epub
 
Падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Мужык і пан

Быў сабе адзін пан да такі паганы, злосны, што проста бяда. Ніхто не мог яму ўгадзіць. Усе яго баяліся, бы чорта. Бывала, як прыйдзе к яму хто чаго-кольвек прасіць, а ён раптам як крыкне:

- Што скажаш?

Той кажа:

- Усё добрае, паночку.

А сам дрыжыць, бы асіна.

- А па добрым што? - закрычыць пан. - На канюшню яго, галгана!

От так не дасць і слова прамовіць. Іначай ён і не ўмеў з людзьмі гаварыць. І баяліся ж людзі гаварыць таму пану што-небудзь кепскае, не пад гумар - засячэ, усю шкуру зніме, калі хто не патрапіць сказаць яму так, як ён хоча, а скажа не па шэрсці. Толькі быў адзін нехлямяжы мужычок, дражнілі яго Стопкам: той умеў з тым панам гаварыць. От раз той пан іграў у карты да й выйграў вельмі харошы маёнтак. От гэтак вясною, каля Міколы, паехаў пан аглядаць той маёнтак да й астаўся там на ўсё лета. Бачыш, яму вельмі спадабаўся той маёнтак. Праўду ж кажуць, што новае сітка на калочку вісіць, а старое пад лаваю ляжыць. Бачыць аканом, што доўга няма пана, а тут у двары бяда на бядзе едзе й бядою паганяе, от ён стаў думаць, як бы заведаміць пана. Думаў-думаў да й надумаўся паслаць к пану пасланца. Толькі не ведае, каго паслаць, каб ён добра расказаў пану пра ўсё няшчасце. Каго ні пашле, усе не слухаюць, - баяцца пана, каб за праўду не засек. Абяцаў ён вялікі гасцінец таму, хто пойдзе к пану. Перабраў усё сяло - няма ахвотніка. Не знае аканом, што рабіць, - сядзіць да ломіць рукі. Прачуў пра тое Стопак, пайшоў к аканому і кажа:

- Я пайду к пану і ўсё яму скажу: я ўмею, як з ім гаварыць.

Рад аканом, чуць не цалуе Стопка. От аканом даў Стопку цэлую жменю грошай, чобаты з сваіх ног і пасылае яго к пану ў новы маёнтак. Ідзе Стопак і ні адной карчмы не мінае. Ці доўга ён ішоў ці мала, толькі вось прыйшоў у новы двор. Падходзіць к пакоям, аж там сустракае яго лёкай.

- Ты чаго тут шляешся, валацуга! - крыкнуў лёкай на Стопка й давай яго цкаваць сабакамі.

Стопак дастаў з вярэнькі кусок сала й кінуў яго сабакам. Сабакі годзі брахаць. Тым часам Стопак узышоў на ганак.

- Што там трэба? - лытае лёкай удругае.

- Мне трэба бачыцца з панам, - кажа Стопак. - Прыйшоў я, паночку, з старога панскага двара.

- Добра, - кажа лёкай, - я скажу пану аб табе, але скажы ж ты мне, адкуль ты знаеш, што я пан?

- Адтуль знаю - бачу. Ты пан - не пан, а так сабе - палупанак, бо ў цябе нос нізкі, лоб слізкі, то і бачно, што лізаў панскія палуміскі.

Хацеў тут лёкай ухваціць Стопка за каўтуны да, як кажуць, паслаць яго з валаснога ўпраўлення да ў земскі суд, але тут якраз лёкая пазваў к сабе пан.

- Які там хлоп? - пытае лёкая пан.

- То пасланы ад пані з панскага маёнтка, - кажа лёкай.

- А позваць яго да крадэнсу.

Пабег лёкай зваць Стопка к пану. А Стопак тым часам дастаў капшук, напхаў у люльку цюцюну, выняў з магалейкі губку і крамянец, узяў цагало і давай красаць агонь. От выкрасаў ён агню й давай курыць люлечку; курыць сабе да паплёўвае на чысты памост.

- Ідзі, цябе пан заве, - кажа лёкай.

- Не трасца трасе, няхай абажджэ, - кажа Стопак і пакурвае сваю люлечку.

- Прандзэй ідзі!

- Зараз, зараз, толькі люльку дакуру.

Ждаў, ждаў пан Стопка - не даждаўся. Гоніць удругае лёкая па Стопка.

А Стопак агінаецца да шавеліцца, бы мокрае гарыць. От ён дакурыў люльку, выбіў з яе попел і схаваў за пазуху, і толькі тады памаленьку пасунуўся к пану ў крэданс. Лёкай, бы сабака, бяжыць паперадзе да адчыняе дзверы. От улез Стопак к пану ў крэданс да й закашляўся. Рыгае Стопак, а пан чакае да толькі вусы круціць.

- Дзень добры, паночку!

- А цо повеш? - пытаецца пан.

- Усё добрае, паночку.

- А па добрым цо?

- Да от, паночку, мяне прыслаў аканом... Панскі сцізорык зламаўся.

- Які сцізорык?

- Да гэта ж, мабыць, той, што пану пер'я рабілі.

- Як жа яго зламалі?

- Кажуць жа, пане, што без нажэндзя і вошы не заб'еш. Але ўсялякае нажэндзе пры рабоце псуецца. От так і панскі сцізорык. Хацелі пану на боты злупіць з выжла шкуру, узялі сцізорык. Але на панскім выжлу вельмі ж моцная шкура. Сцізорык і зламаўся.

- Якего выжла? Цо ты пляцеш, галган!

- Панскі выжал: той самы, можа пан памятае, ён яшчэ ўскочыў у калодзеж, а Мікіту паслалі даставаць, да ён і ўтапіўся там. Эгэ ж, той самы выжал, што пан любіў яго браць на паляванне. Э ж, дай, божа, памяць, здаецца мне, што пан аддаў за таго выжла суседняму пану трох мужыкоў.

- Цо ж, мой выжэл здэх?

- Здох, пане.

- З чэго ж он здэх?

- Кажуць, паночку, быў здароў, але як каніны аб'еўся, дак разам і ногі выпруціў.

- Якей каніны?

- Да мяса з жарабца.

- Якего жжэбца?

- Панскага ж буланага жарабца, з лысінкаю.

- Цо ж, і он здэх?

- Здох, паночку. А шкада - добры быў жарабец.

- Я няшчэнслівы!

- Э, пане, чаго вельмі турбавацца? Ужо ж ведама, калі жарабятка ўродзіцца з лысінкаю, то яно ці здохне, ці яго воўк заесць.

- З чэго ж жжэбец здэх?

- Падарваўся, мабыць.

- Цо ж на нім рабілі? Прэнтко ездзілі, чы цо?

- Не, пане, на ём не ездзілі: заўжды ён стаяў на стайні.

- А цо ж?

- Ваду, пане, вазілі.

- Але ж на цо была та вода?

- Людзі ж кажуць, паночку, што як топішся, то і за брытву хопішся. От як загарэўся ў двары свінух, дык аканом вялеў і на жарабцу воду вазіць.

- Цо ж і свінух спалілсе?

- Згарэў, паночку.

- Як жа он запалілсе?

- Бачыш, пане, ён быў блізка каля аборы, от ад яе і загарэўся.

- То і абора паліласен?

- Гарэла, пане, як свечка.

- З чэго ж она запаліласен?

- От гэтага, паночку, добра не ведаю, ці ад абозні, ці мо ад пакояў.

- Езус Мар'я! То і пакоі спалілысен?

- Згарэлі, пане, суздром усё змокла, от як бы хто языком злізаў.

- І вшыстэк двор спалілсен?

- Увесь, пане: чыста, гладка, хоць рэпу сей.

Ухваціўся тут пан за голаву і давай божкаць.

- Але з чэго ж запалілісен пакоі? - пытае зноў пан Стопка.

- Ад свечак, пане, - кажа Стопак.

- Для чэго ж палілы свецы?

- Ну, як жа, пане? Ведама, заўсёды свечкі паляць, як хто памрэ.

- Кто ж там змарл?

- Вечны пакой, каб ёй на тым свеце лёгка ікнулася, - пані памерла.

- Цо-цо? Цо ты гадаш? Пані змарла? О, я няшчэнслівы!.. - давай тут пан плакаць, убівацца.

- Чаго ж пан плача? Пану ж бог даў і прыбытак.

- Які? Гадай прэндзэй!

- Пану бог даў унука. Большая панская паненка сына мела. Гожы, кажуць, хлапчук, ці бо паніч, от рыхтык як выліты панскі хурман Мікіта.

Пачуўшы тое, пан зваліўся з крэсла, а Стопак пайшоў сабе ў пякарню падвячоркаваць. Дык от які Стопак і як ён умеў з панамі гаварыць.

 

Запісана А.Сержпутоўскім у в. Вялікі Рожын Слуцкага павета ад Рэдкага.




Беларуская Палічка: http://knihi.com