epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Смачна

Жыў сабе адзін чалавек. Быў ён не то, каб сказаць вельмі багаты, а так сабе заможны гаспадар. Так, як усе, жыў ён сцісла, а як дасць бог свята, то любіў з добрымі людзьмі смачна паесці ды выпіць так, каб ісці, за плуг дзяржаўшыся. Адзін раз паехаў ён у месца з якімсь то панам, каморнікам, ці што. Заехалі яны ў карчму. Пан улез у алькерык і вялеў жыдам падаць сабе выпіць ды закусіць. Ведама, пан грошай не шкадуе, выпіў гарэлкі, закусіў ды і пачаў піць гарбату. А просты чалавек, ведама, шкадуе траціць грошй ды дастае сабе з торбачкі сухі хлеб ды кіслыя агуркі ды і есць. Пабачыў пан, што той чалавек пазірае на яго, бы сабака з-пад стала, ды і даў яму шклянку гарбаты. Узяў ён гарбату ды хацеў яе выпіць обмегам, бы чарку гарэлкі. Гарбата яшчэ была гарачая, і ён чуць не спёкся ды так пырхнуў, што аж пану забрыскаў вочы, а шклянку кінуў далоў:

- Няхай яна згарыць гэтая гарбата, - кажа ён, як троху ачухаўся. - Гэта добра панам, а нашаму брату гарапашніку яна шкодзіць.

Усміхнуўся пан ды і даў таму чалавеку даядаць аб'едкі якоесь вельмі смачнае рыбкі. Тая рыбка яму вельмі спадабалася. Ён з'еў яе з костачкамі, а самую бляшаную каробачку, у якой яна ляжала, вымазаў хлебам ды і вылізаў языком. «Ну, - думае ён, - пачакай жа, я зраблю дзіва. - І пайшоў ён к жыду ды і купіў сабе каробачку тае смачнае рыбы. - Цераз тыдзень у нас фэст, дык трэ пачаставаць папа, то мо ён не будзе лаяцца, як пайду ладзіць вяселле. А ўжо пара даць спосаб майму хлапчуку. Эге ж, пачастую папа. Пэўна, ён яшчэ ніколі і не каштаваў такое смачнае рыбы. Ото ж здзівяцца людзі!»

Прывёз ён каробачку тае рыбы ды і нікому і не паказаў, чакае свята. Вось падышло свята; набралі людзі гарэлкі, наварылі, напяклі ды насмажылі ўсялякае ўсялячыны. Прыехаў поп з дзякам і пачалі служыць у царкве. Паапраталі людзі лепшую адзежу ды і пайшлі пад цэркаў, хто памаліцца, паставіць свечку ды даць папу саракоўку на абедню, а хто людзей паглядзець ці сябе паказаць, або сустрэць сяброў ды знаёмых і пазваць іх к сабе на пачостку. Пайшоў у цэркаў і той чалавек, але не маліцца, а толькі папрасіць папа, каб ён прыйшоў к яму на пачостку. Поп абяцаў зайсці проста з царквы. От той чалавек пабег да гасподы, прынёс у хату тую бляшанку, рассек яе сякераю ды развярнуў долатам, дык адтуль так гожа запахла рыба, што ён аж пачаў аблізвацца. От пакрыла баба стол ды і наставіла на ім усялякае ўсялячыны, а ён на самым покуце, дзе сядзіць ці поп, ці дурань, паставіў тую рыбу, а сам зноў пайшоў у цэркаў. От стаіць ён у царкве, шэпча малітвы, а сам усё думае пра тую рыбу, думае, якая яна смачная і як спадабаецца папу, як усе суседзі будуць яму завідаваць ды дзівіцца, скуль ён дастаў такую смачную рыбу. Схамянуўся ён, пачаў хрысціцца ды адбіваць паклоны, але як ён ні хрысціўся, як ні стукаўся лбом аб гразную ды мокрую падлогу, а смачная рыба ніяк не выходзіць з галавы. Што ён ні рабіў, а не мог вытрымаць, каб не збегаць да гасподы. Тут ён нібыта ўспамянуў, што яшчэ не ўсё сказаў жонцы, што трэ прыгатаваць такому вялікаму госцю, а тым часам не вытрымаў, каб не зірнуць ды не панюхаць вельмі смачнае рыбы. От ужо дзяк завёў «харуімы», зрабіў колькісь выкрутасаў, выцягнуў, бы журавель, доўгую шыю, стаў на пальчыкі і так увесь падняўся ўгору, быццам хацеў паляцець, каб прапець такім тоненькім галаском, як пяюць на небе анёлы. Людзі пачалі хрысціцца ды кланяцца. Зірнуў той чалавек, што ўсе моляцца, што на яго не звернуць увагі, дык ён бокам, бокам паўз сцяну ды і выплішчыўся ціхенька з царквы. Тут ён падумаў, што яго ўжо ніхто не прыкмеціць, але як на ліха насустрач чорт нясе кума. Ён хацеў квільнуць ад кума ды і павярнуў на агароды, але там было вельмі гразка, так што ён мусіў рукамі чапляцца за платы, каб прайсці. Затым ён замарудзіў. Тым часам кум, мабыць, дагадаўся, шалыгнуў шырокім крокам ды і загарадзіў яму дарогу.

- Дабрыдзень, куме! - насілу вымавіў той, выняўшы з зубоў люльку і сплёўваючы, каб пачаць гаворку.

- Здароў быў, куме!

- Куды гэта ты прэсся цераз агароды?

- Хачу збегаць да гасподы. Штось асца сліну гоніць, - схлусіў ён і пачаў пляваць.

«Брэша», - падумаў той ды і кажа:

- От і ў мяне штось каля сэрца завіло, - тут ён пачаў рукою круціць на грудзях.

- Хіба хадзем, куме, ды заморым чарвяка, бо гэта, мабыць, рабакі, - прыбавіў ён.

- Куды цяпер ісці? Будуць людзі смяяцца.

- Чаго ж нам, куме, ісці ў карчму? Хадзем лепш ка мне.

- А гарэлка е?

- Трохі е. Хадзем. Я штось табе пакажу.

- Хадзем.

От улезлі яны ў хату якраз тады, як баба пякла блінцы. От яна накінулася на гаспадара, чаго ён пайшоў з царквы, ды і давай яго страміць ды зневажаць. Лаецца баба, на чым свет стаіць, а ён маўчыць ды толькі чмыхае носам, як вінаваты.

- Вось штось сліну гоніць. Мабыць, асца, - кажа ён. Тут баба яшчэ горай пачала крычаць і крычала ды лаяла патуль, пакуль аж ахрыпла, от толькі тады замоўкла. От гаспадар зняў з паліцы пляшку гарэлкі ды і наліў добрую чарку.

- Дай жа божа за год дачакаць ды здаровенькім дар божы спажываць, - сказаў гаспадар, перахрысціўся і чуць-чуць хлебануў з чаркі, але выцер рукавом мокрыя вусы, даліў чарку і даў куму.

- Дай жа божа, каб усё было гожа, каб здаровы былі ды багаты ды гаршком грошы мералі. Будзь здарова, кума! - От ён перахрысціўся, абярнуў у рот чарку ды толькі плюнуў, што вельмі добра.

- Але ж і гарэлка ў кума добрая, - сказаў ён дзеля фасону, падняў палу світы ды і выцер вусы і бараду.

- Закусі, куме, чым бог паслаў.

- А што ж ты хацеў мне паказаць?

- Эге ж, а я чуць не запамятаваў. Вось гэтую рыбку. Ці бачыў ты, кум, такую ці не?

- Не ведаю, ці бачыў. Вось закаштую, - і пачаў ён смакаваць тую рыбу.

- Ото ж і смачна, ото ж і смачна, - гаворыць ён ды ўсё есць тую рыбу. Бачыць гаспадар, што ўжо хутка папу нічога не застанецца ды і намякае куму, каб ён здагадаўся і больш не еў.

- Бо і дорага ж.

- Звесна, дорага, дык затое і смачна. Але от скажы, куме, - гаворыць ён, падставіўшы к сабе бляшанку з рыбаю, - чаму яна такая смачная?

- Бо і дарагая ж, на яе ўсё ліха! - чуць не крыкнуў гаспадар, як убачыў, што кум ужо даядае тую рыбу.

- От затым то і смачна, што вельмі яна дарагая, - сказаў кум ды і вымазаў начыста каробку.

 

Запісана А.Сержпутоўскім у в. Чудзін Слуцкага павета ад Данілы Куляша.


1890-1923?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая