epub
 
падключыць
слоўнікі

Малебен з акафістам Прападобнай Еўфрасінні Полацкай

Дыякан: Благаславі́, улады́ка.

Іерэй: Благаславёны Бог наш заўжды́, цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў.

Людзі: Амі́нь.

Іерэй: Сла́ва Табе́, Божа наш, сла́ва Табе́.

Людзі: Цару́ Нябе́сны,/ Уцяшы́целю, Ду́ху і́сціны,/ Ты ўсю́ды прысу́тны і ўсё напаўня́еш,/ Ска́рбніца дабра́ і жыцця́ Пада́целю,/ прыйдзі́ і ўсялі́ся ў нас / і ачы́сці нас ад уся́кай нечыстаты́,/ і спасі, До́бры, ду́шы на́шы.

Дыякан: Бог ёсць Гаспо́дзь і Ён яві́ўся нам. Благаславёны, Хто прыхо́дзіць у імя́ Гаспо́дняе.

Верш 1: Праслаўля́йце Го́спада, бо Ён до́бры, бо наве́кі мі́ласць Яго.

Верш 2: Абступі́лі мяне́ і атачы́лі мяне́; але і́мем Го́спада я абарані́ўся ад іх.

Верш 3: Не памру́, але жывы́ бу́ду і бу́ду абвяшча́ць спра́вы Го́спада.

Верш 4: Ка́мень, які адкі́нулі будаўнікі́, той са́мы стаў галаво́ю вугла́: ад Го́спада ста́лася гэ́та, і яно́ дзі́ўнае ў вача́х на́шых.

Трапар, глас 4

Удзя́чны мы, недасто́йныя рабы́ Твае́, Го́спадзі,/ за Твае́ вялі́кія дабрадзе́янні, ўчы́неныя нам. / Сла́вячы, Цябе́ хва́лім, благаслаўля́ем, дзя́куем, апява́ем і веліча́ем Тваю́ міласэ́рнасць/ і з ра́бскай любо́ўю ўскліка́ем да Цябе́: / Дабрадзе́ю Спа́се наш, сла́ва Табе́.

 

Трапар прп. Еўфрасінні, глас 4

Па пры́кладу дванаццацігадо́вага Хрыста́, / Які́ вучы́ў у хра́ме Бо́жаму сло́ву, / зрабі́ла ты, дванаццацігадо́вая Еўфрасі́ння, сла́ву часо́вую і зямно́га жаніха́ пакі́нуўшы,/ і ўсім мірскі́м пагарджа́ючы, прыгажэ́йшаму за ўсіх Хрысту́ сябе́ ўняве́сціла ты; / крыж узя́ўшы, шля́хам а́нгельскага жыцця́ ідучы́ і мно́гіх да Яго звярта́ючы, / у духмя́насці мі́ра ў нябе́сны хо́рам узышла́ ты; / там малі́ Таго́, Яко́га ўзлюбі́ла ты, за шану́ючых пабо́жна па́мяць тваю́.

Сла́ва Айцу, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Кандак, глас 6

Засту́пніца хрысція́н Беззага́нная,/ Хада́йніца да Тварца́ незаме́нная,/ не пагарджа́й го́ласам мале́ння грэ́шнікаў,/ але́ як до́брая паспяшы́ на дапамо́гу нам,/ што з ве́раю ўскліка́ем Табе́:/ паспяшы́ на хада́йніцтва і ху́тка адкажы́ на мале́нне, Багаро́дзіца,/ заўсёды заступа́ючыся за тых,/ хто шану́е Цябе́.

Запевы

Іерэй: Сла́ва Табе́ Бо́жа наш, сла́ва Табе́.

Людзі: Сла́ва Табе́ Бо́жа наш, сла́ва Табе́.

Іерэй: Прасвята́я Багаро́дзіца, спасі́ нас.

Людзі: Прасвята́я Багаро́дзіца, спасі́ нас.

Іерэй: Прападо́бная ма́ці на́ша Еўфрасі́ння, малі́ Бо́га за нас.

Людзі: Прападо́бная ма́ці на́ша Еўфрасі́ння, малі́ Бо́га за нас.

Іерэй: Усе святы́я зямлі́ Белару́скае, малі́це Бо́га за нас.

Людзі: Усе святы́я зямлі́ Белару́скае, малі́це Бо́га за нас.

Іерэй: Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Людзі: І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Збаў ад бед рабо́ў Тваі́х, Мнагамі́ласцівы, / бо мы шчы́ра да Цябе́ звярта́емся, / Мі́ласцівага Спасі́целя ўсіх і Уладара́ Го́спада Іісу́са.

Спасі́ ад бед рабо́ў Тваі́х, Багаро́дзіца, / бо ўсе па Бо́гу да Цябе́ звярта́емся, / як да непару́шнай сцяны́ і Засту́пніцы.

Зірні́ з міласэ́рнасцю, Усяпе́тая Багаро́дзіца, / на маё лю́тае азлабле́нне цяле́снае, / і ацалі́ не́мач душы́ маёй.

Малі́це Бо́га за нас, прападо́бная ма́ці на́ша Еўфрасі́ння, усе святы́я зямлі́ Белару́скае, бо мы шчы́ра да вас звярта́емся, / дба́йных памо́чнікаў і малі́твеннікаў пра ду́шы на́шы.

Малая екцення

Дыякан: Яшчэ́ і яшчэ́ ў мі́ры Го́спаду памо́лімся.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй.

Дыякан: Заступі́, спасі́, памі́луй і захава́й нас, Бо́жа, Тваёю благада́ццю.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй.

Дыякан: Прасвяту́ю, Прачы́стую, Найблагаславе́ннейшую, Сла́ўную Улады́чыцу на́шу Багаро́дзіцу і Вечнадзе́ву Мары́ю, з усімі святы́мі памяну́ўшы, са́мі сябе́, і адзі́н аднаго́, і ўсё жыццё на́ша Хрысту́ Бо́гу аддадзі́м.

Людзі: Табе́, Го́спадзі.

Іерэй: Бо Тваё ўлада́нне і Тваё ёсць Ца́рства, і сі́ла, і сла́ва, Айца́, і Сы́на, і Свято́га Ду́ха, цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў.

Людзі: Амі́нь.

(Спяваецца акафіст).

Дыякан: Бу́дзем ува́жлівымі!

Чытач: Пракімен, глас 4.

Пракімен: Дзі́ўны Бог у святы́х Сваі́х, Бог Ізра́ілеў.

Верш: У цэ́рквах благаслаўля́йце Бо́га Го́спада, вы — з се́мені Ізра́ілева.

Іерэй: Го́спаду памо́лімся.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй.

Іерэй: Бо Ты Святы́, Бо́жа наш, і ў святы́х спачыва́еш, і Табе́ сла́ву ўзно́сім Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў.

Людзі: Амі́нь.

Дыякан: Уся́кае дыха́нне няха́й хва́ліць Го́спада.

Верш: Хвалі́це Го́спада з нябёс, хвалі́це Яго́ ў вы́шніх.

Іерэй: Каб спадо́біцца нам вы́слухаць Свято́е Ева́нгелле, Го́спада Бо́га мо́лім.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй. (Тройчы).

Дыякан: Праму́драсць! Ста́ньце пра́ма! Вы́слухаем Свято́е Ева́нгелле!

Іерэй: Мір усі́м.

Людзі: І ду́ху твайму́.

Дыякан: Паво́дле Матфе́я (Ма́рка, Лукі́, Іаа́на) Свято́га Ева́нгелля чыта́нне.

Людзі: Сла́ва Табе́, Го́спадзі, сла́ва Табе́.

Дыякан: Бу́дзем ува́жлівымі!

(Іерэй чытае Евангелле).

Людзі: Сла́ва Табе́, Го́спадзі, сла́ва Табе́.

Пасля Евангелля:

Не ма́ем і́ншай дапамо́гі, / не ма́ем і́ншай надзе́і,/ акрамя́ Цябе́, Улады́чыца, / Ты нам памажы́, / на Цябе́ спадзяёмся, / і Табо́ю хва́лімся, / бо мы Твае́ рабы́, няха́й не бу́дзем пасаро́мленыя.

Сугубая екцення

Дыякан: Памі́луй нас, Бо́жа, па вялі́кай мі́ласці Тваёй, мо́лімся Табе́, вы́слухай нас і памі́луй.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй. (Тройчы).

Дыякан: Яшчэ́ мо́лімся за вялі́кага Спадара́ і Айца́ на́шага Свяце́йшага Патрыя́рха Кірыла і за Экза́рха яго́ Спадара́ на́шага Высокапраасвяшчэ́ннейшага Мітрапалі́та Філарэ́та і за ўсю ў Хрысце́ бра́цію на́шу.

Яшчэ́ мо́лімся за Бо́гам сцеражо́ную краі́ну на́шу, ула́ды і во́інства яе, каб нам ве́сці ці́хае і спако́йнае жыццё з усёй набо́жнасцю і го́днасцю.

Яшчэ́ мо́лімся за ба́цькаўшчыну на́шу Белару́сь, за белару́скі наро́д, за брато́ў і сясцёр на́шых, што пацярпе́лі і дале́й це́рпяць хваро́бы ды і́ншыя бе́ды ад чарно́быльскай радыя́цыі, і за тых, што па ўсім све́це раскі́даныя, за спасла́нне спасе́ння і спако́ю ўсі́м.

Яшчэ́ мо́лімся аб мі́ласці, жыцці́, спако́і, здаро́ўі, спасе́нні, Бо́жым наве́данні, прабачэ́нні і адпушчэ́нні грахо́ў раба́м Бо́жым, бра́ціі свято́га гэ́тага хра́ма.

Яшчэ́ мо́лімся Табе́, Го́спаду Бо́гу на́шаму, пачу́й го́лас мале́ння на́шага і малі́тву і памі́луй рабо́ў Тваі́х: (імёны), благада́ццю і шчо́драсцямі Тваі́мі, і задаво́ль усе́ прашэ́нні іх і праба́ч ім усе́ праві́ны во́льныя і міжво́льныя; няха́й до́бра буду́ць прыня́тыя малі́твы і мі́ласціны іх пе́рад прасто́лам Улада́рства Твайго́, і абарані́ іх ад во́рагаў ба́чных і няба́чных, ад усяля́кай напа́сці, бяды́ і го́расці, і хваро́б збаў і пада́й здаро́ўе з даўгале́ццем, ска́жам усе́: Го́спадзі, вы́слухай і памі́луй.

Яшчэ́ мо́лімся за ахвярада́ўцаў і дабрачы́нцаў у святы́м і ўсячэ́сным хра́ме гэ́тым, за тых, што тут спява́юць, працаўніко́ў і за ўсіх прысу́тных тут людзе́й, якія чака́юць ад Цябе́ вялі́кае і бага́тае мі́ласці.

Іерэй: Пачу́й нас Бо́жа, Спасі́целю наш, надзе́я ўсіх канцо́ў зямлі і тых, што ў мо́ры далёка; і мі́ласцівы, мі́ласцівы будзь, Уладару́, да грахо́ў на́шых і памі́луй нас. Бо Ты мі́ласцівы і чалавекалю́бны Бог і Табе́ сла́ву ўзно́сім – Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў.

Людзі: Амі́нь.

Дыякан: Го́спаду памо́лімся.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй.

Малітва за Беларускі народ

Іерэй: Уладару́ не́ба і зямлі́, прадве́чны Бо́жа! Ты ўвесь свет ствары́ў і Ду́хам Святы́м усё прасвятля́еш, ажыўля́еш і мацу́еш. А людскі́ род так узлюбі́ў, што Сы́на Свайго́ Адзінаро́днага на зямлю́ пасла́ў, каб усе, хто ўве́раваў у Яго́, ста́лі дзе́цьмі Тваімі, удзе́льнікамі Нябе́снага Твайго́ Ца́рства.

Мы, дзе́ці Белару́скага наро́да ў шчы́рай пако́ры про́сім Цябе́, дару́й нам свядо́мыя і несвядо́мыя праві́ны на́шы, пашлі́ нам дар хрысція́нскай разва́жлівасці, змірэ́ння, ба́чання грахо́ў сваіх, засцеражы́ нас ад усяля́кіх спаку́саў. Умацу́й Святы́м Ду́хам Тваі́м брато́ў і сясцёр на́шых, прывядзі́ нас да е́днасці, зго́ды і паразуме́ння. Благаславі́ на́шу пра́цу, каб у хрысція́нскай любо́ві служы́лі мы блі́жнім сваім, тым да́рам, які ко́жны ад Цябе атрыма́ў.

Асвятлі́ наш ро́зум святло́м Ева́нгелля Твайго́, каб хадзі́лі мы ў святле́ ве́дання Ісціннага Бога, і Табе́, спрадве́чнаму Уладару́ і Бо́гу на́шаму, у Свято́й Тро́іцы адзі́наму, ве́рнасць, падзя́ку, любо́ў і сла́ву ўзно́сілі Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў.

Людзі: Амі́нь.

Дыякан: Праму́драсць.

Іерэй: Прасвята́я Багаро́дзіца, спасі́ нас.

Людзі: Пачэ́снейшую за Херуві́маў і непараўна́льна слаўне́йшую за Серафі́маў, што непару́шанаю нарадзі́ла Бо́га Сло́ва, Ѕсную Багаро́дзіцу, Цябе́ веліча́ем.

Іерэй: Сла́ва Табе́, Хрысце́ Бо́жа, надзе́я на́ша, сла́ва Табе́.

Людзі: Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Го́спадзі, памі́луй. (Тройчы). Благаславі́.

Іерэй: Хрысто́с і́сцінны Бог наш, малі́твамі Прачы́стае Свае́ Ма́ці, сі́лаю Пачэ́снага і Жыватво́рчага Кры́жа, святы́х сла́ўных і ўсяхва́льных апо́сталаў, (святых храма), прападо́бнай ма́ці на́шай Еўфрасі́нні, ігу́менні По́лацкай, усі́х святы́х зямлі́ Белару́скай і ўсіх святы́х, няха́й памі́луе і спасе́ нас, бо Ён Добры́ і Чалавекалю́бны.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй. (Тройчы).

Велічанне

Ублажа́ем цябе́, прападо́бная ма́ці на́ша Еўфрасі́ння, / і ўшано́ўваем святу́ю па́мяць тваю́, / наста́ўніца мана́хінь і субясе́дніца А́нгелаў.

 

Акафіст прападобнай маці нашай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай
Кандак 1

Абра́ную няве́сту Хрысто́ву, лю́басную на́шу Еўфрасі́нню,/ пе́снямі, удзя́чныя, усхва́лім, / сла́ўная бо князёўна, дом бацько́ўскі пакі́нуўшы/ і ў мана́шастве слу́жачы Го́спаду, паспрыя́ла мно́гім уратава́цца; / пло́ццю ў Іерусалі́ме спачы́ўшы, у Іерусалі́м го́рні ду́хам перасялі́лася / і там заўсёды за нас мо́ліцца, за што шчы́ра яе веліча́ем: / Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Ікас 1

Па-а́нгельску жывучы́, по́сніцкім жыццём дагадзі́ла, прападо́бная, Го́спаду Іісу́су Хрысту́ і да нябе́снае ра́дасці пасля́ адыхо́ду з зямно́га жыцця́ далучы́цца ўдасто́ілася, адту́ль, з вышыні́ Нябе́снай, спрыя́еш нам, за гэта мы так цябе́ сла́вім:

Ра́дуйся, зямлі́ белару́скай хвала́;/ ра́дуйся, ато́жылак сла́ўны ро́ду Уладзі́міра роўнаапо́стальнага.

Ра́дуйся, знакамі́тых бацько́ў дзіця́ Богаабра́нае;/ ра́дуйся, галубі́ца беззага́нная.

Ра́дуйся, цно́ты ўрадлі́вая ні́ва;/ ра́дуйся, мана́хіням спрыя́нне і суцяшэ́нне.

Ра́дуйся, да Іерусалі́ма нябе́снага шляхаво́дніца;/ ра́дуйся, зо́рка набо́жнасці.

Ра́дуйся, засту́пніца тых, хто шану́е цябе́;/ ра́дуйся, няба́чная ацаля́льніца не́мачаў.

Ра́дуйся, шчы́рая за нас хада́йніца./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 2

Ра́дасць была́ вялі́кая, калі́ пасля́ твайго́ нараджэ́ння бацькі́ твае́, прыне́слі цябе́, сла́ўная, у храм Гаспо́дні, і там ад першаро́днага граху́ ў купе́лі хрышчэ́ння акуна́ннем амы́лася ты, і праз пама́занне свяшчэ́нным мі́рам цябе́, як галі́начку маладу́ю, іерэ́й прышчапі́ў да Хрыста́, каб ра́зам з абра́нымі ты заўсёды спява́ла Яму́: Алілу́ія.

Ікас 2

Ро́зумам, з Нябёсаў прасве́тленым, і чы́стым сэ́рцам Хрысту́ з юна́цтва даручы́ла ты сябе́, Прадсла́ва; храм з любо́ўю наве́двала, заўсёды працава́ла самаадда́на, за гэ́та і ўсхваля́ем цябе́:

Ра́дуйся, у купе́лі хрышчэ́ння з Хрысто́м зару́чаная;/ ра́дуйся, святы́м мі́рам на жыццё ве́чнае пама́заная.

Ра́дуйся, Ду́ха Свято́га ўмясці́лішча чы́стае;/ ра́дуйся, Ім жа ўмудро́ная да збаўле́ння.

Ра́дуйся, звыш на дабрадзе́йнасць умаца́ваная;/ ра́дуйся, ро́зум свой прасвятлі́ўшы малі́тваю.

Ра́дуйся, узвы́шаная дабрачы́ннасцю;/ ра́дуйся, з юна́цтва шлях набо́жнасці спазна́ла ты.

Ра́дуйся, якая ад шляхо́ў пагі́бельных ухілі́лася;/ ра́дуйся, працалю́бная князёўна.

Ра́дуйся, хараство́ аблі́чча дзяво́чага./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 3

Сі́лаю Вы́шняга ўмацава́ная, узлюбі́ла ты, прападо́бная, кні́жнае навуча́нне, да яко́га і стара́ннасцю вызнача́лася; му́драсцю кні́жнаю авало́даўшы, абра́ла ты, як найвышэ́йшае, свяшчэ́нныя кнігі, і навуча́ла, што яны ко́жнага чалаве́ка мо́гуць наста́віць на шлях збаўле́ння; і сама́ Го́спаду пе́сню ўзно́сіла: Алілу́ія.

Ікас 3

Ма́ючы цяпе́р абі́цель тваю́, мно́гія малады́я дзяўча́ты да навуча́ння кні́жнага далуча́юцца. Таму́ шчы́ра мо́лім цябе́, усяхва́льная, клапаці́цца пра іх і наста́віць на шлях выратава́льны, каб мы праслаўля́лі цябе́:

Ра́дуйся, бо му́драсці ключ займе́ла ты;/ ра́дуйся, яка́я кні́жнае маста́цтва змо́ладу засво́іла.

Ра́дуйся, якая дзве́ры Богапазна́ння адкры́ла мно́гім;/ ра́дуйся, якая Свяшчэ́ннае Піса́нне шанава́ла.

Ра́дуйся, якая праз яго стварэ́нне све́ту гэ́тага спасці́гла;/ ра́дуйся, узра́даваная Хрысто́вай мі́ласцю да па́ўшага ро́ду чалаве́чага.

Ра́дуйся, якая ўзлюбі́ла лю́бячага нас Го́спада;/ ра́дуйся, бо Яму адзі́наму служы́ць пажада́ла ты.

Ра́дуйся, што ў хо́раме сла́вы Яго пасялі́лася;/ ра́дуйся, ю́ным дзе́вам пры́клад і спрыя́нне ў навуча́нні.

Ра́дуйся, све́тач набо́жнасці і ве́даў./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 4

Ад бу́ры го́расцяў жыццёвых і кло́патаў ухілі́ўшыся, прападо́бная, цнатлі́вае жыццё больш за шлю́б мірскі́ ўзлюбі́ла ты; і жаніха́м знакамі́тым адмо́віла, князёўна, каб адзі́наму нябе́снаму Жаніху́ — Хрысту́ служы́ць, спява́ючы Яму: Алілу́ія.

Ікас 4

Сэ́рцам прыня́ўшы сло́вы Апо́стала, што няму́жнімі і ўдо́вамі лепш застава́цца, бо той, хто не ажані́ўся, клапо́ціцца, каб то́лькі Го́спаду бездако́рна служы́ць; і ты, прападо́бная, пры́кладам Апо́стала кірава́лася, таму мы веліча́ем цябе́:

Ра́дуйся, у цнатлі́васці чы́стая;/ ра́дуйся, шлях мана́шаскага жыцця́ абра́ўшая.

Ра́дуйся, до́лю дзяво́цкасці прыня́ўшы і захо́ўваючы яе па Бо́жай благада́ці;/ ра́дуйся, бо мітусні́ мірско́й пазбе́гла ты.

Ра́дуйся, ці́хага прыста́нку дасягну́ўшы;/ ра́дуйся, перайма́ла ты ў навуча́нні Мары́ю Ла́зараву.

Ра́дуйся, прыпа́ла да хра́ма, як та́я да нагі́ Хрысто́вае;/ ра́дуйся, да лі́ку му́чаніц і прападо́бных жанчы́н далу́чаная.

Ра́дуйся, не спакусі́лася ты на хараство́ све́ту тле́ннага;/ ра́дуйся, супо́льніца невымо́ўнай ра́дасці ў све́це вы́шнім.

Ра́дуйся, пра́веднага жыцця́ ўзор даючы́ нам./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 5

То́лькі Бо́жы страх ма́ючы, не спало́халася ты, Еўфрасі́ння, ця́жкасцей жыцця́ мана́шаскага; дом бацько́ўскі пакі́нула і ў манасты́р прыйшла́, дзе неадсту́пна ігу́менню прасі́ла дазво́ліць прыня́ць во́браз А́нгельскі, каб не абавя́звацца кло́патамі жыццёвымі, а спадо́біцца заўсёды спява́ць Хрысту́: Алілу́ія.

Ікас 5

Ле́кара Нябе́снага малі́ла ты, усяхва́льная, каб журба́, тваі́м сыхо́дам з до́му бацька́м учы́неная, на ра́дасць перайна́чылася, бо пакі́нула ты іх, прападо́бная, каб Хрысту́ служы́ць, і за тых, што нарадзі́лі цябе, шчы́ра малі́цца, за гэ́та мы хвалу́ табе́ ўзно́сім:

Ра́дуйся, абра́нніца Бо́жая;/ ра́дуйся, якая дзе́ля Хрыста́ та́йна дом бацько́ўскі пакі́нула.

Ра́дуйся, сла́ўная насе́льніца абі́целі княгі́ні Рама́навай;/ ра́дуйся, раллю́ для насе́ння духо́ўнага падрыхтава́ла ты.

Ра́дуйся, шлю́бны вяно́к адхілі́ла ты;/ ра́дуйся, галаву́ сваю́ пакры́ла куко́лем незласлі́васці.

Ра́дуйся, заме́ст шлю́бных стро́яў адзе́нне мана́шаскае абра́ла ты;/ ра́дуйся, праз па́церы ма́нашаскія, сло́вам Бо́жым, як мячо́м, узбро́ілася.

Ра́дуйся, крыж Хрысто́ў прыняла́ ты, як сцяг правасла́ўнае ве́ры;/ ра́дуйся, бо не пасаро́міў цябе́ Гаспо́дзь у спадзява́нні тваі́м.

Ра́дуйся, бацько́ў сваі́х, што прыйшлі́ наве́даць цябе́,/ ты праз Свяшчэ́ннае Піса́нне суце́шыла, і яны вярну́ліся з ра́дасцю./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 6

Паслу́хаўшыся апо́стала Па́ўла, які каза́ў: ко́жны, хто падзвіза́ецца, ад усяго́ няха́й устры́мліваецца, — ты, прападо́бная, у по́сце і ўстрыма́нні неасла́бным жыла́ ў абі́целі, пустасло́ўя пазбяга́ючы, малі́лася, псало́мскімі пе́снямі наву́чаная; і, дабрадзе́йнасцю ўмацо́ўваючыся, заўсёды спява́ла Го́спаду: Алілу́ія.

Ікас 6

Заззя́ла благада́ццю ў по́дзвігах жыццё тваё, Еўфрасі́ння найпачэ́сная; праз нейкі час у го́рад По́лацк перасялі́лася ты і пры хра́ме свято́й Сафі́і ў ке́ллі мало́й падзвіза́ючыся, кні́гі свяшчэ́нныя перапі́свала і праз іх го́рад свой ро́дны вучэ́ннем збаві́цельным напо́йвала, чу́ючы ад усіх усхвале́нне:

Ра́дуйся, го́рада По́лацка ра́даванне; / ра́дуйся, ззя́нне дзе́вам.

Ра́дуйся, зо́рка набо́жнасці; / ра́дуйся, пако́раю напо́ўненая.

Ра́дуйся, паслухмя́насцю сцве́рджаная; / ра́дуйся, бо маўклі́ва цярпе́ла ты няго́ды.

Ра́дуйся, бо пры хра́ме ўзраста́ла ты, як калі́сьці Бо́жая Ма́ці; / ра́дуйся, му́драя князёўна і і́накіня пачэ́сная.

Ра́дуйся, кве́цень по́сніцтва; / ра́дуйся, святло́ лаго́днасці.

Ра́дуйся, шчы́рага спадзява́ння на Го́спада спаве́дніца. / Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 7

Жада́ючы ўратава́ць мно́гіх жанчы́н і дзеў праз і́нацтва, Улада́р Хрысто́с тако́га відзе́ння спадо́біў цябе́, прападо́бная: уба́чыла ты ў сне сябе́, Еўфрасі́ння, прыне́сенаю ў Сяльцо́ да цэ́ркаўкі Спа́савай, і А́нгела, што сказа́ў: “Тут табе́ быць нале́жыць”. І, прачну́ўшыся, ра́дасна заспява́ла ты: Алілу́ія.

Ікас 7

Но́вы цуд адбы́ўся: той са́мы А́нгел, яві́ўшыся свяці́целю Іліі́, загада́ў яму даць Сяльцо́, каб пасялі́цца табе́, і цэ́ркаўку для малі́твы, што і вы́канаў свяці́цель адра́зу. Узга́дваючы гэ́та, так мы цябе́ веліча́ем:

Ра́дуйся, бо жыла́ ты, як А́нгел;/ ра́дуйся, А́нгела Гаспо́дняга ба́чыць спадо́білася.

Ра́дуйся, да сало́дкай размо́вы з ім спрычыні́лася;/ ра́дуйся, бо за цябе́ ён пе́рад свяці́целем хада́йнічаў.

Ра́дуйся, на ўсіх шляха́х тваі́х А́нгелам захава́ная;/ ра́дуйся, по́крывам кры́лаў яго абаро́неная.

Ра́дуйся, бо не спатыкну́лася ты наго́ю аб ка́мень гарды́ні;/ ра́дуйся, за гэта і ўдасто́ілася ты ба́чыць А́нгела.

Ра́дуйся, бо яві́ўся табе той, хто ба́чыць лік Айца́ на́шага Нябе́снага;/ ра́дуйся, бо не прагне́вала А́нгела-ахо́ўніка нія́кай мітуснёй і грахо́ўнасцю.

Ра́дуйся, ве́стку ра́дасную праз яго атрыма́ла./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 8

Вандро́ўнік, прыту́лак уба́чыўшы, ра́дуецца і, увайшо́ўшы, супако́й там сабе́ знахо́дзіць. І ты, прападо́бная, ра́дасцю напо́ўнілася, пры цэ́ркаўцы ў Сяльцы́ пасялі́лася з адно́ю мана́хіняй, і гэ́тым заснава́нне абі́целі сваёй пакла́ла, адку́ль Бо́гу і цяпе́р узно́сіцца пе́сня вялі́кая, якая́ ў вы́шніх тро́йчы песнасло́віцца: Алілу́ія.

Ікас 8

Усё ве́дае Гаспо́дзь, і няма́ нічо́га та́йнага, што не адкры́лася б. Але Ён, Які ўсё ве́дае, ко́жнаму чалаве́ку дае́ во́лю, каб ко́жны сам вы́браў шлях жыцця́ свайго́; і як хто пражыве́, па завяршэ́нні паво́дле жыцця́ ко́жнага судзі́ць бу́дзе. Па́мятаючы пра гэ́та, мы так цябе́ ўсхваля́ем:

Ра́дуйся, пачэ́снае ярмо́ Хрысто́вае ўзя́ўшы;/ ра́дуйся, па сло́ву А́нгела ў ме́сцы пустэ́льным пасялі́лася.

Ра́дуйся, то́лькі кні́гі з сабо́ю прынёсшы;/ ра́дуйся, якая ме́ла адзі́нае ўбра́нне.

Ра́дуйся, тры малы́я хлябы́ ме́ла ты пры пасяле́нні;/ ра́дуйся, якая аста́тняе ўсё пакі́нула.

Ра́дуйся, пустэ́льнага ме́сца ўкра́са;/ ра́дуйся, бо твае́ ро́дныя на по́дзвіг гэ́ты благаславі́лі цябе́.

Ра́дуйся, епі́скапам Іліёю суце́шаная;/ ра́дуйся, што неўзаба́ве да цябе́ мно́га і́накінь сышло́ся.

Ра́дуйся, што абі́цель тут сла́ўная заснава́лася./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 9

Усямі́ласціваму Спа́су храм у абі́целі ўзвяла́ ты, і пачэ́снымі іко́намі яго ўпрыго́жыла, прападо́бная, па благада́ці Божай, што ва ўсім спрыя́ла табе́: цесляра́ на будо́ўлю царко́ўную не́йкі го́лас будзі́ў; мно́ства плі́нфы на завяршэ́нне хра́ма цудо́ўным чы́нам атры́мана было́. Уба́чыўшы гэ́та, ты ў замілава́нні спява́ла: Алілу́ія.

Ікас 9

Красамо́ўствам му́дрым вало́даючы, прападо́бная, па́мятала ты заўсёды сло́ва Хрысто́ва: хто вы́канае адну́ з за́паведзяў гэ́тых найме́ншых і наву́чыць так людзе́й, той вялі́кім назаве́цца ў Ца́рстве Нябе́сным; і, навуча́ючы набо́жнасці сясцёр абі́целі, найпе́рш, прападо́бная, сама́ так жыла́. За гэ́та цябе́ і веліча́ем:

Ра́дуйся, узо́р мана́шаскага жыцця́ для і́накіняў;/ ра́дуйся, у чысціні́ і цно́це ю́ных аберага́ла ты.

Ра́дуйся, якая спага́дліва стары́х ушано́ўвала;/ ра́дуйся, якая смутку́ючых умацо́ўвала ў цярпе́нні.

Ра́дуйся, для ўсіх была́ ты ўзо́рам пако́ры і богаўго́днага жыцця́;/ ра́дуйся, якая выкараня́ла асуджэ́нне і шматсло́ўе.

Ра́дуйся, якая атрыма́ла дар ба́чыць глыбіню́ сэ́рцаў;/ ра́дуйся, му́драя дара́дца дапы́тлівых.

Ра́дуйся, прымірэ́нне тых, што ў варо́жасці;/ ра́дуйся, дабрадзе́йнасцямі ўпрыго́жаная.

Ра́дуйся, вялі́кая дзе́ва Бе́лай Русі́./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 10

Дзеля выратава́ння і суцяшэ́ння Эфе́скую іко́ну Улады́чыцы на́шае Багаро́дзіцы для го́рада По́лацка вы́прасіла ты, прападо́бная, у Царгра́дзе. Яшчэ́ адну́ абі́цель у По́лацку заснава́ла і гэ́тай іко́наю яе ўпрыго́жыла. Сястру́ ж сваю́ і дзвюх бра́тніх дачо́к, Кірыя́ну і Во́льгу, мана́шаскім абе́там Хрысту́ заручы́ла ты, і ў абі́целях тваі́х уратава́нню мно́гіх спрыя́ла, спява́ючы ра́дасна: Алілу́ія.

Ікас 10

Сцяно́ю непару́шнаю ад спаку́саў пако́ра твая́ была́: усё, што табе́ зага́двалі, выко́нвала ты, прападо́бная, лі́чачы сябе́ рабо́ю недасто́йнаю; лаго́днасцю і ці́хім но́равам, прыгажэ́й, чым зо́латам і бі́серам, душу́ сваю́ ты ўпрыго́жыла. За гэ́та мы веліча́ем цябе:

Ра́дуйся, служы́целька чы́стая Дзе́вы Прачы́стай;/ ра́дуйся, бо ўзра́давала ты По́лацк цудатво́рным во́бразам Бо́жае Ма́ці.

Ра́дуйся, скарб вялі́кі зямлі́ белару́скай праз гэ́та быў да́дзены;/ ра́дуйся, бо мно́гія дзе́вы ў абі́цель Бо́жае Ма́ці табо́ю прыве́дзены.

Ра́дуйся, што і ро́дных сваі́х на шлях выратава́ння наста́віла;/ ра́дуйся, му́драя ўправі́целька да збаўле́ння.

Ра́дуйся, узвяла́ ты дзве абі́целі, ні́бы запалі́ла дзве све́чкі;/ ра́дуйся, бо зямлю́ По́лацкую і́мі асвяці́ла ты.

Ра́дуйся, насаджа́льніца дрэ́ва жыцця́ мана́шаскага;/ра́дуйся, якая ў пако́ры вышыню́ сваі́х по́дзвігаў уто́йвала.

Ра́дуйся, домаўправі́целька Белару́скае зямлі́./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 11

Пе́снямі цябе́ ўсхваля́ючы, цярпе́нню твайму́, прападо́бная, дзі́вімся: бо мно́гія няго́ды вы́трываўшы, ты пасля́ іх падаро́жжа на Святу́ю Зямлю́ здзе́йсніла, дзе, паво́дле твайго́ жада́ння спачы́ць цябе́ Бог спадо́біў; там да Яго ты ў мудрай ста́ласці перасялі́лася, по́дзвіг до́бры завяршы́ўшы, спява́ючы: Алілу́ія.

Ікас 11

Светлаза́рны праме́нь зямлі́ белару́скай! Хоць пло́ццю ты і спачы́ла, прападо́бная, але ду́хам з на́мі заўсёды застае́шся. У хра́ме, табо́ю заснава́ным, мо́лячыся і пе́рад Кры́жам ўздзвіза́льным, па тваёй про́сьбе зро́бленым, кла́няючыся, мо́лім цябе́, прымі́ ад нас усхвале́нні гэ́тыя:

Ра́дуйся, све́тач старажы́тнай Свято́й Русі́;/ ра́дуйся, зямлі́ По́лацкай вялі́кае праслаўле́нне.

Ра́дуйся, дасто́йная пасла́нніца з паўно́чных краёў на Святу́ю Зямлю́;/ ра́дуйся, што Гро́бу Гаспо́дняму паклані́цца спадо́білася.

Ра́дуйся, там лампа́ду ад зямлі́ Белару́скай ты заце́пліла;/ ра́дуйся, каля Гро́ба Хрысто́вага ты адышла́ да Го́спада.

Ра́дуйся, крыж зямно́га жыцця́ ты пакі́нула там;/ ра́дуйся, Святы́мі Та́йнамі пе́рад спачы́нам тваі́м умацава́ная.

Ра́дуйся, бо на нябёсах святы́я ўго́днікі з ра́дасцю сустрэ́лі цябе;/ ра́дуйся, вянцо́м сла́вы Жані́х Нябе́сны ўвянча́ў цябе́.

Ра́дуйся, му́драя дзе́ва, што ў сла́ве ўвайшла́ ў святлі́цу Жаніха́ Нябе́снага./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 12

Благада́ці прыча́сніца, стара́нна мо́лім цябе́, Еўфрасі́ння ўсяхва́льная: ўзнясі́ цёплую тваю́ малі́тву да Усявы́шняга за ўсю зямлю́ на́шу правасла́ўную, каб му́драсцю ўла́даў і чысцінёю жыцця́ наро́днага, як дачка́ абра́ная, ста́ла зямля́ на́ша сяро́д наро́даў, і каб дзе́ці яе ўвайшлі́ ў се́лішчы го́рнія, Бо́гу спява́ючы: Алілу́ія.

Ікас 12

Апява́ем цябе́, засту́пніцу на́шу цёплую, і́накіняў і дзе́ваў абі́целі тваёй пакро́ў і ўмацава́нне, ра́дуемся за цябе́, прападо́бная, і па малі́твах тваі́х то́е, што про́сім, атры́мліваем, за гэ́та з любо́ўю цябе дасто́йна веліча́ем:

Ра́дуйся, бо мо́шчы твае, нятле́ннем прасла́ўленыя, на радзі́му вярну́ліся;/ ра́дуйся, усяхва́льная роўнаапо́стальнага кня́зя Уладзі́міра пра́ўнучка.

Ра́дуйся, субясе́дніца роўнаапо́стальнае Во́льгі і ўсяго́ светлаза́рнага лі́ку пра́ведных уго́дніц;/ ра́дуйся, у скі́ніі святы́х ты пасялі́лася.

Ра́дуйся, няба́чная за нас хада́йніца;/ ра́дуйся, дзіво́снае ацале́нне няду́жных.

Ра́дуйся, шчы́рае суцяшэ́нне азмро́чаных;/ ра́дуйся, ра́дасць смутку́ючых.

Ра́дуйся, падтры́мка тых, хто да цябе́ з малі́тваю звярта́ецца;/ ра́дуйся, шчы́рая пе́рад Хрысто́м засту́пніца на́ша.

Ра́дуйся, дзіво́сная шляхаво́дніца да выратава́ння тых, хто з ве́рай шану́е цябе́./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 13

О, усяхва́льная ма́ці на́ша Еўфрасі́ння найпачэ́снейшая!/ Малі́ за нас Го́спада і Яго Прачы́стую Ма́ці,/ каб умацава́ў на́шы сі́лы і паспрыя́ў на́шаму ўратава́нню;/ ю́ных у чысціні́ ахава́ў, цнатлі́вых умацава́ў у по́дзвігу;/ тых, хто ў шлю́бе жыве́, у любо́ві і мі́ры няха́й удаскана́ліць;/ няха́й няду́жных вы́лечыць, азмро́чаных прасве́тліць,/ спачы́лым грахі́ праба́чыць і ўсіх у Ца́рства Нябе́снае пры́ме,/ дзе А́нгелы заўсёды пе́сню спява́юць хвале́бную:/ Алілу́ія.

 

Гэты кандак прамаўляем тройчы, затым Ікас 1, затым Кандак 1.

 

Іерэй: Да свято́й прападо́бнай ма́ці на́шай Еўфрасі́нні, памо́лімся.

Людзі: Свята́я прападо́бная ма́ці на́ша Еўфрасі́ння, малі́ Бо́га за нас.

 

Малітва

О, прападо́бная і заўждыпа́мятная, усяхва́льная ма́ці Еўфрасі́ння, А́нгел у пло́ці, Богаабра́нае ўмясці́лішча Свято́га Ду́ха, Царквы́ Хрысто́вай хвала́ і ўкра́са, умацава́нне і сла́ва мана́хаў, Айчы́не, абі́целі тваёй і ўсёй краі́не дапамо́га, пакро́ў і засту́пніца! Ты, як дрэ́ва, паса́джанае пры выто́ках вод, плада́мі дабрадзе́йнасцяў тваі́х і дабрада́тнымі дара́мі Ду́ха Свято́га адо́раная, наста́ўніца ў сло́вах і спра́вах, абра́ная, беззага́нная, до́брая, пачу́й нас, якія мо́лімся табе́ і прызыва́ем імя́ тваё, бо ма́еш ты адва́гу пе́рад Го́спадам. Папрасі́ нам по́спехаў у жыцці́ дабрадзе́йным; ахава́й на́шы сэ́рцы ве́раю, надзе́яю, любо́ўю і стра́хам Бо́жым. Пада́й нам дапамо́гу ў пра́цы і ў го́расцях на́шых; і як ты апекава́ла ў жыцці́ абі́цель тваю́ і і́накіняў, так і цяпе́р паклапаці́ся за нас, паспрыя́й нам ва ўсім: абі́цель тваю́ ахава́й мі́рам і абарані́ ад во́рагаў ба́чных і няба́чных, каб яна́ красава́лася ла́дам і дабрадзе́йнасцямі. Пазба́ў нас ад усяля́кай няста́чы, ад лю́тых хваро́баў і ад нечака́най сме́рці, і прывядзі́ да шчы́рага пакая́ння пры адыхо́дзе з гэ́тага жыцця́; вы́малі нам у Го́спада Бо́га спачы́н мі́рны, бязбо́льны, непасаро́млены, з прычашчэ́ннем Святы́х Тайн; і правядзі́ нас праз мы́тарствы нябе́сныя, каб не вы́хапілі нас мучы́целі гро́зныя за грахі́ на́шы, але каб з засту́пніцтвам тваі́м і дапамо́гаю мы здо́лелі непашко́джана прайсці́ праз выпрабава́нне нябе́снае і мі́ласць атрыма́ць, і стаць неасу́джана пера́д стра́шным прасто́лам, і на Стра́шным судзе́ спадо́біцца стаць правару́ч ад пра́веднага Суддзі́, і ўнасле́даваць до́лю пра́ведных. О, найпачэ́снейшая ма́ці, прападо́бная Еўфрасі́ння, дапамажы́ нам малі́твамі тваі́мі; ахава́й нас і абарані́ ад усяля́кіх па́стак варо́жых, каб спадо́біліся мы прайсці́ шлях зямно́га на́шага жыцця́ бесперашко́дна і па малі́твах тваі́х збаўле́нне атрыма́ць у Хрыста́ Бо́га на́шага, каб спадо́біліся мы сла́віць Яго з Беспача́тным Айцо́м і Святы́м Ду́хам, на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

 


2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая