Кніга прарока Ёны

у перакладзе а. Аляксандра Надсана, паводле тэксту службаў Вялікага тыдня, 1997.

1 Было слова Гасподняе да Ёны, сына Амітая: "Устань, ідзі ў Ніневу, горад вялікі, і кажы супраць яго, бо злачынствы яго дайшлі да Мяне". Ёна ўстаў, каб уцячы ў Тарсіс, далёка ад Госпада; прыйшоўшы ў Ёппу, знайшоў карабель, што плыў у Тарсіс, заплаціў за пераправу і сеў на яго, каб плысьці разам з імі ў Тарсіс, далёка ад твару Гасподняга. Але Госпад наслаў на мора моцны вецер, і ўзьнялася на моры вялікая бура, што, здавалася, карабель вось–вось разаб'ецца. Матросы спалохаліся, і кожны з іх пачаў клікаць свайго бога; і пачалі кідаць у мора груз з карабля, каб зрабіць яго лягчэйшым. А Ёна зышоў у самую сярэдзіну карабля, лёг і заснуў глыбокім сном. Прыйшоў да яго рулявы карабля і кажа: "Што ты сьпіш? Уставай, кліч твайго Бога, можа Ён гляне на нас ласкава, і мы ня згінем". І казалі адзін аднаму: "Хадзем, кінем жэрабя, каб даведацца, праз каго гэтае няшчасьце на нас". І кінулі жэрабя, і жэрабя ўпала на Ёну. Тады сказалі яму: "Скажы нам, з якой прычыны гэтае няшчасьце на нас. Хто ты, чым займаешся? Адкуль ідзеш? Дзе твая бацькаўшчына і з якога ты народу?". Ён адказаў ім: "Я – гэбрэй, і пакланяюся Госпаду Богу, які стварыў неба і зямлю". Людзі спалохаліся вельмі і сказалі яму: "Што ты зрабіў?". Бо ведалі гэтыя людзі, што ён уцякае ад Госпада, як сам ім прызнаўся. І спыталіся ў яго: "Што нам рабіць з табою, каб мора перастала бушаваць?". Бо мора заставалася бурным. А ён адказаў ім: "Вазьміце мяне і ўкіньце ў мора, і мора суцішыцца, бо ведаю, што праз мяне сталася гэтая вялікая бура". Але людзі гэтыя стараліся, вяслуючы, даплыць да берагу, і не маглі, бо мора не пераставала лютаваць супраць іх. Тады ўсклікнулі яны да Госпада, кажучы: "Просім Цябе, Госпадзе, не дай нам загінуць за душу гэтага чалавека, і не абцяжарвай душы нашай крывёю нявіннага, бо Ты, Госпадзе, чыніш так, як Табе падабаецца". І тады ўзялі Ёну і ўкінулі яго ў мора; і мора перастала бушаваць. І спалохаліся гэтыя людзі вельмі і прынесьлі ахвяру Госпаду, даўшы абяцаньне.

Госпад загадаў вялікай рыбіне праглынуць Ёну. І быў Ёна ў нутры рыбы тры дні і тры ночы.

2 І памаліўся Ёна Госпаду Богу свайму ў чэраве рыбы, кажучы:

"У бядзе маёй я клікаў Госпада, і Ён адгукнуўся мне;

З нутра апраметнай гукаў я, і Ты пачуў голас мой.

Ты ўкінуў мяне ў бездань, у сэрца мора, і воды атачылі мяне.

Усе воды вялікія і хвалі Твае прайшлі нада мною.

І я сказаў: Адкінуты я ад вачэй Тваіх!

А ўсё ж я зноў убачу сьвятыню Тваю.

Воды пакрылі мяне, бездань паглынула мяне, водныя травы спавілі галаву маю.

Я зышоў да асноваў гораў, засовы зямныя засталіся назаўжды за мною,

Але Ты, Госпадзе, вывядзеш душу маю з апраметнай.

Калі душа мая занемагла ўва мне, я згадаў Госпада, і малітва мая дайшла да Цябе, да месца сьвятога Твайго.

Памыляюцца тыя, што пакланяюцца марнасьцям, адхіляюцца ад ласкі Тваёй.

Я ж з голаснай падзякай прынясу ахвяру Табе, выканаю абяцанае, бо збаўленьне ў Госпада".

Госпад загадаў рыбіне, і яна выкінула Ёну на сушу.

3 І вось другі раз прамовіў Госпад да Ёны: "Устань, ідзі ў Ніневу, у горад вялікі, і кажы ім тое, што Я загадаў табе". Ёна ўстаў і пайшоў у Ніневу згодна са словам Гасподнім; а Нінева была вялікім горадам, на тры дні хады. І пачаў Ёна хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці ў адзін дзень, і казаць голасна: "Яшчэ сорак дзён, і Нінева будзе рабураная!". І паверылі жыхары Ніневы Богу, абвясьцілі пост, апрануліся ў зрэб'е, ад найбольшага да найменшага. І дайшло слова гэтае да караля Ніневы. Ён устаў з пасаду свайго, зьняў з сябе каралеўскую вопратку, апрануўся ў зрэб'е і сеў на попеле. І ад імя караля і дастойнікаў яго быў абвешчаны наступны загад: "Няхай людзі і жывёла, валы ўсе і авечкі не ядуць нічога, ня ходзяць на пашу і ня п'юць вады. Хай апрануцца ў зрэб'е – людзі і жывёла, – і хай моцна клічуць Бога, і хай кожны адвернецца ад благога шляху і ад няправеднасьці, якую чыніць рукамі сваімі. Хто ведае, магчыма Бог адпусьціцца і зьлітуецца над намі, адступіць ад палкага гневу свайго, і мы ня згінем". І Бог убачыў учынкі іх, што яны адвярнуліся ад сваіх благіх шляхоў; і зьлітаваўся Бог над імі, і няшчасьця, якое абяцаў паслаць на іх, не паслаў.

4 Ёна моцна засумаваў ад гэтага і ўгневаўся. І памаліўся ён да Госпада, кажучы: "Ці ж не казаў я гэта, Госпадзе, калі яшчэ быў у маёй краіне? Таму ж я і ўцёк у Тарсіс, бо ведаў, што Ты – Бог добры і міласэрны, доўгацярплівы і шкадуеш грэшных людзей. А цяпер, Госпадзе, вазьмі душу маю, бо лепш мне памерці, чым жыць". І сказаў Госпад: "Ці слушна гневаешся?". Ёна выйшаў з гораду і затрымаўся непадалёку на ўсход ад яго, зрабіў сабе палатку і сеў у цені, каб бачыць, што робіцца ў горадзе. А Госпад узрасьціў высокі куст, каб, узьняўшыся над галавою Ёны, даў яму цень і суняў ягоны гнеў. Ёна ўсьцешыўся вельмі з куста. Але назаўтра раніцай Бог паслаў рабака, каб падтачыць куст, і ён высах. Калі сонца ўзышло, Бог паслаў гарачы ўсходні вецер, і сонца пачало паліць галаву Ёны, так што ён зусім зьнямог і прасіў сабе сьмерці, кажучы: "Лепш мне памерці, чым жыць". І сказаў Бог Ёне: "Няўжо ж ты так засумаваў дзеля куста?". Ёна адказаў: "Вельмі засумаваў, аж да сьмерці". Тады сказаў Госпад: "Ты шкадуеш расьліну, над якой ты не працаваў, якую не гадаваў, якая ў адну ноч вырасла і ў адну ноч прапала. Ці ж Мне не пашкадаваць Ніневы, вялікага гораду, у якім больш за сто дваццаць тысяч людзей, што ня ўмеюць адрозьніваць правай рукі ад левай, і мноства жывёлаў?".




Крыніца: http://chasaslovec.info/, станам на 24-Oct-2016

Беларуская Палічка: http://knihi.com