epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Пасланне да Рымлянаў

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-32)
2 (1-29)
3 (1-31)
4 (1-25)
5 (1-21)
6 (1-23)
7 (1-25)
8 (1-39)
9 (1-33)
10 (1-21)
11 (1-36)
12 (1-21)
13 (1-14)
14 (1-23)
15 (1-33)
16 (1-27)


1 (1-32)

1Павел, слуга Езуса Хрыста, пакліканы апостал, выбраны дзеля [абвяшчэння] Евангелля Бога, 2якое перад гэтым было абяцана праз Яго прарокаў у святых Пісаннях, 3пра Сына Ягонага, які целам паходзіў з роду Давіда і адкрыўся як Сын Божы ў моцы, 4паводле Духа святасці, праз уваскрасенне з мёртвых, пра Езуса Хрыста, Пана нашага, 5праз якога мы атрымалі ласку і апостальства, каб у імя Ягонае зрабіць паслухмянымі веры ўсе народы, 6сярод якіх і вы, пакліканыя Езусам Хрыстом. 7Усім, хто знаходзіцца ў Рыме, умілаваным Бога, пакліканым святым: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.

8Найперш дзякую Богу майму праз Езуса Хрыста за ўсіх вас, бо вера вашая абвяшчаецца па ўсім свеце. 9Маім сведкам ёсць Бог, якому служу ў маім духу праз Евангелле Ягонага Сына, што я пастаянна ўспамінаю пра вас. 10Кожную хвіліну ў сваіх малітвах прашу, каб мне – калі будзе на гэта воля Божая – пашчасціла калі-небудзь прыйсці да вас. 11Прагну пабачыць вас, каб пераказаць вам духоўны дар дзеля вашага ўмацавання, 12але больш, каб парадавацца разам з вамі дзеля ўзаемнага суцяшэння праз супольную веру, вашую і маю. 13Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што я шмат разоў збіраўся прыйсці да вас, каб які-небудзь плён сабраць і ў вас, як і сярод іншых народаў, але аж дагэтуль меў перашкоды. 14Я даўжнік грэкаў і чужаземцаў, мудрых і неразумных. 15Таму таксама вельмі прагну і вам, жыхарам Рыма, абвяшчаць Евангелле.

16Я не саромеюся Евангелля, бо гэта моц Божая для збаўлення кожнага, хто верыць, спярша юдэя, а потым і грэка. 17Бо ў ім адкрываецца справядлівасць Божая з веры для веры, як напісана: «Праведны жыць будзе вераю».

18Бо гнеў Божы аб’яўляецца з неба супраць усялякай бязбожнасці і несправядлівасці людзей, якія стрымліваюць праўду несправядлівасцю. 19Бо тое, што можна ведаць пра Бога, відавочнае сярод іх, таму што Бог адкрыў ім. 20Ад стварэння свету Яго нябачныя [рысы]: адвечная Яго моц і боскасць, заўважальныя ў чынах, бачныя, таму няма ім апраўдання. 21Бо яны, пазнаўшы Бога, не як Бога праслаўлялі [Яго] і дзякавалі [Яму], але сталі нікчэмнымі ў разважаннях сваіх, і зацямнілася іх неразумнае сэрца. 22Называючы сябе мудрымі, яны сталі неразумнымі 23і славу нятленнага Бога замянілі на вобраз тленнага чалавека, птушак, чатырохногіх і паўзуноў.

24Таму і аддаў іх Бог праз пажадлівасць іхніх сэрцаў нячыстасці, каб яны самі зняславілі свае целы. 25Яны замянілі праўду Божую на фальш і пачалі пакланяцца і служыць стварэнню, а не Стварыцелю, які благаслаўлёны навекі. Амэн.

26Таму выдаў іх Бог ганебным страсцям. Іх жанчыны змянілі згоднае з натурай жыццё на тое, што супраць натуры. 27Таксама і мужчыны, пакідаючы натуральнае сужыццё з жанчынай, запалалі [пажадлівасцю] адзін да аднаго. Мужчыны з мужчынамі чынячы нягоднае, самі на сябе наклікалі належную кару за вычварэнне. 28А паколькі не палічылі патрэбным мець пазнанне Бога, выдаў іх Бог няздольнаму розуму, каб чынілі неадпаведнае. 29Яны поўныя ўсялякай несправядлівасці, нягоднасці, прагнасці, злосці, напоўненыя зайздрасцю, забойствам, спрэчкай, подступам, зласлівасцю, абмовай. 30Яны паклёпнікі, ненавіснікі Бога, крыўдзіцелі, пыхлівыя, самахвалы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам, 31неразумныя, вераломныя, пазбаўленыя любові, бязлітасныя. 32Яны ведаюць наказ Бога, што той, хто так чыніць, варты смерці, [аднак] не толькі самі так робяць, але і згаджаюцца з тымі, хто так робіць.

 

2 (1-29)

1Няма прабачэння табе, кожны чалавеча, які асуджаеш. Бо ў чым асуджаеш іншага, у тым сябе асуджаеш, таму што, асуджаючы, робіш тое самае. 2А мы ведаем, што суд Божы справядлівы над тымі, хто так робіць. 3Няўжо ты думаеш, чалавеча, які асуджаеш тых, хто так робіць, [хоць] і сам робіш тое самае, уцячы ад суда Божага? 4А можа пагарджаеш багаццем Божай дабрыні, лагоднасці і доўгацярплівасці, не разумеючы, што дабрыня Божая вядзе цябе да пакаяння? 5За жорсткасць тваю і няздольнае да пакаяння сэрца ты сам сабе збіраеш гнеў на дзень гневу і аб’яўлення справядлівага суда Бога, 6які аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных: 7тым, хто з цярплівасцю ў добрай справе шукае славы, пашаны і нятленнасці, – вечнае жыццё, 8а тым, хто працівіцца і не слухаецца праўды, але слухаецца несправядлівасці, – гнеў і абурэнне. 9Нядоля і ўціск [спаткае] кожнага чалавека, які чыніць зло: спачатку юдэя, а пасля і грэка. 10А хвала, пашана і спакой – кожнага, хто чыніць дабро: спачатку юдэя, а пасля і грэка. 11Таму што Бог не зважае на асобу!

12Тыя, што, не маючы Закону, зграшылі, без Закону і загінуць, а тыя, што ў Законе зграшылі, праз Закон будуць асуджаны. 13Бо не тыя, што слухаюць Закон, справядлівыя перад Богам, але тыя, што выконваюць, апраўданыя будуць. 14Калі язычнікі, не маючы Закону, па прыродзе робяць законнае, то, не маючы Закону, яны самі сабе закон. 15Яны паказваюць, што Закон упісаны ў іх сэрцы, аб чым сведчыць іхняе сумленне ды думкі, якія то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна адну, 16у дзень, калі Бог судзіць будзе тайныя ўчынкі людзей паводле дабравесця майго праз Езуса Хрыста.

17Калі ты завешся юдэем і супакойваеш сябе Законам, хвалішся Богам 18і ведаеш волю [Яго], умееш распазнаваць найважнейшае, навучаны дзякуючы Закону, 19калі перакананы, што ты правадыр сляпых, святло тых, хто ў цемры, 20выхавацель неразумных, настаўнік малых, які мае ў Законе прыклад пазнання і праўды, 21то ці ж, навучаючы другога, не вучыш самога сябе? Навучаючы не красці, крадзеш? 22Кажучы, не чужалож, чужаложыш? Маючы агіду да ідалаў, чыніш святатацтва? 23Хвалішся Законам, а, парушаючы Закон, зневажаеш Бога? 24Як напісана: «Праз вас імя Божае зневажаецца сярод язычнікаў».

25Абразанне карысна, калі выконваеш Закон. Калі ты парушаеш Закон, то абразанне тваё сталася неабразаннем. 26Таму, калі неабрэзаны выконвае наказы Закону, то ці не залічыцца яму яго неабразанне за абразанне? 27I неабрэзаны, выконваючы Закон, ці не асудзіць цябе, які нягледзячы на літару Закону і абразанне парушаеш Закон? 28Бо не той юдэй, хто такі знешне, і не тое абразанне, якое знешне на целе, 29але хто ўнутры юдэй і абразанне [мае] ў сэрцы паводле духа, а не паводле літары. Такі [мае] пахвалу не ад людзей, але ад Бога.

 

3 (1-31)

1У чым жа перавага юдэяў, ці якая карысць ад абразання?

2Вялікая ва ўсіх адносінах. Перадусім у тым, што ім давераны словы Бога.

3Бо калі некаторыя і сталіся нявернымі, то ці іхняе нявер’е знішчыць вернасць Божую?

4Канешне, не! Бог праўдзівы, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: «Каб ты апраўдаўся ў словах Тваіх і перамог, калі будзеш асуджаны».

5Калі ж несправядлівасць нашая адкрывае справядлівасць Божую, дык што скажам? Ці ж Бог, – кажучы па-чалавечы, – несправядлівы, калі гневаецца?

6Канешне, не! Бо як жа [можа] асудзіць Бог свет?

7Калі праўда Бога праз мой падман памнажаецца на Яго славу, за што ж яшчэ мяне судзяць, як грэшніка? 8I ці не рабіць нам благое, каб вышла дабро, як некаторыя абгаворваюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Такіх чакае справядлівы прысуд.

9Дык што ж? Ці маем перавагу? Зусім не, бо мы ўжо сцвердзілі, што і юдэі, і грэкі – усе пад грахом, 10як напісана:

«Няма ніводнага справядлівага,

11няма разумнага, няма таго, хто шукаў бы Бога.

12Усе заблукалі, усе разам сталі нягоднымі;

няма таго, хто рабіў бы дабро, няма ніводнага.

13Горла іх – адчыненая магіла.

Языкамі сваімі гавораць падступна.

Яд змяіны на вуснах іхніх;

14іх вусны поўныя праклёну і злосці.

15Ногі іх хуткія да праліцця крыві,

16знішчэнне і мучэнне на шляхах іхніх;

17дарогі спакою яны не пазналі.

18Няма боязі Божай перад іх вачыма».

19Мы ж ведаем, што тое, што кажа Закон, адносіцца да тых, хто пад Законам, каб кожныя вусны былі закрытыя і каб увесь свет прызнаў віну перад Богам, 20бо справамі Закону не апраўдаецца перад Ім ніякае цела, таму што праз Закон пазнаецца грэх.

21Цяпер незалежна ад Закону выявілася Божая справядлівасць, пра якую сведчаць Закон і Прарокі. 22Справядлівасць Божая [ўдзяляецца] праз веру ў Езуса Хрыста ўсім веруючым, без розніцы. 23Бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай, 24але атрымліваюць апраўданне дарма, паводле ласкі Ягонай, праз адкупленне ў Езусе Хрысце. 25Яго Бог устанавіў як уміласціўленне ў Ягонай крыві праз веру, каб паказаць справядлівасць сваю ў адпушчэнні грахоў, учыненых раней, 26у час цярплівасці Божай, каб выявіць справядлівасць сваю ў цяперашні час, бо Ён справядлівы і апраўдвае таго, хто верыць у Езуса.

27Дык дзе ж пахвальба? Адкінута. Якім законам? Учынкаў? Не, але законам веры. 28Бо мы лічым, што чалавек апраўдваецца праз веру незалежна ад учынкаў Закону. 29Ці ж Бог ёсць толькі юдэяў, а язычнікаў не? Так, і язычнікаў, 30таму што адзін ёсць Бог, які апраўдвае абрэзанага з веры і неабрэзанага праз веру. 31Дык ці Закон лічым непатрэбным з прычыны веры? Канешне, не! Наадварот, умацоўваем Закон.

 

4 (1-25)

1Што, скажам, знайшоў Абрагам, праайцец наш, паводле цела? 2Калі Абрагам апраўдаўся ўчынкамі, то мае чым хваліцца, але не перад Богам. 3Бо што кажа Пісанне? «Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць». 4Плата працаўніку залічваецца не з ласкі, але з абавязку. 5А таму, хто не працуе, але верыць у таго, хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца як справядлівасць. 6Так і Давід называе шчаслівым чалавека, якому Бог залічвае справядлівасць незалежна ад учынкаў: 7«Шчаслівыя, каму беззаконне дараванае і чые грахі закрытыя; 8шчаслівы чалавек, якому Пан не залічыць граху».

9Ці шчасце гэтае датычыць абрэзаных, ці і неабрэзаных? Мы кажам, што «Абрагаму вера залічана як справядлівасць». 10Калі залічана? Пасля абразання ці да абразання? Не пасля абразання, але да абразання. 11I знак абразання ён атрымаў, як пячаць справядлівасці праз веру, якую меў у неабразанні, так што ён стаўся айцом усіх веруючых у неабразанні, каб таксама ім была залічана справядлівасць, 12і айцом абрэзаных, якія не толькі прынялі абразанне, але таксама ідуць па слядах веры айца нашага Абрагама, якую ён меў да абразання.

13Абяцанне Абрагаму і патомству ягонаму, што ён будзе спадкаемцам свету, было дадзена не праз Закон, але праз справядлівасць веры. 14Калі спадкаемцы тыя, што з Закону, то вера не мае значэння, і непатрэбнае абяцанне. 15Бо Закон наклікае гнеў, а дзе няма Закону, няма і злачынства. 16Таму абяцанне – з веры, каб было [справай] ласкі, каб мела моц для ўсяго патомства. Не толькі для тых, хто абапіраецца на Закон, але і для тых, хто трымаецца веры Абрагама, які ёсць айцом усіх нас. 17Як напісана: «Я паставіў цябе айцом многіх народаў», – перад абліччам Бога, якому ён паверыў як таму, хто ажыўляе памерлых і кліча няіснае да існавання. 18Ён насуперак надзеі паверыў з надзеяй, што стане айцом многіх народаў, паводле сказанага: «Такім будзе патомства тваё». 19І не аслаб у веры, хоць лічыў сваё амаль стогадовае цела ўжо змярцвелым і ўлонне Сары мёртвым. 20Не засумняваўся ў абяцанні Божым, але ўмацаваўся ў веры, аддаючы хвалу Богу 21і будучы цалкам упэўненым, што [Бог] мае моц выканаць абяцанае. 22Таму гэта і залічана яму як справядлівасць.

23Не толькі дзеля яго аднаго напісана, што залічана яму, 24але таксама дзеля нас, бо залічыцца і нам, якія вераць у таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса, Пана нашага, 25які быў выдадзены за правіны нашыя і ўваскрэшаны дзеля апраўдання нашага.

 

5 (1-21)

1Апраўданыя паводле веры, мы маем мір з Богам праз Пана нашага Езуса Хрыста, 2праз якога, дзякуючы веры, мы атрымалі доступ да той ласкі, у якой трываем, і мы ганарымся надзеяй на славу Божую. 3І не толькі гэтым, але ганарымся і ўціскам, ведаючы, 4што ўціск нараджае цярплівасць, цярплівасць – вытрываласць, вытрываласць – надзею, 5а надзея не асароміць, таму што любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам.

6Хрыстус, калі мы былі яшчэ слабымі, у вызначаны час памёр за бязбожных. 7Бо наўрад ці нехта памрэ за справядлівага. Можа, за добрага чалавека нехта і адважыцца памерці. 8Бог даказвае сваю любоў да нас тым, што Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі. 9Тым больш цяпер, апраўданыя Яго крывёй, мы будзем збаўленыя праз Яго ад гневу! 10Бо калі мы, будучы непрыяцелямі, паядналіся з Богам праз смерць Яго Сына, то, паяднаўшыся, мы тым больш збавімся праз Яго жыццё. 11І не толькі [гэта], але таксама ганарымся ў Богу праз Пана нашага Есуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі цяпер паяднанне.

12Як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у свет і праз грэх – смерць, так і смерць перайшла на ўсіх людзей, таму што ўсе зграшылі. 13Бо і перад Законам грэх быў у свеце, але грэх не залічваецца, калі няма Закону. 14Аднак смерць валадарыла ад Адама аж да Майсея нават над тымі, хто не зграшыў падобна граху Адама, які ёсць правобразам будучага.

15Але з дарам ласкі не так, як з упадкам. Бо калі з-за ўпадку аднаго памерлі многія, то нашмат больш ласкі Божай і дару аднаго чалавека, Езуса Хрыста, сышло на многіх. 16І гэты дар не з прычыны аднаго, які зграшыў, бо калі прысуд быў вынесены за адзін [упадак], то ласка прынесла апраўданне за многія ўпадкі. 17Калі з-за ўпадку аднаго смерць запанавала праз аднаго, то нашмат больш тыя, якія атрымалі шчодрую ласку і дар справядлівасці, будуць валадарыць у жыцці дзякуючы аднаму – Езусу Хрысту.

18Як упадак аднаго прынёс усім людзям асуджэнне, так і справядлівасць аднаго прынесла жыццядайнае апраўданне ўсім людзям. 19Бо як праз непаслухмянасць аднаго чалавека многія сталі грэшнікамі, так і праз паслухмянасць аднаго многія стануць справядлівымі.

20Закон жа ўвайшоў, каб памножыўся грэх. А дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка; 21каб, як грэх запанаваў з прычыны смерці, так і ласка запанавала праз справядлівасць дзеля жыцця вечнага праз Езуса Хрыста, Пана нашага.

6 (1-23)

1Што ж скажам? Ці маем заставацца ў граху, каб памножылася ласка?

2Канешне, не! Мы, якія памерлі для граху, як жа будзем жыць у ім? 3Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся? 4Дык вось, мы пахаваныя разам з Ім хрышчэннем у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці. 5Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення, 6ведаючы, што былы наш чалавек укрыжаваны з Ім для таго, каб было знішчана грэшнае цела, каб нам не быць ужо нявольнікамі граху; 7бо той, хто памёр, вызваліўся ад граху. 8Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, 9ведаючы, што Хрыстус, які ўстаў з мёртвых, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады. 10Бо тое, што Ён памёр, дык памёр раз і назаўсёды для граху, а што жыве, дык жыве для Бога. 11Так і вы лічыце сябе мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Езусе.

12Няхай грэх не пануе ў вашым смяротным целе, каб вам не служыць яму ў пажадлівасці яго, 13і не аддавайце члены вашыя граху, як зброю несправядлівасці, але аддайце сябе Богу як тыя, хто ажыў з мёртвых; і члены вашыя аддайце Богу, як зброю справядлівасці. 14Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад Законам, але пад ласкаю.

15Дык што ж? Будзем грашыць, бо мы не пад Законам, а пад ласкаю? Канешне, не! 16Няўжо вы не ведаеце, што каму вы аддаецеся ў няволю дзеля паслухмянасці і каго слухаеце, таго вы і нявольнікі: або граху дзеля смерці, або паслухмянасці дзеля справядлівасці? 17Дзякуй Богу, што вы, будучы раней нявольнікамі граху, ад сэрца паслухаліся таго вучэння, якое было вам перададзена. 18А вызваліўшыся ад граху, вы сталі слугамі справядлівасці.

19Кажу па-чалавечы з прычыны слабасці вашага цела. Бо як аддавалі вы члены вашыя на служэнне нячыстасці і беззаконню для беззаконня, так цяпер аддайце члены вашыя на служэнне справядлівасці для святасці. 20Бо калі вы былі нявольнікамі граху, вы былі свабоднымі ад справядлівасці. 21Якія ж плады мелі вы тады, што цяпер саромеецеся іх? Канцом жа іхнім ёсць смерць! 22Але цяпер, вызваліўшыся ад граху і стаўшы паслухмянымі Богу, маеце плод ваш для святасці, а ў канцы – жыццё вечнае! 23Бо расплата за грэх – смерць, а дар Бога – жыццё вечнае ў Хрысце Езусе, Пану нашым.

 

7 (1-25)

1Ці ж не ведаеце, браты, – бо кажу тым, хто ведае Закон, – што Закон мае ўладу над чалавекам, пакуль той жыве? 2Замужняя жанчына звязана Законам з жывым мужам. Калі муж памрэ, яна вольная ад мужа [паводле] Закону. 3Таму, калі жыве муж, а яна будзе [жонкай] другога, [то] будзе названа чужаложніцай. Калі ж памрэ муж, яна вольная ад гэтага Закону і не будзе чужаложніцай, выйшаўшы замуж за другога мужа. 4Гэтак і вы, браты мае, памерлі для Закону праз цела Хрыста, каб належаць другому, які ўстаў з мёртвых, каб прыносіць плод Богу. 5Бо, калі мы былі ў целе, тады страсці грахоўныя праз Закон дзейнічалі ў членах нашых, каб даваць плод смерці. 6Цяпер жа, памерлыя для Закону, якім былі звязаны, мы вызваліліся ад яго, каб служыць у новым духу, а не паводле старой літары.

7Што ж скажам? Закон – грэх? Канешне, не! Але я не пазнаў бы граху, калі б не Закон, бо я не ведаў бы і пажадлівасці, калі б Закон не гаварыў: «Не пажадай». 8Але грэх, пазнаны праз запаведзь, выклікаў ува мне ўсякую пажадлівасць, бо без Закону грэх мёртвы. 9Я жыў калісьці без Закону, але, калі прыйшла запаведзь, дык грэх ажыў, 10а я памёр. І я ўбачыў, што запаведзь, [дадзеная] для жыцця, [прывяла мяне] да смерці. 11Грэх, выкарыстоўваючы магчымасць праз запаведзь, звёў мяне і забіў ёю. 12Таму закон святы, і запаведзь святая, і справядлівая, і добрая. 13Дык няўжо добрае стала для мяне смерцю? Канешне, не! Але грэх, каб стацца грахом, карыстаючыся добрым, прынёс мне смерць, каб грэх праз запаведзь выявіў сваю згубную моц.

14Ведаем, што Закон духоўны, а я цялесны, падлеглы граху. 15Я не разумею, што раблю, бо не тое раблю, што хачу, але тое раблю, што ненавіджу. 16Калі ж я раблю тое, чаго не хачу, то прызнаю тое, што Закон добры. 17Цяпер ужо не я раблю тое, але грэх, які жыве ўва мне. 18Ведаю, што не жыве ўва мне, гэта значыць, у целе маім, добрае. Бо жаданне ёсць ува мне, але зрабіць добрае не знаходжу як! 19Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю. 20Калі ж раблю не тое, што хачу, ужо не я раблю гэта, але грэх, што жыве ўва мне. 21Тады я адкрываю закон, што, калі хачу рабіць дабро, ляжыць перада мною зло. 22Паводле духоўнага чалавека, знаходжу задавальненне ў Законе Божым, 23але ў членах маіх бачу іншы закон, што змагаецца з законам розуму майго і робіць мяне нявольнікам закону граху, які ў членах маіх.

24Няшчасны я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага цела смерці? 25Дзякую Богу праз Езуса Хрыста, нашага Пана! Значыць я сам розумам служу Закону Божаму, а целам – закону граху.

 

8 (1-39)

1Няма цяпер ніякага асуджэння тым, хто ў Хрысце Езусе, 2бо закон Духа жыцця ў Езусе Хрысце вызваліў цябе ад закону граху і смерці. 3Закон быў бяссільны, бо быў аслаблены целам. Таму Бог, паслаўшы Сына свайго ў постаці грэшнага цела, з-за граху асудзіў грэх у целе, 4каб апраўданне Закону споўнілася ў нас, якія жывуць не паводле цела, але паводле духа паступаюць.

5Бо тыя, хто жыве паводле цела, думаюць аб цялесным. А тыя, хто паводле духа, – аб духоўным. 6Бо памкненні цела – смерць, а памкненні духа – жыццё і спакой. 7Памкненні цела – непрыяцелі Бога, бо не пакараюцца закону Божаму, ды і не могуць. 8Тыя ж, хто жыве паводле цела, не могуць падабацца Богу.

9Вы ж не ў целе, але ў Духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага не мае, той не належыць Яму. 10Калі ж у вас Хрыстус, то цела мёртвае з-за граху, а дух мае жыццё дзякуючы апраўданню. 11Калі ж Дух таго, хто ўваскрасіў Езуса з мёртвых, жыве ў вас, то той, хто ўваскрасіў Хрыста з памерлых, ажывіць і вашыя смяротныя целы Духам сваім, які ёсць у вас.

12Таму, браты, мы не даўжнікі цела, каб жыць паводле цела. 13Бо калі жывяце паводле цела, то памрэце; а калі забіваеце Духам учынкі цялесныя, жыць будзеце. 14Таму што ўсе, каго вядзе Дух Божы, – гэта Сыны Божыя. 15Вы ж не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: «Абба, Ойча!» 16Гэты самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы дзеці Божыя. 17А калі дзеці, то і спадкаемцы. Спадкаемцы Божыя, спадкаемцы разам з Хрыстом, калі толькі мы церпім разам з Ім, каб разам з Ім і ўславіцца. 18Думаю, што цярпенні цяперашняга часу нягодныя той славы, якая павінна выявіцца ў нас.

19Стварэнне ж з надзеяй чакае адкрыцця сыноў Божых, 20бо стварэнне падпарадкавалася марнасці не добраахвотна, але праз таго, хто падпарадкаваў яго, у надзеі, 21што і само стварэнне вызвалена будзе з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых. 22Мы ж ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і пакутуе ажно да цяперашняга часу. 23І не толькі яно, але і мы самі, якія маем пачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, чакаючы ўсынаўлення, адкуплення цела нашага. 24Мы збаўленыя праз надзею. А надзея, калі яна бачная, не ёсць надзеяй. Бо, калі хто бачыць, навошта яму яшчэ спадзявацца? 25Але калі спадзяёмся на тое, чаго не бачым, тады чакаем цярпліва.

26Таксама і Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі. 27Той жа, хто даследуе сэрцы, ведае, чаго прагне Дух, бо Ён заступаецца за святых па волі Божай.

28Мы ведаем таксама, што ўсё ідзе на карысць тым, хто любіць Бога і хто пакліканы па Яго пастанове. 29Бо, каго Ён наперад пазнаў, таго і прызначыў быць падобным да вобраза Сына свайго, каб Ён быў першародным між многімі братамі. 30Каго ж прызначыў, таго і паклікаў, а каго паклікаў, таго і апраўдаў; а каго апраўдаў, таго і ўславіў.

31Што ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас? 32Той, які Сына свайго не пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як жа не дасць нам разам з Ім таксама ўсяго? 33Хто будзе абвiнавачваць выбраных Богам? Ці ж Бог, які апраўдвае? 34Хто будзе асуджаць [іх]? Ці ж Хрыстус, які памёр, а нават больш за тое, уваскрос, знаходзіцца праваруч Бога і заступаецца за нас?

35Хто адлучыць нас ад любові Хрыста? Няшчасце ці прыгнёт, ці пераслед, ці голад, ці галеча, ці небяспека, ці меч? 36Як напісана: «За цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас авечкамі, прызначанымі на зарэз».

37Але над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз таго, хто палюбіў нас. 38Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, 39ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым.

 

9 (1-33)

1Я кажу праўду ў Хрысце, не ілгу, і пацвярджае сумленне маё ў Духу Святым, 2што смутак мой вялікі і няспынна пакутуе сэрца маё. 3Бо я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста замест братоў маіх, родных мне паводле цела, 4ізраэльцянаў, якім належыць усынаўленне, і хвала, і запаветы, і ўстанаўленне законаў, і Божае служэнне, і абяцанні. 5Да іх належаць айцы, і з іх паводле цела – Хрыстус, Бог над усімі, благаслаўлёны навекі. Амэн.

6[Гэта] не азначае, што слова Божае не збылося. Бо не ўсе тыя, што ад Ізраэля, – Ізраэль, 7і не ўсе, што паходзяць ад Абрагама, яго дзеці, але ад Ісаака будзе тваё патомства. 8Гэта значыць, што не цялесныя дзеці з’яўляюцца дзецьмі Божымі, але дзеці абяцання лічацца патомствам. 9А слова абяцання такое: «У той жа час прыйду, і ў Сары будзе сын». 10I не толькі яна, але і Рэбэка зачала ад Ісаака, айца нашага. 11Калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага ці благога (каб пастанова Божая ў выбранні заставалася, 12не з учынкаў, але ад таго, хто кліча), сказана было ёй: «Старэйшы будзе ў няволі ў малодшага», 13як і напісана: «Якуба я палюбіў, а Эзава ўзненавідзеў».

14Што ж скажам? Няўжо няпраўда ў Бога? Канешне, не! 15Бо Ён кажа Майсею: «Памілую таго, каго памілую, і злітуюся над тым, над кім літуюся».

16Таму не ад таго, хто жадае, і не ад таго, хто бяжыць, але ад Бога, які мае міласэрнасць. 17Бо Пісанне кажа фараону: «Дзеля таго Я і ўстанавіў цябе, каб паказаць у табе сілу Маю, і каб імя Маё было абвешчана па ўсёй зямлі». 18Таму літуецца над кім хоча, і, каго хоча, робіць жорсткім.

19Ты скажаш мне: «За што ж яшчэ вінаваціць? Хто стане супраць волі Яго?» 20А ты хто, чалавеча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа зробленае таму, хто зрабіў: «Чаму ты мяне гэтак зрабіў?» 21Ці не мае ўлады ганчар над глінаю, каб з таго ж месіва зрабіць адно начынне для пачэснага [ўжытку], а другое – для непачэснага? 22Калі Бог, хочучы паказаць гнеў і выявіць сваю магутнасць, з вялікай доўгацярплівасцю бярог начынні гневу, што падаваліся на загубу, 23каб даць пазнаць багацце сваёй славы над начыннямі міласэрнасці, якія Ён раней падрыхтаваў для славы, 24таксама перад намі, якіх паклікаў не толькі з юдэяў, але і з язычнікаў? 25Як і праз Осію кажа:

«Не мой народ назаву Маім народам,

і нялюбую – умілаванай. 26І станецца, што на месцы, дзе было сказана ім:

“Вы не мой народ”,

сынамі Бога Жывога названыя будуць».

27А Ісая ўсклікае да Ізраэля: «Хоць бы лічба сыноў Ізраэля была як марскі пясок, [толькі] рэшта будзе збаўлена. 28Бо канчаткова і хутка здзейсніць Пан слова [сваё] на зямі».

29I, як прарочыў Ісая:

«Калі б Пан Магуццяў не пакінуў нам патомства,

то мы былі б, як Садом,

і падобнымі сталіся б да Гаморы».

30Што ж скажам? Што язычнікі, якія не шукалі справядлівасці, атрымалі справядлівасць дзякуючы веры. 31А Ізраэль, шукаючы Закону справядлівасці, не дасягнуў яго. 32Чаму? Бо [шукалі] не з веры, а з учынкаў. І спатыкнуліся аб камень спатыкнення, 33як напісана:

«Вось кладу на Сіёне камень спатыкнення і камень спакусы;

але кожны, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».

 

10 (1-21)

1Браты, жаданне майго сэрца і малітва да Бога за іх дзеля збаўлення. 2Бо сведчу ім, што маюць руплівасць Божую, але не паводле пазнання. 3Не разумеючы Божай справядлівасці і шукаючы ўласнай справядлівасці, яны не падпарадкаваліся Божай справядлівасці. 4Вяршыняй жа Закону ёсць Хрыстус дзеля апраўдання кожнага, хто верыць.

5Майсей піша аб справядлівасці, якая з Закону, што чалавек, выканаўшы яго, будзе праз яго жыць. 6А справядлівасць з веры так кажа: «Не кажы ў сэрцы тваім: хто ўзыдзе на неба?», каб Хрыста прывесці, 7або: «Хто сыдзе ў адхлань?», каб Хрыста ўзняць з мёртвых. 8Але што кажа? «Блізка да цябе слова, на вуснах тваіх і ў сэрцы тваім». Гэта значыць, слова веры, якое прапаведуем. 9Таму, калі ты вуснамі сваімі будзеш вызнаваць, што Езус ёсць Панам, і ў сэрцы сваім верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеш збаўлены. 10Бо сэрцам вераць для апраўдання, а вуснамі вызнаюць для збаўлення. 11Пісанне ж кажа: «Кожны, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».

12І няма розніцы паміж юдэем і грэкам, бо той самы Пан ва ўсіх, шчодры для ўсіх, хто Яго кліча. 13І кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены.

14Як жа будуць заклікаць таго, у каго не паверылі? Як будуць верыць у таго, каго не пачулі? Як будуць слухаць, калі няма каму абвяшчаць? 15І як будуць абвяшчаць, калі не будуць пасланыя? Як напісана:

«Якія прыгожыя ногі тых, хто абвяшчае дабро».

16Але не ўсе падпарадкаваліся Евангеллю. Бо Ісая кажа:

«Пане, хто паверыў пачутаму ад нас?»

17Таму вера – ад пачутага, а пачутае – праз слова Хрыста.

18Але я кажу: хіба не пачулі яны? Наадварот.

Па ўсёй зямлі разышоўся іхні голас,

і словы іхнія – да краёў свету.

19Але кажу: ці ж Ізраэль не пазнаў? Ужо Майсей кажа:

«Я абуджу ў вас руплівасць праз ненарод,

разгневаю вас праз народ неразумны».

20А Ісая адважыўся ды кажа: «Мяне знайшлі тыя, што не шукалі, абявіўся я тым, што не пыталіся пра мяне».

21Ізраэлю кажа: «Увесь дзень працягваў я рукі мае да народу непаслухмянага і ўпартага».

 

11 (1-36)

1Таму пытаюся: няўжо Бог адкінуў народ свой? Канешне, не! Бо і я ізраэльцянін, з патомства Абрагама, з роду Бэньяміна. 2Не адкінуў Бог народ свой, які пазнаў раней. Ці ж не ведаеце, што пра Іллю кажа Пісанне? Як ён абвінавачваў перад Богам Ізраэль: 3«Пане, прарокаў Тваіх пазабівалі, ахвярнікі Твае зруйнавалі. Застаўся я адзін, а яны палююць на маё жыццё».

4Але што адказвае яму Бог?

«Я пакінуў сабе сем тысяч чалавек, што не схілілі калені перад Баалам».

5Вось так і цяпер, паводле выбару ласкі, захавалася рэшта. 6А калі праз ласку, то не праз учынкі, інакш ласка не была б ужо ласкай.

7І што? Чаго Ізраэль шукаў, таго не дасягнуў. Выбраныя дасягнулі, астатнія заўпарціліся, 8як напісана:

«Даў ім Бог духа здранцвення:

вочы, якімі не бачаць,

і вушы, якімі не чуюць,

ажно па сённяшні дзень».

9I Давід кажа:

«Няхай будзе ім стол іх пасткаю і сілом,

і спакусай, і адплатаю.

10Няхай зацьмяцца вочы іх, каб не бачыць,

і хрыбет іх няхай будзе сагнуты назаўсёды!»

11Таму кажу: няўжо яны спатыкнуліся, каб упасці? Канешне, не! Але ад іх падзення прыйшло збаўленне язычнікам, каб абудзіць у іх руплівасць. 12Калі ж падзенне іхняе – гэта багацце для свету, а іхняе прыніжэнне – багацце для язычнікаў, то наколькі ж большая паўната іх!

13Я кажу вам, язычнікам: як Апостал язычнікаў я праслаўляю служэнне сваё, 14каб абудзіць руплівасць сярод сваіх суайчыннікаў і каб прывесці да збаўлення некаторых з іх. 15Бо калі адкідванне іх – гэта прымірэнне для свету, то што ж тады іх прыняцце, калі не паўстанне з мёртвых да жыцця? 16Калі рошчына святая, то і цеста; і калі корань святы, то і галлё. 17Калі ж некаторыя з галін адламаліся, а ты, будучы дзікай аліўкай, прышчапіўся замест іх і жывішся ад аліўкавага кораня, 18то не выхваляйся перад галінамі. Калі выхваляешся, то [памятай, што] не ты трымаеш корань, але корань цябе.

19Можа скажаш: «Галіны адламаліся, каб я быў прышчэплены». 20Добра. Яны адламаліся з прычыны бязвер’я, а ты трымаешся дзякуючы веры. Не ўзвышайся, але бойся. 21Калі Бог прыродных галін не пашкадаваў, то і цябе не пашкадуе.

22Убач дабрыню і суровасць Божую: суровасць да адпаўшых, а дабрыню Божую да цябе, калі будзеш [трываць] у гэтай дабрыні. Інакш і ты будзеш адрэзаны. 23Яны ж, калі не застануцца ў бязвер’і, будуць прышчэпленыя, бо мае Бог моц ізноў прышчапіць іх! 24Калі ты адрэзаны ад натуральнай [для цябе] дзікай аліўкі і насуперак прыродзе прышчэплены да добрай аліўкі, тым больш тыя, прыродныя, будуць прышчэпленыя да сваёй аліўкі. 25Не хачу пакінуць вас, браты, у няведанні гэтай таямніцы, каб вы не лічылі сябе мудрымі, таму што ўпартасць ахапіла Ізраэль часткова, пакуль не ўвойдзе паўната язычнікаў. 26І так увесь Ізраэль збавіцца, як напісана:

«Прыйдзе з Сіёна Вызваліцель

і адверне бязбожнасць ад Якуба.

27Гэта запавет Мой з імі,

калі забяру грахі іхнія».

28Паводле Евангелля – яны ворагі з вашай прычыны; 29а паводле выбрання – умілаваныя з прычыны айцоў. Бо дары і пакліканне Божае нязменныя! 30Як і вы некалі былі непаслухмяныя Богу, а цяпер памілаваны праз непаслухмянасць іхнюю, 31гэтак і яны цяпер непаслухмяныя, каб праз змілаванне над вамі і яны былі памілаваныя. 32Бог замкнуў усіх у непаслухмянасць, каб усіх памілаваць!

33О, глыбіня багацця і мудрасці, і пазнання Бога! Якія неспасцігальныя прысуды Яго і нязведаныя шляхі Ягоныя!

34Бо хто спазнаў розум Пана?

Або хто быў дарадцам Ягоным?

35Або хто даў Яму раней,

каб атрымаць адплату?

36Бо з Яго і праз Яго, і для Яго ўсё. Яму хвала навекі. Амэн.

 

12 (1-21)

1Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу як разумнае служэнне вашае. 2І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму, каб вы пазналі, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае.

3Дзякуючы дадзенай мне ласцы, я кажу кожнаму, хто ёсць сярод вас, каб не думалі пра сябе лепш, чым трэба думаць, але ацэньвалі сябе цвяроза, паводле веры, уздзеленай кожнаму Богам. 4Бо як у адным целе маем шмат частак, і не ўсе члены выконваюць тыя самыя функцыі, 5так і мы, многія, складаем адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго – члены. 6А паводле дадзенай ласкі мы маем розныя дары. Калі дар прароцтва, павінен прарочыць згодна з вераю. 7Калі служэнне – служыць; калі настаўніцтва – навучаць; 8калі заахвочванне – заахвочваць; калі размеркаванне – раздаваць у прастаце; калі кіраванне – кіраваць старанна; калі міласэрнасць – то [павінен чыніць гэта] з радасцю.

9Любоў няхай будзе некрывадушнай. Майце агіду да зла, гарніцеся да дабра; 10любіце адзін аднаго братняю любоўю, апярэджвайце адзін аднаго ў ветлівасці, 11у руплівасці будзьце нястомныя, духам палымнейце, служыце Пану. 12Цешцеся надзеяй, ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве – трывалыя; 13падтрымлівайце святых; дбайце пра гасціннасць. 14Благаслаўляйце тых, хто пераследуе вас, благаслаўляйце, а не праклінайце! 15Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача. 16Будзьце аднамысныя паміж сабою; не мудруйце празмерна, але наследуйце пакорных. Не лічыце сябе мудрымі.

17Нікому не адплачвайце злом за зло, але дбайце аб добрым перад усімі людзьмі. 18Са свайго боку, калі магчыма, жывіце ў спакоі з усімі людзьмі. 19Не помсціце за сябе, умілаваныя, але дайце месца [Божаму] гневу, бо напісана: «Мне помста, Я аддам», – кажа Пан. 20Але, калі вораг твой галодны, накармі Яго; калі прагне, напаі яго, бо, так робячы, збярэш яму на галаву гарачае вуголле. 21Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.

 

13 (1-14)

1Кожны чалавек няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам. Бо няма ўлады, якая не была б ад Бога. Існуючая ўлада ўстаноўлена Богам. 2Таму той, хто супраціўляецца ўладзе, супраціўляецца Божай пастанове, а тыя, хто супраціўляецца, самі на сябе наклічуць прысуд. 3Бо кіраўнікі страшныя не для добрых спраў, але для дрэнных. Хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і атрымаеш пахвалу ад яе, 4бо яна на служэнні ў Бога дзеля твайго дабра. Калі ж робіш зло, бойся, бо не надарма носіць меч. Гэта слуга Бога, спасылае гнеў на таго, хто робіць зло. 5Таму трэба падпарадкоўвацца не толькі з увагі на гнеў, але і з прычыны сумлення. 6Дзеля гэтага вы і падаткі плаціце, бо тыя, хто няспынна выконваюць гэтыя абавязкі, на служэнні ў Бога. 7Аддавайце кожнаму тое, што яму належыць: каму падатак, падатак; каму мыта, мыта; каму боязь, боязь; каму пашану, пашану.

8Нікому нічога не будзьце павінныя, апроч узаемнай любові, бо той, хто любіць бліжняга, выканаў Закон. 9Таму што запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не пажадай ды ўсе іншыя змяшчаюцца ў гэтай адной: любі бліжняга твайго, як самога сябе. 10Любоў не чыніць бліжняму зла; любоў ёсць выкананнем Закону.

11Вы ведаеце, што настала ўжо пара, каб вы абудзіліся са сну, бо цяпер збаўленне бліжэй да нас, чым тады, калі мы паверылі. 12Ноч мінула і наблізіўся дзень. Таму адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла. 13Як у дзень, будзем паводзіць сябе прыстойна, не ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, не ў сварках ды зайздрасці, 14але апраніцеся ў Пана Езуса Хрыста і не дагаджайце целу ў пажадлівасці.

 

14 (1-23)

1Слабога ў веры прымайце не дзеля спрэчак аб поглядах. 2Бо хтосьці верыць, што [можна] есці ўсё, а слабы есць гародніну. 3Хто есць, няхай не дакарае таго, хто не есць. І хто не есць, няхай не асуджае таго, хто есць, бо Бог прыняў яго. 4Хто ты, што судзіш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром стаіць ён або падае. І будзе стаяць, бо мае Бог моц паставіць яго.

5Хтосьці адрознівае дзень ад дня, а для кагосьці кожны дзень аднолькавы. Няхай кожны застанецца пры сваім меркаванні. 6Хто адрознівае дні, робіць гэта для Пана. І хто есць, для Пана есць, бо дзякуе Богу. I хто не есць, для Пана не есць ды дзякуе Богу. 7Ніхто з нас не жыве для сябе, і ніхто не памірае для сябе. 8Бо калі жывём, то жывём для Пана, калі ж паміраем – для Пана паміраем. Таму ці жывём, ці паміраем, мы належым Пану. 9Бо дзеля гэтага Хрыстус і памёр, і ажыў, каб панаваць і над памерлымі, і над жывымі.

10А ты чаму асуджаеш брата свайго? І чаму ты пагарджаеш братам сваім? Усе мы станем перад судовым пасадам Бога. 11Бо напісана:

«Паколькі Я жыву, – кажа Пан, –

перада Мною схіліцца кожнае калена,

і кожны язык будзе вызнаваць Бога».

12Так кожны з нас адкажа за сябе перад Богам. 13Не будзем жа больш судзіць адзін аднаго, але глядзіце лепш, каб не даваць брату [прычыны для] спатыкнення ці спакусы.

14Я ведаю і перакананы ў Пану Езусе, што нішто само па сабе не з’яўляецца нячыстым, але становіцца нячыстым для таго, хто лічыць што-небудзь нячыстым. 15Калі ж праз страву сумуе брат твой, то ты ўжо жывеш не паводле любові. Не губі тваёй страваю таго, за каго памёр Хрыстус! 16Таму няхай не зневажаецца дабро вашае! 17Бо валадарства Божае не ежа і піццё, але справядлівасць, спакой і радасць у Духу Святым. 18Хто ў гэтым служыць Хрысту, той падабаецца Богу і ў пашане ў людзей. 19Таму будзем шукаць таго, што служыць спакою і ўзаемнаму збудаванню. 20Дзеля ежы не знішчай справы Божай! Усё чыстае, але [становіцца] кепскім, калі чалавек, які есць, прычыняецца да [чыйгосьці] спатыкнення. 21Добра не есці мяса, не піць віна і не рабіць таго, што прычыняецца да спатыкнення брата твайго.

22Веру, якую маеш, май для сябе перад Богам. Шчаслівы, хто не асуджае сябе ў тым, што прымае. 23Хто ж, спажываючы, сумняваецца, асуджае сябе, бо [паступае] нязгодна з верай, а ўсё, што не паводле веры, – грэх.

24Веру, 25Веру, 26 Веру,

 

15 (1-33)

1Мы, моцныя, павінны насіць немачы слабых, а не дагаджаць самім сабе. 2Кожны з нас няхай дагаджае бліжняму дзеля дабра і збудавання. 3Бо і Хрыстус не дагаджаў сабе, але, як напісана: «Знявагі тых, што зневажае цябе, упалі на мяне». 4А што напісана было раней, напісана дзеля нашага павучання, каб мы праз цярплівасць і суцяшэнне з Пісання мелі надзею. 5А Бог цярплівасці і суцяшэння няхай учыніць вас аднадумцамі паміж сабою паводле Езуса Хрыста, 6каб вы аднадушна, аднымі вуснамі праслаўлялі Бога і Айца Пана нашага Езуса Хрыста.

7Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас дзеля хвалы Божай. 8Бо кажу, што Хрыстус стаўся слугою абразання дзеля праўды Божай, каб пацвердзіць абяцанні, дадзеныя айцам, 9каб язычнікі за міласэрнасць маглі праслаўляць Бога, як напісана:

«За гэта буду славіць Цябе сярод язычнікаў

і спяваць імені Твайму».

10I яшчэ кажа: «Узвесяліцеся, язычнікі, з народам Яго».

11I яшчэ:

«Хваліце Пана, усе язычнікі,

і слаўце Яго, усе народы».

12Ісая таксама кажа:

«Будзе корань Есэя

і той, хто ўстане, каб валадарыць над народамі;

на Яго будуць спадзявацца язычнікі».

13Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй.

14Я сам упэўнены ў вас, браты мае, што і вы поўныя дабрыні, напоўненыя ўсялякім пазнаннем, і можаце настаўляць адзін аднаго. 15Я ж напісаў вам крыху смялей, нібы нагадваючы вам пра дадзеную мне ад Бога ласку, 16дзякуючы якой я магу быць слугою Езуса Хрыста для язычнікаў і выконваць святарскае служэнне для Божага Евангелля, каб гэтае прынашэнне язычнікаў, асвячанае Духам Святым, было годна прынятае. 17Таму я магу ганарыцца ў Езусе Хрысце перад Богам. 18Бо не адважуся сказаць нешта, чаго Хрыстус праз мяне не ўчыніў дзеля паслухмянасці язычнікаў, словам і ўчынкам, 19сілаю знакаў і цудаў, сілаю Духа Божага. Так што Евангелле Хрыста пашырана мною ад Ерузалема і навокал аж да Ілірыі. 20Таму я стараўся абвяшчаць Евангелле там, дзе яшчэ не было вядома імя Хрыста, каб не будаваць на чужым падмурку, 21але як напісана:

«Каму не абвяшчалася пра Яго, убачаць;

і тыя, хто не чуў, зразумеюць».

22Таму многае мне перашкаджала прыйсці да вас. 23Цяпер жа нішто ўжо не затрымлівае мяне ў гэтых ваколіцах. Я, даўно жадаючы прыйсці да вас, 24як толькі накіруюся ў Гішпанію, спадзяюся, праходзячы, пабачыцца з вамі, і вы праведзяце мяне туды, як толькі крыху нарадуюся вамі.

25Цяпер жа я збіраюся ў Ерузалем служыць святым, 26бо Македонія і Ахая пастанавілі выказаць лучнасць са святымі ў Ерузалеме, якія церпяць нястачу. 27Так пастанавілі, бо вінаватыя ім. Калі ж язычнікі сталі саўдзельнікамі ў іх духоўных [дабротах], то павінны паслужыць ім таксама і ў матэрыяльных. 28Выканаўшы гэтае і даставіўшы ім пад пячаццю гэты плод, пайду праз вас у Гішпанію. 29Ведаю, што, калі прыйду да вас, то прыйду ў поўні благаслаўлення Хрыстовага. 30Малю вас, браты, праз Пана нашага Езуса Хрыста і праз любоў Духа, дапамагаць мне малітвамі за мяне да Бога, 31каб уратавацца мне ад няверных у Юдэі, і каб служэнне маё ў Ерузалеме было добра прынята святымі, 32каб мне паводле Божай волі ў радасці прыйсці да вас і адпачыць з вамі. 33А Бог спакою [няхай будзе] з усімі вамі. Амэн.

 

16 (1-27)

1Даручаю вам Фебу, сястру нашу, якая служыць Касцёлу ў Кенхрах. 2Прыміце яе ў Пану, як належыць святым, і забяспечце яе тым, чаго яна магла б патрабаваць ад вас, бо і яна была апякункай многіх ды і мяне самога.

3Прывітайце Прысцылу і Аквілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысце Езусе, 4якія рызыкавалі сабой дзеля мяне, якім не толькі я дзякую, але і ўсе Касцёлы язычнікаў. 5[Прывітайце] таксама Касцёл, які збіраецца ў іх доме.

Прывітайце ўмілаванага майго Эпэнэта, які першым адкрыў Азію для Хрыста. 6Прывітайце Марыю, якая шмат працавала для вас. 7Прывітайце Андроніка і Юнія, родных маіх і сувязняў маіх, якія вылучаюцца між Апосталаў і былі ў Хрысце раней за мяне. 8Прывітайце Ампліята, умілаванага майго ў Пану. 9Прывітайце Урбана, супрацоўніка нашага ў Хрысце, і Стахія, умілаванага майго. 10Прывітайце Апэлеса, выпрабаванага ў Хрысце. Прывітайце тых, хто з [дому] Арыстобуля. 11Прывітайце Ірадыёна, сваяка майго. Прывітайце тых, хто з [дому] Нарцыза, якія належаць Пану. 12Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць у Пану. Прывітайце ўмілаваную Персіду, якая шмат папрацавала ў Пану. 13Прывітайце Руфа, выбранага ў Пану, ды маці яго і маю. 14Прывітайце Асінкрыта, Флегонта, Гермеса, Патроба, Гермаса ды іншых з імі братоў. 15Прывітайце Філялёга і Юлію, Нэрэя і сястру ягоную, і Алімпана, і ўсіх з імі святых. 16Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе Касцёлы Хрыста.

17Прашу вас, браты, сцеражыцеся тых, што сеюць падзелы і спакусы насуперак вучэнню, якому вы навучаныя. Ухіляйцеся ад іх. 18Бо такія служаць не Пану нашаму Хрысту, а свайму чэраву, і мілай гаворкай ды красамоўствам зводзяць сэрцы прастадушных.

19Вашая паслухмянасць вядома ўсім, таму радуюся за вас. Хачу, каб вы былі мудрыя ў добрым і незаплямленыя злом. 20А Бог спакою неўзабаве скрышыць сатану пад нагамі вашымі.

Ласка Пана нашага Езуса Хрыста [няхай будзе] з вамі.

21Вітае вас Цімафей, супрацоўнік мой, ды Луцый, Язон і Сасіпатар, сваякі мае. 22Вітаю вас у Пану і я, Тэрцый, які напісаў гэтае пасланне. 23Вітае вас Гай, які прымае мяне, і ўвесь Касцёл. Вітае вас Эраст, гарадскі скарбнік, і брат Кварт. (24)

25Таму, хто можа ўмацаваць вас паводле дабравесця майго і прапаведавання Езуса Хрыста, паводле аб’яўлення таямніцы, якую замоўчвалі вякамі, 26але якая выявілася цяпер праз прароцкія пісанні паводле наказу адвечнага Бога, якая абвешчана ўсім народам дзеля паслухмянасці веры, 27адзінаму мудраму Богу, праз Езуса Хрыста, хвала навекі. Амэн.



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Epistula-ad-Romanos.pdf
Крыніца: catholic.by