, каб ты ўзаўтра вывеў Паўла ў Раду, быцца яны маюць нешта пэўнейшае даведацца аб ім. 21 Але ты ня вер ім, бо з іх змовіліся на яго болей як сорак мужоў, каторыя пакляліся ня есьці і ня піць, пакуль не загубяць яго; і цяпер яны гатовы, чакаючы твайго абяцаньня. 22 Дык тысячнік адпусьціў дзяцюка, каб нікому не гаварыў, што аб гэтым яго паведаміў.

Павал адасланы ў Цэзарэю

23 І паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў ім: Прыгатуйце дзьвесьце жаўнераў, каб ішлі аж у Цэзарэю, і семдзесят коньнікаў і дзьвесьце дзіднікаў на трэцюю гадзіну ночы. 24 І прыгатуйце жывёлу, каб пасадзіўшы Паўла, здаровага адвялі да начальніка Фэлікса. 25 (Бо ён баяўся, каб яго часам не хвацілі жыды і не забілі, і каб ён потым ня зносіў абгавору, быццам меў атрымаць грошы). 26 Напісаў пісьмо, зьмяшчаючае гэтае: Клаўдый Лізій высокадастойнаму начальніку Фэліксу, прывет. 27 Гэтага мужа, злоўленага жыдамі, калі яны мелі яго забіць, я надыйшоўшы з войскам вырваў, пазнаўшы, што ён рымлянін. 28 А хочучы ведаць прычыну, якую яны яму закідалі, я завёў яго ў іхную Раду. 29 Знайшоў яго абвінавачанага ў справах іхнага закону, але ня маючага ніякай віны, годнай сьмерці або вастрогу. 30 А калі мне было данесена аб подступах, якія яны прыгатовілі яму, я паслаў яго да цябе, паведамлючы і тых, што яго вінавацілі, уаб гаварылі перад табою. Бывай здароў.

31 Дык жаўнеры паводле таго, як і было загадана, узяўшы Паўла, павялі ўначы ў Антыпатрыду. 32 А назаўтра, аставіўшы коньнікаў, каб ішлі з ім, вярнуліся ў лагер. 33 Калі яны прыбылі ў Цэзарэю і перадалі пісьмо начальніку, паставілі перад ім і Паўла. 34 А калі прачытаў і спытаўся, з якой быў правінцыі, і даведаўшыся, што з Цыліцыі, 35 сказаў: Выслухаю цябе, калі прыйдуць тыя, што цябе вінавацяць. І загадаў яго пільнаваць у палацы Гэрада.

3 "Сьцяна пабеленая" - тое самае што крывадушнік. Ананій быў потым забіты сваімі-ж суродзічамі-жыдамі.

6 Хочучы паказаць тысячніку, што ня ўвесь Сангэдрын проціў яго, Павал узьнімае спор паміж сябрамі сангэдрыну: фарызэямі і садукеямі.

9 Гутарка тут аб зьяўленьні Хрыста ў дарозе Паўла да Дамашку, аб чым Павал гаварыў да жыдоў учора са сходаў замку.

23 Дзіднікі - гэта была лёгка-ўваружаная рымская пяхота. Гадзіна трэцяя ночы - наша дзевятая ўвечары.

26 Фэлікс быў старастай Юдэі ад 53 па 60 г. Рымскі гісторык Тацыт піша аб ім, як аб чалавеку жорсткім з дрэннымі нахіламі.

31 Антыпатрыда была адлеглай на 63 клм. ад Ерузаліму і 39 клм. ад Цэзарэі.

34 З якой правінцыі, сэнацкай ці цэзарэйскай? Цыліцыя з горадам Тарсам, адкуль паходзіў Павал, была правінцыяй цэзарскай і затым падлеглай суду цэзарскаму. Дзеля гэтага Фэлікс мог разглядаць і судзіць справу Паўла.

35 Палац гэты збудаваў Гэрад В., ў ім жылі рымскія старасты і там-жа была вязьніца.

 

Разьдзел 24
Павал у Цэзарыі. Адносіны да яго Фэлікса

1 Пасьля-ж пяці дзён прыбыў архісьвятар Ананій з некаторымі старшымі і з нейкім рытарам Тэртуллам, каторыя зьвярнуліся да начальніка проціў Паўла. 2 І калі Павал быў пакліканы, Тэртулл пачаў вінаваціць, кажучы:

Як мы праз цябе жывём у вялікім супакою і многа праз тваю празорнасьць папраўляецца, 3 заўсёды і ўсюды прыймаем, высокадастойны Фэліксе, з вялікай падзякай. 4 А каб цябе даўжэй не затрымліваць, прашу, коратка нас паслухай дзеля тваей ласкавасьці. 5 Знайшлі мы гэтага чалавека заразьлівым і падымаючым бунты проціў усіх жыдоў на ўсім сьвеце і павадыром бунтарскае сэкты, 6 які нават пробаваў зьняважыць сьвятыню; і яго мы ўзяўшы, хацелі асудзіць паводле нашага закону. 7 Але надыйшоўшы тысячнік Лізій, з вялікім гвалтам вырваў яго з нашых рук, 8 загадваючы абвініцелям ягоным ісьці да цябе. Ад яго ты сам можаш, судзячы, даведацца аб гэтым усім, у чым мы яго вінавацім.

9 А дабавілі і жыды, што яно гэтак маецца.

10 Адказаў-жа Павал, калі яму начальнік даў знак гаварыць: Ведаючы, што ты ад многіх гадоў ёсьць судзьдзя для гэтага народу, я з добрай ахвотай буду сябе бараніць. 11 Бо можаш даведацца, што няма болей як дванаццаць дзён, як я прыйшоў пакланіцца ў Ерузалім. 12 І не занйшлі яны мяне ані ў сьвятыні з кім спорачы або робячы зборышча народу, ані ў бажніцах, 13 ані ў горадзе і ня могуць даказаць табе таго, у чым цяпер мяне вінавацяць.

14 Але табе прызнаюся ў тым, што паводле сэкты, якую завуць гэрэзыяй, так служу Айцу і Богу майму, веручы ва ўсё, што ў законе і ў прарокаў напісана; 15 маючы надзею на Бога, што будзе ўскрашэньне справядлівых і несправядлівых, якога і яны самі чакаюць. 16 Дзеля гэтага і я сам стараюся, каб мець заўсёды сумленьне без абразы перад Богам і перад людзьмі. 17 Пасьля-ж многіх гадоў я прыбыў, каб чыніць дарэньні майму народу, і ахвяры, і шлюбаваньні. 18 На гэтым ачышчанага ў сьвятыні, не з грамадою, ані з забурэньнем знайшлі мяне 19 некаторыя-ж жыды з Азіі, каторым трэба было стануць перад табою і вінаваціць, калі-б што мелі проціў мяне. 20 Або гэтыя самыя няхай скажуць, ці знайшлі ўва-мне што нягоднае, калі я стаю перад Радай, 21 апроч гэтага аднаго толькі слова, якое я ўскрыкнуў, паміж імі стоючы: што вы мяне сягоньня судзіце за ўскрашэньне ўмерлых.

22 Але Фэлікс, каторы вельмі добра знаў гэты шлях, адправіў іх, кажучы: Калі прыйдзе тысячнік Лізій, выслухаю вас. 23 І загадаў сотніку сьцерагчы яго, і каб меў ён супакой, і каб не забараняў нікому з ягоных служыць яму.

24 Пасьля-ж некалькіх дзён Фэлікс, прыйшоўшы з жонкай сваею Друзыллай, якая была жыдоўкай, паклікаў Паўла і слухаў яго аб веры ў Хрыста Езуса. 25 Калі- ж ён гаварыў аб справядлівасьці, і чысьціні, і будучым судзе, Фэлікс спалохаўшыся адказаў: Адносна на цяпер, адыйдзі, а ў часе дагодным паклічу цябе, 26 разам і спадзяючыся, што Павал дасьць яму грошы; дзеля гэтага і часта яго клічучы, гаварыў з ім.

27 Калі-ж прайшлі два гады, Фэлікс атрымаў наступніка Порцыя Фэста. Хочучы-ж аказаць ласку жыдом, Фэлікс пакінуў Паўла ў вастрозе.

1 Тэртулл выступіў як абвініцель з боку Сангэдрыну.

3 Тагачасная рыторыка (красамоўства) вучыла на пачатку прамовы пахваліць уладара, каб здабыць ягоную спагаднасьць. Прыклад такой прамовы маем у прамове Тэртулла.

14 "Паводле сэкты, якую завуць гэрэзыяй" - значыць: паводле шляху навукі хрысьціянскай, якую жыды завуць гэрэзыяй.

22 "Знаў гэты шлях" г. зн. хрысьціянства. Фэлікс пазнаў хрысьціянства і быў пракананы, што Павал ніякай віны перад рымскай уладай ня мае, аднак будучы прагавіты на грошы, чакаў ад Паўла або ад хрысьціян выкупу (гл. р. 26).

25 Фэлікс спалохаўся, бо ён ня меў ані справядлівасьці, ані чыстасьці жыцьця і збаяўся суду Божага, аб каторым гаварыў Павал.

27 На Фэлікса данясьлі Нэрану, што несправядліва ўрадуе дык Фэлікс хацеў мець у жыдох прыяцеляў. Фэлікс пасьля быў казьнены Нэранам.

 

Разьдзел 25
Павал прад начальнікам Фэстам

1 Дык Фэст, прыбіўшы ў правінцыю, пасьля трох дзён адбыў з Цэзарэі ў Ерузалім. 2 І былі прыйшоўшы да яго архісьвятары і першыя з жыдоў проціў Паўла, і прасілі яго, 3 жадаючы ласкі проціў яго, каб загадаў яго прывесьці ў Ерузалім, маючы на мэце подступы, каб яго забіць у дарозе. 4 Але Фэст адказаў, што Паўла сьцерагуць у Цэзарэі, ён-жа мае хутка выехаць. 5 Дык каторыя з вас, кажа, маюць магчымасьць, няхай, паехаўшы разам, калі ёсьць у мужы якая віна, вінавацяць яго.

6 Пабыўшы-ж у іх ня болей як восем або дзесяць дзён, вярнуўся ў Цэзарэю і на другі дзень сеў у трыбунале і загадаў прыевесьці Паўла. 7 Калі ён быў прыведзены, абступілі яго жыды, што былі прыйшоўшы з Ерузаліму, закідаючы многа цяжкіх правінаў, якіх не маглі даказаць. 8 Павал бараніўся: што я не саграшыў нічога ані проціў жыдоўскага закону, ані проціў сьвятыні, ані проціў цэзара. 9 Але Фэст, хочучы аказаць ласку жыдом, адказваючы Паўлу, сказаў: Хочаш ехаць у Ерузалім і там за гэта быць суджаным перада мною? 10 Павал-жа сказаў: Я стаю перад трыбуналам цэзара, там мяне трэба судзіць. Жыдом я крыўды не зрабіў, як ты лепш ведаеш. 11 Бо калі-б зрабіў крыўду або ўчыніў нешта годнае сьмерці, я не адказваюся памёрці. Але калі няма нічога з таго, у чым яны мяне вінавацяць, ніхто ня можа мяне ім падарыць. Апэлюю да цэзара.

12 Тады Фэст, пагаварыўшы з Радай, адказаў: Да цэзара ты апэляваў, да цэзара пойдзеш.

Павал перад Агрыппай

13 Калі-ж прайшло некалькі дзён, кароль Агрыппа і Вэрніка прыбылі ў Цэзарэю, каб прывітаць Фэста. 14 І калі прабылі там многа дзён, Фэст далажыў каралю аб Паўле, кажучы: Адзін муж ёсьць астаўлены Фэліксам у вастрозе. 15 На яго, калі я быў у Ерузаліме, прыйшлі да мяне архісьвятары і старшыя жыдоўскія, жадаючы проціў яго асуджэньня. 16 Я ім адказаў, што ў рымлян няма звычаю асуджаць якога чалавека, перш чым той, каторага вінавацяць, будзе мець прысутных абвініцеляў і атрымае месца на абарону, каб ачысьціцца ад праступкаў. 17 Дык калі яны сюды зыйшліся бяз ніякага адкладу, я на наступны дзень, сеўшы ў трыбунале, загадаў прывясьці мужа. 18 Стаўшы абвініцелі, не прынясьлі на яго ніякай віны з тых, у каторых я падазраваў благое. 19 Але мелі проціў яго нейкія справы аб сваім вераваньні і аб нейкім памёршым Езусе, аб каторым цьвярдзіў Павал, што жыве. 20 Я-ж, не разьбіраючыся ў гэтай справе, казаў, што ці хацеў-бы ён ісьці ў Ерузалім і там за гэтае быць суджаным. 21 Але калі Павал апэляваў, каб яго захаваць на разгляд Аўгуста, я загадаў захаваць яго, пакуль не адашлю да цэзара. 22 Агрыппа-ж сказаў да Фэста: Я і сам хацеў-бы паслухаць чалавека. Заўтра, сказаў, пачуеш яго.

23 На другі-ж дзень, калі прыйшоў Агрыппа і Вэрніка з вялікай пышнасьцяй і ўвайшлі ў паслухальню з тысячнікамі і паважанейшымі мужамі гораду, па загаду Фэста быў прыведзены Павал. 24 І сказаў Фэст: Кароль Агрыппа і ўсе мужы, што разам з намі прыстутны, вы бачыце гэтага, каторага ўсё мноства жыдоў жадала ад мяне ў Ерузаліме, просячы і крычучы, што трэба, каб ён болей ня жыў. 25 Але я пазнаў, што ён не дапусьціўся нічога годнага сьмерці. А калі ён сам апэляваў да Аўгуста, я разсудзіў паслаць. 26 Што-б аб ім пэўнае напісаць пану, ня маю. Дзеля гэтага вывеў яго да вас, а найбольш да цябе, кароль Агрыппа, каб зрабіўшы допыт, меў я што пісаць. 27 Бо неразумным мне здаецца паслаць вязьня і не падаць ягоных правінаў.

8 З адказу Паўла відаць, што жыды стараліся вінаваціць яго ня толькі ў рэлігійных справах, але і палітычных, даказваючы, што Павал дапусьціўся праступку абразы Цэзара, за што тады моцна каралі.

9 Фэст не хацеў асудзіць Паўла, бо быў пракананы ў яго нявіноўнасьці; не хацеў яго звольніць, бо баяўся загнявіць жыдоў, дык хоча аддаць яго на суд Сангэдрыну, каб ён асудзіў Паўла ў яго прысутнасьці. Але бяз згоды Паўла ня мог гэтага зрабіць, бо Павал быў падлеглы суду цэзараваму.

11 Кожны рымскі грамадзянін меў права апэляваць (адклікацца) да цэзара і гэтым самым быць адвезеным у Рым і там суджаным. Апэляцыя да цэзара ўстрымлівала ход судоў ніжэйшых інстанцыяў.

12 Аб прыняцьці апэляцыі пастанаўляў стараста на паседжаньні сваей рады.

13 Кароль Агрыппа ІІ быў сынам Гэрада Агрыппы І, а Вэрніка ягонай сястрой. Як Агрыппа так і Вэрніка мелі дрэнную славу.

16 "Атрымае месца на абарону" - значыць: атрымае магчымасьць бараніцца.

21 Аўгуст (па-грэцку сэбастос) значыць: пасьвячоны, годны пашаны. Гэта быў тытул рымскіх цэзараў ад часаў Актавіяна.

 

Разьдзел 26
Мова Паўла перад Агрыппай і Фэстам

1 Агрыппа-ж сказаў да Паўла: Дазваляецца табе гаварыць аб сабе самым. Тады Павал, працягнуўшы руку, пачаў бараніцца. 2 Я лічу сябе шчасьлівым, кароль Агрыппа, што прад табою маю сягоньня бараніць сябе ад усяго, у чым мяне вінавацяць жыды. 3 Найбольш, што ты ведаеш усё, і якія ёсьць у жыдоў звычаі і справы, дзеля гэтага прашу, каб мяне цярпліва выслухаў.

4 А жыцьцё-то маё ад моладасьці, якое было ад пачатку пасярод майго народу ў Ерузаліме, ведаюць усе жыды, 5 знаючы мяне ад пачатку (калі-б хацелі даць пасьведчаньне), што паводле найпэўнейшай сэкты нашай рэлігіі я жыў як фарызэй. 6 А цяпер у надзеі абяцаньня, якое сталася да айцоў нашых ад Бога, я стаю як падсудны, 7 да якога спадзяюцца дайсьці дванаццаць нашых пакаленьняў, служачы ўначы і ўдзень. За гэту надзею, кароль, вінавацяць мяне жыды. 8 Чаму непадобным да веры лічыцца ў вас, калі Бог ускрашае ўмерлых?

9 А я-то думаў, што я павінен зрабіць многа праціўнага супроць імені Езуса Назарэнскага. 10 Што я і зрабіў у Ерузаліме, узяўшы ўладу ад архісьвятараў, і многа сьвятых я замкнуў у вастрогах, а калі іх забівалі, я насіў прысуд. 11 І часта караючы іх па ўсіх бажніцах, я прымушаў блюзьніць, а праз меру проціў іх шалеючы, я прасьледаваў аж па чужых гарадох. 12 Калі на гэтае я ішоў у Дамашак, з уладаю і дазволам архісьвятараў, 13 я ўпоўдзень увідзеў у дарозе, кароль, як сьвятло з неба над яснасьць сонца асьвяціла мяне і тых, што былі разам са мною. 14 А калі мы ўсе ўпалі на зямлю, пачуў я голас, гаворачы да мяне ў жыдоўскай мове: "Шаўле, Шаўле, чаму ты мяне прасьледуеш? Трудна табе проціў ражна брыкаць". 15 А я сказаў: Хто ты ёсьць, Пане? Пан-жа сказаў: "Я ёсьць Езус, каторага ты прасьледуеш. 16 Але падыміся і стань на ногі свае, бо на тое я зьявіўся табе, каб паставіць цябе слугою і сьведкай таго, што ты відзеў, і таго, ў чым табе зьяўлюся; 17 вырываючы цябе ад народу і паганаў, да каторых я цяпер пасылаю цябе 18 адчыніць ім вочы, каб зьвярнуліся ад цемры да сьвятла, а ад улады д'ябла да Бога, каб атрымалі адпушчэньне грахоў і ўдзел паміж сьвятымі праз веру ў мяне".

19 Дзеля гэтага, кароль Агрыппа, я ня быў няверны нябеснаму відзеньню, 20 але абвяшчаю я сьпярша тым, што ёсьць у Дамашку, і ў Ерузаліме, і па ўсей жыдоўскай краіне, і паганам, каб пакутывалі і навярнуліся да Бога, чынячы ўчынкі годныя пакуты. 21 Дзеля гэтай прычыны жыды, схапіўшы мяне, калі я быў у сьвятыні, імкнуліся мяне забіць. 22 Але ўспаможаны помачай Бога я стаю аж па сягоньняшні дзень, сьведчучы і меншаму і большаму, нічога ня кажучы апроч таго, што гаварылі прарокі, што мае быць, і Майсей: 23 што Хрыстус падлеглы цярпеньню, што ён першы з ускросшых мае абвяшчаць сьвятло народу і паганам.

24 Калі ён гэта гаварыў і бараніўся, Фэст сказаў вялікім голасам: Ты шалееш, Паўле, вялікая навука даводзіць цябе да шалу. 25 А Павал сказаў: Я не шалею, высокадастойны Фэсьце, але гавару словы праўды і развагі. 26 Бо аб гэтым ведае кароль, да каторага і гавару сьмела, бо думаю, што нічога з гэтага ад яго не закрыта. Бо нічога з гэтага ня дзеялася ў кутку. 27 Ці верыш, кароль Агрыппа, прарокам? Ведаю, што верыш. 28 Агрыппа-ж да Паўла: Памалу праканаеш мяне стацца хрысьціянінам. 29 А Павал: Я жадаю ў Бога, каб і ў малым і ў вялікім, ня толькі ты, але і ўсе, каторыя слухаюць, сталіся сягоньня такімі, якім і я ёсьць, апроч гэтых путаў.

30 І ўстаў кароль, і начальнік, і Вэрніка, і каторыя сядзелі з імі. 31 І адыйшоўшы, гаварылі паміж сабою, кажучы: Што нічога ня ўчыніў гэты чалавек годнага сьмерці або путаў. 32 А Агрыппа сказаў Фэсту: Гэты чалавек мог быць звольнены, каб не апэляваў да цэзара.

5 "Паводле найпэўнейшай сэкты" г. зн. паводле найвастрэйшага рэлігійнага кірунку, якім быў у вачах жыдоў фарызаізм.

7 Павал тут кажа, што яго вінавацяць жыды за надзею ўскрашэньня, якога чакае ня толькі ён, але і 12 пакаленьняў жыдоўскіх.

8 Ускрашэньне ня ёсьць рэчай непадобнай у Бога; аб гэтым пішуць сьв. Пісаньні і гэта згодна з усёмагутнасьцяй Бога.

10 "Многа сьвятых" г. зн. многа хрысьціян (гл. Ап. Дз. 9, 32).

11 "Прымушаў блюзьніць" г. зн. прымушаў адрачыся ад Хрыста (казаць "анатхэма Езус").

14 "Проціў ражна" гл. Ап. Дз. 9, 5.

22 "І меншаму і большаму" г. зн. усім людзям.

23 Жыды не маглі зразумець, што Хрыстус (Мэсыяш) ёсьць падлеглы цярпеньню, хоць аб гэтым гаварылі Майсей і прарокі. "Народу" - тут у значэньні народу жыдоўскаму.

Маем тры расказы сьв. Паўла аб сваім навароце (Ап. Дз. 9, 1 - 18; 22, 6 - 16 і ў гэтым месцы); ўсе яны дапаўняюцца ўзаемна.

24 Паганін Фэст ня мог зразумець такой гарачыні і такога праняцьця навукай Хрыста, якое ён бачыў у Паўла і гэта навяло яго на думку, што Павал адыходзіць ад розуму.

25 "Словы праўды і развагі" тут тое самае, што словы здаровага розуму.

26 "Нічога з гэтага ад яго не закрыта" г. зн. усё тое, што датычыць Езуса, ягонай сьмерці і ўскрасеньня павінна быць Агрыппае ведамым, бо-ж гэта ўсё дзеялася не ў якім кутку, а ў сталіцы краю.

27 Прарокі пісалі аб Хрысьце, дык той, хто верыць прарокам, павінен верыць і ў Хрыста.

28 Агрыппа зразумеў Паўла, але душа яго не была даступна для ласкі Божай. Затым ён і прарывае Паўлаву прамову шутлівымі славамі.

31 - 32 З гэтага відаць, што Фэст і Агрыппа былі пракананы аб нявіннасьці Паўла.

 

Разьдзел 27
Падарожа ў Рым

1 А як было яму прысуджана плысьці ў Італію, дык аддалі Паўла з іншымі вязьнямі сотніку, на імя Юлію, роты аўгуставай. 2 Узыйшоўшы на адрумэцкі карабель, маючы плысьці каля мясьцін Азіі, мы вырушылі; з намі быў Арыстарх Македонец тэссалоніцкі. 3 І на другі дзень мы прыбылі ў Сыдон. Юлій-жа, палюдзку абходзячыся з Паўлам, пазволіў ісьці да прыяцеляў і парабіць стараньні каля сябе. 4 І вырушыўшы адтуль, мы падплылі да Цыпру, затым што былі праціўныя вятры. 5 І пераплыўшы мора Цыліцыі і Памфіліі, мы прыбылі ў Лістру, якая ёсьць у Ліцыі.

6 А там сотнік, знайшоўшы александрыйскі карабель, які плыў у Італію, перасадзіў нас на яго. 7 І плывучы памалу праз многа дзён, і ледзь прыплыўшы наўпроць Кніда, бо перашкаджаў нам вецер, мы прыплылі да Крыту каля Салмону. 8 І ледзь плывучы побач, мы прыбылі ў вадно месца, якое завецца Добрыя Затокі, блізка якога быў горад Таласса.

9 Калі-ж прайшло многа часу, і калі ўжо плаваньне ня было бясьпечным, затым што ўжо і пост прайшоў, Павал прасьцерагаў іх, 10 кажучы ім: Мужы, віджу, што плаваньне пачынае быць са шкодай і вялікай стратай ня толькі цяжару і карабля, але і жыцьця нашага. 11 Але сотнік болей верыў стырніку і гаспадару карабля, чым таму, што гаварыў Павал. 12 А як ня было выгоднай затокі да зімаваньня, большасьць падала раду плысьці адтуль, можа неяк змаглі-б перазімаваць, дабраўшыся да Фэніксу у Крыцкай затоцы, якая ляжыць проціў паўдзённа і паўночна-заходняга ветру. 13 Калі-ж падуў паўдзённы вецер, думаючы, што дадзержаць намеру, яны вырушыўшы з Ассону, плылі ўздоўж Крыту.

Бура і разьбіцьцё карабля

14 Але нядоўга пасьля гэтага наляцеў на яго бурны вецер, званы эўраквілон. 15 Калі-ж быў пахоплены карабель і ня мог ісьці проціў ветру, здаўшы карабель на вецер, мы панясьліся. 16 І прынёсшыся данейкага вострава, званага Каўда, мы ледзь змаглі ўдзяржаць лодку. 17 Падняўшы яе, ужывалі памоцных спосабаў, абвязваючы карабель. Баючыся, каб не папасьці ў Сырту, спусьцілі парус і так нясьліся. 18 А як моцная бура намі кідала, на другі дзень выкінулі цяжар. 19 А на трэці дзень сваімі рукамі выкінулі карабельныя прылады. 20 Калі-ж ані сонца ані зоры не паказваліся праз многа дзён, а бура налягала не малая, ужо прапала ўсякая надзея на наш ратунак.

21 А як былі доўга без яды, тады Павал, стаўшы пасярод іх, сказаў: Трэба-ж было, мужы, паслухаўшы мяне, ня зрывацца ад Крыту і ўсьцерагчыся гэтага няшчасьця і ўтраты. 22 А цяпер раджу вам быць добрай мысьлі, бо ніводнага з вас жыцьцё ня згіне, апроч толькі карабля. 23 Бо стануў пры мне ў гэту ноч анел Бога, да каторага я належу і катораму служу, 24 кажучы: "Ня бойся, Паўле, трэба табе стануць перад цэзарам, і вось падарыў табе Бог усіх, што плывуць з табою". 25 Дзеля гэтага будзьце добрай мысьлі, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, як мне было сказана. 26 І мы мусім прыплысьці да нейкага вострава.

27 А калі надыйшла чатырнаццатая ноч, як мы плавалі па Адрыі, каля поўначы здалося карабельнікам, што ім паказалася нейкая краіна. 28 І спусьціўшы шнур з волавам, яны знайшлі дваццаць сажняў, а трохі адтуль адплыўшы, знайшлі пятнаццаць сажняў. 29 Баючыся-ж, каб не папасьці на скалістыя мясцы, кінулі з кармы чатыры якары і жадалі, каб настаў дзень.

30 А калі карабельнікі хацелі ўцячы з карабля і спускалі ў мора лодку, пад відам быццам хочуць сьпераду закінуць якар, 31 сказаў Павел сотніку і жаўнерам: Калі гэтыя не астануцца на краблі, вы ня можаце быць выратаваны. 32 Тады жаўнеры паадсякалі вяроўкі ад лодкі і далі ей зваліцца. 33 А калі пачало сьвітаць, прасіў Павал усіх прыняць ежу, кажучы: Сягоньня, чатырнаццаты дзень чакаючы, вы трываеце ня еўшы, нічога ня прыймаючы. 34 Дзеля гэтага прашу вас прыняць ежу на вашае здароўе, бо ніводнага з вас волас з галавы ня згіне. 35 І калі гэтае сказаў, узяўшы хлеб, учыніў падзяку Богу на вачах усіх, і пераламаўшы, пачаў есьці. 36 І яны ўсе, стаўшыся болей спакойнымі, так-жа прынялі ежу. 37 А было нас усіх душ на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць. 38 І насыціўшыся ежай, аблягчалі карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.

39 Калі-ж настаў дзень, не пазнавалі зямлі, але заўважылі нейкую затоку, маючую бераг, да якога думалі, калі змогуць, прыстаць з караблём. 40 І падняўшы якараы, даручылі сябе мору, разам аслабіўшы сувязі стыраў і падняўшы на перадзе парус паводле ветру, скіраваліся да берагу. 41 А папаўшы на мелкае месца, узьбілі карабель, і перад, увязшы, астаўся нярухомы, а карма разьбівалася сілаю мора. 42 Была-ж рада ў жаўнераў, каб пазабіваць вязьняў, каб хто выплыўшы ня ўцёк. 43 Але сотнік, хочучы захаваць Паўла, забараніў рабіць і загадаў тым, каторыя маглі плаваць, кінуцца першымі і выплыць і выйсьці на зямлю, 44 а рэшту іншых на дошках несьлі, некаторых на тым, што было з карабля. І так сталася, што ўсе душы выйшлі на зямлю.

2 "Адрумэцкі" карабель г. зн. належачы да порту Адрумэты, што пры берагох М. Азіі. "З намі" - што Лукаш ехаў разам з Паўлам аж у Рым.

6 "Александрыйскі" значыць карабель з Александрыі, які вёз збожжа ў Рым.

7 Кнід - горад у Малой Азіі на паўдзённа-заходнім беразе. Крыт - востраў на Міжзеіным моры.

9 Пост жыдоўскі ("Судны дзень") прыпадаў у гэтым годзе (60 па Н. Хр.) 25 верасьня. Праз восень і зіму на Міжземным моры дуюць сільныя вятры, якія ў той час спынялі мораплаўства зусім.

14 Эўраквілон - сільны паўночны віхор з гораў Крыту.

16 Каўда - малы востраў на поўдень ад Крыту. Лодка, прывязаная на вяроўцы, плыла за караблём. Была яна патрэбна пры небясьпецы заталеньня карабля. Каб яна не затанула, Каб яна не затанула, яе ўцягнулі на карабель.

17 - 18 Абвязвалі карабель ланцугамі і вяроўкамі, каб умацаваць яго. Сытра - затока пры берагох паўночнай Афрыкі, поўная пяшчаных мялізнаў.

19 Каб карабель зрабіць лягчэйшым і ня так падатным на затапленьне бураю.

20 Паводле сонца і зор карабельнікі тады арыентаваліся ў правільнасьці дарогі; компасу тады яшчэ ня зналі.

21 Былі доўга без яды з прычыны марское хваробы і трывогі.

27 Адрыяй называлі мора паміж Грэцыяй і Сыцыліяй.

30 Карабельнікі на лодцы хацелі патайком уцячы з карабля і дабрацца да берагу, пакінуўшы жаўнераў і вязьняў на пэўную сьмерць.

31 Бяз помачы карабельнікаў жаўнеры і вязьні згінулі-б.

32 Жаўнеры далі лодцы зваліцца ў мора, перад тым, як карабельнікі ў яе селі.

40 Стыры былі прымацаваны, каб іх не зламала бура. Цяпер яны былі патрэбны, каб прыбліжыцца да берагу.

44 Ратаваліся (нясьліся, плылі) на дошках або на абломках карабля.

 

Разьдзел 28
Зімоўка на Мальце

1 А калі мы выйшлі, тады пазналі, што востраў называўся Мэліта. А варвары паказвалі нам не малую людзкасьць. 2 Бо распаліўшы агонь, прыймалі нас усіх дзеля дажджу, каторы надыходзіў, і холаду. 3 Калі-ж Павал назьбіраў нямала хворасту і клаў на агонь, зьмяя, вылезшы ад гарачыні, прычапілася да ягонай рукі. 4 А як убачылі варвары гада, зьвісаўшага з рукі ягонай, гаварылі паміж сабою: Пэўне гэты чалавек забойца, каторы хоць выйшаў з мора, помста не дае яму жыць. 5 А ён-то абтросшы гада ў вагонь, не пацярпеў нічога благога. 6 Яны-ж думалі, што ён пачне пухнуць і раптам упадзе і памрэ. А калі яны доўга чакалі і ўбачылі, што яму не стаецца нічога дрэннага, зьмяніўшы думкі, казалі, што ён бог.

7 А ў тых мясцох былі двары князя вострава, на імя Публія, каторы прыняўшы нас, праз тры дні ласкава гасьціў. 8 І здарылася, што бацька Публія ляжаў хворы на трасцу і крываўку. Да яго ўвайшоў Павал, і памаліўшыся, і ўзлажыўшы на яго рукі, аздаравіў яго. 9 Калі гэтае сталася, усе на востраве, якія мелі хваробы, прыходзілі і былі аздароўлены. 10 Яны так-жа да нас аднасіліся з вялікай пашанай, і калі мы адплывалі, налажылі, чаго было трэба.

Падарожа з Мальты ў Рым

11 Пасьля-ж трох месяцаў мы паплылі на александрыйскім караблі, каторы зімаваў на востраве, у каторага быў знак Кастораў. 12 І прыбыўшы ў Сыракузы, прабылі там тры дні. 13 Адтуль паплыўшы вокал, прыплылі ў Рэгію, а калі цераз адзін дзень падуў паўдзённы вецер, мы на другі дзень прыбылі ў Путэолі, 14 дзе знайшоўшы братоў, мы былі прошаны астацца ў іх сем дзён. І так прыбылі ў Рым. 15 А адтуль пачуўшы браты, выйшлі нам насустрэч аж да рынку Аппія і Трох Карчмаў. Калі іх убачыў Павал, падзякаваўшы Богу, набраў адвагі.

16 Калі-ж мы прыбылі ў Рым, дазволена было Паўлу жыць асобна з сьцерагучым яго жаўнерам.

Двухгадовая бытнасьць сьв. Паўла ў Рыме

17 Пасьля-ж трох дзён склікаў першых з жыдоў і, калі яны зыйшліся, казаў ім: Мужы браты, я, нічога ня ўчыніўшы проціў народу або айцоўскага звычаю, зьвязаны з Ерузаліму быў аддадзены ў рукі рымлян. 18 Калі яны зрабілі аба мне допыт, хацелі мяне пусьціць, бо ня было ўва-мне ніякай прычыны сьмерці. 19 Калі-ж супраціўляліся жыды, я быў прымушаны апэляваць да цэзара, не каб я меў у нечым вінаваціць свой народ. 20 Дык дзеля гэтай прычыны я прасіў, каб вас пабачыць і пагаварыць. Бо дзеля надзеі Ізраіля я зьвязаны гэтым ланцугом. 21 Яны-ж сказалі да яго: Мы не атрымалі аб табе ані пісьмаў з Юдэі, ані ніхто з братоў прыйшоўшы паведаміў або гаварыў што благое аб табе. 22 Мы-ж просім, каб пачуць ад цябе, што ты думаеш; бо аб гэтай сэкце нам ведама, што ей усюды працівяцца.

23 І назначыўшы яму дзень, прыйшло да яго на кватэру вельмі многа. Ён выкладаў ім, сьведчучы аб каралеўстве Божым і пераконываючы іх аб Езусе з закону Майсея і прарокаў ад ранку аж да вечара. 24 І некаторыя верылі таму, што гаварылася, а некаторыя ня верылі. 25 І ня будучы паміж сабою згоднымі, адыходзілі. Павал казаў адно слова: Што добра Дух сьвяты гаварыў праз Ізаія прарока да айцоў нашых (6, 9-10), 26 кажучы: "Ідзі да народу гэтага і скажы да іх: Вухам будзеце слухаць і не зразумееце, і гледзячы будзеце ўглядацца і ня ўгледзіце. 27 Бо агрубела сэрца гэтага народу, і вушамі трудна чулі, і заплюшчылі вочы свае, каб часам ня ўбачыць вачыма, і не пачуць вушыма, і незразумець сэрцам, і не навярнуцца, і каб я не аздаравіў іх". 28 Дык няхай будзе вам ведама, што паганам паслана гэтае збаўленьне Божае, і яны будуць слухаць. 29 І калі ён гэтае сказаў, выйшлі ад яго жыды, маючы паміж сабою вялікую спрэчку.

30 І жыў праз цэлыя два гады ў сваей нанятай кватэры, і прыймаў усіх, якія прыходзілі да яго, 31 абвяшчаючы каралеўства Божае і вучачы аб Пану Езусе Хрысьце з усей адвагай, без перашкоды.

1 Мэліта, цяпер Мальта, на поўдень ад Сыцыліі. Для грэкаў або рымлян той, хто не гаварыў іхнай мовай, быў варвар, хоць жыхары Мальты, як бачым, зусім ня былі варварамі ў сяньняшнім значэньні.

11 "Знак Кастораў" г. зн. знак Кастора і Поллукса, паганскіх бажкоў, якіх уважалі тады за апякуноў мораплаўнікаў. Іх знак памяшчалі на перадзе карабля.

12 Сыракузы - тады сталіца Сыцыліі.

13 Рэгія (сёньня Reggio di Calabria) ужо на італійскім беразе. Путэолі (сёньня Puzzuoli, блізка Нэапалю), тады найважнейшы італійскі порт для караблёў, прыбываючых з Усходу.

14 З гэтага бачым, як скора пашыралася хрысьціянства!

15 Рынак Аппія знаходзіўся на 65 клм. ад Рыму, а Тры Карчымы - на 49 клм. Павал набраў адвагі, бачачы, з якой пашанай і любоўю спатыкаюць яго рымскія хрысьціяне.

22 "Аб гэтай сэкце" значыць: аб хрысьціянстве, якое ў паняцьці жыдоў было сэктай.

29 "Вялікая спрэчка" аб Езусе і аб гэтым, што гаварыў аб іх Павал.

30 "Праз цэлыя два гады" г. зн. аж да сакавіка 63 г. пасьля Н. Хр.

31 "Без перашкоды" з боку рымскіх уладаў.

На гэтым кончацца Апост. Дзеі. З гэтага відаць, што Лукаш кончыў пісаць Дзеі перад звальненьнем Паўла, бо аб звальненьні так як і аб заканчэньні суду не падае нічога. Ведаем аднак з твораў сьв. Айцоў, што Павал быў звольнены, быў у Гішпаніі, потым за нэрана прыбыў ізноў у Рым і там памёр мучаніцкай сьмерцяй у 67 годзе пасьля Н. Хр. разам з сьв. Пятром.



Пераклад: Вінцэнт Гадлеўскі
Тэкст падаецца паводле выдання: Čatyry Evangelii i Apostalskija Dzei | Рeralažyu i padau wyjasnienni ks. mhr Vincent Hadleuski. – Wilnia, 1939. – 417 s.
Крыніца: http://chasaslovec.info
Падрыхтавана: Вячаслаў Мартысюк (група па алічбоўванні тэкстаў Святога Пісання, каардынатар кс. Сяргей Сурыновіч)