Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле

Пераклад: Міхася М. Міцкевіча. Рэдагаваньне, склад і друк – Міколы Прускага

Разьдзел 1
Разьдзел 2
Разьдзел 3
Разьдзел 4
Разьдзел 5
Разьдзел 6
Разьдзел 7
Разьдзел 8
Разьдзел 9
Разьдзел 10
Разьдзел 11
Разьдзел 12
Разьдзел 13
Разьдзел 14
Разьдзел 15
Разьдзел 16
Разьдзел 17
Разьдзел 18
Разьдзел 19
Разьдзел 20
Разьдзел 21
Разьдзел 22
Разьдзел 23
Разьдзел 24
Разьдзел 25
Разьдзел 26
Разьдзел 27
Разьдзел 28


Разьдзел 1

1 Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давідава, Сына Абрагамава. 2 Абрагам парадзіў Ісаака; Ісаак парадзіў Якуба. Якуб-жа спарадзіў Юду й братоў яго. 3 Юда парадзіў Фарэса й Зара ад Фамары; Фарэс парадзіў Эсрома, Эсром-жа парадзіў Арама; 4 Арам парадзіў Амінадава, Амінадаў парадзіў Наасона; Наасон-жа парадзіў Салмона; 5 Салмон парадзіў Ваоза ад Рахавы, Ваоз парадзіў Авіда ад Руфы; 6 Авід-жа парадзіў Есэя, Есэй парадзіў Давіда караля, Давід кароль парадзіў Саламона ад былой Урыевай; 7 Саламон парадзіў Раваама, Раваам парадзіў Авію, Авія-жа парадзіў Асу; 8 Аса парадзіў Ёсафата, Ёсафат парадзіў Ёрама, Ёрам-жа парадзіў Озію. 9 Озія парадзіў Ёфама, Ёфам парадзіў Ахаза, Ахаз-жа парадзіў Езэкію. 10 Езэкія парадзіў Манасію, Манасія парадзіў Амона, Амон-жа парадзіў Ёсію. 11 Ёсія парадзіў Якіма, Якім парадзіў Ехонію й братоў яго, перад перасяленьнем у Вавілон. 12 Па перасяленьні ў Вавілон, Ехонія парадзіў Салафііля, Салафііль-жа парадзіў Зарававеля. 13 Зарававель парадзіў Авіуда, Авіуд парадзіў Эліакіма, Эліакім-жа парадзіў Азора. 14 Азор парадзіў Садока, Садок парадзіў Ахіма, Ахім-жа парадзіў Эліуда. 15 Эліуд парадзіў Эліазара, Эліазар парадзіў Матфана, Матфан-жа парадзіў Якуба. 16 Якуб парадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад яе-ж Ісус, названы Хрыстос. 17 Усіх жа родаў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць, і ад Давіда да перасяленьня ў Вавілон чатырнаццаць, і ад перасяленьня ў Вавілон да Хрыста чатырнаццаць родаў. 18 Нараджэньне Ісуса Хрыста сталася гэтак. Калі Марыя, Маці Ягоная, была заручана зь Язэпам, яшчэ перад шлюбам выявілася, што Яна ўжо мае ў сабе зароджанае ад Духа Сьвятога. 19 Язэп-жа, муж Яе, чалавек праведны, не хацеў зьнеслаўляць Яе, але хацеў тайком адпусьціць Яе. 20 Але, калі толькі ён так падумаў, вось Ангел Гасподні зьявіўся яму ў сьне і сказаў: “Язэпе, Сыне Давідаў, ня бойся прыняць Марыю, жану тваю, бо зараджэньне ў Ёй сталася ад Духа Сьвятога. 21 Народзіць-жа Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён выбавіць людзей сваіх ад грахоў іхных. 22 А сталася-ж усё гэта, каб збылося сказанае ад Госпада праз прарока, які кажа: 23 – “ Вось Дзева прыйме ў улоньне й народзіць Сына, і наракуць Яму імя Эмануіл, гэта азначае – з намі Бог.” – 24 Устаўшы ад сну, Язэп учыніў так, як загадаў яму Ангел, і прыняў жану сваю. 25 І ня сужыў з Ёю, ажно нарадзіла Сына свайго першароднага, і ён да Яму імя Ісус.

 

Разьдзел 2

1Калі Ісус нарадзіўся ў Бэтлеэме Юдэйскім у днёх караля Ірада, вось прыйшлі мудрацы з усходу ў Ерусалім і кажуць: 2 – Дзе народжаны кароль Юдэйскі? Бо мы бачылі зару Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму. 3 Пачуўшы гэтае, кароль Ірад занепакоіўся, а зь ім і ўвесь Ерусалім. 4 І склікаўшы вышэйшае сьвятарства й кніжнікаў народных, выпытваў у іх, дзе прызначана нарадзіцца Хрысту. 5 Яны-ж сказалі яму: - У Бэтлеэме Юдэйскім, бо гэтак напісана ў прарока: 6 “І ты, Бэтлеэме, зямля Юдава, нічым ня меншы ў ваяводзтвах Юдавых, бо з цябе выйдзе Правадыр, які будзе кіраваць народам маім Ізраельскім”. 7 Тады Ірад, тайком паклікаўшы мудрацоў, выведаў ў іх час з’яўленьня зары. 8 І, паслаўшы іх у Бэтлеэм, сказаў: “Пайдзеце і дакладна даведайцеся пра Дзіцятка, і калі знойдзеце, паведамеце мне, каб і я мог пайсьці пакланіцца Яму”. 9 Яны-ж, выслухаўшы караля, адыйшлі; і вось зара, якую бачылі яны на Ўсходзе, ішла прад імі, аж пакуль, дайшоўшы, спынілася над месцам, дзе было Дзіцятка. 10 Угледзеўшы-ж зорку яны ўзрадаваліся вельмі радасьцю вялікаю. 11 І, увайшоўшы ў будыніну, убачылі Дзіцятка з Марыяй, Маці Ягонаю, і паўшы ніц, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы свае, прынясьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну. 12 Атрымаўшы-ж у сьне перасьцярогу не варачацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў краіну сваю. 13 Калі-ж яны адыйшлі, вось Ангел Гасподні зьяўляецца ў сьне Язэпу й кажа: “Устань, вазьмі Дзіцятка й Маці Ягоную й бяжы ў Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго”. 14 Ён устаў, узяў Дзіцятка і Маці Ягоную і ўначы пайшоў у Егіпет. 15 І быў там да сьмерці Ірада, каб збылося сказанае ад Госпада праз прарока, які гаворыць: - “Зь Егіпту паклікаў Я Сына Майго”. 16 Тады Ірад, зазнаўшы зьнявагі ад мудрацоў, разьярыўся гневам і паслаў выбіць у Бэтлеэме і ў ваколіцах яго ўсіх дзяцей ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, выведанага ад мудрацоў. 17 Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які гаворыць: 18 - “Голас у Раме чуцён, плач, галашэньне й лямант вялікі: Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца, бо няма ўжо іх”. 19 Калі-ж Ірад памёр, вось Ангел Гасподні ў сьне зьяўляецца Язэпу й кажа: 20 – “Устань, вазьмі Дзіцятка й Маці Ягоную ды ідзі ў зямлю Ізраілеву, бо зьмерлі тыя, якія шукалі душы Дзіцяці”. 21 І ён, устаўшы, узяў Дзіцятка й Маці Яго ды прыйшоў у зямлю Ізраілеву. 22 А, дачуўшыся, што ў Юдэі ўладарыць Архелай на месцы бацькі свайго Ірада, пабаяўся туды йсьці; атрымаўшы-ж вестку ў сьне, пайшоў у краіну Галілейскую. 23 І, прыйшоўшы, пасяліўся ў месьце, званым Назарэт, каб споўнілася сказанае праз прарокаў, што: “Ён Назарэем назавецца”.

 

Разьдзел 3

1 У тыя-ж дні прыйшоў Ян Хрысціцель, навучаючы ў пустыні Юдэйскай. 2 І прамаўляў: “Пакайцеся, бо наблізілася Ўладарства Нябеснае”. 3 Гэта ёсьць Той, пра Каго вяшчаў прарок Ісая, кажучы: “Голас яго поклічу ў пустыні: прыгатуйце шлях Госпаду, прастуйце сьцежкі Яго”. 4 Сам-жа Ян меў адзеньне з воласу вярблюжага, і скураны пояс на паясьніцы сваёй; яда-ж яго была саранча й дзікі мёд. 5 Тады выходзілі да яго – Ерусалім, і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярданскія; 6 І прыймалі хрышчэньне ад яго ў Ярдане, выспаведваючы грахі свае. 7 Калі ж ён убачыў многа фарысеяў і садукеяў, якія йшлі да яго хрысціцца, сказаў ім: “Параджэньне зьмяінае! Хто ўгаварыў вас уцякаць ад будучага гневу? 8 Учынеце-ж плён, дастойны пакаяньня. 9 І ня важцеся гаварыць самі сабе: маем айца Абрагама; бо кажу вам: Бог можа з каменьняў гэтых узьняць дзяцей Абрагаму. 10 Ужо й сякера пры карэньні дрэва паложана; усякае дрэва, якое не дае добрага плёну, сьсякаюць і ў агонь кідаюць. 11 Я хрышчу вас вадою ў пакаяньне, але йдзе па мне мацнейшы за мяне; Яму я недастойны несьці абутак Ягоны; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём. 12 Веялка Яго ў руцэ Ягонай; і Ён ачысьціць гумно сваё й зьбярэ пшаніцу сваю ў сьвіран, а мякіну спаліць агнём незгасальным”. 13 Тады прыйходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна, хрысьціцца ад яго. 14 Ян-жа ўстрымліваў Яго, кажучы: “Мне-б трэба хрысьціцца ў Цябе, а не Табе прыйходзіць да мяне”. 15 Але Ісус прамовіў яму ў адказ: “Дапусьці цяпер, так бо належыць нам выканаць усякую праўду”. Тады Ян дапускае Яго. 16 І, ахрысьціўшыся, Ісус зараз-жа выйшаў з вады, і вось расчыніліся Яму нябёсы. І ўбачыў Духа Божага, які зыходзіў у выглядзе голуба й спускаўся на Яго. 17 І вось голас зь неба прамовіў: “Гэта Сын Мой умілаваны, Якому Я спрыяю”.

 

Разьдзел 4

1 Тады Ісус ведзены быў Духам у пустыню дзеля спакусы ад д’ябла. 2 І, прапасьціўшы сорак дзён і сорак ночаў, нарэшце, пачуўся галодным. 3 І прыступіў да Яго спакусьнік і сказаў: “Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні сталіся хлябамі”. 4 Ён-жа ў адказ сказаў: “Напісана ёсць: ня хлебам адзіным жыў будзе чалавек, але ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых”. 5 Потым бярэ яго д’ябал у сьвятое места й ставіць Яго на версе сьвятыні. 6 І кажа Яму: “Калі ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: ангелам Сваім накажа аб Табе ахаваць Цябе; і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнулася аб камень нага Твая”. 7 Ісус-жа сказаў яму: “напісана таксама – не спакушай Госпада Бога Твайго”. 8 І ізноў бярэ яго д’ябал на вельмі высокую гару й паказвае Яму ўсе гаспадарствы сьвету й славу іхную. 9 І кажа Яму: “Усё гэта дам Табе, калі, паўшы, паклонішся мне”. 10 Тады сказаў яму Ісус: “Адыйдзі ад Мяне, шатане, бо напісана – Госпаду Богу пакланяйся, і Яму Адзінаму служы”. 11 Тады пакінуў Яго д’ябал, і вось Ангелы, прыступіўшы, служылі Яму.

12 Калі Ісус дачуўся, што Ян зьняволены, адыйшоў у Галілею. 13 І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме, на ўзмор’і ў межах Завулонавых і Нэўфалімавых. 14 Каб збылося сказанае праз прарока Ісайю, які гаварыў: 15 “Зямля Завулонава й зямля Нэўфалімава, па дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская. 16 Народ, у цемры бытуючы, убачыў сьвятло вялікае, і тым, якія аселі ў краіне ценю сьмерці, зазьзяла сьвятло”. 17 З таго часу Ісус пачаў навучаць і гаварыць: “Пакайцеся, бо наблізілася Ўладарства Нябеснае”. 18 Калі-ж прайходзіў каля мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў: Сымона, званага Пятром, і Андрэя, брата яго; яны зацягвалі сеткі ў мора, бо былі рыбакамі. 19 І кажа ім: “Ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў”. 21 І, адыйшоўшы адтуль, убачыў іншых двух братоў: Якуба Заведэева й Яна, брата яго, у чаўне з бацькам іхным Заведэем, папраўляючымі сеткі свае, і паклікаў іх. 22 Яны зараз-жа, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім. 23 І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхных і абвяшчаючы Евангельле Ўладарства, і збаўляючы людзей ад усякіх нядугаў, і ад усякіх хваробаў.

24 І разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй Сырыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужных з рознымі хворасьцямі, і церпячых ад усякіх прыпадкаў, і апанаваных злыдухам, і лунатыкаў, і спараліжаваных, і Ён аздараўляў іх. 25 І за Ім ішло мноства народу з Галілеі, і зь Дзесяціградзьдзя, і зь Ерусаліму, і зь Юдэі, і з-за Ярдану.

 

Разьдзел 5

1 Убачыўшы грамады народу, Ён узыйшоў на гару, і калі сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя. 2 І, расчыніўшы вусны Свае, навучаў іх, прамаўляючы: 3 “Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Уладарства Нябеснае. 4 Шчасьлівыя плачучыя, бо яны ўсьцешацца. 5 Шчасьлівыя лагодныя, бо яны ўнасьледуюць землю. 6 Шчасьлівыя спрагненыя і смаглыя праўды, бо яны задаволяцца. 7 Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны памілаваны будуць. 8 Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. 9 Шчасьлівыя міратворцы, бо яны Сынамі Божымі названыя будуць. 10 Шчасьлівыя прасьледаваныя за праўду, бо іх ёсьць Уладарства Нябеснае. 11 Шчасьлівыя – калі будзеце зганеныя, выгнаныя й злосна абвінавачаныя з-за Мяне. 12 Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода вашая вялікая ў нябёсах; *) гэтак-жа прасьледавалі й прарокаў, якія былі перад вамі. 13 Вы – соль зямлі; калі ж соль страціць солкасьць, чым пасаліць яе? Нічога ня будзе вартая – толькі высыпаць вон на затаптаньне людзьмі.

14 Вы – сьвятло сьвету. Ня можа быць схаванае места, калі стаіць на гары. 15 І ня ставяць запаленага сьвяцільніка пад пасудзіну, але на падстаўцы, каб сьвяціла ўсім, хто ў доме. 16 Няхай-жа гэтак сьвеціць сьвятло ваша прад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага Нябеснага. 17 Ня думайце, што прыйшоў Я зьвяргаць закон і прарокаў; ня зьвергнуць прыйшоў Я, але выканаць. 18 Бо запраўды кажу вам: дакуль не праміне неба й зямля, ніводная ёта, ніводна рыса ня здымецца з закону, пакуль ня споўніцца ўсё. 19 Дык хто-б парушыў адзін з гэтых найменшых запаветаў і гэтак навучаў людзей, той найменшым названы будзе у Валадарстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім названы будзе у Валадарстве Нябесным. 20 Бо кажу вам: калі праведнасьць ваша не ўзьнімецца над кніжнікамі й фарысеямі, ня ўвойдзіце ў Валадарства Нябеснае. 21 Вы чулі, што гаворана было даўней: Не забівай, а хто заб’е, падлягае суду. 22 Я-ж кажу вам: Кожны, хто дарэмна злуецца на брата свайго, падлягае суду; а хто скажа брату свайму “дурань”, падлягае суду вышэйшаму; хто-ж скажа “вар’ят”, падлягае гэене агнявой. 23 Вось-жа, калі ты прынясеш дар свой да ахвярніка й там прыпомніш, што брат твой нешта мае супраць цябе, 24 – Пакінь там дар твой прад ахвярнікам і пайдзі пагадзіся перш з братам тваім, і тады, прыйшоўшы, ахвяруеш дар твой. 25 Хутчэй пагаджайся з праціўнікам сваім, пакуль ты зь ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў-бы цябе слузе, і ня ўкінулі-б цябе ў цямніцу. 26 Запраўды, кажу табе, ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга граша. 27 Вы чулі, што гаворана было даўней – не блудадзейнічай. 28 Я-ж кажу вам: кожны, хто глядзіць на жанчыну з жаданьнем яе, ужо блудадзейнічае з ею ў сэрцы сваім. 29 Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепш табе страціць адзін орган цела твайго, чым усё цела тваё будзе ўкінута ў агонь пякельны. 30 І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе: лепш табе страціць адзін сустаў цела твайго, чым усё цела тваё будзе ўкінутае ў пекла. 31 Таксама было сказана: Калі хто разводзіцца з жонкаю сваю, апрача віны блудедзеяньня, той даводзіць яе да блудадзеяньня; і хто з разводкаю жэніцца, той блудадзейнічае. 33 Яшчэ чулі вы, што было сказана даўней, не прысягай фальшыва, але выпаўняй прад Богам прысягі твае. 34 А Я кажу вам: Не прысягайце ніяк: ані на небе, бо яно пасад Божы; 35 Ані на зямлю, бо яна падножжа ног Ягоных; ані на Ерусалім, бо ён – горад вялікага караля. 36 І на галаву тваю не прысягай, бо ня можаш ніводнага воласу зрабіць белым або чорным. 37 Але няхай будзе слова вашае: так, так – не, не; а што больш – тое ад злога. 38 Вы чулі, што было сказана: вока за вока, зуб за зуб. 39 Я-ж кажу вам: Не супраціўляйцеся злому, але калі хто ўдарыць у правую шчаку тваю, павярні да яго й другую. 40 А калі хто хоча судзіцца з табой за вопратку тваю, аддай яму й сарочку. 41 І калі хто змушае цябе ісьці зь ім адзін прагон, ідзі зь ім два. 42 Хто просіць у цябе – дай; і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся. 43 Вы чулі, што сказана: Любі бліжняга твайго й ненавідзь ворага твайго. 44 Я-ж кажу вам: Любіце ворагаў вашых, ласкавы будзьце да тых, хто кляне вас, дабро тварэце ненавідзячым вас і малецеся за крыўдзячых вас; 45 Каб сталіся вы сынамі Айца вашага Нябеснага, бо Ён воліць сонцу свайму ўсходзіць і над добрымі й над благімі, і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. 46 Бо, калі вы любіце тых, якія вас любяць, якую ўзнагароду маеце? Ці-ж ня тое робяць і мытнікі? 47 І, калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае творыце? Ці-ж ня гэтак робяць і пагане? 48 Дык будзьце-ж і вы дасканалымі, як Айцец ваш Нябесны дасканалы ёсць.

 

Разьдзел 6

1Высьцерагайцеся даваць ахвяры вашыя прад людзьмі, каб было гэта на вачох іх; бо гэтак ня будзеце мець узнагароды ад Айца вашага Нябеснага. 2 Калі-ж даеш ахвяру, не разгалошвай прад сабою, як гэта робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб хвалілі іх людзі. Запраўды кажу вам: яны ўжо атрымліваюць узнагароду сваю. 3 Ты-ж, калі прыносіш ахвяру, няхай левая твая рука ня ведае, што робіць правая. 4 Каб ахвяра твая была ў тайне, і Айцец твой, бачыўшы тайнае, узнагародзіць цябе наяве. 5 І калі молісься, ня будзь, як крывадушнікі, якія любяць у сынагогах і на скрыжаваньні вуліц, стоячы, маліцца, каб паказацца прад людзьмі. Запраўды кажу вам: яны ўжо дастаюць узнагароду сваю. 6 Ты-ж, калі молісься, увайдзі ў куток свой, і, зачыніўшыся, памаліся Айцу твайму, які ў тайне, і Айцец твой, бачачы тайнае, узнагародзіць цябе яўна. 7 А молячыся, не гавары лішняга, як пагане. Бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім выслуханы будуць. 8 Не прыпадабняйцеся да іх, бо ведае Айцец ваш вашыя патрэбы, перш, як вы папросіце ў Яго. 9 Вы-ж малецеся гэтак:

Ойча наш Нябесны! Сьвяціся імя Тваё; 10 Прыйдзі Ўладарства Тваё; і станься воля Твая, як у небе, так і на зямлі. 11 Хлеба надзённага сёньня нам дай. 12 І выбач нам нашыя віны, як і мы выбачаем правінным прад намі. 13 І не дапусьці нас да спакусы, але збаў нас ад златворнага. Тваё бо ёсць Уладарства, і сіла, і слава на векі. Амін.

14 Бо калі вы выбачаеце людзям правіны іхныя, выбачыць і вам Айцец ваш Нябесны. 15 Калі-ж ня выбачыце людзямі правінаў іхных, то і Айцец ваш Нябесны ня выбачыць вам правінаў вашых. 16 І калі посьціце, не станавецеся панурымі, як крывадушнікі, якія наводзяць сум на абліччы свае, каб паказацца людзям, што яны посьцяць; запраўды кажу вам: яны ўжо дастаюць узнагароду сваю. 17 А ты, калі посьціш, намасьці галаву тваю і абмый аблічча тваё; 18 Каб не прад людзьмі паказацца посьнікам, але перад Айцом тваім, Які ў таемнасьці ёсьць; і Айцец твой, бачачы ў таемнасьці, узнагародзіць цябе яўна. 19 Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе іржа й моль зьнішчаюць, і дзе зладзеі падкопваюцца й крадуць. 20 А зьбірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні іржа не зьядаюць, і дзе зладзеі не падкопваюцца й не крадуць. 21 Бо там, дзе скраб ваш, там будзе й сэрца вашае. 22 Сьветачам целу ёсьць вока. Калі вока тваё будзе чыстае, то ўсё цела тваё будзе сьветлае. 23 Калі-ж вока тваё благое будзе, то ўсё цела тваё зацьмянае будзе. От-жа, калі сьвятло, што ў табе – цемра, то якая-ж сама цемра? 24 Ніхто ня можа служыць двум гаспадаром: бо аднаго палюбіць, а другога зьненавідзіць, або аднаму стане спрыяць, а другога занядбае; ня можаце служыць Богу й мамоне. 25 Дзеля таго кажу вам: ня турбуйцеся пра жыцьцё вашае, што вам есьці і што піць, ні пра цела вашае, у што апрануцца; ці-ж душа не важнейшая за ежу, а цела за вопратку? 26 Паглядзеце на птушкі нябесныя: яны ня сеюць, ня жнуць, ані зьбіраюць у сьвірны, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці-ж вы ня лепшыя за іх? 27 Дый хто з вас турботаю сваёю можа дадаць да росту свайго хоць адзін локаць? 28 І пра адзеньне чаго турбуецеся? Гляньце на палявыя лілеі, як яны растуць: не працуюць, ані прадуць. 29 Але, кажу вам, што й Саламон пры ўсёй славе сваёй не ўбіраўся так, як кожная зь іх. 30 Калі-ж траву палявую, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе ўкінена ў печ, Бог так убірае, то ці-ж не балей таго вас, малаверы? 31 Дык не клапацецеся, разважаючы: што нас есьці й што піць, ці ў што апрануцца? 32 Бо ўсяго гэтага шукаюць і пагане; Айцец-жа ваш Нябесны ведае пра ўсе вашыя патрэбы. 33 Шукайце перш Уладарства Божага й Праўды Ягонае, а ўсё іншае прыложыцца вам. 34 Дык ня турбуйцеся пра заўтрашняе, бо заўтрашняе само пра сябе будзе турбавацца; досыць на кожны дзень клопату свайго.

 

Разьдзел 7

1 Ня судзеце, каб ня былі суджаны. 2 Бо якім судом судзіце, такім і вас будуць судзіць, і якою меркаю мераеце, такою адмераюць і вам. 3 І што ты ўглядаесься на шчэпку ў воку брата твайго, а палена ў сваім воку не адчуваеш? 4 Або, як скажаш брату свайму: Дай я выйму шчэпку з вока твайго, а вось у тваім воку палена. 5 Крывадушнік! Выкінь перш палена з вока твайго, а тады пабачыш, як дастаць шчэпку з вока брата твайго. 6 Не давайце сьвятога псом, і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб не патапталі іх нагамі ды, абярнуўшыся, не разарвалі вас. 7 Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце й знойдзеце, стукайце, і адчыняць вам. 8 Бо кожны, хто просіць, - атрымоўвае; і хто шукае, - знайходзіць, і хто стукае, таму адчыняюць. 9 Або ці ёсьць між вамі такі чалавек, у каго сын папрасіў-бы хлеба, а ён даў-бы яму камень? 10 А калі папрасіў-бы рыбы, даў-бы яму зьмяю? 11 Вось-жа, калі вы, самі благія, умееце абдорваць дабром дзяцей вашых, тым болей Айцец ваш Нябесны абдорыць дабром тых, хто просіць у Яго. 12 Гэтак да ўсяго: як вы хочаце, каб вам людзі рабілі, так і вы рабеце ім, бо ў гэтым закон і прарокі. 13 Увайходзьце праз вузкія вароты, бо шырокія впроты, і шырокі шлях вядуць да пагібелі, і шматлікія прайходзяць імі. 14 Таму цесныя вароты й вузкі шлях вядуць да жыцьця, і мала такіх, якія знайходзяць іх. 15 Сьцеражэцеся йлжывых прарокаў, якія падыйходзяць да вас у авечай вопратцы, нутро-ж у іх – ваўкоў драпежных. 16 Па пладох іхных пазнаеце іх. Ці-ж зьбіраюць зь цярніны вінаград, ці з асоту – фігі? 17 Гэтак усякае дрэва добрае дае й плады добрыя; благое ж дрэва дае благія плады. 18 Ня можа добрае дрэва выдаць плады добрыя. 19 Усякае дрэва, якое не выдае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь. 20 Дык па пладох іхных пазнаеце іх. 21 Ня ўсякі, хто кажа мне – Госпадзе, Госпадзе! – увойдзе ў Валадарства Нябеснае. 22 Многія скажуць Мне ў той дзень: Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя прарочылі мы? І ці не Тваім імем выганялі злыдняў? І це не Тваім імем шмат цудаў тварылі? 23 І тады скажу ім: Я ніколі ня ведаў вас, адступецеся ад Мяне, спраўцы беззаконьня. 24 Вось-жа, усякага, хто слухае словы Мае гэтыя і выпаўняе іх, прыпадобню да чалавека мудрага, які збудаваў дом свой на камені. 25 І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і ўсхадзіліся вятры, і наляглі на дом той, і ён не заваліўся, бо быў пастаўлены на камені. 26 Усякі-ж той, хто слухае словы Мае й не выпаўняе іх, падобны будзе да чалавека бесталковага, які пабудаваў дом свой на пяску. 27 І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і ўсхадзіліся вятры, і наваліліся на дом той, і ён заваліўся, і вялікая была руіна яго”. 28 І сталася, калі кончыў Ісус гэтыя словы, народ дзіваваўся ў навукі Ягонае. 29 Бо вучыў іх, як Той, хто ўладу мае, і ня так, як кніжнікі й фарысеі.

 

Разьдзел 8

1 Калі Ён зыйшоў з гары, усьлед за Ім ішло мноства народу. 2 І вось падыйшоў адзін, пракажоны і, кланяючыя Яму, прамовіў: “Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць”. 3 Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго й сказаў: “Хачу, будзь чыстым”. І ў той-жа час ён ачысьціўся ад праказы. 4 І сказаў яму Ісус: “Глядзі, нікому не кажы, але пайдзі пакажыся сьвятару, і прынясі ахвяру, як запавядаў у законе Майсей, у засьведчаньне ім”.

5 Калі-ж увайшоў Ісус у Капэрнаум, падыйшоў да Яго сотнік, просячы Яго; 6 І кажучы: “Госпадзе! Слуга мой ляжыць дома спараліжаваны й вельмі мучыцца”. 7 Ісус кажа яму: “Я прыйду й аздараўлю яго”. 8 Сотнік-жа ў адказ сказаў: “Госпадзе! Недастойны я таго, каб увайшоў Ты пад страху маю, але скажы толькі слова, і ачуняе слуга мой. 9 Бо я чалавек падначалены, і пад сабою маю падначаленых жаўнераў; і кажу аднаму – пайдзі, і ён ідзе; і другому – прыйдзі, і прыходзіць; і слузе майму – зрабі гэта, і ён робіць” 10 Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся й сказаў тым, якія йшлі за Ім: “Папраўдзе кажу вас: не знайшоў Я такое веры і ў Ізраілю. 11 І кажу вам, што многія прыйдуць з усходу й захаду й засядуць з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Ўладарстве Нябесным. 12 А сыны ўладарства ўкінены будуць у цемру бяздонную; там будзе плач і скрыгат зубоў”. 13 І сказаў Ісус сотніку: “Ідзі, і па веры тваёй няхай станецца табе”. І паздаравеў слуга яго ў тую гадзіну. 14 Прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус застаў цёшчу Пятровую ў ложку, хворую ў гарачцы. 15 І дакрануўся да рукі як, і гарачка пакінула яе; яна ўстала й паслугоўвала Яму. 16 Пазьней, увечары, прывялі да Яго многіх апанаваных злыдухам, і Ён выгнаў духаў словам і аздаравіў усіх хворых. 17 Каб збылося сказанае праз прарока Ісайю, які гаворыць: “Ён узяў на Сябе немачы нашыя, і панёс хваробы”. 18 Пабачыў-жа Ісус мноства народу вакол Сябе й воліў адплысьці на другі бок. 19 Адзін кніжнік, падыйшоўшы, сказаў Яму: “Настаўнік! Пайду за Табою, куды-б Ты ні йшоў”. 20 І сказаў яму Ісус: “Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя – гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае дзе прытуліць галаву”. 21 Іншы-ж, адзін з вучняў Ягоных, сказаў Яму: “Госпадзе! Дазволь мне перш пайсьці й пахаваць бацьку майго”. 22 Але Ісус сказаў яму: “Ідзі за Мною й пакінь мёртвым хаваць сваіх нябожчыкаў”. 23 І калі Ён увайшоў у човен, за Ім пайшлі вучні Ягоныя. 24 І вось усхадзілася вялікая навальніца на моры, аж хвалі пачалі заліваць човен; Ён-жа спаў. 25 І, падыйшоўшы, вучні Ягоныя пабудзілі Яго, кажучы: “Госпадзе, ратуй нас, гінем!” 26 І кажа ім: “Чаго такія баязьліўцы, малаверы?” Тады ўстаў, забараніў вятром і мору, і зрабілася вялікая ціша. 27 А людзі дзівіліся й гаварылі: “Кім Ён ёсьць, калі ветры й мора паслушныя Яму?” 28 І калі Ён прыбыў на другі бераг, у краіну Гергесінскую, насустрач Яму выйшлі з магілаў двое апанаванных злыдухам, такія лютыя, што ніхто не адважваўся хадзіць той дарогай. 29 І вось яны закрычалі, кажучы: “Што Табе да нас, Ісусе, Сыне Божы? Прыйшоў Ты сюды перадчасна мучыць нас”. 30 Воддаль-жа ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней. 31 І злыдухі прасілі Яго, кажучы: “Калі выганіш нас, дык пашлі нас у чараду сьвіньней”. 32 І сказаў ім: “Ідзеце”. Яны, выйшаўшы, увайшлі ў сьвіньні; і вось, увесь гурт сьвіньней рынуўся з крутога берагу ў мора, і затануў у вадзе. 33 Пастухі-ж зьбеглі, і, прыйшоўшы ў места, расказалі пра ўсё, і пра тых, апанаваных злыдухамі. 34 І вось усё места выйшла насустрач Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб адыйшоў за межы іхныя.

 

Разьдзел 9

1 І ўвайшоўшы ў човен, Ён пераплыў назад і прыйшоў у места Сваё.

2 І вось прынясьлі да Яго спараліжаванага, паложанага на пасьцелі; Ісус, бачачы веру іх, сказаў спараліжаванаму: “Бадзёрся, сыне! Выбачаюцца табе грахі твае”. 3 Некаторыя-ж кніжнікі падумалі самі ў сабе: Ён блюзьнерыць. 4 Ісус-жа, ведаючы помыслы іхныя, сказаў: “Навошта трымаеце злыя думкі ў сэрцах вашых? 5 Бо што лягчэй сказаць: адпускаюцца табе грахі твае, ці устань ды хадзі. 6 Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, - сказаў спараліжаванаму: “Устань, вазьмі пасьцель тваю ды йдзі ў дом твой”. 7 І той устаў, узяў пасьцель сваю й пайшоў у дом свой. 8 Народ-жа, бачыўшы гэтае, дзівіўся й славіў Бога, даўшага такую сілу людзям.

9 Пераходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека, званага Мацьвей, які сядзеў на месцы збору мытнага, і кажа яму: “Ідзі за Мною”. І ён устаў, і пайшоў сьледам за Ім. 10 І калі Ісус сядзеў за сталом у доме, вось многія мытнікі й грэшнікі прыйшлі й селі за стол зь Ім і вучнямі Яго. 11 І, бачыўшы гэта, фарысеі сказалі вучням Яго: “Чаму Настаўнік ваш есьць і п’е з мытнікамі й грэшнікамі?” 12 Ісус-жа, пачуўшы, сказаў ім: “Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя. 13 Пайдзеце-ж навучэцеся, што значыць – міласьці хачу, а не ахвяры; ня прыйшоў бо Я прызываць праведнікаў, але грэшнікаў на пакаяньне”. 14 Тады прыступілі да Яго вучні Янавы, і кажуць: “Чаму мы й фарысеі часта посьцім, а Твае вучні ня посьцяць? 15 І сказаў ім Ісус: “Ці-ж могуць сумаваць сыны бяседы шлюбнае, пакуль зь імі жаніх? Але настануць дні, калі адыймецца ад іх жаніх, і тады будуць пасьціць. 16 Ніхто-ж не прышывае латкі з тканіны суравое да старое адзежыны, бо новапрышытае аддзярэцца, і дзіра будзе яшчэ большая. 17 Таксама не ўліваюць віна новага ў мяхі старыя, бо мяхі парвуцца, і віно выцячэ, і мяхі зьнішчацца; але новае віно ўліваецца ў мяхі новыя – і захоўваецца адно й другое”.

18 Калі Ён гаварыў да іх гэтае, вось начальнік адзін падыйшоў і, кланяючыся Яму, прамовіў: “Дачка мая цяпер умірае, але прыйдзі, узлажы на яе руку Тваю, і яна жывой будзе”. 19 І, ўстаўшы, пайшоў за ім Ісус і вучні Ягоныя. 20 І вось, жанчына, хворая на крывяцечу ўжо 12 гадоў, падыйшла ззаду й дакранулася да краю вопраткі Яго. 21 Бо яна думала сабе: як толькі дакрануся да вопраткі Яго – ачуняю. 22 Ісус-жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: “Мацуйся, дачка, вера твая выбавіла цябе”. І жанчына стала здаровай з тэй часіны. 23 І калі Ісус прыйшоў у дом начальніка і ўбачыў жалейнікаў і народ у вялікім хваляваньні, 24 Ён сказаў ім: “Адыйдзецеся, дзяўчына не памерла, але сьпіць”. І зьняважліва сьмяяліся над Ім. 25 Калі-ж народ адправілі, Ён увайшоў, узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала. 26 І разыйшлася чутка пра гэта па ўсёй краіне той. 27 Калі Ісус адыходзіў адтуль, за Ім ішлі два сьляпыя й голасна ўсклікалі, прамаўляючы: “Зьмілуйся над намі, Ісусе, Сыне Давідаў!” 28 Калі-ж Ён прыйшоў у дом, яны прыступіліся да Яго. І кажа ім Ісус: “Ці верыце, што Я магу гэта зрабіць вам?” Яны-ж кажуць Яму: “Так, Госпадзе”. 29 Тады Ён дакрануўся да вачэй іхных і сказаў: “Па веры вашай няхай станецца вам”. 30 І адчыніліся вочы іхныя; Ісус-жа цьвёрда прыгаварыў ім: Глядзеце, каб ніхто не даведаўся”. 31 А яны, выйшаўшы, разьнесьлі славу пра Яго па ўсёй краіне. 32 Калі-ж тыя выйходзілі, прывялі да Яго чалавека нямога, які меў злога духа. 33 І калі злы дух выгнаны быў, загаварыў нямы; і народ дзівіўся, кажучы: “Ніколі не бывала гэткага ў Ізраілю”. 34 А фарысеі гаварылі: “Ён выганяе злыдухаў сілаю князя шатанскага”. 35 І хадзіў Ісус па ўсіх местах і вёсках, навучаючы ў сынагогах іхных, абвяшчаючы Евангельле Ўладарства й ацаляючы людзей ад усякіх нядугаў й ўсякае немачы іх.

36 І гледзячы на вялікія зборышчы людзей, зжалішся над імі, бо былі яны разгубленыя й бязрадныя, як авечкі без пастуха. 37 Тады сказаў вучням Сваім: “Жніва вялікае, а працаўнікоў мала. 38 Дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў працаўнікоў на жніва сваё”.

 

Разьдзел 10

1 І прыклікаўшы дванаццацёх вучняў Сваіх, даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лекаваць усякі нядуг і ўсякую хворасьць. 2 А імёны-ж дванаццацёх апосталаў гэткія: першы Сымон, званы Пятром, і Андрэй, брат яго; Якуб Завядзеяў і Ян, брат яго; 3 Піліп і Баўтарамей, Хама й Мацьвей – мытнік, Якуб Алфеяў і Ляўвей, званы Фадзеем; 4 Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і прадаў Яго. 5 Іх дванаццацёх паслаў Ісус і запавядаў ім, кажучы: “У дарогу да паганаў не выбірайцеся, і ў месты Самаранскія не ўваходзьце. 6 Лепш ідзеце да загінуўшых авец дому Ізраілевага. 7 А праходзячы абвяшчайце, што наблізілася Ўладарства Нябеснае. 8 Хворых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, памершых уваскрашайце, злыдухаў выганяйце – дарма атрымалі, дарма давайце. 9 Не бярэце з сабою золата, ані срэбра, ані медзі ў паясы вашыя; 10 Ні торбы ў дарогу, ні вопраткі ў запас, ні абутку, ні палкі; годзен бо працаўнік пражываньня свайго. 11 І ў якое-б места ці аселішча ні прыйшлі вы, даведвайцеся, хто ў ім дастойны, там і аставайцеся, пакуль ня выйдзеце. 12 А ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: мір дому гэтаму. 13 І калі дом будзе дастойны, мір ваш зыйдзе на яго; калі-ж ня будзе дастойны, мір ваш да вас вернецца. 14 А калі хто ня прыме вас ці не паслухае словаў вашых, то, выйходзячы з дому ці места таго, атрасеце пыл з ног вашых. 15 Запраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чымся месту таму.

16 Вось я пасылаю вас, як авец сярод ваўкоў, будзьце-ж мудрыя, як зьмеі, і чыстыя, як галубы. 17 Сьцеражэцеся людзей, бо аддаваць будуць вас у судзілішчы, і ў сынагогах сваіх будуць біць вас. 18 І павядуць вас на начальнікаў і ўладароў з-за Мяне, у сьведчаньне прад імі й паганамі. 19 Калі-ж выдадуць вас, ня турбуйцеся, што й як гаварыць. 20 Бо ня вы будзеце прамоўцамі, але Дух Айца Вашага прамовіць праз вас. 21 Выдасьць-жа брат брата на сьмерць, і бацька дзіця сваё, і дзеці паўстануць на бацькоў і ўсьмерцяць іх. 22 І будзеце зьненавіджаны ўсімі за імя Маё, але, хто вытрымае да канца, той збавёны будзе.

23 Калі-ж будуць гнаць вас у адным месьце, бяжэце ў іншае места; запраўды, кажу вам: не абойдзеце яшчэ местаў Ізраілевых, як прыйдзе Сын Чалавечы. 24 Ня стаць вучню над настаўнікам сваім, ці слузе над гаспадаром сваім. 25 Досыць вучню дараўнацца да настаўніка свайго, а слузе – да гаспадара свайго; калі гаспадара дому вэльзевулам абазвалі, то ці-ж не балей таго хатніх ягоных? 26 Але ня бойцеся іх: нічога-ж няма сукрытага, каб ня выкрылася, ні патаемнага, каб ня стала ведамым. 27 Што кажу вам упоцемку, гаварэце пры сьвятле; і што на вуха чуеце, абвяшчайце ўголас. 28 І ня бойцеся тых, якія забіваюць цела, а душы ня могуць забіць, але горш бойцеся таго, хто можа душу й цела загубіць у пекле. 29 Ці-ж не прадаюць дзьве малыя птушачкі за медзяка? І ніводная зь іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага. 30 У вас-жа й валасы на галаве палічаны. 31 Дык ня бойцеся – вы вартасьнейшыя за шмат птушынаў. 32 Вось жа, кожнага, хто прызнае Мяне прад людзьмі, прызнаю й Я яго прад Айцом Маім Нябесным. 33 А хто адрачэцца ад Мяне прад людзьмі, адракуся й Я яго прад Айцом Маім Нябесным. 34 Ня думайце, што Я прыйшоў прынясьці супакой на зямлю; не супакой прынясьці прыйшоў Я, але меч. 35 Бо прыйшоў Я разлучыць чалавека з бацькам яго, і дачку з маткаю як, і нявестку зь сьвякроўю яе. 36 І ворагі чалавеку – хатнія яго. 37 Хто любіць бацьку ці маці больш як Мяне, недастойны Мяне, і хто любіць сына ці дачку больш як Мяне – недастойны Мяне. 38 І хто не бярэ крыжа свайго й ня йдзе ўсьлед за Мною – недастойны Мяне.

39 Хто зьберажэ душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, зьберажэ яе. 40 Хто прыймае вас, Мяне прыймае, а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне. 41 Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастае ўзнагароду прарочую; і хто прыймае праведніка ў імя праведніка, узнагароду праведніка дастае. 42 І хто напоіць аднаго з гэтых малых толькі чарай сьцюдзёнай вады ў імя вучня – праўдзіва кажу вам, ня страціць ўзнагароды свае”.

 

Разьдзел 11

1 І сталася: калі скончыў Ісус навучаць дванаццацёх вучняў Сваіх, пайшоў адтуль навучаць і абвяшчаць у местах іхных. 2 Ян, дачуўшыся ў вязьніцы пра дзеяньні Ісуса, паслаў двух вучняў сваіх; 3 Каб сказаць: ці Ты Той, Хто павінен прыйсьці, ці чакаць нам іншага? 4 І Ісус сказаў ім: “Пайдзеце, скажэце Яну, што вы чуеце й бачыце. 5 Сьляпыя празраюць, і кульгавыя ходзяць; пракажоныя ачышчаюцца, і глухія чуюць, памершыя ўваскрасаюць і ўбогія дабравесьцяць. 6 І шчасьлівы той, хто ня будзе сумлявацца ўва Мне”. 7 Калі-ж яны пайшлі, Ісус пачаў гаварыць народу пра Яна: “Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, ветрам хіляную? 8 Дык што глядзець хадзілі вы? Ці чалавека ў мяккую вопратку апранутага? Але апранутыя ў мяккую вопратку ў палацах каралеўскіх знаходзяцца. 9 Каго-ж глядзець хадзілі вы? Прарока? Так, кажу вам, і больш, чым прарока. 10 Бо ён той, пра каго напісана: вось Я пасылаю ангела Майго прад абліччам Тваім, які прыгатуе шлях Твой прад Табою. 11 Папраўдзе кажу вам: з народжаных ад жанчын не паўставаў вялікшы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Уладарстве Нябесным, вялікшы за яго. 12 Ад дзён-жа Яна Хрысьціцеля й дагэтуль Уладарства Нябеснае сілаю цярпеньня здабываецца й моцныя ў наважанасьці асягаюць яго. 13 Бо ўсе прарокі й закон прарочылі да Яна. 14 І, калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, каму належыць прыйсьці. 15 Хто мае вушы слухаць, няхай чуе.

16 Да каго-ж прыпадобню род гэты? Падобен ён да дзяцей, якія пасеўшы на вуліцы, пераклікаюцца між сабою. 17 І гавораць: Мы ігралі вам на пішчалках, а вы не танцавалі; мы вам жалобна сьпявалі, а вы ня плакалі. 18 Вось прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е, і кажуць – ён злыдня мае. 19 Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е. І яны кажуць: Ён абжора й п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў. І апраўдана мудрасьць праз дзяцей яе”. 20 Тады пачаў Ісус дакараць местам, у якіх найбольш дзеялася цудаў Ягоных, за тое, што не пакаяліся. 21 “Гора табе, Харазін, гора табе, Віфсаіда! Бо, калі-б у Тыры й Сідоне дзеяліся цуды, якія зьдзеяліся ў вас, то даўно-б яны ў валасяніцы і ў попеле пакаяліся. 22 Але кажу вам: лягчэй будзе Тыру й Сідону ў дзень судны, чымся вам. 23 І ты, Капэрнаўме, да неба ўзьняўшыся, у пекла ўпадзеш; бо калі-б у Садоме былі цуды, якія ў табе створаныя, то ён стаяў-бы да сёнешняга дня. 24 Але, кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, чымся табе”. 25 У той час, гаворачы далей, Ісус прамовіў: “Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба й зямлі, што Ты ўкрыў гэта ад прамудрых і разумных да адкрыў тое дзецям. 27 Усё Мне перадаў Айцец Мой, і ніхто ня знае Сына, апрача Айца, і Айца ніхто ня знае, апрача Сына, і каму Сын адкрыць захоча. 28 Прыйдзеце да Мяне ўсе струджаныя й абцяжараныя, і Я супакою вас. 29 Вазьмеце ношу Маю на сябе й навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны й пакорнага сэрца, і знойдзеце супакой душам вашым. 30 Бо ноша Мая добрая, і цяжар Мой лёгкі”.

 

Разьдзел 12

1 У тым жа часе праходзіў Ісус паміж збожжам у сыботу, і вучні Ягоныя, згаладаўшыся, пачалі зрываць каласы й есьці. 2 Фарысеі-ж, угледзеўшы гэта, сказалі Яму: “Вось вучні Твае робяць, чаго не павінны рабіць у сыботу”. 3 Ён-жа сказаў ім: “Хіба-ж вы ня чыталі, што зрабіў Давід, згаладаны сам і тыя, хто быў зь ім? 4 Як ён, увайшоўшы ў дом Божы, еў хлябы прынясеньн, якіх не належала есьці ні яму, ні тым, хто зь ім быў, а толькі адным сьвятаром? 5 Альбо, ці ня чыталі вы ў законе, што ў сыботу сьвятары ў храме парушаюць сыботу, аднак-жа астаюцца нявіннымі? 6 Але, кажу вам, што тут ёсьць Той, хто большы за храм. 7 І калі-б вы ведалі, што значыць: міласьці прашу, а не ахвяры, то не асудзілі-б бязьвінных. 8 Бо Сын Чалавечы ёсьць гаспадаром і сыботы”. 9 І, адыйшоўшы адтуль, увайшоў у іхную сынагогу. 10 Быў-жа там чалавек сухарукі. І спыталіся ў Ісуса, стараючыся знайсьці віну на Ім, ці можна аздараўляць у сыботу? 11 Ён-жа сказаў ім: “Хто з вас, калі-б меў адну авечку, і яна ў сыботу ўвалілася-б у яму, ня ўзяў-бы й ня выцягнуў яе? 12 Ці-ж не шмат важнейшы чалавек за авечку? Дык дабро тварыць у сыботу можна”. 13 Тады сказаў сухарукаму: “Працягні руку тваю!” Той працягнуў, і стала яна здаровая, як і другая. 14 Фарысеі-ж, выйшаўшы, вялі змову супраць Яго, як-бы згубіць Яго, але Ісус, ведаючы гэта, адыйшоў адтуль. 15 І пайшло за Ім мноства народу, і Ён аздаравіў іх усіх. 16 Ды забараніў ім выяўляць Яго. 17 Каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які гаварыў: 18 “Вось Юнак Мой, Якога я выбраў, Улюбёны Мой, Яму-ж дабраволіць душа мая; палажу Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд. 19 Не запярэчыць і ня ўзьніме голасу Свайго, і ніхто не пачуе на вуліцы голасу Яго. 20 Трысьціны надламанай не пераломіць, і тлеючага лёну не загасіць, пакуль не давядзе суду да перамогі. 21 І на ймя Яго няхай спадзяюцца народы”. 22 Тады прывялі да Яго апанаванага злыдухам сьляпога й нямога, і аздаравіў яго: сьляпы й нямы стаў і бачыць і гаварыць. 23 І дзівіўся народ увесь, кажучы: “Ці ня ёсьць гэта Хрыстос, Сын Давідаў?” 24 Фарысеі-ж, пачуўшы гэта, сказалі: “Ён выганяе злыдухаў няйначай, як сілай Вэльзевула, князя шатанскага”. 25 Але Ісус, знаючы помыслы іхныя, сказаў ім: “Усякае гаспадарства, разьдзяліўшыся само ў сабе, разваліцца; і ўсякае места ці дом, разьдзяліўшыся сам у сабе, ня ўстоіць. 26 І калі шатан шатана выганяе, то ён разьдзяліўся сам з сабою. Як-жа можа ўтрымацца ўладарства яго? 27 І калі Я сілаю Вэльзевула выганяю злыдухаў, то чыёю сілаю выганяюць сыны вашыя? Дзеля таго яны будуць вам судзьдзямі. 28 А калі Я Духам Божым выганяю злыдухаў, то пэўна дайшло да вас Уладарства Божае. 29 Або, як можа хто-небудзь увайсьці ў дом дужага й абрабаваць дабро яго, калі перш ня зьвяжа дужага, і тады абрабуе дом яго. 30 Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто ня зьбірае са Мною, той растрачвае. 31 Дзеля таго кажу вам: усякі грэх і зьнявага адпусьцяцца чалавекам. 32 І калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, даруецца яму; і калі хто скажа супраць Духа Сьвятога не даруецца яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым. 33 Або прызнайце дрэва добрым, і плод яго добрым, або прызнайце дрэва дрэнным і плод яго дрэнным, бо па плодзе пазнаецца дрэва. 34 Параджэньне зьмяінае! Як вы можаце гаварыць добрае, калі самі нягодныя? Ад паўнаты бо сэрца прамаўляюць вусны. 35 Добры чалавек з добрае скарбніцы выносіць добрае, а дрэнны чалавек з дрэннае скарбніцы выносіць дрэннае. 36 Кажу вам, што за ўсякае пустаслоўе, якое скажуць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны. 37 Бо словамі сваімі ты апраўданы будзеш, і за словы свае асуджаны будзеш”.

38 Тады некаторыя з кніжнікаў і фарысеяў пытаючыся, сказалі “Настаўніку! Хацелася-б нам знаменьне ад Цябе пабачыць”. 39 Але Ён у адказ сказаў ім: “Род златворны й чужаложны знаменьня шукае, але знаменьне яму ня будзе дадзена, апрача знаменьня Іоны – прарока. 40 Бо, як Іона быў у чэраве кіта тры дні й тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні й тры ночы. 41 Мужы Ніневійскія паўстануць на суд з родам гэтым, і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навучэньня Іонінага; і вось тут большае за Іонінае. 42 Каралева паўднёвая паўстане на суд з родам гэтым і засудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямонавае; і вось тут большае за Салямона. 43 Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, сноўдаецца па сухазем’і, шукаючы супакою, і не знаходзіць. 44 Тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў; і прыйшоўшы, знаходзіць яго парожным, падмеценым і прыбраным. 45 Тады йдзе й бярэ з сабою сем іншых духаў, больш лютых за сябе, і яны ўвайходзяць і жывуць там; і становіцца чалавеку таму апошняе горшым за першае; так будзе й роду гэтаму златворнаму”. 46 Калі-ж Ён яшчэ гаварыў да народу, Маці Яго й браты Яго стаялі на двары, чакаючы, каб пагаварыць зь Ім. 47 І нехта сказаў Яму: “Вось Маці Твая й браты Твае стаяць вонках, хочуць гаварыць з Табою”. 48 Ён-жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму сказаў: “Хто маці Мая? Хто браты Мае?” 49 І, паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: “Вось Маці Мая, і браты Мае; 50 Бо хто будзе выпаўняць волю Айца Майго, той брат Мой, і сястра, і маці”.

 

Разьдзел 13

1 У той дзень Ісус, выйшаўшы з дому, сядзеў пры моры. 2 І зыйшлося да Яго мноства народу; тады Ён увайшоў у човен й сеў, а ўся грамада народу стаяла на беразе. 3 І доўга гаварыў ім прыпавесьцямі, кажучы: 4 Вось выйшаў сейбіт сеяць; і калі ён сеяў, некаторае зерне ўпала пры дарозе, і прыляцелі птушкі, і паклявалі яго. 5 Іншае ўпала на грунт камяністы, дзе было мала зямлі, і незабавам узыйшло, бо зямля была няглыбокая. 6 Калі-ж засьвяціла сонца, завяла, і ня меўшы караня, засохла. 7 Іншае ўпала ў цярніну, і разросшыся цярніна, заглушыла яго. 8 Каторае-ж упала ў грунт добры, прынясло плён: адно ў стакроць, іншае ў шэсьцьдзесят, іншае ў трыццаць. 9 Хто мае вушы слухаць, няхай чуе”. 10 І падыйшлі да Яго вучні, кажучы: “Чаму гаворыш да іх прыпавесьцямі?” 11 Ён-жа ў адказ сказаў ім: “Таму, што вам дадзена разумець тайны Ўладарства Нябеснага, ім-жа ня дадзена. 12 Бо хто мае, таму дадасца й прыспорыцца, а хто ня мае, у таго адыймецца й гэтае, што мае. 13 Дзеля таго прамаўляю да іх прыпавесьцямі, што яны гледзячы ня бачаць і слухаючы ня чуюць, ані яны разумеюць. 14 І спаўняецца на іх прароцтва Ісайі, які кажа: “Слухам пачуеце й не зразумееце, і, прыглядаючыся, глядзець будзеце, і ня ўбачыце. 15 Бо агрубела сэрца людзей гэтых; і на вуха цяжкія, і вочы зажмурылі, каб нічога ня бачыць вачамі й ня чуць вушамі да не ўразумець сэрцам. 16 І не навярнуцца, каб Я аздаравіў іх. 17 Вашыя-ж вочы шчасьлівыя, бо бачаць, і вушы, бо чуюць. 18 Папраўдзе кажу вам, што многія прарокі й праведнікі жадалі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі. 18 Дзеля таго выслухайце, што азначае прыпавесьць пра сейбіта. 19 Да ўсякага, хто слухае слова пра Ўладарства й не разумее яго, прыйходзіць златворца й выхоплівае пасеянае ў сэрцы яго; гэткіх азначае пасеянае пры дарозе. 20 А пасеянае на грунт камяністы азначае таго, хто чуе слова й адразу з радасьцю прыймае яго, 21 Але ня мае карэньня ў сабе й нясталы: калі надыйходзяць турботы або ўціск за слова, зараз-жа адступаецца. 22 Пасеянае ў цярніне азначае таго, хто чуе слова, але клопаты сьвету гэтага й зманлівасьць багацьця заглушае яго, і яно стаецца бясплодным. 23 Пасеянае-ж у добры грунт азначае таго, хто чуе слова й разумее, і гэткі прыносіць плён і творыць: каторае стакроць, іншае шэсьцьдзесят, іншае трыццаць”. 24 Іншую прыпавесьць даў ім, кажучы: “Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім. 25 Калі людзі спалі, прыйшоў вораг яго й пасеяў пустазельле між пшанцаю, і адыйшоў. 26 Калі-ж узрасла рунь і закаласіла, тады зьявілася й пустазельле. 27 Тады слугі гаспадара, прыйшоўшы, сказалі яму: “Спадару! Ці-ж ня добрае насеньне сеяў ты на полі сваім? Скуль жа ўзялося пустазельле?” 28 Ён-жа сказаў ім: “Вораг учыніў гэта”. І сказалі яму слугі: “Калі хочаш, пойдзем, выпалем яго”. 29 Але Ён сказаў ім: “Не! Каб, вырываючы пустазельле, не павырывалі разам зь ім і пшаніцы. 30 Пакіньце расьці абаім аж да жніва; а ў часе жніва скажу жнацом: “Зьбярце перш пустазельле й зьвяжэце яго ў пукі, каб спаліць яго, а пшаніцу зьбярэце ў гумно маё”.

31 Іншую прыпавесьць падаў ім, кажучы: "Уладарства Нябеснае падобна да зярняці гарчычнага, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім. 32 Яно меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырасьце, то большае за ўсякую палявую расьліну, і становіцца як дрэва, і птушкі нябесныя хаваюцца ў ветках яго". Яшчэ іншую прыпавесьць сказаў Ён ім: 33 "Уладарства Нябеснае падобна да закісі, якую жанчына ўзяла й палажыла ў тры меркі мукі, пакуль не закісла ўсё". 34 І ўсё гэта Ісус гаварыў народу прыпавесьцямі, а бяз прыпавесьцяў нічога не гаварыў да іх. 35 Каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць: "Адчыню ў прыпавесьцях вусны Мае, выкажу сукрытае ад стварэньня сьвету". 36 Тады, адпусьціўшы народ, Ісус увайшоў у дом. І падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: "Растлумач нам прыпавесьць пра пустазельле".

37 Ён-жа сказаў ім у адказ: "Сейбіт добрага насеньня – Сын Чалавечы. 38 Поле – гэта сьвет; добрае насеньне – гэта сыны Ўладарства; а пустазельле – сыны златворнага. 39 Вораг, які пасеяў яго – злыдух; жніва – гэта канец сьвету, а жанца – ангелы. 40 Вось-жа, як зьбіраюць пустазельле й агнём спальваюць, так будзе пры сканчэньні сьвету гэтага. 41 Пашле Сын Чалавечы ангелаў, і зьбяруць яны ў Ўладарстве Ягоным усё спакушальнае й стваральнікаў беззаконьня. 42 І ўкінуць іх у печ накаленую, там будзе плач і скрыгат зубоў. 43 Тады праведнікі зазьзяюць, як сонца, у Ўладарстве Айца іхнага. Хто мае вушы слухаць, няхай пачуе. 44 Яшчэ падобнае Ўладарства Нябеснае да скарбу, схаванаму ў полі, і той, хто знайшоў яго, утаіў, з радасьці ад яго, ідзе й прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое. 45 Яшчэ падобнае Ўладарства Нябеснае да чалавека-купца, які шукае прыгожых пэрлаў, 46 І які, знайшоўшы адну дарагую пэрліну, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе. 47 Яшчэ падобнае Ўладарства Нябеснае да невада, зацягненага ў мора, які зачэрпаў рознага сорту рыбы. 48 І калі ён напоўніўся, выцягнулі яго на бераг і, сеўшы, добрае адабралі ў судзьдзё, а дрэннае выкінулі вон. 49 Гэтак будзе пры сканчэньні сьвету: Сыйдуць ангелы й вылучаць злых спасярод праведных. 50 І ўкінуць іх у печ агністую – там будзе плач і скрыгат зубоў". 51 І спытаўся ў іх Ісус: "Ці зразумелі вы ўсё гэта?" Яны-ж адказалі: "Так, Госпадзе!" 52 І Ён сказаў ім: "Дзеля гэтага ўсякі кніжнік, які слухаў навуку пра Ўладарства Нябеснае, падобны да гаспадара дому, які выносіць з свае кладоўкі й новае й старое". 53 І было-ж, калі Ісус скончыў прыпавесьці гэтыя, адыйшоў адтуль, 54 І прыйшоўшы на бацькаўшчыну сваю, навучаў іх у сынагогах іхных, і дзівіліся яны й гаварылі: “Адкуль у яго мудрасьць гэткая й сіла? 55 Ці-ж ня цесьляў Ён сын? Ці-ж ня маці Яго завецца Марыя, і браты Яго – Якуб і Ёсія, і Сыман і Юда? 56 І сёстры Яго ці-ж ня ўсе між намі? Адкуль у Яго ўсё гэта?” 57 І блазнавалі над Ім, Ісус-жа сказаў ім: “Ня бывае прарока без павагі, хіба толькі на бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім”. 58 І не стварыў там шмат цудаў дзеля няверства іхнага.

 

Разьдзел 14

1 У той час Ірад чацьвертаўладнік, дачуўшыся пра славу Ісусаву, 2 Сказаў падуладным сваім: “Гэта Ян Хрысьціцель; ён уваскрос зь мертвых, і таму цуды дзеюцца праз яго”. 3 Бо Ірад схапіў Яна, зьвязаў яго й пасадзіў у вязьніцу за Ірадыяду, жонку Піліпа, брата яго. 4 Бо Ян гаварыў яму: “Ня можна табе мець яе”. 5 І хацеў забіць яго, але баяўся народу, бо яго ўважалі за прарока. 6 Але ў дзень народзін Ірада дачка Ірадыяды танцавала перад сабранымі й вельмі ўсьцешыла Ірада. 7 І ён, пакляўшыся, абяцаў ёй даць, чаго-б яна ні папрасіла. 8 Яна-ж, навучаная маткаю сваею, сказала: “Дай мне тут на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля”. 9 І засмуціўся кароль, але з увагі на прысягу й на гасьцей сваіх, загадаў даць ёй. 10 І паслаў сьцяць галаву Яна ў вязьніцы. 11 І прынясьлі галаву ягоную й далі дзяўчыне, а яна занесла маці сваёй. 12 Вучні-ж ягоныя прышлі і ўзялі цела яго й пахавалі яго ды пайшлі паведамілі Ісуса. 13 І, пачуўшы гэтае, Ісус адплыў адтуль у чаўне адзінотна ў месца бязьлюднае; народ, дачуўшыся пра гэта, пайшоў за Ім зь местаў пехатою. 14 І, зышоўшы на зямлю, Ісус убачыў грамады народу; і зьлітаваўся над імі, і аздаравіў нядужных іхных. 15 Калі-ж настаў вечар, прыступілі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: “Месца тут пустыннае, а пара ўжо позьняя; адпусьці народ, каб маглі пайсьці ў аселішчы купіць сабе ежы”. 16 Ісус-жа сказаў ім: “Ня трэба ім адыходзіць, вы дайце ім есьці”. 17 Яны-ж кажуць Яму: “У нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы”. 18 Ён сказаў ім: “Прынясеце мне іх сюды”. 19 Тады сказаў народу супачыць на траве; і ўзяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуў на неба, дабрасловіў і, паламаўшы, даў вучням хлябы, а вучні – народу. 20 І елі ўсе да задаволеньня, і назьбіралі астачы дванаццаць карабоў поўных. 21 А ела-ж блізу пяці тысяч мужчын, апрача жанчын і дзяцей. 22 Зараз-жа воліў Ісус вучням Сваім увайсьці ў човен і плысьці перш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусьціць народ. 23 І адпусьціўшы народ, узыйшоў на гару памаліцца на самоце, і да позьняга вечара аставаўся там адзін. 24 А човен быў ужо сярод мора, падбіваны хвалямі, бо вецер быў супраціўны. 25 У чацьвертую старожу ночы, Ісус пайшоў да іх, ідучы па моры. 26 Вучні-ж Ягоныя, убачыўшы пешага на моры, спалохаліся й гаварылі: “Гэта здань”. І ад страху закрычалі. 27 Але Ісус ураз-жа адазваўся да іх, кажучы: “Бадзёрцеся, гэта Я, ня бойцеся”. 28 Тады Пётра сказаў Яму ў адказ: “Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе”. 29 Ён-жа сказаў: “Прыйдзі!” І выйшаўшы з чоўна, Пётра пайшоў па вадзе, каб падыйсьці да Ісуса. 30 Але, гледзячы на моцны вецер, спужаўся й стаў тапіцца ды загаласіў, кажучы: “Госпадзе! Уратуй мяне”. 31 Ісус ураз-жа працягнуў руку, падтрымаў яго й кажа яму: “Малаверны! Чаму-ж ты сумляваўся?” 32 І калі яны ўвайшлі ў човен, вецер сьціх. 33 А ўсе, што былі ў чаўне, падыйшлі й пакланіліся Яму ды сказалі: “Запраўды, Ты – Сын Божы!” 34 І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Гэнісарэцкую. 35 Людзі-ж тэй мясцовасьці, пазнаўшы Яго, разьнясьлі вестку па цэлай ваколіцы, і прывялі да Яго ўсіх хворых. 36 І прасілі Яго каб толькі дакрануцца да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся – выздараўлялі.

 

Разьдзел 15

1 Тагды прыйходзяць да Ісуса зь Ерусаліму кніжнікі й фарысеі й кажуць: 2 “Чаму вучні Твае парушаюць пераданьні старэйшых? Ня мыюць рук сваіх, калі ядуць хлеб”. 3 Ён-жа ў адказ сказаў ім: “Чаму-ж і вы пераступаеце запавет Божы дзеля пераданьня свайго? 4 Бог запавядаў: Шануй бацьку твайго й маці тваю, і – хто зьневажаць будзе бацьку ці маці, няхай сьмерцяй памрэ. 5 А вы кажаце: Хто скажа бацьку свайму ці маці: Богу ахвяравана тое, чым-бы ты ад мяне мог карыстацца. 6 Той можа й не ўшаноўваць бацькі свайго, ці маці свае; і зьняважылі запавет Божы пераданьнем сваім. 7 Крывадушнікі! Добра праракаваў пра вас Ісайя, кажучы: 8 Збліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі, і языком шануюць Мяне, сэрца-ж іхнае далёка ляжыць ад Мяне. 9 Але дарэмна (яны) ўшаноўваюць Мяне, пашыраючы навукі й запаветы чалавечыя”. 10 І, паклікаўшы да Сябе народ, сказаў ім: “Слухайце й разумейце. 11 Ня тое, што ў вусны ўвайходзіць, апаганьвае чалавека, але тое, што з вуснаў выйходзіць, апаганьвае чалавека”. 12 Тады вучні Ягоныя падыйшлі й сказалі Яму: “Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы слова гэтае, абразіліся”. 13 Ён-жа ў адказ сказаў: “Усякая расьліна, якой Айцец Мой Нябесны не насаджаў, выкаранена будзе. 14 Пакіньце іх, яны сьляпыя правадыры сьляпых, а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ў яму ўпадуць”. 15 Пётра-ж, адазваўшыся да Яго, сказаў: “Растлумач нам прыпавесьць гэтую”. 16 Ісус-жа сказаў: “Ці-ж і вам яшчэ да розуму не дайшло? 17 Ці-ж не разумееце, што ўсё прынятае ў вусны ў жывот прайходзіць ды вон выдаляецца? 18 А што з вуснаў, тое з сэрца выходзіць, і гэта апаганьвае чалавека. 19 Бо з сэрца выходзяць злыя помыслы, забойствы, чужаложствы, блудадзеяньні, крадзежы, аблуда, блюзьнерствы. 20 Гэта апаганьвае чалавека. А есьці зь нямытымі рукамі ня ганьбіць чалавека”. 21 І выйшаўшы адтуль, Ісус адыўшоў у землі Тырскія і Сідонскія.

22 І вось жанчына хананеянка, выйшаўшы з тых ваколіц, усклікала да Яго: “Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачку маю цяжка мучыць нячысты”. 23 Ён-жа не адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, падыйшоўшы, прасілі Яго, кажучы: “Адпусьці яе, бо галосіць усьлед за намі”. 24 Ён-жа ў адказ сказаў: “Я пасланы толькі за загінутых авечак дому ізраілевага”. 25 Але яна, падыйшоўшы, кланялася Яму, кажучы: “Госпадзе! Памажы мне”. 26 Ён-жа ў адказ сказаў: “Нядобра забіраць хлеб ад дзяцей ды кідаць шчанятам”. 27 Яна-ж сказала: “Так, Госпадзе! Але й шчаняты ядуць крошкі, якія спадаюць ад стала гаспадароў”. 28 Тады, адказваючы, Ісус сказаў ёй: “О, жанчына! Вялікая вера твая, няхай будзе табе паводле жаданьня твайго”. І паздаравела дачка яе ад тэй часіны. 29 Перайшоўшы адтуль, Ісус прыйшоў да мора Галілейскага, і ўзыйшоўшы на гару, сеў там. 30 І прыступілася да Яго мноства народу, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і палажылі іх ля ног Ісусавых, і Ён аздаравіў іх. 31 І дзіваваўся народ, пабачыўшы, што нямыя сталі гаварыць, кульгавыя хадзіць, сьляпыя бачыць, і славілі Бога Ізраілевага. 32 Ісус-жа, прыклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: “Шкада мне людзей, бо ўжо тры дні яны пры Мне, і ня маюць чаго есьці; адпусьціць-жа іх галодных ня хочацца, каб не аслабелі ў дарозе”. 33 І кажуць Яму вучні Ягоныя: “Скуль-жа нам узяць у пустыні столькі хлеба, каб накарміць гэткую грамаду?” 34 Ісус сказаў ім: “Колькі маеце хлебаў?” Яны-ж сказалі: “Сем і некалькі рыбін”. 35 І загадаў народу сесьці на зямлі. 36 І ўзяў сем хлябоў і рыбы, і ўзьнёсшы хвалу, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні – народу. 37 І елі ўсе, і здаволіліся, і набралі астаткаў сем поўных карабоў. 38 Было-ж усіх, якія елі, чатыры тысячы мужчын, апрача жанчын і дзяцей. 39 Адпусьціўшы-ж народ, Ён увайшоў у човен і прыбыў у межы Магдалінскія.

 

Разьдзел 16

1 І прыступілі да Яго фарысеі й садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім знаменьні зь неба. 2 Ён-жа ў адказ сказаў ім: “Увечары вы кажаце – будзе пагода, бо неба чырвеніцца. 3 А раніцай кажаце: Сёньня будзе непагадзь, бо неба багрыцца й захмурваецца. Аблуднікі! Воблік неба распазнаць умееце, а знаменьняў часу пазнаць ня можаце. 4 Род ілжывы й чужаложны знаменьняў шукае, але знаменьне ня дасца яму, апрача знаменьня Ёны-прарока.” І пакінуўшы іх, адыйшоў. 5 І, калі пераплылі на другі бок мора, вучні Ягоныя заўважылі, што забыліся ўзяць хлебы. 6 Ісус-жа сказаў ім: “Глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарысейскай і садукейскай”. 7 Яны-ж разважалі між сабою, гаворачы: “Гэта дзеля таго, што мы хлябоў не ўзялі”. 8 Але Ісус, ведаючы гэта, сказаў ім: “Што вы разважаеце між сабою, што хлеба не ўзялі? 9 Ці яшчэ не разумееце й не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысячаў? І колькі карабоў набралі? 10 Ці пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі карабоў назьбіралі? 11 Чаму не разумееце, што не пра хлеб гаварыў Я вам – сьцеражэцеся закісі фарысейскай і садукейскай”. 12 Тагды зразумелі, што казаў ім сьцерагчыся ня закісі хлебнае, а навукі фарысейскай і садукейскай. 13 Прыйшоўшы ў землі Кесарыі Піліпавае, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх: “За каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?” 14 Яны сказалі: “Адны – за Яна Хрысьціцеля, іншыя за Ільлю, а яшчэ іншыя за Ерамію, ці за аднаго з прарокаў”. 15 Кажа ім Ісус: “А вы-ж за каго прызнаеце Мяне?” 16 Сымон Пётра, адказваючы, сказаў: “Ты Хрыстос, Сын Бога Жывога”. 17 Тады Ісус прамовіў яму ў адказ: “Шчасьлівы ты, Сымоне, сын Ёнін, бо ня цела й кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой Нябесны. 18 І Я кажу табе: Ты – камень, і на гэтым камені Я збудую Царкву Маю, і моц пякельная не адолее Яе. 19 І дам табе ключы Ўладарства Нябеснага, і што зьвязаш на зямлі, будзе зьвязана ў нябёсах, і што разьвяжаш на зямлі, будзе разьвязанае ў нябёсах”. 20 Тады Ісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не гаварылі, што Ён Ісус Хрыстос. 21 З таго часу пачаў Ісус адкрываць вучням Сваім, што Яму належыць ісьці ў Ерусалім і многа пацярпець ад старэйшын і архісьвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэйці дзень уваскроснуць. 22 Пётра-ж, адклікаўшы Яго, пачаў угаворваць Яго, кажучы: “Зьмілуйся над Сабой, Госпадзе! Няхай ня станецца гэтага з Табою”. 23 Ён-жа, абярнуўшыся, сказаў Пятру: “Адступіся ад Мяне, шатане! Ты мне спакуса, бо думаеш не пра Божае, але пра людзкое”. 24 Тады Ісус сказаў вучням Сваім: “Хто хоча йсьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе й возьме крыж свой да йдзе за Мною. 25 Бо хто хоча душу сваю ўсьцерагчы, загубіць яе. 26 Якая-ж карысьць чалавека, калі-б ён здабыў увесь сьвет, а душу сваю зьвярэдзіў? Або які выкуп дасьць чалавек за душу сваю? 27 Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з ангеламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў яго. 28 Папраўдзе кажу вам: Ёсьць некаторыя з прысутных тут, якія не зазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, калі прыйдзе ў Валадарстве Сваім”.

 

Разьдзел 17

1 Пасьля шасьцёх дзён узяў Ісус Пятра, Якуба й Яна, брата яго, і ўзьвёў іх адных на гару высокую. 2 І перамяніўся прад імі, і зазьзяла Аблічча Ягонае, як сонца, а вопратка-ж Ягоная сталася белаю, як снег. 3 І вось зьявіўся ім Майсей і Ільля, размаўляючы зь Ім. 4 І Пётра, азваўшыся да Ісуса, сказаў: “Госпадзе! Добра нам тут быць. Калі хочаш, зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну й адну Ільлі”. 5 Калі ён яшчэ гаварыў, воблака сьветлае ахінула іх, і вось голас з воблака прамовіў: “Гэта Сын Мой улюблены, у Ім Маё дабраваленьне, Яго слухайце”. 6 І пачуўшы, вучні ўпалі ніц і спужаліся. 7 Ісус-жа, падыйшоўшы, дакрануўся да іх і прамовіў: “Устаньце й ня бойцеся!” 8 Узьняўшы-ж вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, толькі аднаго Ісуса. 9 І калі зыйходзілі з гары, Ісус засьцярог іх, кажучы: “Нікому не гаварэце пра зьяву, пакуль Сын Чалавечы не ўваскросьне зь мёртвых”. 10 І спыталіся Яго вучні Ягоныя, кажучы: “Чаму кніжнікі гавораць, што Ільлі першаму належыць прыйсьці. 11 Ісус-жа ў адказ сказаў ім: “Так, Ільля павінны прыйсьці перш і ўладзіць усё. 12 Але кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, і ўчынілі зь ім, як хацелі; гэтак і Сын Чалавечы пацерпіць ад іх”. 13 Тады вучні зразумелі, што пра Яна Хрысьціцеля гаварыў ім. 14 І калі яны падыйшлі да народу, падышоў да Яго чалавек, і падаючы прад Ім на калені, 15 гаварыў: “Госпадзе! Зьлітуйся над сынам маім, ён у маладзіку ўпадае ў шал, і цяжка пакутуе, бо часта кідаецца ў агонь, і часта ў ваду. 16 Я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і не маглі яго аздаравіць”. 17 Ісус-жа, адказваючы, сказаў: “О, родзе няверны й распусны! Дакуль буду з вамі, дакуль буду цярпець вас? Прывядзеце яго да Мяне сюды”. 18 І забараніў яму Ісус, і выйшаў злыдух зь юнака, і ён ачуняў у тую-ж гадзіну. 19 Тады вучні, падыйшоўшы да Ісуса на самоце, сказалі: “Чаму мы не змаглі выгнаць яго?” 20 І адказаў ім Ісус: “З-за нявер’я вашага. Бо, запраўды кажу вам: Калі будзеце мець веру хоць з гарчычнае зерне і скажаце гары гэтай: Перайдзі адсюль туды, - яна пярэйдзе, і нічога ня будзе немагчымага для вас. 21 Гэты-ж род выганяецца няйначай, як толькі малітваю й постам”. 22 У часе прабываньня іх у Галілеі, Ісус сказаў ім: “Праданы мае быць Сын Чалавечы ў рукі чалавечыя. 23 І заб’юць Яго, і на трэйці дзень уваскрэсьне”. І яны надзвычай засмуціліся. 24 Калі-ж яны прыйшлі ў Капэрнаум, падыйшлі да Пятра зборшчыкі даніны й сказалі: “Ці ня дасьць ваш настаўнік даніну?” 25 Ён сказаў: “Так”. І калі ўвайшоў у дом, Ісус папярэдзіў яго, кажучы: “Як табе думаецца, Сымоне? Уладары зямныя з каго бяруць налог ці падатак: з сваіх сыноў ці з чужых?” 26 Пётра сказаў Яму: “З чужых”. Ісус-жа сказаў: “Значыць, сыны вольныя. 27 Але, каб нам іх ня скрыўдзіць, пайдзі на мора, закінь вуду, і першую злоўленую рыбу вазьмі, і адчыніўшы ёй рот, знойдзеш манэту; вазьмі яе й аддай ім за Мяне й за сябе”.

 

Разьдзел 18

1 Тады падыйшлі да Ісуса вучні Ягоныя, кажучы: “Хто ёсьць большы ў Валадарстве Нябесным?” 2 Ісус, паклікаўшы дзіця, паставіў яго сярод іх. 3 І сказаў: “Папраўдзе кажу вам, калі не навернецеся й ня станеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. 4 Вось-жа, хто пакорлівы, як гэтае дзіцятка, той большы ёсьць у Валадарстве Нябесным. 5 І хто прыйме адно з гэткіх малых у Імя Маё, той Мяне прыйме. 6 А хто-б спакусіў адно з гэтых малых, веруючых у Мяне, лепш было-б яму, каб завесілі жарновы камень на шыю яго й затапілі ў глыбіні морскай. 7 Гора сьвету ад спакусаў, бо хоць мусяць прыходзіць спакусы, але гора таму чалавеку, праз якого спакусы прыходзяць. 8 Калі-ж рука твая ці нага твая спакушае цябе, адсячы іх і адкінь ад сябе: Лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі ці без нагі, чым зь дзьвюма рукамі й дзьвюма нагамі быць укінутым у агонь вечны. 9 І калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго й адкінь ад сябе. Лепш табе з адным вокам увайсьці ў жыцьцё, чымся з двума вачамі быць укіненым у агонь пякельны. 10 Глядзеце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых, бо, кажу вам, ангелы іх у нябёсах заўсёды бачаць Аблічча Айца Майго Нябеснага. 11 Бо Сын Чалавечы прыйшоў адшукаць і выбавіць загінуўшае. 12 Як вы думаеце? Калі-б нехта меў сто авец, і адна зь іх заблукалася: ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзевяць у горах, і ці ня пойдзе шукаць заблуканую? 13 І калі ўдасца яму знайсьці яе, то, запраўды кажу вам, ён узрадуецца ёй больш, чым дзевяцьдзесят дзевяцём незаблуканым. 14 Гэтак бо няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых. 15 Калі-ж грашыць супроць цябе брат твой, пайдзі й вымаві яму між табою й ім адным; калі паслухае цябе, то ты здабыў брата твайго. 16 Калі-ж не паслухае цябе, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сьведак пацьвердзілася кожнае слова. 17 Калі-ж і іх не паслухае, скажы царкве, а калі й царквы не паслухае, няхай будзе ён табе як паганін і мытнік. 18 Запраўды кажу вам: Усё, што зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана і ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана і ў небе. 19 Таксама папраўдзе кажу вам: Калі-б двое з вас на зямлі згодныя былі ў тым, чаго хочуць прасіць, то ўсё, чаго ні папросяць, дадзена будзе ім ад Айца Майго Нябеснага. 20 Бо калі двое ці трое зыйдуцца ў імя Маё, там і Я пасярод іх”. 21 Тады падыйшоў да Яго Пётра й сказаў: “Госпадзе! Колькі разоў дараваць брату майму правіны яго супраць мяне? Ці да сямёх разоў?” 22 Ісус-жа кажа яму: “Не кажу табе да сямёх, але да сямёх па семдзесят разоў. 23 Дзеля гэтага Ўладарства Нябеснае падобна да чалавека-гаспадара, які захацеў разлічыцца са слугамі сваімі. 24 Калі ён стаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысяч талентаў. 25 І калі ён ня меў чым аддаць, то гаспадар ягоны загадаў прадаць і яго, і жонку, і дзяцей іхных, і ўсё, што меў, і заплаціць. 26 Тады слуга той паў прад ім і, кланяючыся яму, прасіў: Гаспадару! Пачакай мне, і ўсё табе заплачу. 27 Зьлітаваўся гаспадар слугі таго, адпусьціў яго, і дараваў доўг яму. 28 Слуга-ж той, выйшаўшы, знайшоў аднаго зь сяброў сваіх, які быў вінен яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, стаў душыць, кажучы: “Аддай мне, што вінен”. 29 Тады сябра яго ўпаў да ног ягоных і прасіў яго, кажучы: “Пачакай мне, і ўсё аддам табе”. 30 Але той не захацеў і пасадзіў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўг. 31 Сябры-ж яго, пабачыўшы, што здарылася, моцна засмуціліся й прыйшлі, расказалі гаспадару свайму ўсё, што сталася. 32 Тады гаспадар ягоны паклікаў яго й сказаў яму: “Слуга нягодны! Увесь доўг твой дараваў я табе, бо ты ўпрасіў мяне. 33 Ці-ж не належала й табе зжаліцца над сябрам тваім, як і я зжаліўся над табою?” 34 І ўгнявіўся гаспадар ягоны й аддаў яго на катаваньне, пакуль не аддасьць яму ўсяго даўгу. 35 Так і Айцец Мой Нябесны ўчыніць вам, калі кожны з вас ад сэрцаў вашых не даруе брату свайму правінаў ягоных.

 

Разьдзел 19

1 І калі Ісус скончыў словы гэтыя, Ён выйшаў з Галілеі, і прыйшоў у межы Юдэйскія, на той бок Ярдану. 2 За Ім ішло многа людзей, і Ён аздаравіў іх там. 3 І прыступілі да Яго фарысеі, каб спакусіць Яго, і гаварылі Яму: “Ці можна чалавеку абы зь якой прычыны разводзіцца з жонкаю сваёю?” 4 Ён-жа ў адказ сказаў ім: “Ці вы ня чыталі, што Стварыцель чалавека напачатку стварыў іх, як мужчыну й жанчыну?” 5 І сказаў: “Дзеля таго пакіне чалавек бацьку свайго й маці й злучыцца з жонкаю сваёю, і будуць абое адным целам. 6 Гэтак, яны ўжо ня два, але адно цела. Вось-жа, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае”. 7 Яны кажуць Яму: “Як-жа Майсей запавядаў даваць разводны ліст і адпусьціць яе”. 8 Ён-жа сказаў ім: “Майсей дзеля жорсткасьці сэрцаў вашых дазволіў вам пакідаць жонкі вашыя, а на пачатку гэтак ня было 9 І кажу Я вам: Хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, апрача прычыны блудадзеяньня, і ажэніцца зь іншаю, той блудадзейнічае, і хто ажэніцца з разьведзенай – блудадзейнічае”. 10 Кажуць Яму вучні Ягоныя: “Калі гэтакі абавязак у мужа да яго жонкі, то лепш не жаніцца”. 11 Ён-жа сказаў ім: “Ня ўсім дасяжнае разуменьне слоў гэтых, але каму дадзена. 12 Ёсьць бо лягчаныя, якія з улоньня маці радзіліся такімі, і ёсьць лягчаныя ад людзей, і ёсьць лягчаныя, якія самі сябе кастравалі дзеля Ўладарства Нябеснага. Хто можа гэта ўспрыняць, няхай успрымае”. 13 Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён узлажыў на іх рукі й памаліўся; вучні-ж забаранялі ім. 14 Але Ісус сказаў ім: “Пусьцеце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо гэткіх ёсьць Уладарства Нябеснае”. 15 І ўзлажыўшы на іх рукі, адыйшоў адтуль. 16 І вось адзін з народу, падыйшоўшы, сказаў Яму: “Добры Настаўнік! Што дабрае зрабіць мне, каб мець жыцьцё вечнае?” 17 Ён сказаў яму: “Чаму Ты завеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, апрача аднаго Бога. Калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё вечнае, выпаўняй запаветы”. 18 І той кажа Яму: “Якія?” Ісус сказаў: “Не забівай, не блудадзейнічай, не крадзі, ня сьведчы фальшыва. 19 Шануй бацьку й маці й любі бліжняга твайго, як самога сябе”. 20 Кажа Яму юнак: “Усяго гэтага я трымаюся ад юнацтва майго, чаго яшчэ мне нестае?” 21 Ісус кажа яму: “Калі хочаш быць дасканалым, пайдзі, прадай маёмасьць тваю й раздай бедным й будзеш мець скарб у небе й прыходзь ды йдзі за Мною”. 22 І юнак, пачуўшы гэтае слова, адыйшоў у засмучэньні, бо меў вялікую маёмасьць. 23 Ісус-жа сказаў вучням Сваім: “Папраўдзе кажу вам, што цяжка ўвайсьці багатаму ў Валадарства Нябеснае. 24 І яшчэ кажу вам: Лягчэй вярблюду прайсьці праз ігольчына вушка, чым багатам ўвайсьці ў Валадарства Нябеснае”. Пачуўшы гэтае, вучні Ягоныя моцна зьдзівілся й гаварылі: “Хто-ж тады можа быць збавёны?” 26 Узглянуўшы на іх, Ісус сказаў: “У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма”. 27 Тады Пётра адазваўся й сказаў Яму: “Вось мы пакінулі ўсё й пайшлі за Табою, што-ж будзе нам?” 28 І сказаў ім Ісус: “Папраўдзе кажу вам, што вы, якія пайшлі за Мною, у будучым жыцьці, калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе Славы Сваёй, сядзеце й вы на дванаццацёх пасадах судзіць дваннаццаць родаў ізраілевых. 29 І кожны, хто пакінуў дом, ці братоў і сёстраў, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці вёскі дзеля імя Майго – атрымае стокроць і здабудзе жыцьцё вечнае. 30 І шмат, хто зь першых стануцца апошнімі, апошнія-ж – першымі.

 

Разьдзел 20

1 Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека-гаспадара, які раньнім ранкам выйшаў наняць работнікаў у вінаграднік свой. 2 І ўмовіўшыся зь імі па дынару на дзень, паслаў іх у вінаграднік свой. 3 І выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў іншых, якія бяз справы стаялі на рынку. 4 І тым сказаў: Ідзеце й вы ў вінаграднік мой, і што будзе належаць, дам вам; яны пайшлі. 5 І зноў выйшаў каля гадзіны шостай і дзявятай і зрабіў таксама. 6 І яшчэ выйшаў каля адзінаццатай гадзіны й знайшоў іншых, якія стаялі без занятку, і кажа ім: Чаго стаіцё тут увесь дзень без работы? 7 Кажуць яму: Бо ніхто нас не наняў; і сказаў ім: ідзеце й вы ў вінаграднік мой, і што будзе належаць, дастанеце. 8 Калі-ж надыйшоў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў аканому свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы ад апошняга й да першага. 9 І тыя, якія прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынару. 10 Прыйшоўшыя першымі думалі, што яны атрымаюць больш, але й яны дасталі па дынару. 11 І атрымаўшы, сталі наракаць на гаспадара дому. 12 І гаварылі: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты прыраўняў іх да нас, мы-ж перанесьлі цяжар дня й сьпёку. 13 Ён-жа ў адказ сказаў аднаму зь іх: Дружа! Я ня крыўджу цябе. Ці- не за дынар ты ўмовіўся са мною? 14 Вазьмі сваё й ідзі. Я-ж хачу даць і гэтаму апошняму, што й табе. 15 Ці-ж я ня волен у сваім рабіць, як хачу? Ці вока тваё зайздроснае, што я дабрадзейны? 16 Гэтак будуць апошнія першымі, а першыя апошнімі, бо многа званых, але мала выбраных. 17 І, падыйходзячы да Ерусаліму, Ісус ў дарозе адклікаў дванаццаць вучняў асобна й сказаў ім: 18 “Вось увайходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выданы будзе архірэям і кніжнікам, і асудзяць Яго на сьмерць. 19 І выдадуць Яго нявернікам на зьдзекі, на пабоі й на ўкрыжаваньне; і на трэйці дзень уваскрэсьне”. 20 Тады падыйшла да Яго маці сыноў Заведэевых з сынамі сваімі й, кланяючыся, хацела ў Яго штосьці прасіць. 21 Ён-жа сказаў ёй: “Чаго хочаш?” І яна кажа Яму: “Скажы, каб гэтыя абодва сыны мае селі, адзін з правага, а другі зь левага боку ў Цябе ў Валадарстве Тваім”. 22 Ісус у адказ прамовіў: “Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чашу, якую Я буду піць, ці хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?” Яны-ж адказалі – можам. 23 І Ён кажа ім: Чашу маю піць будзеце й хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, хрысьціцца будзеце, але сесьці ў Мяне з правага боку й зь левага ня Мне даваць, але каму прызначана ад Айца Майго”. 24 Пачуўшы гэтае, іншыя дзесяць вучняў узлаваліся на двух братоў. 25 Але Ісус, паклікаўшы іх да Сябе, сказаў: “Вы ведаеце, што князі народаў уладараць над імі й вяльможы – начальнікі над імі. 26 Але між вамі няхай ня будзе так; але, хто хоча між вамі быць большым, няхай будзе вам слугою. 27 І хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вам слугою. 28 Так і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю за адкупленьне многіх”. 29 І калі яны выйходзілі зь Ерыхону, сьледам за Ім ішло мноства народу. 30 І вось двое сьляпых, якія сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус прайходзіць і мінае іх, пачалі крычаць: “Госпадзе, Сыне Давідаў, зьмілуйся над намі!” 31 Народ-жа пагражаў ім, каб маўчалі, але яны яшчэ мацней пачалі крычаць: “Зьмілуйся над намі Госпадзе, Сыне Давідаў!” 32 Ісус, спыніўшыся, падклікаў іх і сказаў: “Што вы хочаце, каб я ўчыніў вам?” 33 Яны кажуць Яму: “Госпадзе, каб адчыніліся вочы нашыя”. 34 Ісус, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхных, і ўраз-жа сталі бачыць вочы іх, і яны пайшлі за Ім.

 

Разьдзел 21

1 І калі падыйшлі да Ерусаліму і ўвайходзілі ў Віфагію пры гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў, кажучы ім: 2 “Ідзеце ў аселішча, што проста перад вамі, і зараз-жа знойдзеце асьліцу прывязаную й пасьля зь ёю. Адвязаўшы, прывядзеце іх да Мяне. 3 І калі хто скажа вам штось, адкажэце, што яны патрэбны Госпаду – і ўраз-жа пашле”. 4 Усё гэта сталася, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць: “Скажэце дачцы Сыонавай: вось Уладар твой ідзе да цябе, лагодны, седзячы на асьліцы й асьляці, сыне пад’ярэмнай”. 6 І, пайшоўшы, вучні зрабілі так, як загадаў ім Ісус. 7 Прывялі асьліцу й асьля й палажылі на іх вопратку сваю, і Ён сеў паверх іх. 8 Гурмы народу пасьцілалі вопратку сваю па дарозе, а іншыя зразалі галінкі дрэў і пасьцілалі імі дарогу. 9 Мноства народу, што йшло перад Ім і за Ім, ідучы ўсклікалі: “Гасанна Сыну Давідаву! Дабраславёны, Хто йдзе ў імя Гасподняе! Гасанна ў вышынях!”. 10 І калі ўвайшоў Ён у Ерусалім, усё места ўзрушылася, і гаварылі: “Хто-ж гэта?”. 11 Народ-жа адказаў: “Гэта Ісус, прарок з Назарэту Галілейскага”. 12 Ісус-жа, увайшоўшы ў сьвятыню Божую, выгнаў усіх прадаўцоў і пакупнікаў у сьвятыні й сталы мянялаў і лавы гандляроў галубамі перавярнуў. 13 І сказаў: “Напісана ёсьць: дом Мой домам малітвы назавецца, а вы зрабілі яго прытонам разбойнікаў”. 14 І прыступілі да Яго ў сьвятыні сьляпыя й калекі, і Ён іх аздаравіў. Архірэі-ж і кніжнікі, гледзячы на цуды, якія Ён стварыў, і на дзяцей, якія ўсклікалі ў сьвятыні: “Гасанна Сыну Давідаву!” – праняліся нянавісьцяй. 16 І сказалі Яму: “Ці чуеш, што яны гавораць?” Ісус-жа кажа Ім: “Так! Ці-ж вы ніколі ня чыталі, што з вуснаў дзетак і сасункоў Ты ўчыніў хвалу?” 17 І пакнінуўшы іх, пайшоў зь места ў Віфанію й там застаўся. 18 А нараніцы, вяртаючыся ў места, адчуў голад. І, угледзеўшы пры дарозе смакоўніцу, падыйшоў да яе, і не знайшоўшы на ёй нічога, апрача толькі лісьця, сказаў да яе: “Няхай-жа ніколі ня будзе на табе плоду давеку”. І смакоўніца зараз жа засохла. 20 Убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся й гаварылі: “Як-жа хутка засохла смакоўніца”. 21 Ісус-жа ў адказ сказаў ім: “Папраўдзе кажу вам, калі будзеце мець веру бяз сумліву, дык ня толькі падобнае да смакоўнічага створыце, але каб і гары гэтай сказалі: Узьніміся й кінься ў мора – гэтак станецца. 22 І ўсё, чаго папросіце ў малітве зь вераю, атрымаеце”. 23 І калі прыйшоў Ён у храм і навучаў, прыступілі да Яго архірэі й старшыні народныя, кажучы: “Якою ўладаю Ты гэта чыніш, і хто Табе даў гэткую ўладу?” 24 У адказ ім Ісус сказаў: “Я таксама дам вам адно пытанне, і калі вы Мне адкажаце, то й Я вам скажу, якою ўладаю гэта чыню”. 25 “Хрышчэньне Янава адкуль было? Зь неба ці ад людзей?” Яны-ж разважылі між сабою: “Калі скажам: Зь неба, Ён скажа нам: - Чаму-ж вы не паверылі яму?” 26 А калі скажам – ад людзей, боязна прад народам, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока”.27 І ў адказ Ісусу сказалі: “Мы ня ведаем”. Тады Ісус сказаў ім: “Не скажу й Я вам, якою ўладаю гэта чыню. 28 Як вы думаеце? Нейкі чалавек меў двух сыноў і, падыйшоўшы да першага сказаў: Сыне, ідзі сёньня працаваць у вінаградніку маім. 29 Той-жа ў адказ сказаў: Я йду, гаспадару – і не пайшоў. 31 Каторы з двух выканаў волю бацькі?” Кажуць Яму: “Першы”. Ісус гаворыць ім: “Папраўдзе кажу вам, што мытнікі й блудніцы йдуць наперадзе вас у Валадарства Божае. 32 Бо прыйшоў да вас Ян Хрысьціцель шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму; а мытнікі й блудніцы паверылі яму; вы-ж, бачыўшы гэтае, не пакаяліся потым, каб паверыць яму”.

33 “Іншую прыпавесьць слухайце. Нейкі чалавек, гаспадарны домаўласьнік, насадзіў вінаграднік, абгарадзіў яго, выкапаў у ім сьцёк, пабудаваў вежу і, здаўшы яго вінаградарам, адышоў. 34 Калі-ж надышоў час плёнаў, ён паслаў слугаў сваіх узяць плёны свае. 35 Вінаградары, схапіўшы слугаў яго, аднаго прыбілі, іншага забілі, а яшчэ іншага каменьнямі пабілі. 36 Зноў паслаў ён іншых слугаў, больш, як першы раз. І зь імі зрабілі тое самае. 37 Урэшце, паслаў ён да іх сына свайго, кажучы: Яны ўважаць на сына майго. 38 Але вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца, давайце заб'ём яго й заўладаем спадчынай ягонай”. 39 І ўзяўшы яго, вывелі вонкі зь вінаградніку й забілі. 40 Што-ж зробіць гаспадар з гэтымі вінаградарамі, калі вернецца дадому?” 41 Кажуць яму: “Злыдняў гэтых аддасьць на ліхую сьмерць, а вінаграднік аддасьць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плёны ў свой час”. 42 Ісус кажа ім: “Няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісаньні, што камень, зганьбаваны будаўнічымі, той самы стаўся галавою вугла; ад Госпада сталася гэта, і ёсьць дзіўна ў вачох вашых. 43 Дзеля гэтага кажу вам, што адыймецца ад вас Уладарства Божае й дадзена будзе народу, які творыць плёны яго. 44 І хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, разатрэ”. 45 І, пачуўшы прыпавесьці Ягоныя, архірэі й фарысеі зразумелі, што гаворыць пра іх. 46 І стараліся схапіць Яго, але пабаяліся народу, бо Яго ўважалі за прарока.

 

Разьдзел 22

1 Ісус, зьвяртаючыся да іх, зноў гаварыў ім прыпавесьцямі, кажучы: 2 “Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека-ўладара, які справіў вясельле сыну свайму. 3 І паслаў слугаў сваіх клікаць запрошаных на вясельле, і не хацелі прыйсьці. 4 Зноў паслаў іншых слугаў, наказваючы: Скажэце запрошаным: вось я прыгатаваў абед мой, валы мае й кормнікі забітыя, і ўсё гатова, прыходзьце на вясельную бяседу. 5 Яны-ж, зьняважыўшы гэта, пайшлі: хто на поле сваё, хто да гандлю свайго. 6 Іншыя-ж, схапіўшы слугаў яго, назьдзекаваліся й забілі іх. 7 Пачуўшы тое, уладар угнявіўся й паслаў войска сваё, зьнішчыў забойцаў тых і спаліў месты іхныя. 8 Тады кажа ён слугам сваім: Вясельле гатовае, але званыя не былі дастойнымі. 9 Дык пайдзеце на ростані й клічце на вясельле ўсіх, каго сустрэнеце. 10 І слугі яго, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі – і добрых, і благіх – і на вясельнай бяседзе было поўна гасьцей. 11 Уладар, прыйшоўшы паглядзець гасьцей, убачыў там чалавека ўбранага не ў вясельнае адзеньне. 12 І кажа яму: Дружа! Як ты ўвайшоў сюды не ў вясельнай вопратцы? Той-жа маўчаў.

13 Тады сказаў уладар слугам сваім: “Вазьмеце яго, зьвяжэце яму рукі й ногі, і ўкіньце яго ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатаньне зубоў. 14 Бо многа пазваных, але мала выбраных”. 15 Тады фарысеі, зыйшоўшыся, радзіліся, як-бы ўлавіць Яго на словах Ягоных. 16 І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, кажучы: “Настаўніку! Мы ведаем, што Ты справядлівы й праўдзіва настаўляеш на шлях Божы, ды ня дбаеш дагаджаць каму-небудзь, бо не ўзіраешся на абліччы асобаў. 17 Дык скажы нам, як ты думаеш? Ці законна даваць падатак кесару, ці не?” 18 Але Ісус, ведаючы іхную нягоднасьць і подступ, сказаў: “Што выпрабоўваеце Мяне, крывадушнікі? 19 Пакажэце мне падатковую манету”. Яны прынясьлі Яму дынар. 20 Тады Ісус кажа ім: “Чый гэта тут воблік і надпіс?” 21 Яны сказалі Яму: “Кесаравы”. Тады сказаў ім: “Дык аддайце кесарава кесару, а Божае Богу”. 22 Пачуўшы гэтае, яны зьдзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышлі. 23 У той-жа дзень прыступілі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і пыталіся ў яго, кажучы: 24 “Настаўніку! Майсей сказаў: “Калі хто памрэ, не пакінуўшы дзяцей, то брат яго няхай возьме жонку ягоную ды адродзіць патомства брату свайму”. 25 Было-ж у нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр, і, ня маючы патомства, пакінуў жонку браты свайму. 26 Таксама й другі й трэйці аж да сёмага. 27 Пасьля-ж усіх памерла й жонка. 28 Дык пры ўваскрасеньні каторага зь іх сямёх будзе яна жонкаю, бо ўсе мелі яе?” 29 Адказваючы ім, Ісус сказаў: “Памыляецеся, ня ведаючы Пісаньня, ані сілы Божае. 30 Бо пры ўваскрасеньні ня жэняцца, ані замуж ня йдуць, але бытуюць у небе, як анёлы Божыя. 31 А пра ўваскрасеньне, ці-ж не чыталі вы сказанага ад Бога: 32 Я Бог Абрагама, і Бог Ісака, і Бог Якуба. Бог ня ёсьць Богам мёртвых, але Богам жывых”. 33 І слухаючы, народ дзівіўся з навукі Яго.

34 Фарысеі, дачуўшыся, як ён спыніў садукеяў, сыйшліся разам. 35 І адзін зь іх, законьнік вучоны, спакусьліва папытаў у Яго, кажучы: 36 “Настаўніку! Які запавет найбольшы ў законе?” 37 Ісус-жа сказаў яму: “Узьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім. 38 Гэта ёсьць першы й найбольшы запавет. 39 Другі-ж, падобны да яго: любі бліжняга твайго, як самога сябе. 40 На гэтых двух запаветах грунтуецца ўвесь закон і прарокі”. 41 Сабраным-жа фарысеям Ісус задаў пытаньне, кажучы: 42 “Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын?” Кажуць Яму: “Давідаў”. 43 І гаворыць ім: “Як-жа Давід у натхненьні заве Яго Госпадам, калі кажа: 44 Сказаў Госпад Госпаду Майму: Сядзі праваруч Мяне, дакуль не палажу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх. 45 Калі-ж Давід называе Яго Госпадам, як-жа Ён сын яму?” 46 І ніхто ня мог адказаць Яму ні слова, і з таго дня ніхто ўжо не адважваўся больш даваць яму пытаньні.

 

Разьдзел 23

1 Тады Ісус прамовіў да народу й да вучняў Сваіх, кажучы: 2 “На Майсеевым пасадзе заселі кніжнікі й фарысеі. 3 Вось-жа, уважайце на ўсё, што яны кажуць вам, і выконвайце, але не тварэце паводле ўчынкаў іхных, бо яны гавораць, а не выконваюць. 4 бо яны навязваюць ношы цяжкія й прыгнятальныя, і ўскладаюць на плечы людзкія, а самі й пальцам крануць іх ня хочуць. 5 Усе-ж учынкі свае яны твораць для вока людзкога; павялічваюць сховішчы свае й пашыраюць полы вопраткі свае. 6 І любяць першыя месцы на банкетах, і першыя лавы ў сынагогах. 7 І вітаньні на рынкавых пляцох і вялічаньні ад людзей – настаўнік, настаўнік! 8 А вы не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік – Хрыстос, а вы ўсе – браты. 9 І айцом сабе нікога не называйце на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Хто ў небе. 10 І не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік – Хрыстос. 11 Большы з вас няхай будзе вам слугою. 12 Бо хто ўзвышае сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвышаны будзе. 13 Гора вам, кніжнікі й фарысеі-крывадушнікі, што зачыняеце Ўладарства Нябеснае прад людзьмі; бо самі не ўваходзіце, і тых, якія хочуць увайсьці, не дапускаеце. 14 Гора вам, кніжнікі й фарысеі-крывадушнікі, што аб'ядаеце дамы ўдавіцаў і няшчыра доўга моліцеся; за гэта-ж цяжэйшы прысуд атрымаеце. 15 Гора вам, кніжнікі й фарысеі-крывадушнікі, што праходзіце мора й сушу, каб навярнуць хоць аднаго, і калі здабудзеце, робіце яго сынам пекла, удвая горшым за вас.

16 Гора вам, правадыры сьляпыя, калі кажаце: Хто паклянецца храмам, гэта нічога, а хто паклянецца золатам, што ў храме, той павінны. 17 Збуялыя й сьляпыя! Што-ж большае, золата ці храм, які асьвячае яго? 18 Гэтак-жа, калі хто паклянецца ахвярнікам, то нічога, але калі паклянецца ахвяраю, якая на ім, то павінны. 19 Збуялыя й сьляпыя! Што-ж большае, ахвяра ці ахвярнік, які асьвячае ахвяру? 20 Дык-жа той, хто клянецца ахвярнікам, клянецца й ім і ўсім тым, што на ім. 21 І калі хто клянецца храмам, клянецца й тым, хто прабывае ў ім. 22 А хто клянецца небам, клянецца Прастолам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім. 23 Гора вам, кніжнікі й фарысеі-крывадушнікі, што здаеце дзесяціну зь мяты, анісу й кмену, а зьневажаеце найважнейшае ў законе: суд, міласьць і веру; гэтае належала выконваць, і таго не пакідаць. 24 Правадыры сьляпыя! Камара цэдзіце, а вярблюда глытаеце. 25 Гора вам, кніжнікі й фарысеі-крывадушнікі, што ачышчаеце кубкі й міскі звонку, а ўсярэдзіне поўныя зьдзерства й бруду. 26 Фарысей сьляпы! Ачысьць перш нутро кубка й місы, каб чыстымі сталіся й звонку. 27 Гора вам, кніжнікі й фарысеі-крывадушнікі, што прыпадабняецеся да трунаў пабеленых, якія звонку выдаюцца харошымі, а ўсяродку поўныя касьцей трупаў і рознае нечысьці. 28 Гэтак і вы: звонку паказваецеся людзям справядлівымі, а ўсяродку поўныя крывадушнасьці й беззаконьня. 29 Гора вам, кніжнікі й фарысеі-крывадушнікі! Вы будуеце грабніцы прарокам і ўпрыгожваеце памятнікі праведнікам. 30 І гаворыце: Калі-б мы былі ў дні бацькоў нашых, то ня былі-б іхнымі супольнікамі ў праліцьці крыві прарокаў. 31 Гэтым вы самі супраць сябе сьведчыце, што вы сыны тых, якія пабівалі прарокаў. 32 І вы дапоўніце меру бацькоў вашых. 33 Зьмеі, пароджаньне гадаў! Як унікнеце вы асуджэньня на пекла? 34 Таму вось Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; вы-ж адных зьнішчыце й укрыжуеце, іншых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць будзеце зь места да места. 35 Каб пала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага да крыві Захара, сына Варахііна, якога вы забілі між царквою й алтаром. 36 Папраўдзе кажу вам, што ўсё гэта прыйдзе на гэты род. 37 Ерусалім, Ерусалім, пабіўшы прарокаў і каменяваўшы пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крыльлі, і вы не захацелі. 38 І вось пакідаецца дом ваш парожны. Бо кажу Я вам: Ня будзеце бачыць Мяне ад сёньня, дакуль ня ўсклікнеце: Дабраславёны, Хто йдзе ў імя Гасподняе”.

 

Разьдзел 24

1 І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад сьвятыні і падышлі да Яго вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будыніны сьвятыні. 2 Ісус-жа ў адказ сказаў ім: “Бачыце ўсё гэта? Папраўдзе кажу вам: Не астанецца тут каменя на камені – усё будзе разбурана”. 3 Калі-ж сядзеў Ён на гары Аліўнай, прыступілі да Яго вучні Ягоныя насамоце, кажучы: Скажы нам, калі гэта станецца, і якія адзнакі Твайго прыйсьця й канца сьвету? 4 Ісус сказаў ім у адказ: “Сьцеражэцеся, каб хто не зманіў вас.

5 Бо шматлікія прыйдуць пад імем Маім і будуць гаварыць: Я Хрыстос і многіх абмануць. 6 Таксама пачуеце пра войны й пагалоскі пра войны; глядзеце, не трывожцеся, бо належыць усяму гэтаму стацца, але гэта яшчэ не канец. 7 Бо паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства, і будуць галадоўлі, паморы й землятрасеньні мясцамі. 8 Але гэта ўсё – пачатак гора. 9 Тады будуць выдаваць вас на пакуту, і будуць забіваць вас, і будзеце ў нянавісьці сярод усіх народаў дзеля імя Майго. 10 І тады спакусяцца многія, і адзін аднаго будуць выдаваць і ненавідзець адзін аднаго. 11 І шмат фальшывых прарокаў паўстане й спакусяць многіх. 12 І ад пашырэньня беззаконьня выгасае любоў. 13 Хто-ж выцерпіць да канца, той збавёны будзе. 14 і абвешчана будзе гэтае Евангельле Ўладарства па ўсім сьвеце дзеля сьведчаньня ўсім народам, і тады (будзе) канец. 15 Вось-жа, калі ўбачыце агіду спусташэньня, пра якую гаварыў прарок Даніла, што паўстане на сьвятым месцы (няхай стане розуму таму, хто чытае). 16 Тады, хто ў Юдэі, няхай бяжыць у горы. 17 А хто на страсе, няхай не зыходзіць узяць штось з дому свайго. 18 І хто на полі, няхай не вяртаецца назад узяць адзеньне сваё. 19 Гора-ж цяжарным і карміцелькам немаўлят у дні тыя. 20 Дык малецеся, каб не давялося вам уцякаць узімку ці ў сыботу. 21 Бо тады будзе гора вялікае, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе. 22 І калі-б не скараціліся дні тыя, то не ўхавалася-б ніводнае цела, але дзеля выбраных скароцяцца дні тыя. 23 Тады, калі-б хто сказаў вам: Вось тут Хрыстос ці там – ня верце. 24 Бо паўстануць лжэхрысты й фальшывыя прарокі і пакажуць вялікія знаменьні й цуды, каб спакусіць, калі магчыма, і выбраных. 25 Вось Я наўперад сказаў вам. 26 Дык калі скажуць вам: Вось Ён у пустыні – не выходзьце; вось Ён у скрытым пакоі – ня верце. 27 Бо, як маланка зыходзіць з усходу й зіхаціць аж да заходу, так будзе прыйсьце Сына Чалавечага. 28 Бо дзе-б ні быў труп, там зьбяруцца й арлы. 29 І зараз па вялікай бядзе дзён тых сонца зьмеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоры зь неба спадуць, і сілы нябесныя зрушацца. 30 Тады зьявіцца знаменьне Сына Чалавечага на небе, і тады заплачуць усе плямёны зямныя, і угледзяць Сына Чалавечага, ідучага на воблаках нябесных зь сілаю й славаю вялікаю. 31 і пашле ангелаў сваіх з гучным голасам трубаў, і зьбяруць выбраных Яго ад чатырох вятроў, ад аднаго краю неба да другога. 32 Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі галінкі яе распускаюцца й выпускаюць лісьце, то ведаеце, што блізка ўжо лета. 33 Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што ўжо блізка, пры дзьвярах. 34 Запраўды, кажу вам: Не праміне род гэты, як усё гэта станецца. 35 Неба й зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць. 36 Дня таго й гадзіны ня ведае ніхто, ані Ангелы нябесныя, а толькі Айцец Мой Адзіны. 37 Як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага. 38 Бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся й замуж выходзілі, да таго дня, калі ўвайшоў Ной у судно. 39 І ня ведалі, пакуль ня прыйшоў патоп і ня зьнішчыў усіх; гэтак будзе і ў прыход Сына Чалавечага. 40 Тады, калі на полі будуць двое, адзін бярэцца, а другі пакідаецца. 41 Будуць дзьве пры жорнах малоць – адна бярэцца, другая пакідаецца. 42 Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе. 43 Ведама-ж вам, што калі-б гаспадар дому ведаў, у якую старожу ночы прыйдзе злодзей, ён тады вартаваў-бы, і ня даў-бы падкапацца пад свой дом. 44 Дык будзьце прыгатаванымі й вы, бо ў неспадзяваную для вас гадзіну прыйдзе Сын Чалавечы. Хто-ж верны й разумны слуга, якога гаспадар паставіў у доме сваім, каб даваць яду людзям у сваім часе. 46 Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар дому, прыйшоўшы, застане робячы належна. 47 Папараўдзе кажу вам, над усёй маёмасьцяй сваёй паставіць яго. 48 Калі благі слуга скажа сам сабе: “Не сьпяшаецца гаспадар мой”; і пачне біць сяброў сваіх ды есьці й піць з п’яніцамі – 49 Тады прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень нечаканы, і ў гадзіну, яму няведамую. 50 І адлучыць яго, і прыдзеліць яму лёс разам з крывадушнікамі, там будзе плач і скрыгат зубоў.

 

Разьдзел 25

1 Тады Ўладарства Нябеснае прыпадобніцца да дзесяцёх дзеваў, якія, узяўшы сьвяцільнікі свае, выйшлі на сустрэчу жаніха. 2 Пяць-жа зь іх было разумных, а пяць недарэкіх. 3 Недарэкія, узяўшы сьвяцільнікі свае, не ўзялі з сабою алею. 4 Разумныя-ж узялі й алею ў пасудзінах да сьвяцільнікаў сваіх. 5 А як жаніх замарудзіў, то задрамалі ўсе й паснулі. 6 Поўначчу пачуўся моцны голас: “Вось жаніх ідзе! Выходзьце на спатканьне яго”. 7 Тады ўсталі ўсе дзевы, і паправілі сьвяцільнікі свае. 8 Недарэкія-ж сказалі разумным: “Дайце нам вашага алею, бо сьвяцільнікі нашыя гаснуць”. 9 Але разумныя адказалі: “Каб не забракла й нам і вам, пайдзеце лепш да гандляроў і купеце сабе”. 10 Калі-ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і прыгатаваныя ўвайшлі зь ім на вясельную бяседу, і дзьверы былі зачыненыя. 11 Потым прыходзяць і іншыя дзевы й кажуць: “Госпадзе, Госпадзе! Адчыні нам”. 12 Ён-жа сказаў ім у адказ: “Сапраўды, кажу вам, ня знаю я вас”. 13 Дык не драмлеце, бо ня ведаеце ні дня ні гадзіны, калі Сын Чалавечы прыйдзе. 14 Гэта падобна да чалавека, які, ад’яжджаючы, паклікаў слугаў сваіх і здаў ім маёмасьць сваю. 15 І аднаму даў пяць талянтаў, іншаму – два, а яшчэ іншаму – адзін – кожнаму паводле яго магчымасьці. 16 Той, які атрымаў пяць талянтаў, пусьціў іх у справу, і прыдбаў яшчэ пяць талянтаў. 17 Таксама й той, які атрымаў два, прыдбаў яшчэ два. 18 Той-жа, які атрымаў адін талянт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю й схаваў серабро гаспадара свайго. 19 Па доўгім часе вярнуўся гаспадар слугаў тых і запатрабаваў у іх разьліку. 20 І падыйшоў першы, які дастаў пяць талянтаў, і прынёс другія пяць талянтаў, кажучы: “Гаспадару, пяць талянтаў ты мне даў, вось яшчэ пяць талянтаў я здабыў іх”. 21 І сказаў яму гаспадар: “Добра, добры й верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго”. 22 Падыйшоў таксама й той, які дастаў два талянты й сказаў: “Гаспадару! Два талянты ты мне даў, вось я здабыў на іх другіх два”. 23 Сказаў яму гаспадар яго: “Добра, слуга добры й верны! У малым ты быў верны. Над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго”. 24 Той-жа, які дастаў адзін талянт, падыйшоўшы, сказаў: “Гаспадару! Я ведаў, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў. 25 Дык, пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі, і вось маеш тваё”. 26 Гаспадар-жа яго сказаў яму ў адказ: “Злы слуга й лянівы! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў. 27 Дзеля гэтага трэба было табе аддаць мае грошы купцом, і я, вярнуўшыся, узяў-бы сваё з прыбыткам. 28 Дык вазьмеце ў яго талянт і дайце таму, хто мае дзесяць талянтаў. 29 Бо ўсякаму, хто мае, дадасца й прыспорыцца, а хто ня мае, у таго адыймецца й тое, што мог-бы мець. 30 А нягоднага слугу ўкіньце у цемру бяздонную, там будзе плач і скрыгат зубоў”. Гэта сказаўшы, усклікнуў: “Хто мае вушы, хай слухае. 31 Калі-ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе сьвятыя ангелы зь ім, тады сядзе на Пасадзе славы свае. 32 І зьбяруцца прад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад іншых, як пастух аддзяляе авец ад казлоў. 33 І паставіць авец па правым баку ад Сябе, а казлоў – па левым. 34 Тады скажа Ўладар тым, хто направа ад Яго: “Прыйдзеце дабраславёныя Айца Майго, насьледуйце Ўладарства, прыгатаванае вам ад ставрэньня сьвету. 35 Бо Я быў галодны, і вы накармілі Мяне. Я меў смагу, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне. 36 Быў нагім, і вы адзелі Мяне; быў хворым, і вы наведалі Мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне”. 37 Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: “Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці смаглым – і напаілі? 38 Калі мы бачылі Цябе падарожным, і прынялі, ці нагім, і адзелі? 39 Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязьніцы й прыйшлі да Цябе?” 40 І Ўладар скажа ім ў адказ: “Папраўдзе кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму зь меншых братоў Маіх – Мне зрабілі”. 41 Тады скажа й тым, якія па левым баку Яго: “Ідзеце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, прыгатаваны д’яблу й ангелам Яго. 42 Бо Я быў галодны, і вы не накармілі Мяне; хацеў піць, і вы не падалі Мне вады. 43 Быў падарожным, і вы ня прынялі Мяне; быў нагім, і вы не адзелі Мяне; быў хворым і ў вязьніцы, і вы не наведалі Мяне”. 44 Тады й яны скажуць Яму ў адказ: “Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным ці смагнучым, ці падарожнікам, ці нагім або хворым, або ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?” 45 Тады скажа ім у адказ: “Папраўдзе кажу вам: калі вы не зрабілі гэтага ніводнаму з гэтых меншых, то й Мне не зрабілі”. 46 І пойдуць гэтыя на мýку вечную, а праведнікі – у жыцьцё вечнае.

 

Разьдзел 26

1 І было-ж, калі Ісус кончыў усе гэтыя словы, тады сказаў вучням Сваім: 2 Ведайце, што за два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы будзе выданы на ўкрыжаваньне”. 3 Тады зыйшліся архісьвятары, кніжнікі й старшыні народныя на падворак архісьвятара, званага Кайафа. 4 І ўмовіліся хітрасьцяй схапіць Ісуса й забіць. 5 Але гаварылі: “Толькі не ў сьвята, каб ня сталася забурэньне ў народзе”. 6 Калі-ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона запракажонага, 7 Падыйшла да Яго жанчына, нясучы алябастравы слоічак дарагога алею, і паліла Яму на галаву, як Ён сядзеў за сталом. 8 Пабачыўшы гэтае, вучні Ягоныя сталі пасуджаць, гаворачы: “Нашто гэткае марнаваньне? 9 Можна-ж было прадаць гэтае мірра за добрую цану й даць убогім”. 10 Але Ісус, ведаючы гэта, сказаў ім: “Нашто пасуджаеце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне. 11 Бо ўбогіх вы заўсёды маеце каля сябе, Мяне-ж не заўсёды маеце. 12 Узьліўшы алей гэты на цела Маё, яна прыгатавала Мяне да пахаваньня. 13 Папраўдзе кажу вам: Дзе толькі будзе абвяшчацца гэтае Евангельле па ўсім сьвеце, сказана будзе пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе. 14 Тады адзін з дванаццацёх, званы Юда Іскарыёт, пайшоў да архісьвятароў, 15 І сказаў ім: “Што воліце даць мне, і я выдам Яго вам”. Яны-ж вызначылі яму трыццаць сярэбранікаў. 16 З таго часу ён пачаў выглядаць зручнага моманту, каб выдаць Яго. 17 У першы-ж дзень прэсьнічны падыйшлі вучні да Ісуса й сказалі Яму: Дзе жадаеш прыгатаваць Табе Пасху да спажываньня?” 18 Ён-жа сказаў: “Ідзеце ў места да пэўнага чалавека й скажэце яму: Настаўнік кажа: Час Мой блізкі; у цябе спраўлю Пасху з вучнямі Маімі. 19 Вучні зрабілі, як сказаў ім Ісус, і прыгатавалі Пасху. 20 Калі-ж настаў вечар, Ён заняў застольле з дванаццацьма вучнямі Сваімі. 21 І калі яны елі, сказаў: “Папраўдзе кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне”. 22 І, моцна засмуціўшыся, яны пачалі, кожны паасобку, гаварыць: “Ці ня я, Госпадзе?” 23 Ён-жа ў адказ сказаў: “Той, хто апусьціў са Мною руку ў пасудзіну, ён прадасьць Мяне. 24 Але Сын Чалавечы йдзе, як пра Яго напісана, гора-ж таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы прадаецца; лепш было-б гэтаму чалавеку не раджацца”. 25 Пры гэтым і Юда, які выдаваў Яго, сказаў: “Ці ня я, Настаўніку?”. Ісус кажа яму: “Ты сказаў”. 26 І калі яны вячэралі, Ісус узяў хлеб, і дабрасловіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: “Вазьмеце й ежце, гэта ёсьць Цела Маё”. 27 І ўзяўшы чашу, узьнёс хвалу й падаў ім, кажучы: “Пеце зь яе ўсе; 28 Гэта кроў Мая говага запавету, праліваная за многіх на адпушчэньне грахоў. 29 І кажу вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі віно новае ў Валадарстве Айца Майго”. 30 І, запяяўшы, адыйшлі на гару Аліўную. 31 Тады сказаў ім Ісус: “Усе вы зьняверыцеся прада Мною ў гэтую ноч, як і напісана пра гэта: Паражý пастыра, і разьбягуцца авечкі стада. 32 Па Ўваскрасеньні Маім спаткаю вас у Галілеі”. 33 Пётра-ж, адазваўшыся, кажа Яму: “Хоць-бы ўсе адцураліся Цябе, я не адступлюся ніколі”. 34 І сказаў яму Ісус: “Папраўдзе кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым прапяе певень, тройчы адрачэсься ад Мяне”. 35 Пётра-ж кажа Яму: “А хоць-бы давялося мне памерці з Табою, не адракуся ад Цябе”. Гэтак гаварылі ўсе вучні. 36 Тады йдзе зь імі Ісус на месца, званае Гефсыманія й кажа вучням: “Пасядзеце тут, пакуль Я пайду памалюся там”. 37 І, узяўшы Пятра й абодвух сыноў Завядэевых, упаў у скруху й вялікі жаль. 38 І тады кажа ім Ісус: “Душа Мая тужыць сьмяротна; пабудзьце тут, і чувайце пры Мне”. 39 І, адыйшоўшыся крыху, упаў на аблічча Сваё ды маліўся, прамаўляючы: “Войча Мой! Калі магчыма, няхай абміне Мяне чаша гэтая, але-ж ня як Я хачу, а як Ты”. 40 І, прыйшоўшы да вучняў, засьпяе іх сьпячымі; і кажа Пятру: “Ці-ж так не маглі вы аднае гадзіны пацярпець са Мною? 41 Чувайце й малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу, бо дух бадзёры, цела-ж – нядужае. 42 І ізноў, адыйшоўшыся другі раз, маліўся, прамаўляючы: “Войча Мой! Калі ня можа чаша гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, няхай будзе воля Твая”. 43 І прыйшоўшы, ізноў знаходзіць іх сьпячымі, бо былі ў іх вочы ацяжалыя. 44 І, пакінуўшы іх, ізноў адыйшоўся й трэці раз маліўся тымі-ж словамі. 45 Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: “Вы ўсё яшчэ сьпіцё й супачываеце; вось настаў час, і Сын Чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў. 46 Устаньце, пойдзем; вось, набліжаецца той, хто Мяне выдасьць”. 47 І калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юда, адзін з дванаццацёх, а зь ім вялікая грамада зь мячамі й кіямі, ад архісьвятароў і старшыняў народных. 48 Здраднік-жа Ягоны даў ім знак, сказаўшы: “Каго я пацалую, гэта ёсьць Ён; бярэце Яго”. 49 І зараз-жа падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: “Радуйся, Настаўнік! І пацалаваў Яго. 50 Ісус-жа сказаў яму: “Дружа, зь якім намерам прыйшоў ты, тады й рабі тое”. Тады падыйшоўшыя паклалі рукі на Ісуса і ўзялі Яго. 51 І вось адзін з тых, якія былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы архісьвятаровага слугу, адсек яму вуха. 52 Тады сказаў яму Ісус: “Вярні меч свой на месца яго; бо ўсе, хто ўзьнімае меч, ад мяча загінуць. 53 Ці думаецца табе, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, каб прыслаў Мне больш дванаццаці легіёнаў ангелаў? 54 Дык як-жа збудзецца пісаньне, што гэтак павінна стацца?” 55 У той-жа час Ісус гаварыў да народу: “Нібы на разбойніка выйшлі вы зь мячамі й кіямі ўзяць Мяне; Я-ж кожны дзень сядзеў з вамі ў сьвятыні, навучаючы, і вы ня бралі Мяне. 56 Усё-ж гэта сталася, каб збыліся пісаньні прарокаў”. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, разьбегліся. 57 Воіны-ж, узяўшы Ісуса, павялі Яго да архісьвятара Кайафы, дзе былі сабраўшыся кніжнікі й старшыні. 58 Пётра-ж ішоў сьледам за Ім здаля, да падворку архісьвятаровага, і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў разам з слугамі, каб бачыць канец. 59 Архісьвятары й старшыні ды ўвесь Сынедрыён шукалі фальшывага сьвядоцтва супраць Ісуса, каб усьмерціць Яго. 60 І не знаходзілі; і хоць многа фальшывых сьведкаў прыходзіла – не знайшлі; нарэшце, прыйшлі двух фальшывых сьведкаў, 61 І сказалі: Ён казаў: “Магу зруйнаваць храм Божы, і ў тры дні адбудаваць яго.” 62 Тады архісьвятар, устаўшы, сказаў Яму: “Нічога Ты ня можаш адказаць на тое, што гэтыя людзі падаюць супраць Цябе?” 63 Але Ісус маўчаў, і архісьвятар сказаў Яму: “Заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?” 64 Ісус кажа яму: “Ты сказаў, і больш скажу вам: ад гэтага часу ўбачыце Сына Чалавечага, сядзячага праваруч Усемагутнасьці й ідучага на хмарах нябесных. 65 Тады архісьвятар разадраў вопратку сваю й сказаў: “Ён блюзьніць; што яшчэ патрэбна ад сьведак? Вось вы чулі Яго блюзьнерства. 66 Што вы думаеце?” Яны-ж сказалі ў адказ: “Варты сьмерці”. 67 Тады заплявалі аблічча Яго й штурхалі кулакамі; іншыя-ж білі Яго па шчоках, 68 Кажучы: “Адгадай нам, Хрысьце, хто Цябе ўдарыў.” 69 А Пётра сядзеў вонках на падворку. І падыйшла да Яго адна служніца, кажучы: “І ты быў зь Ісусам Галілейскім?” 70 Але ён адрокся прад усімі, сказаўшы: “Ня ведаю, што ты гаворыш”. 71 Калі-ж Ён выходзіў за вароты, убачыла яго другая й гаворыць да тых, хто быў там: “І гэты быў зь Ісусам Назарэем”. 72 І ён ізноў адрокся, клянучыся, што ня ведае Гэтага Чалавека. 73 Крыху счакаўшы, падыйшлі былыя там і сказалі Пятру: “Напэўна й ты зь іх, бо мова твая выдае цябе”. 74 Тады ён пачаў клясьціся й бажыцца, што ня ведае Гэтага Чалавека. У гэты ж момант запяяў певень. 75 І ўспомніў Пётра словы, якія сказаў яму Ісус: “Перш, чым запяе певень, тройчы адрачэсься ад Мяне”. І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.

 

Разьдзел 27

1 Калі-ж настала раніца, усе архісьвятары й старшыні народныя раду ўчынілі супраць Ісуса, каб выдаць Яго на сьмерць. 2 І, зьвязаўшы Яго, павялі й перадалі Яго Понцію Пілату, правіцелю. 3 Тады Юда, які прадаў Яго, пабачыўшы, што Ён засуджаны, раскаяўшыся, вярнуў трыццаць срэбранікаў архісьвятаром і старшыням; 4 Сказаўшы: “Зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную”. Яны-ж сказалі яму: “Што нам да таго, глядзі сам”. 5 І, кінуўшы срэбранікі ў храме, ён выйшаў ды пайшоў і павесіўся. 6 Архісьвятары, узяўшы срэбранікі, гаварылі: “Не па праву будзе класьці іх у скарбонку, бо гэта цана крыві”. 7 І, зрабіўшы нараду, купілі за іх ганчарова поле для пахаваньня чужаземцаў. 8 Таму й завецца поле тое полем крыві й па сёньняшні дзень. 9 Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: “І ўзялі трыццаць срэбранікаў – цану Ацэненага – Якога ацанілі сыны Ізраіля. 10 І далі іх за зямлю ганчара, як сказаў мне Госпад”. 11 Ісус-жа стануў прад правіцелем; і спытаўся ў Яго правіцель, кажучы: “Ці Ты князь Юдэйскі?” Ісус сказаў яму: “Ты кажаш”. 12 І калі зьвінавачвалі Яго архісьвятары й старшыні, Ён нічога не адказаў. 13 Тады кажа Яму Пілат: “Ці ня чуеш, колькі сьведчаць супроць Цябе?” 14 І не адказаў яму на ніводнае слова, з чаго намесьнік быў моцна зьдзіўлены. 15 На сьвята-ж Пасхі намесьнік меў звычай адпускаць народу аднаго вязьня, якога людзі пажадаюць. 16 На той час быў у іх ведамы арыштант, званы Вараўва. 17 І вось, калі яны зыйшліся, Пілат сказаў ім: “Каго з двух хочаце адпусьціць вам: Вараўву ці Ісуса, званага Хрыстос?” 18 Бо, ведаў, што выдалі Яго праз зайздрасьць. 19 Тым-часам, калі сядзеў Ён на судзейскім пасадзе, жонка ягоная паслала сказаць яму: “Не рабі нічога Праведніку таму, бо я сёньня ў сьне шмат цярпела дзеля Яго”. 20 Але архісьвятары падгаварылі народ прасіць Вараўву, а Ісуса – на загубу. 21 І, калі правіцель спытаўся ў іх, каго з двух хочаце каб адпусьціў вам? Яны сказалі: Вараўву. 22 Тады Пілат прамовіў да іх: “Што я зраблю зь Ісусам, названым Хрыстом?” І сказалі ўсе: “Няхай будзе ўкрыжаваны!” 23 Правіцель сказаў ім: “Якое-ж зло ўчыніў Ён?” Але яны яшчэ мацней крычалі: “Няхай будзе ўкрыжаваны!” 24 Пілат, бачачы, што нічога не парадзіць, а толькі мацней узьнімаецца забурэньне, узяў вады памыў рукі прад народам і сказаў: “Не вінаваты я ў крыві Праведніка гэтага, самі глядзеце”. 25 А ў адказ увесь народ крычаў: “Кроў яго на нас і на дзецях нашых”. 26 Тады адпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, зьбічаванага, выдаў ім на ўкрыжаваньне. 27 Тады воіны правіцеля, узяўшы Ісуса ад судзілішча, склікалі на яго поўную кагорту войска. 28 І, распрануўшы Яго, накінулі на Яго чырвоную накідку. 29 І, сплёўшы вянок зь церняў, узлажылі Яму на галаву, і далі трысьціну ў правую руку Ягоную, і становячыся прад ім на калені, насьміхаліся зь Яго, кажучы: “Радуйся, Кароль Юдэйскі!” 30 І плявалі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве. 31 А калі назьдзекваліся зь Яго, зьнялі зь Яго чырвоную накідку й апранулі Яго ў вопратку Ягоную й павялі Яго на ўкрыжаваньне. 32 Выходзячы-ж, яны сустрэлі чалавека кірынейца, на імя Сымон; гэтага прымусілі нясьці крыж Ягоны. 33 І прыйшлі на месца, званае Гальгофа, што значыць Чараповішча. 34 І давалі Яму піць воцат, зьмешаны з жоўцяй, але, пакаштаваўшы, не хацеў піць. 35 Укрыжаваўшы-ж Яго дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабе, каб збылося сказанае праз прарока: “Разьдзялілі вопратку маю й на вопратку маю кінулі жэрабе”. 36 І, пасеўшы, сьцераглі Яго там. 37 І прыставілі над галавою Яго надпіс віны Ягонае: “Гэта Ісус Кароль Юдэйскі”. 38 Тады ўкрыжавалі пры Ім двух разбойнікаў: аднаго – з правага боку, а другога – зь левага. 39 І людзі, праходзячы міма, глуміліся над Ім, ківаючы галовамі сваімі, 40 І кажучы: “Сьвятыні руйнуеш і ў тры дні адбудоўваеш, выбаві Сам Сябе, калі Ты Сын Божы, зыйдзі з крыжа”. 41 Таксама й архісьвятары з кніжнікамі й старшынямі ды фарысеі зьдзекліва гаварылі: 42 “Іншых выбаўляў, а Сам Сябе ня можаш выбавіць; калі Ён кароль Ізраіля, няхай цяпер зыйдзе з крыжа, і ўверым ў Яго. 43 Спадзяваўся на Бога, няхай-жа цяпер выбавіць Яго, калі Ён – угоднік Яго, бо-ж Ён казаў: “Я Сын Божы”. 44 Таксама й разбойнікі, укрыжаваныя побач, зьневажалі Яго. 45 Ад шостае-ж гадзіны стала цемра на над усёю зямлёю аж да гадзіны дзявятай. 46 А дзявятай гадзіне Ісус усклікнуў моцным голасам, прамовіўшы: “Ілі, Ілі, лімá савахвані!” Гэта значыць: Божа Мой, Божа Мой! Чаму пакінуў Мяне? 47 Некаторыя з тых, што стаялі там, пачуўшы гэта, гаварылі: “Ільлю кліча Ён”. 48 І ўраз пабег адзін зь іх і ўзяў губку, памачыў яе ў воцат і, насадзіўшы на трасьціну, даваў Яму піць. 49 А іншыя гаварылі: “Пачакай, паглядзім, ці прыйдзе Ільля выбавіць Яго”. 50 Ісус-жа ізноў, усклікнуўшы моцным голасам, аддаў дух Свой. 51 І вось заслона ў сьвятыні разадралася на дзьве часткі ад верху да нізу, і зямля здрыганулася, і скалы патрэскаліся, 52 І труны адкрыліся, і многія целы супачыўшых сьвятых ўваскросьлі, 53 І, выйшаўшы з трунаў па Ўваскрасеньні Ягоным, увайшлі ў сьвяты горад і паказаліся многім. 54 Сотнік-жа і ўсе, якія зь Ім сьцераглі Ісуса, гледзячы на землятрасеньне й на ўсё, што сталася, моцна спалохаліся й гаварылі: “Запраўды Ён быў Сын Божы”. 55 Былі там і глядзелі здалёк многія жанчыны, якія йшлі зь Ісусам з Галілеі й прыслугоўвалі Яму. 56 Былі між імі Марыя Магдалена й Марыя, маці Якуба й Язэпа, і маці сыноў Завядэевых. 57 Калі-ж настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Арымафеі, на ймя Язэп, які таксама быў вучнем Ісуса. 58 Ён прыйшоў да Пілата й прасіў Цела Ісуса; тады Пілат загадаў аддаць Цела. 59 І, узяўшы Цела, Язэп ахінуў Яго чыстаю плашчаніцаю, 60 І палажыў Яго ў новым сваім гробе, высечаным у скале, і, прываліўшы да дзьвярэй гробу вялікі камень, адыйшоў. 61 Была-ж там Марыя Магдалена й другая Марыя; яны сядзелі насупраць гробу. 62 А назаўтра, пасьля пятніцы, раніцою зыйшліся архісьвятары й фарысеі да Пілата. 63 І сказалі: “Спадару! Мы прыпомнілі, што падманшчык той, калі быў яшчэ пры жыцьці, казаў: “Па трох днёх уваскросну!” 64 Дык накажы ахоўваць гроб да трэйцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго й не сказалі народу – уваскрос зь мёртвых, і будзе апошні падман, горшы за першы. 65 Пілат-жа сказаў: “Маеце варту, ідзеце й вартуйце, як знаеце”. Яны пайшлі, паставілі пры гробе варту й прылажылі да каменя пячаць.

 

Разьдзел 28

1 Пасьля сыботы, на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена й іншая Марыя, паглядзець на гроб. 2 І вось пачалося вялікае землятрасеньне, бо Ангел Гасподні зыйшоў зь нябёс і, прыступіўшы, адваліў камень ад дзьвярэй гробу й сядзеў на ім. 3 А воблік Яго сьвяціўся маланкаю, і вопратка ягоная белая, як сьнег. 4 І ад страху прад ім жахнулася варта й сталася як няжывая. 5 Ангел, зьвярнуўшыся да жанчын, прамовіў: “Ня бойцеся, ведаю, што шукаеце Ісуса ўкрыжаванага. 6 Яго няма тут: Ён уваскрос, як і сказаў. Хадзеце, паглядзеце месца, дзе ляжаў Госпад. 7 І пайдзеце хутчэй, скажэце вучням Яго, што Ён уваскрос зь мёртвых, і што апярэдзіць вас у Галілеі, там Яго ўбачыце; гэта апавяшчаю вам”. 8 І, выйшаўшы борзда з гробу, яны ў страху й радасьці вялікай пабеглі апавясьціць вучням Ягоным. 9 Калі-ж яны йшлі апавяшчаць вучням Яго, вось Ісус сустрэў іх і прамовіў: “Радуйцеся!” Яны-ж, прыступіўшы, абнялі ногі Яго й пакланіліся Яму. 10 Тады кажа ім Ісус: “Ня бойцеся, ідзеце апавясьцеце братом Маім, каб ішлі ў Галілею; там яны ўбачаць Мяне”. 11 Калі-ж яны адыйшлі, некаторыя з вартаўнікоў пабеглі ў места й абвясьцілі архісьвятаром усё, што сталася. 12 І тыя, сабраўшыся з народнымі старшынямі й адбыўшы нараду, далі воінам шмат грошай, 13 І намовілі іх: “Скажэце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўначы і ўкралі Яго, калі мы паснулі. 14 І калі правіцель даведаецца пра гэта, мы яго ўгаворым, і вас ад небясьпекі выбавім”. 15 Яны, узяўшы грошы, зрабілі так, як былі намоўленыя. І разьняслося слова гэтае між юдэямі аж па сёньнешні дзень. 16 Адзінаццаць-жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды сказаў ім Ісус. 17 І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; некаторыя-ж сумняваліся. 18 І, зблізіўшыся да іх, Ісус сказаў ім: “Дадзена Мне ўсякая ўлада ў небе й на зямлі. 19 Дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у Імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. 20 І навучайце іх выпаўняць усё, што Я запавядаў вам; і вось Я з вамі праз усе дні да сканчэньня веку. Амін”.




Крыніца: http://churchby.info/
Пераклад: Міхась Міцкевіч

Беларуская Палічка: http://knihi.com