epub
 
падключыць
слоўнікі

Пераклады выбраных кніг Старога Запавету

Выданьні:

- Пераклады ніколі (!) не друкаваліся. Першая адкрытая публікацыя і (с) - сайт "Часасловец", 16.08.2011.

Каментар да электроннага тэксту:

- Пераклады зробленыя ў 1949-1950-х гадах у Ватэнштэце (Нямеччына). Машынапісы перакладаў былі дасланыя ў верасьні 1973 г. біскупу Сіповічу ў Лёндан у сувязі з паўсталай ідэяй стварэньня новага перакладу Бібліі.

- Шэсьць кніг аўтарызавана самім перакладчыкам праз надпісы на тытульнай старонцы машынапісу і праз лісты да б-па Сіповіча

- Кніга прарока Сафона не ўзгадваецца ў лістах ад верасьня 1973, і не мае тытульнай старонкі. Тым ня менш далучаная да перакладаў Л. Галяка (прычыны гл. ў канцы перакладу кнігі прарока Сафона)

Увага: У тэкстах былі зробленыя нязначныя карэктуры, што не мяняюць мову аўтара, але толькі прыводзяць аўтарскі стыль да аднастайнасьці і ліквідуюць нязначныя рознапісаньні датычна пунктуацыі і напісаньня "ў", што, магчыма, зьяўлялася звычайнымі тэхнічнымі абдрукамі. Любыя іншыя неадпаведнасьці сучаснаму правапісу пакідаліся ў аўтарскім варыянце. Некалькі разоў для связнасьці было неабходна дадаць слова ці два, што рабілася ў квадратных дужках.

Дадатковая інфармацыя пра пераклад і перакладчыкаў:

- Леанід Галяк - Успаміны

- З. Пазьняк - Гутаркі з Антонам Шукелойцам: Успамін пра перакладчыка "Парсіваля"

З успамінаў: "Перакладамі ў Ватэнштэце займаліся ў асноўным В. Тумаш, Хв. Ільяшэвіч і Л. Галяк. Перакладалі Свіфта ("Гулівера") і іншых пісьменьнікаў. У Л.Галяка была думка з Тумашам перакласьці Біблію на беларускую мову. І яны нейкія часткі Бібліі пераклалі. Прыехаўшы сюды, у Нью-Ёрк, яны гэтую задумку далей працягвалі. Навязалі кантакт з выдатным нашым баптысцкім дзеячом Данілам Яськом, таму што патрэбны быў для перакладу Бібліі нехта, хто б ведаў добра габрэйскую мову. І сярод баптыстых быў такі выдатны знаток усходніх моваў, гэта валыняк Марцінкоўскі. Ён быў прафэсарам ці дацэнтам Пецярбургскага ўнівэрсітэту. Марцінкоўскі згадзіўся быў узначаліць пераклад Бібліі. Але ў гэтым часе доктар Янка Станкевіч зьвязаўся таксама зь іншай групай бабтыстых, і тыя яму дапамаглі. Адным словам, забралі ад Галяка і Тумаша гэтую справу і даручылі Янку Станкевічу. Такая вось была канкурэнцыя."

Галяк Леанід (31.10.1910, г. Вільня - 03.04.1980, Стэмфард, штат Канэктыкут), грамадзкі дзеяч, юрыст. Скончыў юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Пад час нямецкай акупацыі жыў у Менску, працаваў юрыстам. Зь лета 1944 г. - на эміграцыі. Жыў у Нямеччыне, заснаваў Беларускае бюро ў ангельскай зоне акупацыі Нямеччыны. Адзін з заснавальнікаў Саюзу беларускіх журналістаў на чужыне і пэрыёдыка «Летапіс Беларускай Эміграцыі». З 1949 г. - у ЗША. Сябар Рады БНР, рэдактар «Беларуса», у 1955 г. пакінуў Раду БНР і спрычыніўся да заснаваньня Камітэту Вызваленьня Беларусі. Пакінуў «Успаміны» (выдрукаваныя ў 2-х тт. па ягонай сьмерці), пазбаўленыя палітычнай ангажаванасьці і поўныя тонкага гумару ў апісаньні побыту ды й характараў беларускіх грамадзкіх дзеячоў як у Беларусі, так і на эміграцыі.

Крыніца: Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002..

Паводле: http://slounik.org/120371.html

Пераклад: 1949-1950

Алічбоўваньне паводле машынапісу з архіву бібліятэкі імя Ф. Скарыны, Лёндан

Стары Запавет
  Кніга Рут
    Разьдзел 1
    Разьдзел 2
    Разьдзел 3
    Разьдзел 4
  Кніга Эстэры
    Разьдзел 1
    Разьдзел 2
    Разьдзел 3
    Разьдзел 4
    Разьдзел 5
    Разьдзел 6
    Разьдзел 7
    Разьдзел 8
    Разьдзел 9
    Разьдзел 10
  Прыказкі Салямона
    Разьдзел 1
    Разьдзел 2
    Разьдзел 3
    Разьдзел 4
    Разьдзел 5
    Разьдзел 6
    Разьдзел 7
    Разьдзел 8
    Разьдзел 9
    Разьдзел 10
    Разьдзел 11
    Разьдзел 12
    Разьдзел 13
    Разьдзел 14
    Разьдзел 15
    Разьдзел 16
    Разьдзел 17
    Разьдзел 18
    Разьдзел 19
    Разьдзел 20
    Разьдзел 21
    Разьдзел 22
    Разьдзел 23
    Разьдзел 24
    Разьдзел 25
    Разьдзел 26
    Разьдзел 27
    Разьдзел 28
    Разьдзел 29
    Разьдзел 30
    Разьдзел 31
  Кніга Экклезіяста або Казаньніка
    Разьдзел 1
    Разьдзел 2
    Разьдзел 3
    Разьдзел 4
    Разьдзел 5
    Разьдзел 6
    Разьдзел 7
    Разьдзел 8
    Разьдзел 9
    Разьдзел 10
    Разьдзел 11
    Разьдзел 12
  Кніга прарока Данілы
    Разьдзел 1
    Разьдзел 2
    Разьдзел 3
    Разьдзел 4
    Разьдзел 5
    Разьдзел 6
    Разьдзел 7
    Разьдзел 8
    Разьдзел 9
    Разьдзел 10
    Разьдзел 11
    Разьдзел 12
  Кніга прарока Міхея
    Разьдзел 1
    Разьдзел 2
    Разьдзел 3
    Разьдзел 4
    Разьдзел 5
    Разьдзел 6
    Разьдзел 7
  Кніга прарока Сафона
    Разьдзел 1
    Разьдзел 2
    Разьдзел 3


Стары Запавет

 

Кніга Рут

 

 

Разьдзел 1

1 У тыя дні, калі кіравалі судзьдзі, здарыўся голад на зямлі. І пайшоў адзін чалавек з Бэтлеему Юдэйскага са сваёй жонкаю і двума сынамі сваймі жыць у зямлю Маабіцкую.

2 Называўся чалавек той Элімелех, жонка ягоная Ноэмі, а імёны двух сыноў ягоных – Магалён і Хэліён. Яны былі Эфраіцяне з Бэтлеему Юдэйскага. Яны, зайшоўшы ў краіну Маабіцкую, засталіся там жыць.

3 Потым памёр Элімелех, муж Ноэмі, і засталася яна з двума сваймі сынамі.

4 Яны ўзялі сабе за жонкі Маабіцянкі: імя аднае – Орфа, а імя другой – Рут, і жылі яны там каля дзесяцёх гадоў.

5 Потым абодва Магалён і Хэліён памерлі і засталася тая жанчына пасьля абодвух сыноў сваіх і пасьля мужа свайго.

6 І ўстала яна з нявесткамі сваімі і пайшла назад з зямлі Маабіцкай, бо пачула ў краіне Маабіцкай, што наведаў Бог народ свой і даў ім хлеб.

7 Тады выйшла яна з таго месца на якім жыла з тымі дзьвума нявесткамі. Калі яны былі ў дарозе, варочаючыся ў зямлю Юдэйскую,

8 Ноэмі сказала дзьвум нявесткам сваім: – пайдзеце, вярнецеся кожная ў дом маці сваёй; няхай учыніць вам Гаспод міласьць, як вы паступалі з памершымі і са мною.

9 Няхай дасьць вам Гаспод, каб вы знайшлі прыпынак кожная ў хаце свайго мужа; і пацалавала іх, а яны ўзьнялі голас свой і плакалі

10 і сказалі: – не, лепш мы вернемся да народу твайго.

11 Ноэмі жа сказала: – вяртайцеся дачкі мае; па што вам ісьці са мною. Ці-ж ёсьць яшчэ ў мяне сыны ў улоньні маім, якія былі-б вам мужамі.

12 Вярнецеся, дачкі мае, бо я ўжо састарэлася, каб быць замужам; ды калі-б я нават і сказала “ёсьць яшчэ мне надзея” і нават калі-б я ў гэтую ноч была з мужам і потым радзіла сыноў,

13 Дык ці-ж вы будзеце чакаць, пакуль яны вырастуць. Ці-ж можна вам дзеля гэтага не выходзіць замуж. Не, дачкі мае, я вельмі шкадую вас, бо рука Госпада дасягнула мяне.

14 Яны аднак узьняўшы голас ізноў пачалі плакаць. І Орфа разьвіталася са сьвякрухай сваёй, а Рут засталася пры ёй.

15 Ноэмі сказала Рут: – вось сваячка твая вярнулася да народу свайго і да багоў сваіх, вяртайся і ты ўсьлед за сваячкай сваёю.

16 На гэта адказала Рут: – не прымушай мяне пакінуць цябе і вярнуцца ад Цябе, але куды ты пойдзеш, туды і я пайду і дзе ты жыць будзеш, там і я буду жыць; народ твой будзе маім народам і твой Бог – маім Богам.

17 І дзе ты памрэш, там і я памру і буду пахаваная; гэта няхай учыніць мне Гаспод і яшчэ больш, каб толькі сьмерць разлучыла мяне з табою.

18 Ноэмі бачучы, што яна цьвёрда пастанавіла ісьці з ёю, перастала ўгаварываць яе.

19 І йшлі яны абедзьве, пакуль не прыйшлі ў Бэтлеем. І калі прыйшлі яны ў Бэтлеем, усё места прыйшло ў рух ад іх і гаварылі: – Ці-ж гэта не Ноэмі.

20 Яна сказала ім: – не называйце мяне Ноэмі, а называйце Мара, дзеля таго, што Ўсемагутны паслаў мне вялікае гора;

21 Я выйшла адсюль з дастаткам, вярнуў мяне з пустымі рукамі: пашто называць Ноэмі, калі Гаспод змусіў мяне цярпець, а Ўсемагутны паслаў мне няшчасьце.

22 І вярнулася Ноэмі і з ёю нявестка яе Рут Маабіцянка; вярнулася з краіны Маабіцкай, а прыйшлі яны ў Бэтлеем на пачатку ячменнага жніва.

 

Разьдзел 2

1 Ноэмі мела сваяка па мужу сваім, чалавека вельмі багатага, з роду Элімелехавага, якога называлі Бооз.

2 І сказала Рут Маабіцянка Ноэмі: – пайду я на поле і буду падбіраць каласы за тым, у каго знайду спагаданьне, а яна адказала: – пайдзі дачка мая.

3 Яна пайшла і, прыйшоўшы, падбірала на полі каласы пасьля жнеяроў. І здарылася, што тая частка поля належала да Бооза, які быў з роду Элімелехавага.

4 І вось Бооз прыйшоў з Бэтлеему і сказаў жнеяром: – Гаспод з вамі! Яны адказалі: – няхай багаславіць цябе Гаспод!

5 Сказаў тады Бооз слузе свайму, які быў пастаўлены над жнеярамі: – чыя гэта маладая жанчына.

6 Слуга пастаўлены над жнеярамі адказаў і сказаў: – гэтая маладая жанчына – Маабіцянка, якая прыйшла з Ноэмі з зямлі Маабіцкай.

7 Яна сказала мне: – “буду я падбіраць і зьбіраць паміж снапамі за жнеярамі”, і прыйшла сюды знаходзіцца тут ад самай раніцы аж дасюль і мала бывае яна ў хаце.

8 І сказаў Бооз Рут: – паслухай дачка мая; не хадзі зьбіраць каласоў на другім полі і не адыходзь адсюль, але трымайся тут з маімі служанкамі.

9 Пільнуй гэтага поля, дзе яны жнуць і хадзі за імі; вось я загадаў слугам маім не чапаць цябе; калі захочаш піць – ідзі да судзьдзя і пій стуль, адкуль чэрпаюць слугі мае.

10 Яна ўпала на твар свой, пакланілася да зямлі і сказала яму: – чым здабыла я ў вачох тваіх такую ласку, што ты прыймаеш мяне, хаця я і чужаземка.

11 Бооз адказаў і сказаў ёй: – мне расказалі ўсё, што зрабіла ты для свякрухі сваёй, пасьля сьмерці мужа твайго, што ты пакінула твайго бацьку і маці і тваю бацькаўшчыну і прыйшла да народу, якога ты ня знала ўчора і перад гэтым.

12 Няхай аддасьць табе Гаспод за гэта і няхай будзе поўная ўзнагарода ад Госпада Бога Ізраільскага, да якога ты прыйшла, каб супакоіцца пад ягонымі крыламі.

13 Яна сказала: – няхай буду я ў ласцы перад вачыма тваймі, пан мой, ты пацешыў мяне і гаварыў па сэрцы нявольніцы тваёй, між тым як я ня вартая ніводнай з нявольніцаў тваіх.

14 І сказаў ёй Бооз: – калі будзе час ежы, прыходзь сюды і еш хлеб, мачаючы кавалак у воцат. І села яна пры жнеярох і падаў ёй хлеба; яна ела, наелася і яшчэ засталося.

15 Пасьля ўстала, каб падбіраць, а Бооз даў сваім слугам загад, сказаўшы: – няхай яна падбірае і паміж снапамі і не забараняйце ёй гэтага,

16 Умысна нават пакідайце ёй і застаўляйце, каб яна зьбірала, і не сварэцеся на яе.

17 Так падбірала яна на полі да вечара і вымалаціла сабранае і выйшла каля эфы ячменя.

18 Узяўшы гэта яна пайшла ў места і сьвякроўка яе пабачыла, што яна назьбірала. І вынула Рут і дала ёй тое, што пакінула наеўшыся сама.

19 І сказала ёй свякроўка: – дзе ты сягоньня зьбірала і дзе працавала. Няхай будзе багаслаўлёны той, хто прыняў цябе! І расказала Рут сьвякроўцы ў каго працавала, гаворачы: – імя чалавеку ў якога я працавала – Бооз.

20 І сказала Ноэмі нявестцы сваёй: – няхай будзе ён багаслаўлёны ад Госпада, за тое, што не пазбавіў ласкі сваёй ні жывых ні мёртвых. І сказала яшчэ Ноэмі: – чалавек гэты блізкі нам, ён з нашых сваякоў.

21 Сказала ёй Рут Маабіцянка: – ён нават сказаў мне – будзь з маімі служанкамі, пакуль ня скончаць яны жніва майго.

22 І сказала тады Ноэмі нявестцы сваёй Рут: – добра дачка мая, што ты будзеш хадзіць з ягонымі служанкамі і ня будуць цябе абражаць на іншым полі.

23 Так была яна са служанкамі Бооза і падбірала каласы, пакуль ня скончылася жніво ячменя і жніво пшаніцы, і жыла ў сьвякроўкі сваёй.

 

Разьдзел 3

1 І сказала ёй Ноэмі, сьвякроў яе: – дачка мая, ці не пашукаць табе прыпынку, каб табе было добра.

2 Вось Бооз, са служанкамі якога ты была, наш сваяк; вось ён будзе ў гэтую ноч веяць ячмень на гумнішчы.

3 Дзеля гэтага памыйся, намасьціся алеям, апрані вопратку тваю і пайдзі на гумнішча, але не паказывайся яму пакуль ня скончыць есьці і піць.

4 Калі ён пойдзе спаць, даведайся аб месцы, дзе ён ляжа і, падыйшоўшы, адхілі плашч у ног яго і ляж, а ён скажа табе, што ты маеш рабіць.

5 Рут адказала ёй: – зраблю ўсё, што ты сказала мне.

6 І пайшла яна на гумнішча і зрабіла ўсё, як загадала ёй сьвякроў.

7 Бооз наеўся, напіўся, разьвясяліў сэрца сваё і лёг каля торпу спаць. І яна прыйшла паціху, адхіліла плашч у ног яго і лягла.

8 А калі была поўнач спужаўся ён, узьняўся і вось у ног яго ляжыць жанчына.

9 І сказаў ёй Бооз: – хто ты. Яна адказала: – я – Рут, нявольніца твая, працягні крыло тваё на нявольніцу тваю, бо ты сваяк.

10 А ён адказаў: – багаслаўлёная ты ад Госпада дачка мая! Гэты апошні твой добры ўчынак зрабіла ты ячшэ лепш, чым папярэдні, што не пайшла шукаць маладых людзей, ні бедных, ні багатых.

11 Дык, дачка мая, ня бойся, я зраблю табе ўсё, што ты сказала, бо ў усіх брамаў народу майго ведаюць, што ты жанчына дабрачынная.

12 Хаця і праўда, што я сваяк твой, але ёсьць яшчэ сваяк бліжэйшы, чым я.

13 Параначуй тут, заўтра-ж, калі ён цябе прыйме, дык добра, а калі ён не захоча прыняць цябе, дык я прыму цябе правам блізкасьці; жыве Гаспод! Сьпі ж тут да раніцы.

14 І спала яна ў ног ягоных аж да раніцы і ўстала раней, чым маглі яны распазнаць адзін аднаго, бо сказаў Бооз: – няхай ня ведаюць, што жанчына прыходзіла на гумнішча.

15 Апрача гэтага сказаў: – падай верхнюю вопратку, якая на табе і патрымай яе. Яна трымала, а ён адмерыў ёй шэсьць мераў ячменю і палажыў на яе і пайшоў у горад.

16 А Рут прыйшла да сьвякрові сваёй. Тая сказала: – што, дачка мая. Яна пераказала ўсё, што ёй зрабіў той чалавек.

17 І сказала: – гэтыя шэсьць мераў ячменю ён даў мне і сказаў: – ня варочайся да сьвякрові сваёй з пустымі рукамі.

18 І сказала Ноэмі: – пачакай, дачка мая, пакуль не даведаешся, чым кончыцца справа, бо чалавек той не пакіне гэтай справы, пакуль яе сягоньня не закончыць.

 

Разьдзел 4

1 Бооз выйшаў да брамы і сеў там. І вось ідзе міма сваяк, аб якім гаварыў Бооз. І сказаў яму Бооз: – зайдзі сюды і сядзь тутака. Той зайшоў і сеў.

2 Бооз узяў дзесяць чалавек з пасярод старэйшых места і сказаў: – сядзьце тутака. І яны селі.

3 І сказаў Бооз сваяку: – Ноэмі вярнуўшыся з краіны Маабіцкай прадала частку поля, якая належала да брата нашага Элімелеха.

4 Вось пастанавіў я давесьці гэта да тваіх вушэй, гаворачы: – купі гэтае поле перад седзячымі тут і перад старэйшымі народу майго; хочаш выкупіць – выкупляй, а калі ня хочаш выкупіць, скажы мне і я буду ведаць, бо апрача цябе няма нікога бліжэйшага да выкупу, а я пасьля цябе. Тады той адказаў: – я выкуплю.

5 Бооз сказаў: – калі ты выкупіш поле ў Ноэмі, дык ты павінен атрымаць і Рут Маабіцянку, жонку памершага, і павінен узяць у замуства, каб узнавіць імя памершага ў спадчыне яго.

6 І сказаў той сваяк: – не магу выкупіць, каб ня згубіць спадчыны сваёй. Выкупі ты, бо я не магу выкупіць.

7 Раней быў такі звычай у Ізраілі пры выкупе і пры замене, для ўзмацаваньня якой-небудзь справы: адзін здымаў чаравік свой і даваў другому і гэта было довадам уступаньня права ў Ізраіля.

8 Тады сказаў сваяк Боозу: – купі сабе; і зьняў чаравік свой і даў яму.

9 Тады сказаў Бооз старэйшым і ўсяму народу: – вы цяпер сьветкамі таму, што я купляю ўсё, што было Элімелехава і ўсё Хілеёнава і Магалёнава з рук Ноэмі.

10 Дагэтага і Рут Маабіцянку, жонку Магалёна, бяру сабе за жонку, каб пакінуць імя памершага ў спадчыне ягонай і каб ня зьнікла імя памершага паміж братамі яго і з брамаў места гэтага. Вы гэтага сёньня сьветкамі.

11 І сказаў увесь народ, што быў пры браме і старэйшыя: – мы сьветкамі. Няхай дасьць табе Гаспод жонку, якая ўзыходзіць у дом твой, як Рахіль і як Лію, якія абедзьве збудавалі дом Ізраільскі. Набывай багацьце ў Эфрафе і няхай славіцца імя тваё ў Бэтлееме.

12 Няхай будзе дом твой, як дом Фарэса, якога радзіла Тамар Юдзе з насеньня таго, якое дасьць табе Гаспод ад гэтай жанчыны.

13 І ўзяў Бооз Рут і была яму за жонку. І ўвайшоў ён да яе і Гаспод даў ёй цяжарнасьць і яна радзіла сына.

14 І гаварылі жанчыны да Ноэмі: – багаслаўлены Гаспод, што Ён не пакінуў цябе цяпер бяз спадкаемцы! Няхай будзе слаўным імя яго ў Ізраэлі.

15 Ён будзе табе пацехай і будзе харчаваць цябе ў старасьці, бо яго радзіла нявестка твая, якая любіць цябе, якая лепшая для цябе ад сямёх сыноў.

16 І ўзяла Ноэмі гэтае дзіцё, узяла яго на ўзлоньне сваё і была яму пястункай.

17 Суседкі далі яму імя, гаворачы: – у Ноэмі радзіўся сын і назвалі яго Абідам. Ён – бацька Есея, бацькі Давідавага.

18 А вось род Фарэса: Фарэс радзіў Гэсрона;

19 А Гэсрон радзіў Рама, а Рам радзіў Амінадаба;

20 А Амінадаб радзіў Наасона, а Наасон радзіў Сальмона;

21 А Сальмон радзіў Бооза, а Бооз радзіў Абеда;

22 А Абед радзіў Есея, а Есей радзіў Давіда.

 

 

Кніга Эстэры

 

 

Разьдзел 1

1 І было за часоў Артаксэркса, які панаваў над стодваццаціпяцю краінамі ад Індыі аж да Этыопіі,

2 што ў той час, як кароль Артаксэркс засеў на свой каралеўскі пасад, які бы у сталічным месьце Сузан,

3 на трэцім годзе свайго панаваньня, ён зрабіў бяседу для ўсіх сваіх князёў і для служачых пры ім, для Пэрскіх і Мідыйскіх гэтманаў і намесьнікаў сваіх краінаў,

4 паказываючы вялікае багацьце свайго каралеўства і славу сваёй велічы на працягу многіх дзён – стапяцідзесяцёх дзён.

5 Каліж скончыліся тыя дні, кароль зрабіў для ўсяго народу, што быў у сталічным месьце Сузан, ад найвялікшага да найменшага, сямідзённую бяседу ў залі ў садзе, пры каралеўскім палацы.

6 Белыя, зялёныя і гіацынтавыя тканіны былі ўмацаваныя бісоннымі і пурпуравымі шнурамі на сярэбраных колцах і мармуровых слупох. Залатыя і серабраныя ложы на памосьце, усланым зялёнымі каменьнямі і мармурам, і пэрламутрам, і шорнымі каменьнямі.

7 Пітво падавалі ў залатым начыньні, у што раз іншым начыньні, і было мноства каралеўскага віна, паводле каралеўскага багацьця.

8 Да піцьця, аднак, згодна з распараджэньнем, нікога не прымушалі, бо так загадаў кароль усім кіраўніком ягонага дому, каб рабілі паводле волі кожнага.

9 І каралева Астын зрабіла таксама бяседу для жанчынаў, у каралеўскім доме караля Артаксэркса.

10 На сёмы дзень, калі кароль развесяліўся ад віна, ён сказаў Мэгуману, Вызце, Гарбану, Бычце, Абачце, Зэтару і Каркасу, сямём скапцом, што служылі перад абліччам караля Артаксэркса,

11 каб прывялі каралеву Астын прад каралеўскае аблічча, у каралеўскай кароне, хочучы паказаць народам і князём яе прыгажосьць, бо яна была вельмі прыгожая.

12 Каралева Астын не захацела, аднак, прыйсьці на каралеўскі наказ праз скапцоў. Дзеля гэтага кароль вельмі разгневаўся і гнеў яго загарэўся ў ім.

13 Тады спытаўся кароль мудрацоў, разумеючых часы, бо быў звычай, што каралеўскія справы разглядаліся ўсімі ведаючымі і законы і правы.

14 Найбліжэйшымі былі тады Карсэна, Шэтар, Адмата, Тарсыс, Марсэна і Мэхуман, сем князёў Пэрскіх і Мідыйскіх, якія маглі глядзець на каралеўскае аблічча і сядзелі першымі ў каралеўстве,

15 што рабіць, згодна з правам, з каралеваю Астын, за тое, што яна ня выканала наказу караля Артаксэркса, данага праз скапцоў?

16 І адказаў Мэмухан перад каралём і князямі: – ня супроць аднаго караля выступіла каралева Астын, а супроць усіх князёў і ўсіх народаў, што жывуць у ўсіх краінах караля Артаксэркса,

17 бо калі паступак каралевы дойдзе да ўсіх жанчынаў, яны пачнуць лёгкаважыць сваіх мужоў і гаварыць: – кароль Артаксэркс наказаў прывесьці каралеву Астын прад сваё аблічча, а яна не прыйшла.

18 Цяпер скажуць тое самае княгіні Пэрскія і Мідыйскія, якія пачулі аб паступку каралевы, усім каралеўскім князём і будзе досыць лёгкаважаньня і сварак.

19 Дзеля гэтага, калі кароль будзе гэта лічыць адпаведным, няхай выйдзе ад яго каралеўская пастанова і няхай будзе ўпісаным у Пэрскія і Мідыйскія законы, якія не адмяняюцца, аб тым, што каралева Астын не будзе ўваходзіць прад аблічча караля Артаксэркса і ейную каралеўскую годнасьць перадасьць кароль іншай, лепшай чым яна.

20 А калі пачуюць аб гэтай каралеўскай пастанове, якая разыдзецца па ўсім каралеўстве, як яно вялікае, тады ўсе жонкі будуць шанавць мужоў сваіх ад вялікага аж да малога.

21 І спадабалася гэная рада каралю і князём і зрабіў кароль згодна з радаю Мэмухана

22 і паслаў лісты ў усе каралеўскія краіны, у кожную краіну яе пісмы і кожнаму народу ягонай мовай, каб кожны муж быў гаспадаром у сваім доме. Гэта было абвешчана кожнаму на ягонай роднай мове.

 

Разьдзел 2

1 Пасьля гэтага, калі сьціх гнеў караля Артаксэркса, ён успомніў аб Астын, тое што яна ўчыніла і аб пастанове аб ёй.

2 І сказалі каралеўскія дваране, слугі яго: – няхай-бы пашукалі каралю маладых і прыгожых дзяўчатаў,

3 і няхай-бы прызначыў кароль старшынаў, у кожную краіну каралеўства, якія-б сабралі ўсіх прыгожых дзяўчатаў у сталічнае места Сузан, у жаночы дом, пад нагляд Гэгая, каралеўскага скапца, вартаўніка жонак і няхай-бы давалі ім шмараваньні.

4 Дзяўчына-ж, якая спадабаецца каралеўскім вачом, няхай будзе каралеваю, замест Астын. І спадабалася такая гаворка ў каралеўскіх вачох і ён так і зрабіў.

5 Быў у Сузан, сталічным месьце, жыд імём Мардахай, сын Яіра, сына Кіса з калена Бэн’ямінавага.

6 Ён быў пераселены з Ерусаліму, разам з іншымі палоннымі, пераселенымі з Ехоніяй, каралём Юдэйскім, якіх перасяляў Набухаданосар, кароль Бабілёнскі.

7 Ён выховываў Гэдасу, якую называлі таксама Эстэр, дачку ягонага дзядзькі, бо яна ня мела ані бацькі, ані маці. Гэтая дзяўчына была прыгожая і мела прыемны твар. Пасьля смерці бацькі яе і маці яе Мардахай узяў яе да сябе, замест дачкі.

8 Калі абвешчаны быў каралеўскі загад і ягоная пастанова, і калі сабралі многа дзяўчатаў у сталічнае места Сузан, пад нагляд Гэгая, тады ўзялі ў каралеўскі дом і Эстэр, пад нагляд Гэгая, вартаўніка жонаў.

9 І спадабалася яму дзяўчына, і знайшла спадабаньне ў ягоных вачох, і ён пасьпяшаўся выдаць ёй шмараваньні і частку яе і сказаў даць ёй сем дзяўчынаў з каралеўскага дому і перавёў яе і дзяўчынаў яе ў лепшую частку жаночага дому.

10 Эстэра, аднак, не казала аб народзе сваім і сям’і сваёй, бо Мардахай наказаў ёй, каб не казала.

11 І Мардахай кожны дзень прыходзіў да панадворку жаночага дому, каб даведацца аб здароў’і Эстэры і аб тым, што робіцца з ёю.

12 Калі прыходзіў час кожнай дзяўчыне ўваходзіць да караля Артаксэркса, пасьля таго, як на працягу дванаццацёх месяцаў было выкананае над ёю ўсё азначанае жанчынам – бо толькі часу трывалі дні іх шмараваньняў: шэсьць месяцаў алеем з мірры і шэсьць месяцаў пахнасьцямі і іншымі жаночымі шмараваньнямі, –

13 тады дзяўчына ўваходзіла да караля. Чаго-б яна не патрабавала, ўсё давалася ёй да выхада з жаночага дому ў дом караля.

14 Увечары яна ўваходзіла і раніцою вярталася ў другі жаночы дом, пад нагляд Шаазгаза, каралеўскага скапца, вартаўніка каралеўскіх наложніцаў; больш не ўваходзіла да караля, але, калі спадабалася каралю, была выкліканая іменна.

15 Калі прыйшоў час Эстэры, дачкі Амінадаба, дзядзькі Мардахэя, які ўзяў яе да сябе замест дачкі, увайсьці да караля, тады яна не прасіла нічога, апрача таго, аб чым сказаў ёй Гэгай, каралеўскі скапец, вартаўнік жонаў. І здабыла Эстэр ласку ў вачох усіх, што яе бачылі.

16 І ўзятая была Эстэра да караля Артаксэркса, у ягоны каралеўскі дом, у дзесятым месяцы, гэта значыць у месяцы Табэт, у сёмы год ягонага панаваньня.

17 І пакахаў кароль Эстэру болей усіх жанчынаў і здабыла яна ласку і любоў болей усіх дзяўчатаў, і ён усклаў каралеўскую карону на ейную галаву, і зрабіў яе каралеваю на месца Астын.

18 Апрача гэтага кароль зрабіў вялікую бяседу для ўсіх сваіх князёў і слугаў сваіх у чэсьць Эстэры і даў палёгку краінам і раздаў дары з каралеўскай шчодрасьцяй.

19 І калі другі раз сабраныя былі дзяўчаты і Мардахай сядзеў каля каралеўскай брамы,

20 Эстэр усё яшчэ не казала аб сваёй сям’і і сваім народзе, як наказаў Мардахай, бо была паслухмяная наказам Мардахая таксама, як тады, калі ён выховываў яе.

21 У той час, як Мардахай сядзеў каля каралеўскай брамы, скапцы Гават і Тарра, з пасярод тых, што сьцерагуць парог, разгневаліся і мелі намер налажыць руку на караля Артаксэркса.

22 Даведаўшыся аб гэтым, Мардахай паведаміў каралеву Эстэр, а Эстэра паведаміла ад імя Мардахая, караля.

23 Справа была дасьледавана і знойдзена так; іх абаіх павесілі на шыбеніцы і было запісана ў кнігу дзённых запісаў аб Мардахаі.

 

Разьдзел 3

1 Пасьля гэтага кароль Артаксэркс узьвялічыў Гамана, сына Гамадата, Агагейца і ўзьняў яго і паставіў ягоны пасад вышэй усіх князёў, што былі ў яго.

2 А ўсе слугі, што былі каля каралеўскай брамы, кланяліся і падалі перад Гаманам, бо такі быў каралеўскі загад. Але Мардахэй ня кланяўся і не падаў перад ім.

3 І гаварылі каралеўскія слугі, што былі каля каралеўскай брамы, Мардахэю: – чаму ты пераступаеш каралеўскі загад?

4 Калі яны гаварылі яму кожны дзень, а ён ня слухаў іх, дык яны сказалі аб гэтым Гаману, каб пагледзець ці ўтрымаюцца словы Мардахэя, бо ён быў сказаўшы ім, што ён жыд.

5 Калі-ж Гаман пабачыў, што Мардахэй не кланяецца і не падае перад ім, дык Гамана напоўніў гнеў.

6 І здалося Гаману замала ўзьняць руку на аднаго Мардахэя, паколькі яму было сказана з якога народу Мардахэй, дык дзеля гэтага надумаў Гаман зьнішчыць усіх жыдоў, што былі па ўсім каралеўстве Артаксэркса – Мардахэяў народ.

7 Так у першым месяцы, гэта значыць у месяцы Нісан, у дваццатым годзе караля Артаксэркса, загадаў Гаман кідаць пур, гэта значыць лёс, перад сабою са дня ў день і з месяца ў месяц, аж да дванаццатага месяца, гэта значыць да месяца Адар.

8 Бо Гаман быў сказаўшы каралю Артаксэрксу: – ёсьць адзін народ, раскіданы і разсыпаны між народамі па ўсіх краінах твайго каралеўства; ягоныя законы іншыя ад законаў усіх народаў і яны не выконываюць каралеўскіх законаў, дзеля гэтага не карысна так пакідаць іх.

9 Калі-б гэта падабалася каралю, дык няхай будзе напісана, каб яны былі зьнішчаныя і я адважу дзесяць тысячаў талентаў серабра ў рукі вызначаных да гэтай працы, каб аднесьці ў каралеўскі скарб.

10 Тады кароль зьняў пярсьцёнак са сваёй рукі і аддаў яго Гаману, сыну Гамадата, Агагейцу, ворагу жыдоў.

11 І сказаў кароль Гаману: – даровываю табе серабро і народ, каб ты зрабіў з ім, што захочаш.

12 Пакліканыя былі каралеўскія пісары ў першым месяцы, у ягоны трынаццаты дзень і напісана было, як наказаў Гаман да каралеўскіх намесьнікаў і да старшыняў, што былі над кожнай краінай і да князёў кожнага народу, у кожную краіну яе пісмом і кожнаму народу ягонай мовай. Імем караля Артаксэркса напісана было і запячатана каралеўскім пярсьцёнкам.

13 І разасланыя былі лісты праз ганцоў у ўсе каралеўскія краіны, каб забіць, загубіць і зьнішчыць усіх жыдоў: малога і старога, дзяцей і жанчынаў, у адзін дзень, у трынаццаты дзень дванаццатага месяца, а ім ёсьць месяц Адар, а маемасьць іх разабраць.

14 Сьпісак з загаду аддаць у кожную краіну, як закон, абвешчаны ўсім народам, каб яны былі гатовыя на той дзень.

15 Тады выехалі ганцы з каралеўскім загадам. Абвешчаны быў загад і Сузан, сталічным месьце; кароль і Гаман сядзелі і пілі, але места Сузан было стрывожанае.

 

Разьдзел 4

1 Калі Мардахэй даведаўся аб усім, што сталася, дык разьдзёр свае вопраткі, апрануўся ў зрэб’е і пасыпаўшыся попелам выйшаў на сярэдзіну места і клікаў вялікім і жалобным голасам.

2 І дайшоў да каралеўскай брамы, бо нельга было ўваходзіць у каралеўскую браму ў зрэб’і.

3 Таксама і ў кожнай краіне і месцы, куды даходзіў каралеўскі загад і пастанова, быў вялікі жаль пасярод жыдоў: пост і плач і нараканьне. Зрэб’е і попел былі пасьцельлю для шмат каго.

4 І прыйшлі служанкі Эстэр і скапцы яе, і расказалі ёй, і каралева вельмі ўстрывожылася. І паслала вопратку, каб Мардахэй апрануў яе і зьняў з сябе зрэб’е, але той ня прыняў.

5 Тады паклікала Эстэр Гатаха, аднаго з каралеўскіх скапцоў, які быў прыстаўлены да яе і паслала яго да Мардахэя даведацца: што гэта і дзеля чаго?

6 Тады выйшаў Гэтах да Мардахэя на вуліцу, што была перад каралеўскай брамай,

7 і расказаў яму Мардахэй аб усім, што яму здарылася і аб колькасьці серабра, якую абяцаў Гаман адважыць у каралеўскі скарб, за жыдоў, якія мелі быць зьнішчаныя.

8 Апрача гэтага даў яму спісак з наказу абвешчанага ў Сузан аб зьнішчэньні іх, каб паказаць Эстэры і перадаць ёй вестку, потым наказываў ёй ісьці да караля літасьці і за народ свой.

9 І прыйшоў Гатах і пераказаў Эстэр словы Мардахэя.

10 Тады сказала Эстэр Гатаху, перадаючы праз яго Мардахэю:

11 усе каралеўскія слугі і народ усіх каралеўскіх краінаў ведаюць, што кожнаму, і мужчыне і жанчыне, хто ўвойдзе да караля на нутраны двор, ня быўшы пакліканым, адзін прыгавор – сьмерць; толькі той, да каго кароль працягне свой залаты сцэптар, застанецца жывы. Мяне-ж ня выклікаў кароль вось ужо трыццаць дзён.

12 А калі перадалі Мардахэю словы Эстэр,

13 сказаў Мардахэй у адказ Эстэр: – ня думай, што ты адна ўратуешся ў каралеўскім доме з усіх жыдоў,

14 бо калі ты будзеш маўчаць у гэты час, дык збаўленьне прыйдзе жыдом з іншага месца, а ты і дом бацькі твайго загіне. Ды-й хто ведае, ці не дзеля гэтага часу і ты асягнула каралеўскую годнасьць.

15 І сказала ў адказ Мардахэю Эстэр:

16 ідзі, зьбяры ўсіх жыдоў, што знаходзяцца ў Сузан і пасьцецеся дзеля мяне; ня ешце і ня пійце тры дні, ні ў дзень, ні ў начы, а я з маімі служанкамі таксама буду пасьціцца, а потым пайду да караля, хаця гэта супроць закону, а калі маю згінуць і згіну.

17 Тады пайшоў Мардахэй і зрабіў, як наказала яму Эстэр.

 

Разьдзел 5

1 На трэці дзень Эстэра, апрануўшыся ў каралеўскую вопратку, зьявілася на нутраным двары каралеўскага дому, супроць каралеўскага палацу. Кароль-жа сядзеў на сваім каралеўскім пасадзе ў каралеўскім дом, супроць уваходу ў дом.

2 Калі кароль пабачыў каралеву Эстэр, стоячую на двары, дык яна знайшла ласку ў ягоных вачох і кароль выцягнуў да Эстэры залаты сцэптар, што трымаў у сваёй руцэ. Тады Эстэр, падыйшоўшы, дакранулася канца сцэптару.

3 І сказаў ёй кароль: – што табе, каралева Эстэр, і якая твая просьба? Калі бы нават прасіла палову каралеўства, дык і яно будзе табе данае.

4 І адказала Эстэр: – калі кароль схоча, дык няхай прыйдзе кароль з Гаманам сягоньня на бяседу, што я яму прыгатавала.

5 І сказаў кароль: – паклічце, чым хутчэй Гамана, каб зрабіць па волі Эстэр. І пайшоў кароль з Гаманам на бяседу, што зрабіла Эстэр.

6 Потым, выпіўшы віна, сказаў кароль Эстэр: – якое тваё пажаданьне? Яно будзе здаволенае. Калі-б нават прасіла палову каралеўства, дык і яно будзе табе данае.

7 Адказала на гэта Эстэр і сказала: – маё пажаданьне і просьба наступная:

8 калі я знайшла ласку ў каралеўскіх вачох і калі кароль схоча задаволіць маё пажаданьне і выканаць маю просьбу, дык няхай прыйдзе кароль з Гаманам на бяседу, што я прыгатую і заўтра я выканаю каралеўскае слова.

9 І выйшаў у той дзень Гаман вясёлы і добрай думкі, але калі пабачыў Гаман Мардахэя ў каралеўскай браме і той ня ўстаў з месца і не крануўся перад ім, тады напоўніўся Гаман гневам на Мардахэя.

10 Аднак Гаман устрымаўся. Калі-ж прыйшо у свой дом, дык паслаў запрасіць сваіх прыяцеляў і жонку сваю Зэрэш.

11 І расказываў ім Гаман аб вялікім сваім багацьці і аб мностве сыноў сваіх і аб усім тым, як узьвялічыў яго кароль і ўзьняў яго над князямі і каралеўскімі слугамі.

12 І сказаў Гаман: – ды і каралева Эстэр нікога не паклікала на бяседу з каралём, якую яна прыгатавала, апрача мяне, яшчэ і на заўтра пакліканы я да яе з каралём.

13 Мне аднак усё гэта нішто, пакуль я бачу жыда Мардахэя, седзячым каля каралеўскай брамы.

14 І сказала яму Зэрэш, ягоная жонка і ўсе ягоныя прыяцелі: – няхай прыгатуюць шыбеніцу вышынёю пяцьдзесят лакцёў, а раніцою скажы каралю, каб павесілі на ёй Мардахая, і тады весела йдзі на бяседу з каралём. І спадабалася гэная рада Гаману і ён прыгатаваў шыбеніцу.

 

Разьдзел 6

1 У тую ноч загадаў кароль, ня могучы спаць, прынесьці памятную кнігу дзённых запісаў, і чыталі яе перад каралём.

2 І знайшлі запісанае, як Мардахай данёс на Гавата і Тару, двух каралеўскіх скапцоў з пасярод тых, што сьцерагуць парог, якія мелі намер налажыць руку на караля Артаксэркса.

3 Тады сказаў кароль: – якую чэсьць і адзначэньне атрымаў за гэта Мардахай. І адказалі на гэта каралеўскія слугі, ягоныя дваране: – нічога не атрымаў за гэта.

4 І сказаў кароль: – хто ёсьць на панадворку? Гаман-жа быў прыйшоўшы на вонкавы двор каралеўскага дому, хочучы гаварыць з каралём, каб павесілі Мардахэя на шыбеніцы, якую ён прыгатаваў яму.

5 Тады адказалі каралю ягоныя слугі: – вось Гаман стаіць на панадворку. І сказаў кароль: – няхай увойдзе.

6 І ўвайшоў Гаман і сказаў яму кароль: – што зрабіць такому чалавеку, якога хоча ўшанаваць кароль? Гаман падумаў у сэрцы сваім: – каму-ж больш апрача мяне хоча аказаць кароль пашану?

7 І сказаў Гаман каралю: – таму чалавеку, якога кароль хоча ўшанаваць ,

8 няхай прынясуць каралеўскую вопратку, у якую апранаецца кароль, і прывядуць каня, на якім езьдзіць кароль, і няхай надзенуць на ягоную галаву каралеўскую вопратку,

9 а даўшы тую вопратку і каня ў рукі аднаму з першых каралеўскіх князёў, няхай апрануць таго чалавека, якога хоча ўшанаваць кароль, і няхай вядуць на кані па вуліцы места і гукаюць перад ім: – так дзеецца з чалавекам, якога хоча ўшанаваць кароль.

10 Тады сказаў кароль Гаману: – сьпяшайся, вазьмі вопратку і каня, як ты сказаў, і зрабі так жыду Мардахаю, што сядзіць у каралеўскай браме, і нічога не прапусьці з таго, што ты гаварыў.

11 І ўзяўшы вопратку і каня, Гаман апрануў Мардахэя і вёў яго на кані па меставай вуліцы, гукаючы: – так дзеецца з чалавекам, якога хоча ўшанаваць кароль.

12 Потым Мардахэй вярнуўся да каралеўскай брамы, Гаман-жа пасьпяшыўся ў свой дом, сумны і накрыўшы галаву.

13 І пераказаў Гаман Зэрэш, сваёй жонцы, і ўсім сваім прыяцелям усё, што з ім здарылася. І сказалі яму мудрацы ягоныя і Зэрэш, ягоная жонка: – дзеля таго, што Мардахэй з племені жыдоў і перад ім ты пачаў падаць, дык не пераможаш яго, але напэўна ўпадзеш перад ім.

14 Калі яны яшчэ гаварылі з ім, прыйшлі каралеўскія скапцы і прымусілі Гамана йсьці на бяседу, што прыгатавала Эстэр.

 

Разьдзел 7

1 І прыйшоў кароль з Гаманам на бяседу да каралеву Эстэр.

2 І сказаў кароль да Эстэр таксама і ў другім дні ў часе бяседы: – якое тваё пажаданьне, каралева Эстэр? Яно будзе выкананае і якая твая просьба? Калі-б ты нават прасіла палову каралеўства, дык будзе данае.

3 Тады адказала каралева Эстэр і сказала: – калі я знайшла ласку ў тваіх вачох, кароль, і калі кароль схоча, дык няхай будзе дараванае мне жыцьцё, на маю просьбу, і народ мой, на просьбу маю,

4 бо праданыя мы, я і народ мой на зьнішчэньне, забойства і загубу. Калі-б мы былі праданыя, як нявольнікі і нявольніцы, я маўчала-б, хаця вораг і так ня мог-бы выраўнаць каралю гэтую шкоду.

5 І адказаў кароль Артаксэркс і сказаў каралеве Эстэр: – хто-ж гэта такі і дзе ён ёсьць, хто адважыўся ў сэрцы сваім зрабіць так.

6 І сказала Эстэр: – найгоршы вораг і няпрыяцель гэта Гаман. І ўстрывожыўся Гаман перад каралём і каралевай.

7 Тады ўстаў кароль у гневе ад бяседы і пайшоў у сад каля палацу, а Гаман застаўся, каб прасіць аб жыцьцё каралеву Эстэр, бо бачыў вызначаны яму каралём благі лёс.

8 Калі кароль вярнуўся з саду, каля палацу, ў дом бяседы, Гаман быў упаўшы на ложа, на якім была Эстэр. І сказаў кароль: – Ці-ж яшчэ хоча згвалціць каралеву ў маім доме? Калі гэтае слова выйшла з вуснаў караля, зараз пакрылі твар Гамана.

9 І сказаў Гарбона, адзін з каралеўскіх скапцоў: – вось і шыбеніца, якую прыгатаваў Гаман для Мардахэя, які стараўся аб каралеўскім дабры. І сказаў кароль: – павесьце яго на ёй.

10 І павесілі Гамана на шыбеніцы, якую ён прыгатавў Мардахэю. І гнеў караля сьціх.

 

Разьдзел 8

1 У той дзень даў кароль Артаксэркс каралеве Эстэр дом Гамана, ворага жыдоў, а Мардахэй увайшоў прад каралеўскае аблічча, бо Эстэра расказала яму, што ён ёй родны.

2 Тады зьняў кароль свой пярсьцёнак, які ён адабраў ад Гамана, і аддаў яго Мардахэю; Эстэр жа паставіла Мардахэя над домам Гамана.

3 Потым Эстэр гаварыла яшчэ каралю, ўпала да ягоных ног і плакала і прасіла яго адвярнуць злосьць Гамана Агагейца і яго намер, які ён задумаў супроць жыдоў.

4 Тады выцягнуў кароль да Эстэр залаты сцэптар і ўзьнялася Эстэр і стала перад каралём

5 і сказала: – калі схоча кароль і калі я знайшла ласку перад ягоным абліччам і калі гэта здаецца каралю правільным і калі я падабаюся ягоным вачом, дык няхай напішуць, каб адкліканыя былі лісты з намерамі Гамана, сына Гамадата, Агагейца, пісаныя аб зьнішчэньні жыдоў у ўсіх каралеўскіх краінах,

6 бо як магла-б я глядзець на благое, што прыйшло-б на мой народ і як магла-б я бачыць загубу маіх родных?

7 І сказаў кароль Артаксэркс каралеве Эстэр і жыду Мардахэю: – вось я аддаў дом Гамана Эстэр, а яго самога павесілі на шыбеніцы за тое, што ўзьняў руку сваю на жыдоў.

8 Пішэце і вы да жыдоў, што вам падабаецца, ад каралеўскага імя і зяпячатайце каралеўскім пярсьцёнкам, бо лісту напісанага ад каралеўскага імя і зяпячатанага каралеўскім пярсьцёнкам нельга адклікаць.

9 І скліканыя былі тады каралеўскія пісцы ў трэцім месяцы, гэта значыць у месяцы Сіван, у дваццацьтрэці дзень яго і напісана было ўсё так, як загадаў Мардахэй – жыдом, намесьнікам, старшыням і намесьнікам над краінамі ад Індыі да Этыёпіі, у стодваццацьсем краінаў: у кожную краіну яе пісьмом і кожнаму народу ягонай мовай і жыдом іхным пісьмом і іхнай мовай.

10 А калі напісаў ад імя караля Артаксэркса і запячатаў каралеўскім пярсьцёнкам, разаслаў лісты праз ганцоў, якія ехалі на хуткіх канёх і на маладых мулах,

11 што кароль дазваляе жыдом, што знаходзяцца ў кожным месьце, сабрацца і стаць на абарону свайго жыцьця, зьнішчыць, забіць і згубіць усіх моцных у народзе і краіне, што былі ім варожыя, дзяцей іх і жонак іх, а маемасьць іх разабраць,

12 у адзін дзень, па ўсіх краінах караля Артаксэркса, у трынаццаты дзень дванаццатага месяца, гэта значыць месяца Адар.

13 Сьпісак з загаду аддаць у кожную краіну, як закон абвешчаны ўсім народам, каб жыды былі гатовыя мсьціцца на сваіх непрыяцелях.

14 Ганцы, што паехалі на хуткіх канях і мулах, паехалі, як найхутчэй з каралеўскім загадам. Абвешчаны быў загад і ў Сузан – сталічным месьце.

15 Мардахэй выйшаў ад караля ў каралеўскай вопратцы: гіацынтавай і белай, і ў вялікай залатой кароне і ў бісонным і пурпуравым плашчы, а места Сузан весялілася і радавалася.

16 І ў жыдоў быў тады сьвет, і радасьць, і вясельле, і ўрачыстасьць.

17 Таксама і ў кожнай краіне і кожным месьце, куды даходзіў каралеўскі загад і ягонае вырашэньне, была радасьць у жыдоў і вясельле, бяседы і дзень радасьці, а многія з народаў краіны зрабіліся жыдамі, бо апанаваў іх страх перад жыдамі.

 

Разьдзел 9

1 Потым у дванаццатым месяцы, гэта значыць у месяцы Адар, у ягоны трынаццаты дзень, калі прыйшоў час выканаць загад караля і ягонае вырашэньне, у той дзень, калі ворагі жыдоў спадзяваліся запанаваць над імі, выйшла наадварот, бо жыды запанавалі над сваімі ворагамі.

2 Сабраліся жыды ў сваіх местах, па ўсіх краінах караля Артаксэркса, каб узьняць руку на іх ворагаў і ніхто ня мог ім супроцьстаяць, бо страх перад імі апанаваў усе народы.

3 Усе-ж намесьнікі краінаў, князі і старшыні і выканаўцы каралеўскіх справаў падтрымлівалі жыдоў, бо апанаваў іх страх перад Мардахэем,

4 бо быў Мардахэй вялікі ў каралеўскім доме, а ягоная слава разыходзілася па ўсіх краінах, бо гэты муж Мардахэй узьнімаўся вышэй і вышэй.

5 І нішчылі жыды ўсіх сваіх ворагаў, сякучы мячом, забіваючы і губячы, і паступалі з непрыяцелямі паводле сваёй волі.

6 Нават у Сузан, сталічным месьце, забілі і загубілі жыды пяцьсот чалавек:

7 і Паршандата, і Далфона, і Асфата;

8 і Парата, і Адаля, і Арыдата;

9 і Пармоста, і Арысая, і Арыдая, і Ваезата, –

10 дзесяцярох сыноў Гамана, сына Гамадата, ворага жыдоў, забілі яны, але не паднялі руку на маемасьць.

11 У той-жа дзень паведамілі караля аб лічбе забітых у Сузан, сталічным месьце.

12 І сказаў кароль каралеве Эстэр: – у Сузан, сталічным месьце, забілі жыды і загубілі пяцьсот чалавек і дзесяцярох сыоў Гамана, дык што-ж яны зрабілі ў іншых каралеўскіх краінах? Якое яшчэ тваё пажаданьне? Яно будзе здаволенае. Якая яшчэ просьба твая? Яна будзе выкананая.

13 І сказала Эстэр: – калі кароль схоча, дык няхай-бы дазволіў жыдом, што ў Сузан, і заўтра рабіць тое, што сягоньня, а дзесяць сыноў Гамана няхай-бы павесілі на шыбеніцы.

14 І загадаў кароль, каб было так. І даны загад у Сузан і павесілі дзесяцёх сыноў Гамана.

15 І сабраліся жыды, што былі ў Сузан, таксама і ў чатырнаццаты дзень месяца Адар і забілі ў Сузан трыста чалавек, а на дабычу не паднялі рукі.

16 Таксама іншыя жыды, што жылі ў каралеўскіх краінах, сабраліся, каб стаць у абароне жыцьця свайго і каб мець супакой ад сваіх ворагаў і забілі семдзесят пяць тысячаў, а на дабычу не паднялі рукі.

17 Пачалі ў трынаццаты дзень месяца Адар, а ў чатырнаццаты дзень гэтага-ж месяца перасталі і зрабілі гэты дзень днём бяседаў і вясельля.

18 Жыды-ж, што былі ў Сузан, зьбіраліся ў трынаццаты і чатырнаццаты дзень гэтага-ж месяца, а перасталі ў пятнаццаты дзень гэтага-ж месяца і зрабілі яго днём бяседаў і вясельля.

19 Дзеля гэтага, жыды што жывуць на сяле, праводзяць чатырнаццаты дзень месяца Адар у вясельлі і бяседах, пасылаючы з добрай думкай адзін другому падаркі.

20 І апісаў Мардахэй гэтыя выпадкі і паслаў лісты ўсім жыдом, што жылі па ўсіх краінах караля Артаксэркса, блізкім і далёкім,

21 пастанаўляючы, каб сьвяткаваць чатырнаццаты дзень месяца Адар і пятнаццаты дзень яго,

22 як тыя дні, у якіх жыды адпачылі ад ворагаў сваіх, і як месяца, у якім сум абярнуўся ў вясельле, а плач у радасьць, каб сьвяткавалі гэтыя дні з бяседамі і вясельлем, пасылаючы адзін другому падаркі і падаянкі бедным.

23 І прынялі жыды тое, што ўжо самыя пачалі рабіць і аб чым пісаў ім Мардахэй,

24 як Гаман, сын Гамадата, Агагеец, думаў згубіць жыдоў і кідаў пур, гэта значыць лёс аб зьнішчэньні і згубе іх,

25 і як Эстэр дайшла да караля і як кароль загадаў новым лістом, каб благі намер Гамана, які ён меў супроць жыдоў, абярнуўся на ягоную галаву і як павесілі яго і ягоных сыноў на шыбеніцы.

26 Дзеля гэтага і назвалі гэтыя дні Пурым, ад назову Пур. Дзеля гэтага згодна з усімі словамі гэтага лісту і з тым, што самыя бачылі і што дайшло да іх,

27 пастанавілі жыды і прынялі на сябе і нашчадкаў сваіх і на ўсіх, што да іх далучацца, каб не парушалі гэтага, але каб сьвяткавалі гэтыя два дні згодна з іхным прызначэньнем, у ўстаноўлены час, кожны год.

28 Каб-жа гэтыя дні былі памятныя і слаўныя ад веку да веку ў кожным племені ў кожнай краіне і ў кожным месьце, і каб гэтыя дні і Пурым не адмяняліся ў жыдоў і памяць аб іх не загінула ў дзяцей іх.

29 Напісала таксама каралева Эстэр, дачка Абіхайла, і жыд Мардахэй з усёй настойлівасьцяй, каб выконывалі гэты новы ліст аб Пурыме,

30 і разаслаў Мардахэй гэты ліст да ўсіх жыдоў у стодваццацьсем краінаў караля Артаксэркса са словамі міру і праўды,

31 каб цьвёрда пільнавалі ў свой час гэтых дзён Пурым, як устанавіў аб іх жыд Мардахэй і каралева Эстэр і як яны самыя забавязалі сябе і нашчадкаў сваіх на памятку посту і нараканьня.

32 Так наказ Эстэр пацьвердзіў гэтае слова аб Пурыме і яго ўпісанае ў кнігу.

 

Разьдзел 10

1 Потым налажыў кароль Артаксэркс падатак на землі свае і марскія выспы.

2 А ўсе справы ягонай моцы і ягонай магутнасьці, з апісаньнем велічы Мардахэя, якой узьвялічыў яго кароль, запісаныя ў кнізе дзённых запісаў каралёў Мідыйскіх і Пэрскіх,

3 бо жыд Мардахэй быў другім, пасьля караля Артаксэркса, і вялікім у жыдоў і любімым мноствам сваіх братоў, стараючыся добра свайму народу і гаворачы на карысьць свайго народу.

 

 

Прыказкі Салямона

 

 

Разьдзел 1

1 Прыказкі Салямона, сына Давідавага, караля Ізраільскага,

2 для пазнаньня мудрасьці і павучэньня, для зразуменьня выслову мудрасьці,

3 для зразуменьня правілаў розуму, справядлівасьці, суду і слушнасьці,

4 для даньня простым цямлівасьці, юнаку веды і разважлівасьці.

5 Паслухае іх мудры, прыбудзе яму веды і разумны знойдзе мудрыя рады,

6 каб зразумеў прыказкі і мудрую мову, словы мудрых і іхныя загадкі.

7 Пачатак мудрасьці гэта страх Госпада; дурныя пагарджаюць мудрасьцяй і павучэньнем.

8 Слухай, сын мой, павучэньня твайго бацькі і не адкідай навукі тваёй маці,

9 бо гэта прыгожы вянок для тваёй галавы і ўпрыгажэньне для тваёй шыі.

10 Сын мой, калі цябе будуць намаўляць грэшнікі, не згаджайся;

11 калі будуць гаварыць: – хадзі з намі, зробім засадку для забойства, падпільнуем нявіннага без прычыны,

12 жывых праглынем, як магіла, цалком, як зыходзячых у гроб;

13 набярэм усялякай каштоўнай маемасьці, напоўнім нашыя дамы дабычаю;

14 лёс твой ты будзеш кідаць разам з намі, адзін склад будзе ў усіх нас.

15 Сын мой, не хадзі-ж з імі ў дарогу, устрымай тваю нагу ад іхных сьцежак,

16 бо ногі іх бягуць да благога і сьпяшаюцца на праліцьцё крыві.

17 Бо як надарэмна стаўляюцца сеткі перад вачыма птушак,

18 так і тыя робяць засадку на сваю кроў і падсьцерагаюць свае душы.

19 Такія шляхі кожнага, хто пажадае чужую маемасьць: яна адбірае жыцьцё ў завалодаўшага ёю.

20 Мудрасьць кліча на вуліцы, на пляцох уздымае свой голас,

21 у галоўных месцах сходаў, каля ўваходаў у брамы, гаворыць свае казаньні:

22 – дакуль няведнікі будзеце любіць няведу; насьмявальнікі насьмяваньне; дакуль дурныя будуць ненавідзець умецтва?

23 Навярнецеся ад майго абвінавачаньня, вось выдам вам мой дух і апавешчу вам мае словы.

24 Я клікала, а вы ня слухалі; працягвала руку маю, а ніхто не зважаў,

25 але вы адкінулі ўсе мае рады, а абвінавачаньняў маіх не прынялі.

26 Затое і я пасьмяюся з вашай загубы; уцешуся, калі нойдзе на вас жах,

27 калі нойдзе на вас, як бура, жах і бяда, як віхор, калі прыйдзе на вас туга і ўціск.

28 Тады будзеце мяне клікаць, а не пачую вас; зраньня будзеце шукаць мяне і ня знойдзеце.

29 За тое, што яны ненавідзелі веду і не выбралі сабе страху Божага;

30 не прынялі рады маёй, пагардзілі маймі абвінавачаньнямі;

31 за тое будуць яны спажываць плады сваіх шляхоў і насучацца сваімі радамі.

32 Бо ўпорства няведнікаў заб’е іх, а нядбайнасьць дурных згубіць іх,

33 але хто слухаецца мяне, той будзе жыць бязпечна і супакойна і ня будзе баяцца благога.

 

Разьдзел 2

1 Сын мой, калі прыймаеш словы мае і захаваеш у сабе мае запаветы,

2 так што вуха тваё зробіцца ўважным да мудрасьці і схіліш сэрца сваё да раздумываньня;

3 калі будзеш клікаць веду і паклічаш розум;

4 калі будзеш шукаць яго, як серабра, і рабіць пошукі, як за скарбам, –

5 дык тады зразумееш страх Госпада і знойдзеш веду аб Бозе.

6 Бо Бог дае мудрасьць; з Ягоных вуснаў веда і розум.

7 Ён заховывае для справядлівых праўдзівую мудрасьць; Ён зьяўляецца шчытом для тых, што ходзяць бяззаганна;

8 Ён аховывае шляхі праўды і сьцеражэ сьцежкі Сваіх сьвятых.

9 Тады ты зразумееш справядлівасьць, і суд, і праўду, і кожную добрую сьцежку.

10 Калі ўвойдзе мудрасьць у сэрца тваё і веда будзе прыемнай тваёй душы,

11 тады цябе будзе сьцерагчы асьцярожнасьць, а розум будзе аховываць цябе,

12 каб уратаваць цябе ад благога шляху і ад чалавека, што маніць;

13 ад тых, што пакідаюць простыя сьцежкі, каб хадзіць шляхом цемры;

14 ад тых, што радуюцца, робячы благое, што цешацца злой хітрасьцяй;

15 сьцежкі чыі крывыя і якія блукаюцца па сьцежках сваіх,

16 каб уратаваць цябе ад жонкі іншага, ад чужой, што ласіцца лагоднымі словамі,

17 якая пакінула правадыра свайго юнацтва і забыла запавет свайго Бога.

18 Дом яе вядзе да сьмерці і сьцежкі яе да памершых.

19 Ніхто з пасярод увайшоўшых да яе не вяртаецца і не трапляе на сьцежку жыцьця.

20 Дзеля гэтага хадзі шляхом добрых і трымайся сьцежак справядлівых,

21 бо справядлівыя будуць жыць на зямлі і беззаганныя будуць трываць на ёй,

22 а бязбожныя будуць зьнішчаныя з зямлі, а вераломныя выкараненыя з яе.

 

Разьдзел 3

1 Сын мой, не забывай майго павучэньня і няхай хавае сэрца тваё запаветы мае,

2 бо дадуць табе даўжыні дзён і гадоў жыцьця і міру.

3 Міласэрдзьдзе і праўда няхай не пакідаюць цябе; прывяжы іх да шыі тваёй, напішы іх на дошцы твайго сэрца;

4 тады знойдзеш ласку і спагаданьне ў вачох Бога і людзёў.

5 Спадзявайся на Бога ўсім сэрцам тваім і не палягай на свой розум.

6 На ўсіх шляхох тваіх пазнавай Яго і Ён будзе праставаць твае сьцежкі.

7 Ня будзь мудрым у вачох тваіх, але бойся Госпада і адступайся ад благога;

8 гэта будзе здароўем для твайго цела і пажывам для касьцей тваіх.

9 Шануй Госпада з маемасьці тваёй і ад пачатку ўсіх даходаў тваіх, –

10 і напоўняцца да верху твае гумны і ад новага віна будуць пералівацца прэсы.

11 Сын мой, не адкідай Госпадавага пакараньня і няхай не цяжыць табе Ягонае абвінавачаньне,

12 бо Гаспод карае таго, каго любіць, а гэта, як бацька, які любіць сына.

13 Шчасьлівы чалавек, які знайшоў мудрасьць і чалавек, які здабыў розум, –

14 бо здабыцьцё яе лепшае ад здабыцьця серабра і зыску ад яго больш, чым ад золата;

15 Яна даражэйшая ад пэрлаў і нішто з пажаданага табою не зраўняецца з ёю.

16 Доўгае жыцьцё ў правай руцэ яе, а ў левай у яе багацьце і слава.

17 Шляхі яе – прыемныя шляхі і ўсе сьцежкі яе мірныя.

18 Яна дрэвам жыцьця для тых, якія здабываюць яе, а тыя, што яе заховываюць – шчасьлівыя.

19 Гаспод мудрасьцяй заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў розумам;

20 Ягонай мудрасьцяй адчыніліся пропасьці і хмары кропяць расою.

21 Сын мой, няхай ня зыходзіць гэта з тваіх вачэй; пільнуйся праўдзівай мудрасьці і розуму

22 і яны будуць жыцьцём для тваёй душы і ўпрыгажэньнем тваёй шыі.

23 Тады будзеш бязьпечна хадзіць тваім шляхом і не паткнецца твая нага.

24 Ня будзеш баяцца, калі пойдзеш спаць, а калі засьнеш – прыемны будзе твой сон.

25 Ня будзеш баяцца раптоўнага страху, ані спусташэньня бязбожнікаў, калі прыйдзе,

26 бо Гаспод будзе тваёй надзеяй і захавае нагу тваю ад пасткі.

27 Не ўстрымлівайся ад добрых учынкаў, калі ты ў стане зрабіць гэта.

28 Не кажы бліжняму твайму: – ідзі і заўтра прыйдзі ізноў, а заўтра я дам табе, калі ты маеш пры сабе.

29 Ня мей супроць бліжняга твайго благіх намераў, калі ён даверліва жыве з табою.

30 Не спрачайся без прычыны з чалавекам, калі ён не зрабіў табе нічога благога.

31 Не ўпадабняйся чалавеку, які робіць гвалт і ня выбірай ніводнага з ягоных шляхоў,

32 бо Госпаду гадкі фалшывы, а са справядлівымі у Яго лучнасьць.

33 Пракляцьце Госпада на доме бязбожнага, а дому справядлівых Ён багаславіць,

34 бо Ён сьмяецца з насьмявальнікаў, а пакорным дае ласку.

35 Мудрыя атрымліваюць у спадчыне славу, а дурныя – няславу.

 

Разьдзел 4

1 Слухайце сыны павучэньня бацькі і пільнуйце, каб навучыцца розуму,

2 бо даю вам добрую навуку: не пакідайце майго запавету.

3 Калі я быў малодзенькім сынам у майго бацькі і адзіным у маёй маці,

4 ён вучыў мяне, гаворачы мне: – няхай захавае сэрца тваё словы мае, пільнуй мае запаветы і будзеш жыць.

5 Набывай мудрасьць, набывай розум; не забывай гэтага і не ухіляйся ад словаў маіх вуснаў.

6 Не пакідай яе і яна будзе сьцерагчы цябе і яна будзе аховываць цябе.

7 Пачаткам усяго зьяўляецца мудрасьць: набывай мудрасьць і усёю маемасьцяй тваёй набывай розум.

8 Цані яе высока і яна узвысіць цябе; уславіць цябе, калі ты прыймеш яе;

9 Дадасьць галаве тваёй упрыгажэньня, вянцом упрыгажэньня абдорыць цябе.

10 Слухай, мой сын, прыймі словы мае і памножацца годы твайго жыцьця.

11 Навучаю цябе шляхоў мудрасьці, вяду цябе па простых сьцежках,

12 калі пойдзеш імі ня будзе сьцесьненай твая хада, а калі пабяжыш не паткнешся.

13 Прыймі павучэньне, не пакідай яго і сьцеражы, бо яно тваім жыцьцём.

14 Не уваходзь на сьцежку бязбожных і не хадзі шляхом благіх;

15 пакінь яго, не хадзі па ім; ухіліся ад яго і прайдзі міма,

16 бо яны не заснуць, калі ня зробяць благога і не супакояца, пакуль не прывядуць каго да упадку,

17 бо яны ядуць хлеб бязбожнасьці і п’юць віно грабежа.

18 Сьцежкі-ж справядлівых, як ясны сьвет, які чым далей тым больш сьвеціць да поўнага сьвету,

19 шляхі-ж бязбожных, як цемра; яны ня ведаюць, аб што паткнуцца.

20 Сын мой, уважай на мае словы і схілі вуха да мовы маёй.

21 Няхай яны не адыходзяць ад вачоў тваіх, захавай іх у сярэдзіне твайго сэрца,

22 бо яны жыцьцё для таго, хто знайшоў іх і лек для цела.

23 Больш усяго, што сьцерагуць людзі, сьцеражы тваё сэрца, бо з яго крыніцы жыцьця.

24 Адкінь ад сябе манлівасьць вуснаў і аддалі ад сябе злосны язык.

25 Вочы твае няхай глядзяць на добрыя рэчы, а павекі твае няхай будуць скіраваныя наперад.

26 Абдумай сьцежкі для тваёй нагі і усе шляхі твае будуц пэўныя.

27 Не адхіляйся ані направа, ані налева; адвярні нагу тваю ад благога.

 

Разьдзел 5
(няпоўны варыянт)

1 (разьдзел прапушчаны ў машынапісе)

 

Разьдзел 6

1 Сын мой, калі ты паручыўся за бліжняга твайго і даў руку тваю за другога,

2 дык ты апутаў сябе словамі тваіх вуснаў, злоўлены словамі вуснаў тваіх.

3 Зрабі дзеля гэтага так, сын мой і збаў сябе, бо ты трапіў у рукі бліжняга твайго: пайдзі, кінься да ног і малі бліжняга твайго;

4 не давай сна вачом тваім і дрэмкі тваім павекам;

5 вырвіся, як лань з рукі паляўнічага і як птушка з рук птушніка.

6 Ідзі, гультай, да мурашкі, прыгледзься яе шляхом і будзь мудрым,

7 якая хаця ня мае правадыра, ані начальніка, ані валадара,

8 аднак летам прыгатаўляе хлеб свой і зьбірае ў часе жніва пожыў свой.

9 Гультай, дакуль-жа ты будзеш спаць, калі-ж устанеш з твайго сна?

10 Трохі пасьпіш, трохі падрэмлеш, трохі паляжыш адпачываючы злажыўшы рукі

11 і прыйдзе, як прахожы, беднасьць твая і нястатак твой, як разбойнік.

12 Чалавек бязбожны, чалавек няшчыры, ходзяць з манлівымі вуснамі;

13 міргае сваімі вачыма, гаворыць сваімі нагамі, робіць знакі сваімі пальцамі;

14 крывадушнасьць у ягоным сэрцы, ён мае благія думкі, у кожным часе сеячы нязгоду.

15 Затое раптоўна прыйдзе ягоная загуба; ён будзе разьбіты бяз вылячэньня.

16 Ёсьць шэсьць рэчаў, якія ненавідзіць Гаспод, а сёмая агідная Ягонай душы:

17 гордыя вочы, манлівы язык і рукі, што праліваюц нявінную кроў,

18 сэрца, што мае благія намеры, ногі, што сьпяшаюцца да благога,

19 фалшывы сьветка, што маніць і той, што сее нязгоду паміж братамі.

20 Сын мой, заховывай запавет твайго бацькі і не адхіляй павучэньняў тваёй маці;

21 прывяжы іх назаўсёды да твайго сэрца, абвяжы імі тваю шыю.

22 Куды-б ты не пайшоў, яны будуць весьці цябе; калі засьнеш, будуць аховываць цябе; калі прачнешся, будуць размаўляць з табою:

23 бо запавет зьяўляецца сьветачам, а павучэньне сьветам, а павучальныя павучэньні – шляхом да жыцьця,

24 каб сьцерагчы цябе ад нягоднай жанчыны і ад пахлебнага жаночага языка.

25 Не пакідай яе прыгажосьці ў тваім сэрцы і няхай не прыцягівае цябе сваімі павекамі,

26 бо для блуднай жанчыны зьбяднее чалавек да кавалка хлеба, а чужаложная жонка ловіць дарагую душу.

27 Ці-ж можа хто небудзь узяць сабе ў заўлоньне вагонь, каб не згарэла ягоная вопратка?

28 Ці-ж можа хто небудзь хадзіць па распаленых вуглёх і не папаліць сваіх ногаў?

29 Тое самае бывае з тым, хто ўваходзіць да жонкі бліжняга свайго; хто даткнецца да яе не застанецца без віны.

30 Даровываюць злодзею, калі ён нешта ўкрадзе, каб насыціць сваю душу, калі ён галодны,

31 але, калі яго зловяць, ён заплаціць усемера, аддасьць усю маемасьць свайго дому.

32 Хто чужаложыць з жанчынаю, той дурны; губіць сваю душу, хто робіць гэтак;

33 кару і ганьбу знойдзе ён і ганьба ягоная не загіне,

34 бо зайздроснае каханьне – ярасьць мужа і не зьлітуецца ён у дзень помсты,

35 ня прыйме ніякага выкупу і не здаволіцца, хаця-б ты даваў найбольш дароў.

 

Разьдзел 7

1 Сын мой, заховывай мае словы, а запаветы мае хавай у сабе.

2 Заховывай запаветы мае і будзеш жыць, а навуку маю, як зрэнку вачэй тваіх.

3 Прывяжы іх да тваіх пальцаў, запішы іх на табліцы твайго сэрца.

4 Скажы мудрасьці: – ты сястра мая, а розум назаві родным тваім,

5 каб аховывалі цябе ад чужой жонкі, ад чужой, што мякчыць словы свае.

6 Вось аднойчы глядзеў я ў вакно майго дому, праз крату маю

7 і пабачыў сярод недасьветчаных, пабачыў паміж юнакамі неразумнага юнака,

8 які йшоў пляцам каля рагу яе і йшоўшага дарогаю да ейнай хаты,

9 змрокам пад вечар, у начной цёмнасьці, у цемры.

10 Вось на спатканьне яму жанчына ў вопратцы блудніцы з хітрым сэрцам,

11 гаварлівая і непагамаваная, ногі яе ня жывуць у ейным доме:

12 раз на вуліцы, раз на пляцы і па ўсіх кутох робіць яна засадкі.

13 Яна схапіла яго, цалавала яго і з бязсаромным тварам гаварыла яму:

14 – мірная ахвяра ў мяне: сягоньня я выканала мае абяцанні.

15 Дзеля гэтага я выйшла табе на спатканьне, каб ашукаць цябе і знайшла цябе.

16 Посьцілкамі прыбрала я ложак мой, рожнаколернымі эгіпскімі тканінамі,

17 папырскала свой пакой міраю, алёэсам і цынамонам;

18 хадзі-ж, будзем піць каханьне аж да раніцы, нацешымся каханьнем,

19 бо мужа майго няма ў хаце, ён паехаў у далёкую дарогу;

20 мяшок з грашмі ўзяў з сабою, вернецца дамоў у дзень поўні.

21 І схіліла яго мноствам словаў сваіх і зьняволіла яго мяккасьцяй сваіх вуснаў.

22 Зараз пайшоў за ёю, як вол ідзе на ўбой, як алень на стрэл.

23 І прабіла страла ягоную вантробу; сьпяшаўся, як птушка ў сіло, ня ведаючы, што яно ёй на згубу.

24 Дык слухайце мяне дзеці і ўважайце на словы маіх вуснаў.

25 Няхай ня схіляецца сэрца тваё на шляхі яе; ня блудзі па сьцежках яе,

26 бо яна многіх паваліла раненымі і шмат моцных забіта ёю.

27 Дом яе – шлях у пекла, што вядзе ў дамы сьмерці.

 

Разьдзел 8

1 Ці-ж ня мудрасьць кліча і ці ня розум узвышае свой голас?

2 Яна становіцца на высокіх месцах пры дарозе і на раздарожжы;

3 яна кліча каля брамаў пры ўваходзе ў горад, пры ўваходзе ў дзьверы.

4 Да вас клічу я людзі і да сыноў чалавечых мой голас.

5 Навучыцеся неразумныя развагі, а дурныя розуму.

6 Слухайце, бо буду гаварыць аб вялікіх рэчах і адчыненьне вуснаў маіх – праўда,

7 бо праўду гаворыць мой язык і бязбожнасьць агідная маім вуснам;

8 усе словы маіх вуснаў справядлівыя; няма ў іх няпраўды і хітрасьці.

9 Усе яны ясныя разумнаму і справядлівыя для набываючых веду.

10 Прымеце маю навуку, а не серабро; лепш веда, чым адборнае золата,

11 бо мудрасьць лепшая ад пэрлаў і нішто з пажаданага не зраўняецца з ёю.

12 Я, мудрасьць, жыву з розумам і шукаю разумнай веды.

13 Страх Госпада гэта ненавісьць да благога; я ненавіджу гордасьць, высокадумнасьць, благі шлях і хітрыя вусны.

14 У мяне рада і праўдзівая мудрасьць; я розум – у мяне сіла.

15 Праз мяне пануюць каралі і валадары ўзаканяюць праўду;

16 праз мяне пануюць валадары і магнаты і ўсе судзьдзі зямлі.

17 Любячых мяне я люблю і шукаючыя мяне знойдуць мяне;

18 у мяне багацьце і слава, трывалая маемасьць і праўда;

19 плады мае лепшыя за золата, за найлепшае золата, і карысьці ад мяне больш, чым ад адборнага серабра.

20 Я хаджу па шляху праўды, па сьцежках суду,

21 каб тым, што любяць мяне, дала ў спадчыне вечную маемасьць і напаўняю іх скарбніцы.

22 Гаспод меў мяне на пачатку Свайго шляху, раней усіх часоў;

23 ад веку я памазаная, ад пачатку, раней існаваньня зямлі.

24 Я радзілася раней, чым былі ўстаноўленыя пропасьці, калі ня было яшчэ крыніцаў з вадою.

25 Я радзілася раней, чым былі створаныя горы, раней узгоркаў;

26 калі Ён не стварыў яшчэ ні зямлі, ні палёў, ні пачаткаў земскага пылу.

27 Калі Ён прыгатаўляў нябёсы я была там; калі Ён разьмерываў кола на твары бяздоньня;

28 калі ўмацаваў на гары хмары, калі ўмацаваў крыніцы бяздоньня;

29 калі даваў мору ягоныя граніцы і водам, каб не пераступалі ягоных загадаў, калі ўстанаўляў падставы зямлі,

30 тады я была пры Ім мастаком і была радасьцяй Яго, вяселячыся перад Ягоным абліччам увесь час,

31 радуючыся на зямным кругу Яго і радасьць мая была з сынамі чалавечымі.

32 Дык слухайце мяне цяпер сыны, бо шчасьлівыя тыя, якія заховываюць шляхі мае.

33 Паслухайце павучэньня і будзьце мудрымі і не адступайце.

34 Шчасьлівы чалавек, які слухае мяне, які ня сьпіць кожны дзень каля брамаў маіх і стоячы на варце ў маіх дзьвярэй,

35 бо хто знайшоў мяне, той знайшоў жыцьцё і атрымае ласку ад Госпада,

36 але хто грэшыць супроць мяне, робіць шкоду сваёй душы: усе, што мяне ненавідзяць – любяць сьмерць.

 

Разьдзел 9

1 Мудрасьць збудавала дом свой, выцесала сем ягоных слупоў,

2 пабіла быдла сваё, разьвяла віно сваё і прытагавала свой стол;

3 разаслала слугаў сваіх, абвяшчаючы з меставых вышыняў:

4 – хто неразумны заходзь сюды, а да дурных гаворыць:

5 – прыйдзеце, ешце хлеб мой і пійце разьведзенае мною віно;

6 пакіньце нярозум і жывеце і хадзеце шляхом розуму.

7 Той, хто павучае блюзьнерцу нажывае сабе ганьбу і той, хто абвінавачывае бязбожнага будзе высьмеяны.

8 Не абвінавачывай блюзьнерцу, каб ён не зьненавідзеў цябе; абвінавачывай мудрага і ён будзе любіць цябе;

9 зрабі гэта мудраму і ён будзе мудрэйшы; навучы справядлівага і ён будзе разумнейшым.

10 Пачаткам мудрасьці зьяўляецца страх Госпада, а веда Сьвятога – розумам,

11 бо праз мяне памножацца дні твае і дадасцца табе гадоў жыцьця.

12 Калі будзеш мудрым, дык будзеш мудрым сабе, а калі насьмявальнік, дык сам будзеш мець шкоду.

13 Неразумная жанчына, шумлівая, дурная і нічога ня ведаючая

14 сядае каля дзьвярэй свайго дому, на крэсьле, на высокіх месцах места,

15 каб клікаць праходзячых дарогаю, што ідуць проста сваймі сьцежкамі:

16 – хто дурны заходзь сюды, а маларазумным сказала яна:

17 крадзеныя воды саладзейшыя і захаваны хлеб прыемны, –

18 але ён ня ведае, што там памершыя, а тыя, якіх заклікалі, – у глыбіні пекла.

 

Разьдзел 10

1 Прыказкі Салямона. Мудры сын радуе бацьку, а дурны сын сумам для ягонай маці.

2 Не даюць карысьці несправядлівыя скарбы, але праўда збаўляе ад сьмерці.

3 Не дазволіць Гаспод цярпець голад душы справядлівага, але адбярэ маемасьць бязбожнікаў.

4 Лянівая рука робіць бедным, а працавітая рука ўзбагачае.

5 Хто зьбірае летам, той разумны сын, а хто сьпіць у часе жніва, той сын ганьбы.

6 Багаславенства над галавою справядлівага, але вусны бязбожных пакрываюць няпраўду.

7 Памяць справядлівага багаслаўлёная, а імя бязбожнага спаганіцца.

8 Мудрае сэрца прыймае запаветы, а дурны загіне ад вуснаў сваіх.

9 Хто ходзіць у бяззаганнасьці, ходзіць бязпечна, а хто круціць шляхі свае, будзе выяўлены.

10 Хто міргае вачыма, той робіць прыкрасьці, а дурны загіне ад вуснаў сваіх.

11 Вусны справядлівага – крыніцаю жыцьця, вусны-ж бязбожных пакрываюць няпраўду.

12 Ненавісьць выклікае сваркі, але любоў пакрывае ўсе грахі.

13 У вуснах разумнага – мудрасьць, а на целе дурнога – палка.

14 Мудрыя хаваюць веду, а вусны дурнога – блізкая загуба.

15 Маемасьць багатага – ягоны моцны горад, бяда для бедных іх зьнішчэньне.

16 Праца справядлівага да жыцьця, посьпех бязбожнага да граха.

17 Ідзе сьцежкаю жыцьця той, хто прыймае павучэньне, але хто не прыймае абвінавачаньня – блукае.

18 Хто хавае ненавісьць манлівымі вуснамі і хто пашырае абмову, той дурны.

19 Многаслоўнасьць ня бывае бяз граха, а хто ўстрымлівае свае вусны – разумны.

20 Адборнае серабро, як язык справядлівага, сэрца-ж бязбожных нічога ня вартае.

21 Вусны справядлівых пожывам шмат каму, а дурныя паміраюць ад нястачы розуму.

22 Багаславенства Госпада ўзбагачае і ня прыносіць за сабою суму.

23 Для дурнога злачынства забаваю, а разумны чалавек трымаецца мудрасьці.

24 Чаго баіцца бязбожны, тое і асягае яго, а пажаданьне справядлівага спаўняецца.

25 Як праходзіць віхор, так ня ўтрымаюцца бязбожныя, але справядлівы мае вечны грунт.

26 Чым воцат для зубоў і дым для вачэй, тым лянівы для паслаўшага яго.

27 Страх Госпада дадае дзён, а дні бязбожных бываюць скарочаныя.

28 Чаканьне справядлівых бывае радаснае, а надзея бязбожных згіне.

29 Шлях Госпада – апора для беззаганнага і страх для робячых благое.

30 Справядлівы навекі не пахісьнецца, а бязбожныя ня будуць жыць на зямлі.

31 Вусны справядлівых павялічываюць мудрасьць, а злосны язык будзе адсечаны.

32 Вусны справядлівага ведаюць, што падабаецца Богу, а вусны бязбожных распусныя.

 

Разьдзел 11

1 Фалшывая вага агідная Госпаду, а правільныя адважнікі падабаюцца Яму.

2 За гордасьцяй прыходзіць ганьба, а з пакорнымі ёсьць мудрасьць.

3 Шчырасьць бяззаганных вядзе іх, а хітрасьць злачынцаў згубіць іх.

4 Не паможа ў дзень гневу багацьце, але справядлівасьць збаўляе ад сьмерці.

5 Справядлівасьць бяззаганнага раўнуе яму дарогу, а бязбожны згіне ад сваёй бязбожнасьці.

6 Справядлівасьць шчырых збавіць іх, а хітрых ловіць іх злосьць.

7 Калі памірае бязбожны чалавек, гіне ягоная надзея, а чаканьне бяззаконных гіне.

8 Справядлівы выбаўляецца з бяды, а замест яго трапляе бязбожны.

9 Аблуднік вуснамі губіць свайго бліжняга, а справядлівы збаўляецца прадбачлівасьцяй.

10 Са шчасьця справядлівых цешыцца места, а калі гінуць бязбожныя, бывае радасьць.

11 Багаслаўленьнем справядлівым уздымаецца места, а разбураецца вуснамі бязбожных.

12 Дурны пагарджае бліжнім сваім, а разумны чалавек маўчыць.

13 Хто абыходзячы абмаўляе, той адкрывае тайніцу, але чалавек вернага сэрца трымае ў тайніцы давераную справу.

14 Калі не стае дастатковае рады, народ занепадае, а дзе шмат райцаў, там дабрабыт.

15 Сам сабе шкодзіць той, хто паручаецца за чужога, а хто высьцерагаецца парукаў, той бязпечны.

16 Чэсная жанчына набывае славу, а хто любіць працу набывае багацьце.

17 Міласэрны чалавек добра робіць сваёй душы, а жорсткі нішчыць сваё цела.

18 Бязбожны робіць памылковую справу, а хто сее праўду, мае пэўную ўзнагароду.

19 Як справядлівасьць ёсьць да жыцьця, так той, хто імкнецца да благога, ёсьць да сьмерці.

20 Агідныя Госпаду хітрыя сэрцам, а падабаюцца яму беззаганныя.

21 Злосьнік, хаця возьме на дапамогу іншых, не застанецца бяз кары, а насеньне справядлівых захаваецца.

22 Жанчына прыгожая і дурная ёсьць як сьвіньня з пярсьцёнкам у носе.

23 Пажаданьне справядлівых заўсёды да добрага, але чаканьне бязбожных – гнеў.

24 Не адзін шчодры дае і яму яшчэ прыбывае, а іншы скупы больш чым трэба і аднак бяднее.

25 Шчодры чалавек бывае багацейшы і хто насычывае, будзе і сам насычаны.

26 Хто затрымлівае ў сябе збожжа, таго кляне народ, але багаславенства на галаве прадаючага.

27 Хто імкнецца да дабра, набывае ласку, а хто імкнецца да благога, да таго яно прыходзіць.

28 Хто палягае на сваім багацьці, той упадзе, а справядлівыя будуць зелянець, як парасткі.

29 Хто робіць непарадак у сваім доме, атрымлівае ў спадчыне вецер, а дурны мусіць служыць мудраму.

30 Плод справядлівых – дрэва жыцьця і мудры прыцягівае душы.

31 Калі справядліваму прыходзіць узнагарода на зямлі, дык пагатове бязбожнаму і грэшніку.

 

Разьдзел 12

1 Хто любіць павучэньне, той любіць веду, а хто ненавідзіць абвінавачаньне, той дурны.

2 Добры атрымае ласку ад Госпада, а хітрага чалавека Ён асудзіць.

3 Ня ўзмоцніцца чалавек з бязпраў’я, але корань справядлівых не парухаецца.

4 Добрая жонка – карона свайго мужа, а заганная, як гніль у ягоных касьцёх.

5 Думкі справядлівых праўдзівыя, а намеры бязбожных здрадлівыя.

6 Словы бязбожных імкнуцца да праліцьця крыві, а вусны справядлівых збаўляюць іх.

7 Дакранецца бязбожных бяда і няма іх, а дом справядлівых трывае.

8 Хваляць чалавека паводле розуму яго, а ў каго хітрае сэрца, той будзе ў пагардзе.

9 Лепшы просты чалавек, які мае слугу, чым той, што хваліцца славаю, а якому не хапае хлеба.

10 Справядлівы дбае і жыцьцё свайго быдла, а сэрца бязбожных жорсткае.

11 Хто абрабляе сваю зямлю, той бывае насычаны хлебам, а хто ўпадабняецца гультаю, той дурны.

12 Бязбожны хоча злавіць сеткаю благога, а корань справядлівага цьвярды.

13 Бязбожны ловіцца грахамі сваіх вуснаў, але справядлівы выйдзе з бяды.

14 З плоду сваіх вуснаў чалавек насычаецца дабром, а ўзнагароду за ўчынк ягоных рук дасьць яму Бог.

15 Шлях дурнога здаецца яму простым, а мудры той, хто слухае радаў.

16 Гнеў дурнога выяўляецца на вонкі, а мудры хавае абразу.

17 Хто гаворыць тое, што знае, той гаворыць праўду, а фалшывы сьветка ашуківае.

18 Бываюць такія, што іхныя словы разяць, як мячом, але язык мудрых лечыць.

19 Вусны, што гавораць праўду, трываюць вечна, а манлівы язык толькі на хвіліну.

20 Здрада ў сэрцы тых, што думаюць блага, радасьць у тых, што дараджаюць мір.

21 Справядлівага не спаткае ніякае няшчасьце, бязбожныя-ж будуць поўныя злосьці.

22 Манлівыя вусны агідныя Госпаду, але падабаюцца гаворачыя праўду.

23 Асьцярожны чалавек хавае веду, але сэрца дурных выказывае дурноту.

24 Будзе панаваць рука працавітых, а лянівая будзе плаціць даніну.

25 Сум на сэрцы чалавека ўціскае яго, а добрае слова развесяляе яго.

26 Справядлівы паказывае шлях свайму бліжняму, а шлях бязбожных зводзіць іх.

27 Хітры не сьпячэ таго, што злавіў, а пільны чалавек здабудзе багатую маемасьць.

28 На шляху справядлівасьці жыцьцё і на ейнай сьцежцы няма сьмерці.

 

Разьдзел 13

1 Мудры сын прыймае бацькаўскае павучэньне, але буйны ня слухае абвінавачаньняў.

2 Кожны будзе спажываць дабро ад плада сваіх рук, але душа ламаючых закон – благая.

3 Хто сьцеражэ свае вусны, той сьцеражэ сваю душу, а хто шырака адчыняе свае вусны, бяда таму.

4 Душа лянівага пажадае, але нічога ня мае, але душа працавітых узбагаціцца.

5 Справядлівы ненавідзіць манлівае слова, а бязбожны ганьбіць і бязчэсьціць сябе.

6 Справядлівасьць сьцеражэ бяззаганнага, а бязбожнасьць губіць грэшнка.

7 Бываюць такія, што здаюцца быць багатымі, але нічога ня маюць, іншы-ж здаецца быць бедным, хаця мае шмат багацьця.

8 Сваім багацьцем чалавек выкупляе жыцьцё, а бедны ня чуе і пагрозы.

9 Сьвет справядлівых ясны, але паходня бязбожных гасьне.

10 Ад гордасьці паўстае звадка, але мудрасьць пры тых, што слухаюцца радаў.

11 Багацьце блага набытае зьмяншаецца, а той, хто зьбірае працай, памнажае яго.

12 Даўгая надзея мучае сэрца, споўненае пажаданьне ёсьць дрэвам жыцьця.

13 Хто пагарджае Божым словам, той сам сабе шкодзіць, а хто баіцца запаветаў, атрымлівае ўзнагароду.

14 Навука мудрага ёсьць крыніцаю жыцьця, аховываючай ад сілы сьмерці.

15 Добры розум дае прыемнасьць, а шлях хітрых няпрыемны.

16 Кожны асьцярожны дзеець з ведаю, а дурны выстаўляе сваю дурноту.

17 Благі пасол трапляе ў бяду, а верны пасол – ратунак.

18 Беднасьць і ганьба прыйдзе на таго, хто адкідае навуку, а хто выконывае павучэньне будзе слаўны.

19 Споўненае пажаданьне прыемнае для душы, а адступіць ад благога непрыемна для дурных.

20 Хто бывае з мудрымі, будзе мудры, а хто сябруе з дурнымі – сапсуецца.

21 Грэшнікаў прасьледуе няшчасьцьце, а справядлівых Бог узнагароджывае дабром.

22 Добры чалавек пакідае спадчыну дзяцём дзяцей, а маемасьць грэшніка заховываецца для справядлівага.

23 Шмат збожжа бывае і на ніве бедных, а іншы гіне ад бязпарадку.

24 Хто шкадуе сваёй розгі, той ненавідзіць сына, а хто любіць, дык у час карае.

25 Справядлівы есьць да сыта, а жывот бязбожных церпіць нястачу.

 

Разьдзел 14

1 Мудрая жонка наладзіць свой дом, а дурныя разбурыць яго сваймі рукамі:

2 Той, хто ідзе простым шляхам баіцца Госпада, але той, чые шляхі крывавыя ня дбае аб Яго.

3 У вуснах дурнога знаходзіцца розга гордасьці, вусны-ж мудрых аховываюць іх.

4 Дзе няма валоў, ясьлі пустыя, але сіла валоў павялічываецца ад многасьці збожжа.

5 Праўдзівы сьветка ня маніць, а фалшывы сьветка нагаворыць шмат маны.

6 Распусны шукае мудрасьці і не знаходзіць, а для разумнага веда лёгкая.

7 Адыдзі прэч ад дурнога чалавека, бо ў яго ня знойдзеш разумных вуснаў.

8 Мудрасьць разумнага – разуменьне свайго шляху, дурнота-ж дурнога – заблуд.

9 Дурныя сьмяюцца з граху, а сярод справядлівых жыве прыязьнь.

10 Сэрца ведае гора сваёй душы і ў ягоную радасьць не ўмяшаецца чужы.

11 Дом бязбожных зьнішчыцца, а жыльлё справядлівых зацьвіце.

12 Бываюць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі, але канец іх гэта шлях да сьмерці.

13 І ў сьмеху бывае баліць сэрца, а канцом вясельля бывае сум.

14 Чалавек з сапсутым сэрцам насыціцца ад шляхоў сваіх, але добры чалавек высьцерагаецца яго.

15 Дурны верыць у кожнае слова, а разумны ўважны да сваіх шляхоў.

16 Мудры баіцца і адступае ад благога, а дурны – сьмелы і даходзіць.

17 Парыўчы чалавек можа зрабіць глупства, але чалавек, што ўмысна робіць благое – ненавісны.

18 Дурныя спадчынна маюць дурноту, а асьцярожныя карануюцца ведаю.

19 Благія паклоняцца добрым, а бязбожныя стаяць пад дзьвярыма справядлівых.

20 Беднага ня любяць нават ягоныя бліжнія, але шмат ёсьць такіх, што любяць багатых.

21 Хто пагарджае бліжнім сваім, той грашыць, а хто міласэрны да бедных, той шчасьлівы.

22 Ці-ж ня блудзяць тыя, што маюць благія намеры? Але міласэрдзьдзе і праўда ў тых, што выдумляюць добрае.

23 Ад кожнай працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі страта.

24 Багацьце мудрых – іхняя карона, а дурнота дурных застаецца дурны.

25 Праўдзівы сьветка збаўляе душы, але фалшывы нагаворыць шмат маны.

26 Страх перад Госпадам – моцная надзея і сынам Сваім Ён уцечка.

27 Страх Госпада – крыніцаю жыцьця, якая аддаляе сеткі сьмерці.

28 У мностве народу – веліч караля, а ў малой колькасьці людзей – бяда валадару.

29 Цярплівы чалавек мае шмат розуму, а парыўчы выказывае дурноту.

30 Добрае сэрца жыцьцём для цела, а зайздрасьць – гніль для касьцёў.

31 Хто прыгнятае беднага, той пагарджае ягоным Стварыцелям, але шануе Яго той, хто літуецца над бедным.

32 За сваю злосьць бязбожны будзе выгнаны, а справядлівы мае надзею і пры сваёй сьмерці.

33 Мудрасьць знаходзіцца ў сэрцы мудрага, але зараз відаць, што ў сэрцы дурнога.

34 Справядлівасьць узвышае народ, а грэх – ганьбаю народаў.

35 Кароль бывае ласкавы да разумнага слугі, але гневаецца на таго, хто прыносіць яму сорам.

 

Разьдзел 15

1 Лагодны адказ сьцішае гнеў, а абразьлівае слова выклікае ярасьць.

2 Язык мудрых упрыгожывае веда, а вусны дурных гаворацьглупства.

3 На кожным месцы вочы Госпада: яны бачаць благіх і добрых.

4 Лагодны язык – дрэва жыцьця, а неапанаваны – парыў ветру.

5 Дурны пагарджае павучэньнем свайго бацькі, а хто прыймае асьцярогі, той разумны.

6 У доме справядлівага вялікі дастатак, а ў даходах бязбожнага непарадкі.

7 (аркуш №21 адсутнічае)

33 Страх Госпада навучае мудрасьці і славу папераджае паніжэньне.

 

Разьдзел 16

1 Думкі сэрца чалавека, але адказ языка ад Госпада.

2 Усе шляхі чалавека здаюцца яму чыстымі, але Гаспод узважывае сэрцы.

3 Пакладзіся на Госпада ў справах тваіх і твае намеры збудуцца.

4 Усё зрабіў Гаспод для Сябе, нават бязбожнага на благі дзень.

5 Агідны Госпаду кожны горды сэрцам, хаця-б узяў на помач іншых будзе пакараны.

6 Міласэрдзьдзем і праўдаю ачышчаецца грэх і страх Госпада адводзіць ад благога.

7 Калі Госпаду падабаюцца шляхі чалавека, Ён прыводзіць да згоды з ім і ворагаў.

8 Лепш трохі са справядлівасьцяй, чым шмат несправядлівых даходаў.

9 Сэрца чалавека абдумывае свае шляхі, але Гаспод кіруе ягонымі крокамі.

10 У вуснах караля справядлівы прыгавар; ягоныя вусны не павінны мыляцца на судзе.

11 Вага і адважнікі ад Госпада, ад Яго-ж усе адважнікі ў торбе.

12 Агідная каралём бязпраўная справа, бо праўдаю ўзмацняецца пасад.

13 Праўдзівыя вусны прыемныя каралю і любіць тых, што гавораць праўду.

14 Каралеўскі гнеў паслом сьмерці, але мудры чалавек упросіць яго.

15 У сьветлым-жа твары караля – жыцьцё, а ягоная ласка, як хмара з позным дажджом.

16 Лепш набываць мудрасьць, чым найчысьцейшае золата, а набыцьцё розуму лепшае ад серабра.

17 Шлях справядлівых ухіленьне ад благога; сьцеражэ сваю душу той, хто заховывае свой шлях.

18 Перад загубаю прыходзіць гордасьць, а перад упадкам бутнасьць.

19 Лепш быць пакорным духам з пакорнымі, чым дзяліць дабычу з гордымі.

20 Хто вядзе справу разумна, той знойдзе дабро, а хто спадзяецца на Госпада, той шчасьлівы.

21 Хто мудры сэрцам, той слыве разумным, а салодкасьць вуснаў дадае да навукі.

22 Крыніцаю жыцьця ёсьць розум для тых, хто яго мае, але вада дурных – дурнота.

23 Сэрца мудрага робіць мудрым яго язык і памнажае ваду ў ягоных вуснах.

24 Прыемная мова, як сотавы мёд: салодкі для душы і лекам для касьцей.

25 Бываюць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі, але канцом іх шлях на сьмерць.

26 Працавіты чалавек працуе для сябе, бо яго прынукаюць ягоныя вусны.

27 Бязбожны чалавек выдумляе благое, а на ягоных вуснах, як палаючы вагонь.

28 Хітры чалавек сее спрэчкі, а пляткар дзеліць прыяцеляў.

29 Благі чалавек псуе бліжняга свайго і вядзе яго на нядобры шлях.

30 Хто міргае сваімі вачыма – выдумляе хітрасьці, а хто закусывае губы – робіць благое.

31 Каронаю славы ёсьць старасьць, якая знаходзіцца на шляху праўды.

32 Цярплівы лепшы ад адважнага, а хто пануе над сваім сэрцам, той лепшы ад таго, хто здабыў горад.

33 У крысо кідаецца лёс, але ўсё вырашэньне ад Госпада.

 

Разьдзел 17

1 Лепшы кавалак сухога хлеба, але ў супакоі, чым дом, поўны бітага быдла, але са сваркаю.

2 Разумны слуга будзе панаваць над лядачым сынам і будзе дзяліць спадчыну паміж братамі.

3 Тыгель – серабро, печ – золата, а сэрцы дасьветчывае Гаспод.

4 Злодзей слухае злых вуснаў, манюка слухаецца хітрага языка.

5 Хто насьмяхаецца над жабраком, той блюзьніць ягонаму Стварыцелю.

6 Каронаю старых ёсьць сыны іхных сыноў, а ўпрыгажэньнем сыноў ёсьць іхныя бацькі.

7 Не пасуе паважная мова дурному, тымбольш слаўнаму – манлівыя вусны.

8 Як дарагі камень, так дар у вачох валодаючага ім; да чаго-б не імкнуўся – удасцца.

9 Хто пакрывае злачынства – шукае ласкі, а хто прыпамінае аб ім – разьдзяляе прыяцеляў.

10 Мацней дзеець на разумнага ганка, чым на дурнога сто ўдараў.

11 Падбухторнік шукае толькі зла, дзеля гэтага жорстка ангел будзе пасланы на яго.

12 Лепш для чалавека спаткасьць мядзьведзіцу бяз дзяцей, чым дурнога з яго дурнотай.

13 Хто за дабро аддае благім, з хаты таго ня выйдзе благое.

14 Пачатак сваркі, як вадзяны прарыў; пакінь дзеля гэтага сварку раней, чым яна разгарэлася.

15 Хто апраўдывае бязбожніка і той, хто абвінавачывае справядлівага, аднолькава агідныя Госпаду.

16 Што з багацьця ў рукох дурнога? Для набыцьця мудрасьці няма розуму.

17 Прыяцель любіць заўсёды, як брат, і як брат зьяўляецца ў час няшчасьця.

18 Дурны чалавек дае руку, робячы заруку за бліжняга свайго.

19 Хто любіць сварку, той любіць грэх, а хто высака падымае сваю браму, той шукае ўпадку.

20 Хітрае сэрца ня знойдзе дабра і хітры язык трапіць у блуд.

21 Хто спладзіў дурнога, спладзіў на сваё гора, і бацька дурнога ня ўцешыцца.

22 Вясёлае сэрца ўзмацняе, як лек, а тужлівы дух сушыць косьці.

23 Бязбожны бярэ тайныя дары, каб скрывіць шлях суду.

24 Мудрасьць на твары ў разумнага, а вочы дурнога на канцы зямлі.

25 Дурны сын – жаль для бацькі і гора для маці.

26 Нядобра абвінавачываць справядлівага і біць начальніка за праўду.

27 Разумны ўстрыманы ў словах сваіх і мудры апанаваны.

28 Калі дурны маўчыць, можа здасцца мудрым, а той, хто зачыняе вусны свае, – разумным.

 

Разьдзел 18

1 Самадумны чалавек шукае таго, што яму падабаецца, паўстае супроць усяго разумнага.

2 Дурны ня любіць веды, але тое, што яму здаецца ў ягоным сэрцы.

3 Калі прыходзіць бязбожны, прыходзіць і пагарда, а з легкамысным – лаянка.

4 Словы вуснаў мудрага, як глыбокія воды, крыніца мудрасьці, як ліючыся паток.

5 Ня добра спрыяць бязбожнаму, каб перамагчы на судзе справядлівага.

6 Вусны дурнога імкнуцца да сваркі, а вусны яго выклікаюць на бой.

7 Язык дурнога – загуба для яго, а ягоныя вусны – сетка для ягонай душы.

8 Словы даношчыка, як ласунак, і пранікаюць у нутро жывата.

9 Хто нядбайны ў сваёй працы, той брат раскідомніка.

10 Імя Госпада – моцная вежа, справядлівы ўцячэ да яе і збавіцца.

11 Маемасьць багатага – ягоны моцны горад і як высокі мур у ягоным выабражэньні.

12 Перад упадкам уздымаецца сэрца чалавека, а славу папераджае паніжэньне.

13 Хто адказывае ня выслухаўшы, той дурны і сорамна яму.

14 Дух чалавека зносіць немач сваю, а апаражаны дух – хто можа ўзмацаваць яго.

15 Сэрца разумнага набывае веду, а вуха мудрага шукае яе.

16 Дар дае прастор чалавеку і даводзіць яго да магната.

17 Першы ў споры правы, але прыходзіць бліжні яго і аспрэчвае яго.

18 Лёс спыняе сваркі і вырашае паміж моцнымі.

19 Пакрыўджаны брат мацнейшы за нездабыты горад, а спрэчкі, як замкі замку.

20 Ад плоду вуснаў кожнага насычаецца ягоны жывот, будзе насычаны ўраджаем сваіх вуснаў.

21 Сьмерць і жыцьцё ў уладзе языка, і хто яго любіць – будзе есьці ягоныя плады.

22 Хто знайшоў жонку, знайшоў добрую рэч і атрымаў ласку ад Госпада.

23 Бедны гаворыць пакорна, але бедны адказывае сурова.

24 Чалавек, што мае прыяцеляў, сам павінен быць прыяцельскі, бо прыяцель бывае больш спрыяючы, чым брат.

 

Разьдзел 19

1 Лепш быць беззаганным бедным, чым з манлівымі вуснамі і да гэтага дурным.

2 Нядобра душы бяз веды, а ў каго хуткія ногі, той паткнецца.

3 Чалавечая дурнота скрыўляе ягоны шлях, а сэрца яго гневаецца на Госпада.

4 Багацьце дае шмат прыяцеляў, а беднага пакідаюць і ягоныя прыяцелі.

5 Фалшывы сьветка ня застанецца бяз кары, а хто маніць – ня збавіцца.

6 Шмат хто паніжаецца перад магнатам і кожны – прыяцель чалавеку, які робіць падаркі.

7 Беднага ненавідзяць усе браты яго, пагатове прыяцелі яго аддаляюцца ад яго; кліча за імі і няма іх.

8 Хто набывае розум, той любіць сваю душу; хто заховывае розум, той знаходзіць дабро.

9 Фалшывы сьветак ня застанецца бяз кары, а хто маніць – загіне.

10 Паказывай вялікі гнеў, калі даровываеш пакараньне, пагражаючы яму, бо даровываеш, каб потым караць суравей.

11 Розум устрымлівае чалавека ад гневу і слава для яго вымінаць злачынства.

12 Гнеў караля, як рык ільва, але ягоная ласка, як раса на траву.

13 Дурны сын – прыкрасьць для свайго бацькі, а сварлівая жонка, як капаньне праз страху.

14 Дом і маемасьць гэта спадчына ад бацькоў, а разумная жонка – ад Госпада.

15 Лянівасьць наводзіць сон, а нядбайная душа будзе цярпець голад.

16 Хто пільнуе запаветы, пільнуе сваю душу, а хто нядбае аб шляхох сваіх – згіне.

17 Пазычае Госпаду той, хто літуецца над бедным, і Ён аддасьць яму за дабрадзейства.

18 Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і не праймайся ягоным крыкам.

19 Паказывай вялікі гнеў, калі даровываеш караньне, пагражаючы яму, бо даровываеш, бо потым будзеш караць суравей.

20 Слухай рады і прыймай абвінавачаньні, каб табе зрабіцца потым мудрым.

21 Шмат намераў у чалавечым сэрцы, але збываецца толькі азначанае Госпадам.

22 Радасная чалавеку ягоная дабрадзейнасьць, і бедны чалавек лепшы за манюку.

23 Страх Госпада вядзе да жыцьця і хто яго мае, жыве ў дастатку і не спаткае яго няшчасьце.

24 Гультай апушчае руку сваю і ня хоча яе данесьці да вуснаў.

25 Калі пакараеш блюзьнерцу, дык і просты зробіцца разумнейшым, і калі абвінавачываеш разумнага, дык ён зразумее павучэньне.

26 Сын, што прыносіць сорам і ганьбу, губіць бацьку і выганяе маці.

27 Сын мой, перастань слухаць навукі, якія адводзяць цябе ад словаў розуму.

28 Злосны сьветка сьмяецца з суду і вусны бязбожнікаў глытаюць няпраўду.

29 Суды гатовыя на блюзьнерцаў і гузы – на хрыбет дурных.

 

Разьдзел 20

1 Віно выклікае зьдзекаваньне, а моцнае пітво – сваркі; кожны, хто іх любіць, – неразумны.

2 Гнеў караля, як роў ільва; хто гневае яго, той грэшыць супроць самога сябе.

3 Пачэсна для чалавека спыніць сварку, але дурны той, хто яе пачынае.

4 Ад холаду гультай не гарэ; дзеля гэтага будзе жабраваць у час жніва, але нічога не атрымае.

5 Намеры ў сэрцы чалавека – глыбокая вада, але разумны вычэрпывае яе.

6 Большасьць людзей хваліцца сваёй дабратою, але запраўды, хто-ж знойдзе такога?

7 Справядлівы ходзіць у сваёй бяззаганнасьці; шчасьлівыя пасьля яго сыны.

8 Кароль, калі сядзіць на пасадзе суду, разганяе сваімі вачыма ўсё благое.

9 Хто можа сказаць: – я ачысьціў маё сэрца, я чысты ад граха майго?

10 Неаднолькавыя адважнікі і неаднолькавыя меры, абодва адгідныя Госпаду.

11 Нават у юнака можна пазнаць, ці чыстае і правільнае ягонае захаваньне.

12 Вуха, што чуе, і вока, што бачыць, абодва зрабіў Гаспод.

13 Ня любі спаньня, каб табе не зьбяднець: трымай адчыненымі твае вочы і будзеш сыты хлеба.

14 – Благое, благое, – гаворыць пакупнік, а калі адыдзе – хваліцца.

15 Разумныя вусны, як золата і шмат пэрлаў і каштоўныя рэчы.

16 Вазьмі вопратку ад таго, хто заручыў за чужога, а ад таго, хто заручыў за чужаземку, вазьмі заклад.

17 Смачны чалавеку хлеб маны, але потым ягоны рот напоўніцца пяском.

18 Намеры пацьвярджаюцца радаю і пасьля рады вядзі вайну.

19 Хто выяўляе тайніцу, заховываецца здрадліва, дзеля гэтага не сябруй з тым, хто шырака адчыняе рот свой.

20 Хто зласловіць свайго бацьку і сваю маці, паходня таго згасьне сярод глыбокай цемры.

21 Спадчына сьпешна захопленая не багаславіцца на канцы.

22 Не гавары: – аддам благім – , пакінь Госпаду і Ён захавае цябе.

23 Агідныя Госпаду рожныя адважнікі і неправільныя вагі не падабаюцца Яму.

24 Госпадам накіровываюцца крокі чалавека, але як можа зразумець свой шлях чалавек.

25 Звесьці пасьвячоную рэч ёсьць сеткаю для чалавека, і абяцаўшы нешта, шукаць, як-бы ўнікнуць гэтага.

26 Мудры кароль вывее бязбожных і скіруе на іх кола.

27 Чалавечая душа, гэта паходня Госпада, які дасьледуе усе глыбіні сэрца.

28 Міласэрдзьдзе і праўда сьцеражэ караля і ласкаю ён падтрымлівае свой пасад.

29 Упрыгажэньнем юнакоў – іх сіла, а ўпрыгажэньнем старых – сівыя валасы.

30 Раны ад пабояў ёсьць лекам супроць благога і ўдары, што пранікаюць у нутро узлоньня.

 

Разьдзел 21

1 Каралеўскае сэрца ў руцэ Госпада, як патокі водаў, куды захоча, туды іх і кіруе.

2 Усялякі шлях чалавека – просты ў ягоных вачох, але Гаспод узважывае сэрцы.

3 Захаваньне праўды і справядлівасьці больш падабаецца Госпаду, чым ахвяра.

4 Гордасьць ачэй і надутасьць сэрца, якія адзначаюць бязбожных – грэх.

5 Думкі працавітага імкнуцца да дастатку, а кожны, хто сьпяшаецца, церпіць нястачу.

6 Набываньне скарбаў манлівым языком – глупства, праходзячае міма тых, што шукаюць сьмерці.

7 Гвалт бязбожных зашкодзіць ім, бо яны не хацелі рабіць таго, што справядлівае.

8 Крывы шлях распуснага чалавека, але шлях чыстага просты.

9 Лепш жыць у куце на страсе, чым са сварлівай жонкай у прасторным доме.

10 Душа бязбожнага хоча благога; ня знойдзе ласкі ў ягоных вачох і прыяцель яго.

11 Калі караюць блюзьнерцу, просты робіцца мудрым, і калі мудры разумее, дык набывае веду.

12 Справядлівы перасьцерагаецца Госпадам на доме бязбожнага, як бязбожныя трапляюць у бяду.

13 Хто зачыняе вуха сваё на голас беднага, той сам будзе гукаць і ня будзе выслуханы.

14 Дар, тайна даны, гасіць гнеў, і дар за пазуху – вялікую ярасьць.

15 Захаваньне справядлівасьці – радасьць для справядлівага і страх для таго, хто робіць благое.

16 Чалавек, які зыйшоў са шляху мудрасьці, аказываецца на сабраньні памершых.

17 Хто любіць вясельле – зьбяднее, а хто любіць віно і алей – не ўзбагаціцца.

18 Бязбожны будзе выкупам за справядлівага, а за прастадушнага – хітры.

19 Лепш жыць у пустыннай зямлі, чым са сварлівай і злой жонкай.

20 Пажаданы скарб і алей у доме мудрага, а дурны чалавек раскідоміць іх.

21 Хто заховывае справядлівасьць і міласэрдзьдзе, знойдзе жыцьцё, справядлівасьць і славу.

22 Мудры ўваходзіць у горад моцных і разбурае магутнасьць, на якую яны палягалі.

23 Хто пільнуе свае вусны і свой язык, той заховывае ад бяды сваю душу.

24 Горды злодзей – блюзьнерца яму імя, дзеець у пале гарачкі.

25 Гультая забівае лачнасьць, бо ягоныя рукі адмаўляюцца працаваць;

26 Кожны дзень ён лачне, а справядлівы дае і ня шкадуе.

27 Ахвяра бязбожных – агідная, асабліва калі яе ахвяровывае ў грасе.

28 Фалшывы сьветка згіне, а чалавек, які гаворыць, што ведае, будзе гаварыць заўсёды.

29 Бязбожны чалавек выклікае сваі гвалтам, а справядлівы проста трымае свой шлях.

30 Няма мудрасьці, ані розуму, ані рады насуперак Госпада.

31 Каня прыгатаўляюць на дзень бітвы, але перамога ад Госпада.

 

Разьдзел 22

1 Добрае імя лепшае за вялікае багацьце, а прыязьнь лепшая за серабро і золата.

2 Багаты і бедны сустракаюцца адзін з адным, але Гаспод стварыў абодвых.

3 Асьцярожны бачыць бяду і хаваецца, а недасьветчаныя, ідучы проста, церпяць шкоды.

4 Узнагародаю пакоры і страху Госпада ёсьць багацьце, слава і жыцьцё.

5 Царны і сеткі на дарозе хітрага; хто сьцеражэ сваю душу, аддаляецца ад іх.

6 Павучай юнака на пачатку ягонага шляху і ён ня зыйдзе з яго, калі састарэецца.

7 Багаты пануе над бедным, а павіньнік бывае слугою паверніка.

8 Хто сее няпраўду, будзе жаць бяду і тросткі ягонага нгеву ня стане.

9 Міласэрнага будуць багаслаўляць, бо ён дае беднаму ад хлеба свайго.

10 Прагані блюзьнерцу і спыніцца сварка і супакоіцца звадка і лаянка.

11 Хто любіць чысьціню сэрца, у таго прыемнасьць на вуснах, таму кароль будзе прыяцелям.

12 Вочы Госпада сьцерагуць веду, але намеры хітрага Ён адхіляе.

13 Гультай гаворыць: – леў на вуліцы, пасярэдзіне пляцу заб’юць мяне.

14 Вусны чужых жанчынаў – глыбокая яма; на каго гневаецца Гаспод, той упадзе туды.

15 Глупства прывязалася да сэрца юнака, але розга папраўленьня [адвядзе] яго ад яго.

16 Хто крыўдзіць беднага, каб павялічыць сваё багацьце, і хто дае багатаму, той зьбяднее.

17 Схілі вуха тваё і слухай мудрыя словы і сэрца тваё схілі да маёй навукі,

18 бо будзе пацехаю, калі ты будзеш хаваць іх у тваім сэрцы і яны будуць таксама ў тваіх вуснах.

19 Каб спадзяваньне тваё было на Госпада, павучаю цябе і сягоньня, а ты рабі так.

20 Ці-ж я не пісаў табе тройчы рады і павучэньні,

21 каб навучыць цябе словаў праўды, каб ты мог перадаваць словы праўды тым, якія цябе паслалі.

22 Не абдзірай беднага, бо ён бедны, і не ўціскай няшчаснага каля брамы, –

23 бо Гаспод зоймецца іх справаю і выдзярэ душу ў тых, што абдзіраюць.

24 Ня будзь прыяцелям гнеўлівага і не сяруй з палкім чалавекам,

25 каб не навучыцца ягоных шляхоў і не надзець пятлі на сваю душу.

26 Ня будзь з тых, якія даюць заруку і заручаюцца за даўгі,

27 бо калі табе няма чым заплаціць, дык пашто даводзіць сябе, каб узялі з пад цябе тваю пасьцелю?

28 Не перасовывай старой мяжы, што праводзілі твае бацькі.

29 Ці ты бачыў чалавека, хуткага ў сваіх справах? Такі будзе стаяць перад каралямі і ня будзе стаяць перад простымі.

 

Разьдзел 23

1 Калі сядзеш есьці з валадаром, дык пільна глядзі, што перад табою.

2 Пастаў перагародку ў горле тваім, калі ты хцівы на ежу.

3 Не хаці ласункаў, бо гэта ашуківаючая ежа.

4 Ня дбай аб тое, каб нажыць багацьце, пакінь такія твае думкі.

5 Скіруеш вочы твае на багацьце і ўжо яго няма, бо яно зробіць сабе крылы, падобныя да арліных, і паляцяць у неба.

6 Ня еш хлеба ў зайздроснага чалавека і не ахці ягоных ласункаў,

7 Бо якія думкі ў ягонай душы, такі і ён сам. Гаворыць: – еш і пі – , але сэрца яго не з табою.

8 Кавалак, які ты зьеш, зьвернеш і добрыя словы твае ты згубіш.

9 Не гавары ў вушы дурнога, бо пагардзіць тваімі радамі і словамі.

10 Не перасовывай старой мяжы і не заходзь на поле сіротаў,

11 бо Абаронца іх моцны. Ён вядзе іх справы супроць цябе.

12 Зьвярні да навукі сэрца тваё і вушы твае да разумных словаў.

13 Не пакідай юнака без пакараньня; калі пакараеш яго розгаю, ён не памрэ.

14 ты пакараеш яго розгаю і збавіш душу яго ад пекла.

15 Сын мой, калі сэрца тваё будзе мудрае, дык уцешыцца і маё сэрца,

16 і нутро маё будзе цешыцца, калі вусны твае будуць гаварыць правае.

17 Няхай сэрца тваё не зайздросьціць грэшнікам, але няхай яно будзе ўсе дні ў страсе Госпада,

18 дзеля таго, што ёсьць заплата і надзея твая ня згубленая.

19 Слухай, сын мой, і будзь мудры, і кіруй сэрца тваё на просты шлях.

20 Ня будзь паміж тымі, што напіваюцца віном і аб’ядаюцца мясам,

21 бо п’яніца і той, хто аб’ядаецца – зьбяднеюць, а сонлівы будзе хадзіць у зрэб’і.

22 Слухай бацьку твайго, ён спладзіў цябе і не пагарджай маці тваёй, калі яна састарэецца.

23 Купляй праўду і не прадавай мудрасьці, навукі і розуму.

24 Вельмі радуецца бацька справядлівага, а хто спладзіў мудрага – весяліцца аб ім.

25 Няхай весяліцца бацька твой і маці твая, што радзіла цябе.

26 Сын мой, аддай сэрца тваё мне і вочы твае няхай пільнуюць шляхоў маіх,

27 бо распусьніца гэта глыбокая яма, а чужая жонка – цесная студня;

28 яна як разбойнік робіць засадкі і памнажае сярод людзей тых, што не заховываюць закону.

29 У каго гора? У каго стогны? У каго сваркі? У каго крыкі? У каго раны без прычынаў? У каго чырвоныя вочы?

30 У тых, што доўга сядзяць за віном, што ходзяць, шукаючы прыпраўленага віна.

31 Не заглядайся на віно, як чырвонае яго, як іскрыцца ў кубку, а проста выскаківае;

32 напасьледак яно ўкусіць, як вуж, і ўжаліць, як зьмяя.

33 Вочы твае будуць глядзець на чужых жонак, а сэрца тваё будзе гаварыць хітрасьці,

34 і будзеш, як той, хто сьпіць сярод мора, як той, што сьпіць на верхавіне машты.

35 Скажаш: – білі мяне, а мне ня было больна; штурхалі мяне, а я ня чуў. Калі прачнуся, дык ізноў буду шукаць таго-ж самага.

 

Разьдзел 24

1 Не ўпадабняйся да благіх людзей і не хаці быць з імі,

2 бо сэрца іх думае аб гвалце, а вусны іх гавораць аб благім.

3 Мудрасьцяй будуецца дом, а ўзмацняецца розумам,

4 і з уменьнем нутро яго напаўняецца ўсялякай каштоўнай і прыгожай маемасьцяй.

5 Мудры чалавек ёсьць моцны, а чалавек разумны ўзмацняе сілу сваю,

6 Дзеля гэтага абдумана вядзі змаганьне тваё і будзе посьпех пасьля многіх нарадаў.

7 Дзеля дурнога, мудрасьць занадта высокая; ля брамы не адчыніць ён сваіх вуснаў.

8 Хто думае, як зрабіць благое, той называецца зладумам.

9 Благая думка дурнога ёсьць грахом, а блюзьнерца агідны для людзей.

10 Калі ты ў дзень бяды аказаўся слабым, дык бедная твая сіла.

11 Ратуй злоўленых на сьмерць і не адварачывайся ад тых, што ідуць на пакараньне сьмерцяй.

12 Калі скажаш: – вось мы аб гэтым няведалі. Ці-ж Той, што важыць сэрцы ня разумее, а Той, што сьцеражэ тваю душу ня ведае гэтага і не аддасьць чалавеку паводле ягоных учынкаў?

13 Еш мёд, сын мой, бо ён прыемны і вузу салодкую твайму паднябеньню.

14 Такое-ж пазнаьне мудрасьці для тваёй душы. Калі ты знайшоў яе, яна будзе ўзнагародай табе і надзея твая ня згубленая.

15 Ня мей благіх думак супроць памешканьня справядлівага і не перашкаджай ягонаму адпачынку,

16 бо хаця сем раз падае справядлівы, аднак устае, але бязбожныя трапяць у няшчасьце.

17 Ня цешся, калі вораг твой упадзе, і няхай ня весяліцца сэрца тваё, калі ён паткнецца,

18 бо пабачыць гаспод і не спадабаецца Ягоным вачом і Ён адверне свой гнеў ад яго на цябе.

19 Не абурайся на злодзеяў і не зайздросьць бязбожным,

20 бо бязбожны ня мае будучыні – ягоная паходня пагасьне.

21 Сын мой, бойся Госпада і караля; з бунтарнымі ня мей зносінаў,

22 бо неспадзявана прыйдзе на іх загуба і хто прадбачыць бяду ад іх абаіх.

23 Сказана таксама мудрым: – нядобра глядзець на асобу ў судзе.

24 Таго, хто гаворыць бязбожнаму – ты справядлівы, будуць праклінаць людзі, таго будуць ненавідзіць народы,

25 але абвінавачываючыя будуць шчасьлівыя і прыйдзе на іх багаславенства.

26 Пацалуюць вусны таго, хто гаворыць праўдзівыя словы.

27 Выканай свае справы паза домам, сконч іх на тваім полі, а потым будуй свой дом.

28 Ня будзь фалшывым сьветкаю супроць бліжняга твайго, на што табе ашуківаць тваімі вуснамі.

29 Не гавары: – як ён зрабіў мне, так і я зраблю яму: аддам чалавеку я паводле ягоных справаў.

30 Праходзіў я міма поля лянівага чалавека і праз вінаграднік дурнога чалавека,

31 і вось усё гэта зарасло цёрнам, усё пакрыла крапіва і каменны мур разваліўся.

32 І пагледзеў я, узяў у сэрца сваё, а бачучы выцягнуў навуку:

33 трохі пасьпіш, трохі падрэмлеш, злажыўшы рукі паляжыш,

34 і прыйдзе, як падарожны, беднасьць твая і бяда, як узброены чалавек.

 

Разьдзел 25

1 Гэта таксама прыказкі Салямона, якія сабралі мужы Езэкіі, караля Юдзкага.

2 Слава Божая затаіваць справу, але слава каралёў дасьледываць справу.

3 Як неба ў вышыні і зямля ў глыбіні, так сэрцы каралёў магчыма дасьледаваць.

4 Аддзялі жужаль ад серабра і выйдзе ў залатара начыньне;

5 аддалі бязбожнага ад каралеўскага аблічча і пасад яго ўзмацуецца праўдаю.

6 Не ўзьвялічывайся перад каралеўскім абліччам і не ставай на месца вялікіх,

7 бо лепш, калі скажуць табе: – стань вышэй, чым калі зьніжаць цябе перад князем, якога бачылі твае вочы.

8 Не сьпяшайся да спрэчкі: бо што будзеш рабіць пры сканчэньні, калі засароміць цябе твой бліжні.

9 Вядзі да канца спрэчку з прыяцелям тваім, але не адчыняй тайніцы другога,

10 каб не дакараў цябе той, хто цябе чуў, і тады няслава твая застанецца на табе.

11 Як залатое яблыка з сярэбранай разьбою, так слова сказанае дарэчы.

12 Той, хто мудра настаўляе, ёсьць у таго, хто слухае, як залатая завушніца і ўпрыгажэньне з чыстага золата.

13 Як холад ад сьнегу ў час жніва, тое самае верны пасол для тых, што яго паслалі, бо ахалоджывае душу свайго пана.

14 Чалавек, які хваліцца выдуманым падарункам, як хмары і вятры бяз дожджу.

15 Князь змягчаецца лагоднасьцяй, а мяккі язык ламае косьці.

16 Калі знойдзеш мёд, еш колькі трэба, каб ня пераесьціся і не аддаць яго назад.

17 Не хадзі часта ў дом бліжняга твайго, каб ня збрыднуць яму і каб ён не ўзьненавідзеў цябе.

18 Чалавек, што фалшыва сьветчыць супроць бліжняга свайго, ёсьць, як молат і сеч і вострая страла.

19 Надзея на няпэўнага чалавека ў дзень бяды, тое, што зламаны зуб і выкручаная нага.

20 Як той, хто здымае з сябе вопратку ў халодны дзень, як воцат на рану, так той, хто сьпявае песьні сумнаму сэрцу.

21 Калі твой вораг галодны, пакармі яго хлебам, і калі ён прагне, напаі яго вадою,

22 бо робячы гэта ты зьбіраеш гарачае вугольле на ягоную галаву і Гаспод узнагародзіць цябе.

23 Як паўночны вецер прыносіць дождж, так зласьлівая мова прыносіць гнеўны твар.

24 Лепш жыць у куце на страсе, чым са сварлівай жонкай у прасторным доме.

25 Што халодная вада для прагнучай душы, тое добрая вестка з далёкай старонкі.

26 Як змучаная нагамі крыніца, або сапсаваная студня, так справядлівы, які падае перад бязбожным.

27 Як нядобра есьці шмат мёду, так шуканьне славы ёсьць бязслаўнае.

28 Што разбураны горад бяз сьценаў, тое самае чалавек, які не пануе над сваім духам.

 

Разьдзел 26

1 Як сьнег улетку і дождж у часе жніва, так дурному не адпаведная слава.

2 Як пераляціць верабей і як уляціць ластаўка, так ня збудзецца незаслужанае пракляцьце.

3 Пуга для каня, вузда да асла, а палка для дурнога.

4 Не адказывай дурному паводле ягонай дурноты, каб і ты не зрабіўся падобны да яго.

5 Не адказывай дурному паводле ягонай дурноты, каб ён не зрабіўся мудрацом у сваіх вачах.

6 Падразае сабе ногі, церпіць няпрыемнасьці той, хто дае дурному слоўнае паручэньне.

7 Як няроўныя ногі ў кульгавага, так прыказка ў дурных вуснах.

8 Як той, хто ўкладае каштоўны камень у прастку, так той, хто аказывае дурному пашану.

9 Як цёрн у руцэ п’янага, так прыказка ў дурных вуснах.

10 Моцны робіць усё адвольна і дурнога ўзнагараджывае і дае заплату злачынцы.

11 Як вяртаецца сабака на рыгавіны свае, так паўтарае дурны сваю дурноту.

12 Ці бачыў ты чалавека мудрага ў ягоных вачох? На дурнога больш надзеі, чым на яго.

13 Гультай кажа: – леў на дарозе, леў на пляцы! –

14 Дзьвер варочаецца на завесах сваіх, а гультай на ложку сваім.

15 Гультай адпушчае руку сваю ў міску і цяжка яму данесьці яе да свайго роту.

16 Гультай у сваіх вачох мудрэйшы, чым сем такіх, што адказываюць адбумана.

17 Хапае сабаку за вушы той, [хто] ўмешываецца ў чужую сварку.

18 Як той, хто ўдае вар’ята, кідае вагонь, стрэлы і сьмерць,

19 так чалавек, які хітра шкодзіць свайму прыяцелю, а пасьля гаворыць: – я толькі пажартаваў.

20 Дзе няма больш дрэва, там гасьне вагонь, а дзе няма даносчыка, там ціхне сварка.

21 Як вугальлё для жара і дровы для вагня, так сварлівы чалавек для ўзьняцьця спрэчкі.

22 Словы навушніка, як ласунак, і яны ўваходзяць у нутро ўзлоньня.

23 Вусны няпрыяцеля і благое сэрца ёсьць як сярэбраная пена, якой робяць паліву на гаршчкох.

24 Вуснамі сваімі удае вораг, а ў сэрцы мае хітрасьць;

25 калі ён гаворыць спагадаючы, ня вер яму: бо сем агідаў у ягоным сэрцы.

26 Ненавісьць бывае хітра захаваная, а адчыняецца злосьць яго на сходзе.

27 Хто капае яму іншаму, сам у яе трапляе, а хто коціць камень, на таго ён упадзе.

28 Манлівы язык ненавідзіць пакрыўджаных ім, і лісьлівыя вусны прыводзяць да ўпадку.

 

Разьдзел 27

1 Не хваліся заўтрашным дзён, бо ня ведаеш, што прынясе сёньняшні дзень.

2 Няхай хваліць цябе іншы, а не вусны твае; чужы, а не твой язык.

3 Цяжкі камень, важыць і пясок, але гнеў дурнога цяжэйшы за іх.

4 Жорсткі гнеў, раптоўная ярасьць, але хто вытрымае супроць зайздрасьці.

5 Лепш адкрытае абвінавачаньне, чым укрытая любоў.

6 Лепш раны ад прыяцеля, чым манлівыя пацалункі ненавідзячай асобы.

7 Сытая душа патопча і сот мёду, а галоднай душы і горкасьць салодкая.

8 Як птушка, што пакінула сваё гняздо, так чалавек, што пакідае месца сваё.

9 Масьць і каджаньне вяселяць сэрца: так салодкі прыяцель сваёй сардэчнай радай.

10 Не пакідай прыяцеля твайго і прыяцеля бацькі твайго і не ўваходзь у дом брата твайго ў дзень няшчасьця твайго, бо лепшы блізкі сусед, чым далёкі брат.

11 Будзь мудры, сын мой, і радуй сэрца маё, а я буду мець, што адказываць таму, хто-б ганіў цябе.

12 Асьцярожны, пабачыўшы бяду хаваецца, а недасьветчаны ідзе наперад і трапляе ў шкоду.

13 Забяры ад яго ягоную вопратку, бо ён заручыўся за чужога, а ад таго, хто заручыўся за чужаземку, вазьмі застаў яго.

14 Хто голасна хваліць свайго прыяцеля ад самага раньня, таго будуць лічыць праклінаючым.

15 Бязупыннае капаньне ў дажджлівы дзень і сварлівая жонка падобныя сабе,

16 хто хоча схаваць яе, той хоча схаваць вецер і пахнючы алей у правай руцэ, які дае знаць аб сабе.

17 Зялеза вострыцца зялезам і чалавек завастрае пагляд свайго прыяцеля.

18 Хто вартуе фігавае дрэва, той будзе есьці ягоныя плады і хто аховывае свайго пана, той будзе ў пашане.

19 Як у вадзе твар да твару, так сэрца чалавека да чалавека.

20 Пекла і Абадон ня могуць быць насычаныя, таксама ня могуць насыціцца людзкія вочы.

21 У тыглі дасьведчываецца серабро, а ў печы – золата, а чалавека – вестка аб ягонай славе.

22 Таўчы дурнога ў ступе таўкачом, разам са збожжам, а не аддзеліцца ад яго глупства яго.

23 Наглядай за быдлам тваім і апякуйся стадамі тваімі,

24 бо ня вечна трывае тваё багацьце і ўлада, ці-ж ня з роду ў род.

25 Калі расьце трава і паказываецца зелень, зьбіраюць сена з гораў.

26 Авечкі на вопратку табе, а казлы на куплю поля.

27 І досыць козяга малака на ежу табе і ежу хатніх тваіх, на харчы служанак тваіх.

 

Разьдзел 28

1 Бязбожныя ўцякаюць, хаця ніхто ня гоніцца за імі, але справядлівы сьмелы, як леў.

2 За злачынства краіны ёсьць у ёй шмат князёў, а пры разумным і знаючым чалавеку яна даўгавечная.

3 Бедны чалавек, які прыгнятае слабых, тое-ж што навальны дождж, пасьля якога ня бывае хлеба.

4 Тыя, што адступаюць ад закону, хваляць бязбожных, а тыя, што пільнуюць закон, абураюцца на іх.

5 Благія людзі не разумеюць справядлівасьці, але тыя, што шукаюць Госпада, разумеюць усё.

6 Лепшы бедны, што ходзіць у сваёй бяззаганнасьці, чым той, што скрыўляе свае шляхі, хаця багаты.

7 Хто заховывае закон ёсьць разумным сынам, а хто трымаецца з раскідомцамі, той сароміць свайго бацьку.

8 Хто памнажае сваю маемасьць квотніцтвам і ліхваю, зьбірае яе таму, хто будзе шчодра даваць бедным.

9 Хто адвяртае сваё вуха ад слуханьня закону і малітва ягоная агідная.

10 Хто зводзіць справядлівых на благі шлях, сам уваліцца ў сваю яму, а бяззаганныя атрымаюць у спадчыну добрыя рэчы.

11 Багаты чалавек – мудры ў сваіх вачох, але разумны бедны даходзіць яго.

12 Калі радуюцца справядлівыя – вялікая слава, але калі ўзьвялічываюцца бязбожныя, людзі хаваюцца.

13 Хто хавае свае злачынствы, ня будзе мець шчасьця, але хто прызнаецца і пакідае іх, той дазнае міласэрдзьдзя.

14 Шчасьлівы чалавек, які заўсёды баіцца, але хто зацьвярджае сваё сэрца, трапіць у бяду.

15 Бязбожны валадар над бедным народам, як рычачы леў і галодны мядзьведзь.

16 Неразумны валадар робіць шмат крыўды, але хто нанавідзіць зыскі, прадоўжыць свае дні.

17 Чалавек вінны ў праліцьці чалавечай крыві, будзе бегаць да магілы, каб хто небудзь не схапіў яго.

18 Хто ходзіць бяззаганна, той будзе захаваны, а хто ходзіць крывымі шляхамі, упадзе на адным з іх.

19 Хто абрабляе сваю зямлю, той бывае насычаны хлебам, але хто ўпадабняецца гультаём, той насыціцца беднасьцяй.

20 Верны чалавек багаты багаславенствамі, але хто сьпяшаецца разбагацець ня бывае бяз віны.

21 Глядзець на асобу нядобра; такі чалавек і за кавалак хлеба зробіць няпраўду.

22 Хутка хоча ўзбагаціцца зайздросны чалавек і ня ведае, што прыйдзе на яго беднасьць.

23 Хто абвінавачывае чалавека, знойдзе потым вялікую ласку, чым той, у каго лісьлівы язык.

24 Хто абкрадае свайго бацьку і сваю маці, і гаворыць, што гэта ня грэх, той супольнік забойцы.

25 Высокадумны ўзьнімае сварку, але хто мае надзею на Госпада, будзе мець дастатак.

26 Хто палягае на сабе, той дурны, але хто паступае мудра, той будзе цэлы.

27 Хто дае беднаму – не зьбяднее, а хто зачыняе свае вочы на яго, на тым шмат праклёнаў.

28 Калі ўзвышаюцца бязбожныя – людзі хаваюцца, а калі яны гінуць – памнажаюцца справядлівыя.

 

Разьдзел 29

1 Чалавек, які будучы абвінавачываны, зацьвярджае свой карак, раптоўна заламаецца і ня будзе яму посьпеху.

2 Калі памнажаюцца справядлівыя, народ весяліцца, а калі пануе бязбожны, народ стогне.

3 Чалавек, які любіць мудрасьць, цешыць свайго бацьку, але хто трымаецца з распусьніцамі, той раскідоміць маемасьць.

4 Кароль справядлівым судом узмацняе зямлю, а хто бярэ хабары, руйнуе яе.

5 Чалавек, які пахлебляе свайму прыяцелю, расьцягівае сетку пад ягонымі нагамі.

6 Злачынства благога зьяўляецца яму сілом, а справядлівы пяе і весяліцца.

7 Справядлівы чалавек старанна ўнікае ў судовы апор бедных, а бязбожны не разглядае справы.

8 Распусныя людзі ўзбураюць места, а мудрыя суцішаюць гнеў.

9 Разумны чалавек судзячыся з дурным ня будзе мець супакою, ці будзе гневацца ці сьмяяцца.

10 Людзі, што ў крыві, ненавідзяць бяззаганнага, а справядлівы дбае аб ягонае жыцьцё.

11 Дурны выяўляе ўвесь гнеў свой, а мудры паўстрымліваецца.

12 Калі валадар слухае манлівыя словы, дык усе слугі яго бязбожныя.

13 Бедны і зьдзерца сустракаюцца, але сьвет вачом аднаго і другога даў Гаспод.

14 Калі кароль справядліва судзіць, дык ягоны пасад узмацуецца на векі.

15 Розга і абвінавачаньне даюць мудрасьць, але сваевольнае дзіцянё сароміць сваю матку.

16 Калі памнажаюцца бязбожныя, памнажаецца і злачынства, але справядлівыя пабачаць іх упадак.

17 Карай твайго сына і ён дасьць табе супакой і радасьць тваёй душы.

18 Бяз адкрыцьця згары народ няўстрыманы, але хто заховывае закон – шчасьлівы.

19 Слуга не папраўляецца словамі, бо хаця ён разумее, але ня слухаецца.

20 Ці бачыў ты чалавека неасьцярожнага ў сваіх словах? На дурнога больш надзеі, чым на яго.

21 Калі ад дзіцячых гадоў узгадовываць нявольніка ў раскошы, дык пасьля ён захоча быць сынам.

22 Гнеўлівы чалавек узьнімае сварку, а палкі шмат грашыць.

23 Гордасьць чалавека паніжае яго, а пакорны духам асягае славу.

24 Хто супольнічае са злодзеем, ненавідзіць сваю душу, таксама той, хто чуе праклён, але не выяўляе яго.

25 Страх перад людзьмі стаўляе сеткі, але хто мае надзею на Госпада, той будзе ўзьвялічаны.

26 Многія шукаюць ласкавага твару пана, але лёс кожнага ад Госпада.

27 Для справядлівага агідны бязбожны чалавек, а для бязбожнага агідны той, хто ідзе простым шляхам.

 

Разьдзел 30

1 Гэта словы Агура, сына Якея, і збор выкзааў гэтага-ж мужа да Ітыеля, Ітыеля і Укала:

2 запраўды я дурнейшы за іншых і няма у мне чалавечага розуму,

3 і не навучыўся я мудрасьці і ня маю веды сьвятых.

4 Хто ўзыходзіў на неба і зыходзіў? Хто сабраў вецер у далоні? Хто зьвязаў веду ў вопратку? Хто паставіў усе граніцы зямлі? Якое ягонае імя і якое імя ягонага сына? Ці ведаеш?

5 Кожнае слова Бога – чыстае, Ён – шчыт для тых, хто Яму верыць.

6 Не дадавай да Ягоных словаў, каб Ён не абвінавачыў цябе і ты не аказаўся манюкай.

7 Двох рэчаў прашу я ад цябе, не адмоў мне раней, чым я памру.

8 Аддалі ад мяне дарэмнасьць і ману; не давай мне беднасьці і багацьця; сыць мяне толькі штодзённым хлебам,

9 каб я, будучы насычаны, не адмовіўся ад Цябе і не сказаў: – Хто Гаспод? – і каб зьбяднеўшы я не пачаў красьці і ўжываць надарэмна імя майго Бога.

10 Ня гань слугу перад ягоным панам, каб ён не пракляў цябе, ты каб не зграшыў.

11 Ёсьць род, які праклінае бацьку свайго і не багаслаўляе маці сваю.

12 Ёсьць род, які чысты ў сваіх вачох, хаця не абмыты ад нячыстасьці сваёй.

13 Ёсьць род, вочы якога гордыя і ўзьнятыя павекі.

14 Ёсьць род, зубы ў якога, як мячы, а ськівіцы, як нажы, каб жорці бедных на зямлі і жабракоў паміж людзьмі.

15 Ненасытнасьць мае дзьве дачкі, якія гавораць: – прынясі, прынясі! Ёсьць тры ненасытныя рэчы і чатыры, якія ня скажуць: – досыць.

16 Пекла і бязплоднае ўзлоньне, зямля, якая не насычаная вадою, і вагонь, які ня кажа – досыць.

17 Вока, якое насьмяхаецца з бацькі і пагарджае паслухмянасьцяй да маці, выдзяўбуць вораны ля патокаў і зьядуць арляняты.

18 Тры рэчы схаваныя перада мною і чатырох я не разумею:

19 шляху арла на небе, шляху зьмяя на скале, шляху карабля сярод мора і шляху мужчыны да жанчыны.

20 Такі-ж шлях чужаложнай жанчыны: пад’ела і абцерла вусны свае і гаворыць: – не зрабіла я нічога благога – .

21 Ад трох рэчаў трасецца зямля, чатырох яна ня можа насіць:

22 слугі, які робіцца каралём, дурнога, калі ён насыціцца хлебам;

23 ганебнай жанчыны, калі яна выходзіць замуж і служанкі, калі зойме месца пасьля сваёй пані.

24 Вось чатыры малых рэчы на зямлі, якія аднак мудрэйшыя за мудрацоў:

25 мурашкі – народ ня моцны, які аднак летам загатаўляе сабе ежу;

26 горныя мышы – народ слабы, але будуюць дом свой у скале;

27 у шаранчы няма караля, а аднак усе выходзяць радамі;

28 павук чапляецца лапкамі, але бывае ў каралеўскіх пальцах.

29 Вось тры рэчы маюць стройную хаду і чатыры стройна выступаюць:

30 Леў самы сільны паміж зьвяроў, які нікому не аде дарогі;

31 Конь і казёл і кароль, сярод свайго народу.

32 Калі ты згубіў глупства і блага падумаў, дык палажы руку на вусны,

33 бо хто зьбівае сьмятану, атрымлівае масла, штуршок у нос выклікае кроў, а хто выклікае гнеў – узьнімае сварку.

 

Разьдзел 31

1 Гэта словы караля Лемуіла. Павучэньне, якое дала яму ягоная маці.

2 Што скажу, сын мой, што скажу, сын майго ўзлоньня? Што скажу, сын маіх абяцаньняў?

3 Не давай жанчынам сілы тваёй, ані шляхоў тваіх тым, якія прыводзяць да згубы каралёў.

4 Не каралём, Лемуіл, не каралём піць віно і не князём моцнае пітво,

5 каб напіўшыся яго не забылі закону і не зьмянілі справаў усіх прыгнечаных.

6 Дайце піць моцнае пітво таму, хто гіне, і віно тым, хто сумуе душою;

7 няхай такі вып’е і забудзецца пра сваю беднасьць і ня будзе больш успамінаць сваёй бяды.

8 Адчыняй вусны твае за нямых і для абароны ўсіх сіротаў.

9 Адчыняй вусны твае для справядлівага суду і для справы бедака і жабрака.

10 Хто знойдзе дабрадзейную жонку, бо цана яе вышэй ад пэрлаў?

11 Сэрца яе мужа поўнае яе і ён не застанецца бяз прыбытку.

12 Яна добра робіць яму, а не блага, у ўсе дні свайго жыцьця.

13 Шукае воўны і лёну і ахвоча працуе сваймі рукамі.

14 Яна падобная купецкім караблём – здалёку прывозіць хлеб свой.

15 Яна ўстае яшчэ да сьвету і раздае пожыў у доме сваім, служанкам сваім.

16 Падумывае аб зямлі і набывае яе; з заробку сваіх рук садзіць вінаград.

17 Перапаясывае сілаю свае бёдры і ўзмяцняе свае рукі.

18 Яна чуе, што занятак яе добры і паходня яе ня гасьне ў начы.

19 Парцягвае руку сваю да кудзелі, а пальцамі сваімі трымае верацяно.

20 Адчыняе руку сваю беднаму, а рукі свае працягівае патрабуючым.

21 Не баіцца за сям’ю ў зімовы час, бо ўся сям’я яе апраненая ў падвойную вопратку.

22 Робіць сабе каберцы; бісон і пурпур яе вопратка.

23 Муж яе ведамы ля брамы, калі сядзіць паміж старэйшымі зямлі.

24 Робіць посьцілкі і прадае жонкам і паясы дастаўляе купцом.

25 Моцнасьць і прыгажосьць – яе вопратка і ня мае яна клопату аб будучыні.

26 Мудра адчыняе вусны свае і міласэрнае павучэньне на ейным языку.

27 Яна даглядае гаспадарку ў сваёй хаце і ня есьці гультайскага хлеба.

28 Устаўшы багаславяць яе сыны яе і таксама муж хваліць яе,

29 гаворачы: – шмат было добрых жонак, але ты перавысіла ўсіх іх.

30 Мілы выгляд ашуківае і дарэмная прыгажосьць, але жонка, якая баіцца Госпада, вартая пахвалы.

31 Дайце ёй з пладу ейных рук і няхай праславяць яе ля брамы справы яе.

- адсутнічае старонка № 21 (Разьдзел 15, вв. 7-32).

- Таксама адсутнічае цалкам Разьдзел 5. (прапушчаны ў машынапісе; пасьля разьдзелу 4 адразу ідзе Разьдзел 6).

 

 

Кніга Экклезіяста або Казаньніка

 

 

Разьдзел 1

1 Словы Экклезіяста, сына Давыдавага, караля ў Ерусаліме.

2 Дарэмнасьць дарэмнасьцяў, сказаў Экклезіяст, дарэмнасьць дарэмнасьцяў – усё дарэмнасьць.

3 Якая карысьць чалавеку ад усяе ягонай працы, якую ён робіць пад сонцам?

4 Людзкі род мінае, а другі прыходзіць, а зямля трывае вечна.

5 Сонца ўзыходзіць і сонца заходзіць і сьпяшаецца да месца свайго, скуль узыходзіць.

6 Ідзе вецер на поўдзень, пераходзіць на поўнач, круціцца на ходзе сваім і вяртаецца на кругі свае.

7 Усе рэкі цякуць у мора, але мора не перапаўняецца: яны варочаюцца да таго месца скуль выцякаюць рэкі, каб ізноў цячы.

8 Усе рэчы ў працы: ня можа чалавек пераказаць усяго; не насыціцца вока бачаньнем, а вуха не напоўніцца слуханьнем.

9 Што было, тое і будзе; а што цяпер робіцца, тое і будзе рабіцца, – няма нічога новага пад сонцам.

10 Здараецца нешта аб чым гавораць: – глядзі вось гэта новае; але гэта ўжо было ў вякох, якія былі перад намі.

11 Няма памяці аб мінулым, ды і аб тым, што будзе не застанецца памяці ў нашчадкаў, якія будуць пасьля.

12 Я, Экклезіяст, быў каралём над Ізраілям у Ерусаліме.

13 І пасьвяціў я сэрца маё таму, каб шукаць і дайсьці мудрасьцяй усё, што робіцца пад небам; гэты цяжкі занятак даў Бог сынам чалавечым, каб яны мучыліся ім.

14 Я бачыў усе справы, што робяцца пад сонцам і вось усё – дарэмнасьць і мучэньне духа.

15 Тое, што крывое, ня можа зрабіцца простым, а нястача нечага ня можа лічыцца.

16 Так думаў я ў сэрцы маім: – вось я ўзьвялічыўся і набыў мудрасьці больш за ўсіх, якія былі перада мною ў Ерусаліме, а сэрца маё дайшло да вялікай мудрасьці і веды.

17 І пасьвяціў я сэрца маё таму, каб пазнаць мудрасьць і веду, шаленства і дурноту, але я пазнаў, што і гэта мучэньне духа;

18 дзеля таго, што ў вялікай мудрасьці шмат суму, а хто павялічывае веду – павялічывае тугу.

 

Разьдзел 2

1 Сказаў я ў сэрцы сваім: – дай выпрабую цябе ў вясельлі, ужываючы добрыя рэчы, але і гэта дарэмнасьць.

2 Аб сьмеху сказаў я: – дурнота; а аб вясёласьці: – што яна робіць.

3 Падумаў я ў сэрцы маім цешыць віном цела маё, між тым як сэрца маё кіравалася мудрасьцяй, трымацца дурноты, пакуль не пабачу, што добра для сыноў чалавечых, што павінны былі-б яны рабіць пад небам у нямногія дні свайго жыцьця.

4 Я прадпрыняў вялікія справы: пабудаваў сабе дамы, насадзіў сабе вінаграднікі.

5 Парабіў сабе сады і гаі і пасадзіў у іх усялякія пладовыя дрэвы.

6 Парабіў сабе ставы для навадняньня з іх гаёў у якіх растуць дрэвы.

7 Набыў сабе слугаў і служанак і меў хатніх у хаце маёй, да гэтага стады буйнага і дробнага быдла былі ў мяне вялікшыя, чым у ўсіх, якія былі перадамною ў Ерусаліме;

8 Сабраў сабе серабро і золата і каштоўнасьці ад каралёў і краінаў; завёў таксама сабе сьпявакоў і сьпявачак і ўпрыемненьні сыноў чалавечых – музычныя прылады.

9 І стаўся я вялікім і багатым больш чым усі, якія раней мяне [жылі ў] Ерусаліме, а мудрасьць знаходзілася са мною.

10 Чаго-б не пажадалі мае вочы, я не адмаўляў ім, не забараняў сэрцу майму ніякага вясельля, дзеля таго, што сэрца маё радавалася з усялякай працы маёй і гэта было маім удзелам у працы маёй.

11 Калі-ж я аглянуўся на ўсе справы мае, якія выканалі рукі мае, і на працу, якую ўлажыў робячы іх: вось усё дарэмнасьць і мучэньне духа і няма ад іх карысьці пад сонцам.

12 І аглянуўся я, каб прыгледзецца мудрасьці і шаленству і дурноце, бо што можа зрабіць чалавек, які будзе пасьля караля, апрача таго, што ўжо зроблена.

13 І пабачыў я, што мудрасьць карысьнейшая ад дурноты, так як сьвет карысьнейшы ад цемры.

14 Мудры мае вочы ў галаве сваёй, а дурны ходзіць у цемры, аднак я пазнаў, што аднолькавы лёс чакае іх усіх.

15 Дзеля гэтага я сказаў у сэрцы маім: – і мяне спаткае такі-ж лёс, як і дурнога, пашто-ж я зрабіўся вельмі мудрым. Дзеля гэтага сказаў я ў сэрцы маім, што і гэта дарэмнасьць;

16 бо мудрага таксама ня будуць памятаваць вечна, як і дурнога. У будучых днёх усё будзе забыта і мудры памрэ нароўні з дурным.

17 Дзеля гэтага абрыдла мне жыцьцё, бо пачалі мне падабацца ўсе справы, якія робяцца пад сонцам, бо ўсё дарэмнасьць і мучэньне духа.

18 Нават абрыдла мне праца мая, якую я рабіў пад сонцам, бо павінен буду яе пакінуць чалавеку, які будзе пасьля мяне.

19 І хто ведае мудры ён будзе, ці дурны? Ён аднак будзе распараджацца усёй працай маёй, якую я рабіў і якой выказаў сябе мудрым пад сонцам. І гэта ўсё дарэмнасьць.

20 І зьвярнуўся я да таго, каб адрачыся ад усяе працы, якую я рабіў пад сонцам.

21 Запраўды, не адзін чалавек працуе мудра і з посьпехам і павінен аддаць усё чалавеку не працаваўшаму, як бы ягоную частку. І гэта дарэмнасьць і вялікае зло.

22 Бо што будзе мець чалавек ад усяе працы сваёй і высілку свайго сэрца, якія ён рабіў пад соцнам?

23 Дзеля таго, што ўсе дні яго – гора, а ягоная праца – клопат; нават уначы сэрца ягонае ня знае супакою. І гэта дарэмнасьць.

24 Не ў чалавечай уладзе і тое дабро, каб есьці, піць і цешыць душу сваю ад працы сваёй. Я пабачыў, што і гэта з Божай рукі,

25 бо хто можа есьці і цешыцца бяз яго?

26 Бо чалавеку, які добры перад абліччам Яго, Ён дае мудрасьць і веду і радасьць, а грэшніку дае клопат зьбіраць і грамадзіць, каб пасьля аддаць добраму перад абліччам Божым. І гэта дарэмнасьць і мучэньне духа.

 

Разьдзел 3

1 Усё мае свой час і час бывае на ўсякую рэч пад небам.

2 Бывае час радзіцца і час паміраць; час садзіць і час вырываць пасаджанае.

3 Час забіваць і час лячыць; час руйнаваць і час будаваць.

4 Час плакаць і час сьмяяцца; час сумаваць і час скакаць.

5 Час раскідаць каменьні і час зьбіраць каменьні; час абдыманьня і час ухіленьня ад абдымкаў.

6 Час шукаць і час губіць; час хаваць і час кідаць.

7 Час разьдзіраць і час зшываць; час маўчаць і час гаварыць.

8 Час любіць і час ненавідзець; час вайне і час міру.

9 Якую карысьць мае працуючы ад таго, што ён працуе?

10 Бачыў я працу, якую Бог даў сынам чалавечым, каб займаліся ёю.

11 Усё зрабіў Ён дасканалым у свой час і ўлажыў мір у сэрцы іх, хаця чалавек ня можа зразумець ад пачатку да канца справаў, якія робіць Бог.

12 Я даведаўся, што няма для іх нічога лепшага, як весяліцца і рабіць добрае ў жыцьці сваім.

13 І калі які чалавек есьць і п’е і бачыць добрае ў кожнай працы сваёй, дык гэта дар Божы.

14 Даведаўся я, што ўсё, што робіць Бог трывае вечна: да гэтага няма чаго дадаваць і няма чаго адымаць, а Бог робіць гэта так, [каб] карыліся перад Ягоным абліччам.

15 Тое, што было, тое ёсьць і цяпер, а што будзе, тое ўжо было, бо Бог аднаўляе мінулае.

16 Яшчэ бачыў я пад сонцам месца суду, а там бязбожнасьць, месца справядлівасьці, а там несправядлівасьць.

17 І сказаў я ў сэрцы сваім: – справядлівага і бязбожнага будзе судзіць Бог, дзеля таго, што час для кожнай рэчы і суд над кожнай справай.

18 Сказаў я ў сэрцы сваім аб сынох чалавечых, каб выпрабаваў іх Бог і каб яны бачылі, што яны самыя па сабе падобныя жывёле;

19 дзеля таго, што ўдзел сыноў чалавечых і ўдзел жывёлы адзін: паміраюць як тыя, так і гэтыя, і ўсе маюць аднолькавы дух і няма ў чалавека перавагі перад быдлам, бо ўсё гэта дарэмнасьць.

20 Усё ідзе ў адно месца: усё паўстала з пылу і ўсё варочаецца ў пыл.

21 Хто ведае ці ўзыходзіць дух сыноў чалавечых угору і ці дух жывёлы зыходзіць уніз?

22 Гэтак пабачыў я, што няма для чалавека нічога лепшага, як цешыцца са сваёй працы, дзеля таго што гэта ягоны ўдзел, бо-ж хто прывядзе яго пагледзець, што будзе пасьля яго.

 

Разьдзел 4

1 І аглянуўся я і пабачыў усялякія прыгнёты, якія дзеюцца пад сонцам: і вось сьлёзы прыгнечаных, а пацяшыцеля ў іх няма, а ў руцэ прыгнятаючай сіла, а пацяшыцеля ў іх няма.

2 Дзеля гэтага я больш хваліў памершых, якія даўно памерлі, чым жывых, якія жывуць дагэтуль.

3 Шчасьлівейшы іх абодвух той, хто яшчэ не існаваў, хто ня бачыў благіх справаў, якія дзеюцца пад сонцам.

4 Бачыў я таксама, што кожная праца і кожны посьпех у справах выклікае заздрасьць паміж людзей. І гэта дарэмнасьць і мучэньне.

5 Дурны складае свае рукі і есьці сваё цела.

6 Лепшая горстка з пакоем, чым абедзьве горсьці з працаю і мучэньнем духа.

7 І аглянуўся я і пабачыў яшчэ другую дарэмнасьць пад сонцам:

8 чалавек самотны, нямаючы нікога, ані сына, ані брата, а працы ягонай няма канца і вока ягонае не насычаецца багацьцем, думае: – для каго-ж я працую і пазбаўляю сябе дабра. І гэта дарэмнасьць і мучэньне духа.

9 Лепш быць удвох, чым аднаму, дзеля таго, што ў іх ёсьць добрая ўзнагарода ў працы іх:

10 бо калі адзін упадзе, дык другі падыме свайго сябру, але гора аднаму, калі-б упаў, бо няма другога, хто-б яго падняў.

11 Таксама, калі ляжаць удваёх, дык цёпла ім, а як сагрэцца аднаму?

12 І калі нехта будзе перамагаць аднаго, дык удваёх утрымаюцца супроць яго. І нітка ссучаная ўтрое ня хутка рвецца.

13 Лепш бедны, але разумны юнак, чым стары і неразумны кароль, які ўжо ня ўмее прыймаць рады;

14 бо той і з вастрогу выйдзе, каб быць каралём, а гэны і ў каралеўсьцьве сваім можа зрабіцца бедным.

15 Бачыў я ўсіх жывучых пад сонцам з гэтым другім юнаком, які меўся заняць каралеўскі пасад.

16 Ня было ліку ўсяму народу, які быў перад ім, хаця нашчадкі ня будуць цешыцца з яго. І гэта марнасьць і мука духа.

17 Наглядай за нагой сваёю, калі йдзеш у дом божы і будзь больш схільны да слуханьня, чым да складаньня ахвяраў дурных людзей, бо яны ня ведаюць, што робяць блага.

 

Разьдзел 5

1 Не сьпяшайся языком тваім і сэрца тваё няхай не сьпяшаецца вымаўляць слова перад Богам, бо Бог знаходзіцца на небе, а ты на зямлі, дзеля гэтага няхай будзе мала тваіх словаў.

2 Бо як сны прыходзяць ад мноства клопатаў, так голас дурнога пазнаецца па многіх словах.

3 Калі даеш абяцаньне Богу, дык не адвалакай выкананьня яго, бо Яму не падабаюцца дурныя. Што абяцаў выканай.

4 Лепш не абяцаць, чым абяцаць і не выканаць.

5 Не дазваляй вуснам тваім уводзіць у грэх тваё цела і не гавары перад ангелам – гэта памылка. Пашто табе гневаць Бога сваім словам, каб Ён зьнішчыў-бы справу тваіх рук.

6 Бо ў мностве сноў, як і ў мностве словаў шмат дарэмнасьці, але ты бойся Бога.

7 Калі ты пабачыш у нейкай краіне прыгнёт бедных і парушэньне суду і справядлівасьці, дык ня дзівіся гэтаму, бо над высокім наглядае вышэйшы, а над гэтым самы высокі;

8 перавагу-ж мае краіна, кароль якой дбае аб краіну.

9 Хто любіць серабро, той не насыціцца серабром, а хто любіць багацьце, ня будзе мець з гэтага карысьці. І гэта дарэмнасьць.

10 Дзе шмат маемасьці, там шмат тых, хто з яе карыстае. Які-ж з гэтага пажытак для валадальніка: хіба толькі глядзець на гэта сваімі вачыма.

11 Салодкі сон працоўнага ці зьесьць ён шмат ці мала, але сытасьць багатага не дае яму заснуць.

12 Ёсьць цяжкая бяда, якую я бачыў пад сонцам: багацьце заховыванае валадальнікам яго на шкоду яму.

13 Бо гіне такое багацьце ад няшчасных выпадкаў, а сын, якога спладзіў, ня будзе мець нічога ў рукох сваіх.

14 Як выйшаў ён голы з улоньня маці сваёй, такім адыходзіць і нічога ня возьме са сваёй працы, што мог-бы панесьці ў руцэ сваёй.

15 А і гэта таксама цяжкая бяда, што якім прыйшоў такім і адыходзіць. А якая-ж карысьць, што ён працаваў на вецер?

16 А ён усе дні свае еў у поцемках, з вялікім клопатам, раздражненьнем і болем.

17 Вось яшчэ, што я знайшоў добрага і прыемнага: есьці і піць і цешыцца дабром з усіх працаў сваіх, якія чалавек робіць пад соцнам у ўсе дні свайго жыцьця, якія даў яму Бог, бо гэта ягоны ўдзел.

18 А калі якому-небудзь чалавеку Бог даў багацьце і маемасьць і даў яму магчымасьць карыстацца з іх і браць свой удзел і цешыцца з працы сваёй, дык гэта дар Божы.

19 Ня доўга будуць у яго ў памяці дні ягонага жыцьця, дзеля гэтага Бог і ўзнагараджае ягонае сэрца радасьцяй.

 

Разьдзел 6

1 Ёсьць зло, якое я бачыў пад сонцам і яно часта здараецца паміж людзьмі.

2 Бог дае чалавеку багацьце, маемасьць і славу, і няма для ягонай душы нястачы ні ў чым, чаго-б ён не пажадаў, але не дае яму Бог карыстацца з гэтага, а карыстае чужы чалавек. Гэта дарэмнасьць і цяжкая бяда.

3 Калі-б нехта спладзіў сто дзяцей і пражыў шмат гадоў і прадоўжыліся-б дні ягонага жыцьця, але душа ягоная ня цешылася-б дабром, і ня было-б яму хаўтураў, дык я сказаў бы: – мёртва народжаны шчасьлівейшы за яго;

4 бо такі папусту прыйшоў і адыйшоў у цемру і імя ягонае пакрылася цемраю.

5 Ён нават ня бачыў і ня ведаў сонца: яму лепшы адпачынак, чым гэнаму.

6 А гэны хаця-б пражыў дзьве тысячы гадоў, а ня цешыўся дабром, ці-ж не ў адно месца ідуць усі?

7 Уся праца чалавека для ягонага роту, а душа ягоная ня можа насыціцца.

8 Якую-ж перавагу мае мудры перад дурнем, якое – бядака, які ўмее хадзіць перад жывучымі?

9 Лепш бачыць вачыма, чым пажадаць толькі душою, але і гэта – дарэмнасьць і мука духа.

10 Што існуе, таму ўжо данае імя і ведама, што гэта чалавек, і што ня можа ён спрачацца з сільнейшым ад яго.

11 Многа ёсьць такіх рэчаў, якія памнажаюць марнасьць, які-ж пажытак мае з іх чалавек.

12 Бо-ж хто ведае, што добра для чалавека ў гэтым жыцьці, у ўсе дні марнага ягонага жыцьця, якія мінаюць, як цені? І хто скажа чалавеку, што будзе пасьля яго пад сонцам.

 

Разьдзел 7

1 Добрае імя лепшае ад каштоўнай масьці і дзень сьмерці ад дня нараджэньня.

2 Лепш хадзіць у дом плачу, чым у дом бяседы, бо там бачыш канец кожнага чалавека, а жывы прыложыць гэта да свайго сэрца.

3 Сум лепшы ад сьмеху, бо пры суме аблічча палепшываецца сэрца.

4 Сэрца мудрых у доме плачу, а сэрца дурных у доме вясельля.

5 Лепш слухаць абвінавачваньне мудрага, чым песьні дурнога;

6 бо сьмех дурнога – тое самае, што трэск гальля цёрну пад катлом. І гэта дарэмнасьць.

7 Прыгнятаючы іншых мудры робіцца дурным, а дары асьляпляюць сэрца.

8 Канец справы лепшы, чым пачатак; чалавек цярплівы лепшы, чым горды.

9 Ня будзь у духу тваім хуткі да гневу, бо гнеў спачывае ў сэрцах дурных.

10 Не кажы: – чаму гэта ранейшыя дні былі лепшыя за цяперашнія, бо ня з мудрасьці ты пытаеш гэта.

11 Мудрасьць добрая пры маемасьці і карысная тым, хто бачыць сонца,

12 бо ў цяні мудрасьці, як у цяні серабра адпачывае чалавек, але перавага мудрасьці ў тым, што мудрасьць дае жыцьцё тым, хто ёю валодае.

13 Прыгледзься Божым учынкам, бо хто можа выпраставаць тое, што зрабіў крывым?

14 У добры час карыстайся дабром, а ў благі час раздумывай: і адно і другое зрабіў Бог па тое, каб чалавек нічога ня мог даведацца таго, што будзе пасьля яго.

15 Усяго нагледзеўся я ў надарэмныя дні мае: справядлівы гіне ў сваёй справядлівасьці; бязбожнік доўга жыве ў сваёй злосьці.

16 Ня будзь занадта суровы, ані занадта мудрым: пашто табе губіць сябе?

17 Не аддавайся граху і ня будзь шалёным: пашто табе паміраць не ў свой час?

18 Добра, калі ты будзеш трымацца аднаго і не адымаць рукі ад другога, дзеля таго, што той, хто баіцца Бога, унікне ўсяго гэтага.

19 Мудрасьць робіць мудрага сільнейшым за дзесяць валадароў, якія ёсьць у месьце.

20 Запраўды няма справядлівага чалавека на зямлі, які-б рабіў дабро і не грашыў.

21 Дзеля гэтага не зварочывай увагі на кожнае сказанае слова, каб не пачуць, як слугі блага гавораць аб табе,

22 бо тваё сэрца ведае шмат выпадкаў, калі і ты сам блага гаварыў аб іншых.

23 Усё гэта я выпрабаваў мудрасьцяй і сказаў: – буду мудрым; але мудрасьць далёка ад мяне.

24 Далёка тое, што было і глыбока, – хто гэта знойдзе.

25 Зьвярнуўся я сэрцам маім да таго, каб знайсьці і пазнаць і дасьлежаваць мудрасьць і розум і пазнаць бязбожнасьць, дурноту, няведы і шаленства;

26 і знайшоў я, што жанчына горш сьмерці, бо яна – сетка, а сэрца яе – сіло, а рукі яе – путы. Добры перад Богам збавіцца ад яе, а грэшнік будзе ёю злоўлены.

27 Вось гэта знайшоў я, сказаў Экклезіяст, дасьледуючы адно за другім.

28 Чаго яшчэ шукала мая душа і чаго я не знайшоў? Мужчыну ад тысячы я знайшоў, але жанчыны паміж усімі я не знайшоў.

29 Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека добрым, а людзі скіраваліся за рожнымі думкамі.

30 Хто можа зраўняцца з мудрым? а хто можа вытлумачыць кожную рэч.

 

Разьдзел 8

1 Мудрасьць чалавека асьвятляе ягонае аблічча і зьмяняе яго суровасьць.

2 Я раджу: – каралеўскі загад выконывай, дзеля прысягі перад Богам.

3 Не сьпяшайся адыходзіць ад ягонага аблічча і не трывай у ўпоры. Бо ён можа зрабіць усё, што захоча.

4 Дзе каралеўскае слова, там улада, а хто скажа яму: – што робіш?

5 Хто пільнуе запаветы, той не дазнае зла: сэрца мудрага знае час і закон;

6 бо для кожнай рэчы ёсьць свой час і закон, а чалавеку вялікая бяда ад гэтага,

7 што ён ня знае, што будзе, бо хто-ж хоча абвесьціць яму, калі мае нешта стацца.

8 Чалавек ня мае ўлады над духам, каб утрымаць дух і няма ў яго ўлады над днём сьмерці і няма збаўленьня ў гэтым змаганьні і бязбожнага ня выратуе бязбожнасьць.

9 Усё гэта я бачыў і скіраваў сваё сэрца на ўсялякую справу пад сонца. Бывае час, калі чалавек пануе над чалавекам, на шкоду яму.

10 Бачыў я тады, што хавалі бязбожных і прыходзілі і адыходзілі ад сьвятога месца і аб іх забываліся ў тым месцы, дзе яны так рабілі. І гэта дарэмнасьць.

11 Ня хутка адбываецца суд над благімі справамі; дзеля гэтага не баіцца сэрца сыноў чалавечых рабіць зло.

12 Хаця грэшнік сто разоў робіць зло і трывае ў ім, але ведаю, што добра будзе тым, хто баіцца Бога, хто баіцца Божага аблічча,

13 а бязбожнаму ня будзе добра і падобна да цені нядоўга ператрывае той, хто не баіцца Божага аблічча.

14 Ёсьць і такая дарэмнасьць на зямлі: справядлівых спатыкае тое, чаго заслуговывалі-б учынкі бязбожных, а бязбожных спатыкае тое, чаго заслуговывалі-б учынкі справядлівых. І сказаў я: – гэта дарэмнасьць.

15 І пахваліў я вясельле, бо няма нічога лепшага для чалавека пад сонцам, як есьці, піць і весяліцца, бо адно гэта застаецца яму з ягонай працы ў усе дні ягонага жыцьця, якое даў яму Бог пад сонцам.

16 Калі я скіраваў сэрца маё на тое, каб асягнуць мудрасьць і зразумець клопаты, якія бываюць на зямлі і сярод якіх чалавек ні ў дзень, ні ў ночы ня ведае сну, –

17 тады я пабачыў усе Божыя справы і знайшоў, што чалавек ня можа зразумець справаў, якія дзеюцца пад сонцам. Колькі-б чалавек не стараўся гэта зразумець, усёроўна гэтага не зразумее; калі-б нават мудрэц сказаў, што ён знае, ён ня можа асягнуць гэтага.

 

Разьдзел 9

1 На ўсё гэта я скіраваў сэрца маё для выясьненьня, што справядлівыя і мудрыя ўчынкі іх у руцэ Божай і што чалавек ня знае ані любові, ані ненавісьці ў усім тым, што перад ім.

2 Усяму і ўсім адно; адзін удзел справядліваму і бязбожнаму, добраму і чыстаму і нячыстаму, прыносячаму ахвяры і не прыносячаму, добраму і грэшніку, прысягаючаму і таму, хто баіцца прысягі.

3 Гэта і ёсьць блага ў усім, што робіцца пад сонцам, што аднолькавы ўдзел усім і сэрца сыноў чалавечых напоўнена злом і дурнота ў сэрцы іх, падчас іхнага жыцьця, а пасьля таго яны адыходзяць да памершых.

4 Хто яшчэ жыве, таму яшчэ ёсьць надзея, бо-ж і жывому сабаку лепш, чым мёртваму ільву.

5 Жывыя ведаюць, што памруць, а мёртвыя нічога ня ведаюць і ўжо няма ім адплаты, дзеля таго, што і памяць аб іх забылася,

6 і любоў іх і ненавісьць і зайздрасьць іх ужо зьніклі і няма ім больш часткі ні ў чым, што дзеецца пад сонцам.

7 Дык ідзі, еш з вясельлем хлеб твой і пій у радасьці сэрца тваёго віно тваё, калі Бог спрыяе справам тваім.

8 Няхай будуць у кожны час сьветлыя твае вопраткі і няхай заўсёды будзе алей на галаве тваёй.

9 Цешся жыцьцём з жонкай тваёю, якую любіш, у ўсе дні жыцьця твайго, якое даў табе Бог пад сонцам на ўсе дарэмныя дні твае, дзеля таго, што гэта твой удзел у жыцьці і працах тваіх, якія ты выконываеш пад сонцам.

10 Усё, што можа рабіць рука твая, па сілах рабі, бо ў магіле, куды ты пойдзеш няма ні працы, ні раздумываньня, ні веды, ні мудрасьці.

11 І абярнуўся я, і бачыў пад сонцам, што ня хуткія здабываюць бег, не адважныя перамогу, ня мудрыя хлеб і не разумныя багацьце, ані ласку здольныя, але прыносіць час і выпадак.

12 Бо чалавек ня ведае свайго часу. Як рыбы трапляюць у згубную сетку, як птушкі трапляюць у сіло, так ловяцца сыны чалавечыя ў благі час, калі ён нечакана прыходзіць.

13 Вось яшчэ якую мудрасьць бачыў я пад сонцам і яна выдалася мне важкай:

14 малое места і людзей у ім няшмат. Супроць яго выйшаў вялікі кароль і аблажыў яго, і выканаў супроць яго вялікія абложныя працы;

15 але ў ім знайшоўся мудры бядак і ён збавіў места; аднак ніхто не ўспамінаў аб гэтым бедаку.

16 І сказаў я: – мудрасьць лепш сілы, хаця мудрасьць бядака была пагарджоная і слоў ягоных ня слухалі.

17 Словы мудрых выказываныя супакойна выслухіваюцца лепш, чым крык пануючага паміж дурнымі.

18 Мудрасьць лепшая ад ваеннага аружжа, але адзін грэшнік псуе шмат добрага.

 

Разьдзел 10

1 Мёртвыя мухі псуюць і робяць сьмярдзючым пахнючы алей: тое самае робіць невялікае глупства паважанага чалавека з ягонай мудрасьцяй і славай.

2 Сэрца мудрага на правым баку, сэрца дурнога – па левым.

3 Нават тады, калі дурны ідзе дарогаю ў яго нестае розуму і ён пакажа кожнаму, што дурны.

4 Калі гнеў пануючага будзе супроць цябе, не пакідай свайго месца, бо пакора хавае і вялікшыя паступкі.

5 Ёсьць зло, якое я бачыў пад сонцам, гэта як-бы памылка, якая паходзіць ад пануючага:

6 Дурныя стаўляюцца высака, а багатыя мудрасьцяй сядаюць нізка.

7 Бачыў я слугаў на канёх, а князёў, ходзячых пехатою, як слугі.

8 Хто капае яму, той упадзе ў яе, а хто раскідывае плот, таго ўкусіць зьмяя.

9 Хто пераносіць каменьні, той параніцца імі, а хто сячэ дровы, той можа быць пашкоджаны імі.

10 Калі прытупіцца сякера і калі лязо ня будзе навострана, дык трэба будзе напружываць сілы. Мудрасьць умее гэта паправіць.

11 Калі зьмяя ўкусіць перад замовай, нічога не памогуць словы замаўляючага.

12 Словы з вуснаў мудрага – дабрадзейныя, а вусны дурнога губяць яго.

13 Пачатак словаў з вуснаў яго – дурнота, а канец словаў яго – шаленства.

14 Дурны гаворыць шмат, хаця чалавек ня ведае, што мае быць. Бо хто-ж скажа яму, што будзе пасьля яго?

15 Праца дурнога мучыць яго, бо ён ня ведае нават дарогі ў места.

16 Гора табе, зямля, калі кароль твой юнак і князі якой раніцою бяседуюць.

17 Добра табе, зямля, калі кароль твой ёсьць сынам паважаных, а князі якой ядуць у адпаведны час, для падмацаваньня, а не абжорства.

18 Ад гультайства асядае столь, а калі апусьцяцца рукі, дык працякае хата.

19 Бяседы робяцца для прыемнасьці і віно весяліць жыцьцё, а за ўсё адказывае серабро.

20 Нават у думках сваіх не гавары благога аб каралі і ў спальным пакоі сваім не гавары блага аб багатым, бо птушка нябесная можа перанесьці слова, а тое, што мае крылы, пераказаць мову тваю.

 

Разьдзел 11

1 Пушчай хлеб твой па вадзе, бо пасьля зыходу шмат дзён знойдзеш яго.

2 Давай частку сямём, або васьмём, бо ня ведаеш, якая бяда будзе на зямлі.

3 Калі хмары поўныя, дык праліваюць дажджы і калі ўпадзе дрэва на поўдзень, ці на поўнач, дык яно там і застанецца, дзе ўпадзе.

4 Хто наглядае вецер, таму ня сеяць, а хто глядзіць на хмары, таму ня жаць.

5 Як ты ня ведаеш шляхоў ветру і таго, як творацца косьці ў улоньні цяжарнай, так ты ня можаш ведаць Божай справы, які ўсё робіць.

6 Сей раніцою насеньне тваё і вечарам не давай адпачынку руцэ тваёй, дзеля таго, што ты ня ведаеш, што лепш, або ці абодва аднолькава добрыя.

7 Прыемны сьвет і міла вачом бачыць сонца.

8 Калі чалавек пражыве шмат гадоў, дык няхай весяліцца ў працягу іх і хай памятае аб цёмных днёх, якіх будзе шмат. Усё што будзе дарэмнасьць.

9 Дык весяліся юнак у юнацтве тваім і няхай ужывае сэрца тваё радасьці ў днёх юнацтва твайго і хадзі па шляхох сэрца твайго і паводле бачаньня вачэй тваіх. Ведай толькі, што Бог за ўсё гэта пакліча цябе на суд.

 

Разьдзел 12

1 Памятай Стварыцеля твайго ў дні юнацтва твайго, пакуль не прыйшлі цяжкія дні і не наступілі гады, аб якіх ты будзеш казаць: няма мне прыемнасьці ў іх,

2 пакуль не сьцямнее сонца і сьвет і месяц і зоркі, і не надыйшлі новыя хмары ўсьлед за дажджом.

3 У той дзень, калі задрыжаць пільнуючыя дом і схіляцца мужы сілы; і перастануць малоць мелячыя, дзеля таго, што іх няшмат засталося і зяцямняцца выглядаючыя вокнамі;

4 і зачыняцца будуць дзьверы на вуліцу; калі сьціхне гук жорнаў і чалавек будзе ўставаць паводле крыку пеўня і сьціхнуць сьпяваючыя дачкі;

5 нават высокія месцы будуць ім страшныя і будуць баяцца на дарозе; калі ж зацьвіце мікдальнае дрэва і ацяжэе саранча і міне яго пожадзь; бо адыходзіць чалавек у вечны дом свой і гатовы акружыць яго на вуліцы галасільніцы, –

6 пакуль не парваўся сярэбраны ланцужок і не парвалася залатая пярэвязь і не разьбіўся збан ля крыніцы і не абвалілася кола над студняю.

7 І вернецца пыл у зямлю, як быў перад гэтым, а дух вернецца да Бога, Які даў яго.

8 Дарэмнасьць дарэмнасьцяў, сказаў Экклезіяст, усё дарэмнасьць.

9 Апрача таго, што Экклезіяст быў мудры, ён вучыў яшчэ народ веды. Ён усё разважаў, разсьледаваў і злажыў шмат прыказак.

10 Стараўся Экклезіяст дабіраць прыгожыя словы і словы праўды напісаныя ім праўдзівыя.

11 Словы мудрых – як голкі і як убітыя цьвякі, і складальнікі іх ад аднаго пастыра.

12 Што-ж больш гэтага, сын мой, таго сьцеражыся: складаць шмат кнігаў ня будзе канца, і шмат чытаць – цяжка для цела.

13 Выслухаем сутнасьць усяго: бойся Бога і пільнуйся Ягоных запаветаў, бо ў гэтым усё для чалавека;

14 бо кожны ўчынак і ўсё тайнае ці добрую ці благую рэч, Бог прывядзе на суд.

 

 

Кніга прарока Данілы

 

 

Разьдзел 1

1 У трэці год панаваньня Яўхіма, караля Юдэйскага, прыйшоў Набухаданосар, кароль Бабілёну, да Ерусаліму і аблажыў яго.

2 І перадаў Госпад у ягоную руку Яўхіма, караля Юдэйскага, і частку начыньняў Дому Божага і ён завёз іх у зямлю Сэнаар, у дом свайго Бога і ўнёс гэтае начыньне ў скарбніцу бога свайго.

3 І загадаў кароль Асфэназу, начальніку скапцоў сваіх, каб той прывёў сыноў Ізраільскіх, з роду каралеўскага і княжага;

4 юнакоў у якіх няма ніякай цялеснай заганы, прыгожых на выгляд і здольных да ўсялякай навукі і разумеючых навукі і разумных і здольных да службы ў каралеўскім палацы і да навукі хальдэйскай мовы і пісьма.

5 І вызначыў ім кароль штодзённую ежу з свайго стала і віно, якое сам піў і загадаў гадаваць іх тры гады, пасьля зыходу іх, яны павінны былі зьявіцца да караля.

6 Былі паміж імі з сыноў Юдэйскіх Даніла, Ананія, Місаіл і Азар.

7 І назваў іх начальнік скапцоў: Данілу – Бальтазарам; Ананію – Садрахам; Місаіла – Місахам і Азара – Абдэнам.

8 Даніла пастанавіў у сэрцы сваім не паганіцца ежаю з каралеўскага стала і віном, якое п’е кароль і дзеля гэтага прасіў начальніка скапцоў, каб яму не паганіцца.

9 Бог дараваў Даніле ласку і любоў начальніка скапцоў

10 і начальнік скапцоў сказаў Даніле: – я баюся караля, майго пана, які сам вызначыў вам ежу і пітво; калі ён пабачыць, што вашыя твары худзейшыя, чым іншых юнакоў, якія гадуюцца з вамі, дык я адкажу за гэта, перад каралём, сваёй галавою.

11 Тады сказаў Даніла Амэльсару, якога начальнік скапцоў прыставіў да Даніла, Ананіі, Місаіла і Азара:

12 – зрабі дзесяцідзённае дасьветчаньне над слугамі тваімі: няхай даюць нам, як ежу – гародніну, а як пітво – ваду,

13 потым прыгледзішся тварам нашым і тварам тых юнакоў, якія ядуць каралеўскую ежу, а тады рабі са слугамі тваімі, як будзеш бачыць.

14 Ён паслухаўся іх у гэтым і дасьветчываў іх дзесяць дзён.

15 Пасьля зыходу дзесяцёх дзён выявілася, што твары іх былі прыгажэйшыя, а целам яны былі тлусьцейшыя ад усіх тых юнакоў, якія карміліся з каралеўскага стала.

16 Тады Амэлясар браў іх ежу і віно да піцьця і даваў ім гародніну.

17 І дараваў Бог гэтым чатыром юнаком ваду і разуменьне кожнай кнігі і мудрасьці, а Даніле апрача гэтага дараваў разуменьне сноў і відзежаў.

18 Пасьля зыходу тых дзён, калі кароль загадаў прывесьці іх, прывёў іх начальнік над скапцамі да Набухаданосара.

19 І кароль гаварыў з імі і з пасярод усіх не знайшлося падобных Даніле, Ананіі, Місаілу і Азару і пачалі яны служыць каралю.

20 А ў кожнай справе мудрага разуменьня, аб чым-бы ня пытаў іх кароль, ён знаходзіў іх дзесяць разоў разумнейшымі ад усіх мудрацоў і вешчбітаў, якія былі ў ягоным каралеўстве.

21 І быў там Даніла да першага году караля Кіра.

 

Разьдзел 2

1 На другі год панаваньня Набухаданосара, меў Набухаданосар сон і ўстрывожыўся ягоны дух і сон уцёк ад яго.

2 Тады загадаў кароль склікаць мудрацоў і варажбітаў і чарадзеяў і хальдэяў, каб яны расказалі каралю ягоны сон. Яны прыйшлі і сталі перад каралём.

3 І сказаў ім кароль: – прысьніўся мне сон і ўстрывожыўся мой дух, так што ня ведаю, што мне прысьнілася.

4 І сказалі хальдэі каралю па арамейскі: – кароль! Жыві вечна! Скажы сон слугам тваім, а мы вытлумачым ягонае значаньне.

5 Адказаў кароль і сказаў хальдэям: – я забыўся сон; калі вы не раскажаце мне сон і ягонае значэньне, дык будзеце разсечаныя на кавалкі, а вашыя дамы – зруйнаваныя,

6 калі-ж раскажаце сон і ягоне значэньне, дык атрымаеце ад мяне дары і ўзнагароду і вялікую чэсьць; дык скажэце мне сон і ягонае значаньне.

7 Яны паўторна адказалі сказалі: – няхай скажа кароль слугам сваім сон, а мы вытлумачым ягонае значаньне.

8 Адказаў кароль і сказаў: – напэўна ведаю, што вы ўмысна адвалакаеце, бачучы, што я забыўся сон.

9 Дзеля таго, што вы не расказываеце мне сну, дык у вас адзін намер, вы маеце намер ашуканска зманіць мяне, каб толькі прайшоў час; дзеля гэтага раскажэце мне сон і тады я буду ведаць ці будзеце вы магчы яго вытлумачыць.

10 Халдэі адказалі каралю, гаворачы: – няма на зямлі чалавека, які-б мог сказаць гэта каралю і дзеля гэтага ні водзін кароль, князь, ані пан не патрабаваў падобнага ні ад воднага мудраца, варажбіта і халдэя.

11 бо справа, якой вымагае кароль, так цяжкая, што ніхто іншы ня можа выявіць гэтага каралю, апрача багоў, якія ня жывуць з цялеснымі.

12 Кароль раз’яраны вельмі разгневаўся і загадаў пазабіваць усіх Бабілёнскіх мудрацоў.

13 Калі быў выданы гэты загад, каб забіваць мудрацоў, дык шукалі і Данілу і ягоных сяброў, каб забіць іх.

14 Тады Даніла зьвярнуўся з мудрасьцяй і радаю да Арыёха, каралеўскага гэтмана, які выйшаў забіваць Бабілёнскіх мудрацоў,

15 і спытаў Арыёха: – чаму такі суровы загад караля? – Тады Арыёх расказаў усё Даніле.

16 Даніла выйшаў і прасіў караля даць яму час і ён прадставіць каралю вытлумачэньне сну.

17 Даніла прыйшоў у дом свой і расказаў усё Ананіі, Місаілу і Азару, – сваім сябром,

18 каб яны прасілі ласкі ў Бога нябеснага, каб ня згінулі дзеля гэтай тайніцы Даніла і ягоныя сябры з іншымі Бабілёнскімі мудрацамі.

19 І адчыненая была Данілу, ў начной відзежы, тайніца і Даніла багаславіў Бога нябеснага.

20 Сказаў тады Даніла: – няхай будзе багаслаўлёнае імя Госпада ад веку і да веку, бо ў Яго мудрасьць і сіла;

21 Ён зьмяняе часы, годы; скідае і ўстанаўляе каралёў; дае мудрасьць мудрым і розум разумным.

22 Ён адчыняе глыбокія і схаваныя рэчы, ведае, што ў цемры, і сьвет жыве з Ім.

23 Слаўлю і вялічаю Цябе, Божа бацькоў маіх, што Ты дараваў мне мудрасьць і сілу і адчыніў мне тое, аб што мы Цябе прасілі, бо Ты адчыніў у начы каралеўскі сон.

24 Пасьля гэтага Даніла зайшоў да Арыёха, якому кароль загадаў пазабіваць Бабілёнскіх мудрацоў і сказаў яму: – не забівай Бабілёнскіх мудрацоў; вядзі мяне да караля, а я адчыню значаньне сну.

25 Тады Арыёх бязадвалочна прывёў Данілу да караля і сказаў: – я знайшоў з палонных сыноў Юдэі чалавека, які можа вытлумачыць каралю значаньне сну.

26 Кароль сказаў Даніле, названаму Бальтазарам: – ці можаш ты расказаць мне сон, які я бачыў і ягонае значаньне?

27 Адказаў каралю Даніла і сказаў: – тайніцы, пра якую пытаецца кароль, ня могуць адчыніць каралю ані мудрацы, ані варажбіты, ані чарадзеі, ані вяшчбіты,

28 але ёсьць на небе Бог, які адчыняе тайніцы. Ён адчыніў каралю Набухаданосару, што будзе ў апошнія дні: сон твой і відзеж, якія ты бачыў на ложы тваім наступныя:

29 ты, кароль, на ложы тваім думаў аб тым, што будзе потым, і той, хто адчыняе тайніцы, паказаў табе тое, што будзе.

30 Мне-ж гэтая тайніца была адчыненая не дзеля таго, што я мудрэйшы ўсіх жывучых, але дзеля таго, каб адчынена было каралю разуменьне і каб ты пазнаў думкі твайго сэрца.

31 Табе, кароль, была такая відзеж: вось нейкая вялікая статуя, вялізарная гэта была статуя, а блыск ягоны быў значны і страшны быў ейны выгляд.

32 У гэтай статуі галава была з чыстага золата, грудзі ейныя і рукі – з серабра; жывот і бёдры – медныя;

33 лыдкі ейныя – зялезныя, ногі ейныя часткова зялезныя, часткова гліняныя.

34 Ты бачыў яе, пакуль не адламаўся ад гары камень, які ня бываў у руцэ, ударыў у статую, у зялезныя і гліняныя ногі яе і разьбіў іх.

35 Тады ўсё раскрышылася: зялеза, гліна, медзь, серабро і золата зрабіліся, як пыл летам на гумнішчы і вецер разнёс іх і не засталося ад іх сьляда, камень-жа, які разьбіў статую зрабіўся вялікай гарою і напоўніў усю зямлю.

36 Вось гэты сон. Вытлумачым перад каралём і ягонае значаньне.

37 Ты кароль – каралём каралёў, якому Бог нябесны дараваў каралеўства, уладу, моц і славу;

38 і ўсіх сыноў чалавечых, дзе-б яны не жылі, палявых зьвяроў і нябесных птушак Ён аддаў у тваю руку і ўстанавіў цябе ўладаром над усім гэтым; ты – гэта залатая галава.

39 Пасьля цябе паўстане другое каралеўства, слабейшае ад твайго і яшчэ трэцяе каралеўства – меднае, якое будзе панаваць на ўсёй зямлі,

40 А чацьвёртае каралеўства будзе моцнае, як зялеза, бо як зялеза ламае і крышыць усё, гэтак і яно, падобна зялезу – паламае і пакрышыць усё.

41 Тое-ж што ты бачыў ногі і пальцы на нагох часткова з ганчарнай гліны, а часткова з зялеза, дык каралеўства будзе разьдзеленае і ў ім застанецца трохі зялезнай моцы, так, як ты бачыў зялеза зьмешанае з ганчарнай глінай.

42 І так як пальцы ногаў былі часткова з зялеза, а часткова з гліны, так і каралеўства будзе часткова моцнае, а часткова крохкае.

43 Тое-ж што ты бачыў зялеза, зьмешанае з ганчарнай глінай, дык гэта значыць, што яны пародняцца паміж сабою, але не зьліюцца, як зялеза не зьмешываецца з глінаю.

44 За часоў гэных каралеўстваў Бог нябесны ўстановіць каралеўства, якое не разбурыцца на векі і каралеўства гэнае ня будзе перадана іншаму народу, але скрышыць і зруйнуе ўсе каралеўствы, а само будзе стаяць вечна.

45 Так як ты бачыў, што камень адарваны ад гары, які ня быў у рукох, а скрышыў зялеза, медзь, гліну, серабро і золата, дык гэтым вялікі Бог даў знаць каралю, што будзе пасьля. Праўдзівы гэты сон і дакладнае вытлумачэньне яго.

46 Тады кароль Набухаданосар упаў на сваё аблічча і пакланіўся Даніле і загадаў прынесьці яму дары і кадзіла.

47 Тады сказаў кароль Даніле: – запраўды ваш Бог ёсьць Бог багоў і Валадаром каралёў, які адчыняе тайніцы, бо ты мог выявіць гэтую тайніцу.

48 Тады ўзвысіў кароль Данілу і даў яму шмат вялікіх дароў і ўстанавіў яго над усёй Бабілёнскай краінай і галоўным начальнікам над усімі Бабілёнскімі мудрацамі.

49 Але Даніла прасіў караля і той паставіў Сэдраха, Місаха і Абдэнага над усімі справамі Бабілёнскай краіны, а Даніла застаўся пры каралеўскім двары.

 

Разьдзел 3

1 Кароль Набухаданосар зрабіў залатую статую, вышынёю шэсьцьдзесят лакцёў, шырынёю шэсьць лакцёў; паставіў яе на полі Дэір, у Бабілёнскай краіне.

2 Тады паслаў кароль Набухаданосар сабраць князёў, намесьнікаў, гэтманаў, галоўных судзьдзяў, праўнікаў, урадаўцаў і ўсіх краёвых намесьнікаў, каб яны прыйшлі на ўрачыстае адкрыцьцё статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар.

3 І сабраліся намесьнікі, гэтманы, галоўныя судзьдзі, скарбнікі, праўнікі, урадаўцы і ўсе краёвыя намесьнікі на адкрыцьцё статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар і сталі перад статуяй, якую паставіў Набухаданосар.

4 Тады спавесьнік голасна абвесьціў: – паведамляюцца вам народы, плямёны і языкі:

5 Калі пачуеце гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў, сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, падайце і кланяйцеся залатой статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар,

6 а хто не ўпадзе іне паклоніцца, той зараз будзе ўкінены ў распаленую вагнём печ.

7 Дзеля гэтага, калі ўсе народы пачулі гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў, сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, дык усе народы, плямёны і языкі ўпалі і пакланіліся залатой статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар.

8 У тым-жа часе прыступілі некаторыя халдэі, жалячыся на жыдоў.

9 Яны сказалі каралю Набухаданосару: – кароль! жыві вечна!

10 Ты, кароль, даў загад, каб кожны чалавек, які пачуе гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў і сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, упаў і пакланіўся залатой статуі,

11 а хто не ўпадзе і не паклоніцца, той павінен быць укінены ў распаленую вагнём печ.

12 Знайшліся аднак некаторыя жыды, якіх ты паставіў над справамі Бабілёнскай краіны – Сэдрах, Місах і Абдэна; гэтыя ня слухаючыся твайго загаду, не кланяюцца тваім багом і не кланяюцца залатой статуі, якую ты паставіў.

13 Тады Набухаданосар у гневе і ярасьці загадаў прывесьці Сэдраха, Місаха і Абдэна і былі яны прыведзеныя да караля.

14 Набухаданосар сказаў ім: – Ці вы ўмысна, Сэдрах, Місах і Абдэна не шануеце маіх багоў і не кланяецеся залатой статуі, якую я паставіў?

15 Цяпер, калі вы гатовы, як толькі пачуеце гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў, сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, падайце і кланяйцеся статуі, якую я зрабіў, калі-ж вы не паклоніцеся, дык зараз-жа будзеце ўкіненыя ў распаленую вагнём печ і тады які Бог збавіць вас ад маёй рукі?

16 Адказалі Сэдрах, Місах і Абдэна і сказалі каралю Набухаданосару: – мы ня дбаем аб тое, што адказаць табе на гэта.

17 Бог наш, якому мы кланяемся, мае сілу выратаваць нас ад распаленай вагнём печы і вызваліць нас ад тваёй рукі.

18 Калі-ж і не здарыцца так, дык няхай будзе табе кароль ведама, што мы ня будзем кланяцца тваім багом і не паклонімся залатой статуі, якую ты паставіў.

19 Тады Набухаданосар так раз’ярыўся на Сэдраха, Місаха і Абдэна, што зьмяніўся выгляд ягонага твару і загадаў, каб распалілі печ сем разоў мацней, чым яе звычайна распалівалі,

20 і самым сільным мужом з свайго войска загадаў зьвязаць Сэдраха, Місаха і Абдэна і ўкінуць іх у распаленую вагнём печ.

21 Тады гэных мужоў зьвязалі ў плашчох іх і вопратках іх і ў павязках галавы і іншых адзежах іх і ўкінулі ў распаленую вагнём печ.

22 А дзеля таго, што каралеўскі загад быў суровы і печ была вельмі распаленая, дык вогненнае полымя забіла тых людзей, што кідалі Сэдраха, Місаха і Адбэна,

23 а гэныя тры мужы – Сэдрах, Місах і Абдэн, упалі зьвязаныя ў распаленую вагнём печ.

24 Кароль Набухаданосар зьдзівіўся і пасьпешна ўстаў, гаворачы сваім магнатам: – ці-ж ня трох зьвязаных мужоў укінулі мы ў вагонь? Тыя адказываючы сказалі: – запраўды так, кароль.

25 На гэта ён адказаў: – вось я бачу чатырох мужоў незьвязаных, якія ходзяць сярод вагню і няма ім ніякай шкоды, а асоба чацьвертага падобная да сына Божага.

26 Тады Набухаданосар падыйшоў да атворыны печы і сказаў: – Сэдрах, Місах і Абдэн, слугі Найвышэйшага Бога, выйдзеце і падыйдзеце! Тады Сэдрах, Місах і Абдэн выйшлі з пасярод вагню.

27 І сабраліся князі, намесьнікі, гэтманы і каралеўскія райцы і пабачылі, што над целамі гэтых мужоў вагонь ня меў сілы і валасы на іх галаве не апаліліся і вопраткі іхныя не зьмяніліся і нават запаху вагню ня было ад іх.

28 Тады сказаў Набухаданосар: – багаслаўлёны Бог Сэдраха, Місаха і Абдэна, Які паслаў свайго Ангела і вызваліў слугаў сваіх, якія спадзяваліся на Яго і не паслухаліся каралеўскага загаду і перадалі целы сваі, каб ня служыць і не кланяцца іншаму Богу, апрача Бога свайго.

29 Ад мяне выдаецца загад, каб з кожнага народу, племені і языка, хто скажа якое-небудзь блюзьнерства на Бога Сэдраха, Місаха і Абдэна, быў парубаны на кавалкі і дом ягоны зруйнаваны, бо няма іншага Бога, які-б мог так ратаваць.

30 Тады кароль узвысіў Сэдраха, Місаха і Абдэна ў Бабілёнскай краіне.

31 Набухаданосар, кароль, усім народам, плямёнам і языком, жывучым па ўсёй зямлі: мір вам няхай памножыцца!

32 Знакі і цуды, якія ж учыніў са мною Найвышэйшы Бог, лічу я адпаведным расказаць.

33 Як вялікія ягоныя знакі! Як магутныя Ягоныя цуды! Ягонае каралеўства – вечнае каралеўства і Ягонае валадараньне ад народу да народу.

 

Разьдзел 4

1 Я, Набухаданосар, жывучы ў супакоі ў доме маім і шчасна ў палацы маім,

2 меў сон, які спужаў мяне і думкі, якія я меў на ложы маім і відзежы галавы маёй устрывожылі мяне.

3 Дзеля [гэтага] быў мною выданы загад прывесьці да мяне Бабілёнскіх мудрацоў, каб яны вытлумачылі мне значаньне сну.

4 Тады прыйшлі мудрацы і варажбіты, халдэі і вешчбіты; я расказаў ім сон, але яны не маглі вытлумачыць мне ягонае значэньне.

5 Нарэшце прыйшоў да мяне Даніла, імя якога Бальтазар – паводле імені майго бога і ў якіх дух сьвятога Бога. Яму расказаў я сон.

6 Бальтазар, першы з пасярод мудрацоў! Я ведаю, што ў табе дух сьвятога Бога і ніякая тайніца не за цяжкая для цябе; вытлумач мне відзеж майго сну, які я бачыў і ягонае значэньне.

7 Відзежы галавы маёй на ложы маім былі такія: вось я бачыў сярод зямлі вельмі высокае дрэва.

8 Вялікае было гэтае дрэва і моцнае; высата яго дасягала да неба і бачнае было да краёў усяе зямлі.

9 Галіны яго былі прыгожыя, а пладоў шмат і пожыў для ўсіх быў на ім; пад ім была цень палявому зьверу, а на ягоных галінах жылі птушкі нябесныя і ад яго кармілася ўсялякае стварэньне.

10 І бачыў я ў відзежах галавы маёй, на ложы маім: вось зыйшоў з неба Вартаўнік і Сьвяты.

11 Голасна ўсклікнуўшы Ён сказаў: – зрубеце гэтае дрэва, абрубеце ягоныя галіны, абтрасеце лісьцьцё яго і раскідайце ягоныя плады; няхай разьбягуцца зьвяры з пад яго і птушкі з ягоных галінаў,

12 але галоўны карэнь яго пакіньце ў зямлі і няхай будзе ён зьвязаны зялезным і медным ланцугом і на палявой траве кропіцца нябеснай расою, а пасецца няхай на траве з палявымі зьвярамі.

13 Няхай адымецца ад яго чалавечае сэрца, а будзе яму данае сэрца зьвярынае і пройдзе над ім сем часоў.

14 Загадам Вартаўніка азначана гэта і станецца паводле прыгавору Сьвятых, каб ведалі людзі, што Найвышэйшы пануе над чалавечым каралеўствам і дае яго таму, каму хоча і стаўляе над ім самога лядачага з людзей.

15 Такі сон бачыў я, кароль Набухаданосар, а ты, Бальтазар, скажы мне значаньне, бо ніхто з мудрацоў у маім каралеўстве ня мог вытлумачыць ягонага значаньня, але ты можаш, бо Дух сьвятога Бога ў табе.

16 Тады Даніла, якому імя Бальтазар, задумаўся адну гадзіну і думкі ягоныя трывожілі яго. Кароль пачаў гаварыць і сказаў: – няхай ня трывожыць цябе сон і ягонае значаньне. – Бальтазар адказаў і сказаў: – Валадару мой, няхай споўніцца гэты на тых, якія цябе ненавідзяць, а на ворагаў тваіх ягонае значаньне.

17 Вялікае і моцнае дрэва, якое ты бачыў, вышыня якога сягала неба і бачнае было па ўсёй зямлі.

18 На якім былі прыгожыя галіны і шмат пладоў і пожыў для ўсіх, пад якім жылі палявыя зьвяры і на галінах якога жылі птушкі нябесныя,

19 Гэта ты – кароль, які ўзьвялічыўся і ўзмацаваўся, а велічыня твая ўзрасла і дасягла да неба і ўлада твая да канцоў зямлі.

20 А што кароль бачыў Вартаўніка і Сьвятога, зыходзячага з неба, які сказаў: – зрубеце гэтае дрэва і зьнішчыце яго, толькі галоўны карэнь яго пакіньце ў зямлі і няхай будзе ён у зялезных і медных ланцугох крапіцца сярод палявой травы нябеснай расою, а з палявымі зьвярамі няхай пасецца, пакуль ня пройдзе сем часоў,

21 дык вось значаньне гэтага і вось пастанова Найвышэйшага, якая асягне валадара майго, караля:

22 адлучаць цябе ад людзей і будзеш ты жыць з палявымі зьвярамі і травою будзеш пасьціся, як вол, а раса нябесная будзе крапіць цябе, пакуль зыйдзе сем часоў над табою, пакуль пазнаеш, што Найвышэйшы пануе над чалавечым каралеўствам і дае яго, каму хоча.

23 А што загадана пакінуць галоўны карэнь дрэва, гэта значыць, што каралеўства тваё застанецца пры табе, калі пазнаеш, што нябёсы пануюць.

24 Дзеля гэтага, кароль, няхай спадабаецца табе мая рада: скасуй грахі твае праўдаю, а бязпраў’і твае міласэрдзьдзем да бедных. Вось чым можаш прадоўжыць свой супакой.

25 Усё гэта збылося з каралём Набухаданосарам.

26 Пасьля зыходу дванацьцацёх месяцаў, прахаджываючыся на каралеўскім палацы ў Бабілёне,

27 сказаў кароль: – Ці-ж гэта не вялікі Бабілён, які я збудаваў сілаю маёй моцы, каб быў сталіцаю каралеўства і на славу маёй велічы?

28 А калі гэтая мова была яшчэ ў вуснах караля, вось быў голас з неба: – гавораць табе, кароль Набухаданосар, каралеўства тваё адыйшло ад цябе.

29 І адлучаць цябе ад людзей і будзеш ты жыць з палявымі зьвярамі, травою будзеш пасьціся, як вол і сем часоў пройдзе над табою, пакуль пазнаеш, што Навышэйшы пануе над чалавечым каралеўствам і дае яго, каму хоча.

30 Зараз-жа споўнілася гэтае слова над Набухаданосарам, бо адлучаны ён быў ад людзей, еў траву, як вол, а нябесная раса крапіла ягонае цела, так што вырасьлі на ім валасы, як у льва, а кіпцюры, як у птушкі.

31 А пасьля зыходу гэных дзён, узьняў я, Набухаданосар, вочы ў неба і вярнуўся розум мой да мяне і багаславіў я Найвышэйшага, а Існуючага ўсхваліў і праславіў, якога валадарства – валадарства вечнае, а каралеўства яго ад народу да народу.

32 А ўсе жывучыя на зямлі нічога ня значаць. Паводле Сваёй волі паступае з нябесным войскам і жывучымі на зямлі і няма нікога, хто-б мог супроцьдзеяць яму і сказаць: – што робіш?

33 У той час вярнуўся да мяне розум мой і да славы каралеўства майго вярнулася аздоба і годнасьць мая; тады шукалі мяне князі і райцы мае, а [я] ўзмацаваўся на каралеўстве і веліч мая яшчэ больш узьвялічылася.

34 Цяпер я, Набухаданосар, хвалю, вывышаю і слаўлю нябеснага караля, усе справы Якога праўдзівыя, а шляхі правільныя, а які можа зьнішчыць гордых.

 

Разьдзел 5

1 Бальтазар, кароль, зрабіў вялікую бяседу для тысячы сваіх магнатаў і перад вачыма тысячы піў віно.

2 А калі Бальтазар піў віно, загадаў прынесьці залатое і серабранае начыньне, якое Набухаданосар, ягоны бацька, забраў з ерусалімскай сьвятыні, каб піць з іх каралю, ягоным магнатам, ягоным жонкам і ягоным наложніцам.

3 Тады прынесьлі залатое начыньне, якое было ўзятае са сьвятыні Дому Божага ў Ерусаліме і пілі з іх кароль і ягоныя магнаты, ягоныя жонкі і ягоныя наложніцы,

4 а, п’ючы віно, славілі залатых, сярэбраных, медных, зялезных, дзераўляных і каменных багоў.

5 У той-жа час выйшлі пальцы чалавечай рукі і пісалі супроць сьвечніка на вапне сьцяны каралеўскага палацу і бачыў кароль частку пішучай рукі.

6 Тады кароль зьмяніўся ў твары сваім, стрывожыліся ягоныя думкі, вязаньні ягоных бёдраў аслабелі, а калены пачалі біцца адно аб другое.

7 З усяе сілы закрычэў кароль, каб прывялі вешчбітаў, халдэяў і варажбітоў; кароль пачаў гаварыць і сказаў Бабілёнскім мудрацом: – хто прачытае напісанае і вытлумачыць мне ягонае значэньне, той будзе апранены ў чырвоную вопратку і дадуць яму залаты ланцуг на шыю і будзе трэцім у каралеўстве, пасьля мяне.

8 І ўвайшлі ўсе каралеўскія мудрацы, але не маглі прачытаць напісанага і вытлумачыць ягонае значаньне.

9 Кароль Бальтазар вельмі ўстрывожыўся і зьмяніўся выгляд ягонай твары і ўстрывожыліся ягоныя магнаты.

10 Каралева-ж з прычыны словаў караля і магнатаў увайшла ў бяседнае памешканьне, пачала гаварыць і сказала: – кароль, жыві вечна! Няхай і цябе ня трывожаць твае думкі і няхай не зьмяняеца выгляд твайго твару;

11 ёсьць у тваім каралеўстве муж у якім дух сьвятога Бога. За часоў твайго бацькі былі ў ім знойдзены сьвет і розум і мудрасьць, падобная мудрасьць багоў і кароль Набухаданосар, твой бацька, паставіў яго на чале ўсіх мудрацоў, вешчбітаў, халдэяў і варажбітоў, сам бацька твой кароль,

12 бо ў нім, у Даніле, якога кароль назваў Бальтазарам, аказаўся высокі дух, веда і розум, здольныя тлумачыць сны, выясьняць загадковыя і разьвязываць цяжкія рэчы. Дык няхай паклічуць Данілу і ён вытлумачыць значаньне.

13 Тады быў прыведзены Даніла да караля і кароль гаворачы сказаў: – Ці ты Даніла, адзін з палоных сыноў Юдэйскіх, якіх бацька мой, кароль, прывёў з Юдэі?

14 Я чуў аб табе, што Дух Божы ў табе і сьвет і розум і вялікая мудрасьць знойдзеныя ў табе.

15 Вось прыведзеныя былі да мяне мудрацы і варажбіты, каб прачытаць гэтае напісанае, але яны не маглі вытлумачыць мне гэтага.

16 А аб табе я чуў, што ты можаш тлумачыць значаньне і разьвязываць цяжкія рэчы, дык калі можаш прачытаць гэтае напісанае і вытлумачыць мне ягонае значаньне, дык будзеш апранены ў чырвоную вопратку і залаты ланцуг будзе на тваёй шыі і трэцім валадаром будзеш па мне ў каралеўстве.

17 Тады адказаў Даніла і сказаў каралю: – дары твае няхай застануцца ў цябе і чэсьць аддай іншаму, напісанае я прачытаю каралю і вытлумачу значаньне.

18 Кароль! Найвышэйшы Бог дараваў бацьку твайму Набухаданосару каралеўства, веліч, чэсьць і славу.

19 Перад велічай, якую Ён даў яму, усе народы, плямёны і языкі дрыжэлі і баяліся яго, каго хацеў забіваў ён, каго хацеў пакідаў у жывых; каго хацеў узвышаў, а каго хацеў паніжаў.

20 Калі аднак сэрца ягонае зрабілася вельмі гордым і дух ягоны зрабіўся пышны, ён быў скінуты з свайго каралеўскага пасаду і пазбаўлены славы сваёй,

21 і адлучаны ён быў ад сыноў чалавечых і сэрца ягонае сталася падобным зьвярынаму і жыў ён з дзікімі асламі, пасьвіўся травою, як вол, і нябесная раса крапіла ягонае цела, пакуль ён не пазнаў, што над каралеўствам чалавечым пануе найвышэйшы Бог і ўстанаўляе над ім каго хоча.

22 Ты, сын ягоны Бальтазар, не ўпакорыў свайго сэрца, хаця ведаў усё гэтае,

23 але узьняўся супроць Госпада нябёс і начыньне Ягонага Дому прынесьлі да цябе і ты, і магнаты твае, жонкі твае і наложніцы твае пілі з іх віно і ты славіў сярэбраных, залатых, медных, зялезных, дзеравяных і каменных багоў, якія ня бачаць, ня чуюць, не разумеюць, а Бога, у руцэ Якога дыханьне тваё, ты не праславіў.

24 За гэта пасланая была ад яго частка рукі і напісаныя пісьмёны.

25 І вось што напісана: мэнэ, мэнэ, тэкэль, упарсін.

26 Вось і значаньне словаў: мэнэ – зьлічыў Бог каралеўства тваё і пастанавіў скончыць яго;

27 Тэкэль – ты ўзважаны і знойдзены вельмі лёгкім;

28 Пэрэс – разьдзелена тваё каралеўства і адданае мідам і пэрсам.

29 Тады па загаду Бальтазара апранулі Данілу ў чырвоную вопратку і ўзлажылі на ягоную шыю залаты ланцуг і абвесьцілі яго трэцім валадаром у каралеўстве.

30 У тую-ж ноч Бальтазар, кароль халдэйскі, быў забіты

31 і Дары мідзянін прыняў каралеўства, маючы шэсьцьдзесят два гады.

 

Разьдзел 6

1 Спадабалася каралю Дарыю ўстанавіць над каралеўствам сто дваццаць намесьнікаў, каб яны былі ў усім каралеўстве,

2 а над імі трох князёў, з якіх адзін быў Даніла, каб намесьнікі давалі ім справаздачу, каб каралю ня было ніякай шкоды.

3 Даніла пераважаў гэных князёў і намесьнікаў, бо ў ім быў высокі дух і кароль думаў ужо ўстанавіць яго над цэлым каралеўствам.

4 Тады князі і намесьнікі пачалі шукаць прычыны абвінавачаньня супроць Данілы ў справах кіраваньня каралеўствам, аднак не маглі знайсьці прычыны, ані заганы, бо ён быў верным і ніякай заганы, ані віны ня было ў ім.

5 І сказалі гэтыя людзі: – не знайсьці нам прычыны супроць Данілы, хіба-што знойдзем супроць яго ў законе ягонага Бога.

6 Тады гэныя князі і намесьнікі прыйшлі да караля і сказалі яму: – кароль Дары, жыві вечна!

7 Усе князі каралеўства, намесьнікі, райцы і гэтманы нарадзілі, каб была зробленая каралеўская пастанова і выданы загад, каб кожны, хто на працягу дваццацёх дзён будзе прасіць якога-небудзь Бога ці чалавека, апрача цябе, – быў укінуты ў роў са львамі.

8 Дык зацьвердзь, кароль, гэтую пастанову і пісьмова апавесьці яе, каб яна ня была зьмененая, як закон Мідыйскі і Пэрскі, якія не зьмяняюцца.

9 Кароль Дары апавесьціў пісьмова гэтую пастанову.

10 Даніла, даведаўшыся, што падпісаны такі загад пайшоў у дом свой; вокны-ж у ягоным пакоі былі адчынены супроць Ерусаліму і ён тры разы ў дзень ставаў на калены і маліўся свайму Богу і славіў яго, як меў звычай рабіць раней.

11 Тады гэныя людзі падглядзелі і, знайшоўшы Данілу на малітве і просячага свайго Бога,

12 потым прыйшлі і сказалі каралю аб каралеўскім загадзе: – Ці-ж ня ты выдаў загад, каб кожны чалавек, які на працягу трыццацёх дзён будзе прасіць якога-небудзь бога ці чалавека, апрача цябе, быў укінуты ў роў са львамі? Кароль адказаў і сказаў: – запраўды так паводле Мідыйскага і Пэрскага права, якое не адмяняецца.

13 Тады, адказываючы, сказалі каралю, што: – Даніла, што з палонных сыноў Юдэйскіх, не зварочывае ўвагі на цябе, кароль, ні на загад падпісаны табою, але тры разы ў дзень моліцца сваймі малітвамі.

14 Кароль пачуўшы гэта вельмі засумаваў і пастанавіў у сэрцы сваім уратаваць Данілу і аж да заходу сонца стараўся вызваліць яго.

15 Тыя-ж прыступілі аднак да караля і сказалі яму: – ведай кароль, што паводле Мідыйскага і Пэрскага права ніякае вырашэньне ці пастанова, зацьверджаная каралём, ня можа быць зьмененым.

16 Тады кароль загадаў, каб прывялі Данілу і ўкінулі ў роў са львамі, пры гэтым кароль сказаў Даніле: – Бог твой, якому ты ўсьцяж служыш выратуе цябе.

17 Тады прынесены быў камень і паложаны на атворыну гэтага рову і кароль запячатаў яго сваім пярсьцёнкам, каб ня было зьмененае распараджэньне аб Даніле.

18 Затым кароль пайшоў у свой палац, лёг спаць бяз вячэры, забараніў уносіць да яго ежу і сон адбег ад яго.

19 Раніцою-ж устаў кароль а сьвеце і пасьпешна пайшоў да рову з львамі

20 і, падыйшоўшы да рову, жалезным голасам клікнуў Данілу і сказаў: – Даніла, слуга Бога жывога! Бог твой, якому ты ўсьцяж служыш, ці мог збавіць цябе ад львоў?

21 Тады Даніла сказаў каралю: – кароль, жыві вечна!

22 Бог мой паслаў свайго агнела і зачыніў пашчы ільвм і яны не пашкодзілі мне, бо я аказаўся перад ім чыстым, ды і перад табою я не зрабіў нічога благога.

23 Тады кароль вельмі ўсьцешыўся з гэтага і загадаў выцягнуць Данілу з рову і быў Даніла выцягнуты з рову і не аказалася на ім ніякага пашкоджаньня, бо ён верыў у Бога свайго.

24 І загадаў кароль, каб прывялі тых людзей, якія абвінавачылі Данілу і кінулі ў роў са львамі іх і дзяцей іхных і жонак іхных, і не дасягнулі яны яшчэ дна рову, як львы кінуліся на іх і пакрышылі іх косьці.

25 Пасьля гэтага кароль Дары напісаў усім народам, плямёнам і языком, жывучым на ўсёй зямлі: – няхай павялічыцца ваш мір.

26 Выдаецца мною загад, каб у кожнай акрузе майго каралеўства дрыжэлі і баяліся Бога Данілы, бо Ён ёсьць Бог жывы і вечна трываючы і каралеўства Ягонае і ўлада бязконцая.

27 Ён выбаўляе і ратуе і робіць цуды і знакі на небе і на зямлі, Ён выбавіў Данілу з моцы львоў.

28 А Даніле шчасьліва паводзілся і за часу панаваньня Дарыя і за панаваньня Кіра Пэрскага.

 

Разьдзел 7

1 У першы год Бальтазара, караля Бабілёнскага, Даніла бачыў сон і прарочыя відзежы на ложы сваім. Тады запісаў ён сон, вылажыўшы сутнасьць справы.

2 Гаворачы, Даніла сказаў: – бачыў я ў начной відзежы маёй – вось чатыры вятры нябесныя змагаліся на вялікім моры

3 і чатыры вялікія зьвяры выйшлі з мора, непадобныя адзін на аднаго.

4 Першы, як леў, але ў яго арлінныя крылы; я глядзеў пакуль ня былі ў яго вырваныя крылы і быў ён узьняты ад зямлі і стаў на ногі, як чалавек, і сэрца чалавечае дано было яму.

5 Потым яшчэ зьвер другі, падобны да мядзьведзя, стаяў з аднэй стараны і тры іколы ў роце яго, паміж зубамі яго. І гаварылі да яго: – устань, нажарыся досыць мяса.

6 Затым бачыў я – вось яшчэ зьвер, як леапард; на сьпіне ў яго чатыры птушыных крылы і чатыры галавы было ў гэтага зьвера і дана была яму ўлада.

7 Пасьля бачыў я ў начных відзежах, – вось зьвер чацьверты, страшны і вельмі моцны; у яго вялікія зялезныя зубы; ён жор і крышыў, а астачу таптаў нагамі. Ён рожны быў ад усіх іншых зьвяроў і было ў яго дзесяць рагоў.

8 Я глядзеў на гэтыя рогі і вось выйшаў паміж імі меншы рог і тры з ранейшых рагоў былі зломленыя перад ім і вось у гэтым розе былі вочы, падобныя вачом чалавечым і вусны, якія гаварылі гордыя словы.

9 Бачыў я нарэшце, што пастаўленыя былі пасады і сеў Старавечны; вопратка на ім была белая, як сьнег і валасы галавы яго, як чыстая воўна; пасад яго, як полымя вагністае, а колы яго, як палымеючы вагонь.

10 Вагністая рака выплывала і праходзіла перад Ім; тысяча тысячаў служыла Яму, а дзесяць тысячаў тысяч стаяла перад Ім; суд сеў і адчыніліся кнігі.

11 Бачыў я тады, што за гордыя словы, якія гаварыў рог, зьвер быў на вачох маіх забіты і цела ягонае было зьнішчанае і адданае на спаленьне вагнём.

12 І ў іншых зьвяроў была адабраная іх улада і час іхняга жыцьця быў ім даны да часу, да азначанага часу.

13 Бачыў я ў начных відзежах, вось з хмарамі нябеснымі йшоў падобны да Сына чалавечага, дайшоў да Старавечнага і быў падведзены да Яго.

14 І была Яму даная ўлада, слава і каралеўства, каб усе народы, плямёны і языкі служылі Яму; валадарства Яго – валадарства вечнае, якое не міне і каралеўства Ягонае не зруйнуецца.

15 Устрывожыўся дух мой, у мяне – Даніле і відзеж галавы маёй спужала мяне.

16 Тады я падыйшоў да аднаго з стоячых там і спытаўся яго аб значаньні ўсяго і вытлумачыў мне значаньне сказанага:

17 гэтыя вялікія зьвяры, якіх чатыры, гэта чатыры каралі, якія паўстануць з зямлі.

18 Яны прымуць каралеўства сьвятых найвышэйшых месцаў і будуць валодаць каралеўствам на векі вякоў.

19 Тады захацеў я мець вытлумачэньне аб чацьвертым зьверы, які быў іншы ад усіх і вельмі страшны, з зялезнымі зубамі і меднымі кіпцюрамі; які жор і крышыў, а астачы таптаў нагамі.

20 Таксама аб дзесяцёх рагох, якія былі ў яго на галаве і аб апошнім, перад якім выпалі тры, – аб тым самым розе, у якога былі вочы і вусны, якія гаварылі гордыя словы і які па выгляду зрабіўся большы ад іншых.

21 Я бачыў, як гэны рог змагаўся са сьвятымі і перамагаў іх,

22 пакуль не прыйшоў Старавечны і даны быў суд сьвятым найвышэйшых месцаў і наступіў час, каб гэтае каралеўства атрымалі сьвятыя.

23 Аб гэтым ён сказаў: – чацьверты зьвер – чацьвертае каралеўства будзе на зямлі, іншае ад усіх іншых каралеўстваў, якое будзе жорці ўсю зямлю, таптаць і крышыць яе.

24 А дзесяць рагоў значаць, што з гэнага каралеўства паўстане дзесяць каралёў і пасьля іх паўстане іншы, рожны ад папярэдніх і зьнішчыць трох каралёў.

25 І будзе гаварыць словы супроць Найвышэйшага і прыгнятаць сьвятых Найвышэйшага; нават уздумае адмяніць у іх часы і законы і яны будуць пераданыя ў руку яго аж да часу і часоў і поў часу.

26 Потым засядзе суд і адбярэ ў яго ўладу губіць і нішчыць да канца,

27 каралеўства-ж і ўлада і каралеўская веліч у ўсім паднеб’і данае будзе народу сьвятых Найвышэйшага, каралеўства Якога – каралеўства вечнае і ўсе валадары будуць служыць і слухаць Яго.

28 Цяпер канец слова. Мяне, Данілу, вельмі ўстрывожылі думкі мае і твар мой зьмяніўся на мне, але слова я захаваў у сэрцы маім.

 

Разьдзел 8

1 У трэці год панаваньня караля Бальтазара паказалася мне, Даніле, відзеж, пасьля тае, якая паказалася мне раней.

2 І бачыў я ў відзежы, а калі бачыў, быў я ў Сузан, галоўным горадзе ў Эламскай акрузе, – і бачыў я ў відзежы, як-бы быў я каля ракі Улай.

3 Узьняў я вочы мае і пабачыў: вось адзін баран стаіць каля ракі; у яго два рагі, а гэныя два рагі былі высокія, а адзін як-бы вышэйшы ад другога, а вышэйшы вырас пазьней.

4 Бачыў я, як гэны баран бадаў на захад і на поўнач і на поўдзень і ніякі зьвер ня мог яму супроцьстаяць і ніхто ня мог уратаваць ад яго; ён рабіў, што хацеў і стаўся вялікім.

5 Я ўважна глядзеў на гэта і вось з захаду йшоў казёл па абліччы ўсёй зямлі, не датыкаючы зямлі: у гэтага казла быў рог паміж ягонымі вачыма.

6 Ён пайшоў на таго барана, які меў рогі і якога я бачыў стоячага каля ракі і кінуўся на яго ў вялікай злосьці сваёй.

7 Бачыў я, як ён, наблізіўшыся да барана, раз’ярыўся на яго і ўдарыў барана і зламаў у яго абодвы рагі, і ня было ў барана сілы супроцьстаяць і кінуў яго на зямлю і патаптаў яго і ня было нікога, хто-б мог выратаваць барана з ягонай моцы.

8 Тады казёл вельмі ўзьвялічыўся, але калі ён узмацаваўся, дык зламаўся вялікі рог і на ягонае месца выйшлі чатыры, скіраваныя ў староны чатырох нябесных вятроў.

9 З аднаго з іх выйшаў невялікі рог, які вельмі вырас на поўдзень і на ўсход і да прыгожай краіны,

10 і вырас аж да нябеснага войска і скінуў з гэнага войска і зораў частку на зямлю і патаптаў іх.

11 Ён узьняўся, нават, да гэтмана гэтага войска і аднятая была ў Яго штодзённая ахвяра і закінута было месца Ягонай сьвятыні.

12 Таксама і гэнае войска пераданае было разам з штодзённай ахвярай за несправядлівасьць і ён, кідаючы праўду на зямлю, дзеяў і шчасьцілася яму.

13 І пачуў я аднаго сьвятога гаворачага і сказаў гэты сьвяты некаму, які пытаўся: – колькі часоў абымае гэтая відзеж аб штодзённай ахвяры і аб апусташаючай несправядлівасьці, калі сьвятыя і войска будуць патаптаныя?

14 І сказаў мне: – дзьве тысячы трыста вечароў і раніцаў і тады сьвятыня ачысьціцца.

15 А калі я, Даніла, глядзеў на гэтую відзеж і шукаў ейнай разгадкі, тады стаў каля мяне, на выгляд, як муж.

16 І пачуў я голас чалавечы з Улаю, які, клікнуўшы, сказаў: – Гаўрыла, вытлумач яму гэтую відзеж.

17 І ён падыйшоў да месца, дзе я стаяў і калі ён падыйшоў спужаўся я і ўпаў на аблічча маё і сказаў ён мне: – ведай, сын чалавечы, што відзеж у азначаным часе выпаўніцца.

18 І калі ён гаварыў са мною, я ляжаў бяз чуцьця на зямлі, але ён дакрануўся да мяне і паставіў мяне на месца маё

19 і сказаў: – вось я адчыняю табе, што будзе ў апошнія дні гневу, бо будзе канец азначанага часу.

20 Баран, якога ты бачыў, з двума рагамі – гэта каралі: Мідыйскі і Пэрскі.

21 А гэны касматы казёл – гэта кароль Грэцкі, а вялікі рог паміж ягонымі вачыма, гэта першы кароль;

22 ён зламаўся і замест яго выйшлі чатыры рагі, гэта чатыры каралеўствы паўстануць з гэтага народу, але не з ягонай сілай.

23 А пры канцы іхнага каралеўства, калі злачынцы выпаўняць злачынствы свае, устане кароль безсаромны і хітры;

24 і ўзмоцніцца ягоная сіла, хаця і не ягонай сілай, і ён будзе рабіць вялікія спусташэньні і будзе яму паводзіцца і дзеяць і губіць моцных і народ сьвятых.

25 А пры ягоным розуме і хітрасьці будзе мець посьпех у руцэ яго і сэрцам сваім ён узвысіцца і ў мірны час шмат іх зьнішчыць і паўстане супроць Валадара валадароў, але будзе скрышаны – ня рукою.

26 Відзеж жа аб вечары і раніцы, аб якім сказана – сама праўда, але ты схавай гэную відзеж, бо спраўдзіцца за шмат часоў.

27 Тады я, Даніла, самлеў і хварэў некалькі дзён, потым устаў і займаўся каралеўскімі справамі і зьдзіўлены быў гэнай відзежай, аднак гэтага ніхто ня бачыў.

 

Разьдзел 9

1 У першы год Дарыя, сына Асвэравага, з Мідыйскага роду, які быў устаноўлены каралём над халдэйскім каралеўствам,

2 у першы год ягонага панаваньня, я, Даніла, зразумеў з кнігаў лічбу гадоў, аб якіх было слова Госпада да Ярэмы прарока, што семдзесят гадоў пройдзе над спусташэньнем Ерусаліму.

3 І зьвярнуў я маё аблічча да Госпада Бога з малітваю і мальбою, у посьце, ў зрэб’і і попеле.

4 і маліўся я Госпаду майму і вызнаючыся сказаў: – прашу Цябе, Госпадзе Божа, вялікі і дзіўны, які сьцеражэ запавет і ласку любячых Цябе і хаваючых Твае наказы.

5 Зграшылі мы і паступалі несправядліва і дзеялі бязбожна і супраціўляліся і адступалі ад запаветаў Тваіх і ад пастановаў Тваіх

6 і ня слухалі слугаў Тваіх, прарокаў, якія ад Твайго імя гаварылі нашым каралём і князём нашым і бацьком нашым і ўсяму народу зямлі.

7 У Цябе, Божа, праўда, а ў нас на тварах сорам, як гэта дзеецца сягоньня кожнаму Юдэю, жыхаром Ерусаліму і ўсяго Ізраіля; у блізкіх і далёкіх, у ўсіх краёх, куды ты выгнаў іх за злачынствы іх, якімі выступілі супроць Цябе.

8 Божа! У нас на тварах сорам, у каралёў нашых, у князёў нашых і ў бацькоў нашых, бо мы зграшылі перад Табою.

9 А ў Госпада Бога нашага міласэрдзьдзе і дараваньне, бо мы збунтаваліся супроць Яго,

10 і ня слухалі голасу Госпада Бога нашага, каб паступаць згодна з Ягонымі законамі, якія Ён даў нам праз слугаў Сваіх прарокаў.

11 І ўвесь Ізраіль парушыў закон Твой і адвярнуўся, каб ня слухаць Твайго голасу і за гэта вылілася на нас зласлоў’е і праклён, напісаныя ў законе Масея, слугі Божага, бо мы зграшылі перад Ім

12 І Ён споўніў словы свае, якія гаварыў супроць нас і супроць судзьдзяў нашых, якія судзілі нас і прывялі на нас вялікае зло, якога ня было пад нябёсамі і якое сталася ў Ерусаліме.

13 Як напісана ў законе Масея, так уся гэтая бяда прыйшла на нас, але мы не прасілі Госпада Бога нашага, каб нам адвярнуцца ад несправядлівасьцяў нашых і зразумець Тваю праўду.

14 Не адвалакаў Гаспод гэтай бяды і навёў яе на нас, бо справядлівы Гаспод Бог наш у ўсіх справах Сваіх, якія робіць, але мы ня слухалі Ягонага голасу.

15 І цяпер Госпад Бог наш, вывеўшы народ Твой з зямлі Эгіпскай моцнай рукою і паказаўшы славу Тваю, як гэты дзень! Зграшылі мы, паступалі бязбожна.

16 О Госпад, паводле ўсёй праўды Тваёй, няхай адвернецца гнеў Твой, абурэньне Тваё ад гораду Твайго Ерусаліму, ад сьвятой Тваёй гары, бо за грахі нашыя і за бязпраў’і бацькоў нашых, Ерусалім і народ Твой у ганьбе ў усіх, якія навокал нас.

17 І цяпер пачуй, Божа наш, малітву слугі Твайго і просьбу яго і раз’ясьні аблічча Тваё на спустошаную сьвятарню Тваю, дзеля Цябе, Госпад.

18 Схілі, Божа мой, вуха Тваё, адчыні вочы Твае на нашыя просьбы і на горад, які названы ад імені Твайго, бо мы складаем малітвы нашыя перад Табою, паклаўшы надзею не на справядлівасьць нашую, але на вялікае Тваё міласэрдзьдзе.

19 Божа, пачуй! Божа, даруй! Божа, пабач і зрабі; не адвалакай дзеля Цябе самога, Божа мой, бо ад Твайго імені названы і горад і народ Твой.

20 І калі я яшчэ гаварыў і маліўся і вызнаваў грахі мае і грахі народу майго Ізраіля і складаў просьбы перад Госпадам, Богам маім, аб сьвятой гары Бога майго;

21 калі я яшчэ маліўся, муж Гаўрыла, якога я бачыў у відзежы на пачатку, хутка лецючы, дакрануўся да мяне, каля часу вячорнай ахвяры

22 і выясьняючы гаварыў са мною і сказаў: – Даніла, цяпер я прыйшоў, каб навучыць цябе разуменьня.

23 На пачатку тваіх малітваў выйшла слова і я прыйшоў аб’весьціць, бо ты вельмі прыемны, дык унікні ў словы і зразумей відзеж.

24 Семдзесят тыдняў азначана для твайго народу і сьвятога твайго гораду на скасаваньне злачынстваў і сканчэньне грахоў, ачышчэньне бязпраў’я і каб была прыведзеная вечная справядлівасьць і запячатаныя былі відзежы і прароцтвы і памазаны быў Сьвяты сьвятых.

25 Дык ведай і разумей: з таго часу, як выйдзе загад аб узнаўленьні Ерусаліму, да мэсыі правадыра пройдзе шэсьцьдзесятдва тыдні; калі ізноў будзе збудаваная вуліца і муры, але ў цяжкія часы.

26 А пасьля зыходу шэсьцідзесяцёх двох тыдняў мэсыя будзе забіты, ня будзе, а горад і сьвятаркі будуць зруйнаваныя народам будучага правадыра, так што канец яго будзе з паводкаю і аж да канца вайны будуць спусташэньні.

27 І пацьвердзіць запавет для многіх у апошнія тыдні, а ў палове тыдня спыніцца ахвяра і прынашэньне і на частцы будынку будзе агіда пусташы і аканчальная, раней прызначаная згуба спаткае пусташыцеля.

 

Разьдзел 10

1 У трэці год Кіра, караля Пэрскага, было слова Даніле, які быў названы імём Бальтазара, і праўдзівае было гэтае слова і вялікай сілы. І зразумеў ён слова, бо ўзяў разуменьне з відзежы.

2 У тыя дні, я Даніла, быў сумны тры тыдні дзён.

3 Я ня еў смачнога хлеба, мяса і віно не ўваходзілі ў мае вусны, і алеям я ня мазаўся, пакуль не прайшло тры тыдні дзён.

4 А на дваццацьчацьверты дзень першага месяца быў я на беразе вялікай ракі – Тыгру

5 і ўзьняў вочы мае і пабачыў – вось нейкі муж апранены ў ільняную вопратку, а бёдры ягоныя апаясаныя золатам з Уфазу;

6 цела ягонае было, як топаз, твар ягоны выглядаў, як маланка, вочы ягоныя, як запаленыя паходні, рукі і ногі ягоныя, на выгляд,а як блыскучая медзь, а голас словаў ягоных, як голас многіх людзёў.

7 Толькі адзін я, Даніла, бачыў гэтую відзеж, а людзі, што былі са мною ня бачылі гэтай відзежы, але напаў на іх вялікі страх і яны паўцякалі і пахаваліся,

8 а я застаўся адзін і глядзеў на гэтую вялікую відзеж, але ня засталося ў мяне сілы і выгляд твару майго зьмяніўся і ня меў я сьмеласьці.

9 Тады пачуў я голас ягоных словаў і як толькі пачуў я голас ягоных словаў, заснуў я цьвёрда на твары сваёй і ляжаў тварам да зямлі,

10 але вось дакранулася да мяне рука і паставіла мяне на калены мае і на далоні рук маіх.

11 І сказаў ён мне: – Даніла, вельмі прыемны муж, уважай на словы мае, якія я скажу табе і стой на месцы тваім, бо цяпер я пасланы да цябе. – Калі ён сказаў мне гэтыя словы, я дрыжучы ўстаў.

12 Але ён сказаў мне: – ня бойся, Даніла, з першага дня, як ты скіраваў сэрца тваё, каб дасягнуць разуменьня і ўпакорыўся перад Богам тваім, словы твае пачутыя і я прыйшоў дзеля словаў тваіх,

13 але князь Пэрскага каралеўства стаяў супроць мяне дваццаць адзін дзень, пакуль Міхал, адзін з першых князёў, прыйшоў памагчы мне і я застаўся там пры Пэрскіх каралёх.

14 А цяпер я прыйшоў апавесьціць табе, што будзе з народам тваім у апошнія дні, бо відзеж адносіцца да далёкіх дзён.

15 Калі ён гаварыў мне тыя словы я апусьціў твар да зямлі і зьнямеў.

16 Але вось нехта, на выгляд падобны да сыноў чалавечых, дакрануўся вуснаў маіх і я адчыніў вусны мае, пачаў гаварыць і сказаў стоячаму перада мною: – валадару мой, ад гэтае відзежы павярнулася ў мяне нутро і ян стала ў мяне сілы.

17 Як-жа можа гаварыць слуга такога валадара з такім валадаром маім, бо няма ў мяне сілы і дыханьне замерла ў мяне.

18 Тады ізноў дакрануўся да мяне той, падобны да чалавека і ўзмацаваў мяне

19 і сказаў: – ня бойся, вельмі прымны муж, мір табе; узмацуйся, ўзмацуйся. І калі ён гаварыў са мною я ўзмацаваўся і сказаў: – гавары, валадару мой, бо ты ўзмацаваў мяне.

20 І ён сказаў: – ці ведаеш па што я прыйшоў да цябе? Цяпер я вярнуся, каб змагацца з князем Пэрскім, а калі я выйду, дык прыйдзе князь Грэцкі.

21 Аднак я абвешчу табе, што напісана ў пісьме праўды, але ані воднага няма, які-б мужна стаяў пры мне, апрача Міхала, нашага князя.

 

Разьдзел 11

1 Гэтак з першага году Дарыя Мідыйскага я стаўся яму падпорай і ўзмацаваньнем.

2 Цяпер я абвешчу табе праўду: вось яшчэ тры каралі будуць панаваць у Пэрсыі, потым чацьверты перавысіць усіх вялікім багацьцем і калі ўзмоцніцца ў багацьці сваім, дык узьніме ўсіх супроць каралеўства Грэцыі.

3 І паўстане магутны кароль, які будзе панаваць з вялікай уладай і будзе дзеяць паводле сваёй волі.

4 А калі ён узмоцніцца, будзе зьнішчанае ягонае каралеўства і будзе разьдзеленае на чатыры староны сьвету і пяройдзе не да ягоных нашчадкаў і ня з тэй уладаю, з якой ён панаваў, бо будзе падзеленае ягонае каралеўства і дастанецца іншым, апрача гэтых.

5 Тады ўзмоцніцца кароль з паўдня і адзін з ягоных князёў пераможа яго і будзе панаваць і дзяржава ягоная будзе вялікая.

6 Але праз некалькі гадоў яны злучацца і дачка паўдзённага караля прыйдзе да паўночнага караля, каб зрабіць саюз, але яна не ўтрымае сілы ў сваіх рукох, не ўтрымаецца і род яе, але будзе выданая яна і тыя, якія яе прывядуць і сын яе і той, хто ёй памагаў у тыя часы.

7 Потым паўстане парастак ад карэньня яе, прыйдзе да войска і ўвойдзе ў абаронныя месцы паўночнага караля і будзе дзеяць у іх і ўзмоцніцца;

8 нават і багоў іх з князямі іх з іх дарагімі начыньнямі, залатымі і серабранымі, завязе ў няволю ў Эгіпет і на некалькі гадоў будзе бязьпечная ад паўночнага караля,

9 хаця гэты і зробіць напад на каралеўства паўдзённага караля, але вернецца ў сваю зямлю.

10 Потым узброяцца ягоныя сыны і зьбяруць вялізарнае войска і адзін з іх пойдзе хутка, як паводка, потым вяртаючыся будзе змагацца з ім да ўзмацаваньня яго.

11 І разазлуецца паўдзённы кароль і выступіць і будзе змагацца з ім, з паўночным каралём і прыгатуе вялікае войска і будзе войска пярэданае ў ягоныя рукі.

12 І падбадзёрыцца войска і ўзьнімаецца сэрца, хаця пераможа шмат тысячаў, аднак не ўзмоцніцца,

13 бо паўночны кароль вернецца і выставіць вялікае войска і праз некалькі гадоў хутка прыйдзе з вялікім войскам і вялікім багацьцем.

14 У тыя часы многія паўстануць супроць паўдзённага караля і бунтарныя з сыноў твайго народу ўздымуцца, каб споўнілася відзеж і ўпадуць.

15 Бо прыйдзе паўночны кароль, насыпець валы і завалодае абаронным горадам і рукі паўдня не ўтрымаюцца, ані выбраныя войскі ня будуць мець сілы для адпору.

16 І хто выйдзе да яго, будзе дзеяць паводле ягонай волі і ніхто не ўтрымаецца перад ім і на слаўнай зямлі паставіць свой лягер і яна пацерпіць ад ягонай рукі.

17 Потым будзе мець намер увайсьці ў усімі сіламі свайго каралеўства і справядлівыя з ім і выканае гэта, бо дасьць яму прыгожую дачку на згубу, але гэты намер не ўдасцца і ня будзе яму карысьці з гэтага.

18 Потым зьверне твар свой да выспаў і завалодае многімі, але нейкі правадыр спыніць ганьбу і нават сваю ганьбу аберне на яго.

19 Тады зьверне твар свой на ўмацаваньні сваёй зямлі, але паткнецца і ўпадзі і ня стане яго.

20 На ягонае месца паўстане нехта, які пашле зьбіральніка падаткаў, прайсьці па каралеўству славы, але і ён пасьля нямногіх дзён згіне і не ад паўстаньня і не ў бойцы.

21 Потым паўстане на ягонае месца пагарджаны, хаця не адзенецца яму каралеўскіх аздобаў, але прыйшоўшы ў міры атрымае каралеўства пахлебствам,

22 і затапляючыя войскі будуць затопленыя і скрышаныя ім, таксама і правадыр, які з ім заключыў саюз.

23 Бо заключыўшы з ім саюз ён будзе дзеяць ашуканствам і прыйшоўшы пераможа з малым народам.

24 Ён увойдзе ў найбагацейшыя і бязьпечныя месцы краіны і зробіць тое, чаго не рабілі ягоныя бацькі і бацькі ягоных бацькоў; дабычу, награбленую маемасьць і багацьце будзе дзяліць сваім і нават будзе думаць аб абаронных месцах, але толькі да часу.

25 Потым узбудзіць сілы свае і сэрца сваё з шматлікім войскам супроць паўдзённага караля і паўдзённы кароль выйдзе на вайну з вялікім і яшчэ мацнейшым войскам, але не ўтрымаецца, бо супроць яго будзе здрада.

26 Нават тыя, што елі хлеб яго, згубяць яго, калі ягонае войска разальеца, як паводка і ляжа шмат забітых.

27 Тады абодва каралі будуць думаць у сэрцы сваім, як бы зашкодзіць адзін другому і за адным сталом будуць гаварыць ману, але ім ня ўдаецца, бо канец будзе яшчэ адложаны на іншы час.

28 І вернецца ў зямлю сваю з вялікім багацьцем і варожым намерам супроць сьвятога саюза і ён споўніць яго і вернецца ў сваю зямлю.

29 А ў азначаны час ізноў пойдзе ён на поўдзень, але ня будзе яму паводжаньня, такога, як раней,

30 бо ў адзін час з ім прыбудуць караблі з Кітым і ён упадзе духам, вернецца і разгневаецца на сьвяты саюз і выканае свой намер і ізноў паразумеецца з тымі, які пакінулі сьвяты саюз.

31 І будуць стаяць пры ім вялікія войскі, якія зганьбяць сьвятарню і зьнішчаць абароннае месца і спыняць штодзёную ахвяру і паставіць агіду спусташэньня.

32 Тых, якія бязбожна паступалі супроць сьвятога саюза ён прыцягне да сябе пахлебствам, але людзі, якія знаюць свайго Бога ўзмоцняцца і будуць дзеяць.

33 Затым тыя, што вучаць народ, якія вучаць шмат каго, будуць падаць ад мяча і вагню, ад палону і грабежу

34 і ў часе паданьня будуць мець нейкую дапамогу, бо многія, хаця няшчыра, далучацца да іх.

35 З тых, якія вучаць іншых, будуць падаць для выпрабаваньня іх і ачышчэньня і выбяленьня на апошні час, бо ёсьць яшчэ час да азначанага часу.

36 І будзе рабіць кароль той паводле сваёй волі і ўзьнімецца і ўзьвялічыцца вышэй усякага бога і будзе гаварыць блюзьнерствы супроць Бога багоў і будзе мець посьпех, пакуль ня выканаецца гнеў, бо тое, што празначана – споўніцца.

37 І аб багох бацькоў сваіх ён не падумае, ані аб каханьні жанчынаў, ані аб ніякім бозе, бо ўзьвялічыць сябе больш усіх.

38 А на месца наймацнейшага Бога будзе шанаваць бога, якога ня ведалі ягоныя бацькі. Ён будзе шанаваць золатам і серабром і дарагімі каменьнямі і рожнымі дарагімі рэчамі,

39 і зробіць цьвярдыню чужым багом, якія прызнаюць яго: тым павялічыць пашану і дасьць уладу над многімі і раздасьць у ўзнагароду зямлю.

40 Пры канцы-ж часу будзе з ім змагацца кароль з паўдня і паўночы кароль прыйдзе, як бура на яго, з вазамі, ездакамі, шматлікімі караблямі і нападзе на зямлю, як паводка і пройдзе праз яе.

41 І ўвойдзе ён у прыгожую зямлю і многія акругі пацерпяць і збавіцца ад ягонай рукі толькі Эдом, Мааб і большасьць сыноў Амонавых.

42 І працягне руку сваю на рожныя краіны; ня збавіцца і зямля Эгіпская,

43 бо завалодае ён скарбамі золата і серабра і рожнымі дарагімі рэчамі Эгіпту; Лібійцы і Этыопы пойдуць за ім.

44 Чуткі аднак з усходу і поўначы спужаюць яго і выйдзе ён з вялікай ярасьцяй, каб нішчыць і губіць многіх,

45 і раскіне ён палаткі палацу свайго між морам і гарою слаўнай сьвятарні, але прыйдзе да свайго канца і ніхто яму не дапаможа.

 

Разьдзел 12

1 У гэтым часе паўстане Міхал, вялікі князь, які стаіць за сыноў твайго народу і наступіць цяжкі час, якога ня было з тае пары, як існуюць людзі, да гэтага часу, але збавяцца ў той час з твайго народу ўсе, якія знойдзеныя запісанымі ў кнізе.

2 Многія з тых, што сьпяць у пыле зямлі абудзяцца; адны для вечнага жыцьця, а другія на вечную пагарду і ганьбу.

3 Тыя-ж, што вучаць іншых, будуць зьзяць, як сьвет на небе, а тыя, што многіх прывялі да праўды – як зоркі – назаўсёды.

4 Але ты, Даніла, схавай гэтыя словы і запячатай гэтую кнігу, аж да азначанага часу, бо многа яго пройдзе і памножыцца веда.

5 Тады я, Даніла, пагледзеў і вось стаяць ішыя два, адзін на гэтым беразе ракі, другі на тым беразе ракі.

6 І сказаў да мужа апраненага ў ільняную вопратку, што стаяў над вадою той ракі: – калі-ж будзе канец гэтых дзіўных рэчаў?

7 І чуў я, як муж у ільняной вопратцы, што стаяў над вадой тае ракі ўзьняў правую і левую руку да неба і кляўся жывучым на векі, што пасьля азначанага часу і па азначаных часох і па палове часу і калі дарэшты аслабее сіла народу сьвятога, усё гэтае здарыцца.

8 Я чуў гэтае, аднак не зразумеў і дзеля гэтага сказаў: – валадару мой, што-ж будзе пасьля гэтага?

9 І адказаў ён: – ідзі Даніла, бо схаваныя і запячатаныя гэтыя словы аж да азначанага часу.

10 Шмат будзе ачышчаных і выбеленых і пераплаўленых, а бязбожныя будуць рабіць бязбожна і не зразумее гэтага ніхто з бязбожных, а мудрыя зразумеюць.

11 Ад часу, калі будзе спыненая штодзённая ахвяра і пастаўлена агіда спусташэньня, пройдзе тысяча двесьце дзевяцьдзесят дзён.

12 Шчасьлівы, хто чакае і дойдзе тысячы трохсот трыццаці пяцёх дзён.

13 А ты ідзі да свайго канца і адпачнеш і ўстанеш для атрыманьня твайго лёсу ў канцы дзён.

 

 

Кніга прарока Міхея

 

 

Разьдзел 1

1 Слова Госпада, што было да Міхея Морастытца, за часоў Ёатама, Ахаза і Езекіі, каралёў Юдэйскіх, у якім адчынена яму было аб Самарыі і Ерусаліме.

2 Слухайце ўсе народы, няхай слухае зямля і ўсё, што на ёй ёсьць, і няхай будзе Гаспод Бог сьветкаю супраць вас, Гаспод са сьвятое Сваёй сьвятыні.

3 Бо вось Гаспод выйдзе са Свайго месца і, зыйшоўшы, будзе хадзіць па вышынях зямлі.

4 І расплывуцца пад Ім горы, даліны распадуцца, як восы ад вагня, як воды, што ліюцца з гары.

5 Усё гэта станецца за бязбожнасьць Якуба і за грахі Ізраільскага дому. Адуль-жа бязбожнасьць Якуба? Ці-ж не з Самарыі? Хто зрабіў вышыні ў Юдэі? Ці-ж не Ерусалім?

6 За гэта зраблю Самарыю кучаю каменьня, якія бываюць у полі, каля вінаградніка; паскідаю ў даліну ейнае каменьне і адчыню ейны грунт.

7 І ўсе ейныя статуі будуць разбітыя, а ўсе яе дары – спаленыя вагнём, і зьнішчу ўсіх яе балваноў, бо з распуснай заплаты яна рабіла іх, дык на заплату распусты яны і будуць зужытыя.

8 Аб гэтым я буду плакаць і галасіць, ходзячы аграблены і голы, выць, як шакал і плакаць, як маладыя страусяняты,

9 бо нявылечаныя яе раны, бо дайшлі аж да Юды і дасягнулі да брамаў майго народу, да Ерусаліму.

10 Не абвяшчайце аб гэтым у Гет і ня плачце гэтак голасна, але ў сялібе Офра пакрый сябе попелам.

11 Перасяляйцеся жыхаркі Шафіра, сорамна заголеныя; не ўцячэ і жывучая ў Цане, плач у сялібе Эпэль ня дасьць вам затрымацца ў ім.

12 Бядуе аб сваім дабры жыхарка Мароты, бо зыйшла бяда ад Госпада аж да брамы Ерусаліму.

13 Запрагай у воз хуткіх, жыхарка Лахысу, ты – пачатак граху дачкі Сыёну, бо ў цябе зьявіліся злачынствы Ізраіля.

14 Дзеля гэтага ты будзеш пасылаць дары ў Морошэт Гэт, але сялібы Ахзыва будуць ашуканствам для каралёў Ізраіля.

15 Яшчэ спадкаемцу прывяду да цябе, жыхарка Морэма. Прыйдзе аж да Одолам, славы Ізраіля.

16 Здымі з сябе валасы і абстрыгіся, сумуючы аб любімых сынох тваіх. Пашыр лысіну тваю, як ліняючы арол, бо яны будуць пераселеныя ад цябе.

 

Разьдзел 2

1 Гора тым, што выдумляюць несправядлівасьць і на ложах сваіх задумываюць благое і выкрываюць яго раніцою на сьвітаньні, бо гэта ў сіле іхных рук.

2 Захочуць палёў і адбіраюць іх сілаю; дамоў – і адбіраюць іх; абіраюць чалавека і ягоны дом, мужа і ягоную спадчыну.

3 Дзеля гэтага так гаворыць Гаспод: – вось надумаў Я навесьці на гэты род такое няшчасьце, з-пад якога вы ня выцягнеце вашых шыяў і ня будзеце хадзіць выпрастаўшыся, бо будзе благі час.

4 У той дзень паўстане аб вас прыказка і будуць плакаць горкім плачам, гаворачы: – мы зусім зруйнаваныя. Дзел майго народу адданы іншым, як вернецца ён да мяне. Палі нашыя ўжо надзеленыя іншым.

5 Дзеля гэтага ня будзе ў цябе нікога, хто кінуў-бы лёс для памеру, на сходзе перад Госпадам.

6 Не наракайце прарокі, не праракуйце ім, каб ня здарылася з вамі няшчасьце.

7 О народ, што называешся домам Якуба! Ці-ж зьменшыўся дух Госпада! Ці-ж такія ягоныя ўчынкі? Ці-ж ня добрыя мае словы для тых, хто паступае справядліва.

8 Народ-жа, што быў раней маім, паўстае, як вораг; маючы вопратку, здыме плашч у мірна праходзячых, што адварочваюцца ад вайны.

9 Жонкаў майго народу выганяеце з іх выгодных дамоў; ад іхных дзяцей вы назаўсёды адабралі маю славу.

10 Устаньце і адыдзеце, бо тут няма супачынку; згубіць вас нячыстасьць суровай загубай.

11 Калі нехта падае сябе прарокам і, гаворачы ману, кажа: – я буду праракаваць аб віне або моцным пітве, – дык ён і быў-бы прыемным прарокам для гэтага народу.

12 Абавязкова зьбяру ўсяго цябе, Якуб, абавязкова зьбяру астаткі Ізраіля, як авечак у Басоры, як у авечым загоне, зашумяць яны ад мнагалюдзтва.

13 Зыйдзе той, хто будзе пераломываць перад імі, пераломіць, увойдуць праз браму і выйдуць ёю, а кароль іх пойдзе перад імі, а на чале іх – Гаспод.

 

Разьдзел 3

1 І сказаў я: – слухайце, першыя ў Якуба і правадыры дому Ізраільскага: Ці-ж ня вам трэба ведаць праўду?

2 А вы ненавідзіце добрае, а любіце благое; зьдзіраеце з іх скуру і мяса іх з касьцёў іх;

3 Ясьцё мяса Майго народу і зьдзіраеце з іх скуру, а косьці іх ламаеце і дробіце, як-бы ў гаршчок, а мяса як-бы ў кацёл.

4 І будуць яны клікаць да Госпада, але Ён ня выслухае іх і закрые сваё аблічча ад іх на той час, як яны робяць благія ўчынкі.

5 Так гаворыць Гаспод аб тых прароках, якія ўводзяць у заблуд мой народ, якія, кусаючы зубамі, гавораць аб міры, а супроць таго, хто не кладзе ім нічога ў рот, абвяшчаюць вайну.

6 Дзеля гэтага ноч будзе вам замест бачаньня і цемра замест варажбы, бо зойдзе сонца гэтым прарокам, а дзень сьцямнее ім.

7 І будуць сароміцца прадбачлівыя, а варажбіты будуць засаромленыя і зачыняць усе яны свае вусны, бо ня будзе адказу ад Госпада.

8 Але я напоўнены сілы Духа Госпада, асуду і цьвёрдасьці, каб выказаць Якубу ягоныя злачынствы і Ізраілю – ягоны грэх.

9 Слухайце гэта, першыя дому Якуба і правадыры дому Ізраіля, што пагарджаеце справядлівасьцяй і выкрыўляеце ўсё простае,

10 што ствараеце Сыён крывёю і Ерусалім няпраўдаю.

11 Галовы ягоныя судзяць за падаркі і сьвятары ягоныя вучаць за заплату і ягоныя прарокі праракуюць за грошы, а між тым апіраюцца на Госпада, гаворачы: – Ці-ж не пасярод нас Гаспод? Не здарыцца з намі нічога благога.

12 Дзеля гэтага, за вас, будзе загараны, як поле Сыён і Ерусалім зробіцца кучаю руінаў, а гара Божага Дому будзе парослым лесам узгоркам.

 

Разьдзел 4

1 І будзе ў апошнія дні: гара дому Госпада будзе пастаўленай на чале гораў і ўзвысіцца над узгоркамі і паплывуць да яе народы.

2 І пойдуць шматлікія народы і скажуць: – прыйдзеце і ўзыдзем на гару Госпада і ў дом Бога Якубавага і будзе навучаць нас шляхоў сваіх і будзем хадзіць ягонымі сьцежкамі, бо з Сыёну выйдзе закон, а слова Госпада з Ерусаліму.

3 І будзе Ён судзіць многія народы і абвінавачыць многія плямёны ў далёкіх краінах; і перакуюць мячы свае на лемяшы і дзіды свае на сярпы; ня ўздыме народ на народ мяча і ня будзе больш вучыцца ваяваць,

4 але кожны будзе сядзець пад сваім вінаградам і пад сваім фігавым дрэвам і ня будзе нікога, хто-б іх спужаў, бо вусны Госпада Сабаота сказалі гэта.

5 Бо ўсе народы хадзіць будуць, кожны ў імя свайго бога, а мы будзем хадзіць у імя Госпада Бога нашага на вякі вякоў.

6 У той дзень, гаворыць Гаспод, зьбяру кульгаючае і зграмаджу выгнанае і тых, на каго я навёў бяду.

7 І дам кульгаючай нашчадкаў, а далёка выгнанае зраблю моцным народам і Гаспод будзе валадарыць над імі на гары Сыён, ад цяпер аж на векі.

8 А ты, вежа статку, узгорак дачкі Сыёну, ведай, што да цябе прыйдзе і вернецца ранейшае валадарства, каралеўства да дачок Ерусаліма.

9 Чаму-ж цяпер ты так моцна крычыш? Ці-ж у цябе няма караля? Ці-ж ня стала ў цябе райцаў, што схапілі цябе мукі, як родзячую.

10 Цярпі і мучайся больлю дачка Сыёну, як родзячая, бо цяпер ты выйдзеш з места і будзеш жыць у полі і дойдзеш да Бабілёну. Там будзеш збаўленай, там збавіць цябе Гаспод ад рукі тваіх ворагаў.

11 А цяпер сабралася супроць цябе шмат народаў, якія гавораць: – няхай будзе спаганены Сыён і няхай глядзіць на гэтае нашае вока.

12 Але ня ведаюць яны думак Госпада і не разумеюць Ягонай рады, што Ён сабраў іх, як снапы на ток.

13 Устань-жа і малаці, дачка Сыёну, бо Я зраблю твой рог зялезным, а капыты твае зраблю меднымі і пакрышыш шмат народаў і прысьвеціш Госпаду карысьці іх і багацьці іх Валадару ўсяе зямлі.

 

Разьдзел 5

1 Цяпер зьбярыся ў палкі, дачка палкоў; аблажылі нас аблогаю, трысьцінаю будуць біць па твары ізраільскага судзьдзю.

2 Але ты, Бэтлеем Эфрата, хаця найменшы паміж юдзкімі тысячамі, з цябе аднак выйдзе Той, хто будзе Валадаром Ізраіля, а паходжаньне Яго здаўна, ад вечных дзён.

3 Дзеля гэтага Ён пакіне іх да часу, пакуль ня родзіць тая, што мае радзіць; тады вернецца да сыноў Ізраіля і астатак іхных братоў.

4 І стане Ён і будзе ў сіле Госпада і ў славе імя Госпада Бога Свайго і яны будуць жыць бязпечна, бо тады будзе Ён вялікім аж да граніцаў зямлі.

5 І будзе такі мір, што калі асырыйцы прыйдуць на нашую зямлю і калі патопчуць нашыя палацы, тады мы выставім супроць іх сем пастыраў і восем князёў.

6 І будуць яны пасьвіць зямлю Асырыйскую мячом і зямлю Німрода ў граніцах іх і Ён збавіць асырыйцаў, калі тыя прыйдуць у нашую зямлю і калі ўступяць у нашыя граніцы.

7 І будзе астатак Якуба сярод многіх народаў, сярод многіх плямёнаў, як раса ад Госпада, як дождж на траве і ён ня будзе залежаць ад чалавека і спадзявацца на сыноў Адамавых.

8 І будзе астатак Якуба паміж народамі, сярод многіх плямёнаў, як леў сярод лясных зьвяроў і як львінае шчанё паміж стада авец, якое калі выступіць, дык топча і ломіць і ніхто не ўратуе ад яго.

9 Падымецца рука твая над ворагамі тваімі і ўсе непрыяцелі твае будуць зьнішчаныя.

10 І будзе ў той дзень, гаворыць Гаспод: – зьнішчу коняў тваіх з пасярод цябе і сапсую вазы твае.

11 Зьнішчу месты ў зямлі тваёй і зруйную гарады твае;

12 выгублю чарадзейства з пасярод цябе і ня будзе ў цябе варажбітоў;

13 зьнішчу статуі і балваны з пасярод цябе і ня будзеш больш кланяцца рабоце тваіх рук;

14 выкараню з пасярод цябе сьвятыя гаі і зьнішчу няпрыяцеляў тваіх.

15 Так у гневе і абурэньні выканаю помсту над народамі, што былі непаслушныя.

 

Разьдзел 6

1 Слухайце, што гаворыць Гаспод: – устань, спрачайся з гарамі і няхай чуюць узгоркі твой голас.

2 Слухайце горы суд Госпада і вы, наймацнейшыя падставы зямлі, бо Гаспод вядзе спрэчку з народам сваім і з Ізраілям вядзе спор.

3 Народ мой! Што зрабіў Я табе і чым упрыкрыўся, адказывай мне.

4 Я вывеў цябе з Эгіпскай зямлі і выкупіў цябе з дому нявольнікаў і паслаў перад табою Масея, Арона і Марыям.

5 Народ мой, успомні цяпер, што задумываў Балак, Маабскі Кароль, і што адказаў яму Балаам, сын Бэора; успомні таксама, што дзеялася ад Сытыма да Галгала, каб пазнаць справядлівасьць Госпада.

6 Але гаворыш: – з чым зьяўлюся перад Госпадам і пакланюся Найвышэйшаму Богу. Зьявіцца мне перад Ім з цэлапальнай ахвярай з гадавымі цёлкамі?

7 Ці-ж можна дагадзіць Госпаду тысячамі авечак ці патокамі алею? Ці-ж аддам яму майго першака за злачынства маё і плод улоньня майго за грэх душы маёй?

8 Сказана табе, чалавек, што дабро і чаго патрабуе ад цябе Гаспод: дзеяць справядліва, любяць міласэрнасьць і пакорна хадзіць перад тваім Богам.

9 Голас Госпада кліча да места, але растаропны сам аглядаецца на Тваё імя; слухайце ляску і Таго, хто паставіў яе.

10 Ці-ж не знаходзяцца і цяпер у доме бязбожнага нясправядлівыя скарбы і агідная зьменшаная мера.

11 Ці-ж магу я быць чыстым з няправільнай вагою і сфальшаванымі адважнікамі ў торбе.

12 Багацьці яго поўныя няпраўды і жыхары яго гавораць ману і язык іх манлівы ў вуснах іх,

13 Дык і Я паражу цябе спусташэньнем за грахі твае.

14 Ты будзеш есьці і ня будзеш сыты; пустата будзе ў тваім нутры; будзеш хаваць, але не ўхаваеш, а што ўхаваеш, тое перадам мячу.

15 Будзеш сеяць, але ня будзеш жаць; будзеш выціскаць аліўкі, але ня будзеш мазацца алеям; выцісьнеш вінаградны сок, але ня будзеш піць віна.

16 Захаваліся ў вас звычаі Амбрыя і ўсе справы дому Ахаба і паступаеце згодна з іх радамі, і я выдам цябе на спусташэньне і жыхароў тваіх на насьмешкі і вы будзеце насіць ганьбу Майго народу.

 

Разьдзел 7

1 Гора мне, бо я як астаткі пасьля збору летніх пладоў, як пасьля збору вінаграда; ніводнай ягады да ежы, ані сьпелага плоду, якога пажадае мая душа.

2 Ня стала міласэрных на зямлі, няма шчырага паміж людзьмі; усе думаюць аб праліваньні крыві, кожны ловіць сеткаю свайго брата.

3 Рукі іх скіраваныя на тое, каб рабіць благое; начальнік патрабуе падаткаў, а судзьдзя судзіць за хабар, а магнаты выказываюць благія пажаданьні сваёй душы і псуюць справу.

4 Найлепшы з іх, як асот, а справядлівы горш цёрну; дзень прадвесьнікаў Тваіх, адведаньне Тваё наступнае; цяпер застае іх смута.

5 Ня верце прыяцелю, ня давярайце правадыру; ад лежачай на ўзлоньні тваім сьцеражы дзьверы вуснаў тваіх.

6 Бо сын не шануе бацькі, дачка паўстае супроць маці, нявестка супроць сьвякрухі, а непрыяцелям кожнага – хатнія яго.

7 А я буду глядзець на Госпада, ад Бога буду я чакаць майго збаўленьня; Бог мой пачуе мяне.

8 Не весяліся з мяне непрыяцелька мая, хаця я ўпаў, але ўстану; хаця я ў цемры, але Гаспод – сьвет для мяне.

9 Я буду несьці гнеў Госпада, бо я зграшыў перад Ім, пакуль Ён ня вырашыць маёй справы і ня выканае суд нада мною; тады Ён вывядзе мяне на сьвет і я пабачу праўду яго.

10 І пабачыць гэта няпрыяцелька мая і сорам пакрые яе гаворачую: – дзе ёсьць Гаспод Бог твой? Будуць мае вочы глядзець, як яна будзе таптанай, падобна гразі на вуліцах.

11 У той дзень, калі пабудаваныя будуць сьцены твае, у той дзень далёка разыдзецца вырашэньне.

12 У той дзень будуць прыходзіць да цябе з Асырыі і з Эгіпскіх местаў і ад Эгіпту аж да ракі і ад мора да мора і ад гары да гары.

13 А зямля тая будзе пустыняю за жыхароў сваіх, за плады іх учынкаў.

14 Пасьві народ Твой ляскаю Тваёю, авечак спадчыны Тваёй, што жывуць асобна ў лесе сярод Карміла; няхай пасьвяцца яны на Басане і Галаадзе, як у старыя дні.

15 Пакажу яму дзіўныя справы, як у тыя дні, калі ты выйшаў з Эгіпскай зямлі.

16 Пабачаць гэта народы і засаромяцца, пры ўсёй сваёй магутнасьці: наложаць руку на вусны, а вушы іх аглохнуць,

17 будуць лізаць пыл, як зьмяя, як земляныя чэрві выпаўзуць яны з ямаў сваіх, спалохаюцца Госпада Бога нашага і будуць баяцца цябе.

18 Які-ж Бог ёсьць падобны Табе, які-б даровываў бязпраўе і праходзіў міма злачынстваў астаткаў Сваёй спадчыны. Ён ня гневаецца вечна, бо любіць міласэрдзьдзе.

19 Ён ізноў зьмілуецца над намі, скасуе нашыя бязпраў’і і ўкіне ў марскую глыбіню ўсе нашыя грахі.

20 Пакажашся праўдамоўным Якубу, а міласэрным – Абрагаму, як прысягнуў бацьком нашым, з даўных дзён.

 

 

Кніга прарока Сафона

 

 

Разьдзел 1
(няпоўны варыянт)

1 (адсутнічае першая старонка машынапісу: Разьдзел 1: 1-12)

13 Багацьце іх будзе разцягнутае, а дамы спустошаныя: яны пабудуюць дамы, а жыць у іх ня будуць; панасаджываюць вінаграднікі, але ня будуць піць віна з іх.

14 Блізкі вялікі дзень Госпада, блізкі і сьпяшаецца; чуваць ужо голас дня Госпада. Горка ўсклікае тады нават самы адважны.

15 Днём гневу будзе гэты дзень, днём суму і прыгнёту, днём спусташэньня і разбурэньня, днём цемры і сутунку, днём хмары і імглы;

16 днём трубы і клікаў бойкі супроць абаронных гарадоў і высокіх вежаў.

17 І Я сьцясьню людзей і яны будуць хадзіць бы сьляпыя, бо яны зграшылі супроць Госпада і разляціцца іх кроў, як пыл, а цела іх, як гной.

18 Ані серабро іх, ані золата іх ня можа ўратаваць іх у дзень гневу Госпада, бо вагнём Ягонага гневу будзе пажортая ўся гэтая зямля, бо раптоўнае зьнішчэньне зробіць Ён усім жыхаром зямлі.

 

Разьдзел 2

1 Угледзьцеся ўважна ў сябе, угледзьцеся, няўстрыманы народ,

2 пакуль не прыйшоў загад, дзень праляціць, як мякіна, пакуль не прыйшоў на вас палымнеючы гнеў Госпада, пакуль не прыйшоў на вас дзень гневу Госпада.

3 Шукайце Госпада, усе пакорныя на зямлі, тыя, што выпаўняюць Ягоныя законы; шукайце справядлівасьці, шукайце пакоры, можа быць, што вы схаваецеся ў дзень гнева Госпада.

4 Бо Газа будзе пакіненая і Аскалён апусьцее, Азот будзе выгнаны ў поўдзень і Эпрон будзе выкаранены.

5 Гора жыхарам узморра, народу Крыцкаму. Слова Госпада супроць Вас, Хананэі, зямля Філістынская. Я зьнішчу цябе і ня будзе ў цябе жыхараў,

6 і будзе ўзморра пастырскай аўчарняй і загародкай для быдла.

7 І дастанецца гэтая краіна астаткам Юдавага дому і будуць пасьвіць там, і ў дамох Аскалёну будуць адпачываць вечарам, бо Гаспод Бог наведае іх і верне палон іх.

8 Чуў я зьняважаньне Мааба і лаянку сыноў Амонавых, як яны зьдзекваліся над Маім народам і ўзьвялічыліся на ягоных межах.

9 Дзеля гэтага жыву Я – гаворыць Гаспод Саваоф, Бог Ізраіля: Мааб будзе, як Садома, і сыны Амона будуць, як Гамора, месцам крапівы, саляной ямай, пустыняй навекі; астаткі майго народу возьмуць іх, як дабычу, і пазасталыя з людзёў маіх атрымаюць іх.

10 Гэта будзе ім за гордасьць, за тое, што яны зьдзекваліся і ўзьвялічываліся над народам Госпада Саваофа.

11 Страшны будзе для іх Гаспод, бо зьнішчыць усіх багоў зямлі і будуць яму кланяцца, кожны са свайго месца – усе выспы народаў.

12 І вы, Этіопцы, будзеце зьнішчаныя маім мячом,

13 бо выцягну руку маю на поўнач і зьнішчу Асура і ператвару Ніневію ў руіну, у месца сухое, як пустыня

14 І будуць стады адпачываць сярод яе і ўсялякія зьвяры: пэлікан і сава будзе начаваць у рэзьбах яе; голас іх будзе чутны з вакон; зьнішчэньне будзе відно на дзьвярных вушакох, бо ня стане на іх абшыцьця з цэдру.

15 Вось чым будзе вясёлы горад, які жыве бясьпечна, гаворачы ў сэрцы сваім: – я горад і няма іншага, апрача мяне. Як ён стаўся руінаю, лагвом для зьвяроў. Кожны, хто будзе праходзіць міма пасьвішча і махне рукою.

 

Разьдзел 3

1 Гора гэтаму нячыстаму і спаганенаму гораду, які робіць гвалты.

2 Ня слухае голасу, ня прыймае павучэньняў, не спадзяецца на Госпада, не набліжаецца да свайго Бога.

3 Князі ягоныя, пасярод яго, як равучыя львы, ягоныя судзьдзі – вячорныя воўкі, не пакідаюць да раніцы ні воднай косьці.

4 Ягоныя прарокі – людзі лёккамысныя і фальшывыя; ягоныя сьвятары паганяць сьвятыню, гвалцяць закон.

5 Гаспод [праведны сярод яго, ня робіць няпраўды, кожную]* раніцу выдае Свой асуд нязьменна, але бяззаконьнік ня ведае сораму.

6 Я зьнішчыў народы, зруйнаваў іх замкі, пустымі зрабіў іх вуліцы, так што ніхто ўжо ня ходзіць па іх; спустошаныя іхныя гарады, так што няма ніводнага чалавека, няма жыхароў.

7 Я казаў – бойся толькі мяне, прымай павучэньні, каб ня было зьнішчана дабро тваё і не дасягнула благое, якое я пастанавіў аб ім, але яны ахвотна псавалі ўсе свае дзеяньні.

8 Дык чакайце мяне, гаворыць Гаспод, да таго дня у якім уздымуся для пусташэньня, бо азначана мною сабраць народы, склікаць каралеўства, каб выліць на іх Свой гнеў і ўсю ярасьць майго гневу, бо вагнём зьнішчэньня пільнасьці маёй будзе пажортая ўся зямля.

9 Тады я ізноў дам народам чыстыя вусны, каб усе прызывалі імя Госпада і аднадумна Яму служылі.

10 З зарэчных краінаў Этіопіі, тыя што кланяюцца Мне, дзеці разсеяных Маіх прынясуць Мне дары.

11 У той дзень ня будзеш сароміць сябе усялякімі ўчынкамі, якімі ты грашыў супроць мяне, бо на той час выключу з пасярод цябе тых, што весяляцца са славы тваёй і ня будзеш больш вывышацца на Маёй сьвятой гары.

12 Але пакіну пасярод цябе народ пакорны і просты і яны будуць мець давер да Госпада.

13 Астаткі Ізраіля ня будуць рабіць няпраўды, ня будуць гаварыць маны і ня знойдзецца ў іх вуснах здрадлівага языка, бо самыя будуць пасьвіцца і адпачываць і ніхто не патрывожыць іх.

14 Засьпявай дачка Сыёну, сьвяткуй Ізраіль, весяліся і цешся ад усяго сэрца дачка Ерусаліму.

15 Адмяніў Гаспод свой прыгавор над табою, пражануў ворага твайго; кароль Ізраільскі ёсьць валадаром пасярод цябе: больш не пабачыш ужо благога.

16 У той дзень скажуць Ерусаліму: – ня бойся; і Сыёну: – няхай не слабеюць твае рукі.

17 Гаспод Бог твой пасярод цябе. Ён мае сілу збавіць цябе, разьвесяліцца над табою, будзе міласьцівы да цябе і будзе весяліцца аб табе са сьпевам, гаворачы:

18 Сумуючых па ўрачыстых сьвяткаваньнях Я зьбяру; твае яны і на іх цяжыць бярэмя лаянкі.

19 Вось зраблю Я канец усім прыгнятальнікам тваім, а захаваю кульгавае і выгнаных зграмаджу і прыгатоўлю ім славу і імя на ўсёй зямлі, у якой мелі яны крыўду.

20 У той час прывяду вас і тады-ж зьбяру вас; бо дам вам імя і славу паміж усімі народамі зямлі, калі верну палон ваш перад вашымі вачыма, гаворыць Госпад.

Каментар:

* - радок споўз і не надрукаваўся ў машынапісе, дададзены рэдактарам.

Адносна аўтарства: У сьпісе перакладаў, што ў лісьце Леаніда Галяка да біскупа Сіповіча, гэтая кніга не фігуруе., але лексіка выключна падобная да лексікі Галяка (“Гаспод”-“Госпадавы”, серабро, каралеўства, панасаджываюць, пажорты, і інш.), надрукаваны кірыліцай, у адрозьненьне ад перакладаў Тумаша, таксама і адмысловыя пунктуацыйныя элементы (перадача простай мовы праз “: - ”), прымушаюць і гэты пераклад залічыць да перакладаў Л. Галяка. Ды і ў архіве бібліятэкі Скарыны ён знаходзіцца ў тэчцы перакладаў Галяка. Магчыма, гэта пазьнейшая перасылка тэкстаў для Сіповіча, і таму не ўзгаданая ў галоўным (першым) лісьце.



Пераклад: Леанід Галяк
Тэкст падаецца паводле выдання: машынапіс з архіву бібліятэкі імя Ф. Скарыны, Лёндан
Крыніца: http://chasaslovec.info
Падрыхтавана: Алесь Аўдзяюк