Пасланне да Філімона

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-25)


1 (1-25)

1Павел, вязень Езуса Хрыста, і Цімафей, брат, умілаванаму Філімону, супрацоўніку нашаму, 2і Апфіі, сястры, і Архіпу, паплечніку нашаму ў змаганні, і Касцёлу ў тваім доме: 3ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.

4Я заўсёды дзякую майму Богу, калі ўспамінаю цябе ў сваіх малітвах, 5чуючы аб тваёй веры і любові, якую маеш да Пана Езуса і да ўсіх святых, 6каб супольнасць тваёй веры прывяла цябе да пазнання ўсялякага дабра, якое ёсць у нас дзякуючы Хрысту. 7Я вельмі ўзрадаваўся і суцешыўся з прычыны тваёй любові, бо праз цябе, браце, заспакоены сэрцы святых.

8Таму, хоць і маю вялікую адвагу ў Хрысце загадваць табе тое, што трэба, 9хутчэй прашу цябе з любоўю. Я, Павел, будучы старцам, а цяпер і вязнем Езуса Хрыста, 10прашу цябе за майго сына Анісіма, якога нарадзіў я ў кайданах. 11Некалі ён быў бескарысны для цябе, а цяпер карысны і для цябе, і для мяне. 12Яго, маё сэрца, адсылаю да цябе. 13Я хацеў затрымаць яго пры сабе, каб ён замест цябе паслужыў мне ў кайданах за Евангелле.

14Але без тваёй згоды нічога не хацеў бы рабіць, каб добрая справа твая была не з прымусу, а з добрай волі. 15Бо, можа, ён быў аддалены ад цябе на пэўны час, каб ты прыняў яго назаўсёды 16ўжо не як слугу, але больш чым слугу, як брата ўмілаванага, асабліва для мне, а тым больш для цябе, і паводле цела, і ў Пану.

17Таму, калі лічыш мяне супольнікам, то прымі яго, як мяне. 18Калі ж ён чым пакрыўдзіў цябе, або вінаваты табе, палічы гэта мне. 19Я, Павел, напісаў сваёю рукою: я адплачу, ужо не кажучы табе пра тое, што ты сабою вінаваты мне. 20Так, браце! Няхай я атрымаю ад цябе карысць у Пану; заспакой маё сэрца ў Хрысце!

21Спадзеючыся на тваю паслухмянасць, я напісаў табе, ведаючы, што і больш таго, аб чым прашу, зробіш. 22Адначасова прашу, прыгатуй мне жытло, бо спадзяюся, што дзякуючы вашым малітвам я вярнуся да вас.

23Вітае цябе Эпафрас, мой сувязень у Хрысце Езусе, 24Марк, Арыстарх, Дэмас і Лука, памочнікі мае.

25Ласка Пана Езуса Хрыста з духам вашым.

 

 




Крыніца: catholic.by
Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Беларуская Палічка: http://knihi.com