epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Другое Пасланне святога Пятра

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-21)
2 (1-22)
3 (1-18)


1 (1-21)

1Сымон Пётр, слуга і апостал Езуса Хрыста — тым, хто прыняў аднолькава дарагую нам веру праз справядлівасць Бога нашага і Збаўцу Езуса Хрыста. 2Няхай памножацца ў вас ласка і спакой праз пазнанне Бога і Езуса, нашага Пана.

3Ад Боскай сілы Ягонай нам даравана ўсё для жыцця і пабожнасці дзякуючы пазнанню таго, хто паклікаў нас для ўласнай славы і хвалы, 4праз што даў нам вялікія і каштоўныя абяцанні, каб праз іх вы сталі саўдзельнікамі Божай натуры, пазбегнуўшы згубы пажадлівага свету. 5З гэтай самай прычыны прыкладайце ўсе намаганні, каб дапоўніць веру вашую цнотай, цноту — пазнаннем, 6пазнанне — стрыманасцю, стрыманасць — цярплівасцю, цярлівасць — пабожнасцю, 7пабожнасць — братняю любоўю, а братнюю любоў — любоўю. 8Калі ўсё гэта ў вас ёсць і памнажаецца, то вы не будзеце бяздзейнымі ды бясплённымі ў пазнанні Пана нашага Езуса Хрыста. 9У каго ж няма гэтага, той сляпы, закрыўшы вочы, забыўся пра ачышчэнне сваіх даўніх грахоў. 10Таму, браты, старайцеся яшчэ больш умацаваць вашае пакліканне і выбар. Так паступаючы, ніколі не спаткніцёся. 11Тады шырока адкрыецца перад вамі ўваход у вечнае Валадарства нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста.

12Таму я заўсёды буду напамінаць вам пра гэта, хоць вы і ведаеце ды ўмацаваны ў гэтай праўдзе. 13Лічу справядлівым, пакуль знаходжуся ў гэтым намёце, заахвочваць вас напамінам, 14ведаючы, што хутка пакіну гэты намёт мой, як і адкрыў мне наш Пан, Езус Хрыстус. 15Буду ж старацца, каб вы і пасля майго адыходу заўсёды ўспаміналі пра гэтыя рэчы.

16Мы далі вам спазнаць моц і прыйсце нашага Пана Езуса Хрыста, не ідучы за мудра складзенымі байкамі, але будучы відавочцамі Ягонай велічы. 17Ён атрымаў ад Бога Айца пашану і славу, калі ад велічнай славы да Яго сышоў такі голас: «Гэта Мой Сын умілаваны, якога ўпадабаў Я». 18І мы чулі, як гэты голас даносіўся з неба, калі былі з Ім на святой гары. 19Да таго ж у нас ёсць мацнейшае, прароцкае слова. І вы добра зробіце, калі будзеце трываць пры ім, як пры лямпе, што свеціць у цёмным месцы, пакуль не пачне світаць дзень і зараніца не ўзыдзе ў сэрцах вашых. 20Толькі памятайце перш за ўсё, што ніякае прароцтва ў Пісанні не належыць да прыватнага тлумачэння. 21Бо прароцтва ніколі не паходзіла з волі чалавека, але ад імя Бога абвяшчалі яго людзі, натхнёныя Духам Святым.

 

2 (1-22)

1Былі ж і фальшывыя прарокі ў народзе, як і ў вас будуць фальшывыя настаўнікі, якія ўвядуць згубныя ерасі і, выракаючыся таго, хто адкупіў іх, Валадара, наклічуць на сябе хуткую згубу. 2І многія пойдуць за іх разбэшчанасцю, і праз іх шлях праўды будзе зняважаны. 3І ў хцівасці будуць вас лавіць ліслівымі словамі. Прысуд ім даўно гатовы, і згуба іх не абміне.

4Бо калі Бог не пашкадаваў анёлаў, якія зграшылі, але, звязаўшы путамі цемры, скінуў у адхлань, каб там чакалі суда; 5калі не пашкадаваў таксама даўняга свету, але паслаў патоп на бязбожных, захаваўшы толькі восем асоб разам з Ноем, веснікам справядлівасці; 6і калі гарады Садому і Гамору, асудзіўшы на знішчэнне, абярнуў у попел, як перасцярогу бязбожнікам, 7а справядлівага Лота, змучанага распусным жыццём нягоднікаў, уратаваў, 8бо гэты справядлівы, жывучы сярод іх і чуючы ды бачачы ўчынкі беззаконня, штодня адчуваў мучэнне ў сваёй справядлівай душы, 9то ведае Пан, як уратаваць пабожных ад выпрабавання, а несправядлівых захаваць на дзень суда, 10асабліва тых, што служаць целу ў нячыстай пажадлівасці і пагарджаюць уладай Божай.

Дзёрзкія, ганарыстыя, не баяцца нават зневажаць нябесныя істоты, 11тады як анёлы, хоць і большыя сілаю і моцаю, не асуджаюць іх перад Панам. 12А яны, як неразумныя жывёлы, народжаныя паводле прыроды на ўлоў ды ўбой, зневажаюць тое, чаго не ведаюць, таму як яны будуць знішчаныя 13і атрымаюць адплату за несправядлівасць. Шчасцем лічаць яны штодзённую асалоду; бессаромныя і распуснікі, яны знаходзяць асалоду ў ашуканствах сваіх, банкетуючы з вамі. 14Вочы іхнія напоўнены чужаложствам і няспынным грахом; яны зводзяць слабых; іх сэрца прывучана да нажывы; гэта сыны праклёну. 15Яны пакінулі просты шлях, заблукалі, сышоўшы на дарогу Балаама, сына Басора, які палюбіў несправядлівую ўзнагароду, 16але быў асаромлены за сваё беззаконне: бязмоўная ўючная жывёліна, прамовіўшы чалавечым голасам, спыніла шаленства прарока. 17Гэта крыніцы бязводныя, хмары, што бура ганяе; для іх падрыхтаваны змрок цемры. 18Бо, прамаўляючы надзьмутыя і пустыя словы, яны зводзяць праз пажадлівасць цела і распусту тых, хто ледзь толькі ўцёк ад заблукалых. 19Яны абяцаюць ім свабоду, хоць самі застаюцца нявольнікамі знішчэння, бо хто кім пераможаны, той таго і нявольнік.

20Калі ж, уцёкшы ад сапсаванасці свету праз пазнанне нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста, зноў, заблытаўшыся, паддаюцца ёй, то апошняе для іх горшае за першае. 21Бо лепш было б ім не ведаць дарогі справядлівасці, чым, пазнаўшы, адвярнуцца ад перададзенай ім святой запаведзі. 22Сталася з імі паводле слушнай прыказкі:

«Сабака вяртаецца да сваіх ірвотаў,

а вымытая свіння — у брудную лужыну».

 

3 (1-18)

1Умілаваныя, гэта ўжо другое пасланне пішу вам; у іх праз напамін абуджаю чыстыя думкі вашыя, 2каб вы памяталі словы, сказаныя раней святымі прарокамі і запаведзь Пана і Збаўцы, перададзеную вашымі Апосталамі, 3ведаючы перадусім тое, што з’явяцца ў апошнія дні з кпінамі насмешнікі, якія будуць паступаць паводле сваёй пажадлівасці 4і пытацца: «Дзе абяцанне Ягонага прыйсця? Бо ад часоў, калі пачалі паміраць айцы, усё трывае так, як ад пачатку стварэння». 5Яны ж не хочуць зразумець, што праз слова Божае здаўна існуюць нябёсы і зямля з вады і праз ваду паўстала, 6таму і загінуў тагачасны свет, затоплены вадою. 7Цяпер жа нябёсы і зямля падтрымліваюцца тым жа словам і захоўваюцца для агня на дзень суда і згубы бязбожных людзей.

8Умілаваныя, гэта адно няхай не будзе схавана ад вас, што ў Пана адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень. 9Не марудзіць Пан з выкананнем абяцання, як некаторыя лічаць гэта марудлівасцю, але Ён доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння. 10Прыйдзе ж дзень Пана, як злодзей. І тады нябёсы прамінуць з вялікім шумам, распаленыя стыхіі разбурацца, а зямля і ўсё створанае на ёй згараць.

11Калі так гэта будзе знішчана, дык якімі ж трэба быць у святым жыцці і пабожнасці вам, 12якія чакаеце і прыспешваеце прыйсце Божага дня, калі палаючыя нябёсы будуць знішчаны, і распаленыя стыхіі растопяцца. 13Але мы, паводле абяцання Ягонага, чакаем новага неба і новай зямлі, на якіх прабывае справядлівасць.

14Таму, умілаваныя, чакаючы гэтага, пастарайцеся, каб Ён знайшоў вас бездакорнымі і беззаганнымі, у спакоі, 15а доўгацярплівасць Пана лічыце збаўленнем, як і ўмілаваны наш брат Павел дзякуючы атрыманай мудрасці напісаў вам, 16як і ва ўсіх пасланнях, у якіх ёсць цяжкія для зразумення рэчы, і невукі ды нясталыя ў веры перакручваюць гэта, як і іншыя Пісанні, на ўласную згубу.

17Таму вы, умілаваныя, ведаючы гэта наперад, сцеражыцеся, каб, зведзеныя памылкамі беззаконных, вы не страцілі ўласны грунт пад нагамі. 18Але ўзрастайце ў ласцы і пазнанні нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень вечнасці. Амэн.



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Epistula-Petri-II.pdf
Крыніца: catholic.by