Да Ціта Пасланне святога Апостала Паўла

Раздзел 1
Раздзел 2
Раздзел 3


Раздзел 1

1Павел, раб Божы і Апостал Іісуса Хрыста дзе́ля веры абра́ных Божых і спазнання ісціны, якая прыводзіць да набожнасці,

2у надзеі на жыццё вечнае, якое паабяца́ў праўдзівы ў слове Бог раней часоў адвечных,

3а ў належны час явіў слова Сваё ў пропаведзі, даверанай мне па загаду Спасіцеля нашага, Бога, —

4Ціту, сапраўднаму сыну па супольнай веры: благадаць, міласць і мір ад Бога Айца і Госпада Іісуса Хрыста, Спасіцеля нашага.

5Дзеля таго я пакінуў цябе на Крыце, каб ты недакончанае завяршыў і паставіў па ўсіх гарадах прасвітараў, як я табе наказваў:

6калі хто беззаганны, адной жонкі муж, дзяцей ма́е веруючых, якіх нельга абвінаваціць у распусце або непакорлівасці.

7Бо епіскап павінен быць беззаганны як Божы домаўпраўнік, не сваявольны, не гняўлівы, не п’яніца, не задзірысты, не карыслівы,

8а гасцінны, дабралюбівы, разва́жлівы, справядлівы, набожны, стры́маны,

9павінен трымацца правільнага слова, адпаведнага вучэнню, каб ён быў здольны і настаўляць у здаровым вучэнні, і выкрываць тых, хто працівіцца.

10Бо ёсць шмат і непакорлівых, пустасловаў і падманшчыкаў, асабліва з абрэзаных,

11якіх трэба прымусіць замаўчаць: яны разбура́юць цэлыя сем’і, навучаючы дзеля гане́бнай кары́слівасці таму, чаму не належыць вучы́ць.

12Сказаў жа нехта з іх, іх уласны вяшчун: “Крыця́не заўсёды лгуны, злыя звяры, пражэ́рлівыя гультаі”.

13Сведчанне гэтае праўдзівае. З гэтай прычыны выкрывай іх строга, каб яны былі здаровымі ў веры,

14каб не зважа́лі на Іудзейскія байкі і ўстанаўленні людзей, якія адварочваюцца ад ісціны.

15Для чыстых усё чыстае, для апаганеных жа і няверных няма нічога чыстага, бо апаганены і розум іх, і сумленне.

16Яны сцвярджаюць, што знаюць Бога; а справамі сваімі адракаюцца, бу́дучы агі́днымі і непакорлівымі і ні на якую добрую справу нязда́тнымі.

 

Раздзел 2

1А ты гавары тое, што адпавядае здароваму вучэнню:

2каб стары́я мужчыны былі цвярозымі, пава́жнымі, разважлівымі, здаровымі ў веры, у любові, у цярплівасці;

3каб стары́я жанчыны таксама паводзілі сябе добрапрыстойна, не былі паклёпніцамі, не злоўжыва́лі віном, навуча́лі дабру,

4каб настаўлялі маладзіц любіць мужоў, любіць дзяцей,

5быць цнатлівымі, чыстымі, гаспадарлівымі, добрымі, пакорлівымі сваім мужам, каб слова Божае не зневажа́лася;

6юнакоў таксама настаўляй быць разважлівымі.

7Ва ўсім падавай сабою прыклад добрых спраў, у вучэнні — непару́шнасць, паважнасць, непашкоджанасць,

8слова здаровае, бездакорнае, каб супраціўнік быў пасаромлены, не маючы сказаць пра нас нічога кепскага.

9Рабоў настаўляй падпарадкоўвацца сваім гаспадарам, ва ўсім дагаджаць, не пярэчыць,

10не красці, а праяўляць усю добрую вернасць, каб яны ва ўсім былі ўкра́саю вучэння Спасіцеля нашага Бога.

11Бо з’явілася благадаць Божая, спасіцельная для ўсіх людзей,

12якая навуча́е нас, каб мы, адмовіўшыся ад бязбожнасці і ад пажаднасцей свету гэтага, жылі ў гэтым ве́ку разва́жліва, пра́ведна і набо́жна,

13чакаючы здзяйснення блажэннай надзеі і яўлення славы вялікага Бога і Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста,

14Які аддаў Сябе за нас, каб выкупіць нас з палону ўсякага беззаконня і ачысціць для Сябе народ, які б нале́жаў выклю́чна Яму і быў руплівы ў добрых справах.

15Гэта гавары, і настаўляй, і выкрывай з усёю ўладаю; няхай ніхто не пагарджае табою.

 

Раздзел 3

1Нагадвай ім, каб падпарадкоўваліся начальству і ўладам, каб былі пакорлівымі і гатовымі да ўсякай добрай справы,

2каб нікога не зневажа́лі, не былі сварлівымі, былі зычлівымі, заўжды праяўлялі лагоднасць да ўсіх людзей.

3Бо і мы калісьці былі неразумнымі, непакорлівымі, аблу́днымі, былі́ рабамі пажаднасцей і розных задавальне́нняў, жылі ў злобе і за́йздрасці, былі́ агіднымі, ненавідзелі адно аднаго.

4Калі ж я́ўлена была благадаць і чалавекалюбства Спасіцеля нашага, Бога,

5то не за справы праведныя, якія мы здзейснілі, а па Сваёй міласці Ён спас нас праз купель новага нараджэння і абнаўлення Духам Святым,

6Якога выліў на нас шчодра праз Іісуса Хрыста, Спасіцеля нашага,

7каб, апраўда́ныя Яго благадаццю, мы, як спадзяёмся, сталі спадкаемцамі жыцця вечнага.

8Вартае веры слова гэтае; і я жадаю, каб ты ў гэтым пераконваў тых, хто ўвераваў у Бога, каб яны намагаліся быць першымі ў добрых справах: гэта добра і карысна для людзей.

9Ад неразумных жа пошукаў, спрэчак пра радаслоўі, і сварак, і змаганняў законніцкіх ухіляйся, бо яны непатрэбныя і марныя.

10Чалавека-ератыка, пасля аднаго і другога папярэджання, пазбягай,

11ведаючы, што сапсаваны ён і грашыць, тым самым асуджаючы сябе самога.

12Калі прышлю да цябе Арцему або Ціхіка, паспяшайся прыйсці да мяне ў Нікапаль, бо я вырашыў там перазімаваць.

13Зіну-законніка і Апалоса пастарайся сабраць у дарогу так, каб у іх ні ў чым не было недахопу.

14Няхай і нашы вучацца быць першымі ў добрых справах для задавальнення пільных патрэб, каб не быць бясплоднымі.

15Вітаюць цябе ўсе, хто са мною. Вітай тых, хто любіць нас у веры. Благадаць з усімі вамі. Амінь.




Крыніца: sppsobor.by
Пераклад: Біблейская камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы (МП)

Беларуская Палічка: http://knihi.com