Пасланне святога Юды

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-25)


1 (1-25)

1Юда, слуга Езуса Хрыста, брат Якуба, — пакліканым, якіх умілаваў Бог Айцец і захаваў Езус Хрыстус. 2Няхай памножацца ў вас ласка, спакой і любоў.

3Умілаваныя, з усёй руплівасцю пішу вам пра нашае супольнае збаўленне. Я палічыў неабходным заахвоціць вас змагацца за веру, раз перададзеную святым. 4Бо закраліся між вас нейкія людзі, здаўна прызначаныя на гэтае асуджэнне, бязбожнікі, якія ласку Бога нашага замянілі на разбэшчанасць і выракаюцца адзінага Валадара і нашага Пана, Езуса Хрыста.

5Хачу нагадаць вам, хоць вы ўсё ведаеце, што Пан вывеў народ з зямлі егіпецкай, а тых, хто не паверыў, знішчыў. 6Анёлаў, якія не захавалі сваёй годнасці і пакінулі сваё жыллё, трымае ў вечных путах у цемры аж да вялікага суднага дня. 7Як Садома і Гамора, і навакольныя гарады, што таксама жылі ў распусце і пажадлівасці іншага цела, сталіся прыкладам пакарання вечным агнём.

8Тое ж будзе і з гэтымі мройнікамі, якія апаганьваюць цела, адкідаюць Божую ўладу, зневажаюць нябесныя істоты. 9Нават арханёл Міхал, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся за цела Майсея, не адважыўся вынесці прысуд знявагі, але сказаў: «Няхай Пан цябе пакарае!» 10А гэтыя зневажаюць тое, чаго не ведаюць, а што, як неразумныя жывёлы, па прыродзе ведаюць, тым сябе знішчаюць. 11Гора ім, бо пайшлі шляхам Каіна. Дзеля ўзнагароды Балаама ўчынілі ашуканства і загінулі як узбунтаваны Карэй. На вашых гасцінах любові яны — ганьба, банкетуюць з вамі без страху, дагаджаючы сабе! 12Гэта аблокі бязводныя, што вецер ганяе, гэта восеньскія дрэвы, бясплодныя, цалкам засохлыя і выкаранёныя, 13гэта дзікія хвалі марскія, што пеняцца сваім сорамам, зоры блукаючыя, для якіх змрок цемры навекі наканаваны.

14Прарочыў пра іх Энох, сёмы пасля Адама, кажучы: «Вось прыйшоў Пан з мірыядамі святых, 15каб учыніць суд над усімі і дакарыць кожнага за ўсе ўчынкі бязбожнасці і за ўсе жорсткія словы, сказаныя супраць Яго бязбожнымі грэшнікамі». 16Яны заўсёды наракаюць, скардзяцца на лёс, паступаюць паводле сваёй пажадівасці, а вусны іхнія гавораць пыхліва і ліслівяць іншым дзеля сваёй карысці.

17Вы ж, умілаваныя, памятайце словы, сказаныя раней апосталамі нашага Пана Езуса Хрыста, 18які кажа вам, што ў апошнія часы з’явяцца насмешнікі, якія будуць паступаць паводле сваіх бязбожных жаданняў. 19Гэта тыя, хто сее падзелы, кіруецца інстынктамі і не мае Духа.

20Але вы, умілаваныя, умацоўвайце сябе на падмурку найсвяцейшай веры вашай і маліцеся ў Духу Святым. 21Захоўвайце сябе ў любові Божай і чакайце міласэрнасці нашага Пана Езуса Хрыста дзеля жыцця вечнага. 22Да адных, што сумняваюцца, будзьце міласэрныя; 23другіх ратуйце, выхопліваючы з агню; яшчэ іншым спачувайце асцярожна, ненавідзячы нават вопратку, апаганеную целам.

24А таму, хто можа зберагчы вас ад падзення і паставіць перад абліччам славы сваёй беззаганнымі і радаснымі, 25Богу адзінаму, Збаўцы нашаму, праз Езуса Хрыста, нашага Пана — слава, веліч, панаванне і ўлада перад усімі вякамі, цяпер і на ўсе вякі вечныя. Амэн.




Крыніца: catholic.by
Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Беларуская Палічка: http://knihi.com