epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Дзеі Апосталаў

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-26)
2 (1-47)
3 (1-26)
4 (1-37)
5 (1-42)
6 (1-15)
7 (1-60)
8 (1-40)
9 (1-43)
10 (1-48)
11 (1-30)
12 (1-25)
13 (1-52)
14 (1-28)
15 (1-41)
16 (1-40)
17 (1-34)
18 (1-28)
19 (1-40)
20 (1-38)
21 (1-40)
22 (1-30)
23 (1-35)
24 (1-27)
25 (1-27)
26 (1-32)
27 (1-44)
28 (1-31)


1 (1-26)

 

1Першую кнігу я напісаў, Тэафіле, пра ўсё, што рабіў Езус і чаму вучыў ад пачатку 2аж да дня, калі, даўшы праз Духа Святога наказы Апосталам, якіх выбраў, быў забраны на неба. 3Перад імі з’явіўся жывым пасля сваёй мукі ў шматлікіх доказах. На працягу сарака дзён аб’яўляўся ім і казаў пра Божае Валадарства. 4Калі разам елі, наказаў ім: «Не адыходзьце з Ерузалема, але чакайце абяцанага Айцом, пра што вы чулі ад Мяне: 5Ян хрысціў вадою, а вы будзеце ахрышчаныя праз некалькі дзён Духам Святым».

6Таму сабраныя пыталіся ў Яго: «Пане, ці не ў гэтым часе Ты адбудуеш каралеўства Ізраэля?» 7Ён жа адказаў ім: «Не вам ведаць часы ці поры, якія Айцец прызначыў сваёй уладай. 8Але прымеце моц Духа Святога, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі ў Ерузалеме і ва ўсёй Юдэі, і ў Самарыі, і ажно да краю зямлі».

9Калі сказаў гэта, яны ўбачылі, як Ён узнёсся, і воблака забрала Яго з іхніх вачэй. 10Калі яны пільна ўзіраліся ў неба, як Ён узыходзіў, вось два мужы сталі перад імі ў белым адзенні 11і сказалі: «Галілейцы, чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба? Гэты Езус, забраны ад вас на неба, прыйдзе таксама, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў на неба».

12Тады вярнуліся ў Ерузалем з гары, называнай Аліўнай, што непадалёк ад Ерузалема, на адлегласці шабатовай дарогі. 13А калі прыйшлі, падняліся ў святліцу, дзе быў Пётр і Ян, Якуб і Андрэй, Філіп і Тамаш, Барталамей і Мацвей, Якуб Алфееў і Сымон Зелот, і Юда Якубаў. 14Усе яны сумесна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса, і з братамі Ягонымі.

15У тыя дні Пётр стаў сярод вучняў, а сабралася разам каля ста дваццаці чалавек, і сказаў: 16«Браты, належала споўніцца словам Пісання, якія Дух Святы прадказаў вуснамі Давіда пра Юду, стаўшага правадыром для тых, хто схапіў Езуса. 17Бо ён быў залічаны да нас і атрымаў удзел у тым самым служэнні. 18За плату беззаконня ён набыў поле, і калі павесіўся, трэснуў напалам, і вывалілася ўсё нутро яго. 19І даведаліся пра гэта ўсе жыхары Ерузалема, таму поле гэтае на іх уласнай мове было названа Акелдама, што значыць “поле крыві”. 20Бо ў кнізе Псальмаў напісана:

“Няхай апусцее жыллё ягонае,

і няхай не будзе жыхароў у ім”,

і: “Пасаду ягоную няхай зойме іншы”.

21Таму трэба, каб з тых мужоў, якія былі з намі ўвесь час, калі заставаўся з намі Пан Езус, 22пачынаючы ад Янавага хросту аж да дня, калі быў забраны ад нас на неба, адзін стаў разам з намі сведкам Яго ўваскрасення».

23І паставілі дваіх: Юзафа, якога звалі Барсабам, а празывалі Юстам, і Мацея. 24Памаліўшыся, сказалі: «Ты, Пане, ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў, 25каб ён заняў месца ў гэтым служэнні і апостальстве, ад якога адышоў Юда, каб пайсці на сваё месца». 26І далі ім лёсы, і выпаў лёс на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці Апосталаў.

 

2 (1-47)

 

1Калі настаў дзень Пяцідзесятніцы, усе былі разам у тым самым месцы. 2І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны. 3І з’явіліся ім языкі падзеленыя, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. 4І напоўніліся ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць.

5Былі ў Ерузалеме жыхары Юдэі, людзі пабожныя з усякага народу пад небам. 6Калі ўзняўся шум гэты, сабралася мноства людзей і захвалявалася, бо кожны з іх чуў, што яны гавораць на ягонай мове. 7Былі ўражаныя і здзіўляліся, кажучы: «Ці ж усе тыя, хто гаворыць, не галілейцы? 8Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся? 9Парфяне і мідзяне, і эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Азіі, 10Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, сумежных з Кірынэяй, ды прыезджыя рымляне, 11юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, — мы чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра вялікія справы Божыя». 12Усе былі ўражаныя і ў замяшанні, кажучы адзін аднаму: «Што гэта значыць?» 13А іншыя з насмешкай казалі: «Яны напіліся маладога віна».

14Тады ўстаў Пётр разам з Адзінаццаццю, узняў рукі свае і прамовіў моцным голасам да іх: «Мужы юдэйскія і ўсе жыхары Ерузалема, пазнайце і выслухайце мае словы. 15Яны не п’яныя, як вы думаеце, бо яшчэ толькі трэцяя гадзіна дня, 16але гэта тое, што было сказана прарокам Ёэлем:

17“І будзе ў апошнія дні, — кажа Бог:

Я пралью з Духа Майго на кожнае цела,

і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя,

а юнакі вашыя будуць бачыць візіі,

а старцам вашым будуць сніцца сны.

18І на слуг Маіх, і на служанак Маіх

у тыя дні Я пралью Духа Майго,

і яны будуць прарочыць.

19І ўчыню цуды на небе ўверсе, і знакі на зямлі ўнізе:

кроў, і агонь, і клубы дыму.

20Сонца абернецца ў цемру,

а месяц — у кроў,

перш чым настане дзень Пана,

вялікі і слаўны.

21І кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены”.

22Мужы ізраэльскія, выслухайце гэтыя словы: Езус з Назарэта быў чалавекам, якога Бог паказаў вам у сіле, цудах і знаках, якія Бог учыніў праз Яго сярод вас, як і самі ведаеце. 23Яго, выдадзенага паводле вызначанай волі і прадбачання Божага, вы, укрыжаваўшы рукамі бязбожных, забілі. 24Але Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы ад мукаў смерці, бо немагчыма было, каб яна трымала Яго. 25Давід жа гаворыць пра Яго:

“Пана я маю заўсёды перад вачыма,

бо Ён праваруч мяне, каб я не пахіснуўся.

26Таму радуецца маё сэрца

і весяліцца язык мой,

і цела маё будзе спачываць у надзеі.

27Бо не пакінеш душы маёй у адхлані,

і не дасі Святому Твайму ўбачыць тленне.

28Ты даў мне пазнаць дарогі жыцця.

Ты напоўніш мяне радасцю перад абліччам Тваім”.

29Браты, дазвольце мне сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, які памёр і пахаваны, і магіла ягоная знаходзіцца сярод нас па сённяшні дзень. 30Будучы ж прарокам і ведаючы, што Бог прысягнуў яму пасадзіць на ягоным троне патомка ягонага, 31ён прадбачыў і казаў пра ўваскрасенне Хрыста, што Ён не застанецца ў адхлані, і цела Ягонае не ўбачыць тленне.

32Гэтага Езуса ўваскрасіў Бог, чаму ўсе мы сведкі. 33Вось, узнесены правіцаю Бога і атрымаўшы ад Айца абяцанне Духа Святога, Ён праліў Яго, як вы бачыце і чуеце. 34Бо Давід не ўзышоў на неба, але сам ён кажа: “Пан сказаў майму Пану: Сядай праваруч Мяне, 35пакуль не пакладу ворагаў тваіх да падножжа Твайго”.

36Няхай кожны дом Ізраэля цвёрда ведае, што гэтага Езуса, якога вы ўкрыжавалі, Бог зрабіў і Панам, і Месіяй».

37Калі ж пачулі гэта, змягчэла сэрца іхняе, і яны сказалі Пятру і астатнім Апосталам: «Што нам рабіць, браты?» Сказаў ім Пётр: 38«Пакайцеся, і няхай кожны з вас ахрысціцца ў імя Езуса Хрыста дзеля адпушчэння грахоў вашых, і атрымаеце дар Духа Святога. 39Бо вам належыць абяцанне і дзецям вашым, і ўсім тым, хто далёка, каго толькі пакліча Пан Бог наш». 40І многімі іншымі словамі ён сведчыў і навучаў, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага падступнага пакалення». 41Тыя ж, хто прыняў слова ягонае, ахрысціліся. І далучылася ў гэты дзень да іх каля трох тысяч людзей.

42І трывалі яны ў вучэнні Апосталаў і ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах. 43І быў страх у кожнай душы; шмат цудаў і знакаў чынілі Апосталы. 44Усе ж вернікі былі разам, і ўсё ў іх было супольнае; 45і прадавалі набытак свой і маёмасць, і дзялілі паміж усімі, хто меў патрэбу. 46Штодня збіраліся аднадушна ў святыні, і ламаючы дома хлеб, яны спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца, 47праслаўляючы Бога і маючы прыхільнасць усяго народу. А Пан штодня далучаў да іх тых, хто меў быць збаўлены.

 

3 (1-26)

 

1А дзевятай гадзіне Пётр і Ян уваходзілі ў святыню на малітву. 2І быў там чалавек, кульгавы ад нараджэння, якога прыносілі і садзілі штодня каля брамы святыні, што звалася Прыгожай, каб ён прасіў міласціну ў тых, хто ўваходзіў у святыню. 3Калі ён убачыў Пятра і Яна, якія збіраліся ўвайсці ў святыню, папрасіў у іх міласціну. 4Пётр, прыгледзеўся з Янам да яго і сказаў: 5«Паглядзі на нас». І ён паглядзеў на іх, спадзеючыся што-небудзь атрымаць. Але Пётр сказаў: 6«Срэбра і золата не маю, але што маю, тое даю табе: у імя Езуса Хрыста з Назарэта, устань і хадзі!» 7І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго. Адразу ўмацаваліся ногі яго і ступні. 8Ён ускочыў, устаў і пачаў хадзіць, і ўвайшоў з імі ў святыню, ходзячы, падскокваючы і славячы Бога. 9Усе людзі бачылі, як ён хадзіў і славіў Бога. 10І пазналі яго, што гэта быў той, які сядзеў каля Прыгожай брамы святыні дзеля міласціны, і напоўніліся жахам і здзіўленнем ад таго, што сталася з ім.

11Ён не адступаўся ад Пятра і Яна, таму ўвесь народ у здзіўленні збегся да іх на ганак, званы Саламонавым. 12Убачыўшы гэта, Пётр сказаў народу: «Мужы ізраэльскія, чаго здзіўляецеся? Чаго так глядзіце на нас, быццам мы ўласнай сілаю або пабожнасцю зрабілі так, што ён ходзіць? 13Бог Абрагама, Ісаака і Якуба, Бог айцоў нашых уславіў Слугу свайго, Езуса, якога выдалі вы і адракліся ад Яго перад Пілатам, калі той вырашыў адпусціць Яго. 14Вы адракліся ад Святога і Справядлівага, а прасілі памілаваць забойцу. 15Вы забілі Пачынальніка Жыцця, якога Бог уваскрасіў з мёртвых, чаго мы сведкі. 16І праз веру ў імя Ягонае таго, каго бачыце і ведаеце, імя гэтае ўмацавала. Вера, што паходзіць ад Яго, дала яму гэтае аздараўленне перад усімі вамі.

17Цяпер, браты, я ведаю, што вы зрабілі гэта з няведання, як і кіраўнікі вашыя. 18А Бог здзейсніў тое, што абвяшчаў вуснамі ўсіх прарокаў, што Памазанік Яго будзе цярпець. 19Дык пакайцеся і навярніцеся, каб знішчаныя былі грахі вашыя, 20каб прыйшла ад Пана гадзіна палёгкі, і каб паслаў Ён вам таго, хто быў прадказаны, — Езуса Хрыста, 21якога неба павінна было прыняць да часоў аднаўлення ўсяго, пра што спрадвеку казаў Бог вуснамі сваіх святых прарокаў. 22Майсей сказаў: “Пан Бог дасць вам Прарока з братоў вашых, падобнага да мяне; слухайцеся Яго ва ўсім, што Ён вам скажа. 23І кожны, хто не паслухае таго Прарока, будзе знішчаны ў народзе”. 24І ўсе прарокі, якія прамаўлялі з часоў Самуэля і пасля яго, абвяшчалі дні гэтыя.

25Вы — сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з айцамі вашымі, кажучы Абрагаму: “Благаслаўлёныя будуць у тваім патомстве ўсе народы зямлі”. 26Для вас найперш Бог уваскрасіў Слугу свайго і паслаў Яго, каб Ён благаславіў вас і адвярнуў кожнага ад беззаконняў вашых».

 

4 (1-37)

 

1Калі яны прамаўлялі да народу, падышлі да іх святары і дазорац святыні, і садукеі, 2абураныя тым, што яны навучаюць народ і абвяшчаюць уваскрашэнне ў Езусе. 3І схапілі іх, і кінулі ў вязніцу да раніцы, бо ўжо быў вечар. 4А многія з тых, хто чуў прамову, паверылі. І было каля пяці тысяч мужчын.

5На другі дзень сабраліся іх правадыры, старэйшыны і кніжнікі ў Ерузалеме, 6і першасвятар Анна, і Каяфа, і Ян, і Аляксандр ды іншыя, што былі з роду першасвятарскага. 7Яны паставілі іх пасярэдзіне і пыталіся: «Якою моцаю або чыім імем вы зрабілі гэта?» 8Тады Пётр, напоўнены Духам Святым, сказаў ім: «Правадыры народу і старэйшыны, 9калі нас сёння дапытваюць за добры ўчынак, дзякуючы якому гэты хворы чалавек выздаравеў, 10то няхай будзе вядома вам і ўсяму народу ізраэльскаму, што гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы дзякуючы імені Езуса Хрыста, Назараніна, якога вы ўкрыжавалі і якога Бог уваскрасіў з мёртвых.

11Ён — камень, які вы, будаўнікі, адкінулі,

і які стаўся галавою вугла.

12І няма ні ў кім іншым збаўлення, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мы можам атрымаць збаўленне».

13Бачучы адвагу Пятра і Яна, і даведаўшыся, што гэта людзі непісьменныя і простыя, дзівіліся. І пазналі іх, што яны былі з Езусам. 14Гледзячы на аздароўленага чалавека, які стаяў з імі, нічога не маглі адказаць. 15Загадаўшы ім выйсці з месца пасяджэнняў, раіліся паміж сабою, кажучы: 16«Што нам рабіць з гэтымі людзьмі? Бо яны ўчынілі відавочны цуд, пра які стала вядома ўсім жыхарам Ерузалема. І мы не можам запярэчыць гэтаму. 17Але, каб гэта далей не пашыралася ў народзе, забаронім ім пад пагрозаю, каб не прамаўлялі больш ад гэтага імя да ніводнага чалавека». 18Тады паклікалі іх і забаранілі ім увогуле прамаўляць і навучаць у імя Езуса. 19Але Пётр і Ян адказалі ім: «Падумайце, ці справядліва перад Богам слухацца вас больш, чым Бога? 20Мы не можам маўчаць пра тое, што бачылі і чулі». 21А тыя зноў прыгразілі і адпусцілі іх, таму што з-за людзей не змаглі пакараць іх, бо ўсе славілі Бога за тое, што сталася. 22Бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, з якім стаўся гэты цуд аздараўлення.

23Калі іх адпусцілі, яны прыйшлі да сваіх і паведамілі, што сказалі ім першасвятары і старэйшыны. 24Тыя, выслухаўшы іх, узнялі разам голас да Бога і сказалі: «Валадару, Ты стварыў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх. 25Ты праз Духа Святога вуснамі айца нашага Давіда, слугі Твайго, сказаў:

“Чаму бунтуюцца язычнікі

і народы задумалі марнае?

26Паўсталі каралі зямлі

і валадары сабраліся разам

супраць Пана і супраць Памазаніка Яго”.

27Бо, сапраўды, супраць святога Слугі Твайго Езуса, якога Ты намасціў, сабраліся ў гэтым горадзе Ірад і Понцій Пілат разам з язычнікамі і народам Ізраэля, 28каб учыніць тое, што Твая рука і воля Твая прадвызначыла. 29І цяпер, Пане, паглядзі на пагрозы іхнія і дай слугам Тваім з усёй адвагаю абвяшчаць слова Тваё. 30Выцягні сваю руку дзеля аздараўлення, няхай стануцца знакі і цуды ў імя святога Слугі Твайго Езуса».

31І калі памаліліся, затрэслася месца, на якім яны сабраліся, і ўсе напоўніліся Духам Святым, і адважна абвяшчалі Божае слова.

32Усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою, і ніхто не называў уласным нічога з маёмасці сваёй, якая належала яму, але ўсё ў іх было супольнае. 33Апосталы з вялікай моцаю давалі сведчанне пра ўваскрасенне Пана Езуса, і ўсе яны мелі вялікую ласку. 34Не было сярод іх нікога, хто б цярпеў нястачу, бо ўсе, хто валодаў зямлёю або дамамі, прадавалі іх 35і прыносілі грошы ад продажу, і клалі да ног Апосталаў. А раздавалася кожнаму паводле патрэбы ягонай. 36Юзаф жа, якога Апосталы называлі Барнабам, што азначае «сын суцяшэння», левіт, родам з Кіпра, 37прадаў зямлю, якую меў, прынёс грошы і паклаў да ног Апосталаў.

 

5 (1-42)

 

1Адзін чалавек, па імені Ананія, са сваёй жонкай Сапфірай, прадаў свой набытак 2і ўтаіў з ведама жонкі частку выручаных сродкаў, а частку прынёс і паклаў перад нагамі Апосталаў. 3Але Пётр сказаў: «Ананія, чаму сатана напоўніў тваё сэрца, каб ты зманіў перад Духам Святым і ўтаіў частку сродкаў за зямлю? 4Хіба тое, што ты меў, не было тваім, а прададзенае ці не было ў тваёй уладзе? Чаму ты задумаў гэта ў сваім сэрцы? Ты зманіў не перад людзьмі, а перад Богам!» 5Пачуўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў і памёр. І вялікі страх ахапіў усіх, хто чуў гэта. 6Юнакі ўсталі, узялі яго, вынеслі і пахавалі.

7Гадзіны праз тры прыйшла яго жонка, не ведаючы пра тое, што адбылося. 8Пётр спытаўся ў яе: «Скажы мне, ці за столькі вы прадалі зямлю?» Яна адказала: «Так, за столькі». 9Тады Пётр сказаў ёй: «Чаму гэта вы дамовіліся выпрабоўваць Духа Панскага? Вось, на парозе ногі тых, хто пахаваў твайго мужа, — яны вынесуць і цябе». 10Яна адразу ўпала перад яго нагамі і аддала духа. Юнакі ж, калі ўвайшлі, знайшлі яе мёртвай, і вынеслі, і пахавалі каля мужа яе. 11І вялікі страх ахапіў увесь Касцёл і ўсіх, хто чуў гэта.

12Рукамі Апосталаў было ўчынена ў народзе шмат знакаў і цудаў. Усе аднадушна сыходзіліся на ганак Саламона. 13З астатніх жа ніхто не асмельваўся далучыцца да іх, а народ узвялічваў іх. 14Усё больш праз веру далучалася да Пана, мноства мужчын і жанчын, 15так што выносілі хворых на вуліцы і клалі іх на насілках і ложках, каб хоць цень Пятра, калі ён праходзіў, упала на каго-небудзь з іх. 16Сыходзілася таксама ў Ерузалем з навакольных мястэчак мноства людзей, якія прыносілі хворых і апанаваных нячыстымі духамі, і ўсе яны вылечваліся.

17Тады першасвятар і ўсе тыя, хто быў разам з ім, з кола садукеяў, поўныя зайздрасці, 18схапілі Апосталаў і кінулі іх у гарадскую турму. 19Але ноччу анёл Пана адчыніў дзверы вязніцы, вывеў іх і сказаў: 20«Ідзіце і абвяшчайце народу ў святыні ўсе словы жыцця гэтага». 21Яны ж, паслухаўшыся, увайшлі раніцай у святыню і навучалі.

Першасвятар і тыя, хто быў разам з ім, прыйшлі, склікалі Сінэдрыён і ўсіх старэйшын сыноў Ізраэля, і паслалі ў вязніцу, каб прывялі Апосталаў. 22Калі ж слугі прыйшлі, не знайшлі іх у вязніцы. Вярнуўшыся, яны сказалі: 23«Турма была замкнёнай і ў поўнай бяспецы, і варта стаяла пры дзвярах. Аднак, адчыніўшы, мы нікога там не знайшлі». 24Калі дазорац святыні і першасвятары пачулі гэтыя словы, не зразумелі, што сталася. 25Але нехта прыбыў і сказаў ім: «Вось мужы, якіх вы кінулі ў вязніцу, стаяць у святыні і навучаюць народ».

26Тады дазорац пайшоў са слугамі і прывёў іх без прымусу, таму што баяліся народу, каб не закідалі іх камянямі. 27Калі слугі прывялі Апосталаў у Сінэдрыён, першасвятар спытаўся ў іх: 28«Ці не строга забаранілі мы вам навучаць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі ўвесь Ерузалем вучэннем вашым і хочаце абвінаваціць нас у крыві таго чалавека». 29Пётр і Апосталы адказалі: «Трэба слухацца Бога больш, чым людзей. 30Бог айцоў нашых уваскрасіў Езуса, якога вы схапілі і павесілі на дрэве. 31Бог узвысіў Яго правіцаю сваёй як Уладара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю пакаянне і адпушчэнне грахоў. 32І мы сведкі гэтых слоў, і Дух Святы, якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму». 33Тыя, калі пачулі гэта, разгневаліся і вырашылі іх забіць.

34Адзін з фарысеяў па імені Гамаліэль, настаўнік Закону, паважаны ўсім народам, устаў у Сінэдрыёне і загадаў на хвіліну вывесці гэтых людзей. Пасля сказаў: 35«Мужы ізраэльскія, добра падумайце, што хочаце зрабіць з гэтымі людзьмі. 36Бо нядаўна перад гэтым з’явіўся Тэўда, выдаючы сябе за кагосьці вялікага. Далучылася да яго каля чатырохсот чалавек. Але ён быў забіты, і ўсе, хто слухаў яго, разышліся і зніклі. 37Пасля яго, падчас перапісу, з’явіўся Юда з Галілеі і павёў народ за сабою. Але і ён загінуў, і ўсе, хто слухаўся яго, рассеяліся. 38І цяпер кажу вам: адступіцеся ад гэтых людзей і пакіньце іх. Бо калі гэтая задума і гэтая справа ад людзей, то яна знікне, 39а калі ад Бога, то вы не здолееце знішчыць іх. Каб часам вы не змагаліся з Богам!»

І яны паслухаліся яго. 40Паклікаўшы Апосталаў, збілі іх і забаранілі ім прамаўляць у імя Езуса, і адпусцілі. 41А яны пайшлі з Сінэдрыёна, радуючыся, што былі годныя цярпець знявагу за гэтае імя. 42Не пераставалі кожны дзень навучаць у святыні і па дамах і абвяшчаць Евангелле пра Езуса Хрыста.

 

6 (1-15)

 

1У тыя дні, калі колькасць вучняў павялічвалася, эліністы пачалі наракаць на габрэяў, што яны забываюць пра іхніх удоваў у штодзённым служэнні. 2Тады Дванаццаць склікалі ўсіх вучняў і сказалі: «Нягожа, каб мы занядбалі слова Божае і служылі пры сталах. 3Таму, браты, выберыце з вашага ліку сем мужоў добрай славы, поўных Духа і мудрасці, якім даручым гэтую паслугу. 4А мы будзем трываць у малітве і служэнні слова». 5Спадабалася гэта ўсёй грамадзе, і абралі Стэфана, мужа поўнага веры і Духа Святога, і Філіпа, і Прохара, і Міканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая, празеліта з Антыёхіі, 6якіх паставілі перад Апосталамі. Яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі.

7А слова Божае пашыралася, і значна павялічвалася колькасць вучняў у Ерузалеме. І шмат святароў паверыла.

8Стэфан, поўны ласкі і моцы, чыніў вялікія цуды і знакі сярод народу. 9Некаторыя з сінагогі, называнай лібертынскай і кірынэйскай, і александрыйскай, і некаторыя з Цыліцыі і Азіі паўсталі і пачалі спрачацца са Стэфанам. 10Але не маглі супрацьстаяць мудрасці і Духу, з якімі ён прамаўляў. 11Тады яны падгаварылі людзей, каб казалі: «Мы чулі, як ён блюзнерыць супраць Майсея і Бога». 12І падбухторылі народ, старэйшых і кніжнікаў, і, напаўшы, схапілі яго і павялі ў Сінэдрэён. 13Паставілі ілжывых сведкаў, якія казалі: «Гэты чалавек не перастае блюзнерыць супраць святога месца і Закона. 14Мы чулі, як ён казаў, што гэты Езус Назаранін зруйнуе гэтае месца і зменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей».

15І ўсе, хто сядзеў у Сінэдрыёне, уважліва глядзелі на яго і бачылі аблічча ягонае, падобнае да аблічча анёла.

 

7 (1-60)

 

1Тады першасвятар сказаў: «Ці гэта так?» 2І Стэфан адказаў: «Браты і айцы, паслухайце. Бог славы аб’явіўся айцу нашаму Абрагаму, калі ён быў у Месапатаміі, перш чым пасяліцца ў Харане. 3І сказаў яму: “Выйдзі з зямлі сваёй, ад сваякоў сваіх і пайдзі ў зямлю, якую Я пакажу табе”. 4Тады ён выйшаў з халдэйскай зямлі і пасяліўся ў Харане. Адтуль пасля смерці ягонага бацькі Бог перасяліў яго на тую зямлю, дзе вы цяпер жывяце. 5І не даў яму там спадчыны нават на крок, але абяцаў даць яе ва ўладанне яму і ягоным нашчадкам, хоць у яго яшчэ не было дзіцяці. 6Бог сказаў яму, што нашчадкі яго будуць прышлымі на чужой зямлі, і будуць нявольнікамі, і будуць прыгнятаць іх чатырыста гадоў. 7Але Бог сказаў: “Я буду судзіць народ, якому яны будуць служыць; а потым яны выйдуць і будуць служыць мне на гэтым месцы”. 8І заключыў з ім запавет абразання. І так ён стаў бацькам Ісаака, і абрэзаў яго на восьмы дзень. Ісаак стаў бацькам Якуба, а Якуб – дванаццаці патрыярхаў. 9А патрыярхі праз зайздрасць прадалі Юзафа ў Егіпет, але Бог быў з ім 10і вызваліў яго ад усякага ўціску, і адарыў яго ласкай і мудрасцю ў вачах фараона, караля егіпецкага, і паставіў яго кіраўніком над Егіптам і над усім яго домам. 11Тады прыйшоў голад на ўвесь Егіпет і Канаан і вялікая бяда, і не знаходзілі айцы нашы ежы. 12Калі ж Якуб пачуў, што ў Егіпце ёсць збожжа, паслаў туды айцоў нашых першы раз. 13А на другі раз Юзаф адкрыўся сваім братам, і фараон даведаўся пра ягоны род. 14Тады Юзаф паслаў паклікаць свайго бацьку Якуба і ўсю сваю сям’ю, што налічвала семдзесят пяць асоб. 15Якуб прыйшоў у Егіпет, і памёр там сам і айцы нашы. 16І перанеслі іх у Сіхем, і паклалі ў грабніцу, якую Абрагам купіў за цану срэбра ў сыноў Эмора ў Сіхеме.

17Паводле таго, як набліжаўся час абяцання, якое Бог даў Абрагаму, разрастаўся і памнажаўся народ у Егіпце, 18пакуль не паўстаў новы кароль Егіпта, які не ведаў Юзафа. 19Ён, хітруючы супраць народу нашага, крыўдзіў айцоў нашых, прымушаючы іх кідаць сваіх немаўлят, каб яны не выжывалі. 20У гэты час нарадзіўся Майсей, і ён быў любы Богу. Тры месяцы яго кармілі ў доме бацькі. 21А калі яго кінулі, дачка фараона ўзяла яго і выхавала яго сабе, як сына. 22І навучылі Майсея ўсёй егіпецкай мудрасці, і быў ён магутны ў словах і ўчынках. 23Калі споўнілася яму сорак гадоў, ён вырашыў наведаць сваіх братоў, сыноў Ізраэля. 24І ўбачыўшы, як адзін з іх зазнае крыўду, заступіўся, і адпомсціў за пакрыўджанага, забіўшы егіпцяніна. 25Ён думаў, што яго браты зразумеюць, што Бог дае ім вызваленне ягонай рукой, але яны не зразумелі. 26На наступны дзень, калі яны біліся між сабой, ён з’явіўся перад імі ды схіляў іх да міру, кажучы: “Мужы, вы ж браты, нашто крыўдзіце адзін аднаго?” 27Але той, што крыўдзіў бліжняга, адштурхнуў яго са словамі: “Хто паставіў цябе правадыром і суддзёй над намі? 28Ці ты хочаш забіць мяне, як учора забіў егіпцяніна?” 29Ад гэтых слоў Майсей уцёк і стаў чужынцам у зямлі Мадыям, дзе ад яго нарадзіліся два сыны.

30Калі прайшло сорак гадоў, у пустыні ля гары Сінай яму з’явіўся анёл Пана ў палаючым кусце. 31Убачыўшы гэта, Майсей здзівіўся бачанню, а калі падышоў прыгледзецца, прагучаў голас Пана: 32“ЯБог айцоў тваіх, Бог Абрагама, і Ісаака, і Якуба”. Майсей затрымцеў і не адважваўся глядзець. 33І сказаў яму Пан: “Здымі сандалі з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш,гэта святая зямля. 34Я бачу прыгнёт майго народу ў Егіпце, і стогны яго Я пачуў, і зышоў, каб вызваліць іх. А цяпер падыдзі, Я пашлю цябе ў Егіпет”.

35Таго Майсея, якога яны адкінулі, сказаўшы, “хто паставіў цябе правадыром і суддзёй”, Бог паслаў як правадыра і вызваліцеля праз руку анёла, які з’явіўся яму ў кусце. 36Гэта ён вывеў іх, робячы цуды і знакі ў егіпецкай зямлі, і на Чырвоным моры, і на пустыні сорак гадоў. 37Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраэля: “Бог узніме вам Прарока, падобнага да мяне, з ліку вашых братоў”. 38Гэта той, хто быў на сходзе ў пустыні з анёлам, які гаварыў з ім на гары Сінай, гэта ён быў з айцамі нашымі і прыняў жывыя словы, каб перадаць іх нам. 39Гэта яго не хацелі слухацца айцы нашыя, але адкінулі яго і звярнулі сэрцы свае да Егіпта, 40кажучы Аарону: “Зрабі нам багоў, якія б ішлі перад намі, бо мы не ведаем, што сталася з тым Майсеем, які вывеў нас з егіпецкай зямлі”. 41І зрабілі ў тыя дні цяльца, і прыносілі ахвяры ідалу, і радаваліся справе сваіх рук. 42Тады Бог адвярнуўся ад іх і аддаў іх, каб служылі яны войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў:

“Дом Ізраэля, ці прыносілі вы Мне жывёлу забітую і ахвяры

на пустыні сорак гадоў?

43Вы ўзнялі намёт Молаха

і зорку бога вашага Рэфана,

выявы, якія вы зрабілі, каб пакланяцца ім.

Праз гэта Я перасялю вас за Бабілён”.

44У нашых айцоў была ў пустыні скінія сведчання, як пажадаў той, хто загадаў Майсею зрабіць яе паводле ўзору, які ўбачыў. 45І нашыя айцы, атрымаўшы яе, прынеслі яе з Езусам Навінам ва ўладанні язычнікаў, якіх Бог прагнаў ад аблічча айцоў нашых аж да дзён Давіда, 46які знайшоў ласку ў вачах Бога і папрасіў знайсці жыллё для дому Якуба. 47Саламон жа пабудаваў Яму дом. 48Аднак Найвышэйшы не жыве ў тым, што зроблена рукамі, як гаворыць прарок:

49“НебаМой трон,

а зямляпадножжа Маіх ног.

Які ж дом пабудуеце для Мяне,кажа Пан,

або якое месца адпачынку Майго?

50Ці ж не Мая рука стварыла ўсё гэта?”

51Вы з цвёрдым каркам, з неабрэзаным сэрцам і вушамі, вы заўсёды працівіліся Духу Святому; як айцы вашыя, так і вы. 52Каго з прарокаў не пераследавалі айцы вашыя? І забілі тых, хто прадказваў прыйсце Справядлівага, здраднікамі і забойцамі якога цяпер сталіся вы, 53якія атрымалі Закон праз пасрэдніцтва анёлаў, але не захоўвалі яго».

54Калі яны слухалі гэта, запалалі гневам у сэрцах сваіх і скрыгаталі на яго зубамі. 55Стэфан жа, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на неба і ўбачыў славу Божую і Езуса, які стаяў праваруч Бога, 56і сказаў: «Вось бачу нябёсы раскрытыя і Сына Чалавечага, які стаіць праваруч Бога». 57Але яны, закрычаўшы моцным голасам, заткнулі вушы свае і кінуліся на яго ўсе разам. 58І вывеўшы за горад, пачалі каменаваць. А сведкі паклалі адзежу сваю каля ног юнака, якога звалі Саўл. 59І каменавалі Стэфана, які маліўся, кажучы: «Пане Езу, прымі дух мой». 60І, упаўшы на калені, ён усклікнуў моцным голасам: «Пане, не лічы ім граху гэтага». І, сказаўшы гэта, памёр.

 

8 (1-40)

 

1А Саўл быў згодны з ягоным забойствам. У той дзень пачаўся вялікі пераслед Касцёла ў Ерузалеме. Усе, акрамя Апосталаў, разышліся па краінах Юдэі і Самарыі. 2Пахавалі Стэфана пабожныя людзі і ўчынілі вялікі плач па ім. 3А Саўл нішчыў Касцёл, уваходзіў у дамы, забіраючы мужчын і жанчын і кідаючы іх у вязніцу.

4Тыя ж, хто рассеяўся, хадзілі, абвяшчаючы слова Евангелля.

5Філіп жа прыйшоў у самарыйскі горад і абвяшчаў там Хрыста. 6А людзі згодна слухалі, што казаў Філіп, чуючы і бачучы ўчыненыя ім знакі. 7Бо з многіх апантаных выходзілі з вялікім крыкам нячыстыя духі, і шмат паралізаваных і кульгавых было аздароўлена. 8І была вялікая радасць у тым горадзе.

9Быў нейкі чалавек, па імені Сымон, які раней у тым жа горадзе займаўся чарадзействам і здзіўляў народ Самарыі, выдаючы сябе за кагосьці вялікага. 10Усе, ад малога да вялікага, прыслухоўваліся да яго, кажучы: «Гэты ёсць той моцай Божай, якая завецца вялікай». 11А слухаліся яго, бо ён доўгі час здзіўляў іх чарадзействам. 12Калі ж яны паверылі Філіпу, які абвяшчаў Евангелле пра Валадарства Божае і імя Езуса Хрыста, мужчыны і жанчыны ахрысціліся. 13Паверыў і сам Сымон і, прыняўшы хрост, трымаўся Філіпа; убачыўшы знакі і цуды, ён моцна дзівіўся.

14Калі ж Апосталы ў Ерузалеме пачулі, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна, 15якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Святога, 16таму што Ён яшчэ не сыходзіў ні на кога з іх, бо яны былі толькі ахрышчаныя ў імя Пана Езуса. 17Тады Апосталы ўскладалі на іх рукі, і яны атрымлівалі Духа Святога.

18Калі ж Сымон убачыў, што праз ускладанне рук Апосталаў удзяляецца Дух Святы, прынёс ім грошы, 19кажучы: «Дайце і мне такую ўладу, каб кожны, на каго ўскладу рукі, атрымаў Духа Святога». 20Але Пётр сказаў яму: «Срэбра тваё няхай будзе з табой на пагібель, бо ты думаў за грошы набыць дар Божы. 21Няма табе ў гэтым ні часткі, ні долі, бо тваё сэрца няшчырае перад Богам. 22Таму адвярніся ад свайго зла і прасі Пана, можа тады даравана будзе табе задума сэрца твайго. 23Бо я бачу, што ты напоўнены горкай жоўцю і знаходзішся ў путах несправядлівасці». 24Сымон адказаў: «Маліцеся за мяне да Пана, каб не напаткала мяне нішто са сказанага вамі». 25Тады яны, даўшы сведчанне і абвясціўшы слова Пана, пайшлі назад у Ерузалем і абвяшчалі Евангелле ў многіх самарыйскіх паселішчах.

26Анёл Пана сказаў Філіпу: «Устань і ідзі на поўдзень на дарогу, што вядзе з Ерузалема ў Газу; яна пустая». 27І, устаўшы, ён пайшоў. І вось, муж эфіопскі, еўнух, вяльможа Кандакі, каралевы эфіопаў, пастаўлены над усімі яе скарбамі, які прыязджаў у Ерузалем, каб пакланіцца Богу, 28вяртаўся і, седзячы на сваёй павозцы, чытаў прарока Ісаю. 29Дух сказаў Філіпу: «Падыдзі і далучыся да яго павозкі». 30Калі Філіп падбег, пачуў, што той чытае прарока Ісаю, і запытаўся: «Ці разумееш, што чытаеш?» 31Той адказаў: «Як жа магу разумець, калі ніхто не павучыў мяне?» І папрасіў Філіпа падняцца і сесці з ім. 32А ўрывак з Пісання, якое ён чытаў, быў такі:

«Як авечка, якую вядуць на зарэз,

як ягня, што маўчыць перад тымі, хто стрыжэ яго,

так і ён не адкрыў вуснаў сваіх.

33У пакоры сваёй быў асуджаны;

і хто раскажа пра ягоны род?

Бо забіраюць з зямлі жыццё ягонае».

34Еўнух спытаўся ў Філіпа: «Прашу цябе, скажы, пра каго гэта кажа прарок? Ці пра сябе, ці пра каго іншага?» 35Тады Філіп раскрыў вусны свае і, пачынаючы з гэтага месца Пісання, абвяшчаў яму Евангелле пра Езуса. 36Калі яны ехалі па дарозе, наблізіліся да нейкай вады. І еўнух сказаў: «Вось вада. Што перашкаджае мне ахрысціцца?» (37)38І загадаў спыніць павозку. І сышлі абодва, Філіп з еўнухам, у ваду. І Філіп ахрысціў яго. 39Калі яны выйшлі з вады, Дух Пана падхапіў Філіпа. І еўнух ужо больш не бачыў яго. І працягваў шлях свой, радуючыся. 40А Філіп прыбыў у Азот і, ідучы, абвяшчаў Евангелле ва ўсіх гарадах, пакуль не прыйшоў у Цэзарэю.

 

9 (1-43)

 

1Саўл усё яшчэ жыў пагрозамі і забойствамі вучняў Пана. Ён прыйшоў да першасвятара 2і папрасіў у яго лісты да сінагогаў у Дамаску, каб, калі знойдзе якіх-небудзь прыхільнікаў гэтага шляху, мужчын ці жанчын, мог звязаць іх і прывесці ў Ерузалем. 3Калі ён падчас падарожжа набліжаўся да Дамаска, раптам святло з неба асвятліла яго. 4Ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: «Саўл, Саўл, чаму ты пераследуеш Мяне?» 5Ён жа сказаў: «Хто Ты, Пане?» А той адказаў: «Я Езус, якога ты пераследуеш. 6Устань і ідзі ў горад, там скажуць табе, што ты павінен зрабіць». 7Людзі, якія ішлі разам з ім, анямелі, бо чулі голас, але нікога не бачылі. 8Саўл падняўся з зямлі і, хоць вочы былі адкрытыя, нікога не бачыў. Узяўшы за руку, павялі яго ў Дамаск. 9Тры дні ён не бачыў і не еў, і не піў.

10У Дамаску быў адзін вучань па імені Ананія. Пан аб’явіўся яму і сказаў: «Ананія». А ён адказаў: «Гэта я, Пане». 11Пан сказаў яму: «Устань і ідзі на вуліцу, якая завецца Простай, і спытайся ў доме Юды пра Саўла з Тарса, бо ён цяпер моліцца». 12I ўбачыў Саўл у аб’яўленні чалавека па імені Ананія, які ўвайшоў і ўсклаў на яго рукі, каб ён зноў мог бачыць. 13Адказаў Ананія: «Пане, шмат ад каго я чуў пра гэтага чалавека, колькі ён учыніў зла Тваім святым у Ерузалеме. 14I тут ён мае ад першасвятароў уладу зняволіць усіх, хто заклікае імя Тваё». 15Але Пан сказаў яму: «Ідзі, бо гэты чалавек — маё выбранае начынне. Ён занясе імя Маё народам, каралям і сынам Ізраэля. 16Я пакажу яму, колькі ён павінен выцерпець дзеля Майго імя». 17Тады пайшоў Ананія і ўвайшоў у дом. І, усклаўшы на яго рукі, сказаў: «Браце Саўле, Пан Езус, які з’явіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў мог бачыць і напоўніўся Духам Святым». 18І адразу нібы луска спала з вачэй ягоных, і стаў бачыць, падняўся і быў ахрышчаны. 19А калі спажыў ежу, набраўся сілы.

Некалькі дзён Саўл быў з вучнямі ў Дамаску. 20І адразу пачаў абвяшчаць у сінагогах пра Езуса, што Ён Сын Божы. 21І ўсе, хто чуў, здзіўляліся і казалі: «Ці не той гэта, які пераследаваў у Ерузалеме вызнаўцаў імені гэтага? І сюды прыйшоў ён для таго, каб зняволіць іх і прывесці да першасвятароў». 22Але Саўл умацоўваўся яшчэ больш і прыводзіў у замяшанне юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даказваючы, што Езус ёсць Месіяй. 23Калі прайшло багата дзён, юдэі вырашылі забіць яго. 24Але Саўл даведаўся пра іх намер. А яны ўдзень і ўначы пільнавалі ў брамах, каб забіць яго. 25Тады вучні ўзялі яго ўначы і спусцілі ў кашы праз мур.

26Калі ж ён прыйшоў у Ерузалем, спрабаваў далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго і не верылі, што ён вучань. 27Тады Барнаба ўзяў яго і прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як у дарозе ён убачыў Пана, і што Пан сказаў яму, і як у Дамаску адважна прапаведаваў у імя Езуса. 28Як разам з імі ён выходзіў і ўваходзіў у Ерузалем, і адважна прапаведаваў у імя Пана. 29Размаўляў таксама і спрачаўся з эліністамі, якія хацелі забіць яго. 30Даведаўшыся пра гэта, браты адвялі яго ў Цэзарэю і паслалі ў Тарс.

31А Касцёл па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі меў спакой, развіваўся і жыў у боязі перад Панам, і напаўняўся суцяшэннем Духа Святога.

32Калі Пётр абыходзіў усіх, прыйшоў таксама да святых, якія жылі ў Ліддзе. 33Там ён знайшоў аднаго чалавека па імені Энэй, які ўжо восем гадоў ляжаў у ложку паралізаваны. Пётр сказаў яму: 34«Энэй, Езус Хрыстус аздараўляе цябе, устань і засцялі свой ложак». І той адразу ўстаў. 35І бачылі яго ўсе, хто жыў у Ліддзе і Сароне, і навярнуліся да Пана.

36У Яфе была адна вучаніца па імені Табіта, што азначае «сарна». Яна рабіла шмат добрых учынкаў і раздавала міласціну. 37У тыя дні яна захварэла і памерла. Яе абмылі і паклалі ў святліцы. 38Лідда была недалёка ад Яфы, і калі вучні даведаліся, што Пётр там, паслалі да яго двух мужоў з просьбаю: «Прыйдзі неадкладна да нас!» 39Пётр устаў і пайшоў з імі. А калі ён прыбыў, увялі яго ў святліцу. Усе ўдовы абступілі яго з плачам і паказвалі яму тунікі і вопраткі, якія рабіла Сарна, жывучы з імі. 40Пётр, адправіўшы ўсіх са святліцы, стаў на калені і памаліўся. Затым павярнуўся да цела і сказаў: «Табіта, устань!» Яна адкрыла свае вочы і, убачыўшы Пятра, села. 41Ён падаў ёй руку і падняў яе. Тады паклікаў святых і ўдоваў, і яны ўбачылі яе жывую.

42Пра гэта стала вядома ва ўсёй Яфе, і многія паверылі ў Пана. 43Пётр жа даволі доўга заставаўся ў Яфе ў нейкага Сымона, гарбара.

 

10 (1-48)

 

1Быў у Цэзарэі адзін чалавек па імені Карнэлій, сотнік, з кагорты, што называлася Італьскай, 2пабожны і багабойны з усім домам сваім. Ён даваў вялікую міласціну і заўсёды маліўся Богу. 3Каля дзевятай гадзіны дня ён выразна бачыў у візіі анёла Божага, які прыйшоў да яго і сказаў: «Карнэлій». 4Ён паглядзеў на яго і, спалохаўшыся, сказаў: «Што, Пане?» Той адказаў: «Твае малітвы і твая міласціна былі згаданыя перад Богам. 5А цяпер пашлі людзей ў Яфу і пакліч Сымона, які завецца Пятром. 6Ён гасціць у аднаго гарбара Сымона, які мае дом каля мора. Ён скажа табе, што рабіць». 7Калі анёл, які гаварыў з ім, адышоў, ён паклікаў дваіх сваіх слуг і багабойнага жаўнера, якія прыслугоўвалі яму, 8і, расказаўшы ім усё, паслаў іх у Яфу.

9На другі дзень, калі яны ішлі і набліжаліся да горада, Пётр каля шостай гадзіны падняўся на дах дома памаліцца. 10Аднак адчуў голад і захацеў пад’есці. Пакуль гатавалі яму, ён меў візію. 11Убачыў неба раскрытае і нейкае начынне, быццам вялікае палатно, прывязанае за чатыры куты, што спускалася на зямлю. 12У ім былі ўсякія чацвяраногія жывёлы, і паўзуны, і нябесныя птушкі. 13І прамовіў голас да яго: «Уставай, Пётр, забівай і еш!» 14Але Пётр сказаў: «Ні ў якім разе, Пане, бо я ніколі не еў нічога апаганенага і нячыстага». 15Ізноў другі раз голас сказаў яму: «Тое, што Бог ачысціў, не называй апаганеным». 16Так было тройчы, і начынне адразу паднялося ў неба. 17Калі ж Пётр разважаў, што магла б азначаць гэтая візія, якую бачыў, вось мужы, пасланыя Карнэліем, распытаўшыся пра дом Сымона, спыніліся ля варот 18і спыталіся, крыкнуўшы, ці тут гасціць Сымон, які завецца Пятром. 19Калі Пётр разважаў пра бачанне, Дух сказаў яму: «Вось, тры чалавекі шукаюць цябе. 20Устань, спусціся і ідзі з імі без ніякіх ваганняў, бо Я паслаў іх». 21Пётр, спусціўшыся да гэтых людзей, сказаў: «Я той, каго вы шукаеце. Дзеля чаго вы прыйшлі?» 22Яны ж сказалі: «Карнэлій, сотнік, муж праведны і багабойны, за якога засведчыць увесь юдэйскі народ, атрымаў наказ праз святога анёла, каб паклікаць цябе ў свой дом і паслухаць тваіх слоў». 23Тады ён паклікаў іх і пачаставаў.

Назаўтра ўстаў і адправіўся з імі. Некаторыя браты з Яфы пайшлі разам з ім. 24На наступны дзень ён прыбыў у Цэзарэю. Карнэлій жа чакаў іх, паклікаўшы сваіх родных і блізкіх сяброў. 25Калі Пётр уваходзіў, Карнэлій выйшаў яму насустрач і, упаўшы да ног, пакланіўся яму. 26Пётр падняў яго, кажучы: «Устань, я таксама чалавек». 27І, размаўляючы з ім, увайшоў і ўбачыў шмат сабраных. 28Ён сказаў ім: «Ведаеце, што юдэю нельга мець зносіны або сустракацца з чужынцам. Але Бог адкрыў мне, каб я не лічыў ніводнага чалавека апаганеным ці нячыстым. 29Таму я без ваганняў прыйшоў на заклік. Дык пытаюся: для якой справы вы паклікалі мяне?» 30І Карнэлій адказаў: «Чатыры дні аж да гэтай гадзіны я пасціў, і а дзявятай маліўся ў сваім доме. І вось, перада мной з’явіўся муж у бліскучым адзенні 31і сказаў: “Карнэлій, твая малітва пачута і твае міласціны былі згаданыя перад Богам. 32Таму пашлі ў Яфу і пакліч Сымона, які завецца Пятром. Ён гасціць у доме гарбара Сымона каля мора”. 33Я адразу паслаў да цябе, а ты добра зрабіў, што прыйшоў. Цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб пачуць усё, што загадаў табе Пан».

34Пётр, адкрыўшы вусны свае, сказаў: «Сапраўды разумею, што Бог не зважае на асобу, 35але ў кожным народзе даспадобы Яму той, хто баіцца Яго і паступае справядліва. 36Ён паслаў сваё слова сынам Ізраэля, абвяшчаючы Добрую Навіну аб спакоі праз Езуса Хрыста, які ёсць Панам усіх. 37Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хросту, абвешчанага Янам. 38Як Бог намасціў Духам Святым і моцай Езуса з Назарэта, які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, апанаваных д’яблам, бо з Ім быў Бог. 39I мы — сведкі ўсяго, што Ён зрабіў у краіне юдэйскай і ў Ерузалеме. Яго забілі, павесіўшы на дрэве. 40А Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і дазволіў Яму з’явіцца 41не ўсяму народу, але нам, сведкам, выбраным раней Богам, якія елі і пілі разам з Ім пасля ўваскрасення Ягонага. 42Наказаў нам таксама абвяшчаць народу і сведчыць, што Ён прызначаны Богам суддзя жывых і памерлых. 43Пра Яго ўсе прарокі сведчаць, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэнне грахоў праз імя Ягонае».

44Калі Пётр казаў яшчэ гэтыя словы, Дух Святы сышоў на ўсіх, хто слухаў слова. 45І вернікі з абрэзаных, якія прыйшлі разам з Пятром, здзівіліся, што дар Духа Святога выліўся і на язычнікаў. 46Бо чулі, як тыя размаўлялі мовамі і славілі Бога. Тады сказаў Пётр: 47«Ці можа хто забараніць хрысціцца вадою тым, хто атрымаў Духа Святога, як і мы?» 48І загадаў ахрысціць іх у імя Езуса Хрыста. Потым яны прасілі яго застацца на некалькі дзён.

 

11 (1-30)

 

1Апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, даведаліся, што і язычнікі прынялі слова Божае. 2Калі Пётр увайшоў у Ерузалем, абрэзаныя дакаралі яго, кажучы: 3«Да неабрэзаных ты хадзіў і еў з імі!»

4Пётр пачаў ім тлумачыць па парадку, кажучы: 5«Я быў у горадзе Яфе і маліўся. І ў візіі ўбачыў аб’яўленне: нейкае начынне, нібы вялікае палатно, чатырма канцамі спускалася з неба. І наблізілася аж да мяне. 6Я ўважліва прыгледзеўся да яго і ўбачыў чацвераногіх зямных звяроў, паўзуноў і птушак нябесных. 7І пачуў голас, які казаў мне: “Уставай, Пётр, забівай ды еш!” 8Але я сказаў: “Ні ў якім разе, Пане, бо ніколі нішто апаганенае ці нячыстае не ўваходзіла ў вусны мае!” 9Голас з неба другі раз адказаў мне: 10“Што Бог ачысціў, таго не называй нячыстым”. Гэта было тройчы, і зноў усё было забрана ў неба. 11І вось, у тую самую хвіліну тры чалавекі, пасланыя да мяне з Цэзарэі, з’явіліся каля дому, у якім мы былі. 12Дух сказаў мне ісці разам з імі без ваганняў. Пайшлі са мною і гэтыя шэсць братоў. І ўвайшлі мы ў дом таго чалавека. 13Ён нам расказаў, што ўбачыў у сваім доме анёла, які сказаў яму: “Пашлі ў Яфу і пакліч Сымона, якога завуць Пётр. 14Ён абвесціць табе словы, якімі збавішся ты і ўвесь твой дом”. 15А калі я пачаў прамаўляць, сышоў на іх Дух Святы, як і на нас спачатку. 16Тады я ўспомніў слова Пана, як Ён казаў: “Ян хрысціў вадою, а вы будзеце ахрышчаныя Духам Святым”. 17Калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, якія паверылі ў Пана Езуса Хрыста, то хто я такі, каб пярэчыць Богу?»

18Калі пачулі гэта, супакоіліся і праславілі Бога, кажучы: «Вось жа і язычнікам даў Бог пакаянне дзеля жыцця».

19Тыя, хто рассеяўся з-за ганенняў, што сталіся пасля Стэфана, дайшлі аж да Фінікіі, Кіпра і Антыёхіі, і нікому, апроч юдэяў, не абвяшчалі слова. 20Некаторыя з іх былі з Кіпра і Кірынэі. Яны прыйшлі ў Антыёхію і прамаўлялі таксама да грэкаў, абвяшчаючы Евангелле пра Пана Езуса. 21І рука Пана была з імі, і вялікае мноства паверыла і навярнулася да Пана.

22Вестка пра іх дайшла да Касцёла ў Ерузалеме. І паслалі Барнабу ў Антыёхію. 23Калі ён прыйшоў і ўбачыў дзеянне ласкі Божай, узрадаваўся і заахвочваў усіх, каб шчырым сэрцам трывалі ў Пану. 24Ён быў муж добры, поўны Духа Святога і веры. І шмат людзей прыхілілася да Пана. 25Потым Барнаба пайшоў у Тарс шукаць Саўла і, 26калі знайшоў яго, прывёў у Антыёхію. Увесь год яны працавалі разам у Касцёле і навучалі вялікую колькасць людзей. У Антыёхіі ўпершыню вучні былі названыя хрысціянамі.

27У тыя дні прарокі прыбылі з Ерузалема ў Антыёхію. 28Адзін з іх, па імені Агаў, устаў і, натхнёны Духам, прадказаў, што па ўсім свеце пачнецца вялікі голад. Ён і настаў пры імператары Клаўдыі. 29Тады вучні вырашылі, што кожны паводле сваіх магчымасцяў пашле дапамогу братам, якія жылі ў Юдэі. 30І зрабілі гэта, паслаўшы сабранае старэйшым праз Барнабу і Саўла.

 

12 (1-25)

 

1У той час кароль Ірад пачаў пераследаваць некаторых з Касцёла. 2Забіў Якуба, брата Яна, мячом. 3А калі ўбачыў, што гэта спадабалася юдэям, схапіў таксама і Пятра. А былі дні Праснакоў. 4І затрымаўшы яго, пасадзіў у вязніцу і загадаў чатыром чацвёркам жаўнераў вартаваць яго, маючы намер пасля Пасхі выдаць яго народу. 5Так Пятра вартавалі ў вязніцы, а Касцёл рупліва маліўся за яго да Бога. 6У тую ноч, калі Ірад хацеў выдаць яго, ён спаў паміж двума жаўнерамі, скаваны падвойнымі ланцугамі, і ахоўнікі каля брамы вартавалі вязніцу. 7І вось анёл Пана з’явіўся перад ім, і святло заззяла ў цямніцы. Штурхнуўшы Пятра ў бок, разбудзіў яго і сказаў: «Уставай хутчэй!» І ланцугі апалі з рук ягоных. 8Сказаў яму анёл: «Падперажыся і завяжы свае сандалі!» І зрабіў так. Пасля сказаў яму: «Адзень плашч свой і ідзі за мною!» 9Калі выйшаў, пайшоў следам за ім, не ведаючы, ці праўдзівае тое, што робіць анёл. Думаў жа, што гэта з’ява.

10Мінуўшы першую і другую варту, яны падышлі да жалезнай брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася перад імі. Выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу, і раптам анёл пакінуў яго. 11Тады Пётр, апрытомнеўшы, сказаў: «Цяпер сапраўды ведаю, што Пан паслаў анёла свайго і ўратаваў мяне ад рукі Ірада і ад усяго, што задумаў народ юдэйскі». 12Зразумеўшы гэта, ён прыйшоў да дома Марыі, маці Яна, якога звалі Маркам, дзе многія сабраліся на малітве. 13Калі Пётр пастукаў у дзверы брамы, выйшла спытацца служанка па імені Рода. 14Пазнаўшы голас Пятра, яна ад радасці не адчыніла браму, а пабегла сказаць, што Пётр стаіць ля брамы. 15Яны ж сказалі ёй: «Ты звар’яцела!» Але яна настойвала, што так ёсць. Яны ж казалі: «Гэта яго анёл». 16Тым часам Пётр стукаў далей. А калі адчынілі, убачылі яго і здзівіліся. 17Ён жа, даўшы знак рукою, каб маўчалі, расказаў, як Пан вывеў яго з вязніцы. Потым сказаў: «Паведаміце пра гэта Якубу і братам». Затым выйшаў і адправіўся ў іншае месца.

18Калі настаў дзень, сярод жаўнераў пачалося немалое хваляванне ад таго, што здарылася з Пятром. 19Ірад жа, пашукаўшы яго і не знайшоўшы, аддаў вартаўнікоў пад суд і загадаў зняволіць, а сам накіраваўся з Юдэі ў Цэзарэю і спыніўся там.

20Ірад быў раззлаваны на жыхароў Тыра і Сідона. Тады яны з агульнай згоды прыйшлі да яго. Дабіўшыся прыхільнасці Бласта, каралеўскага ўрадніка, прасілі міру, таму што іх краіна кармілася ад каралеўскай. 21У вызначаны дзень Ірад, апрануўшыся ў каралеўскія шаты, сеў на ўзвышэнні і прамаўляў да іх. 22А народ усклікаў: «Гэта голас Бога, а не чалавека!» 23Але раптам анёл Пана ўдарыў яго, бо ён не аддаў хвалы Богу. І, з’едзены чарвякамі, ён аддаў духа.

24Слова ж Божае расло і пашыралася. 25Барнаба і Саўл, выканаўшы сваё служэнне ў Ерузалеме, вярнуліся і ўзялі з сабою Яна, якога звалі таксама Маркам.

 

13 (1-52)

 

1У Касцёле Антыёхіі прарокамі і настаўнікамі былі: Барнаба і Сымон, якога звалі таксама Нігер, і Люцый Кірынэец, і Манаэн, які выхоўваўся разам з тэтрархам Ірадам, і Саўл. 2Калі яны служылі Пану і пасцілі, Дух Святы сказаў: «Вылучыце мне Барнабу і Саўла на справу, да якой Я іх паклікаў». 3Тады, пасля посту і малітвы, яны ўсклалі на іх рукі і адпусцілі іх.

4А яны, пасланыя Духам Святым, прыбылі ў Сэлеўкію. Адтуль паплылі на Кіпр. 5І калі былі ў Саламіне, абвяшчалі Божае слова ў сінагогах юдэйскіх. Мелі таксама Яна памочнікам. 6Прайшоўшы ўвесь востраў аж да Пафаса, яны знайшлі нейкага чалавека, чарадзея, ілжэпрарока, юдэя, якога звалі Бар-Езус. 7Ён быў разам з праконсулам Сергіем Паўлам, чалавекам разумным. Ён, паклікаўшы Барнабу і Саўла, пажадаў пачуць слова Божае. 8Але выступіў супраць іх Ялім, гэта значыць «чарадзей», бо так перакладаецца яго імя, і намагаўся адвярнуць праконсула ад веры. 9Аднак Саўл, ён жа Павел, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на яго 10і сказаў: «Сын д’ябла, поўны ўсякага подступу і зладзейства, вораг усякай праўды, ці перастанеш ты зводзіць з простых шляхоў Пана? 11І вось цяпер рука Пана на табе: будзеш невідушчы і не ўбачыш сонца нейкі час». І адразу ахапіў яго змрок і цемра, і ён пачаў хадзіць наўкола, шукаючы павадыра. 12Калі ж праконсул убачыў, што адбылося, паверыў, здзіўлены вучэннем Пана.

13Калі Павел і тыя, хто быў з ім, адплылі з Пафаса, прыбылі ў Пэргэ, што ў Памфіліі. Але Ян пакінуў іх і вярнуўся ў Ерузалем. 14Яны ж прайшлі Пэргэ і прыбылі ў Антыёхію Пісідыйскую, і ў шабат увайшлі ў сінагогу, і селі. 15Пасля чытання Закону і Прарокаў кіраўнікі сінагогі паслалі да іх, кажучы: «Браты, калі маеце нейкае слова заахвочвання для народу, скажыце!»

16Тады Павел устаў, даў знак рукою і сказаў: «Мужы ізраэльскія і тыя, хто баіцца Бога, слухайце. 17Бог гэтага ізраэльскага народу выбраў айцоў нашых і ўзвысіў народ падчас знаходжання ў зямлі егіпецкай, і ўзнятаю рукою вывеў іх з яе. 18Каля сарака гадоў цярпеў іх звычаі на пустыні. 19І знішчыўшы сем народаў у зямлі канаанскай, даў ім у спадчыну зямлю іхнюю 20пасля чатырохсот пяцідзесяці гадоў. Потым даў ім суддзяў аж да прарока Самуэля. 21Затым яны папрасілі караля, і Бог даў ім Саўла, сына Кіша, мужа з пакалення Бен’яміна, на сорак гадоў. 22Адкінуўшы яго, прызначыў Давіда каралём іхнім, пра якога і сказаў, засведчыўшы: “Я знайшоў Давіда, сына Есэя, чалавека па сэрцы Маім, які выканае ўсе жаданні Мае”.

23З ягонага патомства, паводле абяцання, Бог вывеў для Ізраэля Збаўцу Езуса. 24Перад Ягоным прыйсцем Ян прапаведаваў хрост пакаяння ўсяму ізраэльскаму народу. 25Пад канец сваёй дзейнасці Ян сказаў: “Я не з’яўляюся тым, кім вы лічыце мяне; але вось за мною ідзе той, каму я не варты развязаць сандалі на нагах”.

26Браты, сыны роду Абрагама і тыя з вас, хто баіцца Бога. Нам паслана слова збаўлення гэтага, 27бо жыхары Ерузалема і іх кіраўнікі не пазналі Езуса і, калі асудзілі Яго, споўнілі словы прарокаў, што чыталіся кожны шабат. 28І хоць не знайшлі ніякай прычыны для смерці, прасілі Пілата забіць Яго. 29А калі выканалі ўсё напісанае пра Яго, знялі Яго з крыжа і паклалі ў магілу. 30Але Бог уваскрасіў Яго. 31Шмат дзён з’яўляўся Ён тым, хто разам з Ім прыйшоў з Галілеі ў Ерузалем, якія цяпер сведчаць пра Яго перад народам.

32І мы абвяшчаем вам Евангелле, што абяцанне, дадзенае айцам нашым, 33Бог выканаў для нас, дзяцей іхніх, калі ўваскрасіў Езуса, як і напісана ў другім псальме:

“Ты Сын Мой, Я Цябе сёння нарадзіў”.

34А пра тое, што ўваскрасіў Яго, каб Ён больш не вярнуўся да тлення, так сказаў:

“Я верна выканаю абяцанні, дадзеныя Давіду”.

35Таму ў іншым месцы кажа:

“Ты не дасі свайму святому ўбачыць тлення”.

36Давід, які ў свой час паслужыў Божай волі, спачыў і, далучыўся да сваіх айцоў, убачыў тленне. 37А той, каго ўваскрасіў Бог, не ўбачыў тлення. 38Таму, браты, няхай вам будзе вядома, што праз Яго абвяшчаецца вам адпушчэнне грахоў, і ва ўсім, у чым вы не апраўдаліся ў Законе Майсея, 39кожны веруючы апраўдаецца праз Яго. 40Сцеражыцеся, каб з вамі не здарылася тое, што сказана ў Прарокаў: 41“Глядзіце, насмешнікі, здзіўляйцеся і згіньце, бо Я раблю справу ў дні вашыя, справу, у якую вы не паверыце, калі б хто і распавёў вам!”».

42Калі ж яны выходзілі, прасілі іх расказаць у наступны шабат пра гэтыя рэчы. 43Калі сабраныя разышліся, многія юдэі і пабожныя празеліты пайшлі следам за Паўлам і Барнабам, якія ў размове пераконвалі іх заставацца ў ласцы Божай.

44У наступны шабат сабраўся амаль увесь горад слухаць слова Пана. 45Калі юдэі ўбачылі такі натоўп, напоўніліся зайздрасцю і пярэчылі таму, што казаў Павел, і блюзнерылі. 46Тады Павел і Барнаба з адвагаю сказалі: «Вам першым трэба было абвяшчаць слова Божае. Але паколькі вы адкідваеце яго і лічыце саміх сябе нявартымі вечнага жыцця, таму мы звяртаемся да язычнікаў. 47Бо так нам загадаў Пан: “Я зрабіў цябе святлом народаў, каб ты быў збаўленнем аж да межаў зямлі”».

48Калі пачулі гэта язычнікі, узрадаваліся і славілі слова Пана, і ўсе, пакліканыя да жыцця вечнага, паверылі. 49А слова Пана пашыралася па ўсёй краіне. 50Юдэі ж падбухторылі пабожных і дастойных жанчын, уплывовых у горадзе людзей і пачалі пераследаваць Паўла і Барнабу, і выгналі іх са сваіх межаў. 51Яны ж абтрэслі пыл з ног і пайшлі ў Іконію. 52А вучні напаўняліся радасцю і Духам Святым.

 

14 (1-28)

 

1У Іконіі сталася падобнае. Яны разам увайшлі ў юдэйскую сінагогу і прамаўлялі так, што паверыла вялікае мноства юдэяў і грэкаў. 2Юдэі, якія не паверылі, падбухторылі і варожа настроілі язычнікаў супраць братоў. 3Нягледзячы на гэта яны прабылі там доўгі час, мужна прамаўляючы пра Пана, які даваў сведчанне слову сваёй ласкі і здзяйсняючы іх рукамі знакі і цуды. 4Так народ у горадзе падзяліўся: адны былі з юдэямі, а другія — з Апосталамі. 5Калі язычнікі і юдэі разам са сваімі кіраўнікамі сабраліся іх зняважыць і ўкаменаваць, 6яны ўцяклі ў лікаонскія гарады Лістру і Дэрбэ ды ў іхнія ваколіцы 7і там абвяшчалі Евангелле.

8У Лістры сядзеў адзін чалавек, хворы на ногі, кульгавы ад нараджэння свайго, які ніколі не хадзіў. 9Ён слухаў, як прамаўляў Павел. А калі той паглядзеў на яго і ўбачыў, што ён мае веру для аздараўлення, 10сказаў гучным голасам: «Стань на свае ногі і выпрастайся!» І ён ускочыў, і пачаў хадзіць. 11Калі натоўп убачыў, што ўчыніў Павел, узняў голас свой, кажучы па-лікаонску: «Богі ў людскім падабенстве сышлі да нас!» 12Барнабу называлі Зеўсам, а Паўла — Гермесам, бо ён быў галоўным прамоўцам.

13А жрэц Зеўса, ідал якога знаходзіўся перад горадам, разам з натоўпам прывёў да брамы быкоў і прынёс вянкі, і хацеў прынесці ахвяру. 14Калі пачулі пра гэта апосталы Барнаба і Павел, яны разадралі сваё адзенне, кінуліся ў натоўп і крычалі, кажучы: 15«Людзі, навошта гэта робіце? Мы такія самыя людзі, як вы. Абвяшчаем Евангелле, каб вы ад гэтых марнасцяў навярнуліся да Бога жывога, які стварыў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх ёсць. 16Які ў мінулых пакаленнях дазволіў усім народам хадзіць сваімі дарогамі. 17Аднак не пераставаў сведчыць пра сябе, чынячы дабро, даючы вам дождж з неба і ўраджайныя поры, даючы ежу і напаўняючы вяселлем сэрцы вашыя». 18І, так кажучы, ледзь стрымалі людзей, каб не прыносілі ім ахвяры. 19Прыйшлі ў Лістру юдэі з Антыёхіі і Іконіі і, падбухторыўшы народ, укаменавалі Паўла і выцягнулі яго за горад, думаючы, што ён памёр. 20Але, калі абступілі яго вучні, ён устаў і ўвайшоў у горад, і на другі дзень пайшоў з Барнабам у Дэрбэ.

21У тым горадзе яны абвяшчалі Евангелле і прыдбалі шмат вучняў. Пасля вярнуліся ў Лістру, Іконію ды Антыёхію, 22умацоўваючы душы вучняў і заахвочваючы іх трываць у веры, бо нам трэба прайсці праз многія цярпенні, каб увайсці ў Божае Валадарства. 23Праз ускладанне рук устанавілі ім у кожным Касцёле прэзбітэраў, у малітве і посце даручылі іх Пану, у якога паверылі. 24Прайшоўшы праз Пісідыю, прыбылі ў Памфілію. 25І, абвясціўшы слова ў Пэргэ, сышлі ў Аталію. 26Адтуль адплылі ў Антыёхію, дзе праз ласку Божую былі прызначаныя на справу, якую выканалі.

27Калі прыйшлі туды і сабралі Касцёл, расказалі, што Бог учыніў з імі і як Ён адчыніў брамы веры язычнікам. 28І доўгі час заставаліся яны разам з вучнямі.

 

15 (1-41)

 

1Некаторыя з тых, хто прыйшоў з Юдэі, вучылі братоў: «Калі не будзеце абрэзаныя паводле звычаю Майсея, не зможаце быць збаўленымі».

2Калі распачалася звада і немалая спрэчка Паўла і Барнабы з імі, было вырашана, што Павел і Барнаба, і некаторыя іншыя з іх пойдуць у гэтай справе да Апосталаў і старэйшых у Ерузалем. 3Яны ж, пасланыя Касцёлам, праходзілі праз Фінікію і Самарыю, расказваючы пра навяртанне язычнікаў. І вельмі ўзрадавалі ўсіх братоў. 4Калі прыйшлі ў Ерузалем, былі прынятыя Касцёлам, Апосталамі і старэйшымі. Распавялі яны, што Бог учыніў з імі. 5Тады ўсталі некаторыя з кола фарысеяў, якія паверылі, і казалі: «Трэба абразаць іх і загадаць ім, каб яны захоўвалі Закон Майсея!»

6І сабраліся Апосталы і старэйшыя, каб вырашыць гэтую справу. 7Калі паўстала вялікая спрэчка, Пётр устаў і сказаў ім: «Браты, вы ведаеце, што з даўніх дзён Бог выбраў мяне сярод вас, каб язычнікі з маіх вуснаў пачулі слова Евангелля і паверылі. 8І Бог, які ведае сэрцы, засведчыў перад імі, даўшы ім, як і нам, Духа Святога. 9І не зрабіў ніякай розніцы паміж намі ды імі і праз веру ачысціў іхнія сэрцы. 10Навошта ж цяпер выпрабоўваеце Бога, ускладаючы вучням на шыю ярмо, якое не маглі несці ні айцы нашыя, ні мы? 11Але мы верым, што ласкаю Пана Езуса мы будзем збаўленыя таксама, як і яны».

12Замоўклі ўсе сабраныя і слухалі апавяданне Барнабы і Паўла пра тое, як шмат знакаў і цудаў учыніў Бог праз іх сярод язычнікаў. 13Калі яны скончылі, загаварыў Якуб, кажучы: «Браты, паслухайце мяне. 14Сымон расказаў, як Бог спачатку паглядзеў на язычнікаў, каб выбраць з іх народ для свайго імя. 15І з гэтым згаджаюцца словы прарокаў, як напісана:

16“Потым вярнуся

і адбудую заняпалы шацёр Давіда,

і адбудую руіны яго і пастаўлю нанова,

17каб астатнія людзі шукалі Пана,

і ўсе народы, над якімі заклікаюць імя Маё,

кажа Пан, які чыніць гэтыя справы, 18вядомыя спрадвеку”.

19Таму я лічу, што не трэба абцяжарваць тых язычнікаў, якія навяртаюцца да Бога, 20але трэба напісаць ім, каб яны ўстрымліваліся ад апаганьвання ідаламі, ад распусты, ад таго, што задушана, і ад крыві. 21Бо з даўніх часоў ёсць у кожным горадзе тыя, хто кожны шабат абвяшчае і чытае Закон Майсея ў сінагогах».

22Тады Апосталы і старэйшыя разам з усім Касцёлам, выбраўшы сярод сябе Юду, званага Барсабам, і Сілу — мужоў, якія былі першымі сярод братоў, вырашылі паслаць іх у Антыёхію з Паўлам і Барнабам. 23І праз іх выслалі такі ліст: «Апосталы і старэйшыя браты вітаюць братоў з язычнікаў у Антыёхіі, Сірыі і Цыліцыі! 24Мы пачулі, што некаторыя з нас адправіліся без нашага даручэння і ўстрывожылі вас словамі, занепакоіўшы вашыя душы. 25Таму мы згодна вырашылі выбраць мужоў і паслаць іх да вас з нашымі ўмілаванымі Барнабам і Паўлам, людзьмі, 26якія аддаюць жыццё сваё дзеля імя Пана нашага Езуса Хрыста. 27Мы паслалі да вас Юду і Сілу, якія абвесцяць вам тое самае словамі. 28Бо Дух Святы і мы пастанавілі не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна: 29устрымлівайцеся ад ахвяраў ідалам і ад крыві, ад таго, што задушана, і ад распусты. Калі будзеце ўстрымлівацца ад гэтага, добра зробіце. Бывайце здаровы».

30Пасланыя прыйшлі ў Антыёхію і, сабраўшы людзей, аддалі ліст. 31Калі яго прачыталі, узрадаваліся гэтаму настаўленню. 32Юда і Сіла, якія самі былі прарокамі, многімі прамовамі настаўлялі і ўмацоўвалі братоў. 33Прабыўшы там пэўны час, браты адпусцілі іх з супакоем да тых, хто іх паслаў. (34)35Але Павел і Барнаба заставаліся ў Антыёхіі, навучаючы і абвяшчаючы разам з многімі іншымі слова Пана.

36Праз некалькі дзён Павел сказаў Барнабу: «Вернемся і наведаем нашых братоў ва ўсіх гарадах, дзе мы абвяшчалі слова Пана, і паглядзім, як яны маюцца». 37Тады Барнаба хацеў узяць з сабой Яна, якога звалі Маркам. 38Але Павел палічыў, што не трэба браць з сабой таго, хто адышоў ад іх у Памфіліі і не спадарожнічаў ім у працы. 39Адбылася спрэчка, так што яны разышліся адзін з адным. Тады Барнаба ўзяў з сабой Марка і паплыў на Кіпр, 40а Павел выбраў сабе Сілу і, калі браты даручылі яго ласцы Пана, вырушыў. 41І праходзіў праз Сірыю і Цыліцыю, умацоўваючы Касцёлы.

 

16 (1-40)

 

1Прыбыў у Дэрбэ і Лістру. І вось, быў там адзін вучань па імені Цімафей, сын жанчыны юдэйкі, якая паверыла, і бацькі грэка. 2Браты ў Лістры і Іконіі добра сведчылі пра яго. 3Таму Павел захацеў узяць яго з сабою. І, узяўшы, абрэзаў яго дзеля юдэяў, якія былі ў тых мясцінах. Бо ўсе ведалі, што бацька ягоны быў грэкам. 4Калі праходзілі праз гарады, наказвалі ім захоўваць пастановы, прынятыя Апосталамі і старэйшымі ў Ерузалеме. 5Касцёлы ж умацоўваліся ў веры і штодня ўзрасталі ў колькасці.

6Прайшлі Фрыгію і краіну галатаў, і Дух Святы стрымліваў іх ад абвяшчэння слова ў Азіі. 7Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісці ў Бітынію, але Дух Езуса не дазволіў ім. 8Тады яны прайшлі Мізію і сышлі ў Трааду. 9І меў Павел уначы аб’яўленне: стаяў перад ім чалавек, нейкі македонец, і прасіў яго, кажучы: «Прыйдзі ў Македонію і дапамажы нам!» 10Пасля гэтага аб’яўлення мы адразу вырашылі адправіцца ў Македонію, упэўненыя, што Бог паклікаў нас абвяшчаць там Евангелле.

11Калі мы адплылі з Траады, прыбылі проста ў Саматракію, а на другі дзень у Неапаль, 12і адтуль у Філіпы, першы ў той частцы Македоніі горад, калонію. У гэтым горадзе мы прабылі некалькі дзён. 13У дзень шабату выйшлі за браму да ракі, дзе, як мы лічылі, адбывалася малітва. Сеўшы, мы размаўлялі з жанчынамі, якія сабраліся. 14І адна жанчына, па імені Лідзія, гандлярка пурпурам з горада Тыятыра, якая пакланялася Богу, таксама слухала. Пан адкрыў яе сэрца, каб яна прыняла словы Паўла. 15Калі ж яна ахрысцілася і дом яе, папрасіла, кажучы: «Калі лічыце, што я верная Пану, увайдзіце ў дом мой і заставайцеся». І прымусіла нас.

16Калі мы ішлі на малітву, нам сустрэлася адна служанка, якая мела духа прадбачання і прадказаннямі здабывала сваім гаспадарам вялікія сродкі. 17Ідучы за Паўлам і за намі, яна крычала: «Гэтыя людзі — слугі Найвышэйшага Бога, яны абвяшчаюць нам шлях збаўлення». 18Так рабіла яна шмат дзён. Але Павел, раззлаваўшыся, павярнуўся і сказаў духу: «У імя Езуса Хрыста загадваю табе выйсці з яе». І той выйшаў адразу. 19Тады гаспадары яе, убачыўшы, што знікла надзея на іхні заробак, схапілі Паўла і Сілу і пацягнулі на рынак да правадыроў. 20І прывёўшы іх да кіраўнікоў, сказалі: «Гэтыя людзі, будучы юдэямі, падбухторваюць наш горад 21і прапаведуюць звычаі, якія нам, рымскім грамадзянам, нельга прымаць і выконваць». 22І паўстаў натоўп супраць Паўла і Сілы, а кіраўнікі сарвалі з іх адзенне і загадалі біць розгамі. 23Нанёсшы ім шмат удараў, кінулі ў вязніцу і загадалі вартаўніку пільна сцерагчы іх. 24Атрымаўшы такі загад, ён кінуў іх ва ўнутраную вязніцу і надзеў ім на ногі калодкі.

25Каля поўначы Павел і Сіла маліліся, спяваючы гімны Богу, а вязні слухалі іх. 26Раптам пачаўся вялікі землятрус, так што задрыжэлі падмуркі вязніцы. Адразу адчыніліся ўсе дзверы і апалі ўсе путы. 27Калі вартаўнік прачнуўся і ўбачыў адчыненыя дзверы вязніцы, выцягнуў меч і хацеў забіць сябе, думаючы, што ўсе вязні ўцяклі. Але Павел ускрыкнуў моцным голасам: 28«Не рабі сабе нічога благога, бо ўсе мы тут». 29Папрасіўшы святла, вартаўнік увайшоў і, трасучыся, упаў перад Паўлам і Сілам. 30Затым вывеў іх вонкі і сказаў: «Спадары, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?» Яны адказалі яму: 31«Вер у Пана Езуса, і збавішся ты і дом твой». 32І абвясцілі слова Пана яму і ўсім, хто быў у яго доме. 33І ў тую гадзіну ночы ён прыняў іх, абмыў раны і адразу ж ахрысціўся сам і ўвесь дом ягоны. 34Потым завёў іх у свой дом, накрыў ім стол і з усім домам сваім цешыўся, што паверыў у Бога.

35Калі настаў дзень, прэтары паслалі ліктараў, кажучы: «Вызвалі гэтых людзей!» 36Вартаўнік паведаміў пра гэта Паўлу: «Кіраўнікі сказалі адпусціць вас. Таму цяпер выходзьце і ідзіце ў супакоі». 37Але Павел сказаў ім: «Нас, рымскіх грамадзян, прылюдна білі, кінулі ў вязніцу, а цяпер нас употай выпускаюць. Не, няхай прыйдуць і самі вывядуць нас». 38Ліктары паведамілі гэтыя словы кіраўнікам. Тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта рымскія грамадзяне. 39Яны прыйшлі і перапрасілі. І, вывеўшы, папрасілі іх пакінуць горад. 40Калі яны выйшлі з вязніцы, прыйшлі ў Лідзію, а калі ўбачылі братоў, далі ім настаўленні і адышлі.

 

17 (1-34)

 

1Прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалонію, яны прыйшлі ў Тэсалоніку, дзе была юдэйская сінагога. 2Павел сваім звычаем увайшоў да іх і тры шабаты дыскутаваў з імі на падставе Пісання, 3адкрываючы і даказваючы ім, што Хрыстус павінен быў цярпець і ўваскрэснуць з мёртвых і што: «Гэты Езус, якога вам прапаведую, — гэта Хрыстус». 4І некаторыя з іх паверылі і далучыліся да Паўла і Сілы — вялікае мноства пабожных грэкаў і нямала знатных жанчын. 5Тады юдэі, ахопленыя зайздрасцю, узялі з рынку нейкіх нягодных людзей, сабралі натоўп і пачалі бунтаваць горад. Падышоўшы да дому Ясона, яны шукалі іх, каб вывесці да народу. 6Калі ж не знайшлі іх, пацягнулі Ясона і некаторых братоў да гарадскіх уладаў з крыкам: «Тыя, што бунтуюць увесь свет, прыйшлі і сюды, 7а Ясон прыняў іх. Усе яны паступаюць насуперак загадаў цэзара, кажучы, што ёсць іншы кароль — Езус». 8І ўстрывожыўся народ і гарадскія ўлады, якія слухалі гэта. 9Але, атрымаўшы даволі шмат ад Ясона і іншых, адпусцілі іх.

10Тады браты адразу ж уначы адправілі Паўла і Сілу ў Бэрэю. Прыбыўшы туды, яны пайшлі ў юдэйскую сінагогу. 11Тутэйшыя былі больш прыхільныя, чым у Тэсалоніках, яны прынялі слова з усёй ахвотай і кожны дзень даследавалі Пісанне, ці так яно ёсць. 12І многія з іх паверылі — і з грэцкіх знатных жанчын, і з мужчын нямала. 13Калі ж даведаліся тэсаланікійскія юдэі, што і ў Бэрэі Павел прапаведуе Божае слова, прыйшлі таксама туды ды падбухторвалі і бунтавалі натоўп. 14Тады браты адразу ж адправілі Паўла, каб ён пайшоў да самага мора, а Сіла і Цімафей засталіся там. 15Тыя, хто спадарожнічаў Паўлу, правялі яго аж да Атэн. Атрымаўшы наказ для Сілы і Цімафея, каб як мага хутчэй прыйшлі да яго, вярнуліся.

16Калі Павел чакаў іх у Атэнах, яго дух абураўся на від горада, перапоўненага ідаламі. 17Ён размаўляў у сінагозе з юдэямі і з тымі, хто шанаваў Бога, і штодня з сустрэчнымі на рынку. 18Спрачаліся з імнекаторыя з эпікурэйскіх і стаіцкіх філосафаў. Адны казалі: «Што хоча сказаць гэты пустаслоў?» Іншыя: «Здаецца, ён прапаведуе чужых багоў», — таму што ён прапаведаваў ім Езуса і ўваскрасенне. 19Яны ўзялі яго і прывялі на Арэапаг, кажучы: «Ці можам даведацца, што гэта за новае вучэнне, якое ты абвяшчаеш? 20Бо нешта дзіўнае ўкладаеш нам у вушы. Мы хочам ведаць, што гэта азначае?» 21А ўсе атэнцы ды іншаземцы, якія жылі там, нічым так ахвотна не займаліся, як апавяданнем або слуханнем чагосьці новага.

22Павел стаў пасярод Арэапагу і сказаў: «Атэнцы, я бачу, што ва ўсім вы вельмі рэлігійныя. 23Бо, калі я праходзіў і аглядаў вашыя святыні, я знайшоў і алтар, на якім было напісана: “Невядомаму Богу”. Тое, чаму вы, не ведаючы, пакланяецеся, я абвяшчаю вам. 24Бог, які стварыў свет і ўсё, што ў ім, будучы Панам неба і зямлі, жыве не ў святынях, збудаваных рукамі, 25і не з рук чалавечых прымае служэнне, быццам бы маючы ў нечым патрэбу. Ён сам дае ўсяму жыццё, дыханне і ўсё. 26Ён учыніў з аднаго ўвесь род чалавечы, каб рассяліўся ён па ўсёй паверхні зямлі. Прызначыў устаноўленыя часы і межы іх рассялення, 27каб шукалі Бога. Можа намацаюць і знойдуць Яго, бо Ён недалёка ад кожнага з нас. 28Бо ў Ім мы жывём, рухаемся і існуём, як некаторыя з вашых паэтаў сказалі: “І мы род Ягоны”.

29Дык калі мы належым да Божага роду, то не павінны думаць, што боства падобна да золата ці срэбра, ці каменя, да выявы мастацтва і чалавечай фантазіі. 30Не зважаючы на часы няведання, Бог цяпер наказвае людзям, каб усе і паўсюль каяліся, 31бо Ён вызначыў дзень, калі будзе справядліва судзіць свет праз Чалавека, якога прызначыў, і даў доказ усім, уваскрасіўшы Яго з мёртвых».

32Калі пачулі пра ўваскрасенне мёртвых, адныя насміхаліся, а другія казалі: «Паслухаем цябе пра гэта іншым разам». 33Так Павел выйшаў ад іх. 34Але некаторыя людзі далучыліся да яго і паверылі. Сярод іх быў і Дыянізій Арэапагіт, і жанчына па імені Дамарыс, ды іншыя разам з імі.

 

18 (1-28)

 

1Пасля гэтага Павел пакінуў Атэны і прыбыў у Карынт. 2І, знайшоўшы нейкага юдэя па імені Аквіла, родам з Понта, які нядаўна прыйшоў з Італіі, і Прысцылу, жонку ягоную, — бо Клаўдзій загадаў усім юдэям пакінуць Рым, — прыйшоў да іх. 3А паколькі займаўся тым жа рамяством, заставаўся ў іх і працаваў. Яны ж займаліся вырабам намётаў. 4Кожны шабат ён прамаўляў у сінагозе і пераконваў юдэяў і грэкаў.

5Калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, Павел заняўся навучаннем і сведчыў юдэям, што Езус ёсць Месіяй. 6А калі яны пярэчылі і блюзнерылі, ён абтрос сваю вопратку і сказаў ім: «Кроў вашая на галаву вашую. Я — чысты. Цяпер іду да язычнікаў». 7Адышоўшы адтуль, прыйшоў у дом аднаго чалавека па імені Ціт Юст, які шанаваў Бога і дом якога быў побач з сінагогай. 8Крысп, кіраўнік сінагогі, паверыў у Пана з усім домам сваім. І шмат хто з карынцянаў, якія слухалі, паверылі і ахрысціліся.

9Пан ноччу ў аб’яўленні сказаў Паўлу: «Не бойся, але кажы і не маўчы, 10таму што Я з табою і ніхто не адважыцца зрабіць табе зло, бо ў Мяне шмат людзей у гэтым горадзе». 11І прабыў год і шэсць месяцаў, навучаючы іх Божаму слову.

12Калі Галіён быў праконсулам у Ахаі, юдэі аднадушна паўсталі супраць Паўла і прывялі яго ў суд, 13кажучы: «Ён намаўляе людзей шанаваць Бога нязгодна з Законам». 14Калі Павел хацеў адкрыць вусны, Галіён сказаў юдэям: «Юдэі, калі б размова ішла пра нейкую крыўду ці несправядлівы ўчынак, я б выслухаў вас, 15але калі спрэчка ідзе пра слова і пра імёны, і пра ваш Закон, то разглядайце самі. Я не хачу быць суддзёю ў гэтых справах». 16І выгнаў іх з суда. 17Схапіўшы кіраўніка сінагогі Састэна, усе білі яго перад судом. А Галіёну не было да гэтага ніякай справы.

18Павел жа прабыў там яшчэ даволі шмат дзён і, развітаўшыся з братамі, паплыў у Сірыю, а з ім Прысцыла і Аквіла. У Кенхрах ён абстрыг сабе галаву, бо даў такое абяцанне. 19А калі прыйшоў у Эфес, пакінуў іх там, а сам увайшоў у сінагогу і размаўляў там з юдэямі. 20Калі ж яны прасілі пабыць у іх даўжэй, ён не згадзіўся, 21а на развітанне сказаў ім: «Я вярнуся да вас, калі захоча Бог». І адплыў з Эфеса. 22Прыбыўшы ў Цэзарэю, ён увайшоў і прывітаў Касцёл, і адышоў у Антыёхію.

23Правёўшы там пэўны час, выйшаў і праходзіў па чарзе краіну галатаў і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.

24Нейкі юдэй, па імені Аполас, родам з Александрыі, чалавек красамоўны і знаўца Пісанняў, прыйшоў у Эфес. 25Быў ён настаўлены на шлях Пана і з запалам прамаўляў і вучыў старанна пра Езуса, хоць і ведаў толькі хрост Яна. 26Ён пачаў адважна прамаўляць у сінагозе. Калі яго пачулі Прысцыла і Аквіла, прынялі яго да сябе і растлумачылі яму шлях Божы. 27А калі ён збіраўся ісці ў Ахаю, браты напісалі вучням, каб яны прынялі яго. Калі ён прыйшоў туды, шмат дапамагаў тым, хто паверыў дзякуючы ласцы. 28Ён адважна пераконваў юдэяў, публічна даказваючы праз Пісанні, што Езус — гэта Месія.

 

19 (1-40)

 

1Калі Аполас быў у Карынце, Павел прайшоў праз горныя ваколіцы, спусціўся ў Эфес і, знайшоўшы там некаторых вучняў, 2сказаў ім: «Ці атрымалі вы Духа Святога, калі паверылі?» А яны адказалі яму: «Мы і не чулі, што ёсць Дух Святы». 3Ён спытаў: «У што ж вы хрысціліся?» Яны адказалі: «У хрост Яна». Павел сказаў: 4«Ян хрысціў хростам пакаяння, кажучы людзям, каб паверылі ў таго, хто ідзе пасля яго, гэта значыць, у Езуса». 5Калі гэта пачулі, ахрысціліся ў імя Пана Езуса. 6І калі Павел усклаў на іх рукі, Дух Святы сышоў на іх. Яны гаварылі мовамі і прарочылі. 7А было ўсіх каля дванаццаці чалавек.

8Увайшоўшы ў сінагогу, ён адважна прамаўляў тры месяцы, прапаведуючы і пераконваючы наконт Божага Валадарства. 9А калі некаторыя заўпарціліся і не верылі, зласловячы шлях Пана перад народам, Павел пакінуў іх, узяўшы з сабою вучняў, і штодня прапаведаваў у школе Тырана. 10Гэта працягвалася два гады, так што ўсе жыхары Азіі, юдэі і грэкі, пачулі слова Пана. 11Бог рабіў надзвычайныя цуды рукамі Паўла, 12так што на хворых ускладалі хусты і паясы з цела яго, і хваробы пакідалі іх, і злыя духі выходзілі з іх.

13Нават некаторыя з вандроўных юдэйскіх заклінальнікаў заклікалі над апантанымі злымі духамі імя Пана Езуса, кажучы: «Заклінаю вас Езусам, якога прапаведуе Павел». 14Рабілі гэта сем сыноў пэўнага Скевы, юдэйскага першасвятара. 15Але злы дух адказаў ім: «Я знаю Езуса і ведаю Паўла, а вы хто такія?» 16І накінуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, і, перамогшы абодвух, адолеў іх так, што яны ўцяклі з таго дому голыя і параненыя. 17І стала вядома пра гэта сярод усіх юдэяў і грэкаў, якія жылі ў Эфесе. І страх ахапіў іх усіх, і праслаўлялася імя Пана Езуса. 18Многія з тых, хто паверыў, прыходзілі, вызнаючы і адкрываючы свае ўчынкі. 19Нямала з тых, хто займаўся чарадзействам, сабраўшы кнігі свае, спалілі іх перад усімі. А калі падлічылі іх кошт, аказалася іх на пяцьдзесят тысяч срэбных манет. 20Так моцна ўзрастала і ўмацоўвалася слова Пана.

21Калі гэта здзейснілася, Павел вырашыў прайсці Македонію і Ахаю і накіравацца ў Ерузалем, кажучы: «Калі пабуду там, дык я павінен убачыць і Рым». 22І паслаў у Македонію дваіх з тых, хто служыў яму, Цімафея і Эраста, а сам пэўны час заставаўся ў Азіі.

23У гэты час узнялося немалое абурэнне з прычыны шляху Пана. 24Нейкі Дэметрый, што займаўся срэбрам і рабіў срэбныя святыні Артэміды, прыносіў немалы прыбытак рамеснікам. 25Ён сабраў іх і іншых падобных рамеснікаў і сказаў: «Мужы, вы ведаеце, што наш дастатак залежыць ад гэтага занятку. 26А вы бачыце і чуеце, што не толькі ў Эфесе, але і амаль па ўсёй Азіі гэты Павел пераканаў і адвярнуў нямала народу, кажучы, што не з’яўляецца багамі тое, што зроблена рукамі. 27Гэта пагражае нам не толькі тым, што наша доля прыйдзе ў заняпад, але і святыня вялікай багіні Артэміды будзе лічыцца нічога не вартай, і пазбавіцца велічы тая, якой пакланяецца ўся Азія і свет».

28Пачуўшы гэта, яны напоўніліся гневам і закрычалі: «Вялікая Артэміда Эфеская!» 29Увесь горад ахапіла хваляванне. Схапіўшы спадарожнікаў Паўла, македонцаў Гая і Арыстарха, яны ўсёй грамадой кінуліся да тэатра. 30Калі Павел хацеў увайсці ў натоўп, вучні не пусцілі яго. 31Таксама некаторыя кіраўнікі правінцыі, якія прыязна ставіліся да яго, паслалі да яго з просьбай, каб не паказваўся ў тэатры. 32Тым часам адны крычалі адно, другія — іншае, бо сход быў бязладны і многія не ведалі, чаго сабраліся.

33Тады з натоўпу вывелі Аляксандра, якога юдэі выштурхнулі наперад. Аляксандр даў знак рукой, што хоча апраўдацца перад народам. 34Калі ж даведаліся, што ён юдэй, усе ў адзін голас і каля дзвюх гадзін крычалі: «Вялікая Артэміда Эфеская!» 35Урэшце гарадскі пісар супакоіў народ, сказаўшы: «Эфесцы, хто з людзей не ведае, што горад Эфес — захавальнік святыні вялікай Артэміды і яе выявы, што ўпала з неба? 36А паколькі гэта бясспрэчна, то вам трэба захоўваць спакой і не рабіць нічога паспешна. 37Вы прывялі гэтых людзей, якія не блюзнерылі і не зняважылі нашай багіні. 38Калі ж Дэметрый і рамеснікі, што з ім, маюць супраць кагосьці справу, дык на рынку адбываюцца суды і ёсць праконсулы. Няхай абвінавачваюць адны другіх. 39А калі вы дабіваецеся чагосьці іншага, то гэта вырашыцца на законным сходзе. 40Бо нам пагражае абвінавачанне ў сённяшнім хваляванні, і няма ніякай прычыны, каб апраўдаць наша зборышча». Сказаўшы гэта, ён распусціў сход.

 

20 (1-38)

 

1Калі сунялося хваляванне, Павел склікаў вучняў і, падбадзёрыўшы іх, развітаўся з імі ды адправіўся ў Македонію. 2Прайшоўшы праз гэтыя мясціны і заахвоціўшы многімі словамі, прыйшоў у Грэцыю. 3Прабыў ён там тры месяцы. Калі захацеў адплысці ў Сірыю, юдэі ўчынілі супраць яго змову, таму ён вырашыў вяртацца праз Македонію. 4Яго суправаджалі Сапатэр, сын Пірра, з Бэрэі, Арыстарх і Сэкунд з тэсаланікійцаў, а таксама Гай з Дэрбэ і Цімафей, Тыхік і Трафім з Азіі. 5Яны пайшлі наперад і чакалі нас у Траадзе. 6А мы адплылі з Філіпаў пасля свята Праснакоў і праз пяць дзён прыбылі адтуль у Трааду, дзе правялі сем дзён.

7У першы дзень пасля шабату, калі мы сабраліся на ламанне хлеба, Павел прамовіў да іх, бо збіраўся зранку адысці, і зацягнуў сваю прамову да поўначы. 8У святліцы, дзе мы сабраліся, было шмат свяцільнікаў. 9Адзін юнак, па імені Эўтых, які сядзеў на акне, глыбока заснуў, калі Павел доўга гаварыў. Урэшце, змораны сном, ён зваліўся з трэцяга паверху, і яго паднялі мёртвым. 10Павел, спусціўшыся, прытуліў яго і сказаў: «Не трывожцеся, бо душа яго ў ім!» 11Затым падняўшыся, ён ламаў хлеб і спажываў, і яшчэ доўга прамаўляў да самай раніцы, а пасля адышоў. 12А юнака павялі жывым і на радасць многім.

13Тады мы селі раней на карабель і паплылі ў Ас, каб забраць адтуль Паўла, бо ён так загадаў, пажадаўшы ісці пехатою. 14Калі ж ён сустрэўся з намі ў Асе, мы забралі яго і прыбылі ў Мітылену. 15Адплыўшы адтуль, мы назаўтра прысталі насупраць Хіёса, а на другі дзень накіраваліся ў Самос, а на наступны – мы прыбылі ў Мілет. 16Бо Павел вырашыў абмінуць Эфес, каб не марнаваць час у Азіі. Ён спяшаўся, каб па магчымасці прыбыць у Ерузалем на дзень Пяцідзесятніцы.

17Паслаўшы з Мілета ў Эфес, Павел паклікаў старэйшых Касцёла. 18А калі яны прыйшлі да яго, сказаў ім: «Вы ведаеце, што з першага дня майго прыходу ў Азію, я ўвесь час быў з вамі. 19Служыў Пану з усёй пакораю і ў слязах ды сярод выпрабаванняў, якія сустрэлі мяне з-за подступаў юдэйскіх. 20І як я не мінаў нічога карыснага, пра што б ні абвяшчаў і чаму б ні вучыў вас публічна і па дамах, 21даючы сведчанне юдэям і грэкам пра навяртанне да Бога і пра веру ў Пана нашага Езуса. 22І вось цяпер, прымушаны Духам, я іду ў Ерузалем, не ведаючы, што мяне там сустрэне, 23апроч таго, што Дух Святы ў кожным горадзе сведчыць, кажучы, што чакаюць мяне кайданы і ўціск. 24Але маё жыцце для мяне не вартае нічога. Толькі б скончыў бег свой і служэнне, якое прыняў ад Пана Езуса, каб даць сведчанне пра Евангелле Божай ласкі.

25І вось цяпер я ведаю, што больш не ўбачыце майго аблічча вы ўсе, сярод якіх я хадзіў, абвяшчаючы Божае Валадарства. 26Таму сведчу вам сёння, што я чысты ад крыві ўсіх, 27бо не ўхіляўся я ад абвяшчэння вам усёй волі Божай. 28Дбайце пра сябе і ўвесь статак, у якім Дух Святы паставіў вас біскупамі, каб вы пасвілі Касцёл Божы, які Ён прыдбаў уласнай крывёю. 29Ведаю, што пасля майго адыходу ўвойдуць да вас ваўкі лютыя, якія не пашкадуюць статка. 30І з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць казаць падступна, каб пацягнуць за сабою вучняў. 31Таму чувайце, памятаючы, што я тры гады ўдзень і ўначы не пераставаў вучыць кожнага з вас са слязьмі.

32А сёння даручаю вас Богу і слову Ягонай ласкі, якое можа ўмацаваць вас і даць спадчыну між усіх асвячаных. 33Ні срэбра, ні золата, ні вопраткі я ні ад кога не пажадаў. 34Самі ведаеце, што гэтыя рукі служылі патрэбам маім і тых, хто быў са мною. 35Ва ўсім я паказаў вам, што, так працуючы, трэба дапамагаць слабым, памятаючы словы Пана Езуса, якія Ён сказаў: “Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!”».

36Сказаўшы гэта, ён укленчыў і маліўся разам з імі ўсімі. 37Тады ўсе ўзнялі вялікі плач, кідаліся Паўлу на шыю і цалавалі яго. 38Найбольш смуткавалі з-за слова, якое ён сказаў, што ўжо не ўбачаць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.

 

21 (1-40)

 

1Калі мы, расстаўшыся з імі, адплылі, то простым шляхам прыбылі на Кос, затым — на Родас, а адтуль — у Патару. 2Знайшоўшы карабель, які плыў у Фінікію, мы селі і паплылі. 3А калі паказаўся Кіпр, мы абмінулі яго злева і паплылі ў Сірыю. І прысталі ў Тыры, бо там трэба было разгрузіць карабель. 4Знайшоўшы вучняў, мы засталіся там на сем дзён. Яны ж, натхнёныя Духам, казалі Паўлу не ісці ў Ерузалем. 5Пасля гэтых дзён мы выбраліся ў дарогу, а ўсе з жонкамі і дзецьмі праводзілі нас за горад. І, укленчыўшы на беразе і памаліўшыся, 6мы развіталіся адзін з адным і селі на карабель, а яны вярнуліся да сябе. 7На заканчэнне нашага плавання мы прыбылі з Тыра ў Пталемаіду, дзе прывіталі братоў і прабылі ў іх адзін дзень.

8Назаўтра адышлі і прыбылі ў Цэзарэю. Увайшоўшы ў дом дабравесніка Філіпа, аднаго з сямі дыяканаў, мы засталіся ў яго. 9Ён меў чатыры дачкі, дзевы, якія прарочылі. 10У той час, як мы былі ў іх шмат дзён, прыйшоў з юдэі пэўны прарок, па імені Агабос. 11Ён увайшоў да нас, узяў Паўлаў пояс і, звязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: «Так кажа Дух Святы: “Таго чалавека, чый гэта пояс, так звяжуць у Ерузалеме юдэі і аддадуць у рукі язычнікаў”». 12Калі мы гэта пачулі, угаворвалі Паўла разам з тамтэйшымі братамі не хадзіць у Ерузалем. 13Аднак Павел адказаў: «Навошта плачаце і засмучаеце маё сэрца? Бо я дзеля імя Пана Езуса гатовы не толькі быць звязаным, але і памерці ў Ерузалеме». 14Паколькі яго не ўдалося ўгаварыць, мы супакоіліся, сказаўшы: «Няхай будзе воля Пана!»

15Пасля гэтых дзён мы падрыхтаваліся і вырушылі ў Ерузалем. 16З намі пайшлі некаторыя вучні з Цэзарэі і прывялі да нас нейкага Мнасона з Кіпра, даўняга вучня, які меў нас прыняць.

17Калі мы прыйшлі ў Ерузалем, браты радасна прынялі нас. 18На другі дзень Павел пайшоў з намі да Якуба, куды прыйшлі таксама ўсе старэйшыя. 19Прывітаўшы іх, ён падрабязна расказваў пра тое, што Бог учыніў сярод язычнікаў праз яго служэнне. 20Пачуўшы гэта, яны ўславілі Бога і сказалі яму: «Бачыш, брат, колькі тысяч юдэяў паверыла, а ўсе яны рупліўцы Закону. 21Яны чулі пра цябе, быццам ты юдэяў, якія жывуць сярод язычнікаў, вучыш адступаць ад Майсея, кажучы, каб не абразалі дзяцей і не трымаліся звычаяў. 22Дык што ж? Яны напэўна пачуюць, што ты прыйшоў. 23Зрабі тое, што мы кажам табе. У нас ёсць чатыры мужчыны, якія далі абяцанне. 24Вазьмі іх з сабой, і ачысціся разам з імі, і заплаці за іх выдаткі, каб яны абстрыглі свае галовы. І даведаюцца ўсе, што ім кажуць пра цябе няпраўду і што ты сам выконваеш Закон. 25А што да тых язычнікаў, якія паверылі, мы напісалі ім сваю параду, каб яны стрымліваліся ад спажывання страў, прынесеных у ахвяру ідалам, ад крыві і мяса задушаных жывёл, ад распусты».

26Тады Павел узяў тых мужчын і назаўтра, ачысціўшыся з імі, увайшоў у святыню і абвясціў пра заканчэнне дзён ачышчэння, калі за кожнага з іх павінна быць прынесена ахвяра.

27Калі ж заканчваліся сем дзён, юдэі з Азіі, убачыўшы яго ў святыні, падбухторылі ўвесь народ і ўсклалі на яго рукі 28з крыкам: «Мужы ізраэльскія, дапамажыце! Гэты чалавек усюды ўсіх навучае супраць народу, Закону і гэтага месца. Яшчэ і грэкаў увёў у святыню і апаганіў гэтае святое месца». 29Бо перад тым яны бачылі ў горадзе з ім Трафіма эфесца і казалі пра яго, што Павел увёў яго ў святыню. 30Увесь горад узрушыўся, і збегся народ. Яны схапілі Паўла, выцягнулі яго са святыні і адразу зачынілі дзверы. 31Калі хацелі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерузалем збунтаваўся. 32Ён адразу ж узяў жаўнераў і сотнікаў і прыбег да іх. Убачыўшы тысячніка і жаўнераў, яны перасталі біць Паўла. 33Тады тысячнік, наблізіўшыся, узяў яго і загадаў скаваць яго падвойнымі ланцугамі. Дапытваўся таксама, хто ён і што ўчыніў. 34У натоўпе ж усе крычалі сваё. Не здолеўшы даведацца нічога пэўнага з-за шуму, ён загадаў завесці яго ў крэпасць. 35Калі быў на прыступках, жаўнеры мусілі несці яго з прычыны націску натоўпу. 36Бо шмат народу ішло за ім і крычала: «Забі яго!»

37Пры ўваходзе ў крэпасць Павел сказаў тысячніку: «Ці можна сказаць табе нешта?» Той адказаў: «Ты гаворыш па-грэцку? 38Значыць ты не той егіпцянін, які нядаўна ўчыніў бунт і вывеў на пустыню чатыры тысячы бандытаў?» 39Павел адказаў: «Я юдэй з Тарса, грамадзянін вядомага горада ў Цыліцыі. Прашу цябе, дазволь мне звярнуцца да народу». 40Калі ж той дазволіў, Павел, стоячы на прыступках, даў народу знак рукой. Калі настала поўная ціша, прамовіў па-габрэйску, кажучы:

 

22 (1-30)

 

1«Браты і айцы, цяпер паслухайце маё апраўданне перад вамі». 2Пачуўшы, што ён гаворыць з імі на габрэйскай мове, яшчэ больш суцішыліся. І ён сказаў: 3«Я — юдэй, нарадзіўся ў Тарсе, што ў Цыліцыі, але выхаваны ў гэтым горадзе, каля ног Гамаліэля, навучаны старанна айцоўскаму Закону, руплівец Божы, як і ўсе вы сёння. 4Я бязлітасна пераследаваў гэты шлях, звязваў і кідаў у вязніцу мужчын і жанчын, 5як засведчаць пра мяне першасвятар і ўсе старэйшыя. Атрымаўшы ад іх лісты, я пайшоў да братоў у Дамаск, каб тых, што былі там, звязаць і прывесці ў Ерузалем для пакарання.

6Калі я быў у дарозе і набліжаўся да Дамаска, раптам каля поўдня заззяла вакол мяне вялікае святло з неба. 7Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: «Саўле, Саўле, чаго ты пераследуеш Мяне?» 8Я адказаў: «Хто Ты, Пане?» Ён сказаў мне: «Я — Езус Назаранін, якога Ты пераследуеш». 9Тыя, хто быў са мною, бачылі святло, але не чулі голасу таго, хто гаварыў са мною. 10Тады я сказаў: «Што мне рабіць, Пане?» А Пан сказаў мне: «Устань і ідзі ў Дамаск, і там табе будзе сказана пра ўсё, што трэба табе рабіць». 11Паколькі я перастаў бачыць ад бляску таго святла, мае спадарожнікі прывялі мяне за руку ў Дамаск.

12Нейкі Ананія, чалавек пабожны паводле Закону, пра якога ўсе жыхары юдэйскія добра сведчылі, 13прыйшоў да мяне і, стаўшы, сказаў мне: «Браце Саўле, будзь зноў відушчым!» І ў той жа момант я ўбачыў яго. 14Ён жа сказаў: “Бог айцоў нашых прадвызначыў цябе, каб ты пазнаў волю Ягоную, убачыў Справядлівага і пачуў голас з вуснаў Ягоных, 15бо ты будзеш Яго сведкам перад усімі людзьмі ў тым, што ты бачыў і чуў. 16А цяпер чаго ты марудзіш? Устань, ахрысціся і змый грахі свае, паклікаўшы Яго імя”.

17Калі я вярнуўся ў Ерузалем і маліўся ў святыні, мяне агарнула захапленне. 18Я ўбачыў Яго, і Ён казаў мне: “Паспяшайся і выйдзі хутчэй з Ерузалема, бо не прымуць твайго сведчання пра Мяне”. 19І я сказаў: “Пане, яны ведаюць, што я кідаў у вязніцу і біў у сінагогах тых, хто верыць у Цябе. 20І калі пралівалася кроў Стэфана, Твайго сведкі, я сам стаяў побач і згаджаўся з яго забойствам, і сцярог адзенне забойцаў ягоных. 21І Ён сказаў мне: “Ідзі, Я пашлю цябе далёка, да язычнікаў”».

22Да гэтага слова слухалі яго, а пасля ўзнялі крык, кажучы: «Прэч яго з зямлі — такі не мае права жыць!» 23Калі яны з крыкам рвалі адзенне і ўздымалі пыл у паветра, 24тысячнік загадаў адвесці яго ў крэпасць і праз бічаванне даведацца, з якой прычыны так крычалі на яго.

25Але калі расцягнулі яго для бічавання, Павел сказаў сотніку: «Хіба дазволена вам без суда бічаваць рымляніна?» 26Пачуўшы гэта, сотнік пайшоў і паведаміў тысячніку, кажучы: «Што ты збіраешся рабіць? Гэта ж рымлянін». 27Тады тысячнік, падышоўшы да яго, сказаў: «Скажы мне, ты рымскі грамадзянін?» Ён адказаў: «Так». 28Тысячнік сказаў: «Я за вялікія грошы набыў гэтае грамадзянства». Павел сказаў: «А я нарадзіўся ў ім». 29Тады адразу адступіліся ад яго тыя, што хацелі дапытаць яго, а тысячнік спалохаўся, калі даведаўся, што ён загадаў звязаць рымскага грамадзяніна.

30На другі дзень, жадаючы дакладна ведаць, у чым юдэі абвінавачваюць Паўла, вызваліў яго і загадаў сабрацца першасвятарам і ўсяму Сінэдрыёну. Потым прывёў Паўла і паставіў перад імі.

 

23 (1-35)

 

1Павел уважліва паглядзеў на Сінэдрыён і сказаў: «Браты, я да сённяшняга дня жыў перад Богам з чыстым сумленнем». 2Першасвятар Ананія, які стаяў перад ім, загадаў біць яго па вуснах. 3Тады Павел сказаў яму: «Бог ударыць цябе, сцяна пабеленая. Ты ж сядзіш, каб судзіць мяне паводле Закону, а загадваеш біць мяне супраць Закону?» 4Тыя, што стаялі побач, сказалі: «Першасвятара Божага зневажаеш?» 5Павел адказаў: «Я не ведаў, браты, што ён першасвятар. Бо напісана: “Не будзеш зласловіць кіраўніку народу свайго”».

6Заўважыўшы, што адна частка — гэта садукеі, а другая — фарысеі, Павел усклікнуў у Сінэдрыёне: «Браты, я фарысей, сын фарысея; мяне судзяць за надзею і ўваскрашэнне памерлых». 7Калі ён сказаў гэта, паміж фарысеямі і садукеямі пачалася спрэчка, і сход падзяліўся. 8Бо садукеі сцвярджаюць, што няма ні ўваскрашэння, ні анёла, ні духа, а фарысеі прызнаюць адно і другое. 9Падняўся вялікі крык. І некаторыя кніжнікі з фарысейскага боку спрачаліся, кажучы: «Нічога дрэннага ў гэтым чалавеку мы не знаходзім. А што калі дух ці анёл прамаўлялі да яго?» 10Паколькі спрэчка нарастала, тысячнік, баючыся, каб не разарвалі Паўла, загадаў жаўнерам пайсці і забраць яго ад іх ды адвесці ў крэпасць. 11У наступную ноч Пан з’явіўся перад ім і сказаў: «Бадзёрся! Бо як ты сведчыў пра Мяне ў Ерузалеме, так належыць табе сведчыць і ў Рыме».

12Калі настаў дзень, некаторыя юдэі пакляліся не есці і не піць, пакуль не заб’юць Паўла. 13Было больш за сорак тых, што так пакляліся. 14Яны прыйшлі да першасвятароў і старэйшых і сказалі: «Мы пакляліся нічога не есці, пакуль не заб’ём Паўла. 15Таму цяпер вы разам з Сінэдрыёнам дайце знаць тысячніку, каб заўтра прывёў яго да вас, як быццам вы хочаце дакладней даведацца пра яго справу. А мы гатовыя забіць яго, перш чым ён наблізіцца».

16Калі пра гэты подступ пачуў сын Паўлавай сястры, ён прыйшоў у крэпасць і паведаміў пра гэта Паўлу. 17Тады Павел паклікаў аднаго з сотнікаў і сказаў: «Завядзі гэтага юнака да тысячніка, бо ён мае яму штосьці сказаць». 18Той узяў яго, прывёў да тысячніка і сказаў: «Вязень Павел паклікаў мяне і папрасіў прывесці да цябе гэтага юнака, бо ён мае табе штосьці сказаць». 19Тысячнік узяў яго за руку, адвёў убок і спытаўся: «Што ты маеш сказаць мне?» 20Ён адказаў: «Юдэі змовіліся прасіць цябе, каб заўтра ты прывёў Паўла ў Сінэдрыён, быццам бы яны хочуць дакладней даведацца пра яго. 21Але не слухайся іх, таму што больш за сорак чалавек затаіліся на яго. Яны пакляліся сабе ні есці, ні піць, пакуль не заб’юць яго. Яны ўжо напагатове і чакаюць твайго распараджэння».

22Тады тысячнік адпусціў юнака, сказаўшы: «Нікому не кажы, што ты расказаў мне гэта». 23І, паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў: «Падрыхтуйце мне на трэцюю гадзіну ночы дзвесце жаўнераў і семдзесят коннікаў, і дзвесце стральцоў, каб вырушыць у Цэзарэю». 24Падрыхтуйце таксама жывёл, каб пасадзіць Паўла і адвезці яго бяспечна да намесніка Фелікса». 25Напісаў таксама ліст такога зместу: 26«Клаўдзій Лізій вітае высокашаноўнага намесніка Фелікса. 27Юдэі схапілі гэтага чалавека і хацелі забіць яго, але, калі я даведаўся, што ён рымскі грамадзянін, умяшаўся са сваімі жаўнерамі і ўратаваў яго. 28Жадаючы даведацца, з якой прычыны яго абвінавачваюць, я прывёў яго ў іхні Сінэдрыён 29і ўбачыў, што яго вінавацяць у спрэчных пытаннях Закону іхняга і што няма на ім ніякай віны, якая заслугоўвае смерці або кайданаў. 30А калі мне данеслі, што юдэі ўчынілі змову супраць гэтага чалавека, я адразу паслаў яго да цябе, загадаўшы таксама абвінаваўцам выступіць супраць яго перад табою».

31Тады жаўнеры на ягоны загад узялі Паўла і павялі ноччу ў Антыпатрыду. 32Назаўтра, пакінуўшы коннікаў ісці з ім, вярнуліся ў крэпасць. 33Тыя ж, прыйшоўшы ў Цэзарэю, перадалі намесніку ліст і паставілі перад ім Паўла. 34Прачытаўшы ліст, той спытаўся, з якой ён правінцыі. Даведаўшыся, што ён з Цыліцыі, сказаў: 35«Я выслухаю цябе, калі прыйдуць твае абвінаваўцы». І загадаў трымаць яго пад вартаю ў прэторыі Ірада.

 

24 (1-27)

1Праз пяць дзён прыйшоў першасвятар Ананія з некаторымі старэйшынамі і нейкім прамоўцам Тэртулам, якія перад намеснікам скардзіліся на Паўла. 2Калі ж яго паклікалі, Тэртул пачаў абвінавачваць, кажучы: «Дзякуючы табе мы дасягнулі вялікага спакою і для народу гэтага добрыя рэчы сталіся праз тваю абачлівасць. 3Мы заўсёды і ўсюды прызнаём гэта, дастойны Фелікс, з усёй удзячнасцю. 4Але каб занадта не турбаваць цябе, прашу: будзь ласкавы коратка выслухаць нас. 5Мы пераканаліся, што гэты чалавек — гэта зараза, і што ён выклікае неспакой сярод усіх юдэяў ва ўсім свеце і з’яўляецца правадыром секты назарэяў. 6Ён асмеліўся нават зняважыць святыню, і мы схапілі яго. (7)8Ты можаш сам распытацца і давецацца ад яго пра ўсё, у чым мы яго вінавацім». 9Юдэі таксама згодна пацвердзілі, што гэта так.

10Тады намеснік даў слова Паўлу, і ён сказаў: «Ведаю, што шмат гадоў ты з’яўляешся суддзёю гэтага народу, таму я буду смела бараніцца. 11Ты можаш даведацца, што не больш за дванаццаць дзён таму я прыйшоў у Ерузалем пакланіцца Богу. 12І ні ў святыні, ні ў сінагогах, ні ў горадзе яны не знаходзілі, каб я спрачаўся з кім-небудзь ці падбухторваў натоўп. 13Таму не могуць даказаць табе таго, у чым цяпер абвінавачваюць мяне. 14Але прызнаюся табе, што згодна са шляхам, які яны называюць сектай, я служу Богу айцоў, верачы ва ўсё, што напісана ў Законе і ў Прарокаў, 15і маючы надзею на Бога, што будзе ўваскрашэнне, справядлівых і несправядлівых, чаго яны і самі чакаюць. 16Таму і я руплюся, каб заўсёды мець бездакорнае сумленне перад Богам і людзьмі. 17Пасля многіх гадоў я прыйшоў, каб падаць майму народу міласціну і прынашэнні. 18За гэтым знайшлі мяне ў святыні, калі я ачышчаўся, без натоўпу і шуму, 19нейкія юдэі з Азіі, якім трэба было б з’явіцца перад табою і абвінавачваць мяне, калі штосьці маюць супраць. 20Няхай гэтыя людзі самі скажуць, ці знайшлі на мне якое беззаконне, калі я стаяў перад Сінэдрыёнам. 21Хіба толькі тое, што я выкрыкнуў, стоячы сярод іх: “За ўваскрашэнне памерлых я сёння на судзе перад вамі!”».

22Выслухаўшы гэта, Фелікс адклаў іх справу, бо дакладна быў знаёмы з тым, што датычыла іх шляху, сказаўшы: «Калі прыбудзе тысячнік Лізій, разгледжу вашу справу». 23А сотніку загадаў пільнаваць Паўла, але пакідаючы яму пэўную свабоду і не забараняючы нікому з яго блізкіх прыслугоўваць яму.

24Праз некалькі дзён Фелікс прыйшоў з жонкай сваёй Друзілай, якая была юдэйкай, і паклікаў Паўла, і слухаў яго пра веру ў Езуса Хрыста. 25А паколькі ён расказваў пра справядлівасць, стрыманасць і будучы суд, Фелікс, напоўнены страхам, сказаў: «Цяпер ідзі, у адпаведны час паклічу цябе». 26Ён таксама спадзяваўся, што Павел дасць яму грошай, таму часта клікаў яго і размаўляў з ім.

27Але праз два гады на месца Фелікса прыбыў Порцый Фэст. Каб дагадзіць юдэям, Фелікс пакінуў Паўла ў зняволенні.

 

25 (1-27)

1Фэст, прыбыўшы ў сваю правінцыю, праз тры дні адбыў з Цэзарэі ў Ерузалем. 2Тады першасвятары і ўплывовыя юдэі паскардзіліся яму на Паўла і прасілі яго 3зрабіць ласку і прыслаць Паўла ў Ерузалем, бо задумвалі забіць яго ў дарозе. 4Але Фэст адказаў, што Паўла сцерагуць у Цэзарэі, і ён сам неўзабаве туды адправіцца. 5«Тыя з вас, хто можа, — сказаў ён, — няхай пойдуць разам са мною і, калі ёсць штосьці заганнае ў гэтым чалавеку, няхай абвінавацяць яго». 6Прабыўшы ў іх не больш за восем або дзесяць дзён, ён вярнуўся ў Цэзарэю. На другі дзень сеў на судовы пасад і загадаў прывесці Паўла. 7Калі прывялі, сталі вакол яго юдэі, якія прыйшлі з Ерузалема, і выказвалі супраць яго шмат цяжкіх абвінавачванняў, аднак не маглі іх даказаць. 8Павел у сваё апраўданне сказаў: «Я ні ў чым не правініўся ні супраць юдэйскага Закону, ні супраць святыні, ні супраць цэзара». 9Тады Фэст, жадаючы дагадзіць юдэям, адказаў Паўлу: «Хочаш ісці ў Ерузалем і там стаць перад судом у гэтых справах?» 10Павел адказаў: «Я стаю перад судом цэзара, дзе мяне і належыць судзіць. Я не пакрыўдзіў юдэяў нічым, і ты добра ведаеш гэта. 11Калі я ўчыніў злачынства і зрабіў штосьці вартае смерці, я не адмаўляюся памерці. Але калі няма нічога, у чым яны вінавацяць мяне, то ніхто не можа выдаць мяне ім. Я звяртаюся да цэзара!» 12Тады Фэст, пагаварыўшы з радай, адказаў: «Ты звярнуўся да цэзара, да цэзара і пойдзеш».

13Праз некалькі дзён кароль Агрыпа і Бэрэніка прыбылі ў Цэзарэю прывітаць Фэста. 14Паколькі яны прабылі там шмат дзён, Фэст растлумачыў справу Паўла каралю, кажучы: «Фелікс пакінуў у вязніцы аднаго чалавека. 15Калі я быў у Ерузалеме, першасвятары і старэйшыны Ізраэля падалі супраць яго скаргу, патрабуючы асуджэння. 16Я адказаў ім, што рымляне не маюць звычаю асуджаць каго-небудзь на смерць, пакуль абвінавачаны не стане перад абвінаваўцамі і не атрымае магчымасці бараніцца ад закідаў. 17Калі яны прыйшлі сюды, то я не марудзіў, але ў наступны дзень распачаў судовы працэс і загадаў прывесці таго чалавека. 18Абвінаваўцы сталі вакол яго, але не падалі ніякага абвінавачвання ў тых злачынствах, якія я падазраваў. 19Яны спрачаліся з ім пра іх вераванні і пра нейкага памерлага Езуса, пра якога Павел сцвярджае, што Ён жывы. 20Не ведаючы, як вырашаць такія справы, я спытаўся ў яго, ці не хоча ён пайсці ў Ерузалем і там судзіцца за гэта. 21Калі ж Павел пажадаў застацца пад вартаю, пакуль яго справу не разгледзіць цэзар, я загадаў сцерагчы яго, пакуль не адпраўлю да цэзара». 22Агрыпа сказаў Фэсту: «Я хацеў бы паслухаць гэтага чалавека». «Заўтра, — сказаў той, — ты пачуеш яго».

23Назаўтра Агрыпа і Бэрэніка прыйшлі з усёй пампезнасцю і ўвайшлі ў судовую залу з тысячнікамі і гарадской знаццю. На загад Фэста прывялі Паўла. 24І сказаў Фэст: «Кароль Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы, вы бачыце таго, супраць каго ўвесь народ юдэйскі выступіў перада мною ў Ерузалеме і тут з воклічамі, што ён не павінен больш жыць. 25Але я пераканаўся, што ён не зрабіў нічога вартага смерці, а паколькі ён сам звяртаўся да цэзара, я вырашыў паслаць да яго. 26Я не маю нічога канкрэтнага, каб напісаць пра яго гаспадару. Таму я прывёў яго да вас, асабліва да цябе, кароль Агрыпа, каб пасля гэтага разбіральніцтва мне было што напісаць. 27Бо мне здаецца неразважным паслаць вязня, не падаўшы абвінавачанняў супраць яго».

 

26 (1-32)

1Агрыпа сказаў Паўлу: «Табе дазволена гаварыць за самога сябе». Тады Павел працягнуў руку і прамовіў у сваю абарону: 2«Кароль Агрыпа, я лічу сябе шчаслівым, што сёння павінен абараняцца перад табой ад усяго, у чым мяне вінавацяць юдэі. 3Ты найбольш ведаеш усе юдэйскія звычаі і спрэчныя пытанні. Таму прашу велікадушна выслухаць мяне. 4Жыццё маё з маладосці, якое ад пачатку праходзіла ў Ерузалеме сярод народу майго, ведаюць усе юдэі. 5Яны ведаюць мяне здаўна і могуць засведчыць, што я жыў як фарысей паводле самай строгай плыні нашай рэлігіі. 6А цяпер стаю перад судом за надзею на абяцанне, якое Бог даў айцам нашым, 7а яго спаўнення чакаюць нашыя дванаццаць пакаленняў, днём і ноччу няспынна служачы Богу. За гэтую надзею, кароль, юдэі вінавацяць мяне! 8Чаму вы лічыце неверагодным, што Бог уваскрашае памерлых?

9Я таксама лічыў, што павінен шмат зрабіць супраць імені Езуса з Назарэта. 10Я гэта і рабіў у Ерузалеме. Атрымаўшы ўладу ад першасвятароў, я многіх святых кінуў у вязніцу. Калі іх забівалі, даваў згоду. 11І часта па ўсіх сінагогах я караў іх і прымушаў блюзнерыць, а будучы раз’юшаным на іх, пераследаваў нават у чужых гарадах.

12Калі дзеля гэтага я ішоў у Дамаск з уладай і даручэннем ад першасвятароў, 13апоўдні я ўбачыў на дарозе, о кароль, святло з неба, ярчэйшае за святло сонца, якое асвятляла мяне і тых, хто ішоў разам са мною. 14Калі мы ўсе ўпалі на зямлю, я пачуў голас, які казаў мне па-габрэйску: “Саўл, Саўл, чаму ты пераследуеш Мяне? Цяжка табе ісці супраць ражна”. 15Я спытаўся: “Хто ты, Пане?” Ён адказаў: “Я Езус, якога ты пераследуеш. 16Але падыміся і ўстань на ногі свае, бо для таго Я з’явіўся табе, каб зрабіць цябе слугою і сведкам таго, што ты бачыў і што Я адкрыю табе. 17Я вызвалю цябе ад гэтага народу і ад язычнікаў, да якіх Я пасылаю цябе 18адкрыць ім вочы, каб яны павярнуліся ад цермы да святла і ад улады сатаны да Бога, каб праз веру ў Мяне атрымалі дараванне грахоў і спадчыну сярод асвячаных”.

19Таму, кароль Агрыпа, я не быў непаслухмяным нябеснаму бачанню, 20але прапаведаваў спачатку жыхарам Дамаска і Ерузалема, а потым па ўсёй зямлі юдэйскай і язычнікам, каб яны каяліся і навярталіся да Бога, здзяйсняючы справы, што вынікаюць з пакаяння. 21За гэта юдэі схапілі мяне ў святыні і спрабавалі забіць. 22Але, атрымаўшы дапамогу ад Бога, я аж да гэтага дня працягваю сведчыць малому і вялікаму. Я не кажу нічога, акрамя таго, што, па словах прарокаў і Майсея, павінна было адбыцца: 23што Хрыстус павінен быў цярпець і абвясціць, як першы сярод уваскрослых, святло народу гэтаму і язычнікам».

24Калі ён так абараняўся, Фэст гучна сказаў: «Павел, ты ашалеў! Вялікая вучонасць даводзіць цябе да вар’яцтва». 25Але Павел сказаў: «Я не шалею, дастойны Фэст, але абвяшчаю словы праўдзівыя і прадуманыя. 26Бо ведае пра гэта кароль, перад якім я смела кажу гэта. Я ўпэўнены, што нічога з гэтага не схавана ад яго, бо адбывалася не ў закутку. 27Ці верыш ты, кароль Агрыпа, прарокам? Я ведаю, што верыш». 28Агрыпа сказаў Паўлу: «Яшчэ крыху і пераканаеш мяне стаць хрысцінянінам!» 29Павел сказаў: «Я маліў бы Бога, каб калісьці, не толькі ты, але і ўсе, хто сёння чуе мяне, сталі такімі, як я, акрамя гэтых кайданаў!»

30Тады кароль і намеснік, а таксама Бэрэніка, і тыя, што сядзелі разам з імі, падняліся. 31Адышоўшы ўбок, яны гаварылі паміж сабою, кажучы: «Гэты чалавек не робіць нічога вартага смерці і кайданаў». 32І сказаў Агрыпа Фэсту: «Можна было б вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не звяртаўся да цэзара».

27 (1-44)

1Калі было вырашана, што мы паплывем у Італію, Паўла і некаторых іншых вязняў аддалі сотніку па імені Юлій з кагорты цэзара. 2Мы селі на адраміцкі карабель, які мусіў плыць каля азіяцкіх мясцін. З намі быў Арыстарх, македонец з Тэсалонікаў. 3На другі дзень мы прысталі ў Сідоне. Юлій ставіўся да Паўла добразычліва і дазволіў яму наведаць сяброў і скарыстаць з іх апекі. 4Адправіўшыся адтуль, мы прыбылі на Кіпр, бо дзьмулі супраціўныя вятры. 5Пераплыўшы мора каля Цыліцыі і Памфіліі, мы прыбылі ў Ліцыйскую Міру. 6Там сотнік знайшоў александрыйскі карабель, які плыў у Італію, і пасадзіў нас на яго. 7Плывучы паволі шмат дзён, мы з цяжкасцю дабраліся да ваколіцы Кнідаса. Паколькі вецер не пускаў нас далей, мы падплылі да Крыта насупраць Сальмона. 8А калі мы ледзве мінулі яго, прыплылі да месца, якое завецца Добрыя Прыстані, непадалёк ад горада Ласая. 9Калі прайшло ўжо шмат часу і плаванне было небяспечным, а пост ужо скончыўся, Павел пачаў асцерагаць, 10кажучы ім: «Мужы, я бачу што плаванне будзе з перашкодамі і вялікімі стратамі не толькі грузу і карабля, але і нашаму жыццю». 11Але сотнік больш давяраў стырнавому і ўладальніку карабля, чым словам Паўла. 12А паколькі прыстань была непрыстасаваная для зімоўкі, большасць раіла адплысці адтуль, каб, калі можна, дабрацца да Фенікса і перазімаваць у гэтай крыцкай прыстані, адкрытай на паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія вятры.

13Калі ж падзьмуў паўднёвы вецер, яны, мяркуючы, што ўжо дасягнуць сваёй мэты, паднялі якары і паплылі ўзджоўж узбярэжжа Крыта. 14Але неўзабаве наляцеў з боку вострава ўраганны вецер, які называецца эўракілон. 15Карабель падхапіла так, што ён не мог працівіцца ветру, таму мы паддаліся і нас панесла. 16Падплыўшы да пэўнага вострава, які завецца Каўда, мы ледзьве ўтрымалі ратавальную лодку. 17Падняўшы яе, мы сталі выкарстоўваць дапаможныя сродкі, каб абвязаць карабель. Баючыся наляцець на Сірт, мы спусцілі плаваючы якар і так нас насіла. 18Паколькі бура пачала нас моцна гнаць, на другі дзень мы сталі выкідаць груз. 19А на трэці — сваімі рукамі паскідалі з карабля аснастку. 20Калі многія дні не паказвалася ні сонца, ні зоркі, а моцная бура налягала, знікла ўсякая надзея на нашае выратаванне.

21Паколькі доўга не елі, Павел стаў сярод іх і сказаў: «Мужы, трэба было слухацца мяне і не адплываць ад Крыта, і мы абмінулі б гэтыя пакуты і страты. 22Цяпер жа прашу вас бадзёрыцца, таму што ніводзін з вас не загіне, толькі карабель. 23Бо сёння ўначы з’явіўся мне анёл Бога, якому належу і якому служу, 24і сказаў: “Не бойся, Павел, бо табе трэба з’явіцца перад цэзарам, і вось, Бог падараваў табе ўсіх, хто плыве з табою”. 25Таму бадзёрцеся, мужы, бо я веру Богу, што так станецца, як мне было сказана. 26Мы маем быць выкінутымі на нейкі востраў».

27На чатырнаццатую ноч, як мы блукалі па Адрыятыцы, каля поўначы маракі пачалі здагадвацца, што яны набліжаюцца да нейкай зямлі. 28Калі памералі глыбіню, атрымалася дваццаць сажняў. Адплыўшы крыху далей, памералі зноў, атрымалася пятнаццаць сажняў. 29Баючыся трапіць на камяністыя месцы, мы кінулі з кармы чатыры якары і маліліся, каб настаў дзень. 30Калі ж маракі хацелі ўцячы з карабля і спусцілі лодку на мора, робячы выгляд, нібы хочуць закінуць якар з носа, 31Павел сказаў сотніку і жаўнерам: «Калі яны не застануцца на караблі, вы не зможаце ўратавацца». 32Тады жаўнеры перарэзалі вяроўкі на лодцы, і яна ўпала.

33Перад наступленнем дня Павел угаворваў усіх падсілкавацца, кажучы: «Сёння чатырнаццаты дзень вы чакаеце без ежы, не спажываючы нічога. 34Таму прашу вас прыняць ежу, бо гэта для вашага ўратавання, таму што нікому з вас не ўпадзе волас з галавы». 35Сказаўшы гэта, узяў хлеб і падзякаваў Богу перад усімі і, паламаўшы, стаў есці. 36Тады ўсе падбадзёрыліся і таксама прынялі ежу. 37Было ж нас усіх на караблі дзвесце семдзесят чалавек. 38Наеўшыся, яны сталі аблягчаць карабель, выкідаючы збожжа ў мора.

39Калі настаў дзень, яны не распазналі зямлі, аднак убачылі нейкі заліў з пясчаным берагам, куды вырашылі прыстаць з караблём. 40Абрэзаўшы якары і пакінуўшы іх у моры, аслабілі вяроўкі стырна і, падняўшы пярэдні ветразь па ветры, скіраваліся да берага. 41Аднак натрапілі на мель і пасадзілі на ёй карабель. Нос карабля зарыўся і застаўся нерухомы, а карма пачала развальвацца пад напорам хваляў. 42Жаўнеры вырашылі пазабіваць вязняў, каб ніхто, выплыўшы, не ўцёк. 43Але сотнік, жадаючы ўратаваць Паўла, стрымаў іх ад гэтага і загадаў усім, хто ўмее плаваць, першымі выскачыць і выйсці на бераг. 44Астатнія плылі, хто на дошках, хто на чым-небудзь з карабля. І такім чынам усе бяспечна дабраліся да берага.

 

28 (1-31)

1Калі мы ўратаваліся, даведаліся, што востраў называецца Мальта. 2Мясцовыя жыхары былі да нас надзвычай ласкавыя. Быў дождж і холад, і яны распалілі агонь і прынялі кожнага з нас. 3Калі Павел назбіраў кучу галля і падкідаў у вогнішча, тады змяя выскачыла ад жару і ўчапілася яму за руку. 4Мясцовыя жыхары, убачыўшы гэта, казалі адзін аднаму: «Відаць, гэты чалавек — забойца, раз яму, уратаванаму з мора, багіня справядлівасці не дазваляе жыць». 5Але ён скінуў гада ў агонь і не зазнаў ніякай шкоды. 6Яны ж чакалі, што ён апухне або імгненна ўпадзе мёртвым. Але, калі доўга чакалі і ўбачылі, што нічога дрэннага з ім не адыблося, змянілі думку і казалі, што ён бог.

7Вакол гэтага месца знаходзіліся ўладанні правіцеля вострава па імені Публій. Ён прыняў нас і гасцінна частаваў тры дні. 8Бацька Публія ляжаў, хворы на гарачку і дызентэрыю. Павел увайшоў да яго, памаліўся і, усклаўшы рукі, аздаравіў яго. 9Пасля гэтага і іншыя на востраве, што мелі хваробы, прыходзілі і атрымлівалі аздараўленне. 10Яны праявілі да нас вялікую пашану, а калі мы адплывалі, далі ўсё, што было патрэбна

11Праз тры месяцы мы адплылі на караблі, што зімаваў на гэтым востраве. Гэта быў александрыйскі карабель з выявай Дыяскураў. 12Прыплыўшы ў Сіракузы, мы заставаліся там тры дні. 13Адплыўшы адтуль, дабраліся да Рэгіі. А паколькі праз дзень падзьмуў паўднёвы вецер, мы на другі дзень прыбылі ў Путэолі. 14Там мы знайшлі братоў, і яны ўпрасілі нас пабыць у іх сем дзён. І так мы прыбылі ў Рым. 15А там, калі браты пачулі пра нас, выйшлі насустрач нам аж да Апіевай плошчы і Трох Корчмаў. Убачыўшы братоў, Павел падзякаваў Богу і падбадзёрыўся.

16Калі мы прыйшлі ў Рым, Паўлу дазволілі жыць асобна з жаўнерам, які яго вартаваў. 17Праз тры дні Павел склікаў да сябе самых уплывовых юдэяў і, калі яны сышліся, сказаў ім: «Браты, я не зрабіў нічога супраць народу ці звычаяў айцоў, аднак мяне як вязня з Ерузалема перадалі ў рукі рымлянаў. 18Яны дапыталі мяне і хацелі адпусціць, бо ў мяне не было ніякай смяротнай віны.

19Калі юдэі пярэчылі гэтаму, я вымушаны быў звярнуцца да цэзара, але не для таго, каб у нечым вінаваціць свой народ. 20Таму я паклікаў вас, каб пабачыцца і паразмаўляць з вамі, бо за надзею Ізраэля я закаваны ў гэтыя кайданы». 21Яны сказалі яму: «Мы не атрымоўвалі пра цябе лістоў з Юдэі, і ніводзін з братоў не прыйшоў і не абвясціў ці сказаў пра цябе нічога дрэннага. 22Але мы хочам пачуць ад цябе, што ты думаеш, бо нам вядома пра гэтую секту, таму што паўсюль выступаюць супраць яе».

23Прызначыўшы яму дзень, прыйшлі да яго многія ў гасціну. Ён з ранку аж да вечара расказваў ім і сведчыў пра Божае Валадарства, і пераконваў іх пра Езуса на падставе Закону Майсея і Прарокаў. 24Адных пераконвала сказанае, а другія не верылі. 25Будучы ж нязгоднымі паміж сабой, яны пачалі адыходзіць, калі Павел сказаў адну рэч: «Добра Дух Святы сказаў айцам нашым праз прарока Ісаю:

26“Пайдзі да народу гэтага і скажы:

Вушамі слухаеце і не разумееце,

вачыма глядзіце і не бачыце.

27Зачарсцвела сэрца народу гэтага,

і вушамі ледзь чуюць,

і вочы свае заплюшчылі,

і вушамі не пачулі,

і сэрцам не зразумелі,

і не навярнуліся,

каб Я іх аздаравіў”.

28Няхай будзе вядома вам, што да язычнікаў было скіравана гэтае Божае збаўленне, і яны пачуюць!» (29)

30Жыў Павел цэлыя два гады ў нанятым ім доме і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго, 31прапаведуючы Божае Валадарства і навучаючы пра Пана Езуса Хрыста без перашкоды і з усёй адвагай.



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Actus_Apostolorum.pdf
Крыніца: catholic.by