Як вы ацэньваеце новыя правілы беларускай мовы?

Тэкст падаецца паводле архіву Зьміцера Саўкі

Сяргей Запрудзкі, дацэнт катэдры гісторыі беларускай мовы БДУ, кандыдат філялягічных навук:

“ДАСКАНАЛЫХ ПРАВАПІСАЎ НЕ ІСНУЕ”

Шчыра кажучы, я ня вельмі цікаўлюся, што там адбываецца з правапісам. Мне, вядома, ня вельмі падабаецца пэўная келейнасьць гэтага. Мая пазыцыя такая – у правапісе цяпер лепш было б нічога не чапаць. Як і пяць, і дзесяць гадоў назад. Таму што дасканалых правапісаў не існуе. Тут вельмі многае залежыць ад згоды ў грамадзтве. Я спадзяюся, што цяперашнія папраўкі будуць мінімальнымі, ня вельмі істотнымі. Хаця, мяркуючы па друку, там былі рэчы ня вельмі пажаданыя. Маю на ўвазе правіла напісаньня складаных словаў. Фактычна гэта скасаваньне магчымасьці, каб у слове былі два націскі. Але нехта гэты пабочны націск адчувае, а нехта не адчувае. Скасаваньне другога “о” у складаным слове – гэта і не эстэтычна, не мілагучна.

 

Вінцук Вячорка, мовазнаўца:

“НІЧОГА СЭНСОЎНАГА”

Займаюцца чарговай рэформай савецкага правапісу людзі, якія штодня не карыстаюцца беларускай мовай і якія нічога ніколі не рабілі для таго, каб беларуская мова рэальна функцыянавала хаця б у якой-небудзь сфэры нашага жыцьця. Таму нічога добрага і сэнсоўнага ад гэтых рухаў чакаць не выпадае.

 

Пятро Садоўскі, кандыдат філялягічных навук:

“ПРАВІЛЬНА ТОЕ, ШТО АГУЛЬНАПРЫНЯТА”

Правапіс – гэта грамадзкае пагадненьне. У немцаў, у якіх мова функцыянуе на ўсе сто працэнтаў, рэформа абмяркоўвалася гадоў пяць. Галоўныя газэты з тыражамі па паўмільёна друкавалі гэтыя праекты, былі дыскусіі, выпускаліся брашуры. Гэта прафэсійны падыход. А ў нас функцыянаваньне мовы абмежаванае, і тут ёсьць небясьпека для тых беларускамоўных, якія будуць здаваць тэсты. Шырокая грамадзкасьць нічога пра гэта ня ведае. Недзе там ў “Настаўніцкай газеце” нешта было. Шчыра кажучы, той “клясычны правапіс”, што рабілі Саўка, Бушлякоў, Вячорка… Я не падзяляю арыентацыі на пальшчызну. У правапісе і ў вымаўленьні эстэтычным і дарэчным ёсьць тое, што агульнапрынята і што ўсе ведаюць. Тут няма аб’ектыўных крытэрыяў слушнасьці, прыгажосьці альбо непрыгажосьці. Правільна тое, што агульнапрынята. Калі мы адчуваем, што “філялёгія” – гэта нешта ненармальнае, гэта значыць, што гэта агульна не прынятае, і мы з вамі ня маем нейкага агульнага падыходу. Агульнапрынятае – значыць, эстэтычна пажаданае. Яно можа толькі тады выкрышталізавацца, калі гэта паддаецца агульнаму ўжываньню ці абмеркаваньню.

 

Валянціна Аксак, паэтка, журналіст:

“ПРАВІЛЫ ПРЫМАЮЦЬ ЛЮДЗІ, ЯКІЯ САМІ МОВАЙ НЕ ВАЛОДАЮЦЬ”

Гэтыя праўкі прапанаваныя яшчэ нябожчыкам акадэмікам Падлужным, які, з майго досьведу сустрэчаў і кантактаў зь ім, сам размаўляў на клясычнай сучаснай трасянцы. І прыкладна ў гэткім рэчышчы падрыхтаваныя ім прапановы. Больш за тое, правілы гэтыя хочуць абмяркоўваць і прымаць у якасьці закону для беларусаў людзі, якія самі не валодаюць беларускай мовай, ня кажучы ўжо пра тое, ці ведаюць яны, ці ня ведаюць гэтыя правілы.

 

Зьміцер Саўка, мовазнаўца:

“МАВАЗНАЎСТВА” СТАНЕ НАВУКАЙ ПРА НЯЧЫСЬЦІКАЎ”

Там, у новых правілах, ёсьць моманты разумныя, несумненна. Правядзеньне “яканьня” ўва ўсіх лічэбніках: “дзявяты”, “дзясяты”, “сямнаццаць”… І ўвядзеньне даволі лібэральных правілаў пераносу. Але ўсе астатнія дробныя станоўчасьці блякнуць на тле адмоўных прапановаў. Не хацеў бы абнадзейваць тых, хто бачыць у гэтай рэформе нейкія інтэграцыйныя памкненьні. Яна ніякім чынам ня будзе спрыяць набліжэньню правапісу афіцыйнага, з аднаго боку, і правапісу “клясычнага”, з другога. Бо нават моманты, якія б сьведчылі пра такія крокі, напрыклад, як напісаньне слова “Нью-Ёрк” празь літару “ё”… Апошняя рэдакцыя, прапанаваная Міністэрствам адукацыі, адклікала гэтую прапанову, якая яшчэ ўвосень мінулага году была. Там яшчэ ёсьць некаторыя моманты, якія б набліжалі афіцыйны правапіс да правапісу клясычнага, але ў апошняй рэдакцыі, наколькі я ведаю, усе яны паздыманыя. Такім чынам, адбываецца крок назад. Што да непрымальных момантаў, якія прапаноўваюцца ў праекце, то хацеў бы назваць наступныя. Гэта пашырэньне “аканьня” ў запазычаньнях і ў складаных словах. Словы будуць проста непазнавальныя ў выніку. Напрыклад, “аўтаматакрос”. Вы думаеце, гэта крос з аўтаматамі? Гэта той, што пакуль “аўтамота”. Ці “мавазнаўства”. Мава – гэта ў міталёгіі нячысьцік у жаночым абліччы. Наша мовазнаўства стане навукай, якая вывучае гэтых нячысьцікаў.

 

Валянцін Акудовіч, філёзаф:

“ГРАМАДЗТВА НЕ ЗАЎВАЖЫЦЬ”

Я думаю, што гэтыя правілы, якімі б яны ні былі ў канчатковым выглядзе, застануцца практычна не заўважанымі грамадзтвам. І хіба толькі тыя, хто непасрэдна працуе з мовай для друку, тыя будуць змушаныя, менавіта змушаныя, вывучыць іх, перакваліфікоўвацца на тыя зьмены, якія будуць устаноўленыя. А грамадзтва нават не заўважыць. Я думаю, што грамадзтва заўважыла б толькі ў адным выпадку – калі б раптам адбыўся пераход на “тарашкевіцу”. Але, хутчэй за ўсё, гэты пераход раскалоў бы грамадзтва яшчэ мацней. Грамадзтва беларускае ў цэлым, за выняткам пэўных, досыць вузкіх літаратурных асяродкаў, я думаю, не прыняло б “тарашкевіцу” станоўча. Гэта б ускладніла сытуацыю з тым, што людзі ведаюць са школьнай праграмы, з кніг, якія яны чытаюць.

 

Генадзь Цыхун, галоўны спэцыяліст Інстытуту мовазнаўства Нацыянальнай Акадэміі навук, прафэсар:

”ГЭТА ПЫТАНЬНЕ ДАМОЎЛЕНАСЬЦІ”

Я, як супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства, вельмі слаба ведаю сутнасьць гэтых паправак. Я думаю, што істотных зьмен ня будзе ўнесена. Гэта ўсё касмэтычныя рэчы. Але нейкія людзі хочуць зрабіць з гэтага вялікую палітыку. У прынцыпе, правапіс – гэта не навуковае паняцьце. Навукі тут мала. Гэта пытаньне дамоўленасьці.




Крыніца: http://vilnia.com/index.php/2007/08/30/314/

Беларуская Палічка: http://knihi.com