epub
 
падключыць
слоўнікі

Да Эфесян Пасланне святога Апостала Паўла

Раздзел 1
Раздзел 2
Раздзел 3
Раздзел 4
Раздзел 5
Раздзел 6


Раздзел 1

1Павел, воляю Божаю апостал Іісуса Хрыста, святы́м, што ў Эфэсе, і ве́рным у Хрысце Іісусе:

2благадаць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста.

3Благаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста, што благаславіў нас усякім духоўным благаславе́ннем на нябёсах у Хрысце,

4бо Ён выбраў нас у Ім раней за стварэнне свету, каб мы былі святымі і беззага́ннымі перад Ім у любові,

5прадвы́значыўшы нас для ўсынаўле́ння Сабе праз Іісуса Хрыста паводле жада́ння волі Сваёй,

6дзеля ўсхвале́ння ве́лічы благадаці Сваёй, якою Ён адары́ў нас ва Узлю́бленым,

7у Якім мы маем выкупле́нне Крывёю Яго, прабачэ́нне грахоў паводле багацця благадаці Яго,

8якую Ён шчодра явіў нам ва ўсякай праму́драсці і разуме́нні,

9адкрыўшы нам тайну волі Сваёй паводле жада́ння Свайго, якое Ён прадустанаві́ў у Ім,

10на здзяйсне́нне паўнаты́ часоў, каб з’ядна́ць усё нябеснае і зямное ў Хрысце, пад Ім як галавою;

11у Ім мы і сталі спадкае́мцамі, бу́дучы прадвы́значанымі згодна з прадустанаўле́ннем Таго, Хто ўсё здзяйсня́е паводле рашэння волі Сваёй,

12каб паслужы́лі ўсхвале́нню ве́лічы Яго мы, якія і раней спадзява́ліся на Хрыста;

13у Ім і вы, пачуўшы слова ісціны, дабравесце спасення вашага, і ўвераваўшы ў Яго, пазначаны пячаццю абяцанага Духа Святога,

14Які ёсць залог спадчыны нашай, дзеля выкупле́ння здабы́тку Яго, дзеля ўсхвале́ння ве́лічы Яго.

15Таму і я, пачуўшы пра вашу веру ў Госпада Іісуса і пра любоў да ўсіх святых,

16не перастаю дзякаваць за вас Богу, памінаючы вас у малітвах сваіх,

17каб Бог Госпада нашага Іісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа прамудрасці і адкравення на спазнанне Яго,

18і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Яго, і ў чым багацце славы спадчыны Яго для святых,

19і ў чым бязмерная веліч сілы Яго для нас, якія веруем праз дзеянне ўладарнай магутнасці Яго,

20якую Ён праявіў у Хрысце, уваскрасіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе на нябёсах,

21вышэй за ўсякае начальства, і ўладу, і сілу, і валадарства, і за ўсякае імя, называнае не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым,

22і усё пакары́ў пад ногі Яго, і паставіў Яго над усім, галавою Царквы,

23якая ёсць Цела Яго, паўната Таго, Хто напаўняе ўсё ва ўсім.

 

Раздзел 2

1І вас, мёртвых з-за злачы́нстваў і грахоў вашых,

2у якіх вы не́калі жылі паводле звы́чаю свету гэтага, па волі князя, які ўлада́рыць у паветры, — духа, які дзейнічае цяпер у сынах праціўле́ння,

3сярод якіх і мы ўсе не́калі жылі́ ў пажа́днасцях плоці нашай, выко́нваючы жаданні плоці і помыслаў, і былі́ па прыродзе дзе́цьмі гневу, як і астатнія,

4Бог, багаты міласцю, па вялікай любові Сваёй, якою Ён нас узлюбіў,

5і нас, мёртвых з-за злачы́нстваў, ажывіў разам з Хрыстом — благадаццю вы спасёныя —

6і ўваскрасіў з Ім і пасадзіў на нябёсах у Хрысце Іісусе,

7каб явіць у наступных вяках надзвыча́йнае багацце благадаці Сваёй добрасцю да нас у Хрысце Іісусе.

8Бо благадаццю вы спасёныя праз веру, і гэта не ад вас, гэта Божы дар:

9не за справы, каб ніхто не хваліўся.

10Бо мы — стварэнне Яго, мы створаны ў Хрысце Іісусе на добрыя справы, якія прадвы́значыў нам Бог выконваць.

11Таму па́мятайце, што вы, не́калі язычнікі па плоці, якіх называлі неабрэ́занымі так званыя абрэ́заныя на плоці рукатворна,

12што вы былі́ ў той час без Хрыста, адчу́жаныя ад грамадства Ізраільскага і чужыя для запаветаў абяца́ння, не мелі надзеі і былі́ бязбожнікамі ў свеце;

13цяпер жа ў Хрысце Іісусе вы, якія некалі былі далёка, сталі блізкімі праз Кроў Хрыстову.

14Бо Ён — мір наш, Ён зрабіў з абодвух адно і зруйнава́ў сцяну́, якая падзяля́ла іх,

15скасава́ўшы варожасць Плоццю Сваёю, а закон запаведзяў — вучэннем, каб з двух ствары́ць у Сабе Самім аднаго новага чалавека, усталёўваючы мір,

16і ў адным целе прыміры́ць абодвух з Богам праз крыж, знішчыўшы варожасць на ім;

17і, прыйшоўшы, дабраве́сціў мір вам, далёкім і блізкім,

18таму што праз Яго мы, адны і другія, маем доступ у адным Духу да Айца.

19Дык вось, вы ўжо не чужы́нцы і не пры́хадні, а суграмадзя́не святых і дамача́дцы Бога,

20усталява́ныя на падмурку апосталаў і прарокаў, маючы краевуго́льным каменем Самога Іісуса Хрыста,

21на якім уся пабудова, зла́джана ўзво́дзячыся, выраста́е ў святы храм у Госпадзе,

22на якім і вы разам выбудо́ўваецеся ў жытло Божае ў Духу.

 

Раздзел 3

1Дзеля гэтага я, Павел, стаў вя́знем Хрыста Іісуса за вас, язычнікаў.

2Вы, канешне, чулі пра дзе́янне благадаці Божай, дадзенай мне для вас,

3што мне праз адкравенне была абве́шчана тайна, як я ўжо пісаў коратка,

4з чаго вы, чытаючы, можаце даведацца пра маё разуменне тайны Хрыстовай,

5якая не была абве́шчана ранейшым пакаленням сыноў чалавечых, як цяпер адкрыта святым Апосталам Яго і прарокам праз Духа Святога,

6што язычнікі — сунаследнікі, і члены адзінага цела, і супольнікі абяцання Яго ў Хрысце Іісусе праз дабравесце,

7служы́целем якога я стаў паводле дару благадаці Божай, дадзенай мне праз дзеянне сілы Яго.

8Мне, найменшаму з усіх святых, была́ дадзена благадаць гэтая — дабравесціць язычнікам неспасціжнае багацце Хрыстова

9і высветліць для ўсіх, у чым задума тайны, скрытай адвеку ў Богу, Які стварыў усё Іісусам Хрыстом,

10каб цяпер начальствам і ўладам на нябёсах стала вядомай праз Царкву разнастайная прамудрасць Божая,

11паводле спрадвечнага вызначэ́ння, якое Ён здзе́йсніў у Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым,

12у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ праз веру ў Яго.

13Таму прашу не па́даць духам з-за маіх дзеля вас пакут, бо яны — слава ваша.

14Дзеля гэтага схіля́ю калені мае́ перад Айцом Госпада нашага Іісуса Хрыста,

15ад Якога ўсякі род на нябёсах і на зямлі ма́е найменне, —

16каб Ён даў вам, паводле багацця славы Сваёй, трывала ўмацавацца Духам Яго ва ўну́траным чалавеку,

17каб Хрыстос усяліўся праз веру ў сэ́рцы вашы; каб вы, укараніўшыся і ўмацава́ўшыся ў любові,

18маглі з усімі святымі ўспрыня́ць, што́ ёсць шырыня, і даўжыня, і глыбіня, і вышыня,

19і спазнаць вышэйшую за пазна́нне любоў Хрыстову, каб вам напоўніцца ўсёю паўнатою Божаю.

20А Таму, Хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць непараўнальна больш за ўсё, чаго мы просім ці пра што думаем, —

21Яму слава ў Царкве ў Хрысце Іісусе ва ўсе роды з веку ў век. Амінь.

 

Раздзел 4

1Дык вось, я, вязень у Госпадзе, прашу вас жыць дастойна паклі́кання, да якога вы заклі́каны,

2з усёй пакорнаму́драсцю і лаго́днасцю, з доўгацярплі́васцю, падтрымліваючы адзін аднаго з любоўю,

3стараючыся захоўваць адзінства духу ў саюзе міру.

4Адно цела і адзін дух, як вы і закліканы да адной надзеі вашага паклікання;

5адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэнне,

6адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ва ўсіх нас.

7А кожнаму з нас да́дзена благадаць ў меру дару Хрыстовага.

8Таму сказана: "узышоўшы на вышыню, Ён паланіў палон і даў дары людзям".

9А "узышоў" — што́ азначае, як не тое, што Ён і сышоў спачатку у прадонныя месцы зямлі́

10Той, Хто сышоў, Ён жа і ўзышоў вышэй за ўсе нябёсы, каб напоўніць усё.

11І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых дабравеснікамі, іншых пастырамі і настаўнікамі,

12для ўдаскана́лення святых, дзеля справы служэння, дзеля будавання Цела Хрыстовага,

13пакуль усе прыйдзем у адзінства веры і спазнання Сына Божага, у мужа дасканалага, у меру ўзросту паўнаты́ Хрыстовай;

14каб мы больш не былі дзе́цьмі, якіх хістае і носіць усякі вецер вучэння праз падман людскі, праз хітрасць, уводзячы ў аблуду,

15а каб, жывучы ў ісціне і любові, усе ўзрасталі ў Таго, Хто з’яўляецца галавою, — у Хрыста,

16з Якога ўсё цела, склада́ючыся і злуча́ючыся усялякімі ўзмацня́льнымі сувязямі, пры дзеянні ў сваю меру кожнай асобнай часткі, расце для будавання самога сябе ў любові.

17Таму я гэта кажу і сведчу ў Госпадзе, каб вы больш не рабілі, як робяць астатнія народы ў ма́рнасці розуму свайго,

18маючы азмро́чанае разуме́нне, адчу́жаныя ад жыцця Божага з-за свайго няве́дання, з-за акамяне́ласці сэрца свайго;

19яны, дайшоўшы да бясчуласці, аддалі сябе саміх распусце, каб ненасытна рабіць усякую брыдоту.

20А вы не так спазналі Хрыста,

21паколькі вы чулі пра Яго і ў Ім навучыліся — таму што ісціна ў Іісусе —

22скінуць з сябе старога, паводле ранейшага ладу жыцця, чалавека, які згнівае ў падманных пажа́днасцях,

23а абнавіцца духам розуму вашага

24і апрану́цца ў новага чалавека, створанага па Богу, у праведнасці і святасці ісціны.

25Таму, адкінуўшы хлусню, гаварыце праўду кожны бліжняму свайму, бо мы адзін аднаму члены.

26Гневаючыся, не грашыце: сонца няхай не заходзіць пры гневе вашым;

27і не давайце месца дыявалу.

28Хто краў, больш няхай не кра́дзе, а лепш няхай працуе, ствараючы сваімі рукамі дабро, каб меў з чаго даць таму, хто ў нястачы.

29Ніякае гнілое слова няхай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае для настаўле́ння ў веры, каб яно прыносіла благадаць тым, хто слухае.

30І не засмучайце Святога Духа Божага, пячаццю Якога вы былі пазначаны для дня выкуплення.

31Усякае раздражне́нне, і ярасць, і гнеў, і крык, і блюзнерства няхай будуць вы́нішчаны сярод вас, разам з усякаю злобаю;

32але будзьце адзін да аднаго добрымі, спага́длівымі, прабачайце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце прабачыў вам.

 

Раздзел 5

1Дык вось, будзьце перайма́льнікамі Бога, як дзеці ўзлю́бленыя,

2і жывіце ў любові, як і Хрыстос узлюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэнне і ахвяру Богу як пах водарны.

3А блуд і ўсялякая нечыстата́ або хцівасць не павінны нават зга́двацца сярод вас, як гэта ма́е быць у святых;

4таксама бессаромнасць і бязглу́здыя размовы ці непрысто́йныя жарты — гэта нягожа, а лепш падзяка;

5бо тое ведайце, што ніякі блуднік, альбо нячысты, альбо хцівец, гэта значыць ідаласлужыцель, не ма́е спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.

6Няхай ніхто не падманвае вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў праціўлення:

7дык не майце нічога супольнага з імі.

8Вы калісьці былі цемраю, а цяпер — святло ў Госпадзе: паводзьце сябе, як дзеці святла,

9бо плод Духа — ва ўсякай добрасці, праведнасці і ісціне;

10распазнавайце, што́ даспадобы Богу,

11і не ўдзельнічайце ў бясплодных справах цемры, а, наадварот, выкрывайце.

12Бо пра тое, што яны тайна робяць, сорамна і гаварыць.

13А ўсё вы́крытае робіцца яўным ад святла, бо ўсё, што робіцца яўным, — гэта святло;

14таму ска́зана: "устань, хто спіць, і ўваскрэсні з мёртвых, і асве́тліць цябе Хрыстос".

15Дык глядзіце, наколькі асцярожна вы паводзіце сябе, будзьце не як неразумныя, а як мудрыя,

16даражыце часам, бо дні ліхія.

17Таму не будзьце неразва́жнымі, а спасціга́йце, у чым воля Божая.

18І не ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуснасць; а напаўняйцеся Духам,

19звяртаючыся адзін да аднаго псалмамі, і гімнамі, і песнямі духоўнымі, спяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,

20дзякуючы заўжды за ўсё Богу і Айцу, у імя Госпада нашага Іісуса Хрыста,

21падпарадко́ўваючыся адзін аднаму ў страху Божым.

22Жонкі, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, як Госпаду,

23бо муж ёсць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, і Ён жа Спасіцель цела.

24Але як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі сваім мужам ва ўсім.

25Мужы, любі́це сваіх жонак, як і Хрыстос узлюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,

26каб асвяціць яе, ачы́сціўшы ў купелі воднай праз слова;

27каб паставіць яе перад Сабой як слаўную Царкву, якая не ма́е пля́мы, ці зага́ны, ці чаго-небудзь падобнага, а каб яна была святой і бездакорнай.

28Так павінны мужы любі́ць сваіх жонак, як свае целы: хто лю́біць сваю жонку, той лю́біць самога сябе.

29Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе, як і Гасподзь Царкву,

30таму што мы члены Цела Яго, ад плоці Яго і ад касцей Яго.

31Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прыле́піцца да жонкі сваёй, і будуць двое адной плоццю.

32Тайна гэтая вялікая; а гавару я ў адносінах да Хрыста і да Царквы.

33Так кожны з вас няхай лю́біць сваю жонку, як самога сябе; а жонка няхай баіцца свайго мужа.

 

Раздзел 6

1Дзеці, слухайцеся ў Госпадзе бацькоў вашых, бо гэта праведна.

2"Шануй бацьку твайго і маці" — гэта першая запаведзь з абяцаннем:

3"каб добра табе было і ты доўга жыў на зямлі".

4І вы, бацькі, не раздражня́йце дзяцей вашых, а выхоўвайце іх у вучэнні і настаўле́нні Гасподнім.

5Рабы, слухайцеся гаспадароў сваіх па плоці са стра́хам і трымце́ннем, у прастаце́ сэрца вашага, як Хрыста,

6слу́жачы не напака́з, як чалавекаўго́днікі, а як рабы́ Хрыста, выко́нваючы волю Божую ад душы,

7шчыра слу́жачы, як Госпаду, а не як лю́дзям,

8ведаючы, што кожны, ці то раб, ці свабодны, калі зробіць нешта добрае, тое ж атрымае ад Госпада.

9І вы, гаспадары, рабіце ім тое самае, стрымлівайце суровасць, ведаючы, што і над вамі самімі, і над імі ёсць на нябёсах Гасподзь, Які не зважа́е на асобы.

10Нарэшце, браты мае, умацоўвайцеся ў Госпадзе і ў магутнасці сілы Яго;

11апрані́цеся ва ўсе даспехі Божыя, каб маглі вы супрацьстая́ць кава́рству дыявала;

12бо змаганне наша не супраць крыві і плоці, а супраць начальстваў, супраць улад, супраць сусветных уладароў цемры веку гэтага, супраць злых духаў паднябесных.

13Дзеля гэтага вазьміце ўсе даспехі Божыя, каб маглі вы супрацьста́ць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць.

14Так што станьце, падпераза́ўшы сябе ісцінай і апрануўшы браню праведнасці,

15і абуўшы ногі ў гатоўнасць дабраве́сціць мір;

16а перш за ўсё вазьміце шчыт веры, якім вы зможаце пагасіць усе распа́леныя стрэлы злога;

17і шлем спасення вазьміце, і меч духоўны, які ёсць слова Божае;

18усякаю малітваю і прашэннем маліцеся ва ўсякую пару́ духам і пра гэта дбайце з усёй цярплівасцю і прашэннем за ўсіх святых

19і за мяне, каб мне да́дзена было́ слова — вуснамі маімі з адвагаю не́сці тайну дабраве́сця,

20паслом якога я з'яўляюся ў аковах, каб я адважна прапаведаваў, як мне і належыць.

21А каб і вы ведалі, што́ са мною і што́ я раблю, усё паведаміць вам Ціхік, узлю́блены брат і верны ў Госпадзе служыцель,

22якога я і паслаў да вас дзеля таго, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суце́шыў сэ́рцы вашы.

23Мір братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Іісуса Хрыста.

24Благадаць з усімі, хто любіць Госпада нашага Іісуса Хрыста непарушна. Амінь.



Пераклад: Біблейская камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы (МП)
Тэкст падаецца паводле выдання: sppsobor.by
Крыніца: sppsobor.by