epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Евангелле паводле Яна

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-51)
2 (1-25)
3 (1-36)
4 (1-54)
5 (1-47)
6 (1-71)
7 (1-53)
8 (1-59)
9 (1-41)
10 (1-42)
11 (1-57)
12 (1-50)
13 (1-38)
14 (1-31)
15 (1-27)
16 (1-33)
17 (1-26)
18 (1-40)
19 (1-42)
20 (1-31)
21 (1-25)


1 (1-51)

1На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. 2Яно было ў Бога на пачатку. 3Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. 4У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. 5А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.

6З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. 7Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. 8Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло.

9Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет. 10У свеце было Слова, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. 11Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі.

12А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, тым, хто верыць у імя Ягонае, 13хто не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіўся.

14Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды.

15Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне».

16Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. 17Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. 18Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў».

19І вось сведчанне Яна. Калі юдэі з Ерузалема паслалі святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: «Хто ты?» 20Ён абвясціў, і не выракся, і вызнаў: «Я не Месія». 21І спыталіся ў яго: «Дык хто ж? Ты Ілля?» І сказаў: «Не». «Ты прарок?» І ён адказаў: «Не». 22Тады сказалі яму: «Хто ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?» 23Ён сказаў: «Я голас таго, хто кліча ў пустыні: “Раўняйце дарогу Пану”, як сказаў прарок Ісая». 24А пасланцы былі з фарысеяў. 25І яны спыталіся ў яго: «Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус, ні Ілля і ні прарок?» 26Ян сказаў ім у адказ: «Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце, 27той, хто ідзе за мною, якому я няварты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных». 28Сталася гэта ў Бэтаніі, за Ярданам, дзе хрысціў Ян.

29На другі дзень бачыць Ян Езуса, які ідзе да яго, і кажа: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету. 30Гэта той, пра якога я сказаў: пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне. 31І я не ведаў Яго, але для таго прыйшоў я хрысціць вадою, каб Ён аб’явіўся Ізраэлю». 32І засведчыў Ян, кажучы: «Я бачыў Духа, які сыходзіў як голуб з неба і застаўся на Ім. 33Я не ведаў Яго, але той, хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: “Над кім убачыш Духа, які сыходзіць і застаецца на Ім, той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым”. 34І я бачыў, і засведчыў, што Ён – Сын Божы».

35На другі дзень зноў стаяў Ян і двое з вучняў ягоных 36і, убачыўшы Езуса, які ішоў, сказаў: «Вось Баранак Божы». 37І пачулі двое вучняў яго, што ён казаў, і пайшлі за Езусам. 38А Езус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа: «Чаго шукаеце?» Яны сказалі Яму: «Раббі (што азначае “настаўнік”), дзе жывеш?» 39Ён кажа ім: «Ідзіце і ўбачыце». Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў той дзень. Было каля дзесятай гадзіны.

40Адным з двух, якія пачулі ад Яна пра Езуса і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра. 41Знайшоўшы спачатку брата свайго Сымона, сказаў яму: «Мы знайшлі Месію (гэта значыць Хрыста)». 42І прывёў яго да Езуса. Езус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас» (што азначае “Пётр”, “скала”).

43На другі дзень хацеў Езус пайсці ў Галілею; і, знайшоўшы Філіпа, сказаў яму: «Ідзі за Мною». 44Філіп быў з Бэтсаіды, з горада Андрэя і Пятра. 45Філіп знайшоў Натанаэля і сказаў яму: «Мы знайшлі таго, пра каго пісалі Майсей у Законе і прарокі, Езуса, сына Юзафа, з Назарэта». 46Але Натанаэль сказаў яму: «Ці можа быць штосьці добрае з Назарэта?» Філіп адказаў яму: «Ідзі і паглядзі». 47Езус, убачыўшы Натанаэля, які ішоў да Яго, кажа пра яго: «Вось сапраўдны ізраэльцянін, у якім няма падману». 48Натанаэль адказаў Яму: «Адкуль Ты ведаеш мяне?» Езус адказаў яму: «Перш чым Філіп паклікаў цябе, Я бачыў цябе, калі ты быў пад смакоўніцаю». 49Адказаў Яму Натанаэль: «Раббі, Ты Сын Божы! Ты Кароль Ізраэля!» 50Езус сказаў яму ў адказ: «Ты верыш, бо Я сказаў табе, што бачыў цябе пад смакоўніцаю? Убачыш больш за гэта». 51І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба раскрытае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага».

 

2 (1-25)

1А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там. 2Быў запрошаны на вяселле таксама Езус і вучні Ягоныя. 3І калі скончылася віно, Маці Езуса сказаў Яму: «Не маюць віна». 4Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая». 5Маці Яго сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».

6Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры. 7Сказаў ім Езус: «Напоўніце збаны вадою». І напоўнілі іх аж да верху. 8І кажа ім: «Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку вяселля». І яны занеслі. 9Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў вады, што стала віном (а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду), паклікаў жаніха 10і сказаў яму: «Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль». 11Такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і паказаў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.

12Пасля гэтага прыйшоў у Кафарнаум, Ён і Маці Ягоная, і браты, і вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён.

13Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус увайшоў у Ерузалем. 14І знайшоў у святыні тых, хто гандляваў валамі і авечкамі, і галубамі, а таксама мянялаў, якія сядзелі там. 15І зрабіў Ён біч з вяровак, павыганяў усіх са святыні, і авечак, і валоў, і грошы мянялаў парассыпаў, а сталы перавярнуў. 16А гандлярам галубамі сказаў: «Забярыце гэта адсюль! І не рабіце дом Айца Майго домам гандлю». 17І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: «Руплівасць аб доме Тваім паглынае Мяне». 18На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: «Якім знакам пакажаш нам, што так можаш рабіць?» 19Езус сказаў ім у адказ: «Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе». 20І сказалі юдэі: «Сорак шэсць гадоў будавалася гэтая святыня, а Ты за тры дні ўзвядзеш яе?» 21Ён жа казаў пра святыню цела свайго. 22І калі Ён уваскрос, успомнілі вучні Ягоныя, што Ён гэта казаў, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.

23А калі Ён быў у Ерузалеме на свята Пасхі, многія паверылі ў імя Ягонае, бачачы знакі, якія Ён чыніў. 24Але сам Езус не адкрываўся ім; Ён ведаў усіх 25і не меў патрэбы, каб хто-небудзь сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.

 

3 (1-36)

1Быў сярод фарысеяў чалавек па імені Нікадэм, адзін са старэйшын юдэйскіх. 2Ён прыйшоў да Езуса ўначы і сказаў Яму: «Раббі, мы ведаем, што Ты прыйшоў ад Бога як настаўнік. Бо ніхто не можа чыніць такіх знакаў, як Ты чыніш, калі не будзе з ім Бога». 3Езус адказаў яму: «Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не народзіцца нанова, не можа ўбачыць Божага Валадарства». 4Нікадэм кажа Яму: «Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Ці ж можа ён другі раз увайсці ва ўлонне маці сваёй і нарадзіцца?» 5Езус адказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства. 6Народжанае з цела, ёсць целам, а народжанае з Духа, ёсць духам. 7Не здзіўляйся таму, што Я сказаў табе: трэба нарадзіцца нанова. 8Вецер вее там, дзе хоча, і голас яго чуеш, але не ведаеш, адкуль прыходзіць і куды ідзе. Так ёсць з кожным, хто нарадзіўся з Духа». 9Нікадэм сказаў Яму ў адказ: «Як гэта можа стацца?» 10Езус, адказваючы, сказаў яму: «Ты настаўнік Ізраэля і не ведаеш гэтага? 11Сапраўды, сапраўды кажу табе: мы гаворым пра тое, што ведаем, і сведчым пра тое, што ўбачылі, а сведчання нашага не прымаеце. 12Калі Я сказаў вам пра зямное, і вы не верыце, то як паверыце, калі скажу вам пра нябеснае? 13Ніхто не ўзышоў на неба, акрамя таго, хто з неба сышоў, — Сын Чалавечы. 14І як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы, 15каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае».

16Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. 17Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. 18Хто верыць у Яго, не бывае асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага. 19А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, таму што ўчынкі іхнія былі ліхія. 20Бо кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не выявіліся яго ліхія ўчынкі. 21А хто чыніць праўду, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу».

22Пасля гэтага прыйшоў Езус і вучні Ягоныя ў зямлю Юдэйскую і там заставаўся з імі, і хрысціў. 23Ян таксама хрысціў у Эноне, недалёка ад Салема, бо там было шмат вады, і прыходзілі туды людзі, і хрысціліся; 24бо Яна яшчэ не кінулі ў вязніцу.

25Узнікла спрэчка ў вучняў Янавых з юдэямі пра ачышчэнне. 26І прыйшлі да Яна, і сказалі яму: «Раббі, той, хто быў з табою за Ярданам і пра каго ты сведчыў, вось, Ён хрысціць і ўсе ідуць да Яго!» 27Ян сказаў у адказ: «Не можа чалавек нічога ўзяць, калі яму не будзе дадзена з неба. 28Вы самі мне сведкі ў тым, што я сказаў: я не Месія, але я пасланы перад Ім. 29Хто мае нявесту, той жаніх; а сябар жаніха, што стаіць і слухае яго, вельмі радуецца голасу жаніха. Вось, гэтая радасць мая поўная. 30Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым».

31Хто прыходзіць з вышыні, той над усімі. Хто з зямлі, той зямны, і па-зямному гаворыць. Хто прыходзіць з неба, той над усімі, 32і што бачыў і чуў, пра тое сведчыць, але сведчання Ягонага ніхто не прымае. 33Той, хто прыняў Ягонае сведчанне, пацвердзіў, што Бог праўдзівы. 34Бо той, каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, таму што без меры дае Бог Духа. 35Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у рукі Ягоныя. 36Хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае. Хто ж не верыць у Сына, не ўбачыць жыцця, але гнеў Божы застаецца на ім.

 

4 (1-54)

1Калі Езус даведаўся, што фарысеі пачулі, як Ён збірае ўсё больш вучняў і хрысціць больш, чым Ян 2(хоць сам Езус не хрысціў, а вучні Ягоныя), 3Ён пакінуў Юдэю і зноў адышоў у Галілею. 4А трэба было Яму праходзіць праз Самарыю. 5Прыходзіць Ён у самарыйскі горад званы Сіхбр, паблізу зямлі, якую даў Якуб Юзафу, сыну свайму. 6Была там студня Якуба. Езус, стомлены дарогай, сядзеў пры студні. Было каля шостай гадзіны. 7Вось, прыйшла жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Кажа ёй Езус: «Дай Мне піць». 8Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы. 9Жанчына самаранка сказала Яму: «Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны самаранкі?» Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі. 10Езус сказаў ёй у адказ: «Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе: “Дай мне піць”, то сама прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады». 11Жанчына кажа Яму: «Пане, у цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая. Адкуль жа ў Цябе вада жывая? 12Няўжо ты большы ад айца нашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і сыны яго, і статкі яго?» 13Езус сказаў ёй у адказ: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў адчуе прагу. 14А хто б піў ваду, якую Я дам яму, не зазнае смагі навекі; а вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае». 15Жанчына сказала Яму: «Пане, дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць». 16Ён адказаў ёй: «Ідзі, пакліч свайго мужа і вяртайся сюды». 17Жанчына сказала ў адказ: «У мяне няма мужа». Адказаў ёй Езус: «Добра ты сказала, што ў цябе няма мужа. 18Бо мела ты пяць мужоў, а той, каго цяпер маеш, не муж табе. Праўдзіва ты гэта сказала». 19Жанчына сказала Яму: «Пане, я бачу, што Ты прарок. 20Айцы нашыя пакланяліся Богу на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузалеме ёсць месца, дзе трэба пакланяцца». 21Кажа ёй Езус: «Вер Мне, жанчына, што надыходзіць гадзіна, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузалеме будзеце пакланяцца Айцу. 22Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, каго ведаем, бо збаўленне — ад юдэяў. 23Але надыходзіць гадзіна, і цяпер ужо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец. 24Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе». 25Жанчына кажа Яму: «Я ведаю, што прыходзіць Месія, якога называюць Хрыстом. Калі Ён прыйдзе, абвесціць нам усё». 26Кажа ёй Езус: «Гэта Я, што гавару з табою».

27У гэты момант прыйшлі вучні Ягоныя і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынай, аднак ніводзін не спытаўся: «Чаго Ты хочаш?» або: «Чаму Ты гаворыш з ёю?» 28Тады жанчына пакінула свой збан і адышла ў горад, і казала людзям: 29«Ідзіце, паглядзіце на чалавека, які расказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстус Ён?» 30Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.

31Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Раббі, еш». 32Але Ён сказаў ім: «Я маю для спажытку ежу, якой вы не ведаеце». 33Тады вучні сказалі адзін аднаму: «Ці нехта прынёс Яму есці?» 34Кажа ім Езус: «Ежа Мая ў тым, каб выконваць волю таго, хто паслаў Мяне, і завяршыць Яго справу. 35Ці ж не кажаце вы: “Яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво?” А Я кажу вам: падыміце вочы вашыя і паглядзіце на нівы, як пабялелі яны ўжо для жніва! 36Жнец ужо атрымлівае плату і збірае плён для жыцця вечнага, каб разам цешыліся сейбіт і жнец. 37Бо ў гэтым праўдзівае выслоўе: адзін сее, а другі жне. 38Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі. Іншыя папрацавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхнюю».

39Многія самаране з горада гэтага паверылі ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла: «Ён расказаў мне ўсё, што я зрабіла». 40Таму, калі прыйшлі да Яго самаране, прасілі Яго застацца з імі. І Ён прабыў там два дні. 41І яшчэ больш людзей паверыла дзякуючы слову Ягонаму. 42А жанчыне казалі: «Мы верым ўжо не дзеля твайго апавядання, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету!»

43Праз два дні Езус выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею. 44Бо сам Езус сведчыў, што прарок не мае пашаны на сваёй бацькаўшчыне. 45Калі ж прыйшлі ў Галілею, то галілейцы прынялі Яго, убачыўшы ўсё, што Ён зрабіў у Ерузалеме на свята, бо і яны хадзілі на свята.

46Так Езус зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе перамяніў ваду ў віно. І быў адзін прыдворны, у якога хварэў сын у Кафарнауме. 47Пачуўшы, што Езус прыбывае з Юдэі ў Галілею, ён пайшоў да Яго і прасіў прыйсці і вылечыць ягонага сына, які паміраў. 48Езус жа сказаў яму: «Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце». 49Прыдворны кажа Яму: «Пане, прыйдзі, пакуль не памерла дзіця маё». 50Езус адказаў яму: «Ідзі, сын твой жывы». Чалавек паверыў слову, якое сказаў яму Езус, і пайшоў. 51І яшчэ калі ён быў у дарозе, слугі ягоныя сустрэлі яго і сказалі, што сын ягоны жыве. 52Тады распытваў іх, у якую гадзіну яму палепшала? Яму сказалі: «Учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго». 53Тады бацька зразумеў, што гэта была тая самая гадзіна, калі Езус сказаў яму: «Жыве сын твой». І паверыў ён сам і ўвесь дом ягоны. 54Гэта быў другі знак, які ўчыніў Езус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.

 

5 (1-47)

1Пасля гэтага было юдэйскае свята, і Езус прыйшоў у Ерузалем. 2Ёсць жа ў Ерузалеме каля Авечай брамы купальня, якая па-габрэйску называецца Бэтэзда і якая мае пяць портыкаў. 3У іх ляжала мноства хворых, сляпых, кульгавых, паралізаваных. (4)

5Быў там адзін чалавек, які хварэў трыццаць восем гадоў. 6Езус, убачыўшы яго ляжачым і пазнаўшы, што ён хварэе ўжо доўгі час, сказаў яму: «Хочаш стаць здаровым?» 7Хворы адказаў Яму: «Пане, я не маю чалавека, які апусціў бы мяне ў купальню, калі ўзварушыцца вада. Пакуль я іду, іншы ўжо сыходзіць перада мною». 8Кажа яму Езус: «Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі». 9І адразу выздаравеў той чалавек, узяў насілкі свае і пайшоў.

А быў у гэты дзень шабат. 10Таму сказалі юдэі аздароўленаму: «Сёння шабат, і табе не дазваляецца браць ложа тваё». 11Ён адказаў ім: «Той, хто аздаравіў мяне, сказаў мне: “Вазьмі ложа сваё і хадзі”». 12Спыталіся ў яго: «Хто той чалавек, які сказаў табе: “Вазьмі і хадзі?”» 13Але аздароўлены не ведаў, хто гэта, бо Езус знік у натоўпе, які быў у тым месцы. 14Пасля таго знайшоў яго Езус у святыні і сказаў яму: «Вось, ты выздаравеў. Не грашы больш, каб не здарылася з табою чаго горшага». 15Чалавек гэты пайшоў і абвясціў юдэям, што гэта Езус аздаравіў яго. 16І таму юдэі пераследавалі Езуса, бо Ён зрабіў гэта ў шабат. 17А Езус адказаў юдэям: «Айцец Мой дзейнічае дагэтуль, і Я дзейнічаю». 18За гэта юдэі яшчэ больш намагаліся забіць Яго, бо Ён не толькі зняважыў шабат, але таксама называў Бога сваім Айцом, робячы сябе роўным Богу.

19Тады Езус сказаў ім у адказ: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не можа Сын рабіць сам ад сябе нічога, калі б не бачыў Айца, які робіць. Бо што робіць Ён, тое і Сын робіць таксама. 20Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што сам робіць, і пакажа Яму справы большыя за гэтыя, каб вы дзівіліся. 21Бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе тых, каго хоча. 22Бо Айцец нікога не судзіць, але ўвесь суд аддаў Сыну, 23каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе Айца, які паслаў Яго. 24Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто слухае Маё слова і верыць у таго, хто паслаў Мяне, мае жыццё вечнае і не прыходзіць на суд, але перайшоў ад смерці да жыцця. 25Сапраўды, сапраўды кажу вам: надыходзіць гадзіна і ўжо настала, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і якія пачуюць, ажывуць. 26Бо, як Айцец мае ў сабе жыццё, так і Сыну даў мець жыццё ў сабе. 27І даў Яму ўладу вяршыць суд, бо Ён Сын Чалавечы. 28Не здзіўляйцеся гэтаму, бо надыходзіць гадзіна, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Ягоны, 29і выйдуць, хто чыніў дабро, каб уваскрэснуць для жыцця, а хто рабіў зло, каб уваскрэснуць для асуджэння. 30Я нічога не магу рабіць ад сябе. Як чую, так суджу, і суд Мой справядлівы, бо Я не шукаю сваёй волі, але волі таго, хто паслаў Мяне.

31Калі б Я сведчыў пра самога сябе, то сведчанне Маё не было б праўдзівае. 32Але ёсць іншы, хто сведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае сведчанне, якім сведчыць пра Мяне. 33Вы пасылалі да Яна, і ён засведчыў аб праўдзе. 34Я ж не ад чалавека прымаю сведчанне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя. 35Ён быў светачам, які гарэў і свяціў, а вы хацелі нейкі час парадавацца пры святле ягоным.

36Я ж маю сведчанне большае за Янава. Бо справы, якія Айцец даў Мне здзейсніць, тыя справы, якія раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне. 37І Айцец, які паслаў Мяне, сам засведчыў пра Мяне. Вы ніколі не чулі голасу Ягонага, і не бачылі аблічча Яго, 38і не маеце слова Ягонага, якое было б у вас, бо не верыце таму, каго Ён паслаў. 39Вы даследуеце Пісанні, бо думаеце, што ў іх вы маеце жыццё вечнае, а яны сведчаць пра Мяне. 40Але вы не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё.

41Я не прымаю славы ад людзей, 42але ведаю, што вы не маеце ў сабе любові да Бога. 43Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне. Калі б іншы прыйшоў у імя сваё, вы прынялі б яго. 44Як можаце верыць, калі прымаеце славу адзін ад аднаго, а славы, якая паходзіць ад адзінага Бога, не шукаеце? 45Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Айцом. Ёсць абвінаваўца ваш, Майсей, на якога вы спадзяецеся. 46Бо калі б вы верылі Майсею, паверылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне. 47А калі не верыце ягоным пісанням, як паверыце Маім словам?»

 

6 (1-71)

1Пасля гэтага Езус адышоў за Галілейскае, або Тыберыядскае мора. 2Ішло за Ім мноства людзей, таму што бачылі знакі, якія чыніў над хворымі. 3І ўзышоў Езус на гару, і сядзеў там са сваімі вучнямі. 4А набліжалася Пасха, юдэйскае свята. 5Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: «Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх?» 6А казаў гэта, выпрабоўваючы яго, бо сам ведаў, што збіраўся рабіць. 7Філіп адказаў Яму: «Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць ім, каб кожнаму дасталося хоць крыху!» 8Кажа Яму адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра: 9«Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбіны, але што гэта для такога мноства?» 10Езус сказаў: «Загадайце людзям сесці». А было на тым месцы шмат травы. І селі людзі, якіх было каля пяці тысяч. 11Езус узяў хлябы і, узнёсшы падзяку, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў. 12А калі насыціліся, кажа вучням сваім: «Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася». 13Яны сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся ў тых, хто еў.

14Калі ж людзі ўбачылі, які знак учыніў Езус, казалі: «Ён сапраўды прарок, які павінен прыйсці на свет». 15Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін.

16Калі настаў вечар, вучні Ягоныя сышлі да мора і, 17сеўшы ў човен, паплылі на другі бераг мора ў Кафарнаум. І ўжо сцямнела, а Езус не прыходзіў да іх. 18Ад моцнага ветру хвалявалася мора. 19Праплыўшы каля дваццаці пяці ці трыццаці стадыяў, убачылі Езуса, які ішоў па моры і набліжаўся да чоўна, і спалохаліся. 20Ён жа сказаў ім: «Гэта Я, не бойцеся!» 21Хацелі ўзяць Яго ў човен, але човен адразу прыстаў да берага, куды яны плылі.

22На наступны дзень натоўп, які заставаўся на другім беразе мора, заўважыў, што там быў толькі адзін човен і што Езус не сядаў у човен разам з вучнямі, а яны адплылі адны. 23І іншыя чаўны прыплылі з Тыберыяды непадалёк ад таго месца, дзе спажывалі хлеб, калі Пан узнёс падзяку. 24І калі натоўп убачыў, што там няма ні Езуса, ні вучняў Ягоных, селі ў чаўны і прыплылі ў Кафарнаум, шукаючы Езуса. 25Калі ж знайшлі Яго на другім беразе мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты прыбыў сюды?»

26Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі знакі, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся. 27Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец!» 28А яны сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?» 29Езус адказаў ім: «У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў».

30Яны ж сказалі Яму: «Які ж Ты зробіш знак, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш? 31Айцы нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб з неба даў ім есці”». 32Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба. 33Бо хлеб Божы — гэта той, хто сыходзіць з неба і дае жыццё свету». 34Тады сказалі Яму: «Пане, давай нам заўсёды такі хлеб». 35Езус адказаў ім: «Я — хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць. 36Але Я сказаў вам, што вы і бачылі Мяне, але не верыце. 37Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і таго, хто прыходзіць да Мяне, Я не адкіну, 38бо Я сыйшоў з неба не для таго, каб чыніць сваю волю, але волю таго, хто Мяне паслаў. 39А воля таго, хто паслаў Мяне, такая, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не страціў, але каб уваскрасіў у апошні дзень. 40Бо такая воля Айца Майго, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыццё вечнае. І Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.

41Абурыліся на Езуса юдэі за тое, што Ён сказаў: «Я — хлеб, які сышоў з неба», 42і казалі: «Ці не Езус гэта, сын Юзафа, бацьку якога і маці мы ведаем? Як жа Ён кажа: “Я сышоў з неба”?»

43Езус сказаў ім у адказ: «Не абурайцеся паміж сабою. 44Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец, які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. 45У прарокаў напісана: “Усе будуць навучаны Богам”. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне. 46І не таму, што хтосьці бачыў Айца; толькі той, хто ад Бога, бачыў Айца. 47Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.

48Я — хлеб жыцця. 49Айцы вашыя елі манну ў пустыні і памерлі. 50Гэта — хлеб, які сыходзіць з неба, каб той, хто з’есць яго, не памёр. 51Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта Цела Маё дзеля жыцця свету».

52Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: «Як Ён можа даць нам есці сваё цела?» 53Езус жа сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. 54Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. 55Бо Цела Маё — праўдзівы спажытак, а Кроў Мая — праўдзівы напой. 56Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім. 57Як паслаў Мяне Айцец, які жыве, а Я жыву прaз Айца, так і той, хто спажывае Мяне, будзе жыць праз Мяне. 58Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто спажывае гэты хлеб, будзе жыць навекі».

59Гэта Ён сказаў у сінагозе, калі навучаў у Кафарнауме. 60Пачуўшы гэта, многія з вучняў Ягоных сказалі: «Цяжкая гэтая мова! Хто можа яе слухаць?» 61Але Езус, ведаючы, што вучні Ягоныя абураюцца, сказаў ім: «Ці гэта вас спакушае? 62А калі ўбачыце Сына Чалавечага, які будзе ўзыходзіць туды, дзе быў раней? 63Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць Духам і жыццём. 64Аднак ёсць сярод вас тыя, хто не верыць». Бо Езус ад пачатку ведаў, хто не верыць і хто Яго выдасць. 65І сказаў: «Для таго гаварыў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі гэта не будзе дадзена яму Айцом».

66З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім. Тады 67Езус сказаў Дванаццаці: «Ці і вы таксама хочаце адысці?» 68Адказаў Яму Сымон Пётр: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага. 69А мы паверылі і пазналі, што Ты ёсць Святы Бога». 70Адказаў ім Езус: «Ці не дванаццаць Я вас выбраў? І адзін з вас — д’ябал». 71Казаў жа пра Юду Сымона Іскарыёта, бо той меўся выдаць Яго, будучы адным з Дванаццаці.

 

7 (1-53)

1І пасля гэтага хадзіў Езус па Галілеі. Ён не хацеў хадзіць па Юдэі, бо юдэі намагаліся забіць Яго.

2Набліжалася юдэйскае свята Шатроў. 3Тады браты Ягоныя сказалі Яму: «Выйдзі адсюль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае ўбачылі Твае справы, якія робіш. 4Бо ніхто ўпотай не робіць нічога і стараецца сам быць навідавоку. Калі Ты робіш такое, пакажы сябе свету». 5Бо нават браты Ягоныя не верылі ў Яго. 6Тады кажа ім Езус: «Мой час яшчэ не настаў, а для вас час заўжды адпаведны. 7Свет не можа ненавідзець вас, а Мяне ненавідзіць, бо Я сведчу пра яго, што справы яго злыя. 8Вы ідзіце на свята; Я не пайду на гэта свята, таму што яшчэ не споўніўся Мой час». 9Сказаўшы гэта, Ён застаўся ў Галілеі.

10Калі браты Ягоныя прыйшлі на свята, тады і Ён прыйшоў, аднак не адкрыта, а як бы патаемна. 11Юдэі ж шукалі Яго на свяце і казалі: «Дзе Ён?» 12І вялікае абурэнне было на Яго ў натоўпе: адны казалі, што Ён добры, другія ж казалі: «Не, Ён уводзіць народ у зман!» 13Ніхто, аднак, адкрыта не казаў пра Яго праз страх перад юдэямі.

14Ужо ў сярэдзіне свята Езус увайшоў у святыню і навучаў. 15А юдэі дзівіліся, кажучы: «Як жа Ён ведае Пісанні, не вучыўшыся?» 16Езус ім адказаў: «Маё вучэнне — не Маё, а таго, хто паслаў Мяне. 17Калі хто хоча выконваць волю Яго, той даведаецца, ці ад Бога вучэнне, ці Я сам ад сябе гавару. 18Хто гаворыць ад свайго імя, шукае ўласнай славы, а хто шукае славы таго, хто паслаў Яго, той праўдзівы і няма ў Ім несправядлівасці. 19Ці Майсей не даў вам Закон? Але ніхто з вас не выконвае Закону. Чаму вы хочаце забіць Мяне?» 20Натоўп адказаў: «Ты апанаваны злым духам! Хто імкнецца забіць Цябе?» 21Езус сказаў ім у адказ: «Адну справу зрабіў Я, а вы ўсе здзіўляецеся. 22Вось, Майсей даў вам абразанне (хоць яно не ад Майсея, але ад айцоў), і вы ў шабат абразаеце чалавека. 23Калі чалавек прымае абразанне ў шабат, каб не парушыць Закон Майсееў, чаму гневаецеся на Мяне, што Я ў шабат аздаравіў усяго чалавека? 24Не асуджайце з выгляду, але судзіце судом справядлівым».

25Некаторыя з жыхароў Ерузалема казалі: «Ці не той гэта, якога хочуць забіць? 26I вось Ён адкрыта гаворыць, і нічога не кажуць Яму. Хіба старэйшыны на самой справе пераканаліся, што Ён Месія? 27Але мы ведаем, адкуль Ён. Калі ж прыйдзе Месія, то ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён». 28Тады Езус, навучаючы ў святыні, прамовіў голасна: «I Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я. І не сам ад сябе Я прыйшоў, але праўдзівы той, хто паслаў Мяне, якога вы не ведаеце. 29Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне». 30Тады шукалі, як схапіць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі, бо яшчэ не настала Ягоная гадзіна. 31Многія з натоўпу паверылі ў Яго і казалі: «Калі прыйдзе Месія, ці Ён учыніць больш знакаў, чым гэты ўчыніў?»

32Фарысеі ж пачулі, як народ абураецца, і паслалі першасвятары і фарысеі слуг схапіць Яго. 33Тады Езус сказаў: «Яшчэ нядоўга пабуду з вамі і адыду да таго, хто паслаў Мяне. 34Будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце; а туды дзе Я, вы не можаце прыйсці». 35Юдэі казалі адзін аднаму: «Куды Ён хоча ісці, што мы не знойдзем Яго? Ці не хоча Ён ісці ў грэцкую дыяспару і вучыць грэкаў? 36Што Ён меў на ўвазе, кажучы: “Будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце”, і: “Туды дзе Я, вы не можаце прыйсці?”»

37У апошні, вялікі дзень свята, Езус стаў і, заклікаючы, сказаў: «Калі хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е. 38Хто верыць у Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, з улоння пацякуць рэкі вады жывой». 39Гэта сказаў Ён пра Духа, якога меліся прыняць тыя, хто паверыў у Яго, бо яшчэ не было Духа Святога, таму што Езус яшчэ не быў услаўлены.

40З натоўпу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: «Ён сапраўды прарок!» 41Другія казалі: «Гэта Месія!» А іншыя казалі: «Хіба з Галілеі прыйдзе Месія? 42Ці ж не сказана ў Пісанні, што Месія прыйдзе з роду Давіда і з мястэчка Бэтлеема, адкуль быў Давід?» 43І вось адбылася з-за Яго спрэчка ў натоўпе.

44Некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі. 45Прыйшлі ж слугі да першасвятароў і фарысеяў, а тыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?» 46Слугі адказалі: «Ніколі з людзей ніхто так не гаварыў». 47Фарысеі адказалі ім: «Няўжо і вас увялі ў зман? 48Хіба паверыў у Яго хто са старэйшын або з фарысеяў? 49Але гэты натоўп, які не ведае Закону, пракляты!» 50Тады Нікадэм, адзін з іх, які прыходзіў да Езуса раней, сказаў ім: 51«Ці наш Закон асуджае чалавека, пакуль не выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?» 52На гэта адказалі яму: «Ці і ты з Галілеі? Даследуй і ўбачыш, што з Галілеі прарок не выйдзе!» 53І разышліся кожны да свайго дому.

 

8 (1-59)

1Езус пайшоў на Аліўную гару, 2а раніцай зноў прыйшоў у святыню, і ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх. 3Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужаложстве і, паставіўшы яе пасярэдзіне, 4сказалі Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужаложстве. 5У Законе ж Майсей наказаў нам каменаваць такіх. А Ты што скажаш?» 6Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі. 7Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень». 8І зноў, схіліўшыся, пісаў на зямлі. 9Яны ж, калі пачулі гэта, адыходзілі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся толькі Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне. 10Езус выпрастаўся і сказаў ёй: «Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?» 11Яна адказала: «Ніхто, Пане». Езус сказаў ёй: «I Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы».

12І зноў прамовіў да іх Езус, кажучы: «Я — святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця». 13Тады фарысеі сказалі Яму: «Ты сам пра сябе сведчыш, таму сведчанне Тваё непраўдзівае». 14Езус сказаў ім у адказ: «Нават калі Я сведчу сам пра сябе, сведчанне Маё праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду. А вы не ведаеце, адкуль Я прыйшоў і куды іду. 15Вы судзіце паводле цела; Я не суджу нікога. 16А калі Я і суджу, то суд Мой праўдзівы, таму што Я не адзін, але Я і Айцец, які паслаў Мяне. 17І ў Законе вашым напісана, што сведчанне двух чалавек праўдзівае. 18Я і сам сведчу пра сябе, і сведчыць пра Мяне Айцец, які паслаў Мяне». 19Тады яны сказалі Яму: «Дзе Айцец Твой?» Езус адказаў: «Вы не ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго». 20Гэтыя словы Езус сказаў каля скарбніцы, калі вучыў у святыні. І ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не настала гадзіна Ягоная.

21І зноў сказаў ім Езус: «Я адыходжу, а вы будзеце шукаць Мяне і памрэце ў граху вашым. Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці». 22Тады юдэі сказалі: «Няўжо Ён заб’е самога сябе, што кажа: “Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці”»? 23І сказаў ім: «Вы з тых, хто ўнізе, а Я з тых, хто ў вышыні. Вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету. 24Таму Я і сказаў вам, што памрэце ў грахах вашых. Бо калі не паверыце, што Я ёсць, памрэце ў грахах вашых». 25Тады сказалі Яму: «Хто Ты?» Езус адказаў ім: «Але ж, навошта яшчэ кажу вам! 26Шмат чаго маю казаць пра вас і судзіць, але той, хто паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое кажу свету». 27Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца. 28Тады сказаў ім Езус: «Калі ўзвысіце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсць і нічога не раблю ад сябе, але як навучыў Мяне Айцец, так і кажу. 29І той, хто паслаў Мяне, ёсць са Мною. Ён не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму падабаецца». 30Калі Ён казаў гэта, шмат хто паверыў у Яго.

31Сказаў тады Езус юдэям, якія паверылі ў Яго: «Калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі 32і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас». 33Тыя адказалі Яму: «Мы нашчадкі Абрагама і ніколі не былі паднявольныя нікому! Як жа Ты кажаш: “Вы станеце свабоднымі?”» 34Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, гэта нявольнік граху. 35А нявольнік не застаецца ў доме вечна — сын застаецца вечна. 36Таму калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі. 37Ведаю, што вы нашчадкі Абрагама, аднак шукаеце, як Мяне забіць, бо слова Майго няма ў вас. 38Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, і вы робіце тое, што чулі ад айца». 39Тыя сказалі Яму ў адказ: «Абрагам наш айцец». Езус сказаў ім: «Калі б вы былі дзецьмі Абрагама, рабілі б учынкі Абрагама. 40А цяпер шукаеце, як забіць Мяне, чалавека, які сказаў вам праўду, пачутую ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў. 41Вы робіце ўчынкі айца вашага». Яны адказалі Яму: «Мы не з распусты народжаныя. Мы маем аднаго Айца — Бога!» 42Езус сказаў ім: «Калі б Бог быў вашым айцом, вы б любілі Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і прыходжу. Я не сам ад сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне. 43Чаму не разумееце мовы Маёй? Бо не можаце слухаць слова Майго. 44Ваш айцец д’ябал, і вы хочаце выконваць жаданні бацькі вашага. Ён быў чалавеказабойцам ад пачатку і не выстаяў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі ён хлусіць, кажа ад сябе, бо ён ілгун і бацька хлусні. 45А паколькі я кажу праўду, не верыце Мне. 46Хто з вас дакорыць Мяне ў граху? Калі кажу праўду, чаму не верыце мне? 47Хто ад Бога, той слухае Божыя словы. Вы не слухаеце, бо вы не ад Бога».

48Тады юдэі сказалі Яму ў адказ: «Ці мы не маем рацыі, што Ты самаранін і апанаваны злым духам?» 49Езус адказаў: «Я не апанаваны злым духам, а шаную Айца Майго, вы ж зневажаеце Мяне. 50Я не шукаю сваёй славы. Ёсць той, хто яе шукае і хто судзіць. 51Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто захавае слова Маё, той не ўбачыць смерці ніколі». 52Тады юдэі сказалі Яму: «Цяпер мы даведаліся, што ў Табе злы дух. Абрагам памёр і прарокі, а Ты кажаш: “Калі хто захоўвае Маё слова, той ніколі не пакаштуе смерці”. 53Няўжо Ты большы за айца нашага Абрагама, які памёр? Прарокі таксама памерлі! Кім Ты сябе робіш?» 54Езус адказаў: «Калі Я сам сябе буду праслаўляць, то Мая слава — нішто. Але тым, хто праслаўляе Мяне, ёсць Айцец Мой, пра якога вы кажаце: “Ён — наш Бог!” 55Вы Яго не ведаеце, а Я ведаю Яго. І калі б Я сказаў, што не ведаю Яго, Я буду ілгуном, падобным да вас. Але Я ведаю Яго і захоўваю Ягонае слова. 56Абрагам, айцец ваш, рады быў убачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся». 57На гэта юдэі сказалі Яму: «Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?» 58Езус сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: раней, чым з’явіўся Абрагам, Я ёсць». 59Тады яны схапілі камяні, каб кінуць у Яго, але Езус укрыўся і выйшаў са святыні.

 

9 (1-41)

1Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. 2І вучні спыталіся ў Яго, кажучы: «Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?» 3Езус адказаў: «Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя. 4Пакуль дзень, нам трэба рабіць справы таго, хто паслаў Мяне. Надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць. 5Пакуль Я на свеце, Я — святло свету». 6Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому, 7і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў купальні Сілаам!» (што перакладаецца «Пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчым. 8А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: «Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў?» 9Адны казалі: «Гэта ён!» Іншыя: «Падобны да яго!» А ён сам казаў: «Гэта я!» 10Тады пыталіся ў яго: «Як жа адкрыліся твае вочы?» 11Той адказаў: «Чалавек, якога завуць Езус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: “Ідзі ў Сілаам і абмыйся!” Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць». 12І сказалі яму: «Дзе Ён?» Той адказаў: «Не ведаю».

13І павялі яго, таго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў. 14А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат. 15І фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся, і бачу». 16Тады некаторыя з фарысеяў казалі: «Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабат!» Іншыя казалі: «Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды?» І падзяліліся яны. 17Зноў жа сказалі сляпому: «А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы?» Той адказаў: «Гэта прарок!» 18Аднак юдэі не паверылі, што ён быў сляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў таго, які стаў відушчым. 19Яны спыталіся ў іх, кажучы: «Гэта ваш сын, пра якога кажаце, што нарадзіўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць?» 20Бацькі ягоныя адказалі: «Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым. 21Але, якім чынам ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, не ведаем. Спытайцеся ў яго самога, ён дарослы, сам пра сябе скажа!» 22Так адказалі бацькі ягоныя, таму што баяліся юдэяў, бо юдэі ўжо змовіліся адлучыць ад сінагогі таго, хто вызнае Езуса як Месію. 23Вось таму бацькі ягоныя і сказалі: «Ён дарослы, спытайцеся ў яго!»

24Тады другі раз паклікалі чалавека, які быў сляпы, і сказалі яму: «Аддай хвалу Богу! Мы ведаем, што той чалавек грэшнік». 25Ён адказаў ім: «Ці грэшнік Ён, не ведаю. Адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу». 26Зноў сказалі яму: «Што зрабіў Ён з табою? Як адкрыў табе вочы?» 27Ён адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, а вы не слухалі. Навошта зноў хочаце пачуць? Хіба і вы хочаце стаць Ягонымі вучнямі?» 28Яны зняважылі яго і сказалі: «Ты Ягоны вучань, а мы — вучні Майсея. 29Мы ведаем, што з Майсеем размаўляў Бог. А вось той адкуль, мы не ведаем». 30І адказаў ім гэты чалавек: «Менавіта гэта і дзіўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы! 31Мы ведаем, што Бог не слухае грэшнікаў; а таго, хто пабожны і выконвае волю Ягоную, таго слухае. 32Адвеку не было чутна, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння. 33Калі б Ён не быў ад Бога, нічога не мог бы рабіць». 34Сказалі яму ў адказ: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш?» І выгналі яго прэч.

35Езус пачуў, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў: «Ці верыш у Сына Чалавечага?» 36Той адказаў: «А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго?» 37Езус сказаў Яму: «Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою». 38Ён жа сказаў: «Веру, Пане!» І аддаў Яму пашану. 39І сказаў Езус: «На суд прыйшоў Я ў гэты свет, каб невідушчыя бачылі, а відушчыя сталі сляпымі». 40Пачулі гэта некаторыя з фарысеяў, якія былі з Ім, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сляпыя?» 41Езус адказаў ім: «Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху. Але цяпер кажаце: “Бачым!”, і трывае грэх ваш».

 

10 (1-42)

1«Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец. 2А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак. 3Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх. 4А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас. 5За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых». 6Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.

7Тады Езус зноў сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — брама для авечак. 8Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, — гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх. 9Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу. 10Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку. 11Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. 12Найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. 13Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак. 14Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, 15як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. Я жыццё сваё аддаю за авечак. 16Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр. 17За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. 18Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго».

19Праз гэтыя словы сярод Юдэяў зноў адбыўся падзел. 20Многія з іх казалі: «Ён апанаваны злым духам і вар’яцее! Нашто Яго слухаеце?» 21Іншыя казалі: «Гэта не словы апанаванага злым духам! Хіба можа злых дух адкрываць вочы сляпым?»

22Настала тады ў Ерузалеме свята Пасвячэння святыні. Была зіма, 23і Езус хадзіў у святыні па портыку Саламона. 24Абступілі Яго юдэі і казалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасці? Калі Ты Месія, скажы нам адкрыта!» 25Езус адказаў ім: «Я сказаў вам, і вы не верыце. Справы, якія Я чыню ў імя Айца Майго, сведчаць пра Мяне. 26Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак. 27Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. 28І Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рукі Маёй. 29Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца. 30Я і Айцец — адно».

31Юдэі зноў узялі камяні, каб каменаваць Езуса. 32Але Езус сказаў ім: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца. За які з гэтых учынкаў хочаце каменаваць Мяне?» 33Юдэі адказалі Яму: «Не за добры ўчынак хочам каменаваць Цябе, а за блюзнерства і за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш сябе Богам». 34Езус адказаў ім: «Ці не напісана ў Законе вашым “Я сказаў: вы багі”? 35Калі тыя, да каго было скіравана слова Божае, названы багамі, а Пісання нельга адхіліць, 36то чаму ж вы гаворыце таму, каго Айцец асвяціў і паслаў у свет: “Блюзнерыш”, бо сказаў: Я Сын Божы? 37Калі Я не раблю справы Айца Майго, не верце Мне. 38Аднак калі раблю, і не верыце Мне, паверце справам Маім, каб пазналі і ведалі, што Айцец ува Мне, а Я ў Ім». 39Тады яны зноў намагаліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рукі іхняй.

40І пайшоў зноў за Ярдан, на месца, дзе спачатку хрысціў Ян, і застаўся там. 41Многія прыйшлі да Яго і казалі: «Ян не ўчыніў ніводнага знаку, але ўсё, што Ян казаў пра Яго, было праўдай». 42І шмат хто паверыў там у Яго.

 

11 (1-57)

1Быў нейкі хворы, Лазар з Бэтаніі, з вёскі Марыі і яе сястры Марты. 2Гэта была тая Марыя, якая намасціла Пана мірам і абцерла Яму ногі сваімі валасамі. Яе брат Лазар быў хворы. 3Таму сёстры паслалі сказаць Езусу: «Пане, той, каго Ты любіш, хворы».

4Пачуўшы гэта, Езус сказаў: «Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Божы праславіўся праз яе». 5Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара. 6Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. 7Пасля гэтага сказаў вучням: «Пойдзем зноў у Юдэю». 8Вучні ж сказалі Яму: «Раббі, яшчэ нядаўна юдэі хацелі каменаваць Цябе, а Ты зноў ідзеш туды?» 9Езус адказаў: «Ці не дванаццаць гадзін у дні? Калі хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, таму што бачыць святло гэтага свету. 10А калі хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо няма ў ім святла». 11Сказаў так, і пасля гэтага кажа ім: «Наш прыяцель Лазар заснуў, але Я іду абудзіць яго». 12Вучні Яго сказалі: «Пане, калі заснуў, то выздаравее». 13Хоць Езус казаў пра яго смерць, вучні думалі, што Ён гаворыць пра звычайны сон. 14Тады Езус проста сказаў ім: «Лазар памёр. 15І Я рады за вас, што Мяне не было там, каб вы паверылі. Але пойдзем да яго». 16Тады Тамаш, якога называлі Блізня, сказаў астатнім вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці разам з ім!»

17Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле. 18Бэтанія была блізка ад Ерузалема, каля пятнаццаці стадыяў. 19Многія з юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі, каб суцешыць іх у смутку па браце. 20Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. 21Тады Марта сказала Езусу: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой! 22Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе». 23Езус сказаў ёй: «Уваскрэсне брат твой». 24Марта сказала Яму: «Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрашэння ў апошні дзень». 25Езус сказаў ёй: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. 26А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?» 27Яна адказала Яму: «Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет».

28Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала сваю сястру Марыю, сказаўшы патаемна: «Настаўнік тут, Ён кліча цябе». 29Калі яна пачула гэта, устала хутка і пайшла да Яго. 30Езус яшчэ не ўвайшоў у вёску, але заставаўся на тым месцы, дзе Яго сустрэла Марта. 31Юдэі, якія былі з ёю ў доме і суцяшалі яе, убачылі, што Марыя хутка ўстала і выйшла, і пайшлі за ёю, думаючы, што яна ідзе да магілы, каб там плакаць. 32Калі Марыя прыйшла туды, дзе быў Езус, і ўбачыла Яго, яна ўпала да ног Ягоных і сказала Яму: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!» 33Тады Езус, убачыўшы, што яна плача і што плачуць юдэі, якія прыйшлі разам з ёю, сам глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся ды сказаў: «Дзе вы паклалі яго?» 34І адказалі: «Пане, ідзі і паглядзі». 35Езус заплакаў. 36Юдэі ж казалі: «Глядзі, як Ён любіў яго!» 37А некаторыя з іх сказалі: «Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»

38Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. 39Сказаў Езус: «Адсуньце камень!» Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: «Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр!» 40Езус сказаў ёй: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?» Тады адсунулі камень. 41А Езус узняў вочы ўгару і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. 42Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне». 43І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вонкі!» 44І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Езус: «Развяжыце Яго і дазвольце яму хадзіць».

45Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго. 46А некаторыя з іх пайшлі да фарысеяў і расказалі ім, што зрабіў Езус. 47Тады першасвятары і фарысеі сабралі Сінэдрыён і казалі: «Што нам рабіць, бо гэты чалавек робіць шмат знакаў? 48Калі пакінем Яго так, то ўсе павераць у Яго, і прыйдуць рымляне, і знішчаць месца нашае і наш народ!» 49Адзін жа з іх, Каяфа, які быў у той год першасвятаром, сказаў ім: «Вы нічога не разумееце і не думаеце, 50што карысней вам, каб адзін чалавек памёр за людзей, а не каб увесь народ загінуў!» 51А сказаў ён гэта не ад самога сябе, але, будучы ў той год першасвятаром, прарочыў, што Езус памрэ за народ, 52і не толькі за народ, але і за тое, каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно. 53З гэтага дня вырашылі забіць Яго.

54Таму Езус ужо больш не хадзіў адкрыта між юдэяў, але адышоў адтуль у краіну каля пустыні, у горад, які называўся Эфраім, і там заставаўся з вучнямі.

55Набліжалася юдэйская Пасха, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерузалем перад Пасхаю, каб ачысціцца. 56Яны шукалі Езуса і, стоячы ў святыні, казалі адзін аднаму: «Як вам здаецца? Хіба не прыйдзе Ён на свята?» 57А першасвятары і фарысеі загадалі кожнаму, хто даведаецца, дзе Ён, данесці, каб схапіць Яго.

 

12 (1-50)

1За шэсць дзён да Пасхі прыйшоў Езус у Бэтанію, дзе быў Лазар, якога Езус уваскрасіў. 2Таму прыгатавалі Яму там вячэру, і Марта прыслугоўвала, а Лазар сядзеў разам з Ім пры стале. 3Марыя ж узяла фунт міра з чыстага і вельмі каштоўнага нарду і намасціла ногі Езусу, і абцёрла сваімі валасамі ногі Ягоныя. І дом напоўніўся пахам міра. 4Сказаў тады Юда Іскарыёт, адзін з вучняў Ягоных, які збіраўся выдаць Яго: 5«Чаму не прадалі гэтага міра за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?» 6А сказаў гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, а таму, што быў злодзеем і, маючы скарбонку, забіраў тое, што туды кідалі. 7Сказаў яму Езус: «Пакінь яе, каб яна захавала гэта на дзень Майго пахавання. 8Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце».

9Мноства народу з юдэяў, даведаўшыся, што там Езус, прыйшлі не толькі дзеля Езуса, але каб таксама ўбачыць Лазара, якога Ён уваскрасіў з мёртвых. 10Першасвятары ж пастанавілі забіць і Лазара, 11бо многія з юдэяў адыходзілі ад іх і верылі ў Езуса.

12На другі дзень многія, хто прыйшоў на свята, пачуўшы, што Езус ідзе ў Ерузалем, 13узялі пальмавыя галінкі і выйшлі Яму насустрач, і ўсклікалі:

«Гасанна!

Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана,

Кароль Ізраэля!»

14А Езус знайшоў асляня і сеў на яго; як напісана:

15«Не бойся, дачка Сіёна.

Вось Кароль твой ідзе,

седзячы на асляняці».

16Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага, але калі Езус быў услаўлены, тады ўзгадалі, што так было пра Яго напісана і так Яму зрабілі. 17Натоўп, які быў з Ім, сведчыў, што Ён паклікаў Лазара з магілы і ўваскрасіў яго. 18Таму народ і сустрэў Яго, бо пачуў, што Ён учыніў такі знак. 19А фарысеі казалі адзін аднаму: «Бачыце, што нічога не дапамагае? Увесь свет пайшоў за Ім!»

20Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята. 21Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: «Пане, мы хочам убачыць Езуса». 22Прыйшоў Філіп і сказаў пра гэта Андрэю. Потым Андрэй і Філіп пайшлі і расказалі Езусу. 23А Езус сказаў ім у адказ: «Настала гадзіна, каб быў услаўлены Сын Чалавечы. 24Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. 25Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго, а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. 26Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой. 27Цяпер усхвалявана душа мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў. 28Ойча, услаў імя сваё!» І пачуўся з неба голас: «Уславіў і ўслаўлю зноў».

29Натоўп жа, які стаяў і чуў гэта, казаў: «Гэта гром». Іншыя казалі: «Анёл гаварыў з Ім». 30Адказваючы, Езус сказаў: «Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. 31Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон. 32І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе». 33Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меў памерці. 34Натоўп спытаўся ў Яго: «Мы чулі з Закону, што Месія трывае навекі. Дык чаму Ты кажаш, што павінен быць узвышаны Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?» 35Тады Езус сказаў ім: «Яшчэ нядоўга будзе святло сярод вас. Хадзіце, пакуль маеце святло, каб цемра не агарнула вас. А хто ходзіць у цемры, не ведае, куды ідзе. 36Пакуль маеце святло, верце ў святло, каб стаць дзецьмі святла». Сказаўшы гэта, Езус адышоў і ўкрыўся ад іх.

37Хоць Ён учыніў перад імі столькі знакаў, яны не паверылі ў Яго, 38каб збылося слова, сказанае прарокам Ісаем: «Пане, хто паверыў пачутаму ад нас? Каму адкрылася плячо Пана?»

39Таму не маглі верыць, бо, як сказаў яшчэ Ісая:

40«Ён асляпіў вочы іх

і зрабіў жорсткімі сэрцы іхнія,

каб не бачылі вачыма

і не разумелі сэрцам, і не навярнуліся,

каб Я вылечыў іх».

41Гэта сказаў Ісая, калі ўбачыў славу Яго і сказаў пра Яго. 42Аднак жа і са старэйшын шмат хто паверыў у Яго, але праз страх перад фарысеямі не прызнаваліся, каб не выключылі іх з сінагогі, 43бо яны больш любілі чалавечую славу, чым славу Божую.

44Езус усклікнуў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, а ў таго, хто паслаў Мяне. 45І хто бачыць Мяне, бачыць таго, хто паслаў Мяне. 46Я, святло, прыйшоў на свет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры. 47І калі хто пачуе словы Мае і не захавае іх, Я не суджу яго. Бо Я прыйшоў не судзіць свет, а збавіць свет. 48Хто пагарджае Мною і не прымае слоў Маіх, той мае сабе суддзю — слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень. 49Бо Я казаў не ад сябе, але Айцец, які паслаў Мяне, Ён даў Мне запаведзь, што казаць і што гаварыць. 50І Я ведаю, што запаведзь Ягоная — гэта жыццё вечнае. Таму тое, што Я кажу, кажу так, як сказаў Мне Айцец».

 

13 (1-38)

1Перад святам Пасхі Езус, ведаючы, што прыйшла Ягоная гадзіна перайсці з гэтага свету да Айца, палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх. 2І падчас вячэры, калі д’ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта, каб выдаць Яго, Езус, 3ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя і што Ён выйшаў ад Бога і да Бога ідзе, 4устаў з-за стала, скінуў верхнюю вопратку і, узяўшы палатно, падперазаўся. 5Потым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням, і выціраць палатном, якім быў падперазаны. 6Падышоў да Сымона Пятра. Той сказаў Яму: «Пане, Ты хочаш абмыць мне ногі?» 7Езус адказаў яму: «Тое, што Я раблю, Ты цяпер не разумееш, але зразумееш пасля». 8Сказаў Яму Пётр: «Не, не абмыеш ніколі маіх ног!» Езус адказаў яму: «Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мною». 9Сымон Пётр кажа Яму: «Пане, не толькі ногі, але і рукі, і галаву!» 10Сказаў яму Езус: «Абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты. І вы чыстыя, але не ўсе». 11Бо ведаў, хто выдасць Яго. Таму сказаў: «Не ўсе вы чыстыя».

12А калі абмыў ім ногі, апрануў вопратку сваю і зноў сеў за стол, і сказаў ім: «Ці разумееце, што Я зрабіў вам? 13Вы Мяне называеце Настаўнікам і Панам, і добра кажаце, бо Я ім ёсць. 14Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. 15Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам. 16Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга не большы за свайго гаспадара, і пасланнік не большы за таго, хто паслаў яго. 17Калі гэта ведаеце і чыніце так, вы шчаслівыя. 18Не пра ўсіх вас кажу. Я ведаю, каго выбраў. Але няхай збудзецца Пісанне: “Хто есць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю”. 19Цяпер, перш чым гэта станецца, кажу вам, каб, калі станецца, вы паверылі, што Я ёсць. 20Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прымае, а хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне».

21Сказаўшы гэта, Езус узрушыўся духам і засведчыў, кажучы: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне». 22Вучні глядзелі адзін на аднаго, не ведаючы, пра каго Ён кажа. 23Быў адзін з вучняў Ягоных, якога любіў Езус і які спачываў на грудзях Езуса. 24Яму і кіўнуў Сымон Пётр, каб даведаўся, хто той, пра каго Ён кажа. 25Той жа прыпаў да грудзей Езуса і спытаў у Яго: «Пане, хто гэта?» 26Езус адказаў: «Той, каму Я, абмакнуўшы, падам кавалак хлеба». І, абмакнуўшы кавалак, падаў яго Юдзе Сымонаваму Іскарыёту. 27І тады, пасля спажыцця кавалка, увайшоў у яго д’ябал. І сказаў яму Юдзе Езус: «Што робіш, зрабі хутчэй». 28Але ніхто з тых, хто быў за сталом, не зразумеў, чаму Ён так сказаў яму. 29Паколькі Юда меў скарбонку, то некаторыя думалі, што Езус сказаў яму: «Купі, што нам трэба на свята», або каб даў што-небудзь убогім. 30Ён жа, спажыўшы кавалак, адразу выйшаў. А была ноч.

31Калі ж выйшаў, Езус сказаў: «Цяпер уславіўся Сын Чалавечы, а Бог уславіўся ў Ім. 32Калі Бог уславіўся ў Ім, то і Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго. 33Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі. Будзеце шукаць Мяне, але як сказаў юдэям, так і вам кажу цяпер: куды Я іду, вы пайсці не можаце. 34Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. 35Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».

36Кажа Яму Сымон Пётр: «Пане, куды Ты ідзеш?» Адказаў яму Езус: «Куды Я іду, ты не можаш цяпер пайсці за Мною, але потым пойдзеш». 37Сказаў Яму Пётр: «Пане, чаму я не магу цяпер пайсці за Табою? Жыццё сваё аддам за Цябе». 38Адказаў яму Езус: «Жыццё сваё аддасі за Мяне? Сапраўды, сапраўды кажу табе: певень не праспявае, як ты тройчы адрачэшся ад Мяне.

 

14 (1-31)

1Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. 2У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. 3І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. 4А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце».

5Кажа яму Тамаш: «Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?» 6Езус сказаў яму: «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. 7Калі вы ведаеце Мяне, то будзеце ведаць і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі». 8Філіп кажа Яму: «Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам». 9Адказаў яму Езус: «Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца. Дык чаму ты кажаш: “Пакажы нам Айца?” 10Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы. 11Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх спраў.

12Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца. 13І тое, аб чым папросіце ў імя Маё, Я зраблю гэта, каб уславіўся Айцец у Сыне. 14Калі аб чым папросіце Мяне ў імя Маё, Я зраблю гэта.

15Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі. 16І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля, каб быў з вамі навекі, 17Духа праўды, якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае. А вы Яго ведаеце, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе. 18Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас. 19Яшчэ крыху і свет ужо не ўбачыць Мяне. Вы ж бачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце. 20У той дзень пазнаеце, што Я ў Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас. 21Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і аб’яўлюся яму».

22Юда, не Іскарыёт, кажа Яму: «Пане, як сталася, што Ты хочаш аб’явіцца нам, а не свету?» 23Езус сказаў яму ў адказ: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго. 24Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, а Айца, які паслаў Мяне.

25Я сказаў вам гэта, будучы з вамі. 26А Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам. 27Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. 28Вы чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, то радаваліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне. 29І цяпер Я сказаў вам, перш чым гэта станецца, каб вы паверылі, калі гэта станецца. 30Ужо нядоўга Мне размаўляць з вамі, бо надыходзіць валадар гэтага свету. І ён нічога не мае ўва Мне. 31Але каб свет ведаў, што Я люблю Айца і раблю так, як наказаў Мне Айцец. Устаньце, пойдзем адгэтуль.

 

15 (1-27)

1Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. 2Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. 3Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. 4Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. 5Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. 6Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яны згараюць. 7Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. 8Гэтым будзе ўслаўлены Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі. 9Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. 10Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові. 11Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.

12Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. 13Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. 14Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. 15Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў вас сябрамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. 16Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. 17Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.

18Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зненавідзеў. 19Калі б вы былі са свету, ён любіў бы вас, як сваё. А паколькі вы не са свету, бо Я выбраў вас са свету, таму свет ненавідзіць вас. 20Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга не большы за свайго гаспадара. Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць. Калі слова Маё захавалі, то і вашае захаваюць. 21Але ўсё гэта будуць рабіць вам з прычыны імя Майго, бо не ведаюць таго, хто паслаў Мяне. 22Калі б Ян не прыйшоў і не гаварыў з імі, не мелі б граху. Цяпер жа не маюць апраўдання за грэх свой. 23Хто ненавідзіць Мяне, той і Айца Майго ненавідзіць. 24Калі б Я не ўчыніў тых спраў, якіх не рабіў ніхто іншы, яны не мелі б граху. А цяпер яны бачылі і зненавідзелі Мяне і Айца Майго. 25Але няхай збудзецца слова, напісанае ў іхнім Законе: “Зненавідзелі мяне без прычыны”.

26Калі прыйдзе Суцяшыцель, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, які ад Айца паходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне. 27Але і вы сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною.

 

16 (1-33)

1Я сказаў вам гэта, каб вы не зняверыліся. 2Вас адлучаць ад сінагогі. Але прыходзіць час, калі кожны, хто заб’е вас, будзе думаць, што здзяйсняе пакланенне Богу. 3І так будуць рабіць, бо не пазналі ні Айца, ні Мяне. 4Але я сказаў вам гэта, каб вы, калі прыйдзе іхні час, згадалі тое, што Я сказаў вам. Я не казаў вам гэтага ад пачатку, бо Я быў з вамі.

5Цяпер Я адыходжу да таго, хто паслаў Мяне, і ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: “Куды ідзеш?” 6Але таму, што Я сказаў вам гэта, смутак напоўніў сэрца вашае. 7Аднак Я кажу вам праўду: лепш для вас, каб Я адышоў. Бо калі Я не адыду, Суцяшыцель не прыйдзе да вас. А калі адыду, пашлю Яго да вас. 8І калі Ён прыйдзе, пераканае свет наконт граху, справядлівасці і суда. 9Наконт граху, бо не вераць у Мяне. 10Наконт справядлівасці, бо іду да Айца і ўжо не ўбачыце Мяне. 11Наконт суда, бо князь гэтага свету ўжо асуджаны.

12Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці. 13Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам тое, што пачуе, і будучыню абвесціць вам. 14Ён уславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесціць вам. 15Усё, што мае Айцец, гэта Маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам.

16Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне». 17Некаторыя з вучняў сказалі адзін аднаму: «Што гэта Ён кажа нам: “Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне,” і: “Я іду да Айца”?» 18Таму казалі: «Што гэта значыць: “Яшчэ крыху”? Не ведаем, што Ён кажа». 19А Езус пазнаў, што хацелі ў Яго спытаць, і сказаў ім: «Распытваецеся адзін у аднаго пра тое, што Я сказаў: “Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне?” 20Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе радавацца. Вы будзеце смуткаваць, але смутак ваш абернецца ў радасць. 21Жанчына, калі нараджае, смуткуе, бо прыйшла яе гадзіна. Калі ж народзіць дзіця, ужо не памятае з радасці пра боль, бо чалавек нарадзіўся на свет. 22Так і вы цяпер смуткуеце, але Я зноў убачу вас, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто не адбярэ ў вас. 23І ў той дзень вы ні пра што не будзеце ў Мяне пытацца.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць вам. 24Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце і атрымаеце, каб радасць вашая была поўнай. 25Гэта Я казаў вам у прыпавесцях. Надыходзіць час, калі ўжо не ў прыпавесцях буду казаць, а адкрыта абвяшчу вам пра Айца. 26У той дзень будзеце прасіць у імя Маё. І не кажу, што Я буду прасіць Айца за вас. 27Сам Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі і паверылі, што Я выйшаў ад Бога. 28Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у свет. Зноў пакідаю свет і іду да Айца». 29Вучні сказалі Езусу: «Вось цяпер Ты гаворыш адкрыта і не кажаш ніякай прыпавесці. 30Цяпер мы ведаем, што Ты ведаеш усё і не маеш патрэбы, каб нехта пытаўся ў Цябе. Таму верым, што Ты прыйшоў ад Бога». 31Езус адказаў ім: «Цяпер верыце? 32Вось надыходзіць час і ўжо настаў, калі вы рассеецеся кожны ў свой бок і Мяне пакінеце аднаго. Але Я не адзін, бо Айцец са Мною. 33Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет».

 

17 (1-26)

1Сказаўшы гэта, Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: «Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын уславіў Цябе. 2Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсяму, што Ты даў Яму. 3А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста. 4Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць. 5І цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету.

6Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё. 7Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе паходзіць. 8Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне. 9Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае. 10І ўсё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх. 11Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, Я ж іду да Цябе.

Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы. 12Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне. І збярог, і ніхто з іх не загінуў, апроч сына пагібелі, каб збылося Пісанне. 13А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць. 14Я даў ім слова Тваё, і свет зненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету.

15Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, а каб захаваў іх ад злога. 16Яны не са свету, як і Я не са свету. 17Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда. 18Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет. 19І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвячаныя ў праўдзе.

20Ойча святы, не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, 21каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. 22І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно. 23Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.

24Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я ёсць, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету.

25Ойча справядлівы, свет не пазнаў Цябе, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне. 26І Я адкрыў ім Тваё імя і буду адкрываць, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, а Я ў іх».

 

18 (1-40)

1Сказаўшы гэта, Езус выйшаў з вучнямі сваімі за зімні ручай Кедрон. Там быў сад, у які ўвайшоў Ён і вучні Ягоныя. 2Гэтае месца ведаў і Юда, здраднік Ягоны, бо Езус там часта збіраўся з вучнямі сваімі. 3Таму Юда ўзяў кагорту і слуг ад першасвятароў і фарысеяў і прыйшоў туды з паходнямі, ліхтарамі і зброяй. 4Езус жа, ведаючы ўсё, што павінна з Ім стацца, выйшаў і сказаў ім: «Каго шукаеце?» 5Яму сказалі: «Езуса з Назарэта». Кажа ім: «Гэта Я!» Стаяў жа з імі таксама Юда, які выдаў Яго. 6І калі Ён сказаў ім: «Гэта Я!», — яны адступілі назад і ўпалі на зямлю. 7Тады Ён зноў спытаўся ў іх: «Каго шукаеце?» Яны сказалі: «Езуса з Назарэта». 8Езус адказаў: «Я сказаў вам, што гэта Я! Калі ж Мяне шукаеце, то дазвольце ім адысці», — 9каб збылося слова, якое сказаў: «З тых, каго Ты даў Мне, Я не згубіў нікога». 10Тады Сымон Пётр, які меў пры сабе меч, дастаў яго і ўдарыў слугу першасвятара і адсек яму правае вуха. Імя ж слугі было Мальхас. 11Але Езус сказаў Пятру: «Схавай меч у ножны. Няўжо Мне не піць з келіха, які даў Мне Айцец?»

12Тады кагорта, тысячнік і юдэйскія прыслужнікі схапілі Езуса, звязалі Яго 13і завялі спачатку да Анны, бо ён быў цесцем Каяфы, які быў у гэтым годзе першасвятаром. 14Каяфа быў тым, хто параіў юдэям, што лепш аднаму чалавеку загінуць за народ.

 

15За Езусам ішоў Сымон Пётр і іншы вучань. Вучань гэты быў знаёмым першасвятара, таму ўвайшоў разам з Езусам на дзядзінец першасвятара. 16Пётр жа стаяў звонку каля брамы. І вось той вучань, знаёмы першасвятара, выйшаў, сказаў брамніцы і ўвёў Пятра. 17Служанка-брамніца кажа Пятру: «Ці і ты з вучняў гэтага чалавека?» Ён сказаў: «Не!» 18Нявольнікі і прыслужнікі распалілі агонь, бо было зімна, і грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.

19Першасвятар спытаў у Езуса пра вучняў Ягоных і пра вучэнне Ягонае. 20Езус адказаў яму: «Я адкрыта казаў свету. Заўсёды вучыў у сінагозе і ў святыні, дзе збіраюцца ўсе юдэі, і патаемна не казаў нічога. 21Чаму ты пытаешся ў Мяне? Спытай тых, хто чуў, што Я казаў ім. Яны ведаюць, што Я гаварыў». 22Калі Ён сказаў гэта, адзін са слугаў, які стаяў паблізу, ударыў Езуса па твары, кажучы: «Так адказваеш першасвятару?» 23Езус адказаў яму: «Калі Я дрэнна сказаў, дакажы, што дрэнна, а калі добра, чаму б’еш Мяне?» 24Тады Анна паслаў Яго звязанага да першасвятара Каяфы.

25А Сымон Пётр стаяў і грэўся. І сказалі яму: «Ці і ты з вучняў Ягоных?» Ён адрокся і сказаў: «Не!» 26Адзін са слугаў першасвятара, сваяк таго, каму Пётр адсек вуха, сказаў: «Ці не цябе я бачыў з Ім у садзе?» 27Пётр зноў адрокся. І адразу заспяваў певень.

28Ад Каяфы павялі Езуса ў прэторыю. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца і магчы з’есці Пасху. 29Таму Пілат выйшаў да іх і сказаў: «У чым абвінавачваеце гэтага чалавека?» 30Яны сказалі яму ў адказ: «Калі б Ён не быў злачынцам, мы не выдалі б Яго табе». 31Пілат жа сказаў ім: «Вазьміце Яго вы і судзіце паводле свайго Закону!» Юдэі сказалі яму: «Нам нікога не дазваляецца забіваць». 32Так павінна было збыцца слова Езуса, у якім прадказаў, якой смерцю памрэ.

33Тады Пілат зноў увайшоў у прэторыю і паклікаў Езуса, і сказаў Яму: «Ці Ты кароль Юдэйскі?» 34Езус адказаў: «Ты кажаш гэта ад сябе, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?» 35Пілат адказаў: «Хіба я юдэй? Народ Твой і першасвятары Цябе выдалі мне. Што ты зрабіў?» 36Езус адказаў: «Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б Валадарства Маё было з гэтага свету, слугі Мае змагаліся б, каб мяне не выдалі юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё не адгэтуль». 37Пілат сказаў Яму: «Дык Ты кароль?» Езус адказаў: «Ты кажаш, што Я кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае Мой голас». 38Пілат сказаў Яму: «Што такое праўда?» І, сказаўшы гэта, зноў выйшаў да юдэяў, і сказаў ім: «Я не знаходжу ў Ім ніякай віны. 39Ёсць у вас звычай, каб я на Пасху адпускаў вам аднаго вязьня. Калі хочаце, я адпушчу вам караля Юдэйскага?» 40Тады яны зноў закрычалі: «Не Яго, але Барабу!» А Бараба быў разбойнікам.

 

19 (1-42)

1Тады Пілат узяў Езуса і аддаў на бічаванне. 2А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і апранулі Яго ў пурпуровы плашч. 3І падыходзілі да Яго, і казалі: «Вітай, кароль Юдэйскі!» І білі Яго па твары. 4А Пілат зноў выйшаў і сказаў ім: «Вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў ім ніякай віны». 5І выйшаў Езус у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І сказаў ім Пілат: «Вось чалавек!» 6Калі ўбачылі Яго першасвятары і прыслужнікі, закрычалі: «Укрыжуй, укрыжуй!» Сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны». 7Юдэі адказалі яму: «Мы маем Закон, і паводле Закону Ён павінен памерці, бо ўчыніў сябе Сынам Божым».

8Калі Пілат пачуў гэтыя словы, спалохаўся яшчэ больш. 9І зноў увайшоў у прэторыю і спытаў Езуса: «Адкуль Ты?» Але Езус не адказаў яму. 10Тады Пілат сказаў Яму: «Не размаўляеш са мною? Ці не ведаеш, што я маю ўладу адпусціць Цябе і маю ўладу ўкрыжаваць Цябе?» 11Езус адказаў: «Ты не меў бы нада Мною ніякай ўлады, калі б не было дадзена табе з вышыні. Таму большы грэх на тым, хто Мяне выдаў табе».

12Адгэтуль Пілат намагаўся адпусціць Яго. Але юдэі крычалі: «Калі адпусціш Яго, ты непрыяцель цэзара! Кожны, хто чыніць сябе каралём, той супраць цэзара». 13Калі Пілат пачуў гэтыя словы, вывеў Езуса вонкі і сеў на судовым пасадзе на месцы, якое называлі Літастрот, а па-габрэйску Габата. 14Быў гэта дзень прыгатавання Пасхі, каля шостай гадзіны. І сказаў ён юдэям: «Вось кароль ваш!» 15А яны закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Пілат сказаў ім: «Я павінен укрыжаваць вашага караля?» Першасвятары адказалі: «Не маем караля, апроч цэзара». 16Тады ён выдаў ім Езуса на ўкрыжаванне. І ўзялі Езуса.

17І, несучы свой крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, па-габрэйску — Галгота. 18Там укрыжавалі Яго, а з Ім двух іншых, з аднаго і з другога боку, а пасярэдзіне Езуса. 19Пілат жа зрабіў надпіс віны і змясціў на крыжы. Было ж напісана: «Езус Назаранін, кароль Юдэйскі». 20Гэты надпіс чыталі многія з юдэяў, бо месца, дзе ўкрыжавалі Езуса, было блізка ад горада. І напісана было па-габрэйску, па-лацінску і па-грэцку. 21Першасвятары юдэяў казалі Пілату: «Не пішы: “Кароль Юдэйскі”, але што Ён сказаў: “Я — кароль Юдэйскі”». 22Пілат адказаў: «Што напісаў, тое напісаў!»

23Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; узялі і туніку. Туніка была не шытая, уся ад верху тканая. 24Таму сказалі адзін аднаму: «Не будзем разрываць яе, але кінем лёсы, каму дастанецца». Каб збылося сказанае ў Пісанні:

«Падзялілі між сабою маю вопратку

і аб адзежыне маёй кінулі лёсы».

Жаўнеры так і зрабілі.

25Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. 26Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой». 27Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.

28Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: «Прагну». 29Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на ісоп губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў. 30Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: «Здзейснілася!» І схіліўшы галаву, аддаў духа.

31Юдэі, паколькі быў дзень Прыгатавання, каб не заставаліся целы на крыжы ў шабат, бо гэты дзень шабату быў вялікі, папрасілі Пілата, каб укрыжаваным паламалі галені і знялі іхнія целы. 32Таму прыйшлі жаўнеры і паламалі галені першаму і другому, якія былі ўкрыжаваныя разам з Ім. 33Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо памёр, не ламалі Яму галені, 34толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада. 35А той, хто ўбачыў, засведчыў, і сведчанне яго праўдзівае. І ён ведае, што кажа праўду, каб і вы паверылі. 36Бо сталася гэта, каб збылося Пісанне: «Косць Ягоная не будзе зламаная». 37І ў іншым месцы Пісанне кажа: «Будуць глядзець на таго, каго прабілі».

38Пасля гэтага Юзаф з Арыматэі, які быў вучнем Езуса, але тайна, з-за страху перад юдэямі, папрасіў Пілата, каб дазволіў забраць цела Езуса. І Пілат згадзіўся. Той пайшоў і забраў Яго цела. 39Прыйшоў і Нікадэм, які раней прыходзіў да Езуса ўначы, і прынёс сумесь смірны і альясу, каля ста фунтаў. 40Яны ўзялі цела Езуса і закруцілі яго ў палатно з духмянасцямі, як звычайна хаваюць юдэі. 41На месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе — новая магіла, у якую яшчэ нікога не клалі. 42Там з прычыны Прыгатавання Юдэйскага паклалі Езуса, бо магіла была блізка.

 

20 (1-31)

1У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. 2Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!» 3Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. 4Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. 5Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. 6Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, 7і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. 8Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. 9Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых. 10Так вучні зноў вярнуліся да сябе.

11Марыя стаяла каля магілы і плакала. Калі ж плакала, зазірнула ў магілу 12і ўбачыла двух анёлаў у белым адзенні, якія сядзелі адзін каля галавы, а другі каля ног, дзе ляжала цела Езуса. 13І яны сказалі ёй: «Жанчына, чаго ты плачаш?» Яна адказала ім: «Забралі Пана майго, і не ведаю, дзе паклалі Яго». 14Калі гэта сказала, азірнулася і ўбачыла Езуса, які стаяў, але не ведала, што гэта Езус. 15Сказаў ёй Езус: «Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?» Яна, думаючы, што гэта садоўнік, сказала Яму: «Пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго». 16Езус сказаў ёй: «Марыя!» А яна азірнулася і сказала Яму па-габрэйску: «Раббуні!» (што азначае «Настаўнік!»). 17Сказаў ёй Езус: «Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага». 18Пайшла Марыя Магдалена абвясціць вучням, што бачыла Пана і тое, што Ён сказаў ёй.

19Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: «Спакой вам!» 20І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. 21Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». 22І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і сказаў: «Прыміце Духа Святога. 23Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».

24Тамаш, адзін з Дванаццаці, якога звалі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. 25Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана!» Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».

26І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» 27Потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!» 28У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» 29Езус сказаў яму: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!»

30Шмат іншых знакаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. 31Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.

 

21 (1-25)

1Пасля гэтага Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. 2Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных. 3Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.

4Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. 5Сказаў ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не». 6А Ён сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна, і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы. 7Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: «Гэта Пан!» Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. 8А іншыя вучні прыплылі на чоўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, цягнучы сетку з рыбай.

9Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб. 10І сказаў ім Езус: «Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі». 11Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзесят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася. 12Сказаў ім Езус: «Хадзіце ж, снедайце». Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан.

13Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу. 14Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.

15Калі ж яны паснедалі, Езус сказаў Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі ягнят Маіх». 16Зноў сказаў яму другі раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Ён адказаў: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе?» Езус сказаў яму: «Пасі авечак Маіх». 17І сказаў яму трэці раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці любіш ты Мяне?», і сказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус сказаў яму: «Пасі авечак Маіх». 18Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш». 19А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, сказаў яму: «Ідзі за Мной».

20Пётр азірнуўся і ўбачыў, што за ім ідзе ўмілаваны вучань Езуса, які на вячэры спачываў на Яго грудзях і пытаўся: «Пане, хто выдасць Цябе?» 21Калі Пётр убачыў яго, сказаў Езусу: «Пане, а што з ім?» 22Езус сказаў яму: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мною». 23І разышлося гэтае слова паміж братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Езус, што не памрэ, але: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, то што табе да таго?»

24Той вучань сведчыць пра гэта і напісаў гэта. І ведаем, што сведчанне ягонае праўдзівае. 25Ёсць і шмат іншага, што ўчыніў Езус. Але, калі апісаць гэта падрабязна, то, думаю, сам свет не змясціў бы напісаных кніг.



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Ioannes.pdf
Крыніца: catholic.by