epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Першае Пасланне да Цімафея

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-20)
2 (1-15)
3 (1-16)
4 (1-16)
5 (1-25)
6 (1-21)


1 (1-20)

1Павел, апостал Езуса Хрыста паводле загаду Бога, нашага Збаўцы і Надзеі нашай, Езуса Хрыста, – 2Цімафею, сапраўднаму дзіцяці ў веры: ласка, міласэрнасць і спакой ад Бога Айца і Пана нашага Езуса Хрыста.

3Ідучы ў Македонію, я прасіў цябе застацца ў Эфесе, каб ты забараніў некаторым навучаць іншаму, 4а таксама займацца байкамі і бясконцымі радаводамі, якія выклікаюць больш спрэчак, чым служаць настаўленню Божаму ў веры. 5Мэта ж настаўлення – гэта любоў з чыстага сэрца, добрага сумлення і праўдзівай веры. 6Некаторыя адвярнуліся ад гэтага і звярнуліся да пустаслоўя, 7хочучы быць настаўнікамі Закону, хоць не разумеюць, што гавораць і што сцвярджаюць.

8Мы ведаем, што Закон добры, калі хто ім разумна карыстаецца, 9ведаючы, што Закон дадзены не для справядлівых, але для несправядлівых, непаслухмяных, бязбожных, грэшнікаў, разбэшчаных і блюзнерцаў, бацьказабойцаў, мацізабойцаў і чалавеказабойцаў, 10распуснікаў, мужаложнікаў, для гандляроў людзьмі, падманшчыкаў, ілжэсведкаў і для ўсіх тых, хто пярэчыць здароваму вучэнню, 11згоднаму з Евангеллем, якое ёсць хвалой благаслаўлёнага Бога і якое даручана мне.

12Я дзякую нашаму Пану Езусу Хрысту, які ўмацаваў мяне, таму што Ён палічыў мяне вартым даверу, паставіўшы сабе на служэнне, 13хоць я раней быў блюзнерцам, пераследнікам і крыўдзіцелем. Але я быў памілаваны, таму што рабіў гэта ў няведанні і бязвер’і. 14Ласка ж нашага Пана шчодра перапоўніла мяне разам з вераю і любоўю, якая ў Езусе Хрысце.

15Годнае веры слова і вартае поўнага прыняцця, што Езус Хрыстус прыйшоў у свет, каб збавіць грэшнікаў, сярод якіх я першы. 16Але я памілаваны для таго, каб ува мне першым Езус Хрыстус паказаў усю доўгацярплівасць як прыклад тым, хто будзе верыць ў Яго дзеля жыцця вечнага.

17Валадару вякоў, незнішчальнаму, нябачнаму і адзінаму Богу – пашана і слава на векі вечныя. Амэн.

18Гэты наказ даю табе, сыне Цімафею, паводле ранейшых адносна цябе прароцтваў, каб ты змагаўся згодна з імі як добры змагар, 19маючы веру і чыстае сумленне, якое некаторыя адкінулі і згубілі веру. 20Сярод іх Гіменэй і Аляксандар, якіх я аддаў сатане, каб адвучыліся блюзнерыць.

 

2 (1-15)

1Перш за ўсё, я заклікаю, каб прашэнні, малітвы, просьбы аб заступніцтве і падзякі ўзносіліся за ўсіх людзей: 2за каралёў і за ўсіх, хто мае ўладу, каб мы маглі весці спакойнае і ціхае жыццё ва ўсёй пабожнасці і годнасці. 3Гэта добра і прыемна ў вачах Збаўцы нашага, Бога, 4які хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды. 5Бо адзін Бог і адзін пасрэднік паміж Богам і людзьмі – Чалавек Езус Хрыстус, 6які аддаў сябе самога на водкуп за ўсіх як сведчанне, дадзенае ў адпаведную пару, 7дзеля чаго я прызначаны прапаведнікам і апосталам. Кажу праўду і не хлушу. Я настаўнік язычнікаў у веры і праўдзе.

8Таму жадаю, каб мужчыны маліліся на кожным месцы, узносячы чыстыя рукі без гневу і спрэчак. 9Падобна і жанчыны няхай апранаюцца з належнай стрыманасцю, сціпла і прыстойна, аздабляючы сябе не пляценнем валасоў ці золатам або пэрламі ці каштоўнымі строямі, 10але, як належыць жанчынам, лепш пабожнасцю і добрымі ўчынкамі.

11Жанчына няхай вучыцца ў ціхасці і ў поўнай паслухмянасці. 12А жанчыне не дазваляю навучаць і панаваць над мужам, але няхай застаецца ў ціхасці. 13Бо першым быў створаны Адам, а потым Ева. 14І не Адам быў зведзены, але жанчына была зведзеная і зграшыла. 15Яна будзе збаўлена праз нараджэнне дзяцей, калі яны будуць трываць у веры, любові і святасці з развагаю.

 

3 (1-16)

1Гэта слова годнае веры: калі хто жадае біскупства, ён жадае добрай справы. 2Таму біскуп павінен быць бездакорным, мужам адной жонкі, цвярозым, разважлівым, прыстойным, гасцінным, здольным навучаць, 3не схільным да п’янства, не сварлівым, але спагадлівым, міралюбным і не прагным да грошай. 4Ён павінен добра кіраваць уласным домам і трымаць дзяцей у паслухмянасці з усёй пашанаю. 5Бо, калі хто не ўмее кіраваць уласным домам, як жа зможа клапаціцца аб Касцёле Божым? 6Ён не павінен быць неафітам, каб не заганарыўся і не патрапіў пад д’ябальскае асуджэнне. 7Ён павінен таксама мець добрае сведчанне ад тых, хто звонку, каб не патрапіць у пагарду і пастку д’ябла.

8Таксама і дыяканы павінны быць годнымі, некрывадушнымі, не павінны злоўжываць віном і быць карыслівымі. 9Павінны захоўваць таямніцу веры ў чыстым сумленні. 10І такіх трэба спачатку выпрабоўваць, а потым няхай служаць, калі акажуцца бездакорнымі. 11Жанчыны таксама няхай будуць годнымі, не пляткаркамі, цвярозымі, вернымі ва ўсім. 12Няхай дыякан будзе мужам адной жонкі, няхай добра кіруе дзецьмі і ўласным домам. 13Бо тыя, хто добра служыў дыяканам, здабываюць сабе годнае становішча і вялікую адвагу ў веры ў Езусе Хрысце.

14Пішу табе гэта, маючы надзею неўзабаве прыбыць да цябе. 15Калі буду спазняцца, то ведай, як трэба паводзіць сябе ў доме Божым, які з’яўляецца Касцёлам жывога Бога, стаўпом і апірышчам праўды. 16І мы згодна прызнаём, што гэта вялікая таямніца пабожнасці:

Той, хто з’явіўся ў целе,

быў апраўданы ў Духу,

з’явіўся анёлам,

быў абвешчаны язычнікам,

знайшоў веру ў свеце

і быў узнесены ў славе.

 

4 (1-16)

1Дух выразна кажа, што напрыканцы часоў некаторыя адступяцца ад веры і звернуцца да духаў, якія зводзяць, і да навук дэманаў 2праз крывадушных падманшчыкаў, якія заплямілі сваё сумленне. 3Яны забараняюць жаніцца, спажываць стравы, якія Бог стварыў дзеля спажывання з удзячнасцю для веруючых і тых, якія пазналі праўду. 4Бо ўсё, што стварыў Бог, добрае, і нельга адкідаць нічога, што з удзячнасцю прымаецца. 5Яно асвячаецца праз слова Божае і малітву.

6Калі гэта растлумачыш братам, станеш добрым слугою Езуса Хрыста, які жывіцца словамі веры і добрай навукі, якой ты заўсёды трымаўся. 7Асцерагайся бязбожных і недарэчных баек.

Сябе ж выхоўвай у пабожнасці, 8бо фізічнае выхаванне мала ў чым карыснае, а пабожнасць да ўсяго прыдатная, мае ў сабе абяцанне жыцця цяперашняга і будучага. 9Праўдзівае гэта слова і вартае ўсялякай увагі. 10Бо дзеля гэтага мы працуем і змагаемся, таму што спадзяемся на Бога жывога, Збаўцу ўсіх людзей, асабліва веруючых. 11Загадвай гэта і гэтаму навучай.

12Няхай ніхто не пагарджае тваёй маладосцю, але стань для верных узорам у слове, паводзінах, любові, веры і беззаганнасці. 13Пакуль прыйду, займіся распазнаннем, заахвочваннем і навучаннем. 14Не занядбоўвай дар, які ёсць у табе і які быў дадзены табе праз на падставе прароцтва і праз ускладанне рук старэйшых. 15Аб гэтым клапаціся, у гэтым трывай, каб твой поступ быў відавочны для ўсіх. 16Зважай на сябе і на навучанне. Заставайся ў гэтым. Робячы так, і самога сябе збавіш, і тых, хто слухае цябе.

 

5 (1-25)

1Старэйшага не дакарай, але ўпрошвай, як бацьку; маладых – як братоў; 2старэйшых жанчын – як маці, а маладых – як сясцёр, з усёй беззаганнасцю. 3Удоваў шануй, калі яны сапраўды ўдовы. 4Калі ж якая ўдава мае дзяцей або ўнукаў, то няхай яны перш вучацца шанаваць сваю сям’ю ды быць удзячнымі бацькам, бо гэта падабаецца Богу. 5Сапраўдная ўдава і адзінокая спадзяецца на Бога і ўзносіць да Яго просьбы і малітвы днём і ноччу. 6Тая ж, што шукае асалоды, мёртвая пры жыцці. 7Таму так настаўляй іх, каб яны былі беззаганнымі. 8Калі ж хто не апякуецца сваімі, асабліва хатнімі, той адкінуў веру і горшы за няверучага.

9Удавой павінна лічыцца тая, якой не менш шасьцідзесяці гадоў, якая мела аднаго толькі мужа. 10Яна павінна славіцца добрымі ўчынкамі, гэта значыць добрым выхаваннем дзяцей, гасціннасцю і тым, што абмывала ногі святым, дапамагала гаротным і рупілася пра добрыя справы. 11А маладых удоваў абмінай, бо яны, кіруючыся пажадлівасцю [пагарджаюць] Хрыстом дык імкнуцца выйсці замуж. 12Яны годныя асуджэння, бо страцілі першасную вернасць. 13Ходзячы па хатах, яны таксама вучацца гультайству. Яны не толькі гультайкі, але пляткаркі і цікаўныя, гавораць тое, што не трэба. 14Таму лічу, што лепш, каб маладыя [ўдовы] выходзілі замуж, нараджалі дзяцей, кіравалі домам і не давалі ворагу ніякіх падстаў да знеслаўлення. 15На жаль, ужо некаторыя пайшлі за сатаной.

16Калі ж якая верніца мае ўдоваў, дык няхай апякуецца імі і не абцяжарвае Касцёла, каб ён мог дапамагаць сапраўдным удовам.

17Прэзбітэраў, якія добра кіруюць, акружайце падвойнай пашанай, асабліва тых, хто цяжка працуе, прапаведуючы і навучаючы. 18Бо Пісанне кажа: «Не завязвай пысы валу, які малоціць» і «Працаўнік варты платы сваёй». 19Не прымай абвінавачанняў супраць прэзбітэра, хіба што з-за двух ці трох сведкаў. 20А тых, хто грашыць, дакарай перад усімі, каб і іншыя мелі страх. 21Заклінаю цябе перад Богам і Хрыстом Езусам, і выбранымі анёламі, каб ты захоўваў гэта без прыліку і не рабіў нічога прадузята. 22Не ўскладай паспешліва рук ні на кога, і не ўдзельнічай у грахах іншых, а сябе самога захоўвай беззаганным.

23Адгэтуль не пі вады, але патроху ўжывай віна з увагі на страўнік і твае частыя немачы.

24Грахі некаторых людзей відавочныя яшчэ да суда, а за некаторымі ідуць следам. 25Падобна і добрыя ўчынкі відавочныя, а калі не, то ўсё роўна схавацца не змогуць.

 

6 (1-21)

1Нявольнікі, якія пад ярмом, няхай лічаць сваіх гаспадароў годнымі ўсякай павагі, каб не зневажалася імя Божае і навука. 2Тыя, хто мае веруючых гаспадароў, няхай не пагарджаюць імі, што яны браты, але няхай больш служаць ім, бо яны веруючыя і ўмілаваныя, і здзяйсняюць добрую справу. Гэтаму навучай і да гэтага заклікай.

3Калі хто навучае інакш і не трымаецца здаровых словаў Пана нашага Езуса Хрыста, а таксама згоднага з пабожнасцю вучэння, 4той заганарыўся, нічога не ведае, але мае хваравітую схільнасць да пытанняў і слоўных спрэчак. З гэтага ўзнікаюць зайздрасць, гнеў, блюзнерствы, зласлівыя падазрэнні, 5няспынныя спрэчкі пазбаўленых праўды людзей з сапсаваным мысленнем, якія лічаць, што пабожнасць – гэта прыбытак.

6Сапраўды, пабожнасць разам з задавальненнем – гэта вялікая карысць. 7Бо мы нічога не прыносім у свет і не можам нічога вынесці. 8Але, маючы спажытак і чым прыкрыцца, будзем жа задаволеныя гэтым. 9А тыя, хто хоча ўзбагаціцца, трапляюць у спакусу і пастку, у шматлікія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія патапляюць людзей у згубе і пагібелі. 10Бо корань ўсялякага зла – гэта любоў да грошай, у пагоні за якімі некаторыя адступіліся ад веры і аддалі сябе шматлікім пакутам.

11Ты, о чалавек Божы, пазбягай гэтага, імкніся да справядлівасці, пабожнасці, веры, любові, цярплівасці і лагоднасці. 12Змагайся добрым змаганнем веры, трымайся вечнага жыцця, да якога ты пакліканы і пра якое ты даў добрае вызнанне перад многімі сведкамі.

13Перад Богам, які дае жыццё ўсяму, і перад Езусам Хрыстом, які даў перад Понціем Пілатам добрае сведчанне, 14наказваю табе захоўваць запаведзь чыстай і беззаганнай аж да аб’яўлення Пана нашага Езуса Хрыста, 15якое ў свой час пакажа шчаслівы і адзіны моцны, Кароль над каралямі і Пан над панамі, 16адзіны несмяротны, які жыве ў недаступным святле, якога ніхто з людзей не бачыў і бачыць не можа. Яму пашана і вечная моц. Амэн.

17Багатым гэтага веку загадвай, каб завысока пра сябе не думалі і не спадзяваліся на няпэўнае багацце, але на Бога, які шчодра дае нам усё для карыстання. 18Няхай робяць дабро, багацеюць добрымі ўчынкамі, будуць шчодрымі, дзяляцца з іншымі. 19Так, збіраючы сабе добры скарб на будучае, забяспечаць сабе сапраўднае жыццё.

20О, Цімафей, беражы гэты дэпазіт [веры], пазбягай бязбожнага пустаслоўя, а таксама супярэчнасцяў фальшывага пазнання, 21ідучы за якім, некаторыя адышлі ад веры.

Ласка з вамі.



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Epistula-I-ad-Timotheum.pdf
Крыніца: catholic.by