epub
 
падключыць
слоўнікі

Псальмы

Псалом 50 паводле: Служба Божая або сьв. Літургія сьвятога Яна Хрызастома, Чыкаго, 1958 г.

Псалмы 52, 54, 90 паводле: Шостая гадзіна, брашура-машынапіс для царкоўнага ўжытку, Чыкага, прыбл. 1955-1970.

Псалом 50
Псалом 53
Псалом 54
Псалом 90


Псалом 50

Памілуй мяне, Божа, дзеля вялікай міласьці Тваёй,  і дзеля мноства шчадротаў Тваіх, ачысьці неправату маю.

Зусім абмый мяне зь неправаты мае, і ад грэху майго ачысьці мяне.

Бо неправату маю я знаю, і грэх мой перада мною ёсьць і цяпер.

Табе Адзінаму я зграшыў, і ліхое перад Табой учыніў:

каб аказаўся Ты справядлівым у славах Сваіх і перамог, калі Цябе асуджаюць.

Бо вось я ў неправотах зачаты, і ў грахох радзіла мяне маці мая.

Бо й палюбіў-жа Ты праўду; нязнанае й тайнае мудрасьці Твае аб'явіў мне.

Пакрапі мяне гізопам і ачышчуся, абмый мяне, і бялейшым за сьнег стану.

Слуху маяму дай радасьць і вясельле, і ўзрадуюцца пакорныя косьці.

Адвярні твар Твой ад грахоў маіх, і ўсе неправоты мае ачысьці.

Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і духа правасьці аднаві ў нутрох маіх.

Не адкінь мане ад аблічча Тваяго, і Духа Тваяго Сьвятога не адбяры ад мяне.

Вярні мне радасьць збаўленьня Тваяго, і духам валадарным уцьвярдзі мяне.

Пакажу зблудзіўшым дарогі Твае, і недаверкі да Цябе навернуцца.

Выбаві мяне ад крывавых напасьцяў, Божа, Божа збаўленьня маяго:

і ўзрадуецца язык мой у праўдзе Тваёй.

Госпадзі, адчыні мне губы, і вусны мае будуць весьціць хвалу Тваю.

Бо калі-б Ты захацеў ахвяры, я напэўна даў-бы: але з цэлапаленьня рад Ты ня будзеш.

Ахвяра Богу - дух пакутны: сэрцам збалелым і пакорным, Божа, ні ўзгардзіш.

Пашкадуй, Госпадзі, з добрай волі Свае Сыёна і хай адбудуюцца сьцены Ерузалімскія.

Тады прымеш ахвяру праўды, паднясеньня й цэлапаленьня,

тады ўзложаць на аўтар Твой цяляты.

 

Псалом 53

1. Памажы мне Божа, імем Тваім, і вядзі маю справу сілай Тваёй!

2. Выслухай, о Божа, малітву маю, зваж на словы вуснаў маіх.

3. Бо падняліся дзёрскія супраць мяне, і разбойнікі шукаюць душы маёй;

4. Запраўды, Бог успаможнік мой; Госпад душу маю узмацняе.

5. Ліха спадзе на ворагаў маіх; Ты іх зніштож праўдай Тваёй.

6. Тады прынясу Табе ахвяру з добрае волі; Выслаўляць буду імя Тваё, Госпадзе, / бо яно - дабрата!

7. Бо Ты вызваліў мяне з усякае бяды, І вока маё усьцешылася пагібельлю ворагаў маіх.

 

Псалом 54

1. Выслухай , о Божа, малітву маю і не хавайся ад маленьня майго! Зваж на мяне і выслухай мяне.

2. Я стогну у тузе і уздыхаю ад крыку ворага, ад уціску бязбожнікаў, бо беззаконьне наводзяць на мяне і заўзята змагаюцца са мною.

3. Сэрца трапеча у-ва мне, І напаў на мяне жах сьмяротны.

4. Страх і дрыжаньне найшло на мяне, і жах знімае мяне.

5. Дык я сказаў: О, каб мне крыльле, як галубінае! Паляцеў-бы тады й супакоіўся!

6. Так, паляцеў бы далёка Ды астаўся-б у пушчы.

7. Хутка-б схаваўся прад бурай, прад ветраным шалам.

8. Зніштож іх, Госпадзе, рашшчапі языкі ім, бо бачу я гвалты й сваркі у месьце.

9. Дзень і ноч яны хозяць па сьценах яго навакол, Няшчасьце-ж ды гора у сярэдзіне у ім.

10. Пагібель у ім,/ ды мана і здрада з рынку яго ня зыходзяць.

11. Бо ня вораг мяне зняважае, - гэта-б сьцярпеў я! -

12. Нятой, што мяне ненавідзіць, што прада мной надымаецца, - ад яго-б я схаваўся! -

13. - але ты, чалавеча, як я, прыяцелю  мой і мне блізкі.

14. З кім мы вялі між сабой шчырыя гутаркі, з кім у Дом Божы хадзілі сярод натоўпу народнага.

15. Каб сьмерць напала на іх! Каб зыйшлі жывыя ў край сьмерці! Бо злачынства у іхніх дамох, у іх сэрцы.

16. Я-ж буду клікаць да Бога і Госпад мяне успаможа.

17. Увечары й раніцай дый у палудзень я буду плакаць і галасіць, і Ён пачуе мой голас.

18. Ён збавіць душу маю й дасьць супакой ад тых, што падняліся супраць мяне; бо многа было проціў мяне.

19. Пачуе Бог, і Прадвечны іх давядзе да пакорнасьці, Бо ня было у іх паправы, ды не баяліся Бога.

20. Руку сваю падыймалі на тых, што з імі у згодзе жылі, Дый нарушалі угоду.

21. Вусны у іх гладкія, як тое масла, А у сэрцы варожасьць;

22. Словы у іх лагадней за аліву, Яны-ж - мячы абнажоныя.

23. Пакінь бярэмя тваё на Госпада: Ён цябе забяспечыць; Ня дасьць Ён ніколі, каб пахіснуўся пабожны.

24. Ты-ж, Божа, іх кінеш у найглыбейшыя ямы; Тыя, што прагнуць крыві,

25. Ды здраднікі паловы сваіх дзён не дажывуць. А я на Цябе спадзяюся!

 

Псалом 90

1. Шасьлівы той, што жыве пад заслонай Найвышэйшага ды пад ценем Усемагутнага.

2. Кажу я да Госпада: Ты мой прыпынак і цьвярдыня мая, мой Бог, на якога спадзяюся.

3. Бо-ж Ён ратуе цябе ад сеці лаўца, ад мору сьмяротнага.

4. Пер'ем Сваім закрывае цябе, і пад крыльлем Ягоным схаваешся; праўда Яго - шчыт і заслона.

5. Не палохайся страхаў начных, ні стралы, што удзень ляціць.

6. Ня бойся мору, што у цемры крадзецца, заразы, што у палудзень пустошыць.

7. Хоцьбы тысячы побач з табой паляглі і мірыяды праваруч ад цябе, да цябе яна не падыйдзе.

8. Толькі вачыма тваімі глядзець будзеш і убачыш з бязбожнымі расплату.

9. За тое, што ты казаў: Госпад надзея мая, ды Найвышэйшага выбраў сабе за прыпынак.

10. Ня сустрэне няшчасьце цябе, і пошасьць не падыйдзе да палаткі тваёй.

11. Бо Ён дасьць загад аб табе Сваім Ангелам, каб цябе сьцераглі на усіх сьцежках тваіх.

12. На руках сваіх панясуць цябе, каб нага твая не спатыкнулася аб камень.

13. На львоў і гадаў ступаці будзеш, львянятаў і змеяў патопчаш.

14. За тое, што Мяне узлюбіў ён, спасу яго; узвышу яго, бо імя Маё ведае.

15. Будзе клікаць Мяне, дык Я выслухаю яго; пры ім Я у тузе; вызвалю яго ды услаўлю.

16. Насычу яго доўгім векам і спасеньне Маё дам угледзець.


1950-1970?

Пераклад: Вацлаў Пануцэвіч
Тэкст падаецца паводле выдання: Служба Божая або сьв. Літургія сьвятога Яна Хрызастома, Чыкаго, 1958; Шостая гадзіна, брашура-машынапіс для царкоўнага ўжытку, Чыкага, прыбл. 1955-1970
Крыніца: http://chasaslovec.info