Новы Запавет і Прыповесьці

Новы Запавет перакладзены са старажытнагрэцкай мовы паводле Greek New Testament: Stephanus Textus Receptus, 1550

Кніга Прыповесьцяў перакладзена са старажытнагебрайскай мовы паводле Писания (Ктувим), изд. Мосад а-рав Кук, 1978

Copyright © 2016 John the Forerunner Church of Christians of Evangelical Faith of Minsk City

Translation by: Antoni Bokun

This translation is made available to you under the terms of the Creative Commons

Attribution-Noncommercial-No Derivatives license 4.0.

You may share and redistribute this Bible translation or extracts from it in any format,

provided that:

- You include the above copyright information.

- You do not sell this work for a profit.

- You do not change any of the actual words or punctuation of the Scriptures.

Pictures included with Scriptures and other documents on thissite are licensed justfor

use with those Scriptures and documents. For other uses, please contactthe respective

copyright owners.

ISBN 978-1-5313-0830-8

КНІГА ПРЫПОВЕСЬЦЯЎ
  Прп 1
  Прп 2
  Прп 3
  Прп 4
  Прп 5
  Прп 6
  Прп 7
  Прп 8
  Прп 9
  Прп 10
  Прп 11
  Прп 12
  Прп 13
  Прп 14
  Прп 15
  Прп 16
  Прп 17
  Прп 18
  Прп 19
  Прп 20
  Прп 21
  Прп 22
  Прп 23
  Прп 24
  Прп 25
  Прп 26
  Прп 27
  Прп 28
  Прп 29
  Прп 30
  Прп 31
ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ
  Мц 1
  Мц 2
  Мц 3
  Мц 4
  Мц 5
  Мц 6
  Мц 7
  Мц 8
  Мц 9
  Мц 10
  Мц 11
  Мц 12
  Мц 13
  Мц 14
  Мц 15
  Мц 16
  Мц 17
  Мц 18
  Мц 19
  Мц 20
  Мц 21
  Мц 22
  Мц 23
  Мц 24
  Мц 25
  Мц 26
  Мц 27
  Мц 28
ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАРКА
  Мк 1
  Мк 2
  Мк 3
  Мк 4
  Мк 5
  Мк 6
  Мк 7
  Мк 8
  Мк 9
  Мк 10
  Мк 11
  Мк 12
  Мк 13
  Мк 14
  Мк 15
  Мк 16
ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЛУКІ
  Лк 1
  Лк 2
  Лк 3
  Лк 4
  Лк 5
  Лк 6
  Лк 7
  Лк 8
  Лк 9
  Лк 10
  Лк 11
  Лк 12
  Лк 13
  Лк 14
  Лк 15
  Лк 16
  Лк 17
  Лк 18
  Лк 19
  Лк 20
  Лк 21
  Лк 22
  Лк 23
  Лк 24
ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА
  Ян 1
  Ян 2
  Ян 3
  Ян 4
  Ян 5
  Ян 6
  Ян 7
  Ян 8
  Ян 9
  Ян 10
  Ян 11
  Ян 12
  Ян 13
  Ян 14
  Ян 15
  Ян 16
  Ян 17
  Ян 18
  Ян 19
  Ян 20
  Ян 21
ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ
  Дз 1
  Дз 2
  Дз 3
  Дз 4
  Дз 5
  Дз 6
  Дз 7
  Дз 8
  Дз 9
  Дз 10
  Дз 11
  Дз 12
  Дз 13
  Дз 14
  Дз 15
  Дз 16
  Дз 17
  Дз 18
  Дз 19
  Дз 20
  Дз 21
  Дз 22
  Дз 23
  Дз 24
  Дз 25
  Дз 26
  Дз 27
  Дз 28
ПАСЛАНЬНЕ ДА РЫМЛЯНАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА
  Рым 1
  Рым 2
  Рым 3
  Рым 4
  Рым 5
  Рым 6
  Рым 7
  Рым 8
  Рым 9
  Рым 10
  Рым 11
  Рым 12
  Рым 13
  Рым 14
  Рым 15
  Рым 16
ПЕРШАЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА КАРЫНЬЦЯНАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА
  1 Кар 1
  1 Кар 2
  1 Кар 3
  1 Кар 4
  1 Кар 5
  1 Кар 6
  1 Кар 7
  1 Кар 8
  1 Кар 9
  1 Кар 10
  1 Кар 11
  1 Кар 12
  1 Кар 13
  1 Кар 14
  1 Кар 15
  1 Кар 16
ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА КАРЫНЬЦЯНАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА
  2 Кар 1
  2 Кар 2
  2 Кар 3
  2 Кар 4
  2 Кар 5
  2 Кар 6
  2 Кар 7
  2 Кар 8
  2 Кар 9
  2 Кар 10
  2 Кар 11
  2 Кар 12
  2 Кар 13
ПАСЛАНЬНЕ ДА ГАЛЯТАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА
  Гал 1
  Гал 2
  Гал 3
  Гал 4
  Гал 5
  Гал 6
ПАСЛАНЬНЕ ДА ЭФЭСЦАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА
  Эф 1
  Эф 2
  Эф 3
  Эф 4
  Эф 5
  Эф 6
ПАСЛАНЬНЕ ДА ФІЛІПЯНАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА
  Флп 1
  Флп 2
  Флп 3
  Флп 4
ПАСЛАНЬНЕ ДА КАЛАСЯНАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА
  Кал 1
  Кал 2
  Кал 3
  Кал 4
ПЕРШАЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ТЭСАЛОНЦАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА
  1 Тэс 1
  1 Тэс 2
  1 Тэс 3
  1 Тэс 4
  1 Тэс 5
ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ТЭСАЛОНЦАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА
  2 Тэс 1
  2 Тэс 2
  2 Тэс 3
ПЕРШАЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІМАФЕЯ АПОСТАЛА ПАЎЛА
  1 Цім 1
  1 Цім 2
  1 Цім 3
  1 Цім 4
  1 Цім 5
  1 Цім 6
ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІМАФЕЯ АПОСТАЛА ПАЎЛА
  2 Цім 1
  2 Цім 2
  2 Цім 3
  2 Цім 4
ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІТА АПОСТАЛА ПАЎЛА
  Ціт 1
  Ціт 2
  Ціт 3
ПАСЛАНЬНЕ ДА ФІЛІМОНА АПОСТАЛА ПАЎЛА
  Флм 1
ПАСЛАНЬНЕ ДА ГЕБРАЯЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА
  Гебр 1
  Гебр 2
  Гебр 3
  Гебр 4
  Гебр 5
  Гебр 6
  Гебр 7
  Гебр 8
  Гебр 9
  Гебр 10
  Гебр 11
  Гебр 12
  Гебр 13
ПАЎСЮДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АПОСТАЛА ЯКУБА
  Як 1
  Як 2
  Як 3
  Як 4
  Як 5
ПЕРШАЕ ПАЎСЮДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АПОСТАЛА ПЯТРА
  1 Пт 1
  1 Пт 2
  1 Пт 3
  1 Пт 4
  1 Пт 5
ДРУГОЕ ПАЎСЮДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АПОСТАЛА ПЯТРА
  2 Пт 1
  2 Пт 2
  2 Пт 3
ПЕРШАЕ ПАЎСЮДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АПОСТАЛА ЯНА
  1 Ян 1
  1 Ян 2
  1 Ян 3
  1 Ян 4
  1 Ян 5
ДРУГОЕ ПАЎСЮДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АПОСТАЛА ЯНА
  2 Ян 1
ТРЭЦЯЕ ПАЎСЮДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АПОСТАЛА ЯНА
  3 Ян 1
ПАЎСЮДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АПОСТАЛА ЮДЫ
  Юда 1
АДКРЫЦЬЦЁ ЯНА БАГАСЛОВА
  Адкр 1
  Адкр 2
  Адкр 3
  Адкр 4
  Адкр 5
  Адкр 6
  Адкр 7
  Адкр 8
  Адкр 9
  Адкр 10
  Адкр 11
  Адкр 12
  Адкр 13
  Адкр 14
  Адкр 15
  Адкр 16
  Адкр 17
  Адкр 18
  Адкр 19
  Адкр 20
  Адкр 21
  Адкр 22


КНІГА ПРЫПОВЕСЬЦЯЎ

 

Прп 1

1 Прыповесьці Салямона, сына Давіда, валадара Ізраіля,

2 каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець словы розуму,

3 каб атрымаць настаўленьні ў разважлівасьці, праведнасьці, судзе і справядлівасьці.

4 каб неразумным даць разумнасьць, юнаку — веды і разважлівасьць.

5 Мудры няхай слухае і павялічвае веды, а разумны няхай прыдбае мудрыя думкі,

6 каб зразумець выслоўе і прыповесьць, словы мудрых і загадкі іхнія.

7 Страх перад ГОСПАДАМ — пачатак веданьня. Неразумныя пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.

8 Сыне мой, паслухай перасьцярогаў бацькі свайго і не адкідай павучаньняў маці сваёй,

9 бо яны — прывабны вянок на галаве тваёй і каштоўныя каралі на шыі тваёй.

10 Сыне мой, калі б цябе намаўлялі грэшнікі, не далучайся да іх.

11 Калі яны скажуць: «Хадзем з намі! Зробім засаду дзеля праліцьця крыві; наставім без прычыны пастку на нявіннага;

12 праглынем іх жыўцом, як пекла, і цалкам, як тых, што зыходзяць у магілу;

13 знойдзем усялякія каштоўнасьці, напоўнім дамы свае здабычаю.

14 Жэрабя сваё кідай разам з намі, няхай адзін мех будзе для нас усіх».

15 Сыне мой, не хадзі з імі, устрымай нагу сваю ад сьцежкі іхняй,

16 бо ногі іхнія бягуць да злачынства і сьпяшаюцца на праліцьцё крыві.

17 Бо надарэмна настаўляецца сетка на вачах усяго птаства.

18 А яны цікуюць на ўласную кроў, робяць засаду супраць душы сваёй.

19 Такія вось сьцежкі кожнага, хто прагне чужога даброцьця; яно забірае душу таго, хто завалодае ім.

20 Мудрасьць гукае на вуліцах, на плошчах узьнімае голас свой,

21 на скрыжаваньнях шумлівых дарог кліча, у брамах гарадзкіх гучаць яе словы:

22 «Дакуль, неразумныя, будзеце любіць неразумнасьць; дакуль, насьмешнікі, будзеце захапляцца насьмешкамі сваімі, а невукі — пагарджаць веданьнем?

23 Зьвярніцеся да настаўленьня майго, і я выльлю на вас духа майго, і абвяшчу вам словы мае.

24 Вось жа я клікала, але вы адмаўляліся, працягвала руку сваю, але ніхто не зьвярнуў увагі.

25 Вы ўзгардзілі радай маёю і адкінулі дакараньні мае.

26 Дык і я буду сьмяяцца з вашага падзеньня, і насьмяхацца буду, калі прыйдзе на вас жах.

27 Калі нахлыне жах, як бура, і загуба ваша, быццам віхор, калі прыйдуць на вас трывога і гора,

28 тады будуць клікаць мяне, але я не адкажу, шукаць мяне будуць, і ня знойдуць мяне.

29 Бо яны зьненавідзелі веданьне і ня выбралі для сябе страху ГОСПАДАВА,

30 і не пайшлі за маімі парадамі, і ўзгардзілі маімі перасьцярогамі.

31 Дык няхай ядуць яны плады шляху свайго і насыцяцца намерамі сваімі.

32 Бо адступніцтва неразумных заб’е іх, бяздумнасьць дурняў загубіць іх.

33 А хто слухае мяне, будзе жыць бясьпечна, будзе спакойны, не баючыся зла».

 

Прп 2

1 Сыне мой, калі ты прыймеш словы мае і захаваеш у сябе прыказаньні мае,

2 прыхіляючы вуха сваё да мудрасьці і схіляючы сэрца сваё да разважлівасьці,

3 калі вось клікаць будзеш розум і голас свой уздымеш, заклікаючы развагу,

4 калі шукаць яе будзеш як срэбра, і прагнуць яе будзеш як багацьця,

5 тады зразумееш страх перад ГОСПАДАМ і знойдзеш пазнаньне Бога.

6 Бо ГОСПАД дае мудрасьць, і з вуснаў Ягоных — веданьне і разуменьне.

7 Ён захоўвае цьвярозы розум правым, Ён — шчыт для тых, якія ходзяць беззаганна.

8 Ён пільнуе сьцежкі правасудзьдзя, захоўвае шляхі багабойных Сваіх.

9 Тады зразумееш праведнасьць, суд і справядлівасьць, і кожны добры шлях,

10 калі ўвойдзе мудрасьць у сэрца тваё, і веданьне ўсьцешыць душу тваю.

11 Разважлівасьць будзе пільнаваць цябе, і розум будзе захоўваць цябе,

12 каб выратаваць цябе ад шляху ліхога і ад чалавека, які гаворыць хлусьліва,

13 ад тых, якія пакідаюць шлях просты, каб хадзіць сьцежкамі цемры,

14 якія цешацца, робячы злое, і радуюцца з ліхіх учынкаў,

15 у якіх шляхі крывыя і якія блукаюцца на сьцежках сваіх,

16 каб выратаваць цябе ад чужой жанчыны і ад чужаніцы, што лісьліва гаворыць,

17 якая пакінула сябра маладосьці сваёй і забылася на запавет Бога свайго.

18 Бо дом яе нахіліўся да сьмерці, і шлях ейны — да мёртвых;

19 усе, хто да яе ўваходзяць, назад не вяртаюцца і не знаходзяць сьцежак жыцьця.

20 Дык хадзі ж ты шляхам добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў,

21 бо правыя будуць жыць на зямлі, і беззаганныя застануцца на ёй.

22 А бязбожныя будуць вынішчаны з зямлі, ліхадзеі будуць выкарэнены з яе.

 

Прп 3

1 Сыне мой, не забывайся настаўленьня майго, і няхай сэрца тваё захоўвае прыказаньні мае,

2 бо доўгія дні, гады жыцьця і супакой прынясуць яны табе.

3 Міласэрнасьць і праўда няхай не пакідаюць цябе, абвяжы імі шыю сабе і напішы іх на табліцах сэрца твайго,

4 і знойдзеш ты ласку і спагаднасьць у вачах Бога і людзей.

5 Спадзявайся на ГОСПАДА ўсім сэрцам сваім і не абапірайся на розум свой.

6 Думай пра Яго на ўсіх шляхах тваіх, і Ён выпрастуе сьцежкі твае.

7 Ня будзь мудры ў вачах сваіх, бойся ГОСПАДА і пазьбягай ліхоты.

8 Гэта будзе здароўем для цела твайго і спасіленьнем косткам тваім.

9 Шануй ГОСПАДА ўсёй маёмасьцю тваёй і пяршынамі ўсіх пладоў тваіх,

10 і напоўняцца гумны твае збожжам, а тоўчні твае перапоўняцца новым віном.

11 Не адкідай, сыне мой, настаўленьня ГОСПАДАВА, і не ўхіляйся, калі Ён дакарае цябе,

12 бо каго любіць ГОСПАД, таго карае, як бацька, які спагадае сыну.

13 Шчасьлівы чалавек, які знайшоў мудрасьць, і чалавек, які прыдбаў разуменьне.

14 Бо здабыць яе лепш, чым здабыць срэбра, і плады ейныя лепшыя за золата.

15 Яна — каштоўнейшая за пэрліны, і нішто з таго, што ты прагнеш, ня можа параўнацца з ёю.

16 Доўгасьць дзён у правай руцэ яе, а ў левай руцэ — багацьце і слава.

17 Шляхі яе — шляхі прыемныя, і ўсе сьцежкі ейныя — супакой.

18 Яна — дрэва жыцьця для тых, што трымаюцца яе, шчасьлівыя тыя, якія абапіраюцца на яе.

19 ГОСПАД мудрасьцю заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў розумам.

20 Яго веданьнем расчыніліся бяздоньні і аблокі імгляць расою.

21 Сыне мой, няхай гэта не адыходзіць ад вачэй тваіх, захоўвай разумнасьць і разважнасьць.

22 І яны стануцца жыцьцём для душы тваёй і аздобаю для шыі тваёй.

23 Тады пойдзеш бясьпечна шляхам сваім, і нага твая не пахісьнецца.

24 Калі ляжаш спаць, ня будзеш мець страху, і калі засьнеш, сон твой будзе салодкі.

25 Не спалохаешся раптоўнага страху і загубы бязбожнікаў, калі яна прыйдзе,

26 бо ГОСПАД будзе тваім спадзяваньнем і захавае нагу тваю ад пасткі.

27 Не адмаўляй у дабрадзействе таму, хто патрабуе, калі рука твая мае сілу зрабіць гэта.

28 Не кажы бліжняму твайму: «Ідзі сабе і прыйдзі зноў, заўтра дам табе», калі маеш гэта пры сабе.

29 Не надумляй ліхоцьця супраць бліжняга твайго, калі ён жыве пры табе бясьпечна.

30 Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён не зрабіў табе нічога благога.

31 Не зайзросьці чалавеку злачыннаму і не выбірай ніводнага з шляхоў яго,

32 бо ГОСПАД брыдзіцца крывадушным, а з правымі Ён сябруе.

33 Праклён ГОСПАДАЎ на доме бязбожніка, але жытло праведных Ён дабраслаўляе.

34 Ён сьмяецца з насьмешнікаў, а пакорным ласку дае.

35 Мудрыя атрымаюць у спадчыну славу, а бязглуздыя насіць будуць ганьбу.

 

Прп 4

1 Слухайце, дзеці, настаўленьне бацькі і ўважайце, каб навучыцца розуму,

2 бо я даю вам добрую навуку; не пакідайце закону майго.

3 Бо і я быў сынам у бацькі майго, пешчаны і адзіны ў маці маёй.

4 І ён вучыў мяне, і казаў мне: «Няхай трымаецца сэрца тваё словаў маіх, захоўвай прыказаньні мае і жыві.

5 Набывай мудрасьць, набывай розум, не забывайся і не ўхіляйся ад словаў вуснаў маіх.

6 Не пакідай яе, і яна захавае цябе, любі яе, і яна будзе пільнаваць цябе.

7 Галоўнае — мудрасьць; набывай мудрасьць, і за ўсю маёмасьць сваю набывай розум.

8 Узьвяліч яе, і яна падыме цябе, яна праславіць цябе, калі ты ўхопішся за яе,

9 ускладзе на галаву тваю вянок ласкі, аздобіць цябе каронаю славы».

10 Слухай, сыне мой, і прыймі словы мае, і памножацца гады жыцьця твайго.

11 Я паказваю табе шлях мудрасьці, вяду цябе сьцежкамі праведнасьці.

12 Калі пойдзеш імі, ня будуць блытацца ногі твае, калі пабяжыш, не спатыкнешся.

13 Трымайся настаўленьня, не занядбоўвай, захоўвай яго, бо яно — жыцьцё для цябе.

14 Не ўзыходзь на сьцежку бязбожнікаў і не хадзі па шляху ліхотнікаў,

15 пазьбягай яго і не хадзі па ім, ухіляйся ад яго і абмінай яго,

16 бо не заснуць яны, калі ня ўчыняць благога, і сон іх ня возьме, калі не давядуць каго да падзеньня.

17 Бо ядуць яны хлеб беззаконьня і п’юць віно гвалту.

18 Але сьцежка праведных — як сьвятло зараніцы, што ўзыходзіць і расьце аж да поўнага дня.

19 Шлях бязбожнікаў цёмны, яны ня ведаюць, дзе спатыкнуцца.

20 Сыне мой, зважай на словы мае, прыхілі вуха тваё да прамоваў маіх.

21 Няхай не зыходзяць яны з вачэй тваіх, захоўвай іх у глыбіні сэрца твайго,

22 бо яны — жыцьцё для таго, хто знайшоў іх, і здароўе для ўсяго цела яго.

23 З усёй стараннасьцю захоўвай сэрца сваё, бо з яго крыніца жыцьця.

24 Адкінь ад сябе вусны хлусьлівыя, аддалі ад сябе язык крывадушны.

25 Вочы твае няхай глядзяць проста, а павекі твае няхай скіраваныя будуць перад табою.

26 Абдумай сьцежку для ног тваіх, і ўсе шляхі твае няхай будуць пэўныя.

27 Не зыходзь ані направа, ані налева, аддалі нагу тваю ад ліхоцьця.

 

Прп 5

1 Сыне мой, зважай на мудрасьць маю, прыхілі вуха тваё да розуму майго,

2 каб меў ты разважлівасьць, і вусны твае захавалі веданьне.

3 Бо вусны распусьніцы ацякаюць мёдам, і паднябеньне яе мякчэйшае за алей,

4 але канец яе горкі, як палын, і востры, як меч двусечны.

5 Ногі ейныя да сьмерці зыходзяць, а стопы ейныя на пекла абапіраюцца.

6 Як яна не разумее сьцежкі жыцьця, дык хістаюцца крокі яе, і ты ня можаш ведаць іх.

7 Дык вось цяпер, дзеці, паслухайце мяне, і не адыходзьцеся ад словаў вуснаў маіх.

8 Аддалі ад яе шлях твой, і не падыходзь да дзьвярэй дому яе,

9 каб не аддаць годнасьці сваёй іншым і гадоў сваіх — бязьлітаснаму,

10 каб не сыцелі чужынцы з сілы тваёй, і з працы тваёй — у доме чужым.

11 І будзеш ты потым стагнаць, калі будуць зьняможаныя цела тваё і сілы твае.

12 І ты скажаш: «Чаму я зьненавідзеў настаўленьне, і сэрца маё ўзгардзіла дакараньнем.

13 Ня слухаў я голасу настаўнікаў сваіх, і не прыхіляў я вуха свайго да тых, што вучылі мяне.

14 Ледзь ня трапіў я ў вялікае няшчасьце сярод грамады і народу!»

15 Пі ваду са сваёй крыніцы, тую, што цячэ з твайго калодзежу.

16 Навошта крыніцам тваім разьлівацца на вуліцы, а ручаям цячы па плошчах?

17 Няхай яны служаць толькі табе, а не чужынцам разам з табою.

18 Няхай крыніца твая будзе дабраслаўлёная, і цешся жонкай маладосьці тваёй.

19 Яна — ланя ласкавая і сарна прыгожая, ейныя грудзі няхай поюць цябе ва ўсякую часіну, у каханьні яе мей асалоду заўсёды.

20 Навошта табе, сыне мой, захапляцца распусьніцай і абдымаць улоньне чужаніцы?

21 Бо перад вачамі ГОСПАДА шляхі чалавека, Ён ведае ўсе крокі яго.

22 Бязбожніка схопяць ягоныя ўласныя правіны, і ён зьвязаны путамі грахоў сваіх.

23 Ён памрэ без настаўленьня і будзе блукаць дзеля вялікай глупоты сваёй.

 

Прп 6

1 Сыне мой, калі ты ручаўся за бліжняга твайго і даў руку тваю за чужога,

2 ты спутаў сябе словамі вуснаў сваіх, і ты злоўлены словамі вуснаў тваіх.

3 Дык зрабі, што раю, сыне мой, і вызвалі сябе, бо ты трапіў у рукі бліжняга твайго: бяжы, упадзі да ног і ўпрошвай бліжняга свайго,

4 не давай сну вачам тваім і спачынку павекам тваім,

5 вырывайся, як сарна з рукі і як птушка з рукі птушкалова.

6 Ідзі да мураша, гультаю, і паглядзі на шляхі ягоныя, і станься мудрым.

7 Няма ў яго начальніка, ані наглядчыка, ані кіраўніка,

8 але ён летам загатаўляе хлеб сабе і зьбірае сваю ежу ў жніво.

9 Як доўга, гультаю, будзеш спаць? Калі ты ўстанеш ад сну свайго?

10 Крыху пасьпіш, крыху падрэміш, крыху, склаўшы рукі, паляжыш,

11 і прыйдзе, як валацуга, беднасьць твая, і нястача твая, як чалавек узброены.

12 Чалавек нягодны, чалавек злачынны ходзіць з хлусьлівымі вуснамі,

13 лыпае вачыма сваімі, круціць нагамі сваімі, пальцамі сваімі знакі дае,

14 хавае ліхоту ў сэрцы сваім, увесь час прыдумляе благое, сваркі расьсявае.

15 Таму зьнянацку прыйдзе на яго загуба, раптоўна будзе зьнішчаны, і ня будзе яму аздараўленьня.

16 Вось шэсьць, якіх ненавідзіць ГОСПАД, і сем, якія агідныя для душы Яго:

17 вочы пыхлівыя, язык хлусьлівы, рукі, што праліваюць кроў нявінную,

18 сэрца, якое задумвае намеры зласьлівыя, ногі, што хутка бягуць на благое,

19 сьведка фальшывы, які дыхае няпраўдай, і той, хто сее нязгоду між братамі.

20 Сыне мой, захавай прыказаньні бацькі твайго і не пакідай закон маці тваёй,

21 навяжы іх назаўсёды на сэрцы тваім і абвяжы імі шыю тваю.

22 Калі пойдзеш, яны павядуць цябе, калі ляжаш спаць, будуць пільнаваць цябе, калі прабудзішся, будуць гаварыць да цябе.

23 Бо прыказаньне — сьветач, і закон — сьвятло, а настаўленьне і дакараньне — шлях жыцьця,

24 каб захаваць цябе ад жанчыны ліхой, ад лісьлівага языка чужаніцы.

25 Няхай не пажадае сэрца тваё прыгажосьці яе, няхай ня ўхопіць яна цябе вейкамі сваімі,

26 бо з прычыны распусьніцы галеюць да бохана хлеба, і чужаложніца цікуе на дарагую душу.

27 Ці схавае хто агонь у запазуху, каб не загарэлася адзеньне ягонае?

28 Ці можа хто хадзіць па распаленым вугольлі, не апёкшы ступняў сваіх?

29 Так і той, хто ўваходзіць да жонкі бліжняга свайго, хто дакранаецца да яе, не пазьбегне кары.

30 Не пагарджаюць злодзеем, калі ён крадзе, каб насыціць душу сваю, калі ён галодны,

31 але злоўлены, сямікроць аддасьць, аддасьць усю маёмасьць дому свайго.

32 Хто чужаложыць з жанчынаю, той бязглузды, загубіць душу сваю той, хто гэтак чыніць.

33 Біцьцё і сорам знойдзе ён сабе, і ганьба яго ня змыецца,

34 бо рэўнасьць раз’юшвае мужа, і не пашкадуе ён у дзень помсты,

35 ня гляне ён на ніякую аднагароду і адкіне дары, хоць іх павялічыш.

 

Прп 7

1 Сыне мой, прыймі словы мае і захоўвай у сабе прыказаньні мае.

2 Захоўвай прыказаньні мае і жыві, і закон мой — як зрэнку вока твайго.

3 Навяжы іх на пальцы твае, напішы іх на табліцах сэрца твайго.

4 Скажы мудрасьці: «Ты — сястра мая», і розум назаві сябрам,

5 каб яны захавалі цябе ад чужой жонкі, ад чужаніцы, што гаворыць лагодныя словы.

6 Вось, глядзеў я праз вакно дому свайго, праз краты свае,

7 і ўбачыў сярод неразумных, заўважыў сярод маладых людзей юнака легкадумнага,

8 як праходзіў вуліцай каля рогу яе, як ішоў дарогаю ў дом яе,

9 у поцемках, у позьні час, у начной цемры і змроку.

10 І вось выходзіць насустрач яму жанчына, у распусным адзеньні, з падступным сэрцам,

11 галасьлівая і нястрыманая, ногі яе не бываюць у доме яе:

12 ці то на вуліцы, ці то на плошчы, і на кожным рагу растаўляе пасткі.

13 І схапіла яго, цалавала яго, і з бессаромным тварам казала яму:

14 «У мяне ахвяра мірная, сёньня споўніла абяцаньні мае,

15 таму выйшла на спатканьне табе, прагнула бачыць аблічча тваё і знайшла цябе.

16 Дыванамі я заслала ложак мой, шматколернымі тканінамі з Эгіпту,

17 пакой мой пасыпала мірам, альвасам і цынамонам.

18 Прыйдзі, будзем цешыцца пяшчотамі да раніцы, атрымліваць асалоду ад каханьня.

19 Бо няма мужа ў доме, выбраўся ў далёкую дарогу,

20 капшук з грашыма ўзяў з сабою, у дзень поўні месяца мае вярнуцца дамоў».

21 Мноствам ласкавых словаў прывабіла яго, лісьлівасьцю вуснаў сваіх зьвяла яго.

22 Ён адразу пайшоў за ёю, як вол, ведзены на зарэз, як бязглузды, на ланцугу ведзены на пакараньне,

23 аж пакуль страла праб’е вантробы яго; як птушка, што кідаецца ў сіло, і ня ведае, што на загубу яе.

24 Дык цяпер, дзеці, паслухайце мяне, і зважайце на словы вуснаў маіх.

25 Няхай не схіляецца сэрца тваё да шляхоў яе, і не блукай па сьцежках яе,

26 бо шматлікія пакалечаныя ёю, і мноства магутных яна загубіла.

27 Дом ейны — шлях у пекла, які вядзе ў сутарэньні сьмерці.

 

Прп 8

1 Ці ж мудрасьць ня кліча? Ці ж розум ня ўзносіць голас свой?

2 На вяршынях гораў, пры дарозе, на ростанях стаіць яна,

3 ля брамаў, пры ўваходзе ў горад, пры дзьвярах кліча яна.

4 «Да вас, людзі, я клічу, да сыноў чалавечых голас мой!

5 Навучыцеся, неразумныя, цьвярозаму мысьленьню, і вы, бязглуздыя, прыдбайце разумнае сэрца.

6 Слухайце, бо буду гаварыць пра рэчы важныя, і расчыняцца вусны мае, каб сказаць рэчы справядлівыя.

7 Бо праўду выкажа язык мой, і няправасьць — брыдота для вуснаў маіх.

8 Выслоўі вуснаў маіх справядлівыя, няма ў іх хлусьні і крывадушнасьці.

9 Усе яны простыя для разумнага і правыя для тых, што знайшлі веданьне.

10 Прыйміце настаўленьне маё, а ня срэбра, лепш веды, чым чыстае золата,

11 бо мудрасьць лепшая за пэрлы, і ніякія каштоўнасьці не параўнаюцца з ёю.

12 Я, мудрасьць, жыву разам з цьвярозым мысьленьнем і шукаю веданьня з разважнасьцю.

13 Страх перад ГОСПАДАМ — ненавідзець ліхоту, пыху і фанабэрыстасьць, ліхія шляхі і крывадушныя вусны я ненавіджу.

14 У мяне рада і сапраўдная мудрасьць, я — розум, у мяне сіла.

15 Дзякуючы мне валадары валадараць і князі дзейнічаюць справядліва.

16 Дзякуючы мне начальнікі кіруюць, і магнаты, і ўсе судзьдзі зямлі.

17 Я люблю тых, якія мяне любяць, і тыя, што мяне шукаюць, знойдуць мяне.

18 У мяне багацьце і слава, незьнішчальныя скарбы і праведнасьць.

19 Плод мой лепшы за золата, і золата найчысьцейшае, і карысьць ад мяне лепшая за срэбра адборнае.

20 Я хаджу сьцежкамі праведнасьці і шляхамі правасудзьдзя,

21 каб даць тым, што любяць мяне, у спадчыну даброцьці, і скарбніцы іх я напоўню.

22 ГОСПАД меў мяне на пачатку шляху Свайго, раней стварэньняў Сваіх, спакон вякоў.

23 Спрадвеку я пастаўлена, ад пачатку, перш, чым зямля паўстала.

24 Я нарадзілася, калі яшчэ не было бяздоньняў, калі не было крыніцаў, напоўненых водамі.

25 Перш, чым горы былі асаджаны, перад узгоркамі я нарадзілася,

26 калі Ён яшчэ не стварыў ані зямлі, ані палёў, ані пачатковых пылінак сусьвету.

27 Калі Ён прыгатоўваў нябёсы, я была там. Калі Ён крэсьліў скляпеньне над абліччам бяздоньня,

28 калі засноўваў аблокі ўгары?, калі ўмацоўваў крыніцы бяздоньня,

29 калі вызначаў для мора статут ягоны, каб воды не перакрочвалі рубяжы свае, калі закладаў падваліны зямлі,

30 я была ў Яго дойлідам і была пацехай [Яго] кожны дзень, радуючыся перад абліччам Яго кожны час,

31 радуючыся на заселенай зямлі Яго, і пацеха мая — з сынамі чалавечымі.

32 Дык цяпер, дзеці, паслухайце мяне, і шчасьлівыя тыя, якія трымаюцца шляхоў маіх.

33 Слухайце настаўленьне, і будзеце мудрымі, і не адкідайце яго.

34 Шчасьлівы чалавек, які слухае мяне, чуваючы кожны дзень пры брамах маіх, стоячы на варце пры парозе дзьвярэй маіх.

35 Бо хто знойдзе мяне, знойдзе жыцьцё і атрымае ласку ад ГОСПАДА,

36 а хто грашыць супраць мяне, шкодзіць душы сваёй; усе, якія ненавідзяць мяне, любяць сьмерць».

 

Прп 9

1 Мудрасьць пабудавала сабе дом, вычасала сем слупоў яго,

2 закалола тое, што было на зарэз, зьмяшала віно і прыгатавала свой стол.

3 Паслала служак сваіх, кліча на дзядзінцу і на вышынях гарадзкіх:

4 «Хто неразумны, няхай прыйдзе сюды», а да бязглуздага кажа:

5 «Прыходзьце, ешце хлеб мой і піце віно, якое я зьмяшала,

6 пакіньце дурноту і жывіце, і хадзіце шляхам розуму».

7 Хто павучае насьмешніка, сьцягвае на сябе прыкрасьць, а хто дакарае бязбожніка, запляміцца.

8 Не дакарай насьмешніка, каб ён не зьненавідзеў цябе, дакарай мудрага, і ён будзе любіць цябе.

9 Настаўляй мудрага, і ён стане мудрэйшы, вучы праведнага, і ён павялічыць веды.

10 Пачатак мудрасьці — страх ГОСПАДАЎ, і веданьне Сьвятога — розум.

11 Бо праз мяне памножацца дні твае і дададуцца гады жыцьця твайго.

12 Калі будзеш мудры, для сябе будзеш мудры, а калі станеш насьмешнікам — сам будзеш мець шкоду.

13 Дурнота — жанчына крыклівая, неразумная і нічога ня ведае;

14 сядзіць ля дзьвярэй дому свайго на пасадзе, на вышынях гарадзкіх,

15 каб клікаць тых, што праходзяць дарогаю, што ідуць проста сьцежкамі сваімі:

16 «Хто неразумны, няхай прыйдзе сюды», а да бязглуздага кажа:

17 «Вада крадзеная салодкая, і схаваны хлеб смачнейшы».

18 І ня ведае той, што там мерцьвякі, і што ў цемры адхлані запрошаныя ёю.

 

Прп 10

1 Прыповесьці Салямона. Мудры сын — радасьць для бацькі, а дурны сын — гора для маці.

2 Не прыносяць карысьці скарбы бязбожныя, а праведнасьць ратуе ад сьмерці.

3 Не дазволіць ГОСПАД галадаваць душы праведніка, але адкіне жаданьні бязбожнікаў.

4 Лянівая рука робіць бедным, а рука працавітая ўзбагачае.

5 Хто летам зьбірае, той сын разважлівы, а хто сьпіць у жніво — сын ганебны.

6 Дабраславенствы — на галаве праведнага, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць.

7 Памяць пра праведніка дабраслаўлёная, а імя бязбожнікаў спарахнее.

8 Мудры сэрцам прыймае прыказаньні, а той, хто мае вусны неразумныя, упадзе.

9 Хто ходзіць беззаганна, той ходзіць бясьпечна, а хто кры?віць шляхі свае, будзе выяўлены.

10 Хто міргае вачыма, той робіць прыкрасьць, а той, хто мае вусны неразумныя, упадзе.

11 Вусны праведніка — крыніца жыцьця, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць.

12 Нянавісьць выклікае сваркі, а любоў пакрывае ўсе правіны.

13 У вуснах разумнага знаходзіцца мудрасьць, а кій — на сьпіне бязглуздага.

14 Мудрыя захоўваюць веданьне, а вусны неразумнага вядуць да загубы.

15 Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, загуба для бедных — іхняя галеча.

16 Праца праведніка вядзе да жыцьця, набытак бязбожніка — да грэху.

17 На сьцежцы жыцьця той, хто прыймае настаўленьне, а хто адкідае дакараньне — блукае.

18 Хто хавае нянавісьць, у таго вусны хлусьлівыя, а хто паклёп разносіць, той дурань.

19 У мностве словаў не пазьбегнеш грэху, а хто стрымлівае вусны свае, той разважлівы.

20 Язык праведніка — адборнае срэбра, а сэрца бязбожніка нічога ня вартае.

21 Вусны праведнага пасьвяць многіх, а бязглуздыя паміраюць ад нястачы розуму.

22 Дабраславенства ГОСПАДАВА, яно ўзбагачае, і смутку з сабою не прыносіць.

23 Радасьць для дурня — учынкі ганебныя, а для чалавека разумнага — мудрасьць.

24 Тое, чаго баіцца бязбожнік, прыйдзе на яго, а прагненьні праведных споўняцца.

25 Калі пранясецца віхор, дык і ня будзе больш бязбожніка, а праведнік мае вечны падмурак.

26 Як воцат для зубоў і як дым для вачэй, так гультай для тых, што яго пасылаюць.

27 Страх ГОСПАДАЎ памнажае дні, а гады бязбожнікаў скароцяцца.

28 Чаканьне праведнікаў — радасьць, а спадзяваньне бязбожнікаў загіне.

29 Шлях ГОСПАДАЎ — апора для беззаганных і загуба для злачынцаў.

30 Праведнік не пахісьнецца навекі, а бязбожнікі ня будуць жыць на зямлі.

31 Вусны праведніка памнажаюць мудрасьць, а язык падступны будзе адсечаны.

32 Вусны праведніка ведаюць, што даспадобы [Богу], а вусны бязбожнікаў — падступнасьць.

 

Прп 11

1 Агіда для ГОСПАДА — шалі падманлівыя, а вагі дакладныя даспадобы Яму.

2 Прыходзіць пыхлівасьць, прыходзіць і ганьба, а ў пакорлівых — мудрасьць.

3 Беззаганнасьць правых вядзе іх, а крывадушнасьць здрадлівых загубіць іх.

4 Не дапаможа багацьце ў дзень гневу, а праведнасьць ратуе ад сьмерці.

5 Праведнасьць беззаганнага раўняе шлях ягоны, а бязбожнік падае праз бязбожнасьць сваю.

6 Праведнасьць правых ратуе іх, а ліхадзеі будуць злоўленыя злачынствам сваім.

7 Калі памірае чалавек бязбожны, гіне надзея [яго], і спадзяваньне злачынцаў прападае.

8 Праведнік ратуецца ад бяды, а бязбожнік прыходзіць на месца яго.

9 Крывадушнік вуснамі забівае бліжняга свайго, а праведнік ратуецца праз веданьне.

10 Калі добра ідзе праведным, радуецца горад, і калі гінуць бязбожнікі, сьвяткуе.

11 Дабраславенствам правых узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца.

12 Той, хто пазбаўлены розуму, пагарджае бліжнім сваім, а чалавек разумны захоўвае мір.

13 Хто ходзіць з абмовамі, адкрывае таямніцу, а той, хто верны духам, захоўвае слова.

14 Дзе няма добрай рады, народ прападае, а пры мностве дарадцаў — выратаваньне.

15 Шкодзіць сабе той, хто паручаецца за чужога, а хто ненавідзіць даваць руку, той бясьпечны.

16 Пачцівая жанчына здабывае славу, і моцныя здабываюць багацьце.

17 Чалавек міласэрны робіць дабро душы сваёй, а бязьлітасны нішчыць цела сваё.

18 Падманлівы набытак здабудзе бязбожнік, а таму, хто сее праведнасьць, будзе пэўная нагарода.

19 Праведнасьць [вядзе] да жыцьця, а хто імкнецца да зла, [імкнецца] да сьмерці.

20 Агіда для ГОСПАДА крывадушныя сэрцам, але тыя, хто ходзяць беззаганна, даспадобы Яму.

21 Можна паручыцца, зло не пазьбегне пакараньня, а насеньне праведных будзе збаўленае.

22 Як залатое колца ў лычы сьвіньні, так прыгожая жанчына, але бяз розуму.

23 Прагненьне праведнікаў — толькі дабро, а чаканьне бязбожнікаў — гнеў.

24 Адзін сыпе [шчодра], і дадаецца яму, а другі лішне ашчадны, і бяднее.

25 Дабрадзейная душа будзе насычана, і хто поіць [другіх], сам напоены будзе.

26 Хто затрымлівае збожжа, таго праклінае народ, але дабраславенства на галаве таго, хто продае.

27 Хто імкнецца да дабра, той шукае зычлівасьці, а хто шукае зла, да таго яно прыйдзе.

28 Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе, а праведнікі, як лісьце, зелянеюць.

29 Хто руйнуе дом свой, атрымае ў спадчыну вецер, і неразумны будзе слугою мудрага сэрцам.

30 Плод праведнага — дрэва жыцьця, і мудры здабывае душы.

31 Вось, праведнік будзе мець адплату на зямлі, пагатоў бязбожнік і грэшнік.

 

Прп 12

1 Хто любіць настаўленьне, любіць веданьне, а хто ненавідзіць дакараньне, той дурань.

2 Добры знойдзе ласку ў ГОСПАДА, але чалавека зламыснага Ён асудзіць.

3 Ня будзе стаяць чалавек бязбожнасьцю, а корань праведных не захістаецца.

4 Дабрадзейная жонка — карона для мужа свайго, а бессаромная — як гніль у костках ягоных.

5 Думкі праведных слушныя, намеры бязбожнікаў падступныя.

6 Словы бязбожнікаў цікуюць на кроў, але вусны правых ратуюць іх.

7 Паваленыя бязбожнікі, і няма іх, а дом праведных будзе стаяць.

8 Хваляць чалавека паводле розуму ягонага, але той, хто мае ліхое сэрца, будзе пагарджаны.

9 Лепей быць простым і працаваць на сябе, чым выдаваць сябе за паважнага і ня мець хлеба.

10 Праведнік рупіцца пра жыцьцё быдла свайго, а нутро бязбожных бязьлітаснае.

11 Хто абрабляе сваю зямлю, той насыціцца хлебам, а хто ганяецца за марнасьцю, той ня мае розуму.

12 Бязбожнік жадае [злавіць у] пасткі ліхоцьця, а корань праведных прыносіць [плод].

13 Ліхадзей заблытаецца праз правіны вуснаў сваіх, а праведнік выйдзе з бяды.

14 З плоду вуснаў сваіх чалавек насыціцца дабром, і праца рук чалавека зьвернецца да яго.

15 Шлях неразумнага слушны ў вачах ягоных, але мудры той, хто слухае параду.

16 Гнеў неразумнага выяўляецца адразу, а разумны хавае зьнявагу.

17 Хто дыхае праўдаю, той выкажацца праўдзіва, а сьведка фальшывы хлусіць.

18 Ёсьць такі, што лапоча і раніць як мечам, а язык мудрага лечыць.

19 Вусны праўдамоўныя трываць будуць вечна, а язык хлусьлівы — імгненьне.

20 Ашуканства ў сэрцы тых, якія задумляюць ліхоту, а ў тых, якія радзяць мір, — радасьць.

21 Не спаткае праведніка нічога благога, а ў бязбожніка будзе поўна няшчасьцяў.

22 Агіда для ГОСПАДА вусны хлусьлівыя, а тыя, што дзейнічаюць сумленна, падабаюцца Яму.

23 Чалавек разумны прыхоўвае веданьне, а сэрца дурняў абвяшчае глупства.

24 Рука руплівых будзе мець уладу, а нядбайныя будуць даньнікамі.

25 Смутак у сэрцы чалавека прыгнятае яго, а добрае слова разьвяселіць яго.

26 Праведнік мае перавагу над бліжнім сваім, а шлях бязбожнікаў зводзіць іх саміх.

27 Гультай не сьпячэ ўпаляванага, а маёмасьць чалавека руплівага каштоўная.

28 На сьцежцы праведнасьці — жыцьцё, і на шляху яе няма сьмерці.

 

Прп 13

1 Мудры сын [слухае] настаўленьне бацькі, а насьмешнік ня слухае дакараньня.

2 З плоду вуснаў сваіх чалавек будзе жывіцца дабром, а душа ліхадзеяў — гвалтам.

3 Хто захоўвае вусны свае, захоўвае душу сваю, а хто шырока адкрывае свой рот, будзе мець зьнішчэньне.

4 Душа гультая жадае і ня мае нічога, а душа руплівага будзе насычаная.

5 Праведнік ненавідзіць слова хлусьлівае, а бязбожнік ганьбіць і зьневажае [сябе].

6 Праведнасьць захоўвае таго, хто беззаганны ў шляху [сваім], а бязбожнасьць губіць грэшніка.

7 Адзін выдае сябе за багатага, нічога ня маючы, іншы выдае сябе за беднага, маючы шмат багацьця.

8 Выкуп душы чалавека — багацьце ягонае, а бедны пагрозы ня чуе.

9 Сьвятло праведных радасна зьзяе, а сьветач бязбожнікаў стухне.

10 Пыхлівасьць толькі да звадкі прыводзіць, а ў тых, што парады прыймаюць, — мудрасьць.

11 Багацьце, [здабытае] марным чынам, змалее, а хто зьбірае яго рукою сваёю, — памнажае яго.

12 Спадзяваньне, якое доўжыцца, — боль сэрца, а зьдзейсьненае жаданьне — дрэва жыцьця.

13 Хто пагарджае Словам, той будзе зьнішчаны, а хто баіцца прыказаньняў, атрымае ўзнагароду.

14 Закон мудрага — крыніца жыцьця, каб пазьбегнуць пастак сьмерці.

15 Добры розум дае зычлівасьць, а шлях ліхадзеяў цяжкі.

16 Кожны разумны дзейнічае з веданьнем, а дурны выяўляе неразумнасьць.

17 Бязбожны пасланец трапляе ў бяду, а верны пасол — аздараўленьне.

18 Галеча і ганьба таму, хто адкідае настаўленьне, а той, хто прыймае дакараньні, будзе ў пашане.

19 Споўненае жаданьне — асалода для душы, але адвярнуцца ад зла — агіда для дурня.

20 Хто ходзіць з мудрым, будзе мудрым, а хто сябруе з дурнем, загалосіць.

21 Ліха гоніцца за грэшнікамі, а праведным будзе аднагароджана дабром.

22 Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшнікаў захоўваецца для праведных.

23 Многа хлеба і на ніве бедных, але некаторыя гінуць, бо няма суду.

24 Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына свайго, а хто любіць яго, той з маленства настаўляе яго.

25 Праведнік есьць і насычае душу сваю, а нутро бязбожнікаў будзе ў нястачы.

 

Прп 14

1 Мудрая жонка будуе сабе дом, а неразумная руйнуе яго сваімі рукамі.

2 Хто ходзіць проста, той баіцца ГОСПАДА, а хто крывіць шляхі свае, той грэбуе Ім.

3 У вуснах неразумнага дубец пыхлівасьці, а вусны мудрых захоўваюць іх.

4 Дзе няма скаціны, там ясьлі пустыя, але багата прыбытку ад сілы вала.

5 Сьведка праўдзівы ня схлусіць, а сьведка фальшывы дыхае няпраўдай.

6 Насьмешнік шукае мудрасьці, і яе няма, але веданьне лёгкае для разумнага.

7 Адыйдзі ад чалавека дурнога, бо ня знойдзеш вуснаў разумных.

8 Мудрасьць разумнага — разуменьне шляху свайго, а неразумнасьць дурняў — ашуканства.

9 Неразумныя сьмяюцца з віны, а пасярод правых — зычлівасьць.

10 Сэрца ведае горыч душы сваёй, і ў радасьць ягоную ня ўвойдзе чужынец.

11 Дом бязбожнікаў будзе зьнішчаны, а намёт правых закрасуе.

12 Ёсьць шлях, які слушны ў вачах чалавека, але канец яго — шляхі сьмерці.

13 І ў часе сьмеху баліць сэрца, і заканчэньне радасьці — смутак.

14 Падступны сэрцам насыціцца шляхамі сваімі, а добры чалавек — сваімі.

15 Неразумны верыць кожнаму слову, а разумны разважае пра крокі свае.

16 Мудры баіцца і адварочваецца ад зла, а дурны гняўлівы і самаўпэўнены.

17 Скоры на гнеў робіць дурасьць, а чалавек зламысны зьненавіджаны.

18 Неразумныя атрымліваюць у спадчыну дурасьць, а разумныя ўкарануюцца веданьнем.

19 Ліхія паклоняцца перад добрымі, а бязбожнікі — каля брамаў праведнікаў.

20 Бедны зьненавіджаны нават бліжнім сваім, але шмат тых, хто любіць багатага.

21 Хто цураецца бліжняга свайго, той грашыць, а хто літуецца над бедным, той шчасьлівы.

22 Ці ж не заблукалі тыя, якія задумляюць зло? Але міласэрнасьць і праўда будзе тым, якія задумляюць добрае.

23 З кожнае працы будзе прыбытак, а ад пустых словаў — толькі нястача.

24 Карона мудрых — багацьце іхняе, а вянок дурняў — глупства іхняе.

25 Сьведка праўдзівы ратуе душы, а хлусьлівы дыхае няпраўдай.

26 У страху перад ГОСПАДАМ моцная пэўнасьць, і для сыноў Сваіх Ён будзе прыстанішчам.

27 Страх ГОСПАДАЎ — крыніца жыцьця, каб пазьбегнуць пастак сьмерці.

28 У мностве народу веліч валадара, а ў малалікасьці людзей — загуба князя.

29 У павольнага на гнеў багата розуму, а запальчывы выяўляе дурасьць.

30 Лагоднае сэрца — жыцьцё для цела, а зайздрасьць — парахненьне косткам.

31 Хто прыгнятае ўбогага, той зьневажае Творцу ягонага, але шануе Яго той, хто літуецца над бедным.

32 Бязбожнік будзе адкінуты за ліхоцьце сваё, а праведнік і пры сьмерці сваёй мае надзею.

33 У сэрцы разумнага жыве мудрасьць, і паміж дурняў яна вядомая.

34 Праведнасьць узвышае народ, а грэх — ганьба для народаў.

35 Зычлівы валадар да слугі разумнага, але абурэньне ягонае на таго, хто асаромлівае яго.

 

Прп 15

1 Лагодны адказ адхінае ярасьць, а слова абразьлівае выклікае гнеў.

2 Язык мудрых прыносіць веды, а вусны неразумных выказваюць глупства.

3 Вочы ГОСПАДА на кожным месцы, яны бачаць добрых і ліхіх.

4 Здаровы язык — дрэва жыцьця, а зласьлівы — заламаньне духа.

5 Неразумны грэбуе настаўленьнем бацькі, а хто зважае на дакараньні — разумнее.

6 У доме праведніка шмат багацьця, а ў набытках бязбожніка — замяшаньне.

7 Вусны мудрых сеюць веды, а сэрца бязглуздых не такое.

8 Ахвяра бязбожнікаў — агіда для ГОСПАДА, а малітвы правых Яму даспадобы.

9 Агіда для ГОСПАДА — шлях бязбожніка, а таго, хто імкнецца да праведнасьці, Ён любіць.

10 Таму, хто ўхіляецца з дарогі, — строгая кара, і той, хто дакараньне ненавідзіць, — памрэ.

11 Адхлань і пекла перад [вачыма] ГОСПАДА, а тым больш сэрцы сыноў чалавечых.

12 Насьмешнік ня любіць таго, хто яго дакарае, і да мудрых ня пойдзе.

13 Радаснае сэрца робіць аблічча вясёлым, а калі сэрца сумуе — дух разьбіты.

14 Сэрца разумнае шукае веданьня, а вусны неразумных жывяцца дурнотаю.

15 Усе дні прыгнечанага ліхія, а ў каго добра на сэрцы, у таго заўсёды бяседа.

16 Лепш малое ў страху ГОСПАДАВЫМ, чым вялікія скарбы, а з імі трывога.

17 Лепш крыху гародніны з любоўю, чым тлусты вол з нянавісьцю.

18 Чалавек гняўлівы выклікае звадкі, а няскоры да гневу супакойвае спрэчку.

19 Шлях гультая як жываплот з церня, а сьцежка правых — гладкая.

20 Мудры сын — радасьць для бацькі, а дурны чалавек пагарджае маці сваёй.

21 Дурасьць — радасьць для невука, а чалавек разумны ідзе простай дарогай.

22 Бяз рады руйнуюцца намеры, а з мноствам дарадцаў яны зьдзяйсьняюцца.

23 Радуецца чалавек з адказу вуснаў сваіх, і якое добрае слова адпаведнае.

24 Сьцежка жыцьця ў разважлівага [вядзе] ўгару, каб пазьбегнуць адхлані, якая ў доле.

25 ГОСПАД развальвае дом пыхліўцаў, а мяжу ўдавы Ён вызначае.

26 Агіда для ГОСПАДА — думкі бязбожных, а прамовы чыстыя прыемныя [Яму].

27 Нішчыць свой дом сквапны да зыску, а хто ненавідзіць падарункі, будзе жыць.

28 Сэрца праведніка разважае адказ, а вусны бязбожнікаў вымаўляюць ліхоту.

29 ГОСПАД далёка ад бязбожнікаў, але малітвы праведных Ён чуе.

30 Сьвятло вачэй радуе сэрца, і добрая вестка ўмацоўвае косьці.

31 Вуха, якое слухае дакараньні жыцьця, будзе жыць сярод мудрых.

32 Хто адкідае настаўленьне, грэбуе душою сваёю, а хто слухае дакараньняў, здабывае розум.

33 Страх ГОСПАДАЎ навучае мудрасьці, і ўпакораньне папераджае славу.

 

Прп 16

1 Да чалавека [належыць] меркаваньне сэрца, але ад ГОСПАДА адказ языка.

2 Усе шляхі чалавека чыстыя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае душы.

3 Ускладзі на ГОСПАДА ўсе справы свае, і ўсе намеры твае зьдзейсьняцца.

4 Усё зрабіў ГОСПАД дзеля Сябе, і нават бязбожніка на дзень ліхі.

5 Агіда для ГОСПАДА кожны пыхлівы сэрцам, можна паручыцца, ён не застанецца непакараным.

6 Міласэрнасьцю і праўдай адкупляецца беззаконьне, і страх ГОСПАДАЎ адводзіць ад зла.

7 Калі ГОСПАДУ даспадобы шляхі чалавека, Ён нават ворагаў ягоных пагодзіць з ім.

8 Лепш малое ў праведнасьці, чым багатыя прыбыткі ў беззаконьні.

9 Сэрца чалавека абдумвае шлях свой, але ГОСПАД накіроўвае крокі ягоныя.

10 Калі слова натхнёнае ў вуснах валадара, у судзе ня будзе падступным язык ягоны.

11 Вага і шалі справядлівыя — ад ГОСПАДА, і ўсе камяні ваговыя ў торбе — справа Ягоная.

12 Агіда для валадара — учынкі бязбожныя, бо пасад умацоўваецца праведнасьцю.

13 Падабаюцца валадару вусны праведныя, і таго, хто гаворыць праўдзіва, ён любіць.

14 Гнеў валадара — весьнік сьмерці, але мудры чалавек улагодзіць яго.

15 У сьвятле аблічча валадара — жыцьцё, і зычлівасьць ягоная — як воблака з позьнім дажджом.

16 Нашмат лепш прыдбаць мудрасьць, чым золата, і лепей прыдбаць розум, чым срэбра.

17 Шырокая дарога правых — адвярнуцца ад зла; хто пільнуе шлях свой, той захоўвае душу сваю.

18 Перад загубай ідзе пыхлівасьць, і перад падзеньнем — дух ганарысты.

19 Лепш скарацца духам з пакорнымі, чым дзяліць здабычу з пыхліўцамі.

20 Разважлівы ў слове знойдзе добрае, і той, хто спадзяецца на ГОСПАДА, — шчасьлівы.

21 Мудрага сэрцам называюць разумным, і слодыч вуснаў павялічвае веды.

22 Розум — крыніца жыцьця для тых, хто мае яго, але настаўленьне неразумных — глупства.

23 Сэрца мудрага робіць разважлівымі вусны ягоныя і мове ягонай дадае ведаў.

24 Прыемныя словы — сотавы мёд, асалода для душы і лекі для цела.

25 Ёсьць шлях, які слушны ў вачах чалавека, але канец яго — шляхі сьмерці.

26 Работнік цяжка працуе для сябе, бо рот ягоны прымушае яго.

27 Чалавек нягодны ліхоцьце рыхтуе, і ў вуснах ягоных нібы агонь, які паліць.

28 Чалавек падступны сее звадкі, і пляткар разьдзяляе сяброў.

29 Чалавек злачынны зводзіць бліжняга свайго і вядзе яго на шлях нядобры,

30 прыплюшчвае вочы свае, каб прыдумляць подступ, крывіць губы свае, робячы ліха.

31 Сівізна — слаўная карона, на шляху праведнасьці знаходзяць яе.

32 Лепш павольны на гнеў, чым магутны, і той, які пануе над духам сваім, чым заваёўнік гораду.

33 Жэрабя кідаюць у заўлоньне, але ад ГОСПАДА ўсе суды яго.

 

Прп 17

1 Лепш сухая луста ў супакоі, чым дом, поўны заколатай жывёлы, са сваркамі.

2 Разумны слуга будзе панаваць над шалапутным сынам і між братоў будзе дзяліць спадчыну.

3 Літавальны гаршчок — для срэбра, і горан — для золата, а сэрцы выпрабоўвае ГОСПАД.

4 Ліхотнік зважае на вусны нягодныя, хлус слухае язык згубны.

5 Хто насьміхаецца з беднага, той зьневажае Творцу яго, і хто цешыцца з няшчасьця, не пазьбегне пакараньня.

6 Карона старых — сыны сыноў, і слава сыноў — бацькі іхнія.

7 Не пасуе бязглуздаму паважная мова, тым больш шляхетнаму вусны брахлівыя.

8 Хабар — каштоўны камень у вачах гаспадара яго, куды толькі зьвернецца ён, будзе мець посьпех.

9 Хто прыкрывае правіну, шукае любові, а хто паўтарае слова, разьдзяляе сяброў.

10 Мацней дзейнічае нагана на разумнага, чым сто ўдараў на дурнога.

11 Ліхадзей шукае толькі непаслухмянства, таму бязьлітасны анёл будзе пасланы супраць яго.

12 [Лепш] спаткаць мядзьведзіцу, пазбаўленую дзяцей, чым дурня ў яго неразумнасьці.

13 Хто адплочвае злом за дабро, у таго зло не адыйдзе ад дому ягонага.

14 Пачатак звадкі — прарыў вады, перш, чым спрэчка пачнецца, пакінь [яе].

15 Той, хто апраўдвае злачынцу, і той, хто вінаваціць праведніка, — абодва агіда для ГОСПАДА.

16 Навошта грошы ў руцэ дурнога, каб набыць мудрасьці, калі няма розуму?

17 Сябра любіць у кожны час, і ў нядолі робіцца братам.

18 Чалавек, пазбаўлены розуму, дае руку і ручаецца перад абліччам бліжняга свайго.

19 Хто любіць сваркі, любіць грэх, і хто падымае высока вароты свае, шукае загубы.

20 Крывадушнае сэрца ня знойдзе дабра, і язык здрадлівы трапіць у бяду.

21 Хто нараджае неразумнага, — на смутак сабе, і бацька бязглуздага ня будзе цешыцца.

22 Радаснае сэрца аздараўляе, [нібы] лекі, а маркотны дух сушыць косьці.

23 Бязбожнік бярэ хабар з-за пазухі, каб скрывіць сьцежкі правасудзьдзя.

24 Перад абліччам разумнага — мудрасьць, а вочы дурня — на канцы зямлі.

25 Сын неразумны — згрызота для бацькі свайго і горыч для той, якая яго нарадзіла.

26 Таксама нядобра караць праведніка і біць шляхетнага за шчырасьць.

27 Хто мае веданьне, той у словах ашчадны, і чалавек разумны мае спакойны дух.

28 Таксама неразумны, калі маўчыць, лічыцца мудрым, і калі закрывае вусны свае, разважлівым.

 

Прп 18

1 Свавольны шукае [свайго] жаданьня і кожнай цьвярозай думцы працівіцца.

2 Дурань ня хоча застанаўляцца, а толькі каб выявіць свой розум.

3 Калі прыходзіць бязбожнік, прыходзіць пагарда, і разам з сорамам — ганьба.

4 Словы вуснаў чалавечых — глыбокія воды, крыніца мудрасьці — бурлівы ручай.

5 Нядобра зважаць на аблічча бязбожнага, каб паваліць праведнага на судзе.

6 Словы дурня прыводзяць да спрэчкі, і вусны ягоныя выклікаюць бойку.

7 Вусны дурня — ягоная загуба, а мова ягоныя — пастка для душы яго.

8 Словы пляткара — як прысмакі, яны зыходзяць у глыб нутра.

9 Нядбайны ў рабоце сваёй — брат нішчыцеля.

10 Імя ГОСПАДА — магутная вежа, пабяжыць туды праведнік і будзе ў бясьпецы.

11 Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, уяўляецца яна яму як муры высокія.

12 Перад загубай вывышаецца сэрца чалавека, а ўпакораньне папераджае славу.

13 Хто дае адказ раней, чым выслухае, той неразумны, і сорам яму.

14 Дух чалавека пераносіць немач сваю, але дух маркотны хто можа ўзьняць.

15 Сэрца разважнае набывае веды, і вуха мудрых шукае веданьня.

16 Падарунак чалавека дае яму прастору і да вялікіх прывядзе яго.

17 Першы ў спрэчцы сваёй [падаецца] справядлівым, але прыйдзе бліжні ягоны і выспрабуе яго.

18 Жэрабя спыняе сваркі і дзеліць між магутнымі.

19 Пакрыўджаны брат — як умацаваны горад, а сваркі — як завалы ў замку.

20 З плоду вуснаў сваіх насыціць чалавек нутро сваё, з прыбыткаў губаў сваіх насыціцца.

21 Сьмерць і жыцьцё ў руцэ языка; хто любіць яго, будзе есьці плады ягоныя.

22 Хто знайшоў жонку, той знайшоў добрае і атрымаў ласку ад ГОСПАДА.

23 Бедны гаворыць, умольваючы, а багаты адказвае груба.

24 Чалавек, які мае сяброў, сам павінен быць сяброўскі, і бывае, што сябар больш любіць, чым брат.

 

Прп 19

1 Лепш бедны, які ходзіць у беззаганнасьці сваёй, чым крывадушны вуснамі сваімі, і да таго ж дурны.

2 Таксама нядобра душы бяз ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі [сваімі], згрэшыць.

3 Неразумнасьць чалавека крывіць шлях ягоны, але сэрца ягонае гневаецца на ГОСПАДА.

4 Маёмасьць дадае шматлікіх сяброў, а ўбогага пакідае бліжні ягоны.

5 Сьведка фальшывы не пазьбегне пакараньня, і хто дыхае няпраўдай, не ўратуецца.

6 Шмат хто паніжаецца перад магнатам, і кожны — бліжні чалавеку, які [дае] падарункі.

7 Усе браты беднага ненавідзяць яго, тым больш сябры ягоныя аддаляюцца ад яго; той бяжыць, каб паразмаўляць, але іх няма.

8 Хто набывае розум, той любіць душу сваю, хто шукае разважлівасьці — знаходзіць дабро.

9 Сьведка фальшывы не пазьбегне пакараньня, і хто дыхае няпраўдай, загіне.

10 Не пасуе дурню раскоша, тым больш слузе мець уладу над князямі.

11 Розум чалавека стрымлівае гнеў ягоны, і слава яго — у прабачэньні правінаў.

12 Гнеў валадара — як рыканьне ільва, а зычлівасьць ягоная — як раса на траве.

13 Неразумны сын — загуба для бацькі, а сварлівая жонка — як няспыннае капаньне [праз дах].

14 Дом і маёмасьць — спадчына ад бацькоў, але разумная жонка — ад ГОСПАДА.

15 Лянота кідае ў сон, і нядбайная душа будзе цярпець голад.

16 Хто захоўвае прыказаньні — захоўвае душу сваю, хто не шануе шлях Яго — памрэ.

17 Хто літуецца над убогім, той пазычае ГОСПАДУ, за дабрадзейства Ён аднагародзіць яму.

18 Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і няхай не спрычыніцца да загубы яго душа твая.

19 Зласьлівы няхай атрымае пакараньне, бо калі пашкадуеш яго, яшчэ больш павялічыш [кару].

20 Слухай парады і прыймай настаўленьне, каб стаўся ты мудрым пры канцы [дзён].

21 Шмат думак у сэрцы чалавека, але збудзецца намер ГОСПАДА.

22 Пажаданая для чалавека міласэрнасьць ягоная, і бедны лепшы за чалавека хлусьлівага.

23 Страх перад ГОСПАДАМ [вядзе] да жыцьця, і такі [чалавек] будзе жыць, і насыціцца, і зло не наведае яго.

24 Гультай хавае руку сваю ў місе, але нават да вуснаў сваіх не падымае яе.

25 Бі насьмешніка, і неразумны паразумнее, дакарай разумнага, і ён здабудзе веданьне.

26 Руйнуе бацьку, выганяе маці сын, які прыносіць сорам і ганьбу.

27 Перастань, сыне мой, слухаць настаўленьні, якія адводзяць ад словаў веданьня.

28 Сьведка нягодны насьміхаецца над судом, і вусны бязбожнікаў глытаюць злачынства.

29 Падрыхтаваныя прысуды для насьмешнікаў, а хвастаньне — на плечы дурняў.

 

Прп 20

1 Віно зьдзеклівае, сікера галасьлівая, і кожны, хто блукае з імі, ня мае мудрасьці.

2 Ярасьць валадара — як рыканьне ільва, хто выклікае яе, грашыць супраць душы сваёй.

3 Слава для чалавека — пакінуць спрэчку, а ўсе неразумныя задзірлівыя.

4 Дзеля холаду гультай ня хоча араць, таму будзе прасіць у час жніва, і [не атрымае] нічога.

5 Намеры ў сэрцы чалавека — глыбокія воды, але разумны чалавек вычэрпвае іх.

6 Багата людзей абвяшчае пра міласэрнасьць сваю, але праўдамоўнага чалавека хто можа знайсьці?

7 Праведнік ходзіць у беззаганнасьці сваёй, шчасьлівыя сыны ягоныя пасьля яго.

8 Валадар, які сядзіць на судовым пасадзе, расьцярушвае вачыма сваімі ўсякую ліхоту.

9 Хто можа сказаць: «Я ачысьціў сэрца маё, я чысты ад грэху майго»?

10 Неаднолькавыя вагі і неаднолькавая эфа, адно і другое — агіда для ГОСПАДА.

11 Нават у юнака па паводзінах можна зразумець, ці чыстыя, ці правыя справы ягоныя.

12 Вуха, якое чуе, і вока, якое бачыць, — ГОСПАД зрабіў і адно, і другое.

13 Не любі спаць, каб табе не зьбяднець, адкрый вочы свае, і насыцішся хлебам.

14 «Дрэннае, дрэннае», — кажа пакупнік, а калі адыдзецца, тады хваліцца.

15 Ёсьць золата і мноства пэрлінаў, але найкаштоўнейшая рэч — вусны разумныя.

16 Забяры адзеньне яго, бо ён паручыўся за чужога, і за чужынца вазьмі заклад ад яго.

17 Салодкі чалавеку хлеб ашуканства, але потым пяском напоўняцца вусны ягоныя.

18 Думкі ўмацоўваюцца парадамі, і з разважлівасьцю вядзі вайну.

19 Хто ходзіць абмоўнікам, той выяўляе таямніцы, дык ня зьвязвайся з тым, хто рот свой разьзяўляе.

20 Хто кляне бацьку свайго і маці сваю, у таго сьветач патухне сярод глыбокай цемры.

21 Спадчына, спачатку пасьпешліва здабытая, ня будзе пры канцы дабраслаўлёная.

22 Не кажы: «Я адплачу за зло», спадзявайся на ГОСПАДА, і Ён выбавіць цябе.

23 Агіда для ГОСПАДА — неаднолькавыя вагі, і шалі падманлівыя — ня добра.

24 Ад ГОСПАДА крокі чалавека, і як жа чалавеку зразумець шлях свой?

25 Пастка для чалавека — пасьпешліва зрабіць шлюбаваньне, а пасьля абяцаньня разважаць.

26 Мудры валадар расьцярушыць бязбожнікаў і зьверне на іх кола [малатарнае].

27 Сьветач ГОСПАДАЎ — дух чалавечы, ён дасьледуе ўсе сховы нутра.

28 Міласэрнасьць і праўда ахоўваюць валадара, і міласэрнасьцю ўмацоўваецца пасад ягоны.

29 Слава юнакоў — сіла іхняя, а веліч старых — сівізна.

30 Вытні і раны — лекавальная масьць ад ліхоты, і ўдары ў глыбіню нутра.

 

Прп 21

1 Сэрца валадара ў руцэ ГОСПАДА, як ручаі водаў, Ён скіроўвае яго, куды хоча.

2 Усе шляхі чалавека слушныя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае сэрцы.

3 Праведнасьць і суд даспадобы ГОСПАДУ больш, чым ахвяра.

4 Узьнесеныя вочы і надзьмутае сэрца — баразна бязбожных, [і гэта] грэх.

5 Думкі руплівага [прыносяць] прыбытак, а кожнага нецярплівага — нястачу.

6 Зьбіраньне скарбаў языком падманлівым — пара, што зьнікае, шуканьне сьмерці.

7 Злачыннасьць бязбожнікаў зьвернецца на іх, бо яны грэбуюць чыніць суд [справядлівы].

8 Крывы шлях чалавека нягоднага, а справы чыстага — простыя.

9 Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме.

10 Душа бязбожніка жадае зла, ня знойдзе [ласкі] ў вачах ягоных бліжні яго.

11 Калі караюць насьмешніка, неразумны стаецца мудрэйшым, і калі мудрага вучаць, ён здабывае веданьне.

12 Разважае праведнік пра дом бязбожніка, як гінуць бязбожнікі ў ліхоцьці сваім.

13 Хто вушы свае затыкае на крык убогага, той сам будзе клікаць, але ня будзе адказу.

14 Падарунак таемны тушыць гнеў, а гасьцінец у заўлоньне — вялікую ярасьць.

15 Правасудзьдзе — радасьць для праведніка і загуба для злачынцаў.

16 Чалавек, што зьбіваецца са шляху розуму, супачыне ў грамадзе памёршых.

17 Хто любіць весяліцца, будзе ў нястачы, а хто любіць віно і алей, ня будзе багатым.

18 Выкупам за праведніка [будзе] бязбожнік, а за правага — ліхадзей.

19 Лепш жыць у зямлі пустыннай, чым з жонкай гняўлівай і сварлівай.

20 Прывабныя скарбы і алей у жытле мудрага, а бязглузды чалавек змарнуе іх.

21 Хто імкнецца да праведнасьці і міласэрнасьці, знойдзе жыцьцё, праведнасьць і славу.

22 Мудры ўвойдзе ў горад магутных і зрыне моц, у якой яны мелі пэўнасьць.

23 Хто захоўвае вусны свае і язык свой, захоўвае душу сваю ад бедаў.

24 Пыхлівы і дзёрзкі, называны блюзьнерам, робіць усё ў шале нахабства.

25 Жаданьне гультая заб’е яго, бо рукі ягоныя адмаўляюцца працаваць.

26 Кожны дзень ён жадае і прагне, а праведнік дае і не шкадуе.

27 Ахвяра бязбожнікаў — брыдота, тым больш тыя, якія складаюць яе з падступнасьцю.

28 Сьведка хлусьлівы згіне, а чалавек, які слухае, будзе гаварыць заўсёды.

29 Чалавек бязбожны ўпарты абліччам сваім, а правы разумее шлях свой.

30 Няма мудрасьці, і няма розуму, і няма рады насуперак ГОСПАДУ.

31 Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога — ад ГОСПАДА.

 

Прп 22

1 Лепш [добрае] імя, чым вялікія багацьці, лепш добрая слава, чым срэбра і золата.

2 Багаты і бедны сустракаюцца, Творца іх усіх — ГОСПАД.

3 Разумны бачыць зло і хаваецца, а неразумныя ідуць і будуць пакараныя.

4 [Нагарода] за пакору і страх перад ГОСПАДАМ — багацьце, і слава, і жыцьцё.

5 Церні і пасткі на шляху крывадушнага, а хто захоўвае душу сваю, той аддаляецца ад іх.

6 Пастаў юнака на слушны шлях, і ён ня збочыць з яго, нават калі састарэе.

7 Багаты пануе над бедным, і чалавек, які ўзяў пазыку, — слуга паверніка.

8 Хто сее беззаконьне, той будзе жаць ліха, і кій гневу ягонага будзе зьнішчаны.

9 Хто мае добрае вока, той будзе дабраслаўлёны, бо з хлеба свайго дае ўбогаму.

10 Выгані насьмешніка, і адыйдзе звадка, і суцішацца спрэчкі і абразы.

11 Хто любіць чыстасьць сэрца, у таго ласка на вуснах яго, і валадар з ім сябруе.

12 Вочы ГОСПАДА захоўваюць веданьне, Ён касуе словы ліхадзея.

13 Гультай кажа: «Леў на двары, пасярод плошчы буду забіты».

14 Вусны чужаніцы — глыбокая яма, на каго загневаўся ГОСПАД, той уваліцца туды.

15 Дурасьць прывязаная да сэрца юнака, але дубец настаўленьня выганіць яе.

16 Хто ўціскае ўбогага, каб памножыць сваё, і дае багатаму, той згалее.

17 Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё зьвярні да ведаў маіх,

18 бо цудоўна будзе, калі захаваеш іх у нутры тваім, і будуць яны таксама на вуснах тваіх,

19 каб пэўнасьць твая была ў ГОСПАДЗЕ, я вучу цябе сёньня.

20 Ці ж не пісаў я табе тройчы парады і навучаньні,

21 каб паведаміць табе дакладныя словы праўды, каб ты мог перадаць словы праўды тым, што паслалі цябе?

22 Не абдзірай убогага, таму што ён убогі, і не ўціскай прыгнечанага каля брамы,

23 бо ГОСПАД будзе бараніць у справе іхняй і адбярэ душу ў тых, што іх абіраюць.

24 Не сябруй з васпанам гняўлівым і з чалавекам нястрыманым не хадзі,

25 каб ты не навучыўся сьцежкам яго і не нацягнуў пятлі на душу тваю.

26 Ня будзь з тых, што даюць руку, што заручаюцца за даўгі.

27 Калі ня маеш, чым заплаціць, навошта маюць забраць з-пад цябе ложак твой?

28 Не перасоўвай мяжы старадаўняй, якую вызначылі бацькі твае.

29 Ці бачыў ты чалавека, спраўнага ў занятку сваім? Перад абліччам валадароў ён будзе стаяць, ня будзе ён стаяць перад прасьцякамі.

 

Прп 23

1 Калі сядзеш есьці з вялікім панам, пільна зважай, што перад табою,

2 і прыстаў нож да горла твайго, калі прагавітая душа твая.

3 Ня квапся на прысмакі ягоныя, бо гэта падманлівы хлеб.

4 Не намагайся мець багацьце, пакінь разважаньні свае.

5 Зьвернеш вочы твае на яго, а яго няма, бо справіць яно крылы сабе і паляціць, як арол, аж у неба.

6 Ня еш хлеб з зайздросным і ня квапся на яго прысмакі,

7 бо якія думкі ў сэрцы ягоным, такі і ён. «Еш і пі», — кажа ён табе, але сэрца яго не з табою.

8 Кавалак, які ты зьеў, званітуеш, дарэмныя будуць салодкія словы твае.

9 Не гавары ў вушы дурня, бо ён узгардзіць разумнымі мовамі тваімі.

10 Не перасоўвай мяжы старадаўняй і на поле сіротаў не ўваходзь,

11 бо дужы Абаронца іхні, і Ён будзе бараніць іх у справе іхняй з табою.

12 Зьвярні сэрца тваё да настаўленьня, і вушы твае — да словаў веданьня.

13 Не пакідай юнака без настаўленьня, бо калі пакараеш яго дубцом, ён не памрэ.

14 Ты пакараеш яго дубцом і выратуеш душу ягоную ад пекла.

15 Сыне мой, калі мудрым будзе сэрца тваё, будзе радавацца з табою і маё сэрца.

16 І будуць цешыцца ныркі мае, калі на вуснах тваіх будуць словы правасьці.

17 Няхай сэрца тваё не зайздросьціць грэшнікам, але кожны дзень няхай будзе яно ў страху ГОСПАДАВЫМ,

18 бо ёсьць будучыня, і надзея твая не загіне.

19 Слухай, сыне мой, і будзь мудры, і скіроўвай сэрца тваё на шлях [просты].

20 Ня будзь сярод тых, што напіваюцца віна, сярод тых, што аб’ядаюцца мясам,

21 бо п’яніца і абжора зьбяднеюць, і заспанасьць апране ў лахманы.

22 Слухай бацьку твайго, які нарадзіў цябе, і не цурайся маці тваёй, калі яна састарэе.

23 Купляй праўду і не прадавай мудрасьці, настаўленьня і розуму.

24 Цешыцца і весяліцца бацька праведнага, і той, хто нарадзіў мудрага, радуецца з яго.

25 Няхай радуецца бацька твой, і тая, што нарадзіла цябе, няхай весяліцца.

26 Сыне мой, дай мне сэрца тваё, і няхай вачам тваім будуць даспадобы шляхі мае.

27 Бо распусьніца — яма глыбокая, і чужая [жонка] — цесны калодзеж.

28 Яна цікуе, быццам забойца, і памнажае ліхадзеяў паміж людзьмі.

29 У каго стогн? У каго гора? У каго сваркі? У каго смутак? У каго раны без прычыны? У каго чырвоныя вочы?

30 У тых, якія доўга сядзяць пры віне, у тых, якія прыходзяць спрабаваць віна мяшанага.

31 Не глядзі на віно, як яно чырванее, як прамяніцца ў келіху, як роўненька ліецца,

32 у рэшце яно ўкусіць, як зьмяя, і ўджаліць, як гадзіна.

33 Вочы твае будуць глядзець на чужых [жонак], і сэрца тваё загаворыць падступна.

34 І будзеш ты як той, што ляжыць пасярод мора, і як той, што ляжыць на версе мачты.

35 [І скажаш:] «Білі мяне, а я не адчуваў, штурхалі мяне, а я ня ведаў. Калі прачнуся, зноў буду шукаць таго самага».

 

Прп 24

1 Не зайздросьці людзям ліхім, не жадай быць з імі,

2 бо пра злачыннасьць думае сэрца іхняе, і пра ліхоту вусны іхнія гавораць.

3 Мудрсьцю будуецца дом, і розумам умацоўваецца,

4 і праз веданьне напаўняюцца пакоі яго ўсялякай каштоўнай і прывабнай маёмасьцю.

5 Мудры чалавек мае моц, і чалавек, які мае веды, умацоўвае сілу [сваю].

6 Таму з разважлівасьцю вядзі вайну тваю, і пры мностве дарадцаў — выратаваньне.

7 Занадта высокая мудрасьць для неразумнага, ён не раскрывае ў брамах вуснаў сваіх.

8 Хто задумляе рабіць ліхое, таго называюць зламысным.

9 Намеры бязглуздага — грэх, і [намеры] блюзьнера — агіда для чалавека.

10 Калі ты слабы ў дзень бедства, дык малая сіла твая.

11 Ратуй узятых на сьмерць, і ці ж не пашкадуеш тых, якія сказаныя на загубу?

12 Калі скажаш: «Вось, мы ня ведалі гэтага?», ці ж Той, Хто дасьледуе сэрцы, не разумее? Ці ж Той, Хто захоўвае душу тваю, ня ведае? Ці ж Ён не аддасьць чалавеку паводле справаў ягоных?

13 Еш мёд, сыне мой, бо ён добры, і соты салодкія для паднябеньня твайго.

14 Гэтак сама веданьне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, ёсьць будучыня, і надзея твая не загіне.

15 Не цікуй, бязбожніку, каля жытла праведніка, не спусташай месца супачынку ягонага,

16 бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане, а бязбожнікі трапяць у няшчасьце.

17 Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой, і няхай ня цешыцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца,

18 бо часам убачыць ГОСПАД, і будзе [гэта] ліхім у вачах Ягоных, і Ён адверне гнеў Свой ад яго.

19 Не абурайся на ліхотнікаў і не зайздросьці бязбожнікам,

20 бо ня будзе будучыні ліхому, і сьветач бязбожнікаў стухне.

21 Бойся ГОСПАДА, сыне мой, і валадара, і ня зьвязвайся са змоўшчыкамі,

22 бо неспадзявана прыйдзе на іх загуба, і бедства ад іх абодвух хто можа ведаць.

23 Гэта таксама для мудрых: нядобра зважаць на аблічча ў судзе.

24 Таго, хто кажа бязбожніку: «Ты праведны», будуць праклінаць народы і будуць брыдзіцца ім людзі.

25 А тымі, што дакараюць, будуць захапляцца, і зыйдзе на іх шчодрае дабраславенства.

26 У вусны цалуе той, хто адказвае шчырымі словамі.

27 Выканай працу тваю вонках [дому] і скончы яе на полі тваім, а пасьля пабудуй дом твой.

28 Ня сьведчы без прычыны супраць бліжняга твайго, і не падманвай вуснамі тваімі.

29 Не кажы: “Як ён мне зрабіў, так і я зраблю яму, аддам чалавеку паводле справаў яго”.

30 Праходзіў я праз поле гультая і праз вінаграднік чалавека бяз розуму,

31 і вось, усё зарасло асотам, і крапіва пакрыла паверхню яго, і каменная агароджа зруйнаваная.

32 І паглядзеў я, і зьвярнуў [на гэта] сэрца маё, убачыў, і атрымаў настаўленьне:

33 «Крыху пасьпіш, крыху падрэміш, крыху, склаўшы рукі, паляжыш.

34 і прыйдзе, як валацуга, беднасьць твая, і нястача твая — як чалавек узброены».

 

Прп 25

1 Гэта таксама прыповесьці Салямона, сабраныя людзьмі Эзэкіі, валадара Юды.

2 Слава Божая — утоіць справу, а слава валадароў — дасьледаваць справу.

3 Высокасьць неба, глыбокасьць зямлі і сэрца валадароў недасьледныя.

4 Аддзялі жужаль ад срэбра, і выйдзе ў майстра начыньне.

5 Прыбяры бязбожніка ад аблічча валадара, і пасад ягоны ўмацуецца праведнасьцю.

6 Не ўзьвялічвай сябе перад абліччам валадара і на месцы вялікіх ня стой,

7 бо лепш, калі скажуць табе: “Узьніміся вышэй”, чым калі панізяць цябе перад абліччам магната, якога бачылі вочы твае.

8 Не кідайся пасьпешліва судзіцца, бо што зробіш у канцы, калі асароміць цябе бліжні твой.

9 Вядзі спрэчку з бліжнім тваім і не выяўляй таямніцу іншага,

10 каб той, хто пачуе, не ўпікнуў цябе, і каб не зьвярнулася [супраць] цябе гаворка твая.

11 Як залатыя яблыкі са срэбнымі ўпрыгожваньнямі, так слова, сказанае дарэчы.

12 Як залатыя завушніцы і аздоба са шчырага золата, так мудрае дакараньне для ўважлівага вуха.

13 Як прахалода сьнегу ў дзень жніва, так верны пасланец для таго, хто паслаў яго, ён ажыўляе душу гаспадара свайго.

14 Як хмары і вецер без дажджу, так чалавек, які хваліцца падарункам фальшывым.

15 Цярплівасьцю пераканаеш начальніка, і лагодны язык ломіць костку.

16 [Як] знайшоў мёд, еш, колькі трэба табе, каб ты не пераеў і не званітаваў.

17 Стрымай нагу тваю ад дому бліжняга твайго, каб ты не надакучыў яму і каб ён не ўзьненавідзеў цябе.

18 Як мачуга, меч і вострая страла, так чалавек, які кажа фальшывае сьведчаньне супраць бліжняга свайго.

19 Як гнілы зуб і кульгавая нага, так надзея на ліхадзея ў дзень бедства.

20 Як здымаць адзеньне ў халодны дзень, як [ліць] воцат на салетру, так сьпяваць песьні засмучанаму сэрцу.

21 Калі ненавісьнік твой галодны, накармі яго хлебам, калі смагне, напаі яго вадою,

22 бо гэтым вугольле зьбіраеш на галаву ягоную, і ГОСПАД аднагародзіць табе.

23 Паўночны вецер прыганяе дождж, а язык абмоўніка — гнеў на тварах.

24 Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме.

25 Як халодная вада для стомленай душы, так добрыя весткі з далёкага краю.

26 Як скаламучанае жарало і зьнішчаная крыніца, так праведнік, які падае перад бязбожнікам.

27 Як нядобра есьці шмат мёду, так дамагацца сваёй славы ня ёсьць слава.

28 Як горад зруйнаваны і без муроў, так чалавек, які не валодае духам сваім.

 

Прп 26

1 Як сьнег улетку, а дождж у жніво, так дурню не пасуе слава.

2 Як птушка пераляціць і як ластаўка паляціць, так праклён беспрычынны ня збудзецца.

3 Пуга — для каня, аброць — для асла, а кій — на сьпіну дурня.

4 Не адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ты падобным да яго.

5 Адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ён мудрым у вачах сваіх.

6 Падцінае сабе ногі і п’е сваю шкоду той, хто праз рукі дурня слова пасылае.

7 Няроўныя ногі кульгавага, таксама прыказка ў вуснах дурня.

8 Як прывязваць камень да вяроўкі, так аддаваць пашану дурню.

9 Як калючка ў руцэ п’янага, так прыказка ў вуснах дурня.

10 Вяльможны робіць усё: і дурня наймае, і мінака наймае.

11 Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурань паўтарае дурасьць сваю.

12 Ці бачыў ты чалавека, мудрага ў вачах сваіх? На дурня большая надзея, чым на такога.

13 Гультай кажа: «Леў на шляху! Леў на плошчы!»

14 Дзьверы варочаюцца на завесах сваіх, а гультай — на ложку сваім.

15 Гультай хавае руку сваю ў місе, і яму цяжка падняць яе да вуснаў сваіх.

16 Гультай мудрэйшы ў сваіх вачах за сямёх, што адказваюць з разуменьнем.

17 Хапае сабаку за вушы той, хто мяшаецца ў чужую спрэчку.

18 Як вар’ят, які кідае агонь, стрэлы і сьмерць,

19 так чалавек, які падманвае бліжняга свайго і кажа: «Гэта я жартую».

20 Калі няма дроваў, агонь гасьне, калі няма пляткара, звадка сьціхае.

21 Вугаль — для жару, дровы — для агню, а чалавек сварлівы — для распальваньня спрэчкі.

22 Словы пляткара — як прысмакі, яны зыходзяць у глыб нутра.

23 Як гліна, паліваная срэбрам з жужалем, так гарачыя вусны і ліхое сэрца.

24 Ненавісьнік прыкрываецца вуснамі сваімі, а ў нутры сваім рыхтуе ашуканства.

25 Калі ён робіць лагодным голас свой, ня вер яму, бо сем брыдотаў у сэрцы ягоным.

26 [Чыя] нянавісьць прыхоўваецца ашуканствам, таго ліхота выявіцца перад грамадою.

27 Хто капае яму, той уваліцца ў яе, і хто пакоціць камень, на таго ён вернецца.

28 Брахлівы язык ненавідзіць пакрыўджаных ім, і вусны лісьлівыя вядуць да загубы.

 

Прп 27

1 Не хваліся заўтрашнім днём, бо ня ведаеш, што гэты дзень народзіць.

2 Няхай іншы хваліць цябе, а ня вусны твае, нехта чужы, а ня губы твае.

3 Камень цяжкі і пясок важкі, але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух.

4 Нястрымны гнеў і бязьлітасная ярасьць, але хто ўстаіць перад зайздрасьцю?

5 Лепш адкрытае дакараньне, чым схаваная любоў.

6 Раны ад таго, хто любіць, [выказваюць] вернасьць, але шматлікія пацалункі ненавісьніка.

7 Душа насычаная топчацца па мёдзе, а душы галоднай усё горкае салодкае.

8 Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так чалавек, які пакідае месца сваё.

9 Алей і кадзіла радуюць сэрца, а салодкасьць бліжняга — у парадзе ад душы.

10 Не пакідай бліжняга твайго і бліжняга бацькі твайго, і ў дом брата твайго не хадзі ў дзень няшчасьця твайго, бо лепш сусед блізка, чым брат далёка.

11 Будзь мудры, сыне мой, і ўзрадуй сэрца маё, каб мог я адказаць таму, хто зьневажае мяне.

12 Разумны бачыць зло і хаваецца, а неразумныя ідуць і будуць пакараныя.

13 Забяры адзеньне яго, бо ён паручыўся за чужога, і за чужынца вазьмі заклад ад яго.

14 Таму, хто рана раніцаю гучным голасам дабраслаўляе бліжняга свайго, палічаць гэта за праклён.

15 Няспыннае капаньне [праз дах] у дажджлівы дзень і сварлівая жонка — аднолькавыя.

16 Хто [спрабуе] схаваць яе, хавае вецер і пахкі алей у правай руцэ сваёй, які выдае сябе.

17 Жалеза жалезам вострыцца, а чалавек вострыць аблічча бліжняга свайго.

18 Хто даглядае дрэва фігавае, будзе есьці плады яго, а хто пільнуецца гаспадара свайго, будзе ў пашане.

19 Як у вадзе аблічча да аблічча, так сэрца чалавека — да чалавека.

20 Адхлань і пекла ненасытныя, і вочы чалавека ненасытныя.

21 Літавальны гаршчок для срэбра і горан для золата, а для чалавека — вусны, якія хваляць яго.

22 Хоць будзеш таўчы неразумнага таўкачом паміж зерня ў ступе, дурнота ягоная не адыйдзе ад яго.

23 Ведай добра авечак тваіх, зьвяртай сваё сэрца да статкаў тваіх,

24 бо багацьце ня вечнае, і ці ж дыядэма [перадаецца] з пакаленьня ў пакаленьне?

25 Вырастае трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць сена з гораў.

26 Ягняты — на вопратку табе, і казлы — плата за поле.

27 І досыць казінага малака на ежу табе, і на ежу дому твайму, і на жыцьцё для служак тваіх.

 

Прп 28

1 Бязбожнік бяжыць, хоць ніхто не перасьледуе яго, а праведнікі ўпэўненыя, як ільвы.

2 Дзеля правінаў зямлі шмат у ёй начальнікаў, а праз чалавека, які ведае і разважае, яна даўгавечная.

3 Чалавек бедны, які ўціскае ўбогіх, як залеўны дождж, [што пакідае] бяз хлеба.

4 Хто адступаецца ад закону, той хваліць бязбожніка, а хто захоўвае закон, паўстае супраць яго.

5 Ліхія людзі не разумеюць суду, а тыя, што шукаюць ГОСПАДА, разумеюць усё.

6 Лепш бедны, які ходзіць у беззаганнасьці сваёй, чым той, які крывіць шляхі свае, дарма што багаты.

7 Сын разумны захоўвае закон, а той, хто сябруе з абжорамі, сароміць бацьку свайго.

8 Хто памнажае маёмасьць сваю квотай і ліхвай, той зьбірае яе для таго, хто літуецца над убогім.

9 Хто адварочвае вуха сваё, каб ня чуць закону, таго малітва — брыдота.

10 Хто схіляе правых на шлях зла, сам уваліцца ў яму сваю, а беззаганныя атрымаюць у спадчыну добрае.

11 Мудры ў вачах сваіх чалавек багаты, але ўбогі, які мае розум, выспрабуе яго.

12 Калі праведнікі перамагаюць — вялікая слава, а калі ўздымаюцца бязбожнікі, чалавек хаваецца.

13 Той, хто хавае свае правіны, ня будзе мець посьпеху, а хто прызнаецца і пакідае іх, дазнае міласэрнасьці.

14 Шчасьлівы чалавек, які мае трымценьне заўсёды, а хто робіць цьвёрдым сэрца сваё, трапіць у бяду.

15 Леў рыклівы і мядзьведзь бадзяжны — бязбожны пан над бедным народам.

16 Правадыр, пазбаўлены розуму, робіць шмат крыўды, а хто ненавідзіць хцівасьць, прадоўжыць дні свае.

17 Чалавек, абцяжараны крывёю душы [другога], будзе бегаць да магілы, і ніхто не падтрымае яго.

18 Хто ходзіць беззаганна, будзе ўратаваны, а крывадушны на шляхах [сваіх] упадзе на адным [з іх].

19 Хто абрабляе сваю зямлю, насыціцца хлебам, а хто гоніцца за марнасьцю, насыціцца беднасьцю.

20 Чалавек верны багаты ў дабраславенствы, а хто сьпяшаецца ўзбагацець, не міне пакараньня.

21 Нядобра зважаць на аблічча, бо дзеля кавалку хлеба чалавек робіць беззаконьне.

22 Сьпяшаецца да багацьця чалавек ліхога вока і ня ведае, што нястача прыйдзе на яго.

23 Той, хто дакарае чалавека, знойдзе пасьля [большую] ласку, чым той, хто языком лісьлівіць.

24 Хто абкрадае бацьку свайго і маці сваю і кажа: «Няма тут віны», той супольнік нішчыцелю.

25 Душа надзьмутая ўзьнімае звадку, а хто спадзяецца на ГОСПАДА, будзе насычаны.

26 Хто спадзяецца на сэрца сваё, той дурань, а хто ходзіць у мудрасьці, будзе збаўлены.

27 Хто дае бедным, ня будзе мець нястачы, а хто хавае вочы свае, мецьме шмат праклёнаў.

28 Калі бязбожнікі ўздымаюцца, людзі хаваюцца, а калі яны гінуць, памнажаюцца праведнікі.

 

Прп 29

1 Чалавек, які на дакараньне робіць цьвёрдым карак свой, раптоўна будзе зьнішчаны, і ня будзе аздараўленьня.

2 Калі памнажаюцца праведнікі, радуецца народ, а калі пануе бязбожнік, народ стогне.

3 Чалавек, які любіць мудрасьць, радуе бацьку свайго, а той, які сябруе з распусьніцамі, распускае маёмасьць.

4 Валадар правасудзьдзем умацоўвае зямлю, а чалавек, які [любіць] дары, руйнуе яе.

5 Чалавек, які лісьлівіць бліжняму свайму, стаўляе сетку нагам ягоным.

6 У злачынстве ліхога чалавека пастка [для яго], а праведнік сьпявае і радуецца.

7 Праведнік ведае справу ўбогіх, а бязбожнік і ня думае ведаць [яе].

8 Блюзьнеры ўзбураюць горад, а мудрыя ўтаймоўваюць гнеў.

9 Мудры чалавек, судзячыся з неразумным, і злуецца, і сьмяецца, і ня мае спакою.

10 Людзі крывавыя ненавідзяць беззаганнага, а правыя дбаюць пра душу ягоную.

11 Дурань выяўляе ўвесь свой дух, а мудры затрымлівае яго на пазьней.

12 Калі пан зважае на словы фальшывыя, тады бязбожныя ўсе, што служаць яму.

13 Бядак і прыгнятальнік сустракаюцца, сьвятло вачам іх абодвух дае ГОСПАД.

14 Валадар, які судзіць убогіх паводле праўды, умацуе свой пасад на вякі.

15 Дубец і дакор даюць мудрасьць, а дзіцё, пакінутае [само сабе], — сорам для маці яго.

16 Калі памнажаюцца бязбожнікі, памнажаюцца злачынствы, але праведнікі ўбачаць падзеньне іх.

17 Карай сына твайго, і ён дасьць табе супачыць, і дасьць асалоду для душы тваёй.

18 Без [прароцкага] відзежу народ неакелзаны, а хто захоўвае закон, той шчасьлівы.

19 Словамі ня будзе настаўлены слуга, бо хоць зразумее, але ня дасьць адказу.

20 Ці бачыў ты чалавека, хуткага на словы? На дурня большая надзея, чым на такога.

21 Калі з маленства песьціць слугу свайго, урэшце, той станецца гаспадаром.

22 Гняўлівы чалавек усчынае звадку, а раз’юшаны [ўчыняе] багата правінаў.

23 Пыха чалавека прыніжае яго, а пакорлівы духам здабудзе славу.

24 Хто супольнічае са злодзеем, ненавідзіць душу сваю, ён чуе праклёны, але не выяўляе [гэтага].

25 Страх перад чалавекам стаўляе пастку, а хто спадзяецца на ГОСПАДА, будзе ў бясьпецы.

26 Шмат хто шукае аблічча пана, але ГОСПАД судзіць чалавека.

27 Агіда для праведнікаў — чалавек беззаконны, а для бязбожніка агідны той, што [ідзе] простым шляхам.

 

Прп 30

1 Словы Агура, сына Якэ, выслоўі, якія сказаў чалавек гэты да Ітыэля, да Ітыэля і Укаля:

2 Бо я найдурнейшы між людзей, і розуму чалавечага няма ў мяне,

3 не навучыўся я мудрасьці і ведаў сьвятых ня ведаю.

4 Хто ўзыходзіў на неба і зыходзіў? Хто сабраў вецер у жменю сваю? Хто зьвязаў воды ў адзежу? Хто ўмацаваў усе канцы зямлі? Якое імя яго і якое імя сына ягонага, ці ведаеш ты?

5 Усе словы Бога чыстыя [ад дамешкаў], Ён — шчыт для тых, што маюць у Ім надзею.

6 Не дадавай да словаў Ягоных, каб Ён ня выкрыў цябе і ня стаўся ты падманшчыкам.

7 Дзьве рэчы прашу ў Цябе, не адмаўляй мне перш, чым памру:

8 Марнасьць і слова хлусьлівае аддалі ад мяне, ані беднасьці, ані багацьця не давай мне, сыць мяне хлебам, вызначаным для мяне,

9 каб я, насыціўшыся, ня выракся Цябе і не сказаў: «Хто ГОСПАД?», або каб, зьбяднеўшы, ня стаў красьці і ганьбіць імя Бога майго.

10 Не ачарняй слугі перад гаспадаром ягоным, каб ён не пракляў цябе і ты ня стаўся вінаватым.

11 [Ёсьць] пакаленьне, якое праклінае бацьку свайго і не дабраслаўляе маці сваю,

12 пакаленьне, якое чыстае ў вачах сваіх, але не абмытае ад бруду свайго,

13 пакаленьне, у якога пыхлівыя вочы і павекі ўзьнятыя,

14 пакаленьне, у якога зубы — мячы, а сківіцы — нажы, каб есьці ўцісьнёных на зямлі і гаротных між людзей.

15 У п’яўкі дзьве дачкі: «давай» і «давай». Вось тры ненасытныя і чатыры, якія ня скажуць: «Досыць»:

16 адхлань і чэрава няплоднае, зямля, якая не насычаецца вадою, і агонь, які ня кажа: «Досыць».

17 Вока, якое зьдзекуецца з бацькі і пагарджае паслухмянасьцю маці, выдзяўбаюць груганы над ракою і зьядуць арляняты.

18 Вось тры [рэчы], дзіўныя для мяне, і чатырох не разумею:

19 шляху арла ў небе, шляху зьмяі на скале, шляху карабля сярод мора і шляху мужчыны да дзяўчыны.

20 Такі самы шлях жанчыны чужаложнай: зьела, абцёрла вусны свае і кажа: «Я не зрабіла благога».

21 Дзеля трох трасецца зямля, і чатырох яна зьнесьці ня можа:

22 слугі, калі ён валадарыць, бязглуздага, калі ён насычаецца хлебам,

23 ганебнай жанчыны, калі яна замуж выходзіць, і нявольніцы, калі яна спадкуе па гаспадыні сваёй.

24 Вось чатыры малыя на зямлі, але яны мудрэйшыя за мудрых:

25 мурашкі — народ ня моцны, але летам назапашваюць хлеб свой,

26 горныя мышы — народ не магутны, але стаўляюць дамы свае на скале,

27 няма валадара ў саранчы, але ўсе выходзяць шыхтавана,

28 павук лапкамі чапляецца, але вось, ён у палацы валадара.

29 Вось трое крочаць паважна, і чацьвёра паважна ходзяць:

30 леў, магутнейшы між зьвярамі, ні перад кім не саступае,

31 конь асядланы, і казёл, і валадар, супраць якога ніхто не паўстане.

32 Калі вывышаешся бяздумна або калі задумаў ліхое, [палажы] руку сваю на вусны.

33 Бо хто зьбівае малако, атрымае масла, і хто ўдарыць у нос, атрымае кроў, а хто выклікае гнеў, атрымае сварку.

 

Прп 31

1 Словы Лемуэля, валадара, выслоўі, якім навучыла яго маці ягоная.

2 Што, сыне мой? Што, сыне жывата майго? Што, сыне абяцаньняў маіх?

3 Не давай жанчынам сілы тваёй, ані шляхоў тваіх нішчыцелькам валадароў.

4 Не валадарам, Лемуэлю, не валадарам піць віно, і не князям — сікеру,

5 каб не напіліся і не забыліся яны на напісанае, і каб не скрывілі суд для ўсіх прыгнечаных.

6 Дайце сікеру таму, хто гіне, а віно — засмучаным душою.

7 Няхай вып’е такі і забудзецца на бядоту сваю, і ня памятае больш цяжару свайго.

8 Адчыні вусны твае дзеля нямых, дзеля абароны ўсіх сіротаў.

9 Адчыні вусны твае, судзі праведна, абараняй прыгнечанага і беднага.

10 Хто знойдзе жонку дабрадзейную? Яна даражэй за пэрліны.

11 Пэўнае ў ёй сэрца мужа яе, і ён не застанецца без прыбытку.

12 Яна дае яму дабро, а ня зло, ва ўсе дні жыцьця свайго.

13 Шукае яна воўну і лён, і ахвотна працуе рукамі сваімі.

14 Яна падобная да караблёў купецкіх, здалёк прыносіць хлеб свой.

15 І ўстае яна сярод ночы, і раздае ежу ў доме сваім, і належнае служкам сваім.

16 Падумае яна пра поле, і купляе яго, з плоду рук сваіх закладае вінаграднік.

17 Яна падпярэзвае моцаю сьцёгны свае і ўмацоўвае рамёны свае.

18 Яна адчувае, што добры занятак яе, і сьветач яе ня тухне і ўначы.

19 Працягвае рукі свае да кудзелі, а далоні яе трымаюць верацяно.

20 Далоні свае адкрывае прыгнечанаму, і руку сваю працягвае беднаму.

21 Не баіцца сьцюжы для дому свайго, бо ўвесь дом яе ў кармазын апрануты.

22 Дываны яна робіць сабе, вісон і пурпур — адзеньне яе.

23 У брамах [гораду] вядомы муж ейны, калі сядзіць сярод старшыняў зямлі.

24 Робіць яна палатніну, і продае яе, і дастаўляе паясы купцам Хананейскім.

25 Сіла і велічнасьць — адзеньне яе, і радуецца яна дню, што прыходзіць.

26 Яна адкрывае вусны свае з мудрасьцю, і міласэрнае настаўленьне на языку ў яе.

27 Яна пільнуе шэсьце дому свайго і ня есьць хлеба гультайства.

28 Устаюць дзеці ейныя, і называюць шчасьлівай яе, і муж ейны хваліць яе:

29 «Шмат было жанчынаў дабрадзейных, але ты пераўзыйшла іх усіх!»

30 Прывабнасьць падманлівая і прыгажосьць марная, але жанчына, якая баіцца ГОСПАДА, годная пахвалы.

31 Дайце ёй з пладоў рук ейных, і няхай справы яе ў брамах [гораду] хваляць яе.

 

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ

 

Мц 1

1 Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давіда, Сына Абрагама:

2 Абрагам нарадзіў Ісаака; Ісаак нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Юду і братоў ягоных;

3 Юда нарадзіў Пэрэса і Зару ад Тамар; Пэрэс нарадзіў Эсрома; Эсром нарадзіў Арама;

4 Арам нарадзіў Амінадава; Амінадаў нарадзіў Наасона; Наасон нарадзіў Сальмона;

5 Сальмон нарадзіў Боаза ад Рахаў; Боаз нарадзіў Абэда ад Рут;

6 Абэд нарадзіў Есэя; Есэй нарадзіў Давіда валадара; Давід валадар нарадзіў Салямона ад Урыявай;

7 Салямон нарадзіў Рабаама; Рабаам нарадзіў Абію; Абія нарадзіў Асу;

8 Аса нарадзіў Ясафата; Ясафат нарадзіў Ярама; Ярам нарадзіў Озію;

9 Озія нарадзіў Ёатама; Ёатам нарадзіў Ахаза; Ахаз нарадзіў Эзэкію;

10 Эзэкія нарадзіў Манасу; Манаса нарадзіў Амона; Амон нарадзіў Ёсію;

11 Ёсія нарадзіў Ёакіма; Ёакім нарадзіў Ехонію і братоў ягоных перад перасяленьнем у Бабілон.

12 А пасьля перасяленьня ў Бабілон Ехонія нарадзіў Салятыэля; Салятыэль нарадзіў Зэрубабэля;

13 Зэрубабэль нарадзіў Абіюда; Абіюд нарадзіў Эліякіма; Эліякім нарадзіў Азора;

14 Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Эліюда;

15 Эліюд нарадзіў Элеазара; Элеазар нарадзіў Маттана; Маттан нарадзіў Якуба;

16 Якуб нарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Ісус, называны Хрыстос.

17 Гэтак усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; ад Давіда да перасяленьня ў Бабілон чатырнаццаць пакаленьняў; і ад перасяленьня ў Бабілон да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў.

18 Нараджэньне Ісуса Хрыста было вось як: па заручынах маці Яго Марыі з Язэпам, раней, чым яны зыйшліся, выявілася, што яна цяжарная ад Духа Сьвятога.

19 Язэп, муж ейны, будучы праведным і ня хочучы агаласіць яе, хацеў цішком адпусьціць яе.

20 Але, калі ён падумаў гэтае, вось, анёл Госпадаў зьявіўся яму ў-ва сьне і сказаў: «Язэп, сыне Давідаў! Ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо Тое, што нарадзілася ў ёй, ёсьць ад Духа Сьвятога.

21 Вось жа народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён збавіць народ Свой ад грахоў іхніх».

22 А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:

23 «Вось, Дзева прыйме ва ўлоньне і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Іммануэль, гэта значыць: З намі Бог».

24 Устаўшы зо-сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Госпадаў, і прыняў жонку сваю,

25 і не спазнаў яе, аж нарадзіла Сына свайго Першароднага, і ён даў Яму імя Ісус.

 

Мц 2

1 Калі ж Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні валадара Ірада, прыйшлі ў Ерусалім мудрацы з усходу і кажуць:

2 «Дзе народжаны Валадар Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму».

3 Пачуўшы гэтае, Ірад валадар стрывожыўся, і ўвесь Ерусалім з ім.

4 І, сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народу, пытаўся ў іх, дзе павінен нарадзіцца Хрыстос.

5 Яны ж сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока:

6 “І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым ня меншы за ваяводзтвы Юды, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе пасьвіць народ Мой, Ізраіль”».

7 Тады Ірад, цішком паклікаўшы мудрацоў, выведаў ад іх час зьяўленьня зоркі.

8 І, паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Пайдзіце, добра даведайцеся пра Дзіцятка і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму».

9 Яны, выслухаўшы валадара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над [месцам], дзе было Дзіцятка.

10 Убачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасьцю вельмі вялікаю.

11 І, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіцятка з Марыяй, маці Ягонай, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы свае, прынесьлі Яму падарункі: золата, ладан і сьмірну.

12 І, меўшы ў сьне слова не варочацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў краіну сваю.

13 Калі ж яны адыйшлі, вось, анёл Госпадаў зьяўляецца ў сьне Язэпу і кажа: «Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную, і бяжы ў Эгіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад мае шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго».

14 Ён устаў уначы, узяў Дзіцятка і маці Ягоную, і пайшоў у Эгіпет.

15 І там быў да сьмерці Ірада, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Эгіпту паклікаў Я сына Майго».

16 Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы з яго пасьмяяліся, вельмі разгневаўся і паслаў забіць усіх дзяцей у Бэтлееме і ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і малодшых, паводле часу, які даведаўся ад мудрацоў.

17 Тады збылося сказанае праз прарока Ярэмію, які кажа:

18 «Голас у Раме чутны, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахель плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца, бо іх няма».

19 А пасьля сьмерці Ірада, вось, анёл Госпадаў у сьне зьяўляецца Язэпу ў Эгіпце

20 і кажа: «Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраіля, бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці».

21 Ён устаў, узяў Дзіцятка і маці Ягоную, і прыйшоў у зямлю Ізраіля.

22 А пачуўшы, што ў Юдэі пануе Архелай замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; але, атрымаўшы слова ў сьне, пайшоў у межы Галілейскія.

23 І, прыйшоўшы, асеў у горадзе, званым Назарэт, каб споўнілася сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.

 

Мц 3

1 У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель, абвяшчаючы ў пустыні Юдэйскай

2 і кажучы: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».

3 Бо ён той, пра якога сказаў прарок Ісая: «Голас таго, хто кліча ў пустыні: Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яму».

4 Сам жа Ян меў адзеньне з вярблюдавага воласу і скураны пояс на паясьніцы сваёй, а ежаю яго была саранча і дзікі мёд.

5 Тады выходзілі да яго Ерусалім, і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдану,

6 і хрысьціліся ў яго ў Ярдане, вызнаючы грахі свае.

7 А ўбачыўшы мноства фарысэяў і садукеяў, якія ішлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: «Спараджэньні яхідны, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?

8 Учыніце ж плод, годны навяртаньня,

9 і ня думайце гаварыць у думках сваіх: “Бацьку маем Абрагама”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых падняць дзяцей Абрагаму.

10 Ужо і сякера ля кораня дрэваў ляжыць; дык кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь.

11 Я хрышчу вас у вадзе на навяртаньне, але Той, Хто ідзе за мною, дужэйшы за мяне, і я ня варты несьці сандалы Ягоныя. Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым і ў агні.

12 Веялка Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў сьвіран, а салому спаліць агнём нязгасным».

13 Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна хрысьціцца ў яго.

14 Ян жа ўстрымліваў Яго, кажучы: «Мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?»

15 А Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Пакінь цяпер; бо гэтак нам належыць споўніць усякую праведнасьць». Тады дапускае Яго.

16 І, ахрысьціўшыся, Ісус адразу ж выйшаў з вады, і вось, расчынілася Яму неба, і ўгледзеў Духа Божага, Які зыходзіў, як голуб, і прыходзіў на Яго.

17 І вось, голас з неба, які казаў: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне».

 

Мц 4

1 Тады Ісус заведзены быў Духам у пустыню дзеля спакушваньня праз д’ябла,

2 і, прапасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, нарэшце згаладнеў.

3 І, падыйшоўшы да Яго, спакусьнік сказаў: «Калі Ты — Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталіся хлябамі».

4 Ён жа, адказваючы, сказаў яму: «Напісана: “Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых”».

5 Потым бярэ Яго д’ябал у сьвяты горад, і стаўляе на вільчаку сьвятыні,

6 і кажа Яму: «Калі Ты — Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам Сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю”».

7 Ісус сказаў яму: «Ізноў жа напісана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”».

8 Ізноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іх,

9 і кажа Яму: «Усё гэта дам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне».

10 Тады Ісус кажа яму: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяйся, і Яму аднаму служы”».

11 Тады пакідае Яго д’ябал; і вось, анёлы прыступіліся, і служылі Яму.

12 А пачуўшы, што Ян у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галілею.

13 І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і асеў у Капэрнауме прыморскім, у гарадах Забулёна і Нэфталі,

14 каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:

15 «Зямля Забулёна і зямля Нэфталі, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская,

16 народ, які сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і тым, што сядзелі ў краіне і ценю сьмерці, сьвятло зазьзяла».

17 З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».

18 Праходзячы ж недалёка мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў, Сымона, называнага Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбаловы,

19 і кажа ім: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў».

20 І яны адразу, пакінуўшы сеці, пайшлі за Ім.

21 Ідучы адтуль далей, убачыў Ён другіх двух братоў, Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, у чаўне з Зэбэдэем, бацькам іхнім, якія правілі сеці свае, і паклікаў іх.

22 І яны адразу, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім.

23 І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.

24 І прайшлі пра Яго чуткі па ўсёй Сірыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужых, з рознымі хворасьцямі і пакутамі, і апанаваных дэманамі, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і Ён іх аздараўляў.

25 І ішлі за Ім шматлікія натоўпы з Галілеі, і Дэкапалю, і Ерусаліму, і Юдэі, і з таго боку Ярдану.

 

Мц 5

1 Убачыўшы натоўпы, Ён узыйшоў на гару, і, калі сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя.

2 І Ён, расчыніўшы вусны Свае, навучаў іх, кажучы:

3 «Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае.

4 Шчасьлівыя тыя, што плачуць, бо яны будуць суцешаныя.

5 Шчасьлівыя ціхія, бо яны возьмуць у спадчыну зямлю.

6 Шчасьлівыя тыя, што прагнуць і смагнуць праведнасьці, бо яны будуць насычаныя.

7 Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны будуць памілаваныя.

8 Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

9 Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названыя.

10 Шчасьлівыя тыя, каго перасьледуюць за праведнасьць, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае.

11 Шчасьлівыя вы, калі дзеля Мяне будуць зьневажаць вас, і перасьледаваць, і казаць усякае злое слова хлусьліва.

12 Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая нагарода вашая ў небе; бо так перасьледавалі прарокаў, якія былі раней за вас.

13 Вы — соль зямлі. Калі ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? Яна ўжо ні на што не надаецца, хіба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям.

14 Вы — сьвятло сьвету. Ня можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары.

15 Ніхто не запальвае сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзінай, але на сьвечніку, і яна сьвеціць усім, хто ёсьць у доме.

16 Гэтак няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя справы і славілі Айца вашага, Які ў небе.

17 Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць Закон ці Прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але споўніць.

18 Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, аніводная ёта ці рыска не праміне з Закону, пакуль ня станецца ўсё.

19 Вось жа, хто парушыць адно з гэтых найменшых прыказаньняў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым названы будзе ў Валадарстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім названы будзе ў Валадарстве Нябесным.

20 Бо кажу вам: калі праведнасьць вашая не перавысіць [праведнасьці] кніжнікаў і фарысэяў, вы ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.

21 Вы чулі, што сказана старадаўным: “Не забівай, а хто заб’е, падлягае суду”.

22 А Я кажу вам, што ўсякі, хто гневаецца на брата свайго дарэмна, падлягае суду; а хто скажа брату свайму: “Рака”, падлягае сынэдрыёну, а хто скажа: “Дурань”, падлягае гееньне вогненай.

23 Дык калі ты прынясеш дар твой на ахвярнік, і там узгадаеш, што брат твой мае нешта супраць цябе,

24 пакінь дар твой перад ахвярнікам і пайдзі перш пагадзіся з братам тваім, а тады, прыйшоўшы, прынясі дар твой.

25 Пагадзіся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў бы цябе паслугачу, і ня быў ты кінуты ў вязьніцу.

26 Сапраўды кажу табе: ты ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта.

27 Вы чулі, што сказана старадаўным: “Не чужалож”.

28 А Я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну, жадаючы яе, ужо чужаложыць з ёю ў сэрцы сваім.

29 Калі ж правае вока тваё згаршае цябе, вырві яго і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну.

30 І калі правая рука твая згаршае цябе, адсячы яе і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну.

31 Сказана таксама, што, калі хто разлучаецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй развод.

32 А Я кажу вам: хто разлучаецца з жонкаю сваёю не з прычыны распусты, той робіць яе чужаложніцай, і хто жэніцца з разьведзенай, той чужаложыць.

33 Яшчэ чулі вы, што сказана старадаўным: “Не прысягай фальшыва, але спаўняй перад Госпадам прысягі твае”.

34 А Я кажу вам: не прысягай зусім, ані небам, бо яно — пасад Божы;

35 ані зямлёю, бо яна — падножжа ног Ягоных, ані Ерусалімам, бо ён — горад вялікага Валадара;

36 ані галавою сваёю не прысягай, бо ня можаш аніводнага воласу зрабіць белым ці чорным.

37 Але няхай будзе слова вашае: “Так, так”, “Не, не”, а што больш таго, тое ад злога.

38 Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”.

39 А Я кажу вам: не праціўцеся злому, але, хто ўдарыць цябе ў правую шчаку тваю, павярні да яго і другую,

40 і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе вопратку, аддай яму і шаты;

41 і хто прымусіць цябе ісьці з ім адну мілю, ідзі з ім дзьве.

42 Таму, хто просіць у цябе, дай, і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся.

43 Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”.

44 А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас і перасьледуюць вас,

45 каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ў небе, бо Ён узьнімае сонца Сваё над добрымі і злымі і спасылае дождж на праведных і няправедных.

46 Бо калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам нагарода? Ці ж ня так робяць і мытнікі?

47 І калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці ж не такім чынам робяць і мытнікі?

48 Дык будзьце ж дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш, Які ў небе.

 

Мц 6

1 Сьцеражыцеся, не рабіце міласьціны вашае перад людзьмі з тым, каб яны бачылі вас, бо тады ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, Які ў небе.

2 Калі ж даеш міласьціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб людзі славілі іх. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю.

3 У цябе ж, калі ты робіш міласьціну, няхай левая рука твая ня ведае, што робіць правая,

4 каб міласьціна твая была ўтоена, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.

5 І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, бо яны любяць у сынагогах і на вуглах вуліцаў, спыніўшыся, маліцца, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю.

6 Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.

7 А молячыся, не гаварыце лішняга, як пагане, бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім будуць пачутыя.

8 Ня будзьце падобныя да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго.

9 Маліцеся ж вось гэтак: “Ойча наш, Які ёсьць у небе! Сьвяціся імя Тваё;

10 прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі.

11 Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня.

12 І адпусьці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым;

13 і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё Валадарства, і моц, і слава навекі. Амэн”.

14 Бо, калі вы будзеце адпускаць людзям грахі іхнія, то і вам адпусьціць Айцец ваш, Які ў небе.

15 А калі ня будзеце адпускаць людзям грахоў іхніх, то і Айцец ваш не адпусьціць грахоў вашых.

16 А калі посьціце, ня будзьце панурымі, быццам крывадушнікі; бо яны зьмяняюць абліччы свае, каб, посьцячыся, паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю.

17 А ты, посьцячыся, памаж галаву тваю і абмый аблічча тваё,

18 каб ня перад людзьмі паказацца посьцячым, але перад Айцом тваім, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.

19 Не зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і іржа нішчаць, і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць;

20 але зьбірайце сабе скарбы ў небе, дзе ані моль, ані іржа ня нішчаць, і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць.

21 Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.

22 Сьветач цела ёсьць вока. Калі вока тваё чыстае, усё цела тваё будзе сьветлае.

23 Калі ж вока тваё злое, усё цела тваё будзе цёмным. Калі ж сьвятло, якое ў табе, ёсьць цемра, дык якая ж цемра сама?

24 Ніхто ня можа служыць двум панам; бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне.

25 Таму кажу вам: не клапаціцеся пра душу вашую, што вам есьці і што піць, ані пра цела вашае, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, і цела — за адзеньне?

26 Паглядзіце на птушак нябесных, што ані сеюць, ані жнуць і не зьбіраюць у сьвірны, і Айцец ваш Нябесны жывіць іх. Наколькі ж вы лепшыя за іх.

27 Хто ж з вас сваім клопатам можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?

28 І наконт адзеньня чаго клапоціцеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць, не працуюць, не прадуць.

29 А Я кажу вам, што нават Салямон у-ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх.

30 Калі ж траву на полі, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінутая ў печ, Бог так апранае, дык ці ня шмат больш вас, малаверы?

31 Дык не клапаціцеся, кажучы: “Што нам есьці?”, ці: “Што нам піць?”, ці: “У што апрануцца?”

32 Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане. Бо Айцец ваш Нябесны ведае, што вам усё гэтае патрэбна.

33 Шукайце ж перш Валадарства Божага і праведнасьці Яго, і тое ўсё дадасца вам.

34 Дык не клапаціцеся пра заўтрашні дзень, бо заўтрашні дзень сам будзе клапаціцца пра сябе. Досыць дню свайго ліха.

 

Мц 7

1 Не судзіце, каб не былі суджаныя.

2 Бо якім судом судзіце, такім будзеце суджаны, і якою меркаю мераеце, гэткаю і вам адмераюць.

3 Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня бачыш?

4 Ці як скажаш брату твайму: “Дазволь, выму сучок з вока твайго”, а вось, у воку тваім — бервяно?

5 Крывадушнік! Вымі перш бервяно з вока твайго, і тады ўбачыш, як выняць сучок з вока брата твайго.

6 Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не патапталі іх нагамі сваімі і, павярнуўшыся, не парвалі вас.

7 Прасіце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам.

8 Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.

9 Ці ёсьць між вамі чалавек, які, калі сын ягоны папросіць хлеба, дасьць яму камень?

10 І калі папросіць рыбы, дасьць яму зьмяю?

11 Дык калі вы, будучы злымі, умееце добрыя дары даваць дзецям вашым, тым больш Айцец ваш, Які ў небе, дасьць добрае тым, што просяць у Яго.

12 Дык усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, тое і вы ім рабіце; бо ў гэтым Закон і Прарокі.

13 Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторны шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто ўваходзіць праз іх,

14 бо цесная брама і вузкі шлях, што вядуць у жыцьцё, і мала хто знаходзіць іх.

15 Сьцеражыцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым адзеньні, а ўнутры яны — ваўкі драпежныя.

16 Паводле пладоў іхніх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць з церняў вінаград або з асоту фігі?

17 Гэтак усякае добрае дрэва дае плады добрыя, а благое дрэва дае плады дрэнныя.

18 Ня можа дрэва добрае даваць плады дрэнныя, ані благое дрэва даваць плады добрыя.

19 Усякае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь.

20 Таму паводле пладоў іхніх пазнаеце іх.

21 Ня кожны, хто кажа Мне: “Госпадзе! Госпадзе!”, увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе.

22 Многія скажуць Мне ў той дзень: “Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя мы прарочылі? І ці не ў Тваё імя выганялі дэманаў? І ці не ў Тваё імя шмат цудаў чынілі?”

23 І тады прызнаюся ім: “Я ніколі ня ведаў вас. Адыйдзіцеся ад Мяне, вы, што чыніце беззаконьне”.

24 Дык кожнага, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыраўняю да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на скале.

25 І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той; і ён ня ўпаў, бо быў умацаваны на скале.

26 А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека дурнога, які пабудаваў дом свой на пяску.

27 І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той, і ён упаў, і было падзеньне ягонае вялікае».

28 І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, натоўпы дзівіліся з вучэньня Ягонага,

29 бо Ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, і не як кніжнікі.

 

Мц 8

1 Калі ж Ён зыйшоў з гары, пайшлі за Ім шматлікія натоўпы.

2 І вось пракажоны, падыйшоўшы, пакланіўся Яму, кажучы: «Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».

3 І, працягнуўшы руку, Ісус дакрануўся да яго, кажучы: «Хачу, будзь ачышчаны». І ён адразу ачысьціўся ад праказы сваёй.

4 І кажа яму Ісус: «Глядзі, нікому не кажы, але пайдзі, пакажыся сьвятару і прынясі дар, які загадаў Майсей дзеля сьведчаньня ім».

5 Калі ж увайшоў Ісус у Капэрнаум, падыйшоў да Яго сотнік, просячы Яго

6 і кажучы: «Госпадзе! Слуга мой ляжыць дома спараліжаваны і страшэнна мучыцца».

7 І кажа яму Ісус: «Я, прыйшоўшы, аздараўлю яго».

8 І, адказваючы, сотнік прамовіў: «Госпадзе! Я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой.

9 Бо і я чалавек, які пад уладаю, ды маю пад сабою жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ён ідзе; і другому: “Прыйдзі”, і ён прыходзіць; і слузе майму: “Зрабі тое”, і ён робіць».

10 Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, якія за Ім ішлі: «Сапраўды кажу вам, нідзе ў Ізраілі Я не знайшоў гэткае веры.

11 Кажу ж вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і ўзьлягуць з Абрагамам, і Ісаакам, і Якубам у Валадарстве Нябесным,

12 а сыны Валадарства будуць выгнаныя ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў».

13 І сказаў Ісус сотніку: «Ідзі, і, як ты паверыў, станецца табе». І паздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну.

14 І, прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы.

15 І Ён дакрануўся да рукі ейнай, і пакінула яе гарачка, і яна ўстала, і паслугавала ім.

16 Калі ж надыйшоў вечар, прывялі да Яго шмат апанаваных дэманамі, і Ён выгнаў духаў словам, і ўсіх хворых аздаравіў,

17 каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: «Ён узяў нашыя нядужасьці і панёс хваробы».

18 Убачыўшы ж навокал Сябе шматлікія натоўпы, Ісус загадаў адыйсьці на другі бок.

19 І, падыйшоўшы, адзін кніжнік сказаў Яму: «Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў».

20 І кажа яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе галаву схіліць».

21 А іншы з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Госпадзе! Дазволь мне перш пайсьці і пахаваць бацьку майго».

22 Ісус жа сказаў яму: «Ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых».

23 І калі ўвайшоў Ён у човен, пайшлі за Ім вучні Ягоныя.

24 І вось, сталася вялікае ўзрушэньне на моры, так што хвалі залівалі човен, а Ён спаў.

25 І, падыйшоўшы, вучні Ягоныя пабудзілі Яго, кажучы: «Госпадзе! Збаў нас, мы гінем!»

26 І кажа ім: «Чаго вы палохаецеся, малаверы?» Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася вялікая ціша.

27 А людзі зьдзіўляліся, кажучы: «Хто ж Ён, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?»

28 І, калі Ён прыйшоў на другі бераг у край Гергесэнскі, перанялі Яго двое апанаваных дэманам, якія выйшлі з магілаў, страшэнна злыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю.

29 І вось яны закрычалі, кажучы: «Што нам і Табе, Ісусе, Сыне Божы? Ці Ты прыйшоў сюды перад часам мучыць нас?»

30 Далёка ж ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіняў.

31 А дэманы прасілі Яго, кажучы: «Калі нас выганяеш, дазволь нам адыйсьці ў гэты гурт сьвіняў».

32 І Ён сказаў ім: «Ідзіце». І тыя, выйшаўшы, адыйшлі ў гурт сьвіняў. І, вось, рынуўся ўвесь гурт сьвіняў са стромы ў мора, і загінуў у вадзе.

33 А тыя, што пасьвілі, уцяклі і, прыйшоўшы ў горад, паведамілі пра ўсё і пра тых, што былі апанаваныя дэманам.

34 І вось, увесь горад выйшаў насустрач Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб зыйшоў ад межаў іхніх.

 

Мц 9

1 І, увайшоўшы ў човен, Ён пераплыў назад, і прыйшоў у Свой горад.

2 І вось, прынесьлі да Яго спараліжаванага, які ляжаў на ложку. І, бачачы веру іх, Ісус сказаў спараліжаванаму: «Будзь пэўным, дзіця! Адпускаюцца табе грахі твае».

3 І вось, некаторыя з кніжнікаў сказалі самі ў сабе: «Ён блюзьніць».

4 І, бачачы думкі іхнія, Ісус сказаў: «Чаму злое вы падумалі ў сэрцах вашых?

5 Бо што лягчэй сказаць: “Адпускаюцца табе грахі”, ці сказаць: “Устань і хадзі”?

6 Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі», — кажа тады спараліжаванаму: «Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой».

7 І, устаўшы, ён пайшоў у дом свой.

8 Бачачы гэтае, натоўпы зьдзівіліся і славілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.

9 І, праходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, званага Мацьвеем, і кажа яму: «Ідзі за Мною». І ён, устаўшы, пайшоў за Ім.

10 І сталася, як Ён узьлягаў у доме, вось, шмат мытнікаў і грэшнікаў, прыйшоўшы, узьляглі з Ісусам і вучнямі Ягонымі.

11 І фарысэі, якія бачылі гэта, сказалі вучням Ягоным: «Дзеля чаго Настаўнік ваш есьць з мытнікамі і грэшнікамі?»

12 А Ісус, пачуўшы, сказаў Ім: «Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя.

13 Пайдзеце ж, навучыцеся, што значыць: “Міласэрнасьці хачу, а не ахвяры”. Бо Я прыйшоў не праведнікаў, але грэшнікаў клікаць да навяртаньня».

14 Тады прыходзяць да Яго вучні Янавы, кажучы: «Чаму мы і фарысэі шмат посьцім, а Твае вучні ня посьцяць?»

15 І сказаў ім Ісус: «Ня могуць плакаць сыны вясельля, пакуль з імі жаніх. Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады будуць посьціць.

16 Ніхто ж не прышывае латкі з новай тканіны да старога адзеньня, бо прышытае аддзярэцца ад адзеньня, і дзіра станецца большая.

17 Не ўліваюць новага віна ў старыя мяхі, бо рвуцца мяхі, і віно выцякае, і мяхі гінуць; але новае віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца адно і другое».

18 Калі Ён гаварыў ім гэта, вось, падыйшоўшы, начальнік пакланіўся Яму, кажучы: «Дачка мая цяпер памірае, але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна ажыве».

19 І, устаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя.

20 І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў хварэла на крывацечу, падыйшоўшы ззаду, дакранулася да краю шаты Ягонай,

21 бо яна казала ў сабе: «Калі толькі дакрануся да шаты Ягонай, буду выратаваная».

22 Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: «Будзь пэўная, дачка! Вера твая збавіла цябе». І жанчына ў тую ж гадзіну паздаравела.

23 І, прыйшоўшы ў дом начальніка і ўбачыўшы жалейнікаў і ўзрушаны натоўп,

24 Ісус сказаў ім: «Адыйдзіцеся, бо не памерла дзяўчынка, але сьпіць». І сьмяяліся з Яго.

25 Калі ж вывелі натоўп, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала.

26 І разыйшлася чутка пра гэта па ўсёй той зямлі.

27 І калі Ісус ішоў адтуль, ішлі за Ім два сьляпыя, крычучы і кажучы: «Зьлітуйся над намі, Сыне Давідаў!»

28 Калі ж Ён прыйшоў у дом, падыйшлі да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: «Ці вы верыце, што Я магу гэтае зрабіць?» Кажуць яму: «Так, Госпадзе!»

29 Тады Ён дакрануўся да вачэй іхніх, кажучы: «Паводле веры вашае няхай станецца вам».

30 І адчыніліся вочы іхнія. І Ісус грозна глянуў на іх, кажучы: «Глядзіце, каб ніхто ня ведаў».

31 А яны, выйшаўшы, шырылі вестку пра Яго па ўсёй той зямлі.

32 Калі ж тыя выходзілі, вось прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.

33 І, калі дэман быў выгнаны, нямы загаварыў, і натоўп зьдзіўляўся, кажучы: «Ніколі не здаралася гэткае ў Ізраілі».

34 А фарысэі казалі: «Праз князя дэманаў Ён выганяе дэманаў».

35 І абыходзіў Ісус усе гарады і мястэчкі, навучаючы ў сынагогах і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.

36 Убачыўшы ж натоўпы, Ён зьлітаваўся над імі, што былі саслабелыя і расьцярушаныя, быццам авечкі, якія ня маюць пастуха.

37 Тады кажа вучням Сваім: «Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала.

38 Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё».

 

Мц 10

1 І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і аздараўляць усякую хваробу і ўсякую немач.

2 А дванаццаці апосталаў імёны такія: першы — Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Якуб Зэбэдэяў і Ян, брат ягоны,

3 Філіп і Барталамей, Тамаш і Мацьвей мытнік, Якуб Алфеяў і Леўвей, якога звалі Тадэвушам,

4 Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго.

5 Гэтых дванаццаць паслаў Ісус і загадаў ім, кажучы: «На шлях паганаў не ўзыходзьце і ў горад Самаранскі не ўваходзьце,

6 а ідзіце больш да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі.

7 Ідучы ж, абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Валадарства Нябеснае.

8 Нядужых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма давайце.

9 Не бярыце з сабою ані золата, ані срэбра, ані медзі ў паясы вашыя,

10 ані торбы на дарогу, ані дзьвюх вопратак, ані сандалаў, ані кія. Бо работнік варты ежы сваёй.

11 А ў які горад ці мястэчка ўвойдзеце, даведайцеся, хто ў ім дастойны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце.

12 А, уваходзячы ў дом, вітайце яго.

13 І, калі дом будзе сапраўды дастойны, супакой ваш прыйдзе на яго; а калі ня будзе дастойны, супакой ваш да вас вернецца.

14 І калі хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць словаў вашых, то, выходзячы з дому ці з гораду таго, абтрасіце пыл з ног вашых.

15 Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садома і Гаморы ў дзень суду, чым гораду таму.

16 Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як зьмеі, і шчырыя, як галубы.

17 Сьцеражыцеся людзей, бо яны будуць выдаваць вас у сынэдрыёны і ў сынагогах сваіх будуць бічаваць вас.

18 І павядуць вас да ваяводаў і валадароў дзеля Мяне на сьведчаньне ім і паганам.

19 Калі ж будуць выдаваць вас, не клапаціцеся пра тое, як ці што вам гаварыць, бо вам у тую гадзіну будзе дадзена, што гаварыць.

20 Бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Айца вашага будзе гаварыць у вас.

21 Выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька — сына, і паўстануць дзеці на бацькоў, і пазабіваюць іх;

22 і будуць вас ненавідзець за імя Маё, але хто вытрывае да канца, збаўлены будзе.

23 Калі ж будуць перасьледаваць вас у адным горадзе, уцякайце ў другі, бо сапраўды кажу вам: вы не абыйдзеце ўсіх гарадоў Ізраіля, як прыйдзе Сын Чалавечы.

24 Вучань не вышэй за настаўніка свайго, і слуга не вышэй за гаспадара свайго.

25 Досыць для вучня, каб ён стаўся як настаўнік ягоны, і для слугі, каб ён стаўся як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулам, тым больш хатніх яго.

26 Дык ня бойцеся іх, бо няма нічога прыкрытага, каб не адкрылася, ані тайнага, каб ня сталася вядомым.

27 Што кажу вам у цемры, кажыце пры сьвятле; і што чуеце на вуха, абвяшчайце з дахаў.

28 І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы забіць ня могуць; а бойцеся больш Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у гееньне.

29 Ці ж ня два вераб’і продаюцца за асар? І ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага.

30 А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны.

31 Дык ня бойцеся, вы лепшыя за многіх вераб’ёў.

32 Дык кожнага, хто Мяне прызнае перад людзьмі, таго і Я прызнаю перад Айцом Маім, Які ў небе.

33 А хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, таго і Я адракуся перад Айцом Маім, Які ў небе.

34 Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці супакой на зямлю; не супакой прыйшоў Я прынесьці, але меч.

35 Бо Я прыйшоў разлучыць чалавека з бацькам яго, і дачку — з маці яе, і нявестку — са сьвякрухай яе.

36 І ворагі чалавеку хатнія яго.

37 Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне.

38 І хто не бярэ крыжа свайго і ідзе за Мною, той ня варты Мяне.

39 Хто знойдзе душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, знойдзе яе.

40 Хто прыймае вас, прыймае Мяне, а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне.

41 Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастане нагароду прарока; і хто прыймае праведніка ў імя праведніка, дастане нагароду праведніка.

42 І калі хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, ня страціць нагароды свае».

 

Мц 11

1 І сталася, як скончыў Ісус загадваць дванаццаці вучням Сваім, пайшоў адтуль вучыць і абвяшчаць у гарады іхнія.

2 Ян жа, пачуўшы ў вязьніцы пра дзеяньні Хрыста, паслаў двух вучняў сваіх

3 сказаць Яму: «Ці Ты — Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?»

4 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ідзіце, паведаміце Яну, што чуеце і бачыце:

5 сьляпыя бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім дабравесьціцца.

6 І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне».

7 Калі ж тыя пайшлі, Ісус пачаў гаварыць да натоўпаў пра Яна: «Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае?

8 Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што носяць мяккія шаты, знаходяцца ў дамах валадарскіх.

9 Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.

10 Бо ён ёсьць той, пра якога напісана: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою”.

11 Сапраўды кажу вам: Сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Валадарстве Нябесным большы за яго.

12 Ад дзён Яна Хрысьціцеля дагэтуль Валадарства Нябеснае сілаю здабываецца, і людзі гвалтоўныя захопліваюць яго.

13 Бо ўсе Прарокі і Закон прарочылі да Яна.

14 І калі маеце прыняць, ён ёсьць Ільля, якому належыць прыйсьці.

15 Хто мае вушы слухаць, няхай слухае.

16 Да каго прыраўняю пакаленьне гэтае? Яно падобнае да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы і клічуць да таварышаў сваіх,

17 і кажуць: “Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі”.

18 Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е, і кажуць: “Дэмана мае”.

19 Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е; і кажуць: “Вось, чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў”. І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе».

20 Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш сталася цудаў Ягоных, за тое, што яны не навярнуліся:

21 «Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў вас, даўно б яны ў зрэбніцы і ў попеле навярнуліся.

22 Аднак кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень суду, чым вам.

23 І ты, Капэрнаум, які да неба ўзьнёсся, у пекла скінуты будзеш, бо калі б у Садоме сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў табе, ён застаўся б да гэтага дня.

24 Аднак кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень суду, чым табе».

25 У той час, адказваючы, Ісус сказаў: «Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам.

26 Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе.

27 Усё Мне аддадзена Айцом Маім, і ніхто не спазнаў Сына, акрамя Айца; і ніхто не спазнаў Айца, акрамя Сына і каму Сын пастанавіў адкрыць.

28 Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я дам вам супачынак.

29 Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я — ціхі і пакорнага сэрца, і знойдзеце супачынак душам вашым.

30 Бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі».

 

Мц 12

1 У той час праходзіў Ісус у суботу праз палеткі. Вучні ж Ягоныя былі галодныя і пачалі зрываць каласы і есьці.

2 А фарысэі, убачыўшы гэтае, сказалі Яму: «Вось, вучні Твае робяць, што ня сьлед рабіць у суботу».

3 Ён жа сказаў ім: «Ці ж вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім?

4 Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы пакладныя, якіх не належала есьці ані яму, ані тым, што з ім былі, а толькі адным сьвятарам?

5 Альбо ці не чыталі вы ў Законе, што ў суботы сьвятары ў сьвятыні парушаюць суботу, і бязьвінныя?

6 Кажу ж вам, што тут ёсьць большы за сьвятыню.

7 Калі б вы разумелі, што значыць: “Міласэрнасьці хачу, а не ахвяры”, не асудзілі б бязьвінных.

8 Бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».

9 І, адыйшоўшы адтуль, Ён увайшоў у сынагогу іхнюю.

10 І вось, быў чалавек, які меў сухую руку. І спыталіся ў Яго, каб абвінаваціць Яго, кажучы: «Ці належыцца аздараўляць у суботу?»

11 Ён жа сказаў ім: «Ці ёсьць сярод вас чалавек, які мае адну авечку, і калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, ці ня возьме ён яе і ня выцягне?

12 Дык на колькі чалавек лепшы за авечку? Так што можна ў суботу рабіць дабро».

13 Тады кажа таму чалавеку: «Выцягні руку тваю!» І той выцягнуў, і зрабілася яна здаровая, як другая.

14 А фарысэі, выйшаўшы, учынілі нараду супраць Яго, каб Яго загубіць.

15 Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль; і пайшлі за Ім вялікія натоўпы, і Ён аздаравіў іх усіх.

16 І забараніў ім, каб не выяўлялі Яго,

17 каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:

18 «Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў, Улюбёны Мой, у Якім мае ўпадабаньне душа Мая. Ускладу Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд.

19 Ня будзе сварыцца, ані крычаць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу Яго.

20 Трысьціны надламанай не пераломіць і лёну, што дыміцца, не загасіць, пакуль ня дасьць суду перамогі.

21 І на імя Ягонае будуць спадзявацца народы».

22 Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога, і Ён аздаравіў яго, так што сьляпы і нямы стаў і гаварыць, і бачыць.

23 І дзівіліся ўсе натоўпы, і казалі: «Ці ня гэта Сын Давідаў?»

24 А фарысэі, пачуўшы, казалі: «Ён выганяе дэманаў не іначай, як праз Бэльзэбула, князя дэманаў».

25 А Ісус, ведаючы думкі іхнія, сказаў ім: «Усякае валадарства, якое разьдзялілася само ў сабе, апусьцее; і ўсякі горад ці дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць.

26 І калі шатан шатана выганяе, ён разьдзяліўся сам у сабе. Як можа ўстаяць валадарства ягонае?

27 І, калі Я праз Бэльзэбула выганяю дэманаў, дык сыны вашыя праз каго выганяюць? Дзеля гэтага яны будуць вам судзьдзямі.

28 А калі Я Духам Божым выганяю дэманаў, значыцца, дасягнула вас Валадарства Божае.

29 Або як можа хто ўвайсьці ў дом асілка і абрабаваць рэчы ягоныя, калі раней ня зьвяжа асілка, і тады абрабуе дом ягоны.

30 Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не зьбірае са Мною, той раскідвае.

31 Дзеля гэтага кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства будзе адпушчана людзям, а блюзьнерства на Духа ня будзе адпушчана людзям.

32 І калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, будзе адпушчана яму; а калі хто скажа супраць Духа Сьвятога, ня будзе адпушчана яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.

33 Або ўчыніце дрэва добрым і плод ягоны добрым, або ўчыніце дрэва благім і плод ягоны благім, бо дрэва пазнаецца паводле пладоў.

34 Спараджэньне яхідны! Як вы можаце гаварыць добрае, калі вы злыя? Бо з перапоўненага сэрца гавораць вусны.

35 Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу выносіць злое.

36 Кажу ж вам, што ўсякае пустое слова, якое скажуць людзі, аддасцца ім у дзень суду.

37 Бо паводле словаў сваіх будзеш апраўданы і паводле словаў сваіх будзеш асуджаны».

38 Тады адказалі некаторыя з кніжнікаў і фарысэяў, кажучы: «Настаўнік! Хочам бачыць ад Цябе знак».

39 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Пакаленьне злое і чужаложнае шукае знакаў, і знакі ня будуць дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока.

40 Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.

41 Нініўцы ўстануць на суд з пакаленьнем гэтым і асудзяць яго, бо яны навярнуліся праз пропаведзь Ёны; і вось, тут большы за Ёну.

42 Валадарка з Поўдня паўстане на суд з пакаленьнем гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямона; і вось, тут большы за Салямона.

43 Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, праходзіць праз бязводныя месцы, шукаючы супачынку, і не знаходзіць.

44 Тады кажа: “Вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў”. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, вымеценым і прыбраным.

45 Тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, зьлейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і для чалавека таго апошняе стаецца горш за першае. Так будзе і з гэтым пакаленьнем злым».

46 Калі ж Ён яшчэ гаварыў да натоўпаў, вось, маці і браты Ягоныя сталі вонкі, шукаючы гаварыць з Ім.

47 А нехта сказаў Яму: «Вось маці Твая і браты Твае стаяць вонкі, шукаючы гаварыць з Табою».

48 Ён жа, адказваючы, сказаў таму, які гаварыў з Ім: «Хто маці Мая, і хто браты Мае?»

49 І, выцягнуўшы руку Сваю на вучняў Сваіх, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае.

50 Бо хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе, той Мне брат, і сястра, і маці».

 

Мц 13

1 У той самы дзень, выйшаўшы з дому, Ісус сеў ля мора.

2 І сабраліся да Яго шматлікія натоўпы, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь натоўп стаяў на беразе.

3 І гаварыў ім шмат у прыповесьцях, кажучы: «Вось, выйшаў сейбіт сеяць.

4 І калі сеяў, адны [зярняты] ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх.

5 Іншыя ж упалі на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі; і адразу ўзыйшлі, бо зямля была неглыбокая,

6 а калі ўзыйшло сонца, зьвялі і, як ня мелі кораня, высахлі.

7 Іншыя ж упалі ў церні, і вырасьлі церні, і заглушылі іх.

8 А іншыя ўпалі ў добрую зямлю і далі плод: адно — сто, адно — шэсьцьдзесят, а адно — трыццаць.

9 Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».

10 І, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: «Дзеля чаго гаворыш ім у прыповесьцях?»

11 А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Бо вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім ня дадзена.

12 Бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае.

13 Дзеля таго гавару ім у прыповесьцях, што яны, гледзячы, ня бачаць і, слухаючы, ня чуюць, і не разумеюць.

14 І спаўняецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: “Слыхам пачуеце, і не зразумееце, і, гледзячы, глядзець будзеце, і ня ўбачыце.

15 Бо атлусьцела сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасьцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачылі вачыма, і не пачулі вушамі, і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх” .

16 Вашыя ж шчасьлівыя вочы, што бачаць, і вушы вашыя, што чуюць.

17 Бо сапраўды кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі ўбачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і пачуць, што вы чуеце, і ня чулі.

18 А вы паслухайце прыповесьць пра сейбіта.

19 Да ўсякага, хто чуе слова пра Валадарства і не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным; гэта тое, што пасеянае пры дарозе.

20 А пасеянае на камяністае месца — гэта той, хто чуе слова і адразу з радасьцю прыймае яго,

21 але ня мае ў сабе кораня і нетрывалы: калі надыходзіць прыгнёт ці перасьлед дзеля слова, адразу горшыцца.

22 А пасеянае ў цярніне — гэта той, хто чуе слова, але клопаты веку гэтага і падман багацьця заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным.

23 А пасеянае ў добрую зямлю — гэта той, хто чуе слова і разумее, які дае плод, і дае адзін сто, а іншы — шэсьцьдзесят, а іншы — трыццаць».

24 Іншую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: «Падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім.

25 Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны, і пасеяў між пшаніцаю кукаль, і пайшоў.

26 Калі ж узыйшла рунь і дала плод, тады паказаўся і кукаль.

27 Прыйшоўшы ж, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? Адкуль тады кукаль?”

28 Ён жа сказаў ім: “Вораг чалавек зрабіў гэтае”. А слугі сказалі яму: “Дык хочаш, мы пойдзем зьбярэм яго?”

29 А ён мовіў: “Не, каб, зьбіраючы кукаль, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы.

30 Пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жняцам: 'Зьбярыце спачатку кукаль і зьвяжыце яго ў снапы, каб спаліць іх, а пшаніцу зьбярыце ў сьвіран мой'”».

31 Іншую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: «Падобнае Валадарства Нябеснае да зярняці гарчычнага, якое чалавек, узяўшы, пасеяў на полі сваім.

32 Яно меншае за ўсякае насеньне, а калі вырасьце — большае за ўсе расьліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і хаваюцца ў галінах яго».

33 Іншую прыповесьць сказаў Ён ім: «Падобнае Валадарства Нябеснае да рашчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меры мукі, пакуль ня ўкісла ўсё».

34 Усё гэтае Ісус гаварыў да натоўпаў у прыповесьцях і без прыповесьці не гаварыў ім,

35 каб споўнілася сказанае праз прарока, які кажа: «Адчыню ў прыповесьцях вусны Мае; выкажу схаванае ад стварэньня сьвету».

36 Тады Ісус, пакінуўшы натоўпы, увайшоў у дом, і падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Растлумач нам прыповесьць пра кукаль на полі».

37 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Сейбіт добрага насеньня — гэта Сын Чалавечы.

38 Поле — гэта сьвет, добрае насеньне — гэта сыны Валадарства, а кукаль — сыны злога;

39 вораг, які пасеяў іх, — гэта д’ябал, жніво — сканчэньне веку, а жняцы — анёлы.

40 Бо як зьбіраюць кукаль і агнём паляць, так будзе пры сканчэньні веку гэтага:

41 пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Валадарства Ягонага ўсе згаршэньні і ўсіх, хто чыніць беззаконьне.

42 І ўкінуць іх у печ вогненную, там будзе плач і скрыгат зубоў.

43 Тады праведнікі зазьяюць, як сонца, у Валадарстве Айца іхняга. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

44 Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да скарбу, схаванага ў полі, які, знайшоўшы, чалавек схаваў, і ў радасьці сваёй ідзе, і прадае ўсё, што мае, і купляе тое поле.

45 Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека купца, які шукае добрых пэрлінаў,

46 які, знайшоўшы адну каштоўную пэрліну, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яе.

47 Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да нерату, які закінуты ў мора і сабраў усякага роду рыбы.

48 Калі ён напоўніўся, выцягнуўшы яго на бераг і сеўшы, добрую сабралі ў пасудзіны, а благую выкінулі вонкі.

49 Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы, і аддзеляць злых спасярод праведных,

50 і ўкінуць іх у печ вогненную, там будзе плач і скрыгат зубоў».

51 Кажа ім Ісус: «Ці зразумелі вы ўсё гэтае?» Яны кажуць Яму: «Так, Госпадзе!»

52 Ён жа сказаў ім: «Дзеля гэтага ўсякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара дому, які выносіць са скарбу свайго новае і старое».

53 І сталася, калі скончыў Ісус прыповесьці гэтыя, Ён выйшаў адтуль.

54 І, прыйшоўшы ў бацькаўшчыну Сваю, навучаў іх у сынагозе іхняй, так што яны дзівіліся і гаварылі: «Адкуль у Яго гэткая мудрасьць і моц?

55 Ці ж ня цесьляў Ён сын? Ці не Ягоная маці завецца Марыя, і браты Ягоныя — Якуб, і Ёсія, і Сымон, і Юда?

56 І сёстры Ягоныя ці ж ня ўсе сярод нас? Адкуль жа ў Яго ўсё гэтае?»

57 І горшыліся дзеля Яго. А Ісус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім».

58 І не ўчыніў там шмат цудаў дзеля недаверства іхняга.

 

Мц 14

1 У той час пачуў Ірад тэтрарх чутку пра Ісуса

2 і сказаў слугам сваім: «Гэта Ян Хрысьціцель; ён уваскрошаны з мёртвых, і дзеля гэтага цуды дзеюцца праз яго».

3 Бо Ірад, схапіўшы Яна, увязьніў яго і пасадзіў у вязьніцу за Ірадыяду, жонку Філіпа, брата свайго,

4 бо Ян казаў яму: «Не належыцца табе мець яе».

5 І, хочучы забіць яго, баяўся натоўпу, бо яго мелі за прарока.

6 А калі Ірад спраўляў урадзіны, дачка Ірадыяды таньчыла пасярод іх і спадабалася Іраду.

7 Таму ён з прысягаю паабяцаў ёй даць, чаго б ні папрасіла.

8 Яна ж, падвучаная маці сваёй, сказала: «Дай мне тут на місе галаву Яна Хрысьціцеля».

9 І засумаваў валадар, але дзеля прысягі і тых, што ўзьлягалі з ім, загадаў даць.

10 І паслаў адсячы галаву Яну ў вязьніцы.

11 І прынесьлі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне, і яна занесла маці сваёй.

12 І вучні ягоныя, прыйшоўшы, узялі цела і пахавалі яго; і, пайшоўшы, паведамілі Ісусу.

13 І, пачуўшы, Ісус адыйшоў адтуль на чаўне ў пустыннае месца адзін, і натоўп, пачуўшы тое, пайшоў за Ім з гарадоў пехатою.

14 І, выйшаўшы, Ісус убачыў шматлікія натоўпы, і зьлітаваўся над імі, і аздаравіў нямоглых іхніх.

15 А калі настаў вечар, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Тут месца пустыннае, і гадзіна ўжо позьняя; адпусьці натоўпы, каб, пайшоўшы ў мястэчкі, купілі сабе ежы».

16 А Ісус сказаў ім: «Ня трэба ім ісьці. Вы дайце ім есьці».

17 Яны ж кажуць Яму: «Нічога тут ня маем, толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы».

18 А Ён сказаў: «Прынясіце Мне іх сюды».

19 І, загадаўшы натоўпам узьлегчы на траве, узяў пяць хлябоў і дзьве рыбы, і, зірнуўшы ў неба, дабраславіў і, паламаўшы, даў вучням хлеб, а вучні — натоўпу.

20 І елі ўсе, і насыціліся; і сабралі кавалкаў, што засталіся, дванаццаць поўных кашоў.

21 А тых, што елі, было каля пяці тысячаў мужчынаў, акрамя жанчынаў і дзяцей.

22 І адразу змусіў Ісус вучняў Сваіх увайсьці ў човен і плысьці перш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусьціць натоўпы.

23 І, адпусьціўшы натоўпы, Ён узыйшоў на гару памаліцца насамоце; і, як надыйшоў вечар, быў там адзін.

24 А човен ужо быў пасярод мора, кіданы хвалямі, бо вецер быў супраціўны.

25 А ў чацьвёртую варту ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры.

26 І вучні, убачыўшы Яго, як ішоў па моры, стрывожыліся, кажучы: «Гэта здань», і ад страху закрычалі.

27 Ісус жа адразу загаварыў з імі, кажучы: «Будзьце пэўныя, гэта Я; ня бойцеся».

28 Адказваючы ж Яму, Пётар сказаў: «Госпадзе! Калі гэта Ты, загадай мне ісьці да Цябе па вадзе».

29 Ён жа сказаў: «Ідзі». І, выйшаўшы з чаўна, Пётар пайшоў па вадзе, ідучы да Ісуса.

30 Але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў, кажучы: «Госпадзе, ратуй мяне!»

31 А Ісус адразу, працягнуўшы руку, схапіў яго і кажа яму: «Малаверны! Чаму ты засумняваўся?»

32 І калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сьціх.

33 А тыя, што былі ў чаўне, падыйшоўшы, пакланіліся Яму, кажучы: «Сапраўды, Ты — Сын Божы!»

34 І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генэсарэцкую.

35 І людзі тамтэйшыя, пазнаўшы Яго, паслалі ва ўсю ваколіцу тую, і прынесьлі да Яго ўсіх хворых.

36 І прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю адзеньня Ягонага; і ўсе, якія дакрануліся, былі аздароўленыя.

 

Мц 15

1 Тады прыходзяць да Ісуса з Ерусаліму кніжнікі і фарысэі, кажучы:

2 «Чаму вучні Твае адступаюцца ад традыцыяў старэйшых? Бо ня мыюць рукі свае, калі ядуць хлеб».

3 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Чаму і вы адступаецеся ад прыказаньня Божага дзеля традыцыяў вашых?

4 Бо Бог загадаў, кажучы: “Шануй бацьку твайго і маці”, і: “Хто праклінае бацьку ці маці, няхай сьмерцю памрэ”.

5 А вы кажаце: “Калі хто скажа бацьку або маці: 'Дар [Богу] тое, чым ты ад мяне карыстаўся',

6 той можа і не шанаваць бацьку свайго ці маці сваю”. І вы пазбавілі сілы прыказаньне Божае дзеля традыцыяў вашых.

7 Крывадушнікі! Слушна прарочыў пра вас Ісая, кажучы:

8 “Народ гэты набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і губамі шануе Мяне; а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне.

9 Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньняў і пастановаў чалавечых”».

10 І, паклікаўшы натоўп, сказаў ім: «Слухайце і разумейце:

11 Ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што выходзіць з вуснаў, апаганьвае чалавека».

12 Тады вучні Ягоныя, падыйшоўшы, казалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, згоршыліся?»

13 Ён жа, адказваючы, сказаў: «Усякая расьліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе выкарчавана.

14 Пакіньце іх; яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ўваляцца ў яму».

15 Пётар жа, адказваючы, сказаў Яму: «Растлумач нам прыповесьць гэтую».

16 А Ісус сказаў: «Няўжо і вы такія няцямкія?

17 Ці ж яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, трапляе ў жывот і выкідаецца прэч?

18 А тое, што выходзіць з вуснаў, — з сэрца выходзіць; гэта апаганьвае чалавека,

19 бо з сэрца выходзяць злыя думкі, забойствы, распуснасьць, чужалоства, крадзяжы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы.

20 Гэта апаганьвае чалавека, а есьці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека».

21 І, выйшаўшы адтуль, Ісус адыйшоў у межы Тыру і Сідону.

22 І вось жанчына Хананейская, выйшаўшы з тых ваколіцаў, крычала Яму, кажучы: «Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачка мая цяжка апанаваная дэманам!»

23 А Ён не адказаў ёй ані слова. І вучні Ягоныя, падыйшоўшы, прасілі Яго, кажучы: «Адпусьці яе, бо яна крычыць за намі».

24 Ён жа, адказваючы, сказаў: «Я пасланы толькі да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі».

25 А яна, прыйшоўшы, пакланілася Яму, кажучы: «Госпадзе! Дапамажы мне».

26 Ён жа, адказваючы, сказаў: «Ня добра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам».

27 А яна сказала: «Так, Госпадзе! Але і сабакі ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх».

28 Тады, адказваючы, Ісус сказаў ёй: «О, жанчына! Вялікая вера твая; няхай станецца табе, як ты хочаш». І была аздароўленая дачка ейная з тае гадзіны.

29 І, перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узыйшоўшы на гару, сеў там.

30 І падыйшлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і пакінулі іх ля ног Ісуса; і Ён аздаравіў іх,

31 так што натоўп зьдзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць, і славіў Бога Ізраіля.

32 А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў: «Шкада Мне гэтых людзей, што ўжо тры дні са Мною і ня маюць, што есьці; і не хачу адпусьціць іх галоднымі, каб не саслабелі ў дарозе».

33 І кажуць Яму вучні Ягоныя: «Адкуль у нас у пустыні гэтулькі хлеба, каб накарміць гэтакі натоўп?»

34 І кажа ім Ісус: «Колькі маеце хлябоў?» Яны ж сказалі: «Сем, і некалькі рыбак».

35 І Ён загадаў натоўпам узьлегчы на зямлі.

36 І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, падзякаваўшы, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні — натоўпу.

37 І елі ўсе, і наеліся; і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў поўных.

38 А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчынаў, акрамя жанчынаў і дзяцей.

39 І, адпусьціўшы натоўп, Ён увайшоў у човен і прыйшоў у ваколіцы Магдалы.

 

Мц 16

1 І, падыйшоўшы, фарысэі і садукеі, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак з неба.

2 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Увечары вы кажаце: “Будзе пагода, бо неба чырвонае”.

3 І раніцаю: “Сёньня непагадзь, бо неба чырвонае і пахмурнае”. Крывадушнікі! Аблічча неба адрозьніваеце, а знакаў часу ня можаце?

4 Пакаленьне злое і чужаложнае знаку шукае, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока». І, пакінуўшы іх, адыйшоў.

5 І, перабраўшыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлеба.

6 А Ісус сказаў ім: «Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і садукейскай».

7 Яны ж разважалі між сабою, кажучы: «Бо мы хлябоў ня ўзялі».

8 Зразумеўшы ж гэта, Ісус сказаў ім: «Чаму разважаеце між сабою, малаверы, што хлябоў ня ўзялі?

9 Ці яшчэ не разумееце і ня памятаеце тыя пяць хлябоў на пяць тысячаў, і колькі кашоў назьбіралі?

10 Ці тыя сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кашоў назьбіралі?

11 Як не разумееце, што не наконт хлеба сказаў Я вам сьцерагчыся кісьлі фарысэйскай і садукейскай?»

12 Тады яны зразумелі, што Ён гаварыў ім сьцерагчыся ня кісьлі хлебнае, але навукі фарысэйскае і садукейскае.

13 А прыйшоўшы ў межы Цэзарэі Філіпавай, Ісус спытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Кім людзі называюць Мяне, Сына Чалавечага?»

14 А яны сказалі: «Адны — Янам Хрысьціцелем, другія — Ільлём, а іншыя — Ярэміем ці адным з прарокаў».

15 Ён кажа ім: «А вы кім Мяне называеце?»

16 Сымон жа Пётар, адказваючы, сказаў: «Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога».

17 І, адказваючы, Ісус сказаў яму: «Шчасьлівы ты, Сымон, сын Ёны, бо ня цела і кроў адкрылі табе гэтае, але Айцец Мой, Які ў небе.

18 І Я кажу табе: Ты — скала, і на гэтай скале Я збудую Царкву Маю, і брамы пекла не перамогуць яе.

19 І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў небе; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў небе».

20 Тады загадаў Ён вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос.

21 Ад таго часу пачаў Ісус паказваць вучням Сваім, што Ён мусіць пайсьці ў Ерусалім і шмат перацярпець ад старшыняў, і першасьвятароў, і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.

22 І, адклікаўшы Яго, Пётар пачаў забараняць Яму, кажучы: «Будзь міласьцівы да Сябе, Госпадзе! Няхай ня будзе гэтага з Табою!»

23 Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Ты Мне згаршэньне, бо думаеш не пра тое, што Божае, але што чалавечае».

24 Тады Ісус сказаў вучням Сваім: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною.

25 Бо хто хоча душу сваю выратаваць, той загубіць яе, а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе.

26 Бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасьць чалавек у выкуп за душу сваю?

27 Бо мае прыйсьці Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.

28 Сапраўды кажу вам: ёсьць некаторыя, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, Які ідзе ў Валадарстве Сваім».

 

Мц 17

1 І праз шэсьць дзён бярэ Ісус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і вядзе іх на гару высокую адных.

2 І Ён перамяніўся перад імі, і сьвяцілася аблічча Ягонае, як сонца, а шаты Ягоныя сталіся белыя, як сьвятло.

3 І вось, зьявіліся ім Майсей і Ільля, ведучы гутарку з Ім.

4 Адказваючы, Пётар сказаў Ісусу: «Госпадзе! Добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і адзін Ільлі».

5 Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае ахінула іх; і вось, голас з воблака, які кажа: «Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне; Яго слухайце».

6 І, пачуўшы, вучні ўпалі на аблічча сваё і моцна спужаліся.

7 І Ісус, падыйшоўшы, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і ня бойцеся!2

8 Падняўшы ж вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса.

9 І як зыходзілі яны з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра гэты відзеж, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых».

10 І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Чаму ж кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці спачатку?»

11 А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Ільля сапраўды прыйдзе спачатку і направіць усё.

12 А Я кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, але ўчынілі з ім, як хацелі; гэтак і Сын Чалавечы мае перацярпець ад іх».

13 Тады вучні зразумелі, што Ён казаў ім пра Яна Хрысьціцеля.

14 І як прыйшлі яны да натоўпу, падыйшоў да Яго чалавек, падаючы перад ім на калені і кажучы:

15 «Госпадзе! Зьлітуйся над сынам маім, ён люнатык і цяжка церпіць; бо часта кідаецца ў вагонь і часта ў ваду.

16 І я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі аздаравіць яго».

17 Ісус жа, адказваючы, сказаў: «О, пакаленьне бязьвернае і сапсаванае! Дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне сюды».

18 І забараніў яму Ісус, і дэман выйшаў з яго, і хлопец быў аздароўлены ў тую гадзіну.

19 Тады вучні, падыйшоўшы да Ісуса насамоце, сказалі: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»

20 А Ісус сказаў ім: «Дзеля недаверства вашага. Бо сапраўды кажу вам: калі вы маеце веру, як гарчычнае зерне, і скажаце гары гэтай: “Перайдзі адгэтуль туды”, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчымым для вас.

21 Гэты ж род выходзіць толькі праз малітву і пост».

22 Калі ж былі яны ў Галілеі, Ён сказаў ім: «Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі людзей,

23 і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне». І яны дужа засмуціліся.

24 Калі ж прыйшлі яны ў Капэрнаум, падыйшлі да Пятра зьбіральнікі дыдрахмаў і сказалі: «Настаўнік ваш ці ня дасьць дыдрахмы?»

25 Ён кажа: «Так». І калі ён увайшоў у дом, Ісус папярэдзіў яго, кажучы: «Як ты думаеш, Сымоне, валадары зямныя з каго бяруць мыта ці даніну, ці са сваіх сыноў, ці з чужых?»

26 Пётар кажа Яму: «З чужых». Сказаў яму Ісус: «Значыцца, сыны вольныя.

27 Але, каб нам не згаршаць іх, пайшоўшы на мора, кінь вуду, і першую рыбу, якая пападзецца, вазьмі, і, расчыніўшы ёй рот, знойдзеш статыр; узяўшы яго, аддай ім за Мяне і за сябе».

 

Мц 18

1 У тую гадзіну падыйшлі вучні да Ісуса, кажучы: «Дык хто большы ў Валадарстве Нябесным?»

2 І, паклікаўшы дзіцятка, Ісус паставіў яго пасярод іх

3 і сказаў: «Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і ня станецеся, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.

4 Дык хто панізіць сябе, як гэтае дзіця, той большы ў Валадарстве Нябесным.

5 І хто прыйме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне прыймае.

6 А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, такому лепш было б, каб павесілі млынавы камень на шыю ягоную і ўтапілі яго ў глыбіні мора.

7 Гора сьвету ад згаршэньняў, бо патрэбна, каб прыйшлі згаршэньні; але гора таму чалавеку, праз якога прыходзіць згаршэньне.

8 Калі ж рука твая ці нага твая горшыць цябе, адсячы іх і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгавым ці калекаю, чым, маючы дзьве рукі або дзьве нагі, быць укінутым у агонь вечны.

9 І калі вока тваё горшыць цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе аднавокім увайсьці ў жыцьцё, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у геенну вогненную.

10 Глядзіце, не пагарджайце ані адным з малых гэтых, бо кажу вам, што анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага.

11 Бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб збавіць тое, што загінула.

12 Як вы думаеце, калі б нейкі чалавек меў сто авечак, і адна з іх заблукала, ці, пакінуўшы дзевяноста дзевяць у гарах, ня пойдзе ён шукаць тую, што заблукала?

13 І, калі станецца, што знойдзе яе, сапраўды кажу вам: ён узрадуецца з яе больш, чым з дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.

14 Гэтак няма волі Айца вашага, Які ў небе, каб загінуў адзін з малых гэтых.

15 Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго між табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, ты здабыў брата твайго.

16 Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух або трох сьведак змацавалася ўсякае слова.

17 Калі ж не пачуе, скажы царкве, а калі і царквы не пачуе, няхай будзе ён табе, як паганін і мытнік.

18 Сапраўды кажу вам: усё, што вы зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана ў небе.

19 Ізноў кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодзяцца адносна любой справы, дык што ні папросяць, станецца ім ад Айца Майго, Які ў небе.

20 Бо дзе двое або трое сабраныя дзеля імя Майго, там Я сярод іх».

21 Тады Пётар, падыйшоўшы да Яго, сказаў: «Госпадзе! Колькі разоў брат мой будзе грашыць супраць мяне, і я дарую яму? Ці да сямі разоў?»

22 Кажа яму Ісус: «Не кажу табе: да сямі, але да сямідзесяці разоў па сем.

23 Дзеля гэтага Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які захацеў разрахавацца са слугамі сваімі.

24 Калі ж пачаў ён рахавацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў дзесяць тысячаў талентаў.

25 А як ня меў што аддаць, пан ягоны загадаў прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што меў, і заплаціць.

26 Тады слуга той, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: “Пане! Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё табе аддам”.

27 Пан, зьлітаваўшыся над слугою тым, адпусьціў яго і дараваў яму пазыку.

28 А слуга той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з таварышаў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай мне, што вінен”.

29 Тады таварыш ягоны, упаўшы да ног яго, прасіў яго, кажучы: “Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё аддам табе”.

30 А той не захацеў, але адыйшоўшы, кінуў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўгу.

31 Таварышы ягоныя, убачыўшы, што сталася, вельмі засмуціліся і, прыйшоўшы, паведамілі пану свайму ўсё, што сталася.

32 Тады пан ягоны, паклікаўшы яго, кажа яму: “Злы слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, калі ты прасіў мяне.

33 Ці ж ня мусіў і ты зьлітавацца над таварышам тваім, як і я зьлітаваўся над табою?”

34 І, загневаўшыся, пан ягоны аддаў яго катам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу.

35 Так і Айцец Мой Нябесны ўчыніць вам, калі не даруе кожны з вас ад сэрца свайго брату свайму грахоў ягоных».

 

Мц 19

1 І сталася, калі скончыў Ісус словы гэтыя, выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія на той бок Ярдану.

2 І пайшлі за Ім шматлікія натоўпы, і Ён аздаравіў іх там.

3 І падыйшлі да Яго фарысэі, спакушаючы Яго і кажучы Яму: «Ці за ўсякую віну можна чалавеку разводзіцца з жонкаю сваёю?»

4 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Ці вы не чыталі, што Той, Хто стварыў на пачатку, мужчынай і жанчынай стварыў іх?

5 І Ён сказаў: “Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй; і будуць двое адным целам”.

6 Так што яны ўжо ня двое, але адно цела. Вось жа, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае».

7 Яны кажуць Яму: «Як тады Майсей даў прыказаньне даць разводны ліст і пакінуць яе?»

8 Ён кажа ім: «Майсей дзеля жорсткасьці сэрца вашага дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі, а на пачатку не было гэтак.

9 А Я кажу вам: хто пакіне жонку сваю не за распусту і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць; і хто ажэніцца з разьведзенаю, чужаложыць».

10 Кажуць Яму вучні Ягоныя: «Калі гэткі абавязак чалавека да жонкі, не карысна жаніцца».

11 Ён жа сказаў ім: «Ня ўсе ўмяшчаюць слова гэтае, але каму дадзена.

12 Бо ёсьць скапцы, што з улоньня маці гэткімі нарадзіліся; і ёсьць скапцы, якія выпакладаныя людзьмі; і ёсьць скапцы, якія самі сябе выпакладалі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа ўмясьціць, няхай умесьціць».

13 Тады прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім.

14 А Ісус сказаў: «Пакіньце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне; бо гэткіх ёсьць Валадарства Нябеснае».

15 І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.

16 І вось нехта, падыйшоўшы, сказаў Яму: «Настаўнік добры! Што мне зрабіць добрага, каб мець жыцьцё вечнае?»

17 Ён жа сказаў яму: «Чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, акрамя аднаго Бога. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, захоўвай прыказаньні».

18 Кажа Яму: «Якія?» Ісус жа сказаў: «Не забівай; не чужалож; не крадзі; ня сьведчы фальшыва;

19 шануй бацьку твайго і маці; і любі бліжняга твайго, як самога сябе».

20 Кажа Яму юнак: «Усё гэта я захаваў ад юнацтва майго. Чаго яшчэ мне не стае?»

21 Ісус мовіў яму: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за Мною».

22 Пачуўшы гэтае слова, юнак адыйшоў засмучаны, бо меў вялікую маёмасьць.

23 А Ісус сказаў вучням Сваім: «Сапраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсьці ў Валадарства Нябеснае.

24 Зноў жа кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае».

25 Пачуўшы гэтае, вучні Ягоныя надта дзівіліся, кажучы: «Хто ж тады можа быць збаўленым?»

26 А Ісус, паглядзеўшы, сказаў ім: «У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма».

27 Тады Пётар, адказваючы, сказаў Яму: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою; што ж будзе нам?»

28 А Ісус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што вы, якія пайшлі за Мною, у адроджаным [сьвеце], калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе славы Сваёй, сядзеце на дванаццаці пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраіля.

29 І кожны, хто пакінуў дамы, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або палі дзеля імя Майго, атрымае ў стакроць больш і ўспадкаеміць жыцьцё вечнае.

30 Многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі.

 

Мц 20

1 Бо Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека гаспадара дому, які выйшаў рана раніцаю наняць работнікаў у вінаграднік свой.

2 І, умовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.

3 І, выйшаўшы каля трэцяе гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы.

4 І сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік мой і, што будзе справядліва, дам вам”. Яны пайшлі.

5 Зноў выйшаўшы каля шостае і дзявятае гадзіны, зрабіў гэтак сама.

6 А выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: “Чаму вы стаіцё тут цэлы дзень бяз працы?”

7 Яны кажуць яму: “Ніхто нас не наняў”. Ён кажа ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік і, што будзе справядліва, атрымаеце”.

8 А як надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніку наглядчыку свайму: “Пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых”.

9 І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны, атрымалі па дынару.

10 А тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што яны атрымаюць больш, але і яны атрымалі па дынару.

11 І, атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дому,

12 кажучы: “Гэтыя апошнія рабілі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанесьлі цяжар дня і сьпёку”.

13 Ён жа, адказваючы, сказаў аднаму з іх: “Дружа! Я ня крыўджу цябе. Ці ж не за дынар ты ўмовіўся са мною?

14 Вазьмі сваё і ідзі. А я хачу даць гэтаму апошняму тое, што і табе.

15 Ці ж я не магу ў сваім рабіць, што хачу? Або вока тваё злоснае, што я добры?”

16 Гэтак будуць апошнія першымі, і першыя — апошнімі, бо шмат пакліканых, але мала выбраных».

17 І, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус дарогаю ўзяў дванаццаць вучняў Сваіх і сказаў ім:

18 «Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і яны асудзяць Яго на сьмерць,

19 і выдадуць Яго паганам на зьдзек, і бічаваньне, і ўкрыжаваньне; і на трэці дзень Ён уваскрэсьне».

20 Тады падыйшла да Яго маці сыноў Зэбэдэя з сынамі сваімі, кланяючыся і нечага просячы ў Яго.

21 Ён жа сказаў ёй: «Чаго ты хочаш?» Яна кажа Яму: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі адзін праваруч Цябе, а другі — леваруч у Валадарстве Тваім».

22 А Ісус, адказваючы, сказаў: «Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць келіх, які Я маю піць, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?» Яны кажуць Яму: «Можам».

23 І Ён кажа ім: «Сапраўды, келіх Мой будзеце піць і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца, а сесьці праваруч Мяне і леваруч Мяне не магу даць вам, але каму падрыхтавана Айцом Маім».

24 І пачуўшы гэта, дзесяцёра абурыліся на двух братоў.

25 А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: «Вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі і магнаты маюць уладу над імі.

26 А ў вас ня гэтак мае быць, але хто хоча між вамі стацца большым, няхай будзе служыцелем вашым,

27 і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вашым слугою,

28 як і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на адкупленьне многіх».

29 І як выходзілі яны з Ерыхону, за Ім ішоў шматлікі натоўп.

30 І вось, два сьляпыя, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус праходзіць, закрычалі, кажучы: «Зьлітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!»

31 А натоўп сварыўся на іх, каб маўчалі; а яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: «Зьлітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!»

32 І, супыніўшыся, Ісус паклікаў іх і сказаў: «Чаго вы хочаце, каб Я зрабіў вам?»

33 Яны кажуць Яму: «Госпадзе! Каб адчыніліся вочы нашыя».

34 Ісус жа, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх, і адразу сталі бачыць вочы іхнія, і яны пайшлі за Ім.

 

Мц 21

1 І калі наблізіліся да Ерусаліму і прыйшлі да Бэтфагі на гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў,

2 кажучы ім: «Ідзіце ў мястэчка, якое перад вамі, і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і асьляня з ёю; адвязаўшы, прывядзіце да Мяне.

3 І калі хто скажа вам нешта, адкажыце, што Госпад іх патрабуе: і адразу пашле іх».

4 А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае праз прарока, які кажа:

5 «Скажыце дачцэ Сыёну: “Вось, Валадар твой ідзе да цябе ціхі, які сядзіць на асьліцы і асьляняці, сыне пад’ярэмнай”».

6 Пайшоўшы, вучні зрабілі так, як загадаў ім Ісус.

7 Прывялі асьліцу і асьляня і ўсклалі на іх адзеньне сваё, і Ён сеў на іх.

8 А шматлікі натоўп пасьцілаў на дарозе адзеньне сваё, а іншыя рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.

9 А натоўпы, што наперадзе і за Ім ішлі, крычалі, кажучы: «Гасанна Сыну Давіда! Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада! Гасанна на вышынях!»

10 І як увайшоў Ён у Ерусалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: «Хто гэта?»

11 А натоўпы казалі: «Гэта Ісус, прарок з Назарэту Галілейскага».

12 І ўвайшоў Ісус у сьвятыню Божую, і выгнаў усіх, што продалі і куплялі ў сьвятыні, і сталы мяняльнікаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў.

13 І кажа ім: «Напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы”. А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».

14 І падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпыя і кульгавыя, і Ён аздаравіў іх.

15 А першасьвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія крычалі ў сьвятыні і казалі: «Гасанна Сыну Давіда!», — абурыліся

16 і сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» А Ісус кажа ім: «Так! Ці вы ніколі не чыталі: “З вуснаў немаўлятаў і тых, што пры грудзях, Ты ўчыніў хвалу?”»

17 І, пакінуўшы іх, выйшаў з гораду да Бэтаніі, і правёў там ноч.

18 А раніцою, вяртаючыся ў горад, адчуў голад.

19 І, убачыўшы пры дарозе адно дрэва фігавае, падыйшоў да яго, і нічога не знайшоў на ім, акрамя адной лістоты, і кажа да яго: «Няхай больш ня будзе з цябе плоду да веку». І адразу ж засохла дрэва фігавае.

20 І, убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся, кажучы: «Як гэта адразу ж засохла дрэва фігавае?»

21 А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Сапраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру і ня будзеце сумнявацца, ня толькі зробіце тое, што з дрэвам фігавым, але калі і гары гэтай скажаце: “Будзь узятая і кінутая ў мора”, — станецца.

22 І ўсё, што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце».

23 І калі прыйшоў Ён у сьвятыню, падыйшлі да Яго, калі Ён вучыў, першасьвятары і старшыні народу, кажучы: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто Табе даў гэтую ўладу?»

24 А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Спытаюся і Я ў вас адно слова; калі на гэта скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта.

25 Хрышчэньне Яна адкуль было: з неба ці ад людзей?» Яны ж разважалі між сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, — Ён скажа нам: “Чаму ж вы не паверылі яму?”

26 А калі скажам: “Ад людзей”, — баімся натоўпу, бо ўсе маюць Яна за прарока».

27 І, адказваючы, сказалі Ісусу: «Ня ведаем». І Ён сказаў ім: «І Я вам не скажу, якою ўладаю гэтае раблю.

28 А як вы думаеце: чалавек меў двух дзяцей, і ён, падыйшоўшы да першага, сказаў: “Дзіцятка, ідзі сёньня працаваць у вінаграднік мой”.

29 Той жа, адказваючы, сказаў: “Не хачу”, а пасьля, пакаяўшыся, пайшоў.

30 І, падыйшоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Той, адказваючы, сказаў: “Іду, пане”, і не пайшоў.

31 Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Кажа ім Ісус: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусьніцы ідуць наперадзе вас у Валадарства Божае.

32 Бо прыйшоў да вас Ян шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусьніцы паверылі яму; вы ж, бачачы гэтае, не пакаяліся пасьля, каб паверыць яму.

33 Паслухайце другую прыповесьць: быў нейкі чалавек, гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў у ім тоўчню, і пабудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў.

34 Калі ж наблізіўся час пладоў, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў узяць плады свае.

35 І схапілі вінаградары слугаў ягоных, аднаго зьбілі, другога забілі, а іншага ўкаменавалі.

36 Зноў паслаў ён іншых слугаў, больш, чым раней; і з імі зрабілі тое самае.

37 Нарэшце паслаў да іх сына свайго, кажучы: “Пасаромеюцца сына майго”.

38 А вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца! Хадзем, заб’ем яго і атрымаем спадчыну ягоную”.

39 І, схапіўшы яго, выгналі вон з вінаградніку і забілі.

40 Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?»

41 Кажуць Яму: «Ліхадзеяў гэтых жорстка выгубіць, а вінаграднік здасьць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў свой час».

42 Кажа ім Ісус: «Няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісаньні: “Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”.

43 Дзеля гэтага кажу вам, што будзе забранае ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які ўчыняе плады ягоныя.

44 І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць».

45 І, пачуўшы прыповесьці Ягоныя, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што Ён гаворыць пра іх.

46 І, шукаючы ўзяць Яго, збаяліся натоўпаў, таму што яны мелі Яго за прарока.

 

Мц 22

1 І, адказваючы, Ісус зноў гаварыў з імі ў прыповесьцях, кажучы:

2 «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які справіў вясельле для сына свайго.

3 І ён паслаў слугаў сваіх клікаць пакліканых на вясельле; і тыя не хацелі прыйсьці.

4 Зноў паслаў ён іншых слугаў, кажучы: “Скажыце пакліканым: Вось, я падрыхтаваў бяседу маю, валы мае і, што ўкормлена, зарэзаны, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вясельле”.

5 А яны, ня дбаючы на тое, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да свайго гандлю.

6 А іншыя, узяўшы слугаў ягоных, зьняважылі іх і забілі.

7 Пачуўшы пра гэтае, валадар загневаўся і, паслаўшы жаўнераў сваіх, выгубіў забойцаў тых, і горад іхні спаліў.

8 Тады кажа ён слугам сваім: “Сапраўды, вясельле падрыхтаванае, але пакліканыя не былі вартыя.

9 Дык пайдзіце на ростані дарог, і ўсіх, каго знойдзеце, клічце на вясельле”.

10 І слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, злых і добрых; і на вясельлі было поўна гасьцей.

11 Увайшоўшы ж пабачыць тых, што ўзьлягалі, валадар убачыў там чалавека, не апранутага ў вясельнае адзеньне,

12 і кажа яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, ня маючы вясельнага адзеньня?” Той жа маўчаў.

13 Тады сказаў валадар слугам: “Зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьміце яго і ўкіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў.

14 Бо шмат пакліканых, але мала выбраных”».

15 Тады, пайшоўшы, фарысэі зрабілі нараду, як злавіць Яго ў словах.

16 І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, кажучы: «Настаўнік! Мы ведаем, што Ты праўдзівы і пра шлях Божы паводле праўды навучаеш, і не дагаджаеш нікому, бо не глядзіш на аблічча людзей.

17 Дык скажы нам, як Ты думаеш, ці належыцца даваць даніну цэзару, ці не?»

18 А Ісус, разумеючы зласьлівасьць іхнюю, сказаў: «Чаму спакушаеце Мяне, крывадушнікі?

19 Пакажыце Мне манэту для даніны». Яны ж прынесьлі Яму дынар.

20 І кажа ім: «Чый гэта вобраз і надпіс?»

21 Кажуць Яму: «Цэзара». Тады кажа ім: «Дык аддавайце тое, што цэзара, цэзару, а што Божае, — Богу».

22 І, пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся, і, пакінуўшы Яго, адыйшлі.

23 У той дзень падыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і спыталіся ў Яго:

24 «Настаўнік, Майсей сказаў: “Калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, брат ягоны няхай возьме жонку ягоную і адновіць насеньне брату свайму”.

25 Было ж у нас сем братоў, і першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы насеньня, пакінуў жонку сваю брату свайму.

26 Таксама і другі, і трэці, аж да сёмага.

27 Пасьля ўсіх памерла і жонка.

28 Дык пры ўваскрасеньні якога з сямі будзе яна жонкаю? Бо ўсе мелі яе».

29 Адказваючы, Ісус сказаў ім: «Вы памыляецеся, ня ведаючы ані Пісаньня, ані моцы Божае.

30 Бо пры ўваскрасеньні ані жэняцца, ані замуж выходзяць, але будуць як анёлы Божыя ў небе.

31 А наконт уваскрасеньня мёртвых, ці не чыталі вы сказанага вам Богам, Які кажа:

32 “Я — Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба!” Бог ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых».

33 І, пачуўшы, натоўпы дзівіліся з навукі Ягонай.

34 А фарысэі, пачуўшы, што Ён прымусіў змоўкнуць садукеяў, сабраліся супраць Яго.

35 І спытаўся адзін з іх, законьнік, спакушаючы Яго і кажучы:

36 «Настаўнік, якое найбольшае прыказаньне ў Законе?»

37 А Ісус сказаў яму: «“Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім”.

38 Гэта ёсьць першае і найбольшае прыказаньне.

39 Другое ж падобнае да яго: “Любі бліжняга свайго, як самога сябе”.

40 На гэтых двух прыказаньнях трымаецца ўвесь Закон і Прарокі».

41 А ў фарысэяў, якія сабраліся, Ісус спытаўся,

42 кажучы: «Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён Сын?» Кажуць Яму: «Давіда».

43 Кажа ім: «Як жа Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы:

44 “Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх”.

45 Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён — сын ягоны?»

46 І ніхто ня змог адказаць Яму ані слова; і з таго дня ніхто ўжо не адважваўся пытацца ў Яго.

 

Мц 23

1 Тады Ісус прамовіў да натоўпаў і вучняў Сваіх,

2 кажучы: «На Майсеевай лаве паселі кніжнікі і фарысэі.

3 Дык усё, што скажуць вам захоўваць, захоўвайце і рабіце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх, бо яны кажуць і ня робяць.

4 Бо яны вяжуць цяжары цяжкія і невыносныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі пальцам сваім ня хочуць зрушыць іх.

5 Усе ж учынкі свае яны робяць, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філяктэрыі свае і павялічваюць крысо шатаў сваіх,

6 і любяць першыя месцы на вячэрах і першыя месцы ў сынагогах,

7 і вітаньні на рынку, і каб людзі называлі іх: “Раббі, раббі!”

8 А вы не называйцеся “раббі”, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос, а ўсе вы — браты.

9 І айцом сабе не называйце [нікога] на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які ў небе.

10 І не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.

11 А большы з вас няхай будзе вам за слугу.

12 Усякі ж, хто ўзвысіць сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, будзе ўзвышаны.

13 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі; бо самі не ўваходзіце, і тым, што ўваходзяць, не дазваляеце ўвайсьці.

14 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што аб’ядаеце дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моліцеся; за гэта атрымаеце цяжэйшы прысуд.

15 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што абыходзіце мора і сухмень, каб зрабіць хоць аднаго празэлітам, і, калі станецца, робіце яго сынам геенны, удвая [горшым] за вас.

16 Гора вам, павадыры сьляпыя, якія кажаце: “Калі хто прысягне бажніцаю, гэта нічога, а калі хто прысягне золатам бажніцы, дык вінен”.

17 Дурныя і сьляпыя! Бо што большае: золата або бажніца, якая асьвячае золата?

18 І: “Калі хто прысягне ахвярнікам, гэта нічога, а калі хто прысягне дарам, які на ім, дык вінен”.

19 Дурныя і сьляпыя! Бо што большае: дар або ахвярнік, які асьвячае дар?

20 Дык той, хто прысягае ахвярнікам, прысягае і ім, і ўсім, што на ім;

21 і хто прысягае бажніцаю, прысягае ёю і Тым, Хто жыве ў ёй;

22 і хто прысягае небам, прысягае пасадам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.

23 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даяцё дзесяціну з мяты, аніжу і кмену, і пакінулі найважнейшае ў Законе: суд, і міласэрнасьць, і веру; гэтае трэба было рабіць, і таго не пакідаць.

24 Павадыры сьляпыя, якія адцэджваеце камара, а глытаеце вярблюда!

25 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце звонку келіх і місу, а ўнутры яны напоўненыя рабункам і непаўстрыманасьцю.

26 Фарысэй сьляпы, ачысьці перш знутры келіх і місу, каб і звонку сталіся чыстымі.

27 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што падобныя да магілаў павапленых, якія звонку выглядаюць прыгожымі, а ўнутры напоўненыя косткамі мёртвых і ўсялякай нячыстасьцю.

28 Гэтак і вы звонку выглядаеце людзям праведнымі, а ўнутры поўныя крывадушнасьці і беззаконьня.

29 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам і аздабляеце надмагільлі праведнікаў,

30 і кажаце: “Калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, не былі б супольнікамі іхнімі ў крыві прарокаў”.

31 Так што вы самі сьведчыце, што вы — сыны тых, якія забівалі прарокаў.

32 Дапаўняйце ж меру бацькоў вашых.

33 Зьмеі, спараджэньні яхідны, як уцячэце вы асуджэньня ў геенну?

34 Вось, дзеля гэтага Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; і вы адных заб’яцё і ўкрыжуеце, і іншых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць з горада ў горад.

35 Няхай жа прыйдзе на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Абэля праведнага да крыві Захарыі, сына Барахіі, якога вы забілі між бажніцаю і ахвярнікам.

36 Сапраўды кажу вам, што ўсё гэтае прыйдзе на пакаленьне гэтае.

37 Ерусалім, Ерусалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не захацелі.

38 Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты.

39 Бо кажу вам: ня будзеце бачыць Мяне ад сёньня, пакуль ня скажаце: “Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада”».

 

Мц 24

1 І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад сьвятыні; і падыйшлі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму пабудовы сьвятыні.

2 А Ісус сказаў ім: «Ці бачыце ўсё гэтае? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут камяня на камяні, які б ня быў зруйнаваны».

3 А калі сядзеў Ён на гары Аліўнай, падыйшлі да Яго вучні насамоце, кажучы: «Скажы нам, калі гэта будзе, і які знак Твайго прыйсьця і сканчэньня веку?»

4 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Глядзіце, каб ніхто не падмануў вас,

5 бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы: “Я — Хрыстос”, — і шмат каго падмануць.

6 Маеце чуць пра войны і чуткі ваенныя. Глядзіце, не трывожцеся, бо ўсё гэта мусіць стацца, але гэта яшчэ не канец.

7 Бо паўстане народ на народ і валадарства на валадарства; і будуць голад, і пошасьці, і землятрусы месцамі.

8 А ўсё гэтае — пачатак мукаў.

9 Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас, і зьненавідзяць вас усе народы за імя Маё.

10 І тады згоршацца многія; і будуць выдаваць адзін аднаго, і ненавідзець адзін аднаго.

11 І многія фальшывыя прарокі паўстануць, і падмануць многіх.

12 І дзеля памнажэньня беззаконьня ў многіх асьцюдзянее любоў.

13 А хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.

14 І будзе абвешчанае гэтае Эвангельле Валадарства па ўсім сьвеце на сьведчаньне ўсім народам, і тады прыйдзе канец.

15 Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, пра якую сказаў Данііл прарок, што паўстане на месцы сьвятым, — хто чытае, няхай зразумее, —

16 тады тыя, што ў Юдэі, няхай бягуць у горы,

17 хто на даху, няхай не зыходзіць узяць што з дому свайго,

18 і хто ў полі, няхай не варочаецца назад узяць адзеньне сваё.

19 Гора ж тым, якія цяжарныя і якія кормяць грудзьмі, у тыя дні.

20 Маліцеся ж, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою або ў суботу.

21 Бо тады будзе вялікі прыгнёт, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе.

22 І калі б не былі скарочаныя тыя дні, не было б збаўленае ніводнае цела, але дзеля выбраных будуць скарочаныя тыя дні.

23 Тады, калі хто скажа вам: “Вось, тут Хрыстос, ці там”, — ня верце.

24 Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і дадуць вялікія знакі і цуды, каб падмануць, калі магчыма, і выбраных.

25 Вось, Я наперад сказаў вам.

26 Дык, калі скажуць вам: “Вось, Ён у пустыні”, — не выходзьце; “Вось, Ён у пакоях”, — ня верце.

27 Бо, як бліскавіца выходзіць з усходу і сьвеціць да захаду, так будзе і прыйсьце Сына Чалавечага.

28 Бо дзе мёртвае цела, там зьбяруцца і арлы.

29 А адразу пасьля прыгнёту дзён тых сонца зацьмее, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі ўпадуць з неба, і сілы нябесныя захістаюцца.

30 І тады зьявіцца знак Сына Чалавечага ў небе, і тады заплачуць усе калены зямлі і ўгледзяць Сына Чалавечага, Які ідзе на аблоках нябесных з сілаю і славаю вялікаю.

31 І пашле Ён анёлаў Сваіх з гучным голасам трубным, і зьбяруць яны выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю неба да краю яго.

32 У дрэва фігавага навучыцеся прыповесьці: калі ўжо галінка ягоная робіцца мяккаю і пускае лісты, ведаеце, што блізка лета.

33 Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэтае, ведайце, што блізка, у дзьвярах.

34 Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, як усё гэта станецца.

35 Неба і зямля прамінуць; а словы Мае не прамінуць.

36 А пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, нават анёлы, якія ў небе, а толькі Айцец Мой адзін.

37 Але, як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага.

38 Бо як было ў дні перад патопам: елі, пілі, жаніліся і замуж выходзілі, аж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,

39 і не разумелі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага.

40 Тады будуць двое ў полі: адзін бярэцца, а другі пакідаецца.

41 Дзьве, якія мелюць у жорнах: адна бярэцца, а другая пакідаецца.

42 Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе.

43 Вы ж разумееце тое, што, калі б ведаў гаспадар дому, у якую варту прыйдзе злодзей, чуваў бы і не дапусьціў падкапаць дом свой.

44 Дзеля гэтага і вы будзьце падрыхтаваныя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую ня думаеце.

45 Хто такі верны і мудры слуга, якога пан ягоны паставіў над хатнімі сваімі даваць ім ежу ў свой час?

46 Шчасьлівы той слуга, якога пан ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэтак.

47 Сапраўды кажу вам, што над усёю маёмасьцю сваёю паставіць яго.

48 А калі скажа той злы слуга ў сэрцы сваім: “Марудзіць прыйсьці пан мой”, —

49 і пачне біць таварышаў сваіх, таксама есьці і піць з п’яніцамі, —

50 прыйдзе пан слугі таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае,

51 і адлучыць яго, і ўчыніць яму адзін лёс з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыгат зубоў.

 

Мц 25

1 Тады падобнае будзе Валадарства Нябеснае да дзесяці дзяўчынаў, якія, узяўшы лямпы свае, выйшлі насустрач жаніху.

2 А пяць з іх былі мудрыя, і пяць — дурныя.

3 Тыя, што былі дурныя, узяўшы лямпы свае, ня ўзялі з сабою алею.

4 А мудрыя ўзялі алей у пасудзінах сваіх разам з лямпамі сваімі.

5 А як жаніх замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі.

6 А сярод ночы ўзьняўся крык: “Вось, жаніх ідзе, выходзьце насустрач яму!”

7 Тады ўсталі ўсе тыя дзяўчыны і направілі лямпы свае.

8 Дурныя ж сказалі мудрым: “Дайце нам вашага алею, бо лямпы нашыя згасаюць”.

9 А мудрыя адказалі, кажучы: “Каб хапіла і нам, і вам, ідзіце лепш да прадаўцоў і купіце сабе”.

10 Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і падрыхтаваныя ўвайшлі з ім на вясельле, і дзьверы былі зачыненыя.

11 А пасьля прыходзяць і другія дзяўчыны, кажучы: “Пане, пане! Адчыні нам!”

12 Ён жа, адказваючы, сказаў: “Сапраўды кажу вам: ня ведаю вас”.

13 Дык чувайце, бо ня ведаеце ані дня, ані гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.

14 Бо, як чалавек, выяжджаючы, паклікаў слугаў сваіх і даў ім маёмасьць сваю.

15 І аднаму даў пяць талентаў, а іншаму — два, а іншаму — адзін; кожнаму паводле сілы ягонай, і адразу выехаў.

16 Той, які ўзяў пяць талентаў, пайшоўшы, працаваў з імі і прыдбаў другіх пяць талентаў.

17 Гэтаксама і той, [які ўзяў] два, прыдбаў і другія два.

18 А той, які ўзяў адзін, адыйшоўшы, закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра пана свайго.

19 Праз доўгі час прыходзіць пан слугаў тых і рахуецца з імі.

20 І, падыйшоўшы, той, які ўзяў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: “Пане, пяць талентаў ты даў мне; вось другія пяць талентаў я прыдбаў на іх”.

21 А пан ягоны мовіў яму: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго”.

22 Падыйшоўшы, той, які ўзяў два таленты, сказаў: “Пане, два таленты ты мне даў, вось, другія два таленты я прыдбаў на іх”.

23 Мовіў яму пан ягоны: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго”.

24 А той, які ўзяў адзін талент, падыйшоўшы, сказаў: “Пане, я ведаю цябе, што ты — чалавек жорсткі, які жне, дзе ня сеяў, і зьбірае, дзе не рассыпаў.

25 І, збаяўшыся, я пайшоў і схаваў талент твой у зямлю: вось, трымай тваё”.

26 Адказваючы, пан ягоны сказаў яму: “Злы слуга і лянівы! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў.

27 Дык мусіў ты аддаць срэбра маё мянялам; і я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з прыбыткам.

28 Дык вазьміце ў яго талент і дайце таму, які мае дзесяць талентаў.

29 Бо ўсякаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, і тое, што мае, будзе ўзята ў яго.

30 А нягоднага слугу кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў”.

31 А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе сьвятыя анёлы з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы Сваёй.

32 І будуць сабраныя перад Ім усе народы; і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў.

33 І паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў — леваруч.

34 Тады скажа Валадар тым, якія праваруч Яго: “Ідзіце, дабраслаўлёныя Айцом Маім, вазьміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад заснаваньня сьвету.

35 Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есьці; Я смагнуў, і вы напаілі Мяне; быў чужынцам, і вы прынялі Мяне,

36 быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне”.

37 Тады адкажуць Яму праведнікі, кажучы: “Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасьмяглым і напаілі?

38 Калі ж мы бачылі Цябе чужынцам і прынялі, ці голым і апранулі?

39 Калі ж мы бачылі Цябе хворым, ці ў вязьніцы, і прыйшлі да Цябе?”

40 І, адказваючы, Валадар скажа ім: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”.

41 Тады скажа Ён і тым, якія леваруч: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным.

42 Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есьці; смагнуў, і вы не напаілі Мяне;

43 быў чужынцам, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і вы не адведалі Мяне”.

44 Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасьмяглым, ці чужынцам, ці голым, ці хворым, ці ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?”

45 Тады адкажа Ён ім, кажучы: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, Мне не зрабілі”.

46 І пойдуць гэтыя на пакараньне вечнае, а праведнікі — у жыцьцё вечнае».

 

Мц 26

1 І сталася, калі Ісус скончыў усе гэтыя словы, сказаў вучням Сваім:

2 «Вы ведаеце, што праз два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаваньне».

3 Тады сабраліся першасьвятары, і кніжнікі, і старшыні народу на падворак першасьвятара на імя Каяфа.

4 І радзіліся яны, каб узяць Ісуса подступам і забіць.

5 Але казалі: «Ня ў сьвята, каб ня сталася замяшаньня ў народзе».

6 А Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага.

7 Падыйшла да Яго жанчына, якая мела алябастравы збанок міра шматкаштоўнага, і выліла на галаву Ягоную, калі Ён узьлягаў.

8 Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя абурыліся, кажучы: «Навошта гэткае марнаваньне?

9 Бо можна было добра прадаць гэтае міра і раздаць убогім».

10 А Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: «Што робіце прыкрасьць жанчыне? Бо яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне.

11 Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды маеце.

12 Бо выліўшы міра гэтае на цела Маё, яна ўчыніла гэта на пахаваньне Маё.

13 Сапраўды кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае ва ўсім сьвеце, будзе сказана і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе».

14 Тады пайшоў адзін з Дванаццаці, называны Юда Іскарыёт, да першасьвятароў.

15 Ён сказаў: «Што хочаце мне даць, і я вам выдам Яго?» А яны паставілі яму трыццаць срэбнікаў.

16 І з таго часу ён шукаў нагоды, каб выдаць Яго.

17 А ў першы дзень Праснакоў падыйшлі вучні да Ісуса, кажучы Яму: «Дзе хочаш падрыхтаваць Табе есьці Пасху?»

18 Ён жа сказаў: «Ідзіце ў горад да такога і такога і скажыце яму: “Настаўнік гаворыць: 'Час Мой блізкі; у цябе ўчыню Пасху з вучнямі Маімі'”».

19 І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус; і падрыхтавалі Пасху.

20 А калі настаў вечар, Ён узьлёг з Дванаццацьцю.

21 І, калі яны елі, Ён сказаў: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне».

22 І, надта засмуціўшыся, яны пачалі гаварыць Яму, кожны з іх: «Ці ня я, Госпадзе?»

23 Ён жа, адказваючы, сказаў: «Той, які мачае са Мною руку ў місе, гэты выдасьць Мяне.

24 Сапраўды, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца; лепш было б яму, каб ня быў нарадзіўшыся чалавек гэты».

25 Адказваючы, Юда, які выдаў Яго, сказаў: «Ці ня я, Раббі?» Кажа яму: «Ты сказаў».

26 Калі ж яны елі, Ісус узяў хлеб, і, дабраславіўшы, паламаў, і даў вучням, і сказаў: «Бярыце, ешце; гэта ёсьць Цела Маё».

27 І, узяўшы келіх і падзякаваўшы, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе,

28 бо гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх дзеля адпушчэньня грахоў.

29 Кажу ж вам, што адгэтуль ня буду піць ад гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду яго піць з вамі новае ў Валадарстве Айца Майго».

30 І, засьпяваўшы, яны пайшлі на гару Аліўную.

31 Тады кажа ім Ісус: «Усе вы згоршыцеся дзеля Мяне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастуха, і будуць расьцярушаныя авечкі статку”.

32 Але пасьля ўваскрасеньня Майго прыйду перад вамі ў Галілею».

33 Адказваючы, Пётар сказаў Яму: «Калі і ўсе згоршацца дзеля Цябе, я ніколі ня згоршуся».

34 Сказаў яму Ісус: «Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне».

35 Кажа Яму Пётар: «Калі б мусіў і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Таксама гаварылі і ўсе вучні.

36 Тады ідзе з імі Ісус у месца, званае Гетсэманія, і кажа вучням: «Пасядзіце тут, пакуль Я, адыйшоўшы, памалюся там».

37 І, узяўшы Пятра і абодвух сыноў Зэбэдэя, пачаў тужыць і сумаваць.

38 Тады кажа ім: «Смутная душа Мая аж да сьмерці, застаньцеся тут і чувайце са Мною».

39 І, адыйшоўшыся трохі, упаў на аблічча Сваё, молячыся і кажучы: «Ойча Мой! Калі магчыма, няхай абміне Мяне келіх гэты; аднак не як Я хачу, але як Ты».

40 І прыходзіць да вучняў, і знаходзіць іх у сьне, і кажа Пятру: «Гэтак не маглі вы і аднае гадзіны чуваць са Мною?

41 Чувайце і маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу. Сапраўды, дух ахвочы, а цела кволае».

42 Ізноў, другі раз адыйшоўшы, маліўся, кажучы: «Ойча Мой! Калі ня можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яго, няхай станецца воля Твая!»

43 І, прыйшоўшы, знаходзіць іх ізноў у сьне; бо вочы іхнія абцяжэлі.

44 І, пакінуўшы іх, адыйшоўшы, маліўся трэці раз, кажучы тое самае слова.

45 Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: «Сьпіцё яшчэ і адпачываеце? Вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.

46 Уставайце, хадзем! Вось, наблізіўся той, хто Мяне выдае».

47 І калі Ён яшчэ гаварыў, вось, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, і з ім шматлікі натоўп з мячамі і каламі ад першасьвятароў і старшыняў народу.

48 А той, што выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён; бярыце Яго».

49 І адразу, падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: «Радуйся, Раббі!», і пацалаваў Яго.

50 А Ісус сказаў яму: «Дружа, дзеля чаго ты прыйшоў?» Тады тыя, што прыйшлі, усклалі рукі на Ісуса і ўзялі Яго.

51 І вось, адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы руку, выхапіў меч свой і, ударыўшы слугу першасьвятара, адсек яму вуха.

52 Тады кажа яму Ісус: «Вярні меч твой на месца ягонае; бо ўсе, што ўзялі меч, ад мяча загінуць.

53 Ці ты думаеш, што Я ня маю сілы цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён паставіць побач Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?

54 Як жа споўніцца Пісаньне, што гэта мусіць стацца?»

55 У тую гадзіну сказаў Ісус натоўпу: «Быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі схапіць Мяне. Кожны дзень сядзеў Я з вамі, навучаючы ў сьвятыні, і вы не хапалі Мяне.

56 А гэта ўсё сталася, каб споўніліся Пісаньні прарокаў». Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.

57 А тыя, што схапілі Ісуса, завялі [Яго] да першасьвятара Каяфы, дзе былі сабраныя кніжнікі і старшыні.

58 Пётар жа ішоў за Ім здалёк аж да падворку першасьвятара; і, увайшоўшы ў сярэдзіну, сеў з паслугачамі, каб бачыць канец.

59 А першасьвятары і старшыні, і ўвесь сынэдрыён шукалі фальшывага сьведчаньня супраць Ісуса, каб забіць Яго.

60 І не знаходзілі; і многія фальшывыя сьведкі, што прыходзілі, не знайшлі. Нарэшце, два фальшывыя сьведкі, якія прыйшлі,

61 сказалі: «Ён прамаўляў: “Магу зруйнаваць бажніцу Божую і ў тры дні збудаваць яе”».

62 І, устаўшы, першасьвятар сказаў Яму: «Ты нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сьведчаць?»

63 А Ісус маўчаў. І, адказваючы, першасьвятар сказаў Яму: «Заклінаю Цябе Богам жывым, каб Ты сказаў нам, ці Ты — Хрыстос, Сын Божы?»

64 Кажа яму Ісус: «Ты сказаў. Да таго кажу вам: адгэтуль угледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Моцы і ідзе на аблоках нябесных».

65 Тады першасьвятар разьдзёр шаты свае, кажучы: «Ён блюзьніць! Якую яшчэ маем патрэбу ў сьведках? Вось, цяпер вы пачулі блюзьнерства Ягонае.

66 Што вы думаеце?» Яны ж, адказваючы, сказалі: «Ён варты сьмерці».

67 Тады плявалі Яму ў аблічча і білі Яго; а іншыя білі Яго па шчоках,

68 кажучы: «Праракуй нам, Хрыстос, хто ўдарыў Цябе?»

69 А Пётар сядзеў звонку, на падворку, і падыйшла да яго адна служка, кажучы: «І ты быў з Ісусам Галілейцам».

70 Ён жа адрокся перад усімі, кажучы: «Ня ведаю, што ты кажаш».

71 Калі ж ён выходзіў за браму, убачыла яго другая і кажа тым, якія былі там: «І гэты быў з Ісусам з Назарэту».

72 І ён ізноў адрокся з прысягаю, што ня ведае Чалавека Гэтага.

73 Неўзабаве тыя, што падыйшлі і стаялі там, сказалі Пятру: «Праўда, і ты з іх, бо і гаворка твая выяўляе цябе».

74 Тады ён пачаў бажыцца і прысягаць, што ня ведае Чалавека Гэтага. І адразу запяяў певень.

75 І ўзгадаў Пётар слова Ісуса, сказанае яму: «Перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне». І, выйшаўшы вонкі, заплакаў горка.

 

Мц 27

1 А калі настала раніца, усе першасьвятары і старшыні народу мелі нараду адносна Ісуса, каб забіць Яго.

2 І, зьвязаўшы Яго, павялі і выдалі Яго Понтыю Пілату, ваяводзе.

3 Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што Ён асуджаны, пакаяўшыся, зьвярнуў трыццаць срэбнікаў першасьвятарам і старшыням,

4 кажучы: «Саграшыў я, выдаўшы кроў бязьвінную». Яны ж сказалі яму: «Што нам да гэтага? Глядзі сам».

5 І, кінуўшы срэбра ў бажніцы, ён выйшаў і, адыйшоўшы, павесіўся.

6 А першасьвятары, узяўшы срэбра, сказалі: «Нельга кінуць іх у скарбонку, бо яны — цана крыві».

7 Зрабіўшы ж нараду, яны купілі за іх поле ганчара, каб хаваць чужынцаў.

8 Дзеля гэтага завецца поле тое “полем крыві” аж да сёньня.

9 Тады споўнілася сказанае праз Ярэмію прарока, які кажа: «І ўзялі трыццаць срэбнікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраіля,

10 і далі іх за поле ганчара, як загадаў мне Госпад».

11 А Ісус стаў перад ваяводам; і спытаўся ў Яго ваявода, кажучы: «Ты — Валадар Юдэйскі?» Ісус жа сказаў яму: «Ты кажаш».

12 І, калі абвінавачвалі Яго першасьвятары і старшыні, Ён нічога не адказваў.

13 Тады кажа Яму Пілат: «Ня чуеш, колькі сьведчаць супраць Цябе?»

14 І не адказаў яму ніводнага слова, так што ваявода надта дзівіўся.

15 А на сьвята ваявода меў звычай вызваляць натоўпу аднаго вязьня, якога яны хочуць.

16 Мелі ж тады знакамітага вязьня, называнага Барабба.

17 Дык калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я вызваліў вам: Бараббу ці Ісуса, называнага Хрыстом?»

18 Бо ведаў, што праз зайздрасьць выдалі Яго.

19 Калі ён сядзеў на судовым пасадзе, жонка ягоная паслала да яго, кажучы: «Няма нічога табе і Праведніку Гэтаму, бо я шмат перацярпела сёньня ў-ва сьне дзеля Яго».

20 Але першасьвятары і старшыні пераканалі натоўп, каб прасілі Бараббу, а Ісуса загубілі.

21 Адказваючы, ваявода сказаў ім: «Каго хочаце з гэтых двух, каб я вызваліў вам?» Яны ж сказалі: «Бараббу».

22 Кажа ім Пілат: «Што тады я ўчыню Ісусу, называнаму Хрыстом?» Кажуць яму ўсе: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»

23 А ваявода сказаў: «Дык якое зло ўчыніў Ён?» А яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»

24 Пілат, бачачы, што няма ніякай рады, але замяшаньне стаецца яшчэ большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Бязьвінны я ў крыві Праведніка Гэтага. Вы глядзіце».

25 І, адказваючы, увесь народ сказаў: «Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых!»

26 Тады ён вызваліў ім Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў, каб быў укрыжаваны.

27 Тады жаўнеры ваяводы, узяўшы Ісуса да прэторыі, сабралі на Яго ўсю кагорту.

28 І, зьняўшы з Яго [ўсё], усклалі на Яго плашч пунсовы,

29 і, сплёўшы вянок з церня, усклалі на галаву Ягоную, і [далі] трысьціну ў правую руку Ягоную, і, кленчучы перад Ім, зьдзекваліся з Яго, кажучы: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!»

30 І тыя, што плявалі на Яго, узялі трысьціну, і білі па галаве Ягонай.

31 І, калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго плашч, і апранулі Яго ў адзеньне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаваньне.

32 А выходзячы, яны знайшлі чалавека Кірэнэйца, на імя Сымон; яго прымусілі, каб нёс крыж Ягоны.

33 І прыйшлі на месца, называнае Гальгота, што азначае Месца Чэрапа.

34 Яны далі Яму піць воцат, зьмяшаны з жоўцю; і, пакаштаваўшы, Ён не захацеў піць.

35 А тыя, што ўкрыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, каб споўнілася сказанае праз прарока: «Падзялілі адзеньне маё між сабою і пра вопратку маю кідалі жэрабя».

36 І, пасеўшы, пільнавалі Яго там.

37 І зьмясьцілі над галавою Яго надпіс пра віну Ягоную: «Гэта Ісус, Валадар Юдэйскі».

38 Тады былі ўкрыжаваныя з Ім разам два разбойнікі: адзін — праваруч, а другі — леваруч.

39 А тыя, што праходзілі міма, блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі сваімі

40 і кажучы: «Ты, Які руйнуеш бажніцу і ў тры дні адбудоўваеш, збаў Сябе Самога! Калі Ты — Сын Божы, зыйдзі з крыжа!»

41 Таксама і першасьвятары з кніжнікамі і старшынямі, зьдзекуючыся, казалі:

42 «Іншых збаўляў, а Сябе ня можа збавіць! Калі Ён — Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, і мы паверым Яму.

43 Спадзяваўся на Бога, няхай Ён цяпер выбавіць Яго, калі хоча Яго. Бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”».

44 Да таго і разбойнікі, укрыжаваныя разам з Ім, зьневажалі Яго.

45 А ад шостае гадзіны цемра сталася па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае.

46 Каля ж дзявятае гадзіны загаласіў Ісус моцным голасам: «Элі! Элі! Лама сабахтані?», што значыць: «Божа Мой! Божа Мой! Чаму Ты Мяне пакінуў?»

47 А некаторыя з тых, што там стаялі, пачуўшы, казалі: «Ён Ільлю кліча».

48 І адразу адзін з іх, пабегшы, і ўзяўшы губку, і напоўніўшы яе воцатам, і ўсклаўшы на трысьціну, даваў Яму піць.

49 А іншыя казалі: «Пакінь, паглядзім, ці прыйдзе Ільля збавіць Яго».

50 А Ісус, зноў усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа.

51 І вось, заслона ў бажніцы была разьдзёртая надвое ад верху да нізу; і зямля затрэслася; і скалы разьдзерліся.

52 І магілы адчыніліся; і шмат целаў памёршых сьвятых папаўставала,

53 і, выйшаўшы з магілаў, пасьля ўваскрасеньня Ягонага ўвайшлі ў сьвяты горад і зьявіліся многім.

54 Сотнік жа і тыя, што з ім пільнавалі Ісуса, убачыўшы землятрус і тое, што сталася, страхам напалохаліся, кажучы: «Праўда, Ён — Сын Божы».

55 Было там шмат жанчынаў, што глядзелі здалёк, якія ішлі за Ісусам з Галілеі, паслугуючы Яму.

56 Між імі былі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба і Ёсіі, і маці сыноў Зэбэдэя.

57 А калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які таксама быў вучнем Ісуса.

58 Ён, падыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела.

59 І, узяўшы цела, Язэп абкруціў Яго чыстай палатнінаю

60 і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, якую ён высек у скале; і, прываліўшы вялікі камень да ўваходу ў магілу, адыйшоў.

61 Былі ж там Марыя Магдалена і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.

62 А на наступны дзень, які пасьля дня прыгатаваньня, сабраліся першасьвятары і фарысэі ў Пілата,

63 кажучы: «Пане! Мы ўзгадалі, што падманшчык той, як быў яшчэ жывы, казаў: “Праз тры дні ўваскрэсну”.

64 Дык загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб не прыйшлі вучні Ягоныя ўначы, і ня ўкралі Яго, і не сказалі народу: “Ён уваскрос з мёртвых”. І будзе апошні падман горшы першага».

65 Пілат жа прамовіў да іх: «Маеце варту; ідзіце, вартуйце, як ведаеце».

66 Яны ж, пайшоўшы, вартавалі магілу з вартаю, запячатаўшы камень.

 

Мц 28

1 Пасьля суботы, пры надыходзе першага дня пасьля суботы, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу.

2 І вось стаўся вялікі землятрус; бо анёл Госпадаў, зыйшоўшы з неба, падыйшоўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сеў на ім.

3 А выгляд ягоны быў, як бліскавіца, і адзеньне ягонае белае, як сьнег.

4 І ад страху прад ім затрэсьліся вартаўнікі і сталіся як мёртвыя.

5 А анёл, адказваючы, сказаў жанчынам: «Ня бойцеся; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса ўкрыжаванага.

6 Яго няма тут, бо Ён уваскрос, як казаў. Хадзіце, паглядзіце месца, дзе ляжаў Госпад.

7 І, хутка пайшоўшы, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос з мёртвых, і вось, ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўбачыце. Вось, я сказаў вам».

8 І, выйшаўшы хутка з магілы, яны са страхам і радасьцю вялікай пабеглі паведаміць вучням Ягоным.

9 Калі ж яны ішлі паведаміць вучням Ягоным, вось, Ісус сустрэў іх, кажучы: «Радуйцеся!» І яны, падыйшоўшы, абнялі ногі Ягоныя, і пакланіліся Яму.

10 Тады кажа ім Ісус: «Ня бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею; і там яны ўгледзяць Мяне».

11 Калі ж яны ішлі, вось, некаторыя з вартаўнікоў, пайшоўшы ў горад, паведамілі першасьвятарам усё, што сталася.

12 І тыя, сабраўшыся са старшынямі і зрабіўшы нараду, далі даволі грошаў жаўнерам,

13 кажучы: «Скажыце, што вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, укралі Яго, калі вы спалі.

14 І, калі пачуе пра гэта ваявода, мы пераканаем яго, і вам учынім, каб ня мелі клопату».

15 Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. І пашырылася слова гэтае між юдэямі аж да сёньня.

16 А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды вызначыў ім Ісус.

17 І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а некаторыя сумняваліся.

18 І, падыйшоўшы, Ісус сказаў ім, кажучы: «Дадзена Мне ўся ўлада ў небе і на зямлі.

19 Дык ідзіце, вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа,

20 навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось, Я з вамі ў-ва ўсе дні да сканчэньня веку». Амэн.

 

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАРКА

 

Мк 1

1 Пачатак Эвангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага.

2 Як напісана ў Прарокаў: «Вось Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою.

3 Голас таго, хто кліча ў пустыні: Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яго».

4 Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрышчэньне навяртаньня дзеля адпушчэньня грахоў.

5 І выходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерусалімцы, і ўсе былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае.

6 І быў Ян апрануты ў вярблюдавы волас, і скураны пояс на паясьніцы яго, і еў ён саранчу і дзікі мёд.

7 І абвяшчаў ён, кажучы: «Ідзе за мной Дужэйшы за мяне, Якому я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рамень сандалаў Ягоных.

8 Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым».

9 І сталася ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.

10 І адразу, як выходзіў з вады, убачыў адкрытае неба і Духа як галуба, што зыходзіў на Яго.

11 І голас быў з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне».

12 І адразу Дух вядзе Яго ў пустыню.

13 І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны шатанам; і быў між зьвяроў, і анёлы паслугавалі Яму.

14 А пасьля таго, як Ян быў выдадзены, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Эвангельле Валадарства Божага

15 і кажучы, што споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае: «Навярніцеся і верце Эвангельлю!»

16 І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, што закідвалі [нерат] у мора, бо былі яны рыбаловамі.

17 І сказаў ім Ісус: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей».

18 І адразу, пакінуўшы сеткі свае, яны пайшлі за Ім.

19 І, адыйшоўшыся адтуль недалёка, убачыў Ён Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, як яны ў чаўне напраўлялі сеткі.

20 І адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чаўне з работнікамі, пайшлі за Ім.

21 І ўваходзяць у Капэрнаум. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сынагогу, Ён навучаў.

22 І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.

23 І быў у сынагозе іхняй чалавек, [апанаваны] духам нячыстым, і закрычаў ён,

24 кажучы: «Пакінь! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы!»

25 Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: «Замаўчы і выйдзі з яго!»

26 І нячысты дух, тузануўшы яго і загаласіўшы моцным голасам, выйшаў з яго.

27 І аслупянелі ўсе, таму пыталіся адзін аднаго, кажучы: «Што гэта? Што гэта за новае вучэньне, што з уладаю загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?»

28 І адразу пайшла чутка пра Яго паўсюль ва ўсёй ваколіцы Галілейскай.

29 І, адразу выйшаўшы з сынагогі, прыйшлі яны ў дом Сымона і Андрэя разам з Якубам і Янам.

30 Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.

31 І, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку, і адразу пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.

32 А калі настаў вечар, як сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі;

33 і ўвесь горад сабраўся перад дзьвярыма.

34 І Ён аздаравіў многіх хворых на розныя хваробы, і многіх дэманаў выгнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос.

35 І раніцай, на самым досьвітку ўстаўшы, выйшаў, і пайшоў у пустыннае месца, і там маліўся.

36 І пайшлі за Ім Сымон і тыя, што з ім [былі],

37 і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: «Усе шукаюць Цябе».

38 А Ён кажа ім: «Хадзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там Я абвяшчаў, бо Я дзеля гэтага прыйшоў».

39 І Ён абвяшчаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.

40 І прыходзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і падаючы перад Ім на калені, і кажучы Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».

41 Дык Ісус, зьлітаваўшыся, працягнуў руку і дакрануўся да яго, і кажа яму: «Хачу, будзь ачышчаны.

42 І калі сказаў, адразу зыйшла з яго праказа і стаў ачышчаны.

43 І, грозна глянуўшы на яго, адразу выправіў яго,

44 і сказаў яму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся сьвятару і прынясі за ачышчэньне сваё тое, што загадаў Майсей, дзеля сьведчаньня ім».

45 Але ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і шырыць кругом гэта слова, што [Ісус] ужо ня мог адкрыта ўвайсьці ў горад, але быў вонкі, у мясьцінах пустынных. І прыходзілі да Яго адусюль.

 

Мк 2

1 І праз [некалькі] дзён Ён зноў увайшоў у Капэрнаум, і пачулі, што Ён у доме.

2 І адразу сабралася мноства, што нават пры дзьвярах не маглі зьмясьціцца, і Ён гаварыў ім слова.

3 І прыходзяць да Яго са спараліжаваным, якога несьлі чацьвёра.

4 І, ня здолеўшы прайсьці да Яго дзеля натоўпу, раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусьцілі ложак, на якім ляжаў спараліжаваны.

5 І Ісус, убачыўшы веру іхнюю, кажа спараліжаванаму: «Дзіця, адпускаюцца грахі твае».

6 Былі ж там некаторыя кніжнікі, якія сядзелі і разважалі ў сэрцах сваіх:

7 «Што гэта Ён кажа блюзьнерства? Хто можа адпускаць грахі, калі ня сам Бог?»

8 А Ісус, адразу пазнаўшы духам Сваім, што яны гэтак думаюць, кажа ім: «Што вы гэтак разважаеце ў сэрцах вашых?

9 Што лягчэй, сказаць спараліжаванаму: “Адпускаюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі ложак свой і хадзі”.

10 Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі», — кажа спараліжаванаму:

11 «Табе кажу: Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой».

12 І той адразу ўстаў і, узяўшы ложак, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Мы такога ніколі ня бачылі».

13 І зноў выйшаў [Ісус] да мора, і ўвесь натоўп пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх.

14 І, праходзячы, убачыў Ён Левія Альфеявага, які сядзеў на мытні, і кажа яму: «Ідзі за Мною!» І той, устаўшы, пайшоў за Ім.

15 І сталася, калі Ён узьлягаў у доме ягоным, узьлягалі разам з Ісусам і вучнямі Ягонымі шмат мытнікаў і грэшнікаў, было бо многа іх, і яны ішлі за Ім.

16 А кніжнікі і фарысэі, бачачы, што [Ісус] есьць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: «Чаму Ён есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?»

17 І, пачуўшы гэта, Ісус кажа ім: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя. Я прыйшоў клікаць не праведнікаў, але грэшнікаў да навяртаньня».

18 І посьцілі вучні Янавы і фарысэйскія. Дык прыходзяць і кажуць Яму: «Чаму вучні Янавы і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?»

19 І сказаў ім Ісус: «Ці ж могуць посьціць сыны вясельля, калі малады з імі? Пакуль маюць жаніха ў сябе, ня могуць посьціць.

20 А надыйдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць посьціць у тыя дні.

21 Ніхто не прышывае латы з новай тканіны да старога адзеньня, бо новая лата разьдзярэ старое, і дзіра зробіцца большая.

22 І ніхто не ўлівае новага віна ў старыя мяхі, бо новае віно прарве мяхі, і віно выцячэ, і мяхі прападуць; але новае віно трэба ўліваць у новыя мяхі».

23 І сталася Яму ў суботу праходзіць праз палеткі, і вучні Ягоныя пачалі дарогаю зрываць каласы.

24 І фарысэі гаварылі Яму: «Глядзі, чаму яны робяць у суботу, што ня сьлед!»

25 А Ён сказаў ім: «Ці ж вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны сам і тыя, што з ім?

26 Як увайшоў ён у дом Божы за Абіятара першасьвятара і еў хлябы пакладныя, якія нельга яму было есьці, а толькі сьвятарам, і даў таксама тым, што з ім былі?»

27 І казаў ім: «Субота для чалавека, а не чалавек для суботы.

28 таму Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».

 

Мк 3

1 І зноў увайшоў у сынагогу. І быў там чалавек, які меў сухую руку.

2 І сачылі за Ім, ці не аздаровіць яго ў суботу, каб абвінаваціць Яго.

3 І кажа сухарукаму чалавеку: «Стань на сярэдзіне!»

4 І кажа ім: «Ці належыць у суботу рабіць добрае, ці рабіць благое? Душу выратаваць ці загубіць?» Але яны маўчалі.

5 І, глянуўшы на іх з гневам, смуткуючы дзеля скамяненьня сэрца іхняга, кажа чалавеку гэтаму: «Выцягні руку тваю!» І ён выцягнуў, і зрабілася рука яго здаровая, як і другая.

6 Фарысэі ж, выйшаўшы, зрабілі адразу нараду з ірадыянамі супраць Яго, каб Яго загубіць.

7 І Ісус разам з вучнямі Сваімі адыйшоў да мора, і вялікае мноства пайшло за Ім з Галілеі, і з Юдэі,

8 і з Ерусаліму, і з Ідумеі, і з-за Ярдану, і з ваколіцаў Тыру і Сідону, вялікае мноства, пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшло да Яго.

9 І сказаў вучням Сваім, каб быў падрыхтаваны для Яго човен дзеля натоўпу, каб ня ціснулі Яго.

10 Бо многіх Ён аздаравіў, таму пхаліся да Яго ўсе, што мелі немачы, каб дакрануцца да Яго.

11 І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі, кажучы: «Ты — Сын Божы!»

12 Але Ён строга забараняў ім, каб не выяўлялі Яго.

13 І ўзыходзіць на гару, і кліча тых, якіх Сам хацеў, і прыйшлі да Яго.

14 І вызначыў Дванаццаць, каб былі з Ім і каб пасылаць іх абвяшчаць,

15 і каб мелі ўладу аздараўляць хваробы і выганяць дэманаў:

16 Сымона, і даў яму імя Пётар,

17 і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якуба, і даў ім імя Боанэргес, што значыць “Сыны грому”,

18 і Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Мацьвея, і Тамаша, і Якуба Альфеявага, і Тадэвуша, і Сымона Кананіта,

19 і Юду Іскарыёта, які выдаў Яго.

20 І прыходзяць у дом; і зноў зыходзіцца натоўп, так што не маглі яны нават хлеба паесьці.

21 І, пачуўшы [гэта], сваякі Ягоныя пайшлі ўзяць Яго, бо казалі, што Ён зьдзівачэў.

22 А кніжнікі, што прыйшлі з Ерусаліму, гаварылі, што мае Бэльзэбула і што моцай князя дэманаў выганяе дэманаў.

23 І, паклікаўшы іх, гаварыў да іх [Ісус] у прыповесьцях: «Як можа шатан выганяць шатана?

24 І калі валадарства разьдзеліцца ў сабе, ня можа ўтрымацца валадарства тое.

25 І калі дом разьдзеліцца ў сабе, ня можа ўтрымацца дом той.

26 І калі шатан паўстаў на сябе самога і разьдзяліўся, ня можа ўтрымацца, але канец яму.

27 Ніхто, увайшоўшы ў дом асілка, ня можа захапіць маёмасьць яго, калі перш ня зьвяжа асілка, і тады абрабуе дом ягоны.

28 Сапраўды кажу вам, што будуць адпушчаны сынам чалавечым усе грахі і блюзьнерствы, якімі б яны ня блюзьнілі,

29 але хто будзе блюзьніць на Духа Сьвятога, ня будзе яму адпушчана ў вякі, але падлягае вечнаму асуджэньню».

30 Бо яны гаварылі: «Мае духа нячыстага».

31 І прыходзяць браты Ягоныя і маці Ягоная, і, стоячы вонкі, паслалі да Яго клікаць Яго.

32 І сядзеў кругом Яго натоўп, і сказалі Яму: «Вось, маці Твая і браты Твае вонкі, шукаюць Цябе».

33 І, адказваючы ім, гаворыць: «Хто маці Мая і браты Мае?»

34 І, агледзеўшы наўкола тых, што каля Яго сядзелі, кажа: «Вось маці Мая і браты Мае!

35 Бо хто выконвае волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці».

 

Мк 4

1 І зноў Ён пачаў навучаць каля мора; і сабраўся да Яго вялізарны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў човен, сядзеў у моры, а ўвесь натоўп быў на беразе каля мора.

2 І навучаў іх шмат у прыповесьцях, і гаварыў ім у Сваёй навуцы:

3 «Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць.

4 І сталася, калі сеяў, адно [зерне] ўпала пры дарозе; і наляцелі птушкі нябесныя і падзяўблі яго.

5 Іншае ўпала на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі, і адразу ўзыйшло, бо зямля была неглыбокая;

6 а калі ўзыйшло сонца, зьвяла, і, як ня мела кораня, высахла.

7 А іншае ўпала ў церні, і вырасьлі церні, і заглушылі яго, і не дало плоду.

8 А іншае ўпала ў добрую зямлю і дало плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла адно трыццаць, адно шэсьцьдзесят, і адно сто».

9 І сказаў ім: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».

10 Калі ж Ён застаўся Сам, тыя, што з Ім былі, разам з Дванаццацьцю спыталіся ў Яго адносна прыповесьці.

11 І сказаў Ён ім: «Вам дадзена разумець таямніцу Валадарства Божага; а тым, якія вонкі, усё стаецца ў прыповесьцях,

12 каб гледзячы глядзелі, і ня бачылі, і каб слухаючы слухалі, і не разумелі, каб не навярнуліся і не былі ім адпушчаны грахі».

13 І кажа ім: «Не разумееце гэтай прыповесьці? А як жа ўсе прыповесьці зразумееце?

14 Сейбіт слова сее.

15 Вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова, калі пачуюць яго, адразу прыходзіць шатан і забірае слова, пасеянае ў сэрцах іхніх.

16 Таксама і тыя, што на камяністым месцы пасеяны, пачуўшы слова, адразу з радасьцю прыймаюць яго,

17 але ня маюць у сабе кораня, таму нетрывалыя; калі надыйдзе прыгнёт ці перасьлед дзеля слова, адразу ж горшацца.

18 А тыя, што ў цернях пасеяныя, чуюць слова,

19 але клопаты веку гэтага і ашуканства багацьця ды іншыя пажаданьні, уваходзячы, заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным.

20 А тыя, што пасеяныя ў добрую зямлю, гэта тыя, што чуюць слова, і прыймаюць, і прыносяць плод: адзін — трыццаць, іншы — шэсьцьдзесят, а іншы — сто».

21 І сказаў ім: «Ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Ці не на тое, каб была пастаўлена на сьвечніку?

22 Бо няма нічога тайнага, каб не выявілася, і няма нічога схаванага, каб не сталася яўным.

23 Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».

24 І сказаў ім: «Глядзіце, што слухаеце! Якою меркаю мерыце, такою вам будзе адмерана і будзе дададзена вам, якія слухаеце.

25 Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, дык і тое, што мае, будзе забрана ў яго».

26 І сказаў: «Гэтак ёсьць Валадарства Божае, як быццам чалавек кідае насеньне ў зямлю.

27 І ці ён сьпіць, ці ўстае ноччу і днём, а насеньне ўзыходзіць і расьце, і ён ня ведае як.

28 Бо зямля сама сабою родзіць спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.

29 Калі ж плод сасьпее, адразу пасылае серп, бо надыйшло жніво».

30 І сказаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае? Або ў якой прыповесьці выявім яго?

31 Як гарчычнае зерне, якое, калі сеецца ў зямлю, ёсьць меншым за ўсе насеньні на зямлі;

32 а калі пасеянае, узыходзіць і робіцца большым за ўсе расьліны, і пускае галіны вялікія, так што птушкі нябесныя могуць хавацца ў засені яго».

33 І многімі падобнымі прыповесьцямі гаварыў ім слова, колькі маглі яны слухаць,

34 і без прыповесьці не гаварыў ім, а вучням асобна тлумачыў усё.

35 І ў той самы дзень, калі надыйшоў вечар, кажа ім: «Пераплывем на другі бок».

36 І яны, пакінуўшы натоўп, бяруць Яго, бо Ён быў у чаўне, і іншыя чаўны былі з Ім.

37 І сталася вялікая бура, і хвалі білі ў човен, так што ён ужо напаўняўся [вадою].

38 А Ён спаў на карне на падушцы. І будзяць Яго, і кажуць Яму: «Настаўнік! Ці ж Цябе ня рупіць, што мы гінем?»

39 І Ён, падняўшыся, забараніў ветру і сказаў мору: «Замаўчы, суцішся!» І сьціх вецер, і сталася вялікая ціша.

40 І кажа ім: «Чаму вы так палахлівыя? Ці ж ня маеце веры?»

41 І яны спалохаліся страхам вялікім і гаварылі адзін аднаму: «Хто ж Ён, што вецер і мора слухаюцца Яго?»

 

Мк 5

1 І прыйшлі на другі бок мора ў край Гадарэнскі.

2 І калі выйшаў Ён з чаўна, адразу пераняў Яго чалавек з магілаў, [апанаваны] нячыстым духам,

3 які меў жытло ў магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць ланцугамі.

4 Бо шмат разоў зьвязвалі яго кайданамі і ланцугамі, і ён рваў ланцугі і разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог утаймаваць яго.

5 І ён заўсёды днём і ноччу ў магілах і ў гарах крычаў і біў сябе каменьнямі.

6 І, здалёк убачыўшы Ісуса, прыбег, і пакланіўся Яму,

7 і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: «Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Заклінаю Цябе Богам, ня мучай мяне».

8 Бо [Ісус] сказаў яму: «Выйдзі, духу нячысты, з гэтага чалавека».

9 І спытаўся ў яго: «Якое імя тваё?» А ён адказаў, кажучы: «Маё імя — легіён, бо нас многа».

10 І вельмі прасіў Яго, каб не выганяў іх прэч з гэтага краю.

11 А там каля гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіняў.

12 І прасілі Яго ўсе дэманы, кажучы: «Пашлі нас у сьвіняў, каб мы ў іх увайшлі».

13 І Ісус адразу дазволіў ім. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў сьвіняў, і рынуўся гурт са стромы ў мора, а было іх каля дзьвюх тысячаў, і патанулі ў моры.

14 А тыя, што пасьвілі сьвіняў, уцяклі і абвясьцілі ў горадзе і вёсках, і [людзі] выйшлі паглядзець, што сталася.

15 І прыходзяць да Ісуса, і бачаць, што апанаваны дэманамі, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры здаровым розуме, і спалохаліся.

16 І тыя, што бачылі, расказалі ім, што сталася з апанаваным дэманам, і пра сьвіняў.

17 І пачалі прасіць Яго, каб адыйшоў ад межаў іхніх.

18 І калі Ён увайшоў у човен, той, што быў апанаваны дэманам, прасіў Яго, каб быць з Ім.

19 Ісус жа не дазволіў яму, але гаворыць: «Ідзі ў дом твой да сваіх, і раскажы ім, што Госпад учыніў табе і зьлітаваўся над табою».

20 І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкапалі, што ўчыніў яму Ісус, і ўсе дзівіліся.

21 І калі Ісус зноў пераправіўся ў чаўне на другі бок, зыйшлося да Яго мноства людзей, і Ён быў каля мора.

22 І вось прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, на імя Яір, і, убачыўшы Яго, падае да ног Ягоных,

23 і вельмі просіць Яго, кажучы: «Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі рукі на яе, каб была выратаваная і жыла».

24 І Ён пайшоў з ім. І ішоў за Ім вялізарны натоўп, і ціснулі Яго.

25 І нейкая жанчына, хворая на цячэньне крыві дванаццаць гадоў,

26 якая шмат нацярпелася ад шматлікіх лекараў, і выдаткавала ўсё, што мела, і не атрымала аніякай карысьці, але яшчэ горш пачувалася,

27 пачуўшы пра Ісуса, падыйшла ў натоўпе ззаду і дакранулася да шаты Ягонае,

28 бо казала: «Калі толькі дакрануся шаты Ягонае, буду выратаваная».

29 І адразу высахла ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што паздаравела ад немачы.

30 І адразу Ісус, адчуўшы ў Сабе, што моц выйшла з Яго, павярнуўся да натоўпу і сказаў: «Хто дакрануўся шаты Маёй?»

31 І сказалі Яму вучні Ягоныя: «Бачыш натоўп, які цісьне Цябе, і кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”»

32 Але Ён паглядзеў кругом, каб убачыць тую, што зрабіла гэта.

33 А жанчына, спалохаўшыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і ўпала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду.

34 Ён жа сказаў ёй: «Дачка! Вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі і будзь здаровая ад немачы тваёй».

35 Яшчэ Ён гаварыў, прыходзяць ад начальніка сынагогі людзі і кажуць: «Дачка твая памерла, нашто яшчэ турбуеш Настаўніка?»

36 Ісус жа, пачуўшы сказанае слова, кажа да начальніка сынагогі: «Ня бойся, толькі вер».

37 І не дазволіў нікому ісьці за Ім, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба.

38 І прыходзіць у дом начальніка сынагогі, і бачыць замяшаньне, плач і лямант вялікі.

39 І, увайшоўшы, гаворыць ім: «Чаму вы ўзрушаныя і плачаце? Дзіцятка не памерла, але сьпіць».

40 І сьмяяліся з Яго. Ісус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ бацьку і маці дзіцяці ды тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзіцятка.

41 І, узяўшы руку дзіцяці, гаворыць ёй: «Таліта кумі», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!»

42 І адразу ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а мела яна дванаццаць гадоў. І [ўсе] дзівіліся з захапленьнем вялікім.

43 І перасьцерагаў іх, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў, каб далі ёй есьці.

 

Мк 6

1 І выйшаў адтуль, і прыйшоў у бацькаўшчыну Сваю, і вучні Ягоныя ідуць за Ім.

2 І калі сталася субота, пачаў вучыць у сынагозе. І многія, слухаючы, дзівіліся і казалі: «Адкуль у Яго гэтае? І што за мудрасьць дадзеная Яму, што нават цуды гэткія стаюцца праз рукі Яго?

3 Ці ж гэта не цясьляр, сын Марыі, брат Якуба, Ёсіі, Юды і Сымона? Ці ж ня сёстры Ягоныя тут сярод нас?» І горшыліся з Яго.

4 А Ісус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй і сярод сваякоў сваіх, і ў доме сваім».

5 І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі некалькіх нямоглых, усклаўшы рукі на іх, аздаравіў.

6 І зьдзіўляўся з недаверства іхняга. І абыходзіў навакольныя мястэчкі, навучаючы.

7 І паклікаў Дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі.

8 І загадаў ім, каб ня бралі нічога ў дарогу, акрамя аднаго кія: ані торбы, ані хлеба, ані медзі ў поясе,

9 але ў сандалы абувацца і не апранацца ў дзьве вопраткі.

10 І сказаў ім: «Дзе толькі ўвойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль ня пойдзеце адтуль.

11 І калі хто ня прыме вас і ня будзе вас слухаць, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з вашых ног на сьведчаньне ім. Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень суду, чым гораду гэтаму».

12 І яны, пайшоўшы, абвяшчалі, каб навярталіся,

13 і мноства дэманаў выганялі, і многіх нямоглых мазалі алеем і аздараўлялі.

14 І пачуў валадар Ірад [пра Яго], бо імя Ягонае сталася ведамым, і сказаў: «Гэта Ян Хрысьціцель уваскрос з мёртвых, і таму цуды дзеюцца праз Яго».

15 Іншыя казалі: «Гэта Ільля», а іншыя казалі: «Гэта прарок, або як адзін з прарокаў».

16 Пачуўшы гэта, Ірад сказаў: «Гэта Ян, якому я сьцяў галаву. Ён уваскрос з мёртвых».

17 Бо Ірад сам паслаў і ўзяў Яна, і ўвязьніў яго ў вязьніцы дзеля Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго, якую ён узяў за жонку.

18 Бо Ян гаварыў Іраду: «Нельга табе мець жонку брата твайго».

19 А сама Ірадыяда злавала на яго і хацела яго зьнішчыць, але не магла,

20 бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек праведны і сьвяты, і сьцярог яго і шмат што рабіў, слухаючыся яго, і ахвотна яго слухаў.

21 І як надарыўся зручны дзень, калі Ірад з нагоды сваіх урадзін справіў вячэру для магнатаў сваіх, тысячнікаў і начальнікаў Галілейскіх,

22 дачка Ірадыяды ўвайшла і таньчыла, і спадабалася Іраду і тым, што з ім узьлягалі. І сказаў валадар дзяўчыне: «Прасі ў мяне, што хочаш, і я дам табе».

23 І прысягнуў ёй: «Што папросіш у мяне, дам табе, хоць бы нават палову валадарства майго».

24 Яна, выйшаўшы, спыталася ў маці сваёй: «Што мне прасіць?» Тая ж сказала: «Галаву Яна Хрысьціцеля».

25 І яна, адразу шпарка вярнуўшыся да валадара, прасіла, кажучы: «Хачу, каб неадкладна даў ты мне на місе галаву Яна Хрысьціцеля».

26 І валадар, хоць засмуткаваўшы, але дзеля прысягі і тых, што ўзьлягалі, не захацеў ёй адмовіць.

27 І адразу, паслаўшы ката, валадар загадаў прынесьці галаву яго.

28 Той, пайшоўшы, сьцяў яго ў вязьніцы, і прынёс галаву ягоную на місе, і даў дзяўчыне, а дзяўчына дала яе маці сваёй.

29 І, пачуўшы [пра гэта], вучні ягоныя прыйшлі і ўзялі цела ягонае, і палажылі яго ў магілу.

30 І сабраліся апосталы да Ісуса, і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаго навучылі.

31 І Ён сказаў ім: «Ідзіце адны ў пустыннае месца, і супачыньце крыху». Бо многа было тых, што прыходзілі і адыходзілі, і нават паесьці ня мелі часу.

32 І паплылі ў пустыннае месца на чаўне адны.

33 І бачыў натоўп, як яны адплывалі, і многія пазналі іх, і зьбегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, і зыйшліся да Яго.

34 І, выйшаўшы, Ісус убачыў вялікі натоўп, і зьлітаваўся з іх, бо яны былі як авечкі, што ня маюць пастуха, і пачаў навучаць іх шмат.

35 І калі мінула шмат часу, вучні Ягоныя, прыйшоўшы да Яго, кажуць: «Месца гэтае пустыннае, а гадзіна ўжо позьняя.

36 Адпусьці іх, каб, пайшоўшы ў навакольныя вёскі і мястэчкі, купілі сабе хлеба, бо яны ня маюць што есьці».

37 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». І кажуць Яму: «Няўжо маем пайсьці і купіць за дзьвесьце дынараў хлеба, і даць ім есьці?»

38 Ён жа гаворыць ім: «Колькі маеце хлябоў? Ідзіце і паглядзіце!» Яны, даведаўшыся, кажуць: «Пяць, і дзьве рыбы».

39 І загадаў ім пасадзіць усіх грамадамі на зялёнай траве.

40 І паселі шэраг за шэрагам па сто і па пяцьдзясят.

41 І Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуўшы ў неба, дабраславіў і паламаў хлябы, і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве рыбы разьдзяліў для ўсіх.

42 І елі ўсе, і наеліся.

43 І сабралі кавалкаў дванаццаць поўных кашоў, і рэшткі рыбы.

44 А тых, што елі хлябы, было каля пяці тысячаў мужчынаў.

45 І адразу змусіў вучняў Сваіх увайсьці ў човен і плысьці наперад на другі бок, у Бэтсаіду, пакуль Ён адпусьціць натоўп.

46 І, адпусьціўшы іх, пайшоў на гару маліцца.

47 І як надыйшоў вечар, човен быў на сярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі.

48 І ўбачыў іх, як мучыліся, плывучы, бо вецер быў супраціўны, і каля чацьвёртай варты ночы прыходзіць да іх, ідучы па моры, і хацеў абмінуць іх.

49 Яны, убачыўшы Яго, як ішоў па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі.

50 Усе бо бачылі Яго, і стрывожыліся. І Ён адразу прамовіў да іх, і кажа ім: «Будзьце пэўныя, гэта Я, ня бойцеся!»

51 І ўвайшоў да іх у човен, і вецер сьціх. І яны празьмерна здумеліся ў сабе, і зьдзіўляліся,

52 бо не зразумелі з хлябамі, бо сэрца іхняе было скамянелае.

53 І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генэсарэт, і прысталі да берагу.

54 І калі яны выйшлі з чаўна, адразу пазналі Яго,

55 абеглі ўвесь той край, і пачалі на ложках прыносіць хворых туды, дзе, як чулі, быў Ён.

56 І, калі Ён уваходзіў у якое паселішча, або горад, або вёску, клалі нядужых на плошчах, і прасілі Яго, каб хоць крыса шаты Яго дакрануцца; і колькі іх дакранулася Яго, былі аздароўлены.

 

Мк 7

1 І сабраліся да Яго фарысэі і некаторыя кніжнікі, што прыйшлі з Ерусаліму.

2 І, убачыўшы некаторых з вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі, гэта значыць нямытымі, рукамі, вінавацілі іх.

3 Бо самі фарысэі і ўсе Юдэі не ядуць, не абмыўшы чыста рук, трымаючыся традыцыяў старэйшых.

4 І пасьля рынку, пакуль не абмыюцца, не ядуць; і ёсьць шмат іншага, чаго яны прытрымліваюцца: абмываньня келіхаў і конавак, мядніцаў і сталоў.

5 Пасьля пытаюцца ў Яго фарысэі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае ня ходзяць паводле традыцыяў старэйшых, але нячыстымі рукамі ядуць хлеб?»

6 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Добра пра вас, крывадушнікаў, прарочыў Ісая, як напісана: “Народ гэты губамі шануе Мяне, а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне.

7 але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньняў і пастановаў чалавечых”.

8 Бо вы, пакінуўшы прыказаньне Божае, трымаецеся традыцыі чалавечай, абмываньня конавак і келіхаў, і шмат іншага, да гэтага падобнага, чыніце».

9 І сказаў ім: «Ці добра, што вы адкідаеце прыказаньне Божае, каб захаваць вашую традыцыю?

10 Бо Майсей сказаў: “Шануй бацьку твайго і маці тваю”, і: “Хто праклінае бацьку або маці, няхай сьмерцю памрэ”.

11 А вы гаворыце: “Калі скажа чалавек бацьку або маці: ‘Карбан’, гэта значыць дар [Богу] тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся”,

12 і ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць для бацькі свайго або маці сваёй,

13 пазбаўляючы сілы слова Божае праз традыцыю вашую, якую вы перадаеце, і шмат да гэтага падобнага чыніце».

14 І, паклікаўшы ўвесь натоўп, гаварыў ім: «Слухайце Мяне ўсе і разумейце.

15 Няма нічога, што звонку чалавека, што ўваходзячы ў яго, можа яго апаганіць, але тое, што з чалавека выходзіць, апаганьвае яго.

16 Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае».

17 І калі Ён увайшоў у дом ад натоўпу, пыталіся Яго вучні Ягоныя пра прыповесьць.

18 І кажа ім: «Няўжо і вы такія няцямкія? Няўжо не разумееце, што ўсё, што звонку ўваходзіць у чалавека, ня можа яго апаганіць,

19 бо ўваходзіць ня ў сэрца ягонае, але ў жывот, і выкідаецца прэч, ачышчаючы ўсякую ежу».

20 І сказаў: «Тое, што выходзіць з чалавека, тое апаганьвае яго,

21 бо з нутра, з сэрца чалавечага выходзяць благія думкі, чужалоства, распуснасьць, забойствы,

22 крадзяжы, хцівасьць, зласьлівасьць, подступ, бессаромнасьць, злое вока, блюзьнерствы, пыха, глупота.

23 Уся гэтая ліхота знутры выходзіць і апаганьвае чалавека».

24 І, устаўшы адтуль, Ён адыйшоў у межы Тыру і Сідону. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не даведаўся, але ўтоіцца ня змог.

25 Бо пачула пра Яго жанчына, у якой дачка мела ў сабе нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упала да ног Ягоных.

26 А жанчына гэтая была Грэчанка, родам Сірафінікіянка; і прасіла яна Яго, каб выгнаў дэмана з дачкі ейнай.

27 Але Ісус сказаў ёй: «Дазволь перш насыціцца дзецям, бо ня добра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам».

28 Яна ж адказала і кажа Яму: «Так, Госпадзе, але ж і сабакі пад сталом ядуць крошкі ад дзяцей».

29 І сказаў ёй: «Дзеля такога слова ідзі; дэман выйшаў з дачку тваёй».

30 І адыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на ложку.

31 І зноў, выйшаўшы з межаў Тыру і Сідону, пайшоў Ён да мора Галілейскага пасярод межаў Дэкаполя.

32 І прыводзяць да Яго глухога, які з цяжкасьцю гаварыў, і просяць Яго ўскласьці на яго руку.

33 І, узяўшы яго ад натоўпу на бок, уклаў пальцы Свае ў ягоныя вушы, і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага.

34 І, глянуўшы ў неба, уздыхнуў, і гаворыць яму: «Эффата», што значыць: «Адчыніся».

35 І адразу адчыніліся вушы ягоныя і разьвязаліся путы языка ягонага, і ён пачаў добра гаварыць.

36 І Ён перасьцерагаў іх, каб нікому не расказвалі, але колькі ні забараняў, яны яшчэ шырэй абвяшчалі.

37 І надзвычай дзівіліся, кажучы: «Усё добра зрабіў, і глухім робіць, каб чулі, і нямым, каб гаварылі».

 

Мк 8

1 У тыя дні, калі сабраўся вельмі вялікі натоўп і ня мелі што есьці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, кажа ім:

2 «Шкада Мне гэтых людзей, бо ўжо тры дні са Мною, і ня маюць што есьці.

3 І калі іх галоднымі адпушчу ў дамы іхнія, саслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк».

4 І адказалі Яму вучні Ягоныя: «Адкуль мог бы хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?»

5 І спытаўся ў іх: «Колькі маеце хлябоў?» Яны сказалі: «Сем».

6 І загадаў натоўпу сесьці на зямлю, і, узяўшы сем хлябоў і падзякаваўшы, паламаў, і даў вучням Сваім, каб раздалі; і яны раздалі натоўпу.

7 І мелі яны некалькі рыбаў. І, іх дабраславіўшы, сказаў раздаць і тыя.

8 І елі, і наеліся, і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў.

9 А тых, што елі, было каля чатырох тысячаў; і адпусьціў іх.

10 І адразу, увайшоўшы з вучнямі Сваімі ў човен, прыйшоў у межы Дальмануты.

11 І выйшлі фарысэі, і пачалі з Ім спрачацца, дамагаючыся ў Яго знаку з неба, спакушаючы Яго.

12 І Ён, уздыхнуўшы ў духу, гаворыць: «Чаму гэтае пакаленьне патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам: Знак ня будзе дадзены пакаленьню гэтаму».

13 І, пакінуўшы іх, увайшоў у човен і выправіўся на другі бок.

14 І забыліся ўзяць хлеб, і нічога ня мелі з сабою ў чаўне, апрача аднаго хлеба.

15 І Ён перасьцерагаў іх, кажучы: «Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і кісьлі Ірадавай».

16 І яны разважалі між сабой, кажучы: «Гэта таму, што хлеба ня маем».

17 І, зразумеўшы, Ісус кажа ім: «Чаму разважаеце, што ня маеце хлеба? Ці яшчэ ня цяміце і не разумееце? Ці яшчэ скамянелае маеце сэрца вашае?

18 Маючы вочы, ня бачыце? І маючы вушы, ня чуеце? І ня памятаеце?

19 Калі Я пяць хлябоў падзяліў між пяці тысячаў, колькі поўных кашоў кавалкаў вы назьбіралі?» Кажуць Яму: «Дванаццаць».

20 «А калі сем між чатырох тысячаў, колькі поўных кашоў кавалкаў назьбіралі?» Яны сказалі: «Сем».

21 І сказаў ім: «Як жа не разумееце?»

22 І прыходзіць у Бэтсаіду, і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць Яго, каб дакрануўся да яго.

23 І, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго за мястэчка і, плюнуўшы на вочы ягоныя і ўсклаўшы на яго рукі, спытаўся ў яго, ці што бачыць.

24 І той, зірнуўшы, сказаў: «Бачу людзей, што як дрэвы ходзяць».

25 Потым зноў усклаў рукі на вочы яго і зрабіў, каб бачыў. І той зрабіўся здаровым, і ясна мог усё бачыць.

26 І паслаў яго ў дом ягоны, кажучы: «Не заходзь у мястэчка і не кажы нікому ў мястэчку».

27 І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў паселішчы Цэзарэі Філіпавай. І ў дарозе пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Кім называюць Мяне людзі?»

28 Яны адказалі: «Янам Хрысьціцелям, а іншыя — Ільлём, а іншыя — адным з прарокаў».

29 І Ён кажа ім: «А вы кім называеце Мяне?» І адказваючы, Пётар кажа Яму: «Ты — Хрыстос!»

30 І забараніў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.

31 І пачаў іх навучаць, што трэба, каб Сын Чалавечы шмат перацярпеў, і быў адкінуты старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і быў забіты, і па трох днях уваскрос.

32 І гаварыў пра гэта адкрыта. І Пётар, адклікаўшы Яго, пачаў забараняць Яму.

33 Ён жа, павярнуўшыся і глянуўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, кажучы: «Адыйдзі ад Мяне, шатан, бо думаеш не пра тое, што Божае, але што чалавечае».

34 І, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі Сваімі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною.

35 Бо хто хоча выратаваць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне і дзеля Эвангельля, той збавіць яе.

36 Бо што за карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць?

37 Або што дасьць чалавек у выкуп за душу сваю?

38 Бо хто пасароміцца Мяне і словаў Маіх у гэтым пакаленьні, чужаложным і грэшным, таго і Сын Чалавечы пасароміцца, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з анёламі сьвятымі».

 

Мк 9

1 І сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Божае, што прыходзіць у моцы».

2 І праз шэсьць дзён бярэ Ісус Пятра, і Якуба, і Яна, і вядзе іх асобна адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі.

3 І адзеньне Яго сталася бліскучым і такім белым, як сьнег, такім, што на зямлі бялільшчык выбеліць ня зможа.

4 І зьявіўся ім Ільля з Майсеем, і вялі гутарку з Ісусам.

5 І, адказваючы, Пётар гаворыць Ісусу: «Раббі, добра нам тут быць, зробім тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і Ільлі адзін».

6 Бо ня ведаў, што гаворыць, бо яны былі напалоханыя.

7 І сталася воблака, ахінуўшае іх, і голас выйшаў з воблака, які казаў: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце!»

8 І раптам, разгледзеўшыся наўкола, нікога больш ня ўбачылі, апрача аднаго Ісуса.

9 Калі ж яны зыходзілі з гары, Ён загадаў ім, каб нікому не расказвалі пра тое, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых.

10 І яны затрымалі гэтае слова, пытаючыся адзін аднаго: «Што гэта значыць: уваскрэснуць з мёртвых?».

11 І спыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што спачатку павінен прыйсьці Ільля?»

12 А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Ільля, прыйшоўшы спачатку, направіць усё; і як напісана пра Сына Чалавечага, што шмат перацерпіць і будзе лічыцца за нішто.

13 Але кажу вам: і Ільля прыйшоў, і ўчынілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго».

14 І, прыйшоўшы да вучняў, убачыў вакол іх вялікі натоўп і кніжнікаў, што спрачаліся з імі.

15 І адразу ўвесь натоўп, убачыўшы Яго, здумеўся, і, падбягаючы, вітаў Яго.

16 І Ён спытаўся ў кніжнікаў: «Пра што спрачаецеся з імі?»

17 І, адказваючы, адзін з натоўпу сказаў: «Настаўнік, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.

18 І ён, дзе схопіць яго, кідае яго на зямлю, і ён пеніцца, і скрыгоча зубамі ды пруцянее. І я казаў вучням Тваім, каб выгналі яго, і яны ня здолелі».

19 Ён жа, адказваючы яму, гаворыць: «О, пакаленьне бязьвернае! Як доўга буду з вамі? Як доўга буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне».

20 І прывялі яго да Яго. І, убачыўшы Яго, адразу дух тузануў яго, і ён упаў на зямлю і качаўся, выпускаючы пену.

21 І спытаўся Ён у бацькі ягонага: «Як даўно гэта зрабілася з ім?» А ён сказаў: «Ад дзяцінства;

22 і шмат разоў кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб яго загубіць. Але, калі што можаш, дапамажы нам, зьлітаваўшыся над намі».

23 Ісус жа сказаў яму: «Калі можаш верыць, усё магчыма таму, хто верыць».

24 І адразу, загаласіўшы, бацька хлопца сказаў праз сьлёзы: «Веру, Госпадзе! Дапамажы майму недаверству».

25 Ісус, убачыўшы, што зьбіраецца натоўп, забараніў духу нячыстаму, кажучы яму: «Духу нямы і глухі! Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!»

26 І той, закрычаўшы і моцна тузануўшы ім, выйшаў; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі, што ён памёр.

27 Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

28 І калі ўвайшоў у дом, вучні Ягоныя ўжо адны пыталіся ў Яго: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»

29 І Ён сказаў ім: «Гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі праз малітву і пост».

30 І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб хто даведаўся.

31 Бо навучаў вучняў Сваіх і гаварыў ім, што Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей і заб’юць Яго, але забіты праз тры дні ўваскрэсьне.

32 Але яны слова гэтага не разумелі, а спытацца ў Яго баяліся.

33 І прыйшоў у Капэрнаум, і як былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што ў дарозе вы між сабою разважалі?»

34 Але яны маўчалі, бо дарогаю вялі гутарку між сабою, хто большы.

35 І, сеўшы, паклікаў Дванаццаць, і кажа ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і служыцелем для ўсіх».

36 І, узяўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх, і, прытуліўшы яго, сказаў ім:

37 «Хто прыйме адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыймае, а хто Мяне прыйме, той не Мяне прыймае, але Таго, Хто Мяне паслаў».

38 І адказаў Яму Ян, кажучы: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяе дэманаў, але ня ходзіць за намі, і мы забаранілі яму, бо ён ня ходзіць за намі».

39 А Ісус сказаў: «Не забараняйце яму, бо няма нікога, хто, учыніўшы цуд у імя Маё, мог бы хутка праклінаць Мяне.

40 Бо хто ня супраць вас, той за вас.

41 Бо хто напоіць вас кубкам вады ў імя Маё, таму што вы — Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць нагароды сваёй.

42 А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, такому лепш было б, каб прычапілі млынавы камень на шыю ягоную і кінулі яго ў мора.

43 І калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе калекаю ўвайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве рукі, ісьці ў геенну, у агонь нязгасны,

44 дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.

45 І калі нага твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе кульгавым увайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве нагі, быць укінутым у геенну, у агонь нязгасны,

46 дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.

47 І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, лепш табе з адным вокам увайсьці ў Валадарства Божае, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у геенну вогненную,

48 дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.

49 Бо кожны агнём будзе пасолены, і ўсякая ахвяра сольлю будзе пасоленая.

50 Соль добрая, але калі соль станецца несалонай, чым яе прыправіце? Мейце ў сабе соль і супакой мейце між сабою».

 

Мк 10

1 Устаўшы адтуль, прыходзіць у межы Юдэі за Ярданам. І зноў зьбіраецца вакол Яго натоўп, і Ён, як меў звычай, зноў навучаў іх.

2 І, падыйшоўшы, фарысэі спыталіся ў Яго, спакушаючы Яго: «Ці можна мужу кінуць жонку?»

3 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «А што загадаў вам Майсей?»

4 Яны ж сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць яе».

5 І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Дзеля жорсткасьці сэрца вашага напісаў ён вам гэткае прыказаньне.

6 Але на пачатку стварэньня мужчынай і жанчынай стварыў іх Бог.

7 Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй,

8 і будуць двое адным целам; дык іх ужо ня двое, але адно цела.

9 Што вось Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае».

10 І ў доме вучні Ягоныя зноў пра тое самае пыталіся ў Яго.

11 І кажа ім: «Хто пакіне жонку сваю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць з ёю.

12 І калі жонка пакіне мужа свайго і пойдзе за іншага — чужаложыць».

13 І прыносілі дзетак да Яго, каб Ён дакрануўся да іх; вучні ж забаранялі тым, што прыносілі.

14 Бачачы гэта, Ісус абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэтакіх ёсьць Валадарства Божае.

15 Сапраўды кажу вам: хто ня прыйме Валадарства Божага як дзіця, ня ўвойдзе ў яго».

16 І, прытуліўшы іх і ўсклаўшы на іх рукі, дабраславіў іх.

17 І калі выходзіў у дарогу, хтосьці, падбегшы і ўпаўшы перад Ім на калені, спытаўся ў Яго: «Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?»

18 Ісус жа сказаў яму: «Чаму Мяне называеш добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.

19 Ведаеш прыказаньні: “Не чужалож”, “Не забівай”, “Не крадзі”, “Ня сьведчы фальшыва”, “Не рабі крыўды”, “Шануй бацьку твайго і маці”».

20 А ён, адказваючы, сказаў Яму: «Настаўнік, усё гэта я захаваў ад юнацтва майго».

21 Ісус жа, паглядзеўшы на яго, узьлюбіў яго і сказаў яму: «Аднаго табе не хапае: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за Мною, узяўшы крыж».

22 Той жа, спахмурнелы ад гэтага слова, адыйшоўся сумны, бо меў вялікую маёмасьць.

23 І Ісус, паглядзеўшы вакол, кажа вучням Сваім: «Як цяжка тым, што маюць грошы, увайсьці ў Валадарства Божае».

24 Вучні аслупянелі дзеля словаў Ягоных. Але Ісус зноў кажа ім у адказ: «Дзеці, як цяжка ўвайсьці ў Валадарства Божае тым, хто ўскладае надзею на багацьце.

25 Лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае».

26 А яны яшчэ больш дзівіліся, гаворачы між сабою: «Хто ж тады можа быць збаўлены?»

27 Ісус, паглядзеўшы на іх, гаворыць: «У людзей гэта немагчыма, але ня ў Бога, бо ў Бога ўсё магчыма».

28 І Пётар пачаў гаварыць Яму: «Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою».

29 Адказваючы, Ісус сказаў: «Сапраўды кажу вам: Няма нікога, хто б пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або палі дзеля Мяне і дзеля Эвангельля,

30 і не атрымаў бы цяпер, у гэты час, сярод перасьледаваньняў, у сто разоў больш дамоў, і братоў, і сёстраў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў будучым веку — жыцьцё вечнае.

31 І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі».

32 Калі яны былі ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў наперадзе іх, а яны жахаліся і, ідучы за Ім, былі ў страху. І, узяўшы зноў Дванаццаць, пачаў гаварыць ім пра тое, што з Ім мае здарыцца:

33 «Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім; і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго паганам,

34 і будуць зьдзекавацца з Яго, будуць бічаваць Яго і пляваць на Яго, і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне».

35 І падыйшлі да Яго Якуб і Ян, сыны Зэбэдэевы, кажучы: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам, пра што будзем прасіць».

36 Ён жа сказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?»

37 Яны ж сказалі Яму: «Дай нам, каб нам сесьці аднаму праваруч Цябе, а другому — леваруч Цябе ў славе Тваёй».

38 Ісус жа сказаў ім: «Ня ведаеце, пра што просіце. Ці ж можаце піць келіх, які Я п’ю, або хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?»

39 Яны сказалі Яму: «Можам». Ісус жа сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны.

40 Але сесьці праваруч Мяне або леваруч Мяне ня Мне даваць, але каму падрыхтавана».

41 І, пачуўшы, дзесяць пачалі абурацца на Якуба і Яна.

42 Ісус жа, паклікаўшы іх, гаворыць ім: «Вы ведаеце, што тыя, якія лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і магнаты іхнія маюць уладу над імі.

43 У вас няхай будзе ня гэтак, але хто хоча стацца між вамі большым, няхай будзе служыцелем вашым.

44 І хто хоча ў вас стацца першым, няхай будзе слугою ўсіх.

45 Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на адкупленьне многіх».

46 І прыходзяць у Ерыхон. І калі Ён выходзіў з Ерыхону з вучнямі Сваімі і вялікім натоўпам, сьляпы Бартымей, сын Тымея, сядзеў пры дарозе, жабруючы.

47 І, пачуўшы, што гэта Ісус з Назарэту, пачаў крычаць і казаць: «Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»

48 І сварыліся многія на яго, каб замаўчаў, але ён тым мацней закрычаў: «Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»

49 І, спыніўшыся, Ісус сказаў паклікаць яго. І клічуць сьляпога, гаворачы яму: «Будзь пэўны, уставай, кліча цябе».

50 Ён, пакінуўшы адзеньне сваё, устаў і прыйшоў да Ісуса.

51 І, адказваючы, гаворыць яму Ісус: «Што хочаш, каб Я табе ўчыніў?» Сьляпы сказаў Яму: «Раббоні, каб мне бачыць».

52 Ісус жа сказаў яму: «Ідзі, вера твая збавіла цябе». І адразу ён стаў бачыць, і пайшоў за Ісусам па дарозе.

 

Мк 11

1 І калі наблізіліся да Ерусаліму, да Бэтфагі і Бэтаніі на гары Аліўнай, Ён пасылае двух вучняў Сваіх

2 і гаворыць ім: «Ідзіце ў мястэчка, што перад вамі, і адразу, уваходзячы ў яго, знойдзеце асьляня прывязанае, на якога яшчэ ніхто з людзей не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце.

3 І калі хто скажа вам: “Што вы гэта робіце?”, скажыце, што Госпад яго патрабуе, і адразу пашле яго сюды».

4 Яны пайшлі і знайшлі асьляня пры дзьвярах звонку на вуліцы, і адвязалі яго.

5 І некаторыя, што там стаялі, гаварылі ім: «Што вы робіце, адвязваючы асьляня?»

6 Яны ж сказалі ім, як загадаў Ісус, і пусьцілі іх.

7 І прывялі асьляня да Ісуса, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; і Ён сеў на яго.

8 І многія пасьцілалі на дарозе адзеньне сваё, а іншыя рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.

9 І тыя, што ішлі наперадзе, і тыя, што ішлі за Ім, крычалі, кажучы: «Гасанна! Дабраслаўлёны Той, Хто прыходзіць у імя Госпада!

10 Дабраслаўлёнае валадарства бацькі нашага Давіда, якое прыходзіць у імя Госпада! Гасанна на вышынях!»

11 І ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў сьвятыню; і, агледзеўшы ўсё, бо гадзіна ўжо была вечаровая, выйшаў у Бэтанію з Дванаццацьцю.

12 І назаўтра, калі ішлі яны з Бэтаніі, Ён адчуў голад.

13 І, убачыўшы здалёк фігавае дрэва, пакрытае лісьцем, падыйшоў, ці ня знойдзе што на ім; але, падыйшоўшы да яго, нічога не знайшоў, акрамя лістоты, бо не была пара на фігі.

14 І, адказваючы, Ісус сказаў да яго: «Няхай ніхто ўжо да веку ня есьць з цябе плоду». І чулі гэта вучні Ягоныя.

15 І прыходзяць у Ерусалім. І Ісус, увайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць тых, што продалі і куплялі ў сьвятыні, і сталы мяняльнікаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў,

16 і не дазваляў, каб хто насіў хоць якую рэч праз сьвятыню.

17 І навучаў, кажучы ім: «Ці ж не напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў”? А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».

18 І пачулі гэта першасьвятары і кніжнікі, і шукалі, як Яго загубіць, бо баяліся Яго, бо ўвесь натоўп захапляўся Яго навукаю.

19 І калі зьвечарэла, Ён выйшаў з гораду.

20 І раніцаю, праходзячы міма, убачылі фігавае дрэва, ссохшае ад кораня.

21 І, узгадаўшы, Пётар кажа Яму: «Раббі, вось, фігавае дрэва, якое Ты пракляў, засохла».

22 І, адказваючы, Ісус гаворыць ім: «Мейце веру Божую!

23 Бо сапраўды кажу вам: калі хто скажа гэтай гары: “Будзь узятая і кінутая ў мора”, і ня будзе сумнявацца ў сэрцы сваім, але будзе верыць, што станецца так, як гаворыць, — будзе яму, што б ні сказаў.

24 Дзеля гэтага кажу вам: Усё, пра што ў малітве будзеце прасіць, верце, што атрымаеце, і будзе вам.

25 І калі стаіце ў малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, Які ў небе, дараваў вам грахі вашыя.

26 Калі ж вы не даруеце, дык і Айцец ваш, Які ў небе, не даруе вам грахоў вашых».

27 І зноў прыходзяць у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у сьвятыні, падыйшлі да Яго першасьвятары, кніжнікі і старшыні,

28 і гаварылі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе ўладу рабіць гэтае?»

29 А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Спытаюся і Я ў вас адно слова, і вы адкажыце Мне, і Я вам скажу, якою ўладай Я раблю гэта.

30 Хрышчэньне Яна з неба было ці ад людзей? Адкажыце Мне».

31 І яны разважалі між сабой, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, — Ён скажа: “Дык чаму тады не паверылі яму?”»

32 А сказаць: «Ад людзей», баяліся натоўпу, бо ўсе мелі Яна за праўдзівага прарока.

33 І, адказваючы, гавораць Ісусу: «Ня ведаем». І Ісус, адказваючы, гаворыць ім: «І Я вам не скажу, якою ўладаю Я гэта раблю».

 

Мк 12

1 І пачаў гаварыць да іх у прыповесьцях: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў вінатоку, і збудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў.

2 І паслаў у свой час да вінаградараў слугу, каб узяў у вінаградараў пладоў з вінаградніку.

3 Яны ж, схапіўшы яго, зьбілі і выправілі ні з чым.

4 І зноў паслаў да іх іншага слугу, і тому камянямі разьбілі галаву, і выправілі, зьняважыўшы.

5 І зноў паслаў іншага, і яго забілі, і многіх іншых адных білі, другіх забівалі.

6 Дык маючы яшчэ адзінага сына, улюбёнага свайго, урэшце паслаў і яго да іх, кажучы: “Пасаромеюцца сына майго”.

7 Але вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца! Пойдзем, заб’ем яго, і нашаю будзе спадчына”.

8 І, схапіўшы яго, забілі, і выкінулі з вінаградніку.

9 Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і выгубіць вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым.

10 Няўжо вы не чыталі гэтага Пісаньня: “Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла.

11 Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”».

12 І шукалі схапіць Яго, але баяліся натоўпу, бо ведалі, што пра іх сказаў гэтую прыповесьць. І, пакінуўшы Яго, адыйшлі.

13 І пасылаюць да Яго некаторых з фарысэяў і ірадыянаў, каб злавіць Яго на слове.

14 Яны, прыйшоўшы, гавораць Яму: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не дагаджаеш нікому, бо не глядзіш на абліччы людзей, але шляху Божаму паводле праўды навучаеш. Ці належыцца даваць даніну цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?»

15 А Ён, ведаючы крывадушнасьць іхнюю, сказаў ім: «Чаму Мяне спакушаеце? Прынясіце Мне дынар, каб Я пабачыў».

16 Яны прынесьлі. І гаворыць ім: «Чый гэта вобраз і надпіс?» Яны сказалі Яму: «Цэзараў».

17 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Аддавайце тое, што цэзарава, цэзару, а што Божае, — Богу». І зьдзіўляліся з Яго.

18 І прыходзяць да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і спыталіся ў Яго, кажучы:

19 «Настаўнік, Майсей напісаў нам: “Калі памрэ нечый брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, дык брат ягоны мае ўзяць жонку яго і адновіць насеньне брату свайму”.

20 Было сем братоў, і першы ўзяў жонку, і, паміраючы, не пакінуў насеньня.

21 І другі ўзяў яе, і памёр, і не пакінуў насеньня, і трэці гэтак сама.

22 І бралі яе сямёра, і не пакінулі насеньня. Пасьля ўсіх памерла і жанчына.

23 Дык пры ўваскрасеньні, калі яны ўваскрэснуць, якога з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку».

24 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ці ж не таму вы памыляецеся, што ня ведаеце ані Пісаньня, ані моцы Божай?

25 Бо калі ўвасрэснуць з мёртвых, ня будуць ані жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы, якія ў небе.

26 А пра мёртвых, што яны ўстануць, ці ж вы не чыталі ў кнізе Майсея, як Бог з куста сказаў да яго, кажучы: “Я — Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба?”

27 Ён ня ёсьць Бог мёртвых, але Бог жывых! Таму вы моцна памыляецеся».

28 І адзін з кніжнікаў, падыйшоўшы і пачуўшы, як яны пыталіся, і бачачы, што добра ім адказаў, спытаўся ў Яго: «Якое першае з усіх прыказаньняў?»

29 Ісус адказаў яму: «Першае з усіх прыказаньняў: “Слухай, Ізраіль! Госпад, Бог наш — Госпад адзіны”,

30 і: “Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам сваім, усёю душой тваёй, усім разуменьнем тваім і ўсёю моцаю сваёю”.

31 І другое, падобнае да яго: “Любі бліжняга свайго як самога сябе”. Іншага прыказаньня, большага за гэтыя, няма».

32 І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік! Праўду Ты сказаў, што адзін ёсьць Бог, і няма іншага апрача Яго,

33 і любіць Яго ўсім сэрцам, усім розумам, усёю душою ды ўсёю моцаю, і любіць бліжняга як самога сябе больш, чым усе цэласпаленьні і ахвяры».

34 І Ісус, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо болей не адважваўся пытацца ў Яго.

35 І, адказваючы, гаварыў Ісус, навучаючы ў сьвятыні: «Чаму кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсьць сынам Давіда?

36 Бо сам Давід сказаў праз Духа Сьвятога: “Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх”.

37 Сам Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён — сын ягоны?» І вялізарны натоўп з ахвотай слухаў Яго.

38 І гаварыў ім у навуцы Сваёй: «Паглядзіце на кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах і прывітаньні на рынку,

39 і першыя месцы ў сынагогах, і ўзьлягаць на першых месцах на вячэрах,

40 якія аб’ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшы прысуд».

41 І Ісус, сеўшы насупраць скарбніцы, глядзеў, як натоўп кідае медзь у скарбніцу. І многія багатыя кідалі шмат.

42 І, прыйшоўшы, адна ўбогая ўдава кінула дзьве лепты, гэта значыць кадрант.

43 І, паклікаўшы вучняў Сваіх, Ён гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам, што гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбніцу.

44 Бо ўсе кідалі з лішку свайго, а яна з нястачы сваёй укінула ўсё, што мела, усё сваё ўтрыманьне».

 

Мк 13

1 І калі выходзіў Ён са сьвятыні, гаворыць Яму адзін з вучняў Ягоных: «Настаўнік, паглядзі, якія камяні ды якія пабудовы!»

2 А Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Бачыш усе гэтыя вялізарныя пабудовы? Не застанецца каменя на камені, які б ня быў зруйнаваны».

3 І калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў Яго насамоце Пётар, і Якуб, і Ян, і Андрэй:

4 «Скажы нам, калі гэта станецца, і які знак, калі ўсё гэта мае скончыцца?»

5 Ісус, адказваючы ім, пачаў гаварыць: «Глядзіце, каб вас хто не падмануў.

6 Бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і многіх падмануць.

7 А калі пачуеце пра войны і чуткі ваенныя, не трывожцеся, бо ўсё гэта павінна стацца, але гэта яшчэ не канец.

8 Бо паўстане народ на народ, і валадарства на валадарства, і будуць месцамі землятрусы, і будуць голад і замяшаньні. Гэта пачатак мукаў.

9 Глядзіце ж і вы самі, бо будуць вас выдаваць у сынэдрыёны і біць у сынагогах, і будзеце пастаўленыя перад ваяводамі і валадарамі дзеля Мяне на сьведчаньне ім.

10 І ўсім народам павінна спачатку быць абвешчана Эвангельле.

11 І калі павядуць вас, каб выдаць, не клапаціцеся наперад, што маеце гаварыць, і не абдумвайце, але што дадзена вам будзе ў гэты час, тое кажыце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты.

12 І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына; і дзеці паўстануць супраць бацькоў і будуць забіваць іх,

13 і будзеце вы ў нянавісьці ў-ва ўсіх дзеля імя Майго. Але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.

14 А калі ўбачыце агіду спусташэньня, як сказана праз Данііла прарока, што стане там, дзе не павінна, — хто чытае, няхай разумее, — тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы,

15 а хто на даху, няхай не зыходзіць у дом і не ўваходзіць узяць нешта з дому свайго,

16 і хто ў полі, няхай не вяртаецца назад узяць адзеньне сваё.

17 Але гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні.

18 Дык маліцеся, каб не былі ўцёкі вашыя ў зіму.

19 Бо ў тыя дні будзе такі прыгнёт, якога не было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.

20 І калі б Госпад не скараціў гэтых дзён, не выратавалася б ніводнае цела, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скараціў гэтыя дні.

21 І тады калі хто вам скажа: “Вось тут Хрыстос”, ці: “Вось, там”, — ня верце.

22 Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі, і будуць рабіць знакі і цуды, каб зьвесьці, калі магчыма, і выбраных.

23 Вы ж глядзіце: вось, Я вам усё наперад сказаў.

24 Але ў тыя дні, пасьля прыгнёту таго, зацьмее сонца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго,

25 і зоркі нябесныя падаць будуць, і сілы, што ў небе, захістаюцца.

26 І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках з вялікай моцаю і славаю.

27 І тады Ён пашле анёлаў Сваіх, і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.

28 У дрэва фігавага навучыцеся прыповесьці: калі ўжо галінка ягоная робіцца мяккай і пускае лісты, разумееце, што блізка лета.

29 Гэтак і вы, калі ўбачыце, што гэта адбываецца, разумейце, што блізка, у дзьвярах.

30 Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, аж усё гэта станецца.

31 Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.

32 А пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ані анёлы, што ў небе, ані Сын, а толькі Айцец.

33 Глядзіце, ня сьпіце і маліцеся, бо ня ведаеце, калі прыйдзе пара.

34 Як чалавек, які, выяжджаючы, пакінуў дом свой, і даў уладу слугам сваім, і кожнаму свой абавязак, і загадаў прыдзьверніку, каб чуваў.

35 Дык чувайце, бо ня ведаеце, калі гаспадар дому прыйдзе: вечарам, ці апоўначы, ці як певень засьпявае, ці раніцай,

36 каб, калі вернецца неспадзявана, не знайшоў вас, што сьпіце.

37 А што вам кажу, усім кажу: Чувайце!»

 

Мк 14

1 Праз два дні была Пасха і сьвята Праснакоў, і шукалі першасьвятары і кніжнікі, як узяць Яго подступам і забіць,

2 але казалі: «Не на сьвята, каб не было замяшаньня ў народзе».

3 І калі Ён быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага, і ўзьляжаў [за сталом], прыйшла жанчына з алябастравым збанком міра нардовага, чыстага і каштоўнага, і, пабіўшы алябастар, выліла Яму на галаву.

4 І былі некаторыя, якія абураліся ў сабе і казалі: «Навошта такое марнаваньне гэтага міра?

5 Можна ж было прадаць яго даражэй, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім». І наракалі на яе.

6 А Ісус сказаў: «Пакіньце яе! Навошта робіце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне.

7 Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою і можаце ім дабро рабіць, калі захочаце, а Мяне маеце не заўсёды.

8 Яна, што магла, зрабіла: наперад памазала цела Маё на пахаваньне.

9 Сапраўды кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае ва ўсім сьвеце, будзе сказана і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе».

10 І Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, пайшоў да першасьвятароў, каб выдаць Яго ім.

11 Яны ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму грошы. І ён шукаў, як у адпаведны час Яго выдаць.

12 І ў першы дзень Праснакоў, калі закалваецца пасхальнае [ягня], кажуць Яму вучні Ягоныя: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есьці Пасху?»

13 І пасылае двух вучняў сваіх, і гаворыць ім: «Ідзіце ў горад, і сустрэнецца вам чалавек, які будзе несьці збан вады; ідзіце за ім.

14 І куды ён увойдзе, скажыце ўладальніку: “Настаўнік гаворыць: ‘Дзе сьвятліца, у якой буду есьці Пасху разам з вучнямі Маімі?’”

15 І ён пакажа вам залю вялікую, засланую, падрыхтаваную; там падрыхтуйце нам».

16 І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як Ён сказаў ім, і падрыхтавалі Пасху.

17 І калі настаў вечар, прыходзіць з Дванаццацьцю.

18 І калі ўзлягалі за сталом і елі, Ісус сказаў: «Сапраўды кажу вам: Адзін з вас, што есьць са Мною, выдасьць Мяне».

19 Яны ж засмуціліся і пачалі адзін за адным гаварыць Яму: «Ці ня я?» І іншыя: «Ці ня я?»

20 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Адзін з Дванаццаці, што мачае са Мною ў місе.

21 Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца! Лепш было б, каб чалавек той ня быў нарадзіўшыся».

22 І калі яны елі, Ісус узяў хлеб, дабраславіўшы, паламаў і даў ім, і сказаў: «Бярыце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё».

23 І, узяўшы келіх, падзякаваўшы, даў ім; і пілі з яго ўсе.

24 І сказаў ім: «Гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца.

25 Сапраўды кажу вам, што больш ня буду піць з гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць новае віно ў Валадарстве Божым».

26 І, засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.

27 І кажа ім Ісус: «Усе вы згоршыцеся дзеля Мяне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастуха, і будуць расьцярушаныя авечкі”,

28 але пасьля Майго ўваскрасеньня прыйду перад вамі ў Галілею».

29 А Пётар сказаў Яму: «Калі нават усе згоршацца, але ня я».

30 І кажа яму Ісус: «Сапраўды кажу табе, што ты сёньня, у гэтую ноч, перш, чым певень двойчы запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне».

31 Але той тым мацней гаварыў: «Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Гэтак сама і ўсе гаварылі.

32 І прыходзяць у месца, званае Гетсэманія, і гаворыць вучням Сваім: «Пасядзіце тут, пакуль Я памалюся».

33 І бярэ з Сабою Пятра, і Якуба, і Яна, і пачаў тужыць і сумаваць.

34 І кажа ім: «Смутная душа Мая аж да сьмерці, застаньцеся тут і чувайце».

35 І, адыйшоўшыся трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна.

36 І гаварыў: «Абба, Ойча! Усё магчыма для Цябе, пранясі ад Мяне гэты келіх, але ня тое, што Я хачу, але што Ты!»

37 І прыходзіць, і знаходзіць іх, што яны сьпяць, і гаворыць Пятру: «Сымоне! Ты сьпіш? Ня маеш сілы аднае гадзіны чуваць?

38 Чувайце і маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу, бо дух ахвочы, а цела кволае».

39 І зноў, адыйшоўшыся, маліўся, гаворачы тое самае слова.

40 І, вярнуўшыся, знайшоў зноў, што яны сьпяць, бо вочы іхнія абцяжэлі, і ня ведалі, што Яму адказаць.

41 І прыходзіць трэці раз, і кажа ім: «Сьпіце яшчэ і адпачываеце? Даволі! Прыйшла гадзіна. Вось Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.

42 Уставайце! Хадзем! Вось, наблізіўся той, хто Мяне выдае».

43 І адразу, калі Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікі натоўп з мячамі і каламі ад першасьвятароў, і кніжнікаў, і старшыняў.

44 А той, што выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён, бярыце Яго і вядзіце асьцярожна».

45 І, прыйшоўшы, адразу падыйшоў да Яго і кажа: «Раббі! Раббі!», і пацалаваў Яго.

46 Яны ж усклалі рукі свае на Яго і схапілі Яго.

47 А адзін з тых, што стаялі там, выхапіўшы меч, ударыў слугу першасьвятара і адсек яму вуха.

48 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі, каб схапіць Мяне.

49 Штодзень быў Я з вамі ў сьвятыні, навучаючы, і вы ня бралі Мяне, але няхай споўніцца Пісаньне».

50 І, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.

51 І адзін юнак, апрануўшы палатніну на голае цела, ішоў за Ім, і жаўнеры схапілі яго,

52 але ён, пакінуўшы палатніну, голы ўцёк ад іх.

53 І прывялі Ісуса да першасьвятара, і зьбіраюцца да яго ўсе першасьвятары, і старшыні, і кніжнікі.

54 І Пётар здалёк ішоў за Ім ажно на панадворак першасьвятара, і сядзеў з паслугачамі і грэўся пры агні.

55 А першасьвятары і ўвесь сынэдрыён шукалі сьведчаньня супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць, і не знаходзілі.

56 Бо шмат хто фальшыва сьведчыў супраць Яго, але іхнія сьведчаньні не былі згоднымі.

57 І некаторыя, падняўшыся, фальшыва сьведчылі супраць Яго, кажучы:

58 «Мы чулі, як Ён казаў: “Я зруйную гэтую бажніцу, зробленую рукамі, і праз тры дні збудую іншую, якая не рукамі зробленая”».

59 Але і іх сьведчаньні не былі згоднымі.

60 І першасьвятар, стаўшы на сярэдзіне, спытаўся ў Ісуса, кажучы: «Нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сьведчаць?»

61 А Ён маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасьвятар спытаўся ў Яго і гаворыць Яму: «Ці Ты — Хрыстос, Сын Дабраслаўлёнага?»

62 А Ісус сказаў: «Гэта Я, і вы ўгледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Моцы і Які ідзе на аблоках нябесных».

63 Тады першасьвятар, разьдзёршы вопраткі свае, кажа: «Нашто патрэбны нам яшчэ сьведкі?

64 Вы чулі блюзьнерства? Як вам здаецца?» Тыя ж усе прысудзілі, што Ён варты сьмерці.

65 І некаторыя пачалі пляваць на Яго, і засланяць аблічча Яго, і біць Яго, і гаварыць Яму: «Праракуй!» І паслугачы білі Яго па шчоках.

66 І калі Пётар быў на панадворку ўнізе, прыходзіць адна са служак першасьвятара

67 і, убачыўшы Пятра, які грэўся, і прыгледзеўшыся да яго, кажа: «І ты быў з Ісусам з Назарэту?»

68 Але ён адрокся, кажучы: «Ня ведаю і не разумею, што ты гаворыш». І выйшаў вонкі на пярэдні панадворак, і запяяў певень.

69 І служка, зноў убачыўшы яго, пачала казаць тым, што стаялі побач: «Гэты адзін з іх».

70 А ён зноў адрокся. І, неўзабаве, тыя, што там стаялі, зноў кажуць Пятру: «Праўда, ты з іх, бо ты — Галілеец, і гаворка твая падобная».

71 А ён пачаў клясьціся і прысягаць: «Ня ведаю Чалавека Гэтага, пра Якога гаворыце».

72 І другі раз запяяў певень, і ўзгадаў Пётар слова, якое сказаў яму Ісус: «Перш, чым певень двойчы запяе, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». І пачаў плакаць.

 

Мк 15

1 І адразу раніцою, зрабіўшы нараду, першасьвятары са старшынямі і кніжнікамі, і ўвесь сынэдрыён, зьвязаўшы Ісуса, павялі і выдалі Пілату.

2 І спытаўся ў Яго Пілат: «Ты — Валадар Юдэйскі?» А Ён, адказваючы, гаворыць яму: «Ты кажаш».

3 І вінавацілі Яго першасьвятары ў многім.

4 А Пілат зноў спытаўся ў Яго: «Нічога не адказваеш? Глядзі, як шмат сьведчаць супраць Цябе?»

5 Але Ісус больш нічога не адказваў, так што Пілат зьдзівіўся.

6 А на сьвята ён звальняў ім аднаго з вязьняў, за якога прасілі.

7 Быў жа адзін, называны Барабба, увязьнены разам з супольнікамі, якія пад час паўстаньня ўчынілі забойства.

8 І, закрычаўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што рабіў ім заўсёды.

9 А Пілат адказаў ім, кажучы: «Хочаце, адпушчу вам Валадара Юдэйскага?»

10 Бо ведаў, што першасьвятары праз зайздрасьць выдалі Яго.

11 Але першасьвятары падбухторылі натоўп, каб лепш адпусьціў ім Бараббу.

12 Дык Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: «Што вы хочаце, каб я зрабіў з Тым, Каго называеце Валадаром Юдэйскім?»

13 Але яны зноў закрычалі: «Укрыжуй Яго!»

14 Пілат жа сказаў ім: «Што ліхога ўчыніў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Укрыжуй Яго!»

15 Дык Пілат, хочучы дагадзіць натоўпу, адпусьціў ім Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў на ўкрыжаваньне.

16 І жаўнеры завялі Яго на панадворак, што завецца прэторыя, і склікаюць усю кагорту.

17 І апранаюць Яго ў пурпур, і, сплёўшы вянок з церняў, ускладаюць на Яго.

18 І пачалі вітаць Яго: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!»

19 І білі Яго трысьцінай па галаве, і плявалі на Яго, і, кленчучы, пакланяліся Яму.

20 І калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго пурпур, і апранулі Яго ў адзеньне Ягонае. І вядуць Яго, каб Яго ўкрыжаваць.

21 І прымушаюць нейкага Сымона Кірэнэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля і праходзіў міма, каб узяў крыж Ягоны.

22 І прыводзяць Яго на Гальготу, месца, што перакладаецца Месца Чэрапа.

23 І далі Яму піць віно, зьмяшанае са сьмірнай, але Ён не прыняў.

24 І тыя, што крыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, хто мае яго ўзяць.

25 А была гадзіна трэцяя, і ўкрыжавалі Яго.

26 І быў надпіс віны Ягонай напісаны: «Валадар Юдэйскі».

27 І разам з Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч Яго.

28 І споўнілася Пісаньне: «І да беззаконьнікаў залічаны».

29 І тыя, што праходзілі міма, блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй, Ты, Які руйнуеш бажніцу і ў тры дні адбудоўваеш,

30 выратуй Сябе Самога і зыйдзі з крыжа».

31 Падобна і першасьвятары, насьмяхаючыся, гаварылі з кніжнікамі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а Сябе ўратаваць ня можа.

32 Хрыстос, Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». І тыя, што былі ўкрыжаваныя з Ім, зьневажалі Яго.

33 А калі настала гадзіна шостая, сталася цемра па ўсёй зямлі ажно да гадзіны дзявятай.

34 І а дзявятай гадзіне Ісус загаласіў моцным голасам, кажучы: «Элёі, элёі, ламма сабахтані», што перакладаецца: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»

35 І некаторыя з тых, што вакол стаялі, пачуўшы, казалі: «Вось, Ільлю кліча».

36 А адзін, пабегшы і напоўніўшы губку воцатам ды ўсклаўшы яе на трысьціну, даваў Яму піць, гаворачы: «Пакіньце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго».

37 Ісус жа, усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа.

38 І заслона ў бажніцы была разьдзертая надвое ад верху да нізу.

39 Сотнік жа, што стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што так закрычаўшы, аддаў духа, сказаў: «Праўда, Чалавек Гэты быў Сын Божы».

40 Былі таксама жанчыны, што глядзелі здалёк, між імі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба меншага і Ёсіі, і Салямэя,

41 якія, калі Ён быў у Галілеі, хадзілі за Ім і паслугавалі Яму, і шмат іншых, што прыйшлі з Ім у Ерусалім.

42 І калі ўжо настаў вечар, — а быў гэта дзень прыгатаваньня, які ёсьць перад суботаю, —

43 прыйшоў Язэп з Арыматэі, паважаны ратман, які сам чакаў Валадарства Божага. Адважыўшыся, ён увайшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса.

44 А Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр, і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці даўно памёр,

45 і, даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу.

46 І той, купіўшы палатніну і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і палажыў Яго ў магілу, якая была высечаная ў скале, і прываліў камень да ўваходу ў магілу.

47 А Марыя Магдалена і Марыя Ёсіева глядзелі, дзе палажылі Яго.

 

Мк 16

1 І калі мінула субота, Марыя Магдалена, і Марыя Якубава, і Салямэя купілі духмянасьцяў, каб пайсьці памазаць Яго.

2 І вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, калі ўзыходзіла сонца.

3 І гаварылі між сабою: «Хто нам адваліць камень ад уваходу ў магілу?»

4 І, глянуўшы, бачаць, што камень адвалены, а быў ён надта вялікі.

5 І, увайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў па правым баку, адзетага ў белую шату, і напалохаліся.

6 А ён кажа ім: «Не палохайцеся, шукаеце Ісуса з Назарэту, укрыжаванага? Ён уваскрос. Няма Яго тут. Вось месца, дзе палажылі Яго.

7 Але ідзіце, скажыце вучням Ягоным і Пятру: “Ён ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам”».

8 І яны, выйшаўшы, пабеглі ад магілы, і ахапіла іх трымценьне і захапленьне, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.

9 Уваскросшы раніцаю ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем дэманаў.

10 Яна, пайшоўшы, паведаміла тым, што з Ім былі, якія плакалі і галасілі.

11 Але тыя, пачуўшы, што Ён жывы і яна бачыла Яго, не паверылі.

12 Пасьля гэтага Ён зьявіўся ў іншым выглядзе дваім з іх у дарозе, як ішлі ў вёску.

13 І тыя, вярнуўшыся, паведамілі іншым, але і ім не паверылі.

14 Нарэшце Ён зьявіўся Адзінаццаці, калі ўзьлягалі пры стале, і дакараў за недаверства іхняе і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскросшага.

15 І сказаў ім: «Ідзіце на ўвесь сьвет і абвяшчайце Эвангельле ўсяму стварэньню.

16 Хто паверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны.

17 А тым, што павераць, будуць такія знакі: у імя Маё выганяць будуць дэманаў, новымі мовамі гаварыць будуць,

18 зьмеяў браць будуць, і калі што сьмяротнае вып’юць, не пашкодзіць ім, на нямоглых рукі ўскладуць, і яны будуць здаровыя».

19 Госпад жа пасьля размовы з імі ўзьнёсься ў неба і сеў праваруч Бога.

20 А яны, пайшоўшы, абвяшчалі паўсюль Госпада, Які ўспамагаў іх і сьцьвярджаў словы знакамі, якія іх суправаджалі. Амэн.

 

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЛУКІ

 

Лк 1

1 Як ужо многія намагаліся напісаць аповесьць пра падзеі, якія ў нас адбыліся,

2 як пераказалі нам тыя, што былі ад пачатку відавочцамі і сталіся паслугачамі Слова,

3 надумаў і я, прайшоўшы ўсё нанова, дакладна па парадку апісаць табе, вяльможны Тэафілю,

4 каб ты пазнаў надзейнасьць словаў, у якіх быў навучаны.

5 Сталася ў дні Ірада, валадара Юдэйскага, [быў] сьвятар з Абіявае чаргі, на імя Захарыя, і жонка ягоная з дачок Аарона, і імя яе — Альжбета.

6 Былі яны абое праведныя перад Богам, ходзячы паводле прыказаньняў і пастановаў Госпада беззаганна.

7 І не было ў іх дзіцяці, таму што Альжбета была няплодная, і абое яны былі пажылыя ў гадах сваіх.

8 І сталася, калі ў парадку свае чаргі ён спаўняў сьвятарскі абавязак перад Богам,

9 выпала яму паводле звычаю сьвятароў кадзіць, увайшоўшы ў бажніцу Госпадаву.

10 І ўсё мноства народу звонку малілася ў час каджэньня.

11 І зьявіўся яму анёл Госпадаў, які стаў з правага боку кадзільнага ахвярніку.

12 І стрывожыўся Захарыя, убачыўшы яго, і ахапіў яго страх.

13 Анёл жа сказаў яму: «Ня бойся, Захарыя; бо пачутая просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян.

14 І будзе табе радасьць і весялосьць, і многія ўзрадуюцца з нараджэньня ягонага.

15 Бо ён будзе вялікі перад Госпадам, і ня будзе піць віно і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ва ўлоньні маці сваёй.

16 І многіх з сыноў Ізраіля зьверне да Госпада, Бога іхняга.

17 І будзе ісьці перад Ім у духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непаслухмяным — лад думак праведнікаў, каб падрыхтаваць Госпаду народ падрыхтаваны».

18 І сказаў Захарыя анёлу: «З чаго даведаюся я гэтае? Бо я — стары, і жонка мая ў гадах пажылых».

19 І, адказваючы, сказаў яму анёл: «Я — Габрыэль, які стаю перад Богам, і я пасланы гаварыць з табою і дабравесьціць табе гэтае.

20 І вось, будзеш ты маўчаць, і ня зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія споўняцца ў свой час».

21 І чакаў народ Захарыю, і дзівіўся, што ён марудзіць у бажніцы.

22 А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і зразумелі, што бачыў відзеж у бажніцы; і ён ківаў ім, і застаўся немы.

23 І сталася, калі скончыліся дні службы ягонай, ён вярнуўся ў дом свой.

24 Пасьля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і хавала гэта пяць месяцаў, кажучы:

25 «Гэтак учыніў мне Госпад у дні, калі глянуў на мяне, каб зьняць з мяне ганьбу між людзьмі».

26 А ў шосты месяц быў пасланы анёл Габрыэль ад Бога ў горад Галілейскі, называны Назарэт,

27 да дзяўчыны, заручанай з мужам на імя Язэп, з дому Давідавага; а імя дзяўчыны — Марыя.

28 І, увайшоўшы да яе, анёл сказаў: «Радуйся, дабрадатная! Госпад з табою; дабраслаўлёная ты між жанчынамі».

29 Яна ж, убачыўшы яго, устрывожылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта было за прывітаньне.

30 І сказаў ёй анёл: «Ня бойся, Марыя; бо ты знайшла ласку ў Бога.

31 І вось ты зачнеш ва ўлоньні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус.

32 Ён будзе вялікі, і Сынам Найвышэйшага назавецца, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага,

33 і Ён будзе валадарыць над домам Якуба на вякі, і Валадарству Ягонаму ня будзе канца».

34 А Марыя сказала анёлу: «Як гэта будзе, калі я не спазнала мужа?»

35 І, адказваючы, анёл сказаў ёй: «Дух Сьвяты зыйдзе на цябе, і сіла Найвышэйшага ахіне цябе. І дзеля гэтага тое, што народзіцца Сьвятое, Сынам Божым назавецца.

36 Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і вось ужо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай.

37 Бо ў Бога ніводнае слова ня будзе бяз сілы».

38 І сказала Марыя: «Вось я — служка Госпада; няхай станецца мне паводле слова твайго». І адыйшоў ад яе анёл.

39 Устаўшы, Марыя ў тыя дні шпарка пайшла ў горную краіну, у горад Юдавы,

40 і ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.

41 І сталася, калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлоньні яе, і Альжбета напоўнілася Духам Сьвятым.

42 І ўсклікнула яна моцным голасам, і сказала: «Дабраслаўлёная ты між жанчынамі, і дабраслаўлёны плод улоньня твайго.

43 І адкуль гэта мне, што прыйшла маці Госпада майго да мяне?

44 Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, узварухнулася вясёла дзіцятка ва ўлоньні маім.

45 І шчасьлівая тая, якая паверыла, бо зьдзейсьніцца сказанае ёй ад Госпада».

46 І сказала Марыя: «Узьвялічвае душа мая Госпада,

47 і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцы маім,

48 бо Ён глянуў на паніжэньне служкі Сваёй. Бо вось, адгэтуль шчасьліваю будуць называць мяне ўсе пакаленьні,

49 бо вялікае ўчыніў мне Магутны; і сьвятое імя Яго,

50 і міласэрнасьць Ягоная з пакаленьня ў пакаленьне для тых, якія баяцца Яго.

51 Ён зьявіў уладу рамяном Сваім; расьсеяў ганарыстых думкамі сэрца іхняга;

52 скінуў моцных з пасадаў і ўзьвялічыў пакорных,

53 галодных насыціў дабром, а багатых адпусьціў ні з чым.

54 Падтрымаў Ізраіля, юнака Свайго, успомніў пра міласэрнасьць,

55 як гаварыў адносна бацькоў нашых, адносна Абрагама і насеньня ягонага на вякі».

56 Прабыла ж Марыя з ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой.

57 А Альжбеце настаў час нараджаць, і яна нарадзіла сына.

58 І пачулі суседзі і сваякі ейныя, што ўзьвялічыў Госпад міласэрнасьць Сваю над ёю, і цешыліся з ёю.

59 І сталася, у восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіцятка і хацелі назваць яго паводле імя бацькі ягонага Захарыям.

60 І, адказваючы, маці ягоная сказала: «Не, але ён будзе называцца Янам».

61 І сказалі ёй: «Нікога няма ў родзічаў тваіх, хто называецца гэтым імем».

62 І пыталіся на мігах у бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго.

63 І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў, кажучы: «Ян імя яму». І ўсе зьдзівіліся.

64 І адразу расчыніліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён стаў гаварыць, дабраслаўляючы Бога.

65 І стаўся страх на ўсіх, што жылі побач, і гаварылі адзін аднаму словы гэтыя па ўсёй горнай краіне Юдэйскай.

66 І ўсе, якія чулі, складалі [гэта] ў сэрцы сваім, кажучы: «Што ж гэта будзе за дзіця?» І рука Госпадава была з ім.

67 І Захарыя, бацька ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым, і прарочыў, кажучы:

68 «Дабраслаўлёны Госпад, Бог Ізраіля, што адведаў народ Свой і даў выбаўленьне [яму],

69 і падняў рог збаўленьня нашага ў доме Давіда, слугі Свайго,

70 як абвясьціў вуснамі сьвятых прарокаў Сваіх, што былі адвеку,

71 збавіць [нас] ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх, якія ненавідзяць нас,

72 учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўзгадаць сьвяты запавет Свой,

73 прысягу, якой кляўся Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам

74 бяз страху, выбавіўшы нас з рукі ворагаў нашых,

75 служыць Яму ў сьвятасьці і праведнасьці перад Ім у-ва ўсе дні жыцьця нашага.

76 І ты, дзіцятка, будзеш названы прарокам Найвышэйшага, бо будзеш ісьці наперадзе перад абліччам Госпада падрыхтаваць шляхі Яму,

77 даць народу пазнаць збаўленьне ў адпушчэньні грахоў іхніх,

78 праз унутраную міласэрнасьць Бога нашага, у якой адведаў нас Усход з вышыні,

79 зьявіць [сьвятло] тым, што сядзяць у цемры і ў ценю сьмяротным, накіраваць ногі нашыя на шлях супакою».

80 А дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустыні да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.

 

Лк 2

1 І сталася, у тыя дні выйшла ад цэзара Аўгуста пастанова зрабіць перапіс па ўсім сусьвеце.

2 Гэты перапіс быў першы за панаваньня Квірынія ў Сырыі.

3 І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.

4 Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з гораду Назарэт, у Юдэю, у горад Давіда, называны Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда,

5 запісацца з Марыяю, заручанай з ім жонкай, якая была цяжарная.

6 І сталася, калі яны былі там, надыйшоў дзень нарадзіць ёй;

7 і нарадзіла Сына свайго Першароднага, і спавіла Яго, і палажыла яго ў ясьлі, бо не было ім месца ў сьвятліцы.

8 І былі пастухі ў той ваколіцы, якія начавалі ў полі і вартавалі ўначы ля статку свайго.

9 І вось, стаў перад імі анёл Госпадаў, і слава Госпадава асьвяціла іх; і спалохаліся страхам вялікім.

10 І сказаў ім анёл: «Ня бойцеся! Бо вось, я дабравешчу вам вялікую радасьць, якая будзе ўсяму народу,

11 бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Госпад.

12 І вось вам знак: вы знойдзеце Немаўлятка ў пялюшках, Якое ляжыць у ясьлях».

13 І неспадзявана зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, якое славіла Бога і казала:

14 «Слава на вышынях Богу, а на зямлі супакой, у людзях упадабаньне».

15 І сталася, калі адыйшлі ад іх анёлы ў неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Хадзем у Бэтлеем і ўбачым, ці сталася тое слова, якое абвясьціў нам Госпад».

16 І пайшлі пасьпешна, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Немаўлятка, Якое ляжала ў ясьлях.

17 І, убачыўшы, расказалі пра словы, якія былі сказаныя ім пра Дзіцятка Гэтае.

18 І ўсе, якія чулі, зьдзіўляліся з таго, што расказвалі ім пастухі.

19 А Марыя захавала ўсе словы гэтыя, складаючы [іх] у сэрцы сваім.

20 І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.

21 І калі прайшло восем дзён, трэба было абрэзаць Хлопчыка, і далі Яму імя Ісус, названае анёлам перш, чым быў Ён зачаты ва ўлоньні.

22 І калі скончыліся дні ачышчэньня іх паводле закону Майсея, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб прадставіць перад Госпадам,

23 як напісана ў законе Госпадавым: «Усякі хлопчык, які адкрывае ўлоньне, будзе названы сьвятым Госпадавым»,

24 і каб прынесьці ў ахвяру паводле таго, як сказана ў законе Госпадавым: пару туркавак ці двух галубянятак.

25 І вось, быў у Ерусаліме чалавек на імя Сымон. І быў ён чалавек праведны і пабожны, які чакаў пацяшэньня Ізраіля, і Дух Сьвяты быў на ім.

26 І было яму сказана ад Духа Сьвятога, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Госпадавага.

27 І прыйшоў ён у Духу ў сьвятыню. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім абрад паводле закону,

28 ён узяў Яго на рукі свае, і дабраславіў Бога, і сказаў:

29 «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Уладару, паводле слова Твайго, у супакоі,

30 бо бачылі вочы мае збаўленьне Тваё,

31 якое прыгатаваў Ты перад абліччам усіх народаў,

32 сьвятло для асьветы паганаў, і славу народу Твайго — Ізраіля».

33 А Язэп і маці Ягоная зьдзіўляліся сказанаму пра Яго.

34 І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, маці Ягонай: «Вось, ляжыць Гэты на падзеньне і паўстаньне многіх у Ізраілю, і на знак, якому працівіцца будуць.

35 І табе самой меч пранікне ў душу, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».

36 І была Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з калена Асэра. Яна была ў вельмі старым веку, з мужам ад дзявоцтва свайго пражыла сем гадоў.

37 І была яна ўдава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад сьвятыні, постам і просьбаю служачы [Богу] дзень і ноч.

38 І яна, у тую гадзіну прыйшоўшы, узносіла хвалу Госпаду і гаварыла пра Яго ўсім, якія чакалі выбаўленьня ў Ерусаліме.

39 І калі яны выканалі ўсё паводле закону Госпадава, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.

40 А Дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і ласка Божая была на Ім.

41 І кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі.

42 І калі Ён меў дванаццаць год, прыйшлі яны, як звычайна, у Ерусалім на сьвята.

43 І калі скончыліся тыя дні і яны варочаліся, застаўся Хлопец Ісус у Ерусаліме, і не заўважылі гэтага Язэп і маці Ягоная,

44 але думалі, што Ён ідзе з другімі падарожнікамі. Прайшоўшы дзённую дарогу, сталі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі.

45 І, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго.

46 І сталася, праз тры дні знайшлі Яго ў сьвятыні, як сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх.

47 І ўсе, якія слухалі Яго, дзівіліся з розуму і адказаў Ягоных.

48 І, убачыўшы Яго, зьдзівіліся, і маці Ягоная сказала Яму: «Дзіця! Што Ты зрабіў нам гэтак? Вось, бацька Твой і я з вялікай мукаю шукалі Цябе».

49 І Ён сказаў ім: «Навошта вы шукалі Мяне? Ці ж вы ня ведаеце, што Я мушу быць у тым, што [належыць] Айцу Майму?»

50 І яны не зразумелі слова, якое Ён сказаў ім.

51 І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы сваім.

52 І Ісус узрастаў у мудрасьці, і ва ўзросьце, і ў ласцы ў Бога і людзей.

 

Лк 3

1 А ў пятнаццаты год панаваньня цэзара Тыбэрыя, калі Понці Пілат панаваў у Юдэі, Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Філіп, брат ягоны, — тэтрархам у Ітурэі і Траханіцкай краіне, а Лісані — тэтрархам у Абіліне,

2 пры першасьвятарах Аньне і Каяфе, было слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні.

3 І ён праходзіў па ўсіх ваколіцах Ярданскіх, прапаведуючы хрышчэньне навяртаньня дзеля адпушчэньня грахоў,

4 як напісана ў кнізе словаў прарока Ісаі, які кажа: «Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яго;

5 усякі дол няхай напоўніцца, і ўсякая гара і ўзгорак няхай панізяцца, крывізны няхай выпрастуюцца, і няроўныя шляхі зробяцца гладкімі;

6 і ўгледзіць усякае цела збаўленьне Божае”».

7 І казаў ён натоўпам, якія прыходзілі хрысьціцца ў яго: «Спараджэньні яхідны, хто перасьцярог вас, каб уцякалі ад гневу, які надыходзіць?

8 Зрабіце плады, годныя навяртаньня, і не пачынайце гаварыць у сабе: “Бацьку маем Абрагама”, бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых падняць дзяцей Абрагаму.

9 Ужо і сякера ля кораня дрэваў ляжыць; усякае дрэва, якое не прыносіць добрага плоду, сьсякаецца і кідаецца ў агонь».

10 І спытаўся ў яго натоўп, кажучы: «Дык што нам рабіць?»

11 А ён, адказваючы, кажа ім: «Хто мае дзьве вопраткі, няхай дасьць таму, хто ня мае; і хто мае ежу, няхай робіць тое самае».

12 Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца, і сказалі яму: «Настаўнік, што нам рабіць?»

13 А ён сказаў ім: «Нічога не бярыце больш таго, што вам загадана».

14 Пыталіся ў яго таксама жаўнеры, кажучы: «А нам што рабіць?» І ён сказаў ім: «Нікога ня крыўдзьце, не абмаўляйце і задавальняйцеся сваёю платай».

15 І народу, які чакаў і разважаў у сэрцах сваіх адносна Яна, ці не Хрыстос ён,

16 адказаў Ян усім, кажучы: «Я хрышчу вас вадою, але ідзе Дужэйшы за мяне, у Якога я ня варты разьвязаць рамень сандалаў Ягоных. Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём.

17 Веялка Ягоная ў руцэ Яго, і Ён ачысьціць ток Свой, і зьбярэ пшаніцу ў сьвіран Свой, а салому спаліць агнём незгасальным».

18 І шмат іншага дабравесьціў ён народу, навучаючы яго.

19 А Ірад тэтрарх, дакараны ім за Ірадыяду, жонку Філіпа, брата ягонага, і за ўсё, што Ірад зрабіў злога,

20 дадаў да ўсяго і тое, што замкнуў Яна ў вязьніцу.

21 І сталася, калі хрысьціўся ўвесь народ, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, адчынілася неба,

22 і Дух Сьвяты зыйшоў на Яго ў цялесным выглядзе, як голуб, і быў голас з неба, кажучы: «Ты — Сын Мой Улюбёны; у Табе Я маю ўпадабаньне».

23 І меў Ісус, пачынаючы [служэньне], гадоў каля трыццаці, і быў, як думалі, сын Язэпаў, Гэліяў,

24 Мататаў, Левіяў, Мэльхіяў, Янаяў, Язэпаў,

25 Мататыяў, Амосаў, Навумаў, Эсьліяў, Нагеяў,

26 Магатаў, Мататыяў, Сэмэяў, Язэпаў, Юдаў,

27 Яанаяў, Рэсаеў, Зэрубабэляў, Салятыэляў, Нэрыяў,

28 Мэльхіяў, Аддыяў, Касамаў, Эльмадамаў, Іраў,

29 Ёсіяў, Эліезэраў, Ярымаў, Мататаў, Левіяў,

30 Сымонаў, Юдаў, Язэпаў, Янанаў, Эліякімаў,

31 Мэлеаяў, Маінанаў, Мататаў, Натанаў, Давідаў,

32 Есэяў, Абэдаў, Боазаў, Сальмонаў, Наасонаў,

33 Амінадабаў, Арамаў, Эсромаў, Пэрэсаў, Юдаў,

34 Якубаў, Ісаакаў, Абрагамаў, Тэрахаў, Нахораў,

35 Сэрухаў, Рагаваў, Фалекаў, Гэбэраў, Салаў,

36 Каінанаў, Арфаксадаў, Сэмаў, Нояў, Лямэхаў,

37 Мэтушаляхаў, Энохаў, Ярэдаў, Магалялеэляў, Кейнанаў,

38 Эносаў, Сэтаў, Адамаў, Божы.

 

Лк 4

1 Ісус, напоўнены Духам Сьвятым, вярнуўся з Ярдану і быў паведзены Духам у пустыню.

2 Там сорак дзён Ён быў спакушаны д’яблам і нічога ня еў у гэтыя дні; а калі яны скончыліся, урэшце захацеў есьці.

3 І сказаў Яму д’ябал: «Калі Ты — Сын Божы, скажы гэтаму камяню, каб ён стаўся хлебам».

4 І адказаў яму Ісус, кажучы: «Напісана, што ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам Божым».

5 І, узьвёўшы Яго на высокую гару, д’ябал паказаў Яму ўсе валадарствы сусьвету ў імгненьне часу.

6 І сказаў Яму д’ябал: «Дам Табе ўладу над усім гэтым і славу іхнюю, бо яна мне аддадзена, і я, каму хачу, даю яе.

7 Дык калі Ты паклонішся мне, усё будзе Тваё».

8 І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяйся і Яму аднаму служы”».

9 І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў на вільчаку сьвятыні, і сказаў Яму: «Калі Ты — Сын Божы, кінься адгэтуль уніз,

10 бо напісана: “Анёлам Сваім загадае пра Цябе ўсьцерагчы Цябе”,

11 і: “На руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю”».

12 І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Сказана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”».

13 І, скончыўшы ўсё спакушэньне, д’ябал адыйшоў ад Яго да пары.

14 І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галілею; і разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй ваколіцы.

15 І вучыў Ён у сынагогах іхніх, і ад усіх быў слаўлены.

16 І прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў паводле звычаю Свайго ў дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць.

17 І далі Яму кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана:

18 «Дух Госпада на Мне, бо Ён памазаў Мяне дабравесьціць убогім, паслаў Мяне аздараўляць скрышаных сэрцам, абвяшчаць вязьням вызваленьне і сьляпым — вяртаньне зроку, пусьціць змучаных на свабоду,

19 і абвяшчаць год Госпадаў прыемны».

20 І, згарнуўшы кнігу, аддаў паслугачу і сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі зьвернуты на Яго.

21 А Ён пачаў гаварыць ім: «Сёньня споўнілася пісаньне гэтае ў вушах вашых».

22 І ўсе засьведчылі Яму гэта, і зьдзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і гаварылі: «Ці не Язэпаў гэта сын?»

23 І Ён сказаў ім: «Вядома, вы скажаце Мне гэткую прыповесьць: “Лекару, аздараві Самога Сябе; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, сталася ў Капэрнауме”».

24 І сказаў: «Сапраўды кажу вам: Ніводзін прарок не прыймаецца ў бацькаўшчыне сваёй.

25 Праўдзіва кажу вам: Шмат удоваў было ў Ізраілю ў дні Ільлі, калі было зачынена неба тры гады і шэсьць месяцаў, так што стаўся вялікі голад па ўсёй зямлі;

26 і ані да аднае з іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую.

27 І шмат было пракажоных у Ізраілю пры прароку Элісею, і ніводзін з іх ня быў ачышчаны, акрамя Нэемана Сірыйца».

28 І ўсе ў сынагозе напоўніліся ярасьцю, пачуўшы гэтае,

29 і, устаўшы, выгналі Яго навонкі з гораду, і павялі Яго на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны горад іхні, каб скінуць Яго,

30 але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў.

31 І прыйшоў у Капэрнаум, горад Галілейскі, і вучыў іх у суботы.

32 І дзівіліся з вучэньня Ягонага, бо з уладаю былі словы Яго.

33 І быў у сынагозе чалавек, які меў духа дэмана нячыстага, і ён загаласіў моцным голасам,

34 кажучы: «Аёй! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас. Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы».

35 І забараніў яму Ісус, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!» І, кінуўшы яго на сярэдзіну, дэман выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму.

36 І ахапіў усіх страх, і гутарылі між сабою, кажучы: «Што гэта за слова такое, што з уладаю і моцаю Ён загадвае духам нячыстым, і яны выходзяць?»

37 І разыйшлася чутка пра Яго па ўсіх вакалічных месцах.

38 Выйшаўшы ж з сынагогі, Ён прыйшоў у дом Сымона. А цешча Сымонава была ў моцнай гарачцы, і прасілі Яго за яе.

39 І, стаўшы каля яе, Ён забараніў гарачцы, і пакінула яе, а яна, адразу ўстаўшы, паслугавала ім.

40 Пры захадзе сонца ўсе, якія мелі хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, усклаўшы на кожнага з іх рукі, аздаравіў іх.

41 Выганяў таксама дэманаў з многіх, якія крычалі і казалі: «Ты — Хрыстос, Сын Божы». І Ён забараняў ім казаць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос.

42 А калі настаў дзень, Ён, выйшаўшы, пайшоў у пустыннае месца, і натоўпы шукалі Яго, і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі Яго, каб не ішоў ад іх.

43 А Ён сказаў ім: «І ў другіх гарадах Я мушу дабравесьціць Валадарства Божае, бо дзеля гэтага Я пасланы».

44 І абвяшчаў у сынагогах Галілейскіх.

 

Лк 5

1 А сталася, што натоўп ціснуўся да Яго, каб слухаць Слова Божае, і Ён стаяў ля возера Генезарэт,

2 і ўбачыў Ён два чаўны, якія стаялі на возеры, а рыбаловы, выйшаўшы з іх, мылі сеці.

3 Увайшоўшы ў адзін човен, што быў Сымонаў, Ён прасіў яго адплыць крыху ад берагу і, сеўшы, вучыў натоўпы з чаўна.

4 Калі ж перастаў гаварыць, сказаў Сымону: «Адплыві на глыбіню і закіньце сеці вашы дзеля лову».

5 І, адказваючы, Сымон сказаў Яму: «Настаўнік! Мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але паводле слова Твайго закіну сеці».

6 І, зрабіўшы гэтае, яны злавілі вялікае мноства рыбы, і нават сетка ў іх прарывалася.

7 І далі знак таварышам, што былі на другім чаўне, каб прыйшлі дапамагчы ім, і прыйшлі, і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачалі залівацца.

8 Убачыўшы гэта, Сымон Пётар упаў да каленаў Ісуса, кажучы: «Выйдзі ад мяне, Госпадзе, бо я — чалавек грэшны».

9 Бо страх ахапіў яго і ўсіх, што былі з ім, дзеля гэткага ўлову рыбаў, імі злоўленых,

10 таксама і Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. І сказаў Ісус Сымону: «Ня бойся, ад цяпер будзеш лаўцом чалавекаў».

11 І, выцягнуўшы чаўны на бераг, яны пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.

12 І сталася, Ісус быў у адным горадзе, і прыйшоў чалавек увесь у праказе, і, убачыўшы Ісуса, упаўшы на аблічча, маліў Яго, кажучы: «Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».

13 І Ён, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны». І адразу праказа зыйшла з яго.

14 І Ён загадаў яму нікому не казаць, але пайсьці паказацца сьвятару і прынесьці ахвяру за ачышчэньне сваё, як загадаў Майсей на сьведчаньне ім.

15 Але тым больш разыйшлося слова пра Яго, і шматлікія натоўпы зьбіраліся да Яго слухаць і аздаравіцца ў Яго ад нядужасьцяў сваіх.

16 А Ён адыходзіў у пустынныя [месцы] і маліўся.

17 І сталася, у адзін дзень, як Ён навучаў, і сядзелі фарысэі і законавучыцелі, якія прыйшлі з усіх мястэчак Галілеі і Юдэі, і Ерусаліму, і сіла Госпадава была дзеля аздараўленьня іх,

18 вось, нясуць мужчыны на ложку чалавека, які быў спараліжаваны, і хацелі ўнесьці яго [ў дом] і палажыць перад Ісусам;

19 і, не знайшоўшы, дзе пранесьці яго праз натоўп, узьлезьлі на дах і праз страху спусьцілі яго разам з ложкам на сярэдзіну перад Ісусам.

20 І Ён, бачачы веру іх, сказаў яму: «Чалавеча! Адпускаюцца табе грахі твае».

21 І пачалі разважаць кніжнікі і фарысэі, кажучы: «Хто Ён такі, што кажа блюзьнерства? Хто можа адпускаць грахі, акрамя аднаго Бога?»

22 А Ісус, пазнаўшы думкі іхнія, адказваючы, сказаў ім: «Што вы думаеце ў сэрцах вашых?

23 Што лягчэй сказаць: “Адпускаюцца табе грахі твае”, ці сказаць: “Устань і хадзі”?

24 Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі», — сказаў Ён спараліжаванаму. — «Кажу табе: устань і, узяўшы ложак твой, ідзі ў дом твой».

25 І той, адразу ўстаўшы перад імі, узяў тое, на чым ляжаў, і пайшоў у дом свой, славячы Бога.

26 І ўсе былі ў захапленьні, і славілі Бога; і напоўніліся страхам, кажучы: «Дзіўныя рэчы бачылі мы сёньня».

27 І пасьля гэтага Ён выйшаў і ўбачыў мытніка, на імя Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною».

28 І той, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім.

29 І зрабіў для Яго Левій у доме сваім вялікі пачастунак, і была шматлікая грамада мытнікаў і іншых, якія ўзьлягалі з імі.

30 І наракалі кніжнікі і фарысэі вучням Ягоным, кажучы: «Навошта вы ясьцё і п’яцё з мытнікамі і грэшнікамі?»

31 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя.

32 Я прыйшоў клікаць да навяртаньня не праведных, але грэшных».

33 А яны сказалі Яму: «Чаму вучні Яна посьцяць часта і моляцца, таксама і фарысэйскія, а Твае ядуць і п’юць?»

34 А Ён сказаў ім: «Ці можаце прымусіць сыноў вясельля посьціць, калі з імі жаніх?

35 Але прыйдуць дні, калі возьмуць у іх жаніха, і тады будуць посьціць у тыя дні».

36 І сказаў ім прыповесьць: «Ніхто латкі ад новага адзеньня не прышывае да старога адзеньня, бо іначай і новае разьдзярэ, і да старога не падыйдзе латка ад новага.

37 І ніхто не ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо маладое віно прарве мяхі, і само выцячэ, і мяхі прападуць;

38 але маладое віно трэба ўліваць у новыя мяхі; і захаваецца тое і другое.

39 І ніхто, п’ючы старое віно, не захоча адразу маладога, бо кажа: “Старое лепшае”».

 

Лк 6

1 І сталася ў другую суботу пасьля Пасхі, што Ён праходзіў праз палеткі, і вучні Ягоныя зрывалі каласы і елі, расьціраючы рукамі.

2 А некаторыя з фарысэяў сказалі ім: «Навошта вы робіце тое, чаго ня сьлед рабіць у суботу?»

3 І, адказваючы ім, сказаў Ісус: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі?

4 Як ён увайшоў у дом Божы, і ўзяў хлябы пакладныя, якіх ня можна было есьці нікому, апрача сьвятароў, і еў, і даў тым, што з ім былі».

5 І сказаў ім: «Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».

6 І сталася, што ў іншую суботу ўвайшоў Ён у сынагогу і навучаў. І быў там чалавек, у якога правая рука была сухая.

7 А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці аздаровіць у суботу, каб знайсьці абвінавачваньне супраць Яго.

8 Але Ён, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку, які меў сухую руку: «Устань і стань на сярэдзіну». І той, устаўшы, стаў.

9 Тады сказаў ім Ісус: «Спытаюся Я ў вас: “Што трэба рабіць у суботу: дабро ці зло? Збавіць душу ці загубіць?”»

10 І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў чалавеку: «Выцягні руку тваю». Ён так і зрабіў, і сталася рука ягоная здаровая, як другая.

11 А яны напоўніліся шалам і гаварылі адзін да аднаго, што ім зрабіць з Ісусам.

12 І сталася ў тыя дні, узыйшоў Ён на гару памаліцца, і быў усю ноч у малітве да Бога.

13 І калі настаў дзень, Ён паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі:

14 Сымона, якога назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея,

15 Мацьвея і Тамаша, Якуба Алфеявага і Сымона, называнага Зілотам,

16 Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаўся здраднікам.

17 І, зыйшоўшы разам з імі, стаў на роўным месцы, і натоўп вучняў Ягоных, і вялікае мноства народу з усяе Юдэі, і Ерусаліму, і прыморскіх гарадоў Тыру і Сідону,

18 якія прыйшлі паслухаць Яго і аздаравіцца ад хваробаў сваіх, і тыя, якіх мучылі духі нячыстыя, былі аздароўленыя.

19 І ўвесь натоўп шукаў дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла моц і аздараўляла ўсіх.

20 І Ён, падняўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, сказаў: «Шчасьлівыя ўбогія, бо вашае ёсьць Валадарства Божае.

21 Шчасьлівыя вы, якія цяпер галодныя, бо вы насыціцеся. Шчасьлівыя вы, якія цяпер плачаце, бо будзеце сьмяяцца.

22 Шчасьлівыя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас, і будуць зьневажаць, і выкінуць імя вашае, як зло, за Сына Чалавечага.

23 Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вось, вялікая нагарода вашая ў небе, бо гэтак рабілі з прарокамі бацькі іхнія.

24 Больш таго, гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымліваеце пацяшэньне сваё.

25 Гора вам, перасычаныя, бо будзеце галодныя. Гора вам, якія цяпер сьмеяцёся, бо будзеце плакаць і галасіць.

26 Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо гэтак рабілі з фальшывымі прарокамі бацькі іхнія.

27 Але вам, якія слухаеце, кажу: Любіце ворагаў вашых, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас,

28 дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас.

29 І таму, які ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто забірае ў цябе адзеньне, не перашкаджай узяць і кашулю.

30 Усякаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў у цябе, не патрабуй назад.

31 І як хочаце, каб рабілі вам людзі, гэтак і вы рабіце ім.

32 І калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, якія іх любяць.

33 І калі робіце дабро тым, якія вам дабро робяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі тое робяць.

34 І калі пазычаеце тым, ад якіх спадзеяцёся атрымаць назад, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць назад гэтулькі.

35 Больш таго, любіце ворагаў вашых, і рабіце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе нагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён добры і да няўдзячных і злых.

36 Дык будзьце ж міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны.

37 І не судзіце, і ня будзеце суджаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і вам будзе даравана;

38 давайце, і вам будзе дадзена: меру добрую, націсьненую, стрэсеную і з верхам дадуць вам на ўлоньне вашае; бо якою мераю мераеце, такою і вам будзе адмерана».

39 Сказаў жа ім прыповесьць: «Ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму?

40 Вучань не вышэй за свайго настаўніка, але, удасканаліўшыся, кожны будзе як настаўнік ягоны.

41 Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня бачыш?

42 Ці як можаш сказаць брату твайму: “Браце! Дазволь, выму сучок з вока твайго”, — калі сам ня бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік! Вымі спачатку бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць сучок, які ў воку брата твайго.

43 Бо няма добрага дрэва, якое прыносіць благі плод; і няма благога дрэва, якое прыносіць плод добры.

44 Бо ўсякае дрэва пазнаецца з уласнага плоду; бо не зьбіраюць фігаў з цярніны і ня здымаюць вінаграду з глогу.

45 Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу сэрца свайго выносіць злое; бо з багацьця сэрца гавораць вусны ягоныя.

46 Чаму называеце Мяне: “Госпадзе! Госпадзе!” — і ня робіце таго, што Я кажу?

47 Усякі, хто прыходзіць да Мяне, і слухае словы Мае, і робіць паводле іх, пакажу вам, да каго падобны.

48 Ён падобны да чалавека, што будуе дом, які капаў і заглыбіўся, і заклаў падмурак на скале, і калі сталася паводка, і вада ўдарыла на дом гэты, то не змагла захістаць яго, бо ён быў пабудаваны на скале.

49 А той, хто слухае і ня робіць, падобны да чалавека, што пабудаваў дом на зямлі без падмурку, які, калі ўдарыла на яго вада, адразу разваліўся; і разбурэньне яго было вялікае».

 

Лк 7

1 Калі ж Ён скончыў усе словы Свае ў слых народу, увайшоў у Капэрнаум.

2 У аднаго ж сотніка слуга, якога той цаніў, быў хворы пры сьмерці.

3 Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго старшыняў Юдэйскіх прасіць Яго, каб прыйшоў аздаравіць слугу ягонага.

4 І яны, прыйшоўшы да Ісуса, дужа прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў для яго гэтае,

5 бо ён любіць наш народ і пабудаваў нам сынагогу».

6 Ісус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: “Не турбуйся, Госпадзе! Бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой,

7 бо і сябе самога я не палічыў вартым прыйсьці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой.

8 Бо і я чалавек, які маю над сабою ўладу, і маю пад сабою жаўнераў; і кажу аднаму: “Пайдзі”, — і ён ідзе; і другому: “Прыйдзі”, — і ён прыходзіць; і слузе майму: “Зрабі тое”, — і ён робіць».

9 Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся з яго і, павярнуўшыся, сказаў натоўпу, які ішоў за Ім: «Кажу вам, што нават у Ізраілю не знайшоў Я гэткае веры».

10 І вярнуўшыся ў дом, пасланыя знайшлі хворага слугу паздаравеўшым.

11 І сталася пасьля гэтага, пайшоў Ён у горад, называны Наін; і з Ім ішлі многія з вучняў Ягоных і шматлікі натоўп.

12 Калі ж Ён наблізіўся да брамы гораду, вось, выносілі памёршага, адзінароднага сына ў маці сваёй, а яна была ўдава; і вялікі натоўп з гораду ішоў з ёю.

13 І, убачыўшы яе, Госпад зьлітаваўся над ёю і сказаў ёй: «Ня плач».

14 І, падыйшоўшы, дакрануўся да пахавальных насілкаў; а тыя, што несьлі іх, затрымаліся, і Ён сказаў: «Юнача, табе кажу: Устань!»

15 І сеў мёртвы, і пачаў гаварыць; і Ён аддаў яго маці ягонай.

16 І ўсіх ахапіў страх, і яны славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў між намі», і: «Бог адведаў народ Свой».

17 І разыйшлося слова гэтае пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.

18 І паведамілі Яну вучні ягоныя пра ўсё гэтае.

19 І, паклікаўшы двух з вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Ісуса, кажучы: «Ці Ты Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам другога?»

20 А мужы [гэтыя], прыйшоўшы да Яго, сказалі: “Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: “Ці Ты Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам другога?”»

21 У гэтую гадзіну Ён многіх аздаравіў ад хваробаў і немачаў, і ад злых духаў, і многім сьляпым вярнуў зрок.

22 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Пайдзіце, паведаміце Яну, што вы бачылі і чулі, што сьляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогім дабравесьціцца.

23 І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца дзеля Мяне».

24 Калі ж пасланцы Яна пайшлі, Ён пачаў гаварыць да натоўпаў пра Яна: «Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае?

25 Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што ў пышным адзеньні і жывуць раскошна, знаходзяцца пры дварох валадарскіх.

26 Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.

27 Ён ёсьць той, пра якога напісана: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою”.

28 Бо кажу вам: Сярод народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока, большага за Яна Хрысьціцеля; але меншы ў Валадарстве Божым большы за яго.

29 І ўвесь народ, які слухаў яго, і мытнікі аддалі хвалу Богу, хрысьцячыся хрышчэньнем Янавым;

30 а фарысэі і законьнікі адкінулі параду Божую для іх, не ахрысьціўшыся ў яго».

31 Госпад жа сказаў: «Да каго прыраўняю людзей пакаленьня гэтага? І да каго яны падобныя?

32 Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы, і клічуць адзін аднаго, і кажуць: “Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі”.

33 Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ані хлеба ня есьць, ані віна ня п’е, і вы кажаце: “Дэмана мае”.

34 Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е, і вы кажаце: “Вось, чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў”.

35 І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе».

36 Нехта з фарысэяў прасіў Яго паесьці разам з ім, і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг.

37 І вось жанчына з таго гораду, якая была грэшніцай, даведаўшыся, што Ён узьлягае ў доме фарысэя, прынесла алябастравы збанок міра,

38 і, стаўшы ззаду ля ног яго і плачучы, пачала абліваць ногі яго сьлязьмі, і выцірала валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Ягоныя, і мазала мірам.

39 Бачачы гэтае, фарысэй, які быў запрасіў Яго, сказаў сам у сабе: «Калі б Ён быў прарок, дык ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна — грэшніца».

40 І, адказваючы, Ісус сказаў яму: «Сымоне, Я маю нешта сказаць табе». Ён жа кажа: «Кажы, Настаўнік».

41 [Ісус сказаў]: «У аднаго пазычальніка былі два даўжнікі: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзясят.

42 А як яны ня мелі, чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Скажы, каторы з іх больш узьлюбіць яго?»

43 Адказваючы, Сымон сказаў: «Думаю, што той, якому больш дараваў». Ён жа сказаў яму: «Слушна ты пастанавіў».

44 І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: «Ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў; а яна сьлязьмі абліла ногі Мае і валасамі галавы сваёй выцерла.

45 Ты пацалунку Мне ня даў, а яна, як толькі Я прыйшоў, не перастае цалаваць ногі Мае.

46 Ты галавы Мне алеем не памазаў; а яна мірам памазала ногі Мае.

47 Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца многія грахі яе за тое, што яна шмат узьлюбіла; а каму мала даруецца, той мала любіць».

48 А ёй сказаў: «Адпускаюцца табе грахі».

49 І тыя, што ўзьлягалі з Ім, пачалі гаварыць у сабе: «Хто Ён ёсьць, што і грахі адпускае?»

50 А Ён сказаў жанчыне: «Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі».

 

Лк 8

1 І сталася пасьля, праходзіў Ён праз гарады і мястэчкі, абвяшчаючы і дабравесьцячы Валадарства Божае, і з Ім Дванаццаць,

2 і некаторыя жанчыны, якія былі аздароўленыя ад злых духаў і нядужасьцяў: Марыя, называная Магдалена, з якое выйшлі сем дэманаў,

3 і Ёанна, жонка Хузы, наглядчыка Ірадавага, і Сусанна, і многія іншыя, якія служылі Яму з маёмасьці сваёй.

4 А калі сабралася мноства народу, і з гарадоў зыходзіліся да Яго, Ён пачаў гаварыць прыповесьць:

5 «Выйшаў сейбіт сеяць насеньне сваё; і, калі ён сеяў, адно ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго;

6 а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці;

7 а іншае ўпала між цярнінаю, і вырасла цярніна, і заглушыла яго;

8 а іншае ўпала на добрую зямлю і, узыйшоўшы, прынесла плод стакротны». Сказаўшы гэтае, Ён усклікнуў: «Хто мае вушы слухаць, няхай слухае».

9 А вучні Ягоныя пыталіся ў Яго, кажучы: «Што значыць прыповесьць гэтая?»

10 Ён жа сказаў: «Вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Божага, а для рэшты яны ў прыповесьцях, так што яны, бачачы, ня бачаць і, чуючы, не разумеюць.

11 Вось жа прыповесьць гэтая: насеньне ёсьць слова Божае.

12 А што пры дарозе — гэта тыя, якія слухаюць, а пасьля прыходзіць д’ябал, і забірае слова з сэрца іхняга, каб не паверылі і не былі збаўленыя.

13 А што на камені — гэта тыя, якія, калі пачуюць, з радасьцю прыймаюць слова, ды ня маюць кораня і часова вераць, а ў час спакусы адпадаюць.

14 А што ўпала ў цярніну — гэта тыя, якія слухаюць, але, адыходзячы, заглушаюцца клопатамі, багацьцем і асалодамі жыцьцёвымі, і не даюць плоду.

15 А што ўпала на добрую зямлю — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць у добрым і чыстым сэрцы, і даюць плод у цярплівасьці.

16 Ніхто, запаліўшы сьвечку, не прыкрывае яе пасудзінаю, або не ставіць пад ложак, але ставіць на сьвечнік, каб тыя, якія ўваходзяць, бачылі сьвятло.

17 Бо няма нічога таемнага, што б ня выявілася, ані схаванага, што ня сталася б вядомым і ня выйшла на сьвятло.

18 Дык глядзіце, як вы слухаеце; бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго будзе забрана і тое, што ён думае мець».

19 І прыйшлі да Яго маці і браты Ягоныя, і не маглі падыйсьці да Яго з прычыны натоўпу.

20 І паведамілі Яму, кажучы: «Маці Твая і браты Твае стаяць вонкі, хочучы бачыць Цябе».

21 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, якія слухаюць слова Божае і выконваюць яго».

22 І сталася аднаго дня, Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў човен і сказаў ім: «Пераплывем на той бок возера». І паплылі.

23 Калі ж яны плылі, Ён заснуў. І падняўся на возеры бурны вецер, і іх залівала хвалямі, і яны былі ў небясьпецы.

24 І, падыйшоўшы, яны пабудзілі Яго, кажучы: «Настаўнік! Настаўнік! Мы гінем». А Ён, устаўшы, забараніў ветру і хваляваньню вады; і яны спыніліся, і сталася ціша.

25 Ён жа сказаў ім: «Дзе вера вашая?» А яны, спалохаўшыся, у зьдзіўленьні гаварылі адзін аднаму: «Хто Ён ёсьць, што вятрам загадвае і вадзе, і яны падпарадкоўваюцца Яму?»

26 І прыплылі ў краіну Гадарэнскую, якая насупраць Галілеі.

27 Калі ж выйшаў Ён на бераг, пераняў Яго нейкі чалавек з гораду, які меў дэманаў з даўных часоў, і не апранаў адзеньня, і жыў ня ў доме, але ў магілах.

28 Ён, убачыўшы Ісуса, упаў перад Ім, закрычаўшы, і моцным голасам сказаў: «Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Малю Цябе, ня мучай мяне».

29 Бо Ён загадаў духу нячыстаму выйсьці з гэтага чалавека; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі і сьцераглі яго, але ён разрываў ланцугі, і дэман гнаў яго ў пустыні.

30 А Ісус спытаўся ў яго, кажучы: «Якое тваё імя?» Ён жа сказаў: «Легіён», бо шмат дэманаў увайшло ў яго.

31 І прасілі Яго, каб не казаў ім ісьці ў бездань.

32 А там на гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіняў; і прасілі Яго [дэманы], каб дазволіў ім увайсьці ў іх, і Ён дазволіў ім.

33 Дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіняў, і рынуўся гурт са стромы ў возера, і згінуў.

34 А тыя, якія пасьвілі іх, убачыўшы, што сталася, уцяклі і, пайшоўшы, паведамілі ў горадзе і вёсках.

35 І выйшлі ўбачыць, што сталася; і прыйшлі да Ісуса, і знайшлі чалавека, з якога выйшлі дэманы, што сядзіць ля ног Ісуса, адзеты і пры розуме; і спалохаліся.

36 А тыя, якія бачылі, распавялі ім, як збаўлены быў апанаваны дэманамі.

37 І прасіла Яго ўсё мноства ваколіцы Гадарэнскае пайсьці ад іх, бо іх ахапіў вялікі страх. Ён жа, увайшоўшы ў човен, вярнуўся.

38 А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім, але Ісус адпусьціў яго, кажучы:

39 «Вярніся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе Бог». І ён пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, што ўчыніў яму Ісус.

40 І сталася, калі Ісус вярнуўся, натоўп прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго.

41 І вось прыйшоў чалавек на імя Яір, а быў ён начальнік сынагогі; і, упаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсьці ў дом ягоны,

42 бо ў яго была адзінародная дачка, гадоў дванаццаці, і яна памірала. А калі Ён ішоў, натоўпы ціснуліся да Яго.

43 І жанчына, якая мела крывацечу дванаццаць гадоў і аддала на лекараў усё ўтрыманьне сваё, і ніводзін ня здолеў вылечыць яе,

44 падыйшоўшы ззаду, дакранулася да крыса шаты Ягонай; і адразу спынілася ў яе крывацеча.

45 І сказаў Ісус: «Хто дакрануўся да Мяне?» А як усе адмаўляліся, сказаў Пётар і тыя, што з Ім былі: «Настаўнік! Натоўпы акружаюць Цябе і націскаюць, і Ты кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”»

46 Але Ісус сказаў: «Нехта дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў сілу, якая выйшла з Мяне».

47 А жанчына, бачачы, што яна ня ўтоілася, дрыжучы, падыйшла і, упаўшы перад Ім, расказала Яму перад усім народам, з якое прычыны яна дакранулася да Яго, і як адразу была аздароўлена.

48 Ён жа сказаў ёй: «Будзь пэўная, дачка! Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі».

49 Калі Ён яшчэ гаварыў гэтае, прыходзіць нехта ад начальніка сынагогі, кажучы яму: «Дачка твая памерла; не турбуй Настаўніка».

50 А Ісус, пачуўшы, адказаў яму, кажучы: «Ня бойся, толькі вер, і будзе збаўлена».

51 Прыйшоўшы ж у дом, не дазволіў увайсьці нікому апрача Пятра, Яна і Якуба, і бацькі дзяўчынкі, і маці.

52 А ўсе плакалі і галасілі па ёй. Ён жа сказаў: «Ня плачце; яна не памерла, але сьпіць».

53 І сьмяяліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.

54 Ён жа, выслаўшы ўсіх вонкі і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: «Дзяўчынка, устань!»

55 І вярнуўся дух ейны, і яна адразу ўстала, і Ён загадаў даць ёй есьці.

56 І зьдзівіліся бацькі ейныя, а Ён загадаў ім не гаварыць нікому пра тое, што сталася.

 

Лк 9

1 Паклікаўшы ж дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім моц і ўладу над усімі дэманамі і аздараўляць хваробы.

2 І паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць нядужых.

3 І сказаў ім: «Нічога не бярыце ў дарогу: ані кія, ані торбы, ані хлеба, ані срэбра, і каб двух вопратак ня мелі.

4 І ў які дом увойдзеце, там заставайцеся, і адтуль выпраўляйцеся;

5 і калі дзе ня прымуць вас, то, выходзячы з таго гораду, абтрасіце і пыл з ног вашых у сьведчаньне супраць іх».

6 Пайшоўшы, яны праходзілі праз мястэчкі, дабравесьцячы і аздараўляючы паўсюль.

7 А тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што дзеялася праз Яго, і быў зьбянтэжаны, бо адны казалі, што гэта Ян устаў з мёртвых;

8 а другія — што Ільля зьявіўся, а іншыя — што адзін з старадаўных прарокаў уваскрос.

9 І сказаў Ірад: «Яна я сьцяў. А хто Гэты, пра Якога я чую такое?» І шукаў убачыць Яго.

10 І вярнуўшыся, апосталы расказалі Яму, што яны зрабілі, і Ён, узяўшы іх, пайшоў асобна ў пустыннае месца каля гораду, называнага Бэтсаіда.

11 Але народ, даведаўшыся, пайшоў за Ім; і Ён, прыняўшы іх, гаварыў з імі пра Валадарства Божае, і тых, якія мелі патрэбу ў аздараўленьні, аздараўляў.

12 Калі ж дзень пачаў зыходзіць, прыступіўшы да Яго, дванаццаць сказалі Яму: «Адпусьці натоўп, каб яны, пайшоўшы ў навакольныя мястэчкі і вёскі, пераначавалі і знайшлі ежу, бо мы тут у пустынным месцы».

13 Ён жа сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». А яны сказалі: «У нас няма больш за пяць хлябоў і дзьве рыбы. Хіба што мы, пайшоўшы, купім ежы для ўсіх гэтых людзей?»

14 Бо іх было пяць тысячаў чалавек. Але Ён сказаў вучням Сваім: «Рассадзіце іх шэрагамі па пяцьдзясят».

15 І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх.

16 Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы і зірнуўшы ў неба, дабраславіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі натоўпу.

17 І елі, і насыціліся ўсе; і назьбіралі пазасталых кавалкаў дванаццаць кашоў.

18 І сталася, калі Ён маліўся асобна, вучні былі з Ім, і Ён спытаўся ў іх, кажучы: «Кім называе Мяне натоўп?»

19 Яны, адказваючы, сказалі: «Янам Хрысьціцелем, а іншыя — Ільлём; а іншыя — што адзін са старадаўных прарокаў уваскрос».

20 Ён жа сказаў ім: «А вы кім называеце Мяне?» Адказваючы, Пётар сказаў: «Хрыстом Божым».

21 Але Ён строга загадаў ім нікому не гаварыць пра гэта,

22 сказаўшы, што Сын Чалавечы мусіць шмат перацярпець, і быць адкінутым старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсьне.

23 Да ўсіх жа сказаў: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і бярэ крыж свой штодзень, і ідзе за Мною.

24 Бо хто хоча збавіць душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той збавіць яе.

25 Бо якая карысьць чалавеку здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубіць, ці пашкодзіць сабе?

26 Бо хто пасаромеецца Мяне і словаў Маіх, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Айца, і сьвятых анёлаў.

27 Кажу вам праўдзіва, ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Божага».

28 Сталася ж праз восем дзён пасьля словаў гэтых, узяўшы Пятра, Яна і Якуба, Ён узыйшоў на гару маліцца.

29 І стаўся, як Ён маліўся, выгляд аблічча Ягонага іншым, і адзеньне Ягонае сталася белым, бліскучым.

30 І вось, два мужы гутарылі з Ім, а былі гэта Майсей і Ільля,

31 якія, зьявіўшыся ў славе, гаварылі пра зыход Ягоны, што меўся споўніць у Ерусаліме.

32 Пётар жа і тыя, што з ім, былі ахопленыя сном; а прачнуўшыся, убачылі славу Ягоную і двух мужоў, якія стаялі з Ім.

33 І сталася, калі тыя адыходзілі ад Яго, сказаў Пётар Ісусу: «Настаўнік! Добра нам тут быць. Зробім тры намёты: адзін — Табе, адзін — Майсею, і адзін — Ільлі», — ня ведаючы, што кажа.

34 Калі ж ён гаварыў гэтае, зьявілася воблака і агарнула іх; і яны перепалохаліся, як увайшлі ў воблака.

35 І стаўся голас з воблака, які казаў: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны; Яго слухайце».

36 І калі быў голас гэты, застаўся Ісус адзін. І яны замаўчалі, і нікому не абвясьцілі ў тыя дні, што бачылі.

37 І сталася на наступны дзень, як яны зыйшлі з гары, сустрэў Яго вялікі натоўп.

38 І вось нейкі чалавек з натоўпу крыкнуў, кажучы: «Настаўнік! Малю Цябе, глянь на сына майго, бо ён адзінародны ў мяне.

39 І вось дух бярэ яго, і ён неспадзявана крычыць, і тузае яго з пенай; і ледзь адступае ад яго, разьбіўшы яго.

40 І я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не змаглі».

41 Ісус жа, адказваючы, сказаў: «О, пакаленьне бязьвернае і сапсаванае! Дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? Прывядзі сюды сына твайго».

42 Калі ж той падыходзіў, дэман кінуў яго і затрос; але Ісус забараніў духу нячыстаму, і аздаравіў хлопца, і аддаў яго бацьку ягонаму.

43 І ўсе дзівіліся велічы Божай. Калі ж усе дзівіліся ўсяму, што ўчыніў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:

44 «Палажыце ў вушы свае словы гэтыя: Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі чалавечыя».

45 Але яны не зразумелі слова гэтага, і яно было закрытае ад іх, каб ня ўцяміць яго; а спытацца ў Яго пра слова гэтае яны баяліся.

46 Прыйшла ж ім думка, хто з іх быў бы большы?

47 А Ісус, убачыўшы думкі сэрца іхняга, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою

48 і сказаў ім: «Хто прыйме гэтае дзіця ў імя Маё, Мяне прыймае, а хто Мяне прыйме, прыймае Таго, Які паслаў Мяне. Бо хто з вас меншы за ўсіх, той будзе вялікі».

49 Адказваючы, Ян сказаў: «Настаўнік! Мы бачылі некага, хто ў імя Тваё выганяў дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі».

50 І сказаў яму Ісус: «Не забараняйце, бо хто ня супраць вас, той за вас».

51 І сталася, як набліжаліся дні ўзяцьця Яго, Ён зьвярнуў аблічча Сваё ісьці ў Ерусалім,

52 і паслаў весьнікаў перад абліччам Сваім; і яны, пайшоўшы, увайшлі ў мястэчка Самаранскае, каб прыгатаваць для Яго,

53 але там не прынялі Яго, бо аблічча Ягонае было скіраванае ў Ерусалім.

54 Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя Якуб і Ян сказалі: «Госпадзе! Ці хочаш, мы скажам, каб агонь зыйшоў з неба і зьнішчыў іх, як і Ільля зрабіў?»

55 Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: «Ня ведаеце, якога вы духа,

56 бо Сын Чалавечы прыйшоў не загубіць душы чалавечыя, але збавіць». І пайшлі ў другое мястэчка.

57 І сталася, як яны былі ў дарозе, нехта сказаў яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў, Госпадзе!»

58 І сказаў яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе галаву прыхіліць».

59 А другому сказаў: «Ідзі за Мною». Той сказаў: «Госпадзе! Дазволь мне, адыйшоўшы, перш пахаваць бацьку майго».

60 Але Ісус сказаў яму: «Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае».

61 І другі сказаў: «Я пайду за Табою, Госпадзе! Але перш дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі».

62 Але Ісус сказаў яму: «Той, хто ўзлажыў руку сваю на плуг і аглядаецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».

 

Лк 10

1 Пасьля гэтага прызначыў Госпад і другіх семдзесят, і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і месца, куды Сам меўся ісьці.

2 Тады сказаў ім: «Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала; дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё.

3 Ідзіце! Вось, Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.

4 Не бярыце ані кайстры, ані торбы, ані сандалаў, і нікога ў дарозе не вітайце.

5 У які ж дом увойдзеце, перш кажыце: “Супакой дому гэтаму!”

6 І калі будзе там сын супакою, то супачыне на ім супакой ваш, а калі не, то да вас вернецца.

7 А ў доме тым заставайцеся, ешце і піце, што ў іх ёсьць; бо работнік варты платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.

8 І калі прыйдзеце ў які горад, і прыймуць вас, ешце, што вам дадуць;

9 і адзараўляйце ў іх хворых, і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”.

10 А калі прыйдзеце ў які горад, і ня прыймуць вас, то, выйшаўшы на вуліцу, скажыце:

11 “І пыл, які прыліп да нас ад вашага гораду, абтрасаем вам. Аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”.

12 Кажу ж вам, што Садому ў дзень той лягчэй будзе, чым гораду гэткаму.

13 Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў вас, яны даўно б навярнуліся, седзячы ў зрэбніцы і попеле.

14 Але Тыру і Сідону лягчэй будзе на судзе, чым вам.

15 І ты, Капэрнаум, які да неба ўзьнёсся, у пекла скінуты будзеш.

16 Хто слухае вас, той Мяне слухае, і хто адкідае вас, той Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, той адкідае і Таго, Хто паслаў Мяне».

17 Семдзесят жа вярнуліся з радасьцю, кажучы: «Госпадзе! І дэманы падпарадкоўваюцца нам у імя Тваё».

18 Ён жа сказаў ім: «Я бачыў шатана, які ўпаў з неба, як бліскавіца.

19 Вось, Я даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў, і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам.

20 Аднак жа з таго ня радуйцеся, што духі вам падпарадкоўваюцца; але радуйцеся з таго, што імёны вашыя запісаны ў небе».

21 У тую гадзіну ўзрадаваўся Ісус у духу і сказаў: «Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам. Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе».

22 І, павярнуўшыся да вучняў, сказаў: «Усё Мне аддадзена Айцом Маім; і Хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, акрамя Айца, і Хто ёсьць Айцец, ня ведае ніхто, акрамя Сына і каму Сын хоча адкрыць».

23 І, павярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: «Шчасьлівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце!

24 Бо кажу вам, што многія прарокі і валадары хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і ня бачылі; і пачуць тое, што вы чуеце, і ня чулі».

25 І вось, нейкі законьнік устаў, спакушаючы Яго і кажучы: «Настаўнік! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?»

26 Ён жа сказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?»

27 Ён жа, адказваючы, сказаў: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і бліжняга твайго, як самога сябе».

28 [Ісус] сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Рабі гэтак, і будзеш жыць».

29 Але ён, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: «А хто мой бліжні?»

30 На гэтае сказаў Ісус: «Нейкі чалавек зыходзіў з Ерусаліму ў Ерыхон і натрапіў на разбойнікаў, якія зьнялі з яго вопратку, зьбілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога.

31 Здарылася, што нейкі сьвятар зыходзіў гэтай дарогаю і, убачыўшы яго, прамінуў яго.

32 Таксама і лявіт, апынуўшыся на тым месцы, падыйшоўшы і ўбачыўшы, прамінуў яго.

33 А Самаранін нейкі, ідучы, найшоў на яго і, убачыўшы яго, зьлітаваўся.

34 І, падыйшоўшы, перавязаў яму раны, паліўшы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў карчму, і паклапаціўся пра яго.

35 А на другі дзень, адыходзячы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся пра яго і, калі выдасі што болей, я, вярнуўшыся, аддам табе”.

36 Хто з гэтых трох, ты думаеш, стаўся бліжнім таму, які натрапіў на разбойнікаў?»

37 Ён сказаў: «Той, які зьлітаваўся над ім». Тады Ісус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі гэтак».

38 І сталася, як яны ішлі, прыйшоў Ён у нейкае мястэчка; а адна жанчына, на імя Марта, прыняла Яго ў дом свой.

39 І ў яе была сястра, якую звалі Марыя, якая, сеўшы ля ног Ісуса, слухала слова Ягонае.

40 А Марта завіхалася ва ўсякай паслузе і, стаўшы, сказала: «Госпадзе! Ці ж Цябе не клапоціць, што сястра мая пакінула мяне адну паслугаваць? Скажы ёй, каб дапамагла мне».

41 Адказваючы, Ісус сказаў ёй: «Марта, Марта! Ты клапоцішся і турбуешся пра многае,

42 а адно толькі патрэбна. Марыя ж выбрала добрую частку, якая ня будзе забраная ў яе».

 

Лк 11

1 І сталася, як Ён у адным месцы маліўся, калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Госпадзе! Навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх».

2 Ён жа сказаў ім: «Калі моліцеся, кажыце: “Ойча наш, Які ёсьць у небе! Сьвяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.

3 Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня.

4 І адпусьці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога”».

5 І сказаў ім: «Нехта з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: “Сябра! пазыч мне тры хлябы,

6 бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне, і мне няма чаго даць яму”.

7 А той, адказваючы з хаты, скажа: “Не дакучай мне; дзьверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае са мною ў ложку; не магу ўстаць і даць табе”.

8 Кажу вам, калі ён, устаўшы, ня дасьць яму дзеля сяброўства з ім, дык дзеля дакучлівасьці яго, устаўшы, дасьць яму, колькі просіць.

9 І я кажу вам: Прасіце, і дадзена вам будзе; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам;

10 бо ўсякі, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, адчыняць таму.

11 Хто з вас бацька, калі сын папросіць хлеба, дасьць яму камень? Ці [калі папросіць] рыбы, дасьць яму зьмяю замест рыбы?

12 Ці калі папросіць яйка, дасьць яму скарпіёна?

13 Дык вось, калі вы, будучы злымі, умееце добрыя дары даваць дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасьць Духа Сьвятога тым, што просяць у Яго».

14 І было, выгнаў Ён дэмана, які быў нямы; і, калі дэман выйшаў, нямы стаў гаварыць; і натоўп зьдзівіўся.

15 Некаторыя з іх казалі: «Праз Бэльзэбула, князя дэманаў, Ён выганяе дэманаў».

16 А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ў Яго знаку з неба.

17 Але Ён, ведаючы разважаньні іхнія, сказаў ім: «Усякае валадарства, якое разьдзялілася само ў сабе, апусьцее, і дом на дом упадзе.

18 Калі ж і шатан разьдзяліўся сам у сабе, дык як устаіць валадарства ягонае? Бо вы кажаце, што Я праз Бэльзэбула выганяю дэманаў.

19 Калі ж Я праз Бэльзэбула выганяю дэманаў, сыны вашыя праз каго выганяюць іх? Дзеля гэтага яны будуць судзьдзямі вашымі.

20 Калі ж Я пальцам Божым выганяю дэманаў, значыць дасягнула да вас Валадарства Божае.

21 Калі ўзброены асілак ахоўвае панадворак свой, тады ў бясьпецы маёмасьць ягоная.

22 Калі ж дужэйшы за яго, напаўшы, пераможа яго, бярэ ўсю зброю ягоную, на якую той спадзяваўся, і раздае дабро ягонае.

23 Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не зьбірае са Мною, той раскідае.

24 Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, праходзіць праз бязводныя месцы, шукаючы супачынку, і, не знаходзячы, кажа: “Вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў”.

25 І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным.

26 Тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, зьлейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і бывае для чалавека таго апошняе горш за першае».

27 І сталася, калі Ён гаварыў гэтае, адна жанчына, азваўшыся з натоўпу, сказала Яму: «Шчасьлівае ўлоньне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія кармілі Цябе!»

28 А Ён сказаў: «Наадварот, шчасьлівыя тыя, якія чуюць слова Божае і захоўваюць яго».

29 Калі ж натоўп пачаў зьбірацца, Ён пачаў гаварыць: «Пакаленьне гэтае злое; яно шукае знаку, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока.

30 Бо, як Ёна стаўся знакам для Нініўцаў, так будзе і Сын Чалавечы для пакаленьня гэтага.

31 Валадарка з Поўдня ўстане на суд з людзьмі пакаленьня гэтага і асудзіць іх, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасьць Салямона, і вось, тут большы за Салямона.

32 Нініўцы ўстануць на суд з пакаленьнем гэтым і асудзяць яго, бо яны навярнуліся праз пропаведзь Ёны, і вось, тут большы за Ёну.

33 Бо ніхто, запаліўшы сьвечку, не стаўляе яе ў тайным месцы, ці пад пасудзіну, але на сьвечніку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі сьвятло.

34 Сьветач цела ёсьць вока; дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, тады і ўсё цела тваё сьветлае, а калі яно будзе злое, тады і цела тваё цёмнае.

35 Дык зважай, каб сьвятло, што ў табе, не было цемрай.

36 Калі ж цела тваё ўсё сьветлае і ня мае ніводнае цёмнае часткі, дык будзе сьветлае ўсё, нібы бліскавіца асьвятліла цябе».

37 Калі Ён сказаў гэтае, адзін фарысэй прасіў Яго да сябе абедаць. Ён, прыйшоўшы, узьлёг.

38 Фарысэй жа зьдзівіўся, што Ён не абмыўся перад бяседай.

39 Але Госпад сказаў яму: «Цяпер вы, фарысэі, келіх і місу звонку ачышчаеце, а нутро вашае напоўненае рабункам і зласьлівасьцю.

40 Неразумныя! Ці ня Той, Хто зрабіў тое, што звонку, зрабіў і нутро?

41 Давайце лепш міласьціну з таго, што ў вас унутры ёсьць, і тады ўсё будзе ў вас чыстае.

42 Але гора вам, фарысэі, што вы даяцё дзесяціну з мяты, руты і ўсякай гародніны, і абмінаеце суд і любоў Божую; і гэтае мусіце рабіць, і таго не пакідаць.

43 Гора вам, фарысэі, што любіце першыя месцы ў сынагогах і вітаньні на рынках.

44 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што вы быццам магілы схаваныя, і людзі, ходзячы над імі, ня ведаюць гэтага».

45 Адказваючы, нейкі законьнік кажа Яму: «Настаўнік, кажучы гэта, Ты і нас зьневажаеш».

46 Ён жа сказаў: «І вам, законьнікі, гора, што вы абцяжарваеце людзей цяжарамі невыноснымі, а самі адным пальцам сваім не краняцё цяжараў.

47 Гора вам, што будуеце магілы прарокам, а бацькі вашыя забівалі іх.

48 Гэтым вы сьведчыце і згаджаецеся са справамі бацькоў вашых, што яны сапраўды забілі іх; а вы будуеце ім магілы.

49 Дзеля гэтага і мудрасьць Божая сказала: “Пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і з іх адных будуць забіваць, а другіх будуць перасьледаваць”,

50 каб была спагнаная з пакаленьня гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад заснаваньня сьвету,

51 ад крыві Абэля да крыві Захарыі, забітага паміж ахвярнікам і домам. Так, кажу вам: будзе спагнана з пакаленьня гэтага.

52 Гора вам, законьнікі, што вы ўзялі ключ разуменьня: самі не ўвайшлі і тым, што ўваходзілі, забаранілі».

53 Калі ж Ён гаварыў ім гэтае, кніжнікі і фарысэі пачалі дужа злавацца і дапытывацца ў Яго пра многае,

54 цікуючы на Яго і шукаючы злавіць нешта з вуснаў Ягоных, каб абвінаваціць Яго.

 

Лк 12

1 Тым часам сабраўся шматтысячны натоўп, ажно ціснулі адзін аднаго, і Ён пачаў гаварыць спачатку да вучняў Сваіх: «Сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай, якая ёсьць крывадушнасьць.

2 Бо няма нічога прыхаванага, што б не адкрылася, і тайнага, пра што б не даведаліся.

3 Дык што вы кажаце ў цемры, будзе пачута ў сьвятле; і што скажаце на вуха ў пакоях, будзе абвешчана з дахаў.

4 Кажу ж вам, сябры Мае: ня бойцеся тых, якія забіваюць цела і пасьля гэтага ня могуць больш нічога зрабіць;

5 Перасьцерагаю ж вас, каго баяцца: бойцеся Таго, Які мае ўладу, забіўшы, укінуць у геенну. Так, кажу вам, Яго бойцеся.

6 Ці ня пяць вераб’ёў прадаюцца за два асары? І аніводзін з іх не забыты перад Богам.

7 Але ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Дык ня бойцеся; вы даражэй за многіх вераб’ёў.

8 Кажу ж вам: усякага, хто прызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы прызнае перад анёламі Божымі,

9 а хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, ад таго адракуцца перад анёламі Божымі.

10 І ўсякаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана, а хто будзе блюзьніць на Духа Сьвятога, таму ня будзе адпушчана.

11 А калі прывядуць вас у сынагогі, і да начальнікаў, і да ўладаў, не клапаціцеся, як ці што будзеце адказваць, ці што будзеце гаварыць,

12 бо Дух Сьвяты навучыць вас у тую гадзіну, што мусіце гаварыць».

13 Нехта з натоўпу сказаў Яму: «Настаўнік! Скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай».

14 Ён жа сказаў яму: «Чалавеча, хто паставіў Мяне судзьдзём ці разьмеркавальнікам між вамі?»

15 Пры гэтым сказаў ім: «Глядзіце і захоўвайце сябе ад хцівасьці, бо жыцьцё чалавека ня ў мностве маёмасьці яго».

16 І сказаў ім прыповесьць, кажучы: «У аднаго багатага чалавека быў добры ўраджай у полі,

17 і ён разважаў у сабе, кажучы: “Што мне зрабіць, бо ня маю, куды злажыць плады мае?”

18 І сказаў: “Вось што зраблю: раскідаю сьвірны мае, і пабудую большыя, і зьбяру туды ўсю пшаніцу маю і ўсё дабро маё,

19 і скажу душы маёй: ‘Душа! Шмат дабра ляжыць у цябе на шмат год; супакойся, еш, пі, весяліся’.”

20 А Бог сказаў яму: “Неразумны! У гэту ноч душу тваю возьмуць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты прыдбаў?”

21 Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы для сябе, а ня ў Бога багацее».

22 Пры гэтым сказаў вучням Сваім: «Дзеля таго кажу вам: Не клапаціцеся дзеля душы вашай, што вам есьці, ані дзеля цела, у што адзецца.

23 Душа большая за ежу, і цела — за адзеньне.

24 Паглядзіце на груганоў, якія ані сеюць, ані жнуць, няма ў іх камораў, ані сьвірнаў, і Бог жывіць іх. Наколькі ж вы лепшыя за птушак?

25 І хто з вас сваім клопатам можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?

26 Дык вось, калі і найменшага ня можаце, навошта клапоціцеся пра іншае?

27 Паглядзіце на лілеі, як яны растуць, не працуюць, не прадуць; але кажу вам, што і Салямон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная з іх.

28 Калі ж траву на полі, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, дык тым больш вас, малаверы.

29 І вы не шукайце, што вам есьці, ці што піць, і не турбуйцеся.

30 Бо ўсё гэта шукаюць народы гэтага сьвету; а ваш Айцец ведае, што вам гэта патрэбна.

31 Найбольш шукайце Валадарства Божага, і тое ўсё дададуць вам.

32 Ня бойся, малы статак, бо Айцец ваш упадабаў даць вам Валадарства.

33 Прадавайце маёмасьць вашую і давайце міласьціну; учыніце сабе кайстры, якія не старэюць, скарб у небе, які не зьнікае, куды злодзей не набліжаецца, і дзе моль ня нішчыць.

34 Бо дзе ёсьць скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.

35 Няхай будуць паясьніцы вашыя падперазаныя, і сьвечкі запаленыя,

36 і вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртаньня гаспадара свайго з вясельля, каб, як прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.

37 Шчасьлівыя тыя слугі, якіх гаспадар, прыйшоўшы, знойдзе, што яны чуваюць. Сапраўды кажу вам: ён падпярэжацца, і пасадзіць іх, і, падыйшоўшы, будзе паслугаваць ім.

38 І калі прыйдзе ў другую варту, і ў трэцюю варту прыйдзе, і знойдзе іх так, то шчасьлівыя слугі тыя.

39 Бо вы ведаеце, што, калі б ведаў гаспадар дому, а якой гадзіне прыйдзе злодзей, то чуваў бы і не дапусьціў падкапаць дом свой.

40 І вы таму будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіне, пра якую ня думаеце».

41 Сказаў жа Яму Пётар: «Госпадзе! Ці да нас гаворыш гэтую прыповесьць, ці да ўсіх?»

42 А Госпад сказаў: «Хто ёсьць верны і мудры аканом, якога пан паставіць над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба?

43 Шчасьлівы той слуга, якога пан ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэта.

44 Сапраўды кажу вам, што над усёй маёмасьцю сваёй паставіць яго.

45 Калі ж слуга той скажа ў сэрцы сваім: “Марудзіць прыйсьці пан мой”, — і пачне біць слугаў і служак, і есьці, і піць, і напівацца,

46 прыйдзе пан слугі таго ў дзень, які ён не чакае, і ў гадзіну, пра якую ня ведае, і адлучыць яго, і ўчыніць яму адзін лёс з нявернымі.

47 Слуга ж той, які ведаў волю пана свайго, і ня быў гатовы, і не рабіў паводле волі ягонай, будзе моцна біты,

48 а які ня ведаў і зрабіў вартае кары, біты будзе меней. Бо ад кожнага, каму дадзена шмат, шмат і вымагацца будзе, і каму шмат даручана, з таго больш запатрабуюць.

49 Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю, і як хачу, каб ён ужо загарэўся!

50 Бо хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца, і як Я сьціснуты, пакуль гэта ня зьдзейсьніцца!

51 Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць супакой зямлі? Не, кажу вам, але разьдзяленьне.

52 Бо адгэтуль пяцёра ў адным доме падзеляцца, трое супраць двох і двое супраць трох.

53 Падзеляцца бацька супраць сына, і сын супраць бацькі; маці супраць дачкі, і дачка супраць маці; сьвякруха супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць сьвякрухі сваёй».

54 Сказаў таксама і натоўпам: «Калі вы бачыце воблака, якое падымаецца з захаду, адразу кажаце: “Дождж набліжаецца”, — і стаецца гэтак.

55 І калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: “Сьпёка будзе”, — і стаецца.

56 Крывадушнікі! Аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаяцё?

57 Чаму ж вы сябе саміх ня судзіце праведна?

58 Бо калі ты ідзеш з супраціўнікам сваім да начальніка, па дарозе аддай заробленае, каб пазбыцца яго, каб ён не прывёў цябе да судзьдзі, і судзьдзя не аддаў бы цябе кату, і кат ня кінуў бы цябе ў вязьніцу.

59 Кажу табе: Ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі яму і апошняй лепты».

 

Лк 13

1 У той час прыйшлі некаторыя, расказваючы Яму пра Галілейцаў, кроў якіх Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнімі.

2 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ці вы думаеце, што гэтыя Галілейцы былі больш грэшныя за ўсіх Галілейцаў, што яны перацярпелі гэтак?

3 Не, кажу вам; але, калі не навернецеся, усе гэтак сама загінеце.

4 Або ці думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала вежа ў Сілааме і пабіла іх, больш вінаватыя былі за ўсіх, хто жыў у Ерусаліме?

5 Не, кажу вам; але, калі не навернецеся, усе гэтак сама загінеце».

6 І сказаў такую прыповесьць: «Нехта меў у вінаградніку сваім пасаджанае фігавае дрэва, і прыйшоў шукаць плоду на ім, і не знайшоў.

7 І сказаў вінаградару: “Вось, я тры гады прыходжу шукаць плоду на гэтым фігавым дрэве і не знаходжу; сьсячы яго, навошта яно і зямлю займае?”

8 Той жа, адказваючы, кажа яму: “Пане, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем,

9 ці ня дасьць плоду; а калі не, дык на той год сьсячэш яго”».

10 У адной сынагозе Ён навучаў у суботу.

11 І вось, была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа нядужасьці, і яна была скорчыўшыся, і не магла выпрастацца.

12 Угледзеўшы яе, Ісус паклікаў яе і сказаў ёй: «Жанчына! Ты вызвалена ад нядужасьці тваёй».

13 І ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася і пачала славіць Бога.

14 На гэта начальнік сынагогі, абураючыся, што Ісус аздаравіў у суботу, сказаў натоўпу: «Ёсьць шэсьць дзён, калі мусіце працаваць, тады і прыходзьце, каб быць аздароўленымі, а ня ў дзень суботы».

15 Тады Госпад адказаў яму і сказаў: «Крывадушнік! Ці не адвязвае кожны з вас вала свайго ці асла ад ясьляў у суботу і не вядзе паіць?

16 А гэтую дачку Абрагама, якую зьвязаў шатан вось ужо васямнаццаць гадоў, ці ж не належала звольніць ад путаў гэтых у дзень суботы?»

17 І калі гаварыў Ён гэтае, усе супраціўнікі Ягоныя засаромеліся; і ўвесь народ радаваўся з усіх слаўных дзеяньняў Ягоных.

18 Ён жа сказаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго?

19 Яно падобнае да зярняці гарчычнага, якое, узяўшы, пасадзіў чалавек у садзе сваім, і яно вырасла, і сталася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў галінах ягоных».

20 І зноў сказаў: «З чым параўнаю Валадарства Божае?

21 Яно падобнае да рашчыны, якую жанчына ўзяла і ўмяшала ў тры меры мукі, пакуль ня ўкісла ўсё».

22 І праходзіў па гарадах і мястэчках, навучаючы і кіруючы шлях свой да Ерусаліму.

23 Нехта сказаў яму: «Госпадзе! Няўжо мала тых, якія будуць збаўленыя?» Ён жа сказаў ім:

24 «Намагайцеся ўвайсьці праз цесную браму, бо, кажу вам, многія будуць шукаць увайсьці і ня здолеюць.

25 Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзьверы, тады вы станеце звонку і пачняцё стукаццца ў дзьверы, кажучы: “Госпадзе! Госпадзе! Адчыні нам!” І Ён, адказваючы, скажа вам: “Ня ведаю вас, адкуль вы”.

26 Тады пачняцё гаварыць: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”.

27 І Ён скажа: “Кажу вам, Я ня ведаю вас, адкуль вы; адыйдзіце ад Мяне ўсе, якія робяць няправеднасьць”.

28 Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўгледзіце Абрагама, Ісаака, і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а вас выганяць прэч.

29 І прыйдуць з усходу, і з захаду, і з поўначы, і з поўдня, і ўзьлягуць у Валадарстве Божым.

30 І вось ёсьць апошнія, якія будуць першымі, і ёсьць першыя, якія будуць апошнімі».

31 У той дзень падыйшлі некаторыя фарысэі, кажучы Яму: «Выходзь і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць».

32 І сказаў ім: «Ідзіце, скажыце гэтаму лісу: “Вось, Я выганяю дэманаў і аздараўляю сёньня і заўтра, і ў трэці дзень скончу”.

33 Аднак мушу ісьці сёньня, і заўтра, і пазаўтра, бо ня можа стацца, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам.

34 Ерусалім, Ерусалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш тых, што да цябе пасланыя! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крыламі, і вы не захацелі.

35 Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты. Сапраўды бо кажу вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: “Дабраслаўлёны Той, Які ідзе ў імя Госпада”».

 

Лк 14

1 І сталася прыйсьці Яму ў суботу ў дом аднаго з начальнікаў фарысэйскіх зьесьці хлеба, і яны сачылі за Ім.

2 І вось, быў перад Ім нейкі апухлы чалавек.

3 І, адказваючы, сказаў Ісус законьнікам і фарысэям, кажучы: «Ці належыцца аздараўляць у суботу?»

4 Яны ж маўчалі. І, дакрануўшыся, Ён аздаравіў яго і адпусьціў.

5 І, адказваючы ім, сказаў: «Калі ў каго з вас асёл ці вол упадзе ў калодзеж, ці не адразу выцягне яго ў дзень суботні?»

6 І не маглі яны з Ім пра гэта спрачацца.

7 І сказаў тым, якія былі запрошаныя, прыповесьць, угледзеўшы, як яны выбіралі першыя месцы, і кажучы ім:

8 «Калі запросіць цябе нехта на вясельле, не ўзьлягай на першае месца, каб не было каго паважнейшага за цябе паміж запрошаных ім.

9 І той, які запрасіў цябе і яго, падыйшоўшы, скажа табе: “Дай яму месца”, і тады ты з сорамам павінен будзеш сесьці на апошняе месца.

10 Але, калі будзеш запрошаны, прыйшоўшы, узьлягай на апошняе месца, каб той, які запрасіў цябе, калі падыйдзе, сказаў табе: “Сябра, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе слава перад тымі, што ўзьлягаюць разам з табою.

11 Бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны».

12 Сказаў жа і таму, які запрасіў Яго: «Калі ладзіш бяседу ці вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў тваіх, ані суседзяў багатых, каб і яны цябе не запрасілі, і ты атрымаў бы нагароду.

13 Але калі ты ладзіш пачастунак, запрашай убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых.

14 І шчасьлівы ты будзеш, што яны ня змогуць адгадзіцца табе, бо адгодзіцца табе ва ўваскрасеньне праведных».

15 Пачуўшы гэта, нехта з тых, якія ўзьлягалі, сказаў Яму: «Шчасьлівы, хто будзе есьці хлеб у Валадарстве Божым».

16 Ён жа сказаў яму: «Нейкі чалавек справіў вялікую вячэру, і паклікаў многіх,

17 і ў гадзіну вячэры паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыходзьце, бо ўжо ўсё падрыхтавана”.

18 І пачалі ўсе па чарзе выбачацца. Першы сказаў яму: “Я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці і паглядзець яе; прашу цябе, выбач мне”.

19 І другі сказаў: “Я купіў пяць параў валоў і іду выспрабаваць іх; прашу цябе, выбач мне”.

20 І другі сказаў: “Я ажаніўся і дзеля гэтага не магу прыйсьці”.

21 І, вярнуўшыся, слуга той паведаміў гэтае пану свайму. Тады, загневаўшыся, гаспадар дому сказаў слузе свайму: “Ідзі хутчэй па вуліцах і завулках гораду і прывядзі сюды і ўбогіх, і калекаў, і кульгавых, і сьляпых”.

22 І сказаў слуга: “Пане! Сталася, як ты сказаў, і яшчэ ёсьць месцы”.

23 І сказаў пан слузе: “Ідзі на дарогі і да платоў і змушай прыйсьці, каб напоўніўся дом мой,

24 бо кажу вам, што ніхто з тых мужоў, што былі запрошаныя, не пакаштуе маёй вячэры”».

25 І сабраліся шматлікія натоўпы да Яго, і, павярнуўшыся, Ён сказаў ім:

26 «Калі хто прыходзіць да Мяне і не зьненавідзіць бацьку свайго і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў, і сёстраў, а пры тым і саму душу сваю, той ня можа быць вучнем Маім.

27 І хто не нясе крыжа свайго і ідзе за Мною, ня можа быць вучнем Маім.

28 Бо хто з вас, хочучы пабудаваць вежу, сеўшы спачатку, не аблічыць выдаткаў, ці мае, каб дакончыць яе,

29 каб, калі закладзе падмурак і ня здолее дакончыць, усе, якія гэта бачылі, ня сталі сьмяяцца з яго,

30 кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і ня здолеў дакончыць!”

31 Або які валадар, ідучы на вайну супраць другога валадара, сеўшы спачатку, не парадзіцца, ці магчыма з дзесяцьцю тысячамі супрацьстаць таму, хто ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі.

32 Калі ж не, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства прасіць міру.

33 Гэтак усякі з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць вучнем Маім.

34 Соль добрая; калі ж соль згубіць сілу, чым прыправіць яе?

35 Ані ў зямлю, ані ў гной яна не надаецца, вон выкідаюць яе. Хто мае вушы чуць, няхай чуе».

 

Лк 15

1 Падыходзілі ж да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.

2 І наракалі фарысэі і кніжнікі, кажучы: «Ён прыймае грэшнікаў і есьць разам з імі».

3 Ён жа сказаў ім гэткую прыповесьць, кажучы:

4 «Які чалавек з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакідае дзевяноста дзевяць у пустыні і ня ідзе за згубленай, пакуль ня знойдзе яе?

5 І, знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасьцю.

6 І, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Цешцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”.

7 Кажу вам, што большая радасьць будзе ў небе з аднаго грэшніка, які навяртаецца, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў навяртаньні.

8 Або якая жанчына, што мае дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запальвае сьвечкі і не пачынае месьці дом, і не шукае пільна, пакуль ня знойдзе?

9 А, знайшоўшы, склікае сябровак і суседак, кажучы: “Цешцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую была згубіла”.

10 Такая, кажу вам, стаецца радасьць у анёлаў Божых з аднаго грэшніка, які навяртаецца».

11 Яшчэ сказаў: «У аднаго чалавека былі два сыны.

12 І сказаў малодшы з іх бацьку: “Бацька, дай мне належную частку маёмасьці”. І падзяліў ім маёмасьць.

13 І праз некалькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, выправіўся ў далёкі край, і там змарнаваў маёмасьць сваю, жывучы распусна.

14 Калі ж выдаткаваў усё, стаўся вялікі голад у тым краі, і ён пачаў мець нястачу.

15 І, пайшоўшы, прыстаў да аднаго з грамадзянаў таго краю, і той паслаў яго на поле сваё пасьвіць сьвіняў.

16 І ён жадаў напоўніць жывот свой шалупіньнем, якое елі сьвіньні, і ніхто не даваў яму.

17 Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішак хлеба, а я паміраю з голаду!

18 Устаўшы, пайду да бацькі майго і скажу яму: ‘Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою,

19 і ўжо ня варты называцца сынам тваім; зрабі мяне адным з парабкаў тваіх’.”

20 І, устаўшы, прыйшоў да бацькі свайго. Калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зьлітаваўся, і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і цалаваў яго.

21 Сын жа сказаў яму: “Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім”.

22 А бацька сказаў слугам сваім: “Прынясіце найлепшыя шаты, і апраніце яго, і дайце пярсьцёнак на руку ягоную і сандалы на ногі.

23 І прывядзіце кормнае цяля, і закалеце, і, паеўшы, будзем весяліцца.

24 Бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.

25 А старэйшы сын ягоны быў у полі. І калі, варочаючыся, падыйшоў да дому, пачуў сьпевы і скокі.

26 І, паклікаўшы аднаго са слугаў сваіх, спытаўся: “Што гэта адбываецца?”

27 Той жа сказаў яму: “Брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў кормнае цяля, бо атрымаў яго здаровым”.

28 Загневаўся ён і не хацеў увайсьці. Тады бацька ягоны, выйшаўшы, клікаў яго.

29 А ён, адказваючы, сказаў бацьку: “Вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не адступіў ад прыказаньня твайго, і ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца з сябрамі маімі.

30 А калі гэты сын твой, пажоршы маёмасьць тваю з распусьніцамі, прыйшоў, ты закалоў для яго кормнае цяля”.

31 Ён жа сказаў яму: “Дзіця! Ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё.

32 А з таго трэба цешыцца і радавацца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”».

 

Лк 16

1 Сказаў жа і да вучняў Сваіх: «Адзін чалавек быў багаты і меў аканома, і данясьлі яму на яго, што ён марнуе маёмасьць ягоную.

2 І, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Дай справаздачу з гаспадараваньня твайго, бо ты ня можаш больш гаспадараваць”.

3 Сказаў сам у сабе аканом: “Што мне рабіць, бо пан мой забірае ад мяне гаспадараваньне? Капаць ня здолею, жабраваць саромлюся.

4 Ведаю, што зраблю, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі адстаўлены буду ад гаспадараваньня”.

5 І, паклікаўшы даўжнікоў пана свайго кожнага паасобку, сказаў першаму: “Колькі ты вінен пану майму?”

6 Той сказаў: “Сто мер алею”. І сказаў яму: “Вазьмі напісанае табою і, сеўшы, хутчэй напішы пяцьдзясят”.

7 Пасьля другому сказаў: “А ты колькі вінен?” Той сказаў: “Сто мер пшаніцы”. І гаворыць яму: “Вазьмі напісанае табою і напішы: восемдзесят”.

8 І пахваліў пан аканома няправеднага, што мудра ўчыніў; бо сыны веку гэтага мудрэйшыя за сыноў сьвятла ў пакаленьні сваім.

9 І Я кажу вам: здабывайце сабе сяброў мамонай няправеднай, каб яны, як зьбяднееце, прынялі вас у вечныя намёты.

10 Верны ў малым, і ў многім верны, і няправедны ў малым, і ў многім няправедны.

11 Дык вось, калі вы ў няправеднай мамоне не былі верныя, хто даверыць вам сапраўднае?

12 І калі вы ў чужым не былі верныя, хто дасьць вам вашае?

13 Ніякі слуга ня можа служыць двум панам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне».

14 Чулі ўсё гэтае і фарысэі, якія былі срэбралюбцамі, і насьмяхаліся з Яго.

15 І Ён сказаў ім: «Вы апраўдваеце сябе перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя, бо што вельмі высока ў людзей, тое агіда перад Богам.

16 Закон і Прарокі да Яна; адгэтуль жа Валадарства Божае дабравесьціцца, і кожны сілаю здабывае яго.

17 Але хутчэй неба і зямля прамінуць, чым адна рыска з Закону загіне.

18 Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю і жэніцца з другой, чужаложыць, і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, чужаложыць.

19 Адзін чалавек быў багаты, і апранаўся ў пурпур і вісон, і кожны дзень гучна весяліўся.

20 А нейкі ўбогі, на імя Лазар, ляжаў ля брамы ягонай увесь у скулах,

21 і жадаў насыціцца крошкамі, што падалі са стала багацея, і сабакі, прыходзячы, лізалі скулы ягоныя.

22 І сталася, убогі памёр і аднесены быў анёламі на ўлоньне Абрагама; памёр і багацей, і быў пахаваны.

23 І ў пекле, пакутуючы, ён, падняўшы вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлоньні ягоным,

24 і, загаласіўшы, сказаў: “Ойча Абрагаме! Зьлітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмачыў канец пальца свайго ў вадзе і асьвяжыў язык мой, бо я мучуся ў полымі гэтым”.

25 Але Абрагам сказаў: “Сыне! Узгадай, што ў жыцьці тваім меў ты добрае, а Лазар — ліхоту; цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты мучышся.

26 І да таго паміж намі і вамі вялікая прорва разьмешчана, так што тыя, хто хочуць перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, і адтуль да нас не пераходзяць”.

27 Сказаў жа ён: “Тады прашу цябе, ойча, каб ты паслаў яго ў дом бацькі майго,

28 бо ў мяне пяць братоў; няхай ён засьведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакутаў”.

29 Кажа яму Абрагам: “Маюць Майсея і прарокаў, няхай іх слухаюць”.

30 Ён жа сказаў: “Не, ойча Абрагаме! Але калі хто з памёршых прыйдзе да іх, навернуцца”.

31 Сказаў жа яму [Абрагам]: “Калі Майсея і прарокаў ня слухаюць, нават калі хто і з памёршых уваскрэсьне, не павераць”».

 

Лк 17

1 І сказаў вучням Сваім: «Згаршэньні ня могуць не прыйсьці, але гора таму, праз каго яны прыходзяць.

2 Лепей яму, калі камень ад жорнаў вісіць у яго на шыі і ён кінуты ў мора, чым каб ён згоршыў аднаго з малых гэтых.

3 Сьцеражыцеся. Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, дакарай яго і, калі навернецца, даруй яму.

4 І калі сем разоў у дзень саграшыць супраць цябе, і сем разоў у дзень зьвернецца да цябе, кажучы: “Каюся”, даруй яму».

5 І сказалі апосталы Госпаду: «Дадай нам веры».

6 А Госпад сказаў: «Калі б вы мелі веру як зерне гарчычнае і сказалі гэтаму фігаваму дрэву: “Будзь вырванае з коранем і перасаджанае ў мора”, яно паслухала б вас.

7 А хто з вас, маючы слугу, які арэ ці пасьвіць, калі ён прыйдзе з поля, скажа: “Ідзі хутчэй, узьляж”?

8 Але ж ці ня скажа яму: “Падрыхтуй мне вячэру і, падперазаўшыся, паслугуй мне, пакуль буду есьці ды піць, і пасьля гэтага еш і пі сам”?

9 Ці дзякуе ён слузе гэтаму за тое, што зрабіў загаданае яму? Ня думаю.

10 Так і вы, калі зробіце ўсё, што загадана вам, кажыце: “Мы — слугі нягодныя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць”».

11 І сталася, як ішоў у Ерусалім, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй.

12 І, калі ўваходзіў Ён у адно мястэчка, сустрэлі яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк.

13 І ўзвысілі яны голас, кажучы: «Ісусе, Настаўнік! Зьлітуйся над намі».

14 І, убачыўшы, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся сьвятарам». І сталася, калі яны ішлі, былі ачышчаныя.

15 Адзін жа з іх, бачачы, што аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога,

16 і ўпаў на твар ля ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самаранін.

17 Адказваючы, Ісус сказаў: «Ці ня дзесяць былі ачышчаныя? Дзе ж дзевяць?

18 Яны не вярнуліся аддаць славу Богу, апрача гэтага чужынца».

19 І сказаў яму: «Устань, ідзі. Вера твая збавіла цябе».

20 Запытаны ж фарысэямі, калі прыйдзе Валадарства Божае, адказаў ім і сказаў: «Не прыходзіць Валадарства Божае відавочна.

21 І ня скажуць: “Вось, яно тут”, ці: “Вось, там”. Бо вось, Валадарства Божае ўнутры вас ёсьць».

22 Вучням жа сказаў: «Прыйдуць дні, калі зажадаеце бачыць хоць адзін дзень Сына Чалавечага, і ня ўбачыце.

23 І скажуць вам: “Вось, тут”, ці: “Вось, там”, — не хадзіце і не ганяйцеся,

24 бо як бліскавіца, мільгануўшы, з аднаго краю неба да другога краю неба сьвеціць, так будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой.

25 Спачатку ж Ён мусіць шмат перацярпець і быць адкінутым пакаленьнем гэтым.

26 І як было ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага:

27 елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, як Ной увайшоў у каўчэг, і прыйшоў патоп, і загубіў усіх.

28 Падобна як было ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, продалі, садзілі, будавалі,

29 а ў дзень, калі Лот выйшаў з Садому, лінуў агонь з серкаю з неба і загубіў усіх.

30 Такім будзе той дзень, калі зьявіцца Сын Чалавечы.

31 У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы яго ў доме, няхай не зыходзіць узяць іх; і хто будзе ў полі, няхай не варочаецца.

32 Памятайце жонку Лота.

33 Бо хто шукае, каб здабыць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць яе, той ажывіць яе.

34 Кажу вам, у тую ноч будуць двое на адным ложку, адзін будзе ўзяты, а другі — пакінуты;

35 дзьве будуць малоць разам, адна будзе ўзятая, а другая — пакінутая;

36 двое будуць у полі, адзін будзе ўзяты, а другі — пакінуты».

37 І, адказваючы, кажуць Яму: «Дзе, Госпадзе?» Ён жа сказаў ім: «Дзе цела, там зьбяруцца і арлы».

 

Лк 18

1 Сказаў таксама ім прыповесьць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не журыцца,

2 кажучы: «У адным горадзе быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.

3 У тым жа горадзе была ўдава, і яна прыходзіла да яго, кажучы: “Абарані мяне ад супраціўніка майго”.

4 І ён доўгі час не хацеў. А пасьля сказаў сам сабе: “Хоць я і Бога не баюся, і людзей не саромлюся,

5 але, як гэтая ўдава дакучае мне, абараню яе, каб яна, прыходзячы бясконца, ня вымучыла мяне”».

6 І сказаў Госпад: «Чуеце, што кажа судзьдзя няправедны?

7 А Бог ці ж не абароніць выбраных Сваіх, якія клічуць да Яго дзень і ноч, і доўга цярпець будзе іх?

8 Кажу вам, што хутка абароніць іх. Але Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»

9 Сказаў жа і да тых, якія былі пэўныя сябе, што яны праведнікі, і пагарджалі другімі, гэткую прыповесьць:

10 «Два чалавекі ўвайшлі ў сьвятыню памаліцца: адзін — фарысэй, а другі — мытнік.

11 Фарысэй, стаўшы, гэтак маліўся за сябе: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як другія людзі: рабаўнікі, няправеднікі, чужаложнікі, або як гэты мытнік.

12 Пошчу два разы ў тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю”.

13 А мытнік, стаўшы здалёк, не хацеў нават падняць вачэй у неба, але біў сябе ў грудзі, кажучы: “Божа! Будзь міласьцівы да мяне, грэшніка”.

14 Кажу вам, што гэты пайшоў апраўданым у дом свой, а ня той: бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны».

15 Прыносілі да яго і немаўлят, каб Ён дакрануўся да іх. Убачыўшы гэтае, вучні сварыліся на іх.

16 А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Валадарства Божае.

17 Сапраўды кажу вам: Хто ня прыйме Валадарства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго».

18 І спытаўся ў Яго нехта з начальнікаў, кажучы: «Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?»

19 А Ісус сказаў яму: «Чаму гаворыш Мне “добры”? Ніхто ня добры, акрамя аднаго Бога.

20 Ведаеш прыказаньні: “Не чужалож”, “не забівай”, “не крадзі”, “ня сьведчы фальшыва”, “шануй бацьку твайго і маці тваю”».

21 Ён жа сказаў: «Усё гэта я захоўваў ад юнацтва майго».

22 Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў яму: «Яшчэ аднаго не хапае табе: усё, што маеш, прадай, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь, ідзі за Мною».

23 Ён жа, пачуўшы гэта, стаўся смутным, бо быў надта багаты.

24 Убачыўшы, што ён стаўся смутным, Ісус сказаў: «Як цяжка таму, хто мае багацьце, увайсьці ў Валадарства Божае.

25 Бо лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вушка, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае».

26 А чуўшыя сказалі: «І хто ж можа быць збаўленым?»

27 Ён жа сказаў: «Немагчымае для людзей магчыма для Бога».

28 А Пётар сказаў: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою».

29 Ён жа сказаў ім: «Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто, пакінуўшы дом, або бацькоў, або братоў, або жонку, або дзяцей дзеля Валадарства Божага,

30 не атрымаў бы шмат больш у гэты час, а ў веку будучым — жыцьцё вечнае».

31 Узяўшы ж Дванаццаць, сказаў ім: «Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і зьдзейсьніцца ўсё, напісанае праз прарокаў пра Сына Чалавечага,

32 бо Ён будзе выдадзены паганам, і будуць зьдзеквацца, і зьневажаць, і пляваць [на Яго],

33 і, бічаваўшы, заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне».

34 І яны нічога з гэтага не зразумелі; і словы гэтыя былі схаванымі для іх, і яны не разумелі таго, што гаварылася.

35 І сталася, як набліжаўся Ён да Ерыхону, нейкі сьляпы сядзеў ля дарогі, жабруючы.

36 Пачуўшы, што праходзіць натоўп, ён спытаўся: «Што гэта такое?»

37 Яму паведамілі, што Ісус з Назарэту ідзе.

38 І закрычаў ён, кажучы: «Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»

39 І тыя, што ішлі наперадзе, сварыліся на яго, каб маўчаў, а ён яшчэ мацней закрычаў: «Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»

40 Ісус, спыніўшыся, загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі той падыйшоў, спытаўся ў яго,

41 кажучы: «Што ты хочаш, каб Я ўчыніў?» Той сказаў: «Госпадзе, каб мне глядзець».

42 І сказаў яму Ісус: «Глядзі! Вера твая збавіла цябе».

43 І ён адразу стаў бачыць, і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, бачачы гэтае, аддаў хвалу Богу.

 

Лк 19

1 І, увайшоўшы, праходзіў Ён праз Ерыхон.

2 І вось, чалавек, якога звалі імем Закхей, і быў ён начальнік мытнікаў і чалавек багаты.

3 І ён шукаў убачыць Ісуса, які Ён, і ня мог з-за натоўпу, бо быў малы ростам.

4 І, забегшы наперад, узьлез на фігавае дрэва, каб убачыць Яго, бо ён меўся праходзіць каля яго.

5 І калі прыйшоў на гэтае месца, Ісус, глянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: «Закхей! Зыходзь хутчэй, бо сёньня Я мушу спыніцца ў доме тваім».

6 І той пасьпешна зыйшоў, і прыняў Яго з радасьцю.

7 І ўсе, якія бачылі ўсё гэта, наракалі, кажучы, што Ён увайшоў да грэшнага чалавека.

8 А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: «Госпадзе! Вось, палову маёмасьці маёй я аддаю ўбогім, і, калі каго чым скрыўдзіў, аддам учацьвёра».

9 Ісус жа сказаў яму: «Сёньня сталася збаўленьне дому гэтаму, таму што і ён — сын Абрагама.

10 Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці і збавіць тое, што было загінуўшы».

11 А тым, што слухалі гэтае, працягваючы, сказаў прыповесьць, бо Ён быў блізка Ерусаліму, і яны думалі, што адразу маюць убачыць Валадарства Божае.

12 Тады Ён сказаў: «Нейкі чалавек высокага роду пайшоў у далёкі край узяць сабе валадарства і вярнуцца.

13 Паклікаўшы ж дзесяць слугаў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: “Гандлюйце, пакуль прыйду”.

14 А грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі сьледам за ім пасольства, кажучы: “Ня хочам, каб гэты валадарыў над намі”.

15 І сталася, як ён вярнуўся, атрымаўшы валадарства, сказаў паклікаць да сябе слугаў тых, якім даў срэбра, каб даведацца, хто што зарабіў.

16 І прыйшоў першы, кажучы: “Пане! Міна твая прынесла дзесяць мінаў”.

17 І ён сказаў яму: “Добра, добры слуга! За тое, што ты ў малым быў верны, будзеш мець уладу над дзесяцьцю гарадамі”.

18 І прыйшоў другі, кажучы: “Пане! Міна твая зарабіла пяць мінаў”.

19 Сказаў і гэтаму: “І ты будзь над пяцьцю гарадамі”.

20 І трэці прыйшоў, кажучы: “Пане! Вось твая міна, якую я меў, завязаўшы ў хустку,

21 бо я баяўся цябе, што ты чалавек строгі, бярэш тое, што не лажыў, і жнеш тое, што ня сеяў”.

22 Той жа кажа яму: “Паводле вуснаў тваіх буду судзіць цябе, злы слуга. Ты ведаў, што я — чалавек строгі, бяру тое, што не лажыў, і жну тое, што ня сеяў.

23 Чаму ж ты не аддаў срэбра майго на стол [мянялам], і я, прыйшоўшы, атрымаў бы яго з прыбыткам?”

24 І сказаў тым, што побач стаялі: “Вазьміце ў яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мінаў”.

25 І сказалі яму: “Пане, ён мае дзесяць мінаў!”

26 “Кажу вам, што ўсякаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, будзе забрана і тое, што мае.

27 А ворагаў маіх, тых, што не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і страцьце перада мною”».

28 І, сказаўшы гэтае, Ён пайшоў далей, узыходзячы ў Ерусалім.

29 І сталася, калі наблізіўся да Бэтфагі і Бэтаніі, да гары, якую называюць Аліўнай, паслаў двух вучняў Сваіх,

30 сказаўшы: «Ідзіце ў мястэчка, што перад вамі, у якім, увайшоўшы, знойдзеце асьляня прывязанае, на якога ніхто з людзей ніколі не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце.

31 І калі хто спытаецца ў вас: “Навошта адвязваеце?”, — скажыце яму так: “Госпад патрабуе яго”».

32 Пайшоўшы, пасланыя знайшлі, як Ён сказаў ім.

33 Калі ж яны адвязвалі асьляня, гаспадары ягоныя сказалі ім: «Навошта адвязваеце асьляня?»

34 Яны ж сказалі: «Госпад патрабуе яго».

35 І прывялі яго да Ісуса, і, накінуўшы адзеньні свае на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса.

36 І, калі Ён ехаў, пасьцілалі на дарозе адзеньне сваё.

37 Калі ж Ён наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў з радасьцю хвалілі Бога моцным голасам за ўсе цуды, якія бачылі,

38 кажучы: «Дабраслаўлёны Валадар, Які ідзе ў імя Госпада! Супакой на небе і слава на вышынях!»

39 І некаторыя фарысэі з натоўпу сказалі Яму: «Настаўнік! Забарані вучням Тваім!»

40 І, адказваючы, Ён сказаў ім: «Кажу вам, што, калі яны замоўкнуць, дык камяні закрычаць».

41 І калі наблізіўся, убачыўшы горад, заплакаў па ім,

42 кажучы: «Каб і ты хоць у гэты дзень твой зразумеў, што дзеля супакою твайго! Але цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх.

43 Бо прыйдуць на цябе дні, і ворагі твае аточаць цябе валам, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль,

44 і зьнішчаць дашчэнту цябе, і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе камяня на камяні дзеля таго, што не зразумеў ты час адведзінаў тваіх».

45 І, увайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць тых, якія продалі ў ёй і куплялі,

46 кажучы ім: «Напісана: “Дом Мой ёсьць дом малітвы”, а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».

47 І навучаў кожны дзень у сьвятыні. А першасьвятары, і кніжнікі, і першыя ў народзе шукалі, як загубіць Яго,

48 і не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ гарнуўся да Яго, слухаючы Яго.

 

Лк 20

1 І сталася, калі ў адзін з тых дзён Ён навучаў народ у сьвятыні і дабравесьціў, прыйшлі першасьвятары і кніжнікі са старшынямі

2 і сказалі Яму, кажучы: «Скажы нам, якою ўладаю Ты гэтае робіш, ці хто даў Табе ўладу гэтую?»

3 Адказваючы, Ён сказаў ім: «Спытаюся і Я ў вас адно слова, і скажыце Мне:

4 Хрышчэньне Янава з неба было ці ад людзей?»

5 Яны ж разважалі між сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, Ён скажа: “Чаму тады вы не паверылі яму?”

6 А калі скажам: “Ад людзей”, увесь народ паб’е нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян — гэта прарок».

7 І адказалі: «Ня ведаем адкуль».

8 І сказаў ім Ісус: «Тады Я не скажу вам, якою ўладаю гэтае раблю».

9 Пачаў жа Ён гаварыць да народу гэткую прыповесьць: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, і здаў яго вінаградарам, і выехаў на доўгі час.

10 І ў свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб яны далі яму пладоў з вінаградніку, але вінаградары, зьбіўшы яго, адаслалі ні з чым.

11 Яшчэ паслаў іншага слугу; але яны і гэтага, зьбіўшы і зьняважыўшы, адаслалі ні з чым.

12 Яшчэ паслаў трэцяга; але яны і таго, зраніўшы, выгналі.

13 І сказаў гаспадар вінаградніку: “Што мне рабіць? Пашлю сына майго ўлюбёнага. Можа, убачыўшы яго, пасаромеюцца”.

14 Убачыўшы ж яго, вінаградары разважалі між сабою, кажучы: “Гэта спадкаемца; пойдзем, заб’ем яго, каб нашаю сталася спадчына”.

15 І, выгнаўшы яго вон з вінаградніку, забілі. Дык што зробіць з імі гаспадар вінаградніку?

16 Прыйдзе і выгубіць вінаградараў гэтых, і аддасьць вінаграднік другім». Тыя, што чулі гэтае, сказалі: «Няхай ня станецца!»

17 А Ён, глянуўшы на іх, сказаў: «Што тады значыць тое, што напісана: “Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла”?

18 Усякі, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раздушыць».

19 І шукалі ў гэтую гадзіну першасьвятары і кніжнікі, каб налажыць на Яго рукі, але баяліся народу, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прыповесьць.

20 І, сочачы за Ім, паслалі шпегаў, якія ўдавалі сябе за праведнікаў, каб яны падлавілі Яго на слове, каб выдаць Яго начальству і ўладзе ваяводы.

21 І тыя спыталіся ў Яго, кажучы: «Настаўнік! Мы ведаем, што Ты слушна гаворыш і навучаеш, і не глядзіш на аблічча, але паводле праўды шляху Божага навучаеш.

22 Ці належыцца плаціць падатак цэзару, ці не?»

23 А Ён, бачачы подступ іхні, сказаў ім: «Чаму вы Мяне спакушаеце?

24 Пакажыце Мне дынар. Чый на ім вобраз і надпіс?» Яны, адказваючы, сказалі: «Цэзараў».

25 Ён жа сказаў ім: «Дык аддавайце тое, што цэзарава, цэзару, а што Божае, — Богу».

26 І не маглі падлавіць Яго на слове перад народам, і, зьдзівіўшыся адказу Ягонаму, замоўклі.

27 Прыйшоўшы ж, некаторыя з садукеяў, якія пярэчаць, што ёсьць уваскрасеньне, спыталіся ў Яго,

28 кажучы: «Настаўнік! Майсей напісаў нам: “Калі памрэ нечый брат, які меў жонку, і памрэ бязьдзетным, дык брат ягоны мае ўзяць жонку ягоную і аднавіць насеньне брату свайму”.

29 Было сем братоў; і першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетным.

30 І ўзяў другі тую жанчыну, і той памёр бязьдзетным.

31 І трэці ўзяў яе, і таксама ўсе сем, і не пакінулі дзяцей, і памерлі.

32 Пасьля ўсіх памерла і жанчына.

33 Дык пры ўваскрасеньні каторага з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку».

34 І адказваючы, сказаў ім Ісус: «Сыны веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж;

35 а тыя, якія вартыя дасягнуць таго веку і ўваскрасеньня з мёртвых, ня жэняцца і замуж не выходзяць,

36 бо памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя анёлам і сыны Божыя, калі сталіся сынамі ўваскрасеньня.

37 А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей паказаў ля глогу, калі назваў Госпада Богам Абрагама, і Богам Ісаака, і Богам Якуба.

38 Ён ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых: бо ў Яго ўсе жывыя».

39 Адказваючы, некаторыя з кніжнікаў сказалі: «Настаўнік! Ты добра сказаў».

40 І ўжо не адважваліся ні пра што пытацца ў Яго. Ён жа сказаў ім:

41 «Чаму кажуць, што Хрыстос ёсьць Сын Давіда?

42 А сам Давід кажа ў кнізе псальмаў: “Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне,

43 пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх”.

44 Дык Давід называе Яго Госпадам, і як жа Ён — сын ягоны?»

45 І калі ўвесь народ слухаў, Ён сказаў вучням Сваім:

46 «Сьцеражыцеся кніжнікаў, якія хочуць хадзіць у доўгіх шатах, і любяць вітаньні на рынках, і першыя месцы ў сынагогах і ўзьлягаць на першых месцах на вячэрах,

47 якія аб’ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшы прысуд».

 

Лк 21

1 Глянуўшы ж, убачыў Ён багацеяў, якія кідалі дары свае ў скарбніцу.

2 І ўбачыў адну бедную ўдаву, якая кінула туды дзьве лепты,

3 і сказаў: «Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава кінула больш за ўсіх,

4 бо ўсе тыя з лішку свайго кідалі ў дар Богу, а яна з нястачы сваёй кінула ўсё ўтрыманьне сваё, якое мела».

5 І, калі некаторыя гаварылі пра сьвятыню, што яна аздоблена каштоўнымі камянямі і дарамі, Ён сказаў:

6 «Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які б ня быў зруйнаваны».

7 Спыталіся ж у Яго, кажучы: «Настаўнік! Калі ж гэта мае быць? І які знак, калі гэта мае стацца?»

8 Ён жа сказаў: «Глядзіце, каб вас не падманулі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і гэты час наблізіўся. Не хадзіце за імі.

9 Калі ж пачуеце пра войны і бязладзьдзе, не жахайцеся, бо гэта мусіць стацца спачатку, але не адразу канец».

10 Тады сказаў ім: «Паўстане народ на народ, і валадарства на валадарства,

11 А месцамі будуць вялікія землятрусы, і голад, і пошасьць, таксама страхі і знакі з неба вялікія будуць.

12 А перад усім гэтым ускладуць на вас рукі і будуць перасьледаваць вас, выдаючы ў сынагогі і вязьніцы, ведучы да валадароў і ваяводаў дзеля імя Майго.

13 А станецца гэта дзеля сьведчаньня вам.

14 Дык палажыце ў сэрцах вашых не абдумваць раней, як адказваць,

15 бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня здолеюць пярэчыць, ані супрацьстаяць усе супраціўнікі вашыя.

16 А будзеце выдадзеныя і бацькамі, і братамі, і сваякамі, і сябрамі; і некаторых з вас пазабіваюць,

17 і будуць ненавідзець вас усе дзеля імя Майго,

18 але і волас з галавы вашай не прападзе.

19 У цярплівасьці вашай здабывайце душы вашыя.

20 Калі ж убачыце Ерусалім, акружаны войскам, тады разумейце, што наблізілася спусташэньне яго.

21 Тады тыя, хто ў Юдэі, няхай бягуць у горы; і хто пасярод гораду, няхай выходзяць; і хто ў ваколіцы, няхай не ўваходзяць у яго,

22 бо гэта дні помсты, каб споўнілася ўсё напісанае.

23 Гора ж тым, якія цяжарныя і якія кормяць грудзьмі, у тыя дні; бо будзе вялікае бедства на зямлі і гнеў на народзе гэтым.

24 І ўпадуць ад вострыва мяча, і павядуць іх у палон да ўсіх паганскіх народаў, і Ерусалім будуць таптаць пагане, пакуль ня скончацца часы паганаў.

25 І будуць знакі на сонцы, і месяцы, і зорках, і на зямлі ўціск народаў у зьбянтэжанасьці, як зараве і забушуе мора.

26 І дрантвець будуць людзі ад страху і чаканьня таго, што прыйдзе на сусьвет, бо сілы нябесныя захістаюцца.

27 І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць у воблаку з моцаю і славаю вялікаю.

28 Калі ж пачне гэтае дзеяцца, выпрастуйцеся і падніміце галовы вашыя, таму што набліжаецца адкупленьне вашае».

29 І сказаў ім прыповесьць: «Глядзіце на фігавае дрэва і на ўсе дрэвы:

30 калі яны ўжо распускаюцца, убачыўшы, разумееце самі, што ўжо блізка лета.

31 Гэтак і вы, як убачыце, што гэтае стаецца, разумейце, што блізка ёсьць Валадарства Божае.

32 Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, як усё гэта станецца.

33 Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.

34 Пільнуйце ж самі сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя абжорствам, і п’янствам, і клопатамі жыцьцёвымі, і каб дзень той не прыйшоў да вас неспадзявана.

35 Бо ён, як пастка, спадзе на ўсіх, што жывуць на абліччы ўсёй зямлі.

36 Дык чувайце, молячыся ва ўсякі час, каб вам быць вартымі ўцячы ад усяго, што мае стацца, і стаць перад Сынам Чалавечым».

37 Удзень Ён навучаў у сьвятыні; а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, называнай Аліўнай.

38 І ўвесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў сьвятыню слухаць Яго.

 

Лк 22

1 Набліжалася ж сьвята праснакоў, называнае Пасха.

2 І шукалі першасьвятары і кніжнікі, як забіць Яго, бо баяліся народу.

3 А шатан увайшоў у Юду, называнага Іскарыётам, аднаго з ліку Дванаццаці,

4 і той, адыйшоўшы, гутарыў з першасьвятарамі і начальнікамі варты, як Яго выдаць ім.

5 І яны ўзрадаваліся, і дамовіліся даць яму грошы,

6 і ён абяцаў, і шукаў нагоды, каб выдаць Яго ім не пры натоўпе.

7 Прыйшоў жа дзень праснакоў, калі мусілі рэзаць пасхальнае [ягня].

8 І паслаў [Ісус] Пятра і Яна, сказаўшы: «Ідзіце, падрыхтуйце нам есьці Пасху».

9 Яны ж сказалі Яму: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?»

10 Ён жа сказаў ім: «Вось, пры ўваходзе вашым у горад, сустрэнецца вам чалавек, які нясе збан вады; ідзіце за ім у дом, у які ён увойдзе,

11 і скажыце гаспадару дому: “Настаўнік гаворыць табе: ‘Дзе сьвятліца, у якой буду есьці Пасху з вучнямі Маімі?’ ”

12 І ён пакажа вам залю вялікую, засланую; там падрыхтуйце».

13 Пайшоўшы ж, яны знайшлі, як Ён сказаў ім, і падрыхтавалі Пасху.

14 І калі прыйшла гадзіна, Ён узьлёг, і дванаццаць апосталаў з Ім.

15 І Ён сказаў ім: «Жаданьнем жадаю Я есьці з вамі гэтую Пасху перш, чым маю цярпець [пакуты].

16 Бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль ня споўніцца ў Валадарстве Божым».

17 І, узяўшы келіх, падзякаваўшы, сказаў: «Вазьміце гэтае і падзяліце паміж сабою,

18 бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Валадарства Божае».

19 І, узяўшы хлеб, падзякаваўшы, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсьць Цела Маё, Якое за вас даецца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне».

20 Гэтак сама і келіх [узяў] пасьля вячэры, кажучы: «Гэта келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй, якая за вас праліваецца.

21 Але вось, рука таго, хто выдае Мяне, са Мною за сталом.

22 І, сапраўды, Сын Чалавечы ідзе паводле таго, як вызначана, але гора таму чалавеку, які Яго выдае».

23 І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто гэта з іх меўся зрабіць гэта.

24 Узьнялася ж і спрэчка між імі, хто з іх лічыцца большым.

25 Ён жа сказаў ім: «Валадары народаў пануюць над імі, і тыя, што маюць над імі ўладу, дабрадзеямі называюцца.

26 Вы ж ня гэтак, але большы сярод вас станься як меншы, і правадыр — як служыцель.

27 Бо хто большы: той, які ўзьлягае за сталом, ці той, які паслугуе? Ці ня той, які ўзьлягае? А Я сярод вас, як той, які паслугуе.

28 Вы ж тыя, хто застаецца са Мною ў спакусах Маіх,

29 і Я пераказваю вам Валадарства, як Мне пераказаў Айцец Мой,

30 каб вы елі і пілі за сталом Маім у Валадарстве Маім; і сядзелі на пасадах, судзячы дванаццаць каленаў Ізраіля».

31 І сказаў Госпад: «Сымоне, Сымоне! Вось, шатан зажадаў прасейваць вас, як пшаніцу,

32 а Я маліўся за цябе, каб не паменшала вера твая; і ты, некалі павярнуўшыся, умацуй братоў тваіх».

33 Той жа адказаў Яму: «Госпадзе! З Табою я гатовы ісьці і ў вязьніцу, і на смерць!»

34 Ён жа сказаў: «Кажу табе, Пётар, не прапяе певень сёньня, як ты тройчы адрачэшся, што ведаеш Мяне».

35 І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас бяз кайстры, і бяз торбы, і без абутку, ці мелі вы нейкую нястачу?» Яны адказалі: «Аніякай».

36 Тады Ён сказаў ім: «Але цяпер, хто мае кайстру, няхай возьме таксама і торбу, і хто ня мае, няхай прадасьць адзеньне сваё і купіць меч.

37 Бо кажу вам, што мусіць зьдзейсьніцца на Мне ўсё гэта, што напісана: “І да беззаконьнікаў залічаны”. Бо ўсяму, што адносна Мяне, надыходзіць канец».

38 Яны ж сказалі: «Госпадзе! Вось, тут два мячы!» А Ён сказаў ім: «Даволі!»

39 І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Аліўную; а за Ім пайшлі і вучні Ягоныя.

40 Прыйшоўшы ж на месца, Ён сказаў ім: «Маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу».

41 І Ён адыйшоў ад іх як кінуць камень, і, укленчыўшы, маліўся,

42 кажучы: «Ойча, калі хочаш, пранясі келіх гэты міма Мяне. Аднак не Мая воля, але Твая няхай станецца».

43 Зьявіўся ж Яму анёл з неба, умацоўваючы Яго.

44 І, будучы ў барацьбе сьмяротнай, пільней маліўся, а быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю.

45 І, устаўшы ад малітвы, Ён прыйшоў да вучняў і знайшоў іх, што яны сьпяць ад смутку.

46 І сказаў ім: «Што вы сьпіцё? Устаньце, маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу».

47 Яшчэ Ён гаварыў, аж вось натоўп, а наперадзе іх ішоў адзін з Дванаццаці, называны Юда, і ён наблізіўся да Ісуса, каб пацалаваць Яго.

48 Ісус жа сказаў яму: «Юда! Пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?»

49 А тыя, якія былі з Ім, бачачы, што мае стацца, сказалі Яму: «Госпадзе! Ці ня ўдарыць мячом?»

50 І адзін з іх ударыў слугу першасьвятара, і адсек яму правае вуха.

51 Адказваючы ж, Ісус сказаў: «Пакіньце гэта». І, дакрануўшыся да вуха ягонага, аздаравіў яго.

52 А першасьвятарам, і начальнікам варты сьвятыні, і старшыням, якія прыйшлі супраць Яго, сказаў Ісус: «Быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі.

53 Кожны дзень, калі быў Я з вамі ў сьвятыні, вы ня выцягнулі на Мяне руку, але гэта вашая гадзіна і ўлада цемры».

54 Схапіўшы ж Яго, яны павялі і прыйшлі ў дом першасьвятара. А Пётар ішоў за Ім здалёк.

55 Калі ж распалілі агонь сярод панадворку і паселі разам, сядзеў і Пётар сярод іх.

56 Убачыўшы ж яго, нейкая служка, якая сядзела ля сьвятла і прыглядалася да яго, сказала: «І гэты быў з Ім».

57 Ён жа адрокся ад Яго, кажучы: «Жанчына! Я ня ведаю Яго».

58 І неўзабаве іншы, убачыўшы яго, сказаў: «І ты з іх». А Пётар сказаў: «Чалавеча! Ня я гэта».

59 І, як прайшло каля адной гадзіны, нехта другі настойваў, кажучы: «Праўда, і гэты быў з Ім, бо ён — Галілеец».

60 А Пётар сказаў: «Чалавеча, ня ведаю, што ты гаворыш». І тады, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень.

61 І павярнуўшыся, Госпад паглядзеў на Пятра, і ўзгадаў Пётар слова Госпада, як Ён сказаў яму: «Перш, чым прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне».

62 І, выйшаўшы вон, Пётар горка заплакаў.

63 І мужчыны, якія трымалі Ісуса, зьдзекваліся з Яго, зьбіваючы.

64 І, засланіўшы Яго, білі Яго па абліччы, і пыталіся ў Яго: «Праракуй, хто ўдарыў Цябе?»

65 І шмат іншага, блюзьнячы, гаварылі на Яго.

66 І калі настаў дзень, сабраліся старшыні народу, першасьвятары і кніжнікі, і прывялі Яго ў свой сынэдрыён,

67 кажучы: «Ці Ты — Хрыстос? Скажы нам». Ён жа сказаў ім: «Калі скажу вам, вы не паверыце.

68 Калі ж Я спытаюся, не адкажаце Мне і ня вызваліце.

69 Ад цяпер Сын Чалавечы сядзе праваруч моцы Божай».

70 А ўсе сказалі: «Дык Ты — Сын Божы?» Ён жа прамовіў ім: «Вы кажаце, што Я».

71 Яны ж сказалі: «Якое яшчэ патрэбна нам сьведчаньне? Бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных».

 

Лк 23

1 І, падняўшыся, усё мноства іх павяло Яго да Пілата.

2 І пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: «Гэтага знайшлі мы, што Ён псуе народ і забараняе плаціць падаткі цэзару, называючы Сябе Хрыстом Валадаром».

3 А Пілат спытаўся ў Яго, кажучы: «Ты — Валадар Юдэйскі?» Ён жа, адказваючы яму, прамовіў: «Ты кажаш».

4 А Пілат сказаў першасьвятарам і натоўпам: «Я не знаходжу аніякае віны ў гэтым Чалавеку».

5 А яны настойвалі, кажучы, што Ён падбухторвае народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж дасюль.

6 Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: «Ці ж гэты Чалавек — Галілеец?»

7 І, даведаўшыся, што Ён з-пад улады Ірада, паслаў Яго да Ірада, які ў тыя дні быў у Ерусаліме.

8 А Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно хацеў убачыць Яго, бо шмат чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць нейкі знак, які Ён учыніць.

9 І пытаўся ў Яго многімі словамі, а Ён нічога не адказваў яму.

10 А першасьвятары і кніжнікі стаялі, заўзята абвінавачваючы Яго.

11 Ірад жа з жаўнерамі сваімі, пагардзіўшы Ім і пазьдзекваўшыся з Яго, апрануў Яго ў сьветлае адзеньне і паслаў Яго да Пілата.

12 І сталіся ў той дзень Пілат і Ірад сябрамі, бо раней мелі варожасьць між сабою.

13 Пілат жа, склікаўшы першасьвятароў, і начальнікаў, і народ,

14 сказаў ім: «Вы прывялі да мяне Чалавека гэтага, як таго, хто адварочвае народ; і вось я, пры вас дапытваючы, не знайшоў у Чалавеку гэтым ніякай віны, у якой вы Яго абвінавачваеце.

15 І таксама Ірад, бо я пасылаў вас да яго, і вось, нічога ня знойдзена ў Ім, вартага сьмерці.

16 Таму, пакараўшы Яго, вызвалю».

17 А яму трэба было на сьвята вызваліць ім аднаго [вязьня].

18 А ўсё мноства закрычала, кажучы: «Вазьмі Яго! А нам вызвалі Бараббу!»

19 А той быў кінуты ў вязьніцу за паўстаньне, якое ён учыніў у горадзе, і забойства.

20 Тады Пілат ізноў прамовіў, хочучы вызваліць Ісуса.

21 А яны крычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!»

22 Ён жа трэці раз сказаў ім: «Якое зло Ён учыніў? Аніякай сьмяротнай віны я не знайшоў у Ім; дык пакараўшы Яго, вызвалю».

23 Яны ж дамагаліся моцным голасам, просячы, каб Яго ўкрыжавалі. І перамаглі галасы іхнія і першасьвятароў.

24 І Пілат прысудзіў, каб сталася паводле просьбы іхняй:

25 вызваліў ім таго, хто за паўстаньне і забойства быў кінуты ў вязьніцу, якога яны прасілі, а Ісуса выдаў на іх волю.

26 І як вялі Яго, узяўшы нейкага Сымона Кірэнэйца, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.

27 А за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчынаў, якія плакалі і галасілі па Ім.

28 Ісус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: «Дочкі Ерусалімскія! Ня плачце па Мне, але плачце па сабе і па дзецях вашых,

29 бо вось прыходзяць дні, калі скажуць: “Шчасьлівыя няплодныя, і чэравы, якія не нараджалі, і грудзі, якія не кармілі”.

30 Тады пачнуць гаварыць горам: “Упадзіце на нас”, і ўзгоркам: “Прыкрыйце нас!”

31 Бо калі з зялёным дрэвам гэтае робяць, дык з сухім што станецца?»

32 Вялі ж з Ім на сьмерць і двух іншых злачынцаў.

33 І калі прыйшлі на месца, называнае Чараповае, там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага, а другога — з левага боку.

34 Ісус жа сказаў: «Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць». А тыя, што дзялілі шаты Ягоныя, кінулі жэрабя.

35 І стаяў народ, гледзячы. Насьмяхаліся ж разам з імі і начальнікі, кажучы: «Другіх збаўляў, няхай жа Сябе Самога збавіць, калі Ён — Хрыстос, Выбранец Божы».

36 Зьдзекваліся з Яго і жаўнеры, падыходзячы, і прыносячы Яму воцат,

37 і кажучы: «Калі Ты — Валадар Юдэйскі, збаў Сябе Самога».

38 І быў над Ім надпіс, напісаны пісаньнямі грэцкімі, рымскімі і гебрайскімі: «Гэта — Валадар Юдэйскі».

39 Адзін з павешаных злачынцаў блюзьніў на Яго, кажучы: «Калі Ты — Хрыстос, збаў Сябе і нас».

40 Адказваючы, другі забараняў яму, кажучы: «Ці ж ты не баішся Бога, бо і сам маеш такі самы прысуд?

41 І мы сапраўды справядліва, бо атрымалі вартае таго, што мы зрабілі, а Ён нічога благога не зрабіў».

42 І сказаў Ісусу: «Узгадай пра мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Валадарства Тваё!»

43 І сказаў яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: сёньня будзеш са Мною ў раі».

44 А было каля шостае гадзіны, і сталася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае,

45 і зацьмілася сонца, і заслона ў бажніцы была разьдзертая пасярэдзіне.

46 І ўсклікнуўшы моцным голасам, Ісус сказаў: «Ойча, у рукі Твае аддаю Дух Мой». І, сказаўшы гэтае, аддаў духа.

47 Сотнік жа, убачыўшы ўсё, што сталася, праславіў Бога, кажучы: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў праведнік».

48 І ўвесь натоўп, які зграмадзіўся на гэта відовішча, бачачы, што здарылася, варочаўся, б’ючы сябе ў грудзі.

49 А ўсе знаёмыя з Ім і жанчыны, якія ішлі за Ім з Галілеі, стаялі здалёк, гледзячы на гэта.

50 І вось чалавек на імя Язэп, які быў ратманам, чалавек добры і праведны,

51 які не згаджаўся з радай і ўчынкам іхнім, з Арыматэі, гораду Юдэйскага, які таксама чакаў Валадарства Божага,

52 прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса,

53 і, зьняўшы Яго, абкруціў палатнінаю і палажыў Яго ў магіле, якая была высечаная ў скале, дзе яшчэ ніхто ня быў пахованы.

54 Дзень быў днём прыгатаваньня, і надыходзіла субота.

55 І жанчыны, што былі прыйшоўшы з Ім з Галілеі, пайшлі глядзець магілу і як было пакладзена цела Ягонае.

56 А вярнуўшыся, падрыхтавалі духмянасьці і міра. І ў суботу супачывалі паводле прыказаньня.

 

Лк 24

1 А ў першы дзень пасьля суботы вельмі рана прыйшлі яны да магілы, несучы падрыхтаваныя духмянасьці, і разам з імі некаторыя другія.

2 І знайшлі камень, адвалены ад магілы.

3 І ўвайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Ісуса.

4 І сталіся яны зьбянтэжаныя ад гэтага, і вось, сталі перад імі два мужы ў бліскучым адзеньні.

5 Калі ў страху схілілі яны абліччы да зямлі, тыя сказалі ім: «Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?

6 Яго няма тут, але Ён уваскрос. Узгадайце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,

7 кажучы, што Сын Чалавечы мусіць быць выдадзены ў рукі людзей грэшных, і быць укрыжаваным, і на трэці дзень уваскрэснуць».

8 І ўзгадалі яны словы Ягоныя.

9 І, вярнуўшыся ад магілы, паведамілі пра гэта ўсім Адзінаццаці і ўсім іншым.

10 А былі гэта Марыя Магдалена, і Яанна, і Марыя Якубава, і іншыя з імі, што сказалі пра гэта апосталам.

11 І падаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім.

12 А Пётар, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, бачыць прасьціну, што ляжала асобна, і адыйшоў, зьдзіўляючыся ў сабе з таго, што сталася.

13 І вось, у той жа дзень двое з іх ішлі ў мястэчка, што на адлегласьці ў шэсьцьдзесят стадыяў ад Ерусаліму, называнае Эмаус.

14 І яны гутарылі між сабою пра ўсе гэтыя здарэньні.

15 І сталася, калі яны гутарылі і разважалі між сабою, вось, Сам Ісус, падыйшоўшы, пайшоў з імі.

16 Вочы ж іхнія былі стрыманыя, дык не пазналі Яго.

17 Ён жа сказаў ім: «Што гэта за словы вы гаворыце між сабою, ідучы, і чаму вы панурыя?»

18 Адказваючы, адзін з іх, на імя Кляопа, сказаў Яму: «Ці ты адзін з вандроўнікаў у Ерусаліме і ня ведаеш, што сталася ў ім у гэтыя дні?»

19 І Ён сказаў ім: «Што?» Яны ж сказалі Яму: «Пра Ісуса з Назарэту, Які быў прарок, магутны ў справе і слове перад Богам і ўсім народам;

20 як выдалі Яго першасьвятары і начальнікі нашыя на прысуд сьмяротны і ўкрыжавалі Яго?

21 А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць Той, Які мае адкупіць Ізраіль. Але да ўсяго гэтага вось ужо трэці дзень сёньня, як тое сталася.

22 Але некаторыя жанчыны з нашых зьдзівілі нас: быўшы раніцай ля магілы

23 і не знайшоўшы цела Ягонага, яны прыйшлі, кажучы, што ўгледзелі відзеж анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы.

24 І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і знайшлі так, як і казалі жанчыны, а Яго ня бачылі».

25 І Ён сказаў ім: «О, бяздумныя і павольныя сэрцам, каб верыць усяму, што гаварылі прарокі!

26 Ці ж ня гэтак трэба было цярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?»

27 І, пачаўшы ад Майсея і ўсіх прарокаў, тлумачыў ім усё, што напісана пра Яго.

28 І наблізіліся яны да таго мястэчка, куды ішлі; і Ён паказаў, што ідзе далей.

29 І яны затрымлівалі Яго, кажучы: «Застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся да вечара». І Ён увайшоў, каб застацца з імі.

30 І сталася, калі Ён узьлягаў разам з імі, Ён, узяўшы хлеб, дабраславіў, паламаў і даў ім.

31 І адчыніліся вочы іхнія, і яны пазналі Яго, а Ён стаўся нябачным для іх.

32 І казалі яны адзін аднаму: «Ці ж не гарэла ў нас сэрца нашае, калі Ён гаварыў да нас у дарозе і калі адчыняў нам Пісаньне?»

33 І, устаўшы ў тую ж гадзіну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам Адзінаццаць і тых, што з імі,

34 якія гаварылі, што Госпад сапраўды ўваскрос і зьявіўся Сымону.

35 І яны распавялі, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламаньні хлеба.

36 Калі ж яны гэтак гаварылі, Сам Ісус стаў сярод іх і кажа ім: «Супакой вам!»

37 Яны, жахнуўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа.

38 І Ён сказаў ім: «Што вы стрывожыліся? І чаму такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?

39 Паглядзіце на рукі Мае і на ногі Мае, бо гэта Я Сам. Дакраніцеся да Мяне і пабачце, бо дух цела і костак ня мае, што, як бачыце, Я маю».

40 І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і ногі.

41 Калі ж яны ад радасьці яшчэ ня верылі і зьдзіўляліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут якую ежу?»

42 Яны ж далі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду.

43 І, узяўшы, Ён еў перад імі.

44 І сказаў ім: «Вось тыя словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі, што мусіць споўніцца ўсё, што напісана пра Мяне ў Законе Майсея, і ў Прарокаў, і ў Псальмах».

45 Тады адчыніў ім розум дзеля зразуменьня Пісаньня.

46 І сказаў ім: «Так напісана і так належала цярпець Хрысту, і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень.

47 І будзе абвешчана ў імя Ягонае навяртаньне і адпушчэньне грахоў у-ва ўсіх народах, пачынаючы ад Ерусаліму.

48 А вы — сьведкі гэтага.

49 І вось, Я пасылаю абяцаньне Айца Майго на вас. Вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не апранецеся моцаю звыш».

50 І вывеў іх вонкі да Бэтаніі, і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх.

51 І сталася, калі дабраслаўляў іх, стаў аддаляцца ад іх і быў узьнесены ў неба.

52 І яны, пакланіўшыся Яму, вярнуліся ў Ерусалім з вялікай радасьцю,

53 і былі ўсьцяж у сьвятыні, хвалячы і дабраслаўляючы Бога. Амэн.

 

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА

 

Ян 1

1 На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.

2 Яно было ў Бога спрадвеку.

3 Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не было з таго, што сталася.

4 У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятлом для людзей.

5 І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго.

6 Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яго Ян.

7 Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыў пра Сьвятло, каб усе мелі веру праз яго.

8 Ня быў ён сьвятлом, але каб сьведчыў пра Сьвятло.

9 Было Сьвятло праўдзівае, якое прасьвятляе ўсякага чалавека, што прыходзіць у сьвет.

10 Было Яно ў сьвеце, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў.

11 Да сваіх прыйшло, і свае Яго не прынялі.

12 А тым, што прынялі Яго, дало Яно ім сілу дзецьмі Божымі стацца, тым, якія вераць у імя Яго,

13 тым, што не ад крыві, не ад жаданьня цела, не ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся.

14 І Слова Целам сталася, і пасялілася між нас, поўнае ласкі і праўды, і мы бачылі славу Яго, славу, як Адзінароднага ў Айца.

15 Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта Той, пра Якога я сказаў: “Той, Які пасьля мяне ідзе, наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”».

16 І ад поўнасьці Яго ўсе мы прынялі ласку на ласку.

17 Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.

18 Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўлоньні Айца, Той зьявіў.

19 І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі з Ерусаліму паслалі сьвятароў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: «Хто ты?»

20 І ён прызнаў, і ня выракся, і прызнаў: «Я — не Хрыстос».

21 І спыталіся ў яго: «Дык што? Ты — Ільля?» І гаворыць: «Не». «Прарок?» І адказаў: «Не».

22 Дык сказалі яму: «Хто ж ты? Каб нам даць адказ тым, якія нас паслалі, што ты кажаш пра самога сябе?»

23 Ён сказаў: «Я — голас таго, хто кліча ў пустыні: Прастуйце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая».

24 А пасланыя былі з фарысэяў.

25 І яны спыталіся ў яго, і сказалі яму: «Дык чаму ты хрысьціш, калі ты не Хрыстос, ані Ільля, ані прарок?»

26 Адказаў ім Ян, кажучы: «Я хрышчу вадой, але паўстаў сярод вас Той, Якога вы ня ведаеце;

27 гэта Той, Які ідзе за мною, але наперадзе мяне быў, Якому я ня варты разьвязаць рамень сандалаў Ягоных».

28 Сталася гэта ў Бэтабары, за Ярданам, дзе хрысьціў Ян.

29 На наступны дзень бачыць Ян Ісуса, Які ішоў да яго, і кажа: «Вось Ягня Божае, Які бярэ на Сябе грэх сьвету.

30 Гэта Той, пра Якога я сказаў: “Ідзе за мною Муж, Які наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”.

31 І я ня ведаў Яго; але дзеля таго, каб Ён быў зьяўлены Ізраілю, прыйшоў я, хрысьцячы вадою».

32 І засьведчыў Ян, кажучы: «Я бачыў Духа, Які зыходзіў з неба як голуб і застаўся на Ім.

33 І я ня ведаў Яго, але Той, Які паслаў мяне хрысьціць вадою, сказаў мне: “На Кім угледзіш Духа, Які зыходзіць і застаецца на Ім, Ён і ёсьць Той, Які хрысьціць Духам Сьвятым”.

34 І я ўбачыў і засьведчыў, што Ён і ёсьць Сын Божы».

35 На наступны дзень ізноў стаяў Ян і двое з вучняў ягоных.

36 І, угледзеўшы, што ідзе Ісус, ён гаворыць: «Вось, Ягня Божае!»

37 І пачулі двое вучняў ягоных, як казаў гэта, і пайшлі за Ісусам.

38 Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: «Што шукаеце?» Яны ж сказалі Яму: «Раббі, — што перакладаецца Настаўнік, — дзе жывеш?»

39 Гаворыць ім: «Прыйдзіце і ўбачыце». Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго той дзень. Было ж каля дзясятае гадзіны.

40 Адзін з двух, якія пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.

41 Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: «Мы знайшлі Мэсію, — што перакладаецца Хрыстос».

42 І ён прывёў яго да Ісуса. Ісус жа, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты — Сымон, сын Ёны, ты будзеш называцца Кіфа, — што перакладаецца Камень».

43 На наступны дзень Ісус хацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Філіпа, і кажа яму: «Ідзі за Мною».

44 Філіп жа быў з Бэтсаіды, з гораду Андрэя і Пятра.

45 Філіп знаходзіць Натанаэля і кажа яму: «Мы знайшлі Таго, пра Каго пісаў Майсей у Законе і Прарокі, — Ісуса, сына Язэпа, што з Назарэту».

46 І сказаў яму Натанаэль: «Ці ж можа быць што добрае з Назарэту?» Гаворыць яму Філіп: «Прыйдзі і паглядзі».

47 Ісус убачыў Натанаэля, які ішоў да Яго, і кажа пра яго: «Вось, сапраўды, Ізраільцянін, у якім няма подступу».

48 Натанаэль кажа Яму: «Адкуль Ты даведаўся пра мяне?» Адказаў Ісус і сказаў яму: «Раней, чым Філіп паклікаў цябе, калі ты быў пад дрэвам фігавым, Я бачыў цябе».

49 Адказаў Яму Натанаэль: «Раббі! Ты — Сын Божы! Ты — Валадар Ізраіля!»

50 Адказаў Ісус і сказаў яму: «Ты верыш, бо Я сказаў табе: Я бачыў цябе пад дрэвам фігавым? Угледзіш больш за гэтае».

51 І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: ад цяпер угледзіце неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і зыходзяць да Сына Чалавечага».

 

Ян 2

1 На трэці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і маці Ісуса была там.

2 Быў таксама запрошаны і Ісус, і вучні Ягоныя на вясельле.

3 І, як не хапіла віна, маці Ісуса кажа Яму: «Віна ня маюць».

4 Кажа ёй Ісус: «Што Мне і табе, жанчына? Гадзіна Мая яшчэ не прыйшла».

5 Гаворыць маці Ягоная слугам: «Што Ён вам скажа, зрабіце».

6 Было ж там шэсьць каменных глякоў, якія стаялі дзеля ачышчэньня юдэйскага і зьмяшчалі дзьве ці тры меры.

7 Кажа ім Ісус: «Напоўніце вадою глякі». І напоўнілі іх да верху.

8 І кажа ім: «Чэрпайце цяпер і нясіце да маршалка». І занесьлі.

9 Калі ж маршалак пакаштаваў вады, якая сталася віном, — а ён ня ведаў, адкуль яно, слугі ж, якія налівалі ваду, ведалі, — кліча жаніха

10 і кажа яму: «Кожны чалавек перш падае добрае віно, а як нап’юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль».

11 Так зрабіў Ісус у Кане Галілейскай пачатак знакам і выявіў славу Сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.

12 Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капэрнаум, Сам і маці Ягоная, і браты Ягоныя, і вучні Ягоныя, і заставаліся там некалькі дзён.

13 І была блізка Пасха юдэйская, і ўзыйшоў Ісус у Ерусалім.

14 І знайшоў у сьвятыні тых, што прадавалі валоў, авечак і галубоў, і мянялаў, якія там сядзелі.

15 І, зрабіўшы біч з вяровак, Ён выгнаў са сьвятыні ўсіх, а таксама авечак і валоў, і грошы мянялам рассыпаў, і сталы іх абярнуў;

16 і сказаў тым, што прадавалі галубоў: «Забярыце гэта адсюль і не рабіце дом Айца Майго домам гандлю».

17 І ўзгадалі вучні Ягоныя, што напісана: «Руплівасьць пра дом Твой зьядае Мяне».

18 Адказалі тады Юдэі і сказалі Яму: «Які знак пакажаш нам, што гэтак робіш?»

19 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Зруйнуйце гэтую бажніцу, і Я ў тры дні адбудую яе».

20 Сказалі тады Юдэі: «Сорак шэсьць гадоў будавалася бажніца гэтая, а Ты ў тры дні адбудуеш яе?»

21 А Ён гаварыў пра бажніцу цела Свайго.

22 Калі ж Ён уваскрос з мёртвых, узгадалі вучні Ягоныя, што Ён казаў гэтае, і паверылі Пісаньню і словам, якія сказаў Ісус.

23 Калі ж Ён быў у Ерусаліме на Пасху ў сьвяты, многія паверылі ў імя Яго, бачачы знакі, якія Ён чыніў.

24 Але Сам Ісус не даверыўся ім, бо ведаў усіх

25 і ня меў патрэбы, каб хто сьведчыў пра чалавека, бо Ён ведаў, што было ў чалавеку.

 

Ян 3

1 Быў жа сярод фарысэяў чалавек на імя Нікадэм, начальнік юдэйскі.

2 Ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: «Раббі! Мы ведаем, што Ты Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх знакаў, якія Ты робіш, калі б ня быў з ім Бог».

3 Адказаў яму Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца звыш, ня можа ўбачыць Валадарства Божага».

4 Кажа Яму Нікадэм: «Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Няўжо ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маці сваёй і нарадзіцца?»

5 Адказаў Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Валадарства Божае.

6 Народжанае з цела ёсьць цела, а народжанае з Духа ёсьць дух.

7 Не зьдзіўляйся, што Я сказаў табе: Трэба вам нарадзіцца звыш.

8 Дух дыхае, дзе хоча, і голас Яго чуеш, але ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды адыходзіць; гэтак і ўсякі, народжаны з Духа».

9 Адказаў Нікадэм і сказаў Яму: «Як гэта можа стацца?»

10 Адказаў Ісус і сказаў яму: «Ты — настаўнік Ізраіля, і гэтага ня ведаеш?

11 Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, і вы сьведчаньня Нашага не прыймаеце.

12 Калі Я сказаў вам пра зямное, і ня верыце, як паверыце, калі буду гаварыць пра нябеснае?

13 І ніхто не ўзыйшоў у неба, толькі Сын Чалавечы, Які ў небе, Які з неба зыйшоў.

14 І, як Майсей падняў зьмея ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,

15 каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.

16 Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.

17 Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго.

18 Хто верыць у Яго, ня судзіцца, а хто ня верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.

19 Суд жа такі, што Сьвятло прыйшло ў сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі злыя.

20 Бо кожны, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятло і не ідзе да сьвятла, каб не былі дакараныя ўчынкі ягоныя.

21 А хто чыніць праўду, ідзе да сьвятла, каб відочнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу ўчынены».

22 Пасьля гэтага прыйшоў Ісус і вучні Ягоныя ў зямлю Юдэйскую, і там быў з імі, і хрысьціў.

23 Ян жа таксама хрысьціў у Эноне, недалёка ад Салему, бо вады там было шмат, і прыходзілі туды, і хрысьціліся,

24 бо Ян яшчэ ня быў кінуты ў вязьніцу.

25 І сталася спрэчка ў Янавых вучняў з Юдэямі пра ачышчэньне.

26 І прыйшлі да Яна, і сказалі яму: «Раббі! Той, Які быў з табою за Ярданам, пра Якога ты сьведчыў, вось, Ён хрысьціць, і ўсе ідуць да Яго».

27 Адказаў Ян і сказаў: «Ня можа чалавек нічога ўзяць, калі яму ня будзе дадзена з неба.

28 Самі вы сьведкі мне ў тым, што я сказаў: “Я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім”.

29 Хто мае нявесту, той жаніх, а сябра жаніха, які стаіць і слухае яго, радасьцю радуецца дзеля голасу жаніха. Вось гэтая радасьць мая споўнілася.

30 Яму трэба расьці, а мне — малець».

31 Хто з вышыні прыходзіць, Той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і з зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзіць, Той вышэй за ўсіх,

32 і што бачыў і чуў, пра тое сьведчыць, і ніхто не прыймае сьведчаньня Ягонага.

33 Хто ж прыняў Яго сьведчаньне, той запячатаў, што Бог праўдзівы.

34 Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо ня мераючы дае Бог Духа.

35 Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у руку Яго.

36 Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае, а хто ў Сына ня верыць, ня ўгледзіць жыцьця, але гнеў Божы будзе на ім.

 

Ян 4

1 Калі ж даведаўся Госпад, што пачулі фарысэі, што Ісус больш вучняў здабывае і хрысьціць, чым Ян, —

2 хоць Сам Ісус не хрысьціў, але вучні Ягоныя, —

3 пакінуў Юдэю і пайшоў зноў у Галілею.

4 Мусіў жа Ён праходзіць праз Самарыю.

5 І вось, прыходзіць Ён у горад Самарыйскі, называны Сыхар, недалёка поля, якое даў Якуб Язэпу, сыну свайму.

6 Была ж там крыніца Якуба. Дык Ісус, стомлены падарожжам, сеў ля крыніцы. Было каля шостае гадзіны.

7 Прыходзіць жанчына з Самарыі начэрпаць вады. Гаворыць ёй Ісус: «Дай Мне піць».

8 Бо вучні Ягоныя адыйшлі ў горад набыць ежы.

9 Жанчына Самаранка кажа Яму: «Як Ты, Юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны Самаранкі?» Бо Юдэі ня маюць зносін з Самаранамі.

10 Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Калі б ты ведала дар Божы і Хто кажа табе: “Дай Мне піць”, то ты прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе вады жывое».

11 Гаворыць Яму жанчына: «Пане! У Цябе і зачарпнуць няма чым, а калодзеж глыбокі. Дык адкуль у Цябе вада жывая?

12 Няўжо Ты большы за бацьку нашага Якуба, які даў нам гэты калодзеж і сам з яго піў, і сыны ягоныя, і статак ягоны?»

13 Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Усякі, хто п’е гэтую ваду, зноў будзе смагнуць.

14 Хто ж вып’е ваду, якую Я яму дам, ня будзе смагнуць ніколі, але вада, якую Я дам яму, станецца ў ім крыніцаю вады, якая цячэ ў жыцьцё вечнае».

15 Гаворыць Яму жанчына: «Пане! Дай мне гэтай вады, каб я ня смагнула і не прыходзіла сюды чэрпаць».

16 Гаворыць ёй Ісус: «Ідзі, пакліч мужа твайго і прыходзь сюды».

17 Адказала жанчына і сказала: «Я ня маю мужа». Гаворыць ёй Ісус: «Добра ты сказала, што ня маеш мужа,

18 бо мела ты пяць мужоў, і той, якога цяпер маеш, ня муж табе. Гэта ты праўдзіва сказала».

19 Гаворыць Яму жанчына: «Пане! Бачу, што Ты — прарок.

20 Бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерусаліме месца, дзе павінны пакланяцца».

21 Гаворыць ёй Ісус: «Жанчына, павер Мне, што прыходзіць час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерусаліме ня будзеце пакланяцца Айцу.

22 Вы ня ведаеце, каму пакланяецеся; а мы ведаем, Каму пакланяемся, бо збаўленьне ад Юдэяў.

23 Але прыходзіць час, і ён ужо прыйшоў, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо гэткіх паклоньнікаў Айцец шукае Сабе.

24 Бог ёсьць Дух, і тыя, якія пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе».

25 Гаворыць Яму жанчына: «Ведаю, што прыходзіць Мэсія, называны Хрыстос, і калі Ён прыйдзе, абвесьціць нам усё».

26 Гаворыць ёй Ісус: «Гэта Я, Які гавару з табою».

27 У гэты час прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што Ён гаварыў з жанчынаю, але ніводзін не сказаў: «Што шукаеш?» ці: «Што гаворыш з ёю?»

28 Тады жанчына пакінула гляк свой, і адыйшла ў горад, і гаворыць людзям:

29 «Пайдзіце, пабачце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстос гэта?»

30 Яны выйшлі з гораду і пайшлі да Яго.

31 Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Раббі! Еш».

32 Ён жа сказаў ім: «Я ем ежу, якой вы ня ведаеце».

33 Тады вучні гаварылі паміж сабою: «Няўжо нехта прынёс Яму есьці?»

34 Гаворыць ім Ісус: «Мая ежа ў тым, каб выканаць волю Таго, Хто Мяне паслаў, і скончыць справу Яго.

35 Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і прыйдзе жніво? Вось, Я кажу вам: Падыміце вочы вашыя і паглядзіце на нівы, як яны пабялелі да жніва.

36 Хто жне, атрымлівае плату і зьбірае плён дзеля жыцьця вечнага, каб і сейбіт, і жнец разам радаваліся.

37 Бо ў гэтым спраўджваецца слова: “Адзін сее, а другі жне”.

38 Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы прыйшлі на працу іхнюю».

39 І шмат Самаранаў з гораду таго паверылі ў Яго праз слова жанчыны, якая сьведчыла: «Ён сказаў мне ўсё, што я зрабіла».

40 І вось, калі прыйшлі да Яго Самаране, то прасілі Яго застацца ў іх, і Ён застаўся там два дні.

41 І яшчэ больш паверыла праз слова Яго.

42 А жанчыне гэтай казалі: «Ужо ня дзеля твайго аповеду верым, бо мы самі чулі і даведаліся, што гэта праўдзіва Збаўца сьвету, Хрыстос».

43 Праз два дні выйшаў Ён адтуль і пайшоў у Галілею.

44 Бо Сам Ісус сьведчыў, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.

45 Калі ж прыйшоў Ён у Галілею, Галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсе, што зрабіў у Ерусаліме ў часе сьвята; бо і самі яны хадзілі на сьвята.

46 І вось Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе зрабіў з вады віно. І быў у Капэрнауме нейкі ўрадовец, у якога занядужаў сын.

47 Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго прыйсьці і аздаравіць сына ягонага, бо той канаў.

48 І сказаў яму Ісус: «Вы не паверыце, калі ня ўбачыце знакаў і цудаў».

49 Урадовец кажа Яму: «Госпадзе! Прыйдзі, пакуль не памёр хлопчык мой».

50 Кажа яму Ісус: «Ідзі, сын твой жывы!» І паверыў чалавек той словам, якія сказаў яму Ісус, і пайшоў.

51 І калі ён ужо вяртаўся дадому, перанялі яго слугі ягоныя і паведамілі, кажучы: «Сын твой жывы».

52 Ён спытаўся ў іх: «А якой гадзіне палягчэла яму?» І сказалі яму: «Учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго».

53 Дык даведаўся бацька, што гэта была тая гадзіна, калі Ісус сказаў яму: «Сын твой жывы». І паверыў ён сам і ўвесь дом ягоны.

54 Гэта ўжо другі знак учыніў Ісус, вярнуўшыся з Юдэі ў Галілею.

 

Ян 5

1 Пасьля гэтага было сьвята юдэйскае, і ўзыйшоў Ісус у Ерусалім.

2 Ёсьць жа ў Ерусаліме ля Авечае брамы сажалка, якая завецца па-гебрайску Бэтэзда і якая мае пяць прысенкаў.

3 У іх ляжала вялікае мноства нядужых, сьляпых, кульгавых, ссохшых, якія чакалі руху вады;

4 бо анёл Госпадаў у пэўны час зыходзіў у сажалку і каламуціў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля ўскаламучаньня вады, той ставаўся здаровым, на што б ні хварэў.

5 І быў тут нейкі чалавек, які меў нядужасьць трыццаць восем гадоў.

6 Ісус убачыў яго, што ён ляжаў, і, даведаўшыся, што ён ляжыць ужо доўгі час, кажа яму: «Ці хочаш стацца здаровым?»

7 Нядужы адказаў Яму: «Пане, я ня маю чалавека, які спусьціў бы мяне ў сажалку, калі ўскаламуціцца вада; калі ж сам прыходжу, другі ўжо зыходзіць раней за мяне».

8 Кажа яму Ісус: «Устань, вазьмі ложак твой і хадзі».

9 І адразу стаўся здаровым той чалавек, і ўзяў ложак свой, і пайшоў. Была ж субота ў той дзень.

10 Дзеля гэтага Юдэі казалі аздароўленаму: «Сёньня субота, ня можна табе браць ложак».

11 Ён адказаў ім: «Той, Які мяне зрабіў здаровым, Ён мне сказаў: “Вазьмі ложак твой і хадзі”».

12 Тады спыталіся ў яго: «Хто Той Чалавек, Які сказаў табе: “Вазьмі ложак твой і хадзі?”»

13 Аздароўлены ж ня ведаў, хто Ён, бо Ісус зьнік у натоўпе, які быў у тым месцы.

14 Пасьля гэтага Ісус знаходзіць яго ў сьвятыні і кажа яму: «Вось, ты стаўся здаровым, не грашы больш, каб ня сталася з табою нешта горшае».

15 Чалавек гэты пайшоў і абвясьціў Юдэям, што гэта Ісус аздаравіў яго.

16 І дзеля гэтага пачалі Юдэі перасьледаваць Ісуса, і шукалі, каб забіць Яго, бо Ён учыніў гэткае ў суботу.

17 Ісус жа адказваў ім: «Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю».

18 Дзеля гэтага Юдэі яшчэ больш шукалі, каб забіць Яго, бо Ён ня толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу.

19 Тады адказваў Ісус і сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Сын нічога ня можа рабіць Сам ад Сябе, калі ня бачыць Айца, Які робіць, бо што Ён робіць, тое і Сын робіць таксама.

20 Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і большыя за гэтыя пакажа Яму справы, ажно вы зьдзівіцеся.

21 Бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча.

22 Бо Айцец і ня судзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну,

23 каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, не шануе і Айца, Які паслаў Яго.

24 Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае і на суд не ідзе, але перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё.

25 Сапраўды, сапраўды кажу вам: Прыходзіць гадзіна, і яна ўжо прыйшла, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць.

26 Бо як Айцец мае жыцьцё ў Сабе, так і Сыну даў жыцьцё мець у Сабе.

27 І даў Яму ўладу чыніць суд, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы.

28 Не зьдзіўляйцеся гэтаму: бо прыходзіць гадзіна, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Ягоны,

29 і выйдуць тыя, што чынілі добрае, на ўваскрашэньне жыцьця, а тыя, што чынілі благое, — на ўваскрашэньне суду.

30 Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу, і суд Мой праведны, бо Я не шукаю Маёй волі, але волі Айца, Які паслаў Мяне.

31 Калі Я сьведчу Сам пра Сябе, сьведчаньне Маё ня ёсьць праўдзівае.

32 Ёсьць Другі, Які сьведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае тое сьведчаньне, якім Ён сьведчыць пра Мяне.

33 Вы пасылалі да Яна, і ён засьведчыў пра праўду.

34 Але Я не ад чалавека прыймаю сьведчаньне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя.

35 Ён быў сьвечкай, якая гарэла і сьвяціла, а вы хацелі часіну радавацца пры сьвятле ягоным.

36 Я ж маю сьведчаньне, большае за Янава, бо справы, якія Айцец даў Мне скончыць, самыя гэтыя справы, якія Я раблю, сьведчаць пра Мяне, бо Айцец паслаў Мяне,

37 і Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засьведчыў пра Мяне. Але вы ані голасу Яго ніколі ня чулі, ані аблічча Яго ня бачылі,

38 і ня маеце слова Ягонага, якое ў вас было б, бо ня верыце Таму, Каго Ён паслаў.

39 Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце праз іх мець жыцьцё вечнае, і яны сьведчаць пра Мяне.

40 Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё.

41 Славы ад людзей не прыймаю,

42 але ведаю вас, што любові да Бога ня маеце ў сабе.

43 Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прыймаеце Мяне, а калі другі прыйдзе ў сваё імя, таго прыймеце.

44 Як вы можаце верыць, калі прыймаеце славу адзін ад аднаго, а славы, якая ад адзінага Бога, не шукаеце.

45 Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом; ёсьць на вас абвінавальнік Майсей, на якога вы спадзеяцёся.

46 Бо, калі б вы верылі Майсею, то верылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.

47 Калі ж ягоным пісаньням ня верыце, як Маім словам паверыце?»

 

Ян 6

1 Пасьля гэтага адыйшоў Ісус на другі бок мора Галілейскага, значыцца, Тыбэрыядзкага.

2 І ішоў за Ім шматлікі натоўп, бо бачылі знакі, якія Ён учыняў адносна нядужых.

3 І ўзыйшоў Ісус на гару, і там сядзеў з вучнямі Сваімі.

4 А была блізка Пасха, сьвята юдэйскае.

5 Тады Ісус, падняўшы вочы і ўгледзеўшы, што вялікі натоўп ідзе да Яго, кажа Філіпу: «Дзе мы купім хлеба, каб яны пад’елі?»

6 Казаў жа Ён гэта, спакушаючы яго, бо Сам ведаў, што меўся зрабіць.

7 Адказаў Яму Філіп: «Ім на дзьвесьці дынараў ня хопіць хлеба, каб кожны з іх атрымаў хоць нешта».

8 Кажа Яму адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра:

9 «Тут ёсьць адзін хлопчык, які мае пяць хлябоў ячменных і дзьве рыбы; але што гэта для такога мноства?»

10 Ісус сказаў: «Скажыце людзям узьлегчы». Было ж на тым месцы шмат травы. Тады ўзьлеглі мужчыны лікам каля пяці тысячаў.

11 І ўзяў Ісус хлябы, і, падзякаваўшы, раздаў вучням, а вучні — тым, якія ўзьляглі, падобным чынам і рыбы, колькі хто хацеў.

12 Калі ж яны насыціліся, Ён кажа вучням Сваім: «Зьбярыце кавалкі, якія засталіся, каб нічога не прапала».

13 Тады сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці ячменных хлябоў, што засталіся ў тых, якія елі.

14 Людзі ж, убачыўшы знак, які ўчыніў Ісус, казалі: «Гэта сапраўды Прарок, Які прыходзіць у сьвет».

15 Ісус жа, даведаўшыся, што яны маюць прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць Яго валадаром, ізноў адыйшоў на гару адзін.

16 Калі надыйшоў вечар, вучні Ягоныя зыйшлі да мора

17 і, увайшоўшы ў човен, паплылі на другі бок мора ў Капэрнаум. І было ўжо цёмна, і Ісус не прыйшоў да іх.

18 А мора хвалявалася, бо дзьмуў моцны вецер.

19 Праплыўшы каля дваццаці ці трыццаці стадыяў, яны бачаць Ісуса, Які ідзе па моры і ўжо недалёка ад чаўна, і спалохаліся.

20 Ён жа кажа ім: «Гэта Я, ня бойцеся!»

21 Яны хацелі ўзяць Яго ў човен, і адразу човен прыстаў да берагу, да якога плылі.

22 На заўтра натоўп, які стаяў на другім баку мора, убачыў, што там не было другога чаўна, апрача аднаго, у які ўвайшлі вучні Ягоныя, і што Ісус не ўваходзіў у човен з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Ягоныя.

23 Другія ж чаўны прыплылі з Тыбэрыяды, паблізу ад таго месца, дзе елі хлеб, за які дзякаваў Госпад.

24 Калі натоўп убачыў, што там няма ані Ісуса, ані вучняў Ягоных, дык увайшлі ў чаўны і прыплылі ў Капэрнаум, шукаючы Ісуса.

25 І, знайшоўшы Яго на другім баку мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты сюды прыйшоў?»

26 Адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі знак, але таму, што елі хлеб і наеліся.

27 Працуйце ж не дзеля ежы, што зьнішчаецца, але дзеля ежы, якая застаецца ў жыцьцё вечнае, якое дасьць вам Сын Чалавечы, бо на Ім паставіў пячатку Айцец Бог».

28 Тады сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб рабіць справы Божыя?»

29 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Гэта ёсьць справа Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў».

30 Тады яны сказалі Яму: «Які тады зробіш знак, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш?

31 Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб з неба даў ім есьці”».

32 Сказаў тады ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам праўдзівы хлеб з неба,

33 бо хлеб Божы ёсьць Той, Які зыходзіць з неба і дае жыцьцё сьвету».

34 Тады сказалі Яму: «Госпадзе! Давай нам заўсёды такі хлеб».

35 Ісус жа сказаў ім: «Я ёсьць хлеб жыцьця. Хто прыходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня будзе смагнуць ніколі.

36 Але Я сказаў вам, што вы бачылі Мяне, і ня верыце.

37 Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і таго, хто прыходзіць да Мяне, ня выганю прэч,

38 бо Я зыйшоў з неба не дзеля таго, каб чыніць Маю волю, але волю Таго, Хто паслаў Мяне.

39 А гэта ёсьць воля Айца, Які паслаў Мяне, каб з таго, што Ён Мне даў, нічога не загубіць, але ўваскрасіць усё ў апошні дзень.

40 Гэта ж ёсьць воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзень».

41 Тады Юдэі пачалі наракаць на Яго, бо Ён сказаў: «Я ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў»,

42 і гаварылі: «Ці ж Ён не Ісус, сын Язэпаў, бацьку і маці Якога мы ведаем? Як жа Ён кажа: “Я зыйшоў з неба”?»

43 Тады адказаў Ісус і сказаў ім: «Не наракайце між сабою.

44 Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі Айцец, Які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.

45 Напісана ў Прарокаў: “І будуць усе навучаны Богам”. Дык кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.

46 Не таму, што нехта бачыў Айца, акрамя Таго, Які ў Бога, Ён бачыў Айца.

47 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае.

48 Я — хлеб жыцьця.

49 Бацькі вашыя елі манну ў пустыні і паўміралі.

50 Хлеб жа, які з неба зыходзіць, такі, што той, хто будзе есьці яго, не памрэ.

51 Я — хлеб жывы, які з неба зыйшоў. Хто будзе есьці хлеб гэты, жыць будзе на вякі. Хлеб жа, які Я дам, ёсьць Цела Маё, якое Я аддам за жыцьцё сьвету».

52 І спрачаліся між сабою Юдэі, кажучы: «Як Ён можа даць нам есьці Цела Сваё?»

53 Тады сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі ня будзеце есьці Цела Сына Чалавечага і піць Кроў Ягоную, ня будзеце мець жыцьця ў сабе.

54 Хто есьць Цела Маё і п’е Кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.

55 Бо Цела Маё сапраўды ёсьць ежа, і Кроў Мая сапраўды ёсьць пітво.

56 Хто есьць Цела Маё і п’е Кроў Маю, у-ва Мне ёсьць, і Я ў ім.

57 Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву праз Айца, так і той, хто есьць Мяне, жыць будзе праз Мяне.

58 Гэта і ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў. Ня так, як бацькі вашыя елі манну і паўміралі. Хто есьць гэты хлеб, жыць будзе на вякі».

59 Гэта гаварыў Ён у сынагозе, навучаючы ў Капэрнауме.

60 Многія з вучняў Ягоных, якія чулі гэта, казалі: «Жорсткае гэта слова. Хто можа слухаць яго?»

61 Ісус жа, ведаючы ў Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць адносна гэтага, сказаў ім: «Ці гэта вас згаршае?

62 А калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней?

63 Дух ажыўляе, а цела не прыносіць аніякай карысьці. Словы, якія Я вам кажу, ёсьць дух і жыцьцё.

64 Але ёсьць некаторыя сярод вас, што ня вераць». Бо Ісус ад пачатку ведаў, што ёсьць тыя, што ня вераць, і хто выдасьць Яго.

65 І сказаў: «Дзеля гэтага і сказаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі яму ня будзе дадзена Айцом Маім».

66 З таго часу многія з вучняў Ягоных пайшлі назад і ўжо не хадзілі з Ім.

67 Тады Ісус сказаў Дванаццаці: «Ці ня хочаце і вы зыйсьці?»

68 Адказаў тады Яму Сымон Пётар: «Госпадзе! Да каго нам ісьці? Ты маеш словы жыцьця вечнага.

69 І мы паверылі, і пазналі, што Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога».

70 Адказаў ім Ісус: «Ці ня вас дванаццаць Я выбраў? Але адзін з вас — д’ябал».

71 Гаварыў жа Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо той меўся выдаць Яго, хоць быў адзін з Дванаццаці.

 

Ян 7

1 І хадзіў Ісус пасьля гэтага па Галілеі, бо не хацеў хадзіць па Юдэі, таму што Юдэі шукалі забіць Яго.

2 Было ж блізка сьвята юдэйскае Намётаў.

3 Тады браты Ягоныя сказалі Яму: «Выйдзі адсюль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі справы Твае, якія Ты робіш.

4 Бо ніхто нічога таемна ня робіць, і сам імкнецца быць вядомым. Калі робіш гэткае, зьяві Сябе сьвету».

5 Бо і браты Ягоныя таксама ня верылі ў Яго.

6 Ісус жа кажа ім: «Час Мой яшчэ не прыйшоў, а для вас заўсёды час.

7 Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу пра яго, што справы ягоныя злыя.

8 Вы ідзіце на гэтае сьвята, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ ня споўніўся».

9 Сказаўшы ім гэта, застаўся ў Галілеі.

10 Калі ж пайшлі браты Ягоныя, тады і Ён пайшоў на сьвята, ня яўна, але як быццам таемна.

11 А Юдэі шукалі Яго на сьвяце і гаварылі: «Дзе Ён?»

12 І шмат размоваў было адносна Яго ў натоўпах: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: «Не, бо Ён падманвае грамаду».

13 Аднак ніхто не гаварыў адносна Яго яўна дзеля страху перад Юдэямі.

14 Але ў палове сьвята Ісус увайшоў у сьвятыню і навучаў.

15 І зьдзіўляліся Юдэі, кажучы: «Як Ён ведае Пісаньні, не вучыўшыся?»

16 Адказаў ім Ісус і сказаў: «Маё вучэньне не Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне.

17 Калі хто хоча выконваць волю Яго, той зразумее адносна вучэньня гэтага, ці ад Бога яно, ці Я ад Сябе гавару.

18 Хто гаворыць сам ад сябе, той шукае сваёй славы, а Хто шукае славы Таго, Хто паслаў Яго, Той праўдзівы, і няма ў Ім няправеднасьці.

19 Ці ня даў вам Майсей Закону? І ніхто з вас не выконвае Закон. За што шукаеце забіць Мяне?»

20 Натоўп адказаў і сказаў: «Дэмана Ты маеш. Хто шукае забіць Цябе?»

21 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Адну справу Я зрабіў, і вы ўсе зьдзіўляецеся.

22 Майсей даў вам абразаньне; хоць яно і не ад Майсея, але ад бацькоў, і ў суботу вы абразаеце чалавека.

23 Калі ў суботу абразаецца чалавек, каб ня быў парушаны закон Майсееў, чаму ж вы незадаволеныя Мною, што Я ўсяго чалавека зрабіў здаровым у суботу?

24 Не судзіце па зьнешнасьці, але судзіце судом справядлівым».

25 Казалі тады некаторыя з Ерусалімцаў: «Ці ж гэта ня Той, Якога шукаюць, каб забіць?

26 І вось Ён яўна гаворыць, і нічога ня кажуць Яму. Ці не пераканаліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос?

27 Але мы ведаем Яго, адкуль Ён. Калі ж прыйдзе Хрыстос, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён».

28 Усклікнуў тады Ісус у сьвятыні, навучаючы і кажучы: «І Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я, і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але праўдзівы Той, Які паслаў Мяне, Якога вы ня ведаеце.

29 А Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў».

30 І шукалі, каб схапіць Яго, і ніхто не ўзлажыў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшла гадзіна Ягоная.

31 Многія ж з натоўпу паверылі ў Яго і казалі: «Хрыстос, калі прыйдзе, няўжо ўчыніць больш знакаў, чымсьці Гэты ўчыніў?»

32 Пачулі фарысэі натоўп, які гэтак гаварыў адносна Яго; і паслалі фарысэі і першасьвятары паслугачоў, каб схапілі Яго.

33 Ісус жа сказаў ім: «Яшчэ трохі часу Я буду з вамі, і пайду да Таго, Які паслаў Мяне.

34 Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы ня можаце прыйсьці».

35 Гаварылі тады Юдэі між сабою: «Куды Ён мае ісьці, што мы ня знойдзем Яго? Ці ня мае Ён ісьці да грэцкага расьцярушаньня і навучаць Грэкаў?

36 Што мае значыць гэтае слова, якое Ён сказаў: “Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы ня можаце прыйсьці”? »

37 А ў апошні вялікі дзень сьвята Ісус стаяў і ўсклікнуў, кажучы: «Калі хто смагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е.

38 Хто верыць у Мяне, як сказана ў Пісаньні, у таго з жывата пацякуць рэкі вады жывое».

39 Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, якія вераць у Яго, бо не было яшчэ Духа Сьвятога, бо ня быў яшчэ Ісус праслаўлены.

40 Многія з натоўпу, пачуўшы гэта слова, казалі: «Ён, сапраўды, — прарок».

41 Другія казалі: «Ён — Хрыстос». А іншыя казалі: «Хіба з Галілеі прыйдзе Хрыстос?

42 Ці ж не сказана ў Пісаньні, што з насеньня Давідавага і з Бэтлеему, мястэчка, адкуль быў Давід, прыйдзе Хрыстос?»

43 І стаўся дзеля Яго падзел у натоўпе.

44 Некаторыя ж з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не ўзлажыў на Яго рукі.

45 Тады вярнуліся паслугачы да першасьвятароў і фарысэяў, і тыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?»

46 Паслугачы адказалі: «Ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек».

47 Фарысэі тады адказалі ім: «Няўжо і вы падманутыя?

48 Ці паверыў у Яго хто з начальнікаў ці з фарысэяў?

49 Але гэты натоўп, які ня ведае Закону, ён пракляты».

50 Кажа ім Нікадэм, адзін з іх, які прыходзіў да Яго ўначы:

51 «Няўжо судзіць наш Закон чалавека, ня выслухаўшы яго спачатку і не даведаўшыся, што ён робіць?»

52 Адказалі і сказалі яму: «Няўжо і ты з Галілеі? Дасьледуй і пабач, што з Галілеі прарок не паўставаў».

53 І пайшоў кожны ў дом свой.

 

Ян 8

1 Ісус жа пайшоў па гару Аліўную.

2 Нараніцы Ён ізноў прыйшоў у сьвятыню, і ўвесь народ ішоў да Яго. І сеўшы, Ён вучыў іх.

3 Тут кніжнікі і фарысэі прыводзяць да Яго жанчыну, злоўленую на чужалостве, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,

4 кажуць Яму: «Настаўнік, гэтая жанчына злоўленая на чужалостве.

5 Майсей жа ў Законе загадаў нам гэткіх каменаваць. А Ты што скажаш?»

6 Казалі ж яны гэта, спакушаючы Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. А Ісус, нізка нахіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі.

7 Калі ж яны працягвалі пытацца ў Яго, Ён, выпрастаўшыся, сказаў ім: «Хто з вас бязгрэшны, няхай першы кіне камень у яе».

8 І, зноў нізка нахіліўшыся, пісаў на зямлі.

9 Яны ж, пачуўшы гэтае і дакараныя сумленьнем, павыходзілі адзін за адным, пачаўшы ад старшыняў, аж да апошніх. І застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.

10 Ісус выпрастаўся, і, ня бачачы нікога, акрамя жанчыны, сказаў ёй: «Жанчына! Дзе тыя, хто абвінавачваў цябе? Ніхто не асудзіў цябе?»

11 Яна сказала: «Ніхто, Госпадзе!» Ісус жа сказаў ёй: «І Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы».

12 Тады ізноў сказаў Ісус да іх, кажучы: «Я — сьвятло сьвету. Хто ідзе за Мною, той ня будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця».

13 Тады фарысэі сказалі Яму: «Ты Сам пра Сябе сьведчыш, непраўдзівае сьведчаньне Тваё».

14 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Калі Я і Сам пра Сябе сьведчу, праўдзівае сьведчаньне Маё, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я прыходжу і куды іду.

15 Вы судзіце паводле цела; Я не суджу нікога.

16 А калі Я і суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, Які паслаў Мяне.

17 І ў Законе вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек праўдзівае.

18 Я Сам сьведчу пра Сябе, і сьведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне».

19 Тады сказалі Яму: «Дзе Айцец Твой?» Адказаў Ісус: «Вы ня ведаеце ані Мяне, ані Айца Майго. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго».

20 Гэтыя словы гаварыў Ісус ля скарбніцы, калі навучаў у сьвятыні; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не прыйшла гадзіна Ягоная.

21 Зноў жа сказаў ім Ісус: «Я іду, і будзеце шукаць Мяне; і паўміраеце ў грэху вашым. Куды Я іду, вы прыйсьці ня можаце».

22 Юдэі ж казалі: «Ці не заб’е Ён Сябе Сам, бо кажа: “Куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці”?»

23 І сказаў Ён ім: «Вы — з нізу, а Я — з вышыні; вы — з гэтага сьвету, Я — ня з гэтага сьвету.

24 Таму сказаў Я вам, што вы паўміраеце ў грахах вашых; бо калі не паверыце, што Я гэта, паўміраеце ў грахах вашых».

25 Тады яны сказалі Яму: «Хто ж Ты?» І сказаў ім Ісус: «Адпачатны, як і кажу вам.

26 Шмат маю казаць пра вас і судзіць, але Той, Які паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьвету».

27 Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца.

28 Тады сказаў ім Ісус: «Калі падымеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я і што нічога ня раблю ад Сябе, але як навучыў Мяне Айцец Мой, так і кажу.

29 І Той, Які паслаў Мяне, разам са Мною. Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што падабаецца Яму».

30 Калі ён гаварыў гэтае, многія паверылі ў Яго.

31 Тады сказаў Ісус Юдэям, якія паверылі ў Яго: «Калі застанецеся ў слове Маім, дык сапраўды вы — вучні Мае.

32 І спазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас».

33 Яму адказалі: «Мы — насеньне Абрагама і нікому не былі нявольнікамі ніколі. Як жа Ты кажаш: “Станецеся вольнымі”?».

34 Адказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: усякі, хто робіць грэх, ёсьць нявольнік грэху.

35 Але нявольнік не жыве ў доме вечна, сын застаецца вечна.

36 Дык вось, калі Сын вызваліць вас, праўдзіва станецеся вольнымі.

37 Ведаю, што вы — насеньне Абрагама, але вы шукаеце, каб забіць Мяне, бо слова Маё не зьмяшчаецца ў вас.

38 Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага».

39 Яны адказалі і сказалі Яму: «Бацька наш — Абрагам». Кажа ім Ісус: «Калі б вы былі дзеці Абрагама, дык рабілі б справы Абрагама.

40 А цяпер вы шукаеце, каб забіць Мяне, Чалавека, Які сказаў вам праўду, якую чуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў.

41 Вы робіце справы бацькі вашага». Тады сказалі Яму: «Мы не з распусты народжаныя; аднаго Айца маем, Бога».

42 Ісус тады сказаў ім: «Калі б Бог быў ваш Айцец, дык вы любілі б Мяне, бо Я з Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.

43 Чаму вы не разумееце гаворкі Маёй? Бо ня можаце чуць слова Маё.

44 Ваш бацька — д’ябал, і вы хочаце выконваць пажаданьні бацькі вашага. Ён быў чалавеказабойца ад пачатку і ня вытрываў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі ён гаворыць хлусьню, гаворыць сваё, бо ён — хлус і бацька хлусьні.

45 А калі Я кажу праўду, вы ня верыце Мне.

46 Хто з вас давядзе Мой грэх? Калі ж Я кажу праўду, чаму вы ня верыце Мне?

47 Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы таму ня слухаеце, што вы не ад Бога».

48 Адказалі тады Юдэі і сказалі Яму: «Ці ж ня слушна мы кажам, што Ты — Самаранін, і дэмана маеш?»

49 Адказаў Ісус: «Я дэмана ня маю, але Я шаную Айца Майго, а вы зьневажаеце Мяне.

50 Але Я не шукаю Сваёй славы; ёсьць Той, Хто шукае і судзіць.

51 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто захавае слова Маё, ня ўбачыць сьмерці на вякі».

52 Тады сказалі Яму Юдэі: «Цяпер мы ведаем, што маеш дэмана. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: хто захавае слова Маё, не пакаштуе сьмерці на вякі.

53 Няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр, і прарокі памерлі? Кім Ты Сябе робіш?»

54 Адказаў Ісус: «Калі Я Сам Сябе праслаўляю, дык слава Мая — нішто. Мяне праслаўляе Айцец Мой, пра Якога вы кажаце, што Ён — Бог ваш.

55 І вы не спазналі Яго, а Я ведаю Яго, і калі скажу, што ня ведаю Яго, буду падобны да вас хлус. Але Я ведаю Яго і захоўваю слова Ягонае.

56 Абрагам, бацька ваш, рады быў бачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся».

57 Тады сказалі Яму Юдэі: «Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?»

58 Сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: перш, чым Абрагам быў, Я ёсьць».

59 Узялі тады камяні, каб кінуць у Яго, але Ісус схаваўся і выйшаў са сьвятыні, прайшоўшы між імі, і пайшоў далей.

 

Ян 9

1 І, праходзячы, убачыў чалавека, сьляпога ад нараджэньня.

2 І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Раббі! Хто саграшыў: ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сьляпы?»

3 Адказаў Ісус: «Не саграшыў ані ён, ані бацькі ягоныя, але каб былі выяўленыя праз яго справы Божыя.

4 Мне трэба рабіць справу Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; прыходзіць ноч, калі ніхто ня можа рабіць.

5 Пакуль Я ў сьвеце, Я — сьвятло сьвету».

6 Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сьліны балота і памазаў балотам вочы сьляпому,

7 і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў сажалцы Сілаам, — што перакладаецца Пасланы». Тады той пайшоў, і абмыўся, і прыйшоў відушчы.

8 Суседзі ж і тыя, што бачылі яго раней, як быў сьляпы, казалі: «Ці ж ня той гэта, які сядзеў і жабраваў?»

9 Адны казалі: «Гэта ён», а іншыя: «Падобны да яго». Ён жа сказаў: «Гэта я».

10 Тады сказалі яму: «Як адчыніліся вочы твае?»

11 Адказаў ён і сказаў: «Чалавек, называны Ісус, зрабіў балота, памазаў вочы мае і сказаў мне: “Ідзі да сажалкі Сілаам і абмыйся”. Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць».

12 Тады сказалі яму: «Дзе Ён?» Ён кажа: «Ня ведаю».

13 Вядуць гэтага былога сьляпога да фарысэяў.

14 А была субота, калі Ісус зрабіў балота і адчыніў яму вочы.

15 Тады ізноў спыталіся ў яго фарысэі, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Балота палажыў Ён на вочы мае, і я абмыўся, і бачу».

16 Сказалі тады некаторыя з фарысэяў: «Не ад Бога Гэты Чалавек, бо Ён не захоўвае суботы». Іншыя казалі: «Як можа чалавек грэшны рабіць гэткія знакі?» І быў падзел між імі.

17 Зноў кажуць сьляпому: «Што ты скажаш пра Яго, бо Ён адчыніў табе вочы?» Той гаворыць: «Гэта прарок».

18 Юдэі тады не паверылі, што ён быў сьляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў гэтага [чалавека], які стаў бачыць,

19 і спыталіся ў іх, кажучы: «Ці гэта сын ваш, пра якога вы кажаце, што ён нарадзіўся сьляпы? Як жа ён цяпер бачыць?»

20 Бацькі ягоныя адказалі ім і сказалі: «Мы ведаем, што ён — наш сын, і што ён нарадзіўся сьляпы.

21 А як цяпер бачыць, ня ведаем, таксама, хто адчыніў яму вочы, мы ня ведаем. Ён дарослы, яго спытайцеся; няхай сам пра сябе скажа».

22 Так казалі бацькі ягоныя, таму што баяліся Юдэяў, бо Юдэі ўжо дамовіліся, каб калі хто прызнае Яго за Хрыста, адлучыць ад сынагогі.

23 Дзеля гэтага бацькі ягоныя сказалі: «Ён дарослы, яго спытайцеся».

24 Тады другі раз паклікалі таго чалавека, які быў сьляпы, і сказалі яму: «Аддай славу Богу. Мы ведаем, што Чалавек Той — грэшнік».

25 Ён жа адказаў і сказаў: «Ці Ён — грэшнік, ня ведаю. Адно ведаю, што я быў сьляпы, а цяпер бачу».

26 Дык ізноў сказалі яму: «Што Ён зрабіў табе? Як Ён адчыніў твае вочы?»

27 Адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, і вы ня слухалі. Што яшчэ хочаце пачуць? Няўжо і вы хочаце стацца вучнямі Ягонымі?»

28 Тады насварыліся на яго і сказалі: «Гэта ты — Ягоны вучань, а мы — вучні Майсея.

29 Мы ведаем, што з Майсеем гаварыў Бог, а Гэтага ня ведаем, адкуль Ён».

30 Адказаў чалавек той і сказаў ім: «Гэта і дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль Ён, а Ён адчыніў мае вочы.

31 Мы ж ведаем, што грэшнікаў Бог ня слухае; але хто пакланяецца Богу і волю Ягоную выконвае, таго слухае.

32 Ад веку не чуваць было, каб хто адчыніў вочы народжанаму сьляпым.

33 Калі б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы нічога ўчыніць».

34 Адказалі і сказалі яму: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты нас вучыш?» І выгналі яго прэч.

35 Пачуў Ісус, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў яму: «Ці верыш ты ў Сына Божага?»

36 Той адказаў і сказаў: «А хто Ён, Пане, каб мне верыць у Яго?»

37 Ісус жа сказаў яму: «І ты бачыў Яго, і Той, Які гаворыць з табою, — гэта Ён».

38 Ён жа сказаў: «Веру, Госпадзе!» І пакланіўся Яму.

39 І сказаў Ісус: «На суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб тыя, што ня бачаць, бачылі, а тыя, што бачаць, зрабіліся сьляпыя».

40 І пачулі гэта тыя з фарысэяў, якія былі з Ім, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сьляпыя?»

41 Ісус сказаў ім: «Калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б грэху. Але цяпер вы кажаце, што бачыце, таму грэх ваш застаецца.

 

Ян 10

1 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не дзьвярыма ўваходзіць у авечы двор, але ўлазіць іначай, той злодзей і разбойнік.

2 А хто ўваходзіць дзьвярыма, той — пастыр авечак.

3 Яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі слухаюць голас ягоны, і ён кліча сваіх авечак па імёнах, і выводзіць іх.

4 І калі выведзе сваіх авечак, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць голас ягоны.

5 За чужым жа ня пойдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу».

6 Гэтую прыказку сказаў ім Ісус, але яны не зразумелі, што такое Ён гаварыў ім.

7 Тады ізноў сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што Я — дзьверы авечак.

8 Усе, якія прыходзілі раней за Мяне, — злодзеі і разбойнікі, але авечкі не паслухаліся іх.

9 Я — дзьверы. Хто ўвойдзе праз Мяне, збаўлены будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе.

10 Злодзей прыходзіць, каб толькі ўкрасьці, забіць і загубіць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыцьцё і мелі ўдосталь.

11 Я — Пастыр добры. Добры пастыр аддае душу сваю за авечак,

12 а найміт, які ня пастыр, для якога авечкі не свае, бачыць, што прыходзіць воўк, і пакідае авечак, і ўцякае, і воўк хапае іх, і разганяе авечак.

13 Найміт жа ўцякае, бо ён найміт і ня рупіцца пра авечкі.

14 Я — Пастыр добры і ведаю, хто мае, і мае ведаюць Мяне.

15 Як Айцец ведае Мяне, і Я ведаю Айца, і душу Маю аддаю за авечак.

16 Маю Я і іншых авечак, якія ня з гэтага двара, і іх Я мушу прывесьці. І яны пачуюць голас Мой, і станецца адзін статак і адзін Пастыр.

17 За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю душу Маю, каб ізноў узяць яе.

18 Ніхто не забірае яе ў Мяне, але Я Сам аддаю яе. Маю ўладу аддаць яе і маю ўладу ізноў узяць яе. Гэтае прыказаньне атрымаў Я ад Айца Майго».

19 Тады ізноў стаўся падзел між Юдэямі дзеля гэтых словаў.

20 Многія з іх казалі: «Ён мае дэмана і вар’яцее; што вы слухаеце Яго?»

21 Другія казалі: «Гэта словы не апанаванага дэманам. Ці ж можа дэман адчыняць вочы сьляпым?»

22 І сталася ў Ерусаліме сьвята Абнаўленьня, і была зіма.

23 І хадзіў Ісус у сьвятыні ў прысенку Салямонавым.

24 Тады абступілі Яго Юдэі і сказалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць душу нашу? Калі Ты — Хрыстос, скажы нам адкрыта».

25 Адказаў ім Ісус: «Я казаў вам, і ня верыце; справы, якія Я раблю ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне.

26 Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авечак, як Я сказаў вам.

27 Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

28 І Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць на вякі, і ніхто ня выхапіць іх з рукі Маёй.

29 Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто ня можа выхапіць іх з рукі Айца Майго.

30 Я і Айцец — адно».

31 Тады ізноў Юдэі ўзялі камяні, каб укаменаваць Яго.

32 Адказаў ім Ісус: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго. За які з іх хочаце Мяне ўкаменаваць?»

33 Юдэі адказалі Яму, кажучы: «Не за добры ўчынак хочам укаменаваць Цябе, але за блюзьнерства, і што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам».

34 Ісус адказаў ім: «Ці не напісана ў Законе вашым: “Я сказаў: ‘Вы — богі’ ”?

35 Калі Ён назваў багамі тых, да якіх было слова Божае, і ня можа быць парушана Пісаньне,

36 як Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: “Блюзьніш”, таму што сказаў: “Я — Сын Божы”?

37 Калі Я не раблю ўчынкаў Айца Майго, ня верце Мне.

38 Калі ж раблю, калі Мне ня верыце, дык верце ўчынкам Маім, каб спазналі і паверылі, што Айцец у-ва Мне, і Я ў Ім».

39 Тады ізноў шукалі схапіць Яго, але Ён выйшаў з рук іхніх

40 і пайшоў ізноў за Ярдан, у тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там.

41 І многія прыйшлі да Яго, і казалі, што Ян не ўчыніў ніводнага знаку, але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, было праўдзівым.

42 І многія там паверылі ў Яго.

 

Ян 11

1 Быў жа нейкі хворы Лазар з Бэтаніі, мястэчка Марыі і Марты, сястры ейнай.

2 А Марыя, якой брат Лазар быў хворы, была тая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Ягоныя валасамі сваімі.

3 Дык сёстры паслалі да Яго, кажучы: «Госпадзе! Вось той, з кім Ты сябруеш, нядужы».

4 Ісус, пачуўшы, сказаў: «Гэтая нядужасьць не на сьмерць, але на славу Божую, каб Сын Божы быў праслаўлены праз яе».

5 А Ісус любіў Марту, і сястру ейную, і Лазара.

6 Калі ж пачуў, што той хворы, дык заставаўся два дні ў тым месцы, дзе знаходзіўся.

7 Пасьля гэтага кажа вучням: «Пойдзем ізноў у Юдэю».

8 Вучні кажуць Яму: «Раббі! Толькі што Юдэі шукалі ўкаменаваць Цябе, і Ты ізноў ідзеш туды?»

9 Ісус адказаў: «Ці не дванаццаць гадзінаў мае дзень? Хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, бо бачыць сьвятло гэтага сьвету,

10 а хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо сьвятла няма ў ім».

11 Сказаў гэта, і пасьля кажа ім: «Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду пабудзіць яго».

12 Сказалі тады вучні Ягоныя: «Госпадзе! Калі заснуў, будзе здаровы».

13 Ісус жа гаварыў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сонны супачынак.

14 Тады Ісус сказаў ім адкрыта: «Лазар памёр;

15 і Я радуюся дзеля вас, што Я ня быў там, каб вы паверылі; але пойдзем да яго».

16 Тады Тамаш, называны Блізьнюк, сказаў таварышам-вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці з ім».

17 Прыйшоўшы, Ісус знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле.

18 Бэтанія ж была блізка ад Ерусаліму, нешта з пятнаццаць стадыяў.

19 І шмат Юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі пацешыць іх па браце іхнім.

20 Марта, калі пачула, што ідзе Ісус, выйшла напярэймы Яму, а Марыя сядзела ў доме.

21 Тады Марта сказала Ісусу: «Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.

22 Але і цяпер ведаю, што чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог».

23 Кажа ёй Ісус: «Уваскрэсьне брат твой».

24 Кажа Яму Марта: «Ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрасеньне, у апошні дзень».

25 Ісус сказаў ёй: «Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё. Хто верыць у Мяне, хоць і памрэ, жыць будзе.

26 І ўсякі, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ на вякі. Ці верыш гэтаму?»

27 Яна кажа Яму: «Так, Госпадзе! Я веру, што Ты — Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзіць у сьвет».

28 І, сказаўшы гэтае, пайшла і паклікала цішком Марыю, сястру сваю, кажучы: «Настаўнік прыйшоў і кліча цябе».

29 Яна, як толькі пачула, хутка ўстала і пайшла да Яго.

30 Ісус жа яшчэ не ўвайшоў у мястэчка, але быў на тым месцы, дзе пераняла Яго Марта.

31 Юдэі ж, што былі з ёю ў доме і пацяшалі яе, бачачы, што Марыя хутка ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, кажучы, што ідзе на магілу плакаць там.

32 Марыя ж, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала да ног Ягоных, кажучы Яму: «Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой».

33 Ісус, калі ўбачыў, што яна плача і што плачуць Юдэі, якія з ёй прыйшлі, уздыхнуў у духу, і ўсхваляваўся,

34 і сказаў: «Дзе вы палажылі яго?» Кажуць Яму: «Госпадзе! Прыйдзі і паглядзі».

35 Ісус заплакаў.

36 Казалі тады Юдэі: «Глядзі, як Ён любіў яго».

37 А некаторыя з іх сказалі: «Ці ня мог Ён, Які адчыніў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»

38 Ісус жа, ізноў уздыхнуўшы ў духу, прыходзіць да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй.

39 Кажа Ісус: «Падніміце камень!» Кажа Яму сястра нябожчыка, Марта: «Госпадзе, ужо сьмярдзіць, бо ўжо чацьвёрты дзень».

40 Кажа ёй Ісус: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, угледзіш славу Божую?»

41 Тады паднялі камень, дзе ляжаў нябожчык. А Ісус падняў вочы ўгору і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне.

42 Бо Я ведаю, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але Я сказаў дзеля натоўпу, які тут стаіць, каб яны паверылі, што Ты паслаў Мяне».

43 І, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: «Лазар! Выйдзі вонкі!»

44 І выйшаў нябожчык са зьвязанымі пахавальнай тканінай нагамі і рукамі, і твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Ісус: «Разьвяжыце яго і дайце хадзіць».

45 Тады многія з Юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Ісус, паверылі ў Яго.

46 А некаторыя з іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што ўчыніў Ісус.

47 Тады першасьвятары і фарысэі склікалі сынэдрыён і казалі: «Што нам рабіць? Гэты Чалавек робіць шмат знакаў.

48 Калі пакінем Яго гэтак, дык усе павераць у Яго, і прыйдуць Рымляне, і забяруць месца [гэтае] і народ».

49 Адзін жа з іх, нехта Каяфа, які быў той год першасьвятаром, сказаў ім: «Вы нічога ня ведаеце,

50 і ня думаеце, што карысьней для нас, каб адзін чалавек памёр за народ, чым каб увесь народ загінуў».

51 Гэтае ж ён сказаў не ад сябе, але, быўшы той год першасьвятаром, прарочыў, што Ісус мае памерці за народ,

52 і ня толькі за народ, але каб і расьцярушаных дзяцей Божых сабраць у вадно.

53 Ад гэтага дня яны пастанавілі, каб забіць Яго.

54 Тады Ісус ужо не хадзіў адкрыта між імі, але пайшоў адтуль у краіну ля пустыні, у горад, называны Эфраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі.

55 Была ж блізка Пасха юдэйская, і з усяго Краю многія ўзыйшлі ў Ерусалім перад Пасхай, каб ачысьціцца.

56 Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў сьвятыні, гаварылі між сабою: «Як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на сьвята?»

57 А першасьвятары і фарысэі далі загад, каб кожны, хто даведаецца, дзе Ён, паведаміў, каб схапіць Яго.

 

Ян 12

1 За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Бэтанію, дзе быў Лазар нябожчык, якога Ён уваскрасіў з мёртвых.

2 Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марта паслугавала, а Лазар быў адным з тых, што ўзьлягалі з Ім.

3 Марыя ж, узяўшы фунт міра нардовага, чыстага і каштоўнага, памазала ногі Ісуса і выцерла валасамі сваімі ногі Ягоныя, а дом напоўніўся водарам ад міра.

4 Кажа тады адзін з вучняў Ягоных, Юда Сымонаў Іскарыёт, які меўся выдаць Яго:

5 «Чаму не прадалі гэтае міра за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?»

6 Казаў жа ён гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, але таму, што быў злодзей і меў каліту, і браў тое, што [туды] кідалі.

7 Ісус тады сказаў: «Пакіньце яе. Яна захавала яго на дзень пахаваньня Майго,

8 бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды».

9 Тады вялікі натоўп з Юдэяў даведаўся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але і каб Лазара пабачыць, якога Ён уваскрасіў з мёртвых.

10 А першасьвятары пастанавілі забіць і Лазара,

11 бо дзеля яго шмат Юдэяў прыходзілі і паверылі ў Ісуса.

12 На заўтра вялікі натоўп, які прыйшоў на сьвята, пачуў, што Ісус прыходзіць у Ерусалім,

13 і ўзялі пальмовыя галінкі, і выйшлі на спатканьне Яму, і крычалі: «Гасанна! Дабраслаўлёны Той, Які прыходзіць у імя Госпада, Валадар Ізраіля!»

14 Ісус жа, знайшоўшы маладога асла, сеў на яго, як напісана:

15 «Ня бойся, дачка Сыёну! Вось, Валадар твой прыходзіць, седзячы на асьляняці».

16 Вучні Ягоныя сьпярша не разумелі гэтага, але калі Ісус быў праслаўлены, тады яны ўзгадалі, што гэтак было напісана пра Яго і гэтак зрабілі Яму.

17 Натоўп жа, які быў з Ім, сьведчыў тады, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрасіў яго з мёртвых.

18 Таму і пераняў Яго натоўп, бо чуў, што Ён зрабіў гэты знак.

19 Фарысэі ж гаварылі між сабою: «Глядзіце, нічога не атрымліваецца! Вось, сьвет пайшоў за Ім».

20 Былі ж некаторыя Грэкі сярод тых, якія прыйшлі пакланіцца на сьвята.

21 Яны падыйшлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскае, і прасілі яго, кажучы: «Пане, мы хочам бачыць Ісуса».

22 Філіп ідзе і кажа Андрэю; і пасьля Андрэй і Філіп кажуць Ісусу.

23 А Ісус адказаў ім, кажучы: «Прыйшла гадзіна, каб быў праслаўлены Сын Чалавечы.

24 Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прыносіць шмат плоду.

25 Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а той, хто ненавідзіць душу сваю ў гэтым сьвеце, захавае яе ў жыцьцё вечнае.

26 Хто Мне служыць, няхай ідзе за Мною; і дзе Я, там і служыцель Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец.

27 Цяпер душа Мая ўстрывожана; і што Я скажу? Ойча, збаў Мяне ад гэтае гадзіны; але ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў.

28 Ойча, праслаў імя Тваё!» Тады прыйшоў голас з неба: «І праславіў, і яшчэ праслаўлю».

29 Натоўп, які стаяў і чуў, казаў: «Былі грымоты». Іншыя казалі: «Анёл прамовіў да Яго».

30 Адказаў Ісус і сказаў: «Ня дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас.

31 Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь гэтага сьвету выгнаны будзе прэч.

32 І Я, калі буду падняты з зямлі, усіх прыцягну да Сябе».

33 Сказаў жа Ён гэтае, даючы знак, якою сьмерцю мае памерці.

34 Натоўп адказваў Яму: «Мы чулі з Закону, што Хрыстос застаецца вечна. Дык як жа Ты кажаш, што мусіць быць падняты Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?»

35 Тады сказаў ім Ісус: «Яшчэ на кароткі час сьвятло з вамі. Хадзіце, пакуль маеце сьвятло, каб цемра вас не агарнула; а хто ходзіць у цемры, той ня ведае, куды ідзе.

36 Пакуль маеце сьвятло, верце ў сьвятло, каб сталіся вы сынамі сьвятла». Гэта сказаў Ісус і, адыйшоўшы, схаваўся ад іх.

37 Хоць гэтулькі знакаў учыніў Ён перад імі, яны не паверылі ў Яго,

38 каб споўнілася слова Ісаі прарока, якое той сказаў: «Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас, і каму было адкрытае рамяно Госпада?»

39 Дзеля гэтага не маглі яны верыць, бо ізноў сказаў Ісая:

40 «Ён засьляпіў вочы іхнія і сэрца іхняе скамяніў, каб ня ўбачылі вачыма і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх».

41 Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і гаварыў пра Яго.

42 Аднак і з начальнікаў шмат хто паверыў у Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб іх не адлучылі,

43 бо яны палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую.

44 А Ісус закрычаў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне.

45 І хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.

46 Я, Сьвятло, прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не застаўся ў цемры.

47 І калі хто пачуе гэтыя словы і не паверыць, Я ня буду судзіць яго, бо Я прыйшоў не каб судзіць сьвет, але каб збавіць сьвет.

48 Хто адкідае Мяне і не прыймае словаў Маіх, мае судзьдзю для сябе — слова, якое Я сказаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень;

49 бо Я казаў не ад Сябе, але Айцец, Які паслаў Мяне, даў Мне прыказаньне, што казаць і што гаварыць.

50 І Я ведаю, што прыказаньне Ягонае ёсьць жыцьцё вечнае. Дык тое, што Я гавару, гавару, як сказаў Мне Айцец, каб Я гаварыў».

 

Ян 13

1 А перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла Яго гадзіна перайсьці з гэтага сьвету да Айца, палюбіўшы Сваіх, якія ў гэтым сьвеце, да канца ўзьлюбіў іх.

2 І калі была вячэра і д’ябал улажыў ужо ў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго,

3 Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе,

4 устае ад вячэры, скідвае з Сябе адзеньне і, узяўшы ручнік, падперазаўся.

5 Потым налівае вады ва ўмывальніцу і пачынае абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падперазаны.

6 Тады падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: «Госпадзе! Ці ж Табе абмываць ногі гэтыя?»

7 Адказаў Ісус і сказаў яму: «Што Я раблю, ты цяпер ня ведаеш, але даведаешся пасьля».

8 Пётар кажа Яму: «Не абмыеш ног маіх да веку». Адказаў яму Ісус: «Калі не абмыю цябе, ня будзеш мець часткі са Мною».

9 Кажа Яму Сымон Пётар: «Госпадзе, ня толькі ногі мае, але і рукі, і галаву».

10 Кажа яму Ісус: «Памытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ён увесь чысты; і вы чыстыя, але ня ўсе».

11 Бо ведаў, хто выдасьць Яго, таму сказаў: «Ня ўсе вы чыстыя».

12 Калі ж Ён абмыў ногі іхнія і ўзяў адзеньне сваё, узьлёгшы ізноў, сказаў ім: «Ці разумееце, што Я зрабіў вам?

13 Вы клічаце Мяне “Настаўнік” і “Госпад”, і слушна кажаце, бо гэта Я і ёсьць.

14 Дык калі Я, Госпад і Настаўнік, абмыў вашыя ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму,

15 бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, і вы рабілі.

16 Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга ня большы за гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто яго паслаў.

17 Калі гэтае ведаеце, шчасьлівыя вы, калі гэта робіце.

18 Не пра ўсіх вас кажу. Я ведаю тых, каго выбраў, але каб споўнілася Пісаньне: “Той, хто есьць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю”.

19 Цяпер кажу вам, раней, чым гэта сталася, каб, калі станецца, вы паверылі, што гэта Я ёсьць.

20 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прыймае таго, каго Я паслаў, Мяне прыймае, а хто Мяне прыймае, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне».

21 Сказаўшы гэтае, Ісус усхваляваўся ў духу, і засьведчыў, і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне!»

22 Тады вучні паглядалі адзін на аднаго, збянтэжаныя, пра каго Ён кажа.

23 Адзін з вучняў Ягоных, якога Ісус любіў, узьлягаў на ўлоньні Ісуса.

24 Яму дае знак Сымон Пётар, каб спытаўся, хто той, пра каго Ён кажа.

25 Той жа, прыхіліўшыся да грудзей Ісуса, кажа Яму: «Госпадзе! Хто гэта?»

26 Адказвае Ісус: «Гэта той, каму Я дам, абмачыўшы, лусту». І, абмачыўшы лусту, дае Юдзе Сымонаваму Іскарыёту.

27 І за лустаю ўвайшоў у яго шатан. Тады кажа яму Ісус: «Што робіш, рабі хутчэй».

28 Ніхто з тых, якія ўзьлягалі, таго не зразумеў, дзеля чаго Ён гэта сказаў яму.

29 А як у Юды была каліта, некаторыя думалі, што Ісус кажа яму: «Купі, што трэба нам на сьвята», ці каб даў нешта ўбогім.

30 Той жа, узяўшы лусту, адразу выйшаў; а была ноч.

31 Калі ён выйшаў, кажа Ісус: «Цяпер праслаўлены Сын Чалавечы, і Бог праслаўлены ў Ім.

32 Калі Бог праслаўлены ў Ім, Бог праславіць Яго ў Сабе, і неўзабаве праславіць Яго.

33 Дзеткі, яшчэ трохі Я ёсьць з вамі. Будзеце шукаць Мяне і, як Я сказаў Юдэям: “Куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці”, — так кажу цяпер і вам.

34 Новае прыказаньне даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго.

35 Па гэтым даведаюцца ўсе, што вы — Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».

36 Кажа Яму Сымон Пётар: «Госпадзе, куды Ты ідзеш?» Адказаў яму Ісус: «Куды Я іду, ты ня можаш цяпер за Мною ісьці; але ўрэшце пойдзеш за Мною».

37 Кажа Яму Пётар: «Госпадзе! Чаму я не магу ісьці за Табою цяпер? Я душу маю палажу за Цябе».

38 Адказаў яму Ісус: «Душу сваю за Мяне паложыш? Сапраўды, сапраўды кажу табе: не прапяе певень, як тройчы адрачэшся ад Мяне.

 

Ян 14

1 Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і верце ў Мяне.

2 У доме Айца Майго жытла шмат, бо калі б гэтак не было, Я сказаў бы вам: “Іду падрыхтаваць вам месца”.

3 І, калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду ізноў, і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я.

4 І куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце».

5 Кажа Яму Тамаш: «Госпадзе! Ня ведаем, куды ідзеш, дык як можам ведаць шлях?»

6 Кажа яму Ісус: «Я ёсьць шлях, і праўда, і жыцьцё. Ніхто не прыходзіць да Айца, калі не праз Мяне.

7 Калі б вы пазналі Мяне, пазналі б і Айца Майго. І ад цяпер пазналі Яго і бачылі Яго».

8 Кажа яму Філіп: «Госпадзе! Пакажы нам Айца, і хопіць з нас».

9 Кажа яму Ісус: «Гэтулькі часу Я з вамі, і ты не пазнаў Мяне, Філіп? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца; дык як ты кажаш: “Пакажы нам Айца”?

10 Ці ж ты ня верыш, што Я ў Айцу, і Айцец у-ва Мне? Словы, якія Я гавару вам, не гавару ад Сябе. Айцец, Які ў-ва Мне, Ён робіць гэтыя справы.

11 Верце Мне, што Я ў Айцу, і Айцец у-ва Мне; калі ж не, дзеля самых гэтых справаў верце Мне.

12 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць тыя справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я да Айца Майго іду.

13 І што папросіце ў імя Маё, тое зраблю, каб быў праслаўлены Айцец у Сыне.

14 Калі што папросіце ў імя Маё, Я зраблю.

15 Калі любіце Мяне, захоўвайце прыказаньні Мае.

16 І Я ўпрашу Айца, і Ён дасьць вам другога Абаронцу, каб заставаўся з вамі на вякі,

17 Духа праўды, Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і не пазнаў Яго, а вы пазналі Яго, бо Ён з вамі застаецца і ў вас будзе.

18 Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.

19 Яшчэ трохі, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне, а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.

20 У той дзень даведаецеся, што Я ў Айцу Маім, і вы ў-ва Мне, і Я ў вас.

21 Хто мае прыказаньні Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне, а таго, хто любіць Мяне, будзе любіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і зьяўлю яму Сябе».

22 Кажа Яму Юда, не Іскарыёт: «Госпадзе! Што сталася, што Ты маеш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?»

23 Адказаў Ісус і сказаў яму: «Хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё; і Айцец Мой палюбіць яго; і Мы прыйдзем да яго і зробім жытло ў яго.

24 Хто ня любіць Мяне, не захоўвае словаў Маіх, а слова, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, але Айца, Які паслаў Мяне.

25 Гэтае сказаў Я вам, пакуль Я з вамі.

26 Абаронца ж, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяго і нагадае вам усё, што Я казаў вам.

27 Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам; ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не палохаецца.

28 Вы чулі, што Я сказаў вам: “Зыходжу і прыйду да вас”. Калі б вы любілі Мяне, то ўзрадаваліся б, што Я сказаў: “Іду да Айца”, бо Айцец Мой большы за Мяне.

29 І цяпер Я сказаў вам, перш, чым сталася, каб, калі станецца, вы паверылі.

30 Ужо няшмат буду гаварыць з вамі, бо прыходзіць князь гэтага сьвету, і ў-ва Мне ня мае нічога,

31 але, каб сьвет даведаўся, што Я люблю Айца і, як загадаў Мне Айцец, так і раблю. Устаньце, пойдзем адгэтуль.

 

Ян 15

1 Я ёсьць сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар.

2 Усякую галіну ў Мяне, якая не дае плоду, Ён адсякае; і ўсякую, што дае плод, абчышчае, каб больш пладоў давала.

3 Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я гаварыў вам.

4 Заставайцеся ў-ва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня можа даваць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе, так і вы, калі не застанецеся ў-ва Мне.

5 Я — вінаградная лаза, вы — галіны; хто застаецца ў-ва Мне, і Я ў ім, той прыносіць мноства пладоў, бо без Мяне вы ня можаце рабіць нічога.

6 Хто ня будзе ў-ва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне; і іх зьбіраюць, і кідаюць у вагонь, і яны згараць.

7 Калі застанецеся ў-ва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, то што хочаце, прасіце, і станецца вам.

8 У гэтым будзе праслаўлены Айцец Мой, калі вы прынесяцё мноства пладоў і будзеце Маімі вучнямі.

9 Як палюбіў Мяне Айцец, і Я палюбіў вас; заставайцеся ў любові Маёй.

10 Калі захаваеце прыказаньні Мае, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў прыказаньні Айца Майго і застаюся ў Яго любові.

11 Гэтае сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас была, і каб радасьць вашая была поўная.

12 Гэта прыказаньне Маё, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.

13 Ніхто ня мае любові большае за тую, калі хто аддасьць душу сваю за сяброў сваіх.

14 Вы — сябры Мае, калі робіце тое, што Я загадваю вам.

15 Я больш не называю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць гаспадар ягоны, а Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, паведаміў вам.

16 Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш заставаўся; каб тое, што папросіце ў Айца ў імя Маё, Ён даў вам.

17 Гэта загадваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.

18 Калі сьвет вас ненавідзіць, зразумейце, што Мяне раней за вас зьненавідзіў.

19 Калі б вы былі са сьвету, сьвет любіў бы сваё, а як вы не са сьвету, але Я выбраў вас са сьвету, дык за гэта ненавідзіць вас сьвет.

20 Памятайце словы, якія Я сказаў вам: “Слуга ня большы за гаспадара свайго”. Калі Мяне перасьледавалі, і вас будуць перасьледаваць; калі Маё слова захавалі, і вашае захаваюць.

21 Але ўсё гэтае зробяць вам дзеля імя Майго, бо ня ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне.

22 Калі б Я не прыйшоў і не гаварыў ім, ня мелі б грэху, а цяпер ня маюць адгаворкі ў грэху сваім.

23 Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.

24 Калі б Я не ўчыніў сярод іх справаў, якіх ніхто іншы не рабіў, ня мелі б грэху, а цяпер і бачылі, і зьненавідзелі і Мяне, і Айца Майго.

25 Але каб споўнілася слова, напісанае ў Законе іхнім: “Зьненавідзелі Мяне дарэмна”.

26 Калі ж прыйдзе Абаронца, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне.

27 І вы таксама будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.

 

Ян 16

1 Гэта сказаў Я вам, каб вы ня згоршыліся.

2 Будуць выключаць вас з сынагогаў; нават прыходзіць гадзіна, калі кожны, хто заб’е вас, будзе думаць, што выконвае служэньне Богу.

3 І гэтак учыняць вам, бо не пазналі ані Айца, ані Мяне.

4 Але Я сказаў вам гэта, каб, калі прыйдзе тая гадзіна, вы памяталі, што Я сказаў вам; а не казаў вам гэтага спачатку, бо быў з вамі.

5 Цяпер жа Я іду да Таго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: “Куды ідзеш?”

6 Але ад таго, што Я сказаў вам гэта, смутак напоўніў сэрца вашае.

7 Але Я праўду кажу вам: карысьней для вас, каб Я адыйшоў; бо калі Я не адыйду, Абаронца ня прыйдзе да вас, а калі пайду, пашлю Яго да вас,

8 і Ён, прыйшоўшы, будзе дакараць сьвет у грэху, праведнасьці і судзе;

9 у грэху, што ня вераць у Мяне;

10 у праведнасьці, што Я да Айца Майго іду, і ўжо ня ўбачыце Мяне;

11 а ў судзе, што князь сьвету гэтага асуджаны.

12 Яшчэ шмат што маю сказаць вам, але вы цяпер ня можаце перанесьці.

13 Калі ж прыйдзе Ён, Дух Праўды, то будзе весьці вас да ўсякае праўды, бо не ад Сябе гаварыць будзе, але будзе гаварыць тое, што пачуе, і абвесьціць вам, што мае прыйсьці.

14 Ён праславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесьціць.

15 Усё, што мае Айцец, ёсьць Маё; таму Я сказаў, што з Майго возьме і вам абвесьціць.

16 Крыху, і ня будзеце бачыць Мяне; і зноў крыху, і ўгледзіце Мяне, бо Я да Айца іду».

17 Тады гаварылі некаторыя з вучняў Ягоных паміж сабою: «Што гэта Ён кажа нам: “Крыху, і ня будзеце бачыць Мяне, і зноў крыху, і ўгледзіце Мяне”, і: “Я да Айца іду”?»

18 Тады гаварылі: «Што гэта значыць, што Ён кажа: “Крыху”? Ня ведаем, што гаворыць».

19 Тады зразумеў Ісус, што хацелі спытацца ў Яго, і сказаў ім: «Ці пра тое пытаецеся адзін у аднаго, што Я сказаў: “Крыху, і ня будзеце бачыць Мяне, і зноў крыху, і ўгледзіце Мяне”?

20 Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет узрадуецца; вы сумныя будзеце, але смутак ваш радасьцю станецца.

21 Жанчына, калі нараджае, мае смутак, бо прыйшла яе гадзіна, але, калі народзіць дзіця, дык ужо ня памятае пра гора ад радасьці, бо нарадзіўся чалавек у сьвет.

22 Так і вы цяпер маеце смутак, але Я ўбачу вас ізноў, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасьці вашай ніхто не забярэ ў вас.

23 І ў той дзень ня будзеце пытацца ў Мяне ні пра што. Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі пра што папросіце Айца ў імя Маё, Ён дасьць вам.

24 Да сёньня вы нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце, і атрымаеце, каб радасьць вашая была поўная.

25 Гэта ў прыказках гаварыў Я вам, але прыходзіць гадзіна, калі ўжо ня буду гаварыць у прыказках, але адкрыта абвяшчу вам пра Айца.

26 У той дзень будзеце прасіць у імя Маё, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас,

27 бо Сам Айцец сябруе з вамі, бо вы пасябравалі са Мною і паверылі, што Я ад Бога зыйшоў.

28 Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьвет, і зноў пакідаю сьвет і іду да Айца».

29 Кажуць Яму вучні Ягоныя: «Вось, Ты цяпер адкрыта гаворыш і прыказкі аніякай не кажаш.

30 Цяпер ведаем, што Ты ведаеш усё і ня маеш патрэбы, каб хто пытаўся ў Цябе. Дзеля гэтага верым, што Ты ад Бога зыйшоў».

31 Адказаў ім Ісус: «Цяпер верыце?

32 Вось, прыходзіць гадзіна, і ўжо прыйшла, калі вы расьсеецеся кожны ў свой бок і пакінеце Мяне аднаго. Але Я не адзін, бо Айцец са Мною.

33 Гэта сказаў Я вам, каб мелі супакой у-ва Мне. У гэтым сьвеце гора мець будзеце, але будзьце пэўныя, Я перамог сьвет».

 

Ян 17

1 Гэта сказаў Ісус, і падняў вочы Свае да неба, і прамовіў: «Ойча! Прыйшла гадзіна. Праслаў Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе,

2 бо Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб усяму, што Ты даў Яму, Ён даў жыцьцё вечнае.

3 А гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, Каго Ты паслаў, — Ісуса Хрыста.

4 Я праславіў Цябе на зямлі, скончыў справу, якую Ты даў Мне зрабіць.

5 Дык цяпер праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога той славаю, якую Я меў у Цябе раней, чым сьвет быў.

6 Я зьявіў імя Тваё людзям, якіх Ты Мне даў са сьвету. Яны былі Твае, і Ты іх даў Мне, і яны захавалі слова Тваё.

7 Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, гэта ад Цябе.

8 Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны ўзялі і сапраўды зразумелі, што Я ад Цябе зыйшоў, і паверылі, што Ты Мяне паслаў.

9 Я за іх прашу, не за сьвет прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне, бо яны Твае.

10 І ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і ў іх Я ўславіўся.

11 І Я ўжо не ў сьвеце, але яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Ойча сьвяты! Захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, каб яны былі адно, як і Мы.

12 Калі Я быў з імі ў сьвеце, Я захоўваў іх у імя Тваё; тых, якіх Ты Мне даў, Я захаваў, і ніхто з іх не загінуў, акрамя сына загубы, каб споўнілася Пісаньне.

13 Цяпер жа Я да Цябе іду і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі радасьць Маю ў сабе поўную.

14 Я даў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.

15 Не прашу, каб Ты ўзяў іх са сьвету, але каб захаваў іх ад зла.

16 Яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.

17 Асьвяці іх у праўдзе Тваёй! Слова Тваё — праўда.

18 Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет.

19 І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаны ў праўдзе.

20 Не за іх жа толькі прашу, але і за тых, якія паверылі ў Мяне праз слова іх,

21 каб усе былі адно, як Ты, Айцец, у-ва Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас адно, каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне.

22 І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як Мы адно.

23 Я ў іх, і Ты ў-ва Мне; каб былі злучаны ў адно, і каб пазнаў сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.

24 Ойча, тыя, якіх Ты даў Мне, хачу, каб і яны былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо Ты палюбіў Мяне раней заснаваньня сьвету.

25 Ойча праведны! І сьвет Цябе не пазнаў, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне.

26 І Я паведаміў ім імя Тваё і паведамлю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх».

 

Ян 18

1 Сказаўшы гэта, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за струмень Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Ягоныя.

2 Ведаў жа гэтае месца і Юда, які выдаў Яго, бо Ісус там часта зьбіраўся з вучнямі Сваімі.

3 Дык Юда, узяўшы кагорту і паслугачоў ад першасьвятароў і фарысэяў, прыходзіць туды з ліхтарамі, лямпамі і зброяй.

4 Ісус жа, ведаючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: «Каго шукаеце?»

5 Адказалі Яму: «Ісуса з Назарэту». Кажа ім Ісус: «Гэта Я». Стаяў жа з імі і Юда, які выдаў Яго.

6 Калі ж Ён сказаў ім: «Гэта Я», яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.

7 Тады ізноў спытаўся ў іх: «Каго шукаеце?» Яны сказалі: «Ісуса з Назарэту».

8 Адказаў Ісус: «Я сказаў вам, што гэта Я; калі ж Мяне шукаеце, дазвольце ім адыйсьці»,

9 каб споўнілася слова, якое Ён сказаў: «З тых, якіх Ты даў Мне, Я не загубіў нікога».

10 Сымон жа Пётар, маючы меч, выцягнуў яго і ўдарыў слугу першасьвятара, і адсек яму правае вуха; а імя таго слугі было Малх.

11 Але Ісус сказаў Пятру: «Укладзі меч твой у похвы. Ці ж Я ня вып’ю келіха, які даў Мне Айцец?»

12 Тады кагорта і тысячнік, і паслугачы юдэйскія схапілі Ісуса, і зьвязалі Яго,

13 і павялі Яго спачатку да Анны, бо ён быў цесьцем Каяфы, які быў у той год першасьвятаром.

14 Гэты Каяфа парадзіў Юдэям, што карысьней аднаму Чалавеку загінуць за народ.

15 А за Ісусам ішоў Сымон Пётар і другі вучань. Вучань той быў знаёмы з першасьвятаром, і ён увайшоў з Ісусам на панадворак першасьвятара.

16 А Пётар стаяў ля дзьвярэй звонку. Тады другі вучань, які быў знаёмы з першасьвятаром, пайшоў, і сказаў прыдзьверніцы, і ўвёў Пятра.

17 Тады кажа служка прыдзьверніца Пятру: «Ці і ты ня з вучняў Гэтага Чалавека?» Ён кажа: «Не».

18 А слугі і паслугачы, распаліўшы вуглі, бо было сьцюдзёна, стаялі і грэліся. Пётар таксама стаяў з імі і грэўся.

19 Першасьвятар жа спытаўся ў Ісуса пра вучняў Ягоных і пра вучэньне Ягонае.

20 Адказаў яму Ісус: «Я адкрыта гаварыў сьвету. Я заўсёды навучаў у сынагозе і ў сьвятыні, дзе заўсёды зьбіраюцца Юдэі, і таемна не гаварыў нічога.

21 Чаму пытаешся ў Мяне? Папытайся ў тых, хто слухаў, што Я гаварыў ім. Вось яны ведаюць, што Я гаварыў».

22 Калі Ён сказаў гэта, адзін з паслугачоў, які стаяў побач, ударыў Ісуса па шчацэ, кажучы: «Так Ты адказваеш першасьвятару?»

23 Адказаў яму Ісус: «Калі Я сказаў кепска, засьведчы, што кепска, а калі добра, за што б’еш Мяне?»

24 Анна паслаў Яго зьвязанага да першасьвятара Каяфы.

25 А Сымон Пётар стаяў і грэўся. Тады сказалі яму: «Ці і ты ня з вучняў Ягоных?» Ён адрокся і сказаў: «Не».

26 Кажа адзін са слугаў першасьвятара, сваяк таго, якому Пётар адсек вуха: «Ці ж ня бачыў я цябе з Ім у садзе?»

27 Пётар ізноў адрокся; і адразу прапяяў певень.

28 Тады вядуць Ісуса ад Каяфы ў прэторыю. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не занячысьціцца, але каб маглі есьці пасху.

29 Дык выйшаў да іх Пілат і сказаў: «Якое абвінавачваньне вы выстаўляеце адносна Чалавека гэтага?»

30 Яны адказалі і сказалі яму: «Калі б Ён ня быў ліхадзеем, мы ня выдалі б Яго табе!»

31 Тады сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і паводле вашага Закону судзіце Яго». Тады Юдэі сказалі яму: «Нам нікога ня можна забіваць»,

32 каб споўнілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, даючы знак, якою сьмерцю мае памерці.

33 Дык Пілат ізноў увайшоў у прэторыю, і паклікаў Ісуса, і сказаў Яму: «Ты — Валадар Юдэйскі?»

34 Адказаў яму Ісус: «Ці ты ад сябе гаворыш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?»

35 Пілат адказаў: «Ці ж я Юдэй? Твой народ і першасьвятары выдалі Цябе мне. Што Ты ўчыніў?»

36 Адказаў Ісус: «Валадарства Маё ня з гэтага сьвету. Калі б з гэтага сьвету было Валадарства Маё, паслугачы Мае змагаліся б, каб Я ня быў выдадзены Юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё ня згэтуль».

37 Тады сказаў Яму Пілат: «Дык Ты Валадар?» Адказаў Ісус: «Ты кажаш, што Я — Валадар. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у сьвет, каб сьведчыць пра праўду. Усякі, хто з праўды, слухае голас Мой».

38 Кажа Яму Пілат: «Што ёсьць праўда?» І, сказаўшы гэта, ізноў выйшаў да Юдэяў і кажа ім: «Я аніякае віны ў Ім не знаходжу.

39 Ёсьць жа ў вас звычай, каб я некага адпускаў вам на Пасху. Хочаце, адпушчу вам Валадара Юдэйскага?»

40 Тады ізноў закрычалі ўсе, кажучы: «Не Яго, але Бараббу!» А Барабба быў разбойнік.

 

Ян 19

1 Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў.

2 І жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву, і апранулі Яму пурпуровую шату,

3 і казалі: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!», і білі Яго па шчоках.

4 Тады Пілат ізноў выйшаў навонкі і кажа ім: «Вось, я выводжу Яго навонкі да вас, каб вы даведаліся, што я не знаходжу ў Ім аніякае віны».

5 Тады выйшаў навонкі Ісус у цярновым вянку і пурпуровай шаце. І кажа ім [Пілат]: «Вось Чалавек!»

6 Калі ж убачылі Яго першасьвятары і паслугачы, дык закрычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй!» Кажа ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знайшоў ў Ім віны».

7 Адказалі яму Юдэі: «Мы маем Закон; і паводле Закону нашага Ён павінен памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым».

8 Калі Пілат пачуў гэта слова, яшчэ больш спалохаўся.

9 І ўвайшоў ён ізноў у прэторыю, і кажа Ісусу: «Адкуль Ты?» Ісус жа ня даў яму адказу.

10 Тады кажа Яму Пілат: «Ты не гаворыш са мною? Ці Ты ня ведаеш, што я маю ўладу ўкрыжаваць Цябе і маю ўладу адпусьціць Цябе?»

11 Адказаў Ісус: «Ты ня меў бы аніякае ўлады нада Мною, калі б Табе не было дадзена звыш; дзеля гэтага большы грэх мае той, хто выдаў Мяне табе».

12 З таго моманту Пілат шукаў, каб адпусьціць Яго. А Юдэі закрычалі, кажучы: «Калі адпусьціш Яго, ты ня сябра цэзару; усякі, хто робіць сябе валадаром, працівіцца цэзару».

13 Пілат, пачуўшы гэта слова, вывеў Ісуса на вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, якое звалася Літастратан, а па-гебрайску — Габбата.

14 А быў дзень прыгатаваньня Пасхі, гадзіна каля шостай. І кажа ён Юдэям: «Вось, Валадар ваш!»

15 Яны ж закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Кажа ім Пілат: «Валадара вашага ўкрыжую?» Адказалі першасьвятары: «Мы ня маем валадара, акрамя цэзара».

16 Тады ён выдаў ім Яго, каб быў укрыжаваны. Яны ўзялі Ісуса і павялі.

17 І, несучы крыж Свой, Ён выйшаў на месца, называнае Чараповае, якое па-гебрайску завецца Гальгота.

18 Там укрыжавалі Яго, і з Ім двух другіх паабапал Яго, а ў сярэдзіне — Ісуса.

19 А Пілат напісаў надпіс і паставіў на крыжы. Было ж напісана: «Ісус з Назарэту, Валадар Юдэйскі».

20 Гэты надпіс чыталі многія Юдэі, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад гораду, і напісана было па-гебрайску, па-грэцку і па-рымску.

21 Тады казалі Пілату першасьвятары юдэйскія: «Не пішы: “Валадар Юдэйскі”, але, што Ён Сам сказаў: “Я — валадар юдэйскі”».

22 Адказаў Пілат: «Што я напісаў, тое напісаў».

23 А жаўнеры, калі ўкрыжавалі Ісуса, узялі адзеньне Ягонае і падзялілі на чатыры часткі — кожнаму жаўнеру частка, і вопратку. А вопратка была ня шытая, але ўся вытканая ад верху.

24 Тады сказалі яны адзін аднаму: «Ня будзем разьдзіраць яе, але кінем жэрабя, чыёй яна будзе»; каб споўнілася Пісаньне, якое кажа: «Падзялілі адзеньне Маё між сабою і пра шату Маю кідалі жэрабе». Так і ўчынілі жаўнеры.

25 А каля крыжа Ісуса стаялі маці Ягоная і сястра маці Ягонай Марыя Кляопава, і Марыя Магдалена.

26 Ісус жа, убачыўшы маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, кажа маці Сваёй: «Жанчына! Вось сын твой!»

27 Потым кажа вучню: «Вось маці твая!» І з таго часу вучань узяў яе да сябе.

28 Пасьля гэтага Ісус, ведаючы, што ўсё ўжо зьдзейсьнілася, каб споўнілася Пісаньне, кажа: «Смагну!»

29 Там стаяла пасудзіна, поўная воцату. [Жаўнеры], напоўніўшы губку воцатам і ўсклаўшы на ізоп, паднесьлі да вуснаў Ягоных.

30 Калі ж Ісус узяў воцат, сказаў: «Зьдзейсьнілася!», і, схіліўшы галаву, аддаў дух.

31 А Юдэі, каб не засталіся целы на крыжы ў суботу, таму што быў дзень прыгатаваньня, а тая субота была днём вялікім, прасілі Пілата, каб перабіць ў іх галёнкі і зьняць.

32 Тады прыйшлі жаўнеры, і ў першага перабілі галёнкі, і ў другога, які быў укрыжаваны з Ім.

33 Прыйшоўшы да Ісуса, калі ўбачылі, што Ён ужо памёршы, дык не перабілі ў Яго галёнак,

34 але адзін з жаўнераў дзідаю прабіў бок Ягоны, і адразу выцякла кроў і вада.

35 І той, хто бачыў, засьведчыў, і сьведчаньне ягонае праўдзівае; і ён ведае, што кажа праўду, каб вы паверылі.

36 Бо гэта сталася, каб споўнілася Пісаньне: «Косьць Ягоная ня будзе пераломленая».

37 І зноў іншае Пісаньне кажа: «Угледзяць, каго прабілі».

38 Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, які быў вучнем Ісуса, але патаемным дзеля страху перад Юдэямі, папрасіў Пілата, каб узяць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Тады ён прыйшоў і ўзяў цела Ісуса.

39 Прыйшоў і Нікадэм, які перш прыходзіў да Ісуса ўначы, несучы мешаніну сьмірны і алёэ фунтаў каля ста.

40 Яны ўзялі цела Ісуса і абгарнулі Яго ў прасьціну з духмянасьцямі, як ёсьць звычай хаваць у Юдэяў.

41 На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў тым садзе — новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў паложаны.

42 Там дзеля дня прыгатаваньня юдэйскага, бо магіла была блізка, палажылі Ісуса.

 

Ян 20

1 У першы ж дзень пасьля суботы Марыя Магдалена прыходзіць раніцаю, калі яшчэ было цёмна, да магілы і бачыць, што камень адвалены ад магілы.

2 Тады бяжыць і прыходзіць да Сымона Пятра і другога вучня, з якім сябраваў Ісус, і кажа ім: «Узялі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе палажылі Яго».

3 Тады выйшаў Пётар і другі вучань і прыйшлі да магілы.

4 Беглі ж абодва разам, і другі вучань бег хутчэй за Пятра, і прыйшоў першы да магілы,

5 і, нахіліўшыся, бачыць, што ляжыць прасьціна, але не ўвайшоў.

6 Тады прыходзіць Сымон Пётар, ідучы за ім, і ўваходзіць у магілу, і бачыць, што ляжыць прасьціна

7 і хустка, што была на галаве Ягонай, не разам з прасьціною, але асобна скручаная ў адным месцы.

8 Тады ўвайшоў і другі вучань, які першы прыйшоў да магілы, і ўбачыў, і паверыў.

9 Бо яны яшчэ ня ведалі Пісаньня, што Ён мусіць уваскрэснуць з мёртвых.

10 Тады вучні ізноў адыйшлі да сябе.

11 А Марыя стаяла звонку каля магілы, плачучы. Калі ж яна плакала, нахілілася да магілы

12 і бачыць двух анёлаў у белым, што сядзелі адзін ля галавы і другі ля ног, дзе ляжала цела Ісуса.

13 І яны кажуць ёй: «Жанчына! Што ты плачаш?» Яна кажа: «Забралі Госпада майго, і ня ведаю, дзе палажылі Яго».

14 І, сказаўшы гэта, яна павярнулася назад, і бачыць, што стаіць Ісус, і яна ня ведала, што гэта Ісус.

15 Кажа ёй Ісус: «Жанчына! Што ты плачаш? Каго шукаеш?» Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: «Пане! Калі Ты вынес Яго, скажы мне, дзе Ты Яго палажыў, і я вазьму Яго».

16 Кажа ёй Ісус: «Марыя!» Яна, павярнуўшыся, кажа Яму: «Раббуні!», — што значыць Настаўнік.

17 Кажа ёй Ісус: «Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзыйшоў да Айца Майго, а ідзі да братоў Маіх і скажы ім: “Узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага”».

18 Марыя Магдалена прыходзіць, абвяшчаючы вучням, што бачыла Госпада і што Ён гэта сказаў ёй.

19 А ўвечары таго першага дня пасьля суботы, калі дзьверы там, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі замкнёныя дзеля страху перад Юдэямі, прыйшоў Ісус, і стаў пасярэдзіне, і кажа ім: «Супакой вам!»

20 І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок Свой. Тады ўзрадаваліся вучні, убачыўшы Госпада.

21 Тады Ісус сказаў ім ізноў: «Супакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, і Я пасылаю вас».

22 І, сказаўшы гэта, дыхнуў і кажа ім: «Прыйміце Духа Сьвятога.

23 Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім затрымаеце, на тым будуць затрыманыя».

24 А Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізьнюк, ня быў з імі, калі прыходзіў Ісус.

25 Іншыя вучні тады сказалі яму: «Мы бачылі Госпада». А ён сказаў ім: «Калі ня ўбачу на руках Ягоных ранаў ад цьвікоў і не ўткну пальца майго ў раны ад цьвікоў, і не ўлажу рукі маёй у бок Ягоны, не паверу».

26 І праз восем дзён ізноў былі ў доме вучні Ягоныя, і Тамаш з імі. Прыходзіць Ісус пры замкнёных дзьвярах, і стаў пасярэдзіне, і сказаў: «Супакой вам!»

27 Потым кажа да Тамаша: «Дай сюды палец твой і паглядзі рукі Мае; дай руку тваю і ўткні ў бок Мой; і ня будзь няверным, але верным».

28 І адказаў Тамаш, і сказаў Яму: «Госпад мой і Бог мой!»

29 Кажа яму Ісус: «Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчасьлівыя тыя, якія ня бачылі і паверылі».

30 Тады шмат іншых знакаў учыніў Ісус перад вучнямі Сваімі, пра якія не напісана ў гэтай кнізе.

31 А гэта напісана, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і каб, веручы, мелі жыцьцё ў імя Яго.

 

Ян 21

1 Пасьля гэтага ізноў зьявіўся Ісус вучням Сваім ля мора Тыбэрыядзкага. Зьявіўся Ён вось як:

2 былі разам Сымон Пётар і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаэль з Каны Галілейскай, і сыны Зэбэдэявы, і двое другіх з вучняў Ягоных.

3 Кажа ім Сымон Пётар: «Іду лавіць рыбу». Кажуць яму: «Пойдзем і мы з табою». Яны выйшлі і адразу ўвайшлі ў човен, і не злавілі ў тую ноч нічога.

4 Калі ўжо настала раніца, Ісус стаў на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Ісус.

5 Кажа ім Ісус: «Дзеці! Ці маеце што ядомае?» Яны адказалі Яму: «Не».

6 Ён жа сказаў ім: «Закіньце нерат на правы бок чаўна і зловіце». Тады яны закінулі, і ўжо не маглі яго выцягнуць дзеля мноства рыбы.

7 Тады той вучань, якога любіў Ісус, кажа Пятру: «Гэта Госпад». Сымон жа Пётар, пачуўшы, што гэта Госпад, падперазаўся кашуляю, бо быў голы, і кінуўся ў мора.

8 А іншыя вучні прыплылі ў чаўне, бо не былі далёка ад зямлі, локцяў каля двухсот, цягнучы нерат з рыбаю.

9 Калі ж выйшлі на зямлю, бачаць раскладзены агонь і рыбу, што ляжала на ім, і хлеб.

10 Кажа ім Ісус: «Прынясіце з тае рыбы, якую вы цяпер злавілі».

11 Сымон Пётар пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат, поўны вялікіх рыбаў, якіх было сто пяцьдзясят тры, і пры гэткай колькасьці нерат не падраўся.

12 Кажа ім Ісус: «Ідзіце, абедайце». З вучняў жа ніхто не адважыўся даведвацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Госпад.

13 Прыходзіць тады Ісус, і бярэ хлеб, і дае ім; таксама і рыбу.

14 Гэта ўжо трэці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрасеньня з мёртвых.

15 Калі ж яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: «Сымон Ёнін, ці любіш ты Мяне больш, чым гэтыя?» Той кажа Яму: «Так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я сябрую з Табою». Ён кажа яму: «Пасьві ягняткі Мае».

16 Зноў кажа яму другі раз: «Сымон Ёнін, ці любіш ты Мяне?» Той кажа Яму: «Так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я сябрую з Табою». Ён кажа яму: «Пасьві авечкі Мае».

17 Кажа яму трэці раз: «Сымон Ёнін, ці сябруеш ты са Мною?» Засмуціўся Пётар, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці сябруеш ты са Мною?», і сказаў Яму: «Госпадзе! Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я сябрую з Табою!» Кажа яму Ісус: «Пасьві авечкі Мае.

18 Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў малады, дык падпаясваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а як састарэеш, выцягнеш рукі твае, і другі цябе падпаяша і павядзе, куды ня хочаш».

19 А гэта Ён сказаў, даючы знак, якою сьмерцяю той праславіць Бога. І, сказаўшы гэтае, кажа яму: «Ідзі за Мною».

20 Павярнуўшыся, Пётар бачыць, што ідзе за ім вучань, якога любіў Ісус і які на вячэры ўзьлёг ля грудзей Ягоных, і сказаў: «Госпадзе! Хто той, які выдасьць Цябе?»

21 Убачыўшы яго, Пётар кажа Ісусу: «Госпадзе! А ён што?»

22 Кажа яму Ісус: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе? Ты ідзі за Мною!»

23 Тады прайшло слова гэтае між братоў, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што ён не памрэ, але: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе?»

24 Гэты вучань і сьведчыць пра гэтае, і напісаў гэта. І мы ведаем, што праўдзівае сьведчаньне ягонае.

25 Ёсьць таксама шмат іншага, што ўчыніў Ісус, але, каб напісаць гэта асобна, дык, я мяркую, і самому сьвету не зьмясьціць бы напісаных кнігаў. Амэн.

 

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ

 

Дз 1

1 Што праўда, першае слова ўчыніў я, Тэафіле, пра ўсё, што пачаў Ісус рабіць і навучаць

2 да таго дня, у які быў узьнесены, даўшы праз Духа Сьвятога загады апосталам, якіх выбраў,

3 і перад якімі зьявіў Сябе жывым пасьля цярпеньняў Сваіх са шматлікімі доказамі, на працягу сарака дзён паказываючыся ім і кажучы пра Валадарства Божае.

4 І, сабраўшы іх, загадаў ім: «Не адыходзьце з Ерусаліму, але чакайце на абяцаньне Айца, пра якое вы чулі ад Мяне,

5 што Ян хрысьціў вадою, а вы праз некалькі дзён будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым».

6 А яны, зыйшоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: «Госпадзе, ці ня ў гэты час Ты адновіш валадарства Ізраіля?»

7 Ён жа сказаў ім: «Ня вам ведаць час ці пару, якія Айцец паклаў ва ўладзе Сваёй,

8 але вы возьмеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне сьведкамі ў Ерусаліме, і ў-ва ўсёй Юдэі і Самарыі, і нават да краю зямлі».

9 І, сказаўшы гэтае, Ён быў падняты, калі яны глядзелі [на Яго], і воблака ўзяло Яго ад вачэй іхніх.

10 І калі яны ўглядаліся ў неба, як Ён адыходзіў, вось, два мужы сталі перад імі ў белым адзеньні

11 і сказалі: «Мужы Галілейскія! Чаго вы стаіцё, гледзячы ў неба? Гэты Ісус, узяты ад вас у неба, прыйдзе гэтак сама, як вы бачылі Яго, што ідзе ў неба».

12 Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, называнай Аліўнай, што блізка ад Ерусаліму, за дзень суботні ходу.

13 І, калі прыйшлі, узыйшлі ў залю, дзе былі Пётар, і Якуб, і Ян, і Андрэй, Філіп і Тамаш, Барталамей і Мацьвей, Якуб Алфеяў і Сымон Зілот, і Юда Якубаў.

14 Усе яны трывалі аднадушна ў малітвах і просьбах разам з жанчынамі, і Марыяй, маці Ісуса, і братамі Ягонымі.

15 І ў тыя дні Пётар, устаўшы сярод вучняў, сказаў, — а была грамада імёнаў разам каля ста дваццаці:

16 «Мужы браты! Мусіла споўніцца тое Пісаньне, якое казаў раней Дух Сьвяты праз вусны Давіда пра Юду, што стаўся павадыром тых, якія схапілі Ісуса,

17 што быў ён палічаны з намі, і выпала яму жэрабя служэньня гэтага.

18 Ён, што праўда, прыдбаў поле за нагароду няправеднасьці і, рынуўшыся, разьдзёрся папалове, і вываліліся ўсе ўнутранасьці ягоныя,

19 і сталася гэта вядома ўсім, хто жыве ў Ерусаліме, так што поле тое названае на іхняй мове Акельдама, гэта ёсьць Поле крыві.

20 Бо напісана ў кнізе Псальмаў: “Няхай станецца двор ягоны пустым, і няхай ніхто не жыве ў ім”, і: “Урад ягоны няхай возьме іншы”.

21 Дык з тых мужоў, якія зыходзіліся з намі праз увесь час, калі прыходзіў і выходзіў да нас Госпад Ісус,

22 пачынаючы ад хрышчэньня Янавага ажно да дня, калі Ён быў узяты ад нас, адзін з іх мусіць стацца разам з намі сьведкам уваскрасеньня Яго».

23 І паставілі двух: Язэпа, называнага Барсабам, якога звалі Юстам, і Мацея,

24 і, молячыся, сказалі: «Ты, Госпадзе, Які ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў

25 узяць жэрабя служэньня гэтага і апостальства, ад якога адступіўся Юда, каб ісьці на месца сваё».

26 І кінулі жэрабя пра іх, і ўпала жэрабя на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці апосталаў.

 

Дз 2

1 І як надыйшоў дзень Пяцідзясятніцы, былі ўсе аднадушна разам.

2 І стаўся раптам шум з неба, быццам ад наляцеўшага гвалтоўнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.

3 І паказаліся ім падзеленыя языкі, быццам агнявыя, і паселі на кожным з іх.

4 І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі, як Дух даваў ім прамаўляць.

5 Былі ж у Ерусаліме пасяліўшыся юдэі, мужы пабожныя, з усякага народу пад небам.

6 А як стаўся голас гэты, зыйшлося мноства і ўстрывожылася, бо кожны чуў, што яны гавораць ягонай мовай.

7 Усе ж дзівіліся і зьдзіўляліся, кажучы адзін аднаму: «Вось, усе гэтыя, што гавораць, ці ж не Галілейцы?

8 І як мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся?

9 Парты, і Мэды, і Эляміты, і жыхары Мэсапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понту і Азіі,

10 Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і межаў Лібіі каля Кірэнэі, і прыйшоўшыя рымскія Юдэі, і празэліты,

11 Крыцяне і Арабы, — чуем іх, што гавораць нашымі мовамі пра веліч Божую?»

12 Дзівіліся ж усе і бянтэжыліся, кажучы адзін аднаму: «Што гэта можа быць?»

13 А іншыя, насьмяхаючыся, казалі, што яны напіліся маладога віна.

14 Пётар жа з Адзінаццацьцю, устаўшы, падняў голас свой і прамовіў да іх: «Мужы Юдэйскія і ўсе жыхары Ерусаліму! Няхай будзе вам гэта вядома, і выслухайце словы мае,

15 бо яны ня п’яныя, як вы думаеце, бо яшчэ трэцяя гадзіна дня.

16 Але гэта ёсьць тое, што сказана праз прарока Ёэля:

17 “І будзе ў апошнія дні, — кажа Бог, — выльлю Духа Майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і юнакі вашыя будуць бачыць відзежы, і старыя вашыя будуць сьніць сны.

18 І на слугаў Маіх і на служак Маіх выльлю ў тыя дні Духа Майго, і будуць прарочыць.

19 І дам цуды ў небе ўгары і знакі на зямлі ўнізе: кроў, і агонь, і куродым.

20 Сонца пераменіцца ў цемру, і месяц — у кроў перш, чым прыйдзе дзень Госпадаў, вялікі і слаўны.

21 І будзе: кожны, хто прызаве імя Госпада, будзе збаўлены”.

22 Мужы Ізраільцяне, выслухайце гэтыя словы: Ісуса з Назарэту, Мужа, зьяўленага між вамі Богам моцамі, і цудамі, і знакамі, якія рабіў праз Яго Бог сярод вас, як і самі вы ведаеце,

23 Яго, паводле вызначанай рады і прадбачаньня Божага выдадзенага, вы, узяўшы і рукамі беззаконьнікаў прыбіўшы цьвікамі, забілі.

24 Яго Бог уваскрасіў, вызваліўшы з мукаў сьмерці, таму што немагчыма было, каб Ён быў стрыманы ёю.

25 Бо Давід кажа пра Яго: “Бачыў я Госпада перад сабою заўсёды, бо Ён праваруч мяне, каб я не захістаўся.

26 Дзеля гэтага ўзьвесялілася сэрца маё, і ўзрадаваўся язык мой, нават і цела маё супачыне ў надзеі,

27 бо Ты не пакінеш душу маю ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне.

28 Ты даў мне ведаць шлях жыцьця; Ты напоўніш мяне радасьцю перад абліччам Тваім”.

29 Мужы браты! Належыцца мне сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, і магіла ягоная ў нас да гэтага дня.

30 А як быў ён прарок і ведаў, што прысягай прысягнуў яму Бог з плоду паясьніцы ягонай паводле цела паставіць Хрыста і пасадзіць на пасадзе ягоным,

31 прадбачачы, ён гаварыў пра ўваскрасеньне Хрыста, што не пакінутая душа Ягоная ў пекле, і цела Ягонае ня бачыла парахненьне.

32 Гэтага Ісуса ўваскрасіў Бог, і ўсе мы — сьведкі гэтага.

33 Дык узьнесены правіцаю Бога і ўзяўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, Ён выліў тое, што вы цяпер бачыце і чуеце.

34 Бо Давід не ўзыйшоў у неба, а ён кажа: “Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне,

35 пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх”.

36 Дык няхай упэўнена ведае ўвесь дом Ізраіля, што Бог зрабіў і Госпадам, і Хрыстом Яго, Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі».

37 Пачуўшы гэта, яны былі ўражаныя ў сэрцы і сказалі да Пятра і рэшты апосталаў: «Што нам рабіць, мужы браты?»

38 Пётар жа прамовіў да іх: «Навярніцеся, і няхай кожны з вас будзе ахрышчаны ў імя Ісуса Хрыста дзеля адпушчэньня грахоў, і возьмеце дар Сьвятога Духа.

39 Бо абяцаньне для вас, і для дзяцей вашых, і для ўсіх, якія далёка, каго пакліча Госпад, Бог наш».

40 І іншымі шматлікімі словамі сьведчыў і ўпрошваў, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага пакаленьня скрыўленага».

41 Дык тыя, што прыхільна прынялі словы ягоныя, былі ахрышчаныя, і ў той дзень дадалося каля трох тысячаў душ.

42 І трывалі яны ў навуцы апостальскай, і ў супольнасьці, і ў ламаньні хлеба, і ў малітвах.

43 Быў жа страх на кожнай душы, і шмат цудаў і знакаў дзеялася праз апосталаў.

44 А ўсе, якія мелі веру, былі разам, і мелі ўсё супольнае.

45 І прадавалі маёмасьць і ўласнасьць, і дзялілі паміж усімі, хто якую меў патрэбу.

46 І кожны дзень аднадушна трываючы ў сьвятыні і ламаючы хлеб у дамах, прыймалі ежу ў весялосьці і лагоднасьці сэрца,

47 хвалячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народу. А Госпад штодня дадаваў да царквы тых, што былі збаўленыя.

 

Дз 3

1 Пётар жа і Ян ішлі разам у сьвятыню а дзявятай гадзіне малітвы.

2 І нейкі чалавек, кульгавы ад чэрава маці сваёй, якога насілі і кожны дзень лажылі ля дзьвярэй сьвятыні, называных Прыгожымі, прасіць міласьціну ў тых, якія ўваходзяць у сьвятыню,

3 убачыўшы Пятра і Яна, што меліся ўвайсьці ў сьвятыню, прасіў у іх міласьціны.

4 А Пётар, які з Янам углядаўся на яго, сказаў: «Паглядзі на нас».

5 Ён жа ўзіраўся на іх, чакаючы нешта ад іх узяць.

6 А Пётар сказаў: «Срэбра і золата няма ў мяне. А што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэту ўстань і хадзі!»

7 І, узяўшы яго за правую руку, падняў. І адразу ўмацаваліся ногі і косткі ягоныя,

8 і ён, падскочыўшы, стаў, і хадзіў, і ўвайшоў з імі ў сьвятыню, ходзячы, і скачучы, і хвалячы Бога.

9 І ўвесь народ бачыў яго, як хадзіў і хваліў Бога.

10 І пазналі яго, што ён быў той, які дзеля міласьціны сядзеў ля Прыгожых дзьвярэй сьвятыні; і напоўніліся страхам і зьдзіўленьнем ад таго, што здарылася з ім.

11 А як аздароўлены кульгавы трымаўся Пятра і Яна, увесь народ у здуменьні прыбег да іх у прысенак, называны Салямонавым.

12 Бачачы гэта, Пётар адказаў народу: «Мужы Ізраільцяне! Што зьдзіўляецеся гэтаму, ці што так углядаецеся на нас, нібыта мы сваёю сілай або пабожнасьцю зрабілі, каб ён хадзіў?

13 Бог Абрагама, і Ісаака, і Якуба, Бог бацькоў нашых уславіў Сына Свайго Ісуса, Якога вы выдалі і ад Якога адракліся перад абліччам Пілата, калі той судзіў вызваліць Яго.

14 Вы ж ад Сьвятога і Праведнага адракліся і прасілі дараваць вам чалавека забойцу,

15 а Самаго Начальніка жыцьця забілі. Яго Бог падняў з мёртвых, і мы — сьведкі гэтага.

16 І дзеля веры ў імя Ягонае ўмацавала імя Ягонае таго, каго вы бачыце і ведаеце; і вера, якая ад Яго, дала яму ацаленьне гэтае перад усімі вамі.

17 І цяпер, браты, я ведаю, што праз няведаньне ўчынілі вы гэта, як і начальнікі вашыя,

18 а Сам Бог, Які прадвесьціў праз вусны ўсіх Сваіх прарокаў, каб цярпець [мукі] Хрысту, тое і споўніў.

19 Дык навярніцеся і вярніцеся, каб сьцерліся грахі вашыя,

20 каб прыйшлі часы асьвяжэньня ад аблічча Госпада, і каб Ён паслаў Ісуса Хрыста, Якога вам наперад абвясьціў,

21 і Якога мусіла неба прыняць да часу напраўленьня ўсяго, пра што гаварыў Бог праз вусны ўсіх Сваіх сьвятых прарокаў ад вякоў.

22 Бо Майсей сказаў бацькам: “Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне. Яго слухайце ў-ва ўсім, што будзе казаць вам.

23 І будзе: кожная душа, якая не паслухае Прарока гэтага, будзе вынішчана з народу”.

24 І ўсе прарокі ад Самуэля і па чарзе, якія толькі гаварылі, прапаведвалі гэтыя дні.

25 Вы — сыны прарокаў і запавету, які заключыў Бог з бацькамі нашымі, кажучы да Абрагама: “І ў насеньні тваім дабраслаўлёныя будуць усе народы зямлі”.

26 Вам першым Бог, уваскрасіўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго, дабраслаўляючы вас, каб адвярнуўся кожны ад зласьлівасьці сваёй».

 

Дз 4

1 Калі яны гаварылі да народу, сталі перад імі сьвятары, і начальнікі варты сьвятыні, і садукеі,

2 узлаваныя, што яны навучаюць народ і прапаведуюць у Ісусе ўваскрасеньне з мёртвых.

3 І ўсклалі на іх рукі, і аддалі іх у вастрог да заўтра, бо быў ужо вечар.

4 А многія з тых, якія чулі слова, паверылі; і быў лік такіх мужоў каля пяці тысячаў.

5 А назаўтра сталася, што сабраліся ў Ерусаліме начальнікі іхнія, і старшыні, і кніжнікі,

6 і Анна першасьвятар, і Каяфа, і Ян, і Аляксандар, і ўсе, хто быў з роду першасьвятарскага,

7 і, паставіўшы іх пасярод, пыталіся: «Якою моцаю ці якім імем вы ўчынілі гэта?»

8 Тады Пётар, напоўніўшыся Духам Сьвятым, сказаў да іх: «Начальнікі народу і старшыні Ізраілю!

9 Калі нас сёньня дапытваюць за дабрадзейства нядужаму чалавеку, кім ён аздароўлены,

10 няхай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраіля, што ў імя Ісуса Хрыста з Назарэту, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрасіў з мёртвых, праз Яго ён стаіць перад вамі здаровы.

11 Ён — Камень, пагарджаны вамі, будаўнічымі, Які стаўся галавою вугла,

12 і ні ў кім іншым няма збаўленьня, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мусілі мы быць збаўленыя».

13 А ўбачыўшы адвагу Пятра і Яна і спасьцярогшы, што яны людзі някніжныя і простыя, зьдзіўляліся; пазналі ж іх, што яны былі з Ісусам.

14 Бачачы ж аздароўленага чалавека, які стаяў з імі, не маглі нічога запярэчыць.

15 Загадаўшы ж ім выйсьці з сынэдрыёну, радзіліся між сабою,

16 кажучы: «Што мы зробім з гэтымі людзьмі? Бо, праўда, вялікі знак, які стаўся праз іх, яўны для ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме, і мы ня можам адмовіць гэта.

17 Але, каб больш не разыходзілася гэта ў народзе, пагрозамі забаронім ім, каб ужо не гаварылі ў імя гэтае нікому з людзей».

18 І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не гаварыць і не навучаць у імя Ісуса.

19 А Пётар і Ян, адказваючы ім, сказалі: «Судзіце, ці справядліва перад Богам слухаць вас больш, чым Бога?

20 Бо мы ня можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі».

21 Яны ж, пагражаючы, вызвалілі іх, не знаходзячы, як пакараць іх, дзеля народу, бо ўсе славілі Бога за тое, што сталася.

22 Бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, з якім стаўся знак аздараўленьня.

23 Калі ж іх вызвалілі, яны прыйшлі да сваіх і паведамілі ўсё, што ім сказалі першасьвятары і старшыні.

24 А яны, пачуўшы, аднадушна паднялі голас да Бога і сказалі: «Уладару! Ты — Бог, Які ўчыніў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх.

25 Праз вусны Давіда, слугі Твайго, Ты сказаў: “Чаму бунтуюцца пагане і народы задумваюць марнае?

26 Паўсталі валадары зямлі, і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Хрыста Ягонага”.

27 Бо праўдзіва сабраліся супраць Сьвятога Сына Твайго Ісуса, Якога Ты памазаў, Ірад і Понці Пілат з паганамі і народам Ізраіля,

28 каб учыніць усё, што рука Твая і рада Твая прадвызначылі, каб сталася.

29 І цяпер, Госпадзе, зірні на пагрозы іхнія, і дай слугам Тваім з усёю адвагаю гаварыць слова Тваё,

30 а Ты працягні руку Тваю на аздараўленьне, і каб рабіліся знакі і цуды праз імя Сьвятога Сына Твайго Ісуса».

31 І, як памаліліся, захісталася месца, дзе яны былі сабраўшыся, і ўсе былі напоўненыя Духам Сьвятым, і гаварылі слова Божае з адвагаю.

32 А ў мноства тых, якія паверылі, было адно сэрца і адна душа, і ніхто нічога з маёмасьці сваёй не называў сваім, але ўсё ў іх было супольнае.

33 І з вялікай сілай апосталы давалі сьведчаньне ўваскрасеньня Госпада Ісуса, і ласка вялікая была на ўсіх іх.

34 Бо не было сярод іх нікога, хто меў нястачу, бо ўсе, хто меў палі ці дамы, продаючы іх, прыносілі цану праданага

35 і клалі ля ног апосталаў; а кожнаму давалася тое, якую хто меў патрэбу.

36 А Ёсія, названы апосталамі Барнабам, што значыць Сын пацяшэньня, лявіт, родам з Кіпру,

37 які меў сваё поле, прадаўшы яго, прынёс грошы і паклаў ля ног апосталаў.

 

Дз 5

1 А нейкі муж, на імя Ананія, з Сапфіраю, жонкаю сваёю, прадаў маёмасьць сваю,

2 і прыхаваў з цаны з ведама жонкі сваёй, і, прынёсшы нейкую частку, палажыў ля ног апосталаў.

3 А Пётар сказаў: «Чаму напоўніў шатан сэрца тваё, каб схлусіць Духу Сьвятому ды прыхаваць з цаны за поле?

4 Ці ж не тваё было, што ты меў, і праданае ці ж не ў тваёй уладзе было? Навошта ты палажыў рэч гэтую ў сэрца сваё? Ты схлусіў ня людзям, але Богу».

5 Пачуўшы словы гэтыя, Ананія ўпаў нежывы. І вялікі страх стаўся на ўсіх, якія чулі гэта.

6 А юнакі, устаўшы, узялі яго і, вынесшы, пахавалі.

7 Сталася ж гадзіны праз тры, прыйшла і жонка ягоная, ня ведаючы, што сталася.

8 А Пётар спытаўся ў яе: «Скажы мне, ці за гэтулькі аддалі вы поле?» Яна ж сказала: “Так, за гэтулькі”.

9 А Пётар сказаў да яе: «Навошта змовіліся вы спакусіць Духа Госпадавага? Вось, пры дзьвярах ногі тых, якія пахавалі мужа твайго, і яны вынясуць цябе».

10 Яна ж адразу ўпала ля ног ягоных нежывая. А юнакі, увайшоўшы, знайшлі яе мёртвую і, вынесшы, пахавалі каля мужа яе.

11 І стаўся вялікі страх на ўсёй царкве і на ўсіх, якія чулі гэта.

12 А праз рукі апосталаў рабілася шмат знакаў і цудаў у народзе, і былі ўсе аднадушна ў прысенках Салямонавых.

13 А з іншых ніхто не адважваўся прыстаць да іх, але ўзьвялічваў іх народ.

14 А тых, што вераць у Госпада, дадавалася яшчэ больш, мноства мужчынаў і жанчынаў,

15 так што выносілі хворых на вуліцы і лажылі на ложках і насілках, каб хоць цень Пятра, які ішоў, ацяніў каго з іх.

16 Зыйшлося таксама ў Ерусалім мноства з навакольных гарадоў, несучы хворых і апанаваных нячыстымі духамі, якія ўсе былі аздароўленыя.

17 А першасьвятар і ўсе, што з ім, якія былі з герэзіі садукейскай, паўстаўшы, напоўніліся зайздрасьцю,

18 і ўсклалі рукі свае на апосталаў, і зьмясьцілі іх у вастрог грамадзкі.

19 А анёл Госпадаў уначы адчыніў дзьверы вязьніцы і, вывеўшы іх, сказаў:

20 «Ідзіце і, стаўшы, гаварыце ў сьвятыні да народу ўсе словы жыцьця гэтага».

21 Пачуўшы гэта, яны ўвайшлі раніцаю ў сьвятыню і навучалі. А першасьвятар і тыя, што з ім, прыйшоўшы, склікалі сынэдрыён і ўсю старшызну сыноў Ізраіля і паслалі ў вязьніцу прывесьці іх.

22 Паслугачы ж, прыйшоўшы, не знайшлі іх у вязьніцы і, вярнуўшыся, паведамілі,

23 кажучы: «Вязьніцу знайшлі мы замкнёную надзейна і вартаўнікоў, якія звонку стаялі перад дзьвярыма; але, адчыніўшы, усярэдзіне нікога не знайшлі».

24 Калі ж пачулі словы гэтыя сьвятар, і начальнік варты сьвятыні, і першасьвятары, зьбянтэжыліся, што б гэта сталася?

25 А нехта, прыйшоўшы, паведаміў ім, кажучы, што вось мужы, якіх вы зьмясьцілі ў вязьніцу, стаяць у сьвятыні і навучаюць народ.

26 Тады начальнік варты, пайшоўшы з паслугачамі, прывёў іх бяз гвалту, бо баяліся народу, каб не ўкаменаваў іх.

27 А прывёўшы, паставілі іх у сынэдрыёне; і спытаўся ў іх першасьвятар,

28 кажучы: «Ці не пагрозамі забаранілі мы вам навучаць пра імя гэтае? І вось, вы напоўнілі Ерусалім навукай вашай і хочаце сьцягнуць на нас кроў Чалавека Гэтага».

29 І, адказваючы, Пётар і апосталы сказалі: «Больш трэба слухацца Бога, чым людзей.

30 Бог бацькоў нашых уваскрасіў Ісуса, Якога вы забілі, павесіўшы на дрэве.

31 Яго, Начальніка і Збаўцу, Бог правіцай Сваёй узвысіў, каб даць Ізраілю навяртаньне і адпушчэньне грахоў.

32 І сьведкі Ягоныя на словы гэтыя — мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, што слухаюцца Яго».

33 Тыя ж, пачуўшы, раз’юшыліся і пастанавілі пазабіваць іх.

34 А адзін фарысэй у сынэдрыёне, на імя Гамаліэль, законавучыцель, знаны ўсяму народу, устаўшы, загадаў на трохі [часу] вывесьці апосталаў,

35 і сказаў ім: «Мужы Ізраільцяне, сьцеражыцеся адносна людзей гэтых, што маеце ўчыніць.

36 Бо перад гэтымі днямі паўстаў Тэўда, кажучы пра сябе як пра некага, і да яго прыстаў лік мужоў каля чатырохсот; ён быў забіты, і ўсе, што слухаліся яго, расьцярушыліся і сталіся нічым.

37 Пасьля гэтага ў дні перапісу паўстаў Юда Галілеец і пацягнуў за сабою даволі народу; і ён загінуў, і ўсе, што слухаліся яго, рассыпаліся.

38 І цяпер кажу вам: адыйдзіцеся ад гэтых людзей і пакіньце іх; бо калі ад людзей рада гэтая ці справа гэтая, будзе зьнішчаная,

39 а калі ад Бога, вы ня здолееце зьнішчыць яе, і каб самі не апынуліся змагарамі з Богам».

40 Яны ж паслухаліся яго і, паклікаўшы апосталаў, зьбіўшы, загадалі ім не гаварыць пра імя Ісуса, і вызвалілі іх.

41 Тыя ж пайшлі ад аблічча сынэдрыёна, радуючыся, што сталіся вартымі зьневажэньня за імя Ягонае.

42 І кожны дзень у сьвятыні і дома не пераставалі навучаць і дабравесьціць пра Ісуса Хрыста.

 

Дз 6

1 А ў гэтыя дні, калі памножылася вучняў, сталася нараканьне Эліністаў на Гебраяў, што ў штодзённым служэньні занядбоўваюцца ўдовы іхнія.

2 Дванаццаць жа, паклікаўшы мноства вучняў, сказалі: «Ня гожа нам, пакінуўшы слова Божае, служыць пры сталах.

3 Дык нагледзьце спасярод вас, браты, сем засьведчаных мужоў, поўных Духа Сьвятога і мудрасьці, якіх мы паставім на гэтую патрэбу,

4 а мы будзем трываць у малітве і служэньні слова».

5 І спадабалася слова гэтае перад абліччам усяго мноства, і выбралі Стэфана, мужа, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Філіпа, і Прохара, і Ніканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая Антыяхійца, празэліта.

6 Іх паставілі перад апосталамі; і яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі.

7 І слова Божае расло, і вучні ў Ерусаліме вельмі множыліся лікам, і вялікая колькасьць сьвятароў паслухаліся веры.

8 А Стэфан, поўны веры і сілы, чыніў цуды і знакі вялікія ў народзе.

9 Паўсталі ж некаторыя з сынагогі, называнай Лібэртынскай, і Кірэнэйскай, і Александрыйскай, і тых, што з Кілікіі і Азіі, спрачаючыся са Стэфанам,

10 і ня здолелі супрацьстаць мудрасьці і Духу, Якім ён гаварыў.

11 Тады падбілі мужоў сказаць: «Мы чулі яго, як гаварыў словы блюзьнерскія на Майсея і Бога».

12 І падбурылі народ, і старшыняў, і кніжнікаў, і, стаўшы, схапілі яго, і прывялі ў сынэдрыён.

13 І паставілі яны хлусьлівых сьведкаў, якія казалі: «Гэты чалавек не перастае гаварыць словы блюзьнерскія супраць гэтага сьвятога месца і супраць Закону,

14 бо мы чулі, як ён казаў, што Ісус з Назарэту зруйнуе месца гэтае і зьменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей».

15 І ўсе тыя, што сядзелі ў сынэдрыёне, углядаючыся на яго, бачылі аблічча ягонае, нібыта аблічча анёла.

 

Дз 7

1 А першасьвятар сказаў: «Ці ж гэта так?»

2 Той жа мовіў: «Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму, калі той быў у Мэсапатаміі, перш, чым пасяліўся ў Харане,

3 і сказаў да яго: “Выйдзі з зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх і ідзі ў зямлю, якую Я табе пакажу”.

4 Тады, выйшаўшы з зямлі Халдэйскае, ён пасяліўся ў Харане; адтуль пасьля сьмерці бацькі ягонага [Бог] перасяліў яго ў гэтую зямлю, у якой вы цяпер жывяцё.

5 І ня даў яму ў ёй спадчыны ані на стапу нагі; і абяцаў яму даць яе ў валоданьне яму і насеньню ягонаму пасьля яго, а ня меў ён дзіцяці.

6 Сказаў жа яму Бог, што насеньне ягонае будзе прыхаднем у зямлі чужой, і зьняволяць іх, і будуць рабіць ім зло чатырыста гадоў.

7 “І народ, які зняволіць іх, Я буду судзіць, — сказаў Бог, — і пасьля гэтага яны выйдуць і будуць служыць Мне ў гэтым месцы”.

8 І даў яму запавет абразаньня. І гэтак ён нарадзіў Ісаака, і абрэзаў яго на восьмы дзень; і Ісаак — Якуба, і Якуб — дванаццаць патрыярхаў.

9 І патрыярхі, зайздросьцячы Язэпу, прадалі яго ў Эгіпет; і Бог быў з ім,

10 і выбавіў яго з усіх прыгнётаў ягоных, і даў яму ласку і мудрасьць перад фараонам, валадаром Эгіпту; і той паставіў яго за начальніка над Эгіптам і над усім домам сваім.

11 Прыйшоў жа голад на ўсю зямлю Эгіпту і Ханаану, і гора вялікае, і бацькі нашыя не знаходзілі жыўнасьці.

12 А Якуб, пачуўшы, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, паслаў спачатку бацькоў нашых,

13 і за другім разам Язэп быў пазнаны братамі ягонымі, і фараону выявіўся род Язэпавы.

14 А Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго Якуба і ўсіх родзічаў сваіх, душаў семдзесят пяць.

15 Якуб жа зыйшоў у Эгіпет, і памёр сам і бацькі нашыя,

16 і перанесьлі іх у Сыхем, і паклалі ў магілу, якую набыў Абрагам за цану срэбра ў сыноў Гемора Сыхемава.

17 А як набліжаўся час абяцаньня, наконт якога прысягаў Бог Абрагаму, народ рос і памнажаўся ў Эгіпце

18 да часу, калі паўстаў іншы валадар, які ня ведаў Язэпа.

19 Той, хітруючы супраць роду нашага, рабіў зло бацькам нашым, каб яны выкідалі немаўлят, каб тыя не жылі.

20 У той час нарадзіўся Майсей, і быў мілы Богу; яго гадавалі тры месяцы ў доме бацькі ягонага.

21 Калі ж выкінулі яго, узяла яго дачка фараона і гадавала яго за сына сабе.

22 І быў настаўлены Майсей ва ўсёй мудрасьці Эгіпцянаў, і быў ён магутны ў словах і ўчынках.

23 Калі ж споўнілася яму сорак гадоў веку, прыйшло яму на сэрца даведацца братоў сваіх, сыноў Ізраіля.

24 І, убачыўшы, як некага крыўдзілі, заступіўся за яго і адпомсьціў за пакрыўджанага, ударыўшы Эгіпцяніна.

25 Ён жа думаў, што браты ягоныя зразумеюць, што Бог рукой ягонай дае ім выбаўленьне, а яны не зразумелі.

26 І на наступны дзень ён зьявіўся ім, як яны біліся, і вёў іх да згоды, кажучы: “Мужы, вы — браты! Чаму вы крыўдзіце адзін аднога?”

27 А той, што быў крыўдзіў бліжняга, адапхнуў яго, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю над намі?

28 Ці ты хочаш забіць мяне, як забіў учора Эгіпцяніна?”

29 Праз гэтае слова ўцёк Майсей і стаўся прыхаднем у зямлі Мадыям, дзе нарадзіў двух сыноў.

30 А калі споўнілася сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні пад гарою Сынай анёл Госпадаў у полымі вагню куста.

31 Майсей жа, убачыўшы, зьдзівіўся відзежу, і калі ён набліжаўся, каб прыгледзецца, быў да яго голас Госпада:

32 “Я — Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба”. Трасучыся, Майсей не адважыўся ўглядацца.

33 А Госпад сказаў яму: “Здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, — зямля сьвятая.

34 Гледзячы, Я ўбачыў гора народу Майго ў Эгіпце, і пачуў стагнаньне іхнае, і зыйшоў выбавіць іх. І цяпер ідзі, Я пашлю цябе ў Эгіпет”.

35 Таго Майсея, якога яны адракліся, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю?” — яго Бог за начальніка і выбавіцеля паслаў рукой анёла, які зьявіўся яму ў кусьце.

36 Ён вывеў іх, учыніўшы цуды і знакі ў зямлі Эгіпецкай, і ў Чырвоным моры, і ў пустыні сорак гадоў.

37 Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраіля: “Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне; Яго слухайце”.

38 Гэта той, які быў у пустыні ў зборы з анёлам, які гаварыў на гары Сынай з ім і з бацькамі нашымі, які прыняў словы жывыя, каб даць нам,

39 якому не хацелі быць паслухмяныя бацькі нашыя, але адапхнулі яго і павярнулі сэрцы свае да Эгіпту,

40 кажучы Аарону: “Зрабі нам багоў, якія будуць ісьці наперадзе нас, бо з Майсеем гэтым, які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ведаем, што сталася з ім”.

41 І зрабілі ў тыя дні цяля, і прынесьлі ахвяру ідалу, і весяліліся ў справах рук сваіх.

42 А Бог адвярнуўся і аддаў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: “Дом Ізраіля, ці прыносілі вы Мне бітае і ахвяры сорак гадоў у пустыні?

43 І паднялі вы намёт Малоха і зорку бога вашага Рэмфана, абразы, якія вы зрабілі, каб ім пакланяцца. І Я перасялю вас ажно за Бабілон”.

44 Намёт сьведчаньня быў у бацькоў нашых у пустыні, як загадаў Той, Які гаварыў Майсею зрабіць яе паводле вобразу, які ён бачыў.

45 Яе, узяўшы, занесьлі бацькі нашыя з Егошуам у валоданьні паганаў, якіх Бог выгнаў ад аблічча бацькоў нашых, ажно да дзён Давіда,

46 які знайшоў ласку перад Богам і прасіў, каб знайсьці будыніну Богу Якуба.

47 Салямон жа пабудаваў Яму дом.

48 Але Найвышэйшы не жыве ў бажніцах, зробленых рукамі, як кажа прарок:

49 “Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які ж дом вы пабудуеце Мне, — кажа Госпад, — або якое месца супачынку Майго?

50 Ці ж не Мая рука ўчыніла ўсё гэтае?”

51 [Людзі] з цьвёрдым каркам і з неабрэзаным сэрцам і вушамі! Вы заўсёды супрацівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы.

52 Каго з прарокаў не перасьледавалі бацькі вашыя, і пазабівалі прадвесьнікаў прыходу Праведніка, здраднікамі і забойцамі Якога вы цяпер сталіся,

53 вы, якія ўзялі Закон паводле пастановы анёлаў і не захавалі яго».

54 А слухаючы гэта, яны раз’юшваліся ў сэрцах сваіх і скрыгаталі зубамі на яго.

55 Ён жа, напоўнены Духам Сьвятым, углядаючыся ў неба, убачыў славу Божую і Ісуса, Які стаіць праваруч Бога,

56 і сказаў: «Вось, бачу неба адчыненае і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога».

57 Яны ж, закрычаўшы моцным голасам, пазатыкалі вушы свае, і аднадушна рынуліся на яго,

58 і, выгнаўшы за горад, каменавалі яго. І сьведкі кінулі адзеньні свае ля ног дзяцюка, называнага Саўл,

59 і каменавалі Стэфана, які прызываў [Бога] і казаў: «Госпадзе Ісусе, прымі дух мой!»

60 І, укленчыўшы, закрычаў моцным голасам: «Госпадзе, не палічы ім грэху гэтага!» І, сказаўшы гэта, памёр.

 

Дз 8

1 А Саўл згаджаўся на забойства яго. Сталася ж у той дзень вялікае перасьледваньне царквы ў Ерусаліме. І ўсе, акрамя апосталаў, былі расьцярушаныя па ваколіцах Юдэі і Самарыі.

2 А Стэфана пахавалі мужы пабожныя і ўчынілі па ім галашэньне вялікае.

3 Саўл жа нішчыў царкву, уваходзячы ў дамы, і, цягнучы мужчынаў і жанчынаў, аддаваў [іх] у вязьніцу.

4 А тыя, што расьцярушыліся, хадзілі, дабравесьцячы слова.

5 Філіп жа, зыйшоўшы ў горад Самаранскі, абвяшчаў ім Хрыста.

6 І натоўпы прыслухоўваліся да ўсяго, што казаў Філіп, аднадушна слухаючы і бачачы знакі, якія ён чыніў.

7 Бо з многіх, якія мелі духаў нячыстых, яны выходзілі, крычучы моцным голасам, а шмат спараліжаваных і кульгавых былі аздароўленыя.

8 І сталася радасьць вялікая ў горадзе тым.

9 А быў раней у гэтым горадзе нейкі муж на імя Сымон, які чараваў і зьдзіўляў народ Самарыі, называючы сябе некім вялікім.

10 І прыслухоўваліся да яго ўсе ад малога да вялікага, кажучы: «Ён ёсьць вялікая моц Божая».

11 Прыслухоўваліся ж да яго дзеля таго, што ён даволі часу чараваньнем зьдзіўляў іх.

12 А калі паверылі Філіпу, які дабравесьціў пра Валадарства Божае і імя Ісуса Хрыста, былі ахрышчаны як мужчыны, так і жанчыны.

13 Дый Сымон і той паверыў, і, ахрысьціўшыся, трываў пры Філіпе. А бачачы знакі і цуды вялікія, што рабіліся, дзівіўся.

14 Апосталы ж, што былі ў Ерусаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна,

15 якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб атрымалі Духа Сьвятога,

16 бо Ён ня быў на нікога з іх зыйшоўшы, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса.

17 Тады яны ўсклалі на іх рукі, і яны атрымалі Духа Сьвятога.

18 Сымон жа, пабачыўшы, што праз ускладаньне рук апосталаў даецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,

19 кажучы: «Дайце і мне гэткую ўладу, каб той, на каго ўскладу рукі, атрымаў Духа Сьвятога».

20 Пётар жа сказаў яму: «Няхай срэбра тваё будзе з табой на загубу, бо дар Божы ты думаў за грошы здабыць.

21 Няма табе часткі і жэрабя ў слове гэтым, бо сэрца тваё ня шчырае перад Богам.

22 Дык навярніся ад гэтай ліхоты тваёй і прасі Бога, можа, будзе адпушчана табе задума сэрца твайго.

23 Бо бачу цябе ў гарчыні жоўці і ў вузьле няправеднасьці».

24 А Сымон, адказваючы, сказаў: «Маліцеся вы за мяне да Госпада, каб не прыйшло на мяне тое, што вы сказалі».

25 Яны ж, засьведчыўшы і расказаўшы слова Госпадава, вярнуліся ў Ерусалім, дабравесьцячы ў многіх мястэчках Самаранскіх.

26 А анёл Госпадаў прамовіў да Філіпа, кажучы: «Устань і ідзі на поўдзень, на шлях, які зыходзіць з Ерусаліму ў Газу, той, які пусты».

27 І, устаўшы, ён пайшоў. І вось, муж Этыёпскі, эўнух, можны Кандакіі, валадаркі Этыёпаў, які быў над усімі скарбамі ейнымі і прыйшоў у Ерусалім пакланіцца,

28 вяртаўся назад, і сядзеў на калясьніцы сваёй, і чытаў прарока Ісаю.

29 А Дух сказаў Філіпу: «Падыйдзі і прыстань да калясьніцы гэтай».

30 Прыбегшы, Філіп пачуў, што той чытае прарока Ісаю, і сказаў: «Ці разумееш тое, што чытаеш?»

31 Той жа сказаў: «Як жа я магу, калі нехта не растлумачыць мне?» І папрасіў Філіпа, узыйшоўшы, сесьці з ім.

32 А ўрывак Пісаньня, які ён чытаў, быў гэткі: «Як авечку на зарэз, вялі Яго; і як ягня безгалосае перад тым, хто стрыжэ, гэтак Ён не адчыняе вуснаў Сваіх.

33 У паніжэньні Ягоным суд Ягоны ўзяты. А паходжаньне Ягонае хто распавядзе? Бо жыцьцё Ягонае будзе ўзята ад зямлі».

34 Адказваючы, эўнух сказаў Філіпу: «Прашу цябе, пра каго прарок гаворыць гэтае? Пра самога сябе ці пра каго іншага?»

35 А Філіп, адчыніўшы вусны свае і пачаўшы ад Пісаньня гэтага, дабравесьціў яму Ісуса.

36 А як ехалі па дарозе, прыйшлі да вады; і кажа эўнух: «Вось вада. Што перашкаджае мне быць ахрышчаным?»

37 А Філіп сказаў: «Калі верыш з усяго сэрца, можна». Ён жа, адказваючы, сказаў: «Веру, што Ісус Хрыстос ёсьць Сын Божы».

38 І загадаў спыніць калясьніцу. І зыйшлі абодва ў ваду, як Філіп, так і эўнух, і ахрысьціў яго.

39 Калі ж выйшлі яны з вады, Дух Госпадаў падхапіў Філіпа, і эўнух больш ня бачыў яго, бо паехаў у сваю дарогу, радуючыся.

40 А Філіп апынуўся ў Азоце; і, праходзячы, дабравесьціў па ўсіх гарадах, пакуль прыйшоў у Цэзарэю.

 

Дз 9

1 Саўл жа, яшчэ дыхаючы пагрозай і забойствам на вучняў Госпадавых, падыйшоў да першасьвятара

2 і прасіў у яго лісты ў Дамаск да сынагогаў, каб, калі знойдзе некага, хто ёсьць на гэтым шляху, як мужчынаў, так і жанчынаў, зьвязаўшы, весьці ў Ерусалім.

3 А калі ён ішоў, сталася, як ён наблізіўся да Дамаску, што неспадзявана агарнула яго сьвятло з неба.

4 І, упаўшы на зямлю, ён пачуў голас, які гаварыў яму: «Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне?»

5 Ён жа сказаў: «Хто Ты, Госпадзе?» А Госпад сказаў: «Я — Ісус, Якога ты перасьледуеш. Цяжка табе супраць ражна ўпірацца».

6 І ён, дрыжучы і жахаючыся, сказаў: «Госпадзе, што хочаш, каб я рабіў?» І Госпад [кажа] да яго: «Устань і ідзі ў горад, і будзе табе сказана, што ты мусіш рабіць».

7 А мужы, якія спадарожнічалі яму, стаялі аслупянеўшы, чуючы голас, а нікога ня бачачы.

8 Саўл жа ўстаў з зямлі, і, адчыніўшы вочы свае, нікога ня бачыў; і ўзяўшы за руку, увялі яго ў Дамаск.

9 І тры дні ён ня бачыў, і ня еў, і ня піў.

10 Быў жа ў Дамаску адзін вучань на імя Ананія. І сказаў да яго Госпад у відзежы: «Ананія!» Ён жа сказаў: «Вось я, Госпадзе!»

11 А Госпад да яго: «Устаўшы, ідзі на вуліцу, называную Простай, і ў доме Юды пашукай Тарсяніна на імя Саўл, бо вось, ён моліцца

12 і бачыў у відзежы мужа на імя Ананія, які ўвайшоў і ўсклаў на яго руку, каб ён зноў бачыў».

13 Ананія ж адказаў: «Госпадзе, я чуў ад многіх пра мужа гэтага, колькі ліха ўчыніў ён сьвятым Тваім у Ерусаліме;

14 і тут ён мае ўладу ад першасьвятароў зьвязваць усіх, хто прызывае імя Тваё».

15 А Госпад сказаў да яго: «Ідзі, бо ён — Мая выбраная пасудзіна, каб несьці імя Маё перад паганамі, і валадарамі, і сынамі Ізраіля,

16 бо Я пакажу яму, колькі ён мусіць перацярпець за імя Маё».

17 Ананія пайшоў, і ўвайшоў у той дом, і, усклаўшы на яго рукі, сказаў: «Саўле, браце, Госпад паслаў мяне, Ісус, Які зьявіўся табе на дарозе, па якой ты ішоў, каб ты зноў бачыў і напоўніўся Духам Сьвятым».

18 І адразу нібы луска апала з вачэй ягоных, і стаў бачыць у той жа момант, і, устаўшы, быў ахрышчаны,

19 і, прыняўшы ежу, умацаваўся. І быў Саўл колькі дзён з вучнямі, што ў Дамаску,

20 і адразу абвяшчаў у сынагогах Хрыста, што Ён ёсьць Сын Божы.

21 А ўсе, хто чуў, дзівіліся і казалі: «Ці ня гэта той самы, які нішчыў у Ерусаліме тых, хто прызывае імя гэтае, і сюды прыйшоў дзеля таго, каб іх, зьвязаўшы, весьці да першасьвятароў?»

22 А Саўл больш умацоўваўся і трывожыў Юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даводзячы, што Гэты [Ісус] ёсьць Хрыстос.

23 Калі ж споўнілася даволі дзён, Юдэі зрабілі нараду, каб забіць яго.

24 А Саўл даведаўся пра змову іхнюю. І яны сачылі ля брамаў дзень і ноч, каб яго забіць.

25 А вучні, узяўшы яго, уначы спусьцілі праз мур у кашы.

26 Прыйшоўшы ж у Ерусалім, Саўл спрабаваў прыстаць да вучняў, і ўсе баяліся яго, ня верачы, што ён — вучань.

27 А Барнаба, узяўшы яго, прывёў да апосталаў і распавёў ім, як у дарозе той бачыў Госпада, і што Ён гаварыў яму, і як ён у Дамаску адважна гаварыў у імя Ісуса.

28 І быў ён разам з імі, уваходзячы і выходзячы ў Ерусалім, і адважна гаворачы ў імя Госпада Ісуса.

29 Гаварыў таксама і спрачаўся з эліністамі, а тыя намагаліся яго забіць.

30 Браты ж, даведаўшыся, вывелі яго ў Цэзарэю і выправілі яго ў Тарс.

31 А цэрквы па ўсёй Юдэі, і Галілеі, і Самарыі мелі супакой, будуючыся і ходзячы ў страху Госпадавым, і праз пацяшэньне Духа Сьвятога памнажаліся.

32 Сталася ж, што Пётар, абыходзячы ўсіх, прыйшоў і да сьвятых, што жылі ў Лідзьдзе.

33 Знайшоў жа ён там аднаго чалавека, на імя Энэй, які восем гадоў ляжаў у ложку, бо быў спараліжаваны.

34 І сказаў яму Пётар: «Энэй, цябе аздараўляе Ісус Хрыстос; устань і пасьцялі сабе». І ён адразу ўстаў.

35 І бачылі яго ўсе, што жылі ў Лідзьдзе і Сароне, якія зьвярнуліся да Госпада.

36 А ў Ёппе была адна вучаніца, на імя Табіта, што ў перакладзе азначае Сарна. Яна была поўная добрых учынкаў і міласьцінаў, якія рабіла.

37 Сталася ж у тыя дні, што, занядужаўшы, яна памерла. Яе памылі і палажылі ў залі.

38 А як Лідда была блізка ад Ёппы, дык вучні, пачуўшы, што там Пётар, паслалі двух мужоў да яго, просячы прыйсьці да іх не марудзячы.

39 Устаўшы, Пётар прыйшоў да іх, і, як прыйшоў, завялі яго ў залю; і сталі перад ім усе ўдовы, галосячы і паказваючы вопраткі і адзеньне, якія паспраўляла Сарна, як была з імі.

40 А Пётар, выслаўшы ўсіх вонкі, укленчыўшы, маліўся і, зьвярнуўшыся да цела, сказаў: «Табіта, устань!» Яна ж адчыніла вочы свае і, убачыўшы Пятра, села.

41 А ён, даўшы ёй руку, падняў яе і, клікнуўшы сьвятых і ўдоваў, паставіў яе перад імі жывую.

42 І сталася ведама па ўсёй Ёппе, і многія паверылі ў Госпада.

43 Сталася ж, што ён даволі дзён заставаўся ў нейкага Сымона, гарбара.

 

Дз 10

1 А ў Цэзарэі быў адзін муж, на імя Карнэль, сотнік кагорты, называнай Італійскай,

2 пабожны і багабойны з усім домам сваім. Ён чыніў шмат міласьцінаў народу і ўсьцяж маліўся Богу.

3 Ён бачыў яўна ў відзежы каля дзявятае гадзіны дня анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: «Карнэль!»

4 Ён жа, углядаючыся на яго і будучы ў страху, сказаў: «Што, Госпадзе?» А той сказаў яму: «Малітвы твае і міласьціны твае ўзыйшлі на памяць перад Богам.

5 І цяпер пашлі ў Ёппу мужоў, і пакліч Сымона, які называецца Пятром;

6 ён гасьцюе ў нейкага Сымона гарбара, дом якога ля мора. Ён скажа табе, што ты мусіш рабіць».

7 Калі ж анёл, які гаварыў з Карнэлем, адыйшоў, ён, паклікаўшы двух слугаў сваіх і пабожнага жаўнера з тых, што былі пры ім,

8 і ўсё ім распавёўшы, паслаў іх у Ёппу.

9 А на наступны дзень, як яны былі ў дарозе і набліжаліся да гораду, Пётар узыйшоў на дах памаліцца каля шостае гадзіны.

10 Адчуў жа голад і захацеў есьці; а калі гатавалі, ахапіла яго захапленьне,

11 і бачыць ён неба расчыненае і начыньне нейкае, якое зыходзіла да яго, быццам вялікі абрус, зьвязаны за чатыры канцы і апусканы на зямлю.

12 У ім былі ўсе чатырохногія зямныя, і зьвяры, і паўзуны, і птушкі нябесныя.

13 І стаўся голас да яго: «Устаўшы, Пётар, заколвай і еш».

14 А Пётар сказаў: «Ніякім чынам, Госпадзе, бо ніколі ня еў я паганага ці нячыстага».

15 І голас ізноў другі раз да яго: «Што Бог ачысьціў, ты не пагань».

16 Сталася ж гэта тройчы, і начыньне ізноў узьнялося ў неба.

17 Калі ж Пётар бянтэжыўся ў сабе, што б значыў відзеж, які бачыў, вось, мужы, пасланыя ад Карнэля, распытаўшы пра дом Сымона, спыніліся ля брамы

18 і, крыкнуўшы, спыталіся, ці тут гасьцюе Сымон, называны Пятром.

19 А як Пётар думаў пра гэты відзеж, сказаў яму Дух: «Вось, тры мужы шукаюць цябе.

20 Дык, устаўшы, зыйдзі і ідзі з імі, нічога не сумняваючыся, бо Я паслаў іх».

21 Зыйшоўшы ж да тых мужоў, пасланых да яго ад Карнэля, Пётар сказаў: «Вось, я той, каго вы шукаеце. Што за прычына, дзеля чаго вы прыйшлі?»

22 Яны ж сказалі: «Карнэль, сотнік, муж праведны і багабойны, пра якога сьведчыць увесь народ Юдэйскі, атрымаў загад ад сьвятога анёла паклікаць цябе ў дом свой і паслухаць словы ад цябе».

23 Тады Пётар, запрасіўшы, гасьцяваў іх, а на заўтра пайшоў з імі, і некаторыя з братоў, якія з Ёппы, пайшлі з ім.

24 І на наступны дзень прыйшлі яны ў Цэзарэю, а Карнэль чакаў на іх, склікаўшы сваякоў сваіх і блізкіх сяброў.

25 Калі ж сталася, што Пётар увайшоў, Карнэль, сустрэўшы яго, упаў да ног ягоных і пакланіўся.

26 А Пётар падняў яго, кажучы: «Устань, і я таксама чалавек».

27 І, размаўляючы з ім, увайшоў, і знаходзіць шмат сабраных.

28 І прамовіў да іх: «Вы ведаеце, што не належыцца мужу Юдэйскаму злучацца ці зыходзіцца з чужынцамі, але Бог паказаў мне не называць ніякага чалавека паганым ці нячыстым.

29 Дзеля гэтага я і прыйшоў, як быў пакліканы, без пярэчаньняў. Дык пытаюся: дзеля якой прычыны вы паклікалі мяне?»

30 І прамовіў Карнэль: «Ад чацьвёртага дня аж да гэтае гадзіны я посьціў і а дзявятай гадзіне маліўся ў доме маім; і вось, стаў перада мною муж у сьветлым адзеньні

31 і мовіць: “Карнэль, пачутая малітва твая, і міласьціны твае ўзгаданыя перад Богам.

32 Дык пашлі ў Ёппу і пакліч Сымона, які называецца Пятром; ён гасьцюе ў доме Сымона гарбара, ля мора; ён, прыйшоўшы, скажа табе”.

33 Дык я неадкладна паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, прыйшоўшы. А цяпер мы ўсе прыйшлі перад Бога, каб слухаць усё, што загадана табе ад Бога».

34 А Пётар, расчыніўшы вусны, сказаў: «Праўдзіва спасьцерагаю, што не на аблічча зважае Бог,

35 але ў кожным народзе прыемны Яму той, хто баіцца Яго і чыніць праведнасьць.

36 Слова паслаў Ён сынам Ізраіля, дабравесьцячы супакой праз Ісуса Хрыста, Які ёсьць Госпад усяго.

37 Вы ведаеце слова, што сталася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасьля хрышчэньня, якое абвясьціў Ян,

38 як Бог памазаў Духам Сьвятым і моцай Ісуса з Назарэту, Які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, прыгнятаных д’яблам, бо Бог быў з Ім.

39 І мы — сьведкі ўсяго, што Ён учыніў у краіне Юдэйскай і ў Ерусаліме. І забілі Яго, павесіўшы на дрэве.

40 Яго Бог уваскрасіў на трэці дзень, і даў Яму аб’яўляцца

41 не ўсяму народу, але сьведкам, наперад прызначаным ад Бога, нам, якія елі і пілі з Ім пасьля ўваскрасеньня Яго з мёртвых.

42 І Ён загадаў нам абвяшчаць народу і сьведчыць, што Ён ёсьць вызначаны ад Бога Судзьдзя жывых і мёртвых.

43 Пра Яго ўсе прарокі сьведчаць, што ўсякі, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэньне грахоў праз імя Ягонае».

44 Калі Пётар яшчэ гаварыў словы гэтыя, зыйшоў Дух Сьвяты на ўсіх, якія слухалі слова.

45 І дзівіліся верныя з абрэзаных, якія прыйшлі з Пятром, што і на паганаў выліты дар Сьвятога Духа,

46 бо чулі іх, як гаварылі мовамі і ўзьвялічвалі Бога. Тады адказаў Пётар:

47 «Няўжо нехта можа забараніць вады дзеля хрышчэньня тых, якія атрымалі Духа Сьвятога, як і мы?»

48 І загадаў ім ахрысьціцца ў імя Госпада. Тады прасілі яго застацца на некалькі дзён.

 

Дз 11

1 А апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, пачулі, што і пагане прынялі слова Божае.

2 І калі Пётар узыйшоў у Ерусалім, тыя, што з абрэзаных, сумняваліся ў ім,

3 кажучы: «Да мужоў неабрэзаных ты хадзіў і еў з імі!»

4 А Пётар, пачаўшы, выклаў па парадку, кажучы:

5 «Я быў у горадзе Ёппе, молячыся, і ў захапленьні ўбачыў відзеж: нейкае начыньне, якое зыходзіла, быццам вялікі абрус, за чатыры канцы апусканы з неба, і прыйшло да мяне.

6 Углядаючыся ў яго, я разгледзеў і ўбачыў чатырохногіх зямных, і зьвяроў, і паўзуноў, і птушкі нябесныя.

7 Пачуў жа я голас, які гаварыў мне: “Устаўшы, Пётар, заколвай і еш”.

8 А я сказаў: “Ніякім чынам, Госпадзе, бо нічога паганага ці нячыстага ніколі ня браў я ў вусны мае”.

9 А голас адказаў мне другі раз з неба: “Што Бог ачысьціў, ты не пагань”.

10 Сталася ж гэта тройчы, і ізноў усё ўзьнялося ў неба.

11 І вось, у гэты момант спыніліся перад домам, у якім я быў, трох мужоў, пасланыя да мяне з Цэзарэі.

12 А Дух сказаў мне ісьці з імі, нічога не сумняваючыся. Пайшлі ж са мною і гэтыя шэсьць братоў, і мы прыйшлі ў дом таго мужа.

13 І абвясьціў ён нам, як бачыў у доме сваім анёла, які стаў і сказаў яму: “Пашлі ў Ёппу мужоў і пакліч Сымона, называнага Пятром,

14 які скажа табе словы, праз якія будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой”.

15 Калі ж я пачаў гаварыць, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, як і на нас на пачатку.

16 І ўзгадаў я слова Госпада, як Ён сказаў: “Ян хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым”.

17 Дык калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, што паверылі ў Госпада Ісуса Хрыста, хто ж я такі, каб мог забараняць Богу?»

18 Пачуўшы ж гэтае, яны супакоіліся і славілі Бога, кажучы: «Можа і паганам даў Бог навяртаньне дзеля жыцьця».

19 А тыя, што расьцярушыліся пасьля прыгнёту, які стаўся за Стэфана, пайшлі аж да Фінікіі, і Кіпру, і Антыёхіі, нікому не гаворачы слова, адно толькі Юдэям.

20 Былі ж некаторыя з іх мужы Кіпрыйскія і Кірэнэйскія, якія, прыйшоўшы ў Антыёхію, гаварылі да эліністаў, дабравесьцячы Госпада Ісуса.

21 І была рука Госпадава з імі, і вялікая лічба, паверыўшы, зьвярнулася да Госпада.

22 А слова пра іх дайшло да вушэй царквы, што ў Ерусаліме, і яны паслалі Барнабу пайсьці аж у Антыёхію.

23 Ён, прыйшоўшы і ўбачыўшы ласку Божую, узрадаваўся і маліў усіх, каб пры пастанове сэрца трывалі ў Госпадзе,

24 бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога і веры. І значная грамада дадалася да Госпада.

25 А Барнаба выйшаў у Тарс шукаць Саўла і, знайшоўшы яго, прывёў у Антыёхію.

26 Сталася ж, што яны цэлы год зьбіраліся ў гэтай царкве і навучалі значную грамаду; у Антыёхіі найперш вучняў сталі называць Хрысьціянамі.

27 У тыя ж дні прыйшлі з Ерусаліму ў Антыёхію прарокі.

28 А адзін з іх, на імя Агаў, устаўшы, праз Духа даў знак, што на ўсім сьвеце мае быць вялікі голад, які і стаўся за цэзара Кляўдыя.

29 А вучні, кожны паводле магчымасьці сваёй, вызначылі паслаць [дапамогу] братам, што жылі ў Юдэі.

30 І ўчынілі гэта, паслаўшы да старостаў праз рукі Барнабы і Саўла.

 

Дз 12

1 А ў той час валадар Ірад падняў руку, каб рабіць зло некаторым з царквы,

2 а Якуба, брата Яна, забіў мячом.

3 І, бачачы, што гэта падабаецца Юдэям, дадаў, што схапіў і Пятра, а былі дні праснакоў,

4 і, схапіўшы, пасадзіў у вязьніцу, загадаўшы чатыром чацьвёркам жаўнераў сьцерагчы яго, хочучы пасьля Пасхі вывесьці яго народу.

5 Дык Пятра пільнавалі ў вязьніцы, а шчырая малітва за яго ўзносілася ад царквы да Бога.

6 Калі ж Ірад меўся вывесьці яго, у тую ноч Пётар спаў між двух жаўнераў, зьвязаны двума ланцугамі, і перад дзьвярыма вартаўнікі пільнавалі вязьніцу.

7 І вось, анёл Госпадаў стаў, і сьвятло засьвяціла ў цэлі, і, ударыўшы Пятра ў бок, падняў яго, кажучы: «Устань хутчэй!» І ўпалі з рук ягоных ланцугі.

8 Анёл жа сказаў да яго: «Падперажыся і абуй сандалы твае». Ён зрабіў гэта, і той кажа яму: «Апрані адзеньне тваё і ідзі за мною».

9 І, выйшаўшы, пайшоў за ім, і ня ведаў, ці праўда тое, што сталася праз анёла, а думаў, што бачыць відзеж.

10 Абмінуўшы ж першую варту і другую, яны падыйшлі да жалезных брамаў, што вялі ў горад, якія самі расчыніліся ім, і, выйшаўшы, прайшлі адну вуліцу, і анёл адразу адыйшоў ад яго.

11 І Пётар, прыйшоўшы ў сябе, сказаў: «Цяпер праўдзіва ведаю, што Госпад паслаў анёла Свайго і вырваў мяне з рукі Ірада і з усяго, чаго чакаў народ Юдэйскі».

12 І, агледзеўшыся, прыйшоў у дом Марыі, маці Яна, называнага Маркам, дзе многія сабраліся і маліліся.

13 А як Пётар стукаўся ў дзьверы брамаў, падыйшла паслухаць служка, на імя Рода,

14 і, пазнаўшы голас Пятра, ад радасьці не адчыніла брамаў, а, убегшы, абвясьціла, што Пётар стаіць перад брамамі.

15 Яны ж сказалі да яе: «Ты звар’яцела». А яна настойвала, што гэта ён. Яны ж казалі: «Гэта анёл ягоны».

16 А Пётар працягваў стукацца. Адчыніўшы, яны ўбачылі яго і зьдзівіліся.

17 Ён жа, даўшы знак рукою, каб маўчалі, распавёў ім, як Госпад вывеў яго з вязьніцы. І сказаў: «Абвясьціце пра гэта Якубу і братам». І, выйшаўшы, пайшоў у іншае месца.

18 А як настаў дзень, было хваляваньне немалое ў жаўнераў адносна таго, што магло стацца з Пятром.

19 Ірад жа, шукаючы яго і не знайшоўшы яго, дапытаўшы вартаўнікоў, загадаў вывесьці іх [на сьмерць]. І, зыйшоўшы з Юдэі ў Цэзарэю, быў [там].

20 А быў Ірад дужа зазлаваны на Тырцаў і Сідонцаў. Яны ж аднадушна прыйшлі да яго і, пераканаўшы Бласта, падкаморага валадарскага, прасілі міру, бо іхняя краіна жывілася ад валадарскае.

21 У вызначаны ж дзень Ірад, апрануўшы валадарскае адзеньне і сеўшы на судовым пасадзе, прамаўляў да іх,

22 а народ крычаў: «Голас бога, а не чалавека!»

23 А анёл Госпадаў адразу ўдарыў яго за тое, што ён не аддаў славу Богу, і, заедзены чэрвямі, ён памёр.

24 А слова Божае расло і памнажалася.

25 А Барнаба і Саўл, споўніўшы служэньне, вярнуліся з Ерусаліму, узяўшы з сабою Яна, якога звалі Маркам.

 

Дз 13

1 Былі ж у Антыёхіі, у тамтэйшай царкве, некаторыя прарокі і настаўнікі: і Барнаба, і Сымон, называны Нігер, і Луцый Кірэнэец, і Манаэн, што гадаваўся разам з Ірадам тэтрархам, і Саўл.

2 А калі яны спраўлялі служэньне Госпаду і посьцілі, сказаў Дух Сьвяты: «Аддзяліце Мне Барнабу і Саўла на справу, на якую Я паклікаў іх».

3 Тады яны, посьцячы і молячыся, і ўскладаючы на іх рукі, адпусьцілі іх.

4 Тыя ж, выпраўленыя Духам Сьвятым, прыйшлі ў Сэлеўкію, і адтуль паплылі на Кіпр.

5 І, апынуўшыся ў Саляміне, прапаведвалі слова Божае ў сынагогах Юдэйскіх; а мелі яны Яна за паслугача.

6 Прайшоўшы ж востраў да Пафа, знайшлі нейкага чараўніка, фальшывага прарока, Юдэя, на імя Бар-Ісус,

7 які быў у праконсула Сяргея Паўла, мужа разумнага. Той, паклікаўшы Барнабу і Саўла, шукаў слухаць слова Божае.

8 а чараўнік Эліма, бо так перакладаецца імя ягонае, супрацьстаяў ім, шукаючы адвярнуць праконсула ад веры.

9 А Саўл, ён жа Павал, напоўніўшыся Духам Сьвятым і ўглядаючыся на яго,

10 сказаў: «О, сыне д’ябла, поўны ўсякае падступнасьці і ўсякай ліхоты, вораг усякае праведнасьці! Ці не перастанеш ты крывіць простыя шляхі Госпада?

11 І вось цяпер рука Госпадава над табою, і будзеш ты сьляпы, ня бачачы сонца да часу». І адразу зыйшлі на яго змрок і цемра, і ён, блукаючыся, шукаў, хто б яго вёў за руку.

12 Тады праконсул, убачыўшы, што сталася, паверыў, дзівячыся навуцы Госпадавай.

13 А тыя, што з Паўлам, выйшаўшы з Пафу, прыйшлі ў Пэргію ў Памфіліі. Ян жа, адыйшоўшы ад іх, вярнуўся ў Ерусалім.

14 А яны, прайшоўшы Пэргію, прыйшлі ў Антыёхію Пісідзкую і, увайшоўшы ў сынагогу ў дзень суботы, паселі.

15 А пасьля чытаньня Закону і Прарокаў начальнікі сынагогі паслалі да іх, кажучы: «Мужы браты! Калі ёсьць у вас слова пацяшэньня для народу, кажыце».

16 Павал жа, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: «Мужы Ізраільцяне і тыя, хто баіцца Бога, паслухайце!

17 Бог народу гэтага, Ізраіля, выбраў бацькоў нашых, і ўзьвялічыў народ, калі яны былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай, і ўзьнятым рамяном вывеў іх з яе,

18 і на працягу сарака гадоў зносіў іх у пустыні,

19 і, зьнішчыўшы сем народаў у зямлі Ханаан, даў ім на ўласнасьць зямлю іхнюю.

20 І пасьля гэтага каля чатырохсот і пяцідзесяці гадоў даваў судзьдзяў да Самуэля прарока.

21 У той час прасілі яны валадара; і даў ім Бог Саўла, сына Кісавага, мужа з калена Бэн’яміна, гадоў на сорак.

22 І, адставіўшы яго, паставіў ім за валадара Давіда, пра якога і сказаў, сьведчачы: “Знайшоў Я Давіда, сына Есэя, мужа паводле сэрца Майго, які выканае ўсю волю Маю”.

23 З ягонага насеньня Бог паводле абяцаньня падняў Ізраілю Збаўцу Ісуса.

24 Перад абліччам прыйсьця Ягонага абвяшчаў Ян хрышчэньне навяртаньня ўсяму народу Ізраіля.

25 А калі Ян споўніў бег свой, ён сказаў: “За каго лічыце мяне? Ня я гэта, але, вось, ідзе за мною Той, Якому я ня варты разьвязаць сандалы на нагах”.

26 Мужы браты, сыны роду Абрагамавага і тыя сярод вас, якія Бога баяцца! Вам пасланае слова збаўленьня гэтага.

27 Бо жыхары Ерусаліму і начальнікі іхнія, не пазнаўшы Яго і асудзіўшы, споўнілі словы прарокаў, чытаныя кожную суботу,

28 і, не знайшоўшы ніякае сьмяротнае віны, прасілі Пілата, каб Ён быў забіты.

29 Калі ж зьдзейсьнілі ўсё, напісанае пра Яго, зьняўшы з дрэва, палажылі ў магілу.

30 Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых.

31 Ён шмат дзён зьяўляўся тым, якія прыйшлі з Ім з Галілеі ў Ерусалім і якія ёсьць сьведкамі Яго перад народам.

32 І мы вам дабравесьцім, што абяцаньне, дадзенае бацькам, Бог споўніў нам, іхнім дзецям, уваскрасіўшы Ісуса,

33 як і ў другім псальме напісана: “Ты — Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе”.

34 А што Ён уваскрасіў Яго з мёртвых, каб Той больш не вярнуўся ў парахненьне, Ён сказаў гэтак: “Дам вам сьвятасьці Давідавыя верныя”.

35 Дзеля гэтага і ў іншым [псальме] кажа: “Не дасі Сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне”.

36 Бо Давід, паслужыўшы ў сваім пакаленьні намеру Божаму, памёр і далучыўся да бацькоў сваіх, і ўбачыў парахненьне,

37 а Той, Каго Бог уваскрасіў, ня ўбачыў парахненьня.

38 Дык няхай будзе вядома вам, мужы браты, што праз Яго прапаведуецца вам адпушчэньне грахоў,

39 і ў-ва ўсім, у чым вы не маглі апраўдацца ў законе Майсеевым, у Ім апраўдваецца кожны, хто верыць.

40 Дык глядзіце, каб не прыйшло на вас сказанае ў прарокаў:

41 “Пабачце, вы, якія пагарджаеце, і зьдзівіцеся, і шчэзьніце, бо Я раблю справу ў дні вашыя, справу, якой вы не паверыце, калі хто распавядзе вам”».

42 Калі ж яны выходзілі з сынагогі Юдэйскае, прасілі іх пагане, каб і ў наступную суботу гаварылі словы гэтыя.

43 А як разыйшлася сынагога, шмат Юдэяў і пабожных празэлітаў пайшлі за Паўлам і Барнабам, якія, размаўляючы з імі, пераконвалі іх заставацца ў ласцы Божай.

44 А ў наступную суботу амаль увесь горад сабраўся слухаць слова Божае.

45 А Юдэі, убачыўшы натоўп, напоўніліся зайздрасьцю і працівіліся таму, што гаварыў Павал, пярэчачы і блюзьнячы.

46 А Павал і Барнаба, адважыўшыся, сказалі: «Да вас належала спачатку гаварыць слова Божае. А як вы адкідаеце яго і ня лічыце сябе вартымі жыцьця вечнага, вось, мы паварочваемся да паганаў.

47 Бо так загадаў нам Госпад: “Я паставіў цябе як сьвятло для паганаў, каб быў ты на збаўленьне да краю зямлі”».

48 А пагане, чуючы гэта, радаваліся і славілі слова Госпадава, і паверылі ўсе, якія былі прызначаныя да жыцьця вечнага.

49 І разносілася слова Госпадава праз усю краіну.

50 А Юдэі падбухторылі пабожных і паважаных жанчынаў, і першых [людзей] у горадзе, і паднялі перасьлед на Паўла і Барнабу, і выгналі іх з межаў сваіх.

51 Яны ж, абтросшы пыл з ног сваіх на іх, прыйшлі ў Іконію.

52 А вучні былі напоўненыя радасьцю і Духам Сьвятым.

 

Дз 14

1 Сталася ж у Іконіі, што ўвайшлі яны разам у сынагогу Юдэйскую і гаварылі гэтак, што паверыла вялікае мноства Юдэяў і Грэкаў.

2 А Юдэі, якія ня верылі, паднялі і раз’юшылі супраць братоў душы паганаў.

3 Аднак яны былі там даволі часу, адважна гаворачы пра Госпада, Які сьведчыў пра слова ласкі Сваёй і чыніў знакі і цуды праз рукі іхнія.

4 І падзялілася мноства ў горадзе, і адны былі з Юдэямі, а другія — з апосталамі.

5 А калі пагане і Юдэі з начальнікамі сваімі намерваліся зьняважыць і ўкаменаваць іх,

6 яны, даведаўшыся, уцяклі ў гарады Лікаонскія Лістру і Дэрбу, і ў ваколіцу,

7 і былі там, дабравесьцячы.

8 І нейкі чалавек у Лістры, немачны на ногі, сядзеў, бо ад чэрава маці сваёй быў кульгавы і ніколі не хадзіў.

9 Ён слухаў Паўла, які гаварыў, і той, глянуўшы на яго і бачачы, што ён мае веру дзеля збаўленьня,

10 сказаў моцным голасам: «Стань на ногі твае проста!» І ён падскочыў, і хадзіў.

11 А натоўп, бачачы, што зрабіў Павал, падняў голас свой, кажучы па-лікаонску: «Богі, падобныя да людзей, зыйшлі да нас!»

12 І называлі Барнабу Зэўсам, а Паўла — Гермэсам, бо ён быў правадыром у слове.

13 А сьвятар Зэўса, што стаяў перад горадам іхнім, прывёўшы валоў з вянкамі да брамаў, хацеў разам з натоўпам закалоць іх [у ахвяру].

14 Апосталы ж Барнаба і Павал, пачуўшы [пра гэта], разьдзёршы адзеньне сваё, кінуліся ў натоўп, крычучы і кажучы:

15 «Мужы! Што вы гэта робіце? І мы падобныя да вас людзі, якія дабравесьцім вам, каб адвярнуліся ад гэтых марнасьцяў да Бога Жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх,

16 Які ў мінулых пакаленьнях пакінуў усе народы хадзіць сваімі шляхамі,

17 ды не пакінуў сьведчыць пра Сябе, робячы дабро, даючы нам з неба дажджы і поры ўраджайныя, напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя!»

18 І, гаворачы гэтае, ледзь супакоілі натоўп, каб не заколвалі [ахвяры] для іх.

19 А з Антыёхіі і Іконіі прыйшлі Юдэі і, намовіўшы народ і ўкаменаваўшы Паўла, вывалаклі яго за горад, думаючы, што ён памёр.

20 Калі ж акружылі яго вучні, ён, устаўшы, увайшоў у горад і на заўтра выйшаў з Барнабам у Дэрбу.

21 І дабравесьціўшы гэтаму гораду, і навучыўшы многіх, яны вярнуліся ў Лістру і Іконію, і Антыёхію,

22 умацоўваючы душы вучняў, просячы трываць у веры і што праз шмат мукаў мусім мы ўвайсьці ў Валадарства Божае.

23 А рукапаклаўшы ім старостаў у кожнай царкве, яны, памаліўшыся з постам, даручылі іх Госпаду, у Якога яны паверылі.

24 І, прайшоўшы праз Пісыдыю, прыйшлі ў Памфілію.

25 І, прамовіўшы слова ў Пэргіі, зыйшлі ў Аталію.

26 Адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзеныя ласцы Божай на справу, якую выканалі.

27 Прыйшоўшы і сабраўшы царкву, яны расказалі, што ўчыніў з імі Бог і як расчыніў дзьверы веры паганам.

28 І былі яны там немалы час з вучнямі.

 

Дз 15

1 І некаторыя, што прыйшлі з Юдэі, навучалі братоў: «Калі ня будзеце абрэзаны паводле звычаю Майсея, ня можаце быць збаўленыя».

2 Тады сталася немалое змаганьне і спрэчка з імі ў Паўла і Барнабы, і вызначылі, каб Павал і Барнаба, і некаторыя іншыя з іх узыйшлі наконт гэтай спрэчкі да апосталаў і старостаў у Ерусалім.

3 Яны ж, праведзеныя царквою, праходзілі праз Фінікію і Самарыю, распавядаючы пра навяртаньне паганаў; і зрабілі радасьць вялікую ўсім братам.

4 А прыйшоўшы ў Ерусалім, яны былі прынятыя царквою, і апосталамі, і старостамі, і расказалі ўсё, што Бог учыніў з імі.

5 Падняліся ж некаторыя з герэзіі фарысэйскае, якія былі паверыўшыя, кажучы, што трэба іх абрэзаць і загадаць захоўваць закон Майсея.

6 І сабраліся апосталы і старосты разгледзець наконт слова гэтага.

7 А як сталася вялікая спрэчка, Пётар, устаўшы, сказаў ім: «Мужы браты! Вы ведаеце, што ад дзён старадаўных Бог выбраў сярод нас, каб праз мае вусны пачулі пагане слова Эвангельля і паверылі.

8 І Знаўца сэрцаў, Бог, засьведчыў ім, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам,

9 і ніяк не адрозьніў між намі і імі, вераю ачысьціўшы сэрцы іхнія.

10 Дык цяпер навошта вы спакушаеце Бога, каб ускласьці на шыі вучняў ярмо, насіць якое ня здолелі ані бацькі нашыя, ані мы?

11 Але мы верым, што збаўленыя праз ласку Госпада Ісуса Хрыста, гэтак сама, як і яны».

12 І замаўчала ўсё мноства, і слухалі Барнабу і Паўла, якія распавядалі, якія знакі і цуды ўчыніў праз іх Бог сярод паганаў.

13 Калі ж яны замаўчалі, адказаў Якуб, кажучы: «Мужы браты! Паслухайце мяне!

14 Сымон распавёў, як спачатку Бог нагледзеў узяць з паганаў народ дзеля імя Свайго,

15 і з гэтым згаджаюцца словы Прарокаў, як напісана:

16 “Пасьля гэтага вярнуся, і адбудую намёт Давіда, які заваліўся, і зруйнаванае ў ім адбудую, і выпрастую яго,

17 каб шукалі Госпада пазасталыя людзі і ўсе народы, на якіх будзе прызвана імя Маё, — кажа Госпад, Які робіць усё гэта”.

18 Ад вякоў вядомыя Богу ўсе справы Ягоныя.

19 Дзеля гэтага я суджу ня мучыць тых з паганаў, якія зьвярнуліся да Бога,

20 але напісаць ім, каб высьцерагаліся гідотаў ідальскіх, і распусты, і душанага, і крыві;

21 бо [закон] Майсея ад старадаўных пакаленьняў мае ў гарадах тых, хто абвяшчае яго, чытаны ў сынагогах кожную суботу».

22 Тады надумалі апосталы і старосты разам з усёй царквою, выбраўшы спасярод сябе мужоў, паслаць у Антыёхію з Паўлам і Барнабам Юду, называнага Барсабам, і Сілу, мужоў перадавых сярод братоў,

23 напісаўшы рукамі сваімі гэтак: «Апосталы, і старосты, і браты — братам з паганаў у Антыёхіі і Сірыі, і Кілікіі: радавацца!

24 Пачуўшы, што некаторыя, што прыйшлі ад нас, стрывожылі вас словамі, захістаўшы душы вашыя, кажучы абрэзывацца і захоўваць Закон, чаго мы не загадвалі,

25 надумалі мы, сабраўшыся аднадушна, паслаць да вас выбраных мужоў разам з улюбёнымі нашымі Барнабам і Паўлам,

26 людзьмі, якія аддалі душы свае за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.

27 Дык паслалі мы Юду і Сілу, і яны словамі паведамяць тое самае.

28 Бо надумалася Духу Сьвятому і нам ніякага больш цяжару на вас не ўскладаць, акрамя гэтага неабходнага:

29 сьцерагчыся ахвяраў ідалам, і крыві, і душанага, і распусты. Захоўваючы сябе ад гэтага, зробіце добра. Бывайце здаровыя».

30 Тады тыя, што былі пасланыя, прыйшлі ў Антыёхію і, сабраўшы мноства, аддалі пасланьне.

31 А тыя, прачытаўшы, узрадаваліся ад гэтага пацяшэньня.

32 Юда і Сіла, якія былі і прарокамі, многімі словамі пацяшалі братоў і ўмацоўвалі.

33 Прабыўшы ж там [нейкі] час, яны былі ў супакоі пасланыя братамі да апосталаў.

34 А Сіле надумалася застацца там.

35 Паўла ж і Барнаба былі ў Антыёхіі, навучаючы і дабравесьцячы разам з многімі другімі слова Госпадава.

36 А праз колькі дзён сказаў Павал да Барнабы: «Вярнуўшыся, адведаем братоў нашых ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведвалі слова Госпадава, як яны маюцца».

37 Барнаба ж пастанавіў узяць з сабою Яна, называнага Маркам.

38 А Павал лічыў ня вартым браць яго з сабою, бо ён адыйшоў ад іх у Памфіліі і не пайшоў з імі на гэтую справу.

39 Тады сталася спрэчка, так што яны разлучыліся адзін з адным, і Барнаба, узяўшы Марка, паплыў на Кіпр.

40 А Павал, паклікаўшы Сілу, пайшоў, аддадзены братамі ласцы Божай,

41 і праходзіў праз Сірыю і Кілікію, умацоўваючы цэрквы.

 

Дз 16

1 І прыйшоў ён у Дэрбу і Лістру. І вось, быў там адзін вучань, на імя Цімафей, сын аднае жанчыны Юдэйскае вернае і бацькі Грэка.

2 Пра яго сьведчылі браты ў Лістры і Іконіі.

3 Павал захацеў, каб ён пайшоў з ім, і, узяўшы яго, абрэзаў дзеля Юдэяў, якія былі ў тых месцах, бо ўсе ведалі бацьку ягонага, што быў Грэк.

4 Калі ж яны праходзілі праз гарады, перадавалі [цэрквам] захоўваць пастановы, вызначаныя апосталамі і старостамі ў Ерусаліме.

5 А цэрквы ўмацоўваліся ў веры і ўзрасталі штодня лікам.

6 Прайшоўшы ж праз Фрыгію і Галятыйскую краіну, забараніў ім Сьвяты Дух гаварыць слова ў Азіі.

7 Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісьці ў Бітынію; і не дазволіў ім Дух.

8 Дык абмінуўшы Мізію, яны зыйшлі ў Трааду.

9 І ўгледзеў Павал уначы відзеж: нейкі муж, Македонец, стаяў, просячы яго і кажучы: «Перайшоўшы ў Македонію, дапамажы нам».

10 Калі ж убачыў ён відзеж, мы адразу шукалі, каб ісьці ў Македонію, разумеючы, што Госпад паклікаў нас дабравесьціць ім.

11 Дык паплыўшы з Траады, мы наўпрост прыйшлі ў Саматракію, а на заўтра — у Нэапаль,

12 і адтуль — у Філіпы, што ёсьць першы горад тае часткі Македоніі, калёнія. І былі мы ў гэтым горадзе некалькі дзён.

13 І ў дзень суботы выйшлі мы за горад да рэчкі, дзе звычайна адбывалася малітва, і, пасеўшы, гаварылі да сабраных жанчынаў.

14 І слухала адна жанчына, на імя Лідзія, гандлярка пурпурам, з гораду Тыятыра, якая пакланялася Богу, і Госпад адчыніў сэрца ейнае, каб зважала на прамову Паўла.

15 А калі ахрысьцілася яна і дом ейны, яна прасіла, кажучы: «Калі вы лічыце мяне вернай Госпаду, увайшоўшы ў дом мой, жывіце». І затрымала нас.

16 Сталася ж, як ішлі мы на малітву, сустрэла нас нейкая служка, якая мела духа вешчага і, варожачы, вялікі заробак давала гаспадарам сваім.

17 Яна, ідучы за Паўлам і намі, крычала, кажучы: «Людзі гэтыя — слугі Бога Найвышэйшага, якія прапаведуюць нам шлях збаўленьня!»

18 А рабіла яна гэта шмат дзён. Павал жа, узлаваўшыся, павярнуўся і сказаў духу: «Загадваю табе ў імя Ісуса Хрыста выйсьці з яе!» І ён выйшаў у той жа час.

19 А гаспадары ейныя, бачачы, што прапала надзея заробку іхняга, схапіўшы Паўла і Сілу, пацягнулі на рынак да начальнікаў.

20 І прывёўшы іх да войтаў, сказалі: «Гэтыя людзі трывожаць наш горад, а яны — Юдэі,

21 і прапаведуюць звычаі, якіх нам, Рымлянам, ня сьлед ані прыймаць, ані рабіць».

22 І паўстаў натоўп супраць іх, і войты, сарваўшы з іх адзеньне, загадалі біць іх кіямі.

23 І зрабіўшы ім шмат ранаў, кінулі іх у вязьніцу, загадаўшы ахоўніку старанна пільнаваць іх.

24 Ён, атрымаўшы гэткі загад, кінуў іх ва ўнутраную вязьніцу і ногі іхнія паўшчамляў у калоду.

25 Каля паўночы Павал і Сіла, молячыся, сьпявалі Богу, а вязьні чулі іх.

26 Раптам стаўся вялікі землятрус, так што захісталіся падмуркі вязьніцы; і адразу адчыніліся ўсе дзьверы, і ў-ва ўсіх паслаблі путы.

27 Ахоўнік жа, прачнуўшыся і бачачы адчыненыя дзьверы вязьніцы, дастаўшы меч, меўся забіць сябе, думаючы, што вязьні паўцякалі.

28 А Павал закрычаў моцным голасам, кажучы: «Не рабі сабе ніякага ліха, бо ўсе мы тут!»

29 Ён жа, папрасіўшы сьвятла, убег і, трасучыся, упаў перад Паўлам і Сілаю,

30 і, выводзячы іх вонкі, сказаў: «Панове, што я мушу рабіць, каб быць збаўленым?»

31 А яны сказалі: «Вер у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і дом твой».

32 І гаварылі слова Госпадава яму і ўсім, хто ў доме ягоным.

33 І ў тую ж гадзіну ўначы ён, узяўшы іх, памыў ім раны, і адразу быў ахрышчаны сам і ўсе ягоныя.

34 І завёўшы іх у дом свой, паставіў стол і радаваўся з усім домам, што паверыў у Бога.

35 А як настаў дзень, паслалі войты жандараў, кажучы: «Вызваль людзей гэтых».

36 Ахоўнік жа паведаміў словы гэтыя Паўлу: «Войты паслалі, каб цяпер вызваліць вас. Дык, выйшаўшы, ідзіце ў супакоі».

37 А Павал прамовіў да іх: «Нас, людзей Рымскіх, без суду зьбіўшы прынародна, кінулі ў вязьніцу, і цяпер цішком выганяюць нас? О, не! Але няхай самі, прыйшоўшы, вывядуць нас».

38 Жандары абвясьцілі словы гэтыя войтам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны —Рымляне.

39 І, прыйшоўшы, перапрашалі іх, і, вывеўшы, прасілі пайсьці з гораду.

40 Выйшаўшы ж з вязьніцы, яны прыйшлі да Лідзіі, і, убачыўшы братоў, суцяшалі іх, і пайшлі.

 

Дз 17

1 А прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалёнію, прыйшлі ў Тэсалоніку, дзе была Юдэйская сынагога.

2 І Павал, паводле звычаю, прыйшоў да іх і тры суботы вёў гутаркі з імі з Пісаньня,

3 паказваючы і адкрываючы, што Хрыстос мусіў цярпець і ўваскрэснуць з мёртвых і што: «Гэты Ісус, пра Якога я абвяшчаю вам, ёсьць Хрыстос».

4 І некаторыя з іх былі перакананыя і далучыліся да Паўла і Сілы, і вялікае мноства Грэкаў, якія пакланяліся [Богу], і жанчынаў першых нямала.

5 А Юдэі, якія не паверылі, зайздросьцячы і паклікаўшы нейкіх нягодных мужоў з плошчы, учынілі натоўп і ўзрушылі горад. І, стаўшы каля дому Язона, шукалі іх, каб прывесьці да народу.

6 Не знайшоўшы ж іх, пацягнулі Язона і некаторых братоў да бурмістраў, крычучы, што гэтыя сусьветныя бунтаўнікі прыйшлі і сюды,

7 а Язон іх прыняў, і што яны ўсё чыняць супраць пастановаў цэзара, называючы іншага валадаром, Ісуса.

8 І чуючы гэта, устрывожыўся натоўп і бурмістры,

9 але, узяўшы заклад ад Язона і рэшты, вызвалілі іх.

10 Браты ж адразу ўначы выправілі Паўла і Сілу ў Бэрэю, і тыя, прыйшоўшы, пайшлі ў сынагогу Юдэйскую.

11 А гэтыя былі высакароднейшыя, чым у Тэсалоніцы; яны прынялі слова з усёй ахвотаю, штодня дасьледуючы Пісаньне, ці гэтак яно ёсьць.

12 Тады шмат з іх паверылі, і жанчынаў Грэцкіх паважаных, і мужчынаў нямала.

13 Калі ж Юдэі з Тэсалонікі даведаліся, што і ў Бэрэі абвяшчаецца праз Паўла слова Божае, прыйшлі і сюды, падбухторваючы натоўп.

14 Тады браты адразу паслалі Паўла, каб ішоў быццам да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там.

15 Тыя ж, што праводзілі Паўла, прывялі яго ў Атэны і, атрымаўшы прыказаньне для Сілы і Цімафея, каб чым хутчэй ішлі да яго, пайшлі.

16 А калі Павал чакаў на іх у Атэнах, узрушыўся ў ім дух ягоны, бачачы горад, апанаваны ідаламі.

17 Дык ён вёў гутаркі ў сынагозе з Юдэямі і пабожнымі, і на рынку кожны дзень з тымі, з кім надарыцца.

18 Некаторыя ж з філосафаў эпікурэйцаў і стоікаў спрачаліся з ім, і адны казалі: «Што хоча сказаць гэты баўбатун?», а другія: «Здаецца, ён прапаведуе чужыя боствы», — бо ён дабравесьціў ім пра Ісуса і ўваскрасеньне Ягонае.

19 І, узяўшы яго, прывялі ў арэапаг, кажучы: «Ці можам мы ведаць, што гэта за новае вучэньне ты распавядаеш?

20 Бо нешта незвычайнае ты ўкладаеш у вушы нашыя, дык хочам ведаць, што гэта мае быць?»

21 Усе ж Атэнцы і прыйшоўшыя [туды] чужынцы ні чым іншым ня бавіліся, як гаварыць і слухаць нешта новае.

22 А Павал, стаўшы пасярод арэапагу, прамовіў: «Мужы Атэнскія, з усяго я бачу, што вы быццам асабліва пабожныя.

23 Бо, праходзячы і аглядаючы месцы пакланеньня вашыя, знайшоў я і ахвярнік, на якім напісана: “Невядомаму Богу”. Дык Таго, Каго вы, ня ведаючы, ушаноўваеце, я вам абвяшчаю.

24 Бог, Які стварыў сьвет і ўсё, што ў ім, Які ёсьць Госпад неба і зямлі, не жыве ў бажніцах, зробленых рукамі,

25 і не ўтрымліваецца ад рук чалавечых, быццам нечага патрабуючы, Сам даючы ўсім жыцьцё, і дыханьне, і ўсё.

26 Ён учыніў з аднае крыві кожны народ чалавечы, каб жылі на ўсім абліччы зямлі, вызначыўшы акрэсьленыя часы і межы пражываньня іхняга,

27 каб шукалі Госпада, можа, дакрануцца Яго і знойдуць, хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас,

28 бо ў Ім мы жывем, і рухаемся, і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў гавораць: “Бо мы і род Ягоны”.

29 Дык мы, як род Божы, не павінны думаць, быццам Боства падобнае да золата, ці срэбра, ці каменя, назначанага майстэрствам і думкаю чалавечай.

30 Дык Бог, зважаючы на часы няведаньня, загадвае цяпер усім людзям паўсюль навярнуцца,

31 бо прызначыў дзень, у які мае судзіць сусьвет паводле справядлівасьці праз Мужа, Якога вызначыў, даўшы ўсім пэўнасьць, уваскрасіўшы Яго з мёртвых».

32 Пачуўшы ж пра ўваскрасеньне мёртвых, адны кпілі, а другія казалі: «Паслухаем цябе пра гэта другім разам!»

33 І гэтак Павал выйшаў спасярод іх.

34 А некаторыя мужчыны, якія прысталі да яго, паверылі; між імі і Дыяніс Арэапагіт, і жанчына на імя Дамар, і іншыя з імі.

 

Дз 18

1 Пасьля ж гэтага Павал, зыйшоўшы з Атэнаў, прыйшоў у Карынт.

2 І, знайшоўшы нейкага Юдэя, на імя Акіла, родам з Понту, і жонку ягоную Прыскілу, якія толькі што прыйшлі з Італіі дзеля загаду Кляўдыя ўсім Юдэям пакінуць Рым, прыстаў да іх.

3 І як быў аднаго рамяства [з імі], заставаўся ў іх і працаваў, бо рамяство [іхняе] было майстраваньне намётаў.

4 А кожную суботу ён вёў гутаркі ў сынагозе і пераконваў Юдэяў і Грэкаў.

5 Калі ж прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, Павал быў пануканы Духам сьведчыць Юдэям пра Ісуса Хрыста.

6 А як яны працівіліся і блюзьнілі, абтросшы адзеньне, ён сказаў да іх: «Кроў вашая на галаве вашай! Я чысты. Ад цяпер іду да паганаў».

7 І, перайшоўшы адтуль, прыйшоў у дом нейкага [чалавека], на імя Юст, які пакланяўся Богу, дом якога быў пры самай сынагозе.

8 А Крысп, начальнік сынагогі, паверыў у Госпада разам з усім домам сваім, і шмат Карыньцянаў, слухаючы, паверылі і былі ахрышчаныя.

9 Госпад жа сказаў Паўлу ў відзежы ўначы: «Ня бойся, але гавары і не маўчы,

10 бо Я з табою, і ніхто ня ўчыніць табе зло, бо шмат Майго народу ў горадзе гэтым».

11 І жыў год і шэсьць месяцаў, навучаючы ў іх слова Божага.

12 А калі Галіён стаў праконсулам Ахаі, Юдэі аднадушна накінуліся на Паўла і павялі яго да судовага пасаду,

13 кажучы, што ён намаўляе людзей пакланяцца Богу насуперак Закону.

14 Калі ж Павал меўся расчыніць вусны, сказаў Галіён да Юдэяў: «Калі б праўда была нейкая крыўда ці злачынства, о Юдэі, я б меў прычыну цярпець вас.

15 Калі ж спрэчка ідзе пра слова, і імёны, і Закон ваш, разглядайце самі, бо я судзьдзём у гэтым быць не хачу».

16 І пагнаў іх ад судовага пасаду.

17 А ўсе Грэкі, схапіўшы Састэна, начальніка сынагогі, білі яго перад судовым пасадам, Галіёна ж гэта ніколькі не клапаціла.

18 А Павал, прабыўшы яшчэ даволі дзён, разьвітаўшыся з братамі, паплыў у Сірыю, і з ім Прыскіла і Акіла. У Кенхрэях ён абстрыг галаву, бо зрабіў шлюбаваньне.

19 І прыйшоў у Эфэс, і пакінуў іх, а сам, увайшоўшы ў сынагогу, вёў гутаркі з Юдэямі.

20 Калі ж прасілі яго застацца ў іх на шмат часу, ён не згадзіўся,

21 але разьвітаўся з імі, сказаўшы: «Я мушу абавязкова справіць надыходзячае сьвята ў Ерусаліме. А зноў вярнуся да вас, калі Бог захоча». І вырушыў з Эфэсу.

22 І, зыйшоўшы ў Цэзарэі, узыйшоўшы і прывітаўшы царкву, пайшоў у Антыёхію.

23 І пабавіўшы [там] нейкі час, выйшаў, праходзячы па чарзе Галятыйскую краіну і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.

24 А нейкі Юдэй, на імя Апалёс, родам Александрыец, муж красамоўны, прыйшоў у Эфэс, а быў ён моцны ў Пісаньнях.

25 Ён быў навучаны шляху Госпадаваму і, палаючы духам, гаварыў і навучаў пра Госпада дакладна, ведаючы толькі хрышчэньне Янавае.

26 І ён пачаў адважна гаварыць у сынагозе. Пачуўшы ж яго, Акіла і Прыскіла адклікалі яго і выклалі яму дакладней шлях Божы.

27 А як ён хацеў пайсьці ў Ахаю, браты напісалі вучням, заклікаючы прыняць яго. Ён, прыйшоўшы, шмат дапамог тым, што былі паверыўшы праз ласку,

28 бо заўзята абвяргаў Юдэяў перад грамадою, паказваючы з Пісаньняў, што Ісус ёсьць Хрыстос.

 

Дз 19

1 Сталася ж, калі Апалёс быў у Карыньце, што Павал, прайшоўшы вышэйшыя краіны, прыйшоў у Эфэс і, знайшоўшы некаторых вучняў,

2 сказаў да іх: «Ці прынялі вы Духа Сьвятога, паверыўшы?» Яны ж сказалі яму: «Але ж мы ня чулі, ці ёсьць Сьвяты Дух».

3 І ён сказаў да іх: «Дык у што вы хрысьціліся?» Яны ж сказалі: «У хрышчэньне Янавае».

4 А Павал сказаў: «Ян хрысьціў хрышчэньнем навяртаньня, кажучы народу, каб верылі ў Таго, Які ідзе за ім, значыць у Хрыста Ісуса».

5 Пачуўшы ж, яны былі ахрышчаныя ў імя Госпада Ісуса.

6 І, як усклаў Павал рукі на іх, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, і гаварылі мовамі, і прарочылі.

7 А было іх усіх каля дванаццаці мужоў.

8 Увайшоўшы ж у сынагогу, ён адважна гаварыў тры месяцы, вядучы гутаркі і пераконваючы пра Валадарства Божае.

9 А як некаторыя закамянелі і ня верылі, праклінаючы гэты шлях перад мноствам, [Павал], адыйшоўшы ад іх, аддзяліў вучняў, штодня ведучы гутаркі ў школе нейкага Тырана.

10 Дзеялася ж гэта два гады, так што чулі слова Госпада Ісуса ўсе жыхары Азіі, Юдэі і Грэкі.

11 І Бог чыніў незвычайныя цуды праз рукі Паўла,

12 так што хусткі ці паясы ад цела ягонага ўскладалі на нядужых, і пакідалі іх хваробы, і духі злыя выходзілі з іх.

13 А некаторыя з вандроўных эгзарцыстаў Юдэйскіх намагаліся над апанаванымі злымі духамі называць імя Госпада Ісуса, кажучы: «Заклінаем вас Ісусам, Якога абвяшчае Павал».

14 Былі ж нейкія сямёра сыноў Скевы, першасьвятара Юдэйскага, якія рабілі гэта.

15 А злы дух, адказваючы, сказаў: «Ісуса ведаю, і Павал вядомы; а вы хто будзеце?»

16 І чалавек, у якім быў злы дух, кінуўшыся на іх і апанаваўшы іх, адолеў іх, так што яны голыя і параненыя ўцяклі з таго дому.

17 Гэта сталася вядомым Юдэям і Грэкам, што жылі ў Эфэсе, і ахапіў страх іх усіх, і ўзьвялічвалася імя Госпада Ісуса.

18 І многія з тых, што паверылі, прыходзілі, вызнаючы і апавядаючы ўчынкі свае,

19 і даволі з тых, што займаліся непатрэбнымі вучэньнямі, папрыносіўшы кнігі, спалілі перад усімі, і палічылі кошт іхні, і знайшлі пяцьдзясят тысячаў срэбнікаў.

20 З гэткай моцай расло і крапчэла слова Госпадава.

21 А калі гэта споўнілася, Павал палажыў у духу ісьці ў Ерусалім, прайшоўшы Македонію і Ахаю, кажучы: «Пабыўшы там, мушу я і Рым убачыць».

22 Паслаўшы ж у Македонію двух служыцеляў сваіх, Цімафея і Эраста, сам застаўся часова ў Азіі.

23 У гэты ж час сталася хваляваньне немалое што да шляху [Госпадава]

24 бо нейкі залатар, на імя Дэмэтры, што рабіў срэбныя бажніцы Артэміды і даваў майстрам немалы заробак,

25 сабраўшы іх ды іншых працаўнікоў такога самага [рамяства], сказаў: «Мужы, вы ведаеце, што з гэтае работы — наш дабрабыт;

26 І вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але амаль ва ўсёй Азіі гэты Павал, пераканаўшы, даволі народу адвярнуў, кажучы, што гэта ня богі, якія рукамі зробленыя.

27 А гэта ня толькі пагражае, што нашае рамяство прыйдзе ў заняпад, але і што сьвятыня вялікае багіні Артэміды за нішто лічыцца будзе, і зьнішчыцца веліч тае, якой пакланяецца ўся Азія і ўвесь сусьвет».

28 Пачуўшы ж [гэта] і напоўніўшыся ярасьцю, яны закрычалі, кажучы: «Вялікая Артэміда Эфэская!»

29 І ўвесь горад напоўніўся ўзрушэньнем, і, падхапіўшы Гая і Арыстарха, Македонцаў, спадарожнікаў Паўла, рынуліся аднадушна ў тэатар.

30 А калі Павал хацеў выйсьці да народу, вучні не дазволілі яму.

31 І некаторыя з начальнікаў Азійскіх, якія былі сябрамі ягонымі, паслаўшы да яго, прасілі не ісьці ў тэатар.

32 Дык кожны крычаў нешта сваё, бо збор быў узрушаны, і большасьць ня ведала, дзеля чаго сабраліся.

33 А з натоўпу паклікалі Аляксандра, якога выпхнулі Юдэі. Аляксандар жа, зрабіўшы знак рукою, хацеў адказваць перад народам.

34 Калі ж даведаліся, што ён Юдэй, узьняўся крык у адзін голас, і крычалі каля дзьвюх гадзінаў: «Вялікая Артэміда Эфэская!»

35 Пісар жа, суцішыўшы натоўп, кажа: «Мужы Эфэсцы! Які ж чалавек ня ведае, што горад Эфэс ёсьць служыцелем вялікае багіні Артэміды і Дыяпэта?

36 А як гэта бясспрэчна, вы мусіце суцішыцца і нічога неразважна не рабіць.

37 Бо вы прывялі гэтых мужоў, якія ані сьвятыні не абакралі, і ня блюзьнілі супраць багіні вашае.

38 Дык калі Дэмэтры і майстры, што з ім, маюць супраць некага слова, ёсьць суды і ёсьць праконсулы, няхай адны адных абвінавачваюць.

39 А калі шукаеце нечага іншага, [няхай] будзе вырашана на законным зборы.

40 Бо мы ў небясьпецы быць абвінавачанымі ў паўстаньні дзеля сёньняшніх [падзеяў], ня маючы ніякае прычыны, каб магчы даць справаздачу пра гэты сход».

41 І, сказаўшы гэта, распусьціў збор.

 

Дз 20

1 А калі сьціхла замяшаньне, Павал, паклікаўшы вучняў і разьвітаўшыся, пайшоў, каб ісьці ў Македонію.

2 Прайшоўшы ж тыя краіны і многімі словамі падбадзёрыўшы іх, прыйшоў у Грэцыю.

3 І прабыўшы тры месяцы, калі сталася змова супраць яго ў Юдэяў, вырушыў у Сірыю, і прыйшла яму думка вярнуцца праз Македонію.

4 А праводзілі яго да Азіі Сапатэр з Бэрэі, а з Тэсалонцаў — Арыстарх і Сэкунд, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з Азійцаў — Тыхік і Трафім.

5 Яны, апярэдзіўшы, чакалі на нас у Траадзе.

6 А мы паплылі былі пасьля дзён праснакоў з Філіпаў і праз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе былі сем дзён.

7 А ў першы дзень пасьля суботы, калі вучні сабраліся пераламіць хлеб, Павал вёў гутарку з імі, маючы на заўтра выйсьці, і зацягнуў слова да паўночы.

8 Было ж даволі лямпаў у залі, дзе яны сабраліся.

9 А нейкі юнак, на імя Эўтых, які сядзеў на вакне і глыбока заснуў, як Павал доўга вёў гутарку, змораны ў сьне, упаў з трэцяга паверху ўніз і быў падняты мёртвы.

10 Павал жа, зыйшоўшы, упаў да яго і, абняўшы, сказаў: «Не хвалюйцеся, бо душа ягоная ў ім».

11 І, узыйшоўшы і пераламіўшы хлеб, і пакаштаваўшы, гутарыў даволі аж да сьвітань