Да Галатаў Пасланне святога Апостала Паўла

Раздзел 1
Раздзел 2
Раздзел 3
Раздзел 4
Раздзел 5
Раздзел 6


Раздзел 1

1Павел, Апостал не ад людзей і не праз чалавека, а праз Іісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,

2і ўсе браты, што са мною, — цэрквам Галатыйскім:

3благадаць вам і мір ад Бога Айца і Госпада нашага Іісуса Хрыста,

4Які аддаў Самога Сябе за грахі нашы, каб вызваліць нас з цяперашняга веку злога, па волі Бога і Айца нашага;

5Яму слава на векі вякоў. Амінь.

6Здзіўляюся, што вы ад Таго, Хто паклікаў вас благадаццю Хрыстовай, так хутка пераходзіце да іншага дабравесця,

7якое і не з’яўляецца іншым, але ёсць некаторыя, што сеюць смуту сярод вас і хочуць сказіць дабравесце Хрыстова.

8Калі б нават мы альбо Ангел з неба стаў дабраве́сціць вам не тое, што мы дабраве́сцілі вам, — няхай будзе анафема.

9Як раней мы сказалі, так і цяпер зноў кажу: калі хто дабраве́сціць вам не тое, што вы прынялі́, — няхай будзе анафема.

10Ці ў людзей я цяпер шукаю прыхільнасці, ці ў Бога́ хіба лю́дзям намагаюся дагаджаць? Калі б я ўсё яшчэ лю́дзям дагаджаў, то не быў бы рабом Хрыстовым.

11Абвяшчаю вам, браты, што Евангелле, якое я дабраве́сціў, не ёсць нешта чалавечае;

12бо і я не ад чалавека прыняў яго і быў наву́чаны, а праз адкравенне Іісуса Хрыста.

13Вы ж чулі пра маё ранейшае жыццё ў Іудзействе, пра тое, што я жорстка пераследаваў Царкву Божую і вынішчаў яе,

14і пераўзыходзіў у Іудзействе многіх равеснікаў з роду майго, будучы заўзя́тым паборнікам бацькоўскіх паданняў маіх.

15Калі ж Бог, Які вы́браў мяне ад улоння маці маёй і паклікаў благадаццю Сваёю, пажада́ў

16адкрыць Сына Свайго ўва мне, каб я дабраве́сціў Яго сярод язычнікаў, то я адразу не стаў раіцца з плоццю і крывёю

17і не пайшоў у Іерусалім да тых, якія раней за мяне сталі Апосталамі, а пайшоў у Аравію і зноў вярнуўся ў Дамаск.

18Потым, праз тры гады, хадзіў я ў Іерусалім пазнаёміцца з Пятром і прабыў у яго пятнаццаць дзён.

19Іншага ж з Апосталаў я не бачыў нікога, акрамя Іакава, брата Гасподняга.

20А тое, што пішу вам, — вось, перад Богам, — не лгу.

21Потым пайшоў я ў землі Сірыі і Кілікіі.

22Цэрквам Хрыстовым у Іудзеі я асабіста не быў вядомы,

23а толькі чулі яны, што той, хто некалі пераследаваў іх, цяпер дабраве́сціць веру, якую тады вынішчаў, —

24і праслаўлялі за мяне Бога.

 

Раздзел 2

1Потым, праз чатырна́ццаць гадоў, зноў хадзіў я ў Іерусалім з Варнавам, узяўшы з сабою і Ціта.

2Хадзіў жа паводле адкравення і тое дабравесце, якое прапаведую язычнікам, вы́клаў ім, а асобна — самым шанаваным, каб вы́значылі, ці не марна я прыклада́ю і прыклада́ў свае сілы.

3Але і Ціта, які быў са мною, не прымушалі абрэзацца, хоць ён і Элін.

4А што да лжэбратоў, якія скрытна праніклі, каб падгле́дзець свабоду нашу, якую мы маем у Хрысце Іісусе, і каб паняволіць нас,

5то мы не саступілі і не падпарадкава́ліся ім ні на хвіліну, каб ісціна дабравесця захавалася ў вас.

6І ў шанаваных за нешта, якімі б яны калісьці ні былі, для мяне няма нічога асаблівага: Бог не зважае на аблічча чалавека. І шанаваныя не ўсклалі на мяне нічога больш;

7наадварот, убачыўшы, што мне даверана дабравесце для неабрэзаных, як Пятру для абрэзаных, —

8бо Той, Хто садзейнічаў Пятру ў апостальстве сярод абрэзаных, садзейнічаў і мне сярод язычнікаў, —

9і даведаўшыся пра благадаць, дадзеную мне, Іакаў, і Кіфа, і Іаан, якіх шанавалі як стаўпоў, падалі́ мне і Варнаву руку́ адзінства, каб нам ісці да язычнікаў, а ім да абрэзаных,

10толькі каб мы памяталі пра ўбогіх, што якраз стараўся я выконваць.

11Калі ж Пётр прыйшоў у Антыяхію, то я адкрыта выступіў супраць яго, таму што ён быў варты дакору:

12бо да прыходу некаторых ад Іакава ён еў разам з язычнікамі; а калі тыя прыйшлі, пачаў ухіляцца і трымацца асобна, баючы́ся абрэзаных.

13Крывадушнічалі разам з ім і іншыя Іудзеі, так што нават Варнава паддаўся іх крывадушнасці.

14Але калі я ўбачыў, што яны не ідуць прама паводле ісціны Дабравесця, то сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты, будучы Іудзеем, жывеш па-язычніцку, а не па-іудзейску, то навошта язычнікаў прымушаеш жыць па-іудзейску́

15Мы па прыродзе Іудзеі, а не з язычнікаў грэшнікі;

16аднак, даведаўшыся, што чалавек атрымлівае апраўданне не паводле спраў закона, а толькі праз веру ў Іісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Іісуса, каб быць апраўда́нымі вераю ў Хрыста, а не справамі закона; бо справамі закона не будзе апраўда́на ніякая плоць.

17Калі ж, шукаючы апраўдання ў Хрысце, мы і самі аказаліся грэшнікамі, то няўжо Хрыстос — слуга граху́ Ні ў якім разе!

18Бо калі я зноў будую тое, што разбуры́ў, тады сам сябе раблю злачынцам.

19Я ж праз закон памёр для закона, каб жыць для Бога. Я — распя́ты з Хрыстом,

20і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў плоці, то жыву вераю ў Сына Божага, Які ўзлюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне.

21Не адкіда́ю благадаці Божай. Бо калі апраўданне дасягаецца праз закон, то Хрыстос памёр марна.

 

Раздзел 3

1О, неразумныя Галаты! хто вас так зачараваў, каб не скара́ліся ісціне, вас, перад вачыма якіх апі́саны быў Іісус Хрыстос, ні́бы сярод вас распя́ты́

2Толькі адно хачу ведаць ад вас: праз справы закона вы атрымалі Духа ці праз пропаведзь веры́

3Хіба́ вы такія неразумныя, што, пачаўшы Духам, цяпер завяршаеце плоццю́

4Няўжо вы столькі перацярпелі марна́ Калі б толькі марна!

5Той, Хто дае вам Духа і здзяйсняе сярод вас цуды, робіць гэта праз справы закона ці праз пропаведзь веры́

6Так, як Аўраам паверыў Богу, і гэта залічылася яму як праведнасць.

7Дык ведайце, што веруючыя — гэта сыны Аўраамавы.

8І Пісанне, прадбачачы, што Бог па веры апраўдае язычнікаў, прадвясціла Аўрааму: "у табе благаславёныя будуць усе народы".

9Так што веруючыя благаслаўляюцца з верным Аўраамам,

10а ўсе, хто спадзяецца ад справы закона, тыя пад пракляццем. Бо напісана: "пракляты кожны, хто не трымаецца ўсяго, што напі́сана ў кнізе закона, каб вы́канаць гэта".

11А што законам ніхто не атрымлівае апраўдання перад Богам, гэта ясна, бо праведны вераю жывы будзе.

12Закон жа не ад веры; наадварот, у ім ска́зана: хто выконвае яго, той жывы́ будзе ім.

13Хрыстос выкупіў нас ад пракляцця закона, зрабіўшыся за нас пракляццем, — бо напісана: "пракляты кожны, хто вісіць на дрэве", —

14каб благаславенне Аўраамава было́ праз Хрыста Іісуса на язычніках, каб абяцанага Духа мы атрымалі па веры.

15Браты! я кажу́, разважа́ючы як чалаве́к: нават чалавекам зацверджанага завяшчання ніхто не адмяня́е і не дапаўня́е.

16Аўрааму ж дадзены былі абяцанні і се́мені яго. Не сказана: "і насе́нню", як пра многіх, а як пра аднаго: "і се́мені твайму", якое ёсць Хрыстос.

17Вось што я кажу: раней зацверджанага Богам запавету пра Хрыста закон, які з’явіўся на чатырыста трыццаць гадоў пазней, не адмяняе і не скасоўвае абяцання.

18Бо калі паводле закона спадчына, то ўжо не паводле абяцання; але Аўрааму Бог даў гэта паводле абяцання.

19Навошта ж закон? Ён быў дададзены пазней з-за злачынстваў, — да часу прышэсця семені, якому дадзена абяцанне, — і перададзены праз ангелаў, рукою пасрэдніка.

20Але пасрэдніка пры адным не бывае, а Бог адзін.

21Дык што, закон супраць абяцанняў Божых? Ні ў якім разе! Бо калі б дадзены быў закон, які можа даваць жыццё, то сапраўды праведнасць была б ад закона;

22але Пісанне ўсё замкнула пад грахом, каб абяцанне дадзена было па веры ў Іісуса Хрыста веруючым.

23Але да таго як прыйшла вера, мы былі замкнёнымі пад вартаю закона ў чаканні адкрыцця веры.

24Так што закон стаў для нас выхавацелем, які вёў да Хрыста, каб мы былі апраўда́ны вераю;

25калі ж прыйшла вера, то мы ўжо не пад апекай выхавацеля.

26Бо ўсе вы сыны Божыя па веры ў Хрыста Іісуса;

27усе вы, што ў Хрыста ахрысціліся, у Хрыста апрануліся.

28Няма ўжо ні Іудзея, ні язычніка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы — адно ў Хрысце Іісусе.

29Калі ж вы Хрыстовы, то вы — семя Аўраамава і паводле абяцання спадкаемцы.

 

Раздзел 4

1Яшчэ скажу: спадкае́мец у той час, пакуль ён дзіця, нічым не адрозніваецца ад раба, хоць ён і гаспадар усяго:

2ён пад апекунамі і домаўпра́ўнікамі да часу, прызна́чанага ба́цькам.

3Гэтак і мы, калі былі́ дзе́цьмі, то былі́ ў рабстве ў стыхій свету;

4а калі прыйшла паўната́ часу, Бог паслаў Сына Свайго Адзінароднага, Які нарадзіўся ад жанчыны, нарадзіўся пад законам,

5каб выкупіць падзаконных, каб мы атрымалі ўсынаўле́нне.

6А паколькі вы — сыны, то паслаў Бог у сэрцы вашы Духа Сына Свайго, Які ўсклікае: Авва, Ойча!

7Таму ты ўжо не раб, а сын; калі ж сын, то і спадкае́мец Божы праз Іісуса Хрыста.

8Але тады, не ведаючы Бога, вы былі рабамі тых, што па прыродзе не багі;

9цяпер жа, спазна́ўшы Бога, а лепш сказаць, спазна́ныя Богам, навошта вы вярта́ецеся зноў да сла́бых і нікчэмных стыхій, у якіх хочаце зноў, як раней, стаць рабамі́

10Вы зважа́еце на дні, месяцы, поры і гады.

11Баюся за вас, ці не ма́рна я працаваў для вас.

12Прашу вас, браты, будзьце, як я, таму што і я, як вы. Вы нічым не пакрыўдзілі мяне:

13вы ведаеце, што я ў немачы плоці дабраве́сціў вам першы раз,

14але вы да спакушэння майго ў плоці маёй не аднесліся з пага́рдай і не пагрэбавалі, а прынялі́ мяне як Ангела Божага, як Хрыста Іісуса.

15Якімі ж вы былі блажэннымі! Сведчу пра вас, што, калі б можна было, вы б вочы свае вырвалі і аддалі́ мне.

16Дык што, няўжо я стаў ворагам вашым, гаворачы вам праўду́

17Ру́пяцца пра вас не на дабро, а хочуць вас адасо́біць, каб вы ру́піліся пра іх.

18Добра б ру́піцца пра добрае заўсёды, а не толькі тады, калі я прысу́тны сярод вас.

19Дзеткі мае́, якіх я зноў у пакутах нараджа́ю, пакуль вобраз Хрыста не вы́явіцца ў вас!

20Хацеў бы я цяпер быць у вас і па-іншаму ве́сці размову, бо я ў недаўме́нні адносна вас.

21Скажыце мне вы, якія хочаце быць пад законам: хіба вы не слухаеце закона́

22Бо напісана: "Аўраам меў двух сыноў, аднаго ад рабыні, а другога ад свабоднай".

23Але той, што ад рабыні, нарадзіўся па плоці, а той, што ад свабоднай, — паводле абяцання.

24Тут ёсць іншасказа́нне. Гэта два запаветы: адзін ад гары Сінай, які нараджае для рабства, гэта Агар,

25бо Агар азначае гару Сінай у Аравіі і адпавяда́е цяперашняму Іерусаліму, бо ён з дзе́цьмі сваімі ў рабстве;

26а вышні Іерусалім свабодны: ён — маці ўсім нам.

27Бо напісана: "узвесяліся, няплодная, якая не нараджа́ла; усклікні і вы́гукні, ты, якая не паку́тавала ў родах; бо намнога больш дзяцей у пакінутай, чым у той, якая ма́е мужа".

28Мы, браты, — дзеці абяцання, як Ісаак.

29Але як тады народжаны па плоці гнаў народжанага па духу, гэтак і цяпер.

30Што ж кажа Пісанне́ "Выгані рабыню і сына яе, бо сын рабыні не будзе спадкае́мцам разам з сынам свабоднай".

31Дык вось, браты, мы дзеці не рабыні, а свабоднай.

 

Раздзел 5

1Дык стойце ж у свабодзе, дзеля якой Хрыстос вы́зваліў нас, і не аддавайце сябе зноў у ярмо рабства.

2Вось, я, Павел, кажу вам: калі вы будзеце абрэ́звацца, то не будзе вам ніякае карысці ад Хрыста.

3Яшчэ све́дчу кожнаму чалавеку, які абрэ́зваецца, што ён павінен вы́канаць увесь закон.

4Вы, якія апра́ўдваеце сябе законам, засталі́ся без Хрыста, адпа́лі ад благадаці,

5а мы духам з надзеяй чакаем праведнасці ад веры.

6Бо ў Хрысце Іісусе не мае сілы ні абрэ́занне, ні неабрэ́занне, а вера, якая дзейнічае праз любоў.

7Вы беглі*добра: хто спыніў вас, каб вы не скараліся ісціне́

8Гэтае ўздзеянне не ад Таго, Хто закліка́е вас.

9Мала́я закваска ўсё цеста заквашвае.

10адносна вас я ўпэўнены ў Госпадзе, што вы не будзеце думаць інакш; а той, хто сее смуту сярод вас, панясе асуджэнне, хто б ён ні быў.

11Я ж, браты, калі б усё яшчэ прапаведаваў абрэзанне, то за што б мяне гналі яшчэ́ тады б знікла спакуса крыжа.

12Няхай аско́пяць сябе тыя, што сеюць смуту сярод вас!

13Вы ж да свабоды заклі́каны, браты, каб толькі свабода тая не была́ дагаджа́ннем плоці; а вы любоўю служы́це адзін аднаму.

14Бо ўвесь закон у адным выслоўі змяшчаецца: "любі бліжняга твайго, як самога сябе".

15Калі ж вы адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, то глядзіце, каб адзін адным не былі вы зні́шчаны.

16Я кажу: жывіце паводле духу, і вы не будзеце выконваць пажа́днасцей плоці;

17бо плоць жадае таго, што супраціўнае духу, а дух — тыго, што супраціўнае плоці: яны адно аднаму супрацьстая́ць, каб вы не тое рабілі, чаго хацелі б.

18Калі ж вы духам кіруецеся, то вы не пад законам.

19Учынкі плоці вядомы, вось яны: пралюбадзе́йства, блуд, нечыстата́, разбэ́шчанасць,

20ідаласлужэнне, чарадзейства, варожасць, сваркі, за́йздрасць, гнеў, зва́ды, раздоры, спакусы, ерасі,

21нянавісць, забойствы, п'янства, бясчынствы і таму падобнае; папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўнаследуюць.

22Плод жа духу: любоў, радасць, мір, доўгацярплівасць, добрасць, міласэрнасць, вера,

23лагоднасць, устры́манасць. На такіх няма закону.

24Тыя ж, якія належаць Хрысту, распялі цела са страсцямі і пажаднасцямі.

25Калі мы жывём духам, то паводле духу і ўчынкі рабіць павінны.

26Не будзем ганарыцца сабою, адзін аднаго раздражня́ць, адзін аднаму зайздросціць.

 

 

* Апостал параўноўвае хрысціянскае жыццё са спартыўным бегам дзеля атрымання ўзнагароды.

Раздзел 6

1Браты! калі і ўпадзе чалавек у нейкае саграшэнне, вы, духоўныя, папраўляйце такога ў духу лагоды, пільнуючы кожны сябе, каб не быць спаку́шаным.

2Насіце цяжа́ры адзін аднаго, і гэтак вы́канаеце закон Хрыстоў.

3Бо хто лічыць сябе не́чым, будучы нічы́м, той ашуквае самога сябе.

4Кожны няхай вывярае свае дзе́янні, і тады будзе мець падставу для пахвалы́ толькі ў самім сабе, а не ў іншым,

5бо кожны панясе сваю но́шу.

6Той, каго настаўляюць словам, няхай дзе́ліцца ўсякім дабром з тым, хто настаўляе.

7Не ашуквайце сябе: Бог асмяя́ны быць не можа. Што пасее чалавек, тое і пажне́:

8хто сее ў плоць сваю, той ад плоці пажне́ тленнасць; а хто сее ў дух, той ад духа пажне́ жыццё вечнае.

9Робячы дабро, не будзем падаць духам, бо ў свой час пажнём, калі не аслабе́ем.

10Дык вось, пакуль ёсць час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім аднаверцам.

11Бачыце, як многа напісаў я вам сваёю рукою.

12Тыя, што хочуць падаба́цца паводле плоці**, прымуша́юць вас абрэ́звацца толькі дзеля таго, каб ім пазбе́гнуць ганенняў за крыж Хрыстоў,

13бо і самі абрэ́заныя не выконваюць закону, але хочуць, каб вы абрэ́зваліся, каб пахвалі́цца ў вашай плоці;

14а я не хачу хваліцца нічым, толькі крыжам Госпада нашага Іісуса Хрыста, Якім для мяне свет распяты, і я для свету.

15Бо ў Хрысце Іісусе не ма́е значэння ні абрэ́занне, ні неабрэ́занне, а новае стварэ́нне.

16І усім, хто трыма́ецца гэтага правіла, мір ім і міласць, і Ізраілю Божаму.

17У астатнім няхай ніхто не турбуе мяне, бо я нашу́ раны Госпада Іісуса на целе маім.

18Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амінь.

 

** Выкліка́ць да сябе прыхільнасць за выкананне абраду абрэзання крайняй плоці.




Крыніца: sppsobor.by
Пераклад: Біблейская камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы (МП)

Беларуская Палічка: http://knihi.com