Пасланне да Галатаў

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-24)
2 (1-21)
3 (1-29)
4 (1-31)
5 (1-26)
6 (1-18)


1 (1-24)

1Павел, апостал, [выбраны] не людзьмі і не чалавекам, але Езусам Хрыстом і Богам Айцом, які ўваскрасіў Яго з мёртвых, 2і ўсе браты, якія са мною, – Касцёлам Галатыі. 3Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і ад Пана Езуса Хрыста, 4які аддаў самога сябе за грахі нашыя, каб вырваць нас з ліхога цяперашняга свету па волі Бога і Айца нашага, 5якому хвала на векі вечныя. Амэн.

6Здзіўляюся, што ад таго, хто паклікаў вас ласкаю Хрыста, вы так хутка адыходзіце да іншага дабравесця. 7Яно, аднак, не іншае, а толькі ёсць людзі, якія зводзяць вас і хочуць сказіць Евангелле Хрыста. 8Але, калі б нават мы ці анёл з неба пачалі абвяшчаць вам добрую навіну, якая адрозніваецца ад той, што мы абвяшчалі вам, няхай будзе пракляты! 9Як раней мы казалі, так і цяпер зноў кажу: калі хто абвяшчае вам добрую навіну, якая адрозніваецца ад той, што вы прынялі, няхай будзе пракляты! 10Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабання, ці ў Бога? Ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, то не быў бы слугою Хрыста!

11Сведчу вам, браты, што Евангелле, якое я абвяшчаў, не ад чалавека. 12Бо і я прыняў яго і навучыўся не ад чалавека, але праз аб’яўленне Езуса Хрыста. 13Вы чулі пра маё ранейшае жыццё ў юдаізме, як жорстка я пераследаваў Касцёл Божы і нішчыў яго, 14як перавышаў у юдаізме многіх аднагодкаў з майго народу, будучы зацятым прыхільнікам традыцый маіх продкаў. 15Калі ж Бог, які выбраў мяне ад улоння маці маёй і паклікаў ласкаю сваёю, 16пажадаў аб’явіць праз мяне свайго Сына, каб я прапаведаваў Яго сярод язычнікаў, я не пачаў адразу раіцца з целам і крывёю 17і не пайшоў у Ерузалем да Апосталаў, маіх папярэднікаў, а пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск.

18Пасля, праз тры гады, я пайшоў у Ерузалем наведаць Кефаса і прабыў у яго пятнаццаць дзён. 19Нікога ж іншага з Апосталаў я не бачыў, акрамя Якуба, брата Пана. 20У тым, што я пішу вам, Бог мне сведка, няма маны. 21Пасля гэтага адышоў я ў землі Сірыі і Кілікіі. 22Касцёлам Хрыстовым у Юдэі я не быў вядомы асабіста, 23яны толькі чулі, што той, хто быў іх ганіцелем, цяпер прапаведуе веру, якую некалі нішчыў. 24І праслаўлялі Бога за мяне.

 

2 (1-21)

1Затым, праз чатырнаццаць гадоў я зноў пайшоў у Ерузалем з Барнабам, узяўшы з сабою і Ціта. 2А прыйшоў я пад уплывам аб’яўлення. І прадставіў ім Евангелле, якое прапаведую язычнікам; асобна для тых, хто мае пашану, каб не аказалася, што я бегаю ці бегаў дарэмна. 3Але нават Ціт, што быў са мною, які быў грэкам, не быў змушаны да абразання. 4Фальшывым жа братам, якія закраліся, каб парушыць свабоду нашую, якую маем у Езусе Хрысце, і каб мы трапілі зноў у няволю, 5мы не саступілі і не паддаліся ні на хвіліну, каб праўда Евангелля захавалася ў вас.

 

6Тыя, хто мае пашану, – а кім калісьці былі, мяне не цікавіць, бо не зважае Бог на аблічча чалавека, – дык тыя, што маюць пашану, мне не пярэчылі. 7Але наадварот, убачыўшы, што мне даручана абвяшчэнне Евангелля сярод неабрэзаных, як Пятру – сярод абрэзаных 8(бо той, хто дапамагаў Пятру ў апостальстве абрэзаных, дапамагаў і мне сярод язычнікаў), 9і калі Якуб, Кефас і Ян, якіх лічаць стаўпамі, даведаліся пра дадзеную мне ласку, яны падалі мне і Барнабе правіцу на знак супольнасці, каб нам ісці да язычнікаў, а ім – да абрэзаных, 10каб толькі мы помнілі пра ўбогіх, і менавіта гэта я старанна рабіў.

11Калі Кефас прыбыў у Антыёхію, дык я адкрыта выказаў яму сваю нязгоду, таму што ён заслугоўваў дакору. 12Бо перш, чым некаторыя прыбылі ад Якуба, ён еў разам з язычнікамі. Калі ж тыя з’явіліся, пачаў аддаляцца і адасабляцца, баючыся абрэзаных. 13І крывадушнічалі разам з ім таксама іншыя юдэі, так што нават Барнабу звяла іхняя крывадушнасць. 14Але, убачыўшы, што яны збочылі са шляху евангельскай праўды, я сказаў Кефасу перад усімі: «Калі ты, будучы юдэем, жывеш па-язычніцку, а не па-юдэйску, то чаму прымушаеш язычнікаў жыць па-юдэйску?» 15Мы па прыродзе юдэі, а не грэшнікі сярод язычнікаў. 16Ведаючы, што чалавек апраўдваецца не дзякуючы захаванню Закону, а толькі праз веру ў Езуса Хрыста, і мы паверылі ў Хрыста Езуса, каб апраўдацца праз веру ў Хрыста, а не праз захаванне Закону; бо праз Закон не апраўдаецца ніякае цела.

17Калі ж мы, шукаючы апраўдання ў Хрысце, самі аказаліся грэшнымі, ці ж Хрыстус – слуга граху? Канешне, не! 18Бо калі я адбудоўваю зноў тое, што раней зруйнаваў, то сябе раблю злачынцам. 19Праз Закон я памёр для Закону, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваны разам з Хрыстом. 20І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне. 21Не адкідаю ласкі Божай. А калі апраўданне дасягаецца праз Закон, то Хрыстус памёр дарэмна.

 

3 (1-29)

1О, неразумныя галаты, хто зачараваў вас, перад вачыма якіх быў накрэслены вобраз Езуса Хрыста ўкрыжаванага? 2Толькі пра адно хачу ад вас даведацца: ці праз учынкі [паводле] Закону вы атрымалі Духа, ці праз паслухмянасць [адносна] веры? 3Ці вы такія неразумныя, каб распачатае духам завяршыць цяпер целам? 4Няўжо марна вы столькі перацярпелі? Можа і сапраўды марна! 5Ці той, хто дае вам Духа і здзяйсняе між вамі знакі, робіць гэта праз учынкі [паводле] Закону або праз паслухмянасць веры?

6Так, Абрагам паверыў Богу, і гэта залічана яму за справядлівасць. 7Дык ведайце, што тыя, хто верыць, гэта сыны Абрагама. 8І Пісанне, якое прадбачыла, што Бог праз веру апраўдае язычнікаў, ужо Абрагаму абвясціла добрую навіну: «У табе благаслаўлёныя будуць усе народы». 9Таму тыя, хто верыць, будуць благаслаўлёныя разам з верным Абрагамам. 10Тыя, хто спадзяецца на ўчынкі [паводле] Закону, знаходзяцца пад праклёнам, бо напісана: «Пракляты кожны, хто не трымаецца ўсяго, што напісана ў кнізе Закону». 11А што дзякуючы Закону ніхто не апраўдваецца перад Богам, гэта відавочна, бо справядлівы з веры жыць будзе. 12Закон жа не з веры, але той, хто выконвае [наказы Закону], той жыць будзе дзякуючы ім. 13Хрыстус адкупіў нас ад праклёну Закону, стаўшы праклёнам за нас, бо напісана: «Пракляты кожны, хто вісіць на дрэве», 14каб благаслаўленне Абрагама праз Хрыста Езуса пашырылася на язычнікаў, каб мы атрымалі праз веру абяцанага Духа.

15Браты, як чалавек кажу, што нават чалавекам зацверджанага запавету ніхто не адкідае і не змяняе. 16Вось жа Абрагаму дадзены былі абяцанні і патомству ягонаму. Не сказана: «I нашчадкам», быццам многім, але як аднаму: «I патомству твайму», якім ёсць Хрыстус. 17Гэта вось кажу: Запавету, Богам зацверджанага, не адмяняе Закон, дадзены праз чатырыста трыццаць гадоў, каб зрабіць несапраўдным абяцанне. 18Калі ж спадчына з Закону, то не з абяцання. Абрагама ж абдарыў Бог праз абяцанне.

19Нашто тады Закон? Ён дзеля праступкаў устаноўлены да часу, пакуль не з’явіцца патомак, якому даручана абяцанне, перададзенае праз анёлаў у рукі пасярэдніка. 20Той, хто адзін, не мае пасрэдніка, а Бог адзін. 21Ці ж закон працівіцца абяцанням Божым? Канешне, не. Калі б дадзены быў Закон, які мог бы даць жыццё, то сапраўды, справядлівасць вынікала б з Закону. 22Але Пісанне замкнула ўсё пад грахом, каб абяцанне было дадзена веруючым праз веру ў Езуса Хрыста.

23Перш чым прыйшла вера, мы былі замкнёныя пад вартаю Закону да таго часу, калі належала аб’явіцца веры. 24Таму Закон стаў нашым выхаваўцам, які вядзе да Хрыста, каб мы апраўдаліся дзякуючы веры. 25Калі ж прыйшла вера, мы ўжо непадуладныя выхаваўцу. 26Усе вы сыны Божыя праз веру ў Езуса Хрыста. 27Бо ўсе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся. 28Няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе. 29Калі ж вы Хрыстовыя, то вы патомства Абрагама і, паводле абяцання, спадкаемцы.

 

4 (1-31)

1Дык кажу вам: пакуль спадкаемца дзіця, ён нічым не адрозніваецца ад слугі, хоць ён і гаспадар над усім, 2але падпарадкоўваецца да вызначанага айцом часу апекунам і распарадчыкам. 3Так і мы, пакуль былі дзецьмі, служылі стыхіям свету. 4Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны, падпарадкаванага Закону, 5каб адкупіць тых, хто падлягаў Закону, каб мы атрымалі ўсынаўленне. 6А паколькі вы сыны, Бог паслаў у вашыя сэрцы Духа Сына свайго, які ўсклікае: «Абба, Ойча!» 7Таму ты ўжо не слуга, а сын, а калі сын, то і спадкаемца Божы.

8Але тады, калі не ведалі вы Бога, вы служылі тым, якія па сутнасці не былі багамі. 9Цяпер жа, калі вы ўжо пазналі Бога і самі пазнаныя Богам, чаго вяртаецеся да бяссільных і марных стыхіяў, якім зноў хочаце служыць? 10Вы зважайце на дні, месяцы, часы і гады! 11Баюся, ці не дарма я працаваў для вас?

12Браты, прашу вас, будзьце такімі, як я, бо і я такі, як вы. Вы мяне нічым не пакрыўдзілі. 13Ведаеце, што першы раз я абвяшчаў вам Евангелле, калі быў хворы. 14У выпрабаванні вашым з прычыны маёй хваробы вы не адкінулі мяне, але прынялі як Божага анёла, як Езуса Хрыста.

15Дык дзе ж вашая радасць? Сведчу вам, што калі б было можна, вы вырвалі б свае вочы і аддалі мне. 16Ці ж я стаў для вас ворагам, кажучы вам праўду? 17Яны рупяцца аб вас не з добрых меркаванняў, але хочуць адлучыць вас ад мяне, каб вы рупіліся аб іх. 18Гэта добра – рупіцца аб добрым увесь час, а не толькі тады, калі я прысутны сярод вас. 19Дзеці мае, я зноў нараджаю вас у пакутах, пакуль вобраз Хрыста не сфармуецца ў вас! 20Хацеў бы быць у вас цяпер і змяніць голас мой, бо сам не ведаю, што з вамі рабіць.

21Скажыце мне, вы, якія хочаце жыць пад Законам, ці ж вы не чуеце Закону? 22Напісана, што ў Абрагама было два сыны: адзін ад нявольніцы, другі ад свабоднай. 23Але той, што ад нявольніцы, нарадзіўся паводле цела, а той, што ад свабоднай – з абяцання. 24У гэтым ёсць алегорыя: гэта два запаветы. Адзін, на гары Сінай, які нараджае для няволі – гэта Агар. 25Бо Агар – гэта гара Сінай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ерузалему, бо ён зняволены з сынамі сваімі. 26А Ерузалем, што ўгары, свабодны, ён – нашая маці. 27Бо напісана: «Узвесяліся, бясплодная, што не нараджала; усклікні і закрычы, якая не цярпела родаў, таму што ў пакінутай больш дзяцей, чым у той, што мае мужа».

28Вы ж, браты, так як Iсаак, дзеці абяцання. 29Але як і тады той, што паводле цела нарадзіўся, пераследаваў таго, які паводле духа, так і цяпер. 30А што кажа Пісанне? «Выгані нявольніцу і яе сына, бо не будзе спадкаемцам сын нявольніцы разам з сынам свабоднай». 31Таму, браты, мы дзеці не нявольніцы, але свабоднай.

 

5 (1-26)

1Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі. 2Вось я, Павел, кажу вам: калі вы дасцё сябе абрэзаць, Хрыстус вам нічым не дапаможа. 3Яшчэ сведчу кожнаму чалавеку, які прымае абразанне, што ён павінен выконваць увесь Закон. 4Вы, што апраўдваеце сябе Законам, аддаляецеся ад Хрыста і адпалі ад ласкі. 5Мы ж у духу з надзеяй чакаем апраўдання праз веру. 6Таму што ў Хрысце Езусе не мае моцы ні абразанне, ні адсутнасць абразання, але вера, якая дзейнічае праз любоў.

7Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе? 8Пераконванне гэтае не ад таго, які вас кліча. 9Малая закваска ўсё цеста квасіць. 10Наконт вас я ўпэўнены ў Пану, што вы не будзеце думаць інакш. А хто бунтуе вас, той будзе асуджанны, хто б ён не быў. 11Браты, калі я і далей абвяшчаю абразанне, то чаму мяне пераследуюць? Тады знікла б згаршэнне крыжа. 12О, каб былі скалечаныя тыя, якія вас бунтуюць!

13Вы, браты, пакліканыя да свабоды, толькі не выкарыстоўвайце свабоды, каб дагадзіць целу, але ў любові служыце адзін аднаму.

 

14Бо ўвесь Закон спаўняецца ў адным: любі бліжняга свайго, як самога сябе. 15Калі ж адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, то глядзіце, каб не пазабівалі вы адзін аднаго!

16Я кажу: паступайце паводле духа і жаданняў цела не выконвайце. 17Бо жаданні цела супярэчаць духу, а дух супярэчыць целу, бо яны супрацьстаяць адно аднаму, каб вы не маглі рабіць таго, што хацелі б. 18Калі кіруе вамі дух, то вы не пад Законам. 19Учынкі ж цела вядомыя, а гэта: распуста, нячыстасць, разбэшчанасць, 20ідалапаклонства, чарадзейства, варожасць, спрэчкі, зайздрасць, гнеў, сварлівасць, нязгоды, ерасі, 21нянавісць, п’янства, непрыстойнасць і падобнае да гэтага. Кажу вам зноў, як і казаў, што тыя, хто гэта робіць, не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага. 22А плён духа – гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, 23далікатнасць, стрыманасць. Супраць такіх няма Закону. 24А тыя, хто належыць Хрысту, укрыжавалі цела разам з жаданнямі і пажадлівасцю. 25Калі мы жывем паводле Духа, то і паступаем паводле Духа.

26Не будзем шукаць пустой славы, дражнячы і ненавідзячы адзін аднаго.

 

6 (1-18)

1Браты, калі б і правініўся чалавек у нечым, вы, што трываеце ў духу, павучыце такога ў духу далікатнасці, зважаючы на саміх сябе, каб і самім не ўпасці. 2Насіце цяжары адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы. 3Калі хто думае, што ён лепшы, а не з’яўляецца такім, той самога сябе ашуквае. 4Няхай кожны ацэньвае свае чыны, і тады толькі ў самім сабе будзе мець славу, а не ў іншым. 5Кожны ж панясе свой уласны цяжар.

6Няхай той, каго навучаюць, дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто яго навучае. 7Не падманвайце сябе: Бог не дазволіць насміхацца з сябе; бо што чалавек пасее, тое і пажне. 8Хто сее ў сваім целе, той з цела пажне знішчэнне, а хто сее ў духу, той з духа пажне вечнае жыццё. 9Не спыняймася рабіць дабро, бо ў свой час і жаць будзем, калі не аслабнем. 10Дык вось, пакуль дадзены час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш – блізкім па веры.

11Гляньце, якімі літарамі я напісаў вам уласнаручна. 12Тыя, што хочуць падабацца вам целам, тыя змушаюць вас да абразання, каб толькі пазбегнуць пераследу за крыж Хрыста. 13А тыя, што абразаюцца, самі не выконваюць Закон, а хочуць вас абрэзаць, каб толькі пахваліцца абразаннем цела вашага. 14Няхай мне не давядзецца хваліцца нічым, акрамя крыжа нашага Пана Езуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я – для свету. 15Бо ні абразанне нічога не значыць, ні адсутнасць абразання, але новае стварэнне. 16І над усімі, хто будзе паступаць паводле гэтага правіла, спакой і міласэрнасць, а таксама над Ізраэлем Божым.

17Урэшце, няхай ніхто не абцяжарвае мяне, бо я нашу на целе сваім раны Езуса.

18Ласка нашага Пана Езуса Хрыста з духам вашым, браты. Амэн.




Крыніца: catholic.by
Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Беларуская Палічка: http://knihi.com