Паводле Марка Сьвятое Евангельле

Пераклад: Міхася М. Міцкевіча. Рэдагаваньне, склад і друк – Міколы Прускага

Разьдзел 1
Разьдзел 2
Разьдзел 3
Разьдзел 4
Разьдзел 5
Разьдзел 6
Разьдзел 7
Разьдзел 8
Разьдзел 9
Разьдзел 10
Разьдзел 11
Разьдзел 12
Разьдзел 13
Разьдзел 14
Разьдзел 15
Разьдзел 16


Разьдзел 1

1 Пачатак Евангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага. 2 Як напісана ў прарокаў: “Вось Я пасылаю ангела Майго прад абліччам Тваім, які выправіць шлях Твой прад Табою”. 3 Голас зоўны ў пустыні: “Прыгатуйце шлях Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму”. 4 Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні, і абвяшчаючы хрышчэньне пакаяньня дзеля адпушчэньня грахоў. 5 І прыходзілі да Яго з усёй краіны Юдэйскай, і жыхары Ерусаліму, і хрысьціліся ад яго ў рацэ Ярдане, спавядаючыся ў грахох сваіх. 6 Вопратка-ж Яна была зь вярблюжага воласу й скураны пояс на паясьніцы яго, а ежаю яго была саранча й дзікі мёд. 7 І прадвяшчаў, кажучы: “Ідзе за мною мацнейшы за мяне, Яму я недастойны, нахіліўшыся, разьвязаць рамень абутку Ягонага. 8 Я хрысьціў вас вадою, Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым.” 9 І сталася ў дні тыя, прыйшоў Ісус з Назарэту Галілейскага й хрысьціўся ад Яна ў Ярдане. 10 І ў момант, калі выходзіў з вады, убачыў Ян расхіняныя нябёсы й Духа ў выглядзе голуба, які зыходзіў на Яго. 11 І пачуў голас зь неба: “Ты Сын Мой улюбёны, ка Кім Маё Дабраволеньне”. 12 І зараз-жа Дух павёў Яго ў пустыню. 13 І быў Ён там, у пустыні, сорак дзён, спакушаны праз шатана, і быў побач зьвяратаў, і ангелы слугавалі Яму. 14 Пасьля-ж таго, калі быў выданы Ян, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Евангельле Ўладарства Божага. 15 І кажучы, што прыйшла поўня часу, і наблізілася Ўладарства Божае: пакайцеся й верце ў Евангельле. 16 Праходзячы-ж каля мора Галілейскага, убачыў Сымона й Андрэя, брата яго, якія закідалі сеткі ў мора, бо былі рыбаловамі. 17 І сказаў ім Ісус: “Ідзеце сьледам за Мною, і Я ўчыню вас, што станецеся лаўцамі людзей”. 18 І яны зараз-жа, пакінуўшы сеткі свае, пайшлі за Ім. 19 І адыйшоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Завядэевага й Яна, брата яго, якія таксама ў чаўне папраўлялі сеткі свае. 20 І зараз-жа паклікаў іх, і яны, пакінуўшы ў чаўне бацьку свайго Завядэя з наймітамі, пайшлі за Ім. 21 І, прыходзяць у Капэрнаум, і незабавам у сыботу ўвайшоў Ён у сынагогу й навучаў. 22 І дзівіліся з навукі Ягонае, бо наўчаў іх, як поўнаўладны, а не як кніжнікі. 23 Быў у сынагозе іхняй чалавек, апанаваны духам нячыстым, які закрычаў, 24 Кажучы: “Пакінь! Што Табе да нас, Ісус Назаранін? Прыйшоў Ты загубіць нас! Ведаю Цябе, Хто Ты ёсьць — Сьвяты Божы". 25 Але Ісус забараніў яму, сказаўшы: "3моўкні й выйдзі зь яго". 26 Тады нячысты дух, скалануўшы яго й закрычаўушы моцным голасам, выйшаў зь яго. 27 I жахнуліся ўсе, і адзін у аднаго пыталіся, кажучы: "Што гэта такое? Што гэта за вучэньне новае, што й нячыстым духам загадвае ўладарна, і слухаюцца Яго". 28 I хутка разыйшлася пагалоска пра Яго па ўсіх аколіцах Галілейскіх. 29 Тады, зараз-жа, выйшауўшы із сынагогі, прыйшлі ў дом Сымона й Андрэя, разам зь Якубам і Янам. 30 Цешча-ж Сымонава ляжала ў гарачцы, і адразу-ж сказалі Яму пра яе. 31 I, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку; і ўраз зьнікла гарачка яе, і яна пачала прыслугоўваць ім. 32 Калі надыйшоў вечар, на захадзе сонца прынесьлі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных нячыстым. 33 Усё места зыйшлося каля дзьвярэй. 34 І Ён ацаліў многіх, якія цярпелі ад цяжкіх нядугаў, і павыганяў шмат злыдухаў і не дазваляў злыдухам гаварыць, што яны ведаюць Яго — Хрыста. 35 А нараніцы, устаўшы на сьвітаньні, выйшаў і аддаліўся ў пустыннае месца й там маліўся. 36 Сымон-жа й тыя, што былі зь Ім, пайшлі за Ім. 37 І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: "Усе шукаюць Цябе". 38 Ён-жа сказаў ім: "Пойдзем у бліжэйшыя вёскі й месты, каб там Мне навучаць, бо дзеля гэтага Я прыйшоу". 39 I навучаў у сынагогах іхных усюды па ўсёй Галілеі й выганяў таксама злыдухаў. 40 Прыходзіць да Яго запракáжаны і, молячы й пáдаючы прад Ім на калены, кажа Яму: "Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць". 41 Ісус, зьлітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго й сказаў яму: "Хачу, станься чыстым". 42 I, як толькі гэта сказаў, праказа ўраз зыйшла й стаў чыстым. 43 I, прыгразіўшы яму, зараз-жа адправіў яго. 44 I сказаў яму: "Глядзі, нікому нічога не кажы, але пайдзі, пакажыся ярэю й ахвяруй за ачышчэньне тваё, як загадаў Майсей, у сьведчаньне ім". 45 А ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і разгалошваць усюды; дзеля гэтага Ісус, каб не выяўляцца, ня йшоў ужо ў места, але трымаўся вонках, у месцах пустынных; і прыходзілі да Яго адусюль.

 

Разьдзел 2

1 Праз колькі дзён Ён ізноў прыйшоў у Капэрнаум; і стала ведамым, што Ён у доме. 2 .Хутка зыйшлося столькі народу, што ўжо ня было месца й каля дзьвярэй, і прамаўляў ім слова. 3 I прыйшлі да Яго, нясучы спараліжаванага ўчатырох. 4 Калі-ж не маглі данясьці яго да Ісуса з-за народу, яны раскрылі страху над месцам, дзе Ён быў і, зрабіўшы атворыну, спусьцілі пасьцель, на якой ляжаў спараліжаваны. 5 Ісус, бачачы веру іхную, кажа спараліжаванаму: "Сыне, адпускаюцца табе грахі твае". 6 Былі-ж там некаторыя з кніжнікаў і, седзячы, размысьлялі ў сэрцах сваіх. 7 Што гэта Ён так блюзьнерыць? Хто можа адпускаць грахі, апрача самога Бога? 8 Ісус, адразу спасьцярогшы Духам Сваім, што яны гэтак думаюць, сказаў ім: "Нашто гэтак памысьляеце ў сэрцах вашых? 9 Што лягчэй сказаць спараліжаванаму: адпускаюцца табе грахі твае, ці сказаць: устань, вазьмі пасьцель сваю й хадзі? 10 Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, кажа спараліжаванаму: Кажу табе, устань, вазьмі пасьцель тваю ды йдзі ў дом твой". 12 I той ураз устаў, узяў пасьцель сваю й выйшаў прад усімі; усе-ж дзівіліся, славячы Бога, і гаварылі: "Ніколі нічога такога мы ня бачылі". 13 Ісус-жа выйшаў да мора, і ўвесь народ пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх. 14 А, праходзячы, убачыў Левія Алфеевага, які сядзеў пры падатковай зборніцы, і кажа яму: "Ідзі за мною". Той устаў і пайшоў сьледам за Ім. 15 І вось, калі Ісус сядзеў за сталом у доме ягоным, разам зь Ім сядзелі й вучні Ягоныя й шмат мытнікаў і грэшнікаў, бо многа іх было, і яны хадзілі разам зь Ім. 16 Кніжнікі-ж і фарысеі, убачыўшы, што спажывае яду разам з мытнікамі й грэшнікамі, гаварылі вучням Ягоным: "Як гэта Ён есьць і п’е з мытнікамі й грэшнікамі?" 17 Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў ім: "Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя; і Я прыйшоў паклікаць ня праведнікаў, але грэшнікаў да пакаяньня". 16 Тады вучні Янавы й фарысейскія пасьцілі, і вось падыходзяць і кажуць Яму: Чаму вучні Янавы й фарысейскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?" 19 I сказаў ім Ісус: "Ці-ж могуць пасьціць сыны бяседы вясельнае, пакуль зь імі жаніх? У часе калі жаніх зь імі, ня могуць пасьціь. 20 Але прыйдуць дні, калі адыймецца ад іх жаніх, і тады будуць пасьціць у дні тыя. 21 I ніхто не прыстаўляе латкі з суравога палатна да старое вопраткі, бо новая латка адарвецца ад старога, і дзірка зробіцца яшчэ большая. 22 I ніхто ня ўлівае сьвежага віна ў старыя мяхі, бо інакш, сьвежае віно прарве старыя мяхі, і віно выцеча, і мяхі зглумяцца, але сьвежае віно трэба наліваць у мяхі новыя". 23 I было-ж, калі праходзіў Ён у сыботу праз поле, між збожжа, і вучні Ягоныя, праходзячы пачалі зрываць калосьсе. 24 I сказалі Яму фарысеі: "Глядзі, што яны робяць у сыботу, чаго не павінны рабіць". Ён-жа сказаў ім: 25 "Няўжо вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу, згаладаў сам і ўсе, што зь ім былі? 26 Калі ўвайшоў ён у дом Божы пры архісьвятару Авіяфару й еў хлеб ахвярны, які не належала есьці нікому, апрача ярэяў, і даў тым, якія былі зь ім". 27 I кажа ім: "Сыбота для чалавека, а не чалавек для сыботы. 28 А таму, Сын Чалавечы — гаспадар і сыботы".

 

Разьдзел 3

1 І прыйшоў ізноў у сынагогу; там быў чалавек, які меў засохлую руку. 2 І сачылі Яго, ці ня будзе ацаляць у сыботу, каб абвінаваціць Яго. 3 Ён-жа кажа сухарукаму: "Стань пасяродку". 4 Тады гаворыць да іх: "Ці належыць у сыботу дабро тварыць, ці тварыць зло? Душу выбавіць ці загубіць яе?" Але яны маўчалі. 5 I, глянуўшы на іх гнеўна ды сумуючы аб закамянеласьці сэрцаў іхных, кажа сухарукаму: "Падымі руку тваю!" Ён падняў, і стала рука яго здароваю, як і другая. 6 Фарысеі выйшаўшы, зараз-жа зрабілі змову з ірадыянамі на Яго, каб загубіць Яго. 7 Ісус-жа з вучнямі Сваімі адыйшоў да мора, а за Ім пайшло мноства народу з Галілеі, Юдэі, 8 3 Ерусаліму, і Ідумэі, і з-за Ярдану, і з ваколіц Тыру й Сыдону, — вялікай грамадою йшлі да Яго, дачуўшыся, што Ён тварыў. 9 I сказаў вучням Сваім, каб прыгатавалі для Яго човен, з увагі на мноства народу, каб ня сьціскалі Яго. 10 Бо шматлікіх Ён ацаліў, таму ўсе, хто меў нядугу, ціснуліся да Яго, каб дакрануцца да Яго. 11 І духі нячыстыя, убачыўшы Яго, пáдалі прад Ім і крычалі, кажучы: "Ты Сын Божы!" 12 Але Ён моцна забараняў ім, каб не выяўлялі Яго. 13 I, узыйшоўшы на гару, паклікаў да Сябе, каго Сам хацеў, і прыйшлі да Яго. 14 I, выбраўшы зь іх дванаццаць, каб былі зь Ім і каб пасылаць іх на прапаведаньне. 15 I каб яны мелі ўладу вызваляць зь нядугаў і выганяць злыдухаў. 16 І выбраў Сымона, даўшы яму ймя Пётра. 17 I Якуба Заведэева й Яна, брата яго, даўшы ім іменьні Бэанаргэс, што значыць – сыны громавы. 18 I Андрэя, і Піліпа, і Бартламея, і Мацьвея, і Хаму, і Якуба Алфеевага, і Фадзея, і Сымана Кананіта. 19 І Юду Іскарыёта, які й прадаў Яго. 20 I прыходзяць дадому, ізноў зыходзіцца народ, аж ім нават і хлеба зьесьці нельга было. 21 I, дачуўшыся, бліжнія Яго пайшлі забраць Яго, бо апавядалі, што Ён не пры сабе. 22 А кніжнікі, якія прыйшлі зь Ерусаліму, гаварылі, што Ён мае ў Сабе вельзэвула, і што выганяе злыдухаў сілаю князя шатанскага. 23 I, паклікаўшы іх, гаварыў ім прыпавесьцямі: "Як можа шатан шатана выганяць? 24 Калі гаспадарства само ў сабе падзеліцца, ня можа ўстаяць гаспадарства тое. 25 I калі дом разьдзеліцца сам ў сабе, ня зможа ўстаяць дом той. 26 I калі шатан паўстаў сам на сябе й разьдзяліўся, ня можа ўстаяць, але канец яму. 27 Ніхто ня можа, увайшоўшы ў дом дужага чалавека, рабаваць дабро яго, калі перш ня зьвяжа дужага, і тады абрабуе дом ягоны". 28 "Папраўдзе кажу вам: усе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым і ўсе зьнявагі, якімі-б ні зьневажалі. 29 Але хто будзе зьневажаць Духа Сьвятога, таму ня будзе адпушчэньня ніколі, бо падлягае вечнаму асуджэньню. 30 I сказаў гэта таму, што гаварылі: "У Ім нячысты дух". 31 Тады прыйшлі Маці й браты Ягоныя і, стоячы вонках дому, паслалі да Яго паклікаць Яго. 32 Навокал Яго сядзеў народ; і сказалі Яму: "Вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на падворку пытаюць пра Цябе. 33 I сказаў ім: "Хто Маці Мая, ці браты Мае?" 34 I, абвёўшы позіркам усіх, што сядзелі вокал Яго, сказаў: "Вось маці Мая й браты Мае. 35 Бо хто будзе выпаўняць волю Божую, той брат Мой, і сястра Мая, і маці Мая".

 

Разьдзел 4

1 І ізноў пачаў навучаць над морам; і сабралася ля Яго такое мноства народу, што Ён увайшоў у човен і сядзеў на моры, а ўвесь народ быў на зямлі пры моры. 2 І доўга павучаў іх прыпавесьцямі, і ў навучаньні Сваім гаварыў ім: 3 Слухайце: вось выйшаў сейбіт сеяць. 4 I калі ён сеяў, адно насеньне ўпала на дарогу, і наляцелі птушкі й падзяўблі яго. 5 Іншае ўпала на грунт камяністы, дзе было мала зямлі, і хутка ўзыйшло, бо зямля была неглыбокая. 6 Калі-ж прыгрэла сонца, яно завяла і, ня маючы караня, ссохла. 7 Іншае ўпала ў цярніну; і вырасла цярніна й заглушыла яго, і плоду ня выдала. 8 Іншае ўпала ў добрую глебу й дало плён: адно трыццаць, іншае шэсьцьдзесят, іншае стакроць". 9 I сказаў ім: "Хто мае вушы слухаць, няхай слухае". 10 Калі-ж астаўся без народу, тыя, якія былі зь Ім разам з дванаццацьма, папыталіся ў Яго пра прыпавесьць. 11 І сказаў ім: "Дадзена вам пазнаваць тайніцы Ўладарства Божага, а тым пабочным усё падаецца ў прыпавесьцях. 12 Што гледзячы вачыма сваімі — ня бачаць, слухаюць вушамі сваімі — не разумеюць, каб не навярнуцца ды каб ня былі дараваныя ім грахі іхныя". 13 I кажа ім: "Не разумееце гэтае прыпавесьці? Як-жа вам зразумець усе прыпавесьці? 14 Сейбіт слова сее. 15 Пасеянае пры дарозе азначае тых, між якіх слова сеецца, але як толькі пачуюць, зараз-жа прыходзіць шатан і вырывае слова, пасеянае ў сэрцах іхных. 16 Таксама пасеянае на камяністым груньце — гэта тыя, якія, пачуўшы слова, адразу прыймаюць яго з радасьцяй. 17 Але ня маюць у сабе карэньня, і трымаюцца да часу; калі-ж прыходзіць трывога, уціск і гнабленьне за слова, зараз-жа спакушаюцца. 18 А тыя, што ў цярніне пасеяныя — гэта тыя, якія чуюць слова. 19 Але жыцьцёвыя клопаты, зманлівасьць багацьця й розныя іншыя жаданьні, уваходзячы ў іх, заглушаюць слова, і яно стаецца бясплённым. 20 А пасеянае на добрай глебе — гэта тыя, якія чуюць слова, прыймаюць яго й даюць плён — адзін у трыццаць, другі ў шэсьцьдзесят, іншы ў стакроць". 21 І сказаў ім: "Ці-ж на тое прыносяць сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзіну, або пад ложак? А ці-ж не для таго, каб паставіць яе на падсьвечніку? 22 Бо няма нічога тайнага. каб ня сталася яўным, і нічога сукрытага, каб ня выявілася. 23 Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае". 24 I сказаў ім: "Заўважайце, што чуеце: якою мераю мераеце, такою й вам адмерана будзе й дададзена будзе вам слухаючым. 25 Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго адыймецца й тое, што мае". 26 I сказаў: "Уладарства Божае падобнае да чалавека кідаўшага насеньне ў землю. 27 І сьпіць, і устае; і ноч і дзень, і насеньне прарастае й расьце без яго веданьня. 28 Бо зямля сама сабою родзіць: сьпярша рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. 29 Калі-ж насьпее плён, зараз-жа пасылае жаць, бо настала жніва". 30 І сказаў: "Да чаго прыпадобнім Уладарства Божае? Ці якою прыпавесьцяй выкажам яго? 31 Яно, як зерне гарчычнае: калі высяваецца ў зямлю, яно меншае за ўсякае зерне на зямлі 32 Калі-ж пасеянае ўзрастае, становіцца большае за ўсякае зельле, і выпускае вялікія галінкі, і ў цені іх могуць хавацца птушкі нябесныя". 33 I гэткімі шматлікімі прыпавесьцямі прамаўляў да іх слова, наколькі яны маглі ўспрыняць. 34 Без прыпавесьці не гаварыў ім; а вучням асобна разьясьняў усё. 35 Таго-ж дня ўвечары ім сказаў: "Пераплывем на той бок". 36 І яны, адправіўшы народ, узялі Яго з сабою, так як быў у чаўне, і былі зь Ім іншыя чаўны. 37 І ўсхадзілася вялікая бура, хвалі так білі ў човен, што човен пачаў напаўняцца вадою. 38 Ён-жа Сам спаў пры стырне на ўзгалоўі; Яго будзяць і кажуць Яму: "Настаўніку, няўжо Ты ня дбаеш, што мы загібаем?" 39 І ўстаўшы, Ён супакоіў вецер і азваўся да мора: "Сьціхні, супакойся!" I заціх вецер, і стала вялікая ціша. 40 I сказаў ім: "Чаму вы такія баязьлівыя? Як-жа ў вас няма веры?" 41 Яны-ж праняліся страхам вялікім і гаварылі паміж сабою: "Хто-ж гэта, што і вецер і мора паслушныя Яму?"

 

Разьдзел 5

1 I прыплылі на другі бок мора ў краіну Гадарынскую. 2 I, як толькі Ён выйшаў з чаўна, адразу-ж сустрэў Яго чалавек, выбегшы з магільніку. Ён апанаваны быў духам нечысьці. 3 Меў ён прыстанішча ў магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць, нават ланцугамі. 4 Бо няраз скоўвалі яго кайданамі й ланцугамі, але ён разрываў ланцугі й разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог уціхамірыць яго. 5 Заўсёды, і дзень і ноч ён быў між магілаў і ў горах, хаваючыся й б'ючыся аб каменьне. 6 Убачыўшы Ісуса здалёк, ён прыбег і пакланіўся Яму. 7 І, закрычаўшы моцным голасам, прамовіў: "Што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога Найвышэйшага!? Заклікаю Цябе Богам, ня муч мяне". 8 Бо Iсус сказаў яму: "Выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека". 9 I спытаў у яго: "Як тваё імя?" Ён-жа сказаў у адказ: "Імя маё легіён, бо нас многа". 10 I вельмі прасіў Яго , каб ня высылаў іх вонкі з краіны тэй. 11 Пасьвіўся-ж там пры гары вялікі гурт сьвіней. 12 I прасілі Яго ўсе злыдухі, кажучы: "Пашлі нас да сьвіней, каб мы маглі ўвайсьці ў іх". 13 Ісус ураз-жа дазволіў ім, і, выйшаўшы, злыдухі ўвайшлі ў сьвіньні, і памкнуў увесь гурт з кручы ў мора, а было-ж іх да дзьвёх тысячаў, і патапіліся ў моры. 14 Пастухі-ж сьвіней пабеглі й расказалі ў месьце й вёсках, а тады выйшлі жыхары паглядзець, што сталася 15 Прыходзяць да Iсуса й бачаць, што апанаваны злыдухамі, у якім быў легіён, сядзіць адзеты й пры добрым розуме, і спалохаліся. 16 Тыя-ж, якія бачылі ўсё, расказалі ім, што сталася з апанаваным і пра сьвіней. 17 Тады жыхары пачалі прасіць Ісуса, каб адыйшоў зь іхняй ваколіцы. 18 Калі-ж Ісус увайшоў у човен, папрасіў Яго вызвалены ад злыдухаў, каб быць зь Ім. 19 Але Ісус не дазволіў і сказаў яму: "Ідзі ў дом твой да сваіх і раскажы ім, што учыніў табе Госпад і як памілаваў цябе". 20 I ён пайшоў і пачаў абвяшчаць у Дзесяціградзьдзі, што ўчыніў зь ім Ісус, і ўсе дзівіліся. 21 Калі Iсус прыбыў у чаўне ізноў на той бок, зыйшлося да Яго многа народу, і быў Ён пры моры. 22 I вось прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, на ймя Ёсір, і ўгледзеўшы Яго, прыпадае да ног Ягоных. 23 I горача просіць Яго, кажучы: "Дачка мая пры сьмерці, прыйдзі, узлажы на яе рукі, каб яна ачуняла й жыла". 24 І Ісус пайшоў зь ім. I ў сьлед за Ім ішло шмат народу, і сьціскалі Яго. 25 Адна жанчына, якая цярпела ад крывяцечы дванаццаць гадоў, 26 Шмат страціла на розных дактароў, раздаўшы ўсё, што мела, і не знайшла палёгкі, але яшчэ больш заняпала. 27 Дачуўшыся пра Ісуса, падыйшла ззаду між людзей і дакранулася да вопраткі Ягонае. 28 Бо казала: "Калі хоць да вопраткі Ягонае дакрануся, буду збавёна". 29 I ўраз запынілася ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе сваім, што выбавілася ад нядугі. 30 У той-жа час Ісус, адчуўшы Сам у Сабе, што зыйшла ад Яго сіла, абярнуўся да людзей і сказаў: "Хто дакрануўся да вопраткі Мае?" 31 Вучні-ж Ягоныя сказалі Яму "Бачыш як народ цісьнецца да Цябе, і Ты пытаеш — хто дакрануўся да Мяне?" 32 Але Ён узіраўся навокал, каб убачыць тую, якая ўчыніла гэта. 33 Жанчына ў страху й трывозе, ведаючы, што зь ёю сталася, падыйшла й пала прад Ім, і сказала Яму ўсю праўду. 34 Ён-жа сказаў ей: "Дачка! Вера твая спасла цябе, ідзі ў супакоі й будзь ацаленая ад нядугі твае. 35 Калі Ён яшчэ гаварыў прыходзяць ад начальніка сынагогі й кажуць: "Дачка твая памерла, навошта яшчэ турбуеш Настаўніка?" 36 Але Ісус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў начальніку сынагогі: "Ня бойся, толькі вер". 37 I не дазволіў нікому ісьці за Сабою, апрача Пятра, Якуба й Яна — брата Якубавага. 38 I прыходзіць да дому начальніка сынагогі, і бачыць трывогу, плач і лямэнт вялікі. 39 I, увайшоўшы, гаворыць ім: "Чаго хвалюецеся й плачаце? Дзяўчынка не памерла, яна сьпіць". 40 I зьдзекліва адзываліся пра Яго, але Ён, адправіўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку й маці дзяўчынкі й тых, якія прыйшлі зь Ім, і уваходзіць туды, дзе дзяўчынка ляжала. 41 I, узяўшы дзяўчынку за руку, сказаў ёй: "Талíфа кýмі" — гэта значыць, дзяўчынка, кажу табе, устань. 42 I дзяўчынка ўраз устала й пачала хадзіць; было ёй гадоў дванаццаць, і жахнуліся ўсе ад вялікага дзіва. 43 Ён-жа станоўча заказаў, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў: "Дайце ёй есьці".

 

Разьдзел 6

1 I выйшаў адтуль і прыйшоў на сваю радзіму, за Ім ішлі й вучні Ягоныя. 2 Калі настала сыбота, пачаў навучаць у сынагозе, і многія слухаючы з падзіўленьнем, гаварылі: "Адкуль у Яго гэта? Што за мудрасьць дадзена Яму, што цуды гэткія чыняцца рукамі Ягонымі? 3 Ці-ж ня цесьля гэта, сын Марыі, брат Якуба, Ясіі, Юды й Сымона? Ці-ж ня тут між намі й сёстры Ягоныя?" I блазнавалі над Ім. 4 Ісус-жа сказаў ім: "Ня бывае прарок без пашаны, хіба толькі на радзіме сваёй, ці між радні, ці ў доме сваім". 5 I ня мог там учыніць ніякага цуду, толькі аздаравіў некаторых нядужых, усклаўшы на іх рукі Свае. 6 I дзівіўся зь недаверства іхнага; і хадзіў па навакольных паселішчах, навучаючы. 7 Паклікаўшы дванаццацёх, пачаў іх пасылаць па двух і даў ім уладу над духамі нячыстымі. I запавядаў ім — у дарогу нічога ня браць, апрача падарожнага кія: ні торбы, ні хлеба, ні медзякоў у поясе. 9 На абутак — сандалі і не апранацца ў дзьве вопраткі. 10 I сказаў ім: "Калі дзе ўвойдзеце ў дом, аставайцеся ў ім, пакуль ня выйдзеце зь места таго. 11 Калі-ж дзе ня прымуць вас, ці ня будуць слухаць вяс, адыходзячы адтуль, атрасеце пыл зног вашых, на сьвядоцтва супраць іх; папраўдзе кажу вам: лягчэй будзе Садоме й Гаморы ў дзень судны, чым месту таму". 12 Яны пайшлі, і абвяшчалі й клікалі да пакаяньня. 13 І выганялі шмат злыдухаў, і ацалялі многа нядужых намазваючы іх алеем.14 Кароль Ірад, пачуўшы пра Ісуса, бо Імя Яго было разгалошана, – гаварыў: "Гэта Ян Хрысьціцель уваскрос зь мёртвых, і дзеля гэтага цуды праз яго дзеюцца". 15 Іншыя-ж гаварылі: "Гэта Ільля", а яшчэ іншыя, што гэта прарок. 16 Ірад-жа, пачуўшы, сказаў: Гэта Ян, якому я сьцяў галаву, ён устаў зь мёртвых". 17 Бо той-жа Ірад паслаў узяць Яна і ўкінуць яго ў вязьніцу за Ірадыяду, жонку брата свайго Піліпа, якую ўзяў за жонку сабе. 18 Ян-жа гаварыў Іраду. "Ня можна табе мець жонку брата твайго". 19 Ірадыяда-ж узлавалася на яго, і хацела яго загубіць, але не магла. 20 Бо Ірад баяўся Яна, ведаючы яго, як мужа справядлівага й сьвятога, і сьцярог яго, і часта дзеяў слухаючы яго, і слухаў яго з павагай. 21 Але надыйшоў дзень лёсу, калі Ірад у дзень сваіх народзінаў спраўляў банкет для вяльможаў сваіх, тысячнікаў і старшыняў Галілейскіх. 22 I дачка тэй Ірадыяды, увайшоўшы, танцавала, і так дагадзіла Іраду й усім на банкеце, што кароль сказаў дзяўчыне: "Прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе". 23 І кляўся ёй: "Чаго ні папросіш, дам табе, хоць-бы палавіну каралеўства майго". 24 Яна-ж выйшла й папыталася ў маці свае, чаго прасіць, а тая сказала: "Галаву Яна Хрысьціцеля". 25 I дачка, вярнуўшыся да караля, папрасіла, кажучы: "Хачу, каб ты даў мне цяпер на падносе галаву Яна Хрысьціцеля". 26 І засмуціўся кароль, але з увагі на клятву й на гасьцей сваіх не захацеў адмовіць ёй. 26 У той-жа час кароль паслаў ката, загадаўшы яму прынесьці галаву Яна, той пайшоў і сьцяў галаву яму ў цямніцы. 28 I прынёс галаву на падносе й аддаў дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй. 29 Вучні-ж ягоныя дачуўшыся, прыйшлі й узялі цела яго й палажылі ў магілу. 30 Апосталы, вярнуўшыся, зыйшліся да Ісуса й расказалі Яму ўсё, што яны зрабілі й чаго навучылі. 31 I сказаў ім: "Пайдзеце вы самі адны ў месца пустыннае й супачыньце крыху, бо так многа прыходзіла да іх і адыходзіла, што нават есьці ім было некалі. 32 I адплылі ў чаўне у месца пустыннае адны. 33 Але многія бачылі, як адыходзілі й пазналі іх, і пешша беглі туды з усіх местаў і, апярэдзіўшы іх, зыйшліся да Яго. 34 Ісус, выйшаўшы, убачыў шмат людзей і зьлітаваўся над імі, бо былі яны, як авечкі, без пастуха, і пачаў навучаць іх многаму. 35 Па нейкім часе, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: "Месца тут пустыннае, а час ужо позьні. 36 Адпусьці іх, каб маглі пайсьці ў акалічныя паселішчы дабыць сабе хлеба, бо ня маюць чаго есьці. 37 Ён-жа у адказ сказаў: ім: "Вы дайце ім есьці". Яны-ж кажуць Яму: "Можам пайсьці купіць за дзьвесьце дынараў хлеба й даць ім есьці". 38 Але Ён спытаў ў іх: "Колькі хлябоў вы маеце?" Пайдзеце паглядзеце". Яны, даведаўшыся, сказалі "Пяць хлябоў і дзьве рыбы". 39 Тады загадаў ім рассадзіць усіх гурткамі на зялёнай траве. 40 I паселі радамі па сто й па пяцьдзесят. 41 I, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуў на неба і, дабраславіўшы, разламаў хлябы й даў вучням сваім, каб разлажылі перад людзьмі; і дзьве рыбы разьдзяліў на ўсіх. 42 I елі ўсе й задаволіліся. 43 I набралі кускоў хлеба й астаткаў ад рыбы дванаццаць поўных карабоў. 44 Было-ж усіх, якія елі, блізу пяці тысячаў мужчын. 45 I зараз-жа загадаў вучням Сваім увайсьці ў човен і плысьці наперад на другі бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусьціць народ. 46 Адпусьціўшы-ж народ, пайшоу на гару памаліцца. 47 Калі настаў вечар, човен быў пасярэдзтне мора, а Ён адзін на зямлі. 48 I ўбачыў іх зьняможаных вяславаньнем, бо вецер быў супраціўны, каля чацьвёртай старожы ночы падыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў мінаць іх. 49 Яны-ж, убачылі Яго, як ішоў па моры, падумалі, што гэта здань, і закрычалі. 50 Бо ўсе бачылі Яго й спалохаліся. Тады Ён загаварыў да іх, прамовіўшы: "Сьмялей дзяржэцеся, гэта Я, ня бойцеся". 51 I ўвайшоў да іх у човен. Вецер улёгся. Яны-ж моцна сумеліся ў сабе й дзівіліся. 52 Не ўсьведамілі яны сабе цуду з хлебамі, бо сэрцы іхныя былі ацьвярдзелыя. 53 I, пераплыўшы, прыбылі ў зямлю Гэнісарэцкую, і прысталі да берагу. 54 Калі яны выйшлі з чаўна, людзі зараз-жа пазналі Яго. 55 I, абегшы ўсю тую ваколіцу, пачалі прыносіць хворых на пасьцелях іхных, туды, дзе, як чулі, Ён быў. 56 I куды-б ні прыходзіў Ён: ці ў пасёлкі, ў ці вёскі, ці ў месты, — клалі хворых на плошчах, і прасілі Яго, каб ім дакрануцца хоць да краю вопраткі Ягонай. I хто дакранаўся да Яго, быў ацалены.

 

Разьдзел 7

1 I зыйшліся да Яго фарысеі й некаторыя кніжнікі, прыйшоўшы зь Ерусаліму. 2 А ўгледзеўшы, што іншыя з вучняў Ягоных елі хлеб зь нячыстымі — гэта значыць зь непамытымі перад ядой рукамі, зганілі гэта. 3 Бо фарысеі й усе юдэі, трымаючыся старых укладаў, не ядуць не памыўшы добра рук. 4 I калі прыходзяць з рынку, не ядуць перш не памыўшыся; і шмат чаго іншага, перанятага з даўніны, трымаюцца, як абмываньне кубкаў, чараў, катлоў і лавак. 5 Пасьля пытаюць у Яго фарысеі й кніжнікі: "Чаму вучні Твае ня трымаюцца ўкладаў старэйшых, але ядуць хлеб зь непамытымі рукамі". 6 Ён-жа ў адказ сказаў ім: "Добра прарочыў Ісая пра вас крывадушных, як гэта напісана: "Людзі гэтыя ўсхваляюць Мяне вуснамі, сэрца-ж іх далёка адхілена ад Мяне. 7 Але дарма ўсхваляюць Мяне, трымаючыся навыкаў і запаветаў чалавечых. 8 I вось вы, пакідаючы запаветы Божыя, трымаецеся паданьняў чалавечых: абмываньня збанкоў і кубкаў, ды шмат чаго, падобнага да гэтага творыце". 9 I сказаў ім: "Ці добра, што вы адкідаеце прыказаньне Божае, каб выконваць паданьне ваша?" 10 Бо Майсей сказаў: "Паважай бацьку твайго й маці тваю" і "хто зьневажае бацьку ці маці, няхай сьмерцяй памрэ". 11 А вы кажаце: "Хто скажа бацьку ці маці "корван" гэта значыць дар, чым-бы ты мог карыстацца ад мяне? 12 Тады ўжо дазваляецца нічым не ўспамагаць ні бацьку свайму, ні маці сваёй. 13 Гэтак уневажняеце запавет Божы дзеля паданьняў вашых, якія вы ўстанавілі, ды робіце шмат чаго падобнага да гэтага". I, паклікаўшы людзей, казаў ім: "Слухайце Мяне ўсе й разумейце! 15 Не апаганьвае чалавека тое, што ўвайходзіць у яго звонку, але тое апаганьвае чалавека, што выйходзіць зь яго. 16 Калі хто мае вушы слухаць, няхай пачуе". 17 І калі Ён увайшоў у дом ад людзей, вучні Ягоныя спыталі ў Яго пра гэтую прыпавесьць. 18 I Ён сказаў ім: "Ці-ж і вы гэткія някемныя? Ці-ж не разумееце, што ўсё, прынятае чалавекам звонку, ня можа яго спаганіць. 19 Бо ня ў сэрца яму ўваходзіць, але ў жывот, і выходзщь вон, — гэтым ачышчаецца ўсё спажытае". 20 I сказаў яшчэ: "Тое, што выходзшь з чалавека, тое апаганьвае чалавека. 21 Бо з нутра, з сэрца чалавека выходзяць злыя памыслы: чужаманства, блуд, забойствы, 22 Зладзейства, прагавітасьць, злаба, хлусьлівасьць, падлыжніцтва, ашуканства, пагардасьць, бяссорамнасьць, блюзьнерства. 23 Усё гэтае злое з нутра выходзщь і апаганьвае чалавека". 24 I, выйшаўшы адтуль, адыйшоў у землі Тырскія й Сыдонскія. I, увайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто-колечы даведаўся, але ня мог утаіцца. 25 Пачула пра Яго жанчына, у якое дачка была апанавана злыдухам, і прыйшоўшы, прыпала да ног Ягоных. 26 Жанчына-ж тая была грачынка, Сірафінікіянскага паходжаньня. I маліла Яго, каб выгнаў злыдуха з дачкі яе. 27 Ісус-жа сказаў ёй: "Дай перш задаволіцца дзецям, бо нягожа ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць шчанятам". 28 Яна-ж, адказваючы, сказала Яму "Так, Госпадзе, але й шчаняты пад сталом ядуць крошкі ад дзяцей". 29 I сказаў ёй: "За гэтае слова, ідзі, выйшаў злыдух з дачкі твае". 30 I калі яна прыйшла дамоў, знайшла дачку на пасьцелі, і дух нечысьці пакінуў яе. 31 І, ізноў выйшаўшы зь межаў Тырскіх і Сыдонскіх, Ісус прыйшоў да мора Галілейскага, сярод Дзесяцігродзьдзя. 32 I прывялі да Яго глухога заіку, і прасіла Яго палажыць руку на яго. 33 Ісус, адвёўшы яго ад людзей аднаго, улажыў пальцы Свае ў вушы яго і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага. 34 I, глянуўшы на неба, уздыхнуў і прамовіў: "Эффафа" — гэта значыць "расчыніся". 35 I ўраз расчыніліся вушы яго й распаліся путы языка ягонага, і ён стаў гаварыць добра. 3 Тады загадаў ім, каб нікому не гаварылі, але колькі ні забараняў ім, яны яшчэ больш разгалошвалі. 37 I тым больш дзівіліся людзі ды гаварылі: Добра ўсё робіць: і глухіх чуткімі, і нямых гаваркімі.

 

Разьдзел 8

1 У тыя дні зыйшлося ізноў мноства народу, і ня мелі пры сабе ежы; тады Ісус, паклікаўшы да Сябе вучняў Сваіх, сказаў ім: "Шкада Мне людзей, што ўжо тры дні пры Мне й ня маюць чаго есьці". 3 Калі-ж адпушчу іх галодных дамоў, аслабеюць у дарозе, бо многія зь іх прыйшлі здалёк. 4 Вучні-ж Ягоныя сказалі Яму: "Скуль-жа мог-бы хто ў гэтай пустыні ўзяць хлеба, каб накарміць іх?" 5 I спытаўся ў іх "Колькі маеце хлябоў?" Яны-ж сказалі Яму: "Сем". 6 Тады сказаў людзям сесьці на зямлю, і ўзяушы сем хлябоў, узьнёс хвалу і, паламаўшы, раздаў вучням Сваім, каб яны раздалі, і яны раздалі людзям. 7 Мелі яны й некалькі рыбаў; і іх дабраславіўшы, сказаў раздацьь. 8 I елі й наеліся ўсе, і назьбіралі астачы сем кашоў. 9 Было-ж усіх, што елі, каля чатырох тысячаў: Тады адпусьціў іх. 10 I зараз-жа сеў у човен з вучнямі Сваімі й прыбыў у ваколіцы Далмануцкія. 11 Фарысеі-ж, папрыходзіўшы, пачалі зь Ім спрачацца, і патрабавалі ад Яго знаменьня зь неба, спакушаючы Яго. 12 I, уздыхнуўшы ў душы Сваёй, сказаў: "Нашто род гэты дамагаецца знаменьня? Запраўды кажу вам, ня будзе дадзена знаменьне роду гэтаму. 13 I, пакінуўшы іх, ізноў увайшоў у човен, і адплылі на другі бок. 14 Вучні-ж Ягоныя забыліся ўзяць хлеба, і апрача аднае баханкі хлеба нічога з сабою ня мелі 15 А Ён перасьцерагаў іх, кажучы: "Глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарысейскай і закісі Ірадавае. 56 I яны, разважаючы між сабою, гаварылі: "Гэта пра тое, што ў нас хлеба няма". 17 Ісус, зразумеўшы гэта, кажа ім: "Што разважаеце пра тое, што хлеба ня маеце? Ці яшчэ ня цяміце й не разумееце? Ці яшчэ ацьвярдзелае сэрца вашае? 18 Маючы вочы ня бачыце, маючы вушы ня чуеце й не памятаеце? 19 Калі Я паламаў пяць хлябоў на пяць тысячаў, колькі поўных карабоў кавалкаў назьбіралі вы?" Кажуць Яму: "Дванаццаць". 20 "А калі сем для чатырох тысячаў, колькі кашоў пазасталых кавалкаў набралі вы?" Яны сказалі: "Сем". 21 I сказаў ім: "Дык як-жа вы яшчэ не разумееце?" 22 I прыходзіць у Віфсаіду; і прыводзяць да Яго сьляпога ды просяць, каб дакрануўся да яго. 23 Ён узяў сьляпога за руку, вывеў яго за сялібу і, плюнуўшы яму ў вочы, паклаў на яго рукі й спытаў у яго, ці што бачыць. 24 I той, узіраючыся, сказаў: "Бачу людзей, нібы дрэвы хадзячыя. 25 Тады ізноў палажыў рукі на вочы яго й адкрыў зрок, і ён стаў бачыць усё ясна. 26 I адаслаў яго дадому, сказаўшы: "Не заходзь у вёску, і нікому ў сялібе не расказвай". 27 I пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў паселішчы Касарыі Піліпавай; у дарозе пытаў у вучняў Сваіх: “3а каго уважаюць Мяне людзі?" 28 Яны адказалі "За Яна Хрысьціцеля; іншыя — за Ільлю; іншыя-ж — за аднаго з прарокаў. 29 Ён-жа кажа ім: "А вы за каго Мяне ўважаеце?" Пётра ў адказ сказаў Яму: "Ты — Хрыстос". 30 I забараніў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго. 31 I пачаў навучаць Іх, што прызначана Сыну Чалавечаму цяжка адпакутаваць і быць адрынутым праз старшыняў архісьвятароў і кніжнікаў, і быць забітаму, і на трэйці дзень уваскроснуць. 32 І гаварыў гэта выразна для ўсіх; Пётра-ж, адклікаўшы Яго, стаў супярэчыць Яму. 33 Ён-жа, абярнуўшыся й глянуўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, сказаўшы: "Адыйдзі ад мяне, шатане, бо думаеш не пра Божае, але пра людзкое.” 34 І, падклікаўшы народ з вучнямі Сваімі, сказаў ім: "Калі хто хоча йсьці за Мною, адрачыся самога сябе й вазьмі крыж свой ды йдзі сьледам за Мною. 35 Бо хто хоча душу сваю зьберагчы, загубіць яе, а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне й Евангельля, той зьбяражэ яе. 36 I якая карысьць чалавеку, калі б ён здабыў увесь сьвет, а душу сваю зьвярэдзіў. 37 Альбо, што дасьць чалавек узамен за душу сваю. 38 Хто-ж пастыдаецца Мяне й слоў Маіх у родзе гэтым блудным і грэшным, таго пастыдаецца й Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з ангеламі сьвятымі".

 

Разьдзел 9

1 I сказаў ім: "Запраўды, гавару вам, ёсьць некаторыя з прысутных тут, што не зазнаюць сьмерці, як ужо ўбачаць Уладарства Божае, яўленае ў сіле". 2 Па шасьцёх днёх узяў Ісус Пятра, Якуба і Яна ды узьвёў на гару высокую асобна іх адных, і перамяніўся перад імі. 3 Вопратка яго стала зіхатлівай, белай, як сьнег, як на зямлі бялільнік ня можа выбелець. 4 I зьявіуся ім Ільля з Майсеем, і размаўлялі зь Ісусам. 5 Тады азваўся Пётра й сказаў Ісусу: "Вучыцель! Добра нам тут быць; зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну й адну Ільлі". 6 Гаварыў, ня ведаючы, што сказаць, бо былі яны перастрашаныя. 7 I спусьцілася хмара, ахінаючы іх; і пачуўся голас з-за хмары: "Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце". 8 I раптам, азірнуўшыся навокал, нікога больш з сабою ня ўбачылі, апрача Ісуса й сябе самых. 9 Калі-ж зыходзілі яны з гары, Ён загадаў ім нікому не расказваць пра бачанае тут, пакуль Сын Чалавечы не уваскрэсьне зь мёртвых. 10 І яны ўспрынялі ў сябе гэтае слова й разважалі між сабою, пытаючы адзін аднаго, што азначае — уваскроснуць зь мёртвых. 11 I спыталіся ў Яго, кажучы: "Як-жа кніжнікі гавораць, што перш належыць прыйсьці Ільлі". 12 Ён-жа ў адказ сказаў ім: "Так, Ільлі належыць прыйсьці перш і прыгатаваць усё; і Сыну Чалавечаму, як напісана пра Яго, належыць шмат адцярпець і быць пагарджанаму. 13 Але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і зрабілі зь ім, як захацелі, як і напісана пра яго". 14 I, прыйшоўшы да вучняў, убачыў многа народу вакол іх і кніжнікаў, якія спрачаліся зь імі. 15 I раптам увесь народ, убачыўшы Яго, зумеўся, і ў боязьні падбягалі й віталі Яго. 16 Ён-жа спытаўся ў кніжнікаў: "Пра што спрачаецеся зь імі?" 17 Адзін-жа з народу, азваўшыся сказаў: "Вучыцель! Я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога. 18 I дзе ні схопіць яго, кідае яго на зямлю, і ён пеніць і скрыгоча зубамі сваімі ды пруцянее; я гаварыў вучням Тваім, каб выгналі яго, і не змаглі.” 19 Ісус у адказ сказаў яму: "О, родзе няверны! Дакуль буду з вамі, дакуль буду цярпець вас? Прывядзеце яго да Мяне". 20 I прывялі яго да Ісуса; убачыўшы Яго, дух страсянуў нямога, і той упаў на зямлю й валяўся, спускаючы пену. 21 І спытаўся ў бацькі яго: "Колькі часу прайшло, як гэта сталася зь ім?" Той-жа адказаў: "Зь дзяцінства. 22 І шмат разоў дух кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго; але калі што можаш, зьлітуйся над намі й памажы нам". 23 Ісус сказаў яму: "Калі крыху можаш верыць, усё магчыма для таго, хто верыць". 24 I ўраз загаласіўшы, бацька юнака сказаў праз сьлёзы: "Веру, Госпадзе, памажы майму недаверству". 25 Тады Ісус, бачачы, што зьбягаецца народ, загразіў Духу нячыстаму, кажучы яму: "Дух нямы й глухі: Я загадваю табе, выйдзі зь яго й больш не ўваходзь у яго". 26 I, моцна закрычаўшы й скалануўшы яго, выйшаў; і ён стаўся, як няжывы, а многія гаварылі, памёр. 27 Ісус-жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў. 28 I калі Ісус увайшоў у дом, вучні Ягоныя пыталіся ў Яго: "Чаму мы не маглі выгнаць яго?" 29 I сказаў ім: "Род гэты інакш ня можа выйсьці, як толькі ад малітвы й посту". 30 I, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб хто даведаўся. 31 Бо навучаў вучняў сваіх, гаворачы ім, што Сын Чалавечы выданы будзе ў рукі чалавечыя, і заб'юць Яго, і быўшы забітым, на трэйці дзень уваскросьне. 32 Яны-ж не разумелі сказанага, але баяліся ў Яго спытацца. 33 I прыйшлі ў Капэрнаум; а калі быў у доме, папытаўся ў іх: "Пра што вы ў дарозе разважалі між сабою?" 34 Яны-ж маўчалі, бо разважалі ў дарозе між сабою, хто зь іх большы. 35 I, сеўшы, падклікаў дванаццацёх і сказаў ім: "Калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім і для ўсіх слугою.” 36 I, узяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх, ды абняўшы яго, сказаў ім: 37 "Хто прыйме адно з гэткіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыйме, а хто Мяне прыйме, той не Мяне прыймае, але Таго, хто паслаў Мяне". 38 Пры гэтым Ян, азваўшыся, сказаў: "Вучыцель, мы бачылі чалавека, які Імём Тваім выганяе злыдухаў, але ня йдзе за намі; і мы забаранілі яму, бо ён ня йдзе за намі". 39 Ісус-жа сказаў: "Не забараняйце яму, бо ніхто, стварыўшы цуд Імём Маім, ня будзе зараз зласловіць. 40 Бо хто ня супраць вас, той за вас. 41 Хто напоіць вас чашаю вады ў Імя Маё, дзеля таго, што вы Хрыстовы, — запраўды, кажу вам, ня страціць узнагароды свае. 42 А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, верных Мне, лепш было-б яму, каб завесілі яму жарновы камень на шыю і ўкінулі ў мора. 43 I калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе; лепш табе калекам увайсьці ў жыцьцё, чым зь дзьвюма рукамі йсьці у геену, у агонь незгасальны. 44 Дзе й чарвяк іх ня ўмірае й агонь не згасае. 45 I калі нага твая спакушае цябе, адсячы яе: лепш табе увайсьці ў жыцьцё кульгаваму, чым зь дзьвюма нагамі быць укінутым у геену, у агонь незгасальны. 46 Дзе й чарвяк іх ня ўмірае, і агонь не згасае. 47 I калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго: лепш табе аднавокаму увайсьці ў Уладарства Божае, чым з двума вокамі быць укінутым у геену агнявую. 48 Дзе чарвяк іх ня ўмірае, і агонь не згасае. 49 Бо кожны агнём асоліцца, і ўсякая ахвяра сольлю асоліцца. 50 Соль — добрая рэч; але калі соль несалёнай стане, чым яе асоліш? Мейце-ж соль у сабе, і мір мейце між сабою".

 

Разьдзел 10

1 I, выйшаўшы адтуль, прыходзіць у ваколіцы Юдэйскія за Ярданам; ізноу зьбіраецца да Яго народ, і ізноу звычаем сваім Ён навучаў іх. 2 I, прыступіўшыся фарысеі спакусьліва пыталіся ў Яго: "Ці можна мужу пакідаць жонку сваю. 3 Ён-жа ў адказ сказаў ім: "Што запавядаў вам Майсей?" 4 Яны-ж сказалі: "Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разлучацца". 5 Ісус, адказваючы, сказаў ім: "Дзеля жорсткасьці сэрца вашага ён напісаў вам гэты запавет. 6 Але на пачатку тварэньня Бог стварыў іх мужам і жонкаю. 7 Дзеля таго пакіне чалавек бацьку свайго й маці. 8 Ды прыстане да жонкі свае, і стануцца двое ў адно цела; дык іх ужо ня два, але адно цела. 9 От-жа, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае". 10 А дома вучні Ягоныя ізноў спыталіся ў Яго пра тое самае. 11 І сказаў ім: "Хто пакіне жонку сваю, той блудадзейнічае прад ёю. 12 I калі жонка пакіне мужа свайго ды выйдзе за другога — блудадзейнічае". 13 I прыносілі да Яго дзяцей, каб дакранаўся да іх; вучні-ж забаранялі прыносячым. 14 Убачыўшы гэта, Ісус абурыўся й сказаў ім: "Пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне й не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Уладарства Божае. 15 Папраўдзе кажу вам: хто ня прыйме Уладарства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго". 16 I, абняўшы іх, усклаў на іх рукі й дабраславіў іх. 17 І калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта і, упаўшы прад Ім на калены, спытаўся ў Яго: "Вучыцель добры! Што мне рабіць, каб насьлядаваць жыцьцё вечнае?" 18 Ісус сказаў яму: "Чаму завеш Мяне добрым? Ніхто-ж ня добры, толькі адзін Бог. 19 Ведаеш прыказаньні: не блудадзейнічай, не забівай, не крадзі, ня сьветчы фальшыва, ня крыўдзі, шануй бацьку твайго й маці". 20 Той-жа ў адказ сказаў Яму: "Вучыцель! Усё гэта я захаваў ад юнацтва майго". 21 Ісус, узглянуўшы на яго, упадабаў яго й сказаў яму: "Аднаго табе нестае: пайдзі, прадай усё што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь ды йдзі сьледам за Мною, узяўшы крыж". 22 Той-жа засмуціўся ад гэтага слова й адыйшоў з жалем, бо меў вялікую маемасьць. 23 Ісус-жа глянуўшы навокал, кажа вучням Сваім: "Як цяжка маючым багацьце ўвайсьці ў Уладарства Божае". 24 Вучні жахнуліся ад слоў Яго; але Ісус ізноў зьвярнуўся да іх, кажучы: "Дзеці! Як цяжка надзейным на багацьце ўвайсьці ў Уладарства Божае. 25 Лягчэй вярблюду прайсьці праз ігольчына вушка, як багатаму ўвайсьці ў Уладарства Божае". 26 Яны-ж яшчэ больш зьдзівіліся ды гаварылі між сабою: "Хто-ж можа быць збаўлёны?" 27 Ісус, узглянуўшы на іх, прамовіў: "Чалавекам гэта немагчыма, але ня Богу, бо ў Бога ўсё магчыма". 28 I пачаў Пётра гаварыць Яму: "Вось мы пакінулі ўсё й пайшлі ўсьлед за Табою". 29 Ісус у адказ прамовіў: "Папраўдзе кажу вам: няма нікога, хто пакінуў-бы дом, або братоў ці сёстраў, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці землі дзеля Мяне й Евангельля, 30 І не дастаў-бы цяпер, у гэты час перасьледу, у стакроць болей, – і дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і матак, і дзяцей, і грунтаў, а ў веку будучым жыцьця вечнага. 31 Бо многія зь першых стануцца апошнімі, апошнія-ж — першымі.” 32 Былі-ж яны ў дарозе, узыходзячы да Ерусаліму; Ісус ішоў наперадзе іх, а яны затрывожаныя йшлі за Ім, пранятыя страхам. I, узяўшы ізноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць, што зь Ім мае стацца. 33 "Вось мы уваходзім да Ерусаліму, і Сын Чалавечы выданы будзе архісьвятаром і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго нявернікам. 34 I назьдзекуюцца зь Яго, і будуць біць Яго, і аплююць Яго, і заб'юць Яго, і на трэйці дзень уваскросьне". 35 Тады падыйшлі да Яго Якуб і Ян, сыны Завадэевы, і сказалі: "Вучыцель! Мы хочам, каб ты зрабіў нам, чаго папросім". 36 Ён-жа сказаў ім: "Што хочаце, каб Я зрабіў вам?" 37 I яны сказалі Яму: "Дазволь нам сесьці аднаму з правага боку Цябе, а другому зь левага, у славе Тваёй". 38 Але Ісус сказаў ім: "Ня ведаеце, чаго просіце: ці можаце піць чару, якую Я п'ю, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?" 39 Яны кажуць Яму: "Можам"; Ісус-жа сказаў ім: "Чару якую Я п'ю, вы піць будзеце, і хрышчэньне, якім Я хрышчуся, хрысьціцца будзеце. 40 Але, каб сесьці з правага ці зь левага боку ў Мяне, — ня Мне даваць, але каму прызначана". 41 Іншыя дзесяць, пачуўшы гэтае, пачалі злаваць на Якуба й Яна. 42 Ісус, падклікаўшы іх сказаў ім: "Вы ведаеце, што тыя, якія становяцца ўладарамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхныя камандуюць імі. 43 Але між вамі няхай ня будзе гэтак: а хто хоча стацца большым між вамі, няхай будзе вам слугою. 44 I хто хоча стацца першым між вамі, няхай будзе слугою ўсім. 45 Бо й Сын Чалавечы не па тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю за выбаўленьне многіх". 46 I прыходзяць у Ерыхон; а калі выходзіў зь Ерыхону з вучнямі Сваімі і з мноствам народу, пры дарозе сядзеў сьляпы Бартымей, сын Тымея, просячы падаяньня. 47 I пачуўшы, што гэта Ісус Назаранін, пачаў голасна усклікаць, вымаўляючы: "Ісус, Сын Давідаў, зьмілуйся нада мною". 48 Шмат хто змушаў яго маўчаць, але ён яшчэ мацней галасіў: "Сын Давідаў, зьлітуйся нада мною". 49 Ісус, спыніўшыся, сказаў паклікаць яго; і паклікалі сьляпога, кажучы яму. "Ня бойся, уставай, кліча цябе". 50 І ён, сккінуўшы зь сябе верхнюю вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса. 51 I, зьвярнуўшыся да яго, Ісус прамовіў: "Што хочаш, каб учыніў табе?" Сьляпы-ж сказаў Яму: "Вучыцелю! Каб я мог бачыць". 52 Ісус сказаў яму: "Ідзі! Вера твая ацаліла цябе", і ўраз стаў бачыць, і ён пайшоў па дарозе за Ісусам.

 

Разьдзел 11

1 Калі зблізіліся да Ерусаліму, да Віффагіі й Віфаніі пры гары Аліўнай, пасылае Ісус двух з вучняў Сваіх, 2 I кажа ім: "Ідзеце ў селішча, што перад вамі; уваходзячы ў яго, зараз-жа знойдзеце прывязанае асьлё, на якое ніхто зь людзей не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзеце. 3 І калі хто скажа вам — нашто гэта вы робіце? — адказвайце, што Госпад патрабуе яго; і зараз-жа пашле яго сюды". 4 Яны пайшлі й знайшлі асьлё, прывязанае каля варот на скрыжаваньні вуліц, і адвязалі яго. 5 Некаторыя-ж з тых, якія там стаялі, гаварылі ім: "Што вы робіце? Нашто адвязваеце асьлё?" 6 Яны-ж адказалі, як загадаў ім Ісус, і адпусьцілі іх. 7 I прывялі асьлё да Ісуса, паклалі на яго вопратку сваю; і Ён сеў на яго. 8 Іншыя-ж пасьцілалі вопратку сваю па дарозе, а іншыя зразалі галінкі з дрэваў і пасьцілалі імі дарогу. 9 I тыя, якія йшлі наперадзе й якія праводзілі, усклікалі голасна: "Асанна! Дабраславёны, Хто йдзе ў Імя Гасподняе! Дабраславёны надыход у Імя Гасподняе Уладарства айца нашага Давіда. Асанна ў вышынях!" 11 I ўвайшоў Ісус у Ерусалім, і ў сьвятыню й агледзеў усё; тады з-за позьняга ўжо часу адыйшоў у Віфанію з дванаццацьма. 12 А назаўтра, калі яны выйшлі з Віфаніі, Ён адчуў голад. 13 I, убачыўшы здалёк лісьцястую смакоўніцу, пайшоў, каб што знайсьці на ёй, а прыйшоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо ня час быў на смоквы. 14 I, адазваўшыся, Ісус сказаў ей: "Няхай-жа ніхто не скаштуе плёну зь цябе павек"; і чулі гэта вучні Ягоныя. 15 I прыйшлі ізноў у Ерусалім; увайшоўшы ў храм, Ісус пачаў выганяць прадаўцоў і пакупнікаў з сьвятыні, і паабарочваў сталы мянялаў, і ўслоны гандляроў галубамі. 16 I не дазволіў, каб хто праз сьвятыню пераносіў якое-колечы надоб'е. 17 А, навучаючы, гаварыў ім: "Ці-ж не напісана 'Дом Мой домам малітвы назавецца для ўсіх народаў', а вы зрабілі яго прытонам разбойнікаў". 18 Пачуўшы гэтае, кніжнікі й архісьвятары шукалі спосабу, каб загубіць Яго, бо баяліся Яго, таму што ўвесь народ падзіўляўся з навукі Ягонае. 19 I калі ўжо час быў позьні, Ён выйшаў зь места. 20 А раніцай, праходзячы міма, абачылі, што смакоўніца ссохла ад карэньня. 21 I, успомніўшы, Пётра кажа Яму: "Настаўнік, глянь! Смакоўніца, якую Ты пракляў, ссохла". 22 I ў адказ Ісус прамовіў ім: 23 "Мейце веру Божую; папраўдзе кажу вам, калі-б хто сказаў гары гэтай — узьніміся й кінься ў мора! — і не зьняверыўся-б у сэрцы сваім, але паверыў, што споўніцца сказанае, — станецца яму, што-б ні сказаў. 24 Дзеля таго кажу вам, — усё, чаго-б у малітве прасілі, верце, што гэта дастанеце, — і будзе з вамі. 25 I калі становіцеся на малітву, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш Нябесны дараваў вам зграшэньні вашыя. 26 Калі-ж вы не даруеце, то й Айцец нябесны не даруе вам зграшэньняў вашых". 27 I прыйшлі ізноў у Ерусалім, і калі Ён хадзіў у храме, падыйшлі да Яго архісьвятары й кніжнікі ды старшыні. 28 I гаварылі Яму: "Якою ўладаю Ты гэта робіш, і хто даў Табе права рабіць гэта?" 29 Ісус-жа, адказваючы, сказаў ім: "Я таксама хачу спытаць у вас аб адным; і адкажэце Мне, тады й Я вам адкажу, якою ўладаю раблю гэта. 30 Хрышчэньне Янава зь неба было, ці ад людзей? — адкажэце Мне". 31 Яны-ж разважалі між сабою: "Калі скажам — зь неба, Ён скажа — чаму-ж вы не паверылі? 36 А калі скажам ад людзей, — боязна прад народам, бо ўсе ўважалі Яна за праўдзівага прарока". 33 I, адказваючы, сказалі Ісусу: "Ня ведаем". Тады Ісус у адказ ім сказаў: "I Я не скажу вам, якою ўладаю раблю гэта".

 

Разьдзел 12

1 I пачаў гаварыць ім прыпавесьцямі: Нейкі чалавек насадзіў вінаграднік; абгарадзіў яго плотам, выкапаў таўчэльню й збудаваў вежу і, здаўшы яго вінаром, ад'ехаў. 2 У свой час ён паслаў слугу свайго узяць ад вінаробаў частку з плёну вінаграднага. 3 Яны-ж, схапіўшы яго, пабілі ды адаслалі зь нічым. 4 I ізноў паслаў да іх другога слугу, і таго пабілі каменьнямі, разьбіўшы галаву, і адправілі яго зьдзекуючыся. 5 I ізноў паслаў іншага, таго-ж забілі; і шмат іншых — адных зьбіваючы, іншых забіваючы. 6 Маючы яшчэ аднаго любага яму сына, паслаў нарэшце й яго да іх, кажучы: "Пасаромеюцца сына майго". 7 Яны-ж, вінаробы, сказалі адзін аднаму: "Тэта спадкаемца; пойдзем заб'ем яго, і спадчына будзе нашая. 8 I, схапіўшы яго, забілі й выкінулі зь вінаградніку. 9 Што-ж зробіць гаспадар вінаградніку? Прыйдзе й зьнішчыць вінаробаў, а вінаграднік аддасьць іншым? 10 Няўжо вы ня чыталі гэтага ў Пісаньні: "Камень, адкінуты будаўнічымі, стаўся галавою вугла". 11 Гэта ад Госпада, і дзіўным стаецца у вачах нашых". 12 І стараліся схапіць Яго, але баяліся народу; бо яны зразумелі, што пра іх сказаў прыпавесьць гэтую; і, пакінуўшы Яго, адыйшлі. 13 I падсылаюць да Яго некаторых з фарысеяў ды ірадыянаў, каб падлавіць Яго на словах. 14 Тыя-ж, прыйшоўшы, кажуць Яму: "Вучыцель, мы ведаем, што Ты справядлівы, і не стараешся дагаджаць каму-небудзь, бо ня ўзіраешся на асобы, але папраўдзе на шлях Божы настаўляеш; ці належыць даваць даніну кесару, ці не; маем даваць, ці не даваць?" 15 Ён-жа, ведаючы іхны подступ, сказаў ім: "Што вы Мяне выпрабоўваеце? Прынясеце мне дынар, каб пабачыць яго". 16 Яны прынесьлі; тады кажа ім: "Чыё гэта аблічча на ім і напіс?" Яны сказалі: "Кесаравы". 17 Тады Ісус у адказ ім сказаў: "Дык аддайце кесарава кесару, а Божае Богу"; і падзіўляліся зь Яго. 18 Тады прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і пыталіся ў Яго, кажучы: 19 "Вучыцель! Майсей напісаў нам: калі ў каго памрэ брат, і пакіне жонку, але не пакіне дзяцей, то брат ягоны няхай возьме жонку яго й адродзіць патомства брату свайму. 20 Было-ж сем братоў, першы ўзяў жонку й памёр, не пакінуўшы патомства. 21 I другі ўзяў яе й памёр, не пакінуўшы патомства, таксама й трэйці. 22 I сямёх мелі яе й не пакінулі патомства; пасьля ўсіх памерла й жонка. 3 Дык пры ўваскрасеньні, калі ўваскроснуць, каторага зь іх будзе яна жонкаю, бо сем мелі яе за жонку". 24 І ў адказ ім Ісус сказаў: "Ці ня ў гэтым вы памыляецеся, што ня ведаеце Пісаньня, ані Сілы Божае? 25 Бо калі зь мёртвых уваскроснуць, тады ня будуць ні жанщца, ні замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў небе. 26 А пра памёршых, што яны паўстануць, хіба ня чыталі ў кнізе Майсеевай, як Бог пры купіне гаварыў яму, прамовіўшы: "Я Бог Абрагамаў, і Бог Ісакаў, і Бог Якубаў. 27 Ня ёсьць Бог мёртвых, але Бог жывых. Дык вы вельмі мыляецеся". 28 I падыйшоў адзін з кніжнікаў, які чуў іхныя спрэчкі, ды пабачыўшы, як Ісус добра адказаў ім, спытаўся ў Яго: "Які запавет найважнейшы?" 29 Ісус адказаў яму: "Першы з усіх запаветаў, — "Слухай Ізраэль! Госпад Бог наш ёсьць Госпад Адзіны. 30 I ўзьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім помыслам тваім, і ўсёю моцаю тваёю; гэта ёсьць першы запавет. 31 Другі падобны да яго: "Любі бліжняга твайго, як самога сябе; іншага, большага за гэты запавет, няма". 32 I сказаў Яму кніжнік: "Добра, Вучыцель! Праўду сказаў, што адзін ёсьць Бог, і няма іншага, апрача Яго. 33 I любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім помыслам, і ўсёю душою, і ўсёю моцай, і любіць бліжняга, як самога сябе, — гэта ёсьць большае за ўсе ахвяры й целапаленьні". 34 Ісус, бачачы, што той разумна адказваў, сказаў яму. "Недалёка ты ад Уладарства Божага"; і ніхто больш не адважыўся пытацца ў Яго. 35 Ісус-жа, працягваючы навучаньне ў храме, гаварыў: "Як гэта кніжнікі гавораць, што Хрыстос — сын Давідаў? 36 Калі-ж сам Давід гаварыў у Духу Сьвятым: "Сказаў Госпад Госпаду Майму: сядзі праваруч Мяне, дакуль палажу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх. 37 Гэтак, сам Давід называе Яго Госпадам, дык як-жа ён сын яму?" І мноства народу былі рады слухаць Яго. 38 І прамаўляў да іх у навучаньні Сваім: "Сьцеражэцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгай вопратцы, ды павітаньні на рынках. 39 I сядзяць наперадзе ў сынагогах ды займаць першыя месцы на банкетах. 40 Гэтыя, якія аб'ядаюць домы ўдоваў і напаказ доўга моляцца, дастануць цяжэйшы прысуд". 41 І сеў Ісус насупраць скарбонкі, наглядаючы, як народ кідае манэты ў скарбонку; і многія заможныя кідалі пашмат. 42 Адна-ж бедная ўдава, прыйшоўшы, укінула дзьве лепты, што складае кодрант (грош). 43 Ісус, падклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: "Папраўдзе кажу вам, што гэтая бедная ўдава палажыла больш за ўсіх, што клалі ў скарбонку. 44 Бо ўсе клалі ад лішкаў сваіх, а яна зь нястачы свае палажыла ўсё, што мела на пражытак свой".

 

Разьдзел 13

1 I калі Ён выходзіў з храму, адзін з вучняў Яго кажа Яму: "Вучыцель! Глядзі якія камяніцы й якія будынкі". 2 Ісус у адказ сказаў яму: "Ці бачыш гэтыя велічныя будынкі? Не застанецца тут каменя на камені, якія-б ня былі разбураны". 3 I калі Ён сядзеў на гары Аліўнай, насупраць храму, пыталіся ў Яго на самоце Пётра й Якуб і Ян і Андрэй: 4 "Скажы нам, калі гэта будзе, і якая азнака таго, калі гэта ўсё павінна стацца"? 5 Ісус у адказ ім пачаў гаварыць: "Сьцеражэцеся, каб хто не спакусіў вас. 6 Бо шматлікія прыйдуць пад імём Маім, і будуць гаварыць, што гэта Я, і многіх зьвядуць. 7 Калі-ж пачуеце пра войны ці разгалосы пра войны, ня бойцеся, — належыць гэтаму быць, але гэта яшчэ не канец. 8 Бо паўстане народ на народ і дзяржава на дзяржаву, і будуць землятрусы мясцамі й галадоўлі й закалоты, — гэта пачатак злыбедаў". 9 "Высьцерагайцеся-ж вы самі, бо выдаваць будуць вас у судзілішчы, і будзеце бітыя ў сынагогах, ды пастаўлены будзеце прад правіцелямі і ўладарамі за Мяне, на сьветчаньне ім. 10 І ўсім народам перад гэтым мае быць абвешчана Евангельле. 11 Калі-ж павядуць вас, выдаючы, ня турбуйцеся загадзя, што вам гаварыць, і не разважайце, але, што вам будзе дадзена у той час, тое гаварэце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты. 12 І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзіця, і паўстануць дзеці на бацькоў сваіх і забіваць іх будуць. 13 І будуць ненавідзець вас усе за Імя Маё; хто-ж выцерпіць да канца, збавёны будзе. 14 Калі-ж пабачыце агіду спусташэньня, пра якую казаў прарок Даніель, паўсталую дзе не павінна быць — хто чытае, няхай разумее — тады, хто ў Юдэі, няхай бягуць у горы. 15 А хто на страсе, няхай ня злазіць у дом, і не ўваходзіць узяць чаго-небудзь з дому свайго. 16 А хто на полі, няхай не варачаецца ўзяць вопратку сваю. 17 Гора цяжарным і карміцелькам немаўлят у тыя дні. 18 Малецеся-ж, каб не давялося ўцякаць вам узімку. 19 Бо ў дні тыя будзе такая бяда, якой ня было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе. 20 Калі-б Госпад не скараціў дзён тых, не ўхавалася –б ніводнае цела, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скараціў дні тыя. 21 Тады, калі хто вам скажа: вось тут Хрыстос, — ці — вось там, — ня верце. 22 Бо паўстануць ілжывыя Хрысты ды ілжывыя прарокі, ды пакажуць знаменьні й цуды, каб зьвясьці, калі змога, нават і выбраных. 23 Вы-ж сьцеражэцеся; вось Я наперад сказаў вам усё". 24 Але ў тыя дні, пасьля скрухі тэй, сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго. 25 I зоры будуць падаць зь неба, і сілы нябесныя зрушацца. 26 I тады ўбачаць Сына Чалавечага ідучага на хмарах, зь сілаю вялікаю й славаю. 27 I тады пашле ангелаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх, ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба. 28 Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі галінкі яе мякчэюць, і распускаецца .лісьце, ведайце, што набліжаецца лета. 29 Гэтак і вы: калі ўбачыце, што ўсё гэта збываецца, ведайце, што блізка ўжо, пры дзьвярох. 30 Запраўды, кажу вам: не праміне род гэты, калі ўсё гэта станецца. 31 Неба й зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць. 32 Дня-ж таго, ані часу, ніхто ня ведае: ані анёлы ў небе, ані Сын, а толькі Айцец. 33 Глядзеце-ж, чувайце й малецеся, бо ня ведаеце, калі настане час. 34 Падобна, як чалавек, пакідаючы дом свой перад падарожжам, даверыў слугам сваім кажнаму ягоную работу й загадаў вартаўніку пры браме быць чуйным. 35 Дык чувайце й вы, бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому, — ці ўвечары, ці апоўначы, ці пры сьпеве пеўняў, ці нараніцы. 36 Каб, прыйшоўшы нечакана, не застаў вас заспанымі. 37 А што кажу вам, — усім кажу: чувайце.

 

Разьдзел 14

1 Было два дні да Пасхі й сьвята Прэсьнікаў; архісьвятары й кніжнікі сачылі, каб як узяць Яго хітрасьцю й усьмерціць. 2 Але гаварылі: толькі ня ў сьвята, каб ня было забурэньня ў народзе. 3 Калі ж Ён быў у Віфаніі, у доме Сымана запракажанага, і супачываў за сталом, прыйшла жанчына й прынесла ў алябастравым слоіку чыстае, дарагое нардовае міра і, разьбіўшы пасудзіну, узьліла Яму на галаву 4 I некаторыя абураліся ў думках і гаварылі між сабою: нашто гэткая страта алею? 5 Можна-ж было-б прадаць яго больш як за трыста дынараў і раздаць убогім. 6 Але Ісус сказаў: "Ня турбуйце яе, нашто спрычыняеце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне. 7 Убогіх заўсёды маеце каля сябе, і можаце рабіць ім дабро, колькі захочаце; Мяне-ж не заўсёды маеце. 8 Яна зрабіла, што магла: намасьціла цела Маё да пахаваньня. 9 Праўду кажу вам: усюды, дзе толькі будзе абвешчана Евангельле гэтае, сказана будзе пра ўчынак яе, на ўспамін пра яе". 10 Юда-ж Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятароў, каб прадаць Яго ім. 11 Яны, пачуўшы гэтае, усьцешыліся й абяцалі даць яму срэбранікаў; і ён шукаў зручнага моманту, каб прадаць Яго. 12 I ў першы дзень Прэсьнікаў, калі прыносілі пасхальную ахвяру, кажуць Яму вучні Ягоныя: "Дзе хочаш спажываць Пасху? Мы пойдзем і прыгатуем". 13 Ён-жа паслаў двух вучняў Сваіх і сказаў ім: "Ідзеце да места, і сустрэнецца вам чалавек, нясучы збан вады; за ім ідзеце. 14 І куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дому таго: Вучыцель кажа: дзе ёсьць пакой, у якім-бы Мне спажываць Пасху з вучнямі Маімі. 15 I ён пакажа вам сьвятліцу, вялікую, прыбраную, гатовую, — там прыгатуйце нам". 16 I вучні Ягоныя пайшлі, і прышлі ў места й знайшлі, як казаў ім; і прыгатавалі Пасху. 17 I калі настаў вечар, прыйшоў з дванаццацьма. 18 Калі-ж яны сядзелі за сталом і елі, Ісус сказаў: "Папраўдзе кажу вам: адзін з вас, хто есьць са Мною, прадасьць Мяне". 19 Яны засмуціліся й адзін па адным пачалі гаварыць да Яго: ці ня я? I іншы – ці ня я? 20 Ён-жа, адказваючы, сказаў ім: "Адзін з дванаццацёх, які абмакнуў са Мною ў сальніцу. 21 Але Сын Чалавечы йдзе, як напісана пра Яго; гора-ж таму чалавеку праз якога Сын Чалавечы прадаецца, лепш было-б чалавеку таму не радзіцца". 22 I калі яны елі, Ісус узяў хлеб, дабраславіў, пераламаў і даў ім, сказаушы: "Вазьмеце, ежце: гэта ёсьць Цела Маё". 23 I ўзьняўшы чашу, узьнёс хвалу, падаў ім, і пілі зь яе ўсе. 24 I сказаў ім: "Гэта кроў Мая Новага Запавету, праліваная за многіх. 25 Папраўдзе кажу вам: Я ўжо ня буду піць ад плёну вінаграднага аж да дня, калі буду піць віно новае ў Уладарстве Божым". 26 I, прапяяўшы, адыйшлі на гару Аліўную. 27 I кажа ім Ісус: "Усе вы адступецеся ад Мяне ў гэтую ноч, як напісана пра гэта: зьвераджу пастыра, і рассыплюцца авечкі. 28 Але, як уваскросну, апярэджу вас у Галілеі". 29 Пётра-ж сказаў Яму: "А хоць-бы й усе адступіліся, але ня я". 30 I сказаў яму Ісус: "Папраўдзе кажу табе, што сёньня, перш чым двойчы прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне". 31 Ён-жа яшчэ мацней запэўніваў, кажучы: "А хоць-бы давялося мне і ўмерці разам з Табою, не адракуся ад Цябе"; гэтак гаварылі ўсе. 32 I прыйшлі ў паселішча, званае Гефсыманія; і кажа вучням Сваім: "Пасядзеце тут, пакуль Я памалюся". 33 I ўзяў з сабою Пятра, Якуба й Яна, і ўпаў у жах і тугу. 34 I кажа ім: "Тужыць душа Мая аж да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце". 35 I адыйшоўшы крыху, прыпаў да зямлі й маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго часіна гэтая. 36 I гаварыў: Аўва-Войча! Усё магчыма для Цябе, пранясі чашу гэтую міма Мяне, але ня так, як Я хачу, але як Ты". 37 Вярнуўшыся, знайходзіць іх соннымі, і кажа Пятру: "Сымоне, ты сьпіш? Ня мог ты патрываць адну гадзіну? 38 Чувайце й малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу; бо дух бадзёры, цела-ж немачнае". 39 І ізноў, адыйшоўшыся, маліўся тымі-ж словамі 40 А вярнуўшыся, ізноў застаў іх соннымі, бо вочы іх былі ацяжалымі, і ня ведалі, што адказаць Яму. 41 I прыходзіць трэйці раз і кажа ім: "Вы ўсё яшчэ сьпіцё й спачываеце; досыць! Настала часіна; вось прадаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікаў. 42 Устаньце, пойдзем, вось збліжаецца той, хто прадае Мяне". 43 I ў той час, як Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, а зь ім вялікая грамада зь мячамі й кіямі, ад архісьвятароў і кніжнікаў і старшыняў. 44 А прадажнік Яго даў ім знак, сказаўшы: "Каго я пацалую, — будзе Той; бярэце Яго й вядзеце асьцярожна". 45 I, прыйшоўшы, падступіў да Яго й сказаў: "Раббі, Раббі!" I пацалавау Яго. 46 А яны налажылі на Яго рукі свае і ўзялі Яго. 47 Адзін-жа з тых, што стаялі там, выняўшы нож, ударыў архісьвятаровага слугу й адсек яму вуха. 48 Тады Ісус, азваўшыся, сказаў ім: "Нібы на разбойніка выйшлі вы зь мячамі й кіямі, каб Мяне ўзяць. 49 Кажны дзень бываў Я з вамі ў храме, і навучаў, і вы ня бралі Мяне, але, няхай збудзецца Пісаньне". 50 Тады, пакінуўшы Яго, усе разьбегліся. 51 Адзін-жа юнак ішоў за Ім, авінуўшыся пялёнаю па голым целе; і тыя схапілі яго. 52 Але ён, вывернуўшыся зь пялёны, голы ўцёк ад іх. 53 I прывялі Ісуса да першага архісьвятара; і зыйшліся да Яго ўсе архісьвятары й кніжнікі й старшыні. 54 Пётра-ж ішоў сьледам за Ім аж у панадворак архісьвятара, і сядзеў побач слугаў, грэючыся пры агні. 55 Архісьвятары і ўвесь сынедрыён шукалі сьветчаньняў на Ісуса, каб выдаць Яго на сьмерць, і не знайходзілі. 56 Бо шматлікія ілжыва сьведчылі на Яго, але ня былі згодныя між сабою сьветчаньні тыя. 57 І некаторыя, устаючы, крывадушна сьветчылі супраць Яго, і гаварылі: 58 "Мы чулі, як Ён казаў: Я зруйную храм гэты, і ў тры дні пастаўлю іншы, нерукатворны". 59 Але й гэтыя сьветчаньні іхныя ня былі дастатковыя. 60 Тады архісьвятар, стаўшы пасяродку, спытаўся ў Ісуса, кажучы: "Нічога не адказваеш, што яны сьведчаць супраць Цябе?" 61 Але Ён маўчаў і нічога не адказваў. Ізноў архісьвятар спытаўся ў Яго, кажучы: "Ці Ты — Хрыстос, Сын Дабраславёнага?" 62 Ісус-жа сказаў: "Я ёсьць; і вы ўбачыце Сына Чалавечага, седзячы праваруч сілы й прыходзячы на хмарах нябесных". 63 Тады архісьвятар, разьдзёршы вопратку сваю, сказаў: "Нашто нам яшчэ сьветкі? 64 Вы чулі богазьнявагу? Як вам думаецца?" I тыя ўсе асудзілі, што Ён варты сьмерці. 65 I пачалі некаторыя пляваць на Яго і, закрываючы Яму аблічча, біць Яго й прыгаворваць: — Прароч! I слугі білі Яго па шчоках. 66 Пётра-ж быў унізе на падворку; і падыйшла адна з архісьвятаровых служанак. 67 Убачыўшы Пётру, які грэўся пры агні, паўглядаўшыся ў яго, сказала: "I ты быў зь Ісусам Назаранінам". 68 Але ён адрокся, кажучы: "Ня ведаю й не разумею, што ты гаворыш", — і выйшаў адтуль на прыдворышча. 69 Служанка-ж, убачыўшы яго ізноў, пачала гаварыць іншым, якія стаялі там: "Гэта зь іх". 70 Ён-жа ізноў адрокся; а крыху счакаўшы, былыя там ізноў пачалі гаварыць Пётры: "Запраўды ты зь іх, бо ты Галілеянін, і мова твая падобная". 71 Ён-жа пачаў бажыцца й клясьціся: "Ня ведаю чалавека гэтага, пра якога гаворыце. 72 І ўраз прапяяў певень другі раз; і ўспомніў Пётра слова, якое сказаў яму Ісус: "Перш чым певень прапяе двойчы, ты адрачэшся ад Мяне тройчы"; і расплакаўся.

 

Разьдзел 15

1 Назаўтра, адразу зранку, першасьвятары з кніжнікамі й старшынямі і ўвесь сынедрыён, зрабіўшы нараду, зьвязалі Ісуса, і павялі, і перадалі Яго Пілату. 2 I спытаўся ў Яго Пілат: "Ці Ты Кароль Юдэйскі?" Ён-жа ў адказ сказаў яму. "Ты кажаш!" 3 I шмат абвінавачаньняў архісьвятары ўзводзілі на Яго. 4 Пілат-жа ізноў спытаўся ў Яго, кажучы: "Ты нічога не адказваеш? Глядзі, колькі абвінавачаньняў падаюць на Цябе". 5 Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, аж Пілат дзівіўся. 6 Меў-жа ён звычай падчас сьвята адпускаць ім аднаго зь вязьняў, за якога прасілі. 7 Быў-жа ў вязьніцы нейкі Вараўва з сваім супольнікам, якія ў часе бунту ўчынілі забойства. 8 I народ, сабраўшыся, стаў голасна дамагацца, ад Пілата таго, што ён рабіў для іх заўсёды. 9 Пілат, адазваўшыся да іх, сказаў: "Калі хочаце, адпушчу вам караля Юдэйскага". 10 Бо ведаў, што першасьвятары выдалі Яго праз зайздрасьць. 11 Але першасьвятары падбурылі народ, каб лепш адпусьціў ім Вараўву. 12 Пілат у адказ ізноў сказаў ім: "Што-ж хочаце, каб я зрабіў з Тым, каго завяце Каралём Юдэйскім?" 13 А яны ізноў закрычалі: "Укрыжуй Яго!" 14 Пілат сказаў ім: "Якое-ж зло ўчыніў Ён?" Але яны яшчэ мацней крычалі: "Укрыжуй Яго!" 15 Тады Пілат, дагаджаючы натоўпу, адпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, зьбіваючы пугаю, выдаў на ўкрыжаваньне. 16 Жаўнеры-ж завялі Яго на двор суду, званым Прэторыя, і пазвалі ўжо кагорту войска. 17 I апранулі Яго ў баграніцу і, сплёўшы зь цярніны вянок, узлажылі на Яго. 18 І пачалі голасна ўсклікаць: "Вітай, Кароль Юдэйскі" 19 І білі Яго трысьцінаю па галаве, і плявалі на Яго, і стаючы на калены, пакланяліся Яму. 20 А калі назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго баграніцу й адзелі ў вопратку ўласную, і павялі Яго на ўкрыжаваньне. 21 А сустрэўшы аднаго кірынеяніна, бацьку Аляксандра й Руфа, які йшоў з поля, — прымусілі таго нясьці крыж Ягоны. 22 I прывялі Яго на месца, званае Галгофа, што значыць Чараповішча. 23 I давалі Яму піць віно, зьмяшанае зь міраю, але Ён ня прыняў. 24 I, укрыжаваўшы Яго, падзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабе, каму што ўзяць. 25 Была-ж трэйцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго. 26 I быў прыложаны напіс віны Ягонае: — Кароль Юдэйскі. 27 А зь Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, а другога зь левага боку ад Яго. 28 I споўнілася Пісаньне, у якім напісана: "I да злачынцаў прылічаны". 29 I праходзячы побач Яго, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі й кажучы: "Ага, руйнуеш храм і ў тры дні адбудуеш. Выбаві Сам Сябе й зыйдзі з крыжа". 30 Таксама й архісьвятары з кніжнікамі насьміхаліся зь Яго, гаворачы адзін аднаму: "Іншых выбаўляў, а Сябе ня можа выбавіць. 32 Няхай Хрыстос, Кароль Ізраэльскі, зыйдзе цяпер з крыжа, каб мы пабачылі, і уверым". І ўкрыжаваныя зь Ім дакаралі Яму. 33 А шостай гадзіне цемра агарнула ўсю зямлю да гадзіны дзявятай. 34 А дзявятай гадзіне Ісус усклікнуў моцным голасам: "Элоі, элоі, лама савахфані!" Што азначае: "Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў". 35 Некаторыя з тых, што там стаялі, пачуўшы, гаварылі: "Вось Ільлю кліча" 36 Адзін-жа пабег намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысьціну, даваў Яму піць, кажучы: "Чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго". З7 Ісус-жа, загаласіўшы моцным голасам, сканаў. 38 І заслона ў храме разьдзерлася папалам, зьверху да нізу. 39 А сотнік, які стаяў насупраць Яго, бачачы скананьне з такім голасам, сказаў: "Запраўды, гэты Чалавек быў Сын Божы". 40 Былі тут і жанчыны, якія наглядалі здалёк, а між імі была Марыя Магдалена й Марыя маці Якуба меншага й Ёсі, і Саламія. 41 Яны былі пры Ім і слугавалі Яму, калі Ён быў у Галілеі; і многа іншых жанчын, якія прыйшлі, зь Ім у Ерусалім. 42 I калі надыйшоў ужо вечар, — была-ж пятніца, дзень прыгатовы, — перадсыботні. 43 Прыйшоў Язэп з Арымафеў, паважаны раднік, які й сам чакаў Уладарства Божага; і ён сьмела увайшоў да Пілата, і прасіў цела Ісусавага. 44 Пілат-жа зьдзівіўся, што ўжо памёр; і, паклікаўшы сотніка, пытаўся ў яго, ці запраўды памёр. 45 А даведаўшыся ад сотніка, што ўжо памёршы, аддаў цела Язэпу. 46 Язэп, купіўшы плашчаніцу й зьняўшы Яго, плашчаніцаю авінуў і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале, і прываліў камень да дзьвярэй гробу. 47 Марыя-ж Магдалена й Марыя Ёсева глядзелі, дзе Яго палажылі.

 

Разьдзел 16

1 Калі адыйшла сыбота, Марыя Магдалена й Марыя Якубава й Саламія, купіўшы пахучых масьцяў, каб намасьціць Цела Ісуса. 2 Вельмі рана, на ўсходзе сонца, у першы дзень тыдня прыходзяць да гробу. 3 I гавораць між сабою: "Хто нам адваліць камень ад дзьвярэй гробу?" А узглянуўшы, убачылі, што камень адвалены, а быў ён вельмі вялікі. 4 Увайшоўшы-ж да гробу, яны ўбачылі юнака; ён сядзеў з правага боку, адзеты ў белую вопратку, і жахнуліся. 5 I сказаў ён ім: "Ня бойцеся, шукаеце Ісуса Назараніна ўкрыжаванага? 6 Ён уваскрос, Яго няма тут, вось месца, дзе быў паложаны. 7 Але йдзеце й скажэце вучням Яго й Пятру, што апярэдзіць вас у Галілеі, там Яго ўбачыце, як і казаў вам". 8 I яны, выйшаўшы, пабеглі ад гробу; праняў іх жах, і дрыжэлі ад страху, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся. 9 Iсус, уваскросшы раніцай першага дня тыдня, зьявіўся перш Марыі Магдалене, зь якое выгнаў сем злыдухаў. 10 Яна-ж пайшла й абвесьціла тым, якія былі зь Ім, а цяпер тужылі й плакалі. 11 Але яны, пачуўшы, што Ён жывы й што яна бачыла Яго, — не паверылі 12 Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх у дарозе, калі яны йшлі ў паселішча. 13 I тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі іншым, але й ім не далі веры. 14 Урэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны былі за сталом, і дакараў ім за нявер'е й жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскросшага. 15 І сказаў ім: "Ідзеце па ўсім сьвеце й абвяшчайце Евангельле ўсякаму стварэньню. 16 Хто паверыць і ахрысьціцца, збавёны будзе, а хто не паверыць, асуджаны будзе. 17 А тым, хто паверыць, будуць прыданыя гэткія знаменьні: Імём Маім будуць выганяць злыдухаў, будуць гаварыць новымі мовамі 18 I будуць браць зьмей, і калі што мяртвячае вып’юць, не зашкодзіць ім, пакладуць рукі на хворых, і здаровымі стануць". 19 Госпад-жа, пасьля размовы зь імі, узьнёсься на неба й сеў праваруч Бога. 20 А яны, выйшаўшы, вешчавалі ўсюды з успамогай Госпада і з пацьверджанем знаменьнямі слова іхнага. Амін.




Крыніца: http://churchby.info/
Пераклад: Міхась Міцкевіч

Беларуская Палічка: http://knihi.com