epub
 
падключыць
слоўнікі

Яшчэ ня час мяняць правілы

Тэкст падаецца паводле архіву Зьмітра Саўкі

Праблема зьмены беларускага правапісу надалей застаецца актуальнаю ў грамадзтве. Беларускіх мовазнаўцаў непакоіць намер прыняцьця апрацаванага законапраекту „Аб правілах беларускай артаграфіі й пунктацыі”, які стварае пагрозу для беларускай мовы.

Найбольш непакоіць факт, што, паводле новых правілаў, у значнай ступені павялічваецца „аканьне”.

Кажа мовазнаўца Зьміцер Саўка.

З. Саўка: З аднаго боку, ініцыятары законапраекту паставілі перад сабою задачу спрасьціць правапіс. А прывядуць не да спрашчэньня, а да спрашчэнства. Беларускай мове будзе складаней выконваць свае функцыі, як мове навукі й тэхнікі. „Аканьне” толькі нанясе мове шкоду. Гэта галоўны закід. Акрамя таго, у законапраекце не прасочваецца спроба рэалізаваць тэорыю артаграфіі. На сёньняшні дзень яна не існуе.

Калі б быў сапраўдны клопат аб мове, то было б дастаткова аднаго аркуша паперы, дзе б зьмясьціліся ўсе сэнсоўныя прапановы.

На днях адбылося грамадзкае абмеркаваньне законапраекту. На круглы стол былі запрошаныя як прыхільнікі новых зьменаў, так і спэцыялісты, якія кажуць, што „яшчэ ня час мяняць правапіс”.

На сустрэчы быў дырэктар Інстыту мовазнаўства імя Якуба Коласа Аляксандар Лукашанец, які выказаў сваю пазыцыю ў працэсе зьменаў правапісу. Ён цалкам згадзіўся з прысутнымі мовазнаўцамі.

З. Саўка: Адзіная розьніца – ён афіцыйная асоба. Так атрымалася, што ён быў уцягнуты ў гэты працэс, але сам ён не ініцыяваў зьменаў. Лукашанец шчыра й адкрыта акрэсьліў сваю пазыцыю. Ён не зьяўляецца прыхільнікам прапанаваных зьменаў.

 

Акрамя Аляксандра Лукашанца на круглы стол былі запрошнаныя многія чыноўнікі, якія тым ці іншым чынам зьвязаныя з апрацоўкаю праекту. Аднак ніхто зь іх не прыйшоў на сустрэчу.

З. Саўка: Такім чынам яны акрэсьлілі сваю пазыцыю. Улады баяцца адкрытай дыскусіі, яны надалей хочуць, каб гэтае пытаньне заставалася для грамадзтва закрытым. Круглы стол стаў сустрэчаю аднадумцаў. І нас, і спадара Лукашанца аб’ядноўвае клопат аб беларускай мове. Цяпер ня час мяняць правапіс, тым больш, што гэта балючы працэс для кожнай мовы. Другі бок не прыняў нашай працягнутай рукі, відаць, другі бок, пачынаючы працэс зьменаў, рабіў гэта ня дзеля клопату аб мове. Іх матывацыя не зразумелая й нам не вядомая.

Акрамя моўных пытаньняў непакоіць факт, што ўлады хочуць праблему правапісу разглядаць на ўзроўні заканадаўства. Людміла Дзіцэвіч з Таварыства беларускай мовы падкрэсьлівае, што гэта можа быць небясьпечным для тых, хто не пагаджаецца з прапанаванымі нормамі.

Л. Дзіцэвіч: Міжнародная практыка сьведчыць пра тое, што лінгвістычныя пытаньні вырашаюцца не пры дапамозе закону, а, напрыклад, адпаведнымі пастановамі. Калі гэта будзе закон, то ў Адміністрацыйны кодэкс трэба ўвесьці артыкул аб парушэньні гэтага закону. На сёньняшні момант у нас існуе два правапісы: „наркамаўка”, якім у Беларусі пераважна карыстаюцца, і „тарашкевіца”, які абавязваў да 1933 году. Калі прапанаваныя зьмены будуць зацьверджаныя, то нам нельга будзе карыстацца „тарашкевіцай”.

Удзельнікі круглага стала не пагадзіліся зь меркаваньнем аўтараў законапраекту, якія лічаць, што зьмены прывядуць да больш шырокага выкарыстаньня беларускай мовы. Мовазнаўцы мяркуюць, што гэта, наадварот, абмяжуе магчымасьці беларускага правапісу.

Алена Пытэль


2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: Польскае Радыё