epub
 
падключыць
слоўнікі

Пакутныя Псальмы

Пакутныя Псальмы. Пераклаў вершам а.Язэп Германовіч, М.І.С. 1964

Беларускае рэлігійнае Выдавецтва "Зьніч", Roma, v.Trionfale 6415.

З дазволу Духоўных Уладаў.

Антыфона
Псальм 6
Псальм 31
Псальм 37
Псальм 50
Псальм 101
Псальм 129
Псальм 142
Антыфона


Антыфона

Не зважай, што мы з грахамі,

Божа наш ласкавы;

Не карай Ты нас з бацькамі

За благія справы!

 

Псальм 6

Не судзі мяне, мой Божа,

І ня будзь мне мсьцівы:

Міласьць кару хай адложа –

Будзь мне літасьцівы!

 

Вельмі косьці штось трывожа

Бачыш Ты – я хворы:

Аздароў мяне, мой Божа,

І ратуй у горы!

 

І душа страшэнна ные

У ліхой трывозе;

Ты дакуль мяне пакінеш

На благой дарозе?

 

Абярніся! Толькі глянеш,

Літасьцівы Божа:

І душа мая паўстане –

Даць ратунак можаш.

 

Бо ці-ж будуць між памёршых

Бога славіць людзі?

І хто ў пекле з тых найгоршых

Хвалу несьці будзе?

 

Я змарыўся у стагнаньні

Што ноч, мой Ты Божа,

Абальюся я сьлязамі –

Так абмыю ложа.

 

Варагі былі наўкола –

Згінуць я ўжо меўся;

Жудасьць вочы прапалола –

Я аж састарэўся.

 

Адступеце, злыя людзі –

Што мне зло тварылі:

Бог мой плач прыймаці будзе –

Досыць вы грашылі!

 

Бог пачуў маё прашэньне

І прыняў ласкава,

Бог уважыў на маленьне –

Вось якая справа!

 

Ты, мой вораг, застыдайся –

Страх ідзе, трывога;

Навярніся, пакарайся

І убойся Бога!

 

Будзь Айцу і Сыну хвала –

З Сьвятым Духам вечна,

Як цяпер і як бывала,

Так і безканечна.

 

Псальм 31

О, сапраўды той шчасьлівы –

Чалавек такі,

У каго былі – на дзіва –

Змыты ўсе грахі.

 

Хто ня меў у сэрцы здрады

Ні благіх грахоў

І хто слухаў Божай рады –

Проста хто ішоў.

 

Я маўчаў, а косьці нылі –

Аж зусім змадзеў;

Клікаў цэлы дзень што сілы

Я аж абамлеў.

 

Бог мяне і днём і ночай

Ціснуў і прыгнуў;

Адчыніў я свае вочы,

Цернь твой як пачуў.

 

Спавядаў Табе правіны –

Аб’явіў Табе, –

Не таіў грахоў прычыны –

Абвініў сябе.

 

Я кажу; – я абвініўся –

Дрэнь суджу сваю.

Прад Табою пакаруся –

Здымеш злосьць маю.

 

Ды пабожныя ўсе будуць

Бегчы да Цябе:

Хочуць добрыя ўсе людзі

Адмаліць сябе.

 

А хоць воды ўсіх патопаў

Хай шумяць наўкруг,

Тых аднак-жа не захопяць,

Ў каго моцны дух!

 

Радасьць – Ты, мая заслона,

Ў бедах захавай,

Ад паганых – абарона –

Згінуць мне не дай!

 

Бог твой – Я! Дам сьвет у ночы

Праўду Я скажу:

Над табою мае вочы –

Шлях твой пакажу.

 

Вы ня будзьце так як коні,

Ці як мул нямы,

Што і розуму не мае

І жывець дурны

 

Людзі іх кілзаць умелі,

Кіраваць уздой,

Пакарыцца каб хацелі

Пад тваёй рукой.

 

О, шмат розаг выпадае

На людзей ў грашох!

Хто надзею ў Бога мае –

Міласэрны Бог.

 

Справядлівы, пахваліся,

З Богам што хадзіў;

Сэрцам простым весяліся

І што з Богам жыў!

 

Будзь Айцу і Сыну хвала –

З Сьвятым Духам вечна,

Як цяпер і як бывала,

Так і безканечна.

 

Псальм 37

Ах, мой Божа, не турбуйся

І ня будзь мне мсьцівы:

Не карай, але змілуйся –

Будзь мне літасьцівы!

 

Стрэлы зь неба пранікаюць

Мне у сэрца злосна,

І рука твая цяжкая

Так згнятае моцна!

 

Я ад гневу твайго страціў

Ўсё сваё здароўе

І ў касьцях сваіх убачыў

Грэх і безгалоўе.

 

Галаву граху абселі

І растуць страшэнна:

Я пад цяжарам слабею –

Так са мною дрэнна!

 

Загніліся, ныюць раны –

Аж мне дух займае:

З таго розум падарваны –

Я ўжо ледзь трываю!

 

Так я скручаны, папсуты –

Да канца мізэрны,

Так сумую за пакуту,

Што ня быў я верны!

 

Косьці ў сьцягнах размадзелі

І ўсё цела хвора:

Боль і раны так заелі –

Гора, адно гора!

 

Так я бедамі прашыты –

Галасіць мне трэба:

Грудзі стогнуць як прабіты –

Рэха йдзе да неба.

 

Божа! Жаль мой прада мною –

Цяжка уздыхаю

І адкрыў я прад Табою

Ўсё, чаго жадаю.

 

Сэрца вельмі стурбавана,

Сіла выйшла зь цела:

Вока дужа стала цьмяна –

Сьветласьць пацямнела.

 

Хто быў мілы, хто быў родны,

Тыя сталі блізка:

Акружылі мяне згодна

І схілілісь нізка.

 

А суседзі уцякаюць,

Збоку пазіраюць,

Ці душы маей шукаюць,

Сілай пагражаюць.

 

Ці благоцьця мне жадаюць –

Мовяць глупства ў злосьці,

Ці у думках разважаюць,

Каб зрабіць мне штосьці.

 

Я-ж глухі стаў, я ня чую,

Што яны гамоняць:

Анямеў я і маўчу я –

Хай зубамі звоняць!

 

Як аглохлы, я ня слухаў –

Ня меў апраўданьня:

Як ня ведаў, міма вуха

Ўсе пусьціў пытаньні.

 

Да цябе іду – малюся,

Наймілейшы Божа:

Ты пачуеш, спадзяюся

І ўсё даць мне можаш.

 

Я кажу: - Хоць я мылюся

Вораг хай ня скача,

Ці ў дарозе пахіснуся,

Хай супроць не крача!

 

Бо на розгі я гатовы –

Боль мой прад вачамі:

Бог сячэ мяне як дровы –

Плачу я часамі.

 

Аб’явіць мой грэх мяркую –

Хай-жа знаюць людзі!

Аб грахох сваіх сумую –

Хай мне стыдна будзе.

 

Вораг ёсьць і ён зацяўся –

Нельга адагнаці,

А у злосьці так заўзяўся –

І верх хоча ўзяці.

 

За дабро так ненавідзіць –

Я аж зьнемагаю:

І мяне затое брыдзіць,

Што дабра шукаю.

 

Ах, мой Божа добры, мілы

Ты не адступіся:

Сам не маю болей сілы –

Ты не адлучыся.

 

Пасьпяшы на успамогу,

Бог мой вельмі мілы:

Дай збаўленьне на дарогу

І прыдбай мне сілы!

 

Будзь Айцу і Сыну хвала

З Сьвятым Духам вечна,

Як цяпер і як бывала,

Так і безканечна.

 

Псальм 50

Нада мною зжалься, Божа,

Ў сэрцы міласэрным:

Згладзіць грэх Ты толькі можаш,

Хоць я быў няверным.

 

Змый зь мяне усё благое,

Што было нячыста:

Аскрабі усё старое,

Абатры на чыста!

 

Я пазнаў сваё паганства –

Заўжды прада мною

Грэх – маё такое хамства!

Стыдна прад Табою...

 

Грэшны вельмі прад Табою

І хадзіў я крыва:

Слова ўсё тваё сьвятое –

Судзіш справядліва.

 

Я ў грахох на сьвет зьявіўся

Буду гараваці –

Так пачаўся, нарадзіўся

З сваёй роднай маці.

 

А Ты толькі праўду любіш

І мне аб’яўляеш;

Вечнай мудрасьці ня згубіш –

Ключ таёмны маеш.

 

Акрапі мяне гізопам –

Бельшы сьнегу буду

І абмыты ад балота

Прад вачамі люду.

 

Дай-жа радасьць майму слуху –

Сам прыйдзі у госьці:

Дай вясельле майму духу –

Аж зайграюць косьці!

 

Ад маіх грахоў паганых,

Божа адвярніся!

Каб ачысьціць грэх і плямы,

Божа прыхіліся.

 

Сэрца чыстае настроіш

На абраз свой Божы;

Дух старэчы ўвесь адновіш –

Просты і прыгожы.

 

Духа добрага Сьвятога

Божа, не адклоніш;

Ад абліча дарагога

Свайго не прагоніш.

 

Вернеш радасьць для збаўленьня

Валадарным духам.

Умацуй маё сумленьне,

Каб Цябе я слухаў.

 

Навучу хадзіць нягодных

Па тваіх дарогах

І навернецца бязбожны,

Як пазнае Бога.

 

Спраў крывавых, Збаўца – Божа

Мне не дай тварыці.

Справядлівасьць тваю зможа

Мой язык хваліці.

 

Божа, вусны мне разьвяжаш,

А твайму я люду

Хвалу Божую, як скажаш,

Аб’яўляці буду.

 

Жэртваў, колькі зажадаеш,

Дай-бы з тваей воляй,

Ты аднак аб іх не дбаеш

І ня любіш болей.

 

Вось ахвяра – дух пакутны –

Бог яе прыймае:

Сэрцам скрушаным і смутным

Бог не пагарджае.

 

На Сыёне будзе шчасьце –

З добрай волі Божай:

Ў Еразоліме пакласьці

Сьцены Бог паможа.

 

Там наносяць на ахвяру –

Шмат целят наложаць:

Жэртву праўду і ўсе дары

Прыймеш, добры Божа.

 

Будзь Айцу і Сыну хвала

З Сьвятым Духам вечна

Як цяпер і як бывала,

Так і безканечна.

 

Псальм 101

Божа, выслухай маленьне –

Твой слуга гамоніць,

А мой голас і прашэньні

Гучным клічам звоніць.

 

А калі ў бядзе паклічу,

Скорэнька паслухай;

Кажны раз зьвярні абліча,

Прыхілі мне вуха!

 

Шмат чаго мне будзе трэба

Штодня дакучаю,

А Ты шыбка дай мне зь неба,

Я што выпрашаю.

 

Дні мае так нікнуць скора,

Як дым разплывуцца,

Сохнуць косьці мае з гора,

Як вуглі так труцца.

 

Я – трава, што была сьцята,

Сэрца б’ецца вяла,

Хлеба ў будні, ці у сьвята

Горла ня прыймала.

 

Я стагнаў – так мне балела,

Што аж косьці нылі,

Аж прысохлі скрозь да цела –

Так мяне змарылі.

 

Адзінокі, бяз нікога –

Пелікан ў пустыні,

Як цень пудзіла начнога,

Як сава ў руінах.

 

Дзе-ж мой сон, дасюль глыбокі?

Вельмі я сумую;

Варабей так адзінокі

На страсе начуе.

 

Цэлы дзень да познай ночы

Вораг славу просіў:

Друг, што перш хваліў у вочы,

Прысягаў супроціў.

 

Еў я попел замест хлеба,

Піў ваду з сьлязою,

Мусіць гэта так і трэба

Цяжкаю парою?

 

А Ты ж цару, з абурэньня

І з сьвятога гневу

Зняў мяне із падвыжшэньня

І прагнаў налева.

 

Дні мае як цень мінаюць,

Высах я як сена,

Як трава, што ў стог кідаюць,

Як у печ палена.

 

Божа, Ты трываеш вечна –

З роду ў род заўсёды

І жывеш так безканечна –

Бяз ніякай шкоды.

 

Над Сыёнам Ты паўстанеш,

Міласьць нам пакажаш,

Бо прыйшоў час зьмілаваньня –

Слова ласкі скажаш.

 

Слугам Божым у спадобе

На Сыён каменьні:

Вось яны у гэтай пробе

Плачуць аб знішчэньні.

 

Божа Імя страшна будзе

Ўсім людзям на сьвеце:

Пакарацца Яму людзі

І цару як дзеці.

 

Бо Сыён сам Бог збудуе –

Ўставіць сваё Імя:

І пакорных пашкадуе –

Не пагардзіць імі.

 

І на прышласьць у сумленьні

Ўпісана ўсё будзе:

Бога ў новым пакаленьні

Славіць будуць людзі.

 

З вышыні сьвятой сталіцы

Глянуў Бог ласкавы

І зірнуў на дол зямліцы

І на ейны справы.

 

Каб пачуў плач вязьняў Бог –

Волю даў народу,

Каб сыном пабітых мог

Дараваць свабоду.

 

Каб зьвясьцілі на Сыёне,

Божа, тваё Імя, –

Славу Божую народу

У Ерузаліме.

 

Як збяруцца грамадою

Людзі ў адну дружбу

І цару перад Табою

На сьвятую службу.

 

У дарозе ён адкажа

Моцна, з цэлай сілы:

“Дні кароткія пакажаш

Мне, мой Божа мілы”.

 

І ня кліч мяне адгэтуль

У днёў палавіне.

З роду ў род твайго тут сьвету –

Век твой не загіне.

 

Ты зямлі паклаў фундамант

У пачатку дзела;

Палажыў рукой фірмамент

Творыш неба цела.

 

А хоць неба устарэе,

Ты на век трываеш.

Як адзежа ўсё збутвее,

Ты вякі трымаеш.

 

Як адзежу пераменіш –

Ўсё другое будзе,

А Сябе ты не адменіш –

Вечна Богам будзеш.

 

Слуг тваіх сыном вядзецца –

З Богам шчасьце маюць:

Іх насеньне не зьвядзецца,

Як вякі трываюць.

 

Будзь Айцу і Сыну хвала,

З Сьвятым Духам вечна,

Як цяпер і як бывала

Так і безканечна.

 

Псальм 129

З глыбіні я клікаў, Божа,

Голас мой паслухай,

І уваж мяне прыгожа –

Прыхілі мне вуха!

 

Бо як зважыш на правіны,

Божа, хто стрымае?

Міласэрны Ты, адзіны –

Я ў Табе трываю.

 

Я-ж на Бога спадзяюся,

На ягона слова:

У надзеі той малюся –

Вось душа гатова.

 

Больш як стораж на сьвітаньне

Ізраэль чакае –

На Гасподне зьмілаваньне

Ён надзею мае.

 

Выбаўленьне ёсьць у Бога –

Ізраэля збавіць,

Хоць правінаў вельмі многа,

Міласэрдзе справіць.

 

Будзь Айцу і Сыну хвала,

З Сьвятым Духам вечна

Як цяпер і як бывала,

Так і безканечна.

 

Псальм 142

Божа, просьбу маю слухай

Ты адзін праўдзівы!

Прыхілі мне сваё вуха,

Божа справядлівы!

 

Не ўваходзь на суд з слугою

Бо мне дрэнна будзе,

Бо хто здзержыць прад Табою

На тым страшным судзе?

 

Гнаў душу маю нешчасну

Вораг вельмі злосны

І асобу маю ўласну

Топча ён нязносны.

 

Асадзіў у цемры горла

Як перадумёршых –

Аж мне дух страшэнна спёрла –

Ў сэрцы страх найгоршы!

 

Дні даўнейшы ўспамінаю –

Разважаю ў мысьлі,

Твае справы размышляю,

Што з тваіх рук вышлі.

 

Рукі ўзношу, сэрца сьмягне,

А душа галодна –

Піць з крыніцы Божай прагне,

Як зямля бязводна.

 

Божа, выслухай, схіліся!

З гэтай прорвы скора.

Падымі, не адвярніся,

Бо душа ўжо хвора,

 

Рана дай пазнаць ласкавасьць,

Бо надзею маю;

Божа, выпрастуй неправасьць –

Шляху я шукаю.

 

Божа, вырві, прыбягаю

Я з сваей бядою –

З рук варожых уцякаю,

Жыць хачу з Табою.

 

Дух мяне твой добры ўводзіць

У край справядлівы;

Жыцьцё ў праўдзе амалодзіць.

Бог мой літасьцівы.

 

І душу маю з уціску

Вывядзеш на волю.

А варожыя ўсе сьпіскі

Растрасеш на полі.

 

Божа, выгубі нягодных,

Што мяне ўціскаюць;

Я – слуга твой, выкінь шкодных

Бога хай-жа знаюць!

 

Будзь Айцу і Сыну хвала,

З Сьвятым Духам вечна,

Як цяпер і як бывала,

Так і безканечна.

 

Антыфона

Не зважай, што мы з грахамі,

Божа наш ласкавы:

Не карай Ты нас з бацькамі

За благія справы.


1964

Пераклад: Язэп Германовіч
Тэкст падаецца паводле выдання: Пакутныя Псальмы. Пераклаў вершам а.Язэп Германовіч, М.І.С. 1964
Крыніца: http://chasaslovec.info