epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Другое Пасланне святога Яна

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-13)


1 (1-13)

1Старэйшы — да Выбранай Пані і яе дзяцей, якіх я люблю ў праўдзе, і не толькі я, але і ўсе, хто пазнаў праўду 2дзеля праўды, якая трывае ў нас і будзе з намі навекі. 3Ласка, міласэрнасць ды спакой ад Бога і ад Езуса Хрыста, Сына Айца, няхай будзе з намі ў праўдзе і любові.

4Я вельмі ўзрадаваўся, што знайшоў сярод тваіх дзяцей такіх, якія паступаюць згодна з праўдаю паводле запаведзі, якую мы атрымалі ад Айца. 5І цяпер прашу цябе, Пані, не як новую запаведзь пішучы табе, але тую, якую маем ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго. 6Любоў заключаецца ў тым, каб мы паступалі паводле Ягоных запаведзяў. А запаведзь гэтая тая, якую вы чулі ад пачатку, каб вы паступалі паводле яе.

7Бо шмат ашуканцаў прыйшло ў свет, якія не прызнаюць, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе. Такі ёсць ашуканцам і антыхрыстам. 8Зважайце на сябе, каб вы не страцілі таго, над чым мы працавалі, але каб атрымалі поўную ўзнагароду. 9Кожны, хто выходзіць наперад і не трывае ў вучэнні Хрыста, не мае Бога. Хто ж трывае ў вучэнні, той мае і Айца, і Сына.

10Калі хто прыходзіць да вас і не прыносіць гэтага вучэння, не прымайце яго ў дом і не вітайце. 11Хто прывітае яго, той удзельнічае ў яго дрэнных справах.

12Пра многае маю напісаць вам, але не хачу на паперы атрамантам, бо спадзяюся быць у вас і паразмаўляць з вамі, каб радасць нашая была поўнай.

13Вітаюць цябе дзеці тваёй Выбранай Сястры.



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Epistula-Ioannis-II.pdf
Крыніца: catholic.by