epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Другое Пасланне да Тэсаланікійцаў

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-12)
2 (1-17)
3 (1-18)


1 (1-12)

1Павел, Сілуан і Цімафей да Касцёла Тэсаланікійцаў у Богу, Айцу нашым, і Пану Езусе Хрысце: 2ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста.

3Мы павінны заўсёды дзякаваць Богу за вас, браты, і гэта слушна, таму што ўзрастае вера вашая і павялічваецца любоў кожнага з усіх вас адзін да аднаго. 4Таму мы самі ганарымся вамі сярод Касцёлаў Божых з прычыны вытрываласці вашай і веры ва ўсіх ганеннях вашых і ўціску, якія вы зносіце. 5Гэта доказ справядлівага суда Божага, каб вы аказаліся вартымі Божага Валадарства, дзеля якога і церпіце. 6Бог справядліва адплаціць уціскам тым, хто вас уціскаў. 7І вам, якія церпіце ўціск, а таксама нам дасць адпачыць падчас аб’яўлення з нябёсаў Пана Езуса разам з анёламі моцы Ягонай. 8Полымем агню Ён пакарае тых, хто не пазнаў Бога і не слухаецца Евангелля Пана нашага Езуса. 9Яны будуць пакараныя вечнай пагібеллю і не змогуць убачыць аблічча Пана і хвалы моцы Ягонай, 10калі Ён прыйдзе ў той дзень праславіцца ў сваіх святых ды здзівіць усіх, хто паверыў. Вы ж прынялі з вераю нашае сведчанне.

11Мы заўсёды молімся за вас, каб наш Бог прызнаў вас годнымі паклікання і з моцаю здзейсніў усялякі добры намер і справу веры, 12каб праславілася імя Пана нашага Езуса ў вас, а вы – у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Пана Езуса Хрыста.

 

2 (1-17)

1Просім вас, браты, наконт прыйсця Пана нашага Езуса Хрыста і нашага сходу перад Ім, 2каб вы так хутка не гублялі розуму і не хваляваліся ні з прычыны Духа, ні слова, ні паслання быццам бы ад нас, што, маўляў, настаў дзень Пана. 3Няхай ніхто не зводзіць вас ніякім чынам, бо спачатку прыйдзе адступніцтва і з’явіцца беззаконны чалавек, сын згубы, 4які будзе працівіцца і ўзвышацца над усім, што называецца Божым і годным пашаны, так што ў святыні Божай засядзе, выдаючы сябе за Бога.

5Ці ж не памятаеце, што калі я быў яшчэ сярод вас, казаў вам аб гэтым? 6І ведаеце, што цяпер яго трымае аж да часу, калі з’явіцца. 7Таямніца бязбожнасці ўжо дзейнічае. Хай толькі той, хто яго трымае, саступіць месца.

8Тады і з’явіцца той беззаконнік, якога Пан Езус заб’е подыхам вуснаў сваіх і знішчыць яго аб’яўленнем свайго прыйсця. 9А прыход [беззаконніка] будзе як дзеянне сатаны ва ўсёй сіле, знаках і фальшывых цудах, 10і з усякім нягодным ашуканствам тых, якія ідуць на згубу, бо яны не палюбілі праўды, каб збавіцца. 11Таму пасылае ім Бог дзеянне подступу, каб яны паверылі падману, 12каб былі асуджаны ўсе, якія не паверылі праўдзе, але палюбілі несправядлівасць.

13Мы ж павінны заўсёды дзякаваць Богу за вас, умілаваныя Панам браты, што Бог выбраў вас як першых дзеля збаўлення праз асвячэнне ў Духу і праз веру ў праўду. 14Для таго і паклікаў вас праз нашае Евангелле, каб вы сталі ўдзельнікамі славы Пана нашага Езуса Хрыста.

15Таму, браты, трымайцеся і захоўвайце традыцыі, якім навучыліся як праз слова, так і праз пасланне нашае. 16Сам Пан наш Езус Хрыстус і Бог, Айцец наш, які палюбіў нас і даў вечнае суцяшэнне і добрую надзею ў ласцы, 17няхай заахвоціць сэрцы вашыя і ўмацуе вас у кожнай справе і добрым слове.

 

3 (1-18)

1Нарэшце, браты, маліцеся за нас, каб слова Пана пашыралася і было праслаўлена, таксама як у вас, 2і каб мы ўсцерагліся ад людзей крывадушных і ліхіх, бо не ўсе маюць веру. 3Верны Пан, які ўмацуе вас і захавае ад ліхога. 4Мы ўпэўнены наконт вас у Пану, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы наказваем вам. 5Хай жа Пан пакіруе сэрцы вашыя да любові Божай і цярплівасці Хрыстовай.

6Наказваем вам, браты, у імя Пана нашага Езуса Хрыста, каб вы асцерагаліся кожнага брата, які жыве ў бязладдзі і нязгодна з традыцыяй, якую прынялі ад нас. 7Вы самі ведаеце, як трэба наследаваць нас, бо мы не лайдачылі сярод вас 8і ні ў кога не елі хлеба дарма, але цяжка і ў мазалях працавалі дзень і ноч, каб не абцяжарваць нікога з вас. 9Не таму, што мы не мелі ўлады, але каб саміх сябе даць вам як прыклад для пераймання. 10Калі мы былі ў вас, то наказвалі вам: калі хто не хоча працаваць, няхай і не есць. 11Але мы чулі, што некаторыя сярод вас жывуць у бязладдзі: нічога не робяць, але займаюцца марнымі справамі. 12Такім загадваем і заклікаем іх у Пану Езусе Хрысце, каб яны працавалі ў спакоі і елі ўласны хлеб. 13Вы ж, браты, не пераставайце рабіць дабро. 14Калі хто часам не паслухае словаў паслання нашага, таго асцерагайцеся ды не сябруйце з ім, каб быў асаромлены. 15Аднак не лічыце яго ворагам, але настаўляйце як брата.

16Сам Пан спакою няхай ва ўсім і ўсяляк адорвае вас спакоем. Пан з усімі вамі.

17Уласнаручнае прывітанне маё, Паўла, што ёсць знакам у кожным пасланні. Так я пішу.

18Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з усімі вамі.



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Epistula-II-ad-Thessalonicenses.pdf
Крыніца: catholic.by