epub
 
падключыць
слоўнікі

Кніга прарока Ёны

Пераклад: каля 1947 г., Нямеччына

Стары Запавет
  Кніга прарока Ёны
    Разьдзел 1
    Разьдзел 2
    Разьдзел 3
    Разьдзел 4


Стары Запавет

Кніга прарока Ёны

 

Разьдзел 1

1 І было слова Госпадава да Ёны, сына Амацыінавага:

2 “Устань, ідзі ў Нініву, вялікае места, і прапаведуй там, бо ліхадзействы ягоныя дайшлі да Мяне.”

3 І ўстаў Ёна, каб уцячы ад твару Госпадавага ў Тарсіс, і прыйшоў у Ёппу і знайшоў вадаплаў, што плыў у Тарсіс, заплаціў плату за перавоз і ўзышоў на яго, каб плысьці з імі ў Тарсіс ад твару Госпадавага.

4 Ды ўзьняў Госпад вецер вялікі на моры і сталася на моры вялікая бура і здавалася, што вадаплаў разаб’ецца.

5 І спалохаліся вадаплаўнікі, і пачалі клікаць кажны да свайго бога, і пачалі кідаць у мора груз з вадаплаву, каб адцяжыць яго; Ёна-ж зыйшоў у сярэдзіну вадаплаву, лёг і моцна заснуў.

6 І прыйшоў да яго старшы вадаплаву і сказаў яму: “Што ты сьпіш? Уставай, кліч да Бога твайго; можа Бог успомніць пра нас, і мы не загінем.”

7 І гаварылі адзін другому: “Хадзем, кінем лёсы, каб даведацца, за каго гэтая бяда на нас найшла.” І кінулі яны лёсы, і лёс паў на Ёну.

8 Тады сказалі яму: “Скажы нам, за каго прыйшла на нас гэтая бяда? Чым ты займаешся і адкуль ідзеш ты? Дзе твая краіна і з якога ты народу?”

9 І ён адказаў ім: “Я – гэбрэй, слаўлю Госпада Бога нябёсаў, што стварылі мора і сушу.”

10 І спалохаліся людзі вельмі, і казалі яму: “Нашто ты гэта зрабіў?” бо даведаліся гэтыя людзі., што ён уцякае ад Госпадавага твару, аб чым ён сам гаварыў ім.

11 І казалі яму: “Што зрабіць намка з табою, каб мора нам сунялося?” бо мора не пераставала хвалявацца.

12 Тады ён сказаў ім: “Вазьмеце мяне і кіньце мяне ў мора, - і мора супакоіцца вам, бо я ведаю, што дзеля мяне найшла на вас гэтая вялікая бура.”

13 Ды гэтыя людзі пачалі моцна грабці вёсламі, каб прыбіць да берагу, але не маглі, бо мора не пераставала лютаваць супроць іх.

14 Пачалі тады яны клікаць да Госпада і казаць: “Молім Цябе, Госпадзе, ня дай нам загінуць за душу чалавека гэтага, і ня ўскладай на нас крыві непавіннай; бо Ты, Госпадзе, учыніў, што было Табе да спадобы!”

15 І тады ўзялі яны Ёну і кінулі яго ў мора; і сунялося мора ў лютасьці сваёй.

16 І спалохаліся вельмі гэтыя людзі Госпада, і прынесьлі Госпаду ахвяру, і далі зарок.

 

Разьдзел 2

1 І загадаў Госпад рыбе вялікай праглынуць Ёну; і быў Ёна ў нутрох гэтай рыбы тры дні і тры ночы.

2 І маліўся Ёна Госпаду Богу свайму ў нутрох рыбы,

3 і сказаў: “Да Госпада гукаў я ў горы маім і пачуў Ён мяне; із нетраў пекла я гукаў – і Ты выслухаў голас мой.

4 Ты кінуў мяне ў глыбіні, у нетры мора, і патокі ахінулі мяне, усе воды Твае і хвалі Твае пераліваліся нада мною.

5 І я сказаў: адкінуты я ад ачэй Тваіх, а ўсёжтакі я ізноў пабачу сьвяты храм Твой.

6 Ахінулі мяне воды аж да душы маёй, бяздоньне праглынула мяне. Зеліва марское спавіло галаву маю.

7 Да падставы гораў ты зыйшоў, зямля сваімі запорамі загаціла мяне навекі; але Ты, Госпадзе, Божа мой, вывядзеш душу маю з пекла.

8 Калі абязьсілела ўва мне душа мая, я ўспомніў аб Госпадзе, і малітва мая дайшла да Цябе, да сьвятога храму Твайго.

9 Тыя, што марных і хвальшывых багоў шануюць, пакінулі Міласернага свайго,

10 і я голасам хвалы прынясу Табе ахвяру; што прырок – выканаю, бо ратунак у Госпада!”

11 І сказаў Госпад рыбе, і яна выплявала Ёну на сухазём.

 

Разьдзел 3

1 І другі раз было слова Госпадава да Ёны:

2 “Устань, ідзі ў Нініву, вялікае места і прапаведуй у ім тое, што я загадаю табе.”

3 І ўстаў Ёна і пайшоў у Нініву паводле слова Госпадавага; Нініва-ж была вялікім местам у Бога, на тры дні хады.

4 І пачаў Ёна хадзіць па месьце, колькі можна было ўвайсьці ў вадзін дзень, і прапаведываў, кажучы: “Яшчэ сорак дзён – і Нініва будзе разбураная!”

5 І паверылі нініўцы Богу: і апавясьцілі пост, і ўзьдзелі на сябе мяшкі ад найбольшага з іх да найменшага.

6 І дайшло слова гэтае да цара Нінівы, і ўстаў ён з пасаду свайго, і зьняў з сябе царскую вопратку сваю, і ахінуўся ў мяшок і сеў на попеле,

7 і загадаў апавясьціць і сказаць у Нініве ад імені цара і ягоных вяльможаў, “каб ні людзі, ні жывёла, ні валы, ні авечкі нічога ня елі, не хадзілі на пашу, ані вады ня пілі,

8 і каб пакрытыя былі мяшкамі людзі і жывёла, і моцна клікалі да Бога, і каб кажны адвярнуўся ад злога шляху свайго і ад гвалту рук сваіх.

9 Хто ведае, можа Бог яшчэ зьлітуецца і адверне ад нас палаючы гнеў Свой, і мы не загінем.”

10 І пабачыў Бог іхныя ўчынкі, што адвярнуліся яны ад ліхога шляху свайго, і пашкадаваў Бог наслаць на іх тое няшчасьце, аб якім казаў, што нашле на іх, - і наслаў.

 

Разьдзел 4

1 І абышло гэта моцна Ёну і быў ён разжалены.

2 І маліўся ён да Госпада і казаў: “О, Госпадзе, ці-ж не гаварыў я гэта, калі яшчэ быў у маім краі? Таму я і пабег у Тарсіс, бо ведаю, што Ты – Бог добры і міласерны, доўгацерпялівы і ласкавы і спагадаеш бядзе.

3 Вазьмі-ж цяпер, Госпадзе, душу маю ад мяне, бо лепш мне памерці, чымся жыць.”

4 І сказаў Госпад: “Няўжо-ж абыйшло гэта цябе гэтак моцна?”

5 І выйшаў Ёна з места, і сеў на ўсход ад места, і зрабіў там сабе буду і сеў пад ёю ў цяні, каб бачыць. Што будзе з местам.

6 І вырасьціў Госпад Бог расьліну, і паднялася яна над Ёнаю, каб над галавою ягонаю быў цень і каб супакоіць ягоны жаль; і ўсьцешыўся Ёна вельмі з гэтай расьліны.

7 І ўчыніў Бог так, што назаўтра на золаку чарвяк падтачыў расьліну і яна ссохла.

8 Калі-ж узышло сонца, паслаў Бог гарачы ўсходні вецер, і сонца пачало пячы Ёнаву галаву, такшто ён абязьсілеў і прасіў сабе сьмерці, і сказаў: “Лепш мне памерці, чымся жыць.”

9 І прамовіў Бог да Ёны: “Няўжо-ж пераняўся ты гэтак дзеля расьліны?” Ён адказаў: “Вельмі пераняўся, аж да сьмерці.”

10 Тады сказаў Госпад: “Ты шкадуеш расьліны, пад якой ты не працаваў, і якую ты не гадаваў, якая ў вадну ноч вырасла і ў вадну-ж ноч і прапала:

11 ці-ж не шкада Мне Нінівы, вялікага места, ў якім больш, як што дваццаць тысяч чалавек, што ня ўмеюць адрозьніць правай рукі ад левай, і шмат жывёлы?”



Пераклад: Вітаўт Тумаш
Тэкст падаецца паводле выдання: Книга прарока Ёны / пер. В. Тумаш. Машынапіс. б. д. [прыбл. 1945–1954], 3 с. // Архіў беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны, Лондан. Скрыня «Пераклады Бібліі»
Крыніца: http://chasaslovec.info
Падрыхтавана: Алесь Аўдзяюк