epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Евангелле паводле Мацвея

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-25)
2 (1-23)
3 (1-17)
4 (1-25)
5 (1-48)
6 (1-34)
7 (1-29)
8 (1-34)
9 (1-38)
10 (1-42)
11 (1-30)
12 (1-50)
13 (1-58)
14 (1-36)
15 (1-39)
16 (1-28)
17 (1-27)
18 (1-35)
19 (1-30)
20 (1-34)
21 (1-46)
22 (1-46)
23 (1-39)
24 (1-51)
25 (1-46)
26 (1-75)
27 (1-66)
28 (1-20)


1 (1-25)

1Кніга радаводу Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.

2Абрагам нарадзіў Ісаака; Ісаак нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Юду і ягоных братоў; 3Юда нарадзіў Фарэса і Зару ад Тамар. Фарэс нарадзіў Эзрома; Эзром нарадзіў Арама, 4Арам нарадзіў Амінадаба; Амінадаб нарадзіў Наасона; Наасон нарадзіў Сальмона; 5Сальмон нарадзіў Бааза ад Рахаб; Бааз нарадзіў Абэда ад Рут; Абэд нарадзіў Есэя, 6а Есэй нарадзіў караля Давіда.

Давід нарадзіў Саламона ад жонкі Урыі; 7Саламон нарадзіў Рабаама; Рабаам нарадзіў Абія; Абій нарадзіў Асу; 8Аса нарадзіў Язафата; Язафат нарадзіў Ярама; Ярам нарадзіў Осію; 9Осія нарадзіў Яатама; Яатам нарадзіў Ахаза; Ахаз нарадзіў Эзэхію; 10Эзэхія нарадзіў Манасэса; Манасэс нарадзіў Амона; Амон нарадзіў Ёсію; 11Ёсія нарадзіў Ехонію і ягоных братоў падчас бабілёнскага перасялення.

12А пасля бабілёнскага перасялення Ехонія нарадзіў Салятыэля; Салятыэль нарадзіў Зарабабэля; 13Зарабабэль нарадзіў Абіюда; Абіюд нарадзіў Эліяхіма; Эліяхім нарадзіў Азора; 14Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Эліюда; 15Эліюд нарадзіў Элеазара; Элеазар нарадзіў Матана; Матан нарадзіў Якуба; 16Якуб нарадзіў Юзафа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом.

17А ўсіх пакаленняў ад Абрагама да Давіда — чатырнаццаць, ад Давіда да бабілёнскага перасялення — чатырнаццаць, і ад бабілёнскага перасялення да Хрыста — чатырнаццаць пакаленняў.

18Нараджэнне Езуса Хрыста было такім.

Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога.

19Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе. 20Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. 21Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных».

22А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: 23«Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог”».

24Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю, 25і не спазнаваў Яе, пакуль Яна не нарадзіла Сына, якому ён даў імя Езус.

 

2 (1-23)

1Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, прыбылі ў Ерузалем мудрацы з усходу, 2кажучы: «Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму». 3Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалем з ім. 4Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе мае нарадзіцца Хрыстус. 5Яны сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:

6“І ты, Бэтлеем, зямля Юды,

нічым не меншы сярод гарадоў Юды,

бо з цябе выйдзе Правадыр,

які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля”».

7Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі. 8Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Ідзіце і дакладна разведайце пра Дзіця; калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму».

9Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі. А зорка, якую яны бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця. 10Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. 11Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра. 12Атрымаўшы ў сне наказ не вяртацца да Ірада, адышлі ў сваю краіну іншай дарогай.

13Калі адышлі, анёл Пана з’явіўся Юзафу ў сне і сказаў: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб загубіць Яго».

14Падняўшыся, ён узяў Дзіця і Маці Яго ноччу і адправіўся ў Егіпет. 15Быў там да смерці Ірада, каб збылося сказанае Панам праз прарока: «З Егіпта Я паклікаў Сына Майго».

16Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, вельмі разгневаўся і паслаў пазабіваць усіх хлопцаў у Бэтлееме ды ва ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і менш, паводле часу, які выведаў ад мудрацоў. 17Так збылося сказанае

18«Голас у Раме чутны,

плач і лямант вялікі.

Рахіль аплаквае дзяцей сваіх

і не хоча суцешыцца, бо іх няма».

19Калі Ірад памёр, анёл Пана з’явіўся ў сне Юзафу ў Егіпце 20і сказаў: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды ідзі ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, хто хацеў забіць Дзіця». 21Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго і прыйшоў у зямлю Ізраэля. 22Пачуўшы, што ў Юдэі валадарыць Архелай замест яго бацькі Ірада, пабаяўся вяртацца туды. Атрымаўшы ў сне наказ, пайшоў у Галілейскую зямлю. 23А калі прыйшоў, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае прарокамі, што Ён будзе названы Назаранінам.

 

3 (1-17)

1У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў: 2«Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».

3Гэта пра яго сказаў прарок Ісая:

«Голас таго, хто кліча ў пустыні:

“Падрыхтуйце дарогу Пану,

простымі рабіце сцежкі Яму!”»

4Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на сцёгнах сваіх; а ежай яму была саранча ды дзікі мёд.

5Тады выходзілі да яго Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана 6і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае.

7Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: «Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? 8Прынясіце ж годны плён пакаяння 9і не думайце казаць сабе: “Маем Абрагама за бацьку”, бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму. 10Ужо сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь. 11Я вас хрышчу вадою дзеля пакаяння, але той, хто ідзе за мною, Мацнейшы за мяне, і я няварты несці сандалі Ягоныя. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём. 12Лапата Яго ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў засекі, а мякіну спаліць агнём непагасным».

13Тады Езус прыйшоў з Галілеі на Ярдан да Яна, каб атрымаць ад яго хрост. 14Ян стрымліваў Яго, кажучы: «Гэта мне трэба прымаць хрост ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?» 15Але Езус сказаў яму ў адказ: «Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва». Тады Ян дазволіў Яму. 16Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады. І вось раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго. 17І вось голас з нябёсаў прамовіў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў».

 

4 (1-25)

1Потым Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. 2Пасля сарака дзён і сарака начэй посту Езус адчуў голад. 3Тады падышоў да Яго спакуснік і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам». 4А Ён сказаў у адказ: «Напісана: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых”».

5Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад і паставіў на крыле святыні, 6і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана:

“Анёлам сваім загадае пра Цябе,

і на руках панясуць Цябе,

каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагой сваёй”».

7Езус сказаў яму: «Напісана таксама: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго”».

8Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх. 9І сказаў Яму: «Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне». 10Тады сказаў яму Езус: «Адыдзі, сатана! Бо напісана: “Пану Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы”».

11Тады д’ябал пакінуў Яго, — і вось анёлы падышлі і служылі Яму. 12Калі Езус пачуў, што Яна зняволілі, адышоў у Галілею. 13Пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Кафарнауме прыморскім, у межах Забулона і Нэфталія, 14каб збылося сказанае прарокам Ісаем:

15«Зямля Забулонава і зямля Нэфталіева,

на шляху марскім, за Ярданам,

Галілея язычнікаў,

16народ, які сядзеў у цемры,

убачыў святло вялікае,

над жыхарамі краіны смяротнага ценю

заззяла святло».

17З таго часу Езус пачаў прапаведаваць і казаць: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».

18Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. 19І сказаў ім: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей». 20Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.

21Калі адтуль пайшоў далей, убачыў іншых двух братоў: Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія ў чоўне з бацькам іхнім Зэбэдэем ладзілі свае сеткі, і паклікаў іх. 22А яны адразу пакінулі човен і бацьку свайго і пайшлі за Ім.

23Езус хадзіў па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах іхніх і абвяшчаючы Евангелле Валадарства. Ён лячыў усялякую хваробу і ўсялякую немач у людзей. 24Таму пайшла пра Яго чутка па ўсёй Сірыі. Пачалі прыводзіць да Яго ўсіх нямоглых, што цярпелі на розныя хваробы і слабасці, апанаваных злымі духамі, эпілептыкаў і паралізаваных, і Ён вылечваў іх. 25За Ім ішлі вялікія натоўпы з Галілеі і Дэкаполіса, з Ерузалема, Юдэі і з-за Ярдана.

 

5 (1-48)

1Убачыўшы натоўп, Езус узышоў на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. 2І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы:

3«Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.

4Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны.

5Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.

6Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны.

7Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць.

8Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

9Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі.

10Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.

11Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне. 12Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах. Бо так пераследавалі прарокаў, якія былі перад вамі.

13Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям.

14Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. 15І, запаліўшы светач, не ставяць яго пад пасудзінай, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме. 16Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах.

17Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць Закон ці Прарокаў. Не адмяніць прыйшоў Я, а выканаць. 18Бо сапраўды кажу вам: пакуль не міне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не зменіцца ў Законе, пакуль не збудзецца ўсё. 19Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным.

20Бо кажу вам, калі справядлівасць ваша не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.

21Вы чулі, што было сказана продкам: “Не забівай”; а хто заб’е, падлягае суду. 22А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду. Хто ж скажа брату свайму “рака”, падлягае Сінэдрыёну, а хто скажа “неразумны”, падлягае геене вогненнай. 23Таму, калі прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, 24пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, а тады прыйдзі і прынясі дар свой. 25Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слугу, і каб не ўкінулі цябе ў вязніцу. 26Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош.

27Вы чулі, што сказана: “Не чужалож”. 28А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сэрцы сваім. 29Калі правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё будзе кінута ў геену. 30І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё пойдзе ў геену.

31Сказана: “Калі хто адпускае жонку сваю, няхай дасць ёй разводны ліст”. 32А Я кажу вам: кожны, хто развядзецца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да чужаложства, а хто ажэніцца з разведзенаю, той чужаложыць.

33Вы чулі, што сказана было продкам: “Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае”. 34А Я кажу вам: не прысягайце наогул: ні небам, бо гэта пасад Божы; 35ні зямлёю, бо гэта падножжа ног Ягоных; ні Ерузалемам, бо гэта горад вялікага Караля. 36Ні галавою сваёй не прысягай, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым або чорным. 37Няхай будзе слова вашае “так-так”, “не-не”. А што звыш гэтага, тое ад злога.

38Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”. 39А Я вам кажу: не адплачвайце злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. 40І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. 41І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. 42Таму, хто просіць у цябе, давай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе.

43Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго. 44А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, 45каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. 46Калі ж вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? 47І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? 48Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.

 

6 (1-34)

1Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах. 2Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.

3Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, 4каб міласціна твая была патаемнай. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.

5І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. 6Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе. 7Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім будуць пачутыя. 8Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго.

9Таму вы так маліцеся:

Ойча наш, каторы ёсць у небе,

свяціся імя Тваё,

10прыйдзі Валадарства Тваё,

будзь воля Твая,

як у небе, так і на зямлі.

11Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння

12і адпусці нам правіны нашы,

як і мы адпускаем вінаватым нашым.

13І не ўводзь нас у спакусу,

але збаў нас ад злога.

14Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам. 15А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых.

16Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. 17Ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, 18каб паказаць, што посціш, не людзям, але Айцу твайму, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.

19Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць. 20Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць. 21Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.

22Светачам цела ёсць вока. Калі ж вока тваё чыстае, то ўсё цела тваё будзе светлае. 23Калі ж вока тваё дрэннае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Калі ж святло, якое ў табе, з’яўляецца цемрай, то якая ж цемра!

24Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.

25Таму кажу вам: не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж не большае жыццё за ежу, а цела – за вопратку? 26Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не больш вартыя за іх? 27І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць адзін локаць? 28І аб вопратцы навошта турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. 29Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. 30Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, ці не намнога больш вас, малаверныя? 31Таму не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці?” або: “Што піць?” або: “У што апрануцца?” 32Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Айцец Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. 33Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам. 34Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату.

 

7 (1-29)

1Не судзіце, каб вас не судзілі. 2Бо якім судом вы судзіце, такім і вас асудзяць, і якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана. 3Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? 4Або, як скажаш брату свайму: “Дазволь мне выняць шчэпку з вока твайго”, калі ў тваім воку бервяно? 5Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата.

6Не давайце сабакам таго, што святое, і не кідайце пярлінаў вашых перад свіннямі, каб яны не патапталі іх сваімі нагамі ды, вярнуўшыся, не разарвалі вас.

7Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. 8Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена. 9Ці ёсць сярод вас чалавек, які, калі сын ягоны папросіць у яго хлеба, дасць яму камень? 10Або калі папросіць у яго рыбы, дасць яму змяю? 11Калі ж вы, будучы благімі, ведаеце, як даваць дзецям вашым добрыя дары, тым больш Айцец ваш, які ў нябёсах, дасць добрае тым, хто просіць у Яго.

12Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце, бо ў гэтым Закон і Прарокі.

13Уваходзьце праз вузкую браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць да згубы, і многія ўваходзяць праз яе. 14А вузкая брама і вузкая дарога вядуць у жыццё, але нямногія знаходзяць яе.

15Асцерагайцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай вопратцы, а ў сярэдзіне — ваўкі драпежныя. 16Па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці збіраюць з цярноўніку вінаград або з асоту смоквы? 17Так кожнае добрае дрэва родзіць добрыя плады, а дрэннае дрэва родзіць дрэнныя плады. 18Не можа добрае дрэва радзіць дрэнныя плады, а дрэва дрэннае радзіць добрыя плады. 19Кожнае дрэва, якое не родзіць добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь. 20Таму па пладах іхніх пазнаеце іх.

21Не кожны, хто кажа Мне: “Пане, Пане”, увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах. 22Многія скажуць Мне ў той дзень: “Пане, Пане, ці не ад Твайго імя мы прарочылі, і ці не Тваім імем выганялі злых духаў, і ці не Тваім імем многія цуды чынілі?” 23І тады скажу ім: “Я ніколі не ведаў вас, адыдзіце ад Мяне вы, што чыніце беззаконне”.

24Таму кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале. 25Пайшоў дождж, разліліся рэкі, падзьмулі вятры і ўдарылі ў дом той, а ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале.

26Кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да неразумнага чалавека, які пабудаваў свой дом на пяску. 27Пайшоў дождж, разліліся рэкі, падзьмулі вятры і ўдарылі ў дом той; і ён упаў, і падзенне яго было вялікае».

28Калі Езус скончыў гаварыць, здзіўляліся людзі вучэнню Ягонаму, 29бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.

 

8 (1-34)

1Калі Езус сышоў з гары, за Ім следам пайшло мноства людзей.

2І вось падышоў пракажоны і кланяўся Яму, кажучы: «Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць». 3Езус працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны!» І той адразу ачысціўся ад праказы. 4І сказаў яму Езус: «Глядзі, нікому не кажы, але ідзі, пакажыся святару і ахвяруй дар, які наказаў Майсей, на сведчанне ім».

5Калі Езус увайшоў у Кафарнаум, падышоў да Яго сотнік і прасіў Яго, 6кажучы: «Пане, слуга мой ляжыць дома паралізаваны і цяжка пакутуе». 7Езус cказаў яму: «Я прыйду і вылечу яго». 8Сотнік жа адказаў: «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой. 9Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе, а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць, а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць».

10Пачуўшы гэта, Езус здзівіўся і сказаў тым, хто ішоў за Ім: «Сапраўды кажу вам, ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў такой веры. 11Кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і сядуць за стол з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным. 12А сыны валадарства будуць выкінуты вон у цемру, там будзе плач і скрыгатанне зубоў». 13І сказаў Езус сотніку: «Ідзі, і як паверыў, няхай станецца табе». І быў аздароўлены слуга ягоны ў тую ж гадзіну.

14Калі Езус прыйшоў у дом Пятра, убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы. 15Ён дакрануўся да яе рукі, і пакінула яе гарачка, і яна ўстала, і прыслужвала ім.

16Калі настаў вечар, прывялі да Яго многіх апанаваных злымі духамі. А Ён словам выгнаў духаў і аздаравіў усіх хворых, 17каб збылося сказанае прарокам Ісаем: «Ён узяў на сябе нашую слабасць і панёс нашыя хваробы».

18Езус, убачыўшы вакол сябе натоўп, загадаў пераплыць на другі бераг. 19Тады адзін кніжнік падышоў і сказаў Яму: «Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў». 20А Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае дзе схіліць галаву».

21Другі ж з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго». 22А Езус сказаў яму: «Ідзі за Мною і пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых».

23Калі ўвайшоў у човен, былі з Ім Ягоныя вучні. 24І вось пачалася вялікая бура на моры, так што човен накрывалі хвалі. А Ён спаў. 25Падышоўшы, яны пабудзілі Яго, кажучы: «Пане, ратуй, мы гінем!» 26А Ён сказаў ім: «Чаго вы спалохаліся, малаверныя?» Тады, устаўшы, загадаў вятрам і мору, і настала вялікая ціша. 27А людзі дзівіліся і казалі: «Хто Ён такі, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?»

28Калі Езус прыплыў на другі бераг, у край гадарэнаў, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магільных пячор, двое апанаваных злымі духамі, вельмі лютыя, так што ніхто не асмельваўся праходзіць той дарогай. 29Вось яны закрычалі: «Што Табе да нас, Сыне Божы? Ты прыйшоў сюды заўчасна мучыць нас?»

30Далёка ж ад іх пасвіўся вялікі статак свіней. 31І злыя духі прасілі Яго, кажучы: «Калі выганяеш нас, то пашлі нас у статак свіней». 32Ён сказаў ім: «Ідзіце». Яны выйшлі і ўвайшлі ў статак свіней. Тады кінуўся ўвесь статак з кручы ў мора і загінуў у вадзе. 33А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, а таксама пра апанаваных злымі духамі. 34І вось горад увесь выйшаў насустрач Езусу, і, убачыўшы Яго, папрасілі, каб Ён адышоў ад іхніх межаў.

 

9 (1-38)

1Увайшоўшы ў човен, Ён пераправіўся на другі бераг і прыйшоў у свой горад. 2І вось, прынеслі да Яго паралізаванага, пакладзенага на ложы. Убачыўшы іхнюю веру, Езус сказаў паралізаванаму: «Будзь адважным, сыне, адпускаюцца твае грахі». 3Тады некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: «Ён блюзнерыць». 4А Езус, ведаючы іхнія думкі, сказаў: «Навошта задумваеце зло ў сэрцах вашых? 5Бо што лягчэй? Сказаць: “Адпускаюцца твае грахі” ці сказаць: “Устань і хадзі”? 6Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі». Тады сказаў паралізаванаму: «Устань, вазьмі ложа сваё і ідзі дадому». 7Той устаў і пайшоў дадому. 8А людзі, убачыўшы гэта, спалохаліся і праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям.

9Калі Езус адыходзіў адтуль, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, якога звалі Мацвей, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той устаў і пайшоў за Ім.

10Калі Езус сядзеў за сталом у доме, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і селі за стол з Ім і вучнямі Ягонымі. 11Убачыўшы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: «Чаму Настаўнік ваш есць з мытнікамі і грэшнікамі?» 12Ён жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым. 13Пайдзіце, навучыцеся, што значыць: “міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў».

14Вучні Янавы прыйшлі да Яго і сказалі: «Чаму мы і фарысеі посцім шмат, а Твае вучні не посцяць?» 15І сказаў ім Езус: «Ці могуць быць у жалобе госці на вяселлі, пакуль з імі жаніх? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць. 16Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна да старой вопраткі, бо прышытае рве вопратку, і дзіра робіцца яшчэ горшай. 17Не ўліваюць таксама маладое віно ў старыя мяхі. Інакш разрываюцца мяхі, і віно выліваецца, і мяхі прападаюць. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца і тое, і другое».

18Калі Езус гаварыў з імі, падышоў да Яго адзін кіраўнік сінагогі і, пакланіўшыся Яму, сказаў: «Дачка мая толькі што памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку сваю, і яна будзе жыць». 19Тады Езус падняўся і разам са сваімі вучнямі пайшоў за ім.

20І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк, падышла ззаду і дакранулася да краю плашча Ягонага, 21бо казала сабе: «Калі толькі дакрануся да плашча Ягонага, выздаравею». 22А Езус павярнуўся і, убачыўшы яе, сказаў: «Будзь адважнай, дачка, вера твая ўратавала цябе». І з таго часу жанчына выздаравела.

23Калі Езус увайшоў у дом кіраўніка, Ён убачыў жалейнікаў і ўзрушаны натоўп 24і сказаў: «Выйдзіце, бо дзяўчынка не памерла, а спіць». І насміхаліся з Яго. 25А калі натоўп вывелі, Ён увайшоў, узяў дзяўчынку за руку, і яна ўстала. 26Тады разышлася пра гэта пагалоска па ўсёй гэтай зямлі.

27Калі Езус адыходзіў адтуль, ішлі за Ім двое сляпых, якія крычалі: «Змілуйся над намі, Сыне Давіда!» 28Калі ж Ён прыйшоў у дом, сляпыя падышлі да Яго, а Езус сказаў ім: «Ці верыце, што Я магу зрабіць гэта?» Яны адказалі Яму: «Так, Пане». 29Тады Ён дакрануўся да іхніх вачэй і сказаў: «Няхай станецца вам паводле веры вашай». 30І адкрыліся іхнія вочы. Але Езус строга наказаў ім: «Глядзіце, каб ніхто не даведаўся». 31Аднак яны, калі выйшлі, абвясцілі пра гэта па ўсёй той зямлі.

32Калі ж тыя выходзілі, прывялі да Езуса нямога чалавека, апанаванага злым духам. 33І калі злы дух быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць, а людзі казалі са здзіўленнем: «Ніколі не было такога ў Ізраэлі!» 34А фарысеі казалі: «Князем злых духаў Ён выганяе злых духаў».

35І хадзіў Езус па ўсіх гарадах і паселішчах, навучаючы ў іхніх сінагогах, абвяшчаючы Евангелле Валадарства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач. 36Убачыўшы натоўпы людзей, Ён змілаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастыра. 37Тады Ён сказаў вучням сваім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; 38таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё».

 

10 (1-42)

1Паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач.

2Імёны ж дванаццаці Апосталаў такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Зэбэдэеў і Ян, брат ягоны, 3Філіп і Барталамей, Тамаш і мытнік Мацвей, Якуб Алфееў і Тадэвуш, 4Сымон Кананэец і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго.

5Гэтых Дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: «На шлях язычнікаў не ўзыходзьце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце. 6Але перадусім ідзіце да загінуўшых авечак з дому Ізраэля. 7Ідзіце і абвяшчайце, кажучы: “Наблізілася Валадарства Нябеснае”. 8Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Задарма атрымалі, задарма давайце. 9Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае, 10ні торбы ў дарогу, ні дзвюх вопратак, ні сандаляў, ні кія. Бо варты працаўнік сваёй стравы.

11У які б горад ці вёску вы ні ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце. 12А ўваходзячы ў дом, прывітайце яго. 13І калі дом будзе годны, то няхай сыдзе спакой ваш на яго. Калі ж не будзе годны, то спакой ваш вернецца да вас. 14А калі хто не прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, то, выходзячы з дому або з горада таго, атрасіце пыл з ног вашых. 15Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе зямлі Садомы і Гаморы ў дзень суда, чым гэтаму гораду.

16Вось Я пасылаю вас як авечак паміж ваўкоў. Таму будзьце разважлівыя, як змеі, і простыя, як галубы. 17Асцерагайцеся людзей, бо вас будуць аддаваць у суды і ў сінагогах сваіх будуць біць вас. 18І павядуць вас да намеснікаў і да каралёў за Мяне дзеля сведчання перад імі і язычнікамі. 19Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як або што сказаць, бо дадзена будзе вам у тую гадзіну, што сказаць. 20Бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.

21Брат выдасць брата на смерць, і бацька дзіця; і паўстануць дзеці супраць бацькоў, і заб’юць іх. 22І ўсе будуць ненавідзець вас за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены. 23Калі вас будуць пераследаваць у гэтым горадзе, пераходзьце ў другі. Сапраўды кажу вам, што не пройдзеце гарадоў Ізраэля, як прыйдзе Сын Чалавечы.

24Вучань не вышэйшы за настаўніка, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго. 25Вучню дастаткова быць як настаўнік ягоны, а слугу — як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулам, то тым больш так назавуць хатніх яго.

26Не бойцеся іх, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і патаемнага, што б не стала вядомым. 27Што кажу вам у цемры, гаварыце пры святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах. 28Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у геене. 29Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? I ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага.

30У вас жа і валасы на галаве палічаны. 31Таму не бойцеся: вы вартыя больш за мноства вераб’ёў.

32Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. 33А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах.

34Не думайце, што Я прыйшоў прынесці спакой на зямлю. Не спакой прыйшоў Я прынесці, а меч. 35Бо Я прыйшоў паставіць

чалавека супраць бацькі ягонага,

і дачку супраць маці яе,

і нявестку супраць свекрыві яе;

36і будуць ворагамі чалавеку хатнія ягоныя.

37Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне. 38I хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне. 39Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто страціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго.

40Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне. 41Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока. І хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, атрымае ўзнагароду справядлівага. 42I хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады як вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй».

 

11 (1-30)

1Калі Езус закончыў настаўляць дванаццаць вучняў сваіх, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у іхніх гарадах.

2А Ян, калі пачуў у вязніцы пра чыны Хрыста, паслаў вучняў сваіх 3спытацца ў Яго: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?» 4І сказаў ім Езус у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну тое, што чуеце і бачыце: 5сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, і памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна. 6І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне». 7Калі ж яны пайшлі, Езус пачаў гаварыць народу пра Яна: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае? 8На што ж вы выйшлі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто носіць мяккія шаты, знаходзяцца ў каралеўскіх дамах. 9На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока. 10Гэта той, пра каго напісана:

“Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою,

які падрыхтуе Тваю дарогу перад Табою”.

11Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве большы за яго. 12З часоў Яна Хрысціцеля і дагэтуль Валадарства Нябеснае здабываецца сілай, і гвалтоўныя людзі захопліваюць яго. 13Бо ўсе прарокі і Закон прарочылі аж да Яна. 14Калі вы захочаце прыняць, то ён — Ілля, які павінен прыйсці. 15Хто мае вушы, няхай слухае.

16З кім параўнаю пакаленне гэтае? Яно падобна да дзяцей, што сядзяць на рынку і, звяртаючыся да іншых, кажуць: 17“Мы гралі вам на жалейцы, а вы не танцавалі, мы спявалі журботныя песні, а вы не плакалі”. 18А прыйшоў Ян, які не еў і не піў, і яны кажуць: “У ім злы дух!” 19Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, і кажуць: “Гэты чалавек абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў!” І была апраўдана мудрасць справамі сваімі».

20Тады пачаў дакараць гарады, у якіх адбылося найбольш Ягоных цудаў, за тое, што яны не пакаяліся: 21«Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне былі ўчынены цуды, што сталіся сярод вас, яны б даўно ў мешкавіне і попеле пакаяліся. 22Але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў судны дзень, чым вам. 23А ты, Кафарнаум, ці будзеш узвышаны аж да неба? Аж да адхлані нізрынешся! Бо калі б у Садоме былі ўчынены цуды, якія адбыліся ў табе, ён застаўся б да сённяшняга дня. 24Але кажу вам: лягчэй будзе зямлі садомскай у судны дзень, чым табе».

25У той час, адказваючы, Езус сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. 26Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы. 27Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына, апроч Айца; і Айца ніхто не ведае, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць.

28Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. 29Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў. 30Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі».

 

12 (1-50)

1У той час Езус праходзіў у шабат праз збожжа. А вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці. 2Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: «Вось вучні Твае робяць тое, чаго нельга рабіць у шабат». 3А Ён адказаў ім: «Вы не чыталі, што рабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім? 4Як увайшоў у дом Божы і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, хто быў з ім, а толькі адным святарам? 5Або ці не чыталі вы ў Законе, што ў шабат святары ў святыні парушаюць шабат, аднак не вінаватыя? 6Але кажу вам, што тут нешта большае за святыню. 7Калі б вы ведалі, што азначае: “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, не асудзілі б невінаватых. 8Бо Сын Чалавечы – гаспадар шабату».

9Пайшоўшы адтуль, Езус прыйшоў у іх сінагогу. 10Там быў чалавек з усохлай рукой. І, каб абвінаваціць Езуса, спыталіся ў Яго: «Ці можна аздараўляць у шабат?» 11А Ён адказаў ім: «Ці ёсць сярод вас чалавек, які, маючы адну авечку, не возьме і не выцягне яе, калі яна ў шабат зваліцца ў яму? 12Наколькі ж чалавек каштоўнейшы за авечку! Таму ў шабат дазволена рабіць дабро». 13Пасля сказаў чалавеку: «Працягні сваю руку». Той працягнуў – і яна стала здаровай, як другая.14Фарысеі ж выйшлі і мелі нараду супраць Езуса, як бы загубіць Яго.

15Але Езус, даведаўшыся, адышоў адтуль. За Ім пайшло шмат людзей, і Ён аздаравіў усіх. 16І забараніў ім выяўляць Яго, 17каб збылося сказанае прарокам

18«Вось слуга Мой, якога Я выбраў,

умілаваны Мой, якога ўпадабала душа Мая.

Духа Майго дам Яму,

а Ён абвесціць суд народам.

19Не будзе пярэчыць і лямантаваць,

і ніхто не пачуе на плошчах голасу Яго.

20Трысціны надламанай не пераломіць

і не пагасіць тлеючага кнота,

пакуль не давядзе суд да перамогі.

21І ў імені Ягоным народы будуць мець надзею».

22Тады прывялі да Яго сляпога і нямога, апанаванага злым духам, і Ён аздаравіў яго, так што нямы стаў гаварыць і бачыць. 23А ўсе людзі здзіўляліся і казалі: «Ці ж гэта не Сын Давіда?» 24Фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі: «Ён выганяе злых духаў не інакш, як Бэльзэбулам, князем злых духаў».

25Ведаючы іхнія думкі, Езус сказаў ім: «Кожнае валадарства, падзеленае само ў сабе, спусташаецца; і кожны горад ці дом, падзелены сам у сябе, не выстаіць. 26Таму калі сатана выганяе сатану, то ён падзелены сам у сабе; як жа выстаіць яго валадарства? 27І калі Я выганяю злых духаў Бэльзэбулам, то кім выганяюць сыны вашыя? Таму яны стануць суддзямі вашымі. 28А калі Я выганяю злых духаў Божым Духам, то настала для вас Валадарства Божае. 29Або як можа хтосьці ўвайсці ў дом асілка і разрабаваць ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка? Толькі тады абрабуе дом ягоны. 30Хто не са Мной, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мной, той раскідае.

31Таму кажу вам: усякі грэх і блюзнерства будуць адпушчаны людзям, але блюзнерства супраць Духа адпушчана не будзе. 32І калі хтосьці скажа слова супраць Сына Чалавечага, то яму будзе адпушчана. А калі скажа супраць Духа Святога, яму не будзе адпушчана ні ў гэтым веку, ні ў будучым.

33Або, калі дрэва добрае, то і плод яго будзе добрым; а калі дрэва дрэннае, то і плод яго будзе дрэнным, бо дрэва пазнаецца з плоду. 34Племя змяінае, як вы можаце гаварыць добрае, будучы дрэннымі? Бо вусны гавораць тое, чым перапоўнена сэрца. 35Добры чалавек дастае з добрага скарбу добрае, а благі чалавек дастае з благога скарбу благое. 36Кажу вам, што за кожнае пустое слова, якое скажуць людзі, яны дадуць адказ у судны дзень. 37Бо паводле слоў сваіх будзеш апраўданы, і паводле слоў сваіх будзеш асуджаны».

38Тады некаторыя кніжнікі і фарысеі сказалі Яму: «Настаўнік, хочам ад Цябе ўбачыць знак». 39А Ён адказаў ім: «Пакаленне ліхое і нявернае шукае знаку, але ніякага знаку не будзе дадзена яму, акрамя знаку Ёны прарока. 40Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы. 41Мужы Нінівы ўстануць на судзе супраць гэтага пакалення і асудзяць яго, бо яны пакаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, а тут большае за Ёну. 42Каралева Поўдня ўстане на судзе з гэтым пакаленнем і асудзіць яго, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона!

43Калі ж нячысты дух выйдзе з чалавека, ён блукае па бязводных мясцінах, шукаючы адпачынку, і не знаходзіць. 44Тады кажа: “Вярнуся да дому свайго, адкуль выйшаў”. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, падмеценым і ўпрыгожаным. 45Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, злейшых за сябе, і яны, увайшоўшы, жывуць там. І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае. Так будзе і з гэтым ліхім пакаленнем».

46Калі Ён прамаўляў да людзей, Маці і браты Ягоныя стаялі звонку і хацелі пагаварыць з Ім. 47І нехта сказаў Яму: «Вось Маці Твая і браты Твае стаяць звонку і хочуць пагаварыць з Табою». 48А Ён адказаў таму, хто звярнуўся да Яго: «Хто маці Мая і хто браты Мае?» 49І, працягнуўшы руку сваю да вучняў сваіх, сказаў: «Вось Маці Мая і браты Мае. 50Бо хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці».

 

13 (1-58)

1У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. 2І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе.

3Ён шмат гаварыў ім у прыпавесцях, кажучы:

«Вось выйшаў сейбіт сеяць. 4І калі сеяў, некаторыя зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх. 5Другія ж упалі на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокая. 6Аднак, калі ўзышло сонца, яны завялі і таму, што не мелі каранёў, засохлі. 7А іншыя ўпалі сярод церняў, і выраслі церні, і заглушылі іх. 8Яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзесят, а іншае ў трыццаць. 9Хто мае вушы, няхай слухае».

10І, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: «Навошта Ты гаворыш ім у прыпавесцях?» 11А Ён адказаў ім: «Таму што вам дадзена пазнаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім не дадзена. 12Бо хто мае, таму дадзена будзе, і атрымае ўдосталь, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае. 13Таму Я гавару ім у прыпавесцях, бо яны глядзяць, а не бачаць, слухаюць, а не чуюць і не разумеюць. 14І спаўняецца на іх прароцтва Ісаі, якое кажа:

“Слухаць будзеце, і не зразумееце,

і вачыма глядзець будзеце і не ўбачыце.

15Бо абрасло тукам сэрца народу гэтага,

і вушамі з цяжкасцю чуюць,

і вочы свае заплюшчылі,

каб не ўбачыць вачыма,

і не пачуць вушамі,

і не зразумець сэрцам, і не навярнуцца,

каб Я вылечыў іх”.

16Але шчаслівыя вочы вашыя, таму што бачаць, і вушы вашыя, таму што чуюць. 17Бо сапраўды кажу вам: многія прарокі і справядлівыя хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і пачуць, што вы чуеце, і не пачулі!

18Вы ж паслухайце значэнне прыпавесці пра сейбіта. 19Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства, а не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасеянае пры дарозе. 20А пасеянае на камяністых месцах — гэта той, хто чуе слова і адразу прымае яго з радасцю, 21але не мае ў сабе кораня і нясталы. Калі за слова настане ўціск ці пераслед, ён адразу спакушаецца. 22Пасеянае ж у церні — гэта той, хто чуе слова, але турботы гэтага веку і зман багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным. 23Пасеянае ж на добрай зямлі — гэта той, хто чуе слова і разумее, і прыносіць плён, адзін у сто разоў, другі ў шэсцьдзесят, а іншы ў трыццаць».

24Іншую прыпавесць прапанаваў ім, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. 25Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік, і пайшоў. 26Калі ж збажына ўзышла і дала плён, тады паказаўся каласоўнік. 27Прыйшоўшы, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа на ім каласоўнік?” 28А ён сказаў ім: “Варожы чалавек зрабіў гэта”. Тады слугі сказалі яму: “Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?” 29Але ён сказаў: “Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. 30Пакіньце расці разам тое і другое аж да жніва; а ў час жніва Я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў засекі мае”».

31Пасля Ён прапанаваў ім іншую прыпавесць, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да гарчычнага зерня, якое узяў чалавек і пасеяў на полі сваім. 32Хоць яно меншае за ўсялякае насенне, калі вырасце, бывае вышэйшым за іншыя расліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго».

33Іншую прыпавесць прапанаваў ім: «Валадарства Нябеснае падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж усё ўкісла».

34Усё гэтае Езус гаварыў народу прыпавесцямі і без прыпавесці не казаў ім, 35каб збылося сказанае прарокам:

«Адкрыю ў прыпавесцях вусны Мае,

раскажу ўтоенае ад стварэння свету».

36Тады, адпусціўшы народ, увайшоў у дом. I падышлі да Яго вучні Яго, і сказалі: «Растлумач нам прыпавесць пра каласоўнік на полі». 37Ён жа сказаў ім у адказ: «Сейбіт добрага насення — гэта Сын Чалавечы. 38Поле — гэта свет, добрае насенне — гэта сыны Валадарства, а каласоўнік — сыны злога духа; 39вораг, які пасеяў іх, — гэта д’ябал; жніво — сканчэнне свету, а жняцы — гэта анёлы. 40Таму, як збіраюць каласоўнік і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні гэтага свету: 41пашле Сын Чалавечы анёлаў сваіх, і збяруць яны з Валадарства Яго ўсё, што спакушае, і ўсіх, хто чыніць беззаконне, 42і ўкінуць іх у вогненную печ; там будзе плач і скрыгатанне зубоў. 43Тады праведнікі заззяюць, як сонца, у Валадарстве іх Айца. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

44Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле.

45Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. 46Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе.

47Валадарства Нябеснае падобнае таксама да закінутага ў мора нерата, што збірае рыбу ўсялякага віду. 48Калі ён напоўніўся, яго выцягнулі на бераг і, сеўшы, сабралі добрае ў посуд, а благое выкінулі вон. 49Так будзе пры сканчэнні свету: выйдуць анёлы, і аддзеляць благіх ад праведнікаў, 50і кінуць іх у вогненную печ. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

51Ці зразумелі вы ўсё гэта?» Яны адказалі Яму: «Так». 52Ён жа сказаў ім: «Вось чаму ўсялякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара, які вымае са скарбніцы сваёй новае і старое».

53Закончыўшы гэтыя прыпавесці, Езус пайшоў адтуль. 54Прыйшоўшы на сваю бацькаўшчыну, вучыў іх у сінагозе іхняй, так што яны здзіўляліся і казалі: «Адкуль у Яго гэтая мудрасць і моц? 55Ці ж гэта не сын цесляра? Ці не Ягоную Маці завуць Марыя, а братоў Ягоных — Якуб і Юзаф, Сымон і Юда? 56І сёстры Яго ці не усе сярод нас? Адкуль жа ў Яго усё гэта?» 57І абураліся на Яго. А Езус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне і ў доме яго». 58І не ўчыніў там многіх цудаў з прычыны іхняга бязвер’я.

 

14 (1-36)

1У той час Тэтрарх Ірад пачуў пагалоску пра Езуса 2і сказаў слугам сваім: «Гэта Ян Хрысціцель. Ён паўстаў з памерлых, і таму цуды здзяйсняюцца ім». 3Бо Ірад схапіў Яна, закаваў яго і кінуў у вязніцу з-за Ірадыяды, жонкі брата свайго Філіпа, 4бо Ян казаў яму: «Недазволена табе мець яе». 5Ён хацеў забіць яго, але баяўся народу, які лічыў яго прарокам.

6Калі былі народзіны Ірада, дачка Ірадыяды танцавала перад усімі і спадабалася Іраду. 7Таму ён пакляўся даць ёй усё, чаго толькі папросіць. 8А яна, падбухтораная сваёй маці, сказала: «Дай мне тут на місе галаву Яна Хрысціцеля». 9І кароль засмуціўся, але дзеля клятвы і тых, хто быў за сталом, загадаў даць. 10Таму паслаў у вязніцу адсячы галаву Яну. 11І прынеслі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне, а яна занесла сваёй маці. 12Тады вучні Янавы прыйшлі, забралі цела і пахавалі яго. Потым пайшлі расказаць Езусу.

13Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца адзін, а людзі, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў. 14Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх. 15Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: «Пустыннае гэтае месца і гадзіна ўжо позняя; адпусці людзей, каб яны пайшлі ў паселішчы і купілі ежы сабе». 16Езус сказаў ім: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці». 17Яны ж сказалі яму: «У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны». 18Ён сказаў: «Прынясіце іх Мне сюды». 19І, загадаўшы народу сесці на траву, Ён узяў пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў і, разламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — людзям. 20І ўсе елі, і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў. 21А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.

22Калі натоўп быў накормлены, Ён адразу загадаў вучням сесці ў човен і плысці ўперад Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусціць людзей. 23Адпусціўшы народ, Езус падняўся на гару памаліцца асобна. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін.

24Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. 25У чацвёртую ж варту ночы Ён пайшоў да іх, ідучы па моры. 26Калі ж вучні ўбачылі, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: «Гэта прывід». I ад страху закрычалі. 27Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!» 28Пётр сказаў Яму ў адказ: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе». 29Ён жа сказаў: «Ідзі!» Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. 30Але, адчуўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: «Пане, ратуй мяне!» 31Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў: «Малаверны, чаму засумняваўся ты?» 32Калі яны ўвайшлі ў човен, вецер сціх. 33А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: «Ты сапраўды Сын Божы!»

34Пераправіўшыся, яны прыбылі ў зямлю Генэзарэт. 35Калі ж людзі той мясцовасці пазналі Езуса, яны разнеслі вестку па ўсёй той ваколіцы. І прыносілі да Яго ўсіх хворых, 36і прасілі Яго, каб хоць дакрануцца да краю плашча Ягонага. І тыя, што дакрануліся, былі аздароўлены.

 

15 (1-39)

1Тады прыйшлі да Езуса фарысеі і кніжнікі з Ерузалема і сказалі: 2«Чаму Твае вучні парушаюць традыцыю старэйшых, бо не абмываюць рук сваіх, калі спажываюць хлеб?» 3А Ён сказаў ім у адказ: «Чаму і вы парушаеце Божую запаведзь дзеля сваёй традыцыі? 4Бог жа загадаў: “Шануй бацьку свайго і маці”, а таксама: “Хто зласловіць на бацьку ці маці, няхай будзе пакараны смерцю”. 5А вы кажаце: “Калі хтосьці скажа бацьку ці маці: Дарам ахвярным ёсць тое, чым бы я мог табе дапамагчы, 6то ён больш не абавязаны шанаваць свайго бацьку”. Так вы адмянілі слова Божае дзеля сваёй традыцыі. 7Крывадушнікі! Ісая добра прарочыў пра вас, кажучы:

8“Народ гэты шануе Мяне вуснамі,

а сэрца іхняе далёка ад Мяне.

9Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне,

навучаючы людскім запаведзям”».

10І, паклікаўшы людзей, сказаў ім: «Слухайце і разумейце. 11Не тое, што ўваходзіць у вусны, робіць чалавека нячыстым, але тое, што выходзіць з вуснаў, робіць чалавека нячыстым!»

12Тады вучні падышлі і сказалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся?» 13А Ён сказаў у адказ: «Усялякая расліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе вырвана з каранямі. 14Пакіньце іх, яны — сляпыя павадыры сляпых. Калі сляпы вядзе сляпога, то абодва ўпадуць у яму». 15Тады Пётр, адазваўшыся, папрасіў Яго: «Растлумач нам гэтую прыпавесць». 16І Езус сказаў: «Вы і далей не разумееце? 17Ці не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, трапляе ў жывот і выдаляецца вонкі? 18Але тое, што выходзіць з вуснаў, паходзіць з сэрца, і гэта робіць нячыстым чалавека. 19Бо з сэрца выходзяць ліхія думкі, забойствы, чужаложства, распуста, крадзеж, фальшывыя сведчанні, блюзнерствы. 20Гэта і ёсць тое, што робіць нячыстым чалавека. А есці нямытымі рукамі – не апаганьвае чалавека».

21Выйшаўшы адтуль, Езус накіраваўся ў землі Тыра і Сідона. 22I вось, жанчына канаанская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала Яму: «Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Цяжка апанаваная злым духам дачка мая». 23Але Ён не адказаў ёй ні слова.

Вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго: «Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі». 24Ён жа адказаў: «Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля». 25Яна ж, падышоўшы, пакланілася Яму і сказала: «Пане, памажы мне!» 26Ён жа сказаў у адказ: «Нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам». 27Яна адказала: «Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх». 28Тады Езус сказаў ёй у адказ: «О, жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца табе, як жадаеш». I з гэтага моманту дачка яе стала здаровай.

29Адышоўшы адтуль, Езус прыйшоў да Галілейскага мора і, узышоўшы на гару, там сеў. 30І прыйшло да Яго мноства людзей, сярод якіх былі кульгавыя, сляпыя, калекі, нямыя і шмат іншых; клалі іх да ног Езуса, і Ён вылечваў іх. 31Натоўп жа здзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі выздараўліваюць, кульгавыя ходзяць і сляпыя бачаць, і праслаўляў Бога Ізраэля.

32Езус, паклікаўшы вучняў сваіх, сказаў ім: «Шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні яны знаходзяцца са Мною і не маюць чаго есці; не хачу адпусціць іх галоднымі, каб не аслаблі ў дарозе». 33Вучні сказалі Яму: «Адкуль нам у пустыні ўзяць столькі хлеба, каб накарміць такі вялікі натоўп?» 34А Езус сказаў ім: «Колькі ў вас хлябоў?» Яны адказалі: «Сем і некалькі рыбінак». 35І, загадаўшы людзям сесці на зямлю, 36узяў сем хлябоў і рыбы і, узнёсшы падзяку, паламаў, і даў вучням, а вучні — людзям. 37І елі ўсе, і насыціліся, і набралі кавалкаў, што засталіся, сем поўных кашоў. 38А тых, хто еў, было, калі не лічыць жанчын і дзяцей, чатыры тысячы чалавек. 39Пасля, адпусціўшы народ, Ён сеў у човен і паплыў у межы Магдаліі.

 

16 (1-28)

1Падышлі да Яго фарысеі і садукеі і, выпрабоўваючы Яго, прасілі паказаць ім знак з неба. 2А Ён адказаў ім: «Вечарам кажаце: “Будзе добрае надвор’е, бо неба чырвонае”, 3а раніцай: “Сёння будзе віхура, бо неба чырвонае і пахмурнае”. Вы ўмееце распазнаваць аблічча неба, а знакі часу не можаце. 4Пакаленне ліхое і нявернае шукае знаку, але ніякага знаку не будзе дадзена яму акрамя знаку Ёны». І, пакінуўшы іх, адышоў.

5Пераправіўшыся на другі бок, вучні Яго забыліся ўзяць хлеба. 6Езус жа сказаў ім: «Глядзіце, асцерагайцеся фарысейскай і садукейскай закваскі». 7А яны разважалі самі сабе і казалі: «Мы не ўзялі хлеба!» 8Але Езус, ведаючы гэта, спытаўся: «Малаверныя, чаму разважаеце паміж сабой, што не маеце хлеба. 9Хіба не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы назбіралі? 10І пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кашоў вы назбіралі? 11Як вы не разумееце, што не пра хлеб Я сказаў вам? Але асцерагайцеся фарысейскай і садукейскай закваскі». 12Тады зразумелі, што Ён казаў ім асцерагацца не хлебнай закваскі, а фарысейскага і садукейскага вучэння.

13Калі прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай, запытаўся ў сваіх вучняў, кажучы: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» 14Яны ж сказалі: «Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміем ці адным з прарокаў». 15Ён сказаў ім: «А вы кім лічыце Мяне?» 16Адказваючы, Сымон Пётр сказаў: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога». 17Тады Езус сказаў яму ў адказ: «Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. 18I Я кажу табе, што ты — Пётр скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. 19Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе». 20Тады загадаў вучням, каб нікому не расказвалі, што Ён — Хрыстус.

21З таго часу пачаў Езус адкрываць вучням сваім, што Ён павінен ісці ў Ерузалем і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. 22Адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў дакараць Яго, кажучы: «Пане, няхай абміне Цябе гэта; няхай так не здарыцца». 23Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае!»

24Тады Езус сказаў сваім вучням: «Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. 25Бо той, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. 26Бо якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю? 27Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных. 28Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, які ідзе ў Валадарстве сваім».

 

17 (1-27)

1І праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару. 2І перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. 3І вось, з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім. 4Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі». 5Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, і вось голас з воблака сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце». 6Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся. 7А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і не бойцеся». 8Узняўшы вочы, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса.

9Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне».

10Вучні ж спыталіся ў Яго: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці першым?» 11Ён адказаў ім: «Ілля сапраўды прыйдзе і адновіць усё. 12Але кажу вам, што Ілля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі з ім, што хацелі. Так і Сын Чалавечы будзе цярпець ад іх». 13Тады зразумелі вучні, што Ён казаў ім пра Яна Хрысціцеля.

14Калі прыйшлі да натоўпу, падышоў да Езуса нейкі чалавек і, упаўшы перад Ім на калені, 15сказаў: «Пане, змілуйся над маім сынам; ён эпілептык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў агонь і часта — у ваду. 16Я прыводзіў яго да тваіх вучняў, але яны не маглі вылечыць яго». 17Адказваючы, Езус сказаў: «О, пакаленне нявернае і распуснае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прынясіце яго да Мяне». 18І загадаў яму Езус, і выйшаў з яго злы дух, і ад гэтай гадзіны хлопец стаў здаровым. 19Тады асобна падышлі да Езуса вучні і сказалі: «Чаму нам не ўдалося выгнаць яго?» 20А Ён сказаў ім: «З прычыны малой веры вашай. Сапраўды кажу вам: калі ў вас будзе вера з гарчычнае зерне і вы скажаце гэтай гары: “Перасунься адсюль сюды!”, яна перасунецца. І для вас не будзе нічога немагчымага». (21)

22Калі яны знаходзіліся ў Галілеі, Ён сказаў ім: «Сын Чалавечы павінен быць выдадзены ў рукі людзей, 23і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсне». Тады яны вельмі засмуціліся.

24Калі ж яны прыбылі ў Кафарнаум, збіральнікі дыдрахмаў падышлі да Пятра і сказалі: «Ці ваш Настаўнік не дасць дыдрахмаў?» 25Той адказаў: «Так». І калі ён увайшоў у дом, Езус апярэдзіў яго і сказаў: «Як табе здаецца, Сымоне? З каго бяруць мыта або падатак зямныя каралі? Са сваіх сыноў ці з чужых?» 26А калі ён адказаў: «З чужых», Езус сказаў яму: «Значыць, сыны свабодныя. 27Але каб нам не спакусіць іх, ідзі на мора, закінь вуду і вазьмі першую рыбіну, якую зловіш; калі адкрыеш ёй рот, знойдзеш статэр. Вазьмі і аддай яго за Мяне і за сябе».

 

18 (1-35)

1У тую гадзіну падышлі вучні да Езуса, кажучы: «Дык хто ж большы ў Валадарстве Нябесным?» 2Тады Езус паклікаў дзіця, паставіў яго сярод іх 3і сказаў: «Сапраўды кажу вам, калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. 4Таму кожны, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным. 5І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае.

6А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш павесіць на шыю млынавы камень і патапіць у марской глыбіні. 7Гора свету праз спакусы, бо спакусы павінны прыйсці; але гора таму чалавеку, праз якога прыходзіць спакуса!

8Калі ж рука твая ці нага твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё аднарукім ці кульгавым, чым з абедзвюма рукамі ці абедзвюма нагамі быць кінутым у вечны агонь. 9І калі цябе спакушае вока тваё, вырві яго і адкінь ад сябе. Лепш табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым з двума вачыма быць кінутым у геену вогненную.

10Глядзіце, не пагарджайце ніводным з тых малых, бо кажу вам, што анёлы іхнія ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ў нябёсах. (11)

12Як вы думаеце? Калі ў нейкага чалавека было сто авечак, і адна з іх заблукала, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблукала? 13Калі ж удасца знайсці яе, сапраўды кажу вам, ён радуецца ёй больш, чым дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі. 14Так няма волі вашага Айца, які ў нябёсах, каб загінуў адзін з тых малых.

15Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў свайго брата. 16Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася кожнае слова. 17Калі ж не паслухаецца іх, скажы Касцёлу. А калі і Касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік. 18Сапраўды кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе.

19Сапраўды таксама кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. 20Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх».

21Тады Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: «Пане, калі мой брат зграшыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?» 22Езус адказаў яму: «Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў».

23Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. 24Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. 25Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. 26Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: “Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам”. 27Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугой, адпусціў яго і дараваў яму доўг. 28А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай мне, што вінен”. 29Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і маліў яго, кажучы: “Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе”. 30Аднак той не захацеў, але пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу.

31Сабраты яго, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся вельмі і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што cталася. 32Тады гаспадар паклікаў яго і сказаў: “Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; 33ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою?” 34I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго катам, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. 35Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца не даруе брату свайму».

 

19 (1-30)

1Сказаўшы гэтыя словы, Езус пакінуў Галілею і прыбыў у межы Юдэі, на другі бок Ярдана. 2Ішло за Ім вялікае мноства людзей, і Ён аздаравіў іх там.

3Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, пыталіся: «Ці дазволена чалавеку з усялякай прычыны разводзіцца са сваёй жонкаю?» 4Ён жа, адказваючы, сказаў: «Хіба вы не чыталі, што Стварыцель спачатку стварыў іх мужчынам і жанчынай?» 5І сказаў: «Таму пакіне мужчына бацьку і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам. 6Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае». 7Тады яны сказалі Яму: «Чаму ж Майсей загадаў даць разводны ліст і адпусціць яе8Ён сказаў ім: «Майсей праз упартасць вашых сэрцаў дазволіў вам разводзіцца са сваімі жонкамі, аднак спачатку так не было. 9А Я кажу вам: хто развядзецца з жонкаю сваёю не з прычыны распусты і ажэніцца з іншай, той чужаложыць».

10Вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: «Калі такія адносіны чалавека з жонкаю, то лепш не жаніцца». 11Ён жа адказаў ім: «Не ўсе разумеюць гэтае слова, але тыя, каму дадзена. 12Бо ёсць скапцы, якія нарадзіліся такімі з улоння маці; ёсць скапцы, якіх людзі спаклалі; і ёсць скапцы, якія самі зрабілі сябе скапцамі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа зразумець гэта, няхай разумее».

13Тады прынеслі да Езуса дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся. Але вучні забаранялі ім. 14Тады Езус сказаў: «Дазвольце дзецям і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае». 15І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.

16І вось, да Яго падышоў адзін чалавек і сказаў: «Настаўнік, што добрага зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае?» 17Ён адказаў яму: «Чаму пытаешся ў мяне пра дабро? Адзін ёсць Добры! Калі хочаш увайсці ў жыццё, захоўвай запаведзі».

18Той спытаўся ў Яго: «Якія?» Езус адказаў: «Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, 19шануй бацьку і маці, любі бліжняга свайго, як самога сябе». 20Юнак сказаў Яму: «Усё гэта я захоўваў, чаго яшчэ нестае мне?» 21Езус адказаў яму: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасць сваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах; пасля прыходзь і ідзі за Мною». 22Пачуўшы сказанае, юнак адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць.

23А Езус сказаў сваім вучням: «Сапраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсці ў Валадарства Нябеснае. 24І яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае». 25Пачуўшы гэта, вучні вельмі здзівіліся і сказалі: «Дык хто ж можа збавіцца?» 26Езус паглядзеў і сказаў ім: «У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма».

27Тады Пётр спытаў Яго: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою. Дык што мы атрымаем?» 28А Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што ў новым жыцці, калі Сын Чалавечы сядзе на троне славы сваёй, таксама вы, якія пайшлі за Мною, сядзеце на дванаццаці тронах, каб судзіць дванаццаць плямёнаў Ізраэля. 29І кожны, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці айцоў, ці маці, ці дзяцей, ці землі дзеля Майго імя, здабудзе ў сто разоў больш і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае.

30Але шмат першых будзе апошнімі, і апошніх — першымі.

 

20 (1-34)

1Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у свой вінаграднік. 2Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у свой вінаграднік. 3Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, 4cказаў ім: “Ідзіце і вы ў мой вінаграднік, а я справядліва заплачу вам”. 5Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае. 6Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: “Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?” 7Яны сказалі яму: “Нас ніхто не наняў”. Ён сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік”.

8Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: “Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых”. 9I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. 10Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары. 11Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, 12кажучы: “Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку”. 13У адказ ён сказаў аднаму з іх: “Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? 14Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. 15Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?”

16Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі».

17Калі Езус узыходзіў у Ерузалем, Ён узяў асобна дванаццаць вучняў і ў дарозе сказаў ім: 18«Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. Яны асудзяць Яго на смерць 19і аддадуць Яго язычнікам на здзек, бічаванне і ўкрыжаванне, а на трэці дзень Ён уваскрэсне».

20Тады падышла да Яго маці сыноў Зэбэдэя са сваімі сынамі, пакланілася і прасіла Яго аб нечым. 21Ён жа сказаў ёй: «Чаго ты хочаш?» Яна адказала: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі ў Тваім Валадарстве адзін праваруч, а другі леваруч Цябе». 22Езус сказаў у адказ: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я павінен піць?» Яны адказалі Яму: «Можам». 23Тады Ён сказаў ім: «Келіх мой будзеце піць, але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне, не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана Айцом Маім».

24І, пачуўшы, дзесяць вучняў абурыліся на двух братоў. 25А Езус, паклікаўшы іх, сказаў: «Вы ведаеце, што кіраўнікі народаў пануюць над імі, і вяльможы маюць уладу над імі. 26Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; 27і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе вашым нявольнікам. 28Бо Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».

29Калі яны выходзілі з Ерыхона, за Ім ішоў вялікі натоўп. 30І вось, двое сляпых, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што праходзіць Езус, пачалі крычаць: «Змілуйся над намі, Пане, Сыне Давіда!» 31Народ жа прымушаў іх змоўкнуць, але яны крычалі яшчэ мацней: «Змілуйся на намі, Пане, Сыне Давіда!» 32Езус спыніўся, паклікаў іх і сказаў: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?» 33Яны адказалі Яму: «Пане, каб адкрыліся вочы нашы». 34Езус, злітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх, і адразу яны пачалі бачыць, і пайшлі за Ім.

 

21 (1-46)

1Калі наблізіліся да Ерузалема і прыйшлі ў Бэтфагію да гары Аліўнай, тады Езус паслаў двух вучняў, 2кажучы ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі. Там адразу знойдзеце прывязаную асліцу і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне. 3Калі вам хто скажа што-небудзь, адкажыце, што яны патрэбны Пану; і зараз жа адашле іх». 4І сталася гэта, каб збылося сказанае прарокам: 5«Скажыце дачцэ Сіёна: вось Кароль твой ідзе да цябе; лагодны, седзячы на асліцы, на асляняці, сыне пад’ярэмнай».

6Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Езус. 7Прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх свае плашчы, і Ён сеў на іх. 8І мноства людзей слала свае плашчы на дарозе, а іншыя зразалі галіны з дрэў і слалі на дарозе. 9А натоўпы, якія ішлі спераду і за Ім, усклікалі: «Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вышынях!»

10Калі Ён увайшоў у Ерузалем, узрушыўся ўвесь горад, і пыталіся: «Хто гэта?» 11А народ адказваў: «Гэта прарок Езус з Назарэта Галілейскага».

12І ўвайшоў Езус у святыню, і прагнаў усіх, хто гандляваў і купляў у святыні, а сталы мянялаў і лаўкі гандляроў галубамі папераварочваў. 13Ён сказаў ім: «Напісана: “Дом Мой назавецца домам малітвы”, а вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».

14І падышлі да Яго ў святыні сляпыя і кульгавыя, а Ён аздаравіў іх. 15Але першасвятары і кніжнікі, калі ўбачылі цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія ўсклікалі ў святыні: «Гасанна Сыну Давіда», абурыліся 16і сказалі Яму: «Ці чуеш, што Яны кажуць?» А Езус адказаў ім: «Так. Хіба вы не чыталі ніколі: “З вуснаў немаўлят і тых, хто ссе, Ты ўчыніў хвалу”17Пакінуўшы іх, Ён выйшаў з горада ў Бэтанію і пераначаваў там.

18А раніцай, калі вяртаўся ў горад, адчуў голад. 19Убачыўшы пры дарозе смакоўніцу, падышоў да яе і нічога, акрамя лісця, на ёй не знайшоў. Тады сказаў ёй: «Няхай з цябе ніколі навекі не будзе пладоў». І смакоўніца адразу засохла. 20Калі вучні ўбачылі гэта, здзівіліся і сказалі: «Як гэта адразу смакоўніца высахла?» 21А Езус сказаў ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: калі ў вас будзе вера і не будзе сумненняў, то не толькі зробіце гэта са смакоўніцай, але і калі скажаце гары гэтай: “Падыміся і кінься ў мора”, збудзецца. І ўсё, чаго папросіце ў малітве з верай, атрымаеце».

2223Калі Ён прыйшоў у святыню і навучаў, падышлі да Яго першасвятары і старэйшыны народу і сказалі: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе гэтую ўладу?» 24Езус адказаў ім: «Спытаю ў вас і Я пра адно; калі скажаце Мне пра гэта, тады і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта. 25Адкуль быў Янаў хрост? З неба ці ад людзей?» Яны ж разважалі паміж сабою, кажучы: «Калі скажам “з неба”, то Ён скажа нам: “Чаму ж вы не паверылі яму?” 26А калі скажам “ад людзей”, – баімся натоўпу, бо ўсе лічаць Яна прарокам». 27І сказалі ў адказ Езусу: «Не ведаем». Тады і Ён сказаў ім: «І Я не скажу вам, якой уладай раблю гэта».

28«Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: “Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку”. 29Але той адказаў: “Не хачу.” Аднак пасля, апамятаўшыся, пайшоў. 30Тады падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: “Іду, гаспадару”. І не пайшоў. 31Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Тады Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы ідуць перад вамі ў Валадарства Божае. 32Прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.

33Паслухайце іншую прыпавесць. Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў у ім давіла, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў. 34Калі ж наблізіўся час ураджаю, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць ураджай свой. 35А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі. 36Той зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае. 37Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: “Ушануюць сына майго”. 38Але, убачыўшы сына, вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай”. 39І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі. 40Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць з гэтымі вінаградарамі?» 41Адказалі Яму: «Злачынцаў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінагараднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час». 42Езус сказаў ім: «Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях:

“Камень, адкінуты будаўнікамі,

стаў галавою вугла.

Пан учыніў гэта,

і дзіўнае яно ў вачах нашых”?

43Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго. 44І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раструшчыць».

45Калі першасвятары і фарысеі пачулі Ягоныя прыпавесці, зразумелі, што Ён гаворыць пра іх. 46Таму намагаліся схапіць Яго, але баяліся людзей, бо тыя лічылі Яго прарокам.

 

22 (1-46)

1Езус зноў расказаў ім прыпавесць: 2«Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для свайго сына. 3Ён паслаў сваіх слугаў паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці. 4Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормленая жыўнасць, і ўсё падрыхтавана; прыходзьце на вяселле”. 5Але яны пагардзілі і адышлі, хто на сваё поле, а хто да свайго гандлю. 6Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх.

7Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад. 8Тады ён сказаў сваім слугам: “Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. 9Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле”. 10Тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі. 11Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку, 12і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?” Той прамаўчаў. 13Тады кароль сказаў слугам: “Звяжыце яму ногі і рукі і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”. 14Бо шмат пакліканых, але мала выбраных».

15Тады Фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на слове. 16I паслалі да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб сказалі: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей. 17Таму скажы нам: як Табе здаецца? Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не?» 18Але Езус, ведаючы зласлівасць іхнюю, сказаў: «Чаму Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі? 19Пакажыце Мне падатковую манету». Яны прынеслі Яму дынар. 20Ён спытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?» 21Адказалі Яму: «Цэзара». Тады Ён сказаў ім: «Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае Богу». 22Пачуўшы гэта, яны здзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышлі.

23У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго: 24«Настаўнік, Майсей сказаў: “Калі нехта памрэ, не маючы дзяцей, няхай яго брат возьме ўдаву ягоную і адродзіць нашчадкаў брату свайму”. 25Дык вось, было ў нас сем братоў. Першы, ажаніўшыся, памёр і, не маючы патомства, пакінуў жонку брату свайму. 26Гэтаксама і другі, і трэці, аж да сёмага. 27А пасля ўсіх памерла і жонка. 28Пры ўваскрашэнні катораму з семярых яна будзе за жонку? Бо яна належала ўсім». 29Езус адказаў ім: «Вы памыляецеся, не ведаючы ні Пісання, ні сілы Божай. 30Бо пры ўваскрашэнні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, але жывуць, як анёлы Божыя на нябёсах. 31А пра ўваскрашэнне памерлых хіба вы не чыталі сказанага вам ад Бога: 32“Я Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба”? Бог не ёсць Богам мёртвых, а жывых». 33Натоўп, пачуўшы гэта, дзівіўся з вучэння Яго.

34Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, яны сабраліся разам. 35І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: 36«Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?» 37Езус адказаў яму: «“Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. 38Гэта найбольшая і першая запаведзь. 39Другая ж — падобная да яе: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. 40На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі».

41Калі фарысеі сабраліся, Езус 42спытаўся ў іх: «Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын?» Яны адказалі Яму: «Давіда». 43Ён сказаў ім: «Як жа Давід, натхнёны Духам, называе Яго Панам, калі кажа:

44“Сказаў Пан Пану майму: сядзь праваруч Мяне,

пакуль не пакладу ворагаў Тваіх пад ногі Твае”?

45Дык калі Давід называе Яго Панам, які ж Ён сын яму?» 46І ніхто не здолеў адказаць Яму ні слова. З таго дня ніхто больш не адважваўся пытацца ў Яго.

 

23 (1-39)

1Тады Езус прамовіў да натоўпу і вучняў сваіх: 2«Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. Таму ўсё, што скажуць вам, 3рабіце і захоўвайце, але не паступайце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць. 4Яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. 5Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры. 6Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах, 7і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх “pаббі”. 8Вы ж не дазваляйце называць сябе настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. 9І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. 10Не дазваляйце таксама называць сябе настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстус. 11Большы з вас няхай будзе для вас слугою. 12Бо той, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.

13Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі! Бо самі не ўваходзіце і, калі ўваходзяць іншыя, не пускаеце іх. (14)

15Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што абыходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго новага верніка. Калі ж гэта здараецца, робіце яго сынам геены, удвая горшым, чым вы самі!

16Гора вам, сляпыя павадыры, якія кажаце: “Калі хто клянецца святыняй, то нічога; але калі хто клянецца золатам святыні, то абавязаны”. 17Неразумныя і сляпыя! Што большае: золата, ці святыня, якая асвячае золата? 18І зноў: “Калі хто клянецца ахвярнікам, то нічога; а калі клянецца дарам, што на ім, то абавязаны”. 19Сляпыя! Што большае: дар, ці ахвярнік, які асвячае дар? 20Таму той, хто клянецца ахвярнікам, клянецца і ім, і ўсім, што на ім. 21І той, хто клянецца святыняю, клянецца і ёю, і тым, хто жыве ў ёй. 22А хто клянецца небам, клянецца тронам Божым і тым, хто сядзіць на ім.

23Гора, вам кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але абмінаеце тое, што важнейшае ў Законе: правасуддзе, міласэрнасць і веру! Гэта трэба было рабіць і таго не абмінаць. 24Сляпыя павадыры, якія адцэджваеце камара, а праглынаеце вярблюда.

25Гора, вам кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што звонку ачышчаеце кубак і місу, а ўнутры яны поўныя драпежнасці і нястрыманасці! 26Сляпы фарысей, спачатку ачысці кубак унутры, каб ён стаў чыстым і звонку.

27Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, бо вы падобныя да пабеленых трунаў, якія звонку здаюцца прыгожымі, але ўнутры поўныя касцей нябожчыкаў і ўсялякай нячыстасці! 28Так і вы звонку здаяцеся людзям справядлівымі, але ўнутры поўныя крывадушша і беззаконня.

29Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што ўзносіце грабніцы прарокам і ўпрыгожваеце магілы праведнікаў, 30кажучы: “Калі б мы жылі ў дні айцоў нашых, то не былі б саўдзельнікамі ў праліцці крыві прарокаў!” 31Так вы сведчыце супраць саміх сябе, што вы сыны тых, хто забіваў прарокаў. 32Дапоўніце ж меру сваіх айцоў. 33Вужы, пакаленне змяінае, як вы пазбегнеце прысуду да геены? 34Таму я пасылаю да вас прарокаў, мудрацоў і кніжнікаў. Адных з іх вы пазабіваеце і ўкрыжуеце, а другіх будзеце бічаваць у сінагогах сваіх, і будзеце гнаць з горада ў горад. 35Так упадзе на вас уся праведная кроў, пралітая на зямлі, ад крыві справядлівага Абэля аж да крыві Захарыі, сына Барахіі, якога вы забілі паміж святыняй і ахвярнікам. 36Сапраўды кажу вам: усё гэта ўпадзе на гэтае пакаленне.

37Ерузалем, Ерузалем, ты забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе. Колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка збірае пад крыламі птушанят сваіх, але вы не захацелі! 38Вось, застаецца вам дом ваш пусты! 39Бо кажу вам: адгэтуль не ўбачыце Мяне, пакуль не ўсклікнеце: “Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!”»

 

24 (1-51)

1Выйшаўшы, Езус пайшоў ад святыні. І падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму будынкі святыні. 2А Ён сказаў ім: «Ці бачыце ўсё гэта? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны». 3Калі Ён сядзеў на Аліўнай гары, падышлі да Яго вучні асобна, кажучы: «Скажы нам, калі гэта будзе і які знак Твайго прыйсця і сканчэння свету?»

4Адказваючы, Езус сказаў ім: «Глядзіце, каб хто не звёў вас. 5Бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы: “Я Хрыстус”, і многіх звядуць. 6Вы пачуеце пра войны і весткі з войнаў. Глядзіце, не палохайцеся, бо так павінна адбыцца. Але гэта яшчэ не канец. 7Бо народ паўстане на народ, і каралеўства на каралеўства, і ў розных месцах узнікнуць паморак і землятрусы. 8Усё гэта — пачатак пакутаў. 9Пасля аддадуць вас на ўціск і будуць забіваць вас, і зненавідзяць вас усе народы за імя Маё. 10Тады шмат хто зняверыцца, і будуць выдаваць адзін аднаго і ненавідзець адзін аднаго. 11І паўстане шмат фальшывых прарокаў, і яны шмат каго звядуць. 12А з-за таго, што пашырыцца беззаконне, любоў многіх астыне. 13Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены. 14І гэта Евангелле Валадарства будзе абвешчана па ўсім свеце на сведчанне ўсім народам; і тады настане канец.

15Калі ж убачыце агіду спусташэння, прадказаную прарокам Даніэлем, якая пануе на святым месцы (хто чытае, няхай разумее), 16тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы; 17хто будзе на даху, няхай не спускаецца ўзяць рэчы з дому свайго. 18А хто на полі, няхай не вяртаецца ўзяць вопратку сваю. 19Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі у тыя дні!

20Маліцеся, каб вашы ўцёкі не прыпалі на зіму ці на шабат. 21Таму што будзе тады вялікая туга, якой не было ад пачатку свету аж дагэтуль і не будзе. 22І калі б не скараціліся тыя дні, не ўратавалася б ніякае цела. Але дзеля выбраных скароцяцца дні гэтыя. 23Тады, калі хтосьці скажа вам: “Вось, тут Хрыстус”, ці: “Там”, не верце! 24Бо паўстануць фальшывыя месіі і фальшывыя прарокі і будуць чыніць вялікія знакі і цуды, каб увесці ў зман па магчымасці і выбраных. 25Вось, Я прадказаў вам. 26А калі вам скажуць: “Вось, ён у пустыні”, не выходзьце. Або: “Вось, ён у патаемных пакоях”, не верце. 27Бо як маланка мільгае з усходу і паказваецца аж на захадзе, такім будзе прыйсце Сына Чалавечага. 28Бо там, дзе трупы, збяруцца арлы.

29Адразу пасля нядолі тых дзён зацемніцца сонца, і месяц не дасць святла свайго, і зоркі пападаюць з неба, і пахіснуцца нябесныя сілы. 30Тады на небе з’явіцца знак Сына Чалавечага, і загалосяць усе зямныя плямёны, і ўбачаць, як Сын Чалавечы прыходзіць на аблоках з вялікай магутнасцю ў славе. 31Ён пашле анёлаў сваіх з моцным гучаннем трубы, і збяруць выбраных Яго з чатырох бакоў свету з аднаго краю нябёс да другога.

32Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета. 33Так і вы, калі ўсё гэта ўбачыце, ведайце, што блізка, пры дзвярах. 34Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё гэта адбудзецца. 35Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць.

36А пра дзень той і гадзіну ніхто не ведае, ні анёлы нябесныя, ні Сын, а толькі Айцец. 37Але як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. 38Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, 39і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. 40Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. 41Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінута.

42Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. 43Але знаеце, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. 44Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце. 45Хто ж верны і разумны слуга, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім спажытак у адпаведны час? 46Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць. 47Сапраўды кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёй паставіць яго. 48Калі ж гэты благі слуга скажа ў сэрцы сваім: “Не спяшаецца гаспадар мой”, 49і пачне біць сяброў сваіх, есці і піць з п’яніцамі, 50то гаспадар слугі гэтага прыйдзе ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. 51І адлучыць яго, і вызначыць яму долю разам з крывадушнікамі. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

 

25 (1-46)

1Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. 2Пяць з іх былі неразумныя, а пяць — мудрыя. 3Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. 4Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны. 5Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі. 6А сярод ночы ўзняўся крык: “Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач”. 7Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак свае светачы. 8Неразумныя ж сказалі мудрым: “Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць”. 9А мудрыя адказалі: “Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе”. 10Калі ж яны пайшлі купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. 11Пасля прыйшлі і астатнія панны ды кажуць: “Пане, пане, адчыні нам”. 12А ён адказаў ім: “Сапраўды кажу вам: не ведаю вас”. 13Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.

14Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасць. 15Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін; кожнаму паводле іхніх магчымасцяў, і ад’ехаў. 16Той, які атрымаў пяць талантаў, пайшоў і пусціў іх у абарот, і зарабіў яшчэ пяць. 17Таксама і той, які атрымаў два, зарабіў яшчэ два. 18А той, які атрымаў адзін, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра свайго гаспадара. 19Па доўгім часе прыйшоў гаспадар слугаў гэтых і пачаў патрабаваць ад іх рахунку. 20Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і сказаў: “Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх”. 21Гаспадар ягоны сказаў яму: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”. 22Падышоў таксама і той, які атрымаў два таланты, і сказаў: “Гаспадар, два таланты ты даў мне, вось яшчэ два таланты зарабіў я”. 23Гаспадар ягоны сказаў яму: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”. 24Падышоў і той, які атрымаў адзін талант, і сказаў: “Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі, жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў. 25Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось вазьмі сваё”. 26Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: “Нягодны і лянівы слуга! Ты ведаў, што я жну там, дзе не сеяў, і збіраю там, дзе не рассыпаў. 27Таму трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай. 28Таму забярыце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў. 29Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае. 30А бескарыснага слугу выкіньце вон у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.

31Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. 32I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. 33І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч. 34Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. 35Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; 36быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне”. 37Тады адкажуць Яму справядлівыя: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? 38Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? 39Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?” 40I Валадар скажа ім у адказ: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. 41Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. 42Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; 43быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне”. 44Тады і яны адкажуць Яму: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?” 45А Ён скажа ім у адказ: “Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне”. 46І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця».

 

26 (1-75)

1Калі Езус скончыў усе гэтыя словы, сказаў сваім вучням: 2«Ведаеце, што праз два дні Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаванне».

3Тады першасвятары і старэйшыны народу сабраліся на дзядзінцы першасвятара, якога звалі Каяфам. 4Яны правялі нараду, як подступам схапіць Езуса і забіць. 5Але казалі: «Не ў свята, каб не было абурэння ў народзе».

6Калі ж Езус быў у Бэтаніі, у доме пракажонага Сымона, 7падышла да Яго жанчына з алебастравым флаконам каштоўнага міра і выліла Яму на галаву, калі Ён быў за сталом. 8Убачыўшы гэта, вучні абурыліся і сказалі: «Навошта гэткае марнатраўства? 9Можна было б дорага прадаць гэта і раздаць убогім». 10Але Езус, убачыўшы гэта, сказаў ім: «Чаму дакучаеце жанчыне? Яна зрабіла для Мяне добры ўчынак. 11Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце. 12Праліўшы гэтае міра на маё цела, яна падрыхтавала Мяне на пахаванне. 13Сапраўды кажу вам: дзе б ні абвяшчалася Евангелле па ўсім свеце, сказана будзе і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін аб ёй».

14Тады адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасвятароў 15і сказаў: «Што хочаце мне даць, і я выдам вам Яго?» Яны ж вызначылі яму трыццаць срэбранікаў. 16І з таго часу ён шукаў нагоды выдаць Яго.

17У першы дзень Праснакоў прыйшлі вучні да Езуса і сказалі: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе з’есці пасху?» 18Ён адказаў: «Ідзіце ў горад да пэўнага чалавека і скажыце яму: “Настаўнік кажа: час Мой блізкі; у цябе зраблю пасху з вучнямі Маімі”». 19Вучні ўчынілі так, як загадаў ім Езус, і прыгатавалі пасху.

20Калі ж настаў вечар, Ён сеў за стол з Дванаццаццю. 21А калі елі, сказаў: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне». 22Вельмі засмуціўшыся, яны пачалі казаць Яму адзін за адным: «Ці не я, Пане?» 23А Ён адказаў: «Хто апусціў са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне. 24Сапраўды, Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага. Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца». 25Юда, які збіраўся Яго выдаць, спытаўся: «Ці не я, Раббі?» Езус адказаў: «Ты сказаў».

26Калі яны елі, Езус узяў хлеб, благаславіў, паламаў і, даўшы вучням, сказаў: «Бярыце і ешце, гэта Цела Маё». 27І ўзяўшы келіх, і ўзнёсшы падзяку, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе, 28бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў. 29Кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі буду піць яго з вамі новым у Валадарстве Айца Майго».

30І, праспяваўшы гімн, яны пайшлі на Аліўную гару. 31Тады Езус сказаў ім: «Вы ўсе зняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастыра, і рассеюцца авечкі статку”. 32А пасля ўваскрасення Майго Я апярэджу вас у Галілеі». 33А Пётр сказаў Яму ў адказ: «Калі нават усе зняверацца ў Табе, я ніколі не зняверуся». 34Езус сказаў яму: «Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». 35Пётр адказаў Яму: «Хоць бы давялося памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Падобнае сказалі і ўсе вучні.

36Потым Езус пайшоў з імі на месца, званае Гетсэманія, і сказаў вучням: «Сядзьце тут, а Я адыду і памалюся там». 37І, узяўшы з сабою Пятра і абодвух сыноў Зэбэдэевых, пачаў тужыць і адчуваць трывогу. 38Тады сказаў ім: «Засмучана душа Мая аж да смерці; застаньцеся тут і чувайце разам са Мною». 39І, адышоўшы крыху ўперад, упаў на твар, маліўся і казаў: «Ойча Мой, калі гэта магчыма, няхай абміне гэты келіх Мяне. Аднак, не як Я хачу, але як Ты». 40Калі вярнуўся да вучняў і знайшоў іх спячымі, сказаў Пятру: «Чаму вы не маглі адну гадзіну чуваць са Мною? 41Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое». 42І зноў, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: «Ойча Мой, калі не можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне не піць яго, няхай станецца воля Твая». 43І, вярнуўшыся, зноў знайшоў іх спячымі, бо вочы ў іх былі стомленыя. 44Тады пакінуў іх і адышоўся зноў, і маліўся трэці раз, паўтараючы тыя самыя словы. 45Тады зноў прыйшоў да вучняў і сказаў ім: «Усё яшчэ спіце і адпачываеце? Вось наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў. 46Устаньце, пойдзем; вось наблізіўся мой здраднік».

47І калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім мноства людзей з мячамі і кіямі ад першасвятароў і старэйшын народу. 48А той, хто выдаў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, той і ёсць; схапіце Яго!» 49І адразу падышоў да Езуса, і сказаў: «Вітай, Раббі!» І пацалаваў Яго. 50А Езус сказаў яму: «Сябра, чаго ты прыйшоў?» Тады, падышоўшы, усклалі рукі свае на Езуса і схапілі Яго. 51І вось, адзін з тых, хто быў з Езусам, працягнуў руку, выхапіў свой меч і, ударыўшы слугу першасвятара, адсек яму вуха.

52Тады Езус сказаў яму: «Схавай меч свой, бо кожны, хто бярэ меч, ад мяча і загіне. 53Ці думаеш, што Я не мог бы папрасіць Айца Майго, і Ён адразу ж паставіў бы каля Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў? 54Але як тады збудуцца Пісанні, што так павінна стацца?» 55У тую хвіліну Езус сказаў натоўпу: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі, каб схапіць Мяне. Кожны дзень сядзеў Я ў святыні і навучаў, і вы не схапілі Мяне». 56А гэта ўсё сталася, каб збыліся Пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.

57А тыя, хто схапіў Езуса, завялі Яго да першасвятара Каяфы, дзе сабраліся кніжнікі і старэйшыны. 58Пётр жа ішоў следам за Ім зводдаль аж да дзядзінца першасвятара. Увайшоўшы ў сярэдзіну, ён сеў са слугамі, каб убачыць, які будзе канец.

59А першасвятары і ўвесь Сінэдрыён шукалі ілжывага сведчання супраць Езуса, каб забіць Яго, 60і не знайшлі, хоць прыходзіла шмат ілжывых сведкаў. Але нарэшце прыйшлі двое 61і засведчылі: «Ён сказаў: “Магу зруйнаваць святыню Божую і за тры дні адбудаваць яе”». 62Тады ўстаў першасвятар і сказаў Яму: «Нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сведчаць?» 63Але Езус маўчаў. Тады першасвятар сказаў Яму: «Заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстус, Сын Божы?» 64Езус адказаў яму: «Ты сказаў. Нават кажу вам: сёння ўбачыце Сына Чалавечага, які сядзіць праваруч Усемагутнага і ідзе на аблоках нябесных».

65Тады першасвятар разадраў аддзенне сваё і сказаў: «Ён блюзнерыць! Навошта яшчэ нам сведкі? Вось жа цяпер вы чулі блюзнерства Ягонае. 66Як вам здаецца?» А яны адказалі: «Ён заслугоўвае смерці!» 67Тады пачалі пляваць Яму ў твар і біць кулакамі, а іншыя білі па шчоках 68і казалі: «Прароч нам, Хрысце, хто ўдарыў Цябе?»

69А Пётр сядзеў звонку на дзядзінцы, калі падышла да яго адна служанка і сказала: «I ты быў з Езусам з Галілеі!» 70Але ён адрокся перад усімі і сказаў: «Не ведаю, што ты кажаш!» 71А калі ён выйшаў да брамы, убачыла яго другая і сказала тым, што былі там: «Гэты быў з Езусам Назарэем!» 72І зноў адрокся ён, прысягаючы: «Я не ведаю гэтага Чалавека!» 73Крыху пазней падышлі тыя, хто стаяў там, і сказалі Пятру: «Сапраўды, і ты адзін з іх, бо і мова твая выдае цябе». 74Тады ён пачаў клясціся і прысягаць: «Не ведаю гэтага Чалавека!» І адразу заспяваў певень. 75Тады ўзгадаў Пётр словы Езуса: «Перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.

 

27 (1-66)

1Калі ж настала раніца, усе першасвятары і старэйшыны народу зрабілі нараду супраць Езуса, каб забіць Яго. 2І, звязаўшы, павялі і аддалі Яго намесніку Понцію Пілату.

3Тады Юда, які выдаў Езуса, убачыўшы, што Яго асудзілі, пакаяўся, аддаў трыццаць сярэбранікаў першасвятарам і старэйшынам 4і сказаў: «Зграшыў я, бо выдаў нявінную кроў». Яны ж сказалі: «Што нам да таго? Глядзі сам». 5Тады ён, кінуўшы срэбранікі ў святыні, выйшаў і пайшоў павесіўся. 6А першасвятары ўзялі срэбранікі і сказалі: «Нельга іх класці ў скарбонку святыні, бо гэта цана крыві». 7Яны параіліся і купілі на іх поле ганчара для пахавання чужаземцаў. 8Таму і па сённяшні дзень называеца гэтае поле «полем крыві». 9Так збылося сказанае прарокам Ераміем: «Узялі трыццаць срэбранікаў, плату за таго, каго ацанілі сыны Ізраэля, 10і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Пан».

11Езус жа стаў перад намеснікам, а той спытаўся ў Яго: «Ты кароль Юдэйскі?» Езус адказаў: «Ты кажаш». 12І калі абвінавачвалі Яго першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказаў. 13Тады сказаў Яму Пілат: «Ці не чуеш колькі сведчыць супраць Цябе?» 14Але Ён ні на адно слова не адказваў яму, таму намеснік вельмі дзівіўся.

15На свята намеснік меў звычай адпускаць паводле жадання натоўпу аднаго вязня. 16Быў тады ў іх адзін вязень, званы Бараба. 17І вось, калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я выпусціў вам, Барабу ці Езуса, званага Хрыстом?» 18Ён ведаў, што ад зайздрасці выдалі Яго.

19А калі ён сядзеў на судовым месцы, жонка ягоная паслала сказаць яму: «Не рабі нічога гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат цярпела за Яго». 20Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі натоўп, каб прасілі за Барабу, а Езуса аддалі на смерць. 21Адказваючы, намеснік сказаў ім: «Каго з гэтых двух хочаце, каб я адпусціў вам?» Яны сказалі: «Барабу!» 22Пілат сказаў ім: «А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?» Усе закрычэлі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» 23Ён жа сказаў: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»

24Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а абурэнне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі!» 25І ўвесь народ адказаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых». 26Тады адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.

27А жаўнеры намесніка, завёўшы Езуса ў прэторыю, сабралі каля Яго цэлую кагорту. 28І распрануўшы Яго, надзелі на Яго пурпуровы плашч. 29І сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, кароль Юдэйскі!» 30І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве. 31А калі насмяяліся з Яго, знялі з Яго плашч і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі на ўкрыжаванне.

32Выходзячы, яны сустрэлі аднаго кірынэйца па імені Сымон, якога прымусілі несці крыж Езуса. 33Калі прыйшлі на месца, называнае Галгота, што азначае «Месца Чэрапа», 34далі Яму выпіць віна, змяшанага з жоўцю. Ён пакаштаваў, але не хацеў піць. 35Укрыжаваўшы Яго, падзялілі Ягоную вопратку, кідаючы лёсы. 36І, седзячы, пільнавалі Яго там. 37А над галавой Ягонай змясцілі надпіс з віной: «Гэта Езус, кароль Юдэйскі».

38Тады ўкрыжавалі з ім двух злачынцаў, аднаго з правага, а другога з левага боку. 39Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі 40і кажучы: «Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога; калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа!» 41Таксама і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі, насміхаючыся, казалі: 42«Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. Ён — кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, і мы паверым у Яго. 43Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго, бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”». 44Таксама і злачынцы, укрыжаваныя з Ім, зневажалі Яго.

45Ад шостай гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай. 46А каля гадзіны дзевятай усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» 47Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Ён кліча Іллю». 48І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго. 49А другія казалі: «Чакай, пабачым, ці прыйдзе Ілля ратаваць Яго». 50Езус жа зноў ускрыкнуў моцным голасам і аддаў духа.

51І вось, заслона ў святыні разарвалася надвое з верху аж да нізу, і зямля затрэслася, і скалы раскалоліся, 52і магілы адкрыліся, і многія целы памерлых святых уваскрэслі 53і выйшлі з магілаў пасля Ягонага ўваскрасення, увайшлі ў святы горад і паказаліся многім. 54А сотнік і тыя, хто вартаваў з ім Езуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што сталася, вельмі спалохаліся і сказалі: «Праўдзіва, гэта быў Сын Божы!»

55Было там таксама шмат жанчын, якія глядзелі здалёк і якія спадарожнічалі Езусу ад Галілеі, служачы Яму. 56Была сярод іх Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Юзафа, і маці сыноў Зэбэдэя.

57Калі звечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, па імені Юзаф, які таксама быў вучнем Езуса. 58Ён, прыйшоўшы да Пілата, папрасіў цела Езуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела. 59Узяўшы цела, Юзаф захінуў Яго ў чыстае палатно 60і паклаў у сваёй новай магіле, якую высек у скале. Пасля прываліў вялікі камень да ўваходу ў магілу і адышоў. 61Была там Марыя Магдалена і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.

62На другі дзень, што быў пасля Прыгатавання, сабраліся першасвятары і фарысеі ў Пілата 63і сказалі: «Пане, мы ўспомнілі, што ашуканец гэты, калі быў яшчэ жывы, сказаў: “Праз тры дні ўваскрэсну”. 64Таму загадай вартаваць магілу аж да трэццяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, не выкралі Яго і не сказалі народу: “Ён уваскрос”. І будзе апошні падман горшы за першы». 65Пілат адказаў ім: «Вось вам варта, ідзіце, засцеражыце, як умееце. 66Яны адышлі і засцераглі магілу, запячатаўшы камень і паставіўшы варту.

 

28 (1-20)

1Калі мінуў шабат, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу. 2І вось стаўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім. 3Выгляд жа ягоны быў, як маланка, і адзенне ягонае было белае, як снег. 4Ад страху перад ім задрыжэлі вартаўнікі і сталі як мёртвыя. 5Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: «Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. 6Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, пабачце месца, дзе быў пакладзены, 7ды ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос і апярэджвае вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце. Гэта я сказаў вам». 8І, хутка адышоўшы ад магілы, са страхам і вялікай радасцю яны пабеглі паведаміць вучням Ягоным.

9І вось, Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: «Вітайце». Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму. 10Тады Езус сказаў ім: «Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць».

11Калі яны былі ў дарозе, некаторыя з варты прыйшлі ў горад і паведамілі першасвятарам пра ўсё, што сталася. 12Тыя сабраліся са старэйшынамі, параіліся і далі жаўнерам даволі шмат срэбранікаў, 13кажучы: «Скажыце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўначы і выкралі Яго, калі мы спалі. 14І калі гэта дойдзе да вушэй намесніка, мы пераканаем яго і ўратуем вас ад непрыемнасцяў». 15Яны ж узялі срэбранікі і зрабілі так, як іх навучылі. І разнеслася чутка пра гэта сярод юдэяў аж да сённяшняга дня.

16Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. 17І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. 18Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. 19Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. 20Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку».



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Matthaeus.pdf
Крыніца: catholic.by