epub
 
падключыць
слоўнікі

Малебен за Беларускі народ з акафістам мучанікам Антонію, Іаану і Яўстафію Віленскім

Дыякан: Благаславі́, улады́ка.

Іерэй: Благаславёны Бог наш заўжды́, цяпе́р і заўсёды і на ве́кі вяко́ў.

Людзі: Амі́нь.

Іерэй: Сла́ва Табе́, Божа наш, сла́ва Табе́.

Людзі: Цару́ Нябе́сны,/ Уцяшы́целю, Ду́ху і́сціны,/ Ты ўсю́ды прысу́тны і ўсё напаўня́еш,/ Ска́рбніца дабра́ і жыцця́ Пада́целю,/ прыйдзі́ і ўсялі́ся ў нас / і ачы́сці нас ад уся́кай нечыстаты́,/ і спасі, До́бры, ду́шы на́шы.

Дыякан: Бог ёсць Гаспо́дзь і Ён яві́ўся нам. Благаславёны, Хто прыхо́дзіць у імя́ Гаспо́дняе.

Верш 1:Праслаўля́йце Го́спада, бо Ён до́бры, бо наве́кі мі́ласць Яго.

Верш 2:Абступі́лі мяне́ і акружы́лі мяне́; але і́мем Го́спада я абарані́ўся ад іх.

Верш 3:Не памру́, але жыць бу́ду і бу́ду абвяшча́ць спра́вы Гаспо́днія.

Верш 4:Ка́мень, які адкі́нулі будаўнікі́, той са́мы стаў галаво́ю вугла́: ад Го́спада ста́лася гэ́та, і яно́ дзі́ўнае ў вача́х на́шых.

Трапар, глас 4

Удзя́чны мы, недасто́йныя рабы́ Твае́, Го́спадзі,/ за Твае́ вялі́кія дабрадзе́янні, ўчы́неныя нам. / Сла́вячы, Цябе́ хва́лім, благаслаўля́ем, дзя́куем, апява́ем і веліча́ем Тваю́ міласэ́рнасць/ і з ра́бскай любо́ўю ўскліка́ем да Цябе́: / Дабрадзе́ю Спа́се наш, сла́ва Табе́.

Трапар, глас 4

Вы ад зямно́га го́нару і сла́вы адмо́віліся, / до́блесныя і сла́ўныя паку́тнікі,/ дзе́ля веры стойка і му́жна му́кі перане́слі,/ на смерць сябе адда́ўшы за Жыццё ўсіх — Уладара́./ Таму і Хрысто́с з вялі́кай сла́ваю / слупо́м во́блачным з нябёсаў вас азары́ў, / і паша́наю і вянца́мі ад прасто́ла сла́вы ўвянча́ў. / З а́нгеламі сто́ячы прад Ім, / малі́це, каб спаслі́ся ду́шы на́шы.

Сла́ва Айцу, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р і заўсёды і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Кандак, глас 6

Засту́пніца хрысція́н Беззага́нная,/ Хада́йніца да Тварца́ незаме́нная,/ не пагарджа́й го́ласам мале́ння грэ́шнікаў,/ але́, як до́брая, паспяшы́ на дапамо́гу нам,/ што з ве́раю ўскліка́ем Табе́:/ паспяшы́ на хада́йніцтва і ху́тка адкажы́ на мале́нне, Багаро́дзіца,/ заўсёды заступа́ючыся за тых,/ хто шану́е Цябе́.

Запевы

Іерэй: Сла́ва Табе́ Бо́жа наш, сла́ва Табе́.

Людзі: Сла́ва Табе́ Бо́жа наш, сла́ва Табе́.

Іерэй: Прасвята́я Багаро́дзіца, спасі́ нас.

Людзі: Прасвята́я Багаро́дзіца, спасі́ нас.

Іерэй: Святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе, малі́це Бо́га за нас.

Людзі: Святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе, малі́це Бо́га за нас.

Іерэй: Усе святы́я зямлі́ Белару́скае, малі́це Бо́га за нас.

Людзі: Усе святы́я зямлі́ Белару́скае, малі́це Бо́га за нас.

Іерэй: Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Людзі: І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Збаў ад бед рабо́ў Тваі́х, Мнагамі́ласцівы, / бо мы шчы́ра да Цябе́ звярта́емся, / Мі́ласцівага Спасі́целя ўсіх і Уладара́ Го́спада Іісу́са.

Спасі́ ад бед рабо́ў Тваі́х, Багаро́дзіца, / бо ўсе па Бо́гу да Цябе́ звярта́емся, / як да непару́шнай сцяны́ і Засту́пніцы.

Зірні́ з міласэ́рнасцю, Усяпе́тая Багаро́дзіца, / на маё лю́тае азлабле́нне цяле́снае, / і ацалі́ не́мач душы́ маёй.

Малі́це Бо́га за нас,/ святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе,/ усе святы́я зямлі́ Белару́скае,/ бо мы шчы́ра да вас звярта́емся, / дба́йных памо́чнікаў і малі́твеннікаў пра ду́шы на́шы.

Малая екцення

Дыякан: Яшчэ́ і яшчэ́ ў мі́ры Го́спаду памо́лімся.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй.

Дыякан: Заступі́, спасі́, памі́луй і захава́й нас, Бо́жа, Тваёю благада́ццю.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй.

Дыякан: Прасвяту́ю, Прачы́стую, Найблагаславе́ннейшую, Сла́ўную Улады́чыцу на́шу Багаро́дзіцу і Вечнадзе́ву Мары́ю, з усімі святы́мі памяну́ўшы, са́мі сябе́, і адзі́н аднаго́, і ўсё жыццё на́ша Хрысту́ Бо́гу аддадзі́м.

Людзі: Табе́, Го́спадзі.

Іерэй: Бо Тваё ўлада́нне і Тваё ёсць Ца́рства, і сі́ла, і сла́ва, Айца́, і Сы́на, і Свято́га Ду́ха, цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў.

Людзі: Амі́нь.

(Спяваецца акафіст).

Дыякан: Бу́дзем ува́жлівымі!

Пракімен, глас 4.

Чытач: Паклі́калі пра́ведныя, і Гаспо́дзь пачу́ў іх.

Верш: Мно́га бед у пра́ведных, і ад усіх іх зба́віць іх Гаспо́дзь.

Іерэй: Го́спаду памо́лімся.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй.

Іерэй: Бо Ты Святы́, Бо́жа наш, і ў святы́х спачыва́еш і Табе́ сла́ву ўзно́сім Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў.

Людзі: Амі́нь.

Дыякан: Уся́кае дыха́нне няха́й хва́ліць Го́спада.

Верш: Хвалі́це Го́спада з нябёс, хвалі́це Яго́ ў вы́шніх.

Іерэй: Каб спадо́біцца нам вы́слухаць Свято́е Ева́нгелле, Го́спада Бо́га мо́лім.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй. (Тройчы).

Дыякан: Праму́драсць! Ста́ньце пра́ма! Вы́слухаем Свято́е Ева́нгелле!

Іерэй: Мір усі́м.

Людзі: І ду́ху твайму́.

Дыякан: Паво́дле Матфе́я (Ма́рка, Лукі́, Іаа́на) Свято́га Ева́нгелля чыта́нне.

Людзі: Сла́ва Табе́, Го́спадзі, сла́ва Табе́.

Дыякан: Бу́дзем ува́жлівымі!

(Іерэй чытае Евангелле).

Людзі: Сла́ва Табе́, Го́спадзі, сла́ва Табе́.

Кандак, глас 6

Не ма́ем і́ншай дапамо́гі, / не ма́ем і́ншай надзе́і,/ акрамя́ Цябе́, Улады́чыца, / Ты нам памажы́, / на Цябе́ спадзяёмся, / і Табо́ю хва́лімся, / бо мы Твае́ рабы́, няха́й не бу́дзем пасаро́мленыя.

Сугубая екцення

Дыякан: Памі́луй нас, Бо́жа, па вялі́кай мі́ласці Тваёй, мо́лімся Табе́, вы́слухай нас і памі́луй.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй. (Тройчы).

Дыякан: Яшчэ́ мо́лімся за вялі́кага Спадара́ і Айца́ на́шага Свяце́йшага Патрыя́рха Кірыла і за Экза́рха яго́ Спадара́ на́шага Высокапраасвяшчэ́ннейшага Мітрапалі́та Філарэ́та і за ўсю ў Хрысце́ бра́цію на́шу.

Яшчэ́ мо́лімся за Бо́гам сцеражо́ную краі́ну на́шу, ула́ды і во́інства яе, каб нам ве́сці ці́хае і спако́йнае жыццё з усёй набо́жнасцю і го́днасцю.

Яшчэ́ мо́лімся за ба́цькаўшчыну на́шу Белару́сь, за белару́скі наро́д, за брато́ў і сясцёр на́шых, што пацярпе́лі і дале́й це́рпяць хваро́бы ды і́ншыя бе́ды ад чарно́быльскай радыя́цыі, і за тых, што па ўсім све́це раскі́даныя, за спасла́нне спасе́ння і спако́ю ўсі́м.

Яшчэ́ мо́лімся аб мі́ласці, жыцці́, спако́і, здаро́ўі, спасе́нні, Бо́жым наве́данні, прабачэ́нні і адпушчэ́нні грахо́ў раба́м Бо́жым, бра́ціі свято́га гэ́тага хра́ма.

Яшчэ́ мо́лімся Табе́, Го́спаду Бо́гу на́шаму, пачу́й го́лас мале́ння на́шага і малі́тву і памі́луй рабо́ў Тваі́х: (імёны), благада́ццю і шчо́драсцямі Тваі́мі, і задаво́ль усе́ прашэ́нні іх і праба́ч ім усе́ праві́ны во́льныя і міжво́льныя; няха́й до́бра буду́ць прыня́тыя малі́твы і мі́ласціны іх пе́рад прасто́лам Улада́рства Твайго́, і абарані́ іх ад во́рагаў ба́чных і няба́чных, ад усяля́кай напа́сці, бяды́ і го́расці, і хваро́б збаў і пада́й здаро́ўе з даўгале́ццем, ска́жам усе́: Го́спадзі, вы́слухай і памі́луй.

Яшчэ́ мо́лімся за ахвярада́ўцаў і дабрачы́нцаў у святы́м і ўсячэ́сным хра́ме гэ́тым, за тых, што тут спява́юць, працаўніко́ў і за ўсіх прысу́тных тут людзе́й, якія чака́юць ад Цябе́ вялі́кае і бага́тае мі́ласці.

Іерэй: Пачу́й нас Бо́жа, Спасі́целю наш, надзе́я ўсіх канцо́ў зямлі і тых, што ў мо́ры далёка; і мі́ласцівы, мі́ласцівы будзь, Уладару́, да грахо́ў на́шых і памі́луй нас. Бо Ты мі́ласцівы і чалавекалю́бны Бог і Табе́ сла́ву ўзно́сім – Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў.

Людзі: Амі́нь.

Дыякан: Го́спаду памо́лімся.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй.

Малітва за Беларускі народ

Іерэй: Уладару́ не́ба і зямлі́, прадве́чны Бо́жа! Ты ўвесь свет ствары́ў і Ду́хам Святы́м усё прасвятля́еш, ажыўля́еш і мацу́еш. А людскі́ род так узлюбі́ў, што Сы́на Свайго́ Адзінаро́днага на зямлю́ пасла́ў, каб усе, хто ўве́раваў у Яго́, ста́лі дзе́цьмі Тваімі, удзе́льнікамі Нябе́снага Твайго́ Ца́рства.

Мы, дзе́ці Белару́скага наро́да ў шчы́рай пако́ры про́сім Цябе́, дару́й нам свядо́мыя і несвядо́мыя праві́ны на́шы, пашлі́ нам дар хрысція́нскай разва́жлівасці, змірэ́ння, ба́чання грахо́ў сваіх, засцеражы́ нас ад усяля́кіх спаку́саў. Умацу́й Святы́м Ду́хам Тваі́м брато́ў і сясцёр на́шых, прывядзі́ нас да е́днасці, зго́ды і паразуме́ння. Благаславі́ на́шу пра́цу, каб у хрысція́нскай любо́ві служы́лі мы блі́жнім сваім, тым да́рам, які ко́жны ад Цябе атрыма́ў.

Асвятлі́ наш ро́зум святло́м Ева́нгелля Твайго́, каб хадзі́лі мы ў святле́ ве́дання Ісціннага Бога, і Табе́, спрадве́чнаму Уладару́ і Бо́гу на́шаму, у Свято́й Тро́іцы адзі́наму, ве́рнасць, падзя́ку, любо́ў і сла́ву ўзно́сілі Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў.

Людзі: Амі́нь.

Дыякан: Праму́драсць.

Іерэй: Прасвята́я Багаро́дзіца, спасі́ нас.

Людзі: Пачэ́снейшую за Херуві́маў і непараўна́льна слаўне́йшую за Серафі́маў, што непару́шанаю нарадзі́ла Бо́га Сло́ва, Ѕсную Багаро́дзіцу, Цябе́ веліча́ем.

Іерэй: Сла́ва Табе́, Хрысце́ Бо́жа, надзе́я на́ша, сла́ва Табе́.

Людзі: Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Го́спадзі, памі́луй. (Тройчы). Благаславі́.

Іерэй: Хрысто́с і́сцінны Бог наш, малі́твамі Прачы́стае Свае́ Ма́ці, сі́лаю Пачэ́снага і Жыватво́рчага Крыжа́, святы́х сла́ўных і ўсяхва́льных апо́сталаў, святы́х першавярхо́ўных апо́сталаў Пятра́ і Па́ўла, свято́й велікаму́чаніцы Екацяры́ны, святы́х му́чанікаў Анто́нія, Іаа́на і Яўста́фія, усі́х святы́х зямлі́ Белару́скай і ўсіх святы́х, няха́й памі́луе і спасе́ нас, бо Ён Добры́ і Чалавекалю́бны.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй. (Тройчы).

Велічанне

Веліча́ем вас, страстаце́рпцы святы́я Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе, / і ўшано́ўваем святы́я паку́ты ва́шы, / які́я за Хрыста́ перацярпе́лі вы.

 

Акафіст святым мучанікам Віленскім Антонію, Іаану і Яўстафію
Кандак 1

Абра́ныя Бо́гам дзе́ля све́дчання правасла́ўнае ве́ры / му́жна перамаглі́ вы, святы́я му́чанікі, язы́чніцкую грахо́ўнасць,/ і за ва́шы паку́ты неўвяда́льнымі вянца́мі ад Хрыста́ Бо́га ўвянча́ліся, / та́му мы, праслаўля́ючы ва́шу па́мяць, замілава́на звярта́емся да вас: / Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.

Ікас 1

Ангеламі зямны́мі і чалаве́камі нябе́снымі ста́лі вы, святы́я му́чанікі, калі́, азары́ўшыся святло́м і́сціннага Богапазна́ння, ра́дасна пайшлі́ на паку́тніцкі по́дзвіг. Прымі́це ж ад нас гэтыя хвале́бныя спе́вы:

Ра́дуйцеся, богаблажэ́нныя вызна́ўцы правасла́ўнае ве́ры, / спаконве́ку насаджо́най у зямлі́ Белару́ска-Літо́ўскай! /

Ра́дуйцеся, нямо́ўчныя вяшча́льнікі і́сціннай набо́жнасці./

Ра́дуйцеся, вялі́кія падзві́жнікі, / якія за нішто́ палічы́лі сла́ву све́ту гэ́тага, / каб Хрыста́ Бо́га здабы́ць./

Ра́дуйцеся, бо вы ўзлюбі́лі Хрыста́ Бо́га ўсім ва́шым сэ́рцам і ўсёю душо́ю. /

Ра́дуйцеся, бо крывёю сваёю вы засве́дчылі любо́ў ва́шу да Го́спада Іісу́са. /

Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.

Кандак 2

Ба́чачы, як нятле́нныя мо́шчы ва́шы даю́ць усім, хто з ве́раю прыхо́дзіць, ацале́нне ад хваро́б душэ́ўных і цяле́сных, мы дзя́куем міласэ́рнаму Богу, што прасла́віў вас, святы́я му́чанікі, такою благада́ццю, і ўскліка́ем Хрысту́ Спасі́целю: Алілу́ія.

Ікас 2

Духо́ўныя во́чы свае́ скірава́ўшы на пазна́нне і́сціннай ве́ры, вы, святы́я браты́ Анто́ніе і Іаа́не, му́жна і разва́жліва адкі́нулі язы́чніцкую аблу́ду і за вызна́нне адзі́нага і́сціннага Бо́га ра́дасна прынялі́ кайданы́, турэ́мнае зняво́ленне, ра́ны і лю́тую сме́рць. Да гэ́тага по́дзвігу ва́шага далучы́ўся і малады́ Яўста́фій, ён бязбо́язна вы́знаў сябе́ хрысція́нінам і спадобіўся гэ́такіх жа лю́тых за Хрыста́ катава́нняў і сме́рці. За таку́ю ва́шу, дзе́ля Хрыста́, святу́ю адва́гу, мы цяпе́р звярта́емся да вас:

Ра́дуйцеся, блажэ́нная тро́іца сла́ўных паку́тнікаў, / бо вы прасла́вілі і́сціннага Бо́га, у Свято́й Тро́іцы пакланя́емага, Айца́, Сы́на і Свято́га Духа. /

Ра́дуйцеся, до́блесныя во́іны Хрысто́вы, якія захава́лі ве́рнасць Уладару́ да сме́рці. /

Ра́дуйцеся, бо вы не пабая́ліся зве́даць за Хрыста́ анія́кія му́кі./

Ра́дуйцеся, бо ні ўці́ск, ні кайданы́, ні паку́ты, ні сама́ смерць / не змаглі́ адлучы́ць вас ад любо́ві Хрысто́вай./

Ра́дуйцеся, вы́гнаныя, знясла́ўленыя і забі́тыя дзе́ля праўды, / бо ўзнагаро́да ва́ша вялі́кая на нябёсах. /

Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.

Кандак 3

Сі́лаю Ўсявы́шняга ўмацава́ныя, вы не зважа́лі, святы́я му́чанікі, на ця́жкія паку́ты ва́шых це́лаў, адда́дзеных на мучэ́нні; і на паку́ты, ні́бы на вясе́лле, ра́дасна пайшлі́ вы, а мы з удзя́чнасцю ўскліка́ем Хрысту́ Бо́гу, Які ўмацава́ў вас: Алілу́ія.

Ікас 3

Ма́ючы мо́цную надзе́ю на Нябе́снага Цара́ і Бо́га і па́мятаючы апо́стальскае сло́ва, што нале́жыць слу́хацца Бо́га бо́льш, чым людзе́й, вы, святы́я му́чанікі, не паслу́халіся зага́даў ва́шага мучы́целя, каб вярну́цца да ране́йшай язы́чніцкай грахо́ўнасці.

Ра́дуйцеся, бо вы́зналі вы Хрыста прад людзьмі́, / і вы́знаны Ім прад Айцом Нябе́сным.

Ра́дуйцеся, ве́рныя слу́гі Хрысто́вы, / якія за ве́рнасць сваю́ ўнасле́давалі Ца́рства Нябе́снае. /

Ра́дуйцеся, бо вы жывяце́ ра́зам з а́нгеламі і парадні́ліся з усі́мі святы́мі. /

Ра́дуйцеся, ўве́дзеныя ў невячэ́рні дзень Ца́рства Бо́жага./

Ра́дуйцеся, гле́дзячы з нябёс на зямны́х брато́ў ва́шых / і мо́лячыся за ўсіх, хто клі́ча вас на дапамо́гу. /

Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.

Кандак 4

Бура раз‘ю́шанасці ва́шых мучы́целяў не пахісну́ла мо́цнай ва́шай ве́ры, надзе́і і любо́ві да Спасі́целя Бога, і вы, святы́я му́чанікі, стара́нна апярэ́джваеце адзі́н аднаго́ ў ця́жкіх паку́тах, спява́ючы Бо́гу ў сэ́рцах ва́шых: Алілу́ія.

Ікас 4

Разышла́ся па ўсёй правасла́ўнай зямлі́ ра́дасная ве́стка, што вы, святы́я му́чанікі, по́дзвіг до́бры здзе́йснілі, жыццёвы свой шлях до́бра прайшлі́ і ве́ру да канца́ збераглі́. Таму́ мы з усёю Правасла́ўнаю Царкво́ю ўслаўля́ем вас:

Ра́дуйцеся, бо вы́каналі вы сло́ва Хрысто́ва: / хто вы́церпіць да канца, той спасёны будзе. /

Ра́дуйцеся, бо ва́шай цярплі́васцю вы здзіві́лі мучы́целяў ва́шых./

Ра́дуйцеся, бо пры́кладам ва́шага жыцця́ і сме́рці вы мно́гіх прывялі́ да Го́спада. /

Ра́дуйцеся, бо і цяпе́р цу́дамі, / што зыхо́дзяць ад святых ва́шых мо́шчаў, / вы ўмацо́ўваеце правасла́ўную ве́ру ў лю́дзях.

Ра́дуйцеся, бо за цярпе́нне ва́ша прыгатава́ны вам вяне́ц праўды ў нябёсах.

Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.

Кандак 5

Богам скірава́нымі зо́ркамі правасла́ўнай ве́ры былі́ вы, святы́я му́чанікі, для ва́шых зямны́х суайчы́ннікаў, пака́зваючы ім у Правасла́ўнай Царкве́ адзі́ны надзе́йны шлях да спасе́ння, каб усе адзі́ным сэ́рцам і адзі́нымі ву́снамі ўскліка́лі да Спасі́целя Бо́га: Алілу́ія.

Ікас 5

Ба́чны быў цудо́ўны знак Бо́жае до́брасці, калі́ свято́е ме́сца ва́шых паку́т азары́ў з вышыні́ во́блачны слуп, пака́зваючы вам шлях у нябёсы, як у старажы́тнасці ізраільця́нам з Егі́пта ў зямлю́ абетава́ную. Таму́ мы спява́ем да вас:

Ра́дуйцеся, дзе́ці но́вага Ізра́іля, які́я дасягну́лі го́рняга нябе́снага Іерусалі́ма. /

Ра́дуйцеся, бо вы до́бра прайшлі́ шматця́жкае вандро́ўніцтва ва́ша ў пустэ́льні гэ́тага жыцця́, / і пасялі́ліся ў краі́не абетава́най ве́чнай./

Ра́дуйцеся, бо не Маісе́й, але Сам Хрысто́с Бог быў для вас правадыро́м да нябе́снай ба́цькаўшчыны. /

Ра́дуйцеся, бо перамаглі́ вы ўсіх ва́шых праці́ўнікаў і во́рагаў / на шляху́ да Ца́рства Нябе́снага. /

Ра́дуйцеся, блажэ́нныя жыхары́ не́ба, бо вы ма́еце ве́чныя дабро́ты, / якіх во́ка не ба́чыла і ву́ха не чу́ла, якія і на ро́зум чалаве́ку не прыхо́дзілі.

Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.

Кандак 6

Прапаве́дуюць святы́я мошчы ва́шы ле́пей за ўся́кае красамоўства несумне́нную надзе́ю на ўсеагу́льнае ўваскрасе́нне, калі Бог, не даючы́ і цяпе́р уго́днікам Сваім уба́чыць тле́нне, паклі́ча ў жыццё но́вае ўвесь род чалаве́чы, і ўсе, хто спадо́біцца стаць правару́ч прасто́ла Гаспо́дняга, заспява́юць Яму́: Алілу́ія.

Ікас 6

Заззя́ла новае святло для ўсяе́ Ру́скае зямлі, калі міласэ́рны Бог паказа́ў ве́ліч Сваіх цу́даў над ва́шымі нятле́ннымі мо́шчамі, якія з-за стра́ху пе́рад іншаве́рцамі другі раз схава́ны былі́ ў не́трах зямлі́, пад спу́дам хра́ма, і адту́ль пасыла́лі шчодрыя ацале́нні ўсім, хто з гара́чаю малі́тваю звярта́ўся да ва́шай шанава́най іко́ны. Прымі́це ж ад нас, святы́я му́чанікі, гэ́тае стара́ннае славасло́ўе:

Ра́дуйцеся, яснапраме́нныя свяці́лы Хрысто́вай Царквы́, / якіх не́льга было́ схава́ць пад спу́дам. /

Ра́дуйцеся, ху́ткія ле́кары душ і це́лаў на́шых. /

Ра́дуйцеся, абаро́нцы на́шы ад шко́дных іншаве́рных мудрава́нняў. /

Ра́дуйцеся, све́тлыя правадыры́ на́шы да і́сціннага богапазна́ння і богашанава́ння. /

Ра́дуйцеся, шчы́рыя малі́твеннікі на́шы прад Го́спадам. /

Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.

Кандак 7

Жада́ючы прасла́віць Го́спада Бо́га, дзі́ўнага ў святы́х Сваіх, мы не знахо́дзім патрэ́бных слоў, каб го́дна ўсхвалі́ць Яго, але вас, святы́я му́чанікі, клі́чам на дапамо́гу, малі́цеся за нас стара́нна, каб нам неасу́джана адва́жыцца спява́ць Госпаду: Алілу́ія.

Ікас 7

Навая́ўленымі му́чанікамі назва́ла вас Правасла́ўная Царква́, як ма́ці, што це́шыцца дзе́цьмі сваімі; і як пе́ршыя му́чанікі па ўсім све́це сваімі паку́тамі ўмацава́лі Бо́жую ве́ру, падо́бна да іх і вы, навая́ўленыя му́чанікі, гэтак жа ўмацава́лі святую веру на ме́сцы зямно́й ба́цькаўшчыны ва́шай, бо нія́кія по́дступы іншаве́рцаў не мо́гуць пахісну́ць яе, і мы з удзя́чнасцю звярта́емся да вас:

Ра́дуйцеся, мо́цныя стаўпы́ Правасла́ўя, / які́мі ўпрыго́жваецца і ўмацо́ўваецца свята́я Царква́. /

Ра́дуйцеся, уме́лыя стырнавы́я, што добранадзе́йна ведзяце́ нас / між часовых хвалява́нняў да прыста́нішча ве́чнага жыцця́. /

Ра́дуйцеся, памага́тыя на́шага апраўда́ння. /

Ра́дуйцеся, бо малітвамі ва́шымі / мы збаўля́емся ад усяля́кае хі́трае спаку́сы, што імкне́цца злаві́ць на́шы ду́шы. /

Ра́дуйцеся, дабрадзе́і на́шы, бо паказваеце нам шлях да спасе́ння. /

Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.

Кандак 8

Дзіво́сны і чалаве́чаму розуму недасту́пны, адна́к я́сна ба́чны на́мі цуд усемагу́тнасці Божай праяўля́ецца ў нятле́нні ва́шых святы́х мо́шчаў, які́я звыш паўты́сячы гадоў застаю́цца непашко́джанымі ад разбура́льных стыхі́й і ад усёпаглына́льнага ча́су, заахво́чваючы нас з замілава́ннем спява́ць Го́спаду: Алілу́ія.

Ікас 8

Усе ра́дасці ве́ку гэ́тага, уве́сь го́нар ва́шай паса́ды і ўсю моц ва́шых сіл вы аддалі́, святы́я му́чанікі, у ахвя́ру Спасіцелю Богу і спадо́біліся ад Яго ўзнагаро́ды на не́бе, дзе ні чарвя́к, ні тля не знішча́е, ні зладзе́і не падко́пваюць і не мо́гуць укра́сці дарава́най вам спа́дчыны.

Ра́дуйцеся ж, му́дрыя шука́льнікі Ца́рства Божага, / падобныя да ева́нгельскага му́жа, які, знайшо́ўшы на по́лі скарб схава́ны, / усё прадае́, што ма́е, і купля́е то́е по́ле кашто́ўнае. /

Ра́дуйцеся, вы знайшлі́ адзін шматкашто́ўны бі́сер, які ёсць Ца́рства Бо́жае, / і за яго аддалі́ ўсе дабро́ты све́ту гэ́тага. /

Ра́дуйцеся, лепш за му́дрых ве́ку гэ́тага зразуме́лі вы кошт быцця́ зямнога. /

Ра́дуйцеся, святы́я прапаве́днікі, абвяшча́ючы з ва́шае труны́,/ што нічога не ва́рты хвалява́нні цяпе́рашняга часу / пе́рад сла́вай бу́дучага Ца́рства, што ма́е яві́цца. /

Ра́дуйцеся, грамадзя́не нябе́сныя і сунасле́днікі разам з усі́мі святы́мі. /

Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.

Кандак 9

Усяля́кія няшча́сці, хваробы і спаку́сы на́шы вы суніма́еце, святы́я му́чанікі, і цёмныя во́бразы падсту́пных дэ́манаў далёка ад нас адганя́еце, каб мы з такою ва́шаю дапамо́гаю і благада́ццю Божаю ўратава́ныя, удзя́чным і ра́дасным го́ласам спява́лі Богу: Алілу́ія.

Ікас 9

Красамо́ўства чалаве́чае няме́е, намага́ючыся прасла́віць вас, святы́я му́чанікі, за ва́шы паку́ты, якія вы перане́слі дзеля Хрыста, і за вашу му́чаніцкую смерць. Адна́к мы, ва́шаю любо́ўю перамо́жаныя, нако́лькі мо́жам, услаўля́ем вас:

Ра́дуйцеся, усце́шыўшы ўвесь ангельскі лік ва́шым цярпе́ннем за Хрыста і паку́тамі./

Ра́дуйцеся, дружалю́бна прыня́тыя на нябёсах усім сонмам пра́веднікаў і ўгоднікаў Божых. /

Ра́дуйцеся, бо ста́ўшы перад прасто́лам Го́спада, / вы спадо́біліся паклані́цца Яму́ і атрыма́ць ад Яго ве́чную ўзнагаро́ду. /

Ра́дуйцеся, жыхары́ све́тласцяў святых, дзе няма ні хваробы, ні тугі, ні сто́гну. /

Ра́дуйцеся, суцяша́льнікі ўсіх гна́ных і прыгне́чаных за Хрыстову веру. /

Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.

Кандак 10

Спасе́ння і ве́чнага супако́ю дасягну́ўшы пасля́ шматпаку́тнага зямно́га жыцця́, вы і нас, святы́я му́чанікі, навуча́еце, што адна́ ёсць даро́га да спасе́ння ў гэ́тым све́це ліхі́м і падсту́пным, каб усё цярплі́ва перано́сіць дзе́ля Хрыста́, спява́ючы Яму́ стара́нна: Алілу́ія.

Ікас 10

Сце́ны свято́га хра́ма, дзе нятле́нна спачыва́юць ва́шы гаючано́сныя це́лы, асвятля́юцца ні́бы нябе́сны пала́ц, і ўсе, хто жада́е спасе́ння, прыхо́дзяць да вас, святы́я му́чанікі, з про́сьбамі, з удзя́чнасцю і са славасло́ўем:

Ра́дуйцеся, памочнікі на́шы ў го́расцях, хваробах і сму́тку. /

Ра́дуйцеся, хада́йнікі на́шы перад прасто́лам Нябе́снага Суддзі жывы́х і мёртвых. /

Ра́дуйцеся, бо ніво́дзін, хто шука́ў у вас дапамо́гі, / не адыхо́дзіць ад вас ні з чым. /

Ра́дуйцеся, шчо́дрыя пада́целі нам Божае мі́ласці. /

Ра́дуйцеся, узра́даваныя ў нябёсах, / вы і нас на зямлі́ ўмацо́ўваеце / ў ра́даснай надзе́і ве́чнага спасе́ння. /

Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.

Кандак 11

Да спе́ваў а́нгельскага хо́ру на не́бе далучы́ўшы свае́ прападо́бныя галасы́, вы, святы́я му́чанікі, ра́зам з нябе́снымі чына́мі несупы́нна сла́віце Го́спада Бо́га, і мы, недасто́йныя, спадзеючы́ся на міласэ́рнасць Бо́жую, адва́жваемся на зямлі́ тле́ннымі ву́снамі і ўдзя́чным сэ́рцам спява́ць Яму: Алілу́ія.

Ікас 11

Све́тлага дня ўсеагу́льнага ўваскрасе́ння і Стра́шнага суда Божага чака́ючы, мы жаха́емся ліхі́х на́шых учы́нкаў і бязме́рных грахоў, які́мі ўвесь час гняві́м Тварца і Спасіцеля на́шага; але, ма́ючы вас, святы́я му́чанікі, засту́пнікамі за нас перад Го́спадам, з удзя́чнасцю мо́лімся да вас:

Ра́дуйцеся, бо мы па Бо́гу і па Прачы́стай Вечнадзе́ве Багародзіцы / усю на́шу надзе́ю на вас усклада́ем. /

Ра́дуйцеся, бо вы не пасаро́міце нас у спадзява́нні на́шым./

Ра́дуйцеся, бо малі́твамі ва́шымі мы спадзяёмся атрыма́ць дарава́нне грахоў і жыццё ве́чнае. /

Ра́дуйцеся, благаславёныя Айцом Нябесным, / вы атрыма́лі Ца́рства, падрыхтава́нае вам ад стварэ́ння све́ту. /

Ра́дуйцеся, бо і мы ва́шым засту́пніцтвам / спадзяёмся пазбе́гнуць долі тых, хто ста́не левару́ч прасто́ла Суддзі́. /

Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.

Кандак 12

Благада́ць цудоўных ацале́нняў і ху́ткага хада́йніцтва за нас пе́рад Госпадам ма́ючы, не перастава́йце, святы́я му́чанікі, заўсёды дапамага́ць нам, а мы дзя́куем за вас Хрысту́ Богу і ўскліка́ем Яму: Алілу́ія.

Ікас 12

Апява́ючы ва́ша све́тлае праслаўле́нне на не́бе і на зямлі́, дзя́куем усямі́ласціваму Спасіцелю і Богу на́шаму, Які, трыма́ючы ў Сваёй руцэ часі́ны і ле́ты, меў ла́ску прасла́віць і адкры́ць нам вас, святы́я му́чанікі, у спрыя́льны для на́шага спасе́ння час, каб мы не загра́злі ў ба́гне пагі́бельных пажа́днасцей і неразу́мных імкне́нняў, і таму́ мы ўзно́сім да вас на́ша шчы́рае добрахвале́нне:

Ра́дуйцеся, неадсту́пныя вартавы́я на́шага спасе́ння, / вы засцерага́еце нас ад усяля́кага непрыя́знага нагаво́ру. /

Ра́дуйцеся, ахо́ўнікі на́шы, вы адганя́еце ад нас уся́кую шкодную спаку́су, /

Ра́дуйцеся, во́пытныя наста́ўнікі на́шы ў непахі́сным і цвёрдым вызна́нні правасла́ўнай ве́ры. /

Ра́дуйцеся, магутнагало́сыя арга́ны благада́ці Бо́жае, / якая напаўня́е Праваслаўную Царкву́. /

Ра́дуйцеся, вялі́кія суайчы́ннікі на́шы, / вы ўсім нам жада́еце і дапамага́еце спасці́ся. /

Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.

Кандак 13

О, славу́тыя і святы́я му́чанікі: Антоніе, Іаане і Яўстафіе,/ прымі́це гэ́тае мало́е, але шчы́рае на́ша мале́нне, / і ва́шым хада́йніцтвам пе́рад Хрысто́м Бо́гам / пазба́ўце нас ад усіх хваро́б душы́ і це́ла, / і ад уся́кага по́дступу варо́жага, / і ад усяля́кае бяды́ і напа́сці, / каб мы заўсёды, дзя́куючы за вас Госпаду Богу, ра́дасна спява́лі Яму́: / Алілу́ія.

 

Гэты кандак прамаўляем тройчы, затым Ікас 1, затым Кандак 1.

 

Іерэй: Да святы́х му́чанікаў Анто́нія, Іаа́на і Яўста́фія памо́лімся.

Людзі: Святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе, малі́це Бога за нас.

 

Малітва

Святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе! Спагля́ньце з нябе́снага хо́раму на тых, хто ма́е патрэ́бу ў ва́шай дапамо́зе і не адхілі́це про́сьбаў на́шых, але як сапра́ўдныя дабрадзе́і і хада́йнікі на́шы, малі́це Хрыста́ Бога, каб Ён, Чалавекалю́бны і Мнагамі́ласцівы, захава́ў нас ад усяля́кага ліхо́га здарэ́ння: ад землетрасе́ння, патопу, агню́, мяча́, нашэ́сця іншазе́мцаў і міжусо́бнае вайны́. Няхай не асу́дзіць Ён нас, грэшных, за беззако́нні на́шы, і каб не ў лі́ха мы абярну́лі дабро, яко́е дае́цца нам Усяшчо́дрым Бо́гам, але на сла́ву свято́га імя́ Яго і ва ўслаўле́нне магу́тнага ва́шага засту́пніцтва. Няхай малітвамі ва́шымі дасць нам Гасподзь лаго́ду ду́мак, устрыма́нне ад згу́бных пажа́днасцей і ад усяля́кага бру́ду, і няха́й умацуе ва ўсім све́це Сваю адзіную Святую, Саборную і Апостальскую Царкву́, яку́ю набы́ў Ён кашто́ўнаю Сваёю Крывёю. Малі́цеся стара́нна, святы́я му́чанікі, каб умацава́ў Хрыстос Бог у святой Сваёй Праваслаўнай Царкве жывы́ дух і́сціннай веры і набо́жнасці, каб усе лю́дзі яе, чы́стыя ад ма́рнага мудраге́льства і забабо́наў, у ду́ху і і́сціне пакланя́ліся Яму і стара́нна дба́лі аб выкана́нні Яго за́паведзяў, каб мы ўсе мі́рна і набо́жна пражылі́ гэты век і дасягну́лі блажэ́ннага ве́чнага жыцця́ на не́бе па благада́ці Го́спада на́шага Іісу́са Хрыста́, Яко́му нале́жыць уся́ сла́ва, паклане́нне і ўла́да з Айцо́м і Святы́м Ду́хам, цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

 


2009?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая