epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Другое Пасланне да Цімафея

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-18)
2 (1-26)
3 (1-17)
4 (1-22)


1 (1-18)

1Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, згодна з абяцаннем жыцця ў Хрысце Езусе – 2Цімафею, умілаванаму сыну: ласка, міласэрнасць, спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыста, Пана нашага.

3Калі я няспынна ўспамінаю пра цябе ў сваіх малітвах ноччу і днём, я ўдзячны Богу, якому на ўзор продкаў служу з чыстым сумленнем. 4Узгадваючы пра твае слёзы, я прагну ўбачыць цябе, каб напоўніцца радасцю. 5Калі ўспамінаю пра тваю некрывадушную веру, якая спярша жыла ў тваёй бабулі Лаідзе і тваёй маці Эўніцы, я перакананы, што яна жыве таксама ў табе.

6З гэтай прычыны нагадваю табе, каб ты распальваў дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне маіх рук. 7Таму што Бог даў нам не духа боязі, але сілы, любові і разважнасці. 8Дык не саромейся сведчання нашага Пана, ні мяне, вязня Ягонага, але далучыся да цярпенняў дзеля Евангелля паводле моцы Бога, 9які ўратаваў нас і паклікаў святым пакліканнем не за нашыя ўчынкі, але паводле ўласнай пастановы і ласкі, дадзенай нам у Хрысце Езусе перад вечнымі часамі 10і адкрытай цяпер праз аб’яўленне Збаўцы нашага, Езуса Хрыста, які знішчыў смерць і асвятліў жыццё і несмяротнасць Евангеллем, 11дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам, апосталам і настаўнікам.

12З гэтай прычыны я і цярплю гэта, але не саромеюся, бо ведаю, у каго паверыў, і перакананы, што Ён мае моц захаваць дэпазіт [веры] на той дзень. 13Трымайся прыкладу здаровага вучэння, якое ты чуў ад мяне ў любові і веры, што ў Хрысце Езусе. 14Захавай гэты прыгожы дэпазіт дзякуючы Духу Святому, які жыве ў нас.

15Ці ведаеш, што ўсе з Азіі, сярод якіх Фігел і Гермаген, адвярнуліся ад мяне? 16Хай будзе міласэрным Пан да дому Анэсіфора, бо ён часта падтрымліваў мяне і не саромеўся маіх кайданаў, 17але, прыбыўшы ў Рым, старанна шукаў мяне і знайшоў. 18Няхай Пан будзе міласэрным да яго ў гэты дзень. А колькі ён служыў мне ў Эфесе, ты лепей ведаеш.

 

2 (1-26)

1Ты ж, дзіця маё, умацоўвайся ў ласцы, што ў Езусе Хрысце. 2А пачутае ад мяне пры многіх сведках, перадай верным людзям, якія будуць здольныя навучыць таксама іншых.

3Цярпі разам са мною як добры жаўнер Хрыста Езуса. 4Той, хто служыць у войску, каб падабацца таму, хто ўзяў яго на службу, не ўмешваецца ў жыццёвыя справы. 5Таксама і той, хто змагаецца як атлет, не стане пераможцам, калі будзе змагацца не па правілах. 6Земляробу, які працуе, першаму належыць карыстацца пладамі. 7Зразумей, што гавару; няхай дасць табе Пан зразумець усё.

8Памятай пра Езуса Хрыста з пакалення Давіда, які ўваскрос з мёртвых паводле Евангелля майго, 9за якое я цярплю нядолю аж да кайданаў, нібы злачынца. Але Божага слова не зняволіш. 10Таму я ўсё вытрымліваю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збаўленне ў Езусе Хрысце з вечнаю славаю. 11Сапраўды, калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём; 12калі церпім, то разам з Ім валадарыць будзем; 13калі адрачэмся, і Ён адрачэцца ад нас; калі мы не верым, Ён застаецца верным, бо самога сябе адрачыся не можа.

14Нагадвай пра гэта, даючы сведчанне перад Богам, каб не спрачацца з-за словаў, бо гэта не прыносіць ніякай карысці, а толькі шкодзіць слухачам. 15Старанна імкніся, каб Бог палічыў цябе годным, бездакорным працаўніком, які правільна пераказвае слова праўды. 16Пазбягай людскога пустаслоўя, бо гэта вядзе да штораз большай бязбожнасці. 17Словы такіх [людзей] пашыраюцца, як гангрэна. Сярод іх Гіменэй і Філет, 18якія адступіліся ад праўды, кажучы, што ўваскрашэнне ўжо настала, і гэтым разбураюць веру некаторых. 19Але Божы фундамент стаіць моцна, маючы такую пячатку: «Пан ведае сваіх» і «Няхай адступіцца ад несправядлівасці кожны, хто заклікае імя Пана». 20У вялікім жа доме ёсць не толькі залатое і сярэбранае начынне, але драўлянае і глінянае. Адно – у пашане, другое – не ў пашане. 21Калі хтосьці ачысціць сябе ад гэтага, то стане начыннем пачэсным, асвячаным і карысным Пану, прыдатным для ўсялякай добрай справы.

22Асцерагайся юнацкай пажадлівасці, імкніся да справядлівасці, веры, любові, міру з тымі, хто заклікае імя Пана ад чыстага сэрца. 23А неразумных і бессэнсоўных спрэчак пазбягай, ведаючы, што яны прыводзяць да сварак. 24Слуга Пана не павінен сварыцца, а павінен быць ласкавым да ўсіх, здольным да навучання і цярплівым, 25спакойна настаўляць непрыхільных. 26Можа, калісьці Бог дасць ім апамятацца дзеля пазнання праўды і вырвацца з пастак д’ябла, які аблытаў іх, каб падпарадкаваць сваёй волі.

 

3 (1-17)

1Ведай, што ў апошнія дні настануць цяжкія часы. 2Людзі будуць самалюбнымі, хцівымі, фанабэрыстымі, ганарыстымі, зламоўнымі, непаслухмянымі бацькам, няўдзячнымі, нягоднымі, 3непрыязнымі, непрымірымымі, абмоўцамі, нястрыманымі, жорсткімі, ненавіснікамі дабра, 4здраднікамі, бяздушнымі, надзьмутымі, любячымі раскошу больш за Бога. 5Будуць мець выгляд пабожнасці, аднак адкінуць яе моц. Асцерагайся такіх, 6бо з іх ёсць тыя, каторыя закрадаюцца ў дамы і зводзяць хвейных жанчын, абцяжараных грахамі, якія паддаюцца розным пажадлівасцям, 7заўсёды вучацца, але ніколі не даходзяць да разумення праўды. 8Як Янэс і Ямбрэс паўсталі супраць Майсея, так і яны сталі супраць праўды, людзі з сапсаваным розумам, нявыпрабаваныя ў веры. 9Але яны далёка не зойдуць, бо іх глупота – так, як і тых, – стане бачнай усім.

10Ты пайшоў следам за маім вучэннем, за паводзінамі, за намерам, за вераю, за цярплівасцю, за любоўю, за трываласцю 11ў ганеннях і цярпеннях, якія выпалі мне ў Антыёхіі, у Іконіі, у Лістры. Столькі ганенняў я перанёс, і ад усяго мяне выратаваў Пан. 12Усе, хто жадае жыць пабожна ў Хрысце Езусе, пераследаваныя будуць. 13Нягодныя ж людзі і ашуканцы будуць дасягаць поспехаў у дрэнным, памыляючыся і іншых уводзячы ў зман.

 

14А ты трывай у тым, чаму навучыўся і што табе даручана, ведаючы, ад каго навучыўся. Бо ад дзіцячых гадоў ведаеш святыя Пісанні, 15якія могуць навучыць цябе мудрасці дзеля збаўлення праз веру ў Езуса Хрыста. 16Усё Пісанне натхнёнае Богам і карыснае для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці, 17каб Божы чалавек быў дасканалы, да ўсякай добрай справы гатовы.

 

4 (1-22)

1Перад абліччам Бога і Хрыста Езуса, які будзе судзіць жывых і памерлых, Яго аб’яўленнем і валадарствам я заклінаю цябе: 2прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час, аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні. 3Бо настане час, калі не будуць зносіць здаровага вучэння, але паводле ўласнай пажадлівасці пачнуць памнажаць сабе настаўнікаў, каб тыя цешылі ім слых. 4І адвернуць слых ад праўды, і звернуцца да баек. 5Але ты будзь цвярозы ва ўсім, вытрымлівай зло, здзейсні справу прапаведніка Добрай Навіны, споўні сваё служэнне.

6Бо я ўжо праліваюся, як ахвяра, і настаў час майго адыходу. 7У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў. 8Нарэшце рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які дасць мне Пан, справядлівы Суддзя, у дзень той. І не толькі мне, але ўсім, хто палюбіў Яго аб’яўленне.

9Пастарайся прыйсці да мяне неўзабаве. 10Дэмас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні свет, і скіраваўся ў Тэсалонікі; Крэсцэнс – у Галатыю, Ціт – у Далматыю. 11Толькі Лука са мною. Забяры Марка і прывядзі з сабою, бо ён найбольш карысны мне для служэння. 12Тыхіка я паслаў у Эфес. 13Як пойдзеш да мяне, прынясі плашч, які я пакінуў у Карпа ў Траадзе, а таксама кнігі, асабліва пергаменты. 14Меднік Аляксандр праявіў у дачыненні да мяне шмат зла – Пан адплаціць яму паводле ўчынкаў ягоных. 15І ты асцерагайся яго, бо ён моцна супраціўляўся нашым словам.

16Пры першай маёй абароне нікога не было са мною, але ўсе мяне пакінулі. Няхай не будзе палічана ім гэта. 17А Пан стаў пры мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне здзейснілася прапаведаванне і каб пачулі ўсе язычнікі, а я пазбег ільвінай пашчы. 18Уратуе мяне Пан ад кожнай ліхой справы і захавае мяне для свайго Нябеснага Валадарства. Яму слава на векі вечныя. Амэн.

19Прывітай Прыску і Аквілу, і дом Анэсіфора. 20Эраст застаўся ў Карынце, а хворага Трафіма я пакінуў у Мілеце. 21Паспяшайся прыйсці да зімы.

Вітаюць цябе Эўбуль, Пудэнс, Лін, Клаўдыя і ўсе браты.

22Пан з духам тваім. Ласка з вамі.



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Epistula-II-ad-Timotheum.pdf
Крыніца: catholic.by