Пасланне да Ціта

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-16)
2 (1-15)
3 (1-15)


1 (1-16)

1Павел, слуга Бога і апостал Езуса Хрыста, дзеля веры тых, каго выбраў Бог, і спазнання праўды адносна пабожнасці, 2у надзеі на вечнае жыццё, якое спрадвеку абяцаў праўдзівы Бог, 3а ў адпаведныя часы з’явіў сваё слова ў прапаведаванні, давераным мне паводле загаду Бога, Збаўцы нашага, 4Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: ласка і спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыста, Збаўцы нашага.

5Дзеля таго я пакінуў цябе на Крыце, каб ты прывёў у парадак тое, што засталося незакончаным, і прызначыў па гарадах старэйшых, як я наказваў табе, 6калі толькі гэта будзе чалавек бездакорны, муж адной жанчыны, які мае веруючых дзяцей, неабвінавачаных у распусце ці непаслухмянасці. 7Таму біскуп павінен быць бездакорны, як Божы распарадчык, не дзёрзкі, не гняўлівы, не п’яніца, не задзірысты, не карыслівы, 8але гасцінны, любячы дабро, разважлівы, справядлівы, пабожны, стрыманы, 9які трымаецца, згодна з вучэннем, праўдзівага слова, каб быў моцны, мог заахвочваць у здаровым вучэнні і пераконваць тых, хто супярэчыць.

10Бо ёсць шмат непаслухмяных, пустасловаў ды спакушальнікаў, асабліва сярод абрэзаных, 11якім трэба закрыць вусны, бо яны цэлыя дамы руйнуюць, навучаючы таму, што не належыць, дзеля ганебнай карысці. 12Сказаў жа хтосьці з іх, уласны іх прарок: «Крыцяне пастаянна маняць, яны лютыя звяры і лянівыя жываты». 13Сведчанне гэтае праўдзівае. Таму дакарай іх строга, каб трывалі ў здаровай веры, 14не звяртаючы ўвагі на юдэйскія байкі ці на загады людзей, якія адварочваюцца ад праўды.

15Для чыстых усё чыстае. Для апаганеных і няверучых няма нічога чыстага, бо забруджаны іх думкі і сумленне. 16Кажуць, што ведаюць Бога, але ўчынкамі сваімі гэтаму пярэчаць, яны агідныя і непаслухмяныя, няздатныя да ніякай добрай справы.

 

2 (1-15)

1Тое кажы, што адпавядае здароваму вучэнню.

2Старэйшыя мужчыны павінны быць цвярозыя, годныя пашаны, стрыманыя, здаровыя ў веры, у любові, у цярплівасці.

3Старэйшыя жанчыны таксама павінны паводзіць сябе так, як належыць святым, не абмаўляць, не быць нявольніцамі віна, але вучыць прыгожаму. 4Няхай заахвочваюць маладых жанчын кахаць мужоў, любіць дзяцей, 5быць стрыманымі, цнатлівымі, добрымі гаспадынямі, паслухмянымі сваім мужам, каб не зневажалася слова Божае.

6Юнакоў таксама вучы быць стрыманымі. 7Ва ўсім давай сам прыклад прыгожых учынкаў, у настаўніцтве непарушнасць, годнасць, 8слова здаровае, бездакорнае, каб праціўнік быў пасаромлены і не мог сказаць пра нас нічога кепскага.

 

9Няхай слугі падпарадкоўваюцца сваім гаспадарам, ва ўсім стараючыся ім падабацца, а не пярэчыць. 10Няхай не прысвойваюць сабе [нічога], але выяўляюць цалкам добрую волю, каб ва ўсім паказваць прыгажосць навукі Бога, Збаўцы нашага.

11Бо з’явілася ласка Божая, збаўчая для ўсіх людзей, 12якая вучыць нас, каб мы, адрокшыся ад бязбожнасці і пажадлівасці свету, жылі ў цяперашнім жыцці разважліва, справядліва і пабожна, 13чакаючы шчаслівай надзеі і аб’яўлення хвалы вялікага Бога і Збаўцы нашага, Езуса Хрыста, 14які аддаў самога сябе за нас, каб адкупіць ад усялякага беззаконня і ачысціць для сябе народ выбраны, руплівы ў добрых учынках.

15Пра гэта кажы, да гэтага заахвочвай і дакарай з усёй уладаю. Няхай ніхто табою не пагарджае!

 

3 (1-15)

1Нагадвай ім, каб слухаліся і падпарадкоўваліся кіраўнікам і ўладам, каб былі гатовымі да ўсякай добрай справы, 2каб нікога не зласловілі, не былі сварлівымі, [але] спагадлівымі, выяўляючы ўсялякую далікатнасць да ўсіх людзей.

3Бо і мы былі калісьці неразумнымі, непаслухмянымі, зведзенымі, служылі розным жаданням і ўцехам, жылі ў злосці і зайздрасці, былі агіднымі і ненавідзелі адзін аднаго. 4Калі ж аб’явілася ласкавасць і любоў да людзей Бога, Збаўцы нашага, 5Ён не дзеля ўчынкаў справядлівасці, якія мы зрабілі, але паводле міласэрнасці сваёй збавіў нас праз купель адраджэння і аднаўлення Духам Святым, 6якога шчодра выліў на нас праз Езуса Хрыста, Збаўцу нашага, 7каб, апраўданыя Ягонай ласкаю, мы сталі паводле надзеі спадкаемцамі вечнага жыцця.

8Слова годнае даверу, і я хачу, каб ты ўпэўнена казаў пра гэта, каб тыя, хто паверыў Богу, імкнуліся быць першымі ў добрых учынках. Гэта добра і карысна для людзей. 9Недарэчных пошукаў, радаводаў, спрэчак і змаганняў наконт закону пазбягай, бо яны бескарысныя і марныя. 10Таго, хто сее ерась, пасля першага і другога настаўлення аддаляй, 11ведаючы, што такі чалавек выкручваецца і грашыць, асуджаючы самога сябе.

12Калі пашлю да цябе Артэмаса або Тыхіка, пастарайся прыйсці да мяне ў Нікаполь, бо я вырашыў там зімаваць. 13Зэнаса, знаўцу закону, і Апалёса старанна забяспеч, каб ні ў чым яны не адчувалі нястачы. 14Няхай вучацца і нашыя быць першымі ў добрых учынках у пільнай патрэбе, каб не былі яны бясплоднымі.

15Вітаюць цябе ўсе тыя, што са мною. Прывітай тых, якія любяць нас у веры.

Ласка з усімі вамі.




Крыніца: catholic.by
Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Беларуская Палічка: http://knihi.com