epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Першае Пасланне да Тэсаланікійцаў

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-10)
2 (1-20)
3 (1-13)
4 (1-18)
5 (1-28)


1 (1-10)

1Павел, Сілуан і Цімафей да Касцёла Тэсаланікійцаў у Богу Айцу і Пану, Езусе Хрысце: ласка вам і спакой.

2За ўсіх вас заўсёды дзякуем Богу, згадваючы вас у малітвах нашых, 3няспынна памятаючы пра вашую справу веры і працу любові, і пра цярплівую надзею на Пана нашага Езуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым, 4ведаючы, умілаваныя Богам браты, пра выбранне вашае. 5Бо нашае Евангелле не было да вас толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Духу Святым, і з вялікім перакананнем. Вы ведаеце, якімі мы былі для вас, будучы з вамі.

6Вы пачалі наследаваць нас і Пана, прыняўшы слова ў вялікім уціску з радасцю Духа Святога, 7так што сталіся вы ўзорам для ўсіх веруючых у Македоніі і Ахаі. 8Дзякуючы вам прагучала слова Пана не толькі ў Македоніі і Ахаі, але і ў кожным месцы распаўсюджвалася вашая вера ў Бога, так што нам няма патрэбы нешта казаць. 9Яны самі пра нас сведчаць, якім быў наш прыход да вас і як вы, пакінуўшы ідалаў, звярнуліся да Бога, каб служыць жывому і праўдзіваму Богу 10і чакаць з нябёсаў Сына Ягонага, якога Ён уваскрасіў з мёртвых, – Езуса, які выбаўляе нас ад надыходзячага гневу.

 

2 (1-20)

1Вы самі ведаеце, браты, што наш прыход да вас не быў дарэмны. 2Хоць раней у Філіпах, як ведаеце, мы зазналі цярпенні і знявагі, аднак адважыліся ў Богу нашым абвяшчаць вам Евангелле Божае ў вялікім змаганні. 3Бо навучанне нашае не з памылкі, нячыстасці ці падману, 4але як выпрабаваныя Богам дзеля даручэння [нам] Евангелля, мы абвяшчаем так, каб дагадзіць не людзям, але Богу, які выпрабоўвае сэрцы нашыя. 5Бо, як ведаеце, мы ніколі не былі ні ліслівымі ў словах, ні карыслівымі, Бог сведка. 6Мы не шукалі славы ні ў людзей, ні ў вас, ні ў іншых. 7Як Апосталы Хрыста мы маглі б быць цяжарам для вас, але мы сталіся немаўлятамі сярод вас і, як карміліца апякуецца дзецьмі сваімі, 8так і мы з чуласці да вас пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё, таму што вы сталі для нас умілаванымі. 9Вы памятаеце, браты, працу і намаганні нашыя, калі, працуючы ўначы і ўдзень, каб не абцяжарваць нікога з вас, мы абвяшчалі вам Евангелле Божае. 10Вы сведкі і Бог, як свята, справядліва і беззаганна мы паводзілі сябе ў дачыненні да вас, веруючых. 11Вы ж ведаеце, што кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх, 12мы заахвочвалі, падбадзёрвалі і пераконвалі паступаць годна Бога, які кліча вас да свайго валадарства і славы.

13Таму мы таксама няспынна дзякуем Богу, што вы, прыняўшы ад нас пачутае Божае слова, прынялі яго не як чалавечае слова, але, што ёсць на самай справе, як Божае слова, якое і дзейнічае ў вас, веруючых. 14Браты, вы сталі пераймальнікамі Касцёлаў Божых у Юдэі ў Езусе Хрысце, бо і вы нацярпеліся ад землякоў вашых, як і яны ад юдэяў, 15якія і Пана Езуса забілі, і прарокаў, і нас пераследавалі, і Богу не падабаюцца, і ўсім людзям працівяцца. 16Якія забараняюць нам прамаўляць да язычнікаў, каб тыя не былі збаўлены. І так увесь час дапаўняюць меру грахоў сваіх. Але прыйшоў нарэшце гнеў Божы на іх.

17Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час фізічна, а не сэрцам, вельмі моцна жадаем пабачыцца з вамі. 18Таму неаднойчы хацелі пайсці да вас, асабліва я, Павел, але перашкодзіў нам сатана. 19Бо хто наша надзея, або радасць, або вянок хвалы? Ці ж не вы перад Панам нашым Езусам у час прыйсця Ягонага? 20Вы – нашая хвала і радасць.

 

3 (1-13)

1Паколькі мы не маглі далей вытрымаць, то захацелі самі застацца ў Атэнах 2і паслалі да вас Цімафея, брата нашага і супрацоўніка Бога ў [абвяшчэнні] Евангелля Хрыстовага дзеля ўмацавання вашага і падтрымання веры вашай, 3каб ніхто не зняверыўся сярод гэтага ўціску. Вы ж самі ведаеце, што мы на гэта прызначаны. 4Калі былі ў вас, мы ўжо казалі вам, што павінны будзем цярпець уціск. І вы ведаеце, што так і сталася. 5Таму і я ўжо не мог далей стрымацца і паслаў даведацца пра веру вашую, ці не зводзіць вас спакушальнік і ці не дарэмнай была нашая праца.

6Цяпер прыбыў ад вас Цімафей і прынёс добрыя весткі пра вашую веру і любоў, і што вы добра ўсцяж успамінаеце пра нас, жадаючы пабачыцца з намі, як і мы з вамі. 7Ва ўсёй нядолі і ўціску нашым вашая вера, браты, падтрымлівала нас. 8Бо цяпер мы жывём, калі вы трываеце ў Пану. 9Як жа можам аддзячыць Богу за ўсю радасць, якую маем за вас перад Богам нашым, 10калі ўначы і ўдзень горача молімся, каб убачыць вас і дапоўніць тое, чаго не хапае веры вашай?

11Сам Бог і Айцец наш, і Пан наш Езус няхай скіруе да вас шлях наш. 12А Пан няхай памножыць вас і перапоўніць любоўю адзін да аднаго і да ўсіх, якую і мы маем да вас, 13каб умацаваць сэрцы вашыя беззаганнымі ў святасці перад Богам і Айцом нашым у час прыйсця Пана нашага, Езуса, з усімі Ягонымі святымі.

 

4 (1-18)

1Урэшце, браты, просім вас і заклікаем у Пану Езусе, каб вы, прыняўшы ад нас тое, як трэба вам сябе паводзіць і дагаджаць Богу, як вы і паводзіце сябе, каб больш у гэтым узрасталі. 2Вы ведаеце, якія мы далі вам наказы ад Пана Езуса. 3Бо воля Божая – гэта асвячэнне вашае, каб вы асцерагаліся распусты, 4каб кожны з вас умеў утрымліваць сваё цела ў святасці і пашане, 5а не ў пажадлівым захапленні, як язычнікі, што не ведаюць Бога. 6Няхай ніхто не крыўдзіць і не выкарыстоўвае брата свайго ў гэтай справе, бо Пан – мсціўца за ўсё гэта, як мы сказалі вам раней і засведчылі. 7Бог паклікаў нас не да нячыстасці, але да святасці. 8Таму той, хто пагарджае гэтым, пагарджае не чалавекам, але Богам, які і дае вам свайго Духа Святога.

9Няма патрэбы пісаць вам пра братнюю любоў, бо вы самі навучаны Богам любіць адзін аднаго 10і робіце так у дачыненні да ўсіх братоў ва ўсёй Македоніі. Заахвочваем вас, браты: узрастайце ў гэтым яшчэ больш, 11імкніцеся жыць у спакоі, выконвайце свае абавязкі і працуйце ўласнымі рукамі, як мы наказалі вам, 12каб вы належна паводзілі сябе адносна тых, якія жывуць звонку, і каб ні ў чым не мелі патрэбы.

13Мы не хочам, браты, пакідаць вас у няведанні пра памерлых, каб не тужылі вы, як іншыя, хто не мае надзеі. 14Калі мы верым, што Езус памёр і ўваскрос, то разам з Ім Бог прывядзе [да жыцця] і тых, хто памёр у Езусе. 15Гэта кажам вам у слове Пана, што мы, жывыя, пакінутыя да прыйсця Пана, не апярэдзім тых, якія памерлі. 16Бо сам Пан на заклік і на голас арханёла і трубы Божай сыдзе з неба, і памерлыя ў Хрысце ўваскрэснуць першымі. 17Пасля мы, пакінутыя жывымі, будзем падхоплены на аблоках разам з імі насустрач Пану ў паветра, і гэтак назаўсёды будзем з Панам. 18Таму заахвочвайце адзін аднаго гэтымі словамі.

 

5 (1-28)

1Пра часы і пэўную пару няма патрэбы пісаць вам, браты, 2бо вы самі дакладна ведаеце, што дзень Пана прыйдзе, як злодзей уначы. 3Калі будуць гаварыць: «Спакой і бяспека», тады пагібель неспадзяваная сустрэне іх, быццам пакуты парадзіху, і яны не ўцякуць. 4Вы ж, браты, не ў цемры, каб гэты дзень застаў вас, як злодзей. 5Вы ўсе сыны святла і сыны дня. Мы не належым ні да ночы, ні да цемры. 6Дык не будзем жа спаць, як астатнія, але чувайма і будзьма цвярозымі.

7Тыя, што спяць, ноччу спяць, і тыя, што п’юць, ноччу п’яныя. 8Мы ж, якія належым дню, будзьма цвярозымі, адзеўшы панцыр веры і любові, і як шлем – надзею збаўлення. 9Таму што Бог прызначыў нас не для гневу, але для атрымання збаўлення праз нашага Пана Езуса Хрыста, 10які памёр за нас, каб мы, ці чуваем, ці спім, жылі разам з Ім. 11Таму заахвочвайце сябе ўзаемна і настаўляйце адзін аднаго, як вы і робіце.

12Просім вас, браты, паважаць тых, якія працуюць сярод вас і кіруюць вамі ў Пану ды навучаюць вас. 13Любіце іх больш дзеля працы іхняй. Жывіце ў згодзе між сабою. 14Просім вас, браты: настаўляйце свавольных, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівымі да ўсіх. 15Глядзіце, нікому злом за зло не адплачвайце, але рабіце заўсёды дабро адзін аднаму і ўсім. 16Заўсёды радуйцеся, 17няспынна маліцеся. 18За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас воля Божая ў Езусе Хрысце. 19Духа не гасіце, 20прароцтвамі не пагарджайце. 21Усё правярайце, трымайцеся добрага. 22Устрымлівайцеся ад усялякага зла.

23Сам Бог спакою няхай асвяціць вас цалкам, няхай увесь дух ваш, і душа, і цела захаваюцца беззаганнымі на прыйсце Пана нашага Езуса Хрыста. 24Верны той, хто вас кліча, які і здзейсніць гэта.

25Браты, маліцеся за нас.

26Прывітайце ўсіх братоў святым пацалункам. 27Прашу вас у Пану, каб гэтае пасланне было прачытана ўсім братам.

28Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з вамі.



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Epistula-I-ad-Thessalonicenses.pdf
Крыніца: catholic.by