Евангелле паводле Марка

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-45)
2 (1-28)
3 (1-35)
4 (1-41)
5 (1-43)
6 (1-56)
7 (1-37)
8 (1-38)
9 (1-50)
10 (1-52)
11 (1-33)
12 (1-44)
13 (1-37)
14 (1-72)
15 (1-47)
16 (1-20)


1 (1-45)

1Пачатак Евангелля Езуса Хрыста, Сына Божага.

2Як напісана ў прарока Ісаі:

«Вось пасылаю анёла Майго перад Табою,

які падрыхтуе дарогу Табе.

3Голас таго, хто кліча ў пустыні:

“Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму”».

4З’явіўся Ян, хрысцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў. 5І выходзілі да яго ўся краіна юдэйская і ўсе жыхары Ерузалема, і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае. 6Ян жа насіў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх і еў саранчу і дзікі мёд.

7І прапаведаваў, кажучы: «Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Яго сандалях. 8Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».

9І сталася ў тыя дні: прыйшоў Езус з Назарэта, што ў Галілеі, і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. 10І адразу, калі выходзіў з вады, убачыў нябёсы раскрытыя і Духа, што як голуб, сыходзіў на Яго. 11І быў голас з нябёсаў: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».

12І адразу Дух павёў Яго ў пустыню. 13І быў Ён у пустыні сорак дзён, а сатана выпрабоўваў Яго; і быў Ён са звярамі, і анёлы служылі Яму.

14Пасля таго як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае 15і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле».

16Праходзячы каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. 17І сказаў ім Езус: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей». 18І адразу, пакінуўшы сеткі, яны пайшлі за Ім. 19Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама ў чоўне ладзілі сеткі. 20І адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чоўне з работнікамі, пайшлі за Ім.

21Калі прыйшлі ў Кафарнаум, Ён адразу ў шабат увайшоў у сінагогу і навучаў. 22І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі. 23І быў тады ў сінагозе чалавек, апанаваны нячыстым духам, які закрычаў: 24«Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты: Святы Божы». 25Але Езус забараніў яму, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!» 26Тады нячысты дух, скалануўшы яго і закрычаўшы моцным голасам, выйшаў з яго. 27І спужаліся ўсе так, што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: «Што гэта? Новае вучэнне з моцаю; Ён загадвае нават нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго». 28І хутка разышлася пра Яго чутка па ўсёй ваколіцы Галілеі.

29Выйшаўшы з сінагогі, адразу прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя. 30Цешча Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу Яму сказалі пра яе. 31Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І пакінула яе гарачка, і яна прыслужвала ім.

32Калі настаў вечар і зайшло сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных злымі духамі. 33А ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма. 34Ён аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; і не дазваляў злым духам казаць, што яны пазналі Яго.

35На досвітку, устаўшы вельмі рана, Ён выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. 36 Услед за Ім пайшоў Сымон і тыя, хто быў з ім. 37А калі знайшлі Яго, сказалі Яму: «Усе шукаюць Цябе!» 38Ён адказаў ім: «Пойдзем куды-небудзь у блізкія паселішчы, каб Я і там прапаведаваў, бо дзеля гэтага Я прыйшоў». 39І прапаведаваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў.

40Вось прыйшоў да Яго пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго, кажучы: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць». 41Злітаваўшыся над ім, Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: «Хачу, будзь ачышчаны!» 42І адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты. 43Езус сурова звярнуўся да Яго і зараз жа адправіў. 44І cказаў яму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і прынясі ахвяру за ачышчэнне сваё, як загадаў Майсей, на сведчанне ім». 45Але той, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і расказваць пра здарэнне, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, а заставаўся звонку, у пустынных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.

 

2 (1-28)

1Праз некалькі дзён Езус зноў прыйшоў у Кафарнаум, і разышлася вестка, што Ён у доме. 2Адразу сабралася столькі народу, што ўжо не было месца каля дзвярэй. І Ён прамаўляў да іх. 3Прыйшлі да Яго чацвёра, якія неслі паралізаванага. 4Не змогшы прынесці яго да Езуса праз натоўп, разабралі страху, дзе Ён быў, і праз адтуліну спусцілі насілкі, на якіх ляжаў паралізаваны. 5Убачыўшы іх веру, Езус сказаў паралізаванаму: «Сыне, адпускаюцца твае грахі».

6Там жа сядзелі некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх: 7«Чаму ён так кажа? Ён блюзнерыць! Хто можа адпускаць грахі, калі не сам Бог?» 8Езус, адразу пазнаўшы духам сваім, што яны так разважаюць, сказаў ім: «Чаму так разважаеце ў сэрцах вашых? 9Што лягчэй? Сказаць паралізаванаму: “Адпускаюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі?” 10Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу адпускаць грахі». І сказаў паралізаванаму: 11«Табе кажу: устань, вазьмі насілкі свае ды ідзі да дому свайго». 12Той адразу ж устаў і, узяўшы насілкі, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Ніколі мы такога не бачылі!»

13Езус зноў выйшаў да мора. І ўсе людзі прыходзілі да Яго, а Ён навучаў іх. 14Праходзячы, Ён убачыў Левія, сына Алфея, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той устаў і пайшоў за Ім. 15Калі Езус сядзеў за сталом у доме ягоным, шмат мытнікаў і грэшнікаў было разам з Ім і вучнямі Ягонымі, бо шмат было тых, хто ішоў за Ім. 16Кніжнікі з ліку фарысеяў, убачыўшы, што Ён есць з грэшнікамі і мытнікамі, казалі вучням Ягоным: «Чаму Ён есць з мытнікамі і грэшнікамі?» 17Пачуўшы гэта, Езус сказаў ім: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым; Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў».

18Вучні Янавы і фарысеі пасцілі. Яны прыйшлі і сказалі Яму: «Чаму вучні Янавы і фарысеяў посцяць, а Твае вучні не посцяць?» 19І сказаў ім Езус: «Ці могуць пасціць госці на вяселлі, калі з імі жаніх? Пакуль жаніх з імі, не могуць пасціць. 20Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць у той дзень. 21Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна да старой вопраткі, бо новая лата адарвецца ад старога, і дзіра робіцца яшчэ горшай. 22І ніхто не налівае маладое віно ў старыя мяхі. Інакш віно парве мяхі, і прападуць віно і мяхі. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі».

23Аднойчы ў шабат, калі Езус праходзіў праз пасевы, вучні Ягоныя пачалі па дарозе зрываць каласы. 24Тады сказалі Яму фарысеі: «Глядзі, чаму яны робяць у шабат тое, што не дазволена?» 25Ён адказаў ім: «Вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся ён і тыя, хто быў з ім? 26Як увайшоў у дом Божы ў часы першасвятара Абіятара і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, і даў тым, хто быў з ім?» 27І сказаў ім: «Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату. 28Таму Сын Чалавечы — гаспадар шабату».

 

3 (1-35)

1Езус зноў увайшоў у сінагогу. А быў там чалавек з усохлай рукой. 2І сачылі за Езусам, ці вылечыць Ён у шабат, каб абвінаваціць Яго. 3І сказаў Ён чалавеку з усохлай рукою: «Стань пасярэдзіне». 4А ў іх запытаўся: «У шабат дазволена рабіць дабро ці зло, душу ўратаваць ці загубіць?» Але яны маўчалі. 5Гнеўна паглядзеўшы на іх, засмучаны жорсткасцю іх сэрцаў, сказаў таму чалавеку: «Працягні руку». Той працягнуў — і стала здаровай рука ягоная. 6Тады фарысеі выйшлі, адразу сабралі з прыхільнікамі Ірада нараду супраць Езуса, каб загубіць Яго.

7Езус адышоў з вучнямі сваімі да мора. А за Ім ішоў вялікі натоўп з Галілеі, з Юдэі, 8з Ерузалема, з Ідумеі; з-за Ярдана і з ваколіц Тыра і Сідона прыйшло да Яго вялікае мноства людзей, якія пачулі, што Ён рабіў. 9Тады сказаў Ён сваім вучням падрыхтаваць Яму човен, каб натоўп не заціснуў Яго. 10Многіх Ён аздаравіў, таму тыя, хто меў якую-небудзь хваробу, ціснуліся, каб дакрануцца да Яго. 11Нячыстыя духі, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі: «Ты — Сын Божы!» 12Але Ён строга забараняў ім, каб не выкрывалі Яго.

13Пасля ўзышоў на гару і паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў, і яны прыйшлі да Яго. 14І ўстанавіў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведаваць 15і каб яны мелі ўладу выганяць злых духаў. 16І устанавіў гэтых Дванаццаць: Сымона, якому даў імя Пётр, 17Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата Якуба, і даў ім імёны Баанэргес, што азначае «сыны грому»; 18і Андрэя, і Філіпа, і Барталамея, і Мацвея, і Тамаша, і Якуба Алфеевага, і Тадэвуша, і Сымона Кананэйца, 19і Юду Іскарыёта, які і выдаў Яго.

 

20І прыйшоў Езус з вучнямі ў дом. І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават паесці хлеба. 21Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум.

22А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбула і князем злых духаў Ён выганяе злых духаў. 23А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: «Як можа сатана выганяць сатану? 24Калі валадарства падзеліцца знутры, не можа выстаяць такое валадарства. 25І калі дом падзеліцца знутры, не можа выстаяць такі дом. 26І калі сатана паўстаў супраць сябе і падзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму. 27Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка. Тады толькі абрабуе дом ягоны. 28Сапраўды кажу вам, што сынам чалавечым будуць адпушчаны ўсе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. 29Але той, хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, ніколі не атрымае адпушчэння, а будзе асуджаны навекі». 30Так сказаў, бо гаварылі: «Ён мае нячыстага духа».

31І прыйшлі Маці Яго і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго. 32Натоўп, які сядзеў каля Яго, казаў Яму: «Вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе». 33Але Ён сказаў ім у адказ: «Хто маці Мая і браты Мае?» 34І паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: «Вось Маці Мая і браты Мае. 35Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці».

 

4 (1-41)

1Езус зноў пачаў навучаць каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў у ім на моры, а ўвесь народ быў на беразе каля мора. 2Ён шмат чаму навучаў іх у прыпавесцях і ў сваім павучанні казаў ім: 3«Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць. 4І калі сеяў, сталася так, што адно зерне ўпала пры дарозе. Прыляцелі птушкі і падзяўблі яго. 5Іншае ўпала на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прарасло, бо зямля была неглыбокая. 6А калі ўзышло сонца, яно завяла, бо не мела карэння, і засохла. 7Іншае ўпала ў церні, і выраслі церні, і заглушылі яго так, што яно не прынесла плёну. 8Іншае ўпала на добрую глебу і прынесла плён, які ўзышоў і вырас. І адно ўрадзіла ў трыццаць, другое ў шэсцьдзесят, а іншае ў сто разоў». 9І сказаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».

10А калі застаўся адзін, тыя, хто быў вакол Яго разам з Дванаццаццю, пыталіся ў Яго аб прыпавесці. 11І Ён сказаў ім: «Вам дадзена таямніца Божага Валадарства, а для тых, хто звонку, усё адбываецца ў прыпавесцях,

12каб яны глядзелі і не бачылі,

слухалі і не разумелі,

каб не навярнуліся

і каб не было адпушчана ім».

13І сказаў ім: «Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа зразумееце ўсе іншыя прыпавесці? 14Сейбіт сее слова. 15Пасеянае пры дарозе — гэта тыя, у якіх сеецца слова, але як толькі пачуюць яго, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае ў іх. 16Пасеянае на камяністых месцах — гэта тыя, хто, як толькі пачуе слова, адразу з радасцю прымае яго, 17але не мае ў сабе кораня і нясталы. Потым, калі за слова настане ўціск ці пераслед, адразу спакушаюцца. 18Іншае, пасеянае ў цернях, — гэта тыя, хто чуе слова, 19але турботы свету, зман багацця ды іншыя жаданні ўваходзяць у іх і заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным. 20А пасеянае на добрай зямлі — гэта тыя, хто слухае слова, прымае яго і прыносіць плён: адзін у трыццаць, другі ў шэсцьдзесят, а іншы ў сто разоў».

21І казаў ім: «Ці для таго прыносяць светач, каб паставіць яго пад пасудзіну або пад ложак? Ці ўсё ж для таго, каб паставіць яго на свечніку? 22Бо няма нічога схаванага, што б ні адкрылася, і няма нічога таемнага, што б ні выявілася. 23Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».

24І сказаў ім: «Зважайце на тое, што чуеце. Якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана, і яшчэ дададзена будзе вам. 25Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае».

26І сказаў: «Так і Валадарства Божае нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю. 27І спіць, і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, ён не ведае. 28Бо зямля сама па сабе прыносіць плён: спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. 29Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво».

30І сказаў: «З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго? 31Яно як гарчычнае зерне: калі яго сеюць у зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі. 32Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, пускае вялікае галлё, так што ў ценю ягоным могуць гняздзіцца нябесныя птушкі».

33У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць. 34А без прыпавесці не казаў ім, а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё.

35У той дзень, калі настаў вечар, Езус сказаў сваім вучням: «Пераправімся на другі бераг». 36І, адпусціўшы людзей, яны забралі Яго з сабою, так як быў, у човен; таксама былі з Ім іншыя чаўны. 37І ўзнялася вялікая бура. Хвалі так залівалі човен, што ён ужо напаўняўся вадою. 38А Езус спаў на карме на ўзгалоўі. Пабудзілі Яго і сказалі Яму: «Настаўнік, не хвалюе Цябе, што мы гінем?» 39Устаўшы, Ён загадаў ветру і сказаў мору: «Змоўкні, супакойся!» І вецер сціх, і настала вялікая ціша. 40Тады сказаў ім: «Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?» 41Яны напоўніліся вялікім страхам і гаварылі паміж сабой: «Хто ж Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?»

 

5 (1-43)

1І прыбылі на другі бераг мора ў край геразенаў. 2А калі Езус выйшаў з чоўна, Яму адразу насустрач выйшаў чалавек з магільных пячор, апанаваны нячыстым духам, 3які жыў у магільных пячорах. Ніхто не мог звязаць яго нават ланцугом, 4бо часта яго звязвалі кайданамі і ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разбіваў кайданы, і ніхто не мог яго ўтаймаваць. 5Увесь дзень і ўсю ноч, будучы ў магільных пячорах і ў гарах, ён крычаў і біў самога сябе камянямі. 6Калі ён здалёк убачыў Езуса, падбег і пакланіўся Яму, 7і закрычаў моцным голасам, кажучы: «Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Богам заклінаю Цябе, не муч мяне». 8Бо Езус сказаў яму: «Выйдзі, нячысты дух, з гэтага чалавека». 9Тады спытаўся ў яго Езус: «Як тваё імя?» Той адказаў: «Маё імя легіён, бо нас шмат». 10І ён моцна прасіў Яго не выганяць іх з гэтай краіны.

11Пасвіўся там каля гары вялікі статак свіней. 12І прасілі Яго нячыстыя духі, кажучы: «Пашлі нас у свіней, каб мы ўвайшлі ў іх». 13І Ён дазволіў ім. І, выйшаўшы, увайшлі гэтыя нячыстыя духі ў свіней, і кінуўся статак каля дзвюх тысяч з кручы ў мора, і патанулі яны ў моры. 14А свінапасы паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках, і людзі выйшлі паглядзець, што сталася. 15Прыйшоўшы да Езуса, яны ўбачылі, што той апанаваны злым духам, у якім быў легіён, сядзіць апрануты і пры здаровым розуме, і спалохаліся. 16А тыя, хто бачыў, расказалі ім, што сталася з апанаваным злым духам, і пра свіней. 17Тады пачалі прасіць Езуса, каб адышоў з іхніх межаў. 18Калі Ён сядаў у човен, апанаваны злым духам прасіўся ў Яго застацца з Ім. 19Але Ён не дазволіў яму і сказаў: «Вярніся да свайго дому і да сваіх і раскажы ім усё, што Пан учыніў табе і як змілаваўся над табою». 20Той адышоў і пачаў абвяшчаць у Дэкаполісе ўсё, што ўчыніў яму Езус, і ўсе здзіўляліся.

21Калі Езус ізноў пераправіўся ў чоўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора. 22І вось прыйшоў адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Езуса, упаў да Ягоных ног і моцна прасіў, кажучы: 23«Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна ўратавалася і жыла». 24І пайшоў з ім. А вялікі натоўп ішоў за Езусам, і ціснуліся да Яго.

25Вось пэўная жанчына, якая хварэла на крывацёк дванаццаць гадоў і шмат выцерпела ад многіх лекараў, 26патраціла на іх усю маёмасць сваю, аднак нішто не дапамагло, і ёй станавілася нават горш, 27пачуўшы пра Езуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да плашча Ягонага. 28Бо казала сама сабе: «Калі дакрануся хаця б да плашча Ягонага, выздаравею». 29І адразу ж спыніўся ў яе крывацёк, і адчула яна ў целе, што вызвалілася ад хваробы. 30Езус, адразу адчуўшы, што моц выйшла з Яго, звярнуўся да народу і сказаў: «Хто дакрануўся да Майго плашча?» 31А вучні Ягоныя сказалі Яму: «Ты бачыш, што народ ціснецца да Цябе, і пытаешся “хто дакрануўся да Мяне?”» 32Але Ён аглядаўся, каб убачыць тую, якая зрабіла гэта. 33А жанчына спалохалася і задрыжэла, бо ведала, што з ёй сталася. Яна падышла і ўпала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду. 34Ён жа сказаў ёй: «Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі і будзь вольная ад хваробы сваёй».

35Калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад кіраўніка сінагогі і сказалі: «Дачка твая памерла, навошта ты яшчэ турбуеш Настаўніка?» 36Але Езус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў кіраўніку сінагогі: «Не бойся, толькі вер!» 37І не дазволіў нікому ісці за сабою, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба. 38Калі прыйшоў Ён у дом кіраўніка сінагогі, убачыў мітусню і тых, хто плакаў і моцна галасіў. 39Увайшоўшы, Ён сказаў ім: «Чаго мітусіцеся і плачаце? Дзіця не памерла, а спіць». 40І насміхаліся з Яго. Але Ён, выгнаўшы ўсіх, узяў з сабою бацьку і маці дзіцяці і тых, хто быў з Ім, і ўвайшоў туды, дзе было дзіця. 41Узяўшы дзяўчынку за руку, сказаў ёй: «Таліта, кум!» — што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!» 42І адразу ўстала дзяўчынка, і пачала хадзіць. А было ёй дванаццаць гадоў. І замерлі яны ў вялікім здзіўленні. 43А Ён строга загадаў ім, каб ніхто пра гэта не ведаў, і сказаў даць ёй есці.

 

6 (1-56)

1Выйшаўшы адтуль, Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні. 2Калі надышоў шабат, Ён пачаў навучаць у сінагозе. Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: «Адкуль у Яго гэта і што за мудрасць дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі? 3Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры?» І абураліся на Яго. 4А Езус казаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне яго, і сярод родных яго, і ў доме яго». 5Таму Ён не мог учыніць там ніякага цуду, толькі на некалькіх хворых усклаў рукі і аздаравіў іх. 6І дзівіўся іх бязвер’ю.

Хадзіў па навакольных вёсках і навучаў.

7Пасля паклікаў Дванаццаць, і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі. 8І наказаў ім не браць у дарогу нічога, акрамя аднаго кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе, 9але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак. 10І сказаў ім: «Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль. 11І калі ў якім-небудзь месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне ім». 12І, пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне, 13і выганялі шмат злых духаў і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі.

14І пачуў кароль Ірад пра Езуса, бо імя Ягонае стала вядомым, і сказаў: «Гэта Ян Хрысціцель паўстаў з памерлых, і таму цуды здзяйсняюцца ім». 15Іншыя казалі: «Гэта Ілля». А яшчэ іншыя казалі: «Гэта прарок або як адзін з прарокаў». 16Калі Ірад пачуў гэта, ён сказаў: «Гэта Ян, якому я адсек галаву, паўстаў з памерлых!»

17Бо сам Ірад паслаў схапіць Яна і закаваў яго ў вязніцы з-за Ірадыяды, жонкі брата свайго Філіпа, таму што ён ажаніўся з ёй. 18Бо Ян казаў Іраду: «Недазволена табе мець жонку брата твайго». 19Таму Ірадыяда злавалася на яго і хацела забіць, але не магла, 20бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і аберагаў яго. Шмат разоў чуў яго і непакоіўся, але слухаў яго з ахвотай. 21І настаў зручны дзень, калі Ірад прыгатаваў вячэру сваім вяльможам, тысячнікам і старэйшынам галілейскім у дзень сваіх народзін; 22і ўвайшла дачка Ірадыяды, і танцавала, і спадабалася Іраду і яго гасцям. Кароль сказаў дзяўчыне: «Прасі ў мяне, чаго хочаш, і я дам табе». 23І шмат у чым пакляўся ёй: «Чаго ні папросіш, дам табе, нават палову майго каралеўства». 24Яна выйшла і сказала маці сваёй: «Чаго мне папрасіць?» Тая адказала: «Галаву Яна Хрысціцеля». 25І яна адразу хутка ўвайшла да караля і папрасіла, кажучы: «Хачу, каб ты зараз жа даў мне на місе галаву Яна Хрысціцеля». 26І кароль засмуціўся, але дзеля клятвы і тых, хто быў за сталом, не захацеў ёй адмовіць. 27Таму адразу кароль паслаў кбта і загадаў прынесці галаву Яна. Той пайшоў у вязніцу і адсек яму галаву, 28і прынёс на місе ягоную галаву, і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе сваёй маці. 29Калі пра гэта даведаліся вучні Яна, яны прыйшлі і забралі ягонае цела, і паклалі яго ў магілу.

30Апосталы сабраліся каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. 31І Ён сказаў ім: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце». Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што ім не было нават калі паесці. 32І адплылі яны ў пустыннае месца на чоўне адны.

33Калі ўбачылі, што яны адплылі, шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. 34Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў іх многаму вучыць. 35Калі мінула ўжо шмат часу, вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, сказалі: «Месца гэта пустыннае, і гадзіна ўжо позняя; 36адпусці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і паселішчы і купілі сабе чаго-небудзь з’есці». 37Ён жа сказаў ім у адказ: «Вы дайце ім есці». І сказалі Яму: «Ці мы павінны пайсці і за дзвесце дынараў купіць хлеба, і даць ім есці?» 38А Ён спытаўся ў іх: «Колькі ў вас хлябоў? Ідзіце, паглядзіце». Даведаўшыся, яны сказалі: «Пяць хлябоў і дзве рыбіны». 39Тады загадаў ім пасадзіць усіх групамі на зялёнай траве. 40І паселі групамі па сто і па пяцьдзесят. 41І ўзяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў і разламаў хлябы, і даў вучням сваім, каб яны раздалі ім; і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх. 42І ўсе елі, і насыціліся. 43І сабралі дванаццаць поўных кашоў кавалкаў і рэшты ад рыбы. 44А тых, хто еў хлябы, было каля пяці тысяч мужчын.

45I адразу Езус загадаў вучням сваім увайсці ў човен і плысці ўперад Яго на другі бераг да Бэтсаіды, пакуль Ён адпусціць людзей. 46І, развітаўшыся з імі, Ён пайшоў на гару памаліцца. 47Калі настаў вечар, човен быў на сярэдзіне мора, а Ён адзін на беразе. 48Убачыўшы іх знясіленых ад веславання, бо ім дзьмуў сустрэчны вецер, каля чацвёртай варты ночы Ён прыйшоў да іх, ідучы па моры; і хацеў прайсці міма. 49Калі ж яны ўбачылі, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і закрычалі. 50Бо ўсе, убачыўшы Яго, спалохаліся. Але Ён адразу загаварыў з імі і сказаў ім: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!» 51І ўвайшоў да іх у човен, а вецер сціх. Яны вельмі здзіўляліся, 52бо не разумелі цуду з хлебам, таму што сэрца іхняе было скамянелае.

53Пераправіўшыся, яны прыбылі ў зямлю Генэзарэт і прысталі да берага. 54Калі яны выйшлі з чоўна, людзі, адразу пазнаўшы Яго, 55аббеглі ўсё наваколле і пачалі прыносіць на насілках хворых туды, дзе, як чулі, Ён знаходзіўся. 56І куды б Ён ні прыходзіў, у паселішчы, гарады ці ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго дазволіць ім дакрануцца хоць да краю вопраткі Ягонай. І тыя, што дакраналіся да Яго, выздараўлівалі.

 

7 (1-37)

1Сышліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема. 2І ўбачылі, як некаторыя вучні Яго елі хлеб нячыстымі, гэта значыць неабмытымі рукамі. 3Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль старанна не памыюць рук. 4І вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыцця чашаў, і збаноў, і медных начынняў, і лаваў. 5Таму запыталіся ў Яго фарысеі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, а ядуць хлеб нячыстымі рукамі?» 6Ён адказаў ім: «Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана:

“Гэты народ шануе Мяне вуснамі,

а сэрца іх далёка ад Мяне.

7Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне,

навучаючы людскім запаведзям”.

8Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі». 9І сказаў ім: «Прыгожа вы абыходзіце Божую запаведзь, каб захаваць сваю традыцыю. 10Бо Майсей сказаў: “Шануй бацьку свайго і маці сваю” і: “Хто зласловіць на бацьку ці маці, няхай будзе пакараны смерцю”. 11А вы кажаце: “Калі чалавек скажа бацьку ці маці: тое, чым бы я мог табе дапамагчы — корбан (што значыць дар для Бога)”, 12то ўжо не дазваляеце яму зрабіць штосьці для бацькі ці маці. 13Вы парушаеце Божае слова вашай традыцыяй, якую перадалі. І робіце шмат чаго падобнага да гэтага».

14І паклікаўшы зноў людзей, сказаў ім: «Паслухайце Мяне ўсе і зразумейце. 15Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго». (16)

17І калі Езус увайшоў у дом, пакінуўшы натоўп, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго наконт прыпавесці. 18І Ён сказаў ім: «Няўжо і вы такія някемлівыя? Ці не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць звонку ў чалавека, не можа зрабіць яго нячыстым, 19бо не ў сэрца ягонае ўваходзіць, а ў страўнік, і выходзіць вонкі». Так Ён прызнаў усялякую ежу чыстай. 20Далей сказаў: «Тое, што выходзіць з чалавека, робіць яго нячыстым. 21Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць благія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, 22чужаложства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, зайздрасць, блюзнерства, пыха, глупства. 23Усё гэтае зло выходзіць знутры і робіць чалавека нячыстым».

24Устаўшы, Езус адышоў у межы Тыра. Увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не ведаў пра гэта, але не змог утаіцца. 25Бо жанчына, у якой была апанаваная нячыстым духам дачка, адразу пачула пра Яго, прыйшла і ўпала да Ягоных ног. 26А была гэтая жанчына язычніцай, родам сірафінікіянка. І яна прасіла Яго выгнаць злога духа з яе дачкі. 27Ён адказаў ёй: «Дай спачатку насыціцца дзецям, бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам». 28Яна ж адказала Яму, кажучы: «Пане, але і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ў дзяцей». 29Тады Ён сказаў ёй: «Дзеля гэтых слоў ідзі, злы дух выйшаў з тваёй дачкі». 30Калі яна прыйшла ў свой дом, убачыла, што злы дух выйшаў, а дачка ляжыць на ложку.

31І зноў выйшаў Езус з межаў Тыра і прайшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод зямель Дэкаполіса. 32І прывялі да Яго глуханямога, і прасілі, каб усклаў на яго руку. 33Адвёўшы яго далей ад натоўпу, Езус паклаў у яго вушы свае пальцы і, паслініўшы, дакрануўся да ягонага языка. 34Паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Эффата», што значыць: «Адкрыйся». 35І адразу адкрыліся вушы ягоныя і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна. 36Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны апавядалі яшчэ больш. 37Будучы надзвычай здзіўленымі, яны казалі: «Ён зрабіў ўсё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць!»

 

8 (1-38)

1У тыя дні, калі зноў сабралася мноства людзей, і не было ў іх чаго есці, Езус паклікаў вучняў і сказаў ім: 2«Шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні яны знаходзяцца са Мною і не маюць чаго есці. 3Калі адпраўлю іх дадому галоднымі, аслабнуць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк». 4І адказалі Яму вучні Ягоныя: «Хто і адкуль накорміць іх хлебам тут, у пустыні?» 5Ён спытаўся ў іх: «Колькі маеце хлябоў?» Яны адказалі: «Сем». 6Тады загадаў людзям сесці на зямлю. І, узяўшы сем хлябоў, узнёс падзяку, паламаў і даў вучням сваім, каб раздавалі. І яны раздалі людзям. 7Мелі таксама некалькі рыбінак. Езус іх благаславіў і загадаў раздаць. 8І яны елі, і насыціліся, і набралі сем кашоў кавалкаў, што засталіся. 9А тых, хто еў, было каля чатырох тысяч. І адпусціў іх.

10Тады адразу з вучнямі сваімі Езус увайшоў у човен, і прыбыў у далмануцкі край. 11І выйшлі фарысеі, і пачалі спрачацца з Ім, патрабуючы ад Яго знаку з неба, каб выпрабаваць Яго. 12Але Ён уздыхнуў у духу сваім і сказаў: «Чаму гэтае пакаленне патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам: не будзе дадзена знаку пакаленню гэтаму». 13Пасля Ён пакінуў вучняў, зноў сеў у човен і адплыў на другі бок.

14Вучні Езуса забыліся ўзяць хлеба і мелі з сабой у чоўне толькі адзін бохан хлеба. 15Тады Езус загадаў ім: «Глядзіце, асцерагайцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірада!» 16А яны разважалі між сабою, што не маюць хлеба. 17Пазнаўшы гэта, Езус сказаў ім: «Чаму разважаеце, што не маеце хлеба? Хіба не разумееце і не ведаеце? Ці яшчэ скамянелыя сэрцы вашы? 18Маеце вочы і не бачыце, маеце вушы і не чуеце? Ці не памятаеце, колькі поўных кашоў рэштак сабралі вы, 19калі Я разламаў пяць хлябоў на пяць тысяч?» Яны адказалі Яму: «Дванаццаць». 20«А калі Я разламаў сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі поўных кашоў рэштак сабралі вы?» Адказалі Яму: «Сем». 21І сказаў ім: «Усё яшчэ не разумееце?»

22I прыйшлі яны ў Бэтсаіду. І прывялі да Яго сляпога, і прасілі, каб Езус дакрануўся да яго. 23Ён узяў сляпога за руку і вывеў яго за вёску, паслініў яму вочы, усклаў на яго рукі і спытаўся ў яго: «Ці бачыш што-небудзь?» 24Той паглядзеў і сказаў: «Бачу людзей, нібы дрэвы, што ходзяць». 25Потым зноў усклаў рукі на яго вочы, і той стаў відушчым, і выздаравеў, і пачаў бачыць усё выразна. 26Езус адаслаў яго дадому, кажучы: «Не ўваходзь у гэтую вёску».

27Пасля Езус са сваімі вучнямі пайшоў у паселішчы Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: «Кім лічаць Мяне людзі?» 28Яны адказвалі Яму: «Янам Хрысціцелем, другія — Іллёю, іншыя — адным з прарокаў». 29А Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Адказваючы, Пётр сказаў Яму: «Ты — Хрыстус». 30І забараніў ім, каб нікому не казалі пра Яго.

31Ён пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. 32І казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. 33Але Ён, павярнуўшыся і паглядзеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, кажучы: «Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае».

34І, паклікаўшы натоўп разам са сваімі вучнямі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. 35Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго. 36Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а пашкодзіць свайму жыццю? 37Бо што дасць чалавек узамен за сваё жыццё? 38Хто будзе саромецца Мяне і Маіх слоў перад гэтым распусным і грэшным пакаленнем, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Айца свайго са святымі aнёламі».

 

9 (1-50)

1І сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Божага Валадарства, якое прыйдзе ў магуцці».

2І праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі. 3Адзенне Ягонае стала бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. 4І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і размаўлялі з Езусам. 5Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі». 6Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. 7І з’явілася воблака, якое закрыла іх, і з воблака пачуўся голас: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце». 8І адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, толькі аднаго Езуса.

9Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне. 10Яны захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць». 11І пыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці першым?» 12Ён сказаў ім: «Ілля сапраўды прыйдзе першым і адновіць усё; як і напісана пра Сына Чалавечага, што будзе Ён шмат цярпець і будзе прыніжаны. 13Але кажу вам, што Ілля прыйшоў і зрабілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго».

14Калі Езус прыйшоў да вучняў, Ён убачыў каля іх вялікі натоўп і кніжнікаў, якія спрачаліся з імі. 15І адразу ўсе людзі, калі ўбачылі Яго, спалохаліся і, падбягаючы, віталі Яго. 16Ён спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся з імі?» 17І адказаў Яму адзін з натоўпу: «Настаўнік, я прывёў да Цябе свайго сына, які мае духа нематы. 18Дзе ні схопіць яго, кідае, і той пускае пену, скрыгоча зубамі і дранцвее. Я сказаў тваім вучням, каб выгналі яго, але яны не змаглі». 19Адказваючы, Езус сказаў ім: «О, пакаленне нявернае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне». 20І прывялі яго да Езуса. А калі дух убачыў Яго, адразу застрос хлопца, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену. 21Езус спытаўся ў ягонага бацькі: «Як даўно гэта здараецца з ім?» Той адказаў: «З дзяцінства. 22Дух часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго. Але калі Ты што можаш, змілуйся над намі і дапамажы нам». 23Езус сказаў яму: «”Калі можаш!” Усё магчыма для таго, хто верыць». 24Бацька хлопца адразу ўсклікнуў, кажучы: «Веру, памажы майму бязвер’ю». 25Убачыўшы, што збягаюцца людзі, Езус прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: «Нямы і глухі дух, Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго». 26І той, закрычаўшы, моцна скалануў хлопца і выйшаў. І хлопец зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: «Ён памёр!» 27Але Езус узяў яго за руку, падняў, і ён устаў.

28Калі Езус увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго сам-насам: «Чаму мы не змаглі выгнаць яго?» 29А Ён сказаў ім: «Такога духа нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай».

30Выйшаўшы адтуль, яны праходзілі праз Галілею, і Езус не хацеў, каб нехта ведаў. 31Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і забіты ўваскрэсне праз тры дні. 32Але яны не разумелі гэтых слоў, а спытацца ў Яго баяліся.

33Калі прыйшлі ў Кафарнаум і былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што вы разважалі па дарозе?» 34Яны маўчалі, бо ў дарозе разважалі паміж сабою, хто большы. 35Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх». 36Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: 37«Хто прымае адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне».

38Ян сказаў Яму: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі». 39А Езус сказаў: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу зласловіць на Мяне. 40Бо хто не супраць нас, той за нас. 41А хто напоіць вас кубкам вады ў імя таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй.

42І хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора.

43Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны. (44)

45І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзвюма нагамі быць кінутым у геену. (46)

47І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе аднавокім увайсці ў Божае Валадарства, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену, 48дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне. 49Бо кожны будзе пасолены агнём. 50Соль — добрая рэч, але калі соль стане несалёнай, чым прыправіце яе? Майце ў сабе соль і жывіце між сабою ў спакоі».

 

10 (1-52)

1Выйшаўшы адтуль, Езус прыйшоў у межы Юдэі за Ярданам. І зноў сабраліся каля Яго натоўпы, а Ён, як звычайна, зноў навучаў іх. 2Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? 3Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Што наказаў вам Майсей?» 4Яны сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца». 5А Езус адказаў ім: «Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэты наказ, 6бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. 7Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй, 8і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. 9Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае». 10У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. 11Ён сказаў ім: «Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць супраць яе. 12І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, чужаложыць».

13І прыносілі да Езуса дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні забаранялі ім. 14Убачыўшы гэта, Езус абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае. 15Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго». 16І, абняўшы іх, благаславіў, ускладаючы на іх рукі.

17І калі Езус выходзіў у дарогу, вось падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: «Настаўнік добры, што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?» 18Езус сказаў яму: «Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. 19Ведаеш запаведзі: не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці».

20А той адказаў Яму: «Настаўнік, усё гэта я захоўваў з юнацтва майго». 21Езус паглядзеў на яго з любоўю і сказаў: «Табе не хапае аднаго: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Потым прыходзь і ідзі за Мною». 22А ён засмуціўся ад гэтых слоў і адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць.

23Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае». 24Вучні дзівіліся з Ягоных слоў. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: «Дзеці, як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Валадарства Божае. 25Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае». 26А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: «Хто ж можа збавіцца?» 27Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма».

28І пачаў Пётр казаць Яму: «Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою». 29Езус адказаў: «Сапраўды кажу вам, няма нікога, хто б пакінуў дом свой, ці братоў, ці сясцёр, ці маці, ці бацьку, ці дзяцей, ці поле дзеля Мяне і дзеля Евангелля, 30і не атрымаў бы ў сто разоў больш цяпер, у гэты час, дамоў, братоў, сясцёр, маці, дзяцей і палёў сярод пераследу, а ў будучым веку — жыццё вечнае. 31Але шмат першых будзе апошнімі, і апошніх — першымі».

32Калі вучні былі ў дарозе і ўзыходзілі ў Ерузалем, Езус ішоў наперадзе іх. Яны дзівіліся, а тыя, хто ішоў за Ім, былі спалоханыя. Ён зноў узяў Дванаццаць і пачаў казаць ім пра тое, што з Ім павінна здарыцца: 33«Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і яны асудзяць Яго на смерць, і аддадуць Яго язычнікам. 34І будуць здзекавацца з Яго, аплёўваць Яго і бічаваць Яго, і заб’юць, а праз тры дні Ён уваскрэсне».

35Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, і сказалі Яму: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім». 36Ён жа адказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?» 37Яны сказалі Яму: «Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй». 38Але Езус сказаў ім: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны?» 39Яны адказалі Яму: «Можам». А Езус сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, піць будзеце, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, 40але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана».

41І, пачуўшы, дзесяць вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна. 42А Езус, паклікаўшы іх, сказаў ім: «Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі. 43Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; 44і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. 45Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».

46І прыйшлі яны ў Ерыхон. І калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі. 47Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: «Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!» 48Многія загадвалі яму змоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!» 49Езус спыніўся і сказаў: «Паклічце яго». І паклікалі сляпога, кажучы яму: «Смялей, уставай, Ён кліча цябе». 50Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і падышоў да Езуса. 51І адказваючы яму, Езус сказаў: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Сляпы сказаў Яму: «Настаўнік, каб я зноў бачыў». 52І Езус сказаў яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе». І той адразу стаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе.

 

11 (1-33)

1Калі наблізіліся да Ерузалема, да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары Аліўнай, Езус паслаў двух сваіх вучняў 2і сказаў ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі, і адразу, як увойдзеце ў яе, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце. 3А калі хтосьці вам скажа: “Навошта вы гэта робіце?” скажыце: “Ён патрэбны Пану, і зараз жа адашле зноў яго сюды”». 4Яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае каля варот знадворку, на вуліцы, і адвязалі яго. 5Некаторыя з тых, хто стаяў там, казалі ім: «Што вы адвязваеце асляня?» 6А яны адказалі ім, як наказаў Езус. І тыя адпусцілі іх. 7І прывялі да Езуса асляня, і паклалі на яго свае плашчы, а Ён сеў на яго. 8І многія слалі плашчы свае на дарозе, а іншыя — галінкі ад аліўных дрэў, зрэзаныя на палях. 9І тыя, хто ішоў спераду і ззаду, усклікалі: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! 10Благаслаўлёнае валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць! Гасанна на вышынях!»

11І ўвайшоў Езус у Ерузалем, у святыню і, агледзеўшы ўсё, адышоў з Дванаццаццю ў Бэтанію, таму што было ўжо позна.

12Назаўтра, калі яны выйшлі з Бэтаніі, Ён адчуў голад. 13Убачыўшы здалёк смакоўніцу, пакрытую лісцем, падышоў, спадзеючыся знайсці што-небудзь на ёй. Але, падышоўшы да яе, не знайшоў нічога, апроч лісця, бо яшчэ не настала пара на смоквы. 14Тады Езус сказаў ёй: «Няхай ніхто ніколі не есць з цябе плоду». І Ягоныя вучні чулі гэта.

15Потым прыйшлі ў Ерузалем. І, увайшоўшы ў святыню, Ён пачаў выганяць тых, хто гандляваў і купляў у святыні. Ён папераварочваў сталы мянялаў і лаўкі гандляроў галубамі 16і не дазваляў нікому праносіць праз святыню якую-небудзь рэч. 17Потым вучыў іх, кажучы: «Хіба не напісана: “Дом мой назавецца домам малітвы для ўсіх народаў”? А вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».

18Пачулі гэта першасвятары і кніжнікі і шукалі магчымасці, як бы загубіць Яго, бо яны баяліся Яго, таму што ўвесь народ дзівіўся вучэнню Ягонаму. 19Калі настаў вечар, яны выйшлі з горада.

20А калі раніцай вярталіся, убачылі, што смакоўніца высахла аж да кораня. 21Тады Пётр, успомніўшы, сказаў Езусу: «Раббі, паглядзі, смакоўніца, якую Ты пракляў, высахла». 22Езус сказаў ім у адказ: «Майце веру ў Бога! 23Сапраўды кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: “Падыміся і кінься ў мора”, і не засумняваецца ў сэрцы сваім, але паверыць, што збудзецца сказанае, так яму і будзе. 24Таму кажу вам: усё, чаго просіце ў малітве, верце, што атрымаеце і будзе вам. 25І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго-небудзь, каб і Айцец ваш, які ў нябёсах, дараваў вам правіны вашыя». (26)

27І зноў Езус з вучнямі прыйшлі ў Ерузалем. І калі Ён хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, кніжнікі і старэйшыны 28і пыталіся ў Яго: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто Табе даў гэтую ўладу, каб Ты рабіў гэта?» 29Езус адказаў ім: «Спытаю ў вас і Я пра адно. Адкажаце Мне, тады і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю. 30Янаў хрост быў з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне». 31Яны разважалі паміж сабою, кажучы: «Калі скажам “з неба”, то Ён скажа: “Чаму ж вы не паверылі яму?” 32А сказаць “ад людзей” баяліся народу, бо ўсе лічылі Яна сапраўдным прарокам, 33таму сказалі ў адказ Езусу: «Не ведаем». Тады Езус сказаў ім: «I Я не скажу вам, якой уладай раблю гэта».

 

12 (1-44)

1I пачаў Езус гаварыць да іх у прыпавесцях: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў сток пад давілам, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў. 2А ў адпаведны час паслаў да вінагарадараў слугу, каб той узяў у вінаградараў частку з пладоў вінаградніку. 3Але яны, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым. 4Тады зноў паслаў да іх іншага слугу, і гэтаму зpанілі галаву і зняважылі. 5Паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, а шмат іншых ці пабілі, ці пазабівалі. 6Маючы яшчэ аднаго, умілаванага сына, паслаў яго апошнім да іх, кажучы: “Ушануюць сына майго”. 7Але вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго, і спадчына будзе наша”. 8І, схапіўшы, забілі яго і выкінулі яго з вінаградніку. 9Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і знішчыць вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым. 10Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні:

“Камень, адкінуты будаўнікамі,

стаў галавою вугла.

11Пан учыніў гэта,

і дзіўнае яно ў вачах нашых”

12І яны намагаліся схапіць Езуса, бо зразумелі, што гэтая прыпавесць супраць іх, але баяліся натоўпу. І, адпусіўшы Яго, адышлі.

13І паслалі да Яго Езуса некаторых фарысеяў і прыхільнікаў Ірада, каб злавіць Яго на слове. 14Падышоўшы, яны спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей, але праўдзіва шляху Божаму вучыш. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Плаціць нам, ці не плаціць?» 15А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, сказаў ім: «Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб паглядзець». 16Калі прынеслі Яму дынар, Ён запытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?» Яны адказалі Яму: «Цэзара». 17Тады Езус сказаў ім: «Цэзарава аддавайце цэзару, а Божае Богу». І дзівіліся Яму.

18І прыйшлі да Езуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго: 19«Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, яго брат павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства для брата свайго. 20Было сем братоў. Першы ажаніўся і, памершы, не пакінуў патомства. 21Тады ажаніўся з ёю другі і таксама памёр, не пакінуўшы патомства. Падобна і трэці. 22І ніхто з семярых не пакінуў патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына. 23Пры ўваскрашэнні, калі яны ўваскрэснуць, каму з іх яна будзе жонкай? Бо ў семярых яна была жонкаю». 24Езус адказаў ім: «Ці не таму памыляецеся, што не ведаеце ні Пісання, ні моцы Божай? 25Бо калі ўваскрэснуць, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, але будуць як анёлы ў нябёсах. 26А наконт таго, што мёртвыя ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, дзе гаворыцца пра куст, як Бог прамаўляў да Яго, кажучы: “Я Бог Абрагама, Бог Ісаака і Якуба”? 27Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых. Таму вы моцна памыляецеся».

28Адзін кніжнік, які прыслухоўваўся да іх, як яны размаўлялі паміж сабою, падышоў і спытаўся ў Езуса: «Якая запаведзь першая з усіх?» 29Езус адказаў: «Першая такая: “Слухай, Ізраэль, Пан Бог нашПан адзіны; 30любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй”. 31Другая: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя». 32І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага, апроч Яго. 33Любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні». 34Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.

35Адказваючы, Езус сказаў, навучаючы ў святыні: «Як могуць казаць кніжнікі, што Месія — сын Давіда? 36Сам Давід сказаў у Духу Святым: “Сказаў Пан Пану майму: сядзь праваруч Мяне, пакуль не пакладу ворагаў Тваіх пад ногі Твае”.

37Сам Давід называе Яго Панам; то які ж Ён яму сын?» І вялікі натоўп слухаў Яго з задавальненнем.

38І казаў ім Езус, навучаючы: «Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, і любяць прывітанні на рынках, 39і першыя лавы ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах. 40Тыя, хто аб’ядае дамы ўдоў і доўга моліцца напаказ, атрымаюць найцяжэйшы прысуд».

41І, сеўшы насупраць скарбонкі, Ён назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу. 42І прыйшла адна бедная ўдава, і ўкінула дзве лепты, што складае чвэрць аса. 43Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. 44Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пражытак свой».

 

13 (1-37)

1Калі Езус выходзіў са святыні, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Настаўнік, паглядзі, якія камні і якія будынкі». 2А Езус сказаў яму: «Бачыш гэтыя вялікія будынкі? Не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны». 3І калі Ён сядзеў на Аліўнай гары насупраць святыні, пыталіся ў Яго сам-насам Пётр, Якуб, Ян і Андрэй: 4«Скажы нам, калі гэта будзе і які будзе знак, калі павінна ўсё гэта споўніцца?»

5І Езус пачаў казаць ім: «Глядзіце, каб ніхто не звёў вас. 6Многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і многіх звядуць. 7Калі ж пачуеце пра войны і весткі з войнаў, не дазваляйце сябе запалохаць. Так павінна адбыцца, але гэта яшчэ не канец. 8Бо паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; і будуць землятрусы месцамі, будзе голад. Гэта пачатак пакут.

9Сцеражыцеся. Вас будуць аддаваць у суды і ў сінагогах будуць біць, і паставяць вас перад намеснікамі і каралямі за Мяне на сведчанне ім. 10Але найперш Евангелле павінна быць абвешчана ўсім народам. 11І калі павядуць, каб выдаць вас, не турбуйцеся загадзя, што сказаць, а кажыце тое, што будзе дадзена вам у тую гадзіну, бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Святы. 12І брат выдасць брата на смерць, і бацька дзіця; і паўстануць дзеці супраць бацькоў, і заб’юць іх; 13і зненавідзяць вас усе за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.

14А калі ўбачыце, што агіда спусташэння паўстала там, дзе не павінна быць (хто чытае, няхай зразумее), тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы; 15хто будзе на даху, няхай не спускаецца ў дом узяць нешта з дому свайго; 16хто будзе на полі, няхай не вяртаецца забраць вопратку сваю. 17Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні! 18Маліцеся, каб не здарылася гэта зімой. 19Бо гэта будуць дні такой тугі, якой не было аж дагэтуль ад пачатку стварэння, якое стварыў Бог, і не будзе. 20І калі б Пан не скараціў гэтых дзён, не ўратавалася б ніякае цела. Але дзеля выбраных, якіх абраў, скараціў дні. 21І тады, калі хтосьці скажа вам: “Вось, тут Хрыстус, вось, там”, — не верце. 22Бо паўстануць фальшывыя месіі і фальшывыя прарокі і будуць чыніць знакі і цуды, каб увесці ў зман, калі ўдасца, выбраных. 23А вы сцеражыцеся. Я прадказаў вам усё.

24Але ў тыя дні пасля тугі такой зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. 25І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.

26Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. 27Ён пашле тады анёлаў і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.

28Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета. 29Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка той час, пры дзвярах. 30Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё гэта адбудзецца. 31Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць. 32А пра дзень той або гадзіну ні анёлы ў небе, ні Сын, ніхто не ведае, а толькі Айцец.

33Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане той час. 34Падобна гэта да чалавека, які, сабраўшыся ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу і кожнаму сваю працу і загадаў брамніку чуваць. 35Таму чувайце і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай, 36каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана. 37А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце!»

 

14 (1-72)

1Было два дні да свята Пасхі і Праснакоў. І шукалі першасвятары і кніжнікі, як бы ўзяць Езуса хітрасцю і забіць, 2бо казалі: «Не ў свята, каб не было абурэння ў народзе».

3І калі Езус быў у Бэтаніі, у доме пракажонага Сымона, і сядзеў за сталом, прыйшла жанчына з алебастравым флаконам міра з чыстага і вельмі каштоўнага нарду і, разбіўшы флакон, выліла Яму на галаву. 4А некаторыя абураліся паміж сабою: «Навошта гэткае марнатраўства міра? 5Бо можна было прадаць гэтае міра больш чым за трыста дынараў і раздаць убогім». І папракалі яе.

6Але Езус сказаў: «Пакіньце яе. Навошта дакучаеце ёй? Яна зрабіла добры ўчынак для Мяне. 7Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, і калі захочаце, можаце ім чыніць дабро; а Мяне не заўсёды маеце. 8Яна зрабіла, што магла: загадзя намасціла цела Маё для пахавання. 9Сапраўды кажу вам: дзе б ні абвяшчалася Евангелле па ўсім свеце, пра тое, што зрабіла яна, сказана будзе на ўспамін аб ёй».

10І пайшоў Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, да першасвятароў, каб выдаць ім Езуса. 11Яны ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму срэбранікі. І ён шукаў, як пры нагодзе выдаць Яго.

12І ў першы дзень Праснакоў, калі ахвяравалі Пасху, сказалі Яму вучні Ягоныя: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе з’есці Пасху?» 13І Ён паслаў двух з вучняў сваіх, кажучы ім: «Ідзіце ў горад; там сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады. Ідзіце за ім 14і там, куды ўвойдзе, скажаце гаспадару дому: “Настаўнік кажа: дзе святліца, у якой Я мог бы з’есці Пасху з вучнямі Маімі?” 15І ён пакажа вам вялікі верхні пакой, засланы і падрыхтаваны. Там прыгатуеце нам». 16І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі Пасху.

17А калі звечарэла, Ён прыйшоў з Дванаццаццю. 18І, калі яны сядзелі за сталом і елі, Езус сказаў: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас, які есць са Мною, выдасць Мяне». 19Яны засмуціліся і пачалі казаць Яму адзін за адным: «Ці не я?» 20А Ён сказаў ім: «Адзін з Дванаццаці, які мачае са Мною ў місе. 21Бо сапраўды, Сын Чалавечы адыходзіць, як пісана пра Яго, але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага. Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца».

22І калі яны елі, Езус, узяўшы хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім, кажучы: «Бярыце, гэта Цела Маё». 23І, узяўшы келіх, узнёс падзяку і даў ім; і пілі з яго ўсе. 24І сказаў ім: «Гэта Кроў Мая новага запавету, якая за многіх праліваецца. 25Сапраўды кажу вам, што ўжо не буду піць ад плоду вінаграднай лазы да таго дня, калі буду піць яго новым у Валадарстве Божым».

26І, праспяваўшы гімн, яны пайшлі на Аліўную гару. 27І сказаў ім Езус: «Усе вы зняверыцеся, бо напісана: “Удару пастыра, і рассеюцца авечкі”.

28Але пасля ўваскрасення Майго Я апярэджу вас у Галілеі». 29Пётр сказаў Яму: «Калі ўсе і зняверацца, але толькі не я». 30Адказаў яму Езус: «Сапраўды кажу табе, што ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». 31Але ён яшчэ настойлівей казаў: «Калі б трэба было памерці разам з Табою, не адракуся ад Цябе». Тое самае казалі і ўсе.

32Калі яны прыйшлі ў месца, якое называлася Гетсэманія, Езус сказаў вучням сваім: «Сядзьце тут, пакуль Я памалюся». 33І ўзяў з сабою Пятра, Якуба і Яна; і ахапіў Яго страх і трывога. 34І сказаў ім: «Засмучана душа Мая аж да смерці; застаньцеся тут і чувайце». 35І, адышоўшы крыху ўперад, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна; 36і казаў: «Абба, Ойча! Ты ўсё можаш. Адхілі ад Мяне гэты келіх; але не чаго Я хачу, а чаго Ты». 37Калі вярнуўся і знайшоў іх спячымі, сказаў Пятру: «Сымоне, спіш? Ты не мог чуваць адной гадзіны? 38Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе. Сапраўды, дух ахвочы, але цела слабое». 39І зноў, адышоўшы, маліўся тымі ж словамі. 40Вярнуўшыся, зноў знайшоў іх спячымі, бо вочы ў іх былі стомленыя; і не ведалі яны, што Яму адказаць. 41І прыйшоў Ён трэці раз, і сказаў ім: «Усё яшчэ спіце і адпачываеце? Досыць, настала гадзіна: вось выдаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікаў. 42Устаньце, пойдзем, вось наблізіўся мой здраднік».

43І адразу, калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім мноства людзей з мячамі і кіямі ад першасвятароў, кніжнікаў і старэйшын. 44А той, хто выдаў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, той і ёсць; схапіце Яго і вядзіце асцярожна». 45І, прыйшоўшы, адразу падышоў да Езуса і сказаў: «Раббі!» І пацалаваў Яго. 46А яны ўсклалі на Яго рукі свае і схапілі Яго. 47Адзін жа з тых, хто стаяў побач, дастаўшы меч, ударыў слугу першасвятара і адсек яму вуха. 48Адказваючы, Езус сказаў ім: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі, каб схапіць Мяне. 49Кожны дзень Я быў з вамі ў святыні і навучаў, і вы не схапілі Мяне. Але, каб збыліся Пісанні». 50І усе, пакінуўшы Яго, паўцякалі. 51Адзін юнак, накінуўшы палатно на голае цела, ішоў следам за Ім; і схапілі яго. 52А ён, пакінуўшы палатно, голы ўцёк ад іх.

53І завялі Езуса да першасвятара, у якога сабраліся ўсе першасвятары, старэйшыны і кніжнікі. 54А Пётр зводдаль ішоў следам за Ім аж у сярэдзіну, на дзядзінец першасвятара; і сядзеў са слугамі, і грэўся каля агню. 55А першасвятары і ўвесь Сінэдрыён шукалі супраць Езуса сведчання, каб забіць Яго, і не знаходзілі. 56Бо многія давалі ілжывыя сведчанні супраць Яго, але сведчанні не супадалі. 57А некаторыя, устаўшы, сведчылі супраць Яго ілжыва, кажучы: 58«Мы чулі, як Ён казаў: “Я зруйную гэтую рукатворную святыню і за тры дні адбудую іншую, нерукатворную”» 59Але і так сведчанне іхняе не супадала. 60Тады стаў першасвятар пасярэдзіне і спытаўся ў Езуса, кажучы: «Нічога не адказваеш на тое, што яны супраць Цябе сведчаць?» 61Але Ён маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасвятар пытаўся ў Яго і казаў Яму: «Ці Ты Хрыстус, Сын Благаслаўлёнага?» 62Езус сказаў: «Я. І вы ўбачыце Сына Чалавечага, які сядзіць праваруч Усемагутнага і ідзе на аблоках нябесных».

63Першасвятар жа разадраў адзенне сваё і сказаў: «Навошта яшчэ нам сведкі? 64Вы чулі блюзнерства. Як вам здаецца?» І яны ўсе прызналі Яго вартым смерці.

65Некаторыя пачалі пляваць на Яго і закрываць Яму твар, і біць Яго, і казаць Яму: «Прароч». Таксама слугі білі Яго па твары.

66Калі Пётр быў унізе на дзядзінцы, прыйшла адна служанка першасвятара 67і, убачыўшы Пятра, які грэўся, прыгледзелася да яго і сказала: «І ты быў з Езусам Назаранінам!» 68Але ён адрокся, сказаўшы: «Не ведаю і не разумею, што ты кажаш!» І выйшаў адтуль на пярэдні дзядзінец. І заспяваў певень. 69Служанка, зноў убачыўшы яго, пачала казаць тым, хто стаяў побач: «Гэты з іх!» 70Ён жа зноў адрокся. Крыху пазней тыя, хто стаяў тут, зноў пачалі гаварыць Пятру: «Сапраўды, ты з іх, бо ты галілеянін». 71Ён жа пачаў клясціся і прысягаць: «Не ведаю гэтага Чалавека, пра якога гаворыце!» 72І адразу другі раз заспяваў певень. І ўзгадаў Пётр слова, сказанае яму Езусам: «Перш чым двойчы заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». І заплакаў.

 

15 (1-47)

1З самай раніцы першасвятары са старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь Сінэдрыён зрабілі нараду і, звязаўшы Езуса, павялі і аддалі Пілату. 2Пілат спытаўся ў Яго: «Ты Кароль Юдэйскі?» Ён жа сказаў яму ў адказ: «Ты кажаш». 3І абвінавачвалі Яго першасвятары ў многім. 4Пілат жа зноў спытаўся ў Яго: «Ты нічога не адказваеш? Паглядзі, колькі сведчыць супраць Цябе». 5Езус нічога больш не адказваў, таму дзівіўся Пілат.

6На свята ён адпускаў ім аднаго вязня, якога прасілі. 7Быў жа нейкі Бараба, зняволены са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства. 8І, падышоўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што ён заўсёды рабіў ім. 9Пілат жа сказаў ім у адказ: «Хочаце, адпушчу вам Караля Юдэйскага?» 10Бо ведаў, што першасвятары выдалі Яго ад зайздрасці. 11Але першасвятары падбухторылі народ, каб лепш адпусціў ім Барабу. 12Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: «Што хочаце, каб я зрабіў з тым, каго вы называеце Каралём Юдэйскім?» 13Яны закрычалі зноў: «Укрыжуй Яго!» 14Пілат сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней закрычалі: «Укрыжуй Яго!» 15Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.

16Жаўнеры адвялі Яго ў сярэдзіну дзядзінца, гэта значыць, у прэторыю, і сабралі цэлую кагорту. 17Апранулі Яго ў пурпур і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго. 18І пачалі вітаць Яго: «Вітай, кароль Юдэйскі!» 19І білі Яго па галаве трысцінай, і плявалі на Яго, і, згінаючы калені, кланяліся Яму. 20А калі насмяяліся з Яго, знялі пэрпур і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі Яго, каб укрыжаваць.

21І прымусілі нейкага Сымона Кірынэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля, несці Ягоны крыж. 22І прывялі Езуса на месца званае Галгота, што азначае: «Месца Чэрапа». 23І давалі Яму піць віно са смірнаю, але Ён не ўзяў.

24Калі ўкрыжавалі Яго, падзялілі вопратку Ягоную, кідаючы лёсы, каму што ўзяць. 25Была ж трэцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго. 26І быў надпіс з віной Ягонай: «Кароль Юдэйскі». 27Разам з Ім укрыжавалі двух злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку ад Яго. (28)

29Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй! Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, 30уратуй сябе самога, сышоўшы з крыжа!» 31Падобна і першасвятары з кніжнікамі, насміхаючыся, казалі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. 32Хрыстус, Кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». І тыя, хто быў укрыжаваны разам з Ім, зневажалі Яго.

33Калі надышла шостая гадзіна, цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай. 34А каля дзевятай гадзіны ўсклікнуў Езус моцным голасам: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» 35Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён кліча Іллю». 36А адзін пабег, намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго, кажучы: «Чакайце, пабачым, ці прыйдзе Ілля зняць Яго». 37Езус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, сканаў.

38І заслона ў святыні разарвалася надвое ад верху да нізу.

39Сотнік, які стаяў насупраць Яго, сказаў, убачыўшы як Ён канаў: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым».

40Былі і жанчыны, якія глядзелі здалёк. Сярод іх была і Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба малодшага і Юзафа, і Саламея, якія тады, 41калі Ён быў у Галілеі, спадарожнічалі і служылі Яму, і многія іншыя, якія разам з Ім прыйшлі ў Ерузалем.

42Калі звечарэла, і паколькі была пятніца, гэта значыць пярэдадзень шабату, 43прыйшоў Юзаф з Арыматэі, дастойны дарадчык, які і сам чакаў Валадарства Божага, і адважыўся ўвайсці да Пілата, каб прасіць цела Езуса. 44Пілат здзівіўся, што Ён ужо памёр, і, паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці даўно сканаў. 45І даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Юзафу. 46Ён, купіўшы палатно і зняўшы цела, захінуў у палатно і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале, і прываліў камень да яе ўваходу. 47А Марыя Магдалена і Марыя Юзафа глядзелі, дзе Яго паклалі.

 

16 (1-20)

1Калі мінуў шабат, Марыя Магдалена і Марыя Якубава, і Саламея купілі духмянасцяў, каб пайсці і намасціць Езуса. 2І вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыйшлі да магілы, калі ўзышло сонца, 3і гаварылі між сабою: «Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?» 4І паглядзеўшы, убачылі, што камень адсунуты, а быў ён вельмі вялікі. 5І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку і быў апрануты ў белае адзенне, і вельмі спалохаліся. 6А ён сказаў ім: «Не бойцеся! Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага. Ён уваскрос, Яго тут няма; вось месца, дзе паклалі Яго. 7Але ідзіце, скажыце вучням Ягоным і Пятру: “Ён апярэдзіць вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце, як Ён сказаў вам”». 8Яны выйшлі і пабеглі ад магілы, бо ахапіў іх страх і здзіўленне. Нікому таксама нічога не расказалі, бо баяліся.

9Калі Езус уваскрос раніцай у першы дзень тыдня, Ён з’явіўся найперш Марыі Магдалене, з якой Ён выгнаў сем злых духаў. 10Яна пайшла і расказала тым, хто быў з Ім, якія смуткавалі і плакалі. 11А яны, хоць і пачулі, што Ён жывы і што яна Яго бачыла, не паверылі. 12Пасля гэтага Езус з’явіўся ў іншай постаці двум з іх, якія ішлі ў вёску. 13Тыя вярнуліся і абвясцілі астатнім, але і ім не паверылі.

14Нарэшце, з’явіўся Адзінаццаці, калі яны сядзелі за сталом, і папракаў іх за бязвер’е і жорсткасць сэрца, бо не паверылі тым, хто бачыў Яго ўваскрослага. 15І сказаў ім: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню. 16Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны. 17Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць такія знакі: у Маё імя будуць выганяць злых духаў; будуць размаўляць новымі мовамі; 18змеяў рукамі браць будуць, і, калі штосьці атрутнае вып’юць, не пашкодзіць ім. На хворых будуць ускладаць рукі і яны выздаравеюць».

19І пасля размовы з імі Пан Езус узнёсся ў неба і сеў праваруч Бога.

20А яны пайшлі і паўсюль прапаведавалі. Пан садзейнічаў ім і пацвярджаў слова знакамі, што яму спадарожнічалі.




Крыніца: catholic.by
Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Беларуская Палічка: http://knihi.com