epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Ліст Беларускага народа таварышу Лукашэнку

"Вот эта настаяшчае іскуства!!!"

(А. Лукашэнка)

 

 

Дарагому таварышу Лукашэнку

шле беларускі народ

сваё сардэчнае прывітаньне

 

 

Наш любы прэзідэнт! Ды што там

лухту казаць - ты Бацька нам

і ўсім славянам, і аўкштотам,

і прусакам, і цыганам.

 

і дзікім, як іх там тунгусам,

і сябрам стэпу калмыкам -

ты б мог махатмай быць індусам

ды лепш пакуль будзь Бацькай нам,

 

а то як станеш далай-ламам

ды Бог зашле цябе ў Тыбет,

альбо прызначыць дзе імамам

рукавадзіць усім ісламам,

дык мы тут ссохнем па табе.

 

Таму ты шчыры атэісты,

прарок бяз Бога і царквы.

І як нячэсным журналістам

ня дойдзе ўсё да галавы,

 

што каб да нейкай веры схільнасьць

пачуў ты раптам і абраў

яе сваёй, дык іншых прыкрасьць

заела б, што ім Бог ня даў

 

гіганта гэтакага духу,

гіганта дум, гіганта спраў,

які натхняе Саладуху,

як Саламона Бог натхняў!

 

Але ж падзяка Філарэту,

сьвятому рускаму айцу,

што ён ня йдзе да мінарэту,

ня есьць кашэрную мацу,

 

а з праваслаўнымі сьвяткуеш

і Першамай, і ўраджай

і разам зь імі ты мацу еш,

сілкуеш верай родны край!

 

Мы ўсё жагнаемся і плачам,

як на Вялікдзень па ТВ

цябе ў царкве са сьвечкай бачым,

і воск сьцякае па табе.

 

А калі ты заплюшчыш вочы

й прыцісьнеш сьвечку да грудзей,

бліжэй да Бога быць ахвочы -

во дзе ўжо радасьць у людзей!

 

Наш абаронца, наш абранец,

Апостал наш ты Мураўёў!

Твой сьветлы вобраз не запляміць

ілжа заходніх халуёў,

 

маўляў, калгасныя прамовы,

маўляў, ня ўмееш гаварыць,

ня ведаеш ніякай мовы

і любіш кашу заварыць -

 

дык ты ж пра харчаваньне дбаеш!

Дык ты ж гаворыш, каб прасьцей!

Калі ты толькі пажадаеш,

ім не сабраць сваіх касьцей,

 

бо дастаткова табе чмыхнуць,

вусамі ледзь паварушыць,

як сьпіны іх вясёлкай выгнуць

і йначай змусяць гаварыць.

 

Ды быў адзін такі драпежнік,

здаецца, зваўся Шарамет.

І што? Схапіў яго памежнік,

дык усхадзіўся цэлы сьвет:

 

пусьціць нягодніка, шпіёна,

кантрабандыста вольных дум!

Дазволіць наш народ штодзённа

ўвадзіць у іхні гэты тлум!

 

Хіба здурэлі? Дзе ж мы пусьцім!

Хай прызнаецца, паразіт,

чаго цягаецца па пушчах,

чым нас імкнецца заразіць?

 

Там і салдат прайсьці баіцца!

Напэўна ж, хтось яго заслаў,

каб увесь сьвет мог падзівіцца

надзейнасьці тваіх застаў.

 

Дык у вастрог яго, злачынцу!

Хай ведае! Няма чаго!

Ды д'ябал дапамог злучыцца

ўсім гадам супраць аднаго.

 

Ну, адпусьцілі. Але гэтым

яны нас не перамаглі.

Ты ўсё адно над цэлым сьветам

будзеш начальнікам Зямлі.

 

Дай толькі час, няхай прачнецца

ў славянах да цябе любоў!

Тады ўжо ім усім пачнецца!

Тады ўжо паядуць грыбоў,

 

што вырашчаны чыстай зонай!

Дый ты бяз гэтага ўладар

Русі Вялікай, Белай, Чорнай

і Малай мала што ня цар.

 

Бярэ за сэрца нават крыўда,

што так усе супраць цябе!

Ты паяднаў нас непарыўна

ў агульнай нашай барацьбе

 

за роўнасьць, еднасьць і братэрства,

за розум, гонар і г.д.,

а нешматлікіх рух пратэста -

яго ж і не чуваць нідзе.

 

Гэта заходнія ўсё міты,

і ці табе на іх зважаць?

Твае хлапцы на кожны мітынг

выходзяць, як на сенажаць,

 

шыхты шчытамі зьзяюць гожа,

і дзецюкі - як на падбор,

вяскоўцы з-пад Дзьвіны і Сожа,

і зь імі дзядзька іх маёр,

грамадзкай мужнасьці ўзор.

 

Іх цалкам незьлічона тысяч,

ды калі розум іх сабраць

у тваю жменю, кожны зьлічыць,

што іх з табой не параўнаць -

 

ты разумнейшы ўсіх іх разам,

бо ўсіх трымаеш за каўнер:

калі які паўстане блазан,

дык болей ён і не жаўнер.

 

Няма найверагодней сродка,

каб здраднік боравам зароў,

чым выключэньне з асяродка

тваіх за праўду ваяроў.

 

А вось прапанаваць пасаду -

шлях набыцьця сабе сяброў.

Паслаць хаця б у амбасаду

якіх Японскіх астравоў,

 

каб нечапальнымі захоўваць

шляхі наганаўскіх прыгод.

Як голас твой тады прыкоўваў

да тэлевізараў народ!

 

Як Беларусь уся сачыла,

не затыкаючы вушэй,

як ты сачыў сваймі вачыма

за шайбаю, каб між вачэй

 

яна ня трапіла зьнянацку.

Пакуль хлапцы мясілі лёд,

японскай тамагучы-цацкай

ты сам сабе ўяўляў народ

 

і думаў, дзе там што націснуць,

каб супакоіць страўнік наш,

каб раптам не падумаў піскнуць

ці "Луч", ці "МАЗ", ці "Гомсяльмаш".

 

Тым часам, як Вялікі Кормчы,

ты нашу зборную павёў

на тых, зь якімі неаднойчы

мы біліся - на маскалёў.

 

Суняўшы ў сэрцы гнеў цунамі,

падказваў ты тактычны ход:

"Хлапцы! Ці не Масква за намі?

Наперад! Да сваіх варот!

 

Хучэй!" - і хлопцы адчувалі:

за імі бы загранатрад.

І з годным лікам прайгравалі,

каб толькі ты застаўся рад.

 

А потым ты ім рукі ціснуў,

пагоны новыя ўручаў

і новым жартам сваім бліснуў:

"Ды я зусім ня вам крычаў.

 

Там, дзе ляжыць Далёкі Захад,

там, хлопцы, наша Беларусь,

і наш народ чакае з жахам,

калі нарэшце я вярнусь,

 

дык я, для іх падаўшы голас,

іх супакоіў і дадаў, што мой

галоўны доўгі волас

тут з галавы маёй ня ўпаў".

 

Падзяка за вялікі клопат,

і што ня грэбуеш людзьмі,

бо мы ж табе ўчыняем допыт

штовечара пасьля васьмі.

 

Цябе так проста дагукацца,

калі той яшчык ні ўключы -

у ім ты мусіш паказацца,

каб тых у змове ўлічыць,

 

а гэтым пытля даць, а рэшту

запляміць ворашамі ў твар,

альбо адразу - да арэшту:

на тое ж ты і гаспадар!

 

Табе хапае памагатых,

паплечнікаў у барацьбе,

на словы трапныя багатых -

калі губляюцца ў цябе

 

ідэя ў шале красамоўства

сярод бясконцасьці ідэй,

памылку выправіць Зімоўскі -

ідэлягічны карыфей,

наш мілы хатні катафей.

 

А птушаня тваё ліхое,

Янчэўскі! Сам дык маладзён,

а сэрца цьвёрдае якое!

Адразу правадыр відзён.

 

Яго героі-патрыёты -

апірышча тваіх надзей.

І не сказаць каб ідыёты -

яны з дасьведчаных людзей.

 

А наш філёзаф Антановіч!

Ён ім пакажа Кран-Паркан!

Калі ты толькі пастановіш -

ён іх адразу ў Магадан,

 

а то яны ў Драздах заселі

й гняздо гадзючае зьвілі!

Каб уцячы ўсе не пасьпелі,

ваду б са Сьвіслачы пілі!

 

Наш Шэйман лепшы па інсэктам,

знаўца ў прыватнасьці жучкоў,

бясьпекі нашае інспектар -

даў бой апазыцыйным сэктам,

адолеў, быццам хлапчукоў.

 

А Замяталін - голас Божы,

бізун усіх дзяцей ілжы,

ён іх паскудны дух варожы

чуе ад самае мяжы.

 

Ды ўсё пра іх і не раскажаш,

такое можаш толькі ты,

калі між іншым ім заўважыш,

што ўсе, па сутнасьці, скаты,

 

усе, мярзотнікі, лайдачаць,

а зробяць - дык абы-абы!

І пад рукой тваёй гарачай

пачнуць тады трашчаць чубы:

 

і ў тэлевізар глянуць сорам,

а ім - у камеру зірнуць!

Яны маўчаць магутным хорам,

што змог адзін саліст заткнуць,

 

і ўсе цнатліва чырванеюць,

клянуцца выправіцца зноў,

хоць ад сталоў узьняць ня сьмеюць

у плечы ўціснутых галоў,

 

а то як секанеш далоньню -

ці ты ў японцаў быў дарма -

канец вясельнаму застольлю,

у момант галавы няма.

 

Ты ў шале - як Іван Жахлівы,

нікому спуску не даеш,

і нават сына, справядлівы,

як што - на фронт заходні шлеш.

 

А як інакш? Калі ўжо шчыра,

за ўсё адказны ты адзін!

І ўжо які тут адпачынак,

калі ты й Джын, і Аладзін?

 

Ці мы цябе не разумеем!

Мы ж ведаем, як цяжка быць

усім - дажджом і сухавеем,

ды яшчэ жэншчын не забыць,

 

ды ў тэніс раз-другі змалоцца,

каб усе бачылі, які

ты спаўны ў нас паўсюль малойца

цяжкой і лёгкае вагі,

зь любой рукі, зь любой нагі.

 

А як зьбіраць ты бульбу майстра!

У позе любаснай стаймя,

з прастой, ледзь не жабрачай кайстрай

сваё бароніш ты імя

 

ад здрадніцкіх заходаў ззаду,

што прадпрымае Ціцянкоў.

Адной рукой дасі ты рады

ўсёй гэтай хеўры пацукоў,

 

што ліжуць гумавыя боты -

стаіш ты цьвёрда на зямлі,

усклаўшы на сябе турботы,

што не ўскладалі й каралі,

 

постацьцю ўзносісься ў аблокі

як прыжыцьцёвы манумэнт -

такі і блізкі, і далёкі

ў сваіх засягах прэзыдэнт.

 

Пагляд упэўнены і пільны

глядзіць без зайздрасьці ўгару,

дзе гусі прэч лятуць з айчыны -

так недасяжна сэксапільны

 

манах-пустыньнік у міру,

сапраўдны сэксуальны волат,

як высьвятляецца з газэт.

Баб кідае то ў жар, то ў холад,

калі гаворыць прэзыдэнт.

 

Яны ад жарсьці проста млеюць

і самі скідваюць майткі.

Ды што там бабы чырванеюць!

Бывае нават мужыкі.

 

Ды дзе ж тут будзе нараджальнасьць,

калі ты ў спрэчках з галавой!

Такая возьме мілажальнасьць,

што гэты абавязак твой,

 

хаця б адзін, ды самі справім.

А то глядзіш, усё табе!

Мы шмат якім умеем справам,

мы мужыкі нішто сабе,

 

дый каб хоць частку сваёй сілы

і ўладаў ты нам даручыў,

мы б дапамогу не прасілі,

ты ўжо нас добра навучыў,

 

як трэба кіраваць дзяржавай.

А так нам працы і няма,

стаіць бо тэхніка іржавай,

а ўжо наперадзе зіма -

 

ды ты даруй, што мы аб марным,

што йдзем, як здасца каму - уніз,

але, як ты, усе мы марым,

калі ўжо прыйдзе камунізм.

 

Мы сумнявацца баімося,

дый развучыліся з табой.

Як добра б кожнаму жылося

з тваёй бліскучай галавой

замест дзіравае сваёй!

 

Мы верым у саюз з Расеяй,

мы зьнішчым ворагаў ушчэнт,

мы ўсё пажнём, што ты пасеяў,

бо ты народны прэзыдэнт!

 

Склікай чарговы рэфэрэндум!

Хай будзе сьвята кожны год!

Агульнай згодай папярэдзім

крыжовы натаўскі паход!

 

Нічога з намі ў іх ня выйдзе -

ня страшны вораг грамадзе!

А хто зь мячом, як кажуць, прыйдзе,

дык лепш няхай дамоў ідзе.

 

Улады іншай не патрэбна!

Наш Ной, вядзі наш карабель!

Для нас ты золата, і срэбра,

што наш падтрымваюць рубель.

 

Ты нам як першае каханьне,

бо ты наш першы кіраўнік -

яно ніколі не зьнікае,

нават калі каханы зьнік.

 

І ты не які не "звычайны",

звычайных гэтых цэлы стос -

ты паўнамоцны надзвычайны

і ўпаўнаважаны Хрыстос,

якога бусел нам прынёс.

 

Хай захлынуцца пустамелі

з усіх варожых нам дзяржаў.

Ці мы калі свабоду мелі,

каб ты яе ў нас адымаў?

 

Мы супраць злосных хуліганаў -

Шыдлоўскі й той яго сябрук

сваёю творчасьцю паганай

і мур спаскудзілі, і друк.

 

Цяпер хай гэтых двух рублёвых

перавыхоўвае астрог.

Паменьш паперак ім рублёвых!

Больш афіцыйных засьцярог!

 

Бо разышліся дэмакраты!

Абы з-за глупства гвалт узьняць!

Дарма закрылі Курапаты!

Хай паспрабуюць цераз краты

сваё гэройства паказаць!

 

Фашысцкі іхні сьцяг на сьметнік!

Чым горшы ўласны наш сьцяжок?

А гэрб у нас дык чыста кветнік,

дум тваіх цэзарскіх вянок.

 

Сам Аляксандар Македонскі

ў труне варочаецца, бо

табе зайздросьціць ён па-конскі,

што абскакаў ты і яго.

 

З табой цягацца немагчыма

ў катэгорыі адной.

Народ наш за тваймі плячыма -

як за Бэрлінскаю сьцяной.

 

Няхай там брэшуць, што мы балты!

Галоўнае - у пэўны час,

каб нас усіх не занядбаў ты

і не пакінуў раптам нас.

 

А да таго мы датрываем -

мы разам кінемся, нагбом,

цябе на шляху падтрымаем

туды, дзе наш агульны дом.

 

Ты толькі не здавай пазыцый,

не дазваляй на нэрвах граць,

а мы як што табе пазычым,

хто колькі можа назьбіраць,

 

бо шлях далёкі, шлях складаны

да мэт тваіх - на ўсход, на ўсход!

А мы зьбірайма чамаданы

на сход, на ўсеагульны сход,

 

каб перадаць табе на словах

"дзякуй" і гэты вось зварот.

На жаль, з табе вядомых моваў

не разумее наш народ

 

ніводнай, дык мы рызыкнулі

пісаць, як пісарчук умеў.

Ня ведаем ці дасягнулі

таго, што ты пачуць хацеў -

ну што ж, абы ты зразумеў.

 


1999-2005?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая