epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Другое Пасланне да Карынцянаў

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-24)
2 (1-17)
3 (1-18)
4 (1-18)
5 (1-21)
6 (1-18)
7 (1-16)
8 (1-24)
9 (1-15)
10 (1-18)
11 (1-33)
12 (1-21)
13 (1-13)


1 (1-24)

1Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, і брат Цімафей – Касцёлу Божаму ў Карынце, з усімі святымі ва ўсёй Ахаіі: 2ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста.

3Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння, 4які суцяшае нас ва ўсякім смутку нашым, каб мы маглі суцяшаць усіх засмучаных тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх. 5Бо, як памнажаюцца ў нас цярпенні Хрыстовыя, так памнажаецца праз Хрыста і суцяшэнне нашае. 6Калі мы спазнаем уціск, то дзеля вашага суцяшэння і збаўлення. Калі суцяшаемся, то дзеля вашага суцяшэння, якое здзяйсняецца ў вытрыванні тых самых цярпенняў, што і мы церпім. 7І надзея нашая на вас моцная, бо мы ведаем, што вы супольнікі нашыя як у цярпеннях, так і ў суцяшэнні.

8Бо мы не хочам, каб вы, браты, не ведалі аб нашым уціску, які мы спазналі ў Азіі, бо бязмерна цяжка было нам і не пад сілу, ажно не спадзяваліся застацца жывымі. 9Але самі ў сабе мы адчулі пагрозу смерці, каб спадзявацца не на саміх сябе, але на Бога, які ўваскрашае мёртвых. 10Ён выбавіў нас ад такой вялікай [небяспекі] смерці і выбаўляе, і на Яго спадзяемся, што і яшчэ выбаўляць будзе, 11бо і вы заступаецеся за нас у малітвах, каб многія дзякавалі за нас і за дар, дадзены нам па просьбе многіх.

12Бо хвала нашая – гэта сведчанне сумлення нашага, што мы ў прастаце і шчырасці Божай, не ў цялеснай мудрасці, але ў ласцы Божай жылі на свеце, асабліва сярод вас. 13Бо мы не пішам вам [нічога] іншага, але тое, што вы чытаеце ці пазнаеце. Спадзяюся, што да канца пазнаеце, 14як вы часткова і пазналі, што мы з’яўляемся хвалой вашай, як і вы нашай, у дзень Пана [нашага] Езуса.

15I з гэтым перакананнем я хацеў прыйсці да вас раней, каб вы другі раз мелі радасць: 16[першы], калі праз вас ішоў у Македонію, [другі], калі з Македоніі зноў вяртаўся да вас, каб вы правялі мяне ў Юдэю. 17Ці ж я быў легкадумны, маючы такі намер? Ці тое, што я задумваю, паводле цела задумваю, каб было ў мяне «так, так» і «не, не»? 18Бог – верны, таму слова нашае да вас не азначае «так» і «не»! 19Бо Сын Божы, Езус Хрыстус, якога я і Сільван, і Цімафей вам прапаведавалі, не быў «так» і «не», але было ў Ім [толькі] «так». 20Усе абяцанні Божыя сталіся ў Ім «так». Таму таксама праз Яго нашае «амэн» ёсць на хвалу Божую. 21Той, хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысце і намасціў нас, ёсць Бог, 22які пазначыў нас і даў сэрцам нашым задатак Духа.

23Я Бога клічу ў сведкі майго жыцця, што не прыйшоў я яшчэ ў Карынт, бо шкадую вас. 24Не таму, што мы пануем над вашай вераю, але таму, што мы саўдзельнікі радасці вашай, бо верай вы цвёрдыя.

 

2 (1-17)

1Я вырашыў не прыходзіць да вас ізноў у смутку. 2Бо, калі я засмучаю вас, то хто суцешыць мяне, як не той, хто засмучаны мною? 3Тое самае я напісаў вам, каб, прыйшоўшы, не мець суму ад тых, ад якіх мне трэба мець радасць, маючы перакананне аб усіх вас, што мая радасць таксама вашая. 4Бо ў вялікім уціску і тузе сэрца пісаў я вам са слязьмі не для таго, каб засмуціць вас, але каб вы пазналі маю вялікую любоў да вас.

5Калі ж хто засмуціў, то не мяне засмуціў, але ў нейкай ступені, – каб не перабольшваць, – і ўсіх вас. 6Даволі такому пакарання ад многіх; 7таму наадварот лепш даруйце яму і суцешце яго, каб не быў ён ахоплены сумам празмерным. 8Дзеля гэтага прашу вас паказаць яму любоў. 9Бо для таго я і напісаў, каб выпрабаваць вас, ці ва ўсім вы паслухмяныя. 10А каму вы што даруеце, таму і я [дарую]. Бо і я, калі што дараваў, дараваў дзеля вас перад Хрыстом, 11каб не трапілі мы ў пастку сатаны, бо нам вядомы ягоныя думкі.

12Прыйшоўшы ў Трааду дзеля абвяшчэння Хрыста, хоць мне былі адчынены дзверы ў Пану, 13я не меў спакою духа, бо не знайшоў там брата майго Ціта. Таму, развітаўшыся з імі, я пайшоў у Македонію. 14Дзякуем Богу, што заўсёды дае нам перамогу ў Хрысце і водар пазнання Яго выяўляе праз нас у кожным месцы. 15Бо мы Хрыстовы водар для Бога сярод тых, хто збаўляецца, і тых, што гіне. 16Для адных мы пах смерці на смерць, а для другіх – водар жыцця на жыццё. І хто варты гэтага [задання]? 17Бо мы не гандлюем словам Божым, як многія, але апавядаем шчыра, як ад Бога перад Богам у Хрысце.

 

3 (1-18)

1Няўжо пачынаць нам ізноў знаёміцца? Няўжо нам, як некаторым, патрэбны даверчыя лісты да вас ці ад вас? 2Вы – наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які ведаюць і чытаюць усе людзі. 3Вы паказваеце, што вы – ліст Хрыстовы дзякуючы нашаму служэнню. Напісаны не чарніламі, але Духам Бога Жывога, не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрцаў.

4Такі давер мы маем праз Хрыста да Бога. 5Не таму, што мы здольныя думаць нешта ад сябе, 6але здольнасць нашая ад Бога, які ўчыніў нас здольнымі быць слугамі Новага Запавету: не літары, але духу, бо літара забівае, а дух ажыўляе.

7Калі ж служэнне смерці, выразанае літарамі на камянях, мела такую хвалу, што сыны Ізраэля не маглі глядзець на аблічча Майсея з прычыны знікомай славы аблічча ягонага, 8то наколькі ж большае ў славе будзе служэнне духа? 9Калі служэнне асуджэнню – [гэта] слава, то тым больш пераўзыходзіць славаю служэнне справядлівасці. 10Бо ў гэтым выпадку праслаўленае не мае славы ў параўнанні з цяперашняй нязмернай славай. 11Бо, калі знікомае слаўнае, то нашмат больш слаўнае тое, што трывае.

12Маючы такую надзею, паступаем з вялікай адвагаю. 13Але не так, як Майсей, які закрываў твар свой, каб сыны ізраэлевы не пазіралі на канец таго, што мінае. 14Але зацміліся розумы іх, бо аж да сённяшняга дня тая заслона застаецца незнятай пры чытанні Старога Запавету, бо мінае яна ў Хрысце. 15Ажно да сённяшняга дня, калі чытаюць Майсея, заслона ляжыць на іх сэрцы. 16Калі ж нехта звяртаецца да Пана, заслона здымаецца. 17Пан ёсць Духам, а дзе Дух Пана, там свабода. 18А мы ўсе з адкрытым абліччам углядаемся, нібы ў люстра, у славу Пана і перамяняемся ў той самы вобраз ад славы ў славу, так як праз Дух Пана.

 

4 (1-18)

1Таму, маючы з міласэрнасці Божай такое служэнне, мы не губляем адвагі. 2Наадварот, мы адракліся ад сарамлівых скрытых спраў, мы не паводзім сябе падступна і не скажаем слова Божага, але праз выяўленне праўды даручаем сябе сумленню кожнага чалавека перад Богам.

3Калі ж і закрыта Евангелле нашае, то закрыта для тых, хто гіне, для няверуючых, 4якім бог веку гэтага зацьміў розум, каб ім не ззяла святло Евангелля славы Хрыста, які ёсць вобразам Бога. 5Бо мы не сябе абвяшчаем, але Езуса Хрыста, Пана, а саміх сябе – як слугаў вашых дзеля Езуса. 6Таму што Бог, які загадаў: «Няхай з цемры заззяе святло», засвяціў у нашых сэрцах, каб даць святло пазнання славы Божай у абліччы Езуса Хрыста.

7Мы маем скарб у гліняных начыннях, каб веліч моцы была Божая, а не паходзіла ад нас. 8Усяляк уціскаюць нас, але мы не прыгнечаныя. Мы ў разгубленасці, але не паддаёмся роспачы. 9Нас пераследуюць, але мы не пакінутыя. Знішчаюць нас, але мы не гінем. 10Заўсёды носім у целе кананне Езуса, каб і жыццё Есуса аб’явілася ў целе нашым. 11Бо мы, якія жывём, няспынна ідзём на смерць дзеля Езуса, каб і жыццё Езуса аб’явілася ў нашым смяротным целе. 12Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё – у вас.

13Маючы той самы дух веры, як напісана: «Я паверыў, таму прамовіў», – і мы верым, таму і кажам, 14ведаючы, што той, хто ўваскрасіў Пана Езуса, і нас уваскрасіць разам з Езусам і паставіць перад сабою разам з вамі. 15Бо ўсё дзеля вас, каб памнажэнне ласкі ў многіх выклікала шчодрую падзяку дзеля Божай славы. 16Таму мы не губляем адвагі, бо, хоць знешні наш чалавек тлее, духоўны з дня ў дзень аднаўляецца. 17Нашае часовае лёгкае цярпенне дае нам бязмернае багацце вечнай славы. 18Мы не ўзіраемся ў бачнае, але ў нябачнае, таму што бачнае – часовае, а нябачнае – вечнае.

 

5 (1-21)

1Мы ведаем, што калі зямны дом нашага жылля разваліцца, то ад Бога маем жыллё – нерукатворны вечны дом у нябёсах. 2Таму мы і ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нябесны дом. 3Каб толькі нам, і апрануўшыся, не аказацца голымі. 4Бо мы, знаходзячыся ў гэтым шатры [нашага зямнога жылля], уздыхаем пад цяжарам, бо не хочам распрануцца, але апрануцца, каб тое, што смяротнае, было паглынута жыццём. 5А Бог, які і стварыў нас для гэтага, даў нам задатак Духа.

6Маючы ўпэўненасць у кожнай хвіліне, ведаем, што, 7калі прысутнічаем у целе, мы далёка ад Пана. Бо паступаем мы паводле веры, а не паводле бачання. 8Аднак, маючы ўпэўненасць, мы больш хочам пакінуць цела і пасяліцца ў Пану. 9Таму стараемся падабацца Яму, ці то будучы з Ім, ці то далёка ад Яго. 10Бо ўсе мы павінны з’явіцца перад тронам Хрыста, каб кожны атрымаў згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе: добрае ці дрэннае.

11Таму, ведаючы боязь Пана, мы пераконваем людзей, а для Бога мы адкрытыя; і спадзяюся, што адкрытыя і для вашых сумленняў. 12Бо мы не нанова прадстаўляем сябе вам, але даем нагоду хваліцца намі, каб вы маглі супрацьстаяць тым, хто хваліцца тым, што звонку, а не ў сэрцы. 13Калі ж мы выходзім з сябе, то для Бога; калі ж пры розуме, дык для вас.

14Бо любоў Хрыста ахапіла нас, якія думаюць, што калі Адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі. 15А Езус памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не дзеля сябе жылі, а дзеля Памерлага за іх і Уваскрослага. 16Таму адгэтуль мы нікога не ведаем паводле цела. Калі ж і пазналі Хрыста паводле цела, то сёння ўжо не пазнаём. 17Таму, калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае.

18Усё ад Бога, які праз Хрыста паяднаў нас з сабою і даў нам служэнне паяднання, 19таму што Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет, не зважаючы на правіны людзей, і даў нам слова паяднання. 20Таму ад імя Хрыста мы з’яўляемся пасланцамі як бы [самога] Бога, які заклікае праз нас. Ад імя Хрыста просім: паяднайцеся з Богам. 21Бо таго, хто не ведаў граху, Ён учыніў грахом замест нас, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай.

 

6 (1-18)

1Як супрацоўнікі, мы заклікаем, каб вы не прымалі ласкі Божай дарэмна. 2Бо Ён кажа:

«У час спрыяльны Я пачуў цябе

і ў дзень збаўлення дапамог табе».

Вось цяпер час спрыяльны, вось цяпер дзень збаўлення. 3Мы нікому ні ў чым не даём спатыкацца, каб не знайшлося заганы ў нашым служэнні, 4але ва ўсім выяўляем сябе як слугаў Божых: у вялікай цярплівасці, у турботах, у патрэбе, ва ўціску, 5пад ударамі, у вязніцах, у хваляваннях, у працы, у чуванні, у посце, 6у чыстасці, у пазнанні, у велікадушнасці, у ласкавасці, у Духу Святым, у любові некрывадушнай, 7у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй справядлівасці ў правай і ў левай руцэ, 8праз славу і бясслаўе, праз ганьбу і прызнанне. Мы нібы ашуканцы, але праўдзівыя; 9нібы невядомыя, але нас пазнаюць; нібы паміраючыя, але вось мы жывём; нібы пакараныя, але не забітыя; 10нібы засмучаныя, але заўсёды радуемся; нібы ўбогія, але многіх узбагачаем; нібы нічога не маем, але ўсім валодаем.

11Вусны нашыя і сэрца адкрыліся перад вамі, карынцяне. 12Вам не цесна ў нас, але ва ўлонні вашым цесна вам. 13Адплаціце тым жа. Кажу, як дзецям, адкрыйцеся і вы.

14Не хадзіце пад чужым ярмом з няверуючымі. Бо якая лучнасць справядлівасці з беззаконнем? Што агульнага паміж святлом ды з цемраю? 15Што за згода паміж Хрыстом і Бэліарам? Што яднае веруючага з няверуючым? 16Што мае агульнага святыня Бога з ідаламі? Мы – святыня Бога жывога, як сказаў Бог:

«Пасялюся ў іх і буду хадзіць,

і буду іх Богам, і яны будуць Маім народам.

17Таму выйдзіце ад іх

і адлучыцеся, – кажа Пан, –

і не дакранайцеся да нячыстага,

і Я прыму вас,

18і буду вам Айцом,

а вы будзеце Мне сынамі і дочкамі, –

кажа Пан Усемагутны».

 

7 (1-16)

1Таму, умілаваныя, маючы абяцанні, ачысцім сябе ад усякага бруду цела і духа, здзяйсняючы асвячэнне ў боязі Божай.

2Прыміце нас. Мы нікога не пакрыўдзілі, нікога не ашукалі, нікога не выкарыстоўвалі. 3Не для асуджэння кажу, бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам памерці і разам жыць. 4Вялікае ў мяне спадзяванне на вас, вялікая мне пахвала за вас. Я напоўнены суцяшэннем, перапоўнены радасцю ў кожным уціску нашым. 5Бо, калі мы прыйшлі ў Македонію, цела нашае не мела ніякай палёгкі, але ва ўсім пакутавалі: звонку – змаганні, унутры – боязь.

6Але [Бог], які суцяшае прыніжаных, суцешыў нас прыйсцем Ціта. 7I не толькі яго прыйсцем, але і суцяшэннем, якім ён сушыўся сярод вас, расказваючы нам аб вашай руплівасці, вашым плачы, вашым клопаце пра мяне, таму я яшчэ больш узрадаваўся.

8Калі я і засмуціў вас у пасланні, не шкадую. Калі і шкадаваў, – бо бачу, што гэтае пасланне на нейкі час засмуціла вас, 9цяпер радуюся, не дзеля таго, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся для пакаяння. Вы засмуціліся паводле Божай волі, каб ні ў чым не мець ад нас шкоды. 10Бо гэты смутак паводле Божай волі, яго не трэба шкадаваць, бо ён праз пакаянне вядзе да збаўлення, а смутак свету нясе смерць. 11Вось жа сам сум, які згодны з Божай воляй, наколькі ж вялікую абудзіў руплівасць у вас, абарону, абурэнне, боязь, жаданне, клопат, адплату! Ва ўсім вы паказалі сябе беззаганнымі ў гэтай справе. 12Таму, калі я і напісаў вам, то не дзеля крыўдзіцеля і не дзеля пакрыўджанага, але каб выявілася руплівасць вашая аб нас перад Богам. 13Дзеля гэтага мы спазнаем суцяшэнне.

Яшчэ больш мы суцешыліся з прычыны радасці Ціта, бо ўмацаваўся дух яго дзякуючы вам усім. 14Я не саромеўся, калі ў чым хваліўся вамі перад ім, але, як усё мы ў праўдзе сказалі вам, так і перад Цітам хвала нашая аказалася праўдзівай. 15І сэрца яго тым больш [хінецца] да вас, калі ён успамінае аб паслухмянасці ўсіх вас, як вы прынялі яго з бояззю і трымценнем. 16Я радуюся, што ва ўсім [магу] спадзявацца на вас.

 

8 (1-24)

1Паведамляем вам, браты, пра ласку Божую, дадзеную Касцёлам Македоніі. 2Бо ў цяжкім выпрабаванні ўціскам іх вялікая радасць і глыбокае ўбоства выліліся ў шчодрае багацце іхняй велікадушнасці. 3Сведчу, што яны паводле сваіх сілаў і па-над сілы былі добраахвотнымі 4[і] вельмі настойліва прасілі ў нас ласкі саўдзельнічаць у служэнні дзеля святых. 5І не так, як мы спадзяваліся, але саміх сябе найперш даручылі Пану і, з волі Божай, нам. 6Дзеля гэтага мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і завяршыў у вас і гэтую добрую справу.

7Але паколькі вы перапоўненыя ўсім: вераю і словам, і пазнаннем, і ўсялякай стараннасцю, і любоўю вашаю да нас, то будзьце перапоўненыя гэтай ласкай. 8Не кажу гэта, як загад, але праз стараннасць іншых выпрабоўваю шчырасць вашай любові. 9Бо ведаеце вы ласку Пана нашага, Езуса Хрыста, што Ён, хоць быў багаты, стаў бедным дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам. 10Я выказваю сваё меркаванне, што гэта карысна для ўсіх вас, якія з мінулага года першымі пачалі не толькі рабіць гэта, але і хацець гэтага. 11А цяпер давядзіце справу да канца, каб ахвочая гатоўнасць здзейснілася па меры вашых сродкаў. 12Бо калі ёсць гатоўнасць, яна ацэньваецца паводле таго, што нехта мае, а не паводле таго, чаго не мае. 13Бо не пра тое гаворка, каб вы рабілі палёгку іншым, а сябе пакідалі ва ўціску, але каб была роўнасць. 14Цяпер ваш дастатак дапаможа іх нястачы, каб іхні дастатак дапамог таксама вашай нястачы, каб была роўнасць, 15як напісана: «Хто сабраў шмат, не меў лішку; і хто – мала, не меў нястачы».

16Дзякую Богу, які напоўніў сэрца Ціта такім клопатам пра вас, 17бо ён прыняў запрашэнне і ў сваёй вялікай стараннасці, паводле свайго жадання, пайшоў да вас. 18З ім мы паслалі [таксама] брата, якога хваляць усе Касцёлы за абвяшчэнне Евангелля. 19І не толькі гэта, але ён выбраны таксама праз ускладанне рук Касцёламі, каб спадарожнічаць нам у той ласцы, якой мы ахвотна служым на славу самога Пана, 20асцерагаючыся, каб не дакараў нас хто за такое мноства дароў, якія мы атрымалі праз сваё служэнне. 21Бо мы клапоцімся аб добрым не толькі перад Панам, але і перад людзьмі. 22Мы паслалі з імі брата нашага, адданасць якога мы шмат у чым выпрабавалі. Цяпер жа яго адданасць яшчэ большая, бо мае на вас вялікую надзею.

23Што да Ціта, то гэта мой таварыш і супрацоўнік дзеля вас. А што да братоў нашых, то яны пасланцы Касцёлаў, слава Хрыста. 24Таму пакажыце ім вашую любоў і слушнасць нашага гонару за вас перад Касцёламі.

 

9 (1-15)

1Для мяне ж лішне пісаць да вас аб служэнні святым, 2бо я ведаю вашую адданасць, якой хвалюся перад македонцамі, [кажучы], што Ахая падрыхтавана яшчэ з мінулага году. І руплівасць вашая заахвоціла многіх. 3Я паслаў братоў, каб нашае хваленне вамі не аказалася дарэмным у гэтай справе, але каб вы, як казаў я, былі падрыхтаваныя. 4І калі прыйдуць са мною македонцы і знойдуць вас непадрыхтаванымі, каб мы – не кажу вы – не асароміліся, з прычыны такой упэўненасці. 5Таму я палічыў неабходным папрасіць братоў, каб яны раней прыйшлі да вас і загадзя паклапаціліся пра абяцаны вам дар, каб ён быў падрыхтаваны так, як дар, а не як вымаганне.

6Хто сее скупа, той скупа і пажне, а хто сее шчодра, той шчодра і пажне. 7Няхай кожны дае, як вырашыць у сэрцы сваім, а не са шкадаваннем ці з прымусу, бо радаснага даўцу любіць Бог. 8Бог мае моц узбагаціць вас усякаю ласкаю, каб вы, заўсёды і ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсялякія добрыя справы, 9як напісана:

«Раскідаў, раздаў бедным;

справядлівасць ягоная трывае навекі».

10А той, хто дае сейбіту насенне і хлеб на спажытак, дасць і памножыць вашае насенне, і ўзрасціць плён справядлівасці вашай. 11Каб ва ўсім вы былі ўзбагачаныя дзеля ўсялякай шчырасці, якая [прычыняецца] праз нас да ўзнясення падзякі Богу, – 12бо гэтае публічнае служэнне не толькі дапаўняе [тое, ў чым маюць недахоп] святыя, але і дазваляе за многае дзякаваць багата Богу. 13Бо праз выпрабаванне гэтага служэння яны праслаўляюць Бога за паслухмянасць, якую выяўляеце да Евангелля Хрыста, і за шчырую супольнасць з імі і з усімі. 14Яны моляцца за вас, бо хочуць [мець еднасць з вамі] з прычыны вялікай ласкі Божай у вас. 15Падзяка [няхай будзе] Богу за Яго нявымоўны дар.

 

10 (1-18)

1Я, Павел, які сярод вас ціхі, а калі далёка – суровы да вас, асабіста прашу вас праз далікатнасць і лагоднасць Хрыста. 2Прашу, каб мне, калі буду сярод вас, не быць занадта суровым, як думаюць пра мяне, што адважваюся [выступіць] супраць некаторых, якія лічаць, быццам бы мы жывем паводле цела. 3Жывучы ў целе, мы ваюем не паводле цела, 4бо зброя змагання нашага не цялесная, але моцная Богам на зруйнаванне цвярдыняў, руйнуючы задумы 5і ўсякае ўзвышэнне, што [паўстае] супраць пазнання Божага, і беручы ў палон усякую думку для паслухмянасці Хрысту. 6Мы гатовыя таксама караць кожную непаслухмянасць, пакуль вашая паслухмянасць не стане поўнай.

7Глядзіце на тое, што перад вамі. Хто ўпэўнены ў сабе, што ён Хрыстовы, той няхай прызнае, што, як ён Хрыстовы, так і мы. 8Калі б я больш стаў хваліцца нашай уладай, якую Пан даў для будавання, а не для знішчэння вас, то не буду асаромлены. 9Не думайце, што я палохаю вас пасланнямі. 10Бо [хтосьці] кажа: «Яго пасланні цяжкія і вострыя, а калі сам прыходзіць, то бяссільны і словы [яго] слабыя». 11Такі няхай ведае, што, якія мы ў словах паслання, калі не з вамі, такія і ў чынах, калі [знаходзімся] сярод вас.

12Бо мы не адважаемся ставіць сябе побач з тымі, якія самі сябе хваляць, ці раўнацца з імі. Тыя, што мераюць сябе сабою і параўноўваюць сябе з сабою, неразумныя. 13А мы не будзем хваліцца бяз меры, але ў той меры, якую вызначыў нам Бог, каб дасягнуць і вас. 14Бо мы не так, як быццам недасягнуўшы да вас, таму што мы дайшлі да вас з Евангеллем Хрыста. 15Мы не хвалімся празмерна чужой працай, але спадзяемся, што з узрастаннем веры вашай і мы больш узрасцём паводле нашай меры 16і не хваліцца тым, што было зроблена іншымі.

17Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Пану, 18бо правераны не той, хто сам сябе хваліць, але той, каго хваліць Пан.

 

11 (1-33)

1Калі б вы хоць крыху былі паблажлівыя да маёй неразважлівасці. Але вы і так паблажлівыя да мяне! 2Бо я руплюся аб вас рупнасцю Божаю, бо я заручыў вас з адзіным мужам, каб паставіць вас перад Хрыстом, як чыстую дзеву. 3Аднак баюся, каб так, як змей хітрасцю сваёй падмануў Еву, не былі зведзеныя думкі вашыя ад прастаты і беззаганнасці, што ў Хрысце. 4Бо, калі б хто прыйшоў і пачаў прапаведаваць іншага Езуса, якога мы не прапаведавалі, ці калі б атрымалі іншага Духа, якога не атрымлівалі, ці іншае Евангелле, якога не прымалі, – то вы ахвотна згаджаецеся. 5Але думаю, што я зусім не ніжэйшы за найвышэйшых Апосталаў. 6Хоць я і невук у красамоўстве, але не ў пазнанні. Урэшце, усяляк і ва ўсім мы адкрыліся вам.

7Ці зграшыў я тым, што прыніжаў сябе, каб узвысіць вас, бо бескарысліва прапаведаваў вам Евангелле Божае? 8Іншыя Касцёлы абабраў, прымаючы плату дзеля служэння вам. 9Будучы ў вас ды церпячы нястачу, нікому не дакучаў, бо патрэбы мае пакрылі браты, якія прыйшлі з Македоніі. Ды і ва ўсім я стараўся і стараюся не быць для вас цяжарам. 10Як ёсць ува мне праўда Хрыстовая, так гэтая пахвала мая не сціхне ў землях Ахаі.

11Чаму? Ці таму, што не люблю вас? Бог ведае! 12Але тое, што раблю, буду і рабіць далей, каб не даць жадаючым нагоду хваліцца тым, чым хвалімся мы. 13Бо такія фальшывыя апосталы, – крывадушныя працаўнікі, якія ўдаюць сябе за апосталаў Хрыста. 14I не дзіва, бо паколькі сам сатана ўдае сябе за анёла святла, 15то і слугі яго ўдаюць слугаў справядлівасці. Канец іх будзе паводле іх учынкаў.

16Ізноў кажу, каб ніхто не палічыў мяне неразумным. А калі не, то прыміце мяне як неразумнага, каб і мне крыху чым пахваліцца. 17Што кажу, тое кажу не паводле Пана, але як бы ў шаленстве, маючы падставу для пахвалы. 18Паколькі многія хваляцца паводле цела, я таксама буду хваліцца. 19Бо вы, будучы разумнымі, ахвотна церпіце неразумных. 20Церпіце, калі хтосьці вас знявольвае, калі хтосьці аб’ядае, калі хтосьці выкарыстоўвае, калі хтосьці ўзвышаецца, калі хтосьці б’е вас па твары.

21Кажу з сорамам, што мы як быццам абяссіленыя. Калі хто адважваецца нечым хваліцца, то, кажучы неразважліва, адважуся і я. 22Яны габрэі? Я таксама. Яны ізраэльцяне? Я таксама. Яны патомства Абрагама? І я. 23Яны слугі Хрыста? Нібы шалёны кажу, я больш: больш у працы, больш у цямніцах, у ранах празмерных і шмат разоў пры смерці. 24Ад юдэяў атрымаў я пяць разоў па сорак удараў без аднаго. 25Тройчы мяне білі кіямі, аднойчы каменавалі, тройчы я цярпеў караблекрушэнне, ноч і дзень прабыў я ў марской глыбіні. 26Часта быў у падарожжах, у небяспецы на рэках, у небяспецы ад разбойнікаў, у небяспецы ад суайчыннікаў, у небяспецы ад язычнікаў, у небяспецы ў горадзе, у небяспецы на пустыні, у небяспецы на моры, у небяспецы сярод фальшывых братоў, 27у працы і знямозе, часта ў недасыпанні, у голадзе і смазе, часта ў посце, у холадзе і галечы. 28Акрамя іншых рэчаў, на мне штодня ляжыць клопат аб усіх Касцёлах. 29[Калі] хто знемагае, ці я не знемагаю? [Калі] хто зазнае згаршэнне, ці я не пакутую?

30Калі трэба хваліцца, то буду хваліцца сваёю слабасцю. 31Бог і Ацец Пана Езуса, благаслаўлены навекі, ведае, што я не хлушу. 32У Дамаску намеснік караля Арэты пільнаваў горад дамаскійцаў, жадаючы схапіць мяне, 33але мяне спусцілі ў кашы праз адтуліну ў муры, і я ўцёк ад рук ягоных.

 

12 (1-21)

1Калі трэба хваліцца, хоць гэта і некарысна, то перайду да бачанняў і аб’яўленняў Пана. 2Ведаю чалавека ў Хрысце, які чатырнаццаць гадоў таму (ці ў целе, не ведаю, ці па-за целам, не ведаю, ведае Бог) быў забраны аж да трэцяга неба. 3І ведаю, што гэты чалавек (ці ў целе, ці па-за целам, не ведаю, ведае Бог) 4быў забраны ў рай і чуў невыказныя словы, якіх чалавеку нельга перадаць. 5Гэтым буду хваліцца, а сабою не пахвалюся, хіба што слабасцю [маёй]. 6Калі захачу пахваліцца, не буду неразважлівым, бо скажу праўду. Але я ўстрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне болей, чым ува мне бачыць або чуе ад мяне 7на падставе мноства аб’яўленняў. Дадзена мне джала ў цела, пасланец сатаны, каб біць мяне, каб я не хваліўся. 8Таму я тройчы маліў Пана, каб адвёў гэта ад мяне. 9Але Пан сказаў мне: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці». Найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста. 10Таму ўпадабаў я слабасць, пагарду, нястачы, ганенні і ўціск за Хрыста, бо, калі я слабы, тады моцны.

11Я стаў неразумным. Вы мяне прымусілі да гэтага. Бо гэта вам трэба было б мяне хваліць, таму што ні ў чым я не горшы за вялікіх Апосталаў, хоць я і нішто. 12Вось знакі Апостала сталіся ў вас праз вялікую цярплівасць, а таксама праз цуды і моцы. 13Бо ў чым вы горшыя за іншыя Касцёлы? Хіба толькі ў тым, што сам я не быў вам цяжарам. Даруйце мне гэтую крыўду.

14Вось, трэці раз я гатоў прыйсці да вас і не быць цяжарам [для вас], бо шукаю не вашага, але вас. Бо не дзеці павінны збіраць даброты для бацькоў, але бацькі для дзяцей. 15Я ахвотна буду рабіць выдаткі і нават самога сябе аддам за душы вашыя. Калі я буду любіць вас больш, хіба я атрымаю менш любові?

16Няхай будзе так. Я не абцяжарыў вас. Але, будучы хітрым, я подступам здабыў вас. 17Ці праз кагосьці з тых, каго пасылаў да вас, я выкарыстоўваў вас? 18Я папрасіў Ціта і паслаў з ім брата. Ці Ціт выкарыстаў вас? Ці не ў тым жа духу мы паступалі? Ці не тымі ж слядамі [хадзілі]?

19Ужо доўгі час вы думаеце, што мы апраўдваемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам у Хрысце: усё, умілаваныя, дзеля вашага збудавання. 20Бо баюся, каб часам, прыйшоўшы, знайсці вас не такімі, як хачу. Ды і вы каб не знайшлі мяне, якім не хочаце. Каб не было ў вас спрэчкі, зайздрасці, гневу, сварак, паклёпаў, абмоваў, пыхі, бязладдзя. 21І калі зноў прыйду, каб не панізіў мяне Бог мой перад вамі і каб не аплакваў я многіх з тых, якія зграшылі раней і не пакаяліся ў нячыстасці, у распусце і ў разбэшчанасці, якую ўчынілі.

 

13 (1-13)

1Ужо трэці раз прыходжу да вас: вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзіцца кожнае слова. 2Я гаварыў раней, калі быў у вас другі раз, і цяпер, [калі] далёка, паўтараю тым, якія раней зграшылі, і ўсім астатнім, што, калі зноў прыйду, не пашкадую. 3Вы шукаеце доказу, што праз мяне гаворыць Хрыстус, які не бяссільны перад вамі, але моцны ў вас. 4Хоць Ён быў укрыжаваны праз бяссілле, але жыве дзякуючы моцы Божай. Мы таксама бяссільныя ў Ім, але будзем жыць разам з Ім дзякуючы моцы Божай у вас.

5Выпрабоўвайце самых сябе, ці вы трываеце ў веры? Самых сябе правярайце. Ці вы не ведаеце, што Езус Хрыстус у вас? А можа вы нягодныя? 6Спадзяюся, што вы даведаецеся, што мы годныя. 7Молімся да Бога, каб вы не рабілі ніякага зла. Не для таго, што мы паказаліся годнымі, але каб вы рабілі дабро, а мы былі як нягодныя. 8Мы нічога не можам [рабіць] супраць праўды, толькі дзеля праўды. 9Таму радуемся, калі мы слабыя, а вы моцныя. Аб гэтым і молімся, аб вашай дасканаласці. 10Дзеля гэтага я і пішу гэтае, каб, будучы сярод вас, не паступіў сурова паводле ўлады, якую даў мне Пан для будавання, а не дзеля руйнавання.

11Урэшце, браты, радуйцеся, будзьце дасканалымі, суцяшайцеся, будзьце аднадумцамі, жывіце ў спакоі, і Бог любові і спакою будзе з вамі. 12Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе святыя.

13Ласка Пана Езуса Хрыста і любоў Бога, і еднасць Духа Святога з усімі вамі.



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Epistula-II-ad-Corinthios.pdf
Крыніца: catholic.by